epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Усход

Максіму Танку

 

Бы ў першыя дні стварэння,

Цемра, хаос і шал,

Прыбой і туман спадаюць

На труны змрочныя скал.

 

Плывеш між валоў і бачыш,

Як там, на грані імглы,

Над светам і над табою

Светаносна кружляюць арлы.

 

Нябачную ўбачыўшы радасць,

Лятуць пад нябесны шацёр,

І рыжае сонца праз падзі

Лавай спаўзае з гор.

 

За ім мільёны гайдукаў

Ідуць з цямноццем на бой

У зялёных ірваных адзеннях,

З дзідамі за спіной.

 

Над ашаломленым змрокам

Сведчаннем вечнай вясны

Шумяць пераможна пад брызам

Зялёныя лахманы.

 

Хлусня начной ліхаманкі,

Жах заімшэлых стром

Ў пячоры здыхаць запаўзае

З пераламаным хрыбтом.

 

І, кроплямі вечнай вясёлкі

Ажывіўшы мёртвы граніт,

Яр магутны з неба спускаецца

На сонечныя прамяні.

 

Бэзавы спеў сірэнаў

У поўнай сонцам вадзе,

Гульні вясёлых дэльфінаў

Сярод вясёлых людзей...

 

І толькі яму, адзінаму,

Сэрца я падару,

Адзінаму богу ў свеце,

Адзінаму ў свеце цару.


23.09.1970

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].-Мн.: Маст. літ., 1987.-431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан