epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Карпаў

Цана радасці. Апавяданне

Ну, ну, смялей, хлопчык! Гэтаму вучыцца не трэба. Вось так. Правільна, дарагі мой! Ты думаеш, мне не козытна? Козытна, хлопчык. Але ой як добра, што ты сапеш ля сэрца. Млявы, цёпленькі. Што маё малачко цячэ ў цябе цурком. Ну, смакчы, смакчы, любы.

Табе і неўпрыцям, як гэта нітуе нас. Што ты з кожнай хвілінкаю робішся даражэйшы, найдаражэйшы, немаўлёнак мой! Хоць куды ўжо, здаецца?..

Ну, добранька! Тады давай пагаворым трошкі. Скажы мне вось, напрыклад, хто нас запіша? У якую кнігу? Як будуць пісаць? Ну, вядома, бацька, маці. Гэта ёсць. Знойдзем і хросных. Але дзе той загс? У штабе? Як запоўніць графу «месца нараджэння»? Няўжо — лясны лагер? От здорава! Адзін будзе хваліцца — я масквіч. Другі — я гамельчанін. А ты як скажаш? Лесавічанін? Ха-ха-ха!

І наогул. Калі ты нарадзіўся? Трыццаць першага? Не, лясак мой, гэтым днём я цябе не запішу. Скажу нарадзіўся ў ноч на першае студзеня сорак трэцяга. От як. Бо каму трэба, каб з-за некалькіх гадзін ты старэйшы на цэлы год аказаўся? Мы з табой спрактыкаваныя ўжо. Недарэмна столькі перажылі. Так, лясак?

Эдзік, падыдзі, глянь на сына! Ён жа выліты ты. Чэснае камсамольскае. Гэтак жа і грымаснічае, калі штосьці не даспадобы...

Ну, на першы раз досыць. Пераясі яшчэ. Бачыш, адрыгаецца. Дай хусцінку, Эдзік, яна на тваіх нарах, пад падушкаю, і бяры ўжо свайго аніку-воіна. Ды асцярожна. Хопіць — і так паспытаў, пачым фунт ліха. Глянь толькі, ці не дзьме з акенца. Шыбы, нібы ў казцы пра снежнае царства — з лёду.

Чаго ты прачнуўся чуць свет! Няўжо есці ўжо захацеў? А мо напурыў зноў? Давай перапаўю. Цяпер гэта пакуль самае важнае для нас. І ціха, ціха. Не разбудзі бацьку. Прачнецца — а-та-та дасць. Ён толькі што з задання вярнуўся. Ледзь не пад самы Мінск хадзілі. Знясіліўся зусім.

І-і, хлопчык!.. Сёння ранічкой камбрыг заглядаў. Калі расказала яму пра гаворку з табой, смяяўся. Казаў, што ты — лясак, вядома, але не чысты. Бо жыць пачаў у горадзе і там жа баявое хрышчэнне прыняў...

Мы з тваім таткам напрадвесні пабраліся. І таксама без усякага загса. Нават у розных месцах жылі. Я ў драўляным доміку за калючым дротам, а ён з тваёй бабуляй за некалькі кварталаў ад мяне... На Беламорскай вуліцы... Гаротная вуліца, хлопчык! Пра яе цэлую гісторыю можна напісаць. Як і пра Драздоўскі лагер. Хоць той і праіснаваў усяго з месяц...

Твая мамка з татам вучыліся да гэтага. У політэхнічным, трэці курс канчалі. Мала што і заўважалі навокал сябе. Стыпендыю выдатнікам давалі, ну і гналі «пяцёркі». Вайна як гром сярод белага дня для нас выбухнула. Мяне з аднакурснікамі на аэрадром зараўноўваць узлётныя дарожкі паслалі. А тату твайго — лавіць нямецкіх дэсантнікаў. Многа іх пераапранутых скідалі. Ля парку Чалюскінцаў, ля аэрадрома, навокал горада.

А неўзабаве і танкі іхнія ўварваліся... Нашых лаўцоў разам з другімі мужчынамі ў канцэнтрацыйны лагер засадзілі. У той самы Драздоўскі... Расстралялі Ізю Махліса — быў сярод нас такі весялун, балака. Тыя, што бялявыя, з блакітнымі вачыма, пачалі свае пашпарты аддаваць, каб уратаваць таварышаў...

Нам, дзяўчатам, пашанцавала болей — мы асталіся на волі. Я, Вера Раманоўская, Ніна Галубенка ў разбураным хлебазаводзе знайшлі цеста. У пакарэжаных цыстэрнах на чыгуначных пуцях — алей. Узяліся пячы перапечкі. Напёкшы, беглі ў Дразды. Пішчом лезлі за калючы дрот... Колькі радасці, хлопчык, тады было! Як яны елі гэтыя перапечкі!

Калі ж удалося выбавіць іх адтуль, наша студэнцкая сям’я зноў сабралася. Табе, вядома, і неўпрыцям, што такое студэнцкая дружба. Асабліва пры выпрабаваннях. Кажуць, гэта — узаемавыручка, падтрымка адзін аднаго. Не-е! Наша дружба была паветрам, якім мы дыхалі, сонцам, якое сагравала.

А рашучасць, хлопчык!.. Сярод нас была Ліда Сысоева. Дыпламантка-камсамолка. Калі нейкі фрыц паспрабаваў прыставаць да яе, яна проста плюнула яму ў зрэнкі. А калі той стаў здзекавацца — наматаў яе касу на руку і тузануў направа-налева — прыгразіла: «Здзекуйся, гад, здзекуйся, але помні — табе і твайму Гітлеру ўсё роўна капут!» І гэта калі яны пад Масквой былі... Расстралялі, вядома, Ліду. Без суда, на месцы...

І каб ад мяне гэта залежала, я пасля перамогі помнік бы ёй ля нашага Політэхнічнага паставіла. За чысціню, за гонар...

Праўда, інстытуцкі інтэрнат немцы пад шпіталь занялі. Разбрыліся мы, хто куды. Але купкамі. Некалькі чалавек, у тым ліку і я, перасяліліся ў дом Белдзяржпраекта. На Акадэмічную вуліцу. Ды і адтуль нас хутка пратурылі. Уначы проста. Прыехалі на аўтамашынах, забегалі па лесвіцах. У дзверы загрукалі: «Вэк,} вэк!»

Добра, што на двары пусты домік былой пажарнай аховы стаяў.

Аказалася — гэта авіяштаб нейкай лётнай групы прыбыў. Аблюбаваў сабе дом і рашыў атабарыцца ў ім. Так што, калі будынак абгарадзілі калючым дротам, мы таксама асталіся за драцяной агароджай. Нават пад аховай вартавых. І, вядома, не так сабе. Дзяўчатстудэнтак прымусілі мыць кухонную пасуду ў сталоўцы. Студэнтаў — калоць дровы для кухні. Праўда, за гэта, як узнагароду, выдавалі кацялок супу, а часам і іншыя недаедкі.

Затое Новы год адсвяткавалі мы на злосць усім, хто банкетаваў у сталоўцы. Хлопцы расстараліся шнапсу, мы сцібрылі на кухні цыбулі, хлеба. Седзячы за бяседным столікам, спявалі колішнія песні. І паслухаў бы ты, хлопчык, што за пачуцці ўкладвалі мы ў словы! Якім цудоўным, невымоўна дарагім здавалася адабранае ў нас! Гэта праўда — каб як след ацаніць што-небудзь, яго спачатку трэба страціць...

Я не ведаю, як склаўся б наш лёс, каб у горадзе не з’явіўся Верын бацька — Сяргей Антонавіч. Яго, старога камуніста, па-мойму, знаў кожны дзесяты мінчанін. Апошняе, можа, найбольш і ўразіла мяне. Што гэта было? Спакойная ўпартасць? Гатоўнасць служыць справе, не думаючы ні пра сябе, ні пра сваіх дзяцей? Успомніўся і твой дзед — ён партызаніў у грамадзянскую вайну.

Трывожнае хваляванне ахапіла мяне. Нібыта разам з гэтым спакойным, упэўненым чалавекам прыйшло прывітанне аднекуль. Мне асабіста.

Мы і раней строілі розныя планы. Але былі яны нейкія беспрадметныя. Ім бракавала дзелавой сур’ёзнасці, а нам — пачуцця адказнасці за падзеі, а значыць — і той неабходнай сілы, з якой пачынаецца справа... Мы ненавідзелі чужынцаў. Сваю нянавісць выказвалі ўголас. Дэманстравалі яе, адзначаючы святы... І перад сабой, такім чынам, аставаліся сумленнымі. І во гэтае адчуванне, як ні дзіўна, дазваляла... растрачваць запал і нянавісць абы-як.

З’яўленне Раманоўскага быццам працверазіла нас, забараніла жыць як набягала.

Не, праўда, яшчэ адно...

Чалавеку, хлопчык, даводзіцца за жыццё трымаць многа іспытаў. І кожны з іх вызначае яму цану. Вартасць яго. Хоць часам і выпадковую... Але ёсць такі экзамен-іспыт, у час якога чалавек як на далоні. Вось ён! Вось яго вартасць! Гэта іспыт смерцю, мой хлопчык. Той момант, калі чалавек глядзіць у вочы сваёй смертухны...

Мы з тваім татам бачылі, як паміраў адзін. Прозвішча яго я і цяпер не ведаю. Чула: «Слаўка», «Слава»... Прывезлі яго ў Тэатральны сквер на грузавіку. Паставілі пад пятлёю. Рукі звязаны. Сам змардаваны зусім. Аднак трымаецца з годнасцю, нібы ўся гэтая катавасія датычыць другога. Нібы не яго, а ён судзіць сваіх катаў. Казалі, што следчы, які вёў допыт, ашалеў ад бяссілля і загадаў вартавому праткнуць Слаўку язык штыком вінтоўкі. Ды, стоячы і з нанізаным на штык языком, ён так і не дакрануўся ні да паперы, ні да алоўка. Дык вось, калі кат накінуў яму на шыю пятлю, Слава нешта выгукнуў — зразумела для нас, сагнаных на месца пакарання. Але язык жа быў паранены... І тады, карыстаючыся, што ногі не былі звязаны, Слава выспяткам абваліў ката на зямлю. Удар быў такі моцны, што з нагі Славы сарваўся чаравік.

Хіба такое можа прайсці бясследна, хлопчык?..

Ну, ладна... Так, а не іначай, а твой татка і я сустрэліся з Раманоўскім на ягонай кватэры. У доме па Слясарнай. Адказваць на пытанні стараліся з выглядам спрактыкаваных падпольшчыкаў. Аднак толькі тут — у пакойчыку са светлымі абоямі, разгалістым 31 537, што гэта — часць цяжкіх бамбардзіроўшчыкаў. Дальняга дзеяння.

Чуеш, як я загаварыла, хлопчык?.. Глядзі, ідзе каза рагатая...

І яшчэ скажу, хоць разумею: і гэта не для цябе. Выйшлі мы з доміка Раманоўскіх з адчуваннем, што ў нас займае дух... Ростам я, бачыш, быццам дзяўчынка, ды наогул... Але ведала: татка твой і дасюль кахаў мяне. Аднак каб паказаць гэтае, прызнацца — ні-ні! А тут, ледзь збочылі па пратаптанай дарожцы ў руінах, схапіў маю руку і прыпаў вуснамі. Я ж, недатыка, вырвала яе, злавіла ягоную руку і таксама пачала цалаваць. А потым, укленчыўшы, абняла таткавы ногі...

Побач з нашай зямляначкай, хлопчык, майстэрня ёсць. У ёй такія майстры працуюць, што з вінтовачнай рулі ды жалезнага ламачча аўтамат робяць. Во яны твайму бацьку і змайстравалі інструмент. Бачыш, як клапоцяцца? А ён ужо начовачкі выдзеўб. Праўда, не дужа гладкія. Але нічога. Мы ў іх полку пасцелем і пакупаемся не горш, чым у купленых. А потым абсушым і сянца пакладзём. От калыска будзе — любата!

Пачакай адно, каб у зямлянцы пацяплела. Печка ўжо гарачанькая. Вада закіпела. Давай пакалышу трошачкі і далей раскажу. Яно ж толькі пачынаецца ўсё. А я — балбатуха, люблю расказваць.

Сталі мы з таткам разведчыкамі. Ты слухай, слухай. Ён у атрад каб паказацца камандаванню, схадзіў. Вярнуўшыся праінструктаваў і мяне. Падзел працы ўвялі. Я выкінутыя ў смецце загады па штабе стала падбіраць, скарыстаную капіравальную паперу з машыннага бюро... А татка падсумоўвае здабытае. На папяроснай паперы піша. А пасля скруціць хітранька рулончыкам — І ў адтуліну алоўка, замест грыфеля.

Вера Раманоўская прыйдзе пагуляць да нас — забярэ алоўкі і новае заданне пакіне.

Так і балансіравалі на лязе нажа...

А тут раптам ты яшчэ заявіў аб сабе!.. Несла я раз пасля банкету паднос бруднай пасуды на кухню, пераступіла парог, і на табе — штурхель у бок. Ледзь не ўпусціла сваю ношку. Во зарабіла б! Уяўляеш?..

Але павер мамцы, наўрад ці былі ў мяне чысцейшыя, шчаслівейшыя дні, як тыя. І хоць жыццё неяк завастрылася адразу, мы нібыта на крылах ляталі. Татка мяне любіў, я — яго. Ён мяне імкнуўся засланіць сабою, я — яго. Дый справа спорылася. Што яшчэ трэба? Кожнаму па дваццаць аднаму, кожны кахае, стараецца на сябе большы цяжар узваліць, у заўтрашні дзень верыць. Страшна, вядома, але радасна затое...

Ну вось, зараз налью ў начовачкі вады, праверу тэмпературу локцем. Мая мама кнопкаю мяне звала. Крычала, калі я, дзівячыся, вочы тарашчыла. Але сур'ёзныя гаворкі ўсё-такі вяла. Дык яна казала, што лепшага за локаць градусніка наогул, пэўна, няма. Так, так... Не верыцца? Але пабачыш сам, калі мы з табою будзем куп-куп рабіць... Што, прыемненька? Ну, вось. Гэта толькі спачатку страшна!

І слухай, слухай. Пад восень заўважыла я — у штабе нейкі неспакой. Ад’язджаюць, прыязджаюць. І ўсё — «Сталінград, Волга!». Сёе-тое пакаваць узяліся.

«Ага,— думаю,— ясна!..»

Татка на веласіпед — і зноў у атрад...

Ці здагадваліся мы, як і куды ўсё выкіруецца? Так, лесавічанін-мінчанін, здагадваліся. Але даруй нам, дарагі, не маглі іначай паступіць. Яны ж тылавыя, гэта значыць мірныя гарады бамбілі. Да Масквы прарываліся! Колькі такіх, як ты, немаўлят, забілі і маглі яшчэ забіць!.. Дай я ружовую пятачку пацалую...

Да таго часу пагрубела я ўжо, жывот узняўся. Раіліся мы з таткам, як лепей усё зрабіць і, чэснае камсамольскае, плакалі...

Калі Вера паведаміла, што з атрада прыбылі міны, пайшлі на Слясарную. Удакладнілі ўсё з Сяргеем Антонавічам. Дамовіліся — узрываць станем у час вячэры. Бо снедаць і палуднаваць афіцэры мелі права ў любы час. А вось вячэраць мусілі роўна ў дваццаць нульнуль па гадзінніку.

Да гэтай пары ніхто нават не садзіўся за стол — чакалі начальства.

Дакладна за хвіліну ў залу па дывановай дарожцы ўбягаў генеральскі сабака. За ім непаспешліва ступаў сам генерал — лысаваты, бравы. Грымела «Хайль!». І толькі пасля ўжо ўсе займалі свае месцы адпаведна ваеннаму рангу.

Паглядзеў бы, хлопчык, як ваясна яны садзіліся.

З якім гонарам. Я нават разглядала іх — карцела зразумець: а як жа з сумленнем? Куды яны яго падзелі? Здаецца, людзі як людзі. Няўжо ёсць сіла, здольная зусім асляпіць чалавека, вытруціць з яго пачуццё справядлівасці, чалавечнасці? Зрабіць сляпым пыхлівым выканаўцам?

Я неяк трапіла ў склад, які непадалёку ад нас знаходзіўся. Аказалася — туды эсэсаўцы звозілі рэчы ахвяр. Не верыцца проста! Асобна акуляры, асобна грабеньчыкі, асобна дзіцячыя чаравічкі... Усё растасована, падлічана, запрыходавана!

А як шаноўныя асы распісвалі свае палёты! Асабліва калі ўдавалася наляцець знянацку, пакінуць горад у агні. Калі пасля кожнай новай хвалі можна было пачынаць бамбіць ад паласы пажараў...

Ну, ладна! Затое і мы прыдумалі... У зале яшчэ з зімы чыгунная печка стаяла. Вырашылі замініраваць яе — няхай і асколкі будуць.

Праўда, непакоілі таварышы, з якімі я жыла ў доміку. Але прыдумалі, як засцерагчы ад небяспекі і іх...

Што я мусіла рабіць? У спецыяльна сшытым поясе пранесці міны ў сталоўку. Улучыўшы момант, выкруціць з іх затычкі, укруціць у адну ўзрывальнік, у другую — дэтанатар і падкласці міны пад дно печкі... Дык вось, затычкі я павінна была знарок пакінуць у кішэнях рабочага халата як рэчавы доказ... Ну і, вядома, трэба было забараніць таварышам заходзіць да нас, не раскрыўшы прычыны... Гэта таксама цяжка было...

Напярэдадні, за суткі, татка вырваў чаку з узрывальніка. Мы замерлі аж. Пачалося! І помню — нейкае казытлівае халаднаватае адчуванне апанавала мяне... Нібы і ў нас пачало адбывацца такое ж, як і ў узрывальніку.

Без асаблівых ваганняў пайшлі да бабулі. Стомленая хатнімі клопатамі,— цэлы дзень на нагах,— яна ўжо ў ложку ляжала.

— Мама,— сказаў твой тата,— заўтра раніцай вы павінны пайсці з Мінска. Пойдзеце па Слуцкай шашы да вёскі Мякота. Зразумелі?..

У тую ноч мы не заснулі. Усталі з сонцам. Зноў паўтарылі маніпуляцыю з затычкамі і ўзрывальнікам... Старанна падперазалі мяне тым поясам і доўга правяралі, ці не ўгадваецца ён за складкамі шырокага плацця, якое я цяпер насіла.

Да авіяштаба ішлі марудна — у мінах быў грымучы жэлацін. Дроцік ва ўзрывальніку, што праз пэўны час мусіў парвацца, усё танчэў... Набліжаўся і сам момант... Але, хлопчык, ваганні і тады не мучылі мяне. Быў, вядома, страх. Былі думкі... Я ж таксама мела маму, горад, дзе нарадзілася. Я, як і другія, вучылася ў школе, насіла кароценькія сукенкі, уздыхала, купалася... Ну, зразумела, і ты... Але, клянуся, я дасюль не ведаю, ці лягчэй мне было б, каб не было цябе... Чэснае камсамольскае, не ведаю. Усё-такі ўдваіх...

Раніца выдалася шаўкавістая, ясная. Здаецца, раней такой і не бачыла ніколі. А сонца сляпучае, вялікае. І ўсё навокал чыстае-чыстае.

Прамаршыравала каманда салдат. На процілеглым тратуары, адказыраўшы адзін аднаму, размінуліся два афіцэры. Папраўляючы на хаду рэмень, прайшоў паліцай у чорным шынялі.

«Падонак! — нават пашкадавала я.— Не мог астацца чалавекам!»

Здалося, навакольнае святло хлынула ў мяне, і я нібы захліпнулася ў ім. Дый наканаваны лёс здаўся не такім ужо безнадзейным. Аднак у той жа момант мяне абдало і холадам.

Не падыходзячы да варот з вартавым, мы развіталіся. І ўсё ж, хлопчык, гэта, можа, і было самым цяжкім. Перад тым як ісці з дому, Эдуард рашуча сказаў: «Не бойся, Славачка, я побач». Але чым ён мог памагчы зараз? Чым падтрымаць? Я разумела яго становішча і, каб не цягнуліся секунды, адвярнулася і пайшла : яму выпала чакаць мяне па другі бок будынка — туды выходзіў балкон з кухні і адтуль я павінна была падаць яму знак, як усё выйшла.

У запасе ў мяне былі мінуты. На работу я магла прыйсці, ну, на паўгадзіны раней за другіх «вольнанаёмных». У такую рань на кухні звычайна завіхаўся толькі повар Эрых. Астатнія яфрэйтары і обер-яфрэйтары, якія абслугоўвалі сталоўку і жылі паверхам вышэй, прыходзілі пазней, хвілін праз пятнаццаць. Вось за гэтыя пятнаццаць хвілін я і мусіла ўправіцца.

Дзверы мне адчыніў Эрых — непамыты, заспаны. Зіркнуўшы косымі вачыма, моўчкі паклыпаў да водаправоднай ракавіны.

Я надзела рабочы халат, узяла паднос і падалася ў сталовую залу.

Маскіровачныя шторы на вокнах учора апусцілі, і ў зале было цёмна. Я запаліла святло — не шкодзіла праверыць, ці не спіць тут у крэсле хто-небудзь з яфрэйтараў, якія любілі пасля вячэры дапіваць рэшткі з афіцэрскага стала. Сабіраючы на паднос чаркі, фужэры, абышла залу — не, нікога не было.

Як на спутаных, чужых нагах наблізілася да чыгуннай печкі. Паставіла паднос на рог бліжэйшага стала. Прыслухалася. Але ў скронях стукала — і нічога нельга было пачуць. Каб супакоіцца, перавяла дыханне. Так і ёсць — у кухні ўжо збіраліся — данёсся бразгат пасуды.

Хутка развязала пояс, паклала міны на падлогу. Потым узялася выкручваць затычкі. Намаганнем волі перасіліла дрыжыкі ў руках. Але зноў захвалявалася, калі стала падкладаць міны пад дно печкі. Другая ніяк не лезла — перашкаджала першая. А тут я яшчэ выразна пачула крокі — нехта ішоў сюды па калідоры. Пот заліў мне вочы. Помню толькі, што металічны цок — міна прыліпла да міны — супаў са скрыпам дзвярэй.

І раптам ты, хлопчык! Знячэўку ўздрыгнуў, пацягнуўся і застукаў у бок. Я не ведаю, была тут сувязь аднаго з другім, толькі я імгненна, быццам апаленая здагадкаю, схапіла за край паднос і рванула яго на сябе. Крыштальныя ашкалёпкі пырснулі і разляцеліся па падлозе.

Потым мяне скаланула радасць — я ўбачыла, як круглеюць, наліваюцца шалёнасцю Эрыхавы вочы. Значыць, хутчэй за ўсё, увагу ён звярнуў не на печку!

— Русіш швайн! — зайшоўся крыкам, не могучы ад абурэння пераступіць парог.

Ох, каза-дзераза!..

Ён крычаў на нас часта. Асабліва калі хапала работы. Бачачы, што мы не дужа завіхаемся, шпурляў абы-чым — гарачымі патэльнямі, мокрымі анучамі. Вочы тады ў яго касілі яшчэ больш. Але мы не надта баяліся гэтага шаленца, бо ведалі яго слабінку. Повар-яфрэйтар гандляваў усім — і сваім і чужым. Ён недаважваў афіцэрам порцыі масла, недадаваў кавалачкаў мяса і, не саромеючыся, пры нас збываў крадзенае «налева». Паглядзеў бы ты, якім трыумфам свяціліся яго косыя вочы, калі ён набіваў грашыма кашалёк і трос ім над галавой,

Аднак цяпер была іншая сітуацыя... Я паднялася і стала перад ім, згодная і на тое, каб ён выцяў мяне. Я ж ратавала цябе, сябе.

— Я пастараюся заплаціць вам спаўна, гер Эрых,— мармытала, прысягаючы.— Мне паможа муж, свякруха. Далібог...

Ці то маё абяцанне, ці то мой выгляд маленькай, нехлямяжай цяжарнай жанчыны зрабілі сваё — рукі ён не падняў.

— Падбяры! — гаркнуў.

Вось і ўсё, радасць мая. Падмяла я венікам ашкалёпкі, ссыпала іх у памыйнае вядро і выйшла на кухонны балкон. На, Эдзік, глядзі, якія мы!.. А цяпер давай вытрамся як след і ляжам бай-бай.

Фу, які ты! Як ні купай цябе, аказваецца, усё роўна пад пахамі патнічка. Бачыш, аж пачырванела. Мая мама радзіла некалі прысыпаць яе пылком ад дзеразы, якім нават парэзы і раны гояць. Але дзе ты знойдзеш дзеразы ўзімку...

Ды нічога. Неўзабаве, пэўна, у нас з табой лепшыя лекі знойдуцца. Расстараемся пудры. А мо і тальку сапраўднага! Гэта ж усё-такі Масква! Во як будзе! У яселькі цябе ўладжу. Сама, як абяцаюць, зноў за навуку вазьмуся. Цуд, ды і толькі! Зноў за «пяцёркамі» давядзецца ганяцца, каб стыпендыю апраўдаць. Але, зразумела, ужо не адным гэтым жыць буду. Шкада толькі — з бацькам, мінчанін ты мой, прыйдзецца разлучыцца. Вайна ж не скончылася, ён тут патрэбен. Ніколі яшчэ не было, каб яна ўсім шчасце прыносіла. Дай пацалую... Ды і нам з табой цераз лінію фронту пералятаць... Што, страшна?.. Гудзіш? Ну, гудзі, гудзі. Ты маеш цяпер права.