epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Карпаў

Апошні год. З успамінаў

У мяне, як відаць, і ў многіх у той час, прыгоды-выпрабаванні найбольш прыпадалі на дарогу. Не на выкананне самога задання, а на тое, каб наблізіцца да яго. А можа, мне так проста здаецца, бо занадта многа дарог пройдзена, дый вартасць разведчыка прынята вымяраць колькасцю «выхадаў» у тыл ворага.

Гэтым разам нам давялося прызямліцца на выпадковым аэрадроме ў Пухавіцкіх лясах — далёка ад намечанай базы ў Лагойскім раёне. Справа ў тым, што калі мы падляцелі да расчышчанай для нас пляцоўкі, навокал яе неспадзявана разгарэўся бой, загаварылі мінамёты. Я кажу пра мінамёты, бо з зорнай вышыні ў цемры, якая панавала на зямлі, іх «работа» была відаць найлепш: жаўтаватыя, не дужа моцныя пошугі святла — стрэлы, і затым на нейкай адлегласці асляпляльныя рваныя плямы — выбухі.

Аднак дарога ў Лагойшчыну мела і харошае. У рукзаках у нас быў цукар. У лясах паспела маліна. І я ніколі, здаецца, не еў яе так уволю і такую духмяную, салодкую, як тады. А навакольная прыгажосць?!.

Нас перадавалі, як кажуць, з рук у рукі. У першай Мінскай брыгадзе я сустрэўся з даўнім добрым знаёмым — Валодзем Леўшыным, з якім пасябраваў яшчэ ў верасні сорак другога — калі ішоў на Міншчыну ўпершыню. Ён адгадаваў бародку, пасаліднеў і ўзначальваў ужо асобы аддзел брыгады. Начавалі мы з ім пад адкрытым небам, у ляшчэўніку, на калёсах, поўных духмянага сена. Глядзелі ў зорнае, шаўкавістае неба, успаміналі Дзвіну, агульных знаёмых. Неба як бы зыбалася, пульсавала, потым пачало падсвечвацца з усходу, а мы гаварылі — дзяліліся навінамі, перабіралі знаёмых. І помніцца — адкрылі: у вайны адметныя законы, і яна па-свойму растасоўвае людзей. Асабліва ў партызанскіх умовах, дзе лёгка выяўляць здольнасці і заганы. У аднаго раптам выяўляецца талент партызанскага тактыка, і ён — зірк! — узначальвае ўжо штаб брыгады. А ў другога — гарачага, неўраўнаважанага, наадварот — пачынае распухаць самалюбства. І, паспрабаваўшы падначаліць сабе бліжэйшыя атрады, групы, ён дае волю сваім слабасцям і каціцца як з гары. Але, нягледзячы на тое, што ва ўсім гэтым хавалася нешта сумнае, нам з Леўшыным было радасна — нібыта само неба ўмешвалася ў жыццё і аднаўляла справядлівасць...

Каб трапіць на Лагойшчыну, трэба было перайсці цераз чыгунку і аўтамагістраль Мінск — Масква, з яе рухомымі пастамі, сакрэтамі, з магчымымі засадамі. Таму было вырашана зрабіць гэта, падзяліўшыся на групы. Першымі ў дарогу выправіліся маёр Хвясько, капітан Мельнікаў, лейтэнант Салдаценка і я. Распрацоўваючы план, «ішлі ад адваротнага» — наважылі перасякаць чыгунку і шашу ледзь не пад самай станцыяй Жодзіна, дзе немцы, па ўсім мяркуючы, чакалі парушэнняў найменш.

Ноч стаяла цёмная, густая. Нават здзіўляла, як у такой цемрадзі праваднік з мясцовых сялян не спыняецца, каб агледзіцца, не шукае абапал і наперадзе знаёмых арыенціраў. Яго ўпэўненасць падтрымлівала нас, і, не зважаючы на поўную паходную выкладку — на шыі аўтамат, цераз плячо плашч-палатка, на рэмені запасны дыск, «эфачкі», фінка, за спінаю рукзак з энзэ,— перадышак мы амаль не рабілі. Дый яшчэ адна акалічнасць падганяла нас: хмары магло разагнаць, і тады стане як удзень, бо была поўня.

Спыніліся мы толькі за ахоўнай сцяною елак, перад чыгуначным кюветам. Селі ланцужком, як ішлі, каб, аддыхаўшыся, прыслухацца да навакольных гукаў і перамахнуць цераз чыгуначнае палатно. Нічога падазронага не пачулі. Але здалося: небяспека таіцца іменна ў цішыні. Я сядзеў за правадніком і адчуў: завагаўся і ён — у кожнага свая мяжа смеласці. Прыйшлося трошкі счакаць. Ды калі я паклаў правадніку на плячо рукі і націснуў, ён не зрэагаваў на гэта. Адчуваючы — захваляваліся і ззаду, злуючыся ўжо, я лёганька штурхнуў яго ў спіну. Праваднік сядзеў на самым краі кювета, нервы ў яго былі напятыя, і ён паехаў па схіле на ягадзіцах. Я кінуўся следам.

Але да гукаў прыслухоўваліся не мы адны. Калі, перамахнуўшы чыгуначны пуць, не пачуўшы за сабой таварышаў, я залёг у процілеглым кювеце, між рэек вырасла цёмная постаць. Я зрабіў, што і трэба было зрабіць,— узяў яе па мушку. Але тут здарылася нечаканае — пачуўся тупат, трэск галінак: таварышы,

ведаючы, што наперадзе аўтамагістраль, рашылі адыходзіць. Цёмная ж постаць рынулася да станцыі, але ўсё ж ускінула ўгору руку і стрэліла. Паказваючы, куды адыходзяць нашы, у неба ўзвілася ракета. Забахалі стрэлы.

Вярнуцца да сваіх або нечым памагчы ім не было як. Я выбраўся з кювета і, прыкрыўшы далоняй вочы, пралез праз калючыя елкі. А калі пралез, раптам убачыў чалавека, які памкнуўся да мяне. Я схапіўся за фінку.

— Свае! — паспеў прашаптаць чалавек.

Гэта было дарэчы... Праўда, у мяне ўкаранілася прывычка, і я перад паходам засякаў азімут — напрамак, у якім трэба ісці. Але наперадзе ляжала аўтамагістраль!

Перад намі распасціраўся поплаў. Злева цямнеў хмызняк.

— Ён далёка цягнецца? — схіліўшыся да вуха правадніка, спытаўся я.

— Да самай шашы і далей,— як здалося, радасна адказаў той.

— Тады пойдзем поплавам...

Навокал пасвятлела. Поплаў,— мусіць, пала раса,— засвяціўся. Як бы бліжэйшы стаў хмызняк. Сямтам стала можна распазнаць белыя ствалы бярозак.

Неўзабаве мы ўбачылі аўтастраду — аспідную палосу, за якой пачыналася гусцейшая цемра. Па прасветлінах у хмарах зрабілася відаць: яны не навіслі над зямлёй, а некуды плывуць, спяшаюцца, і там, за імі, многа святла.

Страляніна ззаду сціхла, але ішлі мы, прыгінаючыся, лажыліся і таму першыя заўважылі немцаў. Двое, пэўна, паставых, выйшаўшы з хмызняку, паволі падаліся абочынаю магістралі.

Тузануўшы правадніка за крысо, я ўпаў на зямлю.

Колькі мы ляжалі? Нямнога. Але за гэты час па магістралі пракаціў бранявік. Лязгаючы гусеніцамі, прайшла танкетка, а пасля зніклі і паставыя — расталі ў імглістай цемры. Ад таго, як мы перабягалі асфальт шашы, асталося толькі адчуванне — бегчы даводзілася па нечым гарачым.

На ўзлеску праваднік здаўся зусім: пачаў прасіцца дамоў — там дзеці, жонка. Хутар яго непадалёк ад станцыі, нахопіцца чыгуначная ахова, як апраўдаецца жонка, дзе гаспадар. Асабліва пасля такой мітрэнгі.

Іншай рады не было — успомніліся Урал, уласная жонка, сын, з якімі нядаўна бачыўся,— і я, распытаўшы пра дарогу да бліжэйшай лясной вёскі, адпусціў правадніка.

З хмар выплыў месяц — ясны, быццам начышчаны мядзяк. Цемра з дарогі адступіла ў прыдарожныя кусты, у чашчобу, адкуль патыхала грыбнымі, прэлымі пахамі.

Жнівень — месяц зарніц, лясной цішыні. Нават удзень і то рэдка можна пачуць хіба што трывожнае цвырканне дразда або дзятла. Уначы ж лес замірае — сам як бы прыслухоўваецца да нечага. І ў гэтай цішы душою адчуваеш, як выспявае, множыцца і набірае сілы жыццё. Паспелі буякі, ажына, парэчкі, брусніцы. Зачырванелі гронкі рабіны. З кустоў і дрэў з парашуцікамі, ветразямі, учэпістымі калючкамі, з пушком і паплаўкамі сеецца насенне. Трэці прыплод прывяла зайчыха. Па расе — на золку і перад захадам сонца — кормяцца вывадкі дзікіх курэй, якія днююць у густых хмызняках і, калі горача, купаюцца ў разагрэтым пяску. Услед за качкаю-гогалем з дуплаў на зямлю спусціліся яе дзеці, падраслі на роўнядзі пасвятлелых вод крыжанкі. На добрых кармах набіраюцца моцы буслы, кнігаўкі. І, як увасабленне жніўня, высока ўзняў галаву залаты сланечнік.

Я ішоў адзін сярод бору, прыслухоўваўся да яго цішыні і хваляваўся за таварышаў — ці не здарылася бяда? Што яны думаюць там пра мяне? І было непамысна, што гэта адбываецца ў зарнічны жыццядайны жнівень, што там, куды паказваў азімут, пачынае чырванець неба — значыць, загарэлася вёска або лес.

Урал, помніцца, уразіў мяне сваёй суровай будзёнасцю. Ды яшчэ хіба тым, што ў гарадах не было светамаскіроўкі. Узяць білет на Казань не ўдалося, і я паехаў акружной дарогаю — на Перм — Свярдлоўск. Вайна, вядома, адчувалася і тут — насустрач імчалі эшалоны з танкамі, з салдатамі, з зачахлёнымі гарматамі. На станцыях таўкатня, у кожнага кацялок — або ў руцэ, або прывязаны да пояса. І ўсюды шынялі, вінтоўкі, рыжыя пудовыя чаравікі — ваенны абутак салдат або горкія іх неданоскі.

Праўда, Свярдлоўск сустрэў цюбецейкамі, стракатымі азіяцкімі халатамі. Панурыя, як бы высечаныя з дрэва, людзі сядзелі і напаўляжалі прама на бруку прывакзальнай плошчы, не стараючыся прыладзіцца хоць бы куды да плота ці сцяны будынка. Хто яны? Куды, навошта едуць?.. А потым, калі не лічыць прыстанцыйнага бярозавага гайку ў Краснаўфімску — чыстага, запаветнага, зноў будзёнасць — гразкія, з глыбокімі каляінамі дарогі. Самотныя касілкі, веялкі на сядзібах МТС, бакі з гаручым сярод гразі, расквашанай коламі аўтамашын.

Я ехаў сюды да любімых і хацеў любіць усё ў тым кутку, што прытуліў іх. Хацеў і не мог, пакуль не прыпаў плечуком да шызага валуна на бурым гарыстым беразе Іргінкі, за якой, таксама на схіле гары, перада мной адкрыўся пасёлак — камяніцы, дамы, прысадзістыя ўжо таму, што стаяць на махіне, гледзячы на якую, не заўважаеш неба. Гэта было раніцою. Над быстрай Іргінкаю плыў туман. Ніжнія вуліцы ахінала смуга. Дзьмула халадком. А вось вышэй гару і дамы на ёй залівала прамяністае сонца. І было нешта магутнае, спрадвечнае ў гэтай карціне — такое, што сэрца маё ўздрыганула і раскрылася, прымаючы бачанае ў сябе як дарагое, патрэбнае.

Я спусціўся да Іргінкі, чакаючы абавязковага цуду. У грудзях жыло нейкае складанае пачуццё — нецярплівая радасць, трывога, беспрадметная рэўнасць. Іргінка пад мостам цурчала, плёскалася. І гэта цурчанне, плёскат здаліся мне такімі мілагучнымі, што захацелася паслухаць іх. Але раптам увагу ўзяло іншае — дзіцячыя галасы, што ішлі з недалёкай камяніцы. Камяніца гула — як вулей.

Паправіўшы шапку, лямкі ад рукзака, упэўнены: сын таксама тут! — я звярнуў да высокага ганка і ўзбег на яго.

У пярэдняй, за столікам сядзела кучаравая выхавацелька ў белым. Кінуўшы пісаць, яна перасмыкнулася і спалохана ўтаропілася на мяне пакруглелымі вачыма.

Што яе магло спалохаць? Мае брудныя боты, шынель, шапка-вушанка? А мо мая ўзрушанасць? Нешта знаёмае, што ўбачыла яна ва мне? Чужая, рэдкая тут радасць? Свая бяда, якую я нагадаў?

— У вас ёсць Вова Карпаў? — паспешліва спытаўся я, каб не мучыць яе страхам.

— Вовачка?..— выдыхнула яна.— Вова?.. Зараз!..

Праз колькі хвілін я ўжо нёс сына ка плячы, а ён, збянтэжаны, усхваляваны, не матляючы нават ножкамі, паказваў мне, куды ісці.

— Мы з мамкай на Вежы жывём! Вы-ысо-ока! — шчабятаў, захліпаючыся ад наплыву пачуццяў.— У бабкі Фацінні! Во! Яна справядлівая. Як убачыла, калі нас прывезлі, так і ўзяла з канцылярыі. Адну ноч толькі і перабылі там на падлозе!..

Калі мы амаль падняліся на Вежу, нас дагнала жонка. Задыханая, бледная, ашчарэпіла абодвух рукамі і бяссільна абвісла. Я падтрымаў яе вольнай рукою. Але павітацца і сказаць што-небудзь таксама не здолеў. Гэтак у нейкім пакутлівым, салодкім чадзе, мы прастаялі, можа, з хвіліну.

Жонка ачулася першая. Як і ўсякая жанчына-клапатуха, акінула мяне позіркам з ног да галавы, правяла далоняй па зарослай шчацэ.

— Я ніколі не бачыла цябе з такой шчэццю,— роспачліва пашкадавала і раптам пацягнулася да губы.— А гэта што? Паранілі?

— Кранула, калі вяртаўся з Мінска...

Па твары ў яе пацяклі слёзы. Не, яна не скрывілася, твар астаўся прасветлена-здзіўлены, але яна заплакала.

— Ты, Валодзя, калі што-якое не сярдуй на гаспадыню. Яна, разумееш, з тых, хто гаворыць, што думае... Парадак у яе непарушны. Курыць нельга. Падлога палавікамі засланая. У святліцу ніхто з старонніх не смее ступаць, як у алтар...

— Мо і з конавак розных п’яце? — усміхнуўся я, хоць мне зусім было не да смеху.

Праз дашчаную брамку мы ўвайшлі ў двор, забудаваны сарайчыкамі, клецямі, хляўкамі. На высокім старанна выскрабленым ганку разуліся, надзелі малаліцы,— старыя атопкі.

Фаціння — мажная яшчэ бабка, з чыстым, уладарным тварам — сустрэла нас з годнасцю. Агледзеўшы мяне, потым — разгубленую паружавелую жонку, шчаслівага сына, неспадзеўкі пасвятлела, ступіла да створкавых дзвярэй у запаветную палавіну.

— Спаць там будзеце. Для цябе не шкада,— тыцнула яна ў мяне пальцам і расчыніла дзверы, як залатую браму.— Здымай транты ды памыйся. А ты, Мар’я, тым часам самавар пастаў. Што я надоечы, паваражыўшы, казала табе!..

Пабеглі сумятлівыя, радасныя дні, за якія не адбылося нічога значнага, але якія асталіся ў памяці дасюль і, значыць, былі вельмі важныя для нас.

Харчы я атрымаў у Падольску, пад Масквою, сухім пайком і дарогаю эканоміў іх. Добрыя людзі памаглі мне «прымацавацца» ў Іргінску да сталоўкі, атрымаць харчовыя карткі. Перад Першым маем з раённага цэнтра прыслалі пасылку — бараніны, гарэлкі, круп, цукру: партызан на Урале — дзіва... Так што бедным ласункам пачалі ўжо здавацца вялёнкі і сушонкі з неўбранага калгаснікамі, прыхопленага марозцам турнэпсу, які позняй восенню ўправілася накапаць жонка ў полі.

На радасць Фацінні я дамогся, і нам адклеймавалі на бліжэйшай гары некалькі сосен. Снег у лесе бадай што сышоў, патыхала прыгрэтай зямлёю, мокрай карою, хвояй. Гара аказалася крутою, і здавалася, што дрэвы нахіліліся — не стаяць, а ўзбіраюцца па яе адхоне. Але, купаючыся ў сонцы, у свежых павевах ветру, адчуваюць сябе добра — ім не цяжка і так. Хораша было за працаю і нам.

У пойме Іргінкі жонцы адвялі агарод. Узброіўшыся лапатамі, мы ўзяліся і за яго. Зямля была глейкая, ссохлая, аж патрэскалася, і камлыгі яе прыходзілася разбіваць рубам лапаты. Аднак, як потым пісала жонка, бульба і памідоры ўрадзіліся надзіва. Праўда, вазіць гэтае багацце на Вежу прыйшлося на двухколцы— цягнуць, упрагаючыся ў яе, як худоба, або пхаць перад сабою, збіваючы, калі аступалася, калені аб скальнае каменне.

Не зусім пашанцавала і з дровамі. Выпрасіўшы ў зазімкі каня ў калгасе, жонка з сынам паехалі пасля трэцяй школьнай змены ў лес. Смяяліся, радаваліся марозцу, сіняватай снежнай белі, і калі ехалі туды, і калі вярталіся назад, спускаючыся з гары. Лядашчы, махнаногі конік нават бег трухам. А вось калі сталі падымацца на Вежу, парвалася супоня. Цямнела. На вуліцы пуста, ні душы. Жонка зняла панчохі і звязала імі клешчы. Але конік, беручы з апошніх сіл, пачаў кідацца на бакі і перакуліў воз. Акалелымі, непаслухмянымі рукамі жонка ўзялася парадкаваць дровы. Ды, калі ўпарадкавала, зноў падвяла змардаваная жывёліна — кучаравая ад поту, заінелая на марозе, ужо не магла крануць сані з месца. Прыйшлося аднесці сына дамоў, а потым поначы на сабе цягаць вялікія мятровыя плашкі на Вежу, складаць у шурку. І можна ўявіць, чаго каштавала гэтае самакатаванне знясіленай галоднай жанчыне, якая не ведала, калі адпачывала!..

Аднак пісала яна мне пра ліхія здарэнні з усмешкаю, пакепліваючы з сябе, з сваёй планіды... Нават тут жа расказала, як улетку хадзілі яны ў ягады і натрапілі на палянку. «Уся спрэс чырвоная, і ступіць няма куды. Так што за якую гадзіну, паверыш, і наеліся да адвалу і назбіралі цэлую вялікую бляшанку з-пад каўбасы, што прыслала нам тваё начальства фельдпоштай...» — пісала яна мне ў Падольск, дзе я жыў перад палётам у тыл ворага.

Ды ўсё гэта было пазней, а пакуль на бязвоблачным небе свяціла і пякло сляпучае сонца. Яно кацілася над гарамі, і таму з поймы здавалася надта высокім, недаступным, мала ласкавым. Расчырванелая ад работы жонка загарэла ўраз, ажно стала аддзяляцца зацянёная хусткаю палоса на лбе. Непадалёк ад нас гуляў сын — прымушаў божую кароўку ўзляцець з пальца.

— Кароўка, кароўка, узляці! — маліў ён.

Я глядзеў на сына, на жонку, і сэрца маё агортвала мірнае шчасце. Хіба не радасць, што чалавеку, якога ты любіш, не трэба будзе ўжо сляпіцца вечарамі, вышываючы чужыя кофтачкі і камбінашкі, каб атрымаць абцятыя бульбіны, з якіх зрэзалі для пасадкі вочкі-парасткі?.. Многа і мала трэба чалавеку ў час усенародных бедстваў.

Неўзабаве пашэнціла і астатнім маім таварышам — яны пераехалі чыгунку і магістраль у возе сена. Удзень. Другая палова групы — наш камандзір падпалкоўнік Юрын, яго намеснік маёр Бобылеў, старшы лейтэнант Амелькін і разведчык Уладзімір Конанаў — пераадолелі злашчасную перашкоду пад грымоты бою, што завязалі, каб адцягнуць увагу чыгуначнай аховы, пад станцыяй Жодзіна партызаны. Радысткі ж — Лена і Маруся, апранутыя пад вясковых дзяўчат, з сярпамі на плячах, перайшлі чыгунку прама па пераездзе, непадалёк ад семафора. Вяла іх тутэйшая кабета, а падстрахоўваў баявік Пятро Дзеравянка, якога мы ўзялі ў Першай Мінскай брыгадзе.

Украінец, уцякач з лагера ваеннапалонных, хлопец-душа, ён заваяваў нашу павагу. Яго меткасць проста захапляла. Ён сходу мог трапіць у вераб’я, у падкінуты камень. Без промаху страляў на шум. Жыло ў ім набытае і ў лагеры — нейкая глухая зацятасць, і, калі выпадала вольная хвіліна, Пятро выцягваў з рукзака брусок і пачынаў тачыць цясак. Тачыў моўчкі, старанна, раз-пораз правяраючы, ці пераразаецца прыстаўлены да ляза валасок, калі на яго дзьмухнуць.

Сабранасць памагла яму і гэтым разам. Рабы, камлюкаваты, у ніжняй кашулі, з качаном капусты пад рукою, ён выклікаў падазрэнне патрульных, якія якраз стаялі тады на пераездзе. Але, калі яго спынілі, ён, даючы радысткам адысці як мага далей, з самым сур’ёзным выглядам пачаў пратэставаць, паказваць пальцам у напрамку недалёкага хутара, дзе, як казаў, жыў. А калі яму ўсё-такі загадалі ісці па шпалах на станцыю, Пятро, пераканаўшыся — радысткі набліжаюцца да лесу, выхапіў з-за пояса наган і ўлажыў канваіраў. Ды вось зацятая нянавісць і партызанская закваска! На станцыі ўсчалася пальба. Да пераезда на стрэлы кінуліся салдаты. І ўсё-такі сігануў ён толькі тады, калі зняў з забітых патранташы, падперазаўся імі і падабраў вінтоўкі...

Сышліся мы ўсе ў лагеры партызанскай брыгады «Смерць фашызму», адкуль ужо і падаліся на Лагойшчыну. Але ўсё-такі мы, пэўна, трапілі ў поле зроку абвера. І варта было нам асталявацца ў невялікай лясной вёсцы — Паўляняты, правесці некалькі радыёсеансаў з Масквою, як наляцелі «юнкерсы» і абрынулі на ціхую вёску грымотныя бомбы.

Для маіх таварышаў і мяне надышла пара нейкіх не зусім ваенных клопатаў. Шукалі вёску — Бабры, Радзькавічы, Сярпішчына,— дзе б як след атабарыцца. Падбіралі людзей — у групу прыйшлі мае сябры па Мінску: Грыша Страшко, Іван Луцкі, Якаў Шымановіч. Вывучалі шляхі І спосабы пранікнення ў Мінск, падбіралі дзяўчат-сувязных, явачныя кватэры ў самім горадзе. Падпольны райком замацаваў за намі вёску Сліжына, і давялося прызначаць туды каменданта, ствараць гаспадарчы ўзвод.

Дый самі радасці нагадвалі нейкія ваенна-мірныя. У верасні Масква павіншавала радыёграмаю Амелькіна і мяне з урадавай узнагародаю — ордэнам Чырвонай Зоркі. Некаторых з нашых павысілі ў званні. Прыйшлі пісьмы ад родных.

Вёска Радзькавічы — тыпова Лагойская: адна вуліца, блізкі лес, камяністае поле навокал, пасярэдзіне могілкі на парослым хмызняком узгорку. Пасяліліся мы ўтрох — Валодзя Конанаў, Салдаценка і я — у адной з лепшых хат Радзькавіч — на дзве палавіны, з вазонамі на вокнах.

Найбольш я зблізіўся і пасябраваў з Уладзімірам Конанавым, таксама віцеблянінам. Праўда, цяжка сказаць — чаму? Ён на дзесяць гадоў быў маладзейшы за мяне. Яму спрыяў камандзір, які да мяне ставіўся афіцыйна... Але ў гэтым хлопцы падкупляла ўраўнаважанасць, чысціня натуры — адкрыты прыгожы твар, шэрыя вочы, якія молада і насмешліва паблісквалі, крутыя атлетычныя плечы, падцягнутая стройнасць. Рухі ў яго былі акруглыя, упэўненыя, за імі ўгадваліся сіла, спрыт. Ён, як і Дзеравянка, выдатна страляў, ведаў прыёмы самба, прыкархнуўшы на прывале, мог суткамі не спаць. І яшчэ. Ёсць маладыя людзі, на якіх ляжыць водбліск матчынай любві і турбот. Цёзка належаў да іх. Нават вайна, што перапыніла яго вучобу і сама стала ягонай школаю, не пагасіла гэты водбліск.

За ім ужо быў подзвіг. Вайна, не ў прыклад некаторым, якія любілі погалас, катавасіі, спрактыкавала Валодзю Конанава, зрабіла цвярозым у рашэннях. Калі цяперашні наш камандзір, а тады начальнік Віцебскай аператыўна-чакісцкай групы, дазволіў яму выбіраць сабе паплечнікаў — каго і колькі заўгодна — ён назваў усяго аднаго — Івана Наўдзюнаса. І не памыліўся — з ім яны двойчы пабывалі ў пекле. Раз пад Пудаццю, калі немцы ліквідавалі Віцебскія вароты, і раз — на нейтральнай паласе, на якой, уцякаючы ад пагоні, пятлялі да таго раз’юшаныя, што калі на мушку аўтамата трапляў гітлеравец, думалася: «Пальнуць бы па жываце, няхай памучыцца!» І гэта ў дваццаць год!

Заданне было бескампраміснае, павучальнае — знішчыць Аляксандра Бранта — шпіка з даваенным стажам, якога паставілі ўзначальваць брудную газетку «Новы шлях».

Гаспадары ахоўвалі яго як свайго і па крыві і па хаўрусе. Дый ён сам ведаў, чыё жэр сала. Так што падступіцца да яго можна было хіба раніцою, на пустым Пралетарскім бульвары, калі Брант, як бы шпацыруючы, кіраваўся на работу ў суправаджэнні паліцаяў.

І вось зноў!.. Незвычайны, гераічны быў не так ажыццёўлены скрупулёзна па плану акт пакарання, як тое, што паследавала за ім. Адстрэльваючыся і шукаючы паратунку, хлопцы не беглі, а ляцелі на крылах. Бралі з ходу пагарэлішчы, платы, зацягнутую лядком Віцьбу, Суражскую шашу з засушанымі вартавымі, прыпарошаны сняжком лясок, Заходнюю Дзвіну... Ці не замнога для простых смертных, узброеных аднымі пісталетамі ды гранатамі? Праўда, калі перапраўляліся на лодцы цераз Дзвіну, іх прыкрылі партызаны. Але ж гэта здарылася бадай што ўжо тады, калі можна было сказаць: шукай ветру ў полі...

Наша група насіла назву «Мсціўцы», і хоць задачаю яе была разведка і контрразведка, мы ў той жа час павінны былі шукаць спосабы пакарання Вільгельма Кубэ, па чыёй віне ліліся рэкі крыві. Аднак, калі сілы былі расстаўлены, нас нечакана апярэдзіла партызанская група «Дзімы», чые сувязныя — Марыя Барысаўна Осіпава і Алена Рыгораўна Мазанік — выканалі прысуд над ваенным злачынцам. Перад намі паўстала новая задача — павесці работу супроць заступніка Кубэ — генерал-маёра паліцыі, брыгадэнфюрэра СС фон Годберга і адначасова — беларускіх нацыяналістаў, якія пры пэўных акалічнасцях маглі аблегчыць выкананне асноўнай задачы.

Тумашаў, Гадлеўскіх, Іваноўскіх, Ермачэнкаў, Казлоўскіх гітлераўцы прывезлі ў абозе. Некаторыя з іх, адчуўшы здабычу, з’явіліся ў захоплены Мінск самі — калі ласка, нанімаемся. Захмялелыя ад перамог, гітлераўцы прынялі іх не надта гасцінна, хоць паслугі і скарысталі. Давайце стварайце пакуль што ўправы, уцірайцеся ў давер’е да акупаванага насельніцтва, памагайце чмурыць яго, сварыць з мінулым. Але разам з тым як гітлераўскія армады сталі цярпець паражэнне на фронце, пачала расці і стаўка гітлераўцаў на добраахвотных халуёў. Дый выразней станавілася відаць нікчэмнасць спадзяванняў тэрорам і беспардоннай хлуснёй зрабіць савецкіх людзей паслухмянымі.

Каб атруціць іх ядам нацыяналізму, гітлераўцы стварылі мёртва народжаныя «Беларускую народную самапомач», «прафсаюзы», «Раду даверу», «Саюз беларускай моладзі», «Беларускае культурнае згуртаванне», узяліся выдаваць часопісы, газеты.

Дасюль мне не выпадала сутыкацца з «жывымі нацыяналістамі». Мае адносіны да іх вызначала наша вуснае і друкаванае слова. Засвоенае, яно было проціяддзем ад усякага заалагічнага пачуцця. Прабыванне ў акупаваным Мінску, дакументы, з якімі я пазнаёміўся там, гарачыя сведчанні Алеся Матусевіча, які пабываў у нацыяналістычных колах, як бы нанава раскрылі мне палітычную сутнасць нацыяналістаў і іхнюю чалавечую вартасць.

Прыйшла яснасць: спекулянт — наогул стварэнне паскуднае. Планы свае ён будуе на карыслівых разліках. Прадумоваю яго поспехаў з’яўляецца чужое няшчасце. Гэта — мяняла, ігрок, паразіт. Дык што ж гаварыць тады пра спекулянтаў святым, якія спекулююць адданасцю Бацькаўшчыне, любоўю да роднага, свайго з дзяцінства. Высокія, святыя пачуцці яны скарыстоўваюць на тое, каб распаліць нянавісць паміж людзьмі. Іхняя мэта — калатня, усеагульная варожасць, кроў. І ўжо таму яны не могуць аставацца шчырымі, чыстымі, ідэйнымі.

Так яны сталі для мяне жывым увасабленнем самага злога, нялюдскага.

За кароткі час нам удалося арганізаваць і правесці супроць іх дзве аперацыі, якія ўзрушылі мяне дзелавітай няўхільнасцю.

Нам была падпарадкавана спецгрупа «Суседзі», што дыслацыравалася ў небагатай, раскіданай вёсачцы на славутай Лысай Гары, дзе, дарэчы, мы таксама прымалі сувязных з Мінска і адкуль накіроўвалі сваіх пасланцоў у Мінск.

Аднойчы, у пахмурны вераснёўскі дзень, на Лысую Гару сувязны з Мінска прывёў двух ваеннапалонных і высокага, стройнага юнака ў шэрай уніформе, які памог ваеннапалонным уцячы з лагера. Юнака звалі Іван Шнігір. Падцягнуты, хударлявы, з тонка акрэсленым прыгожым тварам, ён абуджаў прыхільнасць да сябе. Але форма эсэсаўца, унтэр-афіцэрскае званне, атрыманае па заканчэнню спецыяльнай школы, насцярожвалі. Яму хацелася і не хацелася верыць. Нават паўстала пытанне, як з ім быць,— расстраляць або пакінуць у Лысай Гары і праверыць заданнем. Перамагло апошняе, бо надта гарачымі, шчырымі былі яго словы. Так Шнігір стаў на пэўны час непрыкаеным лысагорскім парабкам — калоў вяскоўцам дровы, памагаў па гаспадарцы, харчаваўся ў найбольш спагадлівых.

Вось выбар маёра Хвясько і паў на гэтага хлопца, былога студэнта, які з вераю і цярплівай усмешкаю стаічна пераносіў наканаванае яму.

Чаму Хвясько? Справа ў тым, што ў нашай групе адбыліся змены. Адклікалі на Вялікую зямлю Юрына і Мельнікава. Замест іх у разгар восені прыслалі капітана Ганцова з старшым лейтэнантам Петуховым. Забіралі і Бобылева, суправаджаць якога на Бягомльскі аэрадром паехалі Ганцоў, я і радыстка Лена. Старшым у групе астаўся Фама Хвясько. Вопытны чэкіст, ён адчуў у Шнігіры спружыністы, рашучы характар і тое гарэнне, што не дазваляла яму панікаць у цяжкіх умовах. Прыкмеціў і яго гарачае імкненне праявіць сябе — імкненне, якое, як часта бывае, падпіралася ўсведамленнем сваёй віны.

Так што, калі было вырашана спыніць здрадніцкую дзейнасць стаўленіка СД — рэдактара «Беларускай газэты», які, як ніхто, аплакваў гібель Кубэ і ажно слаўся, заклікаючы да барацьбы з бальшавікамі і партызанамі, усе сышліся на думцы: лепш за ўсіх гэта зробіць Іван Шнігір. А каб было больш пэўна, «прывязалі» да яго патомнага мінчаніна — непрыкметнага, але непахіснага ў перакананнях і ўчынках Кастуся Немчыка.

Тым часам залатая восень здарожылася, прыпынілася адпачыць каля вады. Стомленыя рабіны апранулі шызаваты вэлюм, ніжэй прыгнулася чаромха. Над парыжэлымі пожнямі і паплавамі паплылі раскудлачаныя туманы. У сярэдзіне кастрычніка, праўда ненадоўга, выпаў нават снег. Дрэвы не паспелі скінуць убор, лісце з клёнаў злятала па адным, нехаця адрываючыся ад галінак. Чаранкі ў лістоў пераважвалі, і яны, утыркнуўшыся ў снег, стаялі ў ім, як панатыканыя дзецьмі. Пасля снег, вядома, растаў, але ўсё роўна было холадна, слотна.

Сырым, непагодным ранкам і выправіліся Шнігір з Немчыкам у Мінск. У кожнага была свая легенда. Батальён, у якім служыў Іван Шнігір, днямі прыняў пад Вілейкаю бой з партызанамі, і Ваня мусіў перадаць у «Беларускую газэту» жалобны артыкул пра аднаго з забітых камандзіраў і запрасіць спадара рэдактара на яго пахаванне. Немчык жа павінен быў зайсці ў рэдакцыю па больш празаічнай справе — даць аб’яву аб нібыта прапаўшай карове.

Непрадбачныя акалічнасці пачаліся адразу — як толькі хлопцы назаўтра падняліся на трэці паверх дома, дзе змяшчалася рэдакцыя. Пакінуўшы таварыша на лесвічнай пляцоўцы, Шнігір увайшоў у калідор. Адшукаў дзверы з шыльдачкаю «Рэдактар» і заглянуў у іх. Убачыў вялікі пакой з столікам, за якім сядзеў прылізаны худы дзяцюк, і другія дзверы. Яны былі адчынены, і праз іх даляталі стук пішучай машынкі і голас чалавека, які нешта дыктаваў.

«Ён!» — падумаў Шнігір і памкнуўся пайсці туды. Але дарогу яму заступіў прылізаны дзяцюк. Выслухаўшы са схіленай на плячо галавою Ваніны тлумачэнні, ён узяў у яго артыкул і, трошачкі бянтэжачыся, папрасіў зайсці праз гадзіну. Гэта яўна азначала: Казлоўскі не прымае незнаёмых наведвальнікаў без папярэдняй праверкі, і смешна спадзявацца, што кудысьці паедзе па нейкіх запрашэннях. Што аставалася?

Перачакаўшы гадзіну ў скверы на плошчы Свабоды, хлопцы вярнуліся назад. Прынялі новы план. Немчык уваходзіць у прыёмную першы, за ім заяўляецца Шнігір. Прарваўшыся ў другую палавіну і сустрэўшы Казлоўскага, пускае ў ход фінку. Немчык жа, выхапіўшы з кішэні пісталет, прымусіць тых, хто акажацца пры гэтым, падняць рукі. Потым яны, страхуючы адзін аднаго, паспрабуюць змыцца.

Аднак не паспеў Шнігір пераступіць парог калідора, як пачуў крык-грай. З прыёмнай вываліўся натоўп. Дакладней — яго выцягнуў за сабой Немчык. Учапіўшыся ў яго, як рак, лямантуючы галасней за астатніх, худы, прылізаны, стараўся яго затрымаць. Убачыўшы Шнігіра, кінуўся з просьбаю памагчы даставіць падазронага тыпа ў паліцыю.

— Яна тут насупраць, спадар унтэр-афіцэр! — выгукваў ён, глытаючы сліну.— Пэўна, заўважылі дзяжурныя матацыклы і паставога...

У смелых людзей рашэнне ў крытычныя хвіліны прыходзіць імгненна. Шнігір ірвануў з кабуры наган.

— Стой! — гаркнуў на Немчыка.— Гэта яшчэ што? Дакументы! Усіх, апрача шэфа, прашу разысціся па сваіх месцах! Спакойна!..

Яшчэ ў Лысай Гары ён вывучаў фатаграфію Казлоўскага. І калі з ім астаўся нізкарослы, з выпнутымі грудзьмі і паношаным, як пасля выпіўкі, тварам чалавек, Шнігір стрэліў яму ва ўпор.

Форма эсэсаўца выратавала Ваню. Немчык таксама дабег да плошчы Свабоды. Але тут паставы паліцай, які пагнаўся за ім, падставіў нагу і, наваліўшыся, выкруціў за спіну рукі. Далей, як і трэба было чакаць, здарылася жахлівае — у смярдзючым засценку СД Немчыка доўга катавалі, а пасля, абліўшы бензінам, падпалілі...

Самабытнай, каларытнаю фігураю быў і Саша Камінскі — мажны, атлетычна скроены мацак, з шэрымі лупатымі вачыма, што трапляюцца ў дзёрзскіх, хвацкіх людзей. Прыйшоў ён у групу «Суседзі» таксама не вельмі даўно, але, па ўсім было відаць, сумаваў на дробных справах і блукаў па вёсачцы, нібыта насіў на плячах цяжар.

Лысую Гару не мінула пошасць сорак першага года — на скрыжаванні вуліц абчасаны дубовы крыж, апавіты вышыванымі ручнікамі. Праўда, ручнікі ніхто ўжо не мяняў, яны заплеснявелі. На крыж перасталі звяртаць увагу. Толькі пад час апошняй бамбёжкі Мінска, чые агні віднеліся ўначы, старэнькая бабка Хрысціна, укленчыўшы, малілася яшчэ на яго — прасіла бога дапамагчы пабіць гітлераўцаў.

Аднойчы я сустрэўся тут з Сашам.

— Які дзівак ставіў гэтую ганьбу? — сцепануў Саша крутым плячом, паціскаючы мне руку,— ён лёгка знаёміўся і збліжаўся з людзьмі.

Я ўсміхнуўся:

— Пэўна, той, хто шукаў падтрымкі.

— Ад каго? — абурыўся Саша.

— Ну, скажам, ад найвышэйшага... А мо проста хітраваў. Хітранька жадаў улітасцівіць гітлераўцаў. У іх жа на спражках таксама напісана «Gоt: mіt uns» 1.

— Усё адно не разумею! Па-мойму, пажыўшы пры савецкай уладзе, сорамна быць халуём і ў самога пана бога!..

Фама Хвясько сабраў весткі. Выявілася: родам Саша са Смаргоншчыны, камсамолец, былы оперупаўнаважаны, дэпутат раённага савета. Быў пасланы служыць у мінскую паліцыю, трымаў партызан у курсе паліцэйскіх навін, траляваў з участка патроны, зброю, гранаты. Але папаўся — адвячоркам на кватэру, дзе ён жыў, наскочыў начальнік паліцыі і, зрабіўшы вобыск, знайшоў пад маснічынаю пісталеты. Трымаючы драцяны павадок, прывязаны за правую Сашыну руку, павёў ва ўчастак. Ды не на таго напаў. Скарыстаўшы па дарозе момант, Саша злаўчыўся, аглушыў начальніка ўдарам літога кулака і ўцёк. Праз некалькі дзён, ідучы са старой кватэры, куды хадзіў па свой, не знойдзены начальнікам паліцыі, пісталет, зноў напароўся. Толькі на меншае начальства — унтэра, які ехаў па пустой вуліцы на веласіпедзе. Унтэр спыніў Сашу, ды той абяззброіў яго і, паставіўшы тварам да плота, загадаў стаяць не азіраючыся. Сам ускочыў на веласіпед і знік. Але аставацца ў Мінску не было ўжо як. Аднак і дарогі ў родную Налібоцкую пушчу былі перакрыты — гітлераўцы якраз праводзілі там карную экспедыцыю. Так Саша на трафейным веласіпедзе трапіў у Лысую Гару — прыехаў з сувязным, таксама веласіпедыстам.

Другім хлопцам, якога вылучылі тады з навакольных, быў Жэня Кунцэвіч — смуглы, сімпатычны, з гордай, як у шахматнага каня, галавою.

Ён працаваў у Мінску механікам у гаражы і з’явіўся ў групу «Суседзі» ў нямецкай шафёрскай спяцоўцы, на «мерседэсе-бенцы» з самаробным чырвоным сцяжком на радыятары. Дробныя заданні, якія ён выконваў тут, яго таксама не задавальнялі, і ў цёмных карых вачах Кунцэвіча часта ўспыхвала няспраўджаная, зацятая рашучасць. У яго раскідалася сям’я, і ён пакутаваў. Негаваркі, замкнуты, трымаўся адасоблена ад таварышаў. Але тыя гарнуліся да яго, адчуваючы ў ім моцнага, непрыклоннага чалавека, якому можна даверыцца ў любых абставінах.

К таму часу подступы былі знойдзены і да бургомістра Мінска Вацлава Іваноўскага — старшыні Рады даверу, сфарміраванай Кубэ пры генеральным камісарыяце Беларусі. Іваноўскі адкрыта супрацоўнічаў з СД і насіўся з ідэяй умацавання так званага корпуса самааховы. Яшчэ большай крыві маглі каштаваць распрацаваныя ім для камісарыята рэкамендацыі па барацьбе з партызанамі і іншамыснымі.

На нарадзе, што адбылася ў той жа Лысай Гары, Хвясько, Баця Мароз, які вёў аператыўную работу ў групе «Суседзі», і Дзмітрый Петухоў рашылі вывезці бургамістра з Мінска жывым. Для гэтага намецілі некалькі планаў. Арганізаваць вечарынку і ўзяць Іваноўская «цёпленькім», калі наш сувязны, якому бургамістр давярае, павядзе яго дамоў. Пераняць Іваноўскага ў руінах, калі будзе вяртацца з работы на Ратамскую, дзе жыве. Прапанаваць Іваноўскаму сустрэчу з камандзірам партызанскага атрада, які нібыта змагаецца на два фронты — з гітлераўцамі і бальшавікамі, і з канспіратыўнай кватэры даставіць ужо ў Лысую Гару.

Аднак арышт Захара Галы, які ўсім здаваўся надзейнейшым з надзейных, пакаранне Акінчыца, Кубэ, Казлоўскага напалохалі бургамістра. У час прыёму наведвальнікаў ён пачаў ставіць за гардзінамі паліцаяў і, куды б ні накіроўваўся, стараўся ездзіць у пралётцы. На прапанову нашага сувязнога — прыняць удзел у вечарынцы — ён адказаў здзіўленым, поўным падазрэння позіркам, пасля чаго навязваць яму сустрэчу з міфічным камандзірам міфічнага партызанскага атрада стала гэтаксама неразумна.

Томячыся і хвалюючыся, мяняючы кватэры, Камінскі з Кунцэвічам упустую прабылі ў Мінску некалькі дзён. Бачачы — іншага выйсця няма, пайшлі на крайнасць. Засеўшы ў высмаленай каробцы дома насупроць управы, высачылі пры дапамозе сувязной Іваноўскага і, калі той сеў у пралётку, пабеглі следам. Дагналі толькі ля Жоўтай царквы, на павароце з Нямігі на вуліцу Астроўскага. Выбегшы на брук, Кунцэвіч схапіў каня за вуздэчку і спыніў яго. Камінскі скарыстаў гэта і ўскочыў у пралётку.

— Ні слова, спадар, злазьце! — кінуў з пагрозаю.— Забіваць мы вас не збіраемся і гарантуем жыццё! — Але бачачы: бургамістр выцягвае з кішэні пісталет, вырваў яго з дрыжачых бургамістравых рук і схапіў таго за каўнер.

Усё, што адбылося, не пагаджалася са свядомасцю — свяціла сонца, па тратуары ішлі людзі, непадалёк атабарылася Смаленскае СД — і бургамістр закрычаў, каб яго ратавалі. Кучар гікнуў і шмаргануў лейцамі, спадзеючыся — конь падамне Кунцэвіча. Што было рабіць? Камінскі з усяе сілы тузануў здрадніка да сябе і разам з ім вываліўся на брук.

— Страляй! — крыкнуў таварышу.

Потым яны кінуліся бегчы — Саша Камінскі ў руіны Ніжняга базара, Кунцэвіч — за царкву, да Татарскіх агародаў.

Вярнуліся мы з аэрадрома па першым зазімку. Дарога была цяжкая, валакітная — спачатку хлюпота, гразь, потым — храпа, снег. На калодках і спіцах намерзла зямля, пудовыя колы круціліся кепска. Непадкутыя коні ступалі няўпэўнена, коўзаліся.

Затое мы даставілі зброю, боепрыпасы, белыя дублёныя кажушкі, шапкі-вушанкі, маскхалаты, нават цёплыя рукавіцы з двума пальцамі. І трэба было бачыць, якую радасць прывезлі мы ў групу. Кожны цешыўся з новага аўтамата, «ТТ», цёплай вопраткі, з таго, што на яго не забываюцца, што аб ім клапоціцца Вялікая зямля, у якой столькі турбот.

Усе сабраліся ў прасторнай чыстай палавіне хаты, якая служыла нам сталоўкаю. Нібы прайшоўшы на бяседу, паселі кожны па-свойму за сталы, толькі ўсе тварам да сярэдзіны пакоя. Ківаючы задуменна галавою, сутуліўся ў чаканні Кунцэвіч. Выняў з кішэні брусок і цясак з ножан Пятро Дзеравянка. Паклаўшы моцныя рукі на калені, падаўся наперад ад нецярпення Саша Камінскі. Радысткі, прымасціўшыся на лаўцы пры сцяне ў кутку, зіркалі адтуль вачыма і, як жанчыны, заўважылі ўсё.

Не сеў адзін Валодзя Конанаў. Стоячы ў сваёй любімай паставе — шырока расставіўшы ногі, ён хітравата ўхмыляўся, гуляў вачыма і ляпаў сабе рукою па сцягняку. Калі чарга дайшла да яго, спрытна апрануў абновы, ведаючы, што яго з цікаўнасцю вывучаюць радысткі, казырнуў і прайшоўся страявым па пакоі.

— Вось і пабагацелі,— кінуў весела: ён любіў рабіць абагульненні. Потым падышоў да мяне, схіліўся к вуху.— Калі я той раз трапіў у Віцебск, мама частавала мяне бульбай і тушонай свіной скураю. Перад вайной смаліць кабанчыкаў забаранялася, і непадалёк ад нас быў склад гэтых скур. Дык мама мне ўсё бульбу падсоўвала, а я на свінінку налягаў... Весела было, як Саша Камінскі, прымяраючы белы, трошкі вузкаваты яму кажушок, захваляваўся як малы. Выцягнуўшы аднекуль камсастаўскі рэмень з партупеяй, падпяразаўся паверх кажушка і горда агледзеў сябе як мог без люстра.

— Здорава! — пахваліў і пахваліўся.— Цяпер бы маёрскія пагоны, і парадак... Каб мне яго тады, з бургамістрам, хіба я так бы з ім размаўляў?

— Табе яшчэ мала? — падкалупнуў Дзеравянка, не кідаючы свайго настырнага занятку.

— А ты тачы, тачы,— тужэй падцягнуў рэмень Саша.— Мне не сорамна, што мала. Я мсцівец!..

Крадком разглядаючы яго мажную — касая сажань у плячах — постаць, я ўяўляў, як ён утаймоўваў бургамістра, як крычаў Кунцэвічу «Страляй!», і думаў.

Я не быў баязліўцам. Але смеласць мая, як здавалася, вынікала з наіўнай веры ў абавязковую ўдачу. Яна была бадай што міжвольная, імпульсіўная. У Сашы, мусіць, справа абстаяла іначай. Не, ён таксама, безумоўна, верыў у сваю зорку. Але гэтая вера вынікала з адчування ўласнай сілы, з упэўненасці — яго сіла большая, чым у таго, супроць каго выступае, і таму абавязкова прынясе яму перамогу. Сашына мужнасць, паўтараю, была ўсвядомленая, дзелавая. Яго ўчынкі ў крытычны момант аставаліся глыбока мэтазгоднымі. Ён да канца аставаўся цвярозым у сваіх рашэннях. Каб выйсці, скажам, з горада, яму трэба было перабрацца цераз Свіслач, і Саша выбраў адзіна правільнае — рызыку — папрасіўся на калёсы ламавіка, які вёз муку, і такім чынам мінуў паставых, што стаялі на мосце. Жэня Кунцэвіч, як і Пятро Дзеравянка, перш чым кінуцца ўцякаць, падабраў партфель Іваноўскага, а прыстрэліўшы ля Татарскага моста эсэсаўца, які хацеў затрымаць яго, не забыўся сарваць афіцэрскія пагоны, нашыўкі, прыхапіць пісталет, дакументы...

Я думаў пра іх, і мне хацелася ўзяць іхнюю цвярозую рашучасць сабе.

Ды радасць у вайну рэдка не азмрочваецца бядою.

Я ўжо казаў, у нашым раёне ўстанавілася своеасаблівая раўнавага сіл — пралегла граніца, усталяваліся свае адменныя парадкі па адзін і другі яе бок. Немцы не патыкаліся да нас, мы таксама толькі па начах пераходзілі новаяўленую мяжу. Нават нашы адносіны да насельніцтва, якое жыло за мяжою, былі іншыя, чым да свайго, што побач. Паводле няпісанага закону там можна было рэквізаваць скаціну, вупраж, калёсы — лічылася: яны ўсё роўна дастануцца чорту лысаму. Дык няхай тамтэйшыя вяскоўцы памагаюць хоць так. Таму партызаны нярэдка выязджалі за шашу на гаспадарчыя аперацыі.

Сліжынцы кармілі нас. Але група расла, харчоў, асабліва прыварку, не хапала, і даводзілася шукаць дадатковыя крыніцы. Дзе? Яша Шымановіч, які выконваў абавязкі старшыні, біўся як рыба аб лёд. Ён і выказаў думку пра падобныя аперацыі.

Паехалі той раз на двух санях — Конанаў, Дзеравянка, Шымановіч, Луцкі...

Снег ужо ўкрыў зямлю наглуха. І хоць ціснуў ядраны марозік, дарога была ненаезджаная, пачувалі сябе хлопцы добра — да начных вылазак і паходаў прывыклі. У свядомасці ўкаранялася: уначы ты ўсюды гаспадар і табе павінна шанцаваць.

Пад Паперняй, дзе стаяў гарнізон, завіталі на хутар. Самога хутараніна-паліцая не аказалася, але затое ў хляве ляжалі карова з цёлкаю — без гаспадара нанач худобу ў гарнізон не павялі. Забратаўшы за рогі цёлку, прывязалі за аглоблі і, пакончыўшы з галоўным, падаліся шукаць яшчэ чаго-небудзь у клець. Ды тут не даглядзелі — драхлы дзядок, які дасюль ляжаў на печы, некуды знік. Калі ж спахапіліся, было позна. Абураныя, забраталі і карову.

Дзьмуў ужо вецер. Нізам гнала пазёмку. Ехаць трухам не выпадала — нахіляючы і выжыльваючы шыю, побач з коньмі клыпалі карова і цёлка. І хоць было непамысна, хлопцы пазручней леглі на сані і, хаваючы ад ветру твары, сцішыліся, гатовыя для дальняй дарогі.

Неспакойным астаўся адзін Дзеравянка. Узяўшы напарніка, дазорным пайшоў перад падводамі.

Што ён думаў? Перажываў? Цяпер можна толькі здагадвацца. Не дайшоўшы да хвойнічку, у які, вільнуўшы, хавалася дарога, ён раптам пачуў, як закляцкала жалеза. Шапнуўшы напарніку, каб бег да астатніх і завярнуў іх назад, ён, як бы нічога не здарылася, пакрочыў насустрач небяспецы.

Дзеравянку патрэбны быў час, ён цягнуў яго і таму не паспеў упасці, адкаціцца ў кювет — чарга разанула яму па нагах. Пятро, які і так нібы грузнуў па калені ў снезе, паменшаў яшчэ і быццам праваліўся ў пазёмку. На момант, глушачы, запанавала цішыня і каламуць. Але потым стала відаць, як з снегу вырваўся агонь і застракатаў аўтамат — Пятро апярэдзіў залп.

Тыя, хто быў у засадзе, зрабілі дзве памылкі — не загналі патронаў у каналы ствалоў і заселі па абодва бакі дарогі. Так што і забіць Дзеравяніку ім удалося толькі калі, панёсшы страты, пусцілі ў ход гранаты з даўгімі драўлянымі ручкамі.

Раззлаваныя няўдачаю, ведаючы — калі мёртвага кінуць тут, па яго рана ці позна прыйдуць, яны адцягнулі цела Пятра на абочыну і замініравалі — крані і ўзарвешся з ім разам. Ды хіба стрымае такое, калі ратуеш таварыша?

Пахавалі мы Дзеравянку на Сліжынскіх могілках. Гаварылі прамовы, кляліся, салютавалі. Але зусім не верылася, што пад свежай гурбаю пяску, сярод заснежаных і таму ледзь прыкметных магіл вяскоўцаў, ляжыць ён — зацяты, няўрымслівы душа-хлопец.

Напрадвесні мне даручылі шукаць подступы да новага генеральнага камісара Беларусі. Гэта была не менш злавесная, чым Кубэ, фігура. Фон Готберг учыняў крывавыя пабоішчы за пабоішчамі. На яго сумленні была адна з самых масавых і страшных акцый — аперацыя «Чароўная флейта», у час правядзення якой Мінск быў абложаны, як варожая крэпасць. Былі мабілізаваны ўся паліцыя бяспекі і СД Беларусі, 2-гі паліцэйскі полк СС, Асобы батальён Дырлівангера, узмоцненая штабная рота, часці вермахта, размешчаныя ў Мінску, 12-я танкавая рота, ахоўныя часці чыгунак Беларусі, аварыйны атрад у Мінску... Салдаты знешняга акружэння стаялі праз кожныя дваццаць пяць метраў. Горад быў разбіты на квадраты, вобыскам падвяргаўся кожны дом.

Пяцьдзесят дзве тысячы мінчан былі арыштаваны тады. Мінск наогул увесь час знаходзіўся ў стане аблогі — вобыскі, аблавы, арышты... Толькі ў бараках Грушаўскага пасёлка было спалена жывымі паўтары тысячы чалавек. А колькі схоплена і адпраўлена на катаржныя работы ў Германію?! І ўсё гэта з ведама і па распараджэннях Готберга, чые мазгі маньяка нараджалі самыя жахлівыя планы рэпрэсій.

Міхась Ганцоў, які быў цяпер за камандзіра і даваў мне заданне, хваляваўся сам. Праводзячы далоняй па вузкім бледным твары, ён не стараўся, як звычайна, глядзець на таго, з кім гаварыў, а пазіраў у акно — на пустую, наезджаную да бляску вуліцу, дзе стракаталі і лёталі сарокі.

— Гэта — каварны тып...— чухаючы брыво, падбіраў ён словы.— Засакрэціўся так, што і інфармацыю не збярэш... Пакуль вядома толькі, што аблюбаваў былыя ўрадавыя дачы ў Драздах і даволі часта прыязджае туды пасля работы.

— Значыць, стаўка на Дразды? — спытаўся я, разумеючы — гэты выбар зроблены таму, каб на выпадак удачы пазбегнуць нявінных ахвяр.

— На Дразды! — ужо цвёрда адказаў Ганцоў і ўтаропіў на мяне шэрыя, мігатлівыя вочы.— Але многа табе не дам. Назаву толькі аднаго з Чучаноў. Былога лейтэнанта, з акружэнцаў. Жыве ў другой хаце ад канца. Мяркую, што супрацоўнічаць згодзіцца.

Смерць Дзеравянкі падцягнула нас. Перад паходам кожны начысціў зброю, для зручнасці пачапіў рукавіцы на шнурок і прапусціў яго ў рукавы кажушка, забінтаваў ложа аўтамата ў белае. Калі прыцемкамі мы выйшлі з Радзькавіч, самі здзівіліся: у маскхалатах постаці нашы раствараліся ў змроку.

Ноч выдалася каламутная, цёмная, якая бывае ў адлігу. Перасекшы Радашковіцкую шашу, пайшлі пакручастымі палявымі дарогамі — на іх немцы засад не ставілі. Лес абыходзілі ўскрайкамі. Ён стаяў чорны, маўклівы, і, можа, упершыню здавалася: небяспека ідзе ад яго.

Калі да Чучаноў было зусім блізка, ноч знячэўку разрэзалі промні. Асвяціўшы дарогу, пачалі мацаць яе. Мы пападалі ў снег, знерухомелі. Аслепленыя, адчулі, як промні ўпіліся ў нас. І пакуль сляпілі, варушылася, жыло адчуванне — вось зараз абзавецца кулямёт і цябе прашыюць кулі.

— Навіна! — як пасля цяжкай працы, прыцмокнуў Валодзя Конанаў, калі промні пагаслі.— Перайшлі да абароны і тут...

Падкраліся мы да хаты Івана Валадзько агародамі. Дзверы нам адчыніла бабуля ў накінутай на плечы ватоўцы. Паверыўшы нам неяк адразу, прапусціла ў чыстую палавіну і, не запальваючы агню, засакатала, просячы садзіцца.

Шлёпаючы босымі нагамі, на сярэдзіну хаты выйшаў напаўадзеты хлапчына. У вокны ледзь цадзілася белаватае святло, але можна было заўважыць — ён высокі, шырокай косці. Відаць было і як, прыкрыўшы дзвюма рукамі рот, ён пазяхае — ці то ад хвалявання, ці то ад таго, што прахапіўся раптоўна.

— Што гэта ў вас за пражэктары? — пацікавіўся я, жадаючы завязаць з ім гаворку.

Але старая забегла з адказам наперад — гаспадыняй тут, пэўна, лічылася яна.

— Гэта на вышках у Зміёўцы паставілі. Ледзь што — і ўключаюць іх. А потым з мінамёта пачынаюць бахаць, нелюдзі. Летась адны перайшлі на бок партызан, дык пасля другіх прыгналі — больш верных. Жывём, бы ля самага фронту...

Нібыта пацвярджаючы яе словы, за вокнамі бліснула, пасвятлела і вухнуў выбух — адзін, другі.

Іван аказаўся ціхім, усмешлівым хлопцам з дзіцячымі вачыма, у якіх, праўда зрэдку, мільгала хітрынка. Нельга сказаць, каб мая прапанова ўзрадавала яго, але наша абмундзіраванне нагадала яму армію. Дый Валодзя Конанаў успомніў пра армейскі статут, прысягу, і гэта зрабіла гаспадара памяркоўным. З людзей, якіх ён мог рэкамендаваць нам, Іван назваў суседа Лясніцкага і рыбака з Зарэчча — Петрыка.

Я прыкінуў: і Лясніцкі і Петрык былі дарэчы — адзін даваў нам магчымасць укараніцца ў Чучанах, другі ж — крыху наблізіцца да мэты.

Падстаўляць цяпер Валадзько пад лішнюю небяспеку было не варта — ад яго мусіла пацягнуцца сцежка далей. Я параіўся з Конанавым, і мы дамовіліся дняваць у Лясніцкага — у канцавой мураванцы. Праўда, паўз яе праходзіла дарога ў Сёмкаў Гарадок і Зміёўку, але затое ад яе было бліжэй да бярэзнічку — нязменнага, хоць і няпэўнага паратунку.

Пачалося брацца на світанне. Змардаваныя дарогаю, мы адмовіліся ад ежы і, калі спрытны, шчыры Лясніцкі правёў нас у вузкую спаленку, пападалі хто на ложкі, хто на падлогу.

Аднак не прайшло, як здалося, і некалькі хвілін, як мяне раскатурхаў гаспадар.

— Немцы, таварышы! Уставайце! — быццам просячы прабачэння, прашаптаў ён, шарэючы ад уласных слоў.

У акно біла зыркае сонца. Я ўсхапіўся і зірнуў на вуліцу — да мураванкі пад’язджала некалькі абсыпаных салдатамі саней. На пярэдніх, з раскірэчанымі ножкамі, стаяў нацэлены на хату кулямёт. Я хутка падняў хлопцаў. Сігаючы за гаспадаром, мы выскачылі ў сенцы.

— Цяпер толькі туды! — паказаў Лясніцкі на вышкі, што былі пад адным дахам з мураванкаю.

Па драбінах мы ўзляцелі на вышкі. Прыбраўшы за сабой, як трап, драбіны, замерлі з нарыхтаванымі аўтаматамі. «Няўжо нехта высачыў і данёс?!»

Пра тое, што адбывалася знадворку, цяпер можна было меркаваць адно па гуках. Праўда, паміж дахам і сцяною свяцілася незашаляваная палоса, але праз яе віднеўся толькі пажаўцелы пры сцяне снег. Мы прыслухаліся.

Вось віскнула брама. На падворку зажвякала некалькі пар ног. Вось нехта сярдзіта загергатаў. Потым рыпнулі дзверы ў сенцах, у хаце... Я страпянуўся і раптам адчуў: на мяне глядзяць — падышоўшы да сцяны і задраўшы галаву, пад дах зазіраў рыжы веснушкаваты салдат. Ён жмурыўся, крывіў губы і як бы нешта намагаўся ўцяміць. Я не мог ні адхіліцца, ні адступіць — гэта выдала б нас. Спадзеючыся — сонца, святло, якіх так многа на падворку, не дадуць яму ўбачыць мяне, я толькі скіраваў на яго аўтамат. І ў гэты момант позіркі нашы сустрэліся. «Пекану, калі затрывожыцца,— усё-такі стрымаўся я.— Калі затрывожыцца, тады!..»

Я ніколі так пільна і блізка не глядзеў у вочы ворага. Я бачыў яго звужаныя і таму злосныя зрэнкі. І самі вочы! — залацістыя, колеру спелага жолуда... Хто ён? Мяркуючы па простым хударлявым твары, па ўчэпістых жылаватых руках, у якіх ён трымаў аўтамат,— рабацяга. Можа, нават рабочы.

Дык што ж тады за сіла прыгнала яго сюды, прымусіла азлобіцца, праяўляць ініцыятыву? Ці не страх — занадта далёка зайшоў, і дарогі назад няма?

Не ведаю, як бы ўсё павярнулася, ды тут пачуўся голас гаспадаровай дачкі:

— Пану салдату нешта трэба? Так? Дык няхай пан скажа...

— Фуру...— буркнуў той, падбіраючы найбольш зразумелае слова.

— Куру? — не дайшло да дзяўчыны.— Пачакайце, я сама злаўлю!

— Фуру,— упарта паўтарыў салдат і скасіў на яе вочы — у цемры, што панавала на вышках, мяне ён не ўбачыў...

Калі, забраўшы Лясніцкага з канём, яны паехалі, мы злезлі долу. Здалося: прабылі на вышках доўга, так доўга, што прагаладаліся — усім вельмі хацелася есці.

Акалічнасці, другія сустрэчы перашкодзілі нам назаўтра пайсці ў Зарэчча, і мы трапілі туды праз тыдзень-паўтара, пабываўшы на сваёй базе. Ад Чучаноў за правадніка ўзялі Івана Валадзько, які за гэты час звязаўся з Петрыкам і пагутарыў з ім. Узялі мы з сабой Івана не толькі, каб паказаў дарогу і быў пасрэднікам. Яму — дамаседу, чалавеку не схільнаму праяўляць ініцыятыву — патрэбна было ўзрушэнне, карысна было пабыць у кампаніі нашых хлопцаў. Бо ў задуманай аперацыі ён мог спатрэбіцца і, у першую чаргу, як старажыл, які цудоўна ведаў наваколле.

Зарэчча прытулілася на процілеглым — вышэйшым — беразе Свіслачы і, як усе прырэчныя вёскі, цягнулася ўздоўж берага. Петрыкаў дом — пад бляшаным дахам, з акеніцамі, зрублены, па-мойму, на нямецкі вугал,— стаяў ля самай ракі, на лукавіне.

За цёплыя дні лёд з краёў падтаў, і нам прыйшлося класці ад берага дошку, якую гаспадарлівы Іван Валадзько прыхапіў па дарозе. Пад нагамі прагіналася, патрэсквала, і мы сунуліся па лёдзе як на лыжах.

Петрык прыняў нас з нейкай суровай гасціннасцю. Прысадзісты, каржакаваты, павольны ў рухах, на ганку павітаўся з кожным за руку і, зайшоўшы ў дом,— запушчаны, быццам нежылы, запаліў газніцу.

— Аканіцы зачыненыя,— растлумачыў.— Вокны гэтыя к Свіслачы. Так што не страшна. Дый у вёсцы, на тым канцы, застаўся адзін сабака. Калі што-якое, забрэша.

Круглаваты твар у яго зарос шчэццю, рыжаватыя бровы навіслі над вачыма, і ўвесь ён быў нашорстаны, пануры. Я ведаў: Петрык — удавец. Нядаўна трагічна загінулі яго жонка, дачка, сын. Нявестку адправілі ў Германію, і няшчасны чалавек жыве-гібее адзін, нелюдзіма, з аднымі ўнукамі-малалеткамі.

— Нам трэба ад вас дапамога,— мякка сказаў я.

— Пра гэта пасля,— спадылба разглядаючы нашы маскхалаты і забінтованую зброю, кінуў ён.— Раней падсілкуйцеся.

— А ёсць чым?

— У бядзе людзі вынаходлівыя. А не хопіць свайго — пазычу.

— Уначы?

— Прывыклі і да гэтага. На злосць... От малыя толькі звязваюць...

Днявалі мы ў лазняку, што парос на ніжэйшым баку Свіслачы, супроць Зарэчча. Пад раніцу вада пайшла паверх лёду і як бы адгарадзіла нас ад вёскі. Дый праз кусты можна было назіраць, што ў вёсцы робіцца. З другога ж боку ў прасветлінах паміж кустоў віднелася і наваколле — камяністае ўзгоркаватае поле, лес у канцы яго.

Валодзя Конанаў ляжаў са мною побач. У белым капюшоне твар яго выглядаў зусім юным, вочы паблісквалі. Суровая панурасць Петрыка ўразіла яго. Ён глядзеў на высокае пасвятлелае неба, якое, калі ляжыш на зямлі, заўсёды здаецца недасяжным, абуджае думкі, і не мог заснуць. Угадваючы — сон таксама не ідзе да мяне, заварушыўся.

— Ты мог, бы жыць, як ён?..— спытаўся паціху і, каб бачыць мяне лепш, павярнуўся на бок, падклаў пад шчаку руку ў рукавічцы.— Кажуць, сына яго памылкова расстралялі партызаны. Думалі, што ходзіць у Ждановічы і Мінск інфармаваць немцаў. Петрык нібыта ў гэтым лазняку яго знайшоў. Пацярпеў і ад ворагаў і ад сваіх... Сумненняў няма ў цябе?

— Не,— адказаў я, адчуваючы, што забалела сэрца.— У яго іншая парода. Дый унукі нітуюць не са здрадаю.

— Гэта правільна, я перад паходам сюды круціў у радыстак салдат-матор, а пасля слухаў апошнія паведамленні. Перамога не за гарамі. А яна падганяе, падказвае штоколечы. Даражэйшымі сталі і жыццё, і заўтрашні дзень, і ордэны...

— У Петрыка, па-мойму, гэта глыбей, трагічней. Ён служыць, нягледзячы ні на што... Калі добра развіднела, стала бачна: за полем, лялесу, маячаць постаці салдат. Вёска таксама абудзілася — пачалі снаваць людзі. З рэзгінамі, кошыкамі, так проста — без усяго.

— Ну, ты! — даляцеў ломкі вокрык падлетка.— Мама, збірайся хутчэй!

Конанаў папрасіў у мяне бінокль і навёў на лес.

— Ваеннапалонныя, мусіць. Або сагналі з вёсак лесарубаў і ахоўваюць,— сказаў грэбліва і, вярнуўшы бінокль, заплюшчыў вочы.

Гэтае адкрыццё быццам бы супакоіла яго, і ён праз хвіліну мірна засоп носам.

Да вечара ўсе празяблі так, што ледзь дачакаліся, калі вёска заснула. Радыя — можна размяцца, пабіць сябе рукамі, некалькі хвілін скакалі на сваім лежыве і, крыху сагрэўшыся, падаліся назад да Петрыка, які абяцаў завесці нас у Банцыраўшчыну да лесніка Ксяневіча.

З Зарэчча выйшлі гужам — далёка наперадзе Петрык, за ім — адзін за адным — мы. Начная дарога сцягваецца. Затое не так адчуваецца небяспека — ты нічога не бачыш наўкол, значыць, не бачаць і цябе. Пляліся мы доўга, полем, з адзіным клопатам — трымаць прыняты парадак. Не даходзячы да лесу ці, можа, проста купкі дрэў, што нечакана выраслі наперадзе, Петрык спыніў нас — там працякала рачулка і яе трэба было пераходзіць па кладках.

— На іх ждановіцкія ваякі каравуляць часам,— хрыпла прамовіў ён.— Я сам спачатку праверу...

Гэта вярнула адчуванне рэальнага. У Ксяневічаў дом — невялікі, але, калі не памыляюся, пад шатровым дахам (я ні разу днём не бачыў яго) — мы ўвайшлі ўтрох: Петрык, Валодзя Конанаў і я.

Што мне кінулася ў вочы? Сціплая, даўно забытая ўтульнасць. Вайна нібы не заглядала сюды — палавічкі, скацеркі, чысціня. Спакой, ветласць ішлі і ад самога гаспадара — сярэдняга веку, з адкрытым, хораша акрэсленым тварам.

Ён не тое каб усцешыўся, а як бы адчуў задаволенне, палёгку — быццам чакаў нас, і мы прыйшлі.

— Маці! — сказаў за сценку няголасна, ведаючы, што жонка таксама не спіць і прыслухоўваецца.— Завіхніся, маці!..

Калі Петрык пайшоў да хлопцаў, я скіраваў гаворку на яго лясны абход. Ксяневіч заўсміхаўся.

— Што абход! Спярша сёй-той кінуўся быў з гарачкі рубіць. Але неўзабаве паастылі. У доме адпачынку — немцы, на ўрадавых дачах — немцы, не дужа разгарнешся.

— І на дачах? — як бы здзівіўся Валодзя Конанаў.

— А вы думалі! — Туды наогул носа нельга паткнуць. Сігналізацыя, аховы, сабакі. Нават па Свіслачы на лодцы не пакатаешся. Пацаны паспрабавалі там рыбу лавіць, дык дзесятаму заказалі.

Ці здагадваўся Ксяневіч аб прычыне нашай цікавасці да яго асобы? Магчыма. Але выгляду не падаў, хоць доўга яшчэ гаварыў пра дачы, пра былую ўрадавую шашу, якая вядзе туды з горада, пра Крупцы — вёску, што стаіць пры шасейцы. Намякаў: мае там знаёмага — дарожнага майстра.

Банцыраўшчына зрабілася нашым апорным пунктам. Адсюль мы ўзялі пад кантроль наваколле, праклалі яшчэ адну сцежку ў Мінск. Сюды з масюкоўскага лагера ваеннапалонных, дзе якраз актыўнічаў упаўнаважаны РВА, пацягнулася трывалая нітачка. Праз домік Ксяневічаў да нас пайшло папаўненне. Тут напаткалі нас удачы...

Спачатку падспудна, потым адкрыта працавала вясна. Пачарнелі поле, лес. Расквасіла дарогі. На Свіслачы адшумеў крыгаход. І цяпер, каб пераправіцца цераз яе, трэба было шпурляць каменьчыкі ў дах Петрыкавага дома — падаваць гаспадару знак, каб гнаў лодку.

Шнырачы адзін раз пад Масюкоўшчынай, мы натрапілі на жытло — даволі вялікі дом з прысадамі і гаспадарчымі пабудовамі. Адсюль было чуваць, як брахалі вартавыя сабакі ў лагеры ваеннапалонных, і я загадаў хлопцам акружыць дом.

— Хто там? — спалохана азваўся жаночы голас з-за дзвярэй, калі Валодзя Конанаў пастукаў у іх.

— Савецкая ўлада,— адказаў ён сур’ёзна.

Вокны ў пакоі, куды нас запрасіла стузаная, з абвязанай галавою жанчына ў халаце, былі заштораны. Гарэла лямпа. На пакрытым цыраткаю стале — пустыя бутэлькі, талеркі з недаедзенай закускаю. У душным, цяжкім паветры — пах гарэлкі, смажанай свежыны, нейкіх лекаў.

Гаспадар выйшаў да нас заспаны, ускудлачаны, з чырвонай плямаю на памятай шчацэ. Зашпільваючы на хаду піжаму, раптам зазлаваў на жанчыну, якая, заціснуўшы ў жменю барты махровага халата на грудзях, прытулілася да буфета.

— Ідзі, ідзі, богам прашу,— скрывіўся ён і вінавата заўсміхаўся нам: —Даруйце, у кожнага нервы. Вось нават выпіў для разрыўкі.

— Выпілі? А пад бокам у Масюкоўшчыне паміраюць! — указаў яму на такую неадпаведнасць Валодзя Конанаў.

— Даруйце... Прысаджвайцеся...

Хмель яшчэ брадзіў у ім і перашкаджаў як след ацаніць становішча, трымаць сябе ў руках.

Я чакаў: ён зараз загаворыць і будзе гаварыць ужо не па сваёй волі. Ахоплены парывам самаўніжэння, магчыма, пачне наракаць на сябе, на абставіны, у якія трапіў. Але атрымалася не зусім па-мойму. Навінчанка — такое было яго прозвішча — пачаў прадстаўляцца, употай, з п’янай хітрасцю набіваць сабе цану. Ён — бухгалтар на торфапрадпрыемстве: «Трэба ж неяк жыць», з рабочымі ладзіць: «Сам не пражывеш, калі другім не дасі», мае сяброў і ў Масюкоўшчыне, і ў Мінску: «Не выветрылі яшчэ колішнія традыцыі!» Ды назваўшы сярод іншых прозвішча Рабушкі, раптам спацеў, падаўся быў адчыняць фортачку.

Гэта мог быць член Рады даверу, шэф «прафсаюзаў», якога не так даўно за верную службу пасылалі на экскурсію ў Нямеччыну.

Я насцярожыўся.

— Рабушка?

Навінчанка папярхнуўся, кашлянуў у кулак.

— Ён часамі прыязджае адпачыць з дубальтоўкаю... Кастусь некалі таксама працаваў бухгалтарам.

Запала маўчанне. Поўныя шчокі ў Навінчанкі — і нават тая, належаная,— як бы сшэрхлі і пахудзелі.

— Ён што, цікавіць вас? — з прыхліпам уздыхнуў ён і, адсапваючыся, выпусціў паветра.

— У яго, мусіць, ёсць пра што расказаць,— націснуў я плячыма.— Таму не шкодзіла б пазнаёміцца з ім.

— Гэта якім чынам?

— Ну, скажам, запрасіць яго на паляванне.

— Паляванне?.. Ага!..— зноў уздыхнуў ён і скоса паглядзеў на лісцік паперы, які падсоўваў яму Валодзя Конанаў, стаў прасіць ручку: — Жыву як у гасцініцы. У чарнільніцах, паверыце, усё чарніла высахла...

— Сярод людзей ёсць шлюхі. А можа, чаго добрага, і сярод шлюх ёсць людзі,— нявесела пажартаваў Валодзя Конанаў, калі мы выйшлі да хлопцаў.

— Потым сам будзе дзякаваць,— згадзіўся з ім я.

Ідучы назад на днёўку пад Зарэчча, мы, як і было дамоўлена звечара, завярнулі да Ксяневічаў. Яны не спалі. У знаёмай утульнай святліцы сядзеў і госць — пажылы мужчына з сумнымі, здаецца, пагасшымі вачыма. Убачыўшы нас, не зварухнуўся і толькі, калі гаспадар падвёў мяне, працягнуў руку.

— Дарожны майстар Несцяровіч,— сказаў глуха.

Весткі пра яго мы збіралі асцярожна, па крупінцы.

Дарожны майстар, залатыя рукі. Хата стаіць адасоблена, з краю вёскі, на ўзгорку. Жывуць Несцяровічы замкнута, удваіх — ён і жонка, якая моцна хварэе. Адзіны сын, пра якога старыя часта ўспамінаюць, у Савецкай Арміі. Калі забрацца на гарышча іх хаты, у дахавае акно добра відаць шашу, да якой метраў пяцьдзесят. Якраз супроць — бетонная труба, што пралягае пад шашою, крушні камення, нарыхтаванага для рамонтных патрэб.

Бачачы — першым гаварыць ён не збіраецца, я падсеў да яго і развязаў на шыі плашч-палатку. Лепшае месца наўрад ці можна знайсці!

— Як маецца жонка, Іван Мікалаевіч? — спытаўся, шануючы і яго гонар, і жыццёвыя беды, што гнялі старога.

— Нішто, дзякую,— не захацеў прыбядняцца ён.— Камень і той не вечны. Але ў нашага сялянскага жыцця свае законы — што б там ні было, а жыта сей.

— А як з вайной тады?

— Так і з вайной. Я пра яе і кажу. Задача ворагаў — знішчыць нас. Значыць, наша задача — супраціўляцца. Рабіць сваё насуперак ім. Бо на тое ж мы і людзі.

Было ясна: ён прапануе свае паслугі. Невядомай аставалася толькі мера яго рашучасці, і, каб падмацаваць яе, аддзячыць старому за тое, як мудра і проста вырашае ён усё, я спытаўся: ці не хоча ён атрымаць вестачку ад сына.

Несцяровіч страпянуўся.

— Дык вы і пра яго знаеце? Малайцы. Толькі якім чынам вы ўсё гэта змайструеце?

— Звяжамся па радыё з Вялікай зямлёй, папросім

пашукаць. Цяжка будзе адразу пераслаць пісьмо, паведаміць, як і што з ім.

— Малайцы! І які цяжар вы на мяне ўзваліце? Цяпер жа жонка і тая будзе за вас...

Ксяневіч пайшоў праводзіць Несцяровіча, а мы, перакусіўшы, рушылі пад Зарэчча, каб перадняваць і падацца да сябе на базу,— трэба было даць справаздачу і прыняць канчатковае рашэнне.

Крочачы за хлопцамі, я, магчыма, упершыню так па-харошаму хваляваўся і быў поўны думкамі — аперацыя, якая дорага каштавала кожнаму з нас — цела аднаго нават абсыпала як пры крапіўніцы,— набліжалася да завяршэння. «Што б там ні было, а жыта сей»,— успаміналася мне, і сэрца маё поўнілася павагаю да гордага старога чалавека, для якога выкананне абавязку — натуральная жыццёвая функцыя.

Удакладніўшы некаторыя аспекты, Ганцоў ухваліў план. Праўда, адчувалася: ён нешта не дагаворваў, меў на думцы сваё. З ускінутай па звычцы галавою, прайшоўся па пакоі, крута, па-ваеннаму робячы павароты. Пагуляў планшэтам.

— Дабро! — рэзюмаваў.— Будзем узрываць бетонную трубу. А Рабушку возьмем жывым і прывядзём сюды...

Неўзабаве на аэрадроме Вілейскага міжраённага партыйнага цэнтра мы прымалі груз. Зразумела, не абышлося без казусаў. Замест пяці скінутых парашутных цюкоў у нашы рукі трапіла тры, і спатрэбіліся даволі вялікія намаганні, каб аэрадромная ахова праз дзень вярнула астатнія — на вагу золата цанілася такое багацце сярод партызан.

Ставіць у бетонную трубу міну нацяжнога дзеяння і весці шнур на гарышча Несцяровічавай хаты было недарэчна — яго не замаскіруеш. Давялося шукаць кабель, электраўзрывальнікі, батарэйкі, правяраць, як будзе выглядаць і дзейнічаць падобная канструкцыя.

Тым часам, пасля некалькіх паходаў сувязной, пад Масюкоўшчыну накіравалі Сашу Камінскага і Аляксея Дубеню — такога ж, як Саша, смельчака. Яны прымусілі Навінчанку выканаць абяцанне — з’ездзіць у Мінск і запрасіць Рабушку. Днявалі ў суседняй вёсцы Бараўкі і ў Навінчанкавым хляве, на сене, назіраючы за падворкам і недалёкімі торфараспрацоўкамі, дзе з рыдлёўкамі капаліся палонныя і пахаджвалі вартавыя.

Рабушку Навінчанка завёў у хлеў нібыта паказваць сваю гаспадарку. Хлопцы загадалі прафсаюзнаму шэфу падняць рукі, забралі ад яго пісталет, дакументы і, пратрымаўшы да вечара, разам з гасцінным гаспадаром павялі на нашу базу.

Убачыў я Рабушку ў доміку, дзе размяшчаўся наш штаб і жыў Ганцоў з Хвясько і Петуховым. Мяне здзівілі яго вуглаватая фігура і грубы, пабіты воспаю твар з развітымі надброўнымі дугамі. Людзі часам нагадваюць жывёл. Рабушка нечым быў падобны на стараватага ардэна. І толькі ўчэпістыя рукі ды панурыя прыплюшчаныя вочы выкрывалі ў ім жорсткага, хітрага чалавека. «Жлоб! — падумалася тады.— Жылаваты кулак, якога вынесла наверх...»

Ганцоў папрасіў мяне пераначаваць з Рабушкам, пагутарыць, пацікавіцца, што ўжо той напісаў, падказаць, што цікавіць нас. І зноў-такі, балакаючы з ім пры святле лямпы, я адчуў: ён таксама набівае сабе цану, апранае маску барацьбіта за ідэю. Дый страчыў ён свае паказанні, бадай, ахвотна, смакуючы дэталі — вось, маўляў, якія мы і якія сакрэты ведаем!..

Праз некалькі дзён, адвячоркам, калі на небасхіле пачалі расці, грувасціцца навальнічныя хмары, мы выйшлі ў чарговы паход. Вясна ў той год выдалася без навальніц і была павольная, халаднаватая. Праўда, першая навальніца грымнула ў канцы красавіка, на голы лес, і абудзіла ў прымхлівых трывогу. Але потым, звычайна ў другой палове дня, хмары ўкрывалі неба спакойна і праліваліся на зямлю дробным, амаль асеннім дажджом. Не было нават ліўняў. І вось над гарызонтам узняліся цёмныя, з падпалінамі, хмары, на якіх раптам праступіла пакручастая вогненная жылка. І хоць грымоты яшчэ не даляталі, стала цяплей.

— Дождж у дарогу — значыць, пашанцуе,— сказаў нехта весела, ігнаруючы, што давядзецца дыбаць пад дажджом, без надзеі дзе-небудзь высушыць вопратку.

Гэтым разам мы ўжо неслі тол — важкія, кілаграмаў па пяцьдзесят, скрынкі. Таму, калі пацямнела зусім і да Радашковіцкай шашы асталося нямнога, прыйшлося вылучыць дазорных і бакавую ахову. Пайшлі з пачаканкамі — група спынялася, а дазорныя ішлі далей. Праз метраў трыста-чатырыста спыніліся таксама, і адзін з іх вяртаўся па астатніх.

Недзе далёка грукатала, жыхалі маланкі, а мы ішлі і ішлі, згінаючыся па чарзе пад пудовымі скрынкамі.

Я ведаў за Чучанамі, у лесе, склеп-схованку. Хто яе выкапаў? Хутчэй за ўсё — вяскоўцы на ліхі выпадак або партызаны падрыўнікі для днёвак. Схаваўшы тол пад стог сена, мы адшукалі гэты тайнік, спусціліся ў яго і, прыкрыўшы спецыяльным векам лаз, палеглі на кімсьці нарыхтаваных яловых лапках. Ногі, рукі прасілі адпачынку. І хоць навальніца не пашкадавала нас — мы прамоклі, у склепе было душна, ляжаць даводзілася на баку, праз хвіліну ўсіх змарыў сон.

Выбар прыпаў на Івана Валадзько і Лёню Багданава — мінёра, якога прыслалі нам увосень з Вялікай зямлі. Ім было наканавана замініраваць шашу, забрацца на вышкі і, счакаўшы, калі гаспадароў вывязуць, узарваць картэж машын. Выбух мусіў быць моцным. Павінны былі зрабіць сваё і дзікія камяні, якімі хлопцы меліся заваліць толавы зарад. Усяго гэтага, як меркавалі, хопіць і на Готберга, і на яго ахову... Івана і Лёню грунтоўна рыхтаваў Ганцоў, але рупіла сказаць ім уласнае слова. Яны ляжалі абапал мяне. Я чуў іхняе дыханне, але так і не паспеў нічога сказаць — праваліўся ў небыццё, хоць гэтае жаданне не пакідала мяне нейкі час і ў сне.

Як выявілася, навальніца бушавала ўсю раніцу, а дождж ліў ледзь не да паўдня і, пакуль мы спалі, абмыў лес і ўволю напаіў зямлю. Ды потым, як бы навёрстваючы страчанае, прыгрэла сонейка. Паміж дрэў павіс туман, які пад вечар спусціўся долу. У дарогу мы выправіліся ўжо ў шызай каламуці.

Стала рупіць адно — не напароцца на засаду. І прыйшлося ўзмацніць разведку. З прыгодамі дабраліся да Свіслачы. Петрык перавёз нас на лодцы, паказаў, як найлепш прыгуменнем абысці вёску. Не пытаючыся, чаго і куды ідзём, пажадаў шчаслівай дарогі — вялікае яднанне адчуваюць людзі ў такія хвіліны.

Да Банцарыўшчыны і далей ішлі, больш спадзеючыся на слых, чым на вочы. І толькі калі дасягнулі Крупіцкіх могілак, адкуль да мэты аставаліся крокі, туман парадзеў — напэўна, паў расою.

Абдымаючы Валадзько, Лёню Багданава, шкадуючы іх і захапляючыся імі, я не вытрываў:

— Такое, хлопцы, выпадае раз у жыцці... Адзін толькі раз!..— прарвала мяне.— Але вам пашанцуе, як і нашым тады ў Мінску!

— Вядома, пашанцуе... Неабходна, каб пашанцавала...— згадзіўся Валадзько.

Трэба было спяшацца — ночы станавіліся кароткія. Прыслухоўваючыся, мы счакалі, пакуль Валадзько і Багданаў паводле нашых разлікаў дапялі да Несцяровічавай хаты, і таропка, з пачуццём няпрошанай палёгкі павярнулі назад. Нам было неўпрыцям, што мы спазніліся. На няпоўныя суткі! — Готберг пераехаў у Барысаў, каб адтуль кіраваць яшчэ не бачнай па сваіх памерах акцыяй.

Не паспелі мы, ушчэнт змардаваныя, вярнуцца на базу, як нас аглушыла навіна — блакада!

Пасля бурных спрэчак — аставацца на месцы і, пакуль блакада не перакоціцца цераз нас, адсядзецца ў нетрах Руднянскага лесу або адступіць у балоты Паліка, куды блакада наўрад і дакоціцца,— большасць схілілася: адступаць. Дакладней, было прынята кампраміснае рашэнне: ядро групы — Ганцоў, Хвясько, Петухоў, Амелькін, я, радысткі і некаторыя сувязныя — накіроўвалася на Палік, астатнія ж павінны шукаць схованак у блізкім лесе.

Наспех узяліся рыхтаваць энзэ — сушыць сухары, насычаць іх салёным шмальцам. Чысцілі зброю, правяралі боепрыпасы. Камандаванне наладжвала адпаведныя сувязі з навакольнымі атрадамі, падпольным райкомам. Хлопцы з гаспадарчага ўзвода рылі ямы — для зімняй вопраткі, збожжа, маёмасці, што невядома калі і як назбіралася.

Лагойшчына — старана лясная, маляўнічая. Май, дажджы, што праліліся апошнімі днямі, зрабілі травы, кусты, дрэвы ізумруднымі. Яны ласкалі вока і ажно свіціліся. Ажылі пахі — прэлай зямлі, маладога клейкага лісця, смалы-жывіцы. Крочачы па дарозе, пераплеценай жылістымі, набрынялымі карэннямі, бачачы абапал выносістыя сосны-красуні, папараць, верасы лад імі, зусім не верылася: недзе за спінаю гараць вёскі, ліецца кроў, лютуе смерць. І толькі ныючы гул самалётаў, якіх раптам пабольшала ў чыстым, зіхотным небе, напамінаў — гэта так.

Рабушка крочыў панылы, маўклівы, несучы вядро са шмальцам, якое далі яму, каб заняць рукі. Але ў ім абудзіліся ілюзіі, і ён, мяркуючы па яго напускной абыякавасці, унутрана злараднічаў з нас, з таго, што адбывалася наўкол. Пераканаўшыся ў мірных нашых намерах, ён наогул спакваля набіраўся нахабства — на начлегах стараўся заняць зручнейшае месца ля цяпельца, калі садзіліся есці, цягнуўся за смачнейшым кавалкам. І ўсё гэта з вераю ў сваё права на прывілеі, на асаблівую ўвагу да сябе.

Аднаго разу, мусіць, апанаваны жаданнем не згаджацца і пярэчыць ва ўсім, ён нават раскрыўся перада мною.

У прасветлінах між дрэў займалася зарыва. Яно мігцела, расло, налівалася чырванню.

— Вось твар вашых былых гаспадароў,— паказаў я ў той бок.

Рабушка выскаліўся.

— А вы што, паводзілі б сябе іначай на іх месцы?

— На іх месцы мы наогул не маглі б быць,— абурыўся я.

— Ну, як сказаць... Я, між іншым, паспытаў Сібіры, малады чалавек...

У лясах паміж Лагойскам і Плешчаніцамі нас сабралася некалькі тысяч. Акрэслілася і тактыка гітлераўцаў — яны акружылі вялізную тэрыторыю і з кожным днём звужалі кола. Вілейскі міжраённы цэнтр прыняў рашэнне рваць блакаду.

Пад вечар мы разам з партызанамі «Штурмавой» занялі зыходны рубеж — залеглі на нядаўняй лесасецы, парослай бярэзнічкам, над якім узвышаліся рэдкія сосны-насеннікі. Дзень быў цёплы, сонечны, і ляжаць на сагрэтым імху было прыемна. Верылася: усё абыдзецца добра. Не вельмі трывожыў і Рабушка — хутчэй за ўсё, будзе як міленькі, бо разумее: у баявых умовах не да сантыментаў. На смяротную ж рызыку не пойдзе — няма ў яго заўтрашняга дня. Дый не з той ён пароды. Ну, а бой? Што бой — яго не мінеш, і з гэтым трэба мірыцца.

Аднак хутка выявілася: падзеі набягаюць не так, як хацелася б.

Граду воблакаў на небе яшчэ падсвечвала сонца, а мы ўжо ўбачылі немцаў. Прама перад намі, як з-пад зямлі, выраслі радыст-разведчык і два аўтаматчыкі, якіх вёў бялявы хлопчык у зрэбнай кашулі. За спінаю радыста пагойдвалася вудзільна-антэна, у руцэ быў мікрафон, у які ён няголасна, але з запалам нешта гергетаў — мусіць, перадаваў, што бачыць навокал.

Паласнула кулямётная чарга. Яна зрэзала ўсіх чатырох напавал, як каса траву. І тут жа, адразу за чаргою, ускінуліся крыкі:

— Выключыце рацыю!

— А-а-а! Сяргей-ейка!

— Рацыю выключыце!

— А-а-а!

— Куды ты? Звар’яцеў?

Нехта кінуўся да забітых. Двое ці трое, схапіўшы за рукі расхрыстанага, без шапкі партызана, сталі адбіраць у яго аўтамат...

Але маса была прыведзена ў рух, і, хоць фактар нечаканасці адпаў, у вызначаную хвіліну ланцугі падняліся.

Змяркалася. І, можа, пасля неспадзяванай прыкрай гісторыі найбольш трывожным стала тое, што даводзілася ісці ў змрок.

Наткнуліся мы на карнікаў таксама неспадзеўкі. Праўда, сустрэлі яны нас беглым агнём — абстрэльвалі, відаць, адступаючы на загадзя падрыхтаваныя пазіцыі і ўцягваючы нас у нерат. Ды з кожным крокам агонь узмацняўся, рабіўся шчыльнейшым. Страляць, здавалася, пачыналі і з дрэў. Побач, усхліпнуўшы, упаў партызан у кубанцы. Мы з Амелькіным паднялі яго, пасадзілі на маю кабыліцу. Але, азірнуўшыся праз хвіліну, я ўсё роўна не ўбачыў яго.

Кажуць, калі ідзеш у атаку, навокал свішчуць кулі. За блізкімі стрэламі я не чуў іх. Не чуў, магчыма, яшчэ таму, што ўвагу бралі вогненныя, імклівыя трасёры.

Знячэўку ў лесе пасвятлела — перад намі загарэліся вогнішчы. З цемры выступілі меднастволыя сосны, людзі.

Скочыўшы за сасну, я агледзеўся. Убачыў Ганцова, які распластаўся на зямлі чуць наперадзе, ззаду, таксама на зямлі, Рабушку з Амелькіным, кабыліцу ля іх. Заўважыў нямецкага кулямётчыка, які, лежачы метраў за дваццаць у акопчыку, прыкіпеў да кулямёта. Прыцэліўшыся, я даў чаргу. Кулямётчык ускінуў галаву і як бы ўнурыўся.

На момант пацішэла, і ў гэтай адноснай цішы маю свядомасць кранулі словы — мяне зваў Амелькін.

Прыгнуўшыся, я кінуўся да яго. Убачыў: абязножаная кабыліца б’ецца на зямлі, стараючыся падняцца. Сам не ведаючы навошта, я схапіў повад і пачаў тузаць, памагаючы ёй устаць.

— Што ты робіш? — крыкнуў мне Амелькін са страшным тварам.— Глядзі сюды!

Прытуліўшыся спінаю да камля сасны, напружыўшы выцягнутую шыю, сядзеў Рабушка. Па шчацэ ў яго цякла кроў і сплывала за каўнер кашулі.

— Устаньце,— папрасіў я, жадаючы пераканацца, ці ёсць у яго сілы і ці варта рабіць перавязку.

Рабушка павёў вачыма і ўпяў іх у мяне.

— Ну, што ж, страляй...— прахрыпеў стараючыся і не могучы падняцца.— Якая гадасць, паскудства... будзь яно ўсё проклята! — скляў ён свет, нас і тых, хто паслаў у яго кулю.

— Валодзя! — пачулася зноў.

Працуючы локцямі і нагамі, я папоўз да камандзіра.

— Што там? — спытаўся той.

— Рабушку раніла. Сканаў... Апрача Амелькіна, нікога з нашых няма...

Ад шашы, што была за вогнішчамі, даляцелі скрогат гусеніц, гул. Вухнула гармата, і непадалёк палыхнуў пошуг, ад якога, як здалося, адхіснуліся сосны.

Патронаў асталося па адным дыску — мы рашылі адыходзіць.

Засечаны азімут аказаўся ў аднаго мяне. Праз метраў сто нас акружаў ужо цэлы натоўп. Ён рос і рос. Я пастроіў людзей у калону, вылучыў ахову для Ганцова з Амелькіным, выслаў наперад разведку.

Раніца застала нас ў вёсцы, назва якой забылася, а можа, я не пацікавіўся ёю і тады. Даведаўшыся нейкім чынам, што мы там, з просьбаю вярнуць людзей пачалі прыбываць пасланцы атрадаў. Прыйшоў з сувязнымі Петухоў, радысткі, прыехаў Хвясько.

У Плешчаніцкім падпольным райкоме мы расстараліся сцягно ялавічыны. І, напоўніўшы сваё небагатае энзэ вэнджаным, чорным ад дыму, мясам, пашкандыбалі далей — на Палік.

Спыніліся мы на Пупку — пясчанай выспе, парослай разгалістымі соснамі. Навокал у балоце чарнелі вольхі — часцей сухадрэвіны, зялёныя толькі ля камлёў. На захадзе не змаўкала кананада. Ведаючы — выспу будуць абстрэльваць, бярлогі сабе змайстравалі каля сухадрэвін, навокал якіх зялёныя парасткі раскусціліся найбольш.

Пацягнуліся дні.

На трэці-чацвёрты дзень міма прайшлі партызаны з брыгады Цябута.

Раніцою балота бамбілі, там і тут чуліся глухія, падземныя выбухі-ўсхліпы. Партызаны былі мокрыя па пояс, у твані, ледзь перасоўвалі ногі. Некаторыя з іх неслі цынкавыя скрынкі з патронамі, разабраны мінамёт, цягнулі за сабою каровіны скуры — на ежу, і здавалася : яны адтуль — з-пад бамбёжкі. Ганцоў, які пераняў старшага, прынёс страшную чутку — у балотах Паліка блакіравана некалькі дзесяткаў тысяч, і карнікі гатовы ўжыць газы. Магчыма — заўтра.

Спалі ў тую ноч не ўсе. Кожны з нас пры патрэбе паставіў бы на кон жыццё. Але памерці атручаным? З бескарыснай зброяй у руках? Няздольным адказаць чым-небудзь ворагу? Гэта абурала, страшыла — мужнасці трэба мэта. Успаміналася: мінскія таварышы папярэджвалі таксама...

Раніца надышла ясная, звонкая. На захад, нібы іх гналі сонечныя праменні, аддаляліся аранжавыя, з кудзелістымі краямі аблачынкі. Хутка цяплела. Гэта лашчыла азябшае за ноч цела, цешыла душу. «Готберг!.. Няўжо сёння?» — здзіўляла думка.

Нізка праляцеў бусел. Заўважыўшы нас, шарахнуўся ўбок, але ўраз падняцца не здолеў і, з цяжкасцю лавіруючы паміж сухадрэвін, скасабочаны, знік за выспаю.

Гул самалёта з’явіўся знячэўку, працяўшы сэрца стрэмкаю. Яго стала відаць, калі самалёт пачаў заходзіць на круг. Гэта быў «фоке-вульф» — «рама». Яна звычайна не бамбіла, рэдка абстрэльвала, але яе люта ненавідзелі як прадвесніцу бяды.

«Няўжо яна?..» — забілася думка.

«Рама» зрабіла круг і, быццам спыніўшыся, выкінула нейкі прадмет, які тут жа з трэскам распаўся на мірыяды матылёў.

— Агітснарад! — плюнуўшы, вылаяўся Ганцоў, які, грузнучы па калені, праходзіў міма мяне.— Лістоўкі, віншую!

Яго лютасць перадалася мне.

— Слабо, аказалася! — закіпеў і я.— Баяцца, каб самім пасля не захлынуцца ў сваіх логавах. Слабо!..

Амелькін — ён стаяў поруч, па грудзі ў зарасніку,— злосна ўхмыляючыся ў злямчаную бараду, выставіў у неба кукіш.

— На!

— Ха-ха-ха! — зарагатаў недзе блізка Хвясько.— Ха-ха!..

Іржавая балотная вада, недаяданне паступова даваліся ў знакі. Пухлі, крываточылі дзёсны. Арганізм пакутаваў, патрабаваў: солі!

Не помніцца, якім чынам да нас дайшло: за чатыры-пяць кіламетраў, у лазняку, пры зліцці двух ручаёў, схаваны човен з аўсом. Гэта было за лініяй нямецкіх пастоў, але ўсё роўна зрабілася надзеяй. Паспрабаваць удачу выпала нам з Амелькіным.

Узяўшы торбы, карту-кіламетроўку, са зброі — «ТТ» і фінкі, мы завідна выправіліся па выратавальны авёс. Ішлі, вязнучы ў тарфяным месіве або пераскокваючы з купіны на купіну. Пад шыю падступала млоснасць — мучыў абуджаны надзеяй голад, поедам елі камары.

Перад захадам сонца, як і паказвала кіламетроўка, натрапілі на выспу — крыху меншую за нашу. Заўважылі здратаваную асаку, прывялыя галінкі прыбярэжных кустоў... кладкі, і выбраліся на бераг з засцярогаю. Убачылі пад соснамі зямлянкі. У крайняй — нары, забітых у споднім, побач — жывую кошку з агністымі зрэнкамі, кацянят. Забітыя валяліся і ля астатніх зямлянак — напаўадзетыя, з перавязанымі рукамі, грудзьмі. Стала ясна — партызанскі шпіталь, дзе не так даўно, намасціўшы кладкі, пабывалі карнікі.

Асцярожны Амелькін настаяў, і мы збочылі ў цывільны лагер, з жыхарамі якога сустракаліся яшчэ, калі дыбалі на Пупок. Знайшлі гэты ўбогі, падобны на першабытную стаянку, лагер-табар у высокім непралазным чароце. У першым, што трапіўся, будане, дзе паціху стагналі ў сне дзеці і чуліся ўздыхі, загітавалі правадніка — сівога лахматага дзядка, і адразу паспакайнелі.

Апоўначы, самі не ведаючы таго, мы мінулі лінію нямецкіх пастоў. Здагадаліся пра гэта толькі тады, калі за спінамі раптам узнялася ракета. А вось калі вярталіся назад, трапілі ў пераплёт — нас пачулі. Бо як не стараліся ступаць ціха, пад нагамі хлюпала, чвякала.

Ноч некуды адступіла — балота заліло мёртвым святлом. З дзвынканнем плюхаючыся ў ваду, засвісталі кулі. Вартавы кацер на Бярэзіне і той, запаліўшы пражэктар, азваўся кулямётнай чаргою.

Як мы выбраліся з пекла? Ратавалі, мусіць, купіны, асака. Ды тое, што немцы не адважыліся сысці ў ваду са сваіх насланых лежываў.

Знясіленыя, што аж хістала, з парэзанымі аб асаку рукамі, вярнуліся мы да Пупка. Зніклі жаданні, думкі. Зніклі... Але праўду кажучы — калі перад гэтым праходзілі па выспе, дзе карнікі расстралялі раненых, не забыліся прыхапіць з сабою ліст бляхі, каб смажыць авёс...

Канчаўся блакадны месяц. Нас цяжка было пазнаць. Эканомячы сілы, некаторыя перасталі ўставаць, не галіліся. У радыстак ацяклі ногі. Давялося турбаваць Маскву. «808!»

Самалёт прыляцеў у ноч на дваццаць пятага чэрвеня. Усе разумелі: ён нясе нам цяпло, сілы, боепрыпасы, і падрыхтаваліся як след. На самую высокую хвою пасадзілі назіральніка, назбіралі сухой, як порах, ігліцы, лапак, нацягалі ламачча.

І калі над галовамі пачуўся родны гул, зрабілі так, што з раскладзеных трохкутнікам вогнішчаў угору шуганулі полымя, залатыя іскры.

— Ёсць адзін! — аж захліпнуўся назіральнік.— Яшчэ адзін!.. Трэці!..

Разгарнуўшыся з пэўнымі інтэрваламі ланцугом, мы спусціліся ў балота — туды, куды закамандаваў назіральнік. Аднак, калі вада дасягнула грудзей, спыніліся — парашуты як праваліліся.

Ці ёсць мяжа чалавечых сіл і вытрымкі? Аддыхаўшыся, мы зноў разгарнуліся ланцугом і зноў, толькі ўжо ў іншым кірунку, падаліся ў балота.

— Хлопцы!.. Далібог, яны падалі там!..— енчыў назіральнік.

Колькі захадаў мы зрабілі? Не ведаю! Ведаю толькі, што калі выбраліся на выспу апошні раз, то ўжо не селі, а ўпалі на сыраватую зямлю.

На золку мяне раскатурхаў знаёмы сакратар Барысаўскага падпольнага гаркома Смірноў.

— Хочаш бачыць нашых? — спытаўся з шырокай усмешкаю.

Смірноў не супроць быў разыграць чалавека, пасмяяцца пасля, але так усміхацца пры розыгрышы ці проста з майго нягеглага выгляду ён не мог. Гэта дайшло да маіх затуманеных цяжкім сном мазгоў і скаланула мяне. Я ўсхапіўся.

— Вы сур’ёзна? Дзе?

— На халопенічаскім бальшаку...

Праз гадзіну, потныя ад стомленасці і хвалявання, мы ўжо мясілі рудую балотную жыжку, стараючыся, каб не так грузлі ногі, ступаць на асаку. Сонца ўзыходзіла хораша. І хоць ноздры казытаў пах ціны, ад далёкага сіняга берага цягнула свежым ветрыкам. Але разам з тым, як мы набліжаліся да берага, пах ціны змешваўся яшчэ з нечым — душным, саладкаватым. Ён як бы шчыльнеў.

Гэта абудзіла падазрэнне, трывогу... Ды тое, што чакала нас, аказалася вышэй усякай фантазіі. Божа мой! Уздоўж берага ўзвышаліся кастры трупаў. Васковыя, раздзетыя, трупы былі старанна ўкладзены — як дровы. Дый расстрэльвалі небарак старанна — усіх у патыліцу. Гэта, мусіць, былі тыя, што, не вытрываўшы голаду, выходзілі з балота — некаторыя, можа, нават з лістоўкамі-прапускамі, скінутымі тады «фоке-вульфам».

А далей? На нейкай адлегласці ад гэтых кастроў, на маляўнічай палянцы, нас спаткала новая навіна — спартыўны гарадок, з пасыпанымі жаўтапескам дарожкамі. Тут, мяркуючы па ўсім, у вольны час карнікі займаліся фізкультураю.

Страшныя кастры і спартыўны гарадок! Забягаючы наперад, прызнаюся: калі пазней нам сустрэлася калона гэтых, ужо толькі панылых і паланёных, спартсменаў, я сам крычаў аўтаматчыкам-канваірам: «Куды вы вядзяце іх? Навошта?..»

Над бальшаком, што пралягаў тут на лясах і балотах, стаялі пыл, гул. Яны, як здавалася, перамяшаліся ў адно, як перамяшалася і ўсё, што рухалася на бальшаку. З лязгатам сунуліся танкі і цягачы з бярвеннем, са скруткамі жалезных тросаў. Фыркаючы ад пылу, заграбалі нагамі коні — везлі гарматы і скрыні са снарадамі. Следам або па абочынах пляліся запыленыя пехацінцы.

Мы спыніліся ў кустах, як зачараваныя, не могучы адарваць вачэй ад бальшака. Радысткі плакалі — экзальтаваная Лена, усміхаючыся, ціхмяная Маша з скрыжаванымі на грудзях рукамі — без крывінкі на твары, яна нібы малілася.

Зусім паўз нас праехаў на каштанавым коніку брывасты маёр з пшанічнымі ўкраінскімі вусамі. Нешта прыкінуўшы ў галаве, вярнуўся, спешыўся. Пачаў распытваць, першы абняў Ганцова, потым — астатніх і, убачыўшы паходную кухню, што з дымком калывалася па абочыне, падняў руку.

— Толькі не ешце многа,— папярэдзіў збянтэжана і вінавата. І па гэтай яго разгубленай вінаватасці можна было здагадацца, як выглядалі мы.

Лена з Ганцовым нырнулі ў прыдарожны падлесак, закінулі антэну на літы сук старога дуба, што віднеўся і з бальшака. Доўга чаравалі над рацыяй. Загад атрымалі нечаканы — абагнаць франтавыя часці і зноў увайсці ў тыл праціўніка.

«Нам!.. Абагнаць?..»

Мы папрасіліся на танкі — незнаёма масіўныя, з зеніткамі, са спаранымі кулямётамі. За Крайцамі, на брукаванай высокай грэблі, абапал якой зелянеў хмызняк і разлягаўся прастор, калона спынілася — наперадзе былі Бярэзіна і спалены мост.

Вараннём наляцелі «юнкерсы». Але зеніткі і кулямёты на танках як бы прачнуліся. Шалеючы, адкрылі загараджальны агонь. Чорныя кусты бомбавых разрываў ускінуліся далёка — там, на зялёнай прырэчнай разлегласці.

Удача не пакінула нас і тут. Пакуль сапёры падвозілі пантоны, пакуль меліся наводзіць пераправу, мы па рэштках моста пераправіліся на другі бераг Бярэзіны і ўжо сваімі сцежкамі — дзе пехатою, дзе на падводах — рушылі на Лагойшчыну.

Ва ўцалелых Радзькавічах я атрымаў ад Ганцова апошняе заданне. Днямі нацыяналісты сабіралі ўстаноўчы кангрэсік, які разагнала наступленне нашых. Трэба было сабраць аб ім звесткі, захапіць, калі паспеем, каго-небудзь з супрацоўнікаў СД. З Валодзем Конанавым, Амелькіным і некалькімі аўтаматчыкамі я мусіў кіравацца пад Мінск і ўвайсці ў яго з армейскай разведкаю.

Зацемна наблізіліся да Радашковіцкай шашы. На ўсходзе шугалі сполахі і грымела кананада. Там, дзе быў Мінск, трапятала барвовае зарыва. Мы ведалі: гарнізон у Паперні разбегся. Але па шашы цёк шумны паток — рыпелі колы, надрываючыся, завывалі машыны. І толькі калі там сціхла, мы перасеклі шашу і пайшлі без дарогі — па азімуту.

У горад увайшлі здзіўленыя блізкай цішынёю.

Мы ўваходзілі па Даўгінаўскім тракце. Ускраінныя домікі тут уцалелі. Шэранькія, убогія, але з палісаднікамі, у зеляніне, яны, як здалося, самі не верылі, што пазбеглі разбурэння. У скасабочанай брамцы крайняга доміка стаяла жанчына ў плюшаўцы, з хусткаю на шыі. Падпёршы па-вясковаму шчаку, яна прырасла плячом да шула і таксама верыла і не верыла сваім вачам. Ды пілоткі, зелянковыя плашч-палаткі, аўтаматы з круглымі дыскамі пераканалі яе. Яна рванулася да нас, абняла першага, хто ёй трапіўся, і хапатліва пачала соваць яму ў рукі фанерны карабок.

— Вазьміце, вазьміце,— паўтарала са слязамі.— Гэта — цыгары. Спецыяльна хавала.

З-за шула высунулася другая жывая душа — хлопчык — віхрасты ў майцы і трусіках — як спаў.

— Мама! — гукнуў ён жанчыне, відаць па ўсім, баючыся за яе.— Годзе, мамка.

— Дык гэта ж нашы, Іллюшанька! — кінулася апраўдвацца жанчына.— Хадзі і ты сюды... Не бойся!

На Старажоўцы пустую вуліцу, крадучыся, перабягалі прыгорбленыя постаці з паклажаю на спінах. З разбуранай каробкі дома выскачыў сабака, але не забрахаў, а нібы ішоў па нечым следзе, з апушчанай мордаю пабег па тратуары.

Нагледзеўшы ля Старажоўскіх могілак пакінуты домік з белымі аканіцамі — няхай будзе прытулак, прыйшлі ж назусім! — мы паспешна рушылі ў цэнтр. Адтуль далятала перастрэлка. Па Савецкай вуліцы на захад з грукатам каціла жалезная лавіна нашых войск. У небе патрулявалі ястрабкі. А нам здалося: мы ўступаем ў мёртвы горад, можа, нават нядаўна адкапаны археолагамі. Недзе стралялі, недзе грукатала, а тут усё спавіло небыццё — руіны, руіны. Жоўтыя, вычварныя, у якіх дзівіла і тое, што яны стаяць, ні на што не абапіраючыся.

А ўначы нямецкія самалёты абрынулі на ўсё гэта бомбы. Злыя, вісклівыя, яны скаланалі мёртвыя кварталы — зенітны агонь прыкрыў ад іх жывое — чыгунку, станцыю, Дом урада, які заліты святлом ракет-ліхтароў, як бы ўзняўся над морам руін.

Адмовіўшыся ісці ў самаробнае сховішча на падворку аблюбаванага доміка, я назіраў за паядынкам неба і зямлі. Зямля ўздрыгвала, стагнала. Неба ж гуло, зыбалася. Па ім матляліся промні пражэктараў, яго рвалі агністыя ўспышкі. Раптам у адным з промняў засвяціўся самалёт. Да яго кінуўся другі промень. І калі яны скрыжаваліся, самалёт знік — на яго месцы бліснула агністая, ірваная пляма.

Я ўжо любіў Мінск. З ім былі звязаны найвышэйшыя ўзлёты маёй душы. Але ў гэты момант я адчуў: ён . уваходзіць у мяне як нешта бясконца вялікае, табою абароненае, без чаго нельга жыць. І, як здаецца цяпер, іменна тады ва мне загарэлася жаданне расказаць пра яго, пра таварышаў, пра перажытае...

Не скажаш — былі ў нас свае грахі і слабасці. Нярэдка мы спрачаліся праз амбіцыю. У нястрыманасці хапаліся за пісталет. Некаторыя не супроць былі асляпіцца сабой. Калі, скажам, часу было ў абрэз, а аперацыя супроць Готберга падрыхтавана, чамусьці спатрэбілася мяняць адказнага за яе. Сёй-той ачарсцвеў. І, як выявілася, калі мы плявалі на Паліку крывёю, у аднаго з нас у рукзаку ляжала соль. Усё гэта было. Але... але мы не шкадавалі сябе і рабілі ўсё, што маглі, вось для гэтай хвіліны.

1 З намі бог (ням.).