epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Карпаў

У снежным палоне

 

Ісай перакатнуў жаўлакамі. Адкінуўшы ад сябе газету, стукнуў літым кулаком па падаконніку і азірнуўся — не хацелася, каб хто бачыў яго зараз.

Тыя, што вызначалі псіхалагічную вайну ў немцаў, вялі сваё: упарта афішыравалі планы знішчэння Масквы — хавалі яе на дне штучна створанага мора, гразіліся перамяшаць з зямлёю ўсё, што ўнутры Маскоўскага чыгуначнага кальца. І ніякіх капітуляцый, ніякіх! Нават безагаворачных!..

З акна віднелася вузкая вуліца. І калі б Ісай глядзеў на яе не адсюль, а з мезаніна, то, мусіць, бачыў бы толькі сцёкавую канаву, вышчарблены гарбаты тратуар ды дом насупраць. Нядаўна выпала пароша. Брук, тратуар і дах дома роўна ўкрыў снег. У акно лілося белае святло, і ў ім аброслы цёмнай шчэццю Ісаеў твар выглядаў азызлым.

Па ціхім парыпванні маснічын Ісай здагадаўся: ідзе Ляля — дачка гаспадыні, зіркатая, з петлямі косак ля вушэй, дзяўчынка-падлетак. Наіўная да таго, што пры сустрэчы кожны раз чакае ад Ісая незвычайных адкрыццяў і злуе яго гэтым чаканнем.

— Вы ўсё думаеце, Славік? — здзіўлена спыталася яна, папраўляючы на стале самаробную скацерку. — І ўначы не спалі. Я чула праз сцяну. Калі стане лягчэй, Славік?

— У вайну заўсёды знойдуцца клопаты. Лягчэй будзе, калі будзе лягчэй, — адказаў ён, падумаўшы — пад Масквой снегу яшчэ болей і сумёты там цяжкія, з грэбнямі.

У сцёкавай канаве хлопчык з заматанай шалікам шыяй, у шапцы, што налазіла на вочы, каціў камяк снегу — пакоціць, пакоціць, спыніцца, паправіць шапку, пахукае на рукі і коціць далей. Па тратуары пратэпала бабулька з дзяўчынкаю, захутанай у пуховую хустку, — людзям холад здаваўся яшчэ большым, чым быў. Паказаўся мужчына ў дэмісезонным паліто і фетравым капелюшы. Ён ішоў як супроць ветру — адным плячом уперад, клапатліва прытрымліваючы настаўлены каўнер ля горла.

— Ідзі адамкні інтэлігенту, — папрасіў Ісай дзяўчынку.

Тая ўсміхнулася, як бы ўступаючы з ім у змову, маргнула ў знак згоды і падалася з пакоя.

Валодзя Амельянюк, несучы ў руках паліто і капялюш, пераступіў парог з выстаўленай перад сабою бародкаю. Шпурнуў паліто і капялюш на канапу.

— Слава! — выдыхнуў расслаблена. — Спынілі! — І рады, што Ісай бляднее да слёз, аберуч схапіў яго руку. — Кацілі, ехалі... Спыняліся, каб пакупацца!.. І ведаеш, дзе яны паспрабавалі вярнуць удачу? На нашай — Мінск — Масква...

— Здорава ты навучыўся пераўвасабляцца, — прамовіў Ісай, не могучы яшчэ гаварыць пра навіну.

— Пад чэхаўскага Тузенбаха стараемся... — не здаўся Амельянюк, ведаючы аднак: у яго знойдзена новая слабінка. — Мы з Жукам слухалі... Страціўшы палову танкаў, яны ноччу адступілі да Галіцына!

— Та-ак... — усё яшчэ астаючыся бледным, сказаў Ісай. — А валоссе каму-небудзь з нас прыйдзецца пагаліць. І тут трафарэт, Тузенбах. Але гэта між іншым. Цяпер між іншым!..

У свядомасці яго мільганула Падмаскоўе — бярозавыя гаі, пералескі ў снягах, узгоркаватае поле, рассечанае магістраллю, — мёртвае, сіняе, ахіненае начнымі змрокамі, за якімі супроцьтанкавыя равы, надаўбы, Масква. Змрокі дрыжаць, узрываюцца, і тады сіняе робіцца аранжавым. А разам з гэтым, таму што ўявіліся сполахі святла, перад вачыма паўстаў бацька, яго прадсмяротная хвіліна — вятрак у далечыні, адзінокая груша-дзічка сярод жытнёвага разліву і задыханы бацька, прыціснуты да яе конскімі храпамі і бляскам белабандыцкіх клінкоў. Успомнілася, што і ў сям’і Амельянюкоў жалоба — яшчэ ў першыя дні вайны пад бомбамі загінулі ўнукі і дачка.

«Цяпер запрацуе дынамамашына! — пасур’ёзнеў Валодзя, амаль здагадваючыся, куды скіраваліся думкі Ісая. — Ды хто ведае, ці паважалі б яго так, каб ён быў інакшы...»

— Збіраем дадпартком! — напраўду не сказаў, а вырак Ісай, запускаючы растапыраную пяцярню ў густую шавялюру. — І збіраемся зноў у цябе! Маці ўсё плача? Не сарвецца? Ці гэта не датычыць справы?

— Уявім, што не... Я падрыхтую зводкі. Трэба падварушыць чыгуначнікаў. У іх на станцыі стоўпатварэнне цэлае...

Ісай прыйшоў на Камароўку да Амельянюкоў першы.

— Вітаю вас, нэнька, — нізка пакланіўся гаспадыні, якая сустрэла яго ў пярэдняй.

Выплаканыя вочы ў той падабрэлі.

— Я таксама рада цябе бачыць, — праспявала яна, чакаючы, каб узяць і самой павесіць Ісаева паліто, шалік, шапку. — Ты сёння як імяніннік, Слава. Адпрасаваўся, пад гальштукам.— І заківала галавою ў вянку важкіх кос.

Ён абняў яе за плечы.

— Назавіце мне, нэнька, слова, у якім чатыры «ы». Не ведаеце? Ымыныннык.

— А ну цябе...

Стол у сталовай нібыта чакаў гасцей.

— Няўжо захавалі з таго разу? — Ведаючы — гэта будзе ёй прыемна, здзівіўся Ісай.

Амельянючыха паружавела.

— Вялікая гэта рэч, нэнька, — прадбачлівасць. — І падумаў: ёсць страшэнна крыўднае ў тым, калі дзеці паміраюць раней бацькоў. Але, здаецца, Амельянюкі пакрысе перамагаюць сваё сямейнае ліха. А яшчэ нядаўна, на самоце, успомніўшы пра бяду, Амельянючыха траціла розум і таптала ўсё, што было пад нагамі, — палавічкі, траву, снег.

Зайшоў прыгорблены Сцяпан Заяц. Павітаўшыся, патрымаў у вузлаватай руцэ старанна закаркаваныя пляшкі з гарэлкаю — адну, другую, і накіраваўся да кафельнай грубкі. І, ірвануўшы дзверы, быццам нехта мог трымаць іх, увайшоў Георгій Сямёнаў — Жук. Казырнуўшы не то па-піянерску, не то па-ваеннаму, папрамаваў да Ісая.

— Во снег! Навіны якія, ці што?

— Ёсць і навіны... — глухаватым голасам адказаў Ісай, стараючыся настроіцца на новы лад.

— А-а, — пстрыкнуў Жук пальцамі, акругліў светлыя гарэзлівыя вочы і, як бы прыслухоўваючыся да пстрычкі, павярнуў у паўпаварот галаву да Зайца — чакаў слоў і ад яго. Але той толькі шчыльней прытуліўся спіною да цёплай грубкі.

Спаважна і спакойна, нібыта да сябе, увайшоў Грыгор’еў — «Катай», як ён называў сябе яшчэ ў гады грамадзянскай вайны. За ім — Валодзя з мажным, шыракаплечым бацькам, побач з якім выглядаў падлеткам. Раздаў аддрукаваныя на машынцы зводкі.

— Можна пабыць з вамі? — спытаўся Амельянюк-старэйшы, гледзячы на Зайца, з якім сябраваў.

Усе згрудзіліся ля стала, затым расселіся, праглядаючы зводку.

— Я, таварышы, хачу паставіць два пытанні, — счакаўшы, сказаў Ісай, бляднеючы, як і тады, ля акна: — Чым мы адкажам на апошнія падзеі? У прыватнасці на тое, калі Чырвоная Армія наблізіцца зусім. І яшчэ — ці не варта змяніць нам саму назву «дадпартком»? У горадзе, гэта ясна ўжо, другога камітэта няма. Кіраваць жа паўстаннем або нечым накшталт гэтага павінен найаўтарытэтнейшы орган.

— Паўстаннем? — хутчэй задуменна, чым здзіўлена перапытаў Заяц.

На хвіліну стала чуваць, як парыпвае снег пад нагамі дазорцы, які хадзіў па двары.

— Ты думаеш, яно магчыма, наспела? — зноў пацікавіўся Заяц.

Як заўсёды, палічыўшы патрэбным падтрымаць ісціну, падняў руку Жук і, рыхтуючыся гаварыць, паправіў прабор на галаве.

— Планы немцаў сарваны! — кінуў з націскам. — Значыць, бліц-крыг адмяняецца.

— От іменна, — павярнуўся да яго Ісай, аднак жэстам папрасіў, каб Жук даў яму прадаўжаць. — На такое можна адказаць толькі самым вялікім, на што здатны. Дый мы ў даўгу, таварышы!..

— А сілы? — аддаючы назад Валодзю зводку, трэці раз коратка спытаўся Заяц.

— У нашым распараджэнні — арганізацыя, Сцяпан Іванавіч.

— Згодзен. А ці не падставім мы яе пад удар? Хто ведае, колькі прыйдзецца чакаць.

— Мужнасць гэта, можа, і ёсць, калі чалавек перастае думаць пра сябе, — як бы ў самазабыцці заўсміхаўся Валодзя.

— Не! Мужнасць — гэта, калі чалавек рашае сцвердзіць сваё, — не згадзіўся і з ім Ісай. — Што ж датычыць паўстання, яго можна рыхтаваць паралельна.

— Ну, калі філасофстваваць, — чуць запознена заўважыў Катай, — дык іншы раз большай мужнасцю будзе адмовіцца ад рызыкі, чым ісці на яе...

Дні пабеглі шпарчэй.

Ісай і дасюль не дужа заўважаў, які ідзе час. Хіба толькі ў найбольш горкія хвіліны — калі здалі Бранск, потым — Калінін, Калугу... Калі немцы выйшлі на бераг Маскоўскага канала, уварваліся на паўднёвую ўскраіну Кашыры! Але і тады, камянеючы, верыў: горшага не здарыцца — адступаючы, Чырвоная Армія перамолвае варожую сілу.

Выпрабаванні абуджаюць энергію. Дый усё Ісаева жыццё было поўна іх. Безбацьковіч, дзетдомавец, які добра ведаў цану запрацаванага хлеба, ён некалі летам і ўвосень спаў пад адкрытым небам — у дождж, у непагадзь, усё роўна. Быццам ведаючы — наперадзе можа сустрэцца рознае, узімку абціраўся ледзяной вадою, снегам, утрапёна сек дровы, займаўся самба. Сачыў, каб не было няспраўджаных слоў. Працуючы ў Горкім, у Сормаве, упарта ўбіраў у сябе спружыністую цягавітасць валжан-рабочых.

Вайна застала яго ў Беластоку — галоўным інжынерам і сакратаром партарганізацыі нафтазбыту. Выконваючы наказ таварышаў-камуністаў: «Твой клопат, сакратар, — людзі, даганяй сем’і, памажы ім прыстроіцца ў Мінску, а мы тут самі дамо рады складам...» — паехаў у Мінск. І хоць пасля ліхіх прыгод трапіў у паланёны разбураны горад амаль абязножаны, адразу ўзяўся з «Катаем», таксама «нафтавіком», ствараць падпольную групу, навокал якой неўзабаве аб’ядналіся астатнія.

Да Ісая пайшлі з сумненнямі, па раду, зброю, па адрасы кватэр, куды тайнымі сцежкамі прабіраліся пасланцы з партызанскага лесу.

Цяпер да гэтага прыбавіліся новыя клопаты. Не зводзячы вачэй ночы навылёт, ён засеў з Жукам за планы і часам нават палохаў яго.

— Ты помніш? — смяяўся, выціраючы пад вачыма слёзы. — «У пачатку было слова». Здорава прыдумана, Жучок! З прыцэлам.

— А? Ты пра што? — думаючы — Ісай бавіцца, нездаволена пытаўся Жук, якому бракавала гумару, і падсоўваў спісаныя лісткі, каб Ісай не адыходзіў ад стала. — Тут аб’екты, сакратар. Камендатура, казармы, вузлы сувязі...

— Не будзь занадта лейтэнантам, — зусім весялеў Ісай, кіруючыся ў дальні куток пакоя. — Я сур’ёзна. У «Прарыве» працуе надзейны чалавек і ёсць рускі шрыфт у сутарэнні.

— Выведаў ужо? — аглядаючы яго атлетычную фігуру, лагаднеў Жук. І думаў: «Адкуль у яго такое? Ад бацькі? Ад старэйшых паплечнікаў? А мо беластоцкіх сяброў, якія мелі вопыт барацьбы з дэфензівай?..»

Гэта было ў суботу. А ў нядзелю на канспіратыўнай кватэры, з якой віднелася Свіслач і руіны камяніц на прырэчным схіле, Ісай паціскаў ужо руку былому капітану — худому вузкатвараму акружэнцу, які, каб легалізавацца, уладзіўся ў нямецкую друкарню. Капітан насіў цяпер доўгае ўкраінскае прозвішча, быў у цывільным і падкупляў суровасцю, насцярожаным, ледзь не варожым позіркам.

Сярдзітая рашучасць у людзях радавала Ісая. На Савецкую вуліцу ён выйшаў тады ў гуморы. Хораша думалася аб Падапрыгары, аб Жуку. Аднак, падняўшыся да Тэатральнага сквера, нібыта на нешта напароўся: па бруку сунулася шэрая, марудная калона, канец якой хаваўся за павароткаю вуліцы.

Гналі ваеннапалонных.

З захутанымі чым папала галовамі, у рыззі, парваных шынялях, у атопках, рудых ботах, перавязаных матузкамі, палонныя ледзь перасоўвалі ногі, пакідаючы пасля сябе даўгія сляды ў брудным снежным месіве.

«З таварнай!.. Глыбей у тыл...» — падумаў Ісай, удыхаючы кіслы смурод, што пабіваў пах свежага снегу, і, каб не стаяць, прымусіў сябе пайсці насустрач. Аднак, калі з ім параўняўся высокі, з забінтаванай галавою палонны і, зіркнуўшы адзіным, нейкім шалёным вокам, крыкнуў: «Глядзіш, чыстая сволач? Глядзі, глядзі... тваю маць!» — Ісай звярнуў у руіны і па цаліку дабраўся да сцежкі. І як ні быў падрыхтаваны да падобных відовішчаў, трапіўшы ў разбураную каробку, дзе смярдзела мачою і струхнелай цэглаю, спыніўся, упёрся лбом у заінелую сцяну. Па нейкай сувязі ўспомніў жонку, дзяцей, пра чый лёс так нічога і не ўведаў.

— Ы-ых! — пракляў некага.

Дома яго чакала новая бяда. Ісай адчуў яе яшчэ на вуліцы, калі згледзеў насупроць грузавік, які, каб маглі праязджаць другія, скасабочана стаяў, успёршыся адной парай колаў на тратуар. Ісай прайшоў быў міма, але на ганак выбегла гаспадыня. Прыкрываючы далоняй шчаку, жэстам пазвала да сябе.

— У нас оргтодавец, Славік!.. — ледзь паварушыла непаслухмянымі вуснамі. — Вернецца бацька... Вернецца ж, быць не можа, ён таксама аддзячыць... Зойдзем, Славік!...

Ружовашчокі, у гадах немец з акуратна пастрыжанымі вусікамі сядзеў ля стала, на якім ляжалі хлеб, каўбаса, выпатрашаны рыжы варсісты ранец, і нешта смачна жаваў. На канапе, сціснуўшы плечы і бязвольна паклаўшы рукі на калені, горбілася Ляля.

— Слава! — ірванулася яна, калі Ісай пераступіў парог.

Немец шырэй раскінуў ногі, упяў у Ісая падзічэлыя вочы. З цяжкасцю, ажно давялося ўнурыцца, пракаўтнуў, што было ў роце. Ды бачачы — той вядзе дзяўчынку назад на канапу, скрывіўся. Паглядаючы то на Ісая з Ляляй, то на свае прысмакі-спакусы, узяўся соваць іх назад у ранец. Але, калі апрануў шынель і нацягнуў пілотку, неспадзеўкі, зноў шалеючы, выскаліўся:

— Швайн!..

Калі дзверы за ім зачыніліся, Лялю затрэсла.

— Холадна, Слава, — паскардзілася яна, прыпадаючы грудзьмі да яго. — У нас дома, пэўна, халадней, чым на вуліцы.

— Тады, — пажартаваў ён, — давай адчынім фортачку. — І сумеўся: старанна прычасаная, з налушчаным на лоб чубком, дзяўчына па-даросламу глядзела на яго і, здаецца, нечага чакала. Калі ж ён асцярожна адхіліў яе, ускінула галаву. Чуццём, што невядома адкуль узялося, угадала: яна збянтэжыла Ісая. Вільнуўшы плячыма, прыняла самавітую паставу.

Ісай знарок, як малую, пагладзіў яе па галаве і голасна паклікаў гаспадыню.

Сваякоў, да якіх можна было б адправіць Лялю, гаспадыня ў горадзе не мела, і, параіўшы, каб на ліхі выпадак дзяўчынка хавалася ў мезаніне, сам Ісай усё-такі пакінуў домік, у якім і з якога пачыналася яго дзейнасць у гэтым разбураным і цяпер такім блізкім горадзе.

Падзеі на фронце ўзялі ўсю яго ўвагу. Пасля чорных дзён адступлення здаваліся не першымі ластаўкамі, а самой вясною. І хацелася адкрыта вітаць яе, аддаць ёй душу.

Стрымліваючы сябе, Ісай прыспешваў другіх. Калі было цяжка, думаў пра кастрычніцкі парад. І ніколі так яскрава не ўяўляў яго сабе. Бы на экране бачыў заснежаную Красную плошчу, калоны пяхоты, танкаў, якія рухаюцца па ёй, заснежаны Маўзалей. Сыпле сняжок. Але не падае на брусчатку, а падхоплены ветрам ляціць у канец плошчы да Васіля Блажэннага, Масквы-ракі, куды рухаюцца калоны, якія кіруюцца проста на фронт...

Ісай не быў ні мастаком, ні паэтам, але ён прагнуў умяшацца ў падзеі, і гэта памагала яму ўявіць усё як карціну. А мо будучы натурай страснай, апантанай ідэяй барацьбы, ён станавіўся і паэтам і мастаком — талент звычайна мае некалькі граней.

Гэтым разам Жук прыйшоў у яго новае жыллё — вузенькую аклееную старымі шпалерамі бакоўку, дзе стаялі столік, табурэтка і жалезны, як бальнічны, ложак, — заклапочаны. Адкінуўшы рог коўдры, прасціну, вяла апусціўся на ложак. Ды свавольныя вочы паблісквалі, і гэта выдавала яго.

— Давай выкладвай, — цярпліва сказаў Ісай, ведаючы, у Жука апошнім часам, мусіць ад прыліву сіл, з'явілася прывычка разыгрываць субяседнікаў.

— Нашы вызвалілі Калінін, сакратар! — паслухмяна сказаў Жук, бачачы — гульня яго разгадана. — Акружаюць, чляняць і знішчаюць. Значыць, гнаць будуць доўга. І плюс снег. Валіць валам. З ім аж гуляць хочацца.

Насуперак прынятым для сябе правілам, ён аблапіў Ісая і наважыў падняць.

— Пачакай, — расшчапіў яго рукі Ісай і сціснуў іх; у Жука падагнуліся калені. — Давай па парадку. І самым падрабязным чынам пра лагеры і чыгунку. Ты ведаеш, што мне здаецца?..

Жук яшчэ расказваў — камплектаванне штурмавых груп ідзе гладка, Валодзя засеў пісаць лістоўку аб баях пад Масквой, — а Ісай ужо мераў бакоўку і, кусаючы губы, хмыкаў сабе пад нос.

Сустрэча з калонаю ваеннапалонных узбурыла яго думкі. Стараючыся навярстаць упушчанае, гарком абавязаў «кюнстмалераў» рыхтаваць патрэбныя дакументы. Даручыў падпольшчыцам-жанчынам збіраць і шыць цёплае адзенне... І калі ў шталангі перапраўлялася першая партыя зброі і боепрыпасаў, Ісай у тую ноч доўга сядзеў за сталом, падпёршы далоняй лоб. За акном стыла марозная зорная сінь, патрэсквала ліпа, што чарнела ля ганка ў снежным палоне, а ён усё думаў і думаў.

Апоўначы, не могучы спаць, выбраўся на двор. Грузнучы па костачкі — гаспадыня не паспела расчысціць сцежку, — прайшоў да варот. Прыслухаўся. Ні гуку. Узяўся быў за брамку, але яна завішчала так, што аддалося ўвушшу. Павярнуўшыся і адышоўшы ад яе, Ісай утаропіўся ў высокае мігатлівае неба. Прасачыў за імглістым Млечным Шляхам, што перасякаў яго з краю ў край. Ва ўяўленні прайшла карціна: уезджаная дарога з бязладна кінутымі грузавікамі-фурамі, з угрузлымі ў снег па верхнюю перакладзіну крыжамі і прыпарошанымі трупамі ў шынялях, у пілотках, нацягнутых на вушы...

Але раптам, пашкуматаўшы, іх засланіў выбух — там, дзе была таварная станцыя, — грымнула. У марозным паветры выбух разлёгся з прысвістам. Але тут жа абарваўся — навакольная цішыня быццам рынулася туды і прыглушыла яго. Толькі неба ў тым баку пасвятлела.

«Дэпоўцы», — з удзячнасцю падумаў Ісай і рубам далоні, як бы нешта перакрэсліваючы, рассек паветра:

— Усё! Тут, Ісай, перавал...

Вярнуўшыся ў дом, ён запаліў газнічку, знайшоў паперу, ручку і ўзяўся пісаць прысягу паўстанца. Думкі прыходзілі наплывамі, і ён працаваў да світання — пакуль сон не зваліў яго.

Калі Ісай сказаў Жуку пра сваё рашэнне наведаць лагер ля парку Чалюскінцаў і самому паглядзець, што за людзі вяршаць там справу, у Жука адвісла сківіца.

— Гэта немагчыма, сакратар! — пакрыўдзіўся ён. — Я супроць.

— Чаму? — ускіпеў Ісай. — Я не яснавідзец. Мне трэба самому бачыць, каб далажыць астатнім.

— Усё роўна! Раней туды хоць можна было перадаць пляшку вады, бульбіну. А цяпер і дзяцей блізка не падпускаюць. Нашы пранікаюць толькі з бедалагамі, якіх ганяюць на расчыстку вуліц. Чужыя слабасці ты добра прыкмячаеш. Паглядзі на сябе!

Ісай прайшоўся сюды-туды, мімаходзь зірнуў у туманнае люстра з жоўтымі падцёкамі, што вісела на сцяне супроць ложка.

— Але, габарыты не тыя. Аднак ланцужок, па якім перапраўлялі зброю, дзейнічае?

Спрачаючыся, ён усё ж адступіў — згадзіўся, каб сустрэча адбылася не ў лагеры. Штодзень ад голаду, хвароб там паміраюць дзесяткі палонных, і спецыяльныя абозы вывозяць іх у парк, дзе капаюць магілы-равы. Значыць, можна зрабіць, каб сярод далакопаў у прызначаны дзень былі патрэбныя людзі...

Уражанне, што вынес ад сустрэчы Ісай, было цяжкае, ён убачыў: у палоне людзі трацяць многія якасці. Праўда, камандзір тамашняй групы — худы як трэска, скуласты — спадабаўся Ісаю злой знаёмай рашучасцю, гатоўнасцю выканаць любы загад. Добрае ўражанне пакінуў і камісар — спакойны, разважлівы, хоць крыху марудны ў словах і рухах. А вось начальнік штаба не спадабаўся. І не таму, што быў нечаканым, — тым самым палонным, які кінуў Ісаю зняважлівыя словы з калоны на Савецкай, а сваім імкненнем усё ведаць, патрабаваннем хуткіх, крутых захадаў. Ён спяшаўся засведчыць: «Я бядовы!» — і наўмысна распальваў сябе. Замяніўшы памёршага маёра, заняў сваю пасаду дні два назад, але стараўся пра ўсё выказаць думку. І, пазіраючы адзіным, вельмі рухавым вокам то на сагнутую дугой рабіну, верхавіну якой прысыпаў снег, то на Ісая, дамагаўся, каб ён ухваляў яго словы... Вырысаваліся і небяспекі.

У той жа час больш ёмістым зрабілася само разуменне мэты. Бачачы, як між соснаў цягнецца абоз з трупамі, Ісай раптам зразумеў: паўстанне, апрача ўсяго, дасць другое жыццё лагерным вязням! І тым, каму суджана было памерці, і тым, хто, сёе-тое страціўшы, астаўся жывы, і тым, каму наканавана будзе загінуць у баі. Нават аднавокаму! І гэта стала страшэнна важным.

Выклікаўшы на явачную кватэру Жука з Амельянюком, Ісай запатрабаваў пераправерыць камандна-палітычны састаў лагерных груп, звесці ячэйкі ва ўзводы і застрахаваць такім чынам тройкі яшчэ адным звяном ад правалу.

— Лістоўкі, зброя, перавязачныя матэрыялы, разведка, — загінаў ён учэпістыя пальцы. — Строгая функцыянальнасць. І ніякіх гарызантальных сувязей. Праўда тут на баку Зайца, Катая. І помніць, помніць: паўстанне патрэбна ўсім!

— Ты забыўся пра хлеб, — падказаў Валодзя Амельянюк, хоць і ведаў: захоплены сваім, Ісай не любіць, калі яго перапыняюць.

Але той нечакана засмяяўся.

— Вядома, і хлеб! Добра б папрасіць Зайца: няхай скарыстае даваенныя сувязі. Загадчыку земаддзела не пазычаць знаёмых у вёсках... Памром, а зробім!

Ён згроб таварышаў абедзвюма рукамі і, збялеўшы да слёз, прыціснуў да сябе.

— Падкажы, Валадзей, як там у Пушкіна... «Благословенен наш союз!» Так, здаецца?

«Глядзі ты, — па звычцы, што ўкаранялася ў ім, адзначыў сабе Амельянюк, якога кранула Ісаева натхнёнасць. — Гэта навіна ўжо. Давай, давай!..»

Праз некалькі дзён Сцяпан Заяц сапраўды арганізаваў дастаўку прадуктаў з вёсак — памаглі колішнія брыгадзіры і старшыні.

Жук з Ісаем якраз сядзелі на ложку і абмяркоўвалі, ці не варта прыхаваць частку здабытай бульбы і мяса, як у дзверы пастукалі і на парозе з’явілася Ляліна маці.

— Ці не смакату, цётка, пачулі? — робячыся строгім, непрыхільна спытаўся ў яе Жук, але, убачыўшы нейкі размыты, у слязах твар, запытальна ўзняў бровы.

— Ратуйце, таварышы, дачушку! — чужым, зрывістым голасам выгукнула яна і, укленчыўшы, з працягнутымі рукамі папаўзла да Ісая. — Лялечка на цябе моліцца, Славік! А тыя гэтым разам на ўсё могуць пайсці!.. Ты пакажыся толькі...

— Устаньце! — усхапіўшыся, адступіў ад яе Ісай.

Спалохаўшыся яго магчымага гневу, жанчына апусціла рукі, абаперлася адной на падлогу і пачала ўставаць. Ісай памог ёй падняцца.

— Я пайшоў, Жучок! — сказаў хутчэй з просьбаю, чымся рашуча.

— Стой! Куды? — разгубіўся Жук. — Я буду скардзіцца Зайцу! Валодзю!

— Ну што ж, давай.

— І вы таксама!.. — ступіў Жук да беднай жанчыны. — Вы хоць бы ў Амельянючыхі павучыліся. Падумалі б, на што яго штурхаеце. Спыніце зараз жа! Бо, калі што здарыцца, я не дарую, цётка!

Аднак утрапёная плынь ужо несла Ісая.

Праўда, галава ў яго стала нават яснейшая. Нядаўна выпаў снег, усё выглядала пранозліва чыстым, і такімі ж былі ягоныя думкі. Паўтаралася хіба адна: «Каб толькі не спазніцца!» Ён ведаў: Жук паважае яго, але праз гэту адданую павагу чамусьці лічыць — яго трэба апекаваць, як малога, і таму ён абавязкова следуе ззаду, хоць і кіпіць, паціскае плячом. Аднак і гэта не бянтэжыла Ісая — «Нічога, зразумее. Нельга быць недзе адным, а тут — іншым!»

Супроць доміка, успёршыся на тратуар, стаялі два грузавікі.

У пакоі, дзе некалі ён жыў, Ісая чакала агідная карціна. На крэсле, пастаўленым бокам, абапіраючыся спінаю на стол, сядзеў знаёмы немец і, задраўшы галаву, цягнуў нешта з флягі. На канапе валялася непрытомная Ляля. Над ёю, нібы разглядаючы яе, навіс шыракаплечы, з сытым каркам другі оргтодавец.

Не даючы ім ачуцца, Ісай рынуўся да бліжэйшага — другога. Наводмаш, з усяе сілы ўдарыў рубам далоні наўскасяк пад вуха і, калі оргтодавец, падаючы, павярнуўся да яго, гваздануў у пераноссе. Гэта адбылося імгненна, аднак першы паспеў усхапіцца. Ён бачыў удары Ісая і таму пабег да дзвярэй, прыкрываючы патыліцу рукамі. Але ў дзвярах стаяў Жук. Немец спыніўся і, баючыся азірнуцца, уцягнуў голаў у плечы...

Адправіўшы гаспадыню з дзяўчынкаю да сваіх знаёмых на Грушаўскі пасёлак, растлумачыўшы, як лепш прабрацца туды, Ісай стомлена апусціўся на канапу. З тужлівай палёгкаю падумаў: у грузавіках, пэўна, знойдуцца каністры, бензін, і трэба зрабіць так, каб у доміку загарэлася не адразу, але потым забушавала ваўсю. Ветравое шкло ў чортавых фургонах, безумоўна, заляпіла снегам, а невядома, як там уключаюцца дворнікі, і прыйдзецца загадзя спытаць у Жука. Што ж датычыць саміх аўтамашын, іх лепш за ўсё адагнаць у руіны Замкавай вуліцы, дзе няма ўцалелых жылых дамоў. І яшчэ думалася, але ўжо не так, як думаецца, калі нечага шукаеш, а калі, астываючы, азіраешся наўкол: заўтра прыйдзецца даваць тлумачэнні Зайцу, Амельянюку. «Усыплюць, — даверліва думаў Ісай. — Усыплюць... Але што там у зводцы?.. Ці не варта будзе склікаць гарком?..»

А тым часам за вокнамі, нібы па заказу, каторы ўжо раз за дзень, сыпануў снег — густы, споры, і ў пакоі стала як прыцемкам.

1973


1973?

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпаў Ул. Збор твораў. У 5-ці т. Т. 4. Сотая маладосць: Раман. Чацвёртая кніга з цыкла “На перавале стагоддзя”; Апавяданні. – Мінск, Мастацкая літаратура, 1985. – 439 с.
Крыніца: скан