epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Карпаў

Прызнанне ў любві. Апавяданне

Чые сляды прывялі іх к дому? Калі гэта здарылася? Пасля дыверсіі ці паездкі ў Жукаўку? Дыверсію праводзілі ўсяго ўдвух — з Сяргеем. У гарком жа ездзілі толькі з Надзюшкаю...

Прымусіў сябе неяк звыкла ўспомніць...

Ішоў дождж. Запалкі ў кішэні намоклі, тэрмітны шар не загараўся. Ён чыркаў, чыркаў ім аб карабок, а пстрычкі і знаёмага шыпення, што нараджалася б у глыбі шара, не было. Але потым,— калі вось-вось павінны былі прайсці вартавыя,— у Сяргея шар успыхнуў. Цемрадзь затрапятала ад іскрыстых, шыпучых агнёў. У зіхатлівым святле, якое не давала ценяў, пад дажджом, што, здаецца, гнаўся ўслед, і абрываліся — радыя: усё-такі ўдалося, і ніякія аўчаркі не возьмуць следу!.. Што ж датычыць Жукаўкі, прыгоды адно надараліся, калі ехалі туды — калі ўкрыты посцілкаю тросся на калёсах, падкурчыўшы доўгія ногі. Тады небяспека сапраўды насунулася была, і Надзюшцы двойчы — у Паперні і Вішнёўцы, давялося адбрэхвацца ад бобікаў з заставы — вазіла, маўляў, у горад да ўрачоў «тубіка» брата...

Злуючыся — стукат у сенцах аж разлягаўся, мяркуючы, гэта чарговая аблава або праверка, Андрэй падхапіўся з ложка.

У дзвярным праёме спалохана мігнулася постаць у белым. Яе было ледзь відно, але па руках Андрэй пазнаў: маці.

— Што рабіць, Андруша? — абяссілена спыталася яна.

— Запаліце газнічку,— адказаў незадаволена,— і пастарайцеся пагаварыць з імі самі...

Ён знарок не стаў апранацца, а як быў — у трусіках і майцы — выйшаў з бакоўкі ў большы пакой, дзе чуліся ўжо чужыя галасы і грукат. У вочы кінуўся сярэдніх год, лабасты, з тварам на клін эсдэкавец, у цывільным, які, трымаючы левую руку за спінаю, махаў правай перад Надзюшкіным носам, прымушаючы яе маргаць і прыплюшчваць вочы. Астатнія — маці, бабуля, дзед, Васілёк і Лізавета купкаю схлупіліся ля буфета. Толькі Ганначка, спехам укрытая матчыным халатам, бестурботна, з раскінутымі ручкамі, спала на канапе за абедзенным сталом. Два эсэсманы — адзін на парозе і другі пры купцы ля буфета,— падрыхтаваўшы аўтаматы, што віселі на шыі, чакалі распараджэнняў.

Убачыўшы Андрэя, лабаты зіркнуў на салдата, што стаяў у прычыненых дзвярах. Той падцягнуўся. Андрэю цюкнула: значыць, у іх ужо ёсць дамоўленасць наконт яго, значыць — прыйшлі з арыштам... У Жукаўцы таксама былі сігналы, і першы запатрабаваў, каб Андрэй пераходзіў на нелегальнае становішча і з тыдзень пасля пасяджэння не дазваляў вяртацца ў Мінск. Значыць, трэба было паводзіць сябе інакш, чым надумаў — можа, нават задрацца. Дый сэрца нібыта акунулася ў кіпень і застукала ў скроні. Грозячы Надзюшцы пальцам, эсдэкавец не-не дый поркаў у яе твар — у пераноссе, у куток рота, папярэджваючы — пакуль што стрымліваецца, а можа тыцнуць і ў вока.

— Чаго вам трэба ад яе? — крыкнуў Андрэй, рашуча пяцярнёй зачэсваючы назад русыя прамыя валасы.— Пытайцеся ў маці. Яна тут гаспадыня.

Эсдэкавец скасіў на яго павузелыя вочы, з выпнутымі грудзьмі падышоў і, узяўшы за падбародак, павярнуў яму галаву, быццам жадаючы паглядзець на профіль.

Андрэй адступіў, але бачачы — рука зноў цягнецца да яго падбародка, з сілаю адштурхнуў яе — эсдэкавец хутчэй за ўсё быў з тых, што, верныя прафесійнаму вопыту, паказваюць сябе пазней.

— Л-ла-адна. Ідзі апр-р-анайся, законнік! — як бы сапраўды прымірыўшыся з яго недатыкальнасцю, пагладзіў руку эсдэкавец і варухнуў кусцістымі бровамі.

Пераступіўшы парог бакоўкі, падхоплены парывам, Андрэй кінуўся да ложка, выцягнуў з-пад матраца пісталет, ліхтарык, схапіў вопратку, чаравікі і, ведаючы — створкі акна па прывычцы толькі прычыніў звечара,— сігануў у сад. Здзіўлены: стрэлы не грымяць, пераскочыў цераз агароджу на суседскую сядзібу. У руінах ушчэнт разбуранага квартала нацягнуў вопратку, абуўся. Са злой радасцю адзначыў: чаравікі трапіліся дзедавы — пусцяць аўчарку, гэта саб’е яе з панталыку.

Парашыў: будзе хавацца ў сябе на хлебазаводзе. Але, трывожачыся за астатніх членаў штаба, забег — тры каменьчыкі ў дах галубятні — да Сяргея. І ўсё-такі, калі, падсвечваючы ліхтарыкам, прысеў на ахапак саломы ў заводскім коміне, дзе раз ужо начаваў пасля таго, як хлебазавод вывелі са строю, калі ўбачыў высока над сабой круглую лапінку сіняга неба, сэрца сціснула непрыкаяная адзінота.

Памяць выцягнула са схованак і падставіла вачам — на, глядзі! Успомнілася, як Надзюшка-трэцякласніца ў наіўным жаданні апранацца прыгажэй, аднойчы адпарола ў школьнай раздзявалцы ад чужога палітэчка футравы каўнер і назаўтра прышыла да свайго заношанага. Як потым, калі падрасла, ён неяк ішоў з ёю па Савецкай, і адзін з сустрэтых хлопцаў, атарапеўшы, пачаў тузаць кампаньёнаў за рукавы: «Паглядзіце! Вунь! — І зазлаваў: —Ды паглядзіце ж, дурні, можа, болей і не ўбачыце такой!» Вось і Сяргей душы не чуе, баіцца глядзець ёй у вочы.

А маці? На яе плячах, пакуль не скончыў рамеснага вучылішча, трымалася ўся мнагаротая сям’я. Як толькі і помніць яе — вечна ў рабоце. Дый цяпер усё ў доме — на ёй. Нават Васілёк не навучыўся яшчэ як след бараніцца і, калі крычыш на яго, адно просіцца: «Ну, Андруша, ну!» —хоць з такімі ж, як сам, падшывальцамі выштукоўвае ўжо з цвікоў «жучкі» і раскідае па вуліцах. А Лізавета? Ёй зусім нядаўна падабалася, што ад яго пасля работы пахла хлебам. Яна толькі-толькі пачынае сніць дзявочыя сны. Усяго пазаўчора расказвала... Упусціла свой капеечны пярсцёнак у рэчку. Вада быстрая, светлая, падхапіла яго і пакаціла з сабой. «І сэрца маё нібы пакацілася,— перайшла на шэпт.— Бягу па беразе і гляджу, як ён віляе між каменьчыкаў. А тут ні адтуль, ні адсюль шчупак. Хайло разявіў. Але я тыц руку ў ваду — пярсцёначак і нанізаўся на палец. Сам!..»

Апоўдні завітаў верны Сяргей. Прынёс печанай бульбы і голуба — каб праверыць, ці саслужыць пры крайняй патрэбе службу. Але, калі яго пусцілі, ён даўся ў закуродымленую сцяну, выбіў крыло, і яго, трапяткога, у сажы, Сяргей сунуў назад за пазуху. І як не храбрыліся, гаворка не клеілася.

— З таварнай станцыі паведамляюць, што немцы пачалі падвозіць хлеб ажно з Польшчы,— каб падвесяліць сябе і таварыша, нарэшце страсянуў чубам Сяргей і паспрабаваў усміхнуцца.— А ты еш! Мабыць, прагаладаўся. Я раней не мог прыйсці.

— Якая тут яда! — з прыкрасцю адмахнуўся Андрэй.— Ты як маці...

— Што маці? Што маці? — нечакана ўсхадзіўся той.— Забралі тваю маці. І Надзюшку забралі! І Лізавету і Васілька. Іх ратаваць трэба!

Дасюль пра сваіх не дужа думалася — жывуць як усе. Поўны турботных задумак, увагу трымаў на тых, хто рызыкаваў,— баевіках. Ды, калі прызнацца, думаючы пра іх, таксама болей баяўся за аперацыі — дзеля гэтага ж уступілі ў барацьбу! Нямала значыла і тое, што небяспека ў самога абуджала сілы, нават вабіла. Да таго ж — шанцавала. І, калі бачыў: другія гінуць, само сабой карцела падазрэнне — у нечым недзе, відаць, вінаваты самі.

І вось Сяргеевы словы адабралі дасюлешнюю яснасць. Аказалася: разам з ім рызыкавалі маці з Лізаветаю і Васільком, дзед з бабуляй... І таму, што яны рызыкавалі, яму лацвей было дзейнічаць. Ён як бы засланяўся імі. Эсдэкавец не паслаў з ім салдата, бо адчуваў: яны гатовы на нечаканасці — дзед насупіўся, бабуля ўзяла за руку Лізавету, маці шукае нешта наўкол позіркам... Яны і ён былі, як дрэвы ў лесе, дзе кожнае памагае нечым другому. І невядома, каму цяжэй або лягчэй. Ва ўсякім разе вось ён, уцёк, выратаваўся. А яны? У маці, бабулі, Надзюшкі яўна было на мэце бараніць яго. А ў яго самога... было?.. Яго ўцёкі зробяць іх віну канкрэтнай і могуць дорага ім абысціся. Надзюшка, дык тая, пэўна, ужо ў эсдэкаўскім засценку, і лабаты дапытвае яе. З пострахам, пасля чаго, кажуць, валасы лезуць пасмамі... І ўсё-такі, выгадваючы час, Андрэй спытаўся, пстрыкаючы ліхтарыкам:

— Вось так і ратаваць?.. А?..

Сяргей разгубіўся, відаць, пакутуючы і ад навіны, якую прынёс, і ад таго, як рэагуе на яе Андрэй,—

пануры, з пукатымі надброўнымі дугамі ў скупых успышках ліхтарыка.

— Што-о?— працягнуў ён няўцямна.

— А тое, Сярожа... Мабыць, з рахунку не скінеш і такую ісціну... Чым людзі бязлітаснейшыя да сябе, тым, як правіла, лепш справе. Дый сувязей з турмой пакуль што няма.

— Тады давай хоць пераправім у лес астатніх. Іх, далібог, таксама забяруць! Чэснае камсамольскае. Ні Надзюшка, ні маці твая не даруюць пасля.

— У СД, мусіць, і разлічваюць якраз, што мы рыпацца будзем. Нездарма выбралі за прыманку малую са старымі.

— Усё роўна! Каб былі не свае, ты іначай разважаў бы,— упікнуў ён, падумаўшы аднак,— каб не гэта Андрэева зацятасць, можа, так і не слухалі б яго ўсе.— Не забывайся таксама на ўзрыўчатку з шарыкамі,— дадаў:—Тол ужо заўтра спатрэбіцца. А твае, калі хочаш, могуць самі прыйсці, куды скажам.

Разумеючы — Сяргей прыкінуў словы пра тэрмітныя шары і ўзрыўчатку, схаваныя на гарышчы ў доміку, каб надаць аперацыі крыху іншы характар, Андрэй цяжка ўздыхнуў: «Няўжо так можна было падумаць пра яго?..»

Ці не падманваў сябе ў нечым Андрэй, калі нарэшце адчаяўся — правільна, трэба застрахавацца? Мусіць, усё-такі чуць падманваў. Бо іначай чаго ён браўся за ўсё сам? Ці не таму, каб не ставіць пад удар таварышаў? І калі спачатку вагаўся, дык таму, што тачылі сумненні: ці ёсць у яго наогул права займацца гэтым, калі чакае другое, трэцяе, пятае? І хто ведае, магчыма, так да канца і не вырашыў сабе... Бо, пасяліўшыся на канспіратыўнай кватэры ля Балотнай станцыі, нібы забыўся на дом і ўласную бяду.

Аднак, калі начной хліпатою апынуўся ў сваім садзе і адчуў пад нагамі кволую траву, аж скалануўся — нешта сцяла яму дыханне, быццам не быў тут доўгія гады. Зарупіла, як малому, пастаяць пад яблынькаю, можа, нават прыпаўшы да яе разгалістага ствала. Мокрая вераснёўская зямля, кара яблынек, яблыкі на іх — пахлі. Недзе тут жа была градка памідор, бульба, і, далятаючы разам з парывамі дажджу, іх пахі казыталі ноздры.

Андрэй прабраўся да акна. За ім, у цёплай цемры, спіць Ганначка з заціснутымі ў кулачкі рукамі. Яна, здаецца, не дыхае і некалі нават палохала гэтым бабулю. Спіць дзед, у якога заўсёды нешта клякоча ў горле. Як заўжды, турбуючыся аб другіх, калі клёкат у яго пераходзіць у прыхліп, бабуля, безумоўна, цокае языком або пачынае тармасіць дзеда за плечы... І, вядома, не спіць сама яна — вечная клапатуха — сядзіць чуйна, як на варце, не варушачыся і не ўздыхаючы.

Счакаўшы, Андрэй асцярожна пашкробся ў шыбу. Сапраўды, бадай што ўраз, за шыбаю гайданулася фіранка. Але, калі створкі расчыніліся, бабуліны рукі перагарадзілі яму дарогу.

— Чаго вы? Пара б, здаецца, прывыкнуць...— засердаваў ён, адхіляючы яе рукі і тулячы яе галаву да сябе.— Я па вас...

Як сталы мужчына, паляпаўшы яе па старых плячах, цыбаты, расхлістаны, улез у акно. Асцярожна, паддаючыся раптоўнаму, зусім не сталаму жаданню, адсунуў абедзенны стол і, хмыкнуўшы, схіліўся над канапаю. Ганначка праз сон тварам адчула яго дыханне. Не ведаючы — каго, абняла сама, але не прачнулася.

— Пабудзіце яе і дзеда,— папрасіў Андрэй.

Бабуля роспачліва застагнала.

— Нелюдзі ж, Андрушанька! Яны ж усяго два дні як былі тут,— залямантавала, баронячыся.— Ну, до, до, не буду! Ты хоць бы паеў. Я ж знала, што заглянеш. А потым бяры Ганначку, дзеда. А я... Як я кіну ўсё? Як ты без мяне адзін будзеш? Дакранулася, во, і сэрца зайшлося — бы на агні згараеш.

Ён не даслухаў яе і, напраўду адчуўшы голад, злуючыся на сябе за гэта, заспяшаўся ў сенцы, адкуль можна было ўзабрацца на гарышча.

Першымі днямі вайны стары домік згарэў. Працуючы на будоўлях, Андрэй намысліў тады пабудаваць новы і, калі ў горадзе ўжо гаспадарылі немцы, з дапамогаю сябрукоў, збудаваў, не забыўшыся на тайнікі — хітрыя, з выдумкаю,— у лежаку, у падвойным даху.

Ён спрытна напакаваў толам рукзак, зноў замаскіраваў тайнік і сабраўся быў вяртацца назад, як на вуліцы забахалі стрэлы. Калі будавалі домік, улічылі і такое. Андрэй адчыніў дахавае акно, па дошцы з набітымі планкамі спусціўся да рыштка і скокнуў у сад. Блытаючыся ў сухім бадыллі, якога, здаецца, і не было ў садзе, дапаў да плота.

У руінах мёртвага квартала зноў сеў на цагляны грудок. Абхапіў галаву: так ці іначай ён прынёс у дом чарговую і, можа, непапраўную бяду. І каму? Тым, адзіным, што асталіся ў яго і як бы нанава рабіліся яму дарагімі. Праўда, цяпер ён наўрад ці прызнаўся б, што абажанне яго расло разам з тым, як згушчаліся хмары над роднымі. У гэтым, і цяпер падавалася яму, была нейкая непаўнацэннасць. Нават слабасць. А ён, сцвярджаючы — не цяпер жыць для сябе, усё мог дараваць — сабе, людзям,— але не слабасць! Ды яшчэ, калі змагаешся з нелюдзямі! Калі твае беды і няшчасці — нішто ў параўнанні з людскімі... І ўсё-такі душа ў яго рвалася, ныла.

А тут яшчэ выявілася: страляніну ля дома пачалі Сяргей з хлопцамі, якія ўсё ж, каб ахоўваць яго, назіркам следавалі за ім і заўважылі засаду. І другое — пасля допытаў і катаванняў дзеда з бабуляй адправілі ў Трасцянец, на гібель, а Ганначку — у прытулак для дзяцей, бацькі якіх былі пад следствам або пакараны смерцю.

Сяргей прыбег на кватэру ля Балотнай станцыі нібыта з адной ідэяй — «расчыхвосціць» школу, дзе некалі вучыліся. Немцы ператварылі яе ў зброевы склад, латалі, перакройвалі і чысцілі там абмундзіраванне, што паступала з фронту. Грузчыкамі і чорнарабочымі ў школе працавалі колішнія аднакашнікі. Ахоўвалі ж яе пакуль што два вартавыя, якія стаяць ля пад’езда і толькі праз паўгадзіны па чарзе абходзяць будынак.

— Пакінем акно незамкнутым, падбяром ключы ад класаў — і, лічы, усё ў парадку! — пераконваў ён, але хутка не вытрываў: — Ты ведаеш, што ў прытулку, дзе Ганначка, дзяцей не толькі мораць голадам?.. У Надзюшкі ж, перадаюць, валасы выпадаюць!..

— Ведаю,— адвёў Андрэй пацямнелыя вочы, бляднеючы ад жадання тыцнуцца галавою ў плячо другатаварыша.

— Яны дзяцей донарамі зрабілі!

— Ведаю! Але давай пра гэта, калі можна будзе не аднымі эмоцыямі казыраць... А гарком зараз просіць падкінуць вопраткі, гранат. Так што — дзейнічайце.

— Навошта ты так? Ты ж сам мучышся. Я тады без цябе вазьмуся. Чэснае камсамольскае! Хоць крыўдзіць цябе і грэх...

Дзіцячы прытулак уразіў іх убогай чысцінёю. Не, не ўбогай — казённай. Да жуды. Сцены і столь пабелены, але наспех — палосамі, праз якія праступаюць застарэлыя падцёкі. Вымытая падлога лушчыцца, як ад каросты. Крываногія ложкі засцелены шэрымі бальнічнымі коўдрамі. Смярдзіць хлоркаю, застаялым, цяжкім духам.

Дзяцей відаць не было. Апасаючыся — іх некуды павялі, дымячы кароценькай сігарэтаю, Андрэй загадаў Сяргею паклікаць загадчыцу. У цемнаваты калідор выйшла мажная, у гадах, жанчына. Паправіўшы на хаду прычоску з буклямі, абцягнула кофтачку. Паглядаючы на оберштурмфюрэрскі пагон Андрэя, нарыхтавалася слухаць.

Ганначка ляжала адна ў вялікім, спрэс застаўленым ложкамі, пакоі. Без крывінкі на твары, з упятымі ў столь вачыма. Важным стала, каб яна не крыкнула, не рванулася да яго.

— Падрыхтуйце яе,— каўтануўшы сліну, каб зняць спазм, сказаў Андрэй з акцэнтам, але не так, каб прымусіць сястру адарваць позірк ад столі.

Божа мой, як ён любіў яе зараз — худзенькую, безуважную, пастрыжаную, з вялікімі, бы ў дарослай, вачыма. Як ахвотна сказаў бы ёй пра гэта!.. Баючыся абудзіць яе ўвагу, ён стараўся не глядзець на сястру, але міжволі пазіраў. Аднак, на шчасце, яна аставалася безудзельнай — мусіць, бралі яе адсюль не раз, і Ганначка добра ведала: тут нічога не зменіш.

— Уставай, пойдзеш,— распарадзілася загадчыца, не падыходзячы.

Ганначка паднялася і, як загіпнатызаваная, пачала нацягваць на сябе засціраныя неданоскі. Бедная схуднела так, што лапаткі ў яе нагадвалі крыльцы ў птушаняці і намаганняў каштавала падымаць рукі, зашпільваць гузікі. Асабліва не даваўся апошні, на каўнерыку,— выкоўзваўся і ніяк не лез у пятлю.

Катавалі дзяўчынку, пэўна, з аглядкаю, мяркуючы — можа, прыйдзецца каму-небудзь паказваць, і слядоў пабояў не астаўлялі. Але як затое яны выматалі яе! Як знясілілі!

Калі з адзяваннем было скончана, загадчыца ўчэпіста схапіла Ганначку за руку і, падвёўшы да Сяргея, перадала яму.

— Яна з азлобленых,— зморшчыла нос, пад якім натапырыліся прыгладжаныя вусікі.— Бяскарнасць разбэсціла гадаўку. Нат навучылася кусацца.

Цяпер самым важным стала — вывесці Ганначку з гэтага ўбогага пекла, пасадзіць у машыну і, пятляючы, дамчаць да бліжэйшых ад Балотнай станцыі руін. Нават абурэнне, абуджанае жорсткімі словамі вусатай, кранула толькі краёчак сэрца — яно адгукалася на адзін клопат — важнейшы.

— Вядзі,— загадаў ён Сяргею па-нямецку.

Руіны тут былі рыжыя, струхлелыя, быццам з цэглы-сырца. З цягам часу яны не падалі, а асядалі. На іх парос чартапалох, дрэўцы. Дажджы апошнімі днямі не праходзілі, дзьмуў вецер, і руіны курыліся. Як толькі за імі схавалася вуліца, здарылася нечаканае — Ганначка раптам абяссілела і, укленчыўшы, абхапіла Андрэевы ногі.

— Андрэйка, дарагі! — зайшлася ў плачы.

Адчуваючы, як павяло ўбок,— значыць, сястра, пазнала яго яшчэ там, у прытулку, здзіўлены — яна так па-дзіцячаму выказвала радасць. Андрэй разгубіўся. Ад замілаванасці, замяшання стала страшна. Малая Ганначка прыкідвалася, перамагала сябе, і ніхто з дарослых не падазраваў гэтага — не мог ні выкрыць, ні збіць яе з толку. Адкуль яна брала сілы? Што падтрымлівала іх? І што мусіла перажыць, каб столькаму навучыцца і столькі страціць!

Істота яго ўгадвала, чаго чакае ад яго таварыш. Дый самому хацелася апусціцца на калені і пацалаваць яе ў стрыжаную галоўку. Але нешта і не давала зрабіць гэтага.

— Ты маладзец, Ганначка! — сказаў ён з вінаватай усмешкаю.— Проста маладзец!

— Не-а,— адмоўна заківала галавою дзяўчынка.— Гэта мама маладзец! Бабуся казала, калі немцы кінуліся ў бакоўку, яна ім пад ногі ўпала. Ты, канечне, не ведаў пра гэта. Праўда?

— Залаты ты мой агадасік-карандасік! — захліпнуўся Андрэй.— Якія вы ў мяне ўсе...

Ён асекся. Вочы ў яго перасталі быць шчаслівымі, і ён перавёў іх на Сяргея. Але той, гуляючы бровамі, засмяяўся.

— Нічога, камандзір, хвалі, хвалі,— азваўся, падбіваючы чуб.— Як мага болей хвалі і шкадуй! Не думай, што гэта некага прынізіць або папсуе. Псуе бяздушнасць. Калі бачыш, што ты адзін...

Разумеючы — гэта адкрыты дакор, Андрэй, аднак, не знайшоўся што сказаць,— перад вачыма мільганулі цярплівыя матчыны вочы, Надзюшка, Васілёк... Няўжо сур’ёзна Сяргей хоча развярэдзіць раны? Чаго яму трэба яшчэ?

Як укараняецца, робіцца тваёй любоў? Мусіць, для гэтага неабходна, каб зерне яе прарастала на жыватворнай глебе? Каб натура чалавека была адкрыта перад ёй? Але ж бывае, што пачуццё заяўляе пра сябе насуперак яго волі. Можа абрынуцца як бяда. Дык як жа ж тады?..

Гітлераўцы абрушылі на горад новыя рэпрэсіі.

Ціхім вераснёўскім ранкам яны аблажылі горад, нібыта збіраліся браць яго зноў. На дарогах, ля мастоў, на ўскраінах лесу акапаліся цэлыя падраздзяленні. Сам жа горад быў разбіт на квадраты. І абшуквалі іх, ператрасаючы дом за домам. Некалькі вуліц тады абязлюдзелі зусім. У сіняве і золаце над горадам праплывала бабіна лета, а ён стагнаў, захліпаўся ў горы.

Сваё гора злівалася з людскім, і, пакутуючы, Андрэй сабраў членаў штаба — як заўсёды ў далёкім доміку, за Чэрвеньскім рынкам, на другім канцы горада. У адказ на страшны нечуваны гвалт рашылі арганізаваць групы знішчальнікаў-паляўнічых — заўтра ж.

Што ён адчуваў і думаў, калі з другімі пайшоў «адкрываць рахунак»?

Павуцінне ўначы не лётае. Не відаць і зіхатлівых фарбаў. Але неба было густа ўсыпана мігатлівымі, прыветлівымі зорамі, ядрана пахла сагрэтай за дзень зямлёю, і, калі прабіраліся да месца засады, мілая сэрцу пара, якая расслабляе і бадзёрыць адначасова, напамінала пра сябе кожны міг. І Андрэй, адкрыўшы гэтую раскошу, прагна ўбіраў яе ў сябе.

Месца аблюбавалі за абсерваторыяй — на Маскоўскай шашы. У кювеце. Побач узвышалася таўшчэзная гузаватая таполя, крона якой засланяла палову неба. Кювет укрывала апалае лісце, і добра было адчуваць яго рукамі, грудзьмі, удыхаць ягоны водар. Лажыліся задыханыя, узрушаныя, ды духмянае паветра, цёмная аграмадзіна таполі, усыпанае зорамі неба,— усё знаёмае і дарагое — зрабілі сваё: Андрэй і хлопцы паспакайнелі.

Аднак са спакоем у Андрэевай душы прачнулася — не, зноў паднялося, і тое шчымлівае, цёплае і страснае пачуццё, што цяпер жыло ў ім. Надзюшка, маці, бабуля!.. Прыгорбленай чарадою ва ўяўленні прайшлі пакутнікі з бязлюднай цяпер Беламорскай вуліцы. І як ніколі хацелася ўзяць іхнія пакуты на сябе.

Па шашы, мацаючы цемру жоўтымі промнямі, праходзілі калоны грузавікоў, бронетранспарцёры. Калі яны набліжаліся, спярша святлела неба, потым — далёкі ўзгорак, цераз які перавальвала шаша, і толькі тады — аспідная асфальтавая стужка, што пачынала звінець, як напятая струна — то басавіта, то тоненька. І, чакаючы машын-адзіночак, успамінаючы сваіх, знаходзячы нейкую сувязь ва ўласнай пазіцыі тады і цяпер, Андрэй знемагаў ад нецярпення.

Недзе пад поўнач з-за перавалу выбліснула пара калючых агнёў і, выцягнуўшыся, уміг набрала сляпучую сілу. Падумалася: во каб у гэтым «опелі» ці «мерседэсе» ехаў лабаты, які поркаў пальцам у Надзюшкін твар! Што б ён заспяваў, калі б месцы іх памяняліся?

Як толькі легкавушка параўнялася з засадаю, Андрэй, перамагаючы амаль непрытомны холад, шпурнуў гранату. Наткнуўшыся на пошуг агню, машына крутнулася, стала ўпоперак шашы і лягла на бок. Нехта сыпануў па ёй бранебойназапальваючымі, і там, тут, як пры ветры, па днішчы заскакалі агеньчыкі.

— Вось так! Пакуль што так!..— выкрыкнуў Андрэй. Але сэрца ў яго, як чакаў, не вырасла. Наадварот, заныла. Не цікавіла і хто ехаў у машыне.

У канцы кастрычніка крута пахаладала. З зямлі стала праступаць сівая шэрань, і адтавала адно к поўдню. Здавалася: руіны і тыя сівеюць, і толькі спакваля, пад сонцам, набываюць звычайны — руды з падпалінамі — колер. Дзейнічалі падпольшчыкі, зразумела, уначы. У Андрэя не было ні паліто, ні шаліка, ні шапкі, і холад даваўся ў знакі. Добра Сяргей падзяліўся сім-тым і сёе-тое раздабыў. І гэта ўсё па-свойму напамінала пра родных — такія клопаты раней цалкам брала на сябе маці. А галоўнае — неяк вельмі востра адчувалася іх значэнне, цана. І зноўтакі страчанае праз напамінкі аб сабе — няхай і дробныя,— памагала ўсведамляць сутнасць таго непараўнальнага, што з днямі ўсё мацней асвятляла Андрэева жыццё.

Вобразы маці, Надзюшкі, бабулі, у якіх Андрэй цяпер як бы ўглядаўся і ў якіх кожны раз адкрываў новае, застаючыся канкрэтнымі, вырасталі ў вачах, нітаваліся з навакольным, пачыналі прамянець, абдаваць асаблівай — роднай цеплынёю. Калі дасюль іхнія клопаты аб ім здаваліся абавязкам, які наканавала ім жыццё і на якім яно трымалася, дык цяпер раптам адкрылася: так праяўлялася іхняя натура.

Бо не жыццё прымушала іх так рабіць, а яны самі рабілі так, што іхнія клопаты станавіліся законам жыцця, вызначалі ягоную плынь — яны клапаціліся аб жыцці. Дый ворагі прызналі іх небяспечнымі, асудзілі на мукі і гэтым прыраўнівалі да ўдзельнікаў народнай вайны. Удзель-ні-каў, якіх гіне не менш, чым баевікоў.

На пасяджэнне штаба пайшлі ўтрох — Андрэй, падобны спрытам да Васілька, Міця Вырвіч, якога нядаўна кааптавалі ў члены штаба, і Сяргей. Трэба было перад святам падсумаваць, што зроблена, намеціць наступныя задачы. Але, крочачы з таварышамі, Андрэй зноў і зноў вяртаўся ў думках да маці, да сваіх. Яны як бы былі з ім.

— Як адзначым свята? — хаваючы хваляванне, спытаўся ён, калі мінулі Чэрвеньскі рынак, за пабеленым плотам якога чуліся тлум і піліканне губных гармонікаў.

Домік, што служыў прытулкам штабу, нічым не вылучаўся між другіх — як і яны, драўляны, урослы ў зямлю, з запушчаным палісаднікам і дваром, пасярод якога ўскінулася груша-дзічка. Звычайна Андрэй заходзіў сюды, перажываючы ўзрушанасць — тут у тайніках хавалі пішучыя машынкі, паперу для лістовак, тут праводзілі нарады. Ды сёння яго ўзрушанасць была асаблівая — нібыта ішоў ён сюды гаварыць пра сваіх і шукаць паратунку іменна ім.

Перагнуўшыся цераз фортку, слухаючы таварышаў, Андрэй адсунуў засаўку і ўзбег на ганак. Аднак, калі ў сенцах бразгнуўшы тры разы клямкаю, ён адчыніў хатнія дзверы, адтуль шчапаючы падлогу і сцены, разанула чарга. Падумаўшы — стралялі для постраху, пэўна, іначай чарга перарэзала б яго, Андрэй адскочыў за вушак і выхапіў з кішэняў пісталет, «эфку». Убачыў на залітым сонцам ганку спалатнелых Вырвіча з Сяргеем. І дзіўна — адчуў: ён быццам бы чакаў гэтага выпрабавання і яно неабходна яму, каб нешта выказаць, сцвердзіць.

Падаўшы таварышам знак: «Назад! Я прыкрываю!», не вытыркаючыся з-за вушака, Андрэй зубамі выцягнуў чаку з гранаты і кінуў яе ў дом. Аднак, калі выскачыў на ганак, здзівіўся другі раз: з рукі выпаў пісталет. Не зусім верачы — паранены, здаровай рукою падхапіў яго, і, папярэджаны думкаю,— небяспека цяпер пагражае з вокнаў, пульнуў у адно і Ў другое акно.

З дома ўсё не стралялі, і яму ўдалося дабегчы да грушы. Але толькі Андрэй схаваўся за ёю, у камель, ля самых ног, ударылі кулі. Скеміўшы, як лепей яму стаць, ён прыпаў плячом да шурпатай кары. Перамагаючы боль, што пацёк к сэрцу ад параненай рукі, стрэліў з левай зноў — гэтым разам у акно, у якім не было ўжо шыб. І тут жа заўважыў: да брамкі, узняўшы ад рэзкага тармажэння пыл, падляцеў грузавік.

«Нічога, Андрэй,— заспакоіў сябе, адчуваючы, аднак, як млоснасць туманіць думкі.— Нічога... Праўда... Шкада вас, мама... Каму-каму, а самае вялікае гора — зноў вам з Надзюшкаю...»