epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Карпаў

Развітанне. Апавяданне

Я доўга выбірала, куды мне пайсці. Дзе пабыць з табою сам-насам? Каб папрасіць — умацуй, падкажы, пакінь... Мае думкі ў няволі; Ты мне неабходны, можа быць, больш, чым раней...

Асабліва начамі цяжка. Ты сам некалі казаў, што ўначы і боль балючэй і пакуты вастрэй. А тут яшчэ трызніцца, як цененька, нібы канаючы, стогне Аліза. Амаль штоноч па загаду шэфа праводзяць «акцыі» і пад акном, на дварэ, бясконца ўздыхае дамарошчаны дазорца. Які тут сон? Ляжыш з заплюшчанымі, нават прыжмуранымі вачыма, чакаеш раптоўнай бяды і думаеш, думаеш.

Успамінаецца Вільня, наша знаёмства, бацька... Ты прыйшоў тады,— я памятаю, як сёння,— у час перапынку. На вуліцы мяцеліца, у настаўніцкай холадна. Я з хусткай на плячах — ля грубкі, грэю рукі і грудзі. А ты... ты ў блёстках снегу, ружовашчокі. І, можа быць, таму, што я мерзла, што стаяла, сцяўшы плечы, ты здаўся лахматым дужым.

«Бэр 1— падумалася мне.— Ха!.. Які ён мастак?.. Ён бэр...»

«Знаёмцеся»,— назваўшы тваё імя, адрэкамендаваў дырэктар.

Хто ведаў, што ў гэтую хвіліну рашаўся мой лёс? Што праз дзень, пасля сходу ў Саюзе настаўнікаў, ты пойдзеш праводзіць мяне, будзеш чытаць свае вершы, выдаючы іх за чужыя? Якое дарагое ўсё гэта! Як хораша, калі цябе кахаюць!.. Успамінаецца, і як ты маляваў мне карцінкі, каб я па іх развівала мову вучняў. Як расказваў на экскурсіі пра ліловы сон баравы. Як вадзіў мяне ў летні тэатр «Лютня»... А твая ўяўная

хвароба! Калі ты наважыў праверыць, ці ўсхвалюе мяне твая бяда...

Вядома, нялёгка жылося. Бацька петаваўся — вядома, кушнер-саматужнік. Ну і што? Восьмы клас кончыла пад вэксаль. Сама зарабляла прыватнымі ўрокамі. Але ж кончыла! Калі вольнай слухачкаю паступіла ва універсітэт, нас, студэнтаў-яўрэяў, эндэкі прымушалі сядзець асобна. Праўда, пратэстуючы, я разам з другімі стала слухаць лекцыі стоячы. Але ж усё роўна вучылася, лічыла сябе шчаслівай! Адзінаццатага лістапада — у дзень незалежнасці Польшчы — яўрэяў у аўдыторыі эндэкі не дапускалі наогул. Але ж было каханне, надзеі на лепшае! Мы жылі... Што яшчэ трэба?

Не скажаш, былі забабоны, была наіўнасць. Бацька не хацеў і слухаць, каб мы пабраліся. Трэба было спачатку выдаць старэйшую сястру. Дый ты — ««капцэн», «апікейрас»2, як ён казаў. А мы ўзялі і — быццам гэта зусім не датычыла нас! — запісаліся ў казённага рабіна. Пасмяяліся з традыцыйнага балдахіна, з’елі прынесены торцік, прыгубілі чаркі — і ўсё. Нават гаварылі, што выдатна атрымалася...

Табе забаранілі настаўнічаць за вальнадумства. Пазбавілі сталай работы... Але падумаеш! Зарабляць можна і на дэкарацыях, на рэкламах, на этыкетках для цукерачнай фабрыкі «Фартуна». Ты ж мастак!.. А я? Што я? Я цешылася кожны раз, калі вярталася са школы і ты сустракаў мяне ля Зялёнага моста. Адбіраў партфель, а потым і самую на руках нёс на трэці паверх. Нёс і заходзіўся ад смеху: «Не можаш вышэй — бяры ніжэй...»

Усё, вядома, помніцца... Помню, і як ты, калі хто з жанчын спрабаваў фліртаваць, адразу вымаў з кішэні фотакартку і паказваў: «Гэта — мая Сара...» Першы зборнік вершаў так і падпісаў — Бэр Сарын. І першую дачку, дамогся, назвалі Алізай — радасцю.

А што казаць, калі пасля вызвалення Заходняй, пераехалі ў Ліду. Стала так добра, што варушылася трывога. Я — у школе, ты — у райана. Пішаш карціны, закладаеш падмурак краязнаўчага музея. Вітаў самога Купалу, які балатыраваўся па нашай акрузе. Збіраўся маляваць партрэт Сайчыка. «Які твар, постаць! Сапраўдны беларус, рэвалюцыянер...»

І вось абрыў. У каламутную прорву, у нейкі вір нечаканых падзей, расставанняў, сустрэч... Але мы і тады асталіся непапраўнымі... Нават калі трапілі ў мінскае гета з Алізай і Сонечкай на руках.

Прызнацца, мяне і тады крыху непакоіў гэты аптымізм. Пачуем апоўначы гул самалёта — наш! Канечне, разведка, і, значыцца, за ёй наступленне... «Перадалі: праз станцыю прамчаў санітарны састаў — «Ага! Значыцца, б’юць. І, канечне, неўзабаве пакоцяцца дабрадзеі туды, адкуль з’явіліся...» Ты нават узяўся калекцыяніраваць нямецкія загады, аб’явы, што вывешваліся ў гета: «Перадам у музей. Лепшы рэчавы доказ!..» Калі я прамаўчала, здзівіўся, упікнуў: «Ну, чаго ты? Навошта панікаваць? Давай ужо да канца верыць у навіны «Інд вілн азой» 13. А на выпадак весці ўлік злачынствам».

Душа падказвала — падзеі больш грозныя, небяспека больш страшная. Але я не пярэчыла: баялася, ці не маладушнасць гэта, ці не гаворыць ва мне страх за дзяцей. Хоць не магла ўцяміць, як ты можаш, жывучы ў крывабокай халупцы, у цеснаце і голадзе, носячы латы нявольніка, збіраць па вечарах дзетвару, расказваць розныя байкі і, вырабляючы маніпуляцыі рукамі, паказваць на сцяне цені звяроў, людзей. Бо, даруй, дабрата твая, імкненне жыць, быццам усё найважнейшае ў заўтрашнім дні, і таму ўсё ідзе, як павінна ісці, выглядалі наіўнымі.

Цябе не выбіла з каляіны сама Сонечкіна смерць. Калі я загарнула дзіцятка ў чужую падраную хустку і па Сухой вуліцы панесла на могілкі, ты не забыўся, на што забылася я,— прыхапіў кавалак дошкі, каб выкапаць ямку. А потым... каб не аставацца сам-насам з горам, пайшоў збіраць дзяцей.

І вось, успомніўшы гэта, я і наважыла, каб хоць у думках пагаварыць з табою, пайсці сюды — да Сонсчкі. Прыйсці, легчы на ўзгорачак, абхапіць яго рукамі і выказаць табе ўсё-ўсё... Але калі прыйшла, разгубілася — ні ўзгорачка, ні таго месца. Усё перакапана. Нават параскіданы каменныя пліты са старых магілак. І — равы, равы. Перамяшаліся і словы, што наважыла сказаць.

Ага!.. Пасля кастрычніцкіх свят, на якія гітлераўцы правялі першае «скарачэнне гета», ужо не было сем’яў без ахвяр. Дванаццаць тысяч! Зямля ў Тучынцы, кажуць, стагнала, пакуль танкі з чырвона-белымі кругамі трамбавалі яе. А мы?..

Мне і цяпер многае няясна. Што, напрыклад, апрача як будаваць «маліны» ствараць падпольныя групы ці, як ты, складаць спісы гітлераўскіх злачынстваў, можна было рабіць? «Калі вораг намеціў цябе знішчыць, змагайся за жыццё — гэта таксама барацьба»,— як сказаў ты. Помніш?.. «Калі цяжка адпомсціць зараз, рабі так, каб адпомсціць потым...» Але хіба гэта адпавядала падзеям? Ці не замнога мы думалі аб сваім жыцці і замала, каб найдаражэй прадаць яго? Адкуль узялася надзея, што ўсё яшчэ можа і без нашых намаганняў выкіравацца да лепшага? Адкуль з’явіліся людзі, якіх знячэўку спакусілі разглагольстванні Эпштэйна? «Сапраўдных яўрэяў болей чапаць не будуць». Ха! «Кончыцца вайна, іх пераправяць у Палесціну!»

Не, не, я, здаецца, сама не ведаю, што гавару. Пры чым тут ты? Каб не было веры, імкнення жыць, адпомсціць потым, не было б нічога. Нельга ўраз, па ўзмаху рукі, стварыць падполле, узняць людзей, павесці за сабой. Такіх цудаў не бывае!

Але ж былі і другія людзі. Гебелеў, напрыклад, з яго гатоўнасцю да нечаканасцей. З яго мужнасцю, уменнем жыць для барацьбы.

Ён, Мойша, бачыў далей, чым мы. Часамі я нават разглядала яго — хацелася зразумець, у чым сакрэт. Твар як у многіх. Праўда, адкрыты лоб, строгія, засяроджаныя вочы. Але, мусіць, у гэтай вось пільнай строгасці, у нацэленасці на адно і заключалася разгадка. Бясспрэчна, ён шмат у чым вызначыў новы кірунак. Тое, што мы аб’ядналі падпольныя групачкі, наладзілі сувязь з наваколлем,— яго заслуга. І пазней яго можна было сустрэць усюды: у падзямеллі камсамольцаў, на «радыёстанцыі», на Юбілейнай плошчы каля юдэнрата пры адпраўцы падпольшчыкаў у партызанскі атрад.

Помніш? Усе падцягнуліся, заняліся сваім. Ты сеў за падрыхтоўку патрэбных дакументаў. У лясныя раёны пайшлі ганцы. Мы ўзяліся шыць цёплае адзенне, маскхалаты, рукавіцы з двума пальцамі...

А Эма Родава? Сціплая, чуйная! З яе талентам канспіратара і чалавеказнаўчы, што так неспадзявана праявіўся. Колькім скептыкам яна мазгі ўправіла, узначальваючы тройку камсамольскіх агітпропаў! Забывалася на сябе. Злавала, калі ёй прыносілі хлеб з юдэнратаўскай сталоўкі. Хоць у роце і не было нічога, акрамя бульбяных лушпаек... Хочаш абразіць — спытайся, ці выканала даручэнне... Ты ж ведаў сам...

І ўсё-такі скажу: мы і паловы не зрабілі б, калі б не завіталі пасланцы гаркома, Сайчык са «Звяздой». Як можна гэтага не бачыць? Усё ж стала такім і не такім.

З’явілася «жаночая група» сувязных на чале з Эмай. У юдэнрат, нават на біржу працы да Эпштэйна, у рабочыя калоны заслалі сваіх людзей. У гарбарні, на швейнай фабрыцы, на абутковай труцілі кіслатой скуры, мануфактуру. На лікёра-водачным — спірт. Кралі палявыя тэлефоны, падэшвы, цёплую бялізну.

Табе дасталося найцяжэйшае — турма. Цяпер я зразумела: ты выбраў яе сам. Хоць і строіў з сябе кепікі. Паштальён, маўляў. «І да тых і да гэтых у давер’е ўцёрся. Турэмшчыкаў малюю. Любяць яны, як і ўсялякія дэспаты, пазіраваць і ўвекавечваць сябе». Дабіўся — у «карысныя яўрэі» залічылі. Старшынёй калоны паставілі... Бедны мой! Хіба гэтым табе было займацца? Які ты актор? Вайна, выходзіць, не толькі ахвярамі страшная...

Не, не, я не дакараю цябе. Ты сваё зрабіў! Важна было і адпомсціць нелюдзям пасля. Але я хачу пра другое сказаць...

Чалавек у жыцці праз шмат выпрабаванняў праходзіць. Ды не кожнае з іх праверка яму. Але ёсць адно выпрабаванне. «Няўмольнае, як кажуць. Гэта — калі ты перад смяротнай небяспекай рашаеш, як быць. Тады цана твая на далоні. Смерць не перахітрыш, не падкупіш. Тут — або так, або гэтак. Няма зыбкай сярэдзіны, як няма і куды адступаць... Над многім ты прымусіў тады задумацца мяне, дарагі!

Дык вось. Ты ведаеш — пра сакавіцкі пагром нас папярэдзіла гарадская разведка. Дый ад юдэнрата быў запатрабаваны спіс на пяць тысяч чалавек. Нібыта для адпраўкі на тэрміновыя работы. Але ўключаць у яго людзей, якія працавалі на прадпрыемствах, забаранілі. На нявіннае пытанне — а ці можна ўносіць у спіс старых? — адказалі «ўсё роўна».

Гэта ты ведаеш — запісаў нават сабе. Але не ведаеш, што было далей. Калі на зборны пункт аб’явілася толькі жменька даверлівых, каты кінуліся па дамах. Хапалі без разбору — усіх, хто трапляў пад руку. Забралі сірат, выхавацельніц з дзіцячага дома... А калі не хапіла іх, гаўляйтэр загадаў пакрыць недабор з рабочых калон.

Мойша, Мойша! Хай бы лепей гэтага, вядома, не было. Хай!.. Але што тады сталася б? Я сама, даруй, сказала б: чаму цябе чорны год не забраў? Чаму па нашых законах каменнямі не закідалі? Я палохала б табой Алізачку. Ворагам зычыла б тваю ганьбу... А так, уяўляючы, як трымаў ты сябе, поўнюся гордасцю. І хоць сэрца аблівалася крывёю, хоць не хацелася жыць, я бласлаўляю цябе. Даўгоў за табою не засталося!..

«Вахман, адпусці яго! Гэта карысны яўрэй. Кюнстмалер...» — «Слухаюся, пан начальнік. Выходзь, юдэн!» — «Выходзь, Мойша, ты сёння перабудзеш тут».— «Не магу, пан начальнік».— «Што-о?» — «Я выйду, калі пакінеце разам са мною астатніх...»

Кат жуіраваў, паказваў сваю ўладу. Нічым не рызыкуючы, знаў толькі сябе. А ты ставіў на карту жыццё. Яму карцела, каб быў скончаны яго партрэт. Табе трэба было застацца самім сабою і ўратаваць асуджаных. І гэта ведаючы, з кім маеш справу!

Мне расказвалі, як яны білі цябе, як упіхнулі назад у калону і пагналі на таварную станцыю. Аднак — во чалавечая слабасць! — надзея, як і ў цябе, не хацела знікаць. Толькі калі пачула размовы пра Старыцкі лес, убачыла на паліцаі тваю кубанку, зразумела: «Загі-і-інуў!» Я рвала на сабе валасы, білася аб сцяну. Адпароўшы латы, вышмыгнула з гета. Дабегла, паверыш, аж да Фаніпаля, і ніхто не пацікавіўся, не спыніў мяне, расхрыстаную, амаль непрытомную. Хапала навокал гора без майго. Гора, Мойша, аказваецца, было ўсеагульнае...

Не! Зноў усё перамяшалася ў маёй галаве. Я збіралася сказаць табе... Магчыма, галоўнае... Расстрэльвалі не толькі ў Старыцкім лесе. Рабочую калону, якая ўваходзіла ў гета па Шорнай вуліцы, спынілі перад варотамі. Чакаючы далейшых загадаў, прымусілі легчы на снег. Па тых жа, хто рынуўся ў гета з надзеяй знайсці паратунак у тайніках, адкрылі агонь. Пачалі забіваць і тых, хто ляжаў. А назаўтра гетаўскія паліцаі з гамбургскімі яўрэямі ўзяліся падбіраць трупы. Так што на могілках вырас яшчэ адзін доўгі пакручасты вал...

Таму я не знайшла ўзгорачка, пад якім ляжала наша Соня, і ўзнялася на гэтую пакручастую магілу. Укленчыла. Як-ніяк, але загінуў ты ў адзін дзень з імі...

Не, даруй, я кажу і гэтым разам не пра тое...

Калі немцы запатрабавалі спіс, Эпштэйн прапанаваў юдэнратаўцам уключыць у яго старых і дзяцей. «Нам няма на каго спадзявацца. А здаровае, маладое заўсёды спатрэбіцца». Пасля яе расправы на Шорнай, соваў усім дулі, ляпаў сябе па лбе і дзьмуў на ўзнятую ўгору далонь, паказваючы, што ўсякія іншыя вымудры ўратавацца — бязглуздзіца. «Ну, што? — моршчыў нос.— Перахітрылі? Выйгралі? Думалі — хто заступіцца, паможа? Але нічога, нічога — і гэта прыдасца. Кроў прымусіць дбаць аб сабе, падкажа, у што верыць...»

Праўда, цяжка было чакаць іншага ад гадунца Тарунскага «Бейтара» 4. Але каб стаць людаедам?.. Шэф зарганізаваў нешта накшталт гетаўскай службы бяспекі — хай свае выдаюць і знішчаюць сваіх. І Нохім Эпштэйн, безумоўна, тут як тут. Ведаў: найгоршаму сабаку — самы смачны кавалак.

Як гэта назваць. Мойша? Выгадваць нешта на жыцці і смерці! Пляваць на святое, каб адно ўзняцца над другімі і дамагчыся свайго!

Захопнік, безумоўна,— вораг. Яго, вядома, трэба выкрываць. Але хіба меншы вораг вось такі, хто гандлюе табою? Хто глядзіць на цябе як на гліну? Ці даацэньвалі мы гэта? Ці не баяліся лішніх ахвяр? Нібыта там, дзе ўсе асуджаны, могуць быць лішнія і не лішнія ахвяры. Пагроза смерці, што навісла над кожным, як бы ўраўноўвала... Не, Мойша, яна і размежавала нас!..

Ну вось цяпер і пра галоўнае... Я папрасілася на тваё месца.

Немцы, будучы і турэмшчыкамі, хварэюць на педантызм. Неспадзеўкі ім заманулася брукаваць турэмны двор,— парадак павінен быць ва ўсім. І я стала падносіць брукаўшчыкам каменне. Потым працавала ў пашывачнай майстэрні, у пральні. Надрывалася і тым часам, як і ты, збірала звесткі аб зверствах, ахове. Але... Але і аб даносчыках... Удалося выявіць нават тых, што атрымлівалі паёк у турэмнай кладоўцы, не служачы нідзе, і перадаць спісы Марыі Чорнай, што прыходзіла з горада нібыта ў пашывачную...

Сакавіцкі пагром прымушаў спяшацца. З гаркомаўскімі праваднікамі адпраўлялі ўсё новыя партыі. Адпраўлялі і без Праваднікоў — нібыта нарыхтоўваць дровы, торф, каб шукалі месцы для цывільных лагераў. Міхел Гебелеў знайшоў спосаб перапраўляць у беларускі дзетдом дзетвару. Каб адвесці бяду ад блізкіх, уцекачоў выкрэслівалі з уліковых кніг як нябожчыкаў. Іхнім сем’ям памагалі з ахвяраванняў спецыялістаў.

Але шэф з камендантам таксама вялі сваё. Узмацнілі ахову. Апрача жоўтай латы загадалі насіць нумар свайго дома. Па нядзелях увялі «пераклічкі». Каля драцяной агароджы, па вуліцах, на Юбілейнай, дзе, перш чым ісці на работу, збіраліся людзі, пачала шнырыць гайня Эпштэйна. Я гавару пра гэта, каб ты зразумеў мяне...

Нядаўна высачылі Гебелева. Былі дні, калі ён па некалькі разоў хадзіў на сувязь у горад. З дакументамі на імя Русінава, з сталярнымі інструментамі пад пахай прабярэцца да драцяной агароджы, пераапранецца ў руінах і — няма. Той раз ён таксама нырнуў у руіны. Але ледзь паспеў зняць пінжак з латамі, як аказаўся ў руках здраднікаў.

Прыйшла чарга і Алізачкі... Суседцы зрабілі пашпарт на ўкраінку. Упісалі яе сына, Алізу. Аформілі прапіску ў горадзе. Я выкупала дачушку... Праляжала з ёй ноч абняўшыся і адправіла... на смерць — пачаўся новы пагром...

Выпусціўшы калоны рабочых, гета ачапілі. Прыслужнікаў, ха, замкнулі ў будынак, прыставілі ахову. Во гонар!

Тры дні цягнулася бойня. Зганялі людзей на плошчу, грузілі ў машыны. Хворых і старых расстрэльвалі на месцы. Пунькі, халупы, дзе, на іх думку, мог хтонебудзь хавацца, закідалі гранатамі. Потым пусцілі сабак-сышчыкаў. За імі — прыслужнікаў. Яны заходзілі ў дамы і па-яўрэйску крычалі тым, хто хаваўся, каб вылазілі з «малін». Пагром, маўляў, скончыўся, і вярнуліся рабочыя калоны... Вось чым кончылі!..

Прызнаюся, жыццё як бы страціла сэнс. Ты загінуў, загінулі дзеці — я адна... Ні дома, ні родных. Мала асталося і таварышаў, з кім пачынала падполле.

Але ў чалавека ёсць мінулае. Дый нясе ён у сабе нейкае святло. Мусіць, для будучага. І няхай наўкол апраметная цемра — ні агеньчыка табе, ні гуку,— яно напамінае: я ёсць, засцерагае ад ліха, не дае прыняць беспрасветнасць.

Я хадзіла як не свая. Адзінае, што звязвала мяне з жыццём, было падполле — цэнтр уцалеў. А калі б не? Страшна падумаць! Магло б згаснуць і святло, якое насуперак усяму яшчэ цеплілася. Нават усведамленне, што трэба адплаціць ворагам,— я адчуваю,— прывяло б да якога-небудзь дзікага ўчынку. А што, магло ж быць і так, што ў роспачы пачала б клясці жыццё, людзей — усё. Ха! Паўстала б супроць іх.

Не, Мойша, апошняга, мусіць, ужо не магло здарыцца. Я... палюбіла і, здаецца, як Эма... Гора, гора!.. Яна таксама трапіла ў рукі катаў. Але пачытаў бы ты яе лісты з турэмных засценкаў! Напісаныя з раструшчанымі пры допытах ступнямі.

Аднак, пачакай!.. Зараз я кончу... Справа ў тым, што з атрада Будзённага прыйшло заданне — утаймаваць здраднікаў. Патрабуюць уцекачы з гета, камандаванне. Каб не выклікаць дадатковых рэпрэсій, цэнтр рашыў выманіць іх у лес. Хай не толькі другія, а і самі пераканаюцца, што беспакаранай здрады не бывае.

І вось — не страшна вымавіць і гэта — я на біржы працы. Ха!.. Сам Эпштэйн задаволены мною. Яму, бач, імпануе — я «заходніца», ведаю гатычны шрыфт, старажытную мову... Ты, вядома, не ўхваліў бы маёй рызыкі, а можа быць, і нашай задумы. «Хіба гэта галоўнае?» — спытаўся б. Так, так, Мойша, і гэта галоўнае!..

Няхай не крыўдзяць цябе мае словы... Прыйшла сюды, пачала спавядацца, і здаецца ўжо: жыццё маё пачыналася не ў Вільні, дзе нарадзілася, сустрэлася з табой, зведала каханне. Нават не ў Лідзе. Хоць там упершыню і стала вольная, адчула, што работа, сям’я — шчасце... Не, не! Цяпер я ведаю: яно пачыналася тут. У гэтым гіблым месцы, дзе я страціла самых дарагіх. Дзе перажыла хвіліны, трагічнейшыя за якія не выдумаеш. Але дзе ўсвядоміла сябе часцінкаю другіх.

Пашанцуе мне ці не? Хто ведае. Але, клянуся, хачу перад усім аднаго — каб хапіла сіл і хітрасці здзейсніць задуманае і трапіць да лясных таварышаў.

Ты разумны і добры. Даруй і бывай! Ты назаўсёды астанешся са мною...

1 Мядзведзь (яўр.).

2 Бядняк, бязбожнік (яўр.),

3 Так хочацца яўрэям (яур.).

 

4 Маладзёжная сіянісцкая арганізацыя (яўр.).