epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

"Ўсё, што было, і ўсё, што часам сніцца..."

Міхасю Стральцову

 

Ўсё, што было, і ўсё, што часам сніцца,

Забуду ў лесе, дзе як той капёж,

Як споры дожджык, аблятае гліца,

І шум яе парывісты, як дождж.

 

Зноў бранзавеюць шышкі на ялінах,

Зноў восень на бярэзніках ляжыць...

Сястра мая бяздольная, асіна,

Апошняю лістотай не дрыжы.

 

Лістоты мала, але трэба верыць

У жыццё, ў каханне і ў вясны піры,

Пачуўшы нават мерны гук сякеры

У пасівелым восеньскім бары.


1960-1969?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая

Беларуская Палічка: https://knihi.com