epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Карпаў

Нямігі крывавыя берагі

Кніга першая. Без нічыйнай зямлі
  ЧАСТКА ПЕРШАЯ
    Раздзел першы
      1
      2
      3
      4
    Раздзел другі
      1
      2
      3
      4
      5
    Раздзел трэці
      1
      2
      3
      4
      5
    Раздзел чацвёрты
      1
      2
      3
      4
    Раздзел пяты
      1
      2
      3
      4
      5
      6
      7
    Раздзел шосты
      1
      2
      3
      4
      5
      6
  ЧАСТКА ДРУГАЯ
    Раздзел першы
      1
      2
      3
      4
      5
    Раздзел другі
      1
      2
      3
      4
      5
    Раздзел трэці
      1
      2
      3
      4
    Раздзел чацвёрты
      1
      2
      3
      4
    Раздзел пяты
      1
      2
      3
      4
    Раздзел шосты
      1
      2
      3
      4
      5
      6
    Раздзел сёмы
      1
      2
      3
      4
      5
Кніга другая. Не на жыццё, а на смерць
  ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ
    Раздзел першы
      1
      2
      3
      4
      5
    Раздзел другі
      1
      2
      3
      4
    Раздзел трэці
      1
      2
      3
      4
      5
    Раздзел чацвёрты
      1
      2
      3
      4
    Раздзел пяты
      1
      2
      3
      4
      5
    Раздзел шосты
      1
      2
      3
      4
  ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ
    Раздзел першы
      1
      2
      3
      4
      5
    Раздзел другі
      1
      2
      3
      4
      5
    Раздзел трэці
      1
      2
      3
      4
    Раздзел чацвёрты
      1
      2
      3
      4
      5
      6
    Раздзел пяты
      1
      2
      3
      4
      5
    Раздзел шосты
      1
      2
      3
      4
      5
      6


 

 

На Нямізе снапы сцелюць галовамі,

малоцяць цапамі сталёвымі,

жыццё кладуць на таку,

душу веюць ад цела.

 

«Слова аб палку Ігаравым»

 

Кніга першая. Без нічыйнай зямлі

 

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

 

Раздзел першы

 

1

Горад паглынула цемра: адразу пагаслі ліхтары на вуліцы і святло ў дамах. Так магло быць пры аварыі на электрастанцыі або пры паветранай трывозе. Міхал Шарупіч падумаў, што хутчэй за ўсё гэта — аварыя. Таварышы даўно шукалі падыходаў да генератараў станцыі. А бамбёжак амаль не было, ні летась, ні ў гэтую вясну. Немцы нават не ўводзілі светамаскіроўкі. Усю ноч на пустых, гулкіх і страшных вуліцах гарэлі рэдкія ліхтары. За поўнач свяціліся пад’езды і вокны розных «салдатэнгаймаў» і ўцалелых дамоў. Рассыпаючы фіялетавыя іскры, каціліся абшарпаныя, але залітыя святлом трамваі.

— Усё-такі, відаць, узарвалі,— здаволена сказаў Міхал жонцы і патушыў газнічку (у квартале немцы не жылі, і яго адключылі ад электралініі).

Трымаючы на грудзях рукі, да акна нячутна падышла і Арына.

За шыбамі стаяла цемра. Па пустой, нібы ахутанай імглою, вуліцы з пагашанымі фарамі прамчала аўтамашына. Прабеглі двое патрульных у чорных гумавых плашчах, якія матава пераліваліся.

— Не, маці, тут нешта не тое,— адмоўна заківаў галавою Міхал.— Бачыш, фары выключылі. А ўвечары, казалі, над Савецкай ястрабок наш на брыючым праляцеў... Захапі, што можна, каб паслаць дзецям у склепе.

Нібыта ў пацверджанне Міхалавых слоў, загула недалёкая сірэна. Яе трывожнае выццё паласнула Арыну па сэрцы. Жанчына ўздрыгнула, непрыкметна перахрысцілася і пабегла ў бакоўку.

Праз хвіліну яна несла сонных Лёдзю і Раю ў склеп. Ззаду, трымаючыся за бацькаў пінжак, подбегам спяшаўся Яўген. Раз-пораз пазіраючы на неба, на якім ужо крыжаваліся даўгія блакітныя промні пражэктараў, ён ледзь не падаў.

У склепе было сыра, пахла цвіллю, папрарастанай бульбай. Міхал вобмацкам памог Арыне паслаць пасцель і пакласці дзяцей. Але дзіўна — клапоцячыся і трывожачыся, ён выразна адчуваў радасць. Яна жыла ў ім, большала, прымушала забывацца на небяспеку. «Сабраліся нарэшце! Значыцца, набіраюць сілы, калі дабраліся вунь аж куды — да Мінска. Як гэта дарэчы цяпер!..» — думаў ён і, калі дзеці, жонка ўладкаваліся, вылез са склепа.

— Дом трэба замкнуць,— каб як-небудзь растлумачыць свой учынак і супакоіць Арыну, гукнуў ён у чорную пашчу склепа.

З усходу набліжаўся басавіты гул. Ён шырыўся, рос і, як здавалася, браў у вялізныя абцугі неба. Самалётаў, мусіць, было многа, бо гул зыбаў паветра і хвалямі накатваўся на Міхала.

Промні пражэктараў забегалі жвавей, замітусіліся, то спускаючыся да небасхілу і ледзь не кранаючыся дахаў дамоў і вастраверхіх руін, то ўзлятаючы ўгору і заміраючы на міг. Бязладна і злосна заляскалі зеніткі. Разрывы іх снарадаў пачалі ўспыхваць то там, то тут — як зоры, толькі больш калючыя і буйныя.

«Нашы,— канчаткова пераканаўся Міхал.— Як гэта дарэчы... Мо не так будуць лютаваць...»

Радасць зноў скаланула яго, і ён астаўся стаяць ля склепа, разгублены і ўзрушаны. З непакрытай галавою, з узнятым у неба тварам, ён быў падобны на чалавека, які моліцца.

«Нашы!..»

Ды так было, пакуль не разарваліся першыя бомбы. Яны шуганулі агнём недзе за руінамі. Але іх чырванаватыя сполахі вырвалі наваколле з цемры, і гэта зжахнула Міхала. Бамбяць жа Мінск — родны, знявечаны, і без таго пакутны!.. І, вядома, ахвярамі будуць не толькі немцы. Як ты тут, у апраметнай цемрадзі, пацэліш дакладна?! Дый дзе тое месца-цэль, дзе б не жылі мінчане?

Так, гледзячы на пошугі агню і стараючыся па выбухах угадаць, дзе бамбяць, Міхал прастаяў з паўгадзіны, поўны супярэчлівых пачуццяў.

Нечакана ён заўважыў, як нехта адным махам сігануў цераз плот і стаіўся ля варот. Каб лепш прыслухоўвацца і быць напагатове, чалавек прытуліўся да шула і замёр, але па тым, як ён адкінуў назад галаву і бяссільна апусціў рукі, Міхал здагадаўся, што за ім гоняцца і ён страшэнна стаміўся.

Міхал хацеў быў кінуцца да яго, але чалавек махнуў рукою, даючы зразумець, каб Міхал не падыходзіў, а кіраваўся ў дом. І зноў-такі па тым, як ён махнуў, Міхал здагадаўся, што чалавек трымае ў руцэ пісталет.

У гэты момант паўз дом — чуваць было па грукату ботаў — прабегла некалькі чалавек. Калі тупат сціх, уцякач падышоў да Міхала і, задыханы, працягнуў руку.

— Даруй, дзядзька Міхал,— шэптам папрасіў ён, і Міхал пазнаў Кастуся Алешку.

— Ты, Кастусь? — здзівіўся ён.— Во добра. Адкуль ты?

Алешка неазначальна кіўнуў на зарыва пажару, які разгараўся недзе каля вакзала.

— Мы сёння з Комлікам палявалі на Нямізе. Аднаго ўходалі ўсё-такі. Яфрэйтара. Туша тушай. Гад!.. А калі разышліся, патруль нахапіўся,— сказаў ён, спакайнеючы.— Гналіся ў сваіх падкутых ботах, аж увушшу аддавала. Нават фінку згубіў, ліха на яе. Ніколі так не бегаў, бо яны мяне як па эстафеце перадавалі, ха-ха! Добра, што трывога...

— Ды ціха ты.

— Цяпер у паніцы такой — нічога, дзядзька Міхал! Чуеце, дзе ўжо страляюць?

Сапраўды, у новым гуле, што насоўваўся ад гарызонту, у пахаплівых стрэлах зенітак ледзь чутна прагучалі два вінтовачныя стрэлы.

Бамбілі не толькі вакзал, таварную станцыю, аэрапорт, але таксама зенітныя батарэі, і яны агрызаліся ўжо радзей, вяла, няўпэўнена. Менш стала і блакітных промняў, дый матляліся яны па небе роспачліва, як бы не па сваёй волі.

Каля таварнай станцыі ўзапар палыхнула некалькі разрываў. І тут жа, услед за пошугамі агню, разлегліся грымоты. Яны былі падобныя да грому, які коціцца па небе і, набліжаючыся, мацнее, а потым, дакаціўшыся, раптам рассыпаецца дробным пошчакам. Неба над руінамі ў тым баку заалела. Але і зарыва было асаблівае — трапяткое. Яно то загаралася з сілаю і ўзнімалася ўгору, нібы нехта падліваў газы, то ападала і блякла, каб адразу ж успыхнуць зноў.

— Пацэлілі ўсё-такі! — захоплена выгукнуў Алешка.— Там тры эшалоны са снарадамі стаяць. Вось каб яшчэ адсюль, з зямлі, памагчы — праракеціць... Не зайздрошчу тым, хто паблізу. Законна даюць!

— А людзям як? — спытаўся Міхал, якому не зусім спадабалася Алешкава захапленне.

— Схаваюцца,— бесклапотна адказаў той і люта паскроб патыліцу.— Ану, давай там яшчэ, давай! Крыху правей давай. Ваяваць дык ваяваць!.. А ўчора — смех! — гаўляйтар на плошчы Свабоды хваліўся з трыбуны, што авіяцыя наша не ў небе, а ў зямлі... На табе, у зямлі, на!..

— Зноў колькі кварталаў знясе.

— Ага,— згадзіўся ён, не задумваючыся, апанаваны азартам і захапленнем.— Толькі цяпер і ваяваць пачынаем. Некаторыя немцы на машынах ажно за горад рванулі... Ну, я пайшоў, бывайце, дзядзька!

— Можа, астанешся ў мяне, Кастусь? Начуй лепш тут,— сказаў Міхал.

Алешка засмяяўся.

— Не магу, дзядзька Міхал. Дома маці ўжо і так хвалюецца. Не ведаю, як і апраўдаюся, ха-ха!

— Тады хоць агародамі ідзі. А заўтра раніцай да Дзіміна збегай. У горадзе арышты пачаліся. Нешта рабіць трэба. Добра, каб Дзімін са Славікам сустрэўся і параіўся. А потым мне перадаў... Запомніў?

— Ладна, запомніў, схаджу...

Ён паціснуў Міхалу руку і знік у цемры.

Нешта прымусіла Міхала азірнуцца. Паблізу стаяла ссутуленая Арына, трымаючы, як і тады ля акна, рукі на грудзях. Убачыўшы, што муж глядзіць на яе, уздыхнула:

— Спяць ужо. Нават Яўген заснуў... Што ж гэта будзе, Міша? Свае бамбяць...

— Вайна, маці. Нічога не паробіш. Дый к лепшаму гэта.

 

2

Яшчэ ўначы было цёпла, а ўжо раніцай пахаладала. Як і ўчора, лагодна сінела майскае неба. Плылі чародкі раскудлачаных, нібы вымытых воблакаў. Хапала таксама сонца — па-веснавому добрага і зіхотнага. А цяпла не было — бываюць такія дні ў маі. Паглядзіш на вуліцу з дому, і здаецца — цёпла, а выйдзеш — і каешся, што не апрануўся як след. Вінаваты, мусіць, у гэтых выпадках вецер, нямоцны, але шчыльны, волкі, які дзьме безупынку. Але людзі і гэта тлумачаць па-свойму: пахаладала на чаромху. Вось зараз зацвіце чаромха, душны яе пах ахіне садкі, падворкі ўскраінных домікаў, і зноў стане цёпла. І вер ці не вер гэтаму, але заўсёды чамусьці выходзіць якраз так.

Лаючы сябе, што не апрануў паліто, Міхал скурчыўся і паскорыў хаду.

Пакуль ішоў цэнтрам, праходжыя амаль не сустракаліся. Толькі ў скверы на плошчы Свабоды патруль палявой жандармерыі вёў арыштаванага. Два рослыя немцы ў плашчах, у касках, з аўтаматамі трымалі пад рукі хударлявага юнака без шапкі. Трэці жандар крочыў ззаду. На грудзях у яго, як крыж, на ланцужку вісела бляха-паўмесяц — сімвал даверанай улады, і гэта надавала немцу строгі амбітны выгляд.

Ад былога Дома селяніна два яўрэі цягнулі на двухколцы бочку з вадой. У бочцы плаваў круг, але двухколка падскоквала на бруку, і вада выплёсквалася цераз край. Яўрэі былі аброслыя, вопратка звісала з іх, як рыззё, і ў абодвух на спінах, злева, былі нашыты латы — жоўтыя кругі, пад імі белыя квадраты з лічбамі.

Нельга сказаць, каб бязлюддзе, незнаёмы арыштаваны юнак, жандары, пакутнікі-яўрэі растрывожылі Міхала Шарупіча. Не, гэта стала прывычным — побытам паланёнага горада. Ды пасля бамбёжкі, пасля таго як пачаліся правалы, усё бачанае набыло нейкі трывожны сэнс.

Захацелася, як звычайна, заглянуць да Ванды Шыдлоўскай, у якой быў радыёпрыёмнік, даведацца пра навіны або проста паслухаць Маскву. Але цяпер Ванда, відаць, была на рабоце — у гасцініцы, і Міхал збочыў на вуліцу Бакуніна.

Каля закуродымленай каробкі ваеннай школы, як і было дамоўлена, сустрэўся з Дзіміным.

У кепцы, у паношаным карычневым плашчы, з кашнэ на шыі, бледны і няголены Дзімін выглядаў незнаёмым. Слаба паціснуўшы руку, ён стомлена пакрочыў побач.

— У суботу Дору ўбачу. Кастусь Алешка правесці абяцаў. Кажа, не так ужо цяжка трапіць туды і выйсці адтуль.

— Дарэмна рызыкуеце цяпер,— упікнуў Міхал.

— Як дарэмна? Ты жартуеш, ці што? Ратаваць буду Дору.

Міхал паглядзеў на змардаваны твар Дзіміна, на ліхаманкавы бляск яго агатавых вачэй і прамаўчаў, хоць карцела сказаць, што у шмат чым ён вінаваты сам.

— Пасля апошняга пагрому яна пазбягае сустракацца са мной,— не разумеючы чаго б гэта, развёў рукамі Дзімін.— Сёння назнарок прайшоў па Рэспубліканскай праз гета. Нейтральная вуліца! Які здзек! Ішоў, як і дазволена, па праезджай частцы. Не глядзеў на бакі, не вітаўся... Як там Рая?

— Што Рая. Тэпае памалу, называе Арыну мамай, смяецца.

— Чым я аддзячу вам? — падняў галаву Дзімін, і вочы ў яго напоўніліся слязьмі.

— Як ты, аднак, падаўся,— паспачуваў Міхал і, каб схіліць гаворку на іншае, дастаў з кішэні капшук.— На, закуры.

Трохі супакоіўшыся, Дзімін узяў капшук, сунуў туды нейкія паперкі, потым скруціў цыгарку і прагна зацягнуўся.

— Паверыш, калі бамбілі, я аднаго хацеў — каб нашы як мага больш бомбаў скінулі. На чыгунку, на горад, на ўсё,— з нядобрай тугою прызнаўся ён.— Няхай бы гэта дорага каштавала нам, але і нелюдзяў пабіла б. Помніш, як маразам радаваліся ўзімку? Быццам нашым — і мароз не мароз!.. А арышты павальныя пайшлі. Я там напісаў. Некаторыя апошнія загады немцаў таксама паклаў туды.

— Што Славік казаў?

— Каб кватэру на Пушкінскім пасёлку прыкрылі. Ды сачылі, каго бяруць і за што. У горад украінскі батальён прыбыў. Добра, каб і яго ўзялі пад нагляд.

Яны падышлі да рога Камароўскай вуліцы. Тут праходжых было больш. Але бадай што ўсе яны ішлі ў адным кірунку — да Старажоўскіх могілак. У канцы вуліцы, дзе бялела масіўная брама, людзей было зусім густа.

— Схадзі туды, пабачыш, што прыдумалі. Не тым, дык гэтым хочуць прывязаць да сябе. Славік прасіў цікавіцца ўсім. Спісы, якія складаліся, папаўняць новымі адступнікамі,— панура сказаў Дзімін.— Пацалуй за мяне Раю!

Ён прыпадняў, быццам хацеў казырнуць, руку і, згорблены, пайшоў ад Міхала. Ззаду ён быў ані не падобны на сябе. Нават хада здавалася старэчай — Дзімін не махаў рукамі і валачыў ногі.

«Назнарок ці сапраўды так змяніўся, калі раскідалася сям’я? — падумаў Міхал.— Во ліха...»

На могілках сабралася процьма народу — праўда, больш жанчын і падлеткаў. Усе стараліся праціснуцца да белай цэркаўкі, адкуль чуўся густы бас папа і цягнула пахам ладану. Сёй-той найбольш увішны і цікаўны залез па таполі, што раслі навокал царквы, і, прыладзіўшыся на галінах, назіраў, што адбывалася на цвінтары. Некаторыя забраліся на помнікі і агароджы. Іх ніхто не зганяў, хоць у натоўпе чарнелі постаці паліцаяў і чулася іхняе шыканне.

Здагадваючыся, у чым справа, Міхал прабраўся ў пярэднія рады. Убачыў папа ў рызе, наводшыбе групу людзей з крэпавымі павязкамі на рукавах, шарэнгу трун. За імі стаялі прыбітыя горам сваякі нябожчыкаў. Увагу прыцягнула высокая проставалосая жанчына ў чорным, да якой туліліся бялявыя ў чыстых плацейках дзяўчаткі. З пустатою ў вачах яна глядзела перад сабою ў адну кропку і нічога не чула. Па твары цяклі слёзы, але і яны цяклі неяк самі сабою, быццам жанчына забылася, што плача. Поп, закатваючы вочы, цягнуў малітву, хрысціўся, за ім хрысціліся і людзі з жалобнымі павязкамі, а жанчына, дзяўчаткі не варушыліся.

Побач, каля закрытай векам труны, разгублена пераступаў з нагі на нагу сівы стары з забінтаванай галавою і падвязанай рукой. Ён стараўся не глядзець ні на кога і кожны раз, калі міжвольна пазіраў на людзей з крэпавымі павязкамі, жмурыўся і хаваў жоўтыя злыя вочы.

Аднаго з крэпам Міхал пазнаў. «Вось каго даўно трэба зняславіць як нягодніка,— падумаў Міхал.— Ніводнае паскудства не абыдзецца без яго...» Самавіты, з поўнымі шчокамі і бародкай, твар у яго выглядаў посна. Стаміўшыся стаяць, ён стрымана пакашліваў і падносіў скамечаную хустачку да рота. Рабіў гэта прыстойна, акуратна, як робяць жанчыны, апасаючыся размазаць памаду на губах, і яго вочы з вялікімі бялкамі малітоўна ўзнімаліся ўгору.

Калі поп скончыў служыць і над галовамі растаў апошні цягучы ўдар звона, чалавек з бародкай зрабіў некалькі крокаў да бліжэйшай труны.

— Спадары! — няголасна звярнуўся ён да людзей.— Паглядзіце на гэтыя ахвяры і схіліце галовы! Адцемце дзеля справядлівасці: ніводная бомба не трапіла ў гета. Мусіць, там жывуць больш дарагія і блізкія тым, хто бамбіў. А гэтыя? Яны чужыя! Адыле, што яны зрабілі каму благога? Хіба толькі былі вінаваты ў тым, што жылі ў вызваленым горадзе, на зямлі сваёй бацькаўшчыны. Як галава ўправы я шчыра ўдзячны вам, што прыйшлі ўшанаваць памяць нявінных ахвяр...

Людзі на цвінтары захваляваліся.

— Ціха! — уладарна выгукнуў паліцай, які стаяў непадалёку ад Міхала.

Гэта як бы сцебанула перавязанага старога. Ён ускінуў галаву, павёў вачыма па пярэдніх радах натоўпу і ўпяў позірк у гарадскога галаву.

— Я, пане Яноўскі, не памяць прыйшоў ушаноўваць, а сына хаваць,— асіплым ад гора голасам сказаў стары.— Так што дзякаваць мне няма за што. Вунь лепей схадзіце да магілы Пуліхава — ён тут недалёка ляжыць — ды паспачувайце яму!

Ля старога выраслі паліцаі. Жанчына ў чорным узяла дзяўчатак за рукі і адступіла ад труны. Але за спіной у яе аказалася шчыльная сцяна народу, і жанчына, наткнуўшыся на яе, стала, пазіраючы то на нябожчыка, то на дзяцей.

— А вам чаго трэба? — крыкнуў стары паліцаям.— Таксама смуткаваць прыйшлі? — і застагнаў: — А-ах-ха!.. Людзі! Яны ж назнарок мне параненую руку выкручваюць! Ах-ха!..

Паліцаі заціснулі яму рот і пацягнулі ў натоўп. Раздаючы выспяткі, пачалі прачышчаць сабе праход, што так і аставаўся за імі свабодны. Адна з дзяўчатак, якую за руку трымала жанчына ў чорным, вырвалася і пабегла па гэтым праходзе. Жанчына кінулася за ёй, дагнала і на руках прынесла назад.

Яноўскі, як бы няўцямна, правёў паліцаяў позіркам і, схіліўшыся да прыстойнага, з рэдкімі пасмамі на васковай лысіне мужчыны, нешта сярдзіта загаварыў яму на вуха.

Самае лепшае цяпер было пайсці. Ледзь валодаючы сабою, Міхал адвярнуўся і пачаў прабірацца назад да белай брамы, заўважаючы, што за ім рушылі і другія.

 

3

Яноўскі любіў сваё цела. Ён крактаў, рохкаў ад здавальнення, калі, выціраючыся пасля душу касматым ручніком, адчуваў — яно наліваецца здароўем. Не вельмі ўважлівы да другіх, Яноўскі быў пунктуальны ва ўсім, што датычыла яго асабіста. Распарадак дня, раз і назаўсёды ўстаноўлены ім самім, ператварыўся ў непарушны закон, які ніхто не мог змяніць. Але якраз гэта і прыносіла Яноўскаму задавальненне. Такое служэнне сабе ўводзіла існаванне ў пэўнае рэчышча, надавала яму пэўны сэнс. Яно рабілася своеасаблівым прытулкам ад нягод, ад непрыемнасцей жыцця, прывучала не вельмі радавацца поспехам і не вельмі гараваць ад няўдач, ад непрыемнасцей.

Праўда, з некаторай пары гэтае хісткае, пабудаванае на самалюбнасці і самаашуканстве сховішча пачало развальвацца. Цела стала абуджаць у Яноўскім і трывогу. Яму ўсё часцей здавалася, што нехта пільна глядзіць у спіну.

Яноўскі ведаў, што нават гаўляйтар Беларусі Вільгельм фон Кубэ, і той блытае, замятае свае сляды. Мяняе дамы, дзе жыве, не ходзіць пехатою па горадзе, не п'е і не есць без найстражэйшай папярэдняй праверкі. Ездзіць гаўляйтар на розных аўтамашынах, у суправаджэнні аднолькавых машын, і па дарозе мяняе месца ў калоне. Доступ к ягонаму дому перагароджвае складаная сістэма прапускоў. І гэта, калі горад увесь час знаходзіцца ў стане аблогі, калі тысячы патрулёў і вартавых ахоўваюць спакой і жыццё гаўляйтара... А што казаць пра яго, Яноўскага, амаль адкрытага ўсякаму ліху! І ён загадваў нанач зачыняць у доме аканіцы, сам правяраў, ці добра трымаюцца засаўкі. Пачуўшы падазроны шорах, абыходзіў пакоі, заглядаў пад ложкі, у шафы, пад сталы. У дзвярах яму зрабілі хітра замаскаваны ваўчок, каб можна было бачыць, хто просіцца зайсці. Ля дома была ўстаноўлена сакрэтная варта.

Але ўвесну ўсё роўна забілі яго старэйшага паплечніка — Фабіяна Акінчыца, які працаваў у міністэрстве па справах акупіраваных тэрыторый. Забілі на яго ж, Яноўскага, кватэры. Акінчыц прыехаў з Берліна, каб дамовіцца з фон Кубэ аб стварэнні рады, і прывёз групу сваіх гадунцоў, якіх меўся ўладзіць на адказныя пасады. Сам Яноўскі выратаваўся выпадкова — паспеў шмыгнуць у спальню і хуценька зачыніць дзверы з французскім замком.

У пакоі, дзе ляжаў забіты Акінчыц — доўгі, гожы,— знайшлі надрукаваныя на машынцы лістоўкі. У іх па-газетнаму скупа паведамлялася, што фашысцкі найміт пакараны за антынародную дзейнасць, каб надалей не мог шкодзіць барацьбе за свабоду і незалежнасць.

Лістоўкі ашаломілі Яноўскага асабліва тым, што былі напісаны да таго, як быў забіты сябра. Гэтым яны нагадвалі прысуд.

Пазней, трымаючы невялікія пакамечаныя лісточкі паперы, ён міжволі параўноўваў іх з лістоўкамі і адозвамі, аўтарам якіх быў сам і якія лічыў узорам палітычнай мудрасці. За кожным заклікам там стаялі рэальныя, важкія рэчы — хутар, спірт, грошы. Іх абяцалі ўсім, хто будзе актыўна падтрымліваць «новы парадак». На гэтыя рэчы ацэньваліся жыцці палонных, якія ўцяклі з-пад варты, і галовы партызан. Дык чаму ж яго лістоўкі не прыносілі жаданых вынікаў? А вось гэтыя — з агульнымі, як здавалася, дэкларацыямі — чамусьці ператварыліся ў сілу і асудзілі сябра на смерць. Яноўскі, вядома, не адказваў на такія пытанні нават сам сабе, але вывады зрабіў.

Там, дзе людзям па-добраму нельга прышчапіць свайго, трэба ўжыць прымус. Адначасна варта шукаць і спосабы зрабіць саўдзельнікамі як мага больш людзей, каб яны адчулі сябе вінаватымі перад сваім мінулым.

Хаваючы сёе-тое між квяцістых фраз, ён выказаў гэтыя думкі ў жалобнай прамове над Акінчыцавай магілай. Ягоныя словы не спадабаліся нават блізкім паплечнікам. Нехта збегаў у канцылярыю СД, і набраную для газеты прамову затрымаў нямецкі цэнзар. Яноўскаму, як школьніку, растлумачылі, што палітычнаму дзеячу не абавязкова выказваць усё, што ён думае, але, тым не менш, увялі ў склад галоўнага савета «Беларускай народнай самапомачы».

Ды чым вышэй ён узбіраўся па лесвіцы ўлады, тым усё больш звужалася кола блізкіх людзей, усё больш узрастала трывога. Ва ўстанове, па вуліцы, дома яму мроілася бязлітаснае вока. Яно было недзе блізка і звычайна глядзела ў патыліцу, куды, як неаднойчы бачыў ён, стралялі асуджаным гестапаўцы. У час прыёму ў кабінеце ён іншы раз нават ставіў за парц’ерай паліцая. Швейцараў і прыбіральшчыц для ўправы падбіраў сам і, каб набыць іх прыхільнасць, быў падкрэслена ветлівы.

І ўсё-такі аднаго разу, адчыніўшы шуфляду свайго вялізнага пісьмовага стала, Яноўскі ўбачыў міну. Пабліскваючы чорным лакам, яна ляжала між папак. З асалавелымі вачыма і захраслым у горле крыкам ён выбег у калідор...

А цяпер вось гэты стары на могілках, яго напамінак пра Пуліхава! Адкуль ён ведае пра такую даўнасць і чаму абрынуў сваю горкую злосць не на тых, хто забіў сына, а на яго, Яноўскага?

Дамоў ён пазваніў расстроены.

— Чаму не пытаешся, хто звоніць? — упікнуў ён жонку — поўную кучаравую бландзінку са светлымі пукатымі вачыма.— Колькі разоў прасіў цябе.

Аддаўшы ёй пыльнік, капялюш, прайшоў у кабінет, з агідаю зняў крэпавую павязку, шпурнуў па крэсла. «Заўсёды так,— падумаў ён з крыўдай, шкадуючы сябе.— Што за людзі? Во як зыначыліся!..»

Следам прыйшла жонка, абняла ззаду, пацалавала ў патыліцу.

— Ты ўсё бярэш да сэрца, Усяслаў. Яны не вартыя таго. Шануй сябе, калі ласка.

Яна гаварыла, як звычайна, не пытаючыся, што здарылася, загадзя пераконаная — так яно толькі і ёсць. Але гэта не супакоіла. І хоць у доме панавалі роўныя далікатныя адносіны, якімі Яноўскі ганарыўся, ён нездаволена сказаў:

— Ты прабач, Зюзя, але пакінь мяне аднаго. Я павінен падумаць.

— Мая прысутнасць табе непрыемна?

— Ідзі, прашу!..

Некалі ў маладосці ён блізка стаяў да эсэраў. Падрыхтоўка і арганізацыя замаху на мінскага генерал-губернатара Курлова вялася пры некаторым яго ўдзеле. Тады яму выпала дастаць падводу і завезці эсэраўскага тэхніка ў пухавіцкія лясы, каб там марозным днём выпрабаваць, як дзейнічаюць падрыхтаваныя бомбы пры нізкай тэмпературы. Адвячоркам, напярэдадні, ён уцёк з Мінска, і кінутая праз суткі студэнтам Пуліхавым бомба не ўзарвалася. Курлоў астаўся жывы, а студэнта павесілі пад скляпённай брамай у двары гарадскога астрога, а потым пахавалі ля балота, за агароджай Старажоўскіх могілак. Яго ж паплечніца Аляксандра Ізмайлавічанка, якая страляла ў генерал-губернатара з браўнінга, атрымала вечную катаргу.

«Ці не на гэта намякаў стары?..»

Але ў гэтай гісторыі быў свой працяг. Сястра Аляксандры, Кацярына, таксама арыштаваная і пасаджаная ў жаночую турму, была вызвалена таварышамі. Ёй удалося ўцячы ў Крым. У Севастопалі яна сутыкнулася з адміралам Чухніным, які толькі што ўчыніў расправу над паўстаўшымі чарнаморскімі матросамі. Папрасіўшы ў яго аўдыенцыі, Кацярына зайшла у шыкозны адміральскі кабінет і двойчы стрэліла Чухніну ў жывот. Плаваючы ў крыві, але не страціўшы прытомнасці, той загадаў ахове на месцы застрэліць дзяўчыну. Яму, як і Курлову, пашанцавала,— раны былі не смяртэльныя. Аднак праз год куля невядомага матроса ўсё ж падпільнавала яго каля Севастопальскага парку...

Вось гэта было страшней. «Сапраўды, калі адзіночкі, далёкія ад народа, часам дамагаліся свайго, дык што могуць зрабіць людзі, імя якім легіён!»

— Ідзі, прашу! — зноў сказаў Яноўскі жонцы, вырашыўшы зараз жа пазваніць у СД — нельга, каб старога выпусцілі.

 

4

Бываюць жа супадзенні! — мінулае напомніла аб сабе і назаўтра...

У час прыёму наведвальнікаў Яноўскаму далажылі, што яго хоча бачыць шэф мінскага гета Рыбэ. Выправадзіўшы дзіўнага, стузанага настаўніка, які, з цяжкасцю падбіраючы словы, скардзіўся на вайсковую часць, што заняла школу і паліць парты, ён сам расчыніў перад Рыбэ дзверы кабінета.

Не чакаючы запрашэння, Рыбэ прайшоў да стала, сеў на адно з мяккіх скураных крэслаў і, пляснуўшы далонямі па каленях, адкінуўся на спінку. У яго сутулай хударлявай постаці і асабліва ў манеры трымаць сябе адчувалася адкрытая знявага да ўсяго, што не належала яго асобе.

— Адпраўце, калі можна, гэтага...— па-руску сказаў ён і цераз плячо вялікім пальцам паказаў на парц'еры.

— Выйдзіце,— загадаў Яноўскі і, калі дзверы за паліцаем зачыніліся, адчуў, што цяпер тут, ва ўласным кабінеце, ён на прыёме ў Рыбэ.

— Курыце? — шчоўкнуў той партсігарам і ім жа паказаў на крэсла насупроць: — Прашу!

— Дзякую,— беручы цыгарэту, сказаў Яноўскі, употай пазіраючы на сваё месца па той бок стала.

— Я да вас па справе. Можна?

Разумеючы, што з яго кпяць, Яноўскі ўсё ж як бы пакрыўдзіўся:

— Што вы, калі ласка!

— Улетку трыццаць сёмага,— куткамі губ ухмыльнуўся Рыбэ,— у Заходняй Беларусі было праведзена некалькі інсцэніраваных канферэнцый. Памятаеце?

— Не, але...

— Пачакайце, пачакайце,— перапыніў яго Рыбэ.— У выніку іх у Вільні быў утворан камітэт беларускай нацыянал-сацыялісцкай партыі і абраны так званы провад. Праўда? У яго апрача другіх тады ўвайшоў і Акінчыц. Але гэта між іншым. І вы як патрыёт... пачакайце!.. зрабілі паслугу маёру англійскай службы, паведаміўшы карысныя весткі...

— Я пратэстую! Гэта правакацыя! — выціснуў Яноўскі.

Рыбэ скрывіўся, спакойна пачаў нешта шукаць у бакавой кішэні. І пакуль шукаў, з яго вузкага твару не сыходзіла пагардлівая міна.

— Вы сапраўды любіце гучныя словы,— сказаў ён тонам чалавека, які шмат ведае пра субяседніка і таму мае права быць фамільярным.— Гэта, пане бургомістр, не правакацыя, а памяць...

Ён намацаў пальцамі, што шукаў, і выцягнуў з кішэні пажаўцелы фотаздымак.

— Апошняя старонка.

— Чаго вы хочаце? — прамармытаў Яноўскі, усё яшчэ адводзячы позірк ад глянсаванай паперы, дзе — як быў упэўнены — сфатаграфаваны радкі, напісаныя яго рукой.

— Палкоўнік прасіў перадаць, што ён не забыўся на вас,— ужо шырока ўхмыльнуўся Рыбэ.— Помніць усё і ўдзячны вам. Ваша ж работа ў нас не турбуе палкоўніка. Ён кажа, што гэта нават лепш,

— Мудра,— няўпэўнена сказаў Яноўскі, адчуваючы жаданне чым-небудзь адпомсціць за бяссілле і ўніжэнне.

— Палкоўнік абяцае вам партфель у будучым дэмакратычным урадзе або, на горшы выпадак, забяспечаную эміграцыю. Вядома, пасля некаторых намаганняў, бо тыя, што верай і праўдай служаць фюрэру, трохі кампраметуюць сябе, і народ можа не аддаць ім сваіх галасоў.

— А вы хіба не служыце?— пачынаючы валодаць сабою, ужо адкрыта ўкалоў госця Яноўскі.

— Служу, канешне,— згадзіўся Рыбэ, закідваючы нагу на нагу.— І што з таго?

— А гета? Яўрэі?

— У Таліне, у ратушы, ёсць меч колішняга ката з надпісам, дарэчы, зробленым па-нямецку. «Міласць і справядлівасць божая,— напісана там,— праяўляецца кожную мінуту. Падымаючы меч, я памагаю грэшніку здабыць вечнае жыццё». Запомніце. Да таго ж вы слаба ведаеце сістэму падначалення ў органах паліцыі бяспекі. Я толькі паслухмяны салдат, які быў, астаецца і будзе добрым немцам. Дый мне, пане бургомістр, не прыйдзецца балаціравацца тут.

Яноўскі пагладзіў патыліцу і азірнуўся.

— Што вы прапануеце?

Рыбэ ўстаў, заклаў рукі за спіну. Потым падышоў да пісьмовага стала, узяў масіўнае прэспап’е, пакруціў яго, быццам узважваючы, падкінуў і злавіў.

— Справа ў тым,— сказаў ён, уважліва пазіраючы на Яноўскага,— што навербаваныя сярод вашых прыхільнікаў агенты павінны працаваць і на палкоўніка. Тут не будзе нават вялікіх супярэчнасцей. Трэба толькі, каб яны мелі на ўвазе свае мэты. Прынамсі, тры. Я вызначыў бы іх так: падполле і партызанскія атрады пад уплывам вашых людзей павінны дзейнічаць цяпер менш эфектыўна. Як бачыце, гэта можа спадабацца і шэфу СД. Пры пэўных абставінах яны наогул павінны спыніць сваю дзейнасць. У такой агульнай фармуліроўцы гэта таксама будзе прыймальна для яго. І, нарэшце, у выпадку прыходу часцей Чырвонай Арміі яны абавязаны актывізаваць сваю дзейнасць...

— Але, вы ведаеце, падполле ў горадзе днямі будзе разгромлена.

— Таму я і прыйшоў. Значыць, яго будуць аднаўляць і шукаць новых падпольшчыкаў.

— Мае людзі наткнуліся на кватэру, дзе хаваецца адзін з верхаводаў, які, дарэчы, займаўся і вывадам яўрэяў у партызаны.

— На Славіка? — упершыню ажывіўся Рыбэ, і белыя халодныя вочы ў яго на міг ажылі.— Гэта добра. Але мы не скончылі. Палкоўніка не менш цікавіць лес. Вам асабіста не пашкодзіць таксама выехаць на перыферыю. Тым больш, што неўзабаве ўдар будзе нанесены і па партызанах. Я магу напісаць ліст стрыечнаму брату — ён камендант у суседнім раёне. Можа, чулі? Вейсіг. Магчыма, пасля разгрому ўдасца стварыць свой партызанскі атрад. Палкоўнік бярэ на сябе фінансаванне...

Рыбэ пайшоў, а Яноўскі доўга сядзеў у скураным крэсле, не ведаючы — радавацца яму ці бедаваць.

І ўсё-такі, насуперак логіцы, думка схілялася на тое, што размова з Рыбэ давала нейкую прасветліну, дазваляла шырэй глядзець на рэчы. Праўда, Яноўскі мала спадзяваўся, што яго план прынясе вялікія плёны, бо за год так ці інакш уведаў настрой і спадзяванні шмат якіх людзей. Але абяцанне наконт эміграцыі стала заманлівай бліскаўкай, якая хоць і не грэла, але стварала ілюзію будучыні. Паслухмяны чужой волі, пазбаўлены роду, ён прывык ужо бадзяцца па свеце. Да таго ж у яго ніколі не было сталай станоўчай праграмы: яна мянялася ў залежнасці ад таго, каму ён служыў. «Дзейнічаць, трэба дзейнічаць!..» — ліхаманкава думаў ён і ўздыхаў.

 

Раздзел другі

 

1

Гета ў Мінску стварылі ў першыя дні акупацыі. У невялікі раён, цэнтрам якога была Юбілейная плошча, пазней празваная «Шкляфн-плац»1, пад страхам смерці сагналі дзесяткі тысяч людзей. Прызначылі так званы юдэнрат, арганізавалі яўрэйскую міліцыю. Пасля загадалі: самі жыхары гэтага гіблага месца, скарыстоўваючы каменне, цэглу з разбураных будынкаў, павінны вымураваць сцяну, якая б аддзяліла іх ад астатняга свету. Праўда, славуты нямецкі педантызм на гэты раз не праявіўся, як звычайна, і замест мураванай сцяны паставілі агароджу з калючага дроту.

Заходзіць у гета мелі права толькі яўрэі ды асобы, якія належалі да нямецкіх вайсковых часцей ці гарадской управы. Выходзіць жа — толькі праз адзіныя вароты — маглі службоўцы і рабочыя калоны. Уведзеная кругавая парука прымушала аднаго адказваць за ўсіх і ўсім давала толькі адно права — паміраць. Дзеля гэтага ў тэрыторыю гета былі ўключаны і яўрэйскія могілкі.

Пятро Дзімін з большага ведаў пра барацьбу, што разгарнулася і ў гета, але трагічнасць ягонага жыцця засланяла ўсё астатняе.

Яшчэ на Кастрычніцкае свята ў сорак першым гітлераўцы правялі «скарачэнне» тэрыторыі гета. З Нямігі, з вуліцы Астроўскага і бліжэйшых завулкаў чорныя грузавікі вывезлі асуджаных, і свежыя рвы ў Тучынцы былі засыпаны зямлёю. Казалі, што зямля варушылася і стагнала, пакуль танкі не ўтрамбавалі яе гусеніцамі.

«Скарачаюць тэрыторыю,— з сшэрхлым ад гора тварам расказвала пазней Дора,— адціскаюць, Пеця, бліжэй да могілак... У тую восеньскую ноч у нас было так ціха, быццам былі забіты не дванаццаць, а ўсе восемдзесят тысяч...»

Праз два тыдні эсэсаўцы ачапілі Татарскую вуліцу, Замкавую і праклятыя грузавікі зноў пачалі сваю пякельную работу. У страшны другі дзень сакавіка зноў... І новыя рвы і ямы трамбавалі танкі — толькі ўжо не ў Тучынцы, а каля Койданава.

Правадніком у Дзіміна быў Алешка. Прабіраўся той у гета не ўпершыню, але ўсё-такі, відаць, хваляваўся, бо, не зважаючы на маўчанне Дзіміна, гаварыў і гаварыў.

— Зараз дротавая агароджа будзе,— шэптам тлумачыў ён.— Тут удзень гандаль ідзе. Падкупілі паліцаяў, і яны не бачаць нічога. Сюды, як на рынак, падвозяць... Нам правей трэба.

Алешка ўзяў Дзіміна за руку і, прыгінаючыся, пацягнуў за сабою ў руіны нейкага будынка.

Ноч была цёмная, без зор. Даўно страціўшы арыенціроўку, Дзімін паслухмяна прыгнуўся таксама і, стараючыся ступаць след у след з Алешкам, перасмыкнуўся: як у такой цемры можна знаходзіць дарогу?

— Вось тут дрот перарэзаны. Асцярожна...

Яны на каленях пралезлі праз дротавую агароджу, і Алешка тузануў Дзіміна за рукаў. Той зноў паслухмяна ўстаў, апанаваны ўтрапеннем. Няўжо ён прабіраецца па Мінску? Няўжо гэтае гіблае месца, аблытанае калючым дротам,— Мінск? Няўжо гэта ён сам — Дзімін, інжынер-электрык, які некалі канчаў політэхнічны інстытут, працаваў з Шарупічам на інструментальным заводзе, меў сям’ю, мірна жыў? І няўжо гэта ён уначы, сцежкамі, якіх не ўбачыш і ў сне, прабіраецца да жонкі, асуджанай на здзек і смерць толькі за тое, што яна ёсць яна?

— Мы правільна ідзём? — асіплым голасам спытаўся ён у Алешкі.

Вуліца нібы вымерла — ні людзей, ні агеньчыка. Алешка не адказаў, спыніўся і прыклаў да вуснаў палец. І адразу сталі чутны прыглушаныя гукі — ці то ўздыхі, ці то ціхі трывожны гоман. Яны ішлі з-за шэрых парканаў, з-за наглуха зачыненых варот, з падворкаў.

«Гета,— як бы не верачы сабе, падумаў Дзімін.— Не спяць! Мусіць, вось так жа стаілася за парканам і прыслухоўваецца Дора... І так, мабыць, кожную ноч...»

Падышлі да ўрослай у зямлю халупкі з ссунутым як бы набакір дахам. Не ступаючы нагой на прызбу, Алешка нахіліўся і асцярожна пастукаў у зачыненыя аканіцы — раз-два-раз. Ніхто не азваўся. Ён перайшоў да брамкі і пастукаў зноў.

На падворку нешта зашорхала.

— Вэр іст дортн?2 — пачулася з-за брамкі.

— Я мімаходзь, на хвілінку,— скорагаворкай адказаў Алешка і падміргнуў Дзіміну.

У праёме брамкі Дзімін убачыў жанчыну. Постаць яе ледзь акрэслівалася ў густых змроках, але ён пазнаў яе. Невядома як, але жанчына таксама пазнала яго, бо адступіла і пахіснулася. Яму здалося, што яна зараз крыкне, загалосіць, і ён працягнуў рукі.

— Ціха, Пеця,— папярэдзіла жанчына.

Ён абняў яе і пачаў цалаваць у лоб, у губы. Дрыжучы, яна гарнулася да яго, а ён усё цалаваў і цалаваў, гладзячы яе спіну і не адчуваючы нашытых на плацці лат. Калі намацаў іх, скалануўся, адхіліў ад сябе жонку.

— Я па цябе, Дора,— паспешліва зашаптаў ён.— Трэба ўцякаць... Неадкладна. Мне таксама нельга аставацца ў горадзе. Ты ведаеш, што адбылося?..

Яна не дала яму гаварыць далей, замкнула брамку і павяла ў дальні куток двара. Тут рос вялікі куст чаромхі. Чаромха цвіла і, укрытая белай квеценню, быццам мігцела. Ад яе ішоў густы пах, і, удыхнуўшы яго, Дзімін як бы апрытомнеў. Агледзеўшы двор, заўважыў людзей на прызбе — дзвюх кабет з дзецьмі на руках, мужчыну, дзяўчат, юнака. Яны сядзелі ўнураныя, нібы на падворку нічога і не адбылося, хоць да іх падсеў Алешка.

— Дакументы я падрыхтаваў ужо,— паціху сказаў Дзімін, калі жонка стала побач.— Праваднік ёсць. Пойдзем разам. А там забяром і Раю. Ты чуеш ці не?

— Чую, Пеця.

— Можа, нават удасца трапіць за лінію фронту... Як ты тут трывала?!

— Як і ўсе.

— Што з табою? У нас вельмі мала часу...

— Мі форт!3 — не тоячыся, крыкнуў нехта з даху дома.

Тыя, што сядзелі на прызбе, усхапіліся. У кожнага, апрача жанчын з дзецьмі, у руках аказаліся клуначкі.

— Вось бачыш, Пятро, цяпер у пастцы і ты,— у роспачы ўпікнула Дора і папрасіла кагосьці, хто сядзеў на даху: — Глядзі там, Рыва, пільней! Не зявай, як пазаўчора.

Усе згрудзіліся каля куста чаромхі, за якой была брамка ў агарод.

— Рыбэнскія штучкі. Во гад!..— падыходзячы, вылаяўся, Алешка.— Самуіл казаў, што ў вас, Дора Змітраўна, ёсць «маліна» — схованка.

— Ёсць. Але яны звычайна выбіваюць адзін дом. І калі намецілі наш або суседскі, лепей перайсці ў другі квартал.

Яна адказала Алешку дзелавым, заклапочаным тонам, і гэта ўразіла Дзіміна. Ён нават прыгледзеўся да яе. Ад белых гронак чаромхі ішло святло, і Дзімін выразней убачыў жончын твар — засяроджаны, бледны. Яна, вядома, схуднела, вочы былі ў цёмных кругах, цені ляжалі і на шчоках. Але яна была, як і раней, прыгожая. І, як і раней, у ёй жыла нейкая асаблівая сіла, што якраз і робіць жанчын прыгожымі. Дзіміна агарнула такая любасць, што ён не вытрываў — дакрануўся да яе пляча. Дора зразумела яго, кіўнула галавою і пайшла да варот.

— Не,— стомлена сказала яна, вярнуўшыся,— сёння, здаецца, пагром будзе не на нашай вуліцы. Чыя ж чарга?..

Цішыню разарваў сухі вінтовачны стрэл. На вуліцы пачуўся тупат — бегла некалькі чалавек. Грымнуў і разлёгся выбух. Заходзячыся, заплакала дзіця. Заглушаючы плач, пачуўся немы жаночы крык: «Ратуйце, людзі!!»

Кучаравы пышнавалосы юнак рвануўся быў да варот, але адна з кабет схапіла яго за руку і, упёршыся лбом яму ў плячо, затрэслася ў рыданнях.

— Уй-вей, Самуіл!..— праз плач залемантавала яна.— Каму гэта трэба, мой хлопчык! Каму?.. Ты хочаш загінуць сам і загубіць усіх...

— Нават той, хто ўратуецца, усё роўна асуджаны,— сказала Дора, прыслухоўваючыся да страляніны і ніяк не рэагуючы на лямант жанчыны: — Яго застрэліць першы сустрэчны паліцай, калі не ўдасца змяніць пашпарт, прапісацца ў іншым доме, нашыць новы нумар на спіне... А ты, Пеця, хочаш, каб я пайшла адсюль. Як гэта можна?

Ён здзіўлена зірнуў на жонку, але нічога не адказаў, не зусім верачы ў тое, што бачыць і чуе.

— Авегефорн!4 — нарэшце крыкнула з даху ўсё тая ж нябачная вартаўніца.

— Ідзіце спаць,— дазволіла Дора сваім падсуседзям, і тыя моўчкі падаліся ў хаціну. За імі знік і Алешка.

Пакрыўджаны жончынай нязгодай, Дзімін адвярнуўся, адламаў галінку чаромхі і стаў камячыць белую квецень.

— Пеця! — паклікала Дора.

Ён паглядзеў на яе і, адчуваючы сябе вінаватым, зазлаваў:

— Няўжо ты адмаўляешся? Што за дурасць? Чым ты паможаш тут? Каму патрэбна твая самаахвярнасць? Падумай пра Раю. У горадзе страшны правал. Арыштаваны Ваенны савет, многія члены гарадскога камітэта. Некаторыя не вытрымалі катаванняў...

Яна закрыла яму рот.

— Калі цябе схапілі, я тады тры дні сядзела на чамаданах, чакаючы твайго вяртання. Я сама пайшла сюды, каб толькі быць у горадзе, не згубіць цябе, каб пры магчымасці сустрэцца і ўцячы. Але цяпер... Сакавіцкі пагром, начныя налёты — канец гэта, Пеця. Трэба спяшацца. Загінуць цудоўныя людзі, іх вопыт, веды. Ты пытаешся, што я магу зрабіць. Многа! Мы ўжо адправілі чалавек пяцьсот у лес. Алешка памог нам наладзіць сувязь з управай, і заўтра я перапраўлю колькі дзяцей у беларускі дзіцячы дом. Дый не так ужо страшна тут. У час бамбёжкі немцы самі прыбягалі сюды хавацца. Ты ведаеш Славіка?

— Ну канешне.

— Ён перадаў распараджэнне камітэта — без дазволу не пакідаць горада. А таварышы пакуль што не адпусцілі мяне...

Яна не спыталася, ці адпусцілі яго самога, але чакала, што ён скажа пра гэта. Бачачы, што муж маўчыць, Дора ўздыхнула.

— І не трэба больш прыходзіць. У нас таксама ёсць здраднікі, Пеця. Інакш мне прыйдзецца яшчэ цяжэй! Калі ж будзе можна, знайду цябе сама. Мінск, ты сам ведаеш, не такі ўжо цяпер вялікі...

З дома паказаўся Кастусь Алешка. Ён ішоў не спяшаючыся, апусціўшы галаву і, здавалася, насвістваў.

 

1 Плошча рабоў. (яўр.)

2 Хто там? (яўр.)

3 Едуць! (яўр.)

4 Паехалі! (яўр.)

2

Уткнуўшыся ў падушку, Дора праплакала рэшту ночы. На світанні забылася, але праз гадзіну яе падкінула, як электрычным токам, і яна прачнулася зноў. Было такое адчуванне, што і ў сне думала пра мужа, пра Раю і нават нешта вырашыла сама сабе. Ва ўсякім разе, было больш пэўнасці — не, інакш яна зрабіць не магла.

У маленькім пакоі з акенцамі на падворак апрача Доры жыла яшчэ сям’я наборшчыка Чыпчына: дачасна састарэлая жанчына з цёмным, як у цыганкі-варожкі, тварам, два яе сыны — старэйшы Самуіл ды зусім яшчэ маленькі Ёська — і дачка Рыва, смуглявая дзяўчына з важкай чорнай касою. Трое з іх спалі на адным ложку, валетам: маці і хлопчык ў адзін бок галовамі, а дачка ў другі. Самуіл жа, як старэйшы, клаўся проста на падлозе, у праходзе паміж ложкамі. Наборшчык загінуў яшчэ летась у час пагрому, трапіўшы па вуліцы ў рукі эсэсаўцаў. Сям’я без яго галадала, прадала, прамяняла на харчы за гэты час усё, што магла, і наўрад ці вытрывала, калі б не Дора, якая, працуючы ў бальніцы, не прыносіла б сёе-тое дамоў.

Чыпчыніха ляжала ў нязручнай позе, адкінуўшы галаву, і храпла. Ад надрыўнага яе храпення нібы вагалася паветра, і было дзіўна, як можа побач спаць Ёська. Рыве ж у сне матчына храпенне, мабыць, здавалася страшным, бо дзяўчына, калі яно мацнела, уздрыгвала і моршчылася, збіраючыся вось-вось заплакаць. Адзін Самуіл спакойна спаў на падлозе, шырока раскінуўшы рукі, якіх не было відаць з-пад ложкаў.

Дора ўстала, паціху адзелася і, стараючыся не наступіць на юнака, выйшла з пакоя.

На золку прайшоў дождж. Куст чаромхі ззяў. На лісцях дрыжалі, іскрыліся буйныя кроплі-жамчужыны. Дый сама квецень здавалася зіхотнай. На зямлі паблісквалі лужыны. Яны былі такія чыстыя, так хораша адлюстроўвалі ўсё навокал — абмытую зеляніну, пацямнелы паркан, неба з лёгкімі аблачынкамі,— што на іх нельга было глядзець без радасці.

На вуліцы паявіліся ўжо хмурыя праходжыя.

Хутаючыся ў шаль, Дора выйшла за брамку.

Рабаціністы барадаты мужчына, які праходзіў з мехам на спіне паўз брамку, кіўнуўшы, сказаў:

— Сорак сёмы выбілі, на Ратамскай,— і пайшоў не азіраючыся.

Дамы ў гета нумараваліся запар, і нумарацыя з адной вуліцы пераходзіла на другую. Дора ведала сорак сёмы — стары драўляны дом з мезанінам. Значыць, выбілі і яго!

Спачатку Дора не паверыла. Там якраз былі два хлопчыкі, якіх, разам з Ёськам і дзяўчаткамі, яна павінна была вывесці сёння ў горад.

Спадзеючыся сустрэць каго-небудзь з падпольнага цэнтра, Дора падалася да Юбілейнай плошчы, дзе знаходзіўся юдэнрат. Там заўсёды тоўпіліся людзі: збіраліся, каб калонамі ісці на работу ў горад, прыходзілі па асабістых справах, чакалі распараджэнняў, даведваліся пра навіны.

Непрыкметна Дора далучылася да адной групы. Размаўлялі пра начныя падзеі. Худы, як трэска, гарбаносы мужчына пошапкам, таямніча апавядаў, як нечакана і хітра эсэсаўцы акружылі дом:

— Саскочылі з грузавікоў загадзя. Кварталы за два. А машыны як ехалі, так і паехалі.

— Уй вей! — прастагнала проставалосая старая, спалохана ляпаючы далоняй па губах.

— Рыбэ знойдзе спосаб. Ніхто і не чакаў іх. Акружылі, узарвалі гранатамі вароты, дзверы... Дзяўчат прымусілі раздзецца і скакаць на круглым стале...

— Значыць, трэба па-новаму вартаваць сябе,— сказала Дора.

— Гэта праўда,— уздыхнула старая і спалохана азірнулася.

— Міліцыянеры і гамбургскія носяць ужо забітых на могілкі.

— Ціха! Міра Барзман,— папярэдзіў нехта.

— Ну і што? Не адна яна збіраецца паступіць у атрад парадку. Захочаш жыць — пойдзеш... Хто тады нас аб пагроме папярэдзіў? Міра!

Да групы падышла зграбная, з кучаравымі каштанавымі валасамі Міра Барзман. Валасы ў яе былі падрэзаны някоратка і спадалі на плечы. Ляным рухам яна адкінула іх назад і, узняўшы падобнае на крыло брыво, агледзела тых, што сабраліся.

— Чаго прыціхлі? — спыталася яна кпліва.— Чаму, напрыклад, ты змоўкла, Дора? Баішся? Мяне?

Ёй не паспелі адказаць. Увагу ўсіх прыцягнуў стары, які бег па плошчы, узрушана і шырока размахваючы рукамі. Сівыя валасы яго былі ўскудлачаны, вопратка — як пажаваная, і сам ён быў як апантаны.

— Яўрэі! — выгукнуў стары, калі заўважыў людзей.— Слухайце мяне, яўрэі! Гэта вам гаворыць шавец Хаім-Довід Ліс, які тры разы маліўся на дзень. Ноччу ў мяне забілі апошнюю дачку. Бога няма, яўрэі!

Калі ён наблізіўся да групы, людзі шарахнуліся ад яго. Але ўбачыўшы, што шавец не гоніцца ні за кім, спыніліся. Асталіся стаяць толькі Дора і Барзман.

Шавец падышоў да іх, падняў рукі к небу.

— Дзе ж той бог, яўрэі, калі такое робіцца? Дзе?

— Супакойцеся, Хаім-Довід,— папрасіла Дора.— Навошта вы сюды прыйшлі?

— Як навошта? — здзівіўся Ліс.— Бога няма, а жыццё ідзе. Людзі кажуць, паміраць збірайся, а жыта сей...

— Зноў баішся? — утаропілася на Дору Барзман.— Чаму вы ўсяго баяцеся?

Унутраны голас падказаў Доры: не апраўдвайся, нічога не тлумач. Лепш адказвай, як чалавек, які робіць што хоча, і нікому не дазваляе соваць нос у свае справы. І яна сказала:

— А табе што?.. Падумаеш!.. І баяцца мне няма чаго, у мяне муж не ў арміі, і ён не быў, як твой, камандзірам.

Вейкі ў Барзман уздрыгнулі, у вялікіх з павалокаю вачах палыхнула істэрычнае святло. Млявасць з яе як рукой зняло. Яна напялася ўся і сціснула зубы.

— Ну, а твой муж дзе, і хто ён?

Такой Барзман баяліся, нават стараліся не сустракацца позіркам. Чаму? Адчувалі ў ёй нейкую лютую сілу і тое, што яна пад гарачую руку можа зрабіць усё.

— Ну скажы, калі пачала! — паварушыла яна збялелымі вуснамі.

Дора зразумела — зрабіла памылку, але выручыў шавец. Ён уважліва агледзеў жанчын і стаў паміж імі.

— Вам няма чаго дзяліць,— сказаў Ліс сумна.— Лепей ідзіце памажыце падрыхтаваць у апошнюю дарогу нябожчыцу. Ідзі, Міра! Я ведаю, ты яшчэ можаш спачуваць людзям...

На канспіратыўнай кватэры, дзе звычайна дзяжурыў член падпольнага цэнтра, Дора таксама нікога не знайшла. Гаспадар кватэры спалохана сказаў ёй, як незнаёмай, што наогул тут нікога не было і што ён знаць нічога не знае.

Што за праява? Няўжо правалы дакаціліся і да гета? А мо падпольшчыкі парашылі парваць з ёй сувязь? Гэта было самае страшнае. Дора ведала — тады канец. Куды б яна ні пайшла, з кім бы ні загаварыла — усюды наткнецца на глухую сцяну.

Але за што такая кара? Нейкая падазроная цікавасць Міры Барзман да яе?.. А можа вінавата тое, што прыходзіў муж — так несвоечасова і дзіўна?.. Не, толькі б не гэта, толькі б не гэта!..

Час ішоў. Выводзіць дзяцей з гета бяспечней за ўсё было тады, як выходзілі рабочыя калоны: да варот збіраліся амаль усе паліцаі і вартавых навокал дротавай агароджы аставалася мала. Кепска ўсведамляючы, што робіць, раптам знясілеўшы, Дора зайшла па дзяўчатак, з якімі напярэдадні пазнаёмілася, забегла дамоў па Ёську і павяла дзяцей да дротавай агароджы.

Іх, відаць, апрача ўсяго добра падрыхтавалі бацькі, бо дзеці былі паслухмяныя, ішлі як на прагулку і называлі Дору цёткай Цыляй.

— Як цябе завуць? — успамінаючы дачку і баючыся заплакаць, пыталася Дора ў Ёські, і хлопчык, не маргнуўшы вокам, сур’ёзна адказаў:

— Васіль. А што?.. Мы каля таварнай станцыі жылі, і нас разбамбілі... Так, цётка Цыля?

І толькі глыбока ў вачах у яго тлелі трывога і боль. Але і яны былі не хлапечыя, а зусім асэнсаваныя, быццам Ёська ведаў, што ён ужо не ён і яму трэба быць гатовым і на хітрасць, і на пакуты, бо іншага выйсця няма, бо ад гэтага залежыць, жыць або не жыць ягонаму народу.

Ён спрытна, апошнім, падлез пад калючы дрот, з увабранай у плечы галоўкай прабег дзесяць страшных метраў да знявечанай каробкі колішняга дома і, задыханы, прыпаў да Доры. Яна не змагла паглядзець на яго, а толькі прытуліла мацней і так трымала з хвіліну.

— Васёк ты мой мілы...— сказала яна, успамінаючы гэтым разам сустрэчу з мужам, якая, можа, прынесла ёй вялікае няшчасце. Губы кепска слухаліся, але яна дакончыла: — Цяпер самае галоўнае, хлопчык ... пойдзеш вунь у той дамок і прышлеш сюды цётку Ванду. Скажаш, што ёй бульбу прывезлі. Запомніў?.. А потым каб слухаліся цётку Ванду, як мяне. Далей яна павядзе. Ідзі, Васёк, і няхай пашанцуе вам...

Хлопчык выйшаў з каробкі і подбегам падаўся к доміку, пахвостваючы сябе па назе сцяблом сухога палыну.

 

3

Трывога Доры была дарэмная: уначы да яе завітаў сакратар падпольнага цэнтра — сухі хваравіты мужчына, якога яна ніколі не бачыла пры сонечным святле. Выпадала ўсё так, што сустракалася з ім у схованках, у пакоях без вокнаў або ноччу. Ды, мусіць, і сам сакратар рэдка бачыў сонца і дыхаў свежым паветрам. Даўгаваты, з вялікім ілбом, твар у яго быў зямлісты, вочы блізарука моргалі, і ён часта выціраў іх хустачкай. Дора паважала і пабойвалася яго. Нават часам адчувала перад ім сваю нікчэмнасць і, употай разглядаючы зямлісты твар і добрыя вочы, яго белыя інтэлігенцкія рукі з даўгімі музыкальнымі пальцамі, якімі ён неяк беражліва трымаў хустачку, старалася разгадаць, у чым яго сіла. Чаму ён бачыць тое, чаго не бачаць другія? Як яму ўдаецца знаходзіць такія словы, якіх чакаюць? Калі ў сакавіку немцы запатрабавалі ад юдэнрата спіс пяці тысяч чалавек, над якімі, як было відаць, збіраліся ўчыніць расправу, і некаторыя, каб захаваць баяздольных і маральна ўстойлівых, прапанавалі ўключыць у спіс толькі старых ды інвалідаў, ён гнеўна ўсклікнуў: «Ніякага гандлю жывымі людзьмі!» — «Дык што ж тады — брацца за зброю?» — запярэчылі яму. «Не брацца, а ўзбройвацца. Выводзіць з гета як мага больш людзей і ўключаць іх у барацьбу з ворагам. Як мага рыхтаваць, узбройваць і выводзіць...»

«Змагацца за жыццё свайго народа — як гэта правільна! — ухваліла тады Дора.— Нас наважылі знішчыць. Значыць, нам, насуперак усім захадам ворага, трэба астацца жывымі...»

Сакратар прыйшоў не адзін, і збянтэжаную, але ўзрадаваную Дору выклікаў з дому сувязны.

Размаўлялі яны ў ценю чаромхі. Ноч выдалася месячыкавая. Месяц яшчэ няпоўны. Па небе плылі кучавыя аблачынкі, месяц не-не ды ныраў у іх, але яго святло залівала зямлю, і ўсё паблісквала, іскрылася. Чаромха здавалася ахопленай блакітна-белым полымем, якое нібы трапятала ў зманлівым месячыкавым святле.

Удыхаючы яе водар, ад якога крыху кружылася галава, Дора слухала сакратара, і ўсё халадзела ў ёй. Так, сапраўды ў горадзе буйны правал. Сувязь з горадам давялося парваць, змяніць канспіратыўныя кватэры. У сорак сёмым доме ўчора загінуў сакратар аднаго «дзесятка», той, які рыхтаваў людзей да вываду ў лес, і добра было б, каб Дора згадзілася часова ўзначаліць гэты «дзесятак». У ім ёсць добрыя хлопцы, але не шкодзіць яшчэ раз праверыць іх, даць апошні наказ. Тым больш, што абставіны змяніліся.

Ён сказаў «добра было б», але не счакаў адказу і пачаў развітвацца.

— Калі будзе пільная патрэба, спытайцеся пра мяне ў апальшчыка вашай бальніцы. А на ўсякі выпадак — вось пашпарт. Тут, таварыш Дора, ты ўжо ўкраінка. Жадаю поспеху!

Ён працягнуў Доры цёмную кніжачку. Яна ўзяла яе, як узнагароду, левай рукой і, як за ўзнагароду, паціснула яму руку.

— Зраблю ўсё, што ў маіх сілах, таварыш сакратар.

Сувязны, які ўвесь час, не вымаючы з кішэні рукі, стаяў ля варот, адчыніў брамку і першы пайшоў у яе.

Дора доўга глядзела ім услед і насцярожана прыслухоўвалася. Але навокал было ціха.

Гета спала. Спалі асуджаныя, віна і злачынства якіх былі толькі ў тым, што яны — яўрэі. Страх адляцеў ад іх, прыціх голад, забыліся турботы. Некаторыя, Дора ведала, спалі адзетымі, не расстаючыся і ў ложку з ганебнымі знакамі. У некаторых адзежа вісела на спінках крэслаў — паблізу, каб можна было адразу схапіць, але і на ёй былі латы з жоўтым кругам і белым квадратам з нумарам дома. Што ім снілася! Кашмары. Ружовыя сны. Чарната. Нічога.

Не, спалі не ўсе! Некаторым, знясіленым ад голаду і страхаў, было наканавана памерці. Яны адчувалі гэта і ляжалі з адкрытымі вачыма, пакорна прымаючы заўтрашні дзень, калі іх, напэўна, на двухколцы па Глухім завулку павязуць на могілкі, дзе капаюць ужо не асобныя магілы, а вялікія ямы. У падпольшчыка на Татарскай вуліцы ўстанавілі радыёпрыёмнік, антэну ад якога ўплялі ў вяроўку для сушкі бялізны. Вядома, не спалі і там: чакалі апошніх паведамленняў, каб запісаць зводку Савецкага інфармбюро. Не спалі парадзіхі і тыя, каму трэба было прымаць роды, працаўнікі, што, як краты, рылі ў зямлі тайнікі і схованкі, каб уратаваць больш людзей.

Дора ўявіла гэта і, не могучы ні стаяць, ні ісці ў дом, пачала хадзіць па двары. Яе страхі былі дарэмныя. Наадварот! Яна — адказная за «дзесятак»! І што за дзіва — думкі, клопаты ў яе адразу сталі іншыя.

«Адказная!..» — паўтарала сама сабе Дора і думала пра сваіх хлопцаў, як называла ўжо тых, чый лёс цяпер залежаў ад яе.

...Яна сустрэлася з імі ў сталоўцы юдэнрата, калі калоны вярнуліся з работы. Дамовілася — увечары ўсе павінны сабрацца па камсамольскай штаб-кватэры, у падзямеллі.

Незнаёмыя, апрача Самуіла, яны прымасціліся на даўгіх самаробных лаўках, а Дора села за стол, па якім стаяла лямпа. Яна скупа асвятляла іх твары, што невыразна выступалі з цемры, здаваліся бронзавымі, памаляванымі на пажухлай ад часу карціне.

— Ці не перадумаў хто з вас? — спыталася Дора, збіраючы волю, каб не паказаць, што не вельмі ўпэўнена ў сабе.

Ёй не адказалі, і гэта спадабалася. Нават супакоіла.

— Не? Усё-такі я папярэджу вас. Назад дарогі няма! Тыя, што пойдуць, як нябожчыкі, будуць выкрэслены з кніг уліку ў юдэнраце. Адусюль... Інакш пацерпяць сваякі, таварышы. Нядаўна гестапа даведалася, што ў калоне, якая працавала ў турме, ёсць некалькі чалавек, якія сабраліся ісці да партызан. І ўся калона была расстраляна... Падумайце!

Ёй не адказалі зноў.

— Добра.— Дора ўстала і выйшла з-за стала.— Тады скажыце, якую хто здабыў зброю. Вось ты, Чыпчын!

Цяпер лямпа аказалася ў яе за спіной, і прысутныя былі відаць лепей.

З лаўкі падняўся Самуіл — кучаравы, пышнавалосы, і спадылба зыркнуў па Дору цёмнымі насцярожанымі вачыма. Ён загадзя баяўся прычэпак — блізкі чалавек у такіх выпадках заўсёды прыдзірлівы — і хмурыўся, гатовы бараніцца.

З вуліцы сюды даходзіла толькі глухое водгулле гукаў. Змрок, трапяткое святло лямпы і гэтае водгулле рабілі падзямелле таямнічым. Гэта трывожыла хлопца, але ён з усяе сілы намагаўся не паказваць сваёй узрушанасці.

— У мяне пісталет і дзве абоймы патронаў,— сказаў ён непрыхільна і пераступіў з нагі на нагу.— Я спрабаваў купіць за агароджай яшчэ гранат, але не ўдалося... А парабелум — во.— Самуіл выцягнуў з кішэні важкі пісталет і паказаў яго.

Але Дора не магла адарваць позірку ад Самуілавага твару, які раптам уразіў яе. Асабліва вочы — нейкія асуджаныя, зацкаваныя. Яны скардзіліся, малілі, прасілі ратунку, хоць хлопец спрабаваў бравіраваць. «А ён жа, відаць, загіне! — жахнулася Дора, успамінаючы, што апошнія дзень-два яе цягнула глядзець на яго.— Такім жа асуджаным выглядаў і ягоны бацька за дзень да смерці... Што за ліха?..»

— А можа, ты ўсё-такі пойдзеш другім разам? — асцярожна спыталася яна.

— Я пайду з таварышамі!

— Чаму?

— Таму, чаму пойдуць і яны...

— Ну, добра,— згадзілася Дора, адганяючы страшную думку і папракаючы сябе ў забабонах.— Не забудзь толькі коратка пастрыгчыся.

— Навошта? — зусім пакрыўдзіўся Самуіл, прымаючы Дорыны словы за насмешку.

— Калі ўцячэш з калоны і сарвеш з сябе латы, ніхто не павінен падазраваць, што ты яўрэй... Яша Зарэцкі!

Гэтага хлопца з былых камсамольскіх работнікаў хваліў сакратар, хоць папярэджваў — ён залішне нецярпімы да тых, каго не ўпадабаў. Таму ў яго заўжды будуць ворагі і сярод сваіх, і не заўсёды добрыя справы будуць прыносіць яму павагу таварышаў. Ён не важак, але кіраваць здолее, бо прагне ваяваць мацней, чым другія, і, калі прыйдзецца туга, не пашкадуе сябе. Увогуле ж няхай Дора глядзіць сама...

— Я,— па-ваеннаму адказаў непрыкметны чарнявы хлопец і, калі ўстаў, нечакана аказаўся высокім і статным. Але, мусіць, ён хварэў на малярыю, і схуднелы твар з тонкімі прыгожымі рысамі быў жоўты, зняможаны.

— У мяне кулямёт, таварыш Дора,— адкінуў ён рухам галавы назад цёмныя валасы.— Мы яго знайшлі, калі працавалі на торфазаводзе. А пасля па частках перанеслі сюды. Нядаўна нам яшчэ пашанцавала. На Зялёнай вуліцы мы выкапалі шэсць вінтовак.

— У арміі служыў, Яша?

— Праходзіў толькі зборы, калі вучыўся. Але не бойцеся, нам нянавісць паможа... Патроны таксама ёсць...

Не, сакратар хутчэй за ўсё памыляўся: у хлопцу было нешта такое, што выклікала прыхільнасць. Яшу Зарэцкага хацелася слухаць і слухацца.

— А бінты, ёд? — перапыніла яго Дора, гаворачы гэтым, што прызнае за ім права ўзначальваць групу.

Яша Зарэцкі зразумеў, пасур’ёзнеў.

— Медыкаментаў няма.

— Кепска... Але я не сказала галоўнага, таварышы! Чуеш, Чыпчын? Вам прыйдзецца спадзявацца толькі па сябе. У вызначаны раён пойдзеце адны, без правадніка, і пачняце дзейнічаць... Ніхто не перадумаў?

І трэці раз яе пытанне асталося без адказу.

 

4

Калоны, як заўсёды, збіраліся каля юдэнрата. З усіх вуліц падыходзілі людзі — марудна, з заспанымі тварамі. Стомлена віталіся, пыталі пра навіны.

Дора хвалявалася. Праўда, яе хлопцы, якія павінны неўзабаве пакінуць гета, былі забяспечаны ўсім: зброяй, дакументамі і нават харчамі, якія цэнтр выдзеліў ім з асобага фонду. Хлеба на два дні ўдалося атрымаць у юдэнратаўскай пякарні. Але пазаўчора план уцёкаў прапанавалі змяніць: па вуліцах горада хадзілі ўзмоцненыя патрулі, па кантрольна-прапускных пунктах дзяжурылі агенты гестапа. Таму парашылі ўцекачоў выдаць за рабочых, якія накіроўваліся ў прыгарадны лес нарыхтоўваць дровы генерал-камісарыяту. Была зроблена і даведка, падпісаная самім Вільгельмам фон Кубэ. Як і належала, суправаджаў уцекачоў метыс. Метысы жоўтых лат не насілі і звычайна ўзначальвалі рабочую калону. Гэта таксама павінна было ўсыпіць пільнасць паліцаяў і гестапаўцаў. Добра схавалі і зброю — у калёсах з падвойным дном, на якіх везлі ў лес пілы і сякеры...

Назіраючы, як большае яе хлопцаў, Дора параўноўвала іх з другімі, і ёй здавался, што ў іх многа падазронага: вітаюцца за рукі, размаўляюць узрушана, трымаюцца асобна. Толькі Яша Зарэцкі трымаўся натуральна, хоць і не горбіўся, не перасмыкаў зябка плячыма, як шмат хто. Трывожыла таксама, што няма Самуіла. Пад’ехалі калёсы з піламі і сякерамі, прыйшоў калонаважаты, а яго ўсё не было. «Што з ім?» — са страхам падумала Дора, краечкам вока заўважаючы, што да яе шыбуе Міра Барзман.

— Ты зноў тут? — пачула яна праз хвіліну і ледзь стрымалася, каб не азірнуцца.

Хмурачыся, Міра падышла да яе, і нечакана ўзяўшы за запясце, сціснула.

— Ты зачасціла сюды. Чаго? Хочаш мець прыемны вецер? А? — спыталася яна з намёкам, што сёе-тое ведае.

Адчуваючы, як бялее, Дора паспрабавала вызваліць руку, але не здолела.

— Пусці,— папрасіла яна, быццам лічыла Мірыну выхадку жартам і не прымала яго.

— А я не хачу.

— Пусці, прашу!

Барзман разняла пальцы і горда стала перад Дорай. Яна яўна хацела зламаць Дорыну незалежнасць, можа, нават зняважыць. Але — і гэта таксама было бясспрэчна — дорага дала б за яе павагу і прыязнасць. У квяцістым плацці з кароткімі рукавамі, з прыгожа ўзнятай галавой, яна давала ацаніць сябе і ў той жа час папярэджвала, што можа зазлаваць, і тады будзе дрэнна. Убачыўшы, што Дора адступіла і глядзіць на новую жоўтую павязку міліцыянера на яе руцэ, яна варухнула губою.

— Якія вы нудныя... На што ты спадзяешся? Чаму не ратуешся? Ну, скажы! Усё роўна, калі не заб'юць, памрэш з голаду. Не з голаду — дык ад якой-небудзь хваробы.

— А ты? — наіўна спыталася Дора, разумеючы, што лепш наогул не размаўляць з ёй.— Хіба ты не носіш лат?

Барзман засмяялася.

— Я? Ну, нашу... Людзі бываюць розныя, але часцей дурныя. А я не хачу быць дурной. Бачыш вунь тых, непадалёк ад ганку? Яны працуюць на бойні. Сёння яны ўкрадуць і прынясуць з работы лівер. Але есці яго буду я. І няхай паспрабуюць не прынесці, хоць учора яны толькі пасмяяліся б з мяне. Дык навошта адмаўляцца ад такой магчымасці? А свае ўсё роўна астануцца сваімі... Куды едуць тыя? Не ведаеш? Чым яны так здаволены?

У яе была прывычка — пытацца нечакана, з выразам, што яна нешта ведае ўжо, але цяпер гэтая цікаўнасць здалася Доры падазронай. Больш марудзіць было нельга, хоць Самуіл яшчэ не прыйшоў. Дый калоны адна за адной пацягнуліся да выхаду. Дора дастала з-пад абшлага хустачку, выцерла рот і нібы ненарокам упусціла яе. Гэта быў умоўны сігнал. Зарэцкі тузануў лейцы, нехлямяжы конік махнуў галавою, і калёсы крануліся. За імі дружна рушыла і купка хлопцаў, як ніколі дарагіх цяпер Доры.

Што ёй было рабіць далей? Чакаць Самуіла? Бегчы дамоў і папярэдзіць, што ён спазніўся? А можа, проста пайсці ў бальніцу? Але як жа ты пойдзеш, калі нічога невядома? Але як ты будзеш і чакаць, калі побач стаіць і правацыруе Барзман? Няўжо яна нешта ведае? Няўжо дома здарылася няшчасце? Не мог жа Самуіл спазніцца без прычыны. Яна сама, калі ішла сюды, прасіла Чыпчыніху разбудзіць яго...

Хлопцы схаваліся за рогам сквера. Новая калона накіравалася да варот. А Дора ўсё вагалася, не знаходзячы рашэння і неўпапад адказваючы Міры Барзман.

Раптам яна ўбачыла Самуіла. Ускудлачаны бледны хлопец бег да юдэнрата. Заўважыла яго і Барзман. Кінуўшы быстры позірк на Дору, яна лёгкім крокам спартсменкі пайшла напярэймы юнаку.

— Стой,— загадала яна.— Назад!

Ён не зразумеў яе, магчыма нават не пазнаў. Шукаючы позіркам таварышаў, Самуіл, бадай, механічна адштурхнуў Барзман і пабег быў далей. Але тая схапіла яго за руку і прымусіла спыніцца.

— Вяртайся дамоў,— сказала яна так, каб чула Дора.

Самуіл рвануўся.

— Чуеш? Ідзі дамоў, дурань! — з пагрозай паўтарыла яна.

Але ўжо было позна. Да Самуіла і Барзман беглі паліцаі.

«Пісталет! — жахнулася Дора.— Ён, напэўна, у яго ў кішэні... Якая непрадбачлівасць! І, вядома, я вінавата таксама. Чаго марудзіла? Навошта наогул дазволіла яму выходзіць сёння?.. Ён жа нават не пастрыгся...»

Паліцаі падбеглі да хлопца і выкруцілі яму за спіну рукі. Потым, надаваўшы аплявух, пачалі абшукваць. А Міра Барзман стаяла крыху ўбаку і кпліва глядзела на Самуіла, які супраціўляўся і ўсё стараўся вырвацца.

 

5

Дора адразу здагадалася, што дома таксама нешта здарылася. На ганку, прытуліўшыся спіной да вушака, у нейкім утрапенні стаяла Самуілава сястра Рыва і механічна нягнуткімі пальцамі заплятала і расплятала касу. Каса была чорная, важкая, і здавалася, што дзяўчына з цяжкасцю трымае яе.

— Што ў вас тут было? — ціха спыталася Дора, але Рыва толькі кіўнула на дзверы, узяла з лаўкі разгорнутую кнігу і ўтаропілася ў яе.

Чыпчыніха, трымаючыся рукамі за скроні, сядзела на ложку і ківалася з боку на бок.

Не маючы сілы проста сказаць, што Самуіла арыштавалі, Дора моўчкі падышла да ложка.

— Вы пасварыліся з Самуілам? — спыталася, падрыхтоўваючы Чыпчыніху да горшага.

Тая перастала ківацца, але не зірнула на Дору.

— Мы — яўрэі, і ў нас свая дарога,— сказала яна варожа.— Чым больш мы будзем самімі сабой, тым лепш. А ты перастала служыць нам. Калі б ты служыла, табе можна было б дараваць усё. А ты толькі баламуціш...

— Але ж я таксама ў гета.

— Я не ведаю, чаму ты тут. Але ўсё роўна... Ты ўжо не наша, Дорка! І не баламуць майго сына! Не штурхай яго бог ведае на што! Жыць трэба так, як жывецца. А ты хочаш, каб ён загінуў! Хочаш? Я ўсё ведаю. Глядзі, калі што-якое!..

Збітая з панталыку, Дора ўсё-такі палажыла руку на плячо Чыпчынісе. Значыць, тая аб нечым здагадваецца, можа, нават, сапраўды нешта ведае. Можа, яна сама і затрымала Самуіла. Але як?

— Раскажыце, цётка, што ў вас тут было,— папрасіла яна як мага спакайней.

— А ты не ведаеш? Дзе мой сын, халера на яму?!

— Чаму ён спазніўся к выхаду рабочых калон?

Чыпчыніха зноў сціснула скроні, заківалася. З-пад заплюшчаных павек прабіліся слёзы і пацяклі па яе пергаментавым твары.

У дзвярах пакоя паказалася Рыва. Яна спынілася ў парозе, як і там на ганку, прытулілася да вушака і ўзялася за касу.

— Чаго прыйшла? — невядома як заўважыўшы дачку, накінулася на яе Чыпчыніха.— Не бойся, будзе і табе. Каб я не бачыла больш тваіх кніжак. Сядзіш тут з імі цэлымі днямі. Зараз жа спалі!

— Чаму спазніўся Самуіл? — паўтарыла з прыкрасцю Дора.

— Мама ваявала з ім...— адказала Рыва і непрыкметна зрабіла знак, каб тая ішла за ёй.

Адвёўшы Дору пад чаромхавы куст, яна абняла яе, як прыяцельку, і зашаптала, насцярожана паглядаючы на бакі:

— Я таксама не спала і бачыла. Брат усю ноч заснуць не мог, варочаўся, уздыхаў. Павернецца на другі бок і адразу памацае рукой пад падушкай. А мама — вы ж ведаеце, якая яна ў нас,— канечне, заўважыла, пачала пільнаваць. Пад раніцу Самуіл забыўся. Мама ўстала і абшукала яго пасцель. Знайшла пісталет і схавала... Вы не ўяўляеце, што рабілася, калі прачнуўся брат. Але ўсё-такі пісталет знайшоў, вырваўся і ўцёк. Гразіўся, што застрэліцца, калі маці пабяжыць следам...

У яе шырока расплюшчаных вачах палыхаў страх, яна спяшалася, глытала словы, прадчуваючы нядобрае і спадзеючыся, што Дора можа яшчэ памагчы. А тая слухала, і ўсё калацілася ў яе ад абурэння.

«Што нарабіла, дурная! — думала Дора пра Чыпчыніху.— Якая слепата і тупасць! Сама загубіла сына... І гэтая жыве, як у сне. Апрача кніг, нічога не ведае. Таксама знайшла схованку... Як абудзіць іх?..»

Адхінуўшы ад сябе Рыву, быццам і тая была вінавата ў тым, што адбылося, Дора ўтаропілася ў яе халоднымі вачыма.

— Ну што ж,— бязлітасна сказала яна нарэшце.— Перадай маці, няхай радуецца. Самуіла схапілі на Юбілейнай плошчы, бо ён спазніўся. Дый мне, не ведаю, ці можна будзе завітаць да вас...

Рыва быццам зразумела не ўсё.

— Калі вы баіцеся мамы, то дарэмна,— пакрыўджана сказала яна.— Мама ўсё можа зрабіць, але ніколі не выдасць сваіх.

«Божа, якая наіўнасць!» — падумала Дора і пашкадавала:

— Ты мала яшчэ пажыла, дзяўчынка. Часам можна здрадзіць, не хочучы гэтага. Але справа не ва мне. Я кажу, што паліцаі схапілі Самуіла, і цяпер наўрад ці ўбачыш яго... Бывай!..

Рыва паспрабавала затрымаць яе, але Дора вызвалілася і, як п’яная, пайшла да брамкі.

 

Раздзел трэці

 

1

Міхал Шарупіч разумеў, што ніякая дэманстрацыя не зробіць лёс арыштаваных таварышаў лягчэйшым: гітлераўцы вешаюць невінаватых таксама. Нават калі б падполля і зусім не было, яны, напэўна, выдумалі б яго, наладзілі б правакацыю і пакаралі б усіх, каго схапілі. Гэта бясспрэчна. Але мінчане! Неабходна было падаць голас для іх, каб ведалі — падпольшчыкі жывуць і барацьба працягваецца. Больш таго, жыве арганізацыя, і ўсё, што, захліпаючыся ад помслівай радасці, пішуць газеты пра поўны разгром падполля,— далёка ад праўды. Выяўляць жа здраднікаў, адсякаць небяспечныя сувязі — гэтага мала.

Але што можна зрабіць, каб зноў прымусіць людзей загаварыць аб падпольшчыках — адных з нянавісцю, са страхам, другіх з надзеяй і гордасцю? Інакш будзе блага. Падымуць галаву, зусім гатовыя расперазацца, здраднікі, якія дагэтуль паскудзілі звычайна з аглядкай. Заатукае, засвішча ўсялякая брыдота. Яшчэ больш нахабныя стануць акупанты. А ў выніку — яшчэ шырэйшай ракой пальецца кроў. Значыць, даць ведаць аб сабе трэба не толькі для таго, каб абнадзеіць сваіх, а і каб папярэдзіць каламутную хвалю тэрору, гвалту і бясчынстваў. Добра хоць была бамбёжка. Які-ніякі, але напамінак, што барацьба ідзе...

Каб лішне не трывожыць Арыны, Міхал хуценька запаяў прымус, які ўчора прынеслі яму адрамантаваць, і, сказаўшы, што абяцаў занесці яго заказчыку сам, падаўся быў да Дзіміна. Але сустрэў яго, як толькі збочыў за рог вуліцы. Прыйшлося вярнуцца.

Арына, з дакорам паглядзеўшы на мужа, спыталася:

— Схадзіў ужо?

— Пятра сустрэў...— не зусім упэўнена адказаў Міхал.— Ты, маці, скажы Яўгену, няхай пагуляе каля дому. А сама завядзі дзяўчынак да Алешкі. Нельга Раі бацьку бачыць.

— Добра, гаварыце ўжо...

Дзімін выглядаў збянтэжаным і вінаватым.

— Арыштавалі Славіка,— сказаў ён, сядаючы на драўляную канапу.— Таварышы з гета прапанавалі яму схавацца ў «маліне». У іх ёсць надзейная, з выхадам у горад, але ён не паспеў. Пайшоў па сустрэчу з партызанскім сувязным і па дарозе на яўку трапіў у рукі гестапаўцаў.

Каб не сустрэцца з Міхалавым позіркам, Дзімін пачаў разглядаць пакой, быццам быў тут упершыню. Ён нават зацікавіўся фотакарткамі, якія віселі ў рамцы за шклом, у прасценку паміж вокнамі.

— Ты? — ніякавата спытаўся ён, паспешліва ўстаў і падышоў да прасценка.— Няўжо гэты юнак — ты, Міхале?

— А хто ж.

— Калі Славіка пхалі ў машыну, ён крыкнуў: «Бывайце і не хвалюйцеся!» Значыцца, будзе маўчаць. Сёння я двойчы чуў пра яго. Кажуць, што следчы ашалеў ад бяссілля. Загадаў вартавому нанізаць язык Славіка на штык. І так, з праткнутым языком, Славік стаяў паўгадзіны. Але і тады не дакрануўся ні да ручкі, ні да паперы... Што ж будзем цяпер рабіць, Міхале, а?

— Як мне здалося, ты ўцякаць сабраўся...

— Не, Міхале, я з горада не пайду. Куды? Навошта?.. Давай лепш Арыну з дзецьмі адправім.

Міхал засердаваў: ён не вельмі разумеў Дзіміна.

— І гэтага рабіць не трэба. Славік і тут меў рацыю: у час масавых арыштаў лепш не ўцякаць. Сам правалішся і другіх падвядзеш... Пазней адправім іх...

— Ты хочаш сказаць, што варта стаіцца і перачакаць?

— Я не Славік, Пятро,— не ведаю. Але баюся, дорага будзе каштаваць нам гэта... Давай абмазгуем разам. Ты казаў, што ў цябе ёсць колішнія сувязі з рабочымі эльвода. Праўда? А што, калі паспрабаваць узарваць генератары, нарабіць шуму? А?

Міхал убачыў, як збялеў Дзімін, падышоў да яго і абняў за плечы.

— Ты даруй, Пятро! Я не настойваю. Але павер, калі б гэта мог зрабіць я сам, то зрабіў бы. Ох, як трэба гэта цяпер!

Ён ведаў — Дзімін будзе дзейнічаць, калі пераканаецца, што іначай нельга. У ім жыла і яшчэ жыве патрэба, каб хто-небудзь абавязкова кіраваў ім, падказваў, што рабіць, разбіваў бы здрадлівыя надзеі. У першы дзень вайны ён пайшоў у ваенкамат. Але калі там сказалі, што яго, як прыпісанага да аўтатранспартнага палка, выклічуць пазней, калі прызавуць запас першай чаргі, Дзімін супакоіўся і больш ніякіх захадаў у гэтым кірунку не рабіў. Чакаючы выкліку, шчыра верачы ў чуткі аб поспехах нашай арміі, ён упарта адмаўляўся выехаць з Мінска і гневаўся на жонку, якая настойвала на гэтым. Калі ж немцы занялі горад і загадалі ўсім мужчынам з’явіцца к тэатру оперы і балета на рэгістрацыю, Дзімін падаўся туды і быў пакараны за сваю дысцыплінаванасць доўгай разлукай з сям’ёй, з воляю. Толькі дыплом інжынера ды Арына, якая, вярнуўшыся з прочак, па абавязку суседкі і спагадлівай жанчыны, пачала насіць перадачы, памаглі яму выжыць і вызваліцца. І так было заўсёды...

— Гэта неабходна, Пятро,— паўтарыў Міхал Шарупіч і стаў гаварыць пра свае апасенні.

Перад Дзіміным прамільгнула сустрэча з жонкай, чаромха ў квецені — такая недарэчна пышная, святочная сярод навакольнай убогасці і страхаў.

— Пра гэта і я думаў, Міхале,— прызнаўся ён, вызваляючыся з абдымкаў так, каб не пакрыўдзіць таварыша.— Праўда твая: гестапаўскі разгул можна стрымаць толькі барацьбой. Іначай, відаць, нельга. Нічога не папішаш. Паспрабую ўзарваць... Ты дазволь мне толькі глянуць на Раю...

Міхал паморшчыўся і адмоўна махнуў рукой. Здагадаўся, што і сустрэча Дзіміна з жонкай была нялёгкая.

— Развітацца хочаш? Сорамна, Пятро, не такое ж рабілі.

— Яны азвярэлі цяпер.

— Тым лепш. Значыць, дыверсіі не чакаюць.

За акном прамільгнула галава Яўгена. Грукнулі ў сенцах дзверы, і ўзрушаны хлопчык паявіўся на парозе чыстай палавіны.

— Тата, там дзядзька нейкі два разы прайшоўся,— паведаміў ён.— Вунь, глядзі.

На рагу вуліцы стаяў мужчына ў шэрым плашчы, у светлым капелюшы і безуважна паглядаў то ў адзін, то ў другі бок.

— Добра, хлопчык, ідзі,— сказаў Міхал.— І ты ідзі, Пятро. Калі абмяркуеце ўсё, паведамі. Узрыўчатку я пастараюся дастаць. Агародамі давай...

— А калі гэта шпік?

— Усё роўна не паможаш. Ідзі, ідзі!..

Мужчына прыйшоў і назаўтра. Міхал заўважыў яго адразу, як толькі той спыніўся на рагу. Узяўшы ў рукі паяльнік — нібыта на хвіліну адарваўся ад работы,— Міхал адчыніў брамку і плечуком прытуліўся да шула.

Убачыўшы Міхала, мужчына ўстрапянуўся і, заклапочана пстрыкаючы пальцамі, пакрочыў да яго.

— Дзень добры, Шарупіч,— павітаўся ён.— Я вельмі рады, што бачу вас. Можна к вам у майстэрню?

Міхал даў прайсці незнаёмаму па двор, прычыніў брамку і першы пайшоў у дом.

За той кароткі момант, як мужчына вітаўся, Міхал паспеў разглядзець яго. Строгі, старанна паголены твар, уважлівыя вочы, энергічны раздвоены падбародак. Не, раней з ім, здаецца, Міхал не сустракаўся.

— Я Шумскі...— калі яны зайшлі ў майстэрню, назваў сябе мужчына і асцярожна дакрануўся да паяльніка.— А між іншым, я так і думаў.

— Што, цікава? — нахмурыўся Міхал.

— Вы не працавалі. Навошта вам спатрэбілася браць з сабою на вуліцу халодны паяльнік?

— Ну, гэта — мой клопат. Вам што-небудзь адрамантаваць? Давайце. Але сёння ў мяне шмат работы...

— Чакаў я і гэтага, Шарупіч,— сур’ёзна перапыніў Міхала мужчына і трубна высмаркаўся ў хустачку.— І, каб вы не палічылі мяне за каго іншага, мушу сказаць, што завуць мяне Іван Васільевіч і працую я ў дэпо. Не ведаю, захочаце вы ці не, але пазнаёміцца нам, Шарупіч, не шкодзіць.

Міхал, адчуваючы пах духоў, пацепнуў плячыма.

— А рамонт тут дробязны,— мужчына сунуў у кішэню хустачку і выняў ліхтарык.— Трэба спаяць кажушок.

— Тады я зараз.

— Не, я зайду праз чатыры дні...

Ён прыпадняў капялюш, але потым працягнуў руку, і поціск яго быў спакойны і моцны.

 

2

Хутчэй за ўсё Шумскі стараўся наладзіць сувязь. Не зайшоў ён адразу ў дом, мусіць, таму, што добра не ведаў, арыштаваны Міхаіл Шарупіч ці не, апасаўся засады. Назваў жа сябе і месца работы дзеля таго, каб той мог сабраць аб ім звесткі, што ён свой. Ды і размаўляў Шумскі так, каб не скампраметаваць Міхала, не паставіць яго перад патрэбай ісці ў СД і даносіць на падасланага агента.

І ўсё-такі гэта было падазрона. Але адмаўляцца ад сувязі з чыгуначнікам было таксама нельга. Міхал ведаў — падпольная сетка па чыгунцы ахоплівала вагонарамонтны завод, паравознае дэпо і другія службы вузла. Зімой падпольшчыкі пашкодзілі вадакачку, вугальны кран, падрывалі і псавалі паравозы. У майскую бамбёжку яны правялі буйную дыверсію на таварнай станцыі і марылі аб стварэнні свайго партызанскага атрада.

Праз знаёмых Міхал стаў збіраць звесткі аб Шумскім, і чым больш збіраў, тым больш непакоіўся,— водгукі былі розныя. Так і не вырашыўшы, як быць, ён пачаў чакаць нязванага госця.

Яны дамовіліся, што Шумскі прыйдзе па ліхтарык апоўдні, але калі ў царкве прабіла дванаццаць, нечакана завітаў Алешка.

«Мабыць, нешта пільнае,— яшчэ больш затрывожыўся Міхал.— Чаго гэта раптам? Я ж прасіў заходзіць як мага радзей...»

На падворку Алешку перанялі дзеці. Ён прысеў перад імі на кукішкі, сур’ёзна, як з дарослымі, павітаўся, потым узяў Лёдзю на рукі і падаўся не ў хату, а да лавачкі, што была пад акном.

— Здароў, дзядзька Міхал! — гукнуў ён у адчыненае акно, заўважыўшы Шарупіча і сядаючы на лавачку.

— Колькі разоў гаварыў табе, Кастусь...— нездаволена сказаў Міхал, бачачы толькі кучаравую галаву і крутыя плечы Алешкі ды дзяцей на ягоных каленях.— Каб гэта было апошні раз... Зразумела?

— А як жа! — бесклапотна, як здалося Міхалу, азваўся Алешка, але адразу ж спусціў дзяцей з каленяў, устаў і лёг грудзьмі на падаконнік. Смуглявы цыганскі твар у яго перасмыкнуўся.— Нашых вешаць сёння будуць,— выдыхнуў ён.— Па ўсім горадзе адразу рашылі... «Беларуская газета», як пра свята, аб гэтым паведамляе. Чытаў? А раніцай ужо кастылі ў слупы забівалі ды кавалкі тэлефоннага проваду прывязвалі...

— Ціха! — не даў яму далей гаварыць Міхал.

Не зразумеўшы, Алешка азірнуўся, паглядзеў на дзяцей, што не адыходзілі ад яго, і цішэй сказаў:

— А ім усё адно... Кажуць, што ў Тэатральным скверы таксама будуць. Проста на дрэвах. А адна група, якую везлі на расстрэл, за горадам разламала «ворана» і разбеглася...

— Ды ціха ты,— сярдзіта папрасіў Міхал.

Алешкавы словы пачула Арына. Выпусціўшы з рук іголку і дзіцячыя панчошкі, яна няўпэўнена, як не на сваіх нагах, пайшла да акна.

— Што, што, Косцік? — прашаптала яна.

— Ды нічога, цётка...— замяўся ён, нарэшце ўцяміўшы, чаго ад яго патрабуюць круглыя вочы Міхала.— Я кажу, што нам у Тэатральны сквер трэба схадзіць...

Арына абняла мужа, уткнулася лбом у яго плячо, усхліпнула і перастала дыхаць.

— Божа, мой божа,— нарэшце вырвалася ў яе,— што гэта робіцца на свеце!

Яна ў роспачы закрыла вочы рукой і выбегла з пакоя.

У скверы было ўжо шмат народу. Людзі ўсё падыходзілі і падыходзілі — праўда, часцей па адным, па двое, рэдка перакідваючыся між сабой словамі. Але Міхалу Шарупічу здавалася, што ідуць яны купкамі і над імі лунае трывожны ўзрушаны гоман. Так здавалася, пэўна, таму, што душа ў Міхала крычала, а над разгалістымі таполямі і клёнамі сквера з граем кружылі галкі, спалоханыя людзьмі.

На тоўстым суку адной з таполяў галоўнай алеі потны прылізаны паліцай без шапкі прывязваў вяроўку з пятлёй. Белабрысы эсэсавец у новенькай, з іголачкі, форме з фотаапаратам па грудзях, задраўшы галаву, распараджаўся, як прывязваць. Яму таксама было горача, ён раз-пораз вымаў з кішэні хустачку, але выціраў не твар, а далоні.

— Ніжэй, ніжэй,— дзелавіта камандаваў ён і, прымерваючы, падымаў угору руку з хустачкай, хоць да пятлі аставалася больш метра.

На суку трэба было прывязаць дзве пятлі, і эсэсавец гэтак жа дзелавіта пачаў камандаваць, куды прывязваць другую, толькі ўжо расстаўляючы рукі ў бакі.

— Назнарок усё робяць на відавоку ў людзей,— заскрыгатаў зубамі Алешка і нечакана крыкнуў паліцаю: — Гэй, спадар, памагчы можа?

Міхал схапіў яго за руку, сціснуў і прыцягнуў да сябе.

— Не дуры, Кастусь! Пазней даведаешся, як яго прозвішча. Сам у спіс просіцца, нелюдзь...

У процілеглым канцы сквера паказаліся два грузавікі з салдатамі. Яны паволі сунуліся задам па алеі і сігналілі. Хрыплыя гукі клаксонаў нагадвалі пажар.

— Шнэль! — крыкнуў эсэсавец паліцаю, і той паспешліва папоўз ракам па суку да ствала таполі.

Грузавікі пад’ехалі пад шыбеніцу і спыніліся. А як толькі спыніліся, салдаты, якія сядзелі ўздоўж бартоў, нахіліліся і некага паднялі. Калі яны саскочылі па зямлю і, выцягнуўшыся, сталі абапал аўтамашын, Міхал Шарупіч убачыў асуджаных. Са звязанымі назад рукамі, з дошкай на грудзях, па адным у грузавіку, яны стаялі ў кузаве — кожны побач са сваім катам.

Адзін з іх быў незнаёмы — пышнавалосы кучаравы яўрэйскі юнак, другога ж Міхась ледзь пазнаў. Нават не верылася, што зняможаны чалавек з заплыўшым вокам і распухлымі, парэпанымі, як ад смагі, губамі — Славік, дасціпны, вытрыманы Славік, якога так любілі і паважалі ўсе, але чыйго прозвішча не ведаў нават Міхал.

Славік стаяў і жмурыўся ад сонца, ад навакольнай майскай зеляніны. Міхалу здалося, што зямлісты твар яго прасвятлеў, распухлыя вусны кранула ўсмешка. І тое, што рукі ў яго былі звязаны за спіной, надавала Славіку нейкі горды, незалежны выгляд — нібыта ён сам, каб зручней было стаяць і разглядаць гэты поўны святла дзень, людзей, што паднялі да яго твары, заклаў рукі назад.

Незнаёмы ж стаяў, апусціўшы галаву і ўпяўшы позірк долу, быццам намагаўся нешта там разгледзець. Шэры твар здранцвеў і быў як у глухога.

Што яны думалі?

Сэрца ў Міхала аблівалася крывёю, ён нават не заўважыў, што ногі ў асуджаных былі звязаны таксама і яны не маглі зрабіць і кроку. Ён амаль не чуў і таго, што голасна, перакручваючы рускую мову, пачаў чытаць з паперкі выпешчаны малады афіцэр у пенснэ. «Славік, Славік»,— паўтараў Міхал у думках і адкашліваўся, каб не выдаць болю, што паласаваў яго. Афіцэр скончыў чытаць, і тут жа нехта, зрываючыся на высокіх нотах, выгукнуў каманду. Яна была на нямецкай мове, але Міхал зразумеў яе. «Няўжо нічога не скажуць? — з крыўдаю падумаў ён пра асуджаных.— Нельга ж так, Славік! Ты павінен сказаць. Так трэба не толькі табе...»

Міхал прасіў, маліў Славіка, якому кат надзяваў на шыю пятлю, і аж душыўся нянавісцю да выпешчанага афіцэра ў пенснэ, да абыякавых салдат, да потнага паліцая, які, злезшы з таполі, так і астаўся стаяць каля яе, крадком выціраючы пот рукавом гімнасцёркі.

Па Славікавым твары прабеглі цень і святло, нібы Славік убачыў нешта нечаканае і дарагое.

— Бывайце, таварышы! Не выпала мне дажыць да перамогі,— сказаў ён, мелькам зірнуўшы на салдата, які адкрываў задні борт у кузаве.

Міхал чакаў, што голас у Славіка будзе хрыпаты і такі ж зняможаны, як і ён сам, але Славік вымавіў гэтыя словы амаль выразна, чыста.

— Бывайце і будзьце мужныя! Смерць захопнікам!..

Рокат уключаных матораў заглушыў яго словы. Грузавік, на якім Славік стаяў, заскрыгатаў, стрэліў з выхлапной трубы і крануўся. Рушыў і другі. Славік і незнаёмы нейкі момант, пакуль не напялася вяроўка, яшчэ стаялі, потым прачырылі наскамі чаравікаў па падлозе кузава і павіслі, схіліўшы галовы к плячу.

Натоўп ахнуў і адхлынуў ад шыбеніцы.

У гэты момант вухнуў выбух. Ён даляцеў здалёк — ад электрастанцыі на беразе Свіслачы, і быў нямоцны. Але натоўп зноў замёр. Людзі як бы скамянелі на час, а потым кінуліся ўрассыпную, аглядаючыся на шыбеніцу і шарэнгі салдатаў, якія ўсё яшчэ стаялі...

— Шкада толькі, што тыя не пачулі,— выдыхнуў Алешка, калі ўвайшоў на Шарупічаў падворак.— Гэта на эльводзе, дзядзька Міхал. Во, малайцы! Там няма нашых?

Яго поўніла злая помслівая радасць, ажно ўздрыгвалі тонкія ноздры.

— Ёсць, а?

— Не ведаю... — адказаў Міхал, з удзячнасцю і трывогай думаючы аб Дзіміне.

— Я немаведама што зрабіў бы зараз. Ну, загадайце, дзядзька Міхал, ну!

— Ідзі дамоў, Кастусь, і чакай...

Ён ледзь выправадзіў Алешку, адчуваючы, што яму самому во як неабходна пабыць аднаму.

Шумскі прыйшоў толькі падвечар. Гэта было добра. Значыцца, ён сам не вельмі давяраў Міхалу і, магчыма, нават сачыў за ягоным домам.

Зняўшы капялюш і расшпіліўшы плашч, Шумскі стомлена сеў за стол.

— Быў там? — спытаўся ён, кіўнуўшы галавою на акно.

— Быў,— сказаў Міхал, хочучы верыць у гэтага расстроенага, стомленага чалавека, які так проста, на «ты» звярнуўся да яго.

— А я не мог,— прызнаўся Шумскі, і стала відаць, як яму цяжка.

— Трэба было бачыць самому, бо цяпер мы самі за ўсё адказваем...

— Гэта праўда,— згадзіўся Шумскі і кінуў капялюш на стол.— Досыць, Шарупіч! Няўжо і далей будзем гуляць у хованкі? Ты ж усё роўна і так у маіх руках.

Міхал адмоўна паківаў галавою.

— Не, пакуль што вы ў маіх... Вам трэба яшчэ выйсці з майго дому.

— Ну, няхай так,— ухмыльнуўся Шумскі.— Нядаўна я атрымаў пісьмо з лесу. Можа, яно цябе пераканае. Перапынак кончыўся, можна зноў брацца за работу. Падпольшчыкі, якія ўцяклі ў партызанскія атрады, ужо вяртаюцца. А сёння апоўначы слухай яшчэ адзін мой доказ...

Хмурачыся, ён выняў з-пад подшыўкі плашча папяросную паперку і палажыў яе на стол. Не беручы, Міхал зірнуў на подпіс і з палёгкаю ўздыхнуў: паперка была падпісана Іванам Мацвеевічам Зімчуком.

 

3

Міхалу часта ўяўлялася, як гарэў Мінск,— страшны пажар, што палаў некалькі дзён і начэй...

Знішчальнікаў і зенітнай абароны хапіла ненадоўга. Дваццаць трэцяга нямецкія бамбардзіроўшчыкі беспакарана лёталі ў небе, скідваючы бомбы і паліваючы вуліцы свінцом, або кіраваліся далей. Толькі часам чырваназоры ястрабок раптам аднекуль з’яўляўся пад горадам і з адчаем кідаўся ў атаку. Завязваўся кароткі, імклівы бой, і смяльчак, пакідаючы за сабою дзягцярны дым, падаў долу.

Першымі загарэліся бензабакі і ангары на аэрадроме. У неба паваліў дым і шуганулі пасмы полымя. Іменна пасмы, бо агонь уздымаўся ў дыме, злавесным, дзягцярна-барвовым. Ветру не было, і дым пеляною навіс над горадам. Яго з кожнай хвілінай прыбывала, і пеляна ўсё цямнела і цягнулася к небасхілу.

Потым загарэліся дамы. Да цёмнай навісі, праз якую можна было ўжо глядзець на сонца, і там і тут ускінуліся новыя рыжыя дымы. Немцы бамбілі фугаснымі і тэрмітнымі бомбамі ўперамежку. Пажар разгараўся пад віскат і выбухі, і ўгору ўжо ўздымаўся не адзін дым, а і пыл, пясок і цагляны друз. Пажараў не тушылі. Разгараючыся, агонь паступова ахопліваў цэлыя кварталы.

Уначы агонь ападаў, але затое спускаўся дым, і горад задыхаўся ад гару і дыму.

Раніцай усё пачалося спачатку. Загарэўся Універсітэцкі гарадок, прывакзальныя кварталы, цэнтр — Савецкая, Ленінская, Энгельса. На скрыжаванні Савецкай і Энгельса раптам забіў фантан: бомба парвала водаправодныя трубы. Па вуліцы пацёк хвалісты ручай. Ён цёк і цёк уніз да Свіслачы. А ўгору ляцелі зямля, каменне, пагнутыя трамвайныя рэйкі. Выбухі і агонь высмальвалі нутро дамоў, валілі, раскідалі іх сцены, карэжылі жалезныя бэлькі, і на месцы будынкаў аставаліся вастраверхія страшныя руіны.

Натоўпы мінчан хлынулі на ўсход. З чамаданамі, з клункамі, з дзецьмі. Тыя, хто ішоў пехатой, вёз на двуколцы бежанскі скарб, стараліся абмінуць цэнтр, над якім з ныючым гулам кружыліся нямецкія самалёты. Але гарэлі і ўскраіны. Праз некаторыя вуліцы, загрувашчаныя чамаданамі, клункамі, дзіцячымі каляскамі, зусім было не прабіцца: гарэла па адзін і другі бок. Тады людзі беглі ў абход, роспачліва паглядаючы на неба і назад, кідаліся ў тупікі і завулкі. Знясіленыя, брудныя, у сажы і попеле, з падсмаленымі валасамі выбіраліся — каму пашанцавала — на Маскоўскую і Магілёўскую шашу, дзе былі хоць кюветы, у якіх можна хавацца, не баючыся, што на цябе ўпадзе сцяна.

Міхалу з сям’ёй тады пашанцавала — яны выбраліся з горада. Знясілены, Міхал прысеў на край кювета і паглядзеў назад — Мінск укрывала чорная хмара, якую рвалі выбухі. Пасмы яе цягнуліся аж сюды. І на траве Міхал убачыў попел і пакамечаныя гарэлыя лісты з кніг. (Гэты попел і гарэлую паперу ён бачыў і пазней — кіламетраў за сорак-пяцьдзесят ад Мінска.) Але сам горад у абрысах сваіх аставаўся ранейшы, нават не верылася, што ў ім вогненнае пекла.

Перад самай вайной Шарупічы адрамантавалі кватэру. У пакоях стала ўтульна, светла. Купілі ў сталовую новую мэблю, павесілі цюлевыя фіранкі і, паклаўшыся спаць, доўга не гасілі святла: усё разглядалі беласнежную столь, размаляваныя ў два накаты сцены, фіранкі. І Міхал ніяк не мог уявіць, што згарэла або гарыць і іхняя кватэра,

Пад Крупкамі ўцекачоў абагналі нямецкія матацыклісты — у плямістых плашч-палатках, у ахоўных акулярах, і Шарупічы мусілі вярнуцца ў Мінск. Некаторыя папялішчы і руіны яшчэ курэлі. Вецер выдзьмуваў з-пад попелу іскры, ды горад ужо скамянеў у глухім шэрым здранцвенні. І быў ён, можа, яшчэ страшнейшы за той, у пажарах.

У кожнага, хто перажыў вайну, ёсць адзін самы страшны ўспамін. Прычым бывае, што сам па сабе гэты выпадак не страшнейшы за іншыя, нават бяскрыўдны ў параўнанні з тымі, што даводзілася перажыць пасля. У Арыны, напрыклад, такім выпадкам была сустрэча з матацыклістамі, якія здаліся ёй плямістымі пачварамі. «Саранча лупатая, зялёная, як жабурынне!» — з вялікімі вачыма расказвала яна пра гэта і калацілася ад узрушанасці. Дору, яна прызнавалася ў гэтым сама, уразіла, як немцы ўваходзілі ў Мінск ад Балотнай станцыі — разгорнутым строем, з дзікім барабанным боем, з завываннем горнаў, як ходзяць у псіхічную атаку. Дзімін не мог успамінаць, не скалануўшыся, пра лагер на Старажоўскіх могілках, куды трапіў, з’явіўшыся на рэгістрацыю. Неўзабаве яго разам з другімі затрыманымі адправілі ва ўрочышча Дразды, дзе лапінка абгароджанага калючым дротам поплава назаўтра ж стала чорнай. Там ён убачыў смерць. І ўсё-такі першыя тры дні, праведзеныя пад крыжамі Старажоўскіх могілак, глыбей ранілі душу... А вось варта было ўсхвалявацца Міхалу Шарупічу, і перад вачыма, па нейкіх самых нечаканых і дзіўных сувязях, паўставаў пажар — ахоплены агнём і дымам Мінск.

Сёрбаючы нішчымную поліўку, ён і гэтым разам, за вячэраю, успомніў тупічок, куды ў паніцы трапіў з Арынай і дзецьмі і які ўразіў яго тым, што ўвесь быў укрыты аскалёпкамі шыб. Шкло паблісквала і хрускала пад нагамі. Нават коўзка было ісці...

Язычок газнічкі міргаў, і здавалася, што зараз адарвецца ад кнота. У яго мігатлівым святле Лёдзя і Рая, якія дружна завіхаліся над міскай, выглядалі зусім хваравітымі. Каб супакоіцца і адагнаць нядобрыя прадчуванні, Міхал паспрабаваў загаварыць з імі.

— Ну як, дзяўчаткі? — спытаўся ён, прымушаючы сябе ўсміхнуцца.

— Смачненька,— прыцмокнула языком Рая, аблізала лыжку і прыжмурыла быстрыя вачаняты. Лыжка была вялікая, і падбародак, шчокі ў дзяўчынкі запэцкаліся поліўкай. Шчасліва жмурачыся, яна аблізала іх як змагла і нечакана супакоіла Міхала:— Не трэба, тата, вы не бойцеся!

— А чаго мне баяцца? — здзівіўся ён.

— Знаю, знаю чаго! Што хлеба прасіць будзем.

Пад’еўшы, Рая заўсёды жвавела і весялела ўвачавідкі.

— А вы баіцеся, баіцеся! — застукала яна лыжкай па стале.

Арына пасвятлела таксама.

— Канцы пачалі ўжо страляць,— усцешана сказала яна і ўздыхнула: — Ціха, мілая...

— Хадзем да мяне,— пазваў Раю Міхал, вырашаючы, казаць ці не Арыне пра тое, аб чым паведамілі сувязныя раніцай,— падрыў электрастанцыі каштаваў ахвяр, не пашанцавала і Дзіміну...

«Не, лепш не гаварыць»,— падумаў ён і падміргнуў Раі.

Дзяўчынка саскочыла з зэдліка, падбегла і спрытна забралася на Міхалава калена.

— Я ўжо вялікая,— пахвалілася яна, даючы Міхалу цалаваць пальчык.

Раўнуючы яе да бацькі, злезла з зэдліка і Лёдзя.

— І мяне вазьміце, тата...

Але і дзіцячыя пяшчоты не адагналі трывогі, і было такое адчуванне, што вось-вось павінна здарыцца нядобрае тут, у доме. «Што тады будзе з імі?»

Арына адчула мужаў настрой, заспяшалася, павяла дзяцей класціся спаць.

Чыстую палавіну падзялялі на дзве часткі шафа і вясёленькая паркалёвая шторка, за якімі стаялі ложкі. Вярнуўшыся, Арына падышла да Міхала, моўчкі прытуліла яго галаву да сябе і пастаяла так з хвіліну. Пасля ўзяла газнічку і зноў пайшла ў бакоўку.

Міхал астаўся адзін. Арына, відаць, паставіла газнічку на табурэт, бо на столі з’явіўся яе невыразны цень, і ён зноў нагадаў пажар. Але на гэты раз ва ўяўленні паўстала і шыбеніца.

У брамку на дварэ пастукалі — патрабавальна, магчыма нават ботам. Арына хукнула на газнічку і ў момант, быццам яна чакала гэтага стуку, апынулася ля Міхала.

— Кладзіся, Міша, хутчэй! — папрасіла яна, як літасці, і кінулася да акна.

— Навошта, маці? — запярэчыў Міхал.— Няўжо, думаеш, гэта што зменіць?

— Божа мой!..

Яна адхінула фіранку і з надзеяй прыпала да шыбы. Але тут жа павярнулася да акна спіной і абаперлася рукамі на падаконнік: ногі ў яе падкошваліся.

— Сорамна, маці, нічога ж яшчэ невядома,— упікнуў Міхал.— Ну, супакойся...

Немцы ўвайшлі ўтрох — рэшта асталася на ганку. Прапусціўшы наперад Міхала, абшарыўшы сенцы, кухню промнем ліхтарыка, спыніліся на парозе чыстай палавіны.

— Лямпу! — загадаў той, які стаяў пасярод і трымаў ліхтарык. На вуліцы церусіў дождж, іхнія гумавыя плашчы паблісквалі, і ад гэтага рабілася холадна.

Арына з цяжкасцю запаліла газнічку, механічна выцерла фартухом зэдлік.

— Ёсць у доме чужыя? — спытаўся сярэдні, і толькі цяпер Міхал заўважыў, што ў правай яго руцэ пісталет (у астатніх былі аўтаматы) і на галаве афіцэрская шапка з высокім верхам.

— Не, толькі дзеці,— заспяшалася з адказам Арына.

— Чужыя?

— Чаму чужыя? — умяшаўся Міхал, не паглядаючы на жонку: ён ведаў, што толькі так, паказваючы, што сярдуе на яе, Арыну можна прывесці ў сябе.— Вунь там спяць...

— Дакументы!

Афіцэр пісталетам адхінуў шторку, асвяціў ліхтарыкам бакоўку і ўладарна кіўнуў галавой. Адзін з аўтаматчыкаў борзда ступіў у бакоўку, і па тым, як ён крэкнуў, Міхал здагадаўся — салдат стаў на калені і глядзіць пад ложак.

Калі яны, агледзеўшы ўсе куткі ў доме, пайшлі з недаступнымі, злоснымі тварамі, Міхал, як малую, прыгарнуў да сябе жонку.

— Вось і ўсё,— сказаў ён з сумнай усмешкай,— а ты баялася. Яны самі, маці, баяцца, таму мо і лютуюць. Разумеюць, што згоды ў нас з імі не будзе. І калі ты толькі прывыкнеш!

— Мусіць, ніколі, Міша,— вінавата прызналася яна, і з яе вачэй на Міхала заструменіла святло, трапяткое, пяшчотнае.— Міша, Міша! Я ж чытала, як яны хваляцца ў паведамленні, што разграмілі нас...

А ўночы — каторы ўжо раз! — яму зноў, пакуль не прачнуўся ад выбуху, сніўся пажар.

Уздрыгнуўшы, Міхал нават узрадаваўся, што нечаканая прыгода перапыніла знаёмы кашмар. Падумаў, што гэта магло быць, і хутка ўсхапіўся. З замёршым сэрцам чыркануў запалку і ўзняў вочы на гадзіннік: было роўна дванаццаць — Шумскі стрымаў сваё слова.

 

4

Пераступіўшы парог, Міхал міжволі азірнуўся ў сенцы. Арына хрысціла яго, склаўшы для бласлаўлення тры пальцы. Узрушанасць не дала яму засердаваць. Ды жончын намер быў такі наіўны і шчыры, што абяззброіў. Вайна нечакана абудзіла ў Арыне веру. І не толькі таму, што цёмныя асобы пачалі распаўсюджваць чуткі аб пакаранні няверуючых, якое нібыта рыхтуюць немцы. Не! Ёй стала бракаваць сілы жыць без прытулку, куды можна было б хавацца ад страхаў і трывог. І, не гледзячы на мужавы жарты і абурэнне, яна часта з надзеяй і тугою ўзнімала вочы на пусты кут. Міхалу захацелася вярнуцца, прыгалубіць Арыну, развеяць яе страх, але яна спалохана стала ў дзвярах і ўзялася рукамі за вушакі.

— Не трэба толькі вяртацца, Міша, ідзі...

Калі ён прычыніў за сабою брамку, Арына падбегла да акна, знайшла яго сярод іншых праходжых і сачыла, пакуль муж не схаваўся за рогам вуліцы.

Міхал ведаў, што яна глядзіць яму ўслед, але назнарок не азіраўся: няхай не думае, што яго точаць сумненні і ён шукае падтрымкі. А сумненні былі. Вельмі шмат людзей павінна сабрацца, больш паловы з якіх — незнаёмыя. І хто паручыцца, што сярод іх не знойдзецца правакатара ці баязліўца? Ды навошта правакатар! Бяда можа здарыцца і так. Дзеля гэтага даволі, каб хто-небудзь, сам нічога не ведаючы, прывёў за сабою хвост... Наўрад ці гестапа арыштавала ўсіх, каго выкрыла. Некаторых пакінула як прыманку, як кончык, за які можна ўхапіцца пасля. Малайцы таварышы з гета! Яны, як казаў Шумскі, абнавілі свой актыў... А гестапаўскія шпікі, якія назіраюць за вуліцай? Выклічаш падазрэнне — і павядуць...

Памінуўшы яшчэ квартал, Міхал падышоў да цаглянай глыбы, што валялася сярод тратуара, і, паставіўшы на яе нагу, перашнураваў чаравік. Непрыкметна азірнуўся — не, здаецца, за ім ніхто не віжаваў.

Дом, дзе павінна была адбыцца нарада, знаходзіўся на Гандлёвай вуліцы. Шарупіч спусціўся сярод манастырскіх і царкоўных муроў па вуліцы Бакуніна ўніз і збочыў на Гандлёвую. Вуліца гэта ўцалела, але дамы ўсе былі старыя, абшарпаныя. Убачыўшы свой пікет — чысцільшчыка ботаў, які, седзячы на нізкім зэдлю, бесклапотна насвістваў «Юрачку»,— Міхал паспакайнеў.

У цемнаватай пярэдняй яго сустрэў Шумскі, моцна паціснуў руку і пацалаваў у вусны. І хоць гэтая экзальтаванасць не зусім спадабалася Міхалу Шарупічу, шапку ён павесіў на вешалку ўжо з вераю — усё будзе добра і іначай не можа быць.

«Ад Арыны набраўся страхаў»,— падумаў ён пра свае апасенні, уваходзячы, як у іншы свет — сонечны і шчасны, у пакой, адкуль чуўся гоман.

У прасторным, абклееным блакітнымі шпалерамі пакоі сапраўды было светла і тлумна. Прысутныя сядзелі за сталом, на мяккай канапе, двое курылі ў кутку пакоя, ля вялікага разгалістага фікуса. На Міхала паглядзелі ўсе адразу. Ён таксама агледзеў усіх, пазнаў тых двух, што стаялі каля фікуса,— членаў разгромленага камітэта, пакланіўся, і толькі потым звярнуў увагу на адзінокую жанчыну, якая задуменна сядзела ў крэсле наводшыбе. Убачыўшы Міхала Шарупіча, яна аж заззяла, усхапілася і імкліва падышла да яго.

— Дора Змітраўна,— радасна прывітаў Міхал.— Во добра!

Яна працягнула абедзве рукі, а калі ён узяў іх у свае, памкнулася была падняць Міхалавы рукі і прыпасці да іх.

Яе намер паласнуў Міхала па сэрцы. «Як пакутуе,— падумаў ён,— калі гэтак хоча выказаць сваю радасць... Ды яшчэ пры ўсіх... І як я скажу ёй пра Пятра?..» Яму так стала шкада Доры, што ён дробненька заморгаў і паспешліва павёў яе да крэсла.

Не выпускаючы ягонай рукі, Дора села і адразу авалодала сабой.

— Прабачце, таварыш Міхал,— папрасіла яна, гледзячы на яго вільготнымі вачыма.— Неяк успомнілася ўсё: і першыя дні вайны, і наша развітанне, і дачка... Як доўга не бачыліся мы — цэлае стагоддзе!..

Таму, што яна глядзела на Міхала знізу ўверх, яму здалося — вялікія вочы яе аб нечым моляць. «За дачку непакоіцца»,— зноў падумаў ён і напаўголаса сказаў:

— Рая здаровая, расце.

— Дзякую, Пятро гаварыў... А як Арына, вы? Правалы былі?

«Значыцца, не чула яшчэ нічога»,— падумаў Міхал і ўздыхнуў:

— Пранесла пакуль што.

— Пашанцавала вам.

— Цяжка яшчэ сказаць...— не згадзіўся Міхал.— Вельмі даверлівыя мы і думаем мала. Думаць, Дора Змітраўна, трэба. Усім. Падпольная работа — цяпер прафесія наша. І ўсе, хто сабраўся тут, хочаш ці не, ужо важакі... А вы як дабраліся?

— Выйшла з калонамі раніцай, з калонамі і вярнуся. Тут жа рукой падаць. Дый, кажуць, я на ўкраінку падобна. Праўда? Так што ніякай рызыкі няма. Цэлая буду!

Ён уважліва паглядзеў на яе — шчыра сказала ці проста каб адвесці гаворку ад сябе. Твар у Доры паспакайнеў ужо, абапал рота ляглі складкі стомленасці. Не такія зыркія сталі і вочы. Яны павузелі, быццам Дора хацела схаваць абразу, боль, і пры апошніх словах палыхнулі нейкім фанатычным святлом. «Ого!» — здзівіўся Міхал.

— Будзем верыць,— са спачуваннем прамовіў ён,— што нічога благога не здарыцца. Дый не гэта галоўнае...

Члены старога камітэта падышлі да стала. Старэйшы — шыракаплечы, з суровым, у складках тварам, з сумнымі, стомленымі вачыма — узяўся за край стала, як за трыбуну, і гоман сціх.

— Прашу, таварышы, ушанаваць памяць загінуўшых,— няголасна сказаў ён і апусціў галаву. Пасма сівых валасоў упала на яго лоб, і твар ад гэтага страціў суровасць, у ім з’явілася нешта дзіцячае.

Усе ўсталі.

— Дзевятага мая павешаны Екельчык, Герасімовіч, Славік, Казінец, Дземідзенка... Дваццаць восем таварышаў... Дзвесце пяцьдзесят адзін у той жа дзень былі расстраляны...

— Адпомсцім, сябры! — выгукнуў бледны Шумскі.

— Гэта прымушае нас яшчэ раз узважыць усё і нанава ацаніць сваю дзейнасць. Неабходна ўскрыць прычыны правалаў. Як гэта магло здарыцца? Сувязі з партызанскімі атрадамі парваны. Як іх аднавіць? З чаго пачаць наогул, не паўтараючы ранейшых памылак? Трэба, відаць, падумаць аб новых арганізацыйных прынцыпах і структуры падпольнай арганізацыі. Я так мяркую, таварышы...

Па вуліцы праехаў мышасты «опель». Прайшла каманда з Украінскага батальёна са скруткамі бялізны, з венікамі пад пахамі. Па процілеглым тратуары прадэфіліраваў мужчына ў саламяным капелюшы, у белай апашцы і паласатых штанах. «Усё як звычайна...— адзначыў Міхал, здзіўляючыся кантрасту паміж тым, што адбывалася на вуліцы і тут, у пакоі.— Во дзіва...»

З выступленняў, з прапаноў паступова акрэслівалася карціна. Стала зразумела: уся баявая работа падполля павінна засяроджвацца ў руках камітэта. Ніякага ваеннага савета, ды яшчэ шматлікага па складу, не павінна быць. Гэта вядзе да неразбярыхі, адкрывае лазейкі ворагам. Варта таксама замест тэрытарыяльных «дзесяткаў», якія падбіраліся па асабістаму знаёмству, стварыць групы на фабрыках, на заводах, ва ўстановах. Каб людзі не ведалі, дзе хто жыве, кім хто працаваў калісьці і што робіць цяпер. Усіх гараджан, вядома, у партызанскія атрады не выведзеш, а значыць, трэба распальваць барацьбу ў самім горадзе. Паколькі яўрэйскае насельніцтва ў асаблівых умовах, падпольную арганізацыю ў гета вылучыць асобна, падпарадкаваўшы яе гарадскому камітэту і звязаўшы з райкомамі тых раёнаў, дзе размяшчаецца большасць прадпрыемстваў, на якіх працуюць яўрэі...

— Мы часам, як тая нявестка,— пражыла два гады і толькі на трэці спахапілася: «А ў нашай жа сучкі хваста няма»,— з гаркатою, схіліўшыся да Доры, сказаў Міхал.— І зноў віною — спадзяванні, што за нас думаюць другія...

Без асаблівых спрэчак, нават з нейкай урачыстай згодай выбралі новы гарадскі камітэт. Узрушаны Міхал доўга не мог знайсці слоў, калі Дора, павіншаваўшы Шумскага і іншых членаў гаркома, падышла да яго і села побач.

— Ну што ж, дзякую, дзякую,— заківаў ён галавою.— Але вы, здаецца, нешта хочаце спытацца ў мяне? Пра Раю, так?

Яна слізганула па ім вінаватым позіркам і апусціла вочы.

— Я сапраўды хацела прасіць вас, Міхал Сяргеевіч...

Тут, сярод таварышаў па барацьбе, у светлым і такім мірным пакоі ўсё адчувалася вельмі востра. А мо памагла Міхалава дабрата, хто ведае, але ён здагадаўся зноў, пра што наважыла прасіць яго Дзіміна — яна хоча сустрэцца з дачкою. Здагадаўся і, каб не адмаўляць, не даў ёй скончыць.

— Горад шпікамі кішыць, віжуюць за кожным домам. Праўда, выбухі на электрастанцыі і чыгунцы далі ім работы, ды ўсё адно...— Міхал схіліўся да Дорынага пляча і дадаў: — Гэта ж Пятро, Дора Змітраўна.

Яна ледзь стрымала сябе, каб не ўсхапіцца.

— А ён?

— Усё ў парадку. Ранілі, праўда, але цяпер у бяспечным месцы. Лечыць прафесар адзін — цудоўны чалавек.

З намаганнем, быццам павекі склеіліся, Дора расплюшчыла вочы і села раўней. Халоднымі пальцамі дакранулася да Міхала.

— Добра, што сказалі, таварыш Міхал... Але ўсё-такі я буду прасіць вас. І цяпер, можа, яшчэ больш. Вы павінны дараваць мне і дазволіць убачыцца з Раяй.

Усе развітваліся, абменьваліся апошнімі словамі, але на Міхала Шарупіча і Дору звярнулі ўвагу. Яны таксама заўважылі гэта. Міхал спахмурнеў, Дора адразу зрабілася вінаватай і змоўкла. Толькі вялікія вочы, якія яна ніяк не магла адвесці ад Міхала, усё яшчэ чакалі адказу.

Ён адчуў яе ўпартую настойлівасць і, засердаваўшы, пачаў развітвацца:

— Ну, пара, бывайце... А сустракацца вам з дачкой нельга. Ні ў якім разе, Дора Змітраўна! Вы зразумейце мяне...

— Просьба да членаў гарадскога камітэта астацца! — абвясціў Шумскі.

 

5

Спачатку Міхал не хацеў гаварыць Арыне праўды: залемантуе, пачне плакаць. Тым больш пад рукамі была прычына. У сям’і даўно меркавалі сабраць сякія-такія транты і памяняць дзе-небудзь у вёсцы на крупы і муку. Але як ты схлусіш, калі ісці трэба на некалькі дзён, а можа і тыдняў? Ды яна за гэты час у невядомасці памрэ ад страхаў. Няхай ужо лепш ведае...

Толькі як сказаць?

Камітэт даручыў тром сваім членам аднавіць сувязі з лесам. Трэба было нанава дамовіцца аб новых явачных кватэрах, аб паролях, перадаць нямецкія загады і інструкцыі, спісы здраднікаў для перасылкі за лінію фронту, а таксама параіць лясным таварышам аб’яднацца ў больш буйныя баявыя адзінкі. Гэтага вымагалі абставіны і сама барацьба. Шматлікія дробныя групы, звязваючыся з падполлем, саматужнічалі і часта правальвалі падпольшчыкаў. Не ведаючы, што робяць другія, яны перашкаджалі адны адным. Дый буйнымі сіламі было зручней абараняцца і наступаць.

Пасяджэнне камітэта зацягнулася, і Міхал Шарупіч вяртаўся дамоў толькі падвечар, перад самай каменданцкай гадзінай. Вуліцы вымерлі: праходжых ужо не было, а патрулі яшчэ не паяўляліся. Але, нягледзячы ні на што, на душы ў Міхала было лепш, чым раніцай, калі ішоў на нараду,— усталявалася пэўнасць. Адчувалася, нібы падужаў, нібы і небяспека паменшала.

Здалёку ў акне ўбачыў Арыну. З брамкі выбег Яўген, кінуўся насустрач — значыцца, пільнаваў, чакаў і ён.

Так і не надумаўшы, з чаго пачаць, Міхал пацалаваў дзяўчатак, якія гулялі, седзячы на падлозе, усміхнуўся Арыне і пайшоў у кухню мыцца. Нячутна, як цень, за ім падалася і Арына.

— Ну як, Міша? — спыталася яна, не здольная яшчэ радавацца.

— Добра, маці,— як мага бесклапотней адказаў Міхал, успомніў аб прадуктовых картках, якія на развітанне даў яму Шумскі, і ўхапіўся за іх, як за паратунак: — Цяпер хоць галадаць не будзем. Нашы лазейку знайшлі і далі вось...

Ён дастаў з кішэні карткі і працягнуў іх Арыне.

— На, маці. Заўтра ў магазін схадзі... І Вандзе трэба перадаць. Б’ецца жанчына як рыба аб лёд. Што яна зарабляе там, у гасцініцы? Хлеба лусту ды баланды талерку. Ты, маці, будзь з ёй дабрэйшая... А заўтра-паслязаўтра і хлебных абяцалі расстарацца. Шумскі можа паклапаціцца і арганізаваць...

Арына недаверліва паківала галавою.

— Ты нешта ўтойваеш ад мяне, Міша. Адкупляешся, як ад маленькай, задобрываеш. Гавары лепш праўду!

Умыўшыся, ён не павесіў, а перадаў па звычцы ручнік ёй і паклаў рукі на яе плечы. Заглянуў у вочы. У прыцемках жончын твар здаўся прадаўгаватым і больш звычайнага худым. «А сапраўды, калі што, як яны без мяне будуць?» — падумаў Міхал і прызнаўся:

— Заўтра, маці, іду да партызан. Трэба наладзіць сувязь. Ды яшчэ справы ёсць.

Яна адштурхнулася ад яго, стала ў дзвярах, быццам Міхал вось ужо зараз збіраўся ісці.

— Чаму ты? Няўжо няма хлопцаў? Звар’яцелі там, ці што? Не пушчу!.. Яўген! Лёдзя!

— Я асабіста знаю Зімчука. Ён камісарам там. Ведаю, дзе стаяў ягоны атрад... І не ўздумай што-небудзь сказаць пры дзяцях. Я табе гэтага ніколі не дарую, маці!

Як заўсёды, калі да Арыны даходзіла непазбежнасць таго, што насоўвалася на яе, яна мірылася і пакутавала паціху, ужо ў сабе. Так і цяпер. Яна моўчкі прапусціла Міхала ў чыстую палавіну, моўчкі дала павячэраць. Спаслаўшыся на недамаганне, рана лягла ў пасцель, але не заплюшчыла вачэй цэлую ноч. І Міхал, здагадваючыся пра яе пакуты, шкадуючы яе, здзіўляўся, як жонка трывае — не паварушыцца, не ўздыхне, не скажа слова. Гэта раздражняла і абуджала спачуванне, крыўдзіла і замілоўвала. Пра сябе Міхал не думаў — а як жа іначай? Гэта — яго абавязак перад сабою і другімі, гэта — справа яго сумлення, гонару. І перад ім стаіць адна задача — зрабіць усё як найлепш.

Заснуў ён неяк раптоўна, калі ў галаве пачалі мроіцца, як здалося, вельмі ўдалыя планы — хітрыя, дасціпныя. Але толькі забыўся, як адчуў на сваім ілбе Арыніну далонь. Дотык быў асцярожны. Яна не катурхала яго, а правярала, ці не гарачы лоб. Міхал здагадаўся: Арына ўсё яшчэ спадзявалася, што нешта перашкодзіць яму пайсці,— і расплюшчыў вочы.

Была ўжо раніца, і бакоўку напаўняў ружова-залацісты пыл.

Зноў гаварылі мала. Арына пустымі вачыма глядзела, як Міхал ладкаваў у рукзак інструменты, а ён спяшаўся, жадаючы скараціць зборы і хвіліны расстання. Спяшаўся, хоць ведаў, што яна не заплача — нельга плакаць, калі праводзіш дарагога чалавека ў небяспечную дарогу, інакш здарыцца нядобрае. А так усё будзе добра, толькі не траць надзеі, не наклікай сама бяды.

Правёўшы Міхала на ганак, Арына не найшла далей і нават усміхнулася яму.

 

Раздзел чацвёрты

 

1

Было горача і парна. Паляна здавалася залітай сонцам. Над галавой, пагойдваючыся, шумелі вершаліны сосен, але тут не адчуваліся нават лёгкія павевы ветру. Столік прэзідыума, прадбачліва пастаўлены ў засені, цяпер аказаўся на санцапёку, а цень адсунуўся ўправа. Сакратар — грузны лысы мужчына, які сядзеў з краю стала,— не адхінаў хустачкі ад галавы і час ад часу, кінуўшы пісаць, нахіляўся ў той бок, куды адыходзіў цень. Але Зімчук, здавалася, не адчуваў спёкі. Ён паволі перагортваў лісцікі паперы з тэзісамі, акуратна клаў іх на стол і часам паглядаў на прысутных. Толькі на высокім, з залізамі, ілбе выступілі кропелькі поту. Калі ў руках астаўся апошні лісток, ён таксама паклаў яго, толькі дагары напісаным, і, прыкрыўшы далоняй, падаўся да дэлегатаў усім корпусам.

— Праўда на баку Мінскага камітэта, таварышы! — ужо з націскам, што міжволі робяць у канцы прамовы, сказаў ён.— Саматужніцтва ў такі час не да твару. Нават шчырыя і смелыя, але дамарошчаныя пачынанні цяпер толькі шкодзяць. Час вымагае тактыкі, якая адпавядала б усенароднаму характару партызанскага руху. Надаць яму пэўныя формы, арганізацыйна ўмацаваць яго — вось, таварышы, задача!

Дэлегаты запляскалі ў далоні. Але гэта, відаць, здалося незвычайным, і воплескі, гулка паўтораныя лясным рэхам, узняўшы чародку птушак, якая спалохана шуганула праз паляну ў хмызняк, збянтэжана сціхлі. Дэлегаты заўсміхаліся, загаманілі.

Зімчук схіліўся да старшыні, нешта сказаў яму і, паціснуўшы руку, якую працягнуў яму Міхал Шарупіч, адышоўся ад стала, на хаду прыкурваючы цыгарку ад масіўнай запальнічкі.

Камандзір атрада «Штурм» Воранаў, які таксама сядзеў у прэзідыуме і ўвесь час нецярпліва барабаніў пальцамі, голасна, каб чулі ўсе, сказаў старшыні:

— Што ж, вядзі, стары! Пачнём!

— Вяду,— у тон яму адказаў старшыня і, звяртаючыся да дэлегатаў, папрасіў: — Давайце, таварышы!..

Ідэя склікаць нараду прадстаўнікоў партызанскіх груп і атрадаў, што дзейнічалі ў раёне, спадабалася Зімчуку. Дый сам ён адчуваў патрэбу ў ёй. І калі ў атрад прыйшоў Міхал Шарупіч, Зімчук горача ўзяўся за ажыццяўленне яго прапановы. Вызначылі ўдзельнікаў, устанавілі паролі, месцы сустрэч, выслалі сувязных.

З адной групай пайшлі і Зімчук з Міхалам Шарупічам. Ішлі ад лагера да лагера з праваднікамі. Але ўжо на трэція суткі самі, амаль без пабочнай дапамогі, знаходзілі партызанскія станы. Нечаканая паваротка дарогі, расцярушанае сена, больш звычайнага пратаптаная сцежка і сотні малапрыкметных для неспрактыкаванага вока дробязей, а асабліва ўзбуджаны строкат белабокіх сарок і частыя выбухі варонняга граю,— усё гэта служыла верным арыенцірам. Ім нават удавалася абыходзіць лагерныя пасты, сакрэты і нечакана з’яўляцца сярод чужых буданоў і зямлянак. Тады, хітра пазіраючы на збянтэжанага камандзіра, які рабіў наганяй каравульнаму начальніку, Міхал Шарупіч кпіў:

— Лагер хоць у лесе, але ахоўваюць яго, як відаць, у вёсцы. Бо іначай ніякія пасты не памагаюць...

Партызаны па-рознаму ладзілі свой побыт. Некаторыя з лагераў нагадвалі цыганскія табары. Невялічкія буданы былі бязладна параскіданы па лесе паміж акораных, васкова-жоўтых камлёў елак. Усюды валяліся пустыя цынкавыя бляшанкі з-пад патронаў, бітоны, іржавыя вінтовачныя рулі. Побач з нязгасным вогнішчам віселі ліловыя абкураныя тушы. Цудам зацягнутыя сюды, у лясны гушчар, стаялі забытыя калёсы без драбін. Другія лагеры, наадварот, выглядалі падкрэслена строга. У іх панаваў парадак і простыя лініі. Кухні і сталоўкі, з доўгімі сталамі і лавамі, змяшчаліся пад паветкамі. Трапляліся нават такія, дзе сцежкі да штабной зямлянкі штодзённа пасыпаліся жоўтым пяском, а каля самой зямлянкі, пад вартаўнічым грыбам, нерухома стаяў вартавы, які сустракаў камандзіраў урачыстым яфрэйтарскім вітаннем. За кіламетраў трыццаць ад сваёй базы Зімчук з Шарупічам сустрэлі яўрэйскую групу. Камандаваў ёю Яша Зарэцкі — зусім юнак. Група бадай што не мела свайго сталага прытулку і вандравала па раёне, займаючыся паляваннем за здраднікамі. Яна тыднямі жыла каля нямецкіх гарнізонаў, наладжвала сувязі, расстаўляла пасткі і пакідала іх, калі начальнік гарнізона ці паліцыі траплялі на асінавы сук. Ля мястэчка ў Зарэчнага дзейнічалі паляўнічыя снайперы. Яго агітатары ездзілі па вёсках з баянамі, і чуткі аб канцэртах-сходах разыходзіліся па наваколлі...

Шарупіча і Зімчука ўсюды прымалі гасцінна. Пачаставаўшы, абавязкова цягнулі паказваць якое-небудзь атраднае дзіва — абсталяваную аружэйную майстэрню, трафейны радыёпрыёмнік у выглядзе бляшанай скрыначкі, выплаўлены са снарадаў тол ці шапірограф, за якім былі «замацаваны» дойныя каровы, каб з малака вырабляць тварог, з тварагу — казеін, а з яго — патрэбную ўжо друкарскую масу. Часам такім дзівам былі людзі — ускудлачаны майстар-вынаходца, чые залатыя рукі пры дапамозе напілка і ціскоў з вінтовачнай рулі рабілі аўтамат; чараўнік-кухар, які «доўгі час працаваў нават у Крамлі»; зухаваты падрыўнік з астранамічнай лічбай дыверсій.

Ад усяго бачанага Зімчуку і Міхалу рабілася радасна, хораша. Радасна таму, што за вонкавай абыякавасцю да сябе, імкненнем завесці армейскія парадкі ці наіўнай бескарыслівай пахвальбой яны адчувалі душу савецкага чалавека, простага, шчырага, нястомнага ў сваіх пошуках дабра радзіме. Хораша, бо яны разумелі: каб гэтая душа праявілася ў сваёй велічы, людзям трэба пранікнуцца мудрасцю партыі...

Блізкі да гэтага настрой валодаў Зімчуком і цяпер. Толькі было больш неспакойнай узбуджанасці і вастрыні. Ён сеў на пень, яшчэ раз агледзеў стракатыя рады дэлегатаў, якія, заціснуўшы зброю між кален, сядзелі на нізкіх, наспех зробленых лаўках, і пачаў слухаць.

 

2

Спрэчкі азадачылі Зімчука. Праз трапныя заўвагі і слушныя думкі нечакана прабілася адна — неверагодная, але заманлівая. Некім кінутая, яна трапіла, відаць, на падрыхтаваную глебу і адразу завалодала ўвагай.

Падцягнуўся і спахмурнеў Воранаў, схамянуўся і выкінуў угору руку камандзір яго разведкі Кравец.

Не чакаючы дазволу старшыні, ён усхапіўся, сарваў з галавы шапку з блакітным злінялым аколышам і, прыгладзіўшы русую чупрыну, надзеў шапку зноў.

—Большасць з нас ваенныя, чортушка! — пачаў ён яшчэ на хаду.— Ведаем статут. І прысягу прымалі. А ці не здраджваем мы ёй, седзячы тут? Чаму б цяпер, калі сіл пабольшала, нам не рушыць адсюль? Не праб’ёмся? Няпраўда! Проста не хочам. А хіба нармальна, што маёр, які павінен палком камандаваць, узначальвае дзвесце дрэнна ўзброеных людзей? Я думаю, не...

— Пра мяне прашу не турбавацца! Я ўжо сам неяк адкажу за пабітыя гаршкі,— перапыніў яго Воранаў і сярдзіта забарабаніў па стале пальцамі.

Дэлегаты зашумелі. Знікла ўрачыстая ўважлівасць, якая панавала ў часе даклада і першых выступленняў. З розных канцоў пачуліся рэплікі:

— Правільна гаворыць! Даволі адседжвацца!

— Бадзяемся, а карысці з гульчын нос.

— Што тут правільнага? Гэтае правільнае дэзерцірствам называецца.

— На фронт не дэзерцірствуюць! — загарэўся Кравец.

— Пра-авільна!

— Мы можам стварыць аб’яднаны рэйдавы атрад. Сёй-той ужо не спіць у шапку, чортушка! Нікіцін вунь хутка фарсіруе Дзвіну. Кажуць, па дарозе крышыць направа і налева. За дзесяць якіх дзён зрабіў больш, чым за столькі ж месяцаў дагэтуль...

— А тут як?

— Што тут? Вайна ж ідзе, чортушка! І рашаецца яна не тут, а там. І мы павінны быць там, дзе яна рашаецца. Я не хачу, каб мяне пасля чорт ведае кім лічылі.

«За фронт! Як маглі прыйсці такія думкі? — затрывожыўся Зімчук.— І як трапіў у іх палон нават Кравец, які, здавалася, нарадзіўся дзеля партызанскай сечы?»

Воранаўцы падабралі яго летась, здаецца, у кастрычніку. Тады не лічылі патрэбным нават рабіць буданы. Спалі па матах з сена. Імі ж укрываліся. А ў вялікі дождж залазілі ў стагі. Рыхтуючы сабе бярлогу, Воранаў пачаў скубсці сена і наткнуўся на падэшвы салдацкіх ботаў са слядамі ад шпораў.

— Таварышы, казак! — са здзіўленым захапленнем вырвалася ў яго, калі Кравец, увесь у сянной пацярусе, мусіў вылезці са стога.

Казалі, увайшоў ён у групу, як у родную сям'ю, і праз тыдзень з двума-трыма адчаюгамі ўжо граміў валасныя ўправы, паліў малочныя нарыхтоўчыя пункты, і ўсім здавалася, што гэты хлопец у групе даўно і разам з усімі блукаў у час акружэння.

Дый наогул... Шмат у каго яшчэ жывыя ў памяці доўгія восеньскія ночы, калі, седзячы ля вогнішча, маглі толькі марыць аб нечым падобным на сённяшні дзень. Над галовамі пагойдваліся яловыя галіны. Пры подыху ветра з іх падалі буйныя кроплі. Трапіўшы ў прысак, шыпелі. І кожны хацеў быць як мага бліжэй да агню — сагрэцца, падсохнуць, каб неўзабаве зноў ісці на заданне — наладжваць сувязі, праводзіць сходы, падбіраць людзей, выяўляць і караць здраднікаў.

Шмат хто з былых таварышаў загінуў і, як цяпер здавалася,— самыя лепшыя. Але іхняя кроў не прапала марна. Перад зімой, што ўсцешыла лютымі маразамі і снежнымі завеямі, ужо давялося будаваць некалькі зямлянак з нечай дасціпнай выдумкай — бляшанымі бочкамі з-пад газы замест печаў, дзе, як уцеха і раскоша, патрэсквалі смалістыя карчы. А ў студзені прыслалі з Мінска радыёпрыёмнік, і навокал яшчэ больш пасвятлела. І куды б ні ішлі потым, кожны лічыў за абавязак перапісваць апошнюю зводку Савецкага інфармбюро. Але і тады рэдка высылалі дазоры, не маглі весці глыбокай разведкі і ўхіляліся ад лабавых сустрэч з ворагам.

«А цяпер?!.»

Махнуўшы рукой, як шабляй, Кравец нечакана, як пачаў, скончыў і пайшоў на сваё месца, нецярпліва расшпільваючы і не могучы расшпіліць каўнер гімнасцёркі.

З-за стала прэзідыума падняўся Міхал Шарупіч. Яго некаторыя ўжо ведалі, і сям-там загаманілі, патрабуючы ўвагі. Шарупіч з удзячнасцю кіўнуў заступнікам.

— Мне, таварышы, даручылі перадаць думку Мінскага падпольнага камітэта,— сказаў ён.— Ды нават калі б і не даручылі, я ўсё роўна ўмяшаўся б. Вельмі ж наблытаў тут таварыш са сваёй арыфметыкай і статутам. Узяў і скінуў з рахунку групы самаабароны, сувязных, упаўнаважаных па збору боепрыпасаў, зброі, вопраткі. Мы з Іванам Мацвеевічам пахадзілі, пабачылі — ух, што робіцца! А хіба можна на нас, падпольшчыкаў, забывацца? І калі сапраўды падлічыць, выйдзе — маёр тут не палком, а дывізіяй камандуе. Вось табе і ношка!.. Думка аб рэйдзе да фронту таксама неразумная. Пойдзеце на ўсход — перашкодзіце другім, парушыце іх планы. А якую шкоду народнаму руху тут прынесяце, уявіць цяжка. Мы, таварышы,— рассек ён паветра кулаком,— лічым наадварот — трэба ўзбуйніць баявыя адзінкі, замацаваць за імі раёны і пачаць ачышчаць іх ад захопнікаў.

Зімчук заўважыў, як пры слове «Мінскі» страпянуўся Яша Зарэцкі, які сядзеў ля самага століка прэзідыума. Зарэчнага перад нарадай калаціла ліхаманка, і на плячах у яго, нягледзячы на спёку, было накінута скураное паліто. Трымаючыся за адвароты, ён нервовым рухам адкінуў назад валасы і паглядзеў на Шарупіча і Воранава.

— Я, таварышы, мушу зрабіць заяву,— кінуў ён з упартай адчужанасцю, але голас яго ўсё-такі сарваўся.— Калі вы прымеце рашэнне пайсці за лінію фронту, мы гэтаму не падпарадкуемся. Нашы бацькі і сёстры ў гета. Над імі вісіць смерць, іх трэба ратаваць, пакуль ёсць магчымасць. Мы кроўю прыпаяны да Мінска!

— Ратаваць, а не ваяваць — цікавы лозунг,— падаў з месца голас Кравец.— Вунь некаторыя з мястэчка кажуць, калі іх на расстрэл вялі, нічога лепшага не прыдумалі, як у кусты грошы ды золата шпурляць, канваіраў спакушаючы...

— Але ж разбегліся!

— Дзіва што, ха-ха! Дык ты хочаш, каб і мы так рабілі?

— Па-мойму, барацьба за жыццё, калі вораг хоча знішчыць цябе,— таксама барацьба...

Воранаў, які адчуваў, што Яша Зарэцкі апеліруе перш за ўсё да яго, нібы галасуючы, рашуча падняў руку.

— Каму патрэбна такая перапалка? Куды хіліць мой начальнік разведкі? Давайце разбяромся...

Кравец сабраўся пярэчыць і гэтым разам, але толькі ўстаў і, стоячы, нарыхтаваўся слухаць.

— Ісці ці не ісці за фронт? — пакасіўся на яго Воранаў.— Тут спасылаліся на статут. А мне дазвольце спаслацца на загад,— ён моцным рухам рвануў з планшэткі газету і, паказаўшы яе, прачытаў: — «Партызанам і партызанкам — узмацніць партызанскую вайну ў тыле нямецкіх захопнікаў, разбураць сродкі сувязі і транспарту ворага, знішчаць штабы і тэхніку ворага, не шкадаваць патронаў супраць прыгнятальнікаў нашай Радзімы!» Гэта з Першамайскага загада Народнага Камісара абароны. Вось і давайце, калі ласка, абмяркуем, як гэта лепш выканаць.

На паляне зноў усталявалася цішыня.

«А пра аб’яднанне ні слова,— адзначыў сам сабе Зімчук.— Таксама дыпламат...»

— У мяне такая прапанова...— сказаў Шарупіч, скарыстаўшы цішыню.— Каб сканцэнтраваць баявое кіраўніцтва, умацаваць вайсковую дысцыпліну і шырэй разгарнуць змаганне, лічыць мэтазгодным арганізаваць з атрадаў «Штурм» і «Барацьба» партызанскую брыгаду. Прызначыць яе камандзірам Воранава, а камісарам Зімчука. Хай гэта будзе пачатак.

Назіраючы за тым, хто і як галасуе, Зімчук забыўся на Краўца. А калі ўспомніў, убачыў, як да яго падышоў разведчык, казырнуў і адазваў убок. Выслухаўшы, Кравец абцягнуў гімнасцёрку, паправіў рамень і страявым крокам накіраваўся да прэзідыума.

На яго звярнулі ўвагу. І па тым ужо, як ён ішоў, Зімчук здагадаўся — адбылося штосьці важнае. Калі ж Воранаў, шапнуўшы нешта на вуха старшыні і Шарупічу, выйшаў з-за стала і папрасіў камандзіраў зайсці да яго ў зямлянку,— у гэтым сумнення не засталося.

 

3

Выцягнуўшы з планшэткі кіламетроўку, Воранаў разгарнуў яе і, прытрымліваючы за краі, разам з картай схіліўся над сталом. Левае брыво яго, як заўсёды, калі ён напружана думаў, узнялося ўгору. Пастукаўшы алоўкам па квадраце, дзе знаходзіўся лагер, пільна пачаў углядацца ў знаёмыя абрысы ляснога масіву з тонкімі рыскамі дарог, пункцірам прасек і сцежак.

— Тлумачу гасцям,— нарэшце сказаў ён.— Лагер — у рагу паміж рэчкай і ручаём. Вось глядзіце. Гэты рог абапіраецца на паляну, па якой вы праходзілі, калі ішлі сюды. Дык вось — гэта ўжо ўсім, праціўнік ідзе ў напрамку паляны дзвюма калонамі. Трэці яго атрад астаўся ў Селішчы. Гэта, відаць, рэзерв... Камандуе сам камендант раёна Вейсіг. Пры ім ёсць нейкі цывільны. Не то дарадца, не то высокапастаўлены госць.

— Вейсіг?..— аж выцягнуў шыю і насцеражыўся Яша Зарэцкі, які лавіў кожнае слова Воранава, і на жоўтым твары ў яго паказаўся румянец.

— Але. Я кажу аб гэтым, каб стала зразумела,— праціўнік не сумняваецца ў нашым разгроме. А цяпер — суадносіны сіл. У мяне палова атрада на заданнях.

— Дзевяноста сем,— удакладніў начальнік штаба.

— Та-ак!..— Воранаў нездаволена паглядзеў на яго.— Згодна з данясеннем разведкі, немцаў каля двух батальёнаў. Ёсць мінамёты і станкавыя кулямёты. Вашы меркаванні, таварышы? Прашу. З свайго боку прапаную прыняць бой. А тым, хто ўзначальвае дэлегацыі, і прадстаўніку Мінскага камітэта можна адысці ў глыб лесу.

— Я за! — паспешліва адгукнуўся Зарэцкі, бліснуўшы гарачымі вачыма.— І прашу, таварыш Воранаў, дазволу астацца з усімі.

— Правільна,— падтрымаў нехта яго.— Адысці заўсёды ўправімся...

Калі дэлегаты выйшлі, Воранаў растлумачыў начштаба, як пабудаваць абарону, і пацягнуўся да хрусту ў суставах.

— Люблю ваяваць, камісар! Слова гонару! — ён паправіў шапку і прыслухаўся (аднекуль даляцела поўная трывогі і закліку каманда: «У ружжо!»).— Люблю вось гэты працэс, калі рыхтуешся, пачынаеш, калі б'еш і вораг уцякае ад цябе.

— А калі ты ад яго? — пажартаваў Зімчук.

— Вядома, горш. Але і тады азарт бярэ — пачакай, маўляў, пойдзеш па нашай вуліцы! Ведаеш, як дзеці? — Воранаў задаволена пацёр рукі.— І думаеш, не боязна? Хвалюешся, як цюцік. Праўда, да пары. Я асабіста — пакуль да чаго-небудзь не прытулюся. Да дрэва, да плота або проста на зямлю лягу. Але сама боязь тут таксама прыемная.

— Ну, гэта як сказаць...

— Бясспрэчна, мой камісар! — Ён лічыў ужо сваё камбрыгства фактам. Яму падабалася новая роля. Падабалася называць Зімчука сваім камісарам. Але заўважыўшы ўсмешку, якую той дарэмна стараўся схаваць, спахапіўся:— Ну, няхай, не будзем пачынаць са спрэчак. А вось скажы лепш, ці добра, што рашэнне мы прынялі без Рунца? А? Што скажа ён? Быў вольны казак, а стаў падначалены.

— Пасля сходзім да яго. Зразумее.

— Няёмка ўсё-такі. Я ўзбунтаваўся б, напрыклад.

— Дык гэта ж ты...

Паміж Зімчуком і Воранавым устанавіліся своеасаблівыя ўзаемаадносіны. Воранаў з некалькімі байцамі-акружэнцамі паявіўся ў гэтым раёне, калі ўжо група Зімчука паспяхова дзейнічала, мела сваю базу і наладжаныя сувязі. Гэта адно паставіла іх у нераўнапраўнае становішча: права першага свята паважалася. Да таго ж Зімчук да вайны працаваў тут сакратаром райкома і астаўся ім ва ўмовах падполля. Але Воранаў затое быў старшы ва ўсім наваколлі па званню і, як кадравы афіцэр, ніяк не мог змірыцца, што тут не было армейскага адзінаначалля. Але адчуванне ўзаемнай патрэбы прымушала Воранава і Зімчука сябраваць...

— Ну, добра, не будзем і пра Рунца. Гэта ўжо твой клопат,— згадзіўся другі раз Воранаў.— Давай пра іншае... Гэта ж, камісар, першы сапраўдны бой удзень.— Ён даверліва ўзяў Зімчука за руку вышэй локця.— Амаль два разгорнутыя ў баявы парадак батальёны. План, вядома, яны пабудавалі на правакацыі. Гэта іх улюбёная кабылка. Будуць адціскаць да ракі, каб выгнаць на забалочаны бераг і знішчыць, або дадуць магчымасць адыходзіць да Селішча і зробяць засаду.

Стан узбуджанасці-гарэння, які перажываў Воранаў, перадаўся Зімчуку. Узнікла патрэба дзейнічаць, быць сярод людзей. Пацягнула да байцоў, на ўскрай паляны, дзе яны заляглі за каменнямі, дрэвамі, у акопчыках, выкапаных, яшчэ калі праводзіліся тактычныя заняткі.

— Магчыма,— у знак згоды кіўнуў галавою Зімчук, вешаючы на шыю планшэтку.— Але ў нас задача разграміць іх больш пільна... І калі разгромім, можна даваць каманду — хай падпольшчыкі ўзнімаюць людзей, робяць завалы па дарогах. А там набяром папаўненне, ударым па камунікацыях! Ранейшыя маштабы, як бачыш, не задавальняюць саміх партызан.

— Завалы, як хочаш. А наконт папаўнення — спяшацца нельга,— запярэчыў Воранаў, нібыта яго пакрыўдзілі.— Набраць у брыгаду няўмек? Можа і без вінтовак?

— Шарупіч паведаміў, што Мінскі камітэт перадае нам сабраную і закапаную каля Сухога вострава зброю. Абяцаў і ваенных спецыялістаў падаслаць.

— І ўсё-такі гігантаманія, камісар, небяспечная рэч. Абы паказчыкі, абы вялікія лічбы...

Але звычайнай цвёрдасці ў яго словах не было: спрэчкі па нарадзе разверадзілі яму душу і нават абудзілі колішнія сумненні.

Нездаволеныя адзін адным, яны выйшлі з зямлянкі.

Лагер апусцеў ужо, і толькі атрадны кухар Стацэнка — поўны, але ўвішны палтаўчанін, завіхаўся каля катла, гатуючы на вячэру плоў з рысу, недзе раздабытага Краўцом, ды некалькі партызан з гаспадарчага ўзвода збіралі маёмасць. Талентаў і здольнасцей у Стацэнкі асаблівых не было, але ён умеў смяшыць людзей, і яго любілі.

— Глядзі, каб смачна было і ўволю! — не змог прайсці паўз яго моўчкі Воранаў.

— Слухаю, таварыш камандзір! — усцешаны ўвагаю, адказаў той.— Цэ я ўмію! Багата дам — усэ з’ідзяць, дашчэнту. Мала — тэ ж наілысь...

— Ды ледзь не забыўся! — нечакана ляпнуў сябе па лбе Воранаў. — У шпіталі нічога яшчэ не ведаюць. Трэба начштаба сказаць, каб паслаў веставога. Няхай раненых на балоце хаваюць або падаюцца сюды. А за лётчыкам наглядаюць хай, як за сваім вокам.

— Трэба папярэдзіць і вяскоўцаў. У Лядах, у Зарэччы...

І чым бліжэй яны падыходзілі да паляны, тым мацней авалодвалі імі думкі пра бой. Але гаварыць пра яго не хацелася.

 

4

Паляна, на якой меркавалася даць бой, была з кіламетр у даўжыню. Некалі яе аралі, і здзірванелыя гоні са слядамі былых разораў наўскасяк цягнуліся з поўдня на поўнач. Сям-там на ёй узняўся трапяткі бярозавы зараснік і зелянелі строгія пірамідкі елачак. Але дзе-нідзе над чаборам і пажарніцай, якія былі тут гаспадарамі, адзінока гойдаліся быліны здзічэлага жыта. І таму, што паляна захавала адзнакі колішняй чалавечай працы, яна выглядала сумна і закінута.

— Ну і бязлюддзе,— павесялеў Воранаў.— Нібы знарок... І што я прыкмеціў. Мясціны, дзе пабываў чалавек, а потым кінуў іх, здаюцца страшна пустэльнымі. Быццам нешта адабралі ад іх. Было і не стала. Бачыў я Прыкаспійскія стэпы, але такога адчування ў мяне не ўзнікала. Там убачыш яшчарку якую-небудзь і, наадварот, думаеш: і тут жыццё, толькі непрыкметнае.

— Але,— кіўнуў Зімчук, і яму здалося, што камандзір хоча адвесці гаворку як мага далей ад таго, што непакоіць яго цяпер.

— Не, сапраўды. Ты быў калі-небудзь у глыбокую восень на пляжы? Або на лодачнай станцыі? Абломкі вёслаў у вадзе каля прычалаў. Над станцыяй забытыя сцягі невядома якога колеру. Усюды сляды, а саміх людзей няма. Пу-устэ-эча...

— А ты прытуліся, прытуліся да чаго-небудзь,— пажартаваў Зімчук.— Мы ім зараз пакажам пустэчу.

— Дык і я пра тое ж. Прыйдуць — мёртва ўсё, пуста. І раптам — агонь...

— Ну добра, я да байцоў,— сказаў Зімчук і накіраваўся лесам уздоўж лініі абароны.

Партызаны ляжалі за старанна замаскаванымі ўкрыццямі. У некаторых да шапак былі прывязаны галінкі. Зімчук вітаўся, на хаду рабіў заўвагі. Яму адказвалі ахвотна: адны коратка, другія — спяшаючыся выказаць усё, што іх хвалявала, трэція стрымана, падаючы свае парады.

— Як яно, таварышы?

— Нічога, таварыш камісар, дзякуем.

— Каб толькі яны не зайшлі з тылу. А ў лоб, яснае мора, не возьмуць. Ні за што не возьмуць.

— Вы, таварыш камісар, калі ласка, за дастаўкай боепрыпасаў прасачыце.

— Раненых каб своечасова забіралі...

Перад боем Зімчуку ўсе былі асабліва блізкія: ад кожнага залежаў поспех, у руках кожнага быў лёс другога, і хто ведае, каму прыйдзецца плаціць за ўдачу сваім жыццём. Асабліва краналі ўзбуджаныя твары маладых партызан. Убачыўшы Зімчука, яны прыпадымаліся на локці і, здавалася, цягнуліся да яго, жадаючы нешта сказаць і не знаходзячы слоў. Зімчук прысядаў каля іх і са спачуваннем пытаўся:

— Хвалюемся?

— Што вы!

— А я, вось бачыш, хвалююся. Занадта, браток, многа залежыць ад таго, хто каго паб’е.

— Вядома, таварыш камісар!

— Ды нам нават мала іх пабіць. Нам іх абавязкова разбіць трэба. Інакш атрымаецца дрэнна. Вельмі дрэнна. Недабітыя, яны злосць спагоняць на мірным насельніцтве, пачнуць паліць, расстрэльваць для ліку...

За амшэлым, урослым у зямлю каменем Зімчук убачыў Яшу Зарэцкага. Побач з ім ляжалі партызаны яго групы — такія ж маладыя, бязвусыя хлопцы.

— Як яно? — запытаўся Зімчук.

— Нядрэнна, Воранаву можна даверыцца,— спакойна адказаў Зарэцкі.— Думаю, не здрэйфім. Абы астатнія не падкачалі.

— Не бойся.

— І не думаю, Іван Мацвеевіч! Не такія мы баязліўцы, як некаторыя лічаць.

— Пакрыўдзіўся?

— А хіба не было за што? Можна мяне ўпікнуць, другога каго, ды не ўсіх...

— Але ваяваць, як дагэтуль, ужо нельга, Яша! Падшукай сабе месца для базы, падбяры групу, з якой згодзен аб’яднацца...

— Каб упікалі, як Кравец?

— Не ўсе ж такія.

— Вось каб Вейсіга захапіць, нічога не пашкадаваў бы за гэтага забойцу! — перавёў гаворку на іншае Яша Зарэцкі і як бы адгарадзіўся сцяной.

Ля кулямёта, што прыкрываў правы фланг, Зімчук затрымаўся зноў. Загарэлы, як мулат, кулямётчык, пільна назіраючы за палянай, гаварыў Шарупічу, які сядзеў побач:

— Немец умее ваяваць. Нічога не скажаш. Нават арлы ёсць. І зброя ў яго нішто сабе...

На процілеглым краі паляны, парослым маладым хвойнічкам, плаваў каршачок. Распасцёршы крылы, ён кружыў над адным і тым жа месцам, то пашыраючы, то звужаючы кругі.

— Мышэй цікуе. Вось вока! — пахваліў Шарупіч.— Са мной да вайны здарэнне было. Лавіў я рыбу ў Свіслачы. Дзве плоткі адна ў адну падсек. А потым, як на ліха, хоць бы пячкур які. Перайшоў за куст, на новае месца. Закінуў. І тут нешта плюх у тое месца, дзе плоткі мае на кукане плавалі. Аказваецца — канюк. Той большы за гэтага мышатніка. Вось табе і на, думаю. А канюк на хвою — і пачаў ласавацца. Але, мабыць, заблытаўся ў кукане. Захацеў узняцца і не можа. Я на хвою. А ён як узмахне крыламі. Ну, быццам арол...

— Я разумею,— згадзіўся кулямётчык.— Але ж усё-такі...

Нечакана на адным з чарговых кругоў, набліжаючыся да маладога хвойніку, каршачок збочыў і плаўна, нібыта яго адносіў вецер, падаўся да сярэдзіны паляны.

— Чалавека заўважыў,— здаволены пільнасцю птушкі, сказаў Міхал Шарупіч і, убачыўшы Зімчука, прыпадняўся.— Бачыце?

— Але. Пайшлі на КП,— заспяшаўся Зімчук,— а то будуць хвалявацца за вас... А пра канюка вы правільна сказалі...

Воранаў стаяў пад тоўстай галіністай да самага камля елкай. Налягаючы на ствол локцем, ён разглядаў паляну ў бінокль. Тут жа знаходзіліся сувязныя, начштаба. Крыху ўбаку стаяў Кравец і механічна хвастаў сябе бізуном па халявах да бляску наваксаваных ботаў.

— Перадайце па ланцугу, што пачынаць будзем па майму стрэлу,— кінуў Воранаў і, не адрываючыся ад бінокля, звярнуўся да Зімчука, быццам той нікуды і не адыходзіў: — І вось сярод такога бязлюддзя і пустэчы на цябе навальваецца шквал агню. Адкуль, што, як — невядома. Ты ўяўляеш эфект? Я назваў бы гэтую пятрушку псіхічнай засадай.

Каршачок, якога нешта прыцягвала да гэтага месца, гэтак жа павольна кружыў над сярэдзінай паляны. Аднак лётаў ён ужо вышэй. У рухах птушкі з’явілася прыкметная насцярожанасць, і можна было з упэўненасцю сказаць, што яе ўжо не цікавіць спажыва. Нарэшце трывога і асцярожнасць перамаглі цікаўнасць каршачка, і ён, зніжаючыся, як па пакатай горцы, бокам панёсся да лесу.

У гэты ж момант з хвойнічку выйшлі чатыры групы нямецкіх разведчыкаў. Яны пасоўваліся ўпэўнена, без асаблівай перасцярогі. Не дайшоўшы метраў сто да краю паляны, заляглі і далі па доўгай чарзе з аўтаматаў.

Але кулі прасвісталі высока. На галовы пасыпалася ігліца і кара.

— А вунь і асабістыя сапернікі,— кіўнуў Воранаў на паляну.— Яго каменданцкая вялікасць і світа. Вось каб схапіцца сам-насам. На клінках, напрыклад.

— Сапраўды цікава... Яша Зарэцкі таксама чамусьці рвецца з ім у бойку.

— Вейсіг — стрыечны брат начальніка гета,— сказаў Міхал Шарупіч.

— Ого! — здзівіўся Зімчук і папрасіў у Воранава бінокль.

Без асаблівай цяжкасці ён адшукаў групу нямецкіх афіцэраў, якая стаяла ля самага хвойніку па пояс у бярозавым зарасніку. Пасярэдзіне на галаву ўзвышаўся ваенны ў зеленаватым плашчы і седлаватай шапцы. Па яго ўпэўненых шырокіх жэстах і ўсеагульнай пачцівасці, якая панавала ў групе, Зімчук здагадаўся — гэта і ёсць Вейсіг. Побач з ім, пазіраючы на бакі, стаяў мужчына ў цывільным. Ён таксама спрабаваў жэстыкуляваць, толькі больш мітусліва і не так упэўнена, але на яго амаль не звярталі ўвагі, і ён выглядаў лішнім.

Карнікі разгортваліся фронтам у хвойніку, па якім паралельна паляне праходзіла дарога, і як толькі іх разведчыкі заляглі, адтуль паказаліся густыя ланцугі пяхоты. Ланцугі радзелі, набіралі пэўны інтэрвал. Наперад рыўком высунуліся групы мінамётчыкаў і станкавых кулямётаў. Пасля ўсё гэта ў строгім парадку рушыла па паляне.

— Пужаюць, віншую! — няпэўна сказаў Воранаў, але твар у яго пасвятлеў.

«А ён жа радуецца,— падумаў Зімчук.— Чаго?»

З пісталетам у руцэ ад пярэдняга ланцуга аддзяліўся афіцэр і пабег да разведчыкаў. Насустрач яму з сярэдняй групы ўзняўся яфрэйтар. Ён выцягнуўся, але павярнуўся да афіцэра толькі ў паўабарот, не адважваючыся стаць спіной да лесу. Калі афіцэр наблізіўся, яфрэйтар казырнуў і стаў нешта дакладваць.

«Чаго ён марудзіць?» — зноў падумаў Зімчук і паглядзеў на Воранава.

Камбрыг навобмацак адкрываў калодку з маўзерам. Вочы ў яго рабіліся калючымі. Рысы твару завастрыліся. Цяпер для яго ва ўсім свеце асталіся толькі двое — ён сам і нямецкі афіцэр, ды яшчэ хіба вострае адчуванне часу — калі пачынаць.

— Во калі!..— магчыма, нават сабе сказаў ён.— Кропка!

Без калодкі, проста з рукі, ён прыцэліўся і стрэліў.

Афіцэр схапіўся за грудзі, зрабіў да яфрэйтара няцвёрды крок і, скурчыўшыся, упаў яму пад ногі. Збоку можна было падумаць, што ён хацеў ударыць падначаленага галавою, але пакаўзнуўся і бразнуўся тварам на зямлю.

Узнялася страляніна.

У першую хвіліну сярод трэску і гулу нельга было вылучыць ні вінтовачных стрэлаў, ні захлёбістых чэргаў. Усё трашчала, ірвалася.

Ланцугі немцаў, быццам на іх наляцеў парыў гарачага з сыпучым пяском ветру, спыніліся і заляглі. У неба ўзляцелі зялёныя і чырвоныя ракеты. Паміж разведчыкамі і лініяй абароны партызан разарваліся першыя міны. Ад іх на зямлі асталіся агідныя алавяныя плямы. Па паляне пацягнуліся пасмы шызага дыму.

Паявіліся раненыя. Іх выносілі нагінаючыся, старанна абыходзячы кусты і дрэвы. Пранеслі бледнага са сцятымі губамі кулямётчыка. «І загар некуды падзеўся»,— мільганула ў галаве ў Зімчука, і яму да слёз стала шкада параненага. Правялі рыжага хлопца з групы Яшы Зарэцкага. Потым яшчэ, яшчэ. З нейкай асаблівай беражлівасцю пранеслі забітага.

А страляніна ўсё не спынялася. Яна толькі то занепадала, то займалася з новай сілай. У час адной з такіх успышак з хвойніку зноў узняліся ў неба тры, на гэты раз белыя, ракеты. Але ланцугі ніяк не рэагавалі на іх. Відаць, сігналілі не тым, хто быў на паляне.

— Эх, калі б нам ракеты, пераблыталі б ім кухню,— заўважыў Воранаў.

Немцы набліжаліся. Але кожны раз, як яны падымаліся для перабежкі, на зямлі аставалася ляжаць некалькі постацей. Прыціснутыя да зямлі, немцы стралялі ўсляпую, часта ўгору або проста перад сабой. Іх кулі прашывалі грудкі зямлі і рыкашэцілі. Многія былі разрыўныя. Крануўшыся галінкі або коласа здзічэлага жыта, яны з трэскам рассыпаліся, як батаўскія слёзкі. Перабежкі рабіліся ўсё радзейшымі і ўсё больш млявымі. Нарэшце, дакаціўшыся да пэўнага рубяжа, немцы заляглі і ўжо не падымаліся.

Воранаў выцер пот з ілба і смачна вылаяўся:

— То ж бо то, язві іх у душу!

— Узмацні флангі і назіранне за імі,— параіў Зімчук.

Воранаў нецярпліва перасмыкнуў плячыма, збіраючыся кінуць у адказ нешта рэзкае, але стрымаўся.

— Гэта правільна,— астываючы, сказаў ён.— Мабыць, дэманстрацыя адмяняецца. А па-вашаму як?

Ён павярнуўся да Міхала Шарупіча, але сустрэўся позіркам з Краўцом. Той стаяў па стойцы смірна. У дзёрзкіх зеленаватых вачах гойсалі агеньчыкі.

— Дазвольце далажыць? — запытаўся ён.

— Што там яшчэ? — міжволі адчуваючы неспакой, утаропіўся на яго Воранаў.

— Па дарозе з Селішча ідзе калона ў сто чалавек.

— Сюды?

— Так точна.

Воранаў пацягнуўся да планшэткі, за вушкі якой быў прымацаваны компас, але тут жа махнуў рукой.

— Я думаю, варта рызыкнуць, таварышы?

— Правільна,— падтрымаў Міхал Шарупіч.

— Тады вось што,— звярнуўся Воранаў да Краўца,— бяры сваіх арлоў — і на дарогу. Калі ўправішся, зрабі ім сустрэчу. Калі не, атакуй у спіну. Выконвай!

Ён павярнуўся зноў да паляны і непрыхільна, магчыма як ніколі ў жыцці, паглядзеў на даволі высокае сонца.

 

Раздзел пяты

 

1

Месца для шпіталя выбіраў сам урач Барыс Паўлавіч Стахаў. Энтузіяст і дзівак, ён, як і шмат хто з людзей малапрактычных, але дзейсных, трапіўшы ў атрад з Мінска, перажыў паласу фантастычных пражэктаў. Спачатку ён доўга марыў пабудаваць надзейны шпіталь-тайнік і пакутліва думаў, як спалучыць гэта з вандроўным жыццём атрада. Затым яму пачало здавацца, што ва ўмовах партызанскай барацьбы шпіталь павінен быць баявой адзінкай і прымаць удзел у агульным змаганні. У гэтым кірунку Стахаву нават удалося ўжыць сякія-такія захады. Пачаў ён з таго, што раненых, якія траплялі з іншых атрадаў, нелегальна абкладаў чыншам і спаганяў яго нязменнай партызанскай манетай, якой рабіліся ўсе разлікі,— толам, боепрыпасамі, зброяй. Яму ўдалося стварыць невялікую групу падрыўнікоў і аднойчы схадзіць з імі на чыгунку. Аднак і тут яго спасцігла няўдача. Пасля даволі бурнай гаворкі з Воранавым яму прыйшлося спыніць сваю дыверсійную дзейнасць. Тады ён пачаў наведваць навакольныя вёскі, лячыць хворых, прымаць роды.

— Вы разумееце,— захоплена гаварыў ён медсястры Зосі Крывіцкай,— куды і чаго мы ідзём? Нам выпадае шчасце прымаць чалавека. Так, так! І запомніце, такога, катораму, калі не скажа маці, будзе і неўпрыцям, што першыя рукі, якія дакрануліся да яго, былі рукамі лясных эскулапаў.

Каб схаваць ад насельніцтва месца размяшчэння шпіталя, Стахаў далёка на ўзлеску выстаўляў вартавых. Да іх і звярталіся шматлікія яго пацыенты. Сюды ж яны неслі раненым мёд, сушаныя чарніцы, маліну. Калі ж у атрадзе «Барацьба» паявіўся спецыяльны «раённы» ўрач, прысланы з мінскага гета, Стахаў быў вымушаны абмежавацца шпіталем і зноў пачаў весці спыненыя вайной назіранні за хворымі з раненнем чэрапа. Іх ён сам беражліва насіў на самаробны аперацыйны стол і, забыўшыся пра ўсё на свеце, таямніча чарадзейнічаў над імі.

Шпіталь знаходзіўся сярод балота, на невялічкай выспе-ўзгорку. Пад стромкімі высокімі соснамі і елкамі кусціўся густы арэшнік. Тут заўсёды панавала дрымотная цішыня. Да самага поўдня трымалася ранішняя свежасць і на папараці жыла раса. Затое ўдзень і аж да самага золку паветра было цёплае, густое, быццам настоенае на смале-жывіцы. Толькі часам ад балота павявала халоднай вільгаццю.

Таму тут, на ціхай маленькай выспе, энергічнаму Стахаву, чыя натура настойліва патрабавала ўсё новых абсягаў дзейнасці, здавалася, што яго ўдзел у вялікіх падзеях нязначны. І, нягледзячы на тое, што ў атрадзе бязмежна верылі ў цудадзейную сілу стахаўскіх рук і бласлаўлялі іх, пачуццё віны перад тымі, каму ён гаіў раны, не пакідала яго.

Увесну Стахаў захапіўся прафілактычнымі мерапрыемствамі. Ён арганізаваў і правёў курсы санінструктараў. Звязаўшыся са знаёмымі, што асталіся ў Мінску і працавалі ў бальніцах, набыў антытыфусную вакцыну і першаму прышчапіў яе сабе. Ён дні тры хадзіў, нібы да нечага прыслухоўваючыся, а потым, усцешаны і прасветлены, накіраваўся да Воранава.

Нават на знешнім выглядзе шпіталя адбіліся пошукі Стахава. Па балоце да выспы былі пракладзены кладкі. Там, дзе гэтая своеасаблівая грэбля з дзвюх жэрдак упіралася ў выспу, было выкапана старанна замаскаванае кулямётнае гняздо. Па той бок кладак і тут, ля кулямётнага гнязда, стаялі вартавыя. У час трывогі трэці вартавы-назіральнік залазіў на самую высокую елку і адтуль сачыў за наваколлем. Восем невялікіх зямлянак, па чатыры насупраць адна адной, утваралі як бы вуліцу. Але ўваходы ў зямлянкі былі не ад вуліцы, як звычайна, а з супроцьлеглага боку. Ад іх да самага берагу выспы цягнуліся хады зносін, па якіх пры патрэбе ўсе, хто мог трымаць зброю, выходзілі да акопаў і займалі кругавую абарону.

Шпіталь жыў прызвычаеным, размераным жыццём.

Пад’ёмы, абходы, снеданне, абед, вячэра, сонечныя ванны дзеля тых, хто ачуньваў, адбой графілі суткі з дакладнасцю да адной хвіліны. Самым акуратным чынам запаўняліся гісторыі хвароб, тэмпературныя лісткі, кніга назначэнняў.

Сёння ж Барысу Паўлавічу хацелася быць асабліва пунктуальным. У адной з зямлянак ляжаў лётчык — малады хлопец з адкрытым мужным тварам. Ён прынёс у жыццё шпіталя сваё, незвычайнае: людзі, якія акружалі яго, пачалі старацца быць лепшымі. Гэта здарылася не таму, што хлопец належаў да слаўнага крылатага племені ці вызначаўся якімі-небудзь асаблівымі якасцямі. Нават і не таму, што абставіны, пры якіх ён выратаваўся, былі выключнымі. Не! Лётчык быў адтуль — з Вялікай зямлі!..

У белым халаце і бальнічнай шапачцы Стахаў крочыў паўз зямлянкі. За ім ішла медсястра. Па іх халатах прабягаў лёгкі, як марозная мярэжа на шыбах, цень.

— Вы сёння крыху затрымаліся, Зося,— упікнуў медсястру Стахаў і нездаволена зірнуў на гадзіннік.— Гэта недаравальна. Раненыя — раўнівы народ. Яны не любяць, каб на іх забываліся.

— Я забавілася з бялізнай,— адказала сястра, а сама падумала пра тое, што хвалявала яе: «Няўжо ён так і не зайшоў у зямлянку. Які ўпарты і цяжкі чалавек. Яму ні да каго няма справы».

— Калі не ўпраўляецеся, прыцягвайце да работы Урбановіча. Можна і Рунца. Калі разумны, не пакрыўдзіцца. Яны амаль здаровыя. Дый наогул варта скарыстоўваць найбольш дужых. Хай памагаюць. У партызанскіх умовах гэта не грэх.

— Добра,— згадзілася сястра і, зірнуўшы на крайнюю зямлянку, сярдзіта падумала: «Ну, вядома, так і ёсць — сядзіць. Ён табе паможа, калі сябе толькі і любіць».

Каля крайняй зямлянкі Стахаў спыніўся і нахмурыўся.

На калодцы, ля дзвярэй, адкінуўшы назад галаву, сядзеў Рунец. У руках ён трымаў гітару і, сам забыўшыся, што грае, ледзь-ледзь перабіраў струны. Аднастайныя сумныя гукі раставалі ў паветры. Вочы ў Рунца былі заплюшчаныя, змучаны твар здранцвелы. Так бывае, калі чалавек прыслухоўваецца да сябе.

— Чаму вы не ў палаце? — з дакорам спытаў Стахаў і строга зірнуў на медсястру.

Зося сумелася і хутка падышла да Рунца.

— Васіль Раманавіч, я ж вас папярэджвала, што зараз абход. Трэба ісці ў зямлянку!

— Навошта?

— Хіба вы не ведаеце.

— А я ўжо казаў табе, што здаровы і ніякіх абходаў мне не патрэбна. Выпісвайце мяне адсюль. Чуеце, доктар? Надакучыла. Вашы мікстуры і перавязкі мне супроцьпаказаны ўжо.

— Магчыма,— нечакана згадзіўся Стахаў.— Але пра гэта пагаворым пазней. А зараз ідзіце ў палату.

— Пакіньце мяне ў спакоі. Я камуніст, доктар, камандзір, хоць і не ваш. Сам ведаю. Ясна?

Рунец устаў з калодкі і, паклаўшы гітару на плячо, падаўся між елак да берагу балота.

— У шпіталі ёсць адзін камандзір — я,— кінуў яму ўслед Стахаў і ўвайшоў у зямлянку.

Пасля сонечнага святла ў зямлянцы амаль нічога не было відаць. Але Стахаў, не затрымліваючыся ля парога,

Тут Стахава і знайшоў веставы са штаба. Калі ён увайшоў, праз адчыненыя дзверы ў зямлянку разам з ім уварвалася далёкая, прыглушаная адлегласцю, ружэйна-кулямётная страляніна.

 

2

Пакідаць шпіталь, яго маёмасць цэлымі Стахаў палічыў немагчымым. Не падымалася рука і паліць яго. Дым мог прыцягнуць і ўвагу карнікаў. Таму абралі нешта сярэдняе — ператварыць шпіталь у пастку.

Мініраваць зямлянкі, падыходы да іх Стахаў даручыў Рунцу і Урбановічу. Яны былі адзіныя ў шпіталі, хто ведаў гэтую справу. Дый Рунец, каб давесці нешта сваё, сам напрасіўся на гэта. На ўсякі ліхі выпадак пры іх аставалася і Зося. Адвёўшы яе ўбок, Стахаў, папраўляючы пенснэ, не зусім упэўнена сказаў:

— Вам прыйдзецца адыходзіць апошнім. Пакідаць шпіталь на гвалт і здзек — злачынства. Знойдуць фатографа — гэтых аматараў у іх хапае — і разнясуць на цэлы свет. Гордасць, чорт пабяры!.. Сачыце за Рунцом, рана ў яго яшчэ крывавіць. І наогул... Як управіцеся, ідзіце ў лагер па нашых слядах. Так лепш. А кладкі замініруйце.

— Шчаслівай дарогі,— сказала Зося, і ёй захацелася плакаць.

— Ды глядзіце, каб не затрымліваліся... Майце на ўвазе, што вас чакаюць.

— Я разумею, Барыс Паўлавіч, так, вядома, трэба,— нясмела прамовіла Зося і працягнула ўрачу пашпарт.— Вазьміце, калі ласка... Там перадасцё...

Стахаў сярдзіта падняў вочы.

— А я вас не разумею,— суха сказаў ён.— Калі ў вас няма асаблівага жадання аставацца, можаце памяняцца са мной.

— Выбачайце,— папрасіла Зося і, нахіліўшы галаву, пайшла да Урбановіча і Рунца, якія рыхтавалі толавыя зарады.

Найбольш слабых раненых паклалі на насілкі. З вялікім арэхавым кіем і рукзаком за плячыма Барыс Паўлавіч пакрочыў да балота першым. За ім рушылі астатнія. Абыходзячы дрэвы і кусты, яны змейкай расцягнуліся па схіле выспы.

Зося праводзіла іх позіркам. Ёй прыйшла страшная думка, што гэты ланцужок людзей нагадвае пахавальную працэсію.

— Няўжо не выбрацца нам? — ледзь не заплакала яна.

— Адкуль ты ўзяла? — здзівіўся Урбановіч — бялявы шыракаплечы асілак у вялікіх плытагонскіх ботах.— Якая тут небяспека? Глупства. Дзе тыя немцы? Уга! А калі і сапраўды што — адседзімся ў балоце.

Зося любіла жыццё, ганарылася сваёй прыгажосцю, маладым стройным целам і радавалася ўсякай праяве жыцця. Яна імкнулася закахаць у сябе нават раненых, за якімі даглядала. І хоць ёй шмат даводзілася бачыць, як паміраюць людзі, яна ніяк не магла выпрацаваць у сабе прафесійных адносін да смерці. Кожны раз, калі па шчацэ чалавека, які паміраў, скочвалася перадсмяротная, чамусьці абавязковая, сляза, дзяўчына халадзела і сціскалася. І вось цяпер гэтая выціснутая ўздрыгам усяго цела сляза ўсплыла ў яе ўяўленні.

— Як гэта няма небяспекі,— запярэчыла яна і са здзіўленнем звярнула ўвагу на тое, што Урбановіч, спраўна мініруючы лапінку каля сцежкі, перасоўваецца з месца на месца на каленях і адначасова сашчыквае спелыя суніцы, якія трапляліся пад рукі.

Умела маскіруючы міну, ён разважаў:

— Кожны, хто паважае сябе, і на вайне павінен быць крыху работнікам. Вось у чым справа, Зося. Тады ўсё прасцей будзе.

— Але ж нельга не думаць аб сабе.

— Вядома, нельга...

Рунец мініраваў зямлянкі. Міны ён ставіў у самых нечаканых месцах: пад прыступкамі, пад самымі вокнамі. Рабіў гэта прагна, час ад часу выціраючы з ілба пот. Гімнасцёрка на спіне прамокла наскрозь.

— Рабацёнка,— загаварыў ён, калі Зося наблізілася да яго.— Дазволена памыляцца адзін раз. Вось як! Гэтая медная фінціклюшка,— ён паказаў Зосі запал,— і тая, як кажуць, каштуе мінёру двух пальцаў і аднаго вока.

— Боязна, Васіль Раманавіч?

— Яшчэ што скажаш...

Перш чым рушыць у дарогу, яны селі на цёплыя макраватыя грудкі моху. З асаблівай вастрынёю адчулі, што на гэтай закінутай сярод балот выспе-ўзгорку іх толькі трое, што астатнія ўжо далёка і, магчыма, дайшлі да лагера. Сядзелі моўчкі. Зося — расчырванелая, узрушаная, з вінаватымі вачыма. Рунец — вонкава безуважны і абыякавы. Упяўшы ў зямлю позірк, ён механічна скуб мох і расціраў яго на далоні. Але ноздры яго нервова варушыліся. Урбановіч жа сядзеў спакойна і ласкава гладзіў ствол карабіна.

— Хопіць, пайшлі,— праз хвіліну сказаў Рунец.

— Пайшлі,— згадзіўся Урбановіч і па-гаспадарску пачаў перавязваць матузкамі халявы вялізных ботаў. Калі ўсе зрабілі тое ж самае, ён устаў, развітальна памахаў шпітальным зямлянкам і, старанна абыходзячы замініраваныя мясцінкі, накіраваўся да балота.

Спачатку дарогу выбіралі, пераскоквалі з купіны на купіну. Потым — пайшлі нацянькі.

Ісці было цяжка. Ногі грузлі вышэй кален у трухлявым тарфяным месіве, якое, здавалася, цягнула кудысьці ў прорву. Пры кожным кроку са дна ўзнімаліся бурбалкі балотнага газу. Масляныя, вясёлкавыя, яны доўга трымаліся на рудой іржавай вадзе, а калі раптам знікалі, на іх месцы аставаліся мутна-чорныя кружочкі, акаймаваныя белай ніткай пены. Толькі Урбановіч з бесклапотна закінутым карабінам, у сваіх ботах плытагона, крочыў як на паляванне. Уважліва паглядаў навокал, на бясхмарнае высокае неба, часам — у той бок, адкуль чуліся прыглушаныя выбухі мін і кулямётная траскатня. Ён не замарудзіў хады і тады, калі, апісваючы прыгожую дугу, над лесам загарэліся няяркія пры дзённым святле тры белыя ракеты. Зялёная асака расступалася перад ім і шамацела, як бляшаная.

Ішлі адзін за адным — Урбановіч, Зося, Рунец. Зося глядзела на шырокую спіну Урбановіча, што ўпэўнена ківалася перад ёю, і, спакайнеючы ад аднастайнасці наваколля, думала: «Гэты не кіне. Выб’юся з сіл — возьме на рукі і панясе. Лёганька, жартуючы, і, хто ведае, можа, нават будзе рады, што трапілася такая ношка...»

Ад гэтай думкі зрабілася весялей. Непакоіў толькі Рунец, цяжкае дыханне якога чулася ззаду.

Калі выйшлі на бераг балота і, прайшоўшы крыху па лесе, напаткалі рачулку, Урбановіч, як бы спраўджваючы Зосіны думкі, сапраўды ўзяў яе на рукі і паволі пабрыў, гледзячы перад сабой. А яна, забыўшы на час усё і не стрымаўшы дзявочай гарэзнасці, у шчырай прыхільнасці некалькі разоў прытуліла яго вялікую галаву да грудзей. Радуючыся, істотай адчула, як уздрыгнулі рукі Урбановіча, і ён з яшчэ большай беражлівасцю панёс яе. Нават на тым беразе ён апусціў Зосю не адразу, а крыху прайшоўшы — відаць, шкадуючы, што наперадзе ўжо не было ні вады, ні гразі.

За рачулкай у Рунца адкрылася рана. У цёмных сумных вачах з’явіўся нездаровы бляск. Крыва ўсміхаючыся, як чалавек, які ведае, што ім могуць быць нездаволены, Рунец спыніўся.

— Тут нельга адпачываць, Васіль Раманавіч,— як бы просячы прабачэння, сказаў яму Урбановіч.— Блізка дарога... Трымайцеся, калі ласка.

Наморшчыўшы лоб, Рунец ступіў крокаў дзесяць, спаткнуўся і ледзь не ўпаў. Тады Зося палажыла яго руку сабе на плячо, і яны пайшлі ўдваіх — побач. І што за дзіва, замест непрыязнасці, якую яна звычайна адчувала ў шпіталі да фанабэрыстага, дробязнага ў прычэпках Рунца, узнікла прыхільнасць.

Страляніна ўжо чулася недалёка. Аднак усё яшчэ стваралася ўражанне, што яна перасоўваецца з месца на месца — то аддаляецца, заціхае, то зноў набліжаецца і мацнее. Адны выбухі мін аставаліся нязменныя — гулкія.

 

3

Па знаку Урбановіча яны заляглі ў прыдарожных кустах.

Малаўезджаная, з каляінамі, аброслымі сакавітай роснай травой, дарога пятляла паміж елак, кустоў арэшніку і праглядалася ўсяго на якіх пятнаццаць-дваццаць метраў. Сям-там калматыя галінкі елак нізка звісалі над ёй і сыходзіліся над самай сярэдзінай. Сюды ездзілі вельмі рэдка і то толькі па стромкія елкі для ніжніх вянцоў ці грабавы вырастак-полаз. На ваенных картах такія дарогі абазначаліся тонкім пункцірам і звычайна цікавілі адных разведчыкаў. Але так было раней. Цяпер магістральныя шляхі вайны праходзілі ўсюды — і па невядомых няходжаных пуцявінах і сцежках.

І вось там, дзе дарога знікала за кучаравай купкай арэшніку, Зося пад нізка навіслымі яловымі галінамі ўбачыла некалькі пар ног у салдацкіх ботах, за халявамі якіх былі заткнуты ражкі ад аўтаматаў. Каб разгледзець лепш, яна прыпала да зямлі, але больш так нічога і не ўгледзела, пакуль салдаты і паліцай не вынырнулі з-пад лапак. Яны ішлі подбегам, без шынялёў і нават маскхалатаў. Паліцай бег каля самых кустоў, чапляючыся за галінкі і не заўважаючы гэтага. Якраз насупроць Зосі галінка сцебанула яго па твары. Адкінуўшы галаву, ён інстынктыўна тыльным бокам далоні, як выціраюць пот з ілба, правёў па вачах і спыніўся. Яе ўразіў ягоны твар — скуласты, з трахомнымі, нібы прарэзанымі асакою, вачыма і калмыцкімі прылепленымі вусікамі. Салдат, які бег за паліцаем, падштурхнуў яго. Не азірнуўшыся, толькі ўвабраўшы галаву ў плечы, той маргнуў і пабег далей.

— Галаўная разведка,— шапнуў Урбановіч, калі салдаты і паліцай схаваліся за наступнай павароткай.— Неўзабаве паявяцца астатнія. Хутчэй!

Зося ўскінула руку Рунца сабе на плячо і, прытрымліваючы яго за паясніцу, выйшла з кустоў. Навакольны свет адразу звузіўся. У ім не стала ні карункавага ценю ад дрэў, ні шурпатых, гаркаватых на смак, арэхавых лісточкаў, ні грыбнога водару нагрэтай сонцам зямлі. Зніклі і гукі. Асталіся толькі дарога, за ёй — кусты ды ўдары ўласнага сэрца.

Так Зося перайшла вузкую палоску дарогі. Але калі пустата асталася ззаду і адчуванне вялікасці свету пачало вяртацца да яе, зрэзаныя аўтаматнай чаргой яловыя лапкі ўпалі каля Зосіных ног. Тузаючы Рунца, яна пабегла. Зноў удары ўласнага сэрца, што балюча аддаваліся ў скронях і вушах, засланілі ўсё.

Праз крокаў сорак дзяўчына з жахам адчула, што Рунцова рука, якая абдымала яе шыю, слабее, калені яго падгінаюцца, і ўсё цела, раптам страціўшы пругкасць, паволі пачынае асядаць. У роспачы яна падхапіла яго пад пахі, моцна скаланула і, адступаючы спіной, пацягнула за сабою да хмызняку. Цяпер Зося аказалася тварам да дарогі і заўважыла Урбановіча. Той быў даволі блізка. Перабягаючы ад аднаго да другога дрэва, ён адстрэльваўся ад нябачнага ворага. Але адступаў Урбановіч не да іх — бліжэй к хмызняку, а амаль у супроцьлеглы бок, туды, адкуль чуліся грымоты бою...

«Адводзіць»,— здагадалася Зося, і хваля гарачай удзячнасці наплыла на сэрца.

 

Урбановіч сапраўды намысліў прыняць удар на сябе. План у яго быў вельмі просты — затрымаць крыху гітлераўцаў, даць Зосі і Рунцу магчымасць незаўважанымі схавацца ў зарасніку, а потым адвесці немцаў як мага далей. Аб сабе ён не турбаваўся, хоць уяўляў небяспеку. Так было, мусіць, таму, што адчуваў сябе здаровым і моцным, а таварышы былі слабыя, амаль бездапаможныя. Патрэба збавіць Зосю, зняможанага Рунца вяла яго, ёй Урбановіч і падпарадкаваўся.

Перабягаючы ад дрэва да дрэва, ён адначасна назіраў за таварышамі. Убачыўшы, як Рунец пахіснуўся і пачаў асядаць на зямлю, Урбановіч рашуча насунуў шапку на бровы і спыніўся. Шчыльна прытуліўшыся да цёплай меднастволай хвоі, ён старанна цэліўся і спускаў курок толькі тады, калі вастрыё мушкі ўзнімалася да грудзей падрыхтаванага да перабежкі ворага. Кулі свісталі каля яго, шчапалі ствол хвоі, а ён цэліўся і страляў, адчуваючы шчакой цеплыню дрэва.

Спачатку немцы спадзяваліся ўзяць яго жывым. Яны нешта крычалі яму. Прымушаныя ж разгарнуцца і залегчы, адкрылі шалёную страляніну. Ратавала толькі тое, што большасць не бачыла Урбановіча і вяла агонь наўздагад, арыентуючыся па ягоных стрэлах. Калі ж ён спыніўся ля хвоі і выстраліў з-за яе некалькі разоў, прыцэльнасць узрасла. На пятым, а магчыма, на дзесятым стрэле Урбановіч заўважыў, што на верхнім вейку ў яго павісла і дрыжыць чырвоная кропля. Ён змахнуў яе, правёў рукою па лбе і зірнуў на далонь. Далонь была ў крыві.

Паміраць ён не збіраўся. Прыгнуўшыся, Урбановіч упаў у папараць і папоўз па-пластунску. Дапоўзшы да бярозак-спарышоў, падняўся зноў і пачаў страляць ужо з калена, наліваючыся ўпартасцю.

 

Зосі даводзілася таксама цяжка. Рунец цераз сілу перасоўваў ногі, дыхаў ёй у грудзі і пры кожным кроку балюча штурхаў галавою ў падбародак.

Нарэшце ён знясілеў зусім і бездапаможна апусціўся па калені.

— Хопіць... усё адно канец... Кідай! — папрасіў ён.

— Трымайцеся, Васіль Раманавіч! Так нельга. Як жа я вас кіну? — з роспаччу зашаптала дзяўчына і, быццам жадаючы гэтым удыхнуць у яго сілы, упрашальна пацалавала ў халодны спацелы лоб.

Не, цяпер яна не магла кінуць Рунца. Усё, чым жыла Зосіна істота, былі пошукі паратунку, выйсця з гэтага жаху. А выхад быў адзін. І тады страх і прага жыцця падхапілі яе, памаглі падняць Рунца на спіну і пабегчы.

Яна данесла яго да вывернутай з карэннямі елкі і ў знямозе, разам з ім, потарч упала ў яму. Аднак болю Зося не адчула. Наадварот, ёй зрабілася лёгка. Холад вільготнага жвіру безліччу струменьчыкаў бруіўся з зямлі. Яна прыпала да зямлі шчакою і сцішылася. Але тут, дзесьці на грані забыцця і явы, яе раптам скаланула думка пра Урбановіча. Зрабіўшы намаганне, Зося прыўзнялася.

Праз сетку карэнняў, на якіх наліплі дробныя кавалачкі шызага глею, яна ўбачыла яго. Хлопец ляжаў ніцма, як раскрыжаваны на зямлі, уткнуўшы галаву ў купку верасу. Зося адчула (іменна адчула, а не падумала, бо гэта з’явілася не як думка, а як боль), што вось так калісьці ў Крыме паміралі ўзятыя белымі ў палон чырвонаармейцы. Іх прывязвалі за рукі і ногі да колікаў у тым месцы, дзе толькі што паказаўся востры каўпачок бамбукавага парастка. Бамбук рос з казачнай хуткасцю. Ён працінаў жывое цела, ірваў яго, і па парастку спачатку па кроплі, а потым цурком бегла гарачая кроў паміраючага чалавека. Зосі стала страшэнна шкада Урбановіча, Рунца, сябе і вельмі, вельмі не хацелася паміраць. Чым яна паможа, хоць там і таварыш, блізкі чалавек, якога так старанна месяц даглядала ў шпіталі? Ён, магчыма, нават кахаў яе, бо аднойчы сказаў, што шпітальныя рэчы слухаюцца Зосю, як жывыя істоты, і зэдлік, калі б яна ласкава паклікала, дробна перабіраючы чатырма ножкамі, паслухмяна патупаў бы да яе. Але...

Галёкаючы, некалькі нямецкіх салдат хутка набліжаліся да Урбановіча. Пагражаючы аўтаматамі, як дручкамі, яны патрабавалі, каб ён адкінуў ад сябе карабін. Крыкі як бы падштурхнулі хлопца. Ён заварушыўся і паспрабаваў устаць. Салдаты спыніліся.

У гэты момант аднекуль збоку паласнула кулямётная чарга. Была яна гняўлівая, злосная і доўгая. Тры нямецкія салдаты ўпалі. Урбановіч, які, абапіраючыся на рукі, узняўся ўжо на адно калена, раптам падаўся наперад, быццам хацеў напіцца з крыніцы, і рынуўся грудзьмі на зямлю. Трацячы прытомнасць, бяссільна асунулася на дно яміны і Зося. Шалёнай, узнятай навокал перастрэлкі яна ўжо не пачула.

 

4

Апрытомнела Зося толькі ўначы. Проста над ёй вісеў залаты рог маладзіка. Чысты, ясны, аранжавы на самым ражку, ён гойдаўся на калматай яловай галінцы, а за ім, на некаторай адлегласці, цямнела сіняе зорнае неба. Потым яна заўважыла Рунца. Заліты блакітным святлом месяца, ён самотна сядзеў на краі яміны. Зося доўга глядзела на згорбленую постаць таварыша па няшчасцю і думала пра Урбановіча. І дзіўна — яна не магла паверыць, што яго больш няма, што яна ніколі не сустрэне яго.

Здзіўляючыся, што пры гуках яе голасу Рунец уздрыгануўся, Зося спытала:

— Хадзілі да яго, Васіль Раманавіч?

— Хадзіў.

— Ну?

— Няма нідзе. Мусіць, забралі з сабою.

Зося ўскочыла і схапіла Рунца за плечы.

— Як няма?

— Вельмі проста,— ухмыльнуўся ён і скрывіўся ад болю.— Пячэ як агнём. Халера на яе. Аж уваччу горача. Так што ісці не здолен. Чорт!

У гэтых словах пра ўласную слабасць было нешта зняважлівае. Зося моўчкі вылезла з яміны і адна, не аглядаючыся, паплялася да таго месца, дзе павінен быў ляжаць Урбановіч.

У слабым святле месяца лес выглядаў зусім незнаёма. Цьмяна паблісквалі ствалы непамерна высокіх хвой, і стаялі яны, здавалася, не там, дзе ўдзень. Адмысловымі карункамі слаліся цені. Адусюль — ад кустоў, ад дрэў — насоўвалася цемень. Парушылася і ранейшае ўяўленне аб адлегласці. І Зося ніяк не магла знайсці ўзгорачак, парослы верасам. Ды і верасу нідзе не было. Усюды, куды ступала нага, яна трапляла ў мяккі мох.

Калі Зося вярнулася да вываратня, Рунец, як і раней, сядзеў на краі яміны. Таксама моўчкі яна памагла яму зняць кашулю і перавязала рану.

— Пойдзем у Ляды,— як аб канчаткова вырашаным, нарэшце сказала яна.— Там даведаемся, дзе нашы. У мяне ў вёсцы знаёмыя ёсць. А тут нельга. Могуць прачосваць. Ну!..

Дарогай ісці было небяспечна, і яны пайшлі лесам, з цяжкасцю прабіраючыся праз нейкі страшэнны гушчар. Потную шыю і рукі балюча драпалі галінкі. На твар наліпала цёплае павуцінне. Часам, калі ўзнікала сумненне, ці не заблудзілі, яны бралі крута ўлева, выходзілі на дарогу, але праз хвіліну, аддыхаўшыся, зноў падаваліся ў лес.

На золку падышлі да Лядаў.

Шэрыя абрысы будынкаў і прысад невыразна цямнелі ў досвітным змроку. Над лагчынкай, што пралягала паміж лесам і вёскай, нізка нерухомым абрусам вісеў туман. Сям-там з яго вытыркаліся верхавіны кусцікаў і нават мяцёлкі конскага шчаўя. Агорнутыя вільготнай свежасцю, Зося і Рунец увайшлі ў лагчынку і па пояс пабрылі ў тумане. Ён адразу загойдаўся і, узнімаючыся за спіной хвалямі, пацягнуўся следам.

Ля агародаў яны спыніліся. Прыслухаліся. Цішыні не было. Час ад часу чуліся прыглушаныя гукі, нібы нехта рыпаў брамкай, шархацеў саломай. Блытаючыся нагамі ў росным бульбяніку, яны разорай усё ж падаліся да хаты.

На ганку, у чорным прастакутніку адчыненых дзвярэй, бялела жаночая постаць. Паклаўшы галаву на калені і абхапіўшы ногі рукамі, жанчына нерухома сядзела на парозе. Зося пазнала яе.

— Лізавета,— паціху паклікала яна.

Жанчына расчапіла рукі і падняла галаву.

— Ну,— зморана адказала яна, як бы гукалі яе ўжо не раз і падыходзілі не ўпершыню.

— Гэта я, Крывіцкая... З доктарам да вашага Лёніка прыходзіла.

— А-а, сястрыца! — узрадавалася жанчына і сышла з ганка.— У нас пярэпалахі. Адвячоркам вашы папярэдзілі, дык мы транты цэлую ноч закопвалі, а цяпер дзяжурым. У выпадку чаго — у лес... Хто-ніхто ўжо цяпер упрочкі падаўся. А вы ўдваіх толькі?

— Аднаго забілі. Недалёка ад вялікай паляны, каля Селішчанскай дарогі... Урбановіча.

— Гэта здаровага такога?

— Ага.

— А астатнія?

— Не ведаю. Мы са шпіталя апошнія ішлі.

Не заўважыўшы ў Рунца зброі, Лізавета спахмурнела і без асаблівай ахвоты правяла іх у хату, прынесла з сянец гладыш малака, акраец хлеба. Радасць у яе саступіла месца абыякавасці.

— Выбачайце, сілкавацца па чарзе прыйдзецца — усе шклянкі пахавала. Конаўка вось адна, калі ласка. А пад’ясце — спіце спакойна. Я падзяжуру. Калі што якое, ратавацца разам будзем. Лес жа, ён вось, недалёка, а нашы верхам аж пад самое Зарэчча і Селішча выехалі. Не акружаць.

Каля самых дзвярэй Лізавета затрымалася і нечакана спытала:

— А таварыша пахавалі?

— Не знайшлі яго...

— Не знайшлі... А-а-а! Заўтра суседу скажу — сходзіць...— і, не хаваючы ўжо непрыязнага тону, дадала: — Я вас папрашу, таварышы, заўтра на вочы людзям не паказвацца. Не тое, каб у нас там здраднікі. Не. Але нядобра, калі людзі будуць вас без зброі бачыць. Хопіць, нагледзеліся на сваіх, калі адступалі...

Выпадала так, што Зосі часта даводзілася схіляцца над чужым горам. Таму яна зразумела гаспадыню — Лізавеціна сэрца да краёў поўна ім, і ў словах дакору выліўся нясцерпны лішак яго. Наадварот, Рунец убачыў у гэтым здзек. Пакрыўдзіла і тое, што Лізавета не ведала яго, камандзіра атрада. Усхапіўшыся з лавы, ён выплюхнуў недапітае малако з конаўкі і стукнуў кулаком па стале.

— Чаго ты кпіш? Што пляцеш? — крыкнуў ён і, схапіўшыся за каўнер кашулі, распаласаваў яе напалам.— На, глядзі, дзяжурная, глядзі, калі не бачыла ран! Думаеш, мы зброі не носім і паміраць нам страшна? Чорт!

Зося падскочыла да яго, абхапіла за шыю:

— Годзе, Васіль Раманавіч, годзе! Супакойцеся. Яна ж так... Нельга злаваць на яе.

— Не магу, Зося! Знайшла з каго кепікі строіць — збавіцелька! Лепей ужо з голаду здохнуць, чым у яе па чарзе малако піць.

Падбегла і збянтэжаная Лізавета.

— Эх! — махнула яна рукой і таксама ўзяла Рунца пад пахі.

Рунец амаль не супраціўляўся, але скрыгатаў зубамі і цёрся аб Зосіна плячо худым, даўно няголеным падбародкам. Калі ён крыху супакоіўся, жанчыны, не пазіраючы адна адной у вочы, павялі яго за шафу, дзе стаяў ложак, і паклалі на пасцель.

Хутка ён заснуў і захроп. Храп яго набягаў хвалямі. Ён нагадваў тое, як у склеп па дашчаным жолабе ссыпаюць з мяхоў бульбу.

 

5

Вайна для Рунца была неспадзеўкай, хоць ён часта гаварыў пра яе.

Не ведаючы, што рабіць, Рунец адмовіўся эвакуіраваць жонку і дачку з іншымі сем’ямі па чыгунцы, якую тады ўжо бамбілі, і затрымаў іх у мястэчку, ажно пакуль на вуліцах не з’явіліся адступаючыя часці. Тады, выбраўшы, як яму здавалася, найбольш бяспечны маршрут, ён накіраваў сям’ю з заводскай аўтамашынай на ўсход. Сам жа, выконваючы загад, астаўся дэманціраваць крухмальны завод, дзе быў дырэктарам.

Кіламетраў за трыццаць ад мястэчка машыну атакавалі нямецкія знішчальнікі. Нібы забаўляючыся, яны адзін за адным з розных бакоў пікіравалі на яе. У нейкім пункце шляхі іх перакрыжоўваліся, але яны не змянялі напрамку і стрымгалоў несліся па простай лініі да самых вяршалін дрэў. Таму адсюль, з зямлі, здавалася, што там, у паветры, знішчальнікі крэсляць вялізныя нажніцы.

Падхопленыя страхам, шафёр, жанчына і дзяўчынка кінуліся ў кювет. На дне яго валялася салома, і яны ўпалі на яе.

Пасля другога заходу знішчальнікаў загарэлася машына. Тая ж кулямётная чарга, якая падпаліла машыну, прастрачыўшы салому, прайшла каля самых ног дзяўчынкі. З саломы на роўнай адлегласці адзін ад аднаго ўзняліся бледныя, амаль нябачныя язычкі агню. Схапіўшы на рукі дачку, жанчына з шафёрам пабеглі прэч ад машыны. Лесам яны дайшлі да бліжэйшай вёскі. Тут ім далі падводу і харчы. Пажылы хворы старшыня калгаса параіў, як лепш ехаць далей.

Па глухіх прасёлкавых дарогах пашанцавала дабрацца да Беразіны. Следам за імі пасоўвалася і кананада. Аднак чым бліжэй яны падыходзілі да ракі, тым усё больш грымоты бою адыходзілі ўправа і ўлева, аддаляліся і нарэшце амаль сціхлі.

Разам з іншымі бежанцамі, якіх к гэтаму часу пабралася даволі многа, яны спыніліся ў прырэчнай вёсцы Броды. Заначавалі на вясковых могілках, каля драўлянай самотнай каплічкі, між пахілых замшэлых крыжоў і магільных, з дзікага камення, пліт. Разлічвалі, што бамбіць могілкі немцы не будуць.

Выдалася цёмная ветраная ноч. Усё наваколле танула ў густым змроку. Сама лінія небасхілу ўгадвалася толькі па блакітных падаючых зорках, якія, пакінуўшы на міг празрысты след і дасягнуўшы пэўнай мяжы, знікалі. Вецер налятаў парывамі. Ён гойдаў вяроўку ад каплічнага звона, і той адзываўся ціхімі сумнымі гукамі. Трывожна гулі верхавіны рэдкіх разгалістых хвой.

Хоць ад ракі цягнула свежасцю, агню не раскладалі. Усіх прыгнятала нязвыклая цішыня. Трывога яшчэ больш павялічылася, калі ў сіняй цемені неба пачулася гудзенне самалётаў. Здавалася, яны кружылі над самымі могілкамі. Кружылі доўга, як бы выглядаючы, што робіцца на зямлі.

Раніцой каля пераправы людзі ўбачылі нямецкага салдата-аўтаматчыка, а побач, на краі свежа выкапанага акопчыка, з недарэчна расстаўленымі ножкамі ручны кулямёт і дзве каскі...

 

Толькі напрадвесні Рунец даведаўся, што сям’я яго жыве ў дальніх сваякоў, у вёсцы з панурай назвай Мглё. Ён доўга вагаўся, зноў не ведаў, што рабіць, і нарэшце абмежаваўся тым, што напісаў жонцы ліст, дзе прасіў яе быць асцярожнай і берагчы дачку. Але ліст трапіў у рукі старасты.

Стараста прыйшоў да беднай жанчыны, калі яна клала дзяўчынку спаць. Ён цярпліва вычакаў, пакуль дзіця заснула, і толькі тады выцягнуў з-за пазухі ліст. Убачыўшы знаёмы почырк, жанчына збялела, зрабіла да старасты некалькі крокаў. Але ён памахаў толькі ля яе носа пальцам і схаваў ліст назад.

— Пане Вакульчык, дайце,— глытаючы слёзы, папрасіла яна.— Я вам аддзякую.

Не адказваючы, стараста стаў на калені ля ложка, падняў коўдру, якая звісала да падлогі, і стаў навобмацкі пароцца пад ложкам адной рукою. Жанчына паглядзела на яго набрынялую ад натугі шыю, скуласты з вусікамі твар, перакошаны ад таго, што шчыльна прытуліўся да ложка шчакою, і здагадалася:

— Вазьміце, пане Вакульчык, вазьміце,— сказала яна з надзеяй.

— Во гэта правільна,— ухваліў ён, крывячыся.— Хопіць гібець. Сама разумееш: узбіцца на гаспадарку цяжка, хоць і зямлі дадуць. А ты і так абыдзешся, табе не гаспадарыць.

Стараста памацаў чамадан, выцягнуў яго, адчыніў і, перабраўшы рэчы, выкінуў на падлогу дзіцячыя шкарпэткі і сукеначкі. Сама не ведаючы навошта, жанчына скоранька пазбірала іх і, прыціснуўшы да грудзей, пачала чакаць.

Яна яшчэ спадзявалася, бо тое, што бачыла і чула, было неверагодна. Свядомасць не нагаджалася: чалавек, які ўчора быў калгаснікам, які жыў з ёй аднымі законамі, дыхаў адным паветрам, мог так раптам зыначыцца. Не можа быць! Адкуль у яго з’явілася дзікае перакананне, што немцы прыйшлі сюды, каб даць яму магчымасць «гаспадарыць»? Адкуль наогул узялася страшная жорсткасць да другіх?! Убачыўшы, як стараста падаўся да дзвярэй, яна кінулася за ім.

— А ліст, пане Вакульчык? Як я буду, калі не ўведаю, што там напісана?..

Ён павярнуўся, калі ўжо ўзяўся за клямку, і з пагрозай прагугнявіў:

— А ты, мадамачка, падумай аб сабе самой. Падзякуй, што не данёс пакуль каменданту.

...Яе папярэдзілі, калі дзіця яшчэ не ўставала. Схапіўшы размораную сном, а таму цяжэйшую, чым звычайна, дзяўчынку, яна пабегла. У яе быў загадзя складзены план. І калі б іх заўважылі не ля загароды, калі жанчына на перасаджвала цераз яе дзіця, яны выратаваліся б. Пагрозлівыя крыкі не спынілі жанчыну. Перад ёй быў невялікі поплаў, далей вузкая палоска жоўтага пяску, рачулка і за ёй купчасты зараснік лазняку — паратунак. Яна памінула поплаў, палоску пяску, бадай што перабрыла рачулку, але тут спынілася, войкнула і, не выпускаючы з рук дзяўчынку, упала потарч. Ногі яе так і асталіся ў вадзе. Тыя, што гналіся следам, нават не палічылі патрэбным пераходзіць ручай і далі толькі некалькі чэргаў з аўтаматаў...

Рунец мог паслаць групу, якая б уначы ўзяла старасту і прывяла ў атрад. Але адчай і злосць так клекаталі ў ім, што ён, не сказаўшы нічога нават Зімчуку, знік з ардынарцам з атрада і падаўся ў Мглё.

Хата старасты стаяла ў канцы вёскі, недалёка ад грэблі, за якой цягнуўся густы ляшчэўнік. Жылаваты гаспадар пачаў ужо прыбудоўваць да яе трохсценак, але ўправіўся пакласці толькі тры-чатыры нізкія вянцы. Ужо здалёк Рунец абраў сабе акно — другое ад трохсценка, і ўвесь час, пакуль ішоў да хаты, глядзеў толькі на яго.

Цяжка сказаць, чаму ён упадабаў гэтае акно. Магчыма, таму, што яно не магло быць у кухні. На ім бялелі фіранкі і былі відны чырвоныя парасончыкі герані ды калючае лісце — парасткі альясу.

Паставіўшы да сцяны граблі, захопленыя на суседнім хутары, Рунец падышоў да акна, выціснуў левай рукой раму і адну за другой кінуў у пакой дзве гранаты — звычайную і супроцьтанкавую — кожны раз прыгінаючыся да прызбы. Ад другога выбуху ва ўсіх вокнах вылецелі шыбы, хата жаласна рыпнула і асела на адзін вугал. На сцяне, паміж першым і другім акном, з’явілася пухліна.

Потым Рунец убачыў трох.

Па дарозе да грэблі на вялізным рыжым кані без сядла ехаў немец. Пачуўшы выбух, ён спыніў каня і застыў, забыўшыся апусціць руку, якая фанабэрыста ўпіралася ў сцягно. З-за таго вугла, на які пахілілася хата, прыгінаючыся, выбег перапалоханы чалавек з шэрым скуластым тварам. Зірнуўшы на Рунца і ардынарца, ён пашарэў яшчэ больш і ўцягнуў галаву ў плечы. Следам за ім выскачыў сабака. Убачыўшы чужых людзей, сабака здзіўлена спыніўся і падаўся крыху назад. Поўсць на хібе ў яго ўзнялася, вочы наліліся крывёю. Са злым усхліпваннем, нібы нешта балюча сціскала яго глотку, ён уцягнуў паветра.

Праз момант усё прыйшло ў рух. Павярнуўшы каня, немец ударыў яго повадам, і шырачэзны конскі азадак з недарэчна кароткім хвастом завіхляўся аддаляючыся. Пятляючы, за ім кінуўся і стараста. Сабака захлынуўся паветрам, з натугай выдыхнуў яго і скокнуў. Калі здавалася, што ён горача дыхнуў прама ў твар, Рунец стрэліў з пісталета. Гэта ўратавала яго. Сабака ўзвізгнуў і, кусаючы сябе за лытку, закруціўся па зямлі недалёка ад Рунцовых ног. Ардынарац таксама стрэліў, толькі ў старасту. Той спаткнуўся, крануўся рукамі зямлі, але выпрастаўся і яшчэ хутчэй пабег уздоўж вуліцы.

Толькі тут яны заўважылі, што на іх глядзяць — з брамак суседніх двароў, з вокнаў. Рунец адштурхнуў яшчэ жывога сабаку нагой і, пераадольваючы жаданне пабегчы, паволі падаўся да грэблі. Прыкрываючы яго ззаду, пайшоў і ардынарац. Так яны ішлі, пакуль не схаваліся ў ляшчэўніку. Але далей пабеглі, прыслухоўваючыся да бязладнай страляніны ў вёсцы.

Роспач, выкліканая няўдачай, апанавала Рунца. І калі на ўзлеску яго і ардынарца раніла, ён бадай што ўзрадаваўся. А адпоўзшы ў кусты, падрыхтаваў пісталет і стаў чакаць.

Тут выпадкова і знайшла іх атрадная разведка «Штурма».

Надрыўны храп далятаў з-за шафы. Седзячы побач з Лізаветай, Зося ўяўляла шырока адкрыты рот Рунца і яго бяскроўны твар, на якім застыў выраз пакутніка.

— У мяне ўсё скамянела ў грудзях,— першая пачала гаворку пра іншае Лізавета.— Муж-нябожчык у сне прыходзіць. Наказвае: «Сына пільнуй!» А тут,— яна махнула рукой,— вунь што робіцца. Аж крыўдна! Хваліліся — нічога не страшна. Калі што-якое, ворага на яго зямлі будзем біць. Ні аднаго вяршка сваёй не аддамо. А як дайшло да справы, кінулі і на ўсход.

— Няможна так пра сваіх гаварыць,— спалохана запярэчыла Зося.— Што яны, назнарок адступілі?

— Няхай. Але было праўды не хаваць, як ад маленькіх. Мо тады і мы іначай бы сябе падрыхтавалі.

— Усё роўна пра гэта няможна...

З узнятай галавою Лізавета падышла да акна і штуршком адчыніла яго. У пакой хлынулі ранішняя свежасць і мядовы пах ліпнёвага цвету. У той жа момант, нібы паслухмяны яе ўладарнаму руху, пырснуў першы промень сонца. Ён упаў на шыбы і загарэўся на іх вясёлымі вогненнымі зайчыкамі.

— Дзяцей шкада,— цяжка ўздыхнула Лізавета, прысаджваючыся да Зосі,— мой Лёнік змізарнеў зусім. Яму б вярхом на палачцы-скакалачцы, а ён... Як бы нехта ўсё падпільноўвае яго. Гляджу надоечы і дзіўлюся. Поўзае хлопчык між град і ўсё азіраецца. І раптам да гуркоў. Сарваў хуценька адзін і за пазуху. А потым гэтак жа асцярожненька назад. «Чаго гэта ты, Лёнік?» — пытаюся. «Каб немцы, кажа, не бачылі, што ў нас гуркі ёсць...» — Лізавета сумна і ласкава ўсміхнулася.— А мінулай зімою ў суседняй вёсцы тыфус нахапіўся. Вядома, нішчымніца. Дактароў няма. Касіць пачаў і старых і малых. Ну, немцы тут як тут. Цэлы атрад. Прыехалі, акружылі. Тыя, што ў белых халатах, падпальваць пачалі... Тры чалавекі толькі і ўратаваліся. З цэлай вёскі... Мой,— яна павярнулася да шафы, адкуль праз Рунцоў храп чулася роўнае дыханне дзіцяці,— яшчэ нядаўна, як пачуе, што ходзіць тыфус, закалоціцца ўвесь. Неяк я з поля вярнулася. Божухна! Дзверы адчыненыя, у хаце пуста. Аж абарвалася ўсё. А потым гляджу, а ён, бедны, пад ложкам. Маці родная! Скурчыўся, абхапіў галоўку рукамі і ляжыць ні жывы ні мёртвы. Паварушыцца баіцца. Я да яго. «Лёнік, дзіцятка маё, што з табою?» А ён... «Я,— кажа,— мама, думаў, што тыфус прыйшоў...» Цяпер, праўда, трошкі лепш. У партызаны гуляць пачаў. Смяецца...

Мусіць, не дагаварыўшы да канца, Лізавета ўстала, узяла вядро і пайшла даіць карову.

 

6

Апоўдні ў вёску прыскакалі разведчыкі. Прывязаўшы коней да плота, пад жоўта-зялёнымі ад квецені ліпамі, яны разышліся па хатах. Толькі адзін з іх, ведучы за повад мышастага сібірачка, які крыху накульгваў на пярэднюю нагу, ішоў па халадку ўздоўж прысад, ды ля коней і фурманкі асталіся яшчэ двое.

Зося, трымаючы на руках Лёніка, апранутага ў чыстую адпрасаваную кашульку, якраз сядзела ля акна. Яна расчэсвала яго льняныя валасы і, паглядаючы на худзенькі, строгі тварык, што адлюстраваўся ў шыбе адчыненага акна, думала, як, мабыць, цяжка матцы быць сведкаю дачаснай сталасці свайго дзіцяці. У дымаватай з зялёным адлівам шыбе, старанна ўмыты і прычэсаны, хлопчык выглядаў яшчэ больш хваравіта. Вялікія, нібы здзіўленыя, вочы яго свяціліся гарачым, трывожным бляскам. За хвіліну да гэтага там, у дымаватым шкле, позіркі іх сустрэліся. Лёнік заўважыў нешта смешнае, прасвятлеў.

— Там, цётачка,— ён паказаў на шыбу,— у нас сучок ёсць. Бачыце? Ваш нос якраз на яго трапіў... Ой!

Хлопчык абняў Зосю, даверліва прытуліўся і ў доказ сваёй прыхільнасці пачаў расказваць пра нядаўна чутае.

Зося думала пра сваё і таму не слухала. Толькі асобныя сказы даходзілі да яе свядомасці.

— Міна я-ак дасць! — заікаючыся ад хвалявання, апавядаў хлопчык.— Адны вусы асталіся...

— Чаму вусы?

— Іх толькі людзі і пазналі...

У хаце было ціха. З-за шафы даляталі цяжкія ўздыхі Рунца. З сянец чуўся бразгат — гэта Лізавецін сусед шукаў рыдлёўку, збіраючыся ісці хаваць Урбановіча. Лізаветы дома не было. Прыбраўшы ў хаце, яна пайшла на вёску.

Лёнік першы заўважыў разведчыкаў.

— Глядзіце, цётачка, нашы прыехалі! — твар у яго ажыў.— Гэта сам дзядзька Кравец ідзе сюды. Ён начальнік у іх... А Тарбахват нешта закульгаў. Вось бяда!

Зося хуценька апусціла хлопчыка на падлогу, крыкнула за шафу — «Нашы!» і выбегла на вуліцу напярэймы разведчыку.

— Паслухайце, таварыш! — гукнула яна.— Вы не са «Штурма»?

Кравец спыніўся і з цікаўнасцю агледзеў дзяўчыну.

— А вы?..

— Я са шпіталя... Медсястра.

— Ці не Зося?

— Чулі хіба?

— Але... Ну ты, чортушка! — чамусьці радасна крыкнуў ён на каня, які цягнуўся да кішэні, і тузануў за повад. Конь ускінуў галаву, наравіста капнуў нагой зямлю, але зразумеў, што гаспадар жартуе, і пацягнуўся зноў.— Вядома, чуў. Ды яшчэ колькі!

— Як нашы там?

— Нічога, парадак. У вас толькі работы пабольшала... Як на вайне. Ваш Стахаў надумаўся нават новыя зямлянкі будаваць.

Зосі было прыемна, што яе ведаюць, што ўчарашнія жахі развеяліся і ўсё так шчасліва ладзіцца. Жмурачыся ад яркага сонечнага святла, яна час ад часу папраўляла непаслухмяную кудзерку, што выбівалася з-пад хусткі кожны раз, як Зося пачынала гаварыць, і прыхільна глядзела на разведчыка. Кончыкам вушэй яе было горача.

Кравец таксама адчуваў сябе шчаслівым. Сёння яму шанцавала. Ён без прыгод праводзіў прадстаўніка Мінскага камітэта да гравійкі, праз сувязных сабраў дакладныя звесткі аб учарашнім баі і стратах праціўніка. Даведаўся, што забітых салдат камендатура адправіла хаваць на ваенныя могілкі ў Мінск, а раненых афіцэраў накіроўвае самалётам у Нямеччыну. Трупы ж паліцаяў камендант загадаў раздаць родзічам у мястэчку. Зрабілі гэта проста. Да хат, дзе жылі сем’і паліцаяў, пад’язджала з адкрытым заднім бортам машына, і з яе кузава за ногі выцягвалі спруцянелага гаспадара. Па мястэчку гестапаўцы пусцілі дрэнна сфабрыкаваную чутку, быццам адбылася недарэчнасць, і свае пастралялі сваіх. Кравец ведаў, што разведданымі Зімчук будзе здаволены, і гэта пасля ўчарашняга было яму прыемна. Для Воранава ж у яго таксама быў падрыхтаваны спецыяльны падарунак — вяснушкаваты, з белымі вейкамі немец, які звязаны ляжаў на фурманцы і дагэтуль не мог уцяміць, як за адну хвіліну можна страціць машыну, двух таварышаў і ўсякія надзеі на абяцанае прывольнае жыццё. Так, Краўцу сапраўды шанцавала! У вёсках сяляне сустракалі разведчыкаў, як імяніннікаў, наперабой цягнулі ў хаты. А цяпер... Вось гэтая ветлая дзяўчына з гордай галавой, з сэрцам, відаць, прагным да жыцця і радасцей, аб якой трызніць палова тых, хто пабываў у шпіталі, стаіць побач і прыхільна глядзіць на яго.

— Вы куды зараз? — з надзеяй, што яму абавязкова пашанцуе і тут, запытаўся Кравец.

— З вамі, у лагер, калі возьмеце.

— Вось до-обра! — яшчэ больш узрадаваўся ён і з свавольным хлапечым пачуццём, якое ўсё рвалася ў яго навонкі, ударыў па крутой шыі каня.— Эх, Тарбахватка! Вось, аказваецца, якая яна, Зося!..

Ад гэтай шчырасці зрабілася няёмка. І Кравец і Зося збянтэжыліся. Замаўчалі. Стала чуваць, як дружна, працавіта гудуць на ліпах пчолы і гамоняць па дварах людзі.

Зося ўспомніла Урбановіча, Рунца, і ёй стала сорамна за сваю легкадумнасць.

— Я не адна,— сказала яна вінавата.— Са мной камандзір «Барацьбы». Рунец. Ведаеце?

З рыдлёўкай і сякерай за поясам падышоў сівы стары з густымі брывамі.

— Значыцца, я пайшоў,— звярнуўся ён да Зосі і падаўся вулкай да лесу.

— Куды гэта ён? — запытальна зірнуў на Зосю Кравец, свядома ігнаруючы, што яна спыталася пра Рунца.

— Хаваць пайшоў... Учора ў нас таварыша забілі...

У роўным пчаліным гудзе Зося ўлавіла чужы няпэўны гук. Ён нібы пульсаваў: то набліжаўся, то знікаў, то зноў прабіваўся перарваным ныццём. А пчолы гулі, гулі, як жыраскопы, на адной нізкай поце.

— Эх, і мёду сёлета будзе,— звёў гаворку на іншае Кравец, здагадваючыся, што яго запытанне зусім засмуціла дзяўчыну. Але яму шкада было радаснай узбуджанасці, якая, відаць, цяпер зблекне, і вельмі захацелася вярнуць яе. Аднак, прыслухаўшыся, ён з прыкрасцю дадаў: — Рама!.. Ляціць!..

Здалося, што пчолы сціхлі і над ліпамі, у бясхмарным небе, астаўся толькі адзін гук — металічны, рэзкі. Праз хвіліну двухфюзеляжны «фоке-вульф» паволі праплыў над вёскай. Над лесам ён быццам прыпыніўся, нерухома павіс у сіняве, а пасля, нехаця зрабіўшы круг, гэтак жа павольна паплыў далей.

— Шукае. Ветра ў полі... і дурняў. Раней не вытрымлівалі. Абстраляем і абрываемся. Раз сам-насам мяне ў полі прымеў. Добра, што дуб недалёка рос і ні бомб, ні гранат у лётчыка не аказалася. Камедыя! Як толькі ён заходзіць, я на супрацьлеглы бок. Прыціснуся да ствала і стаю. Ён гэта, чортушка, з кулямёта — р-р-р! — і пранясецца. А я яму ўслед — бах з карабіна. Знай кубанцаў!.. Так і круціліся, пакуль усе патроны не расстралялі.

Заўважыўшы, што дзяўчына думае пра іншае, Кравец заспяшаўся.

— Дык вы збірайцеся. Мы хутка... Лёнік! — крыкнуў ён хлопчыку, які стаяў ля весніц.— Бяжы пакліч каваля, хай перакуе Тарбахвата. Ды мігам, каб на адной назе.

Кравец праводзіў Зосю доўгім позіркам. Была ў гэтым асалода. Дзявочая постаць вабіла яго. І ад таго, што ён бачыў акруглыя Зосіны плечы, яе тонкі стан, дужыя загарэлыя ногі, на якія можна было глядзець, як хочаш, не тоячыся, сэрца агортвала трапяткая цеплыня. Яму захацелася, каб дзяўчына аглянулася. Ён нават напружыў волю — ну, ну! І сам сабе загадаў: азірнецца — добра, калі не — кепскія справы, Тарбахват.

Адчуваючы яго позірк, Зося сердавала, але не за тое, што ён глядзіць — няхай, не сурочыць! — а на сябе. Яна ніяк не магла вярнуць сваім рухам натуральную свабоду. Ногі ступалі занадта цвёрда, рукам не было месца.

 

7

— Здароў, Мікола! — яшчэ здалёк гукнуў каваль.

— Дзень добры, дзядзька Талочка,— падняўся насустрач з каменя Кравец.

— Нешта забыўся на нас. Вашы, дык тыя часценька наведваюць. А ты аб’язджаеш.

— Перадыслакацыя, дзядзька, маіх аванпастоў. Вы ў нас як бы ў тыле цяпер. А ўчарашняе — гэта, брат ты мой, спроба адквітацца. Так што можаш быць спакойным.

— Я і раней, здаецца, не асабліва хваляваўся,— каваль хітра падміргнуў і загрукаў вялізным, як у царкве, замком, якім была замкнута кузня.

У кузні ён надзеў скураны фартух, распаліў горан, сунуў у яго старую падкову і загудзеў мехам. Усё гэта рабілася па-гаспадарску, без спеху, але хутка, спорна. У паўзмроку, што расступаўся па цёмных кутках кузні пры кожным іскрыстым пошугу горна, каваль выглядаў не так, як пры дзённым святле. Яго суровы, з рэзкімі маршчынамі твар тут здаваўся выразнейшым. І самой сілы, здаецца, пабольшала ў ім, калі ён стаў ля кавадла і ўзяў малаток.

Калі каваль паявіўся ў Лядах, яшчэ не было вядома, што паміж ім і ворагам вогненнай ракой пралягла кроў жонкі і што ён доўга начамі прабіраўся сюды з другога раёна, несучы на руках малую дзяўчынку з распухлымі сінімі губамі. Яго беднаму дзіцяці давялося перажыць такое, што рэдка выпадае даросламу.

Дзяўчынка, стаіўшыся, моўчкі прасядзела ў падпеччы, пакуль катавалі яе маці, ламалі скрыні, ператрасалі ложкі. Яна не падала голасу і тады, калі эсэсаўцы ўспомнілі, што было дзіця, і адзін з іх, шаруючы ў падпеччы чапялой, выбіў ёй пярэднія зубы. Яна заплакала і паспрабавала вылезці з сваёй схованкі, толькі ўбачыўшы ў цемры невыразную постаць бацькі. Ён ускрыкнуў, як жанчына, і выцягнуў яе з падпечча, не даўшы пералезці цераз цела маці.

Гэтага не ведалі, але звярнулі на каваля ўвагу. Праз сваякоў, у чыёй хаце ён пасяліўся, прапанавалі прыйсці да пакінутай леснічоўкі. На ўсякі выпадак папярэдзілі, што, калі ён там нікога не знойдзе, хай шукае далейшых загадаў за аканіцай першага ад плота акна. Вядома, у леснічоўцы ён нікога не сустрэў. А ў запісцы, якую паклалі за аканіцу, далікатна паведамлялася, што з прычыны некаторых акалічнасцей месца яўкі пераносіцца за тры кіламетры, на вадзяны млын, і што яго чакаюць там. Вызначаўся і маршрут, якім каваль павінен ісці. На палове дарогі яго пераняў Кравец. Ён выйшаў з густога хвойніку і, папрасіўшы прабачэння, павёў амаль у супрацьлеглы бок...

— Што новага, Мікола? Як Зімчук? — пытаўся каваль, і залатыя іскры ляцелі з-пад яго малатка.

— Добра, дзякую. Учора нараду праводзілі. Аб'ядноўваемся ў брыгаду. Сёння групу сувязных за лінію фронту паслалі. Адным словам, навін цэлы кош. Для цябе, дзядзька Талочка, таксама ёсць. Загадана перадаць, каб фартыфікацыйныя работы пачыналі.

— Што? — як бы не дачуў каваль.

— Фартыфікацыйныя, кажу.— Кравец успомніў Зосю і тое, што яны неўзабаве паедуць разам, і яму захацелася паблазнавацца.— Гэта значыць, ваенна-інжынерныя ўмацаванні накшталт крэпасцей прыйдзецца будаваць.

— А-а! — здагадаўся каваль.

— Усе распачнуць адначасова. Трэба лініі тры-чатыры рабіць. На лясных дарогах — завалы, на гравійках і шашы — канавы, равы. Няхай паткнуцца тады. Зімчук націскае, каб управіцца, пакуль яны ад учарашняга не ачухаліся. А далі ім, дзядзька, як багатым. Правільна, чортушка, далі! Воранаў пад канец такую штуку выдумаў, што толькі шкумаццё паляцела...

— От добра!

— Ды не забудзь напомніць Лізавеце, што паслязаўтра ў раён. Каб а другой гадзіне там была. Разам з Сяргеем... Ды няхай ботаў не надзяваюць — адбяруць...

Перакаваўшы Тарбахвата, яны пайшлі разам па вёсцы.

На вуліцы панавала ажыўленне. Сюд-туд снавалі жанчыны. Ватага басаногай дзетвары лётала ад хаты да хаты. Гукалі ў вокны, крычалі:

— Цётка Кацёра, зараз да вас пад’едуць. Рыхтуйцеся!

— Дзядзька Скацёк, кілбасы з кадускі вымай...

А над усёй гэтай святочнай сумятнёй лунала песня. Дзявочы голас скардзіўся на лёс, на няўдалае каханне. Расказвалася, як ішоў дробны дождж і наплывала цёмная хмара. Агорнутая тугою дзяўчына гаравала над сваім няшчасцем. І як увасабленне яе тугі, сеўшы на далёкім Дунаі, гусі муцілі ваду.

Весялун і гарэза, Кравец любіў песні. Але, слухаючы або спяваючы іх сам, звычайна ўкладаў у песню свой, адметны сэнс. Так і цяпер: туга дзяўчыны, якая страціла веру, здалася яму голасам збалелага сэрца, якое клікала любага.

— Што гэта ў вас за фэст?.. Як у нас на Кубані!..— не ў сілах схаваць радасці, запытаўся ён.

— Падарункі вам збіраюць. Мае хлопцы з Лізаветай арганізавалі. Падводы дзве мяркуюць назбіраць. З самага рання па хатах шастаюць... Людзі зноў да праўды вяртаюцца.

 

Раздзел шосты

 

1

— Валечка, ты? — спалохана ўсклікнула Ганна і скоранька пачала захінаць фіранкі на вокнах.— Мы ўжо не ведалі, што і думаць. Прапала, дый годзе. Хоць бы табе слоўца якое. Як у ваду...

Яна мыла бялізну. Закасаныя вышэй локцяў рукі былі ў шэрай мыльнай пене, і на фіранках асталіся жоўтыя плямкі ад пальцаў.

— Рыгор соды расстараўся. Драбкоў дзесяць. Вось і зварылі,— не да ладу загаварыла яна, паказваючы на кавалак мыла, вельмі падобнага на сталярны клей.— Усё мястэчка варыць... А то хоць плач. Назбіралі касцей, непатрэбшчыны. І ці дасі веры — усё пераела. Як студзень, застывала... Рыгор кажа, каб рыбы або тлушчу крыху ды чаго-небудзь духмянага, то і туалетнае можна варыць... Ды ты праходзь...

— Я на хвіліначку, цётачка,— па-свойму зразумела Ганніну мітусню Валя.

— Што ты, што ты! От і добра, што зайшла,— заспяшалася Ганна.— Сядай, мо з’ясі каліва. У нас свежына. Цялё зарэзалі. Парашылі з Рыгорам, што ўсё адно забяруць. Чорту лысаму дастанецца. А так хай дзеці хоць спажывуць...

Валя здзіўлена паглядзела на вузкі змучаны твар цёткі, на яе вочы, у якіх свяцілася нездаровая цікаўнасць, жаль, і думка, што білася па-за Ганнінымі словамі, стала яшчэ больш адчувальнай.

Толькі што Валя была поўная радасці і жадання падзяліцца сваёй удачай. Таму слова, дадзенае таварышам забегчы да дзядзькі Рыгора, стрымала ахвотна. Яна надумалася нават сказаць пра тое, што чакае яе, Валю, заўтра. Гэта нават было неабходна. Ганна ж так любіла яе, што павінна прыняць навіну, як вырашыўся Валін лёс, вельмі блізка. Да таго ж, Валя ведала: цётку точыць смутак. Ён агарнуў яе душу і моцна трымае ў абцугах, хоць Ганна не прызнаецца ў гэтым і самой сабе.

Цяпер жа Валя пашкадавала, што зайшла. Але прадчуванне нядобрага затрымала яе.

— Цётачка, што здарылася? — спыталася яна.

Ганна спалохана ўзняла вочы. Твар у яе перакасіўся ад болю. З грудзей вырваўся енк. З другога пакоя выбеглі дзеці і зайшліся плачам. Ганна зноў была кінулася да вокнаў, пасля падбегла да дзяцей, схапіла меншага на рукі. Выціраючы яму далоняй слёзы і тулячы да грудзей, залемантавала:

— Божа мой! Што за жыццё? Хай згарыць яно разам з усім. Хай захлынецца ў слязах. Хіба чакалі мы такога? Ні табе прасветліны, ні табе паратунку. Хапаюць, катуюць, вешаюць...

З Ганнінага ляманту-праклёну Валя зразумела толькі адно — адбылося нешта вельмі страшнае і, бадай, непапраўнае.

У гэты час прыйшоў Рыгор. Адчыніўшы дзверы, але не заходзячы ў хату, як зімой, пачаў грукаць ботамі. Потым зняў шапку і біў ёю па пінжаку і калашынах залапленых штаноў. Ад яго ляцелі клубы мучнога пылу, які быў усюды: на вопратцы, на брывах і вусах, на шырокай барадзе. Адны валасы на галаве, ды і то толькі там, дзе іх закрывала шапка, захоўвалі свой натуральны цёмна-каштанавы колер.

Убачыўшы Валю, якая стаяла пасярод пакоя, заплаканую жонку з дзіцем на руках, старэйшую дачку, што трымалася за матчыну спадніцу, ён на момант разгубіўся таксама. Пасля цвёрда пераступіў парог і падышоў да Валі. Абняўшы за плечы, правёў да лавы, што цягнулася ўздоўж усёй правай сцяны, і пасадзіў.

— Ты, Валечка, не маленькая, і не мне суцяшаць цябе,— сказаў ён, сядаючы побач.— Я так спачуваць не ўмею. Паправіць не паправіш, а развярэдзіць рану развярэдзіш...— але заўважыўшы, што жонка робіць яму знакі, Рыгор спахмурнеў і іншым тонам дадаў: — Пазаўчора маці тваю арыштавалі...

Валя ўздрыгнула і абвяла. Ганна вольнай рукой пацягнула ражок фартуха да вачэй.

— Калі лётчык прызямліўся, ад казармы кінуліся на матацыклах,— сказаў Рыгор і адвярнуўся ад жонкі.— Але пакуль яны валтузіліся на раллі, каля возера, яго і след прастыў. Знайшлі толькі парашут на хвоі ды камбінезон... Цябе таксама дома не аказалася. І назаўтра таксама. Западозрылі, вядома, а магчыма, і падказаў хто-небудзь, бо бачылі, як ты на чаўне плавала. Дый вясло ваша знайшлі. А пасля бою з партызанамі зусім звар’яцелі... Так што камендант загадаў каля царквы ўмацаванне будаваць... Ну вось, каб адвесці ад усяго гэтага ўвагу дый злосць сваю спагнаць... апоўдні і павесілі маці...

— Маму павесілі? — не паверыла Валя, сутаргава хапаючыся за шыю.— Праз мяне?

Не ў сілах вытрымаць болю, што душыў яе, Ганна кінулася ў другі пакой. Варожа і здзіўлена аглядаючыся на Валю, следам пабегла старэйшая дзяўчынка. У хаце ўсталявалася цішыня, і з яе выплыла мернае ціканне ходзікаў. Усяго толькі на момант. Потым з другога пакоя пачуліся прыглушаныя рыданні. Пасля — патрабавальны дзіцячы крык і амаль абыякавае румзанне дзяўчынкі.

Валя дагэтуль не ведала безвыходнага гора. Жыццё для яе ў самыя цяжкія хвіліны аставалася абяцаючым. Нават калі ўпершыню сустрэлася з немцамі.

Яна тады набірала з калодзежа ваду, і яны падышлі неўзаметку, ззаду. Калі Валя адчула, што нехта абняў яе стан, вочап выслізнуў з рук. Журавель з пустым вядром ірвануўся ўгору, і вядро заматлялася над галавой. Абураная, Валя азірнулася. Немцы стаялі перад ёю ў адных трусіках і недарэчных ботах з шырачэзнымі халявамі. Яна адштурхнула таго, што працягваў рукі, і пабегла. Услед ёй паляцелі галёканне і рогат. Гэта была нечуваная знявага, здзек!

Але і тады адчуванне, што радасці яшчэ будуць і бяда завітала на час, не прапала. Наадварот, яно, бадай, абвастрылася — галоўнае, сапраўднае было там, наперадзе. І калі раней, рыхтуючыся стаць журналісткай, Валя добра не ведала, што выпадзе на яе долю — працаваць у раённай газеце і ездзіць па знаёмых калгасах ці вандраваць па Алтаі з геолагамі-разведчыкамі, дык цяпер яна цвёрда паверыла: гэтае сапраўднае прыйдзе ў паядынку з ворагам. І калі былы таварыш па школьнай парце арганізаваў падпольную групу, Валя адна з першых увайшла ў яе. І не было большай, хоць і страшнай радасці, як выконваць даручэнні баявога штаба. Таму, нягледзячы на тое, што навокал былі кроў і пакуты, Валя лічыла за шчасце жыць у гэты час. Яна адчувала не толькі яго змрочны бок, але і яго значнасць, непаўторнасць, і была пераконана — успаміны аб удзеле ў барацьбе будуць аднымі з самых светлых у яе жыцці.

І вось безвыходнае гора завітала да Валі. Яго нельга было прадухіліць. Нельга было што-небудзь змяніць у няўмольнай хадзе падзей, якія замкнулі свой круг.

Адразу яна не паверыла Рыгоравым словам. Яны здаліся неверагоднымі. Няма больш мамы! Няўжо Валя ніколі не прыпадзе да шурпатых матчыных далоняў? Не ўбачыць, як на старым, знаёмым да кожнай маршчынкі, дарагім твары адбіваюцца яе дзявочыя, як асенні дзень, зменлівыя радасці і смутак? Няма маці, якая ўсяго тры дні назад клапатліва тупала ля яе ложка і пільна ахоўвала сон і спакой.

Занадта шмат адбірала гэтае «няма», каб Валя без пратэсту магла пагадзіцца з ім.

— Я іду!..— глуха сказала яна і паспрабавала ўстаць.

Рыгор затрымаў яе.

— Табе няма куды ісці... і нельга. У вашай хаце засада.

— Я не магу, дзядзечка! Мне трэба бачыць самой...

Толькі цяпер, у гэты міг, Валя паверыла ў тое, што адбылося. Галава яе адкінулася назад і кранулася патыліцай сцяны. Худы, як у падлетка, падбародак ненатуральна падаўся наперад, крыху ўгору, і на шыі запульсавала жылка — напружана, часта.

Не знаходзячы слоў, Рыгор няўпэўнена і няўмела пагладзіў Валю па галаве.

Гэты рух спачування і прыязнасці нагадаў Валі, што яна не адна, што побач блізкія людзі, якім, як і ёй, вельмі балюча і цяжка. Нешта абарвалася ў яе, яна ўсхліпнула і прыпала да Рыгоравых грудзей. Ад іх пахла цёплай свежай мукой. На Валю дыхнула знаёмай, з дзяцінства звыклай утульнасцю, і слёзы паліліся з вачэй.

Так яны прасядзелі некаторы час. Потым, нібы схамянуўшыся, Рыгор загаварыў:

— Цяпер трэба, Валечка, падумаць аб сабе. Мястэчка, што вёска,— усё на далоні. Дый рабіць тут табе няма чаго і няма як... У мяне каля млына падводы з лесу. Па муку і крупы прыехалі. Так што паедзеш з імі. Скажаш там Зімчуку, што ад Рыгора. Ён ведае... Перадасі таксама, што соль прыгатавана. Ячменю няхай яшчэ прысылаюць — крупадзёрка ў спраўнасці. Надзяру з лішкам...

І таму, што Рыгор так проста, па-гаспадарску загаварыў з ёю пра будучае, Валі зрабілася крыху лягчэй, хоць словы «няма чаго і няма як» зноў разанулі па сэрцы.

— Іван Мацвеевіч ужо дазволіў мне,— сказала яна з горкай ухмылкай.— Я зайшла да вас развітацца... А лётчык у шпіталі. Папраўляецца.

— Дык гэта ўсё-такі ты?..— здзівіўся Рыгор.

 

2

Пацалаваўшы цётку, малых, дамовіўшыся з Рыгорам сустрэцца ля млына, Валя выйшла з хаты. Яна ўсё ж наважыла пабачыць маці. Але на ўсякі выпадак, каб не падвесці дзядзьку Рыгора, надумалася ісці да плошчы ў абход — не вуліцай, а дарогай, што вілася па прыгуменні. Пералезшы цераз загарадку, не аглядаючыся, прайшла агародамі і трапіла на дарогу.

Навокал было пуста, ціха. Схіляючы долу калоссе, палавела нізкарослае жыта. Страціўшы зялёную сакавітасць, яно не набыло яшчэ залатога адліву і выглядала шэрым, бадай што бясколерным. Ад яго ціхага дачаснага выспявання павявала сумам. Па абочыне дарогі раслі старыя разгалістыя ігрушы. Агорнутыя агульнай маўклівасцю, яны таксама застылі ў нямой нерухомасці — трапяткое, як у асіны, лісце не варушылася. Пакрытыя дарожным пылам, ігрушы, здавалася, таксама палавелі.

Гора як бы ачысціла, размякчыла Валіну душу. Дзяўчына глядзела навокал, і ўсё расчульвала яе. Чэзлае жыта выклікала жаль. Слёзы набягалі на вочы, калі праходзіла паўз ігрушы з голымі парудзелымі ніжнімі галінкамі, якія навісалі над дарогай і іх абдзіралі дугі і высока гружаныя вазы.

За ўзгоркам відаць быў крухмальны завод. Узгорак амаль схаваў яго, і стваралася ўражанне, што чырвоны дах і комін вырастаюць проста з-пад зямлі.

Тут да вайны працавала маці.

Валі захацелася ўявіць яе цяпер, але яна не змагла. Дзяўчына ўяўляла сваю вуліцу, камендатуру, якую немцы размясцілі ў былой ашчадкасе, недарэчны палісаднік, абгароджаны нізкім плоцікам з круглых бярозавых колікаў і жэрдак, зробленыя ў палісадніку клумбы, на якіх замест кветак красаваліся выкладзеныя з пабеленых кавалкаў цэглы арол і свастыка, гламаздаватыя лаўкі з такіх жа бярозавых жэрдак. Але маці, якая ўвасабляла для яе адвечны клопат і працу, уявіць цяпер Валя не магла.

Калі трэба было павярнуць у вулачку, што вяла да камендатуры, Валя ўспомніла — Рыгор не сказаў, дзе павешана маці. Гэта збіла з панталыку. Паўстала пытанне, а ці мае яна наогул права рызыкаваць цяпер? Працягнуты палец здрадніка можа асудзіць яе на гвалт і здзек. Яшчэ горш, калі хто-небудзь са шкадлівымі, сабачымі вачыма пойдзе следам да млына...

Ледзь стрымліваючыся, каб не заплакаць наўзрыд, яна памінула вулачку і пайшла далей.

Калі Валя набліжалася да моста-плаціны, яе без сігналу абагнала легкавая машына. Па высокай седлаватай шапцы і малым падбародку Валя пазнала Вейсіга. Побач з ім сядзеў мужчына ў цывільным, з азызлым тварам і клінападобнай бародкай. Прыхінуўшыся да спінкі сядзення, яны абыякава паглядалі на бакі і перакідваліся між сабою словамі. Валя замарудзіла крок. Але, убачыўшы, што ад млына, дзе машына спынілася, ёй насустрач ідзе дзядзька Рыгор, пасмялела. Параўняўшыся з ёй, Рыгор на хаду сказаў:

— Ля млына не спыняйся. Цябе чакаюць каля той хвоі. Непадалёку ад кар’ера. Ведаеш?

— Ага,— таксама на хаду адказала Валя.

 

3

У засені старой сасны стаялі дзве гружаныя мяхамі фурманкі. Белы і гняды коні зацята махалі галовамі і хвастамі, баронячыся ад назойлівай заедзі. Асабліва заедзь насядала на белага. Ён бясконца, з адчаем, ківаў галавой і біў заднімі нагамі пад чэрава. Ля калёс, у якія ён быў запрэжаны, завіхаліся бедна апранутыя, у лапцях, жанчына і падлетак.

— Каго чакаеце ці папсавалася што? — спыталася Валя, падыходзячы.

— Не, так, для выгляду,— не тоячыся, адказаў падлетак.— Вас, вядома, чакаем.

— Мяне?

— Ды вы не здзіўляйцеся, мы бачылі вас ужо аднойчы, калі ў млын да Рыгора Іванавіча заходзілі,— прыхільна сказала жанчына і, паглядзеўшы на высокае сонца, усё ж заспяшалася: — Сядайце сюды, да Сяргея. У яго менш паклажы, дый конь дужэйшы. Я нават наперад не пушчаю яго. Не ўправішся тады за ім. А да вечара ўсё роўна дома будзем.

Валя перасмыкнулася: «Дома!» Гэта прагучала дзіўна. Зноў узнікла адчуванне беззваротнай страты.

Яна пакідае мястэчка, якое адно яшчэ яднае яе з былым жыццём. Няхай цяпер з ім звязана толькі жахлівае! Няхай у Валі адно жаданне — быць як мага далей ад яго! Яно астаецца ёй мілым і незаменным. Яго куток быў казачным светам маленства. У ім яна ўведала радасці і смутак, якія хоць і праходзяць, не пакідаючы ў сэрцы глыбокага следу, але пазней набываюць невымоўную прывабнасць, усё большую, чым далей адыходзіш ад іх. Тут яна ўпершыню адчула, што патрэбна іншым і можа быць карысна. Частка яе самой перайшла ў гэта мястэчка. У «Дзень лесу» яна саджала на вуліцах дрэвы, у «Дні птушак» разам з хлапчукамі рабіла шпакоўні і прымацоўвала да дрэў у парку, разам з дзяўчатамі шэфствавала над кветкамі. І мястэчка нельга было ўжо ўявіць без маладых сарамлівых ліпак, галасістых шпакоў, без вячэрняга паху духмянага тытуню, без братак і маргарытак на клумбах. Начамі, калі на вуліцах сталі гулка аддавацца крокі патрулёў палявой жандармерыі, а мястэчка пачало жыць падвойным жыццём: вонкавым — бескаляровым, нудным, і ўнутраным — напружаным, поўным рызыкі і гарэння, Валя расклейвала лістоўкі. І зноў мястэчка ўжо нельга было ўявіць без партызанскіх адозваў і заклікаў на слупах, без наклееных прама на нямецкія загады «Вестак з Радзімы».

Затуманенымі вачыма Валя паглядзела назад.

Мястэчка ляжала ў лагчыне — невялікае, з старым ліпавым паркам, з рыначнай плошчай, з нязменнай пажарнай каланчою і дзесяткам-другім камяніц. Адсекшы яго ражок, як лялечная, стралой пралягала чыгунка. У клёнах жаўцеў будынак станцыі, а крыху ў баку ад яго адзінока маячыла воданапорная вежа.

Бледна-ліловая стужка шашы, вынырнуўшы з-за ўзгорка, збягала ў мястэчка, пералятала масток і зноў знікала за новым узгоркам. Уздоўж усяго мястэчка цягнулася возера. Цяпер, у спакойны чэрвеньскі дзень, яно нагадвала сіняе казачнае мора, калі стары прыйшоў да яго ўпершыню прасіць ласкі ў залатой рыбкі. З усходу і поўначы да гэтага сіняга мора падступаў хваёвы бор. Агінаючы возера, ён сцяной падыходзіў ледзь не пад самае мястэчка. Справа, як акінуць вокам, палавела жыта. І лес, і мястэчка, і поле, і возера зацягнула шызая смуга, і ўсё праз яе здавалася блізкім і чысцейшым.

Сяргей крануў Валю за локаць.

— Трэба ехаць...

Яна паслухмяна села да яго на воз. Цёплае пачуццё да хударлявага ўвішнага падлетка з цёмнымі разумнымі вачыма агарнула Валю, і ёй захацелася сказаць Сяргею што-небудзь прыемнае. Але ад мяхоў на Валю дыхнула пахам свежа змолатай мукі, ён зноў напомніў ёй маці, Рыгора, Ганну, і Валя моўчкі ўпала на воз.

Коні рушылі.

— А ў нас до-обра,— загаварыў Сяргей, пашморгваючы лейцамі.— Немцы амаль не патыкаюцца. Навокал лес ды балота. А зямлю падзялілі так, для прыліку. І мяжы ні адной не стрэнеш — разоры толькі. А што разора? Жых — і няма. Трактар калгасны і той, разабраўшы, цётка Лізавета з кавалём схавалі недзе...

Сяргеевы словы даляталі да Валі нібы здалёку і ледзь краналі свядомасць. Воз гойдаўся на калдобінах. Прыйшло даўно вядомае — здалося, што ён пачаў збочваць, збочваць і, грукаючы коламі, падаецца ўжо назад.

Следам за ім паплылі і думкі.

Яна зноў у Рыгоравай хаце. Збянтэжана і тужліва пазірае на яе цётка Ганна. Цяпер Валя разумее яе. Цётка ніяк не можа ўцяміць, што адбываецца навокал. Намагаецца, але не можа. Падзеі ашаламілі яе сваёй імклівасцю і тым, што былі зусім не такія, як яна чакала. Немцы топчуць зямлю і дайшлі бадай што да Масквы! Як? Чаму? Мусіць, тут проста недарэчнасць, і не сёння, дык заўтра ўсё гэта развеецца, як дурны сон. Таму цётка не так баялася немцаў, як брыдзілася іх. Яны ёй былі агідны, і яна бадай што не выходзіла на вуліцу. Калі ж яны самі заходзілі ў хату, бедная жанчына хуценька несла ім усё, што патрабавалі, толькі б хутчэй тыя пакінулі яе. Увесну камендант загадаў адрамантаваць брук на плошчы, і гэта канчаткова збіла Ганну з тропу: навошта? Няўжо яны думаюць надоўга астацца ў мястэчку? А тут яшчэ страшная смерць Валінай маці... А як ціха ў хаце! Усё замерла. Толькі цікаюць ходзікі, якія вісяць над люстэркам з яркімі кветкамі на ражку...

Раптам ходзікі аддзяліліся ад сцяны і, ківаючы маятнікам, паплылі ў паветры. На выцвілых з вадзяністымі ўзорамі шпалерах, у тым месцы, дзе ходзікі віселі, асталася блакітная плямка. Неўзабаве і яна ажыла, пачала расці і нечакана, апісаўшы дугу, лягла вялікім люстраным возерам, да якога падступаў зубчасты бор.

А ходзікі цікаюць і цікаюць.

Не, гэта балюча б’ецца яе, Валіна, сэрца. Каб суняць боль, яна прыціскае вясло да грудзей. У белай сукенцы, босая, стаіць Валя каля чоўна, на беразе возера, а над ёй, раскінуўшыся парасонам, паволі спускаецца парашут. Крыху ніжэй бездапаможна гойдаецца чалавечак. А яшчэ ніжэй, ля самага небасхілу, пакідаючы ззаду чорны хвост дыму, стрымгалоў падае самалёт. Валя хутчэй адчувае, чым бачыць, як чалавек з усіх сіл стараецца ўкараціць з аднаго боку стропы, каб збочыць ад возера і прызямліцца бліжэй да лесу. Калі яму гэта ўдаецца, Валя кідае вясло ў човен і бяжыць-бяжыць, захлёбваючыся паветрам. Ногі як наліты волавам. Нейкая сіла ўпарта цягне яе назад. Але яна бяжыць. Спатыкаецца. Падае. Падымаецца. Зноў бяжыць.

Нарэшце Валя заўважае чалавека ля сасны. Панурыўшы галаву, ён стаіць, прытуліўшыся бокам да імшыстага ствала і, як гэта робяць хлапчукі, калі хочуць праверыць, ці гудуць тэлеграфныя слупы, уважліва прыслухоўваецца. Але абутыя ў мехавыя унты ногі яго не дастаюць да зямлі. Яны ненатуральна выцягнуліся. Парашут, абвялы і прапораты сукам, бялее на зялёнай хвоі.

Але не так, як тады, наяву, Валя чамусьці не можа скрануцца з месца. Яна глядзіць на белы малады твар і ў здзіўленні заўважае, што ён пачынае мяняцца. Увачавідкі набывае чыгунны колер, на яго кладзецца грымаса пакуты. Сівая пасма валасоў спадае на лоб. Стропы парашута ірвуцца, як празмерна нацягнутыя струны. Свіснуўшы ў паветры, адна з іх пятлёй абвівае шыю таго, хто вісіць, і рыўком падымае ўгору. І постаць чалавека, пазнаць якога Валя не паспявае, аддаліўшыся, вагаецца ў чорнай рамцы шыбеніцы.

Знянацку налятае вецер. Ён прыносіць горкі пах смолі і чорныя пасмы дыму. Дым ахутвае вісельніка, хавае яго і сцяной насоўваецца на Валю. Ёй робіцца горача, млосна... І Валя прачынаецца.

 

4

Па грукату колаў Валя здагадалася, што ўехалі ў лес. Раней, калі колы траплялі ў калдобіны, воз паволі, са скрыпам хіліўся то ў адзін, то ў другі бок. Цяпер жа ён то падскокваў і тарахцеў, як па бруку, то мякка каціўся, мабыць, па ўсыпанай ігліцай, без каляін, дарозе. Патыхала цёплым смалістым паветрам, пахла чаборам і нечым вострым, як шкіпінар.

Раптам пярэдні конь захроп і стаў. Вазы спыніліся. Валя прыўзняла галаву і скоранька села. Навокал узвышаліся гонкія сосны. Яе здзівіла, што кожнае з прыгожых стромкіх дрэў было паранена. Ад прыбітых на камлі цынкавых казыркоў уверх цягнуліся васковыя палоскі надрэзаў, ад якіх у розныя бакі перавернутай дагары елачкай адыходзілі больш кароткія надрэзы. Казыркі былі поўныя смалы-жывіцы. Сям-там яна пералілася цераз край і бурштынавымі кроплямі застыла на казырках і ніжэй — на камлях.

— Што там такое? — спыталася Валя ў Сяргея.

Падлетак моўчкі паказаў пугаўём наперад.

Жанчына, тузаючы каня за аброць, старалася прымусіць яго пайсці. Але гняды стрыг вушамі, упарта круціў высока ўзнятай галавой і адступаў назад. Хамут налазіў яму на галаву, гняды прысядаў на заднія ногі, упіраўся імі ў перадок, але ўсё падаваўся назад, цягнучы за сабою жанчыну.

— Што там такое? — у другі раз спыталася Валя і ў той жа момант убачыла адкрытую легкавую аўтамашыну.

Збочыўшы з дарогі, яна ўдарылася радыятарам у сасну і заглухла. Пярэдні буфер і радыятар былі памяты. Схіліўшы галаву на руль, як у цяжкім сне, застыў шафёр. Зялёная пілотка, з белым нашытым арлом, насунулася яму на нос і закрыла твар. Крокі за чатыры ад машыны, скурчыўшыся, ляжаў другі немец.

— Нашага Краўца работа. Аднаго нават у палон узяў. Фельдфебеля! — з захапленнем сказаў Сяргей і, перадаўшы лейцы Валі, пайшоў памагаць жанчыне.

Удваіх яны супакоілі пужлівую жывёліну. Прыкрываючы каню правае вока, жанчына павяла яго без дарогі між дрэў, у аб’езд таго месца, дзе адбылася кароткая сутычка.

Аднак калі фурманкі выбраліся на дарогу і праехалі па ёй метраў дзвесце, гняды спыніўся зноў.

З прыдарожных кустоў, накульгваючы, выйшаў чалавек з вінтоўкай. Ён быў без шапкі, у чорнай, як пажаванай, гімнасцёрцы і галіфэ. На каленках, запэцканых у глей, галіфэ трэснулі, і відаць была бялізна. Ён, мусіць, доўга блукаў па непраходных мясцінах, па гушчарах і адпачываў проста на зямлі, падклаўшы пад сябе трохі яловых галінак ці моху. Падняўшы вінтоўку над галавой, ён стаў пасярод дарогі і загарадзіў яе.

— Гэй, там, на возе, адзін да мяне! — прастуджаным голасам загадаў ён.

У яго камандзе не было пэўнасці. Гэта адчуў і сам чалавек, бо, кашлянуўшы, каб надаць голасу большую цвёрдасць, паўтарыў:

— Адзін да мяне! Астатнім адысці ад вазоў! Хутка!

Неахвотна, нешта мармычучы, жанчына злезла з калёс і асцярожна, быццам пераседзела нагу, зрабіла адзін толькі крок. Злезлі таксама Сяргей з Валяй і сталі каля бліжэйшай сасны. Сасну не мінула падсочка. У казырку, як цукар, што пачаў раставаць, плавала загусцелая жывіца. Валя ўзяла кавалачак яе і нервова стала расціраць у пальцах.

— Адкуль? — запытаўся незнаёмы.

— Га? — прыкінулася глухаватай жанчына.

— Адкуль, пытаюся, едзеце?

— Як адкуль? З раёна! — голасна, быццам не дачувае не яна, а яе субяседнік, пракрычала жанчына.

— Куды едзеце?

— Муку во вязём.

— Якую муку? Ты мне вочы не адводзь! — крыкнуў чалавек.— Хто цяпер столькі меле?

— А мы для ўсіх... усёй вёсцы вазілі...

— Ведаю я вас! — і, наліваючыся злосцю, загадаў трэці раз: — Паварочвай! Там разбяромся.

Сама не ведаючы, што робіць, Валя выцерла далонь аб шурпатую кару сасны і, бляднеючы, амаль невідушчая ад гневу, рванулася да пярэдняй фурманкі.

— Што вы, гэта ж паліцай,— спалохана прашаптаў Сяргей і схапіў Валю за руку.— Не трэба, Лізавета абвядзе яго і так...

Валя зрабіла нецярплівы рух і вызвалілася. І пакуль праходзіла дзесяць-пятнаццаць метраў, бачыла толькі скуласты паліцаяў твар, яго непрытомныя вочы з чырвонымі трахомнымі павекамі ды шэрыя парэпаныя рукі, на якіх, мусіць ад доўгага сядзення ў вадзе, выступіла бель.

Паліцай звярнуў на яе ўвагу, калі Валя была ўжо каля Лізаветы.

— Цурык! — мяркуючы, што так будзе аўтарытэтней, выгукнуў ён.

Гэта слова абпаліла Валю, яна выхапіла ў Лізаветы пугу і з усяе сілы сцебанула паліцая.

Той замыкаў, схапіўся за твар, пабег. Але тут жа ўспомніў, што ў яго ёсць зброя. Не цэлячыся, стрэліў.

Рэха гулка пракацілася па лесе. Нешта гарачым дотыкам кранула Валіну руку. Але зусім не паверылася, што яна паранена. Хустка, якая і да таго ледзь трымалася ў Валі на плячах, каўзанулася па спіне і ўпала на дарогу. Быццам па хустку, да іх кінуўся і Сяргей. Ён не дабег, калі паліцай, адштурхнуўшы пустую гільзу, што яшчэ дымілася ля ног, зноў спусціў курок. Але стрэлу не прагучала. Паліцай зноў перазарадзіў вінтоўку, але і на гэты раз пачуўся толькі сухі ўдар затвора. Азіраючыся, быццам на прывіды, ён пабег.

— Пачакай, ты ў мяне адкажаш! — кідаў ён.— Не бойся, я і цябе і маці тваю ведаю!

І Валя, адчуваючы поціск Лізавецінай рукі, таксама нечакана пазнала паліцая і нават успомніла яго прозвішча — Вакульчык. Ён не так даўно прыехаў у мястэчка і, паступіўшы ў паліцыю, пасяліўся непадалёку ад іх, Верасавых, дому. На вуліцы яму далі ўжо мянушку Валуй і казалі, што ён быў у нейкай вёсцы старастам, але ўцёк адтуль, баючыся партызанскай помсты.

 

5

Валю правялі ў маленькую новую зямлянку.

Тут пахла свежымі стружкамі і ранняй вясною, калі ў жылах бяроз пачынае брадзіць хмяльны сок. У зямлянцы ўсё ўжо было старанна зроблена: падлога выкладзена шчыльна прыгнанымі бярозавымі жэрдкамі, столь абабіта мадапаламам. Між нараў, у канцы вузкага праходу, пры невялічкім акне стаяў зэдлік і ўкапаны ў зямлю, на адной ножцы, стол, засланы прасціной. Праз шыбы ў зямлянку лілося святло. Таму ўсё тут, і асабліва столік, на якім стаяў букет кветак і пляшачкі з лякарствамі, выглядала беласнежным.

На нарах ляжала трое. Двух Валя пазнала, хоць яны і дужа змяніліся. Злева, каля дзвярэй, нерухома, сашчапіўшы на грудзях рукі, ляжаў Рунец. Ён асабліва змяніўся і быў не падобен да таго крутога, падкрэслена афіцыйнага дырэктара, з якім яна сустракалася на заводзе, калі прыходзіла да маці. Твар у яго быў змучаны, з глыбока запаўшымі вачыма і завостраным, як у нябожчыка, носам. Калі б не пакутліва сабраныя маршчыны на лбе, можна было б наогул падумаць, што ён нежывы. На супрацьлеглым баку, каля акна, паклаўшы за спіну падушкі, сядзеў лётчык.

Валя доўга вяла яго да суседняй вёскі, побач з ім сядзела, калі яны, знясіленыя, адпачывалі пад калматымі елкамі, даглядала, пакуль уначы можна было на падводзе адправіць у лес, але толькі цяпер заўважыла, што ў яго энергічны раздвоены падбародак і мужны з гарбінкаю нос. Але не гэта стварала ўражанне, што ён змяніўся, а нейкая выпакутаваная чыстата, якая з’явілася на ягоным твары.

У нагах лётчыка, насупраць Рунца, да падбародка ўкрыты коўдрай, ляжаў атлетычнага складу хлапец. Калі на парозе паказалася Валя і медсястра, ён прыўзняўся на локцях і шырока, радасна ўсміхнуўся. Вочы ў яго зрабіліся вільготнымі і заблішчалі. Але па тым, куды яны былі скіраваны, Валя здагадалася — незнаёмы ўсміхаецца не ёй. Не стрымаўшыся, Валя азірнулася. Таксама прасвятлеўшы, сястра кіўнула незнаёмаму і міжвольна заправіла пад касынку непаслухмяную кудзерку.

— Новага таварыша вам. Каб не сумавалі,— сказала яна.

— Зося, ясачка! — радасна выгукнуў лётчык.— Ці ведаеш, каго ты прывяла? Вось добра дык добра. Дай пацалую за гэта.

— Што ж тут добрага? Што ў шпіталь трапіла? — усміхнулася сястра.

— Нават і гэта добра... А я думаў, што і аддзякаваць не выпадзе. Сапраўды, ліха без дабра не бывае.

Пасля таго што было перажыта, гэты лёгкі жартаўлівы тон здаўся Валі недарэчным. «Як яны могуць яшчэ так?» — падумала яна і паціху павіталася:

— Добры дзень, таварышы...

Адвячоркам у зямлянку зайшоў Зімчук. Ён быў стомлены, але вясёлы. Даведаўшыся пра здароўе, сеў на зэдлік каля Валі. Тая рэдка раней бачыла Зімчука. Але ёй здалося, што ў іх ужо было нешта накшталт такой вось сустрэчы, што яны добра знаёмыя і між імі даўно наладзіліся цёплыя сяброўскія адносіны.

На століку падслепавата мігцела газнічка. Цень ад Зімчука хістаўся па столі, і, калі пераломваўся ў верхнім кутку, здавалася, што цень кланяецца.

— Электрычнасць? — кіўнуў Зімчук на газнічку, і цень паўтарыў яго рух некалькі разоў.— А я, між іншым, да цябе, Валя.

— Я слухаю вас, Іван Мацвеевіч!

— Слухай... Цяжка, Валя, табе, ведаю, але ўсё роўна хачу сказаць нешта... Няма, Валя, цяпер сям’і, якую б не закранула бяда. Усякі дом, за клямку якога можа ўзяцца фашыст,— няшчасны дом. Няшчасце стала ўсенародным, дзяўчынка!

Валю зноў не здзівіла, што Зімчук пачаў без абыходаў, адразу з галоўнага.

— Ты страціла маці... Цяпер у мястэчку ў турме сядзяць сотні зняволеных. Ім таксама пагражае смерць. І калі яна прыйдзе, ужо тысячы людзей страцяць сваіх блізкіх... Вядома, гора аднаго не паменшыць гора другога. Але насуперак усяму чалавек не адзінокі ў сваім горы, можа чэрпаць сілы нават у ім. Ты падумай аб гэтым...

Зімчук увесь час звяртаўся да Валі, але яна разумела, што яго словы адрасаваліся не ў меншай меры і да маўклівага, раззлаванага на сябе і ўвесь свет Рунца. Таму, калі Зімчук замаўчаў, Валя, звяртаючыся да былога дырэктара, сказала:

— У мяне, Васіль Раманавіч, маму павесілі...

— Васілісу Іванаўну? — страпянуўся той.— За што? Хоць...— ён безнадзейна махнуў рукою.

А Валя ўбачыла вялікія спалоханыя вочы лётчыка.

 

6

— Цябе можна на хвілінку, Васіль?

— А што, хіба тут нельга пагаварыць?

— Выйдзі, калі ласка.

Рунец не то ад болю, не то таму, што Зімчукова просьба не спадабалася яму, скрывіўся і пачаў уставаць. Не адзеўшы гімнасцёркі, чухаючы грудзі, выйшаў з зямлянкі.

Ноч толькі ахінала зямлю, і на небе зіхацела яшчэ святло. Таму сілуэты елак і сосен выразна акрэсліваліся.

Па сцежцы, пасыпанай пяском, яны моўчкі адышлі да арэшніку, які здаваўся цёмным і вельмі густым.

— Ну? — спытаўся Рунец, навобмацак адламваючы галінку арэшніку.— Чарговая натацыя ці горш? Абрыдла, Іван, гудзіш і гудзіш. Няўжо мала, калі чалавек не шкадуе жыцця і змагаецца з немцамі? Няўжо і тут патрэбны спецыяльныя словы? Словы, словы!..

— Трэцяга дня правялі нараду,— перапыніў яго Зімчук.— У чужым шпіталі ты, вядома, не чуў пра вынікі. Праводзілі з прадстаўніком Мінскага падпольнага камітэта. Памятаеш Шарупіча? Я гаварыў табе пра яго. Просты, харошы чалавек.

— Усе яны харошыя. Перамогуць немцы — стаяцца і будуць жыць. А нам паміраць. Ды хто афіцыйна гэты падпольны камітэт прызнаў? Ніхто. Праваліліся вясной, праваляцца зноў. Там правакатараў, мусіць, больш, чым сумленных людзей.

— Немцы правакатараў не вешаюць... Дык вось, размова на нарадзе ішла пра аб’яднанне груп і атрадаў.

— Пярэчылі, канешне,— падняў галаву Рунец і стаў уважлівым.

— Некаторыя наогул прапанавалі пайсці за фронт.

— Ну-у? — палічыў патрэбным ажывіцца Рунец.— Учора слухаў радыё. Адным навушнікам. Пачуў Чырвоную плошчу, гудкі аўтамабіляў, і, паверыш, аж перавярнулася ўсё. А тут куранты яшчэ... А што, калі сапраўды рвануць, Іван?

— Пачытай во!

Запаліўшы электрычны ліхтарык, Зімчук перадаў Рунцу лістоўку і стаў чакаць, пакуль той прагледзіць яе. Гэта быў загад Цэнтральнага штаба партызанскага руху.

— Вось бачыш, зверху загадваюць,— пстрыкнуў пальцамі па лістоўцы Рунец і пераможна паглядзеў на Зімчука.

— Але з Мінска папярэдзілі,— развёў рукамі Зімчук,— што гэта — гестапаўская фальшыўка, Васіль! Значыць, вунь каму наш паход патрэбен.

Рунец сабраўся быў нешта запярэчыць, але толькі ўцягнуў паветра і адвярнуўся.

Недзе ўзышоў месяц, бо адразу дрэвы страцілі сваю акрэсленасць. На балоце кумкнула жаба: «Ква-ра-ра!» — няўпэўнена, быццам сама прыслухоўвалася да свайго кумкання. Ёй адказала другая, але голасна і захоплена.

— Ну, яшчэ чым будзеш правяраць мяне? — раптам зазлаваў Рунец.

— Мы вырашылі аб’яднацца са «Штурмам».

— Хто гэта вы?

— Партгрупа, райком. Мінскі камітэт, нарэшце. Хопіць?

— А камандаваць парадам, канешне, будзеце вы з Воранавым?

— Але.

— Здорава падзялілі. А навошта ты да мяне прыйшоў? Чаго табе трэба? Сумленне загаварыла? Але ведай — я супакойваць яго не буду. Не буду крычаць «ура!» і ваеннапалонным, якім камандаваць захацелася. Здаўся адзін раз, можа здацца і другі. Дзе гарантыя?

— Ён не ваеннапалонны, а акружэнец. Як ішоў з-пад Брэста...

— Усё адно прысязе здрадзіў. Ясна? Хоць...

Рунец махнуў рукою і адступіў ад Зімчука, нібы ён яму стаў агідны. Потым крутнуўся і, як сляпы, пайшоў у арэшнік, рассоўваючы яго перад сабою рукамі.

Гаварыць цяпер з Рунцом было бескарысна. Пастаяўшы, пакуль патрэскванне галінак сціхла, Зімчук без мэты падаўся на край выспы. Стала горка і прыкра. Было ў рунцоўскіх словах нешта такое, што абуджала трывогу. Чулася ў іх і нейкая праўда. Але яшчэ больш адчуваліся зайздрасць, абражанае самалюбства, жаданне, каб усё асталося як было. Вайна, мусіць, страшна не толькі сваімі руйнаваннямі ды чалавечымі ахвярамі. Яна нявечыць і тых, каму шанцуе астацца ў жывых, абуджае ў слабых самае агіднае, што ёсць у іх... І ўсё-такі, што ні кажы, Рунец меў у нечым рацыю...

Балота паблісквала, залітае месячыкавым святлом, але разлегласць яго танула ў блізкім шэрым змроку. І толькі ашалелае кумканне жаб, якое разлягалася, як рэха, гаварыла, што навокал бяскрайняя прастора.

З-за куста паказаўся доктар Стахаў. У белай шапачцыі халаце, якія ў святле месяца здаваліся блакітнымі, высокі, рэзкі ў рухах, ён нагадваў прывід.

— Добрае месца выбралі для шпіталя,— сказаў Зімчук.

— Але сыра бывае,— не згадзіўся Стахаў.— Я хацеў спытацца, што будзем рабіць з Рунцом. Цяжкі ён у вас і натапыраны.

— А раны як у яго?

— Яшчэ не загаіліся. Ды няхай паваюе.

Зімчук уважліва паглядзеў на доктара.

— Вайной, значыць, наважылі лячыць?

— А што вы думаеце,— пераконана сказаў Стахаў.— Ад чаго захварэў, тым і лячыць. Вайна не толькі калек, але і герояў дае. Праўда?

— Хто яго ведае? Па-мойму, калі б абыходзіліся без яе, герояў было б больш... А наконт Рунца, раз вы лічыце, што так лепш, выпісвайце. Заўтра прышлю фурманку.

Стахаў узяў Зімчука пад руку і, расказваючы, як і што надумаў зрабіць у сувязі з тым, што шпіталь будзе брыгадным, павёў да зямлянак.

— Перш-наперш выкапаем тайнік,— захоплена гаварыў ён, не заўважаючы, што пры кожным кроку штурхае Зімчука.— Раненых, вядома, будзе многа і розных. І калі давядзецца адыходзіць, будзем класці там усіх, хто не здольны хадзіць. Як па-вашаму? Праўда?

А ззаду іх, як бы выхваляючыся адна перад адной, шалелі жабы, і наваколле стагнала ад іх галасоў.

 

ЧАСТКА ДРУГАЯ

 

Раздзел першы

 

1

Апошнія падзеі рэзка абвастрылі барацьбу. Гітлераўцы ўзмацнілі навакольныя гарнізоны, пачалі рабіць частыя вылазкі, тэрарызуючы насельніцтва. Пасылалі нават групы пераапранутых, якія выдавалі сябе за партызан. І калі сяляне выяўлялі прыязнасць або не даносілі пра іх паяўленне ўладам, знішчалі цэлыя вёскі. Сувязь паміж гарнізонамі сталі падтрымліваць танкеткі. «Фоке-вульфы» штодзень бамбілі лес, скідваючы бомбы на кожны дымок або прагаліну, дзе заўважалі людзей. У некалькіх месцах лазутчыкі падпалілі Лядаўскую пушчу.

Зімчук разумеў, што аб’яднаныя атрады будуць брыгадай, толькі калі знітаваць іх у баі. Таму было вырашана правесці дзве аперацыі: адну — супроць Мглёўскага гарнізона, які скоўваў брыгаду, трымаў яе пад пастаяннай пагрозай; і другую — на чыгунцы, каб паспрабаваць перанесці цяжар барацьбы на камунікацыі, прымусіць праціўніка адцягнуць свае сілы на ахову магістралей і, калі пашанцуе, захапіць трафеі.

Адмаўляцца падрываць эшалоны дробнымі групамі было нельга — гэта не патрабавала вялікай падрыхтоўкі. Але такія дыверсіі не давалі трафеяў. З падарванага саставу часцей за ўсё выбывалі толькі паравоз і тры-чатыры вагоны. Рух на чыгунцы спыняўся ўсяго на некалькі гадзін. Падрыў жа эшалона буйнымі сіламі, з наступным абстрэлам, дазваляў весці аперацыю на поўнае яго знішчэнне, даваў магчымасць разбурыць пуць на сотні метраў.

Выйшлі на змярканні.

Неба, яшчэ з поўдня зацягнутае шэрымі хмарамі, нізка навісла над лесам. Імжыў дробны цёплы дождж. Вечар надышоў адразу, і цемрадзь раптоўна ахінула лес. У ёй зніклі і дарога, і дрэвы, і нават прасветліна над дарогай. Выразна пачалі жыць адны гукі дажджу: шолах, усхліпванне, бульканне. Часам налятаў вецер, і тады зверху, з галін, абдавала вадой.

Ішлі расцягнутым строем, каб у выпадку засады можна было хутка разгарнуцца і, загінаючы флангі, абкружыць праціўніка. Разведку і тую выслалі наперад на якіх метраў трыццаць — так было цёмна.

Зося ледзь угадвала спіну таго, хто крочыў наперадзе. У яе было адчуванне, што яна ішла з завязанымі вачыма, і ўвесь час здзіўлялася, як у такой цемры наогул можна знаходзіць дарогу. Часам Зося міжвольна выстаўляла перад сабою руку, каб не наткнуцца на што-небудзь. Дзяўчыне здавалася, што яна ўзыходзіць на нейкую пакатую, але высокую гару, карабкаецца па яе коўзкім гліністым схіле, а справа і злева чарнее бяздонне.

Калі дождж трапляў на твар, на рукі, ён здаваўся яшчэ цёплым. Але струменьчыкі, што сцякалі за каўнер, былі нясцерпна халодныя. І наогул, чым ён больш ішоў, тым усё больш халадзеў. Зося курчылася ад холаду і сырасці. Вопратка ў яе, асабліва на плячах, прамокла і прыліпла да цела. Але пачуцця нездаволенасці і адзіноты не з’яўлялася. Прыемна было ўсведамляць, што ты з усімі, што нехта разумны і пільны вядзе цябе, думае за цябе і ты з ахвотай падпарадкуешся яму.

Абавязак для Зосі часта быў нечым такім, што не вырастала з яе патрэб. Ёй трэба было напружваць волю, каб прымусіць сябе быць такой, як усе. Некалі, адчыніўшы акно ў цемень школьнага садку, яна з зайздрасцю слухала спевы дзяўчат, пералівы неўтаймоўнага гармоніка і непрыхільна паглядала на стос неправераных сшыткаў на стале. А потым, забыўшыся на дырэктара, які мог заўтра прыйсці на ўрок, хапала з вешалкі хустку, гасіла лямпу і бегла туды, дзе спявала, гуляла моладзь. І хто ведае, можа, і ў партызаны Зося пайшла, бо пайшлі хлопцы, дзяўчаты, з якімі так расцвітала душа.

Але дзіўна — ідучы па гразі, у цемры, пад дажджом, Зося сёння не адчувала нават прыкрасці. Наадварот, успаміналася, як ішлі тады ўтрох са шпіталя — іржавая асака, страшная дарога, якую трэба было пераходзіць, бездапаможны Рунец, Урбановіч ніцма на зямлі... Паўстала пытанне, а ці знойдзе яна сілы, каб засланіць сабою Аляксея, як ён тады засланіў яе і Рунца? Пэўнага адказу не прыходзіла, але Зосі вельмі хацелася, каб сілы хапіла, і зухаватае гордае пачуццё казытала яе.

Пад’ ехаў Кравец і, нейкім цудам пазнаўшы медсястру, саскочыў з каня.

— Шанцуе ж нам, чортушка! — прастуджаным голасам сказаў ён.

— У чым? — не зразумела Зося.

— Такі дождж. Яны там, на чыгунцы, раскіслі ўсе. Мокрыя, як куры.

— А мы?

— Гэта не лічыцца... Усё наша — і зямля, і вада, і неба.— Кравец развязаў на шыі плашч-палатку і спрытна накінуў яе на галаву сабе і Зосі.

Ад гэтага здалося, што дождж адразу пабольшаў. Ён ужо не імжыў, а гулка, як у бляшаны дах, стукаў па злубянелай палатцы. Кроплі былі важкія, буйныя, як першыя, што пакідаюць на зямлі рэдкае рабаценне.

Палатка адгарадзіла Зосю і Краўца ад навакольнага. Пад ёй узнік свой, адметны свет, поўны ўзаемнай блізкасці. Сюды не трапляў дождж, і адчувалася цеплыня свайго і чужога дыхання. Кравец абняў дзяўчыну за стан. Яна не адхілілася і не адвяла яго рукі, хоць плечы ў яе перасмыкнуліся.

— Я ўспомніла, як мы з Аляксеем і Рунцом ішлі тады,— прызналася яна,— як Аляксей ратаваў нас, а пасля ляжаў на зямлі.

— Сапраўды, чортушка, здорава выйшла!

— Цяпер не верыцца, што гэта было. Уяўляецца, як карціна. Праўда? Ты наведаўся б хоць калі-небудзь да Аляксея. Цяжка яму, невядома, ці вытрывае.

— Не турбуйся — наведаюся і да Аляксея, і да цябе. Добра?

Ён адчуў летуценны настрой Зосі і прытуліўся да яе мокрай шчакі.

Ахопленая прыемнай млявасцю, яна прыцішыла крок і заплюшчыла павекі. У той жа міг выразна ўбачыла бледны апухлы твар Урбановіча, яго затуманеныя вочы.

Узбуджаны пакорлівасцю дзяўчыны, Кравец абхапіў яе шыю, шукаючы губ, пацалаваў некалькі разоў у шчокі, у падбародак.

Зося схамянулася і расплюшчыла вочы. Патрэба ў блізкасці пачала прападаць. Мякка, але настойліва яна вызвалілася з абдымкаў і скінула палатку.

— Не трэба, Мікола,— папрасіла яна.— Давай лепш пагутарым.

— Зноў пра Аляксея?

— Не...

— Ты ж усё адно будзеш мая!

— Хто ведае.

— А вось пабачыш! Палатка няхай табе будзе. Потым аддасі.

Закінуўшы повад на шыю Тарбахвата, Кравец адным махам ускочыў у сядло, лёганька, для прыліку, выцяў каня бізуном.

 

На ўзлессі нечакана зрабілі прывал. Тут трошкі было святлей. Уводдалі вырысоўваліся старыя бярозы на екацярынінскім шляху, які праходзіў паўз лес, нейкія будыніны ля самай дарогі.

Прытуліўшыся да дрэва, Зося прысела і, каб сагрэцца, прыкрылася палаткай, скурчылася ў камячок, схаваўшы рукі ў рукавы. Недзе зусім блізка прагрукатаў цягнік. Але ў гэтай, бадай што сляпой, цемры чыгунка не была страшнай. Важна было толькі не адстаць ад другіх, быць у тым асяродку, дзе дзейнічала разумная воля.

Побач з Зосяй сядзелі два партызаны. Адзін з іх часта і надрыўна кашляў, кожны раз здымаючы шапку і хаваючы ў яе твар.

— А ты трымайся. Уцягні паветра і не дыхай. Калі ён падыходзіць пачне, каўтні сліну і зноў трымайся, як ад ікаўкі,— хрыплым басам раіў другі.— Во каб спіртны кампрэс цяпер звонку і знутры!..

— Курыць хочацца, як з ружжа,— пашкадаваў першы і ўцягнуў паветра.

Прайшоў заклапочаны Зімчук, на хаду аддаючы нейкія загады. Зося пазнала яго па голасу.

Ідучы назад, Зімчук спыніўся ля дрэва і схіліўся над Зосяй.

— А-а, гераіня! Замерзла? — паспачуваў ён, узяў Зосю за плечы і паставіў на ногі.— А ты не здагадваешся, з чыёй ласкі трапіла сёння пад душ? З маёй. Гэта табе прэмія за смеласць, каб заўсёды была такая.— Ён сказаў гэта сур’ёзна, з перакананнем, што ісці мокрай і курчыцца ад холаду — вялікае шчасце.

— Дзякую, таварыш камісар,— збянтэжана адказала Зося, баючыся, што Зімчук спытаецца, чыя ў яе плашч-палатка.

— Дзякаваць пакуль што рана... Бачыш, якая цемрадзь? Рунец з ротай адстаў. Паслалі разведчыкаў шукаць, і тыя прапалі... Хадзем, гераіня, будзеш пры КП.

Праз хвілін пятнаццаць, калі больш чакаць было нельга, брыгада рушыла далей. Але ўжо не калонай, а разгарнуўшыся двума ланцугамі, нібы наступаючы спачатку на екацярынінскі шлях, а затым на чарнату поля. Недалёка ад снегазатрымальнай загароды з падстрыжаных елак брыгада залягла. З флангаў да палатна папаўзлі заслоны.

КП брыгады размясціўся на левым флангу першага ланцуга. Тут жа знаходзіліся два падрыўнікі — мінёр і яго падручны. Яны адчувалі сябе няёмка і трымаліся наводшыбе. Іх яўна прыгнятала адказнасць.

Канец шнура ўзяў Зімчук. Калі змрок праглынуў заслоны, ён лёгка падштурхнуў мінёра ў спіну і лёг на зямлю між Зосяй і Воранавым. Мінёр папоўз. Следам за ім, разматваючы шнур, падаўся яго напарнік.

Цяпер іх з Зімчуком злучаў толькі шнур. Па ім, як па нерву, перадавалася ўсё, што адбывалася там, на другім яго канцы. Спачатку шнур рытмічна ўздрыгваў і торгаўся — той, хто яго цягнуў, упэўнена, без асаблівай перасцярогі поўз. Потым шнур замёр і астаўся нерухомым — падрыўнікі разглядалі, што робіцца па той бок жывой загароды. Пасля ён пачаў зноў уздрыгваць, толькі больш насцярожана, праз пэўныя паўзы, якія ўсё павялічваліся.

«Добра б спецыяльную сігналізацыю ўстанавіць падрыўнікам,— пераймаючы ў нечым камбрыга, падумаў Зімчук і адчуў, што шнур перастаў «жыць». Зімчук памалу, як робяць з вудай, калі хочуць падражніць рыбу, не напалохаўшы яе, шмаргануў. Шнур лёгка падаўся — там, на другім канцы, яго не трымалі. «Што за праява?» Зімчук прыслухаўся. Як і раней, шалясцеў дождж ды ледзь угадвалася блізкая прысутнасць людзей. Ён шмаргануў яшчэ раз, праз нейкую ўпартасць не паведамляючы аб гэтым Воранаву. Шнур «не адказаў».

— Няма яшчэ? — спытаўся аднымі губамі Воранаў.

— Няма.

— Мы не ўлічылі адной акалічнасці, камісар!

— А іменна?

— Калі вядуць бой на знішчэнне, б’юць і ў хвост і ў грыву... На тым баку, у кювеце, во як трэба наш ручны кулямёт і аўтаматчыкі.

Воранаў падазваў начштаба і аддаў загад.

— Куды мог прапасці Рунец? — захваляваўся ён, калі начштаба адышоў да веставых.— Што ён, маленькі? Знойдзецца, дам дыхту.

— Калі будзе за што.

— Расцяпаў трэба вучыць. Гэта ж не ў бірулькі гуляем.

З цемры пачуўся далёкі грукат цягніка. Ён насоўваўся, як лівень, сцяною, спачатку мала адрозніваючыся ад шуму дажджу. Потым у ім з’явіліся рытм і адзнакі таго, што набліжаецца магутная машына.

— Няма ўсё яшчэ? — перапытаў Воранаў.

— Мікола! — замест адказу паклікаў Зімчук, не паддаючыся азарту, які апаноўваў камбрыга.

З чарнаты вынырнуў Кравец.

— Давай за падрыўнікамі, Мікола! Калі што якое, дзейнічай цесаком. Крый!

Кравец схапіў шнур і, прапускаючы яго праз жменю, хутка, ледзь прыгінаючыся, пабег да елак.

Шнур ажыў і затрымцеў. Але праз некаторы час зноў бяссільна лёг на зямлю.

— Што за напасць!..— вылаяўся Воранаў, улавіўшы гэта па гуку, і нецярпліва ўстаў.

 

Пільна ўглядаючыся ў цемрадзь, але пакладаючыся больш на інтуіцыю, чым на вочы, Кравец асцярожна споўз у кювет. Стала прыемна, што медсястра аказалася сведкай рызыкоўнага задання. Невыразнае помслівае пачуццё казытнула сэрца. Казытнула і адразу абудзіла злосць і той баявы шал, які авалодваў ім заўсёды, калі Кравец меўся сустрэцца з ворагам.

Спыніўшыся на дне кювета, ён агледзеўся.

Небасхіл ледзь угадваўся. І ўсё-такі Кравец метраў за дзесяць ад сябе заўважыў на краі насыпу постаці падрыўнікоў, якія стаіліся, прыпаўшы да зямлі. Адначасна ён улавіў тонкі пах тытуню, што здаўся незвычайна духмяным. Значыць, непадалёку быў вартавы, і ён курыў. Захацелася прагна зацягнуцца самому, глынуць дыму.

Спрытна, па-пластунску Кравец папоўз на насып, загадзя ўпэўнены ва ўдачы.

Чыгунка тут была двухкалейная, і Кравец убачыў, што вартавы стаіць між пуцямі. Ён нязграбна пераступаў з нагі на нагу і, часта нахіляючы галаву, тыцкаўся тварам у правы рукаў шыняля. Кожны раз, калі ён нахіляўся, у рукаве загараўся агеньчык і асвятляў звіслы дзюбаты нос, сківіцы і пукатыя надброўныя дугі, ад чаго твар у яго выдаваў вельмі худым. Выцягнуўшы з ножан цясак, Кравец падрыхтаваўся да нападу.

У гэты момант, напэўна, ад неасцярожнага руху аднаго з падрыўнікоў, па адхоне ў кювет пакаціліся каменьчыкі. Вартавы кінуў курыць і выцягнуў шыю. Узняўшы вінтоўку напагатоў і падазрона паглядаючы то на кювет, то туды, адкуль насоўваўся шум цягніка, ён стаў адступаць якраз да Краўца.

Зноў каменьчык пакаціўся ў кювет. Вартавы спыніўся і шпаркім рухам выхапіў з кішэні ракетніцу. Але тое, што ён пачуў, паралізавала яго.

Гэта быў Краўцоў кліч — стрыманы, ледзь чутны, але страшэнна блізкі...

 

Цягнік набліжаўся. Цяпер шум яго заглушаў навакол усё.

Калі з-за павароткі бліснулі тры промні і, апісаўшы крывую, ляглі на палатно, шнур напружыўся і тры разы пацягнуў за сабою Зімчукову руку.

— Ага! — выціснуў Зімчук і сцяў зубы.

Чорную аграмадзіну паравоза было амаль не відаць за святлом пражэктараў. Рухаліся адны промні ды за імі гукі. Калі яны дасягнулі пэўнай мяжы, Зімчук, перастаўшы дыхаць, тузануў. Якраз насупраць яго, куды цягнуўся шнур, у цёмнай сцяне елак быў нябачны раней прасвет. І праз яго раптоўна ўзнік асляпляльны пошуг, і пачалі расці, паднімацца ўгору вагоны. Грымнуў выбух.

Гэта было сігналам. Адкрыўшы агонь, брыгада рынулася на чыгунку.

— Я буду ля елак! — крыкнуў Зімчук начштаба і ўсхапіўся.

У бляску агню Зося заўважыла яго постаць з прызыўна ўзнятай рукою і яшчэ адну непазнаную, якая паволі асядала на зямлю. Зося кінулася да гэтай постаці і, схіляючыся над параненым, заўважыла, што яе мінае другі ланцуг партызан.

 

2

Каля елак Зімчук спыніўся. Блізка ўгору шуганула асвятляльная ракета. Праз частую дажджавую сетку ў мёртвым, трапяткім святле ён убачыў цягнік: бездапаможны паравоз, ахутаны парай, таварныя вагоны, што ўзняліся дыбкі за тэндэрам, адзін знявечаны і два ўцалелыя класныя вагоны, дзесятак платформ, укрытых брызентам, цыстэрны, зноў чараду таварных вагонаў.

Выбух не зваліў паравоза пад адхон, а толькі скінуў з рэек. Цяпер ён быў падобны да раненага звера, які на бягу тыцнуўся мордай у зямлю, але астаўся стаяць на задніх лапах, здзіўлены сваім бяссіллем і тым, што нешта клякоча і булькае ў грудзях. Языкі агню лізалі мокрыя, як паглянсаваныя дажджом, сцены ўздыбленых вагонаў. Полымя прабягала па іх і, адарваўшыся, гасла.

Праз вокны і дзверы класных вагонаў выскоквалі салдаты. Агонь брыгада скіравала сюды, і кулі касілі іх, дзіравячы зялёныя сцены. Тыя, каго кулі не адразу прышывалі да зямлі, кідаліся пад вагоны і адтуль агрызаліся ліхаманкавымі чэргамі. З-пад колаў веерам пырскалі трасіруючыя светлячкі і тухлі, упіваючыся ў калматую загарадзь елак.

Зімчук заўважыў, як на палатно выбегла некалькі партызан і адразу, ускінуўшы рукі, нібыта ў грудзі ім штурханула нябачная сіла, спінамі рынуліся назад у чорны кювет.

Апісаўшы над галавою дугу, ракета, павялічваючы хуткасць, пачала падаць недзе ззаду. Пад елкамі ўзніклі чорныя цені і, выцягваючыся, памкнуліся да палатна, пераскочылі кювет, узняліся па сценах вагонаў і зліліся з небам. Стала яшчэ цямней. Толькі пад паравозам трапятаў жоўты водсвет топкі ды па ўздыбленых вагонах бегалі языкі полымя.

Па энергічнаму дотыку Зімчук пазнаў Воранава. Нахіліўшыся і горача дыхаючы ў самае вуха, камбрыг сказаў:

— Хрэнавата, Іван,— і лёг побач, усё ж радуючыся, што бой разгараецца і расце інтэнсіўнасць партызанскага агню.— Трафеяў шкада, а то бранебойна-запальваючымі па цыстэрнах — і канец. Вось феерверк быў бы, язві іх у душу!

Зноў у неба шуганула ракета. І зноў яе святло заліло цягнік, блакітныя рэйкі, палатно, прыдарожную паласу, загарадзь з елак. Калі ракета ўзнялася высока, стала відаць дно кювета і распластаныя па адхону постаці партызан.

— Не толькі адстаём ад калоны на маршы, а і штурмаваць не ўмеем,— голасна сказаў Воранаў.— Палітграмата, выходзіць, яшчэ не ўсё. Я іх заўтра пасаджу на атакі!

Ён паклікаў сувязнога і аддаў яму нейкі загад.

Праз хвіліну каля вагонаў пачалі рвацца гранаты. Яны ўспыхвалі калючымі агністымі зоркамі, вырываючы на міг з цемры вагоннае кола, шпалы, прыпаўшую да зямлі постаць.

За год партызанскай барацьбы Зімчук навучыўся прымаць удзел у падзеях з каманднага пункту, бачачы сваё прызначэнне ў тым, каб людзі свядома імкнуліся да пастаўленай мэты.

Воранаў жа глядзеў на бой, як на справу сваіх рук, якая адбываецца і павінна адбывацца там і так, дзе і як вызначыў ён. З гэтай прычыны ён надзвычай высока ставіў асабісты прыклад і перад канцом сам увязваўся ў бойку.

— Я, Іван, да байцоў,— катэгарычна сказаў ён, пачуўшы, як на тым баку палатна загаварыў пасланы ім кулямёт.— Можна ўсё гэта зрабіць хутчэй і больш чыста...

— Ну, дык загадай.

— Пакуль што рана.

— Тады пачакай.

— Калі кулямёт застрачыў там, значыць, немцы адкатваюцца ў кювет. А ён прастрэльваецца. Гэта працверазіць іх, і чакай у адказ трука.

— Ну і што?

— Не падабаюцца мне платформы...

Воранаў захваляваўся, спрытна, адным махам, усхапіўся на ногі і нырнуў у кювет.

Зімчук нездаволена крутнуў галавою і напружыў слых.

Як і раней, гулка рваліся гранаты. З невялікімі паўзамі страчыў кулямёт на тым баку насыпу. Але вінтовачныя стрэлы і аўтаматныя чэргі сталі радзейшымі. Бой сціхаў.

«Чаго ён занепакоіўся? — падумаў Зімчук пра Воранава і пачуў злосныя завыванні старцёра.— Танкі!..»

Здзіўлены, ён прыўзняўся і, зразумеўшы, у чым рэч, крыкнуў туды, дзе чакалі сувязныя і начштаба:

— З флангавых кулямётаў запальваючымі па платформах — агонь!

Немцы, якія даўно не ракецілі, узяліся пускаць ракеты адну за адной. Трацячы чырвань і распальваючыся дабяла, яны ўзляталі над цягніком, секунду мігцелі і, зноў чырванеючы, падалі некуды ў чарнату.

Дождж пабольшаў. Буйныя кроплі ўдараліся ў бляшаныя дахі вагонаў і разляталіся ў пырскі. Здавалася, што дахі дымяцца.

Пачыналі курыцца і платформы. Але з двух брызенты былі ўжо сарваны, і адтуль вырывалася завыванне матораў.

Раптам цюкі сена на гэтых платформах захісталіся і сталі бурыцца. З-пад іх, пабліскваючы бранёй, паказаліся танкі. Адзін з іх, няўклюдна павярнуўшыся ўпоперак платформы, рыкнуў і вырыгнуў сноп агню. Аднекуль з поля, як рэха, яму адгукнуўся разрыў. І хоць быў ён далёкі, танк, уздрыгваючы, рыкнуў яшчэ. Потым, як апантаны, пачаў пырскаць кулямётнымі чэргамі.

Падбадзёраныя немцы ўзмацнілі агонь. Некаторыя паспрабавалі зрываць брызент і з другіх платформ, але з цюкоў сена ўжо валіў дым і прабівалася полымя.

Пасля адбылося тое, чаго Зімчук чакаў: ён убачыў Воранава і Краўца, якія выскачылі на насып і, шпурнуўшы звязкі гранат, зніклі зноў у кювеце. У той жа момант недалёка ад борта з белым крыжам шугануў агонь. Платформа пад танкам як бы раскрылася, і ён, згубіўшы апору, нязграбна, бокам, асеў у прорву.

Другі танк, уключыўшы фары, агрызнуўся кароткай чаргой проста з прыадчыненага люка. Яго кулі крануліся броўкі насыпу, прашылі кювет. Павярнуўшыся ўпоперак платформы, ён таксама рвануўся наперад. Промні ад фар, разрэзаўшы палатно, упёрліся ўжо ў зямлю, але тут жа пад ім, як і пад першым танкам, выбухнуў разрыў, і фары пагаслі.

З кювета ў неба ўзвіліся чырвоная і зялёная ракеты — сігнал агульнага штурму.

Страляючы на бягу, партызаны з крыкам «ура!» кінуліся да цягніка. Зноў за насыпам застрачыў кулямёт. Зводдалі даляцелі гняўлівыя чэргі і вінтовачныя стрэлы — заслоны адкрылі агонь па тых, хто ўцякаў па пуцях.

Але гэта цягнулася нядоўга. Неўзабаве стала чуваць, як, патрэскваючы, гараць уздыбленыя вагоны, сіпіць агонь, ахопліваючы цюкі сена на платформах, ды дзесьці прыглушана гудзе нечым скутае полымя.

Напружанне бою адразу схлынула. Людзі замітусіліся, палезлі ў вагоны. З адчыненых насцеж дзвярэй паляцелі скрынкі, зброя, цюкі абмундзіравання. Іх лавілі на ляту, пахапліва ўзвальвалі на спіны і неслі за сцяну елак, у поле, дзе чакалі фурманкі. Вярталіся подбегам, сутыкаліся з тымі, што кіраваліся з ношкамі да падвод, лаяліся, жэстыкулявалі. Сярод гэтай сумятні то там, то тут паказвалася высокая постаць Воранава, і там, дзе яна паяўлялася, знікала мітусня. Як здавалася, само сабою ўтвараліся жывыя канвееры, і па руках людзей ад вагонаў у цемру плыло здабытае ў баі багацце.

Зімчуку дужа захацелася быць разам з усімі, сярод радаснай сумятні, але ён гнаў ад сябе гэтае жаданне. Непакоілі трафейны азарт партызан, падазронае маўчанне праціўніка на суседняй станцыі, прыглушанае булькатанне, якое ішло невядома адкуль.

Калі падбег начштаба, Зімчук прымусіў яго таксама легчы побач.

— Вы чуеце булькатанне?

— Але.

— Што гэта можа быць?

— Не ведаю. Магчыма, льецца бензін з цыстэрнаў. Вунь бачыце, на адной ужо загарэўся.

— Прасігнальце, калі ласка, адыход!

Зімчук устаў, уявілася, як праз некалькі хвілін, сарваўшы люкі, вогненная лава вырвецца з цыстэрнаў, пацячэ па іх пукатых баках, і, нягледзячы на дождж, запалаюць набрынялыя вадою шпалы, зямля, пачнуць звівацца, курчыцца рэйкі. А яшчэ праз колькі часу, раскідаючы на дзесяткі метраў вогненныя пырскі, узарвуцца і самі цыстэрны.

 

3

Назад ішлі ўвесь астатак ночы. Уперадзе манатонна парыпвалі калёсы, на якіх везлі трафеі, параненых, забітых.

Дождж перастаў. Хмары развеяліся, і над галавою купалам цямнела высокае зорнае неба. Зоры былі ясныя, буйнейшыя, чым звычайна. Мусіць таму, што паветра ачысціў дождж, яны нават не мігцелі, а прамянілі роўнае, спакойнае святло.

Крочачы за калёсамі або побач з імі, Зося змардавалася зусім і на золку ледзь перасоўвала ногі ў пудовых, аблепленых гразёю ботах. Нават стогны параненых не так ужо турбавалі яе, і не было сіл падыходзіць на кожны стогн, адгукацца на просьбу.

Краўцу яна ўзрадавалася, як паратунку. Яшчэ там, ля сцяны прыдарожных елак, ён знайшоў яе ў сумятні і спешцы, прыкінуўся, што кульгае, а калі яна ўзяла яго пад руку, каб памагчы ісці, прыгарнуў да сябе і, шчасліва рагочучы, пачаў цалаваць. Яго пацалункі абпальвалі, аддаваліся ў сэрцы, і не хацелася працівіцца ім.

Узяўшы за руку Зосю, Кравец спыніў яе ля лужыны, прысеў і, не тлумачачы, што сабраўся рабіць, пачаў мыць ёй боты.

— Што ты, не трэба, Мікола! — сарамліва спахапілася яна, у глыбіні душы гордая за сябе і ўдзячная яму.— Хіба можна?

— Можна! Праўда, Тарбахват? — іранічна спытаўся Кравец у каня, які паслухмяна стаяў на абочыне дарогі.— Я дзеля цябе, Зося, не гэта яшчэ зраблю.

Яна ўсё-такі ўпёрлася яму ў плечы і вызваліла нагу. Але, калі Кравец прапанаваў ёй крыху пад’ехаць на Тарбахваце, згадзілася, дала пасадзіць сябе ў сядло.

Ён пайшоў побач, трымаючы руку на Зосіным калене, а яна пагойдвалася ў такт крокам Тарбахвата і, востра адчуваючы цеплыню Краўцовай далоні, не ведала, як ёй быць далей: сказаць, каб прыняў руку, ці зрабіць выгляд, што наогул не звяртае ўвагі на гэта?

У бліжэйшым ад Лядаўскай пушчы Руднянскім лесе зрабілі прывал. Трэба было пахаваць забітых, даць адпачыць людзям, пасушыць вопратку.

Раненых парашылі з калёсаў не знімаць, і Зося, напаіўшы іх разам з Краўцом, стала перад ім з апушчанымі вачыма.

— Хадзем паглядзім, як хаваць будуць. Пайшлі ўжо магілу капаць,— сказаў ён, абдаючы яе зыркім святлом.

— Як я пайду ад раненых,— запярэчыла яна.— Няможна мне кідаць іх...

— Я каго-небудзь са сваіх хлопцаў прышлю.

— Хіба што... Дзе яны месца выбралі?

— Вунь там, на ўзгорку, сярод хвой. Добрае месца. Некалі, мабыць, помнік паставяць. Абеліск... Пайшлі...

Ёй здалося, што Кравец пакеплівае з яе, але Зося не пакрыўдзілася. Наадварот — гэта прымусіла адчуць не то ягоную ўладу над сабой, не то сваё бяссілле перад ім. Ёй стала страшнавата. Але яна паспрабавала адагнаць страх. «Падумаеш! — упікнула яна сябе ў думках.— Баішся!.. Бачыш, што робіцца. Сёння жывая, здаровая, а заўтра гэтак жа можаш стагнаць на калёсах або яшчэ горш — пойдуць капаць магілу табе... А ён добры, адданы... І наогул, што тут такога?..»

— Сястрыца, вады! — пачулася з бліжэйшых калёс, на якіх ляжаў паранены кулямётчык з атрада «Штурм».

Зося кінула туды нездаволены позірк, схадзіла па ваду і, не ўзяўшы назад ад кулямётчыка конаўкі, вярнулася да Краўца.

— Ну што ж, калі так, давай пройдзем,— сказала яна, і твар у яе паблажэў.

Сонца ўжо ўзышло, яго праменні ляжалі на вершалінах сосен, ствалы якіх сталі меднымі. Але паветра было яшчэ сіняе, і хоць сосны яшчэ не шумелі і стаялі нерухома, павявала свежасцю.

Як бы жадаючы сагрэць Зосю, Кравец абняў яе за плечы, і яны пайшлі, стараючыся не сустракацца позіркам.

За кустамі арэшніку нечакана ўбачылі Зімчука, які задуменна ішоў ім насустрач. Адштурхнуўшы ад сябе Краўца, Зося скоранька шмыгнула назад за арэшнік і, задыханая, як пасля доўгага бегу, аглушаная ўдарамі ўласнага сэрца, стаілася, адчуваючы патрэбу прытуліцца да чаго-небудзь спіной.

Так, згараючы ад сораму, яна прастаяла некалькі хвілін, пакуль Зімчук з Краўцом не схаваліся за соснамі.

Ці заўважыў яе Зімчук? Мусіць, не. Ва ўсякім разе, ён сустрэў Краўца як ні ў чым не бывала і, прыхапіўшы яго з сабою, адразу загаварыў пра справы. Але ўсё роўна было сорамна, крыўдна. Разбірала злосць на сябе, на Краўца, на Зімчука... Хацелася бунтаваць.

Вярнуўшыся да раненых, яна села ўводдалі на пянёк, падперла падбародак рукамі і з сярдзітым тварам праседзела, пакуль не пачулася каманда рыхтавацца ў паход. Ні ўзрушаная Зімчукова прамова над брацкай магілай (асобныя яго фразы даляталі і сюды), ні развітальны салют не закранулі Зосю, як звычайна. Усе яе думкі былі скіраваны на сябе. Яна шукала пэўнасці, рашэнняў і не знаходзіла іх.

Брыгада пастроілася ў калону і рушыла далей. Дарогу назнарок выбралі, каб праходзіць па незнаёмых вёсках. Ішлі строем, рота за ротай, атрад за атрадам. Часам нават запявалі песню. Вясковыя вуліцы часцей былі пустыя, але з вокнаў хат, з падворкаў на калону глядзелі здзіўленыя, захопленыя вочы. Ды і гэта не вельмі брала Зосіну ўвагу.

 

4

З Руднянскага лесу Зімчук з групай разведчыкаў паехаў не ў лагер, а ў Ляды, дзе былі справы да каваля.

Дождж памыў дрэвы, і ўсё выглядала па-веснавому маладым — асабліва беластволыя бярозы, з нібыта майскімі, клейкімі лісточкамі. На дарозе стаялі лужыны. У іх хацелася глядзець, як у крыніцы. Яны былі бяздонныя, чыстыя, і ў кожнай з іх адбіваўся кавалачак памаладзелага свету, прыгожага і незвычайнага. Калі конь ступаў у лужыну, адбітак драбіўся, і яго было шкада.

Стаяла паслядажджавая парнасць. Пахла дажджом, цёплай мокрай зямлёй.

Хоць вопратка не прасохла як след і перад вачыма стаяла яшчэ свежая брацкая магіла, але на душы ў Зімчука паступова рабілася святлей. Кранала навакольнае хараство, і, мерна пагойдваючыся ў сядле, ён як бы ўбіраў яго.

Калі пад’ехалі да прасветліны, дзе дарога злучалася з гравійкай, Зімчук спыніў каня. Яго заўсёды ўзрушала мнагалюддзе. Нават на экране найбольш захаплялі кадры, дзе дзейнічалі бурлівыя людскія натоўпы. Цяпер жа ўбачанае асабліва ўсхвалявала Зімчука.

На гравійцы працавалі лядаўцы. Два паралельныя шырокія рвы перасякалі ўжо дарогу і ўпіраліся ў лес. Жанчыны ў рознакаляровых хустках, старыя, падлеткі ў нейкім адзіным рытме схіляліся над рыдлёўкамі, і ўгору ляцелі камякі зямлі і пырскі жвіру. Каля рвоў вырасталі валы. Пясок залаціўся на сонцы. Ярка чырванела гліна. Каб зрабіць аб’езд немагчымым, на краі лесу мужчыны падпілоўвалі для завалаў дрэвы. Шоргат піл, людскі гоман і смех зліваліся ў адно.

Столькі ва ўсім гэтым было яскравых фарбаў і працоўнай заўзятасці, што Зімчуку нагадалася перадваенная асушка балот, якую ён з такім запалам праводзіў у раёне. Успомніліся шнурам працягнутыя да самага небасхілу канавы, што пачыналі лажыцца праз багны. Уражанне, быццам людзі нешта ствараюць, працуюць на свой дабрабыт, было такое моцнае, што Зімчук палічыў нетактоўным пад’ехаць да іх на кані. Саскочыўшы з сядла, ён аддаў повад ардынарцу і падаўся к лядаўцам.

Яго пазналі здалёк, прывітальна замахалі рукамі. І калі ён падышоў да гравійкі, яго ўжо чакаў стракаты, узрушаны натоўп. Толькі некалькі мужчын завіхаліся яшчэ ля гонкай хвоі, якая раптам пачала хіліцца, хіліцца і, паварочваючыся на ляту, упала з роспачлівым уздыхам.

Зімчука акружылі, і ён, стоячы на вале, аказаўся, як на трыбуне. Навокал былі знаёмыя людзі з рыдлёўкамі, сякерамі, піламі. У першых радах ён заўважыў Лізавету і, як старому сябру, кіўнуў ёй. Тая адказала яму аднымі вачыма, збянтэжана выцерла ражком хусткі яркія, па-дзявочаму пухлыя губы, горда ўскінула галаву і зрабілася сур’ёзная. «А яна ж была брыгадзірам грабароў»,— успомніў Зімчук. Ён пашукаў вачыма каваля і знайшоў яго сярод мужчын, якія затрымаліся каля хвоі і цяпер спяшаліся да ўсіх.

— Сябры мае! — адчуваючы, як замілаванне да гэтых людзей узнімае яго самога, загаварыў Зімчук.— Бачыце, якая ідзе вайна. Я хачу прачытаць вам нямецкі загад, які пераслалі нам мінскія таварышы. Паслухайце! «Хлеб, буйная рагатая жывёла, дробная жывёла, хатняя птушка — усё гэта павінна адбірацца ў насельніцтва для арміі. У кожным доме неабходна рабіць старанныя вобыскі і забіраць усё дарэшты, каб нічога не дасталося партызанам. За ўтойванне харчоў, за супраціўленне расстрэльваць на месцы. Дамы паліць, печы ўзрываць». Чуеце, што яны вам рыхтуюць? Таму не верце гітлераўцам. Іх брахня падвойная. Забіраючы ў вас хлеб, жывёлу, яны абяцаюць пазней памагчы з Нямеччыны. А звяртаючыся за падаткамі да нямецкага народа, суцяшаюць яго нашымі багаццямі...

І Зімчук загаварыў пра вайну без стрэлаў, пра тую глухую сцяну, якой трэба акружыць захопнікаў. Ён раіў, як толькі даспее збожжа, адразу зжаць яго, змалаціць і схаваць у ямах. Абяцаў дапамогу чырвонаармейскім і партызанскім сем’ям, раіў арганізоўваць талокі і на ліхі выпадак будаваць лясныя лагеры, куды збольшага звезці маёмасць, харчы і сена жывёле. Ён папярэджваў аб мажлівых выпрабаваннях і заклікаў не баяцца іх.

Зімчук бачыў узнятыя да яго твары — стрыманыя ў старых, узрушана-ўдзячныя ў моладзі, задуменныя, тужлівыя ў жанчын. Ён зноў сустрэўся позіркам з Лізаветай і заўважыў, як яна, мабыць, збіраючыся таксама нешта сказаць, прыціскала далоні да расчырванелых шчок, каб суняць хваляванне. Спалохана прытуліўшыся да яе, стаяў Лёнік. Хлопчык паспешліва жаваў хлеб і, не адрываючыся, сачыў за кожным Зімчуковым рухам. «Сын!» — здагадаўся Зімчук і, таропка сышоўшы з вала, узяў яго на рукі. Лёнік захліпнуўся паветрам, пацягнуўся да маці, але не заплакаў.

— У імя вось іх, таварышы, трэба зрабіць усё, што залежыць ад нас!

Натоўп загаманіў, і ў ягоным шматгалосым тлуме пачуўся чысты голас Лізаветы:

— Зробім, таварыш сакратар! Толькі з намі будзьце!

Сціснуўшы кулакі, яна з рашучым адчаем узышла на вал.

— Жанкі! — выгукнула яна.— Праўду тут нам гавораць. Чым хочаце магу прысягнуць, што праўду. «Рус, рус, давай!» Хутка яны гэтаму навучыліся, вылюдкі. Дык не, не дамо ім спажыць нашага багацця! Не для іх яно!.. А дзеці? Іх ратаваць трэба!..

На душы ў яе было святочна. Але жанчына з цяжкасцю падбірала словы, і яны вельмі прыблізна перадавалі, што яна думала і адчувала.

— Мама! — пазваў Лёнік і працягнуў рукі.

Лізавета падышла да Зімчука, узяла сына і пацалавала ў лобік.

— Не сумнявайцеся, таварыш сакратар,— сказала яна.— Нам абы ведаць, што і як рабіць. А немец калі пад’есць ад нас, дык спруцянее...

Зімчук астыў ад узбуджанасці, калі ўдалечыні паказаліся ліпавыя прысады Лядаў. Побач з ім крочыў каваль. Ішлі моўчкі, знаходзячыся пад уражаннем мітынгу.

Дагэтуль Зімчук уяўляў Лізавету сумленнай, гаспадарлівай жанчынай. Але яе інтарэсы, клопаты часта здаваліся яму нясвоечасовымі і не зусім пасавалі да агульнай узнятасці жыцця. У хаце, у гаспадарцы Лізаветы панаваў строгі парадак. У садку цвілі вяргіні. На дварэ, пад паветкай, узвышалася вялікая шурка дроў. Летась яна прывяла з лесу раненага армейскага каня, адхаіла яго, і ў яе раней, чым у другіх, былі ўзараны, засеяны палоскі, дагледжан агарод. Нібы незнарок яна пачынала гаворку і аб тым, што не шкодзіла б наступнай зімою падшукаць настаўніка дзецям. Нечым пакрыўджаная, яна доўга цуралася людзей, але гаспадарчыя клопаты стваралі навокал Лізаветы атмасферу ўпэўненасці. Адчувалася — у іх жыве імкненне жанчыны захаваць сваю годнасць, угадваўся прыцэл на будучае, і людзі хінуліся да яе. Мусіць, падабалася вытрыманасць Лізаветы, тое, што ў ёй, нягледзячы ні на што, гарэла ўпартая вера ў заўтрашні дзень. Яна выконвала дробныя заданні сувязной, мыла партызанам бялізну. Усё гэта было... Сёння ж Зімчук адкрыў у жанчыне нечаканае. Ён паспрабаваў паставіць побач з ёй Зосю, Валю. Яны здаліся зусім рознымі. Але разам з гэтым у іх было нешта агульнае, і якраз тое, што ён адкрыў цяпер у Лізавеце.

— Вось якія справы,— нарэшце сказаў Зімчук, нібы прадаўжаючы спыненую размову.— А людзі? Бачыў? Быць з імі ў горы і ў радасці — шчасце. Вайна нявечыць і тых, што астаюцца жывымі. Значыць, змагацца трэба не за адно іх жыццё і не толькі за перамогу.

— Правільна, Іван Мацвеевіч,— уздыхнуў каваль.— Але ў мяне зброю ўсе падрыхтавалі. Некаторыя дык проста пагражаюць у дальнія атрады пайсці, калі тут не прымуць.

— Спраў не хапае, ці што? Перадай ім — з арганізацыі возьмем не больш аднаго чалавека. І то толькі каб умацаваць ініцыятыўную групу.

— То, мусіць, тайным галасаваннем прыйдзецца выбіраць,— сумна ўсміхнуўся каваль.

— Днямі збярэш сход, я падыду,— як бы не заўважаючы яго настрою, сказаў Зімчук.— Галовы, якія думаюць, што ім няма чаго рабіць у вёсках, куды карнікі наскокваюць рады ў гады, ахалодзім.

— Добра,— без ахвоты згадзіўся каваль, але з павагай паглядзеў на Зімчука, якому заўжды і ва ўсім верыў.

— А калі на вас найшоў ваяўнічы імпэт, праводзьце невялікія аперацыі, рыхтуйце людзей у атрады... На Лізавету не забывайцеся. Харошая жанчына. Старшынёй Лядаў можна выбраць.

— Добра, улічым...— паабяцаў каваль.— Але я і паскардзіцца хачу. У Сяргея разведчыкі аўтамат забралі. Нас савецкая ўлада праўдзе вучыла. А хіба яна такая?

— Хто забраў — Кравец?

— Ён... А калі б ведалі, як хлопец аўтамат здабыў. На шашы, каля самага гарнізона. Дротам. На шчасце, матацыкліст адзін ехаў. То дрот яму якраз пад сківіцу прыйшоўся і перакуліў.

Зімчук нахмурыўся, нездаволены заліхвацкай смеласцю падлетка і свавольствам разведчыкаў.

— Табе, кажуць, дома і без аўтамата можна. А ў яго нават кубанка з нашытай стужкай падрыхтавана.

— На дарогу ўсе выйшлі?— запытаўся зусім пра іншае Зімчук, але каваль зразумеў, што ён вельмі блізка прыняў яго скаргу і не забудзецца на яе.

Над лесам паявіўся «фоке-вульф» і кружным шляхам паплыў да вёскі. Але на палове дарогі раздумаў, рэзка павярнуў і прама пайшоў на Ляды. Чорныя земляныя кусты выраслі пасярод вуліцы і на агародах. Адзінокае гуменца, якое стаяла каля лагчыны, што пралягала паміж агародамі і лесам, раптам рассыпалася, і ўгору паляцела ўсё, што асталося ад страхі.

Усё гэта адбывалася нячутна. Пасля толькі даляцелі тры глухія выбухі. Зімчук і каваль пабеглі да вёскі. А самалёт, развярнуўшыся, пачаў заходзіць зноў. Гэтым разам ад яго аддзяліліся не чорныя імклівыя кропкі, якія, падаючы, раслі і вішчалі, а нешта бясформеннае, што неўзабаве рассыпалася безліччу матылёў. Матылі мільгалі ў паветры і паволі спускаліся на зямлю, робячыся ўсё больш падобнымі на лісты паперы.

— Агітацыя! — з агідай плюнуў каваль і збіўся з нагі.

— Якое пачварнае ўяўленне аб савецкіх людзях!

Але тут здарылася зусім нечаканае. З крайняй без рамы хаты, якая так і асталася недабудаванай ад пачатку вайны, на дарогу выйшлі два партызаны. У самай іх хадзе, падкрэслена нядбалай, у развалку, у тым, як яны спыніліся пасярод дарогі, расставіўшы ногі, Зімчук адчуў дэманстрацыю. Яна была і ў тым, як партызаны неслі вінтоўкі — на плячах, уніз рулямі, нібы паляўнічыя стрэльбы. Не падпускаючы да сябе Зімчука з кавалём, адзін з іх — чубаты вусач — падняў руку.

— Што такое? — не разумеючы, што здарылася, спытаўся Зімчук, пазнаючы партызан з роты, якая адстала ўначы.

— Стой! — з пагрозай падаў каманду вусач.

— Што вы, хлопцы, блёкату наеліся?

— Загадана вас не прапушчаць, таварыш Зімчук.

Да яго звярталіся не як да камісара! Гэта сказала больш, чым што іншае, але верыць у здагадку не хацелася, так гэта было неверагодна.

— Чый гэта загад?

— Камандзіра атрада «Мсцівец».

— Я не ведаю такога.

— З сённяшняга дня ўведаеце — ён будзе стаяць тут, у Лядах...

— Паклічце сюды Рунца.

— Яму няма калі, ён заняты. А ты, каваль, можаш праходзіць. Ды глядзі толькі!..

— Вы разумееце, на што ідзяце?

Зімчуку не адказалі. Паказваючы, што размова скончана, чубаты вусач адвярнуўся і палез у кішэню па капшук.

— Каваля прапусціце! — крыкнуў ён, і Зімчук толькі цяпер убачыў пад падвальным вянцом недабудаванай хаты, ля штандара, у свежавыкапаным гняздзе, ручны кулямёт на ножках.

 

5

Як толькі Зімчук зноў сеў у сядло, нягледзячы на абурэнне, што клекатала ў ім, адчуў стомленасць. Ныла спіна, паясніца. Непрасохшы шынель цяжарам ціснуў на плечы, і яны дзеравянелі. Зімчук узварухнуўся, як бы хацеў нешта скінуць з сябе, і, прыўстаўшы на страмёнах, пацягнуўся.

Яму добра было знаёма гэтае адчуванне цяжару. Ён зацята змагаўся з ім яшчэ ў добры мірны час. У яго нават некалі былі і даволі эфектныя сродкі супроць гэтага. У райкомаўскім кабінеце на пісьмовым стале заўсёды стаяла шклянка моцнага салодкага чаю. Дома чакала халодная вада і чысты, з клетачкамі, як у вашчыне, ручнік. Прыходзілася скарыстоўваць і шчаслівыя магчымасці. Сакратар абкома звычайна працаваў да двух-трох гадзін ночы. Канчаць работу раней яго лічылася няёмка. І, вырашыўшы бягучыя справы, чакаючы тэлефоннага званка, можна было крыху адпачыць. Зімчук адкідваўся на спінку крэсла, заплюшчваў павекі і з асалодай прыслухоўваўся, як па целе разліваецца цёплая млявасць. У дарозе можна было перабрацца на задняе сядзенне «эмачкі» і пагрузіцца ў прыемнае забыццё. У цягучай дрымоце добра думалася. Думкі плылі павольна, адна за адной, і пазней уражалі трапнасцю.

У вайну сілы людзей як бы падвоіліся. Стомленасцю пачалі пагарджаць, і яна рэдка валіла людзей. Тое ж здарылася з рознымі недамаганнямі і хваробамі. Яны як бы стаіліся або зніклі. Людзі з парокам сэрца рабілі вялізныя пераходы, з хваробамі, адны назвы якіх палохалі, галадалі, суткамі не выходзілі з бою, спалі на яловых лапках або проста ў лазовых кустах сярод купчастага балота, тыднямі не здымалі вопраткі, якая не прасыхала ад іржавай балотнай вады. Зімчук сур’ёзна пераконваў сябе і другіх, што гэта зусім натуральна. Арганізм чалавека накіраваў свае сілы і магчымасці на пераадоленне галоўнай небяспекі, а ў такім выпадку яны невычэрпныя... Але, аказваецца, так было не заўсёды...

Каб не зліпаліся павекі, Зімчук моцна заплюшчыў і расплюшчыў іх, потым энергічна страсянуў галавою і пацягнуў повад.

— Гэй, работнічкі зямлі і лесу, рыссю! — крыкнуў ён назад разведчыкам і прышпорыў каня.

Хуткая язда трохі вярнула бадзёрасць. Перастала ныць паясніца. Захацелася закурыць. Дастаўшы з кішэні скураны капшук, Зімчук скруціў цыгарку. Гэта быў таксама выпрабаваны сродак. Да таго ж трэба было падумаць. Але перад ім бязладна паўставалі карціны мінулай начы і сённяшніх сустрэч. Нават не карціны, а асобныя дэталі.

Ён стараўся спыніцца на нейкай адной думцы і не мог, хоць яна жыла ў ім, як трывога, і непакоіла яго.

«Відаць, сапраўды стаміўся»,— з прыкрасцю, як пра некага другога, падумаў Зімчук і зноў таргануў каня.

Ля галіністай елкі, дзе некалі ў час бою на паляне быў КП, Зімчук сустрэўся з камбрыгам. Расставіўшы па-марскому ногі, Воранаў уважліва назіраў за палянай у бінокль. Непадалёк ад яго стаяў ардынарац.

— А-а, мой камісар! — пачуўшы тупат капытоў і на хвіліну адарваўшыся ад бінокля, працягнуў Воранаў.— А я вось распачаў манеўры.

— Не шкадуеш ты ні сябе, ні людзей. Няўжо гарыць?

— Гарыць? — не зразумеў адразу Воранаў.— Ах, ты пра гэта. Адпачылі гадзіны тры — хопіць. Вось разабраў аперацыю і не вытрываў. А наконт людзей — гэта праўда. На вайне іх нельга шкадаваць: мае значэнне адно — перамога. Нашчадкі блаславяць нашу жорсткасць, камісар. Не мне гаварыць табе пра гэта...

На паляне партызаны рабілі перабежкі. Яны спрытна ўсхопліваліся, прабягалі патрэбную дыстанцыю, нібыта кінуўшы гранату, падалі на зямлю.

«Разумны мужык,— падумаў пра камбрыга Зімчук,— неўтаймаваны і жалезны. Крута прыйшлося б брыгадзе без яго...»

— Трэнінг унд трэнінг!..— як бы прачытаўшы яго думкі, весела дадаў Воранаў.— Учора мы кепска штурмавалі, бо ігнаравалі гэта... А ведаеш, немцы так ашалелі, што выслалі раніцай самалёты і з гадзіну бамбілі хмызнякі абапал чыгункі. Адна бомба, кажуць разведчыкі, трапіла ў палатно і памагла нам. Во як!..— і павярнуўся да ардынарца: — Перадай камандзіру першай роты, што ў яго на правым флангу дзот праціўніка. Вунь каля таго кусціка. Няхай падавіць.

— Ну і ну,— усміхнуўся Зімчук, здагадваючыся, з якой мэтай Воранаў адаслаў ардынарца.

— Пра Рунца нічога не даведаўся? — заспяшаўся той, бачачы, што Зімчук зразумеў яго.— Што магло здарыцца, Іван? А? Няўжо ў якую-небудзь пастку трапіў?

— Не, проста роту ад нас звёў.

— Што ён, з глузду з’ехаў?

— Таксама не. Хоча самастойна партызаніць. Нават назву свайму атраду прыдумаў ужо — «Мсцівец». Канчай і прыходзь. Параіцца трэба,— стомлена сказаў Зімчук і крануў каня.

 

У лагеры было пуста. Сустрэўся адзін дзяжурны з чырвонай павязкай на рукаве. Ён казырнуў і наважыў дакладваць, але Зімчук, махнуўшы рукой, прайшоў міма.

Пахла хлебам. Каля кухні секлі дровы. Цягучыя ўдары сякеры звонка разлягаліся па лесе і надавалі лагеру мірны выгляд. Адтуль жа, ад кухні, далятала песня кухара Стацэнкі. Думаючы пра сваё, той, як у забыцці, выводзіў прыемным баском:

 

Ой, не хады, Фрыцю,

Тай на вечарніцю...

 

Зімчук зацікавіўся і спыніўся. Але далей пайшлі звычайныя словы:

 

Бо на вечарніці

Дзеўкі-чараўніці.

 

Зайшоўшы ў сваю зямлянку, Зімчук распрануўся, узяў кацялок і накіраваўся да калодзежа. Калодзеж нядаўна выкапалі, навокал яго валяліся бярозавыя трэскі, непадалёку ўзвышалася гурбачка залатога пяску і шызага глею. Зімчук зачэрпнуў прымацаваным да шаста вядзерцам вады, пераліў яе ў свой кацялок і павесіў яго на галінку рабіны, як вешаюць гліняныя з насамі рукамыйнікі.

Тым часам Стацэнка заспяваў песню з пачатку — зухавата, гарэзна:

 

Лепш не хады, Фрыцю,

За нашу граніцю,

Бо там на граніці...

 

Песня на хвіліну абарвалася. Але неўзабаве яе падхапіў жаночы голас, і яна палілася далей:

 

Б’юць па патыліці...

 

На кухні выбухнуў смех.

— Дазвольце зілью, таварыш камісар,— заўважыў здалёк Зімчука Стацэнка.

— Дзякую. Глядзі лепш, каб не падгарэла што.

— Не турбуйтэсь, языкі каўтнуць тай шчэ папросяць...

Зімчук набраў поўныя прыгаршчы вады і, як бы збіраючыся панюхаць яе, апусціў у ваду твар. Вада аказалася сапраўды сцюдзёнай і пахучай. Яна пахла не то кляновым, не то бярозавым сокам. «Ад зруба»,— здагадаўся Зімчук і не ўтрымаўся, каб не паспытаць на смак. Але вада была залішне прэсная і крыху ёлкая.

Паружавелы, з мокрымі валасамі, Зімчук падаўся ў райкомаўскую зямлянку — даўжэйшую за астатнія і перагароджаную на дзве палавіны.

Прывітаўшыся з машыністкай, якая кінула друкаваць і моўчкі падала яму сінюю папку, ён прайшоў у другую палавіну і сеў за стол, але праглядаць паперы не здолеў.

Што рабіць?..

Зямлянка была прасторная, высокая і нагадвала мансарду. Сцены былі з трох-чатырох вянцоў, а далей ішоў круты, як гатычны, дах, абшыты шылёўкамі. На столі-даху па адзін бок віселі геаграфічныя карты, а па другі — партрэт Леніна і плакат — суровы мужчына рашуча і патрабавальна ўказваў пальцам на таго, хто на яго глядзеў, і пытаўся: «Ты ўсё зрабіў для Радзімы?» Машыністка любіла парадак, і тут было чыста і ўсё стаяла на сваім месцы: лавы ўздоўж сцен, стол ля акенца, незгараемая скрынка ў кутку, справа ад стала. На акенцы віселі паркалёвыя фіранкі і стаяў букецік кветак.

Гэтае знаёмае і ўжо звыклае супакойвала, настройвала на рабочы лад.

«Толькі не наламаць бы дроў»,— падумаў Зімчук.

У дзверы пастукалі, і ўвайшоў Воранаў.

— Вазьму ўзвод і пасяку гэтую брыдоту,— кінуў ён з парога.— Здраднікі!

— Пачакай,— папрасіў Зімчук.— Ты сам ведаеш, што рабіць гэта няможна.

— Дык ты мо яшчэ і апраўдаеш іх?

— Па-мойму, самае важнае — пагаварыць з імі. Уведаць, чаго хочуць, раскрыць вочы... Можа, нават даць паваяваць самім.

Воранаў наводмаш, ад пляча, секануў паветра рукой і захадзіў па зямлянцы.

— На вайне такія рэчы не даруюць! І я не дарую.

— Але і ў арміі ваенны трыбунал ёсць. Некаторыя дужа лёгка ставяцца да чалавечага жыцця. А кроў сваіх не забываецца. Дорага яна каштуе. Глядзі, камбрыг! Рана ці позна за яе прыходзіцца даваць справаздачу.

— Гэта пагроза?

— Не, папярэджанне...

Воранаў — ён якраз падыходзіў да дзвярэй — крутануўся на насках і ўтаропіўся на Зімчука.

— Паўтары,— выціснуў ён.

— Магу,— сказаў Зімчук, аблізваючы сухія губы.— Пакуль я жывы, ні самасудаў, ні міжусобіцы не будзе. Тым больш праз амбіцыю... І не думай, што ўсё так проста. Яша Зарэцкі таксама не хоча аб’ядноўвацца.

— Ты мяне ад савецкіх законаў не аддзяляй, бо савецкая ўлада не толькі ты. Але ўвогуле...— у кутках ягоных губ пачала выступаць усмешка, твар прасвятлеў, і Воранаў шырока, як дзіця, заўсміхаўся.— А ўвогуле, Іван, нам з табою, хочацца ці не, а ваяваць разам. Нічога не папішаш... Але скажы, ці не праз мяне гэта Рунец... Мо не згаджаецца, каб я камандаваў? Бо, калі прызнацца шчыра, сам добра не ведаю, вінават я перад радзімай ці не. Хто я цяпер для арміі? Ці не запляміў афіцэрскай чэсці, што астаўся жывы? Я і Краўца разумею...

— Ну, ты сябе па Краўцу не правярай,— запярэчыў Зімчук.— Сам ведаеш, што значыш для партызан.

Але і ягоным словам неставала пераконанасці.

 

Раздзел другі

 

1

Значыць, сілы могуць вяртацца раптоўна. Яшчэ ўчора раз за разам наплывала млоснасць. Цела аставалася чужым, бездапаможным. Цяжка было нават дыхаць. Паветра ад болю затрымлівалася ў грудзях і толькі пасля намагання з надрыўным стогнам вылятала з грудзей, абпальваючы засмяглыя горкія губы. Шумела ўвушшу. І пад гэты нудны не то шум, не то гудзенне прыйшоў сон...

І вось вярнуліся сілы. Гэта адчуванне пранізвала істоту Урбановіча. З’явілася жаданне пацягнуцца і, як калісьці, зрабіўшы ўсяго адзін рух, усхапіцца з ложка.

Зямлянка была поўная сонца. Святла было так многа, што яно ўгадвалася праз заплюшчаныя павекі, якія сталі ружова-празрыстымі. Аляксей шчасліва ўсміхнуўся і расплюшчыў вочы. Сажмурыўшыся, ён убачыў над сабою Зосю. Яна трымала яго руку і ўважліва, строга глядзела на яе. Яркія, рэзка акрэсленыя вусны ў медсястры варушыліся, быццам яна паўтарала сама сабе нешта завучанае. Урбановіч бачыў яе ў профіль, і гэтыя падобныя на дзіцячыя губы, асабліва верхняя, крыху задзёртая, здаліся яму бясконца мілымі. Потым яму здалося, што ён адчувае свой пульс, як напоўненая вена пругка стукае ў Зосіны пальцы, праз якія павольна ў яго ўліваецца сіла.

Ён зноў заплюшчыў павекі і раптам зразумеў, якая яна дарагая і неабходная яму. Зрабілася пакутліва прыемна і трошкі страшнавата.

Гэта пачуццё жыло ў ім, бадай, і раней. Зосіна прысутнасць заўсёды хвалявала яго. Ён і раней знаходзіў у дзяўчыне рысы нечага бясконца роднага, і з першай сустрэчы адчуваў, што яго цягне быць разам з ёю. Калі пасля сутычкі ля Селішчанскай дарогі Аляксей апрытомнеў у лагернай зямлянцы, яго першымі думкамі былі думкі аб Зосі. Ён не даслухаў расказу ўзрушанага Стахава, як разведчыкі, з ходу атакаваўшы ворага, выратавалі яго, Аляксея, і, нездаволена кратаючы пальцамі, запытаўся, дзе астатнія. Пачуўшы няпэўны адказ, ён застагнаў і павярнуўся да сцяны. На вейках задрыжалі нязвыклыя слёзы. Так, Зося была яму дарагая. Але цяпер — і гэта прыйшло толькі цяпер! — ён зразумеў, што яна неабходна яму...

Зося праверыла пульс, кранулася халаднаватай далоняй Аляксеева лба і, уздыхнуўшы, адышлася ад нар. У ружовым святле, што стаяла перад вачыма, Урбановіч уявіў, як Зося зараз возьме са століка шклянку з кветкамі, прыцісне яе левай рукой да грудзей, возьме ў тую ж руку пляшачкі з лякарствамі і знаёмым рухам змахне з абруса апаўшыя за ноч пялёсткі мацердушкі і львінага зеву... Потым яна пачне прыбіраць пасцель лётчыка, які, безумоўна, ужо ўстаў і займаецца недзе фіззарадкай або з незразумелай сур’ёзнасцю бегае навокал шпіталя. Пасля Зося будзе ўзбіваць падушкі і, паводле права блізкага чалавека, грубавата кпіць з лётчыка, калі той у зямлянцы. Яна пабойваецца толькі Валі, хоць і хавае гэта... Што палохае яе? Мусіць, Валіна гора... Зося наогул вельмі баіцца гора і ўсяго, што можа парушыць яе бясхмарную бесклапотнасць. Дзіўна!.. Але ў зямлянцы ціха — не мурлыкае сваёй песні Валя, значыць, яе таксама няма.

Яшчэ не ведаючы, што ён скажа, Аляксей паклікаў:

— Зося!

Яна не павярнулася да Аляксея і асталася стаяць спіною, лёгка абапіраючыся рукамі на столік, чакаючы ягоных слоў. З акна ў зямлянку ліліся промні сонца. І ў гэтых промнях Зосін белы халат і белая хустка здаваліся акружанымі ззяннем, а сама яна была падобна на адлюстраванне ў вадзе, калі сам глядзіш на сябе і сонца свеціць табе ў спіну.

— Хадзем сюды, Зося!

— Я чую і так,— стоячы тварам да акна і пахіліўшы галаву, праказала яна.— Чаго табе?

— Каб ты ведала, як мне добра ўжо!

Зося ўзяла са століка пляшачку з лякарствам і павярнулася.

— Што, лепш? — з палёгкай спыталася яна.— А мы за цябе хваляваліся. Барыс Паўлавіч баяўся, каб не прыйшлося рабіць другой аперацыі.

— Сёння паспрабую ўстаць.

— Калі дазволяць.

— Так хочацца паблукаць па выспе...

У гэты час у дзвярах паказалася стройная постаць Краўца.

— Здароў, хрэснік! — з парога гукнуў ён.— Жывы, чортушка? А цябе ўсе нябожчыкам лічылі. Доўга, значыць, жыць будзеш.

— Я не супроць.

Зося стрэліла ў Краўца спалоханым позіркам і, забыўшыся паставіць на стол пляшачку, выйшла з зямлянкі.

— Вось багацце! — падміргнуў Кравец і прысеў на нары.

— Харошая дзяўчына,— спахмурнеўшы, згадзіўся Аляксей. Але прыўзняты настрой у яго не знік, і ён дадаў: — З такой разам і век пражыць можна...

Не верачы, што Урбановіч проста і адкрыта можа гаварыць пра такія рэчы, Кравец з напускной абыякавасцю запытаўся:

— Ты гэта сур’ёзна, чортушка?

— А няўжо ж не.

— Ды ты схуднеў і завастрыўся, як сякера. Табою цяпер толькі дровы секчы,— насмешліва сказаў Кравец і адчуў нядобрае пачуццё да Урбановіча.— Калі ты тады ўпаў, я думаў, што ўсё. Мог падстрэліць нават і наш кулямётчык... Але затое далі!

— Я табе яшчэ не дзякаваў. Выбачай,— сумеўся Аляксей і шчыра паціснуў руку Краўцу.

— Пацеха! — як бы не надаючы значэння словам таварыша, але ажывіўшыся, прадаўжаў той:— Там з імі адзін паліцай быў. Праваднік, чортушка! Дык я за ім хвілін дзесяць ганяўся.

— Увабраў? — ажывіўся і Аляксей.

— Як уюн. Праз яго сам ледзь у бяду не трапіў. Упадзе, усхопіцца і ўбок. А потым нырнуў у ельнік і — як у ваду.

— Шкада. Я яго таксама разы два на мушку саджаў.

Зрабіўшы намаганне, Аляксей сеў і шчасліва ўсміхнуўся, хоць ад слабасці закружылася галава і перад вачыма паплылі светлыя кругі. Правёўшы далоняй па твары і не перастаючы ўсміхацца, ён з прыемнасцю пацягнуўся.

— Ледзь упрасіў доктара, каб не стрыглі,— сказаў ён.— Нейкае дурное правіла: рана ў грудзях, а стрыгуць галаву... Ну, як яно там? Ваюем? Чуў, што эшалон знішчылі.

Кравец скоса паглядзеў на Аляксеевы валасы, якія чамусьці пачыналі кучаравіцца, і зноў спахмурнеў.

— Ваюем памалу,— без асаблівай ахвоты адказаў ён, пазіраючы ў адчыненыя дзверы, праз якія былі відаць зялёны, заліты сонцам кавалачак выспы і пабялелае неба.— Толькі ўсё неяк іначай стала. Нашы мудрагеляць. Пасля аперацыі ўсёй брыгадай па вёсках парадам прайшлі. Гаворак не абярэшся. Немцы таксама хітруюць. На чыгунцы рваць толькі шнурам можна. Наперадзе састава пустыя платформы пушчаюць.

— Пачакай,— зацікавіўся Аляксей,— як наперадзе?

— Вельмі проста. Перад паравозам... Платформы падарвуцца на міне, а эшалон цэлы. Замяніў пралёт і каці далей.

— Хітра.

— Шпалы і рэйкі з сабой возяць.

— Здо-орава! — пахваліў Аляксей, успамінаючы па нейкай сувязі выпадак, які ўпершыню прывёў яго ў шпіталь.

На золку замініравалі гравійку, па якой Мглёўскаму гарнізону павінны былі прывезці пошту, боепрыпасы, харчы, і заляглі ў кар’еры, адкуль некалі бралі гравій. Нечакана з-за павароткі ад Мглё паказаліся два баранавальшчыкі. З даўжэзнымі лейцамі яны ішлі па абочыне гравійкі. Бароны займалі ўсю шырыню дарогі і былі не перавернутыя дагары зубамі, а баранавалі гравійку. Мала таго — на кожнай баране ляжаў камень.

Калі сяляне наблізіліся, ім загадалі спыніцца. Камандзір групы сказаў Аляксею, каб правёў іх між пастаўленых мін. Але калі ён, развінуўшы галінкі, вытыркнуўся з прыдарожных кустоў, адзін конь спуджана шарахнуўся і пацягнуў за сабою гаспадара. З зямлі ў конскае чэрава ўдарыў агонь. Ён узняў каня на дыбкі, крыху патрымаў так і абваліў на дарогу. Другі конь, іржучы ад болю, пераскочыў цераз канаву і, ламаючы кусты, кінуўся прэч ад гравійкі.

Сяляне асталіся цэлыя. Гаспадар каня, што падарваўся на міне, ашаломлены выбухам, нейкі час яшчэ трымаў лейцы, калі конь ужо ляжаў на зямлі, выскаліўшы жоўтыя зубы і сутаргава перабіраючы нагамі. Гэта было апошняе, што прыцягнула ўвагу Аляксея. Потым усё пахіснулася ў яго вачах, і ён, не выпускаючы з рук галінак, пачаў паволі апускацца долу...

— Хі-ітра,— уздыхнуў Аляксей.— Значыць, нам таксама трэба нешта выдумляць.

— Паспрабуй,— без цікавасці сказаў Кравец, не зводзячы позірка з дзвярэй, у якіх паказалася Зося.

— А што ты думаеш,— не заўважыў гэтага Аляксей.— Шатуны ў паравоза зачэпяць шпень, якога не зачэпяць восі ў платформы. Значыць, калі злучыць узрывальнік са шпяньком пэўнага памеру, міна ўзарвецца пад паравозам. Нават пад катлом паравоза, бо бегункі таксама праскочаць...

Вочы ў Аляксея засвяціліся. Ён выняў з-пад падушкі запісную кніжачку, акуратна паклаў яе на калені і пачаў маляваць.

Кравец чуў пра Аляксееву кемлівасць, пра тое, што ён любіў поркацца ў трафейнай зброі — разбіраў, складаў, і звычайна першы пазнаваў яе сакрэты. І ўсё-такі Краўца ўразіў твар таварыша — шчаслівы і... нетутэйшы. Нават стала няёмка перад Аляксеем. Кравец вінавата перавёў позірк на яго вялікую схуднелую руку, якая ёмка трымала аловак, на малюнак, што ўзнікаў на старонцы, на прыгожа выведзеную ў кутку літару «З» і зразумеў — дарогі ў іх з Аляксеем Урбановічам перакрыжаваліся.

Увайшоў доктар Стахаў. Убачыўшы Аляксея схіленым над запісной кніжачкай, прыклаў указальны палец да губ і падміргнуў Краўцу. Паціху, на дыбачках, падышоў да нар і абняў Аляксея за плечы.

— Вось сёння дазваляю,— сказаў Стахаў і паправіў пенснэ.

У дзвярах зноў мільганула Зосіна постаць. Не заходзячы ў зямлянку, яна кінула на хаду:

— Барыс Паўлавіч, на выспу ідзе Зімчук!

 

2

Каб прайсці па кладках, трэба было абавязкова ўзяць кій. Іх шмат валялася каля кладак, запэцканых да паловы ў глей і твань. Іх кідаў тут усякі, хто ішоў са шпіталя, як толькі ступаў на цвёрды грунт.

Зімчук выбраў сабе самы ёмкі, без сукоў, і, балансуючы, як па канаце, пайшоў па коўзкіх жэрдках. Кій грузнуў глыбока, і, каб выцягнуць яго з дрыгвы, часам прыходзілася спыняцца. І ўсё-такі без яго Зімчук ні за што не прайшоў бы і кроку па гэтым чортавым мосце.

Ля кулямётнага гнязда яго сустрэў Стахаў.

— Гэта ў нас называецца служба парадку,— весела сказаў ён, аберуч паціскаючы Зімчукову руку.— Вы не паспелі зрабіць па кладках і кроку, а ў нас ужо ўсё вядома.

— Нічога не скажаш, як у ваенным шпіталі,— усміхнуўся Зімчук і, кінуўшы непатрэбны кій у кучу, якая была і тут, дадаў: — А гэта ламачча і дручкі я б, Барыс Паўлавіч, з таго берагу прыбраў.

— Ну канешне, я так і ведаў: што-небудзь ды знойдзеце.

— Рэфлекс, доктар. Прычым, безумоўны. Можа, нават па спадчыне будзе перадавацца.

— У такім разе не зайздрошчу. Гэта ўсё адно, што хадзіць не моргаючы. Цяжка.

— Без прывычкі, скажыце. А калі гэтая прывычка ў крыві, не заўважаеш, як работу сэрца... Я да вас і да Валі. Як яе здароўе?

— Слабая яшчэ. А галоўнае, пакутуе...

— У нас чэпэ, Барыс Паўлавіч. Рунец звёў роту і размясціўся ў Лядах. Мяне туды не пусцілі. Не пусцяць, вядома, і Воранава, бо Рунец не вельмі давярае сваім жа людзям. Выклікаў яго ў райком — не прыехаў, спаслаўся на занятасць.

— Бязвольныя людзі часта ідуць на такія ўчынкі,— рассеяна сказаў Стахаў і толькі тады ўцяміў, што адбылося.— Якая ганьба! Вы хочаце, каб да яго пайшлі мы з Валяй?

— Да яе ў мяне іншая справа. Баюся, каб не змарнела зусім. Яе вашымі сродкамі пара лячыць — работай. А вы... Вы ж Рунцу жыццё ўратавалі.

— Я да вашых паслуг. Я камуніст, Іван Мацвеевіч, я выкрыю гэтую ганьбу. Што за дзікасць?!

— Не думайце, што гэта проста. Вось вартавыя не прапусцілі мяне. Як вы мяркуеце, лёгка ім будзе вярнуцца ў брыгаду, дзе камісарам чалавек, перад якім яны вінаватыя?.. З Лядаў паведамілі, што працуе ўжо самагонны апарат, уведзены службовыя сто грамаў, як у арміі гавораць...

— І ўсё-такі я гатовы. Тым больш, па вёсках зарэгістраваны выпадкі дыфтэрыі.

— Дзякую, Барыс Паўлавіч, я буду мець на ўвазе...

Валю Зімчук знайшоў на палянцы. Дзяўчына сядзела на пні і чытала кнігу.

За гэтыя дні яна прыкметна схуднела, пасталела. Радаснае, трапяткое святло, якім звычайна свяціўся Валін твар, згасла, і на яго лёг шэры цень замкнёнасці. Ва ўсёй яе постаці і асабліва ў нахіле галавы, у тым, як яна, чытаючы, кратала рукою ражкі хусткі пад падбародкам, было нешта пакутніцкае.

Неяк краем вока заўважыўшы Зімчука, Валя хуценька ўсхапілася і пайшла насустрач.

— Іван Мацвеевіч, калі б вы ведалі, як чакала я вас...

— Праўда? Чаму? — зрабіў вялікія вочы Зімчук.

— Хацела сказаць вам, што я не магу вось так... Хацела спытацца, як нашы ў мястэчку.

— Вашы дзейнічаюць. І, як пішуць, лепш за ўсіх. Нядаўна прыслалі табе пасылку...

— Мне?

— І вялікую. Пудоў дванаццаць шрыфту, прабельны матэрыял і вярстаткі. Праўда, палова літар чамусьці лацінскіх. Але, пішуць, гэта таксама не больш як палова бяды, бо «k» тое ж самае, а «w» можна паставіць дагары нагамі і атрымаецца «м».

— Яны, як заўсёды, жартуюць,— не ведаючы яшчэ, радавацца ці пратэставаць, сумна сказала Валя.

— Не, чаму, яны маюць рацыю. Ты ведаеш лядаўскага каваля? Ён зрабіў ужо раму, заключкі, прыстасаваў пад валік барабан ад малатарні. Цяпер асталося абшыць яго сукном — і гатова...

Зімчук злавіў сябе на думцы, што занадта лёгка гаворыць пра гэта і гаворыць так, бо Валін упарты лоб і шэрыя прамяністыя вочы раптам нагадалі яму дачку.

— Вы прапануеце мне працаваць у друкарні? — стаіўшы дыханне, спыталася яна.

— Не, у рэдакцыі газеты, Валя. Але можаш суцешыцца, прапаную мала: неўкамплектаваны штат з рэдактарам і назву...

— Назву?

— Але. «За Савецкую Беларусь». Ранейшая — «Калгасная вёска» — на жаль, не падыходзіць.

— Я не магу, Іван Мацвеевіч! — аж сціснулася і закруціла галавой Валя.— Мне нельга! Няўжо вы не разумееце?

«А яны ж, да таго, аднагодкі,— падумаў Зімчук пра дачку і Валю.— І магчыма, мая таксама стаіць дзе-небудзь ля сакратарскага стала ў гаркоме камсамола і, вось гэтак жа гатовая на ўсё, патрабуе, каб яе накіравалі неадкладна на фронт».

Ён раптам убачыў сябе ля прыступак вагона, калі адпраўляў сям’ю з мястэчка. Жонка туліла яго галаву да сваіх грудзей і ўсё паўтарала адно і тое ж: «Ты ж пішы, Ваня! Глядзі, пішы...» Дачка стаяла на прыступку вышэй маці і ніяк не магла дакрануцца да бацькі. Тады ў адчаі яна працягнула да яго цераз матчыны плечы рукі, а ён, схапіўшы іх, пачаў цалаваць яе пальцы, далоні...

«Трэба яшчэ раз напісаць у ЦК,— мільганула ў думках,— няхай пашукаюць і прышлюць адрас...»

— Ваяваць табе рана,— з жалем сказаў ён.— Можаш спытацца і ў Стахава. А газета — таксама зброя.

— Які я журналіст!..

— Самы сапраўдны: столькі пабачыла, перажыла. А народ прагне чуць праўду. Ён хоча ведаць, што яму рабіць, а галоўнае — як рабіць. Разумнае слова можа выратаваць людзей ад знішчэння, падзесяцярыць рады партызан, засцерагчы ад памылак... Можа, ніколі яшчэ словы не адыгрывалі такой ролі і ўвачавідкі не рабіліся сілай, як цяпер.

Ледзь стрымліваючы крыўду, Валя ўнурылася.

— Што я, горшая за другіх? Скажыце, горшая?!

І, баючыся, што яе не выслухаюць да канца, яна горача і блытана пачала расказваць пра свае планы, пра тое, што пасля смерці маці ў яе адна задача.

Зімчук зноў уявіў сабе ўжо знаёмага сакратара гаркома, тое, як ён, не вытрымліваючы націску, пачынае здавацца, нездаволена з разгубленай усмешкай паводзіць брывамі і, нарэшце, гаворыць дачцы, што непазбежна павінен быў сказаць: «Ну, з такім характарам, бадай, сапраўды месца толькі ў проціпаветранай абароне... Добра, няхай будзе па-твойму...» Уявіў і, адчуваючы, як растуць у ім бацькоўскія пачуцці, паабяцаў:

— Добра. Пры першым зручным выпадку сустрэнешся і з ворагам. Папраўляйся толькі. А пакуль што паедзеш сустракаць машыну з Мінска. Падпольшчыкі абяцалі падкінуць паперы і друкарскай фарбы. Адвязеш таксама і ім падарунак — кабанчыка... А напісаць Рыгору нічога не хочаш? Мусіць, зачакаліся там. Напішы, пераправім.

Між елак Зімчук заўважыў Краўца і Зосю. Яны ішлі побач, нізка апусціўшы галовы і пазіраючы сабе пад ногі. У іх руках былі галінкі рабіны. Зося заклапочана абрывала вузкае доўгае лісце і безуважна кідала яго на зямлю. Кравец жа сцёбаў галінкай то па халяве бота, то па папараці, і тады ўдары хвалькамі разбягаліся па яе суцэльнай паверхні. З Краўцом трэба было пагаварыць наконт Мглёўскага гарнізона і перадаць новыя сувязі. Але, зірнуўшы на Валю, якая спалохана глядзела на зямлянку, дзе ў дзвярах, трымаючыся за вушакі, стаяў бледны, як смерць, Урбановіч, Зімчук толькі спытаўся:

— Якім чынам трапіў сюды, герой?

— Да Урбановіча прыходзіў, таварыш камісар,— неахвотна адказаў Кравец.— Як падабраў яго тады каля Селішчанскай дарогі, так пасля і не бачыў. Цікава ж...

 

3

Усё гэта здарылася неяк само сабою...

Кравец з разведчыкамі дзён пяць кружыў навокал вёскі Мглё; вывучаў падыходы, расстаноўку пастоў, змену каравулаў, сістэму агнявых кропак. У вёсцы дзейнічала антыфашысцкая група. Пры дапамозе яе Кравец здабыў весткі аб узбраенні і сілах праціўніка, аб распарадку дня ў гарнізоне. Мглёўскі настаўнік прыслаў Краўцу падрабязны план вёскі, дзе былі ўказаны казармы, каравульнае памяшканне, склад, дзоты.

Сувязь з антыфашысцкай групай падтрымлівалася праз пастуха — жвавага дзеда з хітрымі маладымі вачыма і са збітай па бок бародкай. Камечачы бародку, ён па-змоўніцку, хоць ніхто не мог яго падслухоўваць, расказваў пра тое, што прасіў напярэдадні разведаць Кравец.

І вось усё гэта здалося непатрэбным.

Адцягваючы бародку ўправа, стары паведаміў, што разам з вяскоўцамі, якіх выгналі высякаць на сто метраў абапал шашы лес і заворваць амаль паспелую ярыну, на дарогу пайшла большая частка салдат на чале з начальнікам. На месцы асталося толькі чалавек дваццаць салдат, і, калі нечакана ўварвацца ў вёску, можна лёгка падпаліць казармы, склад, захапіць у былой калгаснай канюшні начальніцкага рысака і некалькі першаронаў.

— Коні? — загарэўся Кравец.— І стаеннік у канюшні?

— А як жа! І стаеннік,— адказаў дзед.

Дзевяць на дваццаць было прыймальна. Пакручваючы гузік на зрэбнай кашулі дзеда, Кравец пачаў разважаць:

— Ты, дзед, кажаш чыстую праўду. Мы ім, чортушка, усыплем як мае быць. Гэта відавочна, як двойчы два. Важна толькі дарвацца да школы. Тады гранатамі закідаем. А ўвойдзем у вёску са статкам, калі пагоніш на полудзень. Чуеш, дзед?

— Чую.

— Згодзен?

— А як жа.

— А тыя ўзялі з сабой падводы на шашу?

— А як жа, адну ўзялі.

— Дык і мы возьмем...

Разведчыкі нават і не пераапраналіся. Толькі тыя, хто быў у ваенным, знялі гімнасцёркі і закасалі рукавы сподніх сарочак. Каровы ішлі панура, неахвотна адмахваючыся ад заедзі. Побач з імі сунулася жоўтае воблачка пылу, які ў розных кірунках прашывалі імклівыя авадні. Хоць ветру не было, пыл ўсё ж адносіла, і ён асядаў за дарогай.

Збоку гэта выглядала зусім мірна. Паволі клыпаюць каровы. Над імі і крыху ззаду курыцца жоўты пыл. Спёка. Тупы спакой. Часам раздаецца ляскат пастуховай пугі і пагрозлівы вокліч: «Гэй ты!.. Каб цябе ваўкі зарэзалі!» Ад пагрозы і ўдару пугі ў статку ўзнікае трывожны рух.

Але толькі на момант. Тупы спакой і абыякавасць зноў бяруць сваё.

За статкам цягнецца фурманка. Мышасты конік фыркае ад пылу і, нездаволена круцячы галавой, касавурыцца на русага чубатага хлопца ў сподняй сарочцы.

— Цярпі, Тарбахват, атаманам будзеш,— гаворыць яму хлопец і кладзе руку на сядзёлку.

Конь ускідвае галаву і пачынае жвавей перабіраць нагамі.

Але недзе, відаць, быў дапушчаны пралік.

Ля дзота фурманку затрымалі. Два немцы, вынырнуўшы з-пад зямлі, лена паклыпалі да падводы.

— Чаму так цу фры... зарана? Дзе астатнія? — запытаўся той, хто ішоў крыху наперадзе.

— Яны, пан, адпачываль... Там, на шашы,— мяркуючы, што так будзе больш зразумела, адказаў Кравец.

Калі салдаты наблізіліся зусім, Кравец стрэліў у пярэдняга, а затым, разрадзіўшы пісталет угору, кінуўся следам за другім. Не бег, а сігаў вялізнымі крокамі, размахваючы пісталетам, і баяўся толькі аднаго — што салдат можа спаткнуцца і ўпасці. Але ён не падаў, і яго шыраказадае цела віхлялася паміж разведчыкам і амбразурай дзота, не даючы, каб з яе хлынуў вогненны лівень. Толькі калі салдат быў ужо каля самага дзота, Кравец стрэліў. Потым ускочыў на дзот, ірвануў кальцо гранаты і, як кладуць што-небудзь далікатнае, што лёгка можа разбіцца, палажыў яе за край вузкай чорнай шчыліны...

Адыходзілі разведчыкі паспешліва. Але яны ўсё ж управіліся падпаліць канюшню, склад і захапіць начальніцкага стаенніка. Свае ж калёсы пакінулі пасярод вуліцы, якраз насупроць будынка школы, абсыпанага земляным валам і абгароджанага калючым дротам, адкуль разведчыкаў сустрэлі моцным агнём. Рыжы жарабец бег, распушыўшы хвост і карцінна прытанцоўваючы. Кравец ледзь паспяваў за ім. Мышасты сібірачок, з перарэзанымі гужамі, таксама рысіў побач і, злосна прыціскаючы вушы, збоку стараўся ўкусіць прыгажуна-стаенніка. Астатнія разведчыкі беглі ззаду, спыняючыся і адстрэльваючыся.

Стаяла суш. Канюшня і склад заняліся адразу, амаль без чорнага дыму. Да басавітых, замаруджаных чэрг нямецкіх аўтаматаў далучыліся выбухі гранат і траскатня вінтовачных патронаў, якія рваліся ў складзе. Гэта ратавала разведчыкаў.

Краўца бянтэжыла, што казармы гарнізона аказаліся непрыступнымі і аперацыю не ўдалося завяршыць паспяхова. Але адначасова яго радавала, што без страт яны захапілі добрыя трафеі: новы ручны кулямёт з маркаю шкодаўскага завода, дзве вінтоўкі і афіцэрскі панікеляваны «вальтэр».

З такім дваістым пачуццём Кравец прымчаўся ў лагер. Саскочыўшы са стаенніка, як умеюць саскокваць толькі разведчыкі, ён прывязаў яго за сасну і, не вытрымаўшы, паляпаў па холцы. Жарабец выгнуў шыю, капнуў зямлю нагой і, паглядаючы на далёкія прасветліны паміж сосен, заіржаў прызыўна, трасучыся ўсім целам,— як іржуць коні ў чужых незнаёмых месцах.

На захадзе глуха вуркатала. У прасветах паміж вяршалін клубілася навальнічная хмара. Грымоты вагалі яе, а яна расла, цягнулася да сонца. І ад трубнага поклічу жарабца, і ад гэтай пераднавальнічнай пары пабольшалі трывога і радасць Краўца.

У дзвярах райкомаўскай зямлянкі паказаўся Зімчук. Ён здзіўлена агледзеў стаенніка, пасля збянтэжанага Краўца, які ўсміхаўся, і весела пакруціў галавой.

— Адкуль гэты кавалер? — гукнуў ён, не чакаючы, пакуль Кравец падыдзе.

— З гарнізона, таварыш камісар брыгады! Вам ад разведчыкаў. Не горшы за нашых кубанскіх, кабардзінскай пароды.

— Мне? Ого! Хіба толькі фатаграфавацца,— няпэўна засмяяўся Зімчук і пачухаў скроню.— А ты адтуль?

— Так точна.

— А што яны загадваюць мне рабіць з ім?

— Разведчыкі? Ездзіць...

Зімчук зноў пачухаў скроню і пайшоў у зямлянку.

— Мы тут план намецілі,— сказаў ён Краўцу,— хачу сёе-тое ўдакладніць.

У грудзях у Краўца пахаладзела. Не ведаючы, куды падзець рукі, ён сунуў іх у кішэню, намацаў там трафейны «вальтэр» і, сам не ведаючы навошта, выцягнуў яго.

— Гэта таксама мне? — ухмыльнуўся Зімчук.

— Вам, таварыш камісар.

— Дзякую. А таго трубача, калі не прыдумаем нічога іншага, прыйдзецца прыстрэліць. Прадасць, бадзяга... Ну, добра. Гарнізон у Мглё мусім знішчыць так, каб немцы не маглі яго аднавіць. Разумееш? Зрабіць гэта без асаблівага шуму, адвёўшы падазрэнне ад вяскоўцаў.

Кравец тужліва зірнуў у акно. Аб шыбу ўдарыліся першыя кроплі дажджу. Куст ядлоўца, што рос ля зямлянкі, затрапятаў і таксама пацягнуўся да шыбы. Шуганула сухой ігліцай і толькі што сарваным лісцем. Жаласліва затрымцела дрэнна прыклееная на трэснутай шыбе папера. Потым усё сціхла, стала чуваць, як набліжаецца пакуль што нябачны дождж. Мухі, якія з трывогай былі залёталі па зямлянцы, некуды зніклі.

— Мне паведамілі з Мглё,— казаў далей Зімчук,— што славакі, якіх у гарнізоне трэцяя частка, ненавідзяць гітлераўцаў і могуць пайсці на перагаворы. Яны хвалілі нас і віншавалі з удалым падрывам эшалона. Адзін нават заявіў, што разгром гарнізона быў бы зручным выпадкам перайсці ў партызаны, не рызыкуючы сем’ямі там, на радзіме.

— Таварыш камісар! — не вытрываў Кравец.— Я сёння зрабіў разведку боем...

— Што, што?

— Мы знішчылі дзот ля ўваходу ў вёску, канюшню, склад. Забіта чатыры гітлераўцы. Страт у нас няма.

Зімчук шырока расплюшчыў вочы.

— Ды ты што, звар’яцеў, ці што?

Нягледзячы на тое, што Кравец адчуваў віну, гэта пакрыўдзіла яго.

— Ніяк не, таварыш камісар! — запярэчыў ён і нахіліў галаву.

— Як пасмеў ты парушыць планы штаба? Фактычна — сарваць іх?! — аж разгубіўся Зімчук.

— Я, таварыш камісар, меркаваў, што раблю добра,— спадылба бліснуў вачыма Кравец: дзёрзкая ўпартасць ужо апаноўвала яго.— Ды што тут такога? Наша справа вядомая: бі, крышы, калі выпала магчымасць. А назаўтра шукай новы выпадак і зноў бі.

— Дык, значыць, ты свядома!

— Так точна, таварыш камісар! Забіваў іх свядома.

— Зброю здасі каменданту,— суха загадаў Зімчук і зрабіў крок да пабялелага Краўца.— Разумееш?

У шыбы забарабанілі кроплі дажджу і, зліваючыся, паплылі ручайкамі, берагі ў якіх былі таксама з вады.

 

4

Дысцыплінаванасць Зімчук вельмі цаніў. Ён бачыў у ёй адзнаку арганізаванасці чалавека, ягоную гатоўнасць служыць народу. Гэтае перакананне падсвядома жыло ў Зімчуку з самага дзяцінства і хутчэй за ўсё ішло ад бацькі — суровага стрыманага чалавека, які і ў памяці астаўся такім, якім збіраўся на работу — хмурным пасля сну, у кепцы і спяцоўцы, блішчастай ад дотыкаў металу. Бацька браў з сабою сына ў дэпо, калі яшчэ не было паняцця «броня падлеткаў», і вучыў сам. І па меры таго, як перад хлопцам раскрываліся таямніцы бацькавага варштата, людзі, рэчы, што, здавалася, існавалі незалежна адно ад аднаго, займалі сваё месца. Хлопец пачаў пазнаваць свет, схіліўшыся над разцом, які беражліва здымаў з дэталі вясёлкавую пакручастую стружку. І першае, што адкрыў ён у вялікім навакольным свеце, быў строгі парадак.

Парадак варта паляпшаць, яго можна, пры патрэбе, замяніць новым, але імкнуцца знішчыць зусім — недарэчна. Гэта была, бадай, першая жыццёвая ісціна, якую выказаў бацька сыну, калі аднойчы ў святы дзень яны ішлі на рыбалку і на іх з усіх бакоў наступала жоўтае мора свірэпкі. Зімчук і чыгунку палюбіў перш за ўсё за ўзорную зладжанасць яе гаспадаркі, за той мілы сэрцу рытм, што ўлоўліваецца ва ўсім — і ў няспынным руху, які пануе на станцыях, і ў рознагалосай пераклічцы паравозаў, і ў лязгаце буфераў, і ў хрыплаватых, прастуджаных гудках стрэлачнікавага ражка.

А хіба ўсе наступныя гады не былі яму вялікай школай дысцыпліны?

Збоку нават магло здацца — Зімчукоў лёс часта складаўся насуперак яго волі і жаданням. Яго абавязвалі, яму выпісвалі пуцёўку, а ён згаджаўся, ехаў па адрасу, указанаму ў пуцёўцы, наспех асвойтваўся з новымі ўмовамі, знаёміўся з новымі абавязкамі і, забыўшыся на ўласныя планы, з галавой уваходзіў у работу.

Можа, у гэтым і была часцінка праўды, але зусім нязначная. Бо так магло здарыцца толькі тады, калі б яго жаданні і планы разыходзіліся з тым, што прапаноўвала яму партыя. Праўда, Зімчуку не давялося стаць знаўцам палітычнай эканоміі, якая захапляла яго ў камвузе, але затое ён зрабіўся партыйным работнікам, якому вельмі спатрэбіліся веды на гэтай рэвалюцыйнай навуцы. І хто ведае, дзе найбольш поўна разгарнуліся б яго здольнасці — на кафедры універсітэта ці ў кабінеце сакратара райкома — і дзе прынёс бы ён найбольш карысці. Ва ўсякім разе, Зімчук лічыў, што там, куды паслалі яго. Ён палюбіў партыйную работу за яе ўсеабдымнасць. У раёне, дзе адбываліся тыя ж працэсы, што і ва ўсёй неабсяжнай краіне, ён узначальваў барацьбу за выкананне пяцігадовых планаў, кіраваў сцягваннем хутароў, меліярацыйнымі работамі, займаўся тысячай разнастайнейшых спраў. Але заўсёды і ўсюды галоўным аставаліся клопаты аб людзях, аб іх росце, аб выхаванні ў іх высокай свядомасці і дысцыпліны.

Гэтаму ён аддаваў амаль увесь час і цяпер у лесе. Таму здрада Рунца, а потым Краўцова свавольства зняважылі Зімчука асабіста. Не чакаючы, калі сціхне дождж, ён накінуў на плечы шынель і падаўся ў штабную зямлянку.

Над вяршалінамі сосен нізка паўзлі хмары. Што яны рухаюцца, было відаць па перламутравых прасветлінах ды сівых пасмах, якія, абганяючы прасветліны, імкнулі на ўсход. Сям-там паміж зямлянак паблісквалі лужыны. Кроплі дажджу весела плюхаліся ў ваду, і на яе паверхню вынырвалі гарэзныя бурбалкі. Раптам па хмарах, зверху ўніз, перасякаючы перламутравыя прасветліны, прабегла агністая жылка. На зямлю ўпалі грымоты. Дождж пабольшаў. І ў той жа момант да Зімчука даляцела самотнае прызыўнае ржанне.

«Бач ты, бадзяга»,— са спачуваннем падумаў Зімчук і, наставіўшы каўнер, накіраваўся да неспакойнага прыгажуна.

Жарабец насцярожана і горда падняў галаву і застрыг вушамі. Мокры, ён змяніў масць і цяпер быў ужо не рыжы, а каштанавы і страйнейшы.

Зімчук адвязаў повад ад сасны і, шкадуючы, што няма нічога ў кішэнях, павёў жарабца на канюшню. Той пайшоў паслухмяна, але ступаў па мяккай, усланай ігліцай зямлі асцярожна і няўпэўнена. Яго гарачае з пахропваннем дыханне, якое Зімчук чуў за спіной, непакоіла і адначасна выклікала прыязнасць.

Пачуўшы коней, жарабец захваляваўся. Выпнуўшы грудзі і раздзімаючы ноздры, ён затанцаваў на месцы, пырхнуў, упарта крутнуў галавой, абагнаў Зімчука і пацягнуў за сабою.

Коні стаялі ў станках, пад вялікай павеццю, пакрытай яловай карою і з трох бакоў абстаўленай елкамі. Каля кожнага з іх на круках віселі сёдлы і збруя. Тут жа стаялі калёсы з прывезенай свежай травой. Конюхі заклалі травы ў кармушкі, і коні, схіліўшы над імі галовы, здаволена і лена памахвалі хвастамі. Пахла стойлам, збруяй, грыбамі. Пазнаўшы знаёмую абстаноўку, жарабец вырваўся і, наступаючы на повад і кожны раз пры гэтым кланяючыся, парысіў к стайні. Да яго, напярэймы, кінуліся конюхі. Але ён шарахнуўся ўбок, зрабіў паўкруг і першы падбег да канюшні. Адтуль адразу пачуліся ўдары капытоў і злосны віск.

Збянтэжана махнуўшы рукою і падымаючы з зямлі шынель, які ўпаў, калі жарабец тузануў і вырваўся, Зімчук крыкнуў конюхам:

— Адвядзіце ў вёску і аддайце каму-небудзь!..

У штабную зямлянку Зімчук увайшоў сярдзіты. Але тое, што ён убачыў, раззлавала яго яшчэ больш.

За сталом стаяў Воранаў і з цікавасцю слухаў Краўца, які сядзеў насупраць яго. Заўважыўшы Зімчука, камбрыг нахмурыўся і забарабаніў па стале пальцамі. Кравец змоўк і пачырванеў, але не ўстаў.

— Чаму вы не выканалі майго загаду? — строга спытаўся Зімчук.

— Я лічу яго няправільным.

Зімчук моўчкі зняў шынель, павесіў на цвік і падышоў да стала.

— А вы ўсё-такі ўстаньце і скажыце чаму.

— Я рызыкаваў жыццём...

— Чыім?

— Сваім.

— Няпраўда. Вы рызыкавалі сваімі разведчыкамі, вяскоўцамі, агульнымі планамі. Вось чым ты рызыкаваў,— перайшоў Зімчук на «ты», і Кравец адчуў, што, нягледзячы на ўсю непрымірымасць, яго шкадуюць. Але злая ўпартасць зноў авалодала ім і не дала сумленна прыняць праўду Зімчуковых слоў.

— А што было б, калі б я разграміў гарнізон? — з выклікам спытаўся ён.

— Што?.. Вярнулася б з шашы рэшта і разграміла вёску. Дзяцей, жанчын. Ты забываеш, у імя чаго ваюеш. Народ у цябе сам па сабе, а ты сам па сабе!

— Ну, не-э!

— Хіба можна любіць народ і не думаць пра яго? Або хіба можна сваволіць, адбіраць зброю ў тайных партызан і паважаць народ? А чаго варта твая перапалка з Зарэцкім на нарадзе? Ідзі! Так, камбрыг?

— Так, — неахвотна азваўся Воранаў.

На лбе ў Краўца выступіў пот. Разведчык выцер яго рукавом, сабраўся нешта сказаць, але губы задрыжалі, і ён хутка выйшаў з зямлянкі.

— Ці не вельмі крута? — заступіўся Воранаў, які часам знаходзіў у Краўцу нешта сваё і любіў яго.— Дый са мной варта было б параіцца. Як-ніяк я маю некаторае дачыненне да брыгады. А мо табе таксама былыя армейцы не да спадобы?

Зімчук слаба ўсміхнуўся і, быццам умываючыся, правёў далонямі па твары.

— Параіцца, вядома, трэба было, — згадзіўся ён. — Даруй. Але гэтыя дамарошчаныя анархісты ў пячонках у мяне сядзяць. Эгаісты і свавольнікі!

 

Дождж перастаў. Навальнічныя хмары аднесла на ўсход, і паміж вяршалін засінела чыстае яснае неба. Глухія грымоты паволі аддаляліся і сціхалі. Стваралася ўражанне, што нехта ідзе ўслед за хмарамі па доўгім бляшаным даху. Вецер таксама сціх. Толькі сосны яшчэ радасна пагойдваліся і, здавалася, цягнуліся ўгору.

Аднекуль даляталі прыглушаныя ўздыхі гармоніка.

Зімчук прыслухаўся. Ігралі ў зямлянцы разведчыкаў. Калі ён параўняўся з ёю, дзверы адчыніліся і вырваліся вясёлыя звонкія пералівы. У ачышчаным навальніцай паветры яны рассыпаліся, як звон срэбных званочкаў. На душы ў Зімчука было прыкра, і яго пацягнула да галасістага гармоніка.

Нагнуўшыся, Зімчук увайшоў у зямлянку. На нарах, па абодва бакі праходу, сядзела і напаўляжала чалавек дванаццаць, якія схаваліся тут ад навальніцы. Іграў кухар Стацэнка. У яго быў шэры, здранцвелы твар і невідушчыя вочы, што звычайна бываюць у гарманістаў, калі тыя цалкам аддаюцца ігры. Выраз твару ў Стацэнкі зусім не пасаваў да бравурнага матыву, які ліўся, як здавалася, з-пад яго хуткіх рухавых пальцаў, і прысутныя глядзелі не на гарманіста, а на гармонік. Але, заўважыўшы Зімчука, Стацэнка ажывіўся, зухавата таргануў плечуком і даў доўгую пераліўчатую трэль. Зрабіўшы нечаканы пераход, ён бойка заспяваў, падміргваючы тым, хто сядзеў насупраць:

 

Кола мосту на дарогі

Стаў фашысцкі вартавы.

Ой-ой!

Засталась жа адна ср...

Ды прычоска з галавы.

Ой-ой, як тэбе паслаць дамой?

 

— Сам? — пацікавіўся Зімчук.

Стацэнка кіўнуў галавою і ссунуў мех гармоніка.

— Усё? — засмяяўся Зімчук.

— Порцыя, таварыш камісар.

— Тады давай прыбаўкі.

Стацэнка дакладна, як першы раз, павёў плячыма, з шыкам прайграў адно калена, але не заспяваў.

— Я дужа прахаю, Івану Матвіёвічу, вызвальтэ мэнэ від ціх порцый і дабавак,— нечакана сур’ёзна сказаў ён.— Дайтэ і мэні душу одвэсты. Я казак усэ ж. Тэпэр і жанок хапае. Няхай ваны з чэрпаком ваююць.

— А ты?

— Я хоць дручком абэ не чэрпаком. У разведку да Краўца, напрыклад. Цюцюном і разведданымі ўсю брыгаду задаволю. Шчыра казачэ.

— Калі да Краўца, дык значыць не ў разведку. Мы яго здымаем за недысцыплінаванасць.

У зямлянцы сціхлі. Нават партызаны, якія гулялі ў самым канцы, ля акна, у даміно, не так азартна і моцна пачалі стукаць па стале касцяшкамі.

«Паважаюць»,— з горыччу падумаў Зімчук.

— Таварыш камісар, можа казялка заб’ём?— прапанавалі ад акна, відаць, здагадваючыся, што Уэтая размова непрыемна Зімчуку.

— Яно не шкодзіла б,— удзячны ім, крэкнуў Зімчук і пацёр рукі.

Прадбачачы цікавую сутычку, астатнія падняліся з нар і гуртам падаліся за Зімчуком.

 

Партызанская стэжынка

Не бува вузэнька,—

 

зацягнуў Стацэнка і таксама пайшоў следам, прытупваючы.

Гульцоў акружылі. Пачуліся жарты і падбухторванні. З хваляваннем, быццам гэта было таксама важна, Зімчук перамяшаў касцяшкі і выбраў сабе сем штук. На другім ходзе яму пашанцавала: ён выставіў адразу два дублі — троечны і пяцёрачны. На руках асталіся касцяшкі адной масці і, калі б падгуляў партнёр, можна было б узяць доўгі канец.

 

5

— Мікола, твайго хрэсніка камісар у вёску загадаў адвесці,— з жалем гукнуў конюх, пяшчотна гладзячы стаенніка па шыі.— Мо пагаворыш? Такі конь!..

Яму шкада было рыжага прыгажуна. Хацелася таксама быць добрым з Краўцом, якога на стайні пабойваліся.

— Начальству відней: яно радыё слухае і па калена ў грамаце ходзіць,— сярдзіта сказаў Кравец, але падышоў і таксама пагладзіў жарабца.

— Шкада ўсё-такі.

У Краўцовых кішэнях заўсёды быў хлеб — ласунак Тарбахвату. Кравец дастаў зачарсцвелую лустачку, разламаў яе і працягнуў жарабцу. Стаеннік паставіў вушы, храпануў і, варушачы трапяткімі губамі, пачаў есці хлеб з рукі. Кравец адчуў далоняй яго цеплыню — жывую, чуллівую, і крыўда, жаль да сябе ўскалыхнуліся ў ім з новай сілай.

Завошта такі здзек? За шчырасць? Заўжды і пад усё падводзіцца палітыка. Няма чалавека, ёсць палітыка. Вывернуць, як панчоху, і ты ўжо не ты, а палітычная лінія, і ліеш ты нейкую ваду на нейкі млын. І хоць ты думаць не думаў каму зрабіць благое, пагражаюць ужо судом. І засудзяць. А няўжо чалавек не можа памыляцца проста па-чалавечаму, без усялякай там палітыкі і млыноў?.. Ды ці памыляецца гэты чалавек — яшчэ пытанне. Ён жа ваюе і хоча ваяваць! Біў, б’е і будзе біць ворага. Сам, вось гэтай рукой, не хаваючыся за кустамі. Кожную хвіліну яго могуць забіць, і, вядома, заб’юць раней, чым некаторых праведнікаў. А чым ён горшы за іх. Тым, што ваюе, а яны павучаюць? Тым, што яны могуць, калі захочуць, аддаць яго пад суд?..

— Дай я сам адвяду,— хутчэй вырваў, чым узяў у конюха повад Кравец і, бянтэжачы таго сваёй узрушанасцю, дадаў: — Скажы, што павёў у Ляды.

Перакінуўшы повад ад аброці цераз галаву стаенніка, ён ускочыў на яго і прышпорыў што было сілы. Конь ірвануўся, устаў на дыбкі і панёсся наўгалоп.

Шалёная язда ахалодзіла Краўца. На хвіліну яму — нават Краўцу! — стала страшна: супроць чаго ён паўстаў і што будзе заўтра? Што будзе? Але лютасць перамагла і гэта. Помслівае пачуццё пачало тачыць яго. «Ну добра, пабачым, ці будзе ў вас лепш без мяне. Ці не будзеце кусаць локці?.. Мяне з радасцю возьмуць усе. Але не ведаю, ці ўсе згодзяцца, каб вы камандавалі імі...»

Пост, які раней знаходзіўся ў крайняй недабудаванай хаце, цяпер быў высунуты метраў за дзвесце ад Лядаў, у алешнік, які клінам падыходзіў да дарогі. Гэта Кравец ведаў. Ведаў ён і тое, што пад алешынай, ледзь прыкметны з дарогі, стаіць будан — прытулак паставых у дождж. Таму, пад’ехаўшы да алешніку, Кравец спыніўся.

— Гэй, хто там, давай сюды! — паклікаў ён голасна.

— Цябе бачаць, не бойся, праязджай,— пачуўся спакойны голас з будана.

— У якой хаце штаб?

— У пятай. Там пакажуць...

Пятай хатай аказалася Лізавеціна. Гэта было нечакана і збянтэжыла Краўца. «Не хапае яшчэ, каб з кавалём сустрэцца,— азіраючыся на бакі, падумаў ён.— А нарэшце, каму якая справа. Хто мяне прапісваў да брыгады? К чорту! Кожны сам сабе гаспадар...»

Хоць жарабец быў у пене і ўціхамірыўся, пакідаць яго на вуліцы было небяспечна. Кравец адчыніў весніцы і ўвёў жарабца на двор, крыху здзівіўшыся, што ніхто не перапыняе яго.

На падворку Краўца сустрэў Лёнік. Хлопчык корпаўся ў гурбе пяску, прывезенага дзеля нейкіх гаспадарчых патрэб. Угледзеўшы разведчыка, ён кінуў свой занятак і весела, на адной ножцы, паскакаў насустрач. Узрадаваны Лёнікавай смеласцю, Кравец прысеў і расставіў рукі. Лёнік з разбегу скокнуў на яго і павіс на шыі. Прыціскаючы да грудзей хлопчыка, Кравец падышоў да расчыненага акна, прызнаючыся сабе, што дотык дзіцячых рук чамусьці бянтэжыць яго.

Схіліўшыся над сталом, Лізавета пісала і раз за разам шчоўкала лічыльнікамі. На прывітанне скоранька ўстала і паружавела ад радасці.

— Мікола? Заходзь!

У хаце, як заўсёды, было чыста, утульна. Пахла мятаю, свежавымытай падлогай. Але ў той жа час нешта і насцярожвала, нават трывожыла. У кутку валялася сядло, ля шафы — брудныя боты, анучы. У прасценку вісела нядбайна прыклееная палітычная карта Еўропы. Да паху мяты прымешваліся пахі конскага поту, тытуню і сталярнага клею.

Пасадзіўшы Лёніка на лаву каля стала, Кравец сеў побач і ніякавата зірнуў на разлінееную паперу. Лізавета пераняла яго позірк, сумеўшыся, схавала паперу ў шуфляду і растлумачыла:

— Гэта мая бухгалтэрыя, Мікола. У мяне цяпер новы клопат.

— Двайная калгасная? — паспрабаваў быць ранейшым Кравец.

— Складаю вось ведамасць, хто і колькі мяса здаў, табакі. Людзі павінны ведаць гэта... Нядаўна мне каваль газету даваў. Там пра аднаго снайпера пісалася, што ён улік вёў. Прачытала, і падумалася: без такой праверкі яму, можа, ніколі столькі фрыцаў не ўдалося б забіць... Дый дзяржаве некалі давядзецца справаздачу даваць...

Яна нешта не дагаворвала і не-не дый паглядала на шафу, з-за якой, калі Кравец заўважыў гэта, стала чуваць дыханне чалавека.

Прыслухалася і Лізавета.

— Што ж гэта будзе, Мікола? Чаго вы не падзялілі? — пераканаўшыся, што чалавек за шафаю спіць, пошапкам спыталася яна..

— Ён, дзядзька Кравец, на маму з кулакамі кідаўся,— таямніча паскардзіўся Лёнік.— Нейкае малако і конаўку ўспамінаў... Сярдзі-і-ты!..

— А ты маўчы во,— хуценька перапыніла яго Лізавета.— Глупства гаворыш. Не звяртай па яго ўвагі, Мікола. Але Івану Мацвеевічу перадай: нельга, каб так аставалася...

За шафай зарыпеў ложак.

— Васіль Раманавіч, да цябе з брыгады прыехалі,— сказала Лізавета і замкнула шуфляду ў стале.

Пацягваючыся і пазяхаючы, у сініх дыяганалевых галіфэ на падцяжках, у сподняй кашулі, з-за шафы выйшаў Рунец. Падазрона паглядзеўшы спачатку на гаспадыню, потым на Краўца, ён адвёў ад іх сярдзіты позірк і пайшоў да вядра з вадою.

— Ну што там у цябе? Гавары,— непрыхільна сказаў ён, узяўшы конаўку і паглядваючы ў акно на жарабца.

Счакаўшы, пакуль Рунец нап’ецца, Кравец не зусім упэўнена адказаў:

— Хачу разам з табой ваяваць, Васіль Раманавіч!

Убачыўшы, як акругліліся Лізавеціны вочы і яна ажно падалася да яго, нібы збіралася ўтрымаць, Кравец сказаў:

— Хопіць! Я не палавік, каб аб мяне ногі выціралі. Навошта мне гэта? А што іначай зроблены, чым яны,— няхай. Мне і так добра. Я адно ведаю — фрыцаў палажыў не менш за другіх. І палажу яшчэ!

Каму ён гаварыў? Хутчэй за ўсё — Лізавеце. І, зразумеўшы гэта, Кравец зазлаваў яшчэ больш. Пацямнеў, як хмара, і Рунец.

— Ідзі адсюль, гаспадыня,— загадаў ён і больш не вымавіў ні слова, пакуль яна не выйшла, ведучы за руку Лёніка.— А ты, Кравец, глядзі! Не ўздумай толькі двайную гульню весці. У мяне дысцыпліна, брат, а так будзеш камандзірам разведкі, як і там. Каня дам, а свайго жарабца мне падорыш...

Ён паскроб валасатыя грудзі і зноў узяў конаўку.

 

Раздзел трэці

 

1

Прыехаўшы ў мястэчка, Яноўскі, яшчэ не ведаючы, дзе спыніцца, нанёс візіт Вейсігу. Трэба было пазнаёміцца, заручыцца падтрымкай, сёе-тое прашчупаць.

Чамусьці здавалася, што тут, на перыферыі, усё прасцей — і людзі, і падзеі. А галоўнае, тут не можа быць таго небяспечнага кіпення і барацьбы, як у Мінску. Мястэчка заўсёды было прытулкам патрыярхальнага, у ім усё на далоні, і таму дзе, як не тут, жыць міру, згодзе. Гэта мацавала надзею на поспех, акрыляла на пражэкты і планы.

Але Вейсіг, прымусіўшы прасядзець добрую гадзіну ў прыёмнай, сустрэў яго з прыкрым здзіўленнем і крыху палагаднеў, толькі калі прачытаў пісьмо стрыечнага брата.

— Ёган заўсёды з фантазіямі,— непахвальна сказаў ён пра Рыбэ і, адхаркаўшыся, плюнуў у насоўку.— Дзе вы пазнаёміліся з ім? Вырашаючы яўрэйскае пытанне? Ну добра...

Ва ўправе ж, наадварот, калі Яноўскі зайшоў туды, усе заварушыліся, забегалі. Бургомістр, начальнік паліцыі і ўпаўнаважаны самапомачы сустрэлі яго ў калідоры і, пакуль ён падыходзіў, стаялі так, быццам збіраліся паднесці хлеб-соль. Але пагутарыўшы з імі, Яноўскі пераканаўся — спадзявацца на іх не вельмі прыходзіцца. Бургомістр — круглагаловы, лысы, з брушкам, увесь час выдыгаў і адказваў агульнымі фразамі. Грузны начальнік паліцыі цяжка дыхаў перагарам, панура маўчаў і толькі часам, успомніўшы, што ад яго патыхае самагонам, падносіў кулак да рота і асцярожна адкашліваўся. Упаўнаважаны — інтэлігентны, у пенснэ, з зачасанымі назад хвалістымі валасамі — адно падтакваў і не спускаў з Яноўскага адданых блізарукіх вачэй, улучыўшы ж момант, нечакана і паспешліва спытаўся пра дрожджы.

— Што-што? — разгубіўся Яноўскі.

— Я кажу, ці не захапілі часам з сабою дражджэй,— паслужліва адказаў той.

Начаваць Яноўскі астаўся ў бургомістра, які здаўся яму больш прыстойным, чым другія. Гаспадары паслалі госцю ў сталовай, на канапе, паказалі, куды ісці пры патрэбе, дзе ляжаць запалкі, а самі зачыніліся ў суседнім пакоі.

Пачынаўся дождж. Дах бургомістрава дома быў пакрыты гонтам, пад вокнамі раслі ліпы, і шум дажджу здаваўся нейкім вельмі мірным. Кроплі мякка стукалі па даху, шапацелі ў кронах і падалі долу з чыстым, звонкім ціўканнем. Але разам з тым, як дождж большаў, шапаценне і ціўканне зліваліся ў адно манатоннае і прыемнае «ш-ш-ш!»

Зноў пранікаючыся адчуваннем спакою, Яноўскі падумаў, што і дождж тут — што ні кажы — ідзе іначай, не так, як у Мінску, — у ім больш паэзіі, натуральнай красы. Кажуць, што размаўляць можна з усім: з дрэвамі, з ветрам. Нельга толькі з вадою. А дождж? Вось такі — з шапаценнем, з жывым цурчаннем! Хіба з ім нельга размаўляць?

За дзвярыма ў гаспадароў рыпнуў ложак. «Думаюць, што я заснуў. Сцішыліся, як мышы, і чакалі, калі я засну,— скрывіўся Яноўскі, і высокія думкі адляцелі ад яго.— Паскудства! Цяпер немаведама колькі прыйдзецца валяцца без сну. Чорт!..»

Дэманстрацыйна ён кашлянуў і павярнуўся на другі бок. У пакоі гаспадароў сціхла. Але ў гэты момант на вуліцы прастракатала кулямётная чарга і туманна замігцела асвятляльная ракета. У сталовай стала відна.

Усхапіўшыся, Яноўскі падбег да акна і з-за вушака паглядзеў на вуліцу. Але там ужо стаяла сляпая цемрадзь.

— Не хвалюйцеся,— хрыплавата сказаў бургомістр з другога пакоя,— гэта проста так, прафілактыка. Няхай ведаюць, што ў нас не спяць у шапку.

— Хто няхай ведае? — недарэчы спытаўся Яноўскі.

— Я прыкладна гэта кажу. Спіце...

Устаў Яноўскі не выспаўшыся, з нездаровым памятым тварам і цёмнымі праваламі пад вачыма. Зарадку рабіць у чужой сталовай было няёмка, і ён, выйшаўшы на падворак, доўга хадзіў туды-сюды з закладзенымі за спіну рукамі.

Сёння, каб прыезд яго стаў звычайным, трэба было з’ездзіць на недалёкі лесапільны завод, заглянуць па дарозе ў былы саўгас, пабываць на мясцовым млыне. Пабачыць усё на свае вочы, пагутарыць з людзьмі. А раптам!.. Да таго ж, саўгас! Ён цягнуў Яноўскага, як магніт. Расказвалі — там маляўнічая рэчка, сад з жывой агароджай, стары з калонамі дом, блізкі лес. Няхай будзе на ўвазе, усякае можа здарыцца. Чым чорт не жартуе!..

— Вы мне прысвяціце сённяшні дзень,— папрасіў ён гаспадара, калі той у галёшах на босую нагу, у штанах з падцяжкамі і сподняй сарочцы выйшаў на ганак.— Я буду вельмі ўдзячны.

Яны праездзілі цэлы дзень і толькі на змярканні, стомленыя, вярнуліся ў мястэчка. Адпусціўшы фурманкі і паліцаяў на мосце-плаціне, пайшлі на млын. Пад насцілам шумела вада. Адтуль, куды яна падала, патыхала свежасцю. Дзень выдаўся бязветраны, гарачы, нават пыл, што лажыўся на рукі, на твар, здаваўся цёплым. Ад гарачыні і пылу скура высыхала і быццам нацягвалася, і вільготныя павевы былі вельмі прыемныя.

На парозе млына іх сустрэў Рыгор Верас. За спіной у яго натужліва парыпвала, шархацела, грукатала, і, відаць, таму мажная, прыпудраная мукою постаць млынара здавалася яшчэ больш дужай.

— Спор божа,— прывітаўся Яноўскі з міжвольнай павагай да шыракаплечага спакойнага млынара.

— Дзень добры,— адказаў Рыгор, усміхаючыся ў бараду.— Толькі ў нас, прабачце, так вітаюцца, калі людзі веюць, а не мелюць.

— Гэта слушна,— збянтэжана згадзіўся Яноўскі, адчуўшы, што цяжка будзе гаварыць з гэтым чалавекам.— Як праца? Мо скардзіцеся на што?

— Дурны той сабака, які брэша на гаспадара.

— Таксама слушна. Але ўсё-такі... Розныя трапляюцца выпадкі. З якой, скажам, прычыны вы босыя сёння? Чаму, калі няма чаго абуць, не звернецеся ў Беларускую народную самапомач?

— Сабака ўсё жыццё басанож бегае...

— Час, вядома, цяжкі. Але трэба зразумець: наша сіла ў арганізаванасці. Мы павінны памагаць адзін аднаму. Вы сябар БНС? Не? Дарэмна. А так хораша гаворыце па-беларуску...

Размаўляць далей не было аб чым, але скончыць на гэтым гаворку было нельга: падышлі яшчэ рабочыя, завознікі і пачалі прыслухоўвацца. Асабліва адзін — чубаты вусач з нейкімі галоднымі, злымі вачыма. Абсівераны, парослы рыжай шчэццю твар у яго жыў увагаю. Выцягнуўшы жылістую шыю, ён лавіў кожнае слова і нецярпліва глытаў сліну.

— Я разумею,— пайшоў на згоду з Рыгорам Яноўскі.— Вы, як беларус, прывыклі маўчаць, слухаць, але робіце так, як трэба.

— Ён робіць! — здзекліва кінуў чубаты вусач.— І маўчыць. Правільна. Толькі дагэтуль невядома, чым дыхае.

— Не мянці языком, Жабунька,— сказаў нехта з завознікаў.

— Мо зойдзеце і паглядзіце, як у нас тут,— прапанаваў Яноўскаму і бургомістру Рыгор.

Прытрымліваючы крыссі пыльніка, каб не запэцкацца, Яноўскі пераступіў парог і пайшоў паміж мяхоў, па хісткай, як яму здалося, падлозе. Каля латка спыніўся, узяў у пальцы цёплай мукі, што сыпалася ў латок, і, нібы нешта разумеючы ў млынарскай справе, пацёр муку ў пальцах.

Лезці ўгору, дзе засыпалі ў жорны збожжа, ён адмовіўся, а калі бургомістр і другія ўсё ж палезлі, нечакана ўбачыў побач вусача.

— Я маю штосьці сказаць вам,— паспешліва зашаптаў той, віжуючы галоднымі вачыма за тымі, хто падымаўся па лесвіцы.— Усе яны сволачы, і тут, спадар, вока сваё трэба мець. Я толькі дзень пабыў, але скажу: не яму, Верасу, загадваць у млыне. Не такі ён беларус, як вы думаеце.

Гэта была не навіна Яноўскаму — добраахвотны чарговы даносчык, шаптун. Але звярнула ўвагу ягоная злосць — зацятая, касцяная. «Здаецца, адна яна ды шчэць на шчоках і асталіся ў яго,— падумаў Яноўскі.— З былых, вядома...»

— Вы тутэйшы, з мястэчка? — спытаўся ён, робячы выгляд, што вельмі цікавіцца мукою.

— Не, я пакуль у брата на хутары жыву. Кіламетраў за дванаццаць адсюль. Вярнуўся нядаўна...

— Тады, калі зможаце, зайдзіце сёння адвячоркам. Знойдзеце мяне?

— Я і сам хацеў прасіць дазволу...

Немаведама чаго перціся на гарышча не хацелася, але

Яноўскі цяпер прымусіў сябе. Ён падышоў да лесвіцы, узяўся за парэнчу і палез, ні слова больш не сказаўшы вусачу.

 

2

Паміж Вейсігам і Яноўскім за гэтыя дні ўстанавіліся дзіўныя адносіны. Яны і раней не мелі павагі адзін да аднаго, нават наадварот, але лічылі патрэбным быць карэктнымі. Адчуваючы да Яноўскага, як і да ўсякага халуя, грэблівасць, Вейсіг разумеў, што той мае магчымасць наведваць генеральны камісарыят і ўжо таму можа быць шкодным. Залежнасць павялічвалася і тым, што Яноўскі быў сведкам Вейсігавай ганьбы, якую ён ніяк не мог прызнаць у рапарце, хоць мінскія падпольшчыкі выпусцілі спецыяльную лістоўку з апісаннем бою.

Асабліва выклікаў лютасць у Вейсіга ўспамін, як давялося падбіраць на полі бою забітых...

Убоства і нікчэмнасць плана разграміць партызан метадамі аблавы па сутнасці выявіліся ў першыя хвіліны бою, калі партызанскі агонь прымусіў салдат залегчы. Але ўпарты ў сваёй знявазе да праціўніка, Вейсіг нават узрадаваўся. Паклікаўшы фамільярным жэстам Яноўскага, ён весела, як пра такое, што даступна нямногім, сказаў:

— Гэта мне падабаецца. Яны даюць нам магчымасць на іхніх плячах уварвацца ў лагер, выкінуць іх з лесу або пагнаць у пастку.

— Вы думаеце, добра, што яны не пабеглі адразу? — асцярожна спытаўся Яноўскі.

— Яны ўжо не змогуць зрабіць галоўнага — адарвацца ад нас. У іх па шэсць-сем патронаў на вінтоўку. Гэта ведаюць і мае салдаты...

Але бачачы, як радзеюць ланцугі і ўжо неахвотна падымаюцца для перабежкі, Вейсіг пачаў нервавацца. Не пазіраючы на Яноўскага, нібы забыўшыся на яго, ён загадаў падняць салдат у атаку і прасігналіць роце, што знаходзілася ў засадзе на Селішчанскай дарозе, каб тая рушыла на дапамогу.

Ды чамусьці задні ланцуг падняўся першы і, адкрыўшы страляніну, пазбавіў пярэдняга магчымасці прыняць удзел у атацы. Разлікі флангавых кулямётаў аказаліся знішчанымі і не падтрымалі атакуючых. Не маглі дзейнічаць і мінамёты: міны, якія рваліся на ўзлессі, паражалі сваіх. У выніку атака захліпнулася, і сям-там ланцугі падаліся назад.

— Дазвольце ім акапацца,— параіў Яноўскі.— А тым часам рота з засады няхай прасочыцца ў тыл праціўніка.

— Гэта не праціўнік, а зброд! — ускіпеў Вейсіг.— А па-другое, перадайце ад’ютанту, каб праводзіў вас да машыны.

Калі ж яму паведамілі, што рота, якая спяшалася на дапамогу, вымушана была ўступіць у бой з партызанскім заслонам, ён ашалеў: пырскаў слінай, пагражаў кулакамі. І ўсё-такі пасля дзвюх спроб падняць салдат даў загад акапацца. Ім пачало авалодваць здранцвенне. Стала важна адно — захаваць за сабою поле бою, выратаваць раненых і падабраць забітых.

Але як?

Вейсіг ужо намерваўся перадаць камандаванне свайму намесніку, як нарэшце прыйшло падмацаванне.

Сонца тым часам схавалася за лесам. З заходняга краю на паляну пачалі насоўвацца змрокі, ад якіх выразнейшым стала яе запусценне. Дымкі ад стрэлаў, зліўшыся ў адно, нізка, як туман, пеляной навіслі над палянай. Апанаваны цішынёю, якая бывае толькі па захадзе сонца, лес як бы стаіўся. Сцішыліся нават асіны. І ад гэтай маўклівасці пацямнелае наваколле зрабілася загадкавым, таямнічым.

Вейсіг не любіў і баяўся лесу, асабліва маўклівага, з вячэрнімі змрокамі, і ведаў, што яго не любяць і баяцца салдаты. Таму, прыслухоўваючыся да насцярожанай цішыні і паглядаючы на нерухомыя вяршаліны сосен, ён вырашыў яшчэ раз атакаваць партызан, але, выбіўшы іх з лініі абароны, не праследаваць лесам, а, падабраўшы забітых і раненых, адквітацца на вяскоўцах.

Пасля шквальнага вінтовачнага і кулямётнага агню ланцугі зноў падняліся ў атаку. Але партызаны не адказалі ніводным стрэлам. Гэта збіла салдат з панталыку, яны парушылі парадак, спыніліся і толькі праз хвіліну пабеглі, галёкаючы.

Без асаблівых прыгод Вейсіг вывеў салдат на ўскрай лесу, дзе стаялі аўтамашыны. Але калі салдаты пагрузіліся, высветлілася, што не хапае чатырох чалавек. Гэта была ганьба, якую ніяк нельга было схаваць у рапарце, і Вейсіг, праклінаючы паспешлівасць, загадаў вярнуцца, асвятліць месца бою фарамі і прачасаць яго. Грузавікі загулі і, няўклюдна гойдаючыся на карэннях і выбоінах, паволі папаўзлі па лясной дарозе да паляны. Асцярожна, вобмацкам, яны выпаўзлі на ўзлессе і, разышоўшыся па адным управа і ўлева, праз пэўныя прамежкі выстраіліся ў рад. У яркіх промнях электрычнага святла, быццам з-пад зямлі, на паляне выраслі постаці салдат. Ад іх, нязграбна паўтараючы іхнія рухі, замітусіліся даўгія цені. Потым грузавікі, салдаты, цені рушылі наперад. Разам з імі, ззаду, пасунулася і густая цемрадзь. Часам салдаты па-зладзейску нахіляліся, падымалі з зямлі нешта важкае і, прыкрываючы далоняй вочы, ішлі насустрач машынам, а з-за спін у іх целяпаліся чужыя ногі і рукі. Другія неслі гэты цяжар удвух, і тады выразна было відаць, што яны нясуць забітага. Калі промні фар, звузіўшыся, упёрліся ў процілеглую сцяну лесу, паласнула кулямётная чарга. І тут пачалося... Выратавала толькі тое, што партызанская засада мела мала боепрыпасаў...

Вейсіг быў медзведзяваты, калісьці вялікай сілы чалавек, апаплексічнага складу, з панурым тварам і пудовымі кулакамі. Але сілы яго падтачылі гады і паўната. У яго грудзях нешта булькала, клекатала. Ён харкаў, пляваўся і заходзіўся кашлем. Дыхаў ён з прысвістам, часта адсопваючыся. Рукі ў яго былі мяккія, потныя, і здавалася, што, калі паціснуць іх як след, яны могуць лопнуць, як пухір, і з іх пацячэ бруд. Педантычна ахайны Яноўскі мучыўся ад гідлівасці. Ён лічыў каменданта хворым, баяўся заразіцца і на ўсякі выпадак стараўся трымаць хустачку каля роту. Усё ж яму важна было здабыць прыхільнасць Вейсіга. Ужо таму, што той быў сваяком Рыбэ — асобы, ад якой так многа цяпер залежала.

Правал экспедыцыі зблізіў іх і паставіў Яноўскага ў ролю дарадцы. Ён перш-наперш параіў Вейсігу скіраваць увагу насельніцтва на іншае, і яны прыйшлі да вываду, што лепшы спосаб — праліць кроў. Назаўтра поўднем на грузавіку з адкрытымі бартамі да пабудаванай на рыначнай плошчы шыбеніцы падвезлі Валіну маці, а каля турэмнай брамы шмат ад каго не прынялі перадач. Падказаў Яноўскі і думку, што пра аперацыю нехта загадзя папярэдзіў партызан, і тыя падрыхтаваліся і расставілі пасткі.

Разблытаць клубок Яноўскі параіў з паліцая-дэзерціра.

Два рослыя эсэсаўцы ўвялі Вакульчыка ў кабінет, штурханулі бліжэй да стала, а самі сталі ля дзвярэй.

Вейсіг ведаў Вакульчыка і пабарвавеў ад гневу.

— Дык, значыць, гэта правакацыя? — грымнуў ён кулаком па стале, утаропіўшыся ў яго пачырванелымі ад натугі вачыма.— Мана? І хата, і ўзрыў, і ўцёкі ў мястэчка? Падстроіў! За каго ты лічыш мяне? За дурня? Гавары, падлюга, хто навучыў цябе.

Не даючы перакладчыку перакласці яго словы, ён сыпаў пытаннямі, пырскаў слінай.

— Ну? — Вейсіг важка ўстаў, выйшаў з-за стала і зрабіў крок да Вакульчыка.

Вакульчык адступіў, але яго штурхануў у спіну адзін з тых, хто стаяў ля дзвярэй, і ён смешна, як пры ікаўцы, тузануўшы галавой, вярнуўся па ранейшае месца.

— Я, пане камендант, толькі чыстую праўду кажу,— залапатаў ён.— Не мне вас ашукваць. Праўда, не ваяка я. У гэтым прызнаваўся і калі ў паліцыю паступаў. Але прадажнікам не быў і не буду. Няма мне дарогі назад.

— Чаму ты адстаў ад астатніх?

— Мяне ранілі каля Селішчанскай дарогі, пане камендант! Вось вам крыж,— Вакульчык хуценька, аглядваючыся на эсэсаўцаў, перахрысціўся.— А калі перапалка скончылася, я ўжо не мог знайсці сваіх. У гушчары праляжаў да самай начы. Дапраўды. Блукаў, абыходзіў вёскі.

— Трое сутак? І чаму ў цябе не было ніводнага набою? — Вейсіг зрабіў яшчэ крок, і ўсім здалося, што ён зараз кінецца на гэтага змізарнелага чалавека, зваліць з ног, пачне біць, таптаць.

Скуласты твар Вакульчыка перасмыкнуўся ад роспачы. Ён упаў на калені і папоўз да каменданта. Трэснутае на калене галіфэ разлезлася да самых швоў. Знізу ён бачыў тоўсты каменданцкі жывот, перацягнуты шырокім рамянём, два рады бліскучых гузікаў, непамерна малы падбародак і разумеў — літасці тут не дачакаешся.

— Я сустрэў, пане камендант, непадалёку ад мястэчка падводы і хацеў вярнуць іх назад...

— Гэта ўжо вядома. А ці вядома табе, брыдота, што калона без правадніка прыбыла на паляну к разбору шапак? — Вейсіг, падобна на тое, як ступаюць на вышэйшую прыступку, пхнуў нагою Вакульчыка ў грудзі.

Той раскінуў рукі і бразнуўся дагары, але тут жа нечакана і спрытна ўскочыў. Эсэсаўцы кінуліся да яго і схапілі за рукі.

— Пане камендант, я маю што сказаць! — узрадавана выгукнуў ён.— Далі-бог!.. На падводзе ехала дачка старой, якую павесілі.

Вейсіг недаверліва зірнуў на Вакульчыка, вярнуўся да стала, цяжка дыхаючы, дастаў з шуфляды фотакартку і паказаў паліцаю.

— Гэтая?

— Яна, яна, пане камендант!

— Ну і што ж? — паціснуў плячыма Вейсіг і перадаў здымак Яноўскаму.

На Яноўскага глядзела маладая, гадоў васемнаццаці дзяўчына з прамяністымі вачыма і ўпартым, крутым ілбом. Позірк у яе быў уважлівы і строгі, як бы яна вывучала таго, хто пазіраў на яе. Яноўскаму зрабілася не па сабе. Ён падумаў, што такія вочы, напэўна, бываюць у тых, што прыходзяць з прысудам у кішэні.

— У яе хто-небудзь астаўся з родзічаў? — спытаўся ён.

— У тым вось і справа, што астаўся,— заспяшаўся Вакульчык.— Яна ехала на возе з мукой. І на другім мяхоў чатыры было. А хто цяпер меле столькі?

— Цікаўна,— сказаў Яноўскі.

— Я таксама кажу, бо ў яе дзядзька млынар. Тут на млыне працуе. Мабыць, і муку праз пляменніцу ў лес адпраўляе.

— Што?

— Далі-бог, пане камендант! Рыгор Верас. Непадалёку адсюль жыве.

Калі Вакульчыка вывелі, Вейсіг схіліўся да Яноўскага:

— Вы як, пан, верыце яму? А?.. Брыдота няшчасная!..

Робячы выгляд, што хоча высмаркацца ў хустачку, Яноўскі кіўнуў у знак згоды.

 

3

— Нешта нічога ад Валі няма,— задумна сказаў Рыгор.

Ён падбіваў падносак да бота. Шыла спрытна хадзіла ў яго руках. Накалоўшы некалькі дзірачак, ён браў малаток і ёмка, адным ударам, забіваў драўляныя цвікі, на вобмацак беручы іх з бляшанай баначкі, што стаяла побач на лаве.

Ганна карміла дзяцей. Меншы, з запэцканым тварыкам, сядзеў у яе на каленях і нялоўка вялікай лыжкай чэрпаў саладуху з глінянай міскі. Старэйшая дзяўчынка стаяла поруч па ўслоне і таксама раз за разам схілялася над міскай.

— Сёння ўдалася,— паўтарыла яна калісьці чутыя бацькавы словы і смачна прыцмокнула языком, спадзеючыся, што бацька, як заўсёды, рассмяецца.

Але на яе не звярнулі ўвагі.

— Як ужо яна там? — зноў уздыхнуў Рыгор.

— Як бы не было, але не тут, у пекле. Хоць падыхае вольна,— азвалася Ганна і крадком зірнула ў акно.

— Ды не бойся ты,— засердаваў Рыгор, хутчэй здагадваючыся, чым заўважыўшы жончын позірк.

— Не паміраць страшна, жыць страшна. Хто думаў, што так будзе? Хіба гэта нам гаварылі?..— з крыўдаю сказала Ганна.

Яны памаўчалі.

— З біржы працы перадавалі,— лагадней загаварыў Рыгор,— мабілізацыю рыхтуюць. У Нямеччыну, на работу. Дзяўчат, хлапцоў з семнаццаці год. Самую красу, самае здароўе — на катаргу. Варта б у лес перадаць. Можа што і выдумалі б, уратавалі хоць бы ў вёсках.

— Жыццё, няхай спрахне яно! — пакінула есці Ганна.

— Заўтра ўжо загад аддадуць — на кожным доме спісы вывесіць. Прозвішча, імя, узрост. Каб лягчэй хапаць было...

— З фронту санітарныя эшалоны ўдзень і ўночы ідуць,— перавяла гаворку на іншае Ганна.— Мабыць, кладуць іх усё ж недзе.

— Ага. На поўдні. Але лезуць. Дапялі ледзь не да самай Волгі.

— Кажуць, што апошнія дні цягнікоў па шаснаццаць прыходзіць. Поўных да краёў... Раненыя падвешаны неяк не па-людску. Капошацца, енчаць.

— Учора, напрыклад, санітарных тры прайшло,— асцярожна паправіў Рыгор і, сумна ўхмыльнуўшыся, з асаблівым спрытам ударыў малатком па цвіку.

— Шаснаццаць,— упарта паўтарала Ганна,— калі не больш. Сымоніха на свае вочы бачыла. Казала, што ва ўсіх вагонах поўна.

Яна выцерла фартухом запэцканы тварык у малога і зноў зірнула ў акно.

— Адкуль яны ўзяліся? Тысячы, мільёны мо... Колькі гора і пакут прынеслі. Няхай хоць цяпер самі іх паспытаюць і смак іхні ўведаюць. Мо тады і жахнуцца з таго, што робяць.

— Гарбатага магіла выправіць. Вось як... Яны што пошасць. Пасля іх адна чарната астаецца. І чарната гэтая аж да Волгі працягнулася. Тут праўдзе ў вочы трэба глядзець.

У гэты момант у хату увайшлі немцы. Ганна заўважыла іх крыху раней у акно, што выходзіла на падворак, але нешта сціснула ёй горла, і яна не здолела нават войкнуць. Рыгор жа ўбачыў іх, калі, загрукатаўшы ў сенцах падкутымі ботамі, яны ўжо напята расчынялі дзверы. Ён разгублена ўстаў, не ведаючы, што рабіць з малатком і ботам.

— Малаток! — крыкнуў афіцэр і махнуў пісталетам.

Калі два салдаты схапілі Рыгора за рукі і вывернулі іх за спіну, афіцэр падышоў бліжэй. Прыўзняўшыся на наскі і апусціўшыся на абцасы, ён пагразіў Рыгору пісталетам і, не гаворачы ні слова, ударыў яго між вачэй, у пераноссе.

Насуперак устаноўленаму парадку вобыску не рабілі. Звязаўшы Рыгору рукі, не даўшы яму развітацца, яны вывелі яго з хаты так, як ён быў — у адным боце...

Ганна праз гадзіну ніяк не магла зразумець, што за ўтрапенне найшло на яе. Толькі холад і пустэча жылі ў ёй. Не звяртаючы ўвагі на хныканне сына, на старэйшую дачку, якая забілася ў куток за сталом, Ганна ўстала, прайшла па хаце, што адразу зрабілася пустой і страшнай, немаведама чаго зазірнула ў другі пакой. Вярнуўшыся, села на лаўку, падперла шчаку рукой і скамянела.

Так яе і застала Лізавета.

— Тут жыве Рыгор Верас? — спыталася яна, намагаючыся зразумець, што адбылося ў хаце.

— Жыў,— чужым голасам паправіла Ганна,— жыў Верас...

— Няўжо спазнілася?! — жахнулася Лізавета і, сказаўшы, што яна ад Зімчука і во — ліст ад Валі, стала як бы гаспадыняй. Узяла на рукі хлопчыка, пазвала да сябе дзяўчынку і, выцершы ёй носік, пачала дзелавіта і ласкава гаварыць з ёй.

Бачачы, як спакайнеюць дзеці, як сур’ёзна слухаюць незнаёмую цётку, Ганна апамяталася.

— Дык вы ад нашых, значыцца? — як бы паверыла яна і, каб не заплакаць, закусіла зубамі ражок хусткі. Памаўчала.— Перадайце, што забралі Рыгора. Няхай паспрабуюць выбавіць. Калі захочуць, усё зробяць... Бо як жа мы без яго? А за ліст — дзякуй...

Лізавета падышла да яе, села поруч. Пасадзіла на калені і дзяўчынку. Тулячы да сябе дзяцей, выцерла аб плечы слёзы, што навярнуліся на вачах.

— Вам, мусіць, са мной трэба ехаць,— нарэшце прапанавала яна.

— А Рыгор? — устрапянулася Ганна.— Як яму апраўдацца тады? Ці, думаеш, усё роўна ўжо? Быць гэтага не можа!..

— Што вы!..

— Не-э! — спалохана закруціла галавой Ганна, быццам ад яе адбіралі апошнюю надзею.— Нікуды мы не паедзем. Не-не! Усё адно без Рыгора нам не жыць. Навошта? Куды мы без яго? Дый не пасмеюць яны зрабіць з ім што благое. Мы савецкія людзі...

— Тады хоць дзяцей дайце. Скажаце, што да сваіх адправілі.

— І дзяцей не дам. Калі паміраць, дык усім разам. Няма нам жыцця без бацькі. Няхай тады захлынуцца нашай крывёю... Але быць не можа — не пасмеюць!

Яна сутаргава ўцягнула паветра, закрыла твар і прыгнулася да кален.

Дзяўчынка вырвалася ад Лізаветы, саскочыла на падлогу і кінулася да маці, роспачліва і сярдзіта сапучы.

 

4

Яноўскі адчуваў хваравітую цікаўнасць да савецкіх людзей. І ахвотна прыняў прапанову прысутнічаць на допыце.

З савецкімі людзьмі ён сустрэўся толькі на вайне. Да верасня 1939 года Яноўскі жыў у Вільні, а пасля вераснёўскіх падзей уцёк у Германію. Там, у атмасферы нацыяналістычнага смуроду і нянавісці, канчаткова складаліся яго ўяўленні аб народзе краіны сацыялізма. Калі гітлераўскія арміі, здрадліва парушыўшы пагадненне аб ненападзе, хлынулі на савецкую зямлю, Яноўскі быў упэўнены, што ўсё скончыцца праз якія два-тры месяцы. Не было сумненняў — пад ударамі нямецкай армады супраціўленне Чырвонай Арміі хутка саслабее, а ў тыле яе, ва ўмовах няўдач і паражэнняў на фронце, зашугаюць паўстанні, вёска пойдзе супраць горада, пачнецца міжусобіца паміж народамі. Але неўзабаве аказалася, што разлікі Яноўскага — фантазія аслепленага нянавісцю і разбіваюцца яны самаадданасцю і гераізмам простага савецкага чалавека. Спачатку Яноўскі палічыў, што гэта — фанатызм. Аднак хутка вымушаны быў адкінуць і гэтае дапушчэнне: занадта арганізаваным, усеагульным і свядомым былі супраціўленне і барацьба савецкага народа. Тады і пачала ў Яноўскага выспяваць ідэя, не грэбуючы ніякімі сродкамі дамагацца, каб як мага больш людзей проста ці ўскосна ўцягнуць у будаўніцтва «новага парадку» і гэтым ачарніць іх перад роднай уладай. Прыкрываючыся нявіннымі статутамі і праграмамі, ён са сваімі аднадумцамі пры дапамозе акупацыйных улад разгарнуў шалёную дзейнасць па стварэнню розных таварыстваў і саюзаў. Адначасова ад рабочых і служачых пачалі патрабаваць падпіскі аб лаяльнасці. Збіраліся ахвяраванні «сіратам вайны». Усё ж і тут Яноўскі сустракаў маўклівае, але часцей за ўсё непахіснае супраціўленне.

Бяссільная злосць і патрэба прыкрываць яе гучнымі словамі любві і парадзілі ў Яноўскага хваравітую цікаўнасць да савецкіх людзей. Тым больш яму цікава было ўбачыць, як перад тварам смерці адзін з іх адмовіцца ад сябе або памрэ.

Яноўскі сядзеў у мяккім крэсле, крыху ў баку ад стала каменданта, і, паглядаючы на Вейсіга, які нагой падсоўваў бліжэй да свайго крэсла плявальніцу, пускаў шызыя струменьчыкі дыму.

Рыгор увайшоў у кабінет амаль абыякава. Тое, чаго ён баяўся найбольш, здарылася — яго білі. Але дзіўна — калі ў камеры для допытаў эсэсавец накінуўся на яго і ўдарыў гумавай палкай, Рыгор не адчуў, як думаў, што гэта прынізіць ягоную годнасць. Хіба можа абразіць жывёліна, якая саб’е цябе з ног і, вымаючы дух, будзе качаць па зямлі? Не, прынізіць тваю чалавечую вартасць можа толькі той, хто сам хоць крыху падобны на чалавека. Ну, а боль? Што боль! Рыгор ведаў, што яму ўгатавана і адмерана поўная мерка самага страшнага болю, і ён будзе з ім да самага скону.

Вядома, вельмі не хочацца паміраць. Тым больш, калі жыве адчуванне, што ты не толькі зрабіў мала, але нават пакуль што не ўправіўся пачаць галоўнага. Шкада і гэтага свету, поўнага сонца і гукаў. Шкада, што цябе пазбавяць такой бясцэннай магчымасці — дыхаць. Ты не зможаш быць бацькам сваіх дзяцей. А як ім цяпер патрэбен бацька! Што чакае іх у такую ліхую гадзіну, калі яны астануцца толькі з Ганнай?.. Але паміраць трэба. Не ён першы, не ён апошні. Калісьці, здаецца, гадоў дзевятнаццаць назад, калі ён наведваў лікпункт, Рыгора ўразіў адзін сказ. Хто яго выказаў, ён забыў. Але зерне, думка — асталася. У ім гаварылася пра тое, што справа, калі пад ёй бруіцца кроў,— трывалая справа. Ну, дык няхай кропля і ягонай, Рыгоравай, крыві мацуе агульную справу.

Ён сумленна працаваў, жыў, і сведкай таму ўсе местачкоўцы і гэтыя шырокія з мазольнымі нарастамі далоні. Колькі перамалоў ён збожжа! Цэлыя залацістыя горы пшаніцы, жыта ператвораны ім у мяккую, як пух, пахучую муку. І калі Рыгор чуў ленінскія словы, што барацьба за хлеб ёсць барацьба за сацыялізм, яму здавалася — гэта мае непасрэднае дачыненне да яго работы і з’яўляецца яе высокай ацэнкай.

Шкада, вядома, што асталася нявыкарыстаная сіла. І як яго ні білі, ні катавалі, каб зламаць волю перад размовай з камендантам, ён яшчэ моцна трымаецца на нагах. Дзеля гэтага таксама трэба сіла. І нявыкарыстаную рэшту яе ён аддасць на тое, каб прыстойна памерці. Вось гэта і значыць, што чалавек жыў і памёр сумленна...

— Прозвішча? — холадна спытаўся Вейсіг і, схіліўшыся над сталом, пачаў нешта для прыліку запісваць на паперы.

Не пачуўшы адказу, ён узняў на Рыгора жоўтыя вочы, хацеў грукнуць кулаком, але, убачыўшы выраз твару, з якім арыштаваны глядзеў у акно, міжвольна павярнуў галаву ў той жа бок. Вейсіг убачыў знаёмую нешырокую вуліцу, забрукаваную пукатымі каменнямі, быццам адшліфаванымі кожны паасобку; маладыя клёны за дарожнай канаўкай, каля дашчатага тратуара; домік насупраць. «Што яго так узрушыла? — падумаў Вейсіг.— Хіба толькі гэтая халупа з выламанымі рамамі і аканіцай, што павісла бокам?.. А-а!

— Дом сястры? — без ранейшай упэўненасці пачуць адказ запытаўся ён і зразумеў, што гэтага шыракаплечага барадача можна прымусіць гаварыць, перайшоўшы на дзелавы тон або ўжыўшы самыя дасканалыя катаванні.

Не, не такімі ўяўляў сабе Вейсіг людзей гэтай краіны. Праўда, аб іх ён наогул мала думаў, хоць з цікавасцю чытаў брашуры па геапалітыцы — адмысловай фашысцкай навуцы, якая даводзіла права немцаў на жыццёвыя прасторы, што належалі іншым народам. Яго ўвага заўсёды спынялася на гэтых прасторах — тысячы тысяч гектараў тлустага чарназёму, казачных лясоў, нябачанай колькасці румяных шынак і сметанковага масла. Якая справа яму, Вейсігу, да тых, хто ўзнімае гэты чарназём і з’яўляецца гаспадаром казачных багаццяў? Тым больш, калі гэта, як казалі яму,— племя пакорлівае і слабавольнае! Яны з удзячнасцю павінны прыняць угатаваную ім будучыню — працаваць на тых, каму самой прыродай вызначана панаваць... Толькі трэба быць бязлітасным і моцным. А непрадбачаную ўпартасць трэба зламаць сілай і няўмольнасцю. Тады ўсё пойдзе так, як раней уяўляў сабе Вейсіг, як вучылі яго ўяўляць...

Гледзячы на спакойны твар арыштаванага, вочы якога свяціліся так, нібы ён ведаў, што не пад сілу ведаць ніводнаму з прысутных у пакоі, Вейсігу прыйшла думка: «А што, калі іх не напалохаеш смерцю? Што тады?..»

— Чаму ты не адказваеш? — Ён выцягнуў з шуфляды пісталет, паклаў яго на ліст паперы і моцна высмаркаўся.— Ну?!

— Нам няма пра што размаўляць,— глуха сказаў Рыгор.— Пытанні твае недарэчныя. На іх ты і сам можаш адказаць. Калі ж пачнеш пытацца пра іншае, я не буду адказваць...

— Гэта мы яшчэ пабачым! — не стрымліваючыся, крыкнуў Вейсіг.

— Ну што ж, глядзі,— збіраючы сілы і ведаючы, што пачынаецца апошняе ў яго жыцці выпрабаванне, сказаў Рыгор.— Глядзі, падлюга, калі табе гэта цікава!

Вейсіг ускінуў пісталет, прыцэліўся і стрэліў. З кончыка вуха па Рыгоравай барадзе пацёк струменьчык крыві.

 

Раздзел чацвёрты

 

1

Калі дзверы за спіной зачыніліся на французскі замок, Яноўскі з палёгкай адчуў, што нарэшце ён дома. Не выпускаючы рукі і не даючы яму спыніцца ў калідоры, жонка са шчаслівай усмешкай, якая як бы застыла на твары, пацягнула яго ў сталовую.

— Дай хоць пыльнік скінуць,— папрасіў ён, таксама на гэты момант улюбёны ў яе і рады сустрэчы: разлука, як вядома, абвастрае пачуцці.

Яна сама распранула яго, кінула пыльнік на крэсла і абняла — адданая, млявая.

— Пачакай, памыюся,— сказаў ён, хочучы працягнуць хвіліны ўлюбёнасці, калі так хораша на душы і забываешся на ўсё астатняе.

Але памыўшыся і вярнуўшыся ў сталовую, Яноўскі нечакана адчуў раздражненне. Цяжка нават сказаць, чым яно было выклікана. Ці тым, што жонка так адкрыта і прагна цягнулася да яго, ці тым, што ў ім самім раптам не аказалася ранейшай гатоўнасці мілаваць яе. А можа віной быў яго ўласны партрэт, які Яноўскі ўбачыў праз дзверы ў кабінеце над пісьмовым сталом. Са сцяны на яго абыякава глядзеў стары рыжаваты мужчына з бародкай. Яго поўны з адвіслымі шчокамі твар, які, здавалася, выступаў з прыцемак, быў халодны, застыглы. І толькі паміж броваў пралягаў зморшчык — глыбокі, жорсткі.

— Бондар падарыў? — спытаўся Яноўскі.

— Але,— зноў расцвіла жонка.— Як ён паважае цябе! Сам прынёс і памог павесіць.

— Гэта праўда — павесіць яны памогуць.

— Навошта ты так гаворыш? Я ведаю, ён пойдзе за табой куды загадаеш...

— Бо няма, відаць, куды больш ісці. Адыле гэта добра. Праехаў вось, пабачыў. Калі тут у нас яшчэ ёсць сёе-тое, дык у раёнах — пустэча. Сям-там газеты нават па-расейску друкуюцца. «Новый путь», ха-ха-ха! Дажыліся... Некалі я таксама на гэтай мове вучыўся. Чытаў па літарах: «С, у — су, м, а — торба!» Але хіба ў кожнага такое ў натуры? Зыначыліся людзі, пахамелі. Толькі вялікая кроў і прывядзе іх да памяці...

Жонка не дала яму далей гаварыць. Ён таксама схамянуўся, падумаў, што калі вось так яшчэ пахвалюецца, жончына блізкасць будзе ўжо непатрэбна, і пацалаваў у духмяную далонь, якой яна закрыла яму рот.

— Ну, не буду, не буду...

Яна зноў узяла яго за руку і сарамліва пацягнула да канапы.

Яноўскаму трэба было супакоіцца, настроіцца на адпаведны лад. Таму, каб выйграць час, ён прыгарнуў жонку, адкінуў галаву на спінку, прыслухоўваючыся да сябе, і сказаў:

— А я наведаў Каралёў Стан. Помніш, гаварылі? Бондар не схлусіў — сапраўды маляўнічая мясціна. Рай — лес, рэчка, сад, дом з калонамі. На ўсякі выпадак будзем мець і гэта на ўвазе...

Думка — пачаць расправу з ненадзейнымі — прыходзіла і раней. Праз адданых людзей Яноўскі старанна збіраў звесткі аб камуністах, камсамольцах і перадаваў у СД. Унёс ён свой уклад і ў разгром падполля. Ды цяпер, пасля бачанага на перыферыі, з’явілася перакананне — гэтага мала. У поле свайго зроку трэба браць і ненадзейных, на якіх нельга палажыцца. Асабліва тых, хто мае непасрэднае дачыненне да ідэалогіі,— у першую чаргу настаўнікаў, актораў, мастакоў.

Назаўтра Яноўскі выклікаў інспектара школ, загадчыка аддзела культуры і прапанаваў ім сабраць адпаведны матэрыял.

— Заданне акупацыйных улад,— схлусіў ён.— Думаю, проста так, для прафілактыкі, і ўсё абыдзецца добра. Вайна...

Але сумненні ўсё ж тачылі яго, і Яноўскі вырашыў параіцца з Рыбэ і адначасна далажыць яму пра вынікі сваёй паездкі.

Ён прыехаў да Рыбэ к канцу рабочага дня і, калі заходзіў у кабінет, сутыкнуўся з пласкагрудым сутулым мужчынам, у якога быў хваравіты іканапісны твар і мяшкі пад вачыма. Заўважыўшы яго пільны з-пад калматых броваў позірк, Яноўскі ад дзвярэй сказаў:

— Я, гер Рыбэ, наконт рабочай сілы. Управа дадаткова просіць дваццаць чалавек.

— Гэта старшыня юдэнрата,— ухмыльнуўся Рыбэ.— Слізкі тып. Думае, што з’яўляецца буферам. Дурань! А я яму паднёс пілюлю. Хачу, каб у іх свае лавілі сваіх. Хачу, каб былі прывілеяваныя і плебеі. Як па-вашаму?

Што шэф гета не хаваў ад яго сваіх спраў, палесціла Яноўскаму. Але тое, што ён сказаў пра старшыню юдэнрата, і пакрыўдзіла. «Буфер! — падумаў Яноўскі.— Дурань!.. Буфер-дурань!» У хвіліны расчулення, калі сапраўды здавалася, што любіш родны край і народ, Яноўскі сам апраўдваўся перад сабою прыкладна гэтак жа. «Мы не служкі, а калабаранты, якія змякчаюць удар молата па кавадле! Нам таксама нялёгка». Гэтае пераконанне пачало ўкараняцца яшчэ больш, калі ён стаў весці двайную гульню.

Рыбэ здагадаўся аб думках Яноўскага і прагнаў з твару ўхмылку.

— Не прымайце «буфера» на свой кошт,— літасціва супакоіў ён.— У вас большыя маштабы і іншыя перспектывы.

— Не, я нічога,— ажыў духам Яноўскі.— Мы ведаем, што робім для бацькаўшчыны... А ездзіў я недарэмна. Знайшоў некалькі чалавек. Некаторых паслаў у атрады. Асабліва ёсць там адзін — «Мсцівец». Не чулі пра яго?

— Пакуль што не.

— Шкада, няма сярэдняга звяна. Мы і выканаўцы, а сярэдняга звяна няма. Таму, можа, і задумы рэдка калі даводзілі да канца. Не адно, дык другое перашкаджае абавязкова.

Рыбэ падышоў да дзвярэй, кінуў у калідор, што ён больш нікога не прымае, і шчыльна зачыніў дзверы. Паклікаўшы Яноўскага да акна, дзе стаяў акварыум з залатымі рыбкамі, стаў разглядаць іх.

Вада ў акварыуме была зеленаватая, са дна, пасыпанага залатым пяском, на якім мігцелі зыбкія плямы, падымаліся тонкія водарасці. Рыбкі плавалі жвава, віляючы хвосцікамі, і ад гэтага водарасці лена і неяк грацыёзна пагойдваліся.

— Кажуць, калі глядзіш на іх, супакойваюцца нервы,— сказаў Рыбэ, і вусны ў яго таргануліся не то ад кплівай, не то ад прыхільнай усмешкі.

Узяўшы з адмыслова выразанай пушкі, што стаяла побач з акварыумам, крошак, ён сыпнуў іх у ваду. Рыбкі, як ад небяспекі, кінуліся ва ўсе бакі, але ўміг скемілі, што гэта такое, і, дурэючы, пачалі ласавацца. Луска на іх зіхацела і пералівалася.

— Будуць якія ўказанні? — спытаўся крыху здзіўлены Яноўскі.

— Што? — не адразу зразумеў Рыбэ, паволі робячыся звычайным.— А-а-а! Вядома. Вы кажаце, што няма сярэдняга звяна і часта ўсё ідзе прахам. Значыць, патрэбна арганізацыя. Моцная, цэнтралізаваная, з выразна пастаўленай мэтай. Пра сродкі можаце не клапаціцца. Разумееце? — і доўга, падрабязна развіваў свае думкі — халодны, скупы ў рухах.

Дзелавыя размовы часта стамлялі Яноўскага, і ён тады, як збавення, чакаў, калі можна будзе адпачыць ад іх або заняцца іншым, больш цікавым і блізкім. Рыбэ ж, як здавалася яму, толькі і жыў тым, пра што гаварыў. У яго словах не было натхнення, нават запалу — наадварот, але відаць было, ён не засмуткуе і будзе гаварыць, гаварыць — столькі, колькі трэба.

Гэта адбірала волю.

Было ў словах Рыбэ і яшчэ адно — упэўненасць, што ўсё можа і павінна быць толькі так, як ён прапануе. І гэта таксама прымушала падпарадкоўвацца яму, давала надзею на поспех.

Сеў Яноўскі ў таратайку, нягледзячы ні на што, супакоены — ваганняў ужо не было.

— Дамоў, Ян! — загадаў ён фурману.— Ану, падгані лайдака, калі ласка...

 

2

Алешку распірала абурэнне, і хоць Міхал Шарупіч не спускаў з яго строгіх вачэй, ён раз-пораз збіваўся з нагі, узнімаў голас і пачынаў жэстыкуляваць.

Хоць стрэчныя трапляліся не часта, усё роўна можна было знянацку сутыкнуцца з паліцаем або шпікам, прыцягнуць іх увагу. Па руках хадзіў першы нумар падпольнай «Звязды», на тэлеграфных слупах, на сценах дамоў і каробак зноў пачалі з’яўляцца лістоўкі. Абвер, гестапа заварушыліся, сталі праводзіць налёты на кватэры, масавыя аблавы, узмацнілі слежку. Ды Алешка знаць нічога не хацеў.

— Я, дзядзька Міхал,— кідаў ён горача,— ручаюся! Славіка выдаў толькі гэты спадарык. Як хочаце, але цяпер кожны яго крок будзе ў мяне пад лупай. Пазаўчора ён з раёна вярнуўся. Учора ўжо загадаў матэрыялы на настаўнікаў збіраць і падвечар у канцылярыю СД ездзіў. А сёння завітаў да гетаўскага шэфа. Што гэта за такая вышукная актыўнасць, ха-ха?.. А праехаў як, заўважылі? Быццам не немцы, а ён акупіраваў горад... Дык вы мяне выклікалі, каб даручыць сачыць за ім? А?

— Змоўкні! — няголасна, але з прыціскам загадаў Шарупіч. Алешка асекся, здзіўлена паглядзеў на Міхала. Твар у таго быў строгі, бадай, сярдзіты, і яго нельга было не паслухацца.

— Што ж, калі ласка,— сказаў Алешка, узнімаючы бровы і крыху схіляючы галаву набок.

— А сваю слежку спыні. Я сам займуся ім.

— Калі ласка,— пакрыўдзіўся ўжо Алешка, але неўзабаве павесялеў.— Што, зноў новыя парадкі будзем заводзіць?

Ён сабраўся рагатнуць, але не пасмеў — Міхал аставаўся строгім, засяроджаным, і, мабыць, таму жарт прагучаў недарэчна. Дый сам Шарупіч здаўся незнаёмым.

— Прымеш ад Ванды сувязі з афіцэрскай гасцініцай і давядзеш справу да канца,— сказаў ён і замаўчаў, пакуль не падышлі да доміка, дзе жыла Шыдлоўская, і не зайшлі на падворак.

— Ну, а цяпер, калі ў Ванды нікога чужога няма, хочаш абурайся ці рагачы, як тваёй душы заўгодна,— дазволіў ён.

— Лайцеся, лайцеся,— сказаў Алешка.— А я ўсё роўна не згаджуся, каб мною, апрача вас, хто камандаваў, ха-ха! І калі думаеце, што гэта пільней, чым што іншае, давайце гасцініцу. Мне абы-толькі біць іх!..

Ванда стаяла ля акна, трымаючыся за аконную ручку і прыпаўшы лбом да рамы. Уся яна трэслася ў стрыманым плачы. Нават не пачула, калі Міхал Шарупіч з Алешкам пераступілі парог.

У пакоі было пуста, няўтульна, і хударлявая, быццам прыціснутая горам жанчына здалася Міхалу такой самотнай, што ён аж разгубіўся. Не даючы Алешку ісці далей, спыніўся ля дзвярэй і кашлянуў.

Але і гэта не кранула Вандавай увагі. Тузануўшыся, яна ўсхліпнула і ў роспачы застагнала.

— Ванда,— паціху аклікнуў яе Шарупіч, пачынаючы ўжо трывожыцца.

Яна ўздрыгнула, павярнулася, пакутліва паспрабавала ўсміхнуцца.

— Даруйце, таварыш Міхал,— папрасіла яна, паспешліва выціраючы мокры нос і шчокі.— І не турбуйцеся, гэта я так...

— Што з табой? Якая-небудзь бяда? — спытаўся Міхал, падыходзячы.— Не хавайся, гавары.

Заплакаўшы зноў, як дзіця, якое пашкадавалі, Ванда ўткнулася тварам у Міхалава плячо.

Ён сумеўся.

— Ну, кажы.

— Сілы стала бракаваць. Прыстаюць, лапаюць, шчыплюць. Мы ж для іх і не людзі зусім. Хлебам, кансервамі спакушаюць або гразяцца. І заўсёды з рукамі. Адбіваешся, як ад сляпнёў. Дамоў вернешся — дакрануцца да сябе агідна. А сёння, калі ў нумары мяняла бялізну, адзін на пасцель паваліў, ледзь адбілася. Добра, што дыхавічны быў. А іначай як бы я перад доччынай і мужавай памяццю апраўдалася? Як наогул жыла б?

— Гадаўё! — вылаяўся Алешка і заскрыгатаў зубамі.

— Не, Косця, мала ім гэтага слова,— не згадзілася яна, прымушаючы сябе супакоіцца.— Ды яго наогул, мабыць, няма, яшчэ ў мове.

— Ёсць!

— Няма, Косця... Бо не было яшчэ такога ў жыцці.

Бачачы, як Ванда паступова робіцца гаспадыняй і шукае вачыма, куды б пасадзіць іх, Міхал сказаў:

— Ты сваё ў гасцініцы зрабіла, хопіць. Перадай толькі сувязі Алешку. А сама пойдзеш працаваць у сталовую на Лагойскі тракт і заадно будзеш шукаць падыходаў к украінцам. Там непадалёку казармы іхнія... А гэта табе хлебныя карткі на маці і вось крыху мяса партызаны прыслалі.— Ён паклаў на стол загорнуты ў газету пакунак.— І наогул цяпер да цябе будзем прыходзіць з чым-небудзь. Напрыклад, будзем насіць табе мыць бялізну.

У Ванды апусціліся плечы і на вочы нагарнуліся слёзы.

— Гэта вы, шкадуючы мяне, парашылі так зрабіць? — з крыўдаю спыталася яна.— Ці думаеце, я не здолею давесці сваё ў гасцініцы да канца? Мне цяпер жыць цяжэй, чым памерці, таварыш Міхал!

— Ну, гэта ты дарэмна. Будзе ў цябе ўсякае яшчэ — і вясёлае, і радаснае. А што наконт гасцініцы... Няўжо сапраўды няварта сваіх шкадаваць? Навошта тады мы змагаемся? Дый так лепш ва ўсіх адносінах. Далі-бог. Астанешся без падазрэння і новую справу пачнеш...

— Правільна! — ухваліў Алешка і перавёў з Ванды на Шарупіча захоплены позірк.— Мне і то падабаецца, ха-ха!

Яны селі за стол і пачалі абмяркоўваць, як лепш пазнаёміць Алешку з Вандавымі людзьмі, якія працуюць у гасцініцы, і хто з іх больш надзейны і рашучы.

Ванда расчырванелася, хваліла ўсіх без выключэння. Каб давесці сваё, часта ўсхоплівалася і, махаючы рукамі, мерала пакой хуткімі дробнымі крокамі. Алешка, быццам загадзя ведаючы, што яму ўсё роўна — якія там, у гасцініцы, людзі,— пашанцуе, маўчаў, пасміхаўся і слухаў Ванду, як малую. Думаючы аб іх абоіх, можа, як ніколі любячы іх, Міхал таксама гаварыў мала, зрэдку задаваў пытанні, і, узважваючы, як і што адказвала Ванда, непаспешліва шукаў найлепшай парады. І чым больш ён прыходзіў да пэўнасці і выразней акрэсліваліся рашэнні, тым больш дарагімі рабіліся яму і Ванда, і Алешка, і справа.

Хоць вуліца аставалася сонечнай, у пакоі пашарэла. Сонца, якое дагэтуль заглядала ў вокны як бы з-за вугла дома, схавалася за ім. Гэта адчулі ўсе, але разыходзіцца не хацелася.

На калені да Міхала Шарупіча ўскочыла белая ў чорных плямах кошка і, тручыся бокам і галавой аб руку, стала даверліва лашчыцца. Пляма ў кошкі была таксама пад ніжняй сківіцай, і таму здавалася, што морда яе незвычайная — выцягнутая, плоская. Але яе даверлівыя дотыкі ўсё адно былі прыемныя, і Міхал пагладзіў кошку. Тая замуркала, выгнула спіну і ўжо настойліва пацягнулася да яго.

— Мяса пачула,— сказала Ванда.— Псік, Мурка!.. Давайце я падсмажу кавалачак зараз, і зробім бяседу. Косця, як па-твойму?

— А што ты думаеш! — ахвотна падтрымаў яе Алешка.— Даўно я мяса еў. Нават на смак ягоны забыўся, ха-ха!

— Не, так не будзе,— запярэчыў Міхал.— Не табе, Кастусь, яно прынесена, не ты і есці будзеш. А калі хочацца яшчэ разам пабыць, давайце лепш радыё паслухаем. Як з батарэямі, не селі яшчэ?

— Пакуль што працуюць,— сказала Ванда і падалася да грубкі.

 

3

Каб у Міхала Шарупіча запыталіся, што ён вынес з свайго паходу ў лес і што найбольш кранула яго, Міхал наўрад ці здолеў бы так проста адказаць. Перш за ўсё гэта, мабыць, было адчуванне — нейкае свята душы. Там незвычайна лёгка дыхалася, навокал было вельмі многа сонца, красы, і яны востра адчуваліся.

Людзі таксама здаваліся асаблівымі — вольнымі, поўнымі годнасці, вялікіх магчымасцей. Чаго, напрыклад, быў варты адзін крэмень Воранаў, за якім пойдзеш не аглядваючыся, з верай, што там, дзе ён, усё будзе добра. А Зімчук? Заўсёды роўны, добры да другіх. Вайна раніць людзей не толькі на полі бою, не ўсе нанесеныя ёю раны краваточаць. І вось Зімчук як бы стаіць на варце, робіць усё, каб ран было найменш і гаіліся яны хутчэй. Таму натуральна — хочацца пераймаць яго.

А ўспаміны аб лясных лагерах і партызанскай гасціннасці? Стацэнка пачаставаў Міхала бульбяным супам з дробна нарэзанымі кавалачкамі мяса. Суп быў смачны, духмяны, прыпраўлены лаўровым лістам, цыбуляй і чорным перцам. Міхал нібыта ніколі нічога смачнейшага за гэты суп не еў. І ўжо, бясспрэчна, даўно не еў так удосталь.

Сама партызанская вольніца таіла ў сабе невымоўную прыгажосць. Тут дзейнічалі савецкія законы, панавалі савецкія формы жыцця. Але дзейнічалі і панавалі яны на зямлі, захопленай фашыстамі, у тыле ворага. І гэта рабіла іх удвайне дарагімі. Іхняя жыццядзейная сіла выяўлялася бурна, яскрава.

Вярнуўся Міхал Шарупіч у Мінск, набраўшыся сіл. Ён убачыў размах партызанскай барацьбы, пазнаёміўся з новымі харошымі людзьмі, пажыў савецкім жыццём. І ў той жа час ён, як ніколі, засумаваў па сям’і, па таварышах, па горадзе, адчуў, што знітаваны з імі назаўсёды і што няма яму без іх жыцця. І яшчэ адно асабліва выразна ўсвядомілася Міхалу: ні скарыць, ні перамагчы ягоны народ нельга — не існуе ў свеце яшчэ такой сілы. Дый знішчыць таксама нельга, бо для гэтага спатрэбілася б знішчыць усё — і гарады, і вёскі, і лес, і поле. І такая замілаванасць да сваіх людзей агарнула Міхала, што ён гатовы быў браць сабе бяду кожнага, засланяць кожнага сабой.

Не было і зайздрасці да партызан. У душы Міхал нават ганарыўся тым, што ён — падпольшчык, ганарыўся, што яму даводзіцца перажываць большыя цяжкасці, бліжэй хадзіць ля смерці і не спадзявацца на такіх надзейных паплечнікаў, як лясныя нетры ці непраходныя балоты. Дый наогул, як здавалася Міхалу, падпольшчыкі мелі больш слаўную і высакародную гісторыю — у свой час падпольнічаў сам Ленін. Таму з мінулага на іх клалася цудоўнае святло...

Пра рэпрэсіі, якія Яноўскі збіраўся абрынуць на настаўнікаў, Міхал Шарупіч пачуў не толькі ад Алешкі. Наконт гэтага папярэджваў і Дзімін, з якім Міхал сустрэўся перад тым, як пайшоў да Ванды.

Рана ў Дзіміна ўсё яшчэ гаілася, і ён ляжаў на кватэры знаёмага падпольшчыка на Саломеннай вуліцы. Міхал прывёў да яго медсястру, прынёс новыя дакументы, бюлетэнь і таксама партызанскі падарунак — мяса. Счакаўшы, пакуль сястра зрабіла перавязку, ён падсеў да ложка і пачаў перадаваць навіны.

— Ёсць і ў мяне яны,— сказаў Дзімін, асцярожна ўкрываючы коўдрай тоўстую выпрастаную нагу.— Трэба тэрмінова сяго-таго пераправіць у лес. Помніш настаўнікаў, пра якіх я табе некалі гаварыў? Добрыя хлопцы, і шкада, калі трапяць за краты. Зброя ў іх падрыхтаваная, самі начыку. Калі згодзішся ўзяць іх, запішы адрасы і паролі...

— Давай,— нарыхтаваў блакнот і аловак Міхал, заўважаючы, што хвароба зрабіла Дзіміна больш разважлівым і спакойным.— Днямі ўсё роўна адпраўляем групу ваенных. Думаю, і аднаго акадэміка адправіць, пакуль гітлераўцы не вывезлі. А Яноўскага прыпужнуць варта, вельмі ўжо расперазаўся...

Узяўшы, як звычайна, інструмент,— нібы шукаў работы,— Міхал з Алешкам пайшоў па адрасах, дадзеных Дзіміным: трэба было самому пазнаёміцца з людзьмі і вырашыць, ці можна ўсіх уключаць у групу. Каб не кідалася ў вочы, што заходзіць толькі на кватэры настаўнікаў, стукаўся і ў суседнія.

Дзверы яму адчынялі па-рознаму. Але рэдка, каб адразу. Перш чым пстрыкаў замок, за аднымі сярдзіта мармыталі, за другімі пачыналася таямнічая падрыхтоўка — нешта спехам замыкалі, перасоўвалі, нечым грукалі. І ніхто не адчыняў дзвярэй шырока, а толькі так, каб можна было прасунуць галаву.

У апошняй кватэры, куды Міхал сабраўся заглянуць таксама для прыліку, яму адчыніла дзябёлая кучаравая бландзінка ў квяцістым халаце. Не выпускаючы з рукі дзвярной ручкі, яна ўтаропілася ў Міхала здзіўленымі светлымі вачыма і клапатліва паморшчыла лоб.

— I ў швейных машынах разбіраецеся? — выслухаўшы Міхала, узрадавалася яна і, маючы ўжо нейкі свой план, прапусціла ў калідор.— У нас «зінгер». Дрэнна цягне і рве нітку. Я проста мучаюся...

Яна не дагаварыла.

— Хто там? — пачуўся з пакоя нездаволены мужчынскі голас.— Колькі разоў я папярэджваў цябе!

— Гэта майстар, Усяслаў,— страпянулася жанчына і заспяшалася з тлумачэннямі: — Ён рамантуе прымусы, самавары, машыны. Ты ж ведаеш — мне даўно трэба наладзіць сваю.

Праз дзверы ў пакой — мусіць кабінет — Міхал яшчэ дагэтуль заўважыў трумо і ў ім мужчыну. Той здаволена разглядаў сябе і ўхвальна ляпаў далонямі па поўных шчоках. Потым, каб лепей бачыць сябе, наблізіўся да самага люстра і ўзяў у жменю бародку. Але, пачуўшы адказ жанчыны, адразу насцеражыўся і адкінуўся назад.

Вось па гэтай насцярожанасці і бародцы-клінку Міхал і пазнаў Яноўскага.

Спачатку захацелася крутнуцца і пайсці, але думка — «Нічога, пагляджу, як жывуць спадары, а пасля мо і пагутару, як збіраўся» — спыніла Міхала.

Яноўскі таксама ўбачыў яго ў люстры, сярдзіта чмыхнуў і з прыкрасцю папрасіў жонку:

— Толькі хутчэй канчайце там. Ты разумееш мяне, Зюзя?

Следам за жанчынай Міхал прайшоў у сумежны пакой, дзе стаяла швейная машына, буфет, доўгі, пакрыты аксамітным абрусам, стол і некалькі крэслаў, на якіх валяліся яркія плацці. Употай разглядаючы абстаноўку, Міхал адкінуў галоўку машыны і пачаў корпацца ў ёй. Заўважыў у кабінеце партрэт гаспадара, пад ім — разную канторку з бронзавым пісьмовым прыборам і статуэткамі, адмысловыя плюшавыя крэслы і раптам адчуў глухую варожасць да ўсяго навакольнага. Гэта было нечакана для самога Міхала. Варожасць да рэчаў?!

— У вас знойдзецца машыннае масла? — спытаўся ён панура.— Мне трэба тут змазаць.

Мабыць, каб не пакідаць яго ў пакоі аднаго, як толькі гаспадыня пайшла, з кабінета паказаўся Яноўскі. З выглядам, што нешта яму спатрэбілася, ён прадэфіліраваў па пакоі, зазірнуў у буфет, адсунуў шуфлядку, пашукаў нечага. Але жонка не вярталася, і ён мусіў загаварыць з Міхалам.

Блізка яго Міхал раней не бачыў, і цяпер у вочы кінулася бескаляровасць і злосная натапыранасць Яноўскага. «Як ваўкалак»,— падумаў Міхал, аддаючыся варожасці і не адказваючы на словы Яноўскага.

— Я пытаюся, ты мінчанін,— паўтарыў Яноўскі з пагрозай.

Міхал змоўчаў і гэтым разам: «Няхай трохі папсуе сабе крыві, гад!..»

У твар Яноўскаму сапраўды ўдарыла чырвань.

— Ты чуеш?

— Мінчанін, спадар,— нарэшце адказаў Міхал, назнарок са здзеклівай пакорнасцю.

Яноўскі ўлавіў гэта, падазрона глянуў на Міхалавы рукі і адышоў за стол. Стоячы па другі яго канец, паклікаў:

— Зюзя, дзе ты падзелася? Ты патрэбна мне! А грамадзянін мінчанін, калі так, можа ісці. Рамонт нам зробяць і без яго. Пахамелі ўсе тут. І няхай ён скажа дзякуй, што я адпускаю яго па-добраму.

— Ну што ж, дзякую,— спакойна сказаў Міхал, ужо не могучы пайсці адсюль так проста.— Але навошта столькі нерваў?

— Навошта? Ды з вамі нельга ўжо іначай, усе вартыя адзін аднаго. Ідзі адсюль!

— Воля ваша. Ды не ўздумайце званіць куды-небудзь па тэлефоне, калі я пайду.

— Гэта ўжо мой клопат.

— Не, і мой таксама, бо я нешта хачу сказаць вам. Толькі вось зірніце спачатку ў акно і скажыце, хто гэтыя людзі, па-вашаму? Напрыклад, вунь той хлопец, які трымае ў кішэні руку? Або вунь той мужчына з сякерай?

Яноўскі міжволі скасіў вочы ў акно, убачыў праходжых, хлопца, які прагульваўся на процілеглым баку вуліцы, і прыкметна абвяў.

— Добра, я выслухаю...

— Я павінен вас папярэдзіць. Калі вы і надалей будзеце аддаваць нашых людзей на расправу фашыстам, мы зробім вывад, і не цяжка здагадацца які.

— Мне родны кожны беларус...

— Ну, гэта мы ўжо ведаем. А цяпер бывайце.

Міхал сабраў інструмент і, не азіраючыся, падаўся з пакоя. Каля дзвярэй пачуў амаль непрытомны шэпт Яноўскага — той, відаць, гатовы быў задушыць жонку.

 

4

Надвор’е нечакана папсавалася. Па небе паплылі нізкія рваныя хмары, а потым лінуў і дождж.

Па нейкай мірнай прывычцы Міхал нават захваляваўся, нібыта непагода магла перашкодзіць групе выехаць з горада або рабіла выезд непажаданым.

Вуліцы не падмяталіся, і брук, асфальт сталі брудныя. З разбураных кварталаў, што ўзвышаліся над тратуарамі, па вуліцы пацяклі каламутныя рыжыя ручайкі. Руіны пацямнелі, мацней стала пахнуць струхнелай цэглай.

Сам Міхал мог і не хадзіць — пра ўсё было дамоўлена загадзя. Карыстаючыся базарным днём, людзі павінны былі непрыкметна сабрацца на Камароўскім рынку, сесці ў крыты грузавік, прысланы падпольшчыкамі радыёзавода, і рушыць у дарогу. Дакументы і прапускі ва ўсіх таксама былі ў парадку. Але ці мала што магло здарыцца? Не прыйдуць праваднікі, затрымаецца аўтамашына, хто-небудзь спозніцца. Тады што? Непакоіла яшчэ, што па чарговае папаўненне прыйшлі пасланцы і з брыгады «Штурм» і з атрада «Мсцівец». А як вядома, дзве нянькі — тое ж самае, што і сем.

Узнікла апаска, што дождж можа разагнаць базар, і грузавік, людзі, якія збіраюцца да яго, астануцца як на далоні. Тады лепей перанесці месца збору куды-небудзь у глухі завулак або выязджаць як мага хутчэй. Наставіўшы каўнер, Міхал паскорыў крок.

Але рынак кішэў народам. З парасонамі, у мяшках, надзетых, як капюшоны, на галаву, або прыкрытыя згорнутай газетай, штурхаліся людзі. І было відаць, што няма ў іх асаблівых надзей ці пэўнай мэты, але яны ўсё-такі шукаюць нейкі выпадак: «А што, калі раптам?..» — і таму аціраюцца тут, не ідуць дамоў. Топчуць гразь, таўкуцца пад дажджом абыякавыя да сябе: «Ат, усё адно, дома таксама не лепш...»

«Не шкодзіла б калі-небудзь хоць лістовак сюды падкінуць,— са скрухай падумаў Міхал.— Якое гора!..»

На хвіліну зайшоў да падпольшчыка-шаўца, праз чые рукі павінны былі праходзіць ваенныя. Той працаваў у маленькай блакітнай будцы з самаробнай шыльдай — намаляваным чорнай фарбай ботам. Нягледзячы на дождж, дзверы ў будцы былі расчынены насцеж, і кожны праходжы міжвольна зазіраў туды. Але шаўца як бы не датычыла гэта, і ён, быццам сядзеў адзін у пакоі, уважліва і спакойна займаўся сваёй справай — выкройваў на дошцы крывым нажом латку.

— Як справы? — бачачы, што паблізу якраз нікога няма, прыпыніўся Міхал.

— Мае — усе. Але не з’явіўся адзін настаўнік,— не адрываючыся ад работы, паціху адказаў шавец.— Паведамілі, што ўзялі сёння, як толькі вывіднела.

— Машына тут ужо?

— Але...

Міхал ведаў, дзе павінна была стаяць аўтамашына, і падаўся туды. Убачыўшы наводшыбе ад людской мітусні крыты грузавік, спыніўся, пачаў назіраць. Тыя, хто павінен быў ехаць, пазалазілі ўжо ў кузаў. У кабінцы, паклаўшы закасаную па локаць руку на край акенца, сядзеў строгі, нечым нездаволены шафёр. Толькі праваднікі хадзілі ля машыны, і па іх рашучых кроках адчувалася, што яны пасварыліся.

«Гэтага яшчэ неставала,— засердаваў Міхал.— Ну і дам зараз!»

Абураны, ён падышоў да грузавіка, прывітаўся з шафёрам. Той трохі прасвятлеў і высунуў галаву ў акенца.

— Не падзялілі нас,— сказаў ён з іранічнай грэблівай усмешкай.— Адзін патрабуе, каб спачатку ў «Мсцівец» ехалі, а другі — у «Штурм». Таму не даюць адзін аднаму ў кабінку садзіцца. Упраўце ім мазгі, калі ласка, таварыш Міхал. А то, чаго добрага, бобікі ўвагу звернуць.

— Ану, давайце сюды,— гукнуў Міхал праваднікам, перакананы, што лёгка можна ліквідаваць непаразуменне і дамовіцца.— Хадзем, пагаворым, таварышы!

Партызан з брыгады, пажылы, з пышнымі вусамі, мусіць, ведаў Шарупіча раней, бо апусціў галаву і паслухмяна пайшоў да яго. Рунцовец жа, хоць, відаць, і здагадваўся, што мае справу з падпольшчыкам, набычыўся і, спыніўшыся, пашарэў ад упартасці і злосці.

— Чаго вочы вылупіў? — кінуў ён Міхалу з выклікам.— Які твой клопат? Многа вас тут, распарадчыкаў!

— Ідзі сюды, прашу,— паўтарыў Міхал.— Ты не ў лесе. Бачыш, ужо глядзяць на нас?

— Каціся!.. Хто ты такі?

— А хіба не ўсё роўна? Няўжо ты не разумееш, што праз упартасць можаш загубіць усё? Ты што, крыві захацеў? Ну!..

— Не з палахлівых, тупай, тупай адсюль. У мяне свой загад ёсць.

Каб выратаваць людзей, трэба было тэрмінова ўжыць нейкія захады — нават самыя рашучыя. Не паказваючы сваёй раз’юшанасці, Міхал падышоў да рунцоўца, узяў за локаць і моцна сціснуў.

— Памажы, таварыш,— загадаў ён брыгаднаму правадніку і толькі цяпер пазнаў у ім партызана, які на лясной нарадзе вёў пратакол і, прыкрыўшыся хустачкай, раз-пораз нахіляўся да ценю, які адыходзіў ад стала прэзідыума. Гэта чамусьці надало Міхалу сілы, і ён без асаблівых намаганняў павёў з правадніком рунцоўца да кузава. Адтуль адразу працягнулася некалькі рук, падхапіла рунцоўца, і той, не здольны ні супраціўляцца, ні пратэставаць, умомант знік.

— Газуй,— распарадзіўся Міхал, і, нібы праводзіў каго са сваіх, падняў на развітанне руку.

Дождж пабольшаў. Сям-там паявіліся лужыны. На іх заскакалі вясёлыя, бесклапотныя бурбалкі. Праз сетку дажджу згорбленыя постаці тых, хто нешта прадаваў або купляў, выглядалі яшчэ больш шэрымі, убогімі. І бадзяліся яны па рынку, ужо не абыходзячы лужын і абыякава месячы гразь.

Міхал яшчэ стаяў, калі да яго нечакана падбегла Ванда. Па твары ў яе цяклі струменьчыкі вады. Пацямнелая пасмачка валасоў, што выбілася з-пад хусткі, прыліпла да шчакі. Таму яна здалася Міхалу стомленай і худзейшай, чым звычайна. Ён сабраўся быў спытацца ў яе, чаго яна тут і ці здарова, як Ванда апярэдзіла яго:

— Ідзіце адсюль, таварыш Міхал,— скарагаворкай зашаптала яна, просячы не марудзіць і вачыма.— Бачыце, вунь украінцы? Яны назіралі за вамі. Бачыце? Я іх ведаю ўжо і паспрабую затрымаць...

Да Міхала сапраўды кіраваліся два салдаты. Але ўцякаць было позна. Тузануўшы Ванду за рукаў, ён усё ж пашыбаваў з ёю да рыначнага натоўпу, спадзеючыся змяшацца з людзьмі.

— Стрывайтэ, грамадзянэ! — аклікнуў іх адзін з украінцаў.— Заждзіць!.. Чуетэ, а?

Яны паспешна падышлі і заступілі Вандзе і Шарупічу дарогу.

— Каго цэ вы і куды вы выдпраўлялы? А? — спытаўся ўсё той жа ўкраінец, насмешліва іграючы чорнымі прыгожымі брывамі і з вышыні свайго сажэннага росту разглядаючы Ванду з Шарупічам.

— Гэта — нашы рабочыя, паехалі транты мяняць у вёску,— адказаў Міхал, разумеючы, што самае галоўнае цяпер — зацягнуць час.— Вы не сумнявайцеся, ім дазволілі.

— Хто?

— Адміністрацыя.

— А шчо колы я номар грузавіка запісаў? А? І шчо колы даведаюся зараз, чый він? Чаго цэ гэта вы ў кузаў сіломіць пасадылы аднога?

— Выпіў, дурань...

— Здорава прыдумана!..

Другі салдат, — шыракатвары, з вузкімі, прыпухлымі, як у мангола, вачыма,— які больш глядзеў на Ванду, з дакорам перапыніў таварыша:

— Чаго цэ ты чыніш допыт, нібы паліцай. Няўжэ і так няясна? Няхай ідуць...— і, узяўшы пад руку, нешта сярдзіта выгаворваючы яму, пацягнуў прэч.

Не адразу паверыўшы, што ўсё шчасліва скончылася, Шарупіч праводзіў іх позіркам. Пасля адчуў радасць і незвычайную лёгкасць. Захацелася яшчэ нешта зрабіць, ва ўсякім разе не так проста развітацца з Вандай.

— Гэтага другога запомні,— параіў ён, поўны павагі і спачування да яе.— З яго і пачынай, харошая ты мая!

— Пойдзем да нас у сталовую,— прапанавала Ванда, таксама не хочучы развітацца адразу.— Пачастую чым-небудзь. Я гэтых праваднікоў пакарміла ўжо сёння...

 

Раздзел пяты

 

1

З сянец далятала грудное вуркатанне жорнаў: «мур-рум-мур». У вёсцы ўсяго двое жорнаў, і завіхаліся каля іх па чарзе цэлы дзень, прыхопліваючы вечары. Але цяпер меле сама маці — выменяла ў суседзяў крыху грэчкі, каб пачаставаць яго, Лёніка, блінамі, і во круціць важкія шэрыя каменні. І таму, што жорны мерна вуркочуць, што круціць іх маці, якая будзе пячы пульхныя смачныя бліны, на сэрцы робіцца добра і хочацца вельмі любіць маці.

Па вуліцы снуюць партызаны, вяскоўцы. Вунь, заклапочаны, прайшоў з молатам на плячы каваль. Молат, мабыць, важкі, бо плячо, на якім каваль нясе яго, ніжэйшае за другое. «Во можна гакнуць!» — думае Лёнік. Вунь, стоячы на калёсах, едзе Сяргей на сваім белым кані. Сяргей некуды спяшаецца, бо тузае лейцы і круціць іх канцы над галавою. А вунь Кравец падводзіць да калодзежа рыжага стаенніка. Насцярожана варушачы выцягнутымі губамі, той пачынае піць з карыта ваду. Але, убачыўшы белага каня, высока падымае галаву і настаўляе вушы. З губ яго, што чулліва ўздрыгваюць, падаюць кроплі, і ён жаласліва ржэ. Кравец падымае руку і пяшчотна гладзіць стаенніка па мордзе. Жарабец, як бы згаджаючыся, махае галавой і пачынае церціся аб Краўцова плячо. «Во конь! — з захапленнем адзначае Лёнік.— Навошта ён аддаў яго?..»

Не пазіраючы на Лёніка, на падворак увайшоў хмуры Рунец. Як толькі ён стаў у дзвярах сянец, вуркатанне жорнаў сціхла.

Рунцова пастава — ён стаяў набычаны, з паднятымі плячыма, трымаючыся за вушакі,— спалохала хлопчыка. Лёнік падхапіўся з лавачкі, узбег на ганак, прашмыгнуў пад Рунцовай рукой і стаў побач з маці. Лізавета яшчэ трымалася за ручку жорнаў, але, відаць, забылася ўжо на іх, бо папраўляла валасы запэцканай у муку рукой і сярдзіта глядзела на Рунца.

— Яшчэ раз пытаюся па-добраму, куды ездзіла,— прыглушана гаварыў Рунец.— Лепш кажы! Я ніякіх змоў не пацярплю. Так і ведай. Ну?!

Ад яго патыхала перагарам, твар стаў жорсткім.

— Мама была ў мястэчку,— баючыся такога Рунца, прызнаўся за маці Лёнік.

— Гэта праўда?

— Але,— сказала Лізавета і позіркам як бы адштурхнула Рунца.— Ідзі, Лёнік, у хату, ідзі.

Але хлопчык не скрануўся з месца: матчына ўпартасць стала перадавацца і яму.

— Чаго ездзіла? — паставіў праўцом вочы Рунец.

— Па заданню райкома.

— Я таксама камуніст і пытаюся, чаго?

— Гэтага я не скажу, хоць тут і няма вялікага сакрэту.

Рунец апусціў ад вушакоў рукі і зрабіў крок да Лізаветы.

— Брэшаш! Прадаць хочаш? Ведаю я вас!..

Нечакана паміж ім і Лізаветай вырас Лёнік. Загарадзіўшы сабою маці, ён падняў на Рунца спалатнелы тварык і сціснуў кулакі.

— Ты, ты!..— крыкнуў ён, задыхаючыся.— Не смей, не смей!..

— Пшоў прэч,— прашыпеў Рунец і адштурхнуў хлопчыка.— Пшоў! — і тут жа міжволі падаўся назад: на яго ішла страшная Лізавета.

Не, у руках у яе нічога не было, але вочы, твар і ўся яна дыхала гневам.

Рунец адступіў на ганак, крыкнуў, каб яна, калі хоча жыць, спынілася, і пацягнуўся да кабуры.

— А-а-а! — загаласіў Лёнік.

Але дужыя Краўцовы рукі ўжо абхапілі Рунца, паднялі і панеслі назад у сенцы.

— Што ты робіш, Васіль Раманавіч! Супакойся,— уціхамірваў ён, не выпускаючы камандзіра з рук.— Ты ж потым сам не даруеш сабе ніколі... Ну і справы, чортушка!..

— Здрада, Мікола, здрада,— шыпеў той, ужо не супраціўляючыся.— На кожным кроку змовы і інтрыгі. Нікому верыць нельга. Кожны вымяркоўвае так, каб самому вылучыцца і па-свойму ўсё рабіць. А ты дай волю такому, як Воранаў, ён зробіць. Не думай, ужо і ў Мінск дапяў. За што нашага правадніка збэсцілі і абняславілі? А боепрыпасы, зброя? А кадравыя камандзіры? Усё сабе прысвоілі. Хочуць пятлю ў мяне на шыі зацягнуць. Але трасцу!..

Што абараняў і чаго дамагаўся Рунец? Праўды. Якой? Яму ва ўсім і ўсюды здаваліся падкопы і здрадлівыя хады. І ўсе яны, як уяўлялася, былі накіраваны супроць яго — чалавека, які верай і праўдай служыць Савецкай уладзе і які столькі перажыў праз сваю адданасць ёй. Таму і абышлі яго. І каму аддалі перавагу — Воранаву, якому ў будучым прыйдзецца яшчэ даваць справаздачу перад тройкай. У яго ж, Рунца, усё чыста, хоць зараз запаўняй любую анкету... А Зімчук? Ён круціць-муціць, каб мацней захапіць у рукі лейцы і ўзняцца яшчэ вышэй. І істота Рунца паўставала супроць такой несправядлівасці.

Супакоіўшыся, але лічачы сябе расстроеным, ён паслаў вусатага ардынарца па самагонку і, цёмны, як хмара, сеў за стол на покуце.

— Стальныя нервы і тыя не вытрымаюць,— паскардзіўся ён Краўцу, жадаючы апраўдацца і неяк растлумачыць свой учынак. Расшпіліўшы шырокі камсастаўскі рамень, на якім вісела кабура, Рунец зняў з сябе, як рукзак, партупеі і гукнуў гаспадыню.

— На,— сказаў ён,— павесь і арганізуй абстаноўку.

Гэта можна было прыняць за прымірэнне. Але ў голасе яго гучалі жорсткія, уладарныя ноткі, і Лізавета марудзіла.

— На, кажу... Ёсць яшчэ там у нас харчы?

— Хопіць на сёння,— холадна адказала яна і, не паглядзеўшы на Рунца, узяла рамень з партупеямі.

— Арганізуй тады, дзяжурная...

Сочачы, як Лізавета спрытна расклала на загнетку агонь, паставіла трыног і ўзялася на дошчачцы кроіць сала, Рунец крыху палагаднеў.

Вярнуўся чубаты вусач і паставіў на стол тры цёмныя пляшкі, закаркаваныя драўлянымі затычкамі.

— Апошнія. Але, калі яшчэ трэба будзе, знайду,— як бы між іншым кінуў ён і паволі пайшоў з хаты, спадзеючыся, што яго паклічуць.

Рунец не спыніў яго, узяў з падаконніка шклянкі і праглынуў сліну.

— Не п’е хіба адзін тэлеграфны слуп, ды і то таму, што чашкі ўніз перавернуты. Давай па адной, Мікола,— сказаў ён прыхільна.— Падабаешся ты мне, што не з тых, хто языком ваюе ды інтрыгі пляце. Увесь наросхрыст, свой. І ты, дзяжурная, сядай.

— Я не буду,— адмовілася Лізавета.

— Значыць, камень за пазухай трымаеш. Глядзі! Так і запішам, дзяжурная.

— Дзе вы такога ўвішнага выкапалі? — каб адвесці ўвагу Рунца ад гаспадыні, спытаўся Кравец пра ардынарца.— Не было яго, здаецца, у вас раней.

— Жабунькі? Гэта — хват, Мікола. Добра, калі такія пад рукамі ёсць. Вырве ў чорта з зубоў, а скажа, знайшоў. Сам у агонь рвецца. У першы ж дзень да мяне прыйшоў. Народ ведае, што да чаго.

Кравец павесіў шапку на цвік і таксама сеў за стол. Непрымірымасць Лізаветы яму ўсё ж не спадабалася. «Чаго на ражон лезе? Давесці яшчэ нешта збіраецца...»

Яны чокнуліся і выпілі — Кравец адным духам, кульнуўшы шклянку, Рунец — як бы цэдзячы праз зубы.

— Смаката,— пахваліў ён, не спяшаючы закусваць і весялеючы.

— Нішто гадасць,— згадзіўся Кравец і нечакана для сябе заўважыў, што ў Лізаветы стройная, яшчэ дзявочая постаць, дужыя, як тачоныя, ногі і разлёт броваў нагадвае Зосін.

Лізавета пераняла ягоны позірк, здагадалася, пра што ён падумаў, але не паказала выгляду — быццам усё гэта не датычыла яе. Яна стаяла ля печы, ад агню шчокі ў яе расчырванеліся, і твар як бы папаўнеў і памаладзеў.

— Сапраўды хадзем, Лізавета,— запрасіў Кравец.

Рунец зарагатаў.

— Цікава, што ты ёй прапануеш пасля другой шклянкі. Уяўляеш цяпер, як мне тут кватараваць. Ха-ха-ха! Характар, брат ты мой, ого! Скала...

Ён п’янеў увачавідкі, і весялосць у яго рабілася нейкай помслівай, страшнай, якая лёгка можа ўзарвацца.

— Падыдзі сюды, дзяжурная,— паківаў ён пальцам пасля другой шклянкі.— Не бойся. Дай пісталет.

Яму яўна прыйшла нейкая ідэя, і было відаць, што ён, чаго б гэта ні каштавала, ажыццявіць яе.

Лізавета абпаліла Рунца позіркам, горда ўскінула галаву і прынесла пісталет.

— Не бойся,— здзекліва паўтарыў ён і шчоўкнуў засцерагальнікам.— Пакажы Берлін, дзяжурная. Пакажы, не бойся.

Лізавета непаспешліва — ой, як дорага каштаваў ёй гэты спакой! — падышла да карты і, бачачы, што Рунец трымае пісталет напагатове, паказала на чорны кружочак.

Захмялеламу Краўцу гэта выдумка таксама здалася забаўнай. Не спускаючы масляных вачэй з Лізаветы, ён падміргваў ёй і ўхмыляўся. У яго нават з’явілася такое адчуванне, нібы ён уступае ў змову з Лізаветай і пакеплівае над камандзірам. А тая, напятая, як струна, стаяла ля карты і працінала Рунца позіркам.

— Не страшна? — спытаўся Рунец, разумеючы, што гэта — паядынак, дзе ўзброены толькі адзін ён. Але гэта і распальвала, штурхала: давядзі сваё, прымусь яе адступіць. Тады — ўсё: яна зламана, і ты яе гаспадар.

— Палец трошкі адсунь...— папрасіў ён.— Вайна навучыць людзей смеласці. І пасля вайны яны не будуць баяцца, як калісьці...

Прыжмурыўшы левае вока, Рунец прыцэліўся і стрэліў.

Куля была бранябойна-запальваючая, яна трапіла дакладна ў чорны кружочак і падпаліла краі карты. Але Лізавета і тады не кранулася з месца, толькі сцінула зубы і перавяла калючы позірк на Краўца. Той усхапіўся і кінуўся да вядра з вадою.

 

2

Цяпер, як здавалася Рунцу, яны былі ворагі да скону. Але ненавідзячы Лізавету, прагнучы ўсё рабіць ёй наперакор, ён не-не дый лавіў сябе на думцы, што толькі і думае аб Лізавеце, што ўвесь вечар крадком сачыў за ёй, і мала таго — яго цягнула глядзець на яе. Разумеючы, што заўтра яму лепш пайсці адсюль, ён, аднак, ніяк не мог вырашыць гэтага канчаткова і ўсё пераконваў сябе: змяніць кватэру — значыць уступіць Лізавеце, зрабіць, як яна хоча. Трасцу! Здагадваючыся, што Лізавета наўрад ці спіць, Рунец, каб не даць ёй заснуць, назнарок варочаўся на ложку і аднаго разу нават устаў і выйшаў на ганак, дзе доўга прыслухоўваўся да няроўнага Лёнікавага дыхання ў сенцах. Але Лізавецінага дыхання так і не пачуў — яна, напэўна, стаілася і таксама слухала, што робіць ён. «Брытва, а не жанчына,— лаяў ён у думках Лізавету, распальваючыся.— Чорт!.. Я табе яшчэ пакажу... А калі зноў даложаць, што ездзіла да Зімчука, наракай тады на сябе...»

Але раніцай насуперак сваёй волі, злы і панылы, Рунец папрасіў:

— Налей, дзяжурная, калі ласка. У рукамыйніку вады няма.

Прыплюшчыўшыся, яна пільна паглядзела на яго, адвярнулася і пайшла з хаты. Спыніўшыся ў дзвярах, сказала:

— Пакуль сын не ачуняе, не размаўляй са мной і не прасі, каб што рабіла. Не буду!

— А што з ім, спалохаўся? — сумеўся Рунец.

— А няўжо ж не...

Падвечар яму далажылі, што ў Ляды з медсястрой прыехаў Стахаў і пайшоў па хатах, дзе ёсць хворыя. Нездаволены сабою і ўсім на свеце Рунец загадаў паклікаць доктара да Лёніка.

Зрабіўшы выгляд, што заняты, ён сеў за стол і стаў слухаць, аб чым размаўляюць Стахаў і ўзрадаваная Лізавета, з супярэчлівым пачуццем чакаючы, што тая пачне скардзіцца. «Давай, чаго ж ты, капай... — сам сабе паўтараў ён, чуючы роўны заклапочаны голас Лізаветы.— Ці мо кішка тонкая?..» Але не вытрываў і, хоць Лізавета ні словам не прагаварылася пра ўчарашняе, выйшаў у сенцы.

Лёнік, укрыты новай саматканай посцілкай адмысловага ўзору, ляжаў на палку, пад якім відно было трохі бульбы. Чыста вымыты хлопчык пабліскваў вачанятамі на доктара з трубкамі фанендаскопа ў вушах і ўсміхаўся Зосі, якая сядзела ля яго ног. «Управілася ўжо змяніць і посцілку і кашулю на сыне»,— здзекліва адзначыў Рунец і суха павітаўся.

— Выходзіць, Васіль Раманавіч, мы і ў тваёй аўтаноміі патрэбны,— саджаючы Лёніка і закасваючы кашульку на яго жываце, насмешліва сказаў Стахаў.— Як маешся?

— Вы назусім сюды ці так проста? — не адказаў Рунец.

— Гэта мы хацелі спытацца ў цябе. Але пачакай... Так, так... Уздыхні, Лёнік...

Стахаў пачаў уважліва выслухваць хлопчыка, і Рунец убачыў, што доктар сапраўды забыўся на ўсё.

Калі ён і Лізавета былі ў хаце адны, Рунцу, нягледзячы ні на што, здавалася — у іх паядынку ёсць нешта такое, што цягне, як глыбіня, і ў самой зацятасці тоіцца асалода. Пры чужых жа людзях гэта раптам знікла. Пры Стахаве і Зосі Лізавета стала таксама безнадзейна чужой. Узлаваўшыся, ён быў пайшоў, але доктар спыніў яго:

— Пачакай, Васіль Раманавіч, я зараз...

У хату яны зайшлі ўтрох: Зося, Стахаў, Рунец.

— Няўжо вы не вернецся ў брыгаду? — як пра неверагоднае, спыталася Зося, успамінаючы, што перажыла тут некалі з Рунцом.

— Не! — адсек Рунец.

— Чаму?

— Каб за маёй спіною здзелкі рабіліся? Я біць немцаў хачу, не баючыся, што хто-небудзь у патыліцу стрэліць. Ясна?

— Не відаць нешта гэтага,— перабіў яго Стахаў.— Пачаў ты, Васіль Раманавіч, самастойную дзейнасць не з баявых аперацый... А навошта ў вёсцы спыніўся? Ты ж лядаўцаў пад удар падстаўляеш. Ці табе ўсё роўна?

Непрыхільна паглядзеўшы на Краўца, які ўвайшоў у пакой, Рунец раздражнена адказаў:

— Лес сякуць — трэскі ляцяць. Але ўсё адно да мяне людзі ідуць. Нават з вашай жа самаабароны.

— Ідуць, бо думаюць, што ты, як усе... У атрад ідуць!

Кравец, не звяртаючы ўвагі на размову, падышоў ззаду да Зосі і ўзяў за плечы. Яна загарэлася, але не азірнулася, здагадваючыся, хто гэта, і не ведаючы, што рабіць.

— Надоўга? Давай выйдзем,— папрасіў Кравец.

Зося зірнула на Стахава, пасур’ёзнела і з апушчанымі вачыма пайшла з хаты. Забаўляючыся бізуном і блазнавата ўсміхаючыся, следам падаўся і Кравец.

— Ты, Мікола, пакінь мяне. Што было, тое прайшло,— сказала Зося ля весніц, адкуль яе і Краўца можна было бачыць і з хаты, і з вуліцы.

Ён хвастануў сябе бізуном па халяве.

— Не веру! Табе трэба, каб я круціўся каля цябе. Без гэтага ты не можаш. Дык навошта прыкідвацца?.. А я кахаю цябе. Ты, Зося, мне ў сне снішся... Лёкса так кахаць не можа. У яго, чортушка, пораху не хопіць!

— Аляксея ты не чапай, ён мне жыццё выратаваў!

— А я яму. Значыць, квіты!.. Астанься ў нас, Зося, я ногі табе буду мыць. Помніш, як тады? І ваду, у якой мыў, калі загадаеш, піць буду... Ну, загадай што-небудзь. Пабачыш тады...

Словы яго пранікалі ў душу, бралі ў палон. Яны хвалявалі інакш, чым Аляксеевы словы. Тыя абуджалі жаданне шкадаваць, рабіць нешта добрае, гэтыя ж абпальвалі, адбіралі волю. Але Зося ўсё-такі сказала:

— Хочаш, каб загадала? Добра. Мне сорамна за цябе, вярніся, Мікола, назад. Няўжо ты не бачыш, што не туды вы пайшлі?

Кравец адхіснуўся.

— Каб судзілі? Каб зноў на мне палітыку сваю будавалі?

— Што ты гаворыш!

— А ты? Ці не назнарок падаслалі цябе? Ад іх і гэтага можна чакаць.

Яна і цяпер не асмелілася паглядзець Краўцу ў вочы, баючыся іх. Але пакрыўдзілася. Горда ўскінуўшы галаву, пайшла да ганка, чакаючы, што Кравец спыніць яе...

— Так і трэба,— ухваліла Лізавета, якая з сянец чула іх гаворку.

Зося не адказала і прайшла ў хату.

Бледны Рунец і Стахаў з тварам, укрытым чырвонымі плямамі, стоячы па канцах стала, знішчалі адзін аднаго позіркамі. Твар у Рунца нібы скамянеў, і толькі вочы сыпалі іскры. Стахаў жа, наадварот, кіпеў і гатовы быў узарвацца.

— Крытыканства! Гэта іх тактыка,— праз зубы цадзіў Рунец.— Абвінавачваць чалавека, які не згодзен з імі, ва ўсіх смяротных грахах. Але я пляваў. Ніякай віны ў мяне няма і не будзе. Пройдзе час, і самі пабачыце. Акружэнцы былі і астануцца акружэнцамі. Іх у штрафныя роты трэба адпраўляць, а не прызначаць камандзірамі. А Зімчук — не партыя, пляваў я і на яго!

— Зімчук тут ні пры чым,— не хацеў слухаць далей Стахаў.— Лепш скажы, няўжо ты не бачыш, як падрываеш нашы агульныя сілы. П’янствуеш!..

— Ты пажылы чалавек, доктар, і камуніст, мабыць, не малады. Павінен ведаць: ёсць памылкі і памылачкі. Ну, п’ю. Жанчыну нават магу палюбіць. Ды калі б нават растрату зрабіў — гэта адно! А вось свайму абавязку здрадзіць, трапіць у акружэнне і жывым астацца — гэта другое. Так нас вучылі. І калі б Воранава тут па заданню пакінулі, я, можа, і падпарадкаваўся б яму.

— Але ён не здаўся і ні на хвіліну не спыніў барацьбы.

— Тут прынцып важны...

— Тады пойдзем да партызан, хай спрэчку яны вырашаюць.

Рунец зайшоўся смехам.

— Не падабаецца? То я сам пайду.

— Калі ласка. Толькі не да партызан, а з Лядаў... І перадай там: не хочуць крыві — няхай лепш не чапаюць мяне... Кравец! — крыкнуў ён у акно.— Выкліч патруль. Хутка! І правядзі іх за лінію пастоў...

— Цямнее ж, таварыш камандзір,— замяўся Кравец.

— Не размаўляць!..

Неўзабаве чатыры партызаны выводзілі Стахава і Зосю з вёскі. Іх трымалі пад рукі, як п’яных, хоць яны ўжо не супраціўляліся. А ззаду, апусціўшы галаву, ішоў Кравец, але цяпер ужо ён не адважваўся глядзець на Зосю.

 

3

Апоўначы да Рунца прыбег ардынарац і доўга нешта дакладваў гарачым шэптам. Праз паўгадзіны Рунец падняў атрад па трывозе. У хатах засвяціліся вокны. На падворках узнялася беганіна. Зарыпелі вароты, зафыркалі, затупалі коні.

Лізавета спала, калі ўзняўся гэты гармідар. Яна хутка надзела спадніцу і басанож пабегла ў хату. Рунец — ужо ў наваксаваных ботах, у новенькай скуранцы, купленай нядаўна сувязнымі ў Мінску, у зухаватай шапцы з нашытай чырвонай стужкай — надзяваў цераз галаву планшэтку. Жабунька, закінуўшы самазарадку за спіну, выносіў з хаты сядло, страмёны якога трывожна пазвоньвалі.

Лізавеце стала страшна: што б там ні здарылася, з рунцоўцамі было надзейней.

— Назусім? — варожа спыталася яна.

— Не-е,— з фальшывай абыякавасцю працягнуў Рунец, падпяразваючыся рамянём паверх скуранкі.— Праз дзень-два вернемся. Я тут і карту пакідаю. Ясна?

— Скажы праўду, Васіль Раманавіч,— папрасіла Лізавета.— Не рабі, як некалі... Нам таксама трэба ведаць.

— Не ўзнімай панікі.

Рамень не сыходзіўся ў Рунца, ён дастаў з шафы шыла і пачаў паспешліва праколваць новую дзірку.

— Чорт! — вылаяўся ён, адчуваючы, што яму шкада гэтай жанчыны. У наспех адзетай на сарочку спадніцы, з паўголымі пакатымі плячыма і крыху раскудлачанымі валасамі, яна здавалася не строгай, як звычайна, а нейкай простай, амаль даступнай. Каб адчуць пасцельную цеплыню, якая ішла ад Лізаветы, Рунец раздзьмутымі ноздрамі ўцягнуў паветра і міжвольна агледзеў яе плечы, голыя, дужыя рукі.

Яна заўважыла гэта, кінула на Рунца сярдзіты позірк, але не сцялася і нават не закрыла рукамі выразу сарочкі.

— Дык, значыцца, не скажаш?

— Во чалавек! — вінавата выскаліўся Рунец, гатовы прызнацца ва ўсім, і, зашпіліўшы рамень, падышоў да Лізаветы. Але тая адступіла, крутнулася і паволі пайшла ў сенцы.

Ён знайшоў за шафай бізун, не давяраючы сваёй памяці, яшчэ раз агледзеў куткі і закуткі і выйшаў на падворак не развітаўшыся.

На вуліцы пачулася каманда: атрад пачаў строіцца ў калону.

Калі гоман сціх, а рыпенне колаў і конскі тупат як бы расталі ў начы, Лізавета паспрабавала заснуць. Але не спалася. Не было пастоў вакол вёскі, ніхто не ахоўваў яе, і бяда без усякіх перашкод кожную хвіліну магла завітаць у Ляды. Баючыся пакінуць Лёніка аднаго, Лізавета ўсё-такі апранулася, завязала хустку і пабегла да каваля: трэба было паставіць сваіх вартавых і дамовіцца, што і як рабіць заўтра.

Лягла яна ў пасцель не распранаючыся, толькі на золку.

Разбудзіў яе грукат — нібы вялізная цагляная сцяна абурылася на хату. Схапіўшы Лёнікаву вопратку і яго самога, захутанага ў коўдру, Лізавета выбегла на ганак. Першае, што яна ўбачыла, было жоўтае акулава бруха самалёта. Ён ляцеў нізка, ледзь не над самымі дахамі, і страчыў з кулямёта. На агародзе, пад ігрушай, быў даўно выкапаны акопчык. Як толькі самалёт пранёсся над Лізаветай, яна кінулася да ігрушы, скокнула ў акопчык і закрыла сына сабой. Нейкі момант чула толькі спалоханае пасопванне Лёніка і ўдары свайго сэрца. Потым, крышку супакоіўшыся, устала на калені і паглядзела на неба.

Было вельмі рана. Сонца яшчэ не адарвалася ад гарызонта, і аблачынкі — даўгаватыя, няважкія, былі ружовыя, асветленыя знізу. Ды і неба само сінела нясмела, адлівала бірузой і нібы свяцілася.

З крайняй недабудаванай хаты, якая скасабочылася і стала як бы ніжэйшай, клубамі ўзнімаўся дым. Пажар пачынаўся і ў самой вёсцы. Па агародах у паніцы беглі да лесу людзі — з клункамі і проста так. Некаторыя гналі перад сабой кароў, сцябаючы іх чым папала. Плакалі дзеці, галасілі жанчыны. Недзе тужліва і роспачліва ржаў конь.

Раптам з-за дахаў вынырнулі два самалёты. Людзі кінуліся хто куды, пападалі на зямлю. Угору шуганулі снапы агню і зямлі. Уцягнуўшы голаў у плечы, Лізавета прысела. Убачыўшы, што Лёнік таксама сядзіць, абняла яго і прытуліла да сябе. Ігруша над акопчыкам уздрыгнула, і з яе пасыпаліся галінкі і лісце.

«Няўжо ведаў? — з жахам падумала Лізавета пра Рунца.— Не можа быць!..»

Зноў разрывы бомб страсянулі зямлю. Яе ўздрыгі Лізавета адчувала спіной, і гэта было страшней, чым бачыць вогненныя пошугі, чым чуць прарэзлівы віскат і выбухі.

Адзін уздрыг быў мацнейшы за іншыя: зямля аж штурхнула ў спіну. Пераадолеўшы жаданне ўстаць і паглядзець, Лізавета ў адчаі заплюшчыла вочы і закрыла твар далонямі. Але доўга так трываць не здолела і ўсхапілася: хата і хлеў сапраўды гарэлі. З вокнаў, з дзвярэй валіў дым. На страсе хлява дым слаўся, як замець. Трэба было ратаваць што можна. Крыкнуўшы, каб Лёнік чакаў яе, Лізавета выскачыла з акопчыка і пабегла. Перад пералазам грукат аглушыў яе і абваліў на зямлю, але яна ўсхапілася зноў. Здзіўленая, што наваколле спавіла цішыня і ісці прыходзіцца ўгору, яна пераадолела тыя некалькі крокаў, што асталіся да пералаза, і кульнулася цераз яго. Потым аддыхалася і, хістаючыся, пайшла да ганка. З дзвярэй на яе дыхнула нясцерпнай гарачынёй, дымам, і яна кінулася да хлява, страху якога ўжо лізалі языкі агню. Тут да Лізаветы зноў пачалі даходзіць гукі, і першае, што пачула яна, быў грукат у хляве — конь біў капытамі ў сцяну. Лізавета адсунула засаўку, адчыніла вароты і ледзь паспела адскочыць. Паўз яе, храпучы, прамчаў з нізка апушчанай галавой гняды. Зрабіўшы круг па двары, ён, дрыжучы, спыніўся ля пералаза і зафыркаў.

Лізавета прыкрыла рукою лоб і рынулася ў хлеў. Знайшоўшы Красуню ў кутку, яна абняла яе за шыю і пацягнула да выхаду, які быў відзён, як у тумане. Карова ўпіралася, але ішла, а Лізавета прасіла і маліла яе не ўпарціцца і ісці хутчэй. Было горача, асабліва вачам, займала дыханне, а Лізавета не выпускала з абдымкаў Красуню і не ведала добра, тлее ў яе сукенка на спіне ці не.

Так, абняўшы за шыю, яна давяла карову да лесу. У знямозе апусцілася на зямлю, але адразу, быццам яе нешта падкінула, усхапілася. Адчула, што яе трымаюць.

— Куды ты, вунь, бачыш, зноў заходзяць,— пачула яна голас каваля.

Але Лізавета вырвалася і пабегла назад, насустрач самалёту, які, здавалася, ляцеў якраз на яе. Кулямётная чарга паласнула недзе блізка, але яна шчасліва дабегла да акопчыка.

Лёнік сядзеў, уціснуўшыся ў куток. Пакрываючы пацалункамі сынаў лобік, Лізавета заплакала.

Зрабіўшы яшчэ залёты тры-чатыры, самалёты зніклі. З лесу, са схованак — адусюль да пажараў заспяшаліся людзі. Галосячы і лямантуючы, беглі жанчыны. Мужчыны і падлеткі неслі вёдры, багры, кацілі калёсы з бочкай. Як на свята, беглі дзеці.

Лізавеціна хата гарэла, як вялізнае вогнішча, амаль без дыму. Ветру не было, і, бушуючы ўнізе, агонь трапяткімі языкамі імкнуў угору. Калі Лізавета з Лёнікам на руках падбегла да пералаза, абрушыўся дах. У неба шуганулі іскры і пацямнелае полымя.

— Вось мы і пагарэльцы,— сказала яна сыну і перастала плакаць.

— Што ж нам рабіць цяпер, мама? — часта заморгаў Лёнік.

— Неяк будзе... Нічога, сынок. Ты ў мяне вялікі ўжо, будзеш памагаць матцы... Будзеш, а?

— А як жа, мама...

Раскідаўшы пералаз да канца, Лізавета выкаціла з падворка калёсы і доўга пустымі вачыма глядзела, як у сярэдзіне зруба бушуе агонь.

— Неяк будзе, сынок,— паўтарыла яна так, быццам пераконвала і сама сябе.

Яна сабралася ўжо ісці памагаць бараніць ад агню ўцалелыя хаты, як да яе падышоў каваль.

— Даруй мне, Лізаветка,— сказаў ён вінавата.— Вядома, не цяпер прасіць цябе аб гэтым. Але выхаду няма. Перад бамбёжкай сувязны ад Івана Мацвеевіча прыходзіў. Перадаваў, што немцы Рыгора Вераса пакаралі. Трэба сям'ю яго ратаваць. Як быць? Ніхто ж, апрача цябе, не ведае іх.

— А Сяргей?

— Няможна яму яшчэ даручаць такога. А Лёніка я да сябе вазьму...

— Збруя ў мяне згарэла.

— Зараз Сяргей сваю прынясе. Трэба спяшацца. Праз бамбёжку і пажар і так затрымаліся.

Лізавета нахмурылася, пацалавала Лёніка ў шчаку і перадала яго руку кавалю.

 

4

Рыгор вісеў якраз насупраць вокнаў. На Рыгоравых нагах, як і тады, калі яго арыштавалі, быў толькі адзін бот. Каб дзеці не бачылі гэтага жаху, Ганна, завесіўшы акно, якое выходзіла на вуліцу, замкнула іх у другім пакоі. Дзеці плакалі і стукалі кулачкамі ў дзверы, а яна, не знаходзячы сабе месца, бясконца хадзіла. Кожны раз, як ішла ад стала да парога, ёй здавалася, што нехта сочыць за ёй на вуліцы. Але вяртацца ад парога да стала было яшчэ цяжэй: хацелася глядзець на Рыгоравы ногі, і перш за ўсё на тую, разутую, пальцы якой цягнуліся, каб крануцца зямлі.

У адну з такіх пакутлівых хвілін Ганна пачула стары, як свет, звон. Медныя гукі сумна плылі над мястэчкам, даганяючы адзін другога недзе на парозе нябыту. Яны клікалі на вячэрню: аказваецца, жыццё ішло сваім парадкам і была ўжо субота.

— Што яны зрабілі з табой, Рыгор! — прашаптала Ганна, хочучы і не могучы заплакаць.— Эх, Рыгор!..

А як згодна, хораша жылося калісьці! Каб быць як мага больш разам, яна спачатку таксама працавала ў млыне. І таксама палюбіла млыновы тлум — кірмашовы гоман завознікаў, натужлівае рыпенне колаў і шасцярней, заўсёды вясёлае булькатанне вады пад масніцамі. Праўда, яна жыла водсветам яго радасцей і ўдач. Але і гэтага хапала ёй — круглай сіраце, якая змарнавала сваё юнацтва на кулацкіх палетках і ў хатах хутаран. Яна ўбачыла свет толькі за Рыгорам. Ён стаў яе збавіцелем, яе першай і вечнай радасцю. Тое, што прыносіла жыццё, і тое, што даваў ёй Рыгор, злівалася для Ганны ў адно... Потым пайшлі дзеці. Яны прынеслі сваё: клопаты, бяссонныя ночы і зноў жа радасць. Яна ўгадвала ў іх бацькавы рысы і расчульвалася. Верыла — яе дзяцінства і маладосць для іх не паўторыцца, бо зарука гэтаму — усё, што робіцца наўкол, ды і сам яе дужы, любы Рыгор. Праўда, яна часам чула пра вайну. Але якую? Што пачнецца ў адказ з сакрушальнага ўдару і будзе палыхаць далёка на чужой зямлі. Ды ўсё выйшла зусім не так. Не, не так... А вось сёння не стала і Рыгора!..

«Эх, Рыгор, Рыгор!»

Дык як ты цяпер будзеш жыць? Адкуль возьмеш сілы, каб гібець і мучыцца, каб насіць у сабе несціханы пякельны боль і крыўду? Няма ў яе такіх сіл! Жыць так, як набягае, яна не можа, а жыць іначай пакуль што не ўмее. Нельга таксама дараваць нелюдзям Рыгоравай смерці. Але што ты ім зробіш, калі рукі твае звязаны дзецьмі?

«Эх, Рыгор, Рыгор!»

У замкнёным пакоі стала ціха. Мабыць, знясілеўшы, малыя паснулі. Ганна нячутна падышла да дзвярэй і адчыніла іх. Сын і дачка, абняўшыся, спалі на ложку. Але жаль, які крануў яе, не змякчыў сэрца.

Ганна нават не вельмі спалохалася, калі ў хату ўвайшлі зноў тры немцы. Ці то яна чакала іх, ці то лічыла — горшага за тое, што адбылося, не адбудзецца, або наогул ёй усё было абыякава, але жанчына праз момант нават паспакайнела. Дый падсвядома ў ёй, нягледзячы ні на што, жыло перакананне — свае ўсё адно не дадуць яе і дзяцей у крыўду. Не прыйшлі на дапамогу пазаўчора, учора, прыйдуць сёння. Як жа можа быць іначай? Не можа. Яна прывыкла верыць і верыла — безразважна, непахісна.

— Збірайся! — загадаў афіцэр, здаецца, той самы, які пісталетам пагражаў Рыгору і біў яго па твары.— Хутка!

Як лунатык, Ганна прайшла ў другі пакой, раскатурхала дзяцей і вярнулася, ведучы іх. Так, трымаючы малых пры сабе, яна выйшла пад канвоем і з хаты.

На вуліцы было людна. Кабеты, бабулькі ў новых хустках кіраваліся ў царкву. Дыбалі паволі, як манашкі, трымаючы рукі на грудзях. Некаторыя вялі з сабой дзяцей — умытых, прычасаных, як і яны, ціхіх.

Ганне загадалі ісці па сярэдзіне вуліцы. Жанчыны праводзілі яе позіркамі, са скрухай ківалі галовамі, спыняліся або, спалохана азіраючыся, прыбаўлялі кроку. Суседка — падслепаватая бабка, жахнуўшыся, кінулася была да яе.

— Навошта ты дзяцей узяла, Ганна? — спалохана залемантавала яна.— Давай іх мне, Ганна!

— Мы савецкія людзі, бабка, не пасмеюць, пабаяцца...— драўляным голасам адказала Ганна.

— Прэч! — крыкнуў афіцэр, які ішоў ззаду, і адштурхнуў старую.

Гэта прыгода стала як бы разрыўкай. Ганна пачала заўважаць тое, што адбывалася навокал. Вунь з пустымі вёдрамі спынілася ля брамкі Тодарыха: не хацела пераходзіць дарогу. Успёршыся локцямі на плот, стаяў хмуры кравец — Рыгораў сябра, і кусаў рыжы вус. Яго жонка гнала сыноў-карантышоў на падворак — каб не глядзелі. Насустрач ехала фурманка. Гняды конік бег трушком і зацята махаў галавою.

Конік здаўся Ганне знаёмы: «Ну, вядома, тая, што прыязджала тады да мяне. Па мяне, канешне...— прыйшла здагадка.— Хіба могуць яны пакінуць у бядзе? Не, а ці варта ўжо...»

Калі фурманка параўнялася, Ганна інстынктыўна перавяла позірк на дачку, убачыла, як прасвятлела яна, і хутка закрыла далоняй доччын рот. У недаўменні дзяўчынка адступіла ад маці, але Ганна не адняла ад роту далоні, пакуль афіцэр не выцяў яе пісталетам па руцэ.

— Што, што? Гавары! — зароў ён на дзяўчынку, але тая, мусіць ужо зразумеўшы, што хацела ад яе маці, толькі насупілася.

 

Вярталася Лізавета ў Ляды, калі ўжо цямнела. Шэрыя змрокі ахіналі наваколле, але ўсё было знаёма да драбніцы: дарога, поле, лес за ім, хмызняк, які рогам падступаў да дарогі. І зусім не верылася, што зараз за могілкамі — парослым соснамі ўзгоркам, адкрыецца вёска, але ўжо не ранейшая, напалову выпаленая, з чорнымі, як увосень, ліпавымі прысадамі.

За могілкамі Лізавета дагнала вяскоўцаў. Ішлі яны моўчкі, натоўпам. Убачыўшы фурманку, расступіліся і пайшлі абапал яе і ззаду. Без шапкі, сівагаловы, з густымі брывамі сусед Лізаветы ўзяўся за драбіну рукой.

— Пахаваў я Алеську,— паскардзіўся ён.— А ёй жыць бы ды жыць. Што яна бачыла? Лепш бы мяне засыпалі самога. Я хоць зведаў сёе-тое.

— А што ім, нелюдзям! — скляў нехта немцаў.— Ім абы кроў лілася.

— Цэлая сцяна магіл свежых, божа мой! Чым яны заплацяць за гэта?

— А нашы таксама добрыя. Жылі, пакуль можна было, а як небяспека нахапілася, дык і хвастом накрыліся.

— Хто іх вучыў так рабіць? Савецкая ўлада? Што ж гэта такое?

— Мо і бамбілі толькі праз іх...

Лізавета слухала скаргі, праклёны, гразьбу, а перад вачыма стаяла пад канвоем Ганна, спалоханы твар дзяўчынкі, якой Ганна закрывала рот. І ўсё-такі Лізавета ўмяшалася ў гаворку:

— Людзі могуць быць вінаватымі, а савецкая ўлада ніколі,— глуха сказала яна.— Дарэмна гаворыце, жанкі.— І толькі тут захвалявалася: «Як там Лёнік? Каб хоць усё добра было! Дзе начаваць будзем?..»

Вяскоўцы ўсё ішлі абапал, і нельга было падагнаць гнядога. Ды нешта і трымала. Агульная бяда, што абрынулася на вёску, зрабіла гэтых людзей яшчэ больш блізкімі.

Ля папялішча сваёй хаты Лізавета саскочыла з калёс. Не верылася вачам: побач стаяла новая зямлянка — з акенцам, з комінам. Каваль, Сяргей і яшчэ двое мужчын, прыгінаючыся, якраз выходзілі з яе, несучы на плячах сякеры. Убачыўшы Лізавету, каваль заспяшаўся да калёс.

— Адна? — спытаўся ён, паглядаючы на людзей, якія спыніліся таксама.

— Як бачыш... Зноў спазнілася...— стомлена сказала Лізавета.

— Адвядзі каня, Сяргей, да мяне,— распарадзіўся каваль,— і вяртайся з Лёнікам. А ты, Лізавета, работу прымай. Бачыш, палац які, хоць і падлога земляная!

Не чакаючы, пакуль пачнуць разыходзіцца вяскоўцы, каваль павёў Лізавету ў зямлянку.

Каб хоць крыху развеяць яе цяжкі настрой, пачаў расказваць:

— З Сяргеем гісторыя выйшла. Смех. Ложак яго за грубкай стаіць. Ведаеш, як яна ў іх пастаўлена — пасярэдзіне, як бы напалам хату дзеліць. Вывезлі гэтую моду з Віцебшчыны. Дык от спаў ён сёння. А тут бамбёжка. Усхапіўся, тыц-пыц з кутка ў куток, але з-за грубкі выйсці не можа. Здаецца, тут выхад, а яго няма. Увесь лоб пабіў. Бачыш, як хутка змыўся. Гэта, каб ты не заўважыла...

Лізавета не ўсміхнулася і ступіла ў зямлянку, як у склеп. У цёмнай маленькай зямлянцы, дзе мала чаго цяпер можна было ўбачыць, яна, як чужая тут, села на нары, абхапіла рукамі галаву і заківалася ад нясцерпнага болю.

 

Раздзел шосты

 

1

Яго вялі на расстрэл. Вялі, назнарок пятляючы па вуліцах мястэчка. Без шапкі, у спушчанай, расхрыстанай кашулі, босы, Вакульчык ішоў па бруку, спатыкаючыся і збіваючы пальцы. Ззаду з вінтоўкамі напагатове крочылі два эсэсаўцы. Ён стараўся не аглядацца і не пазіраць на бакі. Калі ж міжволі заўважаў, што з прыадчыненых брамак і вокан на яго глядзяць, то спатыкаўся часцей.

Каля млына іх дагнала некім папярэджаная жонка. З лямантам яна кінулася да яго, але адзін з канваіраў ударыў яе прыкладам у жывот, і жанчына асела на брук. І тады ў Вакульчыка нарадзілася сумненне: «А што, калі з ім забаўляюцца, як кот з мышкай?..»

Ён і перад гэтым адчуваў сябе амаль чужым. Толькі галава і невялічкі куточак у грудзях належалі яму і жылі ліхаманкава, напружана... Ён добра ведаў гэты даўно закінуты кар’ер, дзе некалі расстрэльваў сам. Звычайна туды спускаліся па пакатай гліністай дарозе, на якой яшчэ ляжалі ржавыя рэйкі і валялася перакуленая ваганетка. Тых, хто расстрэльваў, вельмі злавала, што пасля дажджу даводзілася выходзіць з кар’ера ў запэцканых па самыя халявы ботах і доўга абціраць з іх гліну аб траву. Але за тым, як прыгнаныя яўрэі закопвалі трупы, яны пазіралі ўжо зверху, стоячы над крутой сцяною кар’ера.

У пачатку чэрвеня тут расстралялі і саміх яўрэяў. Іх не спускалі ў кар’ер, а проста выстраілі на яго краі. Супрацьлеглы адхон быў адлогі. Раненыя, якія падалі ў кар’ер, усхопліваліся, карабкаліся на яго, і іх лёгка было дабіваць.

Цяпер сюды вялі самога Вакульчыка. Праўда, Вейсіг абяцаў не забіваць яго. Адхаркаўшыся, камендант сказаў, што збіраецца «толькі крыху рабіць пух-пух». Гэта значыла, што Вакульчыку даруюць жыццё і адбіраюць толькі кісць левай рукі, а магчыма, калі яму пашанцуе, усяго адзін-два пальцы.

Але Вейсіг тады быў у гуморы. Стукаючы пудовымі кулакамі па стале, ён рагатаў і кляўся, што скончыць з партызанамі, і кпіў з выпадку ў Мглё. Цяпер жа, казалі, ён проста лютуе і сам катуе кожнага арыштаванага. А магчыма, камендант даведаўся пра гутарку з Яноўскім і пра тое, што гэты хітры тып даў яму крыху грошай.

Ды нават калі ўсё будзе так, як было вырашана раней, што з таго?..

Ахвяраваць рукою?! А потым бегчы чорт ведае куды, амаль на верную смерць, супакойваючы сябе тым, што кулі, якія пасылаюць услед, не трапляюць у цябе! З якой гэта ласкі? Дзеля чаго? Вейсіг абяцае хутар і грошы. Хутар? Ды ты тройчы трапіш у такі вось кар’ер, перш чым станецца тое. Ды на ліха і той хутар, калі ў цябе будуць страляць, і невядома яшчэ, якім ты астанешся калекам. А галоўнае — паспрабуй уратавацца, перажыць усё гэта.

Вакульчык непрыкметна, каб не заўважылі канваіры, зірнуў на левую руку і пакратаў пальцамі. Кароткія, як куксы, пальцы, згіналіся кепска, іх нельга было як след растапырыць. Ён жахнуўся. Яму здалося, што яны перастаюць ужо слухацца яго. З’явіліся роспач, страх, калі хочацца плакаць і рабіць самому сабе балюча.

Навошта ўлез ён у калатнечу? Сядзеў бы паціху, пільнаваўся б гаспадаркі, як меркаваў спачатку. А гэты трохсценак прыбудаваў бы і без старастоўства. Лесу не пазычаць, пакуль што можна назапасіць, колькі хочаш. Тое ж і з зямлёй. Хіба нельга было ўрваць лепшае, не бегаючы лішне да немцаў? З жанчынамі і старымі сапраўдны гаспадар управіцца і сам-насам. І зноў жа з той кабетай! На ліха ён паведаміў у гарнізон пра ліст? Захацеў забраць транты — прыйдзі і скажы. Спужаецца — сама аддасць. А як пакаціўся, не стрымаешся ўжо... А што зарабіў? Трантаў у хату нацягаў. Але і яны не ў сваёй ляжаць. Як уцёк у мястэчка, свая без рам, пахіліўшыся, так і стаіць. Ну, мяхі там са два мукі прыхавана. Збруя новая. Боты юхтовыя з калодкі. Сала з паўпуда. Самагонны апарат. Усё! Тут табе і заробак за год з гакам...

Калі ж Вакульчык пачуў лямант жонкі і ўбачыў, як яна асела на зямлю, на яго найшло ўтрапенне. Ён, як і раней, ішоў, махаў рукамі, спатыкаўся, але ўжо не адчуваў ні рук, ні ног, ні болю, калі да крыві збіваў пальцы на нагах.

А што, калі сапраўды з ім забаўляюцца, і Вейсіг, раззлаваны няўдачамі, перадумаў?..

Возьмуць вось зараз давядуць да кар’ера і — канец... Не, ён усё зробіць, што будуць патрабаваць ад яго. Толькі б жыць...

Каля разгалістай адзінокай сасны, адкуль звычайна паварочвалі да кар’ера і далей ішлі без дарогі, Вакульчык залапатаў:

— Пане яфрэйтар, не загубіце! Я ж ад усяго сэрца. Далі-бог. Я ж на ўсё згодзен. Золатам аддзячу. Чыстая праўда! — ён нават успомніў, як называецца такая прынада па-нямецку — «Гольд!» — і ўставіў гэтае круглае, коўзкае слоўца ў сваё трызненне.

— Лёс!1 — буркнуў эсэсавец і, каб адчапіцца, паклаў на курок палец.

Да кар’ера яго не давялі. Ля хмызняку, за якім пачынаўся бор, яму загадалі спыніцца, павярнуцца спіной і падняць рукі. Суха грымнуў стрэл. Вакульчык пастаяў з момант, як скамянелы, потым адчуў пад пахай гарачы ліпкі струмень, схапіўся правай рукой за левую і нырнуў у кусты.

Ён не пачуў, як той жа эсэсавец з п’яна-заспанымі вачыма, які камандаваў яму—«Пайшоў!» — здзекліва і панура сказаў: «Аўфвідэрзеен».

 

1 Пайшоў! (нямецк.).

2

Зося перавязала Воранава — рана сапраўды была лёгкая,— спрытна сабрала бінты, марлю, флакончыкі, баначкі ў кайстру і надзела цераз плячо. Але камбрыг затрымаў медсястру.

Падцягнуты, крыху пабляднелы і таму строгі, старанна прычасаны на прамы прабор, ён выглядаў вельмі ваенным. Нават забінтаваную падвязаную руку Воранаў трымаў з афіцэрскім шыкам. Пільна гледзячы на Зосю, якая гублялася перад ім нават тады, калі перавязвала, ён сказаў:

— Раскажы, як вас выдваралі з Лядаў. Толькі праўду!

— А што расказваць? — яшчэ больш збянтэжылася Зося.— Узялі і вывелі.

— Сілком?

— Але, пад рукі. За пост. А там пусцілі.

— Значыць, дэманстравалі,— ухмыльнуўся Воранаў.— Дакладней, дэманстраваў гэты дамарошчаны артадокс. А як Кравец?

Зося раптам паспакайнела, падняла вочы. Ёй нават здалося, што Воранаў усё ведае сам і распачаў гаворку проста так, каб пабалакаць з ёй, пакпіць, бо яму стала лепш і ён адчуў прыліў сіл.

— Кравец ішоў ззаду, таварыш камбрыг...

— Та-ак,— працягнуў Воранаў.— У вас з ім нічога не было?

— Навошта вы пытаецеся пра гэта?

— Хваліцца там направа і налева. Нас кляне. Падаслалі, кажа... Ну добра, ідзі...

Размова ўскалыхнула незабытую крыўду. «Добра, добра! Калі-небудзь паквітаемся,— падумала Зося, выходзячы са штабной зямлянкі.— Паслухаўся Рунца, зняважыў ды яшчэ плявузгае... І на кім сілу паказалі! На доктары, на мне. А цяпер языком меле, няславіць... Ануча!..»

Ля калодзежа яна ўбачыла Валю і Урбановіча. Тая нешта гаварыла яму, а ён піў з кацялка ваду і ўсміхаўся. «Падысці ці не? — завагалася Зося, успамінаючы, як холадна развіталася з Аляксеем, калі той пакідаў шпіталь.— Усе яны на адзін капыл...»

Але Валя таксама заўважыла яе і замахала рукой.

Пайшлі разам, не ведаючы пра што гаварыць.

— Глядзіце, ліст,— першая парушыла маўчанне Валя і падняла руку. Яна злавіла ліст, як матыля, і, як матыля, асцярожна ўзяла двума пальцамі.— Глядзіце — яшчэ!

— Яны з ліпеня пачынаюць падаць,— азваўся Аляксей, перамагаючы павольнасць, якая скавала яго, калі падышла Зося.

— Няўжо праўда? — спыталася тая, разумеючы, што абавязкова трэба што-небудзь сказаць.

— Канешне. Дрэвы таксама з ліпеня амаль перастаюць расці.

— Цікава.

Адчуўшы, што Зосіны словы — мосцік да прымірэння, Аляксей трохі павесялеў.

— Мяне, Зося, зноў у дыверсійную групу накіроўваюць,— сказаў ён рашуча.— Іду вось з хлопцамі знаёміцца.

Валя адчула, як Зося сцялася, і вызвалілася з абдымкаў.

— Камандзірам?

— Але.

— Ты не адказаў на маю просьбу,— сказала Валя.— Возьмеш ці не? Я вельмі прашу. Вось наша газета. На паглядзі. Разумееш, першы нумар?! Можа, гэта зробіць цябе больш памяркоўным.

Яна дастала з кішэні гімнасцёркі газету і працягнула Аляксею. Ён узяў яе, беражліва разгарнуў і пачаў разглядаць, як дзіва.

Гэта была невялічкага фармату двухпалоска. На першай старонцы, пад просьбай: «Прачытаў — перадай таварышу!» — быў надрукаваны лозунг. Апрача перадавога артыкула «Адпомсціць ворагу», тут жа была завёрстана карэспандэнцыя В. В.— «Фашысты бамбардзіруюць вёскі». На другой паласе — тыднёвы агляд паведамленняў Савецкага інфармбюро «На франтах Айчыннай вайны». І ўсё. Папера была шэрая, шрыфт напалову сляпы, розны, але такім знаёмым і дарагім дыхнула на Аляксея са старонак газеты, што ён спыніўся.

— Во малайцы! — узрадавана пахваліў ён.— Дай мне на памяць. Але цяпер з вамі наогул трэба быць асцярожным.

Валя, якую палесціла Аляксеева радасць, нявесела засмяялася:

— Не турбуйся, усё будзе выглядаць культурна. Без рэкламы. «Група падрыўнікоў У. узарвала эшалон праціўніка». Або ў рыфму: «Эшалон пад адхон». А гэтае «У.» будзе ўжо ў тэксце.

— Ну, тады добра. Падумаю...

Ад паляны Зося з Урбановічам пайшлі адны — Зося сама прапанавала правесці яе да кладак.

Спалохаўшыся, яна заўважыла, як напяўся Аляксей і, развітваючыся з Валяй, глядзеў ужо на адну яе — Зосю.

Ці здагадвалася яна, што гэта проста так не пройдзе? Мусіць, здагадвалася. Бо як толькі яны асталіся адны, пачала чакаць нейкай хвіліны, якая хоць і палохала, але, набліжаючыся, усё больш цягнула да сябе. Было ва ўсім гэтым і помслівае пачуццё пакрыўджанай дзяўчыны і жаданне быць добрай з Аляксеем, аддзячыць яму за адданасць, за любоў. Зосі нават захацелася, каб іх убачыў Кравец, каб перасмыкнуўся ад зайздрасці, прыраўнаваў. Няхай бы паглядзеў на Аляксея цяпер — здаровага, дужага, папрыгажэлага ад шчаслівай хвіліны.

Наперадзе — яны ведалі — працякаў ручай, і кожны з іх стаў чакаць, калі падыдуць да яго. Там, дзе ім трэба было пераходзіць, ручай перасякала лясная дарога. Гразкая з берагоў, яна пад вадою, на дне, была камяністая, пясчаная. Вада, выбегшы на гэтае месца, рабілася празрыстай, крынічнай. Ручай разліваўся ўшыркі, мяльчаў. Аднак далей, ніжэй дарогі, абапал яго рос лазняк, і ручай зноў вузеў. Вось тут да лазовых кустоў нехта руплівы і паклаў каменне, а цераз вузкую гарлавіну перакінуў альховую жэрдку. Таму ручай зусім не трэба было пераходзіць уброд. Але яны, відаць, усё ж спадзяваліся, што зноў будзе так, як той раз, калі ўцякалі са шпіталя і пераходзілі рачулку. А магчыма і не спадзяваліся, а проста чакалі, што ручай нагадае ім нешта такое, пасля чаго ўсё стане прасцейшым і натуральным, як той раз. Нібыта і не праходзіў паміж імі Кравец, нібыта ён, Аляксей Урбановіч, і не выпісваўся са шпіталя з сэрцам, аблітым крывёю.

Каб не пераламалася жэрдка, яны пераходзілі па чарзе. Аляксей узяў Зосю за руку і памог ёй перайсці першай. Калі пераходзіў ён, яна сустрэла яго працягнутай рукой. І выйшла так, што ад ручая яны рушылі ўжо трымаючыся за рукі. І добра было адчуваць Аляксееву сілу і тое, што ты меншая за яго, нават зусім малая.

Там, дзе трэба было збочыць з дарогі на сцежку, яны спыніліся, зірнулі на рукі і бесклапотна рассмяяліся.

— Я думаў, мы ніколі не астанемся сам-насам,— не тоячыся, прызнаўся Аляксей.

— Праўда, Лёша,— шэптам пацвердзіла Зося.

Яны зноў, як малыя, пабраліся за рукі і, гушкаючы імі, пайшлі без сцежкі, нацянькі.

Цяпер Аляксей і Зося пачалі чакаць, калі наблізяцца да месца, дзе прыйдзецца расставацца.

Але недалёка ад кладак, дзе было прызначана развітанне, іх сустрэла нечаканасць.

Ля елкі з выцягнутымі ў знямозе нагамі сядзеў чалавек. Адкінуўшы назад, да ствала, галаву, ён ашклянелымі вачыма глядзеў у высокае бясхмарнае неба. На яго бруднай жылістай шыі раз-пораз тузаўся вялікі кадык. Відаць, чалавека душыла смага, і, каб прагнаць яе, ён глытаў сліну. Змучаны, з запалымі шчокамі, твар у яго аброс рэдкай рудой шчацінай. Зосі здалося, што яна недзе бачыла ўжо такі невідушчы позірк, такія чырвоныя, быццам прарэзаныя асакою вочы. Гэта нарадзіла падазрэнне, і Зося шпарка пайшла да незнаёмага. Той уздрыгнуў і спалохана ўтаропіўся на дзяўчыну.

— Што вы тут робіце? — позіркам запрашаючы хутчэй падысці Аляксея, спыталася яна.

— Чакаю вось... Зараз вернуцца са шпіталя і мяне забяруць.

— Хто вернецца?

— Вашы разведчыкі. Зараз... Мяне паранілі, калі я ўцякаў з-пад расстрэлу... Во паглядзіце,— скрывіўшыся ад болю, выцягнуў незнаёмы закручаную ў анучы руку.

Па прафесійнай звычцы, якая паступова ўкаранялася ў яе натуры, Зося схілілася і спрытна раскруціла анучы. Убачыўшы ліст трыпутніка, прыкладзены да распухлай, барвовай рукі, яна зняла яго і з абурэннем адкінула прэч. Тады здагадваючыся аб нечым, паспешліва закасала рукаў яго кашулі. І сапраўды — ад кісці да локця па руцэ цягнуліся чырвоныя ніці.

 

3

Панура паглядаючы то на сваю руку, уздоўж распаласаваную глыбокімі разрэзамі, то на сур’ёзны, заклапочаны твар Стахава, які, густа засыпаўшы разрэзы парашком, старанна закладваў у іх жоўтую марлю, Вакульчык думаў, як гэта дзіўна атрымліваецца: той, каму ён служыў, прастрэліў яму руку, а той, каму ён здрадзіў, лечыць ягоныя раны. У гэтай думцы не было згрызот, ні тым больш раскаяння. Такое незвычайнае здарэнне цікавіла Вакульчыка як факт і нават абуджала злое пачуццё.

«Ну добра, лячыце,— думаў ён,— бо інакш нельга... А пакуль, здаецца, усё ідзе няблага. Мусіць, там, у мястэчку, сапраўды як след пакруцілі мазгамі...»

Выходзіла так, што той, хто страляў у яго, страляючы, ратаваў яму жыццё, а той, хто лячыў, не вядома яшчэ, што яму зычыць, і, магчыма, толькі захоўвае для будучых, больш страшных пакут.

Хваравітая насцярожанасць з той пары ўжо не пакідала Вакульчыка. Ён ва ўсім падазраваў падкоп і здрадліва расстаўленыя пасткі. Слухаючы расказы раненых, ён лавіў сябе на думцы аб тым, як лёгка жыць чалавеку, якому няма чаго хаваць. Але тут жа, нібыта баючыся ўласных думак, пераконваў сябе, што з ім хітруюць і знарок выклікаюць на шчырасць. Асцерагаючыся зачапіць аб што-небудзь заціснутую ў лубкі руку, ён нацягваў на галаву коўдру.

Асабліва яго злаваў і насцярожваў лётчык, які, ачуньваючы, заўсёды быў у гуморы і захоўваў яснасць духу. У ім жыла не зразумелая Вакульчыку, а таму падазроная патрэба быць карысным другім. Ён прымаў удзел у лёсе кожнага, спачуваў, абураўся, даваў парады. Шчодра, жменямі, рассыпаў ён свой жыццёвы вопыт, і на яго заўсёды глядзела некалькі пар цікаўных удзячных вачэй.

— Што з табой? — заўважаючы ваўкаватую адасобленасць Вакульчыка, пытаўся ён і, па-свойму разумеючы прычыну, тлумачыў: — Галоўнае, таварыш, вытрымка. Згубіць яе чалавек — і адкрыты ўсякаму ліху...

Бачачы, што Вакульчык хаваецца пад коўдру, лётчык хмурыўся і засмучана ківаў галавою, каб звярнуць увагу другіх.

Але Вакульчык надзвычай уважліва прыслухоўваўся да таго, аб чым размаўлялі раненыя, і запамінаў усё да дробязі. Праз колькі дзён ён ужо мог назваць прозвішчы камандзіраў у брыгадзе, ведаў брыгадныя навіны. Камбрыг Воранаў вярнуўся з аперацыі паранены. Але яму ўдалося спаліць сцірты збожжа ў бліжэйшых маёнтках — былых саўгасах, адбіць гурт жывёлы і па дарозе назад пакараць некалькіх паліцаяў і ўпаўнаважаных. На дарогах выстаўлены засады, каб не даць немцам раз’язджаць па вёсках і праводзіць нарыхтоўкі. На трэцім перагоне ад мястэчка партызаны «Барацьбы» спынілі цягнік і вызвалілі моладзь, якую везлі ў Нямеччыну. З-за лініі фронту вярнулася пасланая на сувязь група, якая прынесла зброю, боепрыпасы. Разам з ёй у брыгаду прыбыў радыст з радыёстанцыяй.

Калі Вакульчык пачуў апошнюю навіну, ён ледзь не ўскрыкнуў ад радасці: у яго задачу, апрача ўсяго, уваходзіла даведацца, як падтрымлівае камандаванне брыгады сувязь з Масквой.

На трэці тыдзень яму дазволілі ўставаць. Імкнучыся здабыць прыхільнасць, ён пачаў рабіць раненым дробныя паслугі, памагаў Зосі даглядаць за імі: узбіваў падушкі, падаваў піць, скручваў цыгаркі. І ўсё-такі глеба пад ягонымі нагамі не рабілася трывалай. Ён не знаходзіў, аб чым гаварыць з суседзямі па зямлянцы, а калі знаходзіў, то ўсё ў яго выходзіла неяк няшчыра.

Спакайнеў Вакульчык толькі сам-насам. Ён блукаў па выспе або плёў кошыкі для шпітальнай кухні, седзячы дзе-небудзь у зацішку. Над галавой паціху гаманілі елкі, і гэта адганяла трывогу.

Ноччу яму снілася восеньскае павуцінне. Яно бясконца ляцела ў бясхмарнай сіняве і чаплялася за ўсё: за галінкі, за вяршаліны дрэў, за кусты, за асаку на балотным куп’і. Вакульчык ведаў — на канцы шаўкавістых нітак, сплеценых у некалькі столак, схаваліся павучкі. Яны некуды ляцелі... Услед за імі неадчэпна імкнулася і думка: «А што, калі б...» Яна паўтаралася і вар’іравалася, як у немарасці, і кожны раз, як і павуцінне, чаплялася за другую думку: «А Вейсіг?.. Тры дні ты блукаў з рукою, адзеравянелай ад болю, і ўсё ж прышкандыбаў сюды, у самую пашчу. А цяцер — марыш!..» На гэтым думка абрывалася і пачынала свой бег спачатку. Вакульчык прачынаўся, абліты ліпкім потам, сціскаючыся пры думцы, што мог сёе-тое сказаць праз сон.

У час абходу Барыс Паўлавіч Стахаў затрымаўся каля яго больш звычайнага. Хоць тэмпература ў Вакульчыка даўно была нармальная, ён памацаў яго лоб і нечакана сеў побач. У Вакульчыка тужліва заныла пад ложачкай: «Няўжо правал?..»

— Кажучы шчыра, я асабіста вам не давяраў,— сур’ёзна пачаў Стахаў.— Чаму? Нават цяжка растлумачыць. Медсястра Крывіцкая сцвярджае, што вы вельмі падобны на паліцая, які аднойчы вёў галоўную разведку карнікаў...

— Злітуйцеся, доктар! — у адчаі выгукнуў Вакульчык, падрыхтаваўшыся адмаўляць усё, у чым яго будуць абвінавачваць, але, успомніўшы Вейсігаву інструкцыю, сціх.

— Я гэта павінен быў сказаць вам як сумленны чалавек, бо пісаў адносна вас спецыяльны запыт.

— Таварыш доктар!.. Ва ўсім гэтым ёсць часцінка праўды...

Стахаў уважліва і здзіўлена паглядзеў на спакутаваны Вакульчыкаў твар, на яго тоўста забінтаваную, важкую руку, якая ляжала на грудзях, і паправіў пенснэ.

— Падвечар здымем павязку...— сказаў ён суха, чамусьці вырашыўшы спыніць ранейшую размову.— Рука гоіцца добра. У горшым выпадку падцягне ўсяго мезенец і безымянны палец...— і ўсё-такі не вытрываў і абурана спытаўся: — І колькі вы служылі ў паліцыі?

— Я?

— Толькі кажыце праўду!

— Месяц, таварыш доктар,— глытаючы словы, адказаў Вакульчык.— Я гатовы, таварыш доктар, заплаціць за гэта крывёю... Дайце заданне...

— За што вас расстрэльвалі?

— Я вёў калону карнікаў і збег ад іх... Я ведаў, што без мяне яны заблудзяцца і спозняцца да месца бою. Так яно і выйшла. Я не хацеў, каб пралівалася кроў сваіх. Але мяне злавілі і аддалі пад суд... Клянуся жонкай і сынам!..

— Так-та-ак,— няпэўна працягнуў Стахаў і ўжо іншым тонам дадаў: — Гэтымі днямі па загаду каменданта раёна ваш сын і жонка расстраляны.

Вакульчык заплюшчыў вочы і ў млосным бяссіллі адкінуўся на падушку.

— Гы-ых! — вырвалася ў яго з роспаччу і здзіўленнем. І тут у дзвярах зямлянкі ён убачыў дзяўчыну.

 

4

У жыцці кожнага чалавека бываюць уздымы, калі сіл хапае на ўсё, і чалавек, апантаны нейкай неўтаймоўнай энергіяй, не ведае ні стомы, ні няўдач. Ён жыве дзейнасцю, як бы забыўшыся на сябе, увесь у руху. Такія ўздым і кіпенне перажывала цяпер Валя. Яна амаль не адпачывала. Хадзіла ў райком прымаць зводкі Савецкага інфармбюро, пісала па іх тыднёвыя агляды, апрацоўвала карэспандэнцыі, завяла перапіску з чытачамі, ездзіла па атрадах і вёсках, пісала нарысы. На справаздачна-выбарчым сходзе Валю абралі сакратаром камсамольскай арганізацыі, і да рэдакцыйнай работы далучылася камсамольская. Яна праводзіла сходы і палітзаняткі, клапацілася аб побыце маладых партызан, арганізоўвала баявое спаборніцтва.

У гэтай бурнай дзейнасці прытуплялася перажытае гора. Успаміны пра маці ажывалі хіба, калі Валя чытала пісьмы аб зверствах гітлераўцаў ці сама наведвала вёскі, абрабаваныя ці зусім зруйнаваныя карнікамі. Але і тады воблік маці зліваўся з карцінамі агульнанародных бед і не столькі выклікаў боль, колькі напаўняў рашучасцю. Маці рабілася ў Валіных вачах з пакутніцы тым, кім была — гераіняй.

І вось Валя ўбачыла таго, хто нагадаў ёй пра матчыну смерць зусім іначай, чым папялішчы, чым ахвяры гвалтаўнікоў. Перад ёй на беласнежнай, старанна засцеленай пасцелі ляжаў адзін з забойцаў, а каля яго, на зэдліку, з заклапочаным выглядам сядзеў урач і расшпільваў яму каўнер сарочкі.

У першую хвіліну Валя хацела кінуцца ў зямлянку, схапіць Стахава за рукі, якімі ён дакранаўся да здрадніка, і патрабаваць тлумачэння. Затым прыйшла думка, што ў шпіталі, безумоўна, не ведаюць паліцая. І гэта стрымала Валю. Убачыўшы Зімчука, які ішоў ад кладак, Валя пабегла яму насустрач і, забыўшыся прывітацца, папрасіла:

— Іван Мацвеевіч, мне трэба з вамі пагаварыць. Пройдзем далей ад зямлянак.

Здзіўлены яе ўзрушанасцю, Зімчук пайшоў побач.

— У шпіталь трапіў паліцай! — абурана сказала Валя, калі яны выйшлі на бераг выспы.

— Я ведаю... І што ж? — нахмурыўся Зімчук.

— Я патрабую яго арышту і пакарання!

Стараючыся ісці ў нагу, Зімчук не зусім здаволена адказаў:

— Пакуль, Валя, няма падстаў яго арыштоўваць. Тым больш караць. Весткі, якія да нас паступілі, гавораць якраз за яго. Ён уцёк з-пад расстрэлу. Матывы, па якіх гестапаўцы хацелі расстраляць яго, таксама сур’ёзныя і правераныя.

— А я дам вам свае матывы!..

— Калі ласка.

— Я сустрэлася з ім, калі ехала да вас з гарадка...

— І ён страляў у цябе.

— Ага! Як страляў бы ў кожнага нашага.

Яны прайшлі некалькі крокаў моўчкі.

— У яго пазаўчора гестапаўцы знішчылі сям’ю,— нарэшце сказаў Зімчук.

Валя спынілася, яе шэрыя прамяністыя вочы глянулі на Зімчука недаверліва, але з надзеяй.

— Гэта добра... Вельмі добра, калі я памылілася,— сказала яна няўпэўнена.

Валя выклікала ў Зімчука бацькоўскія пачуцці. Было тут і жаданне апекаваць.

— Пакуль што няма падстаў прызнаваць і свае памылкі,— прамовіў ён мякка.— Тут, Валя, можа ўсё трошкі іначай. Разумееш?.. І калі яго заслалі, то маглі нават заслаць спецыяльна, каб мы расстралялі яго і была б магчымасць ягонай зданню палохаць другіх. Калі сапраўды ўмяшалася гестапа, можна чакаць усяго...

Зімчук узяў Валю за локаць, і яны пайшлі назад, размаўляючы ўжо аб рэдакцыйных справах. А на развітанне, так і не адважыўшыся сказаць пра смерць Рыгора, Ганны, дзяцей, Зімчук нечакана прапанаваў ёй ляцець на Вялікую зямлю.

Калі скончыўся абход, Вакульчык выйшаў з зямлянкі і, быццам у чадзе, паплёўся па выспе, стрымліваючыся, каб не завыць у безвыходнай тузе. На доле, побач з ім, лёг цень. Вакульчык зірнуў на яго і не пазнаў сябе. На зямлі цямнеў сілуэт згорбленага чалавека, які ледзь перасоўваў ногі. Яму захацелася, каб ценю не было, і ён зноў падаўся ў лес, не бачачы таго, што перад ім, але абыходзячы дрэвы і кусты.

Каля арэхавага зарасніку Вакульчык спыніўся і сеў на пяньку. Падпёршы рукой падбародак, утаропіўся ў пакрытую леташнім лісцем зямлю.

«Ні жонкі, ні сына, і сам у пастцы»,— падумаў Вакульчык і пачуў, як пад нечымі нагамі затрашчала сучча.

Не жадаючы ні з кім сустракацца, ён хуценька зашыўся ў арэшнік і адтуль пачаў цікаваць за наваколлем. Паміж елак мільганулі постаці дзвюх жанчын і мужчыны. Яны ўсе ішлі побач. Размахваючы хусткай, пасярэдзіне ішла Зося. У рослым са спакойнымі рухамі асілку справа Вакульчык пазнаў таго, хто падыходзіў разам з медсястрой яшчэ там, каля хвоі. Але хто ішоў злева? Калі яны зноў паказаліся паміж елак, лоб Вакульчыка пакрыўся халодным потам. Ногі ў яго аслаблі: побач з медсястрой ішла дзяўчына, якая мільганула ў дзвярах і здалася яму знаёмай,— пляменніца павешанага Вераса.

«Значыць, яна таксама тут,— заходзячыся ад холаду, падумаў Вакульчык.— Няўжо іхнім дарогам суджана зноў перакрыжавацца? Не, цяпер яго не выратуе ніхто, нават нявінна пралітая кроў сына і жонкі. Канешне, дзяўчына скажа пра сустрэчу, пра тое, што я пазнаў яе і цікавіўся мукою...»

Гэта было так страшна, што Вакульчык, каб не застагнаць, закусіў зубамі руку і ўпаў тварам у гнілое лісце. Без надзеі ён чуў, як аддаляюцца крокі людзей і з кожным крокам заціхае трэск галінак пад іх нагамі. Лежачы на зямлі, Вакульчык адчуваў, як калоціцца, трымціць сэрца, і думаў: «Ну, цяпер сапраўды ў пятлі. Уцячы і вярнуцца з пустымі рукамі да Вейсіга?.. Не!.. Хай лепш ужо забіваюць тут. Хоць катаваць і здзекавацца не будуць...»

Неўзабаве крокі пачалі набліжацца зноў. Гэтым разам да Вакульчыка даляцелі і словы.

— Вынікаў вы і не ўяўляеце, Барыс Паўлавіч! — чуўся незнаёмы мужчынскі голас.

— Чаму? — пытаўся ўрач.

— Справа не толькі ў медыкаментах. Нават не толькі ў боепрыпасах і зброі. Знікае ўяўленне, што за спіною ў цябе таксама вораг. Разумееце? «На фронце, наракаюць некаторыя, за першым эшалонам стаіць другі, за другім — армейскія тылы, а за імі — невычэрпныя рэзервы, краіна, народ. Ззаду там бра-аня! А тут?..» І вось раптам гэтае адчуванне, што ты акружаны, знікае. Прылятае самалёт, прывозіць газеты, боепрыпасы, ну, вядома, і медыкаменты, а забірае пісьмы і раненых... Чым не другі эшалон? А наступным разам прылятае — прывозіць і адказы на пісьмы...

Вакульчык навастрыў вушы.

— Гэта сапраўды здорава! — узрадаваўся ўрач, нібыта не яго папракалі, што вузка глядзіць на рэчы.— Здорава атрымліваецца і добра пра гэта сказана. Выбачайце, калі ўкраду і выдам за сваё.

— Штаб запытаў пра становішча ў навакольным раёне і наконт пасадачнай пляцоўкі. Дні праз тры на паляне будзем паліць агні. Падрыхтуйце цяжка параненых. Устанавіце чаргу. Паляціць лётчык, а магчыма, і Валя Верас.

— Трэба насілкі...

Вакульчык адным махам усхапіўся на ногі. Перад ім замаячыў выхад. Праз тры дні паляціць Верас, якая, відаць, яшчэ не звярнула на яго ўвагі і не пазнала. Ёсць таксама што паведаміць Вейсігу — аб рацыі і радыстах, аб прылёце самалёта. Папярэдзіць наконт засад. Няхай робяць што трэба. А на хутар, куды ён павінен з’явіцца з данясеннем, не так ужо цяжка трапіць. Калі пайсці са шпіталя пасля абходу, да абеда ўправішся. Па балоце, напрасткі. Ды нават калі схопяцца яго, скажа, не вытрываў і пайшоў быў паглядзець, ці нельга пахаваць родных. Ён жа ведае, дзе немцы звычайна расстрэльваюць свае ахвяры,— у кар’еры, непадалёку ад старой прыдарожнай сасны. Там і яго расстрэльвалі... Так што павераць. Важна толькі, каб не прасачылі, куды ён хадзіў. А ў крайнім выпадку можна звязацца ў атрадзе з чалавекам, якога яму назвалі, і перадаць гэтыя звесткі...

 

5

Зімчук адклаў лінейку і схіліўся над картай. Выходзіла, што ад Масквы да лясной паляны семсот пяцьдзесят кіламетраў, і, калі самалёт паляціць, як толькі зойдзе сонца, яго трэба чакаць а палове дванаццатай. Значыць, агні трэба раскладаць не пазней як у адзінаццаць... Зімчук з задавальненнем прасачыў вызначаны ім самім маршрут і ўсхвалявана пацёр рукі. Уявілася, як самалёт падымецца з вячэрняга змроку і на нейкі час трапіць у сонечныя праменні, а над ім, унізе, у сіняй смузе паплыве вялікі горад. Потым зямлю ахінуць змрокі, і цяжка будзе па невыразных абрысах угадваць лес, поле, вёскі.

Але чаму самалёт абавязкова павінен вылецець з захадам сонца? Яму ж важна, каб начная цемра была з ім толькі над лініяй фронту і далей — калі ён будзе ляцець над паланёнай зямлёю. Значыць, агні варта запаліць не ў адзінаццаць гадзін, як ён меркаваў, а ў дзесяць. Зімчук зноў узяў лінейку і нанава пачаў вымяраць адлегласць ад Масквы да фронту, ад фронту да лясной паляны. Зрабіўшы разлікі, беражліва разгладзіў карту і задумаўся.

Так, над Беларуссю ён паляціць абавязкова ўначы...

Беларусь!

Вось яна зялёным лугам ляжыць перад табой, і, калі прыжмурыць вочы і паглядзець на яе, як мастак глядзіць на карціну, убачыш шмат. Тады здымай шапку і з непакрытай галавой ідзі па яе бясконцых дарогах, якія будуць класціся перад табой то забытым екацярынінскім гасцінцам са старымі гузатымі бярозамі; то шырокім бальшаком, дзе колы фурманак тонуць па самыя трубкі і па спіцах вадою сцякае пясок; то ліловай на сонцы, забрукаванай грэбляй, перакінутай, як пантонны мост, цераз балота; то пукатай шашой ці гравійкай, абапал якіх шуміць лес.

Цяпер яны перакапаны рвамі, перагароджаны заваламі. Замест мастоў і бетонных труб, што пралягалі пад насыпам, тырчаць абгарэлыя палі і чарнеюць глыбокія варонкі. А там, дзе гаспадараць чужынцы, масты абгароджаны калючым дротам, падыходы да іх замініраваны. Лясы і хмызнякі адступілі ад дарог, а на абочынах выраслі нязграбныя дзоты, з’явіліся старанна выкладзеныя дзёрнам кулямётныя гнёзды. Але па начах дарогі заміраюць і там. У кюветах, за крушнямі камення, нарыхтаванага яшчэ да вайны, у кар’ерах, адкуль некалі бралі пясок для шашы, у кустах і хмызняках, што прыкрывалі подступы да дарог, таяцца засады. Насцярожана, прыслухоўваючыся да ўласных крокаў, ходзяць цёмныя постаці нямецкіх патрулёў. Вартавыя ля мастоў ракецяць. У неба ўзлятаюць белыя каметы і, асвятліўшы наваколле мігатлівым святлом, падаюць недзе за чорным зубчастым лесам. Часам, без дай прычыны, ноч прашываюць гулкія кулямётныя чэргі і папалам разразаюць жоўтыя промні пражэктараў, устаноўленых на вышках гарнізонаў. І заўсёды дзе-небудзь абавязкова нешта гарыць, і злавеснае зарыва залівае край або палову неба. Але ўдзень, як толькі на дарогах пачынаецца першы рух, зямля нязменна выкоўзваецца з-пад рубцаватых шын грузавікоў, з-пад грымучых гусеніц танкаў, і выбухі ў шматкі рвуць паветра. І як ні шалеюць немцы, дарогі выбываюць са строю адна за адной, пусцеюць і зарастаюць травою, як закінутыя чыгуначныя тупікі...

У зямлянку зайшоў заклапочаны Воранаў. Убачыўшы над картай задуменнага Зімчука, ён прасвятлеў, і правае брыво яго папаўзло ўгору.

— Марым?

— Але.

— А мне вось рэдка ўдаецца... Перашкаджае, як табе сказаць, надзёншчына...

— Самаўніжэнне горш за фанабэрыю,— неахвотна адарваўся ад карты Зімчук.

— Не, сур’ёзна,— Воранаў падышоў да стала і таксама схіліўся над картай.— Глядзіш вось, напрыклад, на сваю азёрную Віцебшчыну, на суровую прыгажуню Дзвіну, чамусьці забытую паэтамі, а калёсікі ў галаве — хоп! — і пераскочылі. І толькі ў сэрца хлынула... аказваецца, што лукавіна Дзвіны дае незвычайныя магчымасці для фарсіравання. І калі захапіць вунь тое перадмостнае ўмацаванне, а пасля павесці наступ вунь у тым кірунку... І пайшло, і пайшло... Карацей кажучы, пачынаецца, Іван, рашэнне звычайнай тактычнай задачы. Вось табе і мара. Велічынёй з вераб’іную дзюбу...

— Затое рэальная,— ажывіўся Зімчук.— Мне здаецца, што твая задача таму і паўстала перад табою, што «ў сэрца хлынула»... А па-другое, чым жа не мара — пошукі шляхоў да перамогі над ворагам і ўяўленне гэтых шляхоў. Думаеш, там, дзе ёсць разлікі і вылічэнні, няма мары? Наўрад. Па-мойму, нашы планы і ёсць наша мара. Пяцігодка, напрыклад,— гэта скандэнсаваная Дзяржпланам мара народа... Як па-твойму, прыляціць?

— Я думаю, павінен.

Узрушаны Зімчук прайшоўся па зямлянцы, потым зноў падышоў да стала і доўга стаяў не паварочваючыся.

— Не шкодзіла б яшчэ раз праглядзець абарону,— нарэшце сказаў ён.— Адных засад на дарогах — малавата. Калі ім вядома, што прыляціць самалёт, гэта іх не спыніць.

— Хопіць з іх! — Воранаў, як і той раз перад боем, пацягнуўся з нейкім радасным трапятаннем і з задавальненнем гыхнуў.— У крайнім выпадку на ўзлессі сустрэнем усёй брыгадай. Апрача таго, мы з начштаба ўжылі яшчэ сёе-тое.

— Калі не сакрэт, скажы.

— Выслалі роту пад самае мястэчка. Хай дэманструе. Няхай ведаюць, што нехта нечым ім пагражае... Значна горш, вядома, калі накіруюць бамбардзіроўшчыкаў. Я загадаў, каб ля кожнага вогнішча выкапалі акопчык. Падрыхтаваны рыдлёўкі на выпадак, калі прыйдзецца раўняць пляцоўку.

— Ты чуў? У Яшы Зарэцкага няшчасце. Учора пры выплаўцы толу са снарадаў падарваліся два партызаны з камісарам. Яша сам не свой...

— Насмерць?

— Але. І наогул у яго не ўсё добра. Мала клапоціцца аб насельніцтве. Усю ўвагу аддае Мінску. Ехаць трэба...

У дзвярах паказаўся радыст. Казырнуўшы, ён падышоў да Воранава і падаў паперку.

— Што, радыёграма?— не стрымаўся Зімчук.

— Так, таварыш камісар! Вылет самалёта пацвердзілі зноў. Прапанавалі ўзмацніць ахову пляцоўкі. Вось шыфроўка...

 

6

Яны прыйшлі на паляну, калі ўжо змерклася.

Месяц быў у апошняй чвэрці і яшчэ не ўзыходзіў. Неба, зацягнутае на захадзе шчыльнымі нерухомымі хмарамі, непрыветна цямнела. Змрок гусцеў дружна і хутка, наступаючы ад лесу. Над галавой непрыкметна — не было і з’явіліся — загарэліся буйныя, ясныя зоры. Дзьмуў вецер. Было волка.

Наставіўшы каўняры, Зімчук і Воранаў абышлі падрыхтаваную пляцоўку. Старанна разраўнаваная і нават укатаная, яна слалася перад імі роўным токам. Руплівыя рукі пазразалі гарбіны на ўцалелых гонях, засыпалі і ўтрамбавалі разоры, павысякалі бярозавы параснік і елачкі.

Вогнішчаў, размешчаных трохкутнікам, яшчэ не запальвалі. Каля іх ляжала нарыхтаваная салома, сухое ламачча і бярвенні з разабранага нейкага будынка. Тут жа сядзелі партызаны з каменданцкага ўзвода. Яны ажыўлена размаўлялі між сабою і змаўкалі, толькі калі камісар і камбрыг падыходзілі зусім блізка. Аднак уставалі і віталіся ахвотна, урачыста.

Аддаўшы каменданту загад яшчэ раз праверыць пасты навокал паляны, Воранаў і Зімчук падаліся да раненых.

Тыя ляжалі на ўзлессі, каля галіністай елкі. Тут гарэла невялікае цяпельца. Агонь лена лізаў корч і ўсё намагаўся адарвацца ад яго, узняцца разам з дымам. Калі падыходзілі Зімчук з Воранавым, нехта кінуў у цяпельца яловую лапку. Яна весела загарэлася, уся занялася полымем і на момант зрабілася залатой. Таму, магчыма, іх і не заўважылі.

На насілках, ля самага агню, паклаўшы галаву на далонь, ляжаў ранены з забінтаванай галавою, але на яго схуднелым твары блукала летуценная яснасць, і было відаць, што яму вельмі хораша.

Побач з ім, на кругляку, сядзеў Барыс Паўлавіч Стахаў. Выцягнуўшы да агню рукі, нібы баронячыся ад яго, ён адварочваўся і смешна моршчыўся, калі павявала дымам. За спіной у Стахава стаяла Зося. У кубанцы, ссунутай набакір, у расшытым, амаль вішнёвага колеру, кажушку, які нядаўна прывёз ёй з аперацыі Урбановіч, яна выглядала прыгожа, молада. Дзяўчына сама адчувала гэта і міжвольна пазіравала. Ды і апранула яна кажушок знарок, каб паказацца ў ім. На яловай галінцы, надламанай, каб залішне не прагіналася, вісела яе кайстрачка з чырвоным крыжам. Кайстрачка нагрэлася ад агню, і Зося гладзіла яе, як жывую істоту, ведаючы, што з цемры глядзіць Аляксей. У гэтую ўрачыстую ноч ёй вельмі хацелася яшчэ больш падабацца яму і ўсім.

Блізкае да гэтага адчувала і Валя. Яна стаяла побач з лётчыкам, які задуменна грыз кару на бярозавай галінцы.

Там, на выспе, нешта не дагаворваючы, Зімчук сказаў ёй: «На гэтым, па-мойму, табе можна паставіць кропку. Ляці. Паступіш ва універсітэт, будзеш вучыцца і... як мяркую, пісаць успаміны...»

Прапанова ўзрадавала і ўразіла Валю. Яна доўга стаяла перад Зімчуком, апусціўшы павекі і не знаходзячы, што адказаць. Потым, адганяючы няпрошаныя думкі, страсянула галавой і, быццам яе крыўдзілі, паціху прамовіла: «Вайна для мяне, Іван Мацвеевіч, толькі пачалася. Што я зрабіла? Бадай што нічога. А ляцець на Вялікую зямлю ваяваць — ці варта?.. Дзякую, але я адмаўляюся».

Мнагалюдныя універсітэцкія аўдыторыі, якія заўсёды выклікалі ў Валі трапяткую пачцівасць, гаманлівыя калідоры і вестыбюлі, урачыста ціхія чытальныя залы, родны да болю, дарагі інтэрнат — усё гэта, абудзіўшы на хвіліну цёплы ўспамін, здалося Валі далёкім, чужым і нават дзіўным. Шпацыраваць па вуліцах горада, дзе, магчыма, нават не маскіруюць святла? Слухаць лекцыі, здаваць залікі, хадзіць у кіно і ведаць, што робіцца на роднай зямлі? — Не, гэта не ёй, Валі, якая так многа страціла тут! Дый таму, што Вялікая вольная зямля стала дасягальнай, магчымай, спакутаваная зямля зрабілася асабліва дарагой.

Валі шкада стала нават тых, хто адлятаў. Развітанне з лётчыкам, сустрэч з якім яна раней пазбягала — паміж імі стаяла здань маці — цяпер уяўлялася ёй як хвіліна, што пакіне ў сэрцы адчуванне вялікай страты. Валя ведала, што пасля яго адлёту будзе думаць аб ім, будзе чакаць лістоў, хвалявацца за ягоны лёс.

Рассеяна слухаючы параненага з забінтаванай галавой, яна шкадавала і яго.

Аднойчы Валя бачыла яго за кулямётам. Твар у партызана быў заклапочаны, сур’ёзны і дробна, напружана дрыжаў, нібы ад кулямёта па руках бег ток. Рукі ж трэсліся яшчэ мацней. Яны былі, як у ліхаманцы, і, мусіць, прыпаяліся да ручак кулямёта. Таму здавалася, што са ствала вырываецца не полымя, а знішчальная лютасць кулямётчыка. А цяпер яму давядзецца расстацца і з кулямётам.

Валя першая заўважыла Зімчука з камбрыгам і падышла да іх.

— Як, не раздумала? — засмяяўся Зімчук.

— Пакуль што не, Іван Мацвеевіч...

— Ай-яй! Як вожык. Дакрануцца страшна,— знаходзячыся яшчэ ў тым прыўзнятым настроі, які апанаваў яго ля карты, весела жахнуўся Зімчук.— Мне ж, калі казаць шчыра, і самому прыемна, што ты астанешся. І калі абагульняць, дык у самой тваёй непаслухмянасці ёсць нешта добрае. Вось спытайся ў Крывіцкай: яна колісь настаўнічала.

— Я, таварыш камісар, любіла свавольнікаў. Яны здольныя,— адгукнулася Зося і зірнула на Зімчука іскрыстымі вачыма.

— Не псуй, камісар, мне людзей! — з робленай сур’ёзнасцю кінуў Воранаў і, раптам узняўшы руку, пачаў прыслухоўвацца.

Сціхлі і астатнія.

Угары трывожна шумелі вяршаліны елак. Цёмныя, калматыя, яны то пагойдваліся з боку на бок, то рабілі, як здавалася знізу, нейкія кругавыя рухі. Сам шум зусім не адпавядаў гэтым рухам, узмацняючыся і слабеючы не тады, калі гэта чакалася. Да шуму прымешваўся лёгкі, але сумны посвіст ветру. Між галінак, ледзь прыкметных на цёмным небе, відаць былі зоркі. Галінкі гойдаліся, і зоркі мігалі. Шум вяршалін і свіст ветру ў галінках праносіліся над галавой суцэльным патокам. Але гукаў самалёта не было.

А дзесятай гадзіне запалілі агні на пляцоўцы. І дзіўна — як толькі яны трыма языкамі ўзняліся над зямлёй, у небе пачуліся гукі самалёта. Яны, як нарогам, узорвалі зорнае неба, як бы пракладаючы па ім глыбокую баразну ў напрамку паляны.

Воранаў моцна сціснуў локаць Зімчука, і яны выйшлі на ўзлессе.

Калі гукі наблізіліся, насустрач ім угору шуганулі залатыя іскры і языкі полымя. Яны засланілі сабою малады хвойнік і лес на процілеглым баку. Змрок на паляне згусціўся.

Да Зімчука і Воранава падбег лётчык.

— Таварыш камбрыг, самалёт праціўніка,— паціху далажыў ён.

— Якія вашы меркаванні? — спытаўся Воранаў і падцягнуўся.

— Я думаю, выпадковы... Інакш ён бы абстраляў нас ці скінуў бомбы. Але...

Хвілін пяць яны стаялі моўчкі, насцярожана прыслухоўваючыся.

Потым хвалямі праз пэўныя прамежкі на паляну наплыў рокат дзесяткаў матораў. Спакойны, басавіты, ён ужо не ўзорваў, а зыбаў неба. Угадвалася — паветраныя караблі нясуць на сабе вялікі цяжар.

— Вось тут іншая музыка... Нашы, дальняга дзеяння. Відаць, на Берлін! — узрушана сказаў лётчык.— Вернуцца толькі пасля поўначы.

А рокат наплываў, чуўся над галавой, аддаляўся, зноў наплываў і зноў аддаляўся, пакуль, нарэшце, зусім не сціх недзе далёка на захадзе.

«Прыстроіўся б дзе-небудзь у хвасце,— адчуваючы, як прыліваюць сілы, падумаў Зімчук пра «свой» самалёт,— і прыляцеў бы спакойна, без турбот». І тут жа падлавіў сябе на думцы, што не дапушчае, каб той вылятаў не з Масквы, а з прыфрантавога аэрадрома, дзе няма нават стартавых дарожак.

З паўночнага ўсходу пачулася роўнае, без таго перарывістага ныцця, якое было ў першага самалёта, гудзенне. Яно хутка набліжалася і мацнела — самалёт, безумоўна, трымаў курс прама на пляцоўку.

«Да нас!» — з трапятаннем здагадаўся Зімчук і, забыўшыся на небяспеку, першы пабег да агнёў, ад якіх у неба шуганулі іскры. За ім рушылі Воранаў, лётчык, Валя.

Калі, задыхаўшыся, яны падбеглі да бліжэйшага вогнішча, самалёт, зрабіўшы над палянай круг, пайшоў ужо на пасадку. Гудзенне яго перайшло ў рокат, пагрозліва панеслася на зямлю і раптам абарвалася. Астаўся толькі свіст рассякаемага паветра. Асляпляльна ўспыхнулі фары, і на пляцоўку ляглі электрычныя промні. Падскокваючы (пра гэта можна было здагадвацца па промнях), самалёт пабег па зямлі, а калі пачаў руляваць і павярнуўся крыху бокам, усе ўбачылі яго дзюралюмініевае цела, магутна раскінутыя крылы і прапелеры, якія нячутна круціліся, як здавалася, то ў адзін, то ў другі бок у дымаватых кругах.

Не чакаючы, калі з самалёта спытаюцца пароль, Воранаў голасна крыкнуў:

— Масква, таварышы!.. Масква!

Над аэрадромам грымнула «ўра». Угору паляцелі шапкі.

«Родныя! Як чакалі мы вас!» — хацелася гукнуць і Валі. Але нешта падступіла да яе горла, і яна зразумела, што, калі вымавіць хоць адно слова, слёзы пальюцца з вачэй і рыданне скалане ўсю яе істоту. Воляй яна перамагла жаданне заплакаць і, калі з самалёта на зямлю саскочылі цёмныя постаці ў камбінезонах, цярпліва дачакалася сваёй чаргі і моцна, па-мужчынску, паціснула руку высокаму пілоту без шлема, хоць бачыла, як побач з ёй Аляксей Урбановіч душыў у сваіх абдымках другога крылатага пасланца...

Прынеслі раненых. Чакаючы, пакуль з самалёта выгружалі скрыпкі, цюкі, звязкі газет, раненыя паціху перамаўляліся і з павагай паглядалі па металічную птушку, якая неўзабаве павінна панесці іх далёка-далёка, дзе, як ад жывой вады, гояцца няўгойныя раны і вяртаецца страчаная сіла.

— Як толькі акрыяю,— гаварыў хрыплаватым ад хвалявання голасам партызан з забінтаванай галавой,— так і назад. Уцягнуўся ўжо. Дый вопыту шкада. Гэткую спецшколу прайшлі!..

— А я — у армію,— пярэчыў яму нехта прыемным барытонам.— Абавязкова. Па спецыяльнасці. Яно, вядома, тэхніка ўжо далёка сіганула. Але нічога. Перападрыхтуюся і пайшоў.

— Як толькі адпачынак атрымаю — дамоў,— чулася збоку.— У Хвалынск. Волга, браток, там, сады! Горы крэйдавыя. Зімой хлапчукі на санках кіламетры чатыры едуць.

Галасы раненых гучалі спакойна, урачыста.

— Вось і няма акружэння,— паўтарыў Зімчук думку, якая некалі спадабалася Стахаву.— Перадавая і другі эшалон, як і на фронце. А тыл агульны. І аперацыі, камбрыг, падавай таксама франтавыя.

— Толькі вось нічыйнай зямлі няма,— ухмыльнуўся Воранаў і засмяяўся, заўважыўшы аднаго з разведчыкаў, які, згінаючыся пад цяжарам, нёс да самалёта абсмаленага падсвінка.

— І глядзі, як добра ўсё абышлося,— пахваліўся Зімчук.— Значыць, не пранюхалі...

Але на золку паляну і лес бамбілі. Тры бамбардзіроўшчыкі «Ю-88», кружачыся даволі нізка, кідалі злыя, вісклівыя бомбы. Выбухі перакатваліся па лесе і заціхалі, як гром, толькі недзе ўдалечыні. Праўда, вялікай шкоды бамбёжка не прычыніла. Параніла трох партызан. Адна бомба трапіла ў брыгадную лазню-зямлянку, якая стаяла наводшыбе ад лагера. Дрэвы навокал былі знявечаны: некаторыя з іх упалі, зрэзаныя пад корань, у некаторых ссекла вяршаліны, некаторыя, адхіснуўшыся ад агню і жалеза, якое ўдарыла ў іх, пахіліліся ды так і асталіся стаяць, абапіраючыся на суседзяў.

Дзве бомбы ўпалі ў возера, непадалёку ад друкарні, адкуль паведамілі, што ўся паверхня яго ўкрыта аглушанай рыбай, і прасілі прыслаць партызан з гаспадарчага ўзвода.

 

Раздзел сёмы

 

1

— Разгортваць барацьбу, Валя,— значыць, не толькі ўцягваць у яе новых людзей,— ахвотна гаварыў Зімчук: ён любіў часам паразважаць услых.— Цяпер важна пашыраць яе з адной сферы на другую. Імкнуцца, каб удары, якія наносяць праціўніку ваенныя страты, узмацняліся ўдарамі па яго эканоміцы. Не ведаю як каму, а мне да болю шкада нашых багаццяў. На іх, як саранча, накінуліся і асобныя нямецкія прадпрыемцы, і фірмы, і цэлы спецыяльна ўтвораны, каб рабаваць нас, дзяржаўны інстытут — «Цэнтральгандаль Ост».

А лясы? Іх шанаваць трэба і за тое, што так многа даюць чалавеку, і за тое, што ўпрыгожваюць зямлю. За ўрачыстую цішыню, за спакой, які наплываў ад іх. Я да вайны, прызнацца, сапраўднае змаганне вёў у раёне. Забываліся ў нас на лесапасадкі. Дый няма чаго грахі таіць — па-варварску часам і знішчалі лес. Асабліва той, які перадалі калгасам. Знаходзіліся старшыні, якія нават гандлявалі ім.

А ў вайну лес зусім родны стаў — і дом, і крэпасць, і паплечнік! Дык як жа яго не ахоўваць? Як не змагацца за яго?

Немцы, Валя, спачатку распрацоўвалі нават нетры. Зганялі туды сялян, ваеннапалонных. Сям-там штабялі смалістых бярвенняў нарыхтавалі, сям-там спусцілі іх на ваду, павязалі ў плыты. Але большага не здолелі зрабіць. Не выйшла! Шмат хто з іх лёг касцьмі побач са спілаванай хвояй або проста на дарозе да гэтага ляснога золата. Нябачныя дужыя рукі перагарадзілі заваламі пракладзеныя пуцявіны. Рукі ўмельцаў спынілі плыты ў вузкіх гарлавінах рэк і загацілі іх. Тады лесапрамыслоўцы і оргтодаўцы перавандравалі бліжэй да шашы, да чыгункі. Тут лесасекі звычайна галандцы ахоўваюць, бельгійцы. І не думай, на кожны ўжо куст падазрона паглядаюць. А пачуюць стрэл — у розныя бакі. Іх па адным вылоўліваць прыходзіцца.

А цяпер, па-мойму, чарга за лесапільнымі заводамі. Іх таксама са строю выводзіць трэба. Тыя, што ўводдалі ад гарнізонаў і дарог, псаваць часткова. Узрываць кацельні, разбіраць збольшага машыны, станкі, хаваць іх. Заводы ж, якія пад бокам у гарнізонаў і лёгка могуць быць адноўлены, узяты пад узмоцненую ахову,— паліць. Адзін ужо спалілі. Гарэў дружна, здорава. Толькі груды пілавіння, кажуць, доўга тлелі. Пачарнелі і дыміліся некалькі сутак. А вецер наляціць — з-пад попелу іскры, сіняватыя язычкі... Вось надумаўся Яшу Зарэцкага загітаваць. У яго там лесапілка з вузкакалейкай ёсць.

— Шкада сваё паліць,— зажурылася Валя.

— Я думаю!

— Мне, мабыць, лепш з вамі паехаць. З Урбановічам заўсёды паспею.

— Там пабачым... Гэта ж за чыгункай...

Захапіўшы з сабою разведчыкаў, газеты, яны рушылі ў дарогу, маючы на мэце заехаць у Ляды і там сустрэцца з падрыўнікамі, якія павінны былі памагчы перайсці цераз чыгунку.

Коні ішлі ахвотна, жвава. Гарачы конік Зімчука раз-пораз пераходзіў на рысь, і яго даводзілася стрымліваць.

Стаяў бязвоблачны дзень. Лес абапал дарогі быў у сонцы. Асабліва многа яго іграла на выносістых соснах. Так многа, што здалёку ўгадвалася цеплыня нагрэтай сасновай кары. Але і там, дзе пераважалі густыя панурыя елкі, сонца пранізвала таксама ўсё. Яно трапятала на беластволых бярозках, на ўзорчатых лісцях рабін, пералівалася на глянсаватым чарнічніку. Нават глыбока ў зялёным гушчары, у таямнічай засені, мякка мігцелі і рассейваліся сонечныя промні.

— Ану, Валюша, успалашы рэха,— ахоплены радасцю быцця, папрасіў Зімчук.

— О-го-го! — гулка і выразна адгукнуўся лес.

Зімчук падцягнуў павады і, прыгнуўшыся, даў каню шэнкелі. Конь ірвануўся, падскочыў і памчаўся наўгалоп. Спрытна ўхіляючыся ад галінак і лапак хвой, Зімчук на хвіліну ўвесь аддаўся яздзе.

Калі конь вынес яго на ўзгорак, разгарачаны яздой, ён прытрымаў каня і, каб яшчэ раз пачуць рэха, голасна крыкнуў назад:

— Гэ-э-эй, работнічкі!

На ўзгорку раслі рэдкія сосны. Паміж іх ствалоў, упоравень з Зімчуком, відаць былі вострыя вяршаліны елак і кучаравыя купкі бярозавых крон, і Зімчуку здалося, што рэха прыляцела, адштурхнуўшыся якраз ад іх.

— Работнічкі! — паўтарыў ён, па-хлапечаму здаволены, што Валя і разведчыкі адсталі, і з прыемнасцю паглядзеў на жывое зялёнае мора, што ледзь пагойдвалася навокал узгорка.

Гэтае мора распасціралася велічна і бяскрайна. Агорнутае смугою, яно цямнела ўдалечыні і злівалася з небасхілам. Над ім, высока ў небе, плаваў каршачок, і Зімчук успомніў бой на паляне, загарэлага, як мулат, кулямётчыка, Шарупіча, Краўца. «Во як часам бывае,— падумаў ён пра Краўца.— А мог бы стаць чалавекам...»

Пад’ехала Валя і астатнія партызаны. Коні іх, шырока раздзімаючы ноздры, цяжка дыхалі.

— Добра вы ездзіце, таварыш камісар,— папраўляючы на спіне карабін, прастадушна сказаў рыжаваты разведчык у картовых штанах і пінжаку, падпяразаны паверх салдацкім рамянём, на якім вісеў наган у самаробнай кабуры з бліскучым, падобным на бусы, нямецкім шомпалам замест шнурка.

— Не, гэта ты ездзіш кепска.

— Некалі толькі Кравец так лётаў. Далі-бог,— не збянтэжыўся разведчык.— Прыгнецца да конскай шыі і — як птушка. Здаецца, наперадзе каня ляціць. У яго, калі памятаеце, сібірачок мышасценькі быў.

— Чаму гэта «ездзіў», «быў»? Памёр ён, ці што? — насмешліва спытаўся Зімчук.

— Дык вы ж ведаеце, таварыш камісар...

— Не хітры, я таксама хітры.

Разведчыкі, якія ехалі ззаду і пра нешта паціху размаўлялі, змоўклі: гаворка камісара з таварышам зацікавіла іх.

— Па-геройску ў вас тады ў Мглё атрымалася,— пахваліў Зімчук, і нельга было адразу зразумець, гаворыць ён сур’ёзна ці кпіць.— Ды дорага каштавала ваша геройства. Памятаеш старога пастуха? Расстралялі яго... Вось табе і Кравец. Заўважаў, як чаромха цвіце? І пышна, і пахне. А ўзятак пчолы з яе не бяруць.

— Няскладна выйшла,— пачырванеўшы, прызнаўся разведчык.— Як на тое павяло...

— І славакаў перавялі на ахову чыгункі. Так што Мглё — цвёрды цяпер арэшак,— сказаў Зімчук і замаўчаў аж да самых Лядаў.

Пасля бамбёжкі і пажару ён ехаў сюды ўпершыню: неяк не выпадала, ды і сорамна было заязджаць — у няшчасці лядаўцаў вінаваты былі і партызаны. Ці не яны наклікалі бяду?

Гэтае адчуванне пабольшала, калі, сагнуўшыся, Зімчук з Валяй увайшлі ў Лізавеціну зямлянку.

— Дзень добры,— збянтэжана прывітаўся ён, яшчэ не бачачы гаспадыні.

У зямлянцы было чыста, нават утульна. Печачка, сцены і столь пабелены, нары засцелены ўзорыстай зялёнай посцілкай, у кутку — пірамідка падушак, над аконцам — папяровыя, адмыслова выразаныя фіранкі, на аконцы — герань.

Лізавету папярэдзілі, і, калі Зімчук з Валяй паказаліся ў дзвярах, яна паспешліва засцілала абрусам стол.

— Заходзьце,— запрасіла Лізавета, бачачы, што тыя замарудзілі ля парога.

— Адкуль такое багацце? — жэстам абвёў зямлянку Зімчук, запознена здагадваючыся, што жарт яго не зусім дарэчы.

— Прыхавала, таварыш сакратар, як вы некалі раілі,— проста адказала Лізавета.— Дый мы самі не вельмі спадзяёмся на чыю-небудзь ласку. Справа немцаў — бамбіць, паліць, а наша — жыць.

Яна пазнала Валю, падышла да яе, абняла і, гладзячы па галаве, як госцю, якой трэба асаблівая ўвага, павяла да нараў.

— А ты тут сядай, Валечка... Ай-яй!.. Трэба ж, каб так сталася...

Гаспадыніны словы і клопаты не спадабаліся Валі, і яна насцеражылася. Ёй нават здалося, што ў яе за плячыма Зімчук пераміргнуўся з Лізаветай, і тая адразу асеклася. Валя спадылба паглядзела Зімчуку ў вочы, але падазронага ўжо нічога не заўважыла. Наадварот, і Лізавета і Зімчук выглядалі быццам весялейшымі.

— Чыталі нашу газету? — спыталася Валя.

Па Лізавеціным твары прабег цень.

— Чытала,— з натугай сказала яна, нібыта ёй цяжка было прызнацца ў гэтым.

— А што вяскоўцы гавораць? Я вам новых прывезла, раздайце людзям.

— Дзякую. Нашы хлопцы паперы дасталі. Так што, калі будзеце прывозіць рэгулярна, можам перадаць яе вам. У абмен, як кажуць,— сказала Лізавета і пачала пра іншае:— Я, Іван Мацвеевіч, хацела прасіць вас. Ці няможна надрукаваць і квіткоў у друкарні? Здаў чалавек цялё ці хлеба — дакумент яму. Лепей так...

— А чаму не,— паабяцаў Зімчук,— зробім.

— Пра Рунца нічога не чулі?

— Партызаніць пакрысе. Стаіць у вёсцы, на мяжы з другім раёнам. Мяркуе, што гэта робіць яго экстэрытарыяльным.

— Э-хе-хе...

Згінаючыся больш чым трэба, у дзвярах паказаўся ў сваіх ботах плытагона Аляксей Урбановіч.

— Мы прыбылі, таварыш камісар,— далажыў ён, не рызыкуючы выпрастацца і казырнуць.— Які загад будзе?

— Дамаўляйся вось ды ў дарогу.

— Нам дзве падводы трэба,— звярнуўся Урбановіч да Лізаветы.— Дайце, старшыня.

Лізавета спахмурнела, адвяла ад яго нездаволены позірк.

— Далёка? — не адразу спыталася яна.

— На золку вернуцца.

— Ваенныя тайны ўсё... Бярыце. Але з падводчыкамі, калі ласка.

— Гэта чаму ж? — зацікавіўся Зімчук, адчуўшы ў словах Лізаветы новы клопат.

— Хіба ім да коней, таварыш сакратар? Як прыехалі, кінулі, так і забыліся. А коні нераспрэжаныя, з падцягнутымі церассядзёлкамі чакаюць колькі загадана. Іншы раз прыгоняць, дык пазнаць цяжка — з перапалымі бакамі, кучаравыя, у пене...

Адмовіўшыся палуднаваць, Зімчук схадзіў да каваля і ўжо ў яго хаце запісаў у блакнот: «Улік. Коні. Памагчы лядаўцам чым можна. Вось табе і Лізавета!»

 

2

Хоць усе ехалі на конях — падрыўнікі на фурманках, Зімчук, Валя, разведчыкі — верхам,— пасоўваліся марудна. Штораз прыходзілася рабіць вялікія аб’езды, уброд пераязджаць раўчукі, фарсіраваць рэчку.

Зімчук спыняўся ў вёсках, заходзіў у хаты, у зямлянкі, гутарыў з сялянамі. Яго сустракалі ветліва, з радасцю ўспаміналі мінулае, частавалі.

І ўсё-такі на душы рабілася маркотна, горка. Здавалася, што вёскі ўвачавідкі старэюць, нешта ў іх вяртаецца з мінулага. Шмат дзе на перакрыжаваннях дарог выраслі высокія крыжы, дбайна апавітыя вышытымі ручнікамі. І ад гэтых крыжоў на людзей як бы клаўся цень. Няпэўнасць і трывога апанавалі людзей. Ад вёскі да вёскі зноў пацягнуліся забытыя жабракі, чарнакніжнікі-сляпцы, пакутніцы з Мінска, якія неслі мяняць на крупы і хлеб апошняе адзенне, мыла, сахарын.

Зімчуку шкада было сустрэчных людзей, было крыўдна — іх дабрабыт, жыццё залежаць ад дзікага выпадку, і пакуль што няма сіл узяць іх усіх пад сваю ахову.

Праўда, гэта быў не сорак першы, нават і не сёлетняя вясна — вёскі пачалі пакрысе ачуньваць, а разам з гэтым і пазбывацца бездапаможнасці. Насуперак самым здрадлівым захадам немцаў у іх аднаўляліся савецкія формы жыцця. Вёскі ператвараліся ў надзейнае звяно партызанскай абароны. Але і цяпер сюды наведваліся агонь, гвалт і смерць. Давялося праехаць па вёсцы з неастыўшымі яшчэ папялішчамі. Яе ўсю можна было акінуць вокам. Уцалелі толькі парыжэлыя голыя дрэвы ды недарэчныя пад адкрытым небам печы. Нават калодзежы былі ўзарваны. Праехалі і пакінутую вёску. Яна выглядала, бадай, страшнейшай за выпаленую. Вуліца яе зарасла спарышом. На хаты з забітымі вокнамі, на пахілыя платы — на ўсё ляглі адзнакі нябыту. І толькі па агародах было відаць, што часам тут, мусіць, з далёкага сіняга бору паяўляюцца людзі.

Ва ўзброеных касцах Зімчук часта пазнаваў партызан, адпушчаных на дзень-два з брыгады. Ён пад’язджаў да іх, пачынаў гаворку пра ўраджай, раіў звозіць снапы ў лес, малаціць там, а збожжа хаваць у ямах, даваў дазвол капаць бульбу паліцаяў, якія з сем’ямі ўцяклі ў гарнізоны...

Наблізіўшыся да чыгункі, сталі аб’язджаць населеныя пункты, выбіраць ціхія палявыя і лясныя дарогі. Разведчыкі, якія трымаліся раней блізка, цяпер толькі часам маячылі далёка наперадзе, калі выязджалі на ўзгоркі.

За кіламетры два ад леснічоўкі, дзе быў намечаны прывал, Зімчук адпусціў лядаўцаў, і падрыўнікі пайшлі пехатою.

Урбановіч усю дарогу ўнураны сядзеў на калёсах і нявесела глядзеў долу — на няроўную з выбоінамі каляіну, на калёсны вобад, шына з якога ў адным месцы ссунулася, і таму здавалася, што кола коціцца ў адным кірунку, а шына ўсё збочвае і збочвае ад яго, на ўпартую саломінку, якая ад самых Лядаў чырылася аб спіцы. Але цяпер Урбановіч крыху ажывіўся. Накульгваючы на адседжаную нагу, пайшоў побач з Зімчуковым канём.

Навокал усталёўвалася перадвячэрняя цішыня. Дрэвы, кусты, травы — усё замерла. Стала так ціха, што, калі б пільна прыслухацца, можна было пачуць, як падае на зямлю ліст. У гэтай насцярожанай цішыні цокат конскіх капытоў разлягаўся гулка, звонка. Але і ён быў незвычайны, мілагучны.

— Хораша,— сказаў Зімчук, кранаючыся Аляксеевага пляча.

— Такое лета! Заўтра зноў пагода. Бачыце, як разгуляліся,— паказаў той на слуп камароў, якія «таўклі мак».

— Але.

— Зараз бы кіпець усяму... Касавіца, уборка...

— І зяблевае ворыва, Аляксей! Раней таксама чамусьці напамінаць прыходзілася.

Зімчук па-сяброўску паляпаў Урбановіча.

— Што, Лізавета сапсавала настрой? А? Усыпала яна табе, трэба прызнацца, як багатаму.

Урбановіч узняў на Зімчука вочы і іранічна хмыкнуў.

— Я, Іван Мацвеевіч, селянін па крыві. Хоць перад вайной гады чатыры Мінск мураваў і лейцаў не трымаў у руках, павага да каня ў мяне ад нараджэння. Так што Лізавета не пра мяне гаварыла, а дзеля прафілактыкі. Яна хітрая. Дыпламат! А калі ўжо шчыра, дык я сёння зайздросціў кожнаму, хто касіў.

— Так, гэта — шчасце,— сур’ёзна пацвердзіў Зімчук.

— І вось праява! Чым больш падрываю, тым больш няўрымсціцца... Ім работы давай,— паказаў вялікія дужыя рукі Урбановіч.— Пачаў нават на кухню хадзіць дровы калоць. Пацеха! Там цяпер знарок самыя сукаватыя калодкі мне пакідаюць...

— Што ў вас з Зосяй Крывіцкай? Сур’ёзна? — нечакана спытаўся Зімчук, злез з каня на хаду і пакрочыў побач.

Урбановіч заўважыў, як у Зімчуковых вачах загойсалі вясёлыя іскаркі, і таксама нечакана адказаў:

— Вельмі сур’ёзна, Іван Мацвеевіч. А вы што, упікаеце мяне? Хіба гэта дрэнна?

— Не, важна, што сур’ёзна...

Папярэджаны разведчыкамі, ляснік сустрэў Зімчука і падрыўнікоў далёка ад дому.

— Вось не чакаў! — гукнуў ён і заспяшаўся наперад паказваць дарогу, нібыта ў гэтым была патрэба.

Увішны, рухавы, ён нікому не дазволіў дакрануцца да коней — сам рассядлаў іх, сам завёў у хлеў і прынёс паўнюткія рэзгіны травы.

Зімчук з ганка назіраў за клопатамі і мітуснёй гаспадара і думаў, якім трэба быць слаўным і адданым чалавекам, каб радавацца, што ў цябе прыбывае спраў. Ляснік быў сувязны, і ў ягоныя абавязкі ўваходзіла сачыць, дзе на падыходах да чыгункі немцы наладжваюць начныя засады, якія змены адбываюцца ў ахове самога чыгуначнага палатна. Вось і зараз ён з Урбановічам пойдзе ў ноч, ведае гэта і ўсё-такі здаволены і радуецца прыезду людзей, якія прывезлі яму лішні клопат.

— А як лес? — каб хоць добрым словам аддзякаваць гасціннаму гаспадару, спытаўся Зімчук, калі той, управіўшыся з коньмі, запрасіў у хату.

— Лес? — разгубіўся гаспадар.

— Ну, вядома! Мы яго, Пятровіч, яшчэ разам садзіць будзем. Такія пасадкі закладзём, што да вайны нават і не сніліся.

Ляснік доўга грукаў у кладоўцы пустымі кадушкамі, нешта варочаў, перасоўваў і, нарэшце, прынёс міску іскрыстага янтарнага мёду і буханку свежага духмянага хлеба. Гаспадыня сабралася была гатаваць яешню, але яе адгаварылі, спаслаўшыся на тое, што хутка пойдуць.

Паглядаючы толькі на Зімчука, якога ён бачыў за вайну ўпершыню, ляснік падрабязна распытваў пра падзеі на фронце, пра захады саюзнікаў і магчымыя планы немцаў, рабіў свае трапныя, разумныя заўвагі.

Вокны ў хаце былі адчынены. За імі панавала ранейшая насцярожаная цішыня. Толькі стала яна гусцейшая і больш глухая, быццам спавіла цэлы свет. На момант яе парушыў нямоцны, але выразны шум цягніка і прарэзлівы паравозны гудок, падобны да свістка манеўровай «кукушкі». Але і гэтыя гукі, спяшаючыся, прайшлі недзе бокам, выклікаўшы ў Зімчука амаль здзіўленне, што зусім блізка адсюль ідзе іншае жыццё, страшэнна далёкае ад таго, чым ён цяпер жыў.

 

У гэтай цішыні рушылі далей.

Ішлі моўчкі, часам спыняліся, прыслухоўваліся.

Урбановіч з лесніком пайшлі наперад. Іх давялося чакаць па ўзгорку, парослым рэдкім дубовым хмызняком. Узгорак, як выспа, узвышаўся над наваколлем, і з яго вяршыні ўдзень развіналіся шырокія далягляды. У час паходаў падрыўнікі тут рабілі днёўкі, чакаючы наступнай ночы і ведучы разведку. Жанчыны і падлеткі з бліжэйшай вёскі прыносілі ім сюды ў клуначках, як на сенажаць касцам, яшчэ цёплую сопкую бульбу ды белены крупнік.

Ведаючы, што цяпер нічога не ўбачыш, Зімчук, аднак, падняўся на вяршыню ўзгорка.

Усё наваколле ахіналі начныя змрокі. Праз іх злева выступалі цёмныя абрысы лесу. Поле ж навакол выглядала шэрым і адразу ад узгорка гублялася ў цемры. Толькі ў адным месцы неба на гарызонце пачынала святлець і налівацца чырванню: недзе займаўся пажар.

Зімчук адгарнуў рукаў і паглядзеў на компас. Калі стрэлка стала вастрыём па поўнач, зарыва аказалася якраз па азімуту, які Зімчук па звычцы засек яшчэ ў леснічоўцы. «Ці не ў Яшы Зарэцкага? — падумаў ён хвалюючыся.— Во ліха! Няўжо немцы апярэдзілі?» Але зарыва не ўзнімалася высока, не асвятляла хмар — значыць, было вельмі далёка.

— Каб вас саміх спаліла агнём! — скляў далёкага ворага Зімчук і гукнуў.— Валя! Ты таксама паедзеш з намі!..

Захацелася як мага хутчэй трапіць да Зарэцкага.

Стала зусім цёмна. Разы два-тры нізка, над зубчастым лесам, з хмар вынырваў бледны месяц, але кожны раз пасля гэтага рабілася яшчэ цямней.

Высветлілася, што немцы абапал палатна працягнулі дрот і калі зачэпіш яго,— адно з двух: або ўзарвецца міна, або шугане ракета. Таму чыгунку вырашылі пераходзіць недалёка ад семафора бліжэйшай станцыі — там, дзе ахова менш усяго чакала партызан і паблізу не было дзотаў і кулямётных гнёзд. Перавёўшы Зімчука, Урбановіч павінен быў паставіць на палатне міну і ісці з групай на падрыў чыгуначнага моста.

Не даходзячы да палатна, спыніліся. Наперад на каленях, старанна абмацваючы кожную пядзю зямлі, нібы ён нешта згубіў і цяпер шукае, папоўз Урбановіч. За ім адзін за адным падаліся астатнія. На паласе адчужэння ў гэтым годзе сеяць было забаронена, і пад рукі, лёгка ламаючыся, трапляў кволы леташні ржэўнік ды халодная росная трава. Урбановіч навобмацак пазнаваў шорсткі купчасты пырнік, каленчатае мясістае сцябло горкага драсёну і, клапатліва рассоўваючы іх, чакаў знаёмага дотыку да дроту. Нарэшце ён дакрануўся да яго. Чамусьці ўспомнілася Зося, яе гордая галава і цёмныя гуллівыя вочы. Пад сэрцам трывожна засмактала.

У гэты момант з начнога змроку выплыў і пачаў расці шум цягніка. Адчуўшы, як захваляваліся за ім таварышы, Урбановіч зморшчыўся. Непаспешліва правёў па дроце рукой. У адным месцы, як чакаў, наткнуўся на здрадлівае адгаліненне і кусачкамі адшчыкнуў яго. Ён хацеў перашчыкнуць і напяты дрот, але раздумаў і падаў знак. Стоячы на каленях, браў кожнага, хто падыходзіў, за руку і даваў яму памацаць дрот, а потым сачыў, як таварыш, высока падымаючы ногі, асцярожна пераступаў цераз яго.

Цягнік ішоў паволі, без агнёў, асцярожна пыхкаючы парай. Нават грукат яго колаў быў прыцішаны, няўпэўнены, нібы ён баяўся на што-небудзь наткнуцца ў цемры.

— Шанцуе,— схіляючыся да Зімчуковага вуха, сказаў Аляксей.— Калі дазволіце, будзем пераходзіць пад шумок. Адразу за апошнім вагонам. Самае надзейнае...

Яны спусціліся ў кювет і папаўзлі на насып. Над галавой з нечаканай хуткасцю і грукатам пранеслася важкая чорная аграмадзіна з вогненнай плямай пад чэравам, а затым, як здалося, яшчэ шпарчэй, з дробным перастукам, пабеглі вагоны. Твары абдаў узняты цягніком вецер, дыхнула знаёмым пахам чыгункі — жвірам, мазутам, гарачым жалезам. Каб не запарушыла вачэй, Зімчук прыкрыў іх далоняй.

 

3

Атрад Яшы Зарэцкага стаяў у невялікай лясной вёсцы. Дакладней — тут размясціліся штаб і адзін узвод. Рэшта атрада знаходзілася ў суседніх населеных пунктах.

Наогул Зімчуку не падабалася, што партызаны жывуць у вёсках. Гэта ставіла вяскоўцаў пад удар і аблягчала праціўніку весці разведку. Але пры цяперашнім размаху партызанскага руху гэта стала бадай што неабходнасцю, і ён згадзіўся, каб сёй-той пакінуў лясныя лагеры. Так пачаўся цікавы працэс — мірнае насельніцтва памкнулася ў лясы, а насустрач яму, у вёскі, рушылі партызаны.

Зімчук знайшоў Яшу Зарэцкага не ў штабе, а на кватэры, дзе ён жыў са сваім ардынарцам.

На ўсім тут — ад свежавыбеленых сцен да засцеленага карункавай вязанай сурвэткай стала з патэфонам і кнігамі — ляжаў адбітак клапатлівых жаночых рук. На вокнах і ўздоўж пярэдняй сцяны стаялі вазоны, проста на падлозе — вялікі разгалісты фікус. На нізенькім услончыку — падобная на ядловец ёлачка, што трымалася на драбінцы, афарбаванай у ружовы колер, усыпаныя кветкамі аганькі, чырвона-зялёныя бальзаміны з іх дзівоснымі празрыстымі стручочкамі, якія трэскаюцца і пырскаюць насеннем пры адным дотыку. Толькі аўтамат і запасныя дыскі, што віселі над ложкам, ды школьная карта СССР з нанесенай на яе лініяй фронту нагадвалі аб тым, што адбывалася за сценамі пакоя.

— А жывеш ты нядрэнна,— замест прывітання сказаў Зімчук, увайшоўшы ў пакой.

— Люблю парадак,— крыху збянтэжыўся Яша Зарэцкі і, паружавелы ад радасці, пайшоў насустрач. Ён узяў з рук Зімчука шынель, павесіў яго на сцяну і загадаў некаму ў акно, каб размясцілі прыехаўшых па хатах.

— Адкуль ты ведаеш, што я да цябе надоўга? — ухмыльнуўся Зімчук.

— Здагадваюся, Іван Мацвеевіч! — Яша Зарэцкі звыклым рухам адкінуў валасы назад і, счакаўшы, пакуль Зімчук сядзе, сеў сам.— Нават здагадваюся, па якой справе...

Зімчук увесь час адчуваў, што ў абліччы Яшы Зарэцкага адбылася нейкая змена, але толькі цяпер заўважыў, што той гадаваў бараду. Цёмная, кучаравая, яна рабіла яго твар сталейшым і адначасова адцяняла хваравітую бледнасць.

— Цяпер на бароды мода,— сказаў Зімчук.

— Гэта несправядліва, Іван Мацвеевіч,— загаварыў Яша Зарэцкі пра іншае.— Паміж атрадамі павінен таксама існаваць падзел працы.

— Пачакай,— перапыніў яго Зімчук, разумеючы, што выклікае ў Зарэцкага пратэст.— Ты скажы, Яша, спачатку, чаму марудзіш і не аб’ядноўваешся з суседнімі групамі. Чаму не ўцягваеш у барацьбу вяскоўцаў?

— У мяне не менш узарваных цягнікоў, чым у другіх.

— Ты не адказваеш на пытанні.

— Гета, можа, дажывае апошнія месяцы... Маці, калі адпускала мяне з Мінска, казала так: «Я пажыла. А табе трэба жыць, ідзі і не думай пра мяне». Але я не магу не думаць..

— Ты бачыў учора зарыва?

— Бачыў... Гэта гарэлі Каланіцы...

— Дык, значыць, паміраюць не толькі ў гета.

Прыгожыя вочы ў Яшы Зарэцкага пацямнелі.

— Але там памірае больш.

— Ды ўсё роўна, як можна забывацца на тых, што кормяць нас, прыкрываюць ад ворага? І чаму ты думаеш, што калі аб’яднаешся з суседзямі, то менш будзеш удзяляць увагі Мінску? А вясковыя хлопцы звяжуць цябе з навакольнымі людзьмі, памогуць глыбей пусціць корані.

Нездаволенасць, якая была ў Зімчука і пабольшала, калі ён увайшоў у чысценькі мірны пакой, пачала развейвацца. Яму нават стала прыемна, што Яша Зарэцкі здолеў так уладкаваць побыт і, безумоўна, зрабіў такім жа побыт сваіх партызан.

Атрад, як і раней, астаўся пераважна маладзёжна-камсамольскім. Гэта накладала на яго своеасаблівы адбітак. Аперацыі і дыверсіі ў Зарэцкага былі смелыя, імклівыя.

Унутраны ўклад жыцця шмат у чым нагадваў маладзёжную камуну. Тут была разгорнута мастацкая самадзейнасць, аматары літаратуры выпускалі спецыяльны ілюстраваны часопіс, пісалі гісторыю гета і свайго атрада. Вызвалены ад каравульнай службы і гаспадарчых работ мастак маляваў эцюды з лагернага жыцця і кампазіцыі на сюжэты, зразумелыя і дарагія партызанскаму сэрцу: «На аганёк», «Падрыў эшалона», «Партызанская прысяга», «На новую базу». Атрад меў нават кінаперасоўку і дзве стужкі, дзесяткі разоў склееныя. Тут кожны ўсведамляў важнасць таго, што рабіў, кожны верыў, што справы атрада некалі ўвойдуць у гісторыю, і імкнуўся быць вартым гэтага. І таму ўпэўнены, што Зарэцкі сам дадумае астатняе, Зімчук загаварыў пра новы клопат.

— Мы хочам прасіць з Мінска табе камісара. Гарадскі камітэт можа прыслаць...

— Ну што ж, я згодзен,— паволі пазмрачнеў Зарэцкі. Ён механічна ўзяўся пальцамі за вастрыё бальзамінавага стручка, і той, узарваўшыся, з кароткім трэскам пырснуў насеннем.

— Ого! — здзівіўся Зімчук і зрабіў тое ж самае.— Але ты не пра ўсё здагадаўся. Я прыехаў з прапановай. Атрад у зборы?

Твар у Зарэцкага — худы, але прыгожы, з тонкімі, амаль дзявочымі рысамі — стаў уважлівы.

— Адной групы няма. Пайшла пад Мінск. З гета прыбывае новая партыя. Там паніка. Немцы збіраюцца разбіць гета на раёны. Адгарадзілі ўжо гамбургскіх. Нашых жа хочуць падзяліць на спецыялістаў і неспецыялістаў.

— Раздзяляй і знішчай — знаёма,— уздыхнуў Зімчук.

— Устанаўліваюць такім чынам чаргу — дзе і калі праводзіць пагромы. А заадно надзеяй, што цябе не заб’юць, а калі заб’юць, то пазней, чым астатніх, думаюць падкупіць спецыялістаў і супакоіць гамбургскіх. Дый гаспадарнікі пратэстуюць супроць цякучасці рабочай сілы на прадпрыемствах.

— А што падпольшчыкі?

— Растлумачваюць... Спецыялісты не пераязджаюць у прывілеяваныя кварталы. Заблытваецца ўлік, заключаюцца фіктыўныя і сапраўдныя шлюбы, у сем’і спецыялістаў уключаюцца ўсе блізкія і далёкія сваякі...

— Та-ак,— працягнуў Зімчук.— А я хацеў прапанаваць табе вывесці са строю лесапілку і вузкакалейку. Разумееш?

— Ну што ж, пашыраць барацьбу, дык пашыраць,— падумаўшы, сказаў Зарэцкі і накінуў на плечы скураное паліто.— А пра што вы гаварылі, Іван Мацвеевіч, мяне самога мучыла. Я не Рунец... Пайду распытаю разведчыкаў.

Вярнуўся ён занепакоены і паведаміў, што на лесапільны завод прыбыў атрад аўтаматчыкаў на чале з Вейсігам і там тэрмінова распачалі работы па збудаванню драўляна-земляных умацаванняў.

 

4

«А што калі іх сапраўды не напалохаеш смерцю?» — каторы ўжо раз думаў Вейсіг, і перад ім зноў і зноў усплываў строгі твар Рыгора Вераса, які глядзеў на яго калючымі прыжмуранымі вачыма. Асабліва тады ўразіла каменданта, што ў гэтых вачах ён не знайшоў і ценю перадсмяротнай тугі. У іх былі нянавісць, знявага і веданне нечага свайго — і ўсё. Нешта падобнае, ідучы па заводзе, заўважаў Вейсіг у вачах рабочых і цяпер. Праўда, гэта не вельмі турбавала яго і займала пастолькі, паколькі датычылася каменданцкіх абавязкаў. Вейсіга перш за ўсё цікавіў практычны бок пытання: якія канкрэтныя захады ў такім выпадку павінен ужыць ён, камендант раёна, што павінен зрабіць, каб наладзіць патрэбныя ўзаемаадносіны паміж пераможцамі і пераможанымі, якія нават пад пісталетам не хочуць прызнаваць ні тваёй сілы, ні твайго права? Але знайсці адказы на гэтыя пытанні было важна. Тым больш што пасля інспекцыі лесапільнага завода Вейсіг збіраўся ехаць у Мглёўскі гарнізон.

Дзёрзкі налёт на Мглё падказаў Вейсігу, у якім кірунку будзе разгортвацца дзейнасць партызан. Заклапочаны Вейсіг паслаў рапарт па начальству, патрабуючы прысылкі двух ахоўных батальёнаў СС для тэрміновай карнай экспедыцыі. Аднак, насуперак яго чаканням, батальёнаў яму не далі. У адказе на рапарт, між іншым, пісалася, што дробныя карныя экспедыцыі наогул ужо не даюць жаданых вынікаў і часта канчаюцца разгромам карных груп. У якасці прыкладу прыводзілася няўдалая экспедыцыя пад камандаваннем яго, Вейсіга. Адначасна загадвалася ўзмацніць ахову чыгункі і ўмацаваць наяўныя гарнізоны з тым, каб апярэдзіць партызан і даць магчымасць падрыхтаваць буйную аперацыю, што дазволіла б весці баі на поўнае знішчэнне праціўніка.

Загад — умацаваць гарнізоны — Вейсіг зразумеў так, як і трэба было зразумець. Ён вырашыў пашырыць у гарнізонах сістэму ўмацаванняў, палепшыць сувязь, а галоўнае — навесці жалезны парадак сярод насельніцтва саміх умацаваных пунктаў. Асабліва бязлітасныя і масавыя рэпрэсіі Вейсіг намеціў правесці ў Мглё. Было ясна, што налёт партызан на вёску ў той час, калі адсутнічала большасць салдат, не мог быць выпадковым. Апанаваны помстай, Вейсіг вырашыў, што і самі рэпрэсіі павінны, па-першае, быць незвычайнымі і, па-другое, пагалоўнымі ў межах адной сям’і. Незвычайнасць зробіць кару страшнейшай. Пагалоўнае ж знішчэнне патрэбна для прафілактыкі. Бо тыя, што астануцца жывымі,— сын, дачка — будуць помсціць за смерць бацькоў. Не даруюць, вядома, смерці дзяцей і бацькі. Значыць, ні ў якім разе нельга не даводзіць справы да канца.

Усё гэта здавалася разумным, абяцала поспех. І раптам, як і той раз, калі дапытваў Рыгора Вераса, усплыла непрыемная, назойлівая думка: «А што калі іх не напалохаеш смерцю?..»

Вейсіг ішоў па заводзе, грэбліва пазіраючы навокал і крывячыся ад нязвыклых рэзкіх гукаў. За ім крочылі шэф завода — сыты пажылы мужчына ў форме оргтодаўца, перакладчык і два аўтаматчыкі.

Станкі чохалі лена і важка. Пранізліва звінелі пілы цыркулярак. І час ад часу, заглушаючы ўсё, скавытала канцарэзка. Усюды снавалі рабочыя: клалі на ваганеткі дошкі, неслі аполкі да канцарэзкі, каламі накатвалі бярвенні. Але два станкі не працавалі, і Вейсіг, шукаючы выйсця для злосці, накіраваўся туды.

Рама ў бліжэйшым станку была паднята, і рабочыя мянялі пілы. Станковы малатком выбіваў з іх жалезныя кліны, і яны са звонам падалі на супрацьлеглым баку ў скрынку, якую над галавой трымаў памочнік станковага.

— Чаму яны не працуюць? — з пагрозай пазіраючы на перакладчыка, голасна спытаў Вейсіг.

— У калодзе аказаўся цвік,— адказаў станковы, працягваючы выбіваць кліны.— Трэба змяніць пілы.

— А чаму не працуюць там?

Вейсіг цераз плячо паказаў пальцам на другі, большы станок і пачаў разглядаць толькі што распілаваны брус з няроўным пакручастым рэзам пасля таго месца, дзе пілы наскочылі на жалеза.

— Той станок абразае для нашага калоды і даў ужо запас. Яму няма як рабіць далей,— растлумачыў станковы.

— Гэта ёсць шкодніцтва? — злуючыся, што ніхто з рабочых не падыходзіць, мацней запытаўся Вейсіг.

Станковы пацепнуў плячыма.

— Я хачу чуць твой адказ! — яшчэ больш узняў голас Вейсіг, звяртаючыся ўжо непасрэдна да станковага.

— Мне, канешне, невядома, што робіцца на складзе,— упарта паглядаючы толькі на перакладчыка, сказаў станковы.— Але такія выпадкі здараліся і да вайны...

— І часта?

— Як шанцавала.

— Што?

— Як шанцавала.

Вейсіг закашляўся і зрабіўся барвовым. Потым, аддыхаўшыся, наблізіўся да станковага і закрычаў яму ў твар:

— А штодзённыя аварыі і прастоі — гэта, па-твойму, таксама шанцуе? А пажар у машынным аддзяленні і міна ў качагарцы — таксама?..

Ён ужо не звяртаў увагі на перакладчыка і кідаў, кідаў словы, наступаючы на станковага.

— Я не разумею па-нямецку,— нарэшце выбраўшы момант, сказаў станковы.

— Вас? — ашалела закрычаў Вейсіг і зверху ўніз зірнуў на нізкарослага перакладчыка.

— Пан капітан пытае цябе, чым ты наогул можаш вытлумачыць, што на заводзе штодзённа здараюцца непаладкі: аварыі, дыверсіі, прастоі...

— Пра гэта няхай ён спытаецца ў пана шэфа. Той павінен ведаць аб усім,— бляднеючы, адказаў станковы.— А я тут ні пры чым. Проста не ведаю.

Вейсіг зірнуў на малаток у руцэ станковага, рэзка павярнуўся і адышоў ад станка. Але потым, нібы нешта ўспомніўшы, кінуў аўтаматчыкам:

— Узяць! — і, не аглядаючыся на групу, якая падалася следам за ім, дадаў: — Калі іх сапраўды нельга скарыць, дык затое можна знішчыць.— Яму спадабалася, што ў яго атрымалася нешта накшталт афарызма, і ён паўтарыў: — Але, можна знішчыць.

— Магчыма,— неахвотна пацвердзіў ззаду шэф, не ўлоўліваючы паслядоўнасці ў думках каменданта.

Вейсіг падышоў да другога станка. Яго станковы — худы, пануры мужчына — сядзеў на скрынцы, такой жа, у якую выбівалі кліны з першага станка. Астатнія рабочыя стаялі наўкола. Праз адчыненыя ў бакавой сцяне вароты Вейсіг убачыў, што і на падворку таксама сядзяць рабочыя, каля якіх, дрымотна прыпаўшы на заднюю нагу, стаіць конь.

— Чаму не працуеце? — зноў запытаўся Вейсіг, ужо не лічачы патрэбным хаваць сваю непрыязнасць.

— Пробка, як раней у нас называлі,— адказаў станковы, як бы не заўважаючы раз’юшанасці каменданта.— Наш станок калода прайшла, а там не пашанцавала... Не толькі зубы пасадзіла, а і пілу адну парвала. Скруціла, як бяросту.

— Зноў не пашанцавала?

— А як жа? Вайна... Гэтых асколкаў у кожным бервяне знойдзеш. Параненых дрэў цяпер мо больш, чым людзей.

— Ды там жа цвік,— збіты з тропу, не знайшоўся сказаць нічога іншага Вейсіг.

— А-а, цвік... Ну, тады, значыць, з плытоў яшчэ...

«А ён жа здзекуецца, падлюга»,— шалеючы, падумаў Вейсіг і толькі тут заўважыў, што станковы сядзіць і што яго нядвухсэнсоўна тузаюць за крысо спяцоўкі.

— Устаць, скаціна! — гаркнуў ён, шукаючы вачыма аўтаматчыкаў, якія яшчэ не вярнуліся.

Станковы падняўся.

— Пане камендант! — асцярожна па-нямецку папрасіў Вейсіга шэф.— У мяне завод тады можа спыніць работу.

— Што-о? Я вас не разумею.

— Тут працуюць рабочыя, прымусова набраныя з вёсак і мястэчка. З іх мала хто ўмее працаваць нават на простай канцарэзцы.

Шэф зрабіў рукамі рух, які робяць канцарэзчыкі: як бы прытрымаў левай рукой аполак і энергічна пацягнуў да сябе правую, быццам трымаў ручку ад рухомай круглай пілы.

Вейсіг паціснуў плячыма і пагардліва фыркнуў:

— Мне няма ніякай справы ні да вашых станкоў, ні да вашых канцарэзак, калі на іх працуюць бунтаўшчыкі.

— У добрай працы завода асабіста зацікаўлены гебітскамісар, пане камендант...— ужо больш настойліва сказаў шэф.— А калі вы хочаце пакараць бунтаўшчыкоў, то... іх можна знайсці за спіною гэтага кваліфікаванага рабочага.

— Гм! — чмыхнуў Вейсіг і перавёў свой позірк з станковага на другіх.

Каля станковага стаялі чатыры чалавекі: худы суровы стары ў зрэбнай кашулі і світцы, сутулаваты, без шапкі, мужчына год пад пяцьдзесят, з украінскімі адвіслымі вусамі, і два юнакі, на плячах у якіх былі выглянсаваныя аполкамі скураныя лямкі-падушкі.

Вейсіг чамусьці звярнуў увагу на сутулаватага рабочага. Ці таму, што ён зняў шапку, ці таму, што глядзеў на каменданта проста, без панурасці, нават з цікаўнасцю, рабочы здаўся Вейсігу найбольш падыходзячым для гаворкі і далейшага нядоўгага суда.

— Чаму дрэнна працуеш? — звярнуўся ён да рабочага.

— Знясілеў народ, пане камендант,— нечакана голасна адказаў рабочы, нібы ён адказваў не аднаму каменданту.— Галодны народ. Стаіш вось і пілуеш, а здаецца, што пілы па сэрцы ходзяць.

Такога адказу Вейсіг не чакаў. Да таго ж ён адразу не зразумеў, што хаваецца ў словах рабочага — звычайная скарга, на якую дарэчы магчыма даць сякія-такія тлумачэнні, або зноў выклік. У той жа час ён здагадаўся, што ўвесь цэх насцярожана сочыць за ім, пільнуе яго кожны рух, заўважыў, што нават з акенца машыннага аддзялення, нібы ненарокам, паказалася галава машыніста ў зашмальцаванай старой кепцы. І адчуў, што ва ўпартасці рабочых, у нявыкрытай, але, безумоўна, агульнай іх згодзе хаваецца небяспека асабіста яму. Тут не смярдзючы засценак, прапахлы крывёю, крэалінам і цвіллю, дзе перад табою адзін знясілены, падвешаны за вывернутыя назад рукі чалавек; не ўтульны кабінет, куды спецыяльна натрэніраваная ахова прыводзіць скатаваную ахвяру; нават не вясковая плошча, куды аўтаматчыкі сагналі натоўп і трымаюць на мушцы падазроныя рухі, а завод! Тут кожны, хто стаіць ля станка, ваганеткі, што-небудзь трымае ў руках. Кожны ўвесь час адчувае плячо таварыша, верыць у яго падтрымку і сам гатовы падтрымаць яго. Тут, вядома, ёсць свая арганізацыя, якая кожнаму вызначыла месца, аб’яднала ўсіх адзінай воляй. А галоўнае — ён, Вейсіг, па сутнасці, астаўся сам-насам з гэтым згуртаваным быдлам, якога, відаць, не напалохаеш нават смерцю. Бо нельга ж сур’ёзна лічыць сваімі ахоўнікамі згрыбелага шэфа і заўсёды потнага, з вінаватымі, як у злодзея, вачыма перакладчыка. Салдаты ж недзе далёка, на ўскраіне заводскай тэрыторыі, будуюць бункеры і дротавую загароджу. Яны, вядома, не пачуюць ні яго ляманту, ні пісталетнага стрэлу, калі ён і ўправіцца стрэліць. Яго падамнуць раз’юшаныя людзі, кінуць, як падлу, пад падлогу, у мурло, і, засыпанага пілавіннем, у тачцы вывезуць куды трэба.

Вейсіг пахаладзеў. Але ўзбуджанасць і лютасць у яго не паменшылі. Яны туманілі розум, штурхалі да дзеяння. Дрыжачай рукой ён пацягнуўся да кабуры і, расшпільваючы яе, прасіпеў, бачачы толькі твар сутулаватага рабочага без шапкі:

— Я цябе зараз накармлю, скаціна!.. Васьмю грамамі...

Але ў гэты час адбылося тое, чаго ён менш за ўсё чакаў: стала паступаць цішыня. Яна як бы ўваходзіла ў шырачэзныя вароты цэха адтуль, са склада, дзе сінела неба і відны былі штабялі залатых дошак, узнімалася пад высокі дах, спавівала ўсё. Цяжка ўздыхнуўшы некалькі разоў, з кожным разам больш глыбока і працягла, замерлі пілы ў станках. Перайшоўшы на бас, з нейкім нездаволеным вурчаннем, змоўклі цыркуляркі. Нібы захліпнуўшыся на самай высокай ноце, абарвала свой віск канцарэзка. Пасля сціх і нячутны раней мерны і прыемны шоргат пасоў і шківаў.

Спалохана зірнуўшы на апаплексічны Вейсігаў карак, шэф кінуўся да акенца ў машыннае аддзяленне. За ім з заклапочаным выглядам пабег і перакладчык.

Вейсіг міжвольна таксама павярнуўся. Але, павярнуўшыся, ужо не знайшоў у сабе сілы, каб зноў сустрэцца вачыма з рабочымі, і важкай, падкрэслена цвёрдай хадою накіраваўся да выхаду. Калі ён мінаў акенца, да яго даляцелі словы машыніста. Машыніст падрабязна і доўга дакладваў шэфу, што парваўся машынны пас, і пытаўся, што рабіць, бо ў яго няма ніводнага сшывальніка. Не спыняючыся і ўжо баючыся азірнуцца, Вейсіг выйшаў з завода. Але тое, што ён убачыў, прымусіла яго збялець і забыцца на ўсё астатняе.

 

5

Перад вачыма Зімчука была вузкакалейка. Яна выбягала з-за маладога бярэзнічку, перасякала лясную дарогу і, выпрастаная, імкнулася да адной далёкай кропкі. Лес падыходзіў да насыпу даволі блізка, і цені ад вяршалін дрэў клаліся проста на палатно. Ад гэтага вузкакалейка набывала паласаты і мірны выгляд. Зімчука на момант пацягнула падняцца на насып і, шырока, па-хлапечаму размахваючы рукамі, пакрочыць па палатне. Нават нагадалася басаногае дзяцінства і вострая цікаўнасць да чыгункі з яе строгім парадкам, няспынным рухам і сваім ні на што не падобным жыццём. Але гэта думка-жаданне саступіла месца насцярожанасці і варожасці, як толькі з-за бярэзнічку данеслася далёкае грукатанне цягніка.

Хоць у гэтым не было ніякай патрэбы, Зімчук прыклаў да вачэй бінокль і адрэгуляваў бачнасць. З туманнай смугі з незвычайнай акрэсленасцю выплылі прадметы, фарбы зрабіліся чыстыя і яркія.

Неўзабаве на лясной дарозе з’явілася падвода. Слабасільны конік ледзьве цягнуў на распушчаных калёсах таўшчэзнае бервяно. Намагаючыся з усіх сіл, ён смешна заграбаў пярэднімі нагамі і з адчаем махаў галавою. Побач, з лейцамі ў руках, ішоў селянін. Ён панукаў коніка, шморгаў лейцамі і раз-пораз паглядаў на паваротку вузкакалейкі. Нечакана на пераездзе конік ірвануўся ўбок, і пярэдняе кола, саслізнуўшы з насцілу, трапіла між рэек. Цяжка дыхаючы і чакаючы, што зараз на яго пасыплюцца ўдары, конік спыніўся. Селянін узмахнуў рукамі і таргануў за лейцы. Конік парывіста крутнуў галавою і зноў напяўся з усяе сілы. Але кола ніяк не магло пераскочыць цераз рэйку, а толькі коўзалася ўздоўж яе, пакуль увесь перадок і адно задняе кола таксама не з’ехалі з насцілу.

У гэты час з-за павароткі паказаўся цягнік. Вясёлы паравозік спускаў пару, і па абодва яго бакі цягнуліся доўгія, малочнага колеру вусы. Потым такая ж малочная пасмачка вырасла над ім і таксама адхілілася назад. Пачуўся тонкі, пагрозлівы свісток.

Чалавек ля калёс захваляваўся і ўдарыў каня пугай. Той падскочыў, ірвануўся і бездапаможна стаў, касавурачыся на гаспадара і, відаць, трасучыся ўсім целам ад навалы гукаў, што насоўваліся на яго.

Цягнік спыніўся каля самага пераезда. З тармазных пляцовак пачала саскокваць ахова. Няшчадна лаючыся і пагражаючы кулаком, з паравозіка злез машыніст і першы кінуўся да падводы.

Зімчук ляпнуў Зарэцкага па спіне і ціха засмяяўся:

— Дакладна па распісанню, Яша!..

— Трэба думаць, хто гэтае распісанне складаў,— азваўся Зарэцкі і ўхмыльнуўся.— Значыць, і мы нешта ўмеем.

— Добра, хопіць помсціцца,— лагодна сказаў Зімчук.— Давай во загад...

Машыніст падскочыў да селяніна і спрытна, па-баксёрску, ударыў яго. Селянін адхіснуўся і схапіўся за твар. Пасля ўсе — машыніст, салдаты і нават яфрэйтар кінуліся да калёс. Не звяртаючы ўвагі на коніка, які дрыжаў і касавурыўся, яны пачалі пхаць воз, упіраючыся ў бервяно і колы. «Чаму яны так захваляваліся? З якой прычыны так хваравіта рэагуюць на выпадковую дробязь? Ці не ёсць гэта падсвядомае адчуванне сваёй асуджанасці?» — падумаў Зімчук і, убачыўшы, як маўкліва, бясшумна падняліся партызаны, таксама выйшаў з укрыцця.

Немцы заўважылі партызан, калі тыя ўзышлі ўжо на насып. Салдаты, машыніст, яфрэйтар аслупянелі. І Зімчук зноў падумаў, што ён ніколі не бачыў, каб у такім узрушэнні былі партызаны, хоць і ім выпадала трапляць у складанае становішча. Наадварот, з уласнага вопыту Зімчук ведаў: чым большая пагражала яму небяспека, тым яснейшай рабілася свядомасць, тым хутчэй працавалі думкі і хутчэй прыходзілі рашэнні.

Немцаў акружылі ўмомант. Калі Зімчук падбег да іх, яны ўжо стаялі, падняўшы ўгору рукі, з шэрымі, зямлістымі тварамі і з вачыма злоўленых зладзеяў. Адзін партызан — рослы спрытны хлапчына ў шапцы з нашытай на аколышы шырокай чырвонай стужкай — адбіраў ад іх гранаты з доўгімі драўлянымі ручкамі і дзелавіта складаў іх на адну руку, як дровы. Яша Зарэцкі з ардынарцам здымалі з салдат рамяні з патранташамі і абшуквалі кішэні. Калі чарга дайшла да яфрэйтара, ён разгублена адступіў назад і, быццам ад некага засланяючыся, выставіў перад сабою рукі.

— Ну-ну, не жартуй! — нявесела сказаў Яша Зарэцкі і пагразіў пальцам.

Навокал засмяяліся.

Яфрэйтар уцягнуў галаву ў плечы, як крутагаловік, павярнуў яе спачатку ў адзін, потым у другі бок і схапіўся за кабуру. Яму ўдалося ўжо выхапіць парабелум, калі салдат, які стаяў побач, кароткім моцным ударам выбіў з яго рукі пісталет і, падставіўшы ножку, зваліў на зямлю. Салдат хацеў быў кінуцца на яфрэйтара, зрабіў імклівы рух да яго, але стрымаўся, плюнуў і паказаў на парабелум.

— Вазьміце,— сказаў ён Зарэцкаму з моцным акцэнтам па-руску.

Праз хвіліну партызаны гаспадарылі каля саставу. У адным з вагонаў знайшлі муку. Мяхі з недарэчнымі сіняватымі арламі, якія трымалі ў кіпцюрах вянкі са свастыкай, адзін за адным паплылі ў лес. Адтуль на іх месца неслі загадзя нарыхтаваныя кулі саломы, карчы, кацілі бочкі з газай і смалою. Барадаты Яша Зарэцкі ў шапцы чыгуначніка, якую недзе дасталі яму хлопцы, палез на паравозік прымацоўваць да трубы чырвоны сцяжок. Баграмі, знойдзенымі тут жа, у вагонах, ірвалі тэлефонны дрот.

Хутка, наладаваны гаручым, цягнік рушыў далей. Паравозік, агалошваючы наваколле вясёлымі свісткамі, набраў хуткасць. Замільгалі тэлефонныя слупы, кусты, дрэвы.

Як толькі цягнік мінуў развілку, задымілі ўсе вагоны. Робячыся ўсё гусцейшым і чарнейшым, дым імгненна спавіў састаў і, як у віры, закруціўся за апошнім вагонам. Было падобна на тое, што паравозік ставіць дымавую заслону. Сям-там з вагонаў вырваліся языкі полымя. Іх, як і дым, адносіла назад, але яны не адрываліся ад вагонаў, а выцягваліся, трапяталі, раслі.

Калі Яша Зарэцкі саскочыў з паравозіка і, не захаваўшы раўнавагі, пакаціўся ў кювет, састаў гарэў, як факел. Цяпер ужо здавалася, што паравозік не ставіць дымавую заслону, а, напалоханы тым, што робіцца ззаду, з усіх сіл намагаецца адарвацца і ўцячы ад агню і дыму. Лёгка, не збаўляючы хуткасці, ён пратараніў заводскія вароты і, ахоплены полымем, уварваўся на тэрыторыю завода, спрэс устаўленую штабялямі дошак і шпал.

К поўначы на вузкакалейку пачалі збірацца сяляне з далёкіх і навакольных вёсак. Большасць іх ішла пехатою, несучы на плячах ламы, колікі, лапы, рыдлёўкі. Некаторыя ехалі верхам. На конях былі адзеты рэлейныя хамуты, і коннікі трымалі каромыслы.

Завод яшчэ гарэў. Заліўшы палову неба чырванню, трапятала зарыва. Было яно такое яркае, што клалася водсветам на рэйкі і нават на суровыя, заклапочаныя твары людзей.

Людзі моўчкі падымаліся на насып і следам за сваімі праваднікамі разыходзіліся на вызначаныя ўчасткі. Цішыня адступіла некуды ў цемру. Вузкакалейка ажыла, загаманіла. Пачуліся кароткія каманды, віск выдзіраемых са шпал кастылёў, скрыгатанне непадатлівых заржавелых гаек.

— Раз-два, узялі! — чуліся галасы.

Валя працавала ломам. Яна заганяла яго востры канец паміж шпалай і рэйкай і адварочвала рэйку трошкі ўбок. Потым другім канцом лома, падобным на лапу, вырывала кастыль. Аб тым, што руйнавалі дарогу, якую некалі самі пракладалі, не думалася. Ад пачуцця знітаванасці з многагалосай, гаманлівай арміяй, якая рабіла тое ж, што і Валя, як бы прыбывала сілы. Валя лёгка нагіналася, заганяла лом і разам з усімі, пад каманду, скідала вызваленую рэйку пад адхон. Часам рэйка трапляла на камень і коратка звякала, але і гэта было прыемна.

Недалёка, пасярэдзіне палатна, стаяў паставы партызан. Валя пазнаёмілася з ім яшчэ напярэдадні і пасля кожнай скінутай рэйкі жартавала, як са знаёмым:

— Вось як! А ты казаў. Бачыш!

На суседнім участку працу рацыяналізавалі. Развінчвалі толькі гайкі, якія звязвалі асобныя звенні пуці, а пасля ўсё звяно — рэйкі і шпалы — коньмі сцягвалі з насыпу.

Каля тэлефонных слупоў завіхаліся пільшчыкі. Падпілаваны слуп адразу не падаў, а вісеў на правадах, пакуль не падалі яго суседзі.

На булькаючае скавытанне, якое пранеслася над галавою, звярнулі ўвагу не ўсе. Але, калі за спіной, не вельмі далёка, вухнула і шугануў сполах разрыву, узнялася сумятня. Некалькі чалавек пападала на зямлю. Сёй-той кінуўся прэч з насыпу.

— Ой, ліханька! — спалохана залемантавала нейкая жанчына.

— Яша! Дзе Яша?— пачулася некалькі галасоў.

— Ды ціха вы, во людзі! Папярэдзяць жа калі што...

— Дзякую табе ў шапку. Я лепш сам сябе папярэджу.

— Стой! Куды, ну, куды ты, дурань? Жыццё абрыдзела, ці што?

— Я-а-а-ша!

Разумеючы, што, калі гэтага не спыніць, паніка ахопіць людзей, Валя крыкнула:

— Спакойна, таварышы!

Але словы яе патанулі ў людскім многагалоссі і ў водгуллі другога разрыву.

Страшна было не тое, што апусцее палатно, якое ўжо збольшага пашкоджана, а тое, што абавязкова будуць недарэчныя ахвяры, будзе скампраметавана сама ідэя ўдзелу мірнага насельніцтва ў баявых аперацыях — ідэя, якую так горача перад ёю і Зарэцкім развіваў учора Зімчук,— і эпізод з вузкакалейкай астанецца ў людзей як прыкры ўспамін... Удзень было б, вядома, прасцей. Але што зрабіць у цемры — калі не бачыш палахліўцаў, якія сеюць паніку, а цябе самога пазнае толькі той, хто стаіць побач? Як авалодаць увагай людзей?

Нехта, відаць, таксама просячы слова, стрэліў з пісталета. Людзі шарахнуліся ад таго месца і рынуліся ў кюветы. Зноў заенчыла і завойкала жанчына, якую Валя пачула першай. І тады яна ўспомніла, што на гузіку гімнасцёркі ў яе вісіць электрычны ліхтарык. Спяшаючыся, Валя намацала кнопку ўключацеля. Снопік яркага святла вырваў з цемры некалькі чалавек з ламамі, каня і спыніўся на постаці паставога, які стаяў, як і раней, пасярод палатна, паклаўшы рукі на аўтамат, што вісеў у яго на шыі.

Жмурачыся ад святла, паставы падняў руку і з дакорам крыкнуў:

— Ды пасаромейцеся вы, ваякі-работнікі! З вамі гаварыць хочуць. Давай, Верас!

— Цішэй вы! — пачулася з розных бакоў.

— Таварышы! — горача загаварыла Валя, баючыся, што яе не будуць слухаць.— Немцы не могуць сюды падысці незаўважанымі. Чэснае камсамольскае. Навокал — заслоны. А абстрэл — не такая ўжо страшная рэч, каб праз яго кідаць усё і ўцякаць. Не паддавайцеся паніцы!

Як бы вынырнуўшы з-пад зямлі, на палатне, побач з паставым, паявіўся Яша Зарэцкі. Махнуўшы ўзнятай рукою так, быццам трымаў сцяг, ён, аднак, не пачаў гаварыць, а астаўся стаяць, чакаючы цішыні. Яго пазналі і сціхлі.

— Абстрэл давайце перачакаем,— сказаў Яша Зарэцкі зычна.— З насыпу лепш сысці ў кюветы. Адказныя, звядзіце сваіх людзей з палатна.

— Ану, ваякі-работнікі, выконвай! — скамандаваў паставы.

Седзячы ў кювеце побач з Зарэцкім і Зімчуком, невыразна бачачы іхнія твары, Валя, сэрца якой білася шалёна, дакранулася да Зімчуковай рукі.

— Давайце заданне, Іван Мацвеевіч! — папрасіла яна бадай што з пагрозай.— Ну, хоць адно. Ну, калі ласка... Не магу я больш так!..

Недалёка разарваўся трэці снарад.

 

 

Кніга другая. Не на жыццё, а на смерць

 

ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ

 

Раздзел першы

 

1

Валя канчала вычытваць гранкі першай паласы газеты, калі яе выклікалі да Зімчука. Здзівіла тое, што, апрача вуснага распараджэння, веставы прынёс таксама паперку. Прычым у запісцы дакладна паўтаралася тое, што вусна перадаў веставы. Крыху непакоіла і тэрміновасць выкліку. Друкарня і рэдакцыя газеты размяшчаліся кіламетра за паўтара ад брыгаднага лагера, на беразе ляснога возера, у гушчары. Староннія партызаны і насельніцтва ў рэдакцыю не дапускаліся, і іх допісы ішлі на адрас райкома. Да таго ж, у рэдакцыі не было яшчэ свайго прыёмніка, прыходзілася карыстацца райкомаўскім. Таму па карэспандэнцыю і апошнія паведамленні Валя штодзённа двойчы хадзіла ў райком. Так і сёння, яна праз гадзіну павінна была ісці туды, аб чым не мог не ведаць Зімчук.

«Нешта вельмі пільнае або незвычайнае»,— падумала Валя. Яна зайшла ў друкарню, якая пакуль што месцілася ў будане з яловай кары, аддала наборшчыку вычытаныя гранкі, забегла да рэдактара паведаміць пра выклік і, захапіўшы па яго просьбе пачак толькі што надрукаваных лістовак, пайшла ў лагер.

Сцежка вілася па беразе возера, дзікага, цёмнага. Яно пачыналася адразу ад карэнняў бяроз і елак, і, здавалася, ніколі не плёскалася. Дрэвы схіляліся над ім, і багністае дно яго каля берагу было ўсыпана ігліцай і лісцем. Карэнні і зямля тут былі коўзкія, і дрэвы даводзілася абыходзіць, трымаючыся за іх камлі, або скакаць ад дрэва да дрэва. Але Валя ішла хутка, адчуваючы сілу і спрытнасць свайго цела. Перш чым павярнуць ад возера ў лес, захацелася ўмыцца. Яна па гнілой калодзе ўвайшла ў возера, завязала, як піянерскі гальштук, хустку, заціснула паміж ног спадніцу і схілілася над вадой. У вадзе Валя ўбачыла сябе, сваю напаўваенную вопратку, шырокі камсастаўскі рэмень з маленькай кабурой і радасна ўсміхнулася. Хуценька памыўшыся, яна падалася далей, напяваючы сама сабе і лёгка размахваючы рукамі.

Валя ўсё прымала як належнае, як вызначанае нечай разумнай воляй. Нават вайну, нават ахвяры, адступленне — усё. І таму мала задумвалася над тым, што адбываецца навокал. Яна верыла — усё будзе добра. Толькі гібель маці не давала спакою.

Ідучы ў лагер, яна, каб не расчаравацца, будавала свае здагадкі на самых простых дапушчэннях. Відаць, з дальніх вёсак або з мястэчка прыйшлі сувязныя, і ад іх трэба запісаць што-небудзь для газеты. Магчыма, выдаўся зручны выпадак выехаць у суседнія атрады і вёскі, і Зімчук зноў хоча ўзяць яе з сабою. Ён не раз упікаў, што газета слаба асвятляе жыццё раёна і, калі не лічыць матэрыялу Савецкага інфармбюро, піша пераважна пра дзейнасць адной брыгады «Штурм». А можа ў райкоме, як гэта было тыдзень назад, папсаваўся радыёпрыёмнік, і яе загадзя збіраюцца адправіць у атрад «Барацьба», каб там прыняць зводку? Але і ў першым, і ў другім, і ў трэцім выпадку было не тое, чаго прагла душа, і Валя не вельмі спяшалася.

У райкомаўскай зямлянцы Зімчука яна не знайшла і, даведаўшыся, што ён у штабе, падалася туды. Ля штабной зямлянкі сутыкнулася з Аляксеем Урбановічам. Узрадаваны сустрэчай, ён ледзь не абняў яе і моцна паціснуў руку.

— Ну і сілішча! — зморшчылася Валя і пачала хукаць на пальцы, якія зліпліся і пабялелі.

— Ты сюды? — збянтэжыўся Аляксей.

— Ага, выклікаюць!

— Хадзем пабачыш, як дровы калю. Гэта таксама цікава. Кухар перадаваў, што пакінуў некалькі цурбакоў, пакручаных, як чачотка. Ажно сякера адскоквае.

— Няёмка, там чакаюць, напэўна,— адмовілася Валя, адчуваючы: Урбановіч не сказаў таго, што збіраўся, і з дакорам падумала: «Як ён можа важдацца з гэтымі дровамі? Дзівак нейкі... Ды і я не лепшая. Трэба рашуча пагаварыць з Іванам Мацвеевічам...»

Воранаў і Зімчук схіленыя сядзелі за сталом і ўважліва разглядалі чарцёж, які закрываў увесь стол.

— Дзень добры. Я чуў, што ў вас пры рэдакцыі бойню адкрылі,— з добрым тварам павітаўся Зімчук.— Валоў рэжаце?

— Гэта наборшчык наш,— сказала Валя,— хадзіў у вёску да сваіх. А калі вяртаўся назад і пераходзіў гравійку, напаткаў вала. Шкада стала, што можа трапіць немцам, вось і прывёў з сабою. На большы гераізм мы не здольныя...

— Гаспадарлівы ваш наборшчык! — ухваліў Воранаў і працягнуў Валі руку.

У такім прыёме было нешта незвычайнае. Насцярожаная Валя падышла да камбрыга і, паціснуўшы яму руку, убачыла, што чарцёж, які ляжыць на стале,— нямецкі план Мінска.

— Ты добра ведаеш гэты горад? — запытаўся Воранаў, пераняўшы Валін позірк.

— Ведаю, па-мойму.

— А ўскраіны?

— Я жыла ў ім усяго год, калі вучылася ва універсітэце. Але, па-мойму, ведаю і ўскраіны.

— Ты прасіла задання. Помніш? — мякка спытаўся Зімчук.

— Я прашу яго і цяпер, Іван Мацвеевіч. Любое.

— Ну, вось і добра. Мінскія таварышы пасля здарэння з рунцоўскім правадніком патрабуюць вытрыманых сувязных...

— А ці думала ты, Верас, што можаш загінуць? — перапыніў Зімчука Воранаў і павярнуўся да акна.— Толькі за апошні час папаліся дзве нашы сувязныя.

Валя памкнулася была адказаць, што, калі так разважаць, яна магла ўжо загінуць і там, у мястэчку, можа загінуць і тут, у лесе, але адна думка стрымала яе. Часам, асабліва ў мястэчку, ёй сапраўды рабілася страшна. Прычым страх прыходзіў у самыя рашучыя моманты, калі трэба было павярнуцца да вуліцы спіной і, разгладжваючы мокрую паперу, прыклеіць яе да сцяны дома, або калі, ахоўваючы сходку, яна чула гулкія ў начной цішыні крокі чалавека, які набліжаўся.

— Пра смерць я не думала, таварыш камбрыг,— усё ж запярэчыла яна,— бо амаль не веру, што гэта пагражае мне.

— А ты ўяві ўсё-такі.

— Я не хачу палохаць і хаваць сябе загадзя. Навошта? Хоць ведаю, што часам бывае вельмі страшна.

— Камбрыг згушчае фарбы,— не згадзіўся і Зімчук.— Табе зусім не трэба ісці ў Мінск паміраць.

— Няхай так,— пільна паглядзеў на Валю Воранаў, якому спадабаўся яе адказ.— Няхай...

— Ты раскажаш там, што мы робім па аб’яднанню атрадаў і груп,— сказаў Зімчук, прыняўшы апошнія камбрыгавы словы за згоду.— І яшчэ... З Мінска пішуць, што збіраюцца расправіцца з адным здраднікам. Будзем называць яго, скажам, Шакалам. Дарэчы, Шакал нядаўна быў у мястэчку, і яго прысутнасць і там каштавала шмат каму жыцця. Праз яго агентаў загінуў Славік — цудоўны падпольшчык. А ты сядай,— папрасіў Зімчук Валю, заўважыўшы яе шырока расплюшчаныя вочы і тое, што яна не ведае, куды падзець свае загарэлыя рукі.— Але мы падумалі і парашылі, што Шакала лепш даставіць сюды жывым. Абясшкодзім, а потым будзем судзіць народным судом і, можа, нават пасля перамогі...

— О-о! — ледзь чутна вымавіла Валя, з павагай і здзіўленнем паглядаючы то на Зімчука, то на Воранава.

— Тады пагаворым аб плане. Справу табе давядзецца мець з двума людзьмі: з Шарупічам і Алешкам. Запамінай, што буду я табе гаварыць...— заклапочана, як бы спяшаючыся, сказаў Зімчук і схіліўся над сталом, а Валя толькі цяпер адчула, як моцна хвалюецца.

 

2

Валя верыла ва ўдачу. З непасрэднасцю дзяўчыны, якой мінуў васемнаццаты год, яна спадзявалася на сваю шчаслівую зорку. Нават смерць маці не пахіснула яе ўпэўненасці. Думкі аб тым, што яна можа загінуць, былі ёй чужыя. Нават калі такія думкі і прыходзілі, яны глыбока не краналі яе. Пра смерць яна думала неяк адцягнена, па-за адносінамі да сябе. Апрача таго, сапраўды не верылася, што можна загінуць, калі навокал блізкія людзі, тая ж, што і раней, зямля, тое ж неба.

Гэтае неба, як і заўсёды,— высокае і яснае. Па ім паволі плывуць чародкі лёгкіх клубкаватых воблакаў, а цені ад іх імкліва праносяцца па зямлі. А зямля? Нічога, што яе парэзалі на нязвыкла вузкія палоскі і на іх дзе-нідзе відаць рэдкія маркотныя бабкі. Яна, як і раней, прыгожая, неабсяжная, і, як і раней, над ёй дрыжыць шкляное, адкрытае яшчэ ў маленстве, мроіва.

Здалёк нават Мінск здаўся Валі ранейшым. Ён раскінуўся перад ёй вялізным паўкругам, заліты сонцам. Яна з радаснай трывогай пазнавала абрысы знаёмых будынкаў. Злева, дзе пачынаўся паўкруг, была відна Балотная станцыя — група шэрых будынкаў і маленькі бярозавы гаёк; далей — безліч ускраінных домікаў, над чарапічнымі і бляшанымі дахамі якіх узвышаліся камяніцы цэнтральных кварталаў; яшчэ далей — зялёная кудзерка Старажоўскіх могілак, а за ёй стромкая вежа чырвонага касцёла і гмах Дома ўрада...

Але калі ля кантрольна-прапускнога пункта яе затрымалі, і злосны, як жужла, немец, праверыўшы дакументы, грэбліва калупнуў пальцам брусніцы ў кошыку, Валя адчула адзіноту і рэальнасць небяспекі. Успомніліся словы Воранава пра сувязных. «А я трэцяя... трэцяя...» — падумала яна і нейкі час ішла, сціснуўшыся ў камячок, паглядаючы толькі пад ногі, на дарожны пыл, усеяны рабаціннем ад нядаўніх кропляў дажджу.

А навокал была тая ж зямля, тое ж неба...

Горад уразіў Валю бязлюддзем і разбурэннямі. На калісьці ажыўленай плошчы Свабоды віхор ганяў пыл, кавалкі паперы, смецце. Без купала самотна стаяла гадзіннікавая вежа. Стрэлкі гадзінніка нерухома замерлі. Праз шкілет цыферблата прасвечвалася неба. На скверы са скрыначкамі на грудзях шнырылі хлапчукі — чысцільшчыкі ботаў. Каля вітрыны з газетамі і плакатамі стаяла ярка апранутая жанчына і, злізваючы з губ памаду, нешта жавала.

На месцы Ленінскай вуліцы асталіся высмаленыя каробкі, недарэчныя коміны ды амярцвелыя груды цэглы, з якіх тырчалі пакручаныя жалезныя бэлькі, іржавыя лісты бляхі. Вецер кратаў іх, і яны паскрыпвалі. Тут жа, паміж руін, зелянелі чэзлыя грады, абгароджаныя абгарэлымі спінкамі ложкаў. Гэтую вуліцу Валя асабліва любіла і заўсёды ўяўляла ў святочным бляску вітрын. Тут звычайна калона іх універсітэта, згубіўшыся ў бурлівым віры сцягоў і людзей, чакала чаргі, каб уліцца ў бясконцы паток дэманстрантаў...

Раз-поразу чуліся асобныя стрэлы. Пасля тых, якія грымелі паблізу, ад Тэатральнага сквера прыляталі чароды галак і доўга кружылі над руінамі, робячы дзіўныя, адмысловыя віражы.

Так, навокал было тое ж неба...

Па Савецкай, калі Валя падышла, прагрукатаў абшарпаны трамвай. Нейкі чалавек у зашмальцаванай рабочай блузе, са змардаваным тварам, высунуўшыся па пояс з незашклёнай рамы задняй пляцоўкі, нешта крыкнуў Валі і памахаў шапкай.

У Валі былі адрасы дзвюх явак: у будцы шаўца на Камароўскім рынку і на кватэры падпольшчыка па Гарбарнай вуліцы. Прычым заходзіць да падпольшчыка дазвалялася толькі ў крайнім выпадку. Трэба было ехаць на Камароўку. Але выпадак з мужчынам, які павітаўся, спалохаў Валю — значыць, у трамваі можна сустрэцца са знаёмымі, ад якіх, пры патрэбе, не так лёгка будзе адчапіцца. Да таго ж, як выявілася, Валя не ведала, ці ўсім можна ездзіць у трамваях і колькі трэба плаціць за білет, і яна вырашыла пайсці пехатою.

Прамінула руіны кінатэатра «Чырвоная зорка» — падобную на дэкарацыю фасадную сцяну, якая трымалася цудам. На цёмна-шэрай абліцоўцы чырванелі меціны ад куль і асколкаў. Над цёмным уваходам недарэчна навіс балкон.

Далей некалькі будынкаў захавалася. Але, забруджаныя камуфляжам, адгароджаныя ад вуліцы калючым дротам, яны выглядалі таксама знявечанымі. Ля іх вуглоў пачварнымі чарапахамі шарэлі бетонныя доты з вузкімі шчылінамі амбразур. Каля брам і пад’ездаў стаялі вартавыя, і вельмі хацелася быць на процілеглым баку вуліцы.

У Валі ўзнікла нейкае складанае пачуццё — адчуванне неадпаведнасці паміж перашкодай, якую трэба пераадолець, і ўласнымі сіламі.

На рынку было людна, але што і дзівіла Валю, амаль ціха. Неставала таго ажыўленага рознагалосага гоману, які звычайна лунаў над мітуслівым рыначным натоўпам. Людзі прадавалі і куплялі з нейкай маўклівай роспаччу. І яшчэ адно ўразіла Валю: не было розніцы паміж тымі, хто прадае, і тымі, хто купляе. Панурыя, худыя людзі снавалі сюды-туды, з цяжкасцю праціскаючыся паміж такіх жа панурых галодных людзей. І тыя, хто хадзіў, і тыя, хто стаяў, трымалі ў руках паношаныя пантоплі, гарнітуры, дзіцячыя сукенкі, зусім далёкія ад сезона — вязаныя світры, самаробныя буркі, абутак з драўлянай падэшвай. Некаторыя сядзелі, расклаўшы свае тавары на мяшках, разасланых проста на зямлі. Тут былі старыя лямпы, замкі, звязкі ржавых ключоў, баначкі з цвікамі, медныя самавары, зацухмоленыя кнігі без вокладак, прыціснутыя цаглінай, каб вецер не гартаў іх пажоўклых лістоў, абшарпаны грамафон з вялізным каляровым рупарам, пазелянелыя прымусы. Людзі вынеслі прадаваць апошняе, каб набыць тое, без чаго нельга жыць.

Вясёлымі здаваліся толькі хлапчукі, якія шныралі між дарослых. Голасна прапаноўвалі закурыць, патрушвалі латкамі з нямецкімі сігарэтамі і самаробнымі цыгаркамі з моцнай, як спірт, гродзенскай махоркі.

Бесцырымонна расштурхоўваючы людзей, прайшоў немец у табачнага колеру форме оргтодаўца, з чырвонай павязкай на рукаве. Нешта мармычучы, ён працягваў кожнаму сустрэчнаму бутэльку «Брандвайна» і з тупым здзіўленнем і пагрозай пазіраў у шэрыя заклапочаныя твары людзей.

Каля адзінага на рынку воза з узнятымі ўгору аглоблямі стаяла чарга. Стары селянін у белай палапленай світцы прадаваў кацялкамі бульбу. Крыху ўбаку, распяўшы на плоце абшарпаную карціну, на якой быў намаляваны ўбогі белы замак, страшэнна сіняе возера і лебедзі з неверагодна выгнутымі шыямі, завіхаўся фатограф.

«Які жах!.. На колькі год назад адкінулі яны жыццё...» — з сумам падумала Валя.

Яна ледзь знайшла патрэбную блакітную будачку шаўца з самаробнай шыльдай — малюнкам чаравіка. Але будачка была замкнута на вялікі замок. Каля ганка яе стаялі тумбачка, фікус і вялікае люстра. Іх прадавала бабулька, захутаная, як зімою, у хустку. Валіна постаць адбілася ў люстры, і яна міжволі агледзела сябе. Не, нічога асабліва падазронага у ёй не было — дзяўчына як дзяўчына, толькі, можа, крыху ўзрушаная. «Ці не спытацца ў старой?» — падумала Валя. Але ў гэты момант нехта ззаду тузануў яе за рукаў. Яна ўздрыгнула і азірнулася. Каля яе, прыціскаючы да грудзей пачкаў пяць махоркі, стаяў падлетак, які ў той горкі памятны дзень вывозіў яе з мястэчка ў атрад.

— Ты як трапіў сюды? — аж разгубілася Валя.

— Мы з Лізаветай тут,— паведаміў Сяргей.— Нарыхтоўваем. Махорку, соль, бензін для запальнічак. Ці мала чаго патрэбна там... Як закатавалі Рыгора Іванавіча і цётку Ганну, дык у мястэчка пакуль што і не ездзім. Дый медыкаментаў тут Стахаву абяцалі...

— Закатавалі? Каго? — халадзеючы, перапытала Валя.

— Рыгора Вераса і сям'ю яго...— Сяргей спахапіўся і, аглядаючыся на бакі, вінавата спытаўся сам: — А вы хіба не ведалі?.. Дзядзьку Рыгора закатавалі і мёртвага на тэлефонным слупе павесілі. Насупроць яго хаты... А Ганну вашу і дзяцей пры людзях расстралялі на плошчы...

— Даўно?

— Ды ўжо ж...

Вось няма і Рыгора, і Ганны, і дзяцей. З жыцця пайшоў яшчэ адзін найдаражэйшы чалавек — сціплы сумленны працаўнік. Не стала ўпартай Ганны — з яе сляпой верай: «Усё адно нічога не зробяць!» Не стала стрыечнага браціка і сястрычкі. Зусім адна!.. Валіна сэрца зайшлося.

— А нам нехта лістоўку ў калёсы падсунуў,— жадаючы скіраваць Валіны думкі на іншае, паведаміў Сяргей.— Пішуць, што трэба змагацца і сябе не шкадаваць.

— А яшчэ што?

— Здраднікаў кляймяць... А вунь і яна...

Працуючы локцямі і несучы перад сабою кошык, да іх спяшалася Лізавета. Жанчына была ўстрывожаная і расчырванелая.

— Трэба вымятацца адсюль,— заклапочана, як толькі падышла і павіталася, загаварыла яна, не здзіўляючыся, што сустрэла Валю.— Мяне папярэдзілі, што звычайна ў такія дні аблавы наладжваюць.

— Што-небудзь здарылася?..

— Мне ў кошык паклалі лістоўку. Уцякай і ты, Валечка! Пайшлі, Сяргей.

Не ўправілася Валя зрабіць ад рынку і дзесяці крокаў, як яе дагнаў выбух людскога гоману. Паскараючы хаду, Валя азірнулася. Над стракатым натоўпам лёталі лістоўкі. Людзі паднімалі рукі, лавілі лістоўкі на ляту, нагіналіся, каб падняць тыя, што паспелі ўпасці. Рынак зрабіўся падобным на вір, і цэнтрам яго было тое месца, над якім кружылі лістоўкі. А да віру, прытрымліваючы кабуры, спяшаліся паліцаі і нямецкія салдаты.

Людскія рукі, якія прагна цягнуліся да лістовак, хоць людзі добра ведалі, што разам з лістоўкамі на іх апускаецца небяспека, сказалі Валі шмат чаго. Барацьба ідзе ўсюды, нават тут, на рынку, і няма чалавека, які так ці інакш не прымаў бы ў ёй удзелу. Удзельнічаюць усе, але па-рознаму, з розным імпэтам. І недаравальна, калі чалавек аддае сябе не ўсяго... Загінулі маці, Рыгор, цётка Ганна, дзеці! А яна, Валя, не знішчыла ніводнага вылюдка, не праліла ніводнай кроплі варожай крыві! Як гэта так? Сорам, ганьба!..

З такімі думкамі Валя і падышла к доміку, які імкнулася ўявіць сабе яшчэ ў лагеры. Ён, як і казалі, быў увесь у зеляніне, з даўно не фарбаваным бляшаным дахам і белымі аканіцамі. Перад ім, у маленькім садку, густа кусцілася шыпшына, цвілі чырвоныя вяргіні і ласкавае, абсыпанае бэзавымі пялёсткамі кветак, бабіна лета. Брамка была замкнёна, і, хвалюючыся, Валя чатыры разы, з патрэбнымі інтэрваламі, пацягнула за кальцо званка.

 

3

Валі адчыніў сярэдніх год каржакаваты мужчына ў камізэльцы і зашмальцаваных на каленях штанах. Трымаючыся адной рукой за шула, а другой за брамку, ён утаропіў у дзяўчыну добрыя стомленыя вочы.

— Мне патрэбна майстэрня таварыша Шарупіча,— паціху сказала Валя.

Не выказваючы намеру прапусціць яе, мужчына адказаў не адразу і не тое, чаго яна чакала.

— Майстэрня тут... Але вось бачыш, таварыша няма. Быў і выйшаў,— сказаў ён тонам, які не пасаваў да выразу яго вачэй. Аднак, убачыўшы, што збянтэжаная дзяўчына збіраецца пайсці, зняў з шула руку і больш лагодна дадаў: — Куды гэта ты? Заходзь... Хто ж так лёгка адмаўляецца ад заказу.

У сенцах, заваленых старымі вёдрамі, бляхай і цынкавымі ночвамі, мужчына спыніўся зноў.

— Я да вас ад Івана Мацвеевіча, таварыш Шарупіч,— пачала Валя, не сумняваючыся, што гэта іменна ён.

— Спадар, разумееш, дзяўчынка, спадар Шарупіч,— нездаволена перапыніў той.— Можна нават зверыцца па патэнту, які ў мяне на відным месцы вісіць. Я, калі хадзіў да вас, быў больш дакладны...

Ён узяў ад Валі кошык і праз цемнаватую кухню павёў у чыстую палавіну.

У пакоі каля акна, схіліўшыся пад кравецкай машынай, сядзела жанчына. У акно заглядалі бэзавыя вочкі бабінага лета і галінкі шыпшыны. Ад іх на белы паркаль, які нястрымна цягнула пад сябе лапка машыны, клаўся трапяткі ўзорысты цень. На панікеляваным коле коўзаўся сонечны зайчык. І Валі зрабілася лягчэй.

— Арына, гэта да мяне,— сказаў Шарупіч.

Цяжка ўздыхнуўшы, жанчына кінула шыць і моўчкі выйшла ў кухню.

— У цябе што-небудзь ёсць з сабой? — звярнуўся Шарупіч да Валі.

— Ага. Нумар «Правды» і пісталет.

— Дзе?

— У кошыку.

— Добра. Распранайся і будзем знаёмы...

Яны селі за стол адно проці аднаго, і Валя, сярдуючы, што Шарупіч не адразу пачаў глядзець у вочы, нібы хаваў нешта, стала расказваць, як ідзе аб’яднанне партызанскіх атрадаў і якія ёсць просьбы да падпольшчыкаў.

Гаворачы, яна спакайнела. І калі перайшла да таго, што найбольш хвалявала яе, амаль валодала сабой.

— Шакала трэба ўзяць жывым,— сказала яна, стараючыся не маргаць.— І лепш, калі план будзе такі. Мы з Алешкам будзем пільнаваць яго ў руінах, насупроць гарадской управы, а калі пасля работы Шакал паедзе дамоў, дамо яму ад’ехаць да Нямігі. Пасля, дагнаўшы, я ўскочу ў таратайку і загадаю маўчаць. Фурман павінен ведаць, куды ехаць далей. У крайнім выпадку я стрэлю. Вось тут, магчыма, і спатрэбіцца Алешка...

Міхал Шарупіч з уважлівай цікаўнасцю паглядзеў на залацістыя ад сонечных праменняў Валіны валасы, на яе ўпарты, пукаты лоб, на топкую шыю, якую яна звычайна, відаць, хавала пад высокім каўнерыкам сукенкі, і прамаўчаў.

— Вы не верыце, што ў мяне хопіць вытрымкі? — загарэлася Валя.

— Не, чаму...— збіраючыся з думкамі, нарэшце сказаў Шарупіч.— Увогуле мы, па-мойму, такі план прымем, хоць можна было б зрабіць усё гэта нам самім. Але, калі ты ўжо тут, просім. Няма ліха без дабра. Можа гэта нават някепска. Мінск так паменшаў, што, паверыш, на вуліцы сустракаюцца адны знаёмыя людзі. Толькі спачатку табе трэба прайсціся па вуліцах, абвыкнуць.

— Я ведаю горад,— запярэчыла Валя, адчуўшы ў гэтай прапанове небяспеку.— Вы ўсё-такі не верыце ў мяне?

— Чаму? Але ты заблудзішся адразу, як толькі збочыш з Савецкай. У горадзе — як у згарэлым лесе.

— Я прашу вас!..

— І яшчэ адно... Як бы табе сказаць. Я хачу, каб ты зразумела: у нас змагаюцца і паміраюць, сціснуўшы зубы. Ад гордасці, ад зацятасці барацьбы, мабыць. Кожны часта выступае супроць ворага сам-насам. Адзін супроць катавальняў, турмаў, цэлай узброенай зграі. Тут наогул лепш маўчаць і дзейнічаць як на паядынку... Ты павінна адчуць гэта, прывыкнуць, і тады ўсё будзе добра.

Валя слухала Міхала Шарупіча, і ў ёй расло жаданне расказаць яму пра сябе, пераканаць яго, што ёй можна даверыцца, бо пара бесклапотных адносін да навакольнага мінула.

«Расказаць? — завагалася Валя.— Прызнацца ва ўсім?.. Ён зразумее...»

— Гэтымі днямі, таварыш Шарупіч, я страціла ўсіх родных. Цётку, дзядзьку, а раней — маці...— паціху сказала яна.— І, паверыце, я не ведала, што так люблю іх... Я прашу вас!..

— Добра, дзяўчынка, добра,— паабяцаў Шарупіч і крыкнуў жонцы, каб дала Валі што-небудзь паесці і падрыхтавала ложак.

Падмацаваўшыся, Валя распранулася і шмыгнула пад коўдру. Не чакаючы, калі гаспадыня, якая сустрэла яе варожа, а цяпер глядзела, як за хворай, выйдзе з бакоўкі, Валя з асалодай заплюшчыла вочы.

Усё, здавалася, ішло добра. Нават яно не было такое складанае, як зусім нядаўна ўяўлялася. Праўда, наперадзе аставалася яшчэ шмат чаго. Трэба было сустрэцца з Алешкам.— дзіўным, як кажуць, безразважна смелым хлопцам, пра якога расказваюць неверагодныя гісторыі. Ён мае сувязі з біржай працы, з гета, з паліцыяй, выдае сябе то за рабочага аўтарамонтных майстэрняў, то за служачага штаба Розенберга, у задачу якога ўваходзіць рабаваць здабыткі савецкай навукі. Часам, расказваюць, Алешка ходзіць па дварах з сякерай і лучковай пілой, наймаючыся калоць дровы. Ён кіруе групай так званых знішчальнікаў. Яго хлопцы дзейнічаюць уначы — нападаюць на нямецкія аўтамашыны, здымаюць вартавых, патрулёў, карыстаючыся халоднай зброяй і «кішанёвай артылерыяй» — пісталетамі, гранатамі. Страх перад няўлоўнымі дзёрзкімі мсціўцамі вялікі, і немцы, як толькі надыходзіць ноч, апасаюцца паяўляцца ў некаторых раёнах горада... Як паставіцца Алешка да яе прапановы? Ці згодзіцца, каб удзельнічала яна? А калі згодзіцца, ці пашанцуе гэтым разам?..

У дрымотным забыцці Валя нейкі час яшчэ чула, як клапатліва тупала паблізу Арына, а потым, рыпнуўшы дзвярыма, бразгала посудам на кухні і размаўляла з дзецьмі, адпраўляючы іх гуляць на двор.

Праз хвіліну і гэтыя гукі адышлі кудысьці ў нябыт. Асталося толькі адчуванне цягучага, прыемнага, што на кавалачкі дзялілася мерным ціканнем гадзінніка, які вісеў над ложкам.

— Спадар, дзяўчынка, спадар! — раптам пачула Валя, і нехта схапіў яе за руку.

Яна вырвалася і пабегла. Наперадзе клубіўся злавесны дым, і, каб схавацца, Валя, не задумваючыся, кінулася ў яго. Калі дым ахутаў яе, спынілася, прыслухалася. Не, за ёй не гналіся. Але трэба было выбірацца з гэтага пекла, і Валя пабегла па вузкіх крывых завулках, пераскокваючы цераз чорныя канавы, равы, брыдучы па вадзе. А абапал палалі драўляныя домікі і шматпавярховыя гмахі. Справа, як свечка, гарэла гадзіннікавая вежа на плошчы Свабоды. Купала на ёй не было, але яго ўтварала полымя. Стрэлкі гадзінніка шалёна круціліся, і што асабліва здзіўляла — вежа пасоўвалася разам з Валяй, не абганяючы і не адстаючы, як месяц, калі глядзіш на яго з цягніка. І толькі калі Валя выбілася з сіл, вежа раптам спынілася і рушыла проста па яе. Валя сабралася крыкнуць, паклікаць на дапамогу, але штосьці сціснула горла, і, паляцеўшы ў бяздонне, яна прачнулася. Здалося, нібыта яна толькі што заплюшчыла вочы. Ды па касых промнях, якія ліліся ў акно, здагадалася — спала гадзіны дзве.

У напалову адчыненых дзвярах пакоя Валя ўбачыла невысокага, плячыстага дзецюка ў паліцэйскай уніформе. У яго ладна скроенай, рухавай і спрытнай постаці, смуглым твары было нешта цыганскае. Цёмныя вясёлыя вочы пазіралі дзёрзка.

— Мне трэба праверыць у вас дакументы, грамадзянка! — зухавата выгукнуў ён, відаць, здаволены сабою, і пайшоў да ложка.— Вы даўно ў горадзе?

— Толькі сёння прыйшла,— пашукала вачыма Валя гаспадароў, але іх нікога ў пакоі не было.

— Добра... Пакажыце, грамадзянка...

Прытрымліваючы на грудзях коўдру, Валя прыпаднялася.

— Яны ў жакетцы, у нутраной кішэні... Падсуньце вунь тое крэсла з вопраткай.

Яна няўпэўненай рукой знайшла пашпарт і моўчкі, прадчуваючы немінучую бяду, падала паліцаю. І як бы спраўджваючы гэтае прадчуванне, ён, зірнуўшы на дакумент, едка сказаў:

— Я так і ведаў! Вашы не ўлічылі адной нязначнай дробязі. Арла на пячатцы яны павярнулі галавой не ў той бок... Гэта ўжо другі выпадак... Арол павінен глядзець направа. Не верыце? — І, бачачы, што Валя падсоўвае руку пад падушку, дзе ў яе, мабыць, ляжаў пісталет, голасна засмяяўся: — Не спяшайцеся, грамадзянка! Давайце лепш пазнаёмімся — Кастусь Алешка!

 

4

Яны абралі месца на ўцалелай пляцоўцы, паміж першым і другім паверхам. Адсюль праз вузкае акно, якое ўзнімалася на ўсю вышыню лесвіцы, быў добра відзён паўкруглы пад’езд гарадской управы з нізкімі масіўнымі калонамі і такімі ж масіўнымі дубовымі дзвярыма.

Патыхала глінай, цвіллю і гнілымі карэннямі. Падаконне даходзіла Валі да падбародка, і, каб наглядаць за вуліцай, прыходзілася станавіцца на дыбачкі. Але Валя доўга не заўважала ні гэтага своеасаблівага паху руін, ні гэтай нязручнасці. Яе поўнілі нязведаныя яшчэ пачуцці. Яна ніколі так востра не адчувала хараства і вялікасці жыцця, як у гэтыя хвіліны напружанага чакання. І строгі шэры будынак з паўкруглым пад’ездам, і маладыя падстрыжаныя ліпы, якімі была абсаджана вуліца, і бяздоннае сіняе неба з воблакамі, што наплывалі адно на адно, а ў далечыні выцягваліся і цямнелі, трацячы сваю лёгкасць,— усё здавалася Валі нібы пасля навальніцы — абноўленым і прыгожым. Яе ўсё хвалявала, і ва ўсім яна знаходзіла невядомую дагэтуль красу. Нават рэдкія панурыя праходжыя выклікалі ў яе прыязнасць.

На Алешку яна ўжо не сердавала. Ён абяззброіў яе шырокай, шчырай усмешкай і ўпартай упэўненасцю ў сваёй праваце. На яе абурэнне, на дакоры Арыны, якая прыбегла тады ў пакой, ён адказаў жартам, на які можна было злаваць, але з якога можна было і смяяцца.

— Чаго вы крычыцё, ха-ха?! — паказваючы белыя роўныя зубы, звярнуўся ён да абедзвюх.— Вось і пазнаёміліся. Цяпер хоць будзеце ведаць такі адмысловы раздзел з навукі аб супраціўленні матэрыялаў, як выпрабаванне на разрыў. Разумны раздзел — на ра-а-зры-ыў! Прынамсі, вельмі карысны для падпольшчыкаў...

З першых хвілін паміж імі ўстанавіліся своеасаблівыя, крыху несур’ёзныя адносіны, як паміж людзьмі, якія хоць і падабаюцца адно аднаму, але лічаць другога за дзівака. Кожны з іх у душы ўпікаў другога ў тым, што на падзеі, якія павінны надысці, ён глядзіць, як не на зусім сапраўдныя, і ўносіць у іх элемент гульні. Ад гэтага рабілася трывожна.

«Як ён тады сказаў? — успамінала Валя.— Здаецца, што яму не ўсё роўна — страціць жыццё ці не, а калі страціць, дык пры чыёй дапамозе. Страціць!.. Тады б толькі хутчэй і адразу...»

Аднекуль з глыбіні ўзнімаўся холад, і сумныя думкі авалодвалі Валяй. Радасць адкрытага нанава свету блякла, а разам з ёй цямнеў і сам свет. Узнікала патрэба гаварыць, чуць голас таварыша.

— Ты ведаеш, Кастусь, аб чым я думаю? — шэптам пыталася яна.

— Пакуль што не...

— Я думаю, бадай, самае цяжкае і горкае,— гэта ўсведамляць, што ты павінен баяцца вуліц, дзе некалі хадзіў гаспадаром, і, як злодзей, хавацца ад чужога вока, можа, у руінах уласнага дома.

— Сумна, але правільна,— ухмыльнуўся Алешка.

— Не, сур’ёзна. Ты ведаеш, па гэтай лесвіцы я падымалася мо сотні разоў. Якраз у нас над галавой, справа, жыла мая сяброўка. Я з ёй рыхтавала лекцыі, разам хадзілі гуляць у парк Горкага. Ты слухаеш?

— Слухаю.

— Дык вось, недалёка адсюль, каля парткурсаў, была цудоўная лапінка на панелі. Там спяваў асфальт. Чэснае камсамольскае. Калі праходзілі па тым месцы, крокі выклікалі гаму гукаў. Яны былі незвычайныя, ні на што не падобныя і заканчваліся мілагучным «ціў! ціў!». Заўважаючы, як мы знарок дробна перабіраем нагамі, праходжыя ўсміхаліся нам. І, калі б ты ведаў, як было прыемна, што на нас паглядалі, нас разумелі і разам з намі і за нас радаваліся...

Шэптам размаўляць было цяжка, і яна змаўкала, насцярожана пазіраючы з-за пляча Алешкі на вуліцу.

Недалёка ад управы, на перакрыжаванні, стаяў жандар. Ён раз-поразу завучана і выразна махаў палкай з бела-ружовым кружком, прапускаючы нязвыкла нізкія, мышынага колеру, легкавыя машыны і вялізныя, пакрытыя брызентам, грузавікі. Жандар стаяў важна, як статуя, і кароткі цень, які клаўся ад яго на асфальт, нязграбна паўтараў толькі рухі ягоных рук. Калі ж ён рабіў павароты, адсюль, зверху, здавалася, што жандар паварочваўся на нейкай нябачнай восі.

«Робат...— думала Валя.— Хоць бы хутчэй, хутчэй!»

— Ты занадта хвалюешся. Гэта нядобра, ха-ха! — супакойваў яе Алешка.— Адпачні. Я папільную сам.

Яна адыходзіла ад акна і садзілася на скрынку, знойдзеную па дарозе і прадбачліва прыцягнутую сюды яе запаслівым сябрам.

У адну з такіх хвілін Валя раптам зразумела, што ў яе словах гучыць не толькі спачуванне да таго, што асталося там, за межамі чэрвеньскага дня, калі першая бомба разарвалася на Прывакзальнай плошчы, але і жаль да сябе. Нават ад думкі, што пасля перамогі ўсё гэта вернецца і зноў стане тваім, пачало рабіцца яшчэ больш трывожна. Тваім? Не, тваім яно можа не быць. Памятаеш, што казаў Воранаў? І, магчыма, праз колькі гадзін ты крыжам ляжаш на пукатым бруку...

У пакутлівым роздуме Валя ўтароплівалася ў каменную, выкладзеную чатырохкутнымі пліткамі пляцоўку і старалася забыцца. Часам ёй гэта ўдавалася. Пліткі завалодвалі яе ўвагай. Яны складаліся ў фігуркі, утваралі адмысловыя ўзоры... Асабліва спадабалася народжаная фантазіяй фігурка парасяці. Яно, як адзін з трох вясёлых братоў з вядомай казкі, зухавата скакала на кароценькіх задніх ножках, падняўшы ўгору пярэднія. З шматлікіх расколін на плітках Валя нават дамалявала яму матроскую бесказырку з дзвюма стужкамі і знайшла завіток хвосціка. Не хапала толькі скрыпкі. І вось якраз у той момант, калі яна захацела ўспомніць дзіўнае падвойнае імя гэтага вясёлага парасяці, яе таргануў Алешка.

— Пад’ехаў! — хрыпла сказаў ён і бліснуў вачыма.— Ні пуху, ні пяра!

— Ідзі к чорту,— горка, без усмешкі адказала Валя.

Яны паціснулі адно аднаму рукі і на момант прыпалі да падаконніка.

Каля самага пад’езда нецярпліва таптаўся сыты ў яблыках конь, запрэжаны ў лёгкую таратайку. На перадку, нацягнуўшы лейцы, сядзеў фурман. Каля адчыненых масіўных дзвярэй выцягнуўся швейцар. Толькі жандар на скрыжаванні, як і раней, механічна і амбітна махаў сімвалам сваёй улады.

— Даю нырца,— гэтым разам уголас і звонка сказаў Алешка і першы саскочыў з пляцоўкі.

Раней чым скочыць за ім Валя яшчэ раз зірнула ў акно.

У гэтую хвіліну выйшаў Яноўскі. Ён, нібы даючы аглядзець сябе, спыніўся ў пад’ездзе, змахнуў з борта пясочнага пыльніка парушынку, а затым, быццам схамянуўшыся, хутка падаўся да таратайкі.

— Валя! — здзіўлена гукнуў Алешка знізу.

Яна ўздрыгнула і, заплюшчыўшы вочы, скокнула да яго. Ён злавіў яе на рукі і паставіў на зямлю.

Яны пабеглі між руін мёртвага квартала, спадзеючыся абагнаць Яноўскага і раней за яго выйсці на рог Камсамольскай і Савецкай вуліц. Але, калі, узяўшыся за рукі, збеглі з груды цэглы, што асталася на месцы колішняга дома, на тратуар,— таратайка прамінула гэтае месца і набліжалася ўжо да скрыжавання. Паскорыўшы хаду, яны рушылі следам, з надзеяй пазіраючы на жандара-рэгуліроўшчыка, які павярнуўся да іх тварам.

У прасветліне вуліцы, рассыпаючы ржавае тарахценне, прамільгнуў трамвай. Ад яго дугі на дах вагона ўпалі яркія, фіялкавыя кроплі. Прамчалася карэта хуткай дапамогі. Яна таксама пакінула пасля сябе непрыемны працяглы гук клаксона. За ёй марудна пасунулася калона палонных, акружаная аўтаматчыкамі. А жандар усё стаяў нерухома, падняўшы ўгору палку з бела-чырвоным кружком.

Праходжых амаль не было. Насустрач Алешку і Валі трапілася толькі маладая дзяўчына з прыгожым, не па ўзросту спакойным тварам і павольнымі рухамі. Дзяўчына з цікаўнасцю ўскінула на іх заспаныя вочы і праводзіла позіркам, аж пакуль яны не спыніліся на рагу вуліцы.

Вуліца тут была вузкая, і Алешка з Валяй сталі ўсяго за некалькі метраў ад гладкага з раздвоенымі клубамі каня, які злосна грыз цуглі і гнеўна касавурыўся. Зручна адкінуўшыся на спінку, сядзеў Яноўскі. Ён курыў і нездаволена хмурыў бровы, хоць азызлы твар аставаўся спакойным.

Блізкасць ворага наэлектрызоўвала Алешку. ён балюча сціскаў Валіну руку і шматзначна, настойліва тузаў яе. Але Валя адмоўна круціла галавою і не адказвала на яго поціскі. Як толькі калона прайшла міма, Валя падхапіла Алешку пад локаць і сілаю пацягнула праз вуліцу. Жандар нешта крыкнуў на іх, але не спыніў. Не аглядаючыся, яны перабеглі скрыжаванне і тут заўважылі, што таратайка не паехала следам за імі, як разлічвалі, а павярнула па Савецкай: Яноўскі ехаў у СД, бо пачаліся арышты сярод настаўнікаў і яму трэба было перадаць новыя звесткі.

Алешку і Валі зрабілася сорамна, і яна вінавата папрасіла:

— Ты прабач, Кастусь, дамоў я адна пайду.

Алешка пацепнуў плячыма, але папярэдзіў:

— Май на ўвазе, пасля дзевяці хадзіць па горадзе забараняецца.

 

5

Змучаная перажываннямі Валя вярнулася да Шарупічаў падвечар. Убачыўшы яе, Арына аж ахнула і развяла рукамі.

— Божухна! — загаманіла яна.— Валечка, ты ажно з твару змянілася!

Стрымліваючы жаданне кінуцца ёй на шыю і ўголас, па-дзіцячаму, заплакаць, Валя моўчкі прайшла ў пярэдні пакой. Заўважыўшы Міхала Шарупіча, які, мусіць, хадзіў па пакоі, але, пачуўшы галасы ў кухні, спыніўся і цяпер стаяў у кутку, яна памкнулася да яго. Ён таксама зрабіў некалькі крокаў насустрач, узяў Валю за плечы і, заглядаючы ў вочы, запытаўся:

— Што здарылася?

Яна сумелася.

Сапраўды, што здарылася? Хіба толькі тое, што справа, якая ўяўлялася нейкім імгненнем, калі патрэбна выпраменіць адразу ўвесь зарад сіл сваіх, аказалася больш складанай. Адчуваючы, як цеплыня залівае шыю, грудзі, Валя ледзь чутна сказала:

— Здаецца, нічога... Калі не лічыць, што я моцна спалохалася.

— Няпраўда! — Шарупіч прасвятлеў і ўсміхнуўся.— Палахлівец гэтак не скажа. У яго проста не хопіць адвагі... Толькі не ўяўляй сабе справу так, што ідзеш на галгофу. Не думай, што радзіме трэба толькі тое, што ты зробіш. Ёй, Валюша, патрэбна не безразважная самаахвярнасць, а подзвіг. А гэта не тое ж самае.

Шарупіч пасадзіў Валю на канапу.

— Кастусь нядаўна таксама сядзеў тут,— крыху памаўчаўшы, сказаў ён.— Кіпеў, пагражаў. Яму іншае карцела. Яму, бачыш, падай публічнае пакаранне, проста па скрыжаванні, у лапах жандара. «Паміраць, дык з музыкай!..» Ды гэты самы жандар не толькі не даў бы вам адцяць галавы, але нават крануць здрадніка пальцам. Ды і задача ў вас іншая. Ды і не апошняя гэта справа... Тут, калі хочаш ведаць, таксама галгофа, толькі навыварат.

Калі за вокнамі пасінела і ў небе запаліліся першыя вячэрнія зоры, зноў прыйшоў Алешка. Павітаўшыся, ён адразу паклікаў Шарупіча да дзвярэй і доўга нешта паціху гаварыў яму, раз-поразу паглядаючы на Валю. Звычайную зухаватасць нібы зняло з яго. У паўзмроку пакоя ён выглядаў заклапочаным і нейкім незнаёмым. І толькі словы: «Не зусім удала, дзядзька Міхал! Паўтарыць прыйдзецца. Хоць мяса — ва-а-гон!», якія ўсё ж вырваліся ў яго пасярод размовы, нагадалі ранейшага Алешку.

Пасля прыходзіла жанчына. З ёй Шарупіч размаўляў на двары, а потым у кухні. Да Валі даляцелі толькі словы яе развітання, амаль праспяваныя грудным голасам:

— Бывайце здаровы, жывіце багата!

«Які прыемны голас»,— падумала Валя і не ўтрымалася, каб не паглядзець у акно.

У вячэрнім змроку яна ўбачыла цёмную жаночую постаць, якая шпарка прайшла па двары. Па тым, як упэўнена і хутка жанчына адсунула засаўку, Валя здагадалася, што тая часта бывае тут.

«У іх, мусіць, таксама падзелена праца»,— зноў падумала Валя і ўспомніла сваю арганізацыю ў мястэчку. Там кожны член штаба ўзначальваў пэўную групу — па дыверсіях, па распаўсюджванні літаратуры, па здабычы зброі і перапраўцы яе ў партызанскія атрады, па збору разведданых... «Мілыя, дарагія сябры!..» Валі стала самотна і сумна.

Вярнуўшыся ў пакой, Міхал Шарупіч растлумачыў:

— У немцаў пярэпалах! Узарвалі афіцэрскую гасцініцу. Сяго-таго з вольнанаёмных арыштавалі. Шкандал, як яны кажуць. Збіраюцца ў поўнач праводзіць аблавы і вобыскі. Нават украінскі батальён па трывозе падымаюць.

— Вобыскі?

— Загадана затрымліваць непрапісаных і браць на ўлік, каго няма дома. Магчыма, заадно будуць моладзь хапаць.

— Гэта ж вельмі дрэнна...

Табе давядзецца пераспаць у скляпку.

— У склепе? — зноў перапытала Валя, нібы тое, што казаў ёй Шарупіч, даходзіла да яе праз туман.

— Але. Няхай сабе шукаюць. А заўтра Кастусь новыя дакументы прынясе, і можа на новую кватэру пяройдзеш. Арына! — гукнуў ён у кухню.— Валі трэба падушку і кажух у склеп занесці... Хоць пачакай! Здаецца, не трэба...

Блакітны промень пражэктара наўскасяк перарэзаў акно і замітусіўся, як здалося, блізка за ім.

Шарупіч і Валя выбеглі на ганак. За імі пабеглі і дзеці, але Арына вярнула іх.

З паўночнага ўсходу на горад насоўваўся гул. Ён рос і набіраў сілу — роўны, грозны.

— Нашы,— урачыста сказаў Шарупіч.— Зноў нашы!

Ён павярнуўся туды, адкуль ішоў гул, і застыў. Валя не бачыла яго твару, але адчувала — ён пабляднеў і скамянеў ад напружання.

Бязладна заляскалі зеніткі. Неспакойна замітусіліся па цёмным небе промні пражэктараў. Яны мацалі чорную сіняву неба, часам упіраліся ў воблакі, па міг спыняліся, і зноў адскоквалі ўбок.

Раптам ноч знікла. Гасячы ўсё наўкола, загарэліся вялізныя ракеты-ліхтары. Адна, другая, трэцяя. Выступілі абрысы дрэў, будынкаў. Горад набыў фантастычны выгляд, падобны на мёртвы ландшафт месяца, які Валя яшчэ з школьных гадоў запомніла з падручніка геаграфіі.

А гул усё пашыраўся, мацнеў. І калі пачало здавацца, што ён падае ўжо прама з вышыні, насустрач яму з зямлі ўзняліся чырвоныя ракеты-зоркі.

— Таксама нашы! — сказаў Шарупіч і, не стрымаўшыся, абняў Валю.

Адтуль, куды, апісаўшы дугу, упалі чырвоныя зоркі, шуганулі сполахі. Магутныя выбухі скаланулі паветра.

Некалькі асколкаў зенітных снарадаў упала на дах. Але ні Шарупіч, ні Валя не звярнулі на гэта ўвагі. Уражаныя, яны стаялі з непакрытымі галовамі і, быццам зачараваныя, глядзелі, як ад вакзала пачынала шугаць полымя. Яно афарбавала неба ў барвовы колер і адразу вярнула рэальнасць будынкам і дрэвам.

Пасля ўсё сціхла. На хвіліну ўсталявалася насцярожаная цішыня. Потым пачалося ўсё спачатку.

Нечакана ў адным з промняў пражэктара бліснула нешта светлае, яснае. Да яго кінуўся яшчэ адзін промень. І там, дзе яны перакрыжаваліся, кавалачкам жывога срэбра затрапятаў самалёт.

«Гэта я!» — загадала Валя і, стаіўшы дыханне, пачала чакаць.

Заціснуты промнямі, самалёт ляцеў паволі. Корпус яго свяціўся і зіхацеў, адкрыты зеніткам. Але самалёт чамусьці не рабіў спроб вызваліцца са згубных палос святла і паслухмяна ляцеў, быццам тыя вялі яго на павадах. Да самалёта пацягнуліся пункціры трасіруючых куль. Навокал замільгалі разрывы зенітных снарадаў.

«Ну, рабі ж нешта! — патрабавала ў думках Валя, страшэнна злосная на зеніткі.— Рабі! На цябе глядзяць. Табе даруюць, нават калі ты параніш каго. Але не даруюць, калі дасі магчымасць смяяцца і здзекавацца з сябе і з тых, хто цябе паслаў... Табе абавязкова трэба астацца цэлым!..»

Як бы пачуўшы нямы крык дзяўчыны, якая выказала ў ім тое, што ў гэты міг адкрылася ёй самой, самалёт нібыта спыніўся. Тры кропкі адарваліся ад яго і мільганулі ў промнях. Прарэзлівы свіст панёсся на зямлю, а следам за ім, па адным з промняў, строчачы з кулямёта, рынуўся і самалёт. Промень згас, а самалёт знік у чорнай сіняве.

І ўсё, што на працягу гэтага дня мучыла Валю, нечакана згубіла вастрыню. Яна з палёгкай уздыхнула, адчуваючы — тое, на што наважылася, зноў стала яе патрэбай.

А тым часам новыя хвалі гулу насоўваліся на горад.

 

Раздзел другі

 

1

Звычайна хваравіта перажываючы бамбёжкі, гэтым разам Яноўскі даволі спакойна рэагаваў на падзеі апошняй ночы. Трапіўшы ў бамбасховішча, куды яго неахвотна прапусцілі па пасведчанню, ён з прыкрасцю паглядзеў на шэрыя постаці немцаў і пузатыя чамаданы, на якіх яны сядзелі. Пад столлю цьмяна гарэлі электрычныя лямпачкі. Ад людзей і рэчаў на сцепы клаліся пачварныя цені. Часам лямпачкі амаль гаслі, і ў цемры свяціліся толькі чырвоныя зігзагі вальфрамавых ніцей. Тады чарната паглынала ўсё. Ажывалі гукі-ўздыхі, сапенне, кашаль, глухія выбухі бомб.

У цемры Яноўскага штурхалі, наступалі на ногі.

«Пераможцы!..» — лаяўся ён сам сабе і ўспамінаў Рыбэ, паездку ў мястэчка, злоснага вусача з галоднымі вачыма, які прыйшоў тады раней, чым яму было сказана, і, даўшы падпіску, доўга дрыготкай рукой засоўваў за пазуху атрыманыя грошы. «Не сумнявайцеся, зраблю, сябе не пашкадую»,— прысягаў ён і зыркаў вачыма на бакі, нібы быў акружаны праціўнікамі.

Вусач так прывязаўся да яго, што Яноўскі, каб адагнаць успамін, пачаў варушыцца, кратаць пальцамі. Гэта памагло. Думкі скіраваліся на дом. Там асталіся жонка з кухаркай. Мабыць, схаваліся ў склепе. Дом, канешне, пакінулі пустым. Замкнулі ці не? Ад іх усяго можна чакаць!..

На службу Яноўскі прыехаў апоўдні з цяжкай ад бессані галавой. Свайго заступніка Бондара, які прыйшоў дакладваць пра арышты сярод настаўнікаў, сустрэў безуважлівым позіркам.

— Чуў,— стомлена сказаў ён,— непрыемная, хоць і жалезная, неабходнасць. Самі вінаваты. Было не малоць лішняга. Але ў СД разумеюць... Мяркую, разбяруцца...

— Але, але,— згадзіўся заступнік і нервова паправіў рэдкія зліплыя пасмы на васковай лысіне.— Аднак я хацеў прасіць вас за сына.

— Віцю? — няшчыра здзівіўся Яноўскі.— Хіба яго ўзялі?

— У яго знайшлі лістоўкі і... некалькі чыстых аўсвайсаў з нашай управы.

Яноўскі спахмурнеў.

— Шкада, вельмі шкада. Наша моладзь, Тодар Змітравіч, надзвычай лёгка ловіцца на бальшавіцкія прынады, яна не патрыятычная. Некалькі настаўнікаў нават у лес уцякло. Гэта прыкра і паказальна. Тым больш, калі датычыцца нацыянальнай інтэлігенцыі. А Віця ж мастак, ён вельмі патрэбен народу.

— Тут недарэчнасць! — з неўласцівай настойлівасцю, гледзячы на шэфа, запярэчыў Бондар.

Яноўскі таксама зірнуў на Бондара і ўпершыню заўважыў, што ў яго неаднолькавыя вочы — шэрае і жоўтае. Ад гэтага стала не па сабе. Захацелася крыкнуць, што арышты праведзены паводле яго ўласнай ініцыятывы, што ён і надалей гарачым жалезам будзе выпальваць розную нарасць і дзікае мяса. Аднак нечакана, з рэдкай выразнасцю, успомніўся майстар, якога жонка пусціла ў дом рамантаваць швейную машыну, і Яноўскі заківаў галавой:

— Мажліва, мажліва. Я, безумоўна, пазваню. Спісы і характарыстыкі пакіньце. Хоць... пачакайце...

Яноўскі перагартаў спісы і паказаў Бондару на крэсла. Той, не разумеючы, па-птушынаму, зверху ўніз, паглядзеў на яго адным жоўтым вокам і паслухмяна сеў.

— Папярэджваю, Тодар, што размова будзе канфідэнцыяльная,— прыкрыўшы далоняй спісы арыштаваных, сказаў Яноўскі.— Можна на «ты»?

— Вы знаеце, я заўсёды да вашых паслуг, Усяслаў Якубавіч...

— Наколькі мне вядома, ты родам з суседняга раёна?

— Але, але!

— Я ўпэўнены ў тваёй адданасці, і таму хачу прапанаваць часова вярнуцца ў родныя мясціны.— Яноўскі падкрэсліў слова «вярнуцца» і ўпяў у Бондара цяжкі нерухомы позірк.— Ты сцяміў, у чым справа?

— Прызнацца, не зусім.

— Абапіраючыся на верных людзей, трэба павесці работу на партызанскія атрады. Я дам сувязі і кампраметуючы матэрыял на некаторых іхніх верхаводаў. Карацей кажучы, ты павінен пашырыць нашу сетку, а потым, калі ўдасца, стварыць свой атрад.

Бондар варухнуўся, твар у яго, завастрыўшыся, застыў у нейкай жорсткай грымасе.

— Вы думаеце — гэта рэальна? — тонам, якім дапытваюць, пацікавіўся ён.

Яноўскі ўлавіў у такім пытанні пачатак дзелавой размовы і апусціў куткі вуснаў.

— Абсалютна. Глеба там падрыхтавана. Хоць шмат у чым поспех будзе залежаць ад цябе. А ў прынцыпе,— ён холадна ўсміхнуўся,— абсалютна. Так, дарагі Тодар, робяцца нават урадавыя перавароты... І не думай, у нас ёсць кадры, час, грошы і некаторы вопыт. І пабачыш — неўзабаве мы створым не толькі атрады, а і сваю партыю. Так, так. І назавём яе, па-святому... Незалежная...

Бондар апусціў галаву, быццам хацеў перахрысціцца.

— Дай то божа. Вы можаце павесці за сабой людзей, Усяслаў Якубавіч! Хоць пам дагэтуль шанцавала не вельмі. Перашкаджаюць усё...

— А пра Віцю не клапаціцеся,— сапраўды ўжо верачы ў сваю шчырасць, супакоіў яго Яноўскі.— Я заўтра наведаю вас...

 

Ён прыехаў, калі пачало змяркацца.

Бондар сустрэў яго ў дзвярах і, збянтэжаны, правёў не то ў гасціную, не то ў кабінет — як музейны пакой, спрэс застаўлены мэбляй і рэчамі. На сценах віселі Віктаравы карціны, фотаздымкі старадаўніх замкаў, цэркваў, адмысловы гадзіннік. Піяніна, канапа, крэслы стаялі ў чахлах. Цьмяна паблісквалі бронза і стэлажы на ўсю большую глухую сцяну. Але пакой усё роўна здаваўся нежылым. Яноўскі нават зірнуў на гадзіннік, чакаючы, што завод у яго даўно скончыўся і гадзіннік стаіць.

— Вось так і жывём з сынам,— як бы просячы прабачэння, абвёў рукою навокал сябе Бондар.— Праўда, ёсць яшчэ сталовая і куток, дзе спім. Калі ласка...

Ён памог Яноўскаму распрануцца і панёс некуды вешаць яго пыльнік і капялюш: дома ён адчуваў сябе больш упэўнена.

«Не разгубіўся, сумеў. Тут і яўрэйскае, і наогул... Дрожджы з сахарынам і каменьчыкі да запальнічак таксама далі сваё,— падумаў Яноўскі, разглядаючы пакой.— Сапраўдны аазіс. Сумеў... А кніг, кніг!..»

Гэта быў асаблівы шык. Кнігамі ганарыліся, нават бравіравалі. Ад іх цісненых золатам вокладак на гаспадароў як бы клаўся водбліск высакароднасці. І таму за імі ганяліся, тым больш, што бібліятэчныя фонды былі даступны, кнігі грудамі валяліся на задворках бібліятэк, інстытутаў, школ, і кожны быў пераконаны: той, хто бярэ чужыя кнігі,— не злодзей.

За часы эміграцыі веды амаль ва ўсіх былі растрачаны па кабарэ, па публічных дамах, у інтрыгах і грызні за смачнейшы кавалак. Нават не знаходзілася знаўцаў, якія б здольны былі памагчы акупантам выбраць лепшае і каштоўнейшае ў скарбах, што трапілі ў рукі. Таму вывозілі ў Нямеччыну ўсё, без разбору, або проста пакідалі ў кучах пад дажджом і снегам. І такім чынам выходзіла, што, беручы гэтыя кнігі, ты як бы ратуеш іх, зберагаеш для будучага. Па старой памяці цаніліся слоўнікі, зборнікі фальклору, працы па гісторыі і этнаграфіі, віленскія і варшаўскія выданні да трыццаць дзевятага года. Ведаў бракавала, і таму зноў жа было за шык спаслацца ў размовах на якую-небудзь гістарычную працу, успомніць народную прымаўку, прывесці выпадак з легенды, калі трэба было давесці сваё. А такіх кніг на стэлажах у Бондара было большасць.

Яноўскі заўважыў гэта. Паправіўшы валасы, расчасаўшы грабянцом клінападобную бародку, бровы, ён падышоў да стэлажоў, хоць у змроку, у якім тануў пакой, мала чаго можна было ўбачыць. Не беручы кніг з паліц і заклаўшы рукі назад, ён пачаў разглядаць, як знаток,— то абыякава, то з задуменнай увагай.

— Падабаюцца? — запытаўся гаспадар ад дзвярэй і паклікаў цераз плячо: — Віця, хадзем сюды! Чаму ты яшчэ не тут?

Лавіруючы паміж мэбляй, ён падышоў да стала і паставіў крыштальны графінчык і чаркі. Потым апусціў маскіровачныя шторы на вокнах і запаліў святло. У пакоі стала ўтульней.

Віктар увайшоў, пакульгваючы на адну нагу. З скамянелым тварам павітаўся з Яноўскім і, чужы, халодны, сеў за стол. Толькі светлыя лупатыя вочы паблісквалі ды не-не варушыліся ноздры нервовага вострага носа.

«Дасталося, відаць, як мае быць»,— падумаў Яноўскі і сказаў:

— Вось бачыш, і ўладзілі. Усё добра, што добра канчаецца. Твае дружкі ведалі пра арышт?

— Не знаю, па-мойму, не,— гледзячы міма Яноўскага, адказаў Віктар.

— Гэта добра.

— А, па-мойму, усё роўна...

Бацька, мабыць, перадаў яму размову, якая была ў гарадской управе. Але допыты і катаванні ў СД яшчэ не паспелі зламаць яго, а толькі разлютавалі, і Віктар паказваў сваю крыўду на ўсё і ўсіх. Яго сапраўды арыштавалі бадай што выпадкова, а як вядома — цярпець і пераносіць нягоды чалавек можа тады, калі пакутуе за ідэю.

У той жа час, пакрыўджаны за боль, за ўніжэнні, якія давялося перажыць, Віктар — і гэта Яноўскі разумеў — адчуў і ўладу жалезнай сілы, якая можа знішчыць, але можа і злітавацца, нават азалаціць. І таму, не вельмі звяртаючы ўвагу на Віктараву дэманстрацыю, Яноўскі з жорсткімі ноткамі паўтарыў:

— Не, гэта добра. Я лепей ведаю, Віця, бо мне відней.

Бондар кінуў на сына нездаволены позірк і заспяшаўся:

— Але, але. Сядайце, калі ласка, і даруйце... Яго моцна білі...

— Гэта праўда,— пацвердзіў Віктар, і на лупатыя вочы нагарнуліся злыя слёзы.

— У мяне, спадары, да вас вельмі важная справа. Я ўжо намякаў табе, Тодар, аб ёй,— сядаючы за стол, сказаў Яноўскі, вырашыўшы, што можна ўжо гаварыць адкрыта, чаго прыйшоў.— Я веру вам! Давайце адкінем дробныя крыўды і дробныя сімпатыі. Станем над імі, будзем мужнымі і падумаем аб галоўным. Я маю на ўвазе вайну і бацькаўшчыну. Я, вайна і бацькаўшчына — вось што павінна астацца цяпер у чалавеку. Да такога выснаву прыходзяць сапраўдныя патрыёты. Беларусі патрэбны подзвігі.

— Не кожны можа быць героем,— вяла запярэчыў Віктар.

— Гісторыя, Віця...

— Я хачу проста пажыць, і мне ўсё роўна — пападу я ў гісторыю ці не. Мне трэба раней паправіцца.

— Віця! — прыкрыкнуў Бондар.

— Добра, гаварыце далей...

— Гэта бясспрэчна. Дый іншага выйсця няма! — з прыціскам сказаў Яноўскі.— Ты разумееш мяне?

Віктар узяў са стала налітую чарку і выпіў адзін.

— Я слухаю,— глуха паўтарыў ён.

— Табе цясней давядзецца пасябраваць з тымі, для каго ты краў бланкі. Зразумела? Ды не засмучайся, служыць прыйдзецца не так немцам, як бацькаўшчыне. Я прынёс «Бюлетэнь», Тодар. Гэта важны скрыпт. Тут надрукаваны наш новы маніфест, праграма і ў канцы — хроніка. Напамінаем аб нямецкіх і бальшавіцкіх ахвярах. Пра Слуцкае паўстанне, напрыклад...

Ён паклаў на стол размножаны на машынцы «Бюлетэнь» і асобна — лісток паперы таксама з надрукаваным тэкстам.

— Падмахні спачатку ты, Тодар.

Бондар узняў быў на Яноўскага рознакаляровыя вочы, але тут жа выняў аўтаручку з кішэні.

— Падпісвайся, падпісвайся!.. Ты ж сам разумееш, што такія дакументы без абавязацельства павярнуць не выдаюцца. А днямі збяромся, пашукаем паплечнікаў больш...

— А што, калі я пазнаёмлю з гэтымі паперкамі СД? — крыва ўхмыльнуўся Віктар і адразу раскаяўся ў сваім жарце.

Яноўскі абапёрся на стол абедзвюма рукамі і як бы пасунуўся на яго.

— Паспрабуй,— зайграў ён жаўлакамі,— табе ж пашанцавала ўжо раз пазнаёміцца самому, шчанё!

Не зводзячы мутных ад гневу вачэй з Віктара, ён паказаў пальцам Бондару старэйшаму, дзе трэба падпісвацца і ставіць дату. І, бачачы, як бляднее бацька, Віктар збялеў сам.

 

2

Спраў было многа, і Яноўскі паехаў на бяседу-сход з пачуццём задаволенасці: хораша, калі ты папрацаваў і зрабіў шмат.

Конь бег рэзва, і яго сыты, у яблыках, крыж мерна пагойдваўся перад вачыма. Конь фыркаў, у яго прыемна ёкала селязёнка, і гэта таксама падабалася, супакойвала. Праходжых на тратуарах было нягуста, але на таратайку звярталі ўвагу — глядзелі, праводзілі позіркамі, сёй-той вітаўся, прыпадняўшы шапку.

Насустрач набліжаўся новенькі шэры «опель». Па вузкаплечай хударлявай постаці і бледным інтэлігенцкім твары з пенснэ Яноўскі пазнаў начальніка гета і пакланіўся. Але ці адказаў Рыбэ на вітанне, не заўважыў. Гэта крыху пакрыўдзіла: «Ідзеш на ўсё, а ён вунь як...»

Нядаўна фон Кубэ звярнуўся да кіраўніка БНС Урмачэнкі з афіцыйным пасланнем, у якім гаварыў пра неабходнасць стварыць для барацьбы з партызанамі «корпус самааховы». Сёння, разам з другімі членамі галоўнага савета прыйшлося падпісаць «Зварот да беларускага народа» і заклікаць насельніцтва ўступаць у корпус. Вядома, добра, што закладаецца падмурак узброеных нацыянальных сіл. Яны спатрэбяцца заўсёды. Але бясспрэчна і іншае. Цяпер нават і дурань убачыць, што БНС не толькі цывільная, дабрачынная арганізацыя... І так скрозь — як толькі прыходзіць туга, звяртаюцца па дапамогу, зусім не лічачыся, як на цябе будуць пасля гэтага глядзець.

За мостам цераз Свіслач не было ні прысад, ні дамоў, ні каробак. Абапал стаялі бязлістыя чорныя таполі і ліпы. Некаторыя з іх мінулай зімой спілавалі на дровы, але таўсцейшыя асталіся і, як прывіды, узнімалі ў неба абгарэлае голае голле. За імі шарэлі папялішчы з недарэчнымі печамі і ралля. Нехта, відаць, наважыў пасеяць жыта і вось узараў. Узараў не лапінку, а цэлыя гоні, пакідаючы толькі некранутымі папялішчы і варонкі ад бомб.

«Людзі заўсёды гэтак... Прыстасоўваюцца... Як мурашкі...» — падумаў Яноўскі і забыўся на Рыбэ і яго магчымую знявагу. Зноў стала добра. Ён нават крануўся шырокай спіны фурмана і сказаў:

— Давай, Ян, падгані трохі...

Праехалі Круглую плошчу з двума паўкруглымі недабудаванымі дамамі, адкрытую цяпер для вока Злоту Гурку з абшарпаным, без вежаў касцёлам, бадай што ўцалелы, адзіны на вуліцы, шэры будынак насупроць — шматпавярховы, з паўкалонамі, з балкончыкамі і зашклёнымі вокнамі.

Збочылі ў вузкую, амаль вясковую вуліцу. Драўляныя домікі тут як на тое ўцалелі ўсе — пацямнелыя, з седлаватымі дахамі і вышчарбленымі комінамі. Але нечым звыклым, родным дыхнула ад іх на Яноўскага. Варухнулася жаданне ціха, непрыкметна пажыць у адным з гэтых домікаў — падалей ад усяго...

Усе ўжо сядзелі за сталом, калі Бондар, увішны ад узрушанасці, адчыніў Яноўскаму дзверы і з працягнутай рукою правёў у пярэднюю.

— А мы думалі, што і не прыедзеце,— засакатаў ён, памагаючы Яноўскаму распрануцца.— Урмачэнка таксама толькі што прыйшоў... А ўсе спяшаюцца, хочуць, пакуль відна, скончыць.

— Дык, значыцца, я апошні? Во бяда! — літасціва сказаў Яноўскі, бачачы адну лысіну гаспадара, які з усіх сіл цягнуўся, каб павесіць на вешалку госцеў пыльнік.

— Але, але...— невядома з чым згадзіўся Бондар.

— Ды я спадзяюся, што даруюць.

— Але!

Ён так ахвотна згаджаўся і так хуценька, як скорагаворку, прамаўляў сваё «але», што Яноўскі адчуў прыязнасць да яго, хоць не ведаў, шчыра гэта ці не.

Госці, мусіць, ужо ўзялі па чарцы, бо сустрэлі Яноўскага выбухам выкрыкаў.

— Чаму спазніліся? Справаздачу на стол!

— У добрых людзей штрафную за гэта даюць.

— Хто позна ходзіць — сам сабе шкодзіць. Няхай нам будзе горш!

— Хадзем сюды, Усяслаў,— паклікаў Яноўскага кіраўнік БНС і шырока ўсміхнуўся: — У нас жа так: вып’ем на грош, а п’яныя на цэлы злоты... А цябе сапраўды неставала.

Ён сядзеў на пачэсным месцы, у канцы даўжэзнага стала, паклаўшы на яго локці і трымаючы ў руках відэлец і нож. За каўнер расшпіленай кашулі ў яго была запраўлена ражком сурвэтка, і ад гэтага гладкі, з абвіслымі шчокамі, твар здаваўся яшчэ паўнейшым. За апошні год ён растаўсцеў і зусім стаў непадобны на таго згаладалага чалавека, з якім Яноўскі разам жыў у Празе, а потым у Берліне. Як у людзей, якія пачынаюць таўсцець у старасці, паўната ў яго была нейкая нечаканая і неахайная. Да таго ж, Урмачэнка ад самага малога намагання пацеў, і каўнер кашулі з няўмела завязаным гальштукам быў заўсёды памяты і брудны.

Непадалёку ад яго, справа, таксама з сурвэткай на грудзях, сядзеў кудлаты рэдактар «Беларускай газеты», за ім — старанна прычасаны Віктар, далей — хударлявы, з доўгай галавою і адтапыранымі вушамі былы капітан белапольскай арміі, якога мецілі ў камандзіры корпуса,— усе знаёмыя да самай сподняй бялізны.

— Сядай, Усяслаў,— прапанаваў Урмачэнка і паляпаў па крэсле, што паслужліва паставіў побач Бондар.— Якія твае думкі аб нашым «Звароце»? А? Мы вось тут заспрачаліся... Ці не будзе гэта пярэчыць нашай праграме?

Яноўскі сеў, падумаў, што і яго ў СД прасілі пацікавіцца, як другія сустрэнуць ідэю стварэння корпуса самааховы, і адказаў:

— Войска, па-мойму, патрэбна нацыі, як і мова. Народ без арміі — не народ.

— Чыстая праўда! — падтрымаў Бондар.

— А вось рэдактар думае іначай.

Госці ўзялі яшчэ па чарцы. На Яноўскага паступова забываліся і цяпер размаўлялі ўсе — з суседам побач або цераз стол. Слухалі толькі бліжэйшыя, якім нельга было не слухаць. Таму ў пакоі стаяў тлум.

— Ты чуў, спадар рэдактар? — ухмыльнуўся Урмачэнка і выцер з шыі пот..

— Самаахову я вітаю таксама,— запусціў пяцярню ў сваю папоўскую шавялюру рэдактар і, задумаўшыся, астаўся сядзець так з хвіліну.— Але праўдзе заўсёды трэба глядзець у вочы. Мы ж палітыкі. І таму, хочаш ці не хочаш, а гэта пачатак міжусобіцы. Беларус будзе забіваць беларуса.

«І гэты прашчупвае. Ловіць на сваіх вольнасцях. Дурань! Лепш быць далей ад яго і не ўсё раскрываць перад ім — прадасць. А кіраўнік — малайчына...» — падумаў Яноўскі і насмешліва адказаў:

— Адыле гэтую міжусобіцу пачалі партызаны, яны — і раскольнікі. Так іх трэба і выкрываць.

— Але, але.

— Ну добра, выпі спачатку, Усяслаў.

У гэтага тлустага чалавека, які любіў паесці і выпіць, была прывычка сачыць у кампаніі, каб усе пілі пароўну, і калі хто-небудзь прапускаў чарку або адмаўляўся, ён узнімаў ледзь не скандал. Да таго ж, Яноўскага самога цягнула выпіць, і ён, чокнуўшыся, каўтнуў гарэлку залпам.

— Во гэта сумленна!

— Якую б праграму мы ні прапаведавалі, крыві баяцца не нам,— счакаўшы, пакуль Яноўскі закусіць, сказаў капітан, і нішто не змянілася на яго доўгім посным твары.— Яна, апрача ўсяго, прамывае раны. У хворых жа ўрачы і цырульнікі спускалі яе яшчэ некалькі стагоддзяў назад.

— Так, але...— перастаў жаваць рэдактар і, як гэта заўсёды рабіў, калі пачынаў гаварыць, прыпадняў руку.

Капітан скасіў на яго пустыя халодныя вочы.

— Я ўзяўся ўжо за арганізацыю афіцэрскай школы. І зраблю ўсё, каб яе гадунцы ўмелі і ваяваць, і дапытваць, і вешаць.

— Дай, Усяслаў, палью другую. Вып’ем за бацькаўшчыну, за служэнне ёй,— прапанаваў Урмачэнка.

Парадкам захмялеўшы, перад новым наваратам Яноўскі ўсё ж сказаў прамову, а пасля паклікаў Бондара ў другі пакой: трэба было дамовіцца, што рабіць далей, і перадаць Віктару пустыя бланкі аўсвайсаў, каб ён не раздабываў іх сам.

 

3

Яноўскі прачнуўся гадзіне а пятай — страшэнна балела галава — і ўжо не мог заснуць. Але, устаўшы, прымусіў сябе, хоць вельмі не хацелася, зрабіць зарадку і па пояс вымыцца халоднай вадою. Гэта крыху памагло.

— Пара адмовіцца ад спіртнога або піць крыху разумней,— гледзячы на свой памяты твар у люстэрка, сказаў ён сам сабе і паспрабаваў разгладзіць пад вачыма маршчыны.— Чорт!.. Хоць як ты кінеш, калі гэта — адзіная разрыўка...

У яго пачала ўсталёўвацца прывычка думаць уголас.

— І ўсё-такі пара. Палітыку больш як каму патрэбна светлая галава і даўгалецце. Здольнасць, воля і даўгалецце... Чорт!..

Боль не даў яму дабыць да канца работы, хоць быў цэлы кош непрыемных навін: другі раз узарвалі афіцэрскую гасцініцу. Сустрэўшыся з Урмачэнкам, пагутарыўшы з Бондарам, Яноўскі спаслаўся на дрэннае самаадчуванне і загадаў падаваць таратайку.

На вуліцы панавала сумятня. Пажару, выкліканага начным узрывам, яшчэ не патушылі. Палова квартала, дзе знаходзілася гасцініца, была акружана салдатамі. Часцей звычайнага праносіліся карэты хуткай дапамогі. З ліхаманкавым звонам прамільгнула чырвона-вогненная машына з пажарнікамі. Адзін пажарнік у брызентавай вопратцы і меднай бліскучай касцы стаяў на крыле. Схіліўшыся да кабінкі, ён нешта крычаў шафёру і паказваў наперад рукой.

Па Савецкай вуліцы, да вакзала, шпарка прайшла каманда сапёраў. Узад і ўперад прахаджваліся патрулі палявой жандармерыі. Затое ў канцы Камсамольскай і на Нямізе было не так людна. Насустрач ехала высока нагружаная скрынкамі фурманка. Трымаючы бліжэй да канавы, падлетак цягнуў двухколку. Па тратуары ішлі старая жанчына з белагаловым віхрастым хлопчыкам. Каля піўнога ларка тоўпіліся салдаты. Ды на рагу, размаўляючы з хлопцам, стаяла дзяўчына ў яркай каляровай сукенцы і маленькім капялюшыку, які цудам трымаўся на самай макаўцы.

Яноўскаму здалося, што ён недзе бачыў і гэтую дзяўчыну, і гэтага хлопца і бачыў не так даўно. Але прыйсці да якой-небудзь пэўнасці ён не паспеў. Калі таратайка пад’ехала да рогу, дзяўчына нечакана па хаду ўскочыла на крыло.

— Адну хвіліначку, спадар Яноўскі! — папрасіла яна і села поруч.

Фурман спыніў каня.

— Вы забываецеся, я вас не ведаю,— холадна сказаў Яноўскі і раптам успомніў: гэтыя вялікія прамяністыя вочы, упарты, круты лоб ён бачыў на фотакартачцы, якую некалі паказваў яму Вейсіг... Не!.. Ён бачыў дзяўчыну таксама некалькі дзён назад на рагу Савецкай і Камсамольскай. Бачыў разам з гэтым жа смуглявым, падобным на цыгана, хлопцам. Значыцца, яны падпільноўваюць яго, сочаць за ім. Магчыма, у каго-небудзь з іх у кішэні ўжо ляжыць падрыхтаваная лістоўка-прысуд. Абхапіўшы рукою горла, ён хрыпла выціснуў: — Калі вы не пакінеце мяне ў спакоі, я зараз паклічу людзей. Вы адкажаце!

Валя зірнула на яго азызлы, памяты твар, на памутнелыя ад страху вочы, і хваля фізічнай агіды скаланула яе. Яноўскі здаўся ёй нейкім брудным. Мільганула думка, што з пад’ездаў, з вокнаў на іх абавязкова глядзяць дзесяткі вачэй, і можа нават недзе паблізу ёсць людзі Міхала Шарупіча, якія пры патрэбе прытуляць, схаваюць яе. Адчуваючы, як расце рашучасць, Валя бадай што спакойна сказала:

— Я магу захаваць вам жыццё, пане спадар! Толькі ні слова. Сядзіце, нібыта нічога не здарылася, і вы будзеце жыць...

Яноўскі страпянуўся і ўмольна зірнуў на дзяўчыну. На спалатнелым твары праступілі чырвоныя плямы, у вачах бліснула надзея: ён быў так упэўнены, што пасля яго пагрозы прагрыміць стрэл, што прыняў Валіны словы за адзнаку слабасці і ваганняў. Са спрытам, не ўласцівым яму, ён павярнуўся да Валі ўсім тулавам, нахіліўся і, як абцугамі, сціснуў ёй запясці. Яна з усяе сілы адштурхнула яго, але вырвацца не здолела. Тады, з крыштальнай яснасцю ўсведамляючы, што робіць, Валя стукнула яго галавой у падбародак. Яноўскі адхіснуўся і разняў пальцы.

У гэты міг дужая Алешкава рука схапіла яго за каўнер пыльніка і сцягнула з таратайкі. Не здзівіўшыся, следам саскочыла і Валя.

— Страляй! — крыкнуў Алешка, трымаючы выцягнутай рукой за каршэнь Яноўскага.

Не цэлячыся, Валя стрэліла яму ў грудзі. Яна добра запомніла, што вялікі палец яе механічна пацягнуўся да курка, каб узвесці яго зноў, але думка: «Навошта? Гэта ж самаўзвод!» — спыніла палец, і яна ўзапар стрэліла яшчэ два разы.

Яноўскі абвяў, калені яго падламаліся, і ён пачаў асядаць на зямлю. Яму здалося, што агністы, пякучы лівень ударыў не ў грудзі, а ў твар. Ён захлынуўся гарачым паветрам і заплюшчыў апаленыя павекі.

Не выпускаючы каўняра, Алешка тузануў падатлівае цела ўбок і штурхануў на панель. Яноўскі расцягнуўся на бруку. Цела яго перагнулася ў вадасцёкавай канаве, і бародка-клінок задралася ўгору. Было падобна, што ён падняў яе, каб завыць — сумна, працягла, быццам на месяц.

Толькі цяпер Валя азірнулася. Навокал было пуста і, як здалося, ціха. Нахлёстваючы каня, аддаляўся фурман. Салдаты, што пілі ля ларка піва, прытрымліваючы цесакі, заварочвалі ўжо за рог вуліцы. Белагаловы хлопчык, які ўпаў, збіты некім з ног, намагаўся падняцца і ніяк не мог. Усе беглі прэч, і Валя бачыла адны толькі спіны ды белыя спалоханыя твары, якія іншы раз паварочваліся да яе.

У канцы вуліцы над дахамі дамоў паўкруглай аркай выгнулася цёмна-сіняя навальнічная хмара. На яе фоне белымі матылямі лёталі галубы. А пад ёй, як пад пралётам вялікага моста, свяцілася чыстае неба. Зеленаватае каля самага беражка хмары, яно святлела і ружавела, набліжаючыся да небасхілу.

Алешка развітальна махнуў Валі рукой, і яны, як было ўмоўлена, кінуліся ў розныя бакі: ён па Нямізе, а яна да Замчышча.

Валя бегла не азіраючыся, але не забываючы час ад часу пырскаць з пляшачкі газу пад ногі. Яна хутка прамінула руіны Замкавай вуліцы, доўга пятляла па вузкіх, таксама ў руінах, завулках і, нарэшце, трапіла ў тупік. Тут сілы пакінулі яе. Бегчы далей яна ўжо не магла. Валі здалося,— а магчыма гэта было і ў сапраўднасці,— што ёй падставілі ножку, і яна, знясіленая, упала тварам у пругкі дарожны пыл. Пыл, як і тады, калі Валя ішла ў горад, быў увесь у рабаціннях ад буйных рэдкіх кропляў дажджу. Але гэта яна адчула ўжо далонямі рук.

 

4

Дзе яна чула гэты грудны, прыемны голас? Чула нядаўна. Магчыма, нават сёння. А-а! Ды гэта ж тая жанчына, якая прыходзіла да Міхала Шарупіча адвячоркам... Цікава, што яна тады паведаміла яму? Ці пра здарэнне ў афіцэрскай гасцініцы, ці пра тое, што гестапаўцы збіраюцца апоўначы рабіць аблаву? Мусіць, апошняе. Бо Алешка тады выгукнуў: «А мя-а-са ва-а-гон!» — безумоўна пра гасцініцу.

Валя расплюшчыла вочы. Над ёй схілілася маладая прыгожая жанчына з сумнымі вачыма. Яна трэсла Валю за плечы і спагадліва пыталася пявучым, грудным голасам:

— Што з вамі? Вы нездаровы?.. Зойдзем да мяне. Я жыву вось тут, насупроць...

Яна памагла Валі ўстаць і, падтрымліваючы пад локаць, павяла ў двор.

З завулка, адкуль Валя толькі што павярнула ў тупічок, даляцелі прарэзлівыя гукі клаксона і злоснае завыванне матора, пераключанага на трэцюю хуткасць.

— Гестапаўскія машыны,— прыслухаўшыся, сказала жанчына.— Відаць, здарылася нешта сур’ёзнае. Яны, як і пажарныя, выязджаюць, толькі калі што-небудзь гарыць.

Гэта не спалохала Валю. Цяпер яна адчувала сябе амаль па-за небяспекай. А галоўнае — для яе не існавала нічога немагчымага. Захоча зрабіць сяброўкай гэтую прыгожую жанчыну — зробіць. Загадае ёй знайсці шапку-невідзімку — і тая знойдзе і шапку-невідзімку, і боты-скараходы.

— Бывайце здаровы, жывіце багата,— як пароль, сказала Валя.

Жанчына дапытліва зірнула на яе.

— Вы збіраецеся пайсці? Зараз?.. Я не раіла б вам. У вас з кішэні вытыркаецца тронак пісталета.

— А я нікуды і не збіраюся. Мне проста хочацца пазнаёміцца з вамі, а пасля дажджу, калі можна, буду прасіць, каб вы правялі мяне да доміка з белымі аканіцамі.

— У майстэрню?

— Ага... Паўгадзіны назад на Нямізе забілі здрадніка. Я праходзіла якраз, і мне вельмі не хацелася б ісці адной у гэтым убранні.

Жанчына са спачуваннем і цікаўнасцю агледзела Валю, нібы толькі цяпер спаткала яе.

— Тады давайце хутчэй пойдзем у хату...

Яны ўвайшлі ў пусты, быццам нежылы пакой, з якога частку рэчаў, мусіць, ужо вывезлі на іншую кватэру.

— Жывём з мамай. Яна цяпер на рынку, прадае сёе-тое,— заўважыўшы Валіну разгубленасць, сказала жанчына.— Як прыйшла да яе год назад з Брэста,— у мяне там муж служыў у крэпасці — так вось і праядаем пакрысе, што мелі. Нас, «заходнікаў», наогул шмат у Мінску асела. Жонкі вайскоўцаў, самі вайскоўцы, савецкія работнікі. У заходніх абласцях мы былі прыкметныя. А тут горад вялікі, разбураны, лёгка згубіцца кожнаму. Вось і пачалі дзейнічаць...

У кутку, на падлозе, сядзелі два чарнявенькія хлопчыкі і складалі з кубікаў піраміды. Убачыўшы Валю, яны сабралі ў прыполы кашулек цацкі і моўчкі панеслі іх у другі пакой.

— Вашы?— спыталася Валя.

— Не,— уздыхнула жанчына, і на вочы ў яе набеглі слёзы.— Сваю я пахавала па дарозе. Каля Стоўбцаў. Там вялікі сасновы бор ёсць і верас, верас... А іх заўтра завяду ў дзіцячы дом. Яны адтуль,— яна павярнулася да акна і, не здольная больш гаварыць, неазначальна махнула рукой.

Валя падышла, паглядзела ў акно. За парослай быльнягом пусткай маячылі жоўтыя руіны, і відаць была высокая дротавая агароджа і каля яе скруткі ржавага калючага дроту.

«Гета!..» — здагадалася Валя, гатовая абняць і прытуліць да сябе жанчыну.

Па тым, што гаспадыня так шчыра расказвала пра ўсё і нічога не пыталася сама, Валя зразумела: ёй давяраюць.

— Пазнаёмімся,— прапанавала яна.— Я — Валя...

— Ванда,— працягнула руку жанчына, саромеючыся сваіх слёз.— Вось здорава! Значыць, ты была ў Шарупіча, калі я заходзіла перад бамбёжкай? — перайшла яна на «ты».

— Ага.

— Цікава. Я заўважыла, што сваіх можна пазнаваць адразу, беспамылкова.

Раней Валя, не задумваючыся, згадзілася б з гэтым і нават у пацверджанне прывяла б прыклады. Яна, пэўна, расказала б, што некалі, рыхтуючы з сяброўкай лекцыі ў парку, яны вынайшлі гульню: адгадваць прафесіі праходжых. Гэта было цікава. Аднойчы яны так горача заспрачаліся, што надумаліся дагнаць пажылога ў белым часучовым гарнітуры мужчыну, якога Валя лічыла ўрачом, а сяброўка — бухгалтарам з будаўнічага трэста, і спытацца ў яго самога. Мужчына доўга не мог уцяміць, чаго ад яго патрабуюць дзве ўзрушаныя дзяўчыны з сшыткамі ў руках, а калі здагадаўся, зарагатаў. Ён сапраўды быў славуты хірург, прозвішча якога ведаў увесь горад... Цяпер жа Вандзіны словы здаліся наіўнымі.

— Не заўсёды,— адмоўна пакруціла Валя галавой.— Але сваім можна заўжды памагчы.

— Гэта праўда, Валечка... Я вось з адным хлопцам пазнаёмілася. З украінскага батальёна. Як сляпы. Аж шкада яго. Немцы хочуць нас адзін на аднаго нацкаваць, а ён быццам і не бачыць, хоць і не супроць да партызан перайсці.

— Я не пра такіх нашых... Во калі б пасля вайны былі ўзнагароджаны ўсе савецкія людзі. І я, і ты — усе! Народ стаў бы ардэнаносным. Уяўляеш? Вось тады і пазнаваць сваіх лёгка было б... Глядзі! Ты знаеш яго?

Па вуліцы, пазіраючы на бакі, ішоў Алешка. Але як ні намагаўся ён ісці спакойна, было відно, што хлопец устрывожаны і кагосьці шукае.

— Кастусь! — пляснула аб клубы рукамі Ванда.— Гэта чаго? Няўжо бяда?

— Ты пазаві яго,— папрасіла Валя, сама здзіўляючыся, што так узрадавалася ягонаму паяўленню. Не, яна не баялася, што з ім можа здарыцца што-небудзь благое. Алешка не прападзе. Не можа прапасці! Ён з вады выйдзе сухі, а з агню цэлы. Радасна было проста таму, што зноў убачыла яго і што ён, мабыць, шукае і трывожыцца за яе.

Алешка не ўвайшоў, а ўварваўся ў пакой — ускудлачаны, шчаслівы. І толькі сустрэўшыся з Валяй позіркам, спыніўся, агледзеўся і пачаў рабіцца звычайным — зухавата-насмешлівым, што ведае цану сабе і глядзіць на людзей крыху зверху. Але Валя бачыла яго шчаслівым, і ёй ужо было няважна, якім ён хоча быць.

— Як ты трапіў сюды? — спыталася яна, з удзячнасцю гледзячы на Алешку.

Ён яшчэ не зусім авалодаў сабою і ахвотна кіўнуў кучаравай галавой.

— Баяўся,— прызнаўся ён,— у гэтых руінах і я магу заблудзіць. А тут яшчэ гета паблізу і паліцаяў процьма. Не ўлічылі мы... Дый яны адразу разгадалі план. Куды пацягне ўцякаць? Вядома, у разбураныя кварталы. Вось я і пайшоў следам на ўсякі выпадак...

— А адстаў як?

— З эсэсаўцам сустрэўся.

— Што ты кажаш!

— Прыкінуўся п’яным. Нагнуўся, хістаючыся, быццам ванітуе мяне. І што ты думаеш? Сапраўды вырвала. Ён жа і цябе мог заўважыць... А потым гестапаўскія машыны. Ты паспела сюды, у тупічок шмыгнуць, а мне ў развалінах прыйшлося адседжвацца, ха-ха! Шанцуе ж!

— Ідзіце ўмыйцеся,— дрыготкім голасам прапанавала Ванда, па якую яны зусім забыліся.

— Валі пераадзецца дай.

— Добра.

— Няхай прычоску зменіць. А я да дзядзькі Міхала збегаю, далажу. Ты не дасі мне якой-небудзь кепкі...

Усхваляваная, нават здзіўленая — так па-новаму бачыла яна сябе і другіх,— Валя, не спяшаючыся, умылася, надзела просценькую Вандзіну сукенку і пачала перад люстрам прычэсвацца. У памяці ўсплывалі асобныя карціны — і як яна ішла ў Мінск, і як з Алешкам пільнавалі Яноўскага на лесвіцы ў закурадымленай каробцы, і як сядзела побач і размаўляла са здраднікам у таратайцы. Усталёўвалася ўпэўненасць, што, калі вернецца Алешка, яна спакойна выйдзе на вуліцу, а калі трапіцца праходзіць паўз вартавых, якія, вядома, і цяпер стаяць каля тых жа брам і пад’ездаў, у яе ўжо не ўзнікне жадання быць на процілеглым баку вуліцы. З гэтага дня, калі людзі ўведалі пра тое, што зроблена ёю, яна ўжо належыць не толькі сабе і павінна быць вартай павагі, якой акружаюць людзі чалавека, што выканаў іх волю.

Алешка вярнуўся гадзіны праз дзве расстроены, хмуры. Без усмешкі агледзеў Валю, нічога не сказаў пра яе ўбор і выгляд.

— Дрэнна,— закруціў ён галавою так, што цёмныя зухаватыя кудзеркі ў яго заварушыліся, як званочкі.— Тфу! На кантрольна-прапускных трывога, Валя! Правяраюць і абшукваюць кожнага. Хапаюць. Разаслалі плашчпалаткі і прымушаюць высыпаць на іх усё — нават бульбу, збожжа... У Шарупічаў таксама пярэпалах праз Раю... Так што прыйдзецца табе некалькі дзён пажыць у Ванды.

— Я згодна,— сказала Валя.— А ты пабудзеш трошкі?

— Не, трэба ісці. Тут мне не можна быць. І так дасталося, як багатаму, ха-ха! А табе, Ванда, таксама загад — каб дзяцей зараз жа адвяла. Яшчэ не позна...

 

Раздзел трэці

 

1

Яны ішлі па пакручастых вуліцах гета і разглядалі іх — Вейсіг грэбліва, як прыкрасць, якая чамусьці яшчэ асталася на свеце, перакладчык абыякава, Рыбэ з увагай, па-гаспадарску. Наогул паказваў ён свае «ўладанні», як паказваюць даходны маёнтак або даследчае поле, і па-свойму ганарыўся ўсім гэтым. Яму было прыемна, што яны не сустракаюць людзей, і тыя, здалёк заўважыўшы іх, паспешліва збочваюць у брамкі ці на другія вуліцы. Прыемна, бо ведаў, што праз шчыліны ў платах і парканах, з-за фіранак за ім і Вейсігам сочаць спалоханыя вочы. Не, гэта стала звыклым і не шчыкатала самалюбства, прыемна было таму, што ўсё было так, як і павінна быць, што ягоная сістэма давала плёны.

Нядаўна прайшоў спорны дождж. Вуліцы былі забрукаваны не ўсе. Прыходзілася абыходзіць лужыны і выбіраць сушэйшыя лапінкі, але на тратуар ні Рыбэ, ні Вейсіг збочваць не хацелі — гідзіліся. Быццам ад касабокіх, пацямнелых ад дажджу халуп на іх магла перайсці нейкая пошасць. Па дашчаным тратуары ішоў толькі перакладчык.

— Ты маеш рацыю, Генрых,— бясстрасна гаварыў Рыбэ, шукаючы, куды ступіць.— Ворага, які не баіцца смерці, трэба знішчыць. Гэта так. Але ты залішне спрашчаеш. Людзей можна не толькі палохаць, а і гіпнатызаваць смерцю. Тады яны робяцца, як трусы. Дый нельга ўсіх, каго трэба, ліквідаваць адразу. Іх мільёны.

Ён употай ад усіх працаваў над дысертацыяй «Да пытання аб спосабах і метадах знішчэння ворагаў Германіі» і цяпер чэрпаў думкі адтуль. Вейсігу не падабаліся ягоныя мудрагельствы, як і наогул усякія мудраванні. Але, не маючы чаго супрацьпаставіць ім, ён усё больш рабіўся ўпартым.

— Глупства! — пярэчыў ён з тупой настойлівасцю.

Бачачы гэты бяссільны бунт, Рыбэ радаваўся, хоць вузкі жоўты твар быў халодны, а бясколерныя вочы, як ашклянелі.

— Чаму глупства? А ты падумай. Што значыць гіпнатызаваць? Няхай кожны з іх,— Рыбэ брывом паказаў на халупы,— ведае, што смерць заўсёды вісіць над галавою. Баіцца ён яе ці не — гэта яго клопат, але няхай ведае. Няхай чуе, што кожную ноч хто-небудзь памірае, і радуецца, што пакуль выпала памерці не яму. Няхай надзею змяняе паніка, а паніку — невялікая надзея. Няхай бачыць, як паміраюць вінаватыя або тыя, каму наканавана памерці, і зноў адчуе — а я яшчэ жывы! Няхай пераканаецца, што нават калі ўратуецца сам, памруць усе астатнія — свае і чужыя, бо смерць звязала ўсіх кругавой парукай. Няхай адчуе сваю асуджанасць і прывыкае да думкі аб смерці.

— Усё словы!

— Нядаўна мы ішлі выбіваць чарговы дом. Каб яны не здагадаліся, у якім квартале, мы злезлі з машын, не даехаўшы да варот. Але адзін з іх ужо чакаў нас, залёгшы з кулямётам на рагу каля юдэнрата. І як па-твойму — адкрыў агонь? Не, Генрых! Калі мы падышлі, ён выхапіў пісталет і застрэліўся. Успомніў, што дорага будзе каштаваць яго геройства другім...

— Добра табе тут, за калючым дротам.

— А хто перашкаджае табе па начах рабіць вылазкі, сеяць паніку? Пасылай дробныя групы. Няхай паляць, караюць. Засылай лазутчыкаў. Я то хачу стварыць свой аператыўны аддзел. Тут важна, каб яны адчувалі: смерць недзе блізка. Да сакавіцкага разгрому падполля ў горадзе мы ўсю ўвагу аддавалі пошукам чырвоных камісараў. Думалі — уся справа ў іх. І гэта была наша памылка. Бо калі мы хочам перамагчы, ваяваць трэба з усімі рускімі. Вось як!..

Рыбэ заўважыў дзяўчыну, якая паволі, з кніжкаю пад пахай, пераходзіла вуліцу, і ў яго белых вачах варухнулася не то цікаўнасць, не то нездаволенасць. Босая, у блакітнай злінялай сукенцы, кароткай і вузкай, яна ступала асцярожна, каб не запэцкаць у гразь ногі, і ў той жа час на хаду пераплятала важкую чорную касу. Але калі кончыла пераплятаць і адкінула яе за спіну, раптам таксама ўбачыла Рыбэ і, упусціўшы кнігу, пабегла.

— Хальт,— няголасна загадаў Рыбэ.— Чуеш, хальт!

Дзяўчына пачула загад, таропка азірнулася, але не спынілася, а пабегла шпарчэй.

— Бачыш? — спытаўся ў Вейсіга Рыбэ і ляным, вялым рухам зрабіў знак перакладчыку, які ўжо выхапіў з кабуры пісталет.— Гэтая яшчэ не загіпнатызаваная. Няхай наракае на сябе...

Перакладчык стрэліў, калі дзяўчына ўжо адчыніла брамку. Здзіўлена войкнуўшы, тая схапілася за грудзі, момант пастаяла так, нібы прысягаючы ў нечым нябачнаму з вуліцы чалавеку, і ўпала ў двор.

— Сама вінавата. Пара ўжо ведаць, што і ўцякаць і насіць кнігі катэгарычна забараняецца. А як неахайна прышыты латы! Заўважыў? Распуста,— з прыкрасцю сказаў Рыбэ, і вочы яго зноў згаслі.— Так, Генрых... Што сёння ў нас? Чацвер? Шкада, у нядзелю цябе ўжо не будзе тут, а то я паказаў бы табе нешта цікавае і павучальнае...

Дора, якая прыйшла якраз наведаць Чыпчыных, пачула стрэл і ўбачыла з акна, як упала Рыва, але адразу не змагла звязаць першае і другое, так гэта было неверагодна. А калі ўцяміла, што адбылося, падхапілася і выбегла на падворак, нічога не сказаўшы Чыпчынісе, якая скубла пер’е на кухні.

Чыпчыніха пасля таго, як загінуў Самуіл, а Ёську пераправілі ў гарадскі дзіцячы дом, жыла, як лунацік. Яна бясконца блукала па хаце, зусім не выходзіла на вуліцу і не то аглухла з гора, не то замкнулася ў сабе, але, калі да яе звярталіся, заўсёды здзіўлена перапытвала, каб зразумець, чаго яшчэ хочуць ад яе.

Усе клопаты аб маці ляглі на кволыя Рывіны плечы. Дора ўладзіла дзяўчыну працаваць у бальніцу, дабілася дапамогі з фонду, створанага падпольным цэнтрам з ахвяраванняў спецыялістаў, і маці з дачкой маглі сяк-так жыць. Апошні час у Чыпчыніхі паявіўся занятак. На гарышчы яна знайшла старую пыльную пярыну і пачала скубці пер’е, каб з пуху зрабіць Рыве падушкі.

— Як жа без іх дзяўчыне? Няхай будуць... А мо спатрэбяцца... Бачыш, як Міра Барзман стараецца. Мусіць, пасагу такога і да вайны не мела. Як курыца — толькі і грабе пад сябе... Хоць што з таго?..— сама з сабой разважала яна, ледзь варушачы бяскроўнымі вуснамі.— Навошта? Усё роўна — канцы. Божа, мой божа!..

Раскудлачаная, у лахманах, яна нагадвала ўжо цыганку-варожку не толькі з твару, а і сваімі рухамі, асабліва кашчавых рук. Дору абурала ў ёй усё: і яе абыякавасць да навакольных, да сябе, яе тупая ўпартасць, з якой яна скубла пер’е, яе страшэнны эгаізм — няма жыцця ў мяне, дык няхай яно спрахне наогул. Дора не магла дараваць ёй Самуілавай смерці, якая нічому не навучыла Чыпчыніху, і ўсё-такі клапацілася аб ёй, апекавала, як магла...

Першая думка ў Доры была, што пачынаецца пагром. Надумаўшы замкнуць брамку, а потым схаваць усіх, хто быў дома, у «маліне», яна выбегла на двор і глянула на вуліцу. Але там было пуста. Толькі спакойна, не азіраючыся, аддаляліся тры немцы: Рыбэ, перакладчык і незнаёмы. Здагадваючыся, што адбылося, Дора, аднак, борзда замкнула брамку, апусцілася перад Рывай на калені і прыпала вухам да яе спіны — сэрца ўжо не білася. Дора павярнула Рывіну галаву, але яна была вялая і цяжкая. «Насмерць!» — жахнулася Дора, і толькі цяпер заўважыла крывавую пляму на сукенцы і лужынку, што распаўзалася з-пад грудзей. І адразу дзяўчына стала Доры чужая і страшная. Бачачы, як бялее і застывае яе смуглявы твар, яна адняла рукі, у якіх трымала Рывіну галаву, і ўсхапілася. Зірнула на зыркае прыплюшчанае вока нябожчыцы, што глядзела некуды ўбок, і пабегла назад у дом.

— Цётка Сара, Рыву забілі!! — сказала яна, прытуліўшыся спіной да вушака кухонных дзвярэй.

Чыпчыніха пільна і строга паглядзела на Дору, кінула скубці пер’е, устала і, цяжка перасоўваючы ногі, прайшла міма.

— Я так і ведала,— са стогнам выдыхнула яна на ганку, убачыўшы дачку.— Усе мы там, божа, будзем. Ай-вей! Адвярнуўся ты, божа, ад свайго народа. Гора нам, гора!..

Нябожчыцу ўнеслі ў дом, абмылі рану, пераадзелі і, падаслаўшы саломы, паклалі на падлогу — у праходзе паміж ложкамі — строгую і большую, чым пры жыцці.

Пакідаць Чыпчыніху адну было нельга, і Дора мусіла астацца начаваць — хоць гэтым памагчы беднай жанчыне.

Як толькі змерклася, Чыпчыніха лягла на ложак. Ухуталася да падбародка. Доўга, як перад хваробай, уздыхала, варочалася, а потым раптам і нечакана захрапла. У пакой праз акно пранікала месячыкавае амаль блакітнае святло, і было відна. Дора бачыла спакойны твар нябожчыцы, чорную тоўстую касу, што хораша ляжала на грудзях, бачыла галаву Чыпчыніхі на падушцы, яе раскрыты пакутніцкі рот, з якога вылятаў храп, і не магла заснуць.

Дзяжурыць ніхто не выйшаў. Успомніўшы пра гэта, Дора аж здзівілася і, сярдзітая на сябе, што разам з другімі забылася на ўсё, хуценька ўстала, выйшла на падворак. Прыслухоўваючыся да падазроных гукаў, адна прахадзіла да золку.

Раніцай Рыву, абкручаную ў прасціну, маці і Дора на двухколцы павезлі на могілкі. Пхаючы грудзьмі і рукамі скрыпучую двухколку, Дора, каб падбадзёрыць Чыпчыніху, сказала:

— Дзіцячы дом, дзе быў Ёська, перавялі ў Сёмкаў гарадок. Гэта яшчэ лепш. А я, калі дазволіце, зноў перабяруся да вас...

Але тая нават не зірнула на Дору.

 

2

Здавалася, Рыбэ не ўмеў ні абурацца, ні радавацца, ні бедаваць. Ён нават не жыў, а толькі працаваў — дакладны ва ўсім. Працаваў, як заведзены, пунктуальна выконваючы даручаную справу. Здавалася, што яму нават усё роўна, якая гэта справа і што даводзіцца рабіць. Мусіць, нішто не змянілася б у ім і тады, калі б ён быў шэфам не гета, а скажам, якога-небудзь анатамічнага музея ці бойні. Яму як бы важна было адно — задача, і ён шукаў і знаходзіў спосаб яе вырашэння... Але хутчэй за ўсё гэта было не зусім так.

Пралітая кроў помсціць кату ўжо тым, што абуджае ў ім жаданне зноў і зноў бачыць кроў, і гэтым кладзе на яго каінаву пячатку. Рыбэ быў ужо адзначаны ёю. Не, расстраляныя і закатаваныя не прыходзілі да яго ў сне — разам з першай ахвярай ён забіў і сумленне. Але, страціўшы адчуванне цаны чалавечага жыцця, ён страціў тое, што вылучае чалавека з усяго жывога.

Рыбэ сядзеў бокам да пісьмовага стала і, паклаўшы нагу на нагу, курыў. Настольная лямпа з зялёным абажурам цьмяна асвятляла кабінет, і куткі танулі ў мяккіх змроках. Нерухомы позірк Рыбэ быў скіраваны на сваю руку, у якой дымілася папяроска, але Міры Барзман здавалася, што шэф употай, краем выцвілых вачэй, глядзіць на яе, ва ўсякім разе як бы прыслухоўваецца да яе. Гэта насцярожвала, нават палохала, і яна то няўпэўнена абцягвала кароткую вузкую спадніцу, трымаючы шчыльна сціснутыя калені, то бралася рукою за выраз кофтачкі і сядзела так, быццам ёй было холадна.

— Я ствараю пры атрадах парадку аператыўны аддзел,— як бы самому сабе казаў Рыбэ.— Ты павінна быць яго супрацоўнікам і пра ўсё пачутае даносіць чалавеку, якога назавуць табе пасля. Таксама падбірай патрэбных людзей.

Ён сапраўды назнарок утаропіўся на папяросу, каб не паказаць Міры Барзман, што яго міжволі цягне глядзець на яе ногі і ў выраз кофтачкі.

— Ты разумееш, чаго я ад цябе чакаю?

— Але. Па-мойму, я змагу...— бадай што не па сваёй волі сказала Міра, баючыся, што Рыбэ ўзніме свае ледзяныя белыя вочы і паглядзіць прама на яе.— Я ж дакладвала вам і так. І цяпер нешта магу паведаміць.

— Ну, ну!

— Ля чыгуначнага моста падвечар збіраюцца падшывальцы, якія ўцякаюць з гета жабраваць у горад. Мне адзін з іх прызнаўся. Ёсць на ўвазе і людзі...

— Добра, ты навучылася сяму-таму,— пахваліў Рыбэ.— Але цяпер табе трэба ўвайсці ў большае давер’е. Мяне цікавіць сам падпольны цэнтр. Старшыня і члены юдэнрата папярэджаны ўжо. Няхай, калі хочуць жыць, дзейнічаюць. І не думай, што я размаўляю з кожным.

— Я ведаю.

— Ну, дапусцім, ты ведаць гэтага не можаш. А калі здагадваешся, то добра. Аднак не ўздумай круціць або даносіць не ўсю праўду! Цяпер хочаш ці не — ты вораг сваім. Сярэдзіны не бывае.

Ён адарваў позірк ад папяроскі, бліснуў на Міру Барзман халоднымі вачыма і на міг спыніў іх на яе грудзях. Міра сцялася. Над ключыцамі ў яе ажно запала. Усе ведалі — Рыбэ звычайна добры з людзьмі тады, калі наважыў расправіцца з імі. Ды і наогул ён заб’е яе, як толькі возьме, зробіць сваёй. Яму нельга іначай, дый няма патрэбы. У яе таксама няма дарогі назад, і хочаш ці не хочаш, як ён сказаў,— служы. Прыродная вытрымка вярнулася да Міры, і па твары нават прабегла ледзь улоўная ўхмылка.

— Я спадзяюся — вы не забудзецеся на мяне, гер Рыбэ?

— Вядома,— сказаў ён сярдзіта і з крывой усмешкай адкрыта агледзеў яе.— Можаш ісці!

У гэты момант у дзверы пастукалі, і, не чакаючы дазволу, у кабінет уваліўся Вейсіг. Пасля нарады ён заходзіў з таварышамі ў казіно і выпіў.

Убачыўшы Міру Барзман, Вейсіг выпрастаўся, як мог, і шчоўкнуў абцасамі.

— Эге!..— з брудненькай усмешкай падміргнуў ён Рыбэ.— Юдэн? Брава! Аказваецца, ты не толькі, Ёган, кіруеш імі... Брава!..

— Ты вольная, Барзман, ідзі,— сказаў Рыбэ так, як бы Вейсіга не было ў кабінеце.— Цябе праінструктуюць у нядзелю, пасля «апеля». Запамінай, што будуць гаварыць там. Гэта — праверка табе.

— О не! — запярэчыў Вейсіг і стаў у дзвярах.— Навошта так спяшацца, Ёган? У казіно нам не пашанцавала. Хіба ўправішся за вашымі франтамі. Іх у вас процьма. Ды і старэю, брат мой!

— Пры чым тут твая старасць? — скрывіўся Рыбэ.— Шыбуй лепш да мяне. Я зараз прыйду.

— О не,— зноў паківаў пальцам перад сваім мясістым носам Вейсіг.— А што старэю — факт. Раней жанчыны хадзілі да мяне самі, а цяпер іх прыводзяць. Гэта раз. А па-другое — цягне да маладзенькіх. Гэта — пэўная прыкмета, донар ветэр! Павер мне... Атрымаў салдатам «Ды вундэртутэ»1. Адзін «пакуначак» захапіў з сабою. Хочаш, пакажу? Слінкі пусціш.

Такое Міры Барзман было не ў навіну. Яна чула нават мацнейшыя словы. Не вельмі яна і шанавала сябе. Але, бачачы грузнага, з кароткай тоўстай шыяй Вейсіга, у якога ад п'янага бяссілля адвіслі шчокі і губы, яна скаланулася.

— Дык я пайду, гер Рыбэ.

Гэта, вядома, не збянтэжыла Вейсіга. Наадварот, надало ўсёй ягонай задуме незнаёмую, як здалося яму, пікантнасць. Ён засунуў вялізную ручышчу ў нутраную кішэню кіцеля, але выцягнуў адтуль не «пакуначак», а залаты ланцужок з медальёнам. Узяўшы яго двума пальцамі, паднёс да самага Мірынага твару — так блізка, што, каб убачыць медальён, ёй прыйшлося скасіць вочы.

Вейсіг зарагатаў, ляпнуў Міру Барзман, як купленага каня, і схаваў ланцужок у бакавую кішэню.

— Во штука! Праўда?

— Праўда,— гледзячы на Вейсігаву кішэню, згадзілася Міра.

Рыбэ ўпяў у яе ледзяны позірк, хутчэй, чым звычайна, падняўся з крэсла і ўстаў паміж ёй і Вейсігам.

— Я не люблю, Барзман, паўтараць распараджэнні,— працадзіў ён і, счакаўшы, пакуль Міра, вільнуўшы клубамі, схавалася за дзвярыма, сказаў: — Зразумей мяне, Генрых, што яе расстрэльваць рана. Такія спатрэбяцца яшчэ і тут, і для засылкі к табе ў лес... Хадзем, што-небудзь прыдумаем — каяцца не будзеш. І дзякуй табе — ты навёў на адну ідэю. Як па-твойму? Выбраць трынаццаць, іменна чортаў тузін, вось такіх красунь, і няхай паліцаі падручку, як маладых, правядуць іх на могілкі. Цікава, як яны будуць трымаць сябе. А?..

Яго застыглы, васковы твар ажывіўся, і на шчоках выступіў румянец.

 

1 «Цудоўныя пакуначкі» — парнаграфічнае выданне (нямецк.).

3

Падвечар паліцаі абышлі дамы і папярэдзілі, што ў нядзелю на плошчы, каля юдэнрата, праводзіцца праверка — «апель». Усе, хто можа хадзіць, павінны пад страхам смерці з’явіцца а дзесятай гадзіне раніцы на плошчу і быць там, пакуль не дазволяць разысціся. Пра гэта абвяшчалі і загады, расклееныя па вуліцах і на юдэнратаўскай вітрыне.

Дора атрымала ад цэнтра заданне — прысутнічаць на новай нямецкай выдумцы і ў выпадку правакацыі, разам з другімі падпольшчыкамі, прыняць свае захады. Дый наогул трэба было быць з людзьмі, падзяліць з імі і такую нягоду.

Калі яна сабралася ісці на «апель», дом ужо апусцеў — пайшла нават Чыпчыніха.

Поўная трывогі, Дора накінула на плечы шаль і ледзь не подбегам падалася да юдэнрата.

Плошча ўжо кіпела народам. Але — і гэта ўразіла Дору — людзі стаялі, штурхаліся або прабіраліся да пабудаваных учора падмосткаў моўчкі, над імі не лунаў рознагалосы тлум — заўсёдашні спадарожнік натоўпу. Каля падмосткаў паблісквалі медныя трубы духавога аркестра, арганізаванага з гамбурскіх яўрэяў, і гэта больш за ўсё цікавіла і прыцягвала людзей.

«Што за камедыя?» — падумала Дора і пачала таксама прабірацца бліжэй да падмосткаў, заўважаючы сям-там знаёмых падпольшчыкаў і супрацоўнікаў службы парадку з жоўтымі павязкамі на рукавах. Немцаў відаць не было. Толькі ля ганка юдэнрата стаяла група паліцаяў. Гэта супакойвала, і Дора пачала разглядаць людзей, медныя трубы аркестрантаў.

Так чакалі з паўгадзіны.

Але разам з тым, як стамляліся, пачыналіся размовы — вялыя, прыцішаныя. Гаварылі пра бульбянае лупінне, з якога гатавалі аладкі, запяканку, пра цынгу, фурункулёз, зусім пошапкам — пра тое, што Рыбэ запатрабаваў ад юдэнрата выдаць сакратара падпольнага цэнтра, пагражаючы расправіцца з самімі работнікамі юдэнрата, калі тыя не зробяць гэтага.

— А ім што — сказалі, і расправяцца.

— Кажуць, трох аднафамільцаў ужо схапілі.

— Во бачыш! Што ім?

— У Залескіх дачка на тыфус захварэла.

— Цс-с, пачуюць. Выб’юць тады ўвесь дом...

— У юдэнраце таксама з галовамі. Кажуць, старшыня расстараўся чысты пашпарт, запоўніў на сакратара цэнтра і запэцкаў у кроў. А потым паведаміў, што знайшлі яго ў адным доме, выбітым уначы. Так што Рыбэ рады, і не шукаюць ужо.

— Здорава!

— Цс-с...

— Апошнюю зводку чытаў?

— Ды ціха ты!

— Гора нам, гора...

— Пазаўчора Рыбэ правяраў, як загад аб рабоце выконваецца. Арыштавалі трох, што дома асталіся, завялі на біржу працы і адлупцавалі шампаламі. Аднаго, у якога не было даведкі з бальніцы, прывязалі да слупа — вунь там, і расстралялі пры ўсіх. Цэлыя суткі аставаўся прывязаны.

— Божа мой!

— Глядзіце — Чыпчыніха! Пачарнела ажно...

— У суботу на дзяцей, якія жабрачылі ў рускім раёне, аблаву правялі. Яны к канцу дня ля чыгуначнага моста сабраліся. Чакалі рабочых калон, каб разам непрыкметна вярнуцца. Тут і пабралі ўсіх.

— Ай-вей!

— За што ты, божа, угневаўся на нас?

— Цяпер страшна дзяцей і тут пакідаць. Мабыць, трэба з сабою на работу браць.

— А як ты возьмеш?

— Прыдумаеш што-небудзь, калі дзіця табе дарагое...

На падмостках з’явіліся наглядчыкі, Рыбэ са сваім перакладчыкам, і зноў мёртвая цішыня апанавала плошчу, як бы сціснула яе. І адразу цяжэй стала дыхаць.

— Яўрэі! — загаварыў Рыбэ і счакаў, пакуль перакладчык выгукнуў гэтыя словы па-яўрэйску.

Сабраны, з абыякавым тварам, з нібы зацягнутымі плеўкай белымі вачыма, Рыбэ стаяў над людзьмі і, гледзячы паўзверх іх, адрывіста, грэбліва кідаў фразы, якія, як рэха, паўтараў перакладчык. Ад таго, што Рыбэ як бы адгароджвала ад людзей сцяна і яны бадай што не існавалі для яго, рабілася страшна.

— Я хачу папярэдзіць,— кідаў ён у паветра.— Сярод вас ёсць наіўныя, якія мараць уцячы адсюль. Якое глупства! Куды? У лес? Але там вы загінеце хутчэй, чым тут. Лясныя бандыты ненавідзяць вас. Вяскоўцы таксама. Не бойцеся і масавых акцый, якія праводзіліся раней. Усё будзе строга адпавядаць плану і спецыяльнаму заканадаўству. Ды і кара пасцігне толькі тых, хто будзе парушаць парадак. Гэта кажу вам я! Ды і ранейшыя акцыі праводзілі часцей, чым трэба, бо за адзін раз не ўдавалася зрабіць, што было намечана. Таму працуйце як след і будзьце добрасумленныя. Хто ведае аб падпольшчыках у гета, паведамляйце. За гэта выдадуць вялікія прэміі. А цяпер глядзіце, як уцекачоў сустракаюць у лесе!

Ён махнуў рукой і паказаў на Рэспубліканскую вуліцу.

Гэта, мабыць, быў сігнал. З-за пыльнага чэзлага сквера паявіліся дзве падводы. Перад імі расступіліся, і яны паехалі па праходзе, кіруючыся да падмосткаў. І разам з тым, як яны набліжаліся, набліжаліся і раслі енкі, плач.

Каб выглядаць спакойнай, Дора яшчэ дагэтуль дастала з кішэні сухар і стала жаваць яго. Калі ж падводы пад’ехалі блізка, яна скоранька дажавала, сунула агрызак назад і ўстала на дыбачкі. Але тое, што Дора ўбачыла, было так жахліва, што яна адхіснулася.

На калёсах везлі голыя акрываўленыя трупы, наваленыя, як дровы. Пазнаць іх было нельга: так знявечылі іхнія твары. Дый забілі небарак не сёння. З драбін вытыркаліся і звісалі рукі, ногі. Скарчанелыя рукі тырчалі і над вазамі, як бы стараючыся нешта схапіць.

Вазы не спыніліся ля падмосткаў, а паехалі далей — у напрамку да могілак, і людзі, як загіпнатызаваныя, глядзелі ўслед.

Дора таксама глядзела на падводы і думала — кроў сёння, мабыць, не будзе праліта, але тое, што надумаў Рыбэ, не менш страшнае і здрадлівае: ён сабраўся канчаткова зламаць волю людзей. Дора так задумалася, што гукі, якія разлегліся над плошчай, як толькі падводы ад’ехалі ад падмосткаў, не адразу дайшлі да яе свядомасці. Гукі стогнам ускінуліся ў неба, патрывалі там на высокай ныючай ноце і паволі паплылі над людзьмі. Гэта зайграў аркестр. Выконвалі «Калнідрэ» — свяшчэнную песню аб судным дні. Дора раней не ведала слоў песні і бадай што не размаўляла па-яўрэйску. Але тут, за пяццю радамі калючага дроту ўсё пайшло па-свойму. Гвалты і здзек нараджалі жаданне рабіць усё насуперак таму, чаго дамагаліся гвалтаўнікі. Прытуліўшы рукі да грудзей, Дора застыла. А сумная, падобная на стогн мелодыя ўсё лілася, лілася, болем пранікаючы ў сэрцы і вярэдзячы жывыя раны. «Памятай, чалавек,— ты смяротны і цябе чакае судны дзень!..»

Увагу прыцягнула Чыпчыніха. Схапіўшыся за валасы, яна ківалася з боку на бок і, здаецца, кляла сама сябе. Па цёмным маршчакаватым твары цяклі слёзы. Худое згорбленае цела не ўздрыгвала, а толькі ківалася. Плакалі і навокал. Паціху, моўчкі, у нейкім утрапенні.

«Ідзе судны дзень, і ты, божа, зрабі так, каб абавязацельствы, што я браў на сябе, былі несапраўдныя. Вызвалі мяне ад іх, божа...» — успамінала Дора словы песні.— Дык што ж гэта такое?!»

Яе сэрца разрывалася ад любві да гэтых няшчасных людзей. Але любоў у Доры як бы спалучалася з крыўдай. Мусіць, гэта была адзнака сталасці, бо за год, пражыты ў гета, яна сапраўды пасталела на дзесяць год. Да яе прыйшлі думы аб сваім народзе, трывогі за ягоны лёс, патрэба памагчы яму. Вось і цяпер яна, не задумваючыся, пайшла б на смерць, каб толькі гэта ўратавала другіх, вярнула ім ранейшае. Пайшла б... Ды ўсё роўна адчувала крыўду і разам з гэтым стомленасць.

З палёгкай яна заўважыла шаўца Хаіма-Довіда Ліса, які на галаву ўзвышаўся над астатнімі, і падалася да яго.

— Яны хочуць, каб мы жывымі хавалі самі сябе,— сумна сказаў Ліс і на хвілінку паклаў на Дорына плячо цяжкую руку.— Ці не замнога яны хочуць?

— Вы паглядзіце, што робіцца, Хаім-Довід! Што з Чыпчыніхай?

— Я паміраў ужо аднойчы, Дора, і нарадзіўся другі раз. Шмат бачыў на сваім вяку. Усякага... Але трэба зразумець і яе, Дора!

— А мне балюча.

— Значыць, стамілася сама... А якія ў цябе туфлі! Уй! Калі дазволіш, прыйду ўвечары і залатаю. Калісьці я штогод да сястры ў Быхаў ездзіў на адведзіны. І заўсёды браў з сабою інструмент. Прыеду, адчыню чамадан, раздам падарункі і пачынаю рамантаваць іх абутак... А ты, як вымачаная...

Сапраўды, як яна стамілася! І ці пройдзе калі гэтая стомленасць, якая грузам лягла на яе? Што за насланнё!

На падмосткі падняўся маленькі чалавек у чорным фраку, з «матылём» замест гальштука. Яго ведалі — гэта быў папулярны выканаўца народных яўрэйскіх песень — і зашапталіся.

— Песня «Маці»,— смяртэльна пабялеўшы, абвясціў ён, і кадык на худой шыі ў яго нервова таргануўся.

Больш Дора трываць не магла.

— Прэч правакацыю!..— крыкнула яна і схапілася за адвароты блузкі, бо ёй стала горача.— Сорам і ганьба!..

Па плошчы пракаціўся гоман.

Але далей гаварыць ёй не далі, хоць і засланілі сабою ад Міры Барзман, якая, падняўшы галаву і шукаючы, хто крыкнуў, прабіралася да Хаіма-Довіда Ліса.

Памарудзіўшы, спявак усё ж заспяваў. Голас у яго зрываўся, у горле перасядала, замест песні вырываліся хрыплыя жаласлівыя гукі, і галава трэслася, як ад старасці.

Крывячыся, Рыбэ сказаў нешта перакладчыку, той падскочыў да спевака, штурхануў яго паміж лапатак. Ускінуўшы рукі, той прабег некалькі крокаў і ўпаў з падмосткаў.

 

4

Яны сустрэліся ў бальнічнай качагарцы. Святла сюды трапляла мала, і ўсё было чорнае: столь, катлы, падлога. Седзячы на бруднай табурэтцы, сакратар чыркаў пруцікам па падлозе і, не адрываючы ад яе позірку, слухаў Дору. Тут ён выглядаў зусім хворым, і Дора, расказваючы пра «апель», шкадавала яго і не ведала, што гаварыць. Калі ж ён нечакана ўзняў вочы, яна са здзіўленнем заўважыла на іх слёзы. Слёзы не праліваліся, а дрыжалі на ніжніх, пачырванелых ад бессані павеках, але не было сумнення — сакратар плакаў!

— Які здзек! І б’юць у самае сэрца — дружбу народаў,— сказаў ён і пераламаў пруцік, што трымаў у руцэ. Адкінуўшы яго ў чарнату, пад кацёл, устаў і захадзіў па качагарцы.

— Вам трэба ісці ў лес,— асцярожна сказала Дора.

Ён быццам не пачуў яе слоў і пазваў сувязнога, які адразу выйшаў з-за катла, трымаючы ў кішэні руку. Перагаварыўшы з ім наконт лістовак, сакратар падышоў да Доры.

— Уцягвайце ў работу жанчын. Няхай збіраюць просціны, шыюць партызанам маскхалаты, бялізну. Няхай вяжуць рукавіцы. Гэта — лепшыя лекі. А заўтра прыйдзецца прайсці ў горад. Гарком падрыхтоўвае для адпраўкі ў лес вялікую партыю. Паслаў людзей выбіраць маршрут і бяспечныя месцы пад базы. Ты дамовішся, калі і якім чынам яны звяжуць нас з праваднікамі. Прасі, каб як мага больш узялі нашых...

Паўтараючы сама сабе адрас, пароль, прозвішчы Шумскага і Комліка, Дора далучылася да калоны спіртзавода і выйшла з гета. Калі праходзілі разбуранымі кварталамі, непрыкметна шмыгнула ў руіны, зняла там кофтачку з латамі і хуценька надзела новую. Гэта было ўжо прывычна. Таму амаль спакойна выйшла на супрацьлеглую вуліцу і пайшла па тратуары, як чалавек, у якога ёсць невялікі клопат.

У гета хадзіць па тратуарах забаранялася, і Дора з прыкрасцю лавіла сябе на жаданні збочыць на брук. «Нявольніцкае, мусіць, укараняецца...— думала яна.— Вось калі б сустрэць Пятра і Раю... Як усё гэта сумна і цяжка!.. Во калі б сустрэць...» Спадзеючыся, што гэта можа здарыцца, яна нават пачала прыглядацца да праходжых. «А што, калі раптам?.. Няўжо немагчыма?.. Магчыма, магчыма! Ён, мабыць, ужо ачуняў. А Рая можа выйсці пагуляць з Арынай. Во калі б...»

Жаданне было такое моцнае, што перарастала ва ўпэўненасць: яна абавязкова сустрэнецца і можа нават пагаворыць.

І сапраўды, калі Дора знайшла недзе на Саломеннай вуліцы патрэбны барак і, пастукаўшы, зайшла ў цесны вузкі пакойчык, яна ўбачыла мужа. Ён сядзеў ля акна і, мусіць, заўважыў, як яна заходзіла сюды, бо радасна ўсміхаўся і не спускаў з яе вачэй.

— А я гляджу і калачуся: пройдзе ці не? — сказаў ён пакутліва, з унутраным болем, нібы Дора была вінавата, калі б не зайшла.

— Не выбег бы? — спыталася яна, хочучы, каб сустрэча была лёгкая, і баючыся, што такой не будзе.

— Ці варта паўтараць памылкі? Ты ж сама забараніла мне...

— Дык гэта там.

— А тут, думаеш, лепш?

Ён усё не ўставаў, і яна, здагадваючыся, чаму гэта, шпарка падышла сама.

— Баліць яшчэ, Пеця? А я дагэтуль не ведаю, як ты выратаваўся!

— Свет не без добрых людзей... Мяне ў парку паранілі, калі я Свіслач па плаціне перабег. Мабыць, таму і ўдалося ад пагоні ўцячы. Схаваўся на канспіратыўнай кватэры. Ёсць у нас падпольшчыца Ванда. Мы яе маці завём, хоць ёй і трыццаці няма.

— Я знаю яе. Можаш не апраўдвацца...

— А адтуль вось сюды перавязлі. Сам прафесар твайго мужа лячыў. Магу нават бюлетэнь паказаць.

— Кульгаеш яшчэ?

— Не дужа. Нашы збіраліся ўжо камісарам у атрад накіраваць,— зноў усміхнуўся ён і хацеў быў пацалаваць Дорыну руку, але, убачыўшы гаспадара, які выйшаў з суседняга пакоя, толькі паціснуў яе.— Праўда, прафесар заступіўся. Ты да Комліка?

Дора назвала пароль і павіталася.

Чухаючы патыліцу і пазяхаючы, гаспадар абыякава сказаў:

— Шумскі толькі заўтра будзе,— і сабраўся ісці назад.

— Ты дазволь, Іван, пераначаваць ёй,— неяк вінавата, але з надзеяй папрасіў Дзімін.— Гэта мая жонка, Іван...

Цяпер можна было не саромецца, ды за фанернай перагародкай Комлік тут жа стаў панура некаму выгаворваць, і Дора не адразу абняла мужа, хоць бачыла — той чакае гэтага, відаць, успамінаючы, як нядобра развіталіся яны ў гета. Але потым, калі кранулася яго і адчула цеплыню, Комлікава бурчанне здалося нават смешным, і яна абхапіла мужаву галаву і прыцягнула да сябе. А ён, шчаслівы, не варушачыся, заплюшчыў вочы.

— Здорава ты мяне тады адчытала,— прызнаўся ён, калі адчуў, што Дора стамілася так стаяць.— Помніш?

— Не,— адказала яна шчаслівым голасам.

— Во добра... А я і цяпер не магу дараваць сабе. Нават рады быў, што паранілі...

Недзе каля апоўначы Комлік паслаў ім пасцель на падлозе ў гэтым жа вузкім пакойчыку, і яны, саромеючыся, пачалі раздзявацца, невыразна бачачы адно аднаго ў цемры, але пазнаючы кожны рух другога. Потым доўга шапталіся, і Дора, лежачы на яго цёплай руцэ, расказвала, але ўжо як аб мінулым, пра горкае жыццё-быццё ў гета. Яна адчувала, што мужу паступова пачынае дакучаць яе гаварлівасць, ён хоча памаўчаць, але не магла спыніцца і ўсё гаварыла, гаварыла.

Ён заснуў першы, стомлена адкінуўшы галаву, а яна з гадзіну яшчэ глядзела на яго твар, на густую чорную шавялюру і, поўная пяшчоты, нейкай матчынай любасці, не магла наглядзецца.

Заўтра яны развітаюцца, і невядома, ці сустрэнуцца зноў. Ліхая часіна раскідала іх паасобку і нельга, калі б гэта было наканавана, нават памерці разам. А цяпер? Вось спаткаліся, і не можна да канца быць самім сабою — трэба хаваць і свае парыванні, і сваю любоў, баючыся, што яны некаму не спадабаюцца. Ды не так ужо многа трэба чалавеку — і сумныя крыўдныя думкі не перашкаджалі Доры адчуваць сябе шчаслівай. Вось калі б толькі можна было гэтак жа дакрануцца да Раі.

Разбудзілі іх грукат і крык. Нехта барабаніў кулакамі і лаяў Комліка.

— Прысвоіў! — абураўся невядомы, не вельмі цвёрда вымаўляючы словы.— Дамовіліся — палова табе, палова мне, і аддавай. Жартачкі — дванаццаць гранат! Я рызыкаваў не менш, чым ты. Разумнікі... Адчыняй во!

Не могучы патрапіць у рукаў паліто, з суседняга пакоя выбег Комлік і кінуўся да дзвярэй.

— Ціха,— прашыпеў ён праз хвіліну пад акном, адцягваючы, відаць, невядомага ад барака.

— Адзін хочаш атрымаць за іх? Так? — упарціўся той.— Ведаю я! Парасё, што з лесу прыслалі, сам зжэр. Знайшоўся мне разумнік. Аддавай лепш!..

Ён захліпнуўся: мабыць, яму закрылі рот, і больш на дварэ нічога ўжо не стала чуваць.

— Чаго гэта яны? — паціху спыталася Дора, узяла мужаву руку і прытулілася да яе шчакою.

— Не падзялілі, бачыш, барышоў,— неахвотна сказаў Дзімін.— Гэта, здаецца, Суслік. Ёсць такі аматар рызыкаваць і выпіць... А Комлік з тых, што, пазычаючы, клянуць сваіх бацькоў. А калі аддаюць пазычанае, дык і тваіх зачэпяць. Заўтра Міхал яму дасць... Але добра, што разбудзілі нас. Хоць пагаворым яшчэ, родная мая.

— Не разлюбіў яшчэ?

— Скажаш... Калі яшчэ спаткаемся зноў? Днямі пасылаюць наймацца на машынабудаўнічы завод. Там у нас нешта не клеіцца. Нават пойдзе сам Міхал з Алешкам.

— Хай пашанцуе табе! Толькі не паддавайся. Я і то стараюся не паддавацца. Хоць страшнейшага гвалту, як той, што абрынуўся на мой народ, і не прыдумаеш. І за што? За што, Пеця?

— Ты шукаеш справядлівасці там, дзе яе няма.

— Дык, значыць, без усякай прычыны?

— Гітлер намерыўся павярнуць усё назад. А дзеля гэтага трэба ахвяры, кроў. Бо як ты іначай абудзіш у чалавеку звера, як нацкуеш на другіх людзей? І калі б не было яўрэяў, знайшлі б другіх. Рыжых, скажам; і клянуся, гэтак жа старанна знішчалі б і іх.

— Але чаму ўсё-такі выбралі нас?

— Мусіць, не знайшлі народа, які жыў бы амаль ва ўсіх краінах і не меў бы сваёй. А рэлігія, Дора, адвечныя ганенні. Паскудныя выдумкі, плёткі...

— Ты ўсё-такі разумны ў мяне, Пеця...

Калі вярнуўся Комлік, яны не чулі, не чулі і як ён зноў пачаў некаму выгаворваць у суседнім пакоі.

 

5

Дамовіўшыся з Шумскім наконт праваднікоў і аб усім, пра што гаварыў ёй сакратар, Дора падалася назад у гета, несучы ў сабе нязнаную раней горкую радасць. Яе хвалявалі яшчэ мужава блізкасць і бляск адданых вачэй. Яна была поўна ім, а сэрца ўжо балела ад самоты, ад таго, што чакала яе. Можа Дора наогул не была такой слабай, як цяпер, пасля кароткай, нечаканай радасці: вельмі вялікі быў кантраст паміж тым, што яна перажыла, і тым, што мусіла перажываць.

Можна было не спяшацца — часу хапала, і Дора падалася не проста да руін, дзе павінна была чакаць рабочую калону, а збочыла ў першую, што трапілася, вулачку і пайшла па ёй.

Вулка ўцалела. Была яна ціхая, парослая, як у вёсцы, спарышом і трыпутнікам, з драўлянымі тратуарамі і дамамі, што танулі ў зеляніне. Ісці па ёй было прыемна, тым больш, што сустракаліся толькі дзеці ды жанчыны.

Потым, каб не выходзіць на цэнтральныя вуліцы, Дора завярнула зноў у такую ж вулачку, пасля зноў і раптам спынілася ўражаная: яна стаяла насупроць доміка Шарупічаў.

Як магло здарыцца такое? Дора не хацела, нават баялася цяпер гэтага!.. Але ўбачыўшы домік, які часта ўяўляўся ёй, ужо не мела сілы прайсці міма, каб не разгледзець яго.

З падворка даляталі дзіцячыя галасы. Дзеці, мабыць, гулялі, і галасы былі вясёлыя, звонкія. «Няўжо і мая там? — халадзеючы, падумала Дора.— Дачушка ты мая... Няўжо ты там, за плотам?..» Яна азірнулася: па вуліцы ніхто не ішоў. «Адным хоць вокам...»

З пацяжэлымі адразу рукамі Дора перайшла вуліцу, знайшла шчыліну ў плоце і, азірнуўшыся яшчэ раз, прыпала да яе.

На дварэ гулялі Лёдзя і Рая. Яны качалі мячык і захоплена смяяліся.

— Яўген, а Яўген! — заходзячыся смехам, гукала Лёдзя.

Рая была ў светлай сукенцы з фартушком, у панчошках і самаробных суконных тапцях. Дора гэта заўважыла, як толькі глянула на дачку, адзначыўшы, што фартушок новы і яго, як і тапці, відаць, пашыла сама Арына.

Тым часам да дзяўчынак падбег Яўген. Ён трымаў у руцэ чырвоную вяргіню і быў збянтэжаны.

— На,— сказаў ён Раі,— на...

Яна ўзяла кветку, паглядзела на яе, схіліўшы на плячо галаву, і адарвала пялёстак.

У гэты час Яўген заўважыў Дору. Нашорстаны, ён кінуўся да брамкі і штуршком адчыніў яе. Следам за ім пабеглі і дзяўчаткі.

Дора не паспела адысці ад плота, як тры пары вачанят ужо свідравалі яе. Але бачыла яна адны — чорныя, няўпэўненыя, зыркія. Рая як бы ўспамінала нешта і баялася ўспомніць. Яна ўжо навучылася насцярожана ставіцца да чужых. Яны палохалі яе. Але ў гэтай чужой узрушанай цётцы, у якой уздрыгвалі губы і раптам перасмыкнуўся твар, было нешта блізкае, дарагое. На яе цягнула глядзець, хоць ад гэтага і рабілася страшна.

На вуліцы паказаліся праходжыя. Дора разумела, што трэба пайсці — зараз жа, неадкладна, але ногі прыраслі да зямлі, неставала і волі адвесці вочы ад дачкі.

— Чаго вам трэба? — варожа спытаўся Яўген.

Яго словы вярнулі Доры сілу. Яна крута павярнулася і пайшла. Але як толькі зрабіла першыя крокі, у спіну ўдарыў Раін крык — дачка пазнала яе. Не звяртаючы ўвагі на праходжых, якія спыніліся і глядзелі то на яе, то на дзяўчынку, Дора пабегла, прагнучы аднаго — быць як мага далей адсюль, каб як мага далей адвесці небяспеку, што сама наклікала на дачку і на такі дарагі ёй дом.

Праклінаючы сваю слабасць, Дора прыбегла ва ўчарашнія руіны і зноў нацягнула на сабе старую кофтачку з латамі — гэтым разам проста паверх адзетай. Тое, што здарылася, было так жахліва, што яна пачала кусаць пальцы, а потым стала пераконваць сябе, што ўсё неяк абыдзецца. Яе не затрымалі, значыць, усё ў парадку. А што Рая заплакала і крыкнула «мама!», дык гэта проста таму, што спалохалася і шукала ратунку. Яна звала не яе, а Арыну... Але гэта было хісткае збудаванне, і яно тут жа развейвалася, калі другі голас сказаў: «А калі прыгоду бачыў здраднік? Што тады? Рая сама раскажа ўсё, як толькі яе пагладзяць па галоўцы. Яна ўспомніла і пазнала маці! Ды хіба толькі ў гэтым справа? Ты прыцягнула ўвагу да доміка Шарупічаў! Няўжо не разумееш, якую небяспеку ты наклікала на іх?..»

Але што было рабіць?

Калі наблізілася калона, Дора шмыгнула ў яе рады і змяшалася з рабочымі. Цяпер самае галоўнае — трапіць у гета, сустрэцца з сакратаром цэнтра, шчыра прызнацца ва ўсім і папрасіць парады.

Рабочыя ішлі стомлена, ледзь перасоўваючы ногі. Некаторыя неслі клуначкі, вязанкі дроў. Адна рыжая рабаценістая жанчына несла за плячыма мяшок. Ён быў важкі, але, згінаючыся пад ім, яна не падавала выгляду, і часам азіралася на яго з цёплым добрым тварам.

Хаім-Довід Ліс, ля якога апынулася Дора, ішоў з пустымі рукамі.

— Не выменялі нічога? — спыталася Дора, не могучы маўчаць.

— Не,— адмоўна паківаў галавою шавец.— Ці многа аднаму трэба? У горла не лезе і тое, што даюць на рабоце. Няхай удавяцца самі.

— Цяжка, Хаім-Довід...

— Я сёння спірт атруціў, Дора. Цэлы транспарт. Заўтра яго на фронт, пад Смаленск, адправяць. Няхай п’юць, сволачы.

Дора паглядзела на яго суровы, здранцвелы твар і ўзяла пад руку.

У варотах з перакладчыкам і наглядчыкамі стаяў Рыбэ. Па калоне як бы прабег ток. Яна на хвіліну спынілася і паволі пасунулася паўз шэфа. Рыбэ, абмацваючы позіркам праходзячых, раз-пораз падымаў руку, тыкаў пальцам, і наглядчыкі выцягвалі з калоны чалавека.

Дора заўважыла, што хапалі людзей, якія што-небудзь неслі, і са страхам зірнула на рыжую рабаценістую жанчыну. Бледная, як смерць, хістаючыся, тая выйшла з калоны і паставіла мех ля ног Рыбэ. Грэбліва крывячыся, перакладчык двума пальцамі шмаргануў за матузок, якім быў завязаны мех, і нечакана расплыўся ва ўхмылцы: перад ім на зямлі сядзеў хлопчык і, не разумеючы, што адбылося, праціраў кулачкамі вочы.

Жанчына загаласіла, кінулася на калені.

— Вінавата сама. Цяпер позна ўжо прасіць,— не азірнуўшыся на яе, сказаў Рыбэ, і наглядчыкі схапілі жанчыну, прымусіўшы ўзяць на рукі дзіця.

Каб не бачыць гэтага жаху, Дора заплюшчыла вочы і прайшла вароты.

Калі калона пачала разыходзіцца, да яе падбегла Міра Барзман. Нешта драпежнае свяцілася на яе твары, і ўся яна была як перад скачком.

— Дзе ты прападала гэтыя дні? — скорагаворкай спыталася яна ў Доры, спадзеючыся, што тая збянтэжыцца.

— Там, дзе і заўсёды... А што? — не спынялася Дора.

— Не хлусі, ты дома не начавала. Я заходзіла да цябе,— засмяялася Барзман.— Дый наогул як ты магла начаваць, калі ваш дом выбілі мінулай ноччу? Ну, што скажаш?

Сэрца ў Доры абарвалася. «Усё — канец! — падумала яна.— Як недарэчна...»

Не даючы ёй адказаць, Барзман накрыла Дорыны плечы шалем і зашаптала:

— Я схаваю твае латы, а то ўбачаць нумар... Ідзі спакойна. А потым падумаем, як быць далей... Толькі што ў горадзе забілі бургомістра.

Яна шаптала горача, не адрываючы вачэй ад Дорынага твару, нібы чакала нечага, і гэта здалося падазроным. «А што, калі гэта правакацыя? — падумала Дора.— Адкуль такія клопаты і зацікаўленасць? Чаму нічога не сказаў пра дом Хаім-Довід Ліс?» — і рашуча скінула з плеч Мірын шарф.

— Не трэба жартаваць, Барзман, я страшэнна стамілася,— сказала яна і ўбачыла Чыпчыніху, якая, як лунацік, ішла па плошчы.

 

Раздзел чацвёрты

 

1

Пры набліжэнні небяспекі Валя павінна была хавацца ў «маліне». Зрабіў яе, як казала Ванда, майстра з гета, дасціпны выдумшчык-сталяр. Уваход у тайнік быў вельмі арыгінальны. У кухні стаяла невялікая шафачка для пасуды. Каб трапіць у падполле, трэба было адчыніць дзверцы, выняць палічку і толькі тады падняць века-дно... Але, калі пачуліся стрэлы, Валя не ўтрымалася і, перш чым бегчы ў кухню, глянула ў акно.

Паміж руін, каля дротавай агароджы, было цэлае стоўпатварэнне. Там перад гэтым, відаць, ішоў гандаль. Валя і ўчора бачыла, як туды краліся людзі з торбамі бульбы за плячыма, з боханамі хлеба, загорнутага ў ручнікі, з клінкамі творагу, а адтуль вярталіся ўжо з кашамі і клункамі. Цяпер жа людзі ў паніцы разбягаліся хто куды, кідаючы торбы, клункі, боханы хлеба. Яны беглі, падалі, усхопліваліся або аставаліся нейкі час ляжаць на зямлі. Некаторыя з паднятымі галовамі паўзлі на карачках.

Паўз дом расхрыстаная, са злоснымі вачыма, прабегла старая, трымаючы перад сабой чыгунок. З яго ішла пара, цераз край выплёскваўся боршч, але старая не кідала чыгунка і толькі старалася не спатыкацца.

Праз колькі хвілін страляніна сціхла. Каля агароджы апусцела, толькі на калючым дроце астаўся вісець чалавек ды ля самых руін чарнела яшчэ адна постаць. Але тыя, хто страляў, не паказваліся, і не верылася, што тут толькі-толькі адбылося пабоішча.

Кроў, кроў!..

А гэтая старая з чыгунком баршчу? Цёмны абсівераны твар з незагарэлымі маршчынамі, жорсткія складкі каля рота, злосныя вочы... Такіх старых Валя бачыла і там, на рынку. Яны гандлявалі піражкамі з лівернай начынкай, баршчом, гуркамі паштучна і хавалі атрыманыя ад пакупнікоў грошы ў панчохі, дзелавіта паднімаючы спадніцы. А прыватныя цырульні, харчэўні і розныя забягалаўкі, што з’явіліся на Камароўцы і на ўскраінах? Хто іх адкрыў? Ванда казала, што шмат хто гоніць гарэлку. Распладзіліся тайныя абартарыі, прытоны. Што за насланнё! Адкуль узялася гэтая дрымучая цемра? Хто мог узяць у рукі белую сурвэтку і стаць за стойку ўласнага буфета? Хто не пагрэбаваў адкрыць прытон?.. Кроў і гразь! Яны, мабыць, часта бываюць разам.

«Што нарабілі? Што нарабілі?» — думала Валя, і ёй вельмі хацелася, каб хутчэй вярнулася Ванда.

Тая ўвайшла ў пакой нячутна: быў з сабою ключ. Але, каб не напалохаць Валі, яна пашкрабала пазногцем па вушаку. Калі ж Валя азірнулася,— падміргнула ёй абодвума вачыма і абняла.

— Усё закруцілася, як у паводку, Валечка! — захоплена сказала яна, крыж на крыж абхапіўшы сябе за плечы.— Раніцай пахавалі твайго Шакала. Рэдактар «Беларускай газеты» сказаў прамову. «Спі,— кажа,— наш дарагі сябра. Спі і будзь упэўнены — мы ніколі не здрадзім і ўсе пойдзем за табою...» І тут голас з натоўпу. Ведаеш, такі бас, які гасіць свечкі: «Ну што ж, ідзіце — туды вам і дарога!» Ты ўяўляеш, што там рабілася?

— А тут пабоішча... Ля агароджы забілі дваіх,— не ўзняла вачэй Валя.

— Гэта Рыбэ шалее,— пашарэла з твару Ванда.

— Іх трэба знішчаць не толькі таму, што яны праліваюць кроў...

— Я прынесла табе паесці са сталовай і падарунак. Нашы пішуць пра твайго Шакала і самаахову, за якую ён так горача змагаўся.

Валя ўзяла лістоўку, што пахла яшчэ фарбай, і адчула, як замірае сэрца. Нешта ўладарна ўзяло яе ў палон і перанесла да сваіх, у друкарню на беразе ляснога возера, да любімых цяпер рэдакцыйных клопатаў. «Як даўно я адтуль, мінула, мусіць, цэлая вечнасць,— аж праслязілася яна.— Як там Іван Мацвеевіч, Урбановіч, Зося? Я бадай што забылася на іх. Як магла я забыцца?..» Яна чытала лістоўку і ў той жа час думала аб сваёй газеце, аб далёкіх таварышах, і яе ўсё мацней цягнула да іх — лісток шэрай паперы са словамі перасцярогі і праўды стаў для Валі вестачкай ад іх.

Што за таямнічая сіла ты, слова? Яшчэ школьніцай Валя аднойчы была ў цырку і бачыла Арнольда. Славуты гіпнатызёр рабіў цуды. Але асабліва Валю ўразіў адзін. На арэну падахвоціўся выйсці курчавы хлапчына, які сядзеў побач з Валяй. Арнольд усыпіў яго і загадаў падаць руку. Потым узяў кавалачак паперы, памачыў яе ў вадзе і прыклаў да рукі хлапчыне. Адышоўшы і ўважліва паглядзеўшы на яго, ён раптам крыкнуў: «Агонь!» Хлапчына здрыгануўся і спалохана адхапіў руку. А калі Валя як сведка выйшла на арэну, яна ўбачыла на руцэ ў хлапчыны пухір. Слова апякло руку!.. Вось і цяпер лістоўка як бы абпаліла Валю і займела над ёй чароўную ўладу.

— Калі вы адпусціце мяне? — папрасілася яна.

— Хутчэй за ўсё — заўтра,— пакрыўдзілася на яе безуважнасць і няўдзячнасць Ванда.— Арыну з дзецьмі адпраўляюць на фурманцы. Неўзабаве. З ёй прасцей. Сам Шарупіч на запасную канспіратыўную кватэру пераходзіць. А цябе вывезці на машыне мяркуюць. Так спакайней.

— Хто ведае...

— Пасля абеду сходзім, пакажу, дзе машына будзе чакаць. Павязеш з сабой сабраныя грошы і аблігацыі. А таксама «Звёздачку». Перадавы артыкул да моладзі адрасаваны. Заклікае не ісці ў корпус здраднікаў, а падавацца ў партызанскія атрады.— І не вытрывала: — Няўжо табе не шкада развітацца з намі? Пачула пра ад’езд і стала як чужая. Хіба можна так...

Гатовая заплакаць, Ванда адвярнулася.

Вінаватая, Валя падышла да яе і прытулілася.

— Прабач... Вельмі ўжо дамоў пацягнула...

Ванда, як бы ад нечага вызваляючыся, страсянула галавой і сумна ўсміхнулася.

— Дамоў? А як ты думаеш, нас не цягне дамоў?

— Я ж кажу — прабач... І клянуся, што Мінск і ўсе вы самыя дарагія мне будзеце. Праз усё жыццё. Чэснае камсамольскае.

Яны абняліся і доўга стаялі так, кожная думаючы пра словы другой.

 

2

Шыны шуршалі па асфальце. Здавалася, што ад гарачыні асфальт размяк, прыліпае да шын, і машына пакідае сляды, якія потым паступова заплываюць. Адчуванне сапраўднай хуткасці прыходзіла толькі тады, калі Валя глядзела на бакі. Злева адбягалі назад белыя домікі ўскраіны. Справа, у адмысловым карагодзе, шпарка каля дарогі і больш павольна ў глыбі, кружыліся сосны парку Чалюскінцаў.

Выбраць аўтамагістраль Мінск — Масква прымусілі абставіны. Усе выезды з паўночнай і паўночна-заходняй ускраін,— дзе партызанскі край найбліжэй падыходзіў да горада,— узмоцнена патруліраваліся. На прасёлкавых дарогах, паміж горадам і бліжэйшымі вёскамі, былі засады. Людзей часта затрымлівалі, нягледзячы на дакументы, кіруючыся нейкімі асобымі інструкцыямі. На аўтамагістралі ж, дзе магчымасць, што пройдуць ці праедуць партызаны, была меншай, захаваўся, як паведамлялі, звычайны парадак. Да таго ж, учора па гэтым маршруце шчасліва праехалі Арына з дзецьмі.

Мінуўшы кантрольна-прапускны пункт, шафёр — мужчына з моцнай мускулістай шыяй і правільным строгім профілем — прыбавіў газу. Хацелася як мага хутчэй праскочыць да развілкі, дзе ад магістралі адыходзіла шаша, і павярнуць па ёй крута на захад. Абагнуўшы такім чынам горад, яны трапілі б на дарогу, па якой ва ўмоўленым месцы Валю павінны былі чакаць таварышы. Матор узвыў, і машына памчалася хутчэй. Сустрэчныя аўтамабілі пачалі праносіцца са свістам і шумам, зусім нечаканым у гэты ціхі, сонечны дзень. Пабеленыя слупкі, што стаялі абапал магістралі, залацістыя гоні ржэўніку, пыльна-зялёныя палоскі бульбы між жытнішча замільгалі, нібы іх перагортвалі, як старонкі кнігі.

Калі машына выскачыла на ўзгорак і перад вачыма развінуўся прасцяг, шафёр першы заўважыў на развілцы патруля. Ля дарожнага слупа са. стрэлкамі, на якіх былі напісаны назвы населеных пунктаў і адлегласць да іх, стаялі матацыклы. Тры палявыя жандары, акружыўшы фурманку, што павярнула на шашу, правяралі дакументы ў тых, хто сядзеў на калёсах.

Убачыла жандараў і Валя. Неяк умомант і сам сабою склаўся план: ехаць наўпрост — нават і ў тым выпадку, калі ў жандараў узнікне падазрэнне і яны, каб праверыць дакументы, захочуць даганяць на матацыклах. Хутчэй за ўсё пагоніцца адзін, бо астатнія наўрад ці скончаць з тымі, што на калёсах. Калі ж ён параўняецца з аўтамашынай і запатрабуе, каб спыніліся, Валя ведае, што зрабіць. Гэта сэканоміць некалькі хвілін, за якія, магчыма, удасца дасягнуць лесу...

Схіліўшыся да шафёра, Валя рашуча загадала:

— Газуй прама!

Прамільгнула развілка, дарожны слуп, жандары, падвода. Прыпаўшы да задняга шкельца, Валя ўбачыла, што адзін з жандараў сапраўды, націскаючы нагою на старцёр, заводзіць матацыкл.

— Ну? — не паварочваючы галавы, спытаўся шафёр.

— Мусіць, не за намі. Занадта марудзіць...

— А далей што будзем рабіць?

— Ад’едзем кіламетраў колькі, злезу і пайду. А ў цябе на гадзінку сапсуецца матор.

— Вы ж не ведаеце тут мясцовасці,— запярэчыў шафёр.— Я не магу дазволіць гэтага...

Валя адвярнулася ад шкельца.

— Ты дазволіш тое, што табе загадаюць,— сказала яна, але, заўважыўшы, што вушы ў шафёра наліліся чырванню, лагодней дадала: — Інакшага выйсця няма, таварыш!

Калі пад’ехалі к лесу, шафёр скіраваў машыну на абочыну магістралі, падняў капот і пачаў корпацца ў маторы. Захапіўшы жоўтую скураную сумку з грашыма і аблігацыямі, Валя перайшла дарогу і, нагінаючыся, быццам збірала ягады, падалася да лесу. Чамусьці падумалася, што, калі збіраеш арэхі, спяваецца і аукаецца ахвотней і лепш, чым збіраючы ягады ці грыбы.

Лес быў рэдкі. На зямлі, усланай мяккім пластом ігліцы, не расла нават трава. Роўныя, як свечкі, сосны, якія можна было злічыць на некалькі дзесяткаў метраў перад сабой, высока ўзносілі свае кроны. На зямлі, на медных ствалах сосен гуляла сонца. Яго, здавалася, было больш, чым на полі. І ўсё-такі Валя адчула сябе ў роднай стыхіі і, выбраўшы патрэбны кірунак, з лёгкім сэрцам падалася ў глыб лесу. Неяк само сабою замурлыкала даўно забыты матыў, і ён, завалодаўшы ўвагай, доўга напамінаў аб сабе, нават калі захацелася забыцца на яго.

Неўзабаве хвойнік скончыўся і перайшоў у дробны бярэзнічак. Бярозкі былі ледзь вышэйшыя за Валю, але яна ўжо не магла бачыць, што робіцца наўкол. Гэта насцярожвала, прымушала спыняцца, прыслухоўвацца.

Нарэшце скончыўся і бярэзнік. Перад ёй адкрылася ўзгаркаватае поле і невялікая вёска на самым высокім узгорку. Яна танула ў зеляніне садоў, і адсюль, знізу, былі відаць толькі чырвоныя і шыза-шэрыя бляшаныя і чарапічныя дахі дамоў ды вастраверхая сіласная вежа. Сад паласой спускаўся па схіле ўзгорка, узнімаўся на адзін з суседніх і хаваўся недзе за ім. Па полі да вёскі вілася дарога, якая таксама знікала за бліжэйшым пагоркам.

Расхінуўшы кусты, Валя пачала назіраць за вёскай і дарогай. Але хутка ногі стаміліся, і яна лягла на нагрэтую сонцам зямлю. На хвіліну ўвагу прыцягнуў свет травы і зямлі. Прабіраючыся праз травяныя зараснікі, задам паўзла рудая мурашка, якая цягнула здабычу ўдвая большую за сябе. Па травінцы ўзбіралася акуратная, як ювелірны выраб, чырвоная казюрка. Узабраўшыся да канца травінкі, яна крыху пасядзела там, потым вызваліла з-пад каралавага панцыра, які аўтаматычна раскрыўся на спінцы, расправіла крылы і знікла.

Па дарозе праехаў высока нагружаны снапамі воз. Яго цягнула маленькая, жвавая кабылка, якая ўпарта перабірала нагамі і рытмічна махала галавой. Ззаду воза лепа ішло жарабя. Таго, хто кіраваў, відаць не было: ён ішоў з процілеглага боку. Таму здавалася, што кабылка сама па сабе цягне гэты воз і мае свае гаспадарчыя разлікі.

Праз нейкі час прайшла жанчына з хлопчыкам. Падымаючыся на ўзгорак, яна ўзяла хлопчыка на рукі і, пакуль Валя бачыла, несла дзіця на руках.

Будзённы, мірны характар бачанага парушылі веласіпедысты. Яны, не спяшаючыся, ехалі ў два рады на абочынах дарогі, схіліўшыся да рулёў, нібыта пад цяжарам аўтаматаў, што ляжалі па іх спінах. Перад узгоркам яны злезлі з веласіпедаў і павялі іх у руках, як і раней, налягаючы на рулі.

«Няўжо гарнізон? — маркотна падумала Валя.— Як усё-такі не шанцуе!..» Але, успомніўшы Міхала Шарупіча, які адзін цяпер астаўся ў горадзе, адданую Ванду, Алешку, крыху супакоілася. Вырашыла: будзе чакаць, пакуль сцямнее, а пасля падпільнуе позняга праходжага і папросіць, а калі спатрэбіцца, прымусіць яго правесці да бліжэйшых знаёмых мясцін.

Раптам Валя заўважыла, як па садзе, прыгінаючыся, прабегла некалькі чалавек. Потым яшчэ. У вёсцы пачуліся стрэлы. У неба ўзняліся клубы дыму. Чарнеючы, яны раслі, пухлі. У іх якраз трапіла сонца і адразу страціла сваё ззянне, зрабілася круглым, злавесна чырвоным. На яго можна было глядзець не слепячыся. Трымаючыся наветранага боку, над вёскай закружыліся вароны.

Потым з узгорка, пастроеныя па тры, пачалі спускацца людзі: дзяўчаты, хлопцы, мужчыны. Яны ішлі, цяжка перастаўляючы ногі. Іх канваіравалі веласіпедысты, у якіх на гэты раз аўтаматы целяпаліся на шыі. На спіцах веласіпедаў холадна паблісквала сонца. Валя пералічыла канваіраў — іх было столькі ж, колькі ехала і той раз...

Калі добра сцямнела, Валя падалася ў вёску нацянькі і ўвайшла не вуліцай, а па-партызанску — агародамі, проста на панадворак абранай сядзібы.

У хаце не спалі. Адтуль чулася глухая мужчынская гаворка і ціхае ўсхліпванне жанчыны. Калі Валя пастукала ў акно, нешта белае мільганула за шыбамі, здзіўлена ахнула і знікла. У хаце замітусіліся. Пачуўся бразгат перавернутага вядра і нязлосная лаянка. Пасля, нібы іх адчыніў нехта адзін, адначасова расчыніліся дзверы і акно.

— Наташанька, ты? — палахліва спытаўся жаночы голас.

— Наталка? — запытаўся з ганка і мужчына. Ён борзда падышоў да Валі і па-старэчаму нязграбна прытуліў яе да сябе.

Валя падумала, гаспадар, пазнаўшы ў ёй не тую, каго чакаў, абавязкова засярдуе і, збянтэжаны, патупае назад, а ёй прыйдзецца прасіць яго і даводзіць, што яна ні ў чым не вінавата.

Але гэтага не здарылася. Падтрымліваючы Валю пад локці, стары павёў яе ў хату. Глытаючы слёзы крыўды, на парозе іх сустрэла жанчына. Мусіць, і стары і жанчына былі пераконаны, што Валя паранена. Яе пасадзілі на зэдлік і толькі тады пачалі ўважліва разглядаць. Жанчына, напэўна, прыкмеціла ў Валіным твары нешта такое, што нагадала дачку, і паціху загаласіла:

— А маё дзіцятка, салавейка ты мой. А куды ж цябе вылюдкі павялі? А ці ўбачу я цябе калі, ці пачую твой галасок калі? І на каго ж ты мяне пакінула? І што з табой будзе ў чужым краі?..

— Годзе,— папрасіў стары і, перачакаўшы, пакуль жанчына сціхла і, заламаўшы рукі, адышла ў чарнату кутка, сказаў: — Уварваліся на веласіпедах і ўсю моладзь, што не паспела ўцячы, пахапалі. Дзяўчат — каб у Нямеччыну адправіць, а хлопцаў — у самаахову, казалі. Пастроілі на вуліцы, абвясцілі: «Хто за нямецкую ўладу — направа. Хто за савецкую — налева». А як ты пойдзеш налева? Стаяць хлопцы, як укапаныя. Наляцелі на іх, пагналі... Хату адну...

— Бачыла я,— прызналася Валя.

Стары насцеражыўся і ўпершыню зірнуў на дзяўчыну, як на незнаёмую.

— А вы самі адкуль будзеце? — недаверліва спытаўся ён.

— Я з лесу, дзеду,— не маючы патрэбы таіцца, адказала Валя.

— З якога?

— З далёкага... У вас жа тут адны пералескі і хмызнякі. Дый гарнізон, мусіць, блізка.

— Не так ужо і блізка,— зразумеў Валю стары,— кіламетраў за чатыры, у воласці. Ды і адтуль не асабліва вытыркаюцца. Калі, скажам, на шашу мала хто працаваць выходзіць або малака не здаём, у іх спецыяльны метад ёсць. Выкочваюць гармату на ўзгорак і пачынаюць... З хат трох ужо такім чынам дух вынялі... А школу мы самі спалілі. Як дачуліся, што збіраюцца ў ёй гарнізон ставіць, так і спалілі. Вось якая справа. А хто, калі можна, камандзірам у вас?

— Ваенная тайна, дзеду.

— Тайна? — чамусьці канчаткова паверыўшы незнаёмай дзяўчыне, стары лёгка і ахвотна прызнаўся: — У мяне сын таксама там.

Ён належаў да тых цікаўных, шчырых людзей, якія шукаюць сабе сябра ў кожным, з кім сутыкае іх лёс, і ў прыязнасці да другога імкнуцца, каб паміж імі і новым сябрам не было нічога няпэўнага.

— Мо сустракалі? Урбановіч.

— Аляксей? — узрадавалася Валя, толькі цяпер звярнуўшы ўвагу на рослую постаць старога і яго шырокія плечы.— Як жа... Перад тым, як ісці сюды, размаўляла.

— Не, мой Змітрок. А Аляксей — гэта пляменнік. Таксама добры хлопец. Да вайны славутым мулярам лічыўся. Мінск будаваў... А ў атрад пайшоў з першых дзён, як толькі ачуняў. Пабыў дома дні тры і падаўся. Ха-а-рошы хлопец... А майго не сустракалі?

— Не, дзеду, не даводзілася. Вось вам газета за шчырасць. Прачытаеце вяскоўцам пазней.

— Дзякуй, пачытаю... Я цяпер накшталт штатнага правадніка. Спачатку ўцекачоў з лагера вадзіў, а цяпер — партызан. Але таксама не выпадала з сынам сустракацца. Вельмі ж далёка.

А калі яны выйшлі з хаты і стары павёў Валю па глухіх, малаходжаных сцежках, ён расказваў ужо пра іншае. Паказваючы на зарывы пажараў і трапяткія сполахі ракет, стары падрабязна тлумачыў, якая гарыць вёска і дзе не вытрымалі нервы вартавога-немца.

 

3

Толькі на трэція суткі, познім вечарам, Валя падышла да Лядаў. Яшчэ здалёк яна пачула песню. Яе гукі павольна ліліся ўначы, ледзь кратаючы далёкае лясное рэха. Цягнула свежасцю блізкага ручая ці крыніцы. Паміж росных кустоў бялела дарога. Натруджаныя босыя ногі з прыемнасцю адчувалі прахалоду. Акаймаваны вясёлкавым кругам, з-за высокіх кудзелістых хмарынак паглядаў месяц. І песня імкнулася да яго.

 

А ў бары, бары —

Тры дарожанькі.

Гэй! Гэй! Гэ-эй!

Тры дарожанькі.

 

А па іх ішлі

Тры салдацікі.

Гэй! Гэй! Гэ-эй!

Тры салдацікі.

 

Валя пазнала — спявала Лізавета. Яе чысты моцны голас узнімаў песню над цёмнымі абрысамі прысад, выносіў на неабсяжны прастор, і яна павольна плыла, не скутая нічым. Значыць, Лізавета зноў пачала спяваць, як некалі. Валя прыслухалася. Ва ўяўленні паўсталі тры спрадвечныя, як казка, дарогі — тры розныя людскія лёсы.

 

Што к мамцы ідзе,

Песенькі пяе.

Гэй! Гэй! Гэ-эй!

Песенькі пяе.

 

Што к татку ідзе,

Ў скрыпачку грае.

Гэй! Гэй! Гэ-эй!

Ў скрыпачку грае.

 

Што к мачысе ідзе,

Горканька плача...

 

«А ты да каго ідзеш?» — з невясёлай усмешкай падумала пра сябе Валя, і ёй стала тужліва.

Вярнуўшыся да пачатку, песня змоўкла. Здалося, што замкнуўся круг, і песню паглынула цемра. На хвіліну ноч асталася без гукаў. Толькі недзе звонка бегла вада, ды некалькі разоў трывожна і квола ціўкнула, прачнуўшыся, птушка. Потым, рассыпаючы пераліўчатыя трэлі, зайграў гармонік. Было ў яго пералівах столькі весялосці і маладога запалу, што Валя, падхопленая неўсвядомленым парываннем, прыбавіла кроку.

З гэтым супярэчлівым настроем яна і падышла да гулянкі.

Хлопцы і дзяўчаты круціліся ў віхры полькі-трасухі. Спадніцы ў дзяўчат развяваліся, і гэта надавала ўсяму святочны выгляд. Навокал дурэлі, ганяліся адзін за адным хлапчукі. Рэшта сядзела на бярвеннях, жартавала. У хлопцаў паблісквала зброя — свая і тых, хто скакаў.

У гарманісту Валя пазнала Сяргея. На галаве ў яго красавалася кубанка з чырвонай стужкай, твар аж свяціўся.

Сяргей таксама ўбачыў Валю і, скоранька перадаўшы гармонік суседу, паспяшаўся да яе. Саромеючыся сваёй прыязнасці і, асабліва, таго, што яе могуць заўважыць і па-свойму зразумець, падлетак падышоў да Валі і нясмела працягнуў руку.

— Трэцяя рота ў нас сёння начуе...— растлумачыў ён.— Няўжо толькі цяпер з Мінска? Доўга ж былі...

— Дзе мне пераначаваць у вас тут? Мабыць, і месца няма,— не адказала Валя.— А ты ці не ў партызанах ужо?

— Збіраюся, таварыш Валя... А пераначаваць можна ў нас, і ў каваля. Праўда, у яго пасяліліся ўжо адны з Мінска — жанчына з дзецьмі. Мо ведаеце?

— Вось туды і вядзі, калі можна,— папрасіла Валя.— Я нешта Лізаветы не бачу.

— Не было яе тут. Яна нядаўна на сваім агародзе спявала. Мо чулі? Але я думаю, вам і пытацца ў яе не трэба...

Ідучы па залітай месячыкавым святлом вуліцы, дрэнна разумеючы, пра што гаворыць Сяргей, Валя ўяўляла, як падыдзе да новага Арынінага прытулку і зазірне ў акно. Арына, напэўна, будзе ўкладваць дзяцей і не пачуе адразу яе стуку. А калі пачуе і здагадаецца, хто прыйшоў, кінецца насустрач і яшчэ ў сенцах з горкай радасцю залемантуе: «Валечка! Ты? А я ўжо думала, здарылася што-небудзь. Каго ні пытаюся — не ведаюць. Як Міхал там? Як астатнія?.. Цяжка быць адной, Валечка!..»

Яны падышлі да кавалёвай хаты. Валя ўстала на прызбу і зазірнула ў акно, у якім цьмяна мігцела святло.

Пакой тануў у змроку. Газнічка — маленькая пляшачка, закаркаваная бульбай з уштукаванай у яе бляшанай трубачкай,— гарэла на прыпечку. Схіліўшыся над дзяжой, якая стаяла на табурэтцы, Арына рашчыняла хлеб. Валя не ўбачыла яе твару, але па ёмкіх, спрытных рухах угадала, што яна ўся ў тым, што робіць. «Ну, і добра»,— падумала дзяўчына і, перачакаўшы, калі Арына накінула надзежнік і старанна закрыла дзяжу векам, асцярожненька саскочыла з прызбы. Увайшоўшы ў сенцы, намацала дзверы і пастукала.

— Уваходзьце! — дазволіла Арына.

Убачыўшы на парозе Валю, яна ўся засвяцілася.

— Валечка, мілая, выбавілася? — цалуючы дзяўчыну ў губы, загаварыла яна.— А я сабе думаю, хто гэта можа быць. Шарыць па дзвярах, шукае клямку, як упершыню.

— Ды я сапраўды ўпершыню,— ледзь здолела між пацалункаў сказаць Валя і палажыла жоўтую скураную сумку на лаву.

— Перахвалявалася я: жартачкі — трое сутак няма. Іван Мацвеевіч і той двойчы заходзіў... І што гэта за чалавек, Валечка! На ўсіх хапае. Ды я б, здаецца, калі б... Як паслухаеш яго... Мой Яўген і той: «Дзядзечка Зімчук, дзядзечка Зімчук...» А цябе... Як ён цябе любіць!

— Любіць?

— Ды як яшчэ... Авохці мне! — нечакана спахапілася Арына.— У мяне ж хлеб перастаіць... Я быццам на заводзе — у дзве змены працую. Адзін рашчыняю, другі вымаю. Вось як!

Яшчэ раз пацалавала Валю і зноў усю ўвагу скіравала на печ. Адставіўшы газнічку бліжэй да пячуркі, поўнай попелу і вуголля, Арына пачала вымаць хлеб. Яна лашчыла кожны бохан і з замілаваннем чаравала над ім. Пагушкаўшы ў руках, як дзіця, Арына клала яго на ўслон, потым палівала вадой з конаўкі і шурпатай далоняй ласкава гладзіла па румянай скарынцы. І Валя зноў прыкмеціла ў яе рухах асаблівую спрытнасць і ўпэўненасць.

— Іван Мацвеевіч абяцае пякарню ў лесе пабудаваць. Дзе ты гэтак напячэшся на цэлую брыгаду. А мяне галоўным пекарам...— Арына пакрыла боханы ручніком і павярнулася да Валі.— Дык як жа там Міхал? Скажы, Валечка, праўду...

— Чэснае камсамольскае, усё добра. Во пісьмо прыслаў.

Арына дрыготкай рукой узяла ліст: за вайну яна пачала баяцца і папер.

— Ды вы чытайце. Усё добра. Кватэру, вядома, змяніў, на заводзе працуе. Прасіў, каб я ўсіх за яго пацалавала...

— А з Дорай як?

— Ванда казала, што таксама абышлося. Хоць, калі вярталася ў гета той раз, ледзь не трапіла ў бяду. Там абшуквалі іх. У каго нямецкі хлеб знайшлі, масла, Рыбэ загадаў у бункер пасадзіць, а назаўтра адправіў у турму. А вы ж ведаеце, што гэта значыць.

Нават пры скупым святле газнічкі можна было заўважыць, як ад Арынінага твару адхлынула кроў, і яна па знаёмай ужо Валі прывычцы пацягнула ражок хусткі ў рот.

— Божа, што робіцца,— сіпла сказала яна.— А я тут на гэта і забывацца пачала...

— Дайце я дзяўчатак і Яўгена пацалую.

За дзвярыма пачуўся шоргат: нехта шукаў і не мог знайсці клямкі.

Арына схавала ліст у кішэню, падгарнула валасы пад хустку, паправіла вузел пад барадой і з нейкай упартасцю пацягнула за ражкі. Нездаволена хмурачыся, падышла да дзвярэй і адчыніла іх.

У хату зайшоў Зімчук. Кіўнуўшы Арыне і не спыніўшыся ля парога, ён адразу падаўся да Валі. Было відаць — яго папярэдзілі, і Зімчук ведаў, што яна тут.

Валя памкнулася была дакладваць яму, як рыхтавалася ў дарогу, але, зірнуўшы на Зімчукоў твар, зразумела, што гэта недарэчна і, бадай, можа пакрыўдзіць яго. Падхопленая парываннем, яна пайшла насустрач і спынілася тады, калі падышла ўшчыльную. Дакрануўшыся да яго шыняля, падняла галаву і паціху сказала:

— Я вельмі вінавата, Іван Мацвеевіч, хоць заданне ў горшым варыянце выканала.

Зімчук асцярожна прытуліў яе да сябе, пагладзіў Валіны валасы і беражліва, па-бацькоўску тройчы пацалаваў у лоб.

— Мне пісаў Шарупіч. Пісаў і я яму. Ты мела на гэта права...— стрымліваючы хваляванне, не даў ён далей гаварыць ёй, раз-пораз праводзячы далоняй па яе валасах.— Можа і я не менш вінаваты... У нас, некаторых, ёсць прывычка ўсіх апекаваць. Ставімся, як да дзяцей. Часам нават праўду хаваем, калі яна горкая ці страшная. А навошта? Вось, скажам, акіянскія хвалі абрынуліся на ўзбярэжжа і змылі рыбацкі пасёлак. Думаеш, усе газеты напішуць пра няшчасце? А дарэмна. Не шкодзіць людзям ведаць праўду. Гэта і гартуе і падрыхтоўвае чалавека да магчымых выпрабаванняў. Не маленькія, ёсць каму давяраць...

— Міхал Шарупіч прасіў, каб праваднікоў больш прысылалі... І вось грошы на танкавую калону сабралі...

— Добра, добра, пасля,— зноў перапыніў яе Зімчук.

Арына ўвесь гэты час стаяла, прытуліўшыся да вушака. Слёзы ліліся з яе вачэй, але яна не выцірала іх. Мусіць, гэта былі слёзы, якіх не варта саромецца.

 

4

Учора за дзень Зімчук стаміўся так, што ледзь прымусіў сябе ўзяцца за паперы, што падала яму машыністка, як толькі ён увайшоў у райкомаўскую зямлянку.

Гэта былі данясенні з розных куткоў раёна — ад падпольных арганізацый, антыфашысцкіх груп, ад падпольшчыкаў-адзіночак. Звычайна гэтыя дакументы Зімчук прачытваў з асаблівай увагай і сердаваў, калі замест іх давалі апрацаваную зводку. Чытаючы напісаныя наспех алоўкам на лісціках, вырваных з сшыткаў, данясенні, ён выразней уяўляў людзей і падзеі, аб якіх паведамлялася. Вастрэй працавала і думка.

Але ўчора не хацелася чытаць нават і данясенняў. Памыўшыся ля калодзежа халоднай вадой, ён усё-такі сеў за стол.

Камсамольцы з далёкай вёскі Чучаны пісалі, што папсавалі падземны кабель. Адкапалі, перасеклі сякерай і, прывязаўшы канец да ворчыка, выдзіралі з зямлі, пакуль у каня хапіла сілы. Зімчук ведаў Чучаны — даволі вялікую вёску, недалёка ад якой, за рачулкай, размяшчаўся гарнізон. У гарнізоне, на вышцы, быў устаноўлен пражэктар. Час ад часу яго ўключалі, і тады асляпляльны промень на некалькі кіламетраў разразаў ноч напалам. Значыць, хадзіць на аперацыю з канём небяспечна. Апрача таго, больш выгадна секчы кабель не ў адным, а ў трох-чатырох месцах, выразаючы маленькія кавалкі... На месцах дыверсій можна рабіць засады і знішчаць сувязістаў, якія выедуць па рамонт лініі... Едуць яны звычайна на падводах, абстрэльваючы здалёк кожны падазроны кусцік і ўзгорак. Значыць, варта мініраваць дарогі, мініраваць лапінкі, дзе перасечан кабель...

Кіраўнік камсамольскага падполля ў мястэчку скардзіўся на сувязных з атрада Рунца. На канспіратыўныя кватэры тыя прыходзяць у любы час дня і ночы, паводзяць сябе неасцярожна. Гэта нервуе і абурае падпольшчыкаў, але яшчэ горш тое, што заданні Рунца не супадаюць з заданнямі райкома. Райком часова забараніў праводзіць дыверсіі на аптэчным складзе, дзе працуе Д., якая стварыла сваю патайную базу медыкаментаў і пачала перапраўляць іх партызанам. Рунец жа загадвае неадкладна спаліць склад... Значыць, трэба тэрмінова адсекчы ўсе пабочныя сувязі і змяніць вядомыя Рунцу яўкі... Наогул, пытанне аб «Мсціўцу» даўно пара абмеркаваць на бюро...

З Зарэчча прасілі лістовак, асабліва «Вестак з Радзімы». Паведамлялі, што ў Мглёўскі гарнізон прыбыло аддзяленне самаахоўцаў, з якімі варта павесці работу. Значыць, у Зарэчча трэба адправіць газеты, лістоўкі. І наогул прыйдзецца звярнуць увагу на работу па разлажэнню варожых гарнізонаў...

Адно паведамленне насцеражыла Зімчука больш за астатнія, хоць не мела ў сабе нічога асаблівага. Яно было непасрэдна з Мглё. У ім паведамлялася, што сёння ўначы палова ўсяго гарнізона ідзе на заданне. Удзельнікі падзелены на дробныя групы па пяць-шэсць чалавек. Аб іх задачах ведаюць толькі камандзіры груп.

Зімчук прачытаў данясенне двойчы і задумаўся. Неўсвядомленае чаканне нейкай бяды, якое ўзнікла ў ім, як толькі ён пачаў чытаць запіску, стала зразумелым. Вядома, гітлераўцы не маглі дараваць ні аперацыі на вузкакалейцы, ні дыверсій, што пракаціліся пасля па раёне, ні равы і завалы, якімі акружаны гарнізоны. Вораг павінен быў ужыць контрзахады, паспрабаваць адпомсціць. Але чаму вылазкі начныя і дробнымі групамі? Чаму праціўнік адмовіўся ад звычайных карных экспедыцый? І ці адмовіўся? Адно аставалася бясспрэчна — задуманыя вылазкі накіраваны супроць мірнага насельніцтва, перад імі стаяць тэрарыстычныя мэты і наўрад ці яны праводзяцца сіламі аднаго Мглёўскага гарнізона.

Па кроках Зімчук пазнаў, што ў зямлянку спусціўся камбрыг. Зімчук павярнуўся да яго і шматзначна падаў атрыманую паперку. Воранаў пакінуў дзверы адчыненымі. У зямлянку хлынулі сонечныя праменні. Яны асляпілі Зімчука, і ён нейкі час не бачыў твару камбрыга. Але, жмурачыся ад святла, ён уяўляў як левае брыво Воранава запытальна ўзнялося ўгору і каля куткоў рэзка акрэсленых губ азначылася ледзь улоўная ўхмылка: адзнакі недавер’я, з якім Воранаў ставіўся да ўсякай небяспекі. Аднак, калі камбрыг адышоў ад прасветліны ў дзвярах і сеў побач, гэтай ухмылкі Зімчук не заўважыў.

— Ты звярнуў увагу, Іван,— зусім нечакана загаварыў Воранаў,— што фрыцы пачынаюць нас абкрадаць? Спачатку ўкралі засады. Цяпер — дзеянне дробнымі групамі ў начных умовах. Але яны не ўлічваюць дробязі. Здагадваешся якой? Партызанская тактыка не можа даць станоўчых вынікаў у вайне супроць народа. А?

— Што ты прапануеш? — запытаўся Зімчук, якога крыху здзівіў ход думак камбрыга.

— Блакіраваць гарнізоны. І таксама дробнымі групамі. Па рыбе і снасць. А ты?

— Па-мойму, варта падняць на ногі і мясцовую самаабарону.

— Кашы маслам не папсуеш...

На змярканні, выправіўшы інструктароў у вёскі, Зімчук не вытрываў і сам накіраваўся ў Ляды.

Ён знайшоў каваля ў кузні, ля распаленага горна. Над кавадлам нізка вісела лямпа з кругам. Яна асвятляла толькі ніжнюю палову кузні: чорную мокрую зямлю, жалезнае ламачча пры сцяне, бліскучае кавадла на тоўстай калодзе, на ім — разабраны вінтовачны затвор і самаробную ложу, свярдзёлак бормашыны, які звісаў проста з цемры. Усё астатняе танула ў чарнаце. Сам каваль таксама быў відзён да паясніцы. І толькі, калі ён браўся за ручку ад меха, на яго твар і на ўсю постаць клаўся чырвоны водсвет.

— Правяраць? — запытаўся каваль так, быццам ён усяго некалькі хвілін расстаўся з Зімчуком.

— Правяраць.

— То і добра...— каваль з прафесійнай спрытнасцю сабраў усё, што ляжала на кавадле, схаваў некуды за горан і хутка пераапрануўся.— З пастоў пачнём, ці што?

— Давай з пастоў.

Яны пайшлі па ціхай, заснуўшай вёсцы. Перад імі невыразна шарэла дарога. Паабапал цямнелі вышэйшыя, чым здавалася ўдзень, з вострымі стрэхамі хаты. Крокі аддаваліся ў чуйнай цішыні гулка, амаль урачыста, так, што хацелася ступаць асцярожней.

Усё як бы вымерла навокал, і было б вельмі недарэчна, калі б у адным з вокан бліснуў агеньчык. Нават не брахалі сабакі і не чуліся звыклыя ўздыхі з хлявоў. Толькі недзе далёка, як напамінак аб чалавеку, займалася зарыва.

У цэнтры, каля ліпавых прысад, іх аклікнуў нябачны вартаўнік.

— То мы, Сяргей! З камісарам,— адказаў спакойна каваль і, не сцішаючы крокаў, пайшоў далей.

Але дзіўна, Зімчук ніколі так востра не адчуваў напружанасці барацьбы, як цяпер, ідучы па пустой, з папялішчамі, вясковай вуліцы, у канцы якой, на небасхіле, палала зарыва пажару.

— Мабыць, Рудня гарыць,— сказаў ім услед вартавы, і па ўзрушанасці, з якой гэта было сказана, Зімчук пазнаў, што гаварыў падлетак.

Зімчуку захацелася ўбачыць гэтага хлапчука і сказаць яму цёплае слова.

З гэтым пачуццём ён выйшаў за вёску. Калі параўняліся з хмызняком, які рогам ад лесу падыходзіў да дарогі, іх аклікнулі зноў. Цвёрды жаночы голас загадаў:

— Стой!.. Хто ідзе?

— Свае,— азваўся Зімчук.

— Хто свае? Страляю!

Суха, непрыемна кляцнуў затвор вінтоўкі.

— Гэта мы, Лізавета! Пасты правяраем,— заспяшаўся каваль.

— Дзядзька Талочка? Падыходзьце,— дазволіла жанчына і, аддзяліўшыся ад кустоў, сама пайшла насустрач.— Думала, што зноў рунцоўскія архараўцы заявіліся. Пакладу, думала, вось проста на дарогу і пратрымаю да світання.

— А справілася б? — прыхільна спытаўся Зімчук.

— Як-небудзь...— засаромелася Лізавета.— Я не адна тут. Мой напарнік і цяпер вас абодвух на мушцы трымае.

— Абодвух наўрад, але веру. Абяцаю заўтра спецыяльныя паролі і пропускі ўстанавіць. А рунцоўцы заглядаюць, кажаш, усё-такі?

— А што ім...

Недзе глуха застракатаў кулямёт.

— Недзе, мусіць, немцы нарваліся,— з палёгкай сказаў Зімчук і зноў раптам адчуў стомленасць.

Абышоўшы пасты, параіўшы выставіць сакрэт на могілках, Зімчук вярнуўся ў вёску. Ехаць у лагер ён ужо не меў сілы, і каваль прывёў яго ў пуньку, што стаяла наводшыбе, у бярозавым хмызняку. Поўная духмянага сена, яна дыхнула на Зімчука нечым дарагім і знаёмым з дзяцінства. Не распранаючыся, з невымоўнай асалодай, ён упаў у падрыхтаваную яму пасцель і ўткнуўся тварам у халодную падушку. Як каваль укрываў яго посцілкай, Зімчук ужо не чуў...

 

Гледзячы на мокры ад слёз Арынін твар, Зімчук спытаўся:

— Яўген спіць ужо?

— Вы і яго імя запомнілі,— прасвятлела Арына.— Спіць. А што?

— Трэба каваля з Лізаветай паклікаць. Хачу трэцюю роту наогул пакінуць у Лядах. Няхай дыслацыруецца тут, а заадно і людзей ахоўвае.

— Дык я схаджу.

— Не, тады я сам лепш...

Праз паўгадзіны ён вярнуўся з Лізаветай і кавалём.

Лізавета была збянтэжаная і сярдзітая. Было відаць, што яна з нечым нязгодна, але канчаткова не вырашыла, чаго трымацца далей. Унікаючы глядзець на Зімчука, падышла да Валі і паціснула ёй руку.

— Аднойчы стаялі ўжо,— сказала яна ўнурыўшыся,— і бач, што настаялі.

— Не тое ты гаворыш,— запярэчыў каваль.— Не ўсе ж гэтакія, як Рунец. Дый часы іншыя.

— Вось іменна,— падтрымаў Зімчук.

— А што Рунец? — крута павярнулася да каваля Лізавета.— Што, ён Ляды бамбіў?

— Я не кажу гэтага. Але не табе абараняць яго праўду.

— А я і не абараняю...

Яна ссунула свае бровы-крылы і замкнулася.

— Ты лепш раскажы, як пасля нас затрымала марадзёраў ягоных...— не разумеючы Лізаветы, папрасіў каваль.— Я ўсё роўна далажыў ужо.

— А што тут скрываць, затрымала і ўсё. Корпаліся ў скрыні бабкі Паўліны, падлюгі. І як не сорамна? Сляпая, адзінокая. Бабка на пяколку ляжала. «Ты,— пытаецца,— унучка?» — «Я»,— адказваюць ды хіхікаюць яшчэ. І гэта тутэйшыя, з Селішча.

— Тутэйшыя горш, чым чужыя: свая хата блізка — ёсць дзе хаваць.

— А потым прывязалі бабкіну руку матузком да табурэткі і папярэдзілі: паварушыцца — няхай на сябе наракае.

— Гэта, мусіць, з тых, у каго компас паказвае, куды гаспадар сала схаваў.

— Дзе яны? — пабарвавеў ад гневу Зімчук.

Лізавета сумелася.

— У клеці сядзяць. Думала, яшчэ дзень пратрымаю і пушчу.

— Я іх у лагер забяру, а Рунцу напішу...

— Забірайце, калі трэба.

— Ну, а як наконт трэцяй роты? Што парашым?

— Хай астаецца, калі вы лічыце, што так лепш...

Не хочучы больш гаварыць ні пра затрыманых рунцоўскіх партызан, ні пра трэцюю роту, якая нечакана ўваходзіла ў жыццё Лядаў, а значыцца, і ў яе жыццё, Лізавета прайшлася па хаце, заглянула пад надзежнік і, як гаспадыня, адсунула заслонку ў печы.

 

Раздзел пяты

 

1

Гэты паход на чыгунку, нягледзячы на цёмную навальнічную ноч — адну з тых, якія называлі партызанскімі, быў няўдалы. На абраны ўчастак дарогі раней прыйшла група падрыўнікоў з атрада Рунца. Яна двойчы напаролася на нямецкіх патрулёў і ўзняла на ногі ахову чыгункі.

Пакінуўшы яшчэ добра не замаскаваны толавы зарад на палатне, Урбановіч з хлопцамі вымушан быў паспешліва адысці. Назіраючы з-за сцяны елак за палатном, Аляксей бачыў, як да міны наблізіліся двое немцаў, доўга гіргаталі, паказваючы рукамі на міну, а потым нахіліліся над ёй. Рабіць не было чаго, і Урбановіч ірвануў шнур. Падрыўнікі ўсхапіліся і пабеглі, а ўслед ім з вартавых вышак паляцелі злыя, як восы, трасіруючыя кулі, упіваючыся недзе блізка ў чорную зямлю.

Без толу не было сэнсу аставацца ля чыгункі. Дый дняваць паблізу не было як: навокал чыстае поле, дробныя хмызнякі, пералескі. Непадалёк — нават чуваць быў брэх вартавых сабак — лагер ваеннапалонных, злева і ззаду гарнізоны. Трэба было «абрывацца».

Ноч якраз уступіла ў сваю глухую пару, да світання аставалася гадзіны дзве. Спадзявацца, што дапятляеш да партызанскіх краёў — за шашу, якая лічылася мяжой,— было марна. Але мясцовасць была знаёмая, сюды Урбановіч прыходзіў не ўпершыню. Кіламетраў за восем-дванаццаць можна было знайсці надзейныя схованкі.

Ішлі адзін за адным.

Ідучы наперадзе, Аляксей заклапочана прыкідваў у галаве, дзе ж усё-такі лепш спыніцца на дзень — у Зарачанскім лазняку ці ў лесе за Сёмкавым Гарадком. Некалі Аляксей дняваў і там і там. Да лесу было далей. Праўда, там на ўзгорку ў арэшніку партызаны з атрада Зарэцкага выкапалі схованку — даволі прасторны склеп, лаз у які зачыняўся непрыкметным векам. Спусціся па лесвіцы ў склеп, зачыні за сабою века і спі да вечара на саломе, што падрыхтавалі табе сябры. Але затое склеп лёгка мог ператварыцца ў пастку. Цябе без асаблівых турбот маглі ўзяць «цёпленькім» або проста кінуць у склеп гранату. Усяго адну — больш там не трэба чатыром... Не так ужо добра і ў лазняку. У Зарэчча часта прыязджаюць немцы, паліцаі. Лазняк рэдкі, прасвечваецца. Але ён на тым беразе рэчкі, туды на чоўне можа перавезці знаёмы рыбак. А галоўнае — там, калі што, можна абараняцца.

«Не, лепш дняваць каля Зарэчча»,— вырашыў Аляксей і пачуў нечыя крокі. Падняўшы руку, ён спыніўся. Сумнення не было — ішло некалькі чалавек. Але як толькі спыніліся і астатнія хлопцы, крокі наперадзе сціхлі таксама.

Праз момант прастуджаны голас спытаўся з цемры:

— Вер да?1

Ведаючы, што за гэтым пытаннем звычайна пачынае стракатаць чарга, Аляксей упаў на дарогу і нарыхтаваўся страляць. Пападалі і хлопцы. Але замест чаргі пачуўся гулкі тупат — нехта ўцякаў. «Зноў рунцоўцы,— здагадаўся Аляксей,— во навязаліся на нашу галаву... Пекануць бы з аўтамата за гэтае «вер да», трэцяму заказалі б...»

Рыбак, перавёзшы Аляксея і хлопцаў на другі бераг, шэптам сказаў:

— Тут, Ляксей, ёсць ужо вашы. Вунь туды падаліся... Вам не трэба заўтра назад?

— А што? — насцеражыўся Аляксей.

— Як сцямнее, тады шыбаніце два каменьчыкі ў дах...

Удзень Аляксей спаў прыхапкамі. З лазняку ў адным кірунку была відаць вёска, у другім — далёкі лес. На ўзлессі маячылі постаці ў шэра-зялёных шынялях — там пад аховай вяліся лесанарыхтоўкі. У вёсцы ішло сваё жыццё: гулялі дзеці, з вязанкамі саломы за плячыма праходзілі жанчыны, праязджалі фурманкі.

Падвечар падрыўнікі з «Мсціўца» пайшлі з лазняку першыя. Калі праходзілі міма, Аляксей знакам папрасіў іх падысці, але яны, як бы не заўважыўшы гэтага, нават не павярнулі галоў і, пакуль іх можна было бачыць, ішлі панура, упяўшы позірк сабе пад ногі.

— Чаго гэта яны? — засмяяўся адзін з хлапцоў.

— Ат,— адмахнуўся Аляксей: яму прыкра было ад няўдачы на чыгунцы, шкада толу, таму і думаць аб іх не хацелася.

Але, калі назаўтра перайшлі гравійку і спыніліся перакусіць на знаёмым хутары, давялося сустрэцца з рунцоўцамі яшчэ раз. Не паспеў Аляксей з хлопцамі сесці за стол і ўзяць у рукі па сопкай гарачай бульбіне, як на парозе хаты вырас чубаты Жабунька з самазарадкай, якая вісела ў яго на плячы ўніз руляй.

— Устаць! — скамандаваў ён голасна.

— Ты што, ашалеў? — здзівіўся Аляксей, пазнаючы ардынарца Рунца і ўсміхаючыся.— На сваіх ужо брэшаш!..

— Я кажу, устаць! — паўтарыў той, здымаючы з пляча самазарадку.— Мы вас затрымаем. Зразумела?

Аляксей падняўся з-за стала, убачыў у вокнах настаўленыя рулі вінтовак, але падышоў і зняў са сцяны свой аўтамат.

— Кіньце, таварышы, жартаваць, пакуль не позна,— сказаў ён.— Вам хто, Рунец загадаў?

У хату зайшлі яшчэ тры партызаны, потым яшчэ.

— Калі Рунец, то давайце пойдзем да яго.

— Спачатку зброю здай,— крыва ўхмыльнуўся Жабунька.— Няхай і астатнія твае здадуць... Чуеш? І не ўздумай рыпацца!

Падыходзіць ён яшчэ баяўся. Але ў хату прыбывалі ўсё новыя і новыя партызаны, і гэта рабіла яго ўсё больш развязным і нахабным.

— Ану, давай аўтамат! — крыкнуў ён нарэшце, калі адчуў, што яго падпірае ззаду сцяна людзей, і, падскочыўшы да Аляксея, працягнуў руку.

Удар быў такі моцны, што адкінуў чубатага вусача назад. Выпусціўшы самазарадку і, як непрытомны, схіліўшы галаву, ён упаў спіной на рукі таварышаў.

Узняўся гармідар. На Аляксея і яго хлопцаў кінуліся ўсе. Павалілі, пачалі біць. Асабліва шалеў Жабунька. З перакошаным ад злосці тварам ён стараўся выцяць Аляксея ботам, мераючыся патрапіць у галаву. Яму перашкаджалі другія, і ён круціўся каля клубка чалавечых цел і пінаў, пінаў, скавычучы ад бяссілля адпомсціць, як хацелася.

Але раптам тыя, што наваліліся на Аляксея і білі яго, адляцелі ўбакі. Не, не адляцелі, а адсыпаліся і атарапелі ад нечаканасці. А ён, пазіраючы на іх зверху ўніз, выхапіў са скуранога мяшэчка, што вісеў на рамяні, гранату-лімонку, вырваў з яе кальцо і падняў над галавою. Яму разарвалі рот, па падбародку цякла кроў, гімнасцёрка была распаласавана, і гэта рабіла Аляксея страшным.

Рунцоўцы кінуліся з хаты.

Калі хата апусцела і на падворку выбухнулі крыкі, пагрозы, лямант, з сенцаў паказаўся Рунец. Быў ён у новай форменнай шапцы, увесь у рамянях, у сініх шырачэзных галіфэ і бліскучых хромавых ботах.

— Чаго бузіш? — спытаўся ён, як бы нічога і не адбылося.

— Навошта ты хацеў затрымаць нас? — не адказаў Аляксей.— Што за самаўпраўства?

Рунец пераступіў парог.

— Я, Урбановіч, помню ўсё: і благое і добрае. Ты вольны і можаш ісці. Але тваіх людзей я арыштую. Будуць заложнікамі, пакуль не адпусцяць маіх. Вось так...

— Не падыходзь,— папярэдзіў Аляксей.

Шчака ў Рунца нервова тарганулася.

— Тваё шчасце, што я абяцаў ужо...— аж заікаючыся, з цяжкасцю прамовіў ён.

— Падрыхтаваць гранаты, хлопцы!

— Я не жартую, Урбановіч!

— I я таксама... І майце на ўвазе, што ў вас ёсць дзве магчымасці — страляць у спіну або не чапаць нас... Пайшлі, хлопцы...

Ён кіўнуў галавою і, не апускаючы рукі з гранатай, пайшоў да дзвярэй. За ім рушылі астатнія. Выходзячы ў сенцы, Аляксей убачыў Краўца, які стаяў за спіной свайго камандзіра і, відаць, не хацеў, каб яго заўважылі. Твар у Краўца быў вінаваты, разгублены, хоць нешта злое і свяцілася ў вачах.

 

1 Хто ідзе? (нямецк.).

2

Краўцу стала сорамна за сябе, за Рунца, за ўсіх... Як яны накінуліся на Урбановіча! Зграяй! А як потым адскочылі і падтулілі хвасты! Ганьба. Лепш было ўжо не пачынаць... І ў чым наогул вінаваты Урбановіч і ягоныя хлопцы? У тым, што Зімчук арыштаваў марадзёраў? Дый яны, можа, і не ведаюць пра гэта. Дый хто згодзіцца, каб яго ні за што абяззброілі чужыя? Ніхто. Тым больш Аляксей — такі мацак. Як ён раскідаў цэлую хеўру! Падняўся, варухнуў плячыма і — ўсё... А Рунец? Як ён мог глядзець на такое? Аляксей жа выратаваў яму жыццё. Ды і адпускаў Рунец яго не таму, што помніў дабро. Проста ўбачыў — слабо, хоць бы другіх затрымаць...

— Чаго ты ходзіш за мной? — вызверыўся Рунец і ашчэрыў зубы.— Ну?

Кравец сам здзівіўся — сапраўды, чаго? Нібыта згубіў нешта, а Рунец знайшоў, і ён ходзіць за ім, спадзеючыся, што той аддасць знойдзенае. Як бы апрытомнеўшы, Кравец паглядзеў на камандзіра, спыніў позірк на яго шырачэзных галіфэ і пацепнуў плячом.

— За што яны білі Урбановіча?

— Няхай не чапаюць нашых,— крыху лагадней адказаў Рунец.

— А Урбановіч пры чым тут?

— А ён што — сваяк табе? Па Зосі, мусіць. Не бойся, калі што, абараняць не будзе. Ён разумнейшы... Ідзі во падрыхтуйся да паходу. А калі рабіць няма чаго, цясак натачы. Ясна?

Рунец намякаў на новую прывычку, што пачала ўкараняцца ў Краўца,— у вольныя хвіліны вастрыць цясак — нямецкі штык. Як толькі выпадала такая хвіліна, у руках у яго адразу паяўляўся брусок. Забыўшыся на ўсё, Кравец старанна вадзіў цесаком па бруску, часам вырываў з папахі валасок, прыкладаў да ляза і дзьмуў. Потым, прыжмурыўшыся, глядзеў на сонца — ці перарэзаўся. Яму не перашкаджалі — пабойваліся: вельмі шмат старання Кравец укладаў у свой занятак. Праўда, пасля іншы раз жартавалі, ды і то нясмела, з жаданнем паддобрыцца. Але Рунец сказаў пра цясак з насмешкай, кпліва, і гэта пакрыўдзіла Краўца.

— Цясак — гэта мой клопат,— кінуў ён варожа.

Рунец падышоў ужо да рыжага стаенніка, на якім толькі і ездзіў цяпер, ступіў быў нагою ў стрэмя, але тут жа выняў яе і стаў, трымаючыся за сядло.

— Што гэта за настрой? — крыкнуў ён.— Ты глядзі мне! Я на ўсякі выпадак памятаю, як ты агітаваў за тое, чаго немцы ў сваіх фальшыўках дамагаліся. І наогул!..

Кравец разумеў, што лютасць душыць камандзіра і ён гатовы абрынуць яе на яго, Краўца, чыя прысутнасць стрымлівала і не давала дзейнічаць рашуча. Разумеў, і ўсё-такі сказаў:

— Вы мяне не палохайце, Васіль Раманавіч! Я не палахлівы! І да спадобы гэта вам ці не, але нядобра ў нас выходзіць.

— Ідзі ты!..— брыдка вылаяўся Рунец і ўскочыў у сядло.— Вернешся, тады пагаворым. Ды глядзі!.. Павядзеш людзей, якія мне вельмі патрэбны. Сярод іх урач ёсць...

У леснічоўку, дзе Кравец павінен быў сустрэць уцекачоў з Мінска, ён прыехаў увечары. Ляснік прыняў яго даволі ветліва, сам, як заўсёды, рассядлаў каня і паставіў у хлеў. Гаспадыня адразу распаліла камянок, па хаце пайшоў пах яешні, але Кравец адчуў — тут яму не рады.

— Што з табою, дзядзька? — паглядзеў на лесніка спадылба Кравец, калі той увайшоў у хату, управіўшыся з канём.— Чым нездаволены. Мо ісці па людзей не хочаш, дык скажы.

— Чаму не хочу,— апусціў ляснік вочы.— Але да мяне, Мікола, больш не заязджай. Сёння апошні раз схаджу. Яны каля лесасекі з цягніка саскочаць, так?

— Нічога не разумею! — зазлаваў Кравец, але адчуванне віны, што жыло яшчэ ў ім, не дало абурацца.— Ды растлумач ты мне як след!

— З брыгады так распарадзіліся. Кажуць, дзе нянек многа, там дзіця бязнога. Так што прабач... Чаму ты адзін сёння?

— А навошта мне хто?

Ляснік пайшоў, як толькі сцямнела, і Кравец сумна праводзіў яго позіркам — спачатку, як ішоў па хаце да дзвярэй, а потым у акно, як выходзіў з падворка і раставаў сярод дрэў.

Леснічоўка танула ў змроках. Жоўты язычок газнічкі час ад часу нахіляўся ў адзін і той жа бок і намагаўся лізнуць па спаянаму месцу бляшанай трубачкі з кнотам. І кожны раз, калі яму гэта ўдавалася, змрокі і цені ў хаце як бы ўздрыгвалі.

Смутак усё больш апаноўваў Краўца. Спаць нельга было, і ён выняў з кішэні нязменны брусок. Вострачы цясак, ён перабіраў у памяці сённяшнія падзеі — выпадак з Аляксеем Урбановічам, сутычку з Рунцом, халодны прыём лесніка. Часцей за іншых у памяці паўставаў Урбановіч — моцны, вялікагаловы, з парваным куточкам рота. Ад яго думкі пераходзілі на Зосю. Яна ўяўлялася часцей такой, якой упершыню сустрэў яе ў Лядах: радасна ўзрушанай, мілай і даступнай. «Якую дзяўчыну страціў»,— упікаў ён сябе. Прыйшла злая думка, а што калі ўзяць выкрасці яе і зрабіць сваёй. Яна такая, што змірыцца і нават пакахае, бо, відаць, наогул любіць сілу. Жанчыны ўсе яе любяць. Хілых і нясільных шкадуюць і кахаюць толькі тыя, што перагарэлі і ўдосталь налюбіліся. Сіла, мабыць, пацягнула Зосю і да Урбановіча. Бо што ў ім ёсць цікавага, апрача сілы — дужых рук і плячэй?..

Кравец праверыў пальцам вастрыню ляза і паклаў цясак з бруском на лаву, на якой сядзеў.

Раптам у хату ўвайшлі нямецкі салдат і паліцай. Чорнае вочка вінтовачнай рулі ўставілася ў Краўцоў твар. Яно здалося Краўцу маленькім, але ад яго нельга было адвесці вачэй, нельга было не падпарадкоўвацца яму. І хоць ні немец, ні паліцай не сказалі ні слова, давялося ўстаць і падняць рукі. Уся ўвага сабралася на адным: куды патрапіць агонь і куля — у галаву ці грудзі? Потым на міг уявіўся Аляксей Урбановіч, яго граната, паднятая над галавой.

Усё гэтак жа моўчкі, не пазіраючы на Краўца, немец ступіў да стала, дзе побач з газнічкай ляжаў аўтамат, і працягнуў руку. На нейкую долю секунды ягоная постаць засланіла чорнае вочка, і гэта каштавала немцу жыцця. Кравец схапіў цясак і, як нажом, наўскасяк зверху ўніз паласнуў салдата. Таксама нечакана і шпарка, калі той яшчэ падаў, кінуўся да паліцая. Аднак паліцай паспеў павярнуцца і адчыніць дзверы. Удар прыйшоўся яму паміж лапатак, і паліцай рынуўся ў сенцы разам з цесаком.

Нейкі туман як бы закрыў ад Краўца свет. Навобмацак ён схапіў аўтамат і памкнуўся бегчы. Але апрытомнеў — спыніўся ў сенцах, наступіў нагой на спіну паліцая, выцягнуў цясак і крысом паліцаевага шыняля выцер яго. Пасля, выскачыўшы на ганак, даў доўгую, на цэлы дыск, чаргу, выпісваючы аўтаматам сваю ўлюбёную васьмёрку.

Чужыя стрэлы і лаянку Кравец пачуў толькі ўжо ў лесе. За ім не гналіся, а адно стралялі. У звонкай цішыні стрэлы разлягаліся, абуджаючы рэха, але не заглушалі перасыпаную нямецкімі словамі адмысловую рускую лаянку. Яе вырыгаў, безумоўна, немец, і гэтая лютая на дзвюх мовах лаянка абудзіла ў Краўца злую радасць. Ён загнуў у адказ нешта шматпавярховае і свіснуў. Але, не гледзячы на тое, што небяспека мінула, радасць пачала неўзабаве блякнуць.

Зноў няўдача! Зноў нявінныя ахвяры, як і тады, пры бамбёжцы ў Лядах — будзь яна проклята!.. Ляснік, канешне, тут ні пры чым. Значыць, загіне ляснічыха, а можа, і тыя, каго прывядзе ляснік. Калі немцы ведаюць пра яго, Краўца, значыць, ведаюць і пра ўцекачоў з Мінска... Але як яны маглі ўведаць? Нядаўна на нямецкую засаду напароўся першы ўзвод. Трапіў у пастку і лёг амаль цалкам. Дык што ж гэта такое?..

Перш за ўсё трэба было ратаваць мінчан і лесніка. Прыслухоўваючыся да цішыні, якая зноў скавала ўсё, Кравец спусціўся ў лагчынку, пазнаў яе, змяніў дыск у аўтамаце і подбегам падаўся да лесасекі. Галінкі сцябалі яго па твары, па вачах, а ён бег і бег, не адчуваючы болю і, можа, першы раз у жыцці хочучы плакаць і скардзіцца.

 

3

Рунец, як пайшоў тады з брыгады, сустракаўся з Зімчуком толькі адзін раз. Але руку яго адчуваў ва ўсім, і з кожным днём было цяжэй рабіць як хацелася. Райком падзяліў паміж атрадамі тэрыторыю раёна, «прымацаваў» атрады да пэўных вёсак, якія забяспечвалі іх харчамі, стварыў па вёсках атрады самаабароны, прызначыў старшынь, і ўсё гэта само сабой рэгламентавала Рунца. Рознымі шляхамі ў «Мсцівец» траплялі лістоўкі, газеты. Погалас прыносіў чуткі аб брыгадзе. І гэта таксама неяк было накіравана супроць рунцоўскай самастойнасці. Але як было змагацца з тым, што падточвала незалежнасць? Як?

І Рунцу аставалася адно — ігнараваць тое, што адбывалася навокал, і, пераконваючы сябе, што праўда на яго баку, гнуць сваё. Далёка наперад ён не заглядваў: сёння — жывы, заўтра — не. Але затое даўно прывык камандаваць, і яму падабалася гэта. Добра было красавацца на стаенніку, чыніць суд, расправу, і ён камандаваў, красаваўся, не хочучы нічога ведаць.

Арышт ягоных партызан, Зімчукова пісьмо пра марадзёраў і, асабліва, сутычка з Урбановічам як бы прыадкрылі яму вочы на падзеі. Паехаў ён з хутара, дзе спрабавалі затрымаць падрыўнікоў, устрывожаны. Нават безразважныя, але вінаватыя людзі адчуваюць мяжу, за якой — пакаранне. Пачаў адчуваць яе і Рунец. Тым больш, што прывык верыць у права мацнейшага. Але куды было адступаць? І сляпая ўпартасць зноў засланіла ўсё.

«Зімчук! Гэта — яго падкопы. Ён назнарок робіць так, каб прынізіць другіх і гэтым узвысіць сябе. Палітыкан і камбінатар, які з скуры лезе, каб быць першым. Дык не ж, трасцу, усё адно не будзе па-ягонаму!..»

Прыляцеўшы ў бліжэйшую вёску, Рунец напіўся. Ён яшчэ па дарозе ўбачыў над ляшчэўнікам сіні дымок. Зразумеў — гоняць. Махнуў бізуном Жабуньку і паехаў напрасткі.

Сапраўды, на пяньку пад сасонкай, ля самагоннага апарата, сядзеў селянін. З меднай трубкі ў кварту цурком бег самагон. Пачуўшы, што да яго падышлі, селянін, які, відаць, прывык да такіх гасцей, не паварочваючыся, нават не глянуўшы, узяў кварту і працягнуў яе Рунцу. Той не пакрыўдзіўся, усміхнуўся і, выпіўшы цёплы самагон, вярнуўся да каня. Злосць і трывога ў яго пабольшалі. Куды падацца, з чаго пачаць?.. Прыехаўшы ў вёску, ён загадаў ардынарцу знайсці самагонкі яшчэ, і праз гадзіну быў ужо зусім п’яны.

У яго затуманенай хісткай свядомасці раптам усплылі Ляды, Лізавета, і страшэнна пацягнула да яе. Захацелася пабачыць і вёску — якая яна пасля бамбёжкі? Рунца нават здзівіла, як дагэтуль ён не знайшоў спосабу сустрэцца з Лізаветай, як мог наогул не бачыць яе. У п’яным чадзе ўсё здавалася лёгкім, магчымым. Варта толькі надумацца, і тое, што захацеў, спраўдзіцца.

Які, аднак, ён дурань! Лізавета таксама цягнулася да яго, а ён вагаўся і жаночую стрыманасць прымаў за варожасць. Яе проста тачыў удовін смутак, прагная любоў да сына сама была выяўленнем гэтага смутку, а яму здавалася — апрача сына, для Лізаветы не існуе нічога. Дый яе бунт і дэманстрацыі супроць яго былі не чым іншым, як бунтам гордай жанчыны, якая баіцца сваіх пачуццяў і ў той жа час абражаецца, што гэтых пачуццяў не заўважае чалавек, які абудзіў іх.

Значыць, у Ляды, і як мага хутчэй!..

Жабуньку і стаенніка Рунец пакінуў у лесе і знаёмымі сцяжынкамі, кіруючыся да агародаў, падаўся да Лізавецінай хаты.

Была яшчэ ноч, і наваколле танула ў змроках. Вёска і прысады толькі ўгадваліся. На агародзе, каля ігрушы, дзе, як Рунец ведаў, Лізавета выкапала акопчык, ён спыніўся. Агледзеўся і толькі цяпер убачыў, што хаты не было. Першае, што прыйшло яму ў галаву,— як мага хутчэй пайсці адсюль. Потым Рунца агарнуў страх — няўжо няма і Лізаветы? Што ж тады будзе?.. Адчуваючы, як стукае ў скронях, ён падышоў да пералаза, зняў адну жэрдку і, як злодзей, ступіў на двор. Тут ён каля папялішча ўбачыў зямлянку і аж скалануўся ад радасці.

«Жывая!..»

Выходзіць на вуліцу, каб пастукаць у адзінае акенца, Рунец не асмеліўся і, адшукаўшы клямку ў дзвярах, паціху бразнуў раз, другі.

Лізавета адсунула засаўку, пазнала яго, войкнула і адхіснулася ў цемру.

Гэта ўразіла Рунца: яна пакінула дзверы расчыненымі! Не стала на парозе, не распачала гаворкі, а здзіўлена войкнула і знікла. Значыць, хоць і спалохалася, але дазваляе, а можа, нават запрашае зайсці. Дый спалох у яе быў нейкі радасны, быццам яна вось толькі думала аб Рунцу, а ён узяў і завітаў якраз. Трапятанне пранізала яго, Рунец нецярпліва пераступіў парог. Шырока раздзьмутымі ноздрамі ўцягнуў знаёмы пах — яе, Лізавецін, які пазнаў бы з тысячы іншых і які, няма чаго таіцца, хваляваў і быў яму дарагі.

Яе постаць бялела ля нар. Яна адчыняла дзверы ў спадніцы і сарочцы,— гэта Рунец заўважыў адразу, і цяпер, відаць, спяшалася надзець кофтачку, бо Рунец бачыў, як яна хутка паднімала па чарзе рукі і ўзмахвала імі. Потым выпрасталася і наблізілася да яго.

— Як вы трапілі сюды і чаго? — з цяжкасцю спыталася яна.

Ён ступіў да яе, але Лізавета выставіла перад сабою руку.

— Ваша шчасце, што рота пайшла на аперацыю і асталіся толькі нашы пасты.

— А што мне твая рота,— сказаў ён асіплым голасам,— хіба я злачынец?

— Вы бачылі, што сталася з вёскай?

— Я не бамбіў яе. Сёння таксама могуць прыляцець.

Лізавета не адразу знайшлася, што адказаць, але разумела — мусіць абавязкова запярэчыць, бо інакш ён падумае, што яна даравала яму нават гэта.

— Цяпер не прыляцяць, бо такіх вёсак шмат,— кінула яна.

На нарах заварушыўся Лёнік. Святло ішло з акенца, з адчыненых дзвярэй, вочы ў Рунца прызвычаіліся да цемры, і ён ужо бачыў Лізавету лепш. Яна памкнулася была да нар, але раздумала і асталася стаяць бокам да яго, палажыўшы далонь на выраз у кофтачцы. Рунца абдала хваля любасці. Як бы дорага заплаціў ён, каб толькі можна было абняць гэтую ўпартую жанчыну, прыгарнуць да сябе!...

— Што ты ад мяне хочаш? — вырвалася ў яго.— Ну скажы! Я прыйшоў да цябе. Ты гэта ведаеш і разумееш усё. Дык навошта гуляць у жмуркі? Хочаш, правер! Хочаш, давай паедзем да мяне, будзеш жонкай...

— Паходнай партызанскай? — уедліва перапыніла яго Лізавета.— Як гэта вы называеце такіх? Пэпэжэ? Так, здаецца? Эх, Васіль Раманавіч!

Але, калі ён падышоў ушчыльную, яна не адступіла, толькі палажыла на грудзі і другую далонь. Дрыготкімі рукамі Рунец узяў жанчыну за плечы, патрымаў так з момант і раптам прыпаў губамі да яе цёплай духмянай шыі: цалаваць Лізавету ў твар ён так і не асмеліўся.

Яна і гэтым разам не кранулася з месца. А Рунец, ахоплены жаданнем мець Лізавету ўсю, убіраў у сябе яе трапятанне і, хмялеючы, быў невымоўна ўдзячны ёй. Чаго б ні загадала яна яму цяпер, ён сапраўды выканаў бы, пайшоў бы на ўсё — быў бы паслухмяны, аддаў бы сябе. Ён адчуваў, як большаюць у яго сілы і як, наадварот, меншае іх у яе. І каб яна не баялася гэтага, а даверылася яму, Рунцу хацелася паклясціся ёй, паабяцаць шчасця.

Нарэшце, Лізавета адняла далоні ад грудзей і пагладзіла Рунца па галаве — аддана, ласкава. Гэты дотык абпаліў яго, ён абхапіў Лізавету і падняў...

З шчаслівага забыцця іх вывелі крокі. Вызваліўшыся з абдымкаў, Лізавета падбегла да акенца. Па вуліцы ішлі двое. Адзін з іх вёў каня. Параўняўшыся з зямлянкай, той, хто вёў каня, перадаў яго другому і зайшоў на Лізавецін падворак.

Лізавета страпянулася, толькі цяпер успомніла, што дзверы асталіся адчыненымі, і кінулася да іх. Але чалавек падышоў ужо да зямлянкі.

— Лізавета! — гукнуў ён у чорны праход дзвярэй, і яна па голасе пазнала Краўца.

Гэта збянтэжыла і ўстрывожыла яе.

— Я,— адказала яна і борзда прычыніла за сабой дзверы.

— Душна? — паціху загаварыў Кравец.— Перад навальніцай, пэўна, так парыць. Дазволь каня ўзяць. Загнаў аднаго, хістаецца. Сяргей свайго белага дае, толькі кажа, каб ты дазволіла.

— Што за пажар і чаму да нас? — робячыся гаспадыняй, сказала Лізавета, пераконаная ўжо, што Кравец прыехаў адзін і нічога не ведае пра Рунца.

— З задання я. У брыгаду трэба. Такое выйшла, чортушка, што і расказваць страшна. Да нас з Мінска меліся прыехаць, а тут правал. Адных пастралялі, другія разбегліся. Бяда!

— А ў брыгаду навошта?

— А куды ж пойдзеш? Баюся сваім нават гаварыць пра гэта. Нядобра ў нас...

Кравец пайшоў, а Лізавета некалькі хвілін яшчэ стаяла, не адважваючыся вярнуцца ў зямлянку. Падкошваліся ногі, ныла сэрца.

— Што Мікола казаў? — спытаўся Рунец, калі яна нарэшце вярнулася, і шчасліва ўсміхнуўся: ён як ніколі быў поўны кахання і ўдзячнасці.

— Нічога, так...— чужым голасам адказала Лізавета.— Ён каня прасіў...

— І ўсё?

— Усё.

Ёй вельмі захацелася ўбачыць ягоны твар, паглядзець у вочы, але было цёмна, хоць бралася на світанне. Рунец зноў працягнуў да яе рукі, але яна адхіліла іх.

— Ідзі і ты, Васіль, гора ты маё...— сказала яна і зусім па-бабску дадала: — Нядобра ў цябе ў атрадзе, Вася... Разбярыся, калі ласка, прашу цябе. У райком схадзі, раскажы ўсё — памогуць. А тых двух марадзёраў не воранаўцы, а я затрымала.

 

4

Краўца за лінію пастоў не пусцілі. Ён хацеў быў вярнуцца і крадком,— а тут ён ведаў кожную пядзю,— прабрацца ў лагер. Але, пачуўшы, што вартавы выклікаў па тэлефоне каравульнага начальніка і папрасіў далажыць Зімчуку пра Краўца, раптам абвяў і астаўся каля паста.

Лагер яшчэ спаў, каравульны начальнік, мабыць, палічыў, што Кравец можа пачакаць, а потым зусім забыўся — стала не да яго.

«Юнкерсы» наляцелі, калі ўзыходзіла сонца, і, кружачыся над лесам, пачалі кідаць злосныя вісклівыя бомбы.

Лісце ў гэтым годзе ападала непрыкметна. Больш заўважалася тое, што яно яркім дываном пачынае пакрываць зямлю, чым тое, што шаты дрэў радзеюць і прасвечваюцца. Магчыма так было таму, што дні стаялі ясныя, цёплыя, праходзілі запозненыя навальніцы, і залатая восень абяцала пратрываць да першага снегу. Выбуховыя хвалі валілі дрэвы, якія падалі на зямлю амаль голыя.

Дзве бомбы зусім не разарваліся. Яны недарэчна валяліся непадалёк ад паста, і Кравец, як толькі самалёты адляцелі, пайшоў глядзець на гэта дзіва.

Тупарылыя, нечым падобныя на лятучых рыб, штуковіны ляжалі, амаль не зарыўшыся ў зямлю. І таму, што бомбы таілі ў сябе страшэнную сілу, а выглядалі бяскрыўдна, яны пацягнулі да сябе Краўца. Ён нават падышоў да бліжэйшай і пагладзіў яе халодную гладкую сталь. Але дотык выклікаў успамін. Нямецкі матацыкліст на ўсім хаду напароўся на міну, і разняволеная сіла падкінула яго ўгору. Бачачы, як ён узлятаў, Кравец не заўважыў, што здарылася з матацыклістам пазней, бо на зямлю падала толькі адно кола ад матацыкла... Кравец нахмурыўся і памкнуўся адысці.

Стрымалі яго Зосіны словы. Яна бегла паўз пост у лагер, закінуўшы назад галаву і прыціскаючы рукі да грудзей.

— Хутчэй, чаго ж ты?! — гукала яна некага і ледзь не падала.

Здагадваючыся, хто бяжыць за ёй следам, Кравец адвярнуўся. Позірк яго зноў спыніўся на бомбе, на бліскучай галоўцы капсуля. Яго бляск як бы гіпнатызаваў Краўца. Не адрываючы ад бліскучай галоўкі вачэй, ён схіліўся і паспрабаваў павярнуць узрывацель. Той падаўся. І разам з тым, як медныя вінтавыя нарэзы ўсё больш паказваліся на паверхні, Кравец усё выразней усведамляў недарэчнасць таго, што робіць, і ўсё-такі рабіў. Калі ўзрывацель быў вывінчаны, Кравец таропка, нібы той быў гарачы, адкінуў яго. Выцершы шапкай лоб і завязаўшы рамень за хваставік, ён пацягнуў бомбу ў лагер, і вартавы ўжо не затрымаў яго.

Навошта гэта Кравец зрабіў? Хутчэй за ўсё ён помсціў сабе, бунтаваў супроць самога сябе. Не падымаючы вачэй ад зямлі, ён цягнуў свой трафей па лагеру, які кіпеў, як разварушаны мурашнік. На Краўца звярнулі ўвагу, некаторыя з робленым страхам шарахаліся ад яго, насмешліва віталі.

— Во гэта пілюля!

— Ты што, яе нам падорыш?

— А можа наогул да нас? Даўно пара!

Адказваў ён кіўком галавы, не ведаючы, каму, і добра не ўсведамляючы, дарэчы ці не. Пакінуўшы бомбу ля аружэйнай майстэрні, Кравец падаўся да райкомаўскай зямлянкі.

Зямлянка была ўстаўлена акуратнымі стосамі брашур, газет, лістовак. Зімчук з машыністкай ужо займаліся справай — падпісвалі адрасы на пакунках. Убачыўшы Краўца, Зімчук заторкнуў аловак у верхнюю кішэню гімнасцёркі і пайшоў насустрач.

— Ну што, прыйшоў?

— Прыйшоў, таварыш камісар... Мне зброю здаваць? — прамармытаў Кравец.— Я там бомбу прыцягнуў вам...

— Ведаю. Трэба Урбановічу пераправіць. Ён добры спосаб вынайшаў. Выплаўляе тол не на агні, а кладзе снарад ці бомбу ў кацёл з вадою і падаграе.

— Я хачу прасіць, каб даравалі мне...— сказаў Кравец, удзячны Зімчуку, што той не адказаў на яго пытанне, і, спяшаючыся, пачаў расказваць пра свой паход, правал і свае падазрэнні.

— Кажаш, не аднаго, мусіць, заслалі? — выслухаўшы яго, упершыню запытаўся Зімчук пра атрадныя справы.— Та-ак... І падазрэнні ёсць?

— Калі падумаў, і падазрэнні прыйшлі. Некаторыя чамусьці пад Мглёўскі гарнізон зачасцілі. Што за патрэба ў іх? І немец з паліцаем, якія ў леснічоўку заявіліся, таксама, здаецца, адтуль былі.

— З Мглёўскага, кажаш?.. А Рунец што?

— Затакаваўся, як глушэц, і не чуе нічога, апрача сябе. Атрад ратаваць трэба, Іван Мацвеевіч!

— Гэта праўда. Цяпер што ні дзень, крыві ўсё больш будзе.

— А я, клянуся жыццём, выкуплю памылку. Калі ж судзіць належыць, дык судзіце. Я і да гэтага падрыхтаваны. Бо не магу я ўжо так!..

— Добра, пагаворым, калі камбрыг вызваліцца. А зараз да Урбановіча ідзі, няхай часова ў сваю групу возьме.

Кравец выпрастаўся, казырнуў і, раптам знясілеўшы, пайшоў да дзвярэй.

Значыць, да Урбановіча!.. А можа, гэта нават някепска. Рэдка будзеш у лагеры — усё на заданнях. Далей ад вачэй... Калі ж выпадзе сустракацца з Зосяй, яна будзе бачыць двух. Няхай параўноўвае — няўжо ён сапраўды горшы. Не! Ён давядзе, што лепшы.

Знайшоў Кравец Урбановіча ля невялікага — яшчэ без рам і дзвярэй — доміка за не зусім звычайнымі заняткамі: Аляксей размешваў у скрынцы раствор. Побач, таксама з рыдлёўкай, стаяла Зося. Навакол валяліся свежыя трэскі, мох, жаўцела куча пяску.

Убачыўшы Краўца, Зося штурханула локцем Аляксея і шырока заўсміхалася.

— Мікола? Нарэшце! — прывіталася яна.— Глядзі, Лёша!

Радасць яе была шчырая. Зося аж засвяцілася, і твар стаў такі, якім ён часцей за ўсё ўяўляўся Краўцу. Яна была басанож, з падаткнутай спадніцай і закасанымі рукавамі, але не збянтэжылася. Наадварот — утыркнула рыдлёўку ў кучу пяску, высока падняла руку і прывітальна памахала пальцамі. Аднак тое, што Зося не таіла сваёй радасці ад Аляксея, тое, што яна не збянтэжылася, укалола Краўца. «Няўжо ўсё?.. Узрадавалася, як простаму знаёмаму... Але хто іх ведае — жанчын! — супакоіў ён сябе і павітаўся.— Хітруюць заўжды і тояцца. Спытайся, напрыклад, каго кахала, чыя была і што ёй трэба. Ніколі не прызнаецца мужчыну. І наогул не прызнаецца, і ўсё гэта ў магілу з сабой возьме, не тое што наш брат — усё на языку...

— Хату сабе будуеце, ці як? — спытаўся ён, паказваючы, што рады ім.

— Ды вось грубку трэба змураваць,— адказаў Аляксей, уважліва ўглядаючыся ў Краўца, але ні аб чым не пытаючыся, быццам у тым, што Кравец раптам завітаў у лагер, не было нічога дзіўнага.

— Навошта вам хароміна такая?

— Райком будзе.

— Здорава, чортушка!

— Расстараліся і рухавічок з дынама,— сказала Зося.— А гэта — адзін хутаранін збіраўся ў мястэчка перацягнуць. Размеціў нават ужо і сям’ю перавёз...

— А ты як сюды трапіў? — не даў ёй расказваць далей Урбановіч.

— Я назусім, Лёкса, прыйшоў. Да цябе пасылаюць.

— Не страшна?

— Чаго?

— Мае ж хлопцы таксама бачылі цябе там, у сенцах, калі за спінамі стаяў.

— Я ведаю, што бачылі, і ўсё-такі прыйшоў.

— Нявыкрутка, значыцца?

— Я знаю, што раблю...

— Ты часцей паўтарай «я», «я» — немцам будзеш.

Заўважыўшы, як Аляксей цямнее, а Кравец збіраецца пярэчыць яму, Зося ўмяшалася:

— Даўно пара было, Мікола. Тут амбіцыя ні да чаго. І старое, Лёша, успамінаць не трэба...

— Ну як, возьмеш? — падбадзёраны Зосінай падтрымкай, але ўсё ж з заміраннем сэрца спытаўся Кравец і падумаў, што Зімчук нездарма паслаў яго іменна да Урбановіча.— Я, Лёкса, прашу цябе...

Аляксей паглядзеў на Зосю, на Краўца, капнуў некалькі разоў раствор рыдлёўкай і згадзіўся:

— Ну, няхай, Мікола... Але помні...

І Кравец адчуў, як цяжка было яму сказаць гэта.

— Слова даю...

Грымнуў моцны выбух. Ён глуха разлёгся па лесе і перакатамі пакаціўся далей. Лагерны гоман сціх.

— Што гэта? — спалохалася Зося.— Няўжо зноў?

— Не, гэта бомба, якая не разарвалася адразу,— нядбала сказаў Кравец.— Яна там, каля паста, валялася. Мабыць, запаволенага дзеяння была...

 

5

Яны стаялі, пакуль Кравец не схаваўся за зямлянкамі. Адчувалі сябе ніякавата і не ведалі, з чаго пачаць гаворку. Зосіна заступніцтва ўзняло ў Аляксею буру, хоць ён і стараўся не паказваць гэтага. Прачнуліся ранейшыя крыўды. Зося разумела гэта і, адчуваючы віну, бянтэжылася. Але яна ўжо ведала Аляксея і навучылася абяззбройваць яго. Дзеля гэтага трэба было толькі як мае быць папрасіць што-небудзь — нявінна, заглядваючы ў вочы, і Зося сказала:

— Не трэба, Лёша, мілы, давай працаваць. Так жа хораша ішло ў нас.

Яму захацелася кінуць ёй абразлівае слова. Сказаць, што ў атрадзе гавораць, нібы яна і ў партызаны пайшла таму, што тут больш хлопцаў і ёсць тыя, каму Зося падабаецца. Мусіць, яна сапраўды з тых, хто некалі ехаў у тайгу, на новабудоўлі, а цяпер ідзе ў партызаны, бо там мала дзяўчат і шмат хлапцоў... Але Зосіны словы прыглушылі жаданне помсціць ёй. Аляксей толькі цяжка ўздыхнуў і ўнурыў позірк у скрыню з рошчынай.

Зося падставіла вядро, і ён моўчкі стаў класці ў яго шызы раствор. Потым узяў кельню, вядро і сумны пайшоў у домік. За ім падалася і яна, можа нават здаволеная, што Аляксей рэўнуе і пакутуе праз яе. «Памучся, памучся трохі, мякчэйшы будзеш...» — думала Зося, усё-такі трывожачыся, што вярнуўся Кравец.

— Памагчы табе ці не? — стрымліваючы ўсмешку, спыталася яна.

— Пасядзі во лепш, калі ёсць час,— адказаў Аляксей паслухмяна, і ўжо не было сумнення, што ён гатовы памірыцца і крыўда ў яго праходзіць.

У доміку было светла. Некаторыя вянцы і маснічыны прыйшлося замяніць новымі, і пах спарахнелага дрэва мяшаўся з пахам сасны, смалы-жывіцы. Радуючыся сваёй уладзе над Аляксеем, Зося села на калодку ля акна і каленямі заціснула рукі, складзеныя лодачкай. У такой позе яна здалася Аляксею падлеткам, і яго ахапіла раскаянне і любасць.

— Навошта нам раствор насіць вядром,— сказаў ён.— Ты пачакай.

Ён выйшаў і прыцягнуў у домік скрыню. Зося зразумела, што ў ім ускалыхнулася сіла, што ён адчуў яе і зноў у гуморы. Падумала — толькі ўчора ён вярнуўся з задання, а мог і не вярнуцца зусім.

— Ану, пакажы, Лёша, як ты муруеш,— расчулена папрасіла яна, ведаючы, што гэта да спадобы яму.

— О-о! — выгукнуў ён, не баючыся, што хваліцца.— Гэта мы можам. Нават, калі хочаш, любім. Глядзі толькі...

Аляксей зачэрпнуў рыдлёўкай раствор і кінуў яго на гатовы падмурак. Кароткі моцны рух здаўся Зосі прыгожым, поўным сілы. Але, мабыць, гэта так і было. Расставіўшы ногі, Аляксей не скрануўся з месца, а толькі павярнуў магутны торс і напружыў рукі. Потым некалькімі ўзмахамі кельні разраўняў раствор і ўзяў з зямлі цагліну. Не, не ўзяў, а, здаецца, толькі дакрануўся да яе, і яна паслухмяна лягла на падмурак — куды трэба. Аляксей прыстукаў яе ручкай кельні і працягнуў руку на другую — і другая лягла побач.

Ён успомніў пра Зосю толькі праз хвілін дзесяць. Шырока ўсміхнуўшыся, выцер рукавом пот з ілба і прызнаўся:

— Адвык. А шкада, Зось...

— Што ты,— запярэчыла тая.— Хто яшчэ так можа мураваць. Ты асілак, Лёша! Гарыць усё ў цябе.

Дзвярэй і рам яшчэ ў доміку не было. У даху — дзірка для будучага коміна. Каля доміка — цэгла, кавалкі дошак, пілавінне. Зосі зрабілася сумна, хоць яна бачыла, што Аляксей працуе і дзеля яе. Часам, праўда, ён забываўся, аддаючыся працы, але ўсё роўна адчуваў Зосіну прысутнасць, і яму было хораша ад гэтага.

— Кончыцца вайна, пабудую і сабе такі,— сказаў Аляксей, не адрываючыся ад работы.— Па-мойму, кожны чалавек павінен мець сталы прытулак. Хопіць, набадзяліся...

— Але...

— Без прытулку не можа быць пэўнасці. А шчасцю яна больш за ўсё патрэбна.

— Ты сур’ёзна надумаўся ўзяць да сябе Краўца?

— А што? Мо чалавекам зраблю. А ты баішся, можа?

Спахапіўшыся, што недарэчы запыталася, Зося ўстала. Каб загладзіць абмоўку, падышла да Аляксея і дакранулася да яго пляча.

— Мне ў лагеры работы гадзіны на тры. Але пасля буду чакаць цябе. Падыдзі, калі ласка...

Апоўдні яны як бы ненарокам спаткаліся зноў. Ідучы побач з Аляксеем і кусаючы сцяблінку, Зося думала, што ён зусім невыпадкова загаварыў у доміку пра пэўнасць і сталы прытулак. Значыць, набліжаецца непазбежнае, і трэба прымаць рашэнне. К лепшаму гэта ці не?

Вярнуўшыся ў шпіталь, яна не магла ні за што ўзяцца, а калі выспу ахінулі змрокі, выйшла на бераг і доўга стаяла адна.

Ноч выдалася цёмная, хоць на небе быў відзён поўны месяц. Сунуліся рэдкія калматыя хмары, месяц то яснеў, то бляк, то змрачнеў зусім, але наваколле бадай што аставалася аднолькава цёмнае. І яшчэ адно было цікава: месяц як бы спыніўся на месцы, а не ныраў, як звычайна, у хмары і не вынырваў з іх. Так было, мусіць, таму, што абапал яго ўзнімаліся абрысы нерухомых елак. Зося глядзела на месяц, і ўсё ў ёй трапятала.

 

Раздзел шосты

 

1

З Мглёўскім гарнізонам трэба было канчаць — ён быў, як бяльмо на воку. Робячы вылазкі, немцы рабавалі навакольныя вёскі, тэрарызавалі насельніцтва. Вяртаючыся з чыгункі, група Урбановіча зноў ледзь не трапіла на засаду, і толькі выпадак выратаваў падрыўнікоў: папярэдзіў сувязны з таго ж Мглё.

Былі і магчымасці. Міхал Шарупіч прыслаў ліст, у якім паведамляў пра выпадковую сустрэчу Алешкі з мглёўскімі самаахоўцамі. «Я спачатку падумаў пра горшае і, вядома, вылаяў Алешку,— пісаў ён.— Але часам прыходзіцца рызыкаваць...»

А было гэта так.

Кастусь Алешка адпачываў у сябе дома, калі ў пакой увайшлі два ўзброеныя хлопцы ў чорнай уніформе і пілотках. Ён іх, а яны яго ўбачылі адначасова. Гэта было так нечакана, што Алешка на момант разгубіўся. Сумеліся і тыя. Першай Алешкавай думкай было — прыйшлі па яго і трэба бараніцца. Самаахоўцаў наогул магло быць двое, і ён — калі толькі не будзе марудзіць — можа апярэдзіць іх. На яго стрэлы наўрад ці хто зверне ўвагу. Па-першае, на вуліцы яны будуць ледзь чутны. Па-другое, немцы ў горадзе часта страляюць самі — у гракоў, у чашачкі на нахіленых тэлефонных слупах, у карнізы і ляпную аздобу, што захавалася на сценах руін. Пільна сочачы за самаахоўцамі, Алешка сунуў руку пад падушку, дзе ляжаў пісталет. Але тыя нечакана паставілі вінтоўкі да сцяны і тут жа адышлі ад іх. «Мы да Зіны»,— паспешліва растлумачыў адзін. Зіна была дачка суседкі, якая не выклікала асаблівага даверу, ды Алешка ўсё ж прапанаваў самаахоўцам сесці і распачаў з імі размову. Тыя, як высветлілася, прыехалі ў Мінск па боепрыпасы і зараз збіраліся ехаць назад. Мусіць, яны ўсё-такі здагадваліся, з кім маюць справу, бо неўзабаве паказалі газету «За Савецкую Беларусь» і прапанавалі пакінуць частку атрыманых боепрыпасаў. Карацей кажучы, Алешка дамовіўся з імі аб паролі і спосабе сустрэцца ў Мглё.

«Кватэру Алешка на ўсякі выпадак змяніў,— пісаў Міхал Шарупіч,— а прозвішчы бобікаў і пароль перасылаю...»

Пакончыць з Мглёўскім гарнізонам як мага хутчэй прымушала і тое, што яго з кожным днём умацоўвалі ўсё надзейней і, як паведамлялі падпольшчыкі з мястэчка, збіраліся правесці чыстку сярод вяскоўцаў. А гэта значыла — новыя ахвяры і кроў.

На сустрэчу з самаахоўцамі пайшлі і Зімчук і Воранаў. Арганізоўвалі яе так, як некалі — у самым пачатку. Бобікі з Мглё гадзіну хадзілі з аднаго месца на другое, перш чым сустрэліся з Зімчуком і камбрыгам.

— Хто ведае, што ў іхняй галаве,— з прыкрасцю сказаў Воранаў, набіваючы ў абойму «ТТ» чамусьці бранебойна-запальваючыя патроны.— Як ні кажы там — здраднікі. З імі трэба кулямі размаўляць, а не дыпламатыю разводзіць. І калі б мая воля, я паказаў бы ім перагаворы!..

— Навошта сячы з пляча. Грамадзянскую вайну распальваць — не наша задача,— не згадзіўся Зімчук.— Дый не ўсе яны добраахвотна пайшлі. Некаторых ашукалі. Некаторыя іншага выйсця не мелі.

— Няма на свеце прычын, якія б апраўдалі здрадніцтва. У фінаў, кажуць, калісьці злоўленаму злодзею адсякалі руку. А я сваім, хто трымаў зброю ворага, адсякаў бы абедзве. Няхай бы ўсе бачылі і пляваліся...

Апранаўся Воранаў старанна. Надзеў гімнасцёрку з сапраўднымі шпаламі на пятліцах (звычайна ён насіў самаробныя — абшытыя чырвонай тканінай палачкі), да бляску начысціў хромавыя боты. Было відаць, што і спрачаецца ён па інерцыі. Наогул апошні час Воранаў стаў больш стрыманы, часцей задумваўся. Між ім і Зімчуком бадай што зніклі спрэчкі — калі пярэчаць адзін аднаму праз упартасць і калі рэдка ў чым-небудзь пераконваюць адзін аднаго. І адносіны паміж імі зрабіліся больш роўныя.

— Няхай паглядзяць на савецкага камандзіра,— сказаў ён, хаваючы «ТТ» у кішэню і надзяваючы цераз галаву маўзер і накрыж — планшэтку.— Яны, мабыць, забыліся ўжо.

— Ну што ж, напомні,— усміхнуўся Зімчук.— Толькі... Ці не развучыўся ўжо ты людзей пераконваць?

— А вось пабачыш...

Самаахоўцаў прывялі на паляну — травяністую, залітую сонцам. Пасярод яе раслі беластволыя, нібы з песні, бярозы-спарышы, і Зімчук з Воранавым стаялі пад імі. Самаахоўцаў было двое. Наблізіўшыся, яны стукнулі абцасамі, выцягнуліся і аддалі чэсць. Ім відавочна хацелася выглядаць ваеннымі, хацелася паказаць сваю адданасць, але і стукнулі яны абцасамі, і казырнулі не вельмі ўдала, дый твары ў іх былі збянтэжаныя, разгубленыя. Не зводзячы вачэй з Воранава, адзін з іх — рослы чарнявы юнак — хрыпла далажыў:

— Мы дэлегаты, таварыш камбрыг...

— Адкуль ты ведаеш, хто я? — падняў брыво Воранаў.

— Нам сказалі, калі вялі.

— Ну, добра. Што вы хочаце?

— Мы просім прыняць нас... Усё наша аддзяленне можа перайсці хоць сёння!

Юнак пакрысе авалодваў сабою, і бледнасць сыходзіла з яго смуглявага твару. Але гэта не зусім падабалася Воранаву. Ён нахмурыўся і ткнуў вялікі палец за рамень маўзера.

— Права на гэта трэба яшчэ заваяваць. А не страшна?

— Страшна было б, каб мы толькі на жыццё ішлі, а мы і на смерць гатовы...

— А чаму раней гэтай гатоўнасці бракавала? А?

— Спраў нам хопіць яшчэ. Канца пакуль што не відаць, таварыш камбрыг.

— Ого! І вы пачалі з таго, што апранулі чорныя шынялі?

Хлопца пакрыўдзілі словы Воранава, і ён пайшоў напрасткі:

— Вы не прымаеце бяззбройных, таварыш камбрыг. А крыві на нас няма, і форму мы здымем...

Воранаў прыжмурыўся.

— Ну-ну,— падахвоціў ён юнака і звярнуўся да яго напарніка — каржакаватага, з моцным скуластым тварам: — А ты што скажаш?

Той раптоўна ўспацеў, затупаў на месцы і неазначальна паварушыў пальцамі.

— Я скажу, што шчыра мы... Можам заложнікамі ў вас астацца, можам і гарнізон разграміць. Зробім, што загадаеце...

— Гэта добра,— умяшаўся Зімчук, які падзяляў і не падзяляў настрою Воранава.— Давайце сядзем і ўсё абмазгуем...

Калі самаахоўцы пайшлі, Воранаў са скрухай праводзіў іх позіркам.

— Здаецца, і хлопцы нядрэнныя,— сумна сказаў ён,— а не магу. Яны ж нямецкую прысягу прымалі. Не горнецца да іх душа, Іван. Ведаю, што гарнізон з імі разгромім лягчэй. Разумею — добра, што яны падвярнуліся нам. Гэта шмат каго з нашых выратуе, а ўсё роўна не магу.

— Вайна, камбрыг, вайна. Вось і іх жыццё знявечыла, вінаватымі зрабіла. І будуць вінаватымі, хоць, вядома, пад суд і не пойдуць.

— Але, будуць,— цяжка ўздыхнуў Воранаў і апусціў вочы.

 

2

Калі Воранаў рыхтаваў аперацыю, ён як бы расцвітаў. На яго было прыемна глядзець — рашучага, актыўнага. Нават у схіленым над картаю, у ім адчуваўся рух, гарэнне. Ён перакатваў жаўлакі на сківіцах, схіляў галаву ўлева, управа, разглядаючы карту, як карціну, разважаў уголас. Загарэлы, валявы твар то цямнеў, то святлеў, быццам перад Воранавым раскрывалася шчасце. Зімчука — чалавека цывільнага, для каго вайна была бядой, гэта нават здзіўляла: Воранаў працаваў усмак — натхнёна, аддаючыся ўвесь пошукам і развагам. Праўда, тады ён рабіўся нецярпімым, патрабавальным, і гора было камандзіру разведкі або начштаба, калі якое-небудзь воранаўскае пытанне заставала іх знянацку і яны нічога не маглі адказаць. Але і гэта неяк пасавала камбрыгу, было натуральна. Воранава разумелі, яго абурэнне не абражала: ёсць людзі, якім даруюць шмат чаго. Ім даруюць, а другім не.

І гэта, мусіць, таму, што за іх крутой рукою — вялікая страсць і высокія парыванні.

Зімчук любіў назіраць за камбрыгам у такія хвіліны і стараўся не перашкаджаць яму. Воранаў дапытваў камандзіра разведкі, разведчыкаў, начштаба, крэсліў карту, разважаў уголас, а Зімчук слухаў, глядзеў, адчуваючы павагу і пабойваючыся яго празарлівых шэрых вачэй.

Калі ж план аперацыі выспяваў канчаткова і начштаба ішоў пісаць загад, Воранаў раптоўна весялеў. Мераючы зямлянку вялікімі крокамі і напяваючы «Всё выше и выше...», ён шчасліва ўсміхаўся і шматзначна паглядаў на Зімчука, чакаючы пахвалы. Твар у яго рабіўся хітрым, здаволеным, шэрыя вочы маладзелі.

Але, збіраючыся ў паход, Воранаў зноў суровеў, ухіляўся гаварыць пра будучую аперацыю, і распараджэнні яго былі рэзкія, кароткія.

— А ты прытуліся, прытуліся да чаго-небудзь,— раіў Зімчук, і Воранаў, успамінаючы свае колішнія прызнанні, крыху лагоднеў.

Сёння ён быў асабліва сярдзіты і маўклівы. Не памог і Зімчукоў жарт. Воранаў толькі ўхмыльнуўся і замкнуўся ў сабе.

— Вельмі шмат залежыць ад іх,— сказаў ён неахвотна, калі Зімчук пачаў сердаваць на яго.

— Сумняваешся?

— Не. Але поспех вырашаем не мы, а яны... Есці не хочаш? Во і добра...

Ён па зорцы праверыў, ці правільна надзеў шапку, і выйшаў з зямлянкі. Жмурачыся ад сонца, пастаяў, пакуль не прывык да святла, і падаўся да канюшні.

— Паабедаем у трэцяй роце, у Лядах. Там і коней пакінем, каб не заміналі...— не азіраючыся, сказаў ён Зімчуку і асекся.— Што там такое?

Зімчук паглядзеў, куды паказваў Воранаў, і здзівіўся таксама. Спатыкаючыся, ледзь не падаючы, напярэймы ім бегла райкомаўская машыністка. Хустку яна трымала ў руцэ, валасы ў яе раскудлаціліся, і ўся яна выглядала так, нібы аднекуль вырвалася, уцякае і за ёй гоняцца.

— Іван Мацвеевіч! — гукнула яна здалёк.— Пачакайце, няшчасце!

Ён ведаў, як прывыкла яна быць стрыманай — не паглядзіць на наведвальніка, калі ў пакоі ёсць ён, Зімчук,— і захваляваўся: значыць, сапраўды бяда.

Яна падбегла бледная, з непрытомнымі вачыма, глянуўшы на Зімчука, паспрабавала супакоіцца, але не здолела.

— Такое няшчасце!..— узмахнула яна рукой, у якой была хустка.

— Гаварыце спакойней і па парадку,— суха сказаў Зімчук, разумеючы, што толькі так можна прымусіць машыністку талкова расказаць пра тое, што здарылася.

— Кухар Стацэнка атруціўся! Ляжыць там, каля калодзежа!

— Калі? Чым?

— Згатаваў абед і ўзяў пробу...

— На кухні ўсе цяпер?

— Вакульчыка не відаць. Кажуць, не бачылі яго гадзіны паўтары.

Яны дамовіліся, што Воранаў вернецца ў штаб, выкліча ўрача, загадае нікога не выпускаць з лагера, праінструктуе начальніка асобага аддзела, а Зімчук сходзіць на кухню і пагутарыць са сведкамі.

Стацэнка ляжаў дагары з цёмным, перакошаным ад пакут тварам. Навокал стаялі партызаны з гаспадарчага ўзвода. Маўклівыя, злосныя. Сярод іх была і Валя. Убачыўшы Зімчука, яна падышла і з дакорам сказала:

— Вакульчык, як і трэба было чакаць, уцёк. Я гаварыла вам...

— Гэта праўда, не ўсё ўлічылі,— прызнаўся Зімчук.— Стацэнку шкада. Дараваць сабе не магу... Але мы, Валя, Вакульчыка пасля бамбёжкі пад нагляд узялі і затое яшчэ двух выкрылі. І на хутары аднаго ўзялі. Тыя не такое маглі нарабіць...

 

3

Аглядаючыся, ці не сочыць хто за ім, Вакульчык нырнуў у ляшчэўнік. Тут ён паспакайнеў, паверыў, што шчасліва трапіць на сваю сядзібу. Схаваны ад чужога вока, ведаючы кожны куст і купіну, адсюль ён не мог не трапіць. Бо калі б Мглё ачапілі суцэльным ланцугом вартавых, і тыя стаялі праз кожныя пяць-шэсць метраў, ён і тады б прашмыгнуў незаўважаны. А ў крайнім выпадку проста растлумачыў бы вартавому, што яму загадана сустрэцца з адным чалавекам, і трэба, хаваючыся ад лішніх сведкаў, пабыць да начы ў пустой хаце каля грэблі.

Цяпер пачало рупіць іншае.

Як там гэтая хата? Ці ўцалела? Яна стала яму дарагая, блізкая, як жывая істота, як адзіная рэшта спадзяванняў. Няма сям’і, гаспадаркі. Яна адна асталася з усяго, што звязвала яго з жыццём, і адна, значыцца, можа гэтыя сувязі ўмацаваць. Хай яно станецца не хутка. Але калі станецца, дык толькі так, што новае жыццё можа пачацца адсюль, ад гэтай хаты, і сцежкі да абяцанага хутара і магчымай будучай сям’і пралягуць праз яе.

Вакульчык выйшаў з ляшчэўніку, прыгінаючыся дабег да плота і адным махам пераскочыў цераз яго. Ён апынуўся ў маладым вішнёвым парасніку, які пайшоў ад карэнняў старых вішань, што вымерзлі гады тры назад, і які ён пакінуў расці вузкай палоскай уздоўж усяго агарода.

Адсюль Вакульчык убачыў хату, і сэрца ў яго зайшлося. Не было не толькі пачатага трохсценка, але і паловы хаты. Дах над разабранай палавінай трымаўся на нейкіх слупках, падстаўленых з вуглоў пад верхні вянец. Пад дахам, здавалася, зусім не на сваім колішнім месцы недарэчна стаяла кафельная грубка з вырванымі дзверкамі і юшкай. Вакульчыка пацягнула паглядзець на тое, што ўцалела. Параснікам ён дабраўся да падворка і шмыгнуў у дзверы. Але аглядаць не было чаго: тры сцяны, печ і на дзіва блізка ад печы — грубка. Пераборку паміж палавінамі раскідала яшчэ тады выбухам, і яму здалося, што ён трапіў пад павець. Зашыўшыся ў куток, каб яго не ўбачылі з вуліцы, Вакульчык стаіўся.

Як жыць? Адзін, як палец, сярод чужых, варожых яму людзей! Хто ён немцам? Нават не халуй. Халуёў б’юць па пысе, прымушаюць лізаць боты. Але ў іх не разбураюць хат. Ім не прастрэльваюць рук, не забіваюць іхніх жонак і дзяцей. Дык што ж гэта такое?.. А хто ён адзінакроўным? Юда. Яны яму ніколі не даруюць заробленых трыццаці срэбранікаў. Ды якія гэта срэбранікі?.. Вось і астаецца адно — служыць адразу двум, якіх ты амаль аднолькава ненавідзіш, служыць, ведаючы, што па табе плача асіна.

Прытуліўшыся шчакою да пыльнага аконнага вушака, ад якога пахла парахнёю і цвіллю, Вакульчык зірнуў на вуліцу. Яна была пустая. Вялікае чырвонае сонца хавалася за лесам. Калі яно схавалася зусім, пайшоў статак. Незнаёмы пастух-падлетак ляскаў пугай і пакрыкваў на кароў, якія бадалі адна адну. З вуліцы пацягнула сырадоем, стойлам і пылам. Да падлетка, накульгваючы, падышоў Вакульчыкаў сусед і пачыкільгаў побач, нешта гаворачы таму ледзь не ў самае вуха.

«Шэпчуцца шаптуны, як і раней,— непрыхільна падумаў Вакульчык.— Чакаюць. Добра, прычакаеце... Вернуцца хутка. Хіба ўжо так далёка ад Волгі, самае большае тысячу кіламетраў!..— Ён нават рагатнуў сам сабе і скрывіўся.— Эх, каб выжыць толькі! Бокам бы вылезлі вам чаканні. Ведалі б. Хапіла б. Кульгавую заразу ўласнаручна дапытваў бы. Сам. У мяне загаварыў бы. Чаго і не было б, сказаў... Калі б не такія вось, усё б мірна было. Захаваліся б і набытак і гаспадарка. Не трэба было б гібець і калаціцца цяпер...»

Па вуліцы прамаршыравалі самаахоўцы. Вакульчык здагадаўся — змена каравулаў. Неўзабаве па вёсцы нельга будзе хадзіць, і сяляне палягуць, не запальваючы агнёў. Раптам Вакульчык аслупянеў. Ад грэблі проста да яго хаты ішлі рослы чарнявы самааховец і чалавек у цывільным. Пад самымі вокнамі яны павярнулі і прайшлі міма, і Вакульчык пачуў, як ляпнула брамка ў суседа.

Не, памыліцца Вакульчык не мог — гэта быў начальнік брыгаднай разведкі.

Першае, што прыйшло ў галаву Вакульчыку — кінуцца ўслед за імі і, як бы там ні было, затрымаць начальніка разведкі. Але думка, што самааховец можа быць у змове з партызанамі і тады сам трапіш у пастку, спыніла Вакульчыка. Разважыўшы, ён вырашыў перачакаць, а калі крыху сцямнее, бегчы ў школу, дзе знаходзяцца казармы, канцылярыі гарнізона, і пра ўсё далажыць каменданту.

Па вёсцы ў такі час амаль ніхто не ходзіць. Але, калі хто нават і сустрэне, наўрад ці ў схудалым, аброслым, з задрыпанай бародкай чалавеку пазнае былога старасту і аднавяскоўца.

Як цікава ўсё адбылося. Толькі нядаўна ён наракаў на свой лёс і кляў яго. А цяпер ужо калаціўся ад нецярплівасці і жадання дзейнічаць. Перад ім засвяцілася новая ўдача. Цяпер, пасля столькіх пакут, яго, безумоўна, аддзякуюць. Вунь што ён зрабіў і што можа зрабіць!

Калі святло ўзнялося ўгору, а па зямлі папоўз шэры змрок, Вакульчык, насунуўшы на самыя вочы шапку, выйшаў з сваёй схованкі і сярэдзінай вуліцы падаўся да цэнтра вёскі.

І ўсё-такі ён шмат чаго не ўлічыў.

Праз колькі крокаў яго дагнаў сусед. Але адсюль была ўжо відна школа, цёмная постаць вартавога каля праходу ў дротавай агароджы, і Вакульчык не вельмі разгубіўся.

— Чаго табе? — спытаўся ён спыняючыся.

— Б-братка Лук-каш, няўжо ты? Адк-куль? — больш як заўсёды заікаючыся, загаварыў сусед.— А ў нас к-казалі, што расстралялі цяб-бе. Вось, сап-праўды, што ў голад п-пап-паўміраюць, а ў вайну п-пап-панабрэшуцца.

— А табе што? — зноў спытаўся Вакульчык, прыдумваючы, як адказаць яму.

— Як ш-што? Гэта ж, можна ск-казаць, пра суседа гаворыцца!.. К-кажуць, і сям’я таксама таго... Загінула...

— Цяпер праўды ад бабскіх плётак не адрозніш,— не прыдумаўшы нічога разумнейшага, няпэўна адказаў Вакульчык.— Языкі ў кожнага, як тыя мянташкі. Ёсць ці няма чаго, абы мянташыць,— зазлаваў ён і нарыхтаваўся ісці.

Сусед заступіў яму дарогу.

— Не, б-братк-ка Лук-каш, няўжо гэта няп-праўда? Няўжо ўсе жывыя?

— Чаго ты прычапіўся? — адчуўшы, што з яго кпяць, насцеражыўся Вакульчык.

— Цік-кава ж! Жыў сусед, служыў у п-паліцыі і рап-птам, к-кажуць, расстралялі. А ён цэленькі п-па сваёй вёсцы ходзіць.

— На! Глядзі на цэленькага,— усё ж палічыў патрэбным паказаць параненую руку Вакульчык.

Убачыўшы, што па плошчы да школы ідзе група самаахоўцаў, ён падміргнуў суседу і таямніча шапнуў:

— Справы, братка! Заўтра сустрэнемся...

Падышоў Вакульчык да праходу бадай што разам з самаахоўцамі і звярнуўся быў да іх з тлумачэннем, каго яму трэба, але тыя не сталі слухаць, і ён рушыў следам з прадчуваннем бяды. Заўважыў, што вартавы некуды знік і што нехта ў нямецкай форме валяецца па той бок дроту. Падазрона было і тое, што самаахоўцы, павязаўшы на левую руку хусцінкі, накіроўваліся не ў казарму, а кінуліся да дзотаў. Вакульчык са страхам агледзеўся.

Па плошчы да школы кульгаў сусед. На рукаве ў яго таксама бялела павязка. Вакульчык ускрыкнуў, ускочыў на школьны ганак і шалёна загрукатаў кулакамі ў дзверы. Як бы ў адказ на яго стук у школе ўшчалася страляніна і з акна паласнула чарга.

— Адчыніце! Я свой! — закрычаў Вакульчык і пачаў грукатаць у дзверы ўжо нагамі.

Страх не даваў яму азірнуцца назад, і ён усё стукаў — шалёна, люта, пакуль не адчуў, як у спіну ўвайшлі распаленыя вілы. «Тры зубы! — жахнуўся Вакульчык, хапаючыся за ручку дзвярэй і асядаючы на ганак.— Тры, тры!..»

Як, паліваючы вокны школы агнём, да ганка з праходу рынуліся партызаны, ён ужо не бачыў.

 

4

План аперацыі быў просты. Выставіць на дарогах у Мглё заслоны, якія маглі б пры патрэбе сустрэць падмацаванні гарнізона і даць бой. У самім жа гарнізоне давалася ініцыятыва самаахоўцам. Аперацыю ім трэба было пачынаць у час змены каравулаў. Змяняючы немцаў, самаахоўцы павінны былі абяззброіць іх і перадаць партызанам або пры супраціўленні знішчыць без вялікага шуму. Потым вярнуцца да школы, зняць вартавога ля праходу ў дротавай агароджы і, замкнуўшы дзоты, разам з партызанамі ўварвацца ў казарму.

Брыгада падцягнулася да Мглё завідна. Воранаў выслаў заслоны на месцы і загадаў астатнім стаіцца ў недалёкім лесе і ляшчэўніку, якія ўшчыльную падыходзілі да вёскі.

Лес быў мешаны, з багатым падлескам, і, як звычайна ў такіх выпадках, глухаваты. На рэдкіх вольных лапінках густа раслі маленькія кашлатыя елачкі. Яны шчыльна, як папараць, зрасліся адна з адной і калоліся. Прыходзілася шукаць прытулку ў зарасніках, дзе было сыра і нязручна сядзець. Да таго ж над лесам, як бы нешта ведаючы, вісеў «фоке-вульф». Ён паволі кружыў, далёка не адлятаючы, і здавалася, галава ў яго звешана, як у птушкі, і ён уважліва віжуе за тым, што робіцца на зямлі.

Хлопцы Урбановіча размясціліся на ствале вывернутай бураломам елкі і слухалі ныючы гул самалёта-разведчыка, які то набліжаўся, то аддаляўся. Гэта было знаёма, і нікога не хвалявала, хоць і цікавіла. Кравец матаў нагамі і спакойна курыў. Урбановіч, падклаўшы рукі пад галаву, ляжаў на спіне. Астатнія таксама хто сядзеў, хто ляжаў.

— Па мне, дык я б наогул прымусіў бобікаў і пачынаць і канчаць. Няхай апраўдваюцца,— сказаў Кравец, калі гул «фоке-вульфа» аддаліўся.

Краўцу не адказалі, мусіць, не згаджаючыся з ім, і ён ужо з большай злосцю дадаў:

— Усё роўна пасля вайны прыйдзецца топаць у мясціны даволі далёкія.

— Гэта за што? — запярэчыў яму Урбановіч.

— Няхай ведаюць, чортушка!

— А слова, што далі?

— У вайне ўсё можна — і абяцаць і хітраваць, абы перамагчы толькі. На гэтым уся стратэгія і тактыка трымаецца. Так што няхай не вельмі спадзяюцца...

Падышлі Зося з Валяй. Усе, хто ляжалі, падняліся. Урбановіч падхапіўся, саскочыў з вываратня.

— Во добра, што завіталі! Пасядзіце з намі, давайце падсаджу.

— Хочаш, каб і мы ў смалу запэцкаліся,— гулліва сказала Зося, як бы не заўважаючы Краўца.— Цябе, Лёша, Воранаў выклікае.

Аляксею было прыемна, што хлопцы, паважаючы яго, падняліся, калі падышлі Зося з Валяй. Прыемна, што камбрыг пераслаў сваё распараджэнне Зосяй — значыць, ведае пра іхнюю блізкасць і як бы ўхваляе яе. Адчувала гэта і Зося.

— Я з табой пайду,— прапанавала яна і пайшла побач.— Можна?

Не зважаючы на тое, што іх праводзяць позіркамі партызаны, якія купкамі сядзелі там і тут, Аляксей з Зосяй падаліся на КП.

Група падрыўнікоў, паводле баявога загаду, аставалася ў рэзерве. Значыць, камбрыг нешта мяняў і наважыў даць новае заданне. Якое? Але думаць пра гэта Аляксею не хацелася — побач ішла Зося. «Каб толькі добра ўсё было з ёй...» Ён адчуваў, што яе ўлада над ім поўная, але ўсё роўна лічыў Зосю слабай і глядзеў на яе, як на дзіця. Здаволены, што яна не чула Краўцовых слоў пра вайну і, баючыся, што тады Зося не так паверыла б яму, Аляксей сказаў:

— Не ведаю, як жыў бы я без цябе. Глядзі, сцеражыся. Не лезь, куды не трэба. Не дай бог што здарыцца...

— Цэлая буду, не ўпершыню,— бесклапотна прамовіла яна, хочучы, аднак, каб ён казаў далей.— А што? Шкадуеш трохі?

— Куля, яна не лічыць, колькі разоў чалавек у баі быў. Яна сляпая. А іншы раз, наадварот, здаецца, выбірае самых харошых.

— А я хіба харошая?

Аляксей сціснуў зубы так, што пабялеў, і заківаў галавою, стрымліваючы сябе.

— Ты для мяне як сонца, Зося! Я гаварыць не ўмею. І параўнаць цябе з чым не знаходжу. Але скажу адно: я для цябе гатовы зямлю перавярнуць. Крыжам лёг бы, але шчаслівай зрабіў. Бачыш рукі? Яны б на адну цябе працавалі. А яны многа могуць зрабіць, павер!

Зося ўзняла на яго вочы, глянула на моцны, бледны твар, на шырокія грудзі, і раптам жаданне стаць ягонай пранізала яе. Зосі захацелася, каб ён сціснуў яе, зрабіў бы балюча, каб доўга-доўга не выпускаў бы з абдымкаў, і ёй трэба было б прасіцца... Тое, што Аляксея зараз, хутчэй за ўсё, пашлюць у агонь, пад кулі, яшчэ больш абвастрала гэта жаданне...

Яны вярнуліся назад рассеянымі і сцішанымі.

— Нас,— паведаміў Аляксей, пазіраючы на Валю,— уключаюць у штурмавую групу. Рыхтуйцеся, хлопцы... Высветлілася, што на вокнах у школе сеткі дротавыя і закідаць пакоі гранатамі нельга. Калі немцы ўправяцца забарыкадзіраваць дзверы, прыйдзецца ўзрываць іх, а мо і сам будынак...

Падрыўнікі саскочылі з елкі.

Валя з Зосяй адразу сталі лішнія і крыху адышліся, а потым доўга крочылі следам за групай і развіталіся ля КП, пажадаўшы вялікай удачы. Сонца было ўжо нізка. Гэта ўгадвалася па небе, па аблачынах на ім, па ціхай смузе, што ахапіла лес, і ад гэтага рабілася зусім сумна і трывожна.

Вартавых і патрульных пашанцавала зняць бясшумна. Без прыгод праніклі і ў вёску.

Аляксей Урбановіч прабег цераз плошчу з партызанамі штурмавой роты і адным з першых уварваўся ў праход у дротавай загароджы. Тут ён убачыў на школьным ганку Вакульчыка, які адчайна грукаў нагамі і рукамі ў дзверы. Што адбылося ў лагеры, Аляксей не ведаў,— удзельнікі аперацыі ўжо рушылі ў дарогу. Таму ён адразу не ўцяміў, чаго хацеў Вакульчык, і толькі здзівіўся, чаму на рукаве таго няма белай павязкі. Але, калі пачуў ягоныя крыкі, зразумеў: здраднік!.. Падняўшы аўтамат на выцягнутай руцэ, Аляксей на хаду даў кароткую чаргу. Вакульчык перастаў стукаць у дзверы, пастаяў крыху, нібы вырашаў, што рабіць, і, паварочваючыся тварам да Урбановіча, упаў на ганак.

 

Зося і Урбановіч ішлі ў канцы калоны. Дарога пятляла полем. Ззаду, згасаючы, трапятала зарыва — дагарала школа ў Мглё. Наперадзе цямнелі рады партызан і рыпелі калёсы, на якіх везлі трафеі, забітых і раненых. Рухаліся марудна, спыняліся, і тады па радах перадавалі каманду падцягнуцца. Часам узбоч дарогі, прыгнуўшыся да сядла, праносіліся веставыя.

Зося і Аляксей ішлі, як спадабалася ўжо ім, узяўшыся за рукі і мала на што звяртаючы ўвагу.

— Стамілася? — пытаўся Аляксей.

— Ага,— шчасліва адказала Зося.— Але хіба гэта стома. Аднойчы я на хаду спала. Не верыш? Ішла за калёсамі, трымалася за іх і спала. А потым адпусціла рукі і пайшла, сама не ведаючы куды, проста па полі. Добра, што хлопцы перанялі і разбудзілі. Во смяяліся пасля!

— Цябе не будуць лаяць, што раненых пакінула?

— Не, там Стахаў. Ён ведае, што я з табою. Любіць ён цябе, Лёша!.. Кажа, помніць усе твае раны. А колькі цябе разоў у шпіталь клалі?

— Многа...

— Стахаў кажа, што цябе нават раны не мяняюць. А ён вось не можа. Яго чужыя раны і то з галоўнага збіваюць. Кідае адно, другое пачынае. Нават на свае назіранні за чарапнымі траўмамі забыўся...

Калона ўцягнулася ў лес. Пацямнела. Затарахцелі калёсы, падскокваючы на карэннях. Пачуліся стогны раненых.

— Пойдзеш ужо? — з трывогаю зноў спытаўся Аляксей.

— Не, Лёша... Я нікуды ад цябе сёння не пайду... Я бачыла, як ты там падрываў сцяну. Цябе ж таксама маглі забіць. Што тады было б?..

Яна прытулілася шчакой да пляча Аляксея і пайшла так, не даючы яму ісці хутка. Ён таксама схіліў сваю галаву да яе і, узрушаны гэтым, удыхнуў пах Зосіных валасоў. Нечакана зайшоўшы наперад, яна спыніла Аляксея, прыўстала на дыбачкі, абвіла яго шыю і прыпала да грудзей, слухаючы, як аддаляецца тарахценне калёс.

 

ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ

 

Раздзел першы

 

1

Як толькі прайшлі рабочыя калоны, на Юбілейнай плошчы паказаліся аўтамашыны — легкавыя, грузавыя. Поўныя эсэсаўцаў і гестапаўцаў, яны сунуліся непаспешліва, але, параўняўшыся з юдэнратам, хутка і адразу разыходзіліся па вуліцах.

Гул іх матораў узварушыў гета. З вокнаў, брамак пачалі выглядваць спалоханыя, яшчэ заспаныя твары. Што такое? Кідалася ў вочы, што машын было вельмі многа, што кіруюцца яны, безумоўна, па нейкіх строгіх сваіх маршрутах і едуць адны немцы. Але неўзабаве, праўда, невядома адкуль, папаўзлі чуткі — некалькі грузавікоў спынілася на плошчы. У іх кузавах скрынкі з віном, з півам і рознай ежай. У будынку біржы працы і проста на плошчы ставяць накрытыя абрусамі сталы і рыхтуюць іх, як для бяседы. Гэта крыху супакойвала: значыць, зноў нейкая выдумка Рыбэ. Але вуліцы ўсё роўна апусцелі, і ажылі падворкі.

Аднак, калі машыны акружылі гета, сумненняў ужо не асталося — рыхтаваўся новы пагром.

Разбудзіўшы падсуседзяў, якія яшчэ спалі, Дора падняла Чыпчыніху.

— Апранайся, цётка! — загадала яна, падаючы той спадніцу і кофту.— Хавайцеся ў «маліне». Пагром. Захапіце найбольш каштоўнае.

Спусціўшы голыя ногі з ложка, Чыпчыніха ўтаропілася ў Дору, быццам стараючыся і не могучы зразумець, чаго ад яе патрабуюць.

— Нікуды я не пайду,— нарэшце сказала яна.— Калі суджана, памру, але гарэць у «маліне» не хачу. На ўсё воля бога. Дай мне спакою, Дорка! Ідзі!

Дора схапіла яе за руку і прымусіла ўстаць з ложка. Але Чыпчыніха вызвалілася, адштурхнула Дору і села, зноў.

— Адыдзі ад мяне! — сярдзіта паўтарыла яна.— Я буду маліцца! Ідзі!

Сказала гэта Чыпчыніха з нейкай рабскай упартасцю і малітоўна ўзняла вочы.

Ведаючы, што ўсе яе намаганні цяпер марныя, Дора схапіла хустку, выбегла на падворак і агародамі падалася ў бальніцу: трэба было сустрэцца з кім-небудзь з цэнтра і спытацца, што рабіць.

Ад Юбілейнай плошчы даляталі завыванні матораў і вясёлае галёканне.

Губляючыся ў здагадках, Дора дабегла да бальніцы і знайшла апальшчыка. Узрадаваны, ён адразу павёў яе цёмным ходам на гарышча, дзе ляжалі кучы вопраткі: кажушкі, маскхалаты, цёплыя рукавіцы, шапкі. Узяўшы Дору за руку і ведучы, як дзяўчынку, апальшчык паведаміў:

— Тут. Наш майстар па схованках як ведаў. Учора за ноч прымураваў да капітальнай сцяны другую сцяну... Глядзі не спаткніся. Малайцы вы ўсё-такі — столькі назбіраць! І прыдумалі добра. Хто скажа, што гэта не адзежа хворых, якую дэзінфіцыраваць трэба...

— Ці спатрэбіцца яна калі?..

Неўзабаве яны ўвайшлі ў вузкую схованку. Тут было даволі відна — святло ішло з слухавога акна ў капітальнай сцяне, і Дора ўбачыла сакратара, ягонага сувязнога і трох членаў цэнтра. Яны стаялі каля акна і з-за вушакоў глядзелі на вуліцу. Заўважыўшы Дору, сакратар ступіў насустрач.

— Спазніліся,— сказаў ён з горыччу.— Не ведала ні агульнагарадская разведка, ні нашы работнікі ў юдэнраце...

— Што ж цяпер рабіць? — захвалявалася Дора, уяўляючы сабе Чыпчыніху, падсуседзяў, паніку, якую бачыла, калі бегла сюды.

— Позна ўжо...— неяк панік сакратар.— Астанешся тут. На ўсякі выпадак вазьмі вось пісталет.

Дора падышла да акна і паглядзела ў яго. Бальніца была двухпавярховая і ўзвышалася над навакольнымі дамамі. Куды ні глянь, усюды былі дахі, дахі — бляшаныя, гонтавыя, пакрытыя драніцай. Былі відаць і бліжэйшыя вуліцы. Па адной з іх да бальніцы кіраваўся натоўп эсэсаўцаў з аўтаматамі на шыях.

— Вось і ўсё...— блізка ля Дорынага вуха сказаў сакратар.— Давайце дамовімся, страляць будзем у адным выпадку — калі немцы выявяць схованку. Барацьба не канчаецца; вы, я спатрэбімся яшчэ; у нас сувязі; мы не належым сабе.

Яму не пярэчылі, але і не падтрымалі. Ён звярнуў увагу на маўчанне і, падумаўшы, дадаў:

— Любіць часам трэба не гэтым,— сакратар паказаў на сэрца,— а гэтым,— ён паказаў на галаву.— А калі сённяшні пагром — канец усяму, памром апошнімі і не дарэмна... Ёсць хто супроць?..

— Няма,— адказала Дора, заплюшчыўшы вочы, каб не глядзець на другіх.

— Тады прашу падняць рукі...

Даляцелі першыя далёкія чэргі.

Эсэсаўцы не прыспешылі кроку. Перамаўляючыся і рагочучы, яны падышлі да бальніцы і загрукаталі ботамі па прыступках ганка.

На другім паверсе, як раз пад схованкай, размяшчалася хірургічнае аддзяленне. Эсэсаўцы, мусіць, пачалі з яго, бо там адразу ўзнялася страляніна. Пачуліся крыкі, енкі. З вокнаў паляцелі падушкі, коўдры, сеннікі, а следам за імі сталі выскокваць і хворыя. Яны падалі на зямлю, усхопліваліся і шкандыбалі, паўзлі прэч ад будынка бальніцы, азіраючыся на вокны, адкуль палівалі іх кулямі.

Гэта было зусім блізка. Так блізка, што былі відаць твары, нават вочы гэтых хворых.

Закрыўшыся далонямі, Дора апусцілася на калені і затрэслася ў плачы.

Сакратар паклаў руку на Дорыну галаву і схіліўся над ёй.

— Будзь мужнай,— папрасіў ён ціха.— Супакойся.

— За што гэта? — праз плач спыталася яна і, адняўшы далоні ад твару, узняла вочы.— Што гэтыя людзі зрабілі ім благога? І адкуль такая лютасць?

Ён пагладзіў яе па валасах і падняў на ногі.

— Пераканаць сабаку, што ён чалавек, і нацкаваць на людзей, ад якіх трэба адабраць само права называцца людзьмі,— з гэтага пачынаецца фашызм, таварыш Дора...

Енкі і крыкі ў бальніцы сціхлі, сціхла і страляніна. Нешта ўладарна пацягнула Дору зноў падысці да акна. Не пазіраючы на мужчын, якія здаваліся ёй збянтэжанымі і вінаватымі, яна глянула на вуліцу.

Эсэсаўцы выганялі з будынка ўрачоў, медсясцёр і строілі іх у калону. Былі тыя ў белых халатах, у белых шапачках, у касынках. Пастроеныя па два ў рад, бледныя і маўклівыя, яны выглядалі неяк зданнёва. Халаты, шапачкі, касынкі на іх мігцелі і сляпілі. Калі ж калона, акружаная эсэсаўцамі, рушыла, уражанне яе зданнёвасці пабольшала яшчэ. Яна пачала нават мяняць колер. Уваходзіла ў цень ад дамоў — і людзі ў белым рабіліся блакітнымі. Выходзіла на сонца — і яны зноў мігцелі, сляпілі. У канцы вуліцы, перад Юбілейнай плошчай, калона наогул як бы растаяла.

Праз некалькі хвілін разлёгся стрэл і завуркаталі маторы. Завуркаталі на гняўлівых, басавітых нотах, але неўзабаве паспакайнелі і сталі аддаляцца.

— Усё... Няма і іх... — сказаў нехта асіплым голасам.— Пракляцце на вас!..

З перапынкамі пабоішча цягнулася цэлы дзень, і цэлы дзень грымелі стрэлы, завывалі маторы, чуўся лямант, п’яныя песні, немыя крыкі.

Увечары рабочыя калоны не вярнуліся. Чаму? Прычыны маглі быць дзве: або пагром яшчэ не скончыўся, або немцы паставілі на гета крыж. Але калі сцямнела, над Юбілейнай плошчай узнялася асвятляльная ракета. На момант яе мёртвае, мігатлівае святло заліло кварталы. Потым яшчэ гусцейшую цемрадзь прашыла чарга трасіруючых куль. Значыцца, гета яшчэ жыло.

— Двум членам цэнтра трэба пайсці да людзей,— хрыпла сказаў сакратар.— Вартым давер'я неабходна даць дакладны маршрут. Няхай прабіраюцца з гета і ідуць у партызанскія зоны. Іншага выйсця няма... Можна выкарыстаць і схованку з выхадам у горад...

 

2

Чыпчыніха малілася, калі прыйшоў эсэсавец. Малады, з пухлымі шчокамі і вуснамі, у расхрыстанай гімнасцёрцы з закасанымі рукавамі, з бізуном, ён акінуў позіркам пакой і сцебануў сябе па шырокай халяве.

— Авег,— паныла сказаў ён.— Пайшлі! Дзе астатнія?

— Больш тут нікога няма,— неахвотна адказала Чыпчыніха, бадай што не зірнуўшы на яго.

За ўчарашні дзень і бяссонную ноч яна знясілела зусім, і ёй усё было абыякава. Жанчына з намаганнем паднялася і ўзяла са стала нарыхтаваны клуначак.

Эсэсавец ажывіўся.

— Золата? Дай сюды!

Ён спрытна выхапіў клуначак у яе з рук і пачаў развязваць, але ўбачыўшы, што там сухар, нейкія анучкі, фотакартка, шпурнуў усё гэта за ложак і ўжо злосна загадаў:

— Ну, пайшла!

Яна цэлыя суткі сядзела ў пакоі. Сонца асляпіла яе, і ад свежага паветра закружылася галава. Пахіснуўшыся, Чыпчыніха, каб не ўпасці, працягнула руку і інстынктыўна хацела абаперціся на немца, але той адскочыў і хвастануў яе бізуном па руцэ.

— Шнель, шнель! — крыкнуў ён.

Нават не войкнуўшы, нібы ўдарылі не яе, Чыпчыніха згорбілася і паслухмяна пайшла з падворка. Яна ледзь перасоўвала ногі, і твар у яе здранцвеў, але на ім не было ні страху, ні болю.

Пасярод вуліцы стаяў натоўп — жанчыны, мужчыны, дзеці. Эсэсавец, не счакаўшы, пакуль Чыпчыніха падыдзе да іх, накіраваўся на суседні падворак і неўзабаве выгнаў яшчэ дзвюх жанчын і старога. Абышоўшы такім чынам дамы да канца квартала, ён махнуў рукой вартавому, які, таксама з бізуном, стаяў пры натоўпе, і той адразу загалёкаў на людзей.

Натоўп заварушыўся і паволі, як жалобная працэсія, пасунуўся да Юбілейнай плошчы.

Над плошчай стаяў тлум. З Рэспубліканскай вуліцы пад’язджалі і неўзабаве ад’язджалі чорныя, падобныя на фургоны, аўтамашыны. Чуліся крыкі, каманда, плач. Ля падмосткаў, некалі пабудаваных для «апеляў», стаяў вялікі натоўп, ад якога цягнулася чарга. Да канца гэтай чаргі і пад’язджалі чорныя фургоны. Ззаду ў іх адчыняліся дзверы, спускалася лесвічка, эсэсаўцы, якія вартавалі натоўп, пускалі ў ход бізуны, і чарга як бы ўцягвалася ў чорную зяпу машыны.

Воддаль каля будынка біржы працы, з вокан якога лілася музыка — іграў патэфон,— за святочнымі сталамі ішло банкетаванне. Там падсілкоўваліся тыя, што стаміліся забіваць, махаць бізуном, галёкаць. Яны чокаліся, нешта выкрыквалі, пілі і кідалі недаедкі проста цераз плячо за спіну. Некаторыя, абняўшыся, спрабавалі завесці песню. Эсэсавец з пухлымі вуснамі і шчокамі, які выганяў Чыпчыніху з дому, таксама падышоў да стала. Наліў чарку, кульнуў яе ў рот і нешта сказаў таварышам. Тыя падняліся і няцвёрда пайшлі да натоўпу, але, убачыўшы на юдэнрацкім ганку Рыбэ, нездаволена вярнуліся назад.

Рыбэ, як заўсёды, акуратны, падцягнуты, звысоку аглядаў плошчу, і шкельцы ягонага пенснэ холадна паблісквалі. Ён трымаў вялікую пугу і, здаецца, ківаўся, ступаючы з наскоў на пяткі і з пятак на наскі.

Утрапёная Чыпчыніха бачыла і душагубкі, і Рыбэ, і эсэсаўцаў за сталамі, але мала чаго ўсведамляла — яна ўжо не жыла. Стаяла, дыхала, рабіла некалькі крокаў, калі душагубка паглынала чарговую партыю ахвяр, але ўжо не жыла. Бо не было ні надзеі, ні сіл змагацца за жыццё. І калі нешта яшчэ звязвала Чыпчыніху з навакольным светам, дык гэта хіба адзін рабін. Ён стаяў у баку ад чаргі і паціху, сашчапіўшы перад грудзьмі рукі, ледзь варушыў вуснамі і ўзнімаў угору толькі вочы. Яна кідала на яго позіркі і пранікалася думкаю, што адыходзіць з гэтага поўнага гвалту і несправядлівасці свету ў імя нечага вялікага. Хто ведае, можа, нават у імя свайго народа, якому богам наканавана прайсці праз страшэнныя выпрабаванні, але дасягнуць зорных вышынь. Цяпер на яго абрынуліся ўсе няшчасці свету. Ён гіне. Няма ўжо і яе, Чыпчыніхі, родных. Хутка не будзе і яе самой. Але ў іх крыві — не можа ж быць іначай! — захлынуцца ворагі, і народ пойдзе сваёй абранай дарогай.

У чарзе перад Чыпчыніхай стаяў маленькі спявак, які выступаў на «апелях» з народнымі песнямі. Асуджанасць і ўтрапёнасць ляжалі на бледным-бледным твары. Неяк рэдка моргаючы, ён глядзеў невідушчымі вачыма перад сабой і толькі часам нервова ўздрыгваў і азіраўся. Тады бледны твар асвятляла бездапаможная ўсмешка, і спявак вінавата адкашліваўся ў кулак.

Пад’ехала душагубка, і чарга пад галёканне вартавых, пад лясканне іх бізуноў пачала пасоўвацца да чорнай машыны. Гэта як бы вярнула да прытомнасці спевака, ён падняў галаву і заспяваў. Яго тужлівы голас-стогн прабіў тлум і ўзняўся над плошчай.

— Замаўчаць! — крыкнуў Рыбэ з ганка.

Трымаючы на пагатове аўтаматы, на дапамогу варце ад сталоў кінуліся эсэсаўцы. З пугай, якая вужакай выкручвалася за ім, к натоўпу пабег і Рыбэ. Але спеваку аставалася ўсяго два крокі, і ён не кінуў спяваць. Эсэсаўцы і Рыбэ падбеглі, калі той уваходзіў ужо ў дзверы душагубкі, і ўдар пугі прыйшоўся па Чыпчынісе. Але яна не адчула болю, толькі прыкрыла далоняй пісяг на шчацэ, згорбілася яшчэ больш і палезла па прыступках лесвічкі ў машыну. У ёй не прачнулася нават жаданне азірнуцца, і, увайшоўшы, Чыпчыніха асталася стаяць спіной да ўваходу. Спявак узяў яе за плечы і павярнуў сілай.

— Ды паглядзі хоць...— сказаў ён ёй.

Але ў гэты момант зачыніліся дзверы, і ўсіх паглынула апраметная чарната.

 

Пад канец трэцяга дня цішыня спавіла гета. Пасля стрэлаў, енкаў і крыкаў яна была дзіўная і страшная.

Перад гэтым Рыбэ загадаў прывесці сабак-сышчыкаў. Але, захмялелыя ад паху крыві, яны страцілі нюх і слядоў не бралі. Тады эсэсаўцы самі разышліся па дамах — шукаць і рабаваць. Найбольш падазроныя хаціны і дамы, абрабаваўшы, яны закідвалі гранатамі, а некаторыя падпальвалі. І ўсё-такі Рыбэ адчуваў — недзе пад зямлёй, у схованках, яшчэ тлее жыццё.

Стомлены, але здаволены, седзячы ў кабінеце начальніка біржы працы, ён распарадзіўся выклікаць Міру Барзман, якая разам з іншымі супрацоўнікамі службы парадку сядзела гэтыя дні пад вартай у юдэнраце. Сонца было нізка. Косыя праменні ліліся ў вокны і мякка клаліся на падлогу. Ад іх нерухомы твар у Рыбэ ільсніўся, як потны.

— Сёння пашанцавала як ніколі,— нібыта Барзман Міры гэта магло быць прыемна, прызнаўся ён, калі тая ўвайшла ў кабінет.— Праўда? Сядай.

Пахудзелая, строгая, яна кіўнула ў знак згоды і асталася стаяць з бязвольна апушчанымі рукамі.

— Я хачу пачуць твой голас,— крыва ўсміхнуўся Рыбэ, быццам збіраўся яшчэ нешта сказаць.

— Праўда,— паслухмяна сказала Міра.

— А не шкада сваіх?

— Мне ўсё роўна. Яны апрыкралі...

— Правільна. Табе зараз варта пайсці па дамах. У нашым распараджэнні заўтрашняя раніца і сёння гадзіны паўтары... Прыйдзецца папрацаваць, Барзман...

Яна выйшла з біржы працы, несучы ў сабе пустату і абыякавасць. За ёй, няцвёрда ступаючы, пасунуліся тры эсэсаўцы. Яны пляліся ззаду — крокаў за пяць, але Міра Барзман адчувала — усе трое не спускаюць вачэй з яе ног. «Сабакі,— падумала яна зняважліва,— сабакі...»

На вуліцах валяліся забітыя. На тратуарах, на бруку паблісквала пабітае шкло. Яго было так многа, што яно шарахцела пад нагамі, як жвір. Нядаўна прайшоў цёплы спорны дождж. Дошкі на тратуарах падсохлі. Цямнелі толькі шчыліны. З іх выпаўзалі дажджавыя чарвякі. Пабітае шкло і ружовыя чарвякі раздражнялі Міру Барзман, і яна старалася абыходзіць іх і плявалася па-мужчынску.

Гідзячыся, яна ўвайшла ў першы дом. На падворку, у пакоях было пуста. Толькі ўчора адсюль забралі людзей, але патыхала нежылым, і на ўсім ляжаў шэры пыл. Шыбы ў вокнах былі выбітыя, шафа, стол, камода, ложкі перакуленыя. «Шукалі каштоўнасцей,— падумала Міра Барзман,— і, вядома, не знайшлі. А яны ёсць!.. Павінны быць... Толькі дзе?..» Паволі яна прайшлася па пакоях, прыглядаючыся да масніц, плінтусаў, сцен.

У доме панавала глухая цішыня, масніцы паскрыпвалі, і ў Міры варухнуўся страх: адна ў мёртвым доме!

— Хто ёсць жывы? — гукнула яна, азіраючыся і халадзеючы.— Чуеце мяне? Хто?

Голас прагучаў глуха, як гучыць у нежылых пыльных драўляных памяшканнях.

— Тут няма нікога,— сказала Міра Барзман, вярнуўшыся да эсэсаўцаў.— Пойдзем далей.

У ёй пачала расці прыкрасць на свой страх, на рэзрух, што напаткала ў першым жа доме, на людзей, якія, мабыць, усё ж загінулі не ўсе і хаваюцца па «малінах».

У наступны дом яна ўвайшла ўжо спакойна. Заглянула на кухню. Падняла і паставіла да стала перакуленае крэсла, правяла пальцам па пыльнай цыратцы і грэбліва паглядзела на брудны палец. Потым, укленчыўшы, праз пэўныя інтэрвалы пастукала кулаком па падлозе.

— Ёсць жывыя? — зноў паклікала Міра.— Кончылася ўсё. Чуеце? Не бойцеся! Немцы паехалі. Вылазьце! Зараз вернуцца рабочыя калоны. Іх сустрэць трэба. Ну!..

Яна выкрыквала і прыслухоўвалася. Твар у яе завастрыўся, пабляднеў, у ім з’явілася нешта злое, драпежнае, ажно сталі ўздрыгваць ноздры.

Пад печчу пачуўся шоргат.

Барзман махнула рукой эсэсаўцам, якія з двара глядзелі ў акно, устала і адышлася да дзвярэй.

— Скончылася, вылазьце! — крыкнула яна, хаваючыся за вушаком.

 

3

Часта сведкам быць цяжэй, чым прымаць на сябе самыя вялікія пакуты. Чаго толькі не перадумала, не перажыла Дора за гэтыя чатыры кашмарныя дні. Але, бадай, самае пакутлівае было — бездапаможнасць, усведамленне, што ты схавалася, а людзі гінуць, што ты бачыш, як льецца кроў, а зрабіць нічога не можаш. Збавеннем здавалася нават хвіліна, калі гета нарэшце агорне цішыня і трэба будзе паміраць самой. З яе першым і апошнім стрэлам тады рванулася б уся Дорына нянавісць, увесь боль. Уся роспачлівая лютасць, што накапілася за год нявольніцкага жыцця. Дора проста пайшла б на забойцу і, калі прамахнуцца было б ужо нельга, стрэліла б. А магло і пашанцаваць, і тады б яна выпусціла цэлую абойму. Не маргнуўшы, у халодным спакоі...

Але з поўдня на вуліцах паказаліся супрацоўнікі атрадаў парадку і пачалі падбіраць трупы. Спяшаючыся, яны пакрыквалі адзін на аднаго і, як здавалася Доры, раз-поразу паглядалі на бальніцу, нібы ведалі, што адтуль за імі сочаць. У дамы і двары яны не заходзілі — значыць, спадзяваліся, што там забітых падбярэ нехта іншы. Хто? Вядома, тыя, што прыйдуць у рабочых калонах. Значыць, гета яшчэ не канец, і, нягледзячы ні па што, барацьбу трэба працягваць.

Сапраўды, падвечар у гета вярнуліся рабочыя калоны. Яны хлынулі з Юбілейнай плошчы на вуліцы, і адразу ўзняўся лямант, праклёны, плач.

— Што будзем рабіць цяпер? — не асмельваючыся на каго-небудзь зірнуць, спыталася Дора.— Я не магу аставацца тут ні хвіліны!

— Чалавек, якога не забілі, не вінаваты ў гэтым,— чужым голасам адказаў сакратар.

— А нас абвінавацяць! Вось пабачыце. І правільна!..

Ён таксама не паглядзеў на яе і, сярдзіты, адышоўся да акна.

— Сумняваюся! — кінуў ён адтуль праз хвіліну.— Ёсць рэчы больш высокія, чым ганаровая смерць. Ды не пра гэта цяпер думаць... Ідзіце да людзей і пабудзьце з імі ў горы. Праз два-тры дні пачнём адпраўляць у партызаны новыя групы. Сустрэнемся тут жа...

Дора выбралася са схованкі першая. Ахмялелая ад свежага паветра, хутка пайшла прэч ад бальніцы, не заўважаючы, што пад нагамі хрупасціць бітае шкло. З падворкаў і вокнаў дамоў даляталі лямант, енкі. Яны паласавалі сэрца, ад іх падгіналіся, цяжэлі ногі. І праз квартал Дора ўжо ледзь ішла. Яна адчувала страшэнную стомленасць і ведала ўжо, што будзе адчуваць яе цяпер заўсёды — пакуль ідзе вайна, а можа, і пасля вайны. Стомленасць будзе цяжарам ляжаць на плячах, прыгнятаць думкі, затуманьваць радасць. Толькі адно пачуццё — любоў да людзей, можа, астанецца нязменным. Але і яно верадзіць душу і прыносіць з сабою горыч і смутак. Тое, што адбылося ў яе на вачах, бясследна не забудзецца, яно асядзе на сэрцы.

Ісці ў колішні свой дом не хапіла мужнасці, і яна падалася да Хаіма-Довіда Ліса.

Стары сядзеў на лаўцы каля ганка. Побач з ім скамянела жанчына з дзяўчынкай на каленях. Дзяўчынка была смуглявая, з чорнымі коскамі, у ахайнай светлай сукенцы. Не разумеючы матчынага ўтрапення, яна круціла галавой і глядзела то на маці, то на Ліса радаснымі вачанятамі-вішнямі.

Гэта было так неверагодна, што Дора разгубілася.

— Дзень добры,— павіталася яна.

Ліс з намаганнем падняў на яе вочы і слаба ўсміхнуўся.

— Жыва і ты, Дора,— сказаў ён, быццам прасіў прабачэння.— Ну што ж, гэта добра. А ў нашым доме вось уцалелі яны. Калі Міра звала іх, не вылезлі з «маліны» і ўратаваліся, хоць немцы і кідалі туды гранаты.

— Міра? — не адразу зразумела Дора.— Што значыць — звала?

— А вельмі проста,— драўляным голасам пацвердзіла жанчына.— «Вылазьце,— кажа,— яўрэі».

— Божа мой!

Уражаная, Дора схапілася за галаву, рэзка крутнулася, але Ліс не даў ёй пайсці.

— Пачакай, куды ты?

— Пусціце!..

Ліс са скрухай заківаў галавой.

— Ты слухай сюды. Хочаш, каб яна і гэтая дзяўчынка таксама развіталіся са светам? Хай яны будуць праклятыя ўсе — і самі, і мацеры, якія нарадзілі іх, і бабы, з якімі яны спяць у пасцелях, і тыя, хто ім служыць. Я сам некалі... Але пачакай!

Дора схамянулася: «Сапраўды, прыйшла супакойваць, вучыць людзей...»

— Даруйце, Хаім-Довід,— папрасіла яна.— Але адкуль узяліся такія пачвары?.. А людзі, што так пакорліва ідуць на смерць? Адкуль узяліся яны?

— Ёсць добрае нават у забабонах, Дора. Разбілі талерку — на шчасце. І не так шкада яе. Што значыць талерка ў параўнанні з заўтрашнім шчасцем!.. А цярпенне... Цярпенне адных — узнімае, Дора, другіх...

— Я гэтага не разумею: людзі павінны мець больш простыя дарогі.

Яна зноў мела сілы валодаць сабой, хоць і не думала, што можа быць такая злосная. Падышоўшы да безуважнай жанчыны, Дора паманіла пальцамі дзяўчынку. Тая расплылася ў мілай усмешцы і працягнула рукі. Дора ўзяла яе і пагушкала. Захліпваючыся паветрам, дзяўчынка засмяялася. Ажывілася і жанчына — выцерла счарнелы твар, паправіла зляжалыя валасы.

— Ідзі прыбяры ў доме,— сказала ёй Дора.— Усё роўна жыць прыйдзецца.

На суседскіх падворках галасілі. Праз плач жанчын прабіваліся глухія мужчынскія ўсхліпванні і праклёны. Нехта надрыўна, нема крычаў, і гэты крык, як здавалася, лунаў недзе высока, над дахамі.

— Трэба змагацца не ў адзіночку, Хаім-Довід,— сказала Дора, забаўляючы дзяўчынку.— Вы харошы, сумленны чалавек. Чаму ж вы не з намі?

— Я сам хацеў прасіць — пазнаём мяне са сваімі,— сумеўся ён.

— Добра. Давайце пойдзем да суседзяў. Чуеце, што там робіцца?

Зусім знясіленая вярталася Дора ў бальніцу.

Стаяла глухая, чорная ноч. За крокаў пяць нічога не было відно. І яна ішла з працягнутай рукою, бадай што навобмацак, баючыся на што-небудзь наткнуцца або трапіць у яму.

На бальнічным падворку яе аклікнулі. Крыху здзіўленая, Дора пайшла на голас. Каля водаправоднай калонкі ўбачыла мужчын. Яны моўчкі курылі і чакалі Дору. Агеньчыкі папярос то гаслі, то ярчэлі, але Дора пазнала толькі сакратара.

— Сувязны ад гарадскога камітэта,— жартаўліва сказаў ён, калі Дора падышла.— Прабраўся разам з калонамі. Знаёмся.

Неўсвядомленая трывога ахапіла Дору. Яшчэ не пазнаўшы другога мужчыну, яна ўжо ведала, што перад ёю не проста сувязны, а нехта, хто прынёс ёй асабістую вялікую радасць або найвялікшае гора, і што гэта адразу будзе ясна, як толькі мужчына загаворыць.

— Гэта я, Дора,— сказаў ён, збіты з панталыку тым, што яна трымаецца з ім, нібы з чужым.

Як яна не магла пазнаць яго. Мусіць, апошнія падзеі так перавярнулі ў ёй усё, што Дора страціла здольнасць адчуваць прысутнасць самага дарагога чалавека! Дый пачуцці, што ўскалыхнуліся ў яе, калі яна нарэшце пазнала Пятра, былі нейкія асаблівыя, не ранейшыя. Ёй захацелася ткнуцца галавой яму ў грудзі і, скардзячыся, заплакаць.

— Ды павітайцеся хоць вы, я адвярнуся, калі саромеецеся,— сказаў сакратар.

Дора падышла і падставіла для пацалунку лоб.

— Я зусім не чакала цябе,— прамовіла яна ледзь чутна.— Цяжка ўявіць, што тут было...

— Ты як бы не рада мне?

— Што ты! Толькі я страшэнна знемаглася, Пеця! Ад усяго...

Дзімін узяў яе руку і пацалаваў некалькі разоў у далонь.

— Падпольшчыкі ў горадзе смуткуюць разам з вамі. Я ледзь не звар’яцеў. Людзі ў душагубках паміралі не адразу, і нашы рабочыя чулі, як яны пелі, плакалі... Дзе ж вы хаваліся?

— Тут.

— Гарадскі камітэт раіць вам абнавіць кіраўніцтва. Цяпер вы як на далоні. Камітэт ставіць перад сабой задачу — у бліжэйшыя дні вывесці з Мінска не менш пяці тысяч. Табе таксама давядзецца пайсці. Я прашу, не пярэч толькі. Будзеш ваяваць партызанкай...

Ён не сказаў, што там, у лесе, яна ўбачыць дачку, але Дора адчула, што, баючыся за яе ўпартасць, яму вельмі карціць сказаць пра гэта.

— А як вырашыў цэнтр? — нясмела спыталася яна.

— Па-мойму, гэта — правільны выхад,— сказаў сакратар.— Так будзе лепш і нам і справе... Я зараз вярнуся...

Удзячныя, яны праводзілі сакратара позіркам, пакуль яго постаць не растала ў цемры, і толькі тады абняліся. У абаіх балелі, заходзіліся сэрцы, але, можа, ніколі яны так востра не адчувалі, як дорагі адно аднаму.

Калі пачаў імжыць дождж, ні Дзімін, ні Дора не заўважылі. Дый ў чорнай цемрадзі ён быў непрыкметны. Толькі, калі кроплі пацяклі па твары, Дора спахапілася, але і тады не паклікала мужа пад дах бальніцы.

— Ты калі прыблізна можаш пайсці з гета? — спытаўся ён, па-свойму разумеючы яе хваляванне.

Памарудзіўшы, яна яшчэ шчыльней прыхінулася да яго.

— Скора, Пеця, скора. Але ў мяне набегла адна справа... Ты толькі зразумей мяне... Мне здаецца... Я пераконана, што наша задача не толькі біць немцаў. Людзі будуць удзячны падпольшчыкам і за тое, што яны выпякалі дзікае мяса...

 

4

Міра Барзман першая ўбачыла Дору. Успыхнуўшы ад нечаканасці, яна подбегам падалася насустрач і, калі тая збочыла ў брамку колішняга свайго дома, пабегла следам.

Ёй абавязкова трэба было затрымаць Дору. Ой, як трэба!.. «Дагэтуль яшчэ жывая! Чысцюлька! Дрэнь!..»

Барзман часта пасля таго, як спрабавала выкрыць Дору і прымусіць стаць паплечніцай, шукала яе сярод рабочых у калонах, заходзіла ў бальніцу, дамоў, але ні разу так і не сустрэла: тая як скрозь зямлю правалілася. Гэта супакойвала. Але пры адной думцы, што яна жывая і ў глыбокім падполлі, Міру Барзман апаноўвала шаленства: «Мабыць, смяецца, здзекуецца і робіць сваё. Чысцюлька!»

Яна была так пераканана — Дора ўжо схавалася, і яе давядзецца шукаць у доме, што нават разгубілася, калі ўбачыла тую за брамкай. Прытуліўшыся плечуком да плота, Дора чакала і ветліва ўсміхалася. Падпарадкуючыся ранейшаму намеру, Барзман кінулася да яе і схапіла мёртвай хваткай за рукі. Але Дора нават не паспрабавала вызваляцца. Наадварот, усмешка як была, так і асталася на твары.

— Я, Міра, павінна табе нешта сказаць,— прамовіла яна, крыху моршчачыся ад болю.— Давай адыдзем да чаромхі, там лепш...

Падворак і дом былі пустыя. На сцежках, на ганку шарэў некрануты пыл. Дзверы расчынены больш, чым трэба. Коса, на адной завесцы, вісіць фортка, выбітыя шыбы не заткнуты анучамі.

— Кажы тут,— непрымірыма загадала Барзман.— Мне няма чаго баяцца.

— Ну, як хочаш,— варухнула плячом Дора.— Але пусці мае рукі.

— Не, кажы так! Дзе ты была гэтыя дні?

— У лесе, Міра.

— Дзе?

— Далёка, у атрадзе. Помніш тых узрушаных хлопцаў з падводаю? Я была ў іх. Яны і цяпер успамінаюць цябе добрым словам за Самуіла. Не хмурся, я заадно прынесла табе прывітанне ад мужа.

Барзман уздрыгнула, азірнулася і адступіла на крок.

— Ты лжэш, Дорка! Глядзі! Не думай так лёгка мяне ашукаць.

Усё больш бляднеючы ад сваіх слоў, яна адступіла яшчэ на крок і ўпяла ў Дору гарачыя, зыркія вочы. Прыгожы твар пабрыдчэў.

Дора разумела — Міру Барзман напалохала не толькі навіна і напамінак аб Самуіле, не толькі тое, што пачула яна з Дорыных вуснаў. Знявераная ва ўсім, Барзман баіцца, ці не падстроена ўсё гэта Рыбэ, ці не ён гэта выпрабоўвае яе. Рыбэ ўсё можа, дый адкуль, калі гэта не так, у Доры такая вытрымка і смеласць? Адначасна Барзман вельмі хочацца верыць, што муж сапраўды блізка, што ён прыслаў ёй прывітанне, а значыць — даруе і збіраецца ратаваць. Толькі ці ўсё ён ведае пра яе?..

Каб схаваць разгубленасць, Міра Барзман адвярнулася, прайшла да чаромхі, адламала галінку і вярнулася назад. Рыбэ таксама надумаў адправіць яе ў атрад. Пасля пагрому яе нават пачалі рыхтаваць начамі. Непаспешліва, грунтоўна. І з кожнай ноччу яна адчувала, як пятля ўсё тужэй сціскае ёй горла.

— Маніш ці не? — бачачы, што Дора маўчыць, спыталася ўпрашальна Барзман.

Дора ўзяла ад яе галінку і адкінула прэч.

— Ты думаеш, мяне падаслаў Рыбэ? Дарэмна.

— Дык хто ж — падпольшчыкі?

— Ім не трэба падсылаць. Калі б хацелі, яны даўно пакаралі б цябе і так...

— Рукі кароткія!

— Лепш скажы, што адказаць мужу. Саламон узначальвае спецатрад і неўзабаве пойдзе далей.

— Што? Значыць, ён не астанецца тут?

— Не.

— Мабыць, нагаварылі яму тры корабы...

— Не ведаю. Скажу адно: мы не забыліся, як ты хацела выратаваць Самуіла, і пры патрэбе ўспомнім. Сустрэнецеся — растлумачыш, што не зычыла благога сваім. А калі што якое здарылася, то насуперак волі, пад прымусам...

Дора хлусіла. Сумленне яе паўставала супроць уласных слоў, але нянавісць глушыла ўсё. Вядома, Міру Барзман можна было знішчыць ноччу, без шуму, схаваўшы сляды. Але Рыбэ ўсё роўна адпомсціў бы, дый гэтага ёй мала! Мала! Не толькі другія, а і яна павінна ведаць, што ёсць правасуддзе, што праўда на свеце была, ёсць і будзе. І ніводзін злачынца рана ці позна не міне сваёй кары.

— Як ён там? — змізарнеўшы ад нерашучасці, дакранулася да Доры Міра Барзман.

— А што яму? У новенькай форме, з дзвюма шпаламі.

— Маёр?!

— Успамінаў, як забягаў да цябе ў фізкультурны інстытут развітвацца. Пытаўся, ці змянілася.

— Мне трэба што-небудзь браць з сабою?

— Вазьмі золата і патронаў. Калі пашанцуе — пісталет. Яны спатрэбяцца. Патроны і пісталет перадасі загадзя. Пакуль не выберамся з горада, яны будуць толькі замінаць.

Перайшоўшы на шэпт, яны дзелавіта і доўга абмяркоўвалі ўцёкі, усё часцей паглядаючы адна адной у вочы. А калі Міра Барзман, поўная нязведаных трывожных надзей, пайшла, Дора даплялася да прызбы і апусцілася на яе. Сіл не асталося, хоць на душы было добра.

 

5

Дора ўзначальвала даволі вялікую групу. Выйшаўшы з рабочымі калонамі, уцекачы павінны былі па адным сабрацца на Старажоўскім рынку, дзе чакаў праваднік, і адтуль рушыць далей, ідучы па два, па тры.

Калі гета асталося ззаду, Доры раптам зрабілася сумна. Быццам яна развітвалася з нечым дарагім, родным. Дора сама нават здзівілася — што за праява? Тут перажыла такое, чаго не ўбачыш і ў сне, а вось шкада пакідаць страшнае, гіблае месца, тужліва, што ідзе адсюль назаўсёды. Гэта, мусіць, таму, што астаюцца таварышы, з якімі дзяліла гора і радасць, перажыла не толькі страх, мукі, але і ўзлёты духу, сіл. Развітваючыся, расчуліўся нават сакратар цэнтра, які аставаўся ўводзіць у справы новых таварышаў. Ён абняў Дору, ківаючы галавой, са скрухай паглядзеў у вочы і пацалаваў, як ніколі не дазваляў сабе,— у губы.

— Перадавай там прывітанне,— папрасіў ён, у маркоце апускаючы галаву,— і няхай усё будзе добра ў цябе. Не спускай вачэй з Барзман. Ліс пойдзе з табою, пакуль не выйдзеце за горад. Бывай!..

Хаім-Довід увесь час ішоў побач — спакойны, трошкі нават чужы. Ён падстрыг пейсы, бараду, і гэта памаладзіла яго, зрабіла строгім. І толькі калі адсталі ад калоны і схаваліся ў руінах, Дора па вачах заўважыла, як стары хвалюецца за яе і пільна сочыць за Мірай Барзман. Ліс сам адчуваў, што вочы выдаюць яго, і, сустрэўшыся позіркам з Барзман, на міг заплюшчваў іх. А калі расплюшчваў, вочы ўжо былі іншыя — безуважныя, рассеяныя.

Барзман жа, наадварот, не магла ні схаваць узрушанасці, ні засяродзіцца. Яна ішла як не свая — то забывалася на ўсё, то пачынала грызці пазногці.

— Не лічы зор,— папярэджваў яе Ліс, калі, апанаваная одумам, тая па звычцы высока несла галаву.— Будзь прасцейшая, як і апранута...

Яна ўздрыгвала, сутулілася і бралася за пазногці.

— Вазьмі пад ручку Дору і ідзі вальней,— зноў падказваў Ліс і крыху адставаў. У яго ў кішэні ляжаў наган, і стары, калі адставаў, міжволі мацаў яго.

Да ночы перабылі ў адным з ускраінных домікаў, куды завёў праваднік-падлетак. Сядзелі ціха, не размаўляючы, забыўшыся на яду. А калі добра сцямнела, зноў рушылі ў дарогу, толькі ўжо ўсе разам, гужам. І зноў, пакуль Хаім-Довід Ліс не развітаўся і не пайшоў назад, Дора моцна адчувала яго прысутнасць, ад чаго на сэрцы рабілася лепш.

За ноч адышліся ад Мінска так далёка, што раніцай рызыкнулі не спыняцца на днёўку. Трымаліся пералескаў, хмызнякоў, лагчын, абыходзілі вёскі, прыгінаючыся, перабягалі дарогі.

Дзіўнае відовішча ўяўляла група — паўтара дзесятка счарнелых людзей у стракатай вопратцы, якая вісела на іх як чужая. Мінулі ўсяго суткі, а людзі знемагліся зусім. Хада, постаці, твары былі ўжо бежанскія — ёсць такія! Бежанец — чалавек без прытулку. Яго гоніць няшчасце, і ён уцякае, добра не ведаючы, дзе і калі прыпыніцца і ці пашанцуе яму наогул выбрацца з бяды. Дарога здаецца яму бясконцай і бярэ ў палон. Для яго знікае хараство наваколля, час. Астаюцца самыя простыя адчуванні — небяспекі, голаду, стомленасці. І, вядома, усё гэта кладзе свой адбітак на хаду чалавека, на яго постаць, твар.

Дора працівілася гэтаму, хоць адчувала — сілы канчаюцца. Ёй агідныя былі прыніжанасць, утрапёнасць, што апанавалі Міру Барзман. Абражала тупая абыякавасць, якая паступова авалодвала некаторымі. Злавала, што ўсё цяжэй падымаць іх пасля адпачынку. Не выбіраючы месца, яны падалі на зямлю і ляжалі ў нязручных позах, уткнуўшыся галовамі ў мох або верас. А калі ўставалі, дык нездаволеныя, з чырвонымі пісягамі на тварах. Сорамна было перад правадніком-падлеткам, які толькі за горадам назваў сваё імя — Сяргей. Увішны, у лапцях, у світцы, ён крочыў наперадзе і заўважаў усё. Жывучы на нервах, Дора раз-пораз крадком паказвала на яго вачыма і ледзь стрымлівалася, каб не пасварыцца з тымі, хто прыставаў.

Борам падышлі да шашы. Падаўшы знак, каб чакалі яго, Сяргей знік.

Вярнуўся ён з русавалосым асілкам — павольным і стрыманым. У шапцы з чырвонай стужкай, з павешаным на шыі аўтаматам, падпяразаны рамянём паверх пінжака і ў ботах плытагона — партызан выглядаў як дзіва. Убачыўшы, якое ўражанне зрабіў ягоны выгляд, ён па-дружбацку ўсміхнуўся: чаго, маўляў, я заўжды такі...

— Камандзір падрыўной групы,— адрэкамендаваўся ён.— Вы старшая?

Вяршаліны соснаў, як здалося, гайдануліся і паплылі па кругу. Памякчэла зямля. Дора з цяжкасцю ступіла крок і ўся пацягнулася да партызана, баючыся, каб не адмовілі ногі.

Наблізіўшыся зусім, яна моўчкі абняла яго за шыю і прыпала губамі да шчакі.

Ён не адступіў, але збянтэжыўся. Адчуўшы не толькі пацалунак, але і слёзы, якія пырснулі з яе вачэй, заспяшаўся:

— Тут, таварышы, затрымлівацца небяспечна. Нам трэба яшчэ перайсці, як мы кажам, граніцу...

Нібы заклікаючы за сабой у атаку, Урбановіч падняў руку, павярнуўся і засігаў да шашы, якая, залітая сонцам, была відна паміж соснаў за падлескам.

Усе згрудзіліся навакол Доры і рушылі следам за Урбановічам, не спускаючы вачэй з яго магутнай спіны. Сяргей, мусіць, упадабаў Дору, бо пабег побач, час ад часу падтрымліваючы яе за локаць. Спрытна пераскочыўшы цераз кювет, ён памог ёй таксама перабрацца і, калі перабягаў цераз шашу, ужо цягнуў Дору за руку.

Спыніліся яны на ўскрайку паляны пад кашлатай елкай з вялікім мурашнікам ля камля. Аддыхаліся і пайшлі далей павольней, раптам адкрыўшы, што выдаўся на дзіва пагодлівы сонечны дзень і ў лесе вельмі хораша. У верасні вясёлкі на небе з’яўляюцца часта. Адна мігцела і цяпер. Гэта было добрым знакам і ўзняло канчаткова настрой.

— А нам пашанцавала,— заглядаючы ў Дорыны вочы і яўна хочучы яе парадаваць, сказаў Сяргей,— Нашы недалёка адсюль на прывале з дзетдомаўцамі. Уся трэцяя рота.

— Угу,— пацвердзіў Урбановіч.— Вось тут, можна сказаць, мы дома. Віншую, таварышы-мінчане!

Гэта стала як бы сігналам. Цяпер цалавацца і абдымацца пачалі ўсе. Толькі спалатнелая Міра Барзман стаяла ў баку. У вачах яе застыла туга, і рука, у якой яна трымала пачак махоркі, што збіралася падарыць Урбановічу, уздрыгвала...

 

Трэцяя рота зрабіла прывал у бярэзніку. Трэба было даць адпачыць коням і пакарміць дзяцей. Бярэзнічак быў рэдкаваты. У яго заехалі з калёсамі, адпусцілі церассядзельнікі, падкінулі коням травы. Самі групамі паселі паблізу, на ўсланай свежым і леташнім лісцем зямлі, закурылі. Толькі вызначаныя дзядзькі-нянькі, як іх празвалі, пачалі завіхацца ля дзяцей.

Слова «партызаны» дзеці, мабыць, чулі часта. Нягледзячы ні на што, у іх даўно склалася сваё стаўленне да лясных змагароў, і яны хутка асвойталіся, пажвавелі, адчулі сябе добра.

З харчоў быў толькі хлеб і некалькі бітонаў малака, прадбачліва захопленых у нямецкім сепаратным пункце. Але не было кубкаў. Дзядзькі-нянькі ўзяліся майстраваць чарпакі з бяросты. Дзяцей выстраілі ў шарэнгі перад бітонам і па чарзе пачалі паіць малаком.

Расчуленай, узрушанай Доры гэта здалося амаль фантастычным. Сярод беластволых бяроз размясціўся стракаты табар — калёсы, коні, узброеныя людзі. Побач, на палянцы, зялёнай і сонечнай,— чэргі хлопчыкаў і дзяўчатак ля бітонаў. Загарэлыя дзецюкі з вінтоўкамі за плячыма чэрпаюць малако і няўмела даюць дзецям. Тыя, атрымаўшы чарпачок, кусаюць хлеб, прагна жуюць яго і запіваюць, забываючыся на тых, хто стаіць ззаду. Дзеці хваравітыя, у палапленым злінялым рыззі, але твары ў іх светлыя, харошыя.

— Немцы збіраліся вывезці іх з Сёмкавага Гарадка. У Нямеччыну, мабыць,— растлумачыў Сяргей, трымаючыся і тут каля Доры.— Вось нашы і не далі. Да нас, у Ляды вязуць. На патраніраванне будуць раздаваць. А вас, мабыць, у цывільны лагер накіруюць...

«Сёмкаў Гарадок! — страсянула Дору.— Дык, значыць, і Ёська можа быць тут...»

Баючыся расчаравацца, яна падбегла да адной чаргі, да другой. Ёські не было. Чакаючы нядобрага, Дора пачала пытацца ў дзяцей, як раптам убачыла яго. Хлопчык быў апошні ў чацвёртай чарзе і крыху адышоўся.

З тонкай шыяй, худы, ён таямніча хадзіў ад бярозы да бярозы і недаверліва мацаў белыя ствалы. На твары блукала разгубленая ўсмешка, быццам ён не давяраў таму, што бачыў, але хацеў, каб усё было так, як ёсць.

— Вася! — няголасна, каб не напалохаць, паклікала Дора.

Ёська азірнуўся, угледзеў Дору і, страпянуўшыся, як птушанё, якое хоча ляцець, рвануўся да яе.

— Цётка Цыля, цётка Цыля!

Дора прысела, і хлопчык упаў ёй у рукі, тулячыся галавою да грудзей.

— Я ўжо не Цыля,— сказала яна, беручы яго за шчокі, каб зірнуць у вочы, і адхіляючы ад сябе.— Нам не трэба хавацца. Цяпер мы ў сваіх, мой хлопчык!

— У сваіх? — недаверліва перапытаў ён і паказаў на бярозу: — Што гэта?

— Бяроза.

— Яна наша, цётка Дора, праўда? І гэты куст наш? Усё, усё наша?

— Наша, хлопчык, наша! — заківала галавой Дора, заміраючы ад думкі, што неўзабаве сустрэнецца з дачкою, з Арынай.

— А як Рыва, Самуіл? — адвёў позірк Ёська.

— Яны загінулі, мой хлопчык...— не могучы хлусіць і здагадваючыся, чаму Ёська не пытаецца пра маці, адказала яна.

Падышлі Барзман, Сяргей, Урбановіч.

Убачыўшы Міру, Ёська спахмурнеў і з выклікам прыплюшчыў вочы.

— А што, і яна наша? Няўжо наша, цётка Дора?

У яго словах чулася просьба, нават маленне. Ёська маліў, заклінаў Дору, крый божа, не памыліцца і падумаць, перш чым адказаць на пытанне — на крык яго душы.

— Не,— цвёрда сказала Дора, зноў не могучы прытварацца,— гэта здрадніца, і мы прывялі яе сюды судзіць.

Вейкі ў Барзман затрапяталі. Яна прыкусіла губу і таропка агледзелася. Але абапал стаялі ўжо Урбановіч з Сяргеем, і яна, выняўшы з-пад рукава сукенкі хустачку, з выглядам, што толькі і хацела зрабіць гэта, выцерла кроў з прыкусанай губы.

 

Раздзел другі

 

1

Рунец стаяў, нахіліўшы галаву, нібыта апасаўся стукнуцца аб столь. Ён ужо не агрызаўся, не крычаў, не абвінавачваў. Як часта бывае з людзьмі самалюбівымі, але не дужа моцнымі, у ім раптам лопнула нейкая спружына, і ён адразу абвяў. Непахісны, гатовы ісці на ражон у лютасці, такі чалавек, калі злосць у яго гасне, хутка мякчэе і пачынае шкадаваць сябе.

Разумеючы гэта, Зімчук незнарок адправіў з зямлянкі нават начштаба і ўсяляк стрымліваў Воранава.

Камбрыг жа, як на тое, раз-пораз усхопліваўся з-за стала, шпарка падыходзіў да Рунца і, махаючы рукамі, кідаў яму ў твар рэзкія, гнеўныя словы. Рунец таксама сціскаў сківіцы, наліваўся яшчэ больш злосцю і адказваў з такім жа запалам.

— Гэта мы яшчэ пабачым! — выгукнуў ён, пырскаючы слінай.— Ваша сіла! А зневажаць сябе не дазволю. Я камуніст пакуль што!

— Лічы, што быў камуністам! — энергічна наўскос рассякаў далоняй паветра Воранаў.— Зразумела? Быў!

— Не ты мяне прымаў у партыю, не ты і выключаць будзеш. Глядзі, каб самога не выгналі.

— А цябе і выключаць не трэба: ты сам сябе выключыў ужо.

— Я ў акружэнні не быў, як некаторыя. Ваяваў не горш за вашага. У партызаны прыйшоў таксама не пазней за вас... І не ведаю, дзе вашы сем’і, а мая — у магіле. Ясна?

Ён сказаў гэта, быццам ганарыўся, што сям’я загінула, нібыта гэта ўзвышала яго, давала права на ўзнагароду.

— Хвалілася рэдзька: «Ты мяне з мёдам пакаштуй, пабачыш, якая я смачная». Знаёма! — абураўся Воранаў.— Пасаромеўся б! І не намякай. Мне ўсё роўна, што такія, як ты, будуць гаварыць.

— Паглядзі, Васіль, да чаго ты дайшоў,— умешваўся ў перапалку Зімчук, разумеючы, што Рунец ніколі не саступіць Воранаву.— Да цябе набрадзь пачала сцякацца. Шпіёны гнёзды звілі. Лепш падумай, што на бюро скажаш... А райком? Як ты мог ігнараваць яго?

— Во і пачыналі б з таго, што я не да спадобы вам, бо анучай не хацеў быць.

— Ты пра факты скажы.

— Кожны можа не даглядзець. А што, у вас памылак няма? Крытыканства гэта! Хто вам права даў са мной, як з арыштаваным, размаўляць? Вы схапілі мяне? Перамаглі? Я сам прыйшоў.

— Ну, гэта як сказаць. Прыйшоў, калі райком табе ультыматум прад’явіў,— не вытрымліваў Воранаў.

— Усё роўна нічога б не зрабілі!

Зімчук паглядзеў на нервовы, у дробных маршчынках, твар Рунца, на тое, як перасмыкаецца ледзь не пры кожнай фразе яго хударлявая постаць, і нават здзівіўся: як магло здарыцца, што гэты стузаны, недалёкі чалавек стаў камандзірам атрада? Зрабілася крыўдна і на сябе — сталася гэта не без яго, Зімчуковай, дапамогі. Больш таго, усё гэта некалі здавалася зусім натуральным. Рунец быў дырэктарам завода. Дык каму ж камандаваць людзьмі, як не яму?

«Маліліся на пасады. Часам пад увагу бралі не чалавека, не яго здольнасці, а крэсла, якое ён займаў. Пасада і зрабіла Рунца камандзірам. А былі ж людзі больш вартыя... А потым? Нешта ж да самага апошняга дня перашкаджала рашуча паставіцца да Рунца і выкрыць яго. Ці не таму гэта, што разам з пытаннем аб Рунцу прыйшлося б ставіць пытанне і аб былых палонных ды акружэнцах, аб іх месцы ў барацьбе? Нядобра, не, нядобра!..»

Рунец немаведама калі чысціў зубы. Ён раз за разам аблізваў іх языком, цыкаў.

— А шпіёны траплялі і да вас,— кідаў ён уедліва Воранаву і ўцягваў паветра праз зубы.

Каб спыніць непатрэбныя спрэчкі, Зімчук падышоў да дзвярэй, прыадчыніў іх.

— Перадай начальніку асобага, няхай прывядуць затрыманую! — сказаў ён ардынарцу.

Міра Барзман увайшла бокам, з саркастычнай, стомленай ухмылкай. Позірк яе, памінуўшы Рунца, каўзануўся па Зімчуку і спыніўся на Воранаве. Камбрыг быў у форме, у шапцы, з строгім тварам, і Барзман прызнала ў ім старшага. Жаночым інстынктам адчула, што ён больш, чым другія, мужчына, і, калі можна спадзявацца на літасць, дык толькі ад яго. Звыклым рухам яна адкінула валасы назад, сашчапіла рукі і замерла ў паставе паслухмянай грэшніцы. З надзеяй заўважыла, што Воранаў, можа непрыкметна для самога сябе, сапраўды ажывіўся і пачаў разглядаць яе. На загарэлым валявым твары прамільгнула цікаўнасць.

— Бач ты! — сказаў ён.

Але праз некалькі хвілін Барзман пераканалася, што яе лёс залежыць не ад аднаго Воранава, і апала духам: ключоў да Зімчука яна не мела.

— Вас хацелі накіраваць у партызанскі атрад? — спытаўся Зімчук.

Вырашаючы гаварыць праўду і не прызнавацца толькі ў самым страшным, яна кіўнула галавой.

— Не помніце, у які?

— Мяне ўжо рыхтавалі, і я помню — у атрад «Мсцівец».

— Вам давалі яго характарыстыку?

— Мне казалі, што дзейнічаць там будзе няцяжка, бо ёсць засланыя людзі. Спадзяваліся, што можна прыцягнуць на свой бок і камандзіра.

— Не памятаеце яго прозвішча?

— Здаецца, Рунец.

— Брэшаш, шлюха! — аж адхіснуўся той.

Па яго крыку — роспачліваму, істэрычнаму — Барзман здагадалася: баяцца гэтага чалавека няварта, яго хутчэй за ўсё абвінавачваюць самога. Але разам з гэтым прыйшла думка — не трэба адразу выкладваць усё. Яе ўласная цана, пэўна, вымяраецца цяпер тым, што яна яшчэ можа сказаць. «Цягнуць час, як мага цягнуць»,— падумала Барзман і згадзілася:

— Можа, я сёе-тое блытаю... Але я ішла на гэта не па сваёй волі. Мяне прымусілі. Дайце вады...

Зімчук пацягнуўся да графіна і шклянкі, але Воранаў апярэдзіў яго. Назіраючы, як Міра Барзман п’е, Зімчук разглядаў яе змардаваны прыгожы твар і думаў, што ў вайну і прыгажосць выкарыстоўваюць чорт ведае дзеля чаго. А шкада, як шкада! Колькі радасці, шчасця магла б яна прынесці людзям!

Калі Міру Барзман вывелі, Зімчук падышоў да Рунца.

— Ну, што цяпер скажаш? Чуў? Адных вайна састарыла, другія паразумнелі. А ты які быў, такі і астаўся. Толькі паскудства выйшла наверх... Рыхтуйся, неўзабаве бюро!..

Вось у гэтую хвіліну Рунец і абвяў. Пазіраючы сабе пад ногі, саромячыся сваіх шырокіх галіфэ, ён папрасіў:

— Добра, няхай. Дайце падумаць...

Астаўшыся адзін, Рунец кінуўся на нары і абхапіў галаву. Значыць, усё-такі вінаваты. Можа, не так, як стараюцца давесці Зімчук з Воранавым, але вінаваты. Што ні кажы, а запэцкаўся, не заўважыўшы таго сам. Абкружыў сябе набраддзю, падхалімамі, даў сабе і ім волю. Нават ворагі ўпадабалі.

Ідучы сюды, верыў, што дакажа сваё, апраўдаецца. Ва ўсякім разе, уступіўшы ў нечым, абароніць сваё права быць раўнапраўным і самастойным. Чым ён горшы за іх? І вось, даказаў! Дапытваюць, як злачынца, хоць Зімчук і стараецца згладзіць гэта...

Рунец падняўся і падышоў да дзвярэй. Выглянуў — не, вартавога паблізу не было, а ў лагеры ішло звычайнае жыццё. Нават не паверылася, як яно магло быць такім будзённым навокал гэтай цемнаватай зямлянкі, дзе мучаецца і не знаходзіць сабе месца ён. Каб хто-небудзь не ўбачыў яго, Рунец хутка прычыніў дзверы і стаў назіраць праз вузкую шчыліну.

Смеючыся, прайшлі падрыўнікі з рукзакамі і зброяй за плячыма. Разаслаўшы на страсе зямлянкі анучы, ардынарац Воранава — бялявы хлопец у нямецкай уніформе — ставіў туды ж сушыць боты. «Маня, бульбу хутчэй нясі!» — гукаў малады чысты голас. Нехта сек дровы, і навокал разлягаліся звонкія ўдары сякеры. Непадалёк граў патэфон. Яго прастуджаныя гукі наплывалі хвалямі і як бы раставалі ў паветры. «Некага разбамбілі ўжо, бязгрэшныя!» — тужліва падумаў Рунец.

З цемнаватай зямлянкі, праз вузкую шчыліну, там, на волі, здавалася на дзіва шмат сонца і надзвычай яскравыя фарбы. Шызыя і шурпатыя толькі ля камлёў, ствалы сосен вышэй аж адлівалі чырвоным і паблісквалі. Падлесак нібы быў абмыты ліўнем і таксама ззяў. Карункавыя цені на зямлі ледзь варушыліся і здаваліся ліловымі. На ўсё гэта хацелася глядзець, але, баючыся, што яго могуць застаць ля дзвярэй, Рунец адвярнуўся і пачаў мераць зямлянку крокамі.

Шэсць — туды, шэсць — назад... Стол, два зэдлікі, нары абапал. Што магло быць у іх тут? Няўжо гаўптвахта?..

Калі ў зямлянку пастукалі, Рунец не адразу ўцяміў, што нехта просіцца ўвайсці. Ён стаяў ля акна, прытуліўшыся лбом да рамы і ў знямозе заплюшчыўшы вочы. Толькі калі рыпнулі дзверы і ў сінім праёме паказалася жаночая постаць, падняў галаву і пазнаў Лізавету.

— Хадзем сюды, я тут,— папрасіў ён асіплым голасам, думаючы, што тая не бачыць яго.

— Чаму так доўга не адказваў? — з трывогаю спыталася яна і шпарка ступіла цераз парог.

— Зачыні дзверы, калі ласка.

— Зараз...

Рунец улавіў свежасць, што яна прынесла з сабою, удыхнуў яе і ледзь глынуў слёзы, якія падступілі да горла: ён якраз хацеў бачыць гэтую жанчыну. Навошта? Каб паскардзіцца. Знайсці падтрымку. Нешта перадаць, растлумачыць. Развітацца, нарэшце... Але цяпер захацелася і параіцца, і спытацца, як паводзіць сябе далей, што рабіць. Яна не схлусіць, не стоіць. Як ні цяжка будзе самой, падкажа, на што трэба пайсці. Можа нават на смерць!..

— Я, Лізавета, відаць, нахамутаў усё-такі...— калі яна падышла, пачаў Рунец, аберуч прымаючы яе руку.— Бачыш во, чакаю іхняга суда. А як ты даведалася, што я тут?

— Мяне таксама на бюро выклікалі,— сказала яна і заківала галавой.— Вінаваты ты, ой, як вінаваты, Васіль!

— Што ж рабіць тады?

— Прызнацца, Васіль! Ва ўсім. Што ведаюць і не ведаюць пра цябе. Падумаць, успомніць усё і памагчы выправіць, не шкадуючы сябе.

— Не шкадуючы?

Рунец бадай што спалохана паглядзеў на яе — у змроку мала знаёмую, сумотную, павольную ў рухах. Лізавета здалася яму падобнай на манашку: нават хустка гэтак жа завязана, і, як у манашкі, здранцвелы твар.

— А потым што? — зноў спытаўся ён крыху адчужана, і голас у яго задрыжаў.

— Мужна прыняць кару, якую зарабіў. Толькі каб вера ў праўду не пахіснулася.

— А з табой як? З атрадам? Ім аддаць? З якой ласкі?

— Не думай, што мне лёгка... У мяне, Вася, усё з рук валіцца... Свет стаў нялюбы. На Лёніка і на таго забываюся. Ты толькі перад вачыма стаіш...

Ён палагаднеў і прытуліў яе. Яна не адхіснулася.

— Так, Вася, толькі так. Няможна іначай! Бо як потым у вочы Лёніку глядзець будзем? Як з людзьмі размаўляць? Я тады цябе пракляну і рукі на сябе налажу.

— Супакойся,— папрасіў ён, адчуваючы, што яму робіцца лягчэй.— Ты пабудзеш крыху са мной? Пабудзь, калі ласка.

Яна аддана ўзняла на яго бліскучыя ў цемры вочы і заплакала, не заплюшчваючы іх. Што яна заплакала, Рунец здагадаўся толькі па слязах, якія каціліся па Лізавеціных шчаках і таксама паблісквалі.

 

2

Не, гэта было цяжэй, чым уяўлялася на бюро. Трэба было вінаватым ісці па жывым калідоры поруч з Зімчуком, з Воранавым, якіх няшчадна лаяў перад тымі ж людзьмі, што цяпер праводзілі яго вачыма. Трэба было падняцца на ганак-трыбуну, на ўсеагульную ганьбу, і каяцца, выкрываць былых паплечнікаў, хваліць прадбачлівасць Зімчука і Воранава, інакш кажучы — таптаць сябе, каб стала добра ім.

Праўда, адна акалічнасць як бы апраўдвала Рунца перад самім сабой. Атрад самавольна зняўся з базы, і яго давялося даганяць. Нехта дзейнічаў без ведама Рунца, насуперак ягонай волі, з нейкімі сваімі злымі намерамі. Значыць, Рунец не ўсё ведаў раней і ўбачыў гэта толькі цяпер. Значыць, ён мае права абурацца, выкрываць здраду і па-новаму ацэньваць падзеі...

І ўсё-такі толькі думка, што недзе тут і Лізавета, надавала яму сілы.

Рунец цяжка ўзышоў на ганак і агледзеўся наўкол. Невялікая лядаўская плошча была запруджана людзьмі — яго партызанамі і вяскоўцамі. Непадалёк, купна, стаялі разведчыкі трэцяй роты. У вочы кінулася розніца. Падцягнутыя, ваенныя без формы, разведчыкі трымаліся са спакойнай упэўненасцю. Яго ж партызаны шушукаліся, шкраблі патыліцы, зыркалі вачыма.

Каб загаварыць, Рунцу трэба было раззлавацца. Вось гэтая вінаватая натапыранасць сваіх партызан і ўзлавала яго.

— Хто загадаў, каб атрад пайшоў з базы? — крыкнуў ён.— Крок наперад! Ну!

Плошча заціхла.

— Я пытаюся!

Адсюль была відаць кузня. У дзвярах яе, трымаючыся рукамі за вушакі, стаяў каваль. Ён не хацеў падыходзіць бліжэй, і гэта здавалася Рунцу знявагай. Справа ад кузні цямнелі абгарэлыя чорныя прысады і папялішча паміж імі, як шэры, асеўшы курган. «Не даруе бамбёжкі»,— падумаў Рунец пра каваля і ўбачыў Лізавету.

Яна стаяла сярод жанчын, зусім блізка, і не спускала з яго нерухомых вачэй. Рунец здзівіўся, як не адчуў гэтага адразу, але не здолеў глядзець на яе і адвёў позірк. На момант здалося, што Лізавета апранута ва ўсё чорнае, як на хаўтурах. Непрыкметна ён зноў скасіў вочы на жанчыну — не, адзежа ў яе была звычайная — і ўжо цвёрда паўтарыў:

— Ну, хто?

Да ганка неахвотна пачаў прабірацца чубаты Жабунька, варожа і насцярожана паглядаючы на бакі. Рунец і раней здагадваўся, хто мог павесці атрад, але адганяў свае здагадкі, бо тады ніякага апраўдання не было б яму, Рунцу: у атрадзе сапраўды ўзялі верх самыя падазроныя цёмныя людзі, якіх ён наблізіў да сябе.

— Што ж ты, гад, нарабіў? — выдыхнуў ён, адчуваючы, што ад узрушэння робіцца моташна.

Натоўп прыйшоў у рух, захваляваўся, загаманіў. Некаторыя пасунуліся наперад.

— Ён ад вашага імя дзейнічаў!

— Казаў, што гэта вы загадалі.

— Вы ж з ім цацкаліся, давяралі!..

Забыўшыся, што ён без зброі, Рунец ляпнуў па задняй кішэні штаноў, дзе звычайна насіў «вальтэр», і непаслухмянымі пальцамі стаў адшпільваць гузік.

— Здраднік! — зайшоўся ён крыкам.— Хто цябе падаслаў?

— Узяць,— загадаў разведчыкам Воранаў.

Жабунька адскочыў ад ганка, ашчэрыўся і выхапіў пісталет. Тыя, што стаялі побач, шарахнуліся ад яго.

— Браткі! — загалёкаў ён.— Чаго глядзіцё? Зноў, значыцца, у ярмо?.. Бі іх! Нас больш тут!..

Ускінуўшы руку, ён сабраўся быў стрэліць у Воранава, але адзін з разведчыкаў управіўся ўдарыць па руцэ, і куля ўпілася ў зямлю ля ягоных жа ног. Вусача схапілі адразу чалавек пяць, абяззброілі і, трымаючы за выкручаныя назад рукі, падвялі да ганка.

— Замкніце дзе-небудзь на час,— кінуў Воранаў разведчыкам.

Жабунька рвануўся, ад напружання наліўся чырванню. Вочы ў яго сталі шалёныя.

— Дурні! — закрычаў ён, яшчэ на нешта спадзеючыся.— Засумавалі па асобым аддзеле? Думаеце, даруюць? Даждзяцё! Гэтак жа па адным возьмуць і перасаджаюць. Або назнарок пад нямецкія кулі падставяць, каб знішчыць. Я ведаю, як з нашым братам робяць. Ганіце іх, калі біць баіцёся!

Нехта тыцнуў яму ў плечы прыкладам. Галава ў Жабунькі матлянулася, і ён прыкусіў язык.

— Не трэба,— сказаў Зімчук строга.— Але заўважце: ён хоча пасварыць вас не з намі, а з савецкай уладай. Во тып!.. А ты, Васіль, здаецца, збіраўся нешта сказаць. Гавары, калі не раздумаў.

Навокал абурана зашумелі.

— Увагнаць яго словы яму назад у глотку!

— Гад!

— Даўно прыкмячаў я за ім...

— Падвёў ужо аднойчы ўзвод пад засаду.

— Смерць гаду!

Жабуньку вялі, а ён упіраўся з усяе сілы, круціў галавой і роў ад адчаю і злосці.

Рунец адкашляўся, каб гаварыць, але нешта сціснула яму горла і адабрала мову. Бездапаможна лыпаючы вачыма, ён прыціснуў далонь да грудзей і вінавата перавёў вочы на Зімчука.

— Раздумаў? — спытаўся той іранічна.

У роспачы адмоўна заківаўшы галавой, Рунец зрабіў намаганне і падняў свінцовую руку.

— Я многа хацеў сказаць вам, таварышы,— пачаў ён, нервова грымаснічаючы.— Ды вунь, як павярнулася. Цяпер усё відаць і так, без маіх слоў. Даруйце, калі можна... Вы прывыклі да мяне, таму верылі, а я праз чорт ведае што вунь куды зацягнуў вас. Да самай прорвы. Цяпер толькі кару трэба знайсці. Падбірайце, а я згодзен...

Як бы нехта ўдарыў яго ззаду пад калені, Рунец кіўнуўся і стаў апускацца. Укленчыўшы, ён унурыў галаву. Рукі ў яго павіслі як не жывыя.

— Устаць! — крыкнуў Воранаў барвавеючы.— Ты ж камандзір! Умеў шкодзіць — умей і адказваць.

— Добра,— згадзіўся Рунец і паслухмяна падняўся.

Пасля гэтага жыў ён ужо, як у чадзе. Рабіў, што загадвалі, слухаў, калі гаварылі, астаючыся абыякавым, нібы нічога яго тут не датычылася. Звыклае жыццё скончылася, а пачынаць новае ён не меў сілы. Дый як ты пачнеш, калі гэта не залежыць ад цябе. Ты вінаваты, і ў цябе адно права — прызнаваць памылкі. Але лёгка сказаць... Лізавета наіўная — «не шкадуй сябе, кайся». Яна не ведае, што, калі прызнаеш адну памылку, будуць дамагацца, каб прызнаў другую — большую. «Няма ў нас сярэдзіны... Добра хоць, што загінулі жонка, дачка. Якая іронія! Але добра. А то віна перайшла б і на іх, адабрала б давер’е, зрабіла б праклятымі...» І ўсё-такі няблага, што ён паслухаўся Лізаветы, бо іншага выйсця, відаць, няма. Не вораг жа ён сапраўды. Няхай прынясе карысць хоць гэтым...

 

З Лядаў Рунец выязджаў з пачуццём сваёй асуджанасці. «Цяпер я ім больш не патрэбен»,— думаў ён, калываючыся ў сядле.

Заехалі ў лес. Лісце з дрэў амаль апала. На бярозках і асінах яно асталося толькі на вяршалінах. Гэтыя залацістыя, аранжавыя, чырвоныя чубкі трапяталі, нібыта развітваючыся. Самі ж голыя бярозкі і асіны стаялі нерухома.

«Мусіць, смерць прыходзіць заўсёды знізу, ад зямлі...— зноў падумаў Рунец, і яму здалося, што ногі ў яго пачынаюць халадзець.— Няўжо расстраляюць?.. Сярэдзіны ў партызанаў таксама не можа быць...»

— Судзіць будзеце? — спытаўся ён у Воранава, які ехаў побач: астатнія — Зімчук і ардынарцы — адсталі метраў на дзесяць.

Воранаў паглядзеў адчужана, непрымірыма і змоўчаў.

Косы позірк яго як бы працяў Рунца. У твар і ў грудзі дыхнула волкім марозцам. «Расстраляюць! Выціснулі, што трэба, і канец. Цяпер я толькі замінаю. А ў вайну ўсё можна. І жыццю грош цана. Сам расстрэльваў...» Адчуўшы, як з-пад мышак амаль цурком пабег халодны пот, Рунец заплюшчыў вочы. Здалося, што бярозкі і асіны з яркімі чубкамі пачалі хіліцца. Каб утрымацца, ён сціснуў сядло нагамі і нацягнуў повад. Рыжы стаеннік, закусіўшы цуглі, прыбавіў ходу.

— Чаму маўчыш? — другі раз звярнуўся Рунец да Воранава.— Я хачу ведаць, што вы надумалі.

— Не адставаць! — замест адказу гукнуў Воранаў ардынарцам і Зімчуку.

Гэтыя словы раптам павярнулі Рунцовы думкі ў новым кірунку. У грудзях як бы апусцела, і ў гэтай пустаце шалёна забілася адразу вырасшае сэрца. «Жыць, чаго б там ні каштавала, жыць!» На якое ліха яму мёртваму што? Смерць — халодная чарната, дзе нічога няма і не можа быць. Прашыюць куляй, нешта абарвецца, і ўсё паглыне чарната. Беззваротна. Назаўсёды... І тут табе праўда, тут табе крыўда, тут табе і памылкі... Нават апраўдацца можа толькі жывы...

Аднекуль даляцеў рокат матора. Самалёт, мабыць, ляцеў над лесам нізка, бо гукі насоўваліся, як навала. Прыслухоўваючыся да іх, Рунец тузануў повад і ўдарыў жарабца ў бакі. Рыжы падскочыў, злосна крутнуў галавою і памчаў наўгалоп.

— Стой! — крыкнуў Воранаў.

Панукаючы свайго каня, ён выхапіў з калодкі маўзер і стрэліў угору. У рокаце самалёта рэха ад стрэлаў пачуць было нельга, а, можа, яго зусім і не было.

— Стой! — яшчэ раз крыкнуў Воранаў для пэўнасці і, бачачы, што Рунец з усяе сілы сцябае жарабца, стрэліў у рыжага.

У гэты момант над самымі вяршалінамі дрэў мільгануў двухматорны «юнкерс». Лес тут быў мешаны. Жоўтае чэрава самалёта ледзь не чырканулася аб елкі, але яны не варухнуліся і асталіся стаяць, як пікі. Затое чубкі бярозак і асін задрыжалі і залапаталі. Гэта было апошняе, што ўбачыў Рунец, падаючы з сядла.

 

3

Пад’ехаўшы, ардынарцы саскочылі з коней і кінуліся былі да Рунца.

— Адставіць! — крыкнуў Воранаў, і з вачэй у яго, здаецца, сыпанулі іскры.— Не турбуйцеся, сам устане. Такія, як кошкі, жывучыя, іх доўбняй не заб’еш.

Ягоны гнеў не даў злезці на зямлю і Зімчуку. Ён прытрымаў свайго каня побач з камбрыгавым і з гідлівым пачуццём паглядзеў на Рунца.

Той ляжаў непрытомны, ніцма, у нязручнай позе, з падкурчанай рукою і шырока раскінутымі нагамі. Але твар у Рунца пачаў ужо ажываць і прыкметным зрабілася дыханне. І такім незнаёмым, чужым здаўся ён Зімчуку, што зусім не верылася — няўжо гэты чалавек не так даўно быў таварышам і паплечнікам?!

Поруч здыхаў рыжы стаеннік. Ён ляжаў бадай што спакойна, час ад часу сілячыся падняць галаву, і толькі ўсхрапваў ды варушыў ноздрамі. У вялікім, яшчэ ясным воку стаялі слёзы, і, мусіць, таму навакольны зялёны свет як бы цёк у ім.

Рунец уздрыгануў, яшчэ не расплюшчыўшы павек. А калі ўбачыў побач з сабою стаенніка і на конях Воранава, Зімчука, іх ардынарцаў, скалануўся і паспрабаваў усхапіцца. Але адразу не здолеў. Перадыхнуў крыху і, крывячыся ад болю, усё-такі ўстаў.

— Ну, страляй, сволач! — з нянавісцю сказаў ён, гледзячы на аднаго Воранава.— Чаго ж ты? Баішся адказнасці? Даводзь сваю чорную справу да канца, пакуль самога не ўзялі за каршэнь!

Яму здавалася, што ён страшны і што яго словы сцябаюць камбрыга, як бізуном. Гэта надавала Рунцу сілы, і ў гэтым, як ні дзіўна, ён бачыў цяпер свой паратунак і таму ніяк не мог спыніцца. Але, правёўшы далоняй па шчацэ, раптам запнуўся. Падаючы на зямлю, ён абдзёр шчаку, нос, скроню, і на іх выступіла кроў. І вось, дакрануўшыся да шчакі, Рунец адчуў яе, і думкі ў яго адразу перамяшаліся.

— Іван Мацвеевіч, чаму ты маўчыш? — перавёў ён позірк на Зімчука.

— А што табе сказаць? — спытаўся той, разумеючы, што рунцоўскія пагрозы, лаянка — гэта адначасова крык аб літасці, адрасаваны да яго, Зімчука.

— Заступіся, Іван! Усё роўна па-твойму выйшла.

— Позна ты за заступніцтвам звярнуўся.

— Я прысягнуць магу...

— Не, Васіль, мала ў цябе асталося такога, у што верыць можна. Але не бойся, самасуду не будзе. Не будзе і помсты. На Палік з-за лініі фронту прыбыў партыйны цэнтр зоны. Накіруем туды... А зараз яны адканваіруюць цябе ў брыгаду,— кіўнуў Зімчук на ардынарцаў.— Паехалі, камбрыг, у цывільны заглянем; пара ўжо аб зіме думаць...

Яны доўга не размаўлялі — амаль усю дарогу. Перад цывільным лагерам злезлі з коней і, ведучы іх за павады, пайшлі пехатой. Адчулі — ганебная прыгода з Рунцом, нягледзячы ні на што, яшчэ больш здружыла іх, зрабіла больш патрэбнымі адзін аднаму.

— Літасці не месца на вайне,— першы распачаў гаворку Воранаў.— Я разумею, што рэвалюцыйная законнасць — рэч святая. Але ні ў якім разе нельга пакідаць ворага непакараным.

— Гэта ты пра Рунца?

— І пра Рунца. Дзе гарантыя, што ён не правакатар? Няма такой гарантыі. Вунь у Мінску не такія пападаліся.

— Ён гэтак жа разважае наконт цябе. А тут важна толькі пачаць. Не, брат, мусіць, праўда не заўсёды з тымі, хто бачыць у чалавеку магчымага злачынцу і гатовы прыняць адпаведныя меры. Але не думай, я не апраўдваю Рунца. Гэта — калун з прэтэнзіямі. Паскуднік, які расперазаўся...

Цывільны лагер размяшчаўся ў маладым асінніку, які клінам удаваўся ў балота. Яго нельга было бачыць увесь — хавалі густыя асінкі. Але тыя некалькі буданоў, што былі відаць паміж імі, нагадвалі хутчэй табар. На вяроўках, прывязаных да асінак, сушылася бялізна. Сям-там шарэлі грудкі вогнішчаў з пачарнелымі сошкамі. Бегалі замурзаныя дзеці.

Калі Зімчук і Воранаў падышлі да крайняга будана, з яго нечакана вылез Стахаў. Смешна падняўшыся з карачак, урач паправіў пенснэ і, блізарука жмурачыся, заўсміхаўся.

— Во добра, што заглянулі,— прывітаўся ён.— Бачыце, што робіцца?

— Але. Час ужо да халадоў рыхтавацца,— згадзіўся Зімчук, таксама здаволены, што сустрэў нястомнага Стахава.— Прафілактыка, доктар?

— Нічога не папішаш, трэба. Раблю ўколы ад дыфтэрыі. Бачыце, які мурашнік? Тут калі што-якое — бяда! Не абярэшся клопатаў. Ёся! — гукнуў ён.

— У вас жа ёсць медсёстры. Навошта ўсе самі робіце?

— Мне Зося памагала. Вось толькі адпусціў у брыгаду — падрыўнікі вярнуліся. Калісьці і мы маладыя былі. Помніце?

— Ён ужо забыўся,— засмяяўся Воранаў і абцягнуў гімнасцёрку.

З будана вылез Ёська з самаробным пісталетам і бокам падышоў да Стахава, трымаючыся за попку, куды, відаць, яго калолі. Стахаў прытуліў галаву хлопчыка да сябе і паляпаў па шчацэ.

— Баліць?

— Не.

— Зусім?

— Але.

— Харчоў бы табе, браток, пабольш...— уздыхнуў Стахаў.

Адчуваючы патрэбу таксама пагаварыць з хлопчыкам і ведаючы, якія прагныя дзеці да новага, невядомага слова, Зімчук сказаў:

— Твой пісталет, мабыць, асечкі дае.

— Што?

— Я кажу асечкі. Спускаеш курок, а стрэлу няма. Бывае так?..

— Асечкі? Не, мой пісталет не дае асечак. Асечкі бываюць толькі, калі я ў ваду ўпушчу. Тады асечкі...

Ён яўна, каб запомніць і як след усвядоміць пачутае слова, паўтараў яго, згінаў і так і гэтак.

Пачалі падыходзіць жанчыны, падлеткі. Яны паяўляліся паміж асінак неяк нечакана, спыняліся крокаў за пяць і моўчкі прыслухоўваліся да размовы, уважліва разглядаючы Зімчука з Воранавым.

Убачыўшы Дору, Зімчук падышоў з Ёськам да яе і паціснуў руку. Але, павітаўшыся гэтак з ёй, мусіў вітацца за рукі і з астатнімі. Ён ішоў па паўкругу і думаў, што Стахаў мае рацыю — гэтым людзям трэба больш увагі, чым каму другому. Асабліва дзецям.

— Мы і да вас, таварыш Дзіміна,— вярнуўшыся да Доры, сказаў ён.— Так тады і не дамовіліся. Што рабіць будзем?

Яна паглядзела на яго сумнымі стомленымі вачыма і адмоўна паківала галавой.

— Пакуль што ў мяне няма сіл, таварыш Зімчук. Буду глядзець за імі,— Дора вачыма паказала на Ёську.— Пачну вучыць іх. Жыць жа таксама можна па-рознаму, і ім трэба многа-многа ведаць. Можа, на гэта і хопіць мяне.

Яму не спадабаліся ні яе словы, ні як яна вымавіла іх, але Зімчук згадзіўся:

— Ну што ж, калі ласка... Райком замацуе за вамі Селішча. Адтуль будзеце атрымліваць малако, хлеб. Бярыцеся за зямлянкі. Ночы сталі ўжо халодныя. Някепска і лазню пабудаваць. Цеслярамі паможам.

Гэтыя клопаты аб побыце нагадалі Доры аб Міры Барзман. Але пытацца пра яе было няёмка, і Дора схітрыла:

— Як золата? Знайшлі яго ў Барзман?

Зімчук зразумеў яе.

— Знайшлі,— сказаў ён, як пра нязначнае.— Зашыла ў плечыкі паліто.

— Мы дамовіліся перадаць шпіталю трохі бялізны. Прыміце, калі ласка. Доктар адмаўляецца браць... Калі б была тканіна, маглі наогул шыць вам адзенне. Ёсць і шаўцы ў нас. А некаторыя партызаны ў лапцях ходзяць.

— Я таксама бачыў,— сур’ёзна сказаў Ёська.

— А мы дзеля гэтага і ехалі сюды,— умяшаўся Воранаў і, як заўсёды, калі пачынаў гаварыць з жанчынай, якая падабалася яму, ажывіўся.— Вы, доктар, дарэмна адмаўляецеся.

— Добра, паглядзім...

Абышоўшы лагер, пагутарыўшы з яго жыхарамі, Зімчук заспяшаўся: успомніў — у брыгадным лагеры іх таксама чакаюць.

На паляне, дзе некалі вялі першы дзённы бой, дагналі ардынарцаў з Рунцом. Той з апушчанай галавой ішоў паміж коней і, відаць, мала чаго заўважаў навокал. Але, убачыўшы камбрыга і Зімчука, дэманстратыўна залажыў рукі назад, як арыштаваны.

 

4

Зося ішла, размахваючы хусткай. На душы было хораша, ясна. Хацелася махаць рукой шырока і ісці хутка. Вецярок як бы абцякаў Зосю, і яна адчувала яго шчокамі, грудзьмі.

Паветра было халаднаватае, чыстае. Яго хацелася ўдыхаць глыбока, каб дакранулася да сэрца. Кармінавыя чубкі асін і жоўтыя бярозкі міла, прыветна шапацелі. Ноздры казыталі вострыя восенскія пахі — грыбоў, мокрай кары, апалага лісця. А твар, рукі адчувалі дотык не толькі вецярка, але і сонца, такога дарагога ў гэтую пару. Прывабнасць восені якраз, можа, і хаваецца ў кантрастах.

Падскочыўшы, Зося сарвала асінавы ліст і, падагнаная прылівам сіл, прабегла з гоні.

Краўца яна ўбачыла, калі той нечакана выйшаў з-за куста і, расставіўшы рукі, заступіў ёй дарогу. Нечаканасць напалохала Зосю, яна засердавала, але, убачыўшы шчырую шырокую Краўцову ўсмешку, тут жа даравала яму гэтую выхадку.

— Значыцца, праўда, вярнуліся! — узрадавалася яна, аднак, крыху пабойваючыся стаяць вось так сам-насам з Краўцом.— Аляксей у лагеры? З чым павіншаваць вас?

— Падарвалі адзін,— яшчэ больш засвяціўся Кравец.— З кансервамі, з брандвайнам. На тым перагоне славакі ахоўваюць. Дык, казалі, вельмі ўдзячныя нам, чортушка. Частуюцца і хваляць. А Аляксея няма яшчэ. Затрымаўся — соль па дарозе нарыхтоўвае.

— Заўсёды знойдзе сабе работу...

— Гэта праўда. Казаў, што потым у Селішча пойдзе. Там яму некалькі снарадаў выстарацца абяцалі. Тол трэба...

Зосі стала крыўдна — рыхтавала сябе да сустрэчы, была поўная ёю, спяшалася, а яго, аказваецца, і заваду няма і невядома нават калі вернецца. Яна, канешне, разумела, што Аляксей тут мала ў чым вінаваты, і ўсё-такі адчула сябе ашуканай у сваіх спадзяваннях.

— А ты вось прыйшоў,— упікнула яна.

Яе расчараванне было так прыкметна, што Кравец засмяяўся.

— Я — не ён,— пажартаваў Кравец.— А калі казаць праўду, я групу мінскіх чыгуначнікаў прывёў. Пашанцавала — вырваліся... Ты пойдзеш у лагер ці вернешся?

— Не ведаю...

— Давай пасядзім, паспееш яшчэ да сваіх хворых. А я не з’ем цябе. Далі-бог. Магу перахрысціцца.

Яна змоўчала, павярнулася і падалася была назад, але Кравец злавіў яе руку, спыніў. Заглядаючы аддана ў вочы, паказаў на сваю скроню, дзе, каля брыва, чырванеў пісяг.

— Ты зірні сюды лепш. Бачыш, куды пацалавала? На некалькі міліметраў толькі памылілася. Во як, Зося!..

— Няўжо куля? — не адразу паверыла тая.— Пакажы.

Зося недаверліва і асцярожна правяла пальцам вышэй абпаленага месца. Дотык быў пяшчотны, і Краўцу захацелася крутнуць галавою, каб патрапіць губамі ў Зосіну далонь. Але Зося магла зноў зазлаваць, і ён стрымаўся.

— Гэта яна дагнала, калі мы ўжо з чыгуначнікамі ішлі,— сказаў ён, праводзячы зайздросным позіркам Зосіну руку.— Мабыць, бранебойна-запальваючая была...

Сышоўшы са сцежкі, яны селі — Зося на пянёк, Кравец проста на зямлю.

Што не дало Зосі пайсці? Хутчэй за ўсё — казытлівае пачуццё, ад якога рабілася страшнавата. Жаданне пагуляць з ім, пахадзіць каля небяспекі, і хоць гэтым адпомсціць за свае марныя чаканні. Лесціла і Краўцова адданасць, гатоўнасць служыць, нягледзячы ні на што. Было крыху шкада яго: Кравец, як здалося ёй, не меў таго, што мела ў жыцці яна з Аляксеем. Зося нават зрабіла выгляд, што нічога не заўважае, калі ён, як некалі, палажыў гарачую далонь на яе калена, і хітранька замерла, убіраючы ў сябе яго цеплыню. Успомніліся колішнія ласкі — нястрымныя, бурныя...

З дарогі пачуўся тупат конскіх капытоў.

Скінуўшы Краўцову руку з калена, Зося ўсхапілася і борзда схавалася за сямейку елачак. Неахвотна Кравец таксама пайшоў следам. Стаўшы ззаду і назіраючы за дарогай, проста і ўпэўнена паклаў рукі на Зосіны плечы.

— Чаго спалохалася? — насмешліва спытаўся на вуха.— Яны і так бы не заўважылі... Глядзі, во праява! Гэта ж Рунца вядуць. Бачыш? Куды ўсё геройства падзелася... Размазня амбітная!

— А ты хто тады? — хочучы зрабіць балюча і Краўцу, аднымі вуснамі спыталася Зося.

— Я радавы, Зосечка,— зразумеў яе Кравец.— Я ў вялікія камандзіры не лезу. Мне многа не трэба. Немцаў біць ды цябе любіць — і хопіць.

— Бачыла я ў Лядах тваю любоў.

— Я пакараў ужо сябе за гэта, хоць там па руках і па нагах звязаны быў. Грудзі сабе цесаком распаласаваў. Чуеш? Пакажу, калі цікава.

Яго шэпт і дыханне адбіралі ў Зосі адпорнасць.

— Як ты мог так зняважыць мяне! — усё-такі сказала яна, пераконваючы сябе, што нельга дараваць яму гэтага, і ўсё роўна ўжо не адчуваючы ні крыўды, ні абурэння.

Тупат капытоў аддаліўся і нібы растаў.

Цяпер паміж імі стаяў толькі Аляксей. Але думкі аб ім Зося адганяла. Пры чым тут ён? Яна, як і раней, кахае яго і астанецца з ім. А тое, што яна дазваляе Краўцу лішняе, датычыцца адной яе. Толькі яе!..

 

5

Валя не паверыла вачам, калі ўбачыла Зосю з Краўцом, якія выходзілі з ельнічку на сцежку. Яна нават разгубілася, заўважыўшы, як Зося загарэлася, збілася з кроку, а Кравец ухмыльнуўся і напусціў на сябе зухаватую бесшабашнасць.

— Прывітанне! — гукнуў ён, каб звярнуць на сябе ўвагу і тым часам даць Зосі аправіцца ад збянтэжанасці.

— А дзе Аляксей? — не адказала яму Валя і спадылба кінула позірк на таварышку.— Ці ты не цікавілася гэтым?.. Чаму ты маўчыш?

— Вельмі шмат пытанняў адразу,— зноў узяў Зосю пад сваю абарону Кравец.

— Я іх не табе задаю.

— А-а-а,— здзекліва працягнуў ён.

— Калі табе няма яшчэ чаго сказаць, можаш ісці, Мікола!

— Не мы, а ты сустрэла нас.

— Зося патрэбна мне. Зразумела?

Кравец хацеў быў агрызнуцца, параіць Валі каціцца, куды кацілася, а галоўнае — не сунуць носа не ў свае справы, але не пасмеў. Пасля Мінска Валя неяк адразу вырасла ў вачах усіх, яе пачалі нават пабойвацца. Дый не яму, Краўцу, было напрошвацца цяпер на скандал і лезці на ражон. Паправіўшы чупрыну, ён счакаў хвілінку — як павядзе сябе Зося? — і, бачачы, што тая стаіць з апушчанымі вачыма, крутнуўся і пайшоў.

Гэта вывела Зосю з разгубленасці. Яна сярдзіта варухнула плечуком і стала перад Валяй з незалежна ўскінутай галавою.

— Ну, я слухаю цябе...

— Ты што, не ведаеш, як да такіх прагулак паставіцца Аляксей? Ці мала табе, што ён ужо мучыўся? А мо і гэта таксама ўсё роўна табе? Гавары!

— А які твой клопат?

— Ты, калі так, не толькі яго, а і мяне абражаеш.

— Чаго вам усім трэба? Я гаспадыня сама сабе. Я нікому не перашкоджу, калі буду якую-небудзь лішнюю радасць мець. Няўжо ўсе мае радасці павінны быць агульнымі з Аляксеем?

— Што ты гаворыш! — жахнулася Валя.— Ты ж прызнаешся ў распусце. Скажы, што няпраўда ўсё гэта. Ну скажы, Зося! Навокал кроў, пакуты, смерць, а ты сваіх радасцей прагнеш. Ды якіх там радасцей!..

Яна ўзяла Зосю за плечы і, каб тая зірнула на яе, страсянула. Але Зося ўпарта глядзела ўбок, хоць падбародак у яе пачынаў дрыжаць.

— І няма на свеце толькі сваіх радасцей. Няма! Яны або радасці і другім, або гора... У мяне ў галаве не ўкладваецца, як ты можаш пагарджаць Аляксеем, калі кахаеш яго? Як ты магла забыцца на нас усіх?

Бровы ў Зосі пераламаліся, і яна заплакала. Голасна, наўзрыд. Скаланулі яе не Валіны словы, не апасенне, што тая можа расказаць пра ўсё Зімчуку і тады не абярэшся сораму, а напамінак аб Аляксею ды яшчэ хіба — непрыязнасць, што раптам абудзілася да Краўца. А можа — і першае, і другое, і трэцяе — усё. Стала сорамна і шкада сябе. Калі яна будзе, як людзі? Яна ж не жыве, а плыве па жыцці. Робіць толькі тое, што робяць другія. Ні сваіх перакананняў, ні сваёй ініцыятывы. Яна ж і ў партызаны пайшла, бо пайшлі другія. Нават тое добрае ці дрэннае, што зрабіла, залежала ад таго, з кім была тады — з добрым ці благім чалавекам. Прыйшла ў шпіталь абыякавай да хворых, да раненых — Стахаў памог стаць сапраўднай сястрой. Зусім не думала аб сваім аўтарытэце — Зімчук памог здабыць павагу партызан. Вельмі баялася смерці — таварышы памаглі перамагчы і гэта. А вось калі навучылася шмат чаму, раптам вунь куды павярнула сябе. Разгарнулася, называецца, на ўсю моц!..

— Сціхні,— папрасіла Валя, не могучы шкадаваць Зосі.

Тая ўсхліпнула і рашуча рукавом кофтачкі выцерла прыпухлы, у слязах твар.

— Зімчуку будзеш гаварыць?

— Абавязкова.

— А Аляксею?

— Як скажа Зімчук.

— Тады хадзем разам... Я не магу чакаць!..

Гэта застала Валю знянацку.

— Ну што ж, ідзём,— згадзілася яна.

У лагеры панавала ажыўленне. Асабліва навокал кухні і сталоў пад паветкай. Партызаны даўно папалуднавалі, але ля катла завіхаліся, бразгалі посудам, насілі над паветку алюмініевыя талеркі, боханы хлеба. Смачна пахла супам і смажаным.

Каля райкомаўскага доміка, пад соснамі, проста на верасе, напаўляжалі і сядзелі чалавек дваццаць. У стракатым адзенні — цывільных касцюмах, чыгуначнай форме, у шапках і без шапак. Непадалёку былі складзены ў кучу рукзакі, нечым наладаваныя кайстры з-пад супрацьгазаў, ватоўкі. Тут жа, прытуленыя да ствалоў сосен, стаялі вінтоўкі, ручны кулямёт. Людзі былі стомленыя, худыя, але трымаліся спакойна, упэўнена, нібыта дома. І глядзелі на дагледжаны, але нечаканы тут домік райкома, на выносістыя сосны навокал яго, на сцежкі, што разгаліноўваліся паміж сосен, з цікаўнасцю гаспадароў, ацэньваючы, ці ўсё так, як трэба.

Валі здалося — калі падысці да іх і пачаць распытваць, ці спадабаўся ім лагер і ці рады яны, што вырваліся з Мінска і трапілі сюды, на яе паглядзелі б са здзіўленнем, бо думалі зусім аб іншым — больш важным. Гэта нечым абразіла Валю, але абудзіла і павагу — чыгуначнікі, мусіць, ведалі нешта сваё, чаго не ведала і не магла ведаць яна.

На ганак райкома выйшаў Зімчук. Чыгуначнікі дружна ўсталі і рушылі яму насустрач.

— Мы, таварышы, параіліся тут,— сказаў Зімчук,— і парашылі, што мэтазгодней за ўсё накіраваць вас у атрад «Мсцівец». Будзеце там добрым ядром. Але пра гэта пазней, а цяпер — у сталоўку, падсілкуйцеся як след. Пайшлі!

Ён безуважна кіўнуў Зосі з Валяй і прайшоў міма: яму яўна было не да іх.

Збянтэжаная Валя зірнула на таварышку. Выгляд у Зосі быў варты жалю. Яна нервова дрыготкімі пальцамі шморгала насоўку і дробненька, вінавата моргала. На твары выступілі нездаровыя чырвоныя плямы.

— Выбірай — або Аляксей, або Кравец,— непрымірыма кінула Валя.— Іначай я выкрыю цябе перад усімі. Так і ведай! Бачыш, што наўкол робіцца?!.

 

Раздзел трэці

 

1

Як ні дзіўна, пасля таго як Арына з дзецьмі выехала ў лес, да партызан, жыць Міхалу стала трывожней. Здавалася, чаго яшчэ трэба? Небяспека ўжо не вісіць над імі, ты адказваеш за аднаго сябе, рызыкуеш толькі сабой, але — не! З’явілася адчуванне, што ты страціў нейкую апору, астаўся адзін і цяпер адкрыты ўсякаму ліху.

А работа? Нават у сваёй саматужнай майстэрні Міхал меў ад яе асалоду — спакайнеў, забываўся на нягоды, на небяспекі, што падпільноўвалі з кожнага кутка. З-пад яго рук рэчы выходзілі абноўленыя. Няхай гэта былі прымусы, вёдры, ліхтарыкі, начоўкі, чайнікі, самавары. Дарма! Але ж яны рабіліся як новыя і зноў маглі служыць людзям. А вось калі паступіў на завод, не стала і гэтага. Усе Міхалавы намаганні ішлі на тое, як бы знайсці спосаб папсаваць справу чужых і ўласных рук ды папсаваць як мага мудрэй.

Дагэтуль Міхал наогул рэдка расставаўся са сваімі. У мірны час нават адмаўляўся ад дамоў адпачынку, ад курортаў, не хацеў ехаць адзін, і водпуск праводзіў з усёй сям’ёю ў вёсцы, у Арыніных сваякоў. У кіно, у магазіны заўсёды хадзіў з Арынай. І цяпер, не бачачы жонкі, дзяцей, сумаваў і нудзіўся.

Але ў той жа час яго трывога, нездаволенасць і сум як бы прыспяшалі Міхала, скіроўвалі імкненні на адно — змаганне. Яно стала мэтай і сэнсам жыцця і паглынала ўсяго.

Дый сама барацьба з кожным днём рабілася больш зацятая і вострая. Вясновы разгром падполля ашаломіў мінчан, але ён і ўзняў іх, зрабіў тайнае відочным. Людзі ўбачылі сваіх важакоў. Няхай перад шыбеніцай, пад дуламі настаўленых вінтовак, ды ўбачылі, пачулі іх словы-запавет. Зжахнуўшыся, яны яшчэ выразней зразумелі — і ўсё-такі выйсця іншага, як змаганне, няма! Такі закон пралітай крыві — яна б’е ў сэрца тых, хто астаецца жыць, узнімае, кліча, вядзе. У шаленстве немцаў людзі ўгадвалі іх бяссілле, у мужнасці лепшых — адзіны паратунак.

Адных пралітая кроў прымусіла задумацца: «А што я сам зрабіў для радзімы і савецкай улады? Што я скажу, калі прыйдуць свае?» Другіх разлютавала, адабрала сон: «Які гвалт! Сволачы! Ні закону, ні права, ні чэсці. К чорту!» Трэцім напомніла: «Ты ж таксама камсамолец!» Чацвёртым падказала, як знайсці патаемную сцежку ў падполле... І ўсіх папярэдзіла: «Прайшоў ужо год пякельнай вайны. І калі ты хочаш быць сумленным, як усе, дык павінен, пакуль не позна, зараз жа аддаць столькі сіл і намаганняў, колькі другія аддалі за ўвесь гэты час».

Мінск перапляла сетка разведвальных, дыверсійных і паўстанцкіх баявых груп. З горада ў лес усё часцей накіроўваліся будучыя партызаны, перапраўляліся разведдадзеныя, зброя, папера, цёплае адзенне, пішучыя машынкі.

Але і гэта перастала задавальняць Міхала Шарупіча. У вочы ўсё больш кідалася неадпаведнасць ахвяр і намаганняў, што рабіў ты сам і што рабілі савецкія людзі на далёкім фронце. Міхалу пачынала здавацца, што ён і яго таварышы недаравальна марудзяць, трацяць сілы на дробязі, забываюцца на галоўнае.

Раніцай немцы прывезлі на таварную станцыю эшалон палонных. Лагер быў у другім канцы горада — каля парку Чалюскінцаў, і марудную шэрую калону пагналі праз увесь горад. Кашчавыя здані ў лахманах ледзь перасоўвалі ногі. Унурыўшыся ў брук, яны пляліся, як пад гару. Неслі нейкае рыззё, прывязаныя на спінах брудныя скруткі. Дужэйшыя падтрымлівалі знясіленых, не даючы ім спыніцца або ўпасці.

Канваіры нудна панукалі адстаючых, штурхалі аўтаматамі. А тых, хто ўсё-такі падаў, прыстрэльвалі.

Забітых не прыбіралі, нават не адцягвалі з праезджай часткі вуліцы. І калі бясконцая калона прайшла, на мокрым пукатым бруку Савецкай і Пушкінскай вуліц асталіся ляжаць сотні скурчаных трупаў.

На тратуарах з’явіліся праходжыя, дрогаючыся і скрыгочачы, пайшлі абшарпаныя трамваі, а забітыя ўсё ляжалі, і, здавалася — нікому не было да іх справы. Але варта было каму-небудзь з праходжых падысці і схіліцца над забітым або проста выцерці міжвольную слязіну, як побач вырастаў эсэсавец і чуллівага чалавека ўжо гналі самога.

Калі Міхал Шарупіч падышоў да заводскіх варот, з іх якраз выпаўзалі адрамантаваныя танкі, свежапафарбаваныя, амаль новыя. Ствалы іх гармат былі прыўзняты і, ківаючыся, танкі як бы пачыналі ўжо намацваць цэль. У адкрытых люках сядзелі абыякавыя немцы-танкісты. І гэтае супадзенне — сустрэча з палоннымі чырвонаармейцамі і нямецкімі танкамі, што выходзілі з заводскай брамы,— уразіла Міхала да глыбіні душы. «Хочаш ці не, а выходзіць так: працуем, каб яны бралі ў палон і знішчалі нашых. Хай сабе танкі неўзабаве зноў сапсуюцца, але цяпер яны ідуць у строй... І з нашай дапамогай...»

Гэта мучыла і раней, але цяпер абразлівая ісціна адкрылася як бы нанава. Дзейнічаць, як мага хутчэй дзейнічаць!.. У такой барацьбе пасіўны ўдзел — не ўдзел. І думаць трэба не толькі пра сябе і тых, хто побач. Галоўнае — у агульнай перамозе. Ты змагаешся за сябе і блізкіх толькі тады, калі змагаешся за агульную перамогу. Другога не дадзена, калі хочаш астацца сумленным чалавекам.

Паказаўшы ў прахадной пропуск, Міхал Шарупіч прайшоў чорны ад патрушчанага вугалю і аселай сажы заводскі двор, на якім абарваныя яўрэі сцягвалі ў кучы жалезны лом, і ўвайшоў у цэх.

Там было ціха. Праз запыленыя шыбы вокнаў і ліхтароў цадзілася скупое мутнае святло. Постаці рабочых, якія купкамі сядзелі ля бака з вадой або блукалі па пралёце і каля станкоў, здаваліся шэрымі.

Міхал Шарупіч падышоў да свайго станка, для прыліку аглядзеў яго і, выціраючы пакуллем рукі, падаўся да бака, адкуль быў чуваць Алешкаў рогат. Але гудок прымусіў вярнуцца назад.

Нарады на работу нядаўна пачалі выдаваць напярэдадні. Ды не падвезлі нарыхтовак, і рабіць не было чаго. Каб не кідалася ў вочы, што ён сядзіць, Міхал яшчэ раз агледзеў станок, доўга перабіраў у скрыні інструмент. Потым узяў разец, пайшоў параіцца да новага суседа, ці не лепей заточваць разец крыху іначай.

Няголены, худы, нечым падобны на склюд, сусед няўцямна зірнуў на Міхала Шарупіча, і ў яго хваравіта, нібы ён глытаў сліну, таргануўся кадык.

— А мне ўсё роўна, як яго заточваць... Я іх учора пяць штук запароў...

— Ды я так, ты не злуй,— паспрабаваў апраўдацца Міхал, беручы яго па ўвагу.

— І я не за грошы, адчапіся...

Такая гульня стамляла больш, чым самая цяжкая работа, і калі падвезлі нарыхтоўкі, Міхал Шарупіч бадай што ўзрадаваўся.

У абедзенны перапынак яго выклікалі да электрыка.

Дзімін сядзеў за сталом заклапочаны.

— Шэф нешта рыхтуе,— сказаў ён.— Я чуў краем вуха канец яго размовы з гестапа. Скланяў якасць, рамонт, шкодніцтва. Магчыма, правядуць арышты. Бо ў іх лекі ад усяго адны. Што будзем рабіць?

Міхал сеў і папрасіў закурыць.

Да нечаканасцей — і самых страшных — ён рыхтаваў сябе даўно. Але ўяўляў, што гэта здарыцца пасля нечага вялікага, што само дасць яму сілы. Таму спачатку збянтэжыўся.

— Ты перабольшваеш,— запярэчыў ён, каб сабрацца з думкамі.

— Наўрад, Міхал, арышты яны ўсё-такі правядуць, мабыць. Нават калі і не натрапілі на наш след. Гэта выгадна ім ва ўсіх адносінах. Нанясуць удар па магчымых падпольшчыках і тэрорам прымусяць рабочых лепш працаваць. Пытанне толькі, каго возьмуць,— нас, нашых ці выпадковых людзей?

Да Міхала Шарупіча вярнуўся спакой.

— Будзем гатовы да горшага. Арыштуюць мяне — астанешся ты. Сувязь з камітэтам завяжаш праз Ванду. Папярэдзь Алешку, а ён няхай папярэдзіць астатніх... Шкада толькі, што мала зрабілі,— ён сумна ўздыхнуў.— А ўцякаць, Пятро, зноў нельга...

— Я разумею,— згадзіўся Дзімін і крыху пачырванеў.

— Тады будзем лічыць, што дамовіліся...

Да гудка цэх працаваў, як заўсёды. Шарупічу нават падумалася, што на сёння ўсё, мусіць, абыдзецца добра.

Але як толькі над дахам разлёгся хрыпаты роў, у цэх зайшлі гестапаўцы і загадалі ўсім аставацца на сваіх месцах. Двое з іх павольна, але спружыністай хадою пайшлі між станкоў, бесцырымонна ўглядаючыся ў твары рабочых. Высокі сусед нечым зацікавіў іх больш, чым другія. Яны спыніліся і з маўклівай пагрозай утаропіліся на яго.

— Прозвішча?

— Холад,— няўпэўнена адказаў сусед.

Гестапавец грэбліва тузануў яго за рукаў спяцоўкі і жэстам паказаў, каб выходзіў на пралёт, дзе яго ўжо чакалі.

— Завошта? — замарудзіў той, яшчэ не верачы, што яму загадваюць сур’ёзна.

Яго штурханулі і, відаць, моцна, бо ён спатыкнуўся і з апушчанымі плячыма падаўся да пралёту. Міхалу Шарупічу захацелася вылаяць яго і стала шкада: не на многа хапіла ў суседа злосці.

Так, беручы рабочых або праходзячы міма іх, гестапаўцы наблізіліся да Міхала. Але ў грудзях у яго нешта заклякла, і гэта памагала аставацца вонкава спакойным, нават абыякавым. Супакойвала таксама і тое, што з ягоных людзей нікога дагэтуль не арыштавалі. «Эх вы, вышук!..— бадай што іранічна падумаў ён.— Сволачы вы, і ўсё...»

Вытрымаўшы пранізлівы позірк гестапаўца, Міхал Шарупіч назваў сваё прозвішча. І толькі, калі той прайшоў міма, адчуў, як хутка б’ецца сэрца і пад пазногцямі робіцца горача.

 

2

З галавы не выходзілі ваеннапалонныя. Такое даводзілася бачыць толькі ў снежні сорак першага, калі па таварную станцыю прыйшоў састаў платформ — з высокімі бартамі,— па якіх возяць вугаль. Змерзлых, напаўраздзетых чырвонаармейцаў тады складалі, як дровы, проста на міжпуцці. Раз-пораз успаміналіся адрамантаваныя танкі, арыштаваныя рабочыя. Ад абурэння і лютасці ажно рабілася моташна.

У той жа час непакоілі і некаторыя факты. Проста на вуліцы гестапаўскі агент застрэліў Валодзю Амелянюка — аднаго з арганізатараў падпольнай «Звязды». Гестапа выкрыла і арыштавала «аптэчную групу», якая забяспечвала партызан медыкаментамі. На кантрольна-прапускным пункце ў Зялёным Лузе схапілі сувязную. Але поспехі кружылі галовы гарачым, яны забываліся на канспірацыю, бравіравалі смеласцю. Шумскі і той дазваляў вольнасці: праводзіў вечары з нейкімі вясёлымі жанчынамі, аставаўся ў іх начаваць.

Не могучы чакаць чарговага пасяджэння камітэта, Міхал Шарупіч выклікаў Шумскага да Ванды.

Захапіўшы скрутак з бялізнай, падаўся да яе назнарок загадзя, бо вельмі хацелася паслухаць радыё, хоць хвілінку адпачыць душою.

Яшчэ з падворка праз акно ён убачыў, што ў Ванды ёсць нехта чужы, але вярнуцца назад ужо не мог — яго заўважылі таксама. Хмурачыся і сярдуючы, Міхал Шарупіч увайшоў у пакой. Бачачы, што збянтэжаная Ванда хуценька пачала развітвацца з госцем, заспяшаўся і сам:

— Я вось бялізну, гаспадынька, прынёс. Можа памыеце і гэтым разам?

— Вядома. Пачакайце толькі,— папрасіла Ванда.— Я зараз правяду Віктара...

Міхал Шарупіч зразумеў: назвала яна госця па імю не так сабе, а як бы прапануючы пазнаёміцца з ім, і засердаваў яшчэ больш.

— Тут дзевяць рэчаў,— суха сказаў ён, паказваючы па скрутак і ўспамінаючы, што неяк Ванда ўжо гаварыла яму пра Віктара Бондара, які прыносіў ёй чыстыя бланкі аўсвайсаў і розных даведак.

Міхал Шарупіч паспеў разгледзець незнаёмага: ладная постаць, узнятая галава, светлыя, лупатыя, са шкляным бляскам вочы. Хто ён? Друг або вораг? А можа проста адзін з тых, хто, чакаючы пэўнасці, хоча служыць і вашым і нашым?

Ванда вярнулася вінаватая, з румянцам на шчоках, і адразу, каб што-небудзь рабіць, пачала наводзіць у пакоі парадак.

— Не спадабаўся? — спыталася яна праз хвіліну.

— Не ведаю,— пацягнуў плячыма Міхал.— А вось што дазволіла зайсці да сябе, калі мы з Шумскім павінны былі сустрэцца, гэта сапраўды не спадабалася.

— Дык яўка ж прызначана на пазней.

— Ну, ладна. можна паслухаць радыё? Замкні дзверы.

Ён падсунуў нізенькі зэдлік да грубкі, адчыніў яе і, уключыўшы прыёмнік, узяў навушнікі. З хваляваннем пачуў гудзенне і лёгкае патрэскванне. Нарадзілася адчуванне, што вось зараз даляцяць далёкія гудкі аўтамабіляў на Чырвонай плошчы і такі дарагі бой крамлёўскіх курантаў.

Падышла Ванда, прысела побач на кукішкі.

— Што перадаюць? — спыталася яна тонам, якім просяць прабачэння.

Міхал не разабраў яе слоў, але яму стала шкада жанчыны. «Хоча загладзіць віну,— падумаў ён.— Жанкі вы нашы, жанкі!..»

— Чаго яму трэба? — сказаў ён уголас і зняў адзін навушнік.— Ты яго запрашала? Ці сам прыйшоў?

— Сустрэліся на вуліцы. Кажа, што можа зрабіць любую пячатку — гарадской управы або гебітскамісарыята. Скардзіўся, на сябе нагаворваў. Бедны ён...

— Глядзі, каб больш не бачыў нас разам. Пакуль што лепш выкарыстоўваць яго ўсляпую. А з украінскім батальёнам як?

— Сёння перадала туды лістоўкі. Абяцалі патронаў, гранат.

— А як хлопцы?

— Магу паручыцца хоць зараз. Памятаеце, тады на рынку двое падыходзілі? Яны не правяраць нас хацелі, а сувязей шукалі. Здагадваліся, што вы людзей у лес адпраўляеце.

— Не спяшайся... Ты вельмі добрая, але не ўсе людзі такія. Вайна ўжо напладзіла падлюг. Але мяне з сваім камандзірам батальёна пазнаём. Пагляджу, чаго ён варты. Падахвочу, калі трэба...

У гэтую хвіліну ў навушніках шчоўкнула, і Міхал Шарупіч ператварыўся ў слых. «Гаворыць Масква! — па-знаёмаму выразна абвясціў дыктар.— Васемнаццаць гадзін пяць хвілін. Перадаём песні савецкіх кампазітараў».

Гэтыя словы пачула і Ванда. А можа і не пачула, а ўгадала, бо былі яны дарагія, звыклыя з дзяцінства.

— Дайце мне навушнік, таварыш Міхал,— папрасіла яна.— Можа, будуць перадаваць «Цёмную ноч». Я вельмі люблю яе.

Даючы месца, Міхал Шарупіч пасунуўся на зэдліку, і Ванда села. Твар у яе памаладзеў, але вочы напоўніліся слязьмі.

Шумскі трохі спазніўся. Узбуджаны, ён увайшоў у пакой і кінуў скрутак, які таксама прынёс з сабою, на ложак.

— Каб яго чорт узяў! — вылаяўся ён.— Давялося пятляць, пакуль адвязаўся. Яны робяцца нахабныя. Сочаць і ледзь не заглядаюць у твар.

Павітаўшыся, Шумскі зняў капялюш, выцер насоўкаю лоб і, адхінуўшы крысо плашча, сеў за стол з выглядам чалавека, які сабраўся слухаць і прымаць рашэнні. Але мітуслівая паспешлівасць усё-такі не перашкодзіла яму заўважыць нейкі летуценны настрой Шарупіча і Ванды.

— Што з вамі? — насцеражыўся ён, акінуўшы быстрым позіркам пакой.— Ты, Ванда, схадзі папільнуй, калі ласка.

— Маскву слухалі,— сказаў Міхал Шарупіч, калі Ванда выйшла.— Многа, мусіць, гора бачыла жанчына, калі і ад радасці плача.

— Ма-а-скву,— працягнуў Шумскі, і твар у яго хораша пасвятлеў.— Во куды хоць бы на тыдзень трапіць... Падыхаць вольна, пажыць без шпікаў і правакатараў. А потым хай было б, што будзе...

Міхал Шарупіч неазначальна ўзняў бровы.

— Я прасіў цябе прыйсці, каб параіцца,— загаварыў ён аб справе.— Па-мойму, людзі падрыхтаваны ўжо, і займацца сабатажам — мала. Трэба хутчэй пачынаць дыверсіі і што ні дзень буйнейшыя. Хоць гэта, вядома, можа паставіць арганізацыю пад удар.

— Так, пад удар,— сумна згадзіўся Шумскі, устаў і прайшоў з кутка ў куток.— А ты гавары, гавары...

— Да таго ж, немцы тактыку сабатажу ўжо разгадалі. Праўда, кадравых рабочых — кот наплакаў. Усё больш — збор дружыны. Ёсць чым апраўдвацца. Але некалькі таварышаў на заводзе ўжо арыштаваны. А вынікі? Калі так пойдзе, за дробязі перасадзяць усіх. А з другога боку — наадварот. Падпольную работу ледзь не на вуліцу выносім.

— А як з арганізацыяй быць? Што, ахвяраваць ёю?

— Спытайся лепш, ці ўсё і як след мы робім, што можам рабіць.

— Пачакай, перш чым зайсці, падумай, як выйсці. У гэтым — мудрасць, Міхале! Арганізацыя — не ты і я.

— Але я не магу так! І цябе хачу папярэдзіць — кінь гэтых жанчын, пакуль не позна.

Шумскі сумеўся, пакруціў пальцам у вуху.

— Ладна, ладна, давай памяркуем... А што, калі стварыць паралельныя групы? А? Адны правядуць дыверсію і выйдуць з горада. Адцягнуць на сябе ўвагу, возьмуць усю адказнасць. А тым часам да новай дыверсіі будуць рыхтавацца іншыя. Гэта я з астатнімі членамі камітэта ўзгадню.

— Даўно б так...

— Дык, значыць, і я нешта ўмею? А жанчыны што — важна ў палітыцы не схібіць і сакрэт адзін ведаць. А я, Міхале, ведаю яго. Захацеў заглянуць да чужой жонкі, ідзі ўдзень: не так падазрона. Што, здорава?.. Ну, згода, згода! І запомні, нічога я не баюся. Хіба толькі болю. Самае страшнае, мусіць, гэта калі цябе б’юць...

Падышоўшы да Шарупіча, ён падняў руку і ўдарыў па Міхалавай далоні.

— Люблю я цябе! Харошы ты чалавек, і ўсё ў цябе па месцы. Мы тут без цябе вырашылі адну справу. Новага чалавека на месца Амелянюка прызначылі. Пастанавілі таксама, пакуль суд ды справа, выпусціць першы нумар «Звязды» другім тыражом, толькі замяніць у старым наборы аператыўны матэрыял. Ты не супраць?..

Вярнуўся Шарупіч у сваю каморку, якую займаў цяпер, і доўга сядзеў ля акна, абдумваючы, з чаго пачне заўтра.

На вуліцы запаліліся рэдкія ліхтары. Але праз хвілін дзесяць лінуў дождж, і агнёў адразу пабольшала.

 

3

Цяпер трэба было адначасова весці работу па стварэнню паралельных груп і рыхтаваць дыверсію. Спачатку на чале новай арганізацыі збіраліся паставіць Дзіміна. Але наконт яго ў гаркоме былі свае меркаванні. Прызначылі Алешку. Але ён не згаджаўся, патрабаваў «сапраўднай справы». Дый, угаварыўшы, даводзілася многа працаваць з ім самім — падказваць, перасцерагаць, стрымліваць.

Яшчэ больш увагі і часу адбірала намечаная дыверсія. Каб паралізаваць завод, трэба было нанесці ўдар у ягонае сэрца. Але дзе яно? Параіўшыся, знайшлі — цэх матораў! Калі б удалося знішчыць яго, завод надоўга выйшаў бы са строю. Але як гэта зрабіць? Падпаліць? Узарваць? Вырашылі ўзрываць. Узрыў выкліча і пажар. Але завод працуе ў дзве змены. Дык, калі ўзрываць, то як, каб не было ахвяр сярод рабочых? У выхадны дзень на тэрыторыю завода не трапіш. Значыць — паміж зменамі, на золаку, калі ў цэху нікога няма. Зноў жа — што рабіць з падпольшчыкамі, чые станкі будуць замініраваны? Мусіць, іхнія сем'і прыйдзецца загадзя вывезці ў партызанскую зону, а самім ім знікаць пасля дыверсіі і адразу старацца выйсці з горада. А дзе ўзяць тол, бікфордаў шнур, дэтанатары? Як быць з тым, што сярод падпольшчыкаў, апрача Дзіміна, ніхто не знаёмы з сапёрнай справай?

Нарэшце тол, шнур і капсулі памог раздабыць камітэт. Іх у дзіцячай калясачцы завезлі да Міхала Шарупіча і схавалі пад падлогай. Будучага падрыўніка надумаліся тэрмінова паслаць у брыгаду «Штурм» — прайсці інструктаж.

Уначы разбушавалася непагадзь. Дождж паліў як з вядра. Парывісты вецер кідаў яго ў акно ахапкамі і з такой сілай, што здавалася — шыбы вось-вось не вытрымаюць. Пад самым акном чарнелі дзве ліпы. Яны натужна рыпелі, з іх раз-пораз падала сухое сучча, глуха стукаючыся аб зямлю.

Раптам Міхал пачуў, што з падаконніка льецца вада. Падумаўшы, што акно дрэнна зачынена, ён падхапіўся з ложка і падышоў. Расчыніў, каб мацней захлопнуць створкі, і застыў у здзіўленні: пад акном нехта стаяў.

— Хто тут? — спытаўся Міхал, захлынуўшыся пругкім паветрам, што разам з пырскамі дажджу ўварвалася ў пакой.

— Гэта я, дзядзька Міхал, Алешка,— пачулася з цемрадзі.— Можна зайсці?

— Ціха ты там! Чаго табе?

Не чакаючы дазволу, Алешка падскочыў і сеў на падаконнік. Потым перакінуў ногі і прычыніў за сабою акно.

— Ну і надвор’е,— сказаў ён шэптам, але так, як бы нічога і не было.— Я да вас, дзядзька Міхал...

— Бачу.

— Мне тэрмітныя шарыкі патрэбны.

Алешка астаўся стаяць каля акна. На яго фоне сілуэт хлопца ледзь вырысоўваўся, але ўсё роўна ўгадвалася, што Алешка прамок да ніткі, шапка ў яго ссунулася, абвісла, вопратка прыліпла да цела. І гэта не дало Міхалу Шарупічу засердаваць. Наадварот, варухнулася цёплае пачуццё.

— Дзе той магазін, у якім шапкі з казырком на баку прадаюцца? — іранічна спытаўся ён.— Далёка?

— Ды не, тут за рогам,— засмяяўся Алешка.

— Заваліш ты, Кастусь, калі-небудзь нас усіх.

Алешка рагатнуў зноў.

— Я, дзядзька Міхал, заўважыў, што правалы там бываюць, дзе мудрагеляць многа. А так, нахрапам, не бойцеся, заўсёды будзе парадак.

— Навошта табе раптам тэрмітныя шарыкі спатрэбіліся?

Чвакаючы мокрымі чаравікамі, Алешка падышоў да Міхала і пацягнуўся да вуха.

— Яўрэі наш заводскі гараж спаліць наважылі. Хаіма-Довіда Ліса ведаеце? Не? Дык вось ён. Правільны мужык, што трэба.

Іншым разам Міхал Шарупіч хутчэй за ўсё не згадзіўся б адразу — сказаў бы, што падумае, узважыць, і адправіў бы Алешку ні з чым. Але цяпер не змог гэтага зрабіць.

— Ну што ж, ты цяпер сам адказны... Вазьмі ў Комліка,— уздыхнуў ён.— Толькі няхай гэта будзе пасля таго, як мы пераправім на завод ўзрыўчатку. Бо немцы потым пачнуць абшукваць не так, як цяпер... І ўсё-такі скажу я табе — змагаешся ты, Кастусь, неяк бяздумна, быццам гуляючы...

Спаў астатак ночы Міхал блага. Ноч — пара фантастычнага, і да раніцы Міхалу Шарупічу мроіліся неверагодныя планы. То ўяўлялася, што ён кідае толавыя шашкі цераз заводскую агароджу, а Дзімін па другі яе бок ловіць і хавае іх. То як знаходзіць нейкую яміну пад агароджай, у якую тол можна пакласці з вуліцы, а ўзяць з заводскай тэрыторыі ці проста перадаць з рук у рукі.

Устаўшы і як след схаваўшы падобныя на кавалкі мыла толавыя шашкі, Шарупіч падышоў да люстэрка. Зашпіліў пінжак. Пільна агледзеў сябе. Не, нічога заўважыць было нельга, і, паспакайнелы, рушыў з дому.

Ля кантрольнай будкі сустрэўся з Дзіміным і разам ужо ўвайшоў у прахадную.

Перад бар’ерам два эсэсаўцы ажыўлена размаўлялі паміж сабой, тыкаючы адзін аднаго пальцамі ў жывот. Непадалёк ад іх, у кутку, сядзела бурая аўчарка. Убачыўшы ўвайшоўшых, яна наставіла вострыя вушы і ўцяла, як здалося Міхалу, у яго насцярожаныя вочы, гатовая кінуцца пры першым слове гаспадароў. Раней яе тут не было, і Міхал Шарупіч міжвольна зірнуў на Дзіміна. «Ці не пачуе яна пах толу? — прыйшло ў галаву.— Тады — усё! Вось табе і на...»

Мусіць, Дзімін падумаў тое ж самае, бо хутка павітаўся з эсэсаўцамі і таямніча, з узрушаным выглядам, сказаў па-нямецку:

— Каля завода блукае нейкі падазроны чалавек, паны! Ці не пацікавіцца, чаго яму трэба?

Эсэсаўцы пакінулі гергетаць, пераглянуліся, праверылі пропуск у Міхала і, паспешліва абмацаўшы яго кішэні, выбеглі з будкі на вуліцу. Следам з імі кінулася і аўчарка.

У Дзімінавай канторцы Шарупіч перадаў яму шашкі і, калі той замкнуў іх у шуфлядзе стала, з удзячнасцю абняў.

— Здорава выйшла, Пятро! — радасна выгукнуў ён, ляпаючы Дзіміна па спіне.— Я нават яшчэ больш палюбіў цябе. Ой, як здорава!.. Заўтра і ў пятніцу прынясём яшчэ, і тады няхай паляць гараж. Там, мабыць, машын дзесяць цяпер стаіць...

 

Удача акрыляе чалавека, і не думаецца ўжо, што шанцаваць будзе не заўсёды. У суботу апоўдні перарывіста загуў гудок — два разы коратка, потым працягла.

«Трывога! — здагадаўся Міхал Шарупіч заміраючы.— На праверку выстрайваць будуць. Ці, можа, гэта ўжо Хаім-Довід Ліс? Хоць бы ўсё было добра...»

Пасля начной размовы ён папрасіў Алешку паказаць старога і назаўтра назіраў, як той працаваў і трымаў сябе.

Ліс спадабаўся, асабліва яго пануры спакой і годнасць, якія вылучалі старога і прымушалі астатніх падпарадкоўвацца яму.

Гэта таксама заўважалі наглядчыкі-немцы і пры выпадку ўсяляк чапляліся і зневажалі старога. Але іх здзекі нібыта не датычылі Ліса, і, калі хто-небудзь з немцаў даваў яму штурхеля, ён нават не азіраўся. Годнасць бяспраўнага абражае. Немцы злавалі, правакуючы, совалі яму аўтаматам пад нос, давалі выспяткі. А Ліс як нёс пакарэжаную рэйку, так і нёс, і ніводная жылка не перасмыкалася на ягоным твары...

Выключыўшы станок, Міхал Шарупіч разам з другімі рабочымі пабег да выхаду з цэха.

Гудок над дахам нечакана пачаў сціхаць, быццам яму не ставала пары. У паволі нарастаючай цішыні Міхал неяк само сабою замарудзіў крок і глянуў назад, але людская плынь падхапіла яго і панесла на двор.

— Зноў, мусіць, нашы прыляцелі,— пачуў ён нечы захоплены шэпт і ледзь стрымаўся, каб не падняць руку і не пачаць гаварыць.

— Быць не можа, каб удзень,— усумніўся нехта.— Відаць, на праверку ўсё ж. Шэф зноў адчытваць будзе. Шэсць станкоў не працуюць. І праз электрычнасць гадзіну прастаялі.

— Ды ціха вы...

Але хутка ўсё стала зразумелым — гарэў гараж. Над дахам у шалёнай завірусе круціўся дым. Клубамі ён валіў і з расчыненых шырачэзных варот.

Дым прыцягнуў увагу і перашкодзіў Шарупічу адразу ўбачыць Хаіма-Довіда Ліса, які з вялікай кувалдай у руках стаяў у варотах. Ля яго ног у лужыне крыві валяўся вартавы. Стары быў страшны. Пачарнелая вопратка на ім тлела, абпалены твар барвавеў.

З-за вугла цэха выбег ланцуг салдат. Махаючы пісталетам, яфрэйтар, які бег наперадзе, закрычаў Лісу, каб той кідаў кувалду і здаваўся.

— Капут, юдэ! Капут! — вырыгаў ён.— Капут!

Дым, мабыць, падпіраў ззаду Ліса, а ён, задыхаючыся і кашляючы, не кранаўся з месца і нечага чакаў — мусіць, каб немцы самі падышлі да яго. Але калі салдаты спыніліся і наставілі вінтоўкі, Ліс выгукнуў пракляцце, узваліў кувалду на плячо, павярнуўся і, хістаючыся, пайшоў у дым, праз які пачалі прабівацца чырвоныя языкі полымя.

— Цурык! У цэх! — зароў яфрэйтар на рабочых і рукой, у якой трымаў пісталет, падаў знак салдатам.

 

4

— Не, Міхале, больш чакаць нельга. З ім нешта здарылася.

— Каб здарылася, нам паведамілі б...

— А што, калі яго схапілі ўжо тут, на кантрольна-прапускным? Хіба не магло быць так?

— Магло, вядома. Ды з якой прычыны? — Міхал Шарупіч нібы пярэчыў. Але гэта стала яго прывычкай, калі трэба было нешта ўзважыць і прыняць рашэнне.— З якой?

— Аўсвайс падвёў, а можа ўзрывацелі захапіў з сабою, і знайшлі. Нашы ж на трое сутак разлічаны, а не на паўгадзіны. Вось і расстараўся. А калі трапіў у гестапа, можа і не вытрываць. Ды хопіць і аднаго, як даведаюцца, што ён з нашага завода. Дыверсіі ў вагонарамонтнікаў, у кіраўцаў насцеражылі іх. Шэф учора пагражаў, нагамі тупаў. Канторку механіка абшуквалі ўжо. А што будзе, калі чарга да маёй дойдзе? Бывай, раб божы Пятро!..

— Ты прасцей кажы. Я гэта ўсё сам ведаю. Хто замініруе? Ты?

— Я.

— Вось таму я і хачу пачакаць. У атрадзе Яшы Зарэцкага загінуў другі камісар, і гарком зноў прапануе тваю кандыдатуру.

— Тым лепш. Зраблю сваё і пайду не з пустымі рукамі. Няўжо ты не разумееш, што мне гэта трэба. Дора ж не пайшла тады са мною... Яна і дагэтуль чакае ад мяне большага. Дрэнна толькі, што табе самому ўжо не будзе месца на заводзе. Але дазволь, Міхале!

Міхал Шарупіч не нарадзіўся камандзірам. Яму куды лягчэй было рызыкаваць самому, чым прымушаць ці нават дазваляць рабіць гэта другім. Аднак жыў ён цяпер на высокай хвалі. Падзеі, месца людзей у іх ужо бачыліся яму як чалавеку, што адказвае і за першае і за другое. Было шкада Дзіміна, Раю, але ж узарваць цэх быў святы абавязак не толькі самога Міхала. Праўда, гарком вырашыў паслаць Дзіміна ў атрад. Але ж сапраўды, хіба не важна было для той жа работы ў атрадзе, з чым Дзімін прыйдзе туды. А без рызыкі наўрад ці наогул можна ваяваць або нават жыць. І вядома, калі рызыкаваць, дык рызыкаваць сабою, а не справаю... Твар у Міхала прасвятлеў, і ён працягнуў руку.

— Ну што ж, жадаю ўдачы, Пятро! Эх, калі б ты ведаў, як я жадаю яе табе...— і хутка пайшоў з канторкі.

 

Замініраваць станкі павінны былі рабочыя-падпольшчыкі — кожны свой, на якім працаваў. Так было зручней і больш бяспечна. Дзіміну ж аставалася галоўнае — праверыць, ці ўсё ў парадку, і ўставіць запалы для перастрахоўкі па два ў кожную міну. Засцерагальнікі з хімічных узрывацеляў былі выняты загадзя, з разлікам, каб выбух адбыўся дакладна ў вызначаны час. І ўзрывальнікі, калі Дзімін сабраўся ісці на завод, турбавалі бадай што больш за ўсё. Кіслата ў іх паволі раз’ядала металічныя дроцікі, якія прытрымлівалі байкі. Як толькі дроцік парвецца, баёк ударыць у капсуль... Ці дакладней: кіслата будзе рабіць сваё трое сутак — дакладна хвіліна ў хвіліну. А ці не можа яна ў якім-небудзь адным з васьмі ўзрывальнікаў пераесці дроцік раней? Тым больш, што ва ўнутранай кішэні, пад сэрцам, цяплей, чым патрабуе інструкцыя... Тады васьмі ўзрывальнікаў з лішкам хапіла б на адно сэрца!..

Яшчэ раз памацаўшы ўнутраную кішэню, Дзімін збочыў да прахадной. Непрыкметна азірнуўся — не, ззаду ніхто не ішоў, вуліца была пустэльная. Замарудзіўшы крок — так лягчэй супакоіцца — паволі падышоў да дзвярэй кантрольнай будкі і ўзяўся за клямку. Ва ўяўленні паўстаў тоненькі металічны дроцік, напяты, як струна, якая вось-вось павінна лопнуць. Падумалася, што і міны ў цэху маглі быць выяўлены і ты адчыняеш дзверы не ў прахадную, а адразу ў смуродны засценак і чарнату.

Бліжэйшы вартавы здзіўлена паглядзеў на гадзіннік — начная змена канчалася праз хвіліну, недаверліва прачытаў пропуск і перадаў яго другому.

— Тэрміновы рамонт у цэху матораў. Загад шэфа,— растлумачыў Дзімін, задаволены, што яго прыходу здзівіліся.

— Гут, гут,— прачытаўшы, сказаў другі вартавы.

Дзімін прымусіў сябе ўсміхнуцца і ветліва кіўнуць галавой.

— Шчасліва аставацца...

У дварэ насустрач хлынуў паток рабочых. Яны зябка хуталіся ў брызентавыя робы, паглядаючы на неба, настаўлялі каўняры, і Дзімін толькі цяпер заўважыў, што з нізкіх шэрых хмар цярусіць імжа і што неўзабаве стане светла. Захацелася сустрэцца — не пагаварыць, а проста ўбачыцца хоць з адным з тых, хто мініраваў станкі. Таксама наставіўшы каўнер, Дзімін пайшоў насустрач самай гушчы рабочых, прыглядаючыся да шэрых стомленых твараў. Але, як на тое, са знаёмых ніхто не сустракаўся.

«Няўжо праваліліся, і немцы паставілі пастку?» — каторы ўжо раз падумаў Дзімін.

У цэху было пуста і цёмна. Запальваць святло Дзімін не стаў, а падняў маскіровачныя шторы на вокнах. Прыслухаўся — ціха. Абышоў і наспех агледзеў замініраваныя станкі. Перш чым устаўляць запалы, вырашыў замкнуць дзверы: так было бяспечней дый, на ліхі выпадак, гэта затрымала б ахову па колькі хвілін...

Але не паспеў Дзімін зрабіць і кроку, як дзверы адчыніліся, і ў іх паказаліся эсэсаўцы са знаёмай аўчаркай. Аўчарка, чакаючы загаду, азірнулася на салдат, наставіла хіб і пабегла па пралёце. Калі б узрывацелі былі ўстаўлены, можна было б паспрабаваць зацягнуць час і ўступіць з эсэсаўцамі ў перастрэлку. Дзімін паспеў бы яшчэ выхапіць з-за халявы пісталет і, перш чым аўчарка кінулася б на яго, стрэліць. Але цяпер іншай рады не было, як спадзявацца і не падаваць выгляду, што цябе гэта вельмі абыходзіць. Здрадзіць са сваіх ніхто не мог. Мала верагодна, каб і немцы, ведаючы, што падрыхтавана дыверсія, пакінулі станкі замініраванымі і далі б магчымасць Дзіміну пранікнуць у цэх і прабыць там хвіліну-дзве. Значыць, хутчэй за ўсё гэта звычайны ранішні абход-праверка.

Зрабіўшы над сабой намаганне, Дзімін схіліўся і пачаў аглядаць матор станка. Нават паспрабаваў засвістаць, хоць губы ўздрыгвалі і не хацелі складвацца трубачкай.

Аўчарка, збітая з тропу паводзінамі Дзіміна, спынілася і, сочачы за кожным ягоным рухам, загыркала.

Гэта развесяліла эсэсаўцаў. Пасміхаючыся і позіркамі запрашаючы адзін аднаго быць сведкам цікавага здарэння, яны падышлі да аўчаркі і сталі чакаць, як далей павядзе сябе Дзімін.

— Не страшна? — нарэшце спытаўся адзін з іх, але на аўчарку не прыкрыкнуў.

Гэта зноў было падазрона.

— Чаму не страшна,— сказаў Дзімін, думаючы, што цяпер няма чаго спадзявацца і на пісталет.— Ды я ведаю, што ў вас і сабакі разумныя.

Эсэсавец зарагатаў, а Дзімін зноў успомніў пра запалы ў кішэні. Але ўспомніў хутчэй як аб паратунку. Дроцік з хвіліны на хвіліну мог абарвацца, і тады сапраўды не будуць ужо страшныя ні аўчарка, ні яе сытыя гаспадары, якія так ахвотна смяюцца. Шкада толькі, што ні адзін запал не ўстаўлены ў міну, і ты астанешся неадпомшчаны.

У Дзіміна варухнулася крыўда. Прыйшла думка: калі б ведаў, што дроцік вось зараз абарвецца, кінуўся б да бліжэйшага немца і сціснуў у абдымках — няхай бы разняволеная сіла распаласавала і яго.

Каб эсэсаўцы не ўлавілі гэтага парывання, Дзімін апусціў вочы і, узяўшы гаечны ключ са станіны, прыняўся корпацца ў маторы, здаволены тым, што ў руках нешта ёсць.

Гэта нават надало вытрымкі. Ён не падняў галавы і тады, калі пачулася і стала аддаляцца клацанне цяжкіх падкутых ботаў. Толькі адчуў, як раптам адлягло ў грудзях.

Зрабілася лёгка-лёгка і захацелася засвістаць. Арудуючы ключом, ён сапраўды засвістаў і, дачакаўшыся, калі рыпнулі дзверы, таропка ўставіў запалы ў першую міну. Не, Дзімін разумеў, што небяспека далёка не мінула, наадварот, для яго яна, можа, стала яшчэ большай, але ўсё роўна радаваўся. І радасць у яго была харошая і ў той жа час крыху злая.

На дварэ свіснуў паравоз і заляскалі буферы: мусіць, прывезлі новую партыю знявечаных танкаў. І гэта чамусьці таксама пабольшала радасць.

Скончыўшы з запаламі, Дзімін замкнуў дзверы і ўзлез на падаконнік. Адчыніў акно і пачаў выбірацца. На зямлю ён не споўз, як меркаваў, а ўпаў. Але болю не адчуў і адразу прыслухаўся. На дзіва — цішыня як была, так і аставалася.

Пакуль прабіраўся да руін, навокал таксама было ціха. Але спіна ўсё адно гарэла — так хацелася паглядзець назад, ведаць, што там, ззаду. І цікава, першы пошуг агню ў заводскіх вокнах Дзімін як бы адчуў спіной і, зразумеўшы, што сваё ён зрабіў, нечакана ўспомніў Дору, дачку, невядомы, але ўжо дарагі атрад. Успомніў і зноў затрапятаў ад радасці.

 

Раздзел чацвёрты

 

1

Мінск занепадаў, руйнаваўся. Нават старэлі руіны і каробкі былых дамоў. Ад дажджоў, сонца і вятроў яны выцвілі і ледзьве ліпелі. Нярэдка проста на тратуары з іх абвальваліся карнізы, балконы, паднімаючы — няхай гэта здаралася ў дождж ці снег — клубы сухога рыжага пылу. На грудах цэглы, ля падножжа руін, у каробках парос быльнёг. Пахла трухлявай цэглай і цвіллю. Рэдкія ўцалелыя дамы ў камуфляжы нагадвалі акамянелыя плямістыя прывіды, і тое, што ў іх жывуць, было відаць хіба толькі па шыбах у вокнах.

Колішнім аставаўся адзін брук — шызаваты, адшліфаваны. Абмыты восенскімі дажджамі, ён пабліскваў і выглядаў дагледжаным. Але і на ім паміж каменнямі, як адзнака заняпаду і малалюддзя, сям-там пачыналі зелянець не то мох, не то трава.

І хоць на вуліцах праязджалі аўтамашыны, ламавікі, маршыравалі калоны салдат, шпацыравалі вайскоўцы, іншы раз нават з жанчынамі, па адным, па два праходзілі цывільныя, часам нават чулася музыка з казіно, з паркаў, ля тэлеграфных слупоў стракацелі кінаафішы, усё роўна — горад як бы канаў, паволі і ціха.

Як ні дзіўна, гэтае ўражанне знікала толькі ўначы. Цемра хавала знявечаныя кварталы. Ледзь асветленыя рэдкімі электрычнымі ліхтарамі, вуліцы здаваліся цэлымі. Яны спалі, а не памерлі. Ды і самі ліхтары стваралі ілюзію міру і жыцця.

Асабліва страшна горад выглядаў на світанні. Паружавелыя руіны рабіліся гранітнымі, злавеснымі і палохалі сваімі цёмнымі праваламі. Яны ўзнімаліся абапал пустых, безнадзейна мёртвых вуліц маўкліва, пагрозліва, і нельга ўжо было паверыць, што сям-там цепліцца яшчэ жыццё ці што яно можа вярнуцца сюды калі-небудзь.

Сталага прытулку цяпер Міхал Шарупіч не меў. Жыў ён то ў Алешкі, то ў Комліка, то ў другіх падпольшчыкаў. Бяздомнасць абвастрала пачуцці, і Міхал пакутаваў за горад не менш, чым за людзей.

«Які дзікі гвалт учынілі,— думаў ён са скрухаю.— Спапялілі, знявечылі — так, каб і не аднавіць... А тут яшчэ даводзіцца памагаць ім — знішчаць астатняе...»

Праўда, больш прыходзілася сядзець у пакоях — прымаць і адпраўляць сувязных, гутарыць з падпольшчыкамі, але калі Міхалу Шарупічу выпадала выходзіць на вуліцу, думкі пра горад апаноўвалі з новай сілай. Дый Міхал адчуваў яго ў чатырох сценах. Тым больш, што Алешка жыў у зямлянцы, Комлік у бараку, другія таксама ў сутарэннях або ў халупах.

— Ён, Кастусь, заўсёды тут побач,— прызнаваўся Міхал Шарупіч крыху збянтэжана.— І нельга забыцца, што выйдзеш і адразу на цябе насунуцца руіны.

— Няхай насоўваюцца,— рагатаў Алешка.— Мы прывыклі, не страшна. Вы лепш скажыце, што мы рабілі б без іх? Мо і такога падполля не было б, ха-ха! Яны, як лес партызанам, нам дазарэзу патрэбны.— І, каб зрабіць словы больш нагляднымі, чыркаў сябе па шыі пальцам: — Во так!

— Ты не думай, горад — не проста дамы. Гэта — мінулае наша. А кроў? Яна не вада, не высыхае бясследна. Руйнуючы горад, немцы вунь на што замахваюцца. І калі гавораць: нашы гарады толькі замінаюць ім — не хлусяць. А што за краіна без гарадоў?

— Дык мо і ўзрываць цяпер нічога не трэба?

— Чаму? — пакрыўдзіўся Міхал.— Але варта мець і сваё на ўвазе, не вельмі лёгка ставіцца да ўсяго. Вайна думаць людзей развучвае. Развучваешся і ты, Кастусь. Табе ўсё хоць бы што. Помніш, як горад гарэў?.. А цяпер таварышы з гета перадалі камітэту звесткі, што і дзе замініравана немцамі. Патрэбныя звесткі...

Пасля дыверсіі на машынабудаўнічым заводзе галовы — яго і Дзіміна — былі ацэнены на грошы, махорку і спірт. З салдат, жандараў, паліцэйскіх і нават нямецкіх чыгуначнікаў былі створаны спецыяльныя каманды, якія шнырылі па горадзе. Людзей арыштоўвалі па самых нязначных падазрэннях. Але Міхал Шарупіч, якому зрабілі дакументы агента жыллёвага аддзела, не мінаў выпадкаў, каб прайсціся па вуліцах.

Так і гэтым разам: можна было яшчэ жыць у Алешкі, але Міхалу ўжо захацелася змяніць кватэру, прайсціся па вуліцах, пабачыцца з Вандай. Алешка пярэчыў і згадзіўся толькі тады, калі Міхал дазволіў яму пайсці ўслед назіркам і страхаваць.

Сонца, барвовае і вялікае, ужо апусцілася нізка. Край яго дакрануўся да гарызонта, над якім вісела даўгаватае воблачка. Сонца прыйшлося якраз па сярэдзіне воблачка і было падобна на Сатурн, аперазаны кальцом.

Да каменданцкага часу аставалася нямнога. У такую пару ў руіны пачынаюць запаўзаць змрокі і чамусьці абуджаюцца пахі — разбуранага жылля і тлену. Бязлюдныя і без таго вуліцы пусцеюць зусім, і вычварныя абрысы руін набываюць фантастычны выгляд. Становяцца падобнымі на дэкарацыі або рэшткі нейкага старажытнага разбуранага горада.

Бязлюддзе рабіла Міхала прыкметным, і ён збочыў у руіны. Па знявечаных кварталах у розных кірунках пятлялі сцежкі, і людзі хадзілі па іх ахвотней, чым па вуліцах,— можна было выбраць карацейшую дарогу і лішне не звяртаць на сябе ўвагі немцаў.

Абмінуўшы ўскапаную лапінку зямлі, абгароджаную спінкамі згарэлых ложкаў, Міхал раптам пачуў, як нехта, спаткнуўшыся, вылаяўся за яго спіной. Думаючы, што гэта Алешка, Міхал спыніўся і сабраўся чакаць. Але той, хто ішоў за ім, адскочыў за вугал руін і стаіўся там. Міхал Шарупіч зрабіў выгляд, што гэта яго не здзівіла, і падаўся далей, засвістаўшы «Кацюшу».

Хто гэта мог быць? У тым, што чалавек ухіляўся ад сустрэчы, не было нічога дзіўнага: людзі наогул даўно сталі баяцца незнаёмых. І калі цяпер чалавек адстане — значыцца, усё ў парадку: пайшоў другой сцежкай, каб абысці ліха. Але праз хвіліну Міхал Шарупіч пачуў, як нехта спаткнуўся зноў і зноў міжвольна чартыхнуўся.

Гэта ўжо было падазрона. Міхал непрыкметна прыспешыў крок і, дайшоўшы да бліжэйшай каробкі, рэзка завярнуў за яе. Потым абагнуў цагляны ўзгорак-гурбу, што аказаўся за каробкай, і нырнуў у правал у руінах. Не марудзячы, але пільна прыслухоўваючыся, вылез у аконны праём з процілеглага боку і нячутна запятляў па квартале.

Цяпер толькі аставалася непрыкметна перайсці вуліцу і трапіць у наступны квартал. Але думка — куды падзеўся Алешка і ці не папаў ён у бяду? — стрымала Шарупіча.

Ён убачыў Алешку ля знаёмай каробкі. Той бесцырымонна браў папяроску з партсігара незнаёмага чалавека, рагатаў і лез правай рукою ў сваю кішэню.

 

2

Ванда ведала, што а шостай гадзіне сувязная Савецкага райкома павінна прынесці «Звязду» і лістоўкі ўкраінцам, але ніяк не магла развітацца з Віктарам. Істота яе жыла ім і прэгла ягонай блізкасці: «Ну яшчэ, крыху яшчэ...»

Скупая радасць вельмі дарагая, цяжка самому адмовіцца ад яе. Ванда глядзела ў вочы Віктару і адчувала, як сэрца аддаецца ў палон страшнаватаму пачуццю і, заміраючы, млее.

Яны сядзелі непадалёку ад дома, сярод руін, на нейкім ганку, мармуровыя прыступкі якога былі як вымытыя. Віктар гарнуў яе да сябе і ўсё стараўся пацалаваць у губы. А яна, чамусьці баючыся гэтага больш за ўсё, закрывалася рукою, і пацалункі траплялі ў далонь.

Бачачы, як цягнецца яна да яго, і не разумеючы яе страху, Віктар сердаваў. Быў нават такі момант, калі ён сабраўся пайсці, але Ванда затрымала і шчакой прыпала да ягонай рукі. Ён глянуў ёй у вочы і раптам сумеўся — столькі адчаю было ў іх. Яны малілі, закліналі не чапаць, але адначасна і аддаваліся на яго ласку.

— Ты не думай, што я так,— запэўніў Віктар, адпускаючы жанчыну з абдымкаў.— Я пакахаў цябе. Клянуся! Ты патрэбна мне...

— Навошта? — баючыся і хочучы, каб ён гаварыў далей, спыталася яна.— Я нават старэйшая за цябе, Віця. Нашто я табе?

— Учора да мяне завітаў адзін немец. Прасіў, каб я напісаў партрэт, абяцаў марак, спірту, мукі. Яны вельмі любяць, каб іх малявалі... Разгаварыліся. Аказаўся добрым, тупаватым чалавекам. «Прыйдуць нашы,— кажу яму,— пакараюць мяне абавязкова».— «За што? — пытаецца.— Ты ж не памагаеш нам».— «Пакараюць за тое,— адказваю,— што размаўляў з вамі, а не забіваў вас...» — «Не разумею»,— кажа. Але ты ж разумееш, Ванда!

— Гавары больш прасцей.

— Ты патрэбна мне як воля, як паратунак. Я праз цябе толькі і далучыўся да барацьбы. Але хіба гэта тое, што апраўдае мяне?

Яна зірнула на Віктара з надзеяй і зноў прытуліла яго руку да сваёй шчакі, усё яшчэ не могучы паверыць у шчасце. Нешта насцярожвала ў Віктары, часам нават палохала. Задумаўшыся, ён камянеў, твар рабіўся чужы, жорсткі, і лепш тады было не чапаць яго, бо Віктар уздрыгваў і бялеў. Ён ніколі не расказваў пра сябе, бацькоў, ні разу не запрасіў зайсці дамоў. Уваходзіў у пакой да Ванды няўпэўнена, прасунуўшы спачатку ў дзверы галаву і агледзеўшыся навокал. Дый у паводзінах дагэтуль быў стрыманы, нібы апасаўся даць сабе волю, нібы нешта перашкаджала яму рабіць так, як хацелася.

— Спраў хопіць і табе,— супакоіла яго Ванда, пачынаючы шкадаваць Віктара.— Не трэба так хваравіта перажываць усё.

— Тады будзь маёй, памажы...

Ён узяў Ванду за плечы, прыцягнуў да сябе і схаваў твар на яе грудзях. Яна адчула цеплыню яго дыхання і як бы абнемагла.

— Не трэба, Віця, пусці. Я прашу цябе. Навошта?

У гэтую хвіліну з-за вастраверхай сцяны паказаўся краечак агністага сонца. Яго праменні, як здалося Вандзе, пырснулі проста ёй у вочы і асляпілі іх. Яна міжволі заплюшчыла павекі, адхінулася. Але сонца было відаць і так, праз заплюшчаныя павекі, і гэта раптам нагадала ёй смерць дачкі, Брэсцкую шашу і парослы верасам бор пад Стоўбцамі. Калі яна, укленчыўшы перад пясчаным узгорачкам, што схаваў яе Свету, у роспачы заламала рукі, вось гэтак жа вочы асляпіла сонца, якое палала паміж меднастволых сосен.

Па-свойму зразумеўшы яе, удзячны ёй, Віктар так, што цяжка стала дыхаць, прыпаў да грудзей і прыціх. Але Ванда адхіліла яго. Паправіла раскудлачаныя косы.

— Табе пара ісці.

— Я нікуды цяпер не пайду,— запярэчыў Віктар, спадзеючыся, аднак, што яна жартуе.— А калі будзеш праганяць, то не чакай ужо больш. Як хочаш. Выбірай!

Яна паднялася з прыступкі, потым зноў села, толькі на адну вышэй, і абвіла яго шыю.

— Ты харошы, Віця,— бадай што праспявала яна сваім грудным голасам.— Харо-о-шы. Я веру табе. Але зараз да мяне павінна завітаць адна жанчына. Заўтра таксама няможна — раніцай я выводжу з горада ўкраінцаў. Вярнуся праз дзень, тады прыходзь... Ідзі.

Ён спружыніста ўсхапіўся на ногі і стаў да Ванды спіной.

— Не злуй, ідзі,— папрасіла яна і першая пайшла ад ганка, гледзячы сабе пад ногі, але крокаў праз пяць азірнулася.— Хаця пачакай, можа, хутка і вярнуся.

У яе была надзея: на крайні выпадак сувязная магла пакласці газеты і лістоўкі ва ўмоўленае месца — на прызбе пад камень. І калі яны там, ёй няма чаго рабіць дома...

Аднак, калі Ванда адчыніла брамку, кроў кінулася ў твар: на прызбе, ля каменя, сядзеў Міхал Шарупіч.

— А я ўжо затрывожыўся,— устаючы, сказаў ён.— Дзе ты прападала так позна?

Яна ніколі не хлусіла. Тым больш Шарупічу і пры такіх акалічнасцях. Але як і што магла яна сказаць яму цяпер?

— Сустракалася з Бондарам? — спахмурнеў Шарупіч.

Згараючы ад сораму, яна кіўнула галавой:

— Ён яшчэ тут. Чакае ў руінах.

— Неадкладна адпраў. Я праверыў — бацька яго працуе ў гарадской управе...

Жаласліва зморшчыўшыся, Ванда ўсхліпнула, як ікнула, і кінулася назад. Пабегла яна, неяк бяссільна ківаючы галавою, і таму здавалася, што вось-вось упадзе. Ды і ногі запляталіся і кепска слухаліся.

Не дабегшы да Віктара, яна спынілася і, задыханая, быццам стамілася зусім, замахала на яго.

Той не адразу зразумеў яе і, шырока ўсміхаючыся, пайшоў быў насустрач.

Гэта спалохала так Ванду, што яна адступіла і, як бы баронячыся, выставіла перад сабою рукі.

— Не, не трэба! — выгукнула яна.— Я ж казала, Віця, што лепей за ўсё табе пайсці. Не паслухаўся. А цяпер, богам прашу, не пытайся нічога. Ідзі хутчэй, ідзі адсюль!..

Яна прасачыла, пакуль Віктар схаваўся за руінамі, і пабегла назад. Але таго, што нейкі мужчына назіркам пайшоў за ім следам, яна не бачыла.

Міхал Шарупіч, як і раней, сядзеў на прызбе і чытаў нейкую паперку. Камень, пад якім павінны былі ляжаць газеты і лістоўкі, быў адсунуты.

«Ён ведаў схованку,— падумала Ванда.— Але што з ім?»

Рукі ў Шарупіча ўздрыгвалі, нягнуткія пальцы трымалі паперку, як нешта гарачае. Вочы бегалі па радках, і было відно, што ён прымушае сябе чытаць па парадку.

— Друкарня «Звязды» выкрыта. Сёння раніцай арыштавалі Шумскага,— сказаў ён, калі Ванда падышла.— Яго схапілі, як толькі паказаўся з кватэры, дзе начаваў. Зразумела, што здрада. Калі ён апошні раз быў у цябе?

— Тры дні назад. А што? — утаропілася на яго Ванда і, не маючы сілы стаяць, апусцілася на прызбу.— У вас ёсць якія-небудзь падазрэнні?

— Пакуль што няма... Цяпер усё будзе залежаць ад самога Шумскага: вытрымае ці не. Эх, Іван Васільевіч, Іван Васільевіч!

Як ні дзіўна, Шарупічавы словы трохі супакоілі Ванду: значыць, ён не падазрае Віктара. Ды і як яго падазраваць, калі той з Шумскім ні разу не сустракаўся. Але думка — навошта сказала яму пра ўкраінцаў і заўтрашні дзень? — стрэмкаю ўвайшла ў сэрца. «Прыйдзецца прызнацца. Што тут такога?» — паспрабавала яна ашукаць сябе і, апусціўшы вочы, сказала:

— Я прагаварылася Віктару, што заўтра павяду батальён у лес. Гэта дрэнна, а?

Ванда чакала, што Шарупіч закрычыць на яе, і нарыхтавалася маўчаць. Але ён толькі сціснуў сківіцы і заварушыў жаўлакамі — мусіць — большая бяда валодала ягонай увагай. Аднак, прачытаўшы яшчэ раз паперку і спаліўшы яе, упікнуў:

— Мы, Ванда, часта думаем толькі аб сабе. Дрэнна... Маці адправіла ў вёску?

— Ага.

— Глядзі сцеражыся і хоць цяпер рабі, як дамоўлена. Няхай усё будзе добра. Але ў горад без дазволу не вяртайся. Чуеш? Бывай!

Ён узяў яе руку ў шурпатую далонь, паляпаў другой і ссутулены, нібы нёс па плячах цяжар, падаўся да брамкі. А Ванда толькі цяпер здагадалася, што Шарупіч шукаў у яе прытулку, але адмовіўся ад яго і пайшоў, сам добра не ведаючы куды. Ванда абхапіла галаву і ледзь не загаласіла.

 

3

Прачнулася яна на золаку. І хоць спала дрэнна — усю ноч даймалі кашмары,— заснуць не змагла. Клопаты, трывогі апанавалі яе, і ўжо нельга было іх адагнаць.

Не, Ванда баялася не за сябе. Яна прывыкла да няпэўнасцей жыцця і не ўяўляла, як можна жыць іначай. Непакоіла сама справа — ці пашанцуе? — лёс хлопцаў, якія паверылі ёй. Міхал Шарупіч памыляўся, калі ўпікаў яе ў эгаізме. Гэта была проста непрадбачлівасць, шчырасць удавы, у якой абудзілася надзея. Перад магчымым шчасцем жанчына раскрываецца, раскрылася і Ванда — на той момант каралева і нявольніца адначасна.

На адзіноце ж прыйшла цвярозасць. Не сумняваючыся ў Віктару, Ванда, аднак, мусіла прызнацца сабе: так рабіць нішто не давала ёй права, і Шарупіч па-свойму меў рацыю. Было сорамна перад ім, шкада яго, страшна — а што, калі з Шарупічам, за якога яна гатова на ўсё, здарыцца праз яе благое? Палохаў арышт Шумскага — значыць, зноў правал, ахвяры? Віктару тады прыйдзецца таксама ўцякаць з горада! Няўжо дарогі іх разыдуцца і яны не сустрэнуцца больш? Ды і як пашанцуе наогул, калі гестапа напала на след?

Устала Ванда разбітая, з цяжкімі прадчуваннямі. Дом без маці здаўся чужым. Падумала — наўрад ці варта зачыняць аканіцы: будзе падазрона. Успомніла пра кошку і, каб не забыцца на яе пасля, вынесла з дому. Здзівіла — кошка, якая раней была як нямая, раптам замурлыкала.

— Чаго ты, Мурка? Не хочаш, каб я ішла ад цябе? — палашчыла яе Ванда, і такая туга паплыла на сэрца, што яна ў роспачы застагнала і змахнула са шчакі слязу.— Не бойся, я вярнуся яшчэ, дурная.

Каб пераканаць у гэтым і сябе, яна нічога не прыхапіла, толькі апранула лепшае, старанна агледзела сябе ў люстры і пайшла. Кошка пабегла следам, але Ванда, спыніўшы яе нагою, скоранька прычыніла за сабою брамку.

Казармы ўкраінскага батальёна размяшчаліся на Лагойскім тракце — на другім канцы горада. Шарупіч раіў абмінуць цэнтр, і Ванда хутка падалася да Татарскіх агародаў, мяркуючы дабрацца да казарм ускраіннымі вулкамі.

 

Батальён спехам пастроіўся паходным парадкам і рушыў. Адзетая міласэрнай сястрой Ванда паехала на санітарнай фуры, у якую была запрэжана пара сытых, з куртатымі хвастамі першэронаў.

Вуліца выглядала сумнай. Часам толькі насустрач трапляліся гружаныя мяхамі, скрынкамі падводы ды, гулка стракочучы, праносіліся запырсканыя гразёю матацыклісты ў касках і плямістых плашч-палатках. На калону ніхто з іх не звяртаў увагі, і яна, пагойдваючыся, мірна сунулася па бруку. Тупалі падкутыя боты, бразгалі прывязаныя да рамянёў кацялкі, рыпелі колы.

Раздражнялі толькі першэроны з шырачэзнымі крыжавінамі, яны нечакана фыркалі і махалі, махалі сваімі хвастамі-куксамі.

Побач на козлах з вінтоўкай за плячыма сядзеў ездавы — смуглы скуласты хлапец з вузкімі прыпухлымі, як у мангола, вачыма. Ён без патрэбы шморгаў лейцамі і раз-пораз касіўся на Ванду, быццам баяўся не пачуць, калі яна загаворыць.

— Нам далэко іхаць? — не вытрымаў ён нарэшце, аблізваючы абветраныя губы.

— Трэба выехаць спачатку,— слаба ўсміхнулася Ванда.

— Праўда,— згадзіўся ездавы і падагнаў коней: — Нэ-э! Галоўнае — Зялёны Луг. Там кантрольна-прапускны. Вам прыходзілось буваць там калы-небудзь?

— Не.

— Нас, мусіць, дапытваць у лесе будуць? Абяззброяць?

— Навошта?

— Здраднікі ўсё ж, шо ні кажы. А ў мені і бацьку ў трыццаць сёмым арыштавалы. Гэта шчэ дадатак...

Ён нядобра павесялеў. Верхняя парэпаная губа трэснула, і на ёй выступіла кроў. Бачачы, як хлопца апаноўвае крыўда, Ванда паціснула плячыма і працягнула яму хустачку.

— На, вытры. Зняверыўся зусім.

— Ніўжэ нэ зразуміюць, што тэпер міні з гвінтоўкай разлучыцца страшнішэ, чым з жыццём?

— Не бойся, зразумеюць.

— А дэнь быццам спецыяльна для нас,— перавёў ездавы на іншае гаворку, не выцер, а прамакнуў кроў хустачкай і аддаў яе назад Вандзе.— Дзякую. Вы навіць і не знаетэ, шо для нас зрабылы...

Перад самым Зялёным Лугам над калонай з ныючым гулам паволі праляцеў «фоке-вульф». На яго не звярнулі ўвагі, хоць ён, быццам звесіўшы глюгу, прыглядаўся да зямлі. Але, калі «фоке-вульф» развярнуўся і, скасабочаны, пачаў рабіць круг, Ванда затрывожылася. «Што зацікавіла яго? Ці не ведае ён наогул, якія, калі і куды кіруюцца калоны з горада? Гэтага яшчэ не хапала!»

Сочачы за самалётам, Ванда папрасіла паклікаць камандзіра батальёна. Аднак пад’ехаць ён не мог: немца-шэфа разам з яго верным акружэннем абясшкодзілі яшчэ ў казармах, і камандзір рыхтаваўся сам весці размову са старшым на кантрольна-прапускным пункце.

— Не падабаецца мне гэтая рама,— паспрабавала Ванда скіраваць на самалёт увагу ездавога.— Як па-твойму, што яму трэба?

— Воны заўжды тут вісяць. Ось бы шмальнуць у пуза! — адказаў ездавы і шмаргануў лейцамі.— Нэ-э!

Ванда бачыла, як камандзір пад’ехаў да вартавых, казырнуў, перакінуўся з імі некалькімі фразамі і прышпорыў каня. Усё, здаецца, ішло як мае быць, ды трывога не знікала. Не пераканалі і словы ездавога, бо «фоке-вульф», абляцеўшы калону, стаў заходзіць на другі круг.

У акне будкі, ля паста, Ванда нечакана ўбачыла зеленаваты, у сіняках, твар жанчыны. Спалохана-збродлівымі вачыма тая прыглядалася да калоны — некага шукала і, здаецца, варушыла губамі. За спіной у яе стаяў гестапавец і таксама глядзеў на калону. Здагадваючыся, што лепш не сустракацца з жанчынай позіркам, Ванда не магла адвесці ад яе вачэй: нешта вельмі знаёмае было ў ёй — спакутаванай, вінаватай. «Сувязная! — нарэшце пазнала Ванда і тут жа ўбачыла за будкай двух мужчын пад вартай.— Прымусілі выдаваць сваіх...»

Позірк сувязной каўзануўся па Вандзе.

«Пранесла,— падумала яна, закіпаючы абурэннем і агідай.— Як жа ты, здрадніца, будзеш жыць пасля гэтага?.. Але пранесла ўсё-такі. Відаць, дарэмна хвалявалася і наконт самалёта».

Аднак, калі дарога збочыла ўправа і кантрольна-прапускны пункт схаваўся за бярэзнікам, аднекуль вынырнуў «месершміт». У хвасце калоны грымнуў выбух. Пачуліся крыкі, іржанне коней.

Першэроны сталі дыбка, захрыпелі і, як на злом галавы, ірвануліся з дарогі. Фура падскочыла, перамахнула цераз канаву і, калываючыся, панеслася ўздоўж калоны па ўдзірванелай прыдарожнай паласе. Тпрукаючы, ездавы з усяе сілы нацягнуў лейцы, але ашалелыя ад страху жывёліны мчалі наўгалоп, увачавідкі робячыся цямнейшымі ад поту.

Ззаду грымнула зноў.

Паклаўшы вушы, першэроны наддалі хуткасці. Адзін з іх ударыўся заднімі нагамі аб перадок, з лютасці і болю грызануў другога, і нельга было даць ім рады.

Так яны вынеслі фуру да новай павароткі дарогі.

Але тое, што ўбачыла Ванда, было страшнейшае за іх шалёнасць. Не вельмі далёка, там, дзе дарогу перасякала другая шаша, стаялі танкі. Ужо не разважаючы, Ванда адштурхнулася ад козлаў і скокнула. Следам за ёй скаціўся і ездавы.

У момант падхапіўшыся, не адчуваючы ў гарачцы болю, яны кінуліся назад. І толькі перадаўшы камандзіру батальёна, што на скрыжаванні дарог танкі, Ванда пахіснулася. Ногі ў яе падламаліся.

— Дывысь за нэю,— загадаў ездавому камандзір і, аддаючы распараджэнні, пабег у хвост калоны да супрацьтанкавай гарматкі.

Батальён разгарнуўся як для атакі і рушыў абапал шашы: іншай рады, як прабівацца, не было.

«Месершміт» некуды знік. «Фоке-вульф» жа зайшоў збоку і даў доўгую — пакуль пралятаў паблізу — чаргу з кулямёта.

Ездавы сілаю прыціснуў Ванду да зямлі, прыкрыў сабою. Потым, пасадзіўшы яе, пацягнуў за вывіхнутую нагу. Боль, прастрэліўшы наўскасяк цела, патрапіў дакладна ў сэрца, і яно на міг зайшлося. Але пасля стала лепш. Ванда здолела ўстаць. Ездавы прымусіў абняць яго, і яны пашкандыбалі за ланцугамі, трымаючыся бліжэй да бярэзніку.

На шашы, на прыдарожных палосах узляцела зямля — там, тут. Некалькі чалавек упала. У ланцугах замітусіліся, пайшлі подбегам.

Але праз хвіліну запанавала цішыня, і ўзмоцнены дынамікам голас, як здалося аднекуль зверху, прапанаваў скласці зброю.

— ... адна мінута! Больш паўтараць не будзем. Выбірайце!

У адказ пачулася лаянка — лютая, адборная. Клялі, лаяліся, мабыць, многія, бо над ланцугамі павіс гул. Супрацьтанкавая гарматка, якую паспелі падкаціць ужо да павароткі, раптам тузанулася і вырыгнула полымя.

Не бачачы яшчэ, па кім тая страляе, Ванда неяк душою ўгадала, што снарад папаў у цэль і, каб убачыць усё на свае вочы, прыбавіла кроку. Наперадзе, куды страляла гарматка, узняліся клубы дыму. Разлёгся выбух. Але ў той жа момант на батальён абрушыўся шквал агню. Ланцугі спыніліся, залеглі. Ездавы скінуў з плячэй руку Ванды і штурхануў яе ў спіну. Упаўшы, яна інстынктыўна хацела падняць галаву, агледзецца, ды ён не даў ёй зрабіць і гэтага.

Перад імі аказаўся валун — шызы, парослы мохам. Прыладзіўшыся, ездавы пачаў страляць з-за яго, раз-пораз позіркам загадваючы Вандзе не варушыцца.

Па завыванню матораў і лязгату гусеніц яна зразумела, што танкі пайшлі ў атаку, і ўсё сцялося, заныла ў ёй. Не могучы ўжо так ляжаць, яна выняла з санітарнай кайстрачкі гранату, пісталет і па тым, што ездавы не перашкодзіў зрабіць гэтага, здагадалася — набліжаецца самае страшнае.

Калі Ванда выглянула з-за валуна, гарматкі ўжо не было, а на месцы яе гарэў танк. Языкі полымя лізалі яго чорныя барты і віхрыліся над вежай. Яму на дапамогу спяшаліся другія танкі, паліваючы ланцугі з кулямётаў. За імі, прыгінаючыся, беглі аўтаматчыкі.

Метраў за сто ад пярэдняга ланцуга, крутнуўшыся на месцы, спыніўся яшчэ адзін танк. З люкаў пачалі выкідвацца танкісты. Яны падалі на зямлю нязграбна, нібы былі ў скафандрах, і на карачках адпаўзалі ад танка. Але астатнія раслі ўвачавідкі, і ўжо не было сілы, якая спыніла б іх.

Некалькі чалавек у ланцугах усхапіліся і, кідаючы зброю, пабеглі з перакрыўленымі ад страху тварамі. Усхапіўся і камандзір батальёна. Падняўшы пісталет і нешта крычучы, ён пачаў страляць угору. Але ў грудзі яму, мусіць, ударыла чарга, бо ён пахіснуўся і ўпаў дагары, раскінуўшы рукі. Уцекачы ж падалі потырч, быццам у яму.

Высякаючы іскры, чарга паласнула па валуне. Ездавы ўскрыкнуў і перавярнуўся на спіну. На твары выступіла нежывая бледнасць, прыпухлыя, як у мангола, вочы сталі западаць.

— Параніла? — жахнулася Ванда.

— Эге ж,— з выдыхам слаба адказаў ён.— Шкода, Ванда, ох, як шкода!..

А танкі ўжо душылі ўцекачоў, і гусеніцы іх былі ў гразі і крыві.

Да валуна набліжаліся аўтаматчыкі. Патроны ў пісталеце Ванда ўжо ўсе расстраляла. Аставалася толькі граната. Ванда вырвала загваздку і прыціснула гранату да грудзей. На вочы ад напружання набеглі слёзы. Вельмі захацелася развітацца з маці, з Віктарам, з Шарупічам, нешта растлумачыць ім, пакаяцца. І калі аўтаматчыкі спыніліся ля яе, яна разняла пальцы. Белы халодны пошуг асляпіў Ванду, і ў ім патанула ўсё...

 

4

Алешка і Комлік выйшлі да яго адначасова і пакрочылі побач.

— Трэба пагаварыць, Бондар,— сказаў панура Алешка.— Хадзем у руіны.

Адступіўшы, Віктар упяў лупатыя вочы на яго, але астаўся амаль такім жа вялым, павольным, як і дагэтуль. Толькі пяцярня, якой ён пачаў зачэсваць назад сухія бялявыя валасы, уздрыгвала.

— Хутка! — вымучана ўхмыльнуўся ён, кінуўшы зачэсвацца, і правёў далоняй па твары.— Ну што ж, так, мабыць, лепш. Куды ісці?

— Вядома, лепш,— холадна згадзіўся Алешка.

Па вуліцы праехаў «чорны воран» — паліцэйская машына з вялікім глухім кузавам і адзіным закратаваным акном ззаду — у дзвярах. У акне невыразна бялелі застыглыя твары ахоўнікаў. За машынай, трымаючы пэўную дыстанцыю, ехаў эсэсавец на матацыкле, стракатанне якога заглушала ўсе астатнія гукі. Эсэсавец сядзеў за рулём горда і не глядзеў на тратуары, а азіраў іх. Параўняўшыся з Алешкам, Бондарам і Комлікам, ён, ледзь павярнуўшы галаву, непрыступным варожым позіркам кальнуў іх. Эсэсавец усё-такі адчуў усхваляванасць гэтых траіх, бо міжвольна прытармазіў. Але амбітная варожасць не дала яму спыніцца, і ён зноў прыбавіў газу. Ды і падпольшчыкі з Бондарам ужо збочылі ў руіны.

— Што з Вандай, няўжо загінула? — няўпэўнена спытаўся Віктар, калі стракатанне матацыкла сціхла і Алешка з Комлікам пайшлі спакайней.

Віктарава пакорлівасць бянтэжыла трохі Алешку, але падзеі апошніх дзён так разлютавалі яго, што ў ім усё кіпела. Хоць і выходзіла — Віктар нават як бы разам з імі схаваўся ад эсэсаўца ў руінах, гэта не хацелася браць у разлік. «Убіваецца ў ласку. Або проста размазня, скіс»,— падумаў Алешка і, каб у правакатара не асталося асаблівай надзеі, адказаў, не паглядзеўшы на яго:

— Табе лепш ведаць.

— Але, але,— затараторыў той, нешта пераймаючы ад бацькі.

— Хопіць балбатаць,— буркнуў Комлік і пхнуў Віктара ў бок.— Мо яшчэ закрычаць захочацца?

Віктар спатыкнуўся, ледзь не ўпаў. Неяк зацкавана зірнуўшы на Комліка, здагадаўся: ісці асталося недалёка, і тут яго канваіры адчуваюць сябе бадай што ў бяспецы. Ён зябка перасмыкнуўся і, ведаючы, што да Комліка лепш не звяртацца, папрасіў Алешку:

— Добра было б, каб вы выслухалі мяне... Я толькі ўчора сам даведаўся, што перадаваў вам мечаныя бланкі аўсвайсаў і прапускоў. Мяне ашуквалі таксама...

— Ану,— прыкрыкнуў Комлік,— сціхні!..

Яго завялі ў сырое цёмнае сутарэнне са скляпеністай столлю. У нос ударылі пахі цвілі, і гэта скаланула Віктара. Калі вочы прывыклі да цемрадзі, ён убачыў трох чалавек, якія стаялі паўкругам перад ім. У сярэднім, каржакаватым Віктар пазнаў мужчыну, з якім выпадкова сустрэўся некалі ў Ванды.

— Ты абвінавачваешся як прадажнік,— глуха пачаў Шарупіч.— Праз цябе арыштавалі нашага рабочага-падрыўніка і сувязную. Па тваёй віне загінула Ванда, знішчаны цэлы ўкраінскі батальён. Што ты скажаш у сваё апраўданне?

З усяго, што Віктар пачуў, самае страшнае было — «загінула Ванда». Ён заплюшчыў вочы і пахіснуўся. Ён выдаў Ванду! Яе кроў на ім! Праўда, прызнанне, што яна павядзе батальён, у яго вырвалі катаваннямі, ды і, выдаючы яе сакрэт, ён спадзяваўся, што Ванда з украінцамі ўжо далёка і немцы нічога не паспеюць зрабіць. Але хіба гэта апраўдвае яго? Ванды ж няма! Няма!..

— Так, я вінаваты,— ледзь паварушыў Віктар вуснамі, з новай сілай адчуваючы пах цвілі. Сырасць і гэты пах як бы праніклі ў яго і холадам пацяклі па целе. І, сцепануўшыся, ён заспяшаўся: — Уцягнуў мяне ў гэтую багну Яноўскі, таварышы! Ён даў мне і бланкі аўсвайсаў... Калі яго забілі, я думаў, што вызваліўся. Дый наогул у іх нічога не выходзіла, усё пачыналі толькі... Але пасля спаткання з Вандай мяне нечакана выклікалі ў СД. Падзякавалі — мае аўсвайсы памаглі схапіць падпольшчыкаў.

— Гніда...— працадзіў праз зубы Алешка, але Шарупіч нахмурыўся і ён змоўк.

— А цяпер скажы, чаму ты расказаў пра батальён? — спытаўся Міхал, нават здзіўлены, што адзін вось такі слімак мог загубіць столькі людзей і нанесці такую шкоду падполлю.

Віктар перасмыкнуўся.

— Яны пагражалі, што паведамяць вам пра бланкі. Потым білі... Але я прызнаўся толькі тады, калі Ванды не магло быць у горадзе.

— Чаму яны выпусцілі цябе?

— Мне было загадана шукаць вас...

— Ты, гніда, ведаеш, што ў нас няма турмаў? — зноў не вытрымаў Алешка.— Ды я ж з тваёй скуры рамянёў накрою і павешу цябе на іх!

Гэтым разам Шарупіч не перапыніў яго, адвярнуўся ад Віктара і, адышоўшы, пачаў раіцца з таварышамі...

Выйшаў ён з сутарэння бледны, яго нудзіла. Вельмі хацелася вымыць рукі, твар. Падумалася, што добра было б зайсці на хвілінку да Комліка, але на явачнай кватэры ля Старажоўскіх могілак чакаў рабочы з гарбарнага завода. Трэба было дамовіцца, каб як мага хутчэй пераправіць партызанам нарыхтаваныя скуры, і Шарупіч хутка закрочыў на Старажоўку.

Недзе на Стара-Віленскай вуліцы да яго прыбілася сука. Худая, калматая, з лінялай і не вылінялай поўсцю, яна прынюхвалася, глядзела на Міхала тужлівымі вачыма і бегла следам. Сука не адстала нават тады, калі ён тупнуў нагою і кінуў у яе камень. Але потым падумаў, што так ісці з ёй мо і лепей — менш падазрона. Цмокаючы губамі і ляпаючы сябе па кішэні, Шарупіч паспрабаваў падазваць яе, аднак сука спынілася таксама.

«Во Арына спалохалася б,— сумна ўсміхнуўся ён, і думкі скіраваліся да сям’і, жонкі.— Як яны там? Мабыць, адзін Яўген толькі і малайчына...»

На Старажоўскай вуліцы, у скверы — здратаваным і страшэнна ўбогім — сука нечакана абагнала яго. Шарупіч зноў цмокнуў губамі і раптам аслупянеў. З другога канца сквера па алейцы насустрач яму ішоў Шумскі. Быў ён у шэрым капелюшы, у старанна адпрасаваным такога ж колеру макінтошы і жоўтых новых туфлях. Усяго гэтага Шарупіч на ім не бачыў.

«Што за чартаўшчына? — не паверыў сабе Міхал і тут жа здагадаўся: — Здрадзіў!..»

Сумненняў не магло быць: ззаду Шумскага, трымаючы правыя рукі ў кішэнях, ішлі двое — мардатых, бравых, у цывільным. Яны весела размаўлялі паміж сабою, але адчувалася, што ўся іхняя ўвага — на Шумскім.

Уцякаць было позна. Дый думка: «Ага, усё-такі яму не давяраюць, калі вось так ідуць следам і віжуюць, як аўчаркі»,— дала нейкую надзею. Да таго ж, здавалася неверагодным, што Шумскі, з якім разам аднаўлялі падполле і столькі перажылі, удзень на вуліцы прадасць яго, Міхала.

Сабраўшы ўсю волю, Шарупіч свіснуў сучцы. Тая, як на дзіва, спынілася і павярнула галаву. У гэты ж момант Шумскі параўняўся з Міхалам. «Павітаецца — усё, прапаў,— падумаў Міхал Шарупіч.— Пройдзе — можа і не зачэпяць...»

З моцна сцятымі сківіцамі, ад чаго шчокі здаваліся нібы абчасанымі, Шумскі прайшоў міма. Душачы жаданне разгледзець яго, Міхал таксама размінуўся з ім як з чужым. На шчасце, сука пабегла побач, і гэта чамусьці надало сілы.

Тут, як на тое, руін не было, і ні схавацца, ні пабегчы ён не мог. Міхал збочыў у першы, што трапіўся, двор і агледзеў вуліцу — ні Шумскага, ні ягонай аховы відно не было.

Чаму здраднік не выдаў яго? Мабыць, яшчэ не да канца прадаўся, нешта яшчэ асталося ад чалавека. А можа набівае сабе цану, цягне. Ведае, што цацкаюцца з ім, пакуль патрэбен, пакуль не абсмокчуць дарэшты. А можа шукае на ўсякі выпадак сведкаў: яны, маўляў, могуць пацвердзіць, што меў магчымасць выдаць і не выдаў. «Не, гад, апраўдання ўжо не будзе. Пралітую кроў не мераюць літрамі», — падумаў Міхал, і лютасць, што ўскіпела ў ім, вярнула вытрымку.

Ён выйшаў з падворка і накіраваўся далей. Але неўзабаве яго чакаў новы ўдар. У акне явачнай кватэры не аказалася альясу, які гаспадар абавязкова ставіў на падаконнік, калі дазваляў зайсці. Не спыняючыся, Міхал прайшоў міма, ахоплены нядобрай упартай рашучасцю...

Ля барака, дзе жыў Комлік, стаяла паліцэйская машына. Два рослыя эсэсаўцы выводзілі за рукі раскудлачаную ў распаласаванай кофтачцы Комлічыху, якая вырывалася і крычала. Па шчаках яе цяклі слёзы, кроў.

Разумеючы — у адчаі жанчына можа паклікаць яго на дапамогу, Шарупіч перайшоў на супрацьлеглы бок вуліцы: яму, чаго б гэта ні каштавала, трэба было астацца на волі. Трэба! Каб перадаць праўду аб правале, выкрыць здраднікаў, назваць тых, хто сумленна загінуў. Бо гэта неабходна не толькі для далейшай барацьбы, а і для будучага мірнага жыцця. Непрыкметна Міхал намацаў за поясам пісталет, што захапіў з сабою, ідучы на суд. Як ён дарэчы яму сёння!..

Але тое, што Міхал перайшоў на другі бок, насцеражыла эсэсаўцаў. Упіхнуўшы Комлічыху ў машыну, яны знакамі загадалі яму падысці.

Зрабіўшы выгляд, што не заўважыў іх жэстаў, Міхал завярнуў за рог і схаваўся ў брамцы. Потым перасек двор і, чуючы за спіной тупат, пабег агародамі.

— Хальт, хальт! — загалёкаў эсэсавец, і калі Міхал нырнуў у руіны, даў чаргу. Кулі прасвісталі высока над галавой; відаць, эсэсавец толькі здагадваўся, куды кіруецца ўцякач.

Квартал гэтых руін Шарупіч ведаў слаба і праз хвіліну трапіў у тупік. Абламваючы пазногці, пачаў узбірацца на глухую сцяну.

Ён убачыў эсэсаўца, калі быў ужо на сцяне. І ў гэты ж момант адчуў, як нешта жалезнае, гарачае ўвайшло ў плячо. Міхал застагнаў, схапіўся за апаленае месца і ўпаў са сцяны.

Прытомнасці не страціў. Усведамляючы, як гэта важна першаму ўбачыць зноў эсэсаўца, нарыхтаваўся і стаў чакаць. І калі над сцяною паказалася галава ў пілотцы, націснуў курок.

 

5

Прыклаўшы пад кашуляй да раны хустачку і прыціскаючы яе рукой, Міхал пабег. Куды? Пакуль што — як мага далей ад глухой сцяны. Квартал быў так разбураны, што па ім не праклалі нават сцежак. Пятляючы паміж руін і каробак, Міхал усё ж перасек яго. Намаганнем волі прымусіў сябе непаспешліва перайсці бязлюдную вуліцу.

У новым квартале пабег зноў, са злой іроніяй успамінаючы Алешкавы словы пра руіны. «Дзе ён цяпер?» Стала зразумела, што спадзявацца на яго дапамогу нельга. Праўда, Комлік на заводзе не працаваў і з Алешкам не быў звязаны. Але некалі яны дзейнічалі заадно, іх бачылі разам. Дый сам Міхал не меў права ісці туды: яго прыход мог стаць прычынай правалу Алешкі, а значыць, і ўсёй заводскай арганізацыі. Аставалася толькі адна запасная канспіратыўная кватэра, у якую Міхал Шарупіч да гэтага ніколі не заглядаў. Але знаходзілася яна на другім канцы горада, недзе на вуліцы Горкага, дзе вырас цэлы пасёлак з зямлянак, і дабрацца да яе было гэтак жа цяжка, як выбрацца з горада.

Міхал разумеў, што ўсе выхады з Мінска перакрыты гестапа, што спрабаваць выйсці з яго можна толькі ўначы, ды і то абходным шляхам. Але, ведаючы горад як старажыл, Міхал раптам жахнуўся — ён не знаў, як выйсці з горада не вуліцамі.

Хустачка набрыняла крывёю, і Міхал адчуваў, як кроў, накапіўшыся, раптам струменьчыкам пралівалася ўніз.

У трэцім ці чацвёртым квартале ён знайшоў пад руінамі сутарэнне і зайшоў у яго. Рана балела, і, не могучы сесці так, каб не разверадзіць яе, прытуліўся да сцяны і паволі асунуўся на зямлю, трымаючыся за рану абедзвюма рукамі. Ад страты крыві ўсё здавалася хісткім, вочы засцілаў туман. Таму самае галоўнае было суняць кроў, каб хустачка прыкарэла да раны. І Міхал замёр у нерухомасці.

Калі сцямнела, ён усё-такі выбраўся з сутарэння і, хістаючыся, паплёўся ў напрамку вуліцы Горкага.

Да жаданай зямлянкі дадыбаў, кепска ўжо ўсведамляючы, куды і чаго ідзе. Яго як бы вяла нейкая сіла. Яна была не ў ім і дзейнічала самастойна, незалежна ад яго, але на дзіва паслядоўна і разумна. У Міхале ж жылі толькі бязмерная стомленасць ды адчуванне вялікай бяды.

«Якое няшчасце! Хто вінаваты ў ім? — біліся думкі.— Бондар і Шумскі — гэта не ўсё, і пачыналася, мабыць, не з іх... Як мяне прымуць гаспадары кватэры? Ды ці прымуць? Паніка, відаць, апанавала шмат каго. А выратавацца трэба. Абавязкова, насуперак усяму... Не прымуць — буду выбірацца з горада. Тут ужо недалёка...»

Як і было дамоўлена, Міхал з пэўнымі паўзамі тройчы пастукаў у дзверы. Але, калі яны адчыніліся, схапіўся за рану і потарч упаў у зямлянку.

 

...Ён расплюшчыў павекі і зажмурыўся зноў: такое яркае белае святло хлынула яму ў вочы. Гэта вельмі збянтэжыла — дзе ён? Так светла ў зямлянцы быць не магло. Значыць... Каб не выдаць сябе, што апрытомнеў, і тымчасова сабрацца з думкамі, Міхал крыху расплюшчыў адно вока і праз вейкі агледзеў пакой.

Па ўсім гэта была бальнічная палата. Дый побач з ложкам, на якім ляжаў Міхал, стаяў задуманы пажылы мужчына ў белым халаце і заклапочана кусаў вус. Ён, напэўна, нешта вырашаў, бо трудна правёў далоняй па твары і, узяўшы ў жменю падбародак, астаўся так колькі часу. Але пасля вус яго нечакана і хітранька таргануўся, і цёмныя вочы пад густымі брывамі ажылі.

— Ну-ну, Шарупіч, давайце прачынацца,— сказаў ён, і Міхал па тоне, па тым, што мужчына звярнуўся да яго, як да малога, здагадаўся — урач.— Неўзабаве і да сваіх можаце падавацца. Сустрэнеце там Стахава — перадайце яму мой ніжэйшы паклон...

Зрабіўшы выгляд, што гэтыя словы яго не датычаць, Міхал аблізнуў сасмяглыя губы і пачаў разглядаць мужчыну адкрыта.

Раптам Міхал заўважыў, як той змяніўся з твару і пачаў нервова шморгаць за матузкі на рукаве халата. Гэта прымусіла насцеражыцца і скасіць вочы. Каля ўрача, аказваецца, стаяла высокая жанчына з застыглым сумным тварам. Яна таксама захвалявалася і, тужліва скрывіўшыся, нясмела дакранулася да халата ўрача. Па шчаках у яе пацяклі слёзы.

— Дык вы, прафесар, кажаце, што яму трохі палегчала? — загаварыла яна захліпаючыся.— Не ведаю, чым я і аддзякую вам. Гэткае няшчасце. Божа мой, божа!..

— Супакойцеся, самае страшнае прайшло,— сказаў мужчына ў белым халаце і павярнуўся да дзвярэй.— Вы да мяне?

І толькі тут Міхал убачыў трэцяга — на парозе стаяў нізкарослы з жывоцікам эсэсаўскі афіцэр. Ён падрыгваў нагою і з вясёлым здзекам глядзеў на ўсіх.

— Хто гэты хворы? — спытаўся ён па-руску замест адказу.

— Мой муж,— сказала жанчына і выцерла далоняй слёзы.

— Я хачу слухаць не вас...

— Ён толькі што з аперацыйнага стала,— азваўся ўрач.— Я растлумачу, калі пойдзем.

— Прашу дакументы.

Жанчына ўзяла з табурэткі сумачку і пачала ў ёй нешта шукаць.

Страх, мусіць, прыходзіць да чалавека, калі ў яго крыху яшчэ асталося сілы. Міхал глядзеў на эсэсаўца амаль абыякава. І калі што цікавіла яго, дык гэта жанчына. Хто яна? Хутчэй за ўсё гаспадыня канспіратыўнай кватэры. «Во бедная!..»

У ёй было штосьці знаёмае, і гэта трывожыла таксама. Дзе ён сустракаў яе? Калі? Адказ круціўся недзе блізка, але не прыходзіў. «Дзе, дзе?» Потым нешта асяніла Міхала, і ён успомніў — Старажоўскія могілкі, папа ў зіхотнай рызе, шарэнгу трун і высокую жанчыну ў чорным плацці з дзвюма бялявымі дзяўчаткамі-блізнятамі. І такая павага да гэтай гаротніцы, якая, нягледзячы ні на што, асталася вернай сабе, прыйшла да Міхала, што вочы патанулі ў слязах.

— Руку,— ледзь паварушыў ён вуснамі.

Невядома як, але яна зразумела яго і, кінуўшы шукаць дакументы, працягнула руку.

Ён дакрануўся губамі і ў знямозе заплюшчыў вочы.

Не, калі б яму пагражала небяспека і пакуты ў сто разоў большыя, ён і тады быў бы шчаслівы служыць такім людзям і без вагання аддаў бы ім сваё жыццё. Быць разам з імі, браць на сябе іх боль, гора, змагацца за іхняе шчасце — хіба ёсць што вышэйшае на свеце? Няма! Ён, Міхал, ведае гэта цяпер як ніколі. Толькі вытрываць бы, толькі б пузаты карантыш не працягнуў сваёй лапы. І мірны, памяркоўны Міхал прагнуў у гэты момант, бадай, аднаго — няхай лёс дасць яму магчымасць не выходзіць яшчэ з барацьбы, хоць трохі, але пазмагацца. А калі будзе наканавана памерці, дык не такім бездапаможным, а ў бойцы, не наклікаючы небяспекі на другіх.

Дзверы стукнулі. Міхал адчуў — пайшлі прафесар і афіцэр. Пераканаўшыся ў гэтым, позіркам папрасіў жанчыну схіліцца да яго. Заўважыў, які ў яе пабляклы, але ўсё яшчэ прыгожы твар, якія прыгожыя, ачышчаныя пакутамі вочы.

— Што чуваць аб прычынах правалу? — спытаўся ён, удзячны ёй за вытрымку і нейкі матчын дотык пальцаў, якія ляглі на ягоныя вусны, не даючы гаварыць.

— Усё пачалося, відаць, з Кастрычніцкага райкома,— горка адказала яна.— Туды трапіў правакатар... Памог і нейкі Суслік, які, кажуць, часам на пасяджэннях гаркома нават прысутнічаў. Ён якраз заданне выканаў, вярнуўся з лесу і напіўся з радасці ў забягалаўцы. А шуцпаліцаі тут як тут. Пацалункі пайшлі, ну, Суслік і пахваліўся. «Я, кажа, і ёсць той чалавек, за галаву якога тысячы даюць...» А цяпер нейкая група дэсантнікаў паявілася. Кажуць, што прыляцелі з-за лініі фронту, каб уручыць узнагароды падпольшчыкам. Таму прапануюць усім сабрацца на сход...

— Правакацыя! — варухнуўся Міхал, намагаючыся падняцца.— Гестапаўская штучка!

Жанчына спалохалася.

— Ляжыце, ляжыце... Вам трэба як мага хутчэй ачуняць... І больш ні слова...

 

6

Трымаючы рукі на грудзях, Арына глядзела на мужа і ніяк не магла ўстаць — ногі не слухаліся яе. Паднялася яна толькі тады, як да Міхала падбеглі Яўген з Лёдзяй, і ён, падхапіўшы на рукі, прытуліў іх да твару. Але і тады Арына пайшла да яго як пасля хваробы — ногі ў яе запляталіся, падкошваліся. Абняўшы Міхала разам з дзецьмі, яна таксама як бы павісла на ім.

Плачучы і смеючыся, Арына гарнулася да яго і верыла і не верыла яшчэ ў шчасце.

Міхал апусціў дзяцей на падлогу, абняў жонку, пацалаваў. А яна, скалануўшыся, замерла ў яго на грудзях.

У зямлянцы было цемнавата. Але, пачуўшы ціканне ходзікаў, Міхал адшукаў іх вачыма і з замілаваннем падумаў: «Ну і Арына, узяла ўсё-такі...» Удыхнуў родны, дарагі пах.

— Як вы тут? — спытаўся ён нарэшце, не паказваючы, што яму баліць рана.— Дзе, Лядок, лепш — дома ці ў лесе?

— Па адным тут, па другім там...

Ды Арына неяк душою адчула, што яму дрэнна, спалохалася і пацягнула да стала ля акенца.

— А ты сядай, Міша, сядай,— заспяшалася яна, падсоўваючы нагою зэдаль і ўглядаючыся ў змучаны мужаў твар.— Навошта ты браў іх на рукі. Пакажы!

Бінт на грудзях сапраўды набрыняў крывёю. Арына залямантавала, схапілася за галаву. Дзеці, якія пачалі былі наперабой хваліцца кожны сваім, адразу прыціхлі.

— Нічога, маці, расказвай,— папрасіў Міхал.

Яна зноў адчула, што гэта яму вельмі важна, і слаба ўсміхнулася.

— А што расказваць. Жылі спачатку ў Лядах, а цяпер вось у лесе. Тут пякарня, майстэрні. Я хлеб пяку. Часам швачкам памагаю. Шкада машыны нашай няма... Баліць?

— Не вельмі, маці.

— Ты адзін прыйшоў?

— Не, групу хлопцаў з лагера — ведаеш, што на Шырокай вуліцы, прывёў.

— Мо ў шпіталь сходзім?

— Мне ў райком трэба зараз. Правал у нас, маці! Большы чым увесну. Некаторых з сем’ямі арыштавалі. Толькі асобныя ячэйкі ўцалелі. Зноў усё спачатку пачынаць давядзецца... Чым у цябе так смачна пахне? Хлебам?

— Гэта ад мяне, Міша. З пякарні. Дзеці таксама любяць... Які ты стаў, Міша!

Яна трымалася з усяе сілы, але не вытрывала і закрылася далонямі. Між пальцаў прасачыліся слёзы.

Да брыгаднага лагера яны пайшлі разам і з цяжкасцю развіталіся ля паста. Тое, што Арына мусіла астацца і не магла пайсці далей, нават палохала.

У райкомаўскі домік Міхал Шарупіч увайшоў з трывожным, тужлівым пачуццём: кароткая сустрэча з сям’ёй, развітанне з Арынай зусім разверадзілі душу. Па нейкай сувязі падумалася, што і ён вінаваты ў правале — не дагледзеў, мірыўся, з чым мірыцца было няможна. Шмат хто з таварышаў загінуў, трапіў у кіпцюры гестапа, а ён вось жывы, выбавіўся, сустрэўся з жонкай, з дзецьмі. Яшчэ да таго як пайсці да сваіх, Міхал Шарупіч, размаўляючы з Зімчуком і Воранавым, адчуў іх халоднасць. Чаму б гэта? Раней яго сустракалі тут іначай.

Воранаў і Зімчук стаялі, схіліўшыся над сталом, і нешта адзначалі на карце-кіламетроўцы. Убачыўшы Шарупіча, Воранаў насупіўся і згарнуў карту.

— Дык, значыць, згода? — звярнуўся ён да Зімчука і, як бы тое, што зайшоў Міхал Шарупіч, яго не датычыла, адышоў да акна.

— Я за,— сказаў Зімчук.— Але прыйдзецца абмеркаваць на нарадзе. Паслухаем, што скажуць другія.

— Ну, гэта глядзі сам...

Не хаваючы, што не хоча далей гаварыць пры Міхалу Шарупічу, Воранаў шматзначна змоўк і стаў глядзець праз акно на неба. Гэта абурыла Міхала: яму адкрыта не давяралі! Што за лухта! Памяркоўны, самакрытычны, ён мог прыняць і прыняў бы самае жорсткае абвінавачанне і сам без літасці пакараў бы сябе. Але ставіць пад сумненне яго гонар і вернасць!.. Ды што яны — звар’яцелі?

— Мне, можа, наогул выйсці, пакуль вы параіцеся? — спытаўся ён глуха.

Як і раней, разглядаючы неба паміж вяршалін, Воранаў сказаў:

— Ці не растлумачыш, Шарупіч, яшчэ раз, як ты ўцёк? Навошта прыхапіў з сабою ваеннапалонных? Мы вось, калі ты хадзіў да жонкі, думалі над тваёй споведдзю і дагэтуль не высветлілі, дзе ў ёй праўда, а дзе мана.

Міхала скаланула.

— Ну, ведаеш, Воранаў!.. Ты птушак, якія нават увагі баяцца, не сустракаў? Не? Дык вось ведай — ёсць такія. Паглядзіш толькі на іх, у цябе проста цікаўнасць, а ім ужо чорт ведае што вярзецца — каверзы, пасткі. І заўваж, камбрыг, што гэта часцей за ўсё ў тых, якія самі любяць кавалак урваць...

— Ты байкамі мяне не частуй, а адкажы на пытанне.

— Я не маню,— адчуваючы моташнасць, усё-такі ўзяў сябе ў рукі Міхал.— Выйшаўшы з бальніцы, зрабіў, што мог. Выкрыў самазванных дэсантнікаў, і вось з таварышамі, якія былі падрыхтаваны да выхаду з горада,— тут... Але паўтараць гэтага больш не буду. Я ішоў сюды не ратавацца, а паведаміць ЦК, што здарылася. Падполле ж у Мінску ўсё роўна давядзецца аднаўляць. Без яго не толькі нам, але і вам нельга. Так што, калі паможаце — дзякуй, не — буду шукаць іншых шляхоў. А наконт сябе я заўсёды справаздачу дам. Дый дзесятая гэта справа...

— Ну добра,— згадзіўся Зімчук.— Сёння якраз можна звязацца з Масквой. Сядай і пішы...

...Вярнуўся Міхал да сваіх толькі назаўтра ўвечары. Дзяцей у зямлянцы не было. Не хаваючы, што знясілены дарэшты, апусціўся на зэдаль і сядзеў так некалькі хвілін, палохаючы сваім маўчаннем Арыну. Затаіўшы дыханне, яна стала побач, палажыла руку яму на плячо.

— Валя нядаўна прыбягала,— не пытаючыся, што з ім, сказала яна.— Прыходзілі Дора з Дзіміным. Ён якраз заязджаў да яе. Рады... Казалі, каб пацалавала цябе за іх тысячу разоў. Дора з Валяй аж плакалі...

Міхал узяў яе руку з пляча, прытуліў да губ.

— Днямі, маці, лячу ў Маскву, выклікаюць. Зноў астанецеся адны.

— Днямі? — няўцямна перапытала Арына.— Ну што ж... Дзе ты бачыў чалавека, якога вайна рабіла б шчаслівым... Відаць, так і трэба...

 

Раздзел пяты

 

1

— Сіл у нас хопіць, я ўпэўнены. Праўда, мястэчка здорава ўмацавана. На ўскраінах — дзоты. У цэнтры, навокал царквы,— нешта накшталт крэпасці. У сістэму абароны, фактычна, уваходзяць і два гарнізоны, якія ахоўваюць масты на чыгунцы і шашы. Штурм, вядома, будзе цяжкі. Але...— Яша Зарэцкі паправіў скураное паліто, што спаўзала з плеч, і кашлянуў у кулак.— Але нам памогуць падпольшчыкі. Іх трэба толькі натхніць... Мы з камісарам прапануем асобным пунктам запісаць у пратакол смяротны прыгавор Вейсігу. За ўсе яго злачынствы, за нявінную кроў — смерць!.. Я скончыў.

У пакоі было накурана і горача. Апрача членаў бюро райкома, на пасяджэнні прысутнічалі камандзіры і камісары навакольных брыгад і атрадаў. Курылі бесперапынна, і дым шызымі пасмамі плаваў над галовамі. Калі Зімчук адчыніў фортку, пасмы завагаліся і пацягнуліся да акна.

— Хто наступны? — спытаўся Зімчук, шчакой адчуваючы струмень свежага паветра.

— Дазволь мне,— падняўся Воранаў.

— Давай.

— Зарэцкі гаворыць слушна. Але я чуў, што некаторых непакоіць лёс раёнаў дыслакацыі. Сапраўды, на ахову іх брыгады могуць пакінуць не больш як па роце. А атрады і таго менш. Насельніцтва і партызанскія базы, па сутнасці, астаюцца безабароннымі. А да нас ідуць весткі, што рыхтуецца карная экспедыцыя. У Мінск прыбывае дваццаць сёмая ахоўная дывізія СС пад камандаваннем генерал-лейтэнанта фон Рыхерта. Гэта, безумоўна, факты, з якімі нельга не лічыцца. Але фактам з’яўляецца і тое, што найлепшая форма абароны — наступленне. Я прапаную наступаць, таварышы!

Захоплены перспектывамі буйнай, складанай аперацыі, Воранаў ужо жыў ёю і, спяшаючыся, хацеў, каб чаканне будучага бою ва ўсіх стала такім жа нецярплівым, як і ў яго. Як бы атрымаўшы згоду прысутных, ён пачаў развіваць план аперацыі, што выношваў даўно. Моцны, з рэзкімі рысамі твар у яго ажывіўся, на смуглых шчоках паказаўся румянец, і ўвесь ён памаладзеў.

— Як не шкада, ад начнога бою давядзецца адмовіцца,— захапляючыся ўсё больш і больш, казаў ён,— бо ў нас не наладжана ўзаемадзеянне. Можам пастраляць адзін аднаго. Удзень жа праціўнік кіне супроць нас авіяцыю, і яна будзе ўвесь час вісець над галавой. Лепш за ўсё штурмаваць адвячоркам, каб канчатковы разгром і падрыў аб’ектаў закончыць уначы. Але канцэнтрацыю пачнем у бліжэйшых лясных масівах напярэдадні.

Воранаў абвёў прысутных позіркам, прыпыняючыся на камандзірах.

— Аперацыю распачне маладзёжна-камсамольскі атрад,— пазіраючы проста ў гарачыя вочы Яшы Зарэцкага, сказаў ён упэўнена.— Сілаю ў тры роты атрад пачне дэманстрацыю наступлення на мястэчка з поўдня. Гэта дасць магчымасць засяродзіцца галоўнай ударнай сіле — нашай брыгадзе — на зыходных пазіцыях для наступлення з поўначы і паўночнага захаду. Адначасова брыгада «Смерць фашызму», згрупаваўшыся на ўсходніх подступах, нанясе ўдар па ахоўных гарнізонах на мастах, знішчыць іх і гэтым пазбавіць праціўніка магчымасці падкінуць падмацаванне з Мінска. Атрад «Мсцівец» астаецца ў рэзерве... Неабходна, каб заўтра ж камандзіры правялі рэкагнасціроўку...

Стоячы ля акна, Зімчук назіраў, як дзейнічае на людзей разумнае, валявое слова. Усе падцягнуліся. Асабліва востра рэагавалі Яша Зарэцкі і яго камісар Дзімін. Абодва не зводзілі вачэй з Воранава і часта з ухвалаю ківалі галовамі. І ў той жа час Зімчук адчуваў, што ўсе чакаюць яшчэ нечага, магчыма, самага галоўнага, што зробіць аперацыю неабходнай.

— У партызанскім руху няма выключна сваіх задач і мэт,— сказаў ён, падыходзячы да стала.— А калі яны ёсць, іх зноў жа нельга адрываць ад агульных задач бягучага моманту. Каля Волгі разгортваецца найвялікшая бітва, і нам трэба лічыць сябе яе ўдзельнікамі. Там вырашаецца лёс вайны, а, значыць, і будучыня ўсёй радзімы. Я хацеў бы звярнуць вашу ўвагу на адно знамянальнае супадзенне...

Зімчук выняў з шуфляды стала пацёрты ўжо на згібах нумар «Правды», разгарнуў яго, паклаў на стол.

— Вось Кастрычніцкі загад народнага камісара абароны. Як вы ведаеце, у ім гаворыцца, што недалёка той дзень, калі вораг уведае сілу новых удараў Чырвонай Арміі. Сёння атрымана зводка Савецкага інфармбюро. У ёй паведамляецца аб паспяховым наступленні войск Данскога і Паўднёва-Заходняга франтоў. Наш святы абавязак зрабіць так, каб з гэтымі ўдарамі зліліся ўдары партызан...

Так было прынята рашэнне аб разгроме гарнізона ў мястэчку.

Пачалася падрыхтоўка. Стваралі штурмавыя і дыверсійныя групы, вялі разведку, вывучалі маршруты. Партызаны чысцілі зброю.

 

2

З вечара і ўсю ноч імжыў дождж. Голыя галіны дрэў і кустоў пакрыліся шкляной, празрыстай бранёю ільду і выглядалі казачнымі, крыштальнымі. Кранаючыся твару, галінкі не драпалі яго, а толькі ласкава халадзілі. Пры кожным подыху ветру па лесе пракатваліся хвалі шклянога шорхату і шуму.

Раніцай жа асеў малочны туман. Ён быў вільготны і густы. Непадкутыя коні спатыкаліся, падалі на калені, бездапаможна тыцкаючыся ў абледзянелую дарогу. Зімчукоў конь таксама пакаўзнуўся, ударыўся храпай аб зямлю і рассек верхнюю губу. Спрытна саскочыўшы з сядла, Зімчук памог яму падняцца на ногі і з прыкрасцю заўважыў, як вочы каня пацямнелі ад болю, і ён з дакорам скасавурыўся на гаспадара.

— Я, брат, не вінаваты тут. Падкоў не хапіла,— як чалавеку, сказаў ён каню і пайшоў побач, ускінуўшы повад на яго крутую шыю.

Недзе наперадзе гойсалі разведчыкі, справа і злева сунулася бакавая ахова, а ззаду, расцягнуўшыся ледзь не на кіламетр, паволі ішла брыгада: аўтаматчыкі, стралкі, кулямётчыкі, падрыўнікі, петээраўцы, мінамётчыкі. Мірна парыпваючы коламі, каціліся фурманкі шпіталя, супрацьтанкавая гарматка і гордасць брыгады — гаўбіца. Партызаны ступалі няцвёрда, каб не ўпасці, узмахвалі рукамі, як крыламі, але ўсё роўна часта падалі. Чулася прыглушаная лаянка і звяканне металу.

І ўсё-такі туман радаваў Зімчука, бо даваў магчымасць непрыкметна падысці да мястэчка і схавацца ў бліжэйшых лясах. Іменна таму, што аперацыя была дэталёва прадумана, нечаканасць і раптоўнасць нападу мела важнае значэнне.

Неўзабаве, аддаўшы каманду размяшчацца, Зімчук і Воранаў спыніліся на маленькай палянцы, пад вялізным дубам, вяршаліна якога раставала ў тумане.

Адразу пачалі з’яўляцца людзі. Яны вынырвалі з туману, хутка, але старанна казыралі, коратка дакладвалі пра выкананне загаду. Паляна ажыла і напоўнілася гукамі. З лесу таксама даносілася фырканне коней, бразгатанне цугляў, кароткія каманды, трэск галінак.

Воранава, як заўсёды ў такіх выпадках, апанавала радасная ўзрушанасць. Выслухоўваючы данясенні, ён здаволена паціраў рукі і, няздольны перамагчы нахлынуўшых сіл, пачынаў хадзіць каля дуба.

— З такім праціўнікам ваяваць можна,— сказаў ён, спыняючыся насупраць Зімчука і паціраючы рукі.— Ён нявольнік сваіх жа статутаў. Яму не стае свабоднага падыходу да фактаў. Таму і памыляецца. А калі яго пачынаюць біць — асабліва.

— Ты хочаш сказаць, што немцы памыліліся і гэтым разам? — спытаў Зімчук, ведаючы, што ўсё ў камбрыга цяпер жыве боем.

— Безумоўна. Яны не пабудавалі ўмацаванняў на подступах да мястэчка, быццам бы яго прыкрываюць, як і раней, такія гарнізоны, як Мглё ці лесапільны завод.

— І таму?

— Зусім правільна, што штурм мы пачнем імкліва, адначасова з артабстрэлам.

Падышоў начштаба і далажыў, што ўсе атрады занялі ўказаныя ім пункты і чакаюць далейшых загадаў.

— Ну што ж, добра,— паціху, але чамусьці з пагрозай сказаў Воранаў.— Пакуль што ў мяне нічога няма. Няхай сочаць за маскіроўкай і парадкам. Ахову выставіць у нямецкай форме! Усіх, хто выпадкова трапіць на месца днёўкі, затрымліваць. Астатняе — паводле баявога загаду...

Хутка ўсталявалася цішыня.

Праверыўшы пасты і сакрэты, Воранаў таксама прылёг пад дубам, на падрыхтаваную з яловых лапак пасцель, і праз хвіліну захроп: ён мог засыпаць адразу ў любых умовах.

Зімчуку ж не спалася. Поўны думак і турбот, ён паплёўся па лагеры. Знясіленыя вялікім пераходам, партызаны спалі, як забітыя, у розных позах навокала дрэў — галовамі да ствалоў. Угары па-ранейшаму пракатваўся шкляны шоргат. Але стала крыху святлей, хоць туман і не паменшаў.

Пад адным з дрэў Зімчук убачыў Зосю і Урбановіча. Аляксей сядзеў на зямлі, прытуліўшыся спіной да гузаватай бярозы, і драмаў. Зося, паклаўшы яму галаву на калені, спала. У скупым ранішнім святле твары ў іх выглядалі шэрымі, зморанымі. Але нейкі душэўны спакой і ўлагоджанасць былі разліты па іх, быццам і ў сне яны адчувалі блізкасць адно аднаго.

Тыдзень назад давялося ўзаконіць іх шлюб. Па брыгадзе падрыхтавалі загад і ўрачыста абвясцілі яго перад строем. Рытуал спадабаўся Воранаву, і потым наладзілі вясельны абед: зычылі маладажонам шчасця, поспехаў у барацьбе, шумелі «горка!», жартавалі наконт тузіна дзяцей — але толькі пасля вайны. І на Зосю адразу як бы спусцілася вось гэтая ўлагоджанасць...

Убаку, укрытая плашч-палаткай, ляжала Валя. Яна па-дзіцячы скурчылася абаранкам і здавалася зусім маленькай.

З тых, хто быў паблізу, не спаў адзін Кравец. Ён сядзеў на пяньку і, схіліўшыся над бруском, тачыў цясак. Чупрына яго звесілася і амаль закрывала твар. Пачуўшы, як хруснула галінка пад Зімчуковай нагою, ён устрапянуўся, пазнаў камісара і хацеў устаць.

Зімчук спыніў яго.

— Рыхтуемся? — шэптам запытаўся ён і з горыччу падумаў, што некаторым гэты дзень будзе апошні.

— Але, таварыш камісар,— без заўсёднай зухаватасці адказаў Кравец.— Я, Іван Мацвеевіч, надумаўся з бою радавым не вяртацца. Хопіць, пахадзіў. Дзякую, што пры КП пакінулі і Тарбахвата вярнулі.

— Ну што ж, у добры час. Але не зарывайся, бо зноў пасварымся.

У ельнічку Зімчук натрапіў на Сяргея. Падлетак, які нядаўна прыйшоў з Лядаў у атрад, таксама не спаў. Стаўшы на калені над разасланай хустачкай з грудкай бліскучых медных патронаў, ён напаўняў дыск аўтамата. Старанна і дзелавіта ставіў патроны, і дыск усё больш і больш рабіўся падобны на пчаліныя соты.

— Вось крыху бранябойна-запальваючых абмяняў на тытунь,— растлумачыў Сяргей, хочучы выглядаць дарослым і спрактыкаваным.— Я іх вельмі паважаю. Кажуць, што калі прашыеш сцягнікі, агонь з роту шугае. Шкада, што малавата толькі. Праз сем простых — адзін.

— Гармонік дзе?

— У артылерыстаў.

— Узяў-такі?

— А як жа!

— Малайчына. А то засумавалі хлопцы без Стацэнкі... Падыдзеш пазней, я табе гэтых бранябойна-запальваючых яшчэ дам...

Прыйшла думка пра славацкі ўзвод, і Зімчук падаўся шукаць яго.

Пасля падрыву эшалона з кансервамі і віном Урбановічу ўдалося наладзіць сувязь са славакамі і арганізаваць іх пераход у брыгаду. Па ініцыятыве Зімчука са славакаў быў утвораны асобны ўзвод, які правёў ужо некалькі самастойных аперацый. Асабліва ўзводу шанцавала ў засадах. Калі пасля шквальнага агню славакі кідаліся ў атаку, немцы і паліцаі губляліся, бо нейкі час не маглі зразумець, хто атакуе іх. Гарачыя і шчырыя славакі падабаліся Зімчуку, і ён часта праводзіў з імі час. Яны заўсёды ўважліва слухалі яго і бурна рэагавалі. У гэтай аперацыі ўзвод павінен быў штурмаваць паўночна-заходнюю ўскраіну, падавіць дзот і адным з першых уварвацца ў мястэчка.

Зімчук знайшоў славакаў у лагчынцы, паміж цёмных панурых елак. Яны па салдацкай звычцы ляжалі ўпокат, насунуўшы на вушы пілоткі, наставіўшы каўняры шынялёў і шчыльна прыціснуўшыся адзін да аднаго. Тут жа, каля іх, размераным крокам хадзіў вартавы. Зімчук падышоў да яго, і той спыніўся. Шырока, здаволена ўсміхаючыся, прывітаўся і спытаў, ці не трэба падымаць людзей.

Пагаварыўшы з ім хвілін пяць, Зімчук вярнуўся к дубу. Воранаў бесклапотна спаў, злёгку пахропваючы. Твар яго ў сне быў добры і малады. Папярэдзіўшы вартавога, каб пабудзілі праз пару гадзін, Зімчук лёг таксама. Але доўга яшчэ думкі пра будучы бой раіліся ў галаве. Думалася, што трэба склікаць невялікую нараду камісараў атрадаў, парторгаў і палітрукоў рот, схадзіць самому ў атрад «Каліноўскага» — нядаўна арганізаваны і таму як след не правераны ў баі...

Калі халоднае, бледнае сонца ўзнялося над лесам, і брыгада заняла кругавую абарону, Зімчук загадаў паклікаць на нараду палітработнікаў.

Наперадзе быў цэлы дзень, і перш-наперш было важна, каб вораг да часу не выявіў партызан і не парушыў планаў.

 

3

Далёка ў небе ўзняліся белыя і чырвоныя ракеты. І як толькі яны, запавольваючы свой рух, дасягнулі вышэйшага пункту, грымнуў сцішаны адлегласцю залп. Гэта атрад Зарэцкага пачаў дэманстрацыю наступлення.

— Праз пятнаццаць хвілін загавораць гарматы і пойдзем на штурм,— сказаў Зімчук Валі.— Не шкада?

— Чаго?

— Мястэчка... Будуць пажары, разбурэнні.

— Не пра гэта думаецца, Іван Мацвеевіч.

— А ўсё-такі... Але будзь спакойна — у пераможцаў гарады не паміраюць. Цяпер у Волгаградзе, напэўна, жывога месца не асталося. А які ён стане праз дзесяць-пятнаццаць год! Уявіць цяжка.

— Па-вашаму, гарады, як бэз? Чым больш нявечыць іх, тым спарней цвітуць увесну. Так?

— Не, не так. Гарады — таксама байцы. І тыя, што трапляюць у рукі ворага, выклікаюць агонь на сябе. Таму іх не шкадаваць, а паважаць трэба. І клопаты аб іх будуць такія ж, як аб байцах-героях...

Даляцелі артылерыйскія і мінамётныя стрэлы-разрывы: немцы пачалі адказваць на агонь Зарэцкага.

— Я ў групу Урбановіча пайду, дазвольце? — запыталася Валя, уваходзячы ў карэспандэнцкія клопаты.

— Калі ласка. Толькі сцеражыся. Вашаму брату, газетчыку, не так важна быць мужным, як умець захавацца ў баі і не быць баязліўцам.

— Ды гэта, бадай, агульная запаведзь,— засмяялася Валя.

— Ну добра, няхай шанцуе табе, Валюша...

Ідучы следам за сувязным, Валя думала пра Зімчука, пра тое, як было б цяжка, калі б побач не жылі такія людзі.

 

Падрыўнікі размясціліся ў невялічкім алешніку. Наперадзе іх, дзе канчаліся кусты, у канаве ляжаў ланцуг партызан штурмавой роты. Яны павінны былі, блакіраваўшы дзоты праціўніка і знішчыўшы ахову, даць падрыўнікам магчымасць узарваць бензасклад, воданапорную вежу і пуцявыя стрэлкі.

— Радавая карэспандэнтка Верас без вашага загаду з’явілася,— жартаўліва далажыла Валя.

— Добра. Сядай,— кіўнуў Аляксей, астаючыся сур’ёзным.— Сёння горача будзе, таварыш карэспандэнтка!..

Загаварыла партызанская артылерыя. З шыпеннем і свістам над галовамі праляцеў снарад. Валя праводзіла яго вачыма, зірнула на тых, хто быў побач. У вочы кінуліся тры твары: спакойны і стомлены ў Аляксея, узрушаны, з нейкай хітрынкай — у яго суседа, і крыху далей — разгублены і ясны ў падрыўніка, на спіне якога быў рэчавы мяшок з узрыўчаткай.

Партызаны штурмавой роты ўжо вылазілі з канавы і з вінтоўкамі напагатове беглі па ржышчы да недалёкіх, ды чамусьці страшных ігрушавых прысад і ўскраінных домікаў. Рота павінна была наступаць двума ланцугамі, але яны ледзь угадваліся: па полі да мястэчка імкнула проста людская лавіна, над якой несціхана перакатвалася гучнае «ўра!» Нават не «ўра!», а нешта падобнае на трывожнае і радаснае «га-а-а!».

Над мястэчкам узнялося клубкаватае воблака. Разлёгся глухі, басавіты выбух. Валя зноў глянула на Урбановіча, але той не звярнуў увагі на выбух. Ён чакаў моманту, калі група таксама павінна будзе пакінуць укрыцце.

У мястэчку пачаўся пажар. Займалася недзе блізка ад Валінай вуліцы. Валя падумала, што, можа, гарыць якраз яе дом, але тут жа забылася на гэта. Чакаць бою было цяжка. Думкі мітусіліся. Яна то ўяўляла, як, падарваўшыся, памірала Ванда, то як пабяжыць сама па полі, дасягне ўскраінных домікаў, а потым... Але гэтага «потым» ужо і не магла ўявіць.

Урбановіч узмахнуў шанцавай лапаткай і першы ўсхапіўся на ногі. Валя расшпіліла кабуру, выхапіла пісталет і, стараючыся не адставаць, пабегла разам з астатнімі. Яе запоўніла адчуванне лёгкасці і нейкага гулу. Быццам хмель кружыў галаву, хоць успрыняцце навакольнага аставалася выразным і вострым.

Ззаду разарваўся снарад. Другі. Спяшаючыся, застракаталі кулямёты. Заляскалі вінтовачныя стрэлы. Засвісталі кулі, са злосным ціўканнем уядаючыся ў мяккую, адагрэтую за дзень зямлю.

— Зося таксама там! — павярнуўшыся да Валі, на бягу крыкнуў Урбановіч і паказаў шанцавай лапаткай на ланцугі.

— Ты бачыў яе? — таксама крыкнула задыханая Валя.

— Я сачу. Аднаго раненага ўжо адправіла. Не адставай!..

Раптам «ура!» абарвалася. Не дабегшы да грушавых прысад, штурмавая рота залегла і пачала адстрэльвацца. Відаць, яна трапіла пад кінжальны агонь кулямётаў, якія білі адзін з дзота, што быў на ўзгорачку недалёка ад прысад, а другі з кулямётнага гнязда, якое жаўцела каля адной з ігруш.

— Стоп! — скамандаваў Урбановіч і ўпаў у ржэўнік.

На мышастым сібірачку прыскакаў Кравец. Ён прыгожа саскочыў з сядла і зрабіў знак каню. Торбахват нездаволена пакруціў галавою, апусціўся на пярэднія калені і з глыбокім уздыхам паслухмяна лёг. Не затрымліваючыся, Кравец прывітальна махнуў Валі, Урбановічу і, амаль не прыгінаючыся, пабег далей.

Неўзабаве рота дружна перанесла агонь на дзот і прымусіла яго змоўкнуць. Ад пярэдняга ланцуга аддзяліўся і папоўз разорай у напрамку кулямётнага гнязда партызан, у якім Валя пазнала Краўца. Поўз той па-майстэрску, не адрываючыся ад зямлі, ледзь бачны з іржэўніку. Наблізіўшыся да пырскаючага агнём кулямёта і выбраўшы зручны момант, ён нечакана падняўся на адно калена і шпурнуў гранату. Потым усхапіўся, зрабіў імклівы рывок і зноў упаў у разору. На трэцім рыўку кулямёт захліпнуўся і сціх.

Падкацілі супрацьтанкавую гарматку. Яе тонкі ствол таропка намацаў цэль, і з яго вылецеў зыркі сноп агню. Стрэл прагучаў моцна і гулка, і нікога не здзівіла, што першы снарад, трапіўшы ў дзот, развярнуў вугал.

— Вось гэта здорава! — выгукнуў Урбановіч і рынуўся наперад.

Зноў даляцела і пачало налівацца сілаю «ўра!».

Перасеклі агароды, вузкую вулачку. Праз дрывяны склад выбеглі на тэрыторыю чыгуначнай станцыі і некаторы час пятлялі паміж знявечаных таварных вагонаў на запасных пуцях, паміж заржавелых скатаў у тупіках. Адзін састаў гарэў. Каб не абыходзіць яго, папаўзлі пад ахопленымі полымем вагонамі. Валя з Урбановічам першыя нырнулі пад агонь і, адчуваючы спінамі і тварамі гарачыню, перапаўзлі пуць.

Ад станцыйнага будынка даляталі аўтаматныя чэргі, стрэлы і выбухі гранат — там ужо білася штурмавая рота. Другія таксама ўварваліся ў мястэчка, бо гукі бою чуліся адусюль.

Непадалёк ад воданапорнай вежы перад падрыўнікамі вырасла некалькі салдатаў у шэра-зялёных шынялях. Трымаючы вінтоўку напагатове, адзін з іх бег прама на Валю. Крыссі яго расхрыстанага шыняля развяваліся ззаду. Перад ім паблісквала вастрыё цесака, якое чамусьці здалося значна бліжэй, чым у сапраўднасці. Калі яно наблізілася зусім, Валя зноў чамусьці ўявіла Ванду, падняла пісталет і стрэліла. Салдат спыніўся, няўпэўнена павярнуўся назад, зрабіў крок і стаў, нібыта раздумваючы, што рабіць далей. Тады Валя стрэліла яшчэ раз. Ужо ў спіну. На зямлю з непрыемным бразгатам упала вінтоўка, а за ёю ніцма і сам немец.

Гэта адбывалася ўсяго секунды. Пасля Валя ўбачыла Урбановіча і другога нямецкага салдата з паднятай над галавой вінтоўкай. У сваіх вялізных, вышэй кален ботах Аляксей стаяў, расставіўшы ногі і ўзняўшы над сабою, як сякеру, шанцавую лапатку. Кіўнуўшыся корпусам, ён са страшэннай сілай апусціў сваю зброю на вінтоўку салдата і выбіў яе з рук. Валі здалося нават, што яна пачула не ўдар металу аб метал, а якраз знаёмае «гых!», што вырываецца ў дрывасекаў разам з ударам сякеры.

Потым адбылося незвычайнае. Урбановіч схапіў салдата дзвюма рукамі, страсянуў і лёгка падняў над сабою. Адарваны ад зямлі, салдат не мог супраціўляцца і бездапаможна абвяў, як бы паменшаўшы. Патрымаўшы яго так, Урбановіч адхіснуўся назад і кінуў салдата на рэйкі. І зноў Валі пачулася гэтае «гых!».

Аднекуль з’явілася Зося. Цмокнуўшы сяброўку ў шчаку і кінуўшы на хаду Аляксею, што паранілі камандзіра роты, пабегла да станцыі.

Калі воданапорная вежа, пераламаўшыся напал, абвалілася і падрыўнікі кінуліся рваць стрэлкі, Валя таксама падалася да станцыі.

Жоўты будынак гарэў. Над ім самотна схіліліся голыя клёны. Нехта з партызан, прабягаючы па пероне, тузануў за вяроўку ад звона. Знаёмы, трапяткі гук паплыў па наваколлі.

Некалі школьніцай Валя часта вечарамі прыходзіла сюды з сяброўкамі сустракаць паштовы цягнік. Ён прыходзіў, калі ўжо цямнела. Пуць тут быў роўны, прамы. Таму, калі на фоне светлай паласы паказваўся цёмны абрыс паравоза, здавалася, што ён не набліжаецца, а проста расце. Уражанне руху прыходзіла, калі цягнік быў зусім блізка і паўз перон беглі вагоны. Ён спыняўся раптам, і паравоз адразу пачынаў пыхкаць парай. Вокны вагонаў былі ярка асветлены. У вагонах ішло сваё адметнае жыццё. І калі цягнік кранаўся зноў і міма прабягаў апошні вагон з чырвонымі ліхтарамі, Валі заўсёды хацелася быць там, у цягніку.

Так, Валя ўсё прымала як належнае, як вызначанае нечай разумнай воляй. Тое, што адбывалася навокал, не вельмі кранала яе. Яна верыла — усё будзе добра. Вось і цяпер, пачуўшы знаёмы, трапяткі гук станцыйнага звона, Валя з лёгкім сэрцам падумала, што ў жыцці ёй яшчэ многа разоў давядзецца сустракаць імклівыя паштовыя цягнікі, блакітныя экспрэсы. І, магчыма, тут, на гэтай спаленай станцыі, і не адной, а, можа, нават з Алешкам...

 

4

Вейсіг сядзеў у сваім кабінеце і, пануры, праглядаў справы арыштаваных. Шмат каго з іх ён ведаў у твар, і яны паўставалі перад ім, выклікаючы прыкрасць. Пераважна гэта былі простыя людзі — рабочыя, калгаснікі або былыя вучні і студэнты, зноў жа дзеці гэтых рабочых і калгаснікаў. Іх арыштавалі па самых розных прычынах — за дыверсіі, за супраціўленне, за няўплату падаткаў. У турме нават сядзела жанчына, вінаватая ў тым, што падабрала труп забітага п’янымі эсэсаўцамі мужа і на санках прывезла дамоў. Шмат каго схапілі ў часе аблаў і масавых арыштаў.

Пачуўшы страляніну, Вейсіг адсунуў паперы і ўзяў тэлефонную трубку.

Нейкі час яму не адказвалі, потым спакойны і абыякавы голас намесніка далажыў, што партызаны сілаю да трох рот наступаюць на паўднёвую ўскраіну мястэчка.

Стрымліваючы абурэнне, Вейсіг загадаў узмацніць назіранне за наваколлем і выслаць на ўскраіну танкеткі і паліцэйскую роту. Потым пазваніў начальніку турмы і загадаў неадкладна падняць усю ахову і выставіць пасты на сумежных вуліцах.

Паведамляць у Мінск пра напад Вейсіг палічыў дачасным. «Нешта падобнае да мглёўскага эксперыменту,— вырашыў ён.— Хутчэй за ўсё разведка боем. І задача — як след паказаць нашы сілы і гатоўнасць». Вейсіг зноў пазваніў намесніку і, даведаўшыся, што, прыціснутыя агнём да зямлі, партызаны заляглі, аддаў распараджэнне ўзяць іх у клешчы.

Калі ж загаварыла партызанская артылерыя, Вейсіг зразумеў, што справа больш складаная, чым меркаваў спачатку. Ён зноў схапіў трубку, намерваючыся адмяніць папярэдні загад, але з тэлефоннай станцыі ўжо не адказалі. Не верачы ў тое, што адбылося, Вейсіг нейкі час упарта круціў ручку апарата і люта дзьмуў у трубку, пакуль ад’ютант не паведаміў, што тэлефонная станцыя выведзена са строю.

Снарады клаліся блізка. Партызаны, безумоўна, абстрэльвалі камендатуру і казарму, якая была размешчана ў былым клубе. Адзін снарад трапіў у каравульнае памяшканне побач з камендатурай, і нутро будынка ўвачавідкі стала папаўняцца агнём.

Услед за гэтым грымнуў выбух. Вейсіг інстынктыўна ўсхапіўся. З вокан на падаконнікі і падлогу пасыпаліся шыбы. На пісьмовы стол упалі кавалкі тынку. Ад уздрыгу сцяны над дзвярыма сарваўся адзін канец парт’ернага карніза, і парт’ера павісла, як на коліку. І адразу ў кабінеце зрабілася, як пасля пагрому.

Прытуліўшыся да сцяны, Вейсіг прастаяў з хвіліну-дзве, пакуль не пачуў блізкага вуркатання матора.

Да ганка камендатуры пад’ехаў бранявік. Удзячны намесніку Вейсіг хутка накінуў плашч, глыбей звычайнага насунуў на галаву седлаватую шапку і выбег на вуліцу. Калі за ім зачыніліся цяжкія браніраваныя дзверцы, здагадаўся, што ўзарвалі склад з боепрыпасамі.

— К цэнтральнаму ўмацаванню! Газуй... І як мага! — сярдзіта кінуў ён вадзіцелю і паправіў шапку.

Праз шчыліну для назірання, якая нязвыкла звужала поле зроку, вуліцы здаваліся мала знаёмымі. Бранявік падкідала на выбоінах, шчыліна падала ўніз, і, злавіўшы яе зноў, Вейсіг не адразу пазнаваў дамы, голыя прысады, паўз якія мчаў бранявік. Гэта ўзмацняла адчуванне, што ехалі па чужым варожым горадзе, дзе за кожнай павароткай магла падпільноўваць небяспека.

— Страляць у кожнага падазронага! — крыкнуў Вейсіг вежаваму стралку, калі на адным з перакрыжаванняў убачыў паставога паліцая, які сядзеў проста на бруку і перавязваў сабе нагу, а пасля раптам, насцярожана агледзеўшыся, хутка папоўз у кювет.

Вуліцы быццам вымерлі. Вейсіг не заўважаў нікога і ў вокнах дамоў. Толькі на плошчы бранявік абагнаў салдатаў, якія спяшаліся таксама да цэнтральнага ўмацавання. І ўсё-такі чаканне, што зараз нешта здарыцца і здарыцца вунь каля той пахілай брамы або вунь за тым рогам, не пакідала Вейсіга. Ён нават прыняў найбольш зручную, паводле яго разлікаў, паставу на выпадак, калі полымя шугане з-пад радыятара і бронемашына зарыецца носам у зямлю. «Важна вытрымаць гэты першы штуршок,— думаў ён, напружваючы мускулы ног і сціскаючы пальцы на дужцы, за якую трымаўся.— Важна не ўдарыцца аб што-небудзь галавой і засцерагчы грудзі».

— Цішэй! — сказаў ён вадзіцелю...

Ва ўмацаванні панаваў парадак: размераным крокам прахаджваліся вартавыя, кулямётныя разлікі застылі каля амбразур. Рэшта салдат знаходзілася ў царкве. Стралялі толькі дзве гарматы. Яны метадычна вырыгалі агонь. Ствалы іх на міг рабіліся карацейшымі, але адразу выцягваліся зноў і заміралі, нібы прыслухоўваючыся. З царкоўнай званіцы карэкціроўшчык безуважна выгукваў каардынаты.

Гэта нагадвала вучэбную стральбу, і Вейсіг паспакайнеў. Выслухаўшы рапарт, ён па старой рыпучай лесвіцы сам палез на званіцу, чхаючы ад пылу і шчыпкага паху галубінага памёту.

Са званіцы перад ім адкрыўся сумны краявід: бляшаныя, гонтавыя і чарапічныя дахі, за імі,— куды Вейсіг скіраваў позірк,— ігрушавыя прысады, далей — пабурэлае ўзгоркавае поле і лес, над якім бялела неба, што страціла свой летні блакіт і глыбіню. Да мястэчка беглі партызаны. Яны ўсеялі ўсё поле і хутка набліжаліся да грушавых прысад. Сярод іх сям-там ускідваліся разрывы. Некаторыя партызаны падалі, але гэта не спыняла астатніх, і людская плынь, амаль не робячыся радзейшай, падкатвалася ўсё бліжэй.

На званіцу карэкціроўшчыку правялі тэлефон. І хоць намеснік стаяў ля ўваходу ў царкву, Вейсіг выклікаў яго па тэлефоне і, пазіраючы цераз парэнчы, спытаў, дзе пасланыя на паўднёвую ўскраіну танкеткі. Смешна, як здалося са званіцы, размахваючы рукамі, намеснік адказаў, што, паводле апошняга данясення, непашкоджанай асталася адна танкетка, астатнія ж падарваны партызанамі. Ён не пазіраў угору і, адказваючы, увесь час глядзеў на трубку, гэта злавала Вейсіга.

— Трэба вярнуць узвод СС і ўзмацніць ахову станцыі,— сказаў ён.

Намеснік прамармытаў нешта няпэўнае і развёў рукамі.

Вейсіг з варожасцю адзначыў, што зверху жэсты намесніка нагадваюць рухі казюлькі і, перапыніўшы яго, загадаў згрупаваць рэзервы каля складаў і станцыі, дзе пры патрэбе салдаты павінны заняць кругавую абарону.

Злосць душыла яго — на сябе, на намесніка, на партызан.

«Не, Ёган таксама памыляецца,— сказаў ён сам сабе, з нянавісцю гледзячы на пабурэлае поле, па якім беглі партызаны.— Іх не напалохаеш смерцю. Вайна павінна весціся на знішчэнне...»

Ахоплены помслівым пачуццём, якое не давала яму дыхаць, Вейсіг шпарка спусціўся са званіцы і, кінуўшы намесніку, што едзе ў турму, подбегам падаўся да выхаду.

Зноў перад ім у вузкай шчыліне, быццам расступаючыся, пабегла вуліца з маладымі ліпамі ўздоўж тратуараў. Прычым выглядала яна цяпер яшчэ больш чужой і варожай.

На скрыжаванні, там, дзе сядзеў ранены паліцай, валяўся матацыкл і скурчаная постаць матацыкліста. Пярэдняе кола матацыкла яшчэ круцілася, пабліскваючы на сонцы.

Адштурхнуўшы вежавага стралка, Вейсіг схапіў кулямёт і, наставіўшы ствол на вокны дамоў, даў доўгую, на ўвесь дыск, чаргу. Бачачы, што з вокнаў сыплюцца шыбы, ён з дзікім задавальненнем уявіў, як увойдзе ў гулкі турэмны калідор і на парозе першай адамкнутай камеры сам пакажа, што трэба рабіць.

«Толькі не забыцца б захапіць аўтамат»,— падумаў ён і з трывогай адзначыў, што страляніна чуецца ўжо ад чыгуначнай станцыі, куды прыйдзецца паслаць турэмную ахову, як толькі яна вызваліцца...

 

5

Сонца зайшло. Вада ў возеры пацямнела і зрабілася нібы гусцейшая, асабліва ля процілеглага берагу, дзе над самай вадой стаялі схіленыя вербы. На люстраную паверхню яе ляглі ледзь прыкметныя барвовыя водбліскі пажараў. Прыляцеў вецер. Каля самага берагу на вадзе ўзнік і застракацеў невялікі клінок. Пашыраючыся і выцягваючыся, ён борзда падаўся да сярэдзіны. Праз нейкі час стракацела ўжо ўся паверхня возера. Водбліскі зазіхацелі выразней, і возера пасвятлела.

Партызан ляжаў ля самай вады. Па яго позе здавалася — ён мёртвы. Непадалёк валяўся аўтамат і кубанка з шырокай, нашытай наўскасяк, чырвонай стужкай.

Зося падбегла і, укленчыўшы, асцярожна ўзяла яго абыякавую, халодную руку. Партызан быў юнак, нават падлетак, з адкрытым даверлівым тварам і прыпухлымі, яшчэ хлапечымі вуснамі. Зосі стала вельмі шкада яго. З надзеяй яна прыпала вухам да грудзей падлетка і пачула слабыя ўдары сэрца. Шукаючы каго-небудзь, хто мог бы памагчы ёй, азірнулася навокал.

Справа палаў бензасклад і дагараў будынак чыгуначнай станцыі. Полымя, ахутанае чорным дымам, высока ўздымалася над вялізнымі бакамі, сцякала па іх баках або проста вырывалася з-пад зямлі і трапятала ў паветры. Нечакана адзін з бакаў, з якога быў ужо сарваны вастраверхі дах, трэснуў, і з яго хлынула агністая лава. Бушуючы, яна ракой пацякла да возера, улілася ў яго і пачала расплывацца па паверхні. Прагавітыя сіняватыя агеньчыкі замітусіліся на вадзе.

Страляніна чулася толькі ў цэнтры мястэчка. Але была яна там зацятая і несціханая. Вінтовачную траскатню, кулямётныя і аўтаматныя чэргі раз за разам пакрывалі гарматныя стрэлы. І па тым, што стрэлы і разрывы амаль зліваліся ў адно, можна было здагадацца, што паляць простай наводкай і на блізкай адлегласці.

Але паблізу з партызан нікога не аказалася.

Зося скоранька скінула з сябе кажушок і рассцяліла яго на зямлі, збіраючыся цягнуць на ім параненага. Ды той расплюшчыў вочы і з нямой просьбай утаропіўся на Зосю, якая раптам пазнала падлетка і аж захліпнулася паветрам.

— Сяргейка! — вырвалася ў яе.

— Мне дрэнна, цёця Зося, пячэ...— паскардзіўся падлетак, і верхнія павекі ў яго апусціліся на вочы.— Аўтамат вазьміце,— прашаптаў ён і пабляднеў яшчэ больш.

Зося сабралася было палажыць Сяргея на кажушок, як убачыла групу нямецкіх салдат і афіцэраў. Яны беглі па беразе да прывязанай к коліку лодкі.

Першая думка была — узваліць Сяргея, як некалі Рунца, на плечы і пабегчы. Але немцы маглі адкрыць агонь, і тады падлетак стаў бы мішэнню. Выйшла б так, што Зося сама падставіла яго пад кулі і як бы прыкрылася ім. Не, лепей ужо было закрыць Сяргея сабой.

Немцы таксама заўважылі Зосю. У групе ўзнікла замяшанне. Салдаты кінуліся ў ваду і, спяшаючыся, пачалі садзіцца ў лодку. Толькі высокі грузны афіцэр у седлаватай шапцы і плашчы з футравым каўняром зрабіў да Зосі крок, ускінуў парабелум, ды раптам закашляўся. Да яго кінуўся другі афіцэр і, паказваючы то на мястэчка, то на агонь, які пад напорам ветру набліжаўся сюды па вадзе, нешта паспешліва стаў гаварыць.

Зося прыкрыла сабой Сяргея, схапіла аўтамат і ўскінула яго да пляча, але моцны штуршок зваліў яе на зямлю. У грудзі ўвайшла пякучая гарачыня, якая разам з млоснасцю стала разлівацца па целе. Зося закрычала, просячы, каб ратавалі яе з Сяргеем, і тут жа здагадалася, што голасу яе ніхто не чуе. Яна праз сілу крыкнула яшчэ раз, натужна, з роспаччу, як часам бывае ў сне, і зноў здагадалася, што вусны астаюцца нямымі.

«Няўжо паміраю?» — быццам пра каго другога падумала яна і паспрабавала варухнуцца. Ды і гэта ёй не ўдалося зрабіць. Рукі, ногі — усё цела было неслухмянае, налітае волавам.

Перад Зосяй замільгалі сцэны бою, знаёмыя твары. Яны паяўляліся, знікалі, наплывалі адзін на адзін.

Часцей за ўсё паўставаў твар Аляксея. Ён глядзеў на Зосю ўважліва, з дакорам. «Што ж ты зробіш! — пачынала тады апраўдвацца яна.— Я ж таксама хачу астацца жывой. Мы, Лёша, яшчэ не далюбілі адно аднаго. І ты не думай — Кравец тут не пры чым. Ён проста так... развітанне... Клянуся! Даруй, калі што... І ратуйце нас — мяне, Сяргейку. Ратуй, родны! Гэта можаш зрабіць толькі ты, мой адзіны, найлепшы...»

Раптам страшэнны боль пранізаў яе грудзі, і яна застагнала. І ў той жа час адчула, што яе бяруць на рукі.

Беспамылкова, нейкім асаблівым пачуццём,— відаць, па дотыку, рашучым і смелым,— угадала, што гэта Аляксей. Істота Зосі скаланулася ад удзячнасці і адданасці. Ёй стала добра, спакойна, і сляза пакацілася па шчацэ...

Падбег Кравец. Зняў шапку і, сустрэўшыся позіркам з Урбановічам, вінавата апусціўся на калені перад Сяргеем. У дзёрзкіх зеленаватых вачах стаялі слёзы, і Кравец упершыню за жыццё не хаваў іх.

— Сканаў хлопчык,— сказаў ён, хутка абмацаўшы Сяргея, і раптам упаў яму на грудзі, абняў.

Плечы ў Краўца затрэсліся, і ён, не тоячыся, заплакаў наўзрыд. Ён калаціўся і плакаў, абдымаючы падлетка, а Аляксей разумеў, што сэрца ў яго разрываецца ад гора і жалю не толькі па Сяргею, нават не так па ім, як па Зосі.

— Надзень шапку! — упарта і непрыхільна крыкнуў Аляксей.— Схадзі лепей пашукай Стахава...— і пахіснуўся сам.

З групай партызан падбег задыханы Яша Зарэцкі. Узбуджана махаючы рукою, у якой трымаў пісталет, ён накінуўся быў на Урбановіча і Краўца, але потым з прыкрасцю плюнуў і, вырыгаючы лаянку, першы пачаў страляць па немцах.

— Давай, хлопцы, давай! — крычаў Зарэцкі.— Няўжо зноў упусцім? Ён жа ўсіх вязняў у турме расстраляў. Няўжо мы дарма яго на смерць асудзілі?!.

Лодка з немцамі была ўжо далёка. Але справа і ззаду на яе імкліва наступала полымя, і лодка ўсё больш збочвала, намагаючыся адарвацца ад неадступнага ў сваёй лютасці агню.

 

Раздзел шосты

 

1

Стахаў толькі скончыў аперыраваць Зосю, калі веставы перадаў яму запіску ад Воранава. Камбрыг пісаў — у брыгаду з Мінска прыбыў нарачны і паведаміў, што праз дзень немцы збіраюцца пачаць блакаду партызанскай зоны. Брыгадная разведка таксама заўважыла падазроную актыўнасць у навакольных гарнізонах. Таму трэба ўжыць адпаведныя захады і падрыхтавацца да самага горшага. Брыгада ж устанаўлівае сувязі з суседнімі злучэннямі, капае на граніцах партызанскай зоны акопы, будуе бункеры.

— Хм, да самага горшага,— паўтарыў Стахаў і, толькі цяпер аддаўшы медсястры маску-павязку, падаўся следам за санітарамі, якія выносілі Зосю з аперацыйнай.

Зося, без крывінкі на худым твары, ляжала на насілках, як нежывая. Ды і рукі ў яе былі складзены, як у нябожчыцы, на грудзях. Успомніўшы, што ля зямлянкі чакае Аляксей Урбановіч, Стахаў заспяшаўся, але санітары выходзілі ўжо з дзвярэй, і апярэдзіць іх было нельга. Нельга было і крыкнуць: гэта магло напалохаць Зосю. Выцягваючы шыю, Стахаў, каб папярэдзіць Аляксея, што ўсё ў парадку, цераз плячо задняга санітара энергічна заківаў галавой і прымусіў сябе заўсміхацца.

Аднак Урбановіч бачыў адну Зосю — нерухомую, з заплюшчанымі вачыма, укрытую з падбародкам шэрай бальнічнай коўдрай. У Аляксея вырваўся енк, ён пахіснуўся, ускінуў рукі да лба, кінуўся на калені. І калі б санітары хуценька не адступілі ўбок, Аляксей упаў бы на Зосю.

Не могучы дараваць сабе забыўлівасці, Стахаў падбег да Урбановіча і, загадваючы раз’юшаным позіркам санітарам несці Зосю далей, загарадзіў насілкі сабой.

— Устаньце,— сярдзіта сказаў ён, калі санітары аддаліліся.— Праз гадзіну я, магчыма, дазволю вам убачыцца. Як можна так распускаць сябе?

Урбановіч устаў і, як гэта часта робяць высокія дужыя людзі ў горы, нізка апусціў галаву, згорбіўся — рукі быццам цягнулі яго ўніз. Яму не было сорамна перад доктарам, але бянтэжыла бяссілле, якое не праходзіла, хоць зноў бліснула надзея.

— Я, Барыс Паўлавіч, Зосю ў вайне знайшоў. Можна сказаць, на краі смерці і сярод смерці,— апраўдваючыся, выціснуў ён.— Апошні час мо толькі і ваяваў за яе. Дык як жа страціць яе цяпер? Навошта тады мне што?.. Той гад адной куляй у нас абаіх страляў і ледзь не пацэліў. Толькі так, доктар!..

— Немцы блакаду рыхтуюць,— паведаміў Стахаў, нібы гэта магло пераканаць Аляксея ў адваротным.

— Што вы кажаце? А як жа раненыя? Няўжо прыйдзецца адыходзіць, як той раз?

Стахаў узяў устрывожанага Урбановіча пад руку і моўчкі павёў прэч ад зямлянак, малюючы пальцам адмысловыя ўзоры ў паветры. Ля густога арэшніку спыніўся.

— Тут схованка ёсць,— сказаў ён з прыхаванай гордасцю.— Яе амаль ніхто не ведае. Капалі сакрэтна, а зямлю за кіламетр адносілі. Вазьмі, браток, санітара і ціхенька нанасіце ў схованку вады, харчоў. Будзе нявыкрутка — схаваем цяжка параненых там. Адседзяцца з фельчарам...

Увайшоў Урбановіч у зямлянку да Зосі стомлены, але паспакайнелы: работа, як звычайна, прытупіла боль, вярнула ўпэўненасць, што ўсё будзе добра.

Зосю, відаць, папярэдзілі, бо калі ён асцярожна, без скрыпу, адчыніў дзверы, яна глядзела проста на яго і радасна, праўда аднымі губамі, усміхалася. Яе ўжо нехта прычасаў і мокрай марляй выцер твар. Аляксей здагадаўся, што зрабіць гэта яна прасіла сама і што папрасіла якраз тады, калі даведалася — ён усё яшчэ тут і яму дазволілі зайсці да яе.

— Маўчы, маўчы! Табе няможна! — не даў ён загаварыць ёй і, не бачачы нікога, апрача Зосі, падсунуў табурэтку да яе ўзгалоўя.— Хто гэта думаў, што ты вось так будзеш прыкутай, а я сядзець ля цябе!

— Памяняліся месцамі,— пошапкам сказала Зося.

Ён спалохана прылажыў палец да вуснаў.

— Вельмі прашу — маўчы!

Ад яго, узрушанага, таксама як бы ішла спакойная сіла. Зося глядзела на Аляксея, і ёй рабілася хораша: сэрца поўнілася любасцю, верай, хацелася быць як мага бліжэй, бачыць, чуць яго.

— Дай лоб, я пацалую,— папрасіла яна.— І падымі мне крыху вышэй падушку.

— Не, не! — зноў спалохаўся ён.— Я не магу... Я баюся, Зося! Лепш я сястру пазаву.

— Тады не трэба... Раскажы што-небудзь...

— Мне твой вішнёвы кажушок успомніўся. Вельмі люблю цябе ў ім.

— А так?

— І так. Я яго ў Заходняй папаў. Вярталіся ўначы ў брыгаду і заехалі ў вёску. Якраз ля былой граніцы. Побач фанерная фабрыка і гарнізон. На вышках пражэктары. Калі што-якое — уключаюць святло і даюць з кулямётаў. А ночы ўжо халодныя. У вёсцы свайго чалавека сустрэлі, распыталі, вядома. Потым акружылі хату, якую ён паказаў,— вялікую, на дзве палавіны, і я зайшоў. Там не спалі яшчэ. Дзяўчаты ля камінка за кудзеляй сядзелі, гаспадар дзежачку майстраваў. «Ці не дасцё,— кажу,— таварышы, хоць кажушок адзін?» Дзяўчаты нібы і не пачулі. «Хто іх мне назапасіў, га?» — «У вас пяць,— кажуць,— ёсць».— «Могуць і дзесяць сказаць».— «Нельга ж ваяваць голым, падумайце ўсё-ткі».— «Што мне думаць!» — «Дык няма, значыцца?» — «Няма». — «Далі-бог?» — «Далі-бог».— «А калі знойдзем?» — «Тады тое і будзе. Шукалі ўжо...» Тут якраз адзін з маіх таксама ў хату завітаў. «Усё ў парадку,— шэпча,— пайшлі». Выходжу, і сапраўды — на калёсах куча кажухоў. Пакуль мы размаўлялі з гаспадаром, гаспадыня адчыніла ў пярэдняй палавіне акно і выкінула ў агародчык кажухі. Яна кідала, а хлопцы падбіралі...

Ён ведаў, што ўжо расказваў ёй пра гэта, але гаварыў і гаварыў, а Зося слухала і адпачывала душой. Непакоіла толькі, каб пасля замарожвання не нахапіўся кашаль — тады будзе вельмі балюча. А наогул да болю і пакут трэба прывыкаць. Без іх і жыцця не бывае, асабліва ў жанчыны! Ды яны і не страшныя, калі побач Аляксей. Важна толькі, каб быў Аляксей і вось такое чаканне харошага, што ахапіла яе.

На парозе зямлянкі паказаўся Стахаў.

— Табе пара ў брыгаду, Аляксей,— сказаў ён шматзначна.— Там, мабыць, ужо хапіліся цябе. Разумееш? Ідзі. Дый Зосі адпачыць не шкодзіць.

«Але, трэба развітвацца»,— падумаў Урбановіч і адчуў, што ніколі не было гэта так цяжка рабіць, як сёння.

— А яна як? — унурыўшыся, спытаўся ён, каб адцягнуць час.

Стахаў штуршком ускінуў галаву.

— Што значыць — яна?

— Ідзі, Лёша,— хуценька ўмяшалася Зося, позіркам просячы Стахава, каб ён выбачыў і не злаваўся.— Ты, Лёша, мала тут паможаш. А мне ўжо добра... Ён зараз пойдзе, Барыс Паўлавіч!

— Пайду, вядома,— тонка ўхмыльнуўся Аляксей і, закінуўшы назад галаву, сціснуў зубы.— Ых-х!..

 

2

У лагеры панавала мітусня. Атрымлівалі боепрыпасы, чысцілі зброю, мянялі, пазычалі адзін у аднаго тое, у чым раптам выявілася пільная патрэба, бегалі па харчы. Пра энзэ дагэтуль уяўлення не мелі, і цяпер стваралі яго спехам — як хто ўмеў. Падрыўнікі, найбольш спрактыкаваныя ў гэтых адносінах, запасаліся соллю, сухары мачалі ў растопленым тлушчы, вэндзілі тонка нарэзаныя кавалачкі мяса.

Усю дарогу Аляксей мучыўся, думаў, як добра салдату — той блізкіх засланяе сабой, і як цяжка партызану, у якога над блізкімі часамі навісае яшчэ большая бяда, і ён бездапаможны што-небудзь зрабіць. Але клопаты паступова ўзялі сваё, і Аляксей, як заўсёды не гаваркі, пачаў рыхтавацца сам.

Назаўтра немцы абрушылі бомбы на брыгадны лагер, а таксама на вёскі, дзе размяшчаліся рухомыя партызанскія гарнізоны і раз’езды, што прыкрывалі подступы да цэнтра зоны. Па лесе гулка, з перакатамі, разлягаліся выбухі — там, тут, там... На небасхіле паявіліся чорныя дымы: загарэліся вёскі. Ветру не было, і дым узнімаўся высока ўгору і толькі там развейваўся.

Атрымаўшы загад замініраваць некаторыя дарогі, Урбановіч з групай рушыў з лагера. У небе плаваў «фоке-вульф», і пайшлі не сваімі — карацейшымі — сцежкамі, а вымушаны былі пятляць, каб не вытыкацца з лесу і пералескаў.

Праз кіламетры тры насустрач сталі трапляцца лядаўцы. Ехалі на падводах, ішлі пешкі, гналі кароў, цягнулі двухколкі. Потым ля балота сустрэліся жыхары цывільнага лагера — стракаты натоўп з торбамі, мяхамі за плячыма, з клункамі і дзецьмі на руках. Вёў іх партызан з вінтоўкай і маладая жанчына, акружаная чародкай хлопчыкаў і дзяўчатак. І таму, што ішлі яны без дарогі, усе што-небудзь неслі і згіналіся пад цяжарам, сэрца ў Аляксея зашчымела.

«У балота хавацца,— падумаў ён, пазнаючы маладую жанчыну.— Горш, чым Зосі. Што ж гэта робіцца?!.»

Успомніўшы Зосю, Аляксей падабрэў зусім: сваё гора робіць чалавека больш спагадлівым да гора другіх. Мусіць, таму простыя людзі, асабліва жанчыны, заўсёды дабрэйшыя, чым хто іншы. У вочы адразу кінулася — і Дора, і дзеці, і тыя, што ішлі за імі, зняможаныя, страшэнна худыя, апранутыя не па часу.

— Дора! — аклікнуў Аляксей, не ведаючы яшчэ, што скажа ёй.

Яна спынілася, акружаная дзецьмі — чарнявымі, рыжымі, бялявымі, і таксама пазнала Урбановіча.

— А-а,— ажывілася Дора, радая яго бачыць.— На заданне? А мы вось хавацца. Кажуць, што сярод балота ёсць невялічкія астраўкі. Мо як-небудзь і перачакаем ліха. Немцы ў дрыгву наўрад ці палезуць. Хіба толькі паліцаяў прымусяць.

— Холадна ўжо...

— Будзем грэць адно аднаго. Калі ведаеш, што выжыць трэба абавязкова, выжывеш. А нам трэба!

— Гэта праўда,— пацвердзіў Аляксей і заспяшаўся.— У балоце ёсць лазнячок, дзе ў рачулку ўліваецца ручай. Там, у лазовых кустах, я човен бачыў, поўны аўса. Яго, мабыць, вяскоўцы туды прыгналі. Будзе крута — мо скарыстаеце. Добра, каб бляху якую-небудзь знайшлі, на ёй напражыць аўса можна будзе. І вось вам запалкі.

Ён знайшоў у кішэні карабок, аддаў яго Доры і хутка пачаў здымаць з сябе рукзак з энзэ.

— Гэта таксама спатрэбіцца, вазьміце. У мяне жонка амаль у такім жа становішчы...

— А вы як? — чамусьці спалохалася Дора.

— Са мной падзеляцца хлопцы. Бярыце. Уначы можаце ў стагах спаць — усё цяплей будзе.

Убачыўшы, як хваравіта перасмыкнуўся ў Доры твар і яна памкнулася была да яго, Аляксей борзда адступіў і стаў развітвацца.

 

3

Сутычкі першага дня памаглі разгадаць тактыку карацеляў. Наступаючы і замацоўваючыся на занятых пазіцыях, яны стараліся акружыць партызан, адціснуць іх у лясны масіў, а затым звузіць кола так, каб можна было пры прачосванні знішчыць зусім.

На лініі абароны завязаліся баі — асабліва зацятыя на шашы, якая ішла праз партызанскую зону. Не могучы зламаць супраціўлення бамбёжкамі і атакамі ў лоб, немцы на трэція суткі пайшлі на правакацыю...

Чамусьці існавала павер’е, што ні бомба, ні снарад праціўніка ніколі не трапіць другі раз у варонку, і партызаны ахвотна хаваліся ў такіх ямінах. Залёг гэтым разам у варонцы і Урбановіч з двума хлопцамі — кулямётчыкам і яго другім нумарам.

Перад імі шарэла пукатая шаша, абапал якой стаяў туман. За метраў дзвесце, у лагчыне, ён перасякаў і шашу — не перапаўзаў, а ўзнімаўся сцяною — і здавалася, што шаша, прабегшы па нейкім калідоры, нырае ў кудзелістую каламуць, у якой невыразна маячыў падарваны ўчора танк. Але над галавою было чыстае неба, і Урбановіч часцей глядзеў угору.

Каб не так хацелася спаць, Аляксей з’еў насычаны тлушчам сухар, выпіў з біклажкі вады. Выцершы губы, пачуў паспешлівы тупат конскіх капытоў і міжвольна насцеражыўся. Кулямётчыкі яшчэ не прачыналіся. Іх нямытыя зняможаныя твары здаваліся шэрымі, як шаша. Каб даць ім паспаць, ён падняўся, вылез з варонкі і пайшоў насустрач тупату. У тумане ледзь не наткнуўся на конніка.

— Што там такое? — пазнаючы Краўца і ведаючы, што той прывёз новы загад, спытаўся Аляксей.

— Трэба часова размініраваць дарогу. Немцы гоняць перад сабою вяскоўцаў,— саскочыўшы з Тарбахвата, сказаў Кравец і вылаяўся.— А як Зося? Аперацыя ўдала прайшла?

Урбановіч спахмурнеў, адвярнуўся.

— Хлопцы, пад’ём! — крыкнуў ён у туман і толькі тады адказаў: — Я табе, Мікола, вось што скажу. Ні мне, ні Зосі не патрэбны твае клопаты і спачуванне. Пакінь нас у спакоі. Іначай — кепска будзе... Усё перадаў?

— Усё.

— Паязджай тады.

— Камбрыг загадаў прасачыць за выкананнем. Таму я, чортушка, буду тут, колькі палічу патрэбным. Пачынай во лепш...

Размініраваўшы шашу, падрыўнікі зноў залеглі ў варонках, акопчыках, за крушнямі камення.

Узышло сонца. Туман як бы ажыў. Пасмы зверху паружавелі, пачалі радзець. Выразней стала відаць шэрань на траве. Але было холадна, і ля зямлі туман астаўся шчыльны, нерухомы, толькі пасівеў. Шаша ж, наадварот, нібы адтаўшы, пацямнела і рэзка абрывалася ля суцэльнай сівой сцяны.

Кравец праз нейкую ўпартасць лёг у тую ж варонку, што і Аляксей. Яго прысутнасць злавала Урбановіча. Трывожыла таксама, што групу ўжо не прыкрываюць міны і наогул невядома, як прыйдзецца весці бой — не страляць жа ў сваіх! «Сволачы! — кляў ён немцаў, душачыся ад нянавісці.— Якія мярзотнікі!.. І гэты яшчэ тут. Няўжо не разумее, што бачыць яго не магу? А мо назнарок робіць?!.»

Неўзабаве з-за сцяны туману прыляцелі невыразныя гукі. Забываючыся на Краўца, Аляксей прыслухаўся. Улавіў не то шоргат, не то тупаценне — па шашы, безумоўна, ішлі людзі, і іх было многа.

— Без загаду не страляць,— сказаў Аляксей так, каб яго маглі пачуць у бліжэйшым акопчыку.

Гукі набліжаліся, мацнелі. Нарэшце, сцяна туману завагалася, і з яе паказаліся людзі — жанчыны, якія неслі або вялі за рукі дзяцей, старыя з кійкамі, падлеткі, мужчыны. Апрануты яны былі як папала, шмат хто без хустак і шапак. Ішлі кучна, тулячыся адно да аднаго, з тварамі, поўнымі чакання, страху. Дзівіла, што, ідучы натоўпам, людзі не нясуць ніякіх ношак і іх ніхто не канваіруе.

Калі няшчасныя параўняліся з варонкай, Урбановіч прыўзняўся і знакам паказаў, каб праходзілі хутчэй. Пярэднія заўважылі яго. Па натоўпе пабег усхваляваны гоман. Кабета з дзіцем на руках памкнулася была да Аляксея, але яе затрымалі, і людзі, гледзячы толькі перад сабою, пайшлі шпарчэй.

Немцы крочылі ззаду, адстаўшы метраў на дваццаць. І як толькі натоўп памінуў засаду, Аляксей штурхануў кулямётчыка ў бок.

— У кюветы! — крыкнуў ён вяскоўцам.— У лес!.. Агонь, хлопцы!..

Аляксей не бачыў, як скакалі, падалі ў кюветы людзі, а потым, прыгнуўшыся, беглі прэч ад гіблага месца. Уся ўвага яго была на немцах, якія, як па камандзе, пападалі на шашу і таксама адкрылі агонь. Але яны асталіся на відавоку і таму праз хвіліну, пакідаючы параненых і забітых, пачалі на локцях адпаўзаць назад.

— Гранатамі, хлопцы! — выгукнуў Аляксей.

Сям-там ускінуліся агністыя снапы. Туман абапал шашы заклубіўся, адхлынуў, але тут жа хвалямі рынуўся назад і, як замець, стаў слацца па бруку. Яго пасмы з аднаго і другога боку дасягнулі параненых і забітых, перапаўзлі цераз іх, злучыліся і грэбнямі ўзняліся ўгору.

Страляніна сціхла.

Аднак, калі Кравец вылез з варонкі і папоўз быў па трафеі, побач паласнула чарга.

— Ну, цяпер трымайся, чортушка! — ухмыльнуўся ён, вярнуўшыся.— Патроны ёсць?

— Мала,— без ранейшай непрымірымасці адказаў Аляксей.

— Акружыць змогуць?

— Наўрад. Балота тут, дрыгва.

— У цябе няма чаго-небудзь у рот укінуць?

Пашукаўшы ў кішэнях, Аляксей выняў сухар, даў Краўцу. Заўважыў, як той каўтнуў сліну і драпежна ўпіўся ў сухар белымі роўнымі зубамі. «Галодны, відаць,— падумаў ён.— Стаў ардынарцам — і няма калі аб сабе паклапаціцца. А за Воранавым, як за малым глядзіць...»

Прасвістаўшы над галавою, непадалёку разарваўся снарад. Ён трапіў у балота, і разрыў яго быў прыглушаны, з усхліпам. Другі выбухнуў на абочыне, абдаў зямлёю, каменьчыкамі. Потым разарваліся два разам, і ўжо не было паўз — суцэльны грукат і гул навіс над галовамі, прыціскаў да зямлі, адбіраў прытомнасць.

Забіла кулямётчыка. Ён памёр без стогну, адразу, нават не змяніўшы позы, толькі апусціў галаву і астаўся ляжаць, уткнуўшыся тварам у зямлю. Яго адцягнулі на дно варонкі, прыкрылі твар шапкай, а за кулямёт лёг другі нумар.

Выбухі рвалі туман па шматкі, і, разарваны, ён узлятаў угору разам з глеем, з тванню і прападаў. Балота абапал як бы развіналася і пачынала ружавець.

Пасля артабстрэлу немцы пайшлі ў атаку. Прыкрывалі іх кулямёты, што пачалі біць з-за падарванага танка. Кулі зразалі зямлю з края варонкі, з бровак кюветаў, і нельга было падняць галавы. Толькі калі, каб не трапляць у сваіх, яны змоўклі, партызаны змаглі страляць. Але немцы ўжо наблізіліся. У варонку ўляцела граната з доўгай драўлянай ручкай, крутнулася і зашыпела. Адкінуўшы аўтамат, Кравец схапіў яе і шпурнуў назад. Потым яшчэ і яшчэ адну, і кожны раз гранаты рваліся ў паветры над немцамі.

І зноў карнікі мусілі адкаціцца.

Выцершы рукавом потны брудны лоб, Аляксей павярнуўся на спіну, уцягнуў і з палёгкай выдыхнуў паветра.

— Схадзі паглядзі, што робіцца ў хлопцаў,— папрасіў ён другога нумара.— Перадай, каб бераглі патроны. Раскажы пра Краўца. Давай...

Праводзячы яго позіркам і астываючы, Аляксей маўчаў. З хвіліну адпачываў, убіраў у сябе навакольнае хараство. Ва ўяўленні паўстала Зося, яе спакутаваныя мілыя вочы. «Пакуль нішто не пагражае ёй. А як будзе далей? Бачыш, з якім шаленствам націскаюць немцы! Ці паможа схованка, калі яны прарвуць абарону?..»

— Што будзем рабіць, калі скончацца боепрыпасы? Пойдзем у рукапашную? — спытаўся ён, гледзячы на неба.

— Гэта затрымае іх на пяць хвілін, а мо і менш,— сказаў Кравец, таксама разглядаючы аблачынкі.— Мусіць, трэба паслаць хлопцаў, няхай замініруюць шашу ззаду. Тол жа ёсць. Калі будзе нявыкрутка, адыдзем за міны. А заадно хлопцы няхай накіруюць у глыб лесу вяскоўцаў. Тыя, відаць, у паніцы.

— А ты, можа, пойдзеш адсюль?

— Я ж перадаў табе распараджэнне Воранава.

— Ну, добра...

Да паўдня патроны амаль скончыліся. Другога нумара параніла ў грудзі, і яго давялося адправіць у шпіталь.

Куля абпякла скроню і Аляксею. Счарнелы, з забінтаванай галавою, ён выглядаў да рэшты стомленым. Здавалася, што ў ім гарыць агонь і высмальвае яго.

— Адыходзь з хлопцамі, а я ў выпадку чаго прыкрыю,— хрыпла сказаў Кравец.— Хутка яны зноў могуць атакаваць.

— Чаму гэта ты будзеш прыкрываць? — недаверліва здзівіўся Аляксей, і нешта абарвалася ў яго ў грудзях.

— Цябе ж параніла.

— Ну і што!

— Табе трэба ўзначаліць хлопцаў і наогул... Ды не марудзь, Лёкса! Бывай!

Ён штурхнуў Аляксея ў плячо і падаў на развітанне руку, няўпэўнены, што той прыме яе. Але ў словах, ва ўсім ягоным выглядзе было столькі шчырасці і просьбы, што Аляксей сумеўся. Паціснуўшы Краўцову руку, ён нечакана для самога сябе пацягнуў яго к сабе і няўдала пацалаваў.

— Глядзі толькі не затрымлівайся...

Выпаўзшы з варонкі, Аляксей скаціўся ў кювет і пабег да бліжэйшага акопчыка, падаючы знакі, каб астатнія далучаліся да яго. Ды немцы заўважылі гэта і адкрылі агонь. Калі новыя пазіцыі былі ўжо блізка, аўтамат выпаў з Аляксеевай рукі. Ён паспрабаваў яго падняць, але рука не паслухалася. Здагадваючыся, што здарылася, схапіў аўтамат другою рукою і бадай што з радасцю падумаў — ён зрабіў усё, што мог, і цяпер, мабыць, сустрэнецца з Зосяй і будзе з ёю мо цэлы месяц.

 

Кравец дабраўся да КП знясілены, у твані, у балотнай іржы. Ад зморанасці нават позірк стаў няпэўны, хісткі, і вочы блукалі, не могучы спыніцца на чым-небудзь адным. Ён без звычайнай ваеннай выпраўкі падышоў да Воранава, стомлена ўзмахнуў рукою і пачаў дакладваць.

— Кажаш, патрэбна дапамога? — выслухаўшы яго, спытаўся камбрыг, не звяртаючы ўвагі на выгляд Краўца.— А дзе яе ўзяць? Не, Мікола, прыйдзецца адступаць. Як сцямнее, падмазваць пяткі і абрывацца ў лес. Значыць, правільна гавораць — пугаю абуха не пераб’еш.

Ён нахмурыўся і адвярнуўся.

— Да вечара яны не пратрымаюцца,— запярэчыў Кравец, не думаючы адыходзіць.

Воранаў здзіўлена агледзеў яго і пазмрачнеў зусім.

— Ідзі скажы, каб адправілі крыху патронаў,— кінуў ён сярдзіта.— Няўжо ты думаеш, што я хачу, каб іх пакрышылі там? Ну ідзі, ідзі...

КП быў ля скрыжавання дарог на палянцы, пад магутным векавым дубам, на якім і цяпер яшчэ аставалася жоўтае, бляшанае лісце. Яно трымалася моцна, не шамацела пры подыху ветру, і, мусіць, таму здавалася, што дуб з чыгуну і ўсё яму ні па чым — не тое што голай лазе і бярозкам, якія раслі паблізу.

— Ты чуў размову, Іван? — звярнуўся Воранаў да Зімчука, які, прыклаўшы блакнот да дубовага ствала, нешта занатоўваў.

— Чуў,— азваўся Зімчук.— Вось цяпер Краўцу зноў можна даверыць лейцы.

— Я не пра гэта. Што калі нам сапраўды не скінуць боепрыпасаў?

— Папросім партцэнтр на Паліку, каб даў распараджэнне суседнім злучэнням адцягнуць увагу карнікаў на сябе, і будзем рваць блакаду. Або разаб’ёмся на дробныя групы і прасочымся праз акружэнне.

— Трэба падкінуць харчоў цывільным, якія ў балоце, і папярэдзіць, каб былі напагатове...

Над дубам праляцеў «юнкерс». Яго гул яшчэ зыбаў паветра, калі пачуліся выбухі скінутых ім бомб. Яны раскатам пракаціліся па лесе, і ад іх мо з хвіліну ў паветры стаяў ныючы звон. Потым данесліся далёкія разрывы снарадаў і кулямётныя чэргі.

— Здаецца, наблізіліся,— сказаў Воранаў і, убачыўшы ўзрушанага сувязнога на цёмным ад поту кані, пайшоў яму насустрач.— Што там яшчэ такое?.. Гэй, каня мне!.. Пагляджу, як генерал-лейтэнанты камандуюць...

 

4

Брыгада выйшла на зыходны рубеж — колішнюю лесасеку з рэдкімі соснамі-насеннікамі, і залягла паміж пнёў.

Змяркалася, хоць было рана. Туман гусцеў. З сосен капала. Іх ствалы, пні пад імі, верас, зямля былі мокрыя. Але ўсё гэта здавалася лепшым, чым снег, і ніхто не наракаў. Нават радаваліся: у туманнай цемрадзі, у якой ракеты будуць асвятляць толькі неба навокал сябе, лягчэй прарываць блакаду і выходзіць на вольныя прасторы.

І вось тут здарылася нечаканае. З туману паказаліся тры постаці. Што гэта немцы, сведчылі мышастыя шынялі з настаўленымі каўнярамі і рагатыя каскі. У сярэдняга, які трымаў растапыраную пяцярню перад ротам і насцярожана паглядаў на бакі, над галавою ўзнімалася падобная на вудзільна антэна. У тумане чуваць добра, і неўзабаве сталі далятаць словы — немец нешта паспешліва гаварыў і гаварыў якраз у растапыраную пяцярню. Яго таварышы з аўтаматамі напагатове крыху адсталі, і сярэдні, прадаўжаючы гаварыць, не-не дый азіраўся на іх.

Забараніўшы страляць, Воранаў узяў ад Краўца аўтамат і лёг зручней. Чапаць яго цяпер было нельга, і Зімчук, таксама нарыхтаваўшыся, пачаў чакаць.

Немцы ішлі проста на ланцуг партызан, трохі лявей КП. Калі яны наблізіліся зусім, Воранаў націснуў на спускавы курок і павёў аўтаматам управа. Зімчуку здалося, што чарга прыйшлася немцам па грудзях, бо падалі яны, прыціскаючы рукі да сэрца.

Некалькі партызан кінулася да іх і акружыла.

— Рацыю выключыце! — крыкнуў Воранаў і ўсхапіўся сам.— Што будзем цяпер рабіць, Іван? Нас, вядома, засяклі — радыст апісваў кожны свой крок, а мяняць план позна. Зусім не шанцуе, і на душы агідна... Там ужо, мусіць, самому генерал-лейтэнанту даносяць...

Немец-радыст і аўтаматчыкі былі мёртвыя. Не паглядзеўшы на іх, Воранаў адвёў Зімчука ўбок.

— І ўсё-такі прыйдзецца рваць. Заўтра яны сціснуць кола яшчэ больш. Куды тады падзенуцца вяскоўцы і жанчыны з цывільнага лагера? Дый кола будзе шчыльнейшае...

Сцямнела. Дрэвы, кусты ледзь вырысоўваліся ў туманных змроках і здаваліся калматымі.

Воранаў энергічным рухам ускінуў да вачэй руку і паглядзеў на гадзіннік.

— Пара, Іван! Праз пяць хвілін рушым. Я пайду з разведчыкамі. Не бойся, вытыркацца не будзем. Няма патрэбы. Цяпер астаецца толькі ірваць. Азімут засек? Глядзі, каб было добра...

Усё ж ён нечага марудзіў. Скрывіўшыся, пацягнуў паветра праз сціснутыя зубы, нібы балюча ўдарыўся локцем.

— Пераблыталі яны нам кухню, сволачы! Ажно ахвоту ўсякую адбілі. Ну, бывай і глядзі мне!..

Ён паціснуў Зімчукову руку, потым рыўком прыцягнуў яго да сябе, абняў і пацалаваў, куды прыйшлося,— у брыво. Пасля, лёганька адштурхнуўшы, павярнуўся і хутка растаў у тумане.

Зімчуку стала самотна, трывожна за Воранава, за ўсіх. Падумалася: «Як гэта дзіка, што сляпая куля можа вось зараз адабраць жыццё ў Воранава ці каго другога, і не будзе непаўторнага жывога чалавека, зусім не будзе.

І страляць будуць не ў яго, а проста туды, адкуль насоўваецца партызанская лавіна. І той, хто заб'е, можа нават і не ведаць, што забіў. Якая дрымучая бязглуздасць!..»

Партызаны падняліся без сігнала — па камандзе. Выняўшы з калодкі маўзер, не адчуваючы нядаўняга холаду і сырасці, Зімчук рушыў з усімі, заўважаючы, што партызаны абапал стараюцца ісці крыху наперадзе і прыкрываюць яго, а ззаду, цяжка дыхаючы ледзь не ў патыліцу, спяшаецца ардынарац з коньмі.

Страляніна ўсчалася раней, чым меркавалі,— немцы высунулі пярэднюю лінію, якая, як пад канец дня даносілі разведчыкі, праходзіла паблізу шашы, у лес.

«Першы сюрпрыз»,— падумаў Зімчук і ўбачыў, што партызан справа асядае на зямлю. Зімчук крыкнуў, каб яго падабралі, але словы патанулі ў разрывах гранат, і, спыніўшыся, ён памог ардынарцу пасадзіць параненага на свайго каня. Па ўспышках агню здагадаўся, што страляюць з дрэў. Гэта, відаць, заўважылі і другія, бо трасіруючыя кулі пачалі ўпівацца ў кроны сосен.

Узнікла адчуванне, што прыходзіцца ісці супроць косага вогненнага ліўня, які сячэ ў твар. Зімчук нават нахіліўся і ўнурыў галаву. Страляючы па ўспышках, чакаў, што куля праніжа і яго, але неўзабаве забыўся і на гэта, хоць, азірнуўшыся, убачыў, што раненага ў сядле няма. «Упаў ці забілі? — мільганула пытанне.— А як, мусіць, страшна ардынарцу ісці не страляючы!..»

— Наперад, наперад! — заўважыўшы, што партызаны запавольваюць крок, выгукнуў ён, не адчуваючы ўжо свайго цела.

Цяжка сказаць як, але яго пачулі. Па лесе набіраючы сілу, як бы адгукаючыся на стрэлы, пакацілася адчайнае «ра-а!»

Паміж дрэў замільгалі агні. Іх разгаралася ўсё больш, і яны якраз заступалі дарогі. Агні афарбоўвалі туман навокал сябе ў барвовы колер, і чым бліжэй падбягалі партызаны, тым менш аставалася сумнення, што гэта — вогнішчы і што немцы запалілі іх, каб асвяціць лес. Загаварылі кулямёты. Ззаду разарваўся снарад.

Гэта было так нечакана, што партызаны з разгону рынуліся на зямлю і адкрылі бязладную страляніну.

— Іван Мацвеевіч! — разгублена паклікаў ардынарац.— Таварыш камісар!

Над галавой свісталі кулі. Не ўстаючы, Зімчук па-пластунску папоўз на голас. Святло ад вогнішчаў ужо даходзіла сюды, і ён убачыў на зямлі свайго каня. Выхапіўшы ў ардынарца повад, Зімчук тузануў. Конь выкінуў перад сабою пярэднія ногі, ірвануўся, але падняцца не здолеў, а толькі тужліва заржаў.

— Прыстрэль,— загадаў ардынарцу Зімчук.— І адвяжы торбы.

— Я не пра каня хацеў сказаць. Прасілі перадаць, камбрыга параніла! — выгукнуў ардынарац, і голас у яго сарваўся.— Вунь там!

Не разумеючы, чаму ён паказвае за спіну, Зімчук усхапіўся і з пагрозай, нібы ардынарац быў таксама вінаваты, падагнаў яго маўзерам.

— Дзе? Вядзі!..

Воранаў ляжаў на плашч-палатцы, бездапаможна раскінуўшы рукі. Укленчыўшы, над ім схіліліся Стахаў і Кравец.

Адштурхнуўшы Краўца, Зімчук таксама ўпаў на калені і ледзь не крануўся губамі твара Воранава.

— Ты, Іван? — спытаўся той, і Зімчук здагадаўся, як яму цяжка і блага.— Вось і адваяваўся. Дай слова, што будзеш гаварыць праўду.

— Ну, даю, пра што ты? — скалануўся ад жалю Зімчук.

— Паміраць трэба, а я і дагэтуль не ведаю — вінаваты я перад народам і арміяй ці не. Скажы, Іван, шчыра і хутчэй. Мне вельмі важна.

— Няхай кожны зробіць, колькі ты.

— Гэта — не адказ. Ды я часам сапраўды стараной ад галоўнага праходзіў. Жыць хацеў... Але не ў гэтым нават справа. Я афіцэр, у мяне свая асаблівая адказнасць. Усё-такі я тут... Скажы, Іван!..

Вогнішчы разгараліся, навокал рабілася святлей. Агонь немцаў мацнеў, але Зімчук ведаў, што адказаць на пытанне Воранава ён мусіць. Бо гэта — тое, без чаго камбрыгу цяпер нельга ні памерці, ні выжыць, бо гэта мучыла самога Зімчука.

— Ты бязлітасны да сябе,— палохаючыся воранаўскай упартасці, горача прамовіў ён.— Ды не толькі ты. Шмат хто з нас развучыўся глядзець праўдзе ў вочы і гаварыць яе самому сабе. А што, калі?.. Страхуем і страхуемся. Літара стала богам... Ты ж герой, дарагі камбрыг. Ге-ер-о-ой!

— Дзякую,— паспакайнеў Воранаў і заплюшчыў вочы.— Калі прарвеце блакаду, адразу біце карнікаў у спіну. Толькі так можна сарваць іх планы і ўратаваць людзей, якія астануцца ў акружэнні. Дзейнічай, Іван!..

— Таварышы, кабрыга параніла! — люта, захліпаючыся, выгукнуў Кравец.— За мною, таварышы! Бі вылюдкаў!

Ён даў з аўтамата чаргу ў напрамку агнёў і кінуўся першы, не азіраючыся. Усхапіліся і пабеглі другія партызаны. Здзіўлены, што іх нечакана аказалася больш, чым здавалася, калі яны ляжалі, Зімчук пабег разам з усімі, загадаўшы сувязным перадаць, каб рэзервныя роты займалі бакавыя пазіцыі і трымалі іх, пакуль у прарыў пройдуць усе.

Цяпер ужо сярод трэску, крыкаў і выбухаў нельга было вылучыць што-небудзь адно — стрэлы, чэргі ці разрывы снарадаў. Усё гудзела, ірвалася, стагнала, пакуль партызаны, памінуўшы вогнішчы, не рынуліся ў свежавыкапаныя акопчыкі і гнёзды.

На момант цішыня аглушыла Зімчука. Але тут жа стала чуваць, як патрэсквае галлё ў вогнішчах, а потым і як мацярацца, задыхаюцца ў рукапашным баі людзі. Зімчук скокнуў у кулямётнае гняздо, калі там ужо арудавалі Кравец з ардынарцам.

— На, сука, на! — вырыгаў Кравец, б’ючы прыкладам па касцы ашаломленага кулямётчыка.

Страляць было небяспечна. Зімчук ударыў тронкам маўзера немца, які душыў ардынарца, і калі той пачаў падаць, стрэліў. Не чакаючы, пакуль Кравец з ардынарцам падбяруць трафеі, вылез з гнязда і пабег далей. Следам за ім, ускінуўшы на плячо нямецкія ранцы і кулямёт, пабег і ардынарац.

У кюветах і прыдарожных кустах давялося залегчы зноў. Скрыгочучы гусеніцамі, па шашы паволі ішоў танк і паліваў перад сабой з кулямёта. За ім сунуўся другі. Але сумнення ўжо не было — партызаны прарвуць і гэтую, відаць, астатнюю лінію. Сэрца балела толькі за Воранава — як з ім?

Санітараў Зімчук заўважыў, калі аддаў загад падрыўнікам і пэтээраўцам наконт танкаў. Прыгінаючыся, яны подбегам неслі загорнутага ў плашч-палатку Воранава, а за імі, высокі і просты, шырока крочыў Стахаў... Не, так несці жывога чалавека санітары не маглі. Не мог, калі б Воранаў яшчэ жыў, так ісці і Стахаў... Зімчук ударыў сябе кулаком у лоб і ў роспачы заківаў галавою.

 

5

Зімчук сядзеў на пяньку і праглядаў данясенні аб стратах, калі далажылі, што яго хочуць бачыць Зарэцкі і Дзімін.

— Адкуль гэта яны? — не адразу ўцяміўшы ўсё, што яму дакладвалі, спытаўся ён і толькі тады спахапіўся: — Прасі, прасі, няхай, калі ласка, ідуць!

Было холадна і волка. Сумнае неба ледзь не чаплялася за вяршаліны. Шэрань, што асела на дрэвы ўначы, так і асталася на іх, хоць зрабілася сівая, як цвіль. Не знікла яна і з бруснічніку, з леташняга лісця на зямлі, і той, хто прыходзіў сюды, пакідаў пасля сябе мокрыя сляды, а бруснічнік, прымяты нагою, зелянеў, як улетку.

Непадалёк на ўзгорку сярод сосен жаўцела свежая магіла з непафарбаванай пірамідкаю, увенчанай зоркай. Зімчук паглядзеў туды і шчыльней захінуў шынель. Заўважыў, што не падперазаны, і выняў з кішэні скручаны рамень. «Во расцяпа, быў так, мабыць, і калі хавалі,— упікнуў ён сябе і ўбачыў Яшу Зарэцкага з Дзіміным, якія беглі да яго.

— Няўжо праўда? — казырнуўшы, выдыхнуў Зарэцкі і разгублена стаў перад Зімчуком.— Калі?

— Учора,— неахвотна адказаў Зімчук, адчуваючы, што не можа гаварыць пра смерць Воранава. І, каб перавесці гаворку на іншае, спытаў: — Вы ў Заходняй былі?

— Адпомсцілі хоць як след? — не зразумеў гэтага Зарэцкі.

Дзімін прытрымаў яго за руку.

— Пачакай, Яша!

— Не магу я... Дазвольце ўвайсці ў падначаленне і прыняць удзел у аперацыях. Загадвайце, Іван Мацвеевіч! Вяскоўцы і ўцекачы з гета, вядома, з вамі выйшлі? Можа, трэба памагчы харчамі? Мы нарыхтавалі трохі па маёнтках. Ах, як шкада Воранава. Дзе яго магіла?

Зімчук моўчкі паказаў на ўзгорак. Зняўшы шапку, Яша Зарэцкі пайшоў да магілы, схіліўшы галаву, стаў ля яе і застыў, як у клятве. Барадаты, з завіткамі валасоў, што спадалі на лоб, у заўсёдашняй скуранцы, у рамянях, з аўтаматам і біноклем на шыі, ён нагадваў таежнага падарожніка.

Зімчук даручыў атраду Яшы Зарэцкага разграміць карнікаў, якія арудавалі ў Мглё. Гэта быў трэці эшалон, які чыніў суд і расправу, рабаваў, паліў. Даведаўшыся, што ў Мглё знаходзіцца і Вейсіг, Зарэцкі загарэўся і заспяшаўся яшчэ больш.

Спадзеючыся на нечаканасць свайго нападу, вырашыў ударыць па Мглё з ходу, без асаблівай разведкі. Але калі падышлі, аказалася, што вёска кіпіць і карнікі збіраюцца з яе выступаць. Пры такіх акалічнасцях зручней было, вядома, біць немцаў на маршы, і Яша Зарэцкі, выслаўшы заслон на другі канец вёскі, загадаў залегчы ў хмызняку, абапал мглёўскай грэблі.

Карнікі сапраўды адчувалі сябе ў бяспецы. Галёкаючы, выганялі з падворкаў кароў, авечак. Шнырылі па хатах, шукаючы яшчэ якой спажывы. Выстрайвалі на вуліцы фурманкі з сялянскім скарбам, з свіннямі, гусямі. Але вяскоўцаў нідзе відаць не было.

Значыць, чакаць немцаў у засадзе таксама не выпадала.

Пакінуўшы чалавек пятнаццаць у хмызняку, Яша Зарэцкі разгарнуў атрад, і партызаны двума ланцугамі рушылі на вёску.

Беглі моўчкі, нібыта некага праследваючы, пакуль не пачуліся сухія вінтовачныя стрэлы і аўтаматныя чэргі — басавітыя, замаруджаныя, яўна нямецкія.

— Ура, таварышы! Ура! — закрычаў Дзімін.

Бойка завязалася на гародах, падворках, на вуліцы і адразу стала нейкая хаатычная. Каровы, а за імі і авечкі пачалі разбягацца па дварах. Пераварочваючы калёсы, ламаючы аглоблі, сталі кідацца спуджаныя коні.

Але перавага партызан была ўжо ў тым, што яны наступалі, што за першым ланцугом у іх бег другі і побач былі камандзіры.

Пачуўшы, што Вейсіг і некалькі салдат схаваліся ў хаце каля былога калгаснага двара, дзе рыхтавалася расправа над мглёўцамі, Яша Зарэцкі з групай партызан кінуўся туды. Пабег проста па вуліцы, не звяртаючы ўвагі, што на падворках ішла перастрэлка. Вейсіга трэба было абавязкова ўзяць жывым. Каб паглядзець на яго зблізку, каб убачыць, як пашарэе ён ад страху, каб дапытаць пры людзях і ўласнаручна расстраляць. І гэта адно кіравала цяпер Яшам Зарэцкім.

У роце ў яго перасохла, захацелася піць. Адчуваючы, што вельмі хвалюецца і таму можа нарабіць глупства, Зарэцкі прыпыніўся ля калодзежа. Нехта, відаць, нядаўна піў тут таксама, бо вялікае драўлянае вядро на вочапе матлялася. Яша злавіў яго і зачэрпнуў вады. Прагна прыпаў быў да тоўстага края вядра, як нечакана пачуў лямант і крыкі ў кароўніку.

— Пільнуйце хату! — крыкнуў ён старшаму і адштурхнуў вядро.

З хаты яго заўважылі і адкрылі страляніну. Паміж калодзежам і кароўнікам ляжала пустка, некалі ўшчэнт здратаваная худобай, а цяпер парослая рэдкім спарышом. Выцершы губы і бараду, Зарэцкі засігаў напрасткі. Але праз колькі крокаў, узняўшы пясчаныя фантанчыкі, чарга перасякла яму дарогу. Ён спыніўся на момант, вільнуў і пабег ужо далей, пятляючы і падаючы.

— Яша, куды вы? Яша! Паберажыцеся! — затрывожылася адразу некалькі галасоў.

Ён толькі махнуў аўтаматам і паказаў на кароўнік.

— Яны замініраваць маглі. Зразумела?

Кароўнік быў пакрыты гонтам. Раптам у адным месцы на даху вырасла пухліна, і ўгору пырснулі трэскі. З дзіркі пачалі вылазіць людзі і кулём скочвацца на зямлю. Па даху і сцяне паласнула чарга, і кароўнік задыміўся.

Агрызнуўшыся з аўтамата, Яша Зарэцкі пабег хутчэй. Але каля самага кароўніка ўскінуў рукі і ўпаў.

Яго чарга як бы паслужыла сігналам. Шыбы ў вокнах хаты, адкуль стралялі, пасыпаліся: партызаны адкрылі па ёй агонь.

Да Яшы Зарэцкага кінулася некалькі чалавек, але ён заварушыўся, падняўся на калені, устаў. Накульгваючы, пашкандыбаў да варот кароўніка і неўзабаве расчыніў іх.

— Выходзьце, таварышы! — крыкнуў ён.— У вёску пакуль што не ідзіце, а кіруйцеся ў лес. Калі можна будзе вярнуцца, вам скажуць.

З варот хлынулі людзі. Даючы ім дарогу, Зарэцкі адступіў. Але яго акружылі, пачалі абдымаць. Вялікая радасць у чалавека, калі ён адчуў подых смерці і астаўся жыць! Зусім побач трашчалі стрэлы, захліпаліся аўтаматы, а людзі цалавалі Зарэцкага і, плачучы, цягнуліся да яго, жадаючы абавязкова дакрануцца.

Сівая, з чорнымі напалоханымі вачыма жанчына першая заўважыла, што ён паранены.

— Асцярожна, людзі! — падняла яна як для заклінання рукі.— Адыдзіце!

Бадай што не адчуваючы, як баліць і палае параненая нага, Яша Зарэцкі глядзеў на сівую жанчыну, па змучаных, счарнелых вяскоўцаў, якія сцяной акружалі яго, і ўсё замірала ў ім ад спачування і раптам нахлынуўшай любасці.

— Таварышы! Я прашу вас, падавайцеся ў лес,— паўтарыў ён і зноў спыніў позірк на жанчыне.— Вядзіце іх, маці!..

 

У хату, куды паклалі Яшу Зарэцкага, Вейсіга прывялі са звязанымі рукамі. У расшпіленым кіцелі, без шапкі, ён стараўся, аднак, трымацца з годнасцю і на канваіраў, якія падштурхнулі яго, калі ён замарудзіў у дзвярах, азірнуўся хутка і грозна. Апынуўшыся ў пакоі, Вейсіг агледзеў яго і, не знайшоўшы ў ім нікога, апрача Зарэцкага, падціснуў ніжнюю губу.

— Развяжыце яго,— грэбліва сказаў Яша Зарэцкі канваірам,— і дайце мне дакументы, што былі ў ягоных кішэнях і планшэтцы. Мабыць, ёсць цікавыя... Вось бамбіза!..

Ён вымавіў апошнюю фразу са здзіўленнем, але ў той жа час і з расчараваннем. Ва ўяўленні камендант паўставаў інакшым.

Вейсіг улавіў гэта і, расціраючы развязаныя рукі, пераступіў з нагі на нагу: сумнення не аставалася — юнак у ложку быў камандзір. «Юдэн!» — халадзеючы, падумаў Вейсіг. Ён, вядома, не спадзяваўся на партызанскую літасць і раней, але тое, што чалавек, які будзе дапытваць яго і вызначаць кару,— яўрэй, таіла ў сабе нешта вельмі страшнае. Тым больш, што Вейсіг ведаў, якім жахлівым можна зрабіць допыт. Дый наогул ніхто так не баіцца катаванняў, як сам кат. А што іх цяпер не мінеш, было відавочна.

— Я прашу ставіцца да мяне як да афіцэра,— усё ж запатрабаваў ён, спадзеючыся яшчэ некага ў нечым перахітрыць.

— Вы афіцэр? — зрабіў вялікія вочы Яша Зарэцкі.— Гэта мана, пане камендант!

— Слова гонару.

— Зноў мана. Хіба ёсць у вас гонар? Не ўздумайце толькі іграць камедыю.

Падбадзёраны, але і пакрыўджаны спакойным Яшыным тонам, Вейсіг ускінуў галаву, адвярнуўся.

— Глядзець мне ў вочы, забойца! — пошапкам сказаў Зарэцкі і сеў на ложку, абапіраючыся на рукі.

Вейсіг, нібыта на яго замахнуліся, уцягнуў шыю ў плечы і павярнуўся.

— Я выконваў толькі загады і магу гэта давесці — пытайцеся...

— То-та ж,— стомлена прыплюшчыў вочы і адкінуўся назад на падушку Яша Зарэцкі.— Выведзіце яго, таварышы, і перадайце Дзіміну, каб дапытаў сам...

 

6

Нечакана пацямнела, і пайшоў буйны макраваты снег. Уводдалі сняжынкі, здавалася, падалі паволі, а бліжэй — імкліва выцягваліся ў белыя лініі. І разам з тым, як снег укрываў зямлю, навокал зноў святлела, і неўзабаве стала як было, хоць снег падаў і падаў. Поплаў, кусты на ім, дарогу, раллю па другі бок яе — усё ўкрыла пушыстая бель, і толькі ззаду за ротай аставалася карычневая з рудымі краямі паласа.

— Цяпер хай сыпле,— сказаў нехта пра снег і саркастычна хіхікнуў.— А ўчора з галавой бы выдаў. Нібы пальцам на цябе паказваў бы...

Снег клаўся на шапкі, на плечы, хрустаў пад нагамі, і ісці рабілася ўсё цяжэй.

З узгорка Ляды адкрыліся адразу ўсе — рэдкія, раскіданыя па прыгуменні пунькі, прыцярушаныя ўжо снегам, ланцужок хат з прысадамі, з садкамі і калодзежнымі жураўлямі, калгасны двор наводшыбе. Хат яўна паменшала, але пад снегам папялішчы не кідаліся ў вочы, і Ляды, пакуль Зімчук не прыглядзеўся, здаліся бадай што колішнімі.

— Не былі тут усяго тыдзень, а здаецца — месяц, калі не больш,— сказаў Стахаў, які крочыў побач, і, зняўшы шапку, абабіў з яе снег.

— Год, доктар, год,— паправіў Зімчук.— Як ужо лядаўцы там? Ніводнай душы не відаць.

— Не вярнуліся мо яшчэ.

— Магчыма...

Снег лётаў, кружыўся, падаў, і ў яго мігценні Ляды выглядалі мёртвымі — ні людзей, ні жыцця.

Разведчыкі, мусіць, прайшлі гэтым канцом вёскі да снегу, слядоў на вуліцы ані не было, і гэта трывожыла больш, чым бязлюддзе.

Сказаўшы камандзіру роты, каб вёў партызан далей і размяшчаў па хатах, Зімчук збочыў у першы, што трапіўся, падворак. Следам за ім, не хочучы пускаць камісара аднаго, падаўся і Стахаў.

Вароты былі расчынены, брамка сарвана з завес, двор у некранутай белі. Але на ганку сядзеў босы стары ў расхрыстанай зрэбнай кашулі і залатаных, у палоску, портках. Як у цяжкім забыцці, ён паклаў свае вялікія рукі на калені і прыхіліўся лбом да слупка ганка. На сівых валасах, на густых бровах, на плячах і каленях у яго ляжаў снег.

Паўз старога, баючыся зачапіць яго, Зімчук прайшоў у сенцы. Снегу намяло і сюды, ён трапіў нават пад палок, дзе было трохі бульбы.

— У людзей ёсць прыкмета,— хрыпла сказаў Стахаў,— калі снег лезе ў будынкі, хаваецца — значыць, растане...

У хаце ўсё было перавернута, нават шафа і скрыня з выдраным прабоем. Толькі ля сцяны, за паламанай шафай, стаяў ложак. На ім упоперак, абхапіўшы рукамі двух дзяцей, ніцма ляжала жанчына — раскудлачаная, напалову адзетая. Ды ля самага яе васковага вуха, якое, здаецца, усё яшчэ прыслухоўвалася да нечага, выгодна развалілася пушыстая дымчатая кошка з добрымі зялёнымі вачыма. Здаволеная, яна ласкава лізала кацянят, якія варушыліся, прыпаўшы да яе саскоў.

— Пойдзем,— папрасіў Стахаў.

— Вы мяне апякуеце, доктар? Навошта?

— Гэта жахліва!

— Тым больш. Берагчы свае нервы і баяцца глянуць праўдзе ў вочы? Няхай самай жорсткай! Ці не маладушна гэта, доктар? Я веру: гэтая вайна апошняя. Для нас яна — вайна вайне. І мы, вядома, пераможам. Але...

— І ўсё-такі пойдзем... Самі будзем хаваць ці пачакаем лядаўцаў?

— Не, пачакаем. Яны таксама павінны бачыць гэта,— упарта адказаў Зімчук і выйшаў з хаты.— Не думайце, што заўтра людзі будуць жыць адной любоўю і ім не патрэбна будзе нянавісць...

Па вуліцы насустрач рэдкім натоўпам пляліся мокрыя, у брудных лахманах лядаўцы. Неслі на плячах нейкія транты ў лясёнках, вялі за рукі дзяцей, гналі кароў і моўчкі, не развітваючыся, разыходзіліся па дварах. Сям-там чуліся немыя крыкі, галашэнне.

Не падобны на сябе, аброслы рыжай шчэццю, падбег каваль. І па тым, як ён бег — няўпэўнена, быццам не на сваіх нагах, як балансіраваў рукамі, а потым няўдала ткнуўся ў Зімчукова плячо, было відаць, што каваль змардаваны дарэшты. Зімчук абняўся з ім крыж на крыж і, расчулена ляпаючы па спіне, адчуў, як калоціцца ад стрыманага плачу яго істота.

— Што, сіл бракуе, стары? — спытаўся Зімчук, дробна моргаючы сам.

— Гэта ад радасці, Іван Мацвеевіч,— слаба ўсміхнуўся каваль.— Хоць, вядома, дасталося столькі ды яшчэ паўстолькі, і не ведаю, калі еў. Але, як кажуць, на жывых касцях мяса нарасце. Важна, што сустрэліся і жывыя асталіся.

— А дачка дзе?

— Пахаваў... Многа хворых і раненых у нас, доктар,— звярнуўся каваль да Стахава, і твар у яго адразу завастрыўся, пабляднеў зусім.— Можа, паможаце?

Яго пытанне яўна не спадабалася Стахаву, і ён сярдзіта прыжмурыўся.

— Як гэта разумець — паможаце? Распарадзіцеся, каб вынеслі з канцавой хаты забітых. Няхай памыюць падлогу, прапаляць грубку. Адкрыем медпункт. Сёння да вечара буду прымаць сам, а заўтра прышлю фельчара. Гэта задавальняе вас?

— Дзякую, доктар, даруйце...— не прасвятлеў каваль, а неяк драпежна выскаліўся.— Чым немцы заплоцяць нам за свае ўчынкі? А?

— Гітлераўцы,— паправіў Зімчук.

— Няхай гітлерцы. Але іх не забіваць, а, як гадаў, знішчаць трэба. І за кожнага, як за гада, будзе сорак грахоў адпушчана! У мяне гэтая адна праўда ажно да перамогі толькі і астанецца... Я да вас, Іван Мацвеевіч, калі дазволіце, пазней забягу.

— Людзей з сабой захапі! — гукнуў яму ўслед Зімчук, уздыхнуў і правёў каваля позіркам.— Бач, як скруціла чалавека...

— Вы доўга тут будзеце? — спытаўся Стахаў, таксама збіраючыся пайсці.

— Вось дамоўлюся, з чаго лядаўцам пачынаць, ды людзей з Паліка сустрэну. Радыёграма, доктар, прыйшла: з Вялікай Зямлі прыляцелі і да нас кіруюцца. Новы Мінскі гарком. Гестапа старыя метады падпольшчыкаў вывучыла, падрыхтавала правакатараў, шпікоў. А тэрор? Так што наўрад ці мэтазгодна аднаўляць гарком у Мінску. Падполлем можна і з лесу кіраваць. Нават зручней.

— Мо хто са знаёмых прыляцеў?

— Кавалеўскага ведалі? Ён да вайны таксама сакратаром працаваў. На канферэнцыях, канешне, сустракаліся тады. Чарнявы такі...

Зімчуку самому ўявіўся Кавалеўскі, які належаў да людзей, што лёгка і надоўга запамінаюцца. У яго абліччы было нешта дужае і рабочае — цёмныя гладкія валасы, прычасаныя на прамы прабор, мускулісты твар, вусы, уважлівы цвёрды позірк. «Змяніўся, мабыць, як і мы ўсе. Бач, як пастарэў і пасуровеў доктар...» — падумаў Зімчук і, крыху збянтэжыўшыся, дадаў:

— Здаецца, і Шарупіч з ім... Калі што — мяне ў Лізаветы шукайце. Там буду...

Лізавета з венікам ужо завіхалася ў зямлянцы. На цвіку каля дзвярэй вісела яе ватоўка. Захутаны ў цёплую хустку, сярод клункаў на голых нарах сядзеў Лёнік. У печцы, весела патрэскваючы, гарэлі дровы, і жывыя водсветы трапяталі на сцяне і столі.

— Чадна можа быць — вунь як настыла,— павітаўшыся, сказаў Зімчук.— Не баіцёся?

— Нічога, нам цяпер абы цёпла,— махнула венікам Лізавета і, кінуўшы падмятаць, выцерла аб фартух рукі.— Мы без цяпла мо больш мучыліся, чым без хлеба.

Яна паглядзела на Зімчука яшчэ спалоханымі вачыма і падала руку.

— Як жыць будзеце? — спытаўся Зімчук, ведаючы, што Лізавета не стане ні скардзіцца, ні прыбядняцца.

— Нам не прывыкаць — будзем! — цвёрда адказала яна.— Бульба і збожжа прыхаваны ў кожнага. Транты таксама. Сена назнарок з балота не прывозілі. А ў мяне і карова асталася. Як абняла яе за шыю, так і хадзіла ўсе дні. Толькі і расставалася, можа, калі да стагоў па сена хадзіла.

— А Лёнік як? Клункі?

— Лёнік на спіне, а клункі на Красуні. Я думаю, што і араць увесну на ёй буду. Буду!.. А там і савецкая ўлада вернецца.

— Зараз каваль падыдзе, абмяркуем, з чаго пачнем,— сказаў Зімчук, з павагаю гледзячы на Лізавету.— Тым, хто найбольш пацярпеў, і мы паможам. Сёе-тое ўцалела на базах. Але галоўнае — узаемапомач.

У зямлянцы рабілася цёпла. Лізавета падышла да сына, развязала хустку і пацалавала яго ў лоб.

— А ён у мяне малайчына, Іван Мацвеевіч, ну проста малайчына,— пахвалілася яна: — Хоць бы заплакаў раз. Во як мы ўмеем!

— Нельга было партызан выдаваць,— як па сакрэту сказаў хлопчык, і лобік у яго паморшчыўся.

— Разумнік ты мой!..— зноў пацалавала яго Лізавета.— Мы з ім паўз цывільны лагер праходзілі. Бачылі школу пад павеццю. Навокал голыя кусты, снег, а малышы за столікамі і настаўніца ля дошкі. Пачалі ўжо...

— Але,— згадзіўся Зімчук, хоць не ведаў пра гэта.— Нам таксама шмат чаго давядзецца нанава пачынаць. Воранава няма... Многа людзей страцілі. Брыгадны лагер і той спалены... Але сілы, Лізавета, усё роўна як бы пабольшала. Дзіўна нават!..

Ён падышоў да акенца і сеў на зэдлік.

Па заснежанай, але ўжо не белай вуліцы снавалі лядаўцы і партызаны. Рыпелі вароты, ахвотна, скідаючы з сябе снег, нахіляліся калодзежныя жураўлі. Бразгалі вёдры, гаманілі людзі. Ад канцавой хаты да зямлянкі кіравалася група мужчын — у шапках-вушанках, у белых, быццам прыцярушаных мукою, кажушках, праз рукавы якіх былі прадзеты шнуркі з рукавіцамі, у салдацкіх ботах.

«Яны!..— падумаў Зімчук.— Як гэта дарэчы...»

Мінск, 1948-49, 1960-62 гг.


1948-1949; 1960-1962

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпаў У. Нямігі крывавыя берагі. Раман. З цыкла «На перавале стагоддзя». – Мінск, Дзяржвыд БССР, 1962. - 496 с.
Крыніца: скан