epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Ты і я

Ты і я: пралеска ў снах бурану,

Дрэўца вішні ў ярасным агні,

Кропля на спіне Левіяфана,

Радуга на крылах навальніц.

 

Пад дзевятым валам ветразь ніцы,

Верас, што агнём абняў пярун,

Павуцінка ў пекле навальніцы,—

Адкажы на вуха ўладару,

 

Як мне здужаць ураган і вецер,

Вечны мой, зацяты, страшны бой?

Як мне, моцнаму, пражыць на свеце

Без цябе, танюткай і слабой?


1960-1969?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая