На беразе маленькага ляснога возера-балотца разгарлаліся, разышліся і наладзілі канцэрт жабы. Церушыў на іхнія галоўкі цёплы дожджык, свяціла праз яго сонца. Весела было жабкам - вось яны і спявалі.
І тут прыплыла пратокай з такога самага суседняга балотца-возера вялікая балотная Чарапаха. Жыла яна адна, пачула вясёлыя спевы і вось прыплыла, вынырнула, напалову вылезла на бераг і ўся аж зморшчылася ад асалоды. Надта добра спявалі жабкі.
- Жабкі-жабкі, дзень добры.
- А ты што за цуда-юда? - спыталі жабкі.
- Я Чарапаха.
- Бачыць такое не бачылі, чуць гэткае не чулі. Значыць, не можа цябе быць.
- Ды ёсць жа я, - сумна сказала Чарапаха. - І як жа вы добра спяваеце! Паўтарыце, калі ласка. Проста салаўі.
- Можам, - сказалі ўлешчаныя жабкі.
Ку-ма, кума
Бор-ршчык вар-рыла.
- Выдатна, - сказала Чарапаха. - Выключна.
Бур-ракі, бур-рак-кі,
Бур-ракі-кі-кі-кі-кі.
У Чарапахі - аж слёзы з вачэй, так хораша спявалі жабы.
- Жабкі-жабкі, прыміце мяне ў свой хор.
- А ты спяваць умееш?
- Не. Я слухаць люблю.
- Дык слухай. Здалёк. Ці прывядзі сястру, якая ўмее.
- І яна не ўмее, - сумна сказала Чарапаха. - Мы, чарапахі, не ўмеем спяваць. Голасу нам не дадзена.
- Дык нашто ты нам тады? - спыталі жабкі.
- А слухаць вас хто будзе? Хваліць?
- Нас і так усе чуюць. І ўсе хваляць.
- Ну і я ціхенька сядзела б ды хваліла, - сказала добрая і разумная Чарапаха.
- Дык ты, можа, яшчэ нешта ўмееш? - спытала Галоўная Жаба ў хоры, якая аж дзьмулася ад важнасці.
- Плаваць умею. Ныраць.
- Гэта й мы ўмеем. А скакаць умееш?
- Не, - уздыхнула Чарапаха.
- Нічога ты не ўмееш... А мы яшчэ нясём ікру. Жабурынне.
- Я замест яе яйкі нясу, - сказала Чарапаха. - Вялікія.
- Ф-фу, - сказала Галоўная, - яйкі... Ну, паспрабуй усё ж заспяваць.
І Чарапаха зарыпела:
Свеціць месячык з гары
На глыбокія віры.
На шчытах у чарапах
Сіняе святло гарыць.
- Словы нішто сабе, - сказалі жабы, - але ж голас? Бр-р-р!
- Дык я б вам - словы, а вы б - спявалі.
- Словы ў нас не горшыя. Самі прыдумалі:
Што вар-рыла, кум-ма, кум-ма?
Боршч, бор-ршч, бур-ракі.
- Добрыя словы, - сказала Чарапаха, - але галасы ў вас лепшыя.
- І што гэта за «шчыты ў чарапах»? - спытала Галоўная Жаба.
- А вось тое, што на мне.
- Гэта карычневае? - усхваляваліся жабы. - Гэта брыдкае? Ну не. Мы вось такія прыгожыя. Зялёныя. Бліскучыя. Як лакіраваныя.
- Жывыя, - сказала Чарапаха, - усе прыгожыя.
- А чаму гэта брыда завецца шчытом? - спытала Маладзенькая Жабка.
- Яна цвёрдая.
- Няўжо-о? Во-ой! Быць не можа.
Самая смелая з жабак падплыла асцярожна і дакранулася да панцыра лапкай.
- Вой! Яна ж як жалезная!
- Ну і што? - сказала Чарапаха.
- Цвёрдая!.. Голасу не мае!..
- Усё роўна вы мне падабаецеся. Спяваеце прыгожа. Мне адной сумна.
Але жабы ўжо разышліся:
- Жалезная жаба, - зарагатала самая насмешлівая.
- А мы мяккія жабкі. Зялёныя.
- Жалезная! Гы-гы-гы!
Чарапаха пачала крыўдаваць:
- Кожная жывёла - розная. А я - карысная.
- І мы кар-рысныя... А ў цябе голасу няма... Кар-рычневая...
- Жаба ў танку, - пажартавала насмешніца.
Пакрыўдзілася бедная Чарапаха, нырнула і паплыла ў пратоку, а пасля ў сваю азярынку. А жабы, гледзячы на яе бурбалкі, зноў завялі сваю валынку з катрынкай:
Бур-ракоў не было -
Бр-ручкі навар-рыла...
...Ну і што? І ці добра гэта атрымалася? Тут сабе жабкі весела спяваюць дурныя словы добрымі галасамі. А там Чарапаха, што не мае голасу, але ведае добрыя словы, ляжыць сабе пад вадой, пад святлом месяца, пакрыўджаная і адна-адзінюсенькая.
І нашто, калі ты зялёны і мяккі, лаяць таго, хто карычневы і цвёрды? Ты вось ходзіш на дзвюх нагах, а кот - на чатырох. І няхай сабе.
Дрэнна вы зрабілі, жабы. Ану, марш адразу ж у Чарапахі прабачэння прасіць, перапрашаць яе!
А ты зараз кладзіся спаць, бо жабы будуць перапрашаць Чарапаху аж да раніцы. А пасля прыйдуць да нашых дзвярэй. І раніцай, калі прачнешся, тата або мама, бабуля або дзед раскажуць табе, даравала жабам Чарапаха ці не.