epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

"За старым, закінутым млынам..."

За старым, закінутым млынам,

Дзе зарослы заліў ракі,

Скачуць жоравы на лугавіне —

Танканогія шляхцюкі.

У цыбатых усё ў парадку:

Ежа ёсць, прайшлі халады,

Ім асіна пляскае ў ладкі

На касе ля балотнай вады.

Толькі я перапоўнены сумам.

Зросся я з гэтай весняй зямлёй

Не птушыным сэрцам бяздумным,

А трывожнай людской душой.

Мне лягчэй бы стала, напэўна,

Каб забыла мінулае ты,

Каб страла мая ўпала гнеўная

І ўваткнулася перад царэўнай

У гарлачыка ліст залаты.

Ты прыходзь, далёкая, любая,

Ты развей усмешкай тугу.

Пакладзі мне далонь на губы.

Не магу без цябе. Не магу.


1958-1960?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].-Мн.: Маст. літ., 1987.-431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан

Беларуская Палічка: https://knihi.com