epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Карпаў

Калі стогне душа. Апавяданне

Мы ўвайшлі ў лес. Ураз стала відаць — вечарэе. І не так таму, што святло, калі канае дзень, ідзе ад небасхілу, а ў лесе яго закрываюць дрэвы, як таму, што навокал усталёўвалася нерухомасць — дрэвы, кусты замерлі ў нейкім чаканні.

У прыдарожных кушчах залівіста спяваў дрозд. Але, калі я звярнуў на гэта ўвагу, стала чуваць: спявае ён не адзін — лес поўніцца птушынымі галасамі, ад якіх, як здалося, нават пахарашэлі асіны з іх ільнянымі каташкамі і прыкметнейшымі зрабіліся ўкрытыя пушыстымі коцікамі залацістыя вербы, рэшткі снегу пад імі.

Салаўіная пара не надышла. І мусіць таму, што спевы драздоў першыя абвяшчалі вясну, яны здаваліся невымоўна дарагімі. Востра адчувалася ўласная сіла. Верылася — усё будзе добра. Ды я наогул люблю, калі спяваюць дразды. Люблю за іх адкрытую радасць, за тое, што яны ўсёй істотаю славяць жыццё.

Ішлі мы ўдваіх са спадарожніцаю, якую я нядаўна дагнаў. У ніцяной хустцы з махрамі, у паношанай плюшаўцы і мужчынскіх чаравіках — як звычайна апраналіся гараджанкі, ідучы мяняць транты ў вёску,— яна таксама кіравалася ў партызанскі атрад. Некалі мы ўжо сустракаліся з ёю, і я, адабраўшы на правах знаёмага яе хатулі, узваліў іх на свайго мышастага коніка. Гаворка ў нас была не пра вясёлае, але я ўбіраў у сябе залівістыя трэлі і радаваўся, што дразды перадавалі нас бы эстафету.

Раніцою ў невялікай вёсцы Альхоўка, дзе воля заваёўнікаў праяўлялася па-свойму — калі альхоўцы, скажам, не выходзілі працаваць на шашу або не здавалі малака, з бліжэйшага гарнізона выпускалі па вёсцы два-тры снарады,— мне давялося размаўляць з адным уцекачом з Мінска.

Яго сумная гісторыя і сам ён проста ўразілі мяне...

Уцякач аказаўся маёрам-акружэнцам. З запалымі грудзьмі, з карычневымі плямамі на лбе і лысіне, ён кашляў і, закрываючы пры гэтым рот далоняй, азіраўся наўкол. Шэры, шурпаты, як зрэбнае палатно, твар у маёра сінеў, і ён аж сціскаўся.

Полк яго трапіў у акружэнне на другі дзень вайны і з баямі адыходзіў на ўсход, пакуль пры пераправе цераз раку Шчару пад Слонімам не быў разгромлены. Маёра ў гэтым баі раніла. Праўда, няцяжка. Але ў сумятні ён трапіў пад грузавік, і толькі таму, што пясок на лясной дарозе змясілі колы і гусеніцы, астаўся жывы.

Адхаяў яго ляснік з недалёкай леснічоўкі — даглядаў, карміў. А напрадвесні, пераапрануўшы ў сялянскае, зноў выправадзіў у дарогу. Праз тыдзень, ідучы начамі, днюючы на хутарах, у стагах сена, маёр пасля прыгод прыдыбаў у Мінск, дзе жыла яго сястра. Схаваўся спачатку на гарышчы, а потым у падполлі невялікага сестрынога доміка. Скляпок, куды раней ссыпалі на зіму бульбу, пашырылі, адгарадзілі куток, замаскіравалі, паставілі ложак. Да новай вясны пражыў там маёр, пакуль сястра раздабыла яму дакументы і вывела сюды, у Альхоўку.

Паглядаў ён на мяне неяк дзіўна — баяўся і радаваўся адначасова. Баяўся, што яго не зразумеюць, і ўпотай радаваўся, што зможа пакпіць з любога. Ён не здаўся ў палон, не меў спраў з ворагам, страціў здароўе. І гэта давала яму падставы ганарыцца сабою.

Але плаціў ён за ўсё пакутамі. Ахвяраваў вачыма, слыхам, лёгкімі і, натуральна, расчульваючыся, не мог не шкадаваць сябе. Недзе там, на волі, вясну змяняла лета, лета — восень... Свяціла сонца, ішлі дажджы, зелянела трава. Людзі там, праўда, мелі свае клопаты, але затое бачылі гэтае дзіва, дыхалі свежым паветрам, а ён задыхаўся, гніў у сырой цемрадзі, чакаючы справядлівага збавення, якое, верыў, абавязкова прыйдзе...

Калі я сказаў яму, што магу ўзяць яго ў спецгрупу, ён расцвіў: «Ну, вядома... Дзякую, дзякую!»

Аднак, калі я дадаў: гэта будзе магчыма толькі, калі ён паабяцае аддаць за лічаныя дні столькі сілы, колькі патраціў бы, ваюючы ўвесь час, косці ў яго нібыта размяклі, і мы разышліся.

— Та-ак...— працягнула мая спадарожніца, якая нечакана страпянулася, калі я загаварыў пра дзіўную маёраву слабасць.— Значыць, тут яго мяжа...

Цокалі падковы. Мой конь, збалаваны тым, што я звычайна насіў у кішэні хлеб, штурхаў мяне ў бок і, калі я, адмахваючыся, трапляў яму па пысе, фыркаў, звінеў цуглямі. Ды гэта не палохала драздоў. Лес аж звінеў ад іх спеваў, і стваралася ілюзія, што спявае, заходзіцца радасцю ён сам.

— У падполлі я працавала з Жанам...— нечакана прызналася мая спадарожніца: я для яе быў адтуль — з Вялікай зямлі.

Я сабраў увагу, бо сёе-тое ўжо ведаў пра выключную смеласць гэтага чалавека і аднойчы бачыў яго, статнага, у брыгадным лагеры Старыка-Пыжыкава. Да таго ж Жана арыштавалі за некалькі дзён да майго паходу ў Мінск, і мне добра помнілася, як бедавалі, тужылі яго сябры.

— З Жанам? — перапытаў я, стараючыся зразумець раптоўную шчырасць жанчыны, у чыёй маўклівасці дасюль усё-такі чулася прыхаванае імкненне аставацца чужой. Дый, прызнаюся, мне былі антыпатычны замкнёныя людзі. І, пэўна, таму, што многія з іх пад напнутай стрыманасцю хавалі пустату. Каб адважыцца на слова, ім трэба паслухаць другіх, і, зразумела, яны непазбежна позняцца. А каму патрэбна запозненая ісціна? Да таго ж, бывала, я трапляў у няёмкае становішча. Ляпну — і пашыўся ў дурні. І тады тыя, хто прамаўчаў, мелі права ўхмыляцца. Знаў я і такіх маўчуноў, якія, калі ўзнікала вострая гаворка, каб не сказаць сваё слова або не быць сведкам,— проста ўцякалі...

Спадарожніца быццам не пачула майго пытання, але, каб не пакрыўдзіць мяне зусім, загаварыла далей.

— Вы ведаеце, як яго схапілі? Не? Устаў раніцою, зрабіў зарадку, убачыў, што гаспадыня гатуе нішчымную поліўку, і засмяяўся: «Пачакайце, цётка Маша, я зараз! Мая сувязная, напэўна, з лесу вярнулася. Можа, чаго прынесла з сабою». Накінуў паліто і пабег...

Узважваючы, што і як гаварыць далей, яна замаўчала. Ды тое, што ўскалыхнулася ў ёй, аказалася мацнейшым за недавер’е-засцярогу.

— Я тады жыла на Рэвалюцыйнай,— рашыла яна растлумачыць для яснасці сёе-тое: — З Падлеснай нас выселілі, бо панаязджалі пратураныя са Смаленска эсдэкаўцы — яшчэ больш зацятыя, чым мінскія. Але новая кватэра аказалася нават зручнейшай — паддашша звязана з суседнім домам, з цёмнай кухні, што была ў суседкі, можна трапіць у другі пад’езд... Дый суседка — неўраўнаважаная, шаленаватая жанчына, упадабала Жана. І ён сам у трывожныя дні, пасля вераснёўскага правалу сяды-тады знаходзіў у нас схованку. Калі забіў зондэрфюрэра, хаваўся таксама не дома, а тут...

Вы чулі, як гэта яму ўдалося? У цэнтры горада, на вуліцы, халоднай зброяй!.. Прыбег запарушаны снегам, з пабялелымі вушамі. «Ух, халадэча! — смяецца.— Няхай знаюць, што барацьба не спынілася. Тактак, толькі так!»

Я начавала якраз у суседкі. Каб было цяплей, ляглі мы з ёй на адным ложку. А яго і гэта ўзрадавала: «От раскоша!.. Пісталет зондэрфюрэру, аказваецца, сам Гітлер падараваў... Пусціце пагрэцца!» І, не зважаючы на пратэсты, суседчын віск, ушыўся між нас. А як ушыўся, праз хвіліну захроп, як праведнік. Толькі на твары страшнаватая ўпартасць... Ну, а раніцой зноў за сваё — жартачкі, зарадка, абліванне ледзяной вадою.

Вечна так!

Марыў падполле аднавіць. На нейкі час выводзіў людзей з горада. Арганізаваў уцёкі раненаму пры арышце «Бацю». Чулі пра такога? Яго следчы з СД паклаў падлячыць у бальніцу... Нейкім спосабам, без друкарні, якая таксама была разгромлена, выпусціў лістоўку: жывы, маўляў! Ні стомы, ні перадышкі, ні перашкод... І вось выйшаў адзеты на скорую руку з кватэры і знік...

Чаканне бяды робіць людзей забабоннымі. Вы, мусіць, таксама сустракалі такія выпадкі. Суседка сасніла сон — бачыла Жана на белым кані, у чырвонай папасе. Зжахнулася. «Белы конь! Гэта ж небяспека, Шурачка! — зашаптала, разглядаючы свой спалоханы твар у люстры: А чырвоная папаха, ай-яй,— смерць! Няўжо нельга памагчы?..»

У роспачы, кідаючыся, я збегала да Жана на кватэру. Потым рашыла прасачыць за тымі, каго з гета водзяць працаваць у СД. У Смаленскую, у Мінскую. Праз іх, калі толькі там Жан, таксама можна ўстанавіць сувязь... І не паверыце! Натрапіла на сясцёр, якія прыбіралі ў сутарэннях адной з гэтых крывавых устаноў.

Праз трэцяга чалавека перадала прыметы.

А калі атрымала адказ, што Жан сапраўды там, не ведаю, чаго было болей — радасці, што жыве, ці адчаю?..

Яна гаварыла, а ў маім уяўленні паўставаў корпус медінстытута, дзе размяшчалася мінская СД, яго сутарэнні, разгароджаныя дошкамі на катухі, што служаць камерамі для вязняў і гаўптвахтаю для ўласных штрафнікоў. Сыра, холадна. Голыя нары, набітая саломаю падушка, і больш нічога. Лямпачкі і тыя гараць толькі ў калідоры. За сталом з тэлефонам і паперамі — наглядчык. Тоўсты, флегматычны. 6 такой тупою прывычкаю — бясконца корпацца ў паперах, гартаць гросбух... Бяда!..

— Праўда,— расказвала тым часам чуць жвавей спадарожніца,— першыя дні на допытах Жана не білі, а схілялі на здраду. Следчы Фройлік пералічваў яго злачынствы, псеўданімы, прозвішчы — паказваў, што знае ўсё, і кпліва грымаснічаў. Значыць, трэба было, пакуль засталіся сілы і чысты твар, нешта вынайсці. Выхад павінен быць знойдзены як мага хутчэй і чаго б гэта ні каштавала.

І вось тут ён атрымаў маю пісульку. Яе сунула яму Ў РУКУ сімпатычная рахманая прыбіральшчыца — як адразу падумалася, з тых, што заўсёды і ва ўсім за слабых ды пакрыўджаных.

Няёмка ў такую хвіліну гаварыць пра другараднае. Але вы зразумейце мяне. Можа, гэта зусім не другараднае. Жан часта загараўся, як порах. Дзейнічаў з перакананнем, што няма немагчымага. Усё ў яго было сваё... Баця, якога ён паважаў, пачаў быў неяк выгаворваць яму, што занадта рызыкуе. І як, па-вашаму, ён зрэагаваў на гэта? Не стаў ні апраўдвацца, ні абяцаць што-небудзь, а адно паблажліва толькі і вуркатаў: «Ну, Баця, хопіць. Ну, хопіць!»—ды хітранька жмурыўся сам сабе. Вы во паслухайце ўважлівей!

Думка, што запіска — правакацыя, безумоўна, мільганула ў яго. Але чым ён рызыкаваў? Важна было — правільна павесці сябе. І ён асцярожна, каб не палохаць дзяўчыны, паклаў ёй руку на плячо. Тая сцялася, зірнула на сцяну, за якой гаманілі штрафнікі-літоўцы, узяла вядро І выйшла. Але вачыма, у якіх былі слёзы, усё-такі бліснула на Жана.

Калі пстрыкнуў замок, Жан, як пісаў пасля, кінуўся да дзвярэй. У шчыліны паміж дошак прабівалася святло... Ён пазнаў мой почырк...

Суседчына маці некалі працавала зубапратэзісткай і ў іх сям’і вадзілася золата. Я ведала, што суседка панатыкала яго за шпалеры, хавала ў тайніках. Перагаварыўшы з ёй, мы напісалі Жану, што ёсць магчымасць наняць адваката і падкупіць следчага. Але... Ён адказаў адразу і рашуча. Не — ні ў якім разе! Нават як бы прыкрыкнуў на нас. Ніякай дыпламатыі! У адносінах да яго такое не паможа, і мы толькі паклічам на сябе бяду.

Я зноў уявіў, як бурлілі-кіпелі ў Жана думкі!.. Але пайшлі яны, як мне здалося, у незвычайным кірунку. І гэта, мусіць, таму, што ў яго з’явілася незвычайная прасветліна. Ведаючы — распыляцца нельга, ён ухапіўся за тое, што падвярнулася. Дый практыка падпольнай барацьбы падказвала: ідучы няходжанымі сцежкамі, часамі хутчэй даб’ешся поспеху, чым цвяроза ўсё ўзважваючы або астаючыся прамым як палка.

Допыт — гэта паядынак, і яго можна павесці не толькі па прынцыпу «так», «не». Тым болей сам-насам з такім тыпам, як Фройлік. Перад кім ты будзеш дэманстраваць сябе? Перад садыстам. Езуітам? Хіба нельга, калі спатрэбіўся час, збіць такога з тропу? Хай нават думае, што намацаў у табе слабінку, што, нягледзячы на сваю непрыступнасць, ты можаш паддацца.

— Я не баязліўка,— ужо не могучы стрымацца, гаварыла мая спадарожніца.— Аднойчы, калі несла ў сумачцы пісталет, да мяне на мосце цераз Свіслач паліцай прывязаўся. Абшукваць палез. Дык я яму пад нос гэтую сумачку: «На, глядзі, калі цікава!» — і раскрыла пад самымі зенкамі... З дакументамі сястры, на якую ані не падобная, сем патрулёў прайшла... А тут мне стала страшна. Не, я верыла ў Жана, у яго ўдачу. Не ўпершыню было ісці на рызыку і цэлым выходзіць з агню. Зусім жа нядаўна, прачуўшы, што адступнік, праз якога пашыраўся правал, будзе выступаць на мясакамбінаце. Жан, ведаеце, што надумаў? Узяў і стаў рыхтавацца да публічнага яго пакарання! І хоць дорага гэта нам каштавала, прыйшлося замкнуць дзверы і выкінуць ключ у акно. З другога паверха.

Ёй зрабілася горача, і яна зняла хустку. Пераплеценыя «карзіначкаю» цёмныя косы раскудлаціліся і ўпалі на плечы. Чамусьці саромеючыся гэтага, яна хутка падхапіла іх і закруціла ў куклу.

— Перадаваць яму пошту ўзялася старэйшая сястра — Нэся, якая мыла ў камерах падлогу,— пераадолеўшы збянтэжанасць, зноў пачала яна.— Калі назаўтра Нэся зайшла ў яго закутак як прызнаны друг, Жана вывелі за парог і дазволілі стаяць пры дзвярах.

Я ўявіў: прытуліўшыся плечуком да вушака, Жан разглядаў яе — русавалосую, чарнабровую, з вялікімі ласкава-вінаватымі вачыма. За сцяною шумяць, лаюцца штрафнікі. Праз перакрыцці і столь прабіваюцца прыглушаныя крыкі — там катавальня і Фройлікаў кабінет. А Нэся, сцяўшы плечы, спяшаючыся, кладзе пад падушку прынесенае.

— Жана, як ён пісаў, кранула, што дзяўчына не дыхала пры гэтым і разгубілася, калі трэба было хаваць ягоныя лісты пад кофтачку на грудзях. Дый наогул... Прыязнасць у Жана часта вырастала з шкадавання... Карацей, з гэтага часу ён стаў пісаць пісьмы і Нэсі...

Што ж датычыць тых, якія асталіся на волі, Жан стаў клапаціцца пра іх яшчэ мацней, чым дасюль. Нават здавалася, што піша ён не з страшнага засценка, а з нейкай канспіратыўнай кватэры, адкуль відней. Ён засцерагаў іх ад памылак. Падказваў, як і што рабіць, каму давяраць, каго слухаць. Наказваў, каб пісалі, як там, на фронце. І што зусім у яго натуры, праўда, намёкамі, прасіў чыркануць, ці цэлы трафейны пісталет — той, што адабраў у зондэрфюрэра. Бо пісталет гэты, бачыце, быў імянны, падараваны!..

Ну, а следства, над якім, відаць, круціў мазгамі не адзін следчы, ішло сваім парадкам. Нехта вышэйшы за Фройліка, што, мусіць, глядзеў на Жана як на падвопытнага, траціў цярпенне і даў следчаму б большую свабоду. Дый усякая вяровачка ўецца да пары...

Мне да болю зрабілася шкада Жана, хоць не верылася ў благі канец. Не верылася — і ўсё! Уявілася, як бяруць яго на чарговы допыт, як, выходзячы з камеры, заспаны, асветлены святлом, ён чапляецца нагою за парог і спатыкаецца. А калі паднімае вочы, бачыць адразу дваіх — вартавога-эсэсмана, які ўскінуў аўтамат, каб страляць, і за яго плячыма белы твар Нэсі. Каб дзяўчына авалодала сабою, Жан хмурыцца, сашчапляе, як і трэба вязню, рукі за спінаю і спакойна ідзе ўжо знаёмай дарогаю... Ма-ла-дзец!.. І пакуль ідзе, падымаецца па лесвіцы, мінае дзверы і вартавых, думае пра Нэсю.

Фройлік сядзіць за сталом, шырока рассунуўшы локці. Круглая галава яго патанае ў плячах. Шышкаваты лоб з рыжымі бровамі як бы навісае над шчылінамі вачэй.

— Ну? — пытаецца ён, калі Жан спыняецца перад ім, і, не дачакаўшыся адказу, стукае алоўкам па стале.— Хопіць валаводзіць, Дзедушкін! Ты ж усё-такі на казённых харчах і адрабляцца аднымі дурыкамі не зусім сумленна.

— Я слухаю вас...— кажа Жан. І іранічна са смуткам думае: а галоўнага яны так і не ведаюць — ні яго сапраўднага прозвішча, ні яго роднай вёскі пад Баранавічамі, дзе жыве маці.

Не лагаднеючы, Фройлік грузна паднімаецца. Закінуўшы правую руку за спіну, з заклапочанай важнасцю дэфіліруе па пакоі. Жан умее прыкмячаць смешнае ў людзях. І калі Фройлік адыходзіць ад яго, заўважае лысае, прыкрытае рэдзенькімі валасамі цемя следчага, і Фройлікава важнасць адразу становіцца для яго камічнай і нікчэмнай.

Фройлік адчувае гэта. Спыніўшыся, дапытліва глядзіць на Жана, цямнее з твару.

— Сядай! І падзякуй богу, што не да смалян трапіў! Хоць і мы не лыкам шыты.

Ён не церпіць, калі хто не адводзіць сваіх вачэй ад яго позірку. Вярнуўшыся за стол, сярдзіта садзіцца. Падцягнуўшы жывот, дастае з сярэдняй шуфляды паперку. Не перадае, а пускае яе па стале да Жана.

— Падпішы во... Дарэчы, і называецца так, як ваша апошняя. Жан пацепвае плячом.

— Я не палітык, пане следчы.

Фройлік, хутчэй за ўсё, чакаў такіх слоў. Выпнуўшы ніжнюю губу, ён ківае галавою. Потым з гідлівай грымасаю перагінаецца цераз стол і робіць нарэшце тое, што карцела яму даўно,— бярэ Жана за каўнер. Перакруціўшы, цягне да сябе, і каўнер душыць Жанаву шыю.

— Не хочацца? Тады мо даць падумаць? Але помні ўсё-такі, што час працуе не на смертных, Дзедушкін. Дый многа вас, як і нас, дарэчы. Праўда, вас — у турме, а нас на волі. І кожны хоча быць першым...

— Розуму не дабяру, як Жан не гваздануў яго ў пераноссе,— з роспаччу закруціла галавою спадарожніца.— Але клянуся, што стрымала Жана не боязь катаванняў ці пабояў. Ён проста даў сабе слова і не меў права сарвацца, прайграць у навязанай следчаму гульні. Помніце яго — «Так, толькі так!..» Перамог сваю гордасць — усё перамог. І гэта, калі раней, трапіўшы ў пераплёт, нават драпіну хаваў ад нас, каб мы, крый божа, не шкадавалі яго...

Ну, як было, відаць, і задумана, Жан перастаў існаваць для Фройліка. І калі ў абед у камеру не прынеслі баланды, не далі піць, хоць і звадзілі ў прыбіральню, стала ясна, што ўгатавана яму...

Жанчыне сцяла горла, і яна змоўкла. Але пастаралася схаваць нахлынуўшую слабасць. Нібыта адкашляўшыся, глыбока ўздыхнула. Аднак гэта таксама атрымалася ў яе як усхліп.

— Дзівак!..— усё ж узяла яна сябе ў рукі.— Паверыце, у першыя хвіліны яму нават зрабілася лягчэй. Яго пакінулі ў спакоі, і можна было цалкам аддацца сваім клопатам...

Яе апасенні, узрушанасць перадаліся мне. Захацелася ўмяшацца ў падзеі, у нечым засцерагчы Жана, адхіліць бяду, што, па ўсім відаць, насоўвалася на яго.

Жан яшчэ ў першы дзень пастараўся ацаніць абстаноўку. Пераканаўся: дзвярныя завесы ледзь ліпяць. Замок стандартны, замыкаецца сам. Наглядчык сімпатызуе Нэсі і не заляцаецца адкрыта, бо асцерагаецца штрафнікоў, і, можа, таму не дае ім спуску. Але ён не такі ўжо і службіст — адлучаецца з калідора, ходзіць прымаць душ, дазваляе Нэсі самой адмыкаць камеры... Але было яшчэ невядома, як трапляюць сюды і выходзяць з сутарэння сёстры, як і калі гетаўскіх работнікаў гоняць назад у гета. Ці ёсць вартавыя на нядаўна пабудаванай чыгуначнай ветцы, пракладзенай праз руіны к Дому ўрада... Чакаючы ўчора, пакуль Нэся вымые падлогу, ён ухітрыўся патрымаць у руках ключ ад замка — плоскі, просты. Але трэба было нарысаваць яго і папрасіць у чарговым пісьме таварышаў, каб як найхутчэй зрабілі дублікат...

Энергія бурліць у Жана. Ён нават не глядзіць на падсуседзяў і, не тоячыся, мерае камеру — чатыры крокі сюды, чатыры назад. Ды пад вечар раптам адчувае: паветра, якое ён выдыхае,— гарачае і сушыць вусны. Аднак, падавіўшы трывогу, каб эканоміць сілу, прымушае сябе легчы на нары і заснуць.

Чым болей цела прагне вады, тым часцей галаву абдае гарачынёю, і галава гарыць. На другія ці трэція суткі Жан ужо трызніць у сне.

Ён чуў, што ў хвіліны пакут і небяспекі людзі ўспамінаюць найдаражэйшых, і гітлераўцы скарыстоўваюць гэтую акалічнасць — прыстаўляюць да знясіленага ад пакут чалавека «слухача». І, трэба сказаць, яны рэдка памыляліся — вязні прагаворваліся, звалі найвярнейшых таварышаў... Таму Жан, стараючыся сачыць за сабой і ў забыцці, прымушае сябе раз-пораз прачынацца. І гэта знясільвае зусім.

Аднак раніцою ён зноў бярэцца за пісьмы. Прыспяшае таварышаў. Хай прысылаюць камбінезон або іншую якую апрануху з нашытымі латамі. Хай расстараюцца пакулля, машыннага масла, брытву, ніткі. Просіць падрыхтаваць прыстойны гарнітур, грошы, боты. Указвае нават памер — сорак трэці. Раіць падбадзёрыць Нэсю, рыхтаваць і яе ўцёкі. Дзякуе за ключ...

Але назаўтра сёе-тое ўскладняецца. Праўда, прынесеную з волі вопратку Нэся хавае ў надзейным закутку. Аднак мые яна камеру, калі Жана павялі ў прыбіральню, і перакінуцца з ёй словам не выпадае. Дый, назіраючы пасля за ёй самой у шчыліну, Жак заўважае: дзяўчына знячэўку спыняецца, забывае пра асцярожнасць, нервова шморгае павязаную на шыі новую, у ружах, касынку.

Пачынае мучыць і смага. Не дае думаць, высмальвае нутро, адбірае сілы. І нельга ў сухім роце паварушыць распухлым языком, аблізаць ім парэпаныя губы.

У сне наваліліся кашмары. Жан бясконца апранае і скідае камбінезон, мажа твар машынным маслам і нешта намагаецца дадумаць. А дадумаць вельмі неабходна, бо жыве перакананне — калі дадумае, нешта адразу зменіцца да лепшага. Але дадумаць не ўдаецца, і гэта распальвае прыкрасць.

Недзе на золку яго як падкідае. Здаволены, што прачнуўся, ён спаўзае з нар на падлогу і пачынае абмацваць яе. Поўзае і шарыць рукою. Смага раздзірае яго. Але ў кутку ля дзвярэй Жан раптам уздрыгвае ад радасці — у ямачцы сыра. Пераадолеўшы агіду, прыпадае калючым падбародкам да халоднага шурпатага цэменту і ліжа яго.

Ён разумее: пакуль Нэся выканае просьбу і ліне ў гэты куток вады, пройдзе болей сутак. Але ўсміхаецца, непаспешна вяртаецца да нар, лажыцца і заплюшчвае павекі.

Лепей думаецца і пра Нэсю — мілая, слаўная дзяўчына. Пакуль што, фактычна, рызыкуе адна яна ды яшчэ хіба Шура, гэта, значыць, мая субяседніца... І мне здаецца: ён ужо кахае сваю нечаканую памочніцу. Ва ўсякім выпадку, калі потым цягне дрыготкімі губамі першы глыток вады, Нэся яўна вырастае для яго ў збавіцельку, засланяе другіх, становіцца галоўнай надзеяй. А хіба можна з яго душою не кахаць сваю надзею?

Але ж апрача надзеі была і смяротная небяспека? Наплывалі прадчуванні, туга?..

— А я, я сапраўды на нітачцы вісела,— прызнавалася тым часам спадарожніца.— І калі б эсдэкаўцы ўхапіліся за кончык, як піць даць абарвалі б нітачку... Аднак яшчэ раз прашу — зразумейце мяне! Аб сабе я не думала не таму... Мы разумелі, што значыць ён для падполля. Яго энергія, вера бралі ў палон. Яго хацелася слухаць і слухацца...

Мне не раз даводзілася чуць падобныя расказы жанчын. І заўсёды, расказваючы, яны пранікаліся ўспамінамі і плакалі. Але мая субяседніца стрымалася. Мне здалося нават: вочы ў яе сталі сушэйшымі. «Ого!» — падумаў я.

— Праз нейкі час ім пашанцавала,— сказала яна стрымана,— наглядчык пайшоў прымаць душ.

Вось Нэся адмыкае камеру, бярэ вядро і пераступае парог. Але, сумнення няма, штрафнікі навастрылі вушы — гоман, дрэнчанне ў іх сціхае,— і неабходна, каб усё паўтарылася, як заўсёды.

Аднак за той кароткі момант, калі Нэся ўваходзіць у камеру, яна ўпраўляецца адарыць Жана позіркам... Ён жа, калі паднімаецца з нар, узмахнуўшы рукамі, абнімае яе за плечы і горне да сябе. Трымае ўсяго міг, але адчувае яе трапятанне, якое згасае ад адданасці. Дый яна сама, прыхінуўшыся да Жанавых грудзей, кранаецца губамі яго рукі і тут жа ставіць вядро, якое бразгае вочапкай.

Стараючыся дыхаць роўна, бярэцца мыць падлогу, а ён атрымлівае магчымасць глядзець на яе, колькі хоча. Глядзіць і думае, што прыйдзецца напісаць, каб была лагаднейшая з наглядчыкам і агрызалася, крычала на вязняў — такая грубасць спадабаецца таму... І вады, як мага болей ліла вады! А потым, потым хай зробіць толькі адно, а астатняе ён бярэ на сябе.

Не прывыкаць!

Ён з радасцю бачыць, як Нэся кладзе пад падушку пісьмы, лусту хлеба і, хуценька схапіўшы накрэмзаныя ім паперкі, суе ў выраз пад кофтачку. Пасля, памарудзіўшы, каб утаймаваць узрушанасць, унурваецца і выходзіць, пабліскваючы краёчкам вачэй. «Да-ра-гая!..»

Мусіць, у гэтую хвіліну, калі сэрцы іх ядналіся і нылі ад пагрозы, што вісела над імі, канчаткова і выспеў яго план. Адчайны, дзёрзкі, але, можа, адзіна магчымы — выбрацца на волю разам з гетаўскімі работнікамі, калі тыя будуць вяртацца назад. «Так, толькі так!»

Пад падушкаю ён знаходзіць не адны пісьмы і хлеб, там аказваецца гумавая трубачка, плітка шакаладу. Пра ваду і ежу цяпер можна бадай што не клапаціцца...

Нарэшце настае прызначаны дзень.

Пачынаецца ён звычайна. Прыходзяць сёстры. Вешаюць паліто на цвік непадалёк ад стала наглядчыка. Грукочучы ботамі, панылы эсэсман вядзе на допыт вязня з крайняй камеры, а наглядчык, сеўшы за стол, пачынае гартаць свой гросбух. Маладзейшая сястра знікае — ідзе па сваіх справах. Нэся бярэцца мыць калідор. Штрафнікам удалося дастаць шнапсу, і яны гагочуць, пацяшаючыся перад пачастункам.

І ўсё-такі Жан адчувае нешта незвычайнае. Яно ідзе ад Нэсі. Дзяўчына ўнікае глядзець на дзверы Жанавай камеры і часта пазірае туды, дзе шумяць штрафнікі, прыслухоўваецца да глухіх енкаў, што, здаецца, прасочваюцца праз сцены і столь. Яна змізарнела за ноч, згорбілася. Нават тое, як Нэся, выпрастаўшыся ля вядра, запраўляе мокрымі рукамі пад хустку непаслухмяныя пасмы, выглядае як нешта цяжкае для яе.

Няма сумнення — яна са страхам чакае і баіцца хвіліны, што пачне набліжацца, як толькі хто-небудзь з эсэсманаў аддасць даніну нямецкай педантычнасці, і да Жана нікому ўжо суткі не будзе клопату. Яна, безумоўна, нагарадзіла для сябе цэлы частакол перашкод, адну страшнейшую за другую. Але самая страшная, вядома, з іх — штрафнікі. Яны абавязкова пачуюць, як яна будзе адмыкаць замок і адчыняць дзверы. Кожны лічыць, што мае права на бяспраўную, і яны віжуюць за ёю, ловяць момант, калі можна ўбачыць яе голыя ногі. Яны, магчыма, ужо раўнуюць яе... А хіба не можа быць, што яны проста ў змове з наглядчыкам, і той назнарок выходзіць з калідора, каб праверыць і выкрыць яе?

У дагадкі не хочацца верыць. Жан гоніць іх. Але

як на тое яны атрымліваюць усе новыя і новыя пацвярджэнні. Калі наглядчык адлучыўся, Нэся асцярожна наблізілася да дзвярэй і замест таго, каб адамкнуць замок, суе ў шчыліну... плітку шакаладу, якую, відаць, не ўправілася пакласці пад падушку, калі прыбірала камеру...

Цяжка было Жану зносіць здзекі Фройліка. Яшчэ цяжэй — прымушаць сябе лізаць брудную падлогу. Але адкуль узяў ён сілы сцярпець гэты злашчасны шакалад?.. Ды вось сцярпеў. Мала таго, адразу засеў за пісьмо, у якім прасіў Нэсю быць мужнай, не забываць, што яна, як і ён, асуджана на смерць, і ёй, як і яму, няма чаго траціць. «Дык як жа тут, дарагая, не скарыстаць адзінае выйсце?» — пытаўся. Праўда, ён бачыў, як яна, сунуўшы шакаладку ў шчыліну, схапілася за шыю, як душыла сябе і круціла галавою.

Мусіць, гэта быў самы цяжэйшы для Жана час. Ён не разумеў Нэсі. Яна ж дасюль знаходзіла ў сабе сілы насіць перадачы. Яе і дасюль маглі злавіць на гарачым учынку — з доказамі злачынства... Дый, наогул, дні яе былі злічаны. Яе ж усё роўна чакала куля ці душагубка. Дык што ж адабрала ў яе рашучасць? Няўжо тое, што ў калідоры светла? Што чуць-чуць пабольшала рызыкі? Было ж відаць, як яна пакутуе, як хоча і ніяк не можа зрабіць, чаго ад яе чакаюць.

Яшчэ раней Нэся прынесла яму нешта накшталт долата. Як толькі штрафнікі захраплі, ён узяўся за работу — ночы за тры-чатыры завесы на дзвярах можна аслабіць і ў патрэбную хвіліну выдраць іх. Няхай Нэся адно падышла б да дзвярэй штрафнікоў і пачала пацвельвацца. Прычым можна зрабіць уступку і Нэсінай слабасці — калі на ліхі выпадак штрафнікі заўважаць, як ён будзе выдзіраць завесы, а потым ставіць дзверы на месца, і ўзнімуць гвалт, хай крычыць, заве ахову сама. Абураючыся з Нэсінай маладушнасці, шукаючы ёй апраўдання — «Не, яна ўсё-такі малайчына! Яна зрабіла такое, чаго б не зрабіла другая...» — ён спадзяецца яшчэ выратаваць надзею на ўцёкі, выратаваць пачуццё, што нараджалася ў іх тут — у смярдзючым катуху! Пад пагрозаю смерці! На краі бездані, ля самага абрыву! І, як заўсёды, бярэ ўвесь цяжар на сябе — каму патрэбна жыццё без мужнасці! Ды так ён рабіў і раней. Бо разумеў: калі цяжэйшае бярэш на сябе, аднадумцы таксама падставяць плячо... Не можа быць выключэннем і Нэся...

Уражаны, узрушаны гэтымі думкамі, я пільней прыгледзеўся да сваёй спадарожніцы. Паплечніца Жана!.. Не, не, які яна маўчун? Яна проста асцерагалася — так, так! — што я па-свойму зразумею Жана і тое, што адбылося з ім. А магчыма, проста баялася страціць частку самой сябе, не хацела аддаваць дарагога чалавека на чужы суд. Хай астаецца незалежным, удачлівым — такім, як ведалі яго людзі. Быццам бы не было ні Нэсі, ні зняважлівых несправядлівасцей жыцця... А загаварыла — што паробіш з сабою, калі боль і словы рвуцца з цябе. Калі сама, відаць, гатова аддаць жыццё за хвіліну такога кахання. А можа, і не прыязнасць, а нешта большае.

— Вось так..— уздыхнула яна, прыжмурыўшыся аднак, каб праверыць, якое ўражанне пакідаюць яе словы.— Калі з завесамі было скончана, Жан раніцою ўбачыў за сталом з гросбухам зусім незнаёмага чалавека — прылізанага, усмешлівага, з фельдфебельскімі лычкамі. Штрафнікі, аказваецца, данеслі, што былы начальнік пакідаў пост і занадта давяраў прыбіральшчыцы.

Ну, а новая мятла?.. Шарфюрэр пачаў з таго, што з ухмылачкаю абшукаў палітоны, якія сёстры, прыйшоўшы, вешалі ля стала, і, не забываючыся раз-пораз разглядаць сябе ў люстэрка, якое насіў, як запісную кніжку, у нагруднай кішэні, касіўся на Нэсю, пакуль тая прыбірала ў камерах і раздавала абед.

Праўда, на другі дзень дзяўчыне ўсё-такі ўдалося перадаць Жану пошту. Але ў яе пісьме не было ні слова наконт яго прапановы. Наадварот, як бы між іншым паведамлялася, што ў сцяне катуха павінна быць забітае шалёўкамі акно, якое выходзіць на вуліцу... Ну, а яшчэ праз дзень, іранічна тыркаючы пісталетам Жана ў лапаткі, фельдфебель перавёў яго ў другую камеру...

— Мне страшна і падумаць, што тады давялося яму перажыць! К чарцям сабачым паляцела ўсё. Ён жа цяпер, калі і ўцалее, па начах стагнаць будзе! Ні кахання, ні мужнасці! Лепей і не пачынала б...

Яна не паспела дакончыць — нас аклікнулі. Голас мне здаўся знаёмы. І хоць да лагера аставалася далёка, я адказаў паролем.

З прыдарожных кустоў вывалакліся двое — прыгорблены, з торбачкаю за плячыма, і камлюкаваты, шыракаплечы, з карабінам напагатове. Але, што здзівіла мяне, карабін у яго быў настаўлены не на нас, а на сутулага.

— У чым справа? — пазнаў я абодвух.

— От узяў дэзерціра ў Альхоўцы,— сярдзіта кінуў нізкарослы.— Хваліцца кішкой сваёй тонкай. Трынаццаць месяцаў, кажа, у склепе прасядзеў!..

Лясныя гушчы і тут звінелі ад птушыных спеваў. Непадалёк бег ручай, і яго мілагучны плёскат хораша ўплятаўся ў галасы драздоў. Але раптам самы бліжэйшы з іх зацёхкаў хоць і залівіста, ды не так радасна. Ціўкнуў раз, другі і сціх. І ў той жа міг, як па заказу, дразды змоўклі ўсе. На лес навалілася цішыня, праз якую прабівалася адно цурканне вады.

Потым недзе далёка рыкнула гармата, і край неба ў тым баку пачаў ружавець.