epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Вакол хейнала

Яну Колтуну ІІ, самаму маладому

трубачу — «хейналісту» Вежы Марыяцкай

 

Думаеце — герольды

Ў барве й каронах?

Рык фанфаронаў — ад суднага дня глухіх?..

А тут проста трубы.

Чэшскай фірмы «Лігатона»,

А на калках вісяць кажухі.

Бэлькам — шэсцьсот

(Тут што праўда, то праўда)...

Сведкі польскай, і нашай, і... іншай зары,

Але тут... Тут спявае ціхутка радыё,

І ў каморцы «тэлік» маленькі гарыць.

Тут дзяжураць. Тут звон адбівае рупліва

Усё, што з’елі, скахалі і прапілі...

Ну вас... З вашым... туды...

Рамантызмам саплівым.

Вы, паэты ўлюбёнай маёй зямлі.

Не прыполамі дам,

Не дамаскай парфумай

Пахнуць рукі «герольдаў» на гэтай «гары».

Пахнуць яны жалезам, пылам і гумай,

А ў сіх тых — часныком.

(Ходзіць Кракавам грып.)

Пахнуць добра баршчом, цёплым хлебам, цыбуляй,

Як дзяды ў старожцы ці ў начлег на Дняпры...

І мне добра.

І шчыт Марыяцкі, як вулей,

Над згасаючым Кракавам мёдам гарыць.

Ў Яна Колтуна ані гербоў ні дукатаў

(Як, між іншым, ва ўсіх «герольдаў» пяцёх),

А звычайная,

Такая сабе —

Зарплата —

Ад дзвюх тысяч злотых да чатырох.

 

[1971 г. ?]


1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан