epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Карпаў

Не травамі роснымі. Апавяданне

Мне няма ў чым апра-аўдвацца, таварышы! Хоць, канечне, сёрбала, як той казаў, адным лапцем боршч з немцамі. А гэта, як вядома, на думку некаторых, ганьба ўжо. Нібыта цэлы народ мог эвакуіравацца. Глупства, зразумела, а ўсё роўна — заўважылі? — усе пачынаюць з тлумачэнняў, чаму на акупаванай тэрыторыі асталіся. Не змагла, маўляў, бо раджала. Ехала ў поездзе ўжо, ды яго разбамбілі. Абагналі, маўляў, нямецкія танкі за Талачыном... Таму і мне прыйдзецца сказаць пару слоў, каб недамовак не было.

А ў Друскеніках лячылася. Прыняла якраз гразевую ванну, сабралася паблукаць па бары, а з рэпрадуктараў навіна ў спіну...

Мусіць, няма страшнейшага, як апынуцца ў такі час не дома. Дзе той Мінск? На краі свету. Ды, як бывае, падвярнулася спадарожніца. Слаўная такая, шчырая, яшчэ дзіця. Усё абуралася: «Як яны смелі, ды як пасмелі!» Удзвюх локцямі праклалі сабе дарогу на перон. З горам папалам дачохалі да апошняй літоўскай станцыі. А там... та-ам поезд як у нерат увайшоў. Спыніліся, а паабапал вагонаў нямецкія аўтаматчыкі — вітаем, панове!

Аднак уначы мы з Нінаю, нікога не падгаворваючы, прашыліся праз варту і пабеглі. Куды? А хто яго ведае. Толькі раніцою, распытаўшы, узялі кірунак на Гродна. Раней я сама здзіўлялася, як гэта салдаты запамінаюць, дзе што фарсіравалі, дзе трымалі абарону, перафарміроўваліся, за якія населеныя пункты біліся. А цяпер ведаю: калі звязаны з чым-небудзь жыццём — не забудзеш.

Ураджай у тым годзе выдаўся надзіва. Жыты стаялі сцяною, у рост чалавека. Ярына аж буяла. Я ў сям і дзевятая, перадапошняя, расла. У хутараніна за парабчанку была. На фабрыцы працавала і ўжо толькі тады вучыцца пачала. Так што цану хлеба ведаю. А тут яго топчуць, дратуюць. У прыдарожных жытах людзей палягло мо не меней, чым на дарогах.

Пляцемся, гаруем. Хутаранін успомніўся. Ён, бывала, сваіх коней у чужыя аўсы пускаў. Хай у другіх меней будзе, а яго коні пад’ядуць. Душыў усіх работаю, усё пад сябе гроб. Раз я, кароў пасвячы, арэхаў нашчыпала. Дык, калі вярнулася дамоў, і іх адабраў... Яго ў нас Гегемонам празвалі: адгарадзіўся, маўляў, платамі, жэрдкамі і цараваў. Але не думайце, што сам смачна еў ды піў. Дзе там! Хоць, каб пыл у вочы пусціць, і выходзіў у святы дзень за вароты, садзіўся на лавачцы і калупаў у зубах. А калі каго абразіць надумае, адхіне крысо і псуе паветра. Ніна проста верыць не хацела. «Не можа быць ды не можа быць!..»

А Гродна гарэла ўжо. Давялося абыходзіць. Галодныя, прыбіліся да вайсковай пашматанай часці. Хоць і забаронена было, пашкандыбалі ззаду. Усё ж болей пэўнасці. Але пасля аднае бамбёжкі агледзелася я, а паблізу ні душы. Былі і не стала. Знікла і Ніна? Куды? Ніколі, можа, так самотна не было. Навокал усё гіне, а я адна...

Ля Пятрышчына натоўп, да якога я прыстала, абстралялі нямецкія танкі. Уцякаючы, наткнулася на аўтамашыну. Гарыць, як касцёр. У кабінцы вадзіцель задыхаецца... Правай рукою вочы прыкрыў, а другой ручку дзверцаў намацвае і не можа намацаць. Падбегла яшчэ жанчына, і мы памаглі яму на зямлю ссунуцца. Потым плашч-палатку знайшлі, плачучы, адцягнулі ў бліжэйшую хату.

Усё перамяшалася ў мяне. Ледзь не галашу. Але ў Мінск прыйшла з думкамі — нешта ж трэба рабіць.

На Нямізе з нямецкімі салдатамі сутыкнулася. Мышастыя, у ботах з шырачэзнымі халявамі. Смяюцца, нясуць звязкі чаравікаў, кардонныя каробкі. Параўняўшыся, затупалі, пачалі свістаць. Думалі — пабягу.

Ад дома, канечне, асталіся руіны. Адно пазнала пакарэжаны чайнік ды спінку ложка, што з цэглы вытыркаліся.

Мінск бы мурашнік. Хоць немцы ой як стараліся, каб заціх хутчэй.

Прытулак знайшла на Камунальна-Набярэжнай. У пакойчыку — машына швейная, ложак засцелены, у буфеце — чай, цукар. Мала, відаць, чаго гаспадары захапілі з сабою.

Пра мужа казалі рознае. Адны — што загінуў яшчэ пры бамбёжцы, другія — што бачылі яго непадалёк ад горада. Стаяў на абочыне шашы у сподніках, а ў нагах гімнасцёрка, галіфэ і боты валяліся. Нібы гэта хтосьці загадаў раздзецца, цывільную вопратку забраў, а сваю кінуў. Спякла я крыху хлеба, бульбы — і ў Дразды: а мо Марка там. Прыйшла. Лагер немцы зрабілі ля Свіслачы, на поплаве. Але зямля ўжо чорная — ні травінкі. Ваенныя ад цывільных вяроўкай адгароджаны. Прыпала я да дроту, пачала гукаць. Ня-ма! Сонца і тое, здаецца, пацямнела.

Марка мой з-пад Смаленска. Замкнула я, вярнуўшыся, сваю каморку і пайшла. Думала: распытаю ў сваякоў, а можа, і за лінію фронту патраплю. А дзе ты такое адзіночкаю зробіш. Крылаў жа няма — не птушка.

Праўда, дабралася да Віцебшчыны. Фронт не за гарамі. Зайшла ў вёску. Казекава называецца. Выбрала хату. Стаіць асобна паміж двух азерцаў. Абгароджана новым частаколам. Сетка на ім сушыцца. На двары бярвенні з разабранай будыніны. Хлеў пачаты. Вянкі чатыры пакладзена. У хляве конь хрумстае авёс. Ля шула плуг, барана.

Спахапілася — адкуль гэта ўсё раптам? Нацягака, канечне, калі неразбярыха ўшчалася. На бярвенні, мусіць, не адну сцяну ў калгасным кароўніку разабраў. Але было позна. На парозе паказаўся гаспадар. Насупіўся, прытрымаў сабаку, які хацеў быў прашмыгнуць між нагою і вушаком.

Доўга маўчаў, чухаў нос — вымяркоўваў, як быць. Пэўна, я не першая вось так завітала да яго. Потым, узяўшы за ашыйнік сабаку, ступіў з ім на ганак і прапусціў мяне ў хату.

Я і цяпер сябе дакараю — навошта зайшла? Хіба не бачыла, што за гусь? Чаго, наогул, паддалася — не плюнула, не крутнулася, не пайшла? Такія ўсё роўна на адкрыты гвалт, пры людзях, не адважацца. Баяцца яны сведак, сволачы!

А як пакацілася, так і пакацілася. У час вячэры стала распытваць пра дарогу і ўжо амаль сябе не памятала. Рукі самі да завушніц пацягнуліся. Во дурнішча! Просценькія яны ў мяне былі, але ўсё-такі залатыя. Адно шкада — каму? А ранічкою, калі пайшла па яго ўказцы, проста на нямецкі гарнізон напаролася...

Вярнулася ў Мінск — скура ды косці. Праўда, з лістоўкамі, якія па начах на дарогі скідалі нашы самалёты.

Так пачалася мая падпольная дзейнасць.

Напачатку група сабралася са знаёмых. Разам працавалі на «Камунарцы». Кіраваць даручылі былому, як і мой муж, партыйнаму работніку. От чалавек быў! Кватэра ягоная і штабам стала. Балазе ў глухім закутку Нямігі, на другім паверсе, знадворку лесвіца. Хто туды ідзе ці спускаецца адтуль — відно з вуліцы. Дый сям’я малая, ціхая — ён, жонка ды адзінаццацігадовая дачка Люся. Жывуць цяжка, надгаладзь, але неяк весела, без скаргаў. Слаўная сям’я.

Як мы толькі не шкодзілі тады! Уладзіліся на гарбарны завод, на дражджавы, у пякарню. Адна з нашых — кандыдат навук — нанялася прыбіральшчыцаю ў будынак Акадэміі. Ой, як спатрэбіліся і яе веды і хімікаты, што паплылі адтуль! Адзін наш рызыкант ухітрыўся самаробным зарадам узарваць на Камароўцы калодзеж, калі да яго падагналі нарабаваных кароў. Уяўляеце? Статак сабе, а ахова сама сабе. «Дражджавы» спускалі пад падлогу маляс салодкі. Сплывае па раўчуку да рэчкі, а там з вёдрамі чакаюць яго...

Праўда, увесну пачаліся арышты.

Аднак вось што хацелася сказаць. Тут бы зжахнуцца, заплюшчыць вочы — ліецца кроў, сотні таварышаў на шыбеніцу, пад расстрэл трапілі. Аж не — мы як бы ўзняліся на прыступку. Падпольная «Звязда» пачала выходзіць.

Я не ведаю, як лёс аднаго ўплывае на лёс другіх. Але ўплывае. І, мусіць, ужо тым, што робіцца вядомы, што ты пазнаў у ім сваё... Я не знаходжу, як сказаць. Але, па-мойму, у такой пераемнасці і хавалася наша сіла.

У верасні мяне паслалі на сувязь з партызанскім атрадам, у якім змянілася камандаванне. Звялі з напарніцаю. Глянула я на яе, бацюхны,— Ніна! Мая Ніна! Пасталела, падцягнулася, хоць тут жа, калі асталіся сам-насам, не змагла не пахваліцца, што ў яе на кватэры сам сакратар падпольнага гаркома жыве.

Узяўшы махоркі, мыла, «Звёздачку», мы басанож выбраліся з горада. Тапачкі, у якія зашылі газету, надзявалі толькі там, дзе чакалі небяспекі. Але, калі ў Пясочным нас затрымалі партызаны, распаролі свой абутак і ўручылі ім «пропускі».

У вашым лагеры пасялілі нас наводшыбе. У будане з яловай кары. Завялі нейкія маторы: слухайце, якая сіла! Забаранілі хадзіць самім.

Камандзір ваш — прыкінуўся прасцяком. Выслухаў нас, пакалупаў у носе. Ажывіўся трошкі, калі пачуў, што на адпраўку ў лес сёе-тое назапашана. Распарадзіўся падрыхтаваць падводу, мукі, мяса.

Але назад адпу-усціў мяне адну. Каня далі маладога, наравістага. Пакуль ехала, знервавалася ўшчэнт. Як было дамоўлена, завезла падарункі да Ніны. Ды там яшчэ больш расстроілася. Нінін бацька прыняў прывезенае неахвотна. Згрузіўшы ў сенцы, адразу выправадзіў:

— Ідзі, Маруся, ідзі...

Адчуваючы нядобрае, ускочыла я на калёсы і да Нямігі. А тут, як на ліха, па Савецкай калона грузавікоў. Ледзь перачакала, супакойваючы каня-недарэку. Уцяміла: навошта ён мне! Збочыла ў тупічок, кінула і — да свайго Герасіменкі. Але вось там і сустрэлася з найстрашнейшым. Па прыступках надворнай лесвіцы кулём кацілася Люся, а за ёй эсэсманы зводзілі расхрыстаную, як не ў сваім розуме, Герасіменчыху.

Што астава-алася рабіць? Кінулася папярэджваць, каго ведала...

Камандзір ваш гэтым разам наогул не глядзеў на мяне. Спытаўся адно пра мужа, дзе працаваў, дзе зараз. Пахмыкаўшы ў кулак, паслаў адпачываць у колішні будан.

А там пуста, як і не жыў ніхто. Толькі на саломе, у кутку, Нініна хустка. Але праз нейкі час і яе забраў ардынарац. Прынёс посцілку, сказаў, каб я нікуды не адлучалася, нічога нікому не гаварыла.

Мучыў голад. Гняла няпэўнасць. Няўжо зноў правал? Ляжала я на саломе, чакала: вось-вось нешта здарыцца яшчэ.

Разы два паўз будан прабег ардынарац. Правялі мужчыну ў дэмісезонным паліто, без шапкі. За ім — кабету з падлеткам. Следам прайшоў камандзір, нешта мармычучы сабе пад нос.

Ад таго, што мяне так прынялі, ад думкі — недарма нас раздзялілі з Нінаю, аж выпіць захацелася. Цюкнула: і мужчына, і кабета з падлеткам таксама з Мінска. Але ў той жа час ахапіла і нейкая любасць. Быццам ніколі не даводзілася бачыць ні такога неба, ні такіх воблакаў. Пануры ельнік і той здаўся як з казкі.

Ад перажытага я захва-арэла. Правалялася некалькі дзён. Выпаўзала толькі пагрэцца на сонейка ды паглядзець на лес.

Не паспела паправіцца, выклікалі да камандзіра. Узрадавалася, накіравалася ў штабную зямлянку ледзь не подбегам.

Камандзір сядзеў за столікам, курыў. Калі падышла, пусціў, быццам пазяхаючы, дым, разагнаў растапыранымі пальцамі.

— Сядай бліжэй, не з’ем. А? Як кармілі?

— Нічога,— падзякавала я.

Столік стаяў ля акенца. Праз шыбы лілося святло, і твар камандзіра бачыла я добра. І слова даю, потым мне ясна зрабілася: ён толькі хоча выглядаць свойскім ды памяркоўным, а на самай справе яму проста сумна важдацца са мною.

— Мы тут намыслілі паслаць цябе ў райцэнтр,— сказаў, напускаючы на сябе выгляд, што збіраецца азалаціць мяне.

— Ку-уды?

— У Мінск усё роўна табе нельга. Грошай дамо... Піўную адкрыеш...

— А гэта навошта?

— Будзеш настрой вывучаць, дакладваць. А?

Сэрца ў мяне ўпала. Але, каб не выдаць, што зразумела яго,— тады яшчэ горай стане,— запярэчыла:

— Якая я гандлярка, таварыш камандзір? Я не толькі ў піўных, а і на рынку ніколі нічога не прадавала. Пра настрой жа, калі трэба, давайце хоць зараз далажу...

На мяне быццам забыліся. Другія ішлі на аперацыі, вярталіся. Хлопцы з гаспадарчага ўзвода будавалі зямлянкі, уцяплялі буданы. А я як валялася ў сваім дзіравым, бы рэшата, так і валялася. Ніна як у ваду канула. Пра падзеі ў Мінску і почуту не даходзіла.

Даруйце, за глыток самагону пярсцёнак бы аддала. Бяда!..

Пасля адной ночы, калі апалае лісце ўкрыла шэрань, я не вы-ытрывала. Да таго ў атрадзе прысягу прымалі... Мяне, вядома, і блізка не падпусцілі. Ох! Няўжо вінавата ў чым?.. Ну, і падпільнавала яго... Пераняла, калі да сваёй зямлянкі падыходзіў. Закаціла істэрыку. «За што такое? Хіба вам жывадзёрам быць?..»

І што, па-вашаму, ён зрабіў? Скрывіўся, калупнуў зямлю ботам. Заўважыўшы, што да брычкі, якая стаяла тут жа, прыклыпала карова, закрычаў на яе. І зноў мяне асяніла: не, дарэмна я сілюся прымусіць яго адкрыта пагаварыць са мною. Навошта яму я, лішні кло-опат? Хапае свайго. Ускладняе гэта толькі ўсё, а карысці — ніякай...

Але рабіць нешта ўсё-такі яму трэба было.

— Ну, добра,— пачухаў ён нос,— будзе табе дзела, калі не церпіцца. Але там, дзе скажуць...

Што далі мне з сабою? Ліпавы пашпарт, адрас амаль невядомага чалавека, маршрут, і я пайшла.

І ўсё-такі мне пашанцавала. Мусіць, сумленных людзей куды болей. У драўляным блакітным доміку на Базарнай вуліцы райцэнтра сустрэў мяне раскудлачаны вуграваты мужчына. Не даўшы растлумачыць да канца, чаго я завітала, загадаў скінуць вопратку і лезці на печ. Траціць не было чаго. Дый знясілела я, адубела зусім. А тут пе-еч! Сушацца грушы-гнілкі, на круках пляцёнкі цыбулі. І цяпло, вядома, сухое, знаёмае.

Так мы і пачалі дзелавую гаворку — я звесіўшыся з печы, гаспадар седзячы тут жа, на пяколку.

Ён, як выявілася, па прафесіі ветэрынар быў, а служыў у раённай паліцыі. Належаў да тых упартых, якія чамусьці лічаць, што самае важнае слова іхняе. Да таго ж, носячы форму бобіка, меў справу толькі з жывёлаю.

Навучаная горкім вопытам — ці не хутаранін трапіўся зноў? — гаворку я павяла на высокіх нотах. Ён жа — наадварот — спакойна, нават валасы на галаве для паважнасці прыгладжваў. І толькі пасля ўзбурыўся. Саскочыў з пяколка, выбег на сярэдзіну пакоя.

— Не-э, не-э! — захліпнуўся словамі.— Прабачце! Хіба можна так шах-мах? Мы ж усё-такі не мурашкі. Наўрад ці каму хочацца, фарсіруючы канаву, легчы пад ногі другім, не ведаючы, ці паможа гэта фарсіраваць яе. У мяне адно жыццё. Дый я не толькі я. У доме жонка. Светачка ёсць.

— Але вайна ёсць вайна. Не пабіўшы яек, яешню не спячэш,— запярэчыла я, хоць гаварыць стала цяжэй.— У кожнага перад ёю абавязак.

— Няхай! Але мы савецкія людзі...Вунь раніцай наш паліцмайстар сустрэўся. Падазваў і прапануе мне: «Хадзем арыштантаў біць!» Але ж гэта ён...

Тры дні пражыла я ў блакітным раі. Гаспадар мала стыкаўся дома — быў на службе, бегаў па маіх заданнях, а я абагравалася. Памыла галаву, залатала вопратку... А калі адкрыліся сякія-такія магчымасці на электрастанцыі, на радыёвузле і пошце, падалася назад.

Другі раз у гарадок ехала, як і ў Мінск — на падводзе. Везла кумпяк, мяшок жыта, міны. Не трацячы часу, сустрэлася з кім трэба. Хлопцы аказаліся як на падбор. Прыходзілі па чарзе, слухалі моўчкі. Ад роспачы, як заўважыла, людзі таксама смялеюць.

Сэрца аблівалася крывёю, толькі калі глядзела на гаспадыню з Святланкаю.

Пакуль суд ды справа, пакуль сабраліся ўсе, каб ісці з гарадка, надышла каменданцкая гадзіна — ні аста-авацца, ні і-ісці. І гаспадар павёў нас вулкамі, нібыта арыштаваных.

На шчасце, сыпануў снег. Але затое, як выйшлі ў поле, дык і згу-убілі арыенціры. Натрапілі на нейкую вёску. Вырашылі браць правадніка. Ды не паспелі адчыніць весніцы на агародзе, як забахалі стрэлы. Зноў давялося блукаць, пакуль зноў-ткі не наткнуліся на агароды. І тады вось вухнула. Раз, другі, трэці... Вярнуліся, значыцца, назад, пад гарадок...

Барацьба, па-мойму, як і праца, бярэ ў палон. Калі нас абстралялі, мы, акалелыя, мо з паўгадзіны ляжалі ў снезе. Потым, як з завязанымі вачыма, кружылі яшчэ болей. Я, можа, упершыню на такім сёмым небе была. Уяўляла, што робіцца ў гарадку, як су-устрэнуць нас у атрадзе, і нават ікала ад радасці.

Напярэдадні — памятаеце? — «рама» вашых на паляне заўважыла і абстраляла. Камандзіра раніла. Таму прымаў ён мяне ў сваёй зямлянцы. Я ніколі і не бачыла такой прасторнай. Абабіта паркалем. Ложак з горкай падушак. Размаляваны кветкамі куфар. Між імі, ля акенца, як і ў штабной зямлянцы,— столік. Герань, гадзіннік, талерка з кавалкам ружовага сала. На ўсім сляды гаспадарлівых рук.

Я кажу вам пра гэта, бо разам з радасцю ў мяне абудзілася і жаданне ва ўсім бачыць добрае. У зямлянцы светла, утульна, рука ў камандзіра на перавязі. Захацелася выліць душу. Можа, нават прызнацца ў няўдзячнасці.

— А дзе ж Ніна, мо скажаце? — спыталася з надзеяй, што цяпер усё пойдзе іначай.— Я засумавала па ёй...

Камандзір адкінуў кажух, які ўкрываў ногі. Жылы на шыі надзьмуліся, як ад бо-олю.

— Ты лепей спытайся, дзе і што робіць яе кватарант! — гаркнуў.— Сказаць? А? Ну дык вось, нядаўна выступаў там у вас перад рабочымі вагонарамонтнага. Са спецыяльна пабудаванай трыбуны выступаў, а абапал мурлачы. Ясна? На якое ліха мне раздвойвацца? Сама спачатку скажы! Ці не занадта самастойная ты? Ці не кіруе хто гэтай тваёй самастойнасцю? І чаму не апраўдваешся? Сама адчуваеш — не апраўдаешся.

Так? Ну і маўчы тады...

— Я пытаюся, Ніна дзе? — ірванулася я.

Ён як бы не пачуў маіх слоў. Я паўтарыла іх — ён зноў астаўся глухім. Вы, пэўна, ведаеце, ягоны спосаб выказваць знявагу. Аднак нешта ўсё ж стрымлівала яго, не давала расперазацца. Мусіць, апасаўся — вернецца некалі муж, пачне шукаць канцы. З настойлівых яны, партыйныя работнікі. Дый нашы поспехі ў аперацыі стрымлівалі, відаць... Сеў, узяў запалку са століка, завастрыў зубамі і пачаў чысціць зубы.

І, паверыце,— што за праява? — зноў ва мне ўскалыхнулася даўняе. Я аж разгубілася. Ну-ну,— падагнала сябе. Глянула на брычку за акном, на карову, якая і цяпер жавала сена, скеміла: а-а!.. Тут камуністы, і я прама скажу — нічым ён не лепшы за маіх колішніх «дабрадзеяў»! «Раздвойвацца»? Падумаць толькі!..

Ну, а раніцою, вы, відаць, здагадаліся ўжо, атрымала я зноў даручэнне — чыкільгаць назад, у злашчасны гарадок. Неадкладна. Бо вельмі неабходна даставіць пісьмо начальніку раённай паліцыі — гэта таму — памятаеце? — які замест зарадкі кожную раніцу хадзіў арыштаваных біць. Можа, згодзіцца супрацоўнічаць з намі? І верце ці не верце, не да жартаў было, а я ўсміхалася. Можа, не ўсміхалася, але, слова даю, адчуванне было — усміхаюся. Дудкі, падумала, цяпер мяне ўжо нічым не напалохаеш! Пісьмо я, канечне, перадам, але па-свойму. Сустрэну з мяшочкам семак якога-небудзь найбольш важнага бобіка ля казармы і аддам. Скажу: ад начальнікавай сястры, што настаўнічае ў Старыцах. Хай, калі пажадаюць, катуюць і расстрэльваюць яго... Ну, а вярнуўшыся сюды, пайду да вас... І калі лаю сябе цяпер, дык толькі за адно — чаму не зрабіла гэтага ра-аней. Пара было зразумець, што і я не лыкам шытая, і адказваю за ўсё, хоць да ўсяго ў жыцці кожны раз даходзіш нанава... Ён жа цяпер пра сябе іначай ужо не гаворыць, як у множным ліку...