epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Карпаў

Пра час і пра сябе

Нарадзіўся я ў сям’і земскага ўрача ў волжскім гарадку Хвалынску. Не ведаю, які ён сапраўдны, але мне ўяўляецца зялёным, у садах, з недалёкімі крэйдавымі гарамі, з якіх узімку на санках можна ехаць кіламетры. Тут прайшло маё маленства, тут я бачыў рэвалюцыю, грамадзянскую вайну, тут навучыўся плаваць, чытаць.

Рэвалюцыя асталася ў маёй памяці як людскі вір на Саборнай плошчы і чырвоныя банты на грудзях у людзей. Грамадзянская вайна — як страляніна на вуліцах, узрушаныя коннікі на ўзмыленых конях, разрывы снарадаў, што прыляталі ад Волгі, ахопленыя полымем прыволжскія склады ды яшчэ, хіба, гаркаваты смак праснакоў, спечаных з падгарэлай мукі вось з гэтых складаў.

Плаваць і чытаць я навучыўся не зусім звычайна. Старэйшыя хлапчукі зацягнулі мяне на якарны ланцуг ад баржы і пакінулі там аднаго. Я доўга плакаў, прасіўся, але, калі зразумеў, што ўсё гэта дарэмна, адштурхнуўся ад ланцуга і, барахтаючыся, як шчанё, паплыў да берага. Мабыць, таму я ў сем год пераплываў Волажку. А чытаць? Я многа ведаў на памяць казак — вершаваных і ў прозе. І пачаў з таго, што гуляў у чытанне: казаў тое, што ведаў на памяць, і вадзіў пальцам па радках кнігі. З цягам часу гэта памагло мне вылучыць са сказаў словы, а потым, пры дапамозе сястры, літары-гукі. Вучыцца ж у школе я пачаў значна пазней — адразу паступіўшы ў трэці клас, калі мы пераехалі ў Беларусь.

Маці мая — самаахвярная, цярплівая жанчына — працавала выхавацельніцай у дзіцячым доме, і, можа, толькі гэтая акалічнасць выратавала нас. Голад наваліўся на спустошаны вайною гарадок адразу, як толькі завітаў у Паволжа. Як ні дзіўна, першымі пачалі паміраць сыцейшыя. Бацька пакінуў нас даўно. Апрача мяне, на матчыным гарбе сядзелі яшчэ двое — старэйшы брат і сястра. Таму, натуральна, мы не маглі быць сытымі. Дый дзіцячаму дому сёе-тое ўсё ж перападала. Калі ж стала зусім цяжка, дзіцячы дом эвакуіравалі ў Гомель. Так я трапіў у Беларусь.

Нельга сказаць, каб жыццё ў прыдняпроўскай вёсцы Ёлча на Камарыншчыне было вельмі лёгкае. Дзевяцігадовым хлапчуком я каштаваў ужо хлеб падпаска — пасвіў вясковых свіней, вадзіў на начлег чужых коней. Але дабрабыт і спагаду ёлчанскіх кабет, сваю першую настаўніцу — самотную Марыю Ёсіпаўну Шастаковіч, ігрышча, што распасціралася паміж вёскай і Дняпром і па вечарах звінела ад дзявочых галасоў, я заўсёды буду ўспамінаць з замілаваннем і ўдзячнасцю.

Пасля я жыў і працаваў шмат у якіх вёсках Камарыншчыны, ды павага і любоў да людзей, якія прытулілі нашу сям’ю, ідуць усё-такі з Ёлчы. І тут я, у свае дзесяць год, прысягнуў аддзячыць ім, чым толькі будзе ў маіх сілах.

Пазней я вучыўся ў школе другой ступені (так называлася тады сярэдняя школа), дзе перада мной раскрыўся свет чароўных ведаў і не знаёмых раней пачуццяў, ды усё роўна альма-матэр для мяне аставалася аднакамплектная Ёлчанская школа, дзе я пачаў разумець геаграфічную карту, адчуў асалоду ад таго, што малюю, дзе стаяла нефарбаваная драўляная шафа з кнігамі, якія з захапленнем чытаў пры цьмяным святле коміна або ў абед на ігрышчы, калі свінні спакойна адпачывалі на беразе затокі.

Да тысяча дзевяцьсот дваццаць дзевятага года, калі я скончыў «другую ступень», брат — шчыры, працавіты хлопец — ужо рабіў канцарэзчыкам на Рэчыцкім лесапільным заводзе і абзавёўся сям’ёю. Працаваць побач з братам вырашыў і я. Не падаючы заявы ў інстытут, паехаў да брата.

Што я вынес з сярэдняй школы? Перш за ўсё прагу да работы, ружовыя мары, веру ў дабро і бязмежную адданасць часу, жыццю.

За гады работы на Рэчыцкім лесапільным заводзе кім я толькі не працаваў. Адносіў аполкі ад піларамы да канцарэзкі, адвозіў з мурла тачкай тырсу ў качагарну, быў цыркуляршчыкам, памочнікам станкавога, качагарам, сарціроўшчыкам.

Працаваў я ахвотна, многа. Тады мне было семнаццаць. Каб паступіць на завод, давялося выдаць сябе дарослым, прыпісаўшы год. Але і ў свае семнаццаць, адпрацаваўшы поўную змену, я, калі не хапала рабочых рук, грузіў вагоны лесам, прымаў удзел у штурмах, у суботніках ці завіхаўся на лесаскладзе каля штабялёў дошак. Так што пазней у мяне доўга з левага пляча, на якім я насіў аполкі і дошкі, не зыходзіла нарасць-мазоль, і левае плячо ў мяне нават цяпер асталося дужэйшым.

Я палюбіў завод, зладжанасць, што панавала ў калектыве. Было хораша, думна сярод працавітых людзей, каля станка або цыркуляркі. Цяжка прыходзілася толькі ўзімку. Па цэху гулялі скразнякі. У шырачэзныя вароты, праз якія саматас падцягваў бярвенні, дыхаў сцюдзёны Дняпро. Жалеза абпякала рукі. Але і тады, калі пілавалі бярозу, чулася вясна, патыхала хмяльным бярозавым сокам. Усё выкуплялі кароткія хвіліны адпачынку ў цёплай пілаточцы або качагарцы. І вельмі радавала, калі над вільчыкам заводскага даху загаралася чырвоная зорка — сведчанне, што завод перавыканаў план.

Не меншым маім захапленнем, як і раней, былі кнігі. Чытаў я прагна ўсё, што траплялася пад рукі,— ад Эўрыпіда да Ляонава, і паважаў кнігу вельмі. Я нават яскрава помню, дзе і як атрымліваў кнігі. Помню, як, адчыніўшы нефарбаваную скасабочаную шафу, Марыя Ёсіпаўна выдавала іх нам, віхрастай дзятве, беражліва беручы з палічкі, уважліва разглядала, каб запомніць, якія былі, і не працягвала, а ўручала іх. Помню бібліятэку ў школе другой ступені і той запаветны пакойчык з стэлажамі, куды выбіраць сабе кнігі дапускаліся толькі любімчыкі. Помню бібліятэку на лесапільным заводзе — маладую бібліятэкарку Дору Бэр, маленькі столік пры дзвярах, за якім яна сядзела, кніжныя паліцы і шафы. Я забыўся, дзе знаходзіўся заўком, назву вуліцы ў рабочым пасёлку, дзе жыў, а вось бібліятэку помню і буду помніць да апошняга дня...

У трыццаць другім памёр брат. Цяжка перажыўшы гэта, я пакінуў Рэчыцу і вярнуўся да маці ў Камарын.

Зноў паўстала пытанне будучыні, і зноў я аддаў перавагу не вучобе, а працы.

Чаму? Скончыў я сярэднюю школу выдатна. У пасведчанні-атэстаце педагогі вызначылі «ўхіл» — літаратура, маляванне і чамусьці хімія. Значыць, і тут быў выбар, было, вядома, жаданне вучыцца. У школе ўсталявалася традыцыя — кожны выпуск (а ў нас было некалькі паралельных груп) пакідаў пасля сябе вялікі партрэт У. І. Леніна, і пісаць партрэт у дваццаць дзевятым даручылі мне. Усе мае неразлучныя таварышы наогул пайшлі ў мастацкае вучылішча — перад імі замаячыла вунь што! А я не захацеў, падаўся на завод. Думалася, што вучоба нідзе не дзенецца, «паварыцца ж у рабочым катле» чалавеку заўсёды карысна. Нават неабходна — тады ты будзеш зусім іншы. Дый рабочы стаж потым сам забяспечыць табе далейшую вучобу. Але чаму я не пайшоў вучыцца, маючы ўжо гэты рабочы стаж? Цяпер мне цяжка нават сказаць. Мусіць, шукаў яшчэ сябе, у мяне не было пэўнасці ў адносінах заўтрашняга дня, як не было пэўнасці і ў тых «ухілах», якія вызначыў мне педсавет. Больш таго, працуючы на лесапільным заводзе, я паступіў на завочнае аддзяленне Маскоўскага рэдакцыйна-выдавецкага інстытута, але, калі маё аддзяленне — рэдактарскае — закрылі, адмовіўся пераходзіць на якое-небудзь іншае і кінуў інстытут наогул. Так ці інакш, на Камарыншчыне я стаў настаўнічаць— якраз пачалі бурна расці школы і не хапала настаўнікаў.

Гэта былі слаўныя гады — гады гарэння, самаадданай працы, падрыхтоўчых і перападрыхтоўчых курсаў. Вучні школ, грамадская работа... Штудзіраваў методыку, складаў планы, даваў практычныя ўрокі, займаўся з адстаючымі, навучаў малапісьменных, выступаў з антырэлігійнымі лекцыямі, выпускаў насценгазету ў калгасе, у сельсавеце, у хаце-чытальні. Калі нарэшце бязбожнікі дамагліся і царква ў вёсцы, дзе я на другім годзе сваёй педагагічнай работы загадваў ужо навучальнай часткай НСШ і выкладаў літаратуру, была зачынена, сам здымаў з яе крыж. Разам з вучнямі з царкоўнага багету майстраваў рамы для партрэтаў, распісваў сцены школы, маляваў вучняў для школьнай галерэі выдатнікаў, кіраваў шумавым аркестрам, будаваў спартыўны гарадок, ляпіў бюсты і цэлыя скульптурныя кампазіцыі, ды хіба можна пералічыць тое, што рабіў настаўнік-камсамолец у першай палове трыццатых гадоў!

Праўда, жыццё не заўсёды песціла мяне. Выпадалі хвіліны, калі яно паварочвалася спіной і было глыбока несправядлівым.

У трыццаць сёмым арыштавалі майго айчыма — таксама настаўніка. Айчым і пасынак — невялікае сваяцтва (не кажучы пра тое, што сам ён не быў вінаваты), але мяне выключылі з камсамола. Здзіўлены, абураны, я не мог ужо аставацца на Камарыншчыне і падаў заяву ў Наркамасветы, каб мяне перавялі куды толькі можна.

Так я трапіў на Віцебшчыну — край сініх азёр і харошых людзей. Працаваў там загадчыкам навучальнай часткі НСШ, дырэктарам СШ, як і заўсёды ўвесь аддаючыся рабоце. Але дзіўна — рос мой жыццёвы, педагагічны вопыт, а я ўсё выразней адчуваў, што мне не стае адукацыі.

Самаадукацыя, мусіць,— нешта такое, што характэрна для ўсяго майго пакалення. Краіне патрэбны былі кадры. Іх не маглі даць тагачасныя навучальныя ўстановы, і мы вучыліся працуючы, і працавалі вучачыся.

У тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмым годзе я здаў экстэрнам экзамены за настаўніцкі інстытут і паступіў на завочнае аддзяленне Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага.

Мінск! Я ніколі не думаў, што ён адыграе такую ролю ў маім жыцці, што мой лёс знітуецца з ягоным лёсам і я прысвячу гэтаму гораду жыццё. Не, я не думаў, але, праўда, адчуваў, што з ім звязана самае светлае, радаснае, запаветнае, бо тут я пазнаваў непазнанае, тут перада мной, як ніколі яскрава, развінуліся неабсяжныя далягляды чалавечай думкі і мудрасці.

Як на тое вайна застала мяне таксама ў Мінску (я здаваў дзяржаўныя экзамены і апошні здаў на другі дзень вайны), і такім чынам зрабіўся сведкам першай бамбёжкі Мінска. Пачатак вайны ўвайшоў у маю свядомасць як ахоплены агнём Мінск.

Дамоў, у вёску Доўгая Ніва Сіроцінскага раёна, я дабраўся толькі тады, калі грымоты вайны сталі чутны і там. На кані, з жонкай і трохгадовым сынам, я рушыў на ўсход. Аднак ужо назаўтра раніцай танкі з белымі крыжамі абагналі нас, і давялося спыніцца ў Слабадзе — вёсцы, дзе мы асталіся начаваць.

Тут я і пражыў амаль год, пакуль не пайшоў у партызаны. Але. жонцы і сыну пагражала небяспека, і неўзабаве іх таксама прыйшлося вывесці ў партызанскую зону, адкуль шчасліва, хоць і з прыгодамі, яны разам з другімі сем’ямі партызан перайшлі лінію фронту і былі эвакуіраваны на Урал.

У пачатку верасня адбыліся змены ў маім жыцці. Мяне ўключылі ў спецгрупу Мінскага абкома КПБ і прызначылі намеснікам яе камандзіра. Атрымаўшы асобае заданне, мы, дзесяць разведчыкаў-сувязных, рушылі ў глыбокі тыл праціўніка — пад Мінск. І выйшла так, што да канца вайны мне прыйшлося двойчы пераходзіць і двойчы пералятаць лінію фронту.

Ішлі мы ляснымі сцежкамі, прасёлкамі, забытымі екацярынінскімі шляхамі, перасякалі гравейкі, аўтамагістралі. Шмат дзе шаша і гравейкі былі перакопаны равамі. Замест мастоў тырчалі абгарэлыя палі. Там жа, дзе гаспадарылі акупанты, масты былі аплецены калючым дротам, падыходы да іх замініраваны. Лясы і хмызнякі адступалі ад дарог, а на абочынах выраслі дзоты, кулямётныя гнёзды.

Але па начах дарогі заміралі і там. Не вытрымліваючы цішыні і цемры, нямецкія часавыя ракецілі. Часам без дай прычыны ноч прашывалі кулямётныя чэргі і разразалі промні пражэктараў, устаноўленых на гарнізонных вышках. І заўсёды дзе-небудзь нешта гарэла, і зарыва залівала край або палову неба. Аднак раніцай, як толькі на дарогах пачынаўся рух, зямля нязменна выкоўзвалася з-пад рубцаваных шын грузавікоў, з-пад грымучых гусеніц танкаў, і выбухі рвалі паветра.

Вёскі, здавалася, старэлі ўвачавідкі. Але і яны ператвараліся ў надзённыя звенні партызанскай абароны, хоць сюды часта заглядалі агонь і смерць. Сустракаліся дашчэнту выпаленыя вёскі, дзе ўцалелі толькі парудзелыя голыя дрэвы ды страшныя пад адкрытым небам печы. Нават былі ўзарваны калодзежы. Сустракаліся і пакінутыя вёскі, дзе ўсё спавіло небыццё. І толькі на гародах было відаць, што часам сюды з далёкага бору прыходзяць людзі.

Партызаны па-рознаму ладкавалі свой побыт. Некаторыя лагеры нагадвалі цыганскія табары. Сярод акораных васкова-жоўтых елак былі раскіданы буданы. Другія ж лагеры выглядалі, наадварот, падкрэслена строга. Трапляліся нават такія, дзе сцежкі да штабной зямлянкі пасыпаліся пяском і пад вартавым грыбам нерухома стаяў часавы, які сустракаў камандзіраў урачыстым яфрэйтарскім вітаннем.

А Мінск — пакутнік і герой, куды я зноў трапіў у пачатку сорак трэцяга і дзе нелегальна пражыў дзесяць дзён?

Гета ў Мінску стварылі ў першыя тыдні акупацыі. Ужо на кастрычніцкія святы ў сорак першым гітлераўцы правялі «скарачэнне тэрыторыі» гета, і свежыя равы ў Тучынцы былі засыпаны зямлёй. У скверах, на плошчах — шыбеніцы, канцэнтрацыйныя лагеры ў Драздах і на Шырокай вуліцы, набітыя да адказу турмы... і гераічнае падполле!

Так, я ўбачыў паўстаўшую Беларусь і вялікую еднасць народа ў барацьбе. І чым больш аддаляешся ў часе ад гэтых падзей, тым бясспрэчней робіцца ісціна: Беларусь гадоў Вялікай Айчыннай вайны з’яўлялася краем класічнага партызанскага руху, а Мінск — вартай яе сталіцай.

Праўда, было і іншае.

Паміж руін, каля калючай агароджы гета, аднойчы разыгралася драма. Жыхары гета падкупілі ахоўнікаў-паліцаяў, і тыя скрозь пальцы глядзелі, як каля агароджы часам ішоў гандаль. І вось аднаго разу раптам пачуліся стрэлы.

Паўз дом, дзе я знаходзіўся, прабегла старая — раскудлачаная, злосная. Яна трымала перад сабой чыгунок, з якога ішла пара і цераз край выплёскваўся боршч.

Праз колькі хвілін страляніна сціхла. Каля агароджы апусцела, толькі на калючым дроце астаўся вісець чалавек ды ля самых руін цямнела яшчэ адна постаць.

Зноў кроў!..

Але гэтая старая з чыгунком баршчу? Цёмны абветраны твар з незагарэлымі зморшчыкамі. Жорсткія складкі ля рота, злыя вочы. Такіх я бачыў і на рынку. Яны гандлявалі піражкамі з лівернай начынкай, баршчом, гатаванай бульбай паштучна і хавалі атрыманыя ад пакупнікоў грошы ў панчоху, дзелавіта прыпадымаючы спадніцы. А прыватныя цырульні, харчэўні і розныя забягалаўкі, што з’явіліся на Камароўцы і другіх ускраінах? Хто іх адкрываў? Мне казалі — шмат хто гоніць самагонку. Што за насланнё? Адкуль узялася гэтая дрымучая цемра? Хто мог узяць белую сурвэтку і стаць за стойку ўласнай харчэўні? Хто не пагрэбаваў адкрыць прытон?

Кроў і гразь! Яны, мабыць, часта бываюць разам. Мусіць, вайна страшная не толькі сваімі разбурэннямі і ахвярамі.

Пазней, калі я ўзяўся за пяро, усё бачанае і перажытае апісаў у аповесці «Без нейтральнай паласы» (1949 г.) і ў рамане «Нямігі крывавыя берагі» (1962 г.).

За свой паход у Мінск я быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і, калі вярнуўся на Вялікую зямлю, атрымаў двухмесячны адпачынак, які даў мне магчымасць убачыць сям’ю.

Знайшоў яе ў невялікім уральскім пасёлку — Ніжнім Іргінску, што туліўся на крутым горным схіле. Жонка настаўнічала ў школе, сын рос у дзіцячым садзе. Так, без маленькіх шчасцейкаў не бывае вялікага шчасця. Гэта востра адчуў я тады ў Іргінску, трымаючы на руках сына і бачачы, як да нас праз сілу ўгору бяжыць некім папярэджаная бледная жонка...

Улетку сорак трэцяга года ў складзе спецгрупы я зноў паляцеў на Міншчыну, і зноў баявыя будні паланілі мяне. Да ўсяго на гэты раз давялося перажыць небывалую блакаду: марна рваць кола нямецкага акружэння, адступаць, адседжвацца ў балотах Паліка, галадаць.

Увайшоў я ў вызвалены Мінск на чале групы аўтаматчыкаў следам за армейскімі разведчыкамі, калі яшчэ чулася перастрэлка, сям-там гарэлі будынкі і вуліцы раз-пораз перабягалі падазроныя постаці.

Горад уразіў нас разбурэннямі. У цэнтры з усіх бакоў насунуліся руіны — жоўтыя, вастраверхія. Сярод іх зелянелі градкі чэзлых буракоў і капусты, абгароджаныя спінкамі ржавых ложкаў. Навокал плошчы Перамогі і абапал Даўгабродскай вуліцы палавела жыта, і, нягледзячы ні на што, пілікалі сваё «піць-палоць» перапёлкі.

А назаўтра ўначы немцы абрынулі на Мінск бомбы, і выбухі зноў скаланулі знявечаныя кварталы.

У Мінску я перажыў самыя памятныя і небяспечныя хвіліны свайго жыцця, за Мінск пралілася мая кроў, і ў грымотах разрываў я раптам адчуў, што горад уваходзіць у сэрца як нешта бясконца роднае, адваяванае, табе неабходнае, без чаго цяжка будзе жыць.

Пачаў я пісаць даўно, хоць і ўрыўкамі. Пісаў вершы, прозу, займаўся даследаваннямі. Пісаў пра балоты і сыпучы пясок Камарыншчыны, што, як вада, сцякаў па спіцах колаў, пра чырвоную зорку на вільчыку заводскага даху, пра пошукі шчасця людзьмі, даследаваў творчасць Ф. Дастаеўскага. Але адчуць сябе літаратарам, хоць гэта, можа, гучыць парадоксам, мяне прымусіла вайна. Яна загадала ўзяцца за пяро, прымусіла яшчэ раз асэнсаваць сваё месца ў жыцці, свой абавязак перад другімі.

У вызваленым Мінску я зноў пачаў настаўнічаць — выкладаў мову і літаратуру, загадваў навучальнай часткай 42-й сярэдняй школы. Ды неўзабаве, паслухмяны нейкаму ўладарнаму загаду, пакінуў школу і перайшоў працаваць літаратурным работнікам у рэдакцыю газеты «Советская Белоруссия».

Пісаў я ў той час рознае: рэцэнзіі на спектаклі, кінакарціны, кнігі, юбілейныя артыкулы, успаміны пра партызан-паплечнікаў, а пазней — партрэты артыстаў, літаратурна-крытычныя агляды і нарысы аб творчасці беларускіх пісьменнікаў. Асабліва захапляўся творамі Кузьмы Чорнага.

Увесну тысяча дзевяцьсот сорак пятага года было прынята рашэнне аднавіць выпуск газеты «Літаратура і мастацтва», і мне прапанавалі перайсці ў яе рэдакцыю адказным сакратаром.

Газетная праца раўнівая. Яна не любіць, каб чалавек дзяліў яе з чым-небудзь іншым. Таму нярэдка даводзілася начаваць у друкарні, дыктаваць машыністцы перадавіцы, правіць артыкулы проста на лінатыпе, шмат чаму вучыцца на хаду самому.

Работа ў газеце ўвяла мяне, калі так можна сказаць, у самую гушчу літаратурнага жыцця, у літаратурную лабараторыю, памагла фарміраванню маіх творчых поглядаў. Я вельмі ўдзячны газеце.

І ўсё-такі праз два гады я мусіў перайсці на новую работу — рэдактарам аддзела прозы і драматургіі ў часопісе «Полымя», дзе працаваў трынаццаць год.

Біяграфія пісьменніка — гэта яго кнігі. У іх — і жыццёвыя дарогі, і роздум, і мары пісьменніка. І няхай сабе нават напісаны яны пра іншыя часы, пра людзей іншых прафесій, і г. д., у іх усё роўна так ці інакш адаб’ецца асабісты лёс пісьменніка, яго пошукі, яго барацьба за сваё запаветнае, іначай .кажучы, як і чым ён жыў у гэты час.

Я стаў пісьменнікам позна, толькі пасля вайны. І натуральна, першай маёй кнігай стала ваенная аповесць «Без нейтральнай паласы». Да таго ж, нягледзячы ні на што, успаміны аб удзеле ў партызанскай барацьбе былі аднымі з самых дарагіх у маім жыцці.

Гады работы ў рэдакцыях газет і ў часопісе знайшлі сваё адлюстраванне ў наступнай кнізе — «Па шляху сталасці» (1952 г.), хоць у ёй змешчаны толькі літаратурна-крытычныя нарысы аб беларускай прозе і драматургіі.

Аднак вера і перакананне, што прызванне маё — літаратура, прыйшло да мяне толькі з раманам «За годам год» (1957 г.). Пісаў я гэты твор поўны любві да Мінска — горада-героя з такой трагічнай гісторыяй, поўны павагі і замілавання да тых, хто ўзнімаў яго — у які ўжо раз! — з безнадзейных руін.

З якіх крыніц чэрпаў я матэрыял для твора? Перш за ўсё — з перажытага, з уласных уражанняў. Як гаварыў ужо, увайшоў я ў Мінск бадай што разам з разведкай Савецкай Арміі і бачыў яго ў агні і дыме. Мне давялося прымаць удзел у суботніках па аднаўленню горада, і кніжачку, дзе адзначаліся адпрацаваныя гадзіны, я хаваю і цяпер. Мяне акружалі—і я іх ведаў— людзі, якія вярнуліся да мірнай працы і пачалі ладкаваць свой мірны побыт. Іх лёс, сцежкі-дарожкі, якімі пайшлі яны да свайго шчасця, хвалявалі мяне, тым больш што не заўсёды, як і мае, былі лёгкія і прамыя. Мне пашанцавала, нарэшце, бачыць, як з попелу і руін ўзнялі горад рэдкай красы.

Але я не гісторык, не архітэктар, не будаўнік. Таму, калі ўзяўся за працу, мне прыйшлося прачытаць дзесяткі кніг па гісторыі Мінска і градабудаўніцтва, дзесяткі кніг пра вопыт будаўнікоў. Прыйшлося днямі праседжваць у кабінеце галоўнага архітэктара,

знаёмячыся з яго работай, ездзіць з ім у майстэрні і на будоўлі, прысутнічаць на пасяджэннях архітэктурнага савета. Давялося знаёміцца з работай будаўнічых трэстаў і іх прафесіямі, з працай, побытам будаўнікоў.

Улетку 1953 года я паехаў у Валгаград. Там таксама заняўся вывучэннем жыцця тых, хто будуе гарады. Жыў разам з імі, разам з імі хадзіў на будоўлі, разам ездзіў у выхадныя дні адпачываць на Бакалду — левы бераг Волгі, стараўся ўведаць іх інтарэсы, імкненні, зразумець, што іх хвалюе.

Вось усё гэта, творча пераплаўленае, аздобленае фантазіяй, і вылілася ў раман «За годам год».

Пра што мой раман? Звычайна гавораць — пра будаўнікоў Мінска. Гэта правільна, але не ўсё. «За годам год» — кніга пра пасляваенны лёс людзей. У савецкага чалавека многа дарог да шчасця. Але дзе яна, карацейшая і найбольш пэўная? Вось хутчэй за ўсё пра гэта і апавядае раман. Ва ўсякім разе, калі я адбіраў падзеі, чалавечыя лёсы і стараўся прасачыць іх, я кіраваўся якраз гэтай задачай.

У кожным мастацкім творы ёсць знешняя і ўнутраная тэма. Унутраная тэма рамана «За годам год» — людзі і час, пошукі шчасця людзьмі.

Паездка ў Валгаград абудзіла прагу да падарожжаў. Я скалясіў Беларусь, Украіну. Узнімаўся на Кара-Даг у Крыме, праехаў Вярэцкі і Ужоцкі перавалы у Карпатах, пабываў у слаўным Ужгарадзе, дзе вольна, зусім як у лесе, стогнуць горліцы. Я бачыў зялёныя Кодры Малдавіі, сыпучыя дзюны Палангі, лагоднае Рыжскае ўзмор’е, маляўнічыя дахі Таліна і старога Томаса на Талінскай ратушы, пабываў у Ленінградзе, любаваўся волжскай разлегласцю з Адхона ў Горкім... Але дзіўна — чым больш я бачыў свет, тым даражэйшым і мілейшым рабіўся Мінск, і чым далей ад’язджаў ад яго, з тым большай нецярплівасцю і душэўным трапятаннем вяртаўся назад.

Другі свой раман «Вясеннія ліўні» (1960 г.) я таксама прысвяціў Мінску. Кажу «прысвяціў» таму, што горад, як і ў раманах «Нямігі крывавыя берагі» і «За годам год», з’яўляецца тут адным з герояў, і ягоны лёс цікавіць і хвалюе мяне гэтак жа, як і лёс другіх жывых герояў. Наогул, раманы, з’яўляючыся закончанымі, самастойнымі творамі, утвараюць адзіны цыкл — «На перавале стагоддзя».

«Вясеннія ліўні» з’явіліся вынікам майго знаёмства з працай і побытам мінскіх аўтазаводцаў. Да таго ж шмат хто з маіх добрых таварышаў па партызанскай барацьбе стаў будаўніком, а потым і рабочым або інжынерам аўтазавода. Мяне захапіў і сам пачатак будаўніцтва гэтага гіганта — рамантычны, непаўторны і так характэрны для Мінска.

Першымі мулярамі, мантажнікамі і прарабамі былі былыя партызаны. На Захадзе яшчэ шугала вайна, і яны доўга яшчэ жылі атрадамі, як і некалі,— у буданах пад соснамі, у бараках. Мелі агульныя запасы харчоў, штодзень вызначалі дзяжурных па арцельных кухнях, па чарзе вазілі ў бочках ваду са Свіслачы. Вечарамі па прывычцы раскладалі агні, і тады зусім па-партызанску выглядаў бор. Часам уначы разлягаўся гудок. Падхопліваліся ўсе, апранаючыся на хаду, як па трывозе, беглі да чыгуначных пуцей разгружаць вагоны, а потым на руках або па слегах цягнулі на тэрыторыю завода важкія скрынкі са станкамі і абсталяваннем. У выхадныя ж дні ў страі, калонамі, з кіркамі, рыдлёўкамі ішлі на разборку руін.

І зноў я вывучаў вытворчасць, сачыў за «Аўтазаводцам», гутарыў з рабочымі, інжынерамі, камсамольскімі і партыйнымі работнікамі, прысутнічаў на сходах, ездзіў у Горкі і пазнаёміўся са слаўным старэйшым братам Мінскага аўтамабільнага, пажыў у рабочым пасёлку сярод горкаўскіх аўтабудаўнікоў. Асабліва ўважліва сачыў за тым, як, вызваляючыся ад перажыткаў далёкага і недалёкага мінулага, мяняецца сама псіхалогія людзей, іх светаадчуванне, адносіны да сябе і другіх, як часам цяжка даецца гэта людзям.

Радасці ў маім пісьменніцкім жыцці было нямнога. Але яна была і найбольшая, калі я працаваў. Пішучы, забываўся на ўсё. З табою аставалася толькі тое, пра што пісаў: твае думы ды створаныя ўяўленнем карціны, якія трэба было пакласці на паперу. Вялікая радасць — працаваць.

Радасць нязменна прыходзіла таксама, калі я трапляў да простых людзей — працаўнікоў. Бачыць іх, слухаць, угадваць іхнія думкі, жыць з імі адным — шчасце. Асабліва цяпер — у наш час.

Адсюль вырас вывад, які я зрабіў сабе як пісьменнік,— самае вялікае шчасце і радасць — у рабоце, у служэнні людзям, якія навокал цябе, жывуць побач з табою, працуюць, радуюцца, бядуюць, шукаюць лепшага, найлепшага, дасканалейшага.

Зроблена пакуль што мала і не так, як хацелася б. Цешыць толькі думка, што Галоўная твая кніга яшчэ не напісана і што ты абавязкова напішаш яе. Будзе гэта ці не? Хочацца, каб было. Ва ўсякім разе, буду старацца, каб гэта было.

12 верасня 1962 г.


12.09.1962