epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Карпаў

О, гэтая шчырасць! Апавяданне

Не изменяйся, будь самим собой.

Ты можешь быть собой, пока живешь.

Когда же смерть разрушит образ твой,

Пусть будет кто-то на тебя похож.

Шэкспір

 

Прывезлі іх да нас на Шырокую ў душагубцы. Вылезлі яны, помню як цяпер, апошнія. Спачатку — прафесар. Потым — Галіна Мікалаеўна, якой ён памог сысці. Пацалаваўшы ў лоб, паляпаў па шчацэ і ўзяў пад руку. Заўважыўшы — здаля цікуем мы, зняў памяты капялюш і, сівы, вастраплечы, памахаў нам.

Чаму яго накіравалі сюды? Славутага хірурга, вучонага. І чаму ў канцлагер, а не ў Трасцянец або Нямеччыну, як часцей за ўсё?

Лагер абуджае ў людзях падазронасць. Абвастрае пачуццё справядлівасці: побач небяспека, і лёгка можа стацца, што заўтра-паслязаўтра жыць ужо давядзецца не табе. Таму надта хочацца, каб той, каму пашанцуе, заслужана карыстаўся дабротамі жыцця. А тут яшчэ холад з голадам... Навокал загаманілі.

— Чулі, «гер»? Гер-гер... Чаго, цікава, цацкаюцца з ім, бы з госцем? Таму што падпольшчык? А мо што клічка гучная? Самарын?

— Эге, не вяжацца.

— Не бойся, вяжацца. Арышты вунь як ішлі, так і ідуць.

— А можа, спадзяюцца, што час навучыць пірагі есці?

— Ведаем мы іхнія спадзяванні. Калі Зязіна ўзялі, ураз нібы ў ваду кануў. А ўрач — што, горшы? Ого-го!

— Гэта правільна — з кім ён звязаны? Каму справаздачу даваў? А самадзейнасць — яна заўжды таго...

Не зусім верылася ў гэтыя скептычныя і зласлівыя нагаворы, але, прызнаюся, хацелася, каб было іменна так.

Мяне моцна білі ў СД. Білі, як б’юць асуджаных на смерць, калі трэба адно — вырваць пэўнае слова. Таму ўсё на белым свеце здавалася гідкім. Не было і заўтрашняга дня. Не ставала сілы пачаць усё спачатку, не было гатоўнасці нанава прайсці праз жахі ў засценках. Дый не верыла я ў Клумава да канца. Яго шчырасць, па-мойму, дэканспірыравала нас, а дабрата была бесхрыбетная, паказная. Мы ведалі, пра што гаварыць уголас, пра што шаптацца. Ён, здаецца, не ведаў і гэтага. Не сачыў за сабою, не кантраляваў сябе. А ляпнуўшы што-небудзь, і думаць не думаў паправіцца, ну, ці хоць бы папракнуць сябе ў думках. Праўда, да яго хіліліся. Студэнты-практыканты калісь дык пачыналі гаварыць па-ягонаму — расцягваючы словы і трошачкі заікаючыся. І гэта таксама злавала — слепата нейкая!..

Нарадзіўся ён у Маскве. Як сведчылі прыхільнікі, пераняў ад маці любоў да музыкі, ад ліберальнага адваката-тутулі — яшчэ нешта. Гімназістам вызубрыў латынь, грэчаскую, нямецкую, французскую. Захапляўся Лермантавым, Дастаеўскім. Калі верыць, прымаў удзел у студэнцкіх хваляваннях... Адвакат, музыка, Дастаеўскі, студэнцкае вальнадумства, ха-ха!

І далей не дужа артадаксальна было. Маскоўскі універсітэт, практыка ў якасці звышштатнага ардэнатара ў белакаменнай. Потым — царская армія, Нова-Кіеўскі ваенны шпіталь, званні. Не шмат каму такое выпадала... Хоць пасля дэмабілізацыі, як кажуць, задурыў — адмовіўся ад працы ў матухне Маскве, паехаў у Беларусь. Служыў у земскіх бальніцах Лоеўшчыны, калясіў па вёсках. Пабываўшы ў сялянскіх хатах, загарэўся жаданнем латаць тагачасную беднасць. Завёў пародзістых свіней — чуеце? — і адорваў беднякоў парасятамі.

Мяне гэта ўсё раздражняла, насцярожвала. Усё, усё! І яго ідэалізм, і яго імкненне быць самім сабою, і яго культуртрэгерства. Нават тое, што ён, масквіч, палюбіў Беларусь і лічыў яе другой радзімай.

Я ведаю, як далёка можна зайсці ў сваім адмаўленні. Але ўсё-такі... У першую сусветную вайну Клумаў зноў апынуўся ў армейскіх лазарэтах. А за гады Савецкай улады ўзняўся да славутасці. Ну і, зразумела, павылазілі пытанні: адкуль такая адданасць? што канкрэтна жывіць яе? ці прыйшло б усё гэта, каб не рахуба?

Або!.. Уцякаючы з бежанцамі з ахопленага агнём Мінска, Клумавы далей Бярэзіны не пайшлі. Чаму? Прытулак аблюбавалі пад Пухавічамі, у прылеснай хатцы, якую яшчэ ўвесну знялі пад дачу. Во супадзенне! Жылі там, пакуль не атрымалі калектыўнае пісьмо. Там пісалася, што ўцалелыя гарадскія бальніцы немцы захапілі пад шпіталі і пакінулі мінчанам адну паўразбураную Першую Савецкую, дзе ўпокат ляжаць хворыя, парадзіхі, раненыя.

Упікнуць Клумава, што ён з кійком, у атопках на распухлых нагах прычыкільгаў у Мінск, не ўпікнеш. Людзі хварэлі, раджалі — жыццё ішло сваімі дарогамі. Дый сама я мусіла працаваць. Але...

Не, калі моцна хочаш знайсці што-небудзь, заўсёды знойдзеш. Асабліва такое, што кіне цень на непрыемнага табе чалавека. Важна захацець. Важна пачаць... Але ў дадзеным выпадку, бадай, і гэта не трэба было — разам з колішнімі супрацоўнікамі пісьмо падпісала «сцерва Станіслава»! Фіфа з «пакрыўджаных», якія пырскалі ўжо слінай. Значыць, Клумава запрашалі не адны сябры. Значыць, яго вяртанне было на руку не толькі ім. Ён жа персона! Знайшліся няўрымслівыя. Дакапаліся — к прыезду Клумава ў Мінск меў таксама дачыненне нейкі нямецкі саноўнік, у якога захварэла жонка. Іначай кажучы, хочаш, чаго б ні каштавала, давесці сваё — ха-ха! — падмачы рэпутацыю свайго дабрадзея. Або дзяўбі ўжо завучанае. Праўда тады — у цябе ў кішэні...

Лагер наш быў звычайны — высокі плот, вартавыя

вышкі, калючы дрот. Стандартны набор будынкаў — рэчавы склад, лазня-санпрапускнік, кухня каравульная. Той жа «габерзуп» з неабабранай бульбай, тыя ж блокі. Усё як усюды. Хіба што — пад барак адведзена даўжэзная былая стайня. На двары жолабы, з якіх некалі кавалерысты-«самарцы» паілі коней. Ды яшчэ хіба — праклятая гіблая будыніна з тыфознымі, якой баяліся, як чумы, і адкуль санітары-яўрэі выносілі трупы.

Перад тым, як душагубка прывезла Клумавых, са стайні, дзе ў адной палавіне туліліся старажылы, якія хадзілі на работу ў горад, а ў другой — бабулькі з малалеткамі, здаецца, з-пад Полацка, апошніх вывезлі. Было — і не стала. У памяці засталося толькі, што яны ўсе кашлялі. Надрыўна, закідваючы назад галаву, каб схапіць паветра. І яшчэ адно. Праз гэты кашаль камендант часта ўрываўся да іх і страляў у столь... Дык вось, калі прывезеныя прынялі ў лазні душ, вызваленую палавіну яшчэ дэзінфіцыравалі, і навічкі мусілі сланяцца па двары. Помніцца, хусткі ў жанчын папрымярзалі да валасоў... Але гэта я так. Нагадалася, як рынуліся яны займаць нары.

Праўда, Клумавым уступілі «лепшае месца» — дзе менш дзьмула. Аднак лагерны ўрач, як толькі прачуў, што яны тут, адразу забраў іх і павёў да сябе. У малюпасенькую каморку ў асобным доміку — у так званы медыцынскі пункт.

Клумавы выглядалі дарэшты знясіленымі. Асабліва Галіна Мікалаеўна. Пасля допытаў і катаванняў у турме яна, як казалі тыя, што паспелі перакінуцца з ёй словам, загаворвалася і мала каго пазнавала. Дый яе цяжка было пазнаць. Ад змардаванасці ў яе ажно патанелі валасы і павылазілі цэлымі пучкамі. Гэта мучыла яе, і яна бясконца папраўляла рваную пуховую хустку.

Даўней я кпіла са слабасцей прафесаршы. Кпіла з таго, што яна старалася быць маладой, што баялася старасці, маршчын. Кпіла, што, здагадваючыся — жончыны трывогі звязаны з ім, жадаючы падбадзёрыць яе, Клумаў — ха-ха! — знарок захапляўся ёю: «Як-кая ты малада-ая, Галя! Мне про-оста няёмка за сябе. Не-э, сур’ёзна, скажы, хто з тваіх аднаго-одак выглядае, як ты? Ну-у? табе ж со-орак пяць, не болей!» Але цяпер я — я! — пазайздросціла ёй. Слова гонару! Ведучы жонку ў медпункт, бачачы, як яна хукае на замёрзлыя рукі і хапатліва запраўляе рэдкія валасы пад злубянелую хустку, Клумаў гладзіў яе спіну і казаў:

— Нічога, галубачка, нічо-ога! Не хвалюйся. Яшчэ не ўсё страчана. Толькі не пап-пускайся, малю. Помніш, як ты спа-алохалася вобыску?.. А т-тады, у лесе?..

«Што гэта? — думала я, праводзячы Клумавых позіркам.— Гульня? Самагіпноз? Звычайнае глупства? Асаблівы дар? Няўжо сапраўды ёсць такая здольнасць? І калі яе шанаваць, не транжырыць, яе, як відаць, хапае на жыццё. Колькі яму? Многа. А ён, асляпіўшы сябе, і знаць не хоча аб пераменах у жонцы. Кахае сваю Галю мацней, чым калі!»

Хоць мне было пад трыццаць, я не мела сваёй сям’і. Ды, калі казаць праўду, не перажыла і кахання. Не вельмі верыла ў яго раней, не вельмі верыла і тады. Глядзела як урач — усё прасцей. Трэба — яно прыходзіць. не трэба... Мужчыны выклікалі ў мяне недавер’е. Вераломства, фатаваты ганарок... Я таксама не дужа падабалася ім — бракавала, відаць, жаноцкасці. А магчыма, залішне было непрымірымасці да іх слабасцей, замнога настырнага жадання навязаць сваё. Не памагалі ні косы, ні плечы, ні постаць.

Бацька мой юрыст. У трыццаць дзевятым кінуў хворую маці. Я, камсамолка, стаяла тады перад самастойным жыццём і, вядома, у абурэнні — як ён пасмеў?! — адраклася ад яго. Ён зрабіўся ненавісным мне... А неўзабаве страціла і маці. Пры першай нямецкай бамбёжцы, нават не змагла адкапаць яе труп з-пад руін.

Не скажу чаму, але гэтыя дзве падзеі зліліся ў маёй свядомасці ў адно, абудзілі бязлітаснасць да ўсіх і сябе. Ажно як бы высмалілі. Бачылі гузаватую вярбу, у дупле якой раскладалі агонь?.. Вось такой і ўвайшла я ў вайну.

Навокал гарэла, ірвалася, а я перавязвала, аперыравала. Цывільных клала ў палаты. Ваенных адпраўляла з падарожнымі машынамі. Апошні раз, ведаеце, як адправіла? Распласталася ўпоперак маставой і не ўстала, пакуль не ўзялі... І тых, што засталіся, не кінула. Разумела: яны адны цяпер звязваюць мяне з жыццём.

Я, пэўна, пачала свой расказ не з таго. Выпускаючы з-пад увагі галоўнае. Але паверце — я клянуся! — старамодныя клумаўскія сентыментальныя любошчы збянтэжылі многіх. Іменна многіх!.. Хоць я зноў, адганяючы слабасць, старалася прынізіць і гэта — Іў сваіх і ў чужых вачах.

Твар у твар мы сустрэліся праз некалькі дзён — у чарзе па абед. Гэта, па-мойму, была адна з найганебных працэдур у лагерным побыце — калі мы, вязні, пад наглядам паліцаяў (не дай бог, каб хто стаў у чаргу двойчы!) атрымлівалі кансервавую бляшанку баланды.

— Ду-ушачка, вы? Значыцца, памагло-о ўсё-такі!..— радасна здзівіўся Клумаў, дакранаючыся вусамі і губамі да маёй рукі.— Галя, паглядзі, яна жыва-ая! Як і мы... Калі вывелі нас на т-турэмны двор і пачалі за-заганяць у душагубку, ду-умалі усё! Добра, што нехта папярэдзіў, зачы-ы-няць дзверы шчыльна — кане-эц, а возьмуць на ланцужо-ок — не ўсё яшчэ к-кончана. Узялі на ланцужо-ок!

Галіна Мікалаеўна ўскінула на мяне жаласны позірк, вінавата зморшчылася і ўзялася папраўляць валасы.

Не, да капітуляцыі было далёка. Падумаеш!.. Потым я нават дакарала сябе, што пачала ўсміхацца, трэсці прафесарскую руку, спачувальна ахаць. Перад кім? Навошта? Хіба не ўсё роўна? Але словы «памагло ўсё-такі» не праляцелі міма. Клумаў, як выяўлялася, быў у курсе маёй падпольнай дзейнасці і штосьці рабіў, каб выратаваць мяне...

— Заходзьце да нас! — сакатаў ён, прапускаючы мяне наперад і сумнымі вачыма запрашаючы палюбавацца на днявальнага, які важна арудаваў чарпаком ля бочкі.— Гэта ўжо не пашкодзіць. Мо-ой шаноўны доктар, раз-зумееце, раздабыў сахары-ынчыку. Пагаворым пра лес, навіны.

Аднак было відаць: сам Клумаў таксама жыве на нервах. І хоць стараецца не паказваць выгляду, хоць ужо на другі дзень рынуўся працаваць у тыфозны барак, сілы ў яго канчаюцца — здае сэрца, мучае застарэлы дыябет. Вуглаваты твар яго змарнеў, ад чаго вушы, здавалася, адтапырыліся, выраслі.

Яшчэ па дарозе сюды сёй-той з нас ухітрыўся выкінуць на маставую пісульку — з просьбай перадаць блізкім, дзе каго шукаць. І як ні цяжка даводзілася нашым на волі, мы сяды-тады праз старажылаў, якія расчышчалі вуліцы, атрымлівалі пасылкі-пакуначкі.

І вось што тут зноў нечакана высветлілася — сярод разнашэрсных людзей, якія па самых розных прычынах трапілі ў лагер, амаль не было такіх, каму б у свой час Яўген Уладзіміравіч не зрабіў дабра... Для санітаркі Гэлі, такой шчырай, увішнай жанчынкі, з якой мне выпала валяцца побач на нарах, ён зняў у сваім пакоі фіранкі — на штонікі сыну. За аперацыі немцы ўвялі плату — і Клумаў часцяком уносіў грошы за тых, каго аперыраваў. Калі сваякі ўдзячных хворых прыносілі яму што-кольвечы з харчоў, Галіна Мікалаеўна зараз жа гатавала «ўсеагульны» абед. А цяпер вось тыфозны барак!

Праўда, дабрата і шчырасць бываюць старэчыя. Хто-хто, а наш брат гэта ведае. Яны ад слабасці. Ад усведамлення, што дні твае ідуць к канцу, цябе хутка не будзе, а другія застануцца. Яны ад боязі быць забытым, ад жадання — няхай потым хоць хто-небудзь

успомніць добрым словам. Але тут, сярод лахманоў, жорсткасці і пакут, выразней, чым дзе, стала відаць — не, Клумаў наогул не мог іначай жыць. І ў медпункт да Клумавых, у якіх у горадзе не было родных, назаўтра ж сталі заглядаць не толькі хворыя...

Не хаваючыся, як звычайна, ад ветру за сцяной якой-небудзь будыніны, я села на жолаб і пачала сёрбаць баланду як не свая. Не зрэагавала нават, што два санітары на насілках панеслі міма труп тыфознага. Памяць, як бы на злосць мне, падсунула выпадак — Клумаў рабіў аперацыю... Як заўсёды ў такія хвіліны, адчужаны ад навакольнага, з насупленымі бровамі — надзвычай густымі, яшчэ не пасівелымі, якія надавалі яму сярдзіта-нездаволены выгляд... Хірургічная сястра падавала інструменты, тампоны, а ён чараваў.

Але нечакана ў аперацыйную ўварвалася Галіна Мікалаеўна. Ламаючы рукі кінулася да яго:

— Жэня, там прыйшлі з вобыскам!..

— Ну і што? Не перашкаджай,— папрасіў ён.

— Жэнечка, гестапа...

— Эсдэ,— паправіў ён.— Хто пусціў сюды пабочных асоб? — І толькі калі асістэнтка абняла разгубленую жанчыну за плечы і павяла да дзвярэй, дадаў: — Супако-ойся, я чакаў г-гэтага. І ты ведала...

Гэля неяк расказвала — яе арыштавалі пазней,— што, калі Яўген Уладзіміравіч сядзеў ужо ў турме, партызаны расправіліся з мінскім бургамістрам. Проста на вуліцы. Сцягнуўшы з таратайкі, расстралялі ва ўпор і кінулі на брук. Гестапаўцы прывезлі яго ў бальніцу скрываўленага, з трэснутым чэрапам. У імкненні выратаваць, выклікалі Клумава для кансультацыі.

Быў, магчыма, і езуіцкі прыцэл. Ведаючы прафесарскую шчырасць, спадзяваліся: Клумаў пастараецца паказаць сябе. Гэта ж не выдаваць тайны сваіх паплечнікаў. Ну, а калі так станецца, можна будзе спадзявацца і на большае. Спрабавалі ж яны прымусіць яго рабіць стэрылізацыі... Аднак Клумаў прайшоў па палаце, задаў некалькі пытанняў бледнай «сцерве Станіслаўне», якая, склаўшы, як у малітве, далоні, стаяла ля непрытомнага бургамістра, і схаваў рукі за спіну.

— Пасля перажытага я ту-ут, паны, не дара-адчык. Ён жа не жанчына...

Сама я да Клумавых усё-такі наўрад ці пайшла б. Але пацягнула Гэля. Аказваецца, не збаяўшыся, яна перад гэтым з старажыламі, якіх гналі на работу, выбралася з лагера, расстаралася ў горадзе інсуліну і вярнулася назад... З волі, ад сына!

Заўважыўшы, што я вагаюся, Гэля ажно праслязілася :

— Якія вы сапраўды! Вам маліцца на яго трэба. Каб не падкупілі следчага, хіба вы былі б тут?

Укрытая лахманамі, Галіна Мікалаеўна ляжала на тапчане, а Яўген Уладзіміравіч, як наведвальнік у бальніцы, сядзеў ля яе ўзгалоўя. Калі рыпнулі дзверы, схамянуўся, прапанаваў сваю табурэтку.

— Другой няма, тава-арышы. Сядай, Гэлечка, да Галі... Ёй нездаровіцца...

Схіліўшыся, ён патрымаў далонь на лобе ў Галіны Мікалаеўны, паляпаў яе па шчацэ.

Аб чым ён думаў? Што перажываў? Ва ўсякім выпадку, малаверагодна, каб думкі ў яго сігалі далёка і былі радасныя. Але пачаў гаварыць даволі бадзёра, з колішняй годнасцю.

— Сёння ўначы ся-адзеў ля акна і слухаў, як праляталі нашы бамбардзіроўшчыкі. Цудо-оўная, скажу вам, музыка. Аж адгукаліся шыбы... А неба, неб-ба!..

— Гэта — «Іл-4»,— узрадавалася Гэля, абдаючы яго святлом сваіх васільковых вачэй.— Я таксама чула.

— Даст-таеўскі, можа, вастрэй, чым хто, адчуваў асуджанасць усякіх прэтэндэнтаў на місію юберме-эншаў. І давёў: не-э, дудкі — прырода чалавека мацнейшая за чалавека! Памятаеце? Цёмныя інстынкты бяссільныя супраць жывой плыні жыцця, хоць і здольныя ўзбаламуціць яе. Забіваючы і лютуючы, яны забіваюць сябе. Самі ж да агіднасці хочуць жыць...— І, памаўчаўшы, без пэўнай сувязі дадаў: — Доктар даведаўся, што рыхтуецца ч-чарговая разгрузка лагера. Прыйдзецца запаўня-аць анкеты. І, як кажуць, з вельмі цікавымі пунктамі. «Чым хварэ-эў?» «Калі?» «Чым хво-оры?» «Ці даўно?» Так што рабіце вы-ывады. А ў мяне сё-оння адзін памёр...

Яго развагі, тон зноў здаліся мне наіўна-дзівацкімі. Інтэлігентшчына! Парада ж абразіла — на яе патрэбна было асобае маральнае права.

— А вы? Ужо зрабілі? — пацікавілася я, адвярнуўшыся да акна.

Ён развёў рукамі.

— Мы-ы? Шчыра? Але ле-пей не будзем пра нас...

Яшчэ раз дзякую, Галечка, за інсулін. Пасля ўколу быццам на-анава нарадзіўся. Вось з чаго ўжо да-аводзіцца цешыцца. Ці не замала для чалавека?..

— Вы намякаеце на ўцёкі? — спыталася я, ужо з настырным жаданнем прагнучы гаварыць пра ранейшае і на нечым злавіць Клумава.— Але чаму вы самі раней не скарысталі зручных магчымасцей? Былі прычыны?

— У пэўным сэнсе — т-так... І першая — што сумленне паставіла на по-ост. Хоць, можа, і прымусіла дзейнічаць не заўсёды разважліва. Ды як ты раз-зважлівым будзеш, калі недзе паміраюць, сыходзяць крывёю. Ну, а потым п-позна стала. Уцёк бы адзін — арыштавалі б дзесяткі... Скажыце мне ле-эпей, няўжо сапраўды недзе ёсць ле-эс, калматыя елкі?.. Воля?..

Чаго я хацела ад яго? Што яшчэ старалася давесці сабе і яму? Я бачыла, як змрачнее Гэля, як, не паварочваючы галавы, здзіўлена косіцца на мяне Галіна Мікалаеўна, ды зрабіць з сабою нічога не магла. Мяне душыла злосць, душылі слёзы. Ад сораму, ад крыўды, ад пратэсту.

У мяне, вядома, не было сумненняў, па які бок барыкады Клумаў. Адчувала, што і ў закідзе — робіць, бо не можа не рабіць — мала справядлівасці. Дапускала, што ніхто, апрача Клумава з яго рэпутацыяй праўдалюба і арыгінала, не здолеў бы -дамагчыся такой аўтаноміі, якая развязала ўсім нам рукі. Бальніца стала нейкай суцэльнай явачнай кватэрай. Дапрызыўным пунктам. Пашпартным сталом. Базай. З нашай «Персавецкай», як з лёгкай рукі адной малой ТанечкІ называлі мы сваю бальніцу, знікалі нават скатаваныя ахвяры, прывезеныя эсдэкаўцамі да нас, каб мы падлячылі іх для новых катаванняў.

Хіба магло ўсё гэта быць, каб да кагосьці не сыходзіліся ўсе ніці? Каб нехта не дадаваў волі адным, не стрымліваў другіх, не абавязваў трэціх?.. Каб не было гэтай шчырасці?.. «Куды падзеўся хворы бандыт, што мы даставілі вам?» — падступаліся з кулакамі да Клумава ў СД. «У мяне ў бальніцы, па-мойму, іншыя функцыі,— з выклікам адказваў ён.— Я не вахман».— «Тады дзе доктар Свістуненка? У лесе? Хто перапраўляў яго?» — «Спытайцеся ў сваіх супрацоўнікаў. Яны павінны ведаць лепей за мяне — гэта іх абавязак і спецыяльнасць». Ай-яй-яй!..

Ён замураваў сябе ў бальнічных сценах. Абходы, аперацыі, назначэнні, вочныя і завочныя кансультацыі... Цяжка было сказаць, з кім, апантаны, ён змагаецца з большым імпэтам — з гітлераўцамі ці з чалавечым болем...

А я? У нейкай сваёй прадузятасці нават гэта ставіла яму ў віну! Не давярала, абвінавачвала і ў тым, што яго двойчы арыштоўвалі і выпускалі. Не думала, як яму пасля даводзілася брацца за ранейшае. Штосьці важнае прытупілася ва мне, не давала па-чалавечы мысліць.

Насуперак логіцы, у лагеры мы многа спявалі. Няхай паціху, ледзь чутна, але спявалі. Каб была разрыўка, дзяцініліся, дзівачылі. Гэта, як і агульнае няшчасце, збліжала нас. Шчадралюбная Гэля прывязалася да мяне, як малая... Але выйшлі мы разам ад Клумавых толькі на ганак. Заплакаўшы наўзрыд, Гэля кінулася з прыступак і пабегла ад мяне, як ад пачвары. Потым, праўда, перасіліўшы сябе, вярнулася і, заікаючыся зусім як прафесар, выдыхнула мне ў твар:

— Вы-ы!.. А ведаеце вы... што ён меў справу яшчэ з першым падпольным гаркомам?.. Хоць... які вам клопат? Вы ані не ўяўляеце, што значыць, напрыклад, для байца перакананасць: калі параніць, рану загояць! Шоўк у спірце — і стэрыльны матэрыял і надзея. А хто іх даваў, перапраўляў у лес?

— Ты глядзіш праз ружовыя акуляры, Гэля. У яго шчырасці — гардыня, самалюбаванне!

— А ў вас горай, у вас — шоры... злая жорсткасць... Быць самім сабою... Можа, і першыя няўдачы ў вайне былі таму, што некаторыя забыліся, хто яны...

Я не звяла вачэй цэлую ноч. Адчувала, што не спіць і Гэля. Заснула толькі на світанні, калі нашы «Іл-4» вярталіся з задання на свае аэрадромы.

Прыніжаная, прысаромленая, я мучылася і пакутавала. Успамінала то адно, то другое. Калі не ставала сіл, ажно стагнала. У бараку было холадна. Навокал кашлялі, варочаліся, мармыталі спрасонку, і мне здавалася: гэта капошыцца нейкая бясформенная, калматая, задыханая істота.

Назойліва ўспаміналася наша Танечка... Эсдэкаўцы прывезлі з турмы яе маці. Не спускалі з вачэй, пакуль не радзіла, і праз дзень павезлі назад. А дзіця — Танечку — Клумаў настояў — пакінулі. I вось раз-пораз, нібыта я трызніла, мне ўяўлялася гэтая дзяўчынка. І ў ложку, калі Яўген Уладзіміравіч выслухоўваў яе, рабіў з ёй гімнастычныя практыкаванні, гудучы, як яна. І пазней, калі Танечка падрасла, калі на просьбу паказаць, як любіць прафесара, сціскала кулачкі, сціскалася ўся і аж чырванела ад напружання. Уяўляўся сам Клумаў, толькі ўжо ў смярдзючым тыфозным бараку, паміж нар, худы, змучаны, як і хворыя, якіх лячыў. «Персавецкая»,— гучала ўвушшу.

Не было сумнення — і ў маё жыццё ўваходзіў Клумаў. Уваходзіў як штосьці неабходнае, якое хоць і не пагаджаецца са звыклым, але без чаго не абыдзешся. І калі раніцой я ўбачыла Яўгена Уладзіміравіча — ён кіраваўся ў барак да тыфозных, напяваючы ў вусы арыю Радамеса,— мне захацелася дагнаць яго, пайсці поруч.

У той дзень, калі збіраліся разгружаць лагер, нас пабудзілі зацемна. Аддзяліўшы мужчын, пагналі ў лазню. Абдаючыся там вадой, Гэля, якая нечакана аказалася ля мяне, раптам усхліпнула і зайшлася плачам. Не ведаю як, але я адчула, што і ўсхліп, і галашэнне датычаць мяне. Ведаючы адходлівы, добры Гэлін характар, я не здзівілася, але ўстрывожылася — цяпер усё магло быць.

— З Клумавым што? Так? — схапіла я яе за руку.— Ну? Кажы толкам!

Вусны не слухаліся Гэлі. З васільковых вачэй, адразу расцякаючыся па мокрых шчоках, цяклі слёзы. Але калі яна загаварыла, я не паверыла ёй. Па яе выходзіла, што Яўген Уладзіміравіч, запаўняючы анкету, запісаў усе свае хваробы і нават прыбавіў уяўныя.

— Што ён — звар’яцеў? — сціснула яна кулакі, трымаючы рукі пры грудзях.— Не знае, чым гэта кончыцца? Або сапраўды паверыў, што нездаровых павязуць лячыць у Бараўляны? Вунь перад гэтым разам таксама верылі. Шафёр, які адвёз першую партыю, ад паехаўшых пісьмо прачытаў... Але, калі пагрузілі астатніх і ўкінулі да іх труп тыфознага, пераканаліся... Растлумачце хоць вы яму!

Мы наспех адзеліся і, калі стала можна, пабеглі шукаць Яўгена Уладзіміравіча. Аднак цяпер ролі нашы памяняліся — Гэля абвінавачвала Клумава ва ўсіх смяротных грахах, а я прасіла, каб яна з вывадамі не спяшалася.

Збегаўшы ў медпункт, да тыфознага пекла, мы знайшлі прафесара ля лазні — ён яшчэ не мыўся. Пазваўшы, адвялі далей ад электрычнага ліхтара.

Ішоў снег. У скупым святле ён кружыў і, здаецца, не падаў. Худы, згорблены Клумаў у гэтым кружэнні быў падобны на страшны прывід. На штосьці такое, аб чым я чытала толькі ў Эдгара По, Конан Дойла ці бачыла ў кашмарных снах.

Ён, відаць, здагадаўся, чаго мы прыбеглі, чаго чакаем ад яго, і апярэдзіў нашы пытанні.

— Учо-ора я дазволіў двум хворым п-пахадзіць...— усміхнуўся ён, аббіваючы пальчаткай з плячэй і адваротаў паліто снег.— Во было радасці! Цешыліся, як некалі Танечка...

— Яўген Уладзіміравіч! — заківаўшы галавой і ўсхліпваючы, не дала яму гаварыць далей Гэля.— Што вы нарабілі? Як вам не сорамна? Няўжо верыце правакатарам? Гэта ж ганьба!

Клумаў, нібыта на яго замахнуліся, адступіў, пахіснуўся.

Гэля рванулася да яго, падтрымала, прыпала шчакой да пляча.

— Вы зразумейце нас!..

— Стара-аюся...— адхіліў ён яе са знаёмаю гордай адкрытасцю.— Але зразумейце і вы... Ехаць працаваць у Нямеччыну мне даўно прапаноўвалі. Графа Монтэ-Крыста з мяне і Галі не атрымаецца — старыя. Дык паваюем хоць так. Мёртвыя часам таксама памагаюць жывым... І не бойцеся... Пашкадуй я Галю — і тая, бедная, пакрыўдзілася б на мяне. Кроўна пакрыўдзілася б... Таму прашу — болей ні слова! Я загадваю нарэшце!..

На нешта яшчэ спадзеючыся, чамусьці ўзяўшыся за рукі, мы пабеглі шукаць лагернага ўрача. Світала.

А калі добра развіднела, прыкаціла душагубка. Ахова накіравалася ў барак забіраць вязняў, якія значыліся ў спісах. Вывелі з медпункта і Клумавых. Пастаяўшы на ганку, яны, як і той раз, узяліся пад рукі і паволі спусціліся па прыступках. Першым у душагубку палез прафесар. Потым, працягнуўшы руку, памог узабрацца Галіне Мікалаеўне.

— Бывайце, таварышы! — зняўшы капялюш, гукнуў нам — мы зноў назіралі здаля.

Падвялі яшчэ вязняў, і праз колькі хвілін дзверы ў душагубцы зачыніліся. Гэтым разам шчыльна. Стрэліўшы з выхлапной трубы, страшная машына забуксавала і кранулася, выкідаючы з-пад колаў пласціны спрасаванага жоўтага снегу.

Душа мая зайшлася. Не маючы сіл трываць, я ўдарыла кулакамі сябе ў грудзі і рванулася. Аднак чыесьці рукі схапілі мяне і спынілі. Але цяпер я ўжо ведала — уцяку! Па дарозе ў Тучынку, там, калі будуць заганяць у вагоны, на першым перагоне, але ўцяку. І калі толькі гэта прынясе карысць другім, не буду хавацца!