epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Карпаў

От скончыцца вайна. Апавяданне

Станцыйная платформа і падлога ў вагоне былі на адным узроўні, але Анатоль замарудзіў — вагон быў набіты бітком. Канваір гіркнуў і поркнуў аўтаматам у спіну. Тыя што стаялі ў дзвярах, адхінуліся, і Анатоль, ледзь не ўпусціўшы брусочак атрыманага эрзацхлеба, ступіў у смярдзючую цеснату.

У ім кіпела раздражненне. Аж з той хвіліны, як вастраплечы сівы прафесар, якога ў лагеры ведалі ўсе, узяў пад руку бязважкую, тупую да навакольнага жонку і падаўся к душагубцы. Калі ж калона, у якую трапіў сам Анатоль, пацягнулася па вуліцах горада, туга і раздражненне проста душылі яго.

Адчуванне — іх таксама гоняць на знішчэнне, знікла: занадта вялікая была калона і невялікі канвой. Дый перш чым пастроіць і гнаць па вуліцах, ім загадалі здаць бялізну ў «вошабойку» і абдацца вадою ў лазні. Але думкі ўсё адно раіліся як перад вялікай бядою: былі то пра дом і маці — бездапаможную, вінаватую, якой была, калі, вярнуўшыся ўначы з-пад Астрашыцкага гарадка, ён пераступіў парог і вымушаны быў падняць угару скалелыя рукі; то пра пабоі ў кабінеце следчага і тлустых астрожных клапоў, што падалі аднекуль зверху; то пра таварышаў, якія недзе тут жа, у калоне, ледзь перасоўвалі ногі — і нельга было спыніцца на чым-небудзь адным.

Раздражнялі і сустрэчныя на тратуарах: «Астаюцца! Прыйдуць неўзабаве дамоў, да сваіх... Пачнуць рабіць, што захочацца. Аднак, нябось, і не падумаюць памагчы!.. А прафесар? Паказуха! Стары пазёр! Як і ўсе!» Пасля таго, як смерць перастала вісець над галавою, гэта асабліва абурала. Варушылася зайздрасць да варон, якія вадзілі ў небе карагоды, і памяць, што раптам стала датклівай, зноў падсоўвала карціны, як гадзінамі мёрз у натоўпе на заснежаным лагерным двары, а пасля каманды «Па сваіх месцах арш!» імчаў у «свой» барак, дзе абапал дзвярэй з палкамі чакалі ахоўнікі. І калі што трошачкі весяліла, дык гэта гудкі, якія даляталі ад чыгункі, нагадваючы аб нечым мірным, звязаным з харошым. Ды хіба яшчэ светленькі, нібыта памыты, дзянёк, што звычайна бывае напрадвесні.

Калі, злосна натужыўшыся, канваіры зачынілі дзверы, вагон ахапіла цемра. Яна сціснула людзей і трымала нейкі час, не даючы паварушыцца, загаварыць. Потым чуць парадзела, дыхнула хлоркаю, і людзі, як бы ачуўшыся, сталі шукаць спосабу сесці. Шмат хто, выцягнуўшы з-за пазухі атрыманую пайку, узяўся адшчыкваць крошкі. Міжволі падпарадкуючыся ім, зачаўкаў і Анатоль — хлеб з пілавіння здаваўся салодкім і да непрытомнасці гнаў сліну.

Дасюль ён не заўважаў холаду — усё было быццам не сваім. А тут адчуў у сабе азноб. Заўважыў: саграваючыся ад чужой цеплыні, ад таго, што еў, ён калоціцца. Каб прыдушыць ненасытную спакусу есці яшчэ, сплюшчыў павекі. Сагнуты ў тры пагібелі, з тварам, схаваным у далонях, паспрабаваў заснуць.

Як ён спаў? Колькі? Здавалася — вечнасць. Бо небыццё было цягучае і перарывістае адначасова. Яно не прыносіла палёгкі і, калі Анатоль на міг прачынаўся, яму рабілася яшчэ горш. Ад перастуку колаў, ад таго што побач надрыўна дыхалі, стагналі — нудзіла. І марнымі былі намаганні вызначыць, куды ідзе цягнік — наперад у чарнату ці назад, дзе, нягледзячы ні на што, ціхія світанні. Дзе асталіся дом, Ніна, маці!

— Толік? — пачулася ў адно з такіх імгненняў.

— Ён тут, начальнік,— кпліва адгукнуўся нехта з кутка і зайшоўся сухім кашлем.

Анатоль пазнаў абодвы галасы і кашаль. Значыць, зноў усе разам. Але слухаць Сяргея або Міхаля таксама не хацелася, хоць свядомасць і адзначыла: «А што ты зробіш? Усё роўна жыць жа з імі давядзецца... Жыць!»

Неяк побач з гэтым варухнулася іронія — адрасаваная тым, што трымалі яго ў холадзе і гібенні: «Няхай, няхай... Але ж управіліся ўгнаць тады грузавікі і перадаць боепрыпасы. Наце, выкусіце! Сяргей хоць і абгабляваны, але часам умее прыкмеціць. Вам прыйшлося бегаць за намі, а не нам даганяць вас...» — Аднак, уявіўшы, як пад падлогаю, у снежным віры, круцяцца, шалеюць колы, зноў аддаўся смутку...

На чацвёртыя суткі на ціхім, пустынным паўстанку дзверы ў вагоне таргануліся. Завішчалі. Вынырнуўшы па грудзі як з-пад зямлі, у іх паказаўся ўхутаны, у акулярах, канваір.

— Gіbt’s Тоlе? — спытаўся. І, каб яго зразумелі, склаў на грудзях крыж-накрыж рукі, зрабіў посную фізіяномію.— Sсhmеіbе, Jan!Sofort аllе Lеісhеn гаus!1

Малочныя клубы, што ўкаціліся ў вагон, прымусілі Анатоля аглядзецца. І пакуль зачыняліся дзверы, ён убачыў таварышаў — яны стаялі абняўшыся, паклаўшы падбародкі адзін аднаму на плечы.

— Чаго маўчыш? — не вызваляючыся з абдымкаў, здаля працягнуў яму руку Сяргей.

Яго, як і ўсіх, пастрыглі. І таму, што з-пад кучомкі не кучаравіўся чуб, а твар зарос, у бледным святле Сяргей выглядаў падобным на галалобага, з сінімі вачыма, абрэка. У Міхаля ж брудная тонкая шыя ледзь трымала вялікую, прыплясканую на цемені галаву. Уразіла — і па спіне было відаць: мешкаваты, у пажаваных трантах, ён нядаўна быў сыты і катастрафічна, знячэўку схуднеў.

«Няўжо і я такі?» — самалюбіва жахнуўся Анатоль...

Крыху пасвабаднела. Пераступаючы цераз чужыя ногі, Сяргей прабраўся да яго. Агледзеўшыся, гукнуў Міхаля і папрасіў пасунуцца бліжэйшых.

— Будзем, андрэеўцы, варушыць мазгамі,— усмешліва сказаў.— Паслужым сабе. А? Спачатку няхай Міхаль на тваіх і маіх нагах паляжыць, а потым ты, Толя... Далібог, чэснае камсамольскае, будзе цяплей...

— Папіць бы! — не даслухаў яго Міхаль, але адразу пачаў, сапучы, ладкавацца на нагах у таварышаў.— Астачарцела ўсё. Лепей здохнуць бы ўжо!

Але Сяргей не даў яму заснуць.

— На жалезным каркасе, мабыць, асеў іней,— падказаў праз колькі хвілін. — Надыхалі. Во кацялок — наскрабі.

— Я? — здзівіўся Міхаль і раптам, абражаны,— яму прапануюць нешта рабіць, заенчыў: — Ай, ідзіце вы ўсе! І не сорамна? Вунь ад мяне што асталося!

Сяргей закрыў яму рот далоняй.

— Ціха. Не рві сабе і другім сэрца.

— А мне навошта рвуць? — распальваючыся, адкінуў яго руку Міхаль.— Скажаш — не рвуць? Вунь, калі грузіліся, і то кожны другому стараўся на ногі наступіць. Дай волю, і перагрызуць адзін аднаму горла. Не?.. А немцы?.. Якая трасца прымушае іх мучыць нас? Ну, скажы, камандзір!

— Якая? — заражаючыся ягонай уедлівасцю і адначасна злуючыся на яго за гэта, нечакана для самога сябе ўмяшаўся ў размову Анатоль.— Простая выгада. От якая! Хочуць, каб дзейнічаў натуральны адбор. Ім дужая скаціна трэба.

— О-о, не! — перапыніў і яго Сяргей.— Не-не!

Гэта — словы. А прычына адна: яны — фашысты і не ўпраўляюцца зрабіць усяго, што намыслілі. Дый апетыт большы за сілу.

— Пачало-ося! Давайце, давайце, калі не надакучыла яшчэ! — затросся ў кашлі Міхаль.

Родная зямля і Польшча асталіся ззаду. Абапал пабегла зямля нямецкая. Здагадаліся пра гэта па барабанных ударах у сцены. Яшчэ там, у Мінску, звярнулі ўвагу — на вагонах накрэмзана: «Rusisch Ваnditen!» І вось знаходзяцца вернаподданныя, якія паказваюць свой шчыры запал — кідаюць каменнямі ў цягнік. Але затое той пайшоў хутчэй. Канваіры апусцілі жалезнае вечка на закаваным акенцы. І ў начы Анатоль нечакана ўбачыў месяц — бадай што поўню. Месяц ныраў у мярэжныя перыстыя хмаркі і нёсся следам за цягніком. Трывожным, родным абдало Анатоля. Падалося: гэта, пакінутае там, у цемры, выслала за ім ганца, каб напомніць аб сабе і быць яму спадарожнікам.

«Ну, што ж...— думаў Анатоль, намацваючы на левай руцэ вену і лічачы пульс.— Ну, што ж... там Ніна... Можа, і ўспамінаюць...»

На сёмыя суткі дзверы адчыніліся другі раз. Гуртам спусціўшы на зямлю адзервянелых мерцвякоў, паклалі іх, як дровы, ля вагона. Атрымалі загад самім выйсці з кацялкамі.

Хадзіць за гэты час развучыліся і да захлюпаных грузавікоў з тэрмасамі папляліся, сціскаючы лбы і хістаючыся. Міхаля ж прыйшлося трымаць пад рукі — ён ступаў, як спутаны.

Калі чарга атрымліваць баланду падышла да яго, ён раптам задрыжаў і роспачліва закаціў вочы. Але потым адштурхнуў ад сябе таварышаў і сарваў з галавы аблавухую шапку. Пацяшаючыся і гагочучы, вясёлы, ў белых нарукаўніках і фартуху немец зачэрпнуў поўны чарпак жаўтаватай, смярдзючай жыжкі і плюхнуў яе ў Міхалёву шапку бы ў прыгаршчы.

Вылупіўшы вочы на немца, а потым на Міхаля, які зацкавана прысеў непадалёк на шпалы і пачаў хлябтаць жыжку,— амаль людзі як людзі! — Анатоль, гідзячыся, адступіў убок. І ў час — знаёмы канваір у акулярах, які, каб не даць каму-небудзь ачуцца, спяшаўся і ўсіх падганяў, носчыкам паддаў Міхалю пад зад, і той, папярхнуўшыся, тыцнуўся тварам у прамазучаны жвір.

Падняцца ён ужо не здолеў, і назад яго павалок на плячах Сяргей. Стараючыся не глядзець на Анатоля, ён данёс небараку да вагона, прыўзняўся на пальчыкі і кульнуў на падлогу. Але не палез за ім, а адступіў ад дзвярэй і, унураны, упёрся лбом у сцяну вагона.

«І тут не ўрымсціцца,— непрыхільна падумаў Анатоль.— Навошта гэта яму цяпер? Дый Міхалю, мабыць, нічога ўжо не трэба. Бр-р-р...»

І напраўду, праз дзень, скрыгочучы зубамі, адводзячы калючыя, галодныя вочы ад схіленых над ім таварышаў, Міхаль сканаў. Ікнуў, пацягнуўся і пачаў камянець — спачатку твар, пасля грудзі, ногі, рукі. І разам з тым, як адыходзіў, ён, як здавалася, рабіўся для ўсіх абузаю — чужым, непатрэбным, які палохаў, замінаў жыць. І Анатолю ўжо зусім не верылася, што не так даўно ён сядзеў з ім у школе за адной партаю, разам хваляваўся на падпольных сходках, прымаў удзел у аперацыях. «Добра, што ўсяго гэтага не бачыць Ніна,— маркотна, трывожачыся, думаў ён.— Клапатлівая і непрымірымая ты мая! Можа, і сустрэнемся яшчэ...»

Калі, лёгшы на жывот, Анатоль спусціўся з вагона на палатно — перона тут не было таксама,— лінуў вясёлы дождж. І таму, што ліўся ён з празрыстых, падсвечаных сонечнымі праменнямі хмарак, і гэтак жа нечакана, як пачаўся, перастаў, ён здаўся па-незнаёмаму ласкавым. Гэткімі здаліся і чысценькая, пад чарапічным дахам, станцыя ўдалечыні, акуратныя прысады, цагляныя будачкі пры ёй. За кюветам, у леташняй, але абмытай ужо траве,— зыркія лужыны. А над галавою — шаўкавістае, крыху сінейшае за роднае, неба і цяплейшае, пэўна таму, што яго даўно не бачыў,— сонца.

Апошнія дні наогул адчувалася, як цяплее. Па словах, што даляталі з-за сцен на прыпынках, можна было здагадацца: Францыя. Сяргей нават рызыкнуў — спусціў у акенца на папружцы кацялок. І, калі выцягнуў назад, той аказаўся поўны вады...

Многія вагоны ўжо былі пустыя: жанчын — гэта падгледзеў праз акенца Сяргей — выгрузілі першымі і, не марудзячы, некуды пагналі. А вось мёртвымі не пацікавіліся зусім. Наадварот — загадалі пакінуць у вагонах. І самым страшным тут было: у цёмным загаджаным кутку аставаўся скарчанелы ў нязручнай позе Міхаль, і гідка было дакрануцца да самога сябе.

Таксама не па сабе рабілася ад таго, як, вылезшы з вагонаў пад каманду канваіраў, строіліся ўздоўж палатна мужчыны. У лахманах, атопках, пазелянелыя, бы нябожчыкі, яны няўклюдна тупалі як не на сваіх нагах і, каб захаваць раўнавагу, хапаліся адзін за аднаго. Ад іх бездапаможнасці канваіры шалелі — падазравалі падвохі, нежаданне рабіць, як было намечана імі. Відаць, і нелюдзям трэба часам пераканаць сябе ў нечым. А мо і напраўду адчувалі маўклівае, прытоенае супраціўленне...

Упарцячыся, але і баючыся адчужанасці, што пралягла паміж ім і Сяргеем, Анатоль пастараўся прыстроіцца да яго — ніколі не быў адзін ні ў школе, ні пасля. Дый Сяргей больш чым хто нёс у сабе тое, што асталося там, за краем свету, і нагадвала: а вайна ўсётакі некалі кончыцца! Да таго ж усё сведчыла: у жыцці пачалася новая паласа, якая пазней будзе ў гаворках.

На шашы калону сустрэлі манашкі — нечаканыя, у чорна-белым адзенні і таму таямнічыя. Стоячы прывідамі на абочыне, замахалі рукамі, як крыламі, і ў калону паляцелі акрайцы хлеба, сушаная рыба.

— Sest р’оur vоns, Lеs Russes! Ргеnеz — bе! — падбадзёрвалі, прыцягваючы ўвагу канваіраў да сябе,— няхай злуюць на іх. Lе Dеіu еst аuх marturs, Lеs Russеs! 2

Пад вечар калону ўпершыню кармілі пад паветкамі, за сталамі. На начлег загналі ў падобныя да ангараў баракі з гафрыраванай бляхі. Анатоля тэмпературыла, але на падлозе была салома, і ён, бахнуўшыся ў яе, праваліўся ў чарнату, з якой адно раз-пораз выступалі таямнічыя постаці манашак, а потым стала вярзціся страшнае — як гналі з горада грузавікі. Карбюратар, мусіць, пераліваў, і ў кабіне смярдзела бензінам. Сціскаючы абаранак, Сяргей знаў толькі дарогу ды машыны, што кацілі наперадзе, а ён, Анатоль, з пустымі рукамі і таму як бы безабаронны, душыўся ад смуроду, зіркаў то на бакі, то на люстэрка, дзе коса адбягала дарога, то, пакуль не скіравалі ў лес, адчыняў дзверцы і назіраў за белаватым небам, адкуль магла пагражаць не меншая небяспека — «кастыль»-разведчык... Анатоль сніў гэта і, перажываючы, адначасова, як часта і наяве, стараўся разгадаць, па якой гэта прычыне думка з манашак пераскочыла на прыгоду, што хоць і кончылася шчасліва, але стала апошняй у падпольным Анатолевым жыцці... Сон успамінаўся і назаўтра, пакуль дапляліся да наступнага лагера — большага, абгароджанага дротам у два рады, з вартаўнічымі вышкамі і драўлянымі баракамі, дзе пры дзвярах стаялі бочкі з вадою, а абапал праходу двухпавярховыя нары. «Тое ж самае, тое ж самае! — шкадаваў сябе Анатоль.— Хто наступны?..»

Раніцою паднялі зацемна. Далі папіць сурагатнага чаю з шэрым хлебам, пастроілі на двары. Лагер, як выявілася, туліўся паміж аднастайных, панылых узгоркаў. Пятляючы між іх, жаўцела пяшчаная дарога, якая пачыналася ад лагерных варот. Анатоль прасачыў за ёй — яна бегла да самага высокага ўзгорка і, вільнуўшы ля яго падножжа, узнімалася на вяршыню.

Калі ўзвалакліся туды, убачылі перад сабою расчышчаную пляцоўку, вузкакалейку з нязвыкла маленькімі платформамі і вагонамі, зеленкаватыя ад цэментнага пылу складскія памяшканні. Ля круглага катлавана ў апалубках узвышалася бетонамяшалка, ад якой да катлавана ішлі дашчаныя тачачныя ходы. А ўдалечыні паблісквала водная гладзь — пустэльная, без суднаў і дымкоў — Ла-Манш.

Варочаючыся ўначы на нарах,— бяссонніца бывае і ад бяссілля,— чуючы, як раз-пораз хутаецца ў транты Сяргей, Анатоль стараўся пераканаць сябе: цяпер — гэта яго жыццё. І хоць усё тут чужое, мучае стома, тузаюць, баляць расціснутыя кулямі цэменту фурункулы на шыі, трэба спаць: што ён тут парадзіць сабе? І, калі забыццё прайшло, зноў узяўся за шуфель. Але той быў шырачэзны, не па сіле, і кожны раз, як Анатоль, размахнуўшыся, кідаў гравій у тачку, шуфель цягнуў яго за сабою, валіў на зямлю як п’янага. І было прыкра, бо аднекуль, бы ранішняя хмарка, што вось толькі паднялася з-за небасхілу, на ўсё глядзела Ніна.

Бяссілле, знямога і наяве ўзнімалі каламуць у душы. У галаве складаліся ўедлівыя сказы, якімі можна было пры пэўных акалічнасцях апраўдацца і паразіць Сяргея.

Неяк, робячы выгляд, што набірае шуфлем гравій, той пацікавіўся:

— Ты яшчэ не забыўся пра Мінск? Помніш, як прафесар, каб не трапіць сюды, пайшоў на смерць?

За арматуршчыкаў і цесляроў на будоўлі былі ў большасці французы — прыходзілі адбываць павіннасць з бліжэйшых ферм. Застаючыся самім сабою, Сяргей, які скрозь да ўсяго прыслухоўваўся і ўсё неяк стараўся скарыстаць, завёў з імі дружбу. Прыносіў ад іх цыгарэты, сухары, навіны. Нечаканыя зморшчыкі, што пралеглі на пераноссі, старылі яго, але невынішчальная настырнасць расла. І, здагадваючыся, куды той гне, Анатоль адпарыраваў:

— Ці пайшоў? — перапытаў уедліва.— Твой прафесар проста пазіраваў і спадзяваўся, што яго як славутасць павязуць не ў Трасцянец, а ў дом адпачынку. Папраўляйцеся, калі ласка, васпане!

Твар у Сяргея пабіла на яблычныя кругі.

Але над Ла-Маншам, у шызым блакіце, што быццам сцяна стаяў паблізу берага, паказаўся самалёт. Ракочучы маторамі, нацэліўся на дот. Ды, наблізіўшыся, нечакана лёг на крыло і, сыпануўшы кулямётнай чаргою, бокам падаўся ўздоўж узбярэжжа. І гэта памагло Сяргею ўзяць сябе ў рукі.

— Ты зняверыўся, Толя, горш, чым Міхаль перад смерцю,— сказаў ён стрымана.— Чэснае камсамольскае.

Аднак Анатоля ўжо цягнула ў прорву.

— Твой Міхаль таксама не зняверыўся, а аскацінеў! — выскаліўся ён, устаючы з зямлі і не спускаючы позірку з самалёта.— І наогул... я жраць во хачу! Мне пакуль што пра гэта думаць трэба!

— Хіба можна так пра нябожчыка?

— Ідзі ты!

— Ну, тады адкажы хоць. Няўжо, калі вайна кончыцца, гэтак жа адгаворвацца будзеш? «Што рабіў?» «Жраць хацеў!»

Пасварыліся яны перад нядзеляй, а ў панядзелак у немцаў знайшлася пільнейшая прарэха — лагернікаў паднялі па трывозе, спехам пасадзілі ў грузавікі і павезлі ў ноч.

Новая будоўля, відаць па ўсім, мела большае значэнне — работы на ёй былі механізаваны. Чыгуначная ветка ўваходзіла ў самую гару, дзе былі высечаны адсекі і прасторныя залы з нахіленымі выхаднымі люкамі. Бетон падаваўся сюды па металічных каленчатых трубах. Праўда, часамі ён застраваў. Прыходзілася біць па трубах кувалдамі, развінчваць калены. Але факт быў фактам. На столі і сценах тунеля гарэлі электрычныя агні, і праца ішла круглыя суткі.

Па начах над гарою, у бок Ла-Манша, выкідаючы вогненныя струмені, якія аж вагалі паветра, праносіліся беспілотныя самалёты. Казалі: тунель — для фауснарадаў, што заменяць і гэта дзіва. Лагер тут размяшчаўся непадалёку ад гары, у гайку. Такімі хвілінамі ў ім таксама святлела, і барачныя шыбы паблісквалі, як ад блізкіх пажараў.

Хадзілі чуткі і пра небывалую зброю, якую гітлераўцы вынайшлі і збіраюцца неўзабаве ўжыць. Аднак і Анатоль пачынаў адчуваць: іх захліствае хада падзей. Нават самалёты-снарады і тыя з днямі радзей чыраць свае вогненныя трасы — англічане адкрылі спосаб перахопліваць іх над пралівам.

А ў першую майскую ноч — адтуль, дзе схавалася рыжае сонца і дагарэла зара — накаціўся цяжкі, шчыльны гул. Наблізіўшыся, як непазбежнасць, абхапіў гару і, абрынуўшыся на яе, пашкуматаў цемру.

Заляскалі зеніткі. Праўда, запознена. Але хвалі гулу накатваліся адна за адной, і выбухі, ірвучы перапонкі, гулка разлягаліся па тунелі. Потым мігнуўшы, пагасла святло. Па адзін і другі канец тунеля сталі відаць прасветы — там нешта гарэла, і мігцелі ракеты-ліхтары. Неўзабаве скалануўся і сам тунель. Недалёкі адсек з нахіленым выхадным люкам нібы раздаўся ад успышкі. Тугое пыльнае паветра ўдарыла Анатолю ў рот, нос, вушы і, прыўзняўшы, кінула яго на сцяну.

Калі раніцою ён разам з другімі выбраўся вонкі і ўбачыў белы свет, яго ўразілі ржавыя каркасы згарэлых вагонаў на пакарэжаных рэйках і стужкі фальгі. Фальга паблісквала ўсюды: на чыгуначным палатне, на схілах гары, на пасечаных асколкамі кустах, што раслі на схілах,— немцы зноў адставалі!.. Не, уразіла і яшчэ адно — сярод рабочых не аказалася ні Сяргея, ні яго сябрукоў.

Куды яны зніклі? Навокал узгоркаватая, але адкрытая разлегласць. Пад бокам — шаша з рэдкімі бярозкамі на абочынах. Грозныя шчыты: «Асhtung, Міnеn!», «Аtlеn tіоnі mіnеs!» Панатыканыя, як дзяды, завостраныя калы. І толькі ля гарызонта — раскіданыя фермы з садкамі. «Чужына!» Куды ты тут драпанеш? Дзе схаваешся? Ды, здаецца, ніхто, уцягнуты ў нявольніцкае жыццё, не рыхтаваўся да гэтага. Усе мірна раскладалі пасля работы касцёрчыкі наводшыбе ад баракаў — «вэндзілі» завашывелую бялізну, выразалі драўляныя лыжкі, майстравалі вядзерцы з кансервавых банак... Ды вось зніклі і, мабыць, назапасілі перад гэтым харчоў! І трэба было ў думках, не хочучы ні жыць, ні паміраць, лаяць Сяргея, апраўдвацца перад Нінаю, у нечым прысягаць ёй, бажыцца.

Калі Анатоля схапілі і кінулі ў карцар, ён адчуў і палёгку — да жыцця вяртаўся нейкі звыклы сэнс. Нават іранічна падумалася: смерць, пэўна, большстрашная таму, хто глядзіць на яе збоку.

Праўда, у карцары было адно акенца, і віднелася ў ім толькі неба. А гэтага вачам было мала. Ім трэба была зямля, штосьці прадметнае на ёй, на чым мог бы спыніцца позірк, з чым непасрэдна або ўскосна нітавалася б жыццё, і праз гадзіну рука Анатоля сама пацягнулася да каўнера расхрыстанай кашулі...

Гэта здарылася ўжо ў трэцім лагеры — вялізным, інтэрнацыянальным, з наладжаным побытам. Баракі ў ім рэгулярна дэзінфіцыраваліся смярдзючымі шашкамі, якія палілі ў тыглях; дзень графіўся з дакладнасцю да хвіліны, ежу выдавалі ў «харчовым блоку» з акенцаў. Затое тых, хто бавіўся пры пад’ёме ці блізка падыходзіў да калючай агароджы, прымушалі бегаць, скакаць; мерцвякоў тут хавала і абясшкоджвала бомбы запаволенага дзеяння пасля бамбёжак спецыяльная каманда ў драўляных калодках і паласатай арыштанцкай вопратцы.

Працаваць даводзілася пад зямлёю. Апрача наглядчыкаў і прарабаў па шахце расходжвалі эсэсаўцы — у гумавых плашчах, касках, з аўтаматамі. Але раз-пораз гарэла праводка, сыходзілі з рэек гружаныя стальнымі дзвярыма і плітамі ваганеткі, перарывалася грудное вуркатанне бетонамяшалак. Дыверсіі сталі такімі частымі, што было не да разбораў — арыштоўвалі, хто трапляў пад руку, і ўсе намаганні аддавалі на тое, каб ліквідаваць аварыю. Ну і суд, расправа, натуральна, былі кароткія — на іх адпускаліся суткідвое.

І вось на досвітку другога дня да Анатоля даляцела глухое грукатанне.

Спачатку ён падумаў: гром. Але грымоты быццам пульсавалі — то набіралі сілу, то слабелі. Такога з навальніцаю быць не магло. Не магла гэта быць і бамбёжка — грымоты не змаўкалі і нібы клубіліся.

Пранікаючыся ўжо знаёмым адчуваннем — смерць страшна не таму, хто памірае, ён пачаў чакаць. І пакуль неба ў акенцы святлела, а пасля сінела, жыў адным: «От каб паспелі!..»

Калі ў акенцы пацямнела, шыбы яго затрымцелі ад рокату. Рокат апанаваў Анатоля, і ён стаў жыць ім. Праўда, да моманту, калі пасля страшэннага трэску, ачомаўшыся, з пылам і ўдушлівым смуродам не ўцягнуў у сябе свежасць.

Яна ўзбадзёрыла яго, памагла зарыентавацца, забыць пра рокат. Выбраўшыся з-пад цагляных глыб, Анатоль папоўз да агароджы. Пры чарговым выбуху ўгледзеў: з ім паўзуць яшчэ двое. Адзін — сусед па барачных нарах, які ўражаў сваёй злосцю, што нават не давала яму шырока расплюшчыць вялікіх, як азёры, вачэй.

З адчуваннем — калючы дрот перашчыкваеш зубамі, а не кусачкамі, яны выбраліся з лагера. Ранячы калені, рукі, не адчуваючы болю, папаўзлі па камяністай зямлі, а потым — іржэўніку, збітыя з тропу: палі ўжо зжаты, прыбраны і, значыцца, лета канчаецца. Задыханыя, ушчэнт змучаныя, дапалі да аколіцы нейкага сяла. Кульнуўшыся цераз плот, трапілі ў сад і наткнуліся на пуньку, што раптоўна, як з-пад зямлі вырасла з цемры.

Душылі смага, стома. І гэта на хвіліну стала важнейшым, чым што. Шукаючы навобмацак, дзе б сесці і перадыхнуць, Анатоль выцяўся каленкаю аб бочку. Пузатую з кранам! Прынюхваючыся, усляпую намацаў над галавою нізку падвяленых яблык і, сарваўшы яе, стаў узахлёб піць халодны казытлівы сідр.

Паснулі яны ўсе трое п’янымі, на голым, як ток, доле. А калі разляпілі павекі, жахнуліся — у ледзь прычыненыя вароты глядзеў заліты сонцам сад. Над пунькаю ж, строчачы з скарастрэльных пушак, праносіліся штурмавікі.

Калі гаспадар пуні, параіўшы кінуць дручкі, правёў іх на пыльную вясковую плошчу, дзе пад клёнамі тоўпіліся пры танках англійскія салдаты, у Андрэя разбегліся вочы — усё здалося незвычайным,— ад танкаў да салдацкай вопраткі — колеру хакі, чуць неахайнай, але па-свойму франтаватай, з процьмаю кішэняў на штанах, куртках. І хоць развальвалася галава, з пахмелля ўсё ўспрымалася, як у свята.

А тут яшчэ, быццам спраўджваючы падзеі, цыбаты, па-добраму спакойны салдат прынёс мяснога супу. З перцам, з лаўровым лістам. Паказваючы пальцам на міскі, растлумачыў: суп можна есці, а потым

правёў Анатоля і яго спадарожнікаў да трохвосевых грузавікоў-фур з слюдзянымі акенцамі ў брызенце.

Аднак неўзабаве сёе-тое як бы вярнулася з перажытага. Уначы затрыманых здалі ў лагер-загон з ненавісным калючым дротам і тупою людской таўханінаю. З цемені церусіў дождж. Дыхала блізкай вялікай вадою. Загон быў у бомбавых варонках, і, каб не мокнуць, прыйшлося шукаць прыбежышча ў адной з варонак і нацягваць атрыманыя байкавыя коўдры як тэнт. Хоць — не. Пасля зноў дало знаць новае. У загон трапілі палонныя немцы. І, калі іх пазналі па асцярожных прысутуленых постацях, ушчалася бойка. Кулачная, лютая, са стогнамі і мацяршчынаю — пакуль самалёт не павесіў над галовамі асляпляльныя ліхтары і лагерная ахова, адкрыўшы пальбу, не кінулася ў людскі вір...

Адчуванне — радзіма недзе блізка — і дасюль з’яўлялася ў Анатоля. Але цяпер яшчэ дадалося: яна не толькі блізка, а і падпірае як сіла. І няхай, пагрузіўшы яго і ягоных таварышаў у трум дэсантнай баржы, ім не сказалі, куды іх павязуць, няхай пры люках паставілі вартавых,— калі прышвартаваліся к прычалу па другі бок праліва, ім падалі пасажырскія вагоны! Няхай іх, лагерных бедалаг, зноў чакаў калючы дрот, палаткі і пляц, які пасля трох-чатырох пастраенняў стане, як бубен,— накармілі іх рысавым супам з пячонкаю, правялі медагляд, абяцалі адкрыць парыкмахерскую.

Праўда, праз тыдзень пасля чарговай санапрацоўкі, зноў быў выкінуты фортэль — ля палатак з грузавікоў скінулі цюкі дзіўнага абмундзіравання.

Падскокваючы на адной назе, Анатоль ужо нацягнуў падораныя штаны, калі ад суседняй палаткі даляцеў крык.

— Ты сюды паглядзі, на правую калашыну! І сюды — на спіну! — надрываўся абураны голас.— Бачыш? За каго яны прымаюць нас? За уркаў ці катаржнікаў?

Зірнуўшы на штаны, якія ён апранаў, Анатоль зразумеў, у чым справа, шпурнуў іх ад сябе і, на хаду нацягваючы старыя транты, выскачыў на двор.

Да цэнтра пляца, размахваючы над галавою атрыманай адзежаю, збягаліся людзі — шмат хто проставалосы, расхрыстаны, у сподніх кашулях.

— Га-а-а! — лунала над імі.

Зноў асянёны здагадкаю, Анатоль вярнуўся ў палатку, падабраў кінутую вопратку і пабег следам за ўсімі. Калі ён з хмяльной лютасцю шпурнуў яе ў кучу, як у агонь, ад камендатуры і казармы ўжо спяшаліся салдаты — разгрупоўваючыся, як на вучэнні, бралі пляц у клешчы.

— Fоrward, Fоrward! — крочачы наперадзе ланцуга, камандаваў грудасты афіцэр.— Dапt bе mіtіnееrs! L dеmоnd theе огdег tо bе dоnе!3

Натоўп шарахнуўся, пачаў адступаць да кучы вопраткі. Анатоль, адбіваючыся локцямі, упёрся і стаў — з упартасцю чалавека, у якога здзяйсняюцца яго спадзяванні, што жылі ў ім як бы падспудна. Падумалася пра Ніну, Сяргея. Захацелася, каб яны ўбачылі ягоную датычнасць да таго, што адбывалася наўкол.

Схамянуўся ён, калі побач спыніўся жылісты бледны хлопец з вялікімі, як азёры, вачыма.

— Без панікі, таварышы! — разляпіў той абсівераныя, парэпаныя да крыві губы.— Бубновы туз не памылка, а проба. Камбінатары думалі, што ўдача дасць ім магчымасць круціць намі, як захочацца. Але трасцы! — І, схапіўшы пад рукі Анатоля і пажылага, з ацёчным тварам мужчыну, які падвярнуўся з другога боку, заспяваў: — Паўста-ань, пракля-аццем скатава-аны!

Натоўп спыніўся, замёр. Аднак праз імгненне, як бы апрытомнеўшы, падхапіў «Інтэрнацыянал».

Наступнай раніцаю падзеі разгортваліся яшчэ імклівей. Захаваўшы прыняты парадак пры пад’ёме, пасля снедання ўсе раптам сыпанулі да камендатуры. А як дапалі да яе — ураз пастроіліся. Не бавячыся, з радоў выйшлі трое і нага ў нагу закрочылі да ганка. Услед ім ускінуліся воклічы. Крычалі кожны сабе. Скандавалі групамі, узнімаючы над галовамі сціснутыя кулакі.

— На радзі-іму!

— Мы па-тра-буем ад-праў-кі!

Не саромячыся — тое абрыдлае, што наліпла за страшныя, праклятыя месяцы, навідавоку ва ўсіх згарае на ім, забушаваў і Анатоль.

Ліверпуль сустрэў лагернікаў застаялым туманам. Караблі ля прычалаў акрэсліваліся няясна. Неба над імі вісела нізка. Туман, ірваныя хмары мяшаліся, і адно алавяная вада ды караблі памагалі вызначыць, дзе што,— хмары ўсё ж некуды сунуліся, а туман стаяў — шчыльны, золкі.

За час пагрузкі вопратка ў Анатоля набралася сырасці, пацяжэла. Ды сырасці і цяжару ён не адчуваў, хоць новаспечаных пасажыраў доўга разводзілі па каютах, а пасля паказвалі месца на палубе, куды бегчы пры трывозе, тлумачылі, як карыстацца выратавальнымі камізэлькамі і як запальваць на іх плячах электрычныя лямпачкі, калі апынешся ў вадзе. Цяпер гэта бадай што страціла сваё значэнне. Як і тое, што наперадзе — халодны марскі прасцяг, магчымыя сустрэчы з самалётамі і падводнымі лодкамі немцаў. Цешыў туман, дый выяўлялася: апрача пакутлівага — жыць або не жыць, ёсць яшчэ нешта і, можа, не менш важнае. Асабліва калі не за гарамі мірнае, дарагое, куды цябе цягне ступіць нанава.

У Баранцавым жа моры наваліўся шторм. Карабель раз-пораз правальваўся ў бездань, а туман як быў, так і быў. Наадварот — пагусцеўшы, ён схаваў канвойныя эсмінцы, чые сілуэты са скошанымі да кармы трубамі маячылі дасюль па борту. І толькі калі абагнулі Нарвегію, паўвостраў Рыбачы, пачало яснець. Яснасць, знячэўку прабіўшыся адтуль, дзе мусіла быць сонца, разлілася па небе і тут жа па вадзе.

Вырастаючы навідавоку, замільгалі чайкі. Прыцішыўшы ля караблёў лёт, падалі голас. Іх прарэзлівыя крыкі, як і трэба было чакаць, сталі прадвесцем — у зіхотным марыве белым казачным Страцім-Лебедзем з вады падняўся бераг. І няхай бы адразу за гэтай радаснай хвілінаю, Анатоля падпільноўвала чарговая бяда, яна не змяніла б нічога — ён ужо ведаў і такое,— чаму з-за свету людзі нават паміраць едуць на радзіму.

1 Ёсць мёртвыя? Выкідай, Іван! Выкідай усе трупы! (ням.)

2 Гэта, рускія, вам! Бярыце. Бог з пакутнікамі, рус­кія! (Франц.)

3 Марш, марш! Не будзьце зачыншчыкамі! Я патрабую, каб загад быў выкананы! (англ.)