epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Карпаў

Горкі вянок. Апавяданне

Я не хочу!.. Мне боязна, Захарык! Далібог. І, чуеш, не хмурся. Ты ж сам бачыш... Купляю, ўсё навырост, а пройдзе паўгода — і зноў усё малое, кароткае. Паглядзі на рукавы. Вунь якія... Нядаўна яшчэ грыўку насіў. А цяпер назад ужо зачэсваешся. Хлопчык ты мой! Сынок!.. Рукі мае да шчакі туліў, хінуўся. Любіў тварык хаваць пад паху. Прынюхваўся. А цяпер калі і цалуеш, ідучы куды, дык у лоб, у плячо. Бы нябожчыцу.

Навошта ты так?

Крыўдна ж!.. Забываешся і на тое, што было. Яго быццам і не было. Нібыта і не я гэта цябе сабою выгадавала. Сабою, Захарык!..

Я і ў радзільным ляжала, а бацька твой ужо хвастом накрыўся. Шукай красуна ў полі. Выпісвацца пара, а вас спавіць няма чым. Ні полкі, ні распашонкі. Дый куды круглай сіраце ісці? Да чужых наймацца? А які дурань возьме цябе з дваімі дзецьмі? Добра, што месяц у пакоі мацеры і дзіцяці дазволілі перабыць. Доктарка адзін камплект выпісала. А другі — права не мае. Законніца такая была... Але астатнім сорамна стала — склаліся, купілі.

А што далей было рабіць? У сірочы прытулак вас збагрыць? Ды я хутчэй бы крыжам легла. Разарваць сябе на кавалкі дала б. Вы ж — адзінае, што я мела. Жывое, цёпленькае, сваё...

Праўда, Жэнечку неўзабаве бог узяў. Але ж ты жывы! Адзін, але астаўся. Значыць, ёсць на белым свеце роднае...

Уладзілася прыбіральшчыцай у дом груднога дзіцяці. Туды з усяго горада падкідышаў збіралі... Навокал разруха, горад пасля палякаў у руінах. Хацелася ці не хацелася, пачала працаваць.

Пад лесвіцай сабе каморку адгарадзіла. Ты — з падкідышамі, а я — з вёдрамі ды памялом з лыка. Па лесвіцы хто ідзе — быццам бы па галаве ступае.

Ды хіба ты ўжывешся з людзьмі, калі нястача кругом. І тое ім не так, і гэта не так. Са сваім, маўляў, адно кешкаешся, а падлога брудная. На свайго не надыхаешся, а чужыя хай спруцянеюць...

Плюнула, канечне, перапавіла цябе і пайшла. У ноч, у слоту. Не даждуць! Не прыгонная!..

Кім толькі не была пасля! І карміліцай, і кухаркаю ў нэпманаў, і пасудамыйкай у харчэўнях. Усім была... А ты рос і скрозь пры мне. На вачах. Не хварэў нават. І хоць, вядома, ношанае насіў, але чысценькае. На цябе прахожыя аглядаліся, думалі — дзяўчынка. А я, як па-твойму, заўсёды сытая або расчасаная была?

Аднойчы гаспадыня цябе тапачкам выцяла. Дык я ў яе, гадзіны, жмут валасоў з галавы вырвала. Атласны халат папалам распаласавала. Вішчэла яна, бы свіння асатанелая, у плот ушчаміўшыся.

Выгналі, вядома. Што ім? Начавала з табой на лаўцы ў скверы. Захутала ў транты, прыціснула да грудзей і легла. Ногі калеюць, лісце падае, шамаціць наўкол, а мы ляжым. Аднаго баялася, каб дождж не лінуў.

Злітаваўся гасподзь бог — падабраў нас прахожы, да сябе прывёў. Але таксама добрым жлобам аказаўся. Палова дома ўласная, кватаранты ў трох пакоях, а сам на Камароўскім рынку старцуе. Ды праз год памёр. Застудзіўся. Дзіва што — на голай зямлі часцей сядзеў. Ну, суседзі і падвучылі — адсудзіла я гэтыя паўдома. Хоць свой дах над галавою. Усё круціцца лягчэй.

А там ты ў школу пайшоў. У нулёўку. Дагодлівы, слухмяны... Хай бы век так было. Настаўніца не нахваліцца. Смяялася ўсё: ты яе «мая цётачка Вольга» называў. Далоні ёй гладзіў. Бацькі няма, абароны няма — дагаджаў.

Не скажу, ціхманы быў, ціхманы і астаўся. Калі нават піянерам стаў, усё адно болей з малымі таварышаваў. Лялькі ім майстраваў, розныя спектаклі наладжваў. Адкуль што бралася тады. Мяне вучыць узяўся. Адзнакі пачаў ставіць, выгаворваў, калі што не так рабіла. Другія саромеюцца, а ты на школьныя сходы за руку мяне вядзеш. Я цешуся не нацешуся. Дзякуй богу, у людзі выходзіш, і я тут жа!.. Як заснеш — гляджу не нагледжуся. Хоць ад трывогі сэрца і калоціцца...

Лямпа патухне — газы няма — камінак распаліш. І чытаеш, чытаеш. Куды ідзеш, таксама на хаду ў кнігу глядзіш. За вершыкі прыняўся. Пра вясну, пра лета. Пра зіму адно не любіў. Мусіць, даўся табе холад у знакі... Словы з’явіліся. «Напасаран», «Камсамольск на муры»...

Святыя абразкі, якія, бы скарб, хавала, і тыя сталі замінаць табе. Знаць не хочаш, што не магу я свайго крыўдзіцеля таксама з сэрца выкінуць. Бацька ўсё-такі табе. Дый я другіх ні да яго, ні пасля не мела. А ўспомні, калі ягоную фотакартку павялічыла і павесіла на сцяну? Хай глядзіць, зайздросціць... Ты ж на яго падобны. Сам ганарышся, што паходзіш з рабочых... А памятаеш? Адвярнуўся і пайшоў з пакоя, бы пакрыўдзілі цябе. Потым жа пра нейкі абавязак, пра высокія рэчы разважаў, рукамі размахваў. Табе справядлівасць падай, а мне як? Думаў ты пра гэта? Як мне без дзевы Марыі ды светлых успамінаў жыць?

Дый наогул, што ні дзень — горай. Пакуль прыбіральшчыцай у цэнтральнай паліклініцы працавала, мірыцца яшчэ можна было. Сустракаў, калі позна дзяжурыла. А як кінула паліклініку? Калі бялізну чужую стала мыць ды лекавымі травамі займацца?

Сам пра справядлівасць дзяўбеш, а гэта справядліва? Сорамна, сынок. Хіба я не знаю, што ты, каб мне нешта давесці, летам піянерважатым у лагер паехаў? Навошта мне твой заробак, калі цябе побач няма? Навошта ўсё? Спытайся ў суседкі. Данута і тая засведчыць. У яе, здаецца, ёсць яшчэ чуць сумлення. Яна бачыць мае пакуты.

Я ж цябе ўжо гады ў рады бачу. Не патрэбная ўжо! То сходы камсамольскія. То сходкі — мусіць, дзяўчаты завяліся. Многа іх, ласых на гатовенькае. Вунь якая галава! Голас які! Сам цыраваць можаш, сам абед згатуеш... А мне як! Скажы!..

А мне як? Скажы, святая Марыя? Бачыш, што сталася? Навалачы ж гэтай процьмы цэлая! У горад ад Балотнай станцыі ўваходзілі бы на шабас які. У барабаны білі. У горны трубілі. Нават каскі з рагамі. Загады паналеплівалі, і ўсё адным канчаюцца — смерць, смертухна. А мой юнак ужо.

Калі бамбілі і завод Кірава загарэўся, на дах узабраўся, каб бачыць. Захарык... на дах! Да сваёй «цётачкі Вольгі» злётаў. У яе квартале, бач, таксама гарэла. Маці са страху заходзіцца, не знае, што схаваць куды, а яму вунь якія рэчы карцяць.

Гаварыць стане — сам не ведае што. Пойдзе куды — нібы зноў-такі штосьці згубіў і шукае. А тут турма паўнюткая. Лагеры арганізавалі канцэнтрацыйныя. Такога і слова, тфу, не было раней. А ён быццам блазнаваты і сам не свой. Глядзець, святая Марыя, не магу: сэрца пераварочваецца. Што будзе? Абарані!

Калі дзіцём быў, ведала, як ратаваць. Захутаю ў што ёсць — і прэч ад небяспекі. Крыўдзіць хто — сабой засланю. Не сунімаюцца — хай на сябе наракаюць... А тут? Што ты зробіш з гэтым насланнём? Пачвары ж! Да чатырох гадзін дня хадзіць толькі дазваляюць... На Кастрычнік, найсвяцейшая дзева, у Тэатральным скверы і другіх месцах жанчын вешалі. Падлетка аднаго павесілі. У кепачцы, худзенькага...

Значыць, адно выйсце. Сказала яму — прамаўчаў. Ды нейкі чужы зрабіўся. Ёсць дома, няма — усё роўна ціха. І раптам:

«Добра, мама».

«Матка боска, дзякуй табе! — думаю.— Пачула!..»

Паступіў кур’ерам ва ўправу. Праўда, спярша ў друкарню збіраўся... Ды хіба не ўсё роўна? З яго розумам, з яго руплівасцю. Ён жа па-нямецку — бы семечкі лускае. А галоўнае — прыдзірацца ніхто не пасмее. У Нямеччыну не пагоняць. Паёк дадуць. Працуе ўсётакі.

І сапраўды. Акуратны, дагледжаны... Двух месяцаў не прайшло, перавялі ў бюро спецыяльнае. У пакойчыку асобным стаў сядзець.

Самому бургамістру Іваноўскаму ўпаў у вока. Важнаму такому, з тытуламі. Ён і задачнік па арыфметыцы даручыў Захарыку з нямецкай мовы перакласці. Да нас некалькі разоў заязджаў. Дробным макам рассыпаўся, хваліў Захарыка. Усынавіць прапаноўваў. Міратворац чысты... Пазней нават збіраўся Захарыка ў Нямеччыну паслаць — знаёміцца, як працуюць там з моладдзю...

Ды чалавеку скрозь мала... Ох!.. Зноў зацягнула майго да таварышаў. Збяруцца — спяваюць, як калісьці, танцуюць, вершы расказваюць. А якія тут зборышчы, калі патрулі ў падкутых ботах пад вокнамі шпацыруюць. Калі адзін на другога можа нагаварыць. Прычына для зайздрасці заўсёды знойдзецца.

Захарык, праўда, і там акуратна трымаўся. Я знаю... Загуляліся былі аднаго разу... Гаспадыня, вядома, пакінула ўсіх, каб поначы не ішлі. А мо вымяркоўвала што. Хто іх, людзей, зразумее. Захарыку з дачкою ложак падрыхтавала. Дык ён, бедалага, пасцяліў палавічок на падлогу побач і праспаў да раніцы. А назаўтра, як на духу, расказаў...

Аднак, калі выняла з схованкі абразкі, павесіла на покуце — зойдзе хто, таксама няхай бачыць — зноў узяўся за сваё. Ды яшчэ з большай зацятасцю. Маўчаў, пакуль даруй, найсвяцейшая Марыя, не зняла я іх.

А хіба такое прывядзе да дабра? Сакрэты, сябры завяліся. Асабліва адзін не падабаўся — плячысты з чубам. Па-мойму, і жанаты ўжо. На таварнай станцыі працуе. Захарык яго Чубчыкам зваў. І за чуб і за песню, якую часценька спяваў...

Таго, хто сам сябе шануе, і гасподзь бог беражэ... Гляджу аднойчы — па гародзе бадзяюцца. У скляпок спусціліся. Туды — з нейкім скруткам, адтуль — без яго. Матка боска! Во-во, пачынаецца! Я тады там усё абшарыла, агарод пры месяцы перакапала. Думала звар’яцею.

А там і пайшло, пайшло... У самыя маразы, перад вадохрышчам, зарыпелі дзверы ў дрывотніку. Я без хусткі, у адной камізэльцы, як была — на двор. Падкралася да дрывотніка і туды. Спачатку, вядома, аслепла: цёмна там у нас. А потым прывыкла. Бачу — касцёр разабраны, дровы ў кучу збоку складзены. А Захарык з прыяцелем, седзячы на калодцы, анучамі вінтоўку абкручваюць. Ледзь не самлела я.

Не знаю, чаго б і натварыла... За якія такія грахі? Няўжо цябе, найсвяцейшая, угнявіла? За плотам паліцай жыве. На вуліцы розныя машыны гудуць. А яны тут з вінтоўкамі, змоўшчыкі. Кулямёты, гарматы нічагусенькі ў свой час не зрабілі, а яны нешта вінтоўкамі зробяць! Самагубцы няшчасныя! З глузду з’ехалі!.. Ды, ўспомніўшы цябе, святая Марыя, аддыхалася. Адно загадала: каб духу гэтых ламачын тут не было і каб болей ніколі не бачыла я іх разам.

А калі пасля пытацца стала: ці ж я яму ліха хачу. Ці ж я не люблю яго? — проста ашаломіў мяне. «Не ўсякая, мама, любоў,— кажа, — любоў!»

І, думаеш, абразуміліся? Наадварот! Падгаварылі «цётачку Вольгу», каб распытала ў мяне, што болей пра іх ведаю. Пераканаўшыся — мала, парашылі ўсё-такі напалохаць. Каб баялася і адчапілася, значыць.

Чую неяк уначы — Захарык заварушыўся на ложку. Маснічыны зарыпелі. Дзверы азваліся. Яны ў нас вісклівыя ўзімку... Ну, вядома, я за халат. Але калі прачыніла дзверы ў сенцы, нешта белае цап мяне за крысо — і пацягнула да сябе. Вырвалася, канечне. Калені дрыжаць, калачуся. Не знаю, як і перабыла да світання. А як прыйшла да Захарыка — спіць, аказваецца, ён. Ні літасці, ні спагады ў праведніка. Вось калі папагаласіла, папаплакала перад ім...

А тут увесну зноў вешаць пачалі... Матчына сэрца не сабе служыць. Звяду павекі — Захарык перад вачыма павешаны. То на суку, то проста на тэлефонным слупе. Няўжо, думаю, я дзеля гэтага радавала яго? Няўжо дарма праз такое працерабілася?

Даруй, найсвяцейшая Марыя, рашыла сцяною ўстаць. Калі ён заікнуўся быў, што не шкодзіла б мне на час у вёску пераехаць, асатанела, ускруцілася. Не магу! Няўдзячнасць такая! Дурнота! Сам пішчом у пятлю лезе!

«Хопіць! — залямантавала.— Не будзеш слухацца — прымушу! Выбегу вось зараз на вуліцу і закрычу: «Немцы, дзе вы? Тут камсамолец!..»

О матка боска, што з ім сталася!..

Што з ім сталася? Данутка! Арыштавалі ж майго хлопчыка. Прама на рабоце. Калі вялі ў СД, на вуліцу Астроўскага, вырваўся, пабег. Але дагналі. Ох, збілі, кажуць, у кроў. У адным чаравіку павялі далей.

Што рабіць, Данутка? Як і дзе тут рады знайсці? Бегала да настаўніцы, шукала Чубчыка. Хацела спытацца, ці не яны прадалі майго хлопчыка. А калі не, дык хай памагаюць. Ды выявілася — забралі і іх.

Кінулася ва ўправу, да Іваноўскага. Усё-такі прафесар, доктар, інжынер, усынавіць Захарыка хацеў.

Калі заязджаў да нас, мяне па плячы ляпаў. Быць не можа — упрашу!

Прашмыгнула ў кабінет. Укленчыла ля стала. Ён па той бок, а я па гэты. Прасіць пачала, хоць адны яго ногі і бачу.

Скрыжаваў ён іх спачатку. Ну, думаю, выслухае. Але хутка проста паставіў, задрыгаў адной. Тупнуў. А я малю, ногі яго малю. Няўжо не чалавек, не паможа? Захарыку не паможа?..

Што ён потым крычаў, да мяне не даходзіла. Помню толькі, што, калі адсунуў нагамі крэсла і схіліўся праз стол, усё слінай пырскаў і рыжую бараду сабе запляваў. І словы помню: «Кар’ерыст!.. Жалезам гарачым!..» Зразумела: цяжка давядзецца майму ненагляднаму...

Дамоў бы выкручаная прывалаклася. Стала ўспамінаць. Бацюхна! Мой жа Захарык, аказваецца, даўно кіраваў нечым. Ён, бач, падпольшчыкаў дакументамі забяспечваў. Узоры подпісаў, пячатак перасылаў. Пра ўсякія намеры і сакрэтныя змены інфармаваў. А таксама — чуеш, Данутка? Ты слухай, слухай! — некалькі падвод са зброяй кудысьці пераправіў. Першы пра нейкіх «тыграў» у лес паведаміў. І пра тое, што на гвалт і смерць дзяцей хочуць вывезці ў Нямеччыну. А калі ж Чубчыка сцапалі, узначаліў падрывы на чыгунцы. Некалькі груп узначаліў... Хлопчык ты мой! Зорык ты мой, як цябе таварышы называюць! А найгорш, Данутка, сувязную арыштавалі і пісьмо ягонае з заявай перахапілі. Прасіў лясных таварышаў у партыю прыняць. Хацеў Кастрычнік камуністам сустрэць... Вось, аказваецца, які ён кар’ерыст! А хіба даруюць такое, калі заваруха не на жытку, а на смерць пайшла? Вядома, не. Як не даруюць і ім...

Надысь да турэмнай брамы хадзіла з перадачай. Напякла піражкоў, яблык расстаралася. Хай пачастуецца небарака. Але дзе там, хіба прымуць. «Ідзі, ідзі адсюль!» Морды свае ад злосці адварочваюць. Быццам бы гэтыя піражкі і яблыкі сама ў іх просіш або гвалтам адабраць збіраешся. Быццам бы твая прысутнасць тут — абраза ім. Ты ім сонца засціш і дыхаць не даеш. Быццам гэта менавіта ты іхніх дзяцей забіць памыкаешся.

Упала я на зямлю, загаласіла. А калі выспяткаў надавалі, устала і паплялася. Хапаю паветра, бы рыба, якую з вады выкінулі. Адна на ўсім белым свеце!.. Ні я нікому не патрэбна, ні мне хто!..

Прахапілася потым, гляджу — на Нямізе я. Здзівілася, ахнула. Сонца свеціць, людзі па тратуары ідуць. Дзіва! Ля піўнога ларка салдаты тоўпяцца. Гергечуць, у руках куфлі, на пену дзьмухаюць. Лезе ж у горла!.. А па бруку з цокатам бяжыць запрэжаны ў таратайку конь. Пазнала... бургамістраў. Да нас на ім прыязджаў. Убачыла і самога — за спінаю ў фурмана. Разваліўся, трымае бародку ў жмені.

Усхадзілася ўсё ва мне. Пад горла аж падступіла. Як гэта? Майго хлопчыка дапытваюць, катуюць за турэмнымі мурамі, а гэты, хто яго не пашкадаваў і мо на пакуты адправіў, важнічае і бог ведае каго строіць з сябе. Сплавіў, мусіць, чарговую партыю дражджэй, паклаў грошы ў кішэню і здаволены. А можа, і яшчэ горай — балбатаў пра любоў сваю да людзей, і новыя спісы, каго арыштаваць, каго ў Нямеччыну адправіць, рыхтаваў...

Ды ёсць, пэўна, усё-такі справядлівасць.

Не паспела я прыбавіць кроку, каб крыкнуць яму, што пра яго думаю, як у таратайку ўскочыў трэці. Пра што яны там гаварылі, не знаю. Але калі бургамістр закрычаў, хлопец схапіў яго за каршэнь і рвануў з сядзення. Бы з-пад зямлі вырас яшчэ адзін і стрэліў спадару ў грудзі. Двойчы. Не выпускаючы каўнера, стрэліў і хлопец, які сцягнуў яго з таратайкі. А пасля тузануў і кінуў на брук — валяйся, падла!

І гэта ўдзень, пры сонцы. Навідавоку!.. Во табе, вазьмі!..

Людзі, вядома, хто куды — далей ад граху. Каму хочацца без дай прычыны ўстраваць у калатню. Салдаты і тыя ад піўнога ларка шуганулі ўроссып. Разам з другімі пабегла і я. Бягу, а душа радуецца — на, з’еш!.. Як, добра? Гэта табе за майго Захарыка адплата. За слёзы мае.

Назаўтра зноў з перадачай да турмы пайшла. На злосць. Хай б’юць, хай здзекуюцца. Мне не прывыкаць. У мяне свая задача... Ды і што аставалася рабіць? Сядзець дома склаўшы рукі? Адной-адзінюткай?

Ля турэмнай брамы натоўп. І зноў тыя самыя мурлатыя. Аднак не чапаюць пакуль нікога. Толькі морды па-ранейшаму вернуць.

Чую, нехта за рукаў мяне тузае. Азірнулася — дзяўчо гадоў шаснаццаці. Кудзеркі залацістыя. Галаву падняць не смее. «Прывітанне ад Зорыка,— шэпча і хлебныя карткі ў рукі совае.— Ён, кажа, просіць вас, каб трымаліся...— і захліпнулася: — Яму, цётачка, на допыце руку пераламалі...»

Як я дабралася дамоў, не памятаю. Мы з табой суседзямі ледзь не дваццаць гадоў жывём. Добра ці пагана — няважна. Але ніколі я табе не хлусіла. Магла прамаўчаць, буркнуць што-небудзь не так. Але схлусіць — не-э! Дык вось павер — не ела, не піла трое сутак. Бы ўчадзела.

Што ж гэта такое? Дзе той бог, калі ён ёсць? Дзе? Хіба можна столькі на аднаго чалавека валіць? Заб’юць яны Захарыка. І магілы пасля не знойдзеш. Не будзеш знаць, куды кветкі прынесці... Не хачу я гэтага! Хопіць!.. Не хочу!..