epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Карпаў

Дарогамі жыцця

І
ІІ
III
IV
V


«Якуб Колас — волат беларускай паэзіі, пясняр і паэт простай, шчырай, глыбокай прыгажосці,— пісаў М. Ціханаў аб Коласе-паэце.— Вершы яго падобны на вясновы задуменны шум яго родных лясоў, плюскат ціхіх рэк, на ціхія дарогі сярод вячэрніх палёў, на песні яго землякоў, песні аб волі, аб працы, аб жыцці».

Пісьменнік шматгранны і глыбокі, Я. Колас даў беларускай літаратуры і выдатныя ўзоры прозы і драматургіі, якія, як і яго паэзія, поўныя простай, шчырай, глыбокай прыгажосці. У іх таксама чуюцца павевы беларускіх лясоў і палёў. Яны, як і паэзія, прасякнуты любоўю і замілаваннем да роднага краю, да працавітага народа, песнямі аб волі, аб працы і жыцці якога яны з’яўляюцца.

Лепшыя коласаўскія творы, як і творы Янкі Купалы, уяўляюць сабою цэлыя этапы ў станаўленні і развіцці беларускага мастацкага слова, з’яўляюцца вехамі ў яго гісторыі.

 

І

Самымі значнымі літаратурнымі з’явамі ў галіне прозы да Кастрычніцкай рэвалюцыі былі каларытныя, сакавітыя апавяданні Якуба Коласа, якія па сутнасці і паклалі пачатак беларускай прозе.

Праўда, некаторыя адзнакі фармавання беларускай прозы — прозы, якая б «цэлым радам рыс узнаўляла аблічча жыцця» (М. Някрасаў), мы знаходзім і ў творчасці іншых пісьменнікаў і ў прыватнасці Ядвігіна Ш. (1869—1922 гг.). Яму, апрача вершаваных і драматычных твораў, належаць два зборнікі апавяданняў — «Бярозка» (1912 г.) і «Васількі» (1914 г.), мемуары «Лісты з дарогі» (1910 г.) — нататкі пра ўласнае падарожжа пехатою з Вільні ў Мінск і няскончаны раман «Золата». Але ў параўнанні з апавяданнямі

Якуба Коласа, якія да таго ж пачалі публікавацца раней, яны не ўносілі прынцыпова новага ў прозу.

Памяркоўны ліберал пранародніцкага кірунку Ядвігін Ш. зрабіў аб’ектам сваёй сатыры цёмныя бакі сялянскага побыту, вясковую цемру, забабоннасць, людскую нязгоду, асобныя праявы сацыяльнай несправядлівасці, сялянскую наіўнасць і палітычную бесклапотнасць, паразітычную сутнасць царскіх чыноўнікаў, здраднікаў і адшчапенцаў народа.

Сваё палітычнае крэда Ядвігін Ш. выказаў у «Лістах з дарогі».

«Хай кожны, каму дораг свой родны край,— пісаў ён,— загляне ў бліжэйшыя вёскі, загляне пад падгніўшыя стрэхі хатак, хай дзеліцца сваімі думкамі, радасцямі, вестачкамі... Хай кожны святлейшы чалавек ідзе паміж гэтага народу і запальвае паміж яго светач навукі, свядомасці і справядлівасці».

І, застаючыся верным сабе, выступаючы супроць асобных адмоўных з’яў рэчаіснасці, пісьменнік ні на крок не выходзіў за межы асветных маральных мэтаў. Яго апавяданні носяць падкрэслена павучальны характар, а некаторыя з іх нават нагадваюць звычайныя прытчы — ілюстрацыі да пэўнай маральнай тэзы. Вобразы ў іх настолькі аднагранныя, палажэнні і сітуацыі настолькі казачна-анекдатычныя, што толькі ў вельмі ўмоўным сэнсе могуць быць названы рэалістычнымі. Праўда, пісьменнік аздабляе гэтыя творы бытавымі дэталямі, карыстаецца спецыяльнымі прыёмамі, каб пераканаць чытача ў праўдападобнасці намаляванага, але гэта мала змяняе сутнасць справы. Фальклорныя запазычванні тут угадваюцца лёгка — угадваюцца ў сюжэтах, прыёмах, сказавай манеры, у выяўленчых сродках.

Творы Я. Коласа, змешчаныя ў кнігах «Апавяданні» (1912 г.), «Тоўстае палена» (1913 г.) і «Родныя з’явы» (1914 г.), а пазней таксама і лепшыя імпрэсіі ў прозе Зм. Бядулі, што ўвайшлі ў зборнік «Абразкі» (1913 г.), і нешматлікія ягоныя навелы, апублікаваныя ў перыядычным друку і выдадзеныя разам з паслярэвалюцыйнымі творамі асобнай кнігай пад назвай «На зачарованых гонях» у 1923 годзе, уяўлялі сабою ўжо якасна новыя як у ідэйных, так і мастацкіх адносінах рэчы ў беларускай прозе. Хаця глебай, што жывіла многія творы Якуба Коласа і Змітрака Бядулі, у некаторай ступені быў фальклор, на іх ужо, не ў прыклад апавяданням Ядвігіна Ш., які заставаўся ў вузкім коле фальклорных сюжэтаў, відаць ужо выразна адзнакі жыцця, эпохі і адчуваюцца літаратурныя ўплывы. Разам з гэтым Я. Колас і Зм. Бядуля ідуць рознымі кірункамі: першы абвяшчае сваім сцягам крытычны рэалізм, а сябе — паслядоўнікам традыцый рускай класічнай літаратуры, паслядоўнікам ідэй рускіх рэвалюцыйных дэмакратаў XIX стагоддзя; другі ж фармуецца пад уплывам моднай у той час сярод пэўнай часткі інтэлігенцыі плыні — імпрэсіянізму, з яго сузіральнасцю, суб’ектывізмам і псіхалагізмам, з яго ўцёкамі ў казачную фантастыку, і прыходзіць да рэалізму праз павольнае пераадольванне гэтага ўплыву.

Дух Гогаля прысутнічае шмат у якіх творах Я. Коласа, пачынаючы ад ранніх апавяданняў, і асабліва тых, дзе выкрываюцца чыноўнікі і іх заплеснявелы побыт, і канчаючы апісаннем Прыпяці ў аповесці «Дрыгва». Аб вялікім рускім сатырыку Я. Колас успамінае ў апошнім сваім празаічным творы — «На ростанях», і, як бы падкрэсліваючы блізкасць яму гогалеўскіх вобразаў, надзяляе адно з персанажаў славутымі вусамі гогалеўскага вінакура, гледзячы на якога, здавалася, што ён нібы трымае ў зубах мыш.

Дарэчы, Якуб Колас сам неаднаразова гаварыў аб той вялікай ролі, якую адыграла спадчына рускіх класікаў у яго ўласнай творчасці. Крылоў і Някрасаў, Пушкін і Горкі, Бялінскі і Гогаль натхнялі, жывілі творчасць народнага паэта. У артыкуле «Пушкін і наша культура» Я. Колас, напрыклад, піша:

«...Вялікі ўплыў зрабіў Пушкін на нас, маладых пісьменнікаў народа, пісьменнікаў-дэмакратаў, якія прыйшлі ў беларускую літаратуру разам з рэвалюцыяй 1905 года,— на Янку Купалу і мяне. Пушкінская нянавісць да нявольніцтва і ланцугоў — «увы! куда ни брошу взор — везде бичи, везде железы», пушкінскае імкненне да свабоды — «хочу воспеть свободу миру, на тронах поразить порок», пушкінскі заклік да барацьбы з самадзяржаўным дэспатызмам — «самавластительный злодей, тебя, твой трон я ненавижу, твою погибель, смерть детей с жестокой радостню вижу»,— усе гэтыя вялікія запаветы і ідэі Пушкіна беларускія пісьменнікі прынялі як сваю спадчыну і развівалі іх у новых гістарычных умовах...

Калі б не было Пушкіна з яго «Анегіным», одай «Вольнасць» і «Пасланнем у Сібір», «Капітанскай дачкой» і казкамі,— не было б, напэўна, і маіх паэм «Новая зямля» і «Рыбакова хата», маёй лірыкі і прозы».

Раннія апавяданні Якуба Коласа, як і яго вершы, глыбока рэалістычныя. Побыт вёскі і мястэчка з яго пазітыўнымі і негатыўнымі бакамі, барацьба сялян з перажыткамі феадалізму і царскімі чыноўнікамі, выкрыццё бескарыснага існавання абывацеляў — вось тэмы коласаўскіх апавяданняў. Такія апавяданні, як «Кантракт», «Думкі ў дарозе», «Нёманаў дар», «Бунт», «Андрэй выбаршчык», «Соцкі падвёў», «Васіль Чурыла» і інш., выкрывалі гвалт і сацыяльную несправядлівасць у тагачасным жыцці, падвяргалі крытыцы інстытуты самаўладства, гаварылі аб бяспраўі і цяжкім лёсе працоўнага чалавека — г. зн. былі непасрэдна накіраваны супроць усёй памешчыцка-самаўладнай сістэмы.

Будучы паслядоўным рэвалюцыйным дэмакратам, Я. Колас узнімае ў сваіх творах праблему гістарычнага лёсу Радзімы, яе будучыні, праблему ўлады зямлі, жыцця і смерці, прызначэння і сэнсу жыцця, праблему рэвалюцыйнага ператварэння свету.

У цэнтры ўвагі пісьменніка стаяць вобразы пратэстантаў, бунтароў — барацьбітоў за інтарэсы працоўных— такія, як Сцяпан Ляўшун з «Бунту», Васіль Падбярозны і Андрэй Зязюлька з «Нёманава дару» — самаадданых абаронцаў справядлівасці і сялянскай справы, якія сімвалізуюць сабою бядняцка-серадняцкую частку, што ўзнялася да актыўнай палітычнай дзейнасці ў эпоху першай рускай рэвалюцыі.

Уторачы М. Горкаму, Якуб Колас выступае супроць нявольніцкай «мудрасці», якую М. Горкі развянчаў у п’есе «На дне» і якую выказаў акцёр, успамінаючы верш:

 

Если к правде святой

Мир дорогу найти не сумеет,

Честь безумцу,

Который навеет

Человечеству сон золотой.

 

Вуснамі старога волата Дуба пісьменнік у навеле «Чыя праўда» (1913 г.) заяўляе:

— Лепш быць няшчасным, але відушчым, чымся шчаслівым, ды сляпым.

Колас заклікае мужна глядзець праўдзе ў вочы і таксама, як Я. Купала, узнімаецца да крытыкі слабых бакоў сялянства. Бачачы ў народзе невычэрпныя крыніцы талентаў, жыццёвай сілы, маральнай чыстаты і прыгажосці, Я. Колас адначасова выкрывае ў ім носьбітаў адмоўных якасцей, звычак, традыцый. Ён разглядае іх як вынік грамадскіх адносін, дзікага несправядлівага парадку рэчаў («Кажух старога Анісіма», «Дзяліцьба», «Кірмаш» і інш.). Але адмоўныя вобразы Коласа выклікаюць у чытача, як правіла, уяўленне аб супрацьлеглым, станоўчым, бо прасякнуты горкім сумам аб тым, што адсутнічае,— аб ідэальным. Гэтаму, паміж іншым, спрыяе і цікавае спалучэнне эпічнага, лірычнага і сатырычнага элементаў, так уласцівых апавяданням Коласа.

Падобнае мы назіраем і ў алегарычных навелах Коласа. У іх моцны крытычны струмень, яны таксама апавядаюць пра беспрасветнае жыццё абяздоленага люду, але тон бадай усіх навел-казак жыццесцвярджальны, наступальны. Яны прасякнуты гэтым імкненнем да ідэальнага. І хоць вобразная сістэма іх не асабліва багатая (крыніца, бярозка, дуб, хмарка, каршун, гара, вецер, бура — вось іх персанажы), яны поўныя паэтычнай прыгажосці, у іх сабрана шмат цікавых назіранняў над прыродай, яны перасыпаны новастворанымі прыказкамі, афарызмамі. Архітэктоніка іх зграбная, і аздоблены яны маляўнічымі пейзажамі. І ўсё гэта накіравана на тое, каб паводле закону кантрасту абудзіць у чытача патрэбу ў прыгожым жыцці, пераканаць, што такое жыццё можа прыйсці толькі праз рэвалюцыйную навальніцу.

У зборніку навел Якуба Коласа «Казкі жыцця» ёсць адна мініяцюра, прысвечаная Змітраку Бядулю. Называецца яна «Кучаравае дрэва». У ёй Я. Колас расказвае пра цудоўнае дрэва, на галінках якога праменні сонца развешваюць мнагаструнную арфу. Ветрык кранае струны, і яны спяваюць. Да дрэва збіраюцца русалкі, садзяцца на ягоных карэннях і слухаюць музыку. Часам прыходзіць лясун з гуслямі і стараецца пераняць напеў. У гэтым напеве — жыццё палявых абшараў, шум лесу, звон шырокіх лугоў.

У алегарычнай, вобразнай форме Я. Колас удала раскрыў своеасаблівасць і прыроду дакастрычніцкай творчасці Зм. Бядулі з яе казачнай фантастыкай, сузіральнасцю і псіхалагізмам, панаваннем фарбаў і гукаў, што затуманьвалі лінію, форму, думку.

У 1913 годзе, як я казаў ужо, на старонках «Нашай нівы» ўспыхнула палеміка аб прыродзе і прызначэнні паэзіі, аб ролі паэта ў грамадскім жыцці. Буржуазна-нацыяналістычныя крытыкі, якія стаялі фактычна на пазіцыі прыхільнікаў «мастацтва для мастацтва», выступілі супроць рэалістычнага напрамку ў беларускай літаратуры. Гэты напрамак абаранялі паэты-дэмакраты. Паказальна, што Зм. Бядуля непасрэднага ўдзелу ў палеміцы не прыняў, а ў творчасці хістаўся паміж гэтымі процілеглымі лагерамі.

Матывы смерці, беспрычыннага, часам нават беспрадметнага суму (імпрэсіі «Смерць», «Восенню» і інш.) — тыповыя матывы «Абразкоў» Зм. Бядулі. Апрача кахання, хваравітага і дваістага — платанічнага, але палкага, бесперспектыўнага, але да болю прыемнага — пісьменніка мала што хвалюе ва ўзаемаадносінах людзей. Сапраўдную прыгажосць ён знаходзіць толькі ў прыродзе, яна толькі і дае яму асалоду.

У імпрэсіі «Ці я вінаваты?», што з’яўляецца, магчыма, адказам на дыскусію, якая выспявала ў газеце «Наша ніва» на працягу доўгіх год, Зм. Бядуля прызнаецца :

«От пазіраў бы, як сонейка на балоце заходзіць і стагі залоціць... Як канюх плача над яварам... Цягаўся б начамі па хвойніку, апусціўшы галаву на грудзі, заламаўшы рукі на плечы... Заўсёды ад маладзіка да ветаха гэтак рабіў бы...

Ці я вінаваты, што неяк люблю пазіраць, як жудасны лес моўчкі калышацца пад ззяннем зорак паўночных?.. Ці я вінаваты, што люблю на чаўне па шырокім плёсе плыць... Над маёй галавой дзікая качка кружыцца, і салодкі смутак напаўняе душу маю, нібы келіх чыстай крынічнай вадою...

Ці я вінаваты?..»

У артыкуле «Чаму плача песня наша», які цытаваўся раней, Янка Купала пісаў:

«Не думайце, што «парнаснікі». (Я. Купала і яго прыхільнікі ў дыскусіі.— Ул. К.) не бачылі і не адчувалі ўсёй багатай красы нашай зямелькі з яе гарамі, далінамі, рэкамі і лясамі. Але што маглі казаць, калі большая палавіна гэтага прыроднага багацця, гэтай неапетай красы была і ёсць не наша... Гледзячы на гэтую несправядлівасць, у паэта радзіўся толькі жаль, што побач лішняй раскошы народ яго гібее ў хатах, дзе «вокны затканы анучай», што яго шнуры — «гразь, балота ды пясок», што людзі — «Янка ды Сымонка» — мужыкі беззарадныя».

Параўнайце гэтыя два выказванні, і эстэтыка Зм. Бядулі стане яснай.

Адораная, таленавітая асоба ў творах Бядулі заўсёды трагічна адзінокая, незразумелая і чужая для навакольных, дзікаватая і далёка ад людскіх інтарэсаў і клопатаў. Перад ёю раскрываецца вышэйшае хараство, але хараство, скажам, не барацьбы ці духоўнага багацця чалавека працы, а хараство прыроды, нейкай адцягненай творчасці, сузірання.

І ўсё-такі ў мастацкай прозе Зм. Бядулі больш выразна, чым у паэтычных творах, адчувалася сувязь пісьменніка з рэчаіснасцю. Бядулеўскія фантастычныя пейзажы вырасталі ў прозе на глебе рэальных беларускіх пейзажаў, і побач з сімвалічнымі імпрэсіямі сустракаліся імпрэсіі тыпу «За тканінай», «Без споведзі», дзе з спачуваннем і болем малявалася поўнае нястач паднявольнае жыццё працоўнага люду, імпрэсіі накшталт «Два словы», дзе гучаў гнеўны пратэст супроць тагачаснага парадку рэчаў, прычым рэалістычныя тэндэнцыі паступова ўмацоўваюцца («Тулягі» — 1912 г., «Пяць лыжак заціркі» — 1912 г., «Умарыўся» — 1913 г., «Летапісцы» — 1914 г., «Туга старога Міхайлы» — 1915 г.). На змену сумненням у Зм. Бядулі пачынае прыходзіць вера ў сілы народа, у яго светлую будучыню. У радзе твораў пісьменнік паказвае, якія таленты хаваюцца ў людзях-працаўніках і на што былі б здольны яны, калі б іхнія творчыя сілы былі раскуты. Ужо ў гэтых творах выявілася адна з істотнейшых асаблівасцей творчасці празаіка — яе глыбокая чалавечнасць. Аднак да ўсведамлення таго, што шлях да шчасця працоўных пралягае толькі праз упартую класавую барацьбу, Зм. Бядуля прыйшоў пазней.

Такім чынам, Якуб Колас з’явіўся пачынальнікам сучаснай беларускай прозы. Творы Я. Коласа — іх сюжэты, калізіі, характары — вырасталі непасрэдна з жыцця, неслі яго ў сабе і з’яўляліся вынікам яго мастацкага абагульнення. Змітрок Бядуля, працуючы поруч з народным песняром, узбагаціў прозу ўзорамі псіхагалічных навел. У цэнтры ўвагі абодвух празаікаў, як правіла, стаяў іх сучаснік — чалавек працы з яго пачуццямі і думкамі, паказанымі ў творах Я. Коласа і ў лепшых творах 3. Бядулі праўдзіва. Навелы і апавяданні Я. Коласа і Зм. Бядулі вызначаліся ўжо высокімі літаратурнымі якасцямі — лаканічнасцю, ясным сюжэтам, акрэсленасцю вобразаў і арыгінальнасцю ў распрацоўцы тэмы. Гэта былі сапраўды мастацкія празаічныя творы, якія не згубілі і ніколі не згубяць свайго літаратурнага мастацкага значэння.

 

ІІ

Беларуская мастацкая проза, як асобная галіна нацыянальнай літаратуры, набыла ў поўным сэнсе слова самастойнае значэнне толькі ва ўмовах савецкага ладу. Кастрычніцкая рэвалюцыя, адкрыўшы новую эру ў гісторыі чалавецтва, адкрыла новую эру і ў гісторыі беларускай літаратуры. Рэвалюцыя забяспечыла развіццё беларускай культуры, нацыянальнай па форме і сацыялістычнай па зместу, выклікала да жыцця магутныя творчыя сілы, узнятыя ёю з народных глыбінь, і стварыла ім умовы для такога ж магутнага росту. Рэвалюцыя ўдыхнула ў літаратуру новае быццё і дала ёй новы кірунак.

Абрысы гэтай літаратуры У. І. Ленін бачыў яшчэ ў 1905 годзе і так вызначаў яе новую прыроду:

«Гэта будзе свабодная літаратура, таму што не карыслівасць і не кар’ера, а ідэя сацыялізма і спачування працоўным будзе вербаваць новыя і новыя сілы ў яе рады. Гэта будзе свабодная літаратура, таму што яна будзе служыць не перасычанай гераіні, не «верхнім дзесяці тысячам», што сумуюць і пакутуюць ад атлушчэння, а мільёнам і дзесяткам мільёнаў працоўных, якія складаюць красу краіны, яе сілу, яе будучыню. Гэта будзе свабодная літаратура, якая апладняе апошняе слова рэвалюцыйнай думкі чалавецтва вопытам і жывой работай сацыялістычнага пралетарыяту, якая стварае пастаяннае ўзаемадзеянне паміж вопытам мінулага (навуковы сацыялізм, які завяршыў развіццё сацыялізма ад яго прымітыўных утапічных форм) і вопытам цяперашняга (цяперашняя барацьба таварышаў рабочых)» 1.

Натуральна, што фармаванне маладой савецкай літаратуры ішло ва ўмовах палітычнага размежавання ў старым пісьменніцкім асяроддзі, ва ўмовах класавай барацьбы. Беларускія савецкія пісьменнікі павялі змаганне за стварэнне самай перадавой і ідэйнай у свеце літаратуры, прычым іх дзейнасць і практыка наносілі ўдар і па буржуазных нацыяналістах, якія сцвярджалі, нібы пралетарская культура руйнуе нацыянальную форму, і па трацкісцкіх ліквідатарах, якія адмаўлялі сацыялістычны характар савецкай літаратуры.

Паслядоўнае адмаўленне аджыўшага, старога ў чалавеку, у людскіх узаемаадносінах і палымянае сцверджанне савецкіх форм жыцця сталі яе першымі новымі якасцямі. Яна выступіла як літаратура-змагар, актыўная, мэтаімклівая, героем якой з’яўляецца чалавек — воін і будаўнік. Пашырыўся круг вобразаў, тэматыка і праблематыка прозы, узбагаціліся яе жанры.

Вырашальную ролю ў гэтым стваральным працэсе адыгралі як пісьменнікі старэйшага пакалення — Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Цішка Гартны, так і маладыя тады — Міхась Чарот, Кандрат Крапіва, Міхась Лынькоў, Міхась Зарэцкі, Кузьма Чорны, чые першыя гады сталасці супалі з гадамі Кастрычніка і грамадзянскай вайны, якая з’явілася для іх асабістай ідэйна-палітычнай школай, прычым пісьменнікі старэйшага пакалення пачалі пераважна з пераасэнсавання тэм, прысвечаных мінуламу, маладыя ж празаікі — з паказу боек з белагвардзейскімі бандамі і іншаземнымі інтэрвентамі, з адлюстравання зрухаў, якія адбываліся ва ўмовах савецкай улады ў горадзе і ў вёсцы. У гэтых адносінах характэрны нават самі назвы іх першых зборнікаў навел і апавяданняў: «Веснаход» у М. Чарота, «Срэбра жыцця», «Па дарозе» ў К. Чорнага, «У віры жыцця», «Пела вясна» ў М. Зарэцкага і да т. п.

Сацыялістычная рэвалюцыя як бы ўзняла Якуба Коласа на высокі грэбень сваёй хвалі і дазволіла з вышыні яго зірнуць на мінулае, перажытае. Перад пісьменнікам развінуліся шырачэзныя далягляды, і падзеі, людзі, справы іх рук паўсталі ў сваёй сапраўднай сутнасці.

Вынікам гэтага было з’яўленне першых буйных твораў у беларускай прозе — аповесцей «У Палескай глушы» (1921 — 1922 гг.) і «У глыбі Палесся» (1926 —1927 гг.), задуманых пісьменнікам як часткі трылогіі, якую пазней завяршыла аповесць «На ростанях»2 .

У прадмове да першай аповесці Якуб Колас пісаў: «У палескай глушы» ёсць нязначны адбітак жыцця вясковай інтэлігенцыі і, галоўным чынам, вясковага настаўніцтва. Жыццё гэтае адносіцца к самаму пачатку ХХ веку, да часоў першай рэвалюцыі 1905 года.

Выхаваная пры чыста казармавых абставінах, узгадаваная па катэхізісу Філарэта і нашпігаваная начынкаю ў духу «веры, царя и отечества», гэта інтэлігенцыя, штучна адарваная ад жывых крыніц жыцця, часткаю аставалася вернаю казённым прынцыпам, часткаю, не бачачы прасветліны, апускалася на дно і зацягвалася балотам. Болей жа дзейная і жывая частка яе імкнулася зліцца з гэтымі крыніцамі і вобмацкам шукала дарог, каб пазнаць «корань рэчаў».

Гісторыя беларускай літаратуры, бадай, не ведае другога пісьменніка, творы якога былі б так непасрэдна прымацаваны да канкрэтных жыццёвых, больш таго — аўтабіяграфічных фактаў, падзей і з’яў, як творы Якуба Коласа. Але ў той жа час, бадай, немагчыма прыгадаць другога беларускага пісьменніка, які б так глыбока, па-філасофску асэнсоўваў факты, узнімаўся над імі і заставаўся аб’ектыўным, як Якуб Колас.

«Кожнае, самае праўдзівае апавяданне, разумеецца, не ёсць фатаграфія,— гаворыць герой аповесці «У палескай глушы» вясковы настаўнік Андрэй Лабановіч,— але ў яго аснове ляжыць праўда. І кожная звычайная з’ява жыцця, калі ахінуць яе больш-менш яскрава тым ці іншым светапоглядам і пры гэтым умець яшчэ вызначыць тыя, часта незаметныя спружыны выяўлення нашай душы, што звычайна не ўлаўліваюцца нашым вокам,— можа быць тэмаю для вельмі цікавага апавядання».

Аднак аб’ектыўнасць адлюстравання жыцця ў творах Коласа вынікае не толькі з самой прыроды мастацкай літаратуры, якая паказвае чалавека ва ўсёй складанасці яго жыццёвых абставін, з канкрэтнымі дэталямі і драбніцамі, што захоўваюць сваё значэнне, як бы сам мастак да іх ні адносіўся. «Мастацкі вобраз амаль заўсёды шырэйшы за ідэю пісьменніка» (М. Горкі), бо апошні бярэ чалавека з усёй разнастайнасцю яго духоўнага жыцця, з усімі супярэчнасцямі яго пачуванняў і думак. На гэту асаблівасць мастацкай літаратуры ўказаў У. І. Ленін, гаворачы пра Льва Талстога, як пра «люстра рускай рэвалюцыі». Але ў той жа час Уладзімір Ільіч тут устанаўлівае і пэўную градацыю аб’ектыўнасці — непасрэднай залежнасці, глыбіні і паўнаты адлюстравання рэчаіснасці мастацкім творам ад светапогляду творцы. Вось аб’ектыўнасць Коласа і вынікала якраз, апрача ўсяго, з своеасаблівасцей яго магутнага таленту мастака-рэаліста, які меў перадавы светапогляд і ідэалы якога супадалі з ходам гістарычнага працэсу. Нават у тым выпадку, калі коласаўскія героі адлюстроўваюць істотныя якасці ўласнай натуры пісьменніка, пакутуюць над развязваннем тых жа праблем, над якімі калісьці пакутаваў сам аўтар, яны амаль заўсёды застаюцца жыць у творах сваім, самастойным жыццём.

Не цяжка, скажам, заўважыць, што родная вёска Лабановіча надзвычай нагадвае вядомую прынёманскую вёску Мікалаеўшчыну — радзіму пісьменніка, а жыццёвыя варункі, у якія трапляе герой,— жыццёвыя варункі, у якія трапляў сам пісьменнік. Не цяжка давесці, што пытанні філасофскага, прафесійнага, грамадскага і палітычнага парадку, якія хвалююць Лабановіча і прымушаюць яго шукаць пэўнага месца ў жыцці, былі ў свой час таксама прадметам глыбокага роздуму Якуба Коласа. Не цяжка, скажам, давесці і тое, што за значнаю часткаю дзейных асоб твора і іх справамі стаяць справы і людзі, некалі блізкія пісьменніку. І ўсё-такі не апякальныя адносіны сталага чалавека, які ўзбагаціўся ўжо вопытам жыцця, да наіўнага, неспрактыкаванага юнака, што робіць яшчэ часам недарэчныя памылкі, а аб’ектыўныя адносіны мастака-мысленніка, якія грунтуюцца на ацэнцы грамадскай вартасці чалавека і адпаведнасці яго намаганняў, спраў гістарычнаму развіццю падзей, характарызуюць адносіны Коласа да свайго героя.

Андрэй Лабановіч належыць да той часткі вясковай інтэлігенцыі, якая ўсёй сваёй істотаю імкнулася зліцца «з жывымі крыніцамі жыцця» і настойліва, але «вобмацкам шукала дарог, каб пазнаць «корань рэчаў». Два фактары штурхалі яго на пошукі — сам час і сама натура.

Няўрымслівая натура вясковага хлапца, «выведзенага ў людзі» на бацькоўскія мазольныя грошы, як бы падхлёствала Лабановіча і патрабавала ад яго вызначыць сваю пэўную лінію паводзін.

Аднак акалічнасць «вобмацкам» была таксама абумоўлена. Папярэдняе жыццё не навучыла, ды, бадай, і не магло навучыць Лабановіча, дзе шукаць «корань рэчаў». Наадварот, настаўніцкая семінарыя, якую ён скончыў, з яе схаластычнай, наўмысля адарванай ад сапраўднасці навукай і пропаведдзю архірэакцыйнай увараўскай формулы, як непарушнай асновы грамадскага ладу, паклала адбітак на яго свядомасць. Гэта ставіла Лабановіча ў дваістае, супярэчлівае становішча, якое хавала ў сабе непазбежнасць унутранай драмы.

Развязванне канфлікту ў Лабановіча, як і трэба было чакаць, пачалося з адмаўлення таго, што было прышчэплена семінарска-папоўскім выхаваннем. Дарэчы сказаць, бунт супроць поглядаў, якія пад выглядам асветы прышчапляліся семінарыяй, і ў першую чаргу супроць рэлігіі, сярод яе выхаванцаў быў пашыраны. Думка, што «хто не чытаў Бокля, Дарвіна і Дрэпера, той проста невук і чалавек, які нічога не ведае і з якім няма аб чым гаварыць», атрымала амаль усеагульнае ў гэтым асяроддзі прызнанне. Падзел адбываўся пазней.

У раздзеле «На бацькаўшчыне» Якуб Колас падаў партрэт аднаго з мікуцічанскіх настаўнікаў Іванка Перагуда — дзівака і філосафа. Амаль абыякавы да ўсяго, ён дзейнічаў звычайна па формуле — «плюй на ўсё, шануй сваё здароўе». Але і ён, інертны і безалаберны, лічыў сваім абавязкам выкрываць царкву і папоў, бачачы ў гэтым справу чэсці «развітага чалавека».

— Сынок,— казала яму маці, богабаязная жанчына,— пайдзі ў царкву, памаліся. На табе сараковачку, пастаў, сынок, свечачку ў царкве.

Атрыманую саракоўку ён прапіваў з сябрамі, а маці ў такіх выпадках гаварыў:

— Я табе, маці, потым пяць рублёў дам за тваю саракоўку, але цяпер я прапіў яе: лепей прапіць, як аддаць папу.

Іванок Перагуд як бы сімвалізаваў сабою першую ступень у эвалюцыі вясковай інтэлігенцыі.

Працэс пераадолення рэштак семінарскай «навукі» ў Лабановіча адбываўся пакутліва і ўскладняўся дадатковымі матывамі і, у прыватнасці, пошукамі сэнсу жыцця.

Ідэй у Коласа было многа, і ўзнікалі яны, як відаць, у працэсе творчасці — асэнсавання і абагульнення жыццёвых фактаў. Але былі ў яго таксама ідэі, калі так можна сказаць, працяглыя, што ахоплівалі значны прамежак часу. Да ліку іх, напрыклад, можна аднесці ідэю ўлады зямлі і прагі да яе як галоўнага імпульсу сялянскай псіхалогіі або ідэю жыцця і смерці, прызначэння і сэнсу жыцця. Яны ўзнімаліся Коласам нават у ранніх творах. Яшчэ героі апавядання «У старых дубах» (1912 г.) — маленькія сябры-хлопчыкі Грышка і Базыль па-дзіцячаму наіўна, але з запалам разважаюць пра тое, каб халеру-смерць злавіць ды спаліць: «Тады людзі жылі б і жылі б».

Пошукі адказаў на «адвечныя пытанні» вельмі займалі Лабановіча. Развагі з поваду, «чаго мы на свеце жывём?» — звычайна прыводзілі да высновы: «Жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар. Ёсць важныя дзве часціны, з якіх складаецца жыццё і яго глыбокі сэнс і хараство,— чалавек і прырода. Бо ніколі не страціць для нас цікавасць чалавек, бо праяўленне яго розуму бязмежна, бо дарогі яго не вызначаны, бо формы яго жыцця і яго ўзаемаадносін да другіх людзей бясконца размаіты, аканчальна не выяўлены і ніколі не могуць стаць аканчальнымі. А прырода! Колькі вялікага здавальнення дае нам яна! Бо прырода — найцікавейшая кніга, якая разгорнута перад вачыма кожнага з нас. Чытаць гэту кнігу, умець адгадаць яе мнагалучныя напісы — хіба ж гэта не ёсць шчасце?» Роздум над уласнымі пачуццямі, думкамі аб «таямнічасці і непазнавальнасці чалавечай натуры», аб наяўнасці нейкага свядомага жыцця ў прыродзе, аб загадкавасці і недасяжнасці далёкіх светаў і «мізэрнасці чалавека і яго жыцця ў параўнанні з сусветам і вечнасцю» — усё гэта досыць доўга засланяла ад Лабановіча вострыя сацыяльныя праблемы рэчаіснасці. Часам развагі над лёсам чалавека, які «паслухмяна згаджаецца з тым, што асуджаны на смерць», і не пратэстуе супроць гэтага неадхільнага і няўмольнага, заканчваліся думкай: калі парушаюцца драбязговыя правы, дык чалавек гатовы грызціся і кусацца зубамі; там жа, дзе разбіваецца сама аснова, прынцып, ён пакорліва згінае сваю галаву і моўчкі падстаўляе яе пад абух. Узнікала імкненне «глыбей увайсці ў сябе самога і там шукаць крыніцы радасці і здаровага пачуцця».

Грамадскую абыякавасць Лабановіча Колас падкрэсліў адным мала прыкметным, але вельмі характэрным фактам. Цельшынская школа, куды быў прызначаны малады настаўнік, знаходзілася кіламетраў за пятнаццаць ад вёскі, дзе была воласць і дом айца Кірылы. З прычыны вялікай адлегласці, поп папрасіў Лабановіча, каб той узяў на сябе выкладанне закону божага. І настаўнік, пераконаны атэіст, зусім не задумваючыся, у якое дзіўнае становішча ён сябе ставіць, без ваганняў прыняў папоўскую прапанову.

Індывідуалізм Лабановіча таксама праявіўся і ў ягоных поглядах на тое, што з’яўляецца рухаючым пачаткам у паводзінах і дзейнасці людзей. Ён рашуча абвяргае сцвярджэнне свайго сябра Турсевіча, што «чалавек жыве дзеля дабра, для служэння праўдзе, каб стварыць нейкія вартасці жыцця і каб быць карысным для другіх». На яго думку, людзі, калі нават і робяць гэта, дык робяць для таго, «каб як мага болей вывудзіць карыснага і прыемнага для сябе». І няхай то будзе выдумшчык — Эдысон, летуценнік-паэт або «самазрокшыся дзеяч, вечны служка выключна для другіх» — яны ўсе пры розных шляхах маюць адну і тую яе мэту — асабістую выгоду. Гэта была, па сутнасці, пропаведзь скептыцызму.

Тут варта прыгадаць другога мікуцічанскага калегу Лабановіча — Янку Тукалу. Замкнёны і адзінокі юнак, працуючы першы год у школе, фанатычна выношваў мару — «паехаць на Валаам». Ён упарта песціў гэтую мару і збіраў грошы. Але вярнуўся з святых месц Тукала з перакананнем, што такое жыццё нагадвае «быдлячыя ляпёшкі, параскіданыя па выганах», і яго патрэбна змяніць.

Нешта падобнае здарылася і з Лабановічам — чалавекам сумленным і самакрытычным ад прыроды, які добра ведаў, што «жыццё не стаіць на месцы, і ўсё на свеце мяняецца». Расчараванне ў рэчаіснасці нарадзіла ў яго апазіцыйныя адносіны да рэчаіснасці, у якой ён бачыў шмат гора і несправядлівасці, прычым гора і несправядлівасць прыпадалі на долю блізкіх людзей. Ён балюча адчуў, што «гэтак жыць няможна», «што апрача чыста асабістых інтарэсаў у чалавека ёсць і другія — чыста грамадзянскія абавязкі». Абудзілася патрэба бліжэй стаць да народа, прыглядзецца, як ён жыве і чым ён жыве і ці нельга палепшыць яго дабрабыт.

Нельга сказаць, што першыя Лабановічавы крокі былі плённымі. Наіўны і неспрактыкаваны, ён спрабуе ўнесці ў павольнае, коснае жыццё палескай вёскі, як яму здавалася, новы, культурны пачатак. Ён абсаджвае школу дрэвамі, намагаецца — праўда, марна,— каб школу наведвалі дзяўчынкі, дапамагае сіратам, арганізуе лекцыі для дарослых, дзе звяртае ўвагу на становішча сялянскага побыту і імкнецца паказаць сялянам, як жывуць іншыя людзі і як яны дайшлі да лепшага жыцця.

Палешукі для прыліку слухалі яго, але часта шырока разявалі рот і пазяхалі.

Такі ж лёс напаткаў і праект адбудовы Чорнай грэблі — сялянскай бяды і гора, грэблі, дзе праехаць — «духі вытрасці, кішкі збоўтаць, а ў мокрае лета і каня ўгрузіць». Так сталася і з планам угнаення пясчанага неўрадлівага поля.

Часта ўмяшанне маладога настаўніка ў жыццё народа толькі пагаршала справу і прыводзіла да адваротных вынікаў. Лепшыя яго намеры нярэдка ператвараліся ў сваю процілегласць (няшчасны выпадак з Лявонам Шкуратом, ледзь не забітым з-за настаўніцкай ласкі).

Так Лабановіч, паводле яго ўласнага параўнання, трапляе ў становішча мухі, якая заляцела пад шкляны каўпак: і свет вакол відаць, і месца ёсць выбіцца з гэтага каўпака, але няма здольнасці папасці ў выйсце.

Такім чынам, аповесць «У палескай глушы» фактычна з’яўляецца паказам палітычнай няспеласці пэўнай часткі беларускай інтэлігенцыі ў перадрэвалюцыйную эпоху 1905 года, паказам крушэння народніцкіх ілюзій у асяроддзі гэтай інтэлігенцыі, утапічнасці самой практыкі прыхільнікаў так званай тэорыі дробных спраў.

Пісьменнік падводзіць чытача да вываду, што ў існуючых умовах шчасце людзей немагчыма, і развенчвае бездапаможныя намаганні свайго героя здабыць яго.

Колас сцвярджае неабходнасць рэвалюцыйнага пераўтварэння свету. Каб людзі былі шчаслівымі, гаворыць ён, трэба змяніць самую аснову грамадскага ладу, трэба зрабіць яго вартым чалавека. Ён паказвае, як пад уплывам падзей фармаваўся рэвалюцыйны светапогляд Лабановіча, як ад усведамлення свайго грамадскага абавязку і пераадолення ранейшых памылак ён ідзе да актыўнай рэвалюцыйнай дзейнасці. Іншымі словамі,— адлюстраваўшы працэс нараджэння і дыферэнцыяцыі беларускай інтэлігенцыі, пісьменнік паказвае, як мацаваліся сувязі перадавой часткі гэтай інтэлігенцыі з народам і як яна ў дні вялікіх рэвалюцыйных падзей узнялася разам з народам на барацьбу за ажыццяўленне сацыяльнай справядлівасці.

Характэрна, што своеасаблівай прадумовай палітычнага росту Лабановіча з’явілася абуджэнне яго нацыянальнай самасвядомасці. Яно як бы ўяўляла першую ступень у яго палітычным развіцці. У ім абудзілася жаданне павандраваць па родным краі, бліжэй пазнаёміцца з беларускім настаўніцтвам, паспрабаваць раскатурхаць яго. Яго пачынаюць хваляваць пытанні нацыянальнай годнасці і гонару беларускага народа.

— Кожны народ мае свой гонар,— з крыўдаю гаворыць Лабановіч.— А мы, беларусы, не адважваемся прызнацца ў тым, што мы — беларусы. Бо на галаву беларускага народа, як нацыі, многа выліта памыяў, уся істота яго прыніжана, і мова яго асмеяна, у яго няма імя, няма твару.

Такія настроі Лабановіча былі гістарычна апраўданымі, і іх, вядома, нельга блытаць з выказваннямі буржуазных нацыяналістаў. Справа ў тым, што перадрэвалюцыйныя гады, і ў асаблівасці рэвалюцыя 1905 года, далі моцны штуршок развіццю нацыянальна-вызваленчага руху на ўскраінах царскай Расіі, і ў тым ліку на Беларусі. Асноўны канфлікт паміж шырокімі працоўнымі масамі і самаўладствам тут абвастраўся незадавальненнем шавіністычнай, русіфікатарскай палітыкай царскага ўрада. Таму барацьба супроць царызму, чыноўнікаў і абшарнікаў часта спалучалася з нацыянальна-вызваленчай барацьбой. Нягледзячы на буржуазную прыроду нацыянальна-вызваленчага руху, У. І. Ленін прызнаваў яго для тагачаснай Украіны і Беларусі глыбока прагрэсіўным.

Выступаючы ў абарону «бацькаўшчыны», роднай мовы, Лабановіч, такім чынам, выступаў у абарону палітычных правоў для шырокіх працоўных мас, супроць самаўладства і сярэдневечча.

Навучаючы Аксёна Каля — селяніна-праўдашукальніка, наіўнага абаронцу грамадскіх спраў, які за прычыну ўсякага ліха на свеце лічыў толькі паноў і чыноўнікаў,— малады настаўнік цярпліва і настойліва растлумачвае яму, што бескарысна шукаць справядлівасці ў царскіх установах або ў самаго самаўладцы, што знішчэнне аднаго крыўдзіцеля не можа палепшыць становішча сялянства. Ён падкрэслівае, што і аднаго ведання ісціны мала,— «трэба закладваць свае саюзы і арганізацыі».

Разам з адыходам ад утапічных ідэй Лабановіч у значнай ступені перамагае гістарычны грэх інтэлігенцыі — разлад паміж словам і справай. Цяжкасці і перашкоды палохалі яго і часта прымушалі адмаўляцца ад першапачатковых намераў. Яму бракавала галоўнага — волі, умення настойліва і паслядоўна ператвараць імкненні ў дзеянне.

— Бывае так,— не то жартуючы, не то сур’ёзна аднойчы прызнаецца ён,— што думаеш адно, а робіш другое, хочаш жыць так, а жывеш іначай.

Але гэта і сапраўды было так. Між іншым, паслядоўнае і арганічнае зліццё свайго слова і сваёй справы мы сустракаем пазней у вобразе Сцяпана Баруты з аповесці «На прасторах жыцця», у якога адзінства вырастае ўжо на глебе ўсведамлення сябе як значымай адзінкі калектыву, на глебе ўсведамлення свайго абавязку перад народам і дзяржавай. Удзел у барацьбе гартуе Лабановіча. Усведамленне мэты падзесяцярае сілы. Вось чаму фінал «У глыбі Палесся» гучыць не трагічна. Больш таго — выразна адчуваецца, што гэта — не столькі канец, колькі пачатак, і вялікія вырашальныя падзеі — там, за мяжою кнігі, у будучым.

Гэта, відаць, меў на ўвазе і сам Якуб Колас, калі пісаў у прадмове да аповесці «На ростанях»:

«Многа часу сплыло ад далёкіх дзён мае юнацкасці. Новыя шляхі, іншыя падзеі і з’явы накіравалі мае мыслі і дзейнасць да другіх задач і мэт, і першапачатковыя намеры напісаць трэцюю кнігу з цыкла палескіх аповесцей засталіся няздзейсненымі... Дарога ж героя палескіх аповесцей, Лабановіча, не скончана, і мне хочацца пахадзіць з ім нейкі час па яго дарогах, каб аповесці набылі пэўную мастацкую закончанасць».

І сапраўды — апошняя частка трылогіі пачынаецца з моманту, калі Лабановіч, сышоўшы на станцыі, каб накіравацца на новае месца работы, глядзіць на адыходзячы цягнік і думае, што цягнік, які знікае на павароце, кладзе сабою рубеж паміж тым, што было раней, і тым, што будзе наперадзе. Вольны ад утапічных пражэктаў, ён уважліва пачынае вывучаць жыццё, даходзіць да сапраўднай першапрычыны сялянскай беднасці і ўбогасці, выношвае і ажыццяўляе ідэю стварэння рэвалюцыйнага настаўніцкага саюза.

Якуба Коласа ў аповесці «На ростанях» цікавіць, галоўным чынам, ужо фармаванне пазітыўных поглядаў маладога настаўніка і рост яго рэвалюцыйнага светапогляду. Пісьменнік расказвае, як расце ў Лабановіча прынцыповасць, як яго палітычныя пераконанні робяцца больш сталымі, вызначаючы сабою нават лінію яго паводзін у асабістым жыцці. Так палітычныя рознагалоссі паміж ім і Турсевічам прыводзяць да заняпаду дружбы і таварыскасці ў іх адносінах. Змяняюцца таксама адносіны Лабановіча да калектыву. Ён канчаткова адмаўляецца ад «інтэлігенцкага» балота і ўсе свае думы і сімпатыі аддае народу, сялянскім дзецям, у якіх абуджае дапытлівы розум, вучыць крытычна ставіцца да навакольнай рэчаіснасці, прыходзіць да высновы, што няроўнасць пры існуючым ладзе не ліквідуе нават смерць.

Навокал Лабановіча ствараецца новае акружэнне. Навокал яго згуртоўваюцца людзі, няхай пакуль што з не зусім яснымі, але затое бясспрэчна чыстымі і высокімі парываннямі, поўныя гатоўнасці служыць справе барацьбы з самаўладствам, справе барацьбы за дабро і шчасце свайго народа. Лабановіч выступае адным з ініцыятараў склікання настаўніцкага з’езда і рыхтуе да яго даклад. Няўдача з’езда і наступнае звальненне з пасады настаўніка не бянтэжыць яго і ўмацоўвае на думцы, што трэба і неабходна шукаць новых шляхоў і форм барацьбы, прычым на будучую барацьбу ён пачынае глядзець як на патрыятычны абавязак.

Развітваючыся з верханьскім наваколлем перад тым, як пакінуць вёску, якая стала Лабановічу блізкай, ён падышоў да адной з любімых сваіх мясцінак.

«Лабановіч доўга пазіраў на рэчку,— піша Я. Колас.— У памяці ўсплывалі падобныя ж блізкія і дарагія сэрцу малюнкі, якія даводзілася яму сустракаць не адзін раз. А колькі малюнкаў, яшчэ не бачаных ні разу! І колькі ў іх прывабнага, заспакойваючага душу хараства! Дык наперад, брат, наперад! Пракладай сабе дарогу ў жыццё, не зважаючы ні на якія нягоды, дарогу прасторную, ясную, з бясконцымі краявідамі і далячынямі і склікай народ на гэтую дарогу».

Такой паўнаты і грунтоўнасці паслядоўна рэалістычнага адлюстравання з’яў жыцця, такой глыбіні псіхалагічнага аналізу, які забяспечваў раскрыццё самых складаных і супярэчлівых працэсаў развіцця чалавечай асобы, беларуская проза да Коласа не ведала.

Адбітак грамадскага жыцця пэўных пластоў беларускага народа ў пачатку бурнага ХХ стагоддзя атрымаўся ў трылогіі праўдзівым і мастацкім. Якуб Колас добра перадаў непазбежнасць надыходзячай рэвалюцыі — тую перадрэвалюцыйную сітуацыю, калі нізы народа ўжо не могуць жыць па-старому, а вярхі няздольны па-ранейшаму кіраваць. Як сведчанне гэтай жа сітуацыі, пісьменнік паказаў знітаванасць і адзіную накіраванасць падзей, што адбываліся ў далёкай Маньчжурыі і ў закінутай у неабсяжныя палескія балоты вёсцы з шматзначнай назвай Выганы. Ён прыкмеціў і адлюстраваў тую рысу першай рускай рэвалюцыі, якая характарызавала яе, як рэвалюцыю буржуазна-дэмакратычную, сялянскую, стварыўшы, нібы сімвал яе, вобраз Аксёна Каля.

Каль — селянін з Высокага. Ён, як і большасць аднавяскоўцаў, верыў у праўду, тую «адвечную праўду, якую так прагна чакаў народ і якая за сямю замкамі хавалася ад яго».

— Праўда — не скварка, з кашаю не з’ясі,— гаварыў пра яе стары, амаль стогадовы дзед Мікадым.— Выйдзе наверх яна, родная, бо ўжо сама зямля прысягала небу не пускаць адгэтуль цёмнай, заблытанай праявы.

Аднак вера ў непазбежную ўрачыстасць праўды шчасліва спалучалася ў Аксёна Каля з перакананнем, што сама яна не прыйдзе, што яе патрэбна здабываць. Ён не мог спакойна глядзець на несправядлівасці, што чыніліся над людзьмі. Яго ведала воласць, ведаў земскі як чалавека неспакойнага і небяспечнага.

Настойліва, упарта, на працягу дваццаці год Аксён Каль вёў судовую справу з панам Скірмунтам з-за адной рачной затокі, якую той прыбраў да сваіх рук.

На дваццаць першым годзе справа «захлынулася» у сенаце. Але Каль не згубіў надзеі. Узненавідзеўшы ўсёй істотай кручкатвораў-чыноўнікаў і панскіх прыслугачоў, ён усё-такі спадзяваўся на цара як асобу, што нібы стаіць па-за межамі грамадскіх інтарэсаў.

Да палітыкі Аксён быў амаль абыякавы. Але сіла Аксёнавай нянавісці была незвычайная. Калі настаўнік думаў пра Каля, той паўставаў перад ім то ў постаці строгага абаронцы грамадскіх спраў, то ўдалым атаманам разбойніцкай шайкі, бязлітасным мсціўцам за сялянскую крыўду. У час арышту сялян, пасля таго як тыя самаўпраўна пачалі лавіць рыбу ў скірмунтаўскай затоцы, Каль кінуўся з цэпам на афіцэра, а потым, як злы дух, знік ад атарапеўшых казакаў.

Паказальна, што коласаўская крытыка сялянства ішла не ў напрамку палемікі з народнікамі, як гэта сталася, напрыклад, з А. Чэхавым у аповесцях «Мужыкі» і «У сухадоле» (хоць палемічны элемент у ёй і быў даволі моцны), аднак і не ў напрамку павярхоўнага шаржыравання асобных недахопаў і абмежаванасці сялянства, як гэта рабіў, скажам, Ядвігін Ш. (хоць у бытавых замалёўках Коласа і можна заўважыць элементы шаржу). Коласаўская крытыка пайшла па лініі ацэнкі сялянства з пункту погляду яго ролі і месца ў рэвалюцыі, ацэнкі, пазбаўленай імкнення згладзіць тыя ці іншыя недахопы або апраўдаць іх, прычым за сілаю масавага сялянскага руху Якуб Колас разгледзеў і яго слабасці і ў той жа час паказаў, што 1905 год, стаўшы «пачаткам канца «ўсходняй» нерухомасці» (У. І. Ленін), паклаў размежавальную лінію паміж варожымі лагерамі.

Адначасова вялікую ўвагу Колас удзяліў і паказу бескарыснага, нікчэмнага існавання той часткі вясковай і местачковай інтэлігенцыі, якая «асталася вернаю казённым прынцыпам», або, «не бачачы прасветліны, апусцілася на дно і была зацягнута балотам». Сіла аповесцей «У палескай глушы», «У глыбі Палесся» і «На ростанях», апрача ўсяго,— у цэлай галерэі па-майстэрску выкананых партрэтаў і, бадай, у першую чаргу партрэтаў гэтых «інтэлігентных» абывацеляў — пісараў, папоў, аптэкараў, настаўнікаў, падлоўчых — людзей, адарваных ад народа, абыякавых да яго інтарэсаў або проста варожых яму.

Доўгай чаргой праходзяць яны перад чытачом.

Жылаваты і нахабны настаўнік хаткаўскай школы Саханюк, які па капейцы збірае капітальчык і не сароміцца браць з сялянак плату нават за напісанне лістоў. Прышчаваты, з ласымі вачыма, закаханы ў сябе хлюст Сухавараў — распутнік і цынік. Стары п’яніца і гуляка, валасны пісар Пятро Восіпавіч з трыма пераспелымі дочкамі, сярдзітымі і злымі з-за доўгага чакання суджаных, «якіх дзесь затрымалі чэрці». «Шырокая натура» пан падлоўчы, які любіў выхваляцца дзвюма рэчамі: сваім нібыта літвінскім паходжаннем і тым, што аднойчы здолеў з’есці сто сорак калдуноў. Школьны інспектар Хрысціцкі, «важны, строгі і з такім выглядам, як бы ён трымаў у руках лейцы, каб не разбеглася спудзіўшаяся зямля, на якой мы жывём». Ляснічы Іван Пракопавіч Бяляўскі — махровы рэакцыянер-чарнасоценец, які сумаваў, што на Русі перавяліся «волаты», абураўся, што ўсякае «нікчэмства» дамагаецца сваіх правоў, «выпаўзае, як гад з нары на віднае месца», і верыў ва ўсемагутную сілу кулака і розгі. Каравы стары дзяк Бацяноўскі — пляткар і шпік. Гаспадарлівы і хітры айцец Мікалай, які імкнуўся дагадзіць «богу і мамоне». Былы настаўнік пісар Дулеба — адступнік і рэнегат, аматар царкоўных спеваў. Калі пісар цягнуў «апостала» і даходзіў да вышэйшага пункту, дык здавалася, што ад шчырасці ён «не вытрымае, трэсне, рассыплецца, або разарвуцца ўсе яго жылы і пуп, або проста з ім зробіцца нешта такое, чаго ў царкве няможна рабіць». Запалоханы жыццём настаўнік Анцыпік, чыя філасофія і мудрасць заключаліся ў тым, каб жыць спакойна, ціха і сытна, падпарадкуючыся правілу: не чапай ты мяне, і я цябе не зачаплю. Сухі, высачэзны і сівабароды ўраднік Кабяк, напрактыкаваны на вобысках і барацьбе з «крамолай», і г. д.

У большасці — гэта пададзеныя на фоне побыту характары, сакавітыя і тыповыя, хаця і намечаныя контурна. Побач з трапнымі і дасціпнымі аналітычнымі аўтарскімі характарыстыкамі тут мы маем і канкрэтнае апісанне знешняга вобліку персанажа з толькі яму ўласцівымі манерамі, жэстамі, паставай, з трапна заўважанай спецыфічнай рысай твару, хады, вопраткі, якія хаваюць у сабе надзвычай багаты матэрыял для ўнутранай характарыстыкі. І тут пісьменніку можна кінуць, бадай, толькі адзін папрок: малюючы чыноўніцкую Расію, ён не ўзнімаўся па прыступках (што давала б яму магчымасць развіваць ідэю выкрыцця), а заставаўся ўвесь час у адным асяроддзі і адно вар’іраваў вобразы царскіх служак, не асабліва клапоцячыся пра астатняе.

Адмоўныя героі Коласа статычныя. Яны жывуць асобнымі эмоцыямі, да таго ж самымі звычайнымі, якія не ўзнімаюцца над узроўнем будзённых чалавечых адчуванняў. Таму пры паказе іх пісьменнік абмежаваўся толькі пошукамі найбольш выразных ракурсаў, часам паварочваючы іх да чытага то адным, то другім бокам.

Ёсць у Коласа і ўлюбёныя прыёмы. Ён часта ставіць сваіх герояў у аднолькавае становішча або перад аднымі і тымі ж фактамі, з’явамі і ўважліва назірае, як рэагуюць яны на іх. У выніку — з розніцы настрояў, паводзін, думак і пачуццяў дзейных асоб навочна вырастае і розніца іхніх характараў.

Калі дзяк Бацяноўскі, пабыўшы пад акном у Лабановіча, прыйшоў са сваімі падазрэннямі і здагадкамі да айца Мікалая, той, асцярожны і дыпламатычны, перавёўшы вочы ў неазначаныя прасторы, унікліва адказаў:

— Усё можа быць...

— Пустое! Семінарскі ідэалізм яшчэ не зусім выветрыўся,— буркнуў ляснічы, які меў свае намеры ў адносінах настаўніка і час ад часу засылаў яму рэакцыйны часопіс «Новое время» ды творы Разанава і Лютастанскага.

А пісар Дулеба, прыкідваючы ўсё на сваю мерку, зазначыў:

— Папулярнасці сабе шукае.

Часам пяро Коласа проста нагадвае спакойнае, выразнае пяро мастака-этнографа. Сялянскі побыт, праца і адпачынак, свята і будні, непазбежныя ў старой вёсцы сваркі, лаянкі і бойкі, «страшныя» здарэнні, смешныя гісторыі, народныя прыкметы і забабоны, палескія легенды і паданні, абвеяныя таямнічасцю і аздобленыя багатай народнай фантазіяй,— знайшлі свой адбітак у аповесцях. Асабліва грунтоўна Коласам паказаны адносіны палешукоў да рэлігіі і паноў, да начальства і навучання ў школе.

Якуб Колас малюе падзеі як чалавек, што ўведаў іх вытокі, усвядоміў іх хаду. І хаця строгай паслядоўнасці ў развіцці сюжэта тут няма, пісьменнік метадычна, крок за крокам вядзе чытача за сваім галоўным героем, па дарозе знаёмячы з навакольнымі людзьмі і жыццёвымі праявамі і дапускаючы значныя адхіленні ад асноўнага апавядання. Бо не лёс прадстаўнікоў асобных сацыяльных груп, а цалкам жыццё беларускага грамадства пэўнай эпохі цікавіць пісьменніка. Ён умее зацікавіць ім чытача. Таму даруецца заглыбленасць твораў і іх абцяжаранасць пабочнымі эпізодамі, за якімі ледзь угадваецца скразная дзея і якія моцна затрымліваюць яе развіццё.

У аповесцях, нібы ў фокусе, сканцэнтраваліся лепшыя здабыткі папярэдняй творчай дзейнасці Якуба Коласа-празаіка. Каларытнасць ранніх апавяданняў, такое характэрнае для прозы Коласа спалучэнне эпічнага, лірычнага і сатырычнага элементаў, тонкі гумар, незвычайная назіральнасць, увага да псіхалогіі, што хораша стасуецца з ідэяй твора і падпарадкавана яе выяўленню,— знайшлі свой адбітак і ўвасабленне ў трылогіі. Асобныя раздзелы аповесцей нават нагадваюць некаторыя дакастрычніцкія коласаўскія апавяданні і навелы («Стараста», «Пісараў баль», «З днеўніка пана Жылкі», «Бунт» і г. д.), але паўтараюць яны іх на значна больш высокім ідэйна-мастацкім узроўні.

«У палескай глушы» і «У глыбі Палесся» (як і «На ростанях») — не толькі асабістае дасягненне пісьменніка. Аповесці з’явіліся цэлым этапам у развіцці беларускай літаратуры і як першыя ўзоры глыбока рэалістычных твораў буйнога жанру, у якіх высокая ідэйнасць спалучылася з добрай мастацкай формай, вызначылі на пэўны прамежак часу кірунак далейшага развіцця ўсяе нашае прозы.

 

1 Ленин В. Н. Сочинения, издание IV, т. 10, с. 30—31.

2 Над вялікім эпічным творам, пачатым яшчэ ў 1914 г.— ра­манам «Сокі цаліны» (1929 г.), працаваў і Ц. Гартны.

III

Думы і мары пра лёс свайго народа прасякалі творчасць лепшых прадстаўнікоў і дакастрычніцкай літаратуры.

Яны шчыра любілі сваю бацькаўшчыну і марылі аб яе свабодзе, прычым замілаванне да роднай прыроды і спачуванне працоўнаму чалавеку – творцы ўсіх багаццяў спалучалася ў іх з прагнымі пошукамі шляхоў жыцця.

І ўсё-такі іх патрыятызм быў супярэчлівы. Любоў да бацькаўшчыны, да яе сціплай прыгожай прыроды азмрочвалася журбой і сумам з прычыны паднявольнага стану працоўных.

 

 

Ці завылі ваўкі, ці заенчыў віхор,

Ці запеў салавей, ці загагала гусь,—

Я тут бачу свой край, поле, рэчку і бор.

Сваю матку-зямлю — Беларусь.

 

Хоць гарыста яна, камяніста яна,

Вераб’ю па калена, што сею, расце,

Дык й люблю ж я яе, шкода хаткі, гумна:

О, такіх няма, мусіць, нідзе!

 

Ды і што гаварыць! — дзе я толькі гляджу,

Бачу родненькі край, сваю матку-зямлю;

Тут і людзі... ат... што!., аб іх после скажу...

Долі іх надта ж я не люблю!..—

 

 

з болем пісаў Янка Купала ў вершы «Гэта крык, што жыве Беларусь» (1915 г.).

Выратоўвала толькі мара і вера ў будучыню, заклік да якой так моцна гучаў у творах Я. Купалы і Я. Коласа.

 

Не бядуй, што звіслі хмары,

Што нам сонца не відаць,

Не бядуй, што ўноч пажары Сталі неба заліваць,—

Дымам пойдзе ўсё ліхое,

Усё, што душыць нас і гне.

Вер, брат,— жыцце залатое Будзе ў нашай старане.

(Я. Колас, «Не бядуй», 1907)

 

Трагічная супярэчнасць была знята толькі Кастрычнікам, што знішчыў сацыяльны і нацыянальны прыгнёт і даў беларускаму народу ўпершыню ў гісторыі дзяржаўнасць.

У выніку — сэнсам і зместам усёй творчасці беларускіх савецкіх пісьменнікаў зрабіўся паказ таго, як змяняецца аблічча роднай краіны, якія зрухі адбываюцца ў самой сацыяльнай структуры грамадства, у псіхіцы і светапоглядзе людзей, як нараджаецца і выспявае ў іх савецкая нацыянальная гордасць, якая жывіцца ўсведамленнем таго, што на долю савецкага чалавека выпала найвялікшая роля здзейсніць адвечныя мары папярэдніх пакаленняў. Асаблівае значэнне набывае тэма калектыўнай стваральнай працы — працы, як асновы ўсіх матэрыяльных багаццяў і духоўных сіл чалавека, як зарукі магутнасці і непераможнасці Радзімы. Ёй прысвечана і шырокавядомая аповесць Якуба Коласа «На прасторах жыцця» (1926 г.).

Побач з работай над буйнымі творамі, дзеянне ў якіх адбываецца да Кастрычніка,— паэмамі «Новая зямля» (1923 г) і «Сымон музыка» (1924—1927 гг.), аповесцямі «У Палескай глушы» і «У глыбі Палесся» — Якуб Колас выдае зборнікі апавяданняў: «Казкі жыцця» (1921 г.), «Першыя крокі» (1924 г.), «Крок за крокам» (1925 г.), «У ціхай вадзе» (1925 г.), «На рубяжы» (1925 г.), «На прасторах жыцця» (1926 г.). Даволі значная частка твораў, уключаных у гэтыя зборнікі, апавядае пра жыццё і барацьбу маладой савецкай краіны. Нельга сказаць, каб у той час Якуб Колас меў зусім выразнае ўяўленне аб некаторых падзеях, якія адбываліся ў жыцці савецкага грамадства. Выпадковае і наноснае часам засланяла ад яго істотнае і галоўнае («Курская анамалія»). Увага да адмоўных з’яў не заўсёды дазваляла яму разглядзець і беспамылкова ацаніць новае, што нараджалася ў тагачасным жыцці («Хаім Рыбс»). Абвостранасць нацыянальных пачуццяў, што захавалася з мінулага, тады-сяды прыводзіла да скажонага паказу рэчаіснасці («Туды, на захад»). Аднак галоўнай дамінантай, якая вызначае прыроду і накіраванасць творчасці Я. Коласа, з’яўляўся пафас сцверджання савецкіх форм жыцця і сацыялістычных ідэалаў. Гэта яскрава відаць нават на апавяданнях, у якіх крытыкуюцца адмоўныя з’явы жыцця і іх носьбіты («Царскія грошы», «Пракурор», «Калектыў пана Тарбецкага» і інш.). Я. Колас выкрывае дзікіх уласнікаў, прыстасаванцаў, замаскаваных ворагаў, выступае супроць мяшчанства, за новую мараль і этычныя нормы паводзін людзей у калектыве.

Цікава зноў параўнаць коласаўскія апавяданні з творамі Зм. Бядулі. Гаворачы ў ранніх сваіх апавяданнях і навелах пра беднасць і пакуты працоўнага сялянства пры царызме, Бядуля акцэнтаваў увагу амаль выключна на трагічных баках вясковага жыцця — жахлівай цемры, нястачы, голадзе, бяспраўі, непасільнай працы, загубленым дзяцінстве, цяжкой старасці. Людзіпакутнікі, пакрыўджаныя лёсам, чые мары аб светлым жыцці разбіваліся аб варожую рэчаіснасць, былі яго героямі. Пытанне — чаму гэта так? — звычайна заставалася без адказу. Прычыны і вынікі блыталіся.

— Чаму я такі? — думаў Ігналя — герой апавядання «Сорам».— Людзі і не больш зямлі за мяне маюць, а лепш жывуць. У іх хаты агледжаны, скаціна ў парадку; ёсць і харч для сябе і корму для жывёлы, а ў мяне вецер свішча па ўсіх вуглах. Чаму так?

І ён у роспачы, сціснуўшы кулакі, праклінаў... сябе.

П’яніца Арцём («Тулягі»), пахаваўшы адзіную дачку, якая захварэла на сухоты ад непасільнай працы ў багацея, у бяссільнай злосці кляне... боль сваёй душы.

Бядак Сымон з аднайменнага апавядання ўсю сваю злосць на жыццё, беднасць спаганяе на жонцы, а яго цёзка з апавядання «Як у бібліі» — на сваёй знясіленай кабыле.

Быў ва ўсім гэтым, вядома, і папрок у абмежаванасці, адрасаваны да селяніна, але гэты папрок не мог стаць дзейсным, бо пазітыўнай праграмы Зм. Бядуля не раскрываў, а жаль да тых, на каго накіроўваліся злосць і абурэнне герояў, засланяў усё астатняе.

Натоўп у Зм. Бядулі звычайна страшны ў сваёй жорсткасці. У ім абуджаюцца такія першабытныя інстынкты, якія кожны чалавек паасобку адкінуў бы з сорамам і гневам («Чараўнік», «Сорам»).

Змітрака Бядулю больш за ўсё цікавяць ракавыя, трагічныя крызісы ў жыцці чалавека: калі прыходзіць старасць, і чалавек раптам, згубіўшы сілу, усведамляе гэта («Умарыўся»); калі рушацца мары ўсяго жыцця, і чалавек бездапаможны знайсці ў сабе сілы, каб зажыць новымі марамі і надзеямі («На каляды к сыну», «Бондар»); калі ціхі і сумленны чалавек вымушаны стаць злодзеем («Сорам»). І нязменна — крызіс завяршаецца гібеллю чалавека, якая прыходзіць ад уласнай роспачы, ад няшчаснага выпадку, ад стыхіі. Бездапаможныя разабрацца ў навакольнай рэчаіснасці, героі Зм. Бядулі, нягледзячы на свае станоўчыя чалавечыя якасці, робяцца ахвярамі бязлітасных абставін, незразумелых, варожых, непераадольных. Гэтыя ж акалічнасці, апрача ўсяго, перашкодзілі і самому пісьменніку адразу зразумець гістарычную сутнасць Кастрычніка.

Якуб Колас горача любіў чалавека-працаўніка, верыў у яго і ягоныя творчыя сілы. Ён ведаў яго сяброў і ворагаў і ўсведамляў, што шляхі да светлай будучыні пралягаюць праз рэвалюцыйную барацьбу. Да таго ж ідэйна-палітычны рост Я. Коласа ішоў у кірунку да марксізма. Аб гэтым сведчыла крытыка Коласам сялянскай абмежаванасці, канстатацыя класавай дыферэнцыяцыі сялянства, прызнанне рэвалюцыйнага ўзброенага паўстання як сродку, пры дапамозе якога толькі і можна знішчыць свет эксплуатацыі. Недарэмна герой аднаго з першых коласаўскіх апавяданняў на сучасную тэму («Дачакаўся», 1923 г.) — селянін-бядняк Пятро Мазалеўскі, які з’яўляўся лагічным развіццём вобразаў ранейшых бунтароў і пратэстантаў, шчыра вітае рэвалюцыю, бо яна «паланіла, захапляла яго веліччу і хараством ідэі, калі людзі будуць мець роўнае права на карыстанне дабрабытам, калі не будзе гэтага абірання чалавека чалавекам і знікне гэтае векавечнае прыгнечанне багатым беднага». Таму відавочна — памылкі пісьменніка ў тых ці іншых выпадках вынікалі не з разладу яго з рэчаіснасцю, а ў працэсе добразычлівага вывучэння яе, у працэсе авалодвання метадам сацыялістычнага рэалізму.

У апавяданні «Сяргей Карага», напісаным у тым жа годзе, што і «Дачакаўся», Якуб Колас імкнецца ўсвядоміць ролю Камуністычнай партыі ў рэвалюцыі, дакладней — у грамадзянскай вайне, і першы ў беларускай прозе стварае вобраз рабочага-бальшавіка як носьбіта рэвалюцыйнай волі. Праз мужную смерць свайго героя пісьменнік сцвярджае правату і непераможнасць бальшавіцкіх ідэй, якія вызначаюць поступ гісторыі і накіроўваюць яго па пэўным рэчышчы. Вырасшы ў рэвалюцыі, Сяргей Карага аддае ёй сваё жыццё, шкадуючы толькі аб адным, што не прыйдзецца «быць сведкаю тых вынікаў жыцця, якія прынясуць з сабою камуністы, і тых форм новага будаўніцтва, у якія выльецца гэтае жыццё».

Характэрна, што і Зм. Бядуля ў аповесці «Дзесяць» (1927 г.) бярэцца за гэтую ж тэму і спрабуе падаць рэвалюцыйны рух і рэвалюцыйнае змаганне сялянства як вынік пашырэння ленінскіх ідэй, паказвае іх цэментуючую і накіроўваючую сілу. Разам з Я. Коласам ён прысвячае рад твораў паказу новага ў побыце вёскі і ў свядомасці працоўнага селяніна: бядняк Янка Гарбач ліквідуе сваю непісьменнасць («Тры крыжыкі»); цярплівая, слаўная Аўгіння — жанчына з залатым сэрцам, якую на працягу ўсяго папярэдняга жыцця няшчадна біў п’яніца-муж, паўстае на абарону годнасці жанчыны («Дэлегатка»); развейваецца вера ў бога, у рэлігію («Пуд жыта», «У глушы»). У той жа аповесці «Дзесяць»

Зм. Бядуля гаворыць аб магчымасцях, якія раскрыла савецкая ўлада перад працаўнікамі вёскі. І гэта, апрача ўсяго, было вынікам уплыву на Зм. Бядулю творчасці Я. Коласа і, у першую чаргу, яго аповесці «На прасторах жыцця».

Аповесць «На прасторах жыцця» сведчыць аб далейшым ідэйна-творчым уздыме беларускай прозы.

Раскрываючы сутнасць сацыялістычнага рэалізму, М. Горкі гаварыў:

«Сацыялістычны рэалізм сцвярджае быцце як дзеянне, як творчасць, мэта якой — бесперапыннае развіццё каштоўнейшых індывідуальных здольнасцей чалавека дзеля перамогі яго над сіламі прыроды, дзеля яго здароўя і доўгага жыцця, дзеля вялікага шчасця жыць на зямлі, якую ён адпаведна бесперапыннаму росту яго патрэб жадае апрацаваць усю, як прыгожае жыццё чалавецтва, аб’яднанага ў адну сям’ю.

Вельмі блізкае да гэтага сцверджанне жыцця знаходзім мы і ў аповесці Я. Коласа. Паказваючы жыццё як барацьбу за сацыялістычныя ідэалы, Якуб Колас гаворыць тут не толькі аб рэчаіснасці сённяшняга дня, але і аб тых яе тэндэнцыях, якія вынікаюць з хады падзей. Ён увасабляе ў мастацкія вобразы свае мары, жаданні. Сцверджанне жыцця як дзеяння, як творчасці знайшло сваё праяўленне і ў імкненні пісьменніка сілаю мастацкага слова ўзнавіць вобраз чалавека-будаўніка, даць адказы на хвалюючыя пытанні сучаснасці, дапамагчы чалавеку правільна зразумець і вырашыць праблемы асабістага жыцця і ўстанавіць патрэбныя ўзаемадачыненні з навакольным светам. Усё гэта рабіла аповесць наватарскай, актуальнай і вызначала яе месца ў маладой беларускай прозе.

У аповесці «На прасторах жыцця» Якуб Колас апавядае аб першых парастках новага ў побыце вёскі, аб рабоце ленінскага камсамола, аб імкненні вясковай моладзі да навукі і культуры, як адказ на запатрабаванні жыцця і заклік У. І. Леніна, кінуты ім з трыбуны з’езда камсамола, аб тых прасторах, якія раскрыла перад моладдзю савецкая ўлада. Шчырая ў сваім імкненні перабудаваць жыццё, моладзь абвяшчае барацьбу рэлігійным забабонам, вясковай цемры і кансерватызму, узаемнай адасобленасці людзей — гэтай спадчыне мінулага, і асабістым прыкладам сцвярджае перавагу калектыўнай працы над аднаасобнай. Рухаючай сілай яе паводзін і ўчынкаў становіцца ўжо савецкі патрыятызм, мары бачыць жыццё светлым, прыгожым.

Герой аповесці Сцяпан Барута — вясковы юнак, парваўшы з бацькамі, ідзе пехатою ў горад, каб паступіць на рабфак. «Бяскрайнія прасторы ляжаць перад ім, пазіраюць на яго незлічонымі вачыма, пазіраюць маўкліва і ўдумна, як бы пытаючыся: «Якая бура нясе цябе, хлопча? Куды і чаго?..» «Усё, што было найдаражэйшае ў яго жыцці,— піша Колас,— дзяцінства, таварышы, сям’я, Аленка і гэтае пяшчотна-кволае дрыгаценне струн яго сэрца — усё гэта засталося там, пад саламянымі стрэхамі...»

Дык што ж за бура несла гэтага хлапца?

Аказваецца, гэтай сілай было ўсведамленне таго, што рэвалюцыя раскрыла перад вясковай моладдзю магчымасць стаць актыўным удзельнікам будаўніцтва новага жыцця, быць свядомым памочнікам савецкай уладзе ў будаўніцтве новай дзяржавы.

Настойлівы і паслядоўны, ён упэўнена ідзе да пастаўленай мэты, ні на хвіліну не забываючыся на свой абавязак перад Радзімай і народам. І чым больш устае перад ім перашкод, тым больш расце ў яго жаданне дабіцца свайго. Калі пасля сканчэння пачатковай школы яму не выпадае паступіць у сямігодку, ён самастойна пачынае рыхтавацца на рабфак. Калі першая яго спроба выступіць супроць рэлігіі і вясковай цемры канчаецца няўдачай і замест разбуранага «святога калодзежа» сяляне пабудавалі новы,— верны сваім планам, ён кідае родную вёску і ідзе ў горад. На рабфаку Сцяпан паступае ў камсамол і, рыхтуючыся да будучага, грунтоўна і стала распрацоўвае сваю «праграму дзейнасці на вёсцы». У асобе Сцяпана Баруты Я. Колас паказаў фармаванне новага чалавека, для якога пазнанне — радасць, служэнне народу — сэнс жыцця.

Узбагачаны ведамі, вярнуўшыся ў родную вёску, Барута арганізуе моладзь і сялян на асушку Гнілога Балота, захапляе іх веліччу тых магчымасцей, якія адкрываліся перад аднаўляемай краінай, прычым важна адзначыць, што і яго і ягоных сяброў не толькі вабіць і прыцягвае матэрыяльная карысць, што можа быць у выніку ажыццяўлення гэтага плана, але і «самы размах і велічыня тае задачы, што ўставала перад імі», бо яны разумелі — калектыўная праца, натхнёная вялікай ідэяй, перамагае прыроду і перарабляе людзей.

Так Сцяпан Барута прыходзіць да думкі аб неабходнасці стварэння «калектываў працы», праз якія толькі і можна змяніць вёску.

Аб ператварэнні прыроды марыў і Лабановіч.

«Каб людзі грамадою паўсталі на работу,— думаў Лабановіч,— яны асушылі б балоты, пазносілі б пяскі з палёў, а балотны гной і яго ўраджайны грунт перанеслі б на пясчанае поле — хапіла б і хлеба і сенакосу».

Ён верыў, што здолее заклікаць грамаду на новую дружную работу. Грамада асушыць балоты, створыць новыя землі, правядзе дарогі, абсадзіўшы іх пладовымі дрэвамі, зробіць масты, пабудуе прыгожыя дамы і пачне жыць шчасліва і багата. Яму здавалася, што адзінай перашкодай у гэтым з’яўляецца людская нядбайнасць і закаранеласць форм людскога жыцця. Што б значыла для сялян адвесці тыдні два часу, каб гуртам збыць такую злыбяду, як Чорная грэбля? Няўжо нельга балотнай тванню ўгноіць поле? Але хутка высветлілася, што зямля не сялянская, а арандаваная, і невядома, як павернецца справа далей, бо «скарб хоча пусціць гэтую зямлю на замену з канцамі сялянскіх шнуроў, што падыходзяць або ўкліняюцца ў скарбовы лес, каб такою заменаю акругліць княжацкія лясы». Аказалася таксама, што патрэбных для гэтага ні сіл, ні часу не мае і не можа мець селянін: усё забірае штодзённая катаржная праца.

Утваралася нейкае зачараванае кола, адкуль не было выхаду. Не дапамаглі яго знайсці і найбольш блізкія сябры-паплечнікі Лабановіча — практычны, разважлівы Турсевіч і шчыры, экспансіўны Садовіч, якія самі ў той час заставаліся ў такім жа «замкнутым крузе агульных пытанняў маралі, ідэалізму і ў няясным парыванні да «разумнага жыцця».

Сцяпан Барута здзяйсняе сваю задуму, бо за яго плячыма стаіць савецкая дзяржава з яе ўсенароднай уласнасцю на зямлю і нетры, з яе справядлівымі грамадскімі ўзаемаадносінамі паміж людзьмі, раскутыя сілы якіх ужо не сустракаюць перашкод. Ды і сам Барута зусім іншы, чым Лабановіч таго часу. Ён чалавек справы. Яго мары і замыслы не ўтапічныя, а глыбока рэальныя, і вырастаюць яны з патрэб і магчымасцей самога жыцця. Іншымі сталі і адносіны паміж героем і наваколлем. Навука, асвета не толькі не аддаліла Сцяпана Баруту ад народа, але, наадварот, ліквідавала некаторыя прыватныя канфлікты, узняла яго ў вачах людзей, зрабіла важаком. Іншымі сталі і адносіны паміж чалавекам і прыродай.

Любоў да прыроды і майстэрства яе паказу заўсёды былі ўласцівы народнаму паэту.

У лісце ад 18 чэрвеня 1927 года да Л. Клеймбарта, дзе Якуб Колас выкладае сваю біяграфію, ён пісаў: «У кожным моманце з’яў прыроды для мяне ўсё было ноўна глыбокай цікавасці і сэнсу, і кожны бачны элемент прыроды для мяне меў свой твар, сваю акрэсленую індывідуальнасць, сваё пэўнае жыццё, свядомае, адухоўленае».

У аповесцях «У Палескай глушы», «У глыбі Палесся» і «На ростанях» карціны беларускай прыроды, то статычныя і велічныя, як на палатне мастака, то рухавыя і зменлівыя, як на кінастужцы, амаль непарыўнай панарамай праходзяць перад чытачом. Карціны прыроды раз-поразу ўплятаюцца ў душэўнае жыццё героя і робяцца адным з важнейшых сродкаў яго характарыстыкі. Пры гэтым Колас ужывае падвойную залежнасць. З аднаго боку, тыя ці іншыя з’явы прыроды ўплываюць на чалавечую псіхіку, на настрой і пакідаюць свой адбітак на чалавеку, з другога боку, прырода афарбоўваецца ў тон настрояў героя. Часам герой шукае ў прыродзе адказы на пэўныя пытанні, часам яна з’яўляецца прадметам яго роздуму або сцверджаннем яго думак, доказам іх правільнасці, тады пейзаж пераходзіць у лірычныя адступленні, напісаныя ў манеры Гогаля, у разважанні аб лёсе людзей, што жывуць на ўлонні гэтай прыроды.

У аповесці «На ростанях» пейзаж часам набывае сімвалічнае гучанне. Пісьменнік праз яго падае падзеі грамадскага жыцця (напр., апісанне завірухі, якая сімвалізуе сабою чорную рэакцыю, наступіўшую пасля паражэння рэвалюцыі 1905 года, у IV раздзеле) або паказвае месца і пазіцыю дзейнай асобы ў гэтых падзеях (напр., апісанне змагання Лабановіча з завірухай у тым жа раздзеле). Колас часта сам раскрывае гэта другое, унутранае значэнне пейзажу. Улавіўшы ў жалобных завываннях і галашэннях завірухі нешта вельмі падобнае да плачу над дарагім нябожчыкам, Я. Колас ставіць рытарычнае пытанне:

«Хто ж ён, гэты нябожчык? Можа, гэта той усенародны выбух гневу і абурэння супроць царскага самаўладства, памешчыцкага гнёту, выбух, які заліваецца зараз крывёю народа шляхам карных экспедыцый, шыбеніц, расстрэлаў, узаконеных царом і «святою» царквой?»

І адразу карціна лютай завірухі набывае новы сэнс, пачынае несці выразна сацыяльную думку.

Знітаванасць чалавека і прыроды — характэрная рыса твораў Коласа. Часта чалавек і прырода нават мяняюцца тут месцамі, і тады чародкі па-святочнаму прыбраных дзяўчат-паляшучак ператвараюцца ў макавыя кветкі ў агародзе, а ахіненыя вячэрнім шэрым змрокам поле і лес — у жывую істоту, апанаваную смуткам.

Адухоўленай успрымаюць прыроду і дзейныя асобы. Турсевіч, напрыклад, прывыкае да дрэў, як да блізкіх істот, і яму здаецца, што прыдарожныя старыя бярозы смуткуюць і аб чымсьці скардзяцца і што яны таксама нешта пачуваюць, «іменна пачуваюць».

Гэтую ж думку выказаў і сам пісьменнік у эпіграфе да зборніка «Казкі жыцця».

Заўсёды адухоўленая, нібы разумная, прырода з’яўляецца не столькі фонам, колькі своеасаблівай дзейнай асобай у аповесцях «У палескай глушы», «У глыбі Палесся» і «На ростанях». Але знамянальна тут тое, што ў другой аповесці малюнкі прыроды саступаюць месца малюнкам побыту і штораз падаюцца ўсё радзей; развіццё дзеяння ў творы набывае ўсё большую і большую дынамічнасць, мэтаімклівасць, а ўвагу героя пачынае перад усім браць сацыяльны бок жыцця. Гэтым Якуб Колас як бы гаворыць, што прадумовай патрэбных узаемаадносін паміж чалавекам і прыродай з’яўляецца належнае ўладкаванне грамадскіх узаемадачыненняў паміж людзьмі. У трэцяй жа аповесці малюнкі прыроды, як ужо гаварылася, набываюць сімвалічнае значэнне і часта выконваюць ролю своеасаблівай уверцюры да наступных падзей.

Яшчэ больш дзейсны пейзаж у аповесці «На прасторах жыцця». Праўда, у трылогіі пісьменнік таксама не заклікае чалавека падпарадкавацца прыродзе, скарыцца перад яе веліччу або адмовіцца ад усяго людскога і зліцца з ёй. Яго адносіны да прыроды актыўныя і там. Аднак у аповесці «На прасторах жыцця», падаючы малюнкі прыроды, Колас паслядоўна праводзіць думку, што прырода з’яўляецца не толькі крыніцай хараства, але і багацця, якое чалавек-творца павінен выкарыстаць і пачынае выкарыстоўваць для свайго дабрабыту і шчасця. Чалавек можа быць бяссільным і вартым жалю толькі сам-насам з прыродай, калектыўная ж воля ўсюды і заўсёды скарае яе, ставіць на службу чалавеку.

«З кожным паваротам чыгункі, з кожнаю новаю вярстою Сцёпка глыбей адчувае ўладу гэтых незнаёмых прастораў, сярод якіх параскіданы цёмна-сінія палоскі лясоў. І гэтыя вёсачкі, і людзі, і гаі побач дарогі пазіраюць на яго, як на чужынца, неспагадліва і нават, здаецца, варожа. Маркотна і неспакойна на сэрцы...»

«Яшчэ гучней загаманілі Сухія Груды, а балота маўчыць панура, закрыўшыся зялёнаю коўдраю. Дзед-дуб з-за балота глядзіць на Сухія Груды, як бы грамадою любуецца. А грамада працуе. Яшчэ гусцей ляцяць сінія, жоўтыя, белыя камякі зямлі, срэбрам і золатам кладучыся па адзін і другі бок канала... Паглядзець — любата. Усё сяло часам збіраецца тут. Адны працаваць, другія — проста так сабе, палюбавацца. Нават чужыя людзі заходзілі сюды. Глядзяць ды галовамі трасуць.

— Сенакос, сенакос будзе!..»

Параўнайце гэтыя абразкі, і вы ўбачыце творчыя адносіны пісьменніка да прыроды. Цяпер у пейзаж Коласа трапляе чыгунка, станцыя, горад. Упершыню ў беларускай прозе сустракаем шырокія карціны Мінска.

Можа здацца, што канфлікт, які ляжыць у аснове аповесці «На прасторах жыцця», з’яўляецца канфліктам паміж бацькамі і дзецьмі. Па-мойму, гэта толькі знешняе ўражанне. Праўда, Я. Коласу і тут яшчэ не зусім выразна ўяўлялася сутнасць і характар класавай барацьбы, якая ішла ў тагачаснай вёсцы і вызначала кірунак яе руху. Але мяжа, што падзяляе дзейных асоб аповесці на розныя лагеры, не супадае з мяжою, што лягла паміж пакаленняў. Супярэчнасці паміж старым, аджываючым, наносным, з аднаго боку, і здаровым, новым, што нарадзіла рэвалюцыя і савецкая ўлада, з другога боку,— вось што складае сутнасць і змест калізій аповесці.

Сцёпка разумее сваіх бацькоў і шмат у чым падзяляе іхнія думкі. Ён пакідае іх з надзеяй на зварот, бо ўпэўнены, што рана ці позна яны стануць яго аднадумцамі і паплечнікамі.

А нагадайце сцэну, калі Сцёпка накідае родную хату. Бацька ж, па сутнасці, таксама спачувае сыну, і толькі неадольная сіла інерцыі, тая чорная сіла, якой ён прывык падпарадкавацца на працягу ўсяго папярэдняга жыцця, штурхае яго на разрыў. Гэта — не вынік яго волі, а як бы часовая ўступка Ціту, коснаму, але трываламу пакуль што вясковаму ўкладу. Была ва ўсім гэтым і бацькоўская крыўда на сына, які дапусціў учынак, што не мог прынесці карысці, хоць і жывіўся самымі добрымі намерамі. Вось чаму, калі пасталелы Сцёпка, зразумеўшы, што «разбураць трэба саму ідэю, а зруб і крыж — гэта што», распачынае асушку Гнілога Балота, Міхась Барута далучаецца да сына і дапамагае моладзі ў яе пераўтваральнай працы.

Побач з гэтым Якуб Колас падае чыстыя высакародныя адносіны паміж героем аповесці і Аленкай — разумнай, цнотнай дзяўчынкай з слаўным адданым сэрцам. Узнікшае з пачуцця шчырай прыязні і наіўнага спаборніцтва, іх каханне вырастае на грунце агульных інтарэсаў, узаемадапамогі, блізкіх мар, беззаветнай адданасці навуцы, агульнага стаўлення да навакольнага і будучыні. Мацнеючы і нарастаючы з падзеямі, яно загартоўваецца ў выпрабаваннях. У вырашальныя моманты Аленка заўсёды побач з любым юнаком. Вобраз дарагой дзяўчыны нават ва ўспамінах бадзёрыць Сцёпку. Іх пачуццё глыбокае, сучаснае, мілае і натуральнае. На іх адносінах Я. Колас паказаў нараджэнне новых пачуццяў і сувязей паміж людзьмі, абуджэнне ў іх вялікай прагі жыцця. На вобразах Сцёпкі і Аленкі пісьменнік раскрыў ролю савецкай школы ў фарміраванні гарманічнай, дзейснай і мэтанакіраванай асобы, якая пачынае глядзець на сэнс і мэты свайго жыцця з пункту погляду інтарэсаў народа.

Высокаму чыстаму пачуццю Сцёпкі і Аленкі ў аповесці супрацьстаіць кароткае і нездаровае каханне ціхай даверлівай Ніны Ральніцкай і Шулевіча — цыніка і фразёра, для якога ўсякая дзявочая сарамлівасць з’яўлялася мяшчанствам.

«Ну, зышліся, разышліся. Узялі падатак ад сваёй маладосці і — квіта»,— так разважае сам сабе Шулевіч аб узаемаадносінах з Нінай, якія прынеслі дзяўчыне многа пакут і гора.

Я. Колас зрывае маску з Шулевіча, з яго «левых» фраз, бязлітасна выкрывае фальш яго сябелюбівай чэрствай натуры, паказвае ўсю яго старасвецкасць.

Гісторыя Ніны і Шулевіча ў кампазіцыйных адносінах стаіць крыху ў баку ад агульнай плыні аповесці. Але яна адыгрывае важную ролю ў развязванні абранай пісьменнікам калізіі, у развіцці і сцверджанні асноўнай ідэі твора. Указваючы, як на пачэсны абавязак і патрыятычны доўг моладзі, на яе ўдзел у будаўніцтве новага жыцця ў краіне, Якуб Колас папярэджвае моладзь, што вынікі яе ўдзелу шмат у чым залежаць ад таго, ці будуць адносіны паміж моладдзю абапірацца на сапраўды новую этыку і трывалыя маральныя нормы, вартыя савецкага чалавека, ці не.

У 1931 годзе Якуб Колас піша аповесць «Адшчапенец». Гэта — твор аб сацыялістычным пераўтварэнні вёскі, аб тых велізарных зрухах, што адбываліся ў свядомасці сялянства ў гады «вялікага пералому». Сюжэт аповесці — дынамічны стрыжань яе кампазіцыі — складаюць вандраванні селяніна Пракопа Дубягі, які, не прыняўшы ідэі калектывізацыі, асудзіў сябе на самавыгнанне.

Характэрна, што падобны сюжэт ці сюжэтны матыў у свой час абралі таксама Ф. Панфёраў (раман «Бруски», 1928—1933 гг.) і А. Твардоўскі (паэма «Страна Муравия», 1939 г.). Як і Якуб Колас, ідэю перамогі калгаснага ладу яны выказалі праз паказ краху ілюзій сваіх герояў, якія, як і Пракоп Дубяга, кінуўшы сям’ю і гаспадарку, падаліся на пошукі «зямлі, дзе няма калектывізацыі». Як і адшчапенец Дубяга, «апошні аднаасобнік» Мікіта Маргунок з «Страны Муравин» і Мікіта Гур’янаў з рамана Ф. Панфёрава песцілі мару аб нейкай краіне, дзе, кажучы словамі А. Твардоўскага,

 

Земля в длину и в ширину

Кругом своя.

Посеешь бубочку одну,

И та — твоя.

И никого не спрашивай,

Себя лишь уважай.

Косить пошел — покашивай,

Поехал — поезжай.

 

И все твое перед тобой,

Ходи себе, поплевывай.

Колодец твой, и ельник твой,

И шишки все еловые.

 

Тое, што бачылі яны ў час падарожжа, шукаючы гэты дробнаўласніцкі «рай», таксама разбівае і іх ілюзіі. Перад імі адкрываецца дарога ў калгаснае жыццё.

Падабенства тут не вычэрпваецца адным адзінствам сюжэтнай канвы. Яго можна прасачыць і ў рысах характару герояў, і ў іх думках, і ў рэакцыях на падзеі. Магчыма, у гэтым яшчэ нельга бачыць факта ўзаемаўплываў, бо хутчэй за ўсё тут мы маем вынік уплыву самога жыццёвага матэрыялу на пісьменнікаў, але бачыць у гэтым пэўнае сведчанне адзінства шляхоў, па якіх ішло развіццё брацкіх літаратур, можна і трэба.

Абраны сюжэт даваў магчымасць Я. Коласу пранікнуць у сацыяльныя канфлікты таго часу, адлюстраваць працэсы, што адбываліся ў вёсцы на рубяжы дваццатых і трыццатых гадоў. І што таксама важна — гэты сюжэт дазваляў не толькі раскрыць характар героя, але і паказаць гісторыю яго росту і арганізацыі.

Пракопа Дубягу нарадзілі заскарузлыя патрыярхальныя адносіны. У яго дзіўныя ўяўленні аб свабодзе, шчасці, чалавечай годнасці, аб сваіх абавязках перад навакольнымі людзьмі. Яго інтарэсы, імкненні і мары — гэта інтарэсы, імкненні і мары ўласніка. Што перашкаджала яму адразу пагадзіцца з калгасам і прыняць яго? Гэта перш-наперш перакананне, што ў калгасе ён не будзе гаспадаром сваёй зямлі, свайго каня, сябе і што павінен будзе рабіць, калі, дзе і што яму загадаюць. «Не, ён не скарыцца перад чужой воляй!..» Да таго ж ён вельмі шкадаваў сваё старое котлішча, звыклы і любы круг работы, шкадаваў рахманага чырвоненькага коніка, карову з закарэлымі ад гною сцёгнамі. Ён не верыў у людзей, у іх сумленнасць, у іх гатоўнасць жыць і працаваць у калектыве, а з гэтага нявер’я вырастала нявер’е ў новыя формы жыцця. Ды і наогул ва ўсім гэтым было не столькі свядомага і разумнага, колькі прадузятага, упартага. Калі аргументы яго блеклі, трацілі сілу нават у яго ўласных вачах, Пракоп Дубяга пачынаў ламаць галаву, шукаючы новых, прагавіта лавіў іх на вуліцы, на сходах — усюды, дзе толькі можна злавіць. Гэта быў сляпы пратэст і бунт себялюба. І зусім натуральна, што яго абурэнне і крыўда выліліся ў форму старых традыцыйных прочак.

Што зламала яго ўпартасць?

Хутчэй за ўсё адчуванне поўнага свайго адзіноцтва, бесперспектыўнасці і адарванасці ад людзей. Пераканалі ж — толькі важкія, відавочныя факты. Надзвычай характэрнай у гэтых адносінах з’яўляецца сустрэча Пракопа з трактарам. Раней ён многа чуў пра трактары, але ніколі не бачыў, хоць і «разносіў на ўсе застаўкі». І вось, сутыкнуўшыся з трактарам, ён адчуў перад ім некаторы страх, як перад жывой істотай, што прыйшла спецыяльна для таго, каб зрабіць рэвалюцыю ў гаспадарцы. Пракоп доўга тупаў каля трактара, аглядаў яго з усіх бакоў, стукаў па ім кулаком, распытваў пра яго работу. І хоць для смутку і незадаволенасці не было падстаў, адышоў ад трактара з такім пачуццём, з якім адыходзіць пераможаны ад свайго пераможцы. Але і тады для яго даволі доўга заставаліся незразумелымі тыя «спрунжыны і ўся тая механіка», што прыводзіла ў рух жыццё ў калгасе.

Падрабязна і нават празмерна падрабязна апісвае Якуб Колас «свой калгас» «Хваля рэвалюцыі». Па-гаспадарску, з дакладнасцю будаўніка, што складае вытворча-тэхнічны праект, паводле якога на заўтра павінна весціся будаўніцтва, пісьменнік апавядае аб калгасных пабудовах.

З няменшай дакладнасцю гаворыць ён пра падзел і арганізацыю працы ў калгасе, пра догляд за жывёлай і мерапрыемствы па ўзняццю ўраджайнасці, пра тэхнічныя вынаходкі калгаснікаў, пра іх вучобу, быт і адпачынак.

Праўда, не ўсё, што культывавалася ў калгасе «Хваля рэвалюцыі», прыжылося пазней у калгаснай практыцы, і тое-сёе выглядае цяпер наіўным, але агульны напрамак, па якім пайшлі ўмацаванне і рост калгасаў, прадбачліва быў улоўлены пісьменнікам. І ўжо таму верыцца ў перараджэнне Пракопа Дубягі, калі ён пазнаёміўся з людзьмі і справамі такога перадавога, дружнага калектыву, з яго культурай і творчымі адносінамі да працы.

Аднак аб’ектыўнасць патрабуе адзначыць, што пры абмалёўцы жыцця калгаса «Хваля рэвалюцыі», пераважае апісальніцтва, знешні паказ. Жыццё калгаса не ахінена атмасферай паэзіі калгаснай працы, у ім не адчуваецца біцця пульсу краіны, яно як бы ізалявана ад наваколля і нечым нагадвае жыццё на утапічнай выспе Томаса Мора.

Гэта бачыў і сам празаік. У нататцы Якуба Коласа «Як я пісаў аповесць» «Адшчапенец» ёсць такое прызнанне: «Да хібаў аповесці трэба аднесці вузкасць і непаўнату разгорнутасці сюжэта. Мастацкі паказ часта падмяняецца простым пераказам ад аўтара. Для аповесці ў цэлым было б лепей, калі б вандраванне Пракопа было паказана з пачатку да канца ў форме рада сцэн, эпізодаў».

Дый сам вобраз «упартага нехацімца», «самавыгнанніка» пазбаўлены багацця індывідуальнасці, што толькі і робіць вобразы жывымі, цікавымі. Ён схематычны. Нездарма пісьменнік, каб кампенсаваць гэта, надзяляе Дубягу дзівацтвамі. Таму аповесць «Адшчапенец», сведчачы аб пашырэнні тэматыкі і праблематыкі ў творчасці Коласа, не заняла ў ёй пачэснага месца.

 

IV

Індустрыялізацыя і сацыялістычная перабудова вёскі ў корані змянілі аблічча нашай краіны. Сацыялізм стаў сапраўднасцю. І натуральна, што само жыццё, поўнае рэвалюцыйных пераўтварэнняў, вялікія справы народа патрабавалі для свайго адлюстравання ў мастацтве глыбокіх думак і шырокіх абагульненняў. І як адказ на гэтае патрабаванне ў беларускай прозе ў пачатку трыццатых гадоў, як ніколі дагэтуль, з’яўляюцца шырокія эпічныя палотны. Якуб Колас піша аповесць «Дрыгва» (1933 г.), Змітрок Бядуля — вялікі двухтомны раман «Язэп Крушынскі» (1932 г.), Міхась Зарэцкі — раман «Вязьмо» (1932 г.), Кандрат Крапіва — раман «Мядзведзічы» (1932 г.), Платон Галавач — аповесць «Спалох на загонах» (1930 г.) і раман «Праз гады» (1934 г.), Міхась Лынькоў — раман «На чырвоных лядах» (1934 г.), Кузьма Чорны — раманы «Бацькаўшчына» (1932 г.) і «Трэцяе пакаленне» (1934 г.).

Аповесць «Дрыгва» Я. Коласа адыграла важную ролю ў развіцці буйных жанраў беларускай прозы. Вылучаючыся глыбокім веданнем жыцця, людзей, яна адначасна вызначалася сваім глыбока філасофскім асэнсаваннем рэчаіснасці. Аснованая на канкрэтных жыццёвых фактах, аповесць паказала, як калізіі і сітуацыі, узятыя непасрэдна з сапраўднасці, пад пяром пісьменніка — сацыялістычнага рэаліста, могуць стаць калізіямі і сітуацыямі сапраўды мастацкага рамантычна прыўзнятага твора. Аповесць яшчэ больш прыкавала ўвагу пісьменнікаў да нашай багатай рэчаіснасці, паклаўшы ў беларускай прозе пачатак каштоўнай традыцыі — браць за героя мастацкага твора народнага героя, у якім якасці народа праяўляюцца з асаблівай паўнатой.

Праўда, непасрэднае дзеянне ў творы адбываецца на тэрыторыі з радыусам усяго ў 15—20 кіламетраў, у адным з глухіх куткоў Палесся, куды нават «водгулле таго, што дзеялася на свеце, далятала ў прыглушаных тонах або з такімі напластаваннямі людской фантазіі, што ўжо трудна было вылушчыць з іх зерне праўды». Але пісьменнік пры гэтым выходзіў з таго, што «на фоне падзей шырокага маштабу, дзе ставіліся на карты лёсы мільёнаў, дзе вырашалася пытанне, быць ці не быць новай, маладой сістэме жыцця, за якую біліся бальшавікі, адбываліся падзеі малых ахватаў, выступалі паасобныя людзі ці групы людзей, як адгаліненне падзеі вялікага размаху, з тою толькі розніцаю, што тут яны не такія згушчаныя, не такія яркія і мала каму вядомыя». Гэты кантраст і ўяўная неадпаведнасць далі пісьменніку магчымасць падкрэсліць усеагульнасць паказваемых падзей, сцвердзіць іх паўсюднасць. Трымаючы ў полі зроку агульны ход вайны панскай Польшчы з маладой савецкай краінай, а з другога боку, абмяжоўваючы сябе ў канкрэтным паказе «падзеямі малых ахватаў», Я. Колас пашырыў гэтым рамкі твора і, узнавіўшы агульную карціну эпохі, яскрава паказаў працэсы і змены, якія выклікала вайна ў жыцці тых пластоў грамадства, што яго асабліва цікавілі.

Іншаземная інтэрвенцыя выклікала магутную хвалю рэвалюцыйна-вызваленчай барацьбы і гранічна абвастрыла класавую барацьбу ў самім заняволеным народзе, прычым размежаванне класава варожых лагераў пайшло па той жа лініі — адносін да інтэрвенцыі. У выніку — барацьба працоўных мас супроць захопнікаў стала класавай барацьбой за сацыялістычны лад, супроць усіх і ўсялякіх ворагаў наогул, якія наважыліся аднавіць мінулае.

Зразумела, што гэтая барацьба ў сваім развіцці прайшла пэўныя стадыі — ад стыхійных, адзіночных пратэстаў да арганізаванага змагання тысяч. Паказ гэтага і складае як бы знешнюю тэму аповесці. Але з ростам руху, у гарніле рэвалюцыйнай барацьбы, раслі і яе ўдзельнікі: яны вызваляліся ад перажыткаў старога, узбагачаліся духоўна і інтэлектуальна. Паказ ідэйнага, палітычнага перавыхавання, росту працоўных мас у сацыялістычнай рэвалюцыі складае, на маю думку, другую, унутраную і больш шырокую тэму аповесці «Дрыгва ».

У агульных межах гэтых тэм Я. Колас узняў і вырашыў рад праблем і ў першую чаргу праблему стваральнай прыроды рэвалюцыйнай барацьбы. Ён паказаў, што рэвалюцыйная барацьба, асвятляючы жыццё чалавека высокай мэтай і ствараючы ўмовы для росквіту яго здольнасцей, абнаўляе чалавека і гэтым падрыхтоўвае яго да місіі будаўніка сацыялізма.

У цэнтры аповесці празаік паставіў вобраз камандзіра партызанскага атрада дзеда Талаша, чыё прозвішча шырока вядома ў нашай рэспубліцы.

Павольна і ціха цякло яго жыццё. Сталы, ураўнаважаны, ён любіў свой родны куток — лес, балота, Прыпяць. І толькі калі на Палессе, нібы хвалі, наплылі такія падзеі, як вайна, рэвалюцыя і зноў вайна, трывога і цікаўнасць да будучага абудзіліся ў Талаша, хоць заставалася незразумелым — навошта яно ўсё гэта? Чаго не падзялілі людзі і калі ж будзе той спакой? Першая сустрэча з акупантамі адбылася каля стажка. І тут праявілася тое, што можна было толькі часам заўважыць у яго быстрых цёмных вачах. Гвалт жаўнераў, якія забіралі апошняе сена, здзек і знявага, якія дазволілі яны сабе ў адносінах дзеда, выклікалі бурны пратэст, нарадзілі нянавісць і патрэбу адпомсціць. Выхапіўшы з-за пояса сякеру — нязменную спадарожніцу ва ўсіх дзедавых вандроўках,— Талаш шыбануў яе ў аднаго з рабаўнікоў. Пазней, калі стрэлы засталіся ззаду і сціхлі, а дзед Талаш апынуўся адзін у лясным гушчары, яго адчуванні Я. Колас сфармуляваў так:

«Ох, паганцы! І нагнаў жа іх чорт на яго галаву. І як было іначай рабіць з імі? Прасіў, маліў іх, як добрых, станавіўся на калені, а яны толькі здзекаваліся з яго, як бы ён і не чалавек... І злосць з новай сілай агортвала яго, і тады ён шкадаваў, чаму не расшчапіў галоў гэтым грабежнікам».

Паўстала пытанне: але што ж рабіць далей? Выразнага адказу на яго адразу не знайшлося. Праўда, у галаве Талаша блукалі нейкія няпэўныя думкі. Пакідаючы сям’ю, ён наказаў сыну, каб той быў асцярожным і прачуваў сёе-тое аб паляках. Падумалася таксама, што па лясах шмат схавана зброі і што, можа, прыйдзе час, калі яна спатрэбіцца людзям. Але, апрача бязмэтнага туляння і бадзяння, наперадзе нічога не маячыла. Першы час нават з’яўлялася здрадлівая думка — а што калі б пайсці ды павініцца? І толькі гордасць і зацятасць адганялі спакусу.

Няпэўнае, прыкрае становішча абвастрыла ўспрыняцце. У Талаша з’явілася цікаўнасць да падзеі. Уласная бяда адкрыла вочы на бяду ўсеагульную. Тэрор, гвалт, паборы, няволя, якія прынеслі з сабою чужынцы, сталі балюча ўражаць Талаша. Ён як бы адчуў сваю адказнасць за тое, што робіцца навокал. І ўласная крыўда пачала траціць вастрыню, адыходзіць некуды назад, а «на першае месца выпіналася агульнае ліха сялянскай галечы».

Мне хацелася б падкрэсліць апошняе. Бо звычайна чамусьці лічаць, што барацьбіт у Талашу пачынаецца са славутай «баталіі каля стажка». Гэта месца асабліва ахвотна і шырока цытуюць, бачачы ў ім ледзь не праяўленне рэвалюцыйных накіраванняў будучага партызанскага камандзіра і пачатак усіх пачаткаў. Бясспрэчна, гэты выпадак як бы абумовіў далейшы лёс Талаша і нават спрыяў яго абуджэнню. Магчыма, ён стаў своеасаблівым зыходным пунктам, водападзелам паміж мінулым і будучым. Але бачыць у ім больш чым выпадак, які пазбавіў Талаша мажлівасці жыць па-ранейшаму і прымусіў, каб унікнуць бяды, шукаць нейкага выйсця, аповесць падстаў не дае. Больш таго — Колас падкрэслівае, што барацьбіт у Талашу пачынаецца там і тады, калі стажок і звязаная з ім гісторыя перастае закрываць ад Талаша наваколле.

«Слухаў дзед Талаш навіны,— піша Я. Колас,— і яго ўласная крыўда заціралася, адступала на задні план, і стажок, што забралі палякі, паслужыўшы прычынаю ўсёй гэтай бяды, здаваўся цяпер маленькаю купінкаю і губляўся ў дзедавых думках. Справа абарачвалася значна горш, а на першае месца выпіналася агульнае ліха сялянскай галечы. І што рабіць?»

«Што рабіць?» Цяпер гэта прагучала ўжо зусім іначай. Трывога за сябе спалучылася тут з трывогай за ўсю «сялянскую галечу». А імкненне абысці ліха саступіла пошукам таго, што можна было б супрацьпаставіць гэтаму ліху. У свядомасці Талаша пачынае умацоўвацца актыўны пачатак, які настойліва пачынае вымагаць практычнай дзейнасці.

Папярэдняе жыццё навучыла яго, былога пастуха, беззямельнага гарапашніка, быць замкнёным, недаверлівым. Непаспешлівы ў сваіх рашэннях, ён думаў звычайна спакваля, грунтоўна, планы выношваў доўга. Так было і цяпер. Але калі ўжо Талаш на што наважваўся, то не адступаў ад таго ні на крок. І ён вынасіў сваю неспакойную думу і, да глыбіні душы абураны несправядлівасцю і жорсткасцю акупантаў, прыйшоў да пераканання, што патрэбна «народ збіраць, бухторыць яго на вялікае рушэнне супроць катаў, гвалтаўнікоў». Талаш устанаўлівае сувязі з часцямі Чырвонай Арміі, прагна ўбірае праўду слоў Нявіднага — арганізатара і кіраўніка бальшавіцкага падполля, пераймае ваенны вопыт ад камандзіра ўзвода Букрэя — адважнага чалавека і камбінатарскай галавы,— г. зн. рашуча і ўпарта рыхтуецца да ажыццяўлення сваёй мэты. І хоць ёсць яшчэ ва ўсім гэтым значная доля чыста прыватных разлікаў і меркаванняў, ён выступае ўжо як свядомы змагар, інтарэсы якога супалі з інтарэсамі агульнанароднымі. Просты, шчыры, ён у той жа час выяўляе здольнасці хітрага, кемлівага камандзіра і арганізатара. Дружба ў калектыве, арганізаванасць, строгая дысцыпліна, усведамленне мэт барацьбы — робяцца прынцыпамі, на якіх Талаш будуе партызанскі атрад. Якуб Колас хораша перадае, як у працэсе змагання вырастае кіраўнік мас, як устанаўліваюцца патрэбныя адносіны паміж гэтым кіраўніком і масамі, якую ролю ў падзеях адыгрывае асоба, што кіруецца ў сваіх паводзінах і ўчынках інтарэсамі народа. І ў гэтых адносінах Я. Колас, які неаднаразова ўказваў на неабходнасць самага шырокага скарыстання здабыткаў і традыцый рускай савецкай літаратуры, улічыў багацейшы яе вопыт і ў прыватнасці творчыя дасягненні Д. Фурманава, А. Серафімовіча і А. Фадзеева.

Удзел у баявых аперацыях, і асабліва ў засадзе на Ганусаўскай грэблі, яшчэ больш змяняюць дзеда Талаша. Яго погляды на рэчы робяцца значна шырэйшымі. Пры ацэнцы падзей, з’яў, сваіх і чужых загадаў ён пачынае зыходзіць з пункту гледжання іх карыснасці ці шкоднасці для справы далейшага разгортвання барацьбы. Змяняюцца нават рэакцыі дзеда Талаша на жыццёвыя здарэнні. У барацьбе ён знаходзіць і радасць і шчасце.

Што зрабіла дзеда Талаша важаком масы? Безумоўна — яго асабістыя чалавечыя якасці, якія імпанавалі большасці і ў нейкай меры былі ўласцівы гэтай большасці. Яго ўменне выяўляць і афармляць імкненні і самыя патаемныя жаданні масы, прымаць мудрыя рашэнні, якія адначасова былі праяўленнем волі самой масы, уменне ісці ў нагу з масай, запаліць людзей простым моцным словам і павесці іх за сабою да высокай мэты,— карацей кажучы, яго народнасць.

Усякі народ мае свой гістарычны лёс, жыве ў пэўных прыродных умовах, і яны накладаюць на яго духоўны і фізічны воблік самабытны і трывалы адбітак.

«Клімат, спосаб праўлення, вера,— пісаў яшчэ А. Пушкін,— надаюць кожнаму народу асаблівае аблічча... Ёсць лад думак і пачуццяў, ёсць безліч паданняў і звычак, што належаць выключна якому-небудзь народу».

Імкненне стварыць характар, які б увабраў у сябе своеасаблівасць народа, спецыфіку народа, было заўсёды ўласціва Я. Коласу. Аб гэтым сведчаць вобразы Міхала, Антося з паэмы «Новая зямля», Сымона з паэмы «Сымон-музыка», Лабановіча з палескіх аповесцей і інш. Не супрацьстаўляючы адно дасягненне пісьменніка другому, усё ж хочацца адзначыць, што вобраз Талаша з гэтага пункту гледжання раскрыт больш рознабакова, і ў ім найбольш поўна ўвасобіліся жывыя — прытым лепшыя — рысы народа. Якубу Коласу ўдалося стварыць яркі нацыянальны характар. Але характар не як сукупнасць нейкіх нязменных і адвечных нацыянальных асаблівасцей і рыс, якіх у прыродзе, вядома, не існуе, а як увасабленне спецыфічных якасцей народа, што найбольш поўна праявіліся ў пэўны гістарычны перыяд або былі набыты народам за гэты час, прычым паняцці народнае і нацыянальнае, якія ў класавым грамадстве не супадаюць цалкам, бо народнае — гэта толькі тое лепшае, што ёсць у нацыянальным, у вобразе дзеда Талаша амаль зліліся ў адно. Сведчаннем, што яго характар, як пэўны тып чалавечых паводзін, якраз нацыянальны ў такім сэнсе, з’яўляецца ўжо той факт, што ў летапіс двух апошніх войн Беларусь увайшла як мужная краіна-партызанка.

З пашырэннем партызанскага руху расце арганізатарскі талент, мудрасць Талаша. Разам з сваімі паплечнікамі ён распачынае работу па ўмацаванню атрада і груп, устанаўлівае формы сувязі паміж імі, прымае захады, каб уцягваць новых людзей у атрады, размяркоўвае раёны баявых дзеянняў. Рэзка абвастраецца яго пільнасць, гартуецца воля. Не помста, а класавая непрымірымасць ужо кіруе ім. Перад ім па-новаму раскрываецца сэнс падзей, і па-новаму вызначае ён задачы свае і свайго «партызанскага войска». Мэты партызанскай барацьбы ён звязвае з агульнай задачай разгрому інтэрвентаў і ёй падпарадкоўвае сваю стратэгію і тактыку — вось якімі катэгорыямі і маштабамі пачынае думаць Талаш. Паслядоўна здзяйсняючы свой план, ён, каб падтрымаць контрудар Мозырскай групы Чырвонай Арміі, прадпрыняты для аслаблення націску праціўніка на Кіеў, громіць варожыя камунікацыі, перашкаджае польскім рэзервам своечасова падысці да месца прарыву, захоплівае пераправы, знішчае жывую сілу ворага. Калі ж прарыў Чырвонай Арміі быў ліквідаваны, Талаш з атрадам дапамагае часцям, трапіўшым у акружэнне.

Так змяніўся і вырас дзед Талаш у барацьбе за рэвалюцыю і яе заваёвы.

Блізкімі дарогамі прыходзяць у лагер барацьбітоў баявыя сябры, бліжэйшыя паплечнікі дзеда. Мартын Рыль трапляе ў лес, вызваліўшыся з-пад арышту і раззброіўшы разам з іншымі вязнямі канвой. Бядняк, у якога толькі і былі што маленькі дворык, крывенькая хата, стрэльба, рыбацкая снасць ды прыгожая постаць, Рыль без хістанняў прымае прапанову Талаша ўзнімаць народ на паўстанне. Ён носіць у сабе душэўную драму, яго моцныя рукі сумуюць аб працы, але ён беззаветна і да канца аддаецца барацьбе. Цімох Будзік прыходзіць да дзеда Талаша са сваімі адменнымі метадамі барацьбы. Яшчэ да рэвалюцыі яму давялося адбыць два гады арыштанцкіх рот за падпал панскай стадолы. І цяпер ён у палоне гэтых традыцыйных спосабаў помсты і змагання і носіць у сваёй галаве самыя шырокія планы падпалаў панскіх маёнткаў. Марка Балук далучаецца да Талаша, маючы ўжо сваю «грамаду адважных людзей». Былы салдат царскай арміі, удалец, хітры, смелы камбінатар, ён з’яўляецца аўтарам усіх найбольш рызыкоўных і вынаходлівых аперацый. У сваёй вернасці ідэі барацьбы ён не шкадуе ні сіл, ні свайго жыцця, заўсёды ўпэўнены ў сваёй шчаслівай зорцы... Іх, як і дзеда Талаша, асабіста закранула акупацыя. Яны, як і дзед Талаш, мелі асабістыя рахункі з акупантамі, з той толькі розніцай, што ім не трэба было даходзіць да ісціны спачатку. І Мартын Рыль, і Цімох Будзік, і Марка Балук дагэтуль мелі дачыненні да «бальшавіцкай рэвалюцыі», выступалі за савецкую ўладу, усталёўвалі новыя парадкі ў сваіх вёсках. Аднак, будучы ўдзельнікамі наступных падзей, яны таксама вызваляюцца ад рэштак індывідуалізму, анархічных звычак, робяцца больш арганізаванымі. Ідэйна-палітычныя кругагляды іх пашыраюцца. Іх шлях, як і дзеда Талаша, сімвалізуе сабою шлях бяднейшага сялянства ў рэвалюцыі. На іх вобразах Я. Колас таксама раскрывае творчую прыроду сацыялістычнай рэвалюцыі.

Душою і розумам гэтага пераўтваральнага працэсу ў аповесці выступае Нявідны — камуніст, рабочы, падпольшчык. Ён з’яўляецца як бы далейшым развіццём вобраза Сяргея Карагі, пададзенага ў апавяданні эпізадычна і пазбаўленага магчымасці ў абраных пісьменнікам абставінах праявіць сябе як арганізатар.

Невысокую ж хударлявую постаць Нявіднага можна бачыць у армейскіх штабах, на лясных малаходжаных сцежках, у вёсках, на закінутых паміж балот выспах, сярод партызан. Колас назваў яго сейбітам буры і змагання, праз якія «прыйдзе новы лад і народзіцца новы чалавек».

Я. Колас імкнецца падаць беззаветнае служэнне Нявіднага сваім ідэалам не як ушчамленне асобы, а як росквіт яе, надаць вобразу Нявіднага рысы жыццялюба, які бачыць хараство жыцця, цешыцца з яго, бо пераўтварае гэтае жыццё.

Вера ў перамогу, любоў да жыцця, усведамленне яго няспыннасці даюць Нявіднаму сілы без страху глядзець у вочы смерці і мужна сустрэць яе.

Якуб Колас у «Дрыгве» першы з беларускіх празаікаў шырока асвятліў ролю Камуністычнай партыі ў грамадзянскай вайне і імкнуўся стварыць вобраз камуніста-кіраўніка.

І ўсё-такі вобраз Нявіднага, як жывы, непаўторны характар, не можа ісці ў параўнанне з вобразам таго ж дзеда Талаша ці Мартына Рыля. Ён залішне служэбны і, я сказаў бы, праграміраваны. Яму не стае пачуццёвасці. Нявідны і прыроду ўспрымае не сэрцам, а галавою. У ім як бы скрыжаваўся падвойны рацыяналізм: уласны і аўтарскі. І яны пазбавілі яго аб’ёмнасці, пульсу, душы.

Белапольская інтэрвенцыя актывізавала кулацтва. На акупіраваную тэрыторыю вярнулася цэлая плойма буйной і дробнай шляхты, выгнанай рэвалюцыяй з ранейшых сваіх котлішчаў, пацягнуліся беларускія нацыяналісты, чорныя служкі Ватыкана. Яны ўтварылі стракаты, але адзіны ў сваіх рэстаўратарскіх імкненнях, лагер контррэвалюцыі. Нянавісць да рэвалюцыі аб’яднала дзікага кулака Бусыгу з «павятовым камісаржам» Крулеўскім, арыстакрата пана Длугошыца з палітычным шарлатанам нацыяналістам Галінічам, саноўнага палкоўніка Дэмбіцкага з абшарпаным адвакатам Ладунскім і ксяндзом-езуітам Пацяйкоўскім, і ад іх пацягнуліся ў народ ніці правакацый, шпіянажу. Выконваючы іх волю, рушылі карныя атрады, палілася кроў.

Адсюль — з выкрыцця тых, хто вядзе вайну і ў чыіх інтарэсах яна вядзецца,— у Коласа вырастаюць антываенныя матывы аповесці. Але побач з трагічным, як кантраст яму, Я. Колас стварае светлы вобраз вясны. Сваім чыстым, ясным ззяннем ён азарае нават самыя трагічныя падзеі аповесці. Карціны ажываючай вясновай прыроды, з’явіўшыся недзе ў сярэдзіне твора, вырастаюць к канцу яго ў велічны сімвал. Услаўляючы жыццё, няспыннае і ўсёперамагаючае, яны як бы прыпадымаюць заслону над будучыняй і дазваляюць за асобнымі, няхай вельмі цяжкімі няўдачамі, ахвярамі і паражэннямі ўбачыць абрысы агульнай перамогі і міру. Колас раскрывае сугучныя гэтаму вобразу мірныя імкненні савецкіх людзей. Яны ў марах Мартына Рыля аб працы, аб сяўбе, у словах Нявіднага. Яны ў прадчуванні вялікага светлага жыцця пасля перамогі. Непераадольнай сілай жыцця прасякнута аповесць «Дрыгва». Жыццё і любоў — яе героі, а эстэтыка пісьменніка — эстэтыка міру.

Своеасаблівае месца ў сутычцы варожых лагераў займае Аўгіння. Яшчэ вясёлай, жвавай свавольніцай

з прыгожымі заваблівымі вачыма, яна пакахала Мартына Рыля дзіўнай гарачай любоўю. Было ў гэтым каханні і моцнае шчырае пачуццё, і дзявочая дураслівасць, і нейкі надрыў, саперніцтва. Спачатку яно нагадвала паядынак, потым нейкае вяселле на ўласных хаўтурах. І абарвалася яно раптоўна, нечакана. Не лічачыся з тым, што радасць не ў дастатку, а шчасце не ў багацці, Аўгіння выйшла замуж за нялюбага багацея. Але пачуццё да Мартына не знікае зусім і часам нараджае ціхі жаль і сум аб страце. Арышт Мартына Рыля па даносу мужа яшчэ больш парушыў спакой Аўгінні, прымусіў з трывогай зірнуць на сваё жыццё. Калі ж Васіль Бусыга паведаміў ёй, што яго прызначылі войтам, Аўгіння не вытрымала. Праўда, пратэст яе быў неакрэслены, з сямейных рамак не выходзіў, але з гэтага дня дарогі Аўгінні і мужа пачалі разыходзіцца. Яе стаў палохаць той прамежкавы стан, у які трапіла яна, пацягнула да людзей. І калі Аўгіння даведваецца пра гісторыю з Саўкам Мільгуном, яна папярэджвае сям’ю Талаша. Логіка развіцця падзей прыводзіць Аўгінню да поўнага разрыву з Бусыгам, з якім яна жыла, але заўсёды заставалася чужой.

Характары ў аповесці глыбокага індывідуалізаваны і тыпізаваны. І дзед Талаш, і Мартын Рыль, і Аўгіння — кожны з іх з’яўляецца непаўторнай асобай, якая жыла і фармавалася ў пэўнай абстаноўцы, у акружэнні пэўнага быту, прыроды. Дзед Талаш прадстае перад чытачом у самых разнастайных праяўленнях свайго чалавечага «я». Селянін-бядняк, які бярэцца за сякеру, каб абараніць сваю ўласнасць і сваю годнасць. Клапатлівы, дбайны гаспадар, чые думкі нават у самыя небяспечныя хвіліны блукаюць каля хаты і гаспадаркі. Паляшук, не вольны ад прымхаў і забабонаў («Талаш напэўна і сам не адказаў бы сабе, каго яму болей страшна: нячыстай сілы, вера ў якую ўсё ж такі тлелася дзесь у закарвашках дзедавай душы, звера ці ліхога чалавека ў вобразе польскіх жалнераў»). Добры сем’янін, бацька, які ў імя выратавання меншага сына стварае партызанскі атрад, а ў імя вызвалення Радзімы прымушае старэйшага сына ўступіць у гэты атрад. Шчыры, непасрэдны, часамі дзівакаваты стары, што марыць аб сапраўднай стрэльбе і любіць эфектныя сцэны. Хітры дыпламат, дахожы чалавек, важак, які можа і ўмее падпарадкаваць сабе людзей («Мартын зірнуў на дзеда Талаша і адчуў мімавольны страх. Дзед Талаш гаварыў не на вецер. Вочы яго гарэлі неспакойным злавесным агнём і зачароўвалі Мартына, адбіралі яго волю»). Аматар паназіраць за жыццём і яго праявамі. Здольны, смелы военачальнік, арыгінальны прамоўца, патрыёт, непрымірымы да ворагаў савецкай улады. Але разам з гэтым і з прычыны гэтага дзед Талаш успрымаецца як тыповы прадстаўнік бяднейшай часткі беларускай вёскі наогул, а яго жыццёвы шлях — як шлях бядняцкіх мас сялянства ў рэвалюцыі.

Падаючы ўчынкі персанажаў, іх рэакцыі на падзеі, пісьменнік звычайна ўстрымліваецца ад вялікіх аўтарскіх тлумачэнняў. Ён тактоўна падае факт, азараючы яго патрэбным святлом пры дапамозе трапнай дэталі, адной нейкай выпуклай рысы, іроніі і да т. п.

«Бруй увайшоў у хату і спыніўся каля парога: у хаце нікога не было. Завярнуўся і хацеў ужо ісці назад, аж з печы пачуўся голас: «Хто там?» «Гэта ты там, Саўка?»—запытаў і Бруй. «Я!»—спакойна азваўся Саўка і не дужа спяшаўся падымацца — проста не хацелася варушыцца: хата халодная, а печ была цёплая».

Тут гэтую ролю адыгрывае дэталь з іранічным гучаннем — «хата халодная, а печ была цёплая».

Для раскрыцця душэўнага стану герояў, паказу матываў, што вызначаюць іх паводзіны, Я. Колас часта карыстаецца ўнутранымі маналогамі. Але і яны ў яго маюць своеасаблівы характар. Гэта хутчэй развагі, прычым такія, калі персанаж думае аб падзеях і аб сабе, як бы абстрагіруючыся ад сябе, дзякуючы чаму захоўваецца непасрэднасць адчування і дасягаецца большая аб’ектыўнасць. Арыгінальна, і ў гэтым выпадку застаючыся даследчыкам, малюе Я. Колас знешні выгляд сваіх герояў. Ён як бы паступова знаёміць з імі, не даючы іх партрэтаў цалкам, а спыняючы ўвагу чытача на тых іх рысах твару, постаці і г. д., якія асабліва выгадна вылучаюцца ў дадзеных абставінах і патрэбны, каб падкрэсліць тыя ці іншыя своеасаблівасці дзейнай асобы. Аб Аўгінні, напрыклад, мы спачатку даведваемся, што гэта прыгожая дзяўчына, са зменлівымі, заваблівымі вачыма, якія часам здаюцца карымі, пацягнутымі зеленаватаю павалокаю, а часам — проста шараавата-зялёнымі. І гэта тады, калі пісьменнік гаворыць пра няпэўны, свавольны характар Аўгінні. Затым паступова Колас наносіць на партрэт гераіні новыя рысы. У яе аказваецца гнуткая, руплівая постаць, пругкія рукі, доўгія цёмна-русыя косы, звонкі голас. А пра гэта Колас гаворыць, калі дзяўчына падыходзіць да свайго кахання, зараніўшы яго навечна ў душу Мартына Рыля. Адначасова Я. Колас падкрэслівае нейкую адну, найбольш характэрную рысу ў знешнім абліччы дзейнай асобы. Так, ён неаднаразова звяртае ўвагу на дзівосныя вочы Аўгінні, «цемнаватыя, як лёгкі змрок ясных чэрвеньскіх вечароў», на высокую дужую постаць Мартына Рыля, на буйны, з калючымі жорсткімі вусамі твар Букрэя.

Выключна важную ролю ў шматбаковай абрысоўцы характараў, у іх паглыбленым раскрыцці адыгрывае ў Якуба Коласа мова персанажаў. Увабраўшы ў сябе, калі так можна сказаць, жыццёвы вопыт, культуру, псіхалогію дзейнай асобы, яна, як і ў п’есах Янкі Купалы, сама па сабе дае ўжо магчымасць меркаваць аб уласцівасцях і якасцях характару, аб абстаноўцы, у якой ён складаўся. Гэта, уласна кажучы, падкрэслівае і сам Якуб Колас, калі гаворыць пра макаранічную мову шляхціца Бусыгі, колішняга кандыдата ў валасныя старшыні, кандыдатуру якога «адвялі рэвалюцыя і ўсе наступныя падзеі»: «У польскай мове Васіль Бусыга быў не дужа моцны, хоць сякія-такія польскія словы ён ведаў. Размовы ж ён меў пераважна з валаснымі пісарамі, з папамі, ураднікамі, часам з прыставамі. Ад іх запазычыў ён і расійскія словы, хоць вымаўляў іх з сваім палескім акцэнтам».

Нагадаем таксама размову Букрэя з Дарвідошкам, якога затрымалі разведчыкі. Кароткія, выразныя пытанні Букрэя, чалавека з багатай ваеннай практыкай, і блытаныя, з дзівакаватымі паўторамі адказы напалоханага п’янага Дарвідошкі, апрача ўсяго, адбіваюць тут змены ў настроі і стане першага і другога: у Букрэя з’яўляецца сур’ёзнасць, зацікаўленасць, у Дарвідошкі ж праходзіць страх, хмель і паступова вяртаецца, відаць, заўсёдная бесклапотнасць.

А вось размова дзеда Талаша з Мартынам Рылем:

— Пашукаўшы, людзей знойдзеш,— упэўнена гудзе Мартын і дадае: — Ды вось ты і я — ужо нас двое.

— Эге ж! — азываецца дзед Талаш, а вочы яго пазіраюць кудысь углыб.

— Людзі, дзядзька Рыгор, ёсць. Пазбіраць іх толькі трэба ды на добрую дарогу наставіць, ды даць ім добрага камандзіра.

— Вось я, голубе, і думаю пра гэта.

Яны прымаўкаюць, думаюць. Мартын чакае, покі дзед выкажацца да канца.

— Калі будуць людзі, то чалавек, хто пакамандаваў бы імі, знойдзецца.

— Часамі адзін чалавек даражэй за цэлыя дзесяткі людзей.

— Эге ж!., але адзін чалавек без грамады — малая сіла.

Па адным гэтым дыялагу ўжо відаць, што размаўляюць людзі рознага веку і розных характараў: адзін — памяркоўны, непаспешлівы ў рашэннях стары, другі — больш просталінейны, крыху нецярплівы мужчына. У самай іх манеры выказваць свае думкі, у рытме мовы, у наяўнасці характэрных славечак выяўляецца іх чалавечая індывідуальнасць.

Так у Коласа — пісьменніка, які вельмі ясна бачыў свет, характар пераходзіць у мову, а мова робіцца формай раскрыцця гэтага характару.

Максім Горкі назваў слова першаэлементам мастацкай літаратуры. Назваў таму, што яно для пісьменніка з’яўляецца і матэрыялам і сродкам, прычым адзіным матэрыялам і адзіным сродкам. Яно адыгрывае ролю і рухаў, і фарбаў, і ліній, і гукаў,— г. зн. усяго, што толькі ёсць у арсенале такіх мастацтваў, як музыка, жывапіс, тэатр, скульптура, разам узятых. У гэтым хаваецца адна з прычын таго, што звычайна называецца «пакутамі слова». Але цяжкасць карыстацца словам як матэрыялам не вычэрпваецца адной яго універсальнасцю. Яна хаваецца і ў незлічоных багаццях слоўнага запасу, якім трэба авалодаць пісьменніку, і ў шматзначнасці аднаго і таго ж слова, з якой трэба выбраць толькі адно пэўнае і толькі гэтае пэўнае.

Колас — класік беларускай літаратуры. Яго слоўная практыка фармавала, нарміравала і ўзбагачала сучасную беларускую мову. Таму, натуральна, валодае ён гэтым цудадзейным матэрыялам дасканала. Але ўсё ж хацелася б адзначыць адну характэрную рысу — асаблівае ўменне Коласа скарыстоўваць універсальныя магчымасці слова і адносную абыякавасць да шматзначнасці слова. З слова Колас здабывае тое, што кампазітар можа здабыць з гамы, а мастак — з спектра. Вобраз акрэсліваецца ім бадай што з скульптурнай выразнасцю, а карціны жыцця, намаляваныя ім, часта набываюць сцэнічную дакладнасць і адчувальнасць. Але мастацкай выразнасці Я. Колас дамагаецца пераважна першаісным, простым значэннем слова і толькі пры стварэнні пейзажу і ў найбольш напружаных месцах апавядання звяртаецца да складаных тропаў. Колас любіць сакавітае народнае слова, выраз, лаканічна сфармуляваны сказ, прыказку. Схільны да філасофскіх абагульненняў, ён часта падае іх у выглядзе афарызмаў («Гутарка паміж жанок — вір слоў, бясконцы паток іх»; «Маладосць не так кратаюць згрызоты, як старасць»; «Людзі не адзін раз прыкрывалі дружбаю нешта большае, чым дружба»; «Добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш» і г. д.).

Падтрымліваючы непарыўную сувязь з народнай творчасцю, глыбока адчуваючы яе слоўна-мастацкі лад і сістэму яе вобразаў, Я. Колас нязменна кіраваўся ёю ў сваёй літаратурнай практыцы.

 

V

Талент Якуба Коласа надзвычай шматгранны. Ён лірык і эпік, драматург і публіцыст, яму належаць паэмы і вершы, аповесці і апавяданні, п’есы і драматычныя абразкі, рэчы з глыбокім філасофскім сэнсам і творы для дзяцей. Лепшыя з яго твораў, як ужо казалася, з’яўляюцца цэлымі падзеямі ў развіцці беларускага мастацкага слова і прозы ў прыватнасці.

Значны ўклад зрабіў Я. Колас і ў беларускую драматургію. Ім напісана некалькі драматургічных твораў, у тым ліку драматычныя абразкі «Антось Лата» (1916 г.), «На дарозе жыцця» (1917 г.), «Забастоўшчыкі» (1925 г.), драмы «Вайна вайне» (1938 г.) і «У пушчах Палесся» (1939 г.).

У драматычных абразках пісьменнік знаходзіцца ў знаёмым нам па дарэвалюцыйнай прозе і палескіх аповесцях коле вобразаў і ідэй. То на бытавым матэрыяле з вясковага жыцця ён імкнецца зразумець, хто вінаваты ў трагізме сялянскага лёсу («Антось Лата»), то ставіць праблемы прызначэння, сэнсу жыцця і шукае шляхі яго абнаўлення («На дарозе жыцця»), то падае малюнкі з жыцця вясковай інтэлігенцыі, прадстаўнікі якой, узняўшыся на барацьбу з самаўладствам, але па-рознаму ўяўляючы сабе метады і канчатковыя мэты гэтай барацьбы, намацваюць яе арганізацыйныя формы («Забастоўшчыкі»).

Дзеянне ва ўсіх трох творах адбываецца ў часы сталыпінскай рэакцыі, і атмасфера ў іх, апрача абразка «Забастоўшчыкі», шмат чым нагадвае атмасферу «Адвечнай песні» і «Сну на кургане» Я. Купалы. Тыя ж матывы цемры, трывогі і беспрасветнасці, той жа нясцерпны цяжар на душах людзей, той жа трагізм людскіх лёсаў. Падобны нават месцы іх дзеяння — убогая карчма, ахутаны начнымі змрокамі лес з прывідамі («Антось Лата»), пустыннае раздарожжа з пахілым крыжам («На дарозе жыцця»).

Адкідаючы памылковую ідэю «На дарозе жыцця», дзе прапаведваецца нейкае жыццёвае кола, якое праднаканавана прайсці чалавеку, і развіваюцца памылковыя думкі аб характары згуртавання нацыянальных сіл і сутнасці чалавечага шчасця, трэба сказаць, што сіла драматычных абразкоў у іх адмаўленні, у пратэсце супроць дзікага парадку жыцця, які асуджае чалавека на пакуты.

Па сутнасці, характэрным для драматургіі Я. Коласа з ранніх драматычных твораў з’яўляецца адзін «Антось Лата».

Справа ў тым, што ні ідэі, якія праводзіліся ў абразку «На дарозе жыцця», ні прынцыпы, на якіх будаваўся абразок, не знайшлі свайго далейшага развіцця ў драматургіі Я. Коласа, і абразок застаўся адзінокім эксперыментам, што не даў і не мог даць станоўчых вынікаў. Ні ўмоўна-сімвалічных вобразаў, ні такіх жа сітуацый мы не знаходзім ні ў драме «Вайна вайне», ні ў драме «У пушчах Палесся». А калі шукаць далейшую яго пераемнасць, дык яе можна ўбачыць толькі ў асобных алегарычных навелах з «Казак жыцця».

Каб пацвердзіць гэты вывад, падамо змест абразка.

Спрацаваная, няшчасная кабета разгубляла сваіх дзяцей. Упэўненая, што яна толькі тады «пазнае радасць доўгажаданага спачыну пасля труднай дарогі, калі пазбірае дзетак сваіх», кабета ідзе ў пошукі. На раздарожжы яна сустракае сына, які прагульваецца з каханай дзяўчынай. Але ўжо сын — паніч і таму, саромячыся маці, падобнай да жабрачкі, адмаўляецца ад яе. Абураная жорсткасцю, няўдзячнасцю каханага, дзяўчына ганьбуе яго і прапануе старой жанчыне ісці да яе ў школу, дзе дзяўчына жыве. Але кабета не прымае гэтай прапановы, хоць і не ведае, куды падацца далей. Калі кабета застаецца на ростанях адна, да яе падыходзіць падарожны. Гэта вандроўнік, які «ўвесь век у дарогах, а дарог не знае», які «людзям дае рады, а сам сабе ніяк не парадзіць». Паміж імі завязваецца гутарка, і падарожны павучае кабету «мудрасці жыцця», накшталт:

«Шчасце або далёка ад нас ззаду, мы перабываем яго і пазнаем толькі тады, як ужо адыдземся ад яго, або яно далёка наперадзе, у нашых думках. Я, галубка, тужу аб далёкім-далёкім мінулым, да каторага ёсць адна дарога — дарога маіх думак».

Нават па пераказу відаць, што дзейныя асобы тут — проста персаніфіцыраваныя ідэі, што кожнае слова і ўчынак тут сімвалічныя і маюць не столькі прамое, колькі іншасказальнае значэнне, што для драматурга тут важна не падаць кавалак жывога жыцця і раскрыць яго закон, а праілюстраваць абраную думку.

Нельга лічыць характэрным для драматургіі Я. Коласа і твор «Забастоўшчыкі». Гэта, па ўсім відаць, фрагмент, які абрываецца на кульмінацыйным пункце. Больш за ўсё аўтара ў ім цікавіў сам факт, навакол якога разгортваецца дзеянне ў абразку,— скліканне з’езда і стварэнне настаўніцкага саюза, адным з ініцыятараў якога быў сам пісьменнік1. Адсюль надзвычайная ўвага да дробязей, што самі па сабе мастацкага значэння, бадай, не маюць (спрэчкі аб колькасным складзе бюро — тры ці пяць чалавек, вызначэнне памераў членскіх узносаў — тры рублі ў год, чытанне ўсяго пратакола і г. д.). Таму з усіх дзейных асоб (а іх каля дваццаці) вырысаваліся як вобразы толькі Грэнка — арганізатар з’езда, які разумее, што дарога да лепшай будучыні пралягае праз змаганне і рэвалюцыю, памяркоўны, дасціпны Шумяка — прыхільнік павольнай культурна-асветнай работы сярод сялян і Гарнак — філосаф, дзівак, якога перад усім цягне рамантыка распачатай справы, небяспечнай, а таму і цікавай. Паказальна, што Якуб Колас палічыў неабходным яшчэ раз вярнуцца да пададзенага ў «Забастоўшчыках» факта і зноў апісаў яго ў апошняй кнізе палескай трылогіі — «На ростанях», захаваўшы тыпаж і сюжэтныя ходы абразка.

Але ёсць у «Забастоўшчыках» і прынцыпова новае, такое, што стала здабыткам усёй далейшай творчасці пісьменніка і ўсёй беларускай драматургіі,— гэта пільная ўвага да палітычных пераконанняў чалавека, якія ў рэшце рэшт вызначаюць сабою лінію яго паводзін, а значыць, і яго месца і ролю ў жыцці. І ў гэтых адносінах «Забастоўшчыкі» папярэднічалі драме Я. Коласа «Вайна вайне».

Што ж захавалася ў лепшых драматычных творах Я. Коласа ад «Антося Латы»?

У першай рэдакцыі абразок называўся «Чарка ўсё на свеце робіць», і першая дзея яго была апублікавана выдавецтвам «Загляне сонца і ў наша аконца» з прыпіскай — «працяг будзе». Відаць, у першапачатковым замысле пісьменнік меў пераважна асветніцкую мэту — выступіць супроць такога сацыяльнага зла, як п’янства. Але, захапіўшыся каларытнай фігурай Антося Латы, узрушаны яго трагічным лёсам, Я. Колас пашырыў замысел і, выступаючы супроць п’янства як сацыяльнага зла, накіраваў свой галоўны ўдар супроць прычын, што нараджалі гэтае зло. У выніку твор набыў выразна сацыяльнае гучанне, а вобраз Антося Латы — увасабленне сялянскай сілы і слабасці — ператварыўся ў грознае абвінавачванне грамадскага ладу, што не дае чалавеку быць вартым сябе і асуджае яго на гібенне, пакуты, гібель.

Гуляка, балагур, але адораны, незвычайны чалавек Антось Лата абуджае да сябе прыхільнасць і павагу. Думкі яго часта загадкавыя, але ў іх заўсёды ёсць нешта такое, што прымушае задумвацца, шукаць схаваны сэнс («Быў салдат Батура, у яго была кепская натура. Чаму ён салдат Батура?»). Яго хвалююць «загадкі жыцця» («Што крапчэй жыцця і смерці?»), ён умее азадачыць субяседніка («Колькі раз іголка ляжа ад Нясвіжа да Міра?»), шукае прычыны сваёй слабасці («Чаму я плачу там, дзе трэба смяяцца, і смяюся тады, калі трэба плакаць?»). Яго абурае, што «цяперашнім светам» чалавек стаў «нуль! пацяруха!», і ён марыць:

— Эх, каб я быў пісьменным! Напісаў бы я пра наша цёмнае, мужыцкае жыццё, ды як напісаў, слязьмі і кроўю!.. Вось смешна: Антось — камедыянт — пацяшае вас, і вы смеяцёся, але ці бачылі вы, як Антось плача? Ці чулі вы, як Антось праклінаў час, той час, каторы падарыў яму гэтае сабачае жыццё? Эх, свінячае жыццё!

Пракляццем жыццю, якое губіць чалавека, і смерцю Антося Латы канчаецца абразок. Але гэта пракляцце і гэта смерць успрымаюцца не столькі як канец самаго героя, колькі канец яго пасіўнасці і пакоры.

Вось гэтая сацыяльная завостранасць твора, гэты прынцып пабудовы сюжэта, які развіваецца праз вострыя, нечаканыя калізіі, прыёмы раскрыцця ўнутранага свету герояў, своеасаблівасць у разгортванні дзеяння і развіцці ідэі, скарыстанне традыцый т. зв. народнай драмы (у абразку шмат народных песень, прыпевак, вершаваных імправізацый, прыказак, райка і да т. п.) родніць «Антося Лату» з драмамі «Вайна вайне», «У пушчах Палесся» і нават з такім творам К. Крапівы, як «Партызаны».

«Вайна вайне» — сацыяльная драма. Тэма яе — барацьба супроць імперыялістычных войнаў, якія прыносяць народам незлічоныя беды. Сцверджанне, што гэтая барацьба будзе паспяховая і дасць вынікі толькі тады, калі стане барацьбой за сацыялізм,— яе ідэя.

Дзеянне ў драме разгортваецца навокал падзей першай сусветнай вайны — ад яе пачатку і да перарастання ў вайну грамадзянскую. Дакладней, разгортванне гэтых падзей складае і змест драмы, а сутыкненне розных сацыяльных сіл навокал падзей — сутнасць яе драматычнага канфлікту, які рухае дзеянне. Сяляне-беднякі — Аслаў, дзед Мікіта, яго сын Міхась, бабыль Дзяменя, сяляне-сераднякі — Дроб, Гузыр, шахцёр Думака Патап, бальшавік Максім Кучаравы, настаўнік Алесь і настаўніца Марына, стараста, поп, кулак Бухрай, земскі начальнік абшарнік Будан-Рыльскі, ураднік Шышла, афіцэр-ліберал Жухін — галоўныя дзейныя асобы драмы.

Якуб Колас уводзіць іх у твор па адным-двое, але амаль усіх у першым акце. Яны паяўляюцца спачатку ненадоўга, хутка знікаюць, кінуўшы ўсяго некалькі рэплік. Але потым, трапіўшы ў плынь падзей, раней нібыта раз’яднаныя, яны групуюцца ў калектывы і ўступаюць у барацьбу як прадстаўнікі гэтых калектываў, як носьбіты пэўных сацыяльных тэндэнцый.

Найбольш поўна ў драме раскрыты вобраз Алеся. Мы даведваемся аб яго мінулым, бачым цяперашняе, угадваем будучае. Былы палітссыльны, пакараны за рэвалюцыйную прапаганду і перапіску з с.-д. фракцыяй

Дзяржаўнай думы, ён з першых дзён на фронце вядзе гутаркі, распаўсюджвае лістоўкі, згрупоўвае навокал сябе перадавых салдат, стрымлівае залішне гарачых, раскатурхвае празмерна памяркоўных. Калі яму пагражае арышт, радавы Алесь Шабура становіцца радавым Макарам Макаруком, але распачатай работы не кідае. Бальшавік, ён смела прапаведуе паражэнне царскай Расіі ў вайне, арганізуе братанне, выступае на мітынгах. Сіла яго перакананняў такая, што праўду яго прымае Марына, якая спачатку хварэла на пацыфізм і ніяк не магла зразумець, як гэта можна зычыць паражэнне сваёй краіне, калі «вораг прыставіў нож к яе сэрцу». Праўду яго прымае і нявытрыманы Гузыр, які абураны несправядлівасцю і нахабствам БуданаРыльскага, што ўжо атрымаў чын капітана і камандуе ротай, наважыўся пранізаць апошняга штыхом, і нават салдаты-ўсмірыцелі, якія гатовы былі ўзняць руку на паўстаўшых. Але, распальваючы вайну вайне, Алесь — усёй душой у мірным часе. Прыслухоўваючыся пасля аднаго з шумных мітынгаў да ціхай салдацкай песні, ён летуценіць:

— Якая незвычайная для фронту цішыня! Фронт замірае. Шчаслівы будзе той час, калі ён замрэ тут назаўсёды.

Для гэтага Алесь жыве, змагаецца, рызыкуе сабою.

Пабудова драмы нагадвае як бы круг. Чацвёрты акт своеасабліва паўтарае першы.

Уражанне кампазіцыйнага круга павялічваецца яшчэ больш, калі ўзнікае песня — драма канчаецца тым, чым пачыналася. Гісторыя прайшла пэўны адрэзак свайго шляху, і людзі, якія адмаўлялі чужую, ненавісную вайну, рушылі супроць яе вайною.

«Што такое мастацкая літаратура і ў чым яе асаблівасць? —пісаў Я. Колас у рэцэнзіі на раман М. Лынькова «На чырвоных лядах».— Мастацкую літаратуру можна азначыць, як асобную форму грамадскай свядомасці, класавай ідэалогіі, форму, якая праз сістэму вобразаў вядзе да пазнання рэчаіснасці і служыць задачам класавага самаўмацавання. Для таго, каб мастацкая літаратура найбольш эфектна выконвала сваю ролю, яна павінна стаяць на належнай вышыні і з фармальнага боку, іменна — актуальнасцю праблемы, сюжэтнасцю, глыбінёй ахвату рэчаіснасці, праўдзівасцю, уменнем проста, ясна, правільна, прыгожа і ў той жа час цікава раскрыць усе тыя элементы, з якіх наогул складаецца ўвесь комплекс таго, што мы называем мастацкім творам. Сюды ж, само сабою разумеецца, уваходзіць і слоўнае майстэрства пісьменніка ў шырокім значэнні».

І з гэтым азначэннем нельга не згадзіцца, калі не лічыць, што некаторыя моманты зместу Я. Колас памылкова адносіць да «фармальнага боку» мастацкага твора. Але, зразумела, як звычайна і ва ўсякім азначэнні, зробленым практыкам, тут у першую чаргу адбіўся ўласны вопыт Я. Коласа-пісьменніка, яго ўласная эстэтыка. Ступень пазнавальнага і выхаваўчага значэння мастацкага твора, г. зн. яго дзейнасць і дасканаласць, Я. Колас якраз ставіць у залежнасць ад таго, чым моцны яго ўласныя творы. Аб гэтым сведчаць і палеская трылогія і аповесці «На прасторах жыцця» і «Дрыгва», сведчыць і драма «Вайна вайне». Сапраўды, праблема, узнятая ў драме, актуальная і жыццёва важная (была і застаецца) для ўсіх народаў. Больш таго, актуальнасць яе ўзрасла, набыла новае гучанне і будзе ўзрастаць. Далей, праблема была пастаўлена і вырашана Якубам Коласам як праблема лёсу і будучыні народаў. Драматург перакрыжаваў жыццёвыя дарогі дзесяткаў людзей — рабочых, сялян, інтэлігентаў, памешчыкаў, царскіх чыноўнікаў і афіцэраў,— паказаў, як паміж імі разгарэлася гістарычная барацьба: за вайну і вайну да пераможнага канца адных, за мір і вайну вайне другіх, як гэта барацьба прыйшла да свайго лагічнага канца іншымі словамі, драма ахоплівае рэчаіснасць шырока, бярэ яе ў рэвалюцыйным развіцці і ўзнаўляе плынь падзей у натуральнай паслядоўнасці, строга падпарадкаванай мастацкай логіцы. Нарэшце, прывабнасць драмы хаваецца ў глыбокай праўдзівасці і маляўнічасці яе агульнай карціны, ва ўменні драматурга проста, ясна і хораша расказаць аб людзях з народа, іх барацьбе і лёсе, у дынамічным дыялагу драмы, у якім амаль кожная рэпліка нясе ў сабе пэўны зарад, што рухае дзеянне, у сакавітай гутарковай мове прадстаўнікоў народа.

Варта ўспомніць і гісторыю напісання драмы. Яна, фактычна, мае тры варыянты. Першы варыянт яе пад назваю «Вайна да пераможнага канца» быў апублікаваны ў часопісе «Полымя» № 2 за 1927 год і № 11 і 12 за 1931 год. Другі варыянт пад назваю «Вайна вайне» — у тым жа часопісе № 10 за 1936 год. Трэці варыянт выйшаў асобнай кнігай у выданні Дзяржаўнага выдавецтва БССР. І ад варыянта да варыянта паглыблялася аўтарскае пранікненне ў характары дзейных асоб і сэнс апісваемых падзей, пашыраўся іх ахват. Драма вызвалялася ад налёту пацыфізму, ідэя яе ўсё выразней адкрышталізоўвалася, а адпаведна гэтаму больш стройным і завершаным стаў сюжэт твора, больш рэльефна вырысаваліся характары персанажаў.

Драма «У пушчах Палесся» з’яўляецца сцэнічным варыянтам аповесці «Дрыгва». Але паўтараючы сюжэт аповесці, яна мала чым нагадвае інсцэніроўку ў звычайным сэнсе слова. У драме свая спецыфічна-драматургічная логіка ў развіцці падзей і вобразаў, свая расстаноўка акцэнтаў, свая трактоўка многіх вобразаў.

Паказваючы падзеі грамадзянскай вайны ў творы для сцэны, Я. Колас надаў ім большую арганізаванасць і імклівасць. Больш выразна, чым у аповесці, ускрыў ён фактары, што абумоўлівалі хаду падзей.

Дадатковае напаўненне атрымаў вобраз Мартына Рыля. Ужо ў першай карціне першага акта кулак Бусыга характарызуе яго як чалавека, які «хутка стане камісарам». Пры адступленні часцей Чырвонай Арміі бальшавік Жыбуль (у аповесці Нявідны) прапануе яму застацца для падпольнай работы ў тыле ворага.

Па сутнасці, Мартын Рыль у драме становіцца арганізатарам і важаком партызанскага руху. Сустрэўшыся каля славутага дуба з дзедам Талашом і выслухаўшы расказ аб прыгодах апошняга, Рыль заключае:

— Што рабіць далей, само жыццё кажа. Трэба за зброю брацца...

Праўда, тут амаль знік «нічыйны» лагер — тая хісткая «сярэдзіна», якая часта спачувае аднаму, а робіць другое. І гэта не столькі ад патрэбы спрасціць залішне складаныя для сцэнічнага твора перыпетыі аповесці, колькі ад крыху іншага погляду на чалавека. Так, у характары прыгожай і гордай Аўгінні для драматурга стала найбольш важным тое, што вынікала з яе класавай сутнасці. Чужая ў сям’і Бусыгі, яна ўсёй душой цягнецца да дзеда Талаша, Мартына Рыля і справы, на абарону якой яны паўсталі. Яна дапамагае сям’і Талаша, ірве з нялюбым мужам і сама ўключаецца ў барацьбу. Ацэньваючы чалавека не па яго імкненнях і парываннях, а па ягоных справах, Я. Колас канчаткова развенчвае Саўку Мільгуна — вясковага злодзея, п’яніцу і канакрада, які, падкуплены кулакамі, стаў на шлях здрады. І, наадварот, Я. Колас развіў вобраз дзікаватага, напалоханага жыццём парабка Дарвідошкі, даў магчымасць праявіцца ва ўмовах, якія раскрылі яму вочы на сапраўдны сэнс падзей. У Дарвідошкі знікае абыякавасць да падзей, ён пазбаўляецца палахлівасці і знаходзіць сваё месца ў змаганні.

У гэтым жа раду стаіць і той факт, што Я. Колас палічыў неабходным увесці ў драму фактычна новую дзейную асобу — польскага салдата-перабежчыка Кухарыка. Кухарык дапамагае выратавацца Панасу, ён выкрывае шпіка-дыверсанта Гембіцкага-Краскіна (таксама новага персанажа). Яму чужыя і варожыя мэты вайны, якую распачалі паны-захопнікі і, каб пакласці канец гэтай вайне, ён пераходзіць на бок Чырвонай Арміі — арміі, што абараняе інтарэсы працоўных. І тут драма «У пушчах Палесся» як бы працягвае ідэю драмы «Вайна вайне», пераносячы яе праблему ў новую сферу.

У сваіх драматычных творах Якуб Колас ішоў ад народнай драмы, трансфармуючы і ўзбагачаючы яе лепшымі дасягненнямі сучаснай драматургіі. Водгулле народнай драмы ў сцэнічных творах Я. Коласа мы адчуваем і ў накіраванні коласаўскай сатыры (супроць духавенства і шляхты галоўным чынам), і ў своеасаблівасці кампазіцыі, стылю (затушаванасць сюжэтнага стрыжня, наяўнасць камічных бытавых сцэнак, спрошчанасць прыёмаў камізму, бытаванне райка), і ў шырокім скарыстанні народных песенных жанраў. У той жа час драмы Я. Коласа застаюцца глыбока сучаснымі як па сваёй ідэйна-палітычнай устаноўцы і тэматыцы, так і па сваіх стылёвых і кампазіцыйных прыёмах. Кожная з’ява, што трапляе ў поле зроку драматурга, не пакідаецца ім да таго часу, пакуль ён не ўскрывае прычыны, якія абумовілі яе з’яўленне, пакуль не прасочыць сувязі з навакольнымі з’явамі і падзеямі, пакуль не асэнсуе кірунак іх далейшага развіцця. Якуб Колас ускрывае ў рэчаіснасці элементы мінулага, цяперашняга і будучага, знаходзіць і вызначае іх ролю і значэнне ў руху грамадства наперад. Гэта вымушае драматурга імкліва разгортваць дзеянне твораў і часам нават нагнятаць падзеі. Але падзеі ў драмах Я. Коласа не засланяюць чалавека. Наадварот, уключаны ў іх, чалавек атрымлівае магчымасць быць актыўным, праявіцца ў дзеянні, а аўтар — раскрыць яго сувязі з калектывам. Кампазіцыйныя і стылёвыя прыёмы Я. Коласа якраз і абумоўліваюцца ў першую чаргу гэтай устаноўкай драматурга.

Якуб Колас заснаваў сучасную беларускую прозу і ўзняў яе да ўзроўню самастойнай галіны нацыянальнага мастацтва. Ён пашырыў кола вобразаў, тэм, ідэй прозы і драматургіі, узбагаціў іх жанры, даўшы ім першыя дасканалыя ўзоры нацыянальных аповесцей і такі буйны твор, як трылогія, стварыўшы такія сацыяльна-палітычныя драмы, як «Вайна вайне» і «У пушчах Палесся». Ён прынёс беларускай прозе і драматургіі эпічнасць і нябачаную да яго глыбіню аналізу. Увагу яго звычайна прыкоўвалі праблемы, якія мелі агульнанароднае значэнне, і асвятляў ён гэтыя праблемы з пункту погляду інтарэсаў народа. Ідучы следам за рускай савецкай літаратурай, Я. Колас разам з пісьменнікамі новага пакалення сцвердзіў сацыялістычны рэалізм як адзіны творчы метад у беларускай прозе і драматургіі. Якуб Колас унёс у прозу і драматургію высокую прастату, якая з’яўляецца вынікам яснага бачання свету мастаком, вынікам яго народнасці.

На коласаўскай прозе і драматургіі выхоўваецца і выхоўвалася не адно пакаленне беларускіх пісьменнікаў. Аб сіле ўплыву яго твораў на беларускую савецкую літаратуру сведчыць хоць бы ўжо тое, што ўплыў яго «Дрыгвы» выразна заўважаецца нават на апавяданнях і аповесцях, напісаных празаікамі ў часы Вялікай Айчыннай вайны і прысвечаных паказу барацьбы беларускіх партызан з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

1947-1950 гг.

1 Гл., напр., успаміны Я. Маўра «Сорак гадоў назад», «Бела­русь», 1946, № 10.