epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Карпаў

Сёстры. Апавяданне

Цяжка сказаць, калі да Галі прыйшло гэтае рашэнне. Але, на мой одум, прыйшло яно як нешта, што не магло не прыйсці...

Галя мне не проста свая. Калі памерла мама, Галя забрала мяне з вёскі. Прытуліла, уладкавала ў ФЗН. Аставалася старшай, калі я пачала рабіць вярстальшчыцай у Доме друку. І так да самага замужжа... Дый я любіла яе не проста як старшую. Мы як бы таварышавалі з ёю, хоць я і слухалася ва ўсім... Мы, жанчыны, можа, вастрэй за мужчын адчуваем прыгажосць адна ў адной. Я была закаханая ў Галю. Мне падабаліся яе постаць, гордая галава, вочы. Вы прыгледзьцеся — яны ж жывуць, пераліваюцца. Я аж замірала, калі, бывала, тулілася шчакою да яе шчакі.

Вайна застала мяне ў Ляхавічах. Гэта ў Заходняй. Я працавала ў райкоме, а муж у савеце Асаавіяхіма. Але прытулак я знайшла ў свякрухі, зноў-такі пад Мінскам. Мела я тады ўжо сына, была ўцяжку Лілечкай. А ў свякрухі, як-ніяк, свая хатка, прысядзібны ўчастак, карова. Дык выйсця не было — я знала: Галіну кватэру разбамбілі, а сама яна падалася на ўсход.

І вось цуд! У вайну, мусіць, заўсёды так. Памог выпадак... Дасюль я носа на вуліцу не паказвала. Палохалі чуткі. У Мінску немцы пракалолі цяжарную жанчыну штыком. А тут знячэўку адчаялася — пайшла. У самую пашчу — у Дразды!.. Раніцой адтуль да нас, у Масюкоўшчыну — а гэта кіламетраў пяць,— гул далятаў. Казалі, што там асуджаных па радыё на расстрэл выклікалі... І вось бачу — ля калючага дроту, за якім кішэлі счарнелыя здані,— Галя. У паласатым сарафанчыку з накідкай, у самаробных брызентавых тапачках. Вылітая бежанка... Аказваецца, як і я, прыцягнулася сюды шукаць мужа.

Ніколі — ні раней, ні пасля — не плакалі мы так. «Жывыя!..»

Найцяжэй было астацца самім сабою. Хіба хто з нас ўяўляў такімі падзеі, што абрынуліся на галаву, ці ворага, з якім давялося мець справу?

Дый асабістыя беды на нейкі час засланілі астатняе. Схільная да фантазій, Галя чамусьці ўявіла, што муж трапіў у палон. Яна плакала, бегала на вакзал, на таварную станцыю. Калі спыняўся састаў з ваеннапалоннымі, кідалася па пероне, крычала: «Саша! Я тут, Саша!.. Ці няма сярод вас шафёра Сашы? А?» Узбіралася на віядук і, калі цягнік праходзіў пад ім, зноў крычала, скідала печаную бульбу — палонных часта вазілі на платформах з высокімі бартамі. Ледзь не штодня бегала і да руін колішняга дома, крэйдай пісала пісьмы, новы адрас. Уцякаючы тады з Мінска, яна прыхапіла з сабой мужаву споднюю кашулю. Дык цяпер хавала і перахоўвала яе, як немаведама якую каштоўнасць. А пайшоўшы на работу, надзявала пад сукенку.

Знайшла Галя сабе каморку ў драўляным доміку на вуліцы Энгельса. Уладкавалася прыбіральшчыцай у казіно. Праца брудная, цяжкая. Падумаць толькі — дровы насіць, паліць печы, мыць падлогу, настылыя лесвіцы... Казіно атабарылася ў Доме прафсаюзаў, дзе і генеральны камісарыят. Прыступкі там, як вядома, шырачэзныя, колькі іх — не пералічыш. А тут яшчэ халады, начныя дзяжурствы.

Афіцэры-наведнікі, адазваўшы ў калідор, соваюць пакункі з бруднай бялізнаю — вымый. Не пытаюцца, хоча яе хто мыць ці не. Бяры, мый — і ўсё. Бо ты існуеш ужо цяпер, каб карміць і даглядаць іх. Гэта — твая доля. А яны — заваёўнікі. Іх справа — распараджацца і папіхаць. Некаторыя не плацілі нават пасля. А на вуліцы сустрэнешся — сыдзі з тратуара... І гэта трэба было цярпець уражлівай Галі, якая дасюль часамі бачыла абразу там, дзе ёю і не пахла...

І ўсё-такі як была яна акуратыстка, чысцёха, так і асталася. Хістаецца ад стомленасці, а працуе. Захавалася яшчэ гэтая годнасць... Дый асцерагацца мусіла — выганяць. А хто ты без аўсвайса? Зловяць на вуліцы, прывалакуць на зборны пункт — і ты ў Германіі або ў лагеры накшталт драздоўскага... Як у зачараваным коле...

Удалыя аперацыі афіцэры адзначалі банкетамі.

У казіно — ён жыў паверхам вышэй — прыходзіў сам гаўляйтэр. Падцягнуты, задаволены, у сваёй светлагарчычнай форме. Велікадушна адкрываў бяседу, чокаўся з тымі, хто найбольш вызначыўся, ляпаў іх па плячы. Праўда, пры ім напіваліся не дужа. Не вельмі разыходзіліся і потым, калі гаўляйтэр, зірнуўшы пад рукаў на гадзіннік, ішоў дамоў — прадбачлівы, ён пакідаў назіраць за парадкам памочніка або ад’ютанта. Але затое ўсе ўволю рагаталі, курылі і выхваляліся.

З іх размоў-выхваленняў паўставала карціна нялюдскага гвалту. Але адначасна бясспрэчным рабілася і другое — ідзе барацьба, і недзе не дужа далёка.

Гаварылі і пра ахвяры. Праўда, ужо з аглядкаю. Бо раз, падвыпіўшы, лейтэнанцік, у якога забілі брата, быў праслязіўся. Дык яго гаўляйтэр тут жа збэсціў і адхвастаў па шчаках...

Але чым мацней афіцэры выхваляліся і клялі «сабатажнікаў», «бандытаў», тым больш вырасталі тыя ў вачах. Абураны, угневаны гаўляйтэр, безумоўна, пабіў лейтэнанта дзеля навукі прысутным — не смейце распускаць нюні, вы — немцы, а здавалася — пакараў ён жаласлівага небараку за тое, што ён сваім выглядам выдаў сакрэт. І, значыцца, важны, калі за яго так жорстка караюць сваіх... Толькі гэта трошкі і радавала.

Галя расказвала, што пасля скандалу з няўдачлівым лейтэнантам яна, вяртаючыся ранічкаю дамоў, прыглядалася да кожнага сустрэчнага — ці не падпольшчык? — і поўнілася любасцю...

У жніўні нечакана-негадана прышкандыбаў мой Вася. Трапіў у акружэнне пад Смаленскам, але яго адпусцілі — ні абмундзіравацца, ні пастрыгчыся яшчэ не паспеў. Быў ён худы, аброслы. З ранейшага, свайго на ім асталіся адны парыжэлыя боты.

Аднак доўга пажыць Васю з намі не давялося. У студзені яго разам з былым супрацоўнікам сельсавета і яшчэ двума камуністамі арыштавалі.

Я не кажу пра сябе. Галя і тая не магла даць сабе рады. Мусіць, успамінала свайго мужа, ставіла на Васева месца і мардавалася, строіла неверагодныя планы. Даведалася, што адзін з заўсёднікаў казіно, былы белагвардзеец,— пракурор. Знайшла подступы. Пачала маліць яго, абяцала аддзячыць. Многа з апошняга перацягалі мы яму. Але, вядома, дарма. Калі зразумелі гэта, Галя кінулася да гаспадыні казіно. Тая — да генеральшы. Гаўляйтэр памарудзіў некалькі дзён, але ўсё-такі даў дазвол на сустрэчу з Васем. Нават паслаў з Галяй праважатага ў турму. Аднак, калі сястра пераступіла парог тамашняй канцылярыі, яе сустрэлі са здзіўленнем — вязня з дзевяноста другой камеры Шчуцкага Васіля сёння ўначы расстралялі за сувязь з партызанамі і хаванне зброі.

Навошта гаўляйтэр зрабіў свой жэст? Што гэта было? Здзек? Жаданне яшчэ больш запалохаць? Паказаць — вось якая яна бязлітасная штука, акупацыйная машына? Уявіць не магу... Але гэта, бадай, абразіла Галю мацней чым што. Гаўляйтэр і думкі не дапускаў, што яна здольная затаіць крыўду, узбунтавацца, прыпомніць... Ён проста запалохваў, пагарджаў ёю, намі! Любіў палохаць, каб яго баяліся.

Само сабой, высокі начальнік меў сваю прыслугу. Страву яму на кухні ў казіно гатавала спецыяльная кухарка. Але калі чакалі гасцей, генедыке-фрау, як звалі генералышу, брала служанак і з казіно. Сервіраваць стол, быць на пабягушках. Да гаўляйтэра наймалі толькі маладых служанак — семнаццаці-васемнаццацігадовых. Сталая, шчырая Галя вылучалася з іх сваёй спрактыкаванасцю, і генералыша ўпадабала яе... Пачакайце, пра што гэта я? Усё зноў уявілася... Ага!.. Дык вось, нават пасля расстрэлу Васі нічога не перамянілася.

Але Галя ледзь не звар’яцела. Бачыла — у грудзях у мяне заклякла ад гора, ад нянавісці. Таму і слухаць не захацела, каб я з дзецьмі далей была ў Масюкоўшчыне. «Загінеш! І сама і Жэнечку з Ліляй загубіш. Што ім, нелюдзям, абыходзіць?.. Там жа ведаюць, што ты камсамолка!..»

Давялося перабрацца ў Мінск.

Прыцягнулі з папялішча ложак, разгарадзілі камодай на дзве палавіны пакойчык і сталі жыць. Дзесяць месяцаў прасядзелі мы на Галінай шыі. Праўда, памагала свякруха. Галя выстаралася харчовыя карткі на дзяцей, я мыла чужую бялізну. Атрымлівала за гэта натурай — соллю, махоркаю. Хадзіла мяняць іх на крупы. Але чым асаблівым магла памагчы старая жанчына? Што значылі чатырыста грамаў эрзацхлеба на месяц? Ці многа ты заробіш на бялізне?

У Жэні пачаўся рахіт, на хлопчыка балюча было глядзець. І, праклінаючы ўсё на свеце, давялося ў снежні, перад Новым годам, занесці дзяцей назад да свякрухі — там хоць малако ёсць,— а самой паступіць судамыяй у сталоўку суда. Чаго толькі не перажыла я там!

Некаторыя кажуць, каб немцы так не лютавалі, не разгарэлася б і такой барацьбы. Я таксама часамі пыталася ў сябе: а што, калі б сапраўды яны не чынілі гвалту? І кожны раз схілялася да думкі — так не магло быць, бо яны фашысты. А па-другое, калі б былі і не фашысты, а хто-небудзь іншы, усё роўна аставаліся б захопнікамі. А значыць — чужынцамі, ворагамі Савецкай улады. Інакш кажучы, барацьба ўсё адно пачалася б і была б не менш зацятая. Людзям толькі трэба было аглядзецца, узненавідзець, вызваліцца ад улады неспадзяваных падзей, выбраць месца ў барацьбе.

Мы з Галяй пачалі шукаць сувязі з падполлем. Не толькі каб адплаціць за тое, што вытваралі немцы. Не. А каб наогул быць са сваімі. Праўда, палохала неадпаведнасць. Мы — і цэлая ўзброеная да зубоў плойма... Дый трэба было думаць пра дзяцей, ратаваць іх... Але які гэта быў паратунак?

Да таго ж Галя не спускала з думак мужа. Толькі раней яна меркавала, што ён трапіў у палон, а цяпер фанатычна верыла — на фронце і ваюе адчайна. Так што выходзіла: калі яна хоча быць вартай яго, то абавязкова павінна рабіць нешта сама. Можа ж здарыцца, што пасля перамогі знойдуцца дабрадзеі, якія з ухмылачкай намякнуць: «Вядома, казіно... Як ты ўсцеражэшся? Гразь, яна ліпу-у-чая!» Пераняла ж раз зусім незнаёмая гарбуха, біла сябе ў горб: «Служыш, гадаўка? Такія ў нас во дзе сядзяць...» Дык няхай тады за яе гавораць справы. Каб Саша, калі спаткаюцца, глядзеў шырокімі зіхотнымі вачыма — «Вунь якая яна ў мяне!» А тым, хто падначвае, нагаворвае, мог бы адрэзаць: «Пачакайце, пачакайце! Вы самі спачатку зрабіце, што яна зрабіла, а потым ужо і ацэнкі давайце».

У канцы вясны генеральны камісарыят перавялі ў новы будынак. Побач з ім падрыхтавалі кватэру гаўляйтэру, і генеральша прапанавала Галі перайсці да яе пакаёўкаю. Пакаёўкаю да гаўляйтэра! Да чалавека, які хацеў, каб адно яго імя наводзіла жах на людзей!

Так неспадзеўкі адкрылася вунь што!

Я дасюль тройчы бачыла яго. Першы раз на парозе кухні судзейскай сталоўкі. У адчыненых дзвярах. Мы якраз абіралі бульбу, а кухарка, якая толькі што вымыла галаву, сушыла валасы над плітой. Я нават не ўяўляла сабе, што так можа крычаць чалавек, з якога выпірае здароўе, самавітасць. Добра, што ад’ютант, які аказаўся за яго спінай, падаў нам знак устаць, а кухарцы — знікнуць. Другі раз — гаўляйтэр выступаў перад паліцаямі ў парку Горкага, а потым тут жа, ля трыбуны, раздаваў ім узнагароды. Ён паставіў для зручнасці нагу на нейкі табурэцік і не пазіраючы на бобікаў, што выцягнуліся перад ім, соваў пададзеныя ад’ютантам чаравікі з жалезнымі шыпамі на падэшвах. І, нарэшце, бачыла яго ў Тэатральным скверы ў страшны майскі дзень, калі вешалі нашых. Я ведала: надзея марная. І ўсё-такі, не могучы прымірыцца з Васевай смерцю, пайшла шукаць яго сярод асуджаных. «А што, калі?..» Гаўляйтэр, акружаны світай, красаваўся непадалёк ад увахода ў сквер і з гаспадарлівай строгасцю назіраў за тым, што адбывалася наўкол.

Так ці інакш, але гэты ганарысты, з цяжкімі сківіцамі юберменш, які кожную хвіліну мог даць волю свайму гневу, зрабіўся ў маіх вачах увасабленнем сілы, што засціла свет і прынесла мне і другім бяду.

Мусіць, нешта падобнае, хоць па-свойму, адчувала і Галя. Бо, калі я сказала ёй пра гэта, яна стрэльнула ў мяне позіркам і пачала кусаць ражок хусткі.

— Ён нават цярпець не можа,— перасмыкнулася,— калі хто-небудзь у яго прысутнасці моцна гаворыць. А сам? Калі дома, адно чуваць — яго голас. Дзярэ горла ў тэлефонную трубку, крычыць на ад’ютантаў, на прыслугу, на сабак. Выключэнне — хіба рыжы Бербал. З ім толькі і ходзіць прагуляцца па двары. Астатнія, паверыш, проста безгалосыя робяцца. Стараюцца схавацца куды, не трапляць на вочы. Нават генедыке-фрау ў сваім бялюткім халаце. Нават дзеці. За сталом сядзяць — не варухнуцца. Муштруе, займаецца шагістыкай. Паказвае, куды біць, каб мацней балела. А ўвечары піша п’еску, чытае кнігі. І ва ўсіх дванаццаці пакоях — Гітлер, Гітлер, Гітлер...

Выпадак сутыкнуў Галю з Надзяй Траян, а мяне з Мікалаем Пахлябаевым — работнікам у кіно...

Прывяла Надзю Галіна прыяцелька, з якой сястра дзялілася сваімі думкамі і планамі. Маладзенькая, порсткая, у кудзерках, Надзя з парога, памахваючы сумкай і кветкамі, прапанавала сястры выканаць заданне — знішчыць вырадка.

Сяброўцы Галя верыла, але многае тут выглядала падазрона. Траян не мела канкрэтнага плана. Адмовілася арганізаваць сустрэчу з камандаваннем партызанскага атрада, ад імя якога нібыта дзейнічала.

Галя затрывожылася. Тым больш тая, улавіўшы яе ваганне, раптам выняла з сумкі жмут грошай. І калі грукнула дзвярыма, Галя накінула ўжо хустку, каб бегчы ў СД — даносіць на падасланага агента. Давялося астуджваць, угаворваць: «А калі яна наша? Тады што?»

Гэта было ў аўторак. А ў сераду, пераняўшы Галю ў калідоры, гаўляйтэр упяў у яе халодныя зрэнкі і спытаўся: а што рабіла б яна, калі б ёй прапанавалі забіць яго. «Калі б грошы давалі? А? Шмат — шмат!»

Мужнасць у чалавека, як, скажам, і дабрата,— ад прыроды. Але ў адрозненне ад дабраты яна, мусіць, у большай ступені залежыць ад абставін. Ёй патрэбна пэўная атмасфера, ці што.

У СД, відаць, разумелі, што, пасылаючы правакатараў, яны не толькі выяўляюць сваіх ворагаў, а і збіваюць хвалю мужнасці. Гаўляйтэр, безумоўна, не ведаў пра наведванне Траян. Іначай сястру выгналі б, пасадзілі — чаму не выдала падбухторшчыцу? Але і ён сваімі эківокамі таксама папярэджваў магчымы Галін учынак. Паказваў, што ён усё і ўсіх бачыць навылёт, і любыя захады асуджаны на правал.

Аднак ні СД, ні гаўляйтэр не ўлічвалі, што яны гэтым самі бударажылі думкі, скіроўвалі іх на тое, ад чаго намагаліся адвесці. Размова з гаўляйтэрам напалохала Галю. Гэта так. Але гэтая ж размова прымусіла і ўпэўніцца. «Баюся не адна я. Баіцца і ён!.. Значыць, адчувае небяспеку. А значыцца — нягледзячы на ўсе меры, што прымае ахова, небяспека для яго астаецца... І нанесці яму ўдар мне, мусіць, лягчэй, чым каму іншаму».

Вось чаму, калі я правяла Пахлябаева, Галя трымала сябе спакойней. Нешта як бы цвярдзела ў ёй.

Дзіўна склаўся лёс і гэтага чалавека. У баях пад Мінскам Пахлябаева раніла, і ён трапіў у Клінічны гарадок. Калі Мінск занялі немцы, яго, як і яшчэ некалькіх другіх параненых армейцаў, выратавала медсястра — расстаралася цывільную вопратку і далячыла дома.

Ён прынёс з сабой кавалак сала. Сказаў, што партызанскае. Пераконана заявіў, што гаўляйтэр усё роўна асуджаны, і прапанаваў сустрэцца з Марыяй Чорнай. «О-о!» — працягнуў, называючы яе прозвішча, і ўсё неяк стала на дзелавую нагу.

З гэтага часу, не ведаю як у Галі, у мяне з’явілася адчуванне — я мушу падымацца на крутую скалістую гару. Мне цяжка, я спатыкаюся, ногі слізгаюцца, але спыніцца, каб перавесці дух, ужо нельга, як нельга і вярнуцца назад — не дазваляе нешта мацнейшае за мяне. Дый за спінаю — адна чарната.

Ва мне і дасюль жыло адчуванне стомленасці. Нават людзі часта здаваліся на адзін твар. Тэатр ад нас быў усяго за паўтара квартала, але я, ці дасцё веры, не памятаю, працаваў ён або не. Добра не памятаю таксама, ці хадзілі трамваі па Савецкай. Бо было не жыццё — мадзенне. Дзень не адрозніваўся ад вечара. Таму адчуванне цяжкага пад’ёму не гняло мяне. Наадварот. Наперадзе засвяціўся выратавальны агеньчык. Ён мігцеў, нешта абяцаў.

Але прыспешваць падзеі яшчэ не хацелася, хоць задуманае станавілася патрэбай. Мяне як бы падпірала ўпартасць: «Ага! Ну-ну!..»

Месцам яўкі Марыя Чорная прызначыла падножжа «Пацёмкінскай лесвіцы», як мы называлі спуск па вуліцы Карла Маркса да набярэжнай. Сястра папрасіла правесці яе, і мы, апрануўшы лепшае, накіраваліся туды разам. Ішлі, па-мойму, трымаючыся пад ручкі. Ведалі: трэба размаўляць, паводзіць сябе як заўсёды, а яшчэ разумней — ісці адна за другой назіркам. Так хоць, калі што, хто-небудзь уратуецца — непадалёк руіны. Але крочылі моўчкі, раз-пораз сціскалі адна адной пальцы.

Па набярэжнай прамаршыраваў узвод салдат. Прамчаў матацыкліст з аўтаматам, у касцы і ахоўных акулярах. Ля ўвахода ў парк хлапчук суконкай глянцаваў боты нейкаму ферту. З усяго небяспечным мог аказацца толькі ферт. Але сэрца тахкала. Крыху паспакайнелі, калі ўбачылі Пахлябаева. Перакінуўшы дажджавік цераз плячо, у расшпіленай кашулі, берэце, ён шыбаў каменьчыкі ў рэчку і заляцаўся да жанчыны ў простым строгім гарнітуры. «Чорная!» — падумалася чамусьці з рэўнасцю, быццам тая станавілася паміж мной і Галяй.

— Кажаце, білеты, можна лічыць, у кішэні? — даляцеў да мяне яе грудны голас.— Давайце тады зверым гадзіннікі...

Галя вярнулася дамоў пазней. Застала мяне ля акна. Здагадалася, што чакала яе ні жывая ні мёртвая. Кінулася на шыю.

«Гэта, здаецца, што трэба!.. Сказала: іначай нельга, калі хачу астацца сумленнай... Пойдзеш заўтра з ёю... Глядзі ва ўсе вочы, Валечка!»

Як ні дзіўна, стала лягчэй — рашаючае набліжалася.

Спаслаўшыся ў сталоўцы на хваробу дачкі, я адпрасілася з работы. Як заўсёды клапатлівы і далікатны, Мікалай праводзіў мяне да Татарскіх агародаў.

Галя мела рацыю — Чорнай сапраўды хацелася верыць — спакойная, простая. «Калі трапім пад праверку, ты маўчы,— параіла, як рушылі ў дарогу.— Я пастараюся сама выкруціцца». Але занадта многа было пастаўлена на карту, і я, каб застрахавацца, усё-такі рашыла: убачу, што здраджвае, скажу — сама правярала яе. Гэта, вядома, было наіўна, але падавала якуюніякую надзею — я ж рызыкавала Галяй, дзецьмі!..

Нібыта разгадаўшы мае мыслі, Марыя прасвятлела:

— Вернешся, схадзі да сваіх. Хай пусцяць пагалоску, што рэйскамісар дае Галі кватэру і тая забірае ўсіх да сябе. Днямі мы вывезем тваіх.

Яна ведала пра Масюкоўшчыну! А галоўнае — ужо мела планы!.. Сказала гэта, калі перайшлі рэчку Вячу. У Беларучах жа стомлена ўсміхнулася: «Ну, вось і віншую — дома!» І мне стала так хораша, цёпла, як бывае толькі з Галяй, калі сястра, адчытаўшы за штонебудзь, знячэўку дабрэла і забывалася на маю правіннасць...

Галю я застала ўзрушанай.

— Ну як? — не дала яна мне распрануцца, зняць хустку.

— Здаецца, парадак...

— Учора ў госці прыходзілі Готберг, доктар Кайзер, Янецкі. Сядзелі ў кабінеце за столікам ля каміна.

Я падкладала дровы, мяшала ў каміне... Рыхтуецца нейкая «грандыёзная» акцыя. Самая масавая. Гаўляйтэр пасля кружыў на дыване, напяваў сваё «Гайлю-гайлю...». Паклікаў мяне з калідора, сунуў «Бон-бон», выскаліўся... Значыць, зноў тысячы ахвяр! Дзеці, старыя. Баюся толькі загінуць першай. Ты загінеш, а ён астанецца!

— Пачакай, выслухай спачатку...

Я ведала, што Галя злуе, абураецца, калі ёй не даюць выліць душу. Але астатнім часам толькі так, пераключаючы гаворку на іншае, удавалася супакоіць яе.

— Чорная прыйдзе нібыта нешта купляць у нас. Разумееш?

Было відаць: рашэнне выспела ў Галі, яна поўная душэўных сіл, хоць і мучыцца. Небяспека падпільноўвала яе ў адным — яна магла перагарэць. Я наўрад ці здолела б вытрымаць такое напружанне. Але разумела яе лепей, чым яна сябе. Абняўшы Галю, я прытуліла яе галаву да свайго пляча і пачала гладзіць валасы.

На сястру спусцілася нейкая святая наіўнасць. Я ж, наадварот, трымалася, як пільны вартавы пёс.

Калі зноў завітаў Мікалай, Галя раптам узялася ўгаворваць яго, каб разам з намі ўцякаў у лес.

— Што вы сябруеце з Валяй, вядома не толькі сумленным людзям,— пераконвала яна.

Той тужліва, нібы згаджаючыся, ківаў галавой, але ўхмыляўся:

— Вам добра, але мне як з пустымі рукамі? Узарву кіно з фрыцамі, тады і гайда. А пакуль камандзіроўку ў Ліду вазьму.

— Правільна,— жорстка пацвердзіла я, хоць на вачах закіпалі слёзы.— І наогул, Мікола, табе няма чаго рабіць тут. Ідзі...

Калі ж у дзвярах паказалася Марыя Чорная і, павітаўшыся, пачала таргавацца, мне здалося, што на Галіным твары праступіла і блукае ўсмешка. Трохі іранічная, нецярплівая.

Хімічны ўзрывальнік да міны быў разлічаны на суткі. Чорная растлумачыла гэта, паказала, што рабіць, каб прывесці міну ў баявую гатоўнасць. Сцены ў нашай каморцы тонкія. Я напявала песенькі, якія здолела ўспомніць, а яны размаўлялі, намячалі план, як і што замініраваць у спальні. Потым Галя засунула міну пад спружыну свайго матраца, і мы ўтрох, сеўшы на ложак, сталі гушкацца. За сцяной у суседа-паліцая адзначалі нейкую падзею — стаяла п’яная гамана, а мы гушкаліся, як малыя, правяраючы, ці не адчуем міны... Выходзіла — вымаць з узрывальніка чаку і ўстаўляць яго ў міну трэба прыблізна а другой гадзіне ночы — калі пунктуальны гаўляйтэр звычайна спіць. Дамовіўшыся і пра гэта, Чорная пацалавала Галю ў лоб і пайшла.

Міна была паўкруглая, як палакіраваная. Узрывальнік пабліскваў меддзю. Усё здавалася дыхтоўным, добра прыгнаным. Аднак, калі сястра — я трымала міну — уставіла ўзрывальнік у гняздо, ён увайшоў не да канца. А нам чамусьці засела ў галаву, што ён абавязкова павінен схавацца ўвесь... Мы ўзяліся калупацца ў міне, заганяць узрывальнік сілай. Вокны ў пакойчыку былі старанна завешаны, гарэла газнічка, і гэта, мусіць, неўзабаве памагло нам скеміць, чым могуць кончыцца нашы практыкаванні.

Зараджаная міна адразу стала грознай. І ўсё-такі мы жылі на такой хвалі, што Галя, прыкінуўшы, прапанавала схаваць міну да раніцы пад падушкамі. Я катэгарычна запратэставала. Абкруціла яе анучай, паклала ў вядро і вынесла ў туалет.

Леглі на Галіным ложку. Абняліся. Доўга ляжалі моўчкі, слухаючы, як б’юцца нашы сэрцы, і толькі часам сціскалі адна адну ў абдымках.

— Ты не спіш? — дыхнула ў самае вуха Галя, калі я нарэшце сцішылася.— Мы зусім забыліся на другіх... Немцы, бясспрэчна, адкажуць на кроў кроўю. Праўда?

— Большай крыві, чым ёсць, не будзе. Ты ж сама казала пра акцыю. Спі. А па-другое — як быць з вайной? Яны будуць цябе біць, а ты, каб іх не ўгнявіць, толькі вачыма лыпай? Тады ж і партызанскую барацьбу трэба прыкрыць, і іхняе права на беззаконне прызнаць. А думаеш такой пакорай каго ўратуеш?

У шэсць гадзін мы былі на нагах.

Галя ўсхапілася першая. Паспешліва, але старанна стала адзявацца. Яна, відаць, усё абдумала загадзя. Дастала з камоды мужаву кашулю, прымерала па шырыні плячэй, апранула. Выбрала любімую сукенку, агледзела сябе ў люстэрка, памылася, пачала прычэсвацца. Я сачыла, шкадавала і захаплялася ёю. І калі, узяўшы сумачку з мінай, яна ля парога, яшчэ раз развітваючыся, падняла руку, мне нясцерпна захацелася крыкнуць: «Якая ты прыгожая, Галя! Мне страшна за цябе... Глядзі, каб было добра!» Але я задушыла гэты крык і пажадала:

— Ні пуху ні пяра!

— К чорту,— адказала яна са знаёмай нецярплівасцю.— У адзінаццаць у Тэатральным скверы...

Пра тое, што давялося ёй перажыць, я даведалася пазней. Але, даю слова, многае ўгадала. Узрушаная душа празарлівая. Мікалай расказваў, што перад боем, у якім яго раніла, ён сніў шпіталь і палату. А калі сапраўды трапіў туды, жахнуўся — яны былі цюцелька ў цюцельку такія, як бачыў у сне.

Я ведала, што за брамкай ля ганка сястру двойчы павінны абшукаць вартавыя, але яна абавязкова абвядзе абодвух. Першага загаворыць, другога абдурыць. Возьме мятлу і стане падмятаць двор, пакуль попка зазяваецца або адыдзе на колькі крокаў і можна будзе прашмыгнуць у дом. Потым у раздзявалцы ля прыслугі яна павесіць паліто, падвяжа міну пад грудзьмі і надзене фартух. Так з мінай і будзе хадзіць па доме, сустракацца з гаўляйтэрам, дзяжурнымі афіцэрамі, з генедыке-фрау. Божа мой!.. Потым, улучыўшы момант, яна загадзя атрымае дазвол пайсці, калі ўправіцца з уборкай, да зубнога ўрача. А галоўнае... галоўнае, пранікне ў спальню гаўляйтэра і, можа, пад насцярожаным сабачым позіркам таго ж Бербала, пакладзе міну пад матрац.

Кажуць, самае страшнае — ісці ў атаку без зброі. Безабаронны, адкрыты ўсякаму ліху, дый заняты адным, што нечага чакае. На рабоце я не знаходзіла сабе месца, уздрыгвала ад скрыпу дзвярэй: ці не па мяне? Але як толькі ўспамінала Галіну, спакайнела... Слаўная ты мая! Колькі шчаслівых выпадкаў павінна ты знайсці і скарыстаць! Колькі вытрымкі, сілы павінна ў цябе быць! І гэта ведаючы, што даволі аднаго ліхога выпадку, каб ён усё перакрэсліў. З мінаю ля сэрца! У логаве, дзе ўсё супроць цябе... Дарагая ты мая! Адкуль у цябе такая сіла, што мацуе і мяне?..

Я да крыві прыкусіла губу, каб не кінуцца бегчы, калі ўбачыла сястру ля фантана. Самотна схіліўшы на плячо галаву, яна разглядала бронзавага хлопчыка з лебедзем. Заўважыўшы мяне, пайшла насустрач.

— Здаецца, усё... Мужнасць, Валя,— гэта шчаслівае спалучэнне... Хадзем хутчэй! — выдыхнула.— Марыя з машынай чакае нас на Траецкай гары... Казала, што дзяцей з свякрухай вывезлі ўчора. Праўда, ля Сёмкавага Гарадка адарвалася і збегла Красуня... Хадзем хутчэй...— а сама смыкае рукаў Сашынай кашулі, што вылез з-пад манжэта сукенкі... О, калі б я магла памагчы і ў гэтым!..