epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

"Ў сітнягах над соннай ракою..."

Ў сітнягах над соннай ракою

Бугай вадзяны маўчыць.

Спяць лілеі пад цёплай вадою,

Каб не змерзнуць ўначы.

 

Калі ж выплывуць ранкам на волю

І распусцяць пялёсткаў рой,

З кветкі вылеціць мушка вясёлая,

Што ўсю ноч спала пад вадой.

 

Залатая, як новы чырвонец,

З цёмнай бронзаю на нагах,

Ўся ў пылку ад лілеі і сонца

Паляціць у шчаслівы шлях.

 

Каб з табою мы сталі малятамі

І любілі ўначы цяпло,—

Мы б лілею абралі хатаю.

Вось бы добра было!

 

[1956 г. ?]


1956?; 19.11.1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан

Беларуская Палічка: https://knihi.com