epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Карпаў

Пачуты стогн. Спроба уявіць імгненне. Апавяданне

Гы-ы!..

Няўжо, калі я збочыў у руіны, ён шыбануў у мяне каменем? Ад злосці. Ад таго, што падвялі нервы. А мо проста, каб абваліць на зямлю... Глядзі, Валодзя! Глядзі! І давай за вугал вунь той шалудзівай каробкі. Ну! Ну!

Ён, вядома, віжаваў даўно. Мо з самага ранку. І тады, калі я адпраўляў людзей у атрад. І тады, калі грузавік паехаў і я ішоў у аптэку... Ай-яй! Там жа ў падвале — пашпарты, шрыфт, медыкаменты... З лішкам хопіць, каб павесілі і Юрку, і яго любоў...

А гэты, безумоўна, выявіў сябе толькі, калі спалохаўся, што можа ўпусціць мяне. Калі здалі нервы ў сволачы!

Хто ён? Немец? Сынок белагвардзейца? Наш бобік? І як высачыў? Зноў нешта не дагледзелі? Ці зноў здрада?

Стоп! Думай, Валодзя! Можа, ён яшчэ не паведаміў пра грузавік, і пагоні не паслалі. Можа, не ўправіўся перадаць і пра аптэку...

Ісай Казінец смяяўся, калі гаварылі, што ёсць прадчуванне. А яно ёсць... Як ён зваў мяне? Тузенбахам. Чэхаўскім Тузенбахам. Не! Гэта я казаў, што стараюся над Тузенбаха... Кпіў па-сяброўску і Гена. О як добра было б, каб ты, мой Гена, пачуў мяне зараз! Аднакашнік ты мой, друг ты мой!..

Ці не занадта мы рызыкавалі? Ці не занадта былі захоплены адным? Штодзень. З самага пачатку.

Помніш прыёмнік? Помніш, што ў квартале немцы не жылі, і яго адключылі ад электрасеткі? І ўжо тады прыходзілася ісці напрапалую — поначы праводзіць лінію, падключаць да радыёзаводскай. Сваю лінію! Пад носам у немцаў! А прыёмнік дзе схавалі? Пад этажэркай! Завесіўшы шторкаю. І слухалі, запісвалі, лежачы на падлозе. Во канспірацыя!

Стоп! І ці не хітрыш ты трошачкі сам з сабою, Валодзя? Каб падбадзёрыцца? «Цэ ж було та за вадою пішло»,— як кажа мама... Бедная мама! Ці не давядзецца і ёй зноў мучыцца, як тады, калі нашы палеглі пад бамбёжкай ля Замбрава?.. Не, не! Хаваць сябе рана... А вось азірнуцца назад не шкодзіць. Той не чалавек, хто адно ацэньвае другіх. А раптам бяда пачынаецца з цябе самога?

Ну, ну!.. Успамінай, Валодзя! Разбірайся. Прыйшлі Воранавы. Так? Два Міхалы — сын і бацька. Ты іх таксама ведаеш, Гена. Электраманцёр і начальнік друкарскага цэха. З’явілася «хатняя друкарня» на Рымарнай. Сыпанулі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро... харчовыя карткі для падпольшчыкаў. Як мае быць...

Але і гэта не газетныя габарыты... Як і чакалі, знайшліся яшчэ хлопцы... Свірыдаў, Барыс Пупок... Эх, Барыс, Барыс! Недарма ты быў чорны, як жук. Ён з Ліды, Гена. Як пачалася вайна, адразу рвануў на ўсход, але пад Мінскам перанялі. Загналі ў Драздоўскі лагер, адтуль — у турму. А калі спатрэбіліся паліграфісты, перавялі ў друкарню. Жыў у пакойчыку, побач з ратацыйным цэхам,— ні рабочы, ні вязень. Нават пасмейваўся з сябе і з усіх... Не, Валодзя, і тут, здаецца, усё ў парадку...

Праўда, далей пайшло больш складанае. Адкрыліся дзве магчымасці. Мы яшчэ спрачаліся з табой, Гена, калі ты прыдыбаў з Дзяржынска. Помніш праблему? Пашыраць «хатнюю друкарню» і тым часам ствараць рэзервовую або, як прапанаваў Воранаў-старэйшы, набіраць газету ў Доме друку, а друкаваць у яго дома. Успомніў? Камітэт схіліўся на апошняе — так было хутчэй.

Бо сапраўды — як ты будзеш чакаць, калі навокал гарлапаняць, агатукаюць і немцы і іх падпявалы. Самым ходкім словам зрабілі «капут».

Да таго ж уначы вахманы стаялі толькі ля брамы і галоўнага ўвахода. Унутры Дом друку не ахоўвалі. Праўда, на другім паверсе жыў шэф з сям’ёю. На чацвёртым — чорнарабочыя — палонныя і вартавыя. Але ж ты ведаеш, што за махіна гэты Дом. Так што пры пэўных захадах набор начамі можна рабіць. Асабліва — у зацішным складзіку для шрыфтоў... Ну і рушыла... У домік Воранавых, як па канвееру, пайшлі гранкі, заціскачкі, вярстаткі, друкарская фарба, ручныя валікі, папера. Нават перавалачны пункт арганізавалі...

А як працавалася! Любата! Невядома адкуль і сілы браліся. Гадзінамі з навушнікамі сядзеў. Паверыш на руцэ ад пісання аж мускул развіўся. Паміж вялікім і ўказальным пальцамі. Як жаўлак які... Сустракаўся, вядома, і з партызанскімі сувязнымі. Апытваў,— пакуль прасіцца не пачыналі. Цэлы стосік блакноцікаў спісаў.

Аднак, відаць, як з вады, побач вырастала і бяда.

Ы-ы!..

Не, Валодзя, гэта не камень. Далей ты, мабыць, не пабяжыш... Прытуліся да сцяны. Плечуком. І думай, думай! Толькі так можна перамагчы слабасць. Трымайся, думай і сачы. У цябе, хутчэй за ўсё, астаецца адно — сустрэцца з ім твар у твар і страляць. Ён, безумоўна, паявіцца неўзабаве...

Пэўна, з тых, што наняліся нядаўна. Бач, як старанна вёў... Баязлівы да здрады, такі пасля часцей са скуры лезе, каб выслужыцца. І не толькі таму, што баіцца новых гаспадароў. Знарок распальвае сябе. Шалее, каб сцвердзіць сваю здатнасць ва ўласных вачах...

Памятаеш метамарфозу «тройцы» з Ваеннага савета, з якой напрадвесні пачаўся правал?

Амбіцыя, бравада. «Не хавацца, а ваяваць трэба!..» Дзейнічалі, нібыта гулялі ў вайну і ваенных. Нарады, дзяжурствы ў штабе, загады... О, як шалеў, Гена, Казінец, калі даведаўся аб правале! «Засыпаліся, сукіны сыны!..» А як праваліліся, ураз скіслі. Пачалі тыцкаць пальцамі адзін на аднаго, а потым і на другіх... Выдалі Зайца, Сямёнава... Душа аж шчыміць ад агіды. І бадай, не менш, чым ад небяспекі, што насунулася вось цяпер на нас...

Успомні Жудро, Сашу Макарэнку. Камісара «Чатырыста пятага»! Прымчаў з лесу, каб ратаваць нас. Да іх, аказваецца, таксама дапяў адзін з «тройцы» — паслала СД. І калі паднаціснулі на яго — укленчыў, прызнаўся, назваў астатніх.

Другая такая ж ануча — адкуль толькі спрыт узяўся! — прывяла эсдэкаўцаў на кватэру да Жудро. Перш чым страляць у замкнутыя дзверы, пераконвала: «Васёк, адчыні, свае! Саша, скажы там яму...»

Другі паверх, адзіныя дзверы... Скакалі ў акно. Саша звіхнуў нагу. І можна ўявіць, як ён адступаў, як адстрэльваўся?! Цалюсеньку Добу валялася цела на вуліцы. Чакалі — а раптам хтось прыйдзе, а раптам хтось будзе бедаваць... Жудро ж пашэнціла больш — Саша адцягнуў увагу на сябе. Але пры перастрэлцы ў пакоі паранілі і Васю. Праўда, мама з сяброўкамі схавала ў надзейным месцы, ды высветлілася — раны цяжкія. І хоць было позна, пераправілі ў бальніцу. Але і туды, ужо да мёртвага, прывяла ануча сваіх гаспадароў. Во якая актыўнасць у такіх!..

Ох, як балюча! Як шкада!.. І, можа, зараз мацней, ніж калі на Нямізе, слухаў маму, якая прынесла гэтую горкую навіну. Можа, нават мацней, чым і тады, калі, шукаючы слоў, пісаў пра іхнюю гібель, бегаў па сваёй каморцы, як апантаны. Бо цяпер, апрача ўсяго, абурае: гінуць самыя лепшыя! А такая вось дрэнь пакуль што жыве. І калі б выбавіўся адсюль, запатрабаваў бы... Прасіў бы... Пад сонцам не павінна быць поскудзі. Барацьба ідзе ў імя светлага! І нам наканавана не толькі ваяваць з чужынцамі, а і вынішчаць дзікае мяса...»

А дзе ж выжлятнік? Схаваўся і пільнуе? Няўжо аказаўся хітрэйшы і разгадаў мой план? Незразумела толькі, чаму не свістаў дасюль? Пэўна, меркаваў: у паніцы нараблю глупстваў, кінуся хавацца куды да сваіх... Няўцям было, што могуць памагчы і руіны... Але чаму не свішча ён зараз? Спадзяецца справіцца сам? Не хоча дзяліць славы?.. Ну, ладна, пабачым...

Ох, як горна!.. У аблаву трапіў і тата... Не ўбярог і яго. А гэта ж нядаўна адпраўляў чарговую партыю за Дзяржынск. Падбіраў, думаў пра кожнага, а пра тату і не ўспомніў... Эх, Валодзя, Валодзя! І толькі цяпер прыгадаў, што твар у яго ўжо бялеў ад старасці... і занадта многія ведалі яго ў горадзе...

І знаеш, Гена, як атрымалася? Мы сядзелі за банкетным сталом, а эсдэкаўцы якраз у гэтую хвіліну цягнулі яго ў машыну... Жарты, анекдоты. Мурлыкалі «Заповіт», «Орленка», а яго мардавалі ў засценку. Раніцою слухалі па радыё святочную перадачу з Масквы, калектыўна запісвалі першамайскі загад, а ён, непрытомны, распластаны валяўся на голых нарах.

Добра, хоць у барацьбе свае законы. Кроў, пралітая за справядлівую справу, мацуе яе. А той, хто загінуў...

Ён жа астаецца сумленнем, дарадцам жывых. У гэтым, пэўна, і зарука, што ўсё рухаецца наперад.

І, прызнаюся, калі гарком даручыў пісаць ліст Цэнтральнаму Камітэту, гэта толькі і суцяшала мяне. Помніш, калі ты зайшоў якраз?

Помніш, як прысягалі мы тады ад імя мінчан, што беларускі народ быў і астаецца верным дружбе савецкіх народаў? Ён ганарыцца працай сваіх пабрацімаў у тыле, іхняй мужнасцю на фронце. Запэўнівалі — і там, на свабоднай зямлі, яны могуць ганарыцца нашай барацьбою. Успаміналі Жудро, Макарэнку... І зноў прысягалі: мы з гонарам пройдзем праз нягоды. Так было, так будзе!..

І хоць набліжаўся новы жахлівы дзень — калі ў скверах і на рыначных плошчах зноў наважылі вешаць нашых, пачалі збіраць подпісы. Тысячы подпісаў. І сабралі...

— Стоп!.. Але не — і тут, па-мойму, усё ў парадку. Інакш нельга было...

Аднак чаму так ляцяць думкі? Чаму падкошваюцца ногі? Цягне зямля? Руіны быццам хістаюцца і сонца пячэ ў вочы? Касматае, сляпучае!.. Трымайся, трымайся, Валодзя, чаго б гэта ні каштавала. Бо як жа іначай ты дастанеш з кішэні пісталет? Як будзеш страляць, калі бахнешся на зямлю? Ты ж абавязкова тады на міг зробішся бездапаможным. А потым... калі нават і ўдасца выцягнуць «ТТ», шпік — гэта відаць па ўсім! — проста наступіць на тваю руку. Нябось, вышкаляны, стараецца. А раз наступіць — ты ў ягонай уладзе. А самае крыўднае — не абясшкодзіш ужо...

Пачакай, што я хацеў дадумаць? Дзе пралік? Хто мог прадаць?.. Што нам трэба зыначыць?..

Так, так... Возьмем зноў хоць бы «Звёздачку». Праўда, гарком прыспяшаў мяне. Але ж усё ішло па плану.

Ухвалілі назву. Законнік Вася Жудро яшчэ раней абгрунтаваў: «Правільна — «Звязда»! Хай свеціць, як і дасюль».

І выйшла ж. Убачыла свет. Назва... каб мацней біліся сэрцы, набраная даваенным шрыфтам. Побач: «Таварышы! З сённяшняга дня... пішыце!..» О-о! Затым — перадавая «Шырэй барацьбу!», «Весткі з франтоў», «Партызанскія навіны». І, само сабой, гумар — жывём і не кашляем!..

Да скону не забудзецца ноч, калі вычытваў карэктуру... Да скону?!. Мама плакала ад радасці і гладзіла мяне, як барадатае дзіва... Хлопцы абдымалі...

Але навошта, як і раней, за мной аставаўся Дзяржынск?.. Каб быў у гушчы падзей. Хоць... Цяпер ужо можна і тут прызнацца... Я любіў гэтую «нагрузку». Колькі мне? Дваццаць пяць. Не так ужо многа. Але я... маладзеў, Гена!..

Калі я апошні раз пабываў у нашым Дзяржынску? У пачатку месяца? Так? І верыш, выбраўшыся з мінскіх руін, захмялеў. Над галавой — неба, хмурынкі. На край свету полем крочаць слупы. У жылах прыдарожных бяроз — сок. Вунь, бачыш, у адной надсеклі камель і між карэнняў, прыкрыўшы яловай лапкаю, паставілі вышчарблены гляк... А за бярозамі? Прасторы адкрытай вады. І там, дзе мелка,— лотаць. Жоўтыя кветкі, бы матылі, якія вось-вось успырхнуць. Праўда ж? Праз дзень-два ўзарвуцца набрынялыя пупышкі, зеленаватае воблака ахіне дрэвы, і па пералесках пакоціцца зялёны шум.

Каюся, Гена, каюся! Я нахлябтаўся тады чужога халоднага соку... Нават збочыў з дарогі да пянька. Сядзеў, аслеплены навакольным святлом, аглушаны птушыным шчэбетам. Песціўся, пакуль не спахапіўся і не прымусіў сябе прагаласаваць. Ехаў далей, прызнаюся толькі цяпер, у кузаве з веснушкаватым вахманам.

Во здзяцінеў!..

Але што са мною? Я і зараз, здаецца, п'янею і... падаю. Падаю, Гена! Потарч, не заплюшчваючы вачэй... І чаму няма болю? Толькі гарачым абдало грудзі... Ці магу я хоць варушыцца?

Стоп, Валодзя! Сачы, сачы!.. І не забывайся на тое адно, што асталося... Бо факт — вінаваты хтось з тых, каго адправілі ў лес. Прывёў за сабою хвост або выдаў. Дый сам ты, Валодзя, дапусціў памылку. Стаяў, назіраў збоку, ці ўсё будзе добра, а потым расчуліўся — памахаў таварышам у грузавіку. О, як трэба, канечне трэба перадаць гэта ў гарком!.. Няхай робяць вывады. Мы яўна пагарджаем небяспекай, празмерна давяраем... І гэта, калі супроць нас цэлая вымуштраваная плойма.

Хоць... Пачакай!.. Глядзі праўдзе ў вочы!..

Ці мог уратавацца, скажам, Сямёнаў-Жук? Мог. Калі яны з’явіліся ля брамы, ён ужо бег па калідоры.

Спагадлівая суседка, схапіўшы за руку, уцягнула яго да сябе. З тайніка ён вылез, калі ўзнятая ў доме калатня ўжо кончылася... Ды не сцярпеў — захацелася паглядзець з-за фіранкі ў акно. Глянуў — і сустрэўся позіркам з эсэсманам, які клыпаў па тратуары ззаду ўсіх.

А Ісай? Сам Слаўка — заўсёды сабраны як спружына? Разважлівейшы з разважлівых. Хіба яму было ўвязвацца ў бяду з Ляляй? Або ісці на яўку з партызанскаю правадніцаю, калі ў горадзе аблавы і павальныя арышты? Калі, наадварот, трэба было стаіцца, як патрабаваў ад другіх. А вось узяў дый пайшоў... А галоўнае — адчыніў брамку, падняўся на ганак, не выслаўшы наперад сувязную, якая была з ім... І ступіў ужо не ў сенцы, а ў турэмны засценак...

А Пупок?.. Хіба цяжка было здагадацца, што калі «Звязда» трапіць у СД, адтуль адразу ж рынуцца ў Дом друку? Праўда, выручыў шэф. Успомніў? Цаніў Пупка за спрыт — той умеў набіраць і па-беларуску і па-нямецку. Выратаваў! Ды не ад выпадку, не ад сябе... Калі назаўтра яго таварышка па падполлю праз дзірку ў плоце вывела Пупка на Ціхую вуліцу, ён успомніў, што без пінжака... Во не было б большай бяды! Але як ні маліла жанчына, не паслухаўся — вярнуўся. І, вядома, улез у нерат... А падрыхтоўка паўстання? У ёй жа — наша сіла і наша слабасць...

Што гэта? Пралікі? Ліхацтва? Безадказнасць? Магчыма... Але ці не вярней, Валодзя, што гэта — барацьба. Яе эпізоды. Сведчанне — чалавек перад усім створаны для працы, а не вайны. Ён жыве мірам. І калі ваюе, дык дзеля таго ж міру... Хіба мы не вучыліся ваяваць? І кожны раз нанава?..

Дзяржынск!.. Няўжо ўсё гэта было, Гена? Былі чырвоны гальштук, камсамольская работа, інстытут журналістыкі, дружба з табою?..

Што ты робіш цяпер, кіжавец мой? Рыхтуеш лістоўку? Панёсся на веласіпедзе ў нядаўна створаны атрад? Ма-лай-чына!.. Калі я стараўся ўявіць сабе чыстую цягавітую сям’ю, я ўспамінаў вашу. Чэснае партыйнае. Надта ўжо лёгка дыхалася ў вас, хораша думалася, і самому карцела быць лепшым. Недарма мой сын — твой цёзка. Недарма навокал цябе згуртаваліся хлопцы са «Штампоўшчыка». Урастай, урастай, Гена, у рабочых! Яны падкажуць, як і што рабіць. А калі прыйдзецца туга, схаваюць... Помніш, як яны слухалі расказ пра падзеі ў Мінску? Як пасля ў вашым садзе дзівіліся на зорнае неба, пачуўшы гул Іл-4, што ішлі на бамбёжку?

А помніш, як ахала твая маці?.. «Валодзечка» ды «Валодзечка!» «Прагаладаўся, канечне, галубок!» Як абняла, пацягнула да стала, кпіла з вусаў, з бародкі, якія адпусціў. Як бедавала, даведаўшыся пра ліха з татам. Супакойвала — усё будзе гаразд...

Мяне заўсёды інтрыгавала ў казках, як, жадаючы даведацца, ці далёка пагоня, уцекачы кідаюцца на зямлю і прыпадаюць да яе вухам. Неяк здарылася, што я не правяраў, чуваць так што-небудзь ці не. Слухаў, як гудуць тэлефонныя слупы, як дрыжаць і гудуць рэйкі, калі набліжаецца цягнік, а зямлю не слухаў. Цяпер жа хочаш не хочаш — слухай. І дзіва!.. Я выразна чую крокі! Нехта бяжыць да мяне. Аж спатыкаецца. Бліжэй, бліжэй... Нават не адзін. А два, тры. З розных бакоў. Хтось з іх, безумоўна,— той. Хто астатнія? Сябры? Ворагі? І каторы падбяжыць першы?..

Не, навошта ашукваць сябе? Хто б яны ні былі, ратунку, Валодзя, няма. Помніш, казаў Казінец: «Можаш — змагайся! Не можаш — не брудзь у сабе чалавечае,— памірай».

Але цяжка прыняць адзіноту і цемру. Нялёгка развітвацца з сябрамі. З сонцам! Пад ім і боль не боль... Крыўдна: ёсць... былі яшчэ сілы. Душа прагне змагацца. Мрояцца кнігі, напісаныя сумленна, душой... Горка: новае гора дабавіцца маме. Страціла дачку, унукаў... На дарогах вайны загубілася мая Ліда з Генкам. Закатавалі ў засценках тату. Пагналі ў Германію брата. Гіну і я... Адна астаецца! З вялікай сям’і!.. Шкада, што не твая будзе і «Звёздачка»...

Не, Гена, мы ўсё-такі былі часам наіўныя. Але... Але не ведаю, ці зрабілі б мы больш, каб былі іншыя.

Ы-ых!