epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Карпаў

Аvе, Маrіа! Гісторыя аднаго подзвігу. Апавяданне

Вясною сорак трэцяга, перад тым як зноў ляцець у тыл ворага, я атрымаў магчымасць пабываць на Урале. Партызаны там былі яшчэ дзівам, і мяне бясконца запрашалі на сустрэчы — І ў самім Ніжнім Іргінску, дзе жыла мая сям’я, і ў навакольныя вёскі, куды я хадзіў з худзенькай, сумнавокай бібліятэкаркаю-ленінградкай.

Маімі слухачамі былі пераважна жанчыны — бабулі, салдаткі, часта ўдовы. Слухалі яны мяне, як слухаюць пасланцоў-апавяшчальнікаў змораныя, спагадлівыя працаўніцы — уважліва, уздыхаючы. Пыталіся, ці не сустракаў на партызанскіх сцежках уральцаў і як гэта наогул можна жыць побач з ворагамі: «Да іх жа рукою дастанеш...»

— Кажаце, і ўральцы? — перапытвалі амаль хорам, і ўсе зноў заміралі ў чаканні.

— А прозвішчаў не памятаеце?

— Значыць, і тыя, хто прапаў без вестак, могуць астацца жывымі?

— Ай-ёй! Малайцы!

— А як там жанчыны? Мусіць, больш чым каму дастаецца?

— Тут важна не папусціцца толькі.

— І камандзіркі ёсць?..

Пад канец сходу найбольш чуллівыя дабрэлі да слёз. На хвіліну знікалі і вярталіся з яйкам, з чарачкаю мёду, з цёплай шаньгаю. І гэтыя імгненні былі мне самыя пакутлівыя. Як ты адмовішся? Але і як возьмеш бедны падарунак з худых, парэпаных рук?!. Выручала бібліятэкарка-ленінградка. На ўтрыманні ў яе была хворая маці, і з харчамі даводзілася зусім туга.

У хаце ці чырвоным кутку, дзе адбываліся сходкі, пахла нагрэтай, прынесенай з вуліцы сырасцю. За метр ад стала з газнічкаю туліліся змрокі. У мігатлівым, зыбкім святле жанчыны здаваліся быццам бы намаляванымі на старой пажухлай іконе, і хацелася аддаць ім, цярплівіцам, цяперашняй нашай апоры і сіле, душу... І пазней, праз колькі месяцаў, сустрэўшыся ў партызанскай вёсцы на Лагойшчыне з Марыяй, я слухаў яе, успамінаў уралак і думаў: «Во лёс!..»

Нарадзілася яна ў вялікай сям’і. Але, як толькі пачала помніць сябе, сям’я стала меншаць. Зачасцілі беды. Загінуў пад Дзвінскам на полі непатрэбнага яму бою старэйшы брат. Потым памёр другі — ранены пры ліквідацыі эсэраўскага мяцяжу ў Кранштаце... Набожная маці прыціхла, замкнулася, перастала маліцца. Зняла з покуці абразы, апрача багародзіцы: «Веру, заступніца, ты рабіла сваё, хоць і не дайшлі твае словы!» І гэты своеасаблівы матчын бунт, уразіўшы Марыю, успрыняўся ёю таксама як праява бяды.

Талачынскі раён багаты на лясы. Гуту акружаў бор. Палюючы, бацька знаходзіў там разрыўку пасля работы. Дзятва бегала туды па ягады і грыбы. У бары нават узімку было цяплей. Таму Сакаўцы і на сваім агародзе пасадзілі дрэўцы. Палівалі, даглядалі: «Хай растуць, жывыя ж. Можа, і парадуюць каго...»

Вучылася Марыя адно з каляд да вялікадня: «Ведаю, дачушка, маўчы... Але табе ў салдаты не ісці, памажы трошачкі!» І Марыя памагала — падлеткам пайшла на гуту. Праўда, гуту неўзабаве закрылі. Рабочыя пачалі раз’язджацца. Марыя з братам таксама знайшла новы прытулак — на шклозаводзе «Труды» пад Полацкам, дзе і дарасла да з’ёмшчыцы аконных лістоў.

Вялікая таямніца — як фармуецца чалавек. Ад прыроды, пэўна, даецца толькі закваска. Астатняе залежыць ад часу, ад абранага або наканаванага месца... Ці ўплываюць пры гэтым выпадкі? Напэўна. Яны могуць павярнуць лёс чалавека, яму можа пашанцаваць і не пашанцаваць. Перад ім могуць паўстаць глухія перашкоды — і гэта раніць яго. Або, наадварот, могуць адкрыцца неабсяжныя далягляды — і гэта акрыляе яго. Але сутнасць чалавека ўсё-такі вызначае іншае — больш пастаяннае. Такое, што ты ўбіраеш у сябе з дзяцінства, што з табою, пакуль ты сталееш, што жыло да цябе, жыве з табою і, раптам адкрытае, робіцца тваім запаветным, якое ты бярэшся несці праз гады.

Так ці інакш, гэта адбывалася з Марыяй у сям’і шкловыдзімальшчыка, у лясным рабочым пасёлку, а пасля на заводзе «Труды». Маленькая Манька бегала сярод зялёнай раскошы, сябравала з такой жа босай дзятвою, карміла ў сцюжу сініц, памагала дома маці. А галоўнае — там яна стала здагадвацца, хто яе друг і што процістаіць ёй. У шаснаццаць гадоў яна стала сельскім жаночым арганізатарам. Ёй шкада было жанчын, шкада гаротніцы-маці з яе страхамі, з бясконцым імкненнем звесці канцы з канцамі, і яна ў драўляных «трёпах» хадзіла па вёсках, праводзіла дэлегацкія сходы. У Новым Саколіне, дзе жылі стараверы, на дзяўчыну спусцілі сабак. Але яна знайшла паплечніц і сваё зрабіла...

І ўсё-такі быць бы Мані-Марыі простай работніцаю, ды ўмяшаліся час, камсамолія — выбралі спачатку народным засядацелем ад моладзі: «Любіш справядлівасць— калі ласка!»; а потым і старшынёй райдзетбюро ЮП 1: «Якраз па табе, дзейнічай. А там і вучыцца пойдзеш...» І рушыла, закружылася!

Ужо маючы дзяцей, Марыя паступіла — сталася ж нарэшце! — у юрыдычны інстытут. Захапілася крымінальным правам. І хоць пасля заканчэння інстытута адкрылася магчымасць працаваць у Вярхоўным Судзе, дзе праходзіла практыку, дамаглася — пакінулі пры інстытуце, далі магчымасць рыхтавацца ў аспірантуру.

К гэтаму часу памерла маці. Падаіла карову, паставіла даёнку на лаву ў сенцах, але працадзіць малако не паспела — здало сэрца. Няшчасны выпадак забраў жыццё ў бацькі. Братоў, якія засталіся жывымі, раскідала па краіне. Старэйшая сястра, абзавёўшыся сям’ёй, пасялілася няблізка — пры шклозаводзе «Кастрычнік». Так што Айчынная вайна напаткала Марыю адну-адзінюткую. Нават дачка паехала на канікулы да цёткі. Сын жа Юра... Калі Марыя на другі ці трэці дзень вайны, выбраўшы момант, прыбегла ў Краснае Урочышча, дзе знаходзіўся дзіцячы садзік, дзеці сядзелі ўжо ў аўтобусе. Якраз непадалёк разарвалася бомба. Малыя загаласілі, аўтобус рушыў...

Гэты пачуты плач-крык як бы захрас у вушах Марыі. Ён толькі часам прыціхаў, каб зноў і зноў ледзяніць сэрца. Асабліва калі яна, бачачы жахі, заплюшчвала вочы і замірала ад прадчуванняў.

Марыя кідалася як не свая. Выходзіла за горад: «Паедуць, тут хутчэй убачу!» Далучалася да бежанцаў, якія з хатулямі сунуліся па Магілёўскай шашы. Ды страх размінуцца з сынам — «А што, калі вярнуліся другой дарогаю?» — гнаў назад.

На яе вачах гарэў, рушыўся горад, гінулі людзі... Ад думак развальвалася галава, але неўзабаве над усім пачало панаваць адно: «Бараніцца! Узяць пад ахову што можна. Уратаваць!»

Счарнелая, змучаная, дабралася яна да «Кастрычніка». Па дарозе, пакуль былі сілы, падносіла чужых дзяцей, памагала зняможаным кабетам, якія, нягледзячы ні на што, цягнуліся на ўсход.

Сястра сядзела за сталом. Праз акно яна бачыла, як кіравалася ў дом Марыя, аднак не спаткала яе ля парога, не ўстала. У чорным плацці, гладка прычасаная, са старанна вымытым бяскроўным тварам, яна заплюшчыла вочы і, як нямая, паварушыла вуснамі.

— Бяда? З Томачкай? — пачала ўгадваць Марыя.

З вуснаў сястры вырваўся стогн.

У пакоі было светла. Ад сонца ўсё адлівала залацістым. Знаёмыя рэчы — круглы стол, засланы цыраткаю, крэслы, сервант, вазоны, якія так любіла сястра,— стаялі на знаёмых месцах, і свядомасць ніяк не магла пагадзіць сястрын выгляд з навакольным. У гэтым чамусьці хавалася нешта дужа страшнае. Пазіраючы на сястрын лоб — белы і, пэўна, халодны, як у нябожчыцы, Марыя кінулася да яе.

— Ну, Таця, кажы ж! — папрасіла, адчуваючы, як млеюць, аднімаюцца ногі.

У пакой убегла рыжае золатца з коскамі, што тырчалі ў розныя бакі. Дзяўчынку, відаць, папярэдзілі, бо яна, асабліва не здзіўляючыся, падбегла да Марыі і, ашчаперыўшы, падняла да яе ўдзячны твар.

— Ма-амачка! — заплюшчылася ад шчасця.

— Што ў вас тут? — настойліва паўтарыла Марыя, радуючыся і ў той жа час трывожачыся.

Гэта дайшло да сястры, пакрыўдзіла, але і вярнула мову. З вачэй выкаціліся слёзы.

— Немцы нашых мужыкоў пастралялі. Усіх, каго схапіць управіліся і хто не паспеў за Бярэзіну пераправіцца. Ах-ах! Нават пахаваць не далі. За што такая кара, Маня? Няўжо ўсё гэта дарма нелюдзям пройдзе?..

І доўга пасля таго, як палеглі спаць,— Марыі з дачкою паслалі на падлозе,— прыціскаючы да сябе дрыготкае доччына цела, яна чула енчанне сястры:

— Тваёй абароне аддаёмся, святая божа-маці! Табе ўручаем патрэбы нашы... Выбаўляй нас ад злой прыгоды, дзева Марыя!..

Сястра была схільная да фантасмагорый. Але цяпер Марыі, якая пакутавала разам з ёю і шкадавала не менш, чым швагра, самой у дрымоце падалося: сястра падганяе і яе. Марыю закалаціла...

З надзеяй — у Мінску абавязкова пакінута антыфашысцкае падполле, яна, не бавячыся, пачала збірацца назад: «Буду хоць памагаць!..» Ага, а навошта яна брала з сабой дачку? Перад усім, пэўна, каб затуліць сабою, быць разам. Каб адчуваць сябе... смялей і не наклікаць новай бяды на сястру. Яна нават разыграла перад суседзямі камедыю:

«Усё! Нагі маёй тут болей не будзе!»

Мінск трохі працверазіў яе. На вуліцах трапляліся адны немцы — салдатня, увешаныя зброяй палявыя жандары ў касках, афіцэры ў лёгкіх мышастых шынялях і фуражках з высокім верхам. Па маставой, грукочучы, кацілі грузавікі-фургоны; калываліся на выбоінах нязвыкла нізкія камуфляваныя легкавушкі; падскокваючы на сядзеннях, праносіліся матацыклісты ў плямістых плашч-палатках — усё страшэнна чужое і бяздушнае.

Стаяў сонечна-ветраны дзень. Пажарышчы, руіны пылілі. Рудым, выцвілым здавалася само неба.

Каб прыглушыць тугу, маці з дачкою пасядзелі ў першым, што трапіўся, скверыку, прыгаршчамі напіліся з водаразборнай калонкі. Але перад Бетонным мостам нечакана сутыкнуліся з першай знаёмай — былой супрацоўніцаю юрыдычнага інстытута — і, распытаўшы, чутачку паспакайнелі: кватэру, як аказалася, ніхто яшчэ не заняў, а Марыяй ніхто не цікавіўся.

Падсуседка Ліда — проставалосая, у заношанай расхлістанай кофтачцы, сустрэла радасна: «Манечка! Цэлыя?» Пацалаваўшы ў абедзве шчакі, як гасцей, павяла ў пусты пакой. Зашпільваючы кофтачку, заплакала, стала пералічваць, хто якія сцягнуў рэчы.

— Як у тым лесе. Ні закону, ні права. Газеты пішуць, што сам намеснік Гітлера прыязджае распараджацца. Але неяк будзе. Я табе падушку і коўдру дам. Генка, дзе ты?.. От добра, што вярнуліся!

У дзвярах вырас карапуз — поўненькі, мурлаты. Парога не пераступіў, а, сеўшы, перапоўз яго. Потым, падняўшыся, з працягнутымі ручкамі патэпаў да маці.

— Глядзі, Геначка, хто вярнуўся! — цешылася Ліда, гладзячы яго па галоўцы і абдаючы Марыю з Томаю святлом сваіх разгубленых вачэй.— Усё смялей будзе.

Яе колішняя, мірная, дамашняя неахайнасць была нейкая запушчаная, але Марыя, прагна слухаючы Ліду, заходзілася ад замілавання.

Назаўтра яна была ўжо на ціхай Заслаўскай вуліцы — у інтэрнаце юрыдычнага. Слухаючы гаману знаёмых студэнтаў, якія адкрываліся ёй, праслязілася.

— Вось здорава! — шчыравалі тыя.— Апрача ідалаў, і не бачыш нікога!

— Дзякуй, Марыя Барысаўна!.. За што? Як вам сказаць? Хоць бы за тое, што завіталі да нас.

— За тое, што болей нас стала!..

А Марыя слухала іх, і ёй хацелася абняць кожнага — такім звыклым, блізкім дыхнула на яе.

У барацьбы свая логіка. Тут важна пачаць. Пры наступнай сустрэчы былая супрацоўніца па інстытуту паведаміла: у лесе ля яе вёскі ў буданах жывуць акружэнцы. Робяць вылазкі — спалілі валасную ўправу, сепаратарны пункт. Але большасць з іх — раненыя... Давялося шукаць, як падступіцца да аптэк. Калі пашанцавала знайсці сцежачку ў гетаўскую бальніцу, давялося пераапранацца — нацягваць у руінах заношаную кофтачку з нашытай латаю і шмыгаць у калоны, што вярталіся з работы ў гета, або прабірацца туды пад калючай драцяной агароджаю. І хоць абавязак сувязной з акружэнцамі астаўся за былой супрацоўніцаю, выпала выбіраць маршруты, па якіх зручней перапраўляць у лес бінты, вату, стрэптацыд... Студэнты — тыя, з інтэрната, раздабылі паперу, капірку. З’явілася магчымасць памагаць навакольным людзям разбірацца ў падзеях, а разам з’явіліся і клопаты — як распаўсюдзіць напісаныя лістоўкі, каму і калі расклейваць іх або несці на таварную станцыю, вагонарамонтны завод... Адзін з трэцякурснікаў — смуглы кучаравы хлопец — быў яўрэй. Значыць, трэба было па дакументах зрабіць яго цыганом. А калі бяда навісла і над цыганамі — раздабыць зусім новы пашпарт. Дый як, наогул, будучы падпольшчыкам, ты абыдзешся без аўсвайсаў, бальнічных лістоў, што памаглі б табе «выплыць на паверхню»? А тут, як на тое, правалілася супрацоўніца па інстытуту, і, хочаш не хочаш, ты мусіш устанаўліваць сувязь з турмою, шукаць золата. Так набягалі патрэбы мець сваіх людзей ва ўстановах ворага, заводзіць явачныя кватэры, дзе б можна было сустрэцца з таварышамі або схаваць назбіраную зброю...

Асабліва думкі даймалі ўначы. Калі хілілася на вечар, каменданцкая гадзіна гнала дамоў. У чатырох сценах, пасля перажытага ўдзень, час быццам бы спыняўся, але ноч наступала ўраз і цягнулася бясконца. Працаваць-сляпіцца пры газнічцы не было як — не хацелася, каб якая-небудзь выпадковасць прыцягнула чужую ўвагу. Упарта напамінала аб сабе недаяданне. Таму, выпаліўшы ў грубцы — каменны вугаль, які знарок скідалі з тэндара машыністы, можна было назбіраць ля чыгуначнага палатна,— клаліся спаць. Тома ў цяпле засынала хутка, уздрыгваючы. Але ад гэтага яшчэ вастрэй адчувалася адказнасць за яе, успаміналіся дзённыя ўзрушэнні, і сон адлятаў.

Барацьба завязалася не на жыццё. У хвіліны душэўных пакут прыходзілі планы... І каб можна было спыніць жахлівую смертаносную машыну, перагарадзіўшы ёй дарогу, Марыя наўрад ці пашкадавала б сябе — хай толькі забуксуе. З гэтым яна вырасла. Але хіба машына забуксуе? Значыць, патрэбны асаблівыя захады!..

Неяк яна ўбачыла гаўляйтэра. Ён крочыў па тратуары Ленінскай вуліцы. Спераду і ззаду яго ішла ахова, а па маставой, трошачкі прыадстаўшы, сунуўся бліскучы шэры лімузін. Сярэдняга росту, камлюкава: ты, гаўляйтэр ступаў важка, нібы топчучы асфальт, з зусім не махаў рукамі. І што тады кінулася ў вочы — патыліца і кароткая шыя ў яго былі на адной лініі. Навокал узвышаліся жоўтыя руіны, і дзіўнай, жорсткай выглядала яго каменная хада, яго камлюкаватая постаць... «Вось хто правіць тут і кіруе! — падумала Марыя.— Вось каму напомніць бы, што палка мае два канцы. Ці не памякчэў бы?..»

У галаву Марыі біў немы Юркаў крык, і яна засынала толькі на золку.

Прачнуўшыся першай, Тома з цікавасцю разглядала пабляднелы ў сне матчын твар і, пэўна, таму што сталела сама, кожны раз адкрывала: маці, насуперак усяму, прыгажэе — трошачкі расплывісты твар хораша акрэсліваецца, і нешта як бы падсвечвае яго знутры.

— Ма-ма-чка, ты ў мяне самая, самая!..— прызналася яна, калі азадачаная Марыя пачынала церці вочы і моргаць.

Наіўная Томіна пахвала абуджала жаданне паглядзець на сябе ў аконную шыбу — люстэрка таксама ўкралі,— і хоць было няёмка, словы дачкі жылі ў падсвядомасці, прыбаўлялі сілы.

— Калі ты, Маня, поруч,— падхоплівала Ліда,— далібог, весялей. Быццам заступіцца можаш. Бач якая!..

Але аднойчы, калі Марыя, трымаючы на ўлоннях Генку, перабірала пальцамі яго рэдкія даўгія валосікі, Ліда неспадзявана праявіла самастойнасць.

— Прымільгалася ты ўжо з Томай,— буркнула.— І сёння я цябе з ёй не пушчу. На кожным кроку паліцаі з жандарамі. Кажуць, гэты рэйхкамісар свае парадкі заводзіць. Прапускі розныя, аблавы. Генку возьмеш! І лепей агародамі вяртайся...

Марыя спачатку ажно спалохалася — што з ёю? Ды, убачыўшы, як цямнее поўны, хоць ужо зблеклы ад недаядання Лідзін твар, зразумела: ігнараваць яе нельга. Гэтак яна выказвае свае новыя адносіны і да яе, Марыі, і да навакольнага. Адмова кроўна абразіць жанчыну. Дый ці мае Марыя права не прыняць яе ахвяры?

— Ты ж не ведаеш, куды я зараз пайду! — усё-такі, адчуваючы, што Лідзіна рашэнне накладае на яе новую і, можа, самую высокую адказнасць, папярэдзіла яна.

— Ведаю! Не на рынак!..

З Генкам ісці было куды вальней. І, несучы яго на плячах, цалуючы раз-пораз у ножку, Марыя ледзь не трыумфавала. Аднак, калі гаркомаўскі сувязны перадаў ёй падпольную «Звязду» і Марыя, сунуўшы яе за рызінку Генкавых шараварчыкаў-паўзункоў, пайшла назад, усё перамянілася. Хлопчык, як і раней, ківаў галавою, пальчыкам лез Марыі ў нос, а ў яе балела сэрца і хацелася па-сестрыному маліць: «Маці божая, толькі б не цяпер, толькі б не цяпер!..»

На Бетонным мосце іх затрымалі. Паставілі ў чаргу, каб праверыць дакументы і абшукаць.

Кружыў калючы сняжок. Ля дэпо зычна пераклікаліся паравозы. Убаку, ля парапета, знерухомела група мужчын пад канвоем.

— Геначка, родны, заплач,— папрасіла Марыя. Але той, думаючы, што з ім жартуюць, прыцмокнуў языком і засмяяўся.

Тады, апанаваная адчаем, Марыя ўшчыкнула яго. Хлопчык сцяўся і зайшоўся плачам. А калі яна, як аглухлая і сляпая, баючыся пакаўзнуцца, рушыла да правершчыкаў, учапіўся ў яе валасы і забіў ножкамі ў грудзі.

— Сунімі сваё шчанё, абмочыцца! — крыкнуў брывасты жандар з бляхаю-паўмесяцам на грудзях.— Дзе дакументы? — І ўдарыў кулаком між лапатак.

Цяжка сказаць, хто каго вёў далей — Марыя Генку ці ён яе. Увайшла яна ў свой пакой без сілы. Пастаяўшы ля ложка, бухнулася на яго і зарыдала. Хаваючы газеты пад падушку, адчула, як нехта абняў яе, задыхаў у галаву. Перад вачыма замаячыў брывасты жандар, потым — саноўны немец на Ленінскай вуліцы, але Марыя, скалануўшыся, паступова стала спакайнець — ля яе была Ліда, дый наперадзе чакала страшнейшае, якому трэба будзе ісці насустрач.

Не, не меншая таямніца і тое, як вырастае сярод людзей старшы! Праўда, прырода ў гэтым выпадку дае яму чуць болей, чым закваску. І перад усім — уменне выбраць сабе і другім месца ў падзеях. Ды прызнаным важаком ён становіцца толькі тады, калі, ідучы за ім, аднадумцы шкадуюць і ахоўваюць яго самога. «Ты — нам, мы — табе»,— як казала Ліда. Ва ўсякім разе, так было ў падполлі.

І зноў-такі — набрацца б тут розуму Марыі, працверазець — пад крылом жа дачка, Генка... Стрымаць бы трохі запал. А заадно адкінуць свае перажыванні — слёзы, спагаду: без іх лягчэй. Аж не!..

Яшчэ ў першыя дні паклялася быць з Марыяй сям’я Марчукоў. Дык вось... Дажджлівай восеньскай непагаддзю, калі Марчукі садзіліся вячэраць, нехта пастукаў да іх у акно. Не пастукаў, а пашкроб — няўпэўнена, з просьбаю. Яму адчынілі. У сенцы ступіла аброслая, скура ды косці, здань у салдацкім, як пажаваным, шынялі. За гэта пагражала смерць, але незнаёмца без слоў правялі ў дом, пасадзілі за стол. Мала гэтага — пакінулі жыць у сябе, пакуль, акрыяўшы, чалавек не здолеў пайсці, як і прыйшоў, у цёмную, хоць вока выкалі, ноч.

Аднак праз месяц да Марчукоў дакаціўся погалас: іхні ваеннапалонны зноў за калючым дротам.

Тады старэйшая дачка Марчукоў, не думаючы, што рашаецца на адчайнае: «Можа, і мой недзе гэтак жа пакутуе!» — падалася з сяброўкаю ў лагер.

Вароты ў гіблым месцы ахоўвалі эсэсманы і аўчаркі — звяр’ё, што кідалася на кожнага, хто не быў апрануты ў нямецкую форму. Сабак падбіралі рослых, грудастых, у жоўтых падпалінах, каб палохалі выглядам.

Калі жанчыны падышлі да варот, эсэсманаў там не аказалася — на варце сядзелі адны аўчаркі. Ведаючы — могуць быць разарванымі, жанчыны ўсё-такі накіраваліся да іх. Набліжаліся крок за крокам і гаварылі — дзелавіта, ласкава, як з людзьмі. Так што, калі з’явіліся ля каравульнага памяшкання, у начальніка палезлі на лоб вочы. Ды жанчыны не адступіліся: упёрлі самагон і залатую пяцёрку яму ў рукі, хоць ён і лаяўся на чым свет стаіць. Дабіліся і дазволу пашукаць сваіх сярод вязняў. Але, несучы праз гадзіну на спіне напаўжывых мужчын, яны зусім не ведалі, што чакае іх пры выхадзе з лагера. Ці не пацяшаліся дасюль з іх? Аднак аўчарак у варотах ужо не было — расстраляныя, яны валяліся ў кювеце.

Дык як жа Марыя магла быць іншай?

Напрадвесні, ставячы на кон жыццё, яна сама арганізавала ўцёкі палонных. Праўда, па-свойму — з распрапагандаванай аховаю, што ганяла калону на работу, з партызанскім правадніком, які нёс на плячах мяшок з белай латкаю, каб і ў прыцемках можна было бачыць яго. Потым яшчэ і яшчэ. Некалькі разоў па пратаптанай дарожцы адпраўляла ўзброеных мінчан і сагітаваных салдат славацкага батальёна — спачатку ў атрад капітана Нікіціна, потым — «Дзядзі Колі», «Дзімы».

У такіх выпадках звычайна кажуць: памагае фартуна. Гэта правільна — за Марыю былі і людзі і абставіны. Але з-пад увагі тых, хто так кажа, выпадае вельмі важнае: гэтыя абставіны яна ўгадвала наперад або стварала сама, як сама падбірала і людзей.

Сувязі Марыі пашыраліся — поспехі прыносяць сяброў. Яе людзі збіралі зброю, грошы. На бежанскім пункце, дзе тайна вербавалі будучых шпіёнаў, яны выяўлялі прозвішчы тых, хто праходзіў спецыяльныя медыцынскія агляды. Блыталі прагнозы надвор’я, якія давала метэаралагічная станцыя лётным часцям, закапалі каштоўную апаратуру фізічнай лабараторыі універсітэта...

Ды тут, відаць, недзе быў дапушчаны пралік. А магчыма, кагосьці насцеражыла Марыіна хадня па горадзе — занадта універсальнай стала яе дзейнасць.

Ліда сустрэла яе ў калідоры сумным дакорлівым позіркам.

— Пачакай, не заходзь да сябе,— папярэдзіла, і Марыі кінулася ў вочы: яна прычасалася, прыбралася.

— Не разумею...— прызналася Марыя.

— Прыходзілі, Маня, па цябе. Можа, і цяпер за вокнамі сочаць. Наш прыводзіў. Вастраносы такі, як курашчая баба, што не шануе сябе. Гразіў, калі другі раз не застане, возьмуць Тому заложніцай. Так што я расстаралася лупін, мукі і напякла ляпёшак. Вопратку таксама падрыхтавала. Сама ты, вядома, не адступішся... Дый трэба, каб вальней табе было...

І Марыю асяніла — Ліда прывяла сябе ў парадак, каб развітацца, быць рашучай. Зразумела: марудзіць сапраўды нельга. І праз паўгадзіны ўжо сачыла ў акно, як дачка ў злінялай хустцы, у вялікіх, не па ёй, куртачцы і буцах прабіралася агародамі, каб кіравацца супроць начы к далёкай цётцы. А яшчэ праз паўгадзіны пасланцы з СД зноў калацілі Марыін пакой, паставіўшы Ліду тварам да сцяны.

З гэтага часу Марыя ўжо не мела сталага прытулку. Дый жыццё змянілася ў корані — для яе страціла значэнне, што яна есць, дзе спіць. І глядзела за сабой больш па звычцы, каб быць як усе. Цяпер яе істота прагнула выпрабаванняў, жыла адным. Яму Марыя аддавала сілы, у ім і чэрпала іх.

Калі камандаванне атрада «Дзімы», прапанаваўшы пакончыць з іншымі справамі, даручыла шукаць спосабаў, як пакараць гаўляйтэра, па чыёй віне чыніўся гвалт і лілася кроў, Марыя, разумеючы, чаго гэта будзе каштаваць ёй і другім, прыняла заданне як узнагароду. Ёй даўно ў снах трызнілася — пралітая па гаўляйтэравых загадах кроў дыміцца, усё навокал ахутвае імгла-дым. Дык як жа было не заявіць нелюдзям : хочаце вайны — яна вам будзе! Як не паспрабаваць засланіць блізкіх ад маньяка?

Але з чаго тут пачынаць? Як падступіцца да саноўнага ката, калі падыходы к дому, дзе ён жыве, перакрыты сакрэтамі, патрулямі, а яго самога ахоўвае цэлая плойма ахоўнікаў?

Марыіны хлопцы кінуліся збіраць даныя. Высветлілі: гаўляйтэр ужо не ходзіць па горадзе. Ездзіць у суправаджэнні двух-трох, як і яго машына, лімузінаў. Нумары на іх штодзень новыя; едучы ў калоне, гаўляйтэрскі лімузін мяняе месца — ён то пасярэдзіне, то наперадзе. Нават ежа з цокальнага паверха, дзе ўстроілі кухню, падаецца ў сталовую ліфтам і перш чым трапіць на стол, трапляе ў рукі доктара, які бярэ пробу.

Тады ўзялі стаўку на засады. Пачалі гойсаць па горадзе ў грузавіку, спадзеючыся на шчаслівы выпадак. Адну з найбольш увішных паплечніц Марыя паслала працаваць у радыёкамітэт — шукаць яшчэ людзей і магчымасцей. Да супрацоўніцтва прыцягнулі прыбіральшчыцу генеральнага камісарыята. Аднак знішчальнікі так і не сустрэлі картэж і, зразумела, не змаглі расстраляць або расціснуць гаўляйтэрскі лімузін. Галоўны дыктар, на якога ў радыёкамітэце была ўзята стаўка, аказаўся баязліўцам. Прыбіральшчыца ж клялася: калі і пашанцуе занесці міну ў кабінет гаўляйтэра, яе ўсё роўна выявяць ад’ютанты, якія штораніцы аглядаюць там кожны закутак.

Стала вядома: правальваюцца планы і ў другіх. У Тэатральным скверы схапілі дэсантнікаў. У афіцэрскай уніформе, русавалосыя, незалежныя, яны шпацыравалі па алеях, але аўтаматы ў іх віселі на правым плячы, рулямі ўніз, як немцы не носяць. Жану, які ўзначальваў у падпольным гаркоме аддзел па барацьбе з агентамі СД і акупацыйнымі чыноўнікамі, удалося замініраваць пабудаваную для выступлення гаўляйтэра трыбуну ў Смалявічах, але мітынг сарваўся — фон Кубэ па нейкіх прычынах не прыехаў. У драматычным жа тэатры, наадварот, міна ўзарвалася раней, як заявіўся туды гаўляйтэр...

І ўсё-такі кропля за кропляй дзяўбе нават камень: Марыі ўдалося натрапіць на работніка кінатэатра «Навіны» Мікалая Пахлябаева.

Сустрэчу наладзілі ў кіназале, на дзённым сеансе. Гледачоў было мала. Пахлябаеў, якому паказалі Марыю, прабраўся да яе і сеў праз адно вольнае месца. Як было дамоўлена, хутка абарвалася стужка, і гэта дало ім магчымасць выйсці з залы разам.

Седзячы ў заваленай рэкламным хламам каморцы за крываногім рыпучым сталом, Марыя разгледзела Пахлябаева — добра апранутага, ужо без слядоў некалі перажытых у шпіталі пакут.

— Мне сказалі, што вы знаёмы з пакаёўкай Кубэ. Гэта праўда? — усё ж даверылася яна нейкаму чуйнаму, як напятая струна, пачуццю-прадчуванню.

— Я сябрую з яе сястрой,— прыўзняў той брыво, і ў Марыі адлягло ад сэрца: ён здагадваўся, чаго яна тут, і сам прашчупваў яе, іначай адказаў бы прасцей — не аддзяліў сябе ад пакаёўкі, а проста кіўнуў бы. І сапраўды, прыжмурыўшыся, каб прыгасіць бляск порсткіх вачэй, ён дадаў: — Я прасіў бы прадставіць мяне камандаванню...

Пад Вішнёўкаю, дзе атабарыўся самы гадкі ў наваколлі гарнізон, іх спыніў патруль. Але памог выгляд Пахлябаева — берэт, каверкотавы гарнітур, нямецкі плашч, перакінуты цераз руку,— іх прапусцілі. І вось, калі ішлі далей паміж жытоў, палявой малаезджанай дарогаю, абочыны якой параслі травою, Пахлябаеў прызнаўся:

— Я вельмі ўдзячны вам, Марыя! Вы далі мне магчымасць вырвацца на прамую, як кажуць спартсмены. І мне рупіць сказаць вам: «Блаславёная ты, і блаславён плод жыця твайго...» Адкуль бяруцца ў вас сілы?

— Ад вас, відаць...— не захацела гаварыць пра гэта Марыя.

Яна чакала: Пахлябаеў засмяецца, але ён спахмурнеў, унурыўся. Нават пабляднеў,— з ілба і скроняў, як бляднеюць людзі, якія ў нечым клянуцца.

— Крыўдна, вядома, паміраць з ласкі на пацеху,— сказаў з прыціскам.— Асабліва калі хочацца яшчэ сёетое давесці. Але дзейнічаючы на свой страх і рызыку, я рыхтаваў сябе і да найгоршага...

Ён спыніўся, ды паглядзеў не на Марыю, а ўдалячынь, дзе да залацістага жытнёвага разліву спускаўся блакіт.

— Словам, я аддаю сябе ў ваша распараджэнне. У поўнае распараджэнне, Марыя! — І ўсё-такі не стрымаўся: — А ці не лепш мне самому ўзарваць кіназалу пры якім-небудзь урачыстым праглядзе? Я ж усё-такі мужчына!

Марыя паправіла густыя валасы, што выбіліся з-пад хусткі, задумалася. Прачырыла наском туфлі дарожку на пыльнай зямлі.

— Дзякую. Вы кемлівы... Але міну запаволенага дзеяння ў вас не скарыстаеш. А значыць, трэба будзе ахвяраваць вамі. Ды ці многа «за», што пашанцуе? Хай гэта застанецца на крайні выпадак. А цяпер — Мазанік...

Мінула некалькі дзён марнага чакання. Але, калі пачало ўжо здавацца: патрэбны нейкія тэрміновыя захады-вывады, Пахлябаеў праз сувязную — касірку прыватнай гадзіннікавай майстэрні, перадаў: загад выкананы — у дзевяць раніцы Марыю будуць чакаць ля ўвахода ў парк імя Горкага.

Ад Алены Мазанік у Марыі асталося дваістае ўражанне. Какетлівае плацце, чужая прычоска са старанна ўкладзенымі буклямі, залаты медальён на шыі. Разам з гэтым — яшчэ малады, прыемны, засмучаны твар, стомленыя, але неспакойныя рукі. Адчувалася: яна абдумала сваю тактыку — рашыла паводзіць сябе няпэўна — так, каб потым, на ліхі выпадак, выйсці сухою з вады.

— Вы маеце канкрэтныя прапановы? — спыталася, калі Пахлябаеў і сястра пайшлі.

— Я прапаную вам знішчыць рэйхскамісара,— проста сказала Марыя.— Пакараць за кроў і злачынствы супроць чалавечнасці.

— Мне? Вы сур’ёзна?

— Вельмі. Праўда, гэта ў выпадку, калі вы маеце намер астацца сумленнай.

— Ну, маё сумленне хай вас не турбуе,— закапыліла губы субяседніца.— Вас хто-небудзь упаўнаважыў?

Яна пераправярала Пахлябаева! І гэта тады, калі, як казалі, сама спрабавала шукаць падпольшчыкаў... Чаго б? Разумее: ёй памыляцца адзін раз? А мо прыглядаецца, выбіраючы, нечага чакае — мне, маўляў, ніколі не позна? Рашыла: дзейнічаць будзе толькі напэўна? Ці наогул з тых натур, якія прымаюць рашэнні ў самы апошні момант — і напярэдадні стараюцца не думаць, куды выкіруюцца падзеі заўтра, бо так лягчэй?

— Яго, Галя, усё роўна пакараюць,— больш лагодна сказала Марыя.— Ёсць вышэйшая справядлівасць, якой нельга пагарджаць. Ён злачынца. Дый самой табе гэта трэба не менш, чым нам.

Тон, Марыіна цярплівасць і тое, што яна назвала яе Галяй, як завуць у сям’і, спадабаліся Мазанік, паджывілі яе.

— Да мяне ўжо звярталіся з падобнымі прапановамі,— не то даверылася, не то пакпіла яна.— Палохалі, паказвалі, што ёсць грошы. Я думаю нават паведаміць гаўляйтэру.

— Каб вас і ваш дом узялі пад асобы нагляд?

— Не. Каб мяне не правяралі так па-дурному...

— Пахлябаеў, Галя, казаў мне, што яшчэ да вайны ЦСУ выдала інструкцыю. Згодна яе аўтамабілі без шын лічацца спраўнымі. А вось калі ў іх няма акумулятараў — няспраўнымі...

Гэтым разам Марыя накіравалася ў атрад з сястрою Мазанік — пікантнай, рашучай, якая старалася маўчаць і раз-пораз хмурылася.

Марыя ведала: яна — удава, працуе судамыйкаю ў сталовай, мае дзяцей, якія жывуць у прыгараднай вёсцы. Бачачы, як жанчына крывіцца і хапаецца за борт, калі кузаў грузавіка, на якім пашанцавала пад’ехаць да Паперні, падкідае на ўхабінах, шкадуючы яе, Марыя, як толькі саскочылі на зямлю і абабілі з вопраткі пыл, паклала ёй руку на плячо:

— Усё будзе добра, Валя. Свякруху і дзяцей вашых вывезем... Дый, наогул, хочаш быць смелай — будзь смелай да канца. Так лепш.

...У горад яны вярталіся паасобку — спачатку Валянціна, а назаўтра, другім маршрутам,— Марыя.

Марыя ішла адна па пыльнай дарозе, глядзела на неба, на стомленае жнівеньскае поле і зноў, зноў перабірала, ацэньвала ўсё ў галаве. Рашучасць рабіла яе празорлівай. І як ні прыкідвала, найбольш пэўным здаваўся план з мінаю, пра якую яна некалі казала Пахлябаеву. Толькі б Мазанік паверыла ў поспех, даверылася б, дала слова сабе і ёй...

На кантрольна-прапускным пункце эсэсман — пажылы, пануры дзядзька са шчокамі, падобнымі на галіфэ,— праверыўшы дакументы, раптам ні з таго ні з сяго зазлаваў на Марыю. Пагуляўшы ў кішэні манетамі, хацеў быў яшчэ нешта запатрабаваць, але папярхнуўся, сарваў з шыі аўтамат і выцяў Марыю прыкладам па патыліцы. Удар быў моцны, і яна, страціўшы прытомнасць, з паўгадзіны ляжала ў кювеце, куды нагамі спіхнулі яе эсэсманы.

Галава балела, развальвалася. Галавакружэнне, адчуванне моташнасці былі ў Марыі і праз дзень. Так што, калі яна, узгадніўшы планы з Мазанік, зноў падалася ў атрад, то мусіла ўзяць з сабою сувязную, хоць рашучасці і пабольшала.

Міны ў атрадзе знайшліся адразу. А вось узрывальнікі аказаліся ўсе трохсутачныя. Таму давялося шукаць у суседніх спецгрупах.

«Хоць бы гэтыя былі сутачныя! — хвалявалася Марыя, слухаючы наказы-тлумачэнні.— Людзі ж рызыкуюць! І калі не ўдасца, паклічам бяду, большую чым была...»

Узрывальнікі ёй параілі схаваць у прычоску, міны (на ўсякі выпадак дзве) пакласці ў кашолку з брусніцамі. Далі яек, круп, кавалак сала.

Назад Марыя з сувязной пайшлі сцішаныя — гняла адказнасць. Ля «пагранічнай» рэчкі Вячы, не згаворваючыся, сталі на калені, пакланіліся, пацалавалі зямлю.

— Цяжка, Марыя, на душы. Дома дзеці, а вяртацца не хочацца,— прызналася з затуманенымі вачыма сувязная.

Гэта была скарга, споведзь. Марыя зірнула на жанчыну, на высокае, з яшчэ цёплымі хмурынкамі неба, дзе луналі, распластаўшы крылы, буслы.

— Ім, вядома, лягчэй,— згадзілася.— Але нічога... Далей, цёзка, пойдзеш адна. Мне ўжо лепш.

— Што вы? — жахнулася тая.— Вы не так зразумелі мяне!

— Ідзі, ідзі! Мы з табой незнаёмыя.

Праз колькі крокаў з прыдарожных кустоў выйшлі паліцаі. Марыя бачыла, як самы высокі пальцам падазваў сувязную і пачаў абшукваць. Але іншай рады не было, як ісці да іх. Ад нервовага напружання карцела рассмяяцца.

— Чаго ржэш? Што чаргі няма? — даволі прыхільна спытаўся паліцай, які абшукваў сувязную.— Вытрасай свае шмоткі!

Прысеўшы, Марыя паволі пачала вымаць з кашолкі яйкі, крупы. Думкі працавалі ясна, выразна. Калі сувязную адпусцілі і ўсе акружылі Марыю, яна, усё смеючыся, сама рынулася ў атаку:

— У мяне, хлопцы, засталося некалькі марак. Магу даць... Але ж, мусіць, і ў вас ёсць сёстры?..

Высокі гаваркі паліцай састроіў дураслівую міну і ўваткнуў цясак у брусніцы. Сэрца ў Марыі абарвалася.

— Гы-гы, страшна? — зарагатаў ён.— З гэтага і пачынала б, родзічка! — І, зняўшы з галавы пілотку, падставіў як жменю.

Стараючыся, каб не дрыжалі рукі,— няхай баязлівец памірае тысячу разоў! — Марыя паклала ў пілотку пару яек і пад непрыстойныя жарты павярнулася да паліцаяў спінаю. Пачуўшы галёканне, плюнула: яе палохалі, мяркуючы, што пабяжыць. З нейкай злой тугою падумала: гэта сустрэча не апошняя. Абавязкова затрымаюць і будуць правяраць каля воданапорнай вежы ў Паперні і, зразумела, на кантрольна-прапускным пункце пры ўваходзе ў горад. Прычым, не выключана, зноў давядзецца мець справу з пажылым эсэсманам, у якога шчокі бы галіфэ. Але... яна, Марыя, усё роўна пройдзе і там...

Цяпер асталося перадаць прынесенае Алене Мазанік. Ды тая, насуперак дамоўленасці, на яўку не прыйшла. Не паказалася і на другі дзень. Што за прычына? Арыштавалі? Вагаецца? Раздумала? У дадатак да ўсяго перадалі ад Ліды: зноў прыходзілі гестапаўцы, пагражалі — забяруць ужо Генку. І зноў немы Юркаў крык стаяў у вушах, ірваў сэрца.

Марыя змяніла кватэру, дакументы, прычоску. Паслала Лідзе маршрут, па якім лягчэй трапіць у партызанскую зону. Загадала тэрмінова вывезці з Масюкоўшчыны старую з дзецьмі — хай і там будуць спалены масты да адступлення. Выклікала на явачную кватэру Пахлябаева — няхай таксама дзейнічае і прыме захады, каб адхіліць небяспеку ад сябе... Верыла: тут справа не ў Мазанік, а ў нечым непрадбачаным.

Сапраўды — неўзабаве тая перадала: гаўляйтэр выязджаў з горада, і яна, не жадаючы лішні раз рызыкаваць, чакала, калі ён вернецца. А заўтра, пад вечар, Марыя можа прыйсці проста да яе дамоў.

Гатовая і на горшае, Марыя пайшла па ўказаным адрасе. З парога, ведаючы — за сцяною жыве паліцай, прывіталася:

— Добры дзень, гаспадынька. Мне казалі вы туфлі прадаяце?

— Прадаю, праходзьце,— запрасіла Алена, кладучы побач на канапу чырвонае шыццё, над якім, відаць, карпела дасюль, але не ўстала.

Гэта было нечакана і пасля перадуманага насцярожыла. Аднак Марыя, не спыняючыся, ступіла да канапы — старамоднай, з высокай спінкаю, з палічкамі на ёй. Перавяла дух.

— Тут усё,— працягнула пакунак.— Як зарадзіць, я пакажу. Заўтра прысуд павінен быць выкананы.

Яна разумела: не варта называць рэчы сваімі імёнамі, але, каб падкрэсліць, што назад дарогі няма, пайшла на гэта свядома:

— Адкладваць больш нельга. Кат павінен быць знішчаны.

Алена ўсміхнулася.

— А я хіба супроць? — прашаптала і кіўнула на сцяну.— У іх там п’янка — удалося недзе хапнуць куш. Але давайце цішэй...

Яны ўважліва, прыжмурыўшыся, паглядзелі адна на адну. Не скажаш, як з няпэўнасці вырастае пэўнасць, але ім раптам адкрылася: Марыі — што гэтая прыгожая, дапытлівая жанчына праніклася задачаю і пойдзе на смерць; Алене ж — што непахісная госця мае права патрабаваць ад яе найцяжэйшага, бо, каб мела магчымасць, сама б пайшла на гэтае найцяжэйшае або паслала сваю дачку. Адкрылася і яшчэ: патрэбна вось такая шчаслівая сустрэча, каб яны змаглі праявіць сябе.

Адчуваючы адна да адной удзячнасць, яны абняліся. Потым Марыя адхіліла Алену і, трасучы за плечы, каб не адводзіла позірку, пацалавала ў лоб. І Валянціне, якая была ўзялася шукаць туфлі ў скасабочанай шафцы, здалося: яны спраўляюць абрад — адна ў нечым прысягае, а другая бласлаўляе яе.

— Таргуйцеся, таргуйцеся,— падагнала яна іх, выціраючы далоняй слёзы са шчок.— А я папяю.

— Сапраўды! — ачулася Марыя.— Збор у Тэатральным скверы. Галіне, падклаўшы міну, лепш за ўсё прасіцца да зубнога ўрача... Валіны дзеці і старая ўжо ў небяспецы...

— Салавейка каласо-ок,— зацягнула Валянціна,— салавейка каласо-ок!..

За сцяною грымнуў рогат.

Ноччу Марыя не спала. Узважваючы, перабірала то адно, то другое. Успаміналіся дачка з сястрою: «Хто ведае, якія звесткі ёсць у картатэцы СД?» Нявесела думалася пра Ліду з Генкам, пра Пахлябаева, які адмовіўся ісці ў лес: «Зраблю з ваша, тады, калі ласка...» Здабываючы алібі, ён арганізаваў сабе камандзіроўку ў Заходнюю — але ці ўратуе гэта, калі ўсчнецца калатня? Трывожылі промахі. Валіна свякруха паскнарнічала — напакавала занадта многа рэчаў, і давялося наймаць яшчэ падводу ў самой Масюкоўшчыне. Рэчы завезлі ў Мінск, і наняты падводчык ведае, дзе іх згружалі. Такім чынам, калі толькі гестапаўцы дабяруцца да яго і паднаціснуць — сёйтой таксама апынецца пад ударам...

Пра сябе Марыя не думала — само яе месца сярод людзей вымагала рызыкі. Яна, Марыя, ужо не належала сабе. Адчуванне сваёй залежнасці ад таго, што трэба было зрабіць, панавала над астатнім. Дый хіба можа чалавек рашаць — дыхаць яму ці не.

Раніцою Марыя аддала апошнія распараджэнні і пашыбавала ў сквер. Паслаўшы паперу на лаўцы, непадалёк ад фантана, расклала тавар — пірожныя, купленыя ў прыватнай кандытарскай. І, можа, толькі тут думкі ў яе схіліліся да самой сябе — вельмі хацелася ўбачыць, як пераможа справядлівасць, і хоць чутачку... адпачыць.

— Чаму так доўга? — выдыхнула яна, калі падбегла Алена.— Сведкі былі?

— Адзін сабака...

Неўзабаве яны ўжо трэсліся ў грузавіку — Марыя ў кабіне, Алена і Валянціна ў кузаве. Ды ўчэпістыя рукі гаўляйтэра ўсё яшчэ як бы цягнуліся за імі. За грузавіком нечакана ўвязаліся матацыклісты і легкавушка. Нават развітаўшыся з шафёрам і перайшоўшы Вячу, жанчыны напароліся на немцаў. І толькі пад Беларучамі, убачыўшы купку партызан на чале з прыкметным і таму знаёмым Марыі барадачом у жоўтай скуранцы, далі волю слязам...

Вось тады — на другі ці трэці дзень пасля іх прыходу — я і ўбачыўся з Марыяй у Янушкавічах — вёсцы, цяпер вядомай многім. У садку пры хаце, якую мне апісалі ў атрадзе, кусціўся бэз, цвілі махровыя астры. На зялёным ад спарыша двары мірна блукалі куры і гарланіў вогненны, быццам размаляваны певень. Аднак на чыстым, выскабленым ганку сядзелі партызаны з карабінамі і стаяў «максім».

Я ведаў: Марыя ўвесь гэты час страшэнна перажывала і настаяла правесці ў скляпку на агародзе эксперымент з мінаю. А калі ўзрыў адбыўся са спазненнем, слухаць не стала, што вінавата халоднае надвор’е. Ведаў я і тое, што нядаўна каля дома гаўляйтэра на поўначы раўлі пажарныя машыны. Рэдакцыі газет у Мінску атрымалі загад рыхтаваць аршынныя, у жалобных рамках, партрэты гаўляйтэра. Адменены ўсе прапускі, горад блакіраван. Ходзяць чуткі: «галоўных злачынцаў» СД схапіла...

Марыя толькі што вымыла галаву. Ля печкі на табурэтцы стаяў эмаліраваны таз з вадою. Схіліўшы галаву на плячо, Марыя стаяла побач і працірала ручніком валасы — густыя, ледзь не па калені.

Я дасюль не сустракаўся з ёю, але ўгадаў — яна, ясны твар, разумныя, з павалокаю вочы, чорныя як смоль даўгія валасы. Яна скоса глянула на мяне, паклала на табурэтку ручнік, уздыхнула.

У чыстай палавіне, з якой у цемнаватую кухню праз расчыненыя дзверы лілося святло, чуліся ажыўленыя галасы.

— Вы да мяне? — спыталася, бачачы, што я моўчкі разглядаю яе.— Напэўна, распытваць будзеце?

— Ты, Маруся, раскажы пра паведамленне шведскага радыё,— падказалі з чыстай палавіны.

— У Мінску яшчэ засталіся нашы,— як бы не пачула яна і стала пералічваць паплечнікаў, над якімі яшчэ вісела небяспека.— Дала, дурная, угаварыць сябе... Пахлябаеву, бачыце, усё мала. Шафёру Фурцу заманулася быць з ім: «Дзе ён, там і я...» А што, калі сам на цугундэры? Маглі ж угледзець, калі падвозіў нас. І калі пабяжыць на вакзал, каб сустрэць і праінфармаваць, пападуцца абодва...

Вочы ў Марыі ўздрыганулі, на іх закружыліся слёзы.

Я сустракаў многа мужных людзей. Але мушу прызнацца: такую натуральную, глыбокую мужнасць я бачыў упершыню. У ёй як бы жыла душа народа, яго гора і вера. Здавалася, Марыя ведала ўсё, і нават тое, чаго чакалі ад яе жанчыны там, на Урале. Бо яна ўвабрала ў сябе іхні боль, цярплівасць і дабрату.

1 Юных піянераў.