epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Карпаў

Сотая маладосць

Частка першая
  РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
    1
    2
    3
    4
    5
    6
  РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
    1
    2
    3
    4
    5
  РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
    1
    2
    3
    4
    5
    6
  РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
    1
    2
    3
    4
    5
  РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
    1
    2
    3
    4
    5
    6
  РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
    1
    2
    3
    4
    5
    6
    7
    8
Частка другая
  РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
    1
    2
    3
    4
    5
    6
  РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
    1
    2
    3
    4
  РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
    1
    2
    3
    4
    5
  РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
    1
    2
    3
    4
    5
    6
  РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
    1
    2
    3
    4
    5
  РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
    1
    2
    3
    4
    5
    6
Частка трэцяя
  РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
    1
    2
    3
    4
  РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
    1
    2
    3
    4
    5
  РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
    1
    2
    3
    4
    5
    6
    7
  РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
    1
    2
    3
    4
    5
  РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
    1
    2
    3
    4
  РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
    1
    2
    3
    4
ЗАМЕСТ ЭПІЛОГА


 

Умець любіць

значыць — усё ўмець...

 

Л. М. Талстой

 

Частка першая

 

РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ

 

1

 

Аказваецца, за небам ёсць яшчэ неба — такое ж сіняе, купалам, са сваімі аблачынкамі і далёкім, запаветным гарызонтам. Гэта адкрылася Васілю Пятровічу знячэўку. Ён нават павярнуўся — каму сказаць бы пра гэта? — зірнуў на Алу Понтус, якая, амаль не расплюшчваючы вачэй, сядзела побач.

Колькі разоў ні лятаў Васіль Пятровіч, але гэта неяк праходзіла міма ўвагі. Мусіць, таму, што па звычцы глядзеў пад крыло — і калі ўнізе распасціралася пахарашэлая, быццам бачыш яе ў бінокль, зямля, і калі пад самалётам бялелі воблакі, па якіх, здавалася, можна ісці, як па заснежаным узараным полі. Ступі з крыла і ідзі... А вось выявілася: над табой шаўкавістая сінь, ланцужок прадаўгаватых хмурынак, пад табою не то хвалістае мора, не то снежная раўніна, у далечыні ж — падобныя на зімнія Карпаты то лысыя, то пакрытыя лесам горы.

Адразу, як толькі самалёт набраў вышыню і можна было расшпіліць паясы, Васіль Пятровіч да канца апусціў спінку Алінага крэсла, і цяпер яна, адкінуўшы галаву, паклаўшы вялыя рукі на падлакотнікі, сядзела, як у качалцы. Твар у яе пабялеў, заплюшчаныя вочы з густа падведзенымі вейкамі былі ў сініх кругах, і толькі поўныя, пажадлівыя вусны аставаліся, як звычайна, яркімі. Аднак Васіль Пятровіч не ўтрымаўся — крануўся яе рукі.

Скасіўшы на яго вочы, Ала расслаблена ўсміхнулася. Ёй было блага. Ды Васіль Пятровіч адчуў: яна крыху пазіруе, каб даць яму магчымасць паглядзець на сябе, бяссільную.

— Вы толькі зірніце, — паказаў ён на круглае акенца і шырэй расхінуў крэмавыя шторкі.

— Не, не, — ледзь паварушыла Ала галавою, зусім слабеючы. — Нам доўга яшчэ пакутаваць?

— Скора прыляцім.

— Слава богу... А яшчэ агітуюць: самы зручны від транспарту... Што вас там зацікавіла?

— Неба над небам!

— Дзе?

Яна зрабіла намаганне, прыўзнялася і, абапіраючыся рукою на калена Васіля Пятровіча, лягла грудзьмі на яго плячо.

Што гэта было? Дзівацтва? Гульня?. Насмешка? А можа, проста прывычка, што стала другой натураю? Спосаб з кожнага рабіць паклонніка? На памяць прыйшло, як некалі яна бударажыла яго фантазію, не давала спакою.

— На нас, м-м... звяртаюць увагу, — папярэдзіў ён.

Ала паправіла пад кофтачкаю шлейкі.

— Няхай. Вам непрыемна? У нашы дні, на шчасце, можна ўжо быць самім сабою і дабівацца чаго хочаш.

Ён зрабіў выгляд, быццам не пачуў яе, і ўтаропіўся ў акенца. Чыстая, зіхотная прастора як бы асвяжыла яго і зноў авалодала ўвагаю.

Праз колькі хвілін самалёт пачаў рабіць круг над воблакамі і неўзабаве, нырнуўшы ў іх, пайшоў на пасадку. Насустрач панёсся горад — знаёмыя кварталы, прыгожа рассечаныя стралою Маскоўскай вуліцы і праспектам; накрыж ім чыгунка з лялечнымі службамі і цягнікамі, звілістая стужка Свіслачы ў кучаравых парках, правей, ля лесу і ў лесе, — заводскія карпусы, астраўкі мікрараёнаў. Позірк прыцягнулі шэры сілуэт Дома ўрада, узнятая, як палец, вежа чырвонага касцёла, гмахі прывакзальных дамоў. Яны нахіліліся, і нахіліўся ўвесь горад, што не ляжаў, як кажуць, на далоні, а нібы збягаў з гары пад самалёт. І такі незвычайны, ён здаўся Васілю Пятровічу яшчэ больш дарагім.

«Зразумела, дзе-нідзе і сапраўды як пад адным дахам, — падумаў Васіль Пятровіч, адганяючы думкі пра Алу. — Але нічога...»

Пад сэрцам расло радаснае хваляванне.

«Усё-такі малайчына, што не адступіў перад цякучкай, не паддаўся... — пахваліў ён сябе і ўсміхнуўся.— Але... Але паглядзеў бы я на цябе, таварыш галоўны, калі б на нарадзе раскусілі твае захады-выкруты... Была б знаходка ва ўсесаюзным маштабе. І скланялі б ужо не другіх, а вашу міласць. Жартачкі! Разбазарваецца зямелька! Горад распаўзаецца ўшыркі, даражэе будаўніцтва... Паспрабаваў бы тады апраўдацца... Чым? Няўжо прызнаўся б, што часам даводзіцца змагацца з дурнотаю? Пачаў бы тлумачыць, што яна наплывае хвалямі — ненадоўга, але з ёй дужа цяжка змагацца. І адзінае выйсце — перачакаць. Не патураць ёй, мець на мэце сваё і чакаць, калі яна схлыне або саслабее. Іначай, калі станеш на дарозе, змые. На тваім жа месцы ўраз паявіцца гэткі зацяты работнічак і пачне біць паклоны, пакуль не разаб’е лоб... Вось было б арыгінальна!..»

— Вы сёння не імяніннік? — насмешліва пацікавілася Ала, паглядаючы на свае пакункі, якія ляжалі ў сетцы над галавою і не раз падалі ўжо на Васіля Пятровіча.

— Не, — адказаў ён, задаволены, што Аліны кепікі не бянтэжаць яго і думкі пра нядаўнюю нараду саступаюць месца чаканню: дом, Валя, новыя клопаты, работа над плошчаю Леніна — набліжаюцца з кожнай хвілінаю.

Аднак і гэтым цешыцца выпала нядоўга. Шафёр, які прыехаў па Васіля Пятровіча, між іншых навін паведаміў: раніцаю памерла Вера Антонаўна.

 

2

Памерла Вера Антонаўна... Не стала жанчыны, якая даўно належала другому, ад якой Васіль Пятровіч адмовіўся сам і праз якую перажыў многа цяжкіх хвілін.

Кажуць, наймацнейшае каханне ў жанчын першае, а ў мужчын — апошняе. Так яно, відаць, і ёсць. Ды Васіль Пятровіч, усім сэрцам любячы Валю, не мог забыцца і на колішнюю жонку. Асабліва на першыя гады жыцця з ёй, калі Верыну халоднасць прымаў за стрыманасць, за жаночую мудрую хітрасць — нежаданне раскрывацца да канца, каб інтрыгаваць нязведаным. Ён пачынаў пра яе гаворку нават з Валяй: успамінаў цікавыя выпадкі, прывычкі, рысы характару. І толькі пазней адчуўшы, як гэта ёй непрыемна, стаў стрымлівацца, насіць успаміны ў сабе. Але гэтым разам вытрымкі хапіла толькі да вечара.

Валя ўжо сядзела за пісьмовым сталом. Лямпа з вузкім, падобным на рог, абажурам ліла святло на паперу, і Валін твар, асветлены адным водбліскам, выглядаў худым, хваравітым. Аднак Васіль Пятровіч не здолеў маўчаць.

— Ты чула? — спытаўся ён.

Яна была занята і, як гэта ўвайшло ў іх прывычку, папрасіла:

— Прабач, Вася, я працую.

Гэта пакрыўдзіла яго.

— Памерла Вера, — настойліва сказаў ён.

— Няўжо? І што за прычына?.. — нібыта спрасонку, з цяжкасцю вызваляючыся з плыні сваіх думак, азвалася Валя.

— Кажуць, рак. Ды кінь ты хоць пісаць, яна ўсё ж такі чалавек.

Валя здзіўлена ўскінула вочы.

— Што з табой?

— Ды разумееш ты ці не — памерла Вера!

— Трэба будзе схадзіць...

— Каму?

— Табе, вядома. Яна — маці твайго сына.

— Гэта праўда. Дадай толькі — адзінага сына! Адзінага ў пяцьдзесят гадоў!..

Бачачы, як страпянулася Валя, як вочы ў яе пачалі налівацца слязьмі, Васіль Пятровіч паспрабаваў змякчыць тое, што вырвалася само сабою, хоць ахвоты адступаць не было — калі няшчасце цягнецца доўга, яму спачуваюць менш і менш.

Але тое, што ён упікнуў: у іх няма дзяцей, і зрабіў гэта ў сувязі з былой жонкаю, балюча кранула Валю. Яна паклала рукі на стол і ўпала на іх ілбом.

— Ну вось, пачынаецца, — каб спыніць дакучлівую сцэну, падышоў да Валі Васіль Пятровіч і, падняўшы галаву, як звычайна, пацалаваў у пераноссе. Яно было мокрае, салёнае. Выцершы хустачкаю пачырванелы Валін нос, шчокі, якія раптам напухлі, прытуліў яе да сябе. — Кажуць, памірала цяжка... Адна ў бальніцы. Уяўляеш?..

Сам выразней, чым калі-небудзь, адчуў халаднаваты подых небыцця. Падумаў: не так ужо далёка, калі і ягоная істота растане ў нечым накшталт той зіхотнай завоблачнай высі, якой любаваўся з самалёта. І самым страшным, мабыць, у гэтым будзе, што ты ўжо не зможаш бачыць навакольнага свету, будзеш пазбаўлены цудоўнага дару — самому і па-свойму ўбіраць яго цеплыню, пахі, радавацца і пакутаваць, рабіць тое, што вызначана табе жыццём.

Некалі, яшчэ з Вераю, яны наведалі Домскі сабор у Рызе і слухалі «Рэквіем» Моцарта. Усеабдымная, як сусвет, туга ўварвалася тады ў сэрца. Але ўразіла... не сваім зместам, а сілаю чалавечага генія, што стварыў такі цуд. «Рэквіем» астаўся памінальнай месаю для другіх. А вось смерць Веры прымусіла думаць аб сабе. І яшчэ — за думкамі аб смерці раптам зноў узнікла думка аб дзецях. Пакуль што Валя не дала яму іх! Ёсць толькі Юрка. Праўда, ён азлоблены і непрымірымы ў сваёй варожасці. Ды хочаш ці не хочаш — яму аднаму наканавана несці далей і прозвішча Васіля Пятровіча, і тую часцінку яго, што ўтварае няспынную плынь жыцця. І, можа быць, упершыню, як яны жывуць разам, у яго праз жаль да Валі прабілася жорсткая крыўда.

 

На пахаванне Веры ён не пайшоў — не хацеў сустракацца з яе мужам, не хацеў бачыць яе мёртвай, ведаць, дзе будзе магіла. З сынам жа спаткаўся, падпільнаваўшы праз тыдзень, у дождж, каля масіўнай брамы Політэхнічнага інстытута.

Юрка варожа зірнуў на бацьку прыплюшчанымі вачыма. Ноздры кароткага носа ў яго раздзьмуліся.

І ўсё-такі, узяўшы сына за локаць, Васіль Пятровіч вывеў яго з натоўпу студэнтаў, прыкрыў парасонам і, паддобрываючыся, загаварыў пра нябожчыцу, пра заўтрашні Юркаў дзень.

— Не аднеквайся, хопіць упірацца! — папрасіў з намаганнем. — Перабірайся да мяне. У айчыма цяпер няма чаго аставацца.

Юрка азірнуўся на студэнтаў.

— Пусціце маю руку. На нас глядзяць...

Дождж быў абложны, ліў ужо трэція суткі запар і часам пераходзіў у снег. Цёмная калматая навісь нізка плыла над дахамі. У ёй хавалася бадай што ўся тэлевізійная вежа, на якой, як уначы, гарэлі чырвоныя агні. Хмары не клубіліся, у іх не было ні прасветлін, ні канца, і толькі па сівых пасмах было відаць, што яны некуды імкнуць і што іх парывамі гоніць вецер. Пры парывах дождж большаў, рабіўся буйнейшы, і па слотным асфальце прабягала алавяная рабізна. Гэта было ў маі і таму абуджала трывогу. Што за насланнё? Раней, здаецца, такога і не бывала. Недзе далёка, над Ціхім акіянам, амерыканцы ўзрывалі атамныя бомбы. Думалася, што дажджы ад іх, што нешта зрушылася ў прыродзе, і, баючыся радыяцыі, шмат хто пазбягаў хадзіць з непакрытай галавою.

— Чаму ты без шапкі? — спытаўся Васіль Пятровіч. — У цябе зусім знасіліся чаравікі, і ўвесь ты нейкі пакамечаны. Ці здаровы ты?

— Здаровы і еду ў Горкі... — прымусіў сябе нарэшце адказаць Юрка, але руку вызваліў і зашпіліў на ўсе гузікі плашч.

— У Горкі? Гэтага яшчэ не хапала!

— Буду праходзіць там практыку, а можа, астануся вучыцца. Мне таксама хочацца нешта перажыць, убачыць.

— А як жа з Мінскам?.. Табе і яго не шкада?

— Напляваць. Навошта ён мне без мамы.

— Завярнём да нас, абмяркуем усё, як мужчыны. Сам пабачыш, якая Валя, напэўна, ты чытаў яе аповесць «Наперадзе — перамога». Чытаў?

— Ха-ха-ха! Я чытаў рэцэнзію на гэтую «Перамогу»...

Цяпер ужо добра ведаючы — яму будзе цяжка і з сынам, і без яго, Васіль Пятровіч памарудзіў. «Што рабіць?.. Чаго ён смяецца?..» Ды нейкая сіла-цяга, якая патрабавала, каб Юрка быў паблізу, узяла верх. І, падпарадкоўваючыся ёй, Васіль Пятровіч дадаў:

— Даю табе слова, вы пасябруеце. Яна многа перажыла і разумее другіх...

Але ён не ўлічыў, што крыўдзіцца можна — ды яшчэ як! — і за нябожчыцу, што, хвалячы Валю, ён тым самым абражае Юркавы пачуцці да маці.

Юрка адштурхнуў яго позіркам.

— Ну не-э! — выгукнуў плаксіва, але са злоснай рашучасцю і выйшаў з-пад парасона.— Лішні я быў раней, хай лішні буду і зараз. Разводзьце, як разводзілі, свае шуры-муры.

— Ды з кім жа і як ты хочаш жыць?

— Адзін! Можа, не прападу!..

Гэтыя словы Юрка прамовіў капрызна, з помслівым пачуццём, і таму не вельмі паверылася, што яны ў яго апошнія. Каб не даць сыну пайсці праз упартасць, Васіль Пятровіч зноў узяў яго за локаць.

— Ну ладна, падумай. Толькі пра ўсё: пра сябе, пра мяне, як жыць заўтра. Я буду чакаць твайго званка.

Але Юрка крутнуўся і пайшоў назад, не азіраючыся і прыспяшаючы крок.

 

 

3

Мужчына не заўсёды разумее жанчыну як істоту, якая дае жыццё. А ўсведамленне гэтага, гордасць за гэта жывуць у кожнай жанчыне. Нават у самай прыніжанай. Прыгледзьцеся — яны як бы ў старонняй увазе да сябе, у цікаўнасці да свайго цела, у таямніча-ўрачыстым стаўленні да сакрэтаў свайго полу, у цвёрдай рашучасці хаваць гэтыя сакрэты, у гатоўнасці ахвяраваць сабою дзеля дзяцей. У тым, што любоў у жанчын можа вырасці са спачування, у тым, што яны мацней адчуваюць адказнасць перад заўтрашнім днём. І абразіць у жанчыне маці — значыць зняважыць яе смяротна.

 

Валя глядзела на мужа, і слёзы закіпалі ў яе вачах.

Ён ляжаў на спіне. З густымі бровамі і вялікім ілбом твар быў спакойны, толькі бляднейшы чым напярэдадні. Але вось гэты застыглы спакой якраз і перашкаджаў дараваць мужу яго нядаўні папрок і ў ласках забыцца на абразу.

Дый наогул, як ён можа дрыхнуць, ведаючы, што яна мучыцца і хоча пагаварыць з ім?.. Другі раз — і калі! — развярэдзіў незагойную рану і заснуў праведнікам. Хоць бы паварушыўся, нахмурыўся!.. А Вера Антонаўна? Яна, як злы лёс, праследуе Валю. Пры жыцці, маючы новую сям’ю, дзяцей ад другога мужа, на месяц разы два-тры званіла па тэлефоне і, калі падыходзіў Васіль Пятровіч, клала трубку, а калі Валя — кляла і брыдка лаялася. Цяпер жа зноў, толькі ўжо зданню, устае паміж ёю і Васілём. Няўжо ён не хоча ведаць і гэтага?

Валя сабралася паправіць падушку ці зрабіць што іншае, каб, быццам незнарок, разбудзіць Васіля Пятровіча, але тут жа пашкадавала — ён потым засынаў блага. Дый у бледным, хоць і спакойным твары Валя раптам адкрыла нешта пакутніцкае — як перад хваробаю або пасля яе. Здалося, што недзе глыбока яго точыць боль, які можа неўзабаве пабольшаць.

Твар да кожнае маршчынкі быў знаёмы. Літаральна за гадзіну перад тым, як пасварыліся, адводзячы яго ад размовы пра яе, Валіны, непрыемнасці, яна гладзіла гэтыя маршчыны пальцам і з сумнай усмешкаю гаварыла: «Гэта вось праз Понтуса і Зорына. Гэтая, самая глыбокая, — праспект. А вось, што толькі намячаецца, — праз мікрараёны... Яны ў цябе ўжо назаўсёды. Давай дамо кожнай імя!..»

 

Так, ён быў дарагі ёй! Можа, асабліва дарагі таму, што яна... не мае дзяцей! Таму, што на яе пасыпаліся непрыемнасці!..

 

Цяжка заўважыць змены, калі яны адбываюцца на вачах. Але калі яны важныя для цябе, то іх заўважыш усё роўна. Бач, як выраслі залысіны і пабольшаў лоб, як парадзелі валасы, зрабіліся нібы танчэйшыя. Раней яны мокрыя кучаравіліся, а цяпер толькі зліпаюцца. Пасля ночы тырчаць, і іх нельга прыгладзіць рукамі. А на бровах, наадварот, сталі бы з дроту. Некаторыя растуць дужа хутка. Іх Валя зразае нажніцамі, і Васіль Пятровіч паслухмяна церпіць, заплюшчыўшы вочы. Вунь і цяпер адзін, чарнейшы за іншыя, вытыркнуўся і закруціўся, як рог.

«Трэба абавязкова зрэзаць раніцаю», — падумала Валя, і істота яе памякчэла. Хваля любві абдала яе, захліснула.

Але Васіль Пятровіч паварушыў вуснамі, і хваля адкацілася. Крыўда зноў застукала ў сэрца.

«Адкуль у яго такая чэрствасць?.. Ну, скажам, пакрысе прывыкае да майго няшчасця... Расстроіў Юрка. Нездаволены нарадай у Маскве, і я нешта сказала не ў лад... Але гэтага мала, каб ударыць навотлях, жадаючы, каб было найбалючай. Хіба я вінавата ў тым, што здарылася са мною? Хіба не лячуся?»

Помсцячы не то Васілю Пятровічу, не то сабе, падумала: «Няхай бы наогул не падняцца з ложка», — і з сілаю заплюшчыла вочы.

...У райкоме тады сапсаваўся радыёпрыёмнік, і Валя, каб прыняць зводку Саўінфармбюро, мусіла паехаць у атрад «Барацьба». Ехалі ўтраіх: яна, капітан Кароль і яго ардынарац — пахмурыя, негаваркія. Асабліва Кароль, які з каменным тварам калываўся ў сядле, і калі адказваў на пытанні, дык адным словам, не гледзячы на Валю.

Дажджу не было. Лес ахутваў волкі туман, і на хваёвых лапках, на пачарнелых галінках бяроз дрыжалі буйныя кроплі. Часам яны абрываліся, звонка падалі на карэнні, на ўкрытую апалым лісцем зямлю. Дарога аставалася сухой, а пад дрэвамі было мокра, як у дождж. Шэрае неба, сумны шэры туман, у якім усе бярозы здаваліся ніцымі, гэты восеньскі капеж, што чуцён быў праз цоканне конскіх капытоў, навявалі сумоту.

Дый прычын для радасцей не было. Нядаўна адправілі на Вялікую зямлю Міхала Шарупіча. Разгублены, як перад бядою, ён вінавата ўсміхнуўся Валі і не стаў супакойваць жонку, калі падбародак у той задрыжаў, і Арына брыдка, па-бабску, загаласіла. Дый сёння, калі, перш чым паехаць, Валя забегла да яе, Арына стаяла ў кутку зямлянкі, выцірала твар канцом ручніка, што вісеў на цвіку, і, не звяртаючы ўвагі на румзанне дачкі, плакала...

— З Мінска нічога новага няма? — ведаючы нелюдзімую натуру Караля, усё-такі спыталася Валя.

Кароль перавёў на яе насцярожаныя, як у многіх глухаватых людзей, вочы і пачаў чакаць, калі яна паўторыць пытанне.

— Што чуваць наконт правалу? — паўтарыла Валя.

— Не знаю, — зноў панурыўся Кароль.

— Кажуць, Шарупіча ў нечым падазраюць. Гэта праўда?

Яна збольшага чула аб сумнай гісторыі Караля. Выконваючы спецзаданне, ён не паспеў эвакуіравацца з Мінска. Больш за паўгода мусіў хавацца ў сестрыной кватэры паміж дзвюх сцен, адну з якіх вымураваў сам. Калі ж сястра дастала яму падроблены пашпарт, выйшаў з тайніка хворы, аглухлы і ледзь не сляпы. Крыху ачуняўшы, звязаўся з падпольным гаркомам, што на той час ужо дзейнічаў у горадзе, і праз яго трапіў у партызанскі лес...

Валі стала шкада яго. Да таго ж Кароль конна дасюль не ездзіў і цяпер сядзеў у сядле няўпэўнена, зябка сціснуўшы плечы і наставіўшы каўнер шыняля.

— Вы ж самі некалі былі падпольшчыкам і, кажуць, выкрылі небяспечнага правакатара. Павінны ведаць людзей, — паддалася Валя свайму пачуццю. — Хіба Шарупіч можа быць здраднікам? Няхай кожны зробіць столькі, колькі ён.

— А што такое здраднік? — у сваю чаргу спытаўся Кароль. — Часцей за ўсё камень, які сарваўся з гары і коціцца не па сваёй волі.

— Гэта вы пра Шарупіча?

— Га? Бачыць ва ўсім высокае лягчэй за ўсё. Каб высветліць ісціну, патрэбны скептыкі, пракуроры. Я, ты, таварыш газетчык, можам яшчэ памыляцца, а дзяржава — не. Ёй не паложана. Памятаеш, як атруцілі брыгаднага кухара? І наогул, ваўкі ходзяць след у след. Колькі іх, можна падлічыць толькі на крутым павароце, калі яны абыходзяць лясныя перашкоды.

— Вы не зразумелі мяне, — паправілася Валя. Кароль быў непадкупны, ведаў многае, і яго ў брыгадзе пабойваліся. — Я згодна... дзяржаве памыляцца нельга, а таму веру, што ўсё ўладзіцца.

Вось тут якраз і паласнула з туману аўтаматная чарга. Валін конь шарахнуўся ўбок і ўпаў, прыціснуў ёй нагу. Не адчуваючы болю, не даючы веры, што конь ужо мёртвы, Валя шмарганула за повад, які так і трымала ў руках. Зрабіўшы намаганне, паспрабавала вызваліцца. У нагу пекануў агонь і пацёк да сэрца. Валя ўсё-такі зноў тузанулася — раз, другі — і, зразумеўшы, — марна! — выхапіла з кабуры пісталет.

Праз бязладную пальбу пачула, як, ламаючы кусты, у лес кінуліся коні спадарожнікаў.

Потым усё сціхла, і Валя ўбачыла ардынарца, які поўз да яе па-пластунску. Але, калі яна шчакою адчула яго гарачае дыханне, у зыбкім тумане паказаліся постаці немцаў.

Ардынарац сарваў з пляча аўтамат і даў чаргу.

Пад кулямі яны ўсё ж далі рады назе і, адстрэльваючыся, пачалі адпаўзаць у лясны гушчар.

Караля знайшлі за ўрослым у зямлю валуном. Ён сядзеў ссутулены і перабіраў нейкія паперы ў планшэтцы.

— Ты застанешся тут і будзеш прыкрываць! — загадаў ён ардынарцу і ўжо на бягу дадаў, звяртаючыся да Валі: — У мяне дакументы, Верас! Ёсць і пра Мінск. Калі што — ратуй планшэт...

Кароль сігаў сажнёвымі крокамі. Крыссе шыняля ў яго развявалася, планшэтка біла па сцягну. Валя не адставала. Але ў тумане яны, мусіць, страцілі напрамак, пачалі рабіць круг, бо нечакана над галовамі зноў засвісталі кулі.

На шчасце, побач аказалася балота, зарослае карабатымі сасонкамі. Кароль кінуўся туды, і неўзабаве яны боўталіся ледзь не па пояс у тарфяным месіве.

Знясіленыя, спыніліся, адолеўшы метраў дзесяць. Прымасціліся ля сасонак — кожны пры сваёй.

Седзячы скручаным на купіне, Кароль быў падобны на шэрую мокрую птушку. Вузкі дзюбаты твар яго здаваўся таксама птушыным. Ён, відаць, упаў з каня, калі той рынуўся ў кусты — левая скроня і нос у яго былі падрапаны.

Пакуль беглі па лесе, валтузіліся ў балоце, холаду не адчувалі. Але, як толькі паселі на купінах, холад адразу напомніў аб сабе. Да таго ж страляніна аддалілася, і ўзрушанасць пачала спадаць. Стала відно: немцы наўрад ці адважацца прачэсваць балота, хіба толькі, калі з імі ёсць паліцаі, пагоняць іх. Аднак, мяркуючы па тым, як былі арганізаваны засада і пагоня, паліцаі ў аперацыі не ўдзельнічалі.

Вопратка прамокла, ліпла да цела, убірала ў сябе навакольную золь, як жалеза ўбірае мароз, лішак якога пасля можа нават выступіць шэранню. Сядзець прыходзілася скурчыўшыся, абняўшы калені рукамі, бо ногі раз-пораз спаўзалі з купіны. Дранцвела спіна. Чамусьці холад асабліва ціснуў на спіну і на плечы. Часам Валя ўставала і, трымаючыся рукамі за сасонку, пад нездаволеным позіркам Караля крыху разміналася.

Але праз гадзіну трываць усё роўна не стала сілы. Ажно цяжка зрабілася дыхаць.

— Давайце вылазіць на бераг, — прапанавала Валя. — Іх даўно, відаць, няма.

— На жаль, я адказваю не толькі за сябе, — прастуджаным, але рашучым шэптам адмовіўся Кароль. Ён амаль не варушыўся, толькі калі кашляў, здымаў шапку і хаваў у ёй твар. Яго стаічная вытрымка прымушала слухацца і ў той жа час пачынала раздражняць Валю.

— Тады давайце распалім маленькае цяпельца.

У тумане яго не ўбачаць.

— Га? Я ж сказаў табе...

— Як там з ардынарцам?

— Нервы, Верас. Гавары цішэй: у тумане вельмі далёка чуваць. А яшчэ будзе лепш, калі мы памаўчым...

Толькі пад вечар, зусім адубелыя, выбраліся яны з балота. І, калі б не сялянская падвода, якую напаткалі на ўзлессі, наўрад ці дацягнуліся б да брыгаднага лагера.

Начаваць Валя прыйшла ў зямлянку да Арыны. Ведала — там будзе цяплей, чым дзе. Былі і яшчэ прычыны.

Пасля таго як павесілі маці і дзядзьку, як расстралялі цётку Ганну з дзецьмі, прайшлі месяцы, і гора аддалілася, страціла вастрыню. А вось тут, пасля блуканняў, у прадчуванні хваробы, якую Валя ўжо насіла ў сабе, яна з колішняй сілаю адчула, што адна на свеце, і што ніхто не прыгалубіць, не спагадае ёй так, як Арына.

Пакрыўдзіў таксама Кароль. Чым? Сваімі бясстраснымі словамі пра Міхала Шарупіча, якога нібыта выкрасліў з ліку жывых або, прынамсі, тых, што існуюць для яго. Пакрыўдзіў сваёй вытрымкаю і маўчаннем, тым, што без крайняй, як здавалася, патрэбы загадаў ардынарцу прыкрываць іх. І калі ля ўрослага ў зямлю валуна Валя ўбачыла ардынарца мёртвым, яна ўжо не магла глядзець Каралю ў вочы. Такім чынам выходзіла, што, ідучы да Арыны як да лепшае сяброўкі, Валя нечым помсціла яму.

У зямлянцы сапраўды было цёпла, пахла свежавыпечаным хлебам. Свавольніца Лёдзя, калі Валя ў знямозе прысела на нары, адразу палезла ёй на ўлонне, але Арына, прыгледзеўшыся, раптам спалохалася:

— Божухны мае! Што з табою, Валечка? Ты ж як выкручаная ўся!

— Мусіць, прастыла, — прызналася Валя.

— Вось горачка!..

Яна некуды збегала і, вярнуўшыся з пляшачкаю першаку, загадала Валі распранацца. Выправадзіўшы сына да разведчыкаў, закасала рукавы, палажыла Валю на нары і пачала расціраць ёй плечы, спіну, ногі. Арына была старэйшая не так ужо намнога, але цяпер Валі здалося: гэта маці ратуе яе — такія спрактыкаваныя былі ў яе рукі, столькі гаючага жадання і непакою ў яе рухах. А можа, гэтае адчуванне нарадзілася таму, што самае лепшае чалавек звязвае з маці. Тым больш у бядзе.

Назаўтра Арына прывяла атраднага ўрача Аскоцкага, нядаўна прывезенага ў брыгаду з мястэчка. Малады, круглашчокі, ён сур’ёзна, але з іранічнай зычлівасцю загадаў Валі распрануцца і доўга ціскаў, мацаў яе, пунсовую ад сораму. А потым, відаць, не заўважаючы яе разгубленасці, з выглядам знаўца чалавечых слабасцей рэзюміраваў:

— Самі вінаваты, зразумела. Але падстаў баяцца няма. Ад такога не паміраюць. Наадварот, гэта можа вызваліць вас ад многага. Разумееце? Распараджайцеся сабою, маўляў, як хоча душа і цела.

Не папраўляючы сарочкі, Валя хуценька нацягнула на сябе коўдру да падбародка і пакутліва ўсміхнулася — словы Аскоцкага здаліся бястактным жартам.

Аднак, калі яна бадай што ачуняла, Арыне з дзецьмі нечакана прапанавалі ляцець на Вялікую зямлю. Трэба было зноў аставацца адной, і страх раптам апанаваў Валю, як малую: «Госпадзі, няўжо праўда?»

І як ні прасіла яе Арына ляжаць, Валя знарок, нібы выпрабоўваючы сябе, паднялася, правяла іх да падводы і нават падсадзіла Лёдзю на калёсы. Сціскаючы дзяўчынку ў абдымках, цалуючы ў скроні, у шыйку, пажадала:

— Шчаслівай вам дарогі. Няхай усё добранька будзе. А таварышу Міхалу прывітанне перадайце. Скажыце, што мы тут верым у яго...

— Дзякую, Валечка, — сілячыся быць вясёлай, падзякавала Арына, але не стрымалася: — Ты ўсё-такі глядзі за сабою. Не дай бог, яшчэ застудзішся. Тады напраўду абяздоліш сябе...

— Толькі і бяды, — запярэчыла Валя, зусім, вядома, не думаючы, што пазней з жахам успомніць Арыніны словы.

 

 

4

 

Устала Валя першая. Думаючы — муж спіць, асцярожна намацала нагамі тапачкі і, прытрымліваючы даўгую начную сарочку, быццам ішла па вадзе, на пальчыках падалася ў ванную. За шумам вады не пачула, як Васіль Пятровіч хадзіў па пакоях. І калі паружавелая, прычасаная выйшла з ваннага пакоя, убачыла яго на кухні — ён распальваў газавую пліту.

— Добрай раніцы, — павітаўся, блізарука жмурачы вочы. — Як спалася?

— Нішто, — адказала Валя, разумеючы — ён наўмысна робіць выгляд, што забыў нядаўняе. Каб паказаць, што і сама не надае размоўцы вялікага значэння, спыталася: — Чаму не рабіў зарадкі? Хочаш — я напяку табе аладак? Якраз смятана ёсць.

— Не трэба, — адвярнуўся ён.

— Чаму? Ты ж любіш.

— Вып’ю чаю і пайду. Учора я не казаў табе, у мяне чарговы сюрпрыз — на доме па вуліцы Энгельса абваліліся карнізы і апоры балконаў.

Васіль Пятровіч вымавіў гэта іранічна, але Валя бачыла: ён у клопатах, чакае непрыемнасцей і як бы злараднічае з іх. Адчуваючы сябе вінаватаю, яна многае даравала яму, старалася не заўважаць.

— А пры чым тут ты? — па прывычцы паспрабавала супакоіць яго. — Няхай у будаўнікоў галовы баляць.

— Дапусцім. Але, па-першае, Дзяржбуд лютуе. На нарадзе забаранілі тынкаваць фасады... Па-другое, я гэты злашчасны дом рэкамендаваў паўтарыць. І, па-трэцяе, у людзей апоры трымаюць балконы. А ў нас...

— Тады хоць спытайся, як мае справы.

— Даруй, у мяне прыёмны дзень. Там, мабыць, тэлефон разваліўся ад званкоў... Хочаш — парадую?

Гэта быў іх сямейны жарт, і азначаў ён, што Васіль Пятровіч сабраўся паведаміць якую-небудзь нечаканую або прыкрую навіну. Але ёй чамусьці здалося, што ён намысліў сказаць нешта добрае пра яе «Перамогу» — пачуў размову сваіх супрацоўнікаў або нехта з наведвальнікаў пахваліў кнігу.

— Вельмі хачу, — адказала яна.

— Вашага Каверына аднагалосна выбралі членам-карэспандэнтам...

Валі зрабілася прыкра. Але Васіль Пятровіч не заўважыў яе расчаравання, хутка паеў і, узяўшы ключы ад дзвярэй, пайшоў.

 

Выпагадзілася. На вуліцы было багата сонца. Усё выглядала па-ранішняму молада — дамы, вітрыны, ліпы. Асфальт на маставой палілі, і легкавыя машыны, з-пад шын якіх вырываліся пырскі, здаваліся вельмі імклівымі. Нават лабатыя тралейбусы сунуліся весела, адчуваючы лішнюю сілу.

Людзей аж кіпела. Тоўпіліся ля кіёскаў. Размахваючы партфелямі, сумкамі, крочылі па тратуары. Асцерагаючыся, каб іх не запырскалі машыны, паспешліва перабягалі цераз праспект. Многія, нецярпліва пазіраючы на вежавы гадзіннік, стаялі ў чарзе на тралейбусным прыпынку, праглядалі газеты.

Васіль Пятровіч любіў ранішні сумятлівы праспект. Любіў як нешта сваё, нялёгкае здабытае. Ён не быў удачлівы. Тое, што ў другіх рабілася само сабою, каштавала яму намаганняў. Абавязкова даводзілася хвалявацца, нешта пераадольваць. Не, часцей за ўсё ён дамагаўся свайго. Але перамогі даваліся цяжка, каштавалі нерваў, патрабавалі напружання душэўных сіл. Таму і радасць спачатку была атручаная і прыходзіла пазней, калі калатня забывалася, а здзейсненае цешыла вока.

Цяпер ён якраз падумаў пра гэта. Нарада ў Маскве дадасць клопатаў, і яшчэ цяжэй будзе стрымліваць шэрую ўбогасць, адціскаць яе ад цэнтра. Тым больш калі пад яе падводзіцца тэорыя. Некаторыя праз сваю стараннасць пачынаюць ганіць нават праспект: і тое не так і гэта не гэтак — састарэла. А праспект? Як быў, так і астаецца мілым. І не за які-небудзь гмах, помнік, а за ансамбль, святло, за тое, што тут лёгка дыхаць.

«Добра, што за небам ёсць яшчэ адно неба!..»

Было пятнаццаць на дзевятую. Значыцца, неўзабаве паявіцца Понтус — будзе адмяраць кварталы, перш чым сесці на тралейбус і ехаць у акадэмію. Пройдзе, не запавольваючы хады і, салютуючы па-піянерску, дакранецца да носа рубам далоні. Васіль Пятровіч таксама казырне, але настрой папсуецца, і думкі пойдуць ужо чорт ведае ў якім кірунку.

Ён заспяшаўся.

Але было позна — з-за рога Камсамольскай вуліцы паказаўся Понтус. Заўсміхаўся здаля, падняў рукі над галавою і сашчапіў іх у поціску. Быў ён у цёмных акулярах, залаціста-жоўтым берэце, у кароткім, такога ж колеру плашчы. Модны, нязвыклы выгляд крыху бянтэжыў яго самога, хоць, відаць, і падабаўся яму.

— Мусіць, тут не разамнеш ужо мазоль, — параўняўшыся, пагладзіў ёй жывот. — Бачыце, які вір? Ну, як паводзіцца?

— Пасрэдна, — неахвотна адказаў Васіль Пятровіч.

— Што сіе азначае? Самі пасярэдзіне, а па баках торбы? — зарагатаў Понтус, але, паправіўшы акуляры, пасур’ёзнеў: — Хаця адны балконы з карнізамі, канешне, могуць папсаваць кроў. А калі абмяркоўвалі, здаецца, прыкідвалі так і гэтак. Ведалі, архітэктура — мастацтва будаваць, а не маляваць.

Што гэта было? Жаданне паказаць, што вось Васіль Пятровіч некалі не пашкадаваў яго, а ён, Понтус, спачувае і гатовы ўзяць на сябе частку віны за колішнія пралікі? Адказу не прыходзіла. Дый Понтус даўно пайшоў з усімі на прымірэнне, заігрываў нават з бяскрыўдным Дымком. Варона, як вядома, садзіцца носам да ветру...

— Нічога, любіш катацца — любі і саначкі вазіць, — уздыхнуў Васіль Пятровіч.

Пачуўшы яго ўздых, Понтус паправіў берэт, акуляры.

— Кавалеўскі, перадавалі, ужо званіў, высвятляў. Як бо яго... Зорын мацюкаўся. Яно і зразумела — канферэнцыя не за гарамі.

— Зорын, вядома, пастараецца...

— Выгодна выкрываць учарашнія памылкі другіх. Балазе гэтым сябе можна апраўдаць. Дый капітал лягчэй, чым на іншым, нажыць. Работай — дудкі: час патрэбен, а тут раз — і аўтарытэт расце, і людзі баяцца. Бо што за дзеяч, калі яго не баяцца і ніхто ад яго не залежыць. А што свае часам трапляюцца пад руку, ну што ж, іх таксама біць можна... Як, цікава, з сынам парашылі, едзе?

— М-м...

— Алу ў свой час, прызнацца, я проста не пусціў.

— Але-э, — зноў падтакнуў Васіль Пятровіч, крыху здзіўлены, што Понтус усё ведае і так адкрыта гаворыць.

«Глядзі ты, як пасмялеў! А нядаўна ж апасаўся, недалюбліваў такое... Ці па звычцы сваім вальнадумствам прашчупвае?» — падумаў Васіль Пятровіч і чамусьці павесялеў.

 

 

5

 

Да пачатку прыёму аставалася цэлая гадзіна, а ў калідоры ўжо тоўпіліся наведвальнікі. Убачыўшы галоўнага архітэктара, расступіліся, рушылі следам. Ды верная Ніна, як заўсёды, ахайная, строга адзетая, падняла рукі і, хуценька прычыніўшы за сабою дзверы ў кабінет, стала да іх спінаю.

— Званілі ад Кавалеўскага, — паведаміла яна, калі Васіль Пятровіч сеў за стол, і прывычна паправіла саламянага колеру валасы, якія фарбавала перакіссю.

Усё-такі нешта незвычайнае праглядвалася ў яе абліччы, і Васіль Пятровіч заўважыў — валасы над ілбом былі цямнейшыя. Гэта рабіла старанна ўкладзеную прычоску падобнай на парык.

«Разам старэем, — з сумам адзначыў ён. — Нават нумар на руцэ перастала хаваць...» — І лагодна сказаў:

— Добра, Ніна Сямёнаўна. Пошту прынеслі? Дзякую.

Але яна марудзіла.

— Тут Віктар Жыжаль хоча вас бачыць. Прыходзіць ужо другі раз. Гэта сын таго... Сердзюка. Казаў, паткнуўся быў у акадэмію, а там — заслон цэлы знайшоў.

Васіль Пятровіч змоўчаў, узяў тэлефонную трубку. Паставіў зручней апарат і набраў нумар сакратара гаркома. Яму не адказалі. Тады ён пазваніў па «вяртушцы». Дачакаўшыся, калі Кавалеўскі возьме трубку, назваў сябе.

Кавалеўскі з некім размаўляў і загаварыў у трубку не адразу, а з хвіліну, відаць, трымаў яе ў руцэ.

— Я слухаю, — нарэшце адгукнуўся ён. — Юркевіч?

— Так... Я...

І па тым, як змяніўся яго голас, Васіль Пятровіч адчуў: Понтус мала чаго перабольшваў.

— Ты разумееш, як гэта прыкра? — непрыхільна спытаўся Кавалеўскі. — Зорын патрабуе аддаць вінаватых пад суд. Мы ж разгортваем барацьбу за якасць. Няўжо так усюды?

— Сумняваюся, — пастараўся спакойна прамовіць Васіль Пятровіч.

— Дамоўся з будаўнікамі. Пакуль няма ахвяр, каб усе фінціклюшкі на гэтым доме і яго дублёрах к чорту! Сёння ж уночы!

— Будзе зроблена.

— Ты вывады, калі ласка, зрабі!.. — і кінуў трубку.

Дробных непрыемнасцей хапала заўсёды. Але гэтая была зусім не ў час. Нібыта нехта назнарок падсунуў яе, каб расстроіць, даць лішні козыр праціўнікам.

І што за дзіва? Ужо год дванаццаць назад ён сам разнёс ушчэнт пампезныя опусы Понтуса. Выкрываў перш за ўсё таму, што карысць і прыгажосць у іх прыйшлі ў супярэчлівасць. Ведаў: гэта не мастацтва, бо ў ім няма любві да чалавека. Праўда, спачатку здавалася : гэта — проста безгустоўнасць, мяшчанская пыха людзей, якія сіліліся пракрычаць аб сабе. Можа — неадпаведнасць паміж іхнімі здольнасцямі і пастаўленай задачаю. Але ж потым ісціна раскрылася паўней — мастацтва ствараюць не толькі людзі, а і час. І падабаецца гэта ці не, архітэктура найбольш падуладна яму...

Але як здарылася, што ён, чалавек, якому тады нямала выпала перацярпець, сам апынуўся ў цянётах часу?

Няўжо такое цішком пранікла ў натуру і жыве непрыкметна?

Чаго яму не стае?

Вунь Понтусу ўсё бы з гуся вада. Ідзе па жыцці размераным крокам, не вельмі радуючыся поспехам і не звяртаючы асаблівай увагі на няўдачы. Ён як бы вышэй за іх. І хоць наўрад ці ведае нешта сваё, здаецца: у яго ёсць мэта, якая страхуе, падказвае, як і што рабіць. Яго і крытыка турбуе толькі калі, так сказаць, ляжыць у плоскасці якога-небудзь апошняга рашэння. Маральны фактар, думкі людзей тут маюць найменшае значэнне. Важна іншае — каб твая лінія паводзін не была афіцыйна асуджана, каб правіннасць, блізкая да тваёй, не фігуравала ў афіцыйным дакуменце.

Калі ў пяцьдзесят шостым яго знялі, думалася: Понтус кончаны. Ды не — аказалася, што да таго часу ён напісаў кандыдацкую дысертацыю, і перад ім адчыніліся дзверы ў навуку. Кіраўнік з яго не атрымаўся, гэта праўда. Але хто сказаў, што не атрымаецца вучоны? Сама акалічнасць, што, будучы кіраўнічым работнікам, ён займаўся навуковай працаю, сведчыла аб яго схільнасцях, імкненнях.

Дый дысертацыю Понтус абараніў вельмі гладка — апаненты былі з Масквы, вучоны савет прыняў рашэнне аднагалосна, ВАК зацвердзіў без затрымкі. А ранейшая пасада? Яна падтрымлівала прэстыж — вунь як высока лётаў чалавек! Понтусаўская ж вытрымка, хватка яшчэ больш мацавалі веру. Былыя памылкі абсыпаліся з яго, не пакінуўшы следу. Ва ўсякім разе, іх як бы пахавалі. І калі хто-небудзь успамінае пра былое, Понтус просіць засцерагчы яго ад крытыканства...

А вось ён, Васіль Пятровіч, заўсёды астаецца самім сабой і не здольны выкрасліць з мінулага тое, што хацелася б выкрасліць. І хоць глядзіць жыццю прама ў вочы, але так, быццам асабіста вінаваты ва ўсіх яго хібах.

Васіль Пятровіч націснуў кнопку званка і, калі ўвайшла Ніна, распарадзіўся знайсці дакументацыю на злашчасны дом. Было жаданне таксама спаслацца на мінулае.

— І Жыжаля папрасіце зайсці! — кінуў ён услед, як бы просячы прабачэння за сваю папярэднюю дыпламатычную ўвішнасць.

У дзвярах са скруткам ватману паказаўся Віктар Жыжаль — высокі, стройны, крыху збянтэжаны. Але збянтэжанасць у яго была нейкая асаблівая — яна ішла хутчэй ад маладосці, ад таго, што ён некалі вынес з сям’і, што выхоўвалі ў ім увагаю, пяшчотамі, высокім словам. У той жа час яна ўжо суіснавала з незалежнасцю, з вераю ў сябе, як бы з’яўлялася водсветам збянтэжанасці, якую ён адчуў бы ў такой сітуацыі раней.

— Я хацеў, каб вы паглядзелі мае накіды, — пачаў ён ад парога, аблізваючы прыгожыя, яркія губы.

— Навошта? — не зусім сур’ёзна спытаўся Васіль Пятровіч, адчуваючы, што і за гэтай прыстойнасцю хаваецца далёкае ад просьбы.

— У мяне няма іншага спосабу абнародаваць... Усе зыходзяцца на тым, што нашы мікрараёны недасканалыя. Але нічога зрабіць не могуць. Мне здаецца, я ў больш выгадным становішчы. Прынамсі, псіхалагічна. Я ведаю, чаго мне хочацца. І цяжкасці, па-мойму, толькі ў пошуках дасканалага.

— А можа яно быць такім? — трошкі разгубіўся Васіль Пятровіч.

— А вось паглядзіце. Тут хоць не забыты маштаб, аб’ёмы, стылёвае адзінства, без яго, як вядома, архітэктуры няма.

Ён сеў за маленькі столік для наведвальнікаў, прыстаўлены да пісьмовага, і разгарнуў скрутак.

На ватмане былі малюнкі і чарцяжы дамоў — высокіх, крылатых, адкрытых сонцу. Яны здзіўлялі нечаканымі рашэннямі, прапорцыямі. Аднак нарада ў Маскве, непрыемнасці, што абрушыліся на галаву, размова з Кавалеўскім не далі Васілю Пятровічу высказаць, што ўскалыхнулася ў душы. Перашкаджалі і гэты вялікі, з масіўным прыладкам, пісьмовы стол, што аддзяляў Віктара, і яго самаўпэўненасць. Дый наогул Васіль Пятровіч раней не вылучаў Віктара. Пэўна таму, што той таксама мала звяртаў на яго ўвагі, а значыць, і не надта паважаў.

— Вам ясна, што Дзяржбуд рэгламентуе кожную дробязь? — падбіраючы словы, спытаўся ён.

— Чуў, вядома. Але Фрэнк Райт гаварыў, што абмежаванні заўсёды былі лепшымі сябрамі архітэктара.

Віктар сцепануў лапаткамі. Адкрыта ўсміхнуўся і, паказваючы, што яму не трэба размовы, якая, у лепшым выпадку, як відаць, далей спачування не пойдзе, пачаў збіраць малюнкі.

— Я бяруся давесці, — з прыціскам усё-такі закончыў ён, — што мае дамы... не, што Шастаковіч і бездары карыстаюцца аднымі і тымі ж нотнымі знакамі. І наогул, што архітэктура выйграла б, каб ёй займаліся толькі спецыялісты.

Нечым далёкім, сваім дыхнула на Васіля Пятровіча. Падумалася: за словамі Віктара не адна самаўпэўненасць, ён адчувае прыгожае, хоць, хутчэй за ўсё, не ведае яшчэ яго граніцы. І, бачачы — насуплены Віктар збіраецца ісці, Васіль Пятровіч нечакана для самога сябе зміласцівіўся:

— Пачакайце, Жыжаль. Гарачка тут наўрад ці паможа. На падыходзе будаўніцтва аднаго інстытуцкага корпуса. І дзе наша не прападала, падбірайце групу. Шэф там маштабны, з усімі навуковымі званнямі... Валахановіч. Чулі, відаць? Паможа і матэрыялы выбіць...

 

У канцы рабочага дня Кавалеўскі пазваніў сам. Падзьмуўшы ў трубку, іранічна пацікавіўся:

— Ну як, галоўны, зрабіў што з фінціклюшкамі?

— Так, — коратка адказаў Васіль Пятровіч. — Але мушу ўсё-такі далажыць, што той дом праектаваўся даўно. Яшчэ ў саракавых гадах.

— Гэта, па-твойму, важна?

— Вельмі.

Кавалеўскі ўцягнуў паветра носам і хмыкнуў таксама праз нос.

— Але мы з табой працавалі і тады... І ніхто, помніцца, не прымушаў нас ісці на падобныя штучкі.

— Размову пра гэта цяжка весці па тэлефоне. Горад будую не адзін я...

Спрэчка ўскладняла справу — іронія Кавалеўскага рабілася жорсткая. Дый Васіль Пятровіч ужо ведаў: справядлівасць наўрад ці існуе па-за людзьмі. Аднак крыўдная думка: «Мусіць, сапраўды надумаў адмежавацца перад канферэнцыяй!» — не дала яму пагадзіцца з Кавалеўскім.

— Можна... м-м... адказваць, калі вырашаеш усё сам, — палез ён на ражон, спадзеючыся, аднак, што той усё-такі зразумее яго і возьме пад увагу не так ягоныя словы, як імкненне астацца паслядоўным.

Кавалеўскі нечакана засмяяўся.

— Ну добра... Бывае, калі хочацца з усімі пасварыцца і ўсіх зрабіць ворагамі. Помніш, у Лермантава: «А он, мятежный, просит бури...»? У мяне вось таварыш па вайне сядзіць. Не знаёмы — Шарупіч? Таксама з адпетых. Дабіваецца справядлівага слова наконт дваццацігадовай даўнасці. Кажа, што кожнай барацьбе патрэбны надзейныя тылы. Я яму павышэнне прапаную, а ён і слухаць не жадае. Кажа, з цяперашняга месца яму зручней мець з намі справу і на падзеі рэагаваць. Як бачыш, у кожнага сваё. А што датычыць упартасці, яна, вядома, не такая ўжо і паганая рыса. Але не горшая і абачлівасць, уменне браць аддругога добрае... Карацей кажучы, каму ком, каму два камы. Табе, галоўны, — два...

Нячутна, як умела толькі яна, увайшла Ніна. Калі стала поруч, быццам не дыхаючы, Васіль Пятровіч адчуў яе прысутнасць.

Па цішыні, што ўсталявалася ў суседніх пакоях, здагадаўся: супрацоўнікі ўжо разышліся.

— Вы затрымаецеся? — запыталася яна.

— Вядома.

— Тады я згатую чай...

Ён паважаў яе чыста жаночую гаспадарлівасць. У прыёмнай — абжыты парадак. У шафе — вешалкі для паліто. На стале, побач з машынкаю, — вазачка з кветкамі (пралескі, сон баравы — увесну, хрызантэмы — увосень). У кутку, на падстаўцы, — электрычная плітка, нікеліраваны чайнік.

Сям’я ў яе раскідалася, і пры Ніне асталася адна старая маці.

Яны дасюль наймаюць прыватную кватэру і падзарабляюць на вязанні, шыцці. Але ніяк ужо не верыцца, што калісьці Ніна заявілася ва ўпраўленне дагала астрыжаная, у юнраўскіх трантах, што віселі, бы на коліку. Як не верыцца, што і цяпер, вярнуўшыся з работы і наспех паеўшы, у злінялай паркалёвай сукенцы, — вяжа чужы пуловер. Наадварот, думаецца, што ўсё яе жыццё гэткае ж размеранае, поўнае самавітай годнасці.

— Пра дачку яшчэ нічога не чуваць? — каб увагаю аддзячыць за клопаты, пацікавіўся Васіль Пятровіч.

Але Ніна не пачула яго.

— Вы зусім не шануеце сябе... А тым, хто нападае, проста скажыце, няхай счакаюць пятнаццаць — дваццаць гадоў, а пасля хай прыйдуць і раскажуць, як будуць ацэнены іх уласныя творы.

— Я пра Надзейку пытаюся, — пачырванеў Васіль Пятровіч.

У дажджлівую восень сорак трэцяга Ніна з дачкою, якую нарадзіла ў мінскай турме, трапіла ў Асвенцім, дзе іх татуіравалі разам. Але, калі маці захварэла на тыфус, разлучылі — хворую адправілі ў рэвір. Там, як і ўсюды ў лагерных бальніцах, яе распранулі дагала, паклалі на вузкія нары, дзе ўпокат валяліся тыфозныя. А праз пяць дзён, што яна праляжала непрытомная, у час чарговай «селекцыі» выкінулі на двор, проста на студзеньскі снег, разам з трупамі. Ды, насуперак усяму, Ніна ачулася, падала голас, і незнаёмыя дзяўчаты схавалі яе ў сваім бараку...

— Пра Надзейку? — страпянулася яна і адразу страціла свой настаўніцкі тон. — Я, прызнацца, не ведаю нават, што яшчэ можна зрабіць... Бяда проста!..

— У «Голас Радзімы» напішыце, — параіў Васіль Пятровіч. — Ён ідзе за граніцу. Можа, хто адгукнецца з суайчыннікаў. Такія выпадкі, кажуць, здараліся.

 

 

6

 

З кабінета даносіліся галасы. Васілю Пятровічу менш за ўсё хацелася быць цяпер гаспадаром. Ён так стаміўся, а ўсё навокал здавалася такім заблытаным, што ні думаць, ні гаварыць пра што-небудзь сур’ёзнае не мог.

Павесіўшы капялюш на вешалку, сабраўся непрыкметна шмыгнуць у сталовую, але Валя пачула і спыталася:

— Гэта ты, Васіль?.. — І, здаецца, узрадавалася: — Вось дарэчы! Мяне знішчаюць ужо ў маім доме. Узнімалі-ўзнімалі, а цяпер топчуць.

У кабінеце на канапе сядзелі Ала — гэтым разам пышнавалосая, у квяцістым, гафрыраваным да самага дэкальтэ плацці, што ўваходзіла ў моду, і Каверын — лабасты, вясёлы, відаць, давольны сабою. Каля яго, на рагу пісьмовага стала, абапіраючыся наском туфля аб падлогу, прымасціўся русявы малады чалавек у пэнснэ, здаецца, Малевіч.

Ён нядбала гартаў Віале дэ Дзюка «Гутаркі пра архітэктуру» і стрымана ўсміхаўся не то са слоў Каверына, які пра нешта расказваў, не то з таго, што паспяваў прачытаць у кнізе.

— Людзі паўтараюцца. Зноў скардзіцца пачаў — грошай няма, — весела гаварыў Каверын, закідваючы нагу на нагу і абхватваючы калена белымі валасатымі рукамі. — Аж прыкра стала. А трыццаць сярэбранікаў, што атрымаў за рэцэнзію, пытаюся, хіба не грошы? Няхай хоць сам адчуе, што значыць злое слова.

— Пакрыўдзіўся? — на момант адарваўся ад кнігі Малевіч, і Васіля Пятровіча здзівіў яго голас — хлапечы, з прыхліпамі, быццам Малевічу не хапала паветра.

— Не, — выпнуў падбародак Каверын. — Выбраў іншае, — зарагатаў як у бочку.

— Мой муж, — сказала Валя Малевічу.

Той кінуў кнігу на стол, устаў, працягнуў руку і адразу запярэчыў Каверыну:

— Шмакаў не такі прасцяк і можа за сябе пастаяць. Таленавітая, беспакойная галава.

— Толькі не таму дасталася.

— Ну, як сказаць. Я от пісаў пра яго і напішу яшчэ. З дражджамі мужык. А школьныя ісціны, фіміям прававерным надакучылі, як рыцына. Вам, па сутнасці, перастаюць верыць.

— Хто? — чуць усміхнуўся Каверын, заківаўшы нагою.

— Не слухайце яго, — фамільярна прытрымала Каверына за руку Ала. — Ён лысее з макаўкі. Яму абсалютна не важна, праўда на вашым баку ці не. На Валі ж ён проста выпрабоўвае сябе. Захацелася ўскарабкацца яшчэ на прыступку вышэй.

Васіль Пятровіч прыгледзеўся. На макаўцы ў Малевіча прасвечвалася скура.

Але светлыя, зачасаныя назад валасы, вялікі лоб, шэрыя разумныя вочы, румянец на шчоках былі бадай што юначыя, і ўсё аблічча — адкрытае, натхнёнае — абуджала прыязнасць.

Малевіч заўважыў яго позірк, аднак значэння яму не надаў.

— Вы забываецеся, — сказаў ён, — што літаратура — свабодалюбівая штука. Яна шчырае самавыяўленне. І без гэтага паэзіі, а значыць, і праўды, цю-цю, не бывае.

— А мне заўсёды нечага не стае, — перасмыкнулася Валя, нібыта яе абдало холадам.— Літаратура, па-мойму, — народазнаўства, і яна пачынаецца там, дзе ты адкрываеш лёс народаў. Калі ў другіх пазнаеш сваё.

— Сентыменты! Табе проста тады няма чаго сказаць.

Каверын іранічна засмяяўся, але цяжка было зразумець — з чаго. Валя здзіўлена, бокам паглядзела на яго і, падышоўшы да мужа, які так і астаўся стаяць сярод кабінета, абаперлася яму на плячо.

— І гэта дало Шмакаву права занядбаць наша мінулае, тое, што я ўдзельніца падзей, пра якія пішу? — спыталася яна.

— Я не ўдзельнік, але перакананы, што сэнс гэтых падзей у іншым. Для цябе, скажам, забойства гаўляйтэра — подзвіг. Для мяне ж — праяўленне знаёмага погляду на людзей, як на шрубкі. Бо не было сакрэтам, што гітлераўцы на кроў адкажуць крывёю. Так яно і сталася. Узялі і шарахнулі Беламорскую вуліцу.

— Ну, знаеш!

— Або — ты пішаш пра партызанскі рух як пра ўсенародны. Аднак чаму тады ён не вылучыў буйных важакоў? Ці, можа, мы збяднелі на самародкі? Чаму ў тваёй «Перамозе» і паміну няма, што ў вайне ў нас загінуў кожны чацвёрты? І чаму ты абыходзіш жахі? Ці не таму, што ігнаруеш праўду, якая перашкодзіць табе выхоўваць?

Адчуваючы — спрэчка закране яго, міжволі пазіраючы на Алу, якая сядзела, шчыльна стуліўшы калені, Васіль Пятровіч не стрываў:

— Дапусцім. Але ж так атрымліваецца, што хаду падзей вызначае нечая воля. Людзі ж — так сабе, саўдзельнікі, выканаўцы. Захацеў нехта — ахвяраваў імі, захацеў — паслаў у наступленне і здабыў перамогу.

— Ды кіньце вы! — паправіла плацце Ала. — Нудота. Малевіча не перагаворыш. Яму не даюць спакою лаўры Пісарава, і ён, калі збіраецца куды, спецыяльна трэніруецца дома.

Яна прамовіла гэта насмешліва, не турбуючыся аб выніках, — як гавораць пра чалавека, якому зрабілі нямала добрага, але які пачаў дакучаць.

— Хвіліначку, Алачка! — упершыню звярнуўся да яе Малевіч, зразумеўшы, што, калі далей будзе ігнараваць Алу, гэта дарма не пройдзе.

— Ты сам пачакай. А калі такі праўдалюб, — не дала яна ўгаварыць сябе, — набярыся мужнасці і прызнайся ва ўсім, што тоіш ад нас. Ну, напрыклад, раскажы пры людзях што-колечы пра мяне і сябе. Або пра свае адносіны да жонкі.

Васіль Пятровіч зняў Валіну руку з пляча і, каб не глядзець на Алу вось так, стоячы насупраць, адышоў да дзвярэй.

— Лепей я скажу пра цябе, — здаўся Малевіч, хмурачыся і чырванеючы. — Ты самая незалежная і абаяльная жанчына ў горадзе. Я такіх браў бы на асобы ўлік як усенародны скарб. Досыць?..

Калі госці, адмовіўшыся ад чаю, пайшлі за адным скрыпам, Васіль Пятровіч, прыслухоўваючыся да іх крокаў на лесвіцы, недаўменна развёў рукамі.

— Нічога не разумею! Адкуль такая самаўпэўненасць, апломб? Нібыта ён усё бачыць наскрозь і глыбей. Быццам у кішэнях у яго ўсе эталоны. Ах, вам ісціну? Калі ласка! Ах, вам цікава, талент гэта ці не? Хвіліначку!

Валя паправіла яму валасы.

— Не сярдуй, Вася. Малевіч на хвалі. А раз цвіце чаромха, пахне толькі чаромхай. У яго сувязі. Калі хто-небудзь нешта скажа, ён ужо ў курсе. Каверын, які таксама ў фарватары падзей, недарэмна ўхіліўся ад спрэчкі. А яшчэ нядаўна ляпаў мяне па плячы: «Добрая кніга, я ім так і сказаў!» Горай, што Малевіч падазрае другіх у подленькіх разліках.

— Падазрае! — узарваўся Васіль Пятровіч. — Мне пачынае здавацца, што ўсё на свеце можна перакруціць, паставіць з ног на галаву.

— Хадзем сюды, — адчуваючы, як крыўда скоўвае грудзі, папрасіла Валя і, штурхнуўшы далоняй створчатую раму, расчыніла акно. Потым прымусіла мужа аблакаціцца на падаконнік і прымасцілася побач. — Глядзі, гэта ж наша з табой!

Унізе ў агнях шумеў праспект.

«Божа, што я ўсё-такі рабіў бы без яе?..» — падумаў Васіль Пятровіч.

 

 

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ

 

1

 

У закідах Малевіча была доля ісціны. Служыць народу — значыць, служыць часу. А час цяпер вымагае іншага, чым раней. Ён не баіцца самай суровай праўды. Яна патрэбна яму.

«А твае героі? Мая жонка і тая ўжо не верыць у падобных кап’яносцаў, — кінуў, адыходзячы, Малевіч. — Ты хоць бы боль народны паказала. Бо ў жыцці і мастацтве праўда адна...»

Праўда!.. Цяпер Валя, вядома, напісала б сваю «Перамогу» іначай — многае стала відней. Але, крый божа, каб яна каялася, што захаплялася мужнасцю людзей у вайне і сустракалася не з адным Каралём або Шмакавым. Гэта ж яе шчасце! Дый вайна для яе не толькі гадзіна жахаў, а і гадзіна гарэння, высокіх душэўных узлётаў...

І калі Малевіч узняў вакол «Перамогі» цэлую катавасію, у Валі, з яшчэ большай сілаю, ускалыхнулася жаданне сцвердзіць сваё. Няясныя, але ў нечым ужо дарагія вобразы зноў пачалі трывожыць яе, прыходзіць у сне. Жаданне-цяга сказаць пра іх добрае, чаго нельга было выкінуць з галавы, з чым раптам знітавалася душа, захапіла Валю.

Часцей другіх на памяць прыходзіў Міхал Шарупіч. Разважлівы, светлы таварыш Міхал, з якім сустракалася яшчэ ў ваенным Мінску, як палявалі з Алешкам на Шакала. Міхал уяўляўся ёй то ў знаёмай брамцы, калі рашаў, ці прапусціць Валю на падворак, бо яна — трэба ж! — пераблытала пароль. То ў наступную ноч, у час налёту нашай авіяцыі, калі з непакрытай галавою, узрушаны, бы ў малітве, стаяў на ганку, забыўшыся на небяспеку. То ў чысценькай святліцы, што мераў з канца ў канец, калі пасля першай няўдалай спробы схапіць Шакала Валя доўга не вярталася, а потым, зняможаная, з’явілася ў дзвярах... Як ён абняў яе!..

Што падкупала ў ім, прымушала слухаць і слухацца? Мусіць, яго справядлівасць, нейкая натуральная пераконанасць, прастата слоў і ўчынкаў. Гатоўнасць зрабіць усё, што трэба, самому.

Як даўно яны не бачыліся? Чаму? Гэта здалося неверагодным. Балазе стала ясна: Міхал з Арынаю патрэбны ёй і цяпер, калі цяжка, калі ў яе куча непрыемнасцей і як адказ на іх нешта спее.

Апрануўшы ў нядзелю любімы гарнітур, яна, як бы некаму на злосць, паехала ў пасёлак аўтазаводцаў — няхай перажытае хлыне ў сэрца.

Душою ўбіраючы далёкі гул завода, яна лёгка, хоць многае навокал змянілася, адшукала дом, пад’езд і з адчуваннем, што звоніць на колішнюю канспіратыўную кватэру, націснула кнопку званка.

 

Дзверы адчыніў сам гаспадар. Пазіраючы на яго вільготнымі вачыма, Валя ціха сказала:

— Мне патрэбна майстэрня таварыша Шарупіча.

Як і тады, не прапускаючы яе, Міхал з дакорам адказаў:

— Майстэрня тут. Ды вось, бачыце, таварыша няма. Быў і ўвесь выйшаў. Спадар, грамадзянка, спадар Шарупіч!

І абняў на парозе, у адчыненых дзвярах. А прычыніўшы іх, пачаў разглядаць, як разглядаюць дзяцей, якія здорава выраслі.

— Ух, як расцвіла, — захоплена вымавіў, не хаваючы радасці. — Нават сорамна, што абняў.

— А вы ані не змяніліся, — адказала яму такім жа добрым словам Валя.

— А што ты думаеш! Заўважаю, дзякуй богу, як час ідзе, больш па другіх. Ды яшчэ хіба па дрэвах, па горадзе. Арына кажа: «Жывецца, як вянок уецца». Хоць, вядома, гэта і не зусім так.

Ён сапраўды выглядаў моцным, дужым. Складкі-маршчыны, што пралягалі па твары, не так старылі яго, як выразней акрэслівалі твар. Нават сівізна, якая засерабрылася на скронях і вусах, здавалася, маладзіла Міхала.

Але гаварыць яму хацелася пра іншае.

— Ну, праходзь. Даўненька ты ў нас не была. Шкада — маці няма. Да Яўгена пабегла — ёй жа ўсім памагчы трэба. Во бедаваць будзе!

Валя адчула: Міхал увесь ва ўспамінах, рады не толькі ёй, а і таму мінуламу, якое яна прынесла з сабою. Здагадалася: у гэтым доме яно жыве, можа, і дагэтуль служыць меркаю цаны чалавека.

— Лёдзя! — пазваў ён. — Паглядзі, хто завітаў да нас!

Пакой быў прасторны, мэбля сучасная, ды Валі здалося, што яна зноў у колішняй, перагароджанай паркалёвай шторкаю, святліцы, у маленькім доміку Шарупічаў, куды праз вокны заглядалі галінкі шыпшыны і бэзавыя вочкі бабінага лета.

— У мяне цяпер штаб-кватэра, — пахваліўся Міхал. — Рэдкі дзень, каб хто з партызан не зайшоў. Просьбы, успаміны, скаргі. Нядаўна Барушка ваш і той прыходзіў. Прасіў засведчыць, што быў звязаны з намі. Нават Кароль — помніш яго? — завітаў. Сядзеў, чарку выпіў, спавядаўся. Праўда, да раны, як у нас кажуць, пакуль што не прыкладзеш. Але за мемуары сеў. А ён — барометр. Чаму б табе не напісаць, Валюша?

— Я сваё, таварыш Міхал, напісала.

— Чытаў. Правільна — адных вайна гартуе, у другіх абуджае самае паскуднае. Таму і страшна яна не аднымі ахвярамі ды разбурэннямі. Правільна і пра горад сказана, хай ведаюць! Але я пра ўспаміны кажу. Хай робяць сваё і як кніга, і як дакумент. Адным, хто варты, паможа аўтарытэт вярнуць, другім — кватэру атрымаць.

Міхалавы словы ўзрадавалі: ён па-свойму разгадаў замысел «Перамогі». Малевіч — не, а Міхал разгадаў. Але, каб схаваць радасць, Валя запярэчыла:

— Чым больш напішуць аб падполлі, тым лепш.

— О, не, Валюша, не-э! У нас, к прыкладу, усё з чысціні рабочага месца пачынаецца, з разумення, што твая праца прынясе карысць. А вунь адзін нядаўна кнігу выпусціў. Усё пад службовы ранжыр падогнана. За прапорцыямі сам сябе не пазнаеш. Ты чула слова — «заўзгаднялі»?

У дзвярах паказалася дзяўчына — загарэлая, у просценькай сукенцы, з важкай русай касою, перакінутай цераз плячо. Яна, відаць, мала цікавілася нечаканымі наведнікамі і прывыкла, што бацька, мітуслівы пры сябрах, знаёміць яе з імі.

— Гэта — Валя Верас, — сказаў Міхал, усміхаючыся госці і чакаючы, што дачка таксама ўзрадуецца. — Ты ж казала, што добра ўяўляеш яе.

Нешта страпянулася ў Лёдзі, яна хуткім рухам адкінула касу за спіну, з трывожнай цікавасцю паглядзела на Валю.

— Ну! — падагнаў іх Міхал. — Яна ў мяне, як хлапчук, паштовыя маркі і адкрыткі з кінаакцёрамі збірае...

Узрушанасць не дала Валі заўважыць, што Лёдзя вагаецца. Яна ўзяла дзяўчыну за плечы, прыцягнула да сябе.

Але па дотыку адчула: тая не прыпала, а толькі дазволіла Валі прытуліцца самой.

Колішнюю шуструю пястуху пазнаць, вядома, было ўжо нельга. Амаль не верылася, што гэтая стрыманая дзяўчына з тонка акрэсленым тварам, на які ад залацістых валасоў падае водсвет, — тая самая забаўная гарэза, што і школьніцаю любіла сядзець на чужых каленях і крывіць твар. І ўсё-такі, калі Валя прыгледзелася, знаёмае праступіла на Лёдзіным твары. Што гэта было? Мусіць, абрыс адкрытага лба, разлёт броваў, пераносіца, якую Лёдзя хмурыла і раней.

Гэта раптам адкрытае падабенства з той, ранейшай дзяўчынкаю, расчуліла Валю. Яна зноў парывіста абняла Лёдзю і, моргаючы, каб не заплакаць, пачала цалаваць яе.

Пацяплела і Лёдзя. Счакаўшы, калі стала льга, абвіла Валіну шыю і замерла, усхвалявана дыхаючы.

— Паверыш, яна можа сказаць, — умяшаўся Міхал, — як ты была апранута ў той дзень, калі з Алешкам на Нямізе пільнавалі бургамістра. Праўда, усё гэта не без матчынай дапамогі.

— Ну, якой жа, цікава, я табе ўяўлялася? — спытала Валя, чамусьці надаючы значэнне таму, што скажа Лёдзя.

— Мужнай, гордай... Вы ж потым сталі пісьменніцаю!

— А я проста была вельмі наіўнаю і зусім не думала пра сябе. Тады шмат хто быў такі.

Лёдзя як бы аддалілася.

— Наіўніца наўрад ці здолела б забіць бургамістра навідавоку ў немцаў.

— А вось ёсць такая неспрактыкаванасць... Калі верыцца, што табе ўсё пад сілу. Калі жывеш адным і, апрача яго, нічога не заўважаеш. Пераконана, што ўсё будзе так, як табе хочацца. Аднак, здаецца, ты мне не верыш або думаеш — я ў нечым змянілася? А калі па шчырасці, дык я і цяпер не супроць аставацца крыху наіўнай. Нават зайздрошчу сабе ранейшай. Было лягчэй і мне, і другім са мною...

Вочы ў Лёдзі павузелі.

— Ці не таму вы і разбілі чужую сям’ю?

Міхал сярдзіта крутнуў галавою.

— Што ты ведаеш, дачка, каб кідацца такімі словамі?

Валя чакала: Лёдзя зараз пойдзе, але тая адышла да акна, павярнулася да яго спінаю і, трымаючыся за край падаконніка, апусціла галаву. За акном сінела неба, зелянелі залітыя сонцам вяршаліны ліп на бульвары, і на іх фоне Лёдзя выглядала худзенькай, як падлетак. Але ў нахіле галавы, у тым, як яна трымалася за падаконнік — цвёрда, учэпіста, — адчувалася дзяўчына, якая ведае сваё.

Валя прыглушыла крыўду.

— Ты не зразумела мяне. Я ж не казала, што я святая. Аднак... калі, як ты кажаш, і прынесла каму гора, то не жадаючы...

— А хіба гэта не ўсё роўна, — гледзячы долу, нагою пашаравала падлогу Лёдзя. — Чалавеку, якога зрабілі няшчасным, ад гэтага не лягчэй. У вас ёсць дзеці? Няма? Вось бачыце!

 

 

2

 

Зноў дзеці!..

Мінулае жыве ў чалавеку як пракляцце або як гордасць. І гэта часам незалежна ад чалавека, ад яго месца ў падзеях.

Спачатку пра само паняцце «мінулае». Наўрад ці гэта ўсё, што папярэднічае сённяшняму дню. Каб перажытае стала мінулым, відаць, патрэбны рэзкі водападзел — тыя два схілы, па якіх ручаі і рэчкі бягуць у розных кірунках. Мусіць так. Ва ўсякім разе ў Валі, як і ў Міхала Шарупіча, мінулае было аддзелена ад сённяшняга дня гадамі — гэтым мінулым была вайна.

Валя ўсведамляла яе значнасць. Праз яе яна перажыла ўзлёты душы, якія, можа, ніколі не перажывала пасля. Ёй не было ў чым каяцца, не было ў чым дакараць сябе. Хіба толькі ў наіўнасці, як сама яна называла сваю бяздумную адданасць і веру ў тое, што іншых шляхоў, якімі б маглі больш шчасліва развівацца падзеі, няма. Яна зрабіла ў вайну ўсё, каб потым быць шчасліваю.

І ўсё-такі Валя праклінала той час. Праклінала за тое, што выпрабаванні засталі людзей знянацку. За ахвяры і кроў. За жывучасць таго, што не давала спакою, прымушала пакутаваць і цяпер.

Восеньскую блакаду, што насунулася, як толькі паехала Арына, Валя ненавідзела, як можна ненавідзець жывую істоту.

Прарвацца праз акружэнне разам з брыгадаю супрацоўнікам рэдакцыі не ўдалося. Баявыя заслоны, якія справа і злева прыкрывалі прарыў, якраз пачалі адступаць. Дый перадолець з падводамі апошнюю перашкоду — шашу — было ўжо нельга. Паласуючы фарамі ноч, да месца прарыву падыходзілі новыя і новыя танкі. Прычым, яны не так абстрэльвалі лес абапал дарогі, як самую шашу. Ратуючы друкарскі скарб, прыйшлося павярнуць коней назад і, б’ючы іх чым папала, імчаць у гушчар.

Як выявілася, компас мела адна Валя, і таму ў апраметнай лясной цемрадзі яна прыблізна ведала, куды адступаць. Нейкім чынам гэта адчулі ўсе, хто аказаўся паблізу, і праз колькі хвілін ля Валінай падводы ўжо крочылі партызаны.

Стрэлы рвалі цемру за спінаю, з бакоў. Ніхто не разумеў, што гэта — вядуць бой заслоны ці немцы, не чакаючы раніцы, прачэсваюць лес. Валі здавалася, што галоўнае цяпер — выратаваць неацэнны шрыфт, вярстаткі, валікі. Таму, як толькі над галовамі радзей сталі свістаць кулі, партызаны выслалі галаўную разведку, бакавую ахову і рушылі ў глыб лесу, трымаючыся купкаю і дружна памагаючы коням.

На золку, як след прыкмеціўшы месца, пад драхлым яловым вываратнем, закапалі друкарскі скарб. Але гэта было апошняе, што рабілі згодна. Партызаны аказаліся з розных атрадаў, рот, і, як часта, што ні галава, то розум. Адны прапаноўвалі дачакацца начы і па адным, па два прасачыцца праз акружэнне. Другія — знайсці схованку і перачакаць, калі нямецкія ланцугі мінуць тое месца. Трэція — забрацца як мага далей у лясныя нетры і адседзецца да канца блакады. Але кожны лічыў, што гуртам ратавацца цяжэй, і падначаліць іх пры такіх акалічнасцях мог старшы па званню або чалавек, які хоць бы ведаў іхнія прозвішчы.

Каля невялічкага вогнішча, якое расклалі ў ляшчэўніку, сярод выносістых елак, асталіся ўтраіх — Валя, рэдакцыйны паэт Аркадзь Шмакаў і наборшчык. Кавалак ялавічыны, што захапілі з сабою, пакідаючы абжытую друкарню на беразе дзікага возера, парэзалі на тонкія скрылікі, нанізалі на ражны і прыладзілі над агнём. Мяса сквірчэла, цямнела, ад яго ішоў смачны пах, і на душы рабілася не так трывожна.

Страляніны чуваць не было. Толькі часам далятаў ныючы гул — недзе кружыў самалёт, мяркуючы па гуку, «фоке-вульф» — «рама». У лесе ўсё выглядала мірным, сцішаным, асабліва арэшыны з каташкамі ды далёкія прасветліны паміж елак.

З гадамі нацыянальныя рысы чалавека праступаюць на твары ўсё выразней, але пажылы наборшчык — уцякач з мінскага гета — зусім не быў падобны на яўрэя. Таму, пакуль стваралі друкарню, яму не раз выпадала хадзіць у Мінск, у навакольныя вёскі сувязным, і ён цудоўна ведаў мясцовасць.

— Што будзем рабіць, дзядзька Якаў? — спыталася ў яго Валя, калі скрылікі падсохлі,— старшынство ўсё яшчэ аставалася за ёю.

— Пхэ, пойдзем на Пупок да Паліка, — амаль не задумваючыся, сказаў наборшчык. — Туды яны не дабяруцца, хоць і будуць дабірацца. Павер мне, Якаву...

Да маленькай выспы сярод неабсяжнага пабурэлага балота яны дапялі ўшчэнт змардаваныя, у твані. Зноў расклалі агонь пад елкаю. Халаднела, але нанач вогнішча пагасілі і спаць заваліліся ля гарачага прыску, на яловых лапках, шчыльна прытуліўшыся адно да аднаго.

Валя ляжала пасярэдзіне. Па адзін бок сцішыўся наборшчык — дыхаў роўна, хоць і не спаў. Па другі — Шмакаў, які нейкі час варочаўся, але, знайшоўшы зручную позу, праз хвіліну захроп — магутна, з клёкатам. На каго іншага Валя пакрыўдзілася б, а тут — не. Бязладнаму, абыякаваму да небяспекі Шмакаву, якога любілі за кампанейскі характар, за ўменне павесяліць вострым словам, даравалі многае. Ён абуджаў прыхільнасць нават сваім басам. Хударлявы, невялікага росту, Шмакаў гаварыў як у бочку. Гэта было так нечакана, што выклікала ўсмешку. Не верылася, што бас належыць яму, як і цяпер не верылася, што храпе ён.

Прачнулася Валя ад галасоў. Яшчэ не вывіднела, але яна ўбачыла сваіх таварышаў, цяпер вельмі дарагіх ёй. Смеючыся і адпіхваючы ад сябе наборшчыка, Шмакаў падкладаў ламачча ў вогнішча.

— Рана, Аркаша, — угаворваў наборшчык, стараючыся перашкодзіць яму. — Уй, засякуць, не абабрацца потым клопату. Хай развіднее.

— Не вякай, ваяка. Чорт не ўзяў — сабака не з’есць! — дурасліва бушаваў Шмакаў і вычвараў сваё. — Ты павер, сёння ж чацвер! Гандлёвы дзень, гэта табе не пень. Дзяўчынка народзіцца — добры хлопец некалі возьме. Хлопчык — калым будзе мець... Навошта мерзнуць. Дай душу пагрэю.

І хто ведае, можа, гэта шмакаўскае шалай-валай і каштавала наборшчыку жыцця. Калі ўзышло халоднае чырвонае сонца і з балота на выспу паплыў туман, прыляцеў «юнкерс» і скінуў бомбу. Усяго адну. Елкі навокал чорна-вогненнай варонкі адхіснуліся, дзве ўпалі. З імі ўпаў і наборшчык.

Яго смерць, акалічнасці яе зжагнулі Валю. Не стала слаўнага, добрага чалавека. Раптам, назаўсёды! І не было рыдлёўкі, каб пахаваць яго, прысыпаць зямлёю. Да таго ж, усё паўтарылася як той раз — былі ўтраіх, потым загінуў самы патрэбны, значыць — чакай новай бяды...

Пасля гэтага на выспу прыходзілі толькі начаваць. Днявалі ў алешніку, седзячы на купінах сярод перастаркаў-сухадрэвін, ля камлёў якіх буйна кусціліся парасткі.

На другі ці трэці дзень міма гужам прайшлі незнаёмыя партызаны. Грузнучы вышэй каленяў, згінаючыся пад цяжарам непатрэбнай, як здалося, зброі і цынкавых скрынак з патронамі, яны мясілі раску і балотную твань. Пляліся, як пад гару. Некаторыя волакам цягнулі за сабою кароўі шкуры і выглядалі такімі асуджанымі, што Валя не знайшла ў сабе сілы загаварыць з імі.

Але Шмакаў падхапіўся, пабег напярэймы, прынёс чутку: карнікі, каб знішчыць усіх, хто схаваўся ў балоце, збіраюцца пусціць газы.

Раніца прайшла ў трывожным чаканні, бо выхаду не было: на беразе балота, як паведамілі Шмакаву партызаны, раслі штабелі трупаў — з тых, што спрабавалі шукаць паратунку на сушы.

Пад поўдзень прыляцеў «фоке-вульф» і, як каршун, прыглядаючыся, што робіцца ўнізе, пачаў кружыць над балотам. З-за сухіх алешын і маладога парасніку яго відаць было кепска, але адчувалася: ён нешта наважыў. Нарэшце ў небе штосьці ўзарвалася.

«Усё, канец!.. — балюча пляснула сябе па каленцы Валя. — Як недарэчна гінем! Ай-яй-яй!..» І тут жа здагадалася: агітснарад! І запушчаны ён, хутчэй за ўсё, не з самалёта, а з узлеску, што ўдаваўся ў балота. Назіраючы, як матылямі апускаюцца лістоўкі, Валя скаланулася — ад агіды, ад лютай радасці: «Слабо, сволачы, слабо! Баіцёся, каб пасля самім не задыхнуцца ў сваіх норах. Слабо, сволачы!..»

І хто ведае, можа быць, гэта злая радасць, агіда, нянавісць і памаглі Валі вытрываць такое, чаго ніколі не вытрывала б пры іншых акалічнасцях.

Раніцою на выспе з’явіліся дзеці. Калі? Як? Не было — і раптам сядзяць непадалёк, цэлая чародка бялявых, рыжых, чарнявых навокал ссутуленай, з застыглым тварам жанчыны ў пуховай хустцы. Валя спачатку не паверыла — ці не сон? Толькі што прачыналася — і нікога не было, а тут — сядзяць. Падхапіўшыся, падышла да жанчыны, пазнала — настаўніца з цывільнага лагера. Некалі Міхал Шарупіч расказваў пра яе многа харошага.

— Як вы трапілі сюды? — захліпнулася ад спачування Валя.

Пазяхаючы, падняўся Шмакаў, з лянівай мужчынскай увагаю агледзеў жанчыну, ікнуў.

— Нехта кляне або ўспамінае, — прабасіў ён і, уцягнуўшы паветра, затрымаў яго.

— Мы былі на суседнім астраўку, — цярэбячы канцы хусткі, адказала настаўніца Валі. — Немцы кладкі туды вядуць. Дый адсюль бліжэй да Пятлянкі. Казалі, дзе ўпадае ў яе ручай, схаваны човен з аўсом стаіць.

— Але, на жаль, мы не коні, — сур’ёзна, як ён звычайна жартаваў, працягнуў Шмакаў.

— А мы ўжо. Аб адной вадзе сыты не будзеш... Адзін мой хлопчык, калі пачуў пра авёс, бляху з сабой стаў насіць, каб было на чым пражыць яго.

Чамусьці іней асядае ўначы. Наступнай раніцою дрэвы, кусты, бруснічнік — усё ўкрывала калматая шэрань. Хоць яловыя лапкі гэтым разам паклалі проста на гарачы прысак і самі ляглі ўпокат, усе прамёрзлі да касцей. Пасінелыя, з ашклелымі вачыма, дзеці дрыжалі і вінавата паглядалі на дарослых. Супакойвала толькі, што, калі ўначы быў іней, снег удзень не выпадзе. Але гэта была слабая ўцеха...

Увечары Валя раскатурхала Шмакава, які паспеў заснуць, і галавою падала знак — трэба ісці. Ён ахвотна ўсхапіўся, пацягнуўся, зрабіў некалькі прысяданняў — дзе застой, там плесня!

Добра, што была карта-кіламетроўка. Засеклі азімут і, развітаўшыся з настаўніцаю, рушылі ў дарогу — у балота. Пад месячыкавым святлом яно здавалася бяскрайнім і серабрылася. Мутна чарнелі адны «вокны».

Як яны знайшлі рэчку, човен, адкуль у іх браліся сілы, асталося сакрэтам для самой Валі. Рэчка і човень аказаліся за лініяй нямецкіх пастоў. І калі абвешаныя, як жабракі, торбамі, не могучы ўжо радавацца поспеху, яны выправіліся назад, іх заўважылі. У неба ўскінуліся ракеты. Мёртвае, зыркае святло заліло наваколле. Узняўшы фантанчыкі, побач пралапатала чарга. Давялося, ухапіўшыся рукамі за бляшаную, у шэрані, асаку, плюхнуцца ў ваду, а потым паўзці-плыць па твані і вадзе, не падымаючы галоў вышэй купін. І зноў асталося сакрэтам, чаму іх не забілі, як ім пашанцавала выбрацца з гэтага пекла і з парэзанымі аб асаку далонямі, абквэцанымі, потнымі ад бяссілля дабрацца да выспы, не кінуўшы торбаў.

Выходзілі з балота разам, неслі на руках найбольш аслабелых дзяцей. З хмарнага нізкага неба камякамі падаў снег. Кранаючыся чорных галінак сухадрэвін, бурай іржавай асакі, ён спачатку раставаў, але неўзабаве лёг на іх пушыстай беллю. Навокал пасвятлела. І ад таго, што ішоў снег, што наўкол усё было белае, кружылася галава і рабілася моташна.

Думак у Валі не было. Спыніўся час. Жыло адно тупое адчуванне бязмежнай стомленасці і волкай золі, што пранікала ў нутро. Адзервянелыя ногі, рукі, твар холаду не адчувалі. Ён быў у самой Валі, яна несла яго ў сабе.

Колькі яна магла так прайсці? Мабыць, яшчэ многа. Але калі яны, ужо без дзяцей і настаўніцы, якія асталіся на беразе балота, каровінай сцежкаю падышлі да хутара — абгароджанага жэрдкамі двара і ўбогай хаты, з коміна якой віўся дымок, Валя спынілася. А як спынілася — ужо не здолела ісці далей.

— У бакі водзіць, памажы, Аркадзь, — як літасці, папрасіла яна. — Ух, як холадна!..

— Ну, сабака, і нап’юся, калі дарвуся! — разухабіста па-свойму выказаў ёй спачуванне Шмакаў, які ўсю дарогу мармытаў нешта ў рыфму, і выцягнуў з-пад рэменя штаноў пісталет. — Мудра гэта выдумалі: вада — бяда...

Ён палажыў яе абмяклую руку сабе на плечы і павёў. А Валя ледзь перасоўваючы ногі, са страхам думала, як яна будзе без Арыны, і дзе тая Арына, ці пашанцавала хоць ёй. І яшчэ думалася: пэўна, зноў давядзецца звяртацца да Аскоцкага, у якога нейкія прагныя, зусім не лекарскія рукі і вочы. Праўда, хутчэй за ўсё, гэта ідзе ў яго ад веры ў сябе, у свае здольнасці, але мець з ім справу цяжка. І наогул — што за насланнё? Некалі, ратуючы лётчыка, яна, Валя, загубіла маці. А цяпер? Ці не здарыцца гэтак жа — памагла чужым дзецям, а сваіх...

«Сама вінавата!» — успамінала яна словы Аскоцкага.

 

 

3

 

Вяртаючыся ў тралейбусе дамоў, Валя зноў у думках перабрала чутае і ўбачанае ў Шарупічаў.

Міхал быў ветлівы, узрадаваўся, як сваёй. Пасля дзіўнай Лёдзінай выхадкі, здаецца, палагаднеў яшчэ больш. Пахваліўся, што з Кавалеўскім хадзіў у ЦК; намякаў, каб Валя чакала прыемных навін. Але і яго бянтэжыў Валін прыход. Ён нешта не дагаворваў, схіляў размову на мінулае і ні разу не спытаўся пра яе сямейнае жыццё. А калі называў прозвішча, дык толькі — Верас.

Падкрэсленай увагаю да Валі ён яўна ігнараваў Васіля Пятровіча. Бо не мог жа, сапраўды, не разумець, што яе нягоды ці радасці — побач з нягодамі і радасцямі мужа.

Тралейбус бег па Магілёўскай шашы — шырокай, забудаванай высокімі дамамі. Улева адыходзілі вуліцы новага мікрараёна — шэрыя, аднастайныя, пакуль што без дрэўцаў.

Ля выхада, тварам да Валі, сядзела жанчына з дачкою. Дзяўчынка была рыжая, кучаравая, як дзве кроплі вады падобная на маці. Яна бясконца тузала яе і, паказваючы кірпатым носікам то на адно, то на другое, усё пыталася: «А гэта што, ма?.. А гэта?..» Валя разглядала іх, а з галавы не выходзіла Лёдзя.

Людзі мяркуюць аб чалавеку па ўчынках, а не па словах, нават колішняя наіўнасць, у якой наўмысна прызналася Валя, мала чаго сказала Лёдзі. Яна проста не зразумела Валінага прызнання — той, хто глядзіць на жыццё праз ружовае шкло, часта аказваецца нячулым. Дый нікому так не помсціць жыццё, як людзям, аслепленым гатовымі ісцінамі.

Васіль Пятровіч ляжаў на тахце ў сталовай і чытаў «Правду».

— Свет бурліць, — сказаў ён, падымаючыся, і кінуў газету на стол. — Я амаль фізічна адчуваю, як сутыкаюцца сілы. Непрымірыма, ва ўсім.

— Угу, — згадзілася, каб толькі што-небудзь сказаць, Валя, праходзячы ў кабінет.

Васіль Пятровіч правёў яе позіркам.

— Ты што, не ў гуморы?

— Чаму? — у сваю чаргу спыталася яна, разглядаючы ў шыбах стэлажа свой пабляклы твар і праводзячы па ім пальцамі. — У тралейбусе толькі што вялі такую ж гаворку.

— І гэта засмуціла цябе?

— Па-мойму, людзей гняце няпэўнасць. Хто-ніхто насцярожыўся, другія гатовы ва ўсім бачыць найгоршае. Не завезлі ў магазін мукі — вайна. Забалела ў баку — рак.

— Ці не пакрыўдзілі цябе зноў?

Яны размаўлялі, не бачачы адно аднаго, але Валя не выйшла з кабінета і пасля яго пытання. А калі Васіль Пятровіч сам падышоў да яе, закрыла твар далонямі.

Што магла расказаць яна яму? Пра мукі апошніх дзён, пра надзеі, з якімі ішла да Шарупічаў? Пра абвінавачванне, якое кінула ёй Лёдзя? Або як назірала за дзяўчынкаю — вылітай маці, і за маці, якая можа глядзець на дачку бы ў люстэрка? Як ты скажаш, калі ўсё гэта такое жывое, што страшна дакрануцца, і так б’е па самалюбстве.

І ўсё-такі, калі Васіль Пятровіч прымусіў яе адняць ад твару далоні, Валя прызналася ў меншым:

— Я гаварыла табе пра Лёдзю Шарупіч. Цяпер яна ўжо дзяўчына. Са сваімі поглядамі. Па-мойму, не можа дараваць мне, што я — твая жонка. Пыталася, ці ёсць у нас дзеці... Што рабіць, Васіль? Я нібы вінаватая перад усімі. Бачу, як пакутуеш ты!.. А тут яшчэ на радыё знялі нават маё выступленне...

Ён сумеўся, падалікатнеў.

— Зразумей і мяне. Б’юць па справе — б’юць па мне. Жыжаль і той пры выпадку спрабуе задзець рыкашэтам. Успамінае свайго Райта, яго нянавісць да карнізаў. Райт, маўляў, узненавідзеў гэтую недарэчнасць, убачыўшы аднойчы катастрофу. А калі пабудаваў свой першы дом, радаваўся: «Глядзіце, над галавою больш неба!..»

— Я разумею! — З адчаем выгукнула Валя, прыціскаючы кулакі да шыі. — Але што рабіць? Я не магу жыць высмаленым дрэвам. Урачам і тым надакучыла... — І раптам, схапіўшы з пісьмовага стала прэспап’е, ударыла ім сябе ў грудзі. Ушчэнт разгубіўшыся, Васіль Пятровіч злавіў яе за рукі. Ды Валя вырвалася і, укленчыўшы, абхапіла яго ногі, прыпала да іх.

Гэта спалохала Васіля Пятровіча, можа быць, больш, чым выхадка з прэс-пап’е. Хуценька схіліўшыся, ён пачаў падымаць яе, цалуючы ў галаву і не ведаючы, як яшчэ выказаць спачуванне.

— Годзе, устань, — паўтараў ён і хінуў яе, падатлівую, да сябе. Потым узяў за падбародак, падняў твар і пацалаваў у вусны. І ўсё-такі Валін адчай, гатоўнасць служыць яму ўсім неяк прынізілі Валю і нешта аднялі ад яго павагі да яе: яна, аказваецца, у душы аставалася бабаю, няшчаснай бабаю.

— Хіба так можна? — упікаў ён, не знаходзячы больш цёплых слоў. — Давай, калі так, кінем усё к чортавай матары і рванём куды-небудзь за блізкі свет... на Карпаты! На Волгу! Недзе ж ёсць цішыня... Сустрэў пад гадзіннікавай вежай мужчыну — у брылі, у расхрыстанай куртцы, з рукзаком і спінінгам за спінай. Халявы ў гумавых ботах закасаў ніжэй каленяў. Як рыцар. Зайздросна аж стала...

— Не! — закруціла галавою Валя. — Не, ад сябе не ўцячэш, Вася! Думаеш, светлыя рэчкі для нас?..

Увечары яны глядзелі тэлеперадачы. Валя лягла на тахту, а Васіль Пятровіч сеў побач. Было тужліва, але верылася: усё выкіруецца да лепшага.

Якраз усталёўвалася мода на розныя клубы, віктарыны, дыскусіі, маладзёжныя кафэ — тэлебачанне шукала больш дзейсных форм. З аўтазаводскага Палаца культуры перадавалі рэпартаж аб пасяджэнні нейкага новага клуба.

У разгубленай, расстроенай Валі ўзнікла адчуванне — яна абавязкова ўбачыць Лёдзю. Пра што, цікава, скажа тая? Як будзе трымаць сябе?

— Добра ім, маладым, здаровым, — падавіла яна ўздых.

Васіль Пятровіч таксама думаў аб юнаках і дзяўчатах, якіх бачыў на экране, і адгукнуўся адразу:

— Але дрэнна, што маладосць не заслуга. — І ўстаў, каб прасвятліць экран.

— Усё адно...

— Зайздросціць можна дасканалейшаму, — з адчуваннем перавагі вырак ён. Сашчапіўшы рукі, вывернуў іх далонямі ўгору і пацягнуўся да хрусту ў касцях. — А лепшыя, што б там ні казалі, усё-такі мы.

— Чым?

— Хоць бы тым, што самаахвярна служым свайму часу. Гарым. Не баімся цяжкасцей.

— Сярод іх, Вася, не менш апантаных. А крывадушша, паказуху яны ненавідзяць мацней. Самаахвярная ж адданасць... яна асляпляе часам... Да таго ж, яны ўмеюць заўсёды быць самімі сабой. І ў бядзе, і ў радасці. Хоць і не ў ладах з цяжкасцямі.

Увагу Васіля Пятровіча на экране прыцягнула дзяўчына з касою на грудзях, і ён не адказаў. Дзяўчына ішла з глыбіны зала, і не прама да тэлекамеры, а лавіравала паміж кучкамі дзяўчат і хлопцаў, але было ўжо відаць: аператар сочыць іменна за ёю.

Падышоўшы да раяля, яна спынілася.

— Гэта — Лёдзя Шарупіч, — хрыплавата паведаміла Валя, па першых акордах пазнаючы песню «Ой, рэчанька, рэчанька».

«Чаму «Рэчанька»? — разгублена падумала Валя, і істота ў яе заныла ад тугі. — Лепшыя!.. У мяне сэрца пачынае балець ад радасці. Адвыкла... А я маўчу!»

 

 

4

 

«Ой, рэчанька, рэчанька, чаму ж ты няпоўная, з беражком няроўная?..»

 

На другі дзень у рэдакцыю «Звязды» прыйшоў ліст. Маладыя аўтазаводцы скардзіліся на начальніка ЖКА, які выдаў загад выселіць усіх сямейных з халасцяцкіх інтэрнатаў.

Падобныя выпадкі ўжо бывалі раней, і Валю, якая не парывала сувязі з газетаю, папрасілі выступіць з артыкулам-адказам.

Шчыра кажучы, Валі было не да гэтага. Напярэдадні Каверын, ніякавата тручы лабаціну, даў ёй прачытаць рукапіс артыкула аб «Перамозе». У ім крытык Ахайла абураўся на сам факт існавання аповесці. «Не бяры да сэрца і будзь вышэй, — паспачуваў Каверын. — Хай пакрычыць. Так бывае, калі прарэзваюцца зубы». Ён толькі што апублікаваў новую паэму, ад якой Валя была ў захапленні, і спрачацца з ім не паварочваўся язык. Аднак яна ўсё ж запярэчыла: «Хто будзе пратэставаць, калі крытыка непрадузятая! Але навошта патураць групаўшчыне?» — «Святая наіўнасць! — ужо крыху адчужана здзівіўся Каверын. — А хто заступае дарогу моладзі?»

Было адчуванне, што яе аддаюць у ахвяру нейкай сітуацыі і аддаюць свядома. Гэта абражала. «Калі так, то навошта звяртаецеся да мяне?..» Але калі Валя даведалася, што сярод аўтазаводцаў, якія падпісалі ліст, значыцца «Л. Шарупіч», яна прымусіла сябе згадзіцца... Дый наогул яна не магла зрабіць інакш.

Зайшоўшы ў інтэрнат, потым у партком аўтазавода, Валя папрасіла заказаць пропуск і праз колькі хвілін, слухаючы заводскі грукат і гул, ужо ішла па асфальтаваных прысадах. Ёй растлумачылі, як трапіць у цэх коўкага чыгуну, але знайсці яго аказалася нялёгка, хоць на заводзе Валя бывала не раз і апошні нядаўна — калі праходзіла дэкада латышскай літаратуры. Добра, што памог чубаты ўхвацісты хлопец у кепцы, надзетай назад казырком.

Моўчкі шыбуючы поруч, ён давёў яе да шырокіх, насцеж расчыненых дзвярэй і паказаў пальцам:

— Вунь, на вялікім канвееры. Бачыце? У чырвонай касынцы.

Стаўшы ў пралёце ля сцяны, каб не замінаць аўтакарам, Валя пачала чакаць, калі Лёдзя сама зверне на яе ўвагу.

Фармовачныя машыны стракаталі хапатліва, нібыта даганяючы адна адну. Па чарзе праз пэўны час заміралі, і тады апока з гатовай формаю паслухмяна скочвалася на стужку канвеера — якраз калі папярэдняя давала ёй месца. У чырвонай хустцы, у сінім камбінезоне, які аблягаў стан, Лёдзя працавала на зборцы. Рабіла сваё з уважлівай годнасцю — дакладная, скупая ў рухах. І было ўсё-такі дзіўна, як яна ўпраўляецца за канвеерам.

У абедзенны перапынак яны выйшлі з цэха.

— Стамілася? — спытала Валя, зазіраючы ў стрыманы Лёдзін твар.

Тая павярнула руку далоняй угору і пачала перабіраць пальцы.

— Няўжо ты не заўважыла мяне раней?.. Расскажы, што атрымалася ў вас з маладажонамі.

— Мы напісалі пра гэта.

— Мне трэба пачуць ад цябе.

Каб паказаць: яна не асабліва давярае гэтай размове, Лёдзя абыякава нагнулася, падняла з зямлі ржавую гайку.

— Ну... па сутнасці, іх выганяюць на вуліцу! — і раптам аж перасмыкнулася, шпурнула гайку далёка ад сябе. — А куды ім дзявацца? З дзецьмі на кватэру ніхто не пускае. Ды калі б і злітаваліся, трэба, каб па дванаццаць метраў на душу прыпадала. А ў каго ёсць такія хароміны? Вам колькі было, калі выходзілі замуж?

— Многа, — паспрабавала пажартаваць Валя.

— Але не больш чым нашым дзяўчатам.

— Тады трэба было думаць калектыўна.

— А вы самі паспрабуйце! У чаргу на кватэру не запісваюць. Ажаніцца, як бачыце, таксама не маеш права... Учора прыцемкам да прыяцелькі зайшла, а яна стаіць ля ложка з заплюшчанымі вачыма. І гэта з тых, хто не дужа ганяецца за «чалавечымі ўмовамі» і на канвееры аўтамат замяняе... Вам выпадала так стаяць у цемры... Аб зялёным другу нябось пішам ды пішам...

Свяціла сонца, але нечакана сыпануў дождж — спорны, з ветрам.

Пераадольваючы адчужанасць, Лёдзя ўзяла Валю за руку і пацягнула пад дах.

Блізка-блізка, адна над другою, замігцелі ясныя, чыстыя вясёлкі. Тая, што была вышэй, апісаўшы прыгожую дугу, упіралася проста ў дах корпуса, што стаяў насупроць. Другая ж спускалася яшчэ ніжэй, да самай зямлі. Вецер ахапкамі кідаў дождж, зямля дымілася ад пырскаў, і вясёлка дарожкаю слалася пад самыя ногі.

Ды так было нядоўга. Спачатку знікла дарожка, а потым — і сама вясёлка, што спускалася да зямлі.

Лёдзя кінула быстры позірк на неба, выцягнула руку далоняй угору і выйшла з-пад даху.

— Вы сапраўды нічога не ведаеце ці прыкідваецеся? — неспадзеўкі спыталася яна з выклікам, але апускаючы вочы.

— Даю слова!..

— Ну, дык вось... Я чакала ад вашага Юркі дзіця... Кахала, спадзявалася. Думала, людзі ёсць людзі і з усімі можна жыць, сябраваць, вадзіцца.

Валю ўразіла Лёдзіна прызнанне — усё ў ім, і жорсткасць, і поўная адкрытасць, на якую сама Валя наўрад ці была здольная.

Яна міжволі зірнула на яе жывот. Здагадалася, чаму Лёдзя спытала тады пра дзяцей.

Тая пераняла позірк, калупнуўшы наском чорную мокрую зямлю, ухмыльнулася і, як гэта робяць жанчыны, прыкрыла жывот рукою. Але адразу, незадаволеная сабою, адвяла руку.

— Я ўяўляю, што за жыццё было ў вашага мужа з Верай Антонаўнай. Там ясна. Але як маглі вы? Я ж гатова была маліцца на вас!

— Ну гавары, гавары! — ужо загадала Валя. — Аднак будзь справядлівай і май на ўвазе, што табе лёгка памыліцца...

— Няхай! Лепей памыліцца, чым хлусіць! Мне агідны чалавечыя пакуты. Я прысягнула, што мірыцца з імі не буду... Агідны людзі, якія прыносяць іх!

— Мы з Васілём Пятровічам кахалі і кахаем адно аднаго. Ці, можа, ты лічыш, было б справядлівей, каб няшчаснымі асталіся і мы?

— Так усё можна апраўдаць!

— Ты адказвай.

— Тады пакутавалі б вы адны, і гора не перадавалася б як эстафетная палачка...

Лёдзя абурала сваёй упартасцю, нейкім рацыяналістычным падыходам да самага інтымнага. І ўсё-такі яе не хацелася адкінуць, закрэсліць для сябе. І, хто ведае, можа, перад усім таму, што Валя пазнавала ў ёй сябе — колішнюю.

Праўда, Лёдзя была больш складаная, у ёй было больш самастойнасці, — можа быць, нават злой самастойнасці. Паспытаўшы гора, зненавідзеўшы яго, яна падазрона ставілася да ўсяго і яўна не хацела нічога прымаць на веру. Нават, як і Малевіч, бунтавала супроць гэтае веры, старалася па-свойму пераацаніць ужо ацэненае.

Абурала таксама Лёдзіна пераконанасць, што толькі яна мае рацыю і наўрад ці ёсць суддзя, вышэйшы за яе. А галоўнае — яна не асабліва слухала абвінавачанага, не вельмі імкнулася зразумець яго...

І хто пакрыўдзіў яе?

Хто прымусіў бунтаваць? Юрка! Сын Васіля Пятровіча, Валін пасынак!..

Нарадзілася недарэчная думка — ці не кара гэта? Яна так апанавала Валю, што гняла ўсю дарогу, пакуль ішла да заводакіраўніцтва, сядзела ў паліклініцы, а потым вярталася дамоў.

Каля кафэ «Вясна» тоўпілася кампанія юнакоў. У джынсах, у стракатых, адзетых навыпуск, каўбойках, яны незалежна, хоць ведалі — звяртаюць увагу, перакідваліся словамі і гагаталі. Двое з іх, пружыніста падскокваючы на насках, баксіравалі. Адзін жа стаяў у чырвонай будачцы аўтамата і, прыціснуўшы тэлефонную трубку шчакою да пляча, гразіў кулаком тым, што біліся.

Якраз па гэтай дураслівай паставе і жэстах Валя пазнала Юрку. Ён таксама заўважыў яе, бо адразу ўзяў трубку ў руку, зрабіўся сур’ёзны.

Але сіл было так мала, што Валя не знайшла ў сябе рашучасці падысці да пасынка.

 

 

5

 

Ля свайго пад’езда Валя ўбачыла мужа. У расшпіленым пыльніку, без капелюша, з вялікім скруткам ватману пад пахаю, ён размаўляў з нізкарослым мужчынам у плашчы і кепцы.

— Угадай, хто гэта! — выгукнуў ён, калі Валя падышла. — Сярдзюк! Аказваецца, ужо тыдзень у Мінску. А сын, уяўляеш, у камандзіроўцы!

Мужчына не ажывіўся, як гэта бывае пры знаёмстве, а спадылба, як глядзяць на людзей, што астаюцца чужымі, зірнуў на Валю і пакланіўся.

— Ведаеш, ён зусім не бачыў пасляваеннага Мінска! — жадаючы, каб жонка хутчэй разабралася ў сітуацыі, чамусьці захоплена дадаў Васіль Пятровіч. — Ты ўяўляеш? Кім толькі не быў у ссылцы! Пілаваў лес, працаваў каменацёсам, санітарам, бухгалтарам. Сцвярджае, што архітэктару вельмі лёгка быць кім заўгодна.

Ацёчны твар у Сердзюка не пасвятлеў. Валі падумалася: відаць, развучыўся збліжацца з людзьмі.

— Вось, раю ўладкоўвацца ў акадэмію. Абладзіць справу, атрымае дапамогу і хай закасвае рукавы, — не зусім дарэчы сказаў Васіль Пятровіч. — Ён жа кандыдат, закончыў доктарскую!..

— Апублікавалі? — спыталася Валя, хочучы пачуць Сердзюкоў голас.

На твары ў таго нішто не змянілася, хоць здалося: у вялікіх лупатых вачах з чырвонымі прожылкамі, што бываюць у людзей, якія часта кашляюць, шуганула святло, і Сярдзюк, каб прытушыць яго, прыплюшчыў павекі.

— Не, — адказаў ён амаль абыякава. — Былі толькі гранкі аўтарэферата, але і тыя не захаваліся...

Падымаючыся па лесвіцы, Валя засердавала.

— Чаму ты не запрасіў яго, Вася?

— Не знаю. — Васіль Пятровіч панізіў голас. — Мусіць, таму, што не мог не думаць: я, да ўсяго, галоўны архітэктар... А ў нас, даю слова, я магу яшчэ любіць пачатак і канец. А пасля канца — зноў пачатак.

Васіль Пятровіч усміхнуўся, пакруціў у руках ватман, ды Валя ведала: ён не супакоіцца, пакуль не возьмецца за работу. І калі селі есці, яна як бы незнарок загаварыла пра ліст аўтазаводцаў. Пра тое, што, калі зайшла ў жыллёва-камунальны аддзел, загадчык пачаў каяцца. Вінаваты, што не выселіў жанатых раней, хіба гэта работа, калі на кухні ў адзінокіх пялёнкі мыюць, — гэта ж пярэчыць санправілам, распарадку, пастановам...

Меркаваў: абвінавачваць будуць, што марудзіў. Зусім затакаваўся. Няўжо нельга чым-небудзь памагчы?

Ён задумаўся, уваходзячы ў новы клопат.

— У другіх гарадах будуюць дамы гасцінічнага тыпу...

— А як з тваёй плошчаю?

Васіль Пятровіч зачаўкаў і, як толькі пад’еў, знік у кабінеце.

Пачуўшы мужава «там-там-та-там!» — ён заспяваў «Тарэадора», — Валя прайшла па пакоях, паліла вазоны і знячэўку адчула такую стомленасць, што здалася сама сабе маленькай, пакрыўджанай, безабароннай. Каб сабрацца з думкамі, села ў крэсла, якое стаяла ў кутку сталовай, каля пальмы, і сцішылася.

Цішыня насцярожыла Васіля Пятровіча.

— Ты звала мяне? — крыкнуў ён з кабінета.

— Не.

— Баюся, скора будуць гаварыць: «Ведаеш таго, ну, мужа Валянціны Верас? Як пра твайго Малевіча: «Ды той, што да Понтусаўчанкі заляцаецца».

— Ты скрозь адстаеш. У яе завязваецца новы раман — з Валахановічам. З кандыдацтвам у яе, здаецца, нічога не выходзіць. А тут велічыня, можа асвятліць і яе. Жанчына ў трыццаць з гакам умее зарыентавацца.

— Па сабе мяркуеш?

Яна зразумела: у яго клеіцца, прыліў сіл абудзіў гуллівасць — сама адчула сябе трошкі лепш.

— Добра, працуй...

Уначы яна спала кепска. Як і ўдзень, даймалі думкі. Яны роіліся, бы ў немарасці. З нейкага хаосу раз за разам выплывалі Ахайла, Лёдзя, загадчык ЖКА, Шмакаў, Ала.

А трэцяй гадзіне яна прымусіла сябе прачнуцца. Баючыся заплюшчыць вочы, паляжала крыху, потым ціха, каб не разбудзіць Васіля Пятровіча, устала і на пальчыках падалася ў кабінет. Калі праходзіла паўз трэльяж, мімаволі адзначыла: у доўгай начной сарочцы яна быццам бы вышэйшая ростам. Гэтае мімалётнае ўражанне, святло лямпы, лёгкі пах тытуню, што трымаўся ў кабінеце, парадак на стале сабралі рассеяную сном увагу.

На чарцёжнай дошцы кнопкамі быў прымацаваны ліст ватману з акварэльнай перспектывай плошчы Леніна. Са старых будынкаў на ёй астаўся адзін Дом урада. На месцы чырвонага касцёла — кінатэатр, побач — таксама новыя прыгожыя будынкі.

Валя любіла працаваць сярод начы, не апранаючыся, калі адчуваеш: тут нядаўна займаўся любы чалавек, які спіць за сцяною, калі чуць мерзнуць ногі і не-не ды пацягне захутацца ў цёплае.

Але цяпер знаёмае пачуццё не прыходзіла. Жыло толькі жаданне выказаць нязгоду, горыч, якія ўскалыхнуліся ў ёй. Ды яшчэ хіба мацней, чым звычайна, карцела нешта эгаістычнае — чаканне палёгкі, якая абавязкова з’явіцца, калі народжанае ў душы знойдзе свае словы.

«Што мне рупіла? — сілілася ўспомніць Валя. — Здаецца, нешта важнае. Ці мо яно адно мроілася такім у сне? Ага! Усё быццам зрушылася... Кожны больш, чым раней, заняўся сабой, сваім. Нават такія, як Юрка, чыя бяда якраз і заключалася, што ён мірыўся са ўсякім становішчам, у якое трапляў. Плыў, куды гнала... А Лёдзя, дык тая, як на злосць некаму, выбірае сабе самую камяністую дарогу! Прагне непрыемнасцей, ворагаў, не можа без іх. А поруч алавяная абыякавасць такога, як у жыллёва-камунальным... І гэта калі ўсё набірае сілы... Так, так! «Гады неспакойнага сонца!..»

 

РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ

 

1

 

Мусіць, у жанчын высокае і дробязнае перамешваецца па-свойму. Тое і другое можа жыць у іх побач — не спрачаючыся, не парушаючы цэласнасці натуры.

Раніцою Валя ўразіла Васіля Пятровіча чыста жаночым уменнем разумець яго, пераконваць.

Яна завязвала яму гальштук, і яе блізкасць не дала яму змоўчаць пра свае клопаты.

— На канферэнцыі Зорын выступаў. Ужыў, так сказаць, лепшы від абароны і, страхуючы сябе, абвінаваціў твайго пакорнага слугу ва ўсіх смяротных грахах. А каб выглядала салідней, не пашкадаваў і Понтуса. Усё ўспомніў — і гіпсавы завод на Даўгабродскай, і падземную гаспадарку, і перакапаныя вуліцы... Добра, Шарупіч рэплікай асадзіў — часы, маўляў, мяняюцца, а справядлівасць астаецца.

Валя правяла рукою па яго шчацэ.

— Гэта на таварыша Міхала падобна.

— Але Зорын, Зорын гаварыў, быццам бараніў самыя высокія прынцыпы — нацыянальную годнасць, народныя інтарэсы. Чым толькі не казыраў. Во правільна кажуць: хто каму напаскудзіў, той таго і ненавідзіць.

— Калі мы жылі ў мястэчку, — сказала яна задуменна,— у нас быў сусед. Жылісты, рыжы. Ад злосці ўсё ў зямлю глядзеў. Бацька ўспамінаў, што, калі калгас арганізоўвалі, ён надзеў на шыю пятлю, узяў канец вяроўкі ў руку і павёў сам сябе на сход...

Васілю Пятровічу падабалася, калі жонка расказвала пра местачкоўцаў. Гарадскі чалавек, ён прылучаўся да нечага мудрага, народнага. Варушылася зайздрасць — у яго не было такога мінулага, адкуль ён мог бы чэрпаць простыя пераканаўчыя прыклады.

Што тут было вінаватым? Памяць, што не захавала з мінулага нічога вартага? Або мінулае, што не пакінула ў памяці прыкметных слядоў? Але Васілю Пятровічу здавалася: жыццёвы вопыт здабыты толькі ім самім. А ці шмат здабудзеш ты адзін?..

Аднак, не гатовы слухаць Валю цяпер, не ўлаўліваючы сувязі яе слоў са сваімі, ён спытаўся з дакорам:

— Ну і што?

— Ён неяк з бацькам ля брамы стаяў. А тут бусел. Нізка ляціць, плаўна. «Во птушка!» — расцвіў бацька. А сусед за камень ды ў бусла. «Навошта гэта ты? Хіба можна?» — жахнуўся бацька. А ў таго вочы крывёю наліліся: «А чаго ён лётае!»

— А-а, — нарэшце зразумеў Васіль Пятровіч і, каб чым-небудзь аддзячыць, дадаў: — Харошы, мабыць, быў у цябе бацька.

— І яшчэ адно, Вася... Ёсць людзі, якіх не баяцца крыўдзіць. І не таму, што яны безабаронныя. Проста спадзяюцца на іхнюю далікатнасць. Малевіча толькі падумай супроць шэрсці пагладзіць, і ён ужо, вітаючыся, падае табе адзін палец і глядзіць міма. А далікатны будзе пасміхацца, рабіць выгляд, што нічога не заўважыў.

— І таму маўчыш?

Яна палажыла яму руку на грудзі.

— Я не маўчу, я пішу, Вася. Наш брат, па-мойму, як тая яблыня — пачынае даваць плады, калі хто пакладзе пад карэнні вагу і выважыць... І памажы, калі ласка, Жыжалю...

Яна яўна сталела — розумам, сэрцам. Твар аставаўся ранейшы — малады. Нават свяціўся, як некалі. Хіба толькі нечым пачаў нагадваць вычаканены на медальёне. Ды вочы сталі глыбейшыя. І хоць цяга да кніжнай правільнасці аставалася, затое прыкметна прыгасла колішняе — што радавала і абражала — захапленне ўсім запар. Вопыт раней у яе быў сам па сабе, а паводзіны і погляды самі па сабе. Неадпаведнасць паміж імі не дужа турбавала яе. Яна як бы служыла ісціне, якая стала над ёй, была вышэйшая за вопыт, за тое, што Валя бачыла ў жыцці. Яна верыла ў гэтую ісціну не задумваючыся, як вераць у бога, чые шляхі, хоць і незвычайныя, але, безумоўна, мудрыя.

Васіль Пятровіч неспадзеўкі нанава адчуў у Валі друга. Не любую істоту, што радуе і згладжвае жыццё, а друга, на якога можна абаперціся. Праўда, гэтае пачуццё нечым нагадвала дажджавую хмарку, якая невядома адкуль падкралася, пырснула дажджом і паплыла, як бы нічога і не было...

А вось увечары, вярнуўшыся з рэдакцыі, Валя нечакана аддалася клопатам аб банкеце.

Даўно, год дзесяць назад, яна глядзела кінафільм «Валерый Чкалаў». Як выявілася, забыла сюжэт, перапетыі, але белыя туфлі і плацце — клёшнае, таксама белае, у шырокую чорную палоску, у якім была жонка лётчыка, калі той вярнуўся дамоў пасля палёту на востраў Уд, памятала.

— Пашыю сабе такое, — паведаміла яна, моргаючы шырока расплюшчанымі вачыма.— Заікнулася Але, дык, паверыш, жыватом пачала дыхаць.

— Дражніла? Навошта?

— Няхай пакіпіць. Помніш банкет у Дзень Перамогі? Ёй тады спадабалася кофтачка ў Аскоцкай. Дык што ты думаеш? Калі селі за стол, узяла і дакранулася запэцканымі ў тлушч пальцамі. Хай ведае, што са мной будзе цяжэй. Я ўсё загадзя бачу...

— Дарэчы, я сустрэў яе, — паблажліва, з намёкам, быццам гэта асабліва магло цікавіць Валю, сказаў Васіль Пятровіч. — Хвалілася, што кідалі ў сваёй інстытуцкай жаночай кампаніі жэрабя і Валахановіч дастаўся ёй.

— У чым яна была?

— Не заўважыў.

— Мабыць, у сукенцы з такім дэкальтэ лодачкай? Так? — І, бачачы, што ён хмурыцца, перастала даймаць. — Ну, ладна!.. Але памяць у цябе, прабач, не вельмі і ўвагі таксама бракуе...

Васіль Пятровіч уключыў тэлевізар, аднак не паспеў экран засвяціцца, выключыў і, як тады з Валяй, падышоў да акна. Расчыніў, аблакаціўся на падаконнік.

Недзе далёка, дзе праспект уліваўся ў плошчу Леніна і ўзнімаўся на віядук, дагарала зара — трапяткая, ясная. На асфальт ад яе клаўся ружаваты водбліск, але будынкі ў мяккіх вячэрніх змроках пацямнелі ўжо. Таксама пацямнелі ліпавыя прысады, і іх шолах здаваўся лясным.

«Памяць! — падумаў Васіль Пятровіч. — Памяць!..»

Праз тыдзень — паўсотні. А ўсё думаецца, што пачынаеш жыць, што галоўнае там — у заўтрашнім дні. Усё збіраешся нешта ўведаць, нешта вырашыць, прычым самае важнае, якое — верыш — па-новаму асветліць тваё жыццё, прынясе пэўнасць, задавальненне. Ты даможашся, да чаго імкнуўся, спраўдзіцца, што мараю жыло ў табе, не давала спакою — прымушала працаваць, ісці супроць плыні. А гэта запаветнае, можа, як і раней, за гарамі, за лясамі, і ты пакуль што, апрача надзеі і веры, амаль нічога не маеш. Праўда, расце горад. Але што, калі, будуючы яго, ты сапраўды рабіў не тое, чаго чакалі людзі? Яны ж тады не прымуць ні тваёй працы, ні тваёй мары. А хіба можа жыць нікому не патрэбная, не любая праца або мара? Не, вядома... А тут яшчэ Валя і... колішняе, хлапечае адчуванне: з якім жалем і шкадаваннем глядзеў некалі сам на пяцідзесяцігадовых!

У яго ўспацелі далоні.

Хоць бы Валя дала яму сына. А яна перастала і гаварыць пра гэта, скардзіцца. Ці то прымірылася, ці то баіцца развярэдзіць рану і, стараючыся не браць гэта пад увагу, захапляецца вунь чым... Сам жа ён пачынае сумнявацца ў ёй, у сабе, у рабоце, натура яго раздвойваецца. Яму, калі быць шчырым, мала той Валі, якая не можа даць яму дзіця. Пачуццё да яе жыве разам з думкамі аб другіх жанчынах. У празе бацькоўства ён пачынае цягнуцца да іх. Ала, як некалі, зноў праследвае яго. Сустракаючыся, ён крадком аглядае яе ногі, стан, яму прыемна гэта, як прыемна, калі яна, нешта абяцаючы, какетнічае з ім... Не так даўно яму самому было балюча, што першая жонка кахала яго не ўсёй істотаю — без страсці. Прыходзілі думкі, што яна жыве з ім па прывычцы. І, калі б трапіўся на шляху нехта другі або калі б Васіль Пятровіч памёр, яна гэтак жа кахала другога. І гэта сталася... Вера ў рэшце рэшт здрадзіла. Дык няўжо і ён коціцца да здрады?..

На праспекце загарэліся ліхтары. Яны ўспыхнулі нечакана, усе. Праспект ажыў, стаў па-начному святочны. Увагу прыцягнулі агні аўтамашын. І ў першую чаргу — чырвоныя, гарачыя, якія аддаляліся па праспекце, і белыя, халодныя, што імкнуліся насустрач.

Гаманлівы натоўп на тратуары раптам пабольшаў.

«Мабыць, сеанс скончыўся ў кіно», — падумаў Васіль Пятровіч і адчуў новую трывогу.

Забываючыся на астатняе, ён адышоў ад акна, разгарнуў перспектыву плошчы.

«Так і ёсць!.. На колу мочало — начинай сначала...»

Як магла, наогул, прыйсці ідэя паставіць кінатэатр на плошчы? Навошта ён там, побач са шматпавярховым гмахам Дома ўрада? Хіба могуць прыгожыя сучасныя формы ратаваць яго? Невысокі, іншых маштабаў, ён непазбежна будзе выглядаць пакрыўджаным і чужым. А галоўнае — што будзе, калі канец кінасеанса супадзе з канцом рабочага дня ў Доме ўрада, у педінстытуце? Тратуары проста не змесцяць людзей, і яны сыпануць на маставую, спыняць рух.

«Значыць, зноў пралік! Што за чартаўшчына? Зноў прыйдзецца засмуціць Дымка!.. — бадай што роспачліва падумаў Васіль Пятровіч. — А той, як на злосць, здае, траціць вытрымку...»

 

 

2

 

І ўсё-такі Васіля Пятровіча таксама паглынулі юбілейныя клопаты. Здавалася: ад таго, як зладзіцца юбілей, у нечым будзе залежыць наступнае жыццё, нават банкет і той павінен прынесці або новых сяброў, або новых ворагаў.

Людзей, якіх варта было запрасіць, нечакана аказалася больш, чым умяшчала банкетная зала «Мінска». Не дазвалялі разгарнуцца і сродкі. Даводзілася яшчэ і яшчэ пераглядаць спіс, вымяркоўваць, кроіць яго так і гэтак, прыкідваць, як было ў другіх.

Ала, якая непрыкметна стала гарачай дарадчыцаю, падала думку — некаторых супрацоўнікаў запрасіць без жонак. Або пакуль што не слаць запрашэнняў, а пачакаць урачыстага вечару, дзе будуць віншаваць юбіляра, і паглядзець, хто прыйдзе.

— Вы хіба ва ўсіх гасцямі былі? Не? Ну дык вось вам і яшчэ некалькі месц, — казала яна, шчыра хвалюючыся і налягаючы грудзьмі на плячо Васілю Пятровічу, які сядзеў за пісьмовым сталом. — Усім добры не будзеш. Дый падзяка адна. Тата вунь колькі памагаў Зорыну, а той адно стараецца цяпер адмежавацца і не заўважаць яго. Усё роўна нап’юцца, пагарланяць песні, абгавораць і пойдуць.

— Такое раз у жыцці бывае, — пярэчыў Васіль Пятровіч і, адчуваючы яе цеплыню, паварочваўся ў крэсле, спадзеючыся, што Ала крыху адхінецца.

Яна ж толькі папраўляла дэкальтэ і навісала яшчэ шчыльней, пасміхаючыся з нечага свайго.

— А гэта хто? — тыцкала пальцам у спіс. — Падпольшчык? Дэпутат? Ну і што? Выкрэслівайце! Юбілей ваш, а не Валін. Вы гэтага Шарупіча, мусіць, разы два і бачылі. Лепш Валахановіча з Аскоцкім запрасіце — спатрэбяцца яшчэ. І не ўздумайце заказваць выпіўку ў рэстаране. Ведаеце, якая там нацэнка? Купіце ў магазіне...

Давялося мяняць рэстаран. Потым доўга складаць меню, дамаўляцца з музыкантамі, званіць у трэст, каб выдзелілі рэстарану ананасаў, што нядаўна прыбылі на склад.

Да таго ж, напярэдадні юбілею Юрка пазваніў па тэлефоне і скорагаворкаю паведаміў, што заўтра паедзе.

— Праводзіць не трэба, — сказаў ён, але трубкі не палажыў і нечага чакаў.

— А я прыйду-такі, — паабяцаў Васіль Пятровіч. — Які вагон? Мне ж пяцьдзесят, сынок...

— Не веру, — прамармытаў Юрка, і стала чуваць, як пакрыўджана сапе ён у трубку.

Ад яго слоў і сапення ў Васіля Пятровіча паменшала сіл.

— Не верыш? М-м... Няўжо не верыш?..

З гэтага моманту думкі пра сына не пакідалі яго. Кароценькая размова здалася мосцікам да прымірэння. Значыць, Юрка думае аб ім, цягнецца да яго, хоць і дэманструе сваю варожасць.

А ў чым, уласна, вінаваты ён, Васіль Пятровіч?

Што разышоўся з Вераю?.. Але самае добрае ў людзях, можа, якраз і ёсць, што яны могуць кахаць двойчы, тройчы і не могуць мірыцца з агіднасцямі. І не ад іх залежыць, што шчасце не заўсёды агульнае: дзе святло — там і цені.

І ўсё-такі ў ім жыло адчуванне віны.

Яно перашкаджала быць уважлівым, калі чытаў свой даклад Дымок — старанна апрануты, урачыста-ўсхваляваны, надушаны. Яно тачыла Васіля Пятровіча, калі яго віншавалі — паціскалі руку, цалавалі, дарылі адрасы, кветкі. Яно ўзмацніла засмучэнне ад таго, што не былі атрыманы некаторыя віншаванні, якіх чакалі, што публікацыя Указа аб узнагародзе Ганаровай граматаю чамусьці затрымалася.

Барушка, які жадаў выглядаць аб’ектыўным, мусіраваў думку, што Юркевіч варты ордэна. «Ну, няхай раней нічога не далі Дымку — там зразумела. А тут?.. І чаму ўсе прывітанні на ўзроўні намеснікаў?» — падымаў ён плечы. І, паціскаючы пасля ўрачыстай часткі юбіляру руку, знячэўку пацягнуўся да вуха і зашаптаў, каб той не засмучаўся, бо позна сабраліся яго ігнараваць!

— Гэта перад прызнаннем. Далібог! Бачаць, што чалавек зараз скачок зробіць, і кідаюцца на яго з апошніх сіл.

Барушкавы словы запомніліся, хоць хутчэй за ўсё, ён стараўся выперціся наперад, каб гаспадар не забыў запрасіць яго на банкет.

 

Васіль Пятровіч прыехаў на вакзал, калі дыктар абвясціў, каб праважаючыя пакінулі вагоны.

Высунуўшыся па грудзі з акна, Юрка з трывогаю аглядаў перон, узрушаных людзей. Ён яўна чакаў бацьку і баяўся, што той спозніцца: па-хлапечы шморгаючы носам, раз-пораз паглядаючы то на станцыйны гадзіннік, то на паравоз, які нецярпліва пыхкаў параю. Ён нават прапусціў, калі бацька стаў пад ягоным акном.

— Я тут, Юра, — падаў голас Васіль Пятровіч і пастукаў сагнутым пальцам у сцяну вагона.

Юрка ўздрыгнуў ад раптоўнасці, ад таго, што яго засталі такім, якім ён не хацеў, каб бачылі. Потым заёрзаў, азірнуўся ў ярка асветленае купэ.

— Я многа думаў пра цябе... — прызнаўся Васіль Пятровіч, збіраючы рашучасць. — Валя нядаўна ездзіла на аўтазавод...

Юрка прыкметна пабялеў. Губы ў яго асмяглі.

— Ого! — крадком аблізаў ён іх.

— Цяпер я разумею, чаму ты едзеш.

— І добра. Я чалавек, тата, мне патрэбна самастойнасць. Я хачу жыць па-свойму. Хай пад плотам, але па-свойму! — Ён крутнуў схіленай галавою і, каб не сустрэцца з бацькам позіркам, глянуў уздоўж поезда — туды, дзе пыхкаў паравоз.

— Ты канчаткова парваў з Лёдзяй?

— А вам што?

— Ты для яе, па-мойму, не проста ты.

— Не бойцеся. Калі захачу і свісну, мігам прыбяжыць, — па-свойму зразумеў яго Юрка.

— Не ашуквай сябе, ты вельмі дорага ёй каштаваў... Хаця хто вас зразумее.

— Давайце пойдзем у заклад!

Гаварыць даводзілася, высока задраўшы галаву. Васіль Пятровіч пацёр далоняй карак і адступіў на крок ад вагона.

— Ну, калі так, то сапраўды табе лепш паехаць. Здалёк, можа, відней будзе. Аднак запомні, што самымі небяспечнымі ворагамі ў цябе зараз — старыя памылкі.

— Напляваць мне на іх.

— Некалі я казаў тваёй маці, што чалавека не шкодзіць іншы раз прапаласкаць у горы. Асабліва калі дастатак адалеў. І выкінь з галавы, што я вінаваты перад ёй!

— А перада мною?

Васіль Пятровіч бадай што чакаў гэтага пытання. Чакаў і шукаў адказу. Ён не мог жыць вінаватым і супакойваўся толькі, калі прыходзіў да пэўнасці, калі знаходзіў адказ на абвінавачванне.

Не, эгаістам ён не быў. Яму не трэба было шчасця толькі сабе. І калі б, скажам, у горадзе, якому ён аддаваў усё, яму раптам не знайшлося прытулку, блукаючы бяздомным па вуліцах, — слова гонару! — ён радаваўся б: бач, што ўдалося ўзняць з папялішчаў і руін!..

У гэты момант паравоз перастаў пыхкаць і свіснуў. Тыя з пасажыраў, якія дасюль развітваліся з праважаючымі ля прыступак, паспешліва палезлі ў вагоны.

Ляснулі буферы.

— Я ўсё-такі чакаю пісьма!.. — крыкнуў Васіль Пятровіч і падумаў, што мала — ой мала! — гаварылі сыну цвёрдых слоў. Усё больш асцярожненька ўшчувалі, тлумачылі, прасілі быць лепшым, і ў гэтых просьбах-тлумачэннях непрыкметна гублялася праўда аб яго ўчынках.

Зняўшы капялюш, ён падняў яго над сабой і стаяў так, пакуль міма з перастукам прабягалі вагоны. Збянтэжанасць і палёгку адчуваў ён разам.

 

 

3

 

Васіль Пятровіч ведаў: госці для прыстойнасці пачнуць збірацца са спазненнем, але ў «Беларусь» прыйшоў загадзя. Там даўно была Валя, якая прыняла на сябе гаспадарчыя клопаты.

Прасторная белая зала з калонамі, вялікімі люстрамі, ляпной столлю зіхацела.

Каля эстраднай пляцоўкі, аглядаючы рады сервіраваных сталоў, стаяла Валя. Убачыўшы мужа, хутка рушыла насустрач, сашчапіўшы рукі на грудзях.

— Ну як? Падабаецца? Ананасы проста ўпрыгожылі сталы!

Ён узяў яе руку і пацалаваў пальцы.

Ля вешалкі пачуліся галасы. Валя паправіла прычоску, плацце — клёшнае, белае, у шырокую чорную палоску, яно сапраўды было ёй да твару — і пабегла ў вестыбюль.

Праз хвіліну яна вяла пад ручку сівога мужчыну (на канферэнцыі, з трыбуны, ён выглядаў зусім не такім) і трохі разгубленую, скаваную ў рухах жанчыну з шалем на плячах.

— Гэта, Вася, Шарупічы, — расчулена паведаміла яна. — Нават не верыцца, што вы яшчэ не знаёмыя як след.

На вачах у яе навярнуліся слёзы. Яна абняла жанчыну, уткнулася ёй у плячо, быццам хацела прызнацца ў нейкім сакрэце. Арына прасвятлела і пагладзіла Валю па галаве. Твар у Шарупіча таксама палагаднеў.

— Думаў спознімся. Мая зноў да Яўгена бегала. Многа нашых будзе?

Валя адхінулася ад Арыны, праганяючы слабасць, пакруціла галавою.

— Я і на сустрэчу сёлета не ездзіла. Чытала толькі ў газетах, што помнік там, дзе блакаду прарывалі, ставяць.

— Шкада. А нам нельга так. У нас на заводзе мо кожны дзесяты — партызан. Дый падзеі, здаецца, наспяваюць. Там, — Шарупіч вачыма паказаў угару, — таксама наша пытанне збіраюцца абмяркоўваць. На бюро. Кароль яшчэ не заходзіў да цябе? Аператыўным аказаўся — усіх абыходзіць. А заадно і агітуе: не кароў, маўляў, прэміруюць, а даярак. Маладзец ён, па-свойму!

— Божухна, — перапыніла яго Арына, — не да гэтага ім зараз! Ідзіце, калі ласка...

Васіль Пятровіч, скарыстаўшы яе словы, папрасіў прабачэння і паспяшаўся ў вестыбюль, які поўніўся галасамі.

Узвышаючыся над астатнімі, поруч з грузным кіраўніком Мінскбуду стаяў Понтус. Ён рагатаў і вялікім пальцам бесцырымонна адцягваў штаны на жываце.

— Во! — грымеў ён, засоўваючы за рэмень усю руку і паказваючы, што штаны сталі шырокія. — Сёння яшчэ на адну дзірачку падцягнуў. Фізкультура, дарагі! Стадыён!

Понтус наўмысна хваліцца голасна, падкрэсліваючы гэтым, што плюе на ўмоўнасці.

— Ха-ха-ха! — разлягаецца яго смех, але відаць: Понтусу не так і весела. Кухта ж разводзіць караткапалымі рукамі, круглая лысая галава яго грузне ў плячах.

Да іх падыходзіць Барушка. Вітаецца сур’ёзна, нядбала, як чалавек, якому падобныя зборы не навіна. Але, бачачы, што на яго не звяртаюць увагі, стаіць з хвіліну, узняўшы брыво, а потым, заклаўшы назад рукі, далучаецца да купкі, у цэнтры якой — Каверын і Малевіч, якога Валя запрасіла спецыяльна, каб паказаць: яна не зводзіць асабістых рахункаў.

Васілю Пятровічу відаць толькі бялявая Малевічава галава ды яго вузкія кісці рук у белых манжэтах. Пабліскваючы пенснэ, жэстыкулюючы, той расказвае Каверыну нешта цікавае, дасціпнае, бо навакольныя, выцягнуўшы шыі, слухаюць з застылымі ўсмешкамі.

— Віну вымяраюць і тым, што чалавек зрабіў, і тым, што збіраўся зрабіць. Так? — чуецца непадалёк. — Пра гэта і ў крымінальным кодэксе запісана. А чаму годнасць чалавека вымяраецца аднымі справамі? Чаму мы не пытаемся, што чалавек збіраўся зрабіць? Дзе тут логіка?

«Гэта ўжо Дымок, — пазнаў голас Васіль Пятровіч. — Дзіяген ты няшчасны!..»

 

У вайну Дымку не ўдалося эвакуіравацца з Мінска. Працуючы то дрывасекам, то вартаўніком на складах, ён паціху перажыў ліхалецце і за страшныя гады так і не знайшоў у сябе сіл і рашучасці звязацца з падпольшчыкамі ці пайсці ў партызаны, хоць душою быў з імі. Дый сям’я перашкаджала — прыходзілася б рызыкаваць не толькі сваім жыццём.

Праўда, адну добрую справу ён усё-такі зрабіў — прытуліў параненага ўцекача-ваеннапалоннага. Схаваў на гарышчы і трымаў, пакуль у яго гаіліся раны. Аднак неўзабаве мусіў раскаяцца. Горка, пакутліва. Велікадушны ўчынак скалечыў жыццё яму самому. Нечакана-негадана яго жонка закахалася ў чалавека, якога карміла і перавязвала. «Навошта ты разбіў мне сям’ю? За што?» — прыціскаючы рукою сэрца, спытаўся тады Дымок. У параненага на вачах выступілі слёзы. «А як я мог адштурхнуць жанчыну, якой, можа, жыццём абавязаны?» — адказаў ён. Спапяляючы позіркам жонку, якая на каленях стаяла між імі, Дымок усё ж згадзіўся: «Ну ладна... Ты паправіўся. Ідзі!.. Ідзі прэч! А ёй давядзецца астацца, бо дзецям патрэбна маці». Сказаў, хоць цвёрда ведаў: ні міру, ні шчасця не будзе ўжо ў сям’і і пад адным дахам прыйдзецца сіратліва жыць з чужым чалавекам.

 

Васілю Пятровічу захацелася падысці да Дымка. Ды тут, спрытна лавіруючы між гасцямі, наблізілася Ала, якая, як на буксіры, цягнула за сабой прафесара Валахановіча.

— Глядзіце, юбіляр! Эфектна? — усклікнула яна, калі, не выпускаючы прафесарскай рукі, стала перад Васілём Пятровічам. — Ледзь-ледзь пераканала. Прыйшлося прыгразіць: не пойдзе — я таксама астаюся. Ёсць жа ў мяне такое права?

Ад Валахановіча быццам ішло святло — пышная сівая шавялюра, шырокая, з жаўтаватымі пасмамі барада, маладыя вочы. І таму, што гэтая львіная грыва, якая спадала на плечы, гэтая раскошная барада былі старанна дагледжаны, яны пасавалі да вачэй і скрадвалі гады. Валахановіч ведаў гэта і ўсё-такі сказаў:

— Жанчынам цяжэй зразумець, што такое ўзрост. Яны не так адчуваюць неадпаведнасць паміж жаданым і магчымым. А ў гэтым якраз і праяўляецца старасць.

Ала хітранька ўзняла вочы, пасля, нібы нешта хацела ўцяміць, заморгала падведзенымі вейкамі.

— Нядаўна вы сцвярджалі крышачку іншае, прафесар.

Валахановіч паблажліва схіліўся да яе, але яна не дала яму вымавіць слова.

— Пачакайце, зараз успомню! Арганізм мае больш магчымасцей, чым патрэбна. Так? У яго ў запасе ёсць магчымасці, якія ён скарыстоўвае пры небяспецы. Вы іх называлі, здаецца, кампенсатарамі.

— Прыблізна так.

— І гаварылі, калі ўмяшацца, кампенсатары аднаго органа памогуць другому. Таму можна спадзявацца на другую і трэцюю маладосць...

Яна свядома кідалася сакрэтамі, даючы зразумець — ад Васіля Пятровіча ў яе сакрэтаў няма. Аднак, насуперак усяму, Валахановічу гэта падабалася — ён падцягнуўся, выняў адмысловы грабянец і расчасаў адным бокам бровы, другім — бараду.

— Vае vісtіs!..1 Але пара і чэсць знаць.

Неяк бокам падышоў Сярдзюк, падаў вялікую халодную руку. На момант упяў з-пад пукатага лба ў Васіля Пятровіча выцвілыя, з чырвонымі прожылкамі вочы і кашлянуў. Потым выцер насоўкаю мокрыя губы і схаваў яе ў кішэню не пінжака, а штаноў.

— Дзякую, што не забылі, — паківаў галавою. — Да нас пакуль што прывыкаюць. Але ў бога, як кажуць, дзён многа, і сонца ў запасе ёсць. За Віктара таксама дзякуй...

Понтус, мабыць, сачыў за імі, бо адразу, шырока ўсміхнуўшыся, падняў руку і, як з трыбуны, памахаў ёю.

— Віншую яшчэ раз, — падыходзячы, сказаў ён і пакланіўся Сердзюку. Але той здзіўлена залыпаў вачыма і адхінуўся.

Гэта не збянтэжыла Понтуса. Ён па-сяброўску ляпнуў Сердзюка па плячы і ўзяў за локаць.

— Вось і зноў, як некалі, будзем працаваць разам. Усё, бачыце, развіваецца па спіралі. Гісторыя, васпане, можа і мусіць паўтарацца.

— Пусціце, — папрасіў Сярдзюк.

Гэтая мімалётная сцэнка прыйшлася да душы Васілю Пятровічу. Але настрой усё ж папсаваўся. Нешта раздражняла і ў Сердзюку — замкнутым, відаць, натурыстым, упартым.

 

 

1 Гора пераможаным! (лац.)

4

 

Сёй-той з запрошаных не прыйшоў. Свідравала і адчуванне — падвыпіўшы, хто-небудзь можа дапусціць бестактоўнасць, узняць дэбош. Было ж у Валахановіча, калі Барушка наеўся, напіўся, нахаміў і пайшоў з выглядам прынцыповага чалавека, якому праўда вышэй за ўсё. А назаўтра? Смакавалі скандал, смяяліся, кпілі і з Барушкі і з Валахановіча. Нават больш з апошняга, бо прызвычаіліся да Барушкавых выбрыкаў-дзівацтваў, прывыклі дараваць яму, знаходзіць у хамстве іскрынку. Мог не ўтрымацца Сярдзюк, у якім, відаць, усё кіпела, мог да непрыстойнасці напіцца Аркадзь Шмакаў, якога не запрашалі, але Васіль Пятровіч быў упэўнены — ён тут. Гняла прысутнасць Понтуса. Успамінаўся сын. Рады ў гады сустракаўся з ім, а вось паехаў — і куточак душы запуставаў, нешта варушыцца ў ёй, як перад бядою. Дый наогул бывае, калі чаканне непрыемнасцей прыходзіць ад адчування шчасця, а адчуванне шчасця з’яўляецца разам з чаканнем бяды.

Здавалася: усё гэта перашкодзіць стаць лепшым, дабрэйшым да людзей, як наважыў, у чым даў сабе слова.

Але так было, пакуль Міхал Шарупіч, які прыглядаўся да гаспадара, прыкрыў ягоную руку далоняй.

— Ану, прыгубіце вы праваслаўнай.

Валя ўлавіла ў яго словах добрае, што ўзрадавала яе, і, каб вывесці мужа са здранцвення, паслухмяна наліла яму чарку гарэлкі. Схілілася да вуха:

— Выпі, Вася, і не чакай паганага. Вунь колькі добрых слоў можна сказаць пра цябе. І, пабачыш, усё будзе добра. Разумееш? Усё!..

Выслухаўшы чарговы тост, Васіль Пятровіч апаражніў чарку і, адчуўшы, як цеплыня абдала яго, сапраўды павесялеў.

Музыканты зайгралі ліпсі. Гэта быў новы танец, яго мала хто ведаў, хоць тэлебачанне настойліва прапагандавала з экрана.

Ала бадай што сілаю падняла Валахановіча і пацягнула да эстрады. Расчырванелая ад віна, раздаючы ўсмешкі, пайшла, як здалося Васілю Пятровічу, паваю. На яе, бліскучую, велічную, хацелася глядзець. Яна адчувала гэта, але ішла вольна, з узнятай галавою, чуць віхляючы сцёгнамі і паводзячы плячыма. За ёй, стараючыся выглядаць брава, крочыў прафесар.

Падышоўшы да эстрады, яны счакалі крыху і зрабілі першае па. Валахановіч ступіў чапурыста, старамодна, Ала — грацыёзна і так, нібыта паддражніваючы свайго кавалера. Калі ж яна, адарыўшы Валахановіча хітрай усмешкай, увільнула ад яго і, не то запрашаючы да сябе, не то папярэджваючы ягонае парыванне, прыгожа ўзняла і адвяла ўбок руку, ёй заапладзіравалі.

— Аблапошыць, сабака, далібог, заарканіць! — захоплена прабурчаў Шмакаў, які, выявілася, сядзеў зусім блізка. — Горка! — раптам недарэчы, як з бочкі, рыкнуў ён, і толькі тады стала ясна: Шмакаў ужо захмялеў.

— Акадэмік жанаты? — нахіліўся да Валі Шарупіч.

— Удавец, — сумелася тая.

— А яна?

— Працуе ў інстытуце.

— Па званку, трэба меркаваць. А? — дапякаў Міхал. — Бацька, відаць, кватэру ў кааператыве будуе? Аўтамашыну купіў? Так яно па ўсім павінна быць. Не ўгадаў? Яшчэ больш хітра і мудра?

— Не слухай яго, Валечка, — не дала ёй адказаць Арына і разгладзіла на каленях спадніцу. — Гарэлка разумная толькі, як бутэльку адкрываюць. Вось і ўсё тут...

Калі бяседа зашумела ваўсю і патрэба ў тостах адпала, Васіль Пятровіч наліў сабе чарку па фальбонку і, не адчуваючы ўжо скаванасці, поўнячыся прыязнасцю да ўсіх, рушыў у абход.

Госці ўставалі, чокаліся з ім. А ён гаварыў ім кампліменты, дзякаваў, што прыйшлі, прасіў весяліцца.

З Дымком абняўся, даў сябе пацалаваць. Шапнуў, каб заглянуў заўтра — у нядзелю. Нават для Шмакава, чые вочы прыкметна памутнелі, знайшоў добрае слова.

Ён не раз заўважаў: людзі сам-насам з ім, асабліва пад хмяльком, як бы дабрэюць, цяплеюць сэрцам. Быццам цвярозыя, навідавоку ў другіх, яны нечага апасаюцца, стрымліваюць сябе. Гэта засмучала. Значыць, быць добрым з ім лічылася нядобра, хоць у душы людзі цягнуліся да яго. Цяпер жа і гэта здалося прасцейшым: «Прарвалася нарэшце...»

Ля Барушкі таксама спыніўся. Тое, што ён не знайшоў кампаніі, выклікала спачуванне. З вестыбюля ў залу ўвайшоў за Малевічам і Каверыным, але яны, акружаныя моладдзю, занялі асобны столік, і Барушка, пастаяўшы ў нерашучасці, сеў куды прыйшлося — сярод незнаёмых. Піў адзін і чокаўся толькі з жанчынамі.

— Даруйце, што Валахановіч не даў вам слова, — папрасіў прабачэння за тамаду Васіль Пятровіч. — Звычайная прафесарская рассеянасць.

Скрывіўшыся, Барушка сабраўся быў кінуць нешта з’едлівае, але ўвага юбіляра палесціла яму.

— На банкеце, — пакрыўджана ўзняў ён брыво, — таксама захоўваюць субардынацыю. Мінулае прывучыла. А хто я такі для Валахановіча? Ніхто. Або вунь, бачыце, сядзіць на пачэсным месцы, — паказаў ён на Шарупіча, — таксама, між іншым, некалі ведаў мяне...

— Давайце чокнемся.

З мінаю, што робіць гэта для юбіляра, Барушка кульнуў у рот чарку. Пасля відэльцам тыцнуў у кавалак цяляціны на агульнай талерцы і пачаў жаваць.

«А ён жа адзінокі і няшчасны. Бунтуе ад крыўды, што не заняў месца, на якое разлічваў», — здагадваючыся, куды гне Барушка, падумаў Васіль Пятровіч, аднак запярэчыў:

— Мінулым, Сямён Захаравіч... м-м... наўрад ці ўсё растлумачыш.

Барушка каварна апусціў павекі і праз вузкія шчылінкі, як са схованкі, зірнуў на гаспадара.

— А як жа тады наша барацьба з ім?

— Чалавек любіць скідаць куміраў...

Ды тое, што Барушка надзеў маску і чакаў ад яго яшчэ нечага, дайшло да свядомасці Васіля Пятровіча, і ён замаўчаў...

 

Выходзілі яны з рэстарана ўтраіх. Ідучы паміж Васілём Пятровічам і Валяй, Барушка падтрымліваў іх. На лесвічнай пляцоўцы не развітаўся і, павесіўшы ў пярэдняй пыльнік на вешалку, пашыбаваў прама ў сталовую, як званы госць.

Дабрадушны настрой не пакінуў Васіля Пятровіча. Радая за яго, Валя не сердавала. Падала стопкі, адкаркавала бутэльку каньяку, прынесла з халадзільніка закусь.

Задраўшы галаву, трымаючы рукі ў бокі, Барушка абышоў сталовую, разгледзеў афорты з відамі Мінска, адчыніў і зачыніў піяніна, памацаў бюстык Купалы, што стаяў на ім.

— Вось хто разумеў народ, — сказаў ён, выціраючы далоняй вусны і назіраючы за Васілём Пятровічам. — «Гэта — крык, гэта — стогн, што жыве Беларусь!» Але сарваўся і ён. Памятаеце? «Ці сонейка захад, ці сонейка ўсход...» Пс-с-с!..

— О не-э! — растапыранай пяцярнёю пакруціў над сабой Васіль Пятровіч. — Купала верыў у тое, што пісаў. А вера — чыстая рэч!

Ён няўпэўнена ўзяў стопку, паднёс яе да складзеных трубачкаю губ і выпіў.

— Ну, ты сёння харош, — пяшчотна папракнула яго Валя.

— Раз у жыцці можна... А вы, Сямён Захаравіч, м-м... багахульнічаеце. Самае страшнае — груба разбурыць веру. Чалавек без яе — не чалавек. У ім тады ліха ведае што абуджаецца. Яму так і карціць асвістаць усё на свеце... Вазьмі ты яго, Валечка, у прататыпы для сваіх «Гадоў неспакойнага сонца». Вельмі падыходзіць. Багаборца, які не ведае, чаго хоча...

Пасля другога наварату Васіль Пятровіч здаўся канчаткова. Цераз сілу ўстаў, абапіраючыся на Валю, кіўнуў Барушку і паслухмяна, як паранены, паплёўся ў спальню.

Барушка таксама захмялеў. Але пакуль Валя ўкладвала мужа, выпіў яшчэ і, пасмоктваючы скрылік лімона, пачаў чакаць гаспадыню з застыглай, чуць грэблівай усмешкаю.

Пачуўшы крокі, прыняў паважны выгляд, адкінуўся на спінку крэсла.

— Што пішам? Зноў пра вайну? — спытаўся ён, калі Валя ўвайшла.

— Не. Пішу пра дарогі, па якіх людзі пасля пайшлі да мірнага шчасця.

— Тады, вядома, шукаеце карацейшую. А ёсць яна?.. У вас яшчэ знойдзецца? — пстрыкнуў Барушка пальцам па шыі.

Ад стомленасці Валі стала холадна. Яна схадзіла ў пярэдні пакой, узяла там пуховую хустку і накінула на плечы.

— Пара дамоў, Сямён Захаравіч, — хутаючыся, сказала яна. — Я пазваню вашай жонцы.

Барушка пырснуў смехам.

— Па-першае, хворая жонка не патрэбна нават хвораму мужу. А па-другое, мая цаца даўно дрыхне без задніх ног.

 

Яму здалося, што, прыніжаючы жонку, ён гэтым самым здымае з сябе абавязкі сем’яніна, развязвае рукі і сабе і Валі, якая, відаць, наўмысна ўспомніла пра жонку. Дый, як падказваў п’яны вопыт, ва ўзаемаадносінах з жанчынаю лепш за ўсё выступаць халасцяком — каб ніхто не стаяў паміж табой і ёй. Гэтак вярней. Ты астаешся з ёй сам-насам, знішчаеш прыкрыя перашкоды, даеш надзею... Жанчыны прагныя ў сваіх жаданнях, але ім заўсёды падай хоць бачнасць прыстойнасці. Каб жанчына была пераконана — для цябе яна найлепшая і зараз існуе толькі адна. Асабліва такая, як Валя. «Што ёй, нерадзісе, сама, пэўна, шукае!..»

Ён адкрыта агледзеў Валю, якая апусцілася на крэсла, адзначыў гэта і прысунуўся да яе разам са сваім крэслам.

— Тут яшчэ ёсць, — паказала яна бутэльку, спадзеючыся такім чынам справадзіць яго.— Канчайце.

Выпіўшы, Барушка сапраўды падняўся, але яго павяло ўбок.

— Оп-лі! — выгукнуў ён, быццам пахіснуўся знарок.

Мяркуючы, што госць нарэшце сабраўся ісці, Валя таксама ўстала. Барушка зноў пахіснуўся, узяў яе руку аберуч, але не паціснуў, а прыпаў губамі і пачаў цалаваць.

— Хопіць, хопіць, — папрасіла Валя, усё яшчэ не жадаючы крыўдзіць яго. — Хочаце, я вызаву таксі?

— Ані-ані! — узбурыўся ён, ад п’янага ўзрушэння трацячы над сабой уладу. — Гэта нова, што вы такая ж прававерная, як і ў сваёй «Перамозе». Або нехта наплёў вам пра мяне? Шарупіч? Пс-с-с! Але ў чым ён можа абвінаваціць мяне? У чым? Што я жыву на свеце не толькі каб выконваць чужыя распараджэнні... А даведка вось яна — у кішэні! Без яго абышоўся.

Ён выпусціў яе руку і хацеў быў аблапіць Валю, але яна, выціраючы з твару пырскі яго сліны, адступіла, і Барушка ледзь не ўпаў. Збалансіраваўшы, азадачаны, утаропіўся ёй у вочы. Але кроў зноў ударыла яму ў галаву, і ён пайшоў на Валю, наставіўшы бліскучую паголеную галаву. Ды гэтым разам Валя не адступіла, нават не выставіла, баронячыся, перад сабою рукі. А калі ён наблізіўся, сарвала з плеч хустку і з усяе сілы сцебанула Барушку па твары.

Ён замычаў, прыкрыў далоняй вочы і, адразу абяссілеўшы, пашкандыбаў да выхадных дзвярэй.

— Добра... хай!.. — з паўзаю прамармытаў ён, спрабуючы і не могучы адамкнуць французскі замок. — Я яшчэ прыпомню гэта... Ды не ўяўляйце, што мужанёк ваш толькі вамі прабаўляўся. Не-э! Дудкі!..

А Валя глядзела яму ў спіну і халадзела ад агіды. Па ўсім было відаць: Васіль Пятровіч нагаварыў у рэстаране лішняга, і Барушка не без задняй думкі ўвязаўся за ім. А пачуўшы новыя вольнасці, асмялеў, расперазаўся. «А што наплёў? Што наплёў!..»

 

 

5

 

Сумненні не кроілі Барушкавай душы. Вельмі шмат ганебнага бачыў ён у навакольных, каб заўважыць благое ў сабе. Вінаватым можна сябе прызнаваць, калі ёсць невінаватыя. Ты агіднік і ў нечым памыляешся толькі, калі ёсць анёлы і людзі, якія не памыляюцца. Да таго ж Барушка быў пераконаны: праўда — гэта яго галіна і спецыяльнасць. Сам скандаліст, ён шчыра абураўся: «Чаго яны грызуцца? Чаго ім дзяліць? Во людзі. А ўсе Сярдзюк!..» Сам п’яніца, гуляка, ён з выглядам чалавека, які мае права выносіць прысуд, кпіў са Шмакава: «Жлукціць гарэлку, як ваду. Усё жыццё. Мабыць, не мазгі ўжо, а халадзец...» Неахайны абібок, ён высмейваў Юркевіча за тое, што той раніцою рабіў зарадку: «Мяшчанская прагавітасць! Такія і жыццё грабуць пад сябе дзвюма рукамі. Ім усё мала — хапай, хапай як мага!..» І, каб узяць верх над праціўнікамі, без ваганняў наклейваў самыя страшныя ярлыкі. У адносінах жа сябе верыў — ён праведнік. А калі знаходзяцца людзі, якія нешта маюць да яго, дык гэта таму, што ён замінае ім, не дае расперазацца, рабіць ганебнае.

У аддзел галоўнага архітэктара пры немцах Барушка, як прызнаваўся сам, пайшоў працаваць па дзвюх прычынах. Па-першае, трэба было жыць, а значыць — зарабляць. Па-другое, спадзяваўся аказацца бліжэй да любімай справы, і тым самым уплываць на яе як захочацца. Але — і гэта абсалютная праўда! — немцаў Барушка ненавідзеў. Асабліва пасля таго, як у першыя ж дні акупацыі перажыў страх і ўніжэнне.

Шнарачы па кватэрах, нямецкія салдаты завіталі ў дом, дзе жыў Барушка. У дворніка знайшлі скрынку гарэлкі, прыхаваны новенькі хамут, штуку каверкоту, якія той у час бамбёжкі і неразбярыхі прыцягнуў з магазінаў. Дворніка збілі і, узваліўшы яму на плечы скрынку, пагналі перад сабой. У праездзе ім трапіўся Барушка. Малады салдат-насмешнік пазваў яго пальцам, надзеў яму на шыю хамут, даў у рукі каверкот і загадаў ісці разам.

— Іх бін архітэктар, — запратэставаў Барушка.

Салдат зарагатаў, злосна прыжмурыўся і штурхнуў яго аўтаматам між лапатак.

— Лёс!

Так, з хамутом на шыі, з каверкотам пад пахаю, у змятым капелюшы, потны, Барушка мусіў прайсці колькі кварталаў, баючыся падняць вочы.

Невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, каб за яго не заступіўся другі салдат — пажылы, аброслы рыжай шчэццю.

— Пусцім яго, Ёган, — з прыкрасцю сказаў той. — Навошта ён табе?

— Ён камуніст.

— Адкуль ты ведаеш?

— Відаць па мордзе.

— Пусці, прашу. Я ж таксама некалі будаваў дамы...

Прызнацца шчыра, была яшчэ прычына, што падштурхнула Барушку ісці працаваць ва ўправу. Яго дзейнай натуры карцела праявіцца, ён не мог жыць непрыкметна. У нечым імпанавала агітацыя нацыяналістаў. Дый логіка ў паводзінах людзей ёсць не заўсёды. Асабліва ў вайну.

Адначасова Барушка адчуваў, што горад стаў жыць падвойным жыццём: вонкавым — шэрым, у надзённых клопатах аб кавалку хлеба, у страху ды чаканні раптоўных бед, і ўнутраным — напружаным, поўным рызыкі. Праўда, гэтае другое жыццё звычайна хавалі начныя змрокі. Яно давала Барушку знаць аб сабе ўскосна: то барвовым зарывам над аэрадромам, над таварнай станцыяй, то недалёкім раскацістым выбухам, што рваў цемру, то трывожнымі хрыпатымі сірэнамі гестапаўскіх машын з пражэктарамі на кабінах. У некаторых гарадскіх раёнах — і гэта ўжо ведалі ўсе! — нават узброеныя да зубоў патрулі не адважваліся паказвацца ноччу, і патрулявалі танкеткі.

«Кожнаму сваё. Што ім траціць? — аднак цешыў сябе Барушка. — Дый у барацьбу мы ўступім мудрэй!..» І, калі немцы прапанавалі ўзяцца за генеральны план аднаўлення Мінска, ён высунуў ідэю будаваць горад на новым месцы, спадзеючыся, што правакацыйныя вымудры акупантаў абернуцца супроць іх саміх.

Яно, можа, так бы і сталася, каб напружанасць барацьбы была меншая, а падзеі не такія імклівыя.

Напрадвесні падпольшчыкі пакаралі важака нацыяналістаў Акінчыца, а пасля бургамістра Мінска. З апошнім расправіліся навідавоку ў Барушкі. Сярод белага дня на скрыжаванні Нямігі і вуліцы Астроўскага ў бургамістраву таратайку ўскочыла дзяўчына.

Што яна гаварыла там, ніхто не чуў. Але потым, калі бургамістр раптам залямантаваў, хлопец, які ў момант апынуўся побач з таратайкаю, схапіў яго за каршэнь і сцягнуў на брук. Дзяўчына стрэліла бургамістру ў грудзі. Не выпускаючы каўняра, хлопец стрэліў таксама і, калі цела здрадніка абвяла, кінуў яго ў кювет. Што было прычынаю смерці — агнястрэльныя раны або трэшчына ў чэрапе, — не скажаш. Але погалас сцвярджаў, што падпольшчыкі наказалі ўрачам, у чые рукі потым трапіў бургамістр: каб не давялося ім, падпольшчыкам, пачынаць усё зноў, хай тыя не перашкаджаюць прыродзе рабіць сваё.

А кім быў у вачах падпольшчыкаў ён, Барушка? Хутчэй за ўсё, таксама халуём, які сваёй работаю памагаў немцам пераконваць людзей, што іх панаванне вечнае, — бачыш, як клапоцяцца аб будучыне горада! І, вядома, нікому не прыйдзе ў голаў, што ён, Барушка, хоча зрабіць гэтыя клопаты нялюдскімі, скампраментаваць іх. Хто яму даваў такое заданне? Да таго ж, Барушка ведаў цану слова, не падмацаванага дакументам...

Людзі змагаліся, гінулі. У першыя ж месяцы гітлераўцы павесілі дванаццаць чалавек — мужчын, жанчын, чатырнаццацігадовага падлетка. Вясною ў Тэатральным скверы, на тэлеграфных слупах Савецкай вуліцы, Камароўкі, ля Чэрвеньскага рынку павесілі ўжо дзесяткі падпольшчыкаў. «Чорныя вораны» везлі і везлі людзей за горад. Расстрэльвалі таксама на астрожным двары, у сутарэннях СД, у Трасцянецкім лагеры смерці. А Барушка? Жыў, атрымліваў зарплату, паёк, карыстаўся сякім-такім аўтарытэтам.

Праўда, наконт гэтага ў Барушкі былі свае погляды. Ён быў упэўнены — апрача абавязкаў перад другімі, ён мае абавязкі перад сабою. Прырода дала яму талент, і ён абавязаны захаваць яго для народа. «Кожнаму — сваё». Але ці пагодзяцца з ім другія? Асабліва калі выганяць немцаў? Гэта злавала, абурала загадзя, як гвалт над сабой. Барушка брыдка лаяўся, некага кляў і ўсё-такі не адважыўся адмовіцца ад задання, якое аднойчы яму прапанавалі.

На яўку, у домік, што стаяў сярод гонкіх сосен у парку Чалюскінцаў, ён пайшоў не адзін — узяў з сабой дачку, беленькую, у кудзерках. І пакуль вёў размову з таварышам Міхалам, трымаў дзяўчынку на каленях і гладзіў па белай галоўцы. Заданню ўзрадаваўся — яно было нескладанае і важнае. Падпольшчыкам спатрэбіўся план Мінска. Непрыемна ўразіла толькі адно — ці не замнога тыя ведалі аб ім.

Плячысты, з простым рабочым тварам таварыш Міхал уважліва, нібыта фотакартку, разглядаў Барушку і больш маўчаў, прымушаючы яго гэтым гаварыць не зусім добраахвотна.

Але вера ў сябе ўсё ж дазваляла Барушку весці сваё. І аб чым бы ён ні пачынаў расказваць, зводзіў на тое, што шыты не лыкам і міна запаволенага дзеяння, якую ён ставіць, абавязкова ўзарвецца. Дый гуку ад яе будзе больш, чым ад звычайнай. Толькі хай яму не перашкаджаюць быць асцярожным.

У маленькім пакойчыку, абклееным светлымі шпалерамі, застаўленым старамоднай мэбляй, было ціха, мірна. За акном у прамяністым святле стаялі меднастволыя сосны. Калматыя лапкі бліжэйшай, здавалася, цягнуліся да шыбы, каб заглянуць у пакой.

— Каму і калі я павінен перадаць план? — выгаварыўшыся, спытаў Барушка з выглядам, што яго нешта зацікавіла ў парку. — Ціха, Ніначка!..

Таварыш Міхал сумна ўсміхнуўся.

— План прынесяце сюды. Як мага хутчэй. Адразу, як здолееце скапіраваць або раздабыць.

— Пастараюся за дні тры.

— Толькі дзяўчынку не бярыце ўжо...

Праз тыдзень падполле спасцігнуў чарговы правал. Выхады з горада блакіравалі. Пачаліся аблавы, павальныя начныя вобыскі.

Па вуліцах гойсалі жандары, шутцпаліцаі, мабілізаваныя немцы-чыгуначнікі. Папаўзлі чуткі — схапілі важакоў, і тыя не вытрывалі. Аднаго з галоўных водзяць па горадзе, і даволі яму непрыкметна паказаць на каго-небудзь палкаю, як чалавека адразу цягнуць у машыну-каталажку.

Казалі: здрадніка чулі ўжо з трыбуны — выступаў у гарадской управе і перад рабочымі вагонарамонтнага завода.

Праўда, абапал стаялі мурлатыя тыпы, але хіба гэта мяняла справу?..

Потым наступіла глухое зацішша, мо страшнейшае за адкрыты разгул, бо ліха трэба было чакаць кожную хвіліну, удзень, уначы прыслухоўвацца да падкутых крокаў і ўсё вырашаць самому.

Барушка таксама чакаў бяды, але яна абмінула яго. Наадварот, спадкаемец пакаранага бургамістра Бондар, нечакана загарэўся да Барушкі ласкаю і ўсяляк выказваў сваю прыхільнасць. «Але, але, — сакатаў ён пры сустрэчах, ляпаючы Барушку па спіне. — Берагчы нацыянальную інтэлігенцыю — наш абавязак. Гэта разумеюць і нямцы (так прамаўляў ён слова «немцы», мяркуючы, што ад гэтага яно становіцца больш беларускім)». І ўсё-такі спакой не прыходзіў да Барушкі. Тачылі думкі — ёсць людзі, для якіх вінаваты не толькі чалавек, праз якога загінуў таварыш, але і той, хто ўцалеў, калі побач гінулі другія.

Лістапад у тым годзе выдаўся багаты на іней. Дый зіма пачалася з яго.

За адну снежаньскую ноч дахі дамоў, дрэвы, руіны — усё стала белае.

Пухнаты іней лёг на галінкі, і яны зрабіліся падобнымі да марозных узораў на шкле, абляпіў тэлеграфныя драты, якія сталі бы канаты.

Шэрань укрыла і самі слупы, ствалы дрэў.

На тратуарах снег ляжаў дробны, быццам нацярушаны з тых жа самых дрэў і тэлеграфнага дроту.

Праз белую смугу, як і ўсё навокал, белымі здаваліся і неба і далі. Абрысы дамоў, руін, заінелых дрэў бадай што зліваліся з імі. Так было дні тры. Потым пахаладзела, выглянула сонца, неба пацямнела, палілавела, і залітыя святлом белыя абрысы абазначыліся выразней, як бы наблізіліся.

Пакутуючы ад няпэўнасці, Барушка падышоў да парку Чалюскінцаў.

Сосны тут таксама стаялі, ахопленыя белым халодным полымем.

Чаго Барушка прыдыбаў сюды? Хіба ён увесь час не мучыўся праз гэты драўляны домік у парку, ведаючы, што бяда можа завітаць толькі адтуль? Мусіць, чалавека заўсёды цягне дакрануцца да гарачага, зірнуць у прорву. Бо ён цярпець не можа тайны, яму трэба пэўнасць. Таму што жыве ў чалавеку такая рэч, як жаданне пераканаць сябе — ты малайчына.

Хвалюючыся, наблізіўся ён да ўвахода ў парк і раптам абмёр — доміка не было.

На яго месцы бялеў пагорачак і стаялі прысыпаныя снегам грубка ды руская печ. І зноў — узрадавацца б тут Барушку, уздыхнуць з палёгкаю, ды — не. Яму зрабілася шкада доміка, ягонага гаспадара, якога бачыў усяго двойчы, мелькам, і хацелася стаяць тут.

Барушка прайшоўся паўз запарушанае сняжком папялішча, нібыта шукаў што згубленае, капнуў колькі разоў снег насцаком. Аднак заўважыў нямецкіх салдат. Наставіўшы каўняры, тыя праходжваліся па процілеглым баку вуліцы і, здаецца, ужо прыглядаліся да яго. Здагадаўся: вартавыя з лагера ваеннапалонных. Як ён мог забыцца на гэтую акалічнасць?

Убачыўшы на праезджай частцы селяніна з падводаю дроў, рушыў насустрач. Гэта быў паратунак — мінчане часта выходзілі сюды пераймаць вяскоўцаў, якія ехалі на рынак. Назнарок голасна, каб пачулі вартавыя, спытаўся па-нямецку:

— Віфель костэт?

— Што? — не зразумеў селянін.

— Колькі просіш за дровы? — паўтарыў Барушка і траха не абамлеў другі раз: пашморгваючы лейцамі, побач з санямі ішоў таварыш Міхал! У шапцы-кучомцы, кажушку, лапцях.

«Во-во... Пачынаецца!» — з жахам падумаў Барушка.

— Дровы не прадаюцца, сваім вязу, — адказаў селянін.

Робячы выгляд, што разгадаў ягоныя гаспадарскія захады — хоча нагнаць цану, але, ідучы ўвесь час ззаду і з трывогаю пазіраючы на пугу (ці не пакажа на яго?), Барушка мінуў парк.

Навокал ужо распасціралася аснежаная пустка. На адлегласці бялела некалькі глінабітак. Відны былі Дом друку і прысадзісты будынак Акадэміі навук з выведзенымі праз вокны бляшанымі каленчатымі трубамі, з якіх курылі шызыя дымкі.

Ля жалезнай брамы Дома друку стаяў вартавы. Насустрач ехаў грузавік з салдатамі.

«Пэўна, усё-такі пашанцавала — не пазнаў, — з аблягчэннем падумаў Барушка. — А то пэўна сказаў бы што-небудзь ці тыцнуў пугаўём», — і, непрыкметна адстаўшы, бачком падаўся на тратуар. І пакуль падвода не збочыла за Дом друку, не мог адарваць ад яе позірку, на чым свет стаіць лаячы сябе.

Адкуль было яму ведаць, што ён перажыў дарэмныя страхі, што лёс Міхала Шарупіча хоць і склаўся не лепшым чынам, але зусім не так, як ён уяўляў. А яго, Барушкаў? Яшчэ горш.

Бо нават калі пройдзе час і будуць аднаўляцца сувязі, у адносінах да яго пераможа недавер’е, і ён астанецца паміж небам і зямлёй.

 

 

6

 

Непрыхільную, схаваную ўвагу і пустату навокал сябе Васіль Пятровіч адчуў, як толькі ў панядзелак пераступіў парог упраўлення. Супрацоўнікі змаўкалі, калі ён набліжаўся, адказвалі коратка і адразу ж стараліся адысці. Нават Ніна паглядзела неяк здзіўлена, быццам не пазнаючы. Спачатку Васіль Пятровіч не надаў гэтаму значэння, а потым вытлумачыў па-свойму — прывык да юбілейнай пачцівасці. «Думаў, так будзе вечна!.. Дый пакрыўдзіліся, што ўсіх не запрасіў..» Але згрызоты не зніклі, і, знайшоўшы зручную прычыну — трэба было паглядзець макет плошчы, — ён з тайнай надзеяй нешта ўведаць паехаў у майстэрню.

— Скажы, Раман, у чым справа? — пачаў ён, вешаючы на вешалку плашч і ўпускаючы яго. — Некаторыя, калі думаюць, што я не заўважаю гэтага, разглядаюць мяне, як дзіва. Чаму ты сам не прыйшоў учора?

— Ездзіў з дачкой на мора... — упяў вочы ў ватман Дымок. — Цэлае стоўпатварэнне! Але добра, што ёсць хоць куды ездзіць...

— Ты і цяпер, па-мойму, нешта не дагаворваеш. Я, здаецца, не даваў падстаў!

— А Барушка, Васіль? — не адвёў вачэй ад ватману Дымок.

— Барушка?

— Хіба ён не начаваў у цябе на лесвічнай пляцоўцы? Не праваляўся да раніцы пад батарэяй, на голых плітах?

— Якое глупства!

— Яго раскатурхаў Аскоцкі. Аказаў, між іншым, першую дапамогу. Можаш спытацца ў яго па-суседску.

«А ён жа паверыў усяму і хоча астацца чужым!..» — пахаладзеў Васіль Пятровіч, не пазнаючы Дымка і паціскаючы ад крыўды плячыма.

Невядома як, але Дымок заўважыў ягоны жэст і кінуў на столік рэйсшыну, аловак.

— Я знаю, ты не будзеш апраўдвацца!.. Але я стаміўся, калатнеча абрыдла мне. Зноў нажываць ворагаў?

— А хіба дрэнна — змагацца за рэчы, у якія верыш? Ну? Чалавек, што не мае ворагаў, не мае і сяброў!

— Няхай, але вызваль мяне... Я маленькі чалавек! — схапіў сябе за грудзі Дымок. — Мне раней таксама здавалася, што калі я сумленны перад сабою, значыць, сумленны і перад другімі. Аж не. У людзей свая логіка. Ім дадзена права сумнявацца, не давяраць. І калі трое кажуць, што ты п’яны — кладзіся спаць...

У гэты момант на парозе вырас Барушка — у чорных акулярах, са злосным, азызлым тварам.

Убачыўшы Васіля Пятровіча, сціснуў сківіцы і зайграў жаўлакамі.

— Зорын прасіў мяне азнаёміцца з плошчай,— кінуў Дымку.

Васіль Пятровіч ступіў яму насустрач.

— Нам трэба спачатку пагаварыць з вамі...

Ён прадчуваў: з гэтага нічога добрага не выйдзе. Барушка не дасца гаварыць, нагародзіць новых недарэчнасцей, і ўсё-такі спадзяваўся: «Чалавек жа ён! Ёсць жа ў яго сумленне!..»

На паголенай Барушкавай галаве праступіла і плямамі пачала разлівацца чырвань, але Васіль Пятровіч ціха дадаў:

— Я прашу растлумачыць... што я вам такога паганага зрабіў?

У хвіліну ўзрушэння ў чалавеку абуджаецца акцёр. Скажа, што яму мутарна, і яго ванітуе. Трэба заплакаць — заплача, ды такімі слязамі, якімі не плакаў ніколі. Адхіснуўшыся, нібыта баючыся, што да яго дакранецца нешта агіднае, Барушка ажно захліпнуўся:

— Ага, што зрабіў?! Забіць хацеў, вось што!

— Гэта з якой прычыны?

— Знаем з якой, не хлопчыкі! Што ваша міласць у рэстаране і дома плявузгала? А тут Барушка... Вось і давай знішчым яго!

Што гэта было? Самаасляпленне? Подласць? Фантазія шызафрэніка?

Васіль Пятровіч глядзеў на пунсовы Барушкаў твар і не ведаў, што думаць.

— Я ж спаў... — знайшоў ён у сабе сілы запярэчыць.

Усе былі так усхваляваны, што не заўважылі, як у дзвярах паказаўся чацвёрты — Сярдзюк, і звярнулі на яго ўвагу, толькі калі ён, медзведзяваты ў сваёй павольнасці, падышоў да Барушкі.

— Скажыце, Сямён Захаравіч, — выдыхнуў ён гнеўна, з прысвістам, — навошта гэта вам? У чыю-небудзь ласку ўбіваецеся ці збіраеце матэрыял, каб на выпадак, калі давядзецца ваяваць за сябе, мець што-небудзь пад рукамі.

Гэта было падобна да грому ў ясны дзень. Барушка аслупянеў і, з нямой просьбаю заступіцца за яго, падаўся да Дымка.

Потым роспачліва, як бы беручы ў сведкі неба, ускінуў над галавою рукі.

— Сцены! — зайшоўся крыкам. — Глядзіце, што робяць з чалавекам!

Ён нават не азірнуўся і так, нібыта на яго насоўваўся натоўп, з узнятымі рукамі, рынуўся з майстэрні.

— Дзіўны чалавек, і сіла яшчэ захавалася, — вінавата прамовіў Сярдзюк. — Ведае, як і ўсе: не агітуй за цвярозасць, калі п’яніца, не абараняй чысціню, раз сам распуснік, і агітуе і абараняе...

Нашпігаваны плёткамі, усялякімі байкамі, падагрэты імі, Барушка раскрываўся, закатваў скандалы нярэдка. Нядаўна ён выпусціў даволі ўдалую кнігу аб прынцыпах забудовы мікрараёнаў, купіў на ганарар у Крыжоўцы дачу і набраўся пыхі. Але, каб вытлумачыць яго сённяшнія выбрыкі, гэтага было мала.

Хаміў ён і раскрываўся якраз тады, калі праціўнікам яго даводзілася туга. Значыцца, для Васіля Пятровіча наступала нялёгкая паласа. Бесталковае Сердзюкова заступніцтва толькі ўскладняла справу...

«Захацеў сутыкнуць і паглядзець, што атрымаецца», — падумаў Васіль Пятровіч аб Зорыне і, калі Сярдзюк пайшоў, апраўдваючыся, сумна пажартаваў:

— Давай зоймемся плошчай, Раман. Хоць заходнія дабрадзеі ўпікаюць нас у прымітывізме — занадта, маўляў, шмат значаць для нас справы ўласных рук, гэта пакуль лепшыя лекі, каб супакоіцца. Ага, між іншым... Калі Барушка быў маім намеснікам, я папрасіў яго скласці на супрацоўнікаў характарыстыкі. І што ты думаеш? Не аказалася ніводнай станоўчай. Усе былі няўмекі, бездары, дзве трэціх падазроных, з вывіхамі, з ганебнымі схільнасцямі.

Дымок змоўчаў.

Плошча на макеце выглядала як сапраўдная. Прасторная, з зялёным партэрам ад праспекта, замошчаная светла-шэрымі квадратнымі плітамі насупроць Дома ўрада. Помнік Леніну ў курданьеры, прысады срабрыстых елак уздоўж левага і правага крыла. На адной лініі, праз інтэрвал, — простыя, лаканічныя будынкі. На процілеглым баку — гмах гарадскога савета, універсітэт, таксама лаканічныя, строгія.

Упёршыся ў будынак педінстытута, плошча разгаліноўвалася — злева выходзіла на віядук, які пераносіў праспект над чыгункаю, справа ўлівалася ў Савецкую вуліцу, перапланаваную нанава.

І столькі было ў ёй строга акрэсленай красы, што захацелася разглядаць яе, прыняць у сэрца.

Васіль Пятровіч зайшоў з другога боку, прысеў уровень з макетам і паглядзеў на плошчу ад віядука, потым з Савецкай вуліцы.

І кожны раз на яго засяроджаным твары, што крывіўся ад натугі, праступала прыхаваная ўпартасць — думалася не толькі аб плошчы.

— Ану, уяві, што ўязджаеш з праспекта, — сказаў ён хутчэй самому сабе, чым Дымку. — На чым спыняецца вока?

Дымок не адказаў.

— Ну! — упарта паўтарыў Васіль Пятровіч.

— На Доме ўрада, на помніку Леніну, — неахвотна пачаў пералічваць Дымок. — Потым на педінстытуце, універсітэце... Гэта — козыр, Васіль!.. Але, мне здаецца, ты не слухаеш.

— Не, што ты...

— Чаму ж маўчыш?

— Дапусцім, парадак той. Аднаr.

— Зноў «аднак»! — ускіпеў Дымок і з разведзенымі рукамі адышоў ад макета. — Мне абрыдла гэта, Васіль! І, як сабе хочаш, я перарабляць больш не буду. Бачыш, якая атмасфера? Прашу — адправім у гарком, няхай робяць заўвагі...

 

 

РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ

 

1

 

Сярдзюк таксама астаўся нездаволены сабою. Колькі разоў даваў слова не ўмешвацца ні ў якую калатню.

«Усё, завязаў! Цяпер толькі працаваць! — прысягаў сабе яшчэ да Мінска. — Працаваць, каб крыху навярстаць упушчанае і пакінуць сякі-такі след...» Ён нават пасля рэабілітацыі не адразу паехаў у Мінск, а некалькі год пражыў у Сібіры, у Сярэдняй Азіі.

Дый што звязвала яго з Мінскам? Будынкі, спраектаваныя некалі ім, знішчыла вайна. Сям’я раскідалася, родных не стала.

І ўсё-такі ўлада роднай зямлі аказалася мацнейшай за ўсе гэтыя развагі. Як паступова выявілася, пачынаць жыццё нанава можна было толькі там, дзе пачынаў яго ў маладосці, дзе пакінуў першыя сляды, няхай ужо і сцёртыя падзеямі.

Каб зноў працаваць, як прагла душа, яму патрэбен быў Мінск, знаёмыя і незнаёмыя людзі, якія жывуць у родным горадзе, яго неба, паветра, нешта такое, чаго не выкажаш словам.

Першыя дні Сярдзюк хадзіў па Мінску, як пілігрым, з радасным болем успамінаючы, што калісьці было на месцы прыгожых гмахаў, і рэдка сустракаючы ўцалелыя куточкі і будынкі. Горад быў ужо зусім новы — не яго, Сердзюкоў. Ён нават блудзіў па ім, як чужы, пытаючыся, як трапіць на Старажоўку, да парку Чалюскінцаў, стараўся запомніць тралейбусныя маршруты. Але дзіўна — адначасна гэта быў родны горад. І не толькі таму, што захаваліся ранейшыя назвы вуліц, якія абуджалі ўспаміны, сёе-тое, у рэшце рэшт, можна было пазнаць.

Сам абрыс горада, кірунак вуліц, святло і цені на тратуарах, тое, дзе ўсходзіць і заходзіць сонца, як ідзе дождж, — усё гэта рабіла яго дарагім, родным.

З людзьмі было больш складана. Часцей за ўсё Сердзюка сустракалі ветліва, спачувалі. Аднак, — і гэта кідалася ў вочы, замыкаліся. Некаторыя ж не спяшаліся вызначыць свае адносіны да яго, нечага чакалі — мусіць, куды ўсё выкіруецца заўтра.

Таму нечаканая сутычка з Барушкам усхвалявала Сердзюка.

Ці з таго ён пачаў? Што ні кажы, а тут, у родным горадзе, ён яшчэ не зусім свой, бо няма ў гэтых новых мурах ягонай працы. Няма! Але ж як ты і стрымаешся, калі бачыш і чуеш такое?

Выйшаўшы з майстэрні, ён памарудзіў, думаючы, куды падацца.

Дамоў — у сваю каморку на Цнянскай, якую здымаў. Паблукаць па вуліцах?

Не, ні аставацца сам-насам, ні завітаць да каго-небудзь зараз Сярдзюк не мог.

Ён выйшаў на праспект.

Глянуў у адзін, у другі бок, прыпыніў позірк на стракатых рэкламах кінатэатра «Цэнтральны» і ўзрадаваўся. Гэта быў выхад.

Не паглядзеўшы, якая ідзе карціна, Сярдзюк купіў білет.

Сеанс пачынаўся праз мінуту, і ён амаль подбегам, з адчуваннем палёгкі падаўся ў фае. Садзіўся на сваё месца ўпоцемках, без усякай крыўды выслухоўваючы незадаволенае бурчанне тых, каму, прапускаючы яго, давялося ўставаць.

Зала яшчэ гаманіла, і, не могучы суцішыцца, Сярдзюк лёгенька дакрануўся да суседа злева, чыя рука ляжала на падлакотніку крэсла.

— Вы не ведаеце, як называецца карціна? — схіліўся да яго Сярдзюк.

— Га? — не дачуў той.

— Я пытаюся, як называецца карціна.

Сусед не адказаў, адхіснуўся, але рукі з падлакотніка не зняў, а паклаў яе так, каб Сярдзюк не мог прымасціць сваёй.

Мабыць, гэта быў адзін з тых людзей, якія чамусьці саліднеюць у кіно, набіраюцца пыхі, але, разгаварыўшыся, дабрэюць, робяцца простымі і мілымі.

— Я не паспеў спытацца ў касіра. Сур’ёзна! — растлумачыў Сярдзюк.

Пачаўся кіначасопіс, але прадчуванне бяды, што раптам і невядома чаго ўзнікла ў Сердзюка, авалодала ім і не давала сачыць за экранам. Ён краем вока бачыў плячо суседа, яго горда адкінутую назад галаву, пастрыжаную пад вожык, і поўніўся трывогаю.

Калі кіначасопіс скончыўся і ў зале, каб маглі зайсці, хто спазніўся, загарэлася бакавое святло, Сярдзюк павярнуўся да суседа і атарапеў: побач з ім, упіраючыся локцем яму ў бок, сядзеў заўсёды стомлены і таму сярдзіты Кароль, які некалі вёў яго справу.

Ён пастарэў, поўны твар спаласавалі маршчыны, сівы вожык аж кранула жаўцізна. Але гэта быў ён!..

Сярдзюк так разгубіўся, што не ведаў, як быць. А тут яшчэ сусед войкнуў, закаціў вочы і ўзяўся за сэрца.

— Мне дрэнна, Маша, — шэптам, каб не расплакацца, сказаў ён жанчыне, якая сядзела поплеч. — Прыйдзецца пайсці...

Дома Сердзюка чакаў новы сюрпрыз.

Схіліўшыся над сталом, з газетаю ў руках сядзеў сын. Перад ім гарэла лямпа-грыбок. Каморка танула ў паўзмроку, і добра асветлены былі толькі газета і сынаў твар — малады, засяроджаны, да болю родны. Што рыпнулі дзверы, дайшло да Віктара не адразу. Але калі дайшло — ён увесь страпянуўся, кінуў газету і, бледны, аж на вачах закіпелі слёзы, пайшоў насустрач, несучы перад сабою працягнутыя рукі.

Сярдзюк зняў кепку і, перавёўшы дыханне, выцер ёю лоб.

— Віця? — прамовіў ён, быццам, сумняваўся, што гэта сын. — Ты? Прыехаў?

Той спыніўся на крок, са скрухаю закруціў галавою.

— Ай-ёй!.. Бацька, бацька, які ты стаў!

— Не трэба пра гэта...

— Дай я цябе абыму!

Віктар быў вышэйшы ростам, таму абняліся яны не крыж-накрыж, як хацелася, а як прыйшлося. Але, адчуваючы дужыя рукі, якія ціскалі яго шыю, тулячыся шчакою да сынавых грудзей, Сярдзюк заходзіўся ад горкага шчасця і думаў — ну вось, нарэшце, сталася!

У каморцы стаялі гаспадыніна скрыня, ложак, стол, два старыя венскія крэслы, і яны селі за стол — адзін супроць аднаго.

— Мы шукалі цябе, чакалі, — сказаў Віктар, моршчачы вялікі лоб, на які ўпала знаёмая яшчэ з дзяцінства кудзерка. — Чаму ты не адказваў нам?

— Каму — вам?

— Мне, маці. Я ўсё роўна ўсё апішу ёй...

— Пра яе не гавары, — забараніў Сярдзюк.

— Гэта ты дарэмна, бацька! Яна любіць цябе, як калісьці. Дасюль хавае твае кнігі, гарнітур. Памятаеш, карычневы, з іскаркай? Напішы ёй і ты.

— Дзівак! У яе ж дзеці. Прытым, здаецца, блізняты... Жыццё не такое простае, як уяўляецца табе. Раскажы лепш пра сябе.

Віктар пяцярнёю зачасаў назад хвалістыя валасы, крыху супакоіўся. Прадаўгаваты, не па гадах выразны твар у яго пасвятлеў.

— А што расказваць? Працую ў Белдзяржпраекце. Езджу на «Масквічы». Халасты. Люблю музыку, роднае неба, цябе, маму. Вось, па-мойму, і ўсё... Калі не лічыць, што маю ўжо адзін твор, праштудзіраваў «Хатха-Йога» і пасябраваў на стадыёне з футбольнымі балельшчыкамі.

— Чаму не ажаніўся?

— Хто ведае! Мусіць, не сустрэў гэткай крэпасці, якую толькі я мог бы ўзяць. Не нарадзілася, відаць, яшчэ.

— Шкада.

— Будзем разам жыць? А?

— Не. Пакуль што не, — астудзіў яго Сярдзюк. — Чакалі больш...

Развіталіся яны на золку, калі сінь за акном парадзела, хоць на стале, як і раней, гарэла лямпа-грыбок. І калі «Масквіч», выкінуўшы з выхлапной трубы белы дымок, крануўся, Сярдзюк адчуў, як грудзі напаўняе сіла, а калені, наадварот, слабеюць. Не, мабыць, не здолее ён жыць адной работаю, астаючыся ў баку ад усяго.

«Што са мною стала, што стала!» — думаў ён.

 

 

2

 

Назаўтра яго запрасіў Лочмель, з якім Сярдзюк некалі быў у адным лагеры. Чакала кампанія, пачастунак, размовы.

Але рупіла астацца аднаму, падумаць, як усё складваецца і што рабіць далей.

Нечаканыя для самога — быццам павяло на тое! — сустрэчы з Каралём, з сынам, заступніцтва за Юркевіча перавярнулі душу Сердзюку.

І як ён ні адганяў тыя думкі, яны круціліся толькі каля гэтага.

Юркевіч, хутчэй за ўсё, сумленны чалавек. З ім можна працаваць.

Ён не будзе хлусам ні перад другімі, ні перад сабою. У ім жыве патрэба быць добрым. Хоць ён нібыта сочыць за сабою, стрымліваецца. Але пройдзе і гэта, бо з ім Валя — бессярэбраніца, падзвіжніца.

А сын?

Думкі пра жонку былі асабліва крыўдныя. Так, тут — здрада. І чыя? Самага блізкага чалавека, які ведаў аб ім усё. Ну, няхай пахіснулася вера ў другіх, няхай спасавала дружба.

Гэта яшчэ можна зразумець. Але як магла вырачыся яна? Як магла, адмовіўшыся ад яго, шукаць паратунку сабе, сыну? Хіба сын і ён не адно?..

Аднак, калі змерклася, ён не вытрымаў адзіноты. Пагаліўся, надзеў чыстую кашулю. Завязваючы перад люстэркам гальштук, са здзіўленнем убачыў свой твар — хваравіты, азызлы, з лупатымі тужлівымі вачыма. Яны, здавалася, аб нечым малілі, на нешта скардзіліся.

— Фу ты!.. — адвярнуўся ён ад люстэрка.

Як і трэба было чакаць, ён спазніўся. Пакойчык Лочмеляў, дзе ўсё выглядала часовым, поўніўся галасамі. Ведаючы, як яны жывуць — зарабляе адна гаспадыня, Сярдзюк па дарозе збочыў у гастраном і купіў бутэльку віна, сардзіны.

Але на стале стаяў ужо электрычны самавар, і Люба Міхайлаўна разлівала чай.

— Божа, а мы думалі — вы не прыйдзеце! — сумна, аднымі вачыма ўсміхнулся яна. — Ісак, прынясі яшчэ крэсла.

Гаспадыня была рада Сердзюку. Хударлявы, смуглы твар у яе пажвавеў, і яна вольнай рукою паправіла тугую, закручаную навокал галавы касу.

Лочмель, змарнелы, аброслы, ахвотна ўсхапіўся, расчулена пацалаваў Сердзюка ў абедзве шчакі і пакульгаў па крэсла.

І ўсё-такі Сярдзюк раскаяўся, што прыйшоў, — за сталом апрача ружовага Малевіча і панылага Шмакава сядзеў Барушка і насмешліва сачыў за ім.

— Добры вечар, — павітаўся Сярдзюк, гледзячы толькі на Малевіча і Шмакава.

— Вядома, добры! Бо, калі падумаць як след, нам з вамі абсалютна няма чаго дзяліць. Юркевіч усё адно не таварыш, — іранічна закалываўся на крэсле Барушка, нечакана паказваючы гэтым, што даруе нядаўняе. — Бачыце, як ён пілаціруе? І гэта не ад слова «пілот», а ад слова «Пілат». Што, не?

— Па-мойму, не, — як бы мімаходзь адказаў Сярдзюк і, не ведаючы, куды падзець віно і сардзіны, якія былі ў кішэнях, зірнуў на гаспадыню.

Тая, заўважаючы ўсё, зразумела яго і, паказаўшы вялікімі спалоханымі вачыма на мужа, адмоўна пакруціла галавою. Аднак гэта не прайшло па-за ўвагаю Шмакава.

Пасля Юркевічавага юбілею яго доўга не было відаць. Казалі, вяртаючыся з банкету, Шмакаў па дарозе ўпаў і падрапаў твар.

Але за час вымушанай адсідкі напісаў нізку вершаў, якую ахвотна прынялі ў рэдакцыях. Так што можна было пачынаць спачатку — грахі Шмакаў замольваў вершамі і, апублікаваўшы іх, як бы зноў здабываў права на незалежнасць, набіраўся ўпэўненасці.

— Чаго вы агінаецеся? Давайце, тут дарослыя, — пацёр ён рукі, паблажліва хмыкнуўшы. — Жыві, пакуль не пазванілі адтуль!

Шкадуючы Любу, Сярдзюк паціснуў плячыма. Лочмель падазрона, не разумеючы ў чым справа, але ўжо гневаючыся, скасавурыўся на жонку.

— Што такое, і тут нейкая змова?

— Вы кажаце — пілаціруе, — каб патушыць магчымую сварку, прымусіў сябе звярнуцца да Барушкі Сярдзюк. — Але чаму горад расце такім?

— П-с-с! — прыкрыў Барушка рукою рот і ад смеху схіліўся над сталом; лысіна яго бліснула і пачала чырванець. Ён умеў даваць мянушкі, прыкмячаў смешнае. Часам яго азначэнні нагадвалі афарызмы. Понтуса ён, скажам, называў «асвечаным кансерватарам», Каверына — «паэтам, які ахвотна паверыў у сваю геніяльнасць», Шмакава — «комікам у жыцці і трагікам у літаратуры»... Вось і цяпер, узняўшы палец, Барушка вырак:

— Юркевіч — чыстаплюй. І не цешце сябе, што ён будзе памагаць вашаму сыну. Апякуе ён да пары, пакуль падапечны не вырастае да самастойнай сілы. А тады, каб застрахавацца, б’е па цемені. Ва ўсіх адносінах выгадна. Як прынцыповы абаронца моладзі славіцца і сапернікаў не мае.

— Ёсць людзі, не здольныя мысліць па-сучаснаму. Юркевіч, як і Верас, — з іх, — умяшаўся Малевіч. — Яны ўжо таму шкодныя.

— Трапна, сабака! — падтрымаў Шмакаў, падміргваючы Сердзюку і ад задавальнення чухаючы пад пахаю. — Рассакрэчвайцеся, Ігнат Раманавіч, пакуль не вычхалася. Ненавіджу дыпламатыю.

Лочмель захваляваўся, павёў вачыма. Люба падышла да яго, стала ззаду, паклала на плечы далоні.

— Я згодзен, ад мінулага не ўцячэш, — адкінуў ён жончыны рукі. — Памятаеш, Ігнат, Караля?

— Учора я бачыў яго, — прызнаўся Сярдзюк.

— А ён, вядома, быў голы, — яшчэ паддобрываючыся, громападобна зарагатаў Шмакаў з вераю, што гэта спадабаецца Сердзюку і той паставіць на стол віно.

Спаласаваны маршчынамі твар у Лочмеля збялеў, і ён адкінуў галаву на спінку крэсла, ударыўшы схіленую над ім Любу. Тая схапілася за падбароддзе, перамагла боль, замітусілася.

— Супакойся, Ісак! Ты ж сам сябе губіш...

— Ладна, ша!.. У нас малітва ёсць, — сказаў ён Сердзюку. — У жанчын: «Дзякуй табе, госпадзі, што стварыў мяне, якой задумаў». А ў мужчын: «Дзякуй табе, госпадзі, што стварыў мяне не жанчынаю». Сапраўды — дзякуй!

— Гэта справядліва, — з жорсткімі ноткамі ў голасе ўхваліў Малевіч: — Паўмеры — не меры.

Сярдзюк спачатку сам не ведаў, чаму ў яго варухнулася непрыязнасць да Малевіча, да гаспадара. Хіба ён не адчуваў нешта падобнае?

Закарцела пярэчыць, хоць шкада было гаспадыні — адданай, клапатлівай, якая дамагалася аднаго: каб любы чалавек не кроіў свайго сэрца.

Яе вочы, як і яго там, дома, пакутавалі, малілі аб дапамозе. Іх перад усім і бачыў цяпер Сярдзюк.

— Ісака я разумею яшчэ, — прамовіў ён холадна. — Але дзіўна, чаму вас, Малевіч, усё гэта турбуе больш, чым нашага брата? Чаму вы гаворыце так, быццам ні трацкістаў, ні іншай брыды ніколі не было?

У пакойчыку запанавала цішыня. Малевіч паправіў пенснэ і зрабіўся непрыступным.

— Пайшлі, віція!

Устаў і Барушка.

Правёўшы ў бакоўку мужа, які адразу абвяў і зрабіўся паслухмяным, Люба вярнулася і роспачліва, азіраючыся на дзверы, зашаптала:

— Уй-уй! Калі б вы толькі ведалі, дарагі Ігнат Раманавіч! Як мне расказаць вам?.. — І, яшчэ палохаючыся сваіх слоў, зусім панізіла голас: — Вы ж ведаеце, ён за Савецкую ўладу на смерць пойдзе. Але вось бачылі, усё роўна часам бог ведае што чаўпе. І калі стрымліваецца, дык толькі таму, што не хоча, каб ворагі спекулявалі...

Яе пошап здаваўся заклінаннем, адбіраў волю, і Сярдзюк адчуў прыліў такога рэзкага смутку, што ледзь не застагнаў.

— Добра, я пагутару з ім... — паабяцаў, з тугою ўяўляючы, як пойдзе назад адзін. — Ісак разумны. Папсіхуе, папсіхуе і ачуецца. Толькі не падпускайце да яго такіх, як Малевіч...

 

 

3

 

Дзіўна, але Віктар менш апасаўся за бацьку і рэдка думаў аб ім, калі той быў далёка. Цяпер жа адна думка, што можа страціць яго, здавалася жахлівай.

Чаму? Мусіць, таму, што раней бацька ўяўляўся нечым далёкім і жыў як успамін — няхай харошы, цёплы, але няпэўны. Дый маці, ахоўваючы спакой сына, пазбягала размоў пра Ігната Раманавіча. Праўда, з гадамі Віктар усё вастрэй адчуваў: яму не стае — ой, як не стае! — бацькоўскага слова, позірку, рукі. Часамі ён нават шукаў бацьку сярод прахожых на вуліцы, прыглядаўся да пасажыраў у метро — а што, калі раптам сустрэне? Ды гэтыя парыванні танулі ў любві да маці, якая, што агню, баялася мінулага і, відаць, хацела, каб яно не існавала для яе хлопчыка. Няхай будзе выкраслена. Так лепш. Дзіця можа забыць нават родную мову. І няхай хлопчык пачынае жыць з таго дня, як увайшоў у дом айчыма — сціплага, ціхага ўрача.

Паміж сынам і бацькам усталі страх і клопаты маці. Потым іх замяніла вучоба. Яна запаланіла Віктара, зрабілася радасцю, самым дарагім у жыцці.

Што ён ведаў пра бацьку? Амаль нічога. Не абы-які архітэктар, напісаў доктарскую дысертацыю, цяпер невядома дзе, і маці пакуль што хоча выкрасліць яго з жыцця. Усё. І толькі глыбока ў душы тлела гордасць — бацька ўсё-такі горадабудаўнік, талент! Значыць, і ў ім, Віктары, закладзена нешта бацькава, што дазволіць і яму пазнаць шмат чаго і, безумоўна, стварыць яшчэ нябачанае. На гэтым адносіны з бацькам як бы канчаліся. Тым больш — гадавалі яго маці, айчым, вучыла дзяржава, раскрывала перад ім неабдымныя прасторы. Сумненні ж — вінаваты бацька ці не? — не праходзілі. Мусіць, былі памылкі...

 

Віктар прайшоў у канец доўгага калідора і адчыніў ужо знаёмыя дзверы.

Падпёршы рукою шчаку, бацька сядзеў за сваім сталом і глядзеў у акно. Калі рыпнулі дзверы, хутка азірнуўся.

— А-а, Віця! Праходзь, праходзь. Я чамусьці ведаў, што ты заявішся.

Гэта ўзрадавала Віктара — раней, калі заглядаў сюды, у інстытут, бацька не звяртаў увагі ні на тое, што рыпалі дзверы, ні на таго, хто заходзіў, нібыта нічога не чуў. Усе міжвольна паварочваліся, а ён — не. Гэта выглядала дэманстрацыяй — няўжо яго не цікавіла, хто і чаго зайшоў?

— А ты не забываеш мяне, дзякую, — сказаў Сярдзюк не без жадання, каб яго пачулі супрацоўнікі.

Гэта таксама не прайшло па-за ўвагаю Віктара. Тыя разы бацька паспешліва ўставаў і сам выводзіў яго з пакоя. А цяпер марудзіць, чакае, каб сын сеў насупроць, даў паглядзець на сябе другім.

«Здаеш, бацька», — падумаў Віктар, і яму стала трывожна: кепска, калі чалавек вось так раптам мяняецца — дабрэе адразу або робіцца жорсткім. І, можа, горш, калі нечакана дабрэе. Значыцца, сіла, што была дасюль, кончылася, — ёсць такая старэчая бяссільная дабрата.

— Можна цябе на хвілінку? — збянтэжана папрасіў Віктар, вымяркоўваючы, як лепей падрыхтаваць бацьку да навіны, якую прынёс.

Сярдзюк пасуровеў. Падавіўшы кашаль, сабраў са стала паперы, сунуў у шуфляду.

— Ну добра, пайшлі, мне ўсё адно ў бібліятэку...

Па небе плылі аблачынкі. Але дворык паміж будынкаў акадэміі і каланадаю, якая паўкругам акаймоўвала яго, быў заліты сонцам. Ад масіўных калон на плітачны дол клаліся ліловыя цені. Унізе, за калонамі і сходцамі, чуць шапацелі ліпы — маладыя, у залацістай квецені. Павевы ветру прыносілі мядовы пах.

Зажмурыўшыся, Сярдзюк спыніўся на сходцах, азірнуўся назад.

— Храм навукі, — сказаў ён з павагаю. — Не хапае хіба тог для нас, жрацоў. А паслухаў бы, як Барушка бэсціць Юркевіча. Напісаў, як сам хваліцца, цэлую петыцыю ў гарком... Ну, ладна, выкладай, што ў цябе? Відаць па ўсім — нешта цікавае.

Віктар выняў з кішэні аўтамабільны ключ на ланцужку з бірулькаю, падкінуў яго, злавіў.

— Учора атрымаў ад мамы адказ...

— Хутка!.. Кінуў мой наступнік?

— Не.

Сярдзюк зноў зрабіўся нашорстаным, пукатыя, з чырвонымі жылкамі вочы глядзелі ўбок, не хочучы сустракацца з Віктаравым позіркам.

— Яна, бацька, піша, што выпадкова паміж кніг знайшла твой рукапіс. Другі ці трэці экземпляр. Пытаецца, ці не спатрэбіцца. Што з табою?!.

— Дысертацыя? — усё яшчэ не пазіраючы на сына, хрыпла спытаўся Сярдзюк, адступіўшы на крок, каб не пахіснуцца. — Чаго ж ты маўчыш?

— Дысертацыя, бацька. Мама не хоча прысылаць яе поштай або з чужымі. Баіцца, каб не прапала.

— Спра-авы!.. Добра, што не сказаў там...

— Куды завезці цябе? Дамоў?

— Калі можна, давай за горад...

Яны выехалі на кальцавую дарогу і спыніліся на абочыне. Дарога тут была насыпана, як грэбля, і абапал распасціралася сенажаць. Справа, каля недалёкага ручая, нейкі руплівы шафёр у майцы, закасаўшы калошыны, мыў сінюю «Волгу». Сярод зялёнае раскошы стракатала касілка, і ўвішныя крылы ў яе нагадвалі вятрак. Ад Маскоўскай шашы, схаванай узгоркамі, то мацнеючы, то заміраючы, далятаў гул — меладычны, звінючы, нібы там торгалі напятую струну і яна гула, звінела. А на даляглядзе ў шызай чэрвеньскай смузе высіліся гарадскія гмахі.

— Якое, аказваецца, усё гэта дараго-ое! — расчулена працягнуў Сярдзюк. — І як усё-такі добра — жыць!.. Твая маці вяртае мне чатыры гады жыцця. Значыць, у мяне паявіўся нечакана рэзерв. Ты не ўяўляеш, як ён патрэбен мне!

Захацелася пасядзець, адпачыць, і яны, спусціўшыся ў кювет, ляглі на пясчаны адхон.

 

 

4

 

Праз гадзіну, размораныя ад сонца, здаволеныя, што адпачылі, яны паехалі далей, мяркуючы вярнуцца ў горад па Магілёўскай шашы. Ап’янелага ад чыстага паветра Сердзюка-старэйшага, на якога знянацку спусціўся спакой, пачало хіліць на сон, хоць хацелася глядзець і глядзець на дарогу, убіраючы ў сябе хараство, якое бегла насустрач. Віктара ж маляўнічыя краявіды, што мяняліся кожны раз, як машына выбягала на ўзгорак, цікавілі цяпер мала. Яму не маўчалася, цягнула яшчэ пабалакаць з бацькам, паблазнаваць.

Сустрэлі дзяўчыну ў сіняй касынцы. Яна ішла паволі, схіліўшы галаву на плячо, і шчасліва ўсміхалася. Віктар апусціў бакавое шкло, дудукнуў і памахаў ёй. На высокім адхоне, каля маладога ельніку, горда, трымаючыся дзвюма рукамі за пражку рэменя, стаяў мужчына ў напаўваеннай форме, і Віктар зноў прасігналіў, узяў пад казырок.

— Не дурэй, — папярэдзіў яго Сярдзюк, і ў яго варухнулася жаданне хоць крыху папсаваць сыну настрой — няхай не думае, што ўсё на свеце так проста.

— Ты толькі паглядзі, бацька, — весяліўся Віктар. — Ён жа як манумент стаіць. Сама рука казырае... Цярпець не магу важных манументаў. І ў жыцці і ў мастацтве.

— А самаўлюбёных выхваляк і зазнаек, якія лічаць, што законы пішуцца не ім?

— Гэтых люблю. Абы таленавітыя былі. Талент, бацька, — галоўная мерка ўсяму. Будуць у нас таленты — нават вайны не будзе. Во як!..

На ўзгорку дагналі веласіпедыстку. Схіліўшыся над рулём гоначнага веласіпеда, яна хутка працавала нагамі, і белая футболка пузырылася ў яе на спіне.

— Ды-ы, ды, ды, ды! — засігналіў, як пры трывозе, Віктар.

Аднак дзяўчына не азірнулася і толькі хутчэй стала круціць педалі. Разглядаючы яе фігуру, гатовы спалохацца на выпадак, калі б веласіпедыстка павярнула галаву, Віктар прытармазіў аўтамабіль і паехаў следам. Гэта яўна не спадабалася веласіпедыстцы. Кінуўшы гнеўны позірк назад, яна рэзка звярнула на абочыну. Але пярэдняе кола ўгрузла ў пяску, вільнула, і дзяўчына, не паспеўшы ўзмахнуць рукамі, упала.

— Ты з глузду з’ехаў? Знайшоў чым жартаваць! — узяў Віктара ў абарот Сярдзюк-старэйшы і выскачыў з машыны.

Адсунуўшы веласіпед, колы якога закруціліся, дзяўчына села, стрэсла з футболкі пясок і, крывячыся ад болю, хусцінкаю выцерла абдзёртую нагу.

— І вам не сорамна? — спапяляючы Сердзюка і Віктара позіркам, спыталася яна, калі тыя падбеглі.

— Прабачце! — замітусіўся Сярдзюк. — Вы можаце ўстаць?

Дзяўчына ўскінула галаву і адвярнулася.

— Ды адказвайце ж, калі ласка, дзе вам баліць! — ужо загадаў Сярдзюк. — Вы далёка жывяце? Памажы, герой!

Але Віктар марудзіў, быццам баяўся нахіліцца над сваёй ахвяраю і дакрануцца да яе.

— А я вас знаю, — недарэчы, чамусьці ўсё-такі радуючыся, прамовіў ён, і вочы ў яго сталі іскрыстымі. — Бачыў па тэлевізары. Не так даўно.

— І што з гэтага вынікае?

— Ну, бачыў... Вы спявалі «Рэчаньку»...

Яна не дазволіла пад’ехаць да свайго дома, а злезла каля аўтазаводскага універмага і, не кіўнуўшы Віктару, які зняў з верхняга багажніка яе веласіпед, накульгваючы, пайшла па плошчы — назад, адкуль ехалі.

— Эх, бацька, бацька! — не то ўпікнуў, не то падражніўся Віктар, сеўшы за руль і стараючыся ў люстэрку адшукаць сярод пешаходаў постаць дзяўчыны. — Які ты нездагадлівы!

— Гэта чаму? — здзівіўся Сярдзюк, усё яшчэ гневаючыся на сына: яго бесклапотнасць і недарэчная радасць, што распірала Віктара, абражалі, выклікалі пратэст. — Скажы дзякуй, што так добра абышоўся твой подзвіг.

— Не, ты пачакай. Няўжо цяжка было табе намякнуць, што я архітэктар? Сказаць, напрыклад, што праектую інстытуцкія карпусы?

— Навошта? Ты ў сваім розуме?

— Дойлід — гэта, бацька, тое ж самае, што атамнік... І цяпер не даходзіць?

— Не.

— Тады чаго гаварыць з табой. Зачарсцвеў ты...

— Цяпер, здаецца, дайшло. Але ў нас так не знаёміліся.

— А што, і гэта кепска? Людзі, на шчасце, астаюцца людзьмі. Ты ведаеш, што такое «удзіяна бандха»? Удзіяна — гэта палёт угору. А бандха — стрымліванне... Пісьмо ж маме ты ўсё-такі напішы, падзякуй. Яна табе вунь што зберагла. Не ўсё можна мераць сваімі меркамі. Асабліва калі лічыш каго вінаватым кругом.

Сярдзюк даволі часта сустракаў людзей, чыё захапленне сабою рабіла іх хлапчукамі, наіўнымі эгаістамі. Мабыць, Віктар такі. Ну што ж — гэта бывае. Але крыўдзіла, што сын не хацеў разумець другіх. Не хацеў, а можа, і не мог — знаў толькі сваё.

 

 

5

 

«Не спадабалася бацьку, — думаў Віктар, вяртаючыся ўвечары дамоў. — І тое не па-ягонаму, і гэта не па-ягонаму. Нават злуе, што купіў транзістар і на «Масквічы» раз’язджаю. А як сказаў пра гэта! «Глядзі, так і хадзіць можна развучыцца. У прыбіральню, мабыць, таксама з музыкай на машыне ездзіш». Дзівак! Які каму клопат — езджу ці хаджу. Дый хіба гэта я — час ездзіць, бацька! Пабагацеем яшчэ — і ўсе за руль сядзем. Хіба, апрача гіпертонікаў ды старых, якім правоў не дадуць. І нічога паганага ў гэтым няма. Раней сёй-той беднасцю бравіраваў, а цяпер яна не толькі бяда, але і віна. Адстаў, бацька, і бурчыш. А на подзвіг і самаабмежаванне я не менш за цябе гатовы. Але навошта абмяжоўваць сябе, калі можна і не абмяжоўваць?»

Ён так захапіўся гэтай спрэчкаю, што заўважыў чырвоны сігнал светафора толькі, як уз’ехаў на пешаходную дарожку. З усяе сілы націснуў на педалі. «Масквіч» пранізліва віскнуў і спыніўся.

— Чаму парушаеце правіла? — спытаўся міліцыянер, які, бы з-пад зямлі, вырас побач.

— Задумаўся, старшына, даруйце! — павышаючы яго ў званні, папрасіў Віктар — цяпер важна было не пярэчыць і прызнавацца ва ўсім, але так, каб азадачыць рэгуліроўшчыка.

— Што значыць — задумаліся?

— Ну, быў такі грэх, таварыш старшына. Думкі ў галаву прыйшлі.

Той глянуў у правы, у даведку аб пераздачы, дзе ўказвалася месца працы, і раптам палагаднеў.

— У мікрараён?

— Не зусім...

— Я неўзабаве таксама атрымаю там кватэру... Толькі будзьце, таварыш Жыжаль, уважлівым...

Віктар уключыў першую хуткасць, усміхнуўся і падумаў: «Вось бачыш, бацька, а ты казаў! Людзі ведаюць, што да чаго! А зайздроснікі былі і будуць. Ты іх азалаці — яны ўсё адно знойдуць, чаму зайздросціць і з чаго абурацца. Дык навошта ўшчэмліваць сябе праз іх? Ты кажаш — прынцыпы. Але і прынцыпы старэюць разам з людзьмі».

У яго была яшчэ вольная хвілінка. Паставіўшы машыну каля аўтазаводскага універмага, дзе спыняўся ўдзень, Віктар замкнуў яе. Перакінуў плашч цераз плячо, засунуў рукі ў кішэні штаноў і падаўся ўздоўж вуліцы, куды перш павяла свой веласіпед дзяўчына.

Ад завода далятаў роўны, прыглушаны адлегласцю гул, і гэта чамусьці трывожыла Віктара.

Чаго ён чакаў, на што спадзяваўся? Амаль цвёрда верылася: выпадак паможа яму, і ён зноў спаткаецца з Лёдзяй. Навошта? Аб гэтым не думалася. Хацелася проста ўбачыць яе яшчэ раз, пасмяяцца з недарэчнай прыгоды, пажартаваць, папрасіць прабачэння.

Яна так забаўна злуецца, як бы хоча і не можа дараваць, як бы прымушае сябе злавацца. Таму бачыш не толькі яе злосць, а і нешта іншае, што вось-вось прарвецца вонкі і дзяўчына тады міла ўсміхнецца — табе, таму, што адбылося, сабе самой. Яна наогул мілая — русая каса, як у славутай Астахавай, закручана ў цяжкую куксу на патыліцы, адкрыты лоб, вялікія пільныя вочы, нейкая стрыманая строгасць на твары.

Быццам яна чакае радасцей, і не хоча прызнацца сабе ў гэтым, і нечага апасаецца.

Віктар так выразна ўявіў дзяўчыну, што здзівіўся сам. Усё паўстала перад ім адразу ў фарбах — гладкія русыя косы, загарэлы, аж паблісквалі зубы, твар, шэрыя вочы, белая футболка, сінія брыджы з разрэзамі крыху ніжэй каленяў, дужыя загарэлыя ногі, шараватая, з кропінкамі крыві драпіна на назе. Усё чамусьці ўжо важнае. І толькі такой хацеў Віктар бачыць яе зараз.

Заглядаючы ў вокны дамоў, у пад’езды, прыглядаючыся да сустрэчных, ён прайшоў квартал. Потым перайшоў цераз шашу і падаўся назад па супроцьлеглым баку вуліцы. Сустрэў вясёлы гурт дружыннікаў. Яны смяяліся і нешта наперабой расказвалі адзін аднаму. Але гэта не перашкодзіла ім уважліва агледзець Віктара, і той міжволі падумаў, што з гэтымі гаманлівымі хлопцамі там, пад чырвоным вокам светафора, размаўляць было б куды цяжэй, чым з сержантам.

Успомніў: пара ехаць, чакаюць ватман, крылатыя дамы. Стала спакайней, нібыта падышоў да парога свайго пакойчыка і душою адчуў, што за дзвярыма — работа, за якой забываецца ўсё.

Але праз чаканне звыклага, харошага ўсё ж прабівалася незразумелая крыўда. На каго? За што? Віктар пачаў шукаць прычыну і раптам знайшоў — крыўда за маці. І, можа, абудзілася яна якраз таму, што не сустрэў дзяўчыны і сердаваў на бацьку.

Што той хоча ад маці? Адкуль такая непрымірымасць?

Віктар не крывіў душою, сцвярджаючы, што яна ахвяравала сабой дзеля яго. Падвыпіўшы, айчым, асабліва калі ў іх яшчэ не было дзяцей, не раз упікаў маці ў халоднасці. А яна? Глядзела міма яго, ніколі не апраўдвалася, і нейкая затоеная ўпартасць стыла на яе твары. Здавалася, яна і дачок менш любіць, чым Віктара. Шкадуе, даглядае, песціць іх, але ніколі ў парыванні не прыцісне да грудзей, не праслязіцца ад лішку пачуццяў, як сустракаючы або праводзячы яго, Віктара. Ён нават заўважыў: маці пазбягае доўга пазіраць на дочак, ва ўсякім разе не любуецца імі, не разглядае.

А як яна хавае і беражэ бацькавы рэчы! Віктар цяпер з чыстым сумленнем прысягне: так ставіцца да іх не можа чалавек, які здрадзіў свайму мінуламу ці выракся яго. Гэта адчуваюць сёстры, айчым, і таму пакутліва раўнуюць і дорага далі б, каб рэчы раптам зніклі.

«Ці не замнога ты патрабуеш ад людзей, бацька? Людзі ёсць людзі...»

У чым віна маці? Толькі ў тым, што хацела, каб сын вучыўся і жыў як усе. Яна любіла цябе, але была аддана Савецкай уладзе. Верыла: ты не вораг. Але ж ворагі ўсё-такі былі. Маглі быць і ў цябе памылкі... Дый ёсць мяжа магчымага...

Рашыў, як удзень, катануць па кальцавой дарозе і ўехаць у горад па Маскоўскай шашы. Успомніўшы пра транзістар, уключыў яго — пачуліся пазыўныя «Маяка».

У святле фар начная дарога здавалася незнаёмай — сямейка бярозак выглядала гаем, хвойнічак — лесам. Прысады падступалі да абочын, шаша павузела і стрымгалоў імчалася як бы проста ў сэрца.

У промнях фар трапяталі матылі. Трапіў лятучы ліст. Ён успыхнуў на момант і знік — згарэў. Гэтаксама загараліся і матылі. Толькі яны не падалі на зямлю, а, попельныя, узляталі ўгару. А шаша ўсё імчала насустрач, і, выхапленая промнямі, незвычайная, бадай што фантастычная, краса яе ўражала.

«Нічога, бацька! — заўсміхаўся Віктар. — Пачакай, мы яшчэ пакажам з мамай, на што здатныя. Хай толькі зручны выпадак трапіцца! Факт!»

 

 

РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ

 

1

 

Бываюць хвіліны, калі чалавек шчаслівы без асаблівай прычыны. Проста так, бо няма болю, бо ён жыве, у ім бродзяць сілы. І свет тады яму, і ён сам сабе здаюцца незвычайнымі. Верыцца: ты здольны на ўсё, і калі б пад рукамі аказалася кальцо, ухапіўшыся за якое можна было б павярнуць Зямлю, ты павярнуў бы яе — старую, на той момант занадта павольную. Навошта? Гэта няважна. Але павярнуў бы, бо трапілася пад маладзецкую руку.

Вось так быў шчаслівы Віктар, калі думаў, шукаў, калі, вынырнуўшы з таямнічых глыбінь, думкі азаралі яго, роіліся, прыходзілі да пэўнасці. І промахі тады ўжо не бянтэжылі яго. Што значаць промахі, няўдачы, калі ты любіш думаць і фантазіраваць? Калі думкі прыходзяць да цябе і няма ім канца-краю? Калі ты ў іхняй плыні?

Што тут было вінавата? Маладосць? Юначая вера ў сваю зорку-планіду? Адчуванне ўласных сіл? Эгаізм? Мусіць, і эгаізм. Бо часамі Віктар як бы падглядаў за сабой і шчасліва ўсміхаўся сабе — вунь што яму за асалоду! Вунь на што ён здатны!

Ён ведаў: сёй-той з найбольш, як здавалася, дальнавідных гаспадарнікаў завёў на прадпрыемствах інжынераў, задача якіх адно падаваць ідэі. Яны, галавастыя абраннікі, блукалі па цэхах, па лабараторыях, крытычна прыглядаліся да ўсяго і, заўважыўшы што-небудзь такое, што можна і варта палепшыць, садзіліся за стол мудрыць, камбінаваць. Гэта былі таленавітыя генератары ідэй! Яны ўмелі і любілі думаць. Ім дадзена было адкрываць, вынаходзіць. У іх Віктар таксама знаходзіў сваё і, вядома, далучаў сябе да падобнай эліты. Апрача таго, ён быў мастак...

Яшчэ ў першыя дні Віктар вазіў бацьку да будынка, які спраектаваў і за будаўніцтвам якога ўважліва сачыў. Будынак быў сучасны, з бетону і шкла. Як усё таленавітае, ён быццам бы ўзвышаўся над наваколлем і песціў вока.

— Падабаецца? — не хаваючы, што хваліцца, пацікавіўся Віктар і засмяяўся ад наплыву пачуццяў.

— Нядрэнна, — пасвятлеў тварам Сярдзюк-старэйшы. — Але ён у цябе сам па сабе, а астатняе само па сабе.

— У гэтым якраз і фокус! — ужо зарагатаў Віктар. — Паравозу не абавязкова падладжвацца да вагонаў. Мінуць гады, і, можа, з усяго гэтага навукова-тэхнічная рэвалюцыя захавае адзін мой дом.

— А астатняе?

— Узарвуць, як узрываў Юркевіч годныя каробкі, калі пасля вайны складалі генеральны план. Або як збіраецца ўзарваць усё дапатопнае на плошчы, якую праектуе. Няўмекі даўгавечнага не ствараюць...

Гэтая бесклапотная ўпэўненасць дазваляла Віктару хадзіць па зямлі гаспадаром — жуіраваць, калі быў у гуморы, абурацца, калі выходзіла не па-ягонаму, хаміць або літасціва дарыць сваю прыхільнасць, калі што-небудзь падабалася ці не падабалася яму ў другіх.

«Я варты таго, каб быць самім сабою. Мне можна? — гаварылі яго ўчынкі, выгляд. — І, калі хочаце, прымайце мяне такім, які я ёсць».

У той жа час ён употай здзіўляўся, калі сустракаў халоднасць і каму-небудзь не падабаўся. Як так? І супакойваў сябе: «Нічога, пройдзе час — зразумеюць... Я на іх усё роўна не злую...» І сапраўды, слепа верачы ва ўласныя ўдачы і таму велікадушы, Віктар не зважаў на варожасць сваіх непрыяцеляў. Выходзіла так: непрыяцелі ў яго былі, але ён сам нікога за непрыяцеляў не лічыў — проста псіхалагічная несумяшчальнасць.

Непрыяцелі, вядома, у нечым шкодзілі яму, перамывалі костачкі, а ён як быў перад імі адкрыты, так і аставаўся. Нават быў рады сустрэчы, ахвотна размаўляў, спрачаўся, мала клапоцячыся, што дае ім новую зброю супроць сябе. «Ат!..» Поўны надзей, Віктар дараваў навакольным іхнія слабасці — што з іх возьмеш! Няхай капошацца, зласловяць, калі не могуць без гэтага. Бруд прыліпае не да ўсіх. Ён не вельмі злаваў і на Понтуса з Барушкам, якія пастараліся, каб не дапусціць да абмеркавання яго праекты, і зрабілі ўсё, каб іх паклалі пад сукно.

Так бывае, калі ад поспехаў мора здаецца па калені. Праўда, удач пакуль што ў Віктара было не так ужо багата. Але ён верыў: яны абавязкова будуць, і гэта дазваляла горда крочыць па зямлі, з радасным трапятаннем прыслухоўваючыся да водгулля сваіх крокаў.

Не было сумнення — пашанцуе і з дзяўчынаю, якая ўразіла яго, прымусіла думаць аб сабе. Важна было толькі сустрэцца з ёй, паслухаць адно аднаго, пазнаёміцца бліжэй.

Віктар не дапускаў і думкі, што Лёдзя мае друга або яна можа быць замужам.

«Не, не!» — пераконваў ён сябе і ўяўляў, як яны сустрэнуцца, як пасмяюцца з таго, што адбылося на кальцавой дарозе, і адразу стануць сябрамі. «Такія вочы... Яна зразумее... Толькі б спаткацца...»

Праз дзень ён зноў махнуў на аўтазавод. За пераездам збавіў хуткасць і, прыглядаючыся да прахожых на тратуарах, паволі паехаў паўз самую абочыну. Даехаўшы да аркі пры ўездзе ў аўтагарадок, развярнуўся.

Быў ужо надвячорак. Навокал панавала ажыўленне — такое, калі на вуліцы высыпае моладзь: спяшаецца ў кіно, шпацыруе, ласуецца марожаным, тоўпіцца каля аўтаматаў з газіраванай вадою.

Калі Віктар мінаў тралейбусны прыпынак з вялікай тлумнай чаргою, да яго «Масквіча» падбег высокі задыханы хлопец. Стараючыся не даставаць, заглядаючы ў адчыненае акенца, папрасіў:

— Падкінь, браток, да цэнтра. Па-царску заплачу. Спазняемся, ліха на яго. Вырвешся раз у жыцці — і то не пашанцуе.

— Куды? — насмешліва прыжмурыўся Віктар і раптам у чарзе ўбачыў Лёдзю.

— У філармонію, браток! Там Дорда сёння... Згода? А? Ну, зрабі ласку, — гаварыў хлопец і, бачачы, што Віктар спыняе машыну, некаму радасна замахаў рукамі:

— Парадак! Давай хутчэй!

— Пачакай ты... — не звяртаючы ўвагі на хлопца, сказаў Віктар і знямеў: з чаргі бегла Лёдзя.

Вёз ён іх моўчкі, коса пазіраючы ў люстэрка на нечаканых пасажыраў, што ўладкаваліся на заднім сядзенні. Праўда, гаварыў адзін хлопец, Лёдзя больш маўчала і паглядала на бакі. Гэта чамусьці змякчала крыўду, і, павярнуўшы з Магілёўскай шашы на трактарны завод, Віктар, каб усё-такі агарошыць яе, спытаўся:

— Вы што, не пазналі мяне?

— Чаму? Пазнала, — сказала Лёдзя і паправіла валасы.

Яе міжвольны рух здаўся Віктару абнадзейлівым, і ён павесялеў. Пераняўшы ў люстэрку Лёдзін позірк, па-сяброўску, нібыта паміж імі цяпер быў невялікі сакрэт, кіўнуў дзяўчыне. Ды Лёдзя ўжо адвярнулася ад люстэрка і, пэўна, нічога не заўважыла.

— Значыцца, вы знаёмыя! — шырока, але збянтэжана ўсміхнуўся хлопец. — Нешта не дужа гэта відаць па вас. Чаму?

— Сапраўды, — згадзіўся Віктар.

Лёдзя прамаўчала.

«Не расказала раней і зараз не хоча расказваць пра здарэнне на кальцавой! — узрадаваўся Віктар. — Зноў новы сакрэт, хоць і трымае мяне на дыстанцыі. Ціка-ава! Значыць, не ўсё яшчэ страчана, таварыш архітэктар!..» — І ў голас спытаўся:

— Па вас не заехаць пасля канцэрта?

— Гэта навошта? — здзівілася і адначасова пакрыўдзілася Лёдзя. — Чаму ты маўчыш, Ціма?

— Я ўсё роўна паеду ў мікрараён... — Віктар зрабіў націск на апошнім слове.

— Не, дзякуем, не трэба, — холадна, у тон Лёдзі сказаў хлопец.

 

 

2

 

Як толькі «Масквіч» паехаў, а яна гэта адчула спінаю, Лёдзю ўзяла злосць.

Чаго трэба гэтаму бесцырымоннаму ферту? Ён жа бачыў, што яна не адна, што Цімох — яе друг! Мала таго — ён як бы лічыць усё гэта не вартым увагі і ведае толькі сваё. Ён адкрыта пры Цімоху — так, так! — прапанаваў ёй не проста знаёмства, а нешта большае. А самае галоўнае — рабіў усё гэта шчыра, з вераю ў свае правы. О, як агідна ёй гэтае права!

«Няўжо ўведаў пра гісторыю з Юркам і набраўся спрыту? Ну, добра!..»

Не падабалася і Цімохава праставатая памяркоўнасць — вельмі ўжо спадзяецца на яе, на тое, што яна ўсё бачыць сама, што і так усё ясна. А калі і абураецца, дык маўкліва, з упартым адчаем, быццам бы помсціць сабе — няхай будзе так!

«Эх, Цімох, Цімох!..»

Чаго Лёдзя чакала ад яго? Сказаць цяжка. Але — чакала. Хутчэй за ўсё адкрытага пратэсту, рэзкага слова, ад якога хоць бы крыху сцьмеў упэўнены ферт.

— Нейкі малахольны, — сказала яна, крыва ўсміхнуўшыся.

— Самаўлюбёны, а не малахольны, — паправіў Цімох і насупіўся. — Думае, што для яго і сонца створана...

— Можа быць, — наўмысна пачала блытаць Лёдзя, але ёй стала шкада таварыша.

«Ну! — падбухторыла яна яго ў думках. — Выкрый гэтага Віктара. Схапі мяне за руку, скажы, што ён нахабны нягоднік. Ну!..»

Але, бачачы, што Цімох марудзіць, прапанавала:

— Давай тады лепш гаварыць пра Дорду.

— Не магу! — прызнаўся ён шчыра.

— Ты нездаволены мною? — спынілася Лёдзя, упэўненая, што Цімох нарэшце ўзарвецца. Ды той нечакана апусціў вочы, і толькі пальцы рук у яго нецярпліва заварушыліся, быццам ён шукаў і не знаходзіў слоў.

— Я?.. Якое я маю права? Крыўдна іншае. Так добра ішло, а паявіўся гэты — і ўсё замуціў. Мусіць, ёсць людзі, якія спецыяльна існуюць, каб псаваць настрой...

Канцэрт слухалі няўважліва. У філармоніі былі ўпершыню, але ні прасторная зала, ні ўзлёты смычкоў аркестрантаў, ні арган, стрэлістыя трубы якога цьмяна паблісквалі за аркестрам, ні сама спявачка — стройная, у цёмным плацці, пасыпаным блёсткамі, з мілай жывой усмешкаю і малітоўна складзенымі рукамі — не бралі ўвагі. Не цягнула ні слухаць, ні разглядаць, як звычайна, калі жывеш навакольным і ўбіраеш яго. Нават песні, многія з якіх былі любімыя, быццам луналі за сцяною і даляталі да іх толькі хвілінамі.

Думалі адно аб адным. Цімох з раўнівым смуткам, Лёдзя са спачуваннем. Абоім хацелася, каб усё было добра, але абое трывожыліся: так яно можа і не быць. Нешта перашкаджае, стала паміж імі. Але што?

«Не, яе ні ў чым не ўпікнеш, — думаў Цімох, гледзячы перад сабою і не бачачы нічога. — Яна добрая са мной ва ўсім, радая мне. Як шчасліва засмяялася, калі прынёс білеты, а потым, прыспяшаючы, пацягнула да тралейбуснага прыпынку! А як падхапіла пад руку, вылезшы з «Масквіча»?! Ну, няхай гэта на злосць таму... Але ж было ў яе вачах, у дотыку — у гэтым не памылішся! — нешта такое, ад чаго рабілася лёгка, радасна. Давер’е, ці што?.. А вось замкнулася і забылася тым часам, што я побач... Цімка, Цімка, цяльпук ты няшчасны! Ты ж за яе ў агонь пойдзеш...»

«Разумны, харошы хлопец, — думала Лёдзя пра Цімку. — Па вуліцы з ім ідзеш — праводзяць позіркамі, як сланечнікі сонца...»

Неяк адна жанчына загледзелася, спатыкнулася і выпусціла з рук бутэлькі з малаком. Лёдзя тады ледзь стрымалася, каб не засмяяцца ад свавольнай радасці: «Вось табе — на, з’еш!..» А Цімох? Нічога не зразумеўшы, пачаў спачуваць жанчыне і, здаецца, намерыўся быў збіраць ашкалёпкі... «І так ва ўсім... Апрача вучобы ды лабараторыі, нічога і ведаць не хоча. Хваліўся, што тэму, над якой мудруе, збіраюцца засакрэціць: дайшоў да нейкіх рубяжоў, за якімі тайна!»

А як паводзіў ён сябе ў тыя — будзь яны праклятыя? — дні, калі шмат хто паказваў на яе вачыма ці проста пальцам! Не хаваючыся, стаў побач і абвясціў: яна была і астанецца для яго светлай, дарагой, і яму лепшай не трэба.

Дзверы ім адчыніла Арына. Убачыўшы на пляцоўцы дачку з Цімохам, прасвятлела.

— Заходзьце, заходзьце, — пазвала іх рукамі, як змоўшчыца, якая бярэ на сябе нейкую іхнюю тайну і радая гэтаму.

— Ды адзінаццатая гадзіна ўжо, цётка. Вы і так натаміліся за дзень, — для прыліку запярэчыў Цімох, у душы ўдзячны Арыне. — Я толькі хацеў правесці вашу Лёдзю.

— Заходзь, табе кажуць. Я не паваляка яшчэ. Мы якраз гаварылі пра вас нядаўна. Міша! — гукнула яна рашуча і, як бы з задавальненнем выцершы пальцам куткі рота, склала пад грудзьмі рукі.

Лёдзя кінула на маці здзіўлены позірк, але неўзабаве адумалася:

— Нічога не зробіш, Ціма, заходзь.

Ён паслухаўся.

Трымаючы ў руках акуляры, на парозе паказаўся Міхал. Стаў ззаду жонкі, кароткім жэстам запрасіў: «Будзьце ласкавы!» Каб засяродзіцца, стомлена правёў далоняй па твары, крэкнуў. А калі прайшлі ў пакой, загаварыў пра тое, аб чым, мусіць, толькі што думаў:

— Вось, моладзь, сядзеў і дзівіўся, што часамі за дробяззю хаваецца. У суседнім доме, пішуць, зноў гарачае вады няма. І даўно ўжо. А сёння ў пад’ездах аб’явы вывесілі: «Домакіраўніцтва паведамляе, што з прычыны рамонту бойлераў гарачае вады не будзе з васемнаццатага па дваццаць пятае». А чаму з васемнаццатага, калі вады не стала з восьмага? Разумееце?

— Не, дзядзька Міхал, — прызнаўся Цімох, ахвотна сядаючы за стол і сочачы, як на ўсё гэта рэагуе Лёдзя. — Памыліліся, відаць.

— Ого, яны памыляцца! Проста сляды бяздзейнасці замятаюць. Дый права атрымліваюць пры налічэнні квартплаты адным тыднем аперыраваць. А што тыдзень — дробязь, якую і ў разлік можна не браць. Вось і выходзіць, што паказчыкі што трэба, і гані прэмію. Так і на заводзе ў нас. Нават Зорын, як аказваецца, да гэтага схільны. Не сеюць у нас камбінатараў, а яны разводзяцца.

— Разводзяцца, Міша, — паўтарыла Арына, якая прывыкла адгукацца на ягоныя словы. — Надоечы ішла да Яўгена і Комлічыху сустрэла. Да іх свацця прыехала. «Падабаецца?» — пытаюся. «Нічога, — кажа, — але бясхітрасная вельмі. Што ў галаве, тое і на языку...» Во якая віна! А пасля і гэтая жанчына падышла. Разгаварыліся. «Кароўка, дзякуй богу, — кажа, — ёсць, свінчо, авечкі, гусі...» А Комлічыха, ай-яйяй, закіпела ўся — як гэта можна такой адкрытай быць і наперад не глядзець! А што, калі гэтыя авечкі ды кароўка не дадуць нешта вымеркаваць потым?

— У іх усё не па-людску, — скрывілася Лёдзя. — То судзяцца, то мірацца і зноў разам жывуць. Цьфу!

— Куды ноч, дочанька, туды і сон, — уздыхнула Арына і спахапілася: — Божухна, ды вы прагаладаліся, мабыць. Ну іх, камбінатараў гэтых! Няхай ужо бацька з імі ваюе. Я вас, дзеткі, варэнейкам пачастую, чай падагрэю...

 

 

3

 

Матчына апека была ў цяжар. Вельмі была маці наіўная, адкрытая — не тоячыся, прывучала Цімоха к дому, рабіла ўсё, каб паказаць: тут ён свой, яго любяць, тут яму будзе добра, як нідзе. Было ў матчыных захадах таксама імкненне папярэдзіць яе, Лёдзю: «Годзе, дачушка, паглядзі, які гэта хлопец. Ён жа цябе на руках будзе насіць, будзе слухацца. А галава — ого!..» Кіравала, пэўна, ёю спрадвечная вера — не стане чалавек шукаць немаведама чаго, калі побач у яго пэўнасць, шчасце. Бо пэўнасць сама па сабе — сіла. Лёгка чалавеку сказаць «не», калі ён нічога не страціць ад гэтага, і не так ужо лёгка, калі прыходзіцца адмаўляцца ад многага, калі трэба ісці супроць таго, што ўсталявалася ў ім і навокал яго.

Не, Лёдзя адчувала: маці ведае пра жыццё такое, чаго не ведае нават бацька, толькі не ўмее гэтага выказаць. Яна мудрая сэрцам, істотаю. Яе мудрасць рэдка прарываецца ў словах, ды затое, калі прарвецца, уражае, як успышка. Разам з гэтым трапляюцца хвіліны, калі здаецца: яна наогул ледзь не з’ехала з глузду — такое недарэчнае пляце, так адкрыта, па-дурному хітруе.

У некаторых пайшла мода — дачка яшчэ школьную форму носіць, а ёй ужо суджанага шукаюць. Знойдуць якога-небудзь небараку, учэпяцца і падкормліваюць, прывучаюць пакрысе. Комлік, як памірыліся, таксама сваёй падчарыцы падабраў. Доўга дамоў запрашаў, чарку браў з ім. Нават гарнітур падарыў. І ўсё пра заднія колы разважаў: «Старэю, маўляў, няхай заднія колы будуць. Нельга без іх пад старасць...»

Няўжо маці не бачыць, што ў яе клопатах нешта ёсць і ад гэтай прадбачлівай учэпістасці, і ад гэтых «задніх колаў»? Сама вунь што гаворыць пра Комлічыху — павінна разумець.

Назаўтра, умываючыся, калі Арына стала ў дзвярах ваннай і, як звычайна, пачала разглядаць яе, Лёдзя не вытрывала:

— Вы што, мама, хочаце мне новага жаніха забраніраваць? А мо проста завербаваць?

Арына не ляпнула сябе па сцёгнах, не залямантавала, як чакала Лёдзя, а адно адвяла позірк — не захацела больш глядзець і, адыходзячы, пашкадавала:

— Ты ў Валі спыталася пра дзяцей, і нішто не здрыганулася ў цябе. Так і тут — злая твая праўда, дачушка. А злая праўда — няпраўда зусім.

— Праўда, мама, адна... І няўжо вы не разумееце, як гэта брыдка?

— Авохці мне. Ты спачатку сама зразумей мяне!

 

Дзень выдаўся клопатным. Раніцою шпяні паступалі з перабоямі, давялося бегчы ў шпянёвае аддзяленне, званіць у камітэт камсамола — узнімаць бучу. У абедзенны перапынак, як на тое, не ўдалося схадзіць у сталоўку — падсілкаваліся сухама тут жа, у цэху, тэрмінова пераналаджваючы машыны. Потым таксама пайшло не лепш: кепска адчула сябе сяброўка — Кіра Варакса, і давялося прасіць замену. А пасля работы трэба было пашукаць кнігі, якія рэкамендаваў выкладчык сапрамату, і Лёдзя проста з душавой мусіла бегчы ў бібліятэку, нягледзячы на лівень, які раптам з ураганным ветрам абрынуўся на пасёлак.

Праўда, такое бывала нярэдка, часам нават падабалася — з клопатамі было цікавей, чым без іх, — але сёння, пасля непрыемнае перапалкі з маці, гэта раздражняла таксама.

«Якімі глухімі да цябе могуць быць людзі! — думала Лёдзя. — Нават свае, блізкія...» Хіба яна не мае рацыі? Яна ж хоча толькі, каб ніхто не падганяў праўду пад свае патрэбы, не браў з яе, што выгадна на гэтую хвіліну, і заўсёды меў бы перад сабою яе ўсю, высокую; каб не асляпляў сябе, не выдумляў падушачак-апраўданняў, што дазвалялі б рабіць сабе скідкі. Бо інакш з такой, прыстасаванай да сябе, праўды вырасце самая найчысцейшая хлусня.

Лёдзя не стала чакаць Цімоха дома, як было дамоўлена, а загадзя пабегла да трамвайнага кальца і, сеўшы на лаўку ў сінім павільёне, стала сачыць за прыязджаючымі.

Яна заўважыла яго яшчэ ў трамваі. Хоць там былі свабодныя месцы, Цімох стаяў у праходзе і, трымаючыся за вісячую ручку, углядаўся ў акно, нібыта сіліўся пазнаць, дзе цяпер трамвай і ці не пара выходзіць.

Убачыўшы ў павільёне Лёдзю, ён здзівіўся, як цуду, прывітаў яе яшчэ з падножкі і падбег.

— Сустракаеш мяне? — ніякавата спытаўся, не звяртаючы ўвагі, што яго штурхаюць.— А мо куды сабралася? Можна з табой?

Лёдзя ўзяла яго за руку і пацягнула далей ад людзей, якія штурмавалі трамвай.

— Можна, Ціма... Нам трэба пагаварыць...

Што яна магла сказаць яму? Што ў маці ёсць нейкія свае разлікі і планы? Што яны абураюць яе, Лёдзю? Але пры чым тут Цімох? Гэта ж не ягоныя разлікі, і, калі сказаць пра іх, ён, зразумела, падумае — справа тут не ў прыкрай матчынай апецы, а ва ўчарашняй прыгодзе, у Віктары... І як наогул недарэчна атрымліваецца — каб быць праўдзівай, ёй прыходзіцца гаварыць прыкрасці якраз тым, да каго горнецца сэрца. Хіба яна не любіць маці? Любіць, вядома. А хіба не цягнецца душой да Валі, якая піша кнігі і, безумоўна, шукае, зычыць добрага людзям? А што да Цімоха, то ён гатовы пайсці за яе і ў агонь і ў ваду!..

Лёдзя разумела: як толькі яны спыняцца, ёй прыйдзецца загаварыць, — і таму, не збаўляючы крокаў, цягнула хлопца далей і далей.

Толькі калі выйшлі на пераезд, дзе было святлей. Лёдзя зазірнула яму ў твар. Цімох усміхнуўся і кіўнуў, як у знак згоды. Няўжо ён здагадаўся, што збіралася яна сказаць, і хацеў ёй памагчы?

Зразумела, ён дарагі ёй. Але дзіўна — больш дарагі здаля, калі думае аб ім. З Юркам некалі было іначай. У яе заўсёды жыло жаданне дакрануцца да яго, быць побач, як мага бліжэй. Не ў сілах працівіцца гэтаму, яна, як толькі трапляўся выпадак, працягвала руку і краналася ягонага пляча, тулілася. За асалоду было адчуваць ягонае дыханне, цеплыню. Хацелася, каб ён моцна абняў, зрабіў балюча. Хвалявалі Юркавы рэчы, дотык да іх. Лёдзя заходзілася ад шчасця, калі трымала ягоны шалік, кнігу. Неяк ён падараваў ёй мішку, і яна доўга ставіла яго на тумбачку ва ўзгалоўі. А вось цяпер, узненавідзеўшы Юрку, гідзілася ўсяго, што напамінала аб ім. Яна без страху не магла ўявіць, як Цімох абдыме яе, пачне хінуць да сябе, цалаваць ёй пальцы. «Няўжо нельга іначай, і ўсё трэба паўтарыць дакладна, як было?!.» Можа, і празмерныя матчыны захады так абурылі яе, бо нагадалі нешта старое як свет?

Але доўга ісці моўчкі было нельга.

— Ціма, я хачу прасіць цябе... — скорагаворкаю, каб лягчэй было вымавіць да канца падрыхтаванае, сказала Лёдзя. — Толькі ты не крыўдуй... Не будзеш?

— Не буду, — прамовіў ён так, быццам прысягаў самому сабе. — Гавары. Я дагадваюся.

Цімох пайшоў павольней, але Лёдзю здзівіла — нішто не ўздрыганула ў ім. Наадварот, ён стаў як бы камянець, замаруджваць крокі.

Па вуліцы адзін за другім хвацка прамчаліся міліцыянеры на новенькіх матацыклах. Маставая апусцела — рух, відаць, перакрылі. На тратуарах пачалі спыняцца прахожыя, цікаўныя, ажыўленыя. У горадзе ўсё адбываецца хутка, ураз, і неўзабаве людзі ўжо стаялі абапал вуліцы суцэльнымі шарэнгамі. Аднекуль з’явіліся школьнікі з кветкамі, з чырвонымі сцяжкамі, і вуліца стала ўрачыстая, святочная.

Потым усе захваляваліся, павярнулі галовы туды, адкуль паявіліся міліцыянеры-матацыклісты. Школьнікі замахалі сцяжкамі, букетамі. Паказаўся ганаровы эскорт і картэж чорных бліскучых «Чаек».

Калі яны праехалі, Лёдзя зноў схапіла Цімоха за руку і пацягнула далей.

— Да вас на завод, відаць, нехта паехаў, — пастараўся ісці ён у нагу, але ўнутранае святло як бы патухла ў ім. — Жыццё, бачыш, ідзе сваёй каляінай... І ў людзей таксама свае клопаты...

У скверы, як Лёдзя і спадзявалася, народу амаль не было. Толькі ў альтанцы пад соснамі, цалаваліся і курылі парачкі. На лаўцы, каля самай агарожы, адпачывала стомленая жанчына з перакінутай цераз плячо хусткаю, ды прысадамі павольна шпацыравалі чацвёра старых. Пройдуць, спыняцца, пастаяць, размаўляючы, і рушаць далей. Лёдзя ведала: пенсіянеры. Прыходзяць сюды штодзень, кружаць па дарожках і вядуць негалосную паважную гаворку.

Счакаўшы, калі старыя прайшлі міма, Лёдзя прыпала да сасны, абняла яе і, адчуваючы, як б’ецца сэрца, адважылася:

— Я веру ў цябе... Упэўнена, што ты разумееш, як важна быць сабою... І таму я прашу, Ціма, не заходзь да нас...

Яна прыслухалася, але нічога не пачула ў адказ. Прыслухаўся і гэтак жа нічога больш не пачуў Цімох. Пасля, нібыта нешта ўспамінаючы, узяўся за лоб.

Чакаючы большага, Лёдзя разгубілася. «Вечна так! Упарты толькі ў сваёй засакрэчанай рабоце... Другога толькі падумай зачапіць, скажы што-небудзь не даспадобы — і назаўтра глядзіць ужо як на пустое месца. А ён як з іншай планеты!..»

— А можа, табе ўсё роўна? — вырвалася ў яе.

Пенсіянеры нечакана павярнулі назад.

— Яны заўсёды так ходзяць, — глуха сказаў Цімох. — Справа барадаты. Ён у кішэні сюды нават бутэрброды прыносіць. За ім — вунь той у прымятым капелюшы. Потым гэты самавіты, з гордай галавою. А злева хударлявы, у кепцы. І разглагольствуе самавіты больш за ўсіх. Пасярэдзіне — самыя аўтарытэтныя. Бабулька, якая збірае тут пустыя бутэлькі, і тая баіцца іх.

— Ты пазбягаеш гаварыць сур’ёзна. Чаму?.. Мы ўчора ў валейбол гулялі. Дык знайшоўся адзін хлапчук, які ўсё пытаўся ў брата, ці нельга, каб перамаглі і мы, і нашы праціўнікі. Бо вельмі ж шкада, калі хто прайграе. Ці не так і табе хочацца, каб было?

— А што ты думаеш?.. Хоць нічыя ёсць нічыя. Асабліва выкленчаная.

— Я не жартую, Ціма. Я хачу, каб людзі заўсёды гаварылі адзін аднаму праўду... Мы з табою вельмі-вельмі даўно дружым. Надта добра ведаем адзін аднаго. І на большую блізкасць ісці мне сорамна. Гэтага не разумее мама, але ж ты павінен зразумець. Мы не маленькія. І хадзем хутчэй. Вунь зноў хмара!

 

 

4

 

Гэтага не разумее мама!..

 

Лёдзя не ведала, ці сапраўды яна памятала тыя дні, ці пазней па расказах старэйшых уявіла іх, і ёй пачало здавацца, што памятае ўсё сама. Але так ці інакш яна яскрава ўяўляла, як дабіраліся да лініі фронту — пералескамі, лясамі, спачатку з падводаю; як у начы на лодцы пераплывалі Заходнюю Дзвіну, а потым перапаўзалі чыгунку Полацк — Віцебск. Недзе недалёка немцы ўвесь час ракецілі, у чорнае неба ўзляталі трапяткія зоры, і было страшна і цікава разам. Маці тады часцей несла Лёдзю — прывязаўшы хусткай за спінаю, а Яўгена вяла за руку.

Цераз лінію фронту іх пераводзіла палкавая разведка — тры таямнічыя постаці ў маскхалатах. Людзей сабралася ладна, і разведчыкі загадалі ўзяцца ўсім за рукі і ісці адзін за адным, ступаючы след у след — тут, у замініраваным хвойніку, яны ведалі сцежку-праход. На ўзлессі між цёмных дрэў раптам бліснуў агонь, і стала відаць, што навокал яго немцы — сядзяць, стаяць, тупаюць. Прыйшлося зноў паглыбіцца ў хвойнік і даваць круг. Гэта Лёдзя, мусіць, усё-такі памятала сама, так як ва ўяўленні, калі ўспамінала, паўставала не ўся карціна, а сасновая лапка, якая перашкаджала бачыць усё вогнішча і немцаў навокал яго. Мусіць, зірнула, жахнулася і заплюшчыла вочы.

У Тарапцы (гэта, вядома, прыйшло з пазнейшых расказаў) іх пасадзілі ў таварны вагон з нарамі ў некалькі ярусаў. Ім выпала месца проста на падлозе. Было мулка, холадна. Душыў голад. На станцыях маці, вылезшы з вагона, кудысьці знікала з кацялком. Тады сэрца зусім заходзілася ад страху, і было трывожней, чым дасюль, калі ішлі страшнымі бясконцымі дарогамі, хоць побач ляжаў і храбрыўся Яўген. Потым стала яшчэ горш — боль паласнуў па жываце і доўга-доўга не адпускаў. І хто ведае, чым бы гэта скончылася для Лёдзі, каб пазней ім не пашанцавала трапіць у эшалон, які вёз ленінградцаў, і маці апрача баланды і лустачак хлеба не пачала прыносіць ячную кашу, шакалад...

Маці, маці! Адкуль браліся ў яе сілы, упартыя нялюдская цягавітасць і вытрымка? Яна хутала Лёдзю, Яўгена ў сваю ватоўку, у плацці, якія ўсё ж захапіла з сабой, хукала, як узімку, на іхнія рукі і цалавала, цалавала, верачы, што гэта таксама грэе і ратуе. Яна амаль нічога не ела сама, твар у яе завастрыўся, яна вельмі схуднела і ўсё-такі не здавалася. У ёй, ціхмянай, добрай, абудзілася нейкая хітрая, злая рашучасць.

І толькі на Урале, ужо ў Іргінску, куды вечарам, у дождж і золь, іх прывёз грузавік па калдобістай, гразкай дарозе, Лёдзя зрабілася сведкаю глухой матчынай роспачы. Пераспаць іх пусцілі ў калгасную канцылярыю. Вартаўніца, якая толькі што памыла падлогу, неахвотна прынесла падушку, дзяругу і паслала ім ля парога. І вось, прачнуўшыся ўначы, Лёдзя раптам адчула, што матчыны плечы калоцяцца. Закрыўшы хусткаю твар і ўткнуўшыся ім у падушку, маці плакала.

Пасяліліся яны на Вежы — так называлі ў Іргінску вяршыню крутой гары — у доме адзінокай уладнай бабкі Фацінні, якая, выпадкова зайшоўшы ў канцылярыю, чамусьці ўраз упадобала Лёдзю і Яўгена.

— Не первые, да этих махоньких с женщиной возьму, — сказала яна, палохаючы сваім оканнем.

Дом быў на высокім, метра на паўтара, каменным падмурку, з дваром, абгароджаным пацямнелым парканам і будынкамі. Прыступкі высачэзнага ганка, падлога ў сенцах і кухні — усё старанна вымыта, і ля парога трэба было разувацца і надзяваць малаліцы (нешта накшталт ботаў з абрэзанымі халявамі) або ісці ў дом проста ў панчохах.

Другая палова дома — святліца — наогул была забароненым светам, там нават у печы не палілі. Лёдзя ведала толькі, што ў святліцы вельмі чыста, бела, стаяць фікусы, ложак, падлога ўслана палавікамі, а на покуце — шмат абразоў, лампадка, ручнікі. Святліца здавалася таямнічай, страшнаватай, як усё чужое, недасягальнае.

З акна кухні віднеўся пасёлак. Раскіданы на схіле гары, ён спускаўся да самае рэчкі, быстрай Іргінкі, за якой таксама ўзнімаліся горы — голыя, з валунамі або парослыя лесам. І, калі цяпер Лёдзя ўспамінала Іргінск, перад вачыма паўставала вялізная чаша між вычварных горных махін, і ў ёй — смуга, а часцей — туман, праз якія цьмяна праступалі абрысы дахаў, дамы, нейкія жоўтыя камяніцы.

— Ты детей растасуй. Его — в школу, ее в садик, — не параіла, а загадала бабка Фаціння. — А сама работать на паточный поди-ка просись. Все, чать, ближе к еде-то. На меня, чтоб сразу ясно было, не надейся — не дам. На поле турнепс остался. Покуда снег не присыпал, натаскай-ка. Колоски-то не шибко разрешают собирать. Крутись, милая. Туго приходится вашим-то выковырваным...

І маці круцілася. Вестак ад бацькі не было. З Масквы паведамілі: ён на спецыяльным заданні. На якім — не пісалі. Ды маці зразумела: паляцеў назад у тыл ворага — хутчэй за ўсё ў самы Мінск. Да трывогі прымяшалася крыўда, што не пашанцавала і тут — размінуліся, не пабачыўшыся, і хто ведае, можа, у астатні раз. І маці тапіла гора ў рабоце. На золку з Фацінніным мехам бегла па турнэпс, потым, завёўшы Яўгена ў школу, а Лёдзю ў дзіцячы садзік, спяшалася на працу. І ўсё подбегам, подбегам, не думаючы аб сабе, не маючы хвілінкі, каб заправіць пад хустку валасы, што сталі непаслухмяныя і секліся. А вярнуўшыся з патачнага, прасіла ў гаспадыні пілу, сякеру і зноў знікала — трэба было нарыхтаваць дроў недзе за Іргінкаю. Даўгімі начамі мыла бялізну, слепячыся пры газнічцы, вязала тамтэйшым пуховыя хусткі, рукавічкі, вышывала кофты. І прыемна было назіраць, як пад спрытнымі пальцамі ў яе расцвітаюць, сплятаюцца ў вянок васількі, рамонкі. У коміне гуў вецер, кідаў у акно цэлымі жменямі не то дождж, не то снежную крупу, а тут — пад печчу мірна пілікаў цвыркун, гарэла газнічка, ля стала сядзела маці, прыгожая, родная. Ой, як хацелася тады прыпасці губамі да яе рук... Яўген, які прыкметна пасталеў і вырас, не выцерпеў:

— Я, мама, буду вас ад усіх ворагаў абараняць! — выпаліў ён, быццам паветра яму было гарачае.

— Я таксама, мамачка!.. — часта моргаючы, азвалася і Лёдзя.

Турнэпс парылі, рабілі з яго вяленкі, і пад ложкам стаяў ужо невялікі мяшэчак — недатыкальны запас. А тут маці так разгубілася, што кінула вышываць і пачала завіхацца ля самавара.

— Пап’ём, дзеткі, чайку з вяленкамі... Успомнім тату, — прамовіла хуценька, баючыся зірнуць на ложак, дзе ляжалі дзеці.

Калі выпаў снег, Лёдзя зразумела, чаму тут усё такое высокае — падмурак, дашчаныя вароты, паркан, ганак. Пасля адной завірушнае начы яна ўбачыла на іскрыстых сумётах, што грэбнямі ўзнімаліся ўпоперак вуліцы, воўчыя сляды. Бабка Фаціння захвалявалася і, суровая, маўклівая, доўга аглядала хлявок, дзе стаяла каза Пестра.

У выхадны дзень маці вымаліла ў калгасе каня і па першай саннай дарозе сабралася па дровы. Каб хоць нечым парадаваць Яўгена і Лёдзю, узяла іх з сабою. Дарогу працёрлі не вельмі, і нездаляшчы конік не хацеў бегчы нават трухам, але ехаць было прыемна. Абапал узвышаліся аснежаныя сосны. Яны быццам узбіраліся на горы, грузнучы па калені ў снезе і схіліўшыся наперад, каб лягчэй было ісці.

Няблага ехалася і назад, пакуль спускаліся да рэчкі. Аднак як толькі даехалі да моста, конік спыніўся. Кучаравыя ад поту, заінелыя ногі ў яго дрыжалі. Маці з Яўгенам сталі памагаць яму.

— Нэ-нэ-э! — падганялі яны.

Калі ж сталі падымацца да сябе на Вежу — новая бяда: парвалася супоня. Маці разулася, зняла панчохі і звязала імі клешчы хамута. Лёдзі прыйшлося злезці з воза, і, тупаючы ззаду, бачачы голыя матчыны ногі ў стаптаных атопках, яна ажно заходзілася ад жалю. Канём ніхто не кіраваў, ён выжыльваўся, кідаўся ўправа, улева. Воз перакуліўся! Але калі дровы зноў паклалі на сані, змардаваная худобіна ўжо не магла крануць іх з месца.

Маці адправіла Лёдзю з Яўгенам дамоў і пачала насіць дровы на сабе. Колькі часу яе не было? Доўга, вельмі доўга. А калі нарэшце маці паказалася ў дзвярах, Лёдзя ледзь пазнала яе. Ступіўшы босымі непаслухмянымі нагамі раз, другі, яна пахіснулася і ўпала на ложак як была — у хустцы, у ватоўцы...

Бабка Фаціння ў калгасе не працавала — жыла з агарода. Вольнага часу ўзімку хапала, і яна любіла варажыць на картах. Раніцою — «наташчак», увечары — пад’еўшы. Нярэдка варажыла на маці — трэфавую даму — і звычайна падбадзёрвала яе:

— Хорошая карта тебе, милая, ложится. Не горюй больно-то. Жив твой. Смотри вот, коль не веришь...

Маці весялела і, шарай гадзінкаю, калі вышываць у прыцемках было нельга, а газоўку запальваць рана, залазіла разам з бабкаю на печ і спявала — сумна, паціху. Твар у яе маладзеў.

Пад Новы год варажылі зноў, але гэтым разам бабка Фаціння паставіла на стол шклянку з вадою, нешта кінула туды і загадала маці, не адрываючыся, глядзець на донца. І маці, як пасля радасна казала, убачыла аснежаны лес, вогнішча і мужчын у белых кажушках, у шапках-вушанках.

— Бацька на карчы сядзеў, задуманы такі, адзінюткі, — расказвала яна, міжволі пазіраючы на сябе ў люстэрка. — Утаропіўся ў агонь і не варухнуўся.

Пазней, узяўшыся за вышыванне і думаючы, што дзеці паснулі, яна зноў углядалася ў люстэрка, гладзіла сябе далоняй па шчоках...

Напрадвесні Лёдзя занядужала. На ножках адкрыліся болькі. Падрапае што-небудзь — не гоіцца. Не хочацца ні ўставаць, ні падымаць галавы з падушкі.

Глытаючы слёзы, маці захутала яе ў што магла і павезла на санках у бальніцу. Цягнула і ўсё спатыкалася, трымала парваную рукавіцу каля рота. І пасля па начах, калі б Лёдзя ні прачыналася ў халоднай белай палаце, маці абавязкова сядзела побач або драмала, паклаўшы галаву на спінку ложка. Яна зблажэла і ўсё-такі штоноч была каля Лёдзі.

Маці аддавала ёй усю сябе — свае сілы, здароўе, сваю красу, якая ў трыццаць год жанчыне мо даражэйшая за ўсё астатняе...

 

Вярнулася Лёдзя дамоў позна. Але Арына не спала, бо адамкнула дзверы адразу, як толькі асцярожна дзвынкнуў званок. Калі галодная дачка села ў кухні за стол і наліла сабе кубачак малака, асталася з ёй.

— Дзе ты была і чаму да нас не зайшоў Цімох? — настойліва спыталася яна, прытуліўшыся да вушака і строга гледзячы на Лёдзю.

Лёдзя дапіла малако, адсунула кубачак. Наліваючыся ўпартасцю, зіркнула на маці, сабралася ўскіпець.

— Давайце дамовімся, мама, што пра мае адносіны з Цімкам я буду думаць сама. Я не маленькая і ведаю, што раблю.

— А мне што загадаеш? Карміць цябе, даглядаць? Я мо і жыву для вас... Якія ў мяне яшчэ радасці! І, калі такая разумная, скажы тады заадно, навошта жыць тваёй маці. Каб моўчкі ў доме прыбіраць, моўчкі бялізну мыць і ежу гатаваць? Калі вы малыя былі, хоць ведала, што для цябе з Яўгенам жыву. Без мяне і вам не жыць. А цяпер, значыць, лішняя, замінаю. Дзякую, дачушка!

Лёдзіны словы кроўна пакрыўдзілі яе, і яна бунтавала, усведамляючы ўласную бездапаможнасць што-небудзь змяніць у ходзе падзей, няўмольнасць таго, што насоўвалася. Да Лёдзі гэта не даходзіла. Матчын пратэст здаваўся капрызным жаданнем навязаць ёй сваю волю, сваё разуменне добрага і благога. Бянтэжыла толькі пытанне: «А мне што загадаеш рабіць? Дзеля чаго жыць?» І не ведаючы, як адказаць на яго, але не могучы пайсці на згоду, яна ўпарта сказала:

— Пашпарт, мама, не так сабе выдаюць. Мне хоць у гэтым давяраць трэба. А па-другое — вы самі вунь што гаварылі пра камбінатараў. Або проста загадаеце мне ахвяраваць сабой? Тады скажыце, дзеля чаго?

Арына адштурхнулася ад вушака, наважыла была пайсці прэч, але ў спальні пачуўся Міхалаў кашаль, і, каўтануўшы слёзы, яна спынілася ў дзвярах.

— Бацюхны! Няўжо ты думаеш, што я хачу, каб вы без любві пабраліся? — спыталася спалоханым шэптам. — За каго ты мяне прымаеш? І чаму табе ў галаву не прыйшло, што мне шкада Цімоха і мы яго самі хочам бачыць? Ён, небарака, бацьку мо даражэйшы за сына.

 

 

5

 

Пасля таго як ты быў непрымірымы, цягне быць лагодным, добрым. Дый наогул Лёдзя з чужымі была куды лагаднейшая і ветлівейшая, чым са сваімі. Свае неяк у разлік не ішлі.

Працуючы гэтым разам на машыне зверху, яна ўважліва сачыла за Кірай Вараксаю. Сяброўка выглядала пагана. Твар у яе зблажэў, на шчокі ляглі цені. Мілыя раскосыя вочы выцвілі, у іх не стала ўвагі да таго, што яна рабіла. Побач ляскала, скрыгатала. Як адбойныя малаткі, наперабой стракаталі фармовачныя машыны, пазвоньвалі ланцугамі пад’ёмнікі, а Кіра, замкнутая ў сабе, быццам нічога не чула. Здавалася, яна забыла, дзе яна, і ёй няма клопату да таго, што адбываецца навокал.

Неяк здарылася так, што, калі Кіра выйшла замуж, іхняя неразлучная дружба пачала слабнуць. У Кіры паменшала вольнага часу — з’явілася процьма чыста сямейных клопатаў, турбот. Цяжэй стала знаходзіць запаветнае, аб якім можна было б, як раней, гаварыць горача, задушэўна. Праўда, вучоба, работа, як і калісьці, збліжалі іх. Але Кіра ўсё роўна аддалялася. У душы яе з’явіўся і рос нейкі куточак — свой, патайны, куды яна нікога не магла пусціць, бо ён належаў толькі яе мужу і ёй. Гэта палохала Лёдзю.

— З вас, жанацікаў, мабыць, асобныя брыгады давядзецца ствараць, — не адважыўшыся ўпікнуць сяброўку, сказала яна аднойчы Кірынаму Пракопу.

Той засмяяўся ёй у твар — залівіста, пераможна, як смяюцца, калі маюць справу з зайздроснікамі, якія выдалі сябе.

— Так ты заўтра прапануеш іх па масці падбіраць. У адну — рыжых, у другую — шэра-малінавых з кропінкамі. Як коней некалі ў кавалерыі. Чуеш, Кіра? Яна ж раўнуе!..

Назіраючы цяпер за Кіраю, Лёдзя сапраўды раўнавала і шкадавала яе, прыдумвала, чым памагчы, лічыла месяцы. А калі пайшлі ў душавую, лёгенька туліла да сябе і старалася развесяліць.

— Памятаеш, як мы бегалі ў тэрмаабрубнае глядзець на распаленыя адліўкі? — калі выйшлі з цэха, спыталася Лёдзя.

Гэта, як раптам здалося, было вельмі даўно. Так даўно, што не зусім верылася — ці было, і апякункаю тады з’яўлялася Кіра? Лёдзя нават агледзела сяброўку, нібыта хочучы праверыць, ці сапраўды магло так быць, і нечакана, але выразна адчула: хоць Кіра і замужам, і чакае дзіця, яна, Лёдзя, старшая тут, і ёй весці рэй.

У душавой яна памагла Кіры распрануцца і, як калісьці, стаўшы пад адзін душ, пачала шараваць ёй спіну. Дый Кіра раптам яшчэ больш палагаднела, прызнала яе першынство, дазволіла варочаць і мыць сябе, як малую.

Ля выхада з цэха іх чакаў Пракоп. Ён, мабыць, адчуў тое новае, што нарадзілася ў адносінах між жонкаю і Лёдзяй. Заўважыў ціхую Кірыну паслухмянасць і нейкую самазадаволеную радасць, удзячнасць за прызнанне перавагі — у Лёдзі.

— Супроць каго, жанчыны, у змову ўступілі? — зачэсваючы пяцярнёю валасы і абыходзячы лужыны, спытаўся ён. — Супроць мяне ўжо? Тады прызнавайцеся ў якую, пакуль не позна! Я ж таксама рабочы.

— Не балбачы — не паможа. Яе трэба перавесці на лягчэйшую работу, — заклапочана сказала Лёдзя.

Пракоп надзеў кепку дзвюма рукамі і за казырок насунуў яе на самыя бровы.

— Ізноў за сваё? Фантазія новая? А? І не надакучыла ж вам, жанчыны.

— Не бойся, не табе прыйдзецца дабівацца і прасіць.

— Ён папросіць, чакай, — упікнула Кіра. Яна сапраўды адчувала сябе нядобра, і таму хацелася, каб пра яе гаварылі, яе шкадавалі. — Каб не я, а хто чужы, з зубоў бы вырваў. А дзеля мяне!.. — Яна махнула рукою.

Пракоп не пакрыўдзіўся. Наадварот, павесялеў і, схамянуўшыся ўсім моцным целам, абняў Кіру за плечы.

— Злосныя вы сёння. Стаміліся, відаць?

— А што, не было ад чаго? Адно і тое ж, адно і тое ж...

— Дык, значыць, гэта разрыўка? А я гляджу, чаго гэта ад вас, як ад камароў, не абагнацца. Або лівень учарашні падзейнічаў?

— Мірыцеся, мірыцеся, — як бы дазволіла Лёдзя. — Я і сама магу зрабіць тое, што трэба, калі яно, па-вашаму, больш ганебнае, чым грошы на аўтамашыну збіраць...

— Ну годзе, годзе, — папрасіла Кіра. — Я ўсё адно пакуль што нікуды з брыгады не пайду. Мне цяпер з вамі расстацца цяжэй, чым самае цяжкае рабіць.

— Во, бачыш! — засмяяўся Пракоп. — Рабочых жа не хапае. Можа, зноў на адзін выхадны прыйдзецца пераходзіць, разумніца...

«Як засвоіў ён гэты паблажлівы, несур’ёзны тон! — усхадзілася, уколатая, Лёдзя. — З другімі ж так не размаўляе. Не размаўляе і са мной, калі адны. А як збяромся ўтраіх, абавязкова пачынае кепікі строіць, нібы нехта падмяняе яго...»

— Знаю я гэтыя адгаворкі, — з прыкрасцю перапыніла яна Пракопа, па нейкай сувязі згадаўшы Віктара Сердзюка. — «Рабочых не хапае!» Я не добранькая, але... Хочаце дзіця загубіць? І думаеце, я дазволю?

Яна ўбачыла, як кроў адліла ад Кірынага твару, як тая, быццам ёй стала блага, схапілася рукамі за шыю.

— Ну, ладна, ладна. Хадзем да нас, калі такая порсткая, і дамовімся, — здаўся Пракоп.— А так жа смяяцца будуць. Ударнікі, маўляў, па хлебе з салам...

Але пайсці не давялося. З цэха выбег камсорг Бруй і, як заўсёды, паспешліва, захліпаючыся, паведаміў: Лёдзю выклікаюць у камітэт.

— Добра, што хоць тут злавіў! Бегай за вамі! — сыпаў ён як з меха. — Давай дзейнічай. Мігам!

— Што там, пажар? — нездаволена спыталася Лёдзя.

— Гэта не мая справа. Сказана — зроблена. Вось так! Давай, Шарупіч!

 

 

6

 

Камітэт камсамола нядаўна перавялі ў новае памяшканне. Дасюль ён разам з парткомам, заводскім камітэтам і рэдакцыяй «Аўтазаводца» туліўся ў бараку з рыплівай падлогаю і цёмным калідорам. Пахла старымі шпалерамі, парахнёй, але было цёпла, звыкла. Новы будынак заводакіраўніцтва пабудавалі непадалёк ад прахадной. Шэры, масіўны, ён выглядаў строга. У вестыбюлі стаялі круглы столік з графінам вады, крэсла. На сценах паблісквалі чорныя шыльды-ўказальнікі — што на якім паверсе і ў якім пакоі. Паркетная падлога ў калідорах таксама паблісквала, белыя дзверы былі пранумараваны.

Гэта неяк скоўвала Лёдзю. Абуджала жаль па тым, што было, — ранейшае здавалася больш блізкім, і яна міжволі затрымалася перад дзвярыма з таблічкаю: «Камітэт камсамола».

Сакратар хадзіў па вялікім кабінеце, час ад часу пазіраючы то ў акно, то на схіленую над пісьмовым сталом Валю, якая сядзела на яго месцы і праглядала нейкія зводкі. У шыракаплечым клятчастым пінжаку, у вузкіх карычневых штанах, сакратар нагадваў спартсмена. Хада ў яго была спружыністая, лёгкая, як у спрынтэра.

— Здароў, Шарупіч, — кіўнуў ён, праходзячы міма, і павярнуўся да Валі: — Ну як, падабаецца, таварыш Верас?

— Лічбы добрыя, — адарвалася тая ад папер.

Пасля першай сустрэчы Лёдзя з нейкім помслівым пачуццём перачытала ўсе Валіны кнігі. Сёе-тое ў іх здалося малаверагодным, перабольшаным, але многае запала ў душу, прымусіла задумацца. Чулася: праз наіўнае захапленне падзеямі, людзьмі прабіваецца дапытлівае жаданне разабрацца ў дарогах, па якіх ідзе жыццё, абараніць людзей ад непатрэбных нягод і бяды. Але пайсці на адкрытае прымірэнне Лёдзя яшчэ не магла — колішнія раны працягвалі крываточыць. Не прайшла і ўзрушанасць ад размовы з Пракопам і Кіраю.

— Лічбы добрыя, — паўтарыла яна следам за Валяй. — А што за імі стаіць?

— Таварыш Верас прыйшла да нас пазнаёміцца з нашым жыццём-быццём, — палічыў неабходным растлумачыць ёй сакратар, выходзячы на сярэдзіну кабінета.

— А-а-а...

— У мяне да цябе дзве справы, Шарупіч. Ёсць думка даручыць табе «Пражэктар». І, мяркуючы па тваім настроі, правільная думка.

Ён яўна гаварыў не адной Лёдзі. Але, паказваючы сябе, паказваў не столькі, каб пакрасавацца, бліснуць, як памагчы пісьменніцы ўнікнуць у маладзёжныя справы-турботы — няхай ведае, чым займаюцца камсамольскія работнікі і што ўяўляюць з сябе.

— Ну, дык вось. Спачатку аб першым, — заклапочана сказаў ён. — Пачынаць будзеш з сябе. Не рабі, што самой не падабалася. Пастарайся хутчэй скалаціць актыў...

— Ясна, ясна, — не дала яму прадаўжаць Лёдзя. — Але дазволь пачаць не з сябе, а з заробку, з вентыляцыі. Перад лічбамі ды самазваламі хоць шапку здымай, а з завода бягуць патрошку...

— Чаму? Куды? — здзівілася Валя.

— Туды, дзе парадку больш або халтурыць ёсць магчымасць.

— Ну, гэта ты дарэмна. Чым-чым, а заводам нашым можна ганарыцца, — палічыў патрэбным зрабіць ёй заўвагу сакратар. — Сама ведаеш, колькі арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў у апошні час ажыццёўлена і з якім эканамічным эфектам.

— Во-во. Я пра вентыляцыю, а ты — механізацыю. Дый аперацый, дзе трэба выжыльвацца, пакуль што таксама хапае...

Праходзячы паўз акно, сакратар глянуў на свой няясны адбітак у шыбе адчыненай створкі, паправіў гальштук.

— Ну ладна, — замяў ён размову. — Кінь там вокам. Адказ на ваша пасланне прыслалі. Дамы-гасцініцы — на самай справе выхад.

Лёдзя схіліла галаву на плячо.

— Калі не адпіска, выхад.

Апошнім часам Валі наогул было лягчэй сярод людзей, пра якіх яна пісала, а не ў сваім звычайным асяроддзі, і зусім лёгка сярод простых працаўнікоў. І не таму, што тут яна сустракала больш увагі, добразычлівасці. Нападкі, жангліраванне паняццямі знясільвалі, падточвалі веру ў сябе. Часта здавалася, што яна сапраўды бяздарная, расла непрыязнасць да пяра. І як Валя ні супраціўлялася — гэта атручвала само існаванне. Сярод простых жа людзей натуральная плынь жыцця як бы аднаўляла свой бег, і ўсё займала сваё, вызначае хадою падзей месца. Праўду тут, не гледзячы ні на што, называлі праўдаю, несправядлівасць — несправядлівасцю. І вынік скрыжавання людскіх воляў тут, у народных глыбінях, заўсёды быў мудры. Па Шарупічу ж Валя нібыта пачынала правяраць сябе і другіх.

У адчыненае акно ўрываўся працавіты гул завода і нібыта шырыўся, мацнеў.

Валя павесялела.

— Я ведаю, у чый агарод ты кінула каменьчык, — сказала яна Лёдзі. — Але той чалавек, павер... Ты дзе была ў лівень? У бібліятэку бегла? Таксама не дрэнна. А ён пацягнуў мяне на вуліцу. З дому на вуліцу! Ураган, лье як з вядра. З труб вада рвецца, быццам яе пампуюць, а ён, увесь мокры, спыніўся на рагу праспекта, глядзіць навокал і радуецца. А потым, калі вярнуліся назад і пераадзеліся, стаў ля акна. Стаіць і зноў радуецца. Аказалася, заўважыў на правіслым дроце за акном цуд — як на роліках па дроце беглі кроплі. З’явяцца, прабягуць трошкі і падаюць... Разумееш?

Водпаведзь, яе шчырасць, абставіны, у якіх гэта гаварылася, збілі Лёдзю з панталыку. Але нічога вартага, што можна было б сказаць у адказ, у галаву не прыходзіла, і хутчэй за ўсё таму, што вельмі хацелася запярэчыць і, пярэчачы, паразіць усё-такі праціўніка напавал.

— Сёння ў гаркоме абмяркоўваць яго праект... — даверліва дадала Валя, не хаваючы, аднак, што разумее Лёдзю. І раптам запнулася, прыслухалася да сябе. Твар у яе стаў празрысты, у насцярожаных, але, мусіць, невідушчых вачах засвяцілася ўрачыстасць. — У цябе, Лёдзя, дабраты малавата. А можа, зусім мала...

 

 

РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ

 

1

 

Васілю Пятровічу ўспомнілася, як учора праходзіў тут з Валяй пасля ліўня. Наперадзе крочылі цені — выцягваліся, святлелі, і Васіль Пятровіч сачыў за імі, пакуль цені не знікалі. А калі знікалі, азіраўся назад — і там крочылі цені, толькі ўжо ад ліхтара, да якога Васіль Пятровіч і Валя набліжаліся.

Адзначыўшы гэта, зразумеў: адводзіць думкі ад галоўнага.

«Фу ты, чорт! — пакпіў з сябе. — Што чаўпецца...»

Увайшоў ён у светлы гаркомаўскі вестыбюль пануры. Неахвотна кіўнуў дзяжурнаму міліцыянеру і, адмовіўшыся ад ліфта, стаў падымацца па лесвіцы.

На трэцім паверсе нечакана ўбачыў Сердзюка. Той, згорбіўшыся, сядзеў у мяккім крэсле каля круглага стала, на якім стаяў графін з вадою, і бяздумна круціў у руках пустую шклянку. Яму яўна нездаровілася, і Васіль Пятровіч паспяшыў падысці.

— Сэрца? — спытаўся, спагадліва ўглядаючыся ў шэры потны твар.

— Яно, ліха на яго, — крыва ўхмыльнуўся Сярдзюк. — Абяцаюць неўзабаве пластмасавыя рабіць, а пакуль што прыходзіцца карыстацца гэтым, сваім.

— Наконт аднаўлення заходзілі? — здагадаўся Васіль Пятровіч.

Сярдзюк з прысвістам уцягнуў паветра і, надзьмуўшы шчокі, выдыхнуў. Потым выняў з кішэні хусцінку і выцер лоб, губы.

— Не толькі, — адказаў ён, трымаючы хусцінку ля рота. — Ды, мабыць, не так усё проста ў жыцці...

Нешта як бы папярэдзіла Васіля Пятровіча — далей пакуль што не распытвай, далей пачуеш яшчэ больш дзіўнае, яно змусіць цябе сказаць сваё слова. А ты — не толькі ты. Дый і не гатовы ты зараз вынесці прысуд усяму гэтаму. Асабліва тут, у строгім, ярка асветленым вестыбюлі, дзе сэрца заўсёды было адкрытае. Многа ты ведаеш, каб вырашаць такія пытанні?.. І ўсё-такі, успомніўшы колішнюю размову з Валяй, ён сказаў:

— Іншы раз мы самі ўскладняем жыццё... Дый паспешлівасць таксама прыводзіць да памылак...

Васіль Пятровіч злавіў сябе на тым, што «падкладае падушачкі», пярэчыць, бо не ведае, якая была размова ў Сердзюка з Зорыным, бо па нейкіх сувязях не-не дый успамінае пра сваю работу, праект. Яму стала няёмка.

— І хто ж яны, супроць якіх вы выступаеце?

— Па-мойму, вы і так здагадваецеся. Ды я ўсё роўна назаву іх на першым партыйным сходзе, на якім буду прысутнічаць. Хоць... Вось, палюбуйцеся, — вачыма паказаў ён на дзверы ліфта, адкуль выходзіў Понтус.

Зрабіўшы выгляд, што нікога ў вестыбюлі не заўважыў, Понтус прадэфіліраваў міма, але адумаўся і падышоў. Не рызыкуючы падаваць руку, кіўком павітаўся з абодвума.

— Мусіць, зноў ныркі, — паскардзіўся, узяўшыся за паясніцу і мнучы яе. — На абгаварэнне, канешне? Цікавы праект, Васіль Пятровіч, павінен я вам сказаць.

Ён скрывіўся і тыльным бокам далоні пагладзіў спіну вышэй паясніцы.

— Здрадлівая рэч гэтая прырода. Заўсёды шукае ў цябе слабінку. А знайшоўшы, пачынае свідраваць. І дарэмна мы недаацэньваем народную медыцыну. Чаго толькі я не прымаў. А памагае настой на кукурузным валоссі.

Твар у Понтуса быў жоўты, з сінюгамі пад вачыма.

І хоць пасма, што прыкрывала лысіну — была пафарбавана, а сівізна пакінута толькі на скронях — для саліднасці, — Васіля Пятровіча ўразіла, як Понтус пастарэў. Нават не верылася. Здаецца, яшчэ на банкеце выглядаў брава, а цяпер вунь як здаў — адразу, знячэўку: шчокі па-старыкоўску абвіслі, у вачах пустата.

«Вось і ўсё, чаго ты дабіўся, — падумаў пра яго Васіль Пятровіч. — Раней хоць нейкую сваю лінію вёў, а цяпер чорт ведае што хочаш і супроць чаго выступаеш...»

— Пра каго зласловіце? — спытаўся Понтус, спадзеючыся — гэта прымусіць іх загаварыць.

Васіль Пятровіч падумаў, што адказваць прыйдзецца яму, але Сярдзюк апярэдзіў яго:

— Ды вось пра даўнія справы гамонім.

Адсюль быў відзён доўгі калідор з вялікім акном у канцы. Понтус паглядзеў туды, прыплюшчыў вочы, памяў паясніцу.

— Так, складаны быў час, — пагадзіўся, намагаючыся стаць самавітым.

— Гледзячы каму, — непрымірыма кінуў Сярдзюк, ставячы шклянку на стол дагары донцам і важка абапіраючыся на яе.

Вочы ў Понтуса сталі калючыя, хоць недзе глыбока ў іх стыў страх.

Усё, відаць, трымцела ў яго ўсярэдзіне, сціскалася, ледзянела ад чакання — што яшчэ скажа Сярдзюк? — але ён ішоў насустрач гэтай небяспецы, нібыта прагнуў пачуць самае страшнае слова, баяўся і напрошваўся на яго. Не, на нешта ж ён павінен быў спадзявацца. На што? Што Сярдзюк нічога пэўнага не ведае? А мо проста не адважыцца кінуць тут гэтае слова? Ці верыў у сваю невінаватасць, загіпнатызаваў сябе і пераканаў? А можа, сам шукае пэўнасці, канца — так, маўляў, усё выкіруецца да лепшага?

— А-а-а, — працягваў ён, ухмыляючыся. — Ці не збіраецеся па прывычцы распачаць калатнечу? Ну што ж, давайце, у нас даўно не было такога.

Пакланіўшыся ў знак таго, што далей размаўляць яму з Сердзюком няма аб чым, ён павярнуўся да Васіля Пятровіча, апанаваны нейкай думкаю, пастаяў трошкі і развёў рукамі.

— Вось якія справы... А праект ваш ухваляю. Зроблена смела і з веданнем справы. Думаю, падтрымаюць. Хоць складаюцца, канешне, сітуацыі, калі хваліць цяжэй, чым ганіць. Пакрытыкуеш двух — два і пакрыўдзяцца. Пахваліш аднаго — пакрыўдзяцца ўсе астатнія. Ну, я пайшоў.

Правёўшы яго позіркам, Васіль Пятровіч нарыхтаваўся ісці сам. Чамусьці згадалася, як раніцою заходзіў у цырульню. Ліў дождж, і там было пуста. Цырульнікі сумна гулялі ў шашкі з калпачкоў ад флаконаў — белыя і блакітныя...

«Не, — падумаў, сярдуючы на сябе, — у чалавека адна пасада — быць чалавекам». Але ўсё роўна з прыкрасцю адчуў: пасля Понтуса яму амаль няма чаго сказаць Сердзюку. Словы Понтуса як бы навіслі над Васілём Пятровічам, адбіралі волю.

 

 

2

 

У калідоры яго ўбачыў Зорын. Зрабіўшы знак, вярнуўся назад і, не аглядаючыся, прайшоў у свой кабінет.

— Сядай, — паказаў на скураное крэсла. — Як справы?

— Хачу прасіць санкцыі ўзарваць дом, што стаіць пасярод плошчы Леніна.

— Так, так... Але пра гэта зараз не будзем. Навіна ёсць, — Зорын кіўнуў не то на акно, не то на столь. — Хвалілі нас, брат! І за праспект асабліва. Спадабаўся, бачыш. Хоць з генпланам і падкачалі трошкі. Да сямідзесятага насельніцтва, лічы, пад мільён падваліць. А ў нас што запісана? Нуль цэлых...

Яго словы здзівілі Васіля Пятровіча. Раней Зорын ніколі не перадаваў добрых навін. Мусіць, таму, што гэта было яму непрыемна. Ён нават хаваў іх, быццам і чужая пахвала магла ўскружыць Васілю Пятровічу галаву, зрабіць яшчэ больш настырным. Ды, відаць, не вельмі і дапускаў, што ў яго могуць быць сур’ёзныя поспехі; адкуль, маўляў, пры такім суб’ектывізме і ўпартасці? Але апошні час Зорын мяняў тактыку і ўсё неяк рабіў наадварот — заігрываў з нялюбымі і браў у калючыя рукавіцы адданых, верных сабе, пэўна, спадзеючыся, што тыя ўсё роўна нідзе не дзенуцца і астануцца вернымі.

«Б’е адбой або галасы вярбуе», — падумаў Васіль Пятровіч, узрушаны размоваю ў вестыбюлі.

У той жа час Зорыну бракавала логікі. Як маглі хваліць горад, праспект, калі яны будаваліся па плану, які абганяла жыццё?

— Не разумею... — не без задняй думкі прызнаўся Васіль Пятровіч. — Няўжо нашы пяціпавярховыя дамы эталонам робяцца? А з другім дыяметрам і таго горш. На ансамбль нават забываемся...

Зорын састроіў міну.

— Зноў за сваё? Што, і гэтыя мае словы не даспадобы?

— М-м...

— Тады растлумач — чаму?

— Праспект неблагі, я згодзен. Але калі мы не маглі ўявіць, што горад будзе мільённым, то і фантазія наша, само сабой, не ўзнімалася вышэй пяці паверхаў. А што нехта ўпадабаў і пахваліў...

— Ну-ну, ты выбірай словы! — спахмурнеў Зорын. — Пара навучыцца фармуляваць думкі.

— Стараюся.

— Ды не дужа! Бо калі падысці з прынцыповых пазіцый, выйдзе не «нехта пахваліў», а іншае: «Мне карціць скептычна ставіцца да ўстановак вышэйшых органаў». Так? І не вельмі цеш сябе, што ў цябе ўсё выдатна і ты анёл-празорлівец. Калі ёсць жаданне, можаш пазнаёміцца з матэрыяламі, дзе твае прыгоды і вальнадумствы распісаны. Скажы дзякуй, што не ў яблычка прыйшліся. Ці, можа, гэта таксама фантазія і старанні Зорына?

Не было сумнення: ён абсалютна ўсё помніў. Нават выпадкова кінутыя словы.

«Хоча пры маёй дапамозе абараніць сваё, але рупіць і разлічыцца за ранейшае», — падумаў Васіль Пятровіч і сабраўся ісці — усё роўна Зорына ні лепшым, ні горшым, мусіць, ужо зрабіць было нельга, хоць, здаецца, ён і схільны быў да прымірэння. Але Зорын, адчуўшы яго настрой, пайшоў напапятную. Паляпаўшы Васіля Пятровіча па грудзях і спіне адразу, засмяяўся і смачна вылаяўся.

— Цяжка з вамі! Вам памагаеш, а вы наровіцеся. Быццам без дысцыпліны далёка паедзеш. І быццам пагана, калі людзі баяцца быць дрэннымі.

Нягледзячы ні на што, было прыемна, асабліва цяпер, — цябе пахвалілі, прызналі тваю працу, робяць яе ўзорам для другіх. Праўда, не ўсё, што хвалілі, — добра. Але вельмі розныя рэчы крытыка і самакрытыка. Калі недахопы заўважаеш сам і прызнаешся ў сякіх-такіх праліках, гэта — адно. Яно ўзнімае цябе, сведчыць аб тваёй сціпласці, аб тым, што здольны на большае і галоўнае ў цябе наперадзе. Твае прызнанні выбіваюць зброю з рук праціўнікаў, асабліва калі ты прызнаешся і ў тым, за што цябе не крытыкавалі. Тым больш калі размова ідзе пра зробленае даўно і ў цябе ёсць новыя дасягненні.

Нешта падобнае таілася і ў словах Васіля Пятровіча. Ва ўсякім разе, калі б яго не пахвалілі, ён наўрад ці быў бы пры Зорыне такім строгім да сваёй работы. Але, выказаўшы патрабаванне да сябе, ён раптам сам убачыў і ўсвядоміў ісціну выразней. «А гэта ж бадай што сапраўды так!..» І ўсё ж недзе ў закарвашках душы абудзілася гордасць — планы яго напраўду былі часта на грані магчымага. Яму хацелася больш чым каму.

 

Зала пасяджэнняў была строгая, белая. Традыцыйныя, пастаўленыя літараю «т» сталы, крэслы абапал даўжэйшага і ўздоўж сцен, столік для прамоўцы, партрэт Леніна — і ўсё. Таму развешаныя на глухой сцяне перспектывы, разгорткі, макет на стале не пасавалі да яе. Дый прысутныя тоўпіліся ля макета, разглядаючы перспектывы, блукалі па зале, як па выстаўцы, і яна гула ад галасоў.

Гэты беспарадак, бадай, падабаўся Кавалеўскаму. Ён сядзеў не на старшынскім месцы, а ля макета. Убачыўшы Васіля Пятровіча, паклікаў яго да сябе.

«Навошта?» — пастараўся ўгадаць Васіль Пятровіч. Адзначыў: і Кавалеўскі пачаў здаваць. Некалі чорныя, як варанёныя, валасы страцілі бляск, твар пацямнеў, складкі на ім паглыбіліся, праляглі па шчоках. Чамусьці прыкметнейшым стаў прамы нос. Але прачытаць што-небудзь пэўнае на гэтым твары было цяжка — Кавалеўскі нібыта не думаў аб праекце, а проста вось убачыў Васіля Пятровіча і нешта ўспомніў пра яго — цікавае, даўняе.

І сапраўды, паціснуўшы яму руку, Кавалеўскі спытаўся:

— Памятаеш, як абмяркоўвалі генеральны план? Не тут, а там, яшчэ ў старым будынку гарсавета? Руіны, каробкі... Здавалася, не план, а выклік некаму. Луналі недзе ў завоблачных вышынях. Некаторых абражала нават. Малайчына ты быў, нягледзячы на злашчасныя балконы, галоўны! Дапраўды!

— А цяпер? — слаба ўсміхнуўся Васіль Пятровіч, лічачы за лепшае паказаць, што прымае пахвалу за жарт і сам гатовы пажартаваць з сябе.

Гоман навокал пачаў прыціхаць. Як бы прыслухоўваючыся да гэтага, Кавалеўскі расшпіліў каўнер кашулі і паварушыў шыяй.

— Часы, галоўны, змяніліся. Бачыш, і жыццё пераплюхвае цераз планы. Меркавалі, будзе шэсцьсот тысяч, але навукова-тэхнічная і тут унесла свае карэктывы. Табе Зорын, відаць, перадаў збольшага?

— Добра, канешне, працавалі, не былі абознікамі, — аўтарытэтна падаў голас Понтус, які аказаўся за крэслам сакратара.

Падышла загадчыца будаўнічага аддзела, моўчкі палажыла побач папку з паперамі. Кавалеўскі бегла прагледзеў іх, падпісаў, аддаў назад. Потым не павярнуўся да Понтуса, а, каб бачыць яго, падняў галаву і падміргнуў:

— А ў цябе тады, калі не памыляюся, былі апасенні... Не? Добрая ўсё-такі штука — памяць, — і гукнуў: — Жыжаль, можна цябе?

Пад позіркамі прысутных падышоў Віктар.

— Ты знаёмы з яго задумкамі, галоўны? — спытаўся Кавалеўскі, працягваючы руку Віктару, які з вышыні свайго росту з вясёлай іроніяй паглядаў на Юркевіча.

— Збольшага... Крыху — ад яго самога, крыху з трэціх рук.

— Ну і як?

Васіль Пятровіч, як вядома, даў сабе слова быць дабрэйшым з людзьмі і не праходзіць міма, калі каму патрэбна дапамога. Праўда, гэта ўдавалася не заўсёды — то быў вінаваты сам, то людзі. Але помніць аб сваім зароку ён помніў. Нагадалася і размова з Сердзюком-старэйшым, падумалася, што той і зараз, можа, сядзіць яшчэ ў вестыбюлі, і Васіль Пятровіч шчыра адказаў:

— Па-мойму, арыгінальна — імкнецца спалучыць архітэктуру з жыццём...

— Ага! — як здалося, усцешыўся Кавалеўскі. — Ну, пачнем, таварышы!

Ці ведаў ён думкі другіх аб праекце плошчы? Хутчэй за ўсё, ведаў. Ці меў ужо свае меркаванні наконт яе? Цяжка сказаць... Але так ці іначай, калі пасля ўступнага слова Дымка разгарнуліся спрэчкі, Васілю Пятровічу яго пытанні і недамоўкі сталі зразумелымі.

Плошча, па сутнасці, была накіравана на Дом урада. Але той стаяў збоку і, натуральна, не мог трымаць яе. Каб дасягнуць нейкай раўнавагі, трэба было пасярод плошчы ставіць помнік або абеліск. Але перад Домам урада — скульптура Ільіча. Значыць, выхад быў адзін: падняць будынак педагагічнага інстытута — няхай пануе над усім, і плошча як бы імкне да яго.

Падобныя думкі прыходзілі і Васілю Пятровічу. Ды здаваліся яны хімерычнымі, не адпавядалі абліччу плошчы, якое склалася ў ягоным уяўленні, стаў прывычным, і Васіль Пятровіч адганяў такія думкі, не хацеў спыняцца на іх.

Понтус не выступаў. Седзячы за сталом, ён глыбакадумна выводзіў вензелі на паперы і толькі час ад часу кідаў кароткія рэплікі.

— А як жа з Домам урада? — спытаўся ён, калі думкі схіліліся яўна не на карысць праекта. — Як з помнікам? Гэта ж плошча Леніна ў сталіцы! Растлумачце, калі не цяжка.

Васіль Пятровіч ужо ведаў гэтую новую тактыку Понтуса — не выказваючы асабліва сваіх поглядаў, збіваць праціўніка пытаннямі, рэплікамі. І хоць цяпер Понтус абараняў праект, яго словы абуджалі жаданне пярэчыць. Таму, магчыма, што Васіль Пятровіч мусіў прызнацца сабе: думкі ў іх ідуць амаль у адным кірунку, Понтусава пытанне, фактычна, бянтэжыла і яго ў час працы над праектам.

Гэтым разам, апярэдзіўшы прамоўцу, на рэпліку Понтуса азваўся Кавалеўскі.

— А што ўсё-такі лепей? — пацёр ён пальцам паміж броваў. — Папсаваць плошчу і захаваць правільны прынцып ці парушыць прынцып і мець добрую плошчу? Мы ж будуемся не нанава! Ну?

Вунь, аказваецца, што выспявала ў Кавалеўскага. Ён сумняваўся ў самой ідэі, што ляжала ў аснове праекта, у тым, як распарадзіліся яго аўтары магчымасцямі, што давалі ім.

Васіль Пятровіч ускладаў на праект надта багата — той быў для яго не толькі творам, родным дзіцем, не толькі будучым кутком любімага горада, чый вобраз мараю жыў у душы, але і сведчаннем: ёсць яшчэ порах у парахаўніцы, а значыць — і права ісці ў першых радах. А выходзіла? Праўда, ён і цяпер ішоў наперадзе шмат каго. Але задачаю яго, па сутнасці, аставалася толькі як мага лепей скарыстаць тое, што ўжо мелася, у лепшым выпадку — удасканаліць яго. Пошукі ж новага, нязведанага не былі ні яго мэтаю, ні яго сцягам. Час і памагаў яму, і рабіўся перашкодаю. Стэрэатыпнасць вісела над ім, не давала распасцерці крылы, узляцець, каб бачыць далёкія гарызонты. Магчыма, і дасюль бракавала смеласці... Зрабілася горка да слёз, асабліва калі гэтыя думкі звязаліся з пазіцыяй, што заняў ён у адносінах да Сердзюка, з тым, як рэагаваў на добрыя навіны і апошнія непрыемнасці.

 

 

3

 

Валя ўзрадавалася яму не так, як звычайна. Хаваючы нейкую тайну, правяла ў кабінет, пасадзіла побач на канапу, паклала рукі на калені. Твар у яе ззяў, але адначасна быў як у хітрай Лісы Патрыкееўны. Рукі і тыя яна не магла трымаць спакойна.

— Што, паход аказаўся ўдалым? — спытаўся Васіль Пятровіч, думаючы, як паведаміць жонцы пра новы сыр-бор і лішне не хваляваць яе — цяжка было гаварыць ёй пра свае няўдачы. Ён нават часамі ўтойваў іх. Перашкаджала гордасць, жаданне выглядаць лепшым, чым ёсць.

Варухнулася прыкрасць.

«Баба!.. — падумаў ён. — Баба! Але няхай бы яна была ёй да канца... Каб можна было з ёй на ўсё забыцца...» І ўсё-такі сказаў не тое, што падумаў:

— Адкрыла новага героя?

Яна шчасліва засмяялася, заціснула складзеныя лодачкай далоні паміж каленяў і, быццам гушкаючыся ў качалцы, адкінулася на спінку канапы.

— О-о! — насмешліва і пераможна выгукнула, марудзячы з адказам.

— Ну, давай, шпар, шпар!

Валя ўлавіла прыкрасць у яго голасе, але і не падумала насцярожыцца. Ахопленая гарэзлівым пачуццём, паправіла яму каўнер кашулі, упрытык наблізіла да яго пабляднелы твар і, як бы трацячы сілы, прашаптала:

— Дурненькі, мы ж цяпер не адны. Вядома, адкрыла. І ўжо некалькі месяцаў, па-мойму... А ты нічога не заўважыў! Ха-ха-ха!

Колішні адчай, разгубленасць, гордасць чуліся ў яе шэпце і смеху. Яны ўдарылі Васіля Пятровіча ў сэрца, і ён таксама засмяяўся — гучна, залівіста.

— Лёнька? — амаль гікнуў ён. — Значыць, Лёнька? Так?

Сціскаючы адно аднаго ў абдымках, яны заходзіліся ад смеху і ніяк не маглі спыніцца, хоць адчувалі: калі не загавораць, вось-вось заплачуць.

— Ха-ха-ха!..

Васіль Пятровіч першы авалодаў сабой. Прытуліўся да яе шчакою.

— У Зорына цэлы ворах матэрыялаў, Валька, на мяне. І праект наш, па сутнасці, разарвалі... м-м... на шматкі. Сярдзюк-малодшы, якога я пахваліў перад гэтым, і той уключыўся ў хор. Сказаў, што спланавана, як бывае ў більярдзе — рыкашэтам ад левага борта ў правую лузу. І наогул, маўляў, кампазіцыя грамадскага цэнтра, што ўяўляе сабою парадную магістраль з нанізанымі на яе плошчамі, састарэла. Яна, бачыш, дае мала прасторы многім грамадскім комплексам.

— Ну і што?

— Як што? Каму патрэбна адцятая, хоць і хвалёная галава... Тым больш пасівелая.

Валя так была занята сваім, што мужава скарга амаль не дайшла да яе. Не дайшла, але нейкай нечаканай гранню дала ёй адчуць уладу над мужам. Зноў непрыемнасці пасыпаліся на яго. Яму трэба падтрымка, і перш за ўсё ад яе. Ды, аслепленая сваёй радасцю, адчутай уладаю, яна не здольна была ацаніць ліхое здарэнне: «Падумаеш! Не ўпершыню!» Што значаць цяпер ягоныя засмучэнні і праціўнікі? Яны ж з Васілём цяпер не адны і адужаюць усё...

У Валі абудзілася нават рэўнасць да гэтых непрыемнасцей. Цешачы сябе, стараючыся развеяць цяжкія мужавы думкі — такія крыўдныя цяпер! — яна пачала лашчыцца. Узяла яго рукі і закрыла імі свой твар.

— Ты сядзь тут, а я лягу галавой табе на калені,— папрасіла праз секунду блазнавата. — Ну, калі ласка!..

Васіль Пятровіч не зразумеў яе.

Яна ўстала і моўчкі, пакрыўджаная гэтым, пайшла з кабінета.

У пакоях стала ціха. Цішыня прымусіла Васіля Пятровіча затрывожыцца. Дзе Валя? Што яна задумала? Ён усхапіўся з канапы і падаўся шукаць. Ні ў спальні, ні ў сталовай, ні на кухні яе не было. Ён захваляваўся мацней і зазірнуў у ванны пакой.

Скурчыўшыся, падклаўшы пад галаву падушку, Валя ляжала ў ванне і беднай сіратою глядзела на яго.

— Што ты тут робіш! — здзівіўся ён.

Яна камічна прыкрыла далоняй падбародак. Плечы ў яе сталі вузкія.

— Няўжо мне і падурэць нельга?

— Прастудзішся! Падымайся!

— А парадаваць цябе раней?

— Толькі хутка.

— Каверыну прысудзілі Купалаўскую прэмію.

Ён сілаю паставіў яе на ногі, памог выбрацца з ванны. Расчулены, удзячны за гульню-выдумку, якой Валя хацела пацешыць яго, за адданасць і такую радасную, дарагую навіну, прыгарнуў да сябе. Саромеючыся, адчуў, як яна страпянулася ад радасці.

У пярэднім пакоі дзылінкнуў званок.

— Я сам адчыню, — шкадуючы, што нехта перашкодзіў ім, прамовіў Васіль Пятровіч. — Калі да цябе, скажу — няма дома.

Яна згодна маргнула вачыма і, як з-за дрэва, выглянула з дзвярэй ваннага пакоя, даючы Васілю Пятровічу зразумець, што будзе сачыць за ім і, калі што-якое, схаваецца.

Васіль Пятровіч адчыніў дзверы — на лесвічнай пляцоўцы, трымаючыся падручкі і пакаянна, з пакорлівасцю схіліўшы галовы, стаялі Валахановіч з Алаю.

— Мы ад дажджу. Аскоцкіх няма дома. Відаць, па раскладу — работа на дачным участку. А яшчэ клянецца ў павазе да старшых, — відаць, прыйдзецца даць наганяй, няхай адчувае. Як-ніяк, а я зрабіў яго загадчыкам аддзялення... — у нейкім натхненні сыпануў Валахановіч, адчаканьваючы словы. І таму, што ўсмешка яго танула ў барадзе, здавалася: яна шырокая, зіхотная. Макінтошы, яго і Алін, былі элегантна перакінуты цераз руку. І сам ён выглядаў падцягнутым, складным — у цёмна-зялёных штанах дудачкаю, у светлым шыракаплечым пінжаку, з яркім гальштукам. Пацалаваўшы ў Валі кончыкі пальцаў, ён з правам на фамільярнасць, якое прысвойваюць сабе вядомыя людзі, перадаў макінтошы Васілю Пятровічу : — Наце і не лайце нас.

— Што вы, прафесар! — замахала рукамі Валя, якая ўвогуле ставілася да яго дваіста. Як вучонага паважала, была ўдзячна як доктару, што лячыў яе. Але Валахановіч аглядаў яе, выслухоўваў, мацаў, і гэта ў нечым абражала Валю. Напамінак жа пра Аскоцкага прама нагадаў аб гэтым. Аднак зараз Валя ўзрадавалася і яго нечаканаму візіту: Валахановіч таксама меў дачыненне да яе шчасця.

Ала, не зняўшы капялюшыка, адразу пачала гаспадарыць у сталовай — папраўляць на тахце падушачкі, перастаўляць статуэткі. Потым села за піяніна і забарабаніла па клавішах, цераз плячо паглядаючы на Валахановіча і як бы абяцаючы яму нешта... Зусім не збянтэжаны гэтым, той спружыністай хадою чалавека, які ведае сабе цану, адышоўся да акна і адтуль стаў назіраць за Алаю, прапускаючы праз жменю бараду і прыгладжваючы густыя, чорныя як смоль бровы.

— А вось гэта лішняе, — кінуў ён Валі, якая ўжо завіхалася ля стала. — Мы перачакаем толькі дождж.

Аднак было відно, што настрой у яго прыўзняты, рэчыць для прыліку.

Валя разумела яго, многае прыкмячала дасюль. Пасля смерці жонкі прафесар раптам стаў заўважаць, што ім цікавяцца. Шмат хто пазнае на вуліцы. Убачыўшы, шушукаюцца. Гэта таксама раптам спадабалася, прымусіла глядзець за сабою. Абыякавы да сябе, неахайны пры жыцці жонкі, ён стаў цікавіцца модаю, песціць бараду, ведаючы, што яна робіць яго самавітым і нечым інтрыгуе жанчын. Іх увага зрабіла вось такой — энергічнай, спружыністай — яго паходку. І, калі Валахановічу гаварылі: «Вы маладзееце, Іларый Сцяпанавіч», усцешаны, ён задаволена ўсміхаўся і рабіўся дабрэйшым з тым, хто гэта гаварыў.

— Ведаеце, які сакрэт адкрыў мне сёння прафесар? — паведаміла Ала, перастаўшы іграць. — Лепшыя ўрачы для пажылых мужчын — гэта, аказваецца, добры кухар і маладая жонка. Асабліва маладая жонка... З ёй ён набіраецца сіл, прымушае сябе быць заўсёды падцягнутым. Ну і пяшчоты... Яны маладзяць і робяць мужчыну херувімам з крыльцамі.

Яна ўкладвала ў словы свой сэнс: «паліглот», «пурытанін», напрыклад, смяшылі яе; прозвішча «Пісараў», «Хамершэльд» здаваліся абразлівымі, «Худалей» — непрыстойным. Таму Ала засмяялася і зараз.

Валахановіч глядзеў на яе і ківаў галавою.

— Я, здаецца, пачынаю любіць жанчын. Заспявайце што-небудзь, каб узяло за душу.

— Якая я спявачка! Хоць, праўда, цяпер больш шэпчуць, чым спяваюць.

— «Зорку Венеру», — падказала Валя, ставячы на стол вазачку з варэннем. — А да вас, прафесар, сапраўды, вяртаецца маладосць. Ці на дабро?

— Не ведаю. Але чалавеку, Валя-Валянціна, патрэбны шчасце і душэўны спакой. Як ты будзеш без іх?

— Я не перадала табе, Васіль, што званіў Шарупіч, — успомніла Валя. — Запрашае паехаць на мора. Яны маёўку арганізуюць. Збіраюцца былыя падпольшчыкі, партызаны. Паедземце, прафесар, разам. Заўтра ж дзень вызвалення Мінска.

— А што вы думаеце? Vох рорuli — vох Dеі!1 — завагаўся Валахановіч.— Я пазваню шафёру.

— «Зорка Венера ўзышла над зямлё-ою...» — пачала Ала, падняўшы твар угору і прыкрыўшы вочы.

Васіль Пятровіч сядзеў у крэсле пад пальмаю, і яму было зручна назіраць за ўсім.

«Гэта правільна, — думаў ён, — чалавеку патрэбна шчасце...»

Неяк дзіўна нават — сёння да яго завіталі разам і няшчасце і шчасце. Няшчасце, вядома, атруціла шчасце, але затое яно прытупілася само. Чаго толькі не перадумаў ён, ідучы з гаркома! Праз крыўду прабівалася і думка згінуць зусім. Ён, мусіць, вычарпаў сябе. А як жыць, калі ў табе — адна пустата? Калі твая работа насуперак усяму выкіроўваецца немаведама куды. Калі цябе хваляць праціўнікі і ганяць тыя, каго ты хацеў бы мець за аднадумцаў...

 

 

1 Голас народа — голас божы (лац.).

4

 

Мокры асфальт блішчаў, і на вуліцы, здавалася, было святлей, чым звычайна. Але прахожыя трапляліся рэдка. У закрытых магазінах за вялікімі сіняватымі вітрынамі панавалі сумныя змрокі і нязвыклая пустата.

На Камсамольскім бульвары зацвіталі ліпы. Ад іх ішоў мядовы пах, і яго хацелася ўдыхаць на поўныя грудзі.

Падскочыўшы, каб сарваць ліпавых кветак, Ала схапіла галінку, але з лісцяў на яе і Валахановіча сыпанулі пырскі, і яна хуценька адпусціла галінку. Пырскамі абдало зноў.

Дзіўная рэч — на людзях Ала з Валахановічам трымалася вольна, старалася паказаць, што між імі нешта большае, чым звычайны флірт, кпіла з яго. Уносіла ў свае адносіны да яго нешта ад гульні. Аднак, астаючыся з ім сам-насам, яна пабойвалася гэтага мажнога сівавалосага мужчыны: такога Ала яшчэ не ведала. Дый вельмі лёгка можна было страціць тое, што ад крыўды на сябе, ад зайздрасці да другіх раптам пачала песціць у думках.

Апошнія гады неяк выпадала, што раманы ў Алы ўсё часцей звязваліся з пэўнымі надзеямі. Яна не дужа захаплялася сама і не прымала абы-чыіх заляцанняў бяздумна, а як бы мяняла сваю закаханасць ці дазвол кахаць сябе на нешта прывабнае, незвычайнае.

Сувязь без мэты здавалася ёй прэснай, хутка надакучала. Малевіч не кахаў жонку. Недалёкая, ганарыстая, яна была яму ў цяжар. Але затое любіў дачку, і было відно: Малевіч наўрад ці пакіне сям’ю — не дазволяць сумленне і гэтая любоў. Праяснілася і другое: спадзяванні на кандыдацтва марныя. Работа над дысертацыяй і з дапамогаю Малевіча пасоўвалася марудна, патрабавала ўвагі і сіл, якіх Ала не мела. Ды сама мэта хутка страціла сваю прывабнасць, пачала раздражняць. «Навошта гэта мне? Што дасць?» Разам з гэтым і Малевіч рабіўся як бы ўвасабленнем краху колішніх ілюзій, напамінкам, што яны не спраўдзіліся. Так Аліна прыхільнасць нечакана перасігнула з Малевіча на імпазантнага, славутага ўдаўца...

Валахановіч, як і раней, нёс макінтошы, перакінуўшы іх цераз левую руку і трымаючы капялюш у правай. Калі кроплі з галінкі абдалі яго, ён спыніўся, не ведаючы што рабіць, і гэта надало Але смеласці. Яна выняла з-пад манжэта кофтачкі надушаную хусцінку і, падняўшыся на дыбачкі, выцерла яму лоб. Адчула, як яго барада казытнула руку. Здалося — што ён, каб дакрануцца да яе рукі, выцягнуў губы. Тады, падхопленая парываннем быць як мага бліжэй да Валахановіча, Ала правяла хусцінкаю па ягоных шчоках і раптам, выпусціўшы яе, закрыла яму далоняй рот. І Валахановіч зрабіў, чаго яна чакала — ноздрамі ўцягнуў паветра і пацалаваў у далонь.

— Зойдзем да мяне... — прапанаваў, падымаючы хусцінку.

Дзверы ён адамкнуў сваім ключом, павесіў макінтошы на аленія рогі і правёў Алу ў бібліятэку — шасцігранную, без акон, застаўленую стэлажамі і мэбляй. У пакоі было цемнавата — на круглым, з выгнутымі разьбянымі ножкамі стале, на паліцах стэлажоў — вокладкі кніг з залатым цісненнем. У прасценку паміж стэлажамі відаць была морда дзіка з драпежнымі ікламі і жоўтымі злымі вочкамі.

У суседнім пакоі пачуліся крокі. Валахановіч ухмыльнуўся і, не даючы крокам наблізіцца да дзвярэй, завешаных цяжкімі парцьерамі, крыкнуў:

— Не трэба, Ксюша! Я сам... — І, уключыўшы верхняе святло, пазваў: — Джэк!

Толькі цяпер Ала ўбачыла на скураной канапе дога, які, наставіўшы вушы, пільна глядзеў на яе. Пачуўшы сваё імя, сабака нячутна саскочыў на засланую дываном падлогу і падышоў да гаспадара.

— Блакнот, Джэк! Давай блакнот!

Дог вільнуў хвастом і кінуўся да крэсла, якое стаяла ў дальнім кутку.

Здаволена смеючыся і ляпаючы сабаку па хібе, Валахановіч узяў з яго пашчы блакнот і шпурнуў на стол.

— Малайчына! А цяпер газету.

Сабака лапаю адчыніў дзверы, азірнуўся і прашмыгнуў у іх. Калі ён вярнуўся, несучы складзеную ў чатыры столкі газету, Валахановіч засмяяўся зноў.

— Не мне, а ёй, — загадаў ён. — Разумееш, ёй!

Яму было прыемна пацяшаць Алу, і ён як бы дарыў ёй усё гэта, удзячны за прыхільнасць, за надзеі.

Ці было гэта каханнем? Наўрад. Валахановіч разумеў: Алу вабіць не так ён сам, як тое, што ён можа даць, — нязнаны яшчэ побыт, вагу і месца сярод другіх, забяспечанае заўтра. Але яна ўсё адно ўжо была патрэбна яму, несла надзею, што скрасіць жыццё, прынясе новыя радасці. Адчуўшы там, на Камсамольскім бульвары, як у яе абудзілася страсць, ён перастаў вагацца, падумаў: упала апошняя перашкода. Людзі ўмеюць асляпляць сябе. Таму Валахановіч так і спяшаўся. Рупіла паказаць усё — няхай ведае, скарыць — няхай ацэніць і цэніць. Бо ён — гэта не проста ён, а і тое, што навокал яго: утульная бібліятэка, стэлажы, кнігі, разумны Джэк, пудзіла дзіка, якога некалі забіў на паляванні. Валахановіч сам любіў рэчы і ведаў іхнюю ўладу.

— Хадзем у сталовую, — запрасіў ён, упершыню звяртаючыся да Алы на «ты».

Гэтага яна не чакала, але ацаніла.

У дзвярах Валахановіч прапусціў яе, Джэка і пайшоў апошні, трымаючы перад сабою выцягнутую правую руку.

Праз прасторную гасціную-кабінет, дзе Ала ўжо бывала, яны прайшлі ў сталовую — светлую, белую, абстаўленую таксама па-старамоднаму.

Ала ішла спакойна, па звычцы высока несучы галаву і размахваючы рукою з адтапыраным мезенцам. Села за стол грацыёзна, пагладзіўшы сябе па клубах, каб расправіць і не змяць спадніцу. Валахановіч жа хваляваўся ўсё больш, і, калі сервіраваў стол, нажы і відэльцы кепска слухаліся яго.

— А вось яшчэ адзін друг, — вінавата сказаў ён, разліўшы каньяк у чаркі з нейкімі металічнымі біркамі і беручы з серванта жоўтае пластмасавае качаня. — Падабаецца?

Качаня было мілае, нязграбнае, на кароткіх ножках і насцярожана трымала галоўку. Валахановіч паставіў яго побач са сваёй чаркаю і з застыглай усмешкаю стаў нечага чакаць. Качаня раптам калыхнулася і апусціла дзюбу-лапатачку ў чарку.

— Прывёз з Берліна, — растлумачыў Валахановіч. — Давай браць прыклад. Недарма кажуць: іn vіnо vеrіtаs1.

Ён, верны модзе, не чокнуўшыся, залпам выпіў каньяк. Сочачы, каб піла Ала, наліў яшчэ, спадзеючыся, што гэта верне вытрымку. Ды авалодаць сабою не мог і загаварыў не зусім па сваёй волі:

— Я пажылы чалавек, Алачка, але хачу яшчэ жыць. І калі ты згодна, прашу аднаго — адданасці. Ты харошая, я веру... Толькі не крыўдуй... Наш брат, калі здраджвае, яшчэ не здраджвае... Здрадзіўшы, ён можа кахаць, як і даўней. І сям’я можа астацца цэлай, і шчырасць у ёй. А калі здрадзіць жанчына — зладжанае жыццё ляціць ужо дагары нагамі... Здрада жанчыны — канец усяму ранейшаму. Ёю цалкам, даруй, завалодае новы, другі. І — няма дарогі назад!..

Гэта было маленне, крык аб паратунку. Аднак вопыт падказваў Але: цяпер лепш маўчаць. І чым больш Валахановіч нагаворыць, наблытае, тым лепей. У той жа час прыемна было слухаць гэтае трызненне, адчуваць сваю ўладу. На каленях у яе ляжала вялікая Джэкава морда з адвіслымі, як бакенбарды, губамі. Ала пальцамі механічна чухала лабэціну дога і не спускала вачэй з Валахановіча. Яго львіная шавялюра, мажныя шырокія плечы цягнулі да сябе.

— Ідзіце сюды, — нарэшце дазволіла яна яму, як хлапчуку. — Ну, ладна, ідзіце.

Упусціўшы відэлец, ён падняўся і, паслухмяны, ступіў да яе.

Не ўстаючы з крэсла, Ала абняла яго і прытулілася да яго сама. І хто ведае, можа, у гэтую хвіліну яна сапраўды кахала Валахановіча — яшчэ моцнага, сівога, вядомага. Калі ж ён дрыготкімі рукамі ўзяўся за яе галаву і хапатліва пачаў цалаваць, Ала ціха папярэдзіла:

— Спакойней, Іларый, спакойней... — І голас у яе быў добры, поўны ўвагі, як у старэйшай.

 

 

1 Ісціна ў віне (лац.).

5

 

Сонца ўсходзіла хораша. Вялікае, рыжае, яно ўзнімалася над горадам, і ўсё — шызаватае неба, паветра, дамы — пачало ружавець, свяціцца. Прадаўгаватыя, нерухомыя аблачынкі ў блакіце страпянуліся і паплылі. Куды? У далёкую невядомую дарогу, але не да сонца, а ад яго, нібыта іх гнала праменне. Унізе зашапацелі ліпы, у акно дыхнула густым ліпавым водарам.

Валахановіч верыў у гаючую сілу сну і спаў колькі мог. Для пэўнасці яго трэба было пабудзіць. Пакуль паснедае, падрыхтуе машыну, з’ездзіць па Алу — пройдзе час. Васіль Пятровіч, смакуючы, уцягнуў праз ноздры ліпавы пах і набраў патрэбны нумар. Гудкі таксама здаліся ранішнімі — моцнымі, свежымі.

Праз хвіліну трубку ў Валахановічаў паднялі, і заспаны, але гуллівы жаночы голас спытаў, хто і чаго так рана звоніць.

— Гэта вы, цётка Ксана? — пытаннем на пытанне адказаў крыху азадачаны Васіль Пятровіч. — Паклічце, калі ласка, прафесара. Ён устаў ужо?

— Спачатку назавіце сябе. Хоць... я пазнала і так. Добрай раніцы, дарагі архітэктар! Не здагадваецеся, хто гаворыць? Ала. Аднак сёння мы, на жаль, паехаць не можам. У прафесара знайшліся больш важныя справы. Вам не зайздросна? — І яна зайшлася шчаслівым смехам.

Значыць, яны правялі ноч разам. Але навошта Ала падышла да тэлефона?

«Ну і ну!» — падумаў Васіль Пятровіч, і яму стала не па сабе: няўжо Валахановіч не надае гэтаму значэння?

— А можа, і шкадаваць не варта, — засердавала Валя, калі, ідучы да аўтобуснага прыпынку, ён зноў загаварыў пра Аліну дэманстрацыю. — Можа, і Валахановіч не меншы эгаіст, якому таксама не бывае сорамна. Плюе на ўсё, толькі б урваць лішнюю радасць... Хоць Аскоцкі з Разінскім даўно ўжо псіхалагічна ажанілі яго.

Людзей у аўтобус набілася поўна. Нават дзверцы шафёр не мог зачыніць адразу. Але ўсе ехалі на мора адпачываць, і гэта аказія не вельмі псавала настрой — людзі жылі чаканнем.

Заціснутым сярод хлопцаў і дзяўчат, якія паглядалі насмешліва і скептычна, Васілю Пятровічу і Валі размаўляць было няёмка, і ўсё-такі, не бачачы знаёмых, ён не ўтрымаўся і спытаў на вуха:

— Помніш, як мы з табою ўпершыню ездзілі на Камсамольскае возера?

Стала душна, горача. Выціраючы насоўкамі пот, але ўсё роўна прыгінаючыся, каб хоць што ўбачыць, яны пачалі глядзець у вокны аўтобуса, які, калі выехалі за горад, пабег спачатку міма ўзгоркаватага жытнёвага поля, сямеек сосен, а потым — сакавітай сенажаці, парослай каля дарогі альховымі кустамі.

На плаціне ён запаволіў бег — абапал рухаўся бясконцы стракаты людскі паток. Злева, як здавалася, — вышэй плаціны, распасціралася зіхотная блакітная роўнядзь, справа, унізе, — луг, пакручастая рачулка, на беразе якой стаялі аўтамашыны і купкамі сядзелі, ляжалі людзі — загарэлыя, у купальніках, шмат хто абкруціўшы ручніком галаву. Небы відаць не было.

Выйшлі з аўтобуса, як з лазні, — потныя, размораныя. Насоўкі мокрыя, і імі нельга было ўжо выціраць твар. Вопратка прыліпала да цела. Як даўно-даўно, калі яны яшчэ саромеліся сваёй блізкасці, Валя ўзяла на сябе ролю кіраўніка. Выкруціла сваю насоўку, прымусіла Васіля Пятровіча зрабіць тое ж самае, расшпіліла яму каўнер кашулі.

Іх ужо чакалі. Аўтобус спыніўся непадалёк ад павільёна-буфета з верандаю і столікамі пад парусінавымі парасонамі. Ад столікаў, смешна размахваючы рукамі, — павільён стаяў на ўзгорку — збег Міхал Шарупіч. У вышыванай сарочцы, у светлых штанах.

— Чаму не пазванілі? — абняў ён Валю. — Мы б заехалі. Дырэктар так рашчодрыўся, што абяцаў бясплатна адліць для помніка чыгунную агарожу. Вось як жывём!

Усе, хто сабраўся, былі пры ўзнагародах. У Міхала «па-марскому» ўздоўж штрыфляў пінжака, які вісеў на спінцы крэсла, таксама паблісквалі медалі і ордэны. Калі ён, збіраючыся ісці, надзяваў пінжак, яны зазвінелі.

— Гэта — традыцыя, Валюша, — таргануў ён кутком вуснаў, пераняўшы Валін позірк. — Надзенеш сама — пабачыш, як хораша з імі ў такі дзень... А мы, як на тое, часта з гэтага боку да Мінска падбіраліся. Праз Зарэчча, Банцараўшчыну. Праўда, Зарэчча цяпер няма — пад вадой. Але тады там у нас сувязны жыў. Пануры такі, рыжы. А дачка — красуня. Хлопцы, калі дняваць у іх даводзілася, ажно млелі...

— Хадзем, — перапыніла яго Арына, якая, зашпіліўшы Міхалаў пінжак, так і асталася стаяць побач, паклаўшы руку яму на плячо.

— Пачакай, даскажу во, — упарта крутнуў ён галавою. — Аднойчы атабарыліся мы ў яго, а немцы тут як тут... Бы снег на галаву. Заўважылі іх, калі ўжо да варот пад’ехалі. Паўнюткая машына. Кулямёт на кабінцы. Выратавала красуня. Паказала, як з сянец на сенавал залезці, і выбегла на двор. А мы ўзабраліся па драбіне, усцягнулі яе за сабой і замерлі. Я гэта стаю з настаўленым аўтаматам, віжую за падворкам у дзірку між страхою і сцяною. Відно няшмат, але ўсё-такі. І што ты думаеш. Падышоў Фрыц, задраў галаву і ўтаропіўся ў тую ж дзірку паміж страхою і сцяною. А мне ні адступіць, ні варухнуцца. Вось, здаецца, і позіркі нашы сустрэліся. Глядзім адзін аднаму ў зрэнкі. Я зверху, ён знізу. Але на дварэ сонца, а на сенавале цёмна. Дорага каштавала мне гэтая хвіліна... У аднаго з нашых пасля на целе сыпка выступіла.

Васіль Пятровіч з цікавасцю назіраў за ўсім. Думаў, што, мусіць, паважалі і слухаліся гэтага шчырага, зычлівага чалавека таварышы. Бачыў, як расцвітала Валя, як абуджалася ў ёй мінулае, і яна адразу стала ў гэтай кампаніі свая.

Ён паехаў сюды праз Лёдзю — дзяўчына кахала Юрку, некалі насіла пад сэрцам яго дзіця. Гэта адно рабіла яе блізкай. Ён сам нібыта быў вінаваты перад ёю і адначасова меў на яе нейкае права. Адчуваў удзячнасць — Лёдзя, відаць, падаравала сыну многа харошых хвілін, крыўдзіўся на яе — не магла ўтрымаць пры сабе Юрку...

У белай, спартыўнага крою сукенцы, з касынкаю на плячах, яна сядзела за столікам пад парасонам і размаўляла з высокім хлопцам, які, поўны ўвагі, стаяў побач.

Наўкруг адкрываўся шырокі краявід — відны былі і зіхотная водная прастора з далёкім сінім борам на процілеглым беразе, і блізкі бор, што з трох бакоў падступаў да ўзгорка. Неба — яго быў цэлы акіян! — здавалася шаўкавістым, ласкавым, высокім, хоць цямнейшым і не такім зіхотным над лесам. Ад вады патыхала свежасцю, пахам рыбінае лускі, мокрага жвіру, ад блізкага бору — сухім водарам хвой, чаборам.

Падсвядома ўбіраючы ў сябе гэтую раскошу, Васіль Пятровіч сабраўся быў падысці да Лёдзі, але Шарупіч падаў каманду, і ўсе пачалі адвязваць рукзакі.

Адстаўшы ад кампаніі, Васіль Пятровіч усё-такі дачакаўся Лёдзі і пайшоў поруч. Знаёміцца было недарэчна.

Пэўна, у іх позірках, калі яны віталіся, было замнога цікаўнасці адно да аднаго. Чарнявы хлапец зморшчыў лоб, кінуў: «А зараз, даруйце!» — і прыбавіў кроку, каб дагнаць кампанію.

— Куды ты, Ціма? — запярэчыла была Лёдзя, але не вельмі рашуча, і ён не спыніўся. Потым павярнулася да Васіля Пятровіча. Вочы яе пацямнелі, хоць у глыбіні іх усё яшчэ тлела хваравітая цікаўнасць. — Вы маеце нешта сказаць мне?

— Я ведаю, — правёў пальцам Васіль Пятровіч за каўняром, быццам кашуля яму была цесная, — Юрка прынёс вам... гора. Але няўжо нельга дараваць яму?

— Не.

— Чаму? Вы ж кахалі яго.

— За каханне не бывае сорамна, а мне сорамна. Праўда, спачатку я вінаваціла вашу першую жонку. Пасля — сябе. Нават кляла: «Так табе, дурніца, і трэба! Дастала?!»

— А цяпер клянеце мяне?

— І вас, вядома...

Ён спатыкнуўся.

Шарупіч ведаў тут кожную лапінку. Ішлі па лесе нацянькі, сярод гонкіх сосен, ствалы якіх пад сонцам, як здавалася, павінны былі абавязкова быць цёплымі. Спатыкнуўшыся, Васіль Пятровіч абапёрся на ствол — не, кара аставалася халоднай.

 

Месца аблюбавалі на ўскрайку лесу, пад разгалістым дубам. Непадалёк працякала рэчка з рэдкімі кустамі вербалозу, алешніку. Травяністыя зялёныя берагі яе былі абрывістыя, але з пясчаным спускам у адным месцы.

Рассцялілі абрусы. Жанчыны ўзяліся гаспадарыць. Шарупіч з Цімохам, набраўшы колькі можна было бутэлек, панеслі іх закопваць да рэчкі. Заняліся справаю і астатнія — галёкаючы, падаліся па ламачча ў лес.

Пазіраючы на гэтую, відаць, прыемную для кожнага, мітусню, Васіль Пятровіч зайздросціў, але занятку сабе не знаходзіў. На шчасце, работы мужчынам было няшмат, і неўзабаве яны купкаю ўжо стаялі на беразе ракі — па-святочнаму прасветленыя, у чаканні добрай бяседы.

— Вось і яшчэ гадавіна — уздыхнуў барадаты, з застыглым тварам мужчына. — Яшчэ на год пастарэлі.

Шарупіч камічна пашкроб за вухам.

— Гэта гледзячы хто, таварыш Прыбыткоў.

— Не верыцца? Вядома, — усміхнуўся той. — Бо душа, браток, старэе пазней за цела. Прырода, яна хітрая. Каму, гэта самае, прыемна ведаць, што ты стары? Нікому. І яна, па-мойму, знарок сяму-таму па сто, па сто двадцаць гадоў адвальвае шчасліўчыкам. Каб астатнія надзею мелі.

— Старавер ты веткаўскі. Апішы яго, Валя.

Навокал засмяяліся.

Васіль Пятровіч пазнаёміўся з гэтым заслужаным мулярам яшчэ ў першыя дні аднаўлення. Аднойчы нават заходзіў дамоў да Прыбыткова, які жыў тады ў сутарэнні разбуранага будынка. Раіўся, адводзіў душу. А потым ездзіў разам у Сталінград знаёміцца з будаўніцтвам і правяраць, як выконваюць соцумовы. Многа славутасцей паяўлялася пасля таго на небасхіле. Гарэлі ярка, слаўна. Ды, пасвяціўшы год-два, знікалі, і іх ужо ніхто не ўспамінаў. А Прыбыткоў астаўся прыкметны, і гарсавет нядаўна надаў яму годнасць ганаровага грамадзяніна Мінска.

— Зразумела, — падтрымаў яго Васіль Пятровіч, гледзячы на рукі Прыбыткова. — Каб чалавек пад старасць ведаў, што здарыцца з ім паслязаўтра, многім не захацелася б жыць.

— Хай так, — загарэўся Шарупіч. — Але ёй, прыродзе, таксама не шкодзіць памагаць. Хоць маладосць, як кажаце, і ў нас саміх...

Гэтым разам засмяяўся Прыбыткоў.

— Ну вось, цяпер ясна, Міхале, чаго ты хочаш.

Падышла Арына.

— Пара, мужчынкі!

Яе акружылі, узялі падручкі, павялі да застаўленых бутэлькамі, ежаю абрусаў, паселі навокал. Тыя, каму не хапіла месца, асталіся стаяць, трымаючы ў руках відэльцы і аглядаючы закусь — з чаго пачаць.

— Налі, маці, бліжэйшым, — папрасіў Міхал. — Я і напраўду пагаварыць сабраўся. Пра што? Змітрок угадаў — пра Мінск наш... Не так ужо многа гарадоў, што ўдар прынялі і не пахіснуліся. Не салдаты, заўваж, Змітрок, а самі гараджане. Нашаму за адно гэта ўзнагарода належыць.

— Правільна! — рашуча падтрымаў Цімох, і таму, што ён засердаваў, на яго звярнулі ўвагу.

Але ад яго чакалі большага, і ўсе зноў скіравалі позірк на Міхала. Толькі Лёдзя, якая слухала бацьку даволі абыякава, працягвала глядзець на хлопца, як на нешта адкрытае.

— Але ж усякае траплялася, — сказаў Прыбыткоў, спакойна кроячы агурок напалам і пасыпаючы яго соллю. — Забыў Рудзянку? Колькі на ім крыві-матухны!

— А горад пры чым тут? У некаторых жа, як у суб’ектыўных ідэалістаў атрымліваецца — у гэтым я ўдзелу не прымаў, і таму яго не было і не магло быць. А ў нас жа місія свая перад белым светам.

Цяпер загаманілі ўсе, і цяжка стала сачыць за спрэчкамі. Нават хмуры, з мясістым носам і раздвоенай заячай губою мужчына, які дасюль адно піў ды смачна закусваў, раптам узняў над сабою відэлец і злосна крыкнуў:

— Тады скажы мне, чаму твой хвалёны герой Славік, калі з допытаў у камеру вяртаўся, нічога не еў?

— Мабыць, білі страшэнна.

— А мо падкормлівалі ў следчага? Не балела, не свярбела?

— Дык яго ж павесілі.

— Наліха ён ім, калі абсмакталі. Па-твойму, немцам шкада нашых людзей было? А з Амельянюком што?.. Правільна — забілі на вуліцы. Але скажы, што сталася з людзьмі, якіх ён на грузавіку ў атрад адправіў? Не адзін я знаю гэта. Так што давай не будзем.

— Э-э, не тое ты, Комлік, гаворыш, — паспрабаваў пераканаць яго Прыбыткоў. — Не бойся, нашу праўду з усіх бакоў правяраюць. Сын намякаў...

— Бачыш, «Комлік» ужо... Не падабаецца? Мяне немцы асірацілі. А цяпер хто вялікі актывіст? Ты вось у пачынальніках падполля ходзіш. Даведку атрымаў. А хто каго за руку на сходку прывёў? Скажы, Міхал?

— Ты, Іван, спазніўся са сваімі словамі. Чулі мы такое ад тых, хто славу ніяк падзяліць не можа, — адвярнуўся ад яго Прыбыткоў.

Мажная, з хітраватым тварам жанчына, якая сядзела побач, абняла Комліка, не даючы махаць рукамі і позіркам просячы ўсіх спыніць спрэчку.

Потны ад лютасці Комлік закруціў галавою, нібыта пад нос яму паднеслі нешта смярдзючае. Разняўшы кісці жанчыны, адкінуў ад сябе.

— Не лезь! Што мне траціць? Мазалёў не адбяруць! — гаркнуў ён. — Таксама мне — пачынальнікі! Горад-змагар! Балталогія адна. Знаем мы, за каго вы хварэеце і каго змагарамі намыслілі зрабіць. Знаем, чаму і я прыйшоўся не даспадобы.

Гэтае злоснае, уедлівае «не даспадобы» як бы выцяла Лёдзю. Яна падхапілася і, сціснуўшы кулакі, падбегла да Комліка.

— Хлусіце, дзядзька Іван! Пачытайце вунь газеты пазаўчарашнія — там дакументы апублікаваны!.. — выдыхнула яна. — Усе, мусіць, чыталі, апрача вас. Не ведаю толькі, навошта яны сядзяць з вамі. Вы ж ужо ненавідзіце тое, чаму самі некалі верылі.

За яе плячыма вырас Шарупіч, прытрымаў за локаць.

— Не спяшайся, дачка, гэта гарэлка ўсё...

— Не, тата! Гэта не гарэлка, а звычайная гадасць прарвалася, — не дала ўгаварыць сябе Лёдзя. — Чаго вы, калі сапраўды даражыце падполлем, цацкаецеся з ім, ушчуваеце? Навошта ён вам такі? Скардзіцца, што немцы асірацілі, а няхай скажа: хто, калі быў правал, уцёк з горада, а жонку кінуў на смерць. Я і то чула!..

 

 

6

 

Як у чалавека нараджаецца энтузіязм? Адданасць? Міхал Шарупіч сапраўды самааддана любіў Мінск. Чаму? Ну, вядома, жыў тут, працаваў і, як памятаў сябе, быў звязаны з якім-небудзь ягоным куточкам. Тут ён адчуў першыя і сталыя радасці, пазнаў высокія ўзлёты душы. Але ж праз Мінск ён перажыў і найбольш цяжкія, небяспечныя хвіліны ў жыцці. Тут пралілася Міхалава кроў, тут загінулі многія таварышы. Дый пасля давялося зазнаць бог ведае што. Сакавіцкі і вераснёўскі правалы сорак другога года зрабіліся пудзілам: а ты як астаўся жывы?

Праўда, Міхалу тады ў Маскве паверылі. Ацанілі яго сувязі, вопыт. І хоць аднаўляць кіраўнічы цэнтр у горадзе было неразумна — старыя метады падпольшчыкаў СД вывучыла, падрыхтавала правакатараў, — Міхала перадалі ў распараджэнне падпольнага гаркома, што ўжо дыслацыраваўся ў партызанскім лесе. Адначасна Зорын распарадзіўся, каб Арыну з дзецьмі пераправілі цераз лінію фронту ў савецкі тыл.

Але на гэтым не скончылася. Увесну Міхала другі раз выклікалі ў Маскву.

Ляцеў ён у фюзеляжы «Р-5» — старэнькага, бачыўшага віды самалёта, што натужна паскрыпваў і дрыжаў, гатовы разваліцца. Апрача Міхала ляцелі капітан Кароль, некалькі параненых і зняты за нешта камбрыг, які заадно вёз здаваць грошы, сабраныя сярод насельніцтва.

Выпіўшы перад палётам, камбрыг увесь час нявесела жартаваў. Праз гадзіну развязаў большы мех з грашыма, сунуў у яго руку і выцягнуў жмут скамечаных паперак.

— Бяры, — працягнуў Міхалу, — там спатрэбіцца. Яшчэ невядома, як і куды крывая нас вывезе.

— Дзякуй, браток, — адмовіўся Міхал, — ты ж, мабыць, распіску даваў. Праўда?

— Ат, — махнуў камбрыг рукою, у якой сціскаў грошы. — Можа, вам трэба, капітан? Вазьміце...

Кароль не адказаў і, здаецца, адсунуўся ад камбрыга. Ён і дасюль упарта маўчаў і, чым бліжэй падляталі да фронту, набіраўся паважнасці, трымаў большую дыстанцыю, часцей мацаў на пятліцах шпалу — палачку, абцягнутую чырвонай тканінаю. Назіраючы, як пачынае дзейнічаць нейкі новы закон, Міхал засумаваў. Што, сапраўды, цяпер для гэтага, занятага сваімі клопатамі, капітана значаць яны, і асабліва зняты камбрыг — просты вясковы хлопец, старшына па званню, якога толькі гарачае сэрца ды рашучасць зрабілі на час важаком... Міхал сустракаўся з Каралём і даўней, у партызанах. Маўклівы, замкнуты, той трымаўся асобна, не вельмі вытыркаўся з лесу — карпеў над планамі нейкіх аперацый, збіраў разведвальны матэрыял. Падначаленыя ўпотай кпілі з яго, але гэта не мяняла ні капітана, ні ягоных паводзін, хоць ён, пэўна, ведаў пра ўсё... І вось уступаюць у сілу новыя законы...

Над лініяй фронту самалёт узялі ў абцугі пражэктары. Праз дзіркі і шчыліны — а іх аказалася шмат — у фюзеляж уварвалася святло. Потым самалёт праваліўся бы ў яму, пад шасі нешта разарвалася, і Міхал, успомніўшы, як першы раз ляцеў у Маскву, без асаблівага жалю заплюшчыў павекі. Аднак, як неўзабаве выявілася, пражэктары былі нашы, а стрэл — умоўны сігнал-ракета: «Я свой!» Але Міхал і тады не адчуў вялікай радасці.

Штрафны камбрыг вёз не толькі грошы. У адным з мяхоў быў абсмалены кабанчык — партызанскі падарунак начальніку прыфрантавога аэрадрома, адкуль нядаўна людзей і боепрыпасы ў варожы тыл пачалі перапраўляць на планёрах. Вось гэты старэнькі «Р-5» зацягнуў туды два планёры — напакаваныя гранатамі і мінамі...

З капітанам развіталіся суха, як чужыя. Але начальнік — сівы, бравы, ружовашчокі генерал-маёр — узрадаваўся падарунку больш, чым чакалі, пакінуў Міхала з камбрыгам начаваць у сваёй зямлянцы, гасцінна пачаставаў, а назаўтра, прымусіўшы правесці гутарку з лётным саставам, адпусціў толькі пад вечар.

У Маскве таксама ўсё пайшло больш-менш гладка. Можа, залішне гладка, бо Міхалу нечакана-негадана прапанавалі паўтарамесячны адпачынак.

— Навошта так многа? — сумеўся ён і, пачуўшы ў адказ: «Нічога, якраз у меру», — насуперак усякай логіцы, зноў засумаваў.

Ехаў ён на Урал з дзіўным, дваістым пачуццём — рыхтаваў сябе да радасці і бяды...

Цвёрда верачы ў справядлівасць, усё-такі дапускаў: яго могуць пакараць нізашто. Выпадкова, бо нехта нагаворыць, бо следства аб правалах яшчэ ідзе і, значыцца, шукаюць вінаватых. А дзе той Мінск — за краем свету, і цяжка праўдзе прабіцца адтуль. Тым больш што некаторыя падпольшчыкі, якія траплялі на Вялікую зямлю, паказваючы сваю запозненую пільнасць, абвінавачваюць усё і ўсіх, толькі не сябе.

Апанаваны такімі думкамі, Міхал з няяснай крыўдаю разглядаў гарады, дзе не было светамаскіроўкі і на людных перонах стракацелі па-святочнаму яркія азіяцкія халаты.

Ад станцыі да Іргінска дабіраўся два дні, пад’язджаючы на папутных грузавіках або месячы ботамі жоўтую ліпучую гразь.

Гаспадар хаты, куды ў першую ноч доўга прыйшлося грукаць, — і ў цёмныя вокны, і ў цясовыя створчатыя вароты, — палагаднеў, калі даведаўся, што Міхал партызан і чаго ідзе ў Іргінск. Але, разглядаючы яго, як дзіва, усё ж намякнуў:

— Э-хе-хе, распустились бабы-то теперича. Ни стыда ни сраму. Как перед светопредставлением.

— Навошта вы мне гаворыце пра гэта? — засердаваў Міхал.

— Чего? — прыкінуўся прастачком гаспадар. — Всяко бывает. Вон, баяли, там-то, в Иргинске, у одной тоже двое. А как пристроилась на паточном — и распустила хвост.

Але, хоць дзікімі здаліся гэтыя словы, іх нельга было проста адкінуць. Узняўшыся на гару, з якой адкрыўся Іргінск, Міхал прыпыніўся, сеў на валун. Сэрца забілася штуршкамі.

Унізе шумела быстрая рэчка. На процілеглым беразе, на схіле, раскінуўся пасёлак — дзесятак камяніц і безліч драўляных дамкоў. Даўжэйшыя вуліцы прыступкамі цягнуліся ўсцяж рэчкі, а карацейшыя спускаліся да яе. На кладках жанчына ў ватоўцы паласкала бялізну, і ёмкія ўдары праніка даляталі да Міхала. Неўзабаве да жанчыны падышоў мужчына з вядром, памог ёй падняць на плячо каромысел з кошыкамі, зачарпнуў вядром вады і пайшоў побач. І вось, калі яны зніклі ў вулачцы, Міхалу здалося: гэта Арына.

«Дурны!..» — вылаяў ён сябе і паправіў рукзак за плячыма.

Ужо на мосце пачуў гул дзіцячых галасоў, што ішоў з недалёкай камяніцы. Страпянуўся, збялеў і хутка падняўся на высокі ганак. Дрыготкай рукою адчыніў дзверы і, баючыся даць волю слабасці, цьмяна бачачы жанчыну ў белым, якая нешта пісала за сталом, папрасіў:

— Мне б Лёдзю пабачыць... Шарупіч...

Жанчына падхапілася, пабляднела.

— Іх кладуць спаць, але я зараз... зараз! — выдыхнула яна, ні пра што не спытаўшыся.

А Міхал глядзеў на дзверы, куды кінулася выхавальніца, і думаў: «Пазнае ці не?» Але дачка вагалася толькі хвіліну, потым працягнула да яго ручкі, даверліва абвіла шыю і, міла, па-знаёмаму грымаснічаючы, адразу, не счакаўшы, калі ён спытаецца, стала тлумачыць, як ім ісці дамоў.

З Вежы яны ўбачылі Арыну. Яе, відаць, нехта папярэдзіў, і яна, расхлістаная, проставалосая, з прыціснутай да грудзей хусткаю бегла да іх угору. Ногі ў яе запляталіся, яна спатыкалася, але бегла.

— Куды ты спяшаешся? Калі прыехаў, дык нідзе не дзенуся! — крыкнуў ёй Міхал, ледзь стрымліваючыся сам, каб не пабегчы з гары насустрач.

Яна падышла зусім знясіленая і не абняла, а ўпала яму на грудзі, і ён мусіў падтрымаць яе, ледзь не выпусціўшы з рук дачку. Сціскаючы іх абедзвюх у абдымках, Міхал думаў, што, мабыць, без маленькіх радасцей не можа ў чалавека быць і вялікай радасці, што, калі б не здараліся б з чалавекам няшчасці, наўрад ці завітала б да яго калі-небудзь сапраўднае шчасце. Не, мусіць, так ён не думаў, але, безумоўна, адчуваў гэта ўсёй сваёй істотаю — душою пазнаваць ісціну можна таксама.

А Арына, не здольная скрануцца з месца, адпусціць яго, раптам пачала хваліцца:

— Паверыш, нашы ўсе пісьмы атрымліваюць, а я не. Учора таксама многія атрымалі, а мне зноў няма. Ды нічога. «Калі няма, — кажу ім, — значыць, і не трэба. Ён сам прыедзе... Заўтра. Вось пабачыце!..» Яны аж спалохаліся, супакойваць пачалі, як вар’ятку. А цяпер, калі перадалі, што ты па Лёдзю ў садзік заходзіў і дамоў пайшоў, я ім і гавару: «Ну што? А вы не верылі!..» Я ж, Міша, далібог, ведала, што ты сёння прыедзеш...

— Хіба можна так? А каб я не прыехаў? — удзячны ёй, збіты з панталыку яе адчайнай вераю, упікнуў Міхал.

Яна абдала яго святлом сваіх вачэй, але адразу апусціла іх.

— Ты, Міша, не сярдуй на гаспадыню, калі што... — перавяла гаворку на іншае, і яе бледны, рашучы твар стаў разгубленым.— Тут у ботах у дом не заходзяць. І курыць нельга...

Аднак, відаць, гэты дзень быў незвычайны ва ўсіх адносінах. Фаціння сустрэла іх на ганку, не дала Міхалу разуцца. У кухні знайшла малаток, прабіла ў печы дзірку, каб Міхал мог пускаць у яе дым, паверх старых дарожак на падлозе паслала новыя.

— Здесь у меня, чать, труба для самовара была, — растлумачыла яна, што шкода, якую зрабіла, не такая ўжо вялікая, і важна, як царскія вароты, расчыніла дзверы ў святліцу.— Спать там будете...

Партызан на Урале — гэта не тое самае, што партызан у Беларусі або ў Маскве. Тут ён быў дзівам. Дый вайна даходзіла сюды больш сваім водгуллем — радасным або горкім. Зводка Савецкага Інфармбюро, пісьмо-трохкутнічак, пахавальная — вось, бадай, і ўсё, калі не лічыць, што пабольшала працы, хвароб ды паменшала хлеба.

Міхала яшчэ тады, калі нёс па вуліцы пасёлка Лёдзю, уразіла, як сустракалі і праводзілі яго вачыма жанчыны. У тых вачах заўважаў ён і тугу, і здзіўленне, і зайздрасць. Тугу па сабе, па блізкім, якога няма, а мо і не будзе ніколі побач. Здзіўленне: «Глядзі ты, чалавек з самага пекла, а цэлы, не калека». Зайздрасць: «Шанцуе ж некаторым! А мне?.. Хай спрахне такое жыццё...»

Але Міхалаў прыезд абудзіў і надзею. У Фаціннін дом пачалося паломніцтва кабет, старых, падлеткаў. Давялося выступіць і ў клубе, і ў бліжэйшых вёсках. І кожны раз сэрца аблівалася крывёю ад жаночай тугі, ад адных і тых самых пытанняў: ці праўда, што нашы, якія прапалі без вестак, загінулі не ўсе? няўжо гітлераўцы лютуюць так, як пішуць газеты? ці ёсць у партызанах уральцы і ці не траплялася сустракаць каго з іх? дык, кажаце, можна яшчэ спадзявацца?..

Найбольш жаласлівыя прыносілі з сабой чарачку мёду, яйка, жытнёвую шаньгу з бульбянай намазкаю, і нельга было адмовіцца ад іх, як нельга было і ўзяць такі падарунак.

Перад Першым мая з райцэнтра прыслалі лапатку бараніны і паўлітра гарэлкі. Гэта скрасіла свята. І хоць потым пайшлі будні — нарыхтоўваў у лесе дровы, капаў выдзелены Арыне агародзік, — паехаў Міхал з Іргінска поўны новых сіл, з адчуваннем, што радзіма яго як бы вырасла — пашыралася да Урала. Далёкі суровы Урал, дзе слабыя людзі дужэлі або паміралі, стаў сваім. А Мінск? Ён зрабіўся яшчэ даражэйшым... Прыгнятала толькі: няўжо ён, Міхал Шарупіч, нічога нікому не давядзе, не развее нагаворы?

 

 

7

 

Ехаў Міхал на Урал яшчэ ў шапцы-вушанцы. Паявіцца ж так у Маскве, калі ззяе майскае сонца і на дрэвах распускаецца лісце, проста не выпадала.

Пануры раённы ваенком з пшанічнымі абвіслымі вусамі пасадзіў прасіцеля ў крэсла, неахвотна пазваніў некуды па тэлефоне, і неўзабаве на стале перад Міхалам ляжала пакамечаная, без зорачкі пілотка.

— Бэ-у1, — адвёў у акно жаўтаватыя, як жалуды, вочы ваенком. — Відаць, са шпіталя. Ты лепей схадзі ў арцель інвалідаў, тыя багацейшыя. Мігам пашыюць. Скажы толькі, што партызан...

І праўда — праз гадзіну-дзве Міхал у новенькай напаўваеннай фуражцы крочыў да вакзала, дакараючы сябе, што не пакінуў Арыне вушанкі, — Яўгену яна, напэўна, згадзілася б.

Яму пашанцавала — у вагоне ўдалося захапіць верхняе месца. Ён паслаў шынель, павесіў на кручок фуражку і, не чакаючы, калі цягнік пойдзе, не хочучы сустракацца позіркам з пасажырамі, лёг.

Унізе гаманілі, сварыліся, спалі людзі, а Міхал ляжаў з заплюшчанымі вачыма, і ўся яго ўвага была толькі на адным — на гэтым людскім граі, сапенні і валтузні.

«Куды іх гоніць? Чаго? — нудзячыся, думаў ён. — Куды яны спяшаюцца — да лепшага альбо яшчэ горшага?..»

Нейкі час рэальным і галоўным здавалася толькі вось гэта — што адбываецца ў вагоне. А ўсё, што асталося за яго сценамі, што чакала Міхала наперадзе, стала, бадай, зданёвым. Але толькі на нейкі час.

Хутка ён зразумеў: гэта слабасць, адчай. Адчуў, што хочацца плакаць і ад таго, што, мабыць, бядуе, плача там, у Іргінску, Арына, і ад гэтай калатні тут, у вагоне, і ад трывожнай няпэўнасці, насустрач якой ён едзе...

Цягнік крануўся. У вагоне адразу пацішэла. Міхал паглядзеў уніз: усе ўладкаваліся, і кожны сядзеў на лаўцы, чамаданчыку ці клунку. Стала не так ужо цесна, хоць праход таксама занялі і, каб прайсці, трэба было, балансіруючы, як на канаце, пераступаць цераз рэчы, ногі.

Праз колькі хвілін загаварылі. Пра вайну, пра дзівосныя прыгоды з тымі, хто прапаў без вестак, пра хваробы, пахавальныя, дзвюхзменную працу, пра згубленыя харчовыя карткі, узамен якіх ніхто ўжо не выдасць новых і прыйдзецца галадаць да канца месяца, пра страшныя здарэнні і смешныя выпадкі.

На прыпынках людзі выходзілі, у вагон урываліся новыя — задыханыя, узрушаныя, сяк-так размяшчаліся, і зноў чуліся тыя самыя размовы. Таму здавалася, што нічога ў вагоне не мяняецца.

На прывакзальнай плошчы ў Маскве Міхала затрымалі патрульныя — дужа дзіўным выглядаў ён у сваім скамечаным за дарогу напаўваенным абмундзіраванні. Але дакументы былі ў парадку, і, насмешліва агледзеўшы, яго адпусцілі.

Жыць выпала на трынаццатым паверсе гасцініцы «Масква». З акна былі відны Крэмль у камуфляжы, Гістарычны музей, Красная плошча. На брусчатцы плошчы намаляваны будынкі і вокны, вокны. Зверху яны здаваліся бадай што сапраўднымі, але больш падобнымі на адлюстраванне ў вадзе. Пад вечар па вуліцах праплывалі аэрастаты паветранай загароды, якія неўзабаве там і тут пачыналі падымацца ў падсвечанае не бачным сонцам неба. Падняўшыся да сваёй вышыні, заміралі, і тады здавалася: яны пільна, насцярожана прыглядаюцца і да вячэрняга неба, і да таго, што пакінулі ўнізе, на зямлі.

Чакаючы прызначанага яму дня, Міхал і так і гэтак перабіраў мінулае. Шукаў благое, добрае ў ім, прыдзірліва ўзважваў першае і другое.

Памылкі, безумоўна, былі. Падпольшчыкі дрэнна захоўвалі канспірацыю. Ланцужок сувязей лёгка ўгадваўся. Асабліва там, дзе ён разгаліноўваўся і ішоў у лес. Дый кожны замнога ведаў аб арганізацыі і таварышах. А гэта, калі ў барацьбу ўцягнуты тысячы, — бяда. Вялікая, бадай што непапраўная. Апрача таго, сярод тысяч, натуральна, трапляліся розныя, нават выпадковыя. Імклівасць падзей не давала пераварыць іх або ізаляваць. І вось правалы! Страшныя, крывавыя...

Ці вінаваты ў іх ён, Міхал?.. Хочаш не хочаш, а вінаваты — як адзін з важакоў. Вінаваты, бо не дамогся больш строгай канспірацыі і дысцыпліны, бо мала рабіў, каб закрыць падполле для прайдзісветаў і рызыкантаў, бо не ведаў сапраўднай цаны некаторым паплечнікам, і не загінуў разам з лепшымі.

Але хіба магла быць такая барацьба без крыві? Ты ж нападаеш не на сцяну, якая адно стаіць і сіла якой толькі ў тым, што яна каменная. Выступаць прыходзілася супроць цэлай узброенай плоймы. Рабіць патрэбнае пад нядрэмным вокам вышкаленых, натрэніраваных у вышуку і правакацыях выжлятнікаў. Для цябе былі падрыхтаваны пасткі, катавальні. На цябе былі нацэлены доты, зброя патрулёў і вартавых. Табе трэба было выходзіць з раптоўных аблаў, з пагалоўных вобыскаў-праверак. А што ахоўвала цябе? Вытрымка, згуртаванасць, ноч ды руіны. Не так ужо многа, калі ўлічыць, што супрацьстаяла табе.

Вядома, да стогну шкада таварышаў. Шмат каго, калі б толькі гэта ўратавала іх, Міхал прыкрыў бы сабою... Але хіба яны загінулі марна? Колькі мінчан са зброяй у руках адпраўлена ў лес! Вялізныя страты нанесены ворагу на чыгунцы, на заводах — усюды. Сотні ворагаў знайшлі сваю смерць на цёмных начных вуліцах, на дарогах, у казармах або там, дзе спалі і весяліліся — у гасцініцах, у казіно. А колькі людзей падтрымала, засцерагала ад памылак слаўная «Звёздачка»! А медыкаменты, разведдадзеныя, друкарскі шрыфт, папера, боепрыпасы, што ішлі з горада да партызан!..

Міхалу трэба было з’явіцца ў сто васемнаццаты пакой. Ён ведаў, што гэта на першым паверсе, і таму хутка знайшоў вялікія белыя дзверы. Пастукаў.

— Заходзьце, — пачуўся вясёлы голас.

У пакоі сядзелі двое: за вялікім пісьмовым сталом з бронзавым прыладкам і жмутом рознакаляровых завостраных алоўкаў у бронзавым бакале — акуратны, з густой, чорнай шавялюраю Зорын, насупроць, у скураным крэсле — Кароль.

Убачыўшы Міхала, Зорын схіліўся на падлакотнік крэсла, узяў вольнай рукою тэлефонную трубку, набраў адтапыраным пальцам нумар. Чакаючы адказу, вачыма і кіўком, які азначаў і прывітанне, запрасіў Міхала да стала.

— Прынясіце... — распарадзіўся ён, калі ў трубцы шчоўкнула. — Так... Я чакаю...

З нейкай асаблівай неахайнасцю паклаўшы трубку на рычаг, Зорын адкінуўся на спінку і задаволена забарабаніў пальцамі па падлакотніках.

Кароль, які за ўвесь час ні разу не зірнуў на Міхала, выняў з кішэні новенькага кіцеля люльку, пачак «Беламору». Адламаўшы ад трох папярос муштукі, набіў тытунём люльку. Ён яўна пасаліднеў, стаў яшчэ больш павольны ў рухах. А можа, гэта толькі здалося Міхалу, бо Кароль быў у форме з залатымі пагонамі, каўнер кіцеля падпіраў яго чыста паголеныя шчокі, а некалі злямчаныя шапкаю валасы былі падстрыжаны пад вожык.

— Добры дзень, капітан, — з падкрэсленай ветлівасцю сказаў Міхал.

Той перастаў смактаць люльку і, трымаючы яе на вышыні грудзей, перавёў на Міхала прыжмураныя вочы, у якіх бліснула насмешка.

— Прывет, уралец...

— Ну, як там? — спытаўся Зорын. — Голадна?

— Як усюды...

— Гаспадар загадаў пасылку тваім падрыхтаваць. Фельдпоштай пашлём. Праўда, жонцы ў Свярдлоўск па яе прывядзецца ехаць. Колькі туды?

Міхал быў падрыхтаваны да ўсяго, толькі не да гэтага. Нешта страпянулася ў ім, сцяла дыханне. Ён адчуў такі жаль да Арыны, дзяцей, якога, можа, не адчуваў ніколі ў жыцці. Трэба было радавацца, дзякаваць, а ў яго не знаходзілася сілы і на ўсмешку. Ды калі б ён і ўсміхнуўся, хутчэй за ўсё твар скрывіла б грымаса — такая вінаватая, нечаканая была радасць, так цяжка было прабіцца ёй праз напластаванне перажытага.

— Дык, значыць, усё высветлілі?..

Ён сядзеў насупроць Караля, іх калені амаль датыкаліся, але той зірнуў на Міхала так, быццам ледзьве мог разгледзець яго. Прамаўчаў і Зорын.

— Ты растлумач мне, Шарупіч, адну акалічнасць, — сказаў ён праз хвіліну і, падаўшыся наперад, паклаў выцягнутыя, з сцятымі кулакамі рукі на стол. — Успомні, калі ласка, прадвесне сорак другога. Якое мерапрыемства рыхтаваў тады падпольны гарком?

— Па-мойму, збіраліся вывозіць у лес чарговую групу.

— Самую вялікую?

— Цэлы атрад.

— Ну і як?

— Перашкодзілі арышты.

— А што здарылася ў дзень, калі забілі рэдактара «Звязды»?

— Амельянюка? Валодзю?

— Ну.

— Гестапаўцы з засады расстралялі грузавік з людзьмі, якіх Валодзя адпраўляў у партызаны.

Міхал заўважыў: Кароль, каб лепш пачуць, трохі разявіў рот і скіраваў увагу на яго, Міхалавы, вусны. Зорын жа задаволена агледзеў аднаго і другога, быццам хацеў сказаць: «Ну вось бачыце, як усё проста...»

— А чым займаўся новы гарком у верасні? — пацікавіўся ён з такім выглядам, нібыта загадзя дзякаваў за адказ.

— Вывучалі маршруты, шукалі найбольш бяспечныя лясныя масівы, куды можна было б выводзіць мінчан, — адказаў Міхал, пачынаючы разумець, куды хіліць Зорын.

— І чым кончылася гэта?

— Зноў пачаліся арышты.

— Ну, а цяпер рабі палітычны вывад...

Гэта было больш страшным, чым тое, да чаго Міхал рыхтаваў сябе. Раней перад ім стаялі дзве задачы — давесці праўду аб сабе і выкрыць вінаватых у правале. Прычым, праўда аб ім самім, як здавалася тады, была і праўдаю аб усім падполлі, бо Міхал не аддзяляў падполле ад сябе і сябе ад падполля. Цяпер жа, відаць, апраўдваючы Міхала, Зорын збіраўся абвінаваціць само падполле. У чым? Мусіць, у тым, што гітлераўцы, многае ведаючы, давалі падпольшчыкам «пазабавіцца» і, калі наспявалі рашучыя падзеі, грамілі падполле. Інакш кажучы, яны гулялі з падпольшчыкамі як кот з мышшу.

Кроў ударыла Міхалу ў галаву. Але, стрымаўшыся, ён як мага спакойней адказаў:

— Вывад? Вывад просты — значыцца, вайна ішла не толькі на фронце?

Кароль варухнуўся ў крэсле.

— Нервы, Шарупіч. Цябе ніхто ні ў чым не падазрае. Ты рабочы, камуніст і сумленна выконваў свае абавязкі. У нас з табой адзін клопат, і кожнаму хочацца добранькім быць. Але ты не ўяўляеш, што такое фашысцкая контрразведка. Не будзь наіўным і не лічы наіўнымі нас, а памажы абясшкодзіць ворагаў на будучае.

Спачатку Міхалу нават здалося, што Кароль жартуе. Калі ж холадна-злавесны сэнс яго слоў дайшоў да свядомасці, Міхал усхапіўся. Падняўся і Кароль. Хацеў адступіць, ды не дало крэсла.

— Ты што, звар’яцеў? — зусім блізка і таму неяк невыразна бачачы яго твар і адчуваючы, як уласныя словы апякаюць губы, крыкнуў Міхал. — У чым ты намысліў абвінаваціць цэлы горад?

— Сядайце! — загадаў Зорын.

Кароль сеў, але Міхал крутнуўся і адышоў ад стала.

— Што ж тады выходзіць? — звярнуўся ён да аднаго Зорына. — Значыцца, немцы білі самі сябе? Значыцца, гэта яны забяспечвалі партызан зброяй, медыкаментамі і пасылалі ў лес папаўненне? Ды яшчэ якое — рабочае!.. І сотні таварышаў загінулі не як героі, а як трусы? О не-э! Тады ўжо судзіце і мяне, значыцца, і я памагаў СД!

Зорын пазмрачнеў, як хмара.

— Ах, які ты! Дарма лезеш на ражон і не хочаш па-партыйнаму ацаніць факты. Табе дзела гавораць. Не забывай, што самога цябе ў Мінску ніхто не пакідаў і заданняў за табой не запісана. І не мае, а некаторыя твае памагатыя гестапаўскія пайкі ў турэмным складзе атрымлівалі.

— Хто, напрыклад? — спалатнеў Міхал.

— Ну, хоць бы Алешка. Ёсць такі. Ёсць ці няма? Вось так!..

Але праз тры з паловай месяцы, у пачатку восені, Міхала зноў паслалі ў тыл ворага...

 

 

1 Было ва ўжыванні.

8

 

У верасні кучавыя воблакі пухлыя, вільготныя, з сіняватым падбоем. І плывуць яны касякамі, бы птушкі. Мусіць, таму здаецца, што таксама адлятаюць у вырай, несучы з сабою лета. Робіцца самотна, тужліва. Вось пражыты яшчэ год — час людзі вымяраюць не па адрыўным календары, а па летах і вёснах... А многа ўжо мінула вёснаў і летаў з тае пары.

 

 

Частка другая

 

РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ

 

1

 

Гоман, здавалася, біўся ў шыбы.

«Мусіць, высыпаў увесь горад», — падумаў Васіль Пятровіч.

— Валя, ты чуеш? — выключаючы святло і шыбуючы да акна, гукнуў ён. — Чакаюцца новыя змены. Ты чытала сёння газеты?

— Ага, — адказала яна з другога пакоя, але тут жа падышла, абаперлася яму на плечы.— Звярні ўвагу, Васіль, як перад салютам, а да свята яшчэ тры дні.

Па тратуарах, больш у адным кірунку, ішлі і ішлі людзі. Размахвалі рукамі, спыняліся, гаманілі.

— Сапраўды! — згадзіўся Васіль Пятровіч, даючы Валі месца побач. — Нават па звычцы кіруюцца да Цэнтральнай плошчы, нібы і цяпер там ракетчыкі. Мне трывожна аж.

— Я разумею... Ты на ўсё глядзіш праз прызму любімай справы.

— А хіба вартасць людзей не вымяраецца справамі? Тым, што яны робяць для будучыні?

— Толькі дадай — і адзін для аднаго... Давай пойдзем і мы з табою. Хочацца паглядзець, паслухаць...

Нягледзячы на позні час, народу на праспекце было многа. Над шматгаловай плынню пляскаўся тлум.

Тралейбусы, аўтобусы не хадзілі, людзі занялі і маставую.

Каля ГУМа да Васіля Пятровіча і Валі неспадзеўкі далучылася Ала. Адкуль яна ўзялася? Пэўна, з шумлівай кампаніі, якая рагатала воддаль. Заўважыла іх, нешта скеміла і палічыла: лепей быць з імі. Не вітаючыся, нібыта баючыся, што яны ўцякуць, падхапіла абаіх пад рукі і, захоплена смеючыся, пацягнула з тратуара.

— Што робіцца! Толькі і размоў што пра з’езд. Некаторыя ведаюць больш, чым у газетах. Вы рады?

Васілю Пятровічу здалося: яе перапаўняюць пачуцці, думкі, ёй патрэбны людзі, перад якімі можна б выказаць іх, і ён прызнаўся:

— Я пакуль што не ведаю...

— А я дык вітаю ўсё загадзя! Чалавеку мала таго, што ёсць. Ён любіць новенькае.

— Чаму ж ты маўчала дасюль? — спыталася Валя, адчуваючы прыкрасць ад Аліных слоў і ад таго, што яна тармосіць мужа, прыціскаючы яго руку да сябе.

— А вы?

На вуліцы было не дужа светла — вітрыны магазінаў і вокны дамоў не свяціліся. Аднак Валя заўважыла, як збялеў Васіль Пятровіч.

— Я, напрыклад, баюся памыліцца... — сіпавата сказаў ён.

Ала, дурасліва ківаючы галавою ў вялікай футравай шапцы, зайшлася смехам.

— Сур’ёзна? А ты, Валечка? Ці ў цябе адзін страх — каб я не адбіла супруга? Дарэмна, у мяне, як вядома, ужо ёсць не менш славуты.

Гэта зусім абурыла Валю. Стала крыўдна за Васіля Пятровіча: «Перад кім спавядаецца? Няўжо не разумее, што дае повад для абгавораў? Не ведае, што Ала ўсё перакруціць? Будзе хіхікаць і здзекавацца, зласловіць і каменціраваць...»

— Ты прабач, — холадна папрасіла яна, — мы хочам пагуляць адны.

Папярхнуўшыся смехам, Ала ва ўпор зіркнула на яе, грэбліва скрывілася і, ускінуўшы галаву, хутка пайшла прэч.

Калі яна згубілася сярод людзей, Валя не стрымалася:

— Ці варта, Васіль, раскрывацца? Яна ж уся жыве сенсацыямі, і сама не ведае, што ёй трэба.

— А? — не зразумеў ён. — Хіба я казаў няпраўду? — і, толькі праз момант здагадаўшыся, у чым яго ўпікаюць, ускіпеў: — Ну і чорт з ёй! Няхай плявузгае, калі падабаецца.

Наблізіўшыся да натоўпу, які згрудзіўся ля скрыжавання, перад плошчаю, і прыглушана гаманіў, яны спыніліся. Ад кампаніі, з якой раней вынырнула Ала, аддзяліўся і пашыбаваў да іх нехта яшчэ. Па энергічнай хадзе і гордай галаве Валя пазнала Малевіча.

«Во шанцуе», — падумала яна, ды іншай рады, як чакаць, не было.

Малевіч бачыўся з Васілём Пятровічам удзень, але падышоўшы, іранічна павітаўся другі раз і пацалаваў Валі руку — неяк здзекліва, як цалуюць няўдачніцам або маладым жонкам пажылых мужоў.

— Ну вось нарэшце і пераходзім рубікон, — бліснуў ён пенснэ. — Вы як наконт гэтага?

Васіль Пятровіч сцепануў плячыма. Нагадалася, як некалі непадалёк адсюль, на Камсамольскай вуліцы, яму вось гэтак жа нельга было прайсці да каробак, што сам жа загадаў узрываць. Горад ляжаў у руінах, не хапала школ, магазінаў, жылля, а ён, Васіль Пятровіч, нішчыў злыбяду, якую можна было аднавіць. Нішчыў, не думаючы, якія кары абрынуцца на яго заўтра — каб толькі праспект стаў такім, як цяпер.

З хваравітай цікаўнасцю карцела паглядзець, як раздадуцца, асядуць на зямлю цагляныя муры, а ўгару шугане агонь, друз...

«А гэты таксама чорт ведае куды гне!..» — цюкнула ў галаву.

Але адначасна Васіль Пятровіч адчуваў: яго бянтэжыць раптоўнасць падзей, зараз ён бездапаможны пагадзіць мінулае з сённяшнім, з заўтрашнім.

— Радуемся і ўсё-такі нечага апасаемся, — саркастычна прамовіў Малевіч.

— Вось аб чым вы думаеце! — як неверагоднаму, здзівіўся Васіль Пятровіч.

— А што? Ці не пачало даходзіць, што ў сім-тым вінаваты і самі?

Малевіч забыўся на Валю і, стаўшы да яе спінаю, наблізіўся да Васіля Пятровіча ледзь не ўпрытык. Але за шкельцамі пенснэ вачэй відаць не было.

— Маўчыце?

На іх пачалі звяртаць увагу. Высокі хлопец без шапкі, з шыкарнай шавялюраю і з чорнымі, як прылепленымі, вусікамі ледзь не дакрануўся носам да твара Васіля Пятровіча, але ўраз, быццам убачыўшы дзіва, адхіснуўся.

— Фіў! Я — на таксо! — свіснуў ён прыяцелям.

— Пайшлі, Васіль, — шкадуючы мужа, прапанавала Валя.

— Вось, вось, калі ласка, — па звычцы страхуем і страхуемся, — з’едліва сказаў Малевіч. — Ты хоць запомні прапісную ісціну, што сапраўдны мастак — мужны чалавек і скептык. Інакш навошта ён? Вернешся дамоў, перагартай падручнік па літаратуры.

— Словы, словы, Анатоль, — асталася спакойнай Валя. — Чаму «скептык»? Ты проста не ведаеш жыцця і знаходзішся ў палоне дапатопных поглядаў... Ты нават не бачыш, што гэтае жыццё фармуе ў нас характары, якія варта ахоўваць. Не скептычна вывучаць, а ахоўваць, як заваёву...

Хмары над горадам плылі нізка, ахіналі шпіль тэлевізійнае вежы. Гарадскія агні асвятлялі іх, і гэта, як здавалася Васілю Пятровічу, рабіла хмары злавеснымі.

 

 

2

 

«Не, не, гэта не так проста, — думаў Васіль Пятровіч, — мала каму наогул па сіле было адужаць такое, што адужалі мы... Краіна і людзі раслі. Вучыліся працуючы, працавалі вучачыся. Хутчэй, хутчэй чаго б ні каштавала! Толькі так можна жыць і выстаяць...»

Праўда, гэтыя думкі не былі прамымі адказамі на пытанні, што паўсталі перад Васілём Пятровічам, але нешта як бы цвярдзела ў ім — яго сумленне прывыкла, каб апошняе слова належала яму.

Усё-такі назаўтра ён не адразу пайшоў на работу. Разглядаючы праспект, нібыта бачыў яго ўпершыню, падаўся да Цэнтральнай плошчы. Спыніўся, дзе ўчора. І вось сіла намовы — яму здалося: плошча быццам раздалася, пасвятлела, прыкметнейшымі сталі навакольныя будынкі.

І яшчэ адно кінулася ў вочы... Пасярэдзіне плошчы стаяла дзяўчынка. Непадалёк ад яе, абгароджаная нізкім плоцікам, была кармушка для галубоў. Галубы віравалі навокал дзяўчынкі, невялікай ростам, свойскай, мілай, у паношаным шэрым паліцечку і берэце. Яна трымала пад пахаю буханку хлеба, не спяшаючыся, каб працягнуць добрае пачуццё, адшчыпвала ад буханкі кавалачкі і з дзіцячай грацыёзнасцю кідала іх галубам. Баязлівыя ўзляталі, смялейшыя ж, дробна перабіраючы чырвонымі, бы памерзлымі, лапкамі, беглі да хлеба і ў момант распраўляліся з ім.

На работу ён усё роўна прыйшоў рана.

У прыёмнай была адна Ніна. Падпёршы рукою шчаку, яна сядзела за сваім сталом і задумёна глядзела ў акно. Калі рыпнулі дзверы, хутка азірнулася.

— З надыходзячым святам, — павіншавала, падсоўваючы бліжэй да пісьмовага стала прыладку-вазачку з пяшчотна белай калаю.

— І вас таксама. Нешта вось не сядзіцца дома, — пажартаваў ён з сябе і ўздыхнуў.— Учора адзін таварыш радаваўся, што мы пераступілі цераз нешта дужа важнае ў жыцці і нешта перакрэслілі ў ім. Кпіў з нас, старых...

— Разбураць і кпіць заўсёды лягчэй, — ахвотна азвалася Ніна.

Гэта было падобна на яе. Часам мяркуючы: Васіль Пятровіч гаворыць не ўсё, Ніна дазваляла сабе прыйсці яму на дапамогу. «Вам, маўляў, нельга і не трэба, а я скажу. Што з мяне возьмеш?» Але сёння яна адразу перавяла размову на іншае.

— У мяне, Васіль Пятровіч, радасць...

Маладжавая, яна раптам памаладзела яшчэ больш. Ды ён не здолеў адразу пераключыць увагу на гэта.

— Выходзіць, удачы таксама гоняць людзей з дому? — усё ж спытаўся ён. — А вось мая жонка бачыць у гэтым благую прыкмету. Кажа, што чалавек, які ў горы бяжыць дамоў, яшчэ можа быць шчаслівым. А ў радасці ўцякае з дому — на жаль, ужо не можа.

— Я сур’ёзна... — заспяшалася Ніна. — Хто б мог падумаць? Як у казцы. Учора па тэлебачанні выступалі госці з Варшавы. Прыехалі да нас на свята. І сярод іх — Зыгмунд Куч, з якім я сядзела ў Асвенціме... Паверыце, калі пазваніла яму ў студыю, ён спужаўся так, што не мог вымавіць слова. А потым замармытаў пра печы і нябожчыкаў. Аказваецца, калі кідаюць чалавека ў печ (дно там пакатае), ён, перш чым згарэць, устае на ногі. Зыгмунд сказаў, што падумаў — гэтак жа паднялася і я. Да таго ж адразу двух цудаў не бывае. Мая ж Надзейка... здаецца... таксама жывая!

— Віншую, — прыўстаў Васіль Пятровіч, крануты яе шчасцем, але ўпарта вярнуўся думкамі да пачатку размовы.

Чаму Ніна была ўпэўнена, што ён у душы згодзіцца з ёй? Значыць, даваў сякія-такія падставы. Ён сапраўды цяжка пераадольвае інерцыю, з ім часта астаецца такое, у чым яго можна ўпікнуць. І вінаваты тут не толькі акалічнасці. Яму бракуе гібкасці, ён звычайна або перахлёствае, або не даводзіць пачатага да канца. Некалі ваяваў з пампезнасцю. Але гэта шмат хто прымаў як забарону індывідуальнай творчасці, як замах на архітэктараў-мастакоў і іхняе права ствараць. Цяпер пачынае змагацца з стандартным мысленнем, хоча развязаць ініцыятыву, але, мабыць, зноў не зусім так, як патрабуе натуральная плынь падзей. І таму трапляе ў двухсэнсоўнае становішча. А тут яшчэ адчуванне нейкай спустошанасці.

«Няўжо адстаю? Ці не старасць?!.»

 

 

3

 

У канцы рабочага дня Васіля Пятровіча выклікалі ў гарком. Ён ведаў: Кавалеўскі толькі што вярнуўся з Масквы. Спраў у яго за час адлучкі набегла багата, і ён, вядома, стараецца навярстаць упушчанае. Значыць, у гаркоме цяпер усё віруе, калі яго запрасілі зайсці пры такіх акалічнасцях, размова будзе пра вельмі сур’ёзнае. І яшчэ: трэба быць асабліва дакладным, хоць Кавалеўскі наўрад ці прыме адразу. Ён не памыліўся.

— Пачакайце, калі ласка, — стомлена прабубніла сакратарка, калі ён з’явіўся ў прыёмнай, і, паспешліва падабраўшы нейкія паперы, падалася да масіўных разьбяных дзвярэй.

— Тады я загляну ў будаўнічы аддзел, — спадзеючыся пачуць там апошнія навіны, папярэдзіў яе Васіль Пятровіч.

— Па-мойму, не варта...

У кабінет з папкамі заходзілі і выходзілі адтуль заклапочаныя работнікі гаркома. На хаду віталіся з Васілём Пятровічам, але не спыняліся і не загаварвалі.

— Прайдзіце, — кінула яна праз хвіліну.

Кавалеўскі быў не адзін. Ля акна, бокам да яго, стаяў Зорын у напаўваенным, тытунёвага колеру гарнітуры і сярдзіта глядзеў на бульвар. Па дарозе сюды Васіль Пятровіч таксама звярнуў увагу на ліпы — стракатыя, жоўта-зялёныя. Але ападала не толькі жоўтае лісце. На зямлі, сярод золата, зелянелі яшчэ жывыя лісты. «Прыхапіла марозікам»,— падумалася тады, і ў вочы кінулася, як на адным з балконаў жанчына ў халаце асцярожна выкопвала са скрынак клубні няўсохлых гладыёлусаў і вяргінь. «Мабыць, хораша цяпер у лесе. Далёка відно і далёка чуваць...»

— Восень... — блытана пачаў Васіль Пятровіч уголас. — У лес бы зараз, падыхаць, паслухаць...

Зорын стрэліў у яго вачыма. Закіпаючы, гідліва апусціў куткі вуснаў — прыняў гэтую лірыку за здзек.

— А больш нічога не хочацца?

Васіль Пятровіч зрабіў недаўменны рух плячыма. Падумаў: вось ішоў сюды, настроіўся на рабочы лад, а кінуў Зорын некалькі з’едлівых слоў — і адразу стала цяжэй жыць. Здагадаўся, што навіны, прывезеныя Кавалеўскім, відаць, б’юць па Зорыну, і яму трэба зачэпка, каб выліць сваё раздражненне, а магчыма, і крыўду. Але пасля перажытага за апошнія дні і гэта здалося абразлівым. Васіль Пятровіч засердаваў сам:

— Я не разумею вас.

— Ах, якое дзіця! Прайшоў з’езд, адбываюцца вунь якія падзеі, а яго ў лес цягне! Разбэсціўся, дарагі таварыш!

— Гэта што ж — абвінавачванне?

— Ну, вось! — крутануўся Зорын да Кавалеўскага. — Падабаецца? Пабачыш, як ён будзе гаварыць з табою праз год-два. Ну давай, давай, выкажыся яшчэ!

— Я, м-м, прашу вас...

— Сёння генерал Зыбін заходзіў, анекдот расказваў. Псіхіятары, бачыш, у паход за далікатныя адносіны да чалавека ўключыліся. Ну і, зразумела, як вынік, кожнага вар’ята сталі сустракаць з распасцёртымі абдымкамі: «А хто гэта такі харошы да нас прыйшоў? А хто гэта так лоўка сваю бабулю зарэзаў?..»

Ён рагатнуў і дэманстратыўна стаў глядзець у акно.

Кавалеўскі нездаволена варухнуўся ў сваім крэсле.

— Дзівосы! Як не ходзіш па судах — здаецца, ніхто і не судзіцца... Ну ладна, Якаў Міхайлавіч, з табой у мяне ўсё...

Правёўшы позіркам Зорына да дзвярэй, ён узяў са стала прынесеныя сакратаркаю паперы, падцягнуў жывот і, выцягнуўшы шуфляду, сунуў іх туды. І тое, што Кавалеўскі маўчаў, пакуль другі сакратар не выйшаў, здалося Васілю Пятровічу таксама падазроным.

— Я хачу спытацца, — пачаў Кавалеўскі, замкнуўшы шуфляду, — як ты паставішся да думкі ўзяцца за асваенне раёна каля вуліцы Пуліхава? А то ўсё на ўскраінах будуемся. Астравамі.

«Няўжо разгадаў і тут?» — сумеўся ад нечаканасці Васіль Пятровіч і пусціў у ход даўно падрыхтаваны аргумент:

— Там да дваццаці пяці працэнтаў зносу. Гэта эканамічна нявыгадна.

Кавалеўскі схіліў на плячо галаву, пацягнуўся да металічнае шклянкі з завостранымі алоўкамі.

— Але там жывуць рабочыя, старажылы. Горад узнялі з руін, а самі... Ім трэцюю частку не шкада аддаць. Дый калі як след падлічыць, гэта наўрад ці будзе даражэй, чым будавацца ў віру на калу. Калі мы перастанем хлусіць самі сабе?

«Значыць, разгадаў! А можа, моўчкі, непрыкметна і падтрымліваў дасюль?»

Далей хітраваць, упірацца было недарэчы, і Васіль Пятровіч развёў рукамі.

— Я супроць, каб падпускаць да цэнтра ўбогасць. Загубім горад, папсуём зробленае... Нават будуючы другі гарадскі дыяметр, скнарнічаем. Калі ведамствы ўпіраюцца, зразаюць асігнаванні на ўпрыгожванне фасадаў, лічым гаспадарлівасцю, адзнакай добрага тону... Дый многае і часта мяняецца ў нас. Я не паспяваю за ўсім, хоць і веру ў заўтрашні дзень...

— Вось так бы і гаварыў адкрыта. А то круціш.

— Дапусцім...

Твар у Кавалеўскага пацямнеў. Ён пакруціў аловак і шпурнуў яго з прыкрасцю на стол. Аловак пакаціўся і ўпаў ля крэсла, але Кавалеўскі не падняў яго. Відаць, сённяшнія гаворкі каштавалі яму дорага, і ў яго не хапала сілы аставацца вытрыманым.

— Дык што ж, — значыць, і далей гуляць у хованкі? — спытаў ён абурана. — Мы, маўляў, разумныя, ведаем, што і як рабіць. А дзяржава ёсць дзяржава, што з яе возьмеш. Таму гні сваю лінію, тлумі галаву чыноўнікам. А пакуль яны расшалопаюць, што да чаго, усё зменіцца і будзе не па-іхняму. Так? А калі наадварот, тады што?

— Сцяну лбом не праб’еш.

— Значыць, страшна?

— М-м...

— А ты, калі такі празорца, рызыкні. Паплаціся і галавой. Гэта ж больш высакародна. Даказвай, раз упэўнены ў сваім, біся насмерць, пакуль рашэння не прынялі. І наогул, дзе твае пераемнікі, аднадумцы? Ты ж засакрэціўся ў сваіх надзеях. Хіба так адказваюць на тое, што робіцца наўкол? Толькі сляпы не бачыць канструктыўных намаганняў партыі!

Ён выкрываў не толькі словы, але і думкі Васіля Пятровіча, якія мацавалі яго, рабілі ва ўласных вачах барацьбітом за будучыню. І, што асабліва было горка, Кавалеўскі пускаў у ход яго ж уласныя доказы, якія пускаў ён сам, выкрываючы сваіх праціўнікаў. Хіба не сам ён абураўся, калі ў барацьбе людзі карысталіся далёка не высакароднымі прыёмамі? Хіба не сам марыў аб бойках-спрэчках з адкрытым забралам? Не, яго злавала, што там, дзе ўсё павінны вырашаць здольнасці, розум і талент, часамі дзейнічаюць камбінатары?

Ён апусціў галаву.

— Дык, выходзіць, адстаўка?

— А што, думаеш, колішнія заслугі выратуюць? — яшчэ мацней узлаваўся Кавалеўскі, аднак, шкадуючы Юркевіча — прывык да яго дый паважаў ягоную ўпартасць.

— У мяне, сапраўды, мусіць, не ўсё ў ладах з часам...

Кавалеўскі чартыхнуўся. Абапіраючыся на падлакотнік крэсла, устаў. Не паглядзеўшы на Васіля Пятровіча, падышоў да акна, ля якога нядаўна стаяў Зорын. Чартыхнуўся зноў.

Неба зацягнулі кудзелістыя хмаркі. Былі яны высокія, празрыстыя, падсвечаныя сонцам, і ў прагалінах між імі хораша сінела неба. Вуліца была ў мяккім, рассеяным святле, ад чаго дамы і ліпы на бульвары здаваліся чыстымі-чыстымі, якія бываюць толькі пагодным асеннім дзяньком, што хіліцца к вечару.

— Кажаш, добра цяпер у лесе? — як неверагоднаму, здзівіўся Кавалеўскі, але ад узбуджанасці яшчэ пераступіў з нагі на нагу.

— Ага, — таропка, быццам угледзеў у гэтым паратунак, азваўся Васіль Пятровіч. — Ён жа амаль голы, скразны. І відно і чутно далёка. Кроплі і тыя падаюць званчэй... А лісце на зямлі, наадварот, крокі глушыць...

— Глушыць?

Кавалеўскі задумаўся, уяўляючы тое, пра што гаварылі яму. Потым нечакана стукнуў далоняй па раме і гэтак жа знянацку прапанаваў Васілю Пятровічу ўзяць да сябе Віктара Жыжаля.

— Перспектыўны хлопец, — прамовіў пераконана. — І закваска крутая. Хоць іншы раз спачатку гаворыць, а потым думае.

 

 

4

 

Было такое адчуванне, што час пашчыльнеў і падзеі пачалі набягаць хутчэй.

Пасля размовы ў гаркоме Васіль Пятровіч адчуваў сябе як пасля іспытаў, на якіх ледзь не зрэзаўся. А што яны былі цяжкія, сведчыла хоць бы тое, што неўзабаве пленум задаволіў просьбу Зорына і, вызваліўшы яго з пасады сакратара гаркома, вывеў са складу бюро. І, як гэта часта бывае ў падобных выпадках, усім раптам стала ясна, як груба адміністраваў Зорын, як тапорна, фармальна мысліў, які быў не самакрытычны, падазроны да другіх, калі іхнія думкі разыходзіліся з ягонымі.

У святле гэтых падзей сам факт з’яўлення Віктара Жыжаля ва ўпраўленні набываў асаблівае значэнне. Абражанае самалюбства супакойвалі хіба словы Кавалеўскага аб пераемніках. Віктар патрэбен тут не толькі каб унесці сваё, маладое, але і каб стаць ахоўнікам таго, што зрабіў ужо ён, Васіль Пятровіч. Аднак хто ж так прызначае пераемнікаў? Звычайна гэта робіцца натуральна, само сабой — у каго ёсць патрэба перадаць свой вопыт, той сам і выбірае, каму яго перадаць.

Каб неяк выясніць адносіны і нешта вырашыць сабе, Васіль Пятровіч, ідучы аглядаць вуліцу Пуліхава, запрасіў з сабою і Віктара. Наўмысна пайшоў пехатою.

Была гадзіна «пік». Аўтамашыны на праспекце ішлі ў некалькі радоў. «Волгі», «Пабеды», «Масквічы», «рафікі»... Яўна спяшаючыся, мяняючы рад, прамчаліся тры «вясельныя» таксі, упрыгожаныя гірляндамі кветак, стужкамі, з лялькаю на радыятары ў першай. З нейкім магутным шыкам пранёсся міжгародні «Ікарус». Ля тратуараў марудзіла чарада тралейбусаў. За імі сунуўся ярка размаляваны аўтобус з турыстамі. І хоць сонца не было сляпучае, турысты былі ў цёмных акулярах, у стракатых па-летняму ўборах.

— Раней на такое лупілі вочы, — сярдзіта сказаў Васіль Пятровіч. — Каля кожнай задрыпанай малалітражкі збіраліся натоўпам. Помніце?

— Не. Я ўжо гэтага не застаў, — усміхнуўся Віктар.

— Праводзілі па капоце ці крыле пальцам, а потым падносілі яго да носа і разглядалі. Быццам на пальцы магло быць яшчэ нешта апрача пылу.

— Але, жыццё ідзе, факт...

У яго адказах заўважалася іронія. Віктар як бы ўжо чуў такія словы, ведаў, чаму іх гавораць, і дараваў падобную слабасць субяседніку.

Вуліцу Пуліхава і навакольныя вулкі Васіль Пятровіч уяўляў выдатна, але пасля цэнтра яна і яму здалася закінутым, глухім кутком. Дапатопны брук. Бязладна пастаўленыя драўляныя домікі з седлаватымі дахамі. Дашчаныя тратуары, запырсканыя гразёю, крывыя платы і тэлефонныя слупы. Чэзлыя, запыленыя дрэўцы, садкі. Рэдкія аўтамашыны і прахожыя. Справа, — гэта відаць у разрывах паміж домікаў, — за пусткаю-звалкаю, заводскія махіны.

Да водаразборнае калонкі падышла жанчына з вёдрамі. Без хусткі, у кофтачцы з кароткімі рукавамі, у падаткнутай спадніцы і ботах. Спаласнуўшы вядро, глянула на Васіля Пятровіча з Віктарам, лена размахнулася і выплюхнула ваду ў лужыну ля ног.

— Убогасць, — уздыхнуў Васіль Пятровіч. — Кавалеўскі, вядома, нездарма назваў гэты раён. Яго рэканструкцыя паможа вырашыць і агульнагарадскія праблемы. Наблізіць жылыя кварталы да аб’ектаў работы. Будзе спробай звязаць мікрараён з цэнтрам... Таму важна, м-м, дакладней сфармуляваць гэтыя задачы. Ад іх будуць залежаць маштабы, размах.

— Угу, — згадзіўся Віктар, аднак у яго голасе не было ні ўсхваляванай узрушанасці, ні ўздыму, якія адчуваў сам Васіль Пятровіч.

— Галоўнае — не забываць і, калі спатрэбіцца, напомніць другім, — дамагаючыся ўсё-такі выклікаць Віктара на размову, дадаў ён, — што да той пары, як задумы пачнуць здзяйсняцца, мы станем яшчэ багацейшыя. Цяжкасці, якія цяпер здаюцца неадольнымі, будуць дробяззю. Хоць усё роўна прыйдзецца ўлічваць патрабаванні часу...

— Баюся, гэта ўжо лазейка, — недаслухаў Віктар. — Што такое «час»? Сапраўднае дойлідства заўсёды аперажала яго. Нашы Кіжы вунь пабудаваны без адзінага цвіка. Без смеласці ўсё роўна астанешся пасрэднасцю.

— Дапусцім. Але ігнараваць час — тое ж самае, што ігнараваць рэальныя магчымасці.

— Вядома. Я таксама за разлікі... — як бы злітаваўся Віктар.

 

 

5

 

Вырвацца за горад усё-такі ўдалося.

 

Ала настаяла, і Валахановіч купіў «Волгу». Понтус машыны не набываў: раней была персанальная, а потым — каб не вытыркацца, не слыць «прыватнікам». Ды насуперак гэтаму, не вядома як і на што спадзеючыся, Ала скончыла курсы шафёраў-аматараў і атрымала правы вадзіць аўтамашыну.

Зразумела, Валахановіч меў магчымасць выбіраць, і выбралі чорную з нікеліраваным абадком навокал кабіны і ветравога шкла, з нікеліраванай рашоткаю на радыятары. Назаўтра Ала паставіла другую пару жоўтых супрацьтуманных фар, павесіла шторкі і малпачку-талісман.

— Як урадавая! Міраж! — нейкай утрапёнай радасцю цешылася яна, песцячыся і цалуючы мужа. — Давай пракоцім Юркевічаў. Першых, на злосць...

— Знайшла дзіва. І чаму «на злосць»? — задаволены такой Алаю, паслухмяна паправіў ускудлачаную грыву Валахановіч і выняў з нагруднай кішэні адмысловы грабеньчык, якім з аднаго боку прычэсваў галаву, а з другога — бровы.

Ала закружылася і аж прысела.

— Нічога ты ў гэтым не разумееш. Хай ведаюць і не задаюцца!..

 

Седзячы за рулём, раз за разам пазіраючы ў вузкае шафёрскае люстэрка на Васіля Пятровіча, на Валю, Ала хвалілася:

— Люблю ўсё прыгожае, люблю, калі мяне любяць. Чуеш, Іларый? Раней падабалася, каб з-за мяне біліся. Ты палез бы за мяне ў бойку?.. А вось калі хто адракаўся, пасля наракаў сам на сябе...

Трымаючы руль адной левай рукою, яна працягвала правую Валахановічу, і той паспешліва цалаваў яе пальцы.

— Не рызыкуй, — прасіў, як літасці, не перастаючы, аднак, усміхацца.

— Но, мілая, — цмокаючы губамі, падганяла Ала машыну і націскала на газ. — Паслужы!

Мінулі Зялёны Луг, выехалі на Лагойскую шашу, вузкую, пакручастую. Калі выскачылі на ўзгорак, дзе на адхоне ў бярэзнічку стаяў гіпсавы алень, Валя папрасіла спыніцца:

— Ну, на хвіліначку...

Перад вачыма адкрыўся шырокі гарысты краявід — унізе азімае поле, на якім пасвіўся статак кароў, вёска паміж узгоркаў і лясы, лясы, чым далей сінейшыя і цямнейшыя. А над усім — неба, высокае, неабсяжнае, бо яно над табою і над самымі далёкімі ўзгоркамі.

— Я з машыны бачыла журавоў. Рушылі, — сказала Валя, і вочы яе сталі вільготныя.— Хацела была пералічыць іх і не магла. Як пачынаю, адразу блытаюць строй і мяняюцца месцамі. Быццам чуюць. Слова гонару... — і, падпарадкуючыся пачуццю шчасця, што ахоплівала яе, прызналася: — А ўзгоркі Лагойшчыны? Яны родныя, як і журавы.

— Згодзен, паэма, — адгукнуўся Валахановіч, важна стоячы на адхоне з закладзенымі назад рукамі. — Прырода — гэта ж таксама гучыць горда... Што, цікава, гавораць пра апошнія падзеі? Шумяць, мяркую?

— У паліклініках звычайна ведаюць раней і больш за ўсіх.

— У нас справы, Валя-Валюша! А па-другое, не блытай, калі ласка, паліклініку з навукова-даследчым інстытутам.

— Пазаўчора сустрэла Сердзюка. Быццам падмянілі чалавека — ажывае.

Настаўляючы Віктара на вуліцы Пуліхава, дый пасля, Васіль Пятровіч лавіў сябе на думцы, што баіцца, каб той не западозрыў яго ў няшчырасці, у імкненні найлепш падаць сябе, і таму адчуваў няёмкасць, стрымліваўся, злаваў, падрабляўся пад яго. Аліна рэпліка напомніла яму той нядаўні стан.

— Так, цяжка склаўся яго лёс, — рэзка сказаў ён. — І ўсё праз характар, замкнутасць.

— Я таксама спачуваю такім, — паспрабаваў згладзіць сваю бестактоўнасць Валахановіч. — Спачуваў і раней, шкадаваў, што нічым не магу памагчы.

Напярэдадні ў Валі была не зусім прыемная размова з Каверыным. Узрушаная падзеямі, яна прызналася, што збіраецца выступіць з артыкулам супроць Малевіча... Каверын выслухаў яе, пасадзіў у сваё крэсла. «Не церпіцца? — мякка прамовіў, схіляючыся да яе цераз спінку. — А ці варта дражніць гусей? З другімі пасварышся і забудзеш, а гэты забыць не дасць». — «Справа не ва мне, а ў літаратуры, — запярэчыла Валя, адчуваючы, што Каверын не верыць у бескарыслівасць яе намераў. — Малевіч лічыць нігілізм адзнакай вышэйшага духоўнага рангу. Яму прыкры гераізм, ідэйнасць. Яны, маўляў, перашкаджаюць быць шчырым, ставіць глыбокія праблемы!» — «Каб ішло развіццё, у прыродзе існуе раўнавага, Валянціна. І пагана, калі яе парушыш. Тым больш з пляча...» — «Я ведаю іншае! — падхапілася Валя і, хоць Каверын пасадзіў яе, дакончыла: — У прынцыповых пытаннях на прымірэнне не ідуць». — «Набярыся цярпення. Неўзабаве яны самі скампраметуюць сябе і пачнуць біць адбой». — «Дык, значыць, чакаць ля мора пагоды? Настроіць сябе на хвалю, на якой зручней жыць?» — «Не падтасоўвай факты. Я проста гавару, што няма патрэбы фарсіраваць і абвастраць падзеі... Дый што тут такога?..»

Нешта блізкае — гэткае ж малазразумелае, прыкрае — улавіла Валя і ў словах Валахановіча.

— Чаму, цікава? Растлумачце, прафесар! — папрасіла яна.

Валахановіч не адарваў позірку ад далягляду.

— Наўрад ці гэта памагло б, мая дарагая. У гісторыі, на жаль, а мо і на шчасце, ёсць свае законы. Да таго ж непахісныя.

«Там прырода, а тут гісторыя. Што за зварушлівае падабенства? Цікава, захавалі б вы свой алімпійскі спакой, калі б падзеі закранулі вас саміх? Асабіста?» — падумала Валя і не здолела змоўчаць:

— А ці не жорстка гэта, прафесар?

— Было б жорстка, калі б я быў у нечым вінаваты. Дарэчы, сёння вы ўсе залішне агрэсіўныя. Індукцыя? Хаця... між іншым, Валя-Валянціна, кожны робіць сваё і па-свойму. Бо аlicnі арреtепs sеrі роfusus...1

Па адхоне зайшлі ў бярэзнічак. Бярозкі раслі тут тонкія, стройныя. Лісце знізу апала і, залацістае, трапяткое, шамацела толькі на самых верхавінах.

— Апошняе лісце... Чаму яно, Валянціна, асталося іменна там? — спытаўся Валахановіч, каб не вяртацца да спрэчкі, якая была непрыемна яму і ў якой, відаць, ніхто нікога не пераканаў. Ён пазяхнуў, як бы стомлены Валіным энтузіязмам і заўзятасцю.

Ала ў карычневых штанах, у кашмілонавым японскім світэры, пакруціла на пальцы ланцужок з ключамі і, стаўшы ў позу, як у часопісе мод, задрала галаву ўгору.

— Сапраўды, чаму?

— Па-мойму, ім больш, чым другім, дасталося сонца. Першы і апошні промень падаў на іх.

Аднак яе словы закранулі самалюбства Алы — каралеваю сёння павінна была аставацца яна. Дый не забывалася нядаўняя водпаведзь.

— Гэта з новага рамана? — з паблажлівай уедлівасцю ўхмыльнулася яна. — Праўда, што выдавецтва адмовілася перавыдаваць тваю «Перамогу»? Не? Зрэшты, і гэта дробязь. Лепш паглядзіце адсюль на нашу прыгажуню. Падабаецца? Як шклечка!

Яна дэманстратыўна абняла Валахановіча за шыю і пацалавала ў губы. Потым, павіснуўшы на ім, заматала нагамі.

— Дзякую за шчаслівае дзяцінства. Памятаеш, як некалі казалі? — і дала каманду: — Добрага патрошку, на коней, таварышы!..

Вярнуліся Валя і Васіль Пятровіч з атручаным настроем. Пабывалі, як хацелася, за горадам, бачылі восеньскую красу, дыхалі чыстым паветрам. Здавалася, павінна было пабольшаць душэўных сіл, аж не — штосьці гняло, раздражняла.

— З узростам, мабыць, расце прага да ўражанняў, — паскардзіўся Васіль Пятровіч, здымаючы плашч. — Разумееш, так бы і ўбіраў у сябе навакольнае. І ўсё табе мала, мала... Там, у бярэзнічку, ледзь не абняў цябе.

— Ці мяне? — ва ўпор паглядзела на яго Валя. — А можа, каго-небудзь яшчэ? Красуючыся перад сваім барадачом, яна помсціла мне і паказвала сябе перад табою. Гэткім няхітрым рыкашэтам. Ёй заўсёды хочацца падабацца ўсім.

— Даю слова!..

— Тады яшчэ дзякуй богу. А яна ж, калі цяпер падыходзіць да цябе, непрыкметна збірае за спінай плацце, а калі адыходзіць — на жываце. Любуйся, якая фігура!

— Ну, ну, скажаш. Навошта я ёй? — з паднятымі плячыма пайшоў Васіль Пятровіч за Валяй у кабінет.

Ён быў старэйшы, і Валя паважала яго за тое, што ён старэйшы, вопытнейшы, але ў той жа час у маладзейшых — свая гордасць, і яна робіць іх надзвычай чуткімі да крыўды.

— У такіх, як Ала, уласная логіка, — не пайшла на прымірэнне Валя.— Да таго ж, для яе, як і для Шмакава, няма ні мінулага, ні будучага. А таму няма чаго і траціць. Удаецца — бяры. Ты ўжо маеш на гэта права, бо можаш узяць... Паглядзі на яе ўборы. Усё з-пад прылаўка, са складаў. Усё блат, блат... Баюся, што і Валахановіч, не здагадваючыся пра гэта, робіць паслугі яе дабрадзеям.

Яна апусцілася ў крэсла і панікла, як ад бязмернай стомы.

Яму стала шкада яе. Падумалася, што сваёй паблажлівасцю, жаданнем адказаць прыхільнасцю на прыхільнасць сапраўды дае Але права трымаць яго ў рэзерве. Дый што грэх таіць, Ала бударажыць фантазію, часамі здаецца: яна з тых, з кім можна забыцца на непрыемнасці, бяздумна адпачыць.

— Ну, хопіць, хопіць, — адганяючы гэтыя думкі, пабадаў ён ілбом Валю. — Дамовіліся?

Насуперак усяму жончыны словы ўзнялі ўласную годнасць, настроілі на гуллівы лад.

— А Лагойшчына, а? Што за хараство? Чаго варты гэтыя ўзгоркі! Відаць, прыгажосць без узлётаў не мысліцца...

Аднак Валя ўлавіла, ад чаго ён стараўся адвесці яе.

— Запомні, Васіль!.. — перапыніла яго красамоўства, але затым перавяла размову на іншае: — А кнігу маю сапраўды збіраюцца прытрымаць — лічацца, маўляў, з грамадскай думкаю. Аказваецца, што празмерная чыстасардэчнасць — рэч таксама не добрая. Таму выходзіць, што і абараняць мяне і мець са мною справу стала неяк нязручна. Справядліва ж гэта ці не, мала каго турбуе... Сітуацыя!..

Цюкнула: ці недагледзела нешта і ў Васілю Пятровічу? Ці не дала нечаму ўкараніцца? Не ўберагла?..

 

 

1 Хто імкнецца да чужога, упускае сваё (лац.).

6

 

Дзень наогул выдаўся ўзбаламучаны. Не паспела Валя яшчэ забыцца на прыкрую, марную паездку, на раптоўную рэўнасць, што, мусіць, збіралася падспудна, пакрысе, як нечакана-негадана завітаў Кароль.

Пазваніўшы, ён адступіў да лесвічных парэнчаў і стаў там воддаль, падпёршы рукою бок і нечага чакаючы. Калі Міхал Шарупіч гаварыў пра яго паходы, Валя не дужа верыла, што Кароль заявіцца да яе. З мужчынамі яму лацвей — адкруціцца жартам, намякне на такое, аб чым хочацца, каб маўчалі, успомніць пра цяжкае, найдаражэйшае — і лёд крануўся. Мужчыны больш даверлівыя ў такіх акалічнасцях, больш спагадлівыя, асабліва калі справа даходзіць да чаркі. Але прыйсці да Валі? Кароль не з тых, хто не прачытаў «Наперадзе — перамога», і наўрад ці спадзяецца на яе колішнюю наіўнасць.

Ён стаяў моўчкі, быццам прыйшоў сюды пацікавіцца, што з усяго гэтага выйдзе.

— Чаго ж вы? Заходзьце, — запрасіла Валя, не знаходзячы іншага выйсця.

— Пазнала ўсё-такі!

Валя падумала, што, каб не падстрыжаныя пад вожык валасы, характэрны нос, пазнаць яго было б цяжка. Але змаладушнічала:

— Ну што вы!..

Кароль быў у форме — у сініх з чырвонымі кантамі штанах і ахоўнага колеру кіцелі. Праўда, без пагонаў. Расчасаўшы грабеньчыкам сівы вожык, сам пайшоў па кватэры, прыглядаючыся да мэблі, карцін. На Васіля Пятровіча ўвагі звяртаў мала і пра ўсё пытаўся ў Валі.

Дзіўная істота чалавек. Валя папракала Васіля Пятровіча за адходлівасць. А сама?.. Ведала, што не зможа стаць на бок Караля — час наўрад ці змяніў яго. Хто-хто, а ён паслядоўны. Але калісьці, у гадзіну высокіх душэўных узлётаў, яны сустракаліся, перажывалі разам смяротную небяспеку — і душа прасіла дараваць яму, адчувала блізкасць да яго.

«Не так бы кепска і было, каб сёй-той пазычыў у яго адданасці і бескампраміснасці, — падумала яна, стараючыся быць справядлівай. — Чаго-чаго, а лёгкага жыцця яму не трэба».

Выбраўшы момант, калі Кароль падышоў да стэлажа і выцягнуў з туга набітай паліцы кнігу, Валя мігамі і плячыма папрасіла ў Васіля Пятровіча парады, як быць далей. Той аказаўся больш паслядоўны — нахмурыўся і адмоўна заківаў галавою. Але Валя зрабіла вялікія вочы і падалася на кухню.

Васіль Пятровіч і дасюль заўважаў, як яна, упэўніўшыся, што ў іх будзе дзіця, лагаднела. У ёй укараняліся спакойная гасціннасць, роўныя, разважлівыя адносіны да ўсяго. Не тое што жонкі многіх знаёмых, якія, прывыкаючы да сытага камфорту, уваходзячы ў справы адказных мужоў, усё больш гулялі ў хованкі, хітравалі. Валя рабілася адкрытай, простай... «Ну і няхай, — казала яна бесклапотна, — а мы будзем аставацца людзьмі». Ведаючы гэта, Васіль Пятровіч, калі Валя вярнулася з талеркамі, яшчэ раз даў зразумець, што просіць яе не вельмі далікатнічаць.

Назіраючы за Валяй, якая спрытна завіхалася ля стала, Кароль падышоў бліжэй і з усмешкаю заклаў рукі за спіну. Пастава, усмешка гаварылі, што ён разумее гаспадароў і, апрача ўсяго, ведае пра іх нешта такое, аб чым яны і самі не падазраюць. Валі нават здалося, што ён вось зараз падымецца на насках, потым апусціцца на абцасы, а пасля падымецца зноў і скажа з апломбам: «Ну-с...»

Але пасля дзвюх чарак Кароль спахмурнеў, паклаў відэлец і нож на стол.

— Я ўсё-такі твой начальнік, Верас! — абвясціў ён, барвавеючы ад нахлынуўшай строгасці. — Га?

У Валі таргануліся куточкі вуснаў.

— Быў, вядома... У вайну... — удакладніў Кароль.

— Вы закусвайце, — параіў Васіль Пятровіч.

Кароль пасвідраваў яго вачыма і зноў перавёў іх на Валю.

— Ты, Верас, пісьменніца. Твой абавязак — разабрацца і ў тым, што было, і ў тым, што будзе. У цябе за плячыма вайна, цяпер таксама ў гушчы жыцця, і ты, па-мойму, разбярэшся. Толькі праўдзе ў вочы трэба глядзець.

— Стараюся, — прыкінулася наіўнай Валя, хоць гаворка з Каралём гняла яе.

Кароль недачуў. Але, калі Валя паўтарыла, на твары ў яго зноў з’явіўся выраз перавагі.

— Вось Зорына прымусілі падаць у адстаўку. Вызвалілі, так сказаць...

— Зорына час вызваліў, — паправіла Валя.

— Не бойся, людзей з яго біяграфіяй не так многа. Умеў прымаць рашэнні чалавек.

— Але прыйшоў Пракоп — кіпеў кроп, пайшоў Пракоп — кіпеў кроп...

— Прабачце, я мушу адлучыцца, — адсунуў ад стала крэсла і падняўся Васіль Пятровіч.

Менш саромеючыся адной Валі, Кароль сам наліў чарку і кульнуў яе ў рот. Выцер сурвэткаю губы, выпрастаўся і пацягнуўся ў крэсле.

— Успаміны пра падполле канчаю. Нялёгкі, выходзіць, хлеб у вас. І ведаеш, здаецца, нямала, а вось на паперу перакласці...

«А-а, вунь чаго ты завітаў!» — здагадалася нарэшце Валя, раўнуючы ўжо Караля да будучай кнігі, і сказала:

— Па-мойму, у падзеях разабрацца не лягчэй. Асабліва такіх, як вайна. Колькі вады сплыло, а дасюль, як бачым, не ўсе вузлы развязаліся.

— Га? Развяжам! — ухмыльнуўся Кароль. — Толькі не трэба спрашчаць.

— Не разумею.

— Ты, пэўна, чула пра Ваціка. Здаецца, шмат зрабіў для падполля. Кажуць, загінуў. А вось адну канспіратыўную кватэру ведаў толькі ён ды яшчэ двое, а правалілася. Вось так... — Але, убачыўшы, як уразілі Валю яго словы, ён збавіў тон: — Зразумей, дараваць колішнія праступкі ніхто нікому не даваў права. Тым больш — з падмочаных рабіць герояў.

Валя здзіўлена глянула на яго і падумала, як часам дзіўна атрымліваецца: зусім розныя, можна сказаць, супроцьлеглых полюсаў, людзі знячэўку сыходзяцца на адным. Малевіч і Кароль! Выдумляй што-небудзь больш несумяшчальнае — не выдумаеш. А вось на табе — абодва, кожны, вядома, па-свойму, намагаюцца прынізіць адно і тое ж.

— Як жа тады вы пішаце ўспаміны? — нецярпліва варухнулася на крэсле Валя і зноў падумала: «А як тады можа клясца ў сваёй любві да народа Малевіч?..»

Кароль не зусім зразумеў яе:

— Га? Вось таму я і прыйшоў да цябе. Памажы...

Падабаліся развагі Караля ці не — нешта пераканаўчае ў іх таілася. Да таго ж цяжка было быць непрымірымай у сваім доме. Аднак яна цвёрда, без хітрыкаў сказала:

— Не, таварыш Кароль, памагаць я не буду.

Ён збялеў, але выпрастаў плечы.

— Чаму? Зазналася ці праўды-маткі баішся?

— Мы занадта па-рознаму глядзім на рэчы. Я памятаю, як вы некалі казалі наконт ісціны. Але і крымінальнае права патрабуе, каб у падсуднага апрача абвінаваўцы быў абаронца. Ён таксама можа высветліць ісціну.

Пачуўшы іх узрушаныя галасы, вярнуўся Васіль Пятровіч.

— Спакойна, Валюша, табе нельга, — стаўшы ззаду,узяў ён яе за плечы.

Але гэта мала сказала Каралю. Ён сціснуў кулакі, пастукаў імі па стале і ўтаропіўся на Валю. Ды ад мужавага клопату Валі зрабілася добра — нядаўнія раўнівыя думкі яе, вядома, не мелі падстаў. Яна слаба ўсміхнулася.

— Дык, значыць, не хочаш зразумець і ты? — ужо абурыўся Кароль. — Думаеш, мне аўтарытэт патрэбен? Кар’ера? Ці іншая якая трасца? Навошта яны мне! Куды я іх — у магілу з сабою вазьму? Га? У мяне, апрача двухпакаёвай кватэры ды самага неабходнага, і цяпер нічагусенькі няма.

Грымаса гневу і болю перасмыкнула яго твар. Ён сунуў руку ў бакавую кішэню кіцеля і мітусліва пачаў нешта шукаць. І чым больш шнырыў, тым больш бляднеў і палохаўся.

— Няўжо цяжка зразумець, што я не пісьменнік і мне супроцьпаказана кіравацца толькі эмоцыямі? — усё-такі прамовіў ён, канчаткова даходзячы да сэнсу Валіных слоў. — Я на пасту стаяў і не менш, чым, скажам, Шарупіч, аб інтэрнацыянальнай місіі дбаў. Мая праўда павінна быць... асобай, праверанай праўдай!

— Няма такой асобай праўды! — адмоўна памахала рукою Валя. — Дый не вяжацца ў вас. Гісторыя краіны, па-вашаму, — адно, а гісторыя людзей — другое.

— Дык што ж, па-твойму, здраднікаў і ворагаў не было і няма?! Ты вось забіла Шакала, а яго намеснік у Мюнхене зараз аб’явіўся. Думаеш, сядзіць хрыстосікам?! Паслухай на кароткіх хвалях... А Рудзянка? Праз каго Вольгу Шчарбацэвіч з чатырнаццацігадовым сынам павесілі? Хто дзесяткі падпольшчыкаў прадаў? А толькі ж нядаўна вунь дзе, у Данбасе, знайшлі, — гнеўна прыкрыкнуў Кароль. Аднак страх зламаў яго: — У вас, мусіць, нітрагліцэрына... Дайце, калі ласка, хутчэй... Я не ўзяў свайго і баюся, калі забываю. Нервы. Ёсць, га?

Каб лепш пачуць, ён вылупіў вочы, на якія пачалі набягаць слёзы, і перастаў моргаць.

 

 

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ

 

1

 

Ты калі-небудзь сунімаў кроў, таварыш? Не сабе, а другому? Гаіў чужыя раны? Рабіў, каб другому было лягчэй? Не? Значыць, ты не рабіў надта важнага ў сваім жыцці. Павер!.. А вось сярод жанчын, бадай, такіх няма. Бо нельга выгадаваць чалавека, не выпакутаваўшы яго сталасці. Матак без горкіх турбот наўрад ці сустрэнеш. Наўрад ці ёсць такія і сярод сапраўдных мужчын. Бо хапіла на наш век і войнаў, і смерцей, і перамог, і выгнанняў. Не, той яшчэ не мужчына, хто не бачыў крыві, не пераадольваў страшнага не толькі ў імя свайго дабра.

А ці хоць думаў ты калі-небудзь пра другіх? Без злараднасці або захаплення імі, а дзелавіта, як старэйшы або пабрацім? Не? Значыць, ты не рабіў ужо самага галоўнага ў жыцці. Бо што ж тады адрознівае чалавека ад травы, ад жывёліны, як не клопаты аб усім — аб перажытым і наступным, блізкім і далёкім. Бо не можа быць вартым свайго імя чалавек, які не хоча, каб шчаслівыя былі другія. Яго абыякавасць, чэрствасць да другіх немінуча абарочваюцца чэрствасцю да яго самога і часта робяць астатнія дні гэтага чалавека страшнымі.

Так думала Валя. Але Валахановічу такія пытанні і думкі не прыходзілі. Ён быў занадта ўлюбёны ў сябе і навуку, што так імкліва рвалася цяпер наперад. Жыў у свеце высокай, чыстай думкі і, натуральна, лічыў гэта альфаю і амегаю ўсяго. Нават калі спускаўся да клінікі — бываў на кансіліумах, ставіў дыягназы, рабіў назначэнні, хворы як бы не існаваў для яго, былі толькі лобныя пазухі, мостмазжачковы вугал... Таму, магчыма, падобныя пытанні і дакоры сапраўды не датычылі Валахановіча. Ён лунаў у эмпірэях і на зямлю адно спускаўся адпачываць. І ўсё-такі, калі мірскія клопаты і меркі мала турбавалі Валахановіча, думкі аб тым, што гэта не зусім нармальна, асабліва пасля паездкі па ўзгоркаватай Лагойшчыне, сталі наведваць яго, хоць і з’яўляліся неяк знячэўку, не пакідаючы прыкметных слядоў.

«Калі ты жывеш сярод людзей, — разважаў Валахановіч, — адносіны паміж табою і імі, безумоўна, павінны быць пэўнымі і, так сказаць, двухбаковымі. За павагу і месца ў жыцці прынята плаціць не толькі працаю. Гэта элементарна і бясспрэчна. Але... але наўрад ці справядліва для ўсіх... Мая абыякавасць да жыццёвых дробязей і ўмоўнасцей з лішкам перакрываецца тым дабром, якое я прыношу людзям! Чалавека, на жаль, хапае на што-небудзь адно».

Глушыць сумненні памагала і Ала.

— Ты ўяўляеш... — пачынаў ён. — Аскоцкі, аказваецца, узгадняе з галоўурачом, каму з хворых калоць кокарбаксілазу, а каму — не. Уведзена цэлая шкала...

— Ну і што? — быццам не разумела Ала.

— Як бы табе сказаць... Паняцце «лекі» і «ўзгадніць» неяк выключаюць адно аднаго. Бо гэта, па сутнасці, узгадняць, каму прадоўжыць жыццё, а каму — не. Гэта значыць узгадняюцца пытанні, якія ў кампетэнцыі суда.

— Але ж я чула, што кокарбаксілазы мала.

— Вядома... Яе мы атрымліваем з Польшчы. Гэта праўда...

Або, скажам, Валахановіча раптам асяняла: ён амаль перастаў бачыць сястру.

— Дзе Ксюша? — з трывогаю аглядаўся ён на бакі.— Чаму яе няма за сталом?

Ала здзіўлена ўскідвала вочы.

— Яна на кухні. Табе чаго-небудзь трэба? Я падам.

— А-а, — быццам яму нешта рабілася яснейшым, цягнуў ён, з апетытам беручыся за яду. І зусім забываўся на сваё непрыемнае адкрыццё, калі Ала кідала:

— Змахні з барады крошкі...

У гасцінай і сталовай на месцы звыклых рэчаў, з якімі даўно асацыіраваліся ўтульнасць і спакой, пачалі з’яўляцца навінкі — лёгкія, нізкія, абцякальныя. Некуды зніклі карціны ў багетавых рамках, важкія парцьеры. Над вокнамі з’явіліся вузкія падвойныя, накшталт цацачнай чыгункі, карнізы з ролікамі, на якіх віселі стракатыя шторы. Калі Ала расхінала іх, — а гэта ёй падабалася, — карнізы абзываліся звінючым металічным шоргатам. Асабліва чужымі, падазронымі ў апусцелых пакоях здаваліся радыёла на кароткіх ножках і магнітафон, на стужцы якога былі ўжо запісаны англійскія бітлзы, смешная лухта і яго магутны прафесарскі храп.

Ксюша ў свой час любіла прыбіраць і бясконца тупала па пакоях з анучкаю ў руках. Але і гэта рабілася цяпер інакш. Каб, скажам, паліць кветкі, трэба было цягнуць з сабою страмянку — вазоны віселі над галавою на шнурах, стаялі высока на палічках, прыбітых да сцяны. Да таго ж Ала надзвычай любіла новыя рэчы. Яны неслі свае пахі, і ёй падабалася ўдыхаць іх. Ці то была новая гардзіна і пахла яна бярозавай стружкаю, кастрыцаю, ці тахта, ад якой ішоў казытлівы пах палітуры і клею. Падабалася перасоўваць мэблю ў пошуках «сучаснага інтэр’ера», і пакоі мянялі свой выгляд ледзь не штодзень. У кватэру рынуліся званкі — тэлефонныя, дзвярныя, пачаў усталёўвацца свой рытм, бязладны распарадак. І гэта ў сваю чаргу непакоіла Валахановіча, праўда, не само па сабе, а неяк аддалена, тым, што магло прынесці.

«А можа, проста старэю, і прычына ва мне, а не ў захадах Алы, — уломліваў ён сябе і тут, апраўдваючы жонку. — Шукаю схаваны сэнс, дзе яго няма... Якое глупства!..»

Сапраўды, усё навокал яснела, як толькі Ала, упёршы рукі ў бокі, з горда ўскінутай галавою, каралевай-спакусніцаю станавілася перад ім, быццам гатовая пусціцца ў зухаватым танцы, прытупвала нагою.

З хвіліну яна глядзела на яго высакамерна, «па-цыганску». Потым гэтак жа «па-цыганску» плечы ў яе перасмыкаліся, і Ала рабіла рухі, ад якіх галава і шыя перамяшчаліся бліжэй то да аднаго, то да другога пляча.

Гэта кожны раз паўтаралася бадай што дакладна, але нязменна ў Валахановічу абуджаўся мужчына, і ён, скароны, удзячны, прасіў:

— Ідзі сюды, калі ласка...

Ала крыху марудзіла — гэта трэба было ёй самой. Пасля капрызна адбівала чачотку, кружылася, даючы агледзець сябе, і, як бы знясіленая, падала яму на калені.

Ва ўсім гэтым не было дасціпнага. Выпірала грубаватая гульня. Ды, можа, якраз яе аголеная стараннасць і ласкатала нервы Валахановічу. Яму, насуперак усякай логіцы, падабалася тое непрыстойнае, што часам угадвалася ў Аліных рухах, жэстах, у паставе.

Прыпаўшы да яго, Ала церлася тварам аб бараду, запускала ў львіны загрывак растапыраныя пальцы. Яна варушыла імі і старалася зрабіць балюча.

Потым яны цалаваліся. Доўга, страсна, навобмацак знаходзячы губы адно аднаго.

Цётка Ксюша, чуючы іх пацалункі, ледзь не плакала ад крыўды, рэўнасці і закрывала вушы далонямі. Ёй рабілася страшна ад думак пра нябожчыцу Кацярыну Аляксееўну. А што, калі душа яе вітае ў доме? Унізіцельна за славутага брата, некалі вызваленага ад усяго на свеце Ларыка — як здзяцінеў пад старасць! — і агідна: сама Ксюша так не цалавалася і ў маладосці.

Ва ўсім уступаючы Але, у крайніх выпадках уцякаючы на дачу, Валахановіч мужна перанёс рамонт — пакуль бялілі столь, «мылаварылі» і нанава фарбавалі сцены, перасцілалі паркет, клалі ў калідорах узорысты лінолеум. Шкада было толькі Джэка, якога, каб не перашкаджаў, замыкалі ў ванным пакоі. Выходзіў ён адтуль паніклы, пакрыўджаны і нікога не прызнаваў, апрача Ксюшы, нібыта разумеў, што маладая гаспадыня распачала рамонт не ў час — позна, таму не ўхваляў яе, а заадно і гаспадара, які патурае ёй.

На тонкія, хітрыя планы Ала была яшчэ не здатна. Іначай яна сваё гаспадаранне ў доме якраз пачала б з рамонту, а не абнаўляла б пакрысе мэблю, не заводзіла б толькі ў сім-тым адметных парадкаў. Не відаць было і перашкод, што маглі паўстаць на дарозе. Цётка Ксюша — ціхманая, адданая брату істота, у разлік не ішла. Аднак рамонт усё-такі Ала распачала не так сабе. І, калі Ксюша запярэчыла, настаяла на сваім і ўзяла на сябе галоўны клопат. Тым больш што імя Валахановіча памагала лёгка знаходзіць усё, што было трэба.

Ала разумела: яе новыя парадкі пакладуць мяжу паміж тым, што было, і тым, што павінна быць. У кватэры, дзе на ўсім адчуваецца яе рука, і слова яе стане больш важкае. Праявіўшы ініцыятыву адзін раз, можна яе праяўляць, і другі, трэці раз. Тут важна пачаць...

Ходзячы па светлых, нібыта большых пакоях, пераконаны — гэта прыемна Але — Валахановіч рассеянна мацаў рукамі мэблю, эстампы, з шоргатам расхінаў шторы. І толькі аднойчы не стрываў.

Яшчэ ў пярэднім пакоі ён адчуў страшэнны смурод. Прачыніўшы дзверы ў сталовую, убачыў двух палацёраў, якія ў супроцьгазах наносілі на паркет нейкую ружовую фарбу.

— Чым гэта смярдзіць? — хрыпла спытаўся ён у Алы, якая ў яркім фартуху і ў касынцы з такой жа тканіны выбегла насустрач.

— А што, эфектна? Польскі лак, — нібыта не заўважыла яго абурэння Ала і пацягнула ў кабінет. — Ты не ўяўляеш, Іларый, гэта проста дзіва! Цэлы год блішчыць як шкло. Кажуць, можна разгледзець, якая на табе камбінашка.

Што раззлавала Валахановіча? Несцярпімы смурод, ад якога аж набягалі на вочы слёзы? Недарэчны выгляд палацёраў? Папсаваны адпачынак, якога чакаў і да якога настроіў сябе? Недарэчны пры такіх абставінах Алін жарт? Замятая ім размова ў бярэзнічку, якая невядома чаму ўспомнілася ў гэты момант? А магчыма, усё разам узятае? І ён упершыню сарваўся на крык:

— Я не хачу!.. Я не магу кожны дзень прыязджаць дамоў, дзе садом і гамора! Каму ты гэта робіш? Мне яно непатрэбна? Я працую як вол. Мне патрэбен адпачынак! Я пратэстую!

Гэта пакрыўдзіла Алу. Яна абпаліла яго позіркам і, пакідаючы ў кабінеце аднаго, ляпнула дзвярыма.

Пазней такая тактыка стала паўтарацца. І калі Валахановічу яшчэ карцела сварыцца, ён мусіў ісці шукаць Алу і, ходзячы следам, выгаворваць, што яго абурала ў ёй. Але хіба так можна было сур’ёзна сварыцца?

 

 

2

 

Калі рамонт скончылі, рашылі справіць наваселле. Праўда, ідэю падала Ала, але яе маўкліва падтрымала нават цётка Ксюша — чаму не адзначыць шчаслівае завяршэнне такіх клопатаў? Падтрымаў і Валахановіч. Рамонт гэтак астачарцеў яму, што захацелася новых турбот, якія памаглі б зрабіць абрыдлую падзею нечым такім, з чаго, успамінаючы, можна было б пажартаваць.

У Алы ж былі свае прычыны. Хацелася панаракаць на пераадоленыя цяжкасці. Пахваліцца тым, што і як удалося зрабіць. Карцела ў прысутнасці чужых сцвердзіць сваю годнасць гаспадыні, пакрасавацца ў новай ролі. Нарэшце, з днямі расло перакананне: яна не толькі заняла тут сваё належнае месца, але ў нечым і ахвяравала сабою дзеля Валахановіча. Таму няхай даруе некаторыя яе капрызы, няхай прывыкае вазіць саначкі — яна таксама чалавек! Ёй патрэбен куточак у жыцці, дзе б яна адчувала сябе вольнай і магла блазнаваць, забыцца на ўсё.

 

Гасцей запрасілі нямнога — Аліных бацькоў, з якіх, ведалі, прыйдзе адзін Ілья Гаўрылавіч; з бліжэйшага акружэння — Разінскага і Аскоцкага з жонкамі, да якіх нядаўна ездзілі самі; Юркевічаў, якім — ёсць такія сапернікі ў жыцці! — Ала абавязкова хацела нешта давесці, і скульптара Ражбу, які ляпіў бюст Валахановіча.

Пакінуўшы на бацьку мужчын, Ала пацягнула жанчын паказваць пакоі, выкладзеную беласнежным кафелем ванную, абновы, нядаўна набытыя рэдкія рэчы. Аднак неўзабаве ў пярэдняй пачуўся голас гаспадара, шумнага, як госць, і ўсе рушылі яму насустрач.

Валахановіч прыехаў не адзін. Звыклымі рухамі расчасаўшы сваім адмысловым грабеньчыкам бровы, бараду, ён узяў пад локаць незнаёмага маладога хлопца і пакланіўся гасцям.

— Добры вечар, лэдзі і джэнтльмены! Знаёмцеся, і ты, Ала, — прывёз замест Аскоцкіх. О tеmроrае, о mоrіs!1 У іх сямейная непрыемнасць — сын трапіў у міліцыю. Забралі прама з дачы. Здаецца, пабіў перад арміяй бабулю. Але цяпер модна апекаваць маладых, і я рызыкнуў. Тым больш мой пратэжэ працуе пад кіраўніцтвам Юркевіча, і заўтра да яго прыязджае мама. Спраектаваў нам новы корпус. Па-сучаснаму выразна, з арыгінальным інжынерным рашэннем. У некаторых закружыцца галава. І паглядзелі б, як адбіваўся ад нашых эканомаў!

Ала пераглянулася з бацькам.

— Занадта шматслоўна, Іларый! — сказала яна, быццам Віктара тут не было.

— Ён сёння выказаў цікавую думку...

— Адну? — зрабіла круглыя вочы Ала, спадзеючыся: муж перадасць ініцыятыву ёй.

Аднак Валахановіч, у якога іранічнай самастойнасці дома хапала ненадоўга, адразу не здаўся:

— А іх, на жаль, не так ужо многа, Алачка...

За стол садзіліся весела, шумна. Перакідваліся жартамі, не тоячыся, разглядалі адно аднаго. І, вядома, Віктара — спакойнага, упэўненага, са строгім касым праборам, у чорным, з двума, як рабілася модным, шліцамі пінжаку, у штанах з напускам на пятку лакіраваных вастраносых чаравікаў. Увага не бянтэжыла яго, ён стрымана пасміхаўся ў адказ і толькі часам узрываўся смехам.

Не ў гуморы быў толькі Понтус. Ён неспадзеўкі замкнуўся, размаўляў з адным славутым зяцем, але, падвыпіўшы, усё-такі захапіў правы тамады і пачаў абвяшчаць тосты за прысутных жанчын. Яго красамоўства было настолькі дзейснае, што цётка Ксюша, якую ён абмінуў увагаю, устала і падалася са сталовай, трымаючы ля рота хустачку.

Валя заўважыла гэта і, ведаючы — яе адсутнасць цяпер не кінецца ў вочы, пайшла за Ксюшай, якую было шкада:

Тая сядзела ля кухоннае пліты, тужліва падпёршы рукамі падбародак. Запалыя вочы танулі ў слязах, маршчыністыя, як бы адцягнутыя шчокі былі мокрыя.

— Што я ім зрабіла паганага? — паскардзілася яна, убачыўшы Валю. — Я нават перашкаджаць не ўмею. Уся ў клопатах, і ўсё аб іх. Стамляюся, што людзі, паверыце, усе на адзін твар здаюцца. Дзень ад вечара не адрозніваю. А выходзіць — я ў цяжар ім. І толькі таму, што нешта бачу, чую. Хоць ты аслепні і аглухні зусім.

— Дарэмна вы так гаворыце, — паспрабавала супакоіць яе Валя.

— Не, мілая, не! Нікога так не хочацца прынізіць, як бясслоўнага сведку. Ён жа нешта ведае, а значыць, — нешта думае, напамінае, аб чым хочацца забыцца. А што, калі ён загаворыць?.. Я мо цяпер толькі зразумела, чаму людзі ў секты ідуць. Каб хто там пашкадаваў ды прыгарнуў мяне зараз, здаецца, і я пайшла б.

Валя падумала: гэтая ціхая жанчына, аказваецца, упартая, і яе ўпартасць, відаць, скрыжавалася з упартасцю Понтусаў. Вось і найшла каса на камень. «Усё! Міру не будзе ў гэтым доме, хоць нападаць і мучыць будзе адна старана...»

— Раз так, паехалі б да сястры. Вас з радасцю прымуць, — параіла яна.

— Прымуць, вядома, а Ларык? — ударыла сябе крыж-накрыж па грудзях Ксюша. — Ён жа ў мяне раней як з іголачкі хадзіў. Калі і зацырую пінжак, дык, здаецца, гэта таксама ўпрыгожвае яго. Прыстойны, спакойны. А цяпер — тфу! Ні на адным паліто вочапкі няма. З Фінляндыі аўтаручку з голай бабаю ў наканечніку прывёз. Барадзішча — і вачэй не відаць. Валахаты, зарос для сваёй Алачкі, як дзікабраз. А ёй што? Што ёй? Пачэпіць цыцкі за шыю і бегае... — І асеклася: у кухню заглядала Ала.

— Ах, ты тут?.. — нядбайна кінула яна Валі, ігнаруючы залоўку. — А я думаю — чаго гэта твой супруг так смела трымае сябе — нават да ручкі прыклаўся...

У сталовай асталіся толькі Васіль Пятровіч, Понтус і Малевіч, які, паводле яго слоў, завітаў з Ахайлам на агеньчык. Астатнія танцавалі ў гасцінай.

Малевіч красамоўнічаў, але быў пахмуры, прыгнечаны, Валі здалося, што і гаварыў ён прымушаючы сябе, бо, мабыць, дасюль недзе нядаўна граміў сваіх субяседнікаў, прачуў, што перадалі пра гэта, і для прэстыжу паўтараў усё нанава ім у вочы — хай знаюць, што ён не крывіць душою. Але, прыгледзеўшыся, Валя заўважыла: не, ён за нешта помсціць Понтусу і Васілю Пятровічу і здаволены, што можа рабіць гэта ў яе прысутнасці.

Яна прысела побач, не перастаючы здзіўляцца сама сабе, як гэта яна не так даўно ў нечым апраўдвала Малевіча, што-колечы прымала з яго пропаведзей... Уразіла яго настойлівае жаданне прынізіць, зняважыць Васіля Пятровіча. Ён на розныя лады скланяў, што іх пакаленне перш за ўсё падзяляюць адносіны да праўды. Але, даводзячы гэта, перакручваў, падтасоўваў факты, валіў Васіля Пятровіча ў адно з Понтусам. Разумеючы — каб быць пераканальным, трэба пазбавіць Васіля Пятровіча арыёла бездакорнага сумлення, зрабіць бяздарным, — зыходзіў з гэтага як з бясспрэчнага факта і на гэтым будаваў усе вывады... Васіль Пятровіч маўчаў. І толькі як убачыў, што Валя паціснула плячыма, насупіў густыя бровы.

— Вы, Малевіч, ганарыцеся, што бунтуеце, — сказаў ён. — Але я не чуў, што іменна вы сцвярджаеце. А ў нас, архітэктараў, разбурыць — толькі чвэрць справы.

— О-хо-хо! Не бойцеся, сапраўднае вытрымае, уцалее...

— Лухта! — строга перабіў яго Понтус, які дасюль сядзеў з застыглым тварам, прыкрыўшы ніжнюю губу верхняй. Аднак было відаць: ён абарваў Малевіча не таму, што шчыра абурыўся, а каб паказаць пры сведках свае адносіны да ерасі.

— Дапусцім, — на злосць яму згадзіўся з Малевічам Васіль Пятровіч. — Але, паўстаючы супроць таго, што лічыце заганным, вы... м-м... з бруднай вадою выплёхваеце і дзіця.

Малевіч, які нядбайна паглядаў на бакі, паказваючы, што пагарджае чутым, устаў. Зняў пенснэ, пахукаў на яго, са здзеклівай павольнасцю пацёр насоўкаю, глянуў на святло.

— Ну-у? Вы лепш скажыце, што ўяўляе сабой нават ваш хвалёны праспект? Назавіце хоць адзін цікавы будынак. Гэта ж суцэльная бяздарнасць.

— Так здаецца таму, што вам усё там чужое.

— Тайга! Зноў не даходзіць! Тады я працытую старога Герцэна. Герцэна! Разумееце? «Якое шчасце ў час памерці чалавеку, які не ўмее ні своечасова сысці са сцэны, ні ісці наперад». Або больш папулярна — падлюгі і жывыя нябожчыкі варты адны другіх. Вось вам і дзіця!

Гэта ўжо ўзарвала Валю. Усё перадуманае за гэтыя дні як бы нахлынула на яе, і, ведаючы, што кладзе канец нават вонкавай прыстойнасці ў адносінах Малевіча, сказала:

— Прабач, Анатоль, але ты нагадваеш мне Караля. Чуў пра такога? У вас дзівоснае падабенства. І ў ацэнцы святых рэчаў, і ў поглядах на іншамысных. Толькі ў яго ад самагіпнозу, ад своеасаблівых поглядаў на сваё месца ў жыцці, а ў цябе ад самаўлюбёнасці, а можа, і малавер’я.

Малевіч фыркнуў. Ускінуўшы галаву, адсунуў ад сябе крэсла і з выглядам, што абавязак свой выканаў, пашыбаваў у гасціную.

Ала танцавала з Віктарам, Ахайла з Разінскаю — яркай, статнай жанчынаю з капною рыжых валасоў. Калі Ахайла круціў Разінскую, валасы ў яе разляталіся, і здавалася, што між пасмаў праскокваюць іскрынкі. Сам Разінскі іграў на піяніна. Ля яго, схіліўшыся, быццам гатовы гартаць ноты, стаяў скульптар Ражба. Валахановіч у позе мудраца сядзеў наводшыбе ў нізкім каляровым крэсле і, паклаўшы далонь на лабэціну Джэка, думаў.

Калі Разінскі скончыў іграць і, трымаючы разведзеныя рукі прыўзнятымі, паглядзеў на танцораў, чакаючы заказу, Малевіч падышоў да Алы.

— Наступны за мной. Прашу...

Адзначыўшы сабе, што яна знарок, каб не пакідаць надзеі, без ахвоты паклала яму на плечы рукі, і без таго абражаны Валінымі словамі, злосна прыжмурыўся.

— Гэта што — ход? — пайшоў напрапалую, захліпаючыся. — Ці спісваеш у тыраж?

— Можа быць, — адказала Ала, перакручваючы словы.

— Нядаўна, едучы да цябе, я падслухаў дзвюх фіф. Расказаць? Можа, падумаеш? «Ах, ах, няўжо выйшла? — здзіўляецца адна. — Ну і як ён?» — «А хто яго ведае. Кажуць, паніжаная кіслотнасць. Затое мужчына ў доме...» Праўда, цудоўная філасофія?

— Я не жыла яшчэ і таму жыць, а не філасофстваваць хачу, — чуць пабляднела Ала.

— Перадавалі, твой, калі адчувае сябе мужчынам, пляскае ў далоні.

— Ты забываешся, што я не запрашала цябе.

Аднак Малевіч скасіў вочы на кончык носа і, дзівацячы, некалькі разоў, як гуляюць у ладусі, пляснуў перад сабою ў далоні.

— Паміж іншым, у Шмакава захаваліся адкрыткі, што прывёз з Францыі, калі мы ездзілі вакол Еўропы. Магу падкінуць як сродак...

Вусны ў Алы зморшчыліся, бледнасць, што з’явілася на твары, пабіла на плямы.

— Маўчы ўжо!

— Гэта бязбожна, Алачка, я ж чалавек! — выгукнуў ён і сарваўся: —Не думай, што ношка, якую я ўзваліў на сябе, прыемная.

— А каму ад гэтага лягчэй?

— Я маю права не на такое. Мне крыўдна.

— Крыўдна? — ледзь чутна, быццам нечым перахапіла ёй горла, перапытала Ала. — А мне як?.. Думаеш, я не ведаю, што твая харошая ўжо дзяжурыць у тваім, а мо ў нашым пад’ездзе? Што адна з фіф — яна! Што ты, просячы тут літасці, з другімі, каб паказаць сябе, здзекуешся з мяне! Ты і адстаўкі баішся праз самалюбства...

— Я шчыра. Клянуся!

— Ды калі і шчыра, таксама ад гэтага нікому не лягчэй.

Ёй на самай справе зрабілася балюча, крыўдна. Ды не толькі на Малевіча, а і на мужа, які з пустымі стомленымі вачыма сядзеў адзін; на дуркаватую Ксюшу, якая, безумоўна, паспела бог ведае чаго наплесці там, у кухні, на гасцей, што бесклапотна кружыліся ў вальсе. І ўсё-такі перад усім на... Валахановіча. Гэтая пустата наркамана, што ўсё часцей раскрывалася ў яго вачах, палохала Алу і раней. Пасля ж нахабнай выхадкі Малевіча яна ўзняла цэлую каламутную хвалю, ад якой зрабілася аж моташна.

— Адыдзі зараз жа! І лепш не чапай ні мяне, ні маіх гасцей... А то і я знайду, чым аддзячыць, — з пагрозаю, амаль непрытомна прашыпела яна і, каб чулі ўсе, звярнулася да мужа: — Чаму ты адасобіўся, Іларый? Я хачу яшчэ віна. Па-мойму, і твой хроснік за. Так, Віктар? Васіль Пятровіч, дзе вы там? Мне сумна без вас!

— Хіба што... — быццам апрытомнеў Валахановіч. — Парою, як ні дзіўна, самыя відавочныя ісціны выказваюць жанчыны. Люблю жанчын! Шкада толькі, што маладосць не кожны год вяртаецца.

— Ты некалі, Іларый, ужо гаварыў гэта! — не вытрымала Ала.

 

 

1 О часы, о норавы! (лац.)

3

 

Віктар быў трошачкі азадачаны. Дом Валахановіча, уклад у ім уяўляліся яму інакшымі. Ва ўсякім разе, больш старасвецкімі або, наадварот, сучаснымі і абавязкова адпаведнымі магутнай, імпазантнай асобе акадэміка. А яны не былі ні працягам дзелавітага жыцця Валахановіча, ні прыстанішчам ад яго.

Успомніўшы Алу, Віктар прыцмокнуў языком, азірнуўся, быццам яго маглі пачуць ці здагадацца аб юрлівых думках.

«Во рысь! — крыва ўсміхнуўся ён. — Во сіла! Здаецца, назнарок хацела спаіць... Дзякуй Валянціне Сяргееўне — апякуе пільней, чым шэф».

Ён ведаў, што вып'е, і не ўзяў «Масквіча». Бачачы, як праносяцца міма аўтамашыны, адчуваў і свабоду і зайздрасць разам. Таксі можна было ўзяць ля ГУМа, але, каб прайсціся, ён наўмысна падаўся на дальнюю стаянку — да вакзала. Людзей на праспекце было яшчэ многа. Рух рэгулявалі светафоры, і машыны перад скрыжаваннямі сігналілі ўспышкамі фар. Гэта выклікала рэакцыю аўтамабіліста: «Во марсіяне!..»

Каля прыземістага шэрага паштамта Віктар прыпыніўся. Каб зручней было назіраць, наблізіўся да самага парапета, што аддзяляў тратуар ад маставой.

Перад ім у агнях распасціралася плошча Леніна.

«Добра, што гэтую купецкую будыніну, якая тырчала пасярод, шэф паспяшаўся прыбраць. Можа ж часам!» — падумаў ён мімаходзь і па-хлапечы расцягнуў губы.

Тралейбусы, легкавушкі, аўтобусы як бы абцякалі плошчу. Ад віядука, над якім дрыжала светлае апалавае морыва — водбліск чыгуначных агнёў, імкнуў цэлы паток. Праспект там забіраў лявей, і перасякаць скрыжаванне даводзілася амаль па дыяганалі. Гэта блытала некаторых вадзіцеляў, асабліва тых, хто пад’язджаў з вуліцы Свярдлова. Вось і цяпер увішны «Іж-Планета», не прапусціўшы тралейбуса, мігаючы прыробленым да руля сігналам, пайшоў на паварот пад самай яго тупой мордаю.

«Куды ты, дзівак? — вылаяў яго Віктар. — Тваё шчасце, што не на таксіста нарваўся». І пакуль тралейбус мінаў скрыжаванне, глядзеў у яго ярка асветленыя вокны.

Ён зноў нагадаў дом Валахановічаў, Алу. Як танцаваў з ёй, як потым, сеўшы паміж ім і Васілём Пятровічам, яна касілася на Малевіча, нядобра смяялася і падлівала ў чаркі віно. Адзначыў: яму рупіць думаць пра яе. Здагадаўся чаму — адчуў у Але нейкую заганную, з надрывам адкрытасць.

У гэтую хвіліну нехта паклаў яму на плячо далонь. Здзіўлены, Віктар павярнуўся. Перад ім стаяў напяты, як струна, той самы нецярплівы матацыкліст. Пазнаў: некалі вёз яго з Лёдзяй у філармонію.

— Зноў ты? Пашалапутнічаць захацелася? Яе чакаеш? — спытаўся той, прыплюшчваючы вочы.

— Што значыць — яе? — не зразумеў Віктар, падумаўшы спачатку, што ў яго пытаюцца пра Алу. — Прымі руку.

— Чаго табе трэба ад дзяўчыны? Чарговая прыгода? Так? Дык ведай, у яе ёсць сябры. Абароняць і ад футбалістаў і ад іх балельшчыкаў.

— Прымі руку і не хамі. У мяне другі разрад...

Магчыма, яны пабіліся б — Віктар, баронячы сваю амбіцыю, Цімох — сваё права служыць Лёдзі, з якой, мусіць, зноў не паладзіў. Але ўсё гэта раптам здалося Віктару такім пацешным, што ён рассмяяўся. Навошта яму Цімох ці тая дзяўчына? Навошта наогул што, калі наперадзе закружылася нешта заваблівае, яшчэ нязведанае?

Ён павярнуўся да Цімоха спінаю, наставіў каўнер паліто і рушыў да вакзала. У скверы між цёмных галін таполяў і клёнаў убачыў над сабою зоры — буйныя, не гарадскія. Сіліўся ўспомніць, ці былі яны там, над плошчаю, але не ўспомніў і зразумеў: трэба хутчэй у таксі.

Прапусціўшы лавіну імклівых аўтамашын, Віктар сабраўся быў пераходзіць Прывакзальную плошчу, як раптам на прыпынку ў тралейбусе заўважыў Лёдзю. Залітая святлом, агароджаная ад усяго безуважнасцю, яна сядзела бадай што адна. Падхоплены парывам, Віктар падбег да акна і пастукаў. Лёдзя нахмурылася і, прыставіўшы да лба далонь казырком, упрытык наблізілася да шыбы. Так блізка ён яшчэ не бачыў ні Лёдзінага твару, ні яе вялікіх строгіх вачэй.

Яны былі амаль ля самых яго зрэнак.

Яму здалося, што ён адчуў яе дыханне. І тады, куражачыся, а можа, і шчыра, Віктар прыпаў губамі да шкла. Потым, баючыся, што тралейбус кранецца, кінуўся да дзвярэй. І сапраўды, калі ён ступіў на падножку, яны са ўздыхам ссунуліся ў яго за плячыма.

Пазнаўшы Віктара за акном, Лёдзя спалохалася, але цяпер сядзела спакойна, як дзяўчынка, разглядаючы сашчэпленыя пальцы рук. На яго прывітанне адказала, быццам дзівацкай Віктаравай выхадкі не было зусім. Якраз гэта і не дазволіла Віктару падсесці да яе, і ён прымасціўся побач, цераз праход.

— Правільна, — сказаў ён са штучнай развязнасцю. — Не здавайся ні ворагу, ні другу, ні сабе... А Мінск, аказваецца, не такі ўжо вялікі...

Лёдзя змоўчала, успомніўшы свае колішнія падазрэнні.

— Дзе вы так позна былі?..

Некаторыя словы маюць цудадзейную сілу. Некалі Віктар прачытаў на дзвярах магазіна шыльдачку: «Абед з... да двух». І з той пары па самых нечаканых сувязях, але часцей за ўсё, калі адчуваў прыліў радасці, успамінаў гэтыя па сутнасці бяссэнсавыя словы. У Сердзюка-старэйшага, Віктар ведаў, таксама былі свае неадменныя фразы, якімі ён выказваў і ўзрушанасць, і надзею, і заклапочанасць. «Я казу: «Ганна!» Яна каза: «Га!» Я казу: «Ганна!» Яна каза: «Га!» — часта паўтараў ён, гуляючы ў шахматы, працуючы за чарцёжнай дошкаю ці проста наліваючы ў шклянку чай.

Вось і цяпер Віктару ў галаву прыйшлі словы, што невядома чаму палюбіліся.

— З... да двух, — дурасліва закончыў ён з вераю, што яму ўсё роўна пашанцуе.

— Не разумею, — ускінула на яго вочы дзяўчына.

— Я кажу: з... да двух... Так было напісана на адной магазіннай таблічцы.

— А-а, — усміхнулася Лёдзя. — Калі ў Карэі ішла вайна, бацька аднойчы вычытаў, што Народная армія на поўдні ўзяла Тэгу. Дык з таго часу, як толькі разыдзецца, крычыць: «А нашы Тэгу ўзялі!»

— Во-во... А я чутачку выпіў. Часамі трэба расслабіцца. Ёогі называюць гэта савасанай. Але мне ўсё-такі здорава шанцуе! Ва ўсім. Я ж, па сутнасці, шукаў вас, Лёдзя... Разумееце? З... да двух...

Пасажыраў пачало большаць, і неўзабаве яны ўжо стаялі ў праходзе, аддзяліўшы Віктара ад Лёдзі. Узнікла апасенне, што на аўтазаводзе дзяўчына пастараецца выйсці. Але яна пачакала, пакуль пасажыры стоўпіліся ля выхада, і падышла да Віктара.

— Пойдзем, — сказала заклапочана.

— Куды, Лёдзя? — здзівіўся ён.

— Я пасаджу вас у таксі. Трымайцеся.

— Надумалі сплавіць? Не трэба. Я ж не такі ўжо п’яны. Мне проста хораша, Лёдзя. Апрача таго, п’яны чалавек, як пісаў Колас, святы чалавек.

Яму было прыемна называць яе імя, і ён адкрыта паказваў гэта. Праўда, Лёдзя паспела ўжо заўважыць, што і раней ён не вельмі стрымліваў сябе, дэманстраваў сваю шчырасць, але ёй таксама стала добра, і, каб аддзячыць Віктару, яна ўзяла яго пад руку.

 

 

4

 

На плошчы, каля аўтазаводскага універмага, стаяла адно таксі.

За рулём, стомлена адкінуўшыся на спінку, сядзеў чубаты хлопец у насунутай на лоб форменнай фуражцы. У кабінеце чулася музыка, і ён не то драмаў, не то ўважліва слухаў яе.

— «Лебядзінае возера», — сказала Лёдзя, спадзеючыся, што гэта паможа Віктару засяродзіцца, і ён возьме сябе ў рукі.

Але Віктар пахіснуўся, пацягнуў яе ўбок.

— Не, гэта — Сен-Санс... — запярэчыў ён. — Я таксама некалі блытаў, Лёдзя. І ў гэтым вінаваты балет...

У тралейбусе яго разабрала. Ён адчуваў гэта сам, але ніяк не хацеў пагадзіцца і верыў, што ўсё ў яго пакуль што выходзіць нават лепш, чым у другіх.

— Друг... — звярнуўся ён да таксіста, — праўда, Сен-Санс?.. Ну, скажы сваё аўтарытэтнае слова...

Той выключыў прыёмнік, апусціў да канца шыбу ў дзверцах.

Лёдзя хуценька адштурхнула Віктара, схілілася да акенца.

— Падвязіце яго, таварыш, да Валгаградскай. Ведаеце, за паркам Чалюскінцаў?

Таксіст адмоўна паматаў галавою. І тое, што ён прамаўчаў і глядзеў перад сабою ў ветравое шкло, напалохала Лёдзю. Яна і раней, як толькі рашыла не пакідаць Віктара аднаго, з трывогаю чакала, ці возьмуць яго на таксі. «Як быць тады?»

— Я прашу вас, вельмі. Ён заплаціць як след, — зачасціла яна з выглядам, што іначай і быць не можа.

Таксіст пазяхнуў.

— Не магу. Бачыце, які ён у вас харошы?

— Не хамі! Сам ты дабёр бабёр! — дзёўб сваё Віктар. — Я пехатою пайду, Лёдзя! Вось толькі запішу нумар і пайду. Няхай тады адказвае, калі што. Ты ведаеш, каму хаміш?

Яна зазлавала таксама, хоць выхваленне Віктара і яго пагроза былі хлапечыя.

Але вось гэтая самаўлюбёная наіўнасць і змякчыла злосць, зрабіла яе паблажлівай. Такі Віктар быў яўна бездапаможны, і Лёдзя адчула адказнасць за яго. А гэта, у сваю чаргу, зблізіла іх...

Уявілася, як маці здзівіцца і ахне, калі адчыніць дзверы і ўбачыць з ёю незнаёмага п’янага хлопца, як пакліча яе ў кухню і шэптам пачне выгаворваць, дакараць, можа плакаць і ламаць рукі.

Пасля сваркі з-за Цімоха, калатні, распачатай Лёдзяй у цэху з-за Кіры і заробку навічкоў, маці замкнулася. Часта пазірала, бы са схованкі, крадком як на незнаёмую. Сама рэдка ўжо сварылася на яе, а больш скардзілася бацьку, прасіла, каб ён паўшчуваў, настояў на сваім. Відаць, баіцца нечага страшнейшага і стрымлівае сябе.

А магчыма, адчувае: у жыцці ёсць нейкая свая праўда, яна за дачку, і тут нічога не паробіш, на сваім не паставіш. Ды ўсё роўна змірыцца не можа і, калі што-якое, забожкае, пачне крычаць. Бацька ж заўсёды вызначаўся разважлівасцю. Працаваў многа, ахвотна.

Цяпер жа праца, здаецца, прыносіць яму яшчэ большае задавальненне. Перад ім як бы адкрыліся далёкія далі, і ён, чэрпаючы ў гэтым сілу, імкнецца суадносіць свае словы з гэтым нанава адкрытым светам. Таму, натуральна, унікае натацый, дае Лёдзі свабоду, размаўляе як з роўнай і, мабыць, вельмі даражыць яе любоўю. Паміж імі і маці ў гэтых адносінах ёсць нешта накшталт саперніцтва, хоць тая і не хоча саступіць ні ў чым дачцэ. Аднак, хутчэй за ўсё, гэтым разам бацька ўзарвецца таксама: дзве рэчы не даруе ён — абыякавасці да навакольнага і безадказных дэманстрацый.

Лёдзя падняла рукі да грудзей, спляла пальцы, распляла іх і зноў спляла.

— Хадзем да нас! — з выклікам сказала яна.

Яе словы не адразу дайшлі да Віктара. Няцвёрда ступаючы побач, ён дзівачыў, круціў галавою. У скверы знянацку спыніўся і сеў на лавачку пад сасною. Яна ўзяла яго за руку і пацягнула, каб падняць, але ён не даўся.

— Пачакайце, Лёдзя... Куды мы ідзём?.. Да вас?

— Вядома.

— Смехата! Я ж пасля магу забіць сябе... Вы ж не будзеце мяне паважаць. Паверце, я ўсё зраблю!..

Гэта было падобна на трызненне, але абудзіла спачуванне. Ён недзе згубіў кепку і цяпер сядзеў перад Лёдзяй ускудлачаны, паслухмяны.

— Бачыце, пачынаецца дождж? Што тут такога? Праспіцеся і паедзеце дамоў.

На момант ён працверазеў. Сеў раўней, зачасаў назад валасы дзвюма рукамі і выцягнуў іх перад сабой, правяраючы, ці сапраўды ідзе дождж. Пачуў ужо знаёмы — нястомны, як падземны пры дажджы гул завода. «А ён працуе...» — падумаў.

Буйныя, халодныя зоры там, над гарадскім скверам, запалі яму ў памяць, і, не верачы, што на руку падаюць кроплі, Віктар падняўся і выйшаў з-пад кроны сасны.

— Але, надвор’е не лётнае... — І раптам з адчаем, палохаючы Лёдзю, пляснуў далоняй па лбе. — Я зусім здурнеў, Лёдзя! Як мог я забыцца?.. Заўтра да мяне прыязджае мама. Мне трэба сустрэць яе...

Ледзь не бягом яны вярнуліся на плошчу. Таксі яшчэ стаяла.

— Дайце вы яму дзесятку, — загадала Лёдзя, хвалюючыся і падтрымліваючы Віктара пад локаць.

За заводскім гулам шуму дажджу не было чуваць. Плошчу асвятлялі рэдкія ліхтары, таму і відаць дажджу не было. Але ён ішоў, большаў. Асфальт на плошчы цямнеў. Пачынаў па-шкляному пабліскваць.

Лёдзя з ходу адчыніла заднія дзверцы таксі і, бадай што сілаю прымусіўшы Віктара ўлезці ў машыну, крыкнула таксісту:

— Ды будзьце вы чалавекам! Эх, вы!..

— Добра, — з халоднай жорсткасцю сказаў той, — я буду чалавекам і завязу вашага прыяцеля ў выцвярэзнік. Во дзе яны, гулякі-чыстаплюі, у мяне сядзяць, — і стукнуў сябе па патыліцы.

— Дык ён жа архітэктар! Вы, можа, у ягоным доме жывяце ці будзеце жыць!

— Тым горш.

— Тады я еду з ім. Я маю права везці...

Не даўшы Віктару запярэчыць, яна прымусіла яго пасунуцца і села поруч. Гэта так уразіла Віктара, што адняло мову, і Лёдзя ўбачыла, як на вачах у яго заблішчалі слёзы. П’яныя слёзы — не слёзы, але яны кранулі Лёдзю, зрабілі дабрэйшай. Размаўляць з п’яным, ды яшчэ пры старонніх, цяжка — не ведаеш, як ён зразумее твае словы, чым і як адкажа на іх.

У яго свая логіка. Яму трэба дагаджаць. Дый, загаварыўшы, ён коціцца, як з гары. Пачне дзякаваць — лезе цалавацца, пачне пярэчыць — скрыгоча зубамі. Не можа, каб словы не падмацаваць дзеяннем. І ўсё-такі, ведаючы, што з п’яным лепш маўчаць — тады ён больш паслухмяны, Лёдзя не стрымалася.

— Усё будзе добра, — як малому, сказала яна Віктару, — праз паўгадзіны будзеце дома. Толькі не забудзьце завесці будзільнік.

Яна злавіла сябе на тым, што цяпер, калі ўсё ўладзілася, ёй карціць падражніць Віктара, пазабавіцца з яго, пахадзіць блізка ля небяспекі.

— Чым я аддзячу вам? — спытаўся Віктар.

— Адным — слухайцеся...

Па ветравым шкле матляліся «дворнікі». Яны сціралі струменьчыкі вады, адсоўвалі іх то ўправа, то ўлева. Праз расчышчаныя вееры відны былі доўгія ніткі дажджу, мігатлівая ў святле ліхтароў вуліца з ліпавымі прысадамі.

Перад заводскім паркам таксіст уключыў фары. Промні ляглі на мокры, паглянцаваны асфальт, які адразу выцягнуўся і хутка-хутка пабег насустрач, пад машыну.

 

 

РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ

 

1

 

Віктар прачнуўся ад адчування, што на яго глядзяць. Не расплюшчваючы вачэй, нахмурыўся, пацягнуўся. Першае, што адчуў, — боль у галаве. Балюча было думаць, усведамляць, што вось зараз трэба ўставаць, нешта рабіць. Успомніў учарашняе, Лёдзю і застагнаў ад прыкрасці. Няўжо Ала знарок, каб скампраметаваць, напаіла яго? А ён?..

«Фіцюлька!» — вылаяў сябе Віктар і раптам, не ведаючы яшчэ чаму, затрывожыўся. Трывога ўзнялася аднекуль з нутра, ахапіла яго, засланіла боль. Яму стала страшна. «Вакзал!..» Намаганнем волі расплюшчыў цяжкія павекі і атарапеў — каля ложка стаяла маці.

Яна была ў знаёмай хустцы і дэмісезонным паліто — карычневым, у клетку. У руцэ трымала знаёмы жоўты чамадан, увязаны рамянямі, пад якія заторкнут знаёмы парасон... Маці не паставіла чамадана на падлогу! Гэта чамусьці больш чым што жахнула Віктара.

— Ты знайшла мяне сама? Як? — аблізваючы сухія губы, спытаўся ён.

— Устань, паглядзі на сябе, — стрымана прамовіла яна, аднак чамадана не паставіла.

Віктар ведаў: маці любіць яго больш, чым каго другога, але ведаў і іншае — пакрыўджаная, яна можа павярнуцца і пайсці, і тады ўжо нішто не спыніць яе. Баючыся гэтага, ён усхапіўся, заўважыў, што спаў не распранаючыся, на засланым ложку.

— Дай, мама, чамадан і павер, што схібіў я выпадкова. Справа ў тым, што прынялі наш праект — во! Хоць і прабіваць прыйшлося... Прызналі і ў галоўнага!..

— Хто прывёз цябе ўчора?

— А-а! — узрадаваўся Віктар. — Клянуся, што самы недаступны і бунтоўны чалавек у Мінску.

— Ты яшчэ не праспаўся?

— Не, я пры поўным розуме.

Ён засмяяўся. Пасля хвілін страху і трывогі яму на самай справе ўсё ўжо здавалася такім, як хацелася: нічога — зразумее. Некалі таксама была маладая. А ён харошы ўжо таму, што яму хораша. Праўда, баліць галава. Але затое — у грудзях вырасла сэрца...

Віктарава радасць пераканала маці больш, чым словы. Яна пагладзіла яго па скроні, шчацэ і дала пацалаваць сябе. Віктар тыцнуўся губамі ў яе нос, адабраў чамадан, памог распрануцца.

— Як працуецца? Нажыў праціўнікаў? — спытала яна, разглядаючы пакой — чысты, светлы, але ўсё роўна інтэрнацкі.

— А ты, мусіць, толькі і думаеш пра гэта. Звярнуць шыю, мама, можна і на роўным месцы... Хоць патрон, трэба сказаць, нагружае не шкадуючы. Выпрабоўвае на разрыў. Пэўна, здагадваецца: веру — наперадзе большае... Арыгінальны чалавек! Не прызнаецца, а, безумоўна, песціць надзею, што сапраўдная архітэктура пачнецца потым, калі досыць набудуем запалачных карабкоў. Тады, маўляў, хто пажадае, будзе тварыць «у сучасным стылі», а той, у каго хопіць густу і таленту, зможа працаваць пад Жаўтоўскага або Таманяна.

— Я пытаюся, ці ладзіш з таварышамі?

— Гледзячы з якімі. Адны нядаўна спрабавалі вярбаваць у аднадумцы. Але мне не балбатня, мне справы патрэбны. Уменне прабіваць...

— Значыць, не ладзіш? — І, бачачы, што сын маўчыць, маці ўздыхнула. — Калі прыедзем да бацькі, не гавары, што забыўся сустрэць мяне...

Напярэдадні, чакаючы яе, Віктар што-кольвечы купіў — кансерваў, каўбасы, папрасіў у суседзяў талеркі, відэльцы. Зрабіўшы наспех зарадку, ён з выглядам, быццам рыхтаваў царскае снеданне, пачаў завіхацца ля стала. Але, чым больш выкладаў свае прыпасы, тым больш бянтэжыўся — надта ўжо ўбога, па-халасцяцку выглядаў стол.

Ратуючы яго, яна папрасіла:

— Дай мне спачатку памыцца, Віця. Памыйся і сам... Не хвалюйся, я ўзяла з сабою ўсё, што трэба.

З галавы не выходзілі матчыны словы: «Калі прыедзем да бацькі, не гавары, што забыўся сустрэць мяне...» Ёй было сорамна за Віктара, і яна ўступала з ім у змову. Не хацела няславіць, рабіць балюча — ён жа і так каецца... А можа, ведаючы яму цану, не хацела, каб другія думалі пра яго блага? Яна — маці, і таму не памыляецца, а другія памыляцца абавязкова.

І наконт каго? Віктара!.. А можа, яна клапацілася зусім не аб ім. Магчыма, яе думкі займаў бацька. Яна баіцца засмуціць яго. І, можа, увесь час жыве не гэтай, а той, наступнай сустрэчаю, хвалюецца, уяўляе, як яно будзе. І гэтая сустрэча засмучае яе перад усім таму, што прадракае: другая можа быць такая самая — не лепшая.

Спачуванне ахапіла Віктара. Вось ён пакрыўдзіў маці. Пакрыўдзіць хутчэй за ўсё і бацька. А яна? Будзе трымаць сябе так, каб добра, зручна было хоць ім, на нешта спадзеючыся і нешта вымяркоўваючы зноў-такі дзеля іх. Гэта імкненне, відаць, учора кіравала таксама Лёдзяй... І такая любасць сціснула Віктару горла, што ён не вытрымаў:

— Даруй, мама, што так недарэчна атрымалася. Я, вядома, вінаваты. Але... Даю слова... — І, гатовы ўзяць яе пад абарону ад магчымых новых непрыемнасцей, спытаўся: — Ты цвёрда вырашыла пабачыцца з ім?

Яна страпянулася — бездапаможна, вінавата, быццам чакала і баялася гэтага пытання. Нават стала малазнаёмая, бадай што прыніжаная.

— А як жа? Нам абавязкова трэба пагаварыць. Ты супроць?

— Ён вельмі многа перажыў. У яго на ўсё свае погляды. Ці зразумее ён цябе?

— Гавары, гавары! — загадала яна.

— Будзе цяжка і табе і яму. Факт!

Перадаць, што гаварыў пра яе бацька, Віктар не мог. Але — што за дзіва! — як і маці, глыбока ў душы спадзяваўся на цуд. Які? Ну які? Не магла ж яна, на самай справе, кінуць-рынуць усё, што за столькі гадоў асталявалася ў душы, было навокал яе, і вярнуцца да бацькі. Як не мог і той, непрымірымы, нашорстаны, дараваць ёй усё, што зрабіла яна, няхай і ратуючы сына... Дый у імя чаго дараваць? І ўсё-такі надзея аставалася — нічога не паробіш з чалавекам, ён жыве не толькі галавою.

— Ты, мама, маеш рацыю, — згадзіўся Віктар, рашыўшы, што ні на хвіліну не пакіне маці сам-насам з бацькам. — Ён павінен ведаць праўду. Толькі не бяры на сябе віны, якой не было. І не думай, што так можна прыйсці да згоды. З бацькам можна гаварыць толькі на роўных правах.

— Хлапчук ты яшчэ...

— Але я ведаю ўжо яго, а ты не бачыла. Ці пазнаеш?

Віктар заўважыў, як кроў адхлынула ад матчынага твару. Рука ў яе ўскінулася да лба, але не кранулася яго, і маці толькі паправіла пасівелую пасму.

 

 

2

 

Віктара здзівіла перамена ў маці. Калі дома ён сапраўды выглядаў перад ёй хлапчуком, то, як толькі селі ў «Масквіч», дзяўчынкаю стала яна. Куды падзеліся яе самавіты спакой, строгая вытрымка, што заўсёды крыху бянтэжылі Віктара і прымушалі слухацца. Яе, нечым падобную на настаўніцу-нарадаволку, ён паважаў нават больш, чым раскіданага, экспансіўнага бацьку, які імпанаваў яму сваёй эрудыцыяй і шчырасцю.

Маці яўна хвалявалася, ні на чым не магла засяродзіцца і ўсё пыталася то пра адно, то пра другое, што наўрад ці цікавіла яе цяпер.

— Ты ходзіш у гэты гастраном? — пыталася яна і, апусціўшы бакавое шкло, высоўвала галаву, хоць было холадна, слотна.

— Але, — адказваў Віктар, ведаючы, што маці не пачуе.

— Калі я злезла з поезда і выйшла на Прывакзальную плошчу, мне здалося, што я памылілася і злезла не там... Як называецца гэты мікрараён?

— Валгаградскі.

— А завод?

— Не цікавіўся, мама.

— Колькі адсюль да цэнтра? Бацька жыве ў цэнтры? Не? Чаму?

Яна расчырванелася, і шэрыя, звычайна задуменныя вочы ў яе молада трывожна паблісквалі. Калі ж збочылі на Цнянскую вуліцу, узрушанасць раптам схлынула з маці, і яна абвяла.

Сярдзюк-старэйшы сядзеў ля акна, значыць, бачыў, як яны пад’ехалі, але сустракаць не выйшаў. Толькі калі пераступілі парог, падняўся і, як невідушчы, зрабіў некалькі крокаў насустрач. А мо ён сапраўды не бачыў ні жонкі, ні сына, бо глядзеў як бы праз іх, у дзвярны праём.

— Ты забыўся, Віктар, зачыніць за сабою дзверы, — сказаў ён драўляным голасам.

Віктар памог маці зняць паліто, павесіў яго на прыбітую да сцяны вешалку. Заўважыў, што на стале стаіць букецік кветак у вазачцы, павесялеў, падсунуў маці крэсла. Але тая не села. Прыціскаючы да грудзей папку з дысертацыяй, сама пайшла да мужа.

— Вось твая работа, Ігнат, — працягнула яна папку. — Тут усё, як было...

Дасюль ён ігнараваў яе прысутнасць. Не здолеў проста зірнуць і тады, калі яна ішла да яго. Але, пачуўшы зусім побач перарывістае, цяжкае дыханне, узняў вочы.

Яе твар уразіў Сердзюка — ён быў такі, як уяўляўся! Вядома, пастарэў, больш рэзка акрэсліўся, вакол строгіх вуснаў ляглі маршчынкі, але іменна такой ён уяўляў яе. Кажуць: чалавек астаецца ў памяці такім, якім ты бачыў яго апошні раз. Няпраўда! Калі дарагі вобраз жыве ў табе, ён здольны мяняцца разам з табою, можа рабіць цябе празорліўцам. Дый жонка не вельмі змянілася. Тая ж на прамы рад прычоска, той самы адкрыты лоб, мілы авал, тыя ж строгія вусны. А галоўнае — тая ж адданасць на твары, якая маладзіла яе, рабіла колішняй. Вось гэта якраз і перавярнула душу Сердзюка.

— Навошта ты прыехала? — спытаўся ён ледзь чутна, але без сарамлівасці. — Хіба табе мала, што ўжо зрабіла? Я яшчэ жывы чалавек, і мне трэба жыць...

— Вось таму, Ігнат, і прыехала, — адказала яна, і нішто не змянілася ў ёй.

— Цікава!

— Віця, пакінь нас з бацькам...

Ён даваў сабе слова не рабіць гэтага, але мусіў падпарадкавацца.

— Сядай, Ігнат, — выдыхнула яна, калі сын выйшаў.

Каб не садзіцца супроць яе за сталом, Сярдзюк зноў адышоўся да акна і сеў там.

— Добра, гавары...

— У мяне апрача Віктара дзве дачкі, Ігнат! Яны ад другога...

— Гэта мне вядома.

— Але клянуся — яны падобны на цябе, а не на яго. Спытайся ў Віктара. Няўжо гэта ні аб чым не гаворыць?

Сярдзюк уцягнуў паветра. Але яна не дала яму нічога сказаць.

— А Віктар? Я любіла ў ім цябе. Ратуючы яго, я ратавала цябе. Прабач, але ты загінуў. Так думалі ўсе... Таму ты мог жыць толькі ў ім... Вось як я ўспрымала тое, што адбылося. І павер, усё, што зрабіла, рабіла не так дзеля Віктара, як дзеля цябе. Няхай у яго будуць твае кнігі, твая работа. Няхай будзе твая вопратка... Прыйдзе час, ён сам зразумее гэта і будзе табою...

У пакойчыку пачынала шарэць. На вуліцы ж, здавалася, пасвятлела. Таму, седзячы ля акна, Сярдзюк не кепска бачыў жонку, але словы яе былі такія нечаканыя, што яму раптам захацелася ўбачыць яе блізка-блізенька, заглянуць у вочы. Яе споведзь адбірала волю, болем уваходзіла ў сэрца. І, пакутуючы, раўнуючы, ён — хто ведае! — мо гатовы быў прызнацца ўжо сабе, што ўпотай сам шукаў ёй гэтага апраўдання, чакаў, прагнуў яго.

— Досыць, Маша, — усё-такі папрасіў ён. — Навошта? Будзе яшчэ цяжэй і табе і мне... Дзякую за Віктара, за дысертацыю...

Яна ўскінула на яго здзіўленыя вочы, але тое, што ён назваў яе імя, не дало абурыцца.

— Ты думаеш, што мне было б лягчэй, каб ты загінуў? — упікнула яна. — Ты памыляешся, Ігнат! Памыляешся ва ўсім. Табе самому будзе лягчэй цяпер. Бо як бы ты служыў людзям, думаючы, што самы блізкі некалі чалавек — маладушны адступнік? Навошта тады табе доктарскае званне? Навошта ўсё?

Калі Віктару споўнілася шэсць год, яны адсвяткавалі яго дзень нараджэння. «Давай адзначым імяніны дакладна», — прапанаваў тады Сярдзюк і спытаў, калі нарадзіўся сын. «У дзве гадзіны пяць мінут», — чамусьці асабліва гордая на тую хвіліну, расцвіла жонка. Паклаўшы Віктара спаць, накрылі стол. У чаканні ўрачыстага моманту Сярдзюк сеў вычытваць гранкі аўтарэферата, а Маша прыкархнула на канапе тут жа, у кабінеце. Укрытая мяккім пледам, спала спакойна, моцна. Каб пачуць яе дыханне, трэба было прыслухоўвацца. І вось дзіва — мінута ў мінуту ў прызначаны час яна пацягнулася і адплюшчыла павекі. «Пара, Ігнат, пайшлі», — сказала радасна.

У ёй жыла таямнічая сіла, якую цяжка адзначыць словам. Самаахвярная, адданая, гэтая сіла, аднак брала ў палон. Чыста жаночая, неўсвядомленая, яна рабіла жонку і празорлівай і жыццетрывалай...

Аказваецца, у ёй і цяпер не згасла тая сіла. Маша стала больш мудрая, сталая.

— Ладна, — згадзіўся Сярдзюк. — Дзякуй і за гэта... Табе таксама давялося нялёгка...

Пастукаўшы, у каморку заглянуў Віктар. Але Сярдзюк-старэйшы, як і наважыў, падышоў да жонкі. Тая зразумела яго, працягнула руку. Сярдзюк аберуч узяў яе і, схілены, пацалаваў. Мусіць, жыццё дарагое чалавеку не толькі за радасці, але і за выпрабаванні, што пасылае яму.

— Зараз дзяўчынку бачыў, — сказаў Віктар. — Спяшаецца — у плашчы, без хусткі. У руках цэлае бярэма кветак: вяргіні, астры, гладыёлусы. Так многа, што паклала іх на плячо. Мабыць, напалохаў ранішні марозік, і яна зрэзала ўсе кветкі на дачы.

 

 

3

 

Цямнела.

Сярдзюк запаліў лямпу-грыбок і, з недаверам, нават са страхам развязаўшы матузкі, разгарнуў папку. Так, гэта была яго праца — знаёмыя старонкі, спісаныя дробным спорным почыркам. Успомніў: таварышы некалі кпілі з яго — эканоміць паперу. Пісаў без палёў і так сцісла, што цяжка было рабіць праўкі, і ўсё-такі пераламаць сябе, пазбавіцца прывычкі не мог.

Папера пажоўкла, нібыта патанчэла і, калі Сярдзюк гартаў рукапіс, шамацела, як сухое восеньскае лісце.

З радасным нецярпеннем ён прачытаў уступ, потым — колькі старонак наўгад з сярэдзіны, пасля — заключэнне. Сваё, калісьці вынашанае здалося бадай што чужым. Варухнулася сумненне, ці зараз ён здолее так напісаць? Напэўна, не — не хопіць ні сіл, ні ўпартасці, ні ведаў. І такім дарагім здаўся яму гэты рукапіс, што Сярдзюк абхапіў папку рукамі і прыпаў да яе шчакою. Хацелася і плакаць, і смяяцца, і цалаваць пажоўклыя старонкі, на якіх пакінула сляды яго сталасць.

Усё адыходзіць у нябыт, астаюцца толькі плёны чалавечай працы. І няхай яны маленькія, нязначныя, але, уліваючыся ў агульную плынь людскіх пошукаў і здабыткаў, аддаюць ёй сябе, і таму ўжо жывуць у наступных пошуках, здабытках. Важна толькі, каб іх заўважылі, асэнсавалі другія людзі. А тады іх ужо могуць знішчаць пажары, вайна, пошасці, яны ўсё роўна не знікнуць бясследна. Яны будуць жыць у памяці, у вопыце людскім. Але бяда — страшная, непапраўная, калі праца твая гіне, не зрабіўшыся здабыткам другіх. Тады, лічы, яе не было зусім, як не было і цябе, працаўнік! А, як вядома, няма нічога страшнейшага за чорную пустату...

Потым думкі Сердзюка перайшлі на жонку. Яна выратавала яго мінулае, і не трэба будзе нанава абжывацца на голым месцы.

«Маша, Маша!..»

Аднак, чым больш Сярдзюк думаў пра яе, тым змрачней рабілася на душы. Так, яна асталася колішняй. Але ж нехта другі мае яе такую. Так, яна кажа, што дочкі падобны на яго. Ды што з таго, калі гэтыя дочкі не ягоныя, а другога. Так, яна захавала яму мінулае. Але ж не захавала сябе. Праўда, нельга служыць людзям, не верачы ў іх. Але як ты будзеш і служыць ім з параненым сэрцам, ведаючы, што недзе мучыцца, пакутуе блізкі чалавек, не вінаваты ні ў чым?

Сярдзюк схаваў папку пад падушкамі на ложку і, не знаходзячы сабе месца, апрануўся.

На ганку рэзкі, тугі вецер ударыў яму ў грудзі. Наставіўшы каўнер, прытрымліваючы яго ля горла, Сярдзюк падыбаў па цёмнай вуліцы.

З цемры на твар упалі кроплі — адна, другая. Але ён не вярнуўся, а прыспешыў крок. Куды ён ішоў? Гэтага ён не ведаў. Яму проста трэба было ісці. Сярдзюк не ўзяў пальчатак, руцэ, што прытрымлівала каўнер, было холадна, ногі то коўзаліся на абледзянелым тратуары, то траплялі ў нейкае хліпкае месіва. А ён ішоў ды ішоў.

На праспекце Коласа цемра як бы ўзнялася ўгору. Абапала яго ў адзін і другі бок цягнуліся падвойныя ланцужкі электрычных агнёў. Быў галалёд. Асфальт на тратуарах, на маставой, сцены будынкаў паблісквалі, і ад гэтага здавалася яшчэ святлей. Тут, як нідзе ў горадзе, было відаць, як ён абнаўляецца, расце. Дзе-нідзе захаваліся скасабочаныя драўляныя халупы. Пачарнелыя ад непагадзі, ад часу, з седлаватымі дахамі, яны падслепавата, па-местачковаму мігалі маленькімі вокнамі. А ззаду іх, у цемры, узнімаліся гмахі новых муроў — там, пашырыўшыся, павінен быў пралегчы праспект.

Рассыпаючы фіялетавыя іскры, прайшоў заліты святлом трамвай. Падскокваючы заднімі скатамі на выбоінах, з грукатам ходка пракаціў грузавік, за ім — другі, праехаў аўтобус. Шыбы ў ім запацелі, і на іх, як на экранах, цямнелі сілуэты пасажыраў.

Прахожых было мала. Толькі ля бліжэйшага скрыжавання тоўпіліся людзі і стаялі аўтамашыны. Там нешта адбылося. Хутаючыся ў паліто, Сярдзюк падышоў да натоўпу.

— Што здарылася? — спытаўся ён у высокага вусатага мужчыны, які цягнуўся на дыбачках і стараўся нешта разгледзець цераз галовы людзей.

— Аварыя, — абыякава адказаў той. — Бач, якая абліваха. Кажуць, абганяў, а потым затармазіў. От і занесла кузаў. Увесь бок «Масквічу» спляжыў.

Вусаты гаварыў, быццам жаваў, і словы вымаўляў цяжка, і Сярдзюк не адразу зразумеў яго. Ды слова «Масквіч» разанула слых.

— I ахвяры ёсць?

Вусаты, пакінуўшы пытанне без адказу, выняў аднекуль з-за вуха папяросу, абшнарыў кішэні, не знайшоў, што шукаў, і чыркануў адной рукою аб другую, просячы запалку.

— Я пытаюся, ці ёсць пацярпеўшыя! — ужо выгукнуў Сярдзюк.

— Кажуць, некага адправілі на «хуткай дапамозе», — зазлаваў вусаты і стаў прасіць запалку ў суседа злева.

Сярдзюк адчуў, як слабеюць ногі і падае сэрца. Пра Віктара ён не думаў — з ім, маладым, здаровым, нічога благога не здарыцца. Сын і няшчасце выключалі адно аднаго. А вось Маша!.. Бяда заўсёды хадзіла побач з ёю...

Жаль, роспач, любоў скаланулі Сердзюка. Цяпер, калі насунулася пагроза, беззваротна страціць гэтую гордую і разам з тым няшчасную жанчыну, Сярдзюк ведаў, што любіць яе як ніколі, і страшна — ой, страшна! — будзе без яе, няхай далёкай, не ягонай. Сярдзюк зжахнуўся.

— Прапусціце, таварышы! — паўтарыў ён, намагаючыся праціснуцца праз натоўп.

На яго не звярталі ўвагі, але Сярдзюк усё-такі прабраўся да знявечанага «Масквіча» і глянуў на нумар. Не, нумар быў не мінскі.

Ісці далей не было сіл. Дый вецер беснаваўся, сатанеў. Сярдзюк абышоў натоўп і паплёўся назад.

Як па-дурному трымаў ён сябе з Машаю! Нават не падзякаваў як след. Стары, самалюбівы ёлуп! А яшчэ збіраецца начынаць усё нанава. Хоча ўстанаўліваць праўду, некаму памагаць, з некім змагацца. Вось і звані заўтра, прасі, каб даравала і згадзілася спаткацца зноў...

Дамоў ён вярнуўся змучаны. Удыхнуў цёплага паветра і закашляўся. Натужна, як старцёр, калі акумулятар падсеў і матор не заводзіцца. Паліто, кепку кінуў на гаспадыніну скрыню і, не запальваючы святла, сеў за стол. Галава гарэла, па целе прабягаў азноб.

«Толькі б не захварэць, — білася думка. — Тады Маша ўсё будзе рабіць, шкадуючы. Шкадуючы, прыйдзе, шкадуючы, будзе размаўляць... Эх, Маша, Маша!..»

 

 

4

 

Сярдзюк рашыў пазваніць Віктару з інстытута. Аднак, як прыйшоў у акадэмію, там ужо быў Понтус. У рагавых акулярах, з шэрым застыглым тварам, ён сядзеў за сваім сталом і, перабіраючы паперы, нешта выкасоўваў чырвоным алоўкам, — відаць, тое, што намысліў выкрасліць загадзя. Убачыўшы Сердзюка, вялікім пальцам ссунуў акуляры на лоб, кіўнуў.

— Нам трэба пагаварыць, — сказаў ён, паклаўшы аловак на паперы. — Гэта тлумачальная запіска ў гарком. Пішу пра вас.

— А я тут пры чым? — спахмурнеў Сярдзюк.

— Хачу прачытаць... Запіска была гатова да званка...

У яго перасохла ў горле, гаварыў ён сіпла, і, калі паглядаў у акно, акуляры на яго лбе зырка бліскалі.

— Зразумейце мяне... Аднойчы я таксама падпаў пад крытыку. Адчуваю: ёсць устаноўка. А хто даў яе, хто блаславіў?.. І, думаеце, даведаўся?..

Натуральна, калі просіць папрашайка. Калі ж просіць чалавек, які, колькі помніш яго, усё і ўсім даваў сам, гэта — вельмі непрыемна. Сыты, выпешчаны, з доўгім касмылём валасоў, што звычайна прыкрываў яго лысіну, а цяпер смешна вісеў збоку, Понтус выглядаў вартым жалю. І хоць нешта ў ягоным прызнанні нагадала жонку, Сярдзюк, апрача пагарды, нічога не адчуў.

— Вы проста баіцёся адказнасці, Ілья Гаўрылавіч, — бязлітасна сказаў ён. — І адхрышчваецеся не ад віны сваёй, а ад пакарання. А каб больш пераканаўча выходзіла, ерась падпускаеце.

У дзверы торкнулася лысая галава Барушкі. Понтус збіраўся нешта сказаць, але прыкусіў язык і зноў узяўся за чырвоны аловак.

Барушка выпусціў другую кніжку, абгарадзіў дачу высачэзным плотам, крыху пасталеў, але часта прыходзіў на работу пад градусам. Аднак яго пабойваліся — за язык, за лютую гатоўнасць учыніць скандал, настрачыць скаргу. У яго з’явіліся дзівацтвы. П’яны, ён надзяваў чорныя акуляры і смела дэфіліраваў па вуліцах, думаючы, што яго не пазнаюць. Перад супрацоўнікамі іграў ролю абцяжанага думкамі мысліцеля, казыраў вольнасцямі і мала каго слухаў. Сёння чорныя акуляры таксама вытыркаліся з верхняй кішэні ягонага пінжака.

— Добрай раніцы, спадары! Які сёння дзень? Аўторак? — павітаўся ён лёгкім, кплівым тонам.

Яму не адказалі. Ён скрывіўся, выняў з кішэні акуляры, пакруціў іх у руках і сеў за свой стол.

Званіць сыну Сярдзюк ужо не мог. І не таму, што яго пачулі б, пра сёе-тое здагадаліся. Проста кашчунным здавалася, каб Понтус і Барушка прысутнічалі пры размове, якая мелася быць. Балазе самі яны рабілі таямніцы з усяго, засакрэчвалі любую дробязь і, як здавалася, ганарыліся гэтым. Шчырасць — Сярдзюк ведаў — яны лічылі дурасцю. «Куды вы?» — пыталіся ў Понтуса. «Ды так, у адно месца», — як бы між іншым адказваў ён. «Чаго?» — «Ёсць адна справа...»

Размова з ім усхвалявала Сердзюка, і, каб супакоіцца і не звяртаць увагі на п’янаватага Барушку, ён прымусіў сябе ўзяцца за работу.

«Пазваню, як пойдуць абедаць».

Аднак пазваніць не давялося — у абедзенны перапынак яго тэрмінова выклікалі ў архітэктурна-будаўнічае ўпраўленне.

Там, у размовах, ён забыўся на свой намер. А калі па дарозе назад успомніў, аказалася, што прайшоў некалькі кварталаў. Тэлефона на кватэры ў Віктара не было. Службовага нумара Сярдзюк не памятаў, таму пазваніць з аўтамата не мог. Адкласці размову да заўтра таксама не выпадала — Маша магла паехаць. Дый гаварыць з ёю заўтра будзе яшчэ цяжэй. Калі наогул хопіць духу...

Каля кафе «Вясна» Сярдзюк успомніў пра Юркевічаў.

«Зайду, — падумаў ён. — Мы наогул маглі б быць бліжэйшымі, чым зараз...»

Дзверы адчыніла Валя. Загарэлася, папрасіла заходзіць.

Сярдзюк даўненька не бачыў яе. Па-хатняму простая, у махровым халаціку, у мяккіх туфлях, яна здалася яму ніжэйшай ростам, амаль незнаёмай. Вінаватым тут, мусіць, быў халат. Ён таўсціў Валю, рабіў не такой, якой яна помнілася. Хаця... Нешта самавітае з’явілася ў ёй. Убачыўшы Сердзюка, яна пачырванела, але і чырвань разлілася па яе твары неяк хораша, як разліваецца ў поўных шчаслівых жанчын.

— Я на секунду, — папярэдзіў Сярдзюк, бянтэжачыся такой Валі. — Дазвольце пазваніць сыну.

— Ладна, ладна, — замахала яна рукою. — Не будзьце толькі як некаторыя, што заходзяць або з просьбай, або з бядой. Баіцеся, што мы не ў модзе.

Халат быў без гузікаў, і Валя ўвесь час прытрымлівала яго за краі. І вось таму, што захінула яна іх не на грудзях, а ніжэй, Сярдзюк заўважыў: Валя пагрубела.

Яна пераняла яго позірк, адгадала думкі, ды не сумелася, пайшла наперадзе яго, даючы яму глядзець на сябе, як ён хоча. Валя толькі што вярнулася з аўтазавода, пабывала ў цэхах, гутарыла пра заводскае жыццё-быццё з рабочымі і настрой у яе быў прыўзняты.

— І ўсё-такі добра, што завіталі, — падвяла яна Сердзюка да тэлефона. — Хоць, вядома, было б лепш, каб зайшлі з нейкай радасцю ці проста без дай прычыны... Званіце ў прыёмную. Ніна Сямёнаўна пакліча або дасць нумар. Яна ўжо гатова служыць вашаму Віктару, як майму Васілю. Ён жа ёй з кватэраю памог. Мой ідэаліст не здагадаўся, а ён здагадаўся. Выбіў, як кажуць.

Сярдзюк уважліва паглядзеў на яе — Валя гаварыла вельмі шчыра і так, быццам прасіла прабачэння за той інцыдэнт ля пад’езда, на які ні яна, ні ён, Сярдзюк, безумоўна, не забыліся.

Цяжарная жанчына брыдчэе — прырода ахоўвае яе. У той жа час яе азарае ціхае таямнічае святло, у якім, мусіць, толькі і можа нараджацца, выспяваць жыццё. Валіны словы, азаронасць з новай сілаю нагадалі Сердзюку жонку — і тую, колішнюю, якая дала яму Віктара, і ўчарашнюю, поўную турбот аб ім. Захацелася, як некалі, абняць Машу, адчуць яе цеплыню.

«Божа мой, аб чым я думаю!» — дакарыў ён сябе і паспешліва набраў нумар. Хвалюючыся, пачуў далёкую музыку і даўгія настойлівыя гукі, што як бы ўваходзілі ў сэрца.

Калі яму, нарэшце, адказалі і ён папрасіў паклікаць сына, рука з трубкаю ў яго задрыжала.

Валя заўважыла гэта, выйшла ў сталовую. Калі ж бадай што ўслед за ёй выйшаў і Сярдзюк, яго выгляд уразіў Валю. Згорблены, быццам пад цяжкай ношкаю, Сярдзюк хістаўся.

 

 

5

 

Па лесвіцы ён збег. Але ў пад’ездзе здало сэрца — яно прагла памагчы яму, ды не магло. Пастаяў крыху, аддыхаўся. «Якая дурасць!..» Ён жа мог пазваніць на вакзал і даведацца, калі адпраўляецца маскоўскі поезд. «Хоць — навошта?..»

І ведаючы, што поезд пайшоў, Сярдзюк усё роўна памчаўся б туды.

У будынак вакзала ён зайшоў без сіл, задыханы. Да адпраўлення скорага Мінск — Масква аставалася гадзіна, і пасадкі яшчэ не абвяшчалі. Ля цэнтральнага выхада мірна стаялі пасажыры, некаторыя сядзелі на чамаданах навокал калон, уздоўж сцен.

Прыглядаючыся, Сярдзюк абышоў вестыбюль, залы чакання — ні сына, ні жонкі нідзе не было. Сумняваючыся, ці не наблытала сакратарка, якая, даведаўшыся, хто звоніць, захвалявалася не менш за яго, Сярдзюк пашкандыбаў на перон.

Тут было зусім малалюдна. Толькі ля багажнага вагона завіхаліся рабочыя ды ўвішны аўтакар цягнуў туды яшчэ дзве ваганеткі, нагружаныя скрынкамі.

Але калі Сярдзюк траціў ужо надзею, ён раптам згледзеў у буфеце пад тэнтам Машу і Віктара. Яны сядзелі за столікам на алюмініевых з чырвонымі фанернымі спінкамі крэслах і пілі ліманад.

З кароткае тэлефоннае гаворкі Сярдзюк зразумеў: ягонага званка чакалі. Можа, таму, што ён не пазваніў раніцою, Маша так знянацку парашыла ехаць. Колькі яна пабыла ў Віктара? Усяго два дні. Чаму так мала?..

Сярдзюк і раней дакладна не ведаў, пра што ён будзе гаварыць з Машаю. Сапраўды, пра што? Не мог жа ён сказаць ёй, што яе нечаканы прыезд перавярнуў яго душу і тая зноў прагне Машы, што яму цяжка — ой як цяжка! — будзе без яе. Да таго ж, наперадзе — дарога не з лёгкіх. Понтус падлізваецца толькі сам-насам, без сведак. Пры другіх ён чужы, стрыманы, як вярхоўны жрэц, і, як жрэц, вядома, сочыць, каменціруе кожны Сердзюкоў крок, пераварочваючы ўсё шыварат-навыварат. І даволі, скажам, было рэзка пагаварыць у майстэрні Юркевіча, як ён, Сярдзюк, адчуў, што людзі пры сустрэчы сталі адводзіць вочы... Не, пра ўсё гэта Машы не раскажаш. Хопіць з яе і таго, што яна адчувае — ён удзячны і дараваў усё. І так Машына жыццё ўскладніцца, і так ношка, якую яна несла ўсе гэтыя гады, стане цяжэйшая... Дык што ж сказаць. Яшчэ раз падзякаваць за ўсё? Але яна разумная і, безумоўна, здагадаецца: за гэтым стаіць нешта большае... Так, пра што ён будзе размаўляць з жонкаю, Сярдзюк і раней не ведаў. Тут жа, на пероне вакзала, ён разгубіўся зусім — тут можна было гаварыць толькі пра развітанне ці пра магчымыя наступныя сустрэчы. Але як?

Маша прыехала, каб яму лягчэй было пачынаць жыццё. Цяпер жа ён шукаў, як зрабіць, каб жыць лягчэй было ёй. Яна імкнулася ўзяць увесь цяжар на сябе. Цяпер жа ён сам хацеў падставіць плечы.

«Маша, Маша!.. А мо наогул лепей пайсці адсюль? — падумаў Сярдзюк. — Хай думае, што ўсё кончана. Спакойней будзе ёй, мне...» — і павітаўся.

Чамадан стаяў ля яе ног, Маша нагою адсунула яго і ўсхапілася:

— Паспеў усё-такі, Ігнат?

— Як бачыш. Хлеб-соль.

— Мы чакалі, што ты пазвоніш... — пахмура сказаў Віктар і таксама ўстаў.

— Не будзем пра гэта, — не дазволіла Маша гаварыць яму далей і, хочучы скіраваць увагу сына на іншае, дала яму чамадан у рукі. — Зараз пасадка... Я рада, Ігнат, што ты прыйшоў. Вось мы зноў усе разам...

— Ці ўсе? А дочкі і твой муж?

Віктар — відаць было па ўсім — чакаў падобных слоў. Прыжмурыўшыся, ступіў да бацькі.

— Я забараняю табе мучыць маму! Чуеш? Не думай, што твае пакуты даюць табе права судзіць другіх, як табе хочацца. Не думай, што ты адзін праведнік. Дый, прабач, не судзіць, а мучыць ты хочаш. Гэта несумленна!

— Віця, — папрасіла яна, — давайце хоць развітаемся мірна.

З галоўнага выхада вакзала на перон хлынулі людзі. Ля вагонаў пачалі выстройвацца чэргі-хвасты.

Сярдзюк са страхам адчуў, як нешта рвецца ў яго адносінах з Машаю, з Віктарам, як яны аддаляюцца ад яго. Захацелася перашкодзіць гэтаму, крыкнуць сыну: «Які ты сляпы! Няўжо не відаць, як люблю я вас і як патрэбны вы мне?!.» Але ўпартасць, заскарузлая крыўда падавілі гэтае жаданне. А тут яшчэ кашаль. Ён як бы падступіў да горла. Сярдзюк напружыўся, затаіў дыханне. Ды кашаль быў мацнейшы і скалануў яго.

— І-ідзі-кх-це, — выціснуў Сярдзюк. — Я за-араз прыйду...

Назаўтра пахаладала.

Здаецца, нядаўна ў скверах бегалі дзеці — у чырвоным, зялёным, сінім. Збіралі залацістае кляновае лісце і абярэмкамі насілі ў кучу. Праўда, на колькі дзён скверы абязлюдзелі. Толькі дворнічыхі ў ватоўках ды брызентавых фартухах усё яшчэ шаркалі мётламі. Дрэвы стаялі голыя, чорныя. На галінках — кроплі. На прагалінах суха, а под дрэвамі мокра. Мусіць, таму і пачалі людзі абыходзіць скверы... А вось ужо з нізкага, ацяжалелага неба пасыпаўся дробны сняжок. Нават не пасыпаўся, а пачаў кружыць у паветры, бадай што не прызямляючыся. Ды ля чыгуначнае агарожы, ля камлёў дрэў, ля падножжа скульптур адразу заляглі сумёцікі. На стадыёне «Дынама», адкуль лісце не вывезлі, дворнікі падпалілі яго, і па светлых прыпарошаных прысадах пацягнула гаркаватым, чадным дымком.

 

 

РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ

 

1

— Яны ўсё любяць востранькае. Гэта ў іхняй натуры. Я бачыў, як біўся Маўчун з Круцікавым. Чэмпіён, сілішча — супроць вучня свайго. Ну, вядома, тэхніка і гэтак далей, але выйграў па ачках. Мабыць, траўміраваць не хацеў. А сышоў з рынга — вы пабачылі б! — жонка наляцела. Пс-с-с! Гэткі драпежны сімпапон. Ледзь вочы чырвонымі пазногцямі не выдрала. «Чаму не накаўтаваў? — вішчыць. — Ты ж мог!» І гэта навідавоку цэлай залы. Ёй, бач, кроў напаўжывога чалавека на падлозе падай. Каб адлівалі вадою. Гэта знаёма нашаму брату-падпольшчыку.

— А Маўчун?

— Адмахнуўся, як ад асы, і халат стаў адзяваць.

— А яна?

— За рукаў учапілася, як прыкіпела. Тузае, шалее. Таго і глядзі, з плацця вылузнецца і голая кусацца пачне. А адкрыты ліст нашай архітэктаршы! З жывоцікам,— чаго ёй больш? — а каб прымела, разарвала б Малевіча. Вышэйшыя інтарэсы і гэтак далей, а сама проста помсціцца, што распранулі і высеклі голенькую. Чытаў? Геніяльны гэты твор «Ваўкі і авечкі».

— Але, але...

Сярдзюк краем вуха слухаў размову за суседнім сталом і прымаў яе як асабістую абразу. Не, падобныя гаворкі былі не навіна. Понтус і Барушка часта адзываліся аб жанчынах зняважліва, смакуючы іх заганы. Асабліва Барушка, які знаходзіў «ізюмінку» ў ганебным, умеў паказаць, як гнільцо можа казытаць нервы.

Але сёння іх размова абразіла Сердзюка. Асабіста, кроўна. Чаму? Ён паспрабаваў разабрацца. І зразумеў: зноў Маша! Сярдзюк фізічна адчуў: яна жыве ў ім, напаўняе яго істоту. Яна зноў — самае дарагое ў жыцці: цеплыня, святло, работа, боль, уцеха, мерка ўсяму.

Яе ўладу над ім павялічвала яшчэ адна акалічнасць. Ужо там, на стылай, ветранай вуліцы, каля пакарэжанага «Масквіча», яму стала патрэбна яе блізкасць, яго пацягнула да яе. Ён спачатку жахнуўся, уявіўшы Машу параненай, але потым, калі пераканаўся: памыляецца, ніяк не мог вызваліцца ад дзіўнага адчування. Перад унутраным зрокам аставаліся яе раскінутыя рукі, бледны твар, заплюшчаныя вочы.

Да сустрэчы Маша была для Сердзюка надакучлівай, злой сілаю, зданню, якой ён пагарджаў і якую не хацеў знаць. Калі ж Маша прыехала, прымусіла выслухаць сябе, пагарда, непрымірымасць саступілі месца здзіўленню, гатоўнасці прасціць. Але і пасля таго Маша нейкі час аставалася для яго ні больш чым далёкім добрым прывідам, бесцялеснай істотаю, хоць і вартай удзячнасці, пашаны. Аднак разам з тым, як адтавала сэрца, Машын вобраз набываў усё выразнейшую адчувальнасць, пачынаў абуджаць не толькі смутак ці захапленне, а і цягнуў як бяздонне, палохаючы і нагадваючы колішняе, зведанае, пякучае.

Як праклінаў ён сябе за гарачнасць на вакзале! Ды, праклінаючы, так і не ведаў, як жа трэба было яму паводзіць сябе. Рабіць выгляд, што ўсё дараваў і на мінулым пастаўлен крыж?.. Паўтараць пра сваю сардэчную ўдзячнасць? Прасіць, каб перадала яго прывітанне ў Маскве? Не, гэтак рабіць ён не мог, бо так і не прывык хлусіць, бо пачаў... спадзявацца і прагнуць большага, Але навошта было хаміць? Ён жа зычыў Машы адно добрае. І няхай не прыкідваецца — хаміў не дзеля таго, каб Маша зразумела, што масты спалены, а наадварот, каб успамінала яго, ведала: ён усё яшчэ мучыцца праз яе. Дык што ж гэта такое?..

Вярнуўся ён тады дамоў, так нічога і не рашыўшы. Ясна было толькі адно — трэба памірыцца з Віктарам і працаваць. Не пераапрануўшыся ў піжаму, ён пахадзіў па пакоі і ўзяўся за дысертацыю. Назаўтра, раніцою, засеў зноў. Як-ніяк, яе таксама выратавала Маша!

Аднак цяпер і ў дысертацыі многае здавалася не такім пераканаўчым, як у пачатку. То адно, то другое выглядала просталінейным, навеяным часам, калі пісалася. Сям-там выпірала наіўнае захапленне. А энтузіязм, вера, як вядома, таксама маюць свае межы, за якімі яны прытупляюць думку, робяць чалавека недалёкім. Праз гэта, відаць, некаторыя палажэнні дысертацыі састарэлі, а некаторыя нагадвалі кур’ёзы.

Але, трапляючы ў плынь сваіх даўніх думак, Сярдзюк паступова трапляў і ў іхні палон. Яны гіпнатызавалі яго, падпарадкуючыся ім, ён пераставаў бачыць іх сапраўдную вартасць. І гэтага Сярдзюк не мог не заўважаць.

«Як дапішу, пастаўлю новыя акцэнты, трэба абавязкова каму-небудзь паказаць, параіцца, — стомлены ўласнай няпэўнасцю, рашыў ён. — Паказаць самым розным людзям...»

 

 

2

 

Праца ў інстытуце, праца над дысертацыяй рабілі жыццё аднастайным, а дні — падобнымі адзін на другі. Рэдкія паездкі з Віктарам за горад таксама не займалі — істотаю, думкамі ён усё роўна аставаўся з працаю. А, як вядома, там, дзе аднастайнасць, руху не заўважаеш — час як бы спыняе бег. І каб Сердзюка спыталіся, якое тады было надвор’е, ён, хутчэй за ўсё, адказаў бы: «Звычайнае. Холадна, снег... Зіма наогул прыходзіць па замёрзлай зямлі...»

Праўда, ён мала ў чым памыляўся. Зіма ў тым годзе лягла трывалая, халодная, белая. Белае было ўсё: вуліцы, прысады, імглістае неба. А на ім — трошкі бялейшы за нябесную імглу дыск сонца. Але часам неба гусцела, лілавела. Мароз мацнеў, і з дрэў пачынаў церушыць шкляны, сыпкі пыл. Калі ж аднекуль прылятаў подых ветру, з іх зляталі цэлыя белыя воблачкі. Ды гэта неяк выпадала з-пад увагі...

Аднак, выключаны з навакольнага жыцця, Сярдзюк жыў напружана. У тайніках яго істоты, то ўспыхваючы, то прытухаючы, як бы акумуліраваўся ўвесь ягоны вопыт — мінулы, сучасны, нават будучы. І ў гарэнні нараджаўся той высокі сплаў, які называюць ідэямі, думкамі. Часам і яны прыходзілі наплывамі, з’яднаныя між сабой і прасякнутыя адно адным. Часам узнікалі знячэўку, здзіўляючы Сердзюка самога, часам прыходзілі пасля пакутлівых, доўгіх пошукаў.

Гэта давала асалоду. Карцела прыспешыць падзеі, хутчэй убачыць вынікі сваёй працы. Хацелася, каб пра іх даведалася Маша. Але ўсё гэта і знясільвала. Сярдзюк, як і Віктар, увёў хвіліны прымусовага адпачынку, калі, лежачы на спіне, расслабляўся, і гнаў прэч думкі. Скончыў ён дысертацыю спустошаны, ушчэнт стомлены. Нават засумняваўся — а ці акупіцца ўсё гэта? І вось, калі засумняваўся, першы, каго ўспомніў, быў Юркевіч.

Чаму ён?

Прыязнасць паміж людзьмі часам усталёўваецца падсвядома. Юркевіч быў сімпатычны Сердзюку сваімі парываннямі, унутраным жыццём. Падкупляў бескарыслівасцю, самаадданым служэннем гораду. Тым, што мог быць суб’ектыўным, але не прадузятым. Апякуючы Віктара, шанаваў ягонае імкненне да творчай самастойнасці. Разумеў: галоўнае ў ёй — вынік, ажыццёўлены праект, і даваў Віктару магчымасць праявіць сябе. Але бачачы — Сярдзюк-малодшы не разумее, што выявіць сябе — яшчэ не ўсё, што кіравацца толькі сваім — іншы раз жорстка ў адносінах да другіх, ён настойліва даводзіў гэта. Асабліва цяпер, калі ўсе адчулі: пабагацелі! — і ўзяліся за новы генеральны план, вызначаць будучыню горада...

Васіля Пятровіча Сярдзюк не знайшоў ні ў гарсавеце, ні ў майстэрні. Падслепавата жмурачыся, Дымок прыняў Сердзюка насцярожана, быццам чакаў, што следам за ім завітае бяда.

— Вам Юркевіча? — прымусіў сябе ўсміхнуцца. — Цяпер яго не толькі на ранейшых маршрутах трэба шукаць. Ёсць новыя, Ігнат Раманавіч, і, можа, на гэтыя дні самыя дарагія.

— Ці не сям’я пабольшала? — прасвятлеў Сярдзюк.

— Пакуль што не. Аднак... Помніце ў Грыбаедава: «Она не родила, но по моим расчетам...» У вас да яго што тэрміновае?

— Ды вось, дысертацыя... Хацеў прасіць, каб прачытаў. Толькі, відаць, і абставіны супроць мяне...

— Што вы, тарабаньце смела! Прама дамоў. Ён зараз горы можа варочаць. Або пакуль аддайце — далібог! — Барушку. Праверце, так сказаць, на самым з самых.

— Гэта, на жаль, выключаецца.

— Ну, тады давядзецца шукаць імянінніка.

Дымок фіглярнічаў, імкнуўся перадаць сваю іронію

Сердзюку, але гэта давалася цяжка. І, каб Сярдзюк, крый божа, не падсунуў свае фаліянты яму, раптам прапанаваў:

— Давайце я вас правяду...

Васіля Пятровіча яны сустрэлі на праспекце, каля кандытарскага магазіна. У паліто з шалевым каўняром, у андатравай шапцы, з партфелем, ён ішоў хутка, мала заўважаючы, што робіцца наўкол. Калі яго аклікнулі, заўсміхаўся, сабраўся быў цягнуць усіх дамоў, але потым даў сябе ўгаварыць і пачаў адбіраць у Сердзюка папкі.

— Нарэшце, Ігнат Раманавіч! Мне і Віктар гаварыў, што ў вас на падыходзе...

Па тратуары ішлі людзі. Збочвалі ў магазін, выходзілі з яго. Васіля Пятровіча і Сердзюка штурхалі. Але яны валтузіліся з папкамі, не саступаючы адзін аднаму і задаволена ўсміхаючыся.

— Давайце хоць на край адыдзем,— ніякавата ўгаворваў іх Дымок. — Закапёршчыкі!..

Нарэшце Васіль Пятровіч завалодаў папкамі і засунуў іх у партфель. Зачыніць партфель было ўжо нельга, і ён узяў яго пад паху.

— А зараз за мной! — ляпнуў ён аднаго і другога па спіне. — Вось Валя ўзрадуецца, калі ўбачыць усіх разам! Яна ж там, як у астрозе. Не давядзі госпадзі нікому чакаць або даганяць.

— Я б не сказаў, што вы такі няшчасны, — падкусіў Сярдзюк.

— Але-е, працую... А нам пашанцавала: вокны даўно заклеены і шыбы дасюль не замерзлі. Пабачыце, якая яна ў мяне, як навучылася па-моднаму развітвацца. У іх, мабыць, там... м-м... і школа. Ды не думайце, што мы адны будзем пад вокнамі. Многа прыходзіць... Больш, праўда, выпіўшы.

Васіль Пятровіч засмяяўся.

 

 

3

 

Валя, калі ёй прынеслі перадачу, адчувала сябе няважна. Васіль Пятровіч зноў перадаў цукеркі, кампоты, варэнне. Усяго гэтага ў тумбачцы набралася процьма. Стала прыкра, як дзіўна ён уяўляе, што ёй цяпер трэба.

— Мужчыны, Кіра, мабыць, і ў пяцьдзесят застаюцца дзецьмі, — паскардзілася яна маладзенькай мініяцюрнай суседцы насупроць, якая сачыла за ёй раскосымі вачыма. Па тым, як тая ляжала на ложку, што нядаўна вырабляла з падушкамі, беспамылкова было відаць — Кіра зусім яшчэ дзіця.

— Проста такое лягчэй ім купіць, — нехаця ўхмыльнулася яна. — Майму ў чарзе пастаяць або пашукаць што-небудзь па магазінах — бяда цэлая.

— Значыць, так ён цябе і любіць, — уставіла чуць старэйшая за Кіру жанчына, якая ляжала па той жа бок, што і Валя.

Валя збольшага знала яе — жонка Малевіча, завуць Лідаю. Дасюль пры сустрэчах яны не віталіся і цяпер толькі няпэўна ківалі адна адной.

Ліда нагадвала мадонну — гладка, на прамы рад зачасаныя валасы, бледны прыгожы твар, вялікія цёмныя вочы. Толькі хударлявая, п’янаватая ад уласнай страснасці. Яна не хацела дзіцяці, ужыла захады і старалася, каб на яе звярталі ўвагу, глядзелі з зайздрасцю. І калі раней праходзіла па палаце, дык наўмысна так, каб усе заўважылі яе гібкую постаць, пругкую хаду, што рабіла яе задзірліва прывабнай. Але раніцою Лідзе забаранілі ўставаць, пад ножкі ложка ва ўзгалоўі паставілі цуркі, а каб не спаўзала ўніз, лямкамі пад рукі прывязалі да спінкі. Яна прыняла гэта па-свойму і, пакутуючы ад бездапаможнасці, закіпала з усякага выпадку або проста без дай прычыны.

Падтрымліваючы жывот, Валя ўстала, накінула халат і, шлёпаючы тапцямі, падышла да акна. Падумала, што яна, мусіць, страшэнна бледная, бо вельмі кружыцца галава, і што гэта неяк трэба скрыць ад Васіля Пятровіча.

«Толькі б не хіснуцца, не ўпасці...»

Пад акном, задраўшы ўгору галовы, стаялі муж, Сярдзюк, Дымок. Ішоў снег, і шапкі, плечы ў іх былі белыя. Белае было ўсё наўкола — двор, дрэвы, неба. Толькі на зямлі бель ляжала спакойна, у небе ж — пляскалася, як сцягі ў вецер. Не паспеўшы зажмурыцца, Валя адхіснулася. Белае святло ўдарыла ў вочы, асляпіла. Яна хацела была ўхапіцца за падаконнік, зрабіла адчайнае намаганне, ды не паспела...

Залямантаваўшы, да яе кінуліся ўсе, хто мог устаць. Паднялі, падтрымліваючы пад рукі, давялі да ложка. Самая маладзейшая ў палаце, Кіра, стрымгалоў пабегла па ўрача.

Лежачы на спіне, амаль не адчуваючы болю ў патыліцы, Валя замірала ад страху — няўжо новае выпрабаванне? Навошта яно, такое недарэчнае, выпадковае? Здаецца, і так ужо хапала няшчасцяў?

— Выкідыш можа быць, — крывячы, як Малевіч, губы, сказала Ліда і па-свойму суцешыла: — А так нічагуткі, выстагнешся. Не вялікая бяда. Шэранькіх хопіць, каб раджаць...

У сваіх апасеннях Валя не заходзіла так далёка — занадта жорсткае, неверагоднае гэта было! — і Лідзіны словы аглушылі яе. Але адначасна ўскіпеў гнеў. Каркае? Няхай! Але адкуль гэтая халодная чэрствасць, помслівая радасць з чужой бяды. За што? Валя ж не зрабіла ёй нічога паганага. Дый, па сутнасці, не ведала яе і будзе, як раней, рэдка сустракацца. Дык за што ж тады? Помсціць за мужа? Або за тое, што Валя кепска ведала яе, а яна, магчыма, ведала Валю лепш? За тое, што Васіль Пятровіч прыходзіць кожны дзень, а Малевіч быў пад акном усяго адзін раз, і перадачы носіць яго маці? Або за тое, што Ліда хоча быць шчаслівейшай за другіх?.. «А Васіль? Як ён там? Мабыць, ломіцца сюды, просіць, моліць, а яго не пускаюць...»

Па ўзрушаных галасах, якія набліжаліся па калідоры, Валя зразумела: ідзе ўрач. Але ўвайшла Кіра з медсястрою.

Спалохана агледзеўшы палату і ўбачыўшы, што ўсе ляжаць на сваіх месцах, сястра недаўменна спынілася ў праходзе. Потым яшчэ раз глянула на падвешаную

Ліду, з застыглага твару ў якой не сышла крывая ўсмешка, ураз неяк павесялела.

— Дык хто з вас упаў? — спыталася звонка.

— Верас, — адказала Кіра, паказваючы на Валю рукою, складзенай лодачкаю.

— А-а-а...

Што тут было прычынаю — слабасць, якая робіць чалавека чулым і чуйным, або імкненне абавязкова зразумець другога, што ўжо ўкаранілася ў Валі, — але, сустрэўшы позірк сястры, яна раптам зразумела, чаму тая радуецца. Так-так, сястра радавалася, бо за хвіліну поўнілася страхам — упала Ліда Малевіч, прычындалы якой рабіла яна, сястра. Яе палохала — неахайна падставіла цуркі, і вось хворая ўпала... За выпадак жа з Валяй яна не адказвала: здарыўся няшчасны выпадак — і ўсё. Хіба хворай дазволілі ўставаць? Не!

Да сястры таксама дайшло, што думкі яе разгаданы, але яна не пачырванела, а зазлавала. Бачачы, што Валя звяла павекі і вочніцы ў яе напаўняюцца слязамі, адрэзала:

— Нічога, у нас і не такое здараецца. Самі вінаваты, прыйдзецца пацярпець. Тут усе роўныя!

Яна яўна падбівала Валю на неабдуманае слова. Навошта? І Валя зноў знячэўку зразумела: сястра задзіраецца, каб яна нагаварыла лішняга, пасля чаго не захочацца скардзіцца, дый усякая такая скарга будзе ўжо скампраметавана загадзя. Бо ты наогул скандалістка, табе ніхто і нішто не дагодзіць. А пра роўнасць кінула, каб супроцьпаставіць Валю астатнім, здабыць іхнюю падтрымку. І яна не пралічылася.

— Узялі моду, не аднадзіш. Прывыклі там! Што заманецца, тое і робяць, — грэбліва закапыліла Ліда губы. — Ні адпачыць, ні заснуць праз вашы спатканні.

— Не любіце вы нікога, як і ваш муж, — паціху сказала Валя.

— Я тых люблю, хто мяне любіць. А калі хто яшчэ капрызы паказвае — ідзі прэч! Навошта ён мне.

— А хіба вас не наведваюць?

— Я іх не заву. Мой час ганяцца за другімі яшчэ не надышоў. Пакуль я больш патрэбна, чым хто-небудзь мне. І напаказ не жыву. Я простая жанчына.

— На каго вы напалі? — ускіпела Кіра. — І вы, сястра!.. Што вы ўсе гаворыце?

Кірыны словы патушылі перапалку, але і адабралі ў Валі сілы. Ёй зрабілася так моташна і горка, што яна, стрымліваючы рыданне, адвярнулася да сцяны. Балела галава, мучылі страхі, але яна ўпарта не адказвала на пытанні сястры, якая адразу стала клапатлівай.

— Не нудзіць? — залапатала, схіляючыся над Валяй. — Ды гаварыце ж!

— Не! — каб толькі ад яе адчапіліся, кінула Валя. — Не! Гэта задавальняе вас?

Тое, што сястра так адразу змянілася, таксама раздражняла.

«Спалохалася і стала шаўковая. Страх перад адказнасцю, мусіць, і робяць яе чалавекам!.. І зноў гэтае — «сама вінавата»... Божа мой!.. А Ліда Малевіч? Сам Малевіч?.. Што сталася з некаторымі?.. Чаму яны такія?.. Нават спагадлівая Кіра і тая баіцца быць адкрытай: яе дабрату могуць прыняць за абмежаванасць, зрабіць пасмешышчам. І Кіра раскрываецца толькі калі ўскіпіць або гаворыць пра мужа. Яго і за слабасці, заганы, упікае быццам з ухвалаю, нібыта яны ўпрыгожваюць яго, нясуць ёй схаваную радасць...»

Пакрыўджаная, Валя ўжо не магла быць справядліваю, і людзі здаваліся ёй зайздрослівымі, сквапнымі на салодзенькае і таму двудушнымі, себялюбнымі.

 

 

4

 

Увечары стала яшчэ горш. Забалелі шыя, жывот. Стараючыся не ўпасці тады ля акна, Валя як бы надарвалася, і млосная слабасць цяпер не адпускала яе. У глыбіні істоты жыло адчуванне — сілы пакідаюць цела, яно памірае, і хвіліна, калі ты знясілееш зусім, набліжаецца як непазбежнасць. Думалася: жыццю супроцьстаяць не толькі холад, маўклівасць, але і каменная здранцвеласць. Смерць — гэта поўнае скамянелае бяссілле.

Як яна надыходзіць? У Кашчэя смерць была на вастрыі іголкі. Адламі самы кончык — і ў той жа міг свет пагасне для яго. Так дасюль уяўляла сабе смерць Валя. Праўда, у яе ўяўленні жыццё было звязана з сэрцам. Пакуль яно б’ецца, пакуль не парвецца жылка, што нітуе яго з целам, ты жывеш. Важна, каб толькі не парвалася гэтая жылка. А вось цяпер Валя раптам адчула: паміраць можна паволі, бо жыццё — гэта сілы, і яно пакідае чалавека разам з апошняй іх кропляй.

Валя адчувала, як меншаюць сілы і бяссілле пранікае ў яе.

Зрабілася страшна. Але не так за сябе, як за Лёньку, як за тое, што не паспела сказаць сваё — закончыць «Гады неспакойнага сонца». Дзіця, кніга раптам сталі такія дарагія, што засланілі ўсё. І Валя гатова была пайсці на самыя жахлівыя пакуты, толькі каб ёй далі магчымасць стаць маці і напісаць аб запаветным. А калі ўсё-такі наканавана памерці, дык няхай гэта будзе адразу, як ажыццёвяцца яе мары.

Хто ведае, магчыма, яна крыху хітравала са смерцю. Але бясспрэчна было адно: калі б ёй давялося выбіраць паміж сабою і дзіцём, кнігаю, яна ахвяравала б не імі.

Лідзе Малевіч таксама было дрэнна. Яна ляжала нерухома, з прыкушанай ніжняй губой, і, цураючыся ўсіх, глядзела ў столь. Здавалася, нават не маргала ды ўпарта, на злосць сабе і другім, старалася разгледзець там нешта ненавіснае, схаванае. І хоць было не да яе, па-за Валінай увагаю не праходзіла, як блажэе твар у Ліды — быццам цені, якія ляжалі на ім, пачалі паступова гусцець.

Калі да яе падышлі выкліканая дакторка-ардынатар, медсёстры, яна, каб і краем вока не бачыць іх, адвяла позірк на сцяну. Але потым з грэблівым адчужэннем спыталася:

— Па мяне заявіліся? У ізалятар павалачаце?

Доктарка паклала ёй на лоб далонь, папрасіла не хвалявацца. Але Ліда непрымірыма крутнула галавою, не прымаючы ні яе спагады, ні яе клопатаў, якія ўсё роўна фальшывыя і карысці не прынясуць. Яна і пакутавала як бы наперакор усім і ўсяму, выкрываючы гэтым людскую няшчырасць, бездапаможнасць.

Гэта ўразіла Валю. І як ні было ёй блага, сорам за сябе, за Ліду Малевіч ахапіў яе. Чаго дамагаецца Ліда? Пайсці са свету з зацятай нянавісцю да людзей і самога свету? Зрабіць сваю смерць атрутаю для другіх, для тых, хто астанецца жыць? Што можа быць больш подлым? І чаму яна робіць так? Ці не таму, што мужаў скепсіс забіў і ў яе веру? Ці не таму, што роспач і асабістая бяда асляпілі яе, разлютавалі? А Малевіч замест таго, каб змягчыцца і падбадзёрыць яе, па-ранейшаму дэманструе сябе і сваю непрымірымасць да... мяшчанства?..

Апоўначы Валю ўзялі ў аперацыйную. Яе не павялі, як звычайна, а паклалі на каталку. Чуючы, як парыпваюць калёсікі, яна халадзела і сціскала плечы. Кожны паварот калёсікаў набліжаў яе да белага стала пад люстраю. І гэта было цяпер самае страшнае.

— Таварышы, я пішу кнігу, — жмурачыся ад нясцерпнага святла і болю, наіўна адкрылася Валя, калі яе перанеслі на стол. — Яна пра вельмі важнае ў жыцці. Мне абавязкова трэба скончыць яе.

— І не адну... Супакойцеся, — адказала доктарка, але Валя не адчула ў яе словах той упэўненасці, якой чакала як паратунку.

Гэта раптам зноў угнявіла яе: няўжо доктарка не магла чутачку схлусіць? Няхай, калі суджана, памірала хоць бы з надзеяй!

Потым думкі перамяшаліся, і зноў адно асталіся слабасць і боль. Ды яшчэ хіба чаканне палёгкі, жаданне, каб хутчэй бег час. А ён, як на тое, быццам спыніўся, і ўсё, што адбывалася навокал, здавалася, адбываецца да прыкрасці марудна, як на кінаэкране, калі ідуць запаволеныя кадры фільма. Нарэшце боль распаласаваў яе напалам, і яна абнемагла.

— Шпрыц!.. — даляцела здалёк.

І не было ўжо ні аперацыйнай, ні цвёрдага стала, ні белых зданяў, што чаравалі над ёй. Валя адчула: яна аддаляецца ад усяго гэтага. Не, гэта яно аддаляецца ад яе, усё далей. А сама Валя робіцца ўсё меншая і меншая, бездапаможна адзінокая. Сэрца сціснуў страх. Захацелася крыкнуць: «Ратуйце!» Але голасу не аказалася. Жыло адно ўсведамленне — не думка, а ўсведамленне: каб не знікла і гэта, неабходна намаганне. «Трэба, трэба!..» Сабраўшы апошнія сілы, Валя ўсё-такі намаглася і ў той жа момант расплюшчыла павекі.

Убачыла вялікія, зіхотныя вочы дакторкі. Лоб яе закрывала белая шапачка, нос, рот і падбародак — маска, і на твары жылі толькі вочы. Але колькі радасці прамянілі яны!

— Віншую з сынам, — урачыста сказала дакторка. — Але пакуль што ні слова! Калі не вельмі блага, маргніце. Ну!

Здзіўленая, чаму яна паводзіць сябе так, Валя слаба ўсміхнулася і толькі тады зразумела: дакторка вельмі радая, а з ёй сапраўды было дрэнна...

У палаце ўсе, апрача Кіры, спалі. Ліда Малевіч ляжала быццам не дыхаючы з выцягнутымі паверх коўдры рукамі. Электрычнасць выключылі, але на дварэ, якраз пад акном, гарэў ліхтар. Там, мусіць, гуляў вецер. Ён хістаў ліхтар, і святло ад яго тут, у пакоі, то ўспыхвала, то гасла. У гэтых пошугах святла і змрокаў здавалася, што Ліда вось зараз падымецца, не згінаючы каленяў, як устаюць з труны казачныя нябожчыкі. І не робіць пакуль гэтага толькі таму, што прывязана лямкамі.

Ад астатніх ложкаў, якія Валя не магла бачыць, даляталі пасопванне, храп. Аднак і яны здаваліся страшнаватымі, таянічымі, і ад іх чакалася нешта незвычайнае.

Стараючыся не хвалявацца, Валя думала неяк адразу пра ўсё: «Выбавілася ўсё-такі. Цяпер выхаяць! Значыць, магу яшчэ... Каб толькі не пераблыталі з кім-небудзь Лёньку... Васю трэба паведаміць неадкладна... Як ён там адзін? Добра, што, як пісаў, наведваецца Віктар... А Кіра? Малайчына Кіра! Знарок не спіць, каб не пакідаць мяне сам-насам...

— Я ведаю вас, Валянціна Сяргееўна, — як бы ўгадаўшы яе думкі, шэптам сказала Кіра. — Лёдзя Шарупіч мне многа расказвала пра вас... Вашы кніжкі я ўсе прачытала. Я — па начах, а ўвечары — Пракоп. Цікава гэта ў вас — вайна, а людзі кахаюцца.

— Жыццё і ў вайну ідзе сваёй дарогай.

— Я сама, здаецца, мацней стала любіць. Шкада, што Лёдзя ў турысцкім паходзе. У Карпатах. Ёй усё мала — не можа без выдумак. А то даўно б пад акно прыбегла і тут свае парадкі пачала б наводзіць. Вы не думайце, яна добрая. Паглядзіце, як у яе на балконе кветкі ўлетку цвітуць! Любата... А яны так цвітуць таму, што за імі ласкавыя рукі даглядаюць. У грубіянак адно цыбурынне расце...

Душу агортвала шчаслівая цішыня, мір. Верылася: страхі і бяда засталіся ззаду, і ўсё цяпер выкіруецца да харошага, такога, якога яшчэ не было. Дый як яно можа не выкіравацца, калі побач Кіра, а сама яна вунь што пераадолела.

Якая несусветная бязглуздзіца — адносіны да «чалавека наогул» іншы раз цяжка пагадзіць з адносінамі да чалавека, які поруч! У гэтым ужо фальш і несправядлівасць. Так-так! Усе людзі, — упадала ў другую крайнасць Валя, — вартыя павагі, любві. Бо не прыкрыя заганы, якія кідаюцца ў вочы, а тое, што людзі робяць разам, вызначае іх цану. Няхай адны з іх зласлівыя, непатрабавальныя да сябе, няхай адны менш шчырыя і здольныя, а другія больш, няхай шмат хто з іх дробязны ў дробязным, шчодры толькі ў вялікім, разам яны цудадзейная сіла! Хоць і ёсць Понтусы, Малевічы, Барушкі... І яна, Валя, адчувае гэта яшчэ глыбей...

 

 

5

 

Радасць, аказваецца, таксама лечыць. Раніцою, калі прынеслі паказаць Лёньку, Валя адчувала сябе, бадай што здаровай. Працягнула да яго рукі, але няня аж адступіла ад ложка.

— Ляжыце, ляжыце! Хіба можна? Вас самую трэба карміць з лыжачкі.

Спавіты, з павязанай хусткаю галоўкай, сын здаваўся вельмі маленькім — як лялька. Чырванаваты тварык быў нездаволены, зморшчаны, выцягнутыя губы варушыліся, быццам ён смактаў пустышку. Гэта напомніла: радавацца рана. Але ў зморшчаным тварыку праступіла нешта дарагое, блізкае, і сэрца, страпянуўшыся, зайшлося ад любві. Асабліва кранулі лобік і насупленыя бровы — яны былі як у Васіля Пятровіча.

— Пакажыце, няня, галоўку, — папрасіла Валя.

У Васіля Пятровіча было дзве макаўкі. Некалі Валя яшчэ жартавала: вось бачыш, правільна гавораць у народзе — «колькі макавак, столькі жонак...».

Няня ўмела, можа, толькі засмела, развязала хустку. Галоўка была круглая, пакрытая чорнымі валосікамі, якія за цемечкам — во дзіва! — закручваліся двума віхорчыкамі.

Гэта на тую хвіліну здалося такім шчасцем, што Валя заплюшчыла вочы.

Няня засердавала, заспяшалася. А калі за ёй рыпнулі дзверы, Валя раптам убачыла Кіру, якая, лежачы на баку ў раскрыстанай сарочцы, трымала пры грудзях такі ж спавіты скрутачак. Спачатку нават мільганула недарэчная думка: ці не Лёньку яна трымае?

— Калі?.. Хто?.. — разгубілася Валя, усё яшчэ не даючы веры.

Кіра самавіта, быццам паспела ўжо зжыцца з гэтым, паправіла хустку на галоўцы дзіцяці.

— Дачка, Валянціна Сяргееўна. Чэснае камсамольскае, выліты Пракоп. Хай растуць равеснікі. Я сваёй усё-ўсё раскажу пазней... Толькі першы раз з левага саска не карміце — ляўшун, кажуць, будзе.

«Будзе!..» А ў яе, Валі, думкі і клопаты пакуль што, па сутнасці, не выходзяць за межы бліжэйшага дня. Яе радуе і засмучае хвіліна, вось гэта, якую сэрца адстуквае зараз, або якая набяжыць адразу следам за ёй. Мусіць, шчасце заўсёды крыху эгаістычнае і слепаватае. Яно не любіць спяшацца. «Хвіліна, спыніся!» — вось маленне шчаслівых.

А ці сапраўды Валя такая шчаслівая? Прыкутая да ложка, з сэрцам, якое, калі ўзрушыць, чамусьці ные, баліць... Праўда, мара яе збылася — яна зноў можа ўзяцца за пяро! Яна мае Лёньку, даражэйшую за жыццё істоту, што аддзялілася ад яе самой і, безумоўна, паможа жыць. Але... невядома яшчэ, як будзе з ім. Няня не пахвалілася, колькі ён важыць. Значыць, мала, і Лёньку вельмі трэба малако. А раптам у яе не будзе малака? Гэта засмуціць Васіля Пятровіча, прынясе новыя непрыемнасці, турботы...

І ўсё-такі Валя, вядома, была шчаслівая. Яна перамагла смяротную слабасць. Яна нарадзіла Лёньку, прынесла шчасце бацькоўства любаму чалавеку. Расло адчуванне, што і сам свет стаў чуць іншы. У ім жа цяпер будзе яшчэ адна сапраўдная сям’я, будуць невядомыя дасюль клопаты, трывогі. З’яўленне Лёнькі ўзняло жыццё на прыступачку вышэй: Валя — маці, Васіль Пятровіч — бацька, Юра — брат. З’явіліся новыя дзядзькі, дзяды, новыя абавязкі ў іх. Не, шчасце — гэта адчуванне: жыццё ідзе, і ты маеш дачыненне да таго, што яно ідзе, множыцца, ускладняецца. І, можа быць, добра, што шчасце прабіваецца праз нягоды, праз боль і выпрабаванні. Дыстыляванае шчасце — не шчасце, бо яно, калі б толькі было, адабраўшы ад чалавека парыванні, загубіла б само сябе. Нездарма ў дыстыляванай вадзе няма жыцця.

Так, толькі так!..

Васіль Пятровіч некалі прызнаваўся: «Не магу без праціўнікаў, яны патрэбны мне. Без іх закіснеш. Помніш, у Лермантава: «А он, мятежный...» Мусіць, шчасце і ёсць пошукі спакою ў бурах. А тая хвіліна, якую захочацца спыніць, існуе ва ўяўленні людзей дзеля таго, каб клікаць іх у дарогу, каб абуджаць неспатоленую прагу. І пакуль на свеце ёсць горы, а значыць — вяршыні, чалавек будзе імкнуцца да іх, чаго б гэта ні каштавала.

Так або прыблізна так можна было перадаць думкі і пачуцці, якія нахлынулі на Валю.

Потым яны скіраваліся на «Гады неспакойнага сонца». «Дакладнасць і праўда... Не фактаграфія, а праўда, — паўтарала яна амаль у гарачцы. — І праверка, праверка! Больш пільна прыйдзецца прасачыць шляхі і крутыя сцежкі, па якіх ідуць людзі да жаданага. Трэба падумаць, як гэтыя шляхі залежаць ад акалічнасцей, ад другіх людзей. Літаратура ж сапраўды народазнаўства!»

Перажытае рабіла Валю кволай, лёгкаранімай, настройвала на смутны лад. Уласныя нягоды адкрывалі вочы на чужыя. Сыты галоднаму не спагадае. Але затое бядак бедака... І хто ведае, можа, гэтая акалічнасць таксама робіць людзей ворагамі або пабрацімамі.

Валя пачала перабіраць у памяці сем’і суседзяў — хто жыў з імі на адной пляцоўцы, паверхам ніжэй, вышэй — і амаль ва ўсіх знаходзіла свой «камень преткновения».

Сусед злева — журналіст і разумнік, піў. Зарплата ў людзей другога і шаснаццатага чысла. Ён жа меў яшчэ ганарары. Былі яны частыя, якія? — у сям’і не ведалі, і ён піў. Мусіць, атрымліваць грошы два разы ў месяц і мець з імі справу амаль кожны дзень — розныя рэчы. Сам сабе ў хмялі здаешся лепшым, здатнейшым. Вярнуўшыся дамоў, журналіст патрабаваў гарэлкі яшчэ і, калі не давалі, — скандаліў. І дорага гэта каштавала сям’і, хоць назаўтра, замольваючы грэх, праганяючы смагу газіраванай вадою, ён, старанна прычасаны, і хадзіў з жонкаю па вуліцах пад руку. I здавалася: цяжка сустрэць такую неразлучную пару.

Што рабілася ў Аскоцкіх, якія жылі справа, мала хто ведаў. Ні крыкаў, ні грукату з-за дзвярэй не далятала. На людзях адносіны ў іх былі роўныя, далікатныя. Але вось гэтая падкрэсленая прыстойнасць, жаданне засведчыць — у нас у сям’і ўсё добра — якраз і насцярожвалі. І не толькі гэта. Занадта ж не па гадах скрытныя былі дзеці і розныя муж з жонкаю. Ён — здольны тэрапеўт, чыя вядомасць расла днямі, паважны, відны, на якога яшчэ заглядваліся дзяўчаты. Яна — пласкагрудая, з касцістым тварам. Хадзілі чуткі, што гэтая нехлямяжая жанчына з вайны хавае нейкую таямніцу, і Аскоцкі паняволі жыве з ёю, выдае сябе за вернага мужа. Наогул далікатнага, беззаганна прыстойнага Аскоцкага нібыта грызла нешта. Сустракаючыся з суседзямі, ён усміхаўся здалёк, падыходзіў з працягнутай рукою, пытаўся: «Як яно, маладое жыццё?» Жартаваў. Але варта было яму страціць кантроль над сабою, як адразу выяўлялася: ён абсалютна не цікавіцца табой і думае зусім пра іншае.

А Ліда Малевіч? Муж бадай што адразу навязаў ёй незразумелае змаганне. Спачатку яны кахалі адно аднаго, займелі дачку. Але ад думкі — яны не роўныя і Малевіч можа кінуць яе, задражнёная Ліда пачала сапернічаць з ім сама — рабіць напоперак: «Досыць, нарадзіла адну! Не толькі табе свабодныя рукі патрэбны!» Баранілася ўсім, прыхопліваючы мужавых бацькоў: «Падумаеш, вучоныя! — фыркала. — Мае ад зямлі затое. З мазаля жывуць, сумленна». Калі Малевіч абараніў кандыдацкую дысертацыю, пацягнуўся да славы, Ліда паабяцала: «Нічога — будзе і на нашай вуліцы свята. Не святыя гаршкі лепяць». І калі яго маці аднойчы прыслала слоік журавінавага варэння, скрывілася са знявагаю: «Вось мая мама збірала журавіны дык журавіны!» І цяжка было ўявіць, што пачало тварыцца ў сям’і Малевічаў, калі ў яго завязаўся раман з Алаю. А здавалася ж, абое як бы наўмысна падабраныя для жыцця: шукай лепшай пары — не знойдзеш.

Усе яны быццам былі ва ўладзе невядомых сіл. І гэтыя сілы перашкаджалі хораша працаваць, жыць. Часта бяда насоўвалася з мінулага. Часта крыўдзіла прырода... Дык якімі ж моцнымі павінны быць людзі, каб процістаяць усяму гэтаму?! Добра яшчэ, што сам лад жыцця падтрымлівае іх, падцягвае. Добра, што ёсць такія, як Кавалеўскі, Шарупіч!

«Так, так! Любіць... памагаць ім!.. Гэта і будзе мой адказ!» — пераконвала сябе Валя. Асцярожна агледзеўшыся, баючыся каго-небудзь разбудзіць, пацягнулася да тумбачкі па паперу.

 

 

6

 

У нядзелю, насуперак правілам, Васілю Пятровічу дазволілі яе наведаць. Валю папярэдзілі аб гэтым, і яна хвілін пяць ляжала, скасіўшы вочы на дзверы і не ведаючы як быць — гаварыць яму ўсё, як ёсць, ці прыкінуцца, што справы яе ішлі і ідуць цудоўна? Але калі ён, ружовы ад марозу, паказаўся ў дзвярах і, саромеючыся пазіраць на чужыя ложкі, з усмешкаю нібыта паплыў да Валі, ёй неспадзеўкі захацелася папсаваць яму настрой, прымусіць, каб трывожыўся таксама.

У руках ён трымаў пакункі. І, не сумняваючыся, што гэта тыя ж самыя цукеркі, кампот, варэнне, яна сказала:

— Навошта ты ўсё гэта носіш? Паглядзі ў тумбачку — там і так поўна!

Васіль Пятровіч сумеўся.

— Я меркаваў, што табе трэба падсілкоўвацца...

— Еш, пакуль лезе, усё роўна расперазаная, — пракаменціравала Ліда Малевіч.

Пачырванеўшы, Васіль Пятровіч, які пачаў быў класці пакункі на тумбачку, разгублена зірнуў на Валю, не ведаючы, што рабіць далей.

Ёй стала шкада яго. Нельга было дапусціць, каб ён выглядаў смешна, бо Валя ведала: палата ўсё бярэ на заметку, ацэньвае. Дый, з другога боку, магчыма, нідзе, як тут, у строгіх бальнічных сценах, хочацца сцвердзіць сябе, пахваліцца лепшым, што маеш. Тут ты хворая — і толькі. Бальнічны ложак, шэрая коўдра і халат, ношаныя тапці робяць цябе амаль безаблічнай. Нават пакуты ў цябе амаль такія ж, як ва ўсіх. Аб табе мяркуюць не столькі па самой табе, колькі па тваіх блізкіх, па тым, што прыносяць табе адтуль, з волі.

— Чаго ж ты, кладзі, — схітрыла Валя, просячы вачыма, каб муж пацалаваў яе.

Ён разгадаў не ўсё, што яна ўлажыла ў нямую просьбу, але схіліўся і асцярожна крануўся яе вуснаў. А як крануўся, адчуў цеплыню знаёмых, цяпер нібыта абсівераных губ, адразу ледзь не забыўся, што ў палаце ёсць староннія. Ён наогул любіў Валіны губы і, як бы на злосць сваім гадам, яшчэ нядаўна зусім не саромеўся паказваць пачуцці да яе.

Ён помніў, як упершыню яго назвалі «таварыш», потым — «дзядзька», і не так даўно ў тралейбусе — «папаша». Гэта ўразіла яго, і Васіль Пятровіч, бунтуючы, сам свядома прымушаў сябе ігнараваць умоўнасці. І, дэманструючы сваю незалежнасць, часам бянтэжыў Валю нечаканымі парываннямі — дома, на вуліцы, у чужых. Аднак, здагадваючыся, што гэта, апрача ўсяго,— імкненне ўсцешыць яе, яна аставалася ўдзячнай яму. Праўда, пасля яго раптоўная грубасць раніла мацней, ды ўсё роўна такія парыванні прыносілі Валі радасць.

Вось і цяпер, зусім не думаючы, што гэта можа выклікаць насмешкі, Васіль Пятровіч апусціўся перад ложкам на калена і пачаў цалаваць Валіну руку. А Валя, адчуваючы, што таксама здабывае ўнутраную свабоду, прагла толькі аднаго — гладзіць яго твар, галаву.

— Раскажы, што новага ў цябе? — папрасіла яна, калі муж падняўся і сеў на крэсла.

— Круцімся... Генеральны план, Паркавая магістраль, вуліца Пуліхава... Пакуль што грандыёзна выходзіць! Бяру на ўсе жылы, як той казаў. Хоць, сама разумееш, патэнцыял ужо не колішні. Дый гаспадарнікі лічаць за доблесць эканоміць на ўсім і ўсіх. «Не забій» ужо толькі другой запаведдзю становіцца.

— Пісем няма?

Ён зразумеў: цяпер ёй асабліва хочацца пачуць, што нехта цікавіцца ёю і яна патрэбна там, за гэтымі сценамі.

— Прыходзілі з трактарнага. Запрашалі цябе на чытацкую канферэнцыю. У Саюзе абмяркоўвалі творчасць маладых.

— А яшчэ што? — павесялела Валя.

— Раніцою званіла Ала. Прасіла перадаць «прывецік». Хвалілася, што наладжвае ў сябе пятніцы. Памятаеш, як у талстоўскай графіні Шэрэр? Хоць Валахановіча і няма — паехаў на сімпозіум у Берлін. Ніна Сяргееўна таксама паехала, толькі ў Польшчу, да дачкі...

Валя ўважліва паглядзела яму ў вочы.

Нядаўна Васіль Пятровіч быў сведкам пахабнай сцэны — Барушка і Шмакаў, яхіднічаючы і практыкуючыся ў дасціпнасці, ішлі ў заклад, колькі гадоў пры Але здолее выжыць Валахановіч — год, два ці тры. Абураючыся з іхняга цынізму, але ў душы таксама пакепліваючы з Валахановіча, Васіль Пятровіч, насуперак усяму, тады з новай сілаю адчуў цягу да Алы. Яна нібыта рабілася даступнейшай для яго самога, а значыць, бліжэйшай. І калі сустрэўся з ёй выпадкова ў Тэатральным скверы, ужо хаваў вочы, саромеючыся і палохаючыся самога сябе. Больш таго, ён раптам востра адчуў, якую асалоду Ала можа прынесці яму, як можа нечым ашчаслівіць, узбагаціць. А яна, нейкім чынам разгадаўшы ўсё гэта, знарок старалася крануцца яго, пагладзіць па плячы...

Стараючыся не паказаць, аб чым падумалася, зноў адзначыўшы сабе, што Валіны словы абудзілі ў ім зусім процілеглае таму, чаго яна дамагалася, Васіль Пятровіч злавіў сябе, што шукае ў жонцы адмоўнае, супроць нечага бунтуе.

— Чым займаешся ты вечарамі? — спыталася Валя залішне абыякава.

— Сяджу за дысертацыяй Сердзюка. Глыбокі, смелы мужык. Цытуе ўказ Пія II, на які любіў спасылацца Аскар Німейер: «Хто зменіць архітэктуру, афарбоўку сцен, размяшчэнне святых і карцін, будзе адлучаны ад царквы». Падабаецца?

Ён азірнуўся і перавёў гаворку на хатнія дробязі.

Слухаючы яго, Валя спакайнела. Ва ўяўленні паўсталі знаёмыя карціны, і дом здаўся далёкім, жаданым кутам, дзе ўсё чакае яе, дзе яна пачне зусім новае жыццё, шчаслівейшае, чым было.

«Ну і дурная!..» — упікнула яна сябе.

Лёньку Васіль Пятровіч разглядаў так, быццам верыў і не верыў, што ў іх з Валяй сын.

— Ды пацалуй ты хоць яго, — падказала Валя.

Паслухмяна склаўшы губы трубачкаю, Васіль Пятровіч цмокнуў Лёньку ў лобік і з палёгкаю адступіў на крок.

Васіль Пятровіч пайшоў, асцярожна прычыніўшы за сабою дзверы. Валя правяла яго сумным позіркам і ператварылася ўслых — пакуль ён быў, у палаце ўсе маўчалі і зараз павінны былі загаварыць. Але ніхто не загаварыў, толькі Кіра, паварочваючыся на бок і хутаючыся ў коўдру,сказала:

— Мой піша, што таксама баіцца. Як ты такое малое будзеш купаць, апранаць? Яны, мужчыны, смелыя толькі з намі.

Кіра, мабыць, укрылася з галавою, бо апошнія словы прагучалі невыразна, нібыта яна нешта жавала. Але Валі падумалася: і гэта Кіра сказала не так сабе, а каб узяць яе пад абарону — калі ўздумаюць кпіць з Васіля Пятровіча, то хай ведаюць, што за ім стаіць Пракоп, а значыць — і сама Кіра.

— Калі выпішамся, пазнаём мяне са сваім Пракопам, — папрасіла Валя, зноў думаючы, што там, толькі там, знойдзе яна сапраўдную чысціню і мудрасць жыцця.

— Добра-а, — соладка пазяхнула Кіра. — Мы калі-небудзь разам з Лёдзяй па вас прыйдзем...

Уначы Валя прачнулася ад болю ў грудзях. Яна сабралася была выклікаць сястру, як пачула прыглушаныя рыданні.

Нехта плакаў, сцяўшы зубы або ўткнуўшыся ў падушку. Спачатку здалося: Кіра. Але пры чарговым пошуку святла — вецер на вуліцы гуляў і сёння — Валя ўбачыла, што плача Ліда Малевіч. Закусіўшы губы, з грымасаю пакуты на твары, тая змагалася з сабой.

— Што з вамі? — ціха паспачувала Валя.

Але Ліда не адказала, толькі прыглушаныя ўсхліпы на нейкі момант перайшлі ў роспачлівае мыканне.

 

 

РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ

 

1

 

Васілю Пятровічу самому іначай уяўлялася спатканне з Валяй, з сынам. Уяўлялася як хвіліна, калі ўсё ў табе трымціць ад радасці. Але ўжо Валіна пытанне: «Праўда, на цябе падобны?» — здалося дзівацтвам. А калі няня захацела перадаць яму Лёньку, ён проста спалохаўся, не ведаў, што рабіць з ім, схаваў рукі за спіну. Сын здаўся такім бездапаможным і кволым — асабліва спінка! — што адзін нялоўкі рух мог каштаваць яму жыцця.

Праўда, потым Васіль Пятровіч пасмялеў. Але адступаць ужо было позна — бог ведае, што маглі падумаць у палаце. Дый бачачы, як усе прымушаюць яго ўзяць сына на рукі, пакепліваюць, каб прымусіць, ён заўпарціўся: «Баюся — і ўсё!»

Аднак, вярнуўшыся дамоў, ён адчуў, што значыць цяпер для яго Лёнька — жывы, пузаценькі, з нязграбна растапыранымі пальцамі. Калісьці, стараючыся разабрацца ў сваіх пачуццях, ён у думках ставіў Юрку і будучае дзіця побач з Валяй — хто даражэйшы? — і кожны раз мусіў прызнацца сабе: «Яна, толькі яна!» Зараз жа такое параўнанне здалося б ужо абразлівым.

Лёнька ўваходзіў у яго жыццё як нешта адметнае. Ён абяцаў вярнуць колішнюю паўнату адчуванням, прынесці новае адчуванне цяперашняга і наступнага. Ён мусіў жывіць надзею, што вернуцца ранейшыя сілы, упартасць...

Юра быў таксама дарагі. Але Васіль Пятровіч, бадай, ніколі не звязваў з ім сваіх надзей. Тым больш запаветных. Магчыма, так здарылася таму, што многае ўжо прызабылася і старэйшы сын жыў ва ўяўленні, якім знаў яго цяпер — з цяжкім характарам і лёсам. А магчыма, таму, што бацькі звычайна аддаюць сябе меншым дзецям. На іх спадзяюцца, іх лічаць лепшымі, вераць — яны з табой да канца.

Юра пісаў рэдка, скупа і больш пра бытавыя дробязі, чым пра сябе. Жыў ён не ў самім Горкім, а ў рабочым пасёлку Гніліца («Назва ідзе ад рэчкі, што, як і Няміга, была ды сплыла»), кватараваў у радыста з аэрадрома і ездзіў на работу трамваем («Ля пасёлка якраз круг, так што праз дваццаць мінут як штык — на заводзе»). З пісем выходзіла, што пасёлак жыў роўным, сумнаватым жыццём. Непадалёк — дуброва, за ёй пяскі, Ака. Але дуброва невялікая, пяскі сыпучыя, хадзіць па іх цяжка, Ака ж пахне карболаўкаю.

«Домікі, — пісаў Юра, — драўляныя, з палісаднікамі, тратуараў яшчэ няма, і каты блукаюць па вуліцах, як куры ў вёсцы. Тут наогул цэлы кашачы культ. Тапіць кацянят — вялікая ганьба. Калі яны падрастаюць, іх у кошыках нясуць да трамвайнага круга, каб там разбіралі прахожыя. Увечары правяраюць і, калі не разабралі, — зноў бяруць нанач дамоў. Нядаўна быў суботнік — будуем прадмаг у цэнтры, дык нехта прынёс кошык з кацянятамі і на суботнік...»

З такой вялай ухмылкаю былі напісаны ўсе лісты. І адчувалася: няўтульна, адзінока хлопцу на свеце. Здавалася: Юру, які чхаў на свае абавязкі перад другімі, павінна было б лёгка жыць. Ажно — не! Праўда, ён не прызнаецца ў гэтым, хавае трывогу і разгубленасць пад напускной зухаватай абыякавасцю. Але нешта точыць яго і, магчыма, — Васіль Пятровіч чамусьці ўпэўнен у гэтым, — астаючыся сам-насам, ён плача. Таму і маўчыць пра сябе, апісвае пасёлак, аўтазавод, парадкі ў вячэрнім інстытуце, горад...

Было, вядома, тут яшчэ адно. Юра даваў зразумець: нікому няма да яго справы, і ён піша толькі таму, што пісаць дамоў заведзена. Але завельмі стараўся ён падкрэсліць гэта, каб можна было паверыць.

Увосень Валя паслала яму цёплыя шкарпэткі, бялізну, світар, і з таго часу адпраўляла пасылкі кожны месяц. Юра спачатку пратэставаў, ды, мусіць, тое, што пасылалі, было вельмі дарэчы, і неўзабаве ён змірыўся з Валінымі клопатамі, пачаў прывыкаць да іх.

Апошні месяц было не да пасылак. Перастаў пісаць і Юра. Успомніўшы пра гэта, Васіль Пятровіч падумаў, ці няма сувязі паміж першым і другім, і, як толькі вярнуўся ад Валі, накіраваўся ва універмаг.

У магазіне было людна, як перад святам. Васіль Пятровіч паспрабаваў прабіцца да прылаўка ў аддзеле падарункаў, потым — абутковым, але марна. Рашыўшы нарэшце купіць, што трапіць пад рукі, ён падняўся на трэці паверх.

Ведаючы яго нецярплівасць, Валя не брала Васіля Пятровіча з сабою, калі хадзіла па магазінах, або, калі ён усё-такі ішоў, пакідала прагульвацца на вуліцы. Нават калі трэба было купіць што-небудзь яму, старалася зрабіць гэта сама — ён толькі замінаў...

Нервуючыся, Васіль Пятровіч прайшоўся па паверсе, дзе прадавалі тканіны і адзежу, але і тут нічога не мог выбраць.

«Пашлю грошы, не маленькі... і так турбот па горла», — адмахнуўся ён ад незвычайнага занятку: як толькі з'явілася надзея, што Валя дасць яму дзіця, клопаты аб Юрку ўсё менш і менш турбавалі Васіля Пятровіча.

Але яго клікнулі.

Здзіўлены — хто яго можа тут зваць? — ён агледзеўся.

У модным, колеру марэнга паліто, аблямаваным футрам чарнабуркі, у вялікай, як буслянка, шапцы, да яго прабіралася Ала, не звяртаючы ўвагі, што на яе непрыхільна азіраюцца. У апошні час яна выдумала сабе блізарукасць — гэта рабіла яе арыгінальнай, давала права не вітацца першай або не пазнаваць, каго хацела прынізіць. Ды цяпер Ала забылася на сваю выдумку і, трымаючы перад сабою адмысловую яркую сумку, энергічна пракладвала ёй сабе дарогу.

— Ага, і вы ў ролі пакупніка! — выгукнула, падыходзячы і аглядаючы яго з ног да галавы. — Вось што значыць быць халасцяком!

— Шукаю, што паслаць Юру, — растлумачыў Васіль Пятровіч, паціскаючы яе маленькую, у замшавай пальчатцы руку.

— Ён яшчэ не ажаніўся? А мо і развёўся ўжо? Не? Чалавек імкнецца ўзяць ад жыцця сваё quibuscumque viis1, як кажа мой Валахановіч. У моладасці ці пазней. Ён наогул называе наша стагоддзе векам сасудзіста-сардэчных захворванняў. Сардэчных! Знайшлі што-небудзь?

— М-м...

— Тады хадзем, пакуль не схапілі другія.

Ала паглядзела Васілю Пятровічу ў вочы, здагадалася: падабаецца яму іменна такой, і ён ужо ведае, што яна разгадала гэта. На хвілінку ім абодвум стала добра, і Ала дадала:

— На благі канец пад’едзем у камісійны. Там ёсць рука. А тут — семдзесят пяць. Не дорага? Юра мне падабаецца, будзе статны мужчына.

 

Ля калоны з цыратавай сумкаю стаяла маршчакаватая старая ў шарсцяной хустцы і паношаным пад коцік футры.

— Хай будзе і не па-вашаму і не па-мойму, скіньце толькі пяцёрку, — задудукала ёй Ала і кіўнула, каб старая ішла следам за ёй на бакавую лесвічную пляцоўку.

 

 

1 Любымі спосабамі (лац.).

2

 

Людская плынь вынесла іх на вуліцу. За тыя хвіліны, што Васіль Пятровіч быў у магазіне, надвор’е палагаднела, хоць неба ўкрывалі імглістыя хмары. Але яны як бы ўзняліся, у іх з’явіліся перламутравыя прамоіны-прасветліны, і навокал паяснела.

На ніжнім суку адной з ліп Васіль Пятровіч са здзіўленнем убачыў белашчокую сініцу. Яна заклапочана, быццам у яе была процьма спраў, скакала па суку і сярдзіта сварылася, мусіць, на прахожых. Пасля пырхнула, але не паляцела, а села на верхнюю галінку і, ускінуўшы драпежную дзюбачку ўгору, зацырыкала — захоплена, так, што відаць стала, як трапечацца яе шыйка. Васіль Пятровіч міжволі спыніўся, задраў галаву. Спынілася яшчэ некалькі прахожых, і не было сярод іх ніводнага, хто б не ўсміхаўся.

— Каб сонца яшчэ, дык зусім вясна. Чуеце, як весела крычаць вароны? — сказаў Васіль Пятровіч і адчуў, што баіцца глядзець у Алін твар.

А тая лапатала, хваліла пакупку — скураную, «на маланках» куртку, падбітую цыгейкаю, і, дробна тэпаючы побач, як бы незнарок штурхала яго локцем, плячом.

Насустрач прайшлі дзве вясковыя жанчыны з хатулямі. За імі — маці з худасочным хлопчыкам у зялёным паліцечку. Жанчына трымала ў руцэ эскімо. Адкусіўшы ад яго на поўны рот, аддала хлопчыку, які пачаў лізаць марожанае языком. Потым прайшлі сержант з дзяўчынаю. Яны трымаліся за рукі і размахвалі імі.

— Любоў салдата, — насмешліва, але па-змоўніцку сказала Ала і прыцішыла крок. — А яна, мабыць, школьніца. Праўда, зайздросна?

Іх абагнаў мужчына ў зімовым паліто, без галаўнога ўбору. Пад пахаю ён нёс фанерную скрынку, ад якой пахла свежапілаванымі дошкамі.

— А нам ісці на пошту няма патрэбы, — зноў з той жа інтанацыяй прамовіла Ала. — У вас, канешне, знойдзецца палатно.

— Не ведаю.

— А я ведаю...

Гэтая сустрэча, нечаканая пакупка, Аліна прапанова здаліся вельмі дарэчы, хоць і выклікалі нейкае зыбкае пачуццё. Ды Ала ўжо ўзяла ўладу над ім, заразіла сваім свавольствам, уцягнула ў цікавую, небяспечную гульню. Захацелася пабалбатаць, пасмяяцца.

Успомніўшы, што Ала па-свойму ўспрымае некаторыя словы, ён спытаўся:

— Кажуць, прафесар прыхапіў і Аскоцкага? Вясёлая кампанія, уяўляю!

— Хі-хі-хі! — залілася Ала, хапаючыся за яго руку і адкідаючы назад галаву ў вялізнай шапцы. — Аб чым, цікава, яны могуць размаўляць. Ведаеце, як Аскоцкі называе доччыных кавалераў? Даярамі. Шукаюць, маўляў, не нявест, а цёплага месца... А што, калі зайсці ў «Нёман»? У вас жа вунь якая радасць!..

Падымаючыся па лесвіцы к сабе дамоў, ён стараўся не глядзець на стройную Аліну постаць, на яе ногі ў боціках з шырокімі халяўкамі.

Стараўся — і не мог.

З галавы не выходзіла, як цягнула яго да яе яшчэ ў першыя дні ў вызваленым Мінску, калі яна з Барушкам памагала яму шукаць кватэру, як хвалявала яе какетлівая даступнасць апошні час.

Адчуваючы, як кроў прылівае да сэрца, Васіль Пятровіч замарудзіў крок. Яна спынілася таксама, павярнулася. Ён убачыў яе ўсю — прыступкі на дзве вышэй за яго — яе пушыстую, з лісіных хвастоў, шапку, прыгожы твар з падведзенымі пад карэянку вачыма і цяжкімі вейкамі, моднае, што так пасавала да яе, паліто, точаныя паўнаватыя ногі ў боціках на высокіх абцасах.

«Хлапчук!..» — засердаваў ён на сябе, шкадуючы аднак, што гэта можа спыніць гульню. Але, калі пачаў адмыкаць дзверы, упусціў ключы і, каб Ала не бачыла яго вачэй, доўга падымаў іх з падлогі.

Ала заўважыла, як мяняецца яго настрой, і забаўлялася з гэтага. Паводзіны Васіля Пятровіча давалі ёй адчуць сваю ўладу над ім, узнімалі ва ўласных вачах — зараз яна тут гаспадыня, і Васіль Пятровіч — сам Васіль Пятровіч! — будзе рабіць усё, што яна загадае яму нават у думках.

У пярэдняй Ала знарок павярнулася да яго спіною, каб ён мог зняць паліто. Пасля падышла да трэльяжа, паправіла шапку і, дастаўшы з сумачкі памаду, падвяла губы.

— Ну, куды вы мяне паведзяцё? У гасціную ці кабінет? — гулліва спытала яна.

Аднак праз гуллівасць — і гэта Васіль Пятровіч улавіў выразна — чулася хітрая, амаль кплівая насмешка. Яму зрабілася крыўдна за сябе: Ала, відаць, раскажа пра гэтыя прыгоды Валі і, хутчэй за ўсё, з намёкамі, каб укалоць, абудзіць рэўнасць.

Панурыўшыся, ён правёў яе ў кабінет і паслухмяна падаўся шукаць палатно, ніткі, іголку. Калі ж вярнуўся, застаў Алу ля пісьмовага стала. Задуменна схіліўшы галаву і раз-пораз слінячы пальцы, яна гартала Сердзюкову дысертацыю. Пачуўшы скрып паркету, адсунула папку і села на край стала.

«Як некалі Малевіч», — хочучы абудзіць у сабе непрыхільнасць, падумаў Васіль Пятровіч.

— Адкуль гэта Сярдзюк выкапаў? — паківала яна правай нагою, якая не даставала да падлогі.

— Захавала жонка.

— Ну і як?

— Па-мойму, гучыць як напісанае сёння. І, калі сям-там паглыбіць, можна смела абнародаваць.

Ала нядобра скрывілася і, віхляючы клубамі, перайшла на канапу. Абцягнула кароткую спадніцу і асталася сядзець, паклаўшы рукі на стуленыя калені.

— А па-мойму, гэты Сярдзюк нічога вартага стварыць не можа...

— О не-э! — пастараўся стаць сцяною Васіль Пятровіч.

Ён гаварыў і гаварыў, баронячыся ад таго, што на яго насоўвалася, і зноў, зноў лавіў сябе на тым, што пасуе перад Алаю.

Не, у ёй не было ўжо колішняй даступнасці, якая бударажыла, распальвала фантазію. Не было і нядаўняй страснасці, якая п’яніла яе самую і закруціла, як ў віры, Валахановіча. Але затое яна таіла ў сабе нешта прыемнае, яшчэ не зведанае табою. Яна вабіла да сябе, і ў той жа час ты таксама быў патрэбны ёй. А можа, усё гэта толькі здавалася Васілю Пятровічу, які, крыху захмялеўшы ад выпітага ў «Нёмане», раптам зразумеў, як ён засумаваў па пяшчотах.

Ён памагаў Але зашываць пасылку і ўпотай удыхаў пах духоў і свежасці, што ішлі ад яе шапкі. А калі выпадкова дакранаўся да яе калена, рукі, востра адчуваў іх цеплыню. Усё пачынала здавацца больш простым.

Мянялася і Ала.

Знешне яна рабіла ўсё як звычайна, можа, трошкі павольна. Брала шпульку, перакусвала нітку, завострывала зубамі яе канец, на святле, прыжмурыўшыся, зацягвала ў іголку і прымалася шыць, на ўсю даўжыню ніткі адводзячы руку. Аднак, робячы ўсё гэта, яна ўвесь час як бы да нечага прыслухоўвалася, нечага чакала, нібыта вось зараз нехта павінен быў зайсці або падаць голас. Праўда, Ала не прыспяшала гэтага «некага», імкнулася адцягнуць сустрэчу з ім, ды ўсё роўна чакала. Паружавелыя з марозу шчокі паволі шэрхлі, вочы вузелі.

Нарэшце Ала кончыла шыць, утыркнула іголку ў шпульку і вяла адсунула ад сябе пасылку.

— Адрас напішам пасля, — сказала яна з крывой, застылай ухмылкаю.

Яе словы аглушылі Васіля Пятровіча.

— Навошта, Ала?.. А як потым? — усё-такі спытаў ён.

— Мой супруг кажа, што ў Амерыцы ёсць племя мавайанаў. Дзяўчаты там самі робяць першы крок. Прыходзяць у поле, дзе працуюць іх абраннікі, і пачынаюць памагаць. Што тут ганебнага або заганнага? Да таго ж, цяпер модна быць заганнай.

— Я сур’ёзна...

— Ідзіце да мяне. Вы ж самі, як і я, чакалі гэтага і добра ведаеце, што бруднай вадою таксама можна вымыцца чыста. Даю слова, я чакала...

Яна не абвіла яго шыі, а з патыліцы запусціла пальцы ў валасы і амаль упілася пазногцямі ў галаву. Захлынуўшыся, Васіль Пятровіч прыцягнуў яе да сябе і сціснуў у абдымках. Ды яна адштурхнула яго і, упаўшы дагары, заплюшчыла вочы, як ад нясцерпнага святла.

На стале заверашчаў тэлефон. Аднак Васіль Пятровіч і не пачуў яго. Апрача вялікай футравай шапкі, якую яна так і не зняла, ды бледнага Алінага твару, ён нічога не хацеў знаць.

 

 

3

 

Можна было меркаваць, што яна пазвоніць назаўтра. Ды Ала не пазваніла — мусіць, спадзявалася: Васіль Пятровіч сам зробіць гэта ці загляне да яе. Што ж, не пазваніла — тым лепш. Удзячнасць, роднасць да Алы ён адчуваў, пакуль яна была з ім. Калі ж, пацалаваўшы яго, Ала пайшла, удзячнасць саступіла месца здзіўленню. Спустошаны, стомлены, ён ужо не ўяўляў, як усё гэта магло здарыцца.

Спакушаючы, прырода ўсё ж жадае, каб чалавек аставаўся чыстым. Яго страхуе любоў да блізкіх, аберагаюць гідлівасць, нясмеласць, страх. Усё? Не. Прыродзе памагаюць людзі, іх мараль, ідэалы... І хоць у душы тлела дурная мужчынская гордасць, Васіль Пятровіч адчуваў сябе вельмі ніякавата. Сустракаючыся са знаёмымі на вуліцы, размаўляючы з супрацоўнікамі, ён бянтэжыўся ад простай увагі да сябе. Трывожыла: ці не бачыла яго з Алаю Аскоцкая? Змагарка за мараль і прыстойнасць, яна, як і той раз, пастараецца раструбіць на ўсіх скрыжаваннях: «Звязаўся!» А Валахановіч? Як быць цяпер з ім? З Понтусам? Мучыла, што так будзе, пакуль ягоная прыгода астаецца тайнаю, пакуль яна з-за вугла пагражае сям’і, рабоце.

Не лепш і з Валяй... Паспрабуй прызнайся ёй, папрасі, каб даравала, уміласціві. Асабліва цяпер, калі ўзбуджана палемікаю з Малевічам, калі ёсць Лёнька... Возьме яго і пойдзе. Не даруе таму, што не здольна любіць без веры. Некалі ён абразіў у ёй маці. Валя перамагла абразу любоўю. Цяпер ён растаптаў яе любоў. Чым жа яна пераможа гэта? Ды не здольна яна прапаведаваць адно, а рабіць другое, не з тых!

Ну, а сам ён? Як ён будзе без Валі?

Клопаты аб мужу — не навіна. Але шмат хто з жанчын такім чынам клапоціцца аб сабе, аб дзецях. Валя ж жыве ім, дзеля яго. І хоць яна часам праснаватая, думкі пра сваё як бы ахалоджваюць яе, адгароджваюць ад яго, ад навакольнага, — ён кахае яе. Яна патрэбна яго жыццю, рабоце, хораша асвятляе іх, надае пэўны сэнс.

Далей думкі Васіля Пятровіча не ішлі. Ды што грэх таіць, адчуваючы сваю віну, ён злаваў і на... Валю, можа, залішне... беззаганную. Загадзя абурала і радасць непрыяцеляў. Ох, як будуць яны зласловіць, абліваць граззю, быццам самі заўжды праведнікі і ва ўчынках і ў жаданнях!

Пацягнула да Дымка. Праўда, дружба з ім дала трэшчыну, апрыкрала яго адкрытае старанне абыходзіць вострыя вуглы, імкненне ўхіляцца ад рашэння складаных пытанняў. Не па душы была і валтузня з дачным участкам, які Дымок нейкім чынам атрымаў разам з выкладчыкамі Політэхнічнага інстытута і на якім тут жа разгарнуў бурную дзейнасць. Аднак бліжэйшага за яго нікога не было, і Васіль Пятровіч спадзяваўся: шчырасць з ім можа стаць канцом таго смяцення, што прынесла ў яго душу Ала, якая не-не ды ўспаміналася; адкінутая галава, зняможаны твар з заплюшчанымі вачыма і яркімі прагнымі вуснамі, якія чакалі яго.

Стала трапляцца здрадлівая думка: а што тут, уласна кажучы, такога? Ён жа кахае Валю, і зроду ні на кога не памяняе. А гэта — проста прыгода, якая нечым узбагаціла яго перажыванні, дазволіла ўведаць яшчэ адну грань жыцця. Адналюб заўсёды крышачку абмежаваны. Тут важна другое — каб гэта не зайшло вельмі далёка. Валя сама аднойчы, смеючыся, расказвала, як Комлічыха палкаю дубасіла суседку, з якой застала мужа. «Ты мяне, мяне бі!» — прасіўся той. А яна, стараючыся патрапіць саперніцы па галаве, па плячах, заходзілася крыкам: «Што я, дурная — свайго біць! Я не дурная!» Вось як вырашаюць аказіі простыя людзі.

І сапраўды — сэрца яго было з Валяй. Ён думаў аб ёй і калі аглядаў раніцою мікрараён на Магілёўскай шашы і дзівіўся самому сабе. Як ён мог штампаваць гэтую ўбогасць? Што з ім? Няўжо заблытаўся ва ўсім, выдахся? Бо вунь як выраслі маштабы і тэмпы работ! І калі раней увагі патрабаваў які-небудзь будынак, квартал, цяпер яе патрабуюць цэлыя жылыя масівы, магістралі, вуліцы. Выходзіць, ён бяссільны ахапіць усё адразу і даць рады магчымасцям, што адкрыліся перад ім?.. А вось вынік! Сярод гэтай разлінаванай аднастайнасці прыходзіцца жыць людзям, расці дзецям. Хто вырасце з іх? Пчолам і тым падавай розныя вуллі. Тут жа сапраўды, як кажа Віктар, пакуль што прыгожае адно неба...

Уласныя аргументы здаліся настолькі пераканаўчымі, што Васіль Пятровіч прысягнуў: «Усё — так далей нельга!.. Балазе багацеем, дый зручны выпадак ёсць — работа над генеральным планам...»

У бясхмарныя зімнія дні неба бялее ад холаду. Праўда, у маразы яно нярэдка цямнее, лілавее, як бы пакрываецца шэранню. Але бываюць і ў самым завейным месяцы — лютым — сонечныя, марозныя дзянькі, калі неба па-веснавому блакітнае, высокае, і прадметы на яго фоне хораша акрэсліваюцца. Паветра ж, калі глядзіш на сонца, здаецца надзвычай чыстым, і яго пранізваюць, як косы цыганскі дождж, шкляныя блёсткі. Аднак і гэтая нерукатворная раскоша цяпер толькі адцяняла ўбогасць новых вуліц, будынкаў.

Сярдзіты, Васіль Пятровіч зайшоў у першы, што трапіўся, дом. Гаспадыня кватэры аказалася поўная, дабрадушная жанчына-ўрач. У пакойчыку, куды яна правяла нязванага госця, панавала чысціня. Нізкая, малагабарытная мэбля. Парадак. Праўда, пад раскладной крэслам-канапаю, на якой уначы, мусіць, нехта з сям’і спаў, валяліся гантэлі, гіры. На крэсле побач — эспандэр, прыхіленыя да сцяны нейкія прылады з кольцамі, алюмініевы абруч. Даведаўшыся, хто госць, гаспадыня ажывілася.

— Гэта — новая ідэя-фікс у сына, — пераняўшы позірк Васіля Пятровіча, растлумачыла яна. — Звар’яцеў на культурыстыцы. Спрабуе спаць з прывязанымі да ног гірамі, каб памагалі расці. Хаця не менш захапляецца фізікай, бітлзамі. І, па-мойму, з аднолькавым запалам. Ведаеце, якія цяпер дзеці!.. А што да кватэры, то, даруйце, яна не мая. Восем месяцаў жыву, а прывыкнуць не прывыкла. Усё здаецца часовым, безнадзейна чужым. У суседзяў на трэцім паверсе бабулька памерла — здало сэрца. А ў лесвічнай клетцы з труной не вывернуцца?.. Як тут прывыкнеш?..

З гэтага Васіль Пятровіч і пачаў, калі прыйшоў да Дымка.

— Творчасць пачынаецца там, дзе ты перастаеш разумець рэчы, якія назіраў сотні разоў. Іначай кажучы — калі ты вызваляешся ад звыклых уяўленняў і нанава адкрываеш знаёмыя рэчы і іх сувязі. Ты згодны? — спытаўся ён, крочачы за Дымком па цёмным калідоры і наступаючы яму на пяткі.

Яны прайшлі ў кабінет — невялікі, спрэс застаўлены кніжнымі шафамі. Кнігі панавалі тут над усім — ляжалі навалам на шафах, на паліцах, у кутках на падлозе былі згрувашчаны разгалістыя карчы, карэнні. На пісьмовым стале, старым і запыленым, гэтак жа ў беспарадку валяліся часопісы, нейкія чарцяжы і малюнкі яркага, як лялька, не то аднапавярховага, не то двухпавярховага збудавання.

— Ну, як? — перапытаў Васіль Пятровіч. — Гэта з Сердзюковай дысертацыі.

Пры спасылцы на Сердзюка вочы ў Дымка забегалі, і, каб схаваць збянтэжанасць, ён адвярнуўся. Але пачырванеў — пакутліва, да слёз. Выцершы вочы хусцінкаю, сярдзіта сунуў яе ў кішэню сваёй паласатай піжамы і спытаўся сам:

— Ты пра мікрараёны? Дык май на ўвазе, што іх звычайна крытыкуюць тыя, хто мае кватэры. Ці гэта прылюдыя? Тады скажы, да чаго?

Цяпер сумеўся Васіль Пятровіч. Звярнуў увагу, што ў доме незвычайна ціха — так, нібы тут рэдка хто бывае.

— Не бойся, да нашай плошчы гэта мае ўскоснае дачыненне. Хоць і нам, па-мойму, варта было б адказаць на некаторыя пытанні.

— Напрыклад.

— Ці варта, скажам, пачынаць рэканстукцыю са знішчэння ўсяго, што захавалася? Ці правільна наогул мы распарадзіліся магчымасцямі, якія дае нам час? Праўда ж, выходзіць, на баку Жыжаля...

— Архітэктура — акамянелая палітыка, Васіль,— авалодаў сабою Дымок.— А Віктар — хлапчук, у якога за вушамі не надта многа. Яму абы заявіць аб сабе, абы паказаць — вось як можна зрабіць прыгожа.

— Але ён імкнецца, каб сучаснымі былі не толькі абрысы будынкаў... Інтэр’еры, а і функцыянальная сутнасць іх... Ён дасведчаны і па-сапраўднаму таленавіты. У рашэнні праблемы мікрараёнаў ён бліжэй да поспехаў, чым другія.

— Узломшчыкі таксама бываюць здольныя. Але яны не таленты, а людзі з заганным спрытам. Дый добра табе. Трапіў бы ў маю скуру. Калі ледзь што, паяўляюцца «гнеўныя пратэсты грамадскасці».

— Значыць, я ў дабрэ, а ты не ў дабрэ?

— Грамату ты ўсё-такі атрымаў, а я?.. Хопіць, сыты!

Дымок — гэта Васіль Пятровіч прыкмячаў — усё настойлівей пярэчыў яму. Апошні час пярэчыў з нейкай тупой упартасцю, быццам выстаўляючы напаказ сваю нязгоду з усім, што Васіль Пятровіч сказаў ці скажа. Чаму? Такое магло здарыцца па розных прычынах. Або Дымок рабіўся чужым, або думкі, пошукі Васіля Пятровіча злавалі яго, або ён, абабіўшыся, лічыў ужо за лепшае адмежавацца ад чалавека-блытаніка, які не часта трапляе ў цэль. Здалося, што яму нават апрыкрала важдацца з Васілём Пятровічам, і яго захады абураюць Дымка, як абураюць намаганні няўдачніка, які хоча нешта яшчэ давесці. «Ты ж пабываў на лапатках, ну і ляжы. Я на цябе працаваць не хачу!» — вось што выбівалася з-за ягоных слоў.

— «Акамянелая палітыка»! «Сыты»! — здзівіўся Васіль Пятровіч, забываючыся, навошта завітаў сюды. — Што гэта значыць? Дзіва проста. У палітыцы таксама ж ёсць стратэгічныя і тактычныя мэты. Ты проста старэеш і перастаеш любіць людзей.

— Я стаміўся іх любіць. Іх занадта многа. І, можа, сярод іх я адчуваю сябе найбольш адзінокім... Чуў, што распускаюць непрыяцелі пра тваю Валянціну? Нават пра яе!.. Забіла, кажуць, некалі бургамістра і рашыла, што ёй усё можна... Ясна? А для мяне дзесятай часткі такога хопіць... Зменім лепш пласцінку. — Ён узяў «Огонек» з напалавіну разгаданым красвордам, змрочна пакруціў перад сабою.

Перададзеная ім плётка і гэтая просьба «змяніць пласцінку» павярнула думкі Васіля Пятровіча ў іншым напрамку. А ці не бароніцца Дымок такім чынам ад магчымых памылак, ад неабходнай шчырасці. Ахоўваць сябе можна не толькі прыстасоўваючыся да навакольнага. Раней Дымкова сумленнасць таксама была своеасаблівая — ён пачынаў гаварыць, толькі калі ў яго пыталіся. Дый тады ў ягоных словах чулася раздражненне — навошта, маўляў, мне гэтыя лішнія клопаты?

«Эх, Раман, Раман, куды ты коцішся? І чаго, цікава, пачырванеў, і гатовы быў драпануць з пакоя, калі я ўспомніў пра Сердзюка? Ці не тут пачатак? Ці не пасуеш у нечым, як я перад Алай?»

— Лізавета! — пазваў Дымок, быццам хацеў гэтым перашкодзіць Васілю Пятровічу зрабіць вывад.

На парозе нячутна паказалася мілавідная, шчакастая дзяўчына ў яркай клятчастай сукенцы. Валасы, зачасаныя на рад і заплеценыя ў дзве кароткія касы, і такія ж, як у бацькі, светлыя нябёсныя вочы.

— Перадай маці, няхай згатуе чай, — папрасіў Дымок, — і прынясі нам сюды. А калі прыйдуць цеслі, хай пачакаюць.

Дзяўчына моўчкі маргнула ў знак згоды сваімі вялікімі блакітнымі вачыма і знікла, а Васіля Пятровіча зноў як бы аглушыла цішыня.

 

 

4

 

Да свайго прыезду Валя папрасіла купіць каляску, ванначку і яшчэ адзін камплект для Лёнькі. «Глядзі, каб зноў блакітны. Ружовыя — дзяўчынкам», — папярэдзіла яна. Але калі, узрушаны, збянтэжаны, Васіль Пятровіч прывёз жонку з сынам дамоў і тая наважыла перапавіць Лёньку, выявілася: камплект ружовы.

— Значыць, мала думаў пра сына, — упікнула Валя, ды адразу забылася на гэта і, палажыўшы Лёньку ў каляску, задаволеная, што дома, пайшла па пакоях. У кабінеце пастаяла ля пісьмовага стала, пагладзіла машынку з запраўленым лістом паперы. Уздыхнула: — Выручай, дарагая!.. Як тут добра, ціха... І ўсё на сваім месцы.

Угледзеўшы ў сталовай кветкі, на серванце — торт, цукеркі ў крыштальнай вазачцы-кошыку, шампанскае са срэбнаю галоўкаю, шчасліва засмяялася.

— Смакаты — як некалі ў вашым гарсавецкім буфеце. Аб’ядзенне проста! Людзі нездарма выдумалі такі прыстанак, як дом. Дзякуй, Вася. Мне добра з табой...

А ён, разгублены, ішоў за ёй следам, бачыў, як захоплена — нібыта не была тут вечнасць — разглядае яна мэблю, сцены, як раздзьмутымі ноздрамі ўцягвае паветра, і знемагаў ад віны.

Валя дзякуе яму! За што? За кветкі, торт, якія купляў, апасаючыся сустрэцца з Алаю? За тое, што і цяпер, насуперак волі думае пра іх дзвюх і ў нечым параўноўвае між сабою? Праўда, душа зараз цягнецца да адной, з адной нітуецца, хоча служыць толькі ёй. Але ж і раней з Валяй ён жыў толькі Валяй, яе блізкасць ахоўвала і яго спакой і яго думкі. Так было, так, пэўна, і будзе. Аднак Васіль Пятровіч ведаў і другое: як толькі яму выпадае аставацца аднаму, па самых нечаканых асацыяцыях успамінаецца Ала. Ён баіцца яе. Пры сустрэчах яна бянтэжыць яго, спакусліва напамінае: «Я была тваёй».

— А? — нібыта прачнуўся Васіль Пятровіч.

— Я нічога не гавару, — усміхнулася Валя.

— Зразумела, зразумела... Куды ты бяжыш, пачакай, — каб прыглушыць згрызоты, прамямліў ён. — Дай хоць пацалую без сведак. — І падумаў: «Не, не для яе мая споведзь пра Алу. Балазе з Алаю ўсё адно скончана... Будзе скончана...»

Валя спынілася, дазволіла абняць сябе, правяла далонямі па яго шчоках. Зрабіла гэта асцярожна, як старэйшая, і ён зразумеў: яна сапраўды ўжо ведае шмат такога, чаго яму, бадай, і знаць не дадзена. Жыццё ўмудрыла яе навідавоку ў яго. А сам ён? Ці не робіцца ён у сваім бунце супроць няўдач і старасці, як і раней, хлапчуком? Няпэўным і ў сваіх жаданнях, і ў сваіх імкненнях.

Назаўтра, як згаварыўшыся, на адведзіны прыйшлі Шарупічы і Сярдзюк. Арына прынесла «канверт», рознакаляровыя бразготкі, Міхал — набор пірожных, а Сярдзюк — вазон з ландышамі.

Убачыўшы ландышы, Валя аж засаромелася.

— Божа, адкуль гэта? Які цуд! — праслязілася яна, падстаўляючы ўсім па чарзе паружавелыя шчокі для пацалункаў.

— З-пад снегу, — без усмешкі адказаў Сярдзюк, аднак здаволены, што зрабіў прыемнае. — Успомнілася дзяўчына з аднаго верша. Увесну, упікала яна каханага, іх кожны можа прынесці, ты зімой дастань. Вось і давялося махнуць у трэст зялёных насаджэнняў.

— А ў нас у вёсцы болей аладкі ды ўзвар з груш-дзічак прыносілі, — зажурылася на хвілінку Арына.

Даверліва абняўшы яе, з выглядам, што ў іх ёсць свае сакрэты, Валя пацягнула госцю ў спальню.

Лёнька спаў.

Яны ладам селі побач ля каляскі і замерлі на імгненне — Арына ў паставе засмучонай вясковай бабылкі, Валя з заціснутымі ад наплыву пачуццяў далонямі між каленяў. Па далёкіх і розных сувязях ім абедзвюм нагадалася адно — восеньская золь-стынь і мокрая скарчанелая Валя, якая выбавілася са смяротнай небяспекі.

— Ведаеце, — раптам заспяшалася Валя, — сёння раніцой Васіль пахваліў яго. Кажа: «Глядзі, які — спаў усю ноч». — «Гэта ты, кажу, спаў, а не Лёнька. Спытайся, калі не верыш, у самога...»

Ім захацелася паплакаць, і яны, абняўшыся, пачалі моўчкі плакаць, выціраючы слёзы пальцамі. Але, калі вярнуліся да мужчын, ад смутку-журбы не асталося і звання.

— Цяпер паглядзіце на Лёньку самі, — свецячыся гордай радасцю, закамандавала Валя. — А мы з цёткай Арынай збяром на стол. Такая ўжо жаночая доля. Ёсць настрой ці няма, стаміўся ці не — бярыся за хатнія справы, кармі і частуй вашага брата.

Калі выпілі па чарцы-другой, Міхал, Сярдзюк і Васіль Пятровіч выйшлі на лесвічную пляцоўку пакурыць. Аднак Валя ўсчала шум, вярнула курцоў у кабінет, адчыніла фортку.

Селі хто дзе. Каб кожны мог дацягнуцца да попельніцы, паставілі яе на падлакотнік крэсла, на якім сядзеў Сярдзюк.

Арына на кухні бразгала посудам — перацірала талеркі для дэсерту.

— Змена змене ідзе, — здымаючы пальцамі з языка парушынку тытуню, сказаў Сярдзюк, крышачку ўжо захмялелы. — Вось нарадзіўся яшчэ чалавек... Мне, па праўдзе кажучы, страшнавата аж. Што за ён? Якія беды і радасці выпадуць яму? Страшнавата перад тайнай... Каб ён у нечым не паўтараў нас!

— Што-што? — ледзь не заекатаў Васіль Пятровіч. — На сухі лес вашы словы.

— А вы хочаце, каб паўтарыў?

— А што вы думаеце? Мне хочацца, каб ён мысліў шырока. Каб яму не былі агідны цяжкасці і гуманізм не ўяўляўся як права жыць сабе на ўцеху. І калі б змагаўся за праўду, дык не ў імя запраграміраванага права жыць без абавязкаў і ахвяр...

У Васіля Пятровіча пагасла цыгарка. Ён пасмактаў яе, расціснуў у попельніцы і ўзяў другую. Просячы агню, жэстам паказаў, што чыркае запалкаю аб карабок. І, калі прыкурваў, стала відаць, як узрушылі яго ўласныя словы. Але Сярдзюк запярэчыў усё роўна:

— Ну, дрэні хапала і сярод нас.

— Але не было такой абузы, як безадказныя крытыканы, у якіх усяго па горла.

— Затое вадзіліся фіскалы, якія парой стваралі грамадскую думку.

Міхалу нагадалася Лёдзя. Ён шмат чаго ў паводзінах яе не ўхваляў. Але прымаў іх спакойна, падсвядома адчуваючы: у яе колішніх і цяперашніх бедах ды радасцях — час. І хоць у нечым яны не даступны яму, у іх аснове ляжыць ягонае, шарупічаўскае. І, можа, ніхто так паспяхова не панясе гэтае шарупічаўскае ў заўтрашні дзень, як яна, яго дачка. Можа, у ёй выразней, чым у кім другім, выспявае тое высокае, гаспадарскае, што вылучае, як быў пераконаны Міхал, сапраўднага чалавека ад пустацветаў.

— А, вы мяркуеце, мы, старэйшыя, заўсёды разумеем моладзь? — спакойна спытаўся ён ва ўсіх. — Дарэчы абрываем, настаўляем? Не тыя, маўляў, моды, песні, этыкет. Сёй-той не супроць усё агулам падагнаць на свой капыл, аказёніць. А хіба самастойнасць паганая рэч? Яна і на рабоце патрэбна.

Не зацягнуўшыся, Васіль Пятровіч пыхнуў дымам, разагнаў яго рукою, заёрзаў у крэсле.

— Тэарэтычна...

— Не!.. У нас за спінай Магнітка, Днепрагэс. А ў іх — Брацк, Запаляр’е, цаліна, космас... У мяне во таксама ўнук хутка будзе, — дадаў ён з камічнай гордасцю.

Астаўшыся адны, Валя з Васілём Пятровічам прыбралі ў сталовай, памылі ў кухні пасуду. Перакінуўшы ручнік цераз плячо і выціраючы канцом яго талерку, Васіль Пятровіч паскардзіўся:

— Што там не кажы, а я скурай адчуваю... Я, само сабой, у пісьмах спрабую пераканаць Юрку ў безумоўным, вечным. Але — дзе там! Усе намаганні разбіваюцца аб яго незразумелую ўпартасць, быццам бы мне нельга верыць... І так жа ва ўсіх. І адбываецца гэта не па чыёйсьці волі, капрызу. Тут пэўная плынь, мода. Хацелася бачыць, як складуцца ў іх саміх адносіны са сваімі дзецьмі.

— Гэта не мода, а час, — запярэчыла Валя. — І ён бачыш куды выкіроўваецца? Хіба ты можаш сам зараз абысціся без Віктара Сердзюка? То-та і яно. У гэтым, Вася, мудрасць!

— Дапусцім... — прымусіў ён сябе згадзіцца. — Але хочацца папрасіць бога, хай бы часцей было так, каб людзі, захапляючыся сёння адным, заўтра другім, не забываліся на натуральную прыгажосць...

У іх не было пэўнай згоды, але Валіна блізкасць зазвычай брала яго ў палон.

У спальні закрактаў Лёнька — трэба было перапавіць і пакарміць яго.

— Лажыся, Васіль, а я займуся ім, — сказала Валя, забываючы на ўсё. — Ён, мусіць, мокры па самыя пахі. Чуеш, крэкча? Арына абяцала заўтра прыслаць яму няньку. Цяпер гэта самая дэфіцытная прафесія...

Яна сабралася дадаць: «Ён жа цяпер у нас самы галоўны», — але толькі шматзначна ўсміхнулася, здаволеная на тую хвіліну ўсім, што было, ёсць і будзе. Трымаючы цёпленькага Лёньку ля грудзей, Валя поўнілася радасцю быцця і адчувала, як расце ў ёй знаёмае жаданне-цяга расказаць другім і пра Лёньку, і пра сваю радасць, крыху трывожную або занадта вялікую.

Васіль Пятровіч заснуў. Пад’еўшы, на руках у Валі мірна пасапваў Лёнька, а яна ўсё сядзела на краі ложка і думала: «Жыць, жыць! Інакш, паўней!.. І, вядома, ёсць нешта такое, што куды мацнейшае за любую моду — нават непадуладнае часу. І добра, што ёсць!..»

Паклаўшы нарэшце сына ў пасцельку, яна пастаяла яшчэ з хвіліну побач і накіравалася да пісьмовага стала.

Нечакана ў пярэдняй дзінькнуў званок. Валя хутка накрыла каляску накідкаю, прычыніла за сабою дзверы і выйшла ў пярэднюю. Пачула на лесвічнай пляцоўцы валтузню, галасы. Нехта, тузаючыся, хрыпла ўгаворваў другога.

«Завадны ты, Аркаша! Навошта яна табе? Думаеш, зразумее?»

«Я завадны, ты завадны, пачакай! — басіў Шмакаў, мусіць, вырываючыся. — Дай спачатку парушыць сыты сон мяшчан!»

«Глядзі, каб не каяўся пасля...»

«Адыдзі! Я да начальства і то дзверы нагой адчыняю. Паэт я ці не?»

Ён, мабыць, так-такі вырваўся і націснуў кнопку, бо званок заліўся шустрай трэллю.

— Валечка, дзе ты? — як бы пачаў маліць Шмакаў. — Дай паглядзець на сына. Помніш блакаду?.. Пусціш — верш яму прысвячу. Вось табе крыж!

— Мы паляглі, Аркадзь, — сказала Валя, не могучы зараз сердаваць і на Шмакава.

— Дурыш! Пакрыўдзілася, сабака? А дарма. Што я асаблівага ў той рэцэнзіі напісаў? Што літаратура — гэта наіціе, кажучы па-руску. А што яна такое, калі не наіціе? — рыкнуў Шмакаў. — Думаеш, мне няма куды ісці? Ёсць. Але вось да цябе прывалокся... — І зноў да сабутэльніка: — Пусці! Я мо табе не Верас... Дам у морду і буду сядзець не за хуліганства, а за праўду.

Валя ведала: на гэтым не скончыцца. І, хоць чула, як заціхаюць крокі на лесвіцы, прайшла ў кухню да акна.

Разухабістыя, у гадах гулякі цягнуцца да маладых і кампанію найчасцей зводзяць з імі — весялей ды ёсць каму прыслужваць.

На двор з пад’езда, калываючыся, выйшлі двое — Шмакаў і Ахайла. Пастаялі крыху, тыцкаючы адзін аднаго ў грудзі, і рушылі да пляцоўкі, дзе звычайна сушылася бялізна. Адвязаўшы вяроўку, вярнуліся назад і доўга валтузіліся ля дзвярэй на пляцоўцы.

 

 

5

 

Не папярэдзіўшы ні тэлеграмаю, ні пісьмом, раптам ранічкаю прыехаў Юра.

Ён заявіўся, калі за вокнамі яшчэ стаяла цемень і ўсе спалі. Як пазваніў, Валя нават падумала: ці не зноў Шмакаў з прыяцелем, і зазлавала не на жарт. Схаваўшы рукапіс у шуфляду, гатовая адчытаць хуліганаў, спыталася, падыходзячы да дзвярэй:

— Ну, хто там?

— Свае, — прастуджаным голасам адказаў Юрка і, калі яна адчыніла яму, пераступіў парог — аброслы, стомлены, з рукзаком за плячыма, бы з падарожжа пехатою. — Прымайце непрыкаянага...

— Ты не захварэў? — ахнула Валя.

— Пакуль што нармальна. Толькі зубы... — пабарабаніў ён пальцамі па надзьмутай шчацэ. — Нават не ведаю, які баліць. Усю дарогу на маннай кашы сядзеў. Хто гэта дзверы вам прывязаў да парэнчаў?

— Прывязаў?.. Так... п’яныя шалапуты...

— Здорава прыдумалі. Самім бы вам і не выбрацца.

Ён рагатнуў, прытуліў рукзак да сцяны і, не ведаючы, як быць далей, зашоргаў нагамі аб палавічок.

— Дзе бацька?

— Здымай свае даспехі ды ў ванну, — пранікаючыся спачуваннем, падагнала яго Валя, заўважыўшы — шчака ў Юркі прыпухла, перакасіла твар. — Зусім, мабыць, не глядзеў за сабою.

— Напляваць...

Відаць было, Валіны клопаты здаліся яму абразлівымі, Юрка надзьмуўся. Пэўна, ён па-ранейшаму хаваў сваю нязгоду пад напускной грубасцю. Вось і цяпер, каб вызваліць сябе ад розных там тлумачэнняў, ён замкнуўся ў непрыступнай варожасці.

Валя пастаралася не заўважаць гэтага.

— Распранайся.

Юрка скінуў паліто, шапку і моўчкі паплёўся за ёй.

— Бялізны не ўзяў? Ну, дык бацькаву дам, — нібыта ўсё ішло гладка, сказала на хаду Валя. Але ёй рабілася цяжка, і, падумаўшы, што навіна пра Лёньку змягчыць пасынка, яна паведаміла: — у цябе, Юра, цяпер брацік ёсць. Хочаш, пакажу?..

Яна меркавала: Юрка будзе прападаць цэлымі днямі, вяртацца дамоў позна ўначы і пастараецца мець як мага больш уцех і забаў. Але ён паводзіў сябе нібыта пасля цяжкае хваробы. Пасяліўшыся ў кабінеце, рэдка выходзіў адтуль і толькі на трэці дзень адведаў сясцёр — паехаў да айчыма.

Здавалася, яму не стае сіл і трэба адляжацца, адпачыць. Таму ён замкнуты, абыякавы да ўсяго, што адбываецца ў доме, нават натапыраны: як гэта мачыха з бацькам яшчэ могуць жартаваць, смяяцца, нечым захапляцца? У ім накопліваўся скепсіс, чужая радасць абуджала пратэст.

Зачыніўшыся ў кабінеце, Юрка валяўся на канапе, бясконца курыў, чытаў прыгодніцкія кнігі і дэтэктывы. Ён дзічыўся тых, хто заглядаў да бацькі з Валяй, і лічыў, што мае права немаведама чаго дзьмуцца на іх. Есці выходзіў памяты, як заспаны. За сталом грэбліва калупаўся ў талерцы, паказваючы ўсім выглядам, што ўжо гэтым робіць паслугу навакольным. Ён наогул напускаў на сябе выгляд, што свет павінен дзякаваць яму, Юрку, што ён дыхае, есць, існуе.

Васіль Пятровіч балюча перажываў варожую адчужанасць Юркі. Яму хацелася пагаварыць з сынам, пачуць ад яго спакойнае слова. Але той маўчаў, адно зіркаў вачыма і ледзь што — знікаў у кабінеце. Нават рабілася незразумела — чаго ён прыехаў. Помсціцца? Наўрад. Мучыць? Паказаць, што сталася з ім праз Валю і бацьку? Не, гэта мала было падобна на яго...

Ёсць людзі, з якімі цяжка. Адны гнятуць цябе, як Понтус. З другімі — безнадзейна і назаўсёды чужымі — няма пра што гаварыць. Трэція, найбольш скрытныя, затаілі да цябе крыўду і чакаюць, калі яе можна спагнаць. Але, так ці іначай, ты ведаеш або здагадваешся, чаму табе цяжка з імі.

А вось з Юркам не было і гэтай пэўнасці.

— Юра! — гукаў Васіль Пятровіч.

— Агу-у... — адказваў той даволі ветла, ды тут жа асякаўся, нешта ўспомніўшы.

— Ідзі сюды.

— Зараз... — нібыта жартам дазваляў сабе ён і выходзіў з кабінета хвілін праз пяць.

Ён як бы стараўся жыць у пустаце, незалежным ад часу і людзей. Да газет не дакранаўся, па радыё слухаў адны эстрадныя канцэрты, тэлевізійныя перадачы глядзеў, толькі калі паказвалі кінафільмы. Ды слухаў або глядзеў іх, як думалася Валі, не каб задаволіць цікавасць, унутраную патрэбу, а каб забыцца, пажыць чужым жыццём.

Самастойнасць, відаць, не пайшла яму на карысць. Ва ўсякім выпадку, ён аброс калючкамі, ачарсцвеў яшчэ больш. І самае страшнае тут было — абыякавасць няўдачніка, для якога час спыніў свой бег.

«Не, не ўсякая праца можа быць панацэяй ад бед, — думала Валя. — Моцных яна гартуе. А слабых?.. Патрэбны і папраўкі на час. У вельмі істотным. Неадпаведнасць паміж жаданым і магчымым былі заўсёды. Але цяпер магчымасці людзей выраслі і растуць як ніколі. Ды не ў слабых. Адсюль — іхнія беды. І, зразумела, тут не памогуць ні ўшчуванні, ні натацыі... Тым больш на высокіх нотах. Васіль не хоча гэтага знаць...»

Чалавек, які перанёс пакуты, робіцца дабрэйшым. Валі стала вельмі шкада Юркі. Яму відочна патрэбны былі ўвага, добразычлівасць.

— Давай заагітуем яго астацца або хоць зробім так, каб паехаў з добрымі думкамі, — сілаю выправадзіўшы Юрку гуляць, прапанавала яна Васілю Пятровічу. — Ён жа зняверыўся ў надзеях. Ва ўсіх бачыць заднія думкі. Так і да граху недалёка.

— Скажы дзякуй, што яшчэ ў новую гісторыю не ўліп. Я вяртаюся дамоў і чакаю — вось зараз што-небудзь зваліцца на галаву. О, гэтыя гідліва-раўнадушныя!

— Ты пра сябе, а я пра яго. Так што ж, будзем Аскоцкімі? Дацягнем да арміі, развяжам сабе рукі, а там — бог-бацька.

— Ну, паспрабуй, калі ласка. Думаеш, у мяне сэрца не баліць? Але я нібы перад глухой сцяной стаю... Дай набрацца сілы.

Пачынаць трэба было неадкладна. Валя прымусіла Юрку падлячыць зубы ў паліклініцы, купіла яму гарнітур, акружыла ўвагаю. Хай адчувае, што ў яго ёсць дом, у якім цяплей, чым дзе. Хай гэты дом хоць сім-тым вабіць яго, абяцае харошае, хай верыцца: на благі канец ён будзе прытулкам ад няшчасцяў.

Юрка пакрысе стаў лагаднець. Напярэдадні ад’езду Валя застала яго — чытаў яе кнігі. Аднак у дзень ад’езду, калі ўжо купілі білет і ўпакавалі рэчы, раптам знік. Поезд адыходзіў у дзевяць гадзін вечара. Сцямнела, а Юркі ўсё не было.

Акуратны ва ўсім, Васіль Пятровіч не знаходзіў сабе месца. Раз-пораз паглядаў у акно, размахваючы рукамі, кляў сына, пагражаў. Раззлаваны, адпусціў выкліканае таксі і сабраўся званіць на вакзал.

— Дзе швэндаецца? Хлусі цяпер праз гэтага нягодніка! Прасі, каб закампасціравалі на заўтра. Плацкарт жа ўсё роўна прападзе! Што за безадказнасць? Вернецца — дам пытлю!..

Юрка прышкандыбаў хвілін за сорак да адпраўкі поезда. П’яны, выкачаны ў снезе, без шапкі, з разбітым падбародкам. Тупа ўхмыляючыся і аблізваючы губы, расшаркаўся, схіліўся ў паклоне.

— Прашу прабачэння, ра-адня... Дзе мае манаткі?..

— Хто гэта цябе так? — жахнулася Валя, стаўшы паміж пасынкам і Васілём Пятровічам, які адхіснуўся са сцятымі кулакамі.

— Су-устрэў старых сяброў, а потым хадзіў выясняць адно-осіны, Валянціна Сяргееўна.

— З Лёдзяй?

— І яшчэ з адным нечаканым паклоннікам, ха-ха!

— Людзі, Юра, часта памыляюцца...

— Я гэта ведаю.

— Але ёсць памылкі, якіх потым не выправіш цэлым жыццём.

— Напляваць!.. А мая каханая, Валянціна Сяргееўна, аказваецца, нядаўна з Карпат вярнулася. Загарэла. Аказваецца, і зімой можна загараць.

— Шалапут! — узарваўся Васіль Пятровіч.

Шкадуючы і мужа і пасынка, які паступова траціў найгрыш, Валя хуценька выцерла ручніком Юркаву галаву, твар, запудрыла сіняк, знайшла другую шапку, счакала, пакуль ён апрануўся зноў, памагла надзець рукзак.

— Развітайся з бацькам, — дрыготкім голасам сказала яна. — Да вакзала я сама цябе правяду. Паедзем тралейбусам...

Пакуль Валя завіхалася з ручніком, пудрыла Юрку, ён стаяў паслухмяна, як бы не разумеючы, што з ім робяць, і толькі чырвань паволі сыходзіла з ягонага твару. Цяпер жа ён спалатнеў, як перад непрытомнасцю, пахіснуўся. Слёзы набеглі на яго вочы, і ён утаропіў іх ў Васіля Пятровіча, якому здалося, што слёзы ў сынавых вачах кружацца.

 

 

РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ

 

1

 

Шчасце не прарастае, як зерне. Яно, як і беды, набягае хвалямі. У яго абавязкова ёсць прылівы і адлівы.

Віктар згубіў Лёдзю. Яго захады сустрэцца з ёй на вуліцы, яго наіўныя пошукі — ён нават распытваў пра яе аўтазаводцаў — асталіся марнымі. Але, нягледзячы на гэта, а мо, наадварот, дзякуючы гэтаму, Лёдзя ўсё больш уладарна ўваходзіла ў думкі, адбірала спакой. Сустрэчы з ёй былі нейкія незвычайныя, шмат у чым фантастычныя. Гэтая акалічнасць акружала яе вобраз арэолам, рабіла рамантычным. Праходзячы па аўтазаводскім пасёлку, Віктар часам думаў — як бы добра было, калі б сляды людзей не сціраліся другімі і хоць бы суткі свяціліся па-свойму. Якімі адмысловымі сузор'ямі пакрыліся б тады плошчы, вуліцы! А галоўнае — можна было б прасачыць пуцявінку-дарожку кожнага, як бы яна ні пятляла і якія б нечаканыя павароты ні рабіла. Віктар пайшоў бы тады па самым лёгкім, самым яскравым следзе, і той прывёў бы яго да дома, да дзвярэй, за якімі жыве Лёдзя — загадкавая, няўлоўная і так патрэбная яму.

Мроіліся і іншыя варыянты сустрэч. Але ўсе яны былі незвычайныя, малаверагодныя. Пачуццё, што страпянулася і расло ў ім, не хацела пратораных сцежак. І, як ні дзіўна, адзін з варыянтаў, праўда, найменш узвышаны, усё-такі спраўдзіўся.

Пакінуўшы, як звычайна, «Масквіч» ля універмага і захапіўшы транзістар, які заўсёды быў з ім, Віктар пашыбаваў да сквера, дзе некалі сядзеў з Лёдзяй.

Вечарэла.

Сосны за агарожаю стаялі прыціхлыя, стомленыя. Учора гуляла ветраная адліга, ішоў мокры снег. Камлі сосен з аднаго боку былі запарушаны снегам, галіны згіналіся пад белым цяжарам. Пасінелы снег шапкаю навіс над альтанкаю, горбіўся на лаўках, якія ўгадваліся па спінках. Перадавалі хачатуранаўскі вальс да «Маскарада», з транзістара рваліся тужлівыя, надрыўныя гукі. І ці таму, што ў іх чуліся блізкія нягоды, ці таму, што сам Віктар хандрыў, здалося: мелодыя пасуе да гэтага стомленага, у снезе, сквера.

Дворнікі расчысцілі адну галоўную дарожку, і Віктар падаўся па ёй. Крокаў за дваццаць убачыў хлопца і дзяўчыну. Расставіўшы рукі, той насцярожана сачыў за дзяўчынаю і, тыцкаючыся то ўправа, то ўлева, не даваў ёй прайсці. Дзяўчына была ў махеравай касынцы, завязанай модна — ззаду, у блакітным паліто з пушыстым белым каўнерыкам-стоечкаю, у белых боціках. І стаяла яна да Віктара спінаю, але ён пазнаў — Лёдзя!

Гэта было неверагодна, але хваляванне не дало яму паскорыць крокі. Дый ён не ведаў: жартуе хлопец або прыстае. А магло быць і трэцяе — новы друг, які мае права і жартаваць і прыставаць!

Пачуўшы музыку, Лёдзя азірнулася. Хлопец, скарыстаўшы зручны момант, ступіў да яе і абхапіў за плечы.

— Я не магу так! Што я, чужы табе? — пажаліўся ён.

Лёдзя крутнулася, але вызваліцца не змагла.

— Не смей! Пусці яе! — крыкнуў Віктар, падбягаючы.

Ад нечаканасці хлопец зрабіў крок назад, набычыўся.

— Усыпце, Віктар, гэтаму мярзотніку за мяне, — бязлітасна сказала Лёдзя. — Такога словам не праб’еш, і чыкацца з ім няма чаго.

Яна наважылася была адступіць убок, але не паспела. Хлопец зноў падскочыў да яе, ірвануў касынку з галавы, скамячыў і, раз’юшваючыся, шпурнуў ёй у твар.

— На тады, шлюха! Атрымай сама!

Не помнячы сябе, Віктар адкінуў транзістар у снег і са сціснутымі кулакамі наляцеў на хлопца. Але ўдар прыйшоўся міма. Віктар пакаўзнуўся, упаў. Давячыся гартанным галёканнем, хлопец наском даў выспятка ляжачаму Віктару. Раз, другі — куды папала.

— Уставай! — сарваўся на крык. — Не думай, што я баюся цябе або каго другога. Пляваў я на вас! Не такім мордаварот рабіў.

Віктар падняўся, стаў у стойку. І таму, што прыняў знаёмую паставу, стрымана рушыў на хлопца. Але той таксама ведаў сакрэты бокса, і прамы ўдар зноў не дасягнуў мэты. Са снегу рваўся тужлівы вальс — транзістар галасіў, скардзіўся, а яны, то наступаючы, то абараняючыся, пачалі біцца — моўчкі, зацята, як на рынгу.

Усё-такі мацнейшым аказаўся Віктар. Выбраўшы хвіліну, калі задыханы праціўнік адкрыўся, ён правёў прыём. Удар знізу ў падбародак быў такі моцны, што хлопец, ікнуўшы, бразнуўся дагары.

— Сын вашага галоўнага... Хадзем адсюль! — папрасіла Лёдзя, не паглядзеўшы на Юрку. — Могуць наляцець дружыннікі.

Яна асцярожна, як нешта жывое, падняла транзістар, падзьмула на яго, выцерла рукавічкаю.

— Падабаецца? — часта дыхаючы і дрэнна разумеючы, што гаворыць, заўпарціўся Віктар. — Я баранюся ім ад шуму. Але цяпер у хаду рыжскія «Спідолы». Хочаце, Лёдзя, я куплю вам?

Аднак думка, што на снезе сын Юркевіча, раптам засланіла ўсё астатняе. Віктар нахіліўся і тузануў Юру за плячо. Той залыпаў вачыма, застагнаў.

— Адыдзі, гад! — ашалела прамармытаў, збіраючы сілы падняцца. — Адыдзі, пакуль не позна!

— Сапраўды, Віктар! — схапіла яго за рукаў Лёдзя, да якой крыху іначай пачаў даходзіць сэнс таго, што адбылося. — Цэлы будзе... І наогул такіх паскуднікаў трэба біць. Па-добраму з імі нельга. Дзе ў іх гонар?..

Насуперак усяму, яна адчула палёгку. Неадпомшчаная, зацятая крыўда да Юркі — хоць Лёдзя не прызнавалася ў гэтым і самой сабе — гняла яе. Бо што б там ні гаварылі другія або сам сабе чалавек, яму, каб здабыць спакой, часам трэба ўбачыць ворага-крыўдзіцеля ляжачым. Асабліва гордаму чалавеку. У той жа час пабіты і прыбіты Юрка абудзіў у Лёдзі мінулае. Яно хлынула ў яе, узбунтавала. Захацелася адкрыцца перад Віктарам. Зрабіць так, каб яе шчырасць стала падзякаю яму. Быў у гэтым і бунт — і супроць Юркі і супроць... Віктара.

— Чаго ён, Лёдзя, драў горла і дамагаўся ад вас? — спытаўся той, калі Юрка ўстаў і павалокся прэч.

— Па-мойму, ён і сам не ведае, — сумна адказала Лёдзя.

Віктар моўчкі пратаптаў сцежку да бліжэйшай лавачкі і згроб з яе снег. Непадалёку заўважыў рыльцы незакаркаваных бутэлек у снезе, край скамечанай газеты — аматары начных прыгод наспех выпівалі і закусвалі тут яшчэ да снегападу. Віктар выцягнуў бутэлькі і, закінуўшы іх як мага далей, прысыпаў снегам газету.

У галаве шумела.

— Давайце, Лёдзя, пасядзім хоць тут, — сказаў ён, улавіўшы, аднак, заводскі гул, што гэтым разам нібыта пульсаваў і жыў у самім Віктары. — Выключце толькі транзістар.

 

 

2

 

Навошта ўсё-такі Лёдзя расказала яму пра сваё мінулае? Бравіравала? Ведала, што пачуў Юркавы словы? Хацела ўстанавіць шчырасць на будучае? Адстойвала права быць самою сабой? Ці проста ёй неабходна было паспавядацца? Жыве ў чалавеку такое імкненне. Людзям патрэбны не толькі сябры-паплечнікі, а і сябры-наперснікі...

Цярэбячы свае рукавічкі, з застыглай усмешкаю яна пачала здалёк. Расказала, як у чацвёртым класе атрымала ад аднакласніка першую тайную запіску: «Лёдзечка, я кахаю цябе, і ўсё жыццё буду абараняць цябе ад ворагаў», — як гэта абурыла яе, спалохала. Калі канчала сёмы клас, захварэла маці, і ёй спатрэбіўся адвар крапівы. На апошнім экзамене абаджганы хлопец, які сядзеў з Лёдзяй за адной партаю, сарамяжліва спытаўся: «Неўзабаве я еду ў Венгрыю. Там тата служыць. Што прывезці табе адтуль?» — «Мне? — здзівілася яна.— Нічога. У мяне і так усё ёсць». — «А хто табе будзе рваць крапіву ў школьным садзе? Сама?» — «Мама папраўляецца ўжо. Крапівы нам, пэўна, больш не трэба будзе». Ой, як весела было ёй і як сумна яму!.. Калі яна стала дзесяцікласніцаю і аднойчы з вернай Кіраю шпацыравала па бульвары, вось тут непадалёку, на Магілёўскай шашы, два выстраеныя хлопцы ў шэрых касцюмах без каўняроў падарылі ім букеты чырвоных руж. Проста так — абганялі, аглянуліся, падміргнулі адзін аднаму і падарылі. А потым, пры сустрэчах, усміхаліся — хораша, прыветліва. «Зноў усміхаліся», — вярнуўшыся дамоў, паведамляла яна маці шэптам, поўным значэння.

— А пасля вось Юрка... — няпэўна паварушыла пальцамі Лёдзя. — Нясмелы, ласкавы. Праўда, да пары... Я па конкурсу ў Політэхнічны не прайшла. Стала працаваць у ліцейным. А ён паступіў. А як жа: айчым — таксама галоўны, толькі інжынер. Да таго ж... маці. Настырная, учэпістая. У геніі яго рыхтавала... Ну, зразумела, нічога талковага ў нас выйсці не магло.

Яна гаварыла, быццам выпрабоўваючы цярпенне Віктара, зусім не клапоцячыся аб тым, што ён мог падумаць, і, праводзячы яе дамоў, Віктар пакутаваў адчайна. Лёдзя ж не толькі не крыўдзілася на яго адчужаную маўклівасць, а, здаецца, была задаволена і не-не пакеплівала з гэтага.

...Дома Віктара чакаў ліст ад маці. Яна цікавілася ягонай работаю, жыццём-быццём, абяцала днямі выслаць пасылку «з салодзенькім ды цёпленькім» і тут жа, не хаваючы трывогі, прасіла прасачыць за бацькам — хай абавязкова купіць цёплыя чаравікі, світар, новы шалік — лепш за ўсё шарсцяны, шатландскі. «І наогул, варта было б вам жыць разам, — раіла яна і маліла: — Беражы яго, Віця! Столькі перанёс. Дый патрэбен ён табе...»

І ўсё-такі, варочаючыся на ложку, Віктар думаў пра бацьку і маці неяк урыўкамі, калі стамляўся думаць пра Лёдзю. Нават матчыны клопаты аб бацьку, яе гаворкі, імкненне зрабіць гэтыя клопаты звычайнымі, натуральнымі, схаваная боязь, што яе могуць зразумець не так, як трэба, не асабліва краналі яго. Больш таго — калі ён пачынаў думаць пра гэта, думкі па нейкіх сувязях зноў пераходзілі на Лёдзю. Пякучая крыўда, нібыта яго, Віктара, ашукалі, падступала да сэрца, і яно тамілася, балела. Праўда, унутраны голас пярэчыў: «Пачакай, ты разважаеш, быццам маеш права на яе. Быццам яна, хаваючы, што было, убівалася ў тваю ласку. А мо яна напрошвалася да цябе ў сябры?» — «Хіба гэта абавязкова? — раздражняўся Віктар. — Яна ашукала мае надзеі!!.» — «Памыліцца ў надзеях,— чоўп сваё голас, — можна таксама, калі іх падаюць табе. А хто табе іх падаваў?» — «Ну і чорт з ёй!» — «Вось гэта іншая справа...»

Але паслаць Лёдзю к чорту можна было толькі на словах. Вельмі шмат дасюль ён думаў аб ёй, шукаў, вельмі доўга гарэў надзеяй. Яна пранікла ў душу, знітавалася з істотаю, з тым, што ён рабіў ці збіраўся рабіць.

Работы было па горла — ва ўпраўленні, на будоўлях, дома. Хвалявала бацькава дысертацыя, якую Віктар якраз чытаў. Яна радавала, азадачвала; не дужа хацелася згаджацца, што слова — таксама справа. Аднак думкі пра Лёдзю панавалі над усім. Яны адбіваліся на самой рабоце, паддавалі Віктару ахвоты спрачацца з бацькам, ісці далей за яго.

Назаўтра вечарам, як толькі вярнуўся з будоўлі акадэмкорпуса, дзе правяраў, ці не ўздумалася будаўнікам заняцца адсябяцінаю, Віктар накіраваўся не да бацькі, як даваў сабе слова, а зноў паехаў у аўтагарадок. Навошта? Спаткацца, востра пагаварыць, выкрыць нарэшце. Хай ведае! Трэба было выліць абурэнне, крыўду, боль. Калі ён не мае ніякага права на Лёдзю, то мае яго хоць на гэта. Бо кожны чалавек павінен адказваць за свае ўчынкі не толькі перад сабою, а і перад другімі.

Дрыготкай рукою ён прычыніў за сабою дзверцы аўтамата і набраў нумар. Лёдзя нібыта чакала званка, бо адразу ж зняла трубку.

— Алё... — стаіла яна дыханне. — Я слухаю... Гэта вы, Віктар?

— Як бачыце, — чужым голасам адказаў ён.

— Вы далёка? Я зараз спушчуся, — і, не кладучы трубкі, гукнула: — Мама, я на паўгадзіны!

Яе трапяткія словы адабралі ў Віктара рашучасць. Слухаючы кароткія гудкі адбою, ён пераступіў з нагі на нагу і, панураны, выйшаў з будкі. Невідушчымі вачыма зірнуў на прысады, шырокую вуліцу, імклівыя машыны з зыркімі падфарнікамі і лагоднымі заднімі агеньчыкамі. Пахаладала. Снег, што абляпіў галінкі ліп у адлігу, стаў падобны на шэрань, а кроны — на ўзоры рускіх карункаў.

Лёдзя надзела не белую махеравую касынку, а вязаную шапачку, але ён пазнаў яе і вылучыў з прахожых адразу. Спяшаючыся, яна ішла, як супроць ветру, — нахіліўшыся і прытрымліваючы шапачку збоку. Наблізіўшыся, прыцішыла крок і памахала Віктару рукою ля шчакі.

— Вось і я... Хутка?

— Жанчыне, калі вітаецца, не абавязкова здымаць пальчатку, — суха заўважыў Віктар, адчуваючы, як крыўда зноў клубком падкатваецца да горла.

Упусціўшы рукавічку, Лёдзя схіліла галаву на адно плячо, потым на другое.

Віктар стушаваўся, спалохаўся — зараз грэбліва крутнецца і пойдзе.

— Я хацеў бачыць вас...

— Няхай... Але раней вам падабалася называць мяне па імені. Гэта падабалася і мне. Чаму вы цяпер ні разу не сказалі «Лёдзя»? Ну, шчыра?

Не было сумнення: яна разгадала яго думкі. Але, разгадаўшы, зусім не збянтэжылася, бо, пэўна, была гатова да ўсяго. Стала зразумела і яе хваляванне, калі размаўляла па тэлефоне, і яе нецярплівая парывістасць. Ёй важна было, як Віктар паставіцца да ўчарашняй споведзі. Яна спадзявалася на яго і баялася расчаравацца. Яна, можа, дала сабе слова, загадала: будзе ранейшы — будзе другам, зафардыбачыцца або зробіцца нахабным, як ні крыўдна, хай наракае на сябе. Зараз, хутчэй за ўсё, вырашаецца іх будучыня. Гэта Віктар зразумеў.

Раней яму здавалася: усё залежыць ад яго. Захоча — будзе так, як захоча. Важна толькі захацець. Потым гэтая ўпэўненасць пахіснулася, але з’явілася надзея: усё вырашаць спатканні. Важна спаткацца, пабыць разам, астатняе прыйдзе само сабою, яно не можа не прыйсці. А вось цяпер стала ясна, што і яго жаданне і спатканні — далёка не ўсё. Самае важнае — Лёдзя, яе добрая воля, гатоўнасць быць ягоным другам. Калі нешта, як водгук, страпянецца, загучыць у Лёдзінай душы, будзе добра. Не — канец. І тады нішто не паможа — ні пратэст, ні просьбы, ні клятвы. Гэта крыўдзіла, абурала, але рабіла Лёдзю яшчэ больш жаданай.

Чакаючы адказу, яна не спускала з яго вачэй і старалася быць спакойнай. Ды тое, што рукавічка ўпала на снег і валялася пад нагамі, а Лёдзя не звяртала на яе ўвагі, выдавала дзяўчыну.

— Ну? — нецярпліва паўтарыла яна.

— Пачакайце, — папрасіў ён. — Зразумейце мяне. Няўжо я павінен захапляцца ўсім, пра што вы расказвалі ўчора? — І ўсё-такі дадаў: — Будзьце справядлівы, Лёдзя!

Яна ўздыхнула, падняла рукавічку.

 

 

3

 

Праз дзень Віктар зноў пазваніў з таго ж аўтамата. Трубку гэтым разам узяў Міхал.

— Лёдзю? — закавырыста, з прыціскам спытаўся ён. — А хто гэта?

Пытанне, тон пакрыўдзілі і без таго расстроенага Віктара.

— Яе друг.

— А іменна?

— Хіба не ўсё роўна?

— Вы ведаеце, у каго пытаецеся, а я не ведаю, каму трэба адказваць.

— Ну, Віктар.

— Дачушка! — паклікаў Міхал назнарок голасна. — Цябе просіць Нувіктар.

Настрой яму папсаваў яшчэ бацька. Калі пасля работы Віктар заехаў да яго на Цнянскую і даў прачытаць матчына пісьмо, ён зарагатаў. У старэнькай засціранай піжамцы, смяяўся надрыўна, пакуль не закашляўся, і на пукатыя, з чырвонымі жылкамі вочы не набеглі слёзы. «Ну што ж, пе-перасяляйся да мяне, — адступіў ён да акна, не жадаючы, каб сын бачыў ягоны твар. — Толькі як быць з маці?» — «Што ты хочаш сказаць?» — не пайшоў за ім следам Віктар. «Мне няясна, дзе яна будзе спаць, калі прыедзе да цябе...»

Звычайна Віктар ставіўся да слоў старэйшых паблажліва, спрачаўся, нібыта старэйшы быў сам. Але тут сарваўся на крык: «Гэта — цынізм! Як ты можаш? У чым ты падазраеш яе і мяне?!»

Ён чакаў, што бацька закрычыць таксама — абурыцца ці зазлуе. Аднак той, быццам у грудзях яго сцяло, выціснуў толькі: «Хла-апчук!» — і, ссутулены, абапёрся рукамі на падаконнік. І як Віктар ні стараўся дабіцца ад яго яшчэ чаго-небудзь, маўчаў, бы набраўшы ў рот вады...

Лёдзя выйшла не так хутка, як учора, і, вітаючыся, бадай што дэманстратыўна зубамі сцягнула рукавічку. Па-мужчынску паціснула руку, але вачэй не ўзняла.

— У вас непрыемнасці, Лёдзя, ці я недарэчы прыйшоў? — сумеўся Віктар.

Яна памарудзіла, але неўзабаве ўскінула галаву.

— Непрыемнасці — гэта не тое слова...

За хвілін пятнаццаць да гэтага з’явіўся Цімох. Калі Арына, якая адчыняла яму дзверы і праводзіла ў пакой да Лёдзі, пайшла, адразу сеў на крэсла і абвяў. «Я п’яны», — сказаў ухмыляючыся.

Гэта было так неверагодна, што Лёдзя ўскрыкнула і закрыла рот далоняй. «Ты п’яны? З якой прычыны?» Ён развёў рукамі, слаба варухнуў верхняй губою. «Сам не ведаеш?» — адсунула яна ад сябе канспекты, якія перад гэтым праглядала. «Чаму не ведаю...» — «Дык гавары тады. Зараз жа!» — «Хадзіў вось па скверы... Собіла ж... Увесь снег спісаны... Усё імёны, плюсы, знакі роўнасці...» — «Ну і што?» — «У адным месцы — цэлае прызнанне...» —«Вельмі міла!» — «Я не вінаваты, што мне не да музыкі і не да футбола...»

Такім бездапаможным, нікчэмным яна Цімоха яшчэ не бачыла. Уразіла таксама імкненне разжаліць яе і адначасна ўпікнуць — бачыш, усё праз цябе! «Навошта, ты гаворыш мне пра гэта? Навошта прыйшоў такі? — абуралася Лёдзя. — Прасіць ласкі? Скандаліць? Або шукаць падтрымкі ў маці? У таты?» — «Не, не! — выставіў ён перад сабою далоні. — Я хацеў толькі спытацца, як цяпер быць Цімку... Мне трэба ведаць, як яму быць...»

Расказваючы, Лёдзя аж калацілася ад узрушанасці.

— Бацькі чулі? — нехлямяжа паспачуваў Віктар, сам заўважаючы, што не знаходзіць, як і што гаварыць.

— Вядома, — перасмыкнулася Лёдзя. — А хіба ў гэтым справа. Мяне і так ужо дакараюць — мала дабраты. А цяпер я, здаецца, нават пачынаю прыносіць гора сваім, і мне трэба дараваць!.. Мая сяброўка... Ну, помніце, з якой мы па цаліку хадзілі, і тая пачала частаваць расказамі пра нейкую няню ў роддоме, у якой ніколі дзеці не плачуць. Кажа, калі раз прынесла ёй дачушку і дачушка разрумзалася, усё навучала: «А ты гавары, гавары з ёй. Яна зразумее. У мяне вунь пяцёра, а ўсе паслухмяныя, добрыя...»

— Але ж вы, па-мойму, не кахаеце яго, — насілу ўцяміў Віктар, чаго чакала Лёдзя. — І хіба было б лепей, каб вы прыкідваліся? Ды навошта яно такое шчасце сапраўднаму мужчыну! Разабраўшыся, ён бы сам пракляў усё на свеце і пакутаваў мацней. К чорту гэтыя ахвяры, як і жыццё, у якім толькі і рабі, што саступай!

Лёдзя часта заміргала, але потым сабрала ўвагу і, слухаючы, пакрысе стала супакойвацца.

Зайшлі ў сквер. Нядаўна выпала пароша. Снег быў чысты і абапал дарожкі сапраўды быў спісаны.

— «Ніна, я цябе кахаю», — прачытаў Віктар. — Во марсіяне! Глядзіце, Лёдзя, тут цэлая драма. Бачыце: «Няпраўда». І адказ — «Клянуся!» А тут што? «Тады паўтары яшчэ раз». «Кахаю, кахаю, кахаю». Аж зайздросна. Чысты Марсель Марсо!

На снезе сінеў глыбокі след — хлопец, відаць, склаў на грудзях рукі і бухнуўся, як стаяў, у мяккую белую неруш.

Ядранела. Папраўляючы шапачку, Лёдзя ажывілася.

— У мяне ёсць сяброўка. Цяпер яна, праўда, замужам, мае дзіця. Але некалі і мы з ёй забаўляліся. Разыдземся па дарожцы, збочым у снег і ідзём па цаліку адна адной насустрач. Калі ж сыдземся, становімся на пальчыкі. Потым глядзім на свае сляды збоку і смяёмся. Самі стомленыя пасля работы, але ўсё роўна прыемна.

— Давайце паспрабуем... Або патанцуем, га?

Лёдзя нахмурылася. Але ўсё роўна загарэлы і сярдзіты яе твар сярод навакольнай белі здаўся Віктару невымоўна дарагім.

Чалавечы след не прападае. Па сцежцы, некалі пратаптанай Віктарам да недалёкай лавачкі, пасля хадзілі другія, і Лёдзя, апусціўшы вочы, збочыла таксама. Бачачы, што яна хоча ўзабрацца на лаўку, Віктар памог ёй і сеў на спінку поруч.

Гул, які далятаў ад завода, быў выразны, чысты. «А ён усё працуе, працуе», — зноў прыйшло ў галаву Віктару. Але ўжо не абудзіла трывогі. Наадварот, неяк узняло ўпэўненасць і веру ў сябе. Захацелася парысавацца.

— Як галкі, — сказаў ён, адчуваючы, што ў грудзях расце радасць.

— Няхай.

— Мой бацька не менш за вашага пераконаны, што, каб не яго персона, я загінуў бы ад уласных разняволеных сіл. Як усе распусныя дзеці.

— Гэта, відаць, таму, што яны многа зрабілі на сваім вяку. Ёсць аб чым клапаціцца. Вунь недзе ў Заходняй са дна рэчкі гравій пачалі здабываць і натрапілі на мароны дуб. А ён, выцягнуты з вады, аказваецца, хутка парахнее. Ну рабочыя і давай яго на дровы калоць. Пабачылі б вы, што з маім татам зрабілася! Куды толькі не бегаў. А цяпер у нас прарыў — ніяк ад штурмаўшчыны не пазбавімся, — дык ён з цэха не вылазіць і ўсё пра самаўдасканаленне гаворыць... А маці? Вечна ў рабоце, у клопатах. У Яўгена сын нарадзіўся, дык яна і ночы там прападае. Смех і грэх...

— Але ж жыццё ідзе па законах паскоранага руху, Лёдзя. Мой стары, напрыклад, сцвярджае, што зручным горадам можа быць толькі той, дзе рухомасць насельніцтва, а прасцей — транспартныя пакуты, зведзеныя да мінімуму. І робіць вывад: без шматпавярховых гмахаў не абысціся. Гэта, вядома, факт. Хоць транспартныя непарадкі можна ліквідаваць, паляпшаючы сам транспарт.

Людзі ажыўляюцца або сур’ёзнеюць, калі чуюць нешта цікавае. Лёдзя пасур’ёзнела. Але нешта і раздражняла яе.

— А мне ўсяго гэтага мала, — не адчуў Лёдзінага раздражнення Віктар, упэўнены ў сваім праве на самаўзвышэнне. — Апрача таго, бацька, як і многія, у палоне тэхнікі. Ён яе нявольнік. А хіба нам у век навукова-тэхнічнай рэвалюцыі прыстасоўвацца да будаўнікоў? Хай яны шукаюць спосабаў, як дацягнуцца да нас. Камяні для егіпецкіх пірамід расшчаплялі драўлянымі клінамі. Лілі ваду, яны набракалі, і камяні расколваліся.

— Але тэхніка не заўсёды друг, — запярэчыла Лёдзя. — Паток, напрыклад, робіць працу аднастайнай. Яму патрэбен робат. І гэта нечым трэба пакрываць...

— А самі будынкі?.. — не даў перапыніць сябе Віктар. — Хіба яны адпавядаюць жыццю? Таму іншы раз здаецца, што нашы мэтры пабойваюцца выпрастацца. Во, калі выпрастаешся, больш відаць. А я... мне, Лёдзя, хочацца пашукаць небывалага. Супаставіць яго не з тым, што было ці ёсць, а з тым, што павінна быць згодна з маім сённяшнім уяўленнем аб дасканалым. Адсюль — ідэя крылатых дамоў! Якія, як і наша жыццё, імкнуць у неба і пакідаюць пад сабою гарачы асфальт, сумятню, шум. Мы ж на чалавецтва працуем. А вось паспрабуй, пераканай.

— Бывае, — ужо са скрухаю прыняла яго словы Лёдзя, якой таксама захацелася сказаць пра сябе. — У нас вентыляцыя ў ліцейным нікуды нявартая. Не, завод наш слаўны. Пераходныя сцягі, ганаровыя граматы, а вентыляцыя старая. Прыйшлося пражэктарыстаў падбіць!.. І то аказалася: новая вентыляцыя — новыя ворагі. Даведаліся аб нашай бойцы, завялі персанальную справу на мяне. Учора з такой помпай разбіралі ў камітэце, што я ледзь не закурыла дэманстратыўна!

— Ты, мусіць, стамляешся моцна?

— Не... Але не супроць, каб крышачку было лягчэй ды аднастайнасці паменей...

Вярнуўшыся дамоў, Віктар паставіў «Масквіч» у двары, пад сваім акном, зліў ваду з радыятара і, падагнаны жаданнем зноў пачуць Лёдзю, ужо засумаваўшы па ёй, пабег да аўтамата.

«Трэба недзе антыфрызу расстарацца», — падумаў між іншым, не ведаючы дакладна, як растлумачыць, што звоніць другі раз.

Трубку падняла Арына.

— Мне вельмі патрэбна Лёдзя, — заверыў Віктар, рады, што мае справу не з Міхалам.

— Бацюхны мае! — перапалохалася тая. — Хто гэта звоніць на ноч гледзячы! Непрыемнасці новыя, ці што? Сорам! Дый не гультайнічае яна ў нас. У яе і завод і інстытут, малады чалавек!

Аднак Арыніна водпаведзь не дужа пакрыўдзіла Віктара. Наадварот, яму зрабілася весела — няхай пабурчыць старая, усё роўна, здаецца, нічога не зменіць. Дый бурчала яна неяк так, быццам хвалілася дачкою.

 

 

4

 

Прайшло з тыдзень. Снег паміж сосен асеў, пабурэў. Навокал камлёў ён пратаў амаль што да зямлі. Кара на камлях пацямнела, нібыта абгарэла. Такія ж цёмныя палосы працягнуліся і ад голля. Праўда, толькі з поўначы, дзе кару не сушыла сонца і адкуль учора вецер сек па соснах дажджом. Пад ліпамі ж, ля абочын шашы, між пастрыжаных дэкаратыўных кусцікаў, абталы снег ляжаў ужо карычневы, брудны. Голыя мокрыя ліпы над ім таксама чарнелі, як абвугленыя. Але пупышкі на галінках сталі прыкметнейшыя, хоць і нагадвалі канапелькі. Іх было многа — безліч, як і кропелек, што звісалі з вецця і паблісквалі на развілцы сучкоў.

А вось сёння сонца прыгрэла зусім па-веснавому. Наздраваты, пабурэлы снег, здаецца, раставаў увачавідкі. У скверы, па краях праталін, навокал камлёў ён нібыта кіпеў. Пачалі падсыхаць чорныя палосы на соснах. Ліпавыя камлі трошкі пазелянелі.

За гэты час Сярдзюк-старэйшы пераехаў да Віктара: як-ніяк кватэра ў таго была жактаўская, а не прыватная.

Жыццё змянілася, набыло новы рытм, больш строгую пэўнасць, давялося адмовіцца ад бестурботнай неахайнасці, ад халасцяцкай абыякавасці да сябе, ад работы прыхапкамі, у шчаслівыя хвіліны гарэння. Свет як бы павузеў, але затое зрабіўся яснейшы, навокал пабольшала парадку.

Каб не быць назолаю, Сярдзюк-старэйшы нічога не навязваў сыну. Пераязджаў нясмела, нейкім разгубленым, сарамяжлівым. За першай агульнай вячэраю кінуўся філасофстваваць:

— Лочмель казаў, што ў іх ёсць малітва... Мудрая такая просьба да бога. «О госпадзі, не пасылай мне самага страшнага — адзінокай старасці!» Праўда, здорава? Хоць крыху эгаістычна.

— Навошта ты пра гэта! — запярэчыў Віктар, шкадуючы яго і расстройваючыся ад свайго жалю.

— А я ж храпу, Віця, начамі. Ты ведаеш?

— Кажуць, калі пацмокаць языком, чалавек перастае храпці.

— Часта б’е кашаль, харкаю...

Ён і дасюль нагаворваў на сябе, палохаў найгоршым, каб потым у сына не было падстаў злаваць на сваю непрадбачлівасць ці ўпікаць яго ў чым-небудзь. Таілася ва ўсім гэтым і яшчэ адно — рыхтуючы Віктара да будучых раптоўных непрыемнасцей, ён спадзяваўся, што сумеснае жыццё ў іх акажацца лепшым, а значыць — і больш жаданым. А галоўнае — Віктару не будзе ў чым расчароўвацца.

Віктар у сваю чаргу разумеў: бацькавы хітрыкі, яго бунт супроць уласнай слабасці, самаўніжэнне — ад глыбокай, затоенай любві. Дабрата агортвала Віктара, і ён прысягаў сабе стрымлівацца, калі і напраўду стане цяжка. Бо няма чаго грэх таіць, спрачаючыся раней з бацькам, ён мала думаў аб ім асабіста і ніколі не ставіў сябе на ягонае месца. Таму змены ў жыцці Віктар прыняў поўны самых добрых імкненняў.

Пераезд як бы набліжаў бацьку да маці, на большую палову аднаўляў сям’ю. Калі ж маці надумае пагасцяваць у Віктара, сям’я сапраўды будзе ў зборы. Сёстры і айчым для Віктара ў разлік бадай што не ішлі: яны не былі Сердзюкамі. Дый наогул цяпер ён лічыў іх нечым выпадковым.

Віктар пачынаў здагадвацца і пра тое, як пакутуе бацька, як мучыцца, шукаючы і не знаходзячы выхаду. Кожны напамінак аб маці яму балючы. Але боль гэты, кроячы сэрца, ужо прыемны бацьку, можа, нават неабходны, без гэтага болю яму цяпер было б яшчэ цяжэй.

Скарга Лёдзі: «Я, здаецца, сама пачынаю прыносіць гора сваім», — размова з ёй канчаткова ўсталявалі Віктара на сваёй думцы. Бацька і маці любяць адно аднаго. Ужо гэта дае ім права быць разам. А мінулае? Хіба яно не за іх? Пры цяперашняй сітуацыі пакутуюць усе. Калі ж маці парве з айчымам, будуць шчаслівыя хоць двое. Дык у чым жа справа? Балазе — яны зусім не вінаватыя, што ўсё склалася так...

Ён паспрабаваў заікнуцца пра гэта бацьку, аднак той з-пад ілба зірнуў на яго, перасмыкнуў плячыма і сеў за стол працаваць. Але не ўседзеў, зрабіў выгляд, што нешта ўспомніў і, апрануўшыся, ссутулены, пайшоў з дому.

Яго маўклівая ўпартасць нагадала Лёдзю. Тая, выслухаўшы прызнанне Віктара, таксама, па сутнасці, нічога не сказала пра галоўнае — і не згадзілася, і не стала спрачацца. Быццам не захацела марнаваць час або пакідала за сабою права сказаць пра гэта пазней. Віктар некалькі разоў пасля званіў ёй, і кожны раз яму адказвалі: яе няма і невядома калі будзе.

Сярдзюк-старэйшы вярнуўся дамоў разам з Юркевічам і Валяй. Не раздзеўшыся, нечага пашукаў у кішэнях і непрыкметна сунуў у руку сыну грошы.

— Сустрэў каля тралейбуснага прыпынку, — хвалюючыся, паведаміў, паказваючы на гасцей. — Трэба, сынок, збегаць у гастраном. Не здагадаўся сам па дарозе захапіць...

Паружавелая з вуліцы Валя, ад якой патыхала свежасцю, духамі, засмяялася.

— Што захапіць? Навошта?

— Дзе дысертацыя — там, вядома, і дэгустацыя.

— Да вашага ведама, пра нас клапоцяцца і тое, што дэгусціруюць, прадаюць толькі да сямі. А па-другое — мне праз паўтары гадзіны карміць чалавека. — Яна перадала паліто, капялюшык Васілю Пятровічу і пашукала вачыма люстэрка.

— Безнадзейныя, няшчасныя халасцякі, — сказала, не знайшоўшы яго і навобмацак паправіла прычоску. — Давайце, Віктар, я пазнаёмлю вас з адной цудоўнай дзяўчынай.

Віктар падумаў, што зараз пачырванее, і тут жа пачырванеў да карэнняў валасоў. Яму здалося: Юркевічы ведаюць пра яго няўдалыя залёты і, безумоўна, пра бойку з Юркам. Але самалюбства і жыццёвы вопыт збалаванага ўвагаю хлопца памаглі яму. Ён няпэўна ўхмыльнуўся, паіграў вачыма і какетліва пакруціў перад сабою растапыранай пяцярнёй.

— Я не супроць, знаёмце. Каб толькі была сучасная...

Васіль Пятровіч ведаў, на каго намякае Валя, і гэта не спадабалася яму. Успомніўся пабіты сын, пакутлівыя хвіліны паспешлівых збораў ды развітанняў і не менш цягучае чаканне — ці хутка вернецца Валя і ці вернецца адна.

— Увогуле, як відаць, жывяце не асабліва багата, — сказаў ён, павесіўшы жончына і сваё паліто на вешалку і абдумваючы, з чаго пачаць дзелавую гаворку. — Прыйдзецца, мабыць, умяшацца...

Селі за стол.

Стаяць астаўся адзін Сярдзюк-старэйшы. Шкадуючы, што так няўдала ўсё атрымалася, цмокаў языком, пацепваў плячыма, нібыта бачыў ва ўсім гэтым што благое і наракаў на свой лёс.

— Не шанцуе дык не шанцуе, — паўтараў ён і пашчыпаваў падбароддзе. Яму яўна хацелася, каб гэты момант выглядаў святочна, цырымонна. Было непрыэмна, што і Юркевічы і сын загаварылі пра пабочнае, жартуюць і, такім чынам, як бы лёгка ставяцца да таго, што павінна адбыцца тут.

— Ну, як уражанне? — не стрымаўся ён. — Толькі напрапалую. Можна бязлітасна, без закавык.

— Па-мойму, тое што трэба, — адказаў Васіль Пятровіч. — Тым больш праца б’е ў цэль і паявіцца, калі мы сядзім над генеральным планам. А напомніць, што здабыткі чалавечых рук павінны быць такімі ж дасканалымі, як і створаныя прыродай, ой, важна! Патрабавання ж расці ў неба таксама чакалі ўсе. Няма чаго баяцца, што старое сутыкнецца з новым. Рэзкі кантраст таксама стварае ансамбль. Час бяжыць, і гістарычныя асацыяцыі, праўда за вамі, упрыгожаць гарады...

— А ты мне, бацька, не верыў! — пажартаваў Віктар. Але, угледзеўшы, што той бялее, змоўк. Нечакана і раптоўна адкрылася, як усё гэта важна для яго. Апантанаму чалавеку таксама патрэбны поспехі, ён не менш чым хто чакае разрыўкі, радасцей. Асабліва калі жыве, як бацька, недзе на мяжы сіл.

Блізкае адчуў і Васіль Пятровіч. Нешта перамогшы ў сабе, устаў і пад Валіным позіркам наблізіўся да Сердзюка.

— Дазвольце, я абдыму вас, Ігнат Раманавіч! І знаеце за што? За вашу адданасць, вытрымку. За ўменне непрыкметна, але рабіць сваё.

Яны абняліся.

Сярдзюк заплюшчыў вочы, паклаў падбародак на плячо Васілю Пятровічу і шчакою прыпаў да шчакі. Бледнасць зыходзіла з ягонага твару, ды затое пачыналі торгацца вусны. Васіль Пятровіч ведаў цану рэдкім поспехам. Ён прыціскаў Сердзюка да сябе, ляпаў па спіне, а той, бездапаможна стоячы, не знаходзіў як рэагаваць на гэта, і Валя амаль нічога не заўважала, апрача пакутніцкай грымасы на Сердзюковым твары і гэтага вінаватага паторгвання вуснаў.

Але праз імгненне Сярдзюк авалодаў сабою. Першы разняў і апусціў рукі.

— А заўвагі? — шумна, з прысвістам, уцягнуў ён паветра і, прыкрыўшы рукою грудзі, упарта зірнуў з-пад сівых броваў.

Васіль Пятровіч пасур’ёзнеў.

— Варта, м-м, канкрэтней сказаць пра ваенныя разбурэнні. Няхай ведаюць... Падкрэсліць, што калі раней адсталасць была бядой, цяпер яна — суцэльная віна. Звязаць гэта з праблемай забудовы гарадскіх цэнтраў...

— Я зайздрошчу вашай думцы аб сувязі часоў, аб бяссмерці гарадоў, — умяшалася Валя. — Сапраўды, хто толькі не руйнаваў Мінск! А ён — намаганне — і ўзнімаўся з руін. І ўсякі раз дужэйшым. І ўсё ўгару, угару, насуперак ліху. Вунь, аказваецца, якія мы!

— Значыцца, і вы чыталі?

— А па-мойму, гэта думка крыху абстрактная для дойліда, — загарэўся Віктар. — Яе трэба перакантаваць... Ва ўсякім разе, апрадмеціць. Я ўжо казаў бацьку. Задача — будаваць не бяссмертны горад, а горад сотай маладосці. Залатая жыла — тут!..

Было відаць, што ўласная думка як бы нанава раскрылася перад ім.

Віктар не вытрываў, усхапіўся, ускінуў руку і, узрушаны, выбег на сярэдзіну пакоя. Але Сярдзюк-старэйшы спыніў сына:

— Мне здаецца, Васіль Пятровіч, вы не ўсё дагаворваеце. А?

Той сумеўся, зірнуў на Валю.

— Магчыма, — нечакана прызнаўся ён. — Але, даю слова, гэта не датычыць ацэнкі вашай работы...

 

 

5

 

Віктар заўважыў: руплівая натура бацькі прагла дзейнасці. Як ні дзіўна, а ў гады выгнання ў ім падспудна накоплівалася творчая энергія. Мусіць, так наогул бывае з творчым чалавекам. Ён жыве, займаецца самымі рознымі, чужымі і далёкімі яму справамі, а неабходныя для творчасці ўражанні, думкі, энергія непрыкметна акумуліруюцца і гатовы пры выпадку заявіць аб сабе. Праўда, спачатку бацькавы сілы ішлі пераважна, каб сцвердзіць сябе ў жыцці.

Неяк Віктар астаўся начаваць у яго старой кватэры і прачнуўся далёка за поўнач ад яго цяжкага, працяглага стогну.

— Сэрца? — занепакоіўся Віктар. — Лякарства даць? Дзе яно ў цябе?

— Не трэба, — нехаця азваўся той. — Проста падумаў і ўявіў сёе-тое. Аказваецца, нялёгка даводзіць людзям, што ты чалавек, як і яны. Спі...

Але цяпер яму гэтага было мала.

Правёўшы Юркевічаў і кладучыся ў пасцель, ён знячэўку загаварыў:

— Жыццё, вядома, развіваецца па сваіх законах. Іх не адменіш. Але людзі не пешкі. Яны могуць спрыяць развіццю і могуць яго тармазіць. Дый паміж пунктам А і пунктам В можна пракласці не толькі прамую дарогу.

— Брава! Даўно б так! — ухваліў Віктар. — На подзвіг, бацька!

— Аднак ёсць ва ўсім гэтым яшчэ адзін момант. Адмаўленне адмаўленняў. А бывае, што адмаўляць прыходзіцца ўласнае глупства. І вінаваты ў гэтым звычайна няўмекі з камбінатарамі.

— Ты гэта пра каго? — засмяяўся Віктар, беручы пад увагу толькі адно — бацька ў гуморы і яго не здавальняе ранейшая пазіцыя. — Пра мяне ці Понтуса? Калі пра мяне, то дарэмна. Я талент, бацька, і наперадзе ў мяне слава, а не адмаўленне адмаўленняў.

— Ну, ладна, скажы тады лепш, як у цябе з той дзяўчынай. Я, на жаль, не ведаю яе імя...

— Гэта аказалася больш складаным, чым думалася...

Навошта Сярдзюк-старэйшы спытаўся пра Лёдзю? Каб перавесці агонь на Віктара? Адплаціць яму за самаўпэўненасць? За тое, што не зразумеў яго адразу? А можа, самому ўспомнілася нешта такое, што нагадала Лёдзю? Цяжка сказаць. Але Сярдзюк трапіў у цэль — сэрца ў Віктара балюча сціснулася, і ён ужо не мог думаць ні аб чым іншым.

Віктар быў не з тых, хто любіў спаць, але засынаў адразу, як толькі паварочваўся на жывот і, абхапіўшы падушку, прыпадаў да яе шчакою. Засынаў на паўдумцы — яна абрывалася або раставала ў забыцці. А тут усё атрымалася наадварот: яму страшэнна захацелася заснуць, аднак сон быццам упіраўся, не ішоў.

Злавала: спыніцца на тым, што было, ён не мог, як не мог ужо і адступіць назад. Лёдзя ўвайшла ў яго жыццё, і не было рады што-небудзь змяніць у гэтым. Гордасць, самалюбства бунтавалі супроць яе мінулага. Незразумелая варожасць бацькоў абражала. А істота трымала Лёдзю ў сабе, беражліва ахінала яе, ласкаю трапечучы ад боязі страціць. І чым больш даражэла, тым мацней бунтавала.

Ці ведаў сам Віктар дасюль жанчын? Вядома. У гуллівыя хвіліны ўспамінаў іх, лічыў па пальцах. І нічога заганнага не бачыў у гэтым. Жыццё ёсць жыццё. Старасветчына была і сплыла не толькі ва ўкладзе побыту. Сучасны чалавек тым і розніцца ад продкаў, што стаіць над умоўнасцямі. Ён гаспадар самога сябе. І, знаёмячыся з дзяўчатамі, збліжаючыся з імі, Віктар аставаўся бадай што абыякавы да іх мінулага. Важна было другое — каб яны зараз абуджалі цікавасць і прыхільнасць. Каб нечым скрашвалі жыццё і разам з ім было б лепш. А вось паставіцца так да Лёдзі ён не мог. Хоць часам, каб апраўдаць яе і быць сумленным, каяўся: «Ну добра, а чаму ты не судзіш сябе — дзе твая чысціня? Ты што, праведнік? Успомні, як нядаўна цяклі слінькі, калі пабыў у Валахановічаў і танцаваў з Алай, старэйшай за цябе на дзесяць...»

Не, чысціня чалавека, мусіць, вымяраецца іншым. Ёсць людзі, да якіх бруд не ліпне, бо склад іхняй душы, імкненні, намеры высокія.

Ва ўяўленні Віктара паўставала Лёдзя. Ён спрабаваў паставіць дзяўчыну поруч з Юркам, у нечым звязаць іх, і не мог. Лёдзю ўдавалася ўявіць толькі адну. Прычым строгай, пагардлівай, калі ў яе закрадаліся падазрэнні, і добрай, амаль даступнай, калі яна адчувала шчырасць. Але і ў першым і ў другім выпадку ў Лёдзі, то ўзмацняючыся, то заміраючы, жыла насцярожанасць. Лёдзя нібыта апасалася збліжэння.

Аднае раніцы Віктар праходзіў па набярэжнай Купалаўскага парку. На парапеце сядзелі чайкі. Калі Віктар наблізіўся, самыя асцярожныя ўзмахнулі крыламі і спакойна паляцелі. Следам за імі, спружыніста падскочыўшы на нагах і распластаўшы крылы, бокам, назіраючы за Віктарам, нехаця падаліся смялейшыя. А адна асталася. Толькі выцягнула шыю, напялася ўся, гатовая кожны міг узляцець, і пачала сачыць за Віктарам расшыранымі ад цікаўнасці і страху зрэнкамі. Лёдзя нечым нагадвала гэтую чайку.

Лёдзіна імкненне прыглядзецца, уведаць Віктара былі яму па душы. Але яе насцярожанасць, гатоўнасць крутнуцца і пайсці злавала. Ды злосць гэта была асаблівая. Яна не нараджала варожасці, а распальвала жаданне дабіцца свайго, не адштурхоўвала ад Лёдзі, а падлівала масла ў агонь.

Магчыма, таму Віктар рашыў не званіць да Шарупічаў па тэлефоне, а проста заявіцца да іх.

«Не можа быць — застану, — з помслівым пачуццём думаў ён, заводзячы «Масквіч».— А старыя, як сабе хочуць, я ж не да іх іду...»

Дзверы яму адчыніла Лёдзя, памкнулася была выйсці на лесвічную пляцоўку, але абдумалася і, пабляднеўшы, зрабіла знак, каб заходзіў.

— Я зноў недарэчы? — схіліўся да яе вуха Віктар. — Даруй, калі што.

Ён ніколі не бачыў Лёдзю такой разгубленай, і яму стала шкада яе. Так шкада, што Віктар раскаяўся, навошта прыйшоў без дазволу. «Тут жа свае звычаі, усё сваё!»

— У нас Валянціна Сяргееўна, — цішком паведаміла Лёдзя.

— Хто? — не зразумеў ён.

— Ну, Верас.

— А-а, Нуверас, тады пакажы, дзе мне павесіць паліто...

Яны ўсе сядзелі за круглым сталом. Арына вязала світар. Спіцы паблісквалі ў яе руках, вочы былі апушчаны, але яна ўважліва слухала мужа і Валю. Віктару падумалася: Лёдзіны рукавічкі, шапачку таксама звязала Арына, — і сцішаная, занятая работаю, жанчына неяк ураз зрабілася блізкай. Міхал у акулярах, з дзіцем на руках, паказваў вачыма на газету, што ляжала перад ім, і круціў галавою.

— Бачыш? — гарачыўся ён. — Усе ведаюць, што Ваціка схапілі. У турме, у трынаццатай камеры на сцяне было накрэмзана «выбыў у СД». А як ён загінуў? Закатавалі? Расстралялі ў засценках? Ніхто не бачыў. Але гэтага Каралю даволі, каб сумнявацца. А што, калі ён сыпач і яго вывезлі ў Нямеччыну? Вядома, што Дзіму Караткевіча павесілі, Хмялеўскі памёр у турме ад тыфусу, Вікторыю адправілі ў Трасцянец. А Вацік? І такое перад круглай датай? Калі пра вызваленне горада ўся краіна будзе гаварыць.

Валя, якая сядзела насупраць Міхала, тварам да дзвярэй, першая ўтаропілася на Віктара. Але, здзівіўшыся, перш чым загаварыць з ім, адказала Міхалу:

— Безумоўна, Кароль астаўся сабой. Але як ты запярэчыш яму?.. А вы, Віктар, аказваецца, ужо знаёмы! І ці не вы нашага Юрку пабілі?..

— Мой таварыш, — адрэкамендавала не без задняй думкі Лёдзя.

Арына перастала вязаць. Перадаўшы ёй дзіця, Міхал ссунуў акуляры на лоб, прыняў самавітую паставу. З акулярамі на лбе ён здаўся Віктару дабрэйшым.

Дый пераноссе, вочы яго нагадвалі Лёдзіны, і ваяўнічы настрой, з якім Віктар ішоў сюды, пачаў падупадаць. Дэманстраваць жа сваю незалежнасць перад Валяй было смешна.

— Я не перашкодзіў? — сказаў ён, каб не маўчаць.

Міхал кіўнуў на крэсла і зноў звярнуўся да Валі:

— Як запярэчыць? Напісаць чыстую праўду, без аглядак. Нішто, маўляў, не забыта, ніхто не забыты... Хоць такія, як Кароль, ой, як часам патрэбны... У Канадзе вунь павялі змаганне з каменнямі на палях, а ўраджайнасць упала. Аказваецца, каменне ў сонечныя дні набірала цеплыню, а потым аддавала яе глебе, зярнятам.

Міхалава разважлівасць спадабалася Віктару. Ён крэкнуў і паслухмяна сеў за стол. Лёдзя, няпэўна ўсміхаючыся, узяла крэсла, прымасцілася побач і, стуліўшы між каленяў рукі, пацерла іх ад задавальнення.

Арына і Міхал пераглянуліся.

— Ты, дачка, можа б чаю згатавала, — намякнуў ёй Міхал.

— Упраўлюся, тата, — быццам не зразумела яго Лёдзя. — Дайце паслухаць. Заматалася я сёння з вашымі парадкамі ў цэху.

— З якімі парадкамі і чаму нашымі?

— Ну, якія ёсць. Помніш, як казаў, што камунізму не толькі самазвалы патрэбны. Дык вось з гэтымі.

Пры чужых яна нярэдка паказвала сваю незалежнасць, нават грубіла, каб прынізіць бацькоўскі аўтарытэт. Зараз жа яна сцвярджала ўжо не толькі ўласную годнасць, а і сваё права гаспадыні ў доме.

— Я сама пастаўлю чай, — здалася Арына. — Божухна, хай сядзіць. — І праз хвіліну, чуваць было, ужо налівала ў чайнік вады, невядома куды падзеўшы ўнука.

— Вы часта бываеце на сваіх будоўлях? — разражаючы атмасферу, спыталася ў Віктара Валя.

— Кожны тыдзень, — зразумеў яе Віктар. — Будаўнікам дай толькі волю...

— Раскажыце пра свае крылатыя дамы. Я ўяўляю іх, і яны мне падабаюцца.

Ён ацаніў яе захады. Валя давала яму магчымасць праявіць сябе, паказаць, чаго варты. І хоць гэта нечым прыніжала, Віктар загаварыў пра тыповыя праекты, пра цяжкую аднастайнасць і заганы буйных гарадоў.

— Факт, важна ведаць, якія яны будуць — выцягнуцца ўздоўж магістраляў або рвануцца ў неба, — гаварыў ён, хвалюючыся ўсё больш і кепска ўжо бачачы субяседнікаў. — Але яшчэ важней знайсці, як палепшыць гарады. Як асучасніць, вярнуць ім прыроду. Як зрабіць, каб яны ядналі людзей. І, па-мойму, мае дамы — сёе-тое абяцаюць. Жылыя паверхі з холамі, спартыўным цэнтрам, бібліятэкай... пачнуцца з пятага-шостага. Ліфты — у калонах, на балконах — сады. А ўнізе — гарадское жыццё, зялёныя масівы... І далі, абавязкова далі...

Твар у Міхала засмуціўся.

— Чуеш, унук? — крыкнуў ён, павярнуўшыся тварам да дзвярэй. — Скажы мне, ці не захацелася зноў каму-небудзь заявіць пра сябе?.. А што, калі я прывык да зямлі пад нагамі і яна патрэбна мне?

— Пра што ты гаворыш, тата? — адмахнулася як ад нечага надакучлівага Лёдзя. — Хіба ў гэтым справа? Гаворка ідзе пра наша заўтрашняе жыццё... Няўжо не ясна?

Віктар кіўнуў ёй, устаў.

— Сёня прывыклі жыць на зямлі, а заўтра пераадолееце псіхалагічны бар’ер і прывыкніце да іншага, — з вясёлай усмешкаю парыраваў ён. — Ды галоўнае не ў гэтым. Галоўнае ў тым, Лёдзя мае рацыю, каб нашы дамы адпавядалі і памагалі нашаму жыццю... Хоць, безумоўна, ламаць старыя звычкі цяжэй, чым ламаць коп’і за ваеннае мінулае.

Валя закрыла вушы, але пасля застукала далонямі па стале.

— Ці вам гэта гаварыць? Вы не горш ведаеце, што Янус у рымлян меў два твары. Помніце? Адным глядзеў назад, другім наперад. І гэта, між іншым, таму, што быў богам часу. Ці ты і з гэтым не згодна, Лёдзя? — Ёй, мусіць, важна было пераканаць не Віктара, а Лёдзю.

Аднак Міхал не даў адказаць дачцэ.

— Можа, і ваша праўда, — сказаў ён Віктару, — карысней было б, к прыкладу, падумаць аб перспектыўным плане завода. Але і той клопат, калі ён ёсць, не адкінеш... Як, пэўна, і архітэктары не адкінуць клопатаў аб гадавіне вызвалення.

— Факт... — пачаў астываць Віктар, зразумеўшы, што закрануў надта балючае. — Мне вось даручылі ўпрыгожваць горад...

Міхал, нешта прыглушыўшы ў сабе, памякчэў.

— Тады я аб нечым папрашу вас. Падумайце, калі ласка, пра Алею Герояў. Не толькі ў імя справядлівасці. Яна пакажа, на што здольны нашы людзі, якія яны. Ды вам самім сёе-тое будзе ясней. У гаркоме, мяркую, падтрымаюць.

— Добра, — кіўнуў галавою Віктар, нечакана адчуўшы сябе хлапчуком. — Час яшчэ ёсць...

 

6

У канцы сакавіка воблакі прыгажэюць. Яшчэ нядаўна несліся кудзелістыя, ірваныя, часта ў некалькі рэдзяў-столак або ўкрывалі неба ўсё — без прасветлін. А тут пачынаюць дзяліцца, яснець, кучаравіцца і выплываюць з-за далягляду, як каравелы.

Увосень яны адплываюць некуды. Зімою бягуць і бягуць, нібы даганяючы тых, што адплылі раней. Увесну ж яны як бы вяртаюцца назад і падоўгу стаяць у блакіце над галавою — кучавыя, радасныя, абуджаючы фантазію і цешачы душу. І тады востра-востра адчуваеш іх родную красу, бо бацькаўшчына — гэта не толькі кут, дзе ты нарадзіўся, а і неба вось з такімі дарагімі аблачынкамі.

 

 

Частка трэцяя

 

РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ

 

1

 

Понтус прачнуўся ад кашмару. Нехта грузны, падобны на Барушку, толькі не лысы, а касматы, наваліўся на яго і душыў. Ілья Гаўрылавіч чуў яго лютае сапенне, бачыў злыя зрэнкі, якія зіркалі кожны раз, калі, раздзьмуўшы шчокі, той пыхкаў на нос, і валасы разляталіся на бакі.

Застагнаўшы, Понтус выцер лоб і павёў вачыма па пакоі. Бралася на раніцу. Але ў доме насупроць не свяцілася ні адно акно — нават крайняе на трэцім паверсе, у якім святло заўсёды загаралася першым. Значыць, было ўсяго гадзіны чатыры — не больш.

У сталовай пачаў біць гадзіннік. Пераваліўшыся на правы бок, Понтус пералічыў удары — сапраўды прабіла чатыры. У галаве чадна шумела, цела было разбітае. Понтус ведаў: цяпер ён доўга не засне і, безумоўна, не дацягне да тых васьмі гадзін, якія цвёрда адвёў сабе на сон. Стала прыкра. Ён зазлаваў і, папраўляючы падушку, тыцнуў у яе кулаком. Але тут жа адчуў трывогу.

«Чаго добрага, Юркевіч сёе-тое ўспомніў і здагадаўся! — выплыла аднекуль думка, якую гнаў і ад якой бараніўся цэлы вечар. — Няўжо здагадаўся?»

Трывога, жаль ахапілі яго — ні розум, ні душа не хацелі мірыцца з адплатаю.

Даўнасць прызнае нават такая бязлітасная штука, як крымінальны кодэкс. І паводле яго жалезных артыкулаў, калі міне пэўны тэрмін, злачынства не караецца, інакш кажучы, яно перастае быць злачынствам. Было і быллём парасло. Дый што такое злачынства? Гэта замах на агульнапрынятыя і асвечаныя дзяржаваю нормы паводзін. Але хіба ён, Понтус, калі рабіў што-небудзь насуперак законам? Нават у думках? Ён заўсёды вераю і праўдаю служыў свайму часу. Аднак як ты давядзеш гэта, калі змяніліся самі погляды на дазволенае і недазволенае?

З дачкою ў Понтуса склаліся прамыя, бесцырымонныя адносіны — яна многа ведала. Ён мог і гаварыць ёй адкрыта і спадзявацца на падтрымку. Пры гасцях і то Ала старалася трымацца побач з ім, паказваючы гэтым, што бярэ яго пад сваю моцную руку. Уваходзячы ў ролю жонкі вядомага чалавека, яна ахвотна ўмешвалася ва ўсё. Лічачы такія паводзіны моднымі, памагала адным, рабіла брыдкасці другім, апекавала трэціх. Прыемна адчуваць, што ад цябе ў нечым залежыць лёс людзей і ты можаш ашчаслівіць або пакараць чалавека.

Размаўляць пра свой клопат па тэлефоне Понтус не адважыўся. Выбраўшы час, калі Ала, паводле яго разлікаў, была дома адна, ён паехаў да Валахановічаў. Дачку сустрэў ля пад’езда. Пакручваючы на пальцы ключы ад аўтамашыны, яна шыбавала да сваёй чорнай «Волгі». За ёю панура клыпала з кашолкаю цётка Ксюша.

— Тата? Ты да мяне? — узняла плечы і падведзеныя бровы Ала, наўмысна блізарука моргаючы вачыма. — Чаму не папярэдзіў?

Ён бокам паглядзеў на старую і кашлянуў у кулак.

— Айда, я падвязу цябе, — зразумела Ала. Ведаючы, што цётка Ксюша таксама зразумела, дадала: — Пагаворым па дарозе.

Ды потым, быццам забыўшыся на гэта, маўчала, пакуль не высадзілі Ксюшу каля Камароўскага рынку. Загадаўшы ёй вяртацца назад тралейбусам, з шыкам развярнула «Волгу».

Понтус, які паглядаў на дачку з павагаю і тайнай гордасцю — столькі самавітай упэўненасці было ў яе паставе, рухах, — не вытрываў і паляпаў Алу па руцэ, якой яна трымала руль. Потым пацалаваў свой палец і прыклаў да яе рукі.

— Я ганаруся табой, Алачка!

— Зноў непрыемнасці? — не адрываючы позірку ад вуліцы, спыталася тая.

— Ты не судзі строга, калі ласка. Я ведаю, што чужая бяда — рэч непрыемная. Даводзіцца памагаць, бараніць ад тых, хто пакрыўдзіў. І шмат хто, канешне, адварочваецца, шукае прычыну зрабіць самога небараку вінаватым. Так спакайней. Аскоцкі — урач, і то ветлівы толькі з начальствам. Але ты ў мяне не такая...

Ала змоўчала.

— Бачыш... Я калісьці запазычваў некаторыя палажэнні з дысертацыі Сердзюка. Не хапала часу як след падумаць і перакантаваць па-свойму. Круціўся, як уюн на патэльні. Ні дня ні ночы. Ты ж ведаеш: там, — Понтус паказаў вачыма ўгору, — працавалі да трэціх пеўняў. Натуральна, прыходзілася дзяжурыць у кабінетах і нам. Дый наогул таго каня паганяюць, які вязе... А цяпер, выходзіць, я горшы за Барушку. За яго хоць змагаюцца, перавыхоўваюць...

— Пачакай. Каму вядома пра плагіят? — прыплюшчылася Ала. — Ты ж не друкаваў дысертацыі. Дзе яе арыгінал? У бібліятэцы Політэхнічнага? Куды прэшся, дурніца? — крыкнула на жанчыну, якая перабягала вуліцу. — Сапраўды як карова! Толькі тая стане і стаіць, а гэтая знарок стараецца трапіць пад колы.

Праехалі Клінічны гарадок. Понтус чакаў: Ала збочыць на Акадэмічную вуліцу, але яна націснула на акселератар і праскочыла скрыжыванне.

— Раней ведаў адзін Дымок, — паслухмяна адказаў Понтус. — Ён некалі чытаў, як бы яго, Сердзюкоў аўтарэферат, а потым маю дысертацыю.

— Але ж Дымок маўчаў?

— Ён намякаў мне, што падазрэнні ўзніклі і ў другіх...

— Адкуль такая добразычлівасць?

— Хоча, мусіць, сам жыць і другім даваць. А можа, і самому нявыкрутка. Выходзіць жа, што ён таксама як бы саўдзельнік. Прытым абрыдла яму гэта калатня... А галоўнае, хіба я не магу нарадзіць такую мудрасць, як гэтая дысертацыя? Я зараз дзве такія напішу левай нагой.

— Ладна! Не сакачы. Каго назваў Дымок?

— Васпана Юркевіча. А той несумненна звяжа такую нагоду з большым. Патопіць як піць даць!

Понтус са здзіўленнем заўважыў, як таргануліся вусны ў дачкі і на твары праступіла спачатку неспакойная, а потым нейкая пакутліва-ласкавая ўсмешка.

— Пастой!.. Тады пагавары з ім, растлумач... — захвалявалася яна, відаць па ўсім, шкадуючы ўжо не бацьку, а Васіля Пятровіча. — Перадай у крайнім выпадку, што... я прашу, каб зразумеў цябе. Скажы, гэта твая апошняя просьба.

Трымаюы руль адной рукою, Ала нервовым рухам паправіла прычоску, уключыла левы паварот і, пад’ ехаўшы да асявой лініі, з нецярплівасцю стала чакаць, калі пройдуць сустрэчныя машыны.

 

 

2

 

Цяжка жыць, калі трэба нешта хаваць ад другіх. Як толькі Васіль Пятровіч успамінаў Алу, у грудзях яго каламуццю ўзнімаўся неспакой, усё навокал змрачнела, траціла цікавасць. Нават хвіліны сямейнай уцехі — Лёнька пускаў ужо бурбалкі, а Валя канчала кнігу — рабіліся дакорам. Васіль Пятровіч зноў і зноў даваў сабе слова: як толькі Валя паздаравее зусім, ён пагутарыць з ёй і гэтым паставіць крыж на адносінах з Алаю. Але разам з тым, як Валя спакайнела, як да яе вярталася паўната адчування жыцця, рашучасць у яго меншала. Дзіўна, але засмуціць і без таго самотнага чалавека лягчэй, чым адабраць у яго яшчэ нясмелую радасць. Падтрымлівала і каверзная думка: яго праўда патрэбна, па сутнасці, не Валі, а яму самому — прынёсшы палёгку яму, яна можа загубіць Валю. І ў імя чаго? Нейкай фармальнай умоўнасці, донкіхоцтва.

Аднак характар у Васіля Пятровіча псаваўся. Дробязі, паўз якія раней ён праходзіў ухмыляючыся, цяпер раздражнялі, выводзілі з сябе. Валя заўважала гэта. Шукаючы прычыну, старалася быць лагоднай, паслужлівай, сама купляла білеты ў тэатр, кіно. Але яе адданасць адно раніла яго глыбей, і ён ужо грубіў ёй самой, як бы напрошваючыся на скандал.

Дымка, што зайшоў ва ўпраўленне, Васіль Пятровіч сустрэў суха, з адчуваннем чалавека, які бунтуе супроць самога сябе, а значыцца — і супроць усяго на свеце. Не запрасіўшы яго сесці, з шумам адсунуў крэсла ад стала і закрочыў па кабінеце. На Ніну, якая з цюльпанамі паказалася ў дзвярах, махнуў рукою і, калі яна прычыніла за сабою дзверы, спыніўся ля перспектывы плошчы.

— Ну вось, палюбуйся! Безумоўна, трэба яшчэ думаць і думаць! Тупік нейкі...

Дымок унурыўся, адышоў ад акна і стаў глядзець на тую ж плошчу, толькі праз акно.

— А па-мойму, не горай і не лепей за астатняе, — сказаў ён з уедлівым самаўніжэннем чалавека, які ўпэўнены: яго субяседнік лічыць сябе геніем. — Талент дойліда, на жаль, цяпер рэдкая штуковіна, хоць мы і не скупімся на траскучыя эпітэты.

— Гэта чаму ж?

— Людзі скіравалі ўвагу на іншае. Самыя адароныя аддаюць сябе тэхніцы, фізіцы, хіміі ўрэшце.

— Дык, па-твойму, у людзей не хапае на ўсё талентаў, ці што?

Падціснуўшы ніжнюю губу, Дымок, як па пустым месцы, слізгануў позіркам па Васілю Пятровічу і грэбліва пакратаў пальцамі.

— Выходзіць, не хапае.

Так, Дымок, безумоўна, ішоў на разрыў.

— І ты напраўду перастаў адчуваць у сабе прызванне? — са здзіўленнем бачачы ў ім чужога чалавека, ускіпеў Васіль Пятровіч.

— Якое там прызванне! Працуем, бо нічога іншага не астаецца.

— Дык навошта ты бярэшся праектаваць? Гэта ж несумленна. Рабіў бы са сваіх карчоў і карэнняў балерын ды лесуноў... А так?.. Працаваць без веры, што сваё зробіш добра і прынясеш карысць? Гэта ж злачынства!

— Не лепш і ашукваць сябе, — са сварлівай, халоднай упартасцю прамовіў Дымок. — Так сабе здольнасці яшчэ трапляюцца, а талентаў усё адно няма, і смешна, хоць час і падганяе, патрабаваць непасільнага ад людзей. Гэта адно плодзіць безадказных выскачак...

У гэты момант дзверы зноў адчыніліся, і ў іх паявіўся Понтус. За ім Васіль Пятровіч угледзеў выцягнуты Нінін твар. Каб папярэдзіць, што яна ні пры чым, сакратарка ўзнялася на пальчыкі, абурана пацепнула плячыма і развяла рукамі.

Дымок запнуўся, але зрабіў выгляд, што нешта ўспомніў, і сабраўся зматацца.

— Ты куды? — прыкрыкнуў на яго Васіль Пятровіч, мяркуючы, што ён не хоча аставацца пры Понтусе. — Пачакай, мы ж не дагаварылі.

— Я пазней мо зайду...

— Цямна вада ва а-бла-цэх! — шматзначна працягнуў Понтус.

Доччыны словы, у якіх адчувалася спачуванне да Юркевіча, пакутлівую ўсмешку, што кранула яе вусны, быццам Ала, апрача ўсяго, выбачала бацьку яго наіўнасць, Понтус зразумеў як трэба. Ён нават не асабліва здзівіўся: Ала магла ўсё. Ды ўсё гэта было так дарэчы, што Понтус адчуў нешта накшталт шчаслівай гордасці, якая робіць людзей самаўлюбёнымі дурнямі. Таму, ідучы да Юркевіча, ён, бадай, не менш думаў пра нечаканую навіну, чым пра будучую далікатную размову.

Правёўшы насмешлівым позіркам Дымка да парога, ён падышоў да Васіля Пятровіча і аберуч паціснуў яму руку.

— Слаўная ў вас сакратарка, — пахваліў з непрыстойным намёкам. — Зусім не старэе. Постаць, ногі... Кветкі любіць, як і дзесяць гадоў назад.

Понтус ведаў: Васіль Пятровіч так проста не здасца — і загадзя назапасіў аргументаў, у якія ўжо верыў сам. Сітуацыя, якую ён выдумаў і якая змягчала яго віну, адначасова рабіла ілюзорнай і саму віну. Каму невядома, што нявыкрыты праступак яшчэ не праступак, што нават злачынцу, пакуль ідзе следства, ніхто не мае права назваць злачынцам. А па-другое, багата хто ўмее пераконваць не толькі другіх...

— Я да вас па асабістай справе, — сказаў ён даволі цвёрда. Але, убачыўшы зыбкія, спалоханыя вочы Васіля Пятровіча, спалохаўся сам.

— Наконт дысертацыі? — ашарашана спытаўся Васіль Пятровіч, адступаючы ад Понтуса, як ад нечага страшнага.

— Але.

— Значыць, гэта праўда?

— Гледзячы што вы лічыце праўдай.

— Мне гідка было дакрануцца да гэтага. Але, каб зверыць дысертацыі, я званіў у бібліятэку Політэхнічнага, а потым у Акадэмію навук. Ні там, ні там вашай работы не аказалася. Чаму?

Перад Васілём Пятровічам як бы адкрылася заслона, і ён убачыў нешта да таго нечаканае і дзікае, што закружылася галава. Успомніў Віктара. Захацелася, каб ён быў побач: той бы не разгубіўся.

Понтус адчуў яго стан і не даў прадаўжаць.

— Я ведаю, што вы падумалі, — нібыта не даючы наблізіцца да сябе, выставіў ён перад сабой далонь. — На жаль, гэта можа прыйсці ў галаву і другім. Нагаварыў, маўляў, на чалавека, каб прысвоіць яго працу... І гэта перад святам. Калі будуць артыкулы, урачыстасці. Вы думаеце, я не люблю горада і ў ім няма маёй працы?.. А што да магчымай гэтай версіі — клянуся, што і ў думках не меў падобнага. Хоць у сім-тым, канешне, і абвінавачваў Сердзюка... Але яго дысертацыя трапіла мне пазней...

— Што вы гаворыце!

— Даю слова. Я скарыстаў матэрыял з працы, якой, лічы, не было. А яна давала мне магчымасць сэканоміць час, сілы.

— Дапусцім...

— Клянуся сваёю дачкою!

Васіль Пятровіч пакруціў галавою, нібыта правяраючы, ці баліць шыя, і, збялеўшы, яшчэ на крок адышоў ад Понтуса. Уражаны, ступіў да крэсла за пісьмовы стол. Ды сесці не здолеў і, павярнуўшыся бокам да страшнага просьбіта, абапёрся на столік з тэлефонамі.

Спалоханы Понтус зразумеў гэта па-свойму.

— Хвілінку! — выгукнуў ён, кідаючыся да Васіля Пятровіча і хапаючы яго за рукаў. — Вы, прынамсі, хоць выслухайце мяне!

— Ну, што яшчэ?

— Даю вам слова, у адносінах Сердзюка, я, па сутнасці, таксама не вінаваты... Я не Барушка, які кампраметацыяй другіх і крыкам замольвае грахі і дабіваецца даброт...

Пад сэрца Васілю Пятровічу падваліла млоснасць. Захацелася, каб кашмарная прыгода была сапраўды такой, якою сіліцца яе паказаць Понтус. Хіба не магло быць, што Понтуса — вытрыманага, дысцыплінаванага работніка, асляпіў час. Навокал гаварылі: вось гэты чалавек занадта хоча лётаць — і Понтус на карысць справе падразаў крылы кар’ерысту. Ён чуў: а вось гэты блытае, падазрона памыляецца — і Понтус выкрываў блытаніка. На карысць справе — навошта гінуць ідэям? — ён пайшоў і на публікацыю чужога...

Словы Понтуса адбіралі сілу. Але на іх трэба было абавязкова адказаць. Іначай Васіль Пятровіч зненавідзеў бы і праклінаў сябе. І ён закрычаў:

— Не і яшчэ раз не!.. І як бы там ні было, вам нельга ўжо працаваць! Вы не маеце права! У вас адно выйсце... Пенсія! Чуеце, пенсія!..

 

 

3

 

Было моташна і не ставала сіл пашукаць у кішэні ключоў. Васіль Пятровіч скрывіўся і націснуў на кнопку званка. Але знаёмых паспешлівых крокаў за дзвярыма не пачуў. Здаволены, што можа пабыць дома адзін, ён адамкнуў дзверы і прайшоў у кабінет. На стале, ля машынкі, угледзеў запіску — Валя паведамляла, што пайшла з работніцаю і Лёнькам гуляць на стадыён.

«Вася, дарагі, пакуль ён спаў, я паставіла кропку! — прыпісала яна ў канцы, відаць, ужо з сынам на руках, бо літары скакалі і разбягаліся. — На душы лёгка, ды неспакойна. Шкада і страшнавата аддаваць другім. Але сёння слаўны дзень — пятнаццатае мая. Уяві сабе якое-небудзь знаёмае лясное азярцо. Цярусіць цёплы сітнічак, а яно спакойнае, люстраное. Дый дождж амаль без воблакаў. Навокал усё зялёнае, і ўсё адбіваецца ў вадзе! Заглядзенне! Што ідзе дожджык, пазнаеш толькі па лужынах, куды падаюць з дрэў кроплі. І відната, відната! А салаўі! Божа мой, не зважаюць ні на поўдзень, ні на дождж! Іх жа дзень! Але пра гэта пазней. Чакай!..»

Валя чытала яму асобныя раздзелы — збіралася вярнуцца да напісанага і яшчэ папрацаваць. Але і па тым, што ён праслухаў, можна было меркаваць, як мянялася сама Валя.

Не, так было заўсёды. Яна падзяляла людское гора і радасці. Аднак раней, зычачы дабро людзям, як бы ахоўвала сваіх герояў ад памылак і ліхіх, бязлітасных выпадкаў. Іх слабасці выпадалі з яе поля зроку. Ганебныя ж страсці вінаватых былі больш якасцямі іхніх натур. А вось цяпер людскі боль Валя брала на сябе. А разам з болем і адказнасць за ўсё — жыццё, людзей, іх лёс. І калі што-небудзь адмаўляла, дык палымяна, наадрэз. Супроць паўставала ўсё — яе розум і сэрца, памяць і веды, Валіна мінулае і цяперашняе... Не, яна не баба, а жанчына! І, як жанчына, жыве ўсёй сваёй істотаю... Яна і ў гэтым багацейшая і мацнейшая за яго... Дык як жа яна можа паставіцца да таго, што ён мусіць сказаць ёй?

Зазваніў тэлефон.

Невядома чаго злуючыся, Васіль Пятровіч узяў трубку. Але на тым канцы провада маўчалі, хоць было чуваць, як нехта сцішыўся. Зазлаваўшы ад гэтай гульні яшчэ больш, Васіль Пятровіч кінуў трубку на рычаг, чамусьці ўпэўнены, што неўзабаве пазвоняць другі раз.

Праз хвіліну тэлефон сапраўды зазваніў.

— Алё! — ашалела крыкнуў Васіль Пятровіч, збіраючыся папярэдзіць, што не пакладзе трубкі і па тэлефоне ад суседзяў даведаецца, адкуль хуліганяць.

— Гэта вы, таварыш галоўны архітэктар? — з насмешлівым какецтвам праспяваў жаночы голас.

— Я, — адказаў Васіль Пятровіч і, пучуўшы залівісты смех, пазнаў: Ала.

Яна памарудзіла, маўчаннем прымушаючы яго загаварыць. Ды не дачакалася.

— Дзе твая раманістка? — спыталася крыху азадачана і незадаволена.— Звычайна на званок яна падбягае першая.

— Яе няма.

— А мне здавалася, што яна дома. Чаму не звоніш? Мне вельмі не стае цябе. Што новага?

— Пакуль усё па-старому, — не зусім прыхільна адказаў Васіль Пятровіч, адчуваючы тым не менш Аліну ўладу над сабой.

Ала засмяялася, і Васіль Пятровіч уявіў яе сабе. Ала трымала трубку ля вуха і капрызна вадзіла адтапыраным пальцам па тумбачцы, на якой стаяў новы белы тэлефон.

— А ў мяне як заўсёды непаразуменні, — даверылася яна. — Няўжо, дарагі мой дойлід, не можа быць іначай? Уяві толькі! Твае падначаленыя, якія жывуць насупраць цераз вуліцу, абураюцца, што я хаджу па сваіх пакоях у купальніку. Ім, аказваецца, калі падсвечвае сонца, усё відаць праз вокны. Я, бачыш, ужо і дома не магу рабіць, што хочацца. Як іх прозвішча? Успамінала, успамінала раніцаю і аж расстроілася. На «м», па-мойму.

— Харламавы.

— Во-во. Ты за мяне ці за іх?

— Я супроць сябе.

— Дзіця ты наіўнае... Не думай, што наш бурны час можа быць суцэльным святам. Я ж люблю цябе, пачынаю трошачкі бачыць... Я падумаць баюся...

Ала змоўкла і зноў мусіла загаварыць. Хоць, відаць, лічыла, што Васіль Пятровіч абавязаны і будзе патакаць ёй.

— У мяне да цябе просьба. Нядаўна заходзіў бацька. Ён страшэнна мучыцца. Я буду вельмі ўдзячна, калі ты не астанешся глухім...

Яна, мабыць, зразумела, што яму лягчэй выканаць просьбы, не даючы на гэта згоды. Ды вопыт, пэўна, падказаў ёй: калі просіш, і выгляду не паказвай, што дапускаеш, быццам табе могуць адмовіць і ты кідаеш свае словы на вецер. Таму Ала перавяла гаворку на іншае.

— Вечарам, у пятніцу, запрашаю да сябе. Чуеш, Васіль? Што? Чакаю, так сказаць, безагаворачна і не ручаюся за сябе...

Валя прыйшла шумная, вясёлая. Ліфт не працаваў, і яна адправіла Васіля Пятровіча ўніз памагчы Клаве прынесці каляску. Паклала Лёньку, які мірна соп і моршчыў падбародак, на пасцель і сама па звычцы ўзялася гатаваць абед.

Паміж людзьмі і рэчамі таксама складаюцца свае адносіны. У Валі, напрыклад, была аўтаручка, якая ніяк не хацела, каб яе згубілі. Яна літаральна чаплялася за гаспадыню. Апошні раз Валя знайшла яе на другі ці трэці дзень за абшлагом жакеткі. А як Валя збірала грыбы! Возьме адзін, раскрые побач ледзь прыкметны грудок — і пад рукою новы баравік. І здаецца: яна не знайшла яго, а ён вырас у яе пад рукою. Так было і цяпер. Валя адразу рабіла некалькі спраў, і ўсё слухалася яе. Але, назіраючы, як жонка падаграе катлеты на плітцы, мые радыску, якую ў друшляку паставіла пад кран, і адначасова наразае хлеб, Васіль Пятровіч пакутаваў.

Нарэзаўшы хлеб, Валя закруціла кран, перавярнула нажом катлеты і ўзялася гатаваць салату.

— Бачыла Понтуса, — паведаміла яна, не пакідаючы справы. — Крочыць па алеях як апантаны, нібы гэтым ратуе сябе... Сустрэлася і са Шмакавым. Дзіўны чалавек. Заігрываў з Лёнькам, палохаў яго казою і гаварыў, што я з лёгкага ўмею рабіць важкае. Аднак, як убачыў на другім баку вуліцы Малевіча, стушаваўся і некуды заспяшаўся. А Малевіч, той проста зрабіў выгляд, што не заўважае, і прайшоў, пабліскваючы пенснэ. Прыдумаць трэба: я знішчаю інтэлігенцыю! Як гэта знаёма!

— Пастой, чаго яны гэтак баяцца яго? — пляснуў сябе па сцёгнах Васіль Пятровіч.

— Як усякі без веры, ён жорсткі, Вася. Умее абзавесціся сябрамі-інфарматарамі. Умее скампраметаваць праціўніка, а потым ужо распачаць з ім спрэчку. Злое слова, што ні кажы, страшная сіла. Асабліва калі прыкрываецца высокімі матэрыямі. Раней я не ўяўляла, што ў такіх выпадках складаюцца цэлыя стратэгічныя планы, ха-ха!

Але было відаць: нешта точыць яе.

— Хвалюешся за «Гады неспакойнага сонца»? — спытаўся Васіль Пятровіч, здзіўляючыся, што многае, аб чым гаварыла жонка, можна было аднесці да Понтуса.

— За «Гады»? — перапытала Валя, не здольная сустрэцца з ім позіркам. — Магчыма.

— Значыць, чакаеш непрыемнасцей?

— Давай я лепш парадую цябе. Хочаш?

— Вельмі.

— Шмакаў перадаваў, што Каверын едзе ў Англію. З дэлегацыяй культурных дзеячаў. Выходзіць, так сказаць, на міжнародную арэну.

Аднак хваляванне ўсё ж узяло верх, і Валя вярнулася да ранейшага:

— Малевіч ужо цяпер кпіць з назвы. Трубіць, што з сонечнай актыўнасцю звязаны эпідэміі, паўнаводдзе рэк, нашэсце саранчы. Па-мойму, ён здольны помсціць нават Лёньку... Аднак даю слова — калі зноў пачнуць біць, буду рагатаць: «Позна! Я ж усё роўна сустракаюся з чытачом, перадаю яму сваю любоў, захапляюся яго працаю... А большага мне і не трэба...» Пазаўчора спыталася ў Шарупіча: у чым, на яго думку, выяўляюцца сапраўдныя адносіны чалавека да часу і другіх людзей? Ён ажно здзівіўся. «Мае, кажа, адносіны, к прыкладу, — чыгун, які выплаўляю...» А ў мяне хіба не так?

І сапраўды Валя здабывала тую ўнутраную свабоду, якая, прыносячы паўнату адчування жыцця, памагала пераадольваць і нягоды.

 

Да пятніцы аставалася два дні, як прыйшло пісьмо ад Юркі.

Было яно страшна блытанае, плаксівае. Такое пісьмо мог напісаць чалавек, які сам баіцца сябе або вельмі напалоханы другімі.

Пятляючы, не ўсё дагаворваючы да канца, Юрка пісаў, што ляжыць у бальніцы з разбітай галавою. «Ледзь не накрыўся і я, — паведамляў ён з нейкай мефістофельскай ухмылкаю. — Але выратаваў буксір, дакладней — матрос з буксіра. Соня ж загінула, і труп яе вылавілі ўжо ў Волзе, за прыстанямі...»

Як можна было здагадацца, Юрка з дзяўчынаю катаўся на лодцы. Калі яны праплывалі пад мостам цераз Аку, лодка стукнулася аб бык і зачэрпнула вады. Зжахнуўшыся, дзяўчына ўсхапілася, залямантавала, пачала мітусіцца. Юрка кінуўся да яе з кармы і гвалтам паспрабаваў пасадзіць. Але дзяўчына адштурхнула яго. У хісткай лодцы ён не ўстаяў на нагах, сеў на борт, і лодка перакулілася. «Аказалася, — пісаў Юрка, — Соня была цяжарная, ды з берага наша прыгода выглядала зусім па-іншаму. Так што ўчора да мяне ў палату прыходзіў следчы, кпіў з маіх тлумачэнняў, задаваў правакацыйныя пытанні. «Цямніш», — кажа. Хлопцы кажуць: каб прытушыць гэтую пятрушку, трэба шахер-махер рублёў на трыста. Але начхаць, не даждуць! У турму пайду, але капейкі не дам шайцы-лейцы. Хай не спадзяюцца! Я ўсё-такі рабочы, мяне не вельмі чапай. Вось Соню толькі шкада. Я нават не бачыў яе. Як выпішуць, з’езджу да яе маці, — яна ў Сормаве жыве, — няўжо не засведчыць праўды?»

— Якая лухта! — ссунуў бровы Васіль Пятровіч. — Ты што-небудзь разумееш?.. Гэтага яшчэ не хапала, чорт!..

Пісьмо ўразіла яго так, што ён, не здольны адразу ахапіць падзеі, пра якія расказваў Юрка, абурыўся і зазлаваў. Абурыўся з няўдачлівага сына, з дзікага выпадку, што, безумоўна, знявечыць і без таго бязладнае Юркава жыццё; зазлаваў на акалічнасці і людзей, якія могуць канчаткова загубіць Юрку, на клопаты, што валіліся на галаву. Валя ж, схільная да абагульненняў, убачыла ў гэтым драму, і на вочы ў яе накаціліся слёзы.

— Бедныя! — схапілася яна за галаву. — Трэба, Вася, ехаць. Узняць на ногі камсамольскую арганізацыю аўтазавода. Дамагчыся, каб умяшаўся гарком. Я ручаюся, што Юрка не злачынца. Ён не можа быць злачынцам!

— Куды ехаць? — зазлаваў яшчэ больш Васіль Пятровіч. — Я і пальцам не паварушу. Мне агідна ўсё гэта. Заварыў кашу — няхай сам і расхлёбвае. Шкада, што прозвішча ганьбуе, ідыёт!

— Што ты гаворыш? Раз у следчага ўзніклі падазрэнні, ён абавязкова запросіць матэрыялы адсюль. Ты ўяўляеш, як усё павернецца, калі да гэтай гісторыі далучаць гісторыю з Лёдзяй, і няўжо, ты думаеш, маці, у якой загінула дачка, будзе ратаваць яго і нагаворваць на нябожчыцу? Нарэшце, ён жа ў бальніцы. Яму яшчэ жыць...

Валя адчувала: зараз яна абавязкова павінна быць празарлівейшай, мацнейшай за Васіля Пятровіча. Яна вырасла, узмужнела пры ім і, можа, дзякуючы яму, цяпер абавязана адплаціць свой доўг.

Занёсшы рукапіс Каверыну, Валя прама з рэдакцыі паехала ў гарадскую білетную касу.

 

 

4

 

З гэтага моманту злосць ускіпала ў Васіля Пятровіча нечакана і па самых дзіўных прычынах. На вакзале, калі праводзіў Валю, ён, вылазячы з машыны, незнарок штурхнуў яе плечуком. Але замест таго, каб папрасіць прабачэння, плюнуў і вылаяўся — груба, з жаданнем абразіць. Заехаўшы, калі вяртаўся назад, у майстэрню, Васіль Пятровіч сустрэў Дымка на ганку.

— У патыліцы баліць, мабыць, чарговы крыз, — паскардзіўся той, пагладжваючы рукой шыю. — У лечкамісію прыйдзецца схадзіць.

Аднак яго скарга, яго хваравіты, пакорліва-цярплівы выгляд таксама абудзілі толькі злосць. Здалося, што і захварэў Дымок, помсцячы яму, Васілю Пятровічу. А тут яшчэ, як на тое, ад стадыёна раптам даляцеў выбух рознагалосага ляманту, падобнага на галчын грай — там гулялі ў футбол. Значыць, праз колькі хвілін на вуліцы і праспект высыплюць натоўпы балельшчыкаў і, запрудзіўшы іх, перапоўняць тралейбусы, трамваі.

І Васіль Пятровіч ледзь стрымаўся, каб не пачаць брыдка лаяцца.

— Ва ўсіх крызы, адзін я здаровы! Ці не на стадыён, як і Віктара Сердзюка, пацягнула? Або на ўчастак яблыкі са смуродзінай даглядаць? — з’едліва кінуў ён, жадаючы як мага мацней задзець Дымка і ні з таго ні з сяго даючы сабе слова парваць з ім.

«Хопіць няньчыцца, — і дома распальваў Васіль Пятровіч сябе, — усё роўна яго таксама ні лепшым, ні горшым ужо не зробіш. А хто не ведае, што адступнік — самы зацяты вораг і былой справы і колішніх аднадумцаў... Вунь, бач, спраектаваў сабе дачку. І таму што будаваць двухпавярховую ў калектыўным садзе нельга, зрабіў другі паверх разборным. Мала яму, што і так парэзалі зямлю на лапікі... Усё! Канец!..»

З халодным, прытоеным раздражненнем накіраваўся Васіль Пятровіч і да Валахановічаў. Чаго ён мучыўся і злаваў? Раней — ад таго, што не хацеў браць віну на сябе. Потым — ад прыкрасці. Цяпер жа — што адчуваў сябе вінаватым і не знаходзіў у сабе ні патрэбнай рашучасці, ні патрэбных сіл. Як ён узрадаваўся, калі зноў пазваніў у бібліятэку і зноў там не знайшлося дысертацыі Понтуса!.. Быццам бы адчуваў, што і тут — Ала. Яна стаілася і назірае, сочыць за ім, гатовая пакласці руку на плячо.

Госці былі ўжо ў зборы — сядзелі ў гасцінай, і па іх ажыўленых цікаўных тварах было відаць, што яны чакаюць нейкага сюрпрызу. Ала ў закрытым зеленкаватага колеру плацці, з бурштынавымі каралямі на шыі, мяняла магнітафонную касету. Плацце, пашытае па апошняй модзе — трапецыяй, скрадвала яе фігуру, але затое падкрэслівала формы адкрытых рук і стройных паўнаватых ног у туфлях на шпільках.

— Гэта падарунак Андрэя Сямёнавіча, — таямніча паведаміла яна, усміхаючыся Аскоцкаму і Васілю Пятровічу разам. — Нядаўна выпадкова запісаў у Навінках. — І пайшла насустрач, блізарука жмурачыся, перабіраючы буйныя адшліфаваныя бурштыны на грудзях.

З камічнай важнасцю, даючы зразумець, што тут усе свае і можна трымаць сябе папросту, узяла Васіля Пятровіча пад руку.

— Адзін? Правільна! — непрыкметна падмаргнула яна і на міг заплюшчыла вочы, дзякуючы яму і такім чынам уваходзячы з ім у змову.

— Валя паехала ў Маскву, — схлусіў Васіль Пятровіч.

— От і добра..

Магнітафон захрыпеў. Гасціную напоўніў шматгалосы гул — устойлівы, роўны. Ён не заціхаў, не мацнеў, а трываў на адной ноце.

Толькі зрэдку яго праразаў лямант, крык. І ўсё-такі ў гэтым гуле біліся нейкі тупы адчай, безнадзейны пратэст і жывёльны смутак.

Васіль Пятровіч агледзеў прысутных. Збольшага ён ведаў усіх: Малевіча, Аскоцкага, залатакудрую Разінскую, скульптара Ражбу. Нечаканыя былі хіба двое. За газетным столікам сядзеў высачэзны немалады ўжо чалавек, якога ўсе чамусьці называлі Эдзік, — у паласатым, буйной вязкі світары і сініх штанах у абліпку. Ды наводшыбе ў нізкім каляровым крэсле, дзе некалі засядаў Валахановіч, развалілася мілавідная, з гладкай прычоскаю Шурачка — дачка славутага мастака. Ціхая, рахманая з выгляду, яна, аднак, мела скандальную славу і марыла заімець дзіця. У пошуках яго наведвала з сяброўкамі рэстараны пры гасцініцах і зусім не шкадавала сябе. Паклаўшы рукі на падлакотнікі і выцягнуўшы нагу, Шурачка чухала ёю Джэка, які драмаў на дыванку, і рассеяна слухала бедлам у доме вар’ятаў. За спінаю ў Шурачкі стаяў задуменны Аскоцкі. Употай пазіраючы на яе выцягнутую ножку і схіліўшыся да ружовага вуха, ён сур’ёзна, нібыта рабіў заўвагі, нешта нашэптваў ёй.

З тлуму-вэрхалу знячэўку вылучылася маніякальнае мармытанне, і хрыпаты, надрыўны голас паскардзіўся:

— Яно віжуе за мной! Далібог! І ўсё стараецца ўкусіць. За лыткі, ззаду! Жонка нават скураныя гетры пашыла. Але баюся — не памогуць. Што яму гетры? У яго зубы як у пацука. Прыходзіцца забягаць у падваротні і правяраць. Бачыце? Калі ласка!..

Шурачка спалохана павяла вачыма наўкол.

— Ша, неданоскі! — на ўсю гасціную гаркнула з магнітафона.

Шурачка і Эдзік засмяяліся. Аскоцкі паблажліва ўсміхнуўся. Але ў магнітафоне шчоўкнула, і, пакрываючы астатнія гукі, пачуўся рогат — пераможны, ідыёцкі, з ікоткаю. У гасцінай збянтэжана сціхлі, але адразу, апрача Аскоцкага, засмяяліся ўжо ўсе.

— Дзякую, Андрэй! — прастагнаў Малевіч, заліваючыся смехам, мусіць, спецыяльна для Васіля Пятровіча, і, як бы ў экстазе, цалуючы Разінскаю ў галаву. — Запісана таго... з падтэкстам. Во каб нашым такіх якасцей!

Яшчэ калі Васіль Пятровіч толькі паявіўся ў гасцінай, ён заўважыў: Малевіч адразу пасаліднеў і здзіўлена пераглянуўся з Аскоцкім, а потым, ужо ўдвух, праўда, хаваючы сваю непрыязнасць, яны як бы нутром пачалі сачыць за ім.

«Чаго яны натапырыліся?» — зазлаваў Васіль Пятровіч.

Ну, з Аскоцкім бадай што ясна: паміж ім і Васілём Пятровічам заўсёды існавала нейкая несумяшчальнасць — прысутнасць другога, яго разважанні аб жыцці, дазволеным і недазволеным раздражнялі самі па сабе. Хоць першапрычынаю, відаць, з’яўлялася ўсё ж Валя — яе словы пра сустрэчу з гэтым эскулапам там, у партызанскім атрадзе. А як і чаму пачалося ў іх з Малевічам. Раўнуе? Пераносіць сваю варожасць да Валі на яго як яе мужа? Помсціцца за спрэчкі-сутычкі? Але так ці інакш непрыязнасць да яго, Васіля Пятровіча, зблізіла Малевіча з Аскоцкім: праціўнік майго праціўніка — мой друг. І Васіль Пятровіч ужо не сумняваўся: яны будуць лавіць кожнае яго слова — каб прычапіцца, узняць на смех.

— Какафонія, — помсцячы і за гэта, знарок нядбала кінуў ён. — Прычым самая звычайная.

Малевіч ганарыста ўскінуў галаву.

— Чым горш, тым лепш! — дагаджаючы яму, забег наперад Эдзік. — Хо-хо-хо!

Да тырад і эківокаў «неісправяргацеляў старога» Васіль Пятровіч пакрысе прывыкаў і ставіўся як да нечага, што хутка міне, не пакінуўшы асаблівых слядоў. Падпірала і вера — уласныя ж погляды, праца насуперак усяму будуць жыць, усталююцца яшчэ мацней, бо яны апіраюцца не на моду, а на высокае, вечнае. Але разгаданая змова між Аскоцкім і Малевічам не дала Васілю Пятровічу прамаўчаць, хоць ён і разумеў: яго пастараюцца скампраметаваць, а потым павядуць спрэчку.

— Злітуйцеся, навошта каму гэтыя якасці? — з прыціскам спытаўся ён, адзначаючы сабе, што Аскоцкі напружыўся, прыціх, чакаючы, відаць, яшчэ нечага, і вочы ў яго непрыязна сажмурыліся.

Малевіч фыркнуў, але магчымасць даць адказ скарыстаў.

— Па-першае, людзі прывыклі шукаць, — грэбліва скрывіў ён рот. — А па-другое, хочацца гэта каму ці не, яны сталі іншыя. Бо больш ведаюць, глыбей усведамляюць падзеі. Ім рух патрэбен. Бо яны з дзяцінства захапляліся санкамі, канькамі, гушкалкамі. Папулярна? А мы, з лёгкай рукі такіх, як вы, усё такуем, бы глушцы. Дасюль з захапленнем пішам нават аб праспекце, дзе ўсё — суцэльная бяздарнасць.

— Бяздарнасць? Ну, гэта вам здаецца, — здолеў астацца спакойным Васіль Пятровіч.— І здаецца таму, што там усё вам чужое.

Ражба ў знак згоды са скрухаю паківаў галавою і важна паклыпаў да століка, на якім стаялі чаркі, бутэлька каньяку, сподак з парэзаным лімонам.

«Пачынаецца... — падумаў Васіль Пятровіч, здзіўляючыся з Ражбы: — А гэты? Няўжо не чуў, што прарок, якому патакае, называе ягоную майстэрню ганчарнай крамай? «Каму гаршкі, каму гаршкі?!» Во сапраўды калі бог захоча каго пакараць, то адбірае розум...» — І адвярнуўся — не захацеў глядзець.

Ала спалохана скасіла на Васіля Пятровіча вочы і непрыкметна пагладзіла яго па спіне — аказваецца, яна засцерагала яго і гатова была заступіцца.

«Навошта ёй усё гэта? — не мог ужо спыніцца Васіль Пятровіч. — І што гэта? Імкненне скрасіць будні, гульня? Захады арыгінальнай выдумкай паставіць сябе ў цэнтры ўвагі, стаць душою кампаніі?.. Сама ж казала, што ведае цану Малевічу і Аскоцкаму?.. Фу ты, чорт! Навошта гэта і табе, Васіль?.. Што ў цябе агульнага з падобнай кампаніяй, дзе кожны ўлюбёны ў сябе і шукае забаў з перчыкам?»

— Ідзіце, я вам пакажу новае хобі Іларыя, — дыпламатычна прапанавала Ала і пацягнула яго з гасцінай.

У цемнаватай сталовай, дзе было душна і ў люстры гарэла ўсяго адна лямпачка, яны сталі каля акна.

— Бяда, мы ніколі не адчыняем фортачак, — даючы Васілю Пятровічу астыць, паскардзілася Ала. — На праспекце так пыльна, што вокны прыходзіцца заклейваць.

У памяці з’явілася Валя, усплылі яе словы, калісьці сказаныя таксама ля акна на праспект: «Глядзі, гэта ж наша з табой!» — і сэрца ў Васіля Пятровіча заныла. Чаго ён, сапраўды, завітаў сюды? Сказаць Але рашучае «не» і такім чынам парваць з ёй? Але гэта можна было зрабіць прасцей — зняўшы тэлефонную трубку. Значыць, ён яшчэ вагаецца, шукае спосабу прымірыць непрымірымае. Значыць, Ала патрэбна нейкаму куточку яго істоты, мае ўладу над ім.

«Фу ты, чорт!.. Памагай, Валюша, памагай!..»

Васіль Пятровіч унурыўся, узяўся за раму. Ала прытулілася да яго ззаду, запусціла растапыраныя пальцы ў валасы на патыліцы. Губы ў яе падабрэлі.

— Чаго ты мучышся? Пакінь, калі ласка. Глядзі на ўсё як другія.

— Я хачу падзякаваць табе... Аднак з нашай блізкасцю... м-м... трэба канчаць...

— Гэта праз бацьку? Ты парашыў выкрыць яго? Дарэмна, Васіль! У яго цяпер адна задача — болей пражыць.

— Але як тады быць са справядлівасцю?

— Я прашу цябе! Гэта ж будзе неадольнай перашкодай... Ці ты наогул лічыш мяне нявартай? Асцерагаешся? Тады скажы — чаму? Няўжо таму, што я хачу жыць! Таму, што вольная ў сваіх сімпатыях і антыпатыях? Кахаю цябе? Я можа толькі з табою і дыхаю свабодна. Закарцела нешта рабіць.

Яна ўзапар тройчы пацалавала яго ў плячо і прыпала шчакою да таго месца, якое цалавала.

У гэты момант у сталовую ўварвалася цётка Ксюша. Бледная, задыханая ад абурэння, яна падскочыла да Алы і ўзняла над галавой кулакі.

— Шт-то... шт-то ты, паскуда, робіш?

Калі б Ала не атарапела і турнула старую, магчыма, такога і не здарылася б. Але яна разгубілася, і гэтым дала ўсяму нечаканы кірунак. Пранізаўшы яе знішчальным позіркам, Ксюша раптам учапілася кашчавымі пальцамі за бурштынавыя каралі і рванулі іх да сябе. Ніткі парваліся, і каралі сыпанулі на падлогу.

Гэта апрытомнела Алу. Твар у яе перакасіла. Яна падскочыла да цёткі Ксюшы і з усяе сілы пляснула далоняй па твары.

— Прэч адсюль, прыжывалка! — топаючы нагамі, гаркнула не сваім голасам. — Каб вочы мае цябе не бачылі! Як ты пасмела? На каго?!.

Аднак на большае ў Алы не хапіла сілы. Яна ўсхліпнула і, укленчыўшы, пачала похапкам збіраць у жменю рассыпаныя каралі. Чамусьці ў яе з’явіўся насмарк і, поўзаючы на каленях па падлозе, усхліпваючы, Ала раз-пораз шморгала носам.

Уражаны тым, што адбылося, Васіль Пятровіч, нібыта за ім гналіся, рынуўся са сталовай, штурхнуўшы плячом у дзвярах Аскоцкага, які сабраўся быў перагарадзіць яму дарогу.

— Што гэта такое? Вы ўяўляеце, куды вас запрасілі? — крыкнуў той, але Васіль Пятровіч ужо не пачуў яго.

 

 

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ

 

1

Валахановіч быў ні добры, ні злы, ні лагодны, ні ўедлівы. Звычайныя пачуцці з гадамі як бы выцвілі ў ім. Вывучаючы людскія немачы і спосабы, як з імі змагацца, ён бадай што аставаўся раўнадушным да саміх людзей. Яны існавалі для яго, паколькі хварэлі, і яму, як чалавеку, выпала лячыць іх, трэба было, падтрымліваючы гонар медыцынскай навукі, памагаць ім. Наогул да сваёй практыкі ён ставіўся як да нечага непазбежнага — патураў людзям і звычаю, які ўсталяваўся, і паўнакроўна жыў толькі ў сферы пошукаў, знаходак. Супакойваючы сябе, што такім чынам прыносіць не меншую карысць, ён зрабіў навуку своеасаблівай схованкаю, спосабам адасабляцца ад жыццёвай Vanitas vanitatum1. Спачатку гэта было проста зручна, але потым укаранілася ў натуры. Нават узвышала ўласную персону ва ўласных вачах.

Смерць жонкі і жаніцьба з Алаю вярнулі Іларыя Валахановіча на зямлю. Прычым, калі першае абудзіла ў ім увагу да сябе, то другое — да навакольнага жыцця і людзей. Ала прымусіла раўнаваць, дагаджаць, а значыць — безадносна да таго, што ён рабіў у сваім інстытуце, — ненавідзець адных, шукаць прыхільнасці ў другіх, ваяваць з трэцімі. Пераварот жа ў побыце, які ўчыніла Ала, пацягнуў за сабой тысячы дробных і вялікіх змен. Яны абрынуліся на Валахановіча, закружылі яго, і, ратуючыся ад нязвыклых турбот і клопатаў, абараняючы свой спакой, ён мусіў патакаць Але.

Уступаючы ў гэты шлюб, Валахановіч, безумоўна, ведаў, яму могуць пагражаць непрыемнасці. Аднак яны, думалася, маглі падпільноўваць яго толькі тады, калі ён апусціцца сам.

«Нічога, порах яшчэ ёсць... — думаў ён, аслеплены ўспышкаю старэчай страсці. — А там хоць патоп...» Ён не ўлічваў, што найбольш знясільваць яго будуць якраз вось гэтыя турботы-клопаты і сам новы ўклад жыцця.

Валахановіч пачаў стамляцца дома больш, чым на рабоце. А са стомаю, як вядома, прыходзіць інертнасць. Прызнацца ж, што яму бракуе сілы, Валахановіч не мог — гэта значыла б, што настала пара аддацца на Аліну міласць. І прафесар вынайшаў арыгінальны спосаб — ён усё часцей стаў затрымлівацца ў інстытуце, а дома стараўся іграць ролю госця. Праўда, бравага, які яшчэ жартуе, іранізуе, але, зразумела, не распараджаецца.

Ала, вядома, заўважыла метамарфозы і неяк натуральна карысталася абставінамі — брала ў рукі лейцы, падпарадкуючы ўсё сваёй волі і жаданню. Праўда, пакуль яшчэ палохаў магчымы мужаў гнеў. Яна жаночым інстынктам адчувала — яго выбух можа быць нечаканы і страшны.

Гэтым вечарам ён таксама вярнуўся позна, калі госці разыходзіліся. У пярэдняй сутыкнуўся з Шурачкаю і Аскоцкім.

— Ужо ідзяце? — спытаўся з вясёлым намёкам.

Не то занятыя сабой, не то збянтэжаныя, тыя няпэўна заўсміхаліся.

— Прыносіў магнітафонную стужку Але Ільінічне, — растлумачыў Аскоцкі. — Шкада, вас не было... А зараз от сабраўся правесці грэшніцу дамоў. Крый божа, па дарозе яшчэ сама сябе пакрыўдзіць... Праўда?

Валахановіч, які між волі адзначыў, што Аскоцкі трымае на руцэ свой і Шурачкін макінтошы, акінуў іх сакаліным позіркам і не выстаяў перад спакусаю:

— А Соф'я Міхайлаўна, мусіць, адна дома?

— Скажаце... Няхай наракае на сябе, было не прастуджвацца, — памуляў губамі Аскоцкі і нешта шапнуў прыяцельцы.

І тое, што яны заспяшаліся і быццам уцякалі ад размовы, здалося падазроным — Аскоцкі звычайна стараўся даўжэй пабыць з Валахановічам, выдыгаў, як паклоннік, і заўсёды як бы звяраў сябе па ім. Ды ўнікаць у гэта не хацелася, і, не дачакаўшы, пакуль яны пойдуць, Валахановіч прайшоў у гасціную.

За столікам з каньяком, бяздумна разглядаючы чарку, якую трымаў двума пальцамі, самотна сядзеў Ражба.

— Сумуем? — зноў спытаўся Валахановіч, шукаючы вачыма жонку.

— Цяжка жыць, прафесар, — паскардзіўся скульптар, пляскаючы сябе па каленях.

Жэст запрашаў да размовы, і, хоць яго ўсё яшчэ злавала незразумелая мітуслівасць Аскоцкага, Валахановіч здаўся.

— Чаму, маэстра?

— Пэўнасці мала. І што цікава — абараняць святое цяжэй, чым ганіць яго. А галоўнае, калі абараняеш — ты кансерватар, калі ж ганіш, сумняваешся — ты прагрэсіст. А каму на руку слава кансерватара? Я чалавек цвёрды, але ўсё адно губляюся.

— Па-першае, так было заўсёды, маэстра. А па-другое — хіба важна, кім цябе лічаць? Важна самому ведаць, хто ты, і працаваць, множыць тое, што ўжо зрабіў.

— О-о не-э, прафесар!.. Як жа ты будзеш множыць, калі ты кансерватар і неўзабаве аддасі канцы? А не кансерватары астануцца і на правах жывых будуць выносіць усяму прысуд. У тым ліку і тваім здабыткам праведным.

— А вывад?

— Вось я і пытаюся: а вывад?

У дзвярах паказалася Ала. Адказваючы на нямое мужава пытанне, кіўнула падбародкам на Ражбу, пагардліва скрывілася. Калі той пайшоў, пакрыўджана, рашуча села на канапу. Звыклы да субардынацыі, усеагульнай павагі, Валахановіч, як чакала яна, зараз узарвецца, учыніць скандал. А можа быць нават замахнецца, паб’е што-небудзь. Аднак — і гэта Ала таксама ведала — далей непрыстойнай сцэны не пойдзе і з-за прэстыжу сам зробіць усё, каб не даць скандалу вырвацца за сцены дома. Таму яна сама перайшла ў наступленне.

— Ксюша, ідзі сюды! — пазвала залоўку, як на суд.

Нешта ўпала і разбілася ў кухні.

— Ідзі, табе кажуць! — раз’юшана крыкнула Ала, бачачы ўстрывожаны мужаў твар.

Цётка Ксюша паявілася ў гасцінай як звычайна нячутна, бы цень. Аднак шчарнелы кашчавы твар, запалыя вочы, што ліхаманкава гарэлі пад насупленымі бровамі, выдавалі яе адчай, бунт і незвычайную рашучасць. За ёй гэтак жа ціха прытупаў Джэк і, калі Ксюша спынілася сярод гасцінай, сеў побач.

— Ну, данасі! — прыжмурыўшыся, загадала Ала шэптам, поўным лютай нянавісці.

Цётка Ксюша трымала ў руцэ анучку. Тыцнуўшы ёй у Алу, сіпата выдыхнула:

— Яна падманьвае цябе, Ларык! Падманьвае майго харошага!

Валахановіч усхапіўся з крэсла, няўпэўнена ступіў да Алы, потым да сястры.

— Ты разумеееш, што пляцеш?

Упаўшы на калені, цётка Ксюша крыж-накрыж ударыла сябе па грудзях і, прысягаючы, узняла рукі ўгару:

— Ісцінная праўда, Ларык! Клянуся! Вунь там, у сталовай, яна абнімала і цалавала Юркевіча! Хрыстом-богам клянуся!.. Калі сам нічога не можаш зрабіць, я яе пракляну. Я ў царкве «За ўпакой» буду заказваць! Няхай пакалечыцца са сваёю «Волгай». Няхай яшчэ што-небудзь здарыцца, але затое, можа, чалавекам стане!

Джэк захваляваўся, гаўкнуў.

Валахановіч паглядзеў на Алу, як бы спадзеючыся знайсці на яе твары сляды злачынстваў. Потым схапіўся за галаву, ускудлаціў валасы і замалаціў кулакамі па лбе.

— Гэтага яшчэ не ставала! Ты хочаш... хочаш, каб мяне хапіў інфаркт? Хочаш? Што будуць мяньціць языкамі Аскоцкія? Ты ж абяцала мне!

— Хай твае Аскоцкія пра сябе спачатку памянцяць,— прыплюшчылася Ала. — Колькі мадам доктарыха сіл кладзе, каб утаймаваць свайго прыстойнага прастытута!

— Ты яшчэ смееш ганіць другіх?

— Смею. Бо не такая ханжа і падхалім, як твой Аскоцкі.

— Маўчы, кошка!.. — пырснуў Валахановіч слінаю і запнуўся, угледзеўшы вузкія вочы жонкі.

Нянавісць і агіда клякаталі ў ёй. Яна глядзела на яго, ускудлачанага, па-старэчы неахайнага, са спалоханым тварам, з пырскамі сліны на губах, і ў свядомасці побач з ім паўставаў вобраз Васіля Пятровіча — ужо недаступнага, жаданага, з дзіўнымі сумненнямі. Ала скаланулася і зразумела: калі ў яе адносінах з мужчынамі і было нешта светлае, дык гэта з ім — з чалавекам, які назаўсёды належыць другой. І ўсё, што яна рабіла тут, дома, і тады, калі выручала бацьку, было па сутнасці барацьбою за яго, Васіля Пятровіча, спосабам мацней прывязаць яго да сябе. Ён быў яе паратункам, хай далёкім, няпэўным, але такім, які напаўняе жыццё харошым, дае надзеі ўжо тым, што недзе поруч... і вось канец!..

— Устань! — гаркнула яна на цётку Ксюшу. — І каб заўтра духу твайго тут не было!

— Ідзі, Ксюша, — бачачы, што сястра не зварухнулася, папрасіў Валахановіч.

— Яна здрадзіла табе! Зблыталася! — не абразумілася цётка Ксюша, але ўсё-такі паднялася з каленяў. — Яна бессаромная распусніца, Ларык. Патаскуха!

— Ну, хопіць, хопіць...

Яго згодніцкі тон перапоўніў чашу. Ала падскочыла да мужа і з шалёнствам цынічна ўтаропілася ў барадаты твар, які чамусьці здаўся скуластым і вельмі шырокім. У вочы кінулася пабабленая скура на скронях.

— Не верыш? Думаеш, можна пражыць са мною без асаблівых турбот? Купіць вучонай латынню? Дабрабытам? Бо паддавацца на гэта модна. Ну, дык знай: не будзе па-твойму! Я здраджвала і буду здраджваць і прывучу цябе да гэтых здрад! Хоць пажыву, перш чым бараду табе пасля яды буду выціраць. Мне траціць няма чаго!

Яна ўчапілася за рукаў яго пінжака і з лютай сілаю рванула да сябе. Шво ў плячах трэснула, і рукаў, як панчоха, ссунуўся з рукі Валахановіча.

— Божухна! — зжахнулася цётка Ксюша. Яе трэсла.

Назаўтра Ала пазваніла бацьку і дала зразумець, каб на яе заступніцтва не спадзяваўся. Калі ж ён пакрыўджана засоп і, збіраючыся пярэчыць, крэкнуў, яна цвёрда параіла яму пайсці да Сердзюка і прасіць у яго літасці.

— А да Юркевіча звяртацца забараняю! — цыкнула яна напаследак. — Катэгарычна забараняю!

— Дурнішча! — зароў Понтус. — Ладна, дурнішча, буду пенсіянерам. І крокамер японскі завяду для самакантроля!..

 

 

1 Мітусня мітусні (лац.).

2

 

Абароны праходзяць па-рознаму. Гэта залежыць ад многага: ад вартасці самой дысертацыі, ад вагі дысертанта, ад папярэдняга зандажу — падрыхтоўкі і апанентаў, членаў вучонага савета... І ўсё-такі поспех абароны не заўсёды вымяраецца галасамі, пададзенымі «за».

Ёсць, напрыклад, сумнае, навязанае адзінадушша. Ёсць адзінадушша лёгкае, бадай што заслужанае, ёсць, наадварот, панылае, пасля роздуму і ваганняў. Ёсць фармальнае, калі можна, не крывячы асабліва душою, сказаць і «згодзен» і «не»; ёсць радаснае, з удзячнасцю за заўтрашні дзень навукі. І ўсё ж праца, якая не мае праціўнікаў, рэдка становіцца падзеяй, нараджае школу. Бо невядомае заўсёды крыху чужое. Упершыню адкрытае так ці інакш скрозь адмаўляе ўжо вядомае, традыцыйнае. І, натуральна, за сцвярджэнне сябе ідзе праз адмаўленне нечага.

Нягледзячы на неспрактыкаванасць у такіх справах, Сярдзюк ведаў: яго работа выкліча ўвагу, цікавасць ужо таму, што мае незвычайную гісторыю. На ёй абавязкова скрыжуюцца індывідуальныя і групавыя сімпатыі, погляды, спадзяванні. І дзякуючы гэтаму, з прычыны гэтага яна стане прадметам самай актыўнай барацьбы падспудных плыняў, у тым ліку і далёкіх ад навукі.

Яго прадчуванні пацвердзіліся. Малую залу пасяджэнняў задоўга да пачатку запоўнілі супрацоўнікі, архітэктары, выкладчыкі Політэхнічнага, проста цікаўныя. Ажыўлена, але няголасна размаўлялі, вачыма паказвалі на Сердзюка тым, хто не ведаў яго, шушукаліся. Адны адкрыта праяўлялі сваю прыхільнасць. Другія крыва пасміхаліся — знайшлі, маўляў, дзіва. Трэція разглядалі столь, сцены, прымушаючы сябе пазяхаць. Некаторыя балакалі пра ўсё і ні пра што.

Маркотны, пахудзелы Дымок, звяртаючыся да Барушкі, — які сядзеў і, «паважаючы сябе», маўчаў, — расказваў, як будаўнікі, што гуртам уціснуліся ў тралейбус, запэцкалі яго вапнаю, а потым, калі ён запратэставаў, узнялі на смех.

Барушку нядаўна выбралі ў БРК прафсаюза, паслалі на з’езд архітэктараў у Грузію. Пасля гэтага ён пацішэў, прыняў яшчэ больш самавіты выгляд і цяпер адно важна ківаўся, даючы зразумець Дымку, што слухае і падзяляе яго абурэнне.

— Ахайла? — далятаў густы бас ад бліжэйшага акна. — Ажаніўся, вядома. Праўда, узяў швачку. Але ж і ён пакуль што не акадэмік, хоць вучыцца ў Малевіча працаваць локцямі. Агрэсіўны таварыш! Ведае, што толькі так утрымаецца на паверхні.

— Цяпер, пэўна, хоць будзе піць за свае грошы і аддаваць пазычаныя. Мадысткі як прафесары зарабляюць.

— Ну, гэта як сказаць. Апетыт прыходзіць у час яды...

Понтус адсутнічаў. Ён даўно нідзе не паказваўся. Затое заявілася Ала — нечакана пахмурая, бледная, адзетая проста — і, каб назіраць, хто як паводзіць сябе, аблюбавала месца на заднім радзе.

Валя, Юркевіч і Віктар сядзелі ў сярэдзіне залы і зрэдку стрымана перамаўляліся між сабою. Васіль Пятровіч быў таксама бледны, заклапочаны, часта адкідаў галаву назад і, мусіць, мала бачыў, што рабілася наўкол. Іхнюю прысутнасць заўважылі, іх разглядалі, і Сярдзюк стараўся не пазіраць у той бок, хоць гэта неяк супакойвала яго.

Калі Сердзюка запрасілі на прасцэніум, дзе за сталом сядзелі старшыня, апаненты, істота ў яго сціснулася ад цішыні, якая запанавала ў зале. Не асталося без увагі і тое, што звыклае бясколернае чытанне сакратара пачалі слухаць уважліва, нечага чакаючы.

Рыхтуючыся ісці сюды, Сярдзюк даў сабе слова трымацца проста, з годнасцю. Пакепліваў з сына, які прыдзірліва аглядаў яго гарнітур, папраўляў гальштук і сам прычасаў рэдкія бацькавы валасы. Але як толькі Сярдзюк падышоў да стала і сеў, ён насуперак сваёй волі надзьмуўся. Цікаўнасць прысутных здалася крыўднай — многіх якраз цікавіла тое, што ён стараўся забыць у такі ўрачысты момант. Яны, здавалася, знаць не хацелі, што гэта для яго рубікон, пераступіць які ён павінен адноўленым. Дык навошта яму напамінаць аб мінулым? Калі ён шчаслівы, калі пачынае думаць, што важна другое, — ён і жыць не згадзіўся б у іншы час! Няўжо цяжка зразумець: гэтая адкрытая цікаўнасць раніць яго...

Але так было нядоўга. Сярдзюк сустрэўся позіркам з Віктарам, заўважыў, як той непрыкметна паціскае сабе руку, быццам цісне яе бацьку, убачыў Валю з Юркевічам, якія позіркамі падбадзёрвалі яго, і паспакайнеў — не, шмат хто тут зычыць яму адно добрае.

Раптам сэрца ў Сердзюка пакацілася. У здзіўленні ён уцягнуў паветра і перастаў дыхаць. У далёкім кутку, паставіўшы локці на спінку пярэдняга незанятага крэсла, падпёршы далонямі падбароддзе, самотна сядзела Маша.

«Няўжо Маша? — жахнуўся ён. — Якім чынам?»

Два крэслы абапал яе асталіся таксама свабодныя. І таму, што навокал яе — яго Машы! — было пуста, і яна ў поўным зале выглядала чужой, адной-адзінюткай, Сярдзюк аж заплюшчыў вочы. Крутнуў галавою. Гэтага не магло і не павінна было быць. Ён усумніўся, захацеў праверыць, праверыў — і ўсумніўся зноў.

Маша здагадалася, што ён убачыў яе, і сарамліва ўсміхнулася. Механічна, прыхарошваючыся, правяла далоняй па лбе, скроні, па-дамашняму дзвюма рукамі паправіла вузел валасоў на галаве. Божа, якія знаёмыя былі гэтыя звыклыя рухі! Якімі дарагімі здаліся яны!

«Прыехала!.. — дайшло да яго. — Рашыла падзяліць са мной радасць... А я ў гэтым тлуме амаль забыўся на яе... Як я мог забыцца?!»

Каб яшчэ вышэй узняць Машу, Сярдзюк крывіў душою. Гэтымі днямі ён часта ўспамінаў яе. Падсвядома ж яна жыла ў ім увесь час, — ён адчуваў, як яна мацавала яго вытрымку, не давала спыніцца, рабіла заўтрашні дзень светлым, спакушала большым.

«Маша, Маша!»

Яна, па сутнасці, зноў стала сэнсам яго жыцця. Сярдзюк любіў роднае неба і зямлю, ім валодалі высокія ідэі, якім ён служыў. Яны кіравалі ім. Вызначалі ў галоўным паводзіны. Ён, як і звычайна людзі, імкнуўся да лепшага. Прагнуў працы, стараўся пакінуць пасля сябе след, марыў і гнаў спакой. Аднак любіў ён радзіму, служыў запаветнаму, імкнуўся да лепшага, марыў і гнаў спакой перш-наперш таму, што на свеце жыла Маша. Ён кахаў яе і пакланяўся ёй. Дый як было не кахаць і не пакланяцца? Ішлі гады, сівела галава. За спінаю былі ўзлёты і падзенні. Ён зазнаў самых розных нягод, паміраў і ўваскрасаў для жыцця. Прагнуў вядомасці і рабіў усё, каб быць непрыкметным... Але ўсё мінулася і паступова сціраецца з памяці, адыходзіць у нябыт. А вось Маша і каханне да яе астаюцца. Яго пачуццё, здаецца, расце, арэол, што акружае Машын вобраз, з днямі прамяніцца ярчэй, і ён, Сярдзюк, упэўнены, што час тут бяссільны.

Гэтыя думкі, пачуцці нахлынулі на Сердзюка, прыглушылі значэнне таго, што адбывалася ў зале. Важным зрабілася іншае — вунь, зусім недалёка, сядзіць дарагая жанчына, трывожыцца, перажывае, а ён не можа падысці да яе, супакоіць, падзякаваць. А з якой удзячнасцю прыпаў бы ён зараз да Машынай рукі! Зазірнуў бы ў стомленыя, салодкія вочы.

Але разам з гэтым слух адзначаў усё, што чытаў сакратар, а потым гаварылі апаненты — высокі сутулаваты правадзейны член Акадэміі архітэктуры, з вуглаватымі, як у Горкага, плячыма, і доктар гістарычных навук — жвавы, з жывоцікам і круглай, як більярдны шар, бліскучай галавою, якую ён раз-пораз асцярожна пагладжваў.

З выступаючых усю ўвагу ўзялі хіба Юркевіч з Дымком. Сярдзюк раней таксама падазраваў: Юркевіч у душы кампрамісаў не ведае, і сімпатыі, антыпатыі ў яго размяжоўваюцца непрымірыма, хоць ён і навучыўся стрымлівацца. Гаварыў Васіль Пятровіч рэзка, нейкім струнным голасам і, падтрымліваючы Сердзюка, знячэўку сваю халодную лютасць абрынуў на эпігонаў, якія, разменьваючы чужое золата на медзякі, часамі падымаюць руку і на тых, у каго крадуць золата. Дымок жа, быццам у процівагу гэтаму, стараўся ўсё згладзіць, для «аб’ектыўнасці» злёгку ўпікаючы Сердзюка ў некаторай просталінейнасці.

Аднак, раздвойваючыся паміж Машаю і трыбунаю, думка Сердзюка працавала выразна.

 

 

3

 

Ад хвалявання далоні ў Віктара пацелі, і ён выціраў іх хусцінкай. Ён і сам не разумеў, чаму так востра ўсё ўспрымае, радаваўся за бацьку, які самавіта сядзеў за сталом, паважна, стрымана чытаў аўтарэферат, а потым адказваў апанентам.

«Глядзі ты, стары! — захапляўся Віктар, пазіраючы то на бацьку, то на залу. — Можна падумаць, усё жыццё толькі і займаўся, што дыскутаваў са свяціламі. Брава, стары! Пакажы ім, чаго мы вартыя!..»

Здзівіла таксама настырнасць Юркевіча і прытоеная ўзрушанасць Валі. Пасля свайго выступлення шэф вяртаўся з узнятай галавою, з халодным выцягнутым тварам, а сеўшы на месца, быццам не заўважаў, што Валя шукае яго руку і, знайшоўшы, непрыкметна, нібыта незнарок, туліць яе да шчакі.

— Як, па-вашаму, — будуць супроць? — спытаўся ў яго Віктар, гатовы за пазяханнем схаваць сваё хваляванне.

— Безумоўна.

— Чаму?

— Занадта бескапрамісна.

— Тады навошта вы падлівалі масла ў агонь?

— Каб былі гэтыя «не згодзен». — Ён памыляў губамі, зірнуў на задні рад і рэзка дадаў: — Работу твайго бацькі, калі яна была значна горшая, абакраў Понтус. Дык няўжо ты хочаш, каб за бацьку прагаласавалі аднагалосна, як тады за Понтуса?

— Божа мой! — выдыхнула Валя.

Віктар схапіўся за падлакотнікі крэсла.

— Я пайду!.. Вы сур’ёзна?..

— Пашкадуйце бацьку і прысутных у зале, — пошапкам папрасіла Валя. — Скандал атруціць апошнюю радасць...

— Пашкадаваць? — усхадзіўся Віктар, і на яго цяжка стала глядзець: на твары адбіліся гнеў, разгубленасць, крыўда. — Я сапраўды пашкадаваў! — выгукнуў ён. — Вось гэта сапраўды шкада: чаму няма дуэлей? Я... я прыстрэліў бы яго!..

З-за стала падняўся старшыня і застукаў алоўкам па графіне. Валя ўзяла руку Віктара і, сціскаючы, паклала яму на калена.

— Будзьце мужчынам... Бярыце прыклад з бацькі...

Калі абвясцілі перапынак, Віктар сабраўся быў пайсці да бацькі, але той збег з памоста і сам хутка пашыбаваў па праходзе. Аднак яго затрымлівалі, паціскалі рукі, і кожнаму, хто віншаваў, трэба было ўсміхнуцца, нешта адказаць. Нарэшце ён, ужо не хаваючы, што расстроены і трывожыцца, падышоў да Юркевічаў і Віктара.

— Дзе маці? — выгукнуў ён, спалохана шукаючы некага вачыма ў зале. — Яна што, выйшла?..

 

«Дарагія мае!

Бачыла вас абодвух, і сэрца маё заходзілася ад радасці. Я глядзела на вас і думала, думала...

Помніш, Ігнат, як ты хваліўся, што нарадзіўся на Старажоўцы і ў табе цячэ рабочая кроў, што адзін твой дзед — гарбар, а другі — пячнік, што бацька пачаў з пекара ў «турэцкай булачнай», а маці была швачкаю? А сам ты першы кавалак хлеба зарабіў на дражджавым заводзе. Не забудзеш і твой расказ, як ты ставіў вехі на сваёй дарозе ў будучае — вось тады скончу рабфак, тады Маскоўскі політэхнічны, тады стану праектаваць дамы, авалодаю замежнай мовай і здам кандыдацкі мінімум. І, калі ехаў куды, браў заўсёды дзве кнігі: баяўся, што скончыш адну і не будзе чаго чытаць.

Упарта ішоў ты па жыцці...

А помніш, як мы пазнаёміліся з табою ў нас у Белпедтэхнікуме? Ты прыехаў з Масквы на канікулы і прыйшоў да нас на вечар.

Так?

Тады якраз па калідоры праходзілі Колас з дырэктарам. А мы разгубіліся і прыціхлі.

А як упершыню ездзілі ў наша Сярпішчына! Помніш, як ты куксіўся, калі маці, ледзь даўшы пераступіць парог, залямантавала, што я схуднела і, відаць, галадаю ў цябе? Каб рэабілітаваць сябе і паказаць, на што здатны, ты назаўтра пачаў ляпіць мяне.

Помніш, як уздыхала маці ў цябе за спінай? Во, маўляў, папаўся дзівадла Марусі! А потым жа — ты ўжо не ведаеш гэтага — гэты самы бюст прастаяў на покуце да самай вайны, пакуль немцы не наляцелі. Нашы спалохаліся: падумаюць яшчэ — дачка вялікі чалавек. Абгарнулі бюст палатном, закапалі ў зямлю. Калі ж адкапалі пасля, папрабавалі выняць — разваліўся мой двайнік, Ігнат! Вось тут, казалі, і загаласіла маці, па-сапраўднаму ўжо. Але не буду пра сумнае...

Успомнілася яшчэ адно — як мы з табой тады вярталіся ў Мінск. Канякі калгас не даў, і давялося ісці да станцыі пехатою, проці ночы, у слоту. Гразь па костачкі, цемра.

Помніш?

У мяне гумавыя боцікі на нагах — помніш, карычневыя такія, з высокімі халяўкамі? — І я намуляла да крыві пяткі. Хоць плач. А ты ўзяў мяне на рукі і, як малую, нёс перад сабою добрых пяць кіламетраў.

Як ты вытрываў, Ігнат? Аж не верыцца ўжо. Дужы быў, значыць.

Пішу, а ўвушшу песня: «Да, нет... Нет, да... Ах, как кружится голова! Как голова кружится!..» Нічога, здаецца, у ёй нашага няма. Не было шчаслівай сталасці, не будзе залатога вяселля, а думаецца — усё адно пра нас.

Ну, хопіць, радая я за цябе, Ігнат. Збылося, нарэшце!

Маша».

 

 

4

 

Гэта быў крык. Прызнанне ў любві. Віктар замкнуў паштовую скрынку, сунуў ліст у кішэню. Пракляў сябе, што не пабег дамоў адразу, а, хвалюючыся і прыдумваючы тысячы планаў, як адпомсціць Понтусу, аціраўся ў інстытуце, пакуль не абвясцілі рашэнне вучонага савета.

Да вакзала Віктар гнаў машыну, рызыкуючы, парушаючы правілы. На Прывакзальнай плошчы пераехаў скрыжаванне перад самым трамваем і вылез з-за руля потны. Аббегаў усе залы чакання, заглянуў у рэстаран на другім паверсе, але маці нідзе не было. Для пэўнасці перачытаў расклад паяздоў, выстаяў чаргу ў бюро даведак, — не, паехаць яна таксама не магла.

Аставаўся аэрапорт, і Віктар памчаў туды.

Вечарэла. З лётнага поля павявала раздоллем. Чуўся гнеўны рокат матораў — яны на зямлі гудуць зусім іначай, чым у небе. Віктар паставіў «Масквіч» паміж «Волгаю» і мініяцюрным рыжскім аўтобусам і пабег у белы будынак аэравакзала.

Ля білетных кас і вагаў з вялікімі круглымі цыферблатамі тоўпіліся пасажыры. Перакрываючы іх рознагалосы тлум, дыктар па радыё прасіў тых, хто следуе рэйсам Мінск — Сімферопаль, падрыхтавацца да пасадкі. Баючыся прапусціць маці, Віктар пайшоў з залы ў залу.

Ён ужо траціў надзею, што знойдзе маці і тут, як убачыў яе каля кніжнага кіёска. У светлай балонні, без хусткі, з падфарбаванымі, каштанавага колеру валасамі, яна здалася яму маладой, элегантнай. Віктар і пазнаў яе хутчэй па паставе, па тым, як разглядаючы кнігі, яна раз-пораз замірала з пальцам ля губ.

— Віця? — амаль не здзівілася яна і працягнула яму рукі.

Віктар расцалаваў іх і астаўся так, не разгінаючыся, каб маці ў сваю чаргу пацалавала яго ў галаву.

— Ты, вядома, адзін? — тармосячы і тулячы сына да сябе, спыталася яна. — Давай выйдзем...

За пасажырамі, якія спяшаліся на пасадку, яны выйшлі з вакзала. Спыніліся перад прыступкамі, ля калоны порціка. Перад імі распасціралася лётнае поле, ужо сіняватае ўдалечыні. Паблізу, адразу за агарожаю, і воддаль стаялі самалёты. Пад крыло аднаму з іх кіраваўся бензазапраўшчык. Да другога, што рыхтаваўся ляцець, правадніца вяла пасажыраў. Узлётнай дарожкі адсюль відаць не было, але там, дзе яна пралягла, палохаючы ўспышкамі сігналаў, садзіўся грузны, стомлены «АН-10».

І таму, што маці пацягнула яго сюды, Віктар зразумеў : угаварыць яе вярнуцца наўрад ці ўдасца. Адначасна тое, што адбывалася навокал, абвастрала пачуццё разлукі, абуджала жаль.

— Ты не павінна ляцець, — запратэставаў ён горача, аднак даючы сабе слова нічога не гаварыць ёй пра Понтуса.

Маці засланілася рукою.

— Не, я палячу, Віця. Што мне тут рабіць? На банкеце я быць не магу. Чакаць вас да дзвюх гадзін ночы, а раніцай паехаць? Малая радасць і мне і вам. Дый не вытрываем — ні вы, ні я. А там чакаюць Людачка, Зіна... І ў школе мяне адпусцілі ўсяго на суткі. У мяне білет...

Яна гаварыла, быццам апраўдвалася або сама шукала прычын, каб пераканаць сябе. Гэта вярнула Віктару ўпэўненасць. Дый памяць знянацку падсунула словы Валахановіча, неяк сказаныя ім пра хворых: «Калі ў мужчыны з’явіўся апетыт, а жанчына, напамадзіла губы, значыць, папраўляюцца. Усе яны ejusdem farinae»1.

— Ну, тады давай хоць з’ездзім павіншуем бацьку, — прапанаваў Віктар. — На банкеце ўсё роўна не ён, а свяцілы верхаводзяць. А самалёт у адзінаццаць... Ён жа — самародак, мама! Я слухаў яго і нібы адкрываў нанава... Паглядзіш і мае накіды Цэнтральнай плошчы, комплексы дамоў з калектыўным камфортам...

Банкет Сярдзюк-старэйшы даваў у «Зары». Віктар збочыў з праспекта на вуліцу Леніна, праехаў да плошчы Свабоды, развярнуўся і стаў насупроць вялікіх вокан рэстарана, за якімі чуліся галасы і выбухі смеху. Пакінуўшы маці ў машыне, узбег на ганак і нецярпліва застукаў у замкнутыя дзверы.

Яго сустрэлі вясёлым гоманам. За бяседным сталом, які цягнуўся праз усю залу, сёй-той устаў, падняў чарку.

— Дзе вы прападалі?

— За спазненне штрафуюць.

— Штрафную!

— Цур, толькі поўную, і піць да дна!

Вёў рэй доктар гістарычных навук. Паружавелы, здаволены, ён бліснуў акулярамі ў адзін бок, у другі, пастукаў відэльцам па сваім фужэры, сакавітым, добра пастаўленым голасам прачытаў прысуд:

— Прашу Сердзюка-малодшага наліць і выпіць, не сядаючы за стол. Дайце яму бакал!

Калі страсці ўлягліся, Віктар прабраўся да бацькі.

— У машыне цябе чакае мама, — сунуўшы ў яго бакавую кішэню ліст, шапнуў ён на вуха. — Гэта ад яе...

Стараючыся справіцца з хваляваннем, Сярдзюк счакаў трохі і шмыгнуў у вестыбюль. За стойкаю, ля вешалак, сядзеў адзін швейцар. Але і гэта было непрыемна. Варожа, быццам той замінаў яму, Сярдзюк змераў швейцара позіркам і, нібыта трымаў нешта гарачае, разгарнуў пісьмо. І разам з тым, як чытаў яго, трапятанне, узрушанасць раслі. Выбег ён на вуліцу, ужо дрэнна валодаючы сабою. Але, убачыўшы Машу, разгубіўся так, што не здолеў адчыніць дзверцы машыны.

Яна таксама не адчыніла іх, а апусціла бакавое шкло.

— Віншую, Ігнат, — сказала, крыху высунуўшы галаву.

— Дзякую, — адказаў ён. — Я вельмі рады цябе бачыць. Чаму ты адмовілася зайсці?

Калі б чалавек слухаўся сваіх пачуццяў, мусіць, жыць было б лягчэй. Было б больш подзвігаў, менш недарэчных няшчасцяў. У той жа самы час, калі б чалавек не стрымліваў сваіх парыванняў, ён, безумоўна, заблытаў бы сваё жыццё, і памылак, няшчасцяў стала б куды больш. Гэта Маша і Сярдзюк падсвядома ведалі. А магчыма — і не ведалі. Магчыма, проста нешта яшчэ не выспела ў іх і, хто ведае, ці магло выспець. Не кожнаму такое даецца.

Так ці інакш, але калі вярнуўся Віктар — ён здзівіўся: маці і бацька мірна, па-сяброўску размаўлялі і, здаецца, развітваліся. Толькі калі Сярдзюк-старэйшы пайшоў, маці паклала галаву на кант апушчанага шкла і заплакала.

— Я не разумею вас абаіх! — узбунтаваўся Віктар і, заводзячы матор, ва ўзрушэнні зачапіў сігнал.

Пачуўся гудок.

Маці страпянулася і хутка пачала папраўляць прычоску.

— Пакажы мне, Віця, апошні твой будынак, я яшчэ не бачыла яго, — вінавата папрасіла яна. — Арыгінальны, а? Ты ў мяне божай міласцю дойлід. Мастак! А накіды пасля... другім разам.

— Цяпер больш за палову тых, хто вырабляе матэрыяльныя каштоўнасці, — мастакі. І аўтамабілебудаўнік, і мэбельшчык, і ткачыха...

— Ладна, паедзем.

Каб узяць сябе ў рукі, маці неабходны былі новыя ўражанні, рух. Ды, мабыць, страшыў аэравакзал з яго раз і назаўсёды заведзеным парадкам, з яго святлом і спешкаю, пры якіх адзінокі, засмучаны чалавек — як белая варона.

Складанасць у людзях раздражняла Віктара, і часта здавалася бязволлем або няўменнем вызначыць, што ты сам сабе хочаш. Але злаваць на маці ён не мог — вельмі няшчасная была яна. Дый ісціна неяк пачала паварочвацца да яго іншай гранню — складанасць, аказваецца, бывае розная. Яна можа быць вынікам раздраблення натуры і сведчаннем яе багацця, адзнакаю слабасці і сцверджаннем, што ў чалавека развіта пачуццё адказнасці перад жыццём. Віктара нечакана пацягнула да Лёдзі, захацелася адкінуць усё, што турбавала яго, і паказаць дзяўчыну маці, зрабіць свае адносіны з Лёдзяй зусім пэўнымі. Ён рэзка спыніў «Масквіч», які раптам ахутаўся пылам, і даў задні ход.

— Я зараз! — кінуў ён, вылазячы. — Хвілінку!

Трубку ўзяла Лёдзя. Не пытаючыся, хто звоніць, моўчкі нарыхтавалася слухаць.

— Гэта я, — паціху сказаў Віктар, пазнаючы яе па дыханні і пазіраючы на швейцара, які дзелавіта закусваў пасля чаркі, што паднёс яму, відаць, нехта з спагадлівых гасцей. — Ці не можаш ты зараз выйсці з дому?

— Не. А што? — адазвалася Лёдзя.

— Са мной мама. Я паказаў бы вас адна адной.

— Дзіўная фантазія! Мусіць, табе ніколі ні ў чым яшчэ не адмаўлялі, і ўсё з’яўлялася, як толькі ты хацеў, каб з’явілася. Думаеш, у нас, дзяўчат, бракуе гордасці, ці што?

— Я зусім не думаю...

— Тады растлумач, што ж гэта будзе? — іранічна спыталася яна. — Агледзіны? Заручыны? Так? А мо проста надумаў пракансультавацца з маці?

— Я сур’ёзна, Лёдзя! Факт!

Яна ўлавіла ў Віктаравым голасе такое, што балюча закранула яе самалюбства. Каханне дае права на другога. Свядома ці не свядома Віктар прад’яўляў свае правы, і гэта абразіла Лёдзю. А можа, нагадалася колішняе, ганебнае.

— У мяне мокрыя валасы, я пасля ванны, — памаўчаўшы, прамовіла яна, быццам адштурхоўвала Віктара. — А галоўнае — ты ж не гаварыў мне пра свае пачуцці. За каго, сапраўды, ты мяне прымаеш?

— Я збіраўся сказаць зараз...

— Па тэлефоне? Даруй, Віця, але мае хацелі б, каб мы ставіліся да гэтага, як ставяцца дарослыя.

Лёдзя ўжо здзекавалася.

— Тады прабач... — неяк ураз паў духам Віктар, адчуваючы, што кроў штуршкамі б’е ў скроні. — А можа, пабачыла б хоць, якая цудоўная ў мяне мама... Я абсалютна не хацеў пакрыўдзіць цябе... У мяне сёння ўсё перамяшалася...

Вярнуўся ён у рэстаран а дванаццатай гадзіне. Грымела радыёла, чуліся тупат, шарканне падэшваў — госці танцавалі. Доктар-тамада выкідваў заліхвацкія каленцы навокал мажной, непаваротлівай дамы. Дымок, як чужую каралеву, вадзіў на выцягнутай руцэ Валю... І не было пары, якая б у нечым нагадвала другую.

За сталом самотна сядзеў зажураны Лочмель, ды ля дальняга краю стала з чаркамі ў руках стаялі Юркевіч і бацька. Нешта горача даводзячы, патрон тыцкаў вольнай рукою бацьку ў грудзі і ўсё адводзіў сваю чарку, з якой стараўся чокнуцца бацька.

«Напіўся... Так яно і павінна было быць... — падумаў Віктар і пашыбаваў да іх. — Цяпер чарга за мной...»

 

 

1 З аднаго цеста, даслоўна — з той жа мукі (лац.).

5

 

Каб не тлуміць галавы Сердзюкам, якім і без таго хапала клопатаў — праводзіць кожнага, адправіць апанентаў-масквічоў у гасцініцу, разлічыцца з адміністрацыяй рэстарана,— Валя з Васілём Пятровічам не дабылі да канца банкету і непрыкметна ўцяклі першымі.

Дадому было блізка, і яны пайшлі пехатою.

На ахінутых змрокамі плошчы Свабоды, на вуліцы Леніна было нязвыкла пуста. Па-начному хутка праносіліся адны таксі, і то не па Ленінскай, а па праспекце. Навокал апала цішыня. Вокны дамоў не свяціліся. Здавалася: ты і вуліца, ты і дамы асталіся сам-насам.

Яны абое любілі горад — Васіль Пятровіч як сваё дзецішча, Валя ўжо таму, што многія яго куточкі былі апісаны ёю і яна засяліла іх сваімі героямі. Яна як бы насіла ў сабе яго мінулае і цяперашняе. Пабываўшы ж у Горкім, пажыўшы там у незвычайных клопатах, у хваляваннях, Валя вярнулася сюды як у шчаслівы прыстанак, дзе ўсё сваё, звыклае — і справы, і людзі, і радасці, і непрыемнасці. Нават беды і непрыемнасці, без якіх жыццё не было б жыццём.

Ідучы паволі, чуючы свае і мужавы крокі, Валя старалася ні аб чым не думаць. Але разам з тым, як яна набліжалася да свайго дому, неспакой, які Валя гнала, абуджаўся мацней.

— Ты што, сур'ёзна пасварыўся з Дымком або так нешта здарылася? — спыталася яна, калі выйшлі на праспект.

Васіль Пятровіч сцяў плечы.

— Калі я цягнула яго танцаваць, ён упіраўся. Калі танцавалі, адно бубніў пра свой сад і новае хобі. Казаў, прыходзіў фотакарэспандэнт і здымаў яго фігуркі. А калі я загаварыла пра Понтуса, ледзь не ўцёк. Як чокнуты.

— Цяпер наогул палова размоў пра дачы... Ну, ну! — зацікавіўся Васіль Пятровіч: хмель сёння не браў яго.

На рагу праспекта стаяла кампанія хлопцаў і бухала смехам. Адзін з іх, няцвёрда трымаючыся на нагах, сышоў з тратуара і, калі набліжалася аўтамашына, ускідваў угару руку. Але машыны не спыняліся, і ён гразіў услед кулаком і ўсё далей выходзіў на маставую.

— Мабыць, няма хвіліны, каб вуліца аставалася бязлюднай, — сказала Валя, адганяючы трывогу і не могучы ўжо яе адагнаць. — Я не расказвала табе. Калі я вярталася ад маці той беднай дзяўчыны з Сормава, трамвай завёз мяне ў парк. Прыйшлося пайсці па горадзе на сваіх дваіх. Блукала па незнаёмых вуліцах некалькі гадзін, пакуль пераняла таксі... Дарэчы, калі сустрэлася з Юрам, ён гразіўся паехаць на Далёкі Усход. Плёў нешта пра рыбалоўны траўлер, пра экспедыцыю, звязаную з промыслам коцікаў.

— Цяпер ясна! — нечакана голасна сказаў Васіль Пятровіч і хутка, нібыта нехта мог быць за спінаю, азірнуўся. — Дакаціўся... Працаваць таму, што няма іншага выйсця. Заклікаць прыстасоўвацца да кан’юнктуры. Амба!..

— Ты ўсё пра Дымка?

— А то ж! Няўжо пра гэтага валацугу?..

Насустрач спяшалася жанчына з чамаданам. Яна спынялася, таропка ставіла чамадан на тратуар, папраўляла хустку, што спаўзала ёй на шыю, мяняла руку. Параўняўшыся, спыталася, дзе дом нумар трыццаць два.

— Гэта на тым баку, — паказала Валя. — Каб не ісці лішняга, вы прама тут пераходзьце. Уначы можна! — І, калі жанчына, трымаючы вольную руку ледзь не на ўзроўні пляча, рушыла подбегам цераз маставую, чуць усміхнулася: — Люблю тлумачыць прыезджым, куды і як ісці... Любяць і ленінградцы, а вось гаркаўчане — не... Вядома лепш, калі можна жыць не толькі чужым шчасцем...

Яна гаварыла, як заўсёды, калі нешта тачыла яе, раскідана, пераскокваючы з аднаго на другое. Адчувалася: пад спудам таго, пра што яна гаварыла, увесь час б’ецца нейкая нявыказаная думка. Яна перашкаджае Валі засяродзіцца, настройвае на журботны лад.

Ля свайго пад’езда яна спынілася — захацелася яшчэ от так, удваіх, пабыць на пустой вуліцы.

Хмарыла. Неба навісла нізка і здавалася цёмным, хоць яго падсвечвалі ліхтары і каляровыя рэкламы. Але ўдалечыні — і ў адным і ў другім канцы праспекта — неба было святлейшае за гмахі дамоў. Там, абапал віядука і плошчы Перамогі, агнёў гарэла больш, і ад іх ішло ззянне.

Паездка Валі ў Горкі, заступніцтва за Юру зноў не далі Васілю Пятровічу пагаварыць з ёй адкрыта. Аднак, калі ён убачыў стаічную мужнасць Сердзюка, Віктараву рашучасць служыць бацьку, тактоўную вытрымку, з якой адносілася да ўсяго яна, Валя, яму стала нясцерпна сорамна.

Ён падае з кожным днём. Супраціўляецца, бунтуе, але думкі і пачуцці драбнеюць. І хай яго ўпартасць не дае яму канчаткова страціць сябе, ён залішне старанна выбірае дарогу. У яго залішне многа накопліваецца тайн, якія неабходна скрываць. Падаючы Понтусу думку наконт пенсіі, ён жа, па сутнасці, рабіў гэта для сябе — не захацеў да канца выкрываць нават яго. Абясшкодзіў, маўляў, і ладна. Лабавыя атакі і просталінейнасць не для нашага складанага з крутымі паваротамі часу, які патрабуе больш гнуткай, вытанчанай тактыкі. Баронячы свой спакой, ён адганяе думкі нават аб Юры. А калі сёння і ляпнуў пра плагіят, дык толькі таму, што, не зрабіўшы гэтага, нельга было астацца элементарна сумленным. Бо высакародная мужнасць чалавеку цяпер гэтак жа неабходна, як і пяцьдзесят, сто гадоў назад... І пачынаецца яна з асабістых узаемадачыненняў. «Не, баба ты сам, Васіль!»

— Пайшлі, — уздыхнуў ён.

Па лесвіцы яны падымаліся адно за адным. Гледзячы на Валю, якая ішла наперадзе, Васіль Пятровіч успамінаў Алу — тую... тады, і мучыўся ўжо ад пагарды да сябе.

Перад сваёй пляцоўкаю, адчуўшы яго позірк, Валя аглянулася.

— Ты хочаш запытацца — у каго такія поўненькія ножкі? — сказала яна з яўнай насмешкаю. — Ну — пытайся, я адкажу.

— У каго гэта поўненькія ножкі? — паслухмяна паўтарыў Васіль Пятровіч.

— У мяне. Ты рады, што я загаварыла пра такое?

Валя засмяялася, помсліва, істэрычна, потым абарвала смех нечакана, і Васілю Пятровічу падумалася: ці не чытае яна яго думкі. Аднак, зайшоўшы дамоў і распрануўшыся, Валя схадзіла ў дзіцячы пакой і прыйшла, як здалося, да яго ў кабінет з харошым, прасветленым тварам.

— Спіць, хоць зубкі выберы, — паведаміла, нібыта пра самае важнае.

Васіль Пятровіч вяла сеў на канапу. Валя прымасцілася побач, потым адсунулася і легла, паклаўшы галаву яму на калені. Ахоплены ўдзячнасцю, ён не стрымаўся і пагладзіў яе па валасах.

Ён любіў гэтыя валасы — попельныя, мяккія, як кужаль. Любіў даўно, калі яны толькі пачалі адрастаць пасля стрыжкі і Валя збірала іх у валік. Любіў у косах, па-дзявочы перакінутых на грудзі, любіць і цяпер, прычасаныя на прамы рад і сабраныя ў важкую куксу. Дотык да іх адгукнуўся глыбока ўсярэдзіне. Замілаванне абдало Васіля Пятровіча. Ён раптам закруціў галавою і моцна націснуў далоняй на Валін лоб.

Яна падрыхтавалася слухаць і, ураз азябнуўшы, сціхла ад страху.

— Я вінаваты перад табой!..

— Не трэба! — пастаралася яна суняць дрыжыкі. — Я не хачу верыць, Васіль, хоць і чула... ад Аскоцкай. Перад абаронаю... Намякаў і Малевіч...

 

 

РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ

 

1

 

Яна баялася самой сябе. Зноў Ала!.. Не, не можа быць, гэта — плёткі. Дрэнны сон, дзікая недарэчнасць! Занадта высокае і святое, без чаго не ўяўлялася жыццё, гінула, каб Валя магла прыняць яго як праўду, як факт. Надта жахлівае мела быць наступнае. І ўсё-такі яна чакала яго прызнання.

І раней людзі прыносілі ёй расчараванні, прымушалі пакутаваць. Але часцей той, хто расчароўваў, мучыў, сам быў ахвяра — выпадку, абставін, уласнай слабасці, чужой волі. Тут жа ашукаў, здрадзіў найдаражэйшы чалавек, якога Валя лічыла моцным. Здрадзіў, бо не стрымаўся ад спакусы, бо ў такіх прыгодах, магчыма, шукаў спосабу сцвердзіць сябе. І калі?!.

Зрабілася так пагана, што Валя застагнала. Жэстам спыніла Васіля Пятровіча, які кінуўся быў пайсці следам, і выбегла з пакоя. Душу рвала безвыходнасць. Не хацелася нічога чуць, бачыць.

«Каб толькі не чапаў ніхто, каб толькі пакінулі адну...» — «думала яна, як у гарачцы, не працівячыся думцы, што не варта больш жыць.

Аднак, калі гэтае рашэнне халодным каменем лягло на сэрца — і яно таксама стала чужым, — да Валі, быццам здалёк, даляцеў Лёнькаў крык. Ён ударыў па думках аб смерці, адабраў ад іх сэнс, парваў на шматкі. Але той жа крык зжахнуў Валю нанава: бяда біла і па трэцім — і, можа, наймацней. Выходзіла, што Лёньку, як і Юру, наканавана плаціць за памылкі бацькоў.

Валя падбегла да каляскі, сарвала накідку. Пачырванеўшы ад натугі, сын намагаўся выбарсацца з пялёнак.

— Ціха, сынок, ціха, — пачала Валя супакойваць яго. — Зараз перапаўю ў сухое, і ўсё будзе цудоўна. Не было б большай бяды. Ціха...

Яна спрытна распавіла яго, змяніла пялёнкі.

Лёнька ўсміхнуўся бяззубым роцікам і стаў смешна, як перавернуты на спіну краб, шавяліць ручкамі і ножкамі. Але, калі Валя нахілілася над ім, ён нечакана ўхапіўся за яе нос і, драпаючы пазногцямі, сціснуў яго. І разам з тым, як Лёнька сціскаў кулачок, сціскалася і абнемагала Валіна сэрца.

«Божа мой, божа мой!..»

Ад адчаю ўскіпаў гнеў.

— Ідзі сюды! — крыкнула яна Васілю Пятровічу.

Самае страшнае ў такіх выпадках — маўчанне. Самае жорсткае, абразлівае слова — палёгка, бо няма на свеце слоў больш бязлітасных, зацятых, чым маўчанне. Бо і праклёны не забіваюць надзею, як яно, маўчанне.

Бадай што ўзрадаваўшыся немаму крыку, Васіль Пятровіч кінуўся ў дзіцячы пакой. Ён здагадаўся, чаго пазвала Валя, што магло чакаць яго там, але і гэта было лягчэйшым, чым маўчанне.

Ды нічога больш сказаць Валя ўжо не магла. Яна апусцілася на крэсла, што стаяла ля каляскі, — мусіць, Клава сядзела на ім, калі закалыхвала Лёньку, — і ўпала галавою на яе край.

Пакутуючы ад віны, баючыся жонкі, Васіль Пятровіч наблізіўся і ўкленчыў побач.

— Я прашу дзеля сына...

— Успомніў нарэшце! — не змагла падняць яна галаву: расцягнуўшы рот да вушэй, Лёнька ўчапіўся за яе валасы і з нечаканаю сілаю заціснуў іх у кулачок.

— Клянуся! Не думай, я бачыў і бачу, што ў табе святло, дабрата. Ты хочаш, каб я быў шчаслівы... І сам не разумею, як і што падбіла мяне... Бязволле? Жаданне пярэчыць? Плюнуць на ўсё?.. Даруй!..

Крывячыся ад болю, Валя разняла Лёнькавы пальчыкі, вызваліла валасы. Не пазіраючы на мужа, кінула, як чужому:

— Дык што ж, астацца? Жыць двайным жыццём? Адным на людзях, а другім дома? Як Аскоцкія? Як Дымкі? Ты гэта прапануеш? Ці не замнога для нашага часу?

У калідоры пачуліся крокі. Шлёпаючы пантофлямі, з кухні ішла Клава.

— Устань!

Пазяхаючы і пацягваючыся, Клава спынілася ў дзвярах. Паляпала сябе далоняй па выцягнутых губах, паправіла коратка пастрыжаныя, растрапаныя валасы.

— Зноў? От праява. Нядаўна ж фантаніў на цэлы метр, — з паблажлівай ухмылкаю сказала яна. — Давялося паласкаць і сушыць. Есці будзеце?..

Валя бухнулася ў пасцель не распранаючыся. Чула: ходзіць, мерае кабінет і Васіль Пятровіч. Яго крокі, важкія, стомленыя, аддаюцца за сцяною, бы ў пустой кватэры. «Ках, ках!» Можна сказаць, калі ён, дайшоўшы да стала або дзвярэй, павернецца — роўна пасля шасці крокаў. «Ках, ках, ках, ках, ках, ках!..» Яны не даюць Валі забыцца, трымаюць думкі на адным: «Здрадзіў, абняславіў!..»

Аднак праз колькі часу думкі ўсё-такі пачынаюць хіліцца на іншае. Істоце трэба разрыўка — яна перапоўнена горам.

«Ну, нічога, я вытрываю... Салдатам не прывыкаць... Дый ёсць пяро, папера, — думае Валя. — Гэта таксама ратунак. А як Лёнька? І цяпер, і потым, калі будзе ўсведамляць жыццё? Памылкі б’юць не толькі па тых, хто іх робіць, а і па тых, што ідуць услед, на змену. Можа, таму яны і бязлітасныя да гэтых памылак! Асабліва калі старэйшыя не стараюцца ўзяць на сябе самае цяжкае. Калі дбаюць адно аб сабе, ратуюць толькі сваё права жыць. Розум і дурнота, воля і бязволле тады, бадай, варты адно аднаго!»

Валя даўно не ўспамінала маці. А тут успомніла. Праўда, не яе самую, а матчын расказ.

Недалёка, за іхнім агародам, быў гліняны кар’ер, куды ўвесну набягала вада. Утварылася сажалка. У ёй развялі карасёў, пачалі ганяць туды гусей, качак. Але паветку, дзе некалі сушылі цэглу-сырэц, не раскідалі. Там, у засені, поўднем хаваліся ад гарачыні гусі. І вось аднойчы разгулялася навальніца. Сыпануў град. Вялізны, з галубінае яйка. Ратуючыся, гусяняты кінуліся да знаёмай схованкі. А старыя гусі не пабеглі. Пасталі і паднялі галовы ўгору. Трапіць градзіна ў дзюбу і адскочыць. Так, выцягнуўшы шыі, з паднятымі галовамі і прастаялі гусі, пакуль не суняўся град. А сцежка, што вяла ад сажалкі да павеці, была ўкрыта пабітымі гусянятамі...

Валя ўяўляла распластаных на мокрай, коўзкай зямлі гусянят, і сэрца ў яе аблівалася крывёю.

«Так-так, — думала яна. — Адзінае выйсце — узяць найцяжэйшае на сябе, патапіць усё ў клопатах. Не прывыкаць!..»

І дзіва! З ёй адбывалася тое невядомае, выратавальнае, тайнае, калі да пачуццяў дакранаецца розум — халаднаваты, разважны. Калі чалавек, якога спасцігла няшчасце і які павінен быў аддацца роспачы, раптам, сутыкнуўшыся з глухой сцяною, прыміраецца з тым, што здарылася, і прымае яго як усвядомленую неабходнасць. У чалавека абуджаецца рашучасць жыць, дзейнічаць. А тут яшчэ непрыкметнае для сябе, але нядрэмнае вока мастака, які назірае і за сабою...

 

 

2

 

Лёнька рос, і гэта само па сабе было радасцю. Змены, што адбываліся ў ім, былі для Валі поўныя вялікага сэнсу. Рос чалавек, па нейкіх непахісных законах паўтараючы сабе падобных, але адначасна і несучы ў жыццё нешта новае, абяцаючы больш, чым яны.

Як і ўсе немаўляты, Лёнька ляжыць або варушыцца ў пасцельцы, крэкча або гудзе, гуляе з цацкамі, моршчыць лобік, усміхаецца бяззубым роцікам або плача. Але ў тым, як ён «спявае ката», моршчыць лобік, гневаецца, паказвае, што яму добра, як дамагаецца свайго, ёсць уласцівае толькі яму. Валі нават здаецца, што робіць ён усё гэта больш асэнсавана, чым іншыя дзеці. «Разумнік!..» Вось і Кіра, нядаўна зацягнуўшы Валю да сябе, паказваючы, як спружыніста прысядае і падскоквае дачушка на яе далоні, захоплена хвалілася: «Мая Марынка балерынай будзе. Бачыце, як зграбна ў яе ўсё выходзіць!» І няхай у гэтым — слепаватая матчына ўлюбёнасць, тут ёсць і праўда...

Удзень Лёнька спіць многа, уначы любіць бавіцца, ахвотней есць. Перапавіць яго — цэлае гора: бунтуе, вылузваецца з пялёнак, не дае ручак. Пакінуць у калысцы аднаго таксама нельга — тут жа хапаецца за край і падымаецца — у любую хвіліну можа бухнуцца на падлогу. Але прышчэпкі перанёс як стоік, хоць потым тэмпературыў і стагнаў у сне, як дарослы. Да таго ж расстроіўся жывоцік (мусіць, пачалі праразацца зубы).

Бацьку бачыць радзей, чым астатніх, і сумуе па ім. Калі ж той дома, адразу пазнае ягоны голас, цягнецца да яго, просіцца на рукі. Дамогшыся свайго, не ідзе ўжо ні да кога, здаволены, як пераможца. Калі ж хто-небудзь усё-такі бярэ — крычыць. І капрызнічае ўжо тады па ўсякай прычыне: прымушаеш есці — румзае, не даеш чаго-небудзь — плача, папраўляеш шапачку — румзае зноў. І супакоіць можна амаль адным — даць на разарванне кніжку. Наогул дух разбурэння і цікаўнасці жыве ў ім: «А што, калі зрабіць вось так?..»

Безумоўна, стаўшы на ногі, пачне цікавіцца ўсім, адчуе патрэбу ў людзях. Пачне гаварыць «мама», «дзеда», «дай-дай», «тата Васяка». І самае выдатнае, забаўнае будзе — гэта невядома адкуль узяты «Васяка». Калі Валя сядзе працаваць — наносіць цацак ёй на стол і прымосціцца гуляць побач. Навучыцца залазіць на падаконнікі, на пральную машыну, а адтуль — у водаправодную ракавіну. Прыахвоціцца да вады — і тады глядзі на ўсе вочы, наогул будзе капрызнічаць менш, а сваволіць больш. Палюбіць, каб раніцою ў сталовай яго чакала снеданне. Стане ласун, і вішнёвае варэнне пойдзе ў ход проста з костачкамі. З цацак найбольш упадабае завадны лакатар і Мішку — растрэпу, без аднаго вуха. Сакрэты завадных цацак будзе раскрываць раней за Клаву і будзе горача пратэставаць, калі тая ўздумае паказваць, як і што трэба з цацкамі рабіць. Ён захопіцца кубікамі, канструктарамі, і збудаванні яго будуць нечаканыя, цікавыя, як потым і малюнкі каляровымі алоўкамі.

Ён абавязкова будзе прастуджвацца, хварэць (асабліва ўзімку, калі ёсць снег, сусолкі). Уведае пілюлі, парашкі, уколы. Але ўрачоў баяцца не будзе, і кожны раз пасля хваробы, пахудзелы, бледны, будзе выглядаць так, быццам вырас і пасталеў — хваробы часта з’яўляюцца прыступкамі, па якіх ідзе дзяцінства.

А праз год ён зробіцца зусім вялікім. Кніжкі пацягнуць яго ўжо іншым — яму заманецца разглядаць малюнкі ў іх, слухаць, пра што ў кніжках напісана (асабліва калі гаворка ідзе пра зверанятаў і машыны). Ён замучыць пытаннямі: «А як? Чаму?»; просьбамі: «Ну, прачытай, ну, яшчэ трошачкі. Ну, мама!..» І давядзецца чытаць яму кніжкі па чарзе і кожную двойчы, тройчы. У той жа час ён будзе рвацца на вуліцу, падоўгу гуляць каля дома, бавячыся з пяском, з машынамі, і цяжка будзе заманіць яго дамоў.

А там ужо і дзіцячы садзік. Веласіпед, неразлучныя таварышы, важныя таямніцы. Ён будзе бегаць басанож, у адных трусіках, паспрабуе плаваць з пузырамі спачатку ў ванне, а потым і ў моры. З садзіка будзе вяртацца замурзаны, падрапаны, але без слёз. Сам навучыцца ўключаць тэлевізар, рэгуляваць гучнасць. Палюбіць глядзець «мульці-пульці», хакей. На магнітафоне будуць запісаны вершы, якія ён вывучыць дома і ў садзіку. На пятым годзіку навучыцца і чытаць...

У кватэры стане шумна. Ён будзе гойсаць па пакоях, гуляючы ў вайну, з крэсла будзе рабіць поезд, скакаць з канапы. Шуму будзе столькі, што суседзі, якія жывуць паверхам ніжэй, пачнуць скардзіцца, пратэставаць. У шарую ж гадзінку ён будзе забірацца ў ціхі куток, пад стол і там ціхенька прэпарыраваць цацкі. Ён упершыню ўбачыць сон, пачне фантазіраваць пераўвасабляцца: вось ён — касманаўт, а вось — ракета...

Валя думала аб гэтым і судзіла сябе за маладушнасць, за той парыў, якому была паддалася ў хвіліну няўцешнасці. Не, жыццё мае сэнс ужо таму, што яно такое мудрае і паслядоўнае, што людзі і свет навокал іх у сваім няспынным абнаўленні поўныя хараства. І кожны абавязаны рабіць усё, што можа, каб жыццё ішло наперад. Гэта — абавязак, доўг. Часам цяжкі, але высокі. Доўг — які сплачвае чалавек за сябе, абавязак — які нясе перад тымі, хто прыходзіць яму на змену, перад Радзімай, жыццём, перад учарашнім і заўтрашнім днём.

Гэта пачуццё жывіць людзей, калі яны, не спадзеючыся на ўдзячнасць, гадуюць дзяцей, пасылаюць іх на вайну, самі ідуць на выпрабаванні, смерць... Дый наогул, калі б не было смерці, не было б і подзвігаў. Які ж гэта подзвіг без рызыкі? І шчасце тваё ўжо ў тым, што пазней ты скажаш пра гэта...

І ўсё-такі душа ў Валі знемагала, балела. Істота яе адтаргала ад сябе Васіля Пятровіча, хоць розумам яна і гатова была несці крыж. Назалялі і людскія захады, непатрэбнае спачуванне.

Аскоцкі, які раніцою выводзіў на праходку чырванавочую мачалку, сустрэўшыся з Валяй у дзвярах пад’езда, шматзначна адступіў назад і схіліўся ў паклоне, быццам бы вітаў пакутніцу. Дымок, заўважыўшы яе ля кафэ «Вясна», палічыў за лепшае перайсці на другі бок праспекта. Каверын у рэдакцыі пазбягаў глядзець у вочы і, размаўляючы з ёй, рабіў посны твар — быццам нехта памёр з блізкіх. Усё гэта так мучыла, што калі Аскоцкі другі раз, на лесвічнай пляцоўцы, зняўшы капялюш, нізка пакланіўся ёй, Валя адказала яму зняважлівым гнеўным позіркам.

 

 

3

 

Мардаваўся і Васіль Пятровіч. Яму здавалася, што, апрача бязмернай цяжкай стомы, ён нічога не адчувае. Стомленасць і пустата, пустата і стомленасць.

Аднак знешне і ён выглядаў як звычайна. Як звычайна быў пунктуальным, не адступаў ад свайго. Яго клопаты, як і дасюль, выходзілі за службовыя абсягі. Карыстаючыся сваім аўтарытэтам, ён памагаў архітэктурнай браціі ваяваць за будаўнічыя матэрыялы, не прамінаў мастацкіх выставак, майстэрняў скульптараў, жывапісу — ці няма там чаго, што можна было б скарыстаць для горада — яго плошчаў, вуліц, сквераў. Магчыма, толькі паменшала настойлівасці ды часцей стала прарывацца раздражненне. Свет як бы сцьмеў у яго вачах, паварочваўся да яго нечаканымі гранямі, і ўсё часцей пачалі прыходзіць горкія думкі.

Сакратарка Ніна, каб падзяліцца сваёй радасцю і далучыць да яе Васіля Пятровіча, прывяла паказаць дачку, якая прыехала пагасцяваць з Польшчы.

— Вось і мая Надзейка, — амаль уцягнула яна ў кабінет за руку стройную дзяўчыну, у пышным яркім уборы, з сетачкаю на старанна ўкладзеных валасах. — Праўда, цяпер яе завуць Янінай.

Дзяўчына разгублена, як быццам не чула сказанага, усміхнулася і, крыху памарудзіўшы, працягнула Васілю Пятровічу руку. Яе вінаватая збянтэжанасць наўрад ці вынікала з абставін, у якія яна трапіла або была выклікана словамі маці. А галоўнае, яна зусім не вязалася з выглядам Яніны — млявай, манернай, з запаволенымі, мяккімі рухамі.

— Мы давалі ёй імя калектыўна, усёй камерай, — прыпала шчакою да доччынай шчакі Ніна. — І, вядома, укладвалі ў гэты пэўны сэнс... Ну, чаго ты, Яніна? Што з табой?

— Мама паведзяла мі о пане Юркевічу, — сказала Яніна. — Она, як і пан, закохана ў вашэ място і ў то, цо пан робі. Мне тэж подоба сен Мінск.

Цяпер сумелася Ніна, але неўзабаве перамагла ў сабе збянтэжанасць і, паварочваючы дачку то так, то гэтак, спыталася:

— Ну як, Васіль Пятровіч, мая красуня?

Яны пайшлі, абняўшыся, паглядаючы на Васіля Пятровіча ўзрушанымі, у слязах, вачыма. Яму ж здалося, што слёзы ў іх зусім не ад радаснага ўзрушэння, а ад сораму, адчаю. Ад таго, што яны размаўляюць на розных мовах і кепска разумеюць адна адну, што бачаць, якія яны розныя, і разумеюць: рознага ў іх больш, чым агульнага, і, знайшоўшы адна адну, яны яшчэ не знайшлі: першая — дачку, другая — маці...

І Васілю Пятровічу нечакана самому захацелася ўзяць на сябе іхні сорам і боль, якія неспадзеўкі сталі блізкія.

Пакінула балючы след і гаворка з Віктарам. Васіль Пятровіч паклікаў яго, каб даць заданне падрыхтаваць выканкому намёткі, як упрыгожыць горад да гадавіны вызвалення. Трэба было расставіць акцэнты, яшчэ раз прагледзець тэматыку для плошчаў і важнейшых магістралей.

Праўда, Васіль Пятровіч адчуваў, нават чакаў: з Віктарам наспявае рэзкае размова. Але спадзяваўся, што сёння яна да сутычкі не дойдзе. Гаварыць пра свята і святочнае ўбранне, створанага самім табой, — радасць. Ды яшчэ напярэдадні юбілею. Міжволі ў думках азірнешся назад, паўней уявіш, што было і што ёсць.

У выніку — сам адчуеш сябе імяніннікам. І хоць усё гэта дадае клопатаў, а значыць — можа прынесці новыя непрыемнасці, на душы ўрачыста.

І ўсё-такі, калі гаворка зайшла пра плошчу Леніна, Васіль Пятровіч, успомніўшы Юру, які напраўду паехаў за край свету і прыслаў пісьмо з Уладзівастока, унутрана напяўся, сціх. І не памыліўся. Віктар схіліў размову на тое, чаго ён апасаўся.

— Тут, па-мойму, — кіўнуў ён на перспектыву плошчы, якая вісела на сцяне, — лепей за ўсё паказаць нараджэнне і станаўленне нашай дзяржавы... І калі быць шчырым, у архітэктурных адносінах я таксама рашыў бы плошчу як адміністрацыйна-дзелавы цэнтр. Будучыня ўсё роўна належыць адзіным, у сэнсе прызначэння, комплексам. А заадно і супярэчнасці, якія зазначалі ў гаркоме, былі б зняты.

— Дапусцім... А як жа з універсітэтам, з педінстытутам? — пацікавіўся Васіль Пятровіч.

— Іх, як і навукова-даследчыя комплексы, вынесем на важнейшыя магістралі. Гэта ўпрыгожыць вуліцы, асучасніць іх. Бо, упэўнены, — ні ў кога не хопіць нахабства пры плакіроўцы такіх комплексаў падпусціць класіку.

Сказаў гэта Віктар быццам мімаходзь, але Васіль Пятровіч зразумеў: ён даўно і сур’ёзна думае аб плошчах і магістралях, што вядуць да цэнтра.

Васілю Пятровічу зрабілася горка. Уявілася, як Віктар недзе на вуліцы біў яго сына, і стала зусім не па сабе. Аднак на памяць прыйшлі Кавалеўскі, тое, што партыйныя дакументы, газеты настойліва напамінаюць пра пераемнасць пакаленняў, пра бацькоўскія клопаты аб змене, і ён згадзіўся:

— Ну што ж, у добры час — паспрабуйце абгрунтаваць і развіць свае ідэі. Хаця, кажучы шчыра, мяне асабіста вы пераканалі не вельмі...

І зноў ён мучыцца, зноў з горыччу ўсведамляў сваю бездапаможнасць. Да таго ж раптам забалела сэрца — яно ныла і давала перабоі.

 

Понтус паявіўся ў кабінеце грозны, як Немезіда. Даючы разгледзець сябе, пастаяў у дзвярах, як у рамцы, і важна пасунуўся да пісьмовага стала, над якім, падпісваючы паперы, схіліўся Васіль Пятровіч. Але, бачачы, што яго дэманстрацыя асталася незаўважанай, нечым пераймаючы Барушку, зачапіў нагою крэсла і падсунуў яго бліжэй да стала наведвальнікаў.

— Памагай бог, — з’едліва пажадаў ён. — Значыцца, працуем? Ціхамірна, так сказаць, і плённа?

— Вы да мяне?.. — хмыкнуў Васіль Пятровіч.

— А што, не чакалі, канешне?

Ён ваяўніча адхінуў крысо плашча і сеў на падлакотнік крэсла.

Было ясна. Понтусу няма чаго траціць, і ён, хоць і ўзяў за правіла не хвалявацца, заявіўся сюды пакуражыцца. Рашыў, перш чым знікнуць з відавоку, грукнуць дзвярыма, закаціць сцэну — хай зазнае неспакой і чалавек, які прынёс яму бяду. Прага помсты, жаданне ўзняць гармідар распірала яго, і ён глытаў набягаўшую ад узбуджанасці сліну.

— У такім тоне, Ілья Гаўрылавіч, я гаварыць з вамі не буду, — бляднеючы, прамовіў Васіль Пятровіч.

— А я буду! Нават калі я такі, якім, выжыльваючыся, малюеце вы, то і тады я нейкую карысць прыношу. Сваім існаваннем, васпане, я хоць адну з дарог закрэсліваю. Пасля мяне астанецца не сто, а дзевяноста дзевяць. Усё лягчэй будзе выбіраць. А вы?

Гэта было падобна на трызненне, і Васіль Пятровіч разгубіўся. Понтус жа працягваў буяніць, яму хацелася аднаго — стаць жудасна страшным, каб і выглядам і словам уразіць, знішчыць Юркевіча.

— Вы ж самі не ведаеце, чаго вам трэба! Сёння — адно, заўтра другое. Мітусіцеся, кідаецеся высокімі словамі, ганіце чужыя творы, а свае стварыць — слабо. Што засталося ад вашага апошняга праекта? Пшык! Рабацягі бяскрыўдныя і тыя парываюць з вамі, бо цярпення не стае. А дзе ваш сын?.. І не вам судзіць мяне!

Васіль Пятровіч стаяў як паражоны громам. Што можна было зрабіць з гэтым узвар’яцелым, падурнелым чалавекам? Паспрабаваць адказаць? Ён не будзе слухаць. Папрасіць з кабінета? Не пойдзе. Выратавала Ніна.

У прыёмных ведаюць шмат. Яшчэ пра большае здагадваюцца. Пачуўшы Понтусавы крыкі, Ніна крыху памарудзіла, чакаючы, якія захады ўжыве шэф, потым паправіла прычоску і рашуча адчыніла дзверы.

Яе разлік аказаўся правільным. Рэфлекс даў сябе знаць — Понтус асекся: скандаліць сам-насам гэта не тое, што пры сведках. Але няма больш упартых і жорсткіх людзей за абывацеляў. Понтус плюнуў, нешта буркнуў і нервова заківаў нагою.

— Ілья Гаўрылавіч, прашу вас!.. Васіль Пятровіч заняты, — адчаілася Ніна, не зачыняючы дзвярэй. — Толькі што званілі з рэдакцыі. Напамінаюць наконт заказанага артыкула. А пра вас пыталася Ала Ільінічна...

Выглядала Ніна непрыступнай, гаварыла безапеляцыйна, з яўнай пагрозаю. У прыёмнай таксама мог нехта быць, і Понтус здаўся. Пры ўпамінанні ж Алы спружыніста ўсхапіўся, апякаючы расшыранымі ад гневу вачыма то Ніну, то Васіля Пятровіча, цераз гузік зашпіліў плашч і з узнятай галавою прадэфіліраваў па кабінеце да дзвярэй. Але зрабіў гэта не проста, а па нейкай даволі крутой дузе.

 

 

4

 

Развіднела, а Васіль Пятровіч усё пісаў. Пасля ўчарашніх размоў і чатырохсот грамаў, якімі аглушыў сябе ўвечары, думкі варушыліся марудна. Патрэбны былі намаганні, і работа ледзь пасоўвалася. Здаецца, усё было вынашанае, прадуманае, але на паперу класціся не хацела.

На стале заверашчаў тэлефон. Вось ужо з месяц ён будзіў усіх у адзін і той жа час, а калі хто-небудзь браў трубку, чуў толькі кароткія гудкі. Нехта, помсцячыся, дапякаў гэтымі званкамі Васілю Пятровічу або Валі настойліва, з тупой упартасцю. Думаючы — гэтак жа будзе і цяпер, Васіль Пятровіч усё-такі падняў трубку. Але на тым канцы провада адбою не далі.

— Ну? — спытаўся Васіль Пятровіч, адчуваючы, як развальваецца ад болю галава: — Гаварыце ж, ліха на вас!

У трубцы хмыкнулі.

— Можаце павіншаваць сябе і сваю спагадлівую супругу, — сказаў сіплы перарывісты голас: —Ала Валахановіч натварыла глупстваў і злягла.

— Што? — не паверыў Васіль Пятровіч. — Хто гэта гаворыць? Малевіч? Прызнавайцеся ж, я пазнаў вас!

Аднак у трубцы пілікалі ўжо кароткія гудкі.

Нешта сціснула сэрца ў Васіля Пятровіча. Прычым боль быў нейкі незнаёмы, быццам цябе мёртваю хваткаю трымалі загрудкі, і сэрца знемагала ад таго, што яму цесна.

Баючыся застагнаць, здзіўлены, што падупадаюць сілы, Васіль Пятровіч, як іншы раз рабіў і дасюль, уключыў радыёпрыёмнік. Прыслухаўся: дзякуй богу — ніхто не прачнуўся. Значыць, і не прачнецца. А яму толькі б адпачыць. Крыху адпачыць.

Ён жа ніколі не адпачываў. Вырваўшыся на курорт, браў работу з сабой і туды — трубіў і там, аддаючы сябе без астатку...

Сумеўшыся, Васіль Пятровіч глянуў у акно — праспект быў яшчэ пусты. Гэта трошкі заспакоіла: часу яшчэ аставалася. Аднак боль нарастаў, распіраў грудзі, падступаў пад горла.

Калі па радыё сталі перадаваць ранішнюю зарадку. Васіль Пятровіч не вытрываў. Прыціскаючы левай рукою сэрца, азіраючыся на дзверы, нібыта рабіў нешта забароненае, набраў нумар «хуткай дапамогі».

Доўга чакаць не давялося. Малады заспаны, з чырвонай плямаю на шчацэ ўрач даў яму пад язык таблетку. Ён, відаць, ведаў, што наляжаў пляму, сердаваў на гэта і, беручы з некага прыклад, раз-поразу з задзірлівай важнасцю ўскідваў галаву і моршчыў лоб. Калі, пакінуўшы яшчэ адну таблетку ў запас, урач рэціраваўся, Васіль Пятровіч усхадзіўся — прагнаў Клаву, якая ўпарта тырчала ў дзвярах, і зноў узяўся за артыкул.

Аднак, калі ён скончыў яго і, паслаўшы пасцель на канапе, лёг, раптам, без выкліку, заявіўся раённы ўрач — вастраплечы, сівы, з густымі чорнымі бровамі — і, хмурачы іх, доўга выслухоўваў Васіля Пятровіча.

— Не шануем мы сябе, — нарэшце паспачуваў ён. — Зусім не шануем...

— А можа стацца, не шануем адзін другога? — праз сілу ўсміхнуўся Васіль Пятровіч.

Урач зачыніў накрыўку танометра.

— Я не буду маніць вам, — панізіў ён голас, быццам сам прынёс Васілю Пятровічу бяду. — У вашым распараджэнні, таварыш Юркевіч, гадзіны дзве. Прыйдзецца выклікаць інфарктную брыгаду. Дзе ў вас тэлефон?..

Васіль Пятровіч спачатку яму не паверыў, пачаў казырыцца, а потым ніяк не даваўся, каб яго на насілкі клалі санітары. Толькі калі насілкі паднялі з падлогі, калі ў калідоры ён убачыў спалатнелы Валін твар, яе вочы, якія нібыта расплыліся ў слязах, зразумеў: справы, здаецца, сапраўды швах. Але кантраст паміж зусім нядаўнім і тым, што прарочылі яму, быў такі вялікі, што надзея — яшчэ ўсё абыдзецца! — не пакідала Васіля Пятровіча, а Валіны слёзы, узрадаваўшы, у сваю чаргу расчулілі да слёз.

— Мацуйцеся, — па-свойму зразумеўшы яго, падбадзёрыў санітар з аголенымі па локаць валасатымі рукамі.

Два ложкі ў палаце былі заняты. На адным ляжаў барадаты стары з застыглым тварам і спакутаванымі вачыма, а на другім — чарнявы юнак з прыгожым абрысам галавы і атлетычнымі плячыма.

Палата напоўнілася людзьмі ў белым. Пачаліся цягучыя, сумныя, як паніхіда, працэдуры — рабілі кардыяграму, давалі ўколы. І тут Васіль Пятровіч другі раз угледзеў Валю. Сашчапіўшы рукі, яна стаяла ва ўзгалоўі. Рукі Валя трымала блізка ля падбародка, і здавалася, што ёй холадна і яна хукае на іх. Зноў цёплае пачуццё абдало Васіля Пятровіча. Але ў ім ужо было больш маркоты, чым любасці, і кранала яно не глыбока.

— Прашу гепарын! — строга сказала жанчына ў белым, якая распараджалася і дасюль.

Нешта знаёмае пачулася ў яе голасе, у вобліку.

«Дзе я сустракаўся з ёй? — прайшла стараною і тут жа, не патрабуючы адказу, канула ў небыццё думка. — Трэба Віктару напісаць... Як яны там будуць?..»

Нешта няўмольнае навалілася на Васіля Пятровіча, і ён, абнядужаўшы, застагнаў. Пякучы боль, працяўшы наўскасяк грудзі, пачаў ірваць сэрца. Але неўзабаве, быццам растварыўшыся, некуды кануў і боль.

Над Васілём Пятровічам, абапал яго, загарэліся рознакаляровыя сузор’і. Яны мігцелі, гаслі, і калі гаслі — рабілася дужа іх шкада.

Потым Васіль Пятровіч адчуў, што ляціць. Дакладней — падае ў прадонне. Праўда, цела яго страціла вагу, яно можа лунаць, ды нейкая сіла цягне Васіля Пятровіча ўніз, і ён падае, падае і вось зараз бразнецца на дно, і тады будзе вельмі балюча. Боль пакуль што не вяртаецца, але жыве чаканне яго. Няма, як і раней, страху, але варушыцца, жыве чаканне страшнага. Нарэшце знікла і гэта...

Валя бачыць, як, пакрываючыся бледнасцю, дранцвее і нібыта аддаляецца ад яе Васіль Пятровіч. Толкам не ведаючы, што і навошта збіраецца рабіць, яна кідаецца з палаты і бяжыць па страшэнна даўгім калідоры да тэлефона. Неслухмянай рукою набірае адзін нумар, другі, трэці — звоніць у Саюз, звоніць у гарком Кавалеўскаму, звоніць Міхалу Шарупічу. Просіць, патрабуе, моліць, каб памаглі.

У палаце пуста ўжо — некуды падзеліся хворыя, з медперсаналу — толькі ссутуленая ўрач на табурэтцы ды сястра, якая ўсё яшчэ трымае ля рота Васіля Пятровіча кіслародную маску. Але вусны ў яго стулены, знямелі, і ён не дыхае.

— Дыханне, доктар! — ірванулася да ўрача Валя. — Рабіце ж што-небудзь!

Урач паслухмяна ўзяла Васіля Пятровіча за рукі і зрабіла некалькі адпрацаваных рухаў. Вусны ў яго разляпіліся, і ён чутачку ўцягнуў паветра.

— Ну-ну, Вася! Калі ласка! — пачала маліць Валя, адчуваючы, як балюча яму.

Яе словы нейкім чынам кранулі яго свядомасць. Але ён не пазнаў, чые яны. Дый не хацеў пазнаваць, як не хацеў вяртацца з наступіўшага наўкол спакою ў свет, дзе такі пякельны боль і мукі.

— Ну-ну, для мяне!..

— Для цябе? — нечакана спытаўся ён бадай што выразна.

Гэта было неверагодна, але ён зрабіў намаганне і, удыхнуўшы паветра, міргнуў павекамі.

Далей Васіль Пятровіч жыў як у тумане, часта ў беспамяцці, але ўвесь час адчуваючы Валіну блізкасць. Паставілі капельніцу, і, прытомнеючы, ён уздрыгваў ад болю ў левай руцэ. Калі ж запалілі святло, Васіль Пятровіч убачыў, што ў палаце зноў поўна людзей. Здаецца, не скранулася з месца зажураная Валя. Побач з ёй згорбілася знясіленая жанчына-ўрач.

— Што ж, Наталля Іванаўна, першая атака адбіта! — сказаў нехта.

Васіль Пятровіч раней не чуў гэтага імя, але тут раптам пазнаў жанчыну.

«Ну, вядома, яна, — падумаў ён. — Вядома яна!.. Тая, што так горача гаварыла пра сваю кватэру, калі ён зайшоў у першы, што трапіўся дом у мікрараёне шарыкападшыпнікавага завода».

— Наталля Іванаўна... — паўтарыў Васіль Пятровіч і заўважыў побач з ёй строгага, чужога Аскоцкага са стужкаю кардыяграмы ў руках. Той таксама ўбачыў, што Васіль Пятровіч прыадкрыў вочы, нахмурыўся і, нечакана ўхмыльнуўшыся, быццам неўзлюбіў сам сябе, пачаў аддаваць загады сёстрам.

Калі ж Васіль Пятровіч ачнуўся наступны раз, у палаце былі прыцемкі — гарэла адно сіняе бра над дзвярыма. Чулася роўнае дыханне некалькі чалавек.

Не могучы паварушыцца, Васіль Пятровіч павёў вачыма навокал.

Хворыя спалі. Седзячы, спала і Наталля Іванаўна, паклаўшы рукі і галаву яму на ложак. Толькі Валя з лыжачкаю ў руцэ стаяла на ранейшым месцы.

 

 

5

 

Час цягнуўся не дзелячыся на дні і ночы. Яго марудная плынь суправаджалася цягучым шыпеннем-шумам, які не спыняўся ні на хвіліну і трываў на адной нуднай ноце. Гэтую няспыннасць, аднастайнасць узмацняла і тое, што кожны раз, калі Васіль Пятровіч прытомнеў, ён бачыў каля ложка Валю. Яна паіла яго з лыжачкі, выцірала яму лоб, не давала варушыцца і падымаць рукі.

Пераадолеўшы падобнае на немарасць-забыццё, Васіль Пятровіч і цяпер убачыў Валю побач, на табурэтцы. Паставіўшы локці на калені, падпёршы далонямі падбароддзе, яна сядзела з заплюшчанымі вачыма. Але па яе нахіле, чуйнай паставе, было відаць, што Валя не спіць. І як толькі Васіль Пятровіч прачнуўся і стаіў дыханне, яна падалася да яго.

— Які сёння дзень? — варухнуў ён рукою, заўважаючы, што твар у яе асунуўся і пацямнеў.

Яна задумалася, падлічваючы дні.

— Выходзіць, чацвер.

— Не можа быць!

Яму здалося, што ў жонкі нават плечы сталі вастрэйшыя. Гэта ўразіла яго і напомніла пра ўсё. Выразна адчуваючы, што бяссілле робіць яго празмеру сентыментальным, ён плаксіва зморшчыўся і ледзь падавіў рыданні.

Валя бліжэй падалася да яго і прыклала палец да губ.

— Маўчы і не хвалюйся... Маўчы!.. Надыходзіць пара, і хлапчукі стараюцца быць дарослымі.

— М-м... Ты вельмі добрая і, як заўсёды, аддаеш сябе другім...

Яна закрыла яму рот далоняй і раптам сама адчула горкую, але вартую ўсяго перажытага палёгку. Не, нават не палёгку, а радасць — сэрца неяк само сабою прымала Васіля Пятровіча як роднага. І не гвалтам, не таму, што так было трэба, а таму, што яна, Валя, адстаяла яго ад нечага безнадзейнага, у параўнанні з якім усё нішто. Не, не, яна любіла яго і дасюль, тайна, пакутліва, хаваючы гэта ад сябе. Але цяпер раптам атрымала магчымасць любіць адкрыта, ганарыцца сваёй любоўю.

Баючыся, што не авалодае сваёю радасцю, загаварыла пра старонняе:

— Хвілінку назад бегала званіць дамоў. У калідоры сустрэла — каго б ты думаў? — Караля. Змяніўся, схуднеў. У піжаме проста не пазнаць!

— І ён тут? — не паверыў чамусьці Васіль Пятровіч.

— Кажа, прыступ стэнакардыі — нейкія непрыемнасці з пенсіяй. А за якую віну? Ну ладна, няхай часам перагібаў палку, але не вельмі песціў і сябе... Аднак, калі спыталася, як маецца, жартаваў. Кажа, самая цяжкая хвароба заўжды ў цябе самога, а найлягчэйшая — у суседа. Ха-ха! Проста шкада яго стала. Нешта трагічнае ёсць ва ўсім гэтым.

— Раскажы лепш пра Лёньку.

— Клава гаворыць, што пускае бурбалкі, усміхаецца на ўвесь рот... Штодзень звоняць Сярдзюк, Шарупіч. Званілі з ЦК, з гаркома.

— Кавалеўскі?

— Але. Юра зноў пісьмо прыслаў. Зразумела, нічога яшчэ не ведае. Хваліцца, што працуе матросам на траўлеры, апісвае акіян, прыгоды...

Ён слухаў яе і ўваходзіў у жыццёвыя клопаты, хоць яны і здаваліся не такімі ўжо важнымі, крыху фантасмагарычнымі. Рэальны сэнс, значэнне пакуль што мелі толькі прымірэнне з Валяй, яе адданасць, якая нібыта ўстанаўлівалася нанава. Ды яшчэ хіба... работа.

— Віктар не заходзіў? — спытаўся ён.

— Прасіўся, каб дазволіла прыйсці сюды. Але пра гэта пасля. Мне трэба збегаць дамоў. Проста не ведаю, як яны там. Мусіць, і грошай няма. Забылася спытаць па тэлефоне.

Ён не разумеў, што Валіны клопаты аб доме — патрэбнасць хоць на хвіліну перанесці сваю ўвагу на нешта іншае, і гэта абразіла Васіля Пятровіча: як і навошта яна думае не толькі аб ім? У жыцці ўсё ёсць, у тым ліку беспрадметная рэўнасць і святы эгаізм. Да таго ж страшнавата было заставацца без Валі. Пакуль яна з ім, усё ідзе і пойдзе добра. А без яе?.. Яна вырастала ў яго вачах у абаронцу ад усіх бед і напасцей. Але жыццёвыя клопаты, як гаварылася, ужо вярталіся да яго. Твар у Валі быў змардаваны, у ценях, і Васілю Пятровічу стала сорамна.

— Ладна, ідзі, — пакратаў ён пальцамі. — Табе варта адпачыць...

З асобных слоў, што даходзілі да яго ў паўзабыцці і ў хвіліны прасвятлення, Васіль Пятровіч ужо ведаў: барадаты хворы, што ляжаў насупроць, — і як ён не пазнаў яго таксама? — Прыбыткоў, а юнак — сын Наталлі Іванаўны, Дзіма, які падарваўся на сваёй культурыстыцы. Прыбыткову, мусіць, рабілася горш. Ён ужо не падымаўся з пасцелі і звычайна, як і Васіль Пятровіч, ляжаў на спіне, утаропіўшыся ў столь нерухомымі вачыма. Барада ў яго злямчылася. Твар стаў васковы. Юнак жа рэдка стыкаўся ў палаце і меў дзіўную здольнасць — пакідаць пасля сябе на ложку неймаверны беспарадак, з двух-трох прадметаў (падушкі, коўдры, ручніка). Але калі ён усё-такі бываў у палаце, то чытаў кнігу або, надзеўшы навушнікі, з застыглым тварам слухаў радыё. Толькі адзін раз, калі Прыбыткоў загаварыў пра тое, што найважней чалавеку, які хоча як мага больш зрабіць у жыцці, азваўся кароткай фразаю: «Самае важнае, вядома, знайсці свой алгарытм».

— Здорава гэта вас! Болю, мусіць, хапіла б на дзесяцёх, — паспачуваў Васілю Пятровічу Прыбыткоў, калі заўважыў, што той разглядае сваю руку. — Але найцяжэй, гэта самае, збыць першую бяду. Цяперака ачуняеце.

— Пастараюся, — паабяцаў Васіль Пятровіч. — Маладосць жа ў нас саміх. Так, здаецца, казаў Шарупіч? Помніце, тады?..

У палату заглянуў Аскоцкі. Каўзануўшы позіркам па Васілю Пятровічу, не стаў аглядаць яго, а падышоў да Прыбыткова.

Сыты карак у яго паружавеў. Стала відаць: Аскоцкі адчувае, што дэманстрацыю яго заўважылі, за ім назіраюць, але стараецца паказаць сваю абыякавасць і да таго, што з гэтай нагоды могуць падумаць. Праўда, дэманструючы, ён злаваў, бо няздольны быў астацца абыякавым. Аднак усё роўна прымушаў сябе не спяшацца. Выслухаўшы скаргу Прыбыткова, знарок насмешліва вырак:

— Быў бы спраўны матор, а шасі, таварыш ганаровы грамадзянін, адрамантуем. Хоць урачы, зразумела, не багі. — І, пакручваючы перад сабой гумавую трубку фанендаскопа, закрочыў да дзвярэй.

Крыўда на Валю, якая ўздумала клапаціцца аб доме і па наіўнасці прыняла яго словы за чыстую манету, цяпер скіравалася на Аскоцкага — акуратнага, вытрыманага, падкрэслена халоднага. Відаць, пасля скандалу ў доме Валахановіча, Аскоцкі лічыў за свой абавязак трымаць сябе іменна так — адкрыта, непрымірыма караць вінаватага знявагаю. Сам ён ніколі ж не дазваляў і ніколі не дазволіць штоколечы непрыстойнае, што кідала б цень на рэпутацыю яго і знаёмых, усплыло на паверхню. А Юркевіч у гэтых адносінах паказваў сябе адкрыта не раз. Ён не палічыўся з самім Валахановічам! Што ж датычыць інфаркту — сам вінаваты, няхай не будзе такі порсткі. Цяпер Аскоцкаму была важна не сама хвароба, не яе лячэнне, а пазіцыя, занятая ім у адносінах хворага, свая слушнасць.

Васілю Пятровічу зрабілася моташна.

— Мо Наталлю Іванаўну пазваць? — занепакоіўся Прыбыткоў, калі Аскоцкі пайшоў.

Чаму ён прапанаваў паклікаць урача-ардынатарку, а не вярнуць Аскоцкага? Значыць, таксама нешта заўважыў. Але Васілю Пятровічу пакуль што падтрымка была не патрэбна, і ён прамаўчаў. Дый у дзвярах палаты паказаўся... высачэзны Эдзік. Пазнаўшы Васіля Пятровіча, ускінуў выцягнутую ў прывітанні руку і па-ваеннаму стукнуў пяткамі ў мяккіх шлёпанцах.

— Віншую слаўнае папаўненне! — выгукнуў ён. — Фізкульт-ура! Не чакалі?

На правах добрага знаёмага падышоўшы да ложка, нагнуўся, рукою, працягнутай між ног, намацаў табурэтку і падсунуў да сябе.

— А я тут непадалёку ад вас, побач, — як прыемную навіну паведаміў. — Ляжу з двума рабацягамі і адным ахоўнікам парадку ў адстаўцы. Каралём!..

Прычасаны і надушаны, у новай сіняй піжаме, нібыта пашытай спецыяльна на яго, Эдзік выглядаў франтавата, амаль як тады, у Алы. Маўчанне Васіля Пятровіча не збянтэжыла яго, а магчыма, захоплены тым, што збіраўся паведаміць, іншаму ён не надаваў значэння.

— Гэтага ахоўніка жонка наведвае. Маша, хо-хо-хо! — засмяяўся ён. — Як прынясе цэлую сумку ўсякай усячыны, а той падзаправіцца, ляжа і трымае яе, бы кавалер, за руку. Затое ўначы енчыць — бокам вылазяць прысмакі. Грэлка на ўвесь рост спатрэбілася... А наш Аскоцкі, кажуць, таксама адмачыў! Укапаў на сваёй дачы бочку, прывёз аднекуль птушынага памёту і, прыбіўшы да бочкі прабой, замкнуў на замок. Во акуратыст, хо-хо!.. Праўда, калі прыбіваў, стукнуў малатком па пальцы. Невядома толькі, дзе і хто перавязку рабіў? Няўжо ў хірургічным аддзяленні? Хо-хо-хо!..

 

 

6

 

Недзе на золку Васіль Пятровіч праснуўся ад болю. Сэрца то замірала, то білася, як злоўленае. І горш за ўсё, калі замірала — здавалася, што яно знемагае і крываточыць у бяссіллі вырвацца.

Страху не было. Ён неяк прытупіўся, а потым і знік зусім. Асабліва пасля таго, як Васілю Пятровічу зрабілася цяжка дыхаць і спакой пачаў спакушаць больш, чым жаданне жыць.

У палаце зноў завіравала. І зноў у мітусні белых халатаў свядомасць вылучала толькі дзвюх — Валю і Наталлю Іванаўну. Праўда, і на іх Васіль Пятровіч глядзеў як бы збоку, быццам яны завіхаліся не ля яго, а некага яшчэ. Толькі калі боль адступіў, усё стала на свае месцы.

— Дзякую, — сказаў ён, калі здолеў гаварыць.

Наталля Іванаўна пагладзіла яго па шчацэ.

— Малайчына вы, Юркевіч! У нас у франтавым шпіталі начальнік быў урач, які раней служыў на флоце. Дык ён у падобных выпадках гаварыў: «Так трымаць! »

Васіль Пятровіч разумеў, што ніякі ён не малайчына і што Наталля Іванаўна проста падбадзёрвае яго. А калі ў яго і ёсць яшчэ вытрымка, то гэта перад усім — інерцыя, вынік таго, што яму не страшна. Але ўсё роўна гэтыя не надта хітрыя словы Наталлі Іванаўны былі яму прыемныя. І ён ведаў, што, калі толькі ачуняе, абавязкова будзе пры выпадках паўтараць іх, хваліцца імі.

У той жа час у гэтых словах таілася праўда: адсутнасць страху — таксама сіла. Ушчэнт зняможаны, раскрыжаваны на ложку, Васіль Пятровіч у хвіліны палёгкі адчуваў яе. Думалася: самае ганебнае і жахлівае, чым надзяліла чалавека прырода, — гэта жорсткая чэрствасць і страх. О, гэтыя страх і жорсткая чэрствасць!..

Васіль Пятровіч не ведаў, што ён паміраў, ды калі б і ведаў, пэўна, усё адно цяпер не дужа турбаваўся б, што яго жыццё вісіць на валаску. Сама смерць, якую ён перажыў, стала іншай успрымацца ім. Раней яна ўяўлялася як ледзяны подых святла і холаду, што, працінаючы, у цябе адбірае ўсё дарагое. Цяпер жа яна хутчэй уяўлялася натуральным пераходам у спакойнае небыццё. А хіба ёсць людзі, якія баяцца сну або бунтуюць супроць яго?.. Але гэта былі ўжо развагі без думак, нешта накшталт унутранай перакананасці, што, як вера, жыве сама сабою, незалежна ад свядомасці, а то і насуперак ёй.

Таму гэта не рабіла Васіля Пятровіча пасіўным. Наадварот. Яно давала яму адчуваць свае ранейшыя правіннасці і цяперашнюю незалежнасць, свой абавязак — пакуль ёсць сілы, умешвацца ва ўсё. Яно ўзнімала яго над жыццёвымі інтарэсамі і дробнымі ўмоўнасцямі. Зноў і зноў успаміналася, як некалі, яшчэ ў першыя гады пасля Перамогі, ён наведаў Прыбытковых. Перад вачыма паўставаў страшэнна цесны катушок у сутарэнні, пастрыжаныя ножніцамі дзеці. Увушшу чуліся словы Прыбыткова аб краіне простых людзей, дзе кожны як усе... Дзе кожны як усе!.. І гэта таксама надавала сілы.

Калі пасля абходу Наталля Іванаўна збіралася ўжо ісці з палаты, ён цвёрда папрасіў яе:

— Будзьце ласкавы, напомніце Аскоцкаму, што ўрачэбная этыка не дазваляе ўрачу забіваць нават безнадзейных сіфілітыкаў. Так, па-мойму? Ва ўсякім разе, у глухое сярэдневякоўе ўрачы, карыстаючыся сваім правам, не дазвалялі вешаць хворых асуджаных, пакуль не вылечвалі іх.

Плечы ў Наталлі Іванаўны ўздрыгануліся, і яна, вярнуўшыся, зноў схілілася над ложкам.

— Вы верыце мне? Так? Тады запомніце, што цяпер у вас адна задача — ачуняць.

— О не-э, Наталля Іванаўна, — звёўшы павекі, паматаў ён галавою. — Даруйце, м-м... але зараз у мяне больш задач, чым было. Я вельмі мала на сваім вяку выкрыў нягоднікаў. Не адстаяў і блізкага друга ад іх... Развучыўся як след цаніць людзей. Асабліва калі сустракаўся з імі не на рабоце. Дый не надта думаў аб сваіх учынках.

Васіль Пятровіч адчуў: урач спалохалася і не знаходзіць, што адказаць яму, але вачэй не адкрыў і, паказваючы сваю непрымірымасць, нахмурыўся. Ён не заўважыў, калі ўвайшла Валя, але па дотыку пазнаў яе і здагадаўся, што жонка чула размову.

— Ты згодна? — спытаўся, упэўнены, што яна ўхваліць яго.

Валя памарудзіла.

— Мне, Васіль, Юра ўспомніўся і верш Вольгі Бергольц. Памятаеш?

 

А я вам говорю, что нет

Напрасно прожитых мной лет,

Не нужно пройденных путей,

Впустую слышаных вестей...

 

— Правільна! — перапыніў яе Прыбыткоў. — Але ўсё адно крыўдна памерці ад таго, што цябе ўбрыкнуў асёл. Нават калі ты і будзеш бараніцца. Так некалі сказаў мне адзін узбек, Валянціна Сяргееўна...

Праз колькі часу да Прыбыткова ў адведзіны завітаў сын. Малады, прыемна спакойны, пастрыжаны пад паўбокс. Зваліўшы прысланыя з дому прыпасы на тумбачку, пацалаваў бацьку і, каб не сядзець да Валі спінаю, прымасціўся на ложку. Ён, мусіць, ведаў і Васіля Пятровіча і Валю, бо павітаўся проста, без цырымоній. Выслухаўшы радасныя прывітанні бацькі, усміхнуўся, праўда, крыху запознена — відаць, пры дадзеных акалічнасцях лічыў сябе старэйшым і старшым.

— Не зусім пазнаю цябе, — упікнуў.

— Эге, раскіс, — прызнаўся Прыбыткоў. — Карціць, гэта самае, умяшацца ва ўсё. Усё кранае, расчульвае. Прачытаю што-небудзь у газеце — і то слёзы...

Прыбыткоў трошкі паружавеў і вырачваў свае лупатыя вочы на Валю, не то прызнаючыся перад ёй у сваёй павазе да сына, не то запрашаючы лепей разгледзець яго. Калі ж той нахіліўся, жадаючы распакаваць адзін з кулькоў, Прыбыткоў знячэўку моцна ляпнуў яго па карку. Збоку здалося, што Прыбыткоў-малодшы таксама адкажа нечым падобным, а пасля, як гогалеўскі Астап, выпнуўшы грудзі, будзе чакаць бацькавых кухталёў. Але ён адно чуць запознена ўсміхнуўся і сеў раўней.

— Унук, тата, засумаваў па табе, — сказаў прыцішана. — Румзаў, пакуль не ўзяў з сабою. Так што цяпер у раздзявалцы сядзіць. Дзівіцца, чаму не пускаюць. Дзяцей, маўляў, ясна чаму — сваволяць. А яго з якой прычыны? Ён жа дарослы ўжо. Несправядлівасць чорная...

— Чаго ж ты не сказаў адразу? — прыўзняўся на локцях стары, але сын прытрымаў яго.

— Не трэба. Ён зразумеў...

Калі Прыбыткоў-малодшы пайшоў, бацька як бы пагас. Але па-ранейшаму жыў думкамі аб сыне, бо неўзабаве загаварыў пра яго.

— Віталік у мяне чэкіст, — звярнуўся ён да Валі, якую ахвотней за іншых выбіраў у субяседніцы. — Псіхолаг. Многім падпольшчыкам добрае імя вярнуў. А не так даўно яны, гэта самае, аперацыю правялі. Аднаго зацятага субчыка здалёк ухітрыліся вывезці. Вядома, без асаблівай яго згоды.

— Навошта? — зацікавілася Валя.

— О-о!.. Ён у мінскай СД справу аб падполлі вёў. Многіх сам катаваў і на смерць паслаў. У яго, гэта самае, рукі па локці ў крыві. Але бралі яго не толькі каб справаздачу даў. Трэба было яшчэ сёе-тое пераправерыць, падысці да ісціны з другога боку.

— Я разумею... Ды ці не пазнавата крыху? — паволі стала бляднець Валя.

— Вы, вядома, не забыліся, з кім Шакала на той свет праводзілі?

Валя дробна заморгала.

— Вы маеце на ўвазе Алешку? Кастуся?

— Але.

— Няўжо яго яшчэ падазраюць у чым-небудзь?

— Не, Шарупіч, безумоўна, зрабіў сваё. Ды вам, мабыць, вядома, што ён дасюль у партыю не падаваў, хоць душою ў ёй. Таму, гэта самае, наўрад ці позна калі расчышчаць дарогу вартым...

У палату ўвайшоў Эдзік. Прыкрыўшы рукою рот, каб не пырснуць дачасна смехам, стаў насупроць ложка Васіля Пятровіча.

— Салют! Загнуўся наш князь-законнік! — бухнуў ён рогатам. — І выстагнацца пасля жончыных пачастункаў не паспеў. А яшчэ нядаўна, казалі, усе ордэны надзяваў, калі ехаў у санаторый або ішоў купляць білеты на вакзал.

Сэрца ў Васіля Пятровіча рванулася, абнемагло. Ён ухнуў і некалькі разоў уцягнуў гарачае паветра.

— Вы... вы ў сваім розуме? — ледзь здолеў выціснуць з сябе. — Як у вас язык паварочваецца? Указ аб адказнасці за жорсткія адносіны да жывёл і то есць... Чалавек вы ці хто?!.

Эдзік дурасліва сагнуў у локцях узнятыя на вышыню плячэй рукі і памацаў біцэпсы.

— Па-мойму, самы сапраўдны. Запытайцеся хоць бы ў Алы. І не мая віна, што, падабаецца гэта казе ці не, карова дае больш малака.

— Валюша, заклінаю, скажы гэтаму падонку, каб пайшоў адсюль. І даруй мне самому... Усё даруй! Усе... — прастагнаў Васіль Пятровіч.

Забыўшыся, што яна ў бальніцы, Валя ўсхапілася з табурэткі.

— Прэч адсюль! — закрычала яна Эдзіку. — Вы і падэшвы няварты таго, з каго кпіце або з кім пацвяляецеся! Прэч!

Эдзік ухмыльнуўся сам сабе, пахрустаў новенькай, відаць, грашовай паперкаю ў кішэні. Хацеў быў звярнуцца за дапамогаю к Прыбыткову, але, убачыўшы яго вочы, рэціраваўся з палаты. Да яго не даходзіла, чым ён наклікаў на сябе ўсеагульнае абурэнне.

 

 

7

 

Аказваецца, сэрца запамінае ўсё.

Яно прымае на сябе ўвесь боль, усе радасці і гора, якія выпадае чалавеку перажыць. А прыняўшы — убірае ў сябе і бязлітасна, ашчадна хавае. Нясе ў сабе, пакуль б'ецца, жыве — без стомы, без надзеі на спачын ці палёгку. Больш таго — новыя боль ці радасць могуць ускалыхнуць у ім даўнія...

Калі адчынялі акно і праветрывалі палату, з вуліцы хвалямі наплываў водар. Супроць бальніцы быў сквер. Ліпы сёлета зацвілі рана, разам. Удыхаючы іх чуць душнаваты, але мілы пах, Васіль Пятровіч уяўляў сабе праспект, рух на ім, ліпавыя прысады і хваляваўся — неўзабаве горад апранецца ў святочнае ўбранне.

А сёння цёпла, сонечна. Па небе плывуць аблачынкі-каравелы. Ад будынкаў і ліп кладуцца кароткія цені. Імчаць аўтамашыны, важна сунуцца тралейбусы. На тратуарах — стракаты, яркі натоўп. Большасць у белым і аранжавым: сёлета гэта модны колер. Але самае выдатнае, дарагое ва ўсім гэтым — мусіць, ахопленыя квеценню ліпы і гэты водар, які пануе над усім. Пешаходы, размораныя ад цеплыні, стараюцца ісці цяньком.

Ды рэдка хто на поўныя грудзі не ўдыхае паветра, не любуецца духмянай, залацістай красою.

А знаходзіліся ж людзі, якіх раздражнялі самі клопаты аб гэтым будучым духмяным харастве. «Надумаў ліпавы горад збудаваць?» — кпіў Зорын, задаволены сваёй дасціпнасцю. Што гэта было? Вядома, не толькі блізарукасць, няўменне жыць поўна, а чэрствасць, самай чыстай пробы жорсткасць. Валя, хоць і гаворыць, што ў жыцці ўсё складана, па сутнасці, таксама схіляецца да гэтага — усё часцей сцвярджае, што сапраўднае мастацтва робяць добрыя рукі...

Хваляванне ў Васіля Пятровіча нарастала, захлынала яго. У гадавіну людзі азірнуцца назад, агледзяцца навокал, і ўсё будзе відней. Але памяць падсоўвала ўспамін аб Понтусе, Барушку, Малевічу, Аскоцкім... І Васіль Пятровіч ужо абураўся, шукаў новых фактаў, каб да канца выкрыць і закляйміць сваіх праціўнікаў.

— Наша краіна заваявала сабе права на шчасце, — сказаў ён, адчуваючы, як нешта бярэ ў абцугі сэрца і боль, прастрэліўшы грудзі, цаляе ў лапатку. — Таму людзей чэрствых, якія не жадаюць разумець другіх, я прыраўняў бы да сацыяльна небяспечных людзей...

Валя ўстрывожылася, узяла яго за руку. Дзіма — сын Наталлі Іванаўны — прыўзняўся на локці і ўпёрся ў Васіля Пятровіча шырокімі, нібыта ён прачнуўся ад страху, вачыма. Аднак Прыбыткоў запярэчыў:

— Справа тут не так ва ўзаемаадносінах, у добрасардэчнасці, — уздыхнуў ён, нібыта дзьмуў на агонь, — як у тым, куды, гэта самае, чалавек скіроўвае жытку і другіх людзей. Бо сапраўды: будзеш горкі — заплююць, а салодкі — зліжуць. Мы не ў беспаветранай прасторы жывём.

— Не-э! Не-э! — пачаў кідацца па падушцы Васіль Пятровіч. — Трэба ўкласці ў галовы людзям, што дружалюбнасць — першая запаведзь. Першая і галоўная!.. З яе пачынаецца ўсё! Хоць некаторыя і апошлілі гэта слова. Клопаты аб людзях падказаны зараз жыццём. Каб рухацца наперад, яны патрэбны яму самому!..

Трымаючы мужа за плечы, цалуючы ў лоб, пераноссе, Валя прынялася супакойваць яго. Прыбыткоў уключыў сігнал-выклік. Адкінуўшы коўдру, Дзіма без тапцяў выскачыў у калідор па маці і сястру.

А Васіль Пятровіч матляў галавою, грымаснічаў ад болю і выпінаў грудзі, быццам нейкая нядобрая сіла распірала іх.

Прыбеглі Наталля Іванаўна, сястра. Заявіўся Аскоцкі. Уладна адпіхнуўшы ўрача-ардынатарку, ступіў да ложка. Але Васіль Пятровіч з жахам таргануўся і паспрабаваў падняцца.

— Валя! — пачаў маліць, бяссільна адкідаючы галаву на падушку. — Скажы ты яму, што я нізашто, нат паміраючы, не прыму дапамогі з ягоных сіберных рук. Не патрэбна мне такая дапамога!

Аскоцкі пабарвавеў, з грэблівым шкадаваннем хацеў быў адхінуць просціну, якая ўкрывала Васіля Пятровіча, але сустрэўся з Валіным позіркам і адступіў за спінку ложка. Стаўшы там у паставе манумента, кіўком загадаў Наталлі Іванаўне агледзець хворага.

Боль паласаваў Васіля Пятровіча, і, каб перамагчы яго, ён уцягваў паветра праз зубы, а выдыхаў шумна, з раздзьмутымі шчокамі, быццам адсопваючыся. Гэта рассейвала ўвагу, і здавалася: боль меншае.

Пачалі даваць уколы, рыхтаваць кісларод. У праход паміж ложкамі ўехала каляска, падобная на тыя, што ў марожаншчыц, — значыць, зноў збіраліся запісваць кардыяграму.

 

 

РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ

 

1

Узаемаадносіны з шэфам у Віктара складаліся своеасабліва. Васіль Пятровіч, успамінаючы сына, адразу пачаў апекаваць Віктара. Бачачы ў ім нешта блізкае, спадзяваўся зрабіць уплыў, абаперціся пры патрэбе. Ды ў маладосці свая логіка. Настаўнікі ёй патрэбны, пакуль не вырастуць крылы. Ёй мала выконваць запаветы. Яна прагне рызыкаваць і ствараць запаветы сама. Яна пераацэньвае сябе, не супроць паблажліва аднесціся да тых, хто ставіў яе на ногі, спрыяў ёй — паспрабаваў бы рабіць іначай!..

Да гонару Віктара, ён стараўся быць удзячным Васілю Пятровічу, хаця б ужо таму, што той даваў яму магчымасць абыходзіцца без лішніх настаўнікаў і, «азадачваючы», не замахваўся на яго веру ў сябе. Дый вопыт другіх паступова пачаў усё больш цікавіць Віктара. Ён стаў наведваць семінары, удзельнічаў у сімпозіумах, у калёквіумах. Мімаходзь думалася і аб тым, што дарогу, па якой ідзе да поспехаў усякі Ле Карбюзье, можна расчысціць, а можна і заваліць каменнем. Васіль Пятровіч жа рабіў усё, каб падобных перашкод на дарозе ў Віктара было як мага менш. У той жа час, выслухоўваючы парады, павучанні свайго мэтра, Віктар часцютка стрымліваў усмешку. Старамоднымі, дакучлівымі здаваліся і самі парады, і імкненне павучаць. «Не можа без гэтага», — з вясёлым здзекам думаў ён.

Аднак, пабачыўшы Васіля Пятровіча распластаным на ложку, падумаўшы, што яго можа не стаць, Віктар гатовы быў упасці ў адчай. Не, добра было, што побач працаваў, няхай і дакучаў настаўленнямі, гэты ўпарты, крыху сумбурны чалавек. Ён меў у душы нешта такое, за чым гатовы быў пайсці на край свету. Ён намагаўся жыць як бы наперадзе сябе, каб у выпадку чаго было куды адступаць, астаючыся сабою. Ён умеў трымаць у руках будаўнікоў, «Выбіць» у пэўных інстанцыях дэфіцытныя матэрыялы. Умеў паставіць праблему, знайсці да яе падыходы — і нават цяпер палічыў патрэбным напісаць у гарпраект пра свае меркаванні па генплану... І было прыемна назіраць за ім, неспакойным. З ім неяк вастрэй усведамляліся і ўласныя задачы. Расла адказнасць за работу, глыбей раскрываўся яе сэнс. Без яго і бацькі наўрад ці так адкрышталізаваліся б Віктаравы ўласныя ідэі.

Пасля новага прыступу Васіль Пятровіч аслабеў зусім. Змучаны хваробаю твар здранцвеў, страшэнна схуднелі рукі, Васіль Пятровіч цераз сілу згінаў ногі ў каленях. А калі згінаў, яны і пад коўдраю здаваліся вострымі.

За акном буяла чэрвеньская раскоша, а ён пластом ляжаў на ложку, не маючы ні сіл, ні права павярнуцца на бок або па звычцы закласці за галаву рукі. Таму невядома было, пра што і як з ім гаварыць. Было ясна толькі: нельга гаварыць пра дробязі, нельга спачуваць і падбадзёрваць.

— На сонцы, пішуць, гіганцкі выбух, — першае, што сказаў Віктар, калі зайшоў у палату. — Распаленыя газы выштурхнула на цэлы мільён кіламетраў.

— Ого... — бясстрасна здзівіўся Васіль Пятровіч, але было відаць: ён удзячны за тактоўнасць. — А як справы на Пуліхаўскай? Перадай там, у гарпраекце, няхай па-гаспадарску абмазгуюць усё, што датычыць забудовы магістралей, якія злучаюць цэнтр з раёнамі, і цэнтраў саміх раёнаў. Я пазней напішу... Чым сам жывеш? Быў на выстаўцы Ражбы?

Віктару зрабілася пакутліва шкада яго.

— Быў, вядома... Думаю аб сацыяльным аспекце нашай архітэктуры. Дзе стык індывідуальных выгод і такіх калектыўных рэчаў, як абслугоўванне, сувязі, выхаванне? — усміхнуўся ён, і расказаўшы, як справы з вуліцаю Пуліхава, з генпланам, як ідзе падрыхтоўка да свята, паляцеў шукаць Аскоцкага.

Загадчык аддзяленнем быў у сябе ў кабінеце. Пачуўшы за дзвярыма ўзрушаныя галасы, Віктар пастукаў.

— Хвілінку! — загадалі яму пачакаць, і той жа голас цішэй дадаў: — Я паўтараю, што мне трэба пакласці новага хворага. Быў званок. Разумееце, мне званілі!

— Але ў маіх палатах няма месц, — не згаджаўся нехта.

— Фу ты! Выпішыце каго-небудзь, хто папраўляецца.

— Пакуль што няма і такіх. А калі сапраўды ёсць патрэба, давайце выпішам таго... з шостай палаты. У яго ж адна хвароба — старасць. Яго ж спіхнулі нам, як у багадзельню.

— Перастаньце! І не спекулюйце тым, што вы жанчына. Ёсць вышэйшыя меркаванні. Ясна?.. Хто там, прашу!

Кабінет быў маленькі, застаўлены мэбляй і рэчамі. Аскоцкі сядзеў за пісьмовым сталом і размаўляў з жанчынаю ў белым халаце, якая, унурыўшыся, трымала ў кулаку скамечаную хусцінку.

— Вось такім чынам, Наталля Іванаўна, — з націскам сказаў Аскоцкі, быццам бы гіпнатызуючы яе. — Шукайце чалавека, а не выпадак. Лячыце хворага, а не хваробу. А калі будзеце трымаць у бальніцах здаровых, яны зноў стануць хворымі.

У Віктара склалася ўражанне, што для гэтай тырады Аскоцкі і дазволіў яму ўвайсці. Бо жанчына здзіўлена зірнула на патрона, потым на Віктара і, сцепануўшы плячыма, пайшла да дзвярэй.

Яшчэ больш пацямнелы з твару — ён, відаць, чакаў кагосьці іншага, — Аскоцкі вачыма паказаў на крэсла, узяў ручку, пачаў нешта пісаць.

Нядобра, калі цябе сустракаюць без усмешкі. Але гэта не збянтэжыла Віктара. Наадварот, настроіла на скептычны лад, і ён з ухмылкаю пачаў назіраць за строгім эскулапам, ведаючы, што доўга той не вытрымае. І сапраўды, Аскоцкі адклаў ручку і далоняй правёў па негустых, старанна залізаных назад валасах, праз якія прасвечвалася ружовая скура.

— Я вас слухаю.

Ён пазнаў Віктара, але палічыў за лепшае не прызнацца ў гэтым. Сярдзюк-малодшы, безумоўна, прыйшоў да яго як просьбіт, а з незнаёмымі просьбітамі размаўляць, як вядома, лягчэй.

— Я хачу даведацца пра здароўе Юркевіча.

— Юркевіча? — не маргнуў Аскоцкі. — Звярніцеся, калі ласка, да ўрача, які яго лечыць. Яна вось толькі што пайшла.

— А вы не ў курсе?

— У нас існуе падзел працы.

— Ён жа, мусіць, адзін з самых цяжкіх...

Аскоцкі быццам выключыў зрок — глядзеў на Віктара, але не бачыў яго.

— Як правіла, лёгка паранены лямантуе галасней, чым паранены цяжка, — сказаў ён сцяне і, зняўшы з апарата тэлефонную трубку, узяўся набіраць нумар. — Іменна як правіла. Тым больш з псіхічнымі вывіхамі...

Перад Віктарам, як назнарок, адкрывалася яшчэ адна грань жыцця. Безумоўна, ён і раней ведаў, што яно — не суцэльнае свята. Але, верачы ва ўсемагутнасць розуму, быў пераконаны: да мэты можна ісці, не дужа паглядаючы на бакі і пераступаючы калдобіны. Таму бацька здаваўся яму празмеру замкнутым, Лёдзя — больш чым трэба недаверлівай, Юркевіч — залішне дыпламатычным.

«Самі ўскладняюць сабе жыццё, — думаў ён пра іх. — Ваююць з ветракамі, выдумляюць грозных, каверзных праціўнікаў. А тут важна мець ды ўмець. І задача адна — як мага хутчэй сцвярдзіць сваю ідэю, а праз яе і сябе... Праўда, ёсць адзін рэальны крымінал — бяздарнасць. Але гэта зусім іншая справа!» А выходзіла, ёсць яшчэ крыміналы і небяспекі, прычым падсцерагаюць яны ў самых нечаканых месцах.

Даючы зразумець, што ісці адсюль ён не збіраецца, Віктар прыўзняўся і глыбей сеў у крэсла. У трубцы пачуліся пазыўныя гудкі, але Аскоцкі пакруціў яе ў руцэ і паклаў назад на рычаг.

— Што, уласна, вам ад мяне трэба?

— Ці ўсё робіцца, каб ратаваць Юркевіча з яго, як вы кажаце, вывіхамі? Я гатоў пайсці, куды загадаеце. Мо трэба кансультанты? Кансіліум? Дэфіцытныя прэпараты? Вы ўяўляеце, як патрэбен ён гораду і ўсім нам?

— Вельмі добра ўяўляю. Аднак мушу заўважыць, што ніхто Юркевіча не прымушае псіхаваць. І давайце не будзем абражаць адзін аднаго просьбамі!..

Аскоцкі гаварыў, не хаваючы сваёй пагарды, але так, каб да яго нельга было прычапіцца. І адначасова — каб Віктару было цяжка ўмяшацца ў гэтую справу або што-небудзь папрасіць другі раз. Усім сваім выглядам — паставаю, выразам твару — Аскоцкі як бы казаў: «Наіўны ты чалавек, я ж ад цябе не залежу і залежаць не буду. Дык чаго ж ты? Няўжо не даходзіць і гэтая прастая ісціна? Да таго ж плюс — ты ні шыша не разумееш у нашым жыцці-быцці і ніколі не ўведаеш такога, што мог бы скарыстаць супроць мяне, галубчык! Ясна? Таму не казырыся. Не варта. Дарэмна толькі свой запал растраціш...»

 

 

2

 

Праз дзень падышоў выхадны. Выдаўся ён пагодны, прасторны.

У такія дні горад абуджаецца рана. Яшчэ да таго, як пачынаюць хадзіць трамваі і аўтобусы, у шызаватых ранішніх змроках на тратуарах спяшаюцца людзі з вёдрамі, з кошыкамі. Апранутыя «па-лясному» — вольна, у паношанае — яны поўны нецярплівасці. Бо сапраўды прыемна сесці ў зафрахтаваны аўтобус або проста ў кузаў заводскага грузавіка і з песнямі, сярод жартаў, ехаць за горад, дзе вецер і неба іншыя, не такія, як у горадзе, а потым, гукаючы, блукаць па барах і пералесках.

А тут яшчэ пракінуліся каласавікі, і тыя, хто паспеў пабываць у грыбах напярэдадні, паддаў ахвоты. А як жа! Каласавік — не пазнейшы ўстойлівы мацак-баравік, які трывае ледзь не да замаразкаў. Каласавік цешыць сэрца грыбніка і цешыцца сам усяго з тыдзень. Паявіцца ў дубнячках, узгоркаватым хвойнічку, на зацішных лясных ускрайках, пакрасуецца і знікне. Таму часта няма ў яго баравіковай самавітасці, точанай формы, няма густых, трывалых фарбаў. Але ўсё-такі гэта — белы грыб! Самы ранні!

Невядома як дзе, а ў Мінску такія паездкі-вылазкі сталі страсцю, што расце з кожным годам. Зацятых грыбнікоў цяпер мо больш, чым паляўнічых, рыбакоў і турыстаў разам узятых. У грыбы выязджаюць з начлегамі, па адным і цэлымі сем’ямі. Імчаць на матацыклах, веласіпедах, ка ўласных аўтамашынах і спецыяльна заказаных прафкомам ці заўкомам аўтобусах. Газуюць як толькі можна, абганяючы адзін аднаго.

Віктар ведаў, што робіцца ў ранішнія гадзіны на дарогах. Каб не марнаваць часу і быць першым, не заганяў машыны ў гараж, за некалькі кварталаў ад дому, а пакінуў нанач на двары, пад вокнамі свае кватэры.

Стараючыся не разбудзіць бацьку, Віктар апрануўся, не запальваючы святла. Узяў пад паху падрыхтаваны звечара пакуначак з ядою і паціху прычыніў за сабою дзверы. Але высветлілася, што забыў купіць малака або, як думаў, у горшым выпадку, сітро. Хоць ён і так спазняўся, давялося вярнуцца, шукаць тэрмас і гатаваць каву.

— Вы ўдваіх паедзеце? — падаў з пакоя голас Сярдзюк-старэйшы. — Глядзі не гані. Што новага наконт Юркевіча?..

Па вуліцы за акном праносіліся аўтамашыны. І таму, што яны імчалі пакуль што па адной і ў адным кірунку, здавалася: імчаць вельмі шпарка, і кожная стараецца дагнаць пярэднюю. Гэта нервавала. Тым больш учора, калі Віктар прапанаваў Лёдзі паехаць у грыбы, яна доўга аднеквалася і згадзілася толькі, калі ў яго на вачах ад крыўды набеглі слёзы.

Наогул апошні час Віктар вастрэй адчуваў і крыўду, і радасць, і поспех, і няўдачы.

Ён як бы чакаў нечага надзвычай важнага, і прыход гэтага важнага ставіў у залежнасць ад сваіх радасцей, крыўд, няўдач.

— У суботу нас прымаў Кавалеўскі. Даў выгаварыцца, раіў цікавіцца тым, што робяць на свеце другія, — адказаў ён бацьку, крыху спакайнеючы. — Нагадаўся Юркевіч. Я набраўся смеласці і ляпнуў... Усе прыціхлі нават, але сышло. Кавалеўскі абяцаў націснуць дзе трэба. Падключыцца і Шарупіч. Хіба я не расказаў табе? — І нечакана зноў захваляваўся: — Іншы раз страшна робіцца — што было б, калі б не было гаркома?!

— «Што б было, калі б не было», — праз кашаль засмяяўся Сярдзюк-старэйшы. — Ты сёння надзіва красамоўны. Але малайчына, што Юркевіча ўспомніў.

— Нічога не папішаш, бацька. Калі трэба, дык трэба і прабіваць.

Пад’язджаў Віктар да аўтагарадка, калі сонца глядзела на вуліцу з-за дахаў дамоў. Праўда, яшчэ вялікае, але ўжо сляпучае, гарачае. Надзеўшы люстраныя акуляры, хмурачыся, ён абганяў аўтобусы, грузавікі і кляў сваю няўвішнасць. Па тратуарах ішлі, спяшаліся пешаходы, але яўна гэта былі ўжо не грыбнікі — на абліччах і на самой іхняй паспешлівасці ляжаў адбітак больш сур’ёзных будзённых клопатаў.

Лёдзя адчыніла яму дзверы з ухмылкаю, правяла ў сталовую.

— А нашы даўно паехалі, — паведаміла яна насмешліва, як гавораць з беларучкамі-сонямі, — тата, праўда, без асаблівай ахвоты. Амаль усю ноч над перспектыўным планам сядзеў...

Віктар ніякавата затупаў на месцы.

— Пад Волму, пэўна, падаліся?

— Не. Яны з піянерамі-следапытамі. На Лагойшчыну. Партызанскія сцежкі паказваць. А заадно хочуць паглядзець, у якім стане магіла іх знаёмага камбрыга. Воранава. Не чуў? Загінуў у час блакады.

У кожнай кватэры жывуць свае пахі. Пасля начы яны асабліва выразныя. Віктар удыхаў іх, і сэрца білася з перапынкамі, замірала, знікала зусім. І, можа быць, ніколі дасюль Лёдзя не была яму такая жаданая, як цяпер.

Калі праязджалі паўз мора, ім раптам заманулася пакупацца. Праезд цераз плаціну быў закрыты, але Віктар, збочыўшы з шашы, пакаціў прама, не змяншаючы хуткасці.

— Што ты робіш? — схапілася за руль Лёдзя.

— Хо! Па-першае, як бачыш, няма ні душы, — прыкрыў ён яе руку сваёй. — А па-другое, я ўсё ж гаспадар тут трошкі. Скажу пры выпадку, што трэба сёе-тое агледзець перад святам. Мне сёння ўсё даруецца...

«Масквіч» яны паставілі на спецыяльнай пляцоўцы. Распрануліся, замкнулі вопратку ў машыне і ў купальніках пабеглі на пляж.

Не было толькі куды падзець ключы, і Віктар заціснуў іх у кулак.

На пляжы было пуста. І таму, што на залітым касымі праменнямі беразе з паласатымі парасонамі-грыбамі і блакітнымі раздзявалкамі не было людзей, блізкасць Лёдзі здавалася страшнаватай, фантастычнай. Ад дзяўчыны падаў доўгі цень, і гэта рабіла самую Лёдзю вышэйшай. У адкрытым купальніку яна выглядала зусім не такой, да якой прывык Віктар. Залацістыя голыя рукі, плечы, шыя бянтэжылі.

Лёдзя заўважыла гэта, але трымала сябе з насмешлівай годнасцю, нібыта наўмысна дазваляючы любавацца сабою. «А што, падабаецца? — гаварыў яе выгляд. — Тады глядзі. Глядзі, прывыкай і знай нашых!» Яна адначасова як бы спакушала, кпіла і паказвала сваю, дадзеную прыродаю красу.

— Пачакай, — папрасіла, узяўшы Віктара за плечы і паварочваючы яго так, каб не блішчалі акуляры. — Я не была ўпэўнена, што мы будзем купацца, і не ўзяла купальнай шапачкі. Пастой капельку смірна, калі ласка.

Стаўшы ка пальчыкі і паглядаючы ў шкельцы акуляраў, як у люстра, Лёдзя закруціла косы ў куксу і завязала касынку. Потым, можа, наогул мала думаючы пра Віктара, пачала прыхарошвацца.

Яна глядзела яму проста ў вочы, але бачыла толькі свой адбітак і адно была занята тым, што рабіла. Віктар жа бачыў толькі яе. Бачыў, занятай сабою, і блізка-блізка. Праз акуляры Лёдзін твар здаваўся смуглейшы, вочы цямнейшыя. Але Віктар бачыў, як гэты твар жызе, мяняецца, як вільготныя ад ветру і зіхотнай разлегасці вочы то гарэзліва пабліскваюць, то вузеюць і робяцца ўважлівыя. А галоўнае — зрэнкі! Не сустракаючы чужога позірку, яны быццам адкрытыя і пускаюць у сябе — углыбіню, дзе тайна, душа — усё.

— Лёдзя, я кахаю цябе, — сказаў ён, палохаючыся яе вачэй, што раптам расшырыліся, наліліся слязьмі і замерлі.

Цяпер акуляры перашкаджалі ўжо, і Віктар сарваў іх. Святло, якое ішло з неба, ад вады, ад пясчанага пляжа, асляпіла яго, і ён заплюшчыў павекі. А калі расплюшчыў, дзяўчыны перад ім не аказалася. Ад нечаканасці Віктар адступіў на крок і зноў убачыў яе. Закрыўшы далонямі твар, Лёдзя, бяссільная, ссутуленая, сядзела на пяску. Плечы ў яе ўздрыгвалі — яна плакала.

— Лёдзя! — гукнуў ён, не адважваючыся дакрануцца або нават схіліцца над ёй.

Яна перастала плакаць. Набрала жменю пяску і доўга глядзела, як ён ссыпаўся з далоні.

— Сядзь ля мяне, — папрасіла, выціраючы далонь аб купальнік.

Віктар пакорна апусціўся побач. І дзіўная рэч — раней, ідучы з ёю або беручы яе пад руку, ён заўсёды адчуваў сябе большым, дужэйшым. Лёдзя побач здавалася мініяцюрнай, кволай. Цяпер жа, наадварот, Віктар адчуваў сваю бездапаможнасць перад ёю. І гэта рабіла дзяўчыну не толькі жаданай, але і ненагляднай. Ёй хацелася служыць, хацелася аддаць сябе пад яе ўладу, стаць яе нявольнікам — хай распараджаецца жыццём, смерцю — усім!

— Лёдзя, — паўтарыў ён, разумеючы, што яна будзе даверліва слухаць яго, і баючыся, што яка чакае большага, чым ён здолее сказаць. — Я кахаю цябе! І кажу гэта не таму, што ты нядаўна ўпікала мяне. Мне і цяпер здаецца, што так было скрозь. Мы заўжды былі разам, я заўжды кахаў цябе, і ты ведала гэта. Бо як жа магло быць іначай? Свяціла ж сонца, расла трава... Я праектаваў будынкі, марыў аб здзяйсненнях. А хіба мела б усё гэта сэнс, калі б я не быў упэўнены, што ёсць ты, твае вочы, твая каса, упартасць? Мне за радасць думаць аб табе, служыць табе, спадзявацца, што я абараню цябе, якая б небяспека не насунулася. Усё, што я зраблю, — а я клянуся, што зраблю! — будзе тваё. У ім будзе мая павага, любоў...

Яна ўзняла на яго вочы, якія раптам высахлі і сталі строгія.

— Я веру, — сказала яна. — І гатова таксама паклясціся. Я мала яшчэ зрабіла для людзей. Але, калі будзе трэба, я аддам ім жыццё. Заўтра, сёння... А калі не заўтра і не сёння, тады — кожны дзень...

Дамоў яны вярнуліся пад вечар. Перш чым развітацца, заглянулі ў парк. Узяўшыся за рукі, пайшлі па знаёмых прысадах. Калі траплялася лаўка, Лёдзя залазіла на яе і ішла, як па кладцы. А Віктар вёў яе за руку і памагаў, бы малой, саскокваць на зямлю. Ля альтанкі, не зважаючы на прахожых, яны патанцавалі.

 

 

3

Не скажаш, як гэта адбываецца. Актыўная Лёдзіна натура прагла свайго сцверджання, старалася праявіцца. Але так звычайна бывала, калі падзеі закраналі яе асабіста або блізкіх людзей. Лёдзін бунт або згода, імкненне нешта змяніць або ўсталяваць у навакольным не выходзілі за сцены дома, цэха. Яе сябрамі ці ворагамі былі людзі, з якімі яна сутыкалася твар у твар, чыю ласку або жорсткасць адчувала непасрэдна. І вось раптам яе душа як бы вырасла, абняла свет.

Хутчэй за ўсё, гэта пачалося праз бацьку. Ён быццам стаяў на варце таго, што адбывалася ў жыцці. Нутром угадваў небяспеку, востра адчуваў светлае, радаснае і рабіў усё, каб адхіліць адно і падтрымаць другое. Часамі нават здзіўляла, як яму ўдаецца: нічога асаблівага ў ім не было. Хіба што памагалі жыццёвы вопыт, разважлівасць ды адсутнасць карыслівых разлікаў. Бацька быў гаспадар-працаўнік, гаспадар-бессярэбранік і, мусіць, таму ведаў, што і калі трэба жыццю. Пры такіх абставінах заўтрашні дзень мог быць толькі яго другам, і бацька жыў, працаваў, каб наблізіць гэты дзень, папярэдзіць магчымыя беды, што пагражалі яму. Да таго ж, ён не хацеў і не мог жыць іначай.

— Адным, але пахваліцца, дачка, магу, — казаў ён, — папрацаваў я за сваё жыццё ўсмак...

Чарговым яго захапленнем быў перспектыўны план завода.

Фізічная праца не была ў цяжар бацьку. Яна ўзнімала ў ім усплёск энергіі, сілу. Не ламала касцей і гарачыня, што панавала ля электрапечы — бацька любіў «папакутаваць» і на палку ў лазні. Ён быў майстар. Прайшоў нялёгкую школу і ганарыўся ёю. А вядома: дзе гонар, там задавальненне. Аднак ён разумеў: у Лёдзі і яе аднагодак усё іначай — яна з іншай закваскаю, з іншым лёсам. Таму іх неабходна вызваліць ад лішніх фізічных намаганняў, ад цяжкой фізічнай стомы пасля работы. І, думаючы над перспектыўным планам, бацька ў першую чаргу думаў не пра сябе, а пра гэта. Ведаў: калі ўзняць культуру працы, вызваліць рабочых ад празмернай фізічнай нагрузкі, прыйдзе сапраўдная асалода работаю, а значыць — і нябачная дасюль прадукцыйнасць...

Дык хіба маглі гэтыя бацькавы клопаты-думы аставіць глухой Лёдзю?

Не абышлося і без маці. І хоць Лёдзя не прымала матчынай самаахвярнасці, яе бяздумнай адданасці, чаму служыў бацька, на Лёдзю праліліся святло і цеплыня матчыных адносін да людзей. Маці была цярплівіца, добразычліўка, а значыцца — і клапатуха, працаўніца, поўная турбот і трывог за другіх. Яе душа, як рэха, адгукалася на добрае і злое, яе ўяўленне аднолькава ўражалі і блізкія і далёкія няшчасці. Яна шкадавала людзей. А, як вядома, шкадаванне і любоў жывуць поруч.

Віктар уваходзіў у Лёдзіна жыццё цяжка, выклікаючы пратэст. І хто ведае — каб не настойлівасць Віктара і не матчыны захады перашкодзіць іхняму збліжэнню, усё магло атрымацца іначай. Але любоў, якая прыходзіць цяжка, праз перашкоды, найбольш моцная любоў.

Прымушаючы многае выбіраць нанава, штурхаючы на рашучыя крокі, Віктар прынёс з сабой невядомыя раней хваляванні, інтарэсы, думкі. Дый, калі так можна сказаць, самі іх межы рассунуліся. І не толькі ў прасторы, але і ў часе.

Дасюль Лёдзя жыла тым, што ёсць вось цяпер, тым, што было навокал яе. Іменна яно брала Лёдзіну ўвагу. Усю. І такім чынам засланяла тое, што чакала наперадзе. Не, раней яна, безумоўна, таксама імкнулася да нечага. Вучылася, працавала, дамагалася свайго. Але гэта выглядала своеасаблівым бегам на месцы. Ёй не ставала далёкага залатога агеньчыка, які заўсёды быў бы перад вачыма. І вось ад бацькоў прыйшла павага да людзей, а ад Віктара — турботы аб іх будучым. Віктар трызніў заўтрашнімі гарадамі, канструяваў іх у сваім уяўленні, і яго захопленасць, зразумела, перадавалася Лёдзі. Марыў пра завод наступных гадоў і бацька. Будучыня такім чынам набывала для Лёдзі канкрэтныя абрысы, захапляла. Яна як бы набліжалася.

Дый сам час развінаў перад Лёдзяй далягляды. Нават на Зямлю дазваляў паглядзець збоку, убачыць яе ўсю — у цудоўных фарбах, залітую сонцам...

Раніцою, спусціўшы ногі з пасцелі і жмурачыся ад сонца, Лёдзя знячэўку сама адчула змены, што адбыліся ў ёй. У пакой ліліся косыя, як учора на пляжы, праменні. У іх мітусіліся, паблісквалі мірыяды залацістых пылінак, і гэта нагадвала пляж. Убачыўшы сябе ў люстэрку, Лёдзя ўстала і падышла да яго. Рукою сабрала на стане кароткую начную сарочку і агледзела сябе. Стала зусім радасна і думна.

— Вось як усё паварочваецца, Лёдзечка, — пахваліла яна сябе.

З кухні даляталі прыглушаныя, хрыпатыя пасля сну галасы бацькі і маці. Лёдзя прыслухоўвалася да іх і заходзілася ад салодкага радаснага пачуцця.

 

 

4

І ўсё-такі Віктар аставаўся крыху чужым. Шчаслівая любоў безразважная, слепаватая і перад усім ведае самую сябе. Лёдзя ж усё яшчэ нечага чакала. А калі, развітваючыся, Віктар ля пад’езда прыхінуў яе і ўпершыню горача пацалаваў, яна раптам адзначыла, што губы ў яго пачуццёвыя, прагныя.

— Ты, мабыць, многа цалаваўся?.. — сказала жартам, але ў словах чулася прыкрасць.— І, па-мойму, занадта адчуваеш асалоду быць закаханым...

На работу Лёдзя пайшла з бацькам. Вітаючыся ў прахадной з вусатым вахцёрам, успомніла, як той, калі яна праходзіла тут першы раз, захоплена спытаўся: «Твая, Міхале? Красуня. Усе хлопцы будуць яе!» Лёдзю пацягнула аддзячыць яму чым-небудзь за колішняе, і яка, хоць ззаду напіралі, прыпыніўшыся, павіншавала яго:

— З надыходзячым вас святам, дзядзька!

— Гэта з якім? — не адразу расшалопаў ён.

— Забыліся? Напомні, тата...

— А-а, — расплыўся ва ўсмешцы вахцёр. — Адразу відаць, што твая, Міхале!

Гэта прагучала як пахвала, і Лёдзю агарнула пачуццё еднасці з бацькам. Гэта адчуванне было такое моцнае, што ёй зноў, як некалі, здалося: яна жыве даўно-даўно, і жыве іменна яго жыццём.

У цэху было яшчэ ціха, бязлюдна. Панавалі шызыя змрокі. Гула, патрэсквала толькі адна вагранка, страляючы буйнымі, хвастатымі іскрамі, што, ударыўшыся аб сцяну, быццам узрываліся.

Пакуль цэх ахінала цішыня, Лёдзя любіла пасядзець, падумаць. Але сёння, перагаварыўшы з майстрам, яна, не чакаючы сваіх напарнікаў, узялася за пераналадку. Работа спорылася, і, калі прыйшлі астатнія з брыгады, Лёдзя ўжо канчала работу.

— Ты, пэўна, і ў выхадны тут была, — падбегла да яе Кіра. — Але што з табой? Ты сама не свая!

Яе раскосыя вочы глядзелі з дакорам і ў той жа час нібыта абдымалі сяброўку, загадзя даруючы ўсё.

Перажытае на пляжы і дома раніцою поўніла Лёдзю. Дужа хацелася перад кім-небудзь раскрыць душу, не тоячыся, падзяліцца сваім шчаслівым замяшаннем, параіцца. Ва ўсякім выпадку — расказаць, каб яшчэ раз перажыць усё нанава, і мажліва, глыбей асэнсаваць. Гордасць не дала зрабіць гэтага перад маці. Кіра ж, здавалася, была спецыяльна створана для споведзі. Лёдзя выцерла аб рознакаляровы вехаць рукі і сышла з памоста.

— Што з табой? — перапытала Кіра і тут жа, забыўшыся на сваё пытанне, пастарэла тварам. — У нядзелю я званіла Валянціне Сяргееўне. Якое няшчасце!..

Лёдзя здзіўлена ўтаропілася ў сяброўку.

— Цяпер мы часта звонім адна адной, — заклапочана прызналася Кіра. — Мусіць, нішто так не збліжае людзей, як бальніца, разам перажыты боль. Не ведаю, можа, гэта ненадоўга, але зараз у мяне няма бліжэйшага чалавека.

— А я?

— І ты, — сур’ёзна і неяк азадачана адказала Кіра, быццам дзіўна было, што яе не разумеюць і могуць падазраваць у непаслядоўнасці.

Пазваўшы Лёдзю кіўком галавы, яна адвяла яе да акна і ўзрушана зашаптала:

— З Юркевічам пагана. Бунтуе, і яго глушаць дэпрэсінам ды снатворным. Валянціна Сяргееўна вар’яцее ад стомы. Перажывае і за «Гады неспакойнага сонца»...

Кірын шэпт быў гарачы, быццам абпякаў ёй губы. Лёдзі зрабілася трывожна.

— Значыць, новыя непрыемнасці?

— У іх ёсць там адзін... Я з яго жонкай ляжала. Пазнаў сябе ў «Гадах». А ў Маскве якраз пісьменніцкая нарада праходзіла, ну і махнуў туды. Змяшаў, вядома, кнігу з граззю. Ніхто ж там па-беларуску не чытае, паспрабуй — правер... Давай да дзядзькі Міхала сходзім!

Плавільная печ патрэсквала, гула. Пад столь ад яе ўзнімаліся барвова-малочныя клубы. З завалачнага акна страляла буйнымі хвастатымі іскрамі.

Міхал рабіў падсадку. У рабочай робе, у рукавіцах, у шыракаполым брылі з сінімі акулярамі выглядаў непаспешлівым, каржакаватым.

У печы бушаваў агонь, і калі Міхал, размахнуўшыся, тарцом шпурляў у завалачнае акно металічны брус, яго абдавала чырванаватым святлом.

— Усё на вока, тата? — паддалася свавольнаму пачуццю Лёдзя, не зусім яшчэ верачы ў сур’ёзнасць Кірыных страхаў.

Міхал, нібыта не пазнаючы, азірнуўся на дзяўчат.

— І на смак, — без усмешкі адказаў ён, лічачы доччын жарт недарэчным.

— Вы прабачце, дзядзька Міхал, — перахапіла ініцыятыву Кіра, — мы на хвілінку да вас... — І, не чакаючы, калі ён кончыць сваю справу, напорыста пачала расказваць пра акалічнасці, што прывялі іх сюды.

Шпурнуўшы апошні брусок, Міхал выцер узмакрэлы лоб хустачкаю і як бы скінуў нешта з сябе.

— Гэта вы правільна... І я б на вашым месцы запрасіў яго да нас у чырвоны куток,— сказаў ён спакойна. — Няхай, калі хопіць духу, выкажацца...

Стала Лёдзя да машыны ўжо без таго лёгкага адчування, з якім яна працавала перад размоваю з Кіраю і бацькам. Не было і ўпэўненасці, што ўсё ідзе і выкіроўваецца да лепшага. Рупіла ўмяшацца ў падзеі, бараніць справядлівасць — Лёдзя сапраўды ўжо не магла прайсці міма чужога гора. У той жа час недзе глыбока скрытае адчуванне шчасця ўсё роўна жыло ў ёй.

Яна амаль механічна рабіла сваю справу. Брала пад’ёмнікам апоку, падцягвала яе, ставіла на стол.

Потым уключала машыну. Тузала за рычаг, каб чорная зярністая зямля сыпанула ў апоку, а калі тая з верхам напаўняла яе, зачыняла люк. Разраўняўшы зямлю, спрытна прыкрывала апоку шчытком і заціскала заціскачкамі. І толькі пасля крыху збірала ўвагі — трэба было пераварочваць стол, уключаць прэс — і з палёгкаю штурхала нагою гатовую паўформу на ролікі, да зборшчыкаў. Праца патрабавала намаганняў. Але адносіны з машынаю былі простыя, сяброўскія, і гэта, нягледзячы ні на што, жывіла тое харошае адчуванне, якое мы звыклі называць шчасцем.

І цяжка сказаць, якое пачуццё — ці спачуванне незаслужана пакрыўджанаму чалавеку або вось гэтае радаснае, прыемнае, што не пакідала Лёдзю, — але яно не дало ёй адразу пасля работы развітацца з сяброўкаю, прымусіла пайсці праводзіць яе.

Рабочы пасёлак рыхтаваўся да свята. Ад ліхтара да ліхтара сунулася аўтамашына з высока ўзнятым кошыкам, і манцёр, стоячы там, угары, як матрос-назіральнік на салінгу, мяняў плафоны — шары. Дзяўчаты ў спяцоўках прадаўшчыц мылі і афармлялі вітрыны магазінаў. Супроць універмага, на рагу, рабочыя ўстанаўлівалі вялізнае пано — магутны крутахібы зубр рагамі і лабэцінаю падымаў кузаў самазвала, з якога ў рачны праран ляцела скальнае каменне.

Святочнае ўбранне вуліц, вядома, не было навіною. Але звязвалася з Віктарам і па-новаму цешыла вока.

Махаючы дубчыкам, які Лёдзя падняла яшчэ ля цэха, яна ішла лёгкім, спружыністым крокам і ўбірала ў сябе першыя адзнакі і вітанні надыходзячага свята. Параўняўшыся з паркам, згадала, што да Віктара на свята зноў прыязджае маці. Дурэючы, правяла дубцом па жалезнай агарожы, бы па струнах. Слухаючы, як адгукаюцца пікі, заўсміхалася.

— Ты думаеш, я забылася на Валянціну Сяргееўну, — спыталася нечакана, зганяючы з твару ўсмешку. — Не, вядома... Цяжка ёй. Перажыла такое... Я сёння ж пачну чытаць...

 

 

5

«Гады неспакойнага сонца» ўсхвалявалі і ўразілі Лёдзю. Гэта была кніга пра навакольнае, блізкае. Лёдзя не належала да тых наіўных чытачак, якія ўсё прымаюць на веру і не ўлоўліваюць розніцы паміж героямі кніг і рэальнымі людзьмі. Але і яна душою прыняла верагоднасць таго, аб чым пісала Валя. Многае нават пазнала — сябе! Бацьку! Кіру!.. Многае наогул здалося сваім, некалі бачаным, чутым, асабіста перажытым, толькі не да канца ўсвядомленым. І гэта хвалявала асабліва.

Некалі, падуладныя модзе, Лёдзя з таварышамі па брыгадзе наведаліся ў мастацкую галерэю. Ім надзвычай тады спадабаліся пейзажы Бялыніцкага-Бірулі. За сваю прастату, задушэўнасць. За нейкую родную праўду. Вяртаючыся на тралейбусе да сябе ў аўтагарадок і гледзячы задуменна ў акно, Кіра аж ускрыкнула: «Глядзіце, гэта ж Біруля!» Магілёўская шаша тут яшчэ была не забудавана. Воку адкрываўся далягляд — пабурэлае ўзгоркаватае поле, пакручасты ручай, прыбярэжны вербалоз, а над ім — восеньскі прывялы блакіт і самотная прадаўгаватая хмурынка, за якой, здавалася, вось-вось, абавязкова ланцужком, пацягнуцца аблачынкі. Потым яны сапраўды, нібыта праступіўшы з глыбіні неба, паплылі за хмурынкаю, якая пачала мяняць форму, кудлаціцца, а нешта бірулёўскае як было, так і аставалася ва ўсім гэтым.

З нечым падобным сустрэлася Лёдзя і тут. Але галоўнае — перад ёю як бы раскрылася цана навакольнага, яно рабілася бліжэйшым, даражэйшым. Няхай яно таіла ў сабе не толькі радасці ды справядлівасць. Няхай да радасцей прыходзілася ісці праз выпрабаванні, у самім болю было жыццё, яго рух.

Зерне ўпала не на камень. У Лёдзінай барацьбе за справядлівасць было многа вуглаватай крыўды, бунту, і кніга дадавала да іх любоў, самаадданасць...

Калі яна з Кіраю ўвайшла ў пад’езд дома, дзе жылі Юркевічы, Лёдзя захвалявалася, як перад адказным экзаменам. Праўда, яна бадай што прывыкла да выступленняў на сходах, мікрафон і тэлекамера не надта бянтэжылі яе. На сустрэчы да аўтазаводцаў нярэдка прыязджалі артысты, пісьменнікі, вучоныя, кампазітары, так што адчуванне незвычайнага ад усяго гэтага прытупілася. Ды сама яе сумленная праца, якая была акружана павагаю, рабіла сваё. Аднак тое, на што наважылася Лёдзя, з’яўлялася як бы новым крокам у яе жыцці, і яна хвалявалася.

— Чаго ты? — падбадзёрыла яе Кіра, перадаючы пакет з нейкай дамашняй смакатою, якую пасылала Арына. — На, вазьмі. Гэта добра, калі што-небудзь ёсць у руках.

Сама яна выглядала спакойнай, можа, толькі крыху заклапочанай, і, відаць, турбавалася аб адным — каб як мага лепей выканаць сваю місію.

Перш чым пазваніць, яны старанна агледзелі адна адну.

Мусіць, у гэтыя дні сюды шмат хто заходзіў, бо домработніца пусціла іх у кватэру, правяла ў кабінет і толькі тады паведаміла, што Валянціна Сяргееўна ненадоўга адлучылася і неўзабаве вернецца.

У кабінеце было прасторна, хоць стэлажы, спрэс застаўленыя кнігамі, наступалі на пакой з трох бакоў. Вялікі пісьмовы стол з бюстам Купалы, скураныя крэслы, канапа, варсісты дыван на падлозе, у правым кутку крэсла-качалка з клятчастым пледам. У прасценках — афорты: краявіды Мінска, партрэт Валі. Усё гэта здалося Лёдзі нязвыкла значным, поўным сэнсу. Знаёмы быў толькі крутахібы нікеляваны зубр, што стаяў на сярэднім стэлажы, — падарунак аўтазаводцаў. Адчуванне незвычайнага, значнага ўзнікла ў Лёдзі, пэўна, таму, што яна ніколі яшчэ не трапляла ў пакоі, дзе што-небудзь можна было разглядаць, як у музеі або бібліятэцы. І перад усім — кнігі: шыкоўныя і сціплыя, новыя і зашмальцаваныя, тоўстыя і брашуры. Сціскаючы пальцы левае рукі, Лёдзя пайшла ўздоўж стэлажоў. Варухнулася зайздрасць — во каб ёй столькі кніг! Гэта адно здалося шчасцем, і ў Лёдзі займала дыханне. Кіра ж аглядала кабінет з прыхаванай нецярплівасцю, быццам галоўнае было наперадзе...

І сапраўды — праз хвіліну яна паклікала Клаву і папрасіла паказаць Лёньку.

Валя застала ў кабінеце адну Лёдзю. Задраўшы галаву, варушачы губамі, тая чытала назвы кніг. Валя сама багатварыла кнігі. Любіла трымаць іх у руках, гартаць, разглядаць малюнкі. Ёй падабалася, як кнігі пахнуць. І Валя зразумела дзяўчыну.

Папярэджаная домработніцаю, прыбегла Кіра, і яны ўтраіх селі цесненька ка канапе. Сустрэча ўзрадавала ўсіх, але ў кабінеце не хапала Васіля Пятровіча, і паказваць сваю радасць было няёмка.

— Як добра ў вас, — сказала Лёдзя. — Вы тут і пішаце?.. Мы прыйшлі расказаць вам, як жывём, як працуем перад святам. Хочам падзякаваць за аповесць. Кіра кажа, што калі хто пасмее сказаць пра яе дрэнна, яна першая кінецца ў бойку.

Валя страпянулася, узяла Кірыны рукі ў свае:

— Гэта праўда, Кірачка?

— А як жа! Ведаеце, Валянціна Сяргееўна, мы запрасілі да сябе Малевіча. Хацелі спытацца, для каго пішуцца кнігі. Але ён дасюль не адказаў на наша запрашэнне і не адкажа, вядома! — усхапілася Кіра, але гаспадыня пасадзіла яе. — Вас, пэўна, вельмі любіць муж, Валянціна Сяргееўна?

— Васіль? Я заўсёды кахала яго мацней, чым ён мяне, Кірачка.

— Не можа быць! Хоць у нас тое самае. Я не магу без Пракопа і не ўяўляю, як можна жыць, калі ўвечары не раскажу, што было ўдзень. А ён навучыўся ўжо маўчаць цэлымі гадзінамі і думаць пра свае справы. Вы, пэўна, стаміліся?

— Але. Ахвота нават самой захварэць, толькі б адпачыць капельку.

Жанчыны адчуваюць прыгажосць востра. Заўважаюць змены ўраз і больш дакладна. Затужыўшы пасля адчутае радасці, Валя глядзела на сваіх абаронніц, быццам стараючыся запомніць нешта, і бачыла не толькі іх шчырасць, спагаду. Кіра відавочна харашэла. Насуперак экспансіўнасці натуры, у ёй усё выразней праступала спакойная, бадай што самавітая мацярынская краса. Лёдзя ж свяцілася, цвіла, як бы ў чаканні нечага трывожнага.

— Ты шчаслівая? — не стрымалася і спытала ў яе Валя.

Тая спахмурнела.

— Не ведаю. Можа быць... Мяне задавальняе маё месца сярод людзей. Падабаюцца адносіны з машынамі. І калі вучуся, дык таму, што хачу больш ведаць... Каб толькі не аднастайнасць...

Выходзілі яны разам. За дзвярыма Валю чакаў сюрпрыз: на лесвічнай пляцоўцы таптаўся Шмакаў. Без шапкі, у расхрыстанай вышыванай кашулі і ярка-сініх штанах з акуратна адпрасаванай стрэлкаю. Перастаўшы круціць кутасы паяска, ён схіліў галаву.

— Я да цябе, Валянціна... — пачаў, пахіснуўшыся. — Думаеш, я забыўся на мінулае? На вайну, блакаду. Дудкі! Усё ўва мне. І пішу пра іх, як бог і людзі на душу паложаць. Даю слова, гэта не так ужо мала...

Згледзеўшы, што дзяўчаты, каб засланіць яе, ступілі наперад, Валя прытрымала іх.

— Хочаш, Аркадзь, жыць як дворнік тратуары падмятае: раз туды, раз сюды? Наўрад ці атрымаецца цяпер гэта... А мо ў справядлівасць захацелася пагуляць? — спыталася яна. — А як жа тады з Малевічам разбярэшся?

— Што Малевіч? Ён, Валянціна, хлопец недурны. Прымушае думаць, запляснець не дае. Хоць пафас трохі не той.

— Бачыла я, што з людзьмі ад яго блізкасці робіцца — ляжала ў палаце з адной.

— Можа быць... А я вось... гэтымі днямі радыё слухаў. На мюнхенскую «Свабоду» напароўся. І, паверыш, пра твае «Гады» пачуў. Бязглуздзіца нейкая! Помніш Бондара, заступніка «твайго» бургамістра? Дык вось ён ля мікрафона аказаўся. Відаць, запляваў яго ўвесь. Выдумаў нейкі свой убогі твор і цяўкаў... як мы тады на «Перамогу»... Тэндэнцыйнасць, ілюстрацыя... Нам бы з шэрасцю схапіцца, а мы... Хоць, даруй, пра вайну і грэх гучнымі словамі пісаць...

— Гэта што — раскаянне? Натацыя?

— Бач ты якая! Але не цешся, Каверын не лепшы. Абое рабое. Яму нагулі, падлізваючыся: «Геній! Геній!» — а ён узяў ды паверыў з ахвотаю. Дасягненнем толькі сваё пачало здавацца. Гневаецца ўжо, калі першы падаеш руку або звяртаешся з пытаннем.

— Для мяне Каверын — гэта яго вершы. А яны жыць памагаюць.

— Не ведаю, не ведаю...

Шмакаў гаварыў не блазнуючы, у вачах яго быў смутак. Аднак гэтая размова магла цягнуцца без канца, і Валя, кіўнуўшы яму, хутка пачала спускацца па лесвіцы. За ёю падаліся і дзяўчаты. Але прыступкі на тры ззаду, ахоўваючы ад Шмакава.

 

 

РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ

 

1

Як ні хацелася хутчэй убачыць Васіля Пятровіча, Валя ўсё ж згадзілася прайсці паглядзець Алею Герояў. Шмакаўскае пакаянне ўзбурыла яе, і трэба было супакоіцца, прыглушыць новыя, цяпер зусім не своечасовыя думкі-турботы.

Удзячныя, радыя, Лёдзя з Кіраю падхапілі яе пад рукі і, тулячыся, ажыўлена размаўляючы, павялі да плошчы Перамогі.

На праспекце цвілі ліпы. Некаторыя з іх ужо адцвіталі, і тратуары ўжо залаціліся ад пылку і апалых кветак. Але паветра было напоена густым водарам, які пабіваў усе іншыя пахі. Лясны, прывольны, ён п’яніў, знімаў настрой. Дый самі ліпы ў квецені песцілі вока, рабілі праспект родным, багатым. Гарадская краса звычайна халаднаватая. Ад ліп жа як бы ішла цеплыня зялёных разлегласцей.

Алея Герояў пачыналася ад вуліцы Янкі Купалы і цягнулася да плошчы Перамогі, дзе ля падножжа абеліска біўся ў чыгуннай чашы Вечны агонь. Абапал праспекта між ліп, выстраеныя ў рад, падобныя на схіленыя сцягі, палымнелі шчыты з Залатой Зоркаю і строгім, у натуральную велічыню, фотапартрэтам на кожным. На Валю глядзелі бязвусыя хлопцы і сталыя мужчыны ў ваенным і цывільным. Але большасць — юнакі, што толькі сталі перад сваім жыццём, з яснымі, чыстымі вачыма, у якіх свяціліся чаканне і надзеі. Тут не было жывых, і гэта клала на іх аблічча строгі, урачысты адбітак. І яшчэ ўражала: час спыніўся для гэтых людзей. Яны назаўжды астануцца для жывых вось такімі, якімі пайшлі з жыцця, і гады ўжо не зменяць, не састараць іх.

Разглядаючы іх твары, чытаючы імёны, Валя пакутавала, бласлаўляла іх у думках — яны аддалі Радзіме ўсё без астатку і вось сталі перад тымі, для каго ахвяравалі сабою. Сціхлі і Лёдзя з Кіраю. Спяшаліся сюды, як на свята, а ўгледзелі аднагодкаў, што назаўсёды асталіся ў мінулым, і затужылі, задумаліся.

— Дзівосны лёс... — паціху прамовіла Лёдзя і, пераняўшы ўніклы Кірын позірк, пацвердзіла: — Не здзіўляйся. Яны і народ ужо адно. Іх акружыла пашана і слава.

— Слава? — не дайшло да Кіры.

— Бясспрэчна.

— Наўрад ці яны думалі аб ёй...

Валя слухала сябровак, перабірала ў памяці сказанае Шмакавым, ды раптам схамянулася, забыла аб усім. Прама на яе са шчыта глядзеў Валодзя Амельянюк — сціплы, інтэлігентны, падобны на студэнта. За ім, быццам спецыяльна, каб лепш бачыць Валю, схіліў на плячо галаву Вячаслаў Нікіфараў — Вацік, зусім падлетак, з непаслухмянымі валасамі, але ўважлівым, цвёрдым позіркам.

«Мусіць, не знайшлі пазнейшай фотакарткі... — падумала Валя, прыкладаючы да горла далонь, каб не ўсхліпнуць. — А яны ж напраўду памогуць мне...»

З Вацікам ёй сустракацца не давялося, ведала яго па чутках. А вось з Валодзем Амельянюком бачылася яшчэ да вайны ў калідорах Інстытута журналістыкі, слухала на сходах. Запомніла яго вялікія карыя вочы, глухаваты голас. Улюбёны ў слова, але не трыбун, ён вабіў нейкай спакойнай перакананасцю, прастатою, вытрымкаю. У модзе былі гучныя фразы, экспрэсіўныя ўчынкі, імкненне як мага яскравей засведчыць сваю адданасць часу. Не абмінула гэта і Амельянюка. Але ў кампаніі прыяцеляў, якія звычайна акружалі яго, ён не расставаўся з кнігаю — Маякоўскім, Блокам — і гаварыў, калі не мог маўчаць. Яго паважалі, з ім лічыліся, і ніхто не думаў не гадаў тады, што яму наканавана хрышчоная смерцю, самаахвярная доля. Аднак і тады не было сумненняў: яго шлях будзе прамы, слаўны, а спатрэбіцца — Валодзя не пашкадуе сябе. Таму, калі аднойчы Міхал Шарупіч, завітаўшы ў брыгаду, прынёс падпольную «Звязду» і ў гаворцы ўспомніў Амельянюка, Валя не здзівілася: толькі так і магло быць. І, чытаючы перадавую, беспамылкова пазнавала яго, Валодзевы, словы. Ён жыў у іх. Пазней жа, калі Валодзя Амельянюк загінуў ад кулі гастапаўскага агента, Валя, трапіўшы ў Мінск, зноў магла назіраць, як моцна жыў у памяці таварышаў гэты мужны, светлы чалавек...

Развіталася Валя з дзяўчатамі каля ўвахода ў бальніцу. Дала сябе расцалаваць. З пасвяжэлым сэрцам, якое, аднак, зноў адкрылася для трывог, узяла ў гардэробе халат і подбегам паднялася на трэці паверх, дзе было тэрапеўтычнае аддзяленне. У вестыбюлі, белым і чыстым, сутыкнулася з халодным, сярдзітым Аскоцкім. Адвёўшы позірк, кіўнула яму на хаду, але той спыніў яе.

— Зайдзіце да мяне, — заклапочана пстрыкнуў ён пальцамі.

Прадчуваючы нядобрае, губляючыся ў здагадках, Валя пайшла следам за ім па даўгіх калідорах. Аскоцкі не прапанаваў ёй ісці побач, не азірнуўся, калі звярнуў у свой кабінецік, а ўвайшоўшы, доўга ўладжваўся за пісьмовым сталом. Яго надзьмутая афіцыйнасць не была ўжо навіною. Але гэтая жахлівая павольнасць, бесцырымонная вышасць, якімі ён, відаць, стараўся падавіць Валю, абудзілі пратэст. Яна спынілася каля дзвярэй.

Аскоцкі зразумеў яе па-свойму.

— Вы не трацьце надзею, але я мушу сказаць вам праўду. — Ён надаў заклапочаны выгляд свайму ружоваму, выпешчанаму твару. — У Юркевіча, апрача ўсяго іншага, прагрэсіруе псіхічнае расстройства.

Валя чакала ўсяго, толькі не гэтага.

— Няпраўда! — баронячы Васіля Пятровіча і сябе, выгукнула яна.

— Сёння ён спрабаваў выкінуцца з акна. Пагражаў нам. Каб адпомсціць, ён гатовы пайсці на самагубства. І я не магу пакінуць яго ў бальніцы. У мяне няма ні наглядчыкаў, ні смірыцельных сарочак. Апроч таго, я адказваю за спакой медперсаналу і хворых.

Валя ступіла крок да стала.

— Мана, доктар!

— Што?

— Я кажу: мана. Бо ні хворыя, ні медперсанал вас не турбуюць. Вы проста ва ўгоду некаму дэманструеце непрымірымасць да бездапаможнага чалавека. Вы проста спалохаліся...

Аскоцкі пабарвавеў так, што чырвань стала відна і праз валасы.

— Ну-ну, пафантазіруйце!

— Вы жорсткі, душэўна глухі чалавек. Вам важна толькі сваё. Вы ж добра ведаеце, што гэта верная смерць Васі!..

— А хто вінаваты? Вось і забірайце яго дамоў, няхай адказнасць лажыцца на вас. Ён транспартабельны! І самі, прашу, не ўчыняйце скандалаў у бальніцы...

Васіль Пятровіч ляжаў, заплюшчыўшы вочы. Але куткі яго пачарнелых вуснаў торгаліся — ён не спаў.

— У мяне навіны, — схілілася над ім Валя. — Прыходзіла Лёдзя з сяброўкай. Завітаў нават Шмакаў. Шмакаў... Казаў, што ў Мюнхене па радыё выступаў паплечнік Шакала і граміў маю аповесць... Во як!..

І на вуліцы свята... Як ты адчуваеш сябе?..

— Здаецца, лепш, — не расплюшчыў вачэй Васіль Пятровіч. — Раніцой пацягнула нават адчыніць акно, падыхаць ліпавым водарам.

— Паедзем дамоў, Вася!

Ён быстра, з недавер’ем паглядзеў на яе. У вачах загарэлася святло.

— Калі ласка. Але... м-м... пры адной умове. Я не паеду, а пайду...

Раней, у часы маладосці, ён іншы раз таксама быў не супроць папакутаваць за праўду, у якую верыў. Цяпер жа зноў, з яшчэ большай сілаю, бадай што нясцерпна, яму захацелася надзець на сябе цярновы вянок і прайсці праз самыя неймаверныя выпрабаванні.

 

 

2

Прачнуўся Васіль Пятровіч з адчуваннем, што сіл пабольшала. Праўда, пасля сну галава была як з пахмелля. Язык, распухлы, таксама як з пахмелля, кепска слухаўся — учора зноў прымусілі прыняць дэпрэсін і сродкі на сон. Але затое ласкатала нешта свавольнае, калі верыцца: табе ўсё можна і ты ўсё зможаш.

Не спаў і Прыбыткоў. Заклаўшы, як любіў, свае вялікія рукі пад галаву, ён, не моргаючы, глядзеў у столь і думаў. Толькі ад трэцяга ложка далятаў храп з прысвістам: сына Наталлі Іванаўны выпісалі, і яго месца заняў пануры вушаты мужчына з азызлай фізіяноміяй,— здаецца, дырэктар прамтаварнай базы.

Памагаючы сабе рукамі, Васіль Пятровіч сеў на ложку і спусціў худыя ногі. Намацаў тапці. Адчуўшы, як кружыцца галава і дрыжыць ад слабасці нутро, пасядзеў.

— Што вы надумалі, гэта самае?! — натапырыў вушы Прыбыткоў. — Лажыцеся! Зараз жа!

Але ў яго словах чулася больш спалоху і разгубленасці, чым належала, і гэта пакрыўдзіла Васіля Пятровіча.

— Мне хочацца пахадзіць, — раздражнёна сказаў ён. — Разумееце, па-ха-дзі-іць!

— Тады я паклічу сястру.

— Навошта?

— Ва ўсім павінен быць парадак. Ён, гэта самае, калі супроць чаго і накіраваны, дык хіба супроць беспарадку. Вунь што на свеце тварыцца.

— А што, калі мне трэба пахадзіць самому? Самому! Няўжо не разумееце, што значыць для чалавека са-ма-стой-насць?

Сціснуўшы зубы, калываючыся, Васіль Пятровіч ступіў яшчэ крок і зноў налёг на спінку. Аднак, калі ён такім чынам дапяў да дзвярэй, яны расчыніліся, і на парозе з’явілася Наталля Іванаўна — Прыбыткоў усё-такі ўключыў сігнальную лямпачку.

Васіль Пятровіч чакаў, што ўрач таксама спалохаецца і накрычыць на яго, але тая пакутліва скрывілася і асцярожна абняла яго за плечы. Зірнуўшы на ложак, дзе хроп пануры мужчына, глытаючы слёзы, спагадліва сказала:

— Сёння загадчык аддзялення збірае кансіліум. Я вас прашу — стрымлівайцеся, калі ласка. Не давайце ім падстаў. Нават... калі хто-небудзь... паспрабуе вывесці з сябе... Худы, з кашлатымі брывамі будзе псіхіятар. Вы яго пазнаеце. Прыйдзе і прафесар Валахановіч.

У Васіля Пятровіча заняло дыханне. Але ён адчуў: Наталля Іванаўна ўзрушана, шчыра заклапочана, і абруч, які сціснуў быў яму грудзі, як бы трошкі раздаўся.

«Валахановіч!..»

Гэта на хвіліну засланіла нават тое здрадлівае, што рыхтаваў яму Аскоцкі. Валахановіч будзе сядзець ля пасцелі і разглядаць яго, Васіля Пятровіча, будзе, мабыць, задаваць каверзныя пытанні, выяўляючы, ці ў сваім ён розуме, і вядома, думаць пра жончыну здраду, пра знявагу, сорам, што зваліліся на яго галаву. Як ён стане трымаць сябе? Дасць волю рэўнасці і, расстаўляючы пасткі, пачне рабіць усё, каб яны тут жа захлопнуліся? Ці надзене маску халоднай прафесарскай ветлівасці і сваё слова скажа пасля — пры зачыненых дзвярах?.. І як ён наогул згадзіўся прыняць удзел у падобным судзілішчы? Навошта? Няўжо яму было няўцям, у якое становішча ён ставіць сябе і Васіля Пятровіча?..

Аскоцкага зразумець можна. Пачаў з непрыязнасці, з жадання дагадзіць другім і ў імкненні быць паслядоўным пакаціўся... Ён наогул цяпер не дапускае думкі, што можна паводзіць сябе іначай, што ён некага прымушае пакутаваць. Паверыў у сваю правату, і ўсе яго ўчынкі здаюцца яму правамернымі, бо ён звыкся з заведзенымі ім жа парадкамі, лічыць іх адзіна правільнымі. А пры такіх акалічнасцях, як вядома, лёгка ігнараваць непажаданую праўду... Магчыма, ва ўсім гэтым быў і разлік — не без задняй думкі запрасіў Аскоцкі Валахановіча. Але галоўнае ўсё-такі было ў імкненні лішні раз сцвердзіць сябе, у жаданні давесці: усё, што ідзе насуперак, — ад нячыстага... Але як зразумець Валахановіча, вучонага, інтэлігента да самых касцей?!.

Збянтэжанасць у Васіля Пятровіча змянілася раздражненнем, раздражненне — лютасцю. Страшэнна крыўднае таілася і ў самім факце, што нехта старонні будзе вырашаць, нармальны ты ці не. І праз каго справа дайшла да гэтага? Праз цвёрдалобага, самаўлюбёнага чалавека!

Цяжка сабе ўявіць, што было б з Васілём Пятровічам, калі б ён ведаў, што ў гэты самы час у працэдурнай, ратуючы Валю, ёй робяць уколы. А потым, як толькі яна адчуе сябе крыху лепш, Валя кінецца ў вестыбюль і разам з Віктарам будзе падпільноўваць Валахановіча, каб пагаварыць з ім раней, як той сустрэнецца з Аскоцкім.

Пасля снедання ў дзвярах паказалася група людзей у халатах. У праёме яны трохі забавіліся, быццам рашаючы, заходзіць ці не, і пераглянуліся. Потым, важна крэкнуўшы, першы ў палату ступіў Валахановіч. Уваліста, рашуча. Львіная шавялюра яго і барада паверх белага халата здаліся Васілю Пятровічу асабіста саноўнымі, велічнымі. За ім зайшоў сухі высокі брунет з вузкім, як бы завостраным к носу тварам і пранізлівымі, глыбока пасаджанымі вачыма гіпнатызёра.

«Ён!» — пазнаў Васіль Пятровіч і зайграў жаўлакамі, унікаючы глядзець на астатніх, што тоўпіліся ззаду Валахановіча і псіхіятра.

— Добры дзень, — павітаўся Валахановіч і нечакана жаласліва зморшчыўся — змучаны, натапыраны выгляд Васіля Пятровіча, відаць, агарошыў яго.

Васіль Пятровіч кіўнуў галавою і, дэманстратыўна выбіраючы за суддзю псіхіятра, перавёў на яго позірк. Забываючы на папярэджанне Наталлі Іванаўны, рашыў дзярзіць.

«Мы яшчэ пабачым, у каго больш розуму і логікі», — помсліва падумаў ён.

— Як вы сябе адчуваеце? — спытаўся псіхіятар, гасячы бляск быстрых, пранізлівых вачэй.

— Дзякуючы клопатам загадчыка аддзялення, выдатна, — з выклікам адказаў Васіль Пятровіч.

— А як спіце?

— Лепш не можа быць. Калі аглушаць снатворным, быццам у ваце.

— На што скардзіцеся?

Васілю Пятровічу захацелася пакпіць, прыкінуцца гэткім хітранькім псіхам, пахадзіць па краі абрыву.

— Скарджуся на людзей, якія за мерку ўсяго бяруць сябе, — сказаў ён па-змоўніцку. — На прыстойных... м-м... кар’ерыстаў... Ёсць такія тыпы ў падручніках па псіхіятрыі?

Чорныя пучкі броваў у псіхіятра прыўзняліся, а валасы на галаве апусціліся, і наморшчаны лоб ад гэтага як павузеў.

— Ёсць, — адказаў ён сур’ёзна.

Ён, безумоўна, ведаў, што хворыя пільна сочаць за ўрачамі, і не зірнуў на Валахановіча, не запрасіў у сведкі. Але павекі ў яго ледзь здрыгануліся, і Васіль Пятровіч зразумеў: ён збіраўся зрабіць якраз гэта.

«Што са мной? Навошта я злую іх? Няўжо сапраўды ў мяне нешта пахіснулася? — спахапіўся Васіль Пятровіч. — Што за насланнё?»

Валахановіч, мяркуючы па ўсім, заўважыў яго замяшанне. Паклаўшы руку на вострае калена Васіля Пятровіча, спакойна сказаў:

— Не трэба злаваць.

— Чаму?

— Ды так. Скажыце лепей, што новага ў вас з праектам?

— Тут, у бальніцы, мала думалася пра яго.

— Не верыцца»! І не паверу. Et nune te semper et in secula seculorum1.

Шчака ў Васіля Пятровіча тарганулася, і ён недаверліва глянуў у маладыя разумныя вочы прафесара.

— А ўвогуле... м-м... вы маеце рацыю. Думаў, вядома... Віктар Сярдзюк прапануе рашыць плошчу выключна як адміністрацыйны цэнтр. Цяпер модна надаваць архітэктурным комплексам адзіную мэтанакіраванасць. У гэтым ёсць сэнс. На месцы педінстытута можна будзе ўзняць сапраўдную махіну. Але...

Твар у Валахановіча пачаў яснець.

— Ну-ну!

— Але ў такім выпадку плошча ўжо адвячоркам будзе мёртвая — ні агеньчыка ў вокнах, ні чалавека на тратуарах. Яна страціць і тое эмацыянальнае жыццё, якое атрымала ўжо. Дый калі гэтыя гмахі засяліць служачымі, рэспубліка не пракорміць іх.

— Ха-ха-ха! — раскаціста засмяяўся Валахановіч.

— Ха-ха!.. — у тон яму рагатнуў Васіль Пятровіч.

Яны смяяліся згодна, ад душы, прашчупваючы адзін аднаго вачыма і адчуваючы радаснае аблягчэнне.

У Васіля Пятровіча яно было асабліва поўнае, бо ён, апрача ўсяго, адчуваў: не, нічога яшчэ не скончана, ён сказаў і зрабіў далёка не ўсё. Нягледзячы ні на што, у ім, аказваецца, збіраліся сілы... З нейкай невядомай раней выразнасцю ён раптам уявіў і плошчу — прасторную, імклівую. Зразумеў: тое, што асталося на плошчы ад мінулага, не вычэрпала яшчэ сябе і пакуль не толькі не перашкаджае ёй быць сабою, а ўпрыгожвае яе, робіць больш змястоўнай, мілай сэрцу. Стаўшы апафеозам дзяржаўнасці, яна ўвасобіць тое высокачалавечае, мудрае, што звязана з Ільічом, з яго словамі і справаю. І няхай на ёй узнімецца новы гмах, няхай пануе над усім. Ніякай супярэчнасці ў гэтым няма, як няма супярэчнасці паміж навукаю і народнай дзяржаваю. І Васіль Пятровіч ужо бачыў гэты гмах — адкрыты, праўдзівы.

— Дзякуй, — нарэшце сказаў ён Валахановічу. — Я вельмі абавязаны вам...

 

 

1 І ныне, і прысна, і ва векі вякоў (лац.).

3

Безумоўна, гэта не было ніякай перамогаю, тым больш прынцыповай. Зусім не трэба было здольнасцей медыума, каб адчуць: паводзіны Валахановіча вызначыла чыясьці воля. Чыя? І тут не трэба было быць асабліва празарлівым, каб угадаць, — Аліна. Яна, безумоўна, утаймавала яго, прымусіла забыцца на абразу і прыняць удзел у кансіліуме. А ўтаймаваўшы, прад’явіла ультыматум — муж-акадэмік павінен узяць хворага Васіля Пятровіча пад сваю магутную дзясніцу.

Гэта зразумеў і стрыманы Аскоцкі, які, пачуўшы прафесарскі рогат, спачатку стушаваўся, а потым, як бы ўмываючы рукі, кінуў: «Я так і знаў! Наракайце на сябе!» — і пашыбаваў з палаты.

Ала! Яна зноў умешваецца ў жыццё Васіля Пятровіча, толькі ўжо як яго абаронніца. І было ясна: рабіла гэта праз добрую памяць, праз сардэчную ўдзячнасць яму. Або таму, што песціла яшчэ надзею і не магла расстацца з ёй.

Але чаму тады так радасна, лёгка смяяўся Валахановіч? Ці не таму, што не давялося крывіць душою і ўсё скончылася шчасліва, проста? А можа, сама незвычайная сітуацыя, у якую ён трапіў не па сваёй волі, абудзіла ў ім нешта такое, што хоць і драмала дасюль, але мучыла падспудна, а праявіўшыся, прынесла радасць. А можа быць, адчуванне шчасця прыйшло ад таго, што ён здолеў пераступіць цераз перашкоду, якую ніколі не спадзяваўся адолець. А пераступіўшы, далучыўся да нечага, што вельмі патрэбна і важна чалавеку.

Усё гэта, зразумела, былі толькі домыслы Васіля Пятровіча, чыя фантазія, падагнаная перажытым, не ведала межаў. І ўсё-такі адно бясспрэчна — не атрымаўшы поўнай перамогі, ён, як і Валахановіч, атрымаў яе над сабою. Яму ўдалося пераадолець самае цяжкае — скінуць з сябе цяжар, што вельмі перашкаджаў жыць і працаваць.

Не, усё яго жыццё было сумленнае служэнне запаветнай справе. Яшчэ калі пракладаў праспект праз руіны і каробкі, што здаваліся многім гаспадарнікам і людзям, якіх заела надзёншчына, ледзь не паратункам, ён гатовы быў ахвяраваць сабою, толькі каб выйграла справа. Так было і пасля, калі стаяў на варце горада і яго красы.

Вякі пакінулі ў спадчыну ўзоры несмяротнага хараства. І чым больш шчодра на стварэнне іх растрачваліся талент і праца, тым выдатнейшыя яны былі. Прыгажосць як бы патрабавала ахвяр. Утылітарызм жа, гатоўка звычайна бывалі найпершымі ворагамі, путамі. І поспеху пры стварэнні прыгожага дамагаліся толькі тыя, каму ўдавалася пераадолець іх супраціўленне. Ва ўсякім разе так доўга здавалася Васілю Пятровічу. Таму больш хацелася служыць выпешчанай у марах красе, чым людзям. Быццам гэтая краса магла існаваць, сама не служачы людзям. Быццам не змянілася само разуменне і прызначэнне красы.

Потым адзінства красы і часу стала больш відавочнае. Прыйшлі, зразумела, і клопаты аб надзённым. Аднак і тады людзі яшчэ не зрабіліся меркаю ўсяму. Неяк спрачаючыся з Валяй, якая хваліла Віктара Сердзюка за наватарства, ён выдаў сябе: «Ладна! Дапусцім, што так. Але для яго на першым плане — самавыяўленне. А для мяне — горад. Ёсць розніца?» І ў гэтым быў увесь ён, Васіль Пятровіч.

Горад!..

У горпраекце працуюць над новым генеральным планам. І ўсе цяпер ужо сходзяцца на думцы, што рэканструяваць і будавацца давядзецца так, каб горад рос самабытна прыгожы, ва ўсім зручны для жыцця і працы.

Вырастуць жылыя раёны нябачнай красы, знікнуць кварталы з беднай, убогай забудоваю. На ажыўленых магістралях, на плошчах узнімуцца гмахі з выразным сілуэтам. Ахінутыя садамі і паркамі, манументальныя ансамблі нададуць цэнтру велічны выгляд. Асабліва Цэнтральнай плошчы і плошчы Свабоды, аб якіх так многа думаў Васіль Пятровіч.

Уздоўж Паркавай магістралі выстраяцца светлыя будынкі. За Свіслаччу ўскінецца ўвысь комплекс высотнай гасцініцы. І ўсё-такі тут астанецца многа неба, прастору.

Новыя ансамблі ўзнімуцца і ў пойменнай частцы — на вуліцы Леніна, якая возьме кірунак на Магілёўскую шашу. Цешачы вока, яны гарманічна сальюцца з зялёным разлівам і воднай прастораю Свіслачы. Уражанне ўзмацняць фрэскі, манументальныя і дэкаратыўныя скульптуры, архітэктура малых форм.

Каб скразныя дарогі, прызначаныя для транспарту, забіралі грузавыя і пасажырскія патокі з гарадскіх дыяметраў, яны будуць пачынацца за горадам, ля ўездаў на гэтыя дыяметры, і пасля паўтораць іх. Каля цэнтра разгалінуюцца, абцякуць яго і створаць своеасаблівае апорнае кальцо, якое на перасячэннях з агульнагарадскімі радыяльнымі магістралямі атрымае развітыя развязкі.

Дублёры Ленінскага праспекта, абцякаючы цэнтр, паводле колішняга плана, уліваліся ў Маскоўскую вуліцу — працяг праспекта. Гэта зводзіла на нішто разгрузку яго ад транзітных патокаў. Зараз жа ўсходні дублёр — Першамайская вуліца — пойдзе пад Прывакзальнай плошчаю, а сама Маскоўская таксама будзе рэканструяваная, асабліва ў залінейным раёне. Заходні ж дублёр праспекта — вуліцы Горкага, Няміга, Мяснікова, — атрымаўшы далейшае развіццё і прайшоўшы пад чыгункаю, вырвецца проста на Брэсцкую шашу.

Некаторыя магістралі пройдуць над зямлёй па эстакадах. Будуць пабудаваны метрапалітэн, падземныя стаянкі аўтамашын.

Вада суседніх рэк зробіць Свіслач паўнаводнай. У горадзе паявяцца плёсы, а з імі — зіхотная сінь, плюскат хваль. Зялёнае раздолле працягнецца ад парку Горкага за аўтазавод.

Клопаты дойдуць да прыгараднай зоны і пераўтвораць яе. Акрамя здраўніц, месц адпачынку, там размесцяцца навуковыя, медыцынскія цэнтры... І хоць ён, Васіль Пятровіч, цяпер прыкуты да ложка, і невядома, ці ачуняе, ва ўсім, што зробяць людзі, будзе часцінка і яго сіл, намаганняў жыцця.

Народ перажывае сваю вясну. І на горадзе гэта адаб’ецца найвыразней. Але само сабой зразумела: і заўтра і паслязаўтра будуць свае цяжкасці. І калі нешта стане на дарозе, прыйдзецца, як і раней, вымяркоўваць, шукаць новых дарог. Гэта ясна. Аднак, калі толькі пашанцуе выжыць, нельга ўжо будзе дапускаць, каб тут, як гэта здаралася раней, яго, Васіля Пятровіча, і спасцігалі няўдачы...

Гэтыя думкі, што ахапілі Васіля Пятровіча, узрадавалі яго і адначасова ляглі на душу спакоем. Павярнуўшыся тварам да сцяны, па-дзіцячы паклаўшы пад шчаку далонь, ён ляжаў і шчасліва ўсміхаўся.

Як бы там ні было, а жыць, працаваць — радасць. Бо час урэшце працуе на дабро — за небам ёсць другое неба. Дый радасці, калі б не прыходзілася нешта перамагаць, былі б не радасцямі. Ну, а жорсткасць... Што жорсткасць? Калі на яе абрушыць лютасць людскіх душ — абавязкова адступіць. Таму што яна, як і подласць, палахлівая і праяўляе сябе, калі можа расперазацца і адчувае безадказнасць. Бо сацыялізм — гэта росквіт і дыктатура працаўніка. А працаўніку не патрэбна халодная жорсткасць. Навошта яна яму, калі ён будуе шчасце сабе і чалавецтву?..

 

 

4

У душы Васіль Пятровіч чакаў нечага падобнага, хоць іначай уяўляў сабе гэтыя адведзіны.

Кавалеўскі і Шарупіч завіталі сярод дня — значыць, кінулі свае звычайныя справы. Апрача таго, Васіль Пятровіч прывык бачыць іх акуратнымі, у паліто ці гарнітурах. У вузкіх жа расхлістаных халатах з кароткімі рукавамі абодва выглядалі смешнымі і бездапаможнымі.

Убачыўшы Васіля Пятровіча, Прыбыткова, яны шырока заўсміхаліся, прывітальна ўзнялі рукі, і гэта таксама выглядала камічна.

— Ды тут, аказваецца, лепшыя людзі рэспублікі, — выгукнуў Шарупіч. — Паклон ім. Прывітанне ад унукаў, Змітрок! Ад Арыны. Хацела хрушчоў прыслаць. Ледзь адгаварыў...

Хворы навічок-храпун з азызлым фіялетавым тварам неяк скурчыўся і, накінуўшы піжаму на плечы, непрыкметна знік за дзвярыма.

— Арына — заўсёды Арына, — пагладзіў сваю злямчаную бараду Прыбыткоў. — А што наконт лепшых, дык хіба былых...

— Прыбядняйцеся, прыбядняйцеся, гэта, кажуць, часамі памагае, — засмяяўся Кавалеўскі. — Давайце падбадзёру. Хочаце? Ордэн Леніна атрымліваем, таварышы! Так што вы цяпер адзін галоўны архітэктар, а другі ганаровы грамадзянін не проста горада, а ордэна Леніна горада.

Было відаць: яны сапраўды глыбока ўзрушаны, але ў той жа час Васіль Пятровіч заўважыў — Шарупіч так гучна прывітаўся, а Кавалеўскі паспяшыў паведаміць навіну, хутчэй за ўсё, маючы нешта на мэце. «Што?» Аднак навіна здалася такой важнай, жаданай, што твар абдало холадам і вачніцы запоўніліся слязьмі. Спалатнеўшы, замёр і Прыбыткоў.

— Ну, што скажаце? Анямелі?

— Нарэшце, гэта самае...

Васіль Пятровіч адчуваў: даволі яму вымавіць слова — і ён страціць над сабой уладу. І хоць тое, што ён перажываў, кроячы сэрца, было прыемна яму і рупіла даць волю пачуццям, якія абудзілі ў ім, — ён зрабіў намаганне і ўзяў сябе ў рукі.

— Якая фармуліроўка ва Указе? — старанна вымаўляючы словы, спытаўся ён.

— За мужнасць, гераізм і самаадданую барацьбу з захопнікамі. А таксама за поспехі ў аднаўленні горада.

— У аднаўленні?!. — як бы не паверыў Васіль Пятровіч, і спазма сціснула яму горла. Твар у яго зморшчыўся, і ён заплюшчыў вочы. А як толькі заплюшчыў, слёзы перапоўнілі вачніцы, пацяклі па шчоках. Плечы скалануліся.

Кавалеўскі падсунуў нагою крэсла, падсеў да ложка. Асцярожна прыкрыў далоняй руку Васіля Пятровіча, якую той прыціснуў да грудзей.

— Ну вось, так я і думаў. Табе, галоўны, пара мяняць умовы. Хутчэй дамоў! А трошкі паздаравееш — адправім у Нясвіж. У радзівілаўскія харомы. Згода? Ці мо не паслухаешся і нас?

— Вас паслухаюся, — адразу здаўся Васіль Пятровіч, і яму стала спакайней, лягчэй. — Такая навіна!

— Мы цябе і завязём самі... І навошта ты ўсё хаваў ад мяне, галоўны?

— Даруйце.

— Ну, гэта ты сам сабе павінен дараваць...

Мусіць, Кавалеўскі ці Шарупіч перад гэтым званілі Віктару і Валі, бо неяк ужо вельмі дарэчы і разам з'явіліся яны ў палаце.

Прынеслі вопратку. Наталля Іванаўна, засмучаная, ціхмяная, падрыхтавала пакуначак лякарстваў, прымусіла прыняць на дарогу таблеткі, парашкі.

Прысутнасць Кавалеўскага надавала зборам незвычайную ўрачыстасць, але адначасова рабіла іх у вачах Васіля Пятровіча падобнымі на гульню. Узнікла адчуванне, што ён у змове з Кавалеўскім і яны пакепліваюць з бальнічных парадкаў.

Гэтае ўражанне ўзмацнілася, калі Васіль Пятровіч, якога пад рукі падтрымлівалі Валя з Віктарам, выйшаў у калідор. Некалькі ўрачоў і медсясцёр на чале з Аскоцкім выстраіліся ў рад насупраць дзвярэй. Непадалёк тоўпіліся хворыя.

— Развітвайся і дзякуй, галоўны, — падказаў Кавалеўскі, і Васілю Пятровічу здалося, што той па-змоўніцку падміргнуў яму, патрабуючы, аднак, каб ён не ўздумаў упарціцца або выкінуць якога-небудзь коніка.

Як на ўрачыстым прыёме, Васіль Пятровіч пайшоў уздоўж шарэнгі, кланяючыся і паціскаючы кожнаму руку. Ля Наталлі Іванаўны і няні — маленькай, у гадах жанчынкі — спыніўся і, нізка схіліўшыся, пацалаваў ім рукі. Але калі чарга дайшла да Аскоцкага, замарудзіў. Аскоцкі стаяў, па-гаспадарску ўпёршы руку ў сцягно, і ветліва ўсміхаўся. Толькі ў прыжмураных, колеру спелага жолуда вачах стыла чаканне нядобрага. Хоць ён усё-такі дамогся, і ў гісторыю хваробы Юркевіча псіхіятар запісаў сёе-тое пад яго дыктоўку...

— А вось вам рукі я не падам, — цвёрда прамовіў Васіль Пятровіч. — І, як гаварыў прафесар Валахановіч, et semper et in secula seculorum.

Не змяніўшы ні паставы, ні выразу твару, Аскоцкі глянуў на Кавалеўскага, потым на дэпутацкі значок Шарупіча і чуць скрывіўся, як бы запрашаючы гасцей у нечым пераканацца.

— Вольнаму — воля...

Ля пад’езда стаялі дзве «Волгі». Толькі што прайшоў дождж. Памытыя ім машыны паблісквалі на нясцерпна зіхатлівым пасля дажджу сонцы. Уздоўж тратуараў беглі хвалістыя ручайкі. Але неба ўжо ачысцілася, і здавалася, што з блакіту таксама льецца святло. Зусім не верылася, што гэты блакіт, сонца, ручаі і ўся навакольная раскоша была і тады, калі ён, Васіль Пятровіч, хваляваўся, мучыўся і бунтаваў там, у бальніцы. Гэта нават здалося неверагодным, а тое, што асталося за дзвярыма, у бальніцы, дробязным. Згадалася карціна, некалі бачаная з самалёта, які ляцеў над воблакамі, — неабсяжны чысты-чысты прастор, далёка-далёка горы, а над імі і самалётам — блакіт з аблачынкамі.

«Служыць людзям, жыццю, будучаму, — у нейкім натхнёным прасвятленні думаў Васіль Пятровіч. — Служыць адкрыта, абараняючы і ўслаўляючы іх, растварыць сваё жыццё ў жыцці другіх — у гэтым і толькі ў гэтым сэнс чалавечага жыцця».

Ён пераступіў парог кватэры, ва ўзрушэнні забыўшыся на Кавалеўскага, Шарупіча і Віктара. Са слабой усмешкаю абышоў пакоі. Моўчкі пастаяў над спаўшым Лёнькам, спытаўся, ці ёсць пісьмы ад Юры. У кабінеце, хутчэй ад хвалявання, чым слабасці, апусціўся ў крэсла і з адчуваннем, што пакінуў за плячыма самае цяжкае, кашмарнае, абвёў вачыма стэлажы з кнігамі. Пакуль ён клыпаў па пакоях, усе хадзілі следам за ім, як за дзіцем, і цяпер збіліся ў дзвярах.

— Добра, што вы забралі мяне сюды... — з удзячнасцю прамовіў ён, ківаючы ім галавою.

— Не ўспамінай і супакойся, — не дала яму гаварыць Валя і падышла бліжэй. — Табе трэба легчы.

У пасцелі, удыхаючы пахі свежых просцін і навалак, знемагаючы ад прыемнага, амаль непрытомнага бяссілля, Васіль Пятровіч праслязіўся.

— Сыграй, Віктар, што-небудзь з Бетховена... Там ёсць ноты...

Яго слухаліся як малога, і Віктар пайшоў да піяніна. Спальня і сталовая былі сумежныя, але праз дзверы піяніна не было відаць. Васіль Пятровіч чуў, як зарыпела круглае крэсла і Віктар беражліва адчыніў крышку. Узяў першы акорд, і сталовую напоўнілі гукі «Луннай санаты». Здзіўляючыся, як Віктар угадаў, што яму трэба, Васіль Пятровіч, каб не заплакаць, звёў павекі. Але хваляванне, як і бяссілле, здалося прыемным, і на Васіля Пятровіча пачаў спускацца спакой.

Валя бачыла, як, бляднеючы, спакайнее ў яго твар, як на ім разгладжваюцца маршчыны і праступае яснасць. Маршчынак яўна пабольшала, твар зблажэў, але думалася не аб гэтым. Валі раптам страшэнна захацелася расказаць пра свае і Васіля Пятровіча пакуты, пра Віктара, пад ігру якога ўвачавідкі засынаў муж, пра Лёдзю, чый лёс, мусіць, нітаваўся з Віктаравым.

«Здаецца, вытрываў! — думала Валя пра Васіля Пятровіча. — Як і яго горад... Праўда, прымаць удары грудзьмі ўжо будзе не пад сілу. Жыццё ўскладніцца. І ўсё-такі здорава! Не згубіў сябе, астаўся ідэалістам і ўведаў цану людзям. А гэта, можа, самае важнае...

 

Никогда не поздно снова

Начать всю жизнь, начать весь путь,

И так, чтоб в прошлом бы ни слова,

Ни стона бы не зачеркнуть...»

 

 

РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ

 

1

Маскоўскі поезд прыбываў у дзесяць раніцы, а доступ на Цэнтральную плошчу спыняўся ў дзевяць сорак пяць. Трэба было выбіраць адно з двух.

Лёдзя ні разу не бывала на трыбунах і, калі Віктар дастаў пропуск, узрадавалася, як дзяўчынка. Запляскала ў далоні. Апошні час да яе як бы вярталася ранейшая непасрэднасць. Мусіць, шчырым, непасрэдным людзям наогул даступней тая радасная ўзрушанасць, якая называецца шчасцем. Лёдзя перажывала такія хвіліны ўсё часцей. І бывала тады такая мілая, што шчасце сваё перадавала другім. Таму, натуральна, Віктар не знайшоў у сабе рашучасці засмуціць яе.

«Ай, было не было, — бесклапотна махнуў ён на ўсё, — маму сустрэне бацька. Яна зразумее...»

Каб трапіць на Цэнтральную плошчу, яны адолелі складаны маршрут. Аднак прыгоды абаім здаліся забаўнымі, і, каб не яны, напэўна было б не так весела. Ва ўсякім разе — не так цікава.

На Алеі Герояў людзей было густа: ці таму, што яны ішлі тут павольней, ці таму, што Віктар з Лёдзяй дагналі тых, якія не спяшаліся. Лёдзя ўзяла Віктара пад руку і, махаючы парасонам, які прымусіла ўзяць яе Арына, цягнучы за сабою Віктара, старалася ісці як мага бліжэй да партрэтаў загінуўшых. Але колішняга адчування, што на іх тварах ляжыць адбітак заўчаснай смерці, не ўзнікала. Яны глядзелі на Лёдзю прыхільна, уважліва і быццам пыталіся: «Ну, а ты здольна на самаадрачэнне? Ты задумвалася аб гэтым?..» І, поўная пашаны і пакланення перад імі, Лёдзя пранікалася адчуваннем адзінства з загінуўшымі.

У ёй пачало жыць нешта накшталт гордасці — яны належалі ёй у большай ступені, чым другім, бо шмат каго з іх ведаў бацька, многія былі ягоныя паплечнікі. Раней Лёдзя не-не дый лавіла сябе па тым, што побач з Віктарам яна робіцца менш кемлівая, не знаходзіць адразу патрэбных слоў. Зараз жа, адчуваючы радасную еднасць з навакольным, яна здабывала і роўнасць з Віктарам.

Адчуванні і думкі ў Віктара былі іншыя. Ён прымаў удзел у распрацоўцы эскізаў, па якіх упрыгожвалі плошчу, праспект, і тое, што бачыў, здавалася яму справаю ўласных рук, якой ён меў права ганарыцца. У прыліве велікадушнасці, ён нават прызнаваўся сабе: сёе-тое можна было б зрабіць лепей. Аднак, адчуваючы — Лёдзя побач, ён таксама заражаўся яе хваляваннем.

«Узяла з левага боку, хоча быць бліжэй да сэрца!» — думаў ён, і яму карцела вызначыцца чым-небудзь перад дарагой істотаю, паказаць, на што здатны.

Вольнае месца яны знайшлі ў правым сектары трыбуны.

У глыбіні яшчэ не забрукаванай плошчы, ля самых ліп і флагштокаў, на якіх развяваліся сцягі саюзных рэспублік, ужо выстраіліся войскі. Насупроць галоўнай гранітнай трыбуны паблісквалі медныя трубы быццам разграфлёнага зводнага аркестра з поўным, у вайсковай форме, дырыжорам на ўзвышэнні. Плошча паступова замірала.

— А ведаеш, якой яна ўяўляецца мне ў будучым? — схіліўся да Лёдзі Віктар. — Такой, якой нідзе яшчэ няма, — адкрытай! Разумееш? Вунь там, за флагштокамі, па восі — Палац культуры і непадалёк высотны аб’ём, што падтрымлівае яго. І ўсё! А далей — гарадская панарама...

Забываючы на людзей, якія стаялі навокал, ён шырокім жэстам акрэсліў мяркуемы Палац, высотны будынак і задаволена ўсміхнуўся.

— Гэтымі днямі абвяшчаюць конкурс...

Лёдзі зрабілася смешна.

— І ты, зразумела, прымеш удзел?

— Само сабой! Прычым, падобна, што з шэфам.

— Патрэбна «ахоўная грамата»? Баішся, не падтрымаюць?

— Талент добрыя людзі не падтрымліваюць, а песцяць,— амаль павучальна сказаў Віктар. — У яго, апрача крылаў, прыхамаць ёсць. Яму прастор давай, права пакуражыцца. Для яго, калі хочаш, не ўсе законы пісаны.

— Бацюхны, як кажа мама! А, па-мойму, самому богу не дазволена куражыцца і законы папіраць... І чаму ты гаворыш так, нібыта праектаваць сваю плошчу сядзеш адзін? Ну, няхай з Юркевічам. Над праектам цэлы калектыў будзе карпець.

— Факт. Але работу можна падзяліць, а ідэі не дзеляцца...

Яны не ведалі, што гэта — проба жыцця, пасля якой будзе яснасць, каму весці рэй, а каму — калі і ў якіх выпадках слухаць і слухацца. Не ведалі, але падсвядома, відаць, угадвалі гэта. На іх сталі паглядаць, аднак ўвага старонніх не пагасіла спрэчку.

Па праспекце насустрач адна адной нячутна набліжаліся шэрыя адкрытыя машыны з генераламі. Насупроць галоўнае трыбуны з’ехаліся — пачаўся ўрачысты рытуал.

Трыбуны ажывіліся.

Калі ж з гнеўным рокатам рушылі бронетранспарцёры, стала зусім хораша. Неба з раніцы было бязвоблачнае. А тут аднекуль узялася хмарка, сыпанула залацістым дажджом. Асфальт на маставой пацямнеў, бронетранспарцёры сталі пакідаць рубчастыя сляды.

— Ты бачыш? Стань бліжэй, — радасна засмяялася Лёдзя і раскрыла парасон.

Пакацілі ходкія гарматы, мінамёты. За імі — з той жа імклівасцю, але больш паважна, — ракеты. Раней яны ўяўляліся Лёдзі фантастычнымі, страшнаватымі. Цяпер жа здаліся залішне мірнымі, і мала верылася: гэтыя металічныя сігары могуць ляцець на край свету. Пагрозліва выглядалі хіба боегалоўкі — чырвоныя або азначаныя вогненнай рысаю — ды магутныя ракатлівыя машыны, што везлі ракеты.

— Гэта, Лёдзя, таксама стварыў талент, — не прамінуў выпадку сказаць Віктар.

— І мы, Віктар!

— Прабач, але ты зноў адмаўляешся разумець мяне... А мама з бацькам, пэўна, ужо дома...

Недзе пад поўдзень Віктар, быццам і гэтым жадаючы нешта давесці, пацягнуў Лёдзю да столікаў-буфетаў, што сталі ўздоўж Тэатральнага сквера, перад Домам афіцэраў. Тут ужо віравалі людзі. Пілі піва, віно, закусвалі. Размораныя ад гарачыні, стомы, абмахваліся капелюшамі, хусткамі.

У канцы сквера, пад адкрытым небам, раскінулася цэлае кафэ — стаялі круглыя столікі, крэслы з рознакаляровымі спінкамі, снавалі афіцыянткі. За адным са столікаў Віктар згледзеў Валю, Каверына. Яны сядзелі наводшыбе, пілі ліманад і стрымана размаўлялі між сабою. Калі Віктар з Лёдзяй падышлі да іх, невядома адкуль з’явіўся Шмакаў. Выцершы хусцінкаю шыю, абрадавана пачаў вітацца за руку. Потым схаваў скамечаную хусцінку ў кішэню і выцягнуў замест яе капронавую авоську.

— Жонка ў кішэню сунула, — раскаціста зарагатаў ён, трымаючы сетку двума пальцамі. — Кажа, могуць што-небудзь выкінуць.

— Сядайце, — запрасіла Валя.

— Айн мамент! Не спяшайцеся! — сур’ёзна, быццам рыхтаваў нейкі фокус-цуд, закамандаваў Шмакаў. — Айн мамент!

Прыхапіўшы Віктара, ён злётаў у буфет і вярнуўся з мускатам, «Сталічнай», цукеркамі. Не чакаючы астатніх, чокнуўся з чаркамі, якія сам паставіў на стале, уліў залпам у рот гарэлку і, быццам хукаючы на замёрзлую шыбу, выштурхнуў з лёгкіх паветра.

— Ты хоць бы ліманадам разбавіў, — паморшчыўся Каверын.

— Навошта? — паднёс да носа цукерку Шмакаў. — Я, калі трэба, яго потым вып’ю, хоць не буду бачыць, як мяшацца будзе. «Вада — бяда», помніш, Валянціна? Захавала ты сябе, трэба сказаць...

— Дык чаму нападаеш тады? — паблажліва ўеў Каверын.

— Нападаў, бо ты не абараняў, — прачысціў кашлем горла Шмакаў і кульнуў другую чарку. — А табе карціць, вядома, мірыць? Абы ціха? Каб нішто, як кажуць, не перашкаджала працвітанню? Добра быць Саваофам! Праўда, маладыя людзі?

— Во-во! Некаторыя наогул не супроць жыць са зручнай ім праўдаю! — нечакана, але горача адказала Лёдзя.

Каверын перавёў на яе позірк, нібыта яна толькі што аказалася за сталом і вось зараз можа знікнуць.

Віктар, які шырока ўсміхаўся, заўважыў гэта і, каб папярэдзіць, што разумней будзе Лёдзю не чапаць, звёў бровы. Цяпер толькі ён сам меў права сердаваць на яе, быць нездаволеным ёю або ўпікаць.

 

 

2

Сярдзюк-старэйшы прачнуўся на світанні. Каб не выдаць сябе, ляжаў з заплюшчанымі вачыма, пакуль Віктар збіраўся, а потым пад акном заводзіў і разаграваў матор: калі тэрмастат яшчэ не паказваў сорак, сын ніколі не ехаў.

Жыццё, здаецца, уваходзіла ў сталае рэчышча — любімая работа, цяжкасці, поспехі, спрэчкі. Мяняліся і супрацоўнікі. Насцярожанасць, нездаровае спачуванне ішлі на спад, саступалі месца роўным, дзелавым адносінам, скепсіс жа — адкрытаму ці прыхаванаму прызнанню. «Як Галя жыве?» — «Галя? Бульбу капае». Вось якімі словамі адказваюць у народзе на пытанне, як паводзіцца чалавеку, і ў гэтым — глыбокі сэнс: тут і ацэнка самога чалавека і вызначэнне ягонага месца на зямлі.

І ўсё-такі нешта незавершанае, ушчэрбнае адчуваў Сярдзюк у сваім жыцці-быцці. У людзей удовых пустуе нейкі куток душы. Ён як бы адмірае разам са смерцю любага, любай. Але там ужо ў правы ўступае ўсведамленне непазбежнасці. У Сердзюка ж жыла надзея, была яшчэ жывая сама яго любоў. І, каб прыйсці да пэўнасці, яму трэба было або пахаваць яе, або вярнуць.

Гэтая відавочная ісціна раптам раскрылася перад ім і ўзрушыла ўсю яго істоту.

«Пахаваць, няўжо самому пахаваць?.. — мучыўся ён. — Праз уласную слабасць, праз коснасць і па-свойму зразуметы абавязак!..»

На вакзал Сярдзюк прыехаў за паўтары гадзіны да прыходу поезда. Ад няма чаго рабіць абышоў зазвычай людныя залы. Разгублена падумаў, як гэта дзіўна: у горадзе — свята, у яго — чаканне і трывога, а тут усё ідзе так, як ішло ўчора, пазаўчора. Гэтак жа з чамаданамі спяшаюцца адны, гэтак жа, стомленыя і бледныя, сядзяць на чамаданах другія, гэтак жа топчуцца і прагна жуюць ля буфета трэція.

На пероне было пуста. Непадалёк стаялі два насільшчыкі — у фартухах, з бляхамі-нумарамі — ды ад багажнага аддзялення электракар, віхляючы, цягнуў за сабой цялежкі.

Прыбыў прыгарадны поезд. З вагонаў пасыпаліся пасажыры. У іх было менш рэчаў, чым у пасажыраў, якія ехалі далёка, але спяшаліся яны куды больш, і на пероне ўраз узнікла сумятня.

— Доктар! — аклікнулі Сердзюка. — Са святам, доктар!

Шукаючы, хто мог гукаць яго, Сярдзюк агледзеўся. Убачыў: да яго важна ішоў Барушка. Пасыцелы, у светлым капронавым капелюшы і цёмных акулярах, у белым часучовым гарнітуры, у сандалетах — самдзелешні дачнік. У руках ён трымаў да краёў напханую авоську з нечым загорнутым у газету, лапату ў чахле і вялікую блакітную лейку.

— Пс-с, каго я бачу! Прывет! На дэманстрацыю не збіраецеся, ці што? — фатавата спытаўся ён, падыходзячы.

— А вы?

— Што за пытанне? У нас, былых падпольшчыкаў, свае традыцыі... Вось занясу дамоў і рушу, — памахаў ён лейкаю, лапатаю і авоськаю. — А вам, мабыць, сустракаць каго собіла? Каго, цікава?

Даўно не было сакрэту: калі Барушка ветлівы, фінціць, чакай добрага. Размінуўся, не заўважыў — значыць, акцыі твае падаюць. Але не гэта ўзяло ўвагу Сердзюка.

«Што і як яму адказаць? — тужліва падумаў ён. — На самай справе, каго? Няўжо сказаць, што сустракаю былую жонку? Віктараву маці? Або, як звычайна гаворыць сам Барушка: «Так, аднаго чалавека...» Маша — безаблічны «адзін чалавек»! Якая лухта!»

І Сярдзюк хрыплавата сказаў:

— З Масквы прыязджае мой друг...

Аднак, калі ён, падбегшы да вагона, прыняў ад Машы чамадан і памог ёй сысці на платформу, усё неяк зрабілася, як і раней, складаным.

Убачыўшы, што ён адзін, Маша здзіўлена заморгала вачыма. А ацаніўшы яго ўчынак, сумелася зусім — сітуацыя вымагала новых слоў і паводзін, да якіх яна ані не была падрыхтавана, асабліва тут, на пероне.

Маша не ашуквала сябе, што ехала ў Мінск не толькі каб убачыцца з сынам, глянуць на яго абранніцу і сказаць матчына слова. Душа прагла Ігната, сустрэчы з ім, задушэўных, поўных незвычайнага сэнсу размоў, у якіх можна выліць сябе, адчуць сваю знітаванасць з дарагім чалавекам. З ім была звязана яе маладосць. У ім як бы ўвасобіліся ўсе яе беды і трывогі, перажытыя за гады разлукі. А хто не ведае, што перажытыя выпрабаванні гэтак жа дарагія чалавеку, як і сапраўдныя мары. Таму за шчасце было быць поруч з ім, бачыць, слухаць яго і без асаблівых спадзяванняў.

Бянтэжачыся, што трошкі хітруюць адно перад адным, яны дамовіліся здаць рэчы ў камеру хавання і, прымкнуўшы да дэманстрантаў, прайсці па святочным горадзе.

На вуліцы Свярдлова стаяла калона аўтазаводцаў — з вялікім макетам «МАЗа», сцягамі, транспарантамі. Сёй-той, мусіць, падаўся на тратуар да столікаў-буфетаў, папяросных латкоў, калясачак марожаншчыц, і калона парадзела. Толькі каля макета рабочыя тоўпіліся густа. У цэнтры іх Сярдзюк пазнаў Шарупіча з Арынаю. Пры ўсіх рэгаліях, з чырвоным бантам на грудзях, Міхал выціраў хустачкаю карак і з самым сур’ёзным выглядам расказваў, мяркуючы па ўсім, нешта вясёлае.

— Гэта Лёдзіны бацькі, — здаўлена прамовіў Сярдзюк, вачыма паказваючы на Арыну і Міхала.

Аднак замяшанне не дало ім падысці да Шарупічаў. Ім пакуль што было лацвей сярод незнаёмых. Стараючыся не пазіраць на купку ля макета, яны прайшлі ў канец калоны і прыстроіліся ў апошнім радзе. Але калі пачулася каманда і ўсе, хто быў на тратуары, рынуліся на свае месцы, Сярдзюк з Машаю апынуліся сярод узрушаных, фасоністых дзяўчат, хлопцаў, ад якіх патыхала тытунём, півам. Хлопцы гасілі недакураныя цыгаркі, дзяўчаты спяшаліся даядаць вафлі, марожанае.

— Як добра, Ігнат! — вінавата і неяк хваравіта ўсміхнулася Маша.

Калона кранулася, потым спынілася, зноў кранулася і, выйшаўшы на Ленінскі праспект, рушыла, займаючы палову маставой. Рэпрадуктары даносілі з Цэнтральнай плошчы музыку, рознагалосы гоман, лозунгі-вітанні, «ура». Недзе непадалёк іграў самадзейны аркестр, у суседняй калоне пелі «Ой, бярозы ды сосны». У адказ, а можа, насуперак ім, аўтазаводцы грымнулі «Кацюшу».

Праспект, у сцяжках, у гірляндах рознакаляровых лямпачак, як бы вітаў Сердзюка з Машаю. Здавалася: і салдаты, ланцугом выстраеныя ўздоўж тратуараў, і людзі, якія стаялі на балконах дамоў, глядзелі з расчыненых вокнаў, — вітаюць іх.

Перад трыбунамі калона падраўнялася. Усе гукі пакрыў марш зводнага аркестра, і дэманстранты пайшлі ў нагу.

— Няхай жыве наш слаўны рабочы клас! Ура! — даляцела з галоўнай трыбуны.

Вымяркоўваючы, каб трапіць дамоў як мага пазней, — хай першымі прыйдуць Віктар і Лёдзя, — яны пасядзелі ў Купалаўскім скверы, а пасля, даехаўшы на таксі да парку Чалюскінцаў, доўга блукалі па яго дарожках. І ўсё-такі, калі прыйшлі, дзверы аказаліся замкнутымі на два замкі.

Адчуванне скованасці зноў вярнулася да іх.

Прырода шчодра надзяляе жанчын жыццёвай мудрасцю. Яны прасцей, больш разважна глядзяць на рэчы. І першае слова тут, відаць, належала Машы.

Але на ёй ляжала і большая адказнасць — перад Сердзюком, перад сабою, перад тымі, хто астаўся ў Маскве. Сярдзюк, які нецярпліва, з трывогаю чакаў яе слоў, раптам зразумеў гэта.

Бачачы, што Міша ніяк не можа рашыць, як паводзіць сябе, — то бярэцца папраўляць прычоску, то, выдаючы сябе заклапочанай гаспадыняй, пачынае наводзіць парадак у пакоі, — ён, няздольны маўчаць, нясмела, быццам прасіў прабачэння, спытаўся:

— Дык як жа, Маша, будзе ў нас?.. Трэба рашаць... Я ж люблю цябе... І думаю, што любоў — сама сабе вышэйшы закон...

Яна ў гэты момант глядзела ў акно, а ён сядзеў ля стала і камячыў рог скацеркі.

Пачуўшы яго словы, Маша ўздрыганулася, быццам убачыла на вуліцы нешта страшэнна жахлівае, абаперлася на падаконнік і падалася наперад. Ды потым бадай што насуперак сваёй волі адштурхнулася ад падаконніка і падышла да Сердзюка.

Абхапіўшы яго галаву, тулячы да грудзей, заплакала, надрыўна ўсхліпваючы.

— Маўчы, Ігнат! — папрасіла, як старшага. — Маўчы, калі ласка... І не думай, я ж баба... Я, можа, нават дзяцей хачу ад цябе...

— Не трэба, Маша! Ты, як заўсёды, прагнеш унізіць сябе, каб узняць другіх!.. Я і мезенца твайго не варты. Даруй, што мучыў і мучаю.

Але яна не адпусціла яго і тады, калі ў дзвярах пстрыкнуў замок і на парозе паказаліся Віктар з Лёдзяй. Толькі схілілася яшчэ ніжэй і, заплюшчыўшы вочы, уперлася падбародкам яму ў цемя. Бываюць хвіліны, калі двое абсалютна не заўважаюць нічога навокал, і гэта зусім не таму, што яно не існуе для іх.

 

 

3

Праз дзень Кавалеўскі выклікаў у гарком кіраўніка Мінскбуда, Віктара і прадстаўніка гарпраекта. А яшчэ праз дзень дзве чорныя «Волгі», пабліскваючы, імчалі іх па вузкай, звілістай Вільнюскай шашы.

У Вільнюсе яны сустрэліся з будаўнікамі і планіроўшчыкамі мікрараёна Жырмунай, пабылі ў самім мікрараёне. Стомленыя, поўныя ўражанняў, пад вечар падняліся на гару Гедымінаса і з магутнай старажытнай вежы, над якой лунаў чырвона-бела-зялёны флаг, яшчэ раз агледзелі горад.

Вільнюс адсюль адкрываўся да самых ускраін і загарадных узгоркаў, парослых лесам. І вось гэты кантраст — гарысты ландшафт, каменныя ўзлёты касцёлаў, манастыроў, і лаканічна спланаваны жылы масіў на крутым зялёным беразе Віліі — прымусіў па-новаму задумацца Віктара. Аказваецца, у гэтым нечаканым і, здаецца, непрымірымым спалучэнні заключалася свая, авеяная часам, прыгажосць. Дый прастата мікрараёна была натуральная, свабодная, звязаная з тым, што было і будзе ў гэтым горадзе. І яшчэ адно адкрылася Віктару. Нешта сваё непаўторнае адчувалася тут у гуках, якія поўнілі горад. У мелодыях, песнях, што вырываліся з акна ці транзістараў, у людскім гомане, боі гарадскога гадзінніка, падобным на касцёльны звон, у плюскаце немнагаводнай Віліі — Нерыс... Гэта запала ў душу, нарадзілася пачуццё, падобнае на прагнасць: бяры, бяры ўсё, што можа прыдацца, тваё тады будзе лепшае, самалюбства, эгаізм тут ні пры чым... Усё, што добра зроблена, здаецца простым і абуджае жаданне працаваць. «Калі нехта скляпаў добра, чаму я не здолею?.. Гэта ж вельмі проста!» Разуменне складанасці зробленага другімі прыходзіць пазней. Віктар вяртаўся дамоў са светлымі думкамі і спадзяваннямі.

«Працаваць, працаваць!» — падганяў ён сябе, бачачы заруку абавязковых поспехаў у сваёй шчаслівай зорцы, у самім ходзе падзей, у тым, што адкрылася яму ў Лёдзі.

У Вільнюсе думаць пра Лёдзю не было часу. Але, калі Віктар сеў у машыну і яна кранулася, думкі пра каханую нахлынулі на яго, і ён да болю ў сэрцы адчуў, як засумаваў па ёй. Мінула ўсяго каля сутак, як яны бачыліся, а яму здавалася: прайшла цэлая вечнасць.

Ён і раней нудзіўся без Лёдзі, і час тады, асабліва перад спатканнем, цягнуўся марудна-марудна. Аднак цяпер Віктар проста знемагаў ад жадання бачыць і чуць яе. Лёдзі, безумоўна, спадабаецца яго расказ пра Вільнюс, і яму нецярпелася хутчэй перадаць ёй свае ўражанні, думкі. Яна, безумоўна, узрадуецца, адчуўшы яго нецярпенне, і яму рупіла хутчэй прынесці ёй гэту радасць. Віктар верыў: яна ацэніць і падтрымае яго новыя парыванні, узлёт яго душэўных сіл, і ён прагнуў найхутчэй пераканацца ў яе падтрымцы і адчуць тую згоду, што прыйдзе пасля.

Стаяла ўжо ноч. Дарога, калі мінулі літоўскую граніцу, ішла лесам або была абсаджана таполямі, вербамі, вузлаватыя, тоўстыя камлі якіх апаясвалі белыя палосы. Кроны дрэў былі падрэзаныя, і паміж схіленых, асветленых фарамі ствалоў, якім не давалі галінавацца, таілася густая цемрадзь. З яе як бы вырасталі цёмныя, журботныя постаці. Набліжаючыся, яны нібыта падаваліся наперад — збіраліся не то ўпасці пад машыну, не то пакланіцца ёй. «Волга» як бы бегла між шарэнгамі сумотных, у сутанах, постацей, з якіх зноў-такі некаторыя нагадвалі Лёдзю.

Дома Віктара чакала непрыемнасць — увечары, аказваецца, паехала маці. Бацька быў нейкі дзіўны — разгублены і, здаецца, шчаслівы і няшчасны адначасова. На Віктараву просьбу растлумачыць, што здарылася, адказаў не вельмі ахвотна, але мнагаслоўна:

— Жыццё, сын, не дужа багатае на цуды. І нашаму брату гэта трэба мець на ўвазе. Шкада толькі, што даецца яно адзін раз, і сотая маладосць у гарадоў ды народа бывае... Хоць, вядома, і гэта — шчасце пры нашым упартым мужчынскім характары... А там хто ведае... Юркевіч кажа: за небам ёсць яшчэ неба...

І ўсё-такі назаўтра Віктар быў чамусьці пераконаны: калі і могуць быць турботы і хваляванні, дык толькі ў яго самога. «Нічога, уладзіцца, цяпер знойдуцца сілы і на апошняе!» — забыўся на бацьку і пакаціў у аўтазаводскі пасёлак. Да дужа дарагога дома пад’ехаў з трапяткой нецярплівасцю. Убачыў у акне Лёдзю, якая, гушчаючы дзіця, назірала за вуліцаю, хутка апусціў бакавое шкло і, даўшы гудок, замахаў рукамі як сігнальшчык. Няясна адчуў — нечага не хапае. Здагадаўшыся, прыслухаўся і з радасцю пачуў далёкі, але няспынны гул завода.

Лёдзя села ў машыну нязвыкла сцішаная ў сабе і, склаўшы далоні лодачкаю, заціснула іх каленямі.

— Ты знаеш, я загадала, і ты тут як тут... — прызналася праз хвіліну. — Пачакай... У якім вуху звініць?

— У правым. Гайда на кальцавую або ў Каралішчавічы.

Ім сапраўды было амаль усё роўна куды ехаць, абы ехаць і быць разам. Было няважна і тое, пра што давядзецца гаварыць. У каханні ёсць пара, калі патрэбна адна блізкасць — маўклівыя хвіліны яднання, калі істоты робяцца не толькі дарагімі адна адной, але і роднымі. Калі нараджаецца сувязь, мацнейшая за кроўную роднасць дачкі і маці, сына і бацькі.

Насустрач бегла стужка шашы з маладзенькімі прысадамі і паласатымі слупкамі. Было такое адчуванне, што «Масквіч» імчыць, падагнаны ззаду ветрам. На ўзгорку Віктар нечакана прытармазіў і завярнуў на абочыну.

— Вось тут я ледзь не падбіў цябе... Пазнаеш? — прамовіў, ад узрушэння пераходзячы на скорагаворку. — І мне рупіць у нечым прызнацца іменна тут... Ведаеш, як я буду цяпер адказваць на пытанне — адкуль я? З самага, скажу, цудоўнага горада на свеце... І ў гэтым вінаватая ты. Ты Лёдзя! Я абажаю, люблю цябе! Ты мая зорка, мой лёс! І я ахвотна іду ў няволю да цябе! Давай пастаім...

Горад адсюль адкрываўся шырока. Відны былі карпусы аўтамабільнага, трактарнага, жылыя будынкі і зеляніна пры іх, а ў сіняй смузе за імі — гмахі гарадскіх кварталаў. Над горадам навісла навальнічная хмара з касматымі, у падпалінах, краямі. Ад яе павявала ўжо свежасцю і прадвесцем нечага трывожнага.

Нечакана, крыху раней за рокат і свіст, што абрынуліся на зямлю, з’явіўся самалёт. Пагрозлівы, імклівы, ён пранёсся над прыгарадам, і ў той момант, калі дасягнуў аўтазавода, разлегліся гулкія, з пошчакам грымоты.

Лёдзя ўздрыгнула і толькі тады заўважыла, што абапіраецца на плячо Віктара.

— Што гэта?.. — спыталася яна, бляднеючы. — Навальніца?..

 

 

4

Улетку воблакі плывуць раскавана, вольна. Неба здаецца шырокім, бязмежным. У яго разлегласці, якія б вычварныя і фантастычныя воблакі ні былі, вока ахоплівае іх аб’ёмна, і яны паўстаюць ва ўсёй сваёй красе. Дый краса іх асаблівая — завершаная. Шчодрыя, чаканыя, плывуць воблакі над зямлёю. А што можа быць даражэйшым за добрую, патрэбную прыгажосць?!

І яшчэ. Увосень вельмі востра адчуваецца, як ідзе час. Асабліва ў пару лістападу. Стаялі залатыя дрэўцы, падзьмуў сівер — і яны голыя, а голую зямлю ўслала лісцем. Змены бурна адбываюцца і ўвесну. Але не так відочна, хутка, бо ўсё на свеце нараджаецца павольней, чым памірае. Улетку ж, калі ўсё расце, выспявае, час наогул працуе падспудна. І гэтая жыццядайная запаволенасць часу водсветам кладзецца на воблакі. Дык няхай жа будуць блаславёныя летнія нябёсы!..

 

Мінск, 1964 — 1969 гг.

 

 

ЗАМЕСТ ЭПІЛОГА

Чым вымяраюцца дасягненні і вартасць народаў? Што можа быць узята тут за крытэрый? Багацце — духоўнае і матэрыяльнае, — якое ўносіць народ у агульначалавечую скарбонку? Тое непаўторнае і каштоўнае, што адкрыў ён для сябе і другіх? Безумоўна. Важны і маштабы яго здзяйсненняў, яго роля ў паступальным руху чалавецтва да светлай будучыні нашай планеты. Інакш кажучы, на што народ здатны, у імя чаго працуе, адкрывае, куды кліча другіх. Так, толькі так!

Савецкі народ даў свету Кастрычнік і першы пабудаваў грамадства без эксплуатацыі чалавека чалавекам — для працоўных Зямлі загарэўся маяк. Савецкія людзі ўзялі на свае дужыя плечы галоўны цяжар у вайне з фашысцкай Германіяй і, нягледзячы на страшэнныя ахвяры, перамаглі ворага — чалавецтва было выратавана ад карычневай чумы. Па прыкладу савецкага народа другія народы скінулі са сваёй шыі памешчыкаў і капіталістаў — утварыўся магутны лагер сацыялізма. Будуючы камунізм, савецкі народ высока ўзняў сцяг інтэрнацыяналізму, смела, рашуча выступіў супроць ганьбы нашых дзён — каланіяльнага рабства і памагае вызваленым народам Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі шукаць і знаходзіць сваё шчасце. Тытанічнае змаганне вядзе ён за мір, за светлае заўтра ўсіх народаў.

Вось гэтая маштабнасць здзяйсненняў, гэтая непарыўная сувязь унутраных падзей з поступам сусветнай гісторыі характэрныя і для жыццядзейнасці беларускага народа і яго сталіцы.

Я люблю Мінск. Я з павагаю схіляю галаву перад яго мінулым — суровым, поўным выпрабаванняў, і радуюся яго сённяшняму дню. Гэта, відаць, адна з прычын, дзякуючы якой мае героі — мінчане і Мінск. Любоў, адданасць часта ідуць поруч з ведамі...

Паводле легенды Мінск заснаваў асілак і чарадзей Менеск, які ўзняў яго крапасны вал, сцены, а ў цэнтры пабудаваў дзіва-млын «о семи колах». І не з жыта малоў той млын мяккую муку, а з камення.

Легенда, вядома, астаецца легендаю, але бясспрэчна адно: горад узнік як крэпасць — паўстаў сярод балот і лясоў на варце Полацкай зямлі.

Гісторыя тады плыла па рэках. У Мінска таксама была свая апякунка — Свіслач. І, нарадзіўшыся на яе беразе як горад-вартаўнік, ён неўзабаве стаў і шумным засяроджаннем, куды з лясістай зямлі дрыгавічоў і крывічоў сцякаліся яе жыхары мяняць тавары. Ці не гэта і дало яму імя: Менск — абмен?

Пачуццё павагі выклікае ў мяне Троіцкая гара. Ад Лагойскага тракта да яе, — відаць, галоўная ў старажытнім Мінску, — пралягала Чырвоная вуліца. Тут, пабліскваючы купалам-макаўкамі, узвышаліся над усім найбольш старажытныя цэрквы і манастыры, тут, здзіўляючы трываласцю сваіх сцен, стаялі дамы знатных гараджан. Цяпер пра мінулае Троіцкай гары нават мала хто ведае. Паступова забываецца і назва. Але авеяная поступам гадоў, яна — гэта адчуваецца і зараз — хавае ў сабе гісторыю Мінска. З яе ён адкрываецца шырока, адсюль хораша глядзець на яго і думаць аб ім...

Гісторыя наогул не шчодра раздавала славу гарадам. Да Мінска ж яна ўпарта і доўга была зусім скупая. На пажоўклых яе старонках ён часцей за ўсё ўспамінаўся, калі яго бралі ў палон, палілі, разбуралі, калі ў ім лютавалі халера, голад, паводкі.

Праўда, ля яго крапасных варот шумелі кірмашы. На іх, па славутыя вырабы саматужнікаў-умельцаў — кавалёў, ювеліраў, дрэваапрацоўшчыкаў, кастарэзаў, ганчароў, рымараў, шаўцоў, ткачоў, краўцоў — прыязджалі багатыя госці. Але гэтая слава танула ў дыме пажараў, у спусташальных княжацкіх міжусобіцах, у бойках з полчышчамі Кайдана, Менглі-Гірэя, у кровапралітных сутычках з нямецкімі псамі-рыцарамі, шведамі, польскай шляхтаю. Праз Мінск праходзілі бойкія дарогі, па ім ішлі тавары ў Масковію, на Украіну, у Польшчу, Літву, у порты Прыбалтыкі. Але па гэтых дарогах ступала і вайна. Тут Запад сутыкаўся з Усходам і кожны раз адступаў, пакідаючы як памяць аб сабе папялішчы, руіны ды пабудаваныя касцёлы і манастыры.

Нават пасля другога раздзелу Рэчы Паспалітай, калі Беларусь ўз’ядналася з Расіяй, а Мінск стаў губернскім горадам, войны не міналі яго.

У 1812 годзе яго паланілі французскія захопнікі. Салдаты корпуса Даву атрымалі дазвол чатыры дні рабаваць гараджан і горад. За час свайго гаспадарання яны разбурылі яго дарэшты, узарвалі нават масты і маставую. Дзве трэці мінчан загінула тады ад тэрора, хвароб, голаду або ўцякло ў лясы.

Цяжка знайсці другі горад з такім лёсам і жыццетрываласцю!

Да сярэдзіны XIX стагоддзя Мінск зноў становіцца буйным па тых часах цэнтрам рамеснай прамысловасці. Чыгуначныя магістралі — Маскоўска-Брэсцкая і Лібава-Роменская — уліваюць у яго сілы. З’яўляюцца фабрыкі, заводы, акцыянерныя кампаніі. Пачынае расці рабочы клас, а з ім — і горад: новыя прывакзальныя плошчы, новыя вуліцы ад іх да цэнтра, гарадскі тэатр у цэнтры. Мінск робіцца буйнейшым горадам Беларусі, насельніцтва якога дасягае амаль ста тысяч.

І знамянальна — самымі слаўнымі старонкамі яго тагачаснай і наступнай гісторыі стала рэвалюцыйная барацьба мінскага пралетарыяту. Толькі ў адным 1895 годзе ў Мінску адбылося пяцьдзесят чатыры стачкі. У сакавіку 1898 года тут адбыўся Першы з’езд РСДРП. Дзень Першага мая 1901 года рабочыя адзначылі буйнай забастоўкаю.

Стачкі, дэманстрацыі, маніфестацыі, масавыя сходы сталі вернай зброяй рабочых і Мінскай групы РСДРП, якая складалася пераважна з прыхільнікаў ленінскай «Искры».

Самую гарачую і дружную падтрымку тут знайшлі рэвалюцыйныя выступленні ў Расіі часоў першай рускай рэвалюцыі. На Крывавую нядзелю ў Пецярбурзе мінчане адказалі тыднёвай забастоўкаю і дэманстрацыяй пад лозунгам «Далоў самаўладства!». Мінск забурліў у віры чырвоных сцягоў, мітынгаў. У паліцэйскіх і казакаў паляцелі камяні. На вуліцах забахалі стрэлы, выбухі самаробных бомб. Кастрычніцкую ўсерасійскую палітычную стачку мінчане падтрымалі ўсеагульнай забастоўкаю. Былі арганізаваны баявыя дружыны, якія зброю сабе здабылі ў паліцэйскіх, у салдат. Дружыннікі ўстанаўлівалі дзяжурствы на канспіратыўных кватэрах, займалі друкарні, пакуль там друкаваліся лістоўкі. Васемнаццатага кастрычніка 1905 года рабочая кроў скрывавіла брук Прывакзальнай плошчы.

А векапомны Семнаццаты?

Самаахвярная барацьба бальшавікоў, якой кіравалі М. В. Фрунзе, А. Ф. Мяснікоў, В. Г. Кнорын, К. І. Ландэр, дзеянні атрадаў народнай міліцыі і чырвонагвардзейцаў паставілі Мінск у рады самых рэвалюцыйных гарадоў таго бурнага часу.

Горад бурліў, як у паводку, — дэманстрацыі, мітынгі, сходы, канферэнцыі, з’езды. На прадпрыемствах узніклі фабрычна-заводскія камітэты, прафесійныя саюзы, клубы. Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў у выніку майскіх перавыбараў, па сутнасці, аказаўся ў руках бальшавікоў. Дваццаць сёмага ліпеня пачала выходзіць палымяная «Звезда» — орган Мінскага камітэта РСДРП(б).

Салдаты Мінскага гарнізона і рэвалюцыйна настроеныя рабочыя заслонам сталі на дарозе карнілаўскіх мяцежнікаў да Масквы і Петраграда. Часовы Ваенна-рэвалюцыйны камітэт, а таксама створаны для аб’яднання чырвонагвардзейскіх атрадаў Мінска і Мінскага раёна штаб рэвалюцыйных войск Мінскага ўчастка ўвялі нагляд за друкарнямі і выдавецтвамі, устанавілі на чыгуначных вузлах кантрольныя пасты, разгарнулі агітацыю сярод салдат карнілаўскіх часцей. У выніку асінае гняздо карнілаўшчыны — Стаўка галоўкаверха ў Магілёве — аказалася блакіраваным.

У. І. Ленін у гэты час асабіста ўдзяляў увагу кансалідацыі бальшавіцкіх сіл Мінска. На гістарычным пасяджэнні ЦК РСДРП(б) дзесятага кастрычніка, на якім было прынята рашэнне аб узброеным паўстанні, Уладзімір Ільіч указаў:

«Абласны з’езд і прапанову з Мінска трэба скарыстаць для пачатку рашучых дзеянняў».

Пасяджэнне ў сваім рашэнні запісала: «Прызнаючы такім чынам, што ўзброенае паўстанне непазбежна і зусім наспела, ЦК прапануе ўсім арганізацыям партыі кіравацца гэтым і з гэтага пункту гледжання абмяркоўваць і вырашаць усе практычныя пытанні (з’езда Саветаў Паўночнай вобласці, вываду войск з Піцера, выступлення масквічоў і мінчан і г. д.)». Так у рад важнейшых фактараў, якія вырашалі лёс узброенага паўстання, а значыць і Кастрычніка, было таксама пастаўлена выступленне мінчан.

Гістарычнай заслугай Мінска з’яўляецца і тое, што Савецкая ўлада ў ім была абвешчана праз некалькі гадзін пасля перамогі ў Петраградзе.

Для аператыўнага кіраўніцтва барацьбой працоўных Беларусі і салдат Заходняга фронту дваццаць сёмага кастрычніка пры Мінскім Савеце быў сфарміраваны Рэвалюцыйны камітэт, ператвораны пазней у Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Паўночна-Заходняй вобласці і Заходняга фронту. «Правда» пісала тады:

«Улада ў руках Рэвалюцыйнага камітэта... Войскі ўсе бальшавіцкія. Былі выкліканы казакі, але па распараджэнню Рэвалюцыйнага камітэта іх адправілі на свае месцы. Палітычныя зняволеныя, салдаты (звыш тысячы чал.) арганізавалі Мінскі Рэвалюцыйны полк».

Так, павага да гарадоў прыходзіць не проста. Яе трэба заваяваць. Ёсць гарады-працаўнікі, ёсць гарады-воіны, гарады-здраўніцы, гарады-музеі. А хіба да ўсіх прыйшла ўсенародная любоў і ўсе яны акружаны такой павагаю, як Масква, Ленінград, Кіеў? Каб стаць народнай святыняй, гораду патрэбна эпапея, подзвіг у вайне і міры. Трэба, каб у часы, калі вырашаецца лёс народа, горад зрабіў нешта дужа важнае. Такой эпапеяй для Мінска была Кастрычніцкая рэвалюцыя.

Мінск стаў рэвалюцыйным сэрцам Беларусі. У яго ваенных і цывільных арганізацыях тады налічвалася каля трыццаці тысяч членаў Камуністычнай партыі.

Уздым рэвалюцыйнай хвалі тут быў такі высокі, што яна змыла са шляху апошнія перашкоды, якія паспрабавала нагрувасціць контррэвалюцыя, — так званы «Камітэт выратавання рэвалюцыі» і «Беларускую раду».

Але выпрабаванні на гэтым для Мінска далёка не скончыліся.

Стары парадак, бясчынствы, расстрэлы вярнуліся ў 1918 годзе разам з нямецкімі захопнікамі. Турмы не ўмяшчалі арыштаваных. На таварнай станцыі і Старажоўцы, абгароджаныя калючым дротам, з’явіліся першыя ў гісторыі Мінска канцэнтрацыйныя лагеры.

На гвалт і тэрор мінчане адказалі барацьбою — Мінск стаў цэнтрам падпольнай работы камуністаў усёй акупаванай Беларусі. Дваццатага лютага легіянеры Доўбар-Мусніцкага ўварваліся ў горад, следам за імі ўвайшлі кайзераўскія войскі, а ўжо дваццаць восьмага лютага ў Мінску прайшоў сход камуністаў і быў выбраны падпольны гарадскі камітэт. На прадпрыемствах узніклі ячэйкі, стала выходзіць «Падпольная праўда». Бальшавікі распаўсюдзілі свой уплыў на прафсаюзы, стварылі кааператыў «Рабочы будаўнік», сталовую, якая зрабілася явачнай кватэраю для падпольшчыкаў. На першамайскім мітынгу, што праходзіў у гарадскім садзе, прысутнічала больш за тысячу мінчан. А пасля, нягледзячы на супроцьдзеянне бундаўцаў, адбылася дэманстрацыя і буйная сутычка з коннай нямецкай жандармерыяй. «Далоў нямецкі імперыялізм!», «Далоў кайзера!», «Прэч з Мінска!» — чулася з калон дэманстрантаў.

У жніўні 1919 года Мінск захапілі легіёны Пілсудскага. І зноў — восьмага жніўня яны ўвайшлі ў горад, а праз два тыдні быў створаны гарадскі падпольны партыйны камітэт, а пасля і асобы штаб паўстанчаскага руху. Сувязі Мінскай падпольнай арганізацыі пацягнуліся на захад і дасягнулі Варшавы. Наколькі яны былі дзейнымі, паказвае хоць бы факт — у маі 1920 года маладзечанскі партызанскі атрад у адказ на масавыя расстрэлы акупантаў напаў па ўказанню мінскіх камуністаў-падпольшчыкаў на цягнік галоўнакамандуючага польскай арміяй, і дваццаць шэсць штабных афіцэраў паплаціліся тады за свае злачынствы.

Узарваўшы чыгуначныя масты на лініі Мінск — Беласток і пад Жодзінам, мінскія партызанскія атрады аказалі вялікую дапамогу наступаючай Чырвонай Арміі. Славай пакрыў сябе каравульны батальён мінчан, які дайшоў да Варшавы. У Мінску фарміраваліся польскія камуністычныя часці для барацьбы за новую дэмакратычную Польшчу.

Першага студзеня 1919 года — неўзабаве пасля выгнання нямецкіх акупантаў — было абвешчана стварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Мінск стаў яе сталіцаю. Калі ж народжаная ў рэвалюцыйных бойках беларуская сталіца вызвалілася ад новых захопнікаў, жыццё ў ёй адразу набыло мірны кірунак. «Усе да станкоў! З молатам у руках і імкненнем да перамогі ў сэрцы дружна на транспартную разруху!» — заклікалі мінскія чыгуначнікі. І хоць на захадзе і поўдні яшчэ грымела вайна, у горадзе ўжо адкрываліся амбулаторыі, грамадскія сталовыя, кааператыўныя крамы. Дзверы ўцалелых дамоў, што некалі належалі багацеям, расчыніліся перад гарадской беднатою. Запаліліся агні рамп Першага Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатра.

Працаю, камуністычнымі суботнікамі адказалі мінчане на клопаты роднай улады. І ўжо ў 1921 годзе іх намаганнямі быў адноўлены першы ў Беларусі вялікі чыгуналіцейны і металаапрацоўчы завод «Энергія» (цяпер імя Кастрычніцкай рэвалюцыі). А яшчэ праз год пачалі працаваць грабарныя заводы, лесапілка, абутковая, запалкавая, лямцавая фабрыкі, шклозавод, дрожджа-вінакурны завод, друкарні, млыны, сельскагаспадарчыя, мэблевыя і слясарныя майстэрні. У 1927 — 1928 гадах уступілі ў строй заводы «Бальшавік» і станкабудаўнічы завод «Камунар» (цяпер імя С. М. Кірава).

Гэтак жа бурна рос Мінск як цэнтр навукі і культуры. Было створана Беларускае аддзяленне дзяржаўнага выдавецтва. У першую гадавіну вызвалення горада ад польскіх захопнікаў адкрыўся Беларускі дзяржаўны універсітэт, політэхнікум і педагагічныя тэхнікумы. У 1922 годзе сталі працаваць агранамічная і балотная станцыі, Беларуская дзяржаўная бібліятэка, Інстытут беларускай культуры. Разгарнулі сваю дзейнасць Беларускі дзяржаўны музей, Краязнаўчы музей, Беларуская кніжная палата. У 1925 годзе пачала вяшчаць радыёстанцыя. Адкрыліся карцінная галерэя, кансерваторыя.

Добраўпарадкаваліся вуліцы, плошчы, скверы. На ўскраінах зніклі сухадолы. Былі асушаны Камароўскае і Сляпянскае балоты. Будаваліся масты, стадыёны, лазні, бальніцы, пральні, дзіцячыя сады і яслі, кінатэатры, школы, інстытуты і клубы. І не проста бальніцы, а клінічны гарадок. І не проста інстытуты — а універсітэцкі гарадок. У кастрычніку 1929 года на вуліцах зазвінеў трамвай.

За дзесяць перадваенных гадоў Мінск вырас удвая. Некалі далёкі бор стаў паркам культуры і адпачынку. На цэнтральных вуліцах узняліся шматпавярховыя гмахі, на ўскраінах, паблізу ад новых і старых заводаў — добраўпарадкаваныя пасёлкі. Усё яскравей і выразней вырысоўваліся абрысы сталіцы Савецкай Рэспублікі, сімвалам якой як бы стаў велічны будынак Дома урада на плошчы Леніна.

Сацыялістычнае спаборніцтва (пачынальнікамі яго з’явіліся рабочыя завода «Энергія»), сустрэчнае планаванне, «грамадскія буксіры», гаспадарчы разлік, тэхнічная вучоба (першым прадпрыемствам суцэльнай тэхнічкай граматнасці стаў той жа завод), рух рацыяналізатараў, рэйды «лёгкай кавалерыі», творчыя экскурсіі рабочых садзейнічалі небываламу росту гарадской эканомікі, змянялі побыт і свядомасць працоўных.

У перадваенныя гады ўступіў ў строй ТЭЦ, радыёзавод, хлебазавод «Аўтамат». Сталі дамінуючымі станкабудаванне, лёгкая, харчовая і металаапрацоўчая прамысловасць. Мінск упрыгожылі манументальныя будынкі — Дом афіцэраў, Палац піянераў, гасцініца «Беларусь», будынкі парткурсаў, тэатра оперы і балета, Акадэмія навук БССР. Была пракладзена адна з лепшых у краіне аўтастрада Мінск — Масква.

Напярэдадні вайны ў горадзе жыло каля двухсот пяцідзесяці тысяч жыхароў і налічвалася чатырыста семдзесят вуліц.

Так, вялікай любві і павагі варты Мінск! Цяжкія выпрабаванні выпалі на яго долю. Але нават самыя страшныя з іх не зламалі яго. Спалены, разбураны, ён кожны раз уздымаўся з попелу яшчэ больш моцным і прыгожым.

Нямецка-фашысцкія захопнікі — скажы, Мінск, каторы раз гэта было за тваю гісторыю?! — зноў перапынілі стваральную працу мінчан. Мінск ахутала змрочная ноч, якой яшчэ не ведала яго мінулае. Але не ведала яно і такой барацьбы, якую павялі мінчане з захопнікамі.

 

Я нарадзіўся не ў Мінску. Да трыццаць шостага года не бываў у ім. Аднак многа памятнага было звязана з ім. Тут я вучыўся, тут здаваў свой апошні дзяржаўны экзамен... у першы дзень вайны. Вялікая Айчынная ўвайшла ў маю свядомасць перш за ўсё як ахутаны агнём і дымам Мінск. Дый наогул мой ваенны лёс прыкіпеў да Мінска. Мне тройчы даводзілася пераходзіць лінію фронту пехатою, двойчы пералятаць яе на самалёце, але кожны раз нязменна я вяртаўся пад Мінск. Магчыма, гэта стала другой і яшчэ больш важнай прычынай маёй пісьменніцкай адданасці Мінску...

Фашысцкія бамбардзіроўшчыкі з’явіліся над горадам не адразу. Але на трэція ваенныя суткі яны наляталі ўжо хвалямі — з незнаёмым ныючым гулам-стогнам. Бамбілі фугаснымі і запальваючымі ўперамешку. Ветра не было, і над Мінскам навісла злавесная хмара. Яна расла, пухла, завалаквала неба, і праз яе можна было глядзець на сонца не слепячыся.

Становішча на Заходнім фронце склалася цяжкае. Ужо дваццаць шостага — дваццаць сёмага чэрвеня 13-я армія вяла баі ў Мінскім умацаваным раёне. Баі былі жорсткія, упартыя, няроўныя. На чатыры стралковыя дывізіі нашай арміі, што абараняла Мінск, наступалі тры нямецкія танкавыя дывізіі, якія прарваліся з паўночнага захаду, і дзве танкавыя дывізіі, якія наносілі ўдары з паўднёвага захаду.

Нашы войскі біліся мужна. Асабліва Сотая ордэна Леніна стралковая дывізія, якая прыкрывала паўночныя подступы да горада. Паспяхова заняўшы адведзеныя ёй пазіцыі, яна адбіла дзесяткі лабавых атак праціўніка, перайшоўшы ў наступленне, сама адкінула яго на трынаццаць-чатырнаццаць кіламетраў. У баях слаўная Сотая перамалола чатыры палкі варожай пяхоты, бранятанкавы полк, разграміла мотаполк і аддзельны матацыклетны батальён гітлераўцаў.

Але сілы ворага, які шалёна рваўся к Мінску, бесперапынна папаўняліся, і пасля трохдзённых баёў, дваццаць восьмага чэрвеня, войскам трэцяй і другой нямецкіх танкавых груп удалося прарвацца ў раён горада і авалодаць ім.

Не лічачыся са смяртэльнай небяспекаю, што пагражала ім і іх сем’ям, мінчане схавалі сотні савецкіх салдат і афіцэраў. Яны аказвалі ім медыцынскую дапамогу, выдавалі за сваякоў, ратавалі ад расправы фашыстаў. Многіх раненых пад выглядам цывільных паклалі ў гарадскія бальніцы.

І гэта тады, калі гітлераўцы паставілі ў Мінску пяцітысячны гарнізон. У горадзе размясціліся армейскія рэзервы, штаб корпуса аховы тылу групы войск «Цэнтр», штаб і войскі карнага корпуса СС, кіраўніцтва войск СД, палявой паліцыі, апарат абвера. Тут жа асталяваўся генеральны камісарыят, гебітс- і гарадскі камісарыяты.

Сваё гаспадаранне захопнікі пачалі з паспешнай арганізацыі канцэнтрацыйных лагераў. Яны ўвялі каменданцкі час, сістэму заложнікаў, кругавую паруку. На тэлеграфных слупах, на сценах дамоў застракацелі загады ваеннага каменданта, якія нязменна канчаліся словамі — «смерць», «смяротная кара», «расстрэл». Турмы былі перапоўненыя.

Гета ў Мінску акупанты стварылі таксама раней, чым у другіх гарадах. У невялікі раён, цэнтрам якога з’яўлялася Юбілейная плошча, пад страхам смерці сагналі восемдзесят тысяч яўрэяў. А ў лістападзе чорныя грузавікі ўжо вывозілі асуджаных за горад. Свежыя равы ў Тучынцы наспех засыпалі зямлёй, і зямля там стагнала, пакуль танкі не ўтрамбавалі яе гусеніцамі.

Нямецкія фірмы, як саранча, накінуліся на ўцалелыя прадпрыемствы. Былі разрабаваныя бібліятэкі, інстытуты, карцінная галерэя, музеі, тэлефонная станцыя. Была вывезена нават кантактная сетка трамвая. На дровы секлі паркі.

Мінск ператварыўся ва ўмацаваны лагер. Дарогі, што вялі ў яго, перакрылі кантрольна-прапускныя пункты, на вуглах вуліц зашарэлі доты, службовыя будынкі аплёў калючы дрот, вокны ў цокальных паверхах былі замураваны і ператвораны ў байніцы.

Аднак, нягледзячы ні на што, зямля пад нагамі захопнікаў загарэлася. Ужо ў пачатку ліпеня ў доме № І па Вірскай вуліцы адбыўся нелегальны сход камуністаў чыгуначнага вузла. На ім былі абмеркаваны задачы і метады барацьбы, выбраны кіраўнік падпольнай арганізацыі — былы начальнік паравознага дэпо Фёдар Кузняцоў. Гэта ўскалыхнула вузел. К чорту паляцеў графік руху цягнікоў, паравозы выходзілі з дэпо дрэнна адрамантаванымі, у падбіўках букс — салёная вада, пясок, пілавінне. На вагонарамонтным заводзе рабочыя выводзілі з строя станкі, электраправодку. Марачы аб сваім партызанскім атрадзе, чыгуначнікі ўзяліся збіраць зброю, якую хавалі ў Старасельскім лесе.

У канцы ліпеня арганізацыйна аформілася падпольная партыйная група ў Варашылаўскім раёне горада. На чале яе стаў стары камуніст Сцяпан Заяц, які працаваў да вайны загадчыкам зямельнага аддзела Мінскага сельскага райвыканкома. Падпольныя групы былі арганізаваны былым работнікам Заводскага райкома КП(б)Б Н. Герасіменкам, інжынерам-камуністам І. Казінцом, былым сакратаром Заслаўскага райкома партыі Д. Караткевічам, старым бальшавіком, удзельнікам Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны А. Арндтам...

У барацьбу ўключаліся сем’ямі — бацька, маці, дзеці.

З партыйным падполлем устанавілі сувязь кадравыя камандзіры і палітработнікі Чырвонай Арміі, якія па розных прычынах асталіся ў Мінску. У першыя ж месяцы акупацыі малодшы лейтэнант Іван Кабушкін, чыё імя зрабілася пазней легендарным, з такімі ж мужнымі, як і сам, ваеннымі расстраляў і спаліў некалькі нямецкіх машын на дарогах Мінск — Лагойск і Мінск — Стоўбцы.

На вуліцах горада з’явіліся карыкатуры, лістоўкі, падпісаныя лаканічна і весела — «Андруша». Іх знаходзілі ў самых нечаканых месцах — у кошыках, з якімі ішлі на рынак, у кішэнях паліто, бачылі наклеенымі на кузавах нямецкіх грузавікоў, на дошках з загадамі каменданта. Як стала вядома потым, выпускала і распаўсюджвала іх група юнакоў і дзяўчат, арганізаваных маладым рабочым Мікалаем Кедышкам.

Да канца сорак першага года асобныя падпольныя арганізацыі наладзілі між сабою кантакт. Адбылася агульнагарадская нарада. Быў выбраны кіруючы орган — дадатковы партыйны камітэт (падпольшчыкі верылі: у горадзе дзейнічае заканспіраваны гарком партыі). У склад дадпарткома ўвайшлі І. Казінец («Пабядзіт») — сакратар, Г. Сямёнаў («Жук»), Д. Грыгор’еў («Катай»), С. Заяц («Зайцаў») і іншыя.

Камітэт аб’яднаў падполле, пабудаваў яго па прынцыпу «пяцёрак» і «дзесятак» і да пачатку 1942 года кіраваў ужо дванаццаццю партыйнымі звеннямі і шасцю камсамольскімі групамі.

Адным з галоўных мерапрыемстваў ГПК, як ён неўзабаве пачаў называцца, была арганізацыя партызанскіх атрадаў з мінчан і пасылка ваенных спецыялістаў, палітработнікаў у дзеючыя на Міншчыне атрады.

У снежні ў Руднянскія лясы выехала ўжо група патрыётаў — пераважна ваенных. Праз некалькі дзён па іх ініцыятыве з атрадаў, што дыслацыраваліся там, быў створаны адзін 208-ы партызанскі атрад, камандзірам якога стаў палкоўнік У. Нічыпаровіч, а камісарам М. Пакроўскі. Так нарадзіўся найбольш баявы ў той час атрад Міншчыны.

Не менш важнай задачай камітэт лічыў выкрыццё гітлераўскай прапагандысцкай хлусні.

За гэтую складанейшую работу ўзяліся Ісай Казінец — чалавек невычэрпнай энергіі, і Уладзімір Амельянюк — таленавіты арганізатар і журналіст. У выніку неўзабаве ў адным з дамоў па вуліцы Астроўскага дала аб сабе знаць першая падпольная друкарня, дзякуючы якой убачылі свет лістоўкі, газета-лісток «Вестник Родины» і нават брашуры.

Весткі пра разгром немцаў пад Масквою абмяркоўваліся ва ўсіх падпольных арганізацыях. Лістоўкі з паведамленнем пра яго тройчы з’яўляліся на вуліцах Мінска. На сценах каробак можна было прачытаць: «Чырвоная Армія хутка вернецца!», «Смерць Гітлеру!»

Чыгуначнікі на перамогу роднай Арміі адказалі дыверсіямі. На вузле сканцэнтравалася звыш трохсот паравозаў. Размаражваючы, падпольшчыкі знявечылі амаль палову іх. Пад Новы год была парвана чыгуначная воданапорная сетка.

Падпольны камітэт узяўся за падрыхтоўку ўсеагульнага паўстання, мэта якога была расчысціць дарогу для наступаючых часцей Чырвонай Арміі — ад Барысава да Мінска і далей на захад да Баранавіч.

Гарком абавязаў падпольныя групы ўзмацніць збор зброі, боепрыпасаў. Кожны падпольшчык абавязан быў мець асабістую зброю, індывідуальны пакет, цёплую вопратку. Да ўдзелу ў паўстанні прыцягваліся ваеннапалонныя з лагераў і лазарэтаў, размешчаных у клінічным гарадку, Політэхнічным інстытуце і Інстытуце фізкультуры. Былі намечаны аб’екты для знішчэння або захопу, складзены дэталёвыя карты горада і яго наваколля, падрыхтавана ўдарная група, устаноўлены неабходныя сувязі з партызанамі.

Для таго каб забяспечыць падпольшчыкаў, ваеннапалонных, якія ўцяклі з лагераў, харчамі, пад кіраўніцтвам Вячаслава Нікіфарава гарком правёў аперацыі на мясакамбінаце і хлебазаводзе «Аўтамат», адкуль пераапранутыя ў нямецкую форму падпольшчыкі на грузавіках вывезлі мяса і хлеб. С. Заяц пры дапамозе знаёмых былых брыгадзіраў і старшынь калгасаў правёў «нарыхтоўку» бульбы, мяса, круп у навакольных вёсках. Праз засланых у картачнае бюро гарадскога камісарыята здабылі прадуктовыя і хлебныя карткі, на млыне гарадской управы — муку. Пад кантроль падпольшчыкаў былі ўзяты некаторыя магазіны, сталовыя, дзе падпольшчыкі і партызанскія сувязныя, што прыходзілі ў горад, маглі харчавацца.

Прыйшлі клопаты аб лячэнні раненых, хворых. Медыкаменты, перавязачны матэрыял, медыцынскія інструменты сталі гэтак жа неабходныя, як боепрыпасы, зброя. Набыць жа іх можна было толькі ў аптэках або бальніцах. І падпольны камітэт прыцягнуў да работы дзесяткі ўрачоў, медсясцёр, правізараў.

Спецыяльна падабраныя канспіратыўныя кватэры ператварыліся ў «пашпартныя сталы». Тут, выкарыстоўваючы зробленыя ўмельцамі пячаткі, штампы, факсіміле, запаўняліся ўзятыя ў гарадской управе чыстыя бланкі, афармлялася прапіска, выпісваліся бальнічныя лісты. На біржу працы, у паліцыю былі накіраваны свае людзі.

Камсамолец Захар Гала, які перад вайною толькі што скончыў сярэднюю школу і добра ведаў нямецкую мову, быў пасланы працаваць у гарадскі камісарыят. Здольны, вытрыманы, Гала забяспечыў падполле прапускамі, аўсвайсамі, павядамляў пра змены, якія немцы час ад часу ўводзілі пры запаўненні прапускоў.

Праведзеная работа дала магчымасць падпольнаму камітэту ў пачатку сакавіка 1942 года сфарміраваць і накіраваць у лес цэлы атрад пад камандаваннем капітана Асташонка — у наваколлі Мінска пачала дзейнічаць яшчэ адна баявая адзінка.

Падпольшчыкі гета праз сувязных перапраўлялі ў «рускі раён» цёплую вопратку, сшытыя маскхалаты, абутак, мыла, вынесеныя з юдэнратаўскіх майстэрняў, набытую на рынку соль, сабраныя грошы, што паступалі ў распараджэнне гарадскога камітэта і потым перасылаліся ў лес. У партызанскія атрады «Мсцівец» — адзін са старэйшых атрадаў Міншчыны, у 208-ы пад выглядам рабочых, якія ехалі для нарыхтоўкі дроў або здабычы торфу, сістэматычна адпраўляліся групы ўзброеных людзей.

У сакавіку 1942 года гестапаўцы арыштавалі многіх членаў падпольнага камітэта. Правалы пачаліся з ваеннага савета, які вёў работу ў кантакце з гаркомам і аб’ядноўваў навокал сябе пераважна ваенных. Толькі за адзін дзень гітлераўцы расстралялі тады дзвесце пяцьдзесят аднаго і павесілі дваццаць восем найбольш актыўных дзеячаў падполля. Вешалі на тэлеграфных слупах, на пабудаваных шыбеніцах, на дрэвах у скверах. Расстрэльвалі ў казематах турмы, у гестапаўскіх засценках, за горадам, непадалёк ад вёскі Копішча.

Пакутніцкую смерць прынялі непахісны Ісай Казінец і яго верныя паплечнікі — старэйшыя таварышы і аднагодкі: Сцяпан Заяц, Мікалай Герасімовіч, Георгій Сямёнаў, А. Арндт, Мікалай Дземідзенка, Георгій Глухаў... Загінуў Васіль Жудро са сваім другам — камісарам атрада «Мсцівец» Аляксандрам Макарэнкам, які прыйшоў у Мінск, каб вывесці ў лес як мага больш падпольшчыкаў. Выпрыгнуўшы пасля перастрэлкі з акна явачнай кватэры, якая знаходзілася на Пушкінскім пасёлку, ён вывіхнуў нагу і застрэліўся.

Некаторым жа падпольшчыкам удалося ўцячы ў лес. Пакінуў Мінск і Ф. Кузняцоў. На чале ўзброенай групы чыгуначнікаў яму пашчасціла прабрацца ў лясны Лагойскі раён і далучыцца да «Мсціўца», з якім чыгуначнікі даўно мелі сувязь.

Акупацыйныя ўлады абвясцілі пра «разгром бальшавіцкага падпольнага камітэта». Злой, вісклівай радасцю зайшліся газеты «Мінскер цейтунг» і «Беларуская газэта» — орган нацыяналістаў.

Тым не менш, насуперак усяму, барацьба працягвалася. Літаральна на другі дзень пасля масавых пакаранняў былі выпушчаны лістоўкі, расклееныя, дарэчы, і там, дзе гітлераўскія каты вешалі савецкіх патрыётаў.

У пачатку мая 1942 года на канспіратыўнай кватэры па Гандлёвай вуліцы зноў сабраліся прадстаўнікі ўцалелых падпольных груп, і гарадскі падпольны камітэт быў адноўлены. У яго ўвайшлі Д. Караткевіч («Дзіма»), В. Нікіфараў («Вацік»), У. Амельянюк («Валодзя »)...

Стала ясна: уся баявая і прапагандысцкая работа павінна канцэнтравацца ў руках гаркома. Тэрытарыяльныя «пяцёркі» і «дзесяткі», што падбіраліся па асабістаму знаёмству, мэтазгодней замяніць невялікімі ячэйкамі на фабрыках, заводах, ва ўстановах, і арганізаваць іх так, каб людзі не ведалі, хто дзе жыве, кім працаваў раней і што робіць зараз. Для таго, каб накіроўваць і каардынаваць работу вытворчых ячэек, неабходна ўтварыць куставыя камітэты, райкомы.

Дый перад партызанскім рухам час ставіў новыя задачы, якія адпавядалі маштабам гэтага руху. Смелыя, але не звязаныя з агульным планам, дзеянні партызанскіх груп ужо мала каго задавальнялі, хаатычныя сувязі з падполлем прыводзілі да лішніх ахвяр. Трэба было рашуча ўмацаваць канспірацыю, парушэнне якой шмат у чым абумовіла вясенні правал.

Вывад чарговай вялікай групы людзей у Дзяржынскі раён быў падрыхтаваны ўжо старанна. Адказваў за аперацыю У. Амельянюк. Падпольшчыкі пакідалі горад па адным, па два і сышліся, калі Мінск астаўся далёка ззаду. Зброю ж перавозілі ў калёсах са скрынкаю-тайніком.

Выконваючы пастанову падпольнага гаркома, камандзір групы капітан Н. Нікіцін таксама аб’яднаў дробныя партызанскія адзінкі Уздзеншчыны. Так што, атрымаўшы праз месяц новае (больш чым пяцьдзесят чалавек) папаўненне з Мінска, яго атрад ператварыўся ў грозную сілу.

Адначасова папаўненне ішло ў лясы Мінскага, Рудзенскага, Лагойскага, Заслаўскага, Смалявіцкага і другіх раёнаў. У атрадзе «За Савецкую Беларусь», напрыклад, шэсцьдзесят сем працэнтаў складалі мінчане. Надышоў час, калі прыходзілася думаць пра больш буйныя баявыя адзінкі — брыгады. І ў арганізацыі іх Мінскі падпольны гарком прыняў актыўны ўдзел.

Разам з гэтым пашыралася і само мінскае падполле — такі ўжо закон пралітай за справядлівую справу крыві: яна б’е ў сэрца, кліча на барацьбу.

Сакавіцкія падзеі ўзрушылі мінчан, але яны і прымусілі думаць, зрабілі тайнае яўным. Людзі ўбачылі сваіх важакоў. Няхай перад шыбеніцамі, пад настаўленымі вінтоўкамі, але ўбачылі, пачулі іх словы-запаветы. Яшчэ яскравей зразумелі: іншага выхаду, апрача барацьбы, няма! У лютасці гітлераўцаў яны ўбачылі бяссілле, у мужнасці і барацьбе лепшых — высокі прыклад для сябе.

У падполле ўлілося новае папаўненне. Цэнтр барацьбы перамясціўся на прадпрыемствы, ва ўстановы. Пад кіраўніцтвам гарадскога і раённых камітэтаў партыі ўзніклі і пачалі дзейнічаць партыйныя і камсамольскія арганізацыі на заводах імя Мяснікова, Варашылава, «Бальшавік», «Чырвоная зара», «Беларусь», на радыёзаводзе, абутковых фабрыках, хлебазаводзе «Аўтамат», у інфекцыйнай бальніцы...

Каб узмацніць канспірацыю, былі ўстаноўлены паролі, яўкі, падабраны канспіратыўныя кватэры, дзе падпольшчыкі маглі сустракацца, прымаць сувязных, слухаць радыё, хаваць зброю, узрыўчатку.

Небывалы размах набыла дыверсійная работа. Рабочыя выпускалі бракованую прадукцыю, выводзілі са строю абсталяванне, ламалі інструменты, выносілі або псавалі гатовую прадукцыю, сыравіну, матэрыялы. На заводах імя Варашылава і Мяснікова былі ўзарваны важнейшыя цэхі, падпалены чыгуначны пакгауз, абутковая і лямцавая фабрыкі.

У маі 1942 года выйшаў у свет першы нумар падпольнай «Звязды».

Рэдактарам і душою яе стаў У. Амельянюк. Усю сваю нянавісць да гітлераўцаў і веру ў наступную перамогу ўклаў Амельянюк у даручаную яму справу. Набіралі слаўную газету ў Доме друку, а друкавалі ў доме № 9 па Рымарскай вуліцы, дзе намаганнямі падпольшчыкаў была абсталявана друкарня.

Падобная на ранейшую — даваенную, «Звязда» адным сваім выглядам прымушала хутчэй біцца сэрцы савецкіх людзей. Выходзячы ў найцяжэйшых умовах, яна як бы ўвасабляла сабой непераможнасць бальшавіцкага слова, таіла ў сабе страшную для ворага выбуховую сілу. І працягвала рабіць сваё, нягледзячы на тое, што дваццаць шостага мая, выслежаны гестапаўскімі выжлятнікамі, удзень на вуліцы быў забіты Валодзя Амельянюк.

У састаў гаркома кааптыравалі К. Хмялеўскага («Косцю»), які ўзначаліў асобы аддзел і стаў ведаць арганізацыяй дыверсій. Адказным за вядзенне разведкі быў прызначаны Д. Караткевіч, за выпуск газеты і лістовак — В. Нікіфараў. У чэрвені першы нумар «Звязды» выйшаў паўторным тыражом — у старым наборы змянілі толькі аператыўны матэрыял.

Неўзабаве ўбачылі свет другі, трэці, чацвёрты нумары «Звязды». Быў падрыхтаваны пяты.

Простая, праўдзівая, глыбока ідэйная «Звёздачка», як ласкава называлі газету мінчане, была выключна папулярная. Недарэмна ў пошуках падпольнай друкарні — яна гэтым разам змяшчалася ў доме № 10 па Выдавецкай вуліцы — гойсала цэлая плойма гестапаўцаў. Тым жа, хто выдасць друкарню або распаўсюджвальнікаў «Звязды», было абяцана пяцьдзесят тысяч марак.

Перапраўлялася «Звязда» і ў партызанскія атрады. А адтуль, ёй насустрач, ішлі «Правда», «Известия», «Комсомольская правда», «Савецкая Беларусь», газета-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну», дастаўленая з-за лініі фронту. У Мінск іх праносілі праз кантрольна-прапускныя пункты ў малочных бітонах, у кошыках з яйкамі, прысыпанымі мякінаю, хавалі ў мяшках з бульбаю, у пустых аглоблях...

А Мінск гібеў, разбураўся.

Горад ляжаў у руінах. Апаленыя сонцам, абмытыя дажджамі, яны ўзнімаліся жоўтымі, вычварнымі аграмадзінамі. І было дзіўна, як, не абапіраючыся ні на што, яны стаяць. На тратуары з іх зрываліся карнізы, балконы — узнімалі і ў дождж, і ў снег клубы сухога рыжага пылу. На кучах бітай цэглы, у высмаленых каробках дамоў рос быльнёг. Дый рэдкія ўцалелыя дамы ў камуфляжы таксама нагадвалі нейкія прывіды. І што ў іх жывуць, гаварылі хіба толькі шыбы ў вокнах.

Але як ні дзіўна, руіны, мёртвыя кварталы былі памочнікамі ў барацьбе — яны служылі падпольшчыкам, як лес партызанам.

Многія з гітлераўцаў, патруліруючы горад або затрымаўшыся ў казіно, у публічным доме, знаходзілі смерць на пустэльных вуліцах. І толькі праз некаторы час іх целы знаходзілі ў руінах або сутарэннях разбураных дамоў.

Хто іх караў? Бясстрашны Іван Кабушкін, які ўзначальваў аператыўную групу гаркома па знішчэнню агентаў гітлераўскай разведкі, правакатараў і прадстаўнікоў акупацыйных улад? А магчыма, няўлоўныя камсамольцы з групы «Андруша»? Або «знішчальнікі» з іншых падпольных груп? Так, і бясстрашны Жан, і паплечнікі юнага Кедышкі, і «знішчальнікі» з іншых падпольных груп. Але памагалі таксама і руіны.

Першы раз я накіраваўся пад Мінск у пачатку верасня 1942 года з групаю разведчыкаў-сувязных. Заданне ў нас было разнастайнае, але шмат што ў ім непасрэдна адносілася да Мінска. Давялося гутарыць з дзесяткамі мінчан — партызанамі, бежанцамі, з тымі, хто прыходзіў у вёскі мяняць вопратку, махорку, соль на харчы. У партызанскіх брыгадах «Стары», «Народныя мсціўцы», «Дзядзі Колі» пашанцавала сустрэцца з самімі мінскімі падпольшчыкамі. І карціна ўпартай, няспыннай барацьбы мінчан з захопнікамі вырысоўвалася ўсё выразней. Я ведаў зялёны партызанскі край. У ім, натуральна, усё было падпарадкавана барацьбе: і побыт, і намаганні, і думкі. Але рабілася бясспрэчным, што і сіла народнага супраціўлення ў Мінску была не меншая. Дайшло ж да таго, што асобныя раёны горада — Пушкінскі пасёлак, Камароўку, Даўгабродскую вуліцу, Грушаўскі пасёлак — патруліравалі гітлераўцы, седзячы ў танкетках і браневіках!

Акупанты вымушаны былі ўжываць правакацыі. З смуродных засценкаў СД вынырнуў нейкі Іван Іванавіч, які выдаў сябе за падпалкоўніка Чырвонай Арміі. Прызначаючы яўкі, нібыта для адпраўкі мінчан у партызанскі лес, правакатар збіраў іх на Ваенных могілках. Калі ж, даверлівыя, поўныя надзей, людзі садзіліся ў грузавік, той імчаў іх проста ў турму. Аднак і гэтага гестапаўскага вылюдка, выкрытага І. Кабушкіным, спасцігла адплата.

Напружанасць барацьбы ўзрастала.

Падпольшчыкі-чыгуначнікі ўсё часцей праводзілі дыверсіі. То спускалі ў катлаван паравоз, паданы на круг, то, атрымаўшы з лесу магнітныя міны, узрывалі саставы з жывой сілаю і тэхнікаю, то падпальвалі эшалон з гаручым і змазачнымі масламі.

Рабочыя гарбарнага завода «Бальшавік» псавалі скуры, лікёра-водачнага — спірт, падрыхтаваны для фронту, абутковай фабрыкі — абутак, радыёзавода — лямпы, прыёмнікі і радыёапаратуру, цвікавага — станкі. На заводзе імя Варашылава рабочыя ўзарвалі адрамантаваны танк, спалілі аўтагараж з аўтамашынамі. З майстэрань выносілі бялізну, чобаты, падэшвы, палявыя тэлефоны.

Шырока разгарнулася разведвальная работа. Падпольшчыкі раздабывалі і перадавалі партызанам планы Мінска, дзе былі паказаны варожыя ваенныя аб’екты — абаронныя збудаванні, аэрадромы, стаянкі аўтамашын, заправачныя пункты, склады, базы. Быў здабыты падрабязны план тэлефонна-тэлеграфнай сувязі на лініях Баранавічы — Мінск — Смаленск і Вільнюс — Мінск — Смаленск. Спецыяльныя дзяжурныя на чыгунцы паведамлялі пра рух воінскіх эшалонаў. Браліся на ўлік штабы і часці, што прыбывалі ў Мінск або праходзілі праз яго. Вялікую каштоўнасць уяўлялі сабою здабытыя сакрэтныя карты з картаграфічнага бюро. Мінчане давалі прытулак і памагалі дэсантнікам, якія дзейнічалі па заданню разведвальных органаў... Ды хіба можна пералічыць, што рабілі патрыёты ў цяжкія для Радзімы дні!..

Увосень 1942 года падполле спасціг новы правал. У пачатку лютага 1943 года ў рукі гестапаўцаў трапіў няўлоўны дасюль «Жан» — Кабушкін. Прыроджаны разведчык, канспіратар, чаго ён толькі не рабіў! Караў акупантаў і здраднікаў, здабываў разведдадзеныя і зброю, вёў работу па разлажэнню варожых фарміраванняў, арганізоўваў уцёкі ваеннапалонных з лагераў, прымаў удзел у распаўсюджванні падпольнай літаратуры. У турме СД яго страшэнна катавалі, марылі голадам, чатырнаццаць дзён не давалі вады. Але нішто не зламала яго жалезнай волі.

І зноў — хоць сотні мінчан былі кінуты ў турмы і засценкі, закатаваны, павешаны, расстраляны, спалены ў Трасцянецкім лагеры смерці, які захопнікі тым часам стварылі пад Мінскам,— барацьба разгаралася, пашыралася. Праўда, падпольны камітэт у горадзе больш ужо не аднаўляўся, бо старыя метады падпольшчыкаў СД вывучыла, падрыхтавала правакатараў, шпіёнаў, нельга, вядома, было ігнараваць і тэрор...

На Міншчыне к таму часу змагаліся дзесяткі партызанскіх атрадаў, брыгад і спецгруп. Дзейнічалі падпольны абком, райкомы і міжраённыя партыйныя цэнтры. Уцалелыя звенні гарадской падпольнай арганізацыі ўмацавалі непасрэдную сувязь з імі. Пачалі дзейнічаць падпольныя групы, часта арганізаваныя самімі пасланцамі з лесу.

Горад перапляла па-новаму заканспіраваная сетка баявых, дыверсійных, разведвальных, прапагандысцкіх груп.

Арганізатарская палітычная работа Кампартыі Беларусі дала плёны. Была выканана галоўная задача, пастаўленая ЦК УсеКП(б) — магутны ўздым партызанскай вайны ахапіў Беларусь.

Радыё, газеты, лістоўкі данеслі водгулле вялікай бітвы на Волзе. Пра разгром жа гітлераўцаў пад Сталінградам даведаліся ўсе. Радасныя падзеі падзесяцярылі сілы падпольшчыкаў, памножылі іх рады.

Яшчэ больш натхнёнай, гераічнай стала барацьба камсамольцаў. У жніўні 1942 года з-за лініі фронту прыбыў Мінскі міжраённы камітэт ЛКСМБ, а ў снежні быў створаны гарком, куды ўвайшлі і юныя падпольшчыкі-мінчане.

Юныя мсціўцы з груп дзевятнаццацігадовай Галіны Сасінай правялі неверагодныя па дзёрзкасці дыверсіі — у дэпо на вачах у вартавых яны ўзарвалі два паравозы. Праз ноч непадалёк ад семафора юныя смельчакі пусцілі пад адхон састаў з эсэсаўцамі, якія накіроўваліся на карную экспедыцыю. Сама Галіна, дачка рабочага-слесара, распрапагандаваўшы салдат-славакаў, што ахоўвалі аэрадром, вывела частку іх у партызаны, а потым арганізавала падрыў шасці самалётаў.

Група камсамольцаў на чале з Вілікам Гудовічам, якая дзейнічала на вагонарамонтным заводзе, узарвала бензасклад у Козыраве, кацельню на заводзе, паваротны круг, а з ім і два паравозы...

Амаль не праходзіла ночы, каб гулкія выбухі не рвалі начной цішыні, не чуліся аўтаматныя чэргі і неба не барвавела ад пажараў.

Асабліва актыўна на чыгуначным вузле дзейнічалі групы Вікенція Шацько і «Удар». Дваццаць першага мая, напрыклад, В. Шацько і яго сябры замініравалі эшалон з авіябомбамі, замаскаванымі саломаю. Міны былі замаруджанага дзеяння, і эшалон узарваўся на станцыі Рудзенск, а разам з ім запылаў і ўзарваўся састаў з гаручым, які прыйшоў на станцыю раней... Толькі за ліпень — жнівень 1943 года гітлераўцы ў выніку дыверсіі не атрымалі з дэпо, згодна графіка, сто пяцьдзесят пяць паравозаў. Дзякуючы падпольшчыкам, падрыўнікі-партызаны маглі сістэматычна знішчаць воінскія цягнікі непадалёк ад горада.

Дзесяткі смелых дыверсій і тэрарыстычных актаў правялі падпольшчыкі па заданню і з дапамогаю спецатрада С. Ваупшасава («Градава»), спецгруп М. Ганцова («Святлова»), С. Казанцава і іншых.

Разам з тым, як абвастралася барацьба і гітлераўцы цярпелі паражэнне на фронце, яны ўсё больш выкарыстоўвалі сваіх паслугачоў — беларускіх нацыяналістаў. Рабілася ўсё відавочней: адным тэрорам і страхам смерці савецкіх людзей не зломіш. Не даваў жаданых вынікаў і грубы паклёп. Таму і выспеў план атруціць свядомасць народа нацыяналізмам.

З гэтай мэтаю былі арганізаваны так званыя «Беларуская народная самапомач», а пасля — «Саюз беларускай моладзі», марыянетачная «Рада даверу», «Беларуская цэнтральная рада», «Беларускае культурнае згуртаванне».

На сродкі акупантаў нацыяналісты выдавалі брудныя газеткі — «Голас вёскі», «Беларуская газэта», часопісы — «На варце», «Жыве Беларусь». Нацыяналісты супрацоўнічалі з СД, збіралі звесткі аб партыйных, савецкіх і камсамольскіх работніках, выдавалі іх гестапаўскім катам, вербавалі шпіёнаў-юдаў. Яны былі саўдзельнікамі амаль ва ўсіх злачынствах, учынёных гітлераўцамі ў Беларусі.

Аднак, як і зверствы, правакацыйныя захады гітлераўцаў не памаглі. Яны разбілі маральна-палітычнае адзінства беларускага народа, яго адданасць ідэі непарушнага саюза з братнімі народамі, выклікалі справядлівы гнеў.

У сакавіку 1943 года быў ажыццёўлены народны прысуд над важаком нацыяналістаў.— Ф. Акінчыцам прама на кватэры рэдактара «Беларускай газэты» В. Казлоўскага, дзе злачынца жыў, прыехаўшы з Берліна. І толькі выпадковасць выратавала самога гаспадара, які паспеў шмыгнуць у спальню і зачыніць за сабою дзверы з французскім замком.

Над магілаю свайго паплечніка Казлоўскі напышліва сказаў:

— Спі спакойна, дарагі Фабіян! Мы не адступім ад тваёй справы, і ўсе пойдзем за табою!

Бас — такі, што гасіць свечы, — з натоўпу падтрымаў:

— Правільна. Туды вам і дарога!..

Рэдакцыя «Беларускай газэты» знаходзілася ў тым жа доме і на тым жа паверсе, дзе і кватэра Казлоўскага. Паверхам ніжэй жылі нямецкія салдаты. Аднак мсціўцы наведаліся і туды.

Сапраўды публічным было пакаранне бургамістра ўправы («старшыні горада», як ён называў сябе) В. Іваноўскага — агента некалькіх разведак. Свой бясслаўны канец ён знайшоў на скрыжаванні вуліц Нямігі і Астроўскага — удзень, навідавоку ў прахожых, непадалёк ад будынка, дзе змяшчалася Смаленская СД! Абясшкодзілі мсціўцы і «мужа рады даверу» — шэфа фашысцкіх прафсаюзаў К. Рабушку.

Нямецкі генерал Шперлінг, выступаючы на пахаванні чарговай «ахвяры», вымушаны быў прызнацца, што толькі ў Мінску ад рук савецкіх патрыётаў загінула больш тысячы шасцісот акупантаў — чыноўнікаў, афіцэраў, салдат.

Доблесным подзвігам падпольшчыкаў з’явілася пакаранне генеральнага камісара Беларусі Вільгельма фон Кубэ. Рэкі крыві праліліся па яго загадах. І каб гора, пакуты, кроў маглі дыміцца, усю Беларусь ахутаў бы дым. Самы страшны кат — кат вытанчаны. Кубэ быў такі. Ён мог той жа аўтаручкаю падпісваць д’ябальскія распараджэнні і пісаць пачуццёвыя п’ескі. На некаторых «акцыях» ён прысутнічаў сам асабіста і тады спакойна кідаў цукеркі дзецям, якіх гналі на расстрэл разам з бацькамі.

Цяжка было падступіцца да вопытнага садыста-ката. Не адзін план астаўся не здзейсненым. Але ўсё роўна паратунку няма, калі прыгавор выносіць народ. Тады дзве жанчыны, выконваючы яго волю-загад, аказваюцца мацнейшымі, вынаходлівейшымі, чым цэлая армія гестапаўскіх агентаў, патрулёў, вартавых, целаахоўнікаў.

Не, калі я гавару — дзве, гэта не зусім дакладна. Марыі Осіпавай і Алене Мазанік памагалі многія. Іх акружала, падтрымлівала гераічнае падполле, натхняў народ, што ўзняўся на барацьбу.

Знешне ўсё было проста. У кошыку з брусніцаю камуністка Осіпава прынесла ў горад міну і передала яе камсамолцы Мазанік. Тая, працуючы пакаёўкаю ў доме гаўляйтара, падклала міну ў яго пасцель. Кіслата за адведзены ёй час пераела металічны дроцік ва ўзрывальніку, і міна, узарваўшыся, забіла ката.

На кантрольна-прапускным пункце вартавы капаўся ў кошыку з брусніцаю. Сотні вачэй глядзелі на Осіпаву, калі яна ішла па вуліцах, каб сустрэцца з Мазанік, за сценкаю ў якой жыў паліцай. А міна? Яна была разлічана на трое сутак. Значыць, прывесці яе ў баявы стан трэба было загадзя — у дакладна вызначаны час. А пасля ў сумачцы, з усмешкаю, пранесці міну — якая ўжо працавала! — у логава гаўляйтара, ведаючы, што цябе абавязкова будуць абшукваць. Трэба было падмануць пільнасць нядрэмных вартавых. Трэба было выбраць адпаведны момант, прабрацца ў спальню гаўляйтара, падкласці міну пад спружыны матраца, легчы на пасцель і праверыць, ці не адчуе міну той, для каго яна прызначалася...

Нехта сказаў, што ад вайны з рэчаў найбольш церпіць шкло, з жывёл — коні, з людзей — жанчыны. Так, сапраўды бязмерныя выпрабаванні і пакуты выпалі на долю мінчанак у вайне. Але і вялікія подзвігі здзейснілі яны! Мінскія падпольшчыцы пакрылі сябе бессмяротнай славаю.

Многа слаўных дачок і сыноў страціў Мінск. Меры, прынятыя, каб вырваць з гестапаўскіх лап арыштаваных, часта аказваліся марнымі. Гітлераўцы павесілі Д. Караткевіча з яго дзевяццю паплечнікамі, шмат каго расстралялі на турэмным двары. У Трасцянцы жывымі спалілі Н. Герасіменку з сям’ёю. Ад голада ў турме памерлі К. Хмялеўскі і М. Шугаеў...

У лютым 1943 года мне некаторы час нелегальна давялося пабыць у Мінску. На канспіратыўнай кватэры па Цнянскай вуліцы я сустрэўся з Вікенціем Шацьком і Захарам Галам. Бачыўся я і з прафесарам Яўгенам Уладзіміравічам Клумавым на яго сціплай кватэры пры Трэцяй гарадской бальніцы па вуліцы Леніна, куды прыехаў ужо на «опелі», які даў у маё распараджэнне начальнік гаража Дома друку Аляксандр Платаіс.

— Цана чалавека вымяраецца цяпер адным, — сказаў тады Клумаў на развітанне, — як і што чалавек робіць, каб наблізіць гібель фашызму. Перадайце там, на Вялікай зямлі, — я гатовы зрабіць усё, што ў маіх сілах...

Жыццё без выпрабаванняў не бывае. Чалавеку прыходзіцца трымаць самыя розныя іспыты. Праўда, многія з іх дапускаюць выпадковасці. Але ёсць страшнае выпрабаванне-іспыт, якое беспамылкова вызначае вартасць чалавека. Гэта — выпрабаванне смерцю. Вось калі чалавек глядзіць у вочы сваёй смерці, яго цана відаць як на далоні.

Бяссільны прымусіць Ісая Казінца загаварыць, гестапаўскі следчы загадаў падручнаму праткнуць Казінцу язык штыком вінтоўкі. Аднак, стоячы і з нанізаным на штык языком, той не дакрануўся ні да паперы, ні да алоўка. Вешалі Ісая Казінца ў Тэатральным скверы. Калі кат накінуў пятлю на шыю Ісаю, той нешта хацеў сказаць людзям, якіх гвалтам сагналі глядзець на гэты жах. Але язык яго быў паранены. І, бачачы, — з вуснаў злятаюць невыразныя гукі, ён скарыстаў апошняе — выспяткам зваліў свайго ката з грузавіка, у кузаве якога стаяў.

Праз год, як мы сустракаліся, прафесара Клумава і яго жонку арыштавалі таксама і пасля неймаверных катаванняў у турме і засценках СД Я. Клумава з жонкаю перавялі ў канцэнтрацыйны лагер на вуліцы Шырокай. Лагер гэты перыядычна разгружаўся — вязняў адпраўлялі або на катаржную работу ў Нямеччыну, або на знішчэнне ў Трасцянец. І вось калі надышоў чарговы чорны дзень, Клумаў сам асудзіў сябе на смерць — знарок панапісаўшы ў анкетах сабе і Галіне Мікалаеўне найжахлівейшых хвароб. Ён не мог згадзіцца працаваць на ворага.

Указам ад восьмага мая 1965 года ў сувязі з дваццацігоддзем Вялікай перамогі Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР пасмяротна прысвоіў І. Казінцу, У. Амельянюку, І. Кабушкіну, Я. Клумаву і М. Кедышку высокае званне Героя Савецкага Саюза.

У кастрычніку 1943 года па ўказанню ЦК КП(б)Б быў створаны Мінскі падпольны гарком партыі, які стаў базіравацца ў лагеры спецатрада С. Ваупшасава. У гарком увайшлі С. Ляшчэня («Савельеў») — сакратар ГК, Г. Машкоў — сакратар па прапагандзе, С. Ваупшасаў і І. Родзін.

Дзейнасць гаркома і мінскіх падпольшчыкаў разгортвалася ўжо ва ўмовах бурнага росту партызанскага руху, які стаў усенародным. Пра яго памеры гаворыць хоць бы тое, што к пачатку 1944 года партызаны кантралявалі ўжо каля шасцідзесяці працэнтаў тэрыторыі рэспублікі. А «рэйкавая вайна» і партызанскія рэйды! Поспехі народных мсціўцаў не маглі ўжо замоўчваць нават самі акупанты.

Падпольны гарадскі камітэт стварыў семдзесят дзевяць новых дыверсійных і баявых паўстанскіх груп на заводах і фабрыках Мінска. І, кіруючы іх дзейнасцю, умацаваў сувязі падпольшчыкаў з партызанскімі злучэннямі, што вялі барацьбу наўкол горада. Толькі за лістапад і снежань 1943 года баявыя падпольныя групы правялі семнаццаць крупных дыверсій, што ўражаюць сваёй смеласцю.

Мужныя падпольшчыкі К. Барысенка і П. Бачыла пад выглядам электраманцёраў праніклі ў афіцэрскую сталовую на вакзале і заагітавалі яе. На аэрадроме міны былі падкладзены ў два баявыя самалёты Ю-87, падрыхтаваныя да палёту. Узняўшыся ў паветра, «юнкерсы» ўзарваліся. Група з-пад самага носа немацў угнала пятнаццаць аўтамашын з боепрыпасамі!

З лістапада гарком пачаў выдаваць газету «Мінскі бальшавік», якая, як і іншыя газеты — «Чырвоная змена», «Звязда»,— распаўсюджвалася ў Мінску. У «Мінскім бальшавіку» рэгулярна публікаваліся матэрыялы пра становішча на франтах, пра баявую дзейнасць партызан і падпольшчыкаў, гучалі палымяныя заклікі. Тысячы лістовак заслаў у горад Мінскі падпольны гарком КП(б)Б.

Поспехі палітычнай работы камуністаў-падпольшчыкаў выявіліся і ў такім выдатным факце, як нелегальны збор сродкаў у фонд абароны краіны. Толькі на будаўніцтва самалётаў «Партызан Мінска», «Партызан Слуцка», «Партызан Барысава» працоўныя Мінска і Мінскай вобласці сабралі 3 075 827 рублёў грашыма і аблігацыямі, 2 810 рублёў залатымі манетамі, многа залатых і сярэбраных рэчаў.

Новыя абставіны з асаблівай вастрынёю паставілі і новыя задачы. Пасля разгрому гітлераўцаў пад Курскам і Белгарадам савецкія войскі павялі баі за вызваленне Беларусі.

Адступаючы, акупанты спяшаліся пакінуць пасля сябе «мёртвую зону».

На спецыяльным пасяджэнні падпольны гарком абмеркаваў пытанні актывізацыі барацьбы з азвярэлым ворагам і намеціў план падрыхтоўкі эвакуацыі насельніцтва Мінска. Былі вызначаны найменш небяспечныя лясныя раёны, што знаходзіліся пад абаронаю партызан, маршруты, па якім павінны былі бежанцы-мінчане ісці з горада, падабраны сувязныя-праваднікі. У выніку толькі ў лясах паўднёвай прыгараднай зоны Мінска пад аховаю партызан знайшлі сабе прытулак больш пяці тысяч сем’яў.

Для аховы фабрык, завода, складаў, уцалелых будынкаў гарком стварыў у Мінску спецыяльныя падпольныя групы. Яны дзейнічалі на прадпрыемствах, чыгуначных станцыях, у клінічным гарадку, гандлёва-транспартным таварыстве і іншых арганізацыях і ўстановах.

Перадавыя часці Савецкай Арміі, што вызвалялі горад, хутка ўстанавілі кантакт з падпольшчыкамі. Дзякуючы гэтаму, удалося выратаваць замініраваныя Дом урада, будынак ЦК КП(б)Б, акруговы Дом афіцэраў, некаторыя заводскія і фабрычныя карпусы. Усяго ў Мінску сапёры абясшкодзілі каля трох тысяч авіябомб, больш трохсот фугасных і тысячы розных мін і «сюрпрызаў». З гітлераўскай акупацыяй, што цягнулася тысяча сто дзесяць дзён, было скончана.

 

На чале групы аўтаматчыкаў мне давялося ўвайсці ў Мінск у дзень яго вызвалення — следам за армейскай разведкаю. Над цэнтральнымі кварталамі ўзнімаліся клубы чорнага дыму. Ад Савецкай вуліцы далятаў няспынны гул — там на захад рушыў паток нашых войск. У небе, высокім і зіхотным, патрулявалі «ястрабкі».

Аднак горад ужо ажыў — імгненна і раптам ажываюць гарады ў такія хвіліны. Мы ўваходзілі па Віленскім тракце на Старажоўку, і ўскрайныя домікі тут уцалелі. Вайна не зачапіла іх, а толькі састарыла. Дый яны, здавалася, як бы страпянуліся, хоць аканіцы ў іх былі зачынены. І варта было нам з’явіцца на вуліцы ў сваёй напаўваеннай форме, як адразу з падворкаў высыпалі людзі. Пачарнелыя, худыя, яны абавязкова трымалі што-небудзь у руках — пачак папярос або проста зялёную галінку. Мілыя пакутнікі і героі!..

Але чым бліжэй падыходзілі мы да цэнтра, людзей сустракалася ўсё менш. На плошчы Свабоды ўжо было пуста. Вецер ганяў па бруку руды пыл, смецце. Самотна стаяла гадзіннікавая вежа з адцятым купалам, жаўцелі руіны.

Руіны, руіны. На Савецкай вуліцы яны акружылі нас з усіх бакоў. Вычварныя, жахлівыя. Як яны стаялі? Як наогул такое магло здарыцца? А пасярод руін, між рудых ад раздробленай цэглы пагоркаў, зелянелі градкі, абгароджаныя калючым дротам і спінкамі ржавых ложкаў.

Магчыма, гэта было самае страшнае? Не! Навокал цяперашняй плошчы Перамогі і ўздоўж Даўгабродскай вуліцы пагойдвалася жыта. Сярод яго чарнелі недарэчныя пад адкрытым небам печы. Калі сцямнела, як казалі нам, у разбураны трамвайны парк забягалі зайцы.

А ўначы гітлераўцы зноў абрынулі на знявечаныя кварталы смертаносны груз. Неба загуло. Забегалі блакітныя пражэктары. Забахалі зеніткі. Гасячы зоры, загарэліся павешаныя нямецкімі самалётамі ракеты-ліхтары. Да іх пацягнуліся рознакаляровыя пункціры трасіруючых куль. На зямлю паляцелі скінутыя бомбы, і адтуль, куды яны падалі, угору ўзлятаў агонь.

Аднак, пэўна, зеніткі рабілі сваё, так як бомбы падалі куды папала і знішчалі ўжо знішчанае.

Раптам у адным з блакітных промняў нешта бліснула. Туды кінуўся другі промень, і там, дзе яны скрыжаваліся, засвяціўся самалёт. Да яго таксама пацягнуліся трасіруючыя кулі. Непадалёк разарваўся зенітны снарад. Потым яшчэ і яшчэ, пакуль на блакітным скрыжаванні не пыхкнула агністая рваная пляма.

Пасля Мінск бамбілі двойчы.

Цяжка сказаць, калі і як нараджаецца ў чалавеку пачуццё адданасці і любві. Аднак, здаецца, я іменна тады адчуў: змучаны, ды не скароны горад як бы ўваходзіць у мяне як нешта бясконца дарагое, патрэбнае, без чаго цяжка жыць. Але чамусьці ўжо думалася, што вайна для яго кончылася. Праўда, назаўтра, яшчэ не апранутыя ў шынялі, але з вінтоўкамі ў руках мінчане ўсталі на варту ўцалелых мастоў, складаў, будынкаў. У руінах хаваліся не вылаўленыя гітлераўцы. Прасачыўшыся скрозь кальцо акружэння, іх групы нечакана з’яўляліся то на вуліцы Мяснікова, то ў раёне Чэрвеньскага рынка, і іх трэба было прымушаць здавацца. Па Савецкай вуліцы кацілі «кацюшы», ішлі танкі, цягнуліся калоны палонных немцаў. Снавалі заклапочаныя сапёры з мінашукальнікамі і ўвішнымі сабачкамі. На будынках, куды яны заходзілі, з’яўляліся надпісы: «Увага! Дом мініраваны, каранцін трыццаць дзён!» Аднак вайна для Мінска ўсё роўна як бы скончылася.

Па ўсіх дарогах з вёсак партызанскай зоны, з цывільных лясных лагераў, дзе яны перажылі ліхалецце, у горад сталі вяртацца людзі. Ішлі пехатою, неслі на руках дзяцей, а за спінамі клункі — усё, што асталося ў іх. На самалётах, аўтамашынах прыбывалі супрацоўнікі ўстаноў. Калі ж пашырылі чыгуначную каляю, пачалі прыязджаць эвакуіраваныя — з Урала, з Сярэдняй Азіі, з Сібіры.

Усіх прымаў Мінск, і людзі ведалі: тут яны знойдуць работу, а значыць — шчасце. На закуродымленых каробках былых будынкаў з’явіліся клятвы: «З попелу і руін узнімем цябе, родны горад!» Хто і калі іх пісаў? Мала хто бачыў. Але бясспрэчна было — яны выяўлялі жаданне ўсіх. Ох, як засумавала сэрца па родным горадзе, а рукі — па працы!

Ішлі ў Мінск і партызаны. Адным наканавана было стаць партыйнымі і савецкімі работнікамі. Другім — гаспадарнікамі, трэцім — вярнуцца ў цэхі або ўзяць у рукі кельму, чацвёртым — прыняць удзел у парадзе. І многія з іх былі маімі ваеннымі сябрамі.

У агромністы партызанскі лагер ператварыўся Мінск. На пустках пасліся коні. З узнятымі да неба аглоблямі стаялі вазы. Каля іх гарэлі вогнішчы. І, зусім як у лесе, агонь лізаў чорныя катлы, што віселі на жэрдках з сошкамі. Загарэлыя чубатыя хлопцы, барадатыя мужчыны, апранутыя страката, але з асаблівым лясным шыкам, запаўнялі вуліцы. Іх, узброеных, у шапках з нашытымі наўскасяк чырвонымі стужкамі лёгка было пазнаць і адзначыць.

І калі яны, пастроеныя ў калону, з баявымі сцягамі сталі насупроць трыбуны, іпадром, дзе адбываўся гэты дасюль не бачаны яшчэ парад, уяўляў сабою ўсхваляванае людское мора. Ім апладзіравалі, ім усміхаліся, іх віталі. І нельга было ўжо дакладна сказаць, хто тут удзельнік парада, а хто — глядач. Да калон прымкнулі падпольшчыкі, па-святочнаму апранутыя жанчыны, падлеткі, старыя — бацькі, жонкі і дзеці партызан... І зноў з новай сілаю мяне ахапіла пачуццё адданасці і любві. Але ў іх была ўжо нейкая вясёлая, ледзь не свавольная гордасць, вера — усё самае харошае наперадзе, і вельмі-вельмі захацелася расказаць аб усім гэтым...

Эпапеяй мужнасці назавуць гісторыкі барацьбу мінскіх падпольшчыкаў і партызан з захопнікамі. Гэтая барацьба як бы ўвабрала ў сябе самаахвярнасць далёкіх продкаў і партызанскую ўвішнасць прадзедаў, якія грамілі інтэнданцкія склады, абозы і часці напалеонаўскай арміі. Яна ўзброіла сябе вопытам слаўных канспіратараў — удзельнікаў Першага з’езда РСДРП, гордай рашучасцю рабочых, якія ў 1905 годзе пайшлі на сцяну настаўленых штыкоў, каб заявіць аб праве на свабоду. Яна ўвабрала ў сябе арганізаванасць Кастрычніцкіх баёў, волю і рашучасць тых, хто абараніў заваёвы Кастрычніка. Гэта барацьба стала пераможнай, так як галоўнай рухаючай сілаю яе быў працаўнік-рабочы, а кіравала — партыя Леніна.

Цяпер, калі ваенныя гады аддаліліся, калі амаль ужо не верыцца, што адраджэнне Мінска пачыналі з расчысткі вуліц і будаўнічых пляцовак, карціць яшчэ і яшчэ здзіўляцца і перажыць хвіліны гордасці: якая ў ім жыццёвая сіла! Якая непахісная ўпартасць, адданасць запаветнаму! Змагар, працаўнік, ён ідзе сваёй нялёгкай дарогаю, накрэсленай яму гісторыяй, і няма перашкод, што маглі б спыніць яго крок.

Што такое разбураны горад? Гэта — не толькі знявечаныя каробкі жылых дамоў. Не толькі груды руін замест заводаў, фабрык, бальніц, школ. Гэта — апраметная цемра ўначы, страшэнна далёкая вада. Гэта — кіламетры, якія трэба мераць пехатою, каб трапіць на работу. Гэта — зачараваная, бы замкнутае кола, праблема, як і дзе купіць тое, што нават можна купіць, як зрабіць так, каб у кутку, дзе ты ўсё-такі знайшоў прытулак, было цёпла...

І ўсё-такі... на захадзе яшчэ грымела вайна, а ў Мінску ўжо закіпела работа. Людзі з кіркамі, насілкамі, ламамі ўступілі ў адзінаборства з руінамі. На рог любімых мінчанамі вуліц — Савецкай і Ленінскай — прыпоўз экскаватар, старэнькі, не дужа моцны. Коўш яго ўгрызся ў зямлю і падняў першую тону раструшчанай цэглы з будучага катлавана. А неўзабаве горад наогул стаў суцэльнай будоўляй. Пракладаліся вуліцы, будаваліся дамы, плошчы, масты. Аднаўляліся заводы-ветэраны, закладаліся новыя, яшчэ нябачаныя заводы. Будаўнічыя парканы аперазалі цэлыя кварталы і агромныя тэрыторыі. І, бадай, кожны дзесяты сустрэчны быў у спяцоўцы, запэцканай растворам, з масцярком, сокалам у руках. А за імі з’явіліся і станкабудаўнікі, аўтабудаўнікі, трактарабудаўнікі.

А што значыць будаваць нанава? Гэта значыць — аднавіць парушаныя сувязі і ўзаемаадпаведнасць усяго, што павінна быць у такім дасканалым і складаным арганізме як горад. Гэта — разумна спланаваная гармонія, спрактыкаваныя людзі-майстры, пад’язныя дарогі, жалеза, бетон, цэгла, машыны. Гэта — гатоўнасць працаўніка ісці на працоўны подзвіг, на нястачы. Таму можна ўявіць сабе, на што пайшлі мінчане.

Войны не навіна ў гісторыі, як не навіна — і подзвігі, смерць на вайне. Але гісторыя дасюль не ведала яшчэ ні такога масавага гераізму, ні такога маральна-палітычнага адзінства народа. Безумоўна, у гісторыі сустракаліся і выпадкі, калі войны дарэшты спустошвалі краіну. Але гісторыя не ведала яшчэ ні такога працоўнага ўздыму, ні такіх поспехаў і тэмпаў у аднаўленні спустошаных краін. А галоўнае — галоўнае, каб аднаўленне працаўнікі пачыналі на новай, вышэйшай аснове, не прыпыняючы свайго руху наперад.

Калі я ўяўляю сабе Беларусь — азёрную Віцебшчыну, зялёнае Палессе, індустрыяльную Міншчыну, — у яе абліччы мне мроіцца нешта веснавое: у жылах бяроз бродзіць сок, навокал шырокія прасторы адкрытай вады, праз дзень-два дрэвы ахутаюць зеленаватыя воблакі, і зялёны шум пакоціцца па пералесках ды лясах.

Гэта можа здацца дзіўным. Край нядаўніх балот, сырых туманаў, ніцых бяроз і... веснавое. Праўда, на жаль, сёе-тое страчана. Паменшала лясоў, не такімі паўнаводнымі цякуць рэкі. Але гэта іменна так: веснавое разліта ў паветры, угадваецца ў навакольным, адчуваецца ў рытме жыцця.

Нічога не скажаш, прырода — вялікі майстар прыгожага. Недарэмна глухія, нечапаныя куткі яе вабяць нас вечнай красою. Але прыгажосць сучаснага краявіду стала глыбейшая. Яна ў тым, што да хараства прыроды дакранаюцца чалавечыя рукі, думка. Яны як бы аднаўляюць прыроду, даюць ёй сваю мэтанакіраванасць.

Вунь цераз узгоркі і палі крочаць шыракаплечыя мачты высакавольтных ліній. Іх поступ размераны, спакойны, і позірк міжволі імкнецца за імі ў сінюю далеч, дзе цябе чакае, напэўна, нязведанае. У бярозках і клёнах бягуць аўтастрады. На іх — добрыя астраўкі — аўтобусныя прыпынкі, і заўсёды ўбачыш паблізу або ўдалечыні каменныя ўзлёты: завод, пасёлак, воданапорную вежу. А цяпер — і буравую вышку, рэтрансляцыйную вежу, падстанцыю, тэрыкон... Аднак хоць Беларусь у новабудоўлях, і ніколі яшчэ тут не было столькі вывернутай зямлі, кар’ераў, наўкол стала больш простых ліній і харошага парадку.

На ростанях выраслі курганы славы. На пастаментах замерлі некалі грозныя танкі, на брацкіх магілах, на самотных узгорках, на гарадскіх і вясковых плошчах, скверах і проста сярод меднастволага бору застыглі ў журботным маўчанні бронзавая жанчына-маці або аўтаматчык. Але і гэтыя курганы, гэтыя грозныя «Т-трыццацічацвёркі», абеліскі і дарагія постаці на п’едэсталах, напамінаючы аб перажытым, толькі ўзмацняюць адчуванне непарыўнасці жыцця, яе бясконцага абнаўлення і руху наперад, гэта значыць адчуванне вясны...

Багацце краіны, яе слава і гонар — гарады. Вайна разбурыла многія з іх. У руінах ляжалі Магілёў, Віцебск, Баранавічы, Вілейка... А сам Мінск? Мора руін, акаймаваных вузкай палоскаю ўцалелых ускраінных домікаў. Пры брацкай дапамозе другіх гарадоў і народаў дбайныя мінчане ўзнялі Мінск з нябыту, зрабілі горадам рэдкай красы.

У мяне ёсць друг, які не бачыў Мінск з вайны. Прыехаўшы, ён доўга, як пілігрым, блукаў па горадзе, з радасным смуткам успамінаючы, што некалі было на месцы прыгожых будынкаў, і рэдка-рэдка сустракаючы знаёмыя куткі і дамы. Ён нават блудзіў па гораду, як чужы, пытаўся, як трапіць на Старажоўку, праехаць да парку Чалюскінцаў. Але ў той жа час ён прызнаваўся: нягледзячы ні на што, гэта быў родны горад. Колішнія назвы многіх вуліц абуджалі ўспаміны, сам абрыс горада, кірунак вуліц, святло і цені на тратуарах, тое, дзе ўсходзіць і заходзіць сонца, як ідзе дождж, якім бывае неба — усё гэта рабіла яго дарагім, родным.

— Ён толькі памаладзеў, расправіў плечы...

Сапраўды, у ім шмат зеляніны, святла. Чалавеку тут зручна, хораша. Ён адчувае сябе гаспадаром. Інакш кажучы, жыве ўсё тое ж адчуванне вясны.

Помніцца, як былыя партызаны, здаўшы зброю, узяліся за будаўніцтва аўтамабільнага гіганта і доўга побыт свой ладзілі па-партызанску, жывучы ў буданах і бараках пад соснамі, як некалі ў лясных лагерах. Вучыліся адзін у аднаго, давучваліся ў Маскве, у Горкім, на Урале.

Таксама не забудзецца, як у сорак сёмым годзе мінскія аўтазаводцы ўзялі з сабою на Кастрычніцкую дэманстрацыю чатыры першынца. Вуліцамі, абапал якіх яшчэ ўзвышаліся руіны або жаўцелі будаўнічыя парканы, цёк святочны людскі паток, і наперадзе адной з калон, раз-пораз страляючы з выхлапных труб, рухаліся мінскія аўтамабілі. Гэта было цудоўна! І цудоўна ўжо таму, што людзі бачылі такое ўпершыню і разумелі: гэта пачатак дужа вялікага. А галоўнае — у свядомасць уваходзіла ісціна, што шчасце ў працоўным поспеху і далей за ім.

Праз некалькі год на Цэнтральнай плошчы-пустцы, дзе не было яшчэ ніводнага будынка, размясцілася прамысловая выстаўка. За штыкетнай агарожаю віраваў людскі натоўп — каля агніста-чырвоных трактараў «Беларусь», «Ластавак» і «Арлят» велазавода, станкоў, створаных кіраўцамі. Але асабліва шмат людзей было ля шэра-зялёных грузавікоў і самазвалаў з крутахібымі зубрамі на радыятарах, сярод якіх, уражаючы сваімі памерамі, узвышаўся дваццаціпяцітонны асілак «МАЗ-205». І ўсё-такі нават тая выстаўка мела больш сімвалічнае значэнне. Яна была хутчэй заяўкаю, чым паказам таго, што ўзята на ўзбраенне.

А вось нядаўна на Ленінскім праспекце мінчане бачылі ўжо цэлы парад... Яны звыклі і палюбілі ўрачыстыя маршы воінаў, імклівы рух танкаў і больш самавіты — ракет. Не раз захапляліся ваенна-паветраным парадам, маляўнічымі шэсцямі спартсменаў. Але гэтым разам па сталічным праспекце ішла сельскагаспадарчая тэхніка — сотні машын, створаных уласнымі рукамі. Мірныя, сціплыя працаўнікі палёў і ферм ішлі доўга, але ўсе, каму давялося быць сведкам гэтага, без стомы, з павагаю глядзелі на іх.

Цяпер цяжка і пералічыць, што, апрача аўтамабіляў і трактароў, даюць рабочыя Мінска краіне. З мінскай маркаю — унікальныя станкі, тэлевізары, матацыклы, сельскагаспадарчыя машыны. Ёсць мінскія маторы, тканіна, шарыка-падшыпнікі, аўтаматычныя лініі, халадзільнікі, электравылічальныя машыны, медыкаменты... І ўсё дыхтоўнае, з добрай славаю.

Чалавек працы — творца ўсіх багаццяў свету. І на маіх вачах, я бачыў і бачу гэта, адбываецца цудадзейны працэс — перарабляючы і ўпрыгожваючы свет, чалавек-працаўнік удасканальвае сябе. Праца з цяжкой, надакучлівай неабходнасці робіцца для яго жаданай патрэбаю. У працы, нібыта ў цудоўным люстры, раскрываецца яго розум, душа. І, натуральна, хіба магло ў пісьменніка быць больш высокага абавязку, як пісаць пра людзей працы, пра іх справы, імкненні, іх удасканаленне і самаўдасканаленне!

Так Мінск стаў маім болем, маёй любоўю, маім героем!

1969


1965?

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпаў Ул. Збор твораў. У 5-ці т. Т. 4. Сотая маладосць: Раман. Чацвёртая кніга з цыкла “На перавале стагоддзя”; Апавяданні. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1985. – 439 с.
Крыніца: скан