epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Карпаў

Слова пра мужнасць. Нарыс

Прырода надзяліла чалавека цудоўным дарам — рашучасцю аддаваць сябе высокай мэце, ставіць у імя яе на шалю вагаў сваё жыццё. Гэты дар мы называем мужнасцю. Без яго само жыццё, напэўна, было б іншым — без полымя. Бо мужнасць жыла ў людскім імкненні скарыць агонь, ваду, маланку. Гэта яна адкрывала мацерыкі, абжывала пустыні, праз ільды, сцюжу праклала Паўночны шлях. А хіба без мужнасці магчыма было пабудаваць Волхаўскую ГЭС, калі бетон утрамбоўвалі нагамі?.. Мужнасць прыводзіла чалавека і чалавецтва да перамог у вайне і міры — у працы, барацьбе, навуцы!

Касманаўтыка — наогул арэна мужных. Пачынаючы са старту, калі ўзлятаць у зоркавую вышыню даводзіцца ў вогненным грукатлівым смерчы, і канчаючы прызямленнем, калі небяспека тоіцца ў табе, навокал цябе і там, куды ты імкнешся душою, на зямлі,— гэта вялікае выпрабаванне і тваёй вартасці, і тваёй адданасці запаветнаму.

Хіба не бессмяротным з’яўляецца выхад Аляксея Лявонава з касмічнага карабля ў адкрыты космас? Дастаткова ж было аднаго іголачнага праколу ў скафандры, каб кроў закіпела ў жылах касманаўта. Дастаткова непрадбачнай моцнай успышкі на Сонцы, каб на касманаўта хлынулі смертаносныя промні.

Веліч подзвігу вымяраецца, вядома, небяспекаю, якую пераадольвае чалавек. Але яшчэ ў большай ступені яна вызначаецца тым, што процістаіць герою, з чым ён апынуўся сам-насам, што яму неабходна пераадолець і сцвердзіць.

Аляксей Лявонаў, выходзячы з люка карабля, ступаў у пустату. Ён пакідаў адзінае і апошняе, што звязвала яго з родным, звыклым светам. Вакол жа прасціралася пустата — маўклівая, бязмежная, мёртвая. Недзе страшэнна далёка была Зямля ды на чорна-аксамітным небе ззяла вялізнае сонца. Касманаўт апынуўся сам-насам з Зямлёю і Сонцам! Але затое подзвігам сваім ён устанавіў новыя ўзаемаадносіны паміж зямлянамі і Галактыкаю. Дапамог чалавецтву па-новаму ўсвядоміць сябе, сваё месца і ролю ў светабудове, адкрыў новыя далі.

Мне думаецца: подзвігам з’яўляецца і гісторыя роднага Мінска. Ён узнік як вартавы славянскіх земляў. Узняўшыхся на ростанях — скрыжаванні гандлёвых шляхоў, славіўся кірмашамі, вырабамі саматужнікаў-умельцаў. Але ўжо і тады па дарогах яго ішлі не адны тавары.

Мінск асаджалі полчышчы Койдана, нямецкія псы-рыцары, польская шляхта, шведскія лангскнехты, салдаты корпуса Даву.

Але што знамянальна! Полчышчы Койдана знайшлі тут свой бясслаўны канец. Калі шведы прарвалі крапасны вал, мінчане самі падпалілі свае дамы. Партызанскімі налётамі на абозы і інтэнданцкія склады адказалі яны на тэрор і здзекі французскіх захопнікаў.

І яшчэ. Горад нязменна паўставаў з попелу. Што выратоўвала яго ад заняволення? Што не давала яму загінуць? Яго нязменная адвага, патрыятызм — пачуцці, якія не ўявіш адно без другога. Бо баязлівец, наўрад ці можа быць патрыётам — баязлівасць абавязкова перашкодзіць яму па-сапраўднаму любіць народ, бо сапраўдная любоў сцвярджаецца гатоўнасцю бараніць тое, што ты любіш.

Нараджэнне пралетарыяту паклала свой адбітак як на хаду падзей так і на мужнасць тых, хто вызначаў лёс горада: было разарвана зачараванае кола — горад прачнуўся для заўтрашняга дня.

У адным 1895 годзе ў Мінску адгрымела пяцьдзесят чатыры стачкі!

Першая руская рэвалюцыя знайшла тут самую гарачую падтрымку. На Крывавую нядзелю ў Пецярбурзе мінскія пралетарыі адказалі тыднёвай забастоўкаю і дэманстрацыяй пад лозунгам «Далоў самаўладства!». Горад забурліў у віры чырвоных сцягоў. Кастрычніцкую ўсерасійскую палітычную стачку мінчане падтрымалі ўсеагульнай забастоўкай. 18 кастрычніка 1905 года яны не адступілі перад строем настаўленых штыкоў, і рабочая кроў заліла маставую Прывакзальнай плошчы.

Незабыўны семнаццаты — самаадданая барацьба балышавікоў-ленінцаў, дзеянне атрадаў народнай міліцыі і чырвонагвардзейцаў — паставілі Мінск у шэраг самых рэвалюцыйных гарадоў таго бурнага часу. «Абласны з’езд і прапанову з Мінска трэба выкарыстаць для пачатку рашучых дзеянняў»,— указаў Уладзімір Ільіч на гістарычным пасяджэнні ЦК РСДРП (б), калі было прынята рашэнне аб узброеным паўстанні.

Подзвігам, гістарычнай заслугаю мінчан з’явілася абвяшчэнне Савецкай улады ў Мінску праз некалькі гадзін, пасля таго як яна перамагла ў Петраградзе. Наступальная, рэвалюцыйная мужнасць зрабіла сваё — Мінск стаў бальшавіцкім сэрцам Беларусі.

Уздым рэвалюцыйнай хвалі быў такі высокі, што яна раскідала і змыла ўсе перашкоды, пабудаваныя контррэвалюцыяй. У тым ліку і так званы «Камітэт выратавання рэвалюцыі» і так званую «Беларускую раду».

Не зламалі мужнасці мінчан і акупанты. 20 лютага 1918 года легіёны Доўбар-Мусніцкага ўварваліся ў горад; услед за імі ўвайшлі кайзераўскія войскі, а ўжо 28 лютага на нелегальным сходзе камуністаў быў створаны падпольны гарадскі камітэт. 8 жніўня 1919 года Мінск захапілі легіёны Пілсудскага, а праз два тыдні пачаў дзейнічаць падпольны гарком, а затым і асобы штаб паўстанскага руху.

Калі ж народжаная ў рэвалюцыйных баях беларус, кая сталіца вызвалілася ад захопнікаў, жыццё ў ёй і мужнасць мінчан набылі мірны, стваральны характар.

Ужо ў 1921 годзе быў адноўлены першы ў Беларусі чыгуналіцейны і металаапрацоўчы завод «Энергія» (цяпер імя Кастрычніцкай рэвалюцыі). 1 мая 1922 года, як герояў працы, мінчане ўрачыста віталі Ф. Васанскага — ліцейнага майстра і К. Паўлоўскага — ваграншчыка з завода «Метал», П. Пярлоўскага, Г. Позняка, П. Габрыловіча з Эльвода і многіх іншых. У 1927—1928 гадах уступілі ў строй гарбарны завод «Бальшавік» і станкабудаўнічы «Камунар» (цяпер імя С. М. Кірава). Будаваліся масты, стадыёны, бальніцы, дзіцячыя сады, кінатэатры, школы, інстытуты, клубы.

І не проста бальніцы, а клінічны гарадок. І не проста інстытуты, а універсітэцкі гарадок.

Аднак у працоўным жыцці краіны трывала і неад’емна ўкараняліся гераічныя асновы, і гэта памагала жыць, працаваць, дамагацца свайго.

Сацыялістычнае спаборніцтва, зачынальнікамі якога былі рабочыя «Энергіі», сустрэчнае планаванне, «грамадскія буксіры», гаспадарчы разлік, тэхнічная вучоба (першым прадпрыемствам суцэльнай тэхнічнай пісьменнасці стаў зноў жа завод «Энергія»), рух рацыяналізатараў, рэйды «лёгкай кавалерыі», творчыя экскурсіі рабочых садзейнічалі бурнаму ўздыму эканоміі горада.

За дзесяць перадваенных гадоў Мінск вырас, расправіў плечы, папрыгажэў. Некалі далёкі бор стаў паркам культуры і адпачынку. На вуліцах зазвінеў трамвай. У цэнтры ўзняліся шматпавярховыя гмахі. На ўскраінах ля новых і старых фабрык і заводаў выраслі добраўпарадкаваныя пасёлкі. Мяняўся сам воблік Мінска — усё выразней і настойлівей вырысоўваліся абрысы стольнага горада Савецкай Беларусі.

Абставіны, пры якіх пачалася Вялікая Айчынная вайна, паставілі Мінск у дужа цяжкае становішча. На другія ваенныя суткі ў ім заняліся пажары, а на трэція — ён ужо гарэў. 26—27 чэрвеня наша Трынаццатая армія вяла жорсткія няроўныя баі на яго подступах. Змагалася зацята. Аднак сілы ворага няспынна папаўняліся, і неўзабаве праціўніку, які прарваўся да горада з поўдня і поўначы, удалося авалодаць ім.

Сваё гаспадаранне захопнікі пачалі з паспешлівай арганізацыі канцэнтрацыйных лагераў, гета. Увялі драконаўскія абмежаванні, сістэму заложнікаў, кругавую паруку. У турмы кінулі сотні гараджан.

І ўсё ж, не лічачыся са смяротнай небяспекаю, мінчане давалі прытулак байцам і афіцэрам, якія трапілі ў акружэнне, аказвалі ім медыцынкую дапамогу. Многія з патрыётаў паплаціліся за гэта жыццём, і аднымі з першых — Вольга Шчарбацэвіч і яе чатырнаццацігадовы сын Валодзя. Знойдзеныя ў кішэні забітага на фронце фашысцкага афіцэра фотакарткі, на якіх адбіты момант Валодзінай смерці, зараз узрушаюць свет.

Не, горад не здаўся! 28 чэрвеня гітлераўцы ўвайшлі ў Мінск,— успомніце нямецка-кайзераўскую акупацыю,— а ў пачатку ліпеня ў доме № І па Вірскай вуліцы ўжо адбыўся нелегальны сход камуністаў-чыгуначнікаў, і чыгунку затрэсла, закалаціла. Арганізацыйна аформіліся падпольныя групы на чале з камуністамі С. Зайцам, Н. Герасіменкам, І. Казінцом, Д. Караткевічам, удзельнікам Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. А. Арнтам... У барацьбу ўключаліся цэлымі сем’ямі — бацька, маці, дзеці.

З чаго пачалі падпольшчыкі? Успомніце нямецкакайзерскую і белапольскую акупацыі! Са збору ўсяго, што трэба было барацьбе,— зброі, адзення, медыкаментаў. З тэрора ў адказ на гвалт захопнікаў, з прапаганды, якая нейтралізавала гебелеўскую хлусню. Горад перапляла заканспіраваная сетка баявых, дыверсійных, разведавальных, прапагандысцкіх груп, і зямля пад нагамі захопнікаў загарэлася.

Адной з галоўных задач падпольнага партыйнага камітэта створанага на агульнагарадской нарадзе ў лістападзе месяцы, стала арганізацыя партызанскіх атрадаў з мінчан і пасылка ваенных спецыялістаў, палітработнікаў, медыкаў у дзеючыя ўжо на Міншчыне атрады. І цяжка пераацаніць тое, што неслі ў партызанскі лес з сабою рабочыя, партыйныя работнікі, ваенныя спецыялісты, урачы, якія, апрача ўсяго, усялялі надзею — і параненаму табе памогуць! Мінск даваў партызанам парады, папярэджваў аб блакадах, карных экспедыцыях, планах ворага, паказваў прыклады мужнасці.

І ўсё гэта адбывалася ва ўмовах страшэннага акупацыйнага рэжыму. На мінчан абрынуўся нечуваны тэрор. Толькі за адзін майскі дзень сорак другога года гітлераўцы павесілі дваццаць восем найбольш актыўных дзеячаў падполля і дзвесце аднаго расстралялі. Вешалі на тэлеграфных слупах, на пабудаваных шыбеніцах, на дрэвах у скверах. Расстрэльвалі ў казематах турмы, у засценках СД, за горадам, недалёка ад вёскі Копішча.

Але барацьба працягвалася. Такі ўжо закон — пралітая за справядлівую справу кроў не дае спакою жывым, кліча на барацьбу. Разгромлены гарком быў адноўлены. У падполле ўступілі новыя людзі. Барацьба перамясцілася на прадпрыемствы, ва ўстановы.

Выключны размах набыла дыверсійная работа. Рабочыя выпускалі бракованую прадукцыю, выводзілі са строю абсталяванне, ламалі інструменты, выносілі і псавалі гатовыя вырабы, сыравіну, матэрыялы. Чыгуначнікі выводзілі са строю паравозы, узрывалі саставы. На заводах імя Варашылава і Мяснікова рабочыя ўзарвалі важнейшыя цэхі. Былі арганізаваны падпалы бензаскладаў, гаражоў з аўтамашынамі, абутковай і лямцавай фабрык. У маі 1942 года адбылося незвычайнае— убачыла свет падпольная «Звязда». У шмат якіх раёнах горада нават начныя фашысцкія патрулі баяліся паказвацца. Шэраг кварталаў Камароўкі, Даўгабродскай вуліцы, Пушкінскага, Грушаўскага пасёлкаў гарадскі камендант аб’явіў на асобым становішчы і забараніў салдатам і афіцэрам, калі цямнела, хадзіць там. Генерал фон Шперлінг вымушаны быў прызнацца: толькі на вуліцах Мінска знайшлі сваю смерць звыш тысячы шасцісот ваеннаслужачых і акупацыйных чыноўнікаў...

Мужнасць у чалавека, таксама як і дабрата,— ад прыроды. Як вялікі дар, яны могуць праяўляцца або не. Іх можна развіць. Але ў адрозненне ад дабраты мужнасць больш чым што-небудзь іншае залежыць ад асяроддзя, ад падрыхтаваных часам абставін. Мужнасці патрэбны пэўная атмасфера, прыклады, сцяг. Яна часта перадаецца як эстафета. У Мінску якраз былі гэтыя прыклады, гэтая атмасфера, якія рабілі мужнасць нормаю паводзін... Рэдкая ноч у горадзе праходзіла без таго, каб дзесьці нешта не гарэла або не чуліся выбухі, перастрэлка.

Прычым радасна адзначыць: мужнасць тут была накіравана не толькі супроць захопнікаў — яна брала пад ахову мірных людзей, іх здабыткі. У лясы паўднёвай прыгараднай зоны Мінска перад вырашальнымі баямі сорак чацвёртага года з горада было выведзена больш як пяць тысяч сем’яў мінчан. Створаныя гаркомам спецыяльныя групы ўзялі пад ахову фабрыкі, заводы, уцалелыя будынкі. Перадавыя армейскія часці ўстанавілі з імі кантакты, і гэта выратавала Дом урада, будынак ЦК КП(б)Б, акруговы Дом афіцэраў, хлебазавод «Аўтамат»...

Што ўяўляў сабою вызвалены Мінск? Мора жоўтых пачварных руін. А паміж іх — чэзлыя гародзікі, абгароджаныя калючым дротам і спінкамі ложкаў, што пабывалі ў агні. Наўкол цяперашняй плошчы Перамогі каласілася жыта, расла бульба...

Ды вось цуд! Як толькі ў горад пачалі вяртацца мінчане, на закураных знявечаных каробках адразу ж з’явіліся клятвы: «З попелу і руін узнімем цябе, родны горад! З раніцы, па выхадных днях, і пад вечар, у рабочыя дні, да руін сцякаліся людзі. Неслі кіркі, лапаты. Прыходзілі з песнямі, нярэдка ў калонах, разыходзіліся моўчкі, часцей па адным. І, хоць на расчышчаных пляцоўках вырасталі клеткі цэглы і кучы жалеза, здавалася: руіны па-ранейшаму ўзнімаюцца ўсюды і ў вячэрнім змроку сталі нават вышэйшыя.

А з чаго пачынаўся цяпер славуты МАЗ? Яго рашылі будаваць у Чырвоным Урочышчы, дзе да вайны быў ваенны гарадок з аўтарамонтнымі майстэрнямі. Адступаючы, немцы паспелі адтуль сёе-тое вывезці, многае ўзарвалі. Вось сюды, накіраваныя Цэнтральным штабам партызанскага руху, і прыйшлі першыя будаўнікі. Некаторыя — прама з парада, якім завяршылася партызанская эпапея.

Пасяліліся адразу ў буданах пад соснамі, ва ўцалелых бараках. Жылі, як і ваявалі,— атрадамі. Мелі агульныя запасы харчоў. Штодзённа прызначалі дзяжурных у арцельных кухнях, па чарзе вазілі ў бочках ваду са Свіслачы. Вечарамі разводзілі вогнішчы, і тады зусім па-партызанску выглядаў бор.

Збядненне, разбурэнне, што прыносяць народам войны,— не навіна ў гісторыі, як не навіна і тое, што людзі працаю пераадольваюць іх. Пра гэта, як мы бачылі, сведчыць і мінулае Мінска, які не раз паўставаў з руін. Але яго мінулае дасюль не ведала яшчэ ні такога працоўнага гераізму, ні такіх поспехаў і тэмпаў у самаадраджэнні.

Пры брацкай дапамозе шматнацыянальнай радзімы мінчане ўзнялі з нябыту горад рэдкай красы. Яны ператварылі яго ў буйнейшы прамысловы, навуковы і культурны цэнтр, у горад вышэйшых навучальных устаноў, даследчых інстытутаў, месца ўсесаюзных навуковых канферэнцый, сімпозіумаў, міжнародных спартыўных спаборніцтваў.

Яго шырокія прыгожыя праспекты, дзе чалавек адчувае сябе гаспадаром, прасторныя плошчы — Уладзімір Ільіч на галоўнай з іх, абеліск з Вечным агнём у падножжа на плошчы Перамогі, мілыя ліпы на вуліцах ля тратуараў, бульвары, паркі, Купалаўскі і Коласаўскі мемарыялы — цешаць вока. Іх прымае сэрца, робіць любымі, сваімі.

А гэта ж яшчэ і цяпер не выходзіць з памяці, як на адну з кастрычніцкіх дэманстрацый мінскія аўтазаводцы ўзялі з сабой свае першынцы. Помню: калона іх рухалася па Савецкай вуліцы, абапал якой узвышаліся жоўтыя руіны, а наперадзе сцягоў і самадзейнага аркестра сунуліся чатыры грузавікі. Гэта было наіўна, але цудоўна! Бо адчувалася: у гэтым — пачатак вялікага, за якім — яшчэ большае, як і за ўсім, што стварае мужнасць.

У дзень жа 50-годдзя рэспублікі на колішняй Савецкай вуліцы, а цяпер Ленінскім праспекце, можна было бачыць ужо цэлы незвычайны парад.

Мы прывыклі і палюбілі дэманстрацыі, парады — урачыстыя маршы нашых воінаў, разліў сцягоў і свабодную хаду дэманстрантаў, маляўнічае шэсце фізкультурнікаў, бляск і сонца на трубах аркестраў. Але гэтым разам па галоўнай сталічнай магістралі рухаліся сотні машын, створаных уласнымі рукамі. Дэманстравалі мірныя працаўнікі палёў і фермаў! Яны ішлі доўга, ды ўсе, каму пашчасціла бачыць гэта, з павагаю глядзелі на іх.

Зараз цяжка пералічыць, што вырабляюць мінскія фабрыкі і заводы. Многае, вельмі многае даюць яны краіне і свету — ад шарыкападшыпнікаў да аўтаматычных ліній, ад халадзільнікаў да электронна-вылічальных машын.

Не, дасягнуць такога без адвагі і мужнасці не дадзена!

Час, калі нямецка-фашысцкія захопнікі былі выгнаны з беларускай зямлі, аддаліўся на дзесяткі гадоў. У жыццё ўступілі і бяруць на сябе клопаты аб заўтрашнім дні пакаленні, для якіх Вялікая Айчынная вайна — далёкае мінулае. І ўсё-такі памяць аб ёй не гасне. Можа быць, нават наадварот — з гадамі паўней раскрываецца веліч здзейсненага, глыбей усведамляецца яго цана, роля ў вызначэнні лёсу нашага і іншых народаў.

Чаму? Ды, мабыць, таму што час — найвышэйшы суддзя. Што вялікія, сусветныя падзеі лепш відны здаля. Што становіцца вядома, як і што зрабілі прапаўшыя без вестак. Таму што ў бронзу, у граніт апранаецца праўда, героі, а крыўда, чалавеканенавіснікі, іх чорныя тайныя планы і справы выкрываюцца да канца. Таму што мы пажынаем плёны вялікай перамогі і мірных сваіх намаганняў.

І вось што яшчэ хочацца нагадаць — марачы некалі пра пераможныя дні, мы верылі: савецкі народ-пераможца будзе народам-ардэнаносцам. Так, так! І няхай гэтыя мары сяму-таму здаваліся трошачкі несур’ёзнымі, яны ажыццявіліся. Ратных і працоўных ордэнаў удастоіліся і выдатныя воіны-працаўнікі, і рэспублікі Савецкага Саюза. Спраўджаннем нашай мары стала і прысваенне Мінску ганаровага звання горада-героя, якое далучыла яго да азоранай славаю кагорты, дзе,— Масква, Ленінград, Кіеў, Валгаград, Севастопаль, Адэса, Брэсцкая крэпасць, Наварасійск з яго легендарнай Малой зямлёю, Керч. Гісторыя ўвянчала Мінск высокім званнем, прызнаючы неўміручасць яго ваеннага подзвігу і тое, што ён астаўся жыць у працоўнай мужнасці мірных дзён. Недарэмна ж, калі едзеш па Мінску, пралятаеш над ім, мільённым, па раптоўных, нечаканых сувязях перад вачыма часта паўстаюць яго ваенныя, пустыя, насцярожаныя вуліцы, гатовыя абваліцца руіны і зарыва над імі.

Працаю, клопатамі, любоўю сваёй мы загаілі ваенныя раны. Краіна наша развінула крылы, набрала разгон.

І, ой, як гэта верна:

 

Революция требует,

чтоб имелась

смелость,

смелость и еще раз —

смелость!

Як гэта правільна!