epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Карпаў

Тры пацалункі. Старонкі жыццяпісу

1
2
3


1

У сям’і яна была доўга адзіная. Бацька ў навакольных карыстаўся павагаю. І, натуральна, яе балавалі, песцілі, цалавалі. Але сям’я была рабочая, гэта адбілася на Галі па-свойму.

Хто найбольш уплываў на яе? Хутчэй за ўсё — бацька. І хоць у доме гаспадарыла квахтуха-клапатуха маці, лад жыцця падстройваўся пад яго — стрыманага, негаваркога, у вечным палоне сваіх думак. Ён і дома мала сутыкаўся — быў то на рабоце, то на сходах, то на рыбалцы. Але затое, калі аставаўся дома, навокал ураз большала парадку. Жыццё рабілася плынным, імкнула ў пэўным кірунку. Бацькава воля адчувалася — і можа мацней — пасля яго смерцізаведзенае ім захоўвалася свята. «А мазалі шанаваць трэба» — асабліва. І, магчыма, таму Галя саромелася, калі яе балавалі, ціскалі. Нават крыху гідзілася. Зіркаючы спадылба на дакучлівага добразычліўца, употай выцірала пацалаванае месца далоняй.

Сказвалася тут і такая акалічнасць — маці хваравіта любіла чысціню. Яна ледзь не штодня купала дачку, расчэсвала, заплятала і пераплятала яе рыжыя кудзеркі, прыдзірліва сачыла за плацейкамі. Галіна пасцелька, вясёленькія, у кветках навалакі на падушках былі чыстыя-чыстыя, старанна адпрасаваныя. Праўда, тое, што ты маеш у дастатку, не вельмі цэніцца. Падросшы, Галя вярталася са двара растрапанай у баталіях мурзаю, але маці адразу, з парога, цягнула яе да ванначкі і, вымыўшы, пераапранала ў чыстае.

І гэта само сабой уваходзіла ў натуру.

Такой от настырнай забіякай-чысцюлькаю, якая, праўда, паспела палюбіць Купалу, пачала весці дзённік, марыла вучыцца далей, чароўных сябравала з хлопцамі, і ўвайшла Галя ў вайну.

Ага, мусіць, варта нагадаць і яшчэ адно. Галя нікуды, апрача піянерскіх лагераў, не выязджала, і родны горад у яе вачах быў бадай адзіным утульным куточкам у свеце, дзе ўсё здавалася дарагім — і грукатлівая, у таполях вуліца, дзе яна жыла, і зялёнае, з павевамі раздолле аэрадрома пад бокам, і заўсёды забітая саставамі таварная станцыя, і таямнічае ў прыцемках чыгуначнага дэпо, куды Галя дзяўчом бегала да бацькі, носячы абед. І хто ведае, можа, магутныя «ФД», «СУ», поўныя сілы перад дарогаю, ды срабрыстыя крылатыя самалёты першымі і абудзілі ў Галі адчуванне — радзіма і там, за небасхілам, куды імкнуць рэйкі і дзе знікаюць срабрыстыя птушкі. Тым больш, гледзячы на іх, хораша думалася і пра наступнае — заманлівае, светлае, што чакала цябе.

Калі не лічыць, што Галя перажыла бамбёжкі,— якраз бамбілі яе запаветныя мясціны, бачыла ахопленыя агнём ангары, саставы на станцыі, яна сутыкнулася з немцамі праз дзень, як тыя ўвайшлі ў горад.

Не спытаўшыся ў маці, падагнаная злой цікаўнасцю — тое, што адбылося, здавалася неверагодным — Галя, каб у нечым пераканацца і сёе-тое разведаць, пабегла па ваду да калонкі. Дзяўчына схілілася ўжо над поўнымі вёдрамі — хацела ўзяць іх і несці дамоў,— як нехта ашчарэпіў яе ззаду за стан і, наваліўшыся грудзьмі, смачна, з адцяжкаю, цмокнуў у шыю. Перасмыкнуўшыся ад нечаканасці, Галя адступіла. Перакуліўшы вядро — тое, што стаяла пад кранам, у страху азірнулася.

Перад ёю, абутыя ў боты, але ў трусіках, стаялі двое — белабрысыя, з крутымі атлетычнымі плячыма дзецюкі. Што яны — немцы, можна было здагадацца па акуратнай кароткай стрыжцы баксёраў і халодных белазорых вачах. А галоўнае — па шырачэзных халявах і бессаромнаму нахабству — яны ўхмыляліся і гулліва шчэрылі зубы.

— Ком... цу мір!..— убачыўшы, што Галя спапяляе іх зіркам, пазваў яе пальцам адзін з голых і, каб было зразумела — з неба, заглушаючы усё, на пасадку ішоў «Ю-89»,— зрабіў непрыстойны жэст.

Апанаваная агідаю, абурэннем Галя плюнула, хацела была крыкнуць: «Як вам не сорамна?» — але пранізлівы, з прывідам, гул самалёта быццам бы наваліўся на яе, сціснуў скроні, і яна, усхліпнуўшы, кінулася прэч.

Першае жаданне ў яе было паскардзіцца маці — хай заступіцца, абароніць і неяк адпомсціць за нечуваны здзек. Аднак тут жа ёй стала ясна: гэта недарэчна — што зробіць тая, калі права абражаць, здзекавацца гэтыя нахабнікі заваявалі, і ты цяпер у параўнанні з імі — нішто? Наадварот, каб не ўцягваць маці ў небяспечныя прыгоды, трэба ўсё ўтаіць ад яе — хай не пакутуе, не наклікае на сябе бяды. Хопіць з яе і меншай сястры.

Не ведаючы, што ж усё-такі рабіць, Галя прамучылася з паўгадзіны, баючыся — маці заўважыць яе ўзрушанасць і спытаецца, што з ёй. Але потым, падхопленая парываннем,— апошняе слова павінна было астацца за ёй! — яна ляпнула брамкаю і подбегам падалася назад да няшчаснай калонкі.

Поўныя, па беражкі, вёдры стаялі на месцы! Што гэта было — новы здзек? Лавушка? Падазраючы — непадалёк засада, прагнучы сутычкі з крыўдзіцелямі, Галя з выклікам узяла вёдры і, ускінуўшы галаву, панесла іх, знарок ідучы па бруку.

Уначы яна не спала. Роіліся, даймалі думкі — пра сябе, маці, немцаў, пра разбураны горад. У пераднавальнічнай духаце, як бы зусім побач, чуўся гул самалётаў. Ад таварнай станцыі даляталі свісткі манеўровай «кукушкі» і грукат транзітных цягнікоў.

Паязды ішлі па ваеннаму графіку — часта і, як здавалася, у адным кірунку — на ўсход. І трывожныя Галіны думкі імкнуліся ўслед за імі — у начную цемрадзь, туды, дзе фронт, дзе вольныя родныя прасторы, што падпіраюць яго. І, можа, упершыню, варочаючыся ў гарачай пасцелі, пакутуючы ад уласнага бяссілля, Галя так выразна адчула, як расце, мацнее ў яе пачуццё, з якім толькі і можа жыць вера ў заўтрашні дзень і з якім, прачнуўшыся, душа нітуецца сама з сабою...

І калі за акном услед за маланкаю разлегліся грымоты, а ў бляшаны дах ударылі гулкія, бы шрот, кроплі, агорнутая гэтым пачуццём Галя расплакалася. Каб не выдаць сябе, уткнулася тварам у падушку. Захацелася, каб хутчэй надышло світанне і можна было бегчы да сяброў па школе — выліць душу — ёсць жа ў яе Любаша, Андрэй, Нэла? Яны памогуць ёй...

Адкуль Галі было знаць, што калі назаўтра яна збочыць на суседнюю — Брылеўскую — вуліцу, то перажыве яшчэ страшнейшае: убачыць, як нечым узлаваны расхрыстаны матацыкліст будзе ганяцца за басаногім хлапчуком, пакуль не прыцісне таго пярэднім колам да плота. А потым, шалеючы, пагоніцца за Галяй. І спатрэбяцца месяцы, каб вярнулася здароўе, каб Галя магла перагаварыць з сябрамі, якія самі прыйдуць да яе, спадзеючыся — яна павядзе рэй.

 

2

Надышло і мінула купалле. У агародзе зноў зачырванелі макі. Зацвіла пад вокнамі ліпа. Праўда, не пышна, не па-залатому, а так, што неўзабаве квецень апала. Усталяваліся гарачыня, пыл. І, можа, таму, апрача ўсяго, Галі пачало ўспамінацца даўняе не бачанае ўжо год — лес, поле, асветленыя самым зыркім — ліпеньскім — сонцам.

Пагойдваючыся, спеюць жытнёвыя каласы. І помніцца, калі ўзяць іх, вусатых, у такую пару на далонь ды пацерці, вылушчацца цёплыя, васковыя зярняты. У блакіце ж звініць жаваранак. Спыніўся ад захаплення, трапечацца і заходзіцца песняй. І тут жа, поруч, у ціхай завадзі красуюцца белыя ліліі. Шукаючы спажывы, бунтуюць ваду порсткія качаняты. Ага,— так, так! — другі раз папоўніліся сем’і зайцоў, вавёрак... І гэтае настырнае жыццё, яго краса, што была, ёсць, а значыць, будзе вечна, набывала для Галі незвычайную цану, патрабавала: заслані, вазьмі пад сваё крыло — у бядзе роднае бліжэй да сэрца.

Яшчэ тады, калі была прыкута да ложка, Галя ўпотай ад маці — што прывыкала ва ўсім бачыць бяду,— перачытала многія кнігі, з якімі расла. Шукаючы і прагнучы нечага, дзівілася: усё і тут мела глыбейшы сэнс.

Згадаўшы — нядаўна было купалле, Галя захапіла з сабою на сходку «Сон на кургане». І, калі ўволю нагаварыліся, прытаміліся, прачытала аб вырваным з грудзей сэрцы-паходні. Помніце? «З грудзей вырві сваё сэрца!» Хвалюючыся, заўважыла: усе, хто дасюль спрачаўся, спяваў песні, танцаваў,— сціхлі. У маленькі пакой з фікусамі, з карункавымі сурвэткамі, патэфонам увайшло нешта вялікае — са сваімі надзеямі і гарэннем. Слова паэта, які сам стаў яшчэ больш дарагі, прымусілі паглыбіцца ў сябе. Яго сум аб жаданым стаў сумам аб страчаным. Ён падказваў: абавязак чакае цябе ўсяго!

І калі Андрэй, у чыім доме адбываліся зборы, пайшоў праводзіць Галю, размова ў іх кружыла толькі навокал гэтага. Прабіраючыся паміж руін, часам адно за адным, яны ніяк не маглі сказаць усяго, што хацелася. Над імі, зніжаючыся для пасадкі, пагрозліва сігналілі ўспышкамі і раўлі самалёты, а яны гаварылі і гаварылі.

— Так жа? Праўда? — гарачыўся Андрэй, паглядаючы на рыжыя, як сонца, Галіны валасы, на яе вуглаватыя плечы, да якіх яму карцела дакрануцца.— Збіраць зброю і весці агітацыю — мала! Я сканструяваў, Галка, міну...

Гэтага прызнання Галя чакала, але ўсё роўна спынілася. Азірнуўшыся, яна як бы адвяла забіяцкі позірк таварыша і нездаволена зморшчыла губы.

— Чаму ты маўчаў раней?

Андрэй не быў баязліўцам, дый вайна ўсё рабіла прасцейшым. Аднак перад ёю ён адчуваў сябе яшчэ зялёным — аднакласніцы сталелі раней.

— Але, баяўся, што не атрымаецца,— сказаў паслухмяна і ўсё-такі зноў абдаў святлом сваіх вачэй Галю — кволую, у лёгкай сукенцы, трошачкі кароткай для яе.

Яна паспешліва накруціла кудзерку на палец. Саромеючыся нечага жаночага, што сама заўважыла ў сабе, насупілася, абцягнула сукенку.

— Ладна. Заўтра я ўзгадню з астатнімі, і пойдзем разам, калі ты не супроць.

— Скажаш! Але як тваё, Галка, здароўе? І куды пойдзем? Ты ўжо намеціла?

— Ага...

Яны выбралі глухую, цёмную пару — перад досвіткам. Выявіўшы, калі мяняюцца вартавыя, дамовіліся: правядуць аперацыю пад канец начной вахты, калі пільнасць каравульных прытупіцца.

Цяжка сказаць, як бы Галя паводзіла сябе, каб напарнікам быў не Андрэй. Праўда, на таварнай станцыі кожны закутак і сцежка былі знаёмыя. Жыла ўпэўненасць: знанае з дзяцінства не падвядзе і, калі што якое, паможа. Але гэта быў пачатак незвычайнага, пасля чаго ўсё павінна стаць іншым. Нават стаўленні да роднага дзяцінства. Нават адносіны з маці, чые слёзы і роспач прыйдзецца перажыць, адносіны з Андрэем, які, безумоўна, стане смялейшым,— з усім!

І ўсведамленне гэтага халадзіла сэрца. Прысутнасць жа гатовага ісці з ёй на плаху Андрэя рабіла ўсё чуць... падобным да гульні. Тым больш Андрэева паслухмянасць, відаць жаданая яму, узнімала Галю ва ўласных вачах, падказвала — камандуй.

Не сустрэўшы жывой душы, яны прабраліся на тэрыторыю станцыі. Пасля моцнай майскай бамбёжкі лямпачкі на ліхтарах тут замянілі на сінія, але ўсё роўна было светла. І, каб перасекчы пуці, давялося паўзці пад таварнымі саставамі, прыслухоўвацца, зноў паўзці — і так аж да крайняга тупіка, дзе ўпрытык стаялі запасныя скаты.

Дагэтуль аб прысутнасці аховы і тых, хто фарміраваў і расфарміроўваў саставы, Галя з Андрэем здагадваліся толькі па ляскату буфераў ды няясных мімалётных ценях. Іх адзначала толькі нешта амаль падсвядомае. Адсюль жа, з-пад скатаў, дзе яны ляжалі на жыватах, адчуваючы, як казыча ноздры пах мазуты, іржы і жвіру, Галя і Андрэй убачылі вартавога — ссутулены, ён стаяў ля вялізных дэпоўскіх варот і кашляў у кулак. Аднак блізкасць адно да аднаго не дала ім адступіць. Скарыстаўшы новы прыступ кашлю, яны, трымаючыся за рукі, кінуліся пад сцяну дэпо. У зацень. Праз запасны ўваход прашмыгнулі ў прыбудоўку, а потым у дэпо, дзе над рамонтнымі ямамі, пабліскваючы, чарнелі паравозы.

Выбух дагнаў іх, калі Андрэй і Галя нырнулі назад у руіны. Чакалі: убачаць агонь, ды яго не было. Толькі ў небе, у тым баку, дзе знаходзілася дэпо, падаючы, згасала хвастатая іскра.

Як было дамоўлена, тут яны павінны былі адразу разысціся — кожны сваёй дарогаю. Але адчуванне акрыленай узрушанасці, любві да ўсяго, што бачылі вочы, затрымала іх.

— Ты прапахла мазутам, славянка! — засмяяўся Андрэй, не здольны стрымаць нахлынуўшую на яго радасць.— Чэснае камсамольскае! Вопратку, мабыць, прыйдзецца спаліць, ха-ха! От узбунтуюцца дома! Цяжка з імі!.. А калі адыдуць, пачнуць шкадаваць, што пахудзелі...

Галя адказала яму згоднай усмешкаю. І хоць твар яе быў відзён невыразна, Андрэй мог паклясціся: на шчоках у яе ямачкі. Гэта расчуліла, замілавала яго канчаткова.

Спыніліся яны ля правалу ў знявечанай сцяне, якая ноччу выглядала высокай, вастраверхай і трымалася толькі цудам. Патыхала струхлелай цэглаю, кіслым, даўкім, чым пахнуць закінутыя руіны. Але ў Галі з-пад сэрца прабілася казытлівая слодыч. Яна агарнула дзяўчыну, прымусіла прыслухацца да сябе. Таму, калі Андрэй знячэўку працягнуў да яе рукі, яна не адступіла, а замерла ў чаканні, не то здзіўляючыся яго жаданню і смеласці, не то падбадзёрваючы яго і выхваляючыся сабою: «Ну, ну!..»

Гэта перадалося Андрэю. З цяжкасцю падняўшы рукі, ён сціснуў Галіны скроні далонямі, асцярожна прыцягнуў яе да сябе і пацалаваў у вусны, як цалуюць ікону або дзіця, якое баяцца разбудзіць. А Галі здалося: на яе абрынулася гарачая хваля... Абпаліла...

Закружыўшы, панесла на сваім грэбені.

Хіба маглі яны тады дапусціць, што праз дзень, абваліўшы пад адхон цягнік за светафорам, ранены Андрэй памрэ ў лапах эсэсманаў, а Галя ў адчаі і горы, помсцячы за яго,— нацяжной мінаю, удзень, на пасажырскім вакзале! — узарве вагон-сталовую, калі гаманлівая салдатня з падышоўшых эшалонаў выстраіцца атрымліваць абед...

 

 

3

У канцы сорак другога года падаў голас падпольны гарком камсамола. Асталяваўся ён у лясной вёсачцы, непадалёк ад Лысай Гары, у адным пераходзе ад Мінска. Устанавіўшы сувязь з групаю «Вырві сэрца!», прыслаў газеты, узрыўчатку, інструкцыю, як падтрымліваць канспірацыю. А калі спатрэбіліся падпольшчыкі, якія вялі б работу ў часцях праціўніка, выклікаў Галю да сябе — несучы страты на фронце, немцы мусілі падчышчаць свае тылы і ахову аэрадрома збіраліся даручыць славакам.

Выслухаўшы заданне, Галя пераканана адказала: «Ну і цудоўна! Па-мойму, мы справімся. Яны ж славяне...» — яна ўспомніла Андрэя. Дый у ёй яшчэ была прышчэпленая бацькам і жыццём вера ў людзей працы. Шчыра недаўмяваючы, як магло здарыцца, што нямецкія рабочыя марудзяць і падпарадкуюцца гітлераўцам, Галя верыла: гэта анамалія, і яна неўзабаве міне. Дык што ўжо было казаць пра славакаў — братоў па крыві! Але калі Галя пайшла назад у горад, калі паднялася на Лысую Гару, з якой адкрыўся сіні прастор — пакрытыя лесам узгоркі, звіліна дарогі ля бліжэйшага з іх, вёска з азяродамі на ягоным схіле... «Ці не так і ў іх там, у Карпатах?» — падумалася ёй, і краявід, вёска, якія маглі быць падобнымі да славацкіх, быццам вярнулі дзяўчыну на зямлю. Падумалася: усё гэта, вядома, у прынцыпе правільна. Правільна наогул... А як будзе з тымі славакамі, што пасяліліся ў казарме на Аэрапортаўскай і, старанна захоўваючы распарадак, трымаюцца абасоблена? Хто яны і па чыёй волі тут?

Але трэба аддаць Галі належнае: яна ўсё-такі пачала з таго, з чаго, хутчэй за ўсё, пачаў бы і бацька, Андрэй — хацелася зрабіць славакам дабро. Уладзіўшыся афіцыянткаю ў аэрапортаўскую сталоўку, адчуваючы на сабе іх увагу,— яда чамусьці абуджае гуллівасць,— Галя ажно пачала шкадаваць смуглявых, як аказалася, вясёлых хлопцаў, гатовых заляцацца да яе. Ахвотней за іншых, яна стала абслугоўваць іх, згадзілася мыць ім бялізну.

Асабліва даспадобы быў Ярак Халупка, начальнік аховы — русавалосы, падцягнуты, з уважлівымі зыркімі вачыма. Маладзейшы па ўзросту за падначаленых, ён не ў прыклад ім трымаў марку і, седзячы кожны раз за адным і тым жа столікам, стараўся размаўляць з Галяй без жадання здабыць яе прыхільнасць.

Дый пытаўся ён звычайна пра дробязі — як называецца па-беларуску хлеб, зямля? Ці разумее Галя слова «неба»? Ці мае ўяўленне аб славацкіх песнях? Галя нагледзелася на ліха-злыбеду, што прынеслі з сабой акупанты. Яе здзіўлялі памеры і жывучасць зла ў іх. Адкуль яно такое? Але і Халупка здаваўся дзіўным — занадта адкрыта наіўным. Праз сваю частую ўсмешку, праз тое, што нявечыў беларускую мову, быў бездапаможны перадаць Галі свае думкі. Аднак сумненняў не было — ён добры.

Гэта стала відавочна, калі аднойчы яго прарвала.

— От здорава, Галю, выходзіць! — расплачваючыся за вымытыя падкаўнерыкі і сарочкі, сказаў ён так, як гавораць пра вынашанае.— Наша ж мінулае — таксама суцэльная барацьба. За што толькі мы не ваявалі. І каб вызваліцца з прынук. І каб быць самімі сабою. Каб гаварыць і маліцца, як хочацца.

— Маліцца? — не ўсміхнулася Галя, разумеючы,— ён абавязкова будзе правяраць гэта.— Там, дзе моляцца, не ваююць.

— А табе нічога не даводзілася чытаць пра табарытаў і брацікаў? Ды, зрэшты, каго я экзаменую!

І хоць выяўлялася: ён ведаў шмат, чаго не ведала яна, з таго разу Халупка ўжо чакаў Галіных слоў — лічыў іх справядлівымі і прадбачлівымі.

Надышла восень — з познімі світаннямі і раннімі змярканнямі. Прырода жыла па сваіх адвечных законах. Але Галі ўжо здавалася: сёлета ўсё адбываецца неяк незвычайна, ва ўсякім выпадку так, як даўно, а можа, і зусім не было.

Па начах сон не ішоў да яе. Глуха ракатала неба, і гэты рокат, як і ўсякі гук і боль, трывожыў мацней, чым удзень. Бударажылі думкі — яна для славакаў ужо не проста Галя, а нехта, за кім вялікая краіна і каму праз гэта адкрыты шляхі-дарогі, скрытыя ад другіх. Гэта адно адбірала спакой, прымушала цягнуцца з апошніх сіл.

У кастрычніку Галя арганізавала ўцёкі першых славакаў. Захапіўшы зброю, пагрузіўшы боепрыпасы на «Татры», яны як праваліліся — былі і не стала. Але мінуў тыдзень, і гарком прыслаў сувязную з нечаканай навіною — за Галяй сочаць, і ёй давядзецца пакінуць горад.

Развітацца з домам! З тым, што яна рабіла і можа зрабіць, наступаючы? З усім, што стала даражэйшым за сябе... З сэрцам, якое кроваточыла, Галя знайшла другую кватэру маці і сястры, папярэдзіла пра небяспеку сяброў і выклікала на яўку Халупку.

Ён прыйшоў, як заўсёды, хвіліна ў хвіліну. Прычыніўшы за сабою дзверы, расправіў пад папругаю гімнасцёрку — шынель павесіў у пярэдняй — і, падышоўшы да Галі, якая стаяла ля старамоднай шафкі, моўчкі са схіленай галавою паціснуў ёй руку.

— Бяда, таварыш Халупка,— без падрыхтоўкі, цікуючы, аднак, як успрыме ён навіну, паведаміла Галя.— Мне прапануюць неадкладна выйсці ў партызанскую зону...

Яна не сумнявалася ў яго рашучасці весці барацьбу да канца.. Не. Але ёй раптам закарцела нешта высветліць. Можа, таму яна і словы «мне» і «неадкладна» вымавіла з націскам.

— Окамжытэ? — звёў ён густыя бровы.— Нам пагражае правал? Ці я не правільна зразумеў, Галю?..

Халупка не аддзяліў яе ад сябе і сваіх салдат!

Што ў гэтым было? Усведамленне: няшчасце з Галяй можа прывесці да агульнага няшчасця? Што Галін лёс — гэта і яго ўласны лёс, лёс яго салдат? А можа, нават, ён наогул сваё змаганне ўжо не мысліць без Галі?

Яна з удзячнасцю паглядзела яму ў вочы і захлынулася ад гордага пачуцця — вочы ў Халупкі ўздрыгнулі, і ён апусціў іх.

— Я слухаю цябе, Галя, і загадзя згодзен з табою. З усім... Мой бацька — мірны настаўнік, і той казаў: ні сіл, ні здольнасцей не пакідай для таію свету. Разумны ён быў, Галю...

Звечара надвор’е сапсавалася, і аэрадром закрылі. На золку ж туман пагусцеў так, што перамяшаўся з хмарамі. Волкая крупчастая шэрань ахутала наваколле, неба. Каб адвесці віну ад падначаленых, якіх выводзіць было позна, Халупка зняў некаторыя пасты і перад канцом каменданцкай гадзіны рушыў з Галяй на лётнае поле.

Навошта Галя настаяла і пайшла з ім? Перш за ўсё для пэўнасці. Дый як было не скарыстаць апошняй магчымасці? Самой! Дый ускласці ўсё на Ярака Халупку значыла — ахвяраваць ім. Загадзя свядома. Да таго ж таварышы перадалі: у Галіным доме ўжо ўсё перавернута, выкрыт і тайнік на агародзе, дзе ляжала зброя з маркаю шкодаўскіх заводаў. Значыць — у СД ведаюць шмат чаго...

«Юнкерсы» стаялі разгорнутым фронтам. У тумане выглядалі зданёва,— у іх нібыта абвіслі крылы, і самі яны адступілі ў туман, як толькі Галя з Халупкам наблізіліся.

Ён узяў на сябе далейшыя, і калі, выхапіўшы з кішэні тэрмітны шар, Галя чырканула ім аб запалкавы карабок, яшчэ крочыў — непаспешлівы, рашучы.

Аднак да аўтамашыны яны падбеглі разам.

— Рыхле! — папрасіў ён, задыхаючыся ад пяшчотнасці.— Хутчэй, Галю! Богам прашу!

Туман за спінаю засвяціўся, зрабіўся бэзавым, і дзіўна стала, чаму навокал яшчэ ціха. Але калі машына, падскочыўшы, рынулася наперад, ззаду разлёгся выбух, і Галя міжволі заплюшчыла павекі, быццам успышка, што недзе парвала туман на шматкі, шуганула перад вачыма.

Насустрач панеслася знаёмая родная вуліца, па-ранішняму пустая і шэранькая. Халупка ўперыўся ў веттравое шкло. Ды Галя ўсё роўна адчувала: другім сваім зрокам ён сочыць за ёй, і яго думкі — усе! — пра яе адну.

Мінулі Галін домік з голай чорнай ліпаю ў садку. Халупка сумна ўсміхнуўся.

— Не жаль?

Занятая сваім, лічачы выбухі, што грымелі за спінаю, яна прамоўчала і толькі адмоўна страсянула кудзеркамі. Аднак ён, як і раней — не адрываючы позірку ад вуліцы, як бы спотайку ўбачыў і гэта. Вочы яго павузелі.

— А мне, Галю, жаль. Як і сваіх смрэк і букаў пад Левачкай... Нам толькі б праскочыць Бетонны мост...

І такі смутак прарваўся ў яго словах, што Галіна сэрца абарвалася. Прыйшла здагадка: Халупка і дасюль, калі гаварыў пра сваю радзіму, калі прызнаваўся ў адданасці ёй, трошачкі меў на ўвазе і яе, Галю.

Любасць ударыла ў Галіны грудзі. Ёй захацелася ехаць і ехаць з Халупкам, нечым аддзячыць яму, неяк супакоіць яго — расчуленага і ўтрапёнага. Падхопленая парываннем, яна паклала далонь на руку, якой ён учэпіста трымаў абаранак, і пагладзіла яе. Зноў з небывалай радасцю ўбачыла, як на сківіцах у яго напружыліся жаўлакі і зусім павузелі вочы. Пры скупым святле загарэлыя твары — шэрыя. А тут яшчэ ў дадатак Халупка пабляднеў. Але і гэта прынесла радасць — бледнасць рабіла яго прасцейшым, сваім. Небяспека ж, якая вісела над імі, пасля поспеху адно абвастрыла хвіліну.

Наперадзе ў тумане паказаўся Бетонны мост — гарбаты, нібы аблыселы. А потым — нібы заштрыхаваныя,— у касках постаці, якія заступілі яго праезджую частку.

Халупка адкінуўся на спінку сядзення, націснуў на тармазы і з ходу развярнуў машыну. Яна завішчала і, ледзь не ўз’ехаўшы на драўляны тратуар, спынілася. І ў гэтую хвіліну туман прашыла чарга. Некаторыя кулі былі бранябойна-запальныя, і здалося: пацеркі-светлячкі панесліся прама ў вочы. Машына тузанулася, асела на бок.

— Усё! — выдыхнуў Халупка і, шукаючы яе позірк, патрабавальна паляпаў пальцам па сваёй тугой, старанна паголенай шчацэ.— Нех са пачы. Калі ласка...

Галя не зразумела яго. Але калі сэнс Халупкавага жэсту дайшоў да яе, рашуча закруціла галавою.

— Не, Ярак! Не! Адна я нікуды не пайду!

Яму ўсё-такі ўдалося павярнуць машыну багажнікам да моста.

— Табе яшчэ трэба паклапаціцца пра паследніх!— крыкнуў ён і зноў падставіў шчаку.

Каб не гэта яго настойлівая — наіўная і адчайная — просьба, Галя наўрад ці паслухалася б. Але тут нешта затрымцела ў яе грудзях. Яна ўсхліпнула, абхапіла яго шыю і прыпала губамі да тугой Халупкавай шчакі.

Скамянелы, ён усё ж праз момант адхіліў яе. Выскачыў з машыны. Выхапіўшы з кабуры пісталет, пачаў адстрэльвацца.