epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Карпаў

Трэба

 

— Вы хочаце, каб я расказала пра Ваню? Ну што ж, паспрабую...

Твар у яе ацяжалелы, у ценях, як у чалавека пасля вялікай бяды, — перасмыкнуўся. З сярдзітых зеленаватых вачэй, якія, відаць, ад навакольнай зялёнай раскошы здаваліся бадай што смарагдавымі, выкаціліся слёзы. Яна ўхмыльнулася і злізала іх языком ля куткоў рота.

— У чыгуначнікаў, — з намаганнем сказала, — усё сваё... Вайна для іх, як і для пагранічнікаў, адразу пачынаецца. Няшчасце, як вы знаеце, прыйшло ў нядзелю. Ваня з кампаніяй збіраўся на адкрыццё возера. Хацеў пакупацца, пагуляць у валейбол. Ну, вось і пагуляў... А ў сераду ўжо затрымаў дыверсанта. Бег на работу і натрапіў. Сыценькі, ва ўсім чырвонаармейскім, што яшчэ швейнай фабрыкай пахла. Не павітаўшыся, пачаў распытваць, ці ёсць у горадзе магазіны. У нас?.. А яшчэ праз колькі гадзін пад бомбамі давялося везці сем’і чыгуначнікаў і бежанцаў да Оршы.

Вось як! Адразу ў завіруху... І гэта Ваню, які ва ўсім любіў пэўнасць.

А тут яшчэ, вы ж таксама ведаеце, было ўсякага... Апошнім днём чэрвеня... ён ва ўпраўленні Беларускай чыгункі, у Смаленску... Разумееце? Калі немцы за Барысавам былі, атрымаў загад — кіравацца назад, аднаўляць мінскі вузел. Добра, што ў Оршы пераняў той самы, потым славуты Заслонаў.

Уразіла, як казаў, і наступнае заданне — калі паслалі весці састаў з цыстэрнамі ў бок Лепеля.

Даехалі да Камарова. Ёсць такая станцыя. А там грыміць усё. Пыл, дым. Танкі без гаручага стаяць... Але адну цыстэрну толькі і апаражнілі — самалёты наляцелі. І каб не сухенькі дзядок, страшна падумаць, як бы ўсё павярнулася. Падышоў да танкістаў і павёў. За хмызняком, рукой падаць, аказаліся рэзервуары з бензінам. І яшчэ казаў... Калі спахапіліся, каб падзякаваць, старога і след прастыў. Ваня аж смяяўся ад захаплення, як блазнаваты які!

І наогул — пачне расказваць, усё як па-пісанаму — месца, дзень, месяц. Мне нават здавалася: ён да справаздачы сябе рыхтуе. З галавы не выпускае, што нейкая праверка абавязкова павінна быць. Эх!..

Ну, ладна. Дванаццатага ліпеня, у суботу, ён зноў рушыў на Смаленск. На дарозе паяздоў хоць гаць гаці. А калі дачохаў усё-такі, і тут, на гарадскіх ускраінах, немцы. Вакзал абстрэльвалі. Дыспетчар, зразумела, распарадзіўся — паварочваць аглоблі. Давялося пад агнём прарывацца праз станцыю, самім пераводзіць стрэлкі, зашытыя чамусьці ў тупікі.

Аднак пашчасціла. Дабраліся да Каладні, узялі кірунак на Вязьму. Ды перад мостам пад Ярцавам зноў пробка на колькі кіламетраў. Немцы, аказваецца, высадзілі дэсант, і той трымае пад абстрэлам мост.

Дзесяць дзён стаялі. Ні ўзад ні ўперад. Нельга ж было без дазволу кідаць народнае дабро! Дый спадзяваліся, што дэсант з гадзіны на гадзіну даб'юць. Але выйшла наадварот — на адзінаццатыя суткі паўз эшалон прапылілі нямецкія танкі. Паваліла мотапяхота. Паязды акружылі, знялі з паравозаў брыгады.

У лагеры пад Духаўшчызнай і ўбачыў Ваня на свае вочы, што такое фашызм.

Дваццаць шостага, за поўдзень, над лагерам разгарэўся бой. Дзень выдаўся імглісты, бой завязаўся пад воблакамі, і цяжка было адрозніць, дзе чый самалёт.

Знячэўку адзін з самалётаў задыміў. Вахманы ў радасць: «Капут русіш, капут!» Але калі, падаючы, той наблізіўся, сталі відаць крыжы на борце. Потым і з другім так. Ахова асатанела. Трасуць кулакамі над галовамі: «Донэрветэр! Донэрветэр!» Адзін з нашых усміхнуўся быў і, паверыце, асеў тут жа на зямлю. Таварыш яго схіліўся над ім і не то што з дакорам, а са здзіўленнем спытаўся толькі: «За што гэта вы яго? Га?» І таксама асеў...

Потым уцалелых пастроілі ў калоны. Пад узмоцненай аховай пагналі ў Віцебск. Але Ваня ўжо рашыў: трэба ўцякаць — іначай сапраўды капут.

А яму толькі сказаць гэта сабе...

Дамовіўся з двума — таксама нашынскімі — і стаў пільнаваць зручны момант.

Пад Віцебскам, калі калона ўвайшла ў прыдарожнае сяло, кінуліся ўсе да калодзежа.

Скарыстаўшы неразбярыху, пальбу, Ваня з таварышамі шмыгнулі ў бліжэйшы падворак. Адтуль — у хату. Жанчыне, на якую наткнуліся ў сенцах, загадалі, каб схавала. Калі ж калатня ў сяле кончылася, гаспадыня — мажная, у падаткнутай спадніцы — выцягнула з печы вялізны, на добрую арцель, чыгун.

Але вось дзіва — глядзяць, а ў печы яшчэ большы стаіць. Навошта? І высветлілася: штодзень гатуе жанчына свой боршч такімі порцыямі. Бо што зробіш — ідуць людзі і ідуць. Да вечара адзін чыгун пусцее, а да раніцы — другі. А яна ўсё стараецца і стараецца. У Вані неяк ручны гадзіннік захаваўся, дык ён, юродзівы, і яго пад абрус сунуў...

Толькі адзінаццатага жніўня дапялі яны да Мінска.

Вось тады ўпершыню і сустрэлася я з Ванем. Бачу — пляцецца па вуліцы Машыністаў лабасты, худы хлопец. Я не з жаласлівых, мо наадварот нават, а тут шкада стала, пацвяліцца захацелася. Дый нейкім простым, адкрытым ліху здаўся ён мне.

Азірнулася я кругом — пуста. «Ай, была не была, — думаю. — Давай, Ліпа, блісні!..» Гуляючы, пацікавілася, не падыходзячы, адкуль і куды шкандыбае. Прапанавала, калі няма куды ісці,— знайду прытулак. А потым, бачачы — не адказвае, крутнулася і пайшла — глядзі ды зайздросць. І толькі дома зразумела, чаму ён спахмурнеў, паскорыў крок,— паявіліся ж і такія, што першага стрэчнага ў прымы цягнулі... Але так ці не, ды запомніў, стаў потым шукаць...

Многае, як прызнаўся пасля, здзівіла Ваню тады. Чыгуначны вузел працаваў. На некаторых паравозах — нашы брыгады. І кіруе імі былы начальнік дэпо. Паспеў ужо. Мулка, мабыць, таму, хто патрымаў у руках лейцы, без іх. Ажывіліся і пазадкі. Нехлямяжы Захарэўскі, які пры паваротным крузе круціўся, той падняў галаву, адпусціў бакі і ледзь што — грозіць пальцам. Цыгана-токара выдаў... Нават Балашоў Апанас — машыніст, член партыі, які некалі з Ванем жыў без сакрэтаў, усё папалам, працаваў ужо.

— Мы, Іван Іванавіч, паравознікі, — кінуўся пры сустрэчы ў разважанні. — І хоць паравозы на рэйках ходзяць, кіраваць імі — нам... Паступай і ты. Усё роўна пачынаць з нечага трэба... Схадзі на таварную станцыю...

Ваня падаўся на таварную станцыю і аж разгубіўся. Запасныя, дэпоўскія пуці забіты саставамі. Адных паравозаў мо сотні тры.

Але працаваць — не ўцякаць з палону. Уцякаючы, ты ратаваў сябе і адначасна выпраўляў ранейшы свой грэх — не меў ты права здавацца ў палон. А тут наадварот — не маючы права наймацца на службу да ворага, ты сваім одумам збіраешся наняцца служыць яму.

Але, во праява, зноў усё вырашыла гэтае «трэба». Трэба жыць, а значыць — нешта рабіць. Нельга ж іначай! Я аж узненавідзела тады гэтае слова!.. Падпірала і перакананне — бачыш ты гэта ці не, а барацьба ідзе. Яна не можа не ісці. Вунь колькі паравозаў стаіць! І не так ужо важна, як ты прымкнеш да яе. Важна прымкнуць, каб ты ўносіў сваю долю. Няма чаго думаць тут аб пакараннях ці ўзнагародах якіх, калі на зямлі тваёй чужынцы.

На работу яго прынялі без усякага — памог былы начальнік. Стараўся, відаць, забяспечыць фашысцкую чыгунку кадрамі. Ваню далі паравоз, памочнікам прызначылі Есіпа Карзюка, і, калі ласка, — ішачце.

У першую паездку, як потым я даведалася, яны «прыціраліся». Знаёміліся з парадкамі, прыглядаліся да попкі, які ехаў, каб трымаць іх на мушцы. Чулі: некаторыя з такіх разумеюць па-руску і збольшага кумекаюць у спецыяльнасці машыніста, хоць і не паказваюць выгляду.

А вось другі раз Ваня пераканаў сябе... Чаму — пераканаў, кажу? Не так гэта проста, па-мойму, хоць і зразумеў: Карзюк — свой, а попка — ні бэ, ні мэ. Сядзіць з павешаным на шыю аўтаматам і зіркае спадылба.

Поезд вялі да Асіповіч. Мінулі Пухавічы. Ваня ўзяўся тлумачыць «вартаўніку», што наперадзе — участак цяжкі, і трэба падрыхтавацца, пачысціць топку. Попка зіркнуў на Ваню, потым на лес абапал, але кіўнуў носам.

Спыніліся, забегалі.

Ціск у катле падае, вады меншае, а яны бегаюць. Праўда, попка неўзабаве пачаў круціцца на сваім зэдліку. А яны адно рукамі разводзяць. Рушылі толькі, калі аўтамат наставіў. Але і тады папярэдзілі: ну, глядзі — калі што, сам адказвай... І, вядома, у Асіповічах прыйшлося паравоз гасіць — спалілі топку, бо не пачысцілі як след.

Наступны раз выйшла яшчэ мудрэй. Праехалі ўсяго да Сцяпянкі. Ваня, праўда, перад гэтым заціснуў клінам поршневы падшыпнік, замазаў зверху яго мазутай і прысыпаў пяском — чыркануўся, маўляў, аб кучу баласту. Ну, падшыпнік і выплавіўся... І зноў давялося ставіць састаў на бакавы пуць у лесе, а самім падавацца ў дэпо на рамонт...

Дзейнічалі яны на пару, але, па сутнасці, саматугам. Дзейнічалі па нейкай інерцыі, ці што. Трэба — і ўсё тут.

К гэтаму часу мы пасябравалі. Праўда, тады дзявоцкасць для мяне была гонарам, славай. Сабе і сваім косам служыла, не заўважаючы, апрача іх, па мірнай звычцы нічога. Дый жыць дужа хацелася. Бо калі жывеш сабе і жывеш — гэта адно, а калі ведаеш, што пры кожным павароце можаш жыццё страціць, — гэта другое. Тады міжволі задумаешся і бунтаваць карціць. Жыццё ж адзін раз даецца, а ты яшчэ нічога не бачыла і любіць хочаш.

Пасля каменданцкага часу па вуліцах хадзіць было забаронена. Кватэраваў Ваня ў знаёмых, дзе па тры-чатыры сваіх душы ў пакоі. А што за сяброўства-каханне без начных прагулак? Яму лішнія не толькі чужыя вочы, а часам і позіркі адно аднаго. Можа, нішто так не збліжае, як праведзеная сам-насам ноч. Злавала я.

Было і яшчэ адно... Я з-пад Пухавіч, з вёскі. Тата, мама жывыя яшчэ. Ездзіла я бывала да іх як у рай. Сплю — усе на пальчыках ходзяць. Таму, можа, і здавалася мне, што цяпер таксама вайна там у іх не вайна, што болей зацішнага кутка на свеце не было і няма. І я жыла як бы і там і там. Вось і не зразумела Ваню. Больш таго — задурыла. Нават не задумвалася над тым, чаму гэта ён, калі пачынаў вучыцца, ужо тады адразу ў два вучылішчы паступіў. І толькі калі дырэктары выпадкова на агульнагарадской нарадзе разгаварыліся, мусіў кінуць адно. Лёгка яму! Ні гонару, ні прэстыжу, і ў галаве адно.

Таму мы і жылі, як рэйкі бягуць... Я, бясспрэчна, здагадвалася пра сёе-тое, але не надавала гэтаму значэння — глупства, паразумнее, калі агледзіцца. А ён... ён, відаць, захоплены сваім, таксама не надта меў час думаць пра мяне — іншае засланяла.

Мы нават калі і спрачаліся, то жартуючы.

«Як ты можаш так?» — спытаецца часам. А я яму: «Не ўсім гарэць, калі хто гарыць». Усміхнецца, пацісне плячыма, а я тады ўжо ў тры столкі яму: «Я не нявольніца, каб сябе кайданамі прыкоўваць да чаго-небудзь. У кожнага сваё жыццё. Мне яго ніхто другі раз не дасць. Ты паглядзі на мяне. Ну, паглядзі», — і пачну тармасіць, падражніваючыся.

Сядзіць у нас некаторых нячысцік...

Шкодзілі Ваня і Карзюк немцам, вядома, не адны. Гітлераўцы сталі прымаць захады. Паспрабавалі вывучыць прычыны аварый.

На пачатку зімы падсадзілі правершчыка і да Вані.

Тут бы яму прытрымаць сябе, пра мяне падумаць. Куды там!

Аднойчы, калі яны з Карзюком, прыняўшы паравоз, узяліся рыхтаваць яго да паездкі, заявіўся немец. Высокі, гожы, са скручанаю коўдрай пад пахай. Стаў раскіракам і назірае. І як вы думаеце павёў сябе Ваня? Калі падышоў слесар і спытаўся, ці патрэбна дапамога, Ваня адно рукою махнуў.

Гэта, мусіць, спадабалася правершчыку. Счакаўшы, палез у кабіну, — ну што ж, пабачым, маўляў. Але паверыў — загадаў тапіць паравоз. Захутаўся ў коўдру, усеўся на месца машыніста. Ад давер’я і самаўпэўненасці людзі спакайнеюць. Мароз быў люты, ад топкі цягнула цеплынёй, і ён задрамаў.

Пад самым Барысавам, як вядома, пуць пакаты. Поезд, якім не кіравалі, набраў хуткасць. Небарака падхапіўся, залыпаў вачыма. Убачыўшы чырвоны сігнал семафора, узяўся тармазіць. Але тармазы не схапілі — пастараліся нашы. Ваня з Карзюком на падножкі ўжо сталі. Ды пуць аказаўся свабодны. І, скеміўшы тады, Ваня адштурхнуў немца і ўключыў тармазную сістэму састава. Ну, як і трэба было, скаты ў паравоза заклініліся, ён пасунуўся юзам.

Але ўсё адно праляцелі станцыю. Спыніліся толькі за мостам цераз Бярэзіну. І, вядома, на колах, дзе яны слізгаліся па рэйках, метал як наждаком злізала.

Прыбеглі эсэсаўцы. Кінуліся да нашых, потым да свайго правершчыка. Загадалі асадзіць поезд назад. А Ваня рад старацца, і хоць пабыў на валаску ад смерці, узяў дый пагнаў састаў так, што рэйкі ад удараў пачалі лопацца. І, паверыце, ажно ўлетку бачыў свой паравоз там, дзе паказалі паставіць.

Тады я не ведала гэтага. Не здагадвалася і пра другі Ванеў клопат... Перад вайной я таксама прафтэхшколу скончыла. Атрымала дыплом памочніка машыніста. На адны «выдатна» здала. Але пры немцах, зразумела, мусіла працаваць рознарабочай. Ды ўсё роўна верыла ў сваю зорку, — красавалася, жыла, не дужа прыглядаючыся да таго, што адбываецца навокал...

А ў дэпо тым часам траплялі лістоўкі. На вугальным складзе ні з таго ні з сяго ў кране зламалася страла. У цэхах вагонарамонтнага выходзілі са строю маторы. Некуды зніклі знаёмыя чыгуначнікі, — былі і раптам няма, і ўсё пасля нядзелі — базарнага дня. Пад Новы год парвалася водаправодная сетка. Паравозы гасілі або гналі да Свіслачы, на мост, налівалі бруднай вадой. Папсавалася вадакачка і ў Пятроўшчыне — нехта заваліў паветраныя трубы чорт ведае чым...

Гэта радавала, але і мучыла. Хоць Ваня разумеў: пасля яго прыгод і палону ўраз яму не паверыш. Ды ўсё роўна спадзяваўся: не сёння-заўтра, як бы там ні было, напаткае каго-небудзь... Або, калі спатрэбіцца, самі прыйдуць па яго.

І, вядома, прыйшлі. Усё той жа Балашоў. Патрымаўшы нейкі час пры сабе, адвёў Ваню на Вірскую вуліцу да... былога начальніка дэпо...

Упершыню раскрыўся ён перада мною напрадвесні — расказаў, як вадзіў паравоз з пустымі вагонамі на станцыю Мінск-Паўночная. Гэта важна, і я раскажу.

Прыбыў ён на галоўны пуць. Але падбеглі немцы і замахалі рукамі — з Маладзечна поезд ішоў. Давялося неадкладна ўбірацца. Ды толькі Ваня набраў хуткасць, як убачыў метраў за дзвесце грузавік з прычэпам — коціць, разагнаўшыся, па Апанскай да пераезду. Ага!.. І замест таго, каб тармазіць, прыбавіў пары. Праўда, з будкі выбегла ахова. Але грузавік ужо за шлагбаумам. А тут яшчэ Ваня даў свісток. Шафёр завіляў, з’ехаў пярэднімі коламі з насцілу. Карацей, перакуліў Ваня той транспарт з цэглай.

Пакуль выцягнулі з-пад машыны шафёра з нейкім ваенным чынам, пакуль адцягнулі з палатна пакарэжаны грузавік, падабралі раскіданую цэглу — прайшло з гадзіну. А тут плюс яшчэ ў Ватнага паравоза поршневы шток пагнуўся. Прыйшлося чакаць другога паравоза, здымаць дышла, гасіць топку...

Каб не нарвацца на бяду, па вуліцах мы не гулялі. Тым болей у скверах — салдатня ды падшывальцы, што чысцяць ім боты... Да таго ж немцы панастаўлялі там розных вітрын для загадаў і плакатаў, якіх Ваня цярпець не мог. Таму гулялі мы ў бязлюдных кварталах, сярод руін. Сядзелі на ганках, што ўцалелі пры каробках. Я сашчапіўшы рукі на каленях, Ваня чырачы палкай на рудым снезе.

Не дужа вясёлыя былі нашы спатканні. Падбухторваючы Ваню, я звычайна скардзілася: на рабоце ліпне, дорыць свае вышчарбленыя зубы Захарэўскі, хустку ўчора соваў у кішэню. Немцы з аховы прыстаюць, каб пераходзіла ў сталоўку афіцыянткай... Ваня ж слухаў і часцей маўчаў. А калі гаварыў, дык пра адно — бяду, што звалілася на людзей. Грэў мае рукі ў сваіх, абдымаў, але як здавалася, не перастаючы аб нечым думаць.

Калі не пяройдзена мяжа, мы, дзяўчаты, болей разважлівыя. Ды наўрад ці ўласная разважлівасць каго цешыць з нас. Ванева стрыманасць крыўдзіла мяне, абражала. Чары мае аказваліся як бы бяссільныя.

— Сёння, Ліпа, пашанцавала мне... — пачаў ён тады.

— Ну-ну, — падагнала я, нібыта не зусім верачы.

Ён прыглядзеўся да мяне.

— Раніцой угробіў аўтамашыну, двух фрыцаў і свой паравоз, — дакончыў жорстка.

— Матухны мае! Ты пры сваім розуме?

— Ага...

— Падвучылі, значыцца? Хто?.. І выкруціўся? — з’яхіднічала я, хаваючы, што сэрца ў мяне заныла, — зноў пра сваё.

— Выкруціўся? Не варта так... — папрасіў ён, але пастараўся змяніць тон: — Я там ехаў па галоўным пуці і гаспадаром быў. Так што няхай на сябе наракаюць... Табе што, не падабаецца?

У мяне хапіла розуму прамаўчаць.

— З’едзем адсюль, Ваня! Што мы не маем права пажыць трошкі, парадавацца?

— Калі? Цяпер? І куды з’ехаць?

— Ды хоць бы да маіх бацькоў. А так самі насустрач бядзе ідзём.

Над руінамі вялі свае гульбішчы крумкачы. Насіліся з крыкам, кулдыкаліся, як над лесам, нібыта і тут шукалі месца для гнёздаў. Мне стала страшна, дый заела. І страх, раздражненне перашкодзілі здагадацца, што гэта была праверка мне, што Ваня вагаецца і яму самому нялёгка... Паглядзелі б, як разгубіўся ён, калі я аднаго разу паглядзела ў люстэрка і заспявала ў руінах!.. Адкуль мне было ведаць, што ў яго ўступіла ў сілу яшчэ адно — адказнасць перад таварышамі? Што там, у начальніка рускіх брыгад, прыняў ён прысягу падпольшчыка, пакляўся не выдаваць сакрэтаў. Ды каб і ведала, ці змяніла б гэта што? Ён жа зневажаў мяне!..

Праўда, мне і цяпер не ўсё ясна. Чаму ён так упарта таіўся перада мной? Ну, скажам, спачатку адзіночкам быў. Але ж пасля ягоным клопатам стаў рост падполля. Значыцца, шкадаваў? Так? Але ж чаму тады, напрыклад, прыцягнуў да падпольнай работы гаспадара кватэры? У таго ж — жонка, трое дзяцей, бабуля сямідзесяцігадовая... Мяне засцерагаў, ахоўваў, а іх?

Жорстка гэта!..

Не, даруйце, я ўсё-такі трошачкі хлушу. Кожнаму хочацца выглядаць лепшым. Жаданне каяцца пазней прыходзіць. Ваня, безумоўна, прыкмячаў за мной такое, што не давала яму адкрыцца зусім, зрабіць мяне паплечніцай. Я быццам аслепла і знаць нічога не хацела, апрача сябе ды яго. Шалела аж ад таго, што не толькі ён, але і я ўжо сабой не магу распараджацца. «Як гэта так? Не гаспадыня сабе?..» А потым і таго горай. Убіла ў галаву — Ваню самога неабходна ратаваць.

І быццам бы каб паказаць, што праўда на маім баку, у сакавіку падполле спасціг правал. Начальнік з Балашовым як у ваду канулі. Ну, а Ваню выпала ўзначаліць падпольную арганізацыю дэпо. Яго ўвялі ў састаў арганізаванага райкома. Вунь як? А я?.. Я ва ўсім гэтым правільнасць сваіх засцярог убачыла. Хіба не праўда, што разам з тым, як Ваня расце, пятля на яго шыі зацягваецца, ён аддаляецца ад мяне? Ну і баранілася... Дый абурала само бяссілле што-небудзь змяніць. Не было даўней такога! Калі хацелася, вяроўкі віла з хлопцаў. Сваё восьмае сакавіка на год расцягвала...

Вясна і ў руінах вясна. Помню — нядаўна адгрымела навальніца. На зямлі — лужыны. У іх валтузяцца натапыраныя вераб’і. На пачырванелым друзе трава. І руіны як вымытыя светлай вадой.

Пасля навальніцы сіла прыбывае. Яе грудзьмі адчуваеш. І рупіць нешта рабіць харошае сабе...

Трымаючыся за рукі, прапускаючы пад імі лужыны, мы блукалі па знявечаным квартале. Я ўскідвала галаву, касілася на Ваню. Ён, схуднелы, сумны, пазіраў сабе пад ногі, і зноў думкі яго далёка луналі адсюль.

Спыніліся мы, як заўсёды, каля руін з ганкам. Але прыступкі былі мокрыя, і сесці не было як. Я паглядзела на Ваню і здзівілася. У добрых вачах яго стыла ўпартасць. Дый галаву ён трымаў неяк набычана — нібыта перад бядой або наступам.

— Чаго ты? — падагнала яго я з прызнаннем.

— Чакаю ад цябе слова.

— Слова? Я не жадаю, каб ты падстаўляў галаву пад абух.

— Мне нельга іначай, Ліпа! Не перашкаджай. Я машыніст, рабочы. Мне дорага ўсё тут.

— Ну і што? Разумнейшыя даўно ўцяклі. Добра ім!..

— Каму?

— Ды хоць бы тым, хто кожны дзень цябе, бы парабка, пасылае куды ўздумаецца. Няхай самі б паспрабавалі!

— Мяне пасылаюць, бо я павінен ісці.

— Не церпіцца, як твайму начальніку, трапіць у лапы гестапаўцаў? Думаеш, схаваешся ад іх? Ты ж самагубца, Ваня!

Ён адступіў ад мяне і ўтаропіўся як на дзіва.

— Адкуль у цябе такое? — крыва ўсміхнуўся. — Гэта ж правакацыя. Ці не Захарэўскі падкінуў?

Яго ўсмешка вывела мяне з сябе. Бацюхны, бы недарэка які! Ім даражыш, за яго баішся. А ён, як загіпнатызаваны, сам да смерці цягнецца... Няўжо не даходзіць, што ў маіх турботах і клопатах — любоў, абяцанне стаць ягонай? Няўжо мала гэтага? Прапануеш сябе, шукаеш паратунку!.. А ён раздумвае, манежыць. Ну, ладна! Я не дурнейшая за цябе! Бачылі мы такіх!

— Навошта мне твае кепікі? — закрычала. — Думаеш — баба перад табою? Цану гэтай бабе ўстанаўліваеш? Узважваеш, ці падыдзе? Бо гэта таксама трэба? Хто табе такое права даў? Думаеш, я менш, чым ты, люблю роднае?

— Не, Ліпа! — як бы пашкадаваў ён. — Любоў без гатоўнасці абараняць, што любіш, не любоў.

Але я не дала яму гаварыць. Сама сыпнула як з мяшка. Бесхрыбетным блазнам — і гэта Ваню! — назвала. Высмейваць пачала, што ўсе, каму ўздумаецца, папіхаюць ім, ягонымі рукамі жар заграбаюць. А ён адно рад старацца — трэба, дык трэба!.. Ну, няхай — жыць дзеля другіх яшчэ можна: сёе-тое і самому дастанецца. Але галаву пад абух самахоць падстаўляць?.. Усё роўна потым дзякуй ніхто не скажа. А калі і скажа, што з таго? Каму карысць? Бацькам ягоным? Дык яны ў зямлі даўно. Дзецям? А дзе яны? Была ў сабакі хата. Мне? Але навошта ён мне з раструшчанай галавою, калі я і галавы тае як след не гладзіла і наглядзецца на яе не паспела. А што да яго начальніка — у дэпо ўсе ведаюць: злавілі як міленькага...

Ён моўчкі выняў з-пад пінжака зачытаную газетку і працягнуў мне.

— На, чытай. Такая і ў астатнім твая праўда...

Пазней я па крупінцы збірала ўсё, што датычыла Вані, і шмат чаго дазналася. Правал, нямецкая шуміха навокал яго разварушылі пазадкаў. І каб было непанадна, іх рашылі прыструніць. Ваня ўзяў на сябе Захарэўскага. Хацеў за ўсё адплаціць. Прыдумаў план — праязджаючы паўз паваротны круг, скіне камлыгу вугалю. Але тут падпольная іх газетка надрукавала зварот. Былы начальнік дэпо, які аказаўся ў лесе, выкрываючы нямецкую хлусню, паіменна пералічваў нямецкіх прыслужнікаў з іхнімі «заслугамі». Абяцалася і адплата. Газетка трапіла ў кішэню Захарэўскаму. А трапіўшы, так ашаламіла, што ён загаварвацца пачаў... Во як на самай справе было.

Пасля я зразумець не магла... Здзіўляюся і цяпер — якая патрэбна вытрымка, каб, пры ўсім гэтым, сказаць усяго два-тры словы? А потым, калі я заікнулася, узваліла на яго новы цяжар — няхай выбірае: ехаць да маіх у вёску або не прыходзіць болей, — бацюхны! — толькі ўздыхнуў з прыхліпам...

Збіраліся райкомаўцы рэгулярна — праз тыдзень, па нядзелях, калі немцы і паліцаі звычайна пілі. Для сустрэч абралі кватэру члена райкома ад службы пуці. На Праводнай вуліцы. Абмяркоўвалі справаздачы, намячалі, што будуць рабіць заўтра. Калі ж паступала тэрміновае заданне ад гаркома, праводзілі нечарговыя пасяджэнні.

Ну, дык вось... Ваня і дасюль не раз падахвочваўся — сам браў на сябе такія раптоўныя заданні. Але цяпер, быццам нешта даводзячы мне, ён проста лез на ражон. Нібы нешта большае, чым ён сам, узяло над ім уладу, і ён з павагаю падпарадкоўваўся гэтаму. «Трэба, трэба, трэба!»

Працуючы на манеўрах, ён склаў план размяшчэння ваенных складаў, уваходных і выходных пуцей, месц, дзе найбольш збіраюцца паязды. Каб памагчы мнагадзетным сем’ям франтавікоў і партызан, збіраў сярод знаёмых прадукты, адзенне. Скідаў ва ўмоўленых месцах вугаль з тэндара. А ўлетку са сваім Карзюком (той цяпер за ім, як нітка за іголкай, цягаўся) напрасіўся ўзарваць наліўныя цыстэрны ў Асіповічах. Мінска, бач, ім стала замала! Махнулі на чужым паравозе, нібыта на хаўтуры Карзюковай маці. Парадкі, зразумела, зналі дасканала. Прыехаўшы, прыкінуліся вагоннікамі-рамонтнікамі і паклыпалі па станцыі аглядаць саставы... Кажуць, вухнула, дык вухнула!

Ну, а каму не ясна, што да пары збан ваду носіць?..

Не сустракаліся мы з месяц. Праўда, мімаходзь я бачыла яго — то ў дэпо, то ля паваротнага круга. І кожны раз сэрца падала, замірала — загіне ж, хоць я і фыркала. Выходзіць, можна кахаць і чалавека, які выракся цябе. Дый часам мацней яшчэ, чым пакорлівага. Бо мала хто адразу мірыцца з паражэннем, не стараецца ўзяць свайго.

Хутка я ўжо не валодала сабою. Куды і гонар падзеўся. Гатова была пайсці невядома на што, абы адвесці бяду ад яго, вярнуць сабе. Я ў думках размаўляла з ім, пераконвала, сніла ў сне, строіла неверагодныя планы. Нарэшце рашыла. Падпільнаваўшы, калі вяртаўся з работы, спыніла і сказала, што мне трэба з ім пагутарыць.

Ён збялеў, перасмыкнуў лапаткамі, але на спатканне прыйшоў. Напэўна, апасаўся, што іначай нараблю глупстваў. А мо сапраўды паверыў, кахаў.

Сонца садзілася, на руінах ляжаў барвовы водбліск. Да каменданцкага часу аставалася нямнога.

— Заўтра будзе вецер, — сказаў ён, падаючы руку. — Што здарылася, Ліпа? Ты як сама не свая. Ну?

Так, значыцца, ён спадзяваўся: я скажу яму нешта такое, што, магчыма, стане мосцікам для прымірэння. Меркаваў: месяц разлукі абразуміў мяне, прымусіў задумацца. Бо сапраўды — калі такі падонак, як Захарэўскі, пачаў заікацца і загаворвацца, дык няўжо мне хоць бы што — прайшло стараной, не зачапіла? І себялюбства, слепата аказаліся мацнейшыя за розум?

Але так мне здаецца цяпер. Тады, дурной, здалося іначай — ён звярнуўся да мяне, назваўшы па імені, праз сваю слабасць.

«Ага, адступаеш! — падумалася. — Даўно б так! Чалавек — заўсёды чалавек... Хіба я не люблю цябе, дурнога?!.»

Істоту маю ахапіла радасць. Сэрца і тое супроць мяне было.

Віснучы на Ваневай руцэ, я пацягнула яго да знаёмых руін з уцалелым ганкам. «Пачакай, пачакай! — гразілася, вяселячы сябе. — Вечная мерзлата і то растае, Ванечка! Любы ты мой!»

Выбрала ганак, прыступкі якога былі як дагледжаныя.

— Я не магу, Ваня! — прызналася, баючыся аднаго го, каб ён зноў не спытаўся, што я хацела яму сказаць. Каб апярэдзіць яго, пусціла ў ход свой выпрабаваны сродак — пачала сыпаць словамі. — Ці прыходзіць табе хоць у галаву, чым ты рызыкуеш? Страшна мне!

Ён нецярпліва ўздыхнуў.

— Навошта мне загадзя палохаць сябе, дурненькая?

— Аднак смерць ёсць смерць, Ваня!

— Няхай. Але чалавек для жыцця нараджаецца. У яго ёсць мэта. Іначай ён перастае быць чалавекам. Не кажучы — савецкім...

Я пашчыпвала яго плячо, кудлаціла і прыгладжвала яму валасы. Як ніколі дасюль, глядзела ў вочы — туды у самую глыбіню, цёрлася шчакою аб грудзі і цалавала, цалавала то ў пераноссе, то прама ў вусны.

Але мае ласкі, мусіць, былі нядобрыя. Калі я абвіла шыю і, сціскаючы, прыпала целам, Ваня лёганька адхіліў мяне. Матухны! Няўжо ён прачытаў мае думкі? Я жахнулася.

Дамагацца свайго, спакушаючы, каб пасля спекуляваць на Ванінай сумленнасці?.. Але выхад знайшла. Закрыўшы далонямі твар, упала яму на калені, затрэслася ў плачы. І сама не ведаю, што гэта было. Роспач? Просьба дараваць? Раскаянне? Страх?

Потым, не могучы ўжо быць з ім, усхапілася і пабегла, няясна адчуваючы, што і ён у нечым вінаваты перада мной... Праўда ж?..

Праз нейкі час Ваню арыштавалі. Прама на паравозе. Трымалі спачатку ў СД — у карцэры. Потым у турэмных камерах нумар дзесяць, нумар трынаццаць, нумар восемдзесят сем. На сто дзевяты ж дзень разам з другімі вязнямі пагрузілі ў двухвосевы вагон і адправілі ў Асвенцім... І калі поезд крануўся, я пабегла ўслед... Па шпалах... А калі спатыкнулася, упала, жыць ужо не хацелася... Без высокай веры цяжка ўсведамляць: трэба, дык трэба!..

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Мы сядзелі на пяньках, пад елкамі з акоранымі камлямі, паміж асінавых і бярозавых стволаў віднеліся лагерныя, з удзірванелымі дахамі зямлянкі, куды, пятляючы, прабіраліся сцежкі, на якіх выступалі нібыта напухлыя карэнні.

Навокал было поўна сонца. Камары таўклі мак. Узацяжку спявалі птушкі. Пахла прэлым лісцем, ігліцаю, нагрэтай карою. З аранжавых шышак, што гронкамі звісалі з калматых галін, раз-пораз вылятала крылатае насенне. Шышкі быццам стралялі ім, і яно, адляцеўшы, спускалася на зямлю, круцячыся леечкамі.

Ад уласнай споведзі Ліпе стала лягчэй. Яна выпрасталася і, прытуліўшы вінтоўку да пляча, усё гаварыла, гаварыла. Толькі ўтаропленыя перад сабою вочы былі як у невідушчай. Над лесам кружыў «фокевульф». Калі ён пралятаў над намі, я не чуў яе слоў, але Ліпа не заўважала і гэтага.

1973




Беларуская Палічка: http://knihi.com