epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Вера ў сілу дабрыні, або Сын Беларусі, сын Прагі

Ёсць на свеце гарады, якія, з самага пачатку, радасна і балюча раняць тваё сэрца. Або, калі выславіцца іначай, заражаюць тваю душу вечнаю тугою па сабе. І не толькі тваю душу. Усякую.

Прага — адзін з такіх гарадоў. Я думаю аб ёй, як многія і многія тысячы людзей восемсот... чатырыста... сто год назад... зараз. Я ўжо ведаю, што ніколі не здолею адкінуць думку аб ёй, што гэты горад будзе вечна і ўладна прыцягваць мяне да сябе. І як першую даніну маёй новай (і старой) любові да яго, я хачу прынесці яму сціплае апавяданне аб адным чалавеку, для якога ён стаў другой духоўнай радзімай.

Аб Францыску Скарыне (каля 1490 — каля 1551 гг.) вялікім беларускім першадрукары, асветніку, вучоным, мастаку. Першым сярод усходніх славян доктары медыцыны. Першым (значна раней за Лютара) перакладчыку Бібліі на мову простага чарнарукага народа.

Кніга «Быцця» — і асвета? Кніга «Царстваў» — і гуманізм? Ці не замнога мы бяром на сябе, называючы Скарыну асветнікам і гуманістам? Дзеля таго каб адказаць на гэта, трэба зірнуць на эпоху, у якую жыў гэты чалавек.

Людзі нібы ачнуліся ад шматвекавога чаднага сну, у якім ледзь не памерла самая ідэя Чалавека. Іхнія галовы яшчэ баляць рэлігійнымі догмамі і феадальнымі нормамі. Але лёгкія ўжо хапаюць свежае паветра, прагна, захлынаючыся, з той цягай да рэзкага, гаючага ветру, якая лепей за ўсё гаворыць, што Чалавек, што Чалавецтва будуць жыць, якія б Гернікі і Асвенцімы ні былі яшчэ суджаны ім на іхнім шматпакутным шляху.

З-за мораў плывуць караблі, гружаныя спецыяй і золатам, багацеюць і робяцца мацнейшымі за феадалаў гарады, з-пад рук рамеснікаў выходзяць рэчы, якія мы і зараз лічым шэдэўрамі. Як трава пасля доўгай зімы, паўсюль з’яўляюцца дзівосныя па багаццю талентаў людзі: паэты, дойліды, філосафы, інжынеры, мастакі.

І, аднак, на думцы чалавека яшчэ вісяць кайданы. Царква паўсюль рэгламентуе гэтую думку (змянілася толькі тое, што думка болей не жадае пакоры і слухмяна цярпець гэта і, застаючыся рэлігійнай, прынамсі, у філасофскім аспекце, хоча мець права сумнявацца, мець права на ерась, мець права не ўсё браць на веру, нават калі гэта сказалі Майсей або Хрыстос).

Яшчэ паўсюль гараць жывыя факелы, і ў Англіі «авечкі з’ядаюць людзей»,— але з’явіліся ўжо Рабле і Леанарда да Вінчы, Томас Мор і Кампанела, Мюнцар і Гус.

Разгромлена войска Мюнцара. Пасля тытанічнай барацьбы з сіламі ўсяго свету прыдушаны рух гусітаў. Жыццё — як агонь і ноч: дзіўная сумесь гуманізму, які ўсё больш уладна разгараецца ў душах — і самага бессаромнага, трыумфуючага цемрашальства.

На беларускіх землях яшчэ горш. Большая частка людзей увогуле не прачнулася, не адчувае неабходнасці змен. Яны ўжо выраслі са старой вопраткі, але не саромеючыся носяць яе. Самыя перадавыя з надзеяй глядзелі на Рэфармацыю, на гусіцкі рух, але цяпер страцілі надзею і яны.

Як пісаў пазней наш паэт Мікола Гусоўскі ў сваёй «Песні пра зубра»:

 

Братазабойствы, грызня, міжусобныя войны —

Іхні занятак фізічны і свет іх духоўны.

Б’юцца князі — ваяводы, а стогнуць народы.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Што ім той смерд — наша гора і нашы пакуты?

Ім свайго дамагчыся, а ты хоць заліся

У горкіх слязах. За мурамі рыданняў не чутна...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Што ім значыць клінком мацярынскае лона

Выпусціць разам з маленькім? Усё ж па загаду:

Сродкі — любыя, а мэта адна — вынішчэнне.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

...ён і не дбае, што голыя рукі адпомсцяць.

Стогне і ў цемрадзі ночы злавеснай народ наш

Вобмацкам долі шукае. Жахлівыя здзекі...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Князь і баяры — усе, каму льга заступіцца,

Глухі да нас і не горай, чым жорсткі татарын,

Душаць пятлёй галасы абурэння ў народзе.

Плаха і кат — выканаўца — вось доля любога,

Хто пастаяць за закон і за бога азваўся.

 

 

Рэфармацыя таксама пачала паліць людзей. Гусітам не ўдалося збудаваць «царства божае» на зямлі. Свае бунтары пайшлі на плаху. Надзея ўжо нават не на бога — што ён зрабіў добрага? — а на дзеву Марыю.

 

Вымаліць краю тваю абарону — спагаду.

О, заступіся за нас! Праз любоў к Чалавеку.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Ты наша маці — заступніца, мы — твае дзеці.

Крыўдзяць, цкуюць нас і ганьбяць — утры нашы слёзы.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Нашым князям, што ў сваіх міжусобіцах розум

Нашай крывёй замуцілі, падай на пахмелле...

Цемра. Надзеі няма. Дабро стаптанае.

 

 

У такі час трапляе ў Прагу Францыск Скарына, сын купца з горада Полацка.

Полацк у той час вялікі і багаты. Ён плаціць каралю падатку ледзь не больш за ўсе гарады княства. У ім сыходзяцца артэрыі гандлёвых шляхоў, на вулках гучаць нямецкая, дацкая, італьянская мовы. Затое слаба гучыць сярод вярхоў беларуская мова і, галоўнае, беларуская думка.

Насоўваецца нешта трывожнае. Раней нікога не ганялі за чытанне «ератычных» італьянскіх, нямецкіх і сваіх рукапісаў. Раней была цярпімасць. Калі ў 1413 годзе ў Полацкую епархію і Віцебск прыехаў славуты Іеранім Пражскі і прапаведаваў ідэі Гуса — ніхто не перашкаджаў яму рабіць гэта, і ідэі прапаведніка з Гусінца набылі ў Полацку і Віцебску папулярнасць, іх слухалі і князь, і просты народ (мог слухаць іх і дзед Скарыны).

А тут пачыналася нешта дзіўнае. Пасеў быў зроблены. Рунь выйшла наверх. І тут жа гэтую рунь пачалі па-вар’яцку таптаць. Замест цярпімасці — барацьба нацый, вер, моў, паляванне за ведзьмамі. І ўжо справа ідзе аб тым, ці будзе народ маліцца, як ён хоча, дыхаць, нават проста жыць.

І народу гэтаму, галоўнае, няма адкуль даведацца аб «праўдзе» і аб «праўдзівым богу». Мала, вельмі мала кніг. Кнігі — рукапісныя. Кніга — гэта вельмі дарагая маёмасць. Кніга дарэмна займае месца ў багатых палацах, дзе ў яе не заглядаюць. Кніга ў корані не дэмакратычная.

І, магчыма, яшчэ ў той час зараджаецца ў душы юнака думка пра кнігу адносна танную, даступную, кнігу, якую мог бы трымаць у руках кожны і разумець — кожны. Кнігу на роднай мове. Не на латыні, не на стараславянскай (абедзве незразумелыя і абедзвюма клірыкі адгароджваюцца ад простага народа, каб і далей лічыў кніжную прамудрасць дарам божым, іх, клірыкаў, людзьмі асобай, вышэйшай пароды, а сябе — няздатнай ні на што жывёлай, якой так і суджана век пражыць у цемры).

На роднай. Тут у Скарыны няма сумненняў. Пасля, у прадмове да адной з кніг сваёй Бібліі, ён скажа, што выдае кнігі на простай мове таму, «Іжэ мя літасцівы бог з той мовы на свет пусціў».

Пачынаецца шлях. На ўсё жыццё. Упарты, настойлівы. Вечны паход, вечная вайна за веды і культуру. Па гразкіх дарогах радзімы, па дарогах чужых краін. Пад дажджом, пад пякучым сонцам, пад навальніцамі і снегам. Праз непрыхільнасць, недавер, жорсткасць, падазрэнні. Нават праз смерць.

1504 год. Юнак у Кракаўскім універсітэце Ягелонаў. На факультэце свабодных мастацтваў. Гэта часы Каперніка. Гэта рэнесанс навукі і мастацтва, адраджэнне чалавечых душ, іх выйсце з пекла, у якім гінуў сам дух.

5 лістапада 1512 года. Падуя. Храм святога Урбана. Віцэ-прыёр Тадэй Мусаці паведамляе вучоным мужам медыцынскай калегіі універсітэта аб тым, што «вучонейшы юнак, доктар навук, бядняк з вельмі далёкіх краін, можа, за тысячы з чымсьці міль ад гэтага славутага горада, дзеля павелічэння славы і чэсці яго, а таксама гэтай слаўнай гімназіі... прыбыў сюды і жадаў бы... атрымаць ступень доктара медыцыны бяскоштна, па спецыяльнай міласці і з ласкі божай».

Ён адказваў «настолькі выдатна і бездакорна» (а экзамен быў «строгі»), такімі «бліскучымі доказамі», што «ўсімі наяўнымі дактарамі, пры поўнай адсутнасці нязгодных» быў «абвешчаны доктарам лекарскіх навук».

Што прывяло яго ў Італію? А тое, што пазней прывяло ў Прагу. Дух універсітэта пранізаў і вызначыў усё ідэйнае, усё духоўнае жыццё і Падуі і Прагі. І гэта быў тып менавіта «італьянскага універсітэта».

Не бурсы, што смярдзіць капустай і запляснелымі ідэямі, і не манашая школа, а, хай сабе і не да канца вольная ад даўно струхнелых думак Аўгусціна Блажэннага,— усё ж гуманістычная школа, у якой перш за ўсё, кажучы словамі Дантэ, цанілася «доблесць і веды», а не бяздумнае наследаванне закасцянелых царкоўных догмаў. Лозунгам Падуі, лозунгам Прагі ў той час магло быць: «за розум, веды, праўду супраць догмы, супраць хлусні, супраць двух бакоў аднаго медаля: пакоры і несправядлівасці».

Дык вось. Прага. 1517 год. Менавіта ў гэтым годзе ён надрукуе сваю Біблію на старабеларускай мове. Яшчэ задоўга да таго, як выйдзе нямецкая біблія Лютара.

Дзе Скарына правёў пяць гадоў пасля Падуі? Мы не ведаем. Але гэтыя гады, несумненна, не прапалі. Чалавек рыхтаваўся да галоўнай справы жыцця. Напэўна, у гэтыя гады і быў ім зроблены пераклад, таму што пазней, у Празе, за ўсімі друкарскімі, арганізацыйнымі, грашовымі клопатамі на гэта проста не хапіла б часу.

Прага тых часоў. Яе змрочны і прыземлены раманскі пачатак з цэрквамі, падобнымі на пячоры, высечаныя ў скале. І працяг. Нібы сам дух чалавека выбухнуў у неба і пачаў выстрэльваць у яго стрэламі непараўнальнай Пражскай готыкі.

Лесвіца Іякава. Людзі раптам нібы пачалі разумець, што не адным анёлам узыходзіць па ёй на неба, што могуць і яны, пражскія мяшчане, з хітраватым розумам у вачах, аматары выпіць і пад’есці: піва льецца ў глоткі, бы ў апраметную, кавалкі шынкі падаюць туды ж, як са страхі.

Але ён бачыць галоўнае, бачыць тое, што зрабілі чорныя, жорсткія, як капыты, рукі гэтых людзей: грубыя муры будынкаў і найтанчэйшы аксаміт, мячы і карункавую работу па дрэве і злату.

Гэтыя яму дапамогуць, ён ведае. Дапамогуць зрабіць па ягоных малюнках дрэварыты (і на іх будуць «біблейскія» героі ў старабеларускіх,— аднак і з элементамі чэшскай гарадской вопраткі пачатку XVI ст.,— адзеннях), дапамогуць адліць шрыфт, дапамогуць дастаць з Германіі дэфіцытную паперу, патрэбную, як паветра, тую з Аўгсбурга, з вадзяным знакам у выглядзе галавы быка.

Памогуць яго палкаму жаданню прынесці свайму народу святло, зрабіць яго хоць крыху шчаслівейшым.

І памаглі. І ўжо ёсць друкарня. Можа быць, што напаўлегальная (гарадскія акты не ўпамінаюць аб месцы, дзе яна была). І гэта зразумела. У вясёлай «добрай, старой Празе» завялася рэлігійная падазронасць. Семдзесят дзевяць год таму задушаны гусізм, і, напэўна, самая памяць пра божых воінаў, пра рыцараў волі крыху прыаслабла ў людзях, прыціснутых усобіцамі і сваркамі князёў. Жыве яшчэ шмат людзей, што памятаюць караля Іржы з Патэбрад, але яны памятаюць і ягоны лёс, і, што казаці, ад гэтых успамінаў ім крыху не па сабе. Краінай правяць і доўга яшчэ будуць правіць — людзі, якім мала справы да чэшскай мовы і культуры, да гордага духу чэшскага народа. А не за гарамі і час Габсбургаў. Спачатку мяккія лапкі, а потым сталёвая песць, якая стагоддзямі будзе імкнуцца выдушыць з чэхаў мову, самасвядомасць і веру ў свае сілы, каб самое імя «чэх» знікла з твару зямнога.

Скарына яшчэ ўбачыць гэта. І вялікі пажар Малай Страны, Града і Градчан, і страшны час, калі Фердынанд І пазбавіць пражан палітычных правоў. Многа, ой многа яшчэ давядзецца яму пабачыць!

Але пакуль Прага ёсць Прага. І ідзе набор. І гравёры рэжуць дошкі для гравюр, і часам робяць гэта цераз пень-калоду, можа, напіўшыся піва — падумаць толькі, у сцэне жніва да кнігі «Руф» усе жняцы трымаюць сярпы ў левай руцэ! Краіна ляўшуноў! — але часцей за ўсё так добра, што скарынінскія гравюры будуць лічыцца шэдэўрамі аж да нашых дзён.

Прага ёсць Прага. Ажыўленая, гандлёвая і рамесніцкая, моцная залатымі рукамі майстроў, культурнымі традыцыямі, навукай і кніжнасцю. У ёй малады вучоны (яму яшчэ толькі каля дваццаці сямі год) адчувае сябе, як рыба, якую ўрэшце пусцілі ў ваду. Ён урэшце дыхае на поўныя грудзі паветрам горада. Ён бачыў Полацк з непараўнальнымі Сафіяй і Ефрасінняй, бачыў суровы, мужны воблікам Кракаў і Падую. Але Прага, несумненна, цудоўнейшы з гарадоў, у якіх яму даводзілася жыць. Не такая, як зараз, але, несумненна, ужо «Злата Прага».

Ён любіць яе. Яму тут лёгка жыць і працаваць. Лёгка рэгуляваць вінт станка, лёгка сварыцца з рабочымі, лёгка праводзіць бяссонныя ночы над рэдагаваннем тэксту і напісаннем прадмоў да кожнай кнігі.

Лёгка нават проста блукаць начнымі вулкамі і піць прыгажосць горада.

Што ён мог бачыць?

Карлаў мост, такі ж велічны і гожы, хіба што без статуй, з адным толькі старым распяццем. Але ж Влтава плыла і тады, як цяпер, варушачы косы водарасцей і адбіваючы нясмела першыя праменні сонца.

Складаную блытаніну раманскіх і гатычных будынкаў, у якую, пакуль што яшчэ вельмі нясмела, украдваўся ранні рэнесанс (да базілікі святога Іржы толькі нядаўна прыбудавалі рэнесансны франтон і пачалі перабудоўваць «дом Фаўста»).

Так жа ўзносіўся ў палымнеючае вячэрняе неба храм святога Віта з зазубранымі, як хвост ската, шпілямі, што, здаецца, пранізваюць самое неба. Так жа звіваліся грэшнікі на мазаіцы «Страшнага суда». І, самае галоўнае, ужо пятнаццаць год блытанінай сваіх гатычных скляпенняў адгароджваў ад астатняга свету свой нязмерны абшар, у якім хоць на конях ганяй, Уладзіслаўскі зал.

Як і цяпер, узносіліся ўгору Чорная вежа і Даліборка і жорстка зранены гусіцкімі войнамі Страгаўскі манастыр. Увесь у шрамах, што раздзёрлі яго прыгожае цела.

І чорны гмах Прашнай брамы, якая (падумаць толькі!) тады яшчэ не была Прашнай, і была позне-, а не псеўдагатычнай. І, ясна ж, Каралінум — тады яшчэ гатычны, як і Старамесцкая плошча,— духоўнае сэрца горада, у якім сядзяць езуіты, але веды і цяга да іх у студэнтаў застаюцца ранейшымі.

Мне толькі страшэнна шкада, што ягоныя вочы не ўбачылі аднаго з самых вялікіх дзіваў на зямлі: Златай вулачкі. Не ўбачылі цацачнага рознакаляроўя яе домікаў, комінаў, усёй гэтай каменнай поліфаніі, якая кажа нам аб жыцці сярэдневякоўя куды больш, чым многія славутыя храмы.

Аб звычайным няяркім жыцці з будзённымі трывогамі, са сваімі маленькімі радасцямі і маленькімі перамогамі, з усім тым, чым і зараз жыве значная частка чалавецтва.

А ўрэшце, ён бачыў шмат таго, чаго, на жаль, ніколі не ўбачым мы.

Ён блукае вуліцамі. Добра думаецца пад спеў Пражскіх званоў. І добра ўспамінаецца пра родныя Полацкія званы.

Не, не, трэба спяшацца. Жыцця не хопіць на тое, што задумаў ён, Францыск Скарына. Такога кароткага, такога безабароннага перад нечаканасцямі і чужой злой воляй. Такога ўпартага, моцнага, нязломнага.

...Недзе на Старым Месце, у раёне Старамесцкай плошчы, па начах гарыць святло, звяраюць тэкст будучай кнігі з Бібліяй на стараяўрэйскай, грэчаскай і лацінскай мовах. І, перш за ўсё, з чэшскай Бібліяй 1506 года.

На Скарынавы далоні лёг першы, вільготны і ліпкі ліст. Першы з многіх і многіх тысяч. 23 кнігі. З прадмовамі, каментарыямі, застаўкамі і гравюрамі. І ўсё гэта яго работа.

Нейкая горкая іронія ёсць у тым, што ён пачаў выдаваць Біблію з «Кнігі Іава». Нібы прадбачыў свой нялёгкі шлях. Нібы ён, вялікі вучоны, вялікі мастак і пісьменнік, загадзя ведаў свой лёс. Урэшце, гэткае падсвядомае прадчуванне не такая ўжо рэдкая рэч на зямлі. Іржы Волькер прадчуваў сваю раннюю смерць, і Карэл Маха ў сваім «Маі», і Пушкін у сцэне смерці Ленскага, і наш Максім Багдановіч.

Скарына быццам адчуваў, што ён, як чалавек з «зямлі Уц, імя якому было Іаў», усё жыццё будзе рызыкаваць сваім жыццём, будзе цягнуцца па «крутых чужых сходах», як Дантэ, што яго будуць праклінаць, што супраць яго справы будуць такія ворагі, як папа і Лютар, маскоўскія патрыярхі і свае дабрадзеі.

І, аднак, ён ідзе. Ён верыць у дабро. І яго вядзе па цяжкіх шляхах толькі адно:

— Дайце асветы майму народу. Дайце крыху болей асветы славянам. Тады іх, пісьменных, абазнаных, ніхто ўжо не здолее пакрыўдзіць, як крыўдзілі дагэтуль.

Так, прынамсі, лічыў ён.

Выходзіць кніга за кнігай, і кожная — маленькае дзіва паліграфіі. Вытанчаны, зграбны, чытэльны шрыфт, з выдумкай і густам зробленыя застаўкі і загалоўныя літары, выключныя па прыгажосці і якасці друку гравюры, якія ўражваюць і зараз і якія можна разглядаць гадзінамі. Народу так патрэбна прыгажосць! Не менш чым веды і хлеб!

Ён робіць таленавітыя кнігі. Ён проста не можа рабіць іншых.

І вось ужо ўсе яны ляжаць перад ім. Такіх яшчэ не было. І ўсё гэта зрабілі ягоныя рукі і рукі яго пражскіх сяброў.

Зрабілі самі, без нічыёй дапамогі, і гэта відаць не толькі па чыстай залатой мове, але і ў кожнай рысе гравюры, з якой паўстае славянскі тып ва ўсёй сваёй асаблівасці, дзе ўсё сваё: твары, вопратка, інтэр’еры, нават сам пейзаж. І кожны славянін, убачыўшы гравюру да «Руфі», успомніць цягучую жніўную песню над полем, мігценне каласоў у вачах, шастанне сярпа і, магчыма, прыпомніць, што і ён бачыў дзвюх бедных жанчын, якія падбіралі каласы за жняцамі, і сціснецца ў яго сэрца ад раптоўнай, вострай шкадобы да іх.

І ён убачыць гравюру да кнігі «Эсфір», і прачытае, і ўзненавідзіць здраду і подлыя падкопы каралёў супраць сваіх народаў.

І ўбачыць будаўніцтва Вавілонскай вежы і зразумее, што адзіная несумненная каштоўнасць і адзіная веліч на зямлі ёсць Праца, і яе няма чаго саромецца, а саромецца трэба таго, што ты жывеш з працы другіх, бо ўмееш прадаваць індульгенцыі і мянціць языком з амбона.

І ўбачыць Юдзіф з галавою Алаферна і зразумее, што няма на зямлі каштоўнасці большай, чым родны край, і калі ўжо жанчыны, рызыкуючы жыццём і гонарам, пайшлі дзеля яго на ўсё, то мужчынам і пагатоў трэба.

Так ён і напіша ў сваёй прадмове: «Понеже ад прыражэнія звери, ходяшчие в пустыні, знаюць ямы своя; птіці, летающие по воздуху, ведаюць гнезда своя; рібы, плываюшчыя по морю і в реках, чуюць віры своя; пчолы і тым падобныя бароняць ульев своіх; така ж і людзі і где зродилися і ўскормлены суць по бозе, к тому месту велікую ласку імаюць».

Шмат чаго ён яшчэ скажа. Скажа аб тым, што хрысціянства — не суды над іншамыснымі, а бяззлобнасць і браталюбства, што абраных богам народаў няма, што ўсе браты і няма розніцы між імі. Ён падыдзе да Бібліі рацыяналістычна, як да крыніцы ведаў граматычных, музычных, астранамічных. Як да таго, па чым можна вывучаць логіку, рыторыку, геаметрыю — усе не рэлігійныя, а свецкія веды.

Ён скажа аб антычна-дэмакратычным ідэале мудрага і справядлівага правіцеля, які не просіць сабе «ні дзён многіх, ні багацця, ні жэ душ ворагаў», а просіць «мудрасці», бо «без мудрасці... немагчыма добра жыць людзям простым на зямлі».

Ён будзе гаварыць аб праве і справядлівасці, аб «роўнасці для ўсіх», аб аднолькавым праве ўсіх на жыццё, хлеб, асвету і любоў.

Ён адмовіць царкве і царам у манаполіі на думку, у манаполіі іхняй улады над чалавечай думкай. І скажа, што ёсць законы прыроджаныя, а ёсць законы пісаныя, і перавагу трэба аддаваць першым.

І ён скажа гэта такой яснай і гожай, такой лаканічнай мовай, што яна і зараз шмат у чым з’яўляецца для нас узорам.

А самае галоўнае, ён дасць народу зразумелую кнігу, а значыць, і самасвядомасць, розум, шлях з сутарэнняў на святло.

...Пасля пачаліся гады вандраванняў. Родны сын Беларусі і прыёмны сын Прагі зноў пад рэзкім ветрам на бясконцых дарогах.

Бясконцая змена гарадоў. Вечныя спрэчкі з праваслаўнай і каталіцкай, з рэфармацкай догмамі. Частку ягоных кніг спалілі і ледзь не спалілі яго самога.

Але ён упарта выдае новыя і новыя кнігі. На гэты раз у Вільні.

...А потым, відаць, адмовілі ў грашах на выданне новых кніг мецэнаты. Грашовае становішча Скарыны зусім не бліскучае. Пачаліся суды, страшнае сярэдневяковае кручкатворства, горы паперы, якая так была б патрэбна для кніг, для ягоных кніг. Той паперы, на якую ён звёў усе свае грошы і без якой заўсёды задыхаўся.

А пасля, як на Іава, пасыпаліся яшчэ і яшчэ няшчасці. Канфіскацыя маёмасці. Страшны Віленскі пажар 1530 года, у якім, відаць, згарэла і друкарня. І ўсё тое, што засталося. А пасля маравая язва, што выкатала амаль увесь горад, мортусы з завешанымі тварамі і бусакамі (баграмі) у руках. І гэтымі бусакамі цягнуць трупы і кідаюць іх у фуры, што цягнуцца ўначы, пры святле паходняў, вуліцамі прыціхлага, звар’яцелага ад жаху горада.

Ён едзе ў Кёнігсберг, і хаця герцаг Альбрэхт лічыць яго ледзь не самым выдатным вучоным свету — пратэстанты хутка выжываюць яго адтуль. Ён едзе ў Маскву, каб друкаваць кнігі там — цемрашалы-царкоўнікі, якім не патрэбна зразумелая кніга, ствараюць вакол яго такую пякельную атмасферу, у горадзе так пачынае смярдзець вогнішчам, што ён вымушан пайсці і адтуль.

На ўсёй шырокай зямлі для яго няма месца. Ён — Іаў. І, самае страшнае, ён нідзе не можа цяпер выдаваць кнігі. «Удзячны» народ не падтрымаў яго. Праўдзівей, яшчэ мала і слаба ведаў аб ім і, не хочучы гэтага, ненарокам аддзячыў выгнаннем. Ён, вядома, яшчэ будзе іх чытаць, гэтыя кнігі, але тады, калі нават косткі асветніка спарахнеюць у зямлі.

Ягоныя кнігі не патрэбны нават братам. То каму яна патрэбная, кніга на беларускай мове? Габсбургам?

І тады ён паўтарае словы старадаўняга мудраца:

— Не я страціў Афіны. Гэта хутчэй Афіны страцілі мяне.

Каля 1534-га або 1535 года Скарына зноў у Празе. Там, дзе так лёгка дыхалася, калі ён быў малады. Ён не ведаў, едучы туды, што там зусім не так лёгка, як у 1517-м.

Ён назаўсёды пазбаўлены магчымасці і права выдаваць кнігі. Але застаецца яшчэ адно, тое, чым ён займаўся адначасна ўсё жыццё і што цяпер зробіцца ягонай галоўнай справай.

Акрамя ўсяго, ён яшчэ славуты лекар. І калі ён не да канца здолеў даць людзям здаровы розум і здаровую душу — што ж, ён пастараецца, у меру магчымасцей, даць ім хаця б адносна здаровае цела. Можа, з ім не яны, дык іхнія нашчадкі дажывуць да перамогі царства розуму.

Ён лечыць пражскі люд. Ён робіцца вучоным садаводам-батанікам пры двары Фердынанда І. Батанічны сад быў закладзены ў Празе ў 1534 годзе, і Францыск Скарына, несумненна, быў адным з яго заснавальнікаў. Батанічныя сады ў той час былі і «аптэкарскімі гародамі», дзе пераважна расло лекавае зелле і лекавыя дрэвы для аптэк. Магчыма, свая аптэка была і ў Скарыны.

І вось усе апошнія гады жыцця вялікі асветнік праводзіць між кветак і дрэў, у садзе, створаным і яго рукамі (сад размяшчаўся недзе там, дзе цяпер Галоўпаштамт, непадалёк ад Вацлаўскай плошчы).

Усё жыццё ён бараніў людзей ад духоўнай і фізічнай смерці.

Смерць і неўміручасць — прыйшла да яго каля 1551 года.

Ніхто не ведае, дзе ён пахаваны. Можна думаць, што недзе на старых могілках на Градчанах. Але ад іх даўно не засталося і следу, бо яны былі знесены пад час Габсбургскай рэакцыі пасля Белай Гары.

Так што магілай яго трэба лічыць проста Прагу. Усю Прагу. Яго не падтрымліваў пры жыцці ніхто, за выключэннем нешматлікіх сяброў. Але ў яго быў і яшчэ адзін сябар, які кніг тых тады амаль не чытаў і для якога, аднак, і распачаў Францыск Скарына сваю катаржную працу.

Народ.

І праца тая не была дарэмнай. Хутка пасля смерці вялікага першадрукара друкарні на Беларусі пачалі расці, як грыбы. Пераможнага шэсця кнігі ўжо нельга было спыніць. Розум Чалавечы ўставаў ва ўвесь рост, хаця доўга яшчэ, цяжка, пакутна было яму ісці — першы крок быў зроблены.

Хто ведае, як цяжка давялося б кнізе і асвеце беларускай без яго? Але ён быў і неадрыўнай часткай культурнага жыцця Прагі.

Я іду з другам дварамі Каралінума. Вось Славянская бібліятэка. Тры з паловай мільёны тамоў. Практычна ўсё, што можна ведаць аб нашым з вамі свеце. І сярод іх — пятнаццаць тысяч беларускіх назваў, не лічачы часопісаў і газет. Нават не трэба асабліва ездзіць у багацейшыя бібліятэкі свету, каб зведаць аб маім народзе ўсё.

Прыехаць трэба — і не раз — толькі каб ведаць яго знутры. І сярод гэтых назваў першая наша друкаваная кніга. Кніга Скарыны. Маці тых мільёнаў, што выдаюцца ў нас зараз.

І за гэта дзякуй Скарыне і Празе.

...Я іду вуліцамі горада. І мне ўсё здаецца, што начнымі пражскімі вуліцамі ўсё яшчэ гучаць ягоныя крокі, што шматпакутныя і святыя пліты пражскіх тратуараў берагуць у сабе не толькі цеплыню мільёнаў ног, якія стагоддзямі хадзілі і ходзяць па іх, але і яго цеплыню, што ў старых камяніцах Прагі засталася частка і ягонай душы, душы вучонага, асветніка, гуманіста, паэта, барацьбіта з несправядлівасцю, варварствам і цемрай. Чалавека, які першы звязаў беларусаў і чэхаў у іхняй агульнай любові да ведаў і святла.

Тут ён жыў. Чалавек, які верыў у сілу дабрыні і ўсё жыццё змагаўся за перамогу гэтай сілы. Тут ён памёр. Тут пахаваны.

Прага стала яго магілай.

Пражскага праху, пражскай зямлі стала крыху болей. Пражскага духу, духу гуманізму, асветы, доблесці стала намнога болей. А значыць, у жылах гэтага вялікага горада цячэ кропка і беларускай крыві.

І мы, беларусы, ганарымся гэтым.

Прага, 5 ліпеня 1973 г.


05.07.1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 8. Кн. 2. З жыццяпісу, нарысы, эсэ, публіцыстыка, постаці, крытычныя творы, інтэрв'ю, летапіс жыцця і творчасці. - Мн.: Маст. літ., 1991. - с. 291-303
Крыніца: скан

Беларуская Палічка: https://knihi.com