epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

"Ты не сніся мне, мама..."

Ты не сніся мне, мама,

І не ваб у краіну, дзе ружы сінія.

(Пачакай! Ну, крыху!)

Асабліва на гэны раз.

Ты ж так рэдка бачыла кветкі мімозы

І (яшчэ радзей)

добры квет туберозы,

І—

зусім ніколі —

кветкі гліцыніі,

І астатнія дзівы,

якім прысвячу я свой сказ.

Пачакай мяне, мама!

Ёсць бярозы ў вільготнай лагчыне,

Ёсць Дняпра старыкі

і дубоў векавых запавет,

І народ мой,

якому я вінен

Ўсім,

Ўсім

шчасцем,

турмой

і чужынай,

Той народ, у якім, можа, ўвеку ніхто не загіне,

Калі я,

Нават я,

што даўно за табою пакінуў Твой Свет.

 

15 (?) снежня 1980 г.




Беларуская Палічка: http://knihi.com