epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Карпаў

Вясеннія ліўні

Кніга першая. Подых вятроў
  Частка першая
    РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
      1
      2
      3
      4
      5
    РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
      1
      2
      3
      4
      5
      6
    РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
      1
      2
      3
      4
      5
    РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
      1
      2
      3
      4
    РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
      1
      2
      3
      4
      5
    РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
      1
      2
      3
      4
      5
  Частка другая
    РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
      1
      2
      3
      4
      5
      6
    РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
      1
      2
      3
      4
      5
    РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
      1
      2
      3
      4
      5
      6
    РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
      1
      2
      3
      4
      5
      6
    РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
      1
      2
      3
      4
      5
      6
Кніга другая. Блаславёныя хмары
  Частка трэцяя
    РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
      1
      2
      3
      4
    РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
      1
      2
      3
      4
      5
      6
    РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
      1
      2
      3
      4
      5
    РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
      1
      2
      3
      4
      5
    РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
      1
      2
      3
      4
      5
  Частка чацвёртая
    РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
      1
      2
      3
      4
    РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
      1
      2
      3
      4
      5
    РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
      1
      2
      3
      4
      5
    РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
      1
      2
      3
      4
      5
      6
    РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
      1
      2
      3
      4
      5
    РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
      1
      2
      3
      4


 

 

Кніга першая. Подых вятроў

 

 

Частка першая

 

РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ

 

1

Спёка была лясная — з ценем, з пахам прэлай зямлі, жывіцы і нагрэтага лісця. Зялёная раскоша ляніва замерла. Толькі парою нечакана прарываўся подых недалёкай вады. Ён прыносіў свежасць і свае пахі — мокрага жвіру, водарасцяў.

— Ты помніш, Вяруся, Адэсу? Люсдорф? — спакваля пачаў Сасноўскі і гайдануўся ў крэсле-качалцы. Але было добра, і ён астаўся паўляжаць.

— А што? — азвалася Вера, да якой няясна даходзіла, аб чым пытаецца муж.

Яна стаяла ля куста ядлоўцу, нервова абрывала з яго ігліцу і глядзела на дарогу. У белай шыфонавай кофтачцы і пышнай, пашытай для дачы, паркалёвай сіняй спадніцы ў буйныя чырвоныя цюльпаны Вера здавалася маладой, зграбнай, нават чуць незнаёмай.

Гэта расчуліла Сасноўскага. Ён усміхнуўся сам сабе і, перамагаючы млявасць, устаў.

— Я пра Люсдорф,— паўтарыў ён, падыходзячы да жонкі.— Памятаеш, за вінаграднікамі — абрыў, пясчаная водмель і мора. А з другога боку такі ж неабсяжны стэп. Мора і стэп!

— Ну і што? — зноў спыталася яна, беручы ў зубы ядлоўцавую іголку.

— Помніш, як перамешваліся там пахі — салёныя павевы мора і сухі водар стэпу?

— Не разумею, пры чым гэта зараз.

— У нас тут амаль гэткая ж дабрыня. Толькі і адпачываеш тут... Ды не хвалюйся, калі ласка. Клянуся, усё будзе добра.

— Як ты можаш быць спакойным і думаць пра іншае?!

Сасноўскі абняў яе, і яны выйшлі на дарогу. Прыслухоўваючыся, пастаялі крыху і моўчкі падаліся да прасвету паміж дрэў.

На пясчаным беразе зноў прыпыніліся.

— Нам здорава пашанцавала,— загаварыў Сасноўскі, як і раней стараючыся адцягнуць жончыну ўвагу ад трывожных думак.— А я нат зайздросціў другім...

Хоць дачу будавалі два гады, з вялікімі клопатамі, захапленне ёю ў Сасноўскага не астывала. Прачынаючыся ўначы, ён і дагэтуль перабіраў у памяці, як ездзіў сюды і падганяў будаўнікоў, як сам памагаў капаць траншэю пад водаправод і некалькі разоў звяртаўся ў будтрэст, каб прыслалі больш рабочых. Нядаўна ж яго і Веру апанавала ідэя — прыбудаваць веранду. Трэба было вырашыць — якую, раздабыць матэрыял, знайсці цесляроў. Дачныя клопаты падабаліся Веры. Яна падтрымлівала мужаў энтузіязм і стрымлівала толькі ў адным — калі справа датычыла грошай: разлічваючыся за што-небудзь, Максім Сцяпанавіч бянтэжыўся і пераплачваў.

— А ведаеш што, веранду мы зашклім рознакаляровымі шыбамі,— сказаў ён і пачаў фантазіраваць, што яшчэ абладзіць на дачы і навокал яе.

Прадчуваючы нядобрае, Вера нехаця слухала мужа і са смуткам глядзела на бліскучую водную гладзь.

«А што, калі бяда?» — не выходзіла ў яе з галавы, і мужава бесклапотнасць, яго наіўныя захады толькі злавалі.

Возера ляжала лянівае, спакойнае. Гарысты процілеглы бераг сінеў у слюдзяной, як мроіва, смузе. Сямтам зелянелі невялікія астраўкі: вада толькі праз год пакрые іх.

Раптам Вера ўбачыла чайку. Як над сапраўдным морам, птушка ляцела плаўна і пільна ўглядалася ў ваду.

— Адкуль тут чайкі? — здзівілася Вера, палічыўшы гэта за добрую прыкмету.

У гэты момант да іх даляцела раз’юшанае стракатанне матацыкла, які, мусіць, з ходу браў круты пясчаны ўзгорак. Вера нецярпліва вызвалілася з абдымкаў мужа і пабегла назад на дарогу.

Вёў матацыкл Цімох, а сын сядзеў ззаду. Плечы ў яго былі апушчаны, галава набычана. Вера беспамылкова разгадала ў гэтым бяду і, адчуваючы, як меншаюць сілы, ледзь падняла руку.

Апусціўшы растапыраныя ногі, Цімох спыніў матацыкл.

— Ну як, Юрык? Дрэнна? — выдыхнула Вера.

Юра, унурыўшыся, пачаў нязграбна злазіць з матацыкла, зачапіўся за крыло штанінаю, ірвануў яе. Кірпаты з шырока пастаўленымі вачыма твар стаў варожы.

Вера ведала, што цяпер ён не скажа ні слова, але маўчаць не магла.

— А Рая Дзіміна ў спісах? — спыталася яна ў Цімоха.

— Рая пасля першай тройкі забрала дакументы і здавала з другім патокам у медыцынскі.

— Бедная дзяўчынка! А Сеўка?

— Кашын? Яго залічылі... І мяне таксама,— проста адказаў Цімох, здагадваючыся, што яшчэ хоча ведаць Вера Антонаўна.

— Гэта зусім цікава! У вас жа з Юрыкам было аднолькава балаў... Ды выключы ты матор!

Цімох паціснуў плячыма.

— Ён працаваў мулярам, мама! У яго стаж. Ён сірата!..— з выклікам крыкнуў Юра.— А мне, калі так, не вельмі і трэба.

Падышоў Сасноўскі.

— Ты чуеш? — з пагардаю сказала Вера.— Віншую! Мой сын вінаваты ў тым, што мы яшчэ не на могілках.

Ёй стала да болю крыўдна. Але на каго было крыўдаваць? На каго абрынуць сваё абурэнне? Гэтыя пытанні ставілі яе ў тупік, і таму выходзіла, што вінаватыя былі ўсе і ўсё. Але толькі, канешне, не сын — такі няшчасны цяпер. Яна дазволіла запрасіць Цімоха на дачу, каб Юрку было ахвотней рыхтавацца да экзаменаў. Дазволіла і радавалася: Цімох аказаўся самастойным, сціплым. Але паступіў не Юра, а ён, і гэта падліло масла ў агонь.

— Пачакай, Вяруся! — папрасіў Сасноўскі.

— Чаго чакаць? — канчаткова выйшла яна з сябе.— Ты ж усё роўна не рабочы, хоць на тваіх плячах цэлы завод!

— Я, Юра, паеду,— сказаў Цімох.

— Тады і я з табою!

Цімох варухнуў брывом, зірнуў на Веру Антонаўну.

— Вы не думайце, я добра ведаў, што мне не варта сюды ехаць. Ды пусціць Юру аднаго не мог. Ён там немаведама што плёў...

— Ціма! — пагрозліва папярэдзіў Юра.

Спалохана ўсхліпнуўшы, Вера кінулася да сына,

забожкала. Але той не даў сябе абняць, махнуў рукою і паплёўся к дачы. Ведучы матацыкл, следам за ім рушыў і Цімох. З брамкі ім насустрач выбеглі Леначка з Соняй. Соня першая падбегла да Цімоха і, схапіўшыся за руль, націснула на сігнал. Па лесе разлёгся хрыпаты, трывожны гудок.

Вера ўздрыгнула.

— Трэба ехаць, Макс! Зараз жа!..— спахапілася яна і, бачачы, што муж марудзіць, ірванулася да яго.

Ёй добра была знаёма гэтая яго павольнасць, за якой хавалася жаданне адцягнуць рашэнне, утойвалася надзея, што і так, само сабою, усё выкіруецца да лепшага: неяк будзе! Але гады сумеснага жыцця ўжо навучылі Веру разбіваць яго здрадлівыя спадзяванні і нерашучасць. Варта толькі вывесці мужа з раўнавагі, раззлаваць, няхай адчуе, што іншага выйсця няма. І Вера пачала прасіць:

— Чаго ты маўчыш? Ну, Макс, мілы! Няўжо табе ўсё адно, бо Юрык не родны?! Ты ж быў у іх кансультантам па дыпломнаму праектаванню. Студэнты праходзяць у вас практыку. Няўжо ты не заслужыў і не маеш права? Або Юрык такі няздольны?.. Паглядзі, што робяць другія. Сеўка ж Кашын, хоць маці ўсіх настаўнікаў у госці перацягала, на адных тройках у шко ле ехаў. Але затое Мікіта Мікітавіч, я ведаю, не раз пабываў дзе трэба, не раз напомніў, што завод падараваў інстытуту грузавік. І вось — калі ласка... Я малю цябе!..

Дарога тут была малаезджаная, бадай што без каляін. Там, дзе стаялі Вера і Сасноўскі, мурашкі праклалі цераз дарогу сваю сцежку. Рудыя, вялікія, яны клапатліва бегалі па ёй, абганяючы адна адну, сутыкаліся. Сасноўскі глядзеў на іх мітусню і думаў, як яму ўсё-такі быць.

 

2

 

Яго заўсёды здзіўляла ў жанчынах настойлівасць, асабліва іх мацярынская сіла. Неяк Сасноўскі ехаў у купэ з жанчынаю, якая цалюткія суткі ні на хвіліну не спускала з рук хваравітага, капрызнага сына. Дзіця бясконца румзала, а яна то ўгаворвала, то гушкала яго, то давала цукеркі. Жанчына жыла толькі ім, глухая да навакольнага, поўная роўнай увагі і любасці. Не, дзівіла, вядома, не тое, што яна любіла сваё капрызнае дзіця. Уражала яе нястомнасць. Як яна трывала? Адкуль брала сілы, волю?

Гэтую ж настойлівую цярплівасць Сасноўскі бачыў і ў жонкі. Да шмат чаго абыякавая, распешчаная, яна рабілася непахіснай, калі што датычыла дзяцей або яе самой. Леначка і Соня — блізняты — раслі не зусім здаровыя. І калі хварэлі, Вера, згараючы, як свечка, ні на крок не адыходзіла ад іх. З упартай метадычнай настойлівасцю, ад якой бы другая даўно знясілела, яна, скажам, тысячу разоў паўтарала, каб дочкі не сутуліліся, не моршчылі лобікаў,— пакуль не дамагалася свайго. І хоць Соня з .Пеначкай асабліва нічым не вызначаліся, Сасноўскі верыў: яны будуць прыгожыя і зграбныя, будуць, не маючы музычнага слыху, прыстойна іграць на піяніна, спяваць. Бо зарука ўсяму — незвычайная цярплівасць і настойлівасць Веры.

І яшчэ. Яе аднагодкі — напрыклад Кашына — даўно абабіліся, расплыліся, як з цеста. А ў Веры траха не дзявочы стан, маладая паходка, па-дзявочы ўскінутая галава і амаль без маршчын твар. Гледзячы на жонку, Сасноўскі пераконваўся ў неверагодным: жанчына, калі толькі моцна захоча, насуперак усяму можа прымусіць сябе быць здаровай, прыгожай, можа зрабіць такімі і другіх. І гэта міжвольна нараджала павагу да Веры, прымушала слухацца яе і многае дараваць.

Пазнаёміліся яны на Рыжскім узмор’і. І першае, што ўразіла Сасноўскага, была Верына настойлівая ўпартасць. Штодня, у адзін і той жа час, яе можна было бачыць у модным стракатым купальніку на пляжы. Стройная, высокая, яна прыцягвала ўвагу, ведала гэта, але трымалася, нібыта была адна. Каб загарэць прыгожа і роўна, яна гадзінамі прастойвала, скамянеўшы ў самай нязручнай паставе.

Дні стаялі на рэдкасць пагодлівыя. Мора ляжала

радаснае, блакітнае, з ласкавым шапаценнем набягаючы на бераг. На небе, удалечыні, раслі лёгкія кучавыя воблакі, што падымаліся не з-за небасхілу, як звычайна, а быццам выплывалі з нябеснай глыбіні. Мора баразнілі рыбацкія шхуны, баркасы. Навокал іх матылямі віравалі чайкі. І на фоне гэтай раскошы нерухомая постаць Веры выглядала фантастычна.

Пад вечар узмор’е ператваралася ў набярэжную. Сюды-туды ў накінутых пледах, плашчах прагульваліся адпачываючыя. Спыняліся, кармілі чаек. Іх навокал аж кіпела. Яны хапалі кінутую ім спажыву на ляту або стрымгалоў падалі за ёю ў ваду. Самыя ж смелыя хадзілі паўз бераг, падбіраючы хлеб. Тады яны былі зусім не падобныя на імклівых, вастракрылых птушак. Дробненька тэпаючы па пяску, яны хутчэй нагадвалі вадзяных курачак, павязаных чорнымі хустачкамі.

Прагульваючыся, кармілі чаек і Сасноўскі з Верай. Глядзелі на мора, на захад сонца — вялізнага, чутачку прыплясканага, вогненнага. Яно ўвачавідкі спускалася ў ваду, і за апошнім яго промнем лёгка было прасачыць. Промень гаснуў, наваколле ахіналі мяккія змрокі. Лінія гарызонта знікала. Мора і неба зліваліся ўдалечыні, і рыбацкія баркасы тады рабіліся падобнымі на самалёты, што строем ляцелі над вадою, на якой яшче трапятала развітальнае святло. Іншы раз мора ад неба аддзяляла стальная палоска. І тады тыя ж баркасы нагадвалі самалёты на старце — перад імі святлела ўзлётная дарожка.

Назіраючы за гэтымі дзівоснымі ператварэннямі, за гульнёю фарбаў і святла, Сасноўскі адчуў: Вера разумее яго лепш, чым ён сам сябе.

Аднойчы, якраз на латышскае народнае свята Ліга, калі па ўсім узбярэжжы, як кінуць вокам, гарэлі агні, Сасноўскі з Верай доўга гулялі. Выстраеныя хлопцы і дзяўчаты ў вянках з дубовых галінак, з жывых і папяровых кветак шпацыравалі па беразе. Другія са жмутамі аеру ганяліся адно за адным, хвасталі па нагах, шчасліва смяяліся. Пажылыя, сталыя тоўпіліся навокал вогнішчаў і агромністых паходняў — палаючых бочак на слупах, спявалі песні. Стоячы ля аднаго з агнёў, Максім Сцяпанавіч неяк ненарокам прытуліў Веру да сябе і нясмела паціснуў яе локаць. Ён паціскаў і ўсміхаўся, а яна, не бачачы яго, адчула, што ён усміхаецца.

— Вы ўсміхаецеся, Максім. Праўда? — спыталася.

Будучы закаханым, Сасноўскі, магчыма, сёе-тое перабольшваў. Але так ці інакш, перакананы халасцяк, які наогул не вельмі даверліва ставіўся да выпадковых знаёмстваў, тым больш курортных, прапанаваў Веры выйсці за яго замуж.

Што Сасноўскі ведаў пра яе? Вельмі мала. З год назад яна разышлася з архітэктарам Юркевічам, жыве ў Маскве і мае сына. Чуў, што ў яе некалі быў раман з начальнікам мужа. Але ж гэта было і сплыло. Жанчыны з такім мінулым — гэта Сасноўскі заўважаў не адзін раз — самыя строгія ахоўнікі сям’і і ўжыўчывыя жонкі.

З Рыжскага ўзмор’я яны паехалі проста ў Маскву, а адтуль — з Юрыкам і рэчамі — у Мінск. Хлопчык плакаў, укленчыўшы прасіў маці не рабіць гэтага, а потым, зняважаны ў святая святых, замкнуўся, бы здранцвеў, у глухой дзіцячай варожасці да Сасноўскага. Усю дарогу зацкаваным ваўчанём зіркаў на маці і айчыма з верхняга палка вагона, а калі Сасноўскі пачынаў мілаваць маці, адварочваўся да сцяны, да крыві кусаючы губы. Калі ж нарадзіліся Соня з Леначкай, рэўнасць яго стала яшчэ больш моцная. І толькі матчына цярпенне, вытрымка не далі збыцца бядзе, а потым прымусілі Юру амаль змірыцца.

Карціны, якія няпрошана падсунула памяць, зноў напомнілі, куды і чаго ён едзе, і Сасноўскі, каб адагнаць іх, пачаў глядзець праз акенца машыны на блакітную роўнядзь.

Аднекуль набегла ліловая хмара, сыпанула залацістым цыганскім дажджом. Буйныя, вясёлыя кроплі ўкрылі рабаціннем вадзяную паверхню. Падаючы, яны паблісквалі, іскрыліся на сонцы і, успыхнуўшы апошні раз, гаслі ў вадзе, а яна загаралася і мігцела.

«Мора! Мінскае мора!» — з сумам, народжаным крыўдаю на сябе, падумаў Сасноўскі. Удыхнуўшы дажджавую свежасць, спытаўся ў шафёра, каб толькі не маўчаць:

— Колькі яно кіламетраў, Федзя?

— Пра што вы?

— Пра мора.

— Трыццаць два ў даўжыню.

З хмараю наляцеў вецер. Сціраючы рабацінне, пагнаў па вадзе бялявыя, як пасмы замеці, палосы. Сас-

Ноўскі прасачыў за адной, пакуль яна адбягала ад берага, і паспрабаваў сабрацца з думкамі. Да каго звярнуцца? У ЦК, да дэкана аўтатрактарнага факультэта Докіна або проста да рэктара інстытута? І што гаварыць? Мабыць, прыйдзецца даводзіць не Юркава, а сваё права на тое, каб пасынак вучыўся. Няхай прымуць звыш нормы — яму стыпендыі не трэба. Юра павінен вучыцца, інакш у сям’і пойдзе такі вэрхал, што жыццё будзе не жыццё. А ставіць работу ў залежнасць ад нейкага сямейнага бязладдзя ён, Максім Сцяпанавіч, проста не мае права. Аднак гэтыя думкі не пераконвалі. Непрыемна было і тое, што прыйдзецца прасіць ласкі, а ён даўно ўжо адвык што-небудзь прасіць.

— Дарэмна вы спінінга не купіце,— загаварыў Федзя, ведаючы, што шэф любіць, калі пра што-небудзь расказваюць.— Нашы аўтазаводцы нядаўна прыязджалі сюды. З гумавай лодкаю. Мікіта Мікітавіч Кашын шчупака падчапіў! Такі звер, што страшна.

— Як табе вядома, на сямігадзінны пераходзім. Не да гэтага,— адказаў Сасноўскі.— А Кашын — што яму: удар, накаўт — і пераможца. А калі не выгарала — у кусты. Так і раней, так і цяпер... Давай газані, калі ласка.

Дарога збочыла ад берага. Пераскочыўшы дрогкі масток, плаціну, лімузін вырваўся на асфальтаваную шашу і памчаўся па ёй. Сустрэчныя машыны праносіліся з шумам і свістам, і гэта стварала ўражанне палёту.

У горад Сасноўскі прыехаў крыху заспакоены. У двор Політэхнічнага інстытута заязджаць не захацеў і загадаў Федзю чакаць на вуліцы.

За масіўнай чыгуннай агароджаю зелянеў сквер — маладыя ліпы, дэкаратыўныя кусты, газоны. За імі ўзвышаўся строгі, пафарбаваны на цёмна-салатавы і белы колеры будынак інстытута з парталам і калонамі. Тут і там снавалі юнакі, дзяўчаты. Праходзячы міма скульптуры студэнта, схіленага над разгорнутай кнігаю, Сасноўскі зноў захваляваўся. З палёгкаю ўбачыў ля галоўнага ўвахода блакітную калясачку і жанчыну ў белым халаце. Выпіў шклянку чыстай, без сіропу, газіраванай вады і канчаткова вырашыў ісці да Докіна: з ім гаварыць усё ж будзе лягчэй, чым з рэктарам. Усё-такі ў мінулым свой брат!

Калі Докін працаваў на заводзе галоўным канструктарам, нават сябравалі, былі шмат у чым аднадумцы — разам ваявалі за спецыялізацыю. Толькі Докін аказаўся больш прынцыповы і, калі яму даручылі тэрмінова сканструяваць уласныя дызелі, рашуча адмовіўся і пайшоў з завода. Але заводскі патрыятызм у яго не выветрыўся, і Докін настойліва, упарта цягне да сябе на факультэт інжынераў і канструктараў з аўтазавода.

У дэканаце, апрача Докіна, які задуменна стаяў ля акна, і знаёмай лабаранткі, якая корпалася ў напханай папкамі шафе, нікога не было. На стук дзвярэй Докін не адазваўся, а, пастаяўшы як бы ў нерашучасці яшчэ з хвілінку, павярнуўся ўсім корпусам, убачыў Сасноўскага і, высокі, нязграбны, не спяшаючыся пайшоў насустрач.

— Багацееце пакрысе,— загаварыў ён, разглядаючы нечаканага госця.— Чуў, чуў... Ну і як там, ля самага сіняга мора?

— Ды нішто,— адказаў Сасноўскі, удзячны, што той не пачаў адразу гаварыць пра справу, якая прымусіла яго прыехаць.

— І яблыні, ягаднік, вядома, ёсць?

— Стараемся ў меру сіл. Дый узрост патрабуе.

— Ну што ж, пахвальна... Ці не наймацца да нас? — пажартаваў Докін, хоць жоўты маршчыністы твар яго аставаўся посны.

— Пакуль што не... Сваёй рабацішчы хоць адбаўляй...— паспрабаваў у тон яму адказаць Сасноўскі, але

— Дарэмна. Нам практыкі патрэбны,— не заўважаючы гэтага, чуць ажывіўся Докін.— Хіба можа чалавек, які не вядзе навуковай работы або не працуе на вытворчасці, навучаць студэнтаў? Па-мойму, не. Чаму ж тады ён будзе іх вучыць? Мы ж не талмудыстаў рыхтуем.

На правай шчацэ ў дэкана цямнела вялікая радзімка. Сасноўскі адчуваў: Докін заўважае, што ён увесь час глядзіць на яе, і стараўся адвесці позірк убок, але насуперак волі раз-пораз глядзеў на радзімку. Гэта павялічвала няёмкасць.

— Я наконт прыёму,— нарэшце адважыўся ён.— Даруйце, але мне цяжка пускаць свайго пасынка ў жыццё з пачуццём, што ў самым пачатку дапушчана несправядлівасць... Ён атрымаў усе пяцёркі, апрача рускай. Хіба памылкі ў сачыненні перашкодзяць яму быць выдатным інжынерам? Я ўпэўнены, што ў прынятых вамі знойдуцца тройкі і па матэматыцы!

Докін змоўчаў, быццам не пачуў гэтых слоў, толькі правая шчака з радзімкаю здзіўлена тарганулася.

— Та-ак,— працягнуў ён, не жадаючы весці гэтую гаворку, і вярнуўся да ранейшага.— Я на студэнтаў, якія ідуць к нам з прадпрыемстваў, вялікія надзеі ўскладаю. Дзелавыя хлопцы. Некаторыя — як для нас і выдуманы. Вопыт — і тут — вялікая рэч.

— Не ведаю... Усякае бывае. Інжынеры з іх, магчыма, і выйдуць сапраўдныя, але з навукай... Не ведаю. Вучоных, па-мойму, іначай росцяць.

— Вучоныя таксама не з інкубатара выходзяць...

Гаварыць далей пра Юру не мела сэнсу: гэта была адмова, і трэба было ісці да рэктара.

Вестыбюль галоўнага корпуса сустрэў Сасноўскага штурхатнёю і гулам узрушаных галасоў. З халодным, сярдзітым тварам Максім Сцяпанавіч праціснуўся праз людскі вір да швейцара, кіўнуў яму і, баючыся, што той спыніць і давядзецца тлумачыць, чаго трэба тут, паспешліва падняўся па лесвіцы на другі паверх.

Перад самымі дзвярыма ў прыёмную Сасноўскі ледзь не сутыкнуўся з русавалосай дзяўчынаю, якую вялі пад рукі юнак у акулярах і пажылая расстроеная жанчына. Дзяўчына, як непрытомная, закінула назад галаву, і тая ківалася ў яе пры кожным кроку. Мілы заплаканы твар быў без крывінкі, а на цёмных пушыстых вейках, не праліваючыся, дрыжалі слёзы.

— Лёдзя,— сярдзіта ўгаворваў яе юнак.— Куды гэта варта? Зараз жа вазьмі сябе ў рукі!

Не, адмаўляцца ад таго, што ён, Сасноўскі, намысліў, было нельга! Максім Сцяпанавіч даў ім дарогу і ўвайшоў у прыёмную.

Скураная канапа, крэслы ўздоўж сцяны былі заняты наведвальнікамі, і, каб не стаць да іх спінаю, Сасноўскі адышоўся да акна. Сакратарка з густымі, гладка прычэсанымі валасамі і строгім тварам пазнала яго, устала з-за заваленага паперамі стала і накіравалася да абцягнутых карычневым дэрмацінам дзвярэй.

Выйшла яна з кабінета з поўным ваенным, здаецца, маёрам, які разгублена моршчыўся, выціраючы скамечанай насоўкаю лоб, і голасна сказала:

— Таварыш Сасноўскі, Сяргей Ларывонавіч просіць вас зайсці. Прашу!..

 

3

Шарупічы толькі пазаўчора атрымалі новую кватэру. Пераязджалі спехам, баючыся, каб хто самавольна не ўсяліўся раней. Чулі, што, калі ўселіцца, прабудзе хоць суткі, высяляць прыйдзецца праз суд. Таму кожны раз, калі ехалі па рэчы, пакідалі Яўгена. Кватэра, на жаданым трэцім паверсе, была побач з кватэраю сакратара парткома Дзіміна і здавалася нязвыкла прасторнай — з двух светлых пакояў і кухні, якую таксама можна было лічыць за пакой. Так што амаль на кожнага члена сям’і выходзіла па пакою. Тулячыся дагэтуль у старэнькім бараку, урослым па вокны ў зямлю, пра такое нават не марылі. Праўда, шкада было Палкана, якога прыйшлося аддаць суседзям (як ты з ім будзеш, жывучы на трэцім паверсе), шкада агародчыка, дзе, як на тое, усё расло бы на дражджах, шкада нечага, з чым зжыліся, што стала родным. Ды хіба ўсё гэта было цяпер у галаве?.. Нават Міхал Шарупіч, свецячыся ад радасці, памаладзелы, у тапачках хадзіў па паркеце, мераў і перамерваў крокамі пакоі, правяраў краны на кухні і ў ваннай, круціў, як цацку, панікеліраваны душ. Потым, расчыніўшы вокны, доўга глядзеў на шырокую асфальтаваную вуліцу з бульварам.

У радасці ён даў лішнюю траячку манцёру, які ўстанаўліваў электралічыльнік і званок, паслухмяна рабіў усё, што ні загадвала жонка, без канца перасоўваў з месца на месца рэчы і цешыўся з усяго, як малы. І хоць прывезеная мэбля ў новай кватэры выглядала ўбога, яе не хапала, гэта не асабліва бянтэжыла.

«Глупства, купім!.. Абсталюемся неяк праз годдва,— бесклапотна прыкідваў у галаве Міхал.— Цяпер жа гэта надоўга, а мо і назаўсёды»,— і зноў разглядаў паркет, размаляваныя ў два накаты сцены, бялюткую, нязвыкла высокую столь.

Раніцою на завод ён пайшоў з жаданнем як мага хутчэй вярнуцца дамоў, зрабіць што-небудзь у кватэры, параіцца з Арынаю, якую мэблю набываць у першую чаргу. Усё гэта знянацку пачало здавацца яму — чалавеку раней амаль абыякаваму да ўласнасці — надзвычай важным. Адчуванне, што жыццё ўвайшло ў новае рэчышча, не пакідала яго, і вельмі-вельмі хацелася дзейнічаць. Але калі прагудзеў гудок і Міхал, здаўшы плавільную печ зменшчыку, выйшаў за заводскую браму, яго нечакана дагнаў брыгадзір фармоўшчыкаў Комлік.

— Значыцца, вось якія справы, Міхале! — ляпнуў ён яго па плячы.— Мне перадалі, ты пахваліцца нечым хацеў. Ну што ж, валі — хваліся.

— Напраўду, жылося, былося і прычакалася,— усміхнуўся Міхал.— ГІашанцавала-такі. Мяне, Іван, адтуль цяпер хіба ўперад нагамі вынесуць.

— Гэта правільна, кватэра — шчасце зараз. Так што я, дружа мой ваенны, не супроць і замачыць. Толькі папрасі як след. Магу і сто пад капірку. Калі ж дужа настойваць будзеш, то і з прычэпам. Так і быць. А там і пра былое ўспомнім...

Нельга сказаць каб Міхал сябраваў цяпер з Комлікам. Аднак з ім сапраўды было можна пагутарыць, успомніць мінулае. Асабліва за чаркаю гарэлкі або куфлем піва. Комлік валодаў рэдкай у такіх абставінах здольнасцю — умеў слухаць, умеў дарэчы сказаць слаўцо пра дарагія Міхалу дні, смешна расказаць пра агульнавядомае. Дый неяк спакойна робіцца, калі глядзіш на яго твар — просты, крыху рабаваты, са шрамам на буйным мясістым носе. Да таго ж Комлік не саромеўся быць завадатарам, браць адказнасць на сябе, і, хоць хітраваў, усё выходзіла ў яго натуральна, шчыра.

— Хадзем з радасці,— згадзіўся Міхал, якому раптам таксама захацелася выпіць.— Маіх усё адно няма дома, мусіць...

У сталоўцы было людна, тлумна. Каля столікаў чакалі сваёй чаргі рабочыя. Але Комлік падміргнуў афіцыянтцы, знайшоў незаняты столік, шчыруючы, прыцягнуў аднекуль пару крэслаў. Умела стукнуўшы далоняй у донца бутэлькі, выбіў корак і, быццам частаваў ён, а не Міхал, разліў, як нешта гарачае, гарэлку па чарках.

— Будзь здароў, Міхале! — чокнуўся ён.— Такіх, як ты, у нас нямнога. Я хоць на хутары гадаваўся, але і то не зайздрошчу. Табе па чыну належыць. Хоць, праўда, і давялося пажыць пад спудам, пакуль у прафком прапусцілі. А я таксама, не бойся, неўзабаве сваю адгрукаю. Во, улазіны справім! Цяпер жыць можна, Міхале!

— Не так усё проста, Іван. Яшчэ ёсць клопат,— спакушаны Комлікавай добразычлівасцю, прызнаўся Міхал.— Ды яшчэ які клопат...

— Дачка? — як заўсёды, здагадаўся Комлік.

— Ты, вядома, уяўляеш, што такое навука... Ну, няхай бы, скажам, Яўген. Той, калі не на заводзе, дык у арміі сваё знайшоў бы. А як яна? Цёмная ноч пакуль што для мяне.

— Зараз добра табе так казаць, калі сын ужо на чацвёртым курсе.

— Ды я не пра яго... Калі дачка здавала, Арыну ад акна адцягнуць нельга было. Стаіць як утрапёная, чакае, пакуль тая на вуліцы паявіцца і пакажа на пальцах, якую адзнаку атрымала. А сёння ўсе ўтраіх, мабыць, пайшлі...

Захмялеўшы, асабліва калі не было ўжо грошай, Міхал цягнуў сатрапезнікаў да сябе дамоў, і многія загадзя ўжо ведалі гэта. Так здарылася і цяпер — паляпаўшы Комліка па плячы, ён гасцінна запрапанаваў:

— Да мяне пойдзем, ці што? Няхай старая раскашэльваецца. Не можа быць, зразумее.

— Ці варта? — для прыліку ўсумніўся Комлік.— Арына ў цябе герой у такіх выпадках.

— Дарма-а,— ціхамірна ўсміхнуўся Міхал.— Праўда, мая справа ў хату ўкінуць, а там ужо яна і распарадчык, і рахункавод, і загадчык складам. Але ж, Іван, у нас дыктатура пралетарыяту. Так што я не ў крыўдзе.

— Табе відней...

Дзверы ім адчыніў Яўген. Заўважыўшы, што бацька падпіў, моўчкі павярнуўся і пайшоў у пакой.

Лёдзя ніцма ляжала на канапе ў сталовай, уткнуўшыся тварам у вышываныя падушкі. Русая каса яе бездапаможна спадала на падлогу. Заплаканая Арына стаяла побач са шклянкаю вады ў руцэ.

— Што тут такое? — яшчэ не даючы веры, што на сям’ю звалілася бяда, спытаўся Міхал.

Арына кінула на яго гнеўны позірк і паставіла шклянку на стол.

У Міхала пахаладзела ўсярэдзіне. Адхіліўшы жонку, ён падсеў да дачкі і забыў на Комліка. Асцярожна, нібыта баючыся зрабіць балюча, пагладзіў па спіне. Лёдзя не заплакала, як ён чакаў, і Міхал паправіў яе тоўстую шаўкавістую касу, якую так любіў. Валасы ў яе не стрыглі ад нараджэння, і яны былі мяккія, як лён, залацістыя. Міхалу стала да болю шкада дачку, прыкра, што нічым не можа памагчы ёй.

Зразумеўшы па-свойму настрой гаспадароў, Комлік спачувальна ўздыхнуў. Надзея, што пашанцуе яшчэ выпіць, не знікла. Ён прайшоў да стала і, выняўшы з кішэні пачак «Беламору», сеў на табурэт.

— Не нашаму брату патыкацца туды,— закурваючы, сказаў ён да Арыны.— Вунь, кажуць, у дырэктара будаўнічага тэхнікума ў час прыёму «Масквіч» на двары паявіўся. Не было — і стаіць ужо... А дзе ты для сваёй «Масквіча» возьмеш?

— Глупства гэта! — крыкнуў з другога пакоя Яўген.

— Не такое, дружа, і глупства,— не пакрыўдзіўся Комлік, але, употай зірнуўшы на Міхала, палічыў за лепшае дадаць:— Гэта, вядома, справа ваша... У кожнага свая галава... Але яны таксама прывольна жыць захацелі. Паслухай, пра што людзі гавораць...

— Людзі! — раптам засердаваў Міхал, імгненна, як чалавек пад хмелем, мяняючыся ў сваім настроі.— Якія людзі? Чаго ты душу рвеш?

— Я, Міхале, праўду кажу. Ты разумны чалавек, але ўсягды ў такіх пытаннях дзіцянём быў.

— Не, Іван, на ліха мне такая праўда? Ды калі б сапраўды было па-твойму, я і тады хутчэй руку сабе адсекчы даў... Праўда!..— Ён не дагаварыў і асекся: прыўзняўшы галаву з падушак, на яго глядзела вялікімі вачыма Лёдзя. Прыпухлыя губы ў яе жаласна крывіліся, твар укрывалі чырвоныя плямы.

— А мне ад гэтага не лягчэй, тата,— сказала яна.

4

Уночы Міхал доўга не мог заснуць. Побач ціха ляжала жонка, але ён ведаў: не спіць і яна. Арына сярдуе на яго за тое, што так недарэчы выпіў і прывёў Комліка, за тое, што не прайшла па конкурсу Лёдзя, хоць, вядома, у гэтым ён зусім не быў вінаваты, і нават за тое, што не абураўся, нікога не кляў, як яна, а ўсю лютасць абрынуў на Комліка.

У сталовай на канапе ляжала, не раздзеўшыся, Лёдзя. Яна таксама не спала, хоць і прыкідвалася, нібыта спіць. Не маючы больш сіл вось так знемагаць ад тугі, Міхал устаў і, бы лунацік, пайшоў па кватэры. У пакоях было светла ад вулічных ліхтароў. Змрок туліўся толькі па кутках і ў калідоры. Але ад таго, што пакоі былі незнаёмыя, што не так, як некалі, стаялі рэчы, зрабілася зусім не па сабе. З’явілася чаканне новай бяды.

«Хоць бы не зрабіла чаго з сабою, дурненькая...» — маркотна думаў ён, прыслухоўваючыся і не чуючы даччынага дыхання.

Недзе далёка звінеў трамвай. За акном, на тратуары, нехта нязлосна, са смакам вылаяўся і зацягнуў песню без слоў. Па столі прабегла святло — мусіць, на скрыжаванні заварочвалася аўтамашына. На міг натужна, гняўліва загуў яе матор, і яму ледзь чутным трымценнем адазваліся шыбы.

— Не трэба, Рая, хадзем! — пачуўся нечы малады голас.

Міхалу было не да гэтага, але ён чамусьці заўважаў усё, і вулічныя гукі, вярэдзячы сэрца, нараджалі прыкрасць.

Ён не верыў словам Комліка, хоць і дапускаў — розныя могуць трапляцца выпадкі. Але абураў, мучыў сам факт — Лёдзя не паступіла, і жыццё яе не будзе такое, як хацелася. Не спраўдзілася тое, што, здавалася, не магло не спраўдзіцца, што ўсе ў сям’і лічылі абавязковым, заслужаным сваёй папярэдняй працаю. А галоўнае — не збылося з Лёдзяй — балаванай любіміцаю, якой патуралі, абяцалі многа і рознага.

Стараючыся, каб не рыпеў паркет, Міхал прайшоў у сталовую і, ціхенька ўзяўшы табурэтку, паставіў яе ля канапы, але прысеў да дачкі.

— Ты ж не спіш, Лядок,— сказаў ён, прыкусваючы губу.— Чаго ты так?

Лёдзя змоўчала і варухнула плячом, скідваючы бацькаву руку.

— Давай лепей падумаем разам.

— Позна ўжо,— як з-пад зямлі, азвалася яна.

— Жыць усё адно трэба, дачка. А ты толькі перад жыццём сваім стаіш. Свет клінам не сышоўся — пойдзеш на завод, напрыклад.

Па столі зноў каўзанулася святло, і вочы ў Лёдзі палыхнулі зеленаватым агнём.

— А навошта я вучылася тады? — чужым голасам спыталася яна.— Навошта тады гавораць аб правах нейкіх, аб справядлівасці?

— Вучылася, каб працаваць.

— Хопіць таго, што вы там працуеце.

Гэтыя словы пакрыўдзілі Міхала.

— А ты хіба не мая дачка? — нахмурыўся ён.— Вунь Кіра Варакса з медалём і то не падавала ў інстытут, а проста на завод пайшла.

— Ну і што з таго? Няхай ідзе. Гэта яе справа. А я не хачу мадзець. Я не горшая за другіх!

— Як гэта так? Выходзіць, што мы з маці не жывём, а мадзеем? Ты разумееш, што гаворыш, чаго выракаешся? І калі сапраўды так, дык цябе тады знарок варта было... Ты чуеш, маці?

— Што знарок? — прыплюшчылася Лёдзя і прыўзнялася на руках.

Да Міхала амаль што ў прытык наблізіўся яе спалатнелы твар. У няясных змроках яму здалося, што твар худзее ўвачавідкі. Аднак ён адказаў:

— Праваліць варта было, вось што!

— А божа мой, ідзі кладзіся! — паклікала са спальні Арына.— Заўтра будзе час. Дагаворыце!..

Міхал устаў, нагою адсунуў табурэтку і, не азіраючыся, пайшоў са сталовай, адчуваючы за спінаю патрабавальны позірк дачкі.

У выхадны дзень Міхал сам хадзіў на рынак — хацелася, каб жонка і дзеці адпачылі. Базарны тлум, мнагалюддзе неяк супакойвалі яго, і ён любіў паштурхацца каля прылаўкаў, пацвяліцца з вострымі на язык цёткамі — пажыць нейкім новым куточкам душы. Міхал браў авоську, бітончык на малако і з харошай яснасцю на сэрцы ішоў да бліжэйшага трамвайнага прыпынку. Але сёння, як толькі ён стаў апранацца, падхапілася і Арына. Стараючыся не разбудзіць Лёдзю і Яўгена, яны разам паціху замкнулі дзверы і выйшлі на вуліцу.

Сонца яшчэ не прыпякала. На дамах, на прысадах, асфальце ляжаў ружаваты водбліск, хоць паветра было амаль блакітнае. На тратуары з саўком і мятлою завіхаўся запознены дворнік. Уздоўж бульвара, спыняючыся ля кожнага дрэва, пасоўвалася водапаліўная машына, і дзяўчына ў сінім камбінезоне паіла дрэва з тоўстага гафрыраванага шланга. Ліпы адцвілі. Яны стаялі стомленыя, прыціхлыя, быццам прыслухоўваліся, як ільецца ў лункі вада, і зямля навокал іх была ўкрыта залатым пылком.

Пешаходаў было мала, аўтамашыны праязджалі рэдка. Вітрыны магазінаў паблісквалі асабліва — так, як пабліскваюць толькі раніцою, калі горад абуджаецца. І прыемна было адчуваць, што ты жывеш тут і вунь вокны твае кватэры. Таму ўсё, што адбылося ўначы, здавалася Міхалу вельмі абразлівым і крыўдным.

Моўчкі крочачы побач з жонкаю, ён ніяк не мог прыйсці да пэўнасці ў думках. Час ад часу пацепваючы плячыма, дзівіўся: як усё гэта здарылася? Хіба былі падставы турбавацца за Лёдзю? Не! Гэтак жа, як і за Яўгена. Ну, растуць — здаровыя, адзетыя не горш, чым у другіх. Ёсць хлеб і да хлеба. Лёдзя расцвітае, як Любава, становіцца разумніцаю, і Міхал не раз лавіў сябе, што любуецца дачкою. Яўген раздаўся ў плячах, пасталеў. У акулярах часам нават здаецца чужым, зусім дарослым, і да яго, калі справа датычыць тэхнікі, звятаецца як да старшага. І ўваходзяць яны ў жыццё гаспадарамі.

Чаго ж тут турбавацца? А вось на табе...

— Ты пакуль не чапай яе,— нясмела папрасіла Арына.

Ён зірнуў на жонку, не разумеючы, потым уцяміў.

— А ты, мабыць, дзеля гэтага і патэпала са мною? Угаворваць? Не трэба, маці. Мы і так позна за розум узяліся. «Лёдзенька ды Лёдзенька!..» Усё хацелася, каб жыла лепей за нас, не хлябнула б такога, як мы з табою. Няхай, маўляў, пакрасуецца, няхай салодзенькага больш паспытае — мы гэтага не бачылі. А пра што гаварылі з ёй? Можа, як працавалі? Як ваявалі? Дзе ты бачыла! Усё больш, якое ў яе жыццё будзе харошае, якое шчасце ёй выпала. «Мы гэтага не мелі!» А вось што мелі... аб гэтым маўчок. Быццам і праўда нічога добрага не было. А ў яе за спіною — сацыялізм пабудаваны.

— Будзе табе... А чаму Яўген не такі?

— Яўген — хлопец. Мы яго хоць у работу ўпрагалі. Ён і цяпер пры мне, хоць і студэнт...

Арына выцерла ражком хусткі вочы, вінавата ўсміхнулася, і Міхал заўважыў, як яна пастарэла за ноч. Ды і ўсмешка была хваравітая, насцярожаная, зусім не Арыніна.

— Няўжо, ты думаеш, яна лёгкай дарогі шукае? —

з цяжкасцю сказала Арына.— Нядаўна пры мне дзівілася, што некаторыя з аднакласніц у фізкультурны інстытут паступаюць. Смяялася. Хто іх пасля, кажа, замуж возьме.

— Так і казала?

— А ўжо ж.

— Ну вось і дажыліся, маці!

Яны ўвайшлі ў браму рынку і адразу трапілі ў рознагалосы тлум, які глушыла вясёлая музыка, што лілася з рэпрадуктараў. Прывоз аказаўся багаты: на прылаўках жаўцелі брусы масла, стаялі бітоны са свежым малаком, з адтопленым — каструлі, слоікі; стосікамі ляжалі ў палатняных клінках сыры. У мясным радзе на круках віселі асвежаваныя тушы, кумпякі, і мужчыны ў белых фартухах спрытна пластавалі мяса на вялікіх калодках. Гандаль ішоў і з грузавікоў, і з фурманак.

Не прыцэньваючыся, Шарупічы купілі адтопленага малака, мяса, яек і адразу, не так, як рабілі заўсёды, падаліся да выхаду. За брамаю дагналі шафёра галоўнага інжынера. Прыціскаючы да грудзей вялізны букет кветак і з каптуром наладкаваную малдаўскую кашолку, Федзя прабіраўся да свайго лімузіна. Шкельцы машыны паблісквалі, але Міхал заўважыў у ёй Сасноўскага. Нічога не сказаўшы Арыне, ён перадаў ёй авоську і паскорыў крокі — трэба было скарыстаць выпадак ды заадно спаліць масты і для свайго адступлення.

— А-а, Сяргеевіч! — прачыніўшы дзверцы, прывітаў яго Сасноўскі.— Нарыхтоўваем? Ну што ж, і гэта трэба. Можа, па дарозе?..

— Вы прабачце...— здагадваючыся, што Арына ўпрашальна глядзіць на яго ззаду і вось зараз умяшаецца, заспяшаўся Міхал.— Я хацеў бы на завод дачку прыстроіць. У нас з цэха якраз адзін фармоўшчык — Жаркевіч, калі ведаеце,— у Політэхнічны паступіў. Дык няхай бы мая працавала паблізу...

— Ну і просьба! — засмяяўся Сасноўскі. Але раптам, пазнаўшы ў Арыне жанчыну, з якой сустрэўся ў інстытуце ля прыёмнай рэктара, густа пачырванеў.— Што, не паступіла дачка, Сяргеевіч?

— Не.

— Во бяда!.. Гэта ж латарэя нейкая... А я, добра, пазваню...

Не ведаючы, што яшчэ сказаць і як паспачуваць, Сасноўскі кіўнуў галавою і зачыніў дзверцы. Адкінуўшыся на мяккую спінку сядзення, з прыкрасцю падумаў, што не можа ўжо так шчыра, як раней, размаўляць з Шарупічам.

— Давай, Федзя,— падагнаў ён шафёра.— Нас чакаюць ужо, напэўна.

5

Вера заўважыла Тацяну Цімафееўну Кашыну яшчэ ля брамкі. Тая ніяк не магла адсунуць засаўкі і смешна круціла рукою, прасунутай у дзірку.

«Ну-ну, папрактыкуйся!» — яхідна падумала Вера, па-свойму радая госці. Узрушаная размоваю з мужам, які, прыехаўшы з рынку, расказаў пра сустрэчу з Шарупічам, здагадваючыся, чаго завітала Кашына, яна цыкнула на дачок, якія кінуліся былі на двор, і стала цікаваць за госцяй з-за цюлевых фіранак. Сасноўскі заўважыў гэта і, здзіўлена зірнуўшы на жонку, сам пайшоў адчыняць брамку.

— Як у вас добра! — пачула Вера голас Кашынай.— Мой на рыбалку, і я з дому. Кажу, падвязі, хоць пабуду ў Сасноўскіх, падыхаю свежым паветрам. Вы ж не прагоніце? Божа, як добра! Да самага мора гналіся за вашым «31 Лам»...

— Заходзьце, калі ласка,— запрасіў Сасноўскі.

— А дзе дзеці, Вера? — Кашына агледзела двор, але праходзіць у брамку марудзіла.— Як Юрык?

«Так і знала»,— падумала Вера і, апасаючыся, што муж скажа лішняе, заспяшалася на ганак.

Размораная ад гарачыні, у пышным квяцістым плацці, Тацяна Цімафееўна стаяла, шырока расставіўшы ногі, узяўшыся рукамі ў бокі, і ад гэтага выглядала яшчэ паўней.

— А вы ўсё папраўляецеся, загарэлі! — махаючы рукою з ганка, усклікнула Вера.— Зайздросна нават!

— Ну што я? — горача запратэставала госця, ідучы насустрач.— Вось вы, Верачка, сапраўды аж пачарнелі...

Яны абняліся і расцалаваліся.

Дзіўная была ў іх дружба. Наўрад ці Вера і Кашына любілі адна адну, але ўсё-такі сябравалі і нават адчувалі ў гэтым патрэбу.

Ажыўлена размаўляючы, яны прайшлі да ўкапанага ў зямлю століка — у засень маладых бярозак. Тацяна Цімафееўна, не скідаючы чорнага саламянага капялюшыка з букецікам штучных кветак, плюхнулася ў качалку, паправіла падол і ў знямозе раскінула рукі на падлакотніках. Вера заспяшалася, прынесла потны ад холаду балончык газіраванай вады, вазачку варэння і разеткі.

— Пакаштуйце, учора толькі агрэст варыла,— прапанавала яна, дарачы ўсмешку.— Соня з Леначкаю, ці паверыце, аб’еліся пенкамі. Такія ласухі!

— Дзякую! Няўжо са свайго саду? — здзівілася Тацяна Цімафееўна, і рот яе прыадкрыўся так, што, здавалася, парадзелі і пашырэлі самі зубы.

— Вядома. Навошта купляць, калі пад рукамі свае ягады...

Сасноўскі, вярнуўшыся з горада, дасюль не мог супакоіцца. Са злосці яму нават падумалася: жонка частуе госцю не ад дабраты, а каб пахваліцца, абудзіць зайздрасць. Кашына ж, выказваючы сваё захапленне, таксама мае свае думкі.

«Нібыта на дыпламатычным раундзе»,— зусім зазлаваў Максім Сцяпанавіч і, спаслаўшыся на тэрміновую работу, пайшоў у свой пакой. Дый сапраўды трэба было прагледзець цэлы стос літаратуры, прысланай аддзелам тэхнічнай прапаганды, каб заўтра «спусціць» яе службам.

Пасмоктваючы варэнне, Кашына пачала расказваць навіны.

— Ну, а Юрык? — нечакана захваляваўшыся, усклікнула яна.— Я і забылася зусім, паступіў?

Вера ўспомніла пра мужа і крыху сумелася. Разумеючы, што сяброўка таму і распачала гаворку, каб нешта выведаць, а магчыма, і дадзець ёй, не знайшла нічога іншага, як адказаць пытаннем:

— А ваш? Сева?

— Кашын чуў, што Юрыка залічваюць кандыдатам,— нібыта не пачула яе слоў Тацяна Цімафееўна.— Гэта ж шчасце, Верачка! Віншую!

Неяк павялося: сказаць такое, чаго, як думае твая субяседніца, ніхто яшчэ не ведае,— было верхам дасціпнасці. На гэта, каб не ўдарыць тварам у гразь, трэба абавязкова адказваць таксама чым-небудзь вострым, сенсацыйным. Але Вера і на другі раз не знайшла вартага адказу.

— Якое там шчасце!

— Ну што вы, Верачка! — не згадзілася Кашына, намякаючы, што сёе-тое ведае яшчэ.— Максім Сцяпанавіч, калі захоча, здолее пастаяць за сябе.

— Макс і так свету божага не бачыць. Праз адно тэрмаабрубнае аддзяленне жыцця няма.

Гэта ўжо быў адказ! Па-першае, ён гаварыў, што Вера ў курсе заводскага жыцця. А па-другое, пры ўсёй сваёй знешняй прыстойнасці клаў цень на Кашына як начальніка цэха.

— А што там такое? — насцярожылася Тацяна Цімафееўна.

«Ага! Нясмачна?..» — с. пачуццём перамогі падумала Вера і абыякава дадала:

— Адзін паратунак, што Дзіміна там. А цяпер яшчэ новыя клопаты — нейкі барабан манціруюць...

Яна заўважыла: у Тацяны Цімафееўцы забегалі вочы, і прапанавала прайсціся па лесе.

— Што яшчэ новага? — спыталася, велікадушна перадаючы ёй ініцыятыву.

— Дачка Шарупіча правалілася! Во каго не люблю,— засакатала Тацяна Цімафееўна.— Строяць з сябе праведнікаў. А гэтую ж самую Арыну з дзецьмі ў сорак другім цераз лінію фронту сілком выправадзілі. Дый за самім актывістам хвасты цягнуцца. Таварышы ў магіле, а ён цалюсенькі...

Яе зусім не бянтэжыла, што ўласнае жыццё-быццё было далёка не бліскучае і ў тым жа сорак другім годзе яна гандлявала баршчом ды печанай бульбаю на Камароўскім рынку або ля дротавай агароджы гета.

— На завод, пэўна, пашлюць? — не паказала Вера выгляду, што ведае аб намеры Міхала Шарупіча.

— Трэба ж марку дзяржаць. Лепей, калі прыгажэйшым да чужых вачэй...

Пад вечар з механікам цэха і начальнікам АТК па жонку прыехаў Кашын. Быў ён у гумавых ботах, у злінялым картовым касцюме і саламяным брылі. Высокі, атлетычнага складу, выглядаў малайцавата. Да таго ж у адзенні яго быў своеасаблівы паляўнічы шык, які так пасаваў да адкрытага загарэлага твару і моцнай постаці Кашына.

Прасігналіўшы, яны вылезлі з «Пабеды», спыніліся каля брамкі і закурылі. Калі на ганку паказаліся Сасноўскі і Тацяна Цімафееўна, Кашын адчыніў багажнік і выцягнуў адтуль ладнага шчупака на лазовым кукане. Падняўшы яго, як трафей, шырока ўсміхнуўся і ўрачыста, нібыта на банкеце, абвясціў:

— Вам, дарагі Максім Сцяпанавіч! Выкуп за жонку. І не бойцеся — мы на хвілінку завярнуліся.

Былі яны ўсе пад чаркаю. Начальнік АТК, смуглявы худы армянін з вялікімі лупатымі вачыма, выглядаў зусім асалавела. Ён прагна зацягваўся тытунёвым дымам і аблізваў сасмяглыя губы.

Сасноўскі не ўмеў размаўляць з п’янымі, баяўся не патрапіць у тон.

— Заходзьце,— запрасіў ён, тушуючыся і не жадаючы, каб яны заходзілі.— Вера, прасі гасцей!

— Няма калі, дзякуем,— весела адмовіўся Кашын.— Толькі што ад уласнага пачастунку. Такая юшка ўдалася! З перцам, з лаўровым лістом. Аляксееў апёкся нават.— І з фамільярнай іроніяй вялікім пальцам цераз плячо паказаў на механіка, які, не хочучы звяртаць на сябе ўвагі, стаяў за «Пабедаю», абапёршыся на капот.— Праўда, рыбак?

— Праўда,— паслухмяна пацвердзіў Аляксееў і нечакана зарагатаў.— Але вы, Мікіта Мікітавіч, лепей пра сябе раскажыце. Ведаеце, Максім Сцяпанавіч, адабраў ад мяне баранку і газануў. Ледзь машыну не ўгробіў. Начальнік цэха, а ліхач, ха-ха-ха!

Ён рагатаў, аж заходзіўся,— голасна, з жаданнем, каб гэта спадабалася Кашыну,— і ўсё ляпаў далоняй па капоце, ляпаў і рагатаў. Адно вока ў Аляксеева было крыху большае, слязілася, і здавалася, што механік смяецца неяк па-вар’яцку, падморгваючы.

— Ліхач, ах ліхач! — паўтараў ён.

Не ведаючы, што рабіць, Сасноўскі ўзяў шчупака і няўпэўнена прапанаваў, гледзячы на Кашына:

— А вы ўсё-такі зайшлі б. Пагаворым пра справы.

— Зноў пра барабан? У сілу рабочага класа не верыце! Мы, Максім Сцяпанавіч, рабочага гарту і, як пішуць у газетах, яшчэ зробім сваё. Будзьце ўпэўнены.

— Звычайна гавораць: зрабілі,— заўважыў Сасноўскі і перадаў шчупака Веры.

— «Зрабілі» — гэта значыць, для праформы, а мы зробім — гэта значыць, па-сапраўднаму. Я, Максім Сцяпанавіч, ордэнскія планкі і тыя рэдка нашу. А вось значок аўтазаводца не здымаю. Гэта, па-мойму, гаворыць аб нечым. Давай, Таця, збірайся, паехалі. Бывайце, таварышы!

Кашын адкрыта і моцна абняў жонку, радасна страсянуў яе і павёў да машыны, нешта нашэптваючы на вуха. І было відаць, што ён сапраўды засумаваў па ёй.

 

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
1

Калі чалавек звыкаецца з навакольным, ён перастае востра адчуваць яго. Не так ужо радуюць поспехі, не вельмі засмучаюць промахі, бо тое і другое, перажытае не раз, становіцца будзённым. Дый самі поспехі і няўдачы не асабліва кідаюцца ў вочы, і клапоцішся толькі аб адным — не было б горш. І ўсё-такі ў Сасноўскага роіліся ў галаве планы і розныя пражэкты.

Праўда, яго планы і запаветныя ідэі нярэдка аставаліся планамі і ідэямі — перашкаджала надзёншчына. Часта пачыналася штурмаўшчына. Усё тады рабілася на хаду, у спешцы. І на гэта ішлі сілы, вынаходлівасць, час. Рытмічнасць — як жывое срэбра, што трэба трымаць на далоні, перад вачыма,— інакш пральецца. Такое стамляла, прытупляла і радасць і смутак. Прыгнятала і адказнасць: о, калі б можна было толькі падаваць ідэі, рызыкаваць, не рызыкуючы ўсім!..

Падрыхтоўка да пераходу на сямігадзінны рабочы дзень ускалыхнула Сасноўскага і, дадаўшы клопатаў, прымусіла шукаць, знаходзіць, камбініраваць. А гэта ён любіў.

Раней усё так ці інакш упіралася ў праграму. Выканаеш яе — гонар і слава, не — ганьба і шышкі. Прынамсі, так здавалася Сасноўскаму. Цяпер жа вышукваць дадатковыя рэзервы даводзілася не толькі дзеля плана.

Гэта здавалася заманлівым, абуджала думкі. Памаладзелы, рашучы, Сасноўскі абышоў цэхі — ад валачыльна-нарыхтоўчага да галоўнага канвеера — і дзіву даўся: як ён дагэтуль мірыўся з тым, што было? Фатаграфіі рабочага дня і назіранні за выкарыстаннем абсталявання па цэхах далі непрыглядную карціну. Сапраўднай пошасцю былі прастоі, якія паглыналі ледзь не пятую частку рабочага часу. Праз непаладкі і нядбайства работу пачыналі са спазненнем, а канчалі звычайна да гудка: не было чаго рабіць. А паломкі, аварыі, недабраякасны рамонт!..

Выявілася, што ў кавальскім і ліцейных цэхах не хапала абсталявання. Стала ясна: трэба нанава прагледзець звяно за звяном і пачаць з гарачых цэхаў — вотчыны галоўнага металурга, куды Сасноўскі — па спецыяльнасці інжынер-механік — наогул заглядаў рады ў гады.

Таму ездзіў ён цяпер на завод з нейкім складаным пачуццём — прыкрасці, трывогі. Бегла праглядаў у сябе ў кабінеце тэрміновую пошту і адразу ішоў па цэхах, чакаючы чарговай непрыемнасці.

Сёння Сасноўскі зноў накіраваўся ў ліцейны — коўкага чыгуну: трэба было самому праверыць, як ідзе мантаж больш магутных вагранак.

Вагранка, ля якой завіхаліся мантажнікі, стаяла халодная, чужая. І калі паўз яе ад электраплавільнай печы праплываў увянчаны ззяннем разлівачны коўш, гэта заўважалася яшчэ больш.

«Не наламаць бы дроў...» — падумаў Сасноўскі, ловячы сябе на тым, што не зусім дружалюбна глядзіць на новую вагранку.

Тлумачэнне давала намесніца Кашына — Дора Дзімка, немаладая, у берэце і сінім рабочым халаціку, з-пад якога бялела кофтачка з вузкім чорным банцікам. Размаўляць прыходзілася голасна, і гэта перашкаджала засяродзіцца.

Гаварыла яна нехаця, быццам прымушаючы сябе. Часам наогул змаўкала, і вялікія цёмныя вочы ў яе рабіліся як бы адсутнымі. Але таму што быў пачатак рабочага дня і свежы чысты твар у Дзімінай молада бялеў, ці, можа, таму, што халацік і берэт сядзелі на ёй, як сядзяць на жанчынах, якія ўмеюць з густам адзявацца, яна здавалася Сасноўскаму несур’ёзнай і ветранай.

Раздражнялі і яе дробязная прынцыповасць, ненкі схаваны скепсіс. Сасноўскаму нават прыйшла думка: «Ці не знарок Кашын падсунуў яе замест сябе? Каб пазней быць свабодным ад дамоўленасці і гнуць, калі спатрэбіце, сваё... Што з яе возьмеш?»

— Вы кажаце, аднымі вагранкамі не адбудзеш? —

спытаўся ён, напружваючы слых, каб пачуць адказ.— Я вас так зразумеў?

— Але. Трэба яшчэ раз праверыць прапускную здольнасць тэхналагічных ланцужкоў,— адказала Дзімка, нібыта задаволеная, што знайшліся новыя непаладкі.

— Як-як?

— Наша электрапеч не прапусціць за сем гадзін столькі, колькі дае за змену. Патрэбна новая, ну хоць бы «ЛЧМ-10». Трэба паўаўтаматычныя смясіцелі...

— Гэта думка Кашына?

— Не зусім.

— Паўтарыце.

— Я кажу, не зусім. Кашын апасаецца, каб тады не павялічылі праграмы.

Сасноўскі кінуў позірк на яе сівыя скроні, на стройную постаць, прыгадаў непрыстойны жарт крутога на слова начальніка цэха і з непрыязнасцю спытаўся:

— Чаму вы папярэдне не ўзгаднілі свае прапановы?

Дзіміна паціснула плячыма.

— Гэта не заўсёды ўдаецца.

— Прабачце, але я пытаюся сур’ёзна,— сказаў Сасноўскі, саступаючы дарогу ўвішнаму аўтакару.

Яна прамаўчала, занятая нейкімі іншымі думкамі,

і звыкла паправіла густыя валасы, што выбіліся з-пад берэта.

— Па-мойму, вам, Максім Сцяпанавіч, узгадніць будзе лягчэй... Што вас яшчэ цікавіць?

У канцы пралёта яны ўбачылі Кашына. Нешта выкрыкваючы, ён размашыста жэстыкуляваў і тыцкаў пальцам у грудзі то аднаму, то другому рабочаму, якія мітусіліся ля выбіўной рашоткі. Заўважыўшы галоўнага інжынера з Дзімінай, адабраў у бліжэйшага з іх крук і, спрытна падчапіўшы апоку з адліўкаю, якая ніяк не правальвалася ў люк, пацягнуў да сябе. Апока затрэслася як у ліхаманцы, адліўка паслухмяна адстала ад фармовачнай зямлі і знікла ў люку.

— Вот так трымаць! — крыкнуў Кашын і павярнуўся да падышоўшых.— Ну што, дамовіліся?

— Пішыце дакладную,— сказаў Сасноўскі, падкрэсліваючы гэтым, што Кашыну таксама давядзецца прыкласці руку да нечаканых мерапрыемстваў.— Воленс-ноленс, як кажуць.

— Калі гэта неабходна, мы магём! — выцер рукавом лоб Кашын, назіраючы, як рабочыя ставяць наступную апоку на рашотку.— Але баш на баш. У мяне таксама просьба. Ды толькі не пры гэтым гурце, канешне...

Ён ведаў, што галоўны інжынер ухіляецца ад рашэнняў на хаду. А калі хто ўсё ж настойвае, зірнуўшы ў партсігар, дзе ў яго заўсёды ляжыць лісцік паперы з раскладам на дзень, просіць, каб заходзілі а такой вось гадзіне ў кабінет. Але гэтага якраз і не хацеў Кашын. Праўда, аб яго і аляксееўскай прапанове гаварылі на сходах, пісалі ў «Аўтазаводцы». Прапанаваны шротамётны барабан бесперапыннага дзеяння цяпер быў вельмі дарэчы. Да таго ж, манціруючы яго, абыходзіліся без усякіх выдаткаў, адзначаных у бухгалтэрыі,— усё было ва ўласным цэху: матэрыял, рабочыя. Аднак — у гэтым Кашын пераконваўся не раз — каваць жалеза трэба, пакуль яно гарачае.

Калі Кашын і Сасноўскі выйшлі з цэха, міма праходзіў заводскі паравоз. У будцы ля акна сядзеў машыніст. Убачыўшы Кашына з галоўным інжынерам, ён казырнуў — пацешна дакрануўся пальцамі да кепкі — і, усміхнуўшыся, даў свісток.

— Ну, што ў вас? Пільнае? — спытаўся нездаволены гэтым Сасноўскі.

— Патрэбна брыгада мантажнікаў,— як пра нешта нязначнае, сказаў Кашын, пасылаючы ў думках к чортавай мацеры далікатнасць. Ён быў не ў гуморы, дый справа была відавочная.— Аднаму Аляксееву не справіцца. А тут, самі ведаеце, трэба фарсіраваць.

— Мне дакладвалі, у вас многае не ладзіцца. Прымяраеце, рэжаце. Гэта праўда?

— Такі ўжо лёс — вучыцца на хаду,— не маргнуўшы вокам, адказаў Кашын.— Будуючы завод, вучыліся будаваць. А пусціўшы, вучымся працаваць. Хто-хто, а вы ведаеце, як ліцейшчыкі пачыналі. Умелі хіба адно — скавароды адліваць ды на Чэрвеньскім рынку прадаваць. Памятаеце?

— Варта б з Горкаўскім і іншымі заводамі спісацца. Як там у іх?

— А навошта?

— Каб не адкрываць адкрытае. Ёсць жа такі грэх...

— Я размаўляў ужо з начальнікам,— кіўнуў Кашын на корпус рамонтна-механічнага цэха, у дзвярах якога раз за разам успыхвалі блакітныя бліскавіцы.— Ён можа даць некалькі чалавек. А наконт Горкаўскага... Дакуль гэта, Максім Сцяпанавіч, будзе? Абрыдла ўжо! Наш аўтамабіль — і той, па сутнасці, не наш. Можа, толькі з «МАЗам-500» ды з «МАЗам-бОЗ» і ўзаб’ёмся на сваю марку...

Дыпламатычнасці ён не цярпеў, але свядома закрануў балючае месца галоўнага інжынера і, каб не даць Сасноўскаму падумаць або запярэчыць, дадаў:

— На тым жа Горкаўскім рацыяналізатарскія прапановы высмоктваюць, Максім Сцяпанавіч. А ў нас, выходзіць, і рэалізаваць цяжка.

Быццам некага шукаючы, Сасноўскі паглядзеў на бакі і кашлянуў у кулак. Потым выцер кулаком губы.

— Ну што ж, калі ўпэўнены ў поспеху, вазьміце і брыгаду,— здаўся ён.— Я аддам распараджэнне, калі ласка...

Кашын весела ўскінуў бровы і хутка працягнуў руку. Але да начальніка рамонтна-механічнага цэха не пайшоў. Не вярнуўся ён і назад у ліцейны, а прама з прахадной пазваніў Аляксееву, каб той чакаў яго, і заспяшаўся ў партком. Увесці Дзіміна ў курс справы і заручыцца яго падтрымкаю было цяпер важней за ўсё.

2

Калі Кашын зайшоў у канторку, ускудлачаны Аляксееў чарціў нешта за сталом на лістку паперы. Убачыўшы начальніка, паспешліва падхапіўся, абцягнуў блузу і прапанаваў сваё крэсла. Не гледзячы на яго, Кашын прайшоў за стол і грузна сеў. Звычайна ён хутка забываўся на непрыемнасці — як сямейныя, так і заводскія,— проста ігнараваў іх, але сёння нешта ўпарта раздражняла яго ўвесь дзень.

— Ідзі бяры мантажнікаў,— панура сказаў ён і скасіўся на лісток, які ляжаў на стале.— Што, зноў?

— Але,— неахвотна адказаў Аляксееў.

— Ну-ну!

Кашын зручней усеўся, сабраўся слухаць. Але перашкаджала раздражненне. Здагадаўся, з чаго ўсё пачалося. Раніцою, перад тым як ісці на завод, ён даў добрага прачухацца сыну: той вярнуўся дамоў а трэцяй гадзіне ночы. Жонка заступілася, а потым, плачучы, стала палохаць страшнымі здагадкамі, дзе прападаў сын. А пасля гэтага размова з Сасноўскім і Дораю Дзімінай! Галоўны інжынер, безумоўна, раскусіў яго і даў зразумець, што ніякія эківокі не здымуць і не паменшаць ягонай адказнасці за прынятыя рашэнні. Праўда, потым спасаваў Сасноўскі. Але, страхуючыся, упікнуў усё-такі. Не ўдалося як след пагаварыць і з Дзіміным — перашкодзіў званок з гаркома. А цяпер гэты!..

«Звязаўся на сваю галаву,— падумаў Кашын пра механіка.— Верыў, набіўся ў сааўтары, паставіў пытанне рубам. Не хапала толькі, каб набрацца сораму».

Паддавала злосці і яшчэ адно. Дзімінай удалося ажыццявіць рацыяналізатарскую прапанову па тэрмічных печах. Без ніякіх выдаткаў. Справа ў тым, што дэталі з коўкага чыгуну набываюць трываласць, калі метал старэе. Каб паскорыць гэты працэс, іх трымаюць у спецыяльных камерах-печах пад высокай тэмператураю, то павялічваючы, то памяншаючы яе, а пасля паволі ахалоджваюць.

Печы, у якіх ішоў адпал, былі вузкім месцам у тэрмаабрубным аддзяленні. Круцілі і так і гэтак і кожны раз прыходзілі да вываду — трэба будаваць новыя. Але Дзімінай пашанцавала. Прыглядаючыся да працэсу адпалу, яна заўважыла цікавую з’яву. Часам па тых ці іншых прычынах электрастанцыя адключала цэх. І вось, калі гэта рабілася ў пачатку адпалу, увесь працэс у далейшым ішоў хутчэй. У выніку быў распрацаваны новы рэжым, які амаль у два разы скараціў патрэбны на адпал час. І ад асветленай поспехам Доры Дзімінай, як гэта часам бывае, на Кашына ўпаў цень.

— Ну-ну,— падагнаў ён Аляксеева, расшпільваючы шэры, спартыўнага крою пінжак.

Механік няўпэўнена пераступіў з нагі на нагу і, пачаўшы са скроні, прапусціў праз растапыраныя пальцы бялявыя рэдкія валасы. Ускудлачаны яшчэ больш, у памятым рабочым касцюме, з аўтаручкаю і лагарыфмічнай лінейкаю ў бакавой кішэні, ён выглядаў нейкім прыгнечаным, асуджаным.

— Вось тут не зусім сходзіцца,— паказаў Аляксееў, падсоўваючы Кашыну лісток паперы.

— Тут? — утаропіўся на яго Кашын, моршчачыся ад таго, што большае вока ў Аляксеева слязіцца і падморгвае.— Не было б большай бяды, падгоніш. Дзейнічай! Сам ведаеш, які зараз час.

— Калі ласка...

Аляксееў выцер хустачкаю вочы і, зусім засумаваўшы, выйшаў.

Шум з цэха сюды не даходзіў. У канторы было ціха і на ўсім ляжаў пыл. Праз брудныя шыбы цадзілася мутнае святло. На дварэ пачынаўся дождж, і кроплі сцякалі па шыбах, як па нечым масляністым.

— Работнічкі! — уздыхнуў Кашын. Падцягнуўшы жывот, выцягнуў са стала шуфляду і стаў праглядаць паперы, якія трапляліся пад руку.

Угаварыць можна і самога сябе. Ён падумаў, пачухаў патыліцу. Хіба ўсё, што ён робіць, не на карысць заводу? На карысць, вядома. А хлеб са скарынкаю ўсюды. Папусцішся, не знойдзеш патрэбнага ходу — і адразу ўсё пойдзе шыварат-навыварат і запаскуджаным наверх. Сумнення няма — ім лягчэй. І добранькаму Сасноўскаму, які трымаецца толькі дзякуючы сваёй адукацыі ды памяркоўнасці. І Дзімінай з яе фокусамі-покусамі. І нават анучы, Аляксееву, які нядаўна пацягнуўся адсюль. Умеюць пазбягаць адказнасці, умеюць і каркаць на ўсякі выпадак. Гэта няцяжка... Праўда, цяпер модна патураць. Але нічога! Вунь учора балельшчыкі футбалістаў за пройгрыш пабілі. І хочаш не хочаш, а вывады прыйдзецца рабіць. Тым больш калі гэта не культурна-асветная ўстанова, а завод, дзе аснова ўсяму — выт-вор-чы працэс. Дзе непасрэдны вытворца — у цэнтры. Асвечваць ды ідэі падаваць лёгка. Ты вось сам нешта зрабіць паспрабуй. Ажыццяві!..

Разважыўшы гэтак, Кашын зноў павесялеў, надзеў камбінезон і спусціўся ў тэрмаабрубнае аддзяленне.

Ля барабана ўжо працавала брыгада з рамотна-механічкага цэха. Папраўляючы аловак за вухам, Аляксееў нешта тлумачыў мантажнікам. Убачыўшы начальніка цэха, яны пачалі завіхацца яшчэ жвавей. Гэта спадабалася яму. Ён энергічнымі рухамі закасаў рукавы камбінезона і папрасіў у аднаго з мантажнікаў ключ.

3

Праз дзень Сасноўскаму паведамілі: мантаж барабана ў тэрмаабрубным ідзе без чарцяжоў і рабочыя, якія раней толькі жартавалі з вынаходства Аляксеева — Кашына, цяпер смяюцца адкрыта і ваўсю.

Чуць збянтэжаны, што справа выкіроўваецца менавіта так, Сасноўскі пазваніў у партком і папрасіў, каб Дзімін, калі будзе на тэрыторыі завода, на хвілінку зайшоў.

— Ведаеш настрой рабочых у тэрмаабрубным? — спытаўся ён, калі сакратар самавіта сеў на мяккай канапе і, збіраючыся слухаць, пагладзіў густыя, зачэсаныя назад валасы. І ў тым, як ён садзіўся, як гладзіў сябе па галаве, Сасноўскі пазнаў яго папярэдніка, лабатага, крутога чалавека, якога нядаўна перавялі ў Саўнаргас.

«Пераймае»,— падумаў Максім Сцяпанавіч і нахмурыўся, каб не ўсміхнуцца.

— Сапраўды, таго... расказвалі...— прызнаўся Дзімін і паправіўся: — У парткоме ёсць сігналы. А што?

Усяго тыдзень назад, працуючы энергетыкам, ён быў у падначаленні Сасноўскага і, натуральна, не мог адразу прывыкнуць да свайго цяперашняга становішча. Дый выбралі яго, як здавалася Дзіміну, нечакана. Не было сакрэтам: спачатку мецілі на гэтую пасаду галоўнага тэхнолага. Але той за дзень да перавыбарчага сходу знячэўку выехаў у камандзіроўку на Яраслаўскі аўтамабільны і зблытаў усе карты. Прапанаваў кандыдатуру Дзіміна сам дырэктар, таму яе лёгка падтрымалі, хоць Дзімін і адмаўляўся. Вярнуўшыся дамоў пасля гутаркі ў гаркоме, ён не спаў цэлую ноч. Палохала адказнасць, не ставала веры ў свае сілы. Насмешкаю і каверзаю здаваўся тэрміновы ад’езд галоўнага тэхнолага. Чаго б гэта? Няўжо збаяўся, што сакратарскае месца — рэч часовая і, страціўшы сваё месца, пасля не вернеш: зойме другі? Але сілы, якія прыйшлі ў рух і вызначылі лёс Дзіміна, аказаліся настолькі магутнымі, што нічога іншага не выпадала, як брацца за працу і апраўдваць давер.

Спачатку Дзімін паставіў перад сабой дзве задачы: умацоўваць дысцыпліну і падтрымліваць новае. Завод набіраў тэмпы. Але яшчэ хутчэй раслі праграма і патрабаванні. «МАЗы» працавалі на вялікіх будоўлях, ішлі ў Кітай, у Балгарыю, Індыю. Светавая рэклама — «МАЗ» са срабрыстым зубрам — успыхвала па начах на галоўнай вуліцы Каіра. І разам з гэтым на завод ішлі рэкламацыі: аўтамабіль не заўсёды бездакорна служыў і ў афрыканскую спёку, і ў сібірскія сіверы. А пераход на скарочаны рабочы дзень?!. Значыць, каб не адстаць, трэба было на ўсю сілу змагацца за новае. Новае, новае!..

— Сігналы ёсць,— паўтарыў Дзімін, але, як паставіцца да гэтага, не ведаў.

— Сігналы, што здзекуюцца? — спытаўся Сасноўскі і падумаў: «Ну, зараз зноў пагладзіць валасы або пакладзе рукі на калені і заківаецца».

— Та-ак, та-ак,— цяжка ўзняў вочы на галоўнага інжынера Дзімін і сапраўды правёў далоняй па валасах.

— Яны яго цар-барабанам называюць.

— Трапна! — засмяяўся Дзімін і адразу спахапіўся: — Але ж новае заўсёды ўваходзіць у жыццё з накладнымі выдаткамі. Яны потым акунаюцца.

— Не пярэчу. Аднак я павінен парадаваць цябе: мантаж ідзе без чарцяжоў. Так, брат, новае не ствараюць.

— Новае ёсць новае,— не знаходзячы аргументаў і таму ўпарта не згадзіўся Дзімін.— Хіба сама ідэя фальшывая?

— Не, яна не асабліва арыгінальная, але...

На пуск шротамётнага барабана Сасноўскі ішоў з супярэчлівым пачуццём. Ён верыў і не верыў у поспех і лавіў сябе на думцы, што не вельмі жадае яго. Нават калі даваў згоду на мантаж, хацеў хутчэй за ўсё паказаць, што не з усякага вымудру нешта выходзіць. Настойваеце — прашу! Я перашкаджаць не збіраюся, бо таксама за новае. Але, майце на ўвазе, у тэхніцы — свае законы. Мала кінуць лозунг: «Кожны чацвёрты рабочы — вынаходца і рацыяналізатар!» Кінуць і пляскаць у далоні першай, што трапілася, прапанове, а таго, хто не пляскае, называць руцінёрам. Дый чаму чацвёрты, а не пяты? Таму парою і выходзіць, што адзін рацыяналізатар атрымлівае прэмію за нейкія змены ў станку, а другі — што адмовіўся ад іх.

Дзімін ужо быў у тэрмаабрубным. Рухавы, чорны, як жук, у новым, старанна адпрасаваным касцюме, у капелюшы, ён хадзіў навокал вялізнага няўклюднага барабана і заклапочана разглядаў яго.

«Капялюш? Раней ты ніколі не насіў яго, дарагі,— іранічна падумаў Сасноўскі.— Міла, міла...»

За Дзіміным паважна ступаў на галаву вышэйшы Кашын. І было такое ўражанне, што не начальнік цэха, а Дзімін павінен трымаць экзамен. Кашын жа завітаў сюды проста так — пацікавіцца, што і як у таго выйшла.

У баку ад іх стаяла Дора. Муж тут, у цэху, трымаўся з ёю афіцыйна, і гэта не бянтэжыла яе — яна яўна не хацела ўваходзіць у ролю жонкі сакратара парткома.

Рабочыя другіх агрэгатаў трымаліся воддаль ад барабана, але было відаць — пільна сачылі за ўсім, што робіцца.

Прабіраючыся паміж грудамі адлівак і кучамі пяску, Сасноўскі падышоў да сабраўшыхся. Павітаўся і спытаў:

— Ну як? Можна спадзявацца?

Кашын, які ледзь не цалюткую ноч правалтузіўся каля барабана, выглядаў змардаваным, але галавою кіўнуў энергічна. І ўсё-такі па тым, як нешта страпянулася ў яго вачах, як нервова праглынуў ён сліну, Сасноўскі здагадаўся: трывожыцца, хоць стараецца не паказваць гэтага.

Яго хваляванне перадалося Сасноўскаму. Ён яшчэ раз акінуў позіркам аддзяленне і падумаў, што за хаос і непаладкі тут яны з начальнікам цэха адказваюць аднолькава, калі пашанцуе з барабанам — падзеляць і поспех.

— Я спісаўся з Харкаўскім трактарным,— сказаў ён міралюбіва.— У іх шротамётныя камеры ўжо працуюць. Раніцою прыйшла дакументацыя.

Дзімін, нібыта на яго замахнуліся, уцягнуў галаву ў плечы і, не верачы, упяў у Сасноўскага круглыя агатавыя вочы.

— Значыць, вы наогул сумняваліся?

— Пераправерка ў тэхніцы рэдка бывае лішняя, Пятро...— заўважыла Дора, але, убачыўшы, што гэта не спадабалася мужу, адвярнулася.

Кашын пабарвавеў і, нічога не сказаўшы, даў знак Аляксееву.

Цяжкая аграмадзіна барабана прыйшла ў рух, загрукатала.

Усе нейкі час стаялі моўчкі, адчуваючы няёмкасць. Калі ж з барабана пачалі падаць дэталі, Сасноўскі і Дзімін разам, як па камандзе, схіліліся над імі.

Дэталі былі шурпатыя, амаль неапрацаваныя.

— Ну вось... віншую...— перавярнуў нагою Сасноўскі некалькі дэталяў.— Канфуз!..

Аляксееў лыпнуў вачыма і, спыніўшы барабан, чагосьці палез на яго.

— Куды ты? — гаркнуў Кашын. І, выхапіўшы ў механіка гаечны ключ, сам пачаў адкрываць барабан.

Рухі ў яго былі парывістыя, ключ зрываўся, і, каб не глядзець на бездапаможную лютасць начальніка цэха, Сасноўскі павярнуўся і адышоў на некалькі крокаў. Дзімін рушыў за ім.

— Толькі пабудзьце тут, калі ласка,— папрасіў ён.

Сасноўскі не адказаў.

Выпацканы, потны механік нарэшце падбег да іх і блытана, стоячы чамусьці па-ваеннаму, далажыў, што ў крайнюю турбіну з элеватара не паступае шрот і што, мабыць, давядзецца рабіць элеватар вышэйшым.

— І ў паўтара-два разы павялічыць барабан? — з прыкрасцю перабіў яго Сасноўскі.— Не, таварышы... Магу дазволіць толькі адно: калі ёсць жаданне і хочацца зрабіць сабе прыемнасць — уключыце яшчэ разок, няхай пакруціцца. Але потым... Потым разабраць і пусціць на рамонтныя патрэбы. А з чарцяжамі харкаўчан, Мікіта Мікітавіч, пазнаёмцеся сёння ж.

З пакрыўджанай мінаю ён адвярнуўся і падаўся да выхада, прыкідваючы, што прыйдзецца перапланаваць тут і як лепш далажыць пра гэта дырэктару.

4

Дзімін прыйшоў дамоў толькі пад вечар. Ездзіў у райком з Пракопам Свірыным, якога цэхавая арганізацыя прыняла ў партыю. Меў доўгую непрыемную размову з дырэктарам наконт злашчаснага барабана. Прысутнічаў у чырвоным кутку ліцейнага цэха, калі ўрачыста праводзілі на пенсію старога фармоўшчыка Вараксу. «Правярнуў» безліч самых розных бягучых спраў. Усё гэта было новае, незнаёмае, і прыходзілася бясконца раіцца з кім-небудзь, нават па дробязях. І калі б на заводзе не было моцнай здаровай арганізацыі, нічога не мог бы зрабіць.

Зняўшы гальштук і аддаючы яго жонцы, змардаваны да рэшты Дзімін вылаяўся:

— А ліха на яго! Хто выдумаў гэтую абузу? Душыць, як хамут... Рая дома?

Дора ўжо даўно прыкмеціла: вярнуўшыся з работы, ён абавязкова пытаўся, ці дома дачка, а калі адчыняла Рая, ці дома маці, і быў вельмі нездаволены, калі хто адсутнічаў.

— Дома,— адказала яна.

У калідоры было цемнавата. Святло трапляла сюды толькі праз шкляныя дзверы спальні. Пачуўшы званок, па якім Дора пазнала — муж, адразу запаліла электрычнасць. У жаўтаватым святле, не такім яркім, як уначы, твар у Дзіміна выглядаў знясіленым. Але, заўважыўшы гэта, Дора не падала і выгляду. Яна павесіла ў шафу яго капялюш, гальштук і, прайшоўшы за ім у ванную, параіла:

— Ты вымыйся, Пеця, па пояс. Як некалі.

Дзімін ахвотна скінуў кашулю, саколку і, фыркаючы, пачаў умывацца. Потым схіліўся над ваннаю і папрасіў паліць на шыю і спіну. Халодная вада асвяжыла яго. Крэкчучы, фыркаючы і вохкаючы, ён пачаў расказваць:

— Пракопа Свірына твайго зацвердзілі... У-ух! Хоць і ўчынілі галавамыйку. Ды не бойся, лей, лей... Ух ты!.. Нават шкада яго стала, такога смірненькага, прычэсанага... Лявей, лявей на лапатку...

Яна ведала і гэтую мужаву прывычку — расказваць пра ўсё, што рабіў, бачыў і чуў за дзень. Ведала, любіла і прывыкла да яе.

— А ты, мабыць, абараняў?

— Неяк няёмка было. Да таго ж цар-барабан гэты!

— Дарэмна. Быць сабою наўрад ці сорамна. Хоць...

— Ты мне лепей скажы, чаго яны ад мяне хочуць. У-ух!.. Дырэктар і той з гадзіну павучаў... Досыць!

Дзімін выцерся калматым ручніком, адзеўся, прычасаўся і, паружавелы, з мокрымі валасамі, якія набылі сіняваты адліў, пайшоў у сталовую. Але на душы было не весела. Ва ўяўленні як дакор стаяла няўклюдная аграмадзіна барабана. У ёй, як цьмяна дагадваўся Дзімін, скрыжавалася многае, і ў першую чаргу — катынская нахрапістасць з незразумелай пасіўнасцю галоўнага інжынера.

— Ён параіў мне забыцца на сённяшні выпадак, не надаваць яму значэння,— загаварыў зноў Дзімін, крочачы навокал стала і папраўляючы крэслы.

— Ды ты сядзь, сядзь,— папрасіла Дора.— Хто — ён?

— Дырэктар. Кажа, што шуміха, калі ўзняць яе, выкліча непажаданы рэзананс. Падарве ідэю рацыяналізацыі, аўтарытэт Кашына, а рыкашэтам і Сасноўскага. Бо нішто так не злуе рабочых, як тэхнічная бесталкоўшчына інжынераў. А барабан, калі не лічыць брыгады мантажнікаў, па сутнасці, не каштаваў кі капейкі.

— І ты верыш яму?..— іранічна спыталася Дора, але, заўважыўшы, як балюча перасмыкнуўся твар у мужа, не дагаварыла да канца.

— Часам даводзіцца ўлічваць вышэйшыя меркаванні!

— Магчыма...— усё ж зноў пачала яна.— Але ў тваёй рабоце незалежнасць па-мойму,— паветра. Без яе ні аб’ектыўным, ні патрабавальным не быць. У парадзе дырэктара — ведамственшчына.

— Вечна ты са сваёй недаверлівасцю... І прашу, не рабі мне, калі ласка, заўваг пры другіх!..

Узбіваючы на хаду пышную прычоску, увайшла Рая — у піжаме, хударлявая, стройная.

Яны звычайна не спрачаліся пры дачцэ і змоўклі.

— Зноў чаго-небудзь не падзялілі,— абыякава запыталася Рая, кіруючыся да буфета.— Мама не можа без гэтага.

— Чаму дагэтуль з інстытута паперкі няма? Або ты яе схавала? — сказаў Дзімін, пераносячы сваё раздражненне на дачку.

Шукаючы нешта ў буфеце, тая спакойна адказала:

— Я забрала дакументы з медыцынскага таксама і збіралася сказаць вам...

— Забрала? Чаму? — аслупянеў Дзімін, які ў сумятні апошніх дзён зусім забыўся на дамашнія клопаты.

— У мяне зноў была тройка — па хіміі. Так што чакаць — арцель «Дарэмная праца». Навошта мне гэта? Я не такая!

— І што ж ты цяпер надумала? — прыгнечана спыталася Дора, баючыся зірнуць на мужа.

— Буду рыхтавацца. Мяне ж налета ў армію не

возьмуць.

— Ды ўяўляеш ты, што такое год?

— Трыста шэсцьдзесят пяць дзён, калі не высакосны.

Рая ўзяла з буфета вафлю, з выклікам паглядзела на ашаломленага бацьку, разгубленую маці і незалежна пайшла са сталовай, быццам тут ёй не было ўжо чаго рабіць.

— А цікава, што вы загадаеце мне цяпер — вешацца? — крыкнула з калідора.

Доры раптам стала шкада дачку, а яшчэ больш — мужа. Яна абняла яго за плечы, усадзіла ў крэсла і прымасцілася на падлакотніку.

— Чаго ты? Паспее яшчэ — і навучыцца і напрацавацца. Няхай адпачне, падумае. Так, можа, хутчэй знойдзе сябе,— сказала яна.— Мы з табою такога не мелі. А хіба гэта добра? Усё спяшаліся, спяшаліся. Ніколі не хапала часу. Усё і заўсёды гарэла. Вучыліся і працавалі, а цяпер працуем і вучымся. Нясём дзесяткі нагрузак. Мне наогул прыходзіць думка, ці не вельмі мы перагружаем людзей. Узвальваем на іх ношу з дашкольнага ўзросту і штогод дадаём па пуду. Ці не замнога гэта?

— Адзін доктар у нашай паліклініцы далей за цябе пайшоў,— зноў ускіпеў Дзімін, разумеючы, што гэта гаворыцца не толькі, каб супакоіць сябе.— Ведаеш, з бародкай?

— Сустракала.

— Ён наогул у імя здароўя патрабуе забараніць перавыконваць план.

— А што ты думаеш! — страпянулася Дора, нібыта словы мужа ўзрадавалі яе.— Прадукцыйнасць павінна расці за кошт тэхнікі. Памятаеш апошнія дні ліпеня? Спёку? У фармовачным і тэрмаабрубным выпрацоўка на дзесяць працэнтаў упала. Ты думаў аб гэтым, сакратар?

— Не абагульняй, калі ласка.

Здаволеная, што муж забываецца на Раю, Дора, аднак, запярэчыла:

— І ўсё-такі перагрузка! А адсюль — стомленасць. Пагавары з бібліятэкаркай, спытайся, якія кнігі бяруць. «Выберыце, просяць, такую, каб адпачыць».

— Значыць, чым менш аддасі, тым больш сабе астанецца?

— Вось таму і адрыгаецца...

— Богам прашу, устрымайся хоць гэтыя адкрыцці прапаведаваць.

— Які я прапаведнік,— слаба ўсміхнулася Дора.— Цяпер трыбуна мая дома стаіць, дый арганізатар я больш у сталовай... Пайшлі вячэраць...

— Я для чалавека пытаюся.

— Тое ж самае, здаецца.

Назаўтра, выйшаўшы з дома, Дзімін адпусціў машыну і падаўся ў партком пехатою. Гісторыя з барабанам, размова з жонкаю, Раін правал на экзаменах не выходзілі з галавы. І самае непрыемнае было тое, што ніякага пэўнага рашэння не знаходзілася.

Гэта злавала. Асабліва Дору, якая дасюль, нягледзячы на ўсе яго старанні, нават за сваю самастойнасць змагалася не дужа ахвотна. Ваеннае мінулае, якое надавала Дзіміну сілы, ляжала на ёй цяжарам, і пад ім яна амаль знемагала.

Неяк адразу пасля вайны да яе, проста на кватэру, заявіўся муж нейкай Барзман, якую Дора калісьці выманіла з гета і прывяла ў лес на партызанскі суд як здрадніцу. У ваеннай форме, з нашыўкамі, што сведчылі аб раненнях, з палкаю ў руцэ, худы, бледны, ён і на Дзіміна зрабіў цяжкае ўражанне. Яно ўзмацнялася яшчэ тым, што нязваны госць глядзеў на Дору як на дзіва, без канца шчыпаў падбародак. А пасля, скрыпнуўшы пратэзам, неспадзявана раскланяўся і грукнуў дзвярыма, відаць, не разумеючы ні Доры, ні сваёй жонкі, ні таго, навошта зайшоў сюды.

Пасля яго візіту Дора зусім пала духам. Зажурыўшыся, пачала пазбягаць людзей. Калі ж размаўляла з кім-небудзь, дзіўна ўсміхалася, нібыта ўгадваючы ў субяседніку нейкія тайныя думкі. А вось цяпер гэтая — нечаканая, выбачлівая, але ўедлівая актыўнасць!

— Фу ты, чорт!..— круціў галавою Дзімін.

Раніца была шэранькая, хмарная, быццам толькі

нядаўна прайшоў дождж і неўзабаве пойдзе зноў.

Хмурнае неба нізка навісла над дахамі дамоў, і дзівам здавалася, што дамы і асфальт сухія.

Гэта таксама гняло. Але, дайшоўшы да парткома, які размяшчаўся ў часовым бараку, Дзімін усё-такі сёе-тое прыдумаў. Варта было схадзіць у ліцейны або выклікаць пасля работы сакратара цэхавай партарганізацыі з Шарупічам і высветліць, як справы з рацыяналізатарствам і аховаю працы.

Варта было пагаварыць наконт гэтага і з Сасноўскім. На прыступках ганка ён прыпыніўся, паправіў гальштук, капялюш і з заклапочаным афіцыйным выглядам увайшоў у калідор барака.

5

Ледзьве схлынулі першыя тэлефонныя званкі, Дзімін накіраваўся да галоўнага інжынера і разам з ім быў у ліцейным да абедзеннага перапынку. Але, як высветлілася, і гэтага часу аказалася мала, і яны прыпыніліся каля заводскіх варот — дагаворваць.

Праз прахадную ішлі рабочыя — у спяцоўках, камбінезонах. Ішлі непаспешліва, стомлена, як людзі, якія многа папрацавалі і якім пасля трэба яшчэ працаваць. На тварах бадай што ва ўсіх характэрны выраз — не то задуменнасці, не то спакойнай яснасці, якой свецяцца твары ў працаўнікоў пад час кароткага і таму дарагога адпачынку.

Заняты сваім, Сасноўскі механічна адказваў на пытанні і ўсё гаварыў і гаварыў пра катынскі барабан з крыўдай абражанага чалавека.

— Прывык камандаваць і партызаніць! У нас жа завод, вытворчасць...

Прафесія накладае адбітак на людзей. Дзімін быў электрык, а значыць рамонтнік, і сама работа прывучыла да непаладак, промахаў і нават аварый. У душы ён лічыў іх з’явай натуральнай. Нават штурмаўшчына здавалася непазбежнай. «Як яно будзе іначай? Хіба можна крыўдзіцца на тое, што людзі прастуджваюцца, хварэюць?» І здзіўлены ўчора пазіцыяй галоўнага інжынера, зноў дзівіўся з яго запозненай лютасці. «Няўжо апраўдваецца такім чынам?..» Асцярожна, каб не надта пакрыўдзіць, пажартаваў:

— За цар-барабанам, Максім Сцяпанавіч, больш важныя рэчы стаяць. Але, прабачце, я не разумею, як вы наогул ставіцеся да гэтай вось вытворчасці?

Сасноўскі сумеўся, але адказаў таксама жартам:

— Станоўча, дарагі сакратар, станоўча. А ты што, сумняваешся?

У варотах паказаўся магутны дваццаціпяцітонны самазвал. Стрэліўшы з выхлапной трубы густым цёмным дымам, ён пакаціўся па асфальтаванай дарожцы.

— Завод — гэта яго прадукцыя,— сказаў Сасноўскі, паглядаючы на самазвал.— І калі б яна была лепшая, я, вядома, любіў бы таксама лепш...

Ён галіўся электрычнай брыкаю, і твар у яго быў звычайна белаваты, нібыта прыпудраны. Але цяпер ён здаваўся запалёным.

— Ты не здзіўляйся,— ухмыльнуўся, заўважыўшы неўразуменне Дзіміна.— Я ж таксама аб нечым мару, хоць не заўжды, як піянер, гавару пра гэта. Потым пераканаешся, можа быць...

Убачыўшы іх, ад прахадной падышоў Міхал Шарупіч. Быў ён заклапочаны, глядзеў сабе пад ногі. Маршчыны рэзка прачэрчвалі яго пацямнелы ад высахлага поту твар і рабілі Міхала старэйшым.

Сасноўскі заспяшаўся, зірнуў на ручны гадзіннік і прыўзняў капялюш:

— Прабачце, таварышы. Сакратарка, мусіць, ужо ўсе цэхі абзваніла.— Але, нешта ўспомніўшы, прыпыніўся.— Саўнаргас просіць меркаванні наконт спецыялізацыі прыслаць. Прыспяшае. Мяркуючы па ўсім, адбой пачынаюць біць. Вось бы! Ад завода, як і чалавека, вялікай карысці, вядома, смешна чакаць, калі ён рассыпаў гарох на шаснаццаць дарог.

— Значыць, зноў вайна? — прышчурыўся Дзімін.

— Некаторыя меркаванні напішу...

Міхал правёў позіркам высокую постаць галоўнага інжынера і ўздыхнуў.

— А як Рая, Пятро?

— Хадзем у партком, там пагутарым,— няпэўна адказаў Дзімін, думаючы пра размову з Сасноўскім.

— Не, я так... Мяне, мабыць, таксама чакаюць...

Дзімін сабраўся быў спыніць Шарупіча, як і раней, узяць пад руку, зазірнуць у знаёмыя вочы, але не зрабіў гэтага. Нібыта нешта абдумваючы, ён пастаяў трошкі, счакаў, пакуль Міхал згубіцца ў патоку рабочых, і толькі тады рушыў да прахадной: усё-такі зручней, калі паміж табою і людзьмі ёсць невялікая адлегласць. Людзі тады больш паважаюць цябе, і ты сам адчуваеш сябе вальней.

«Лабаты быў не дурань!..»

Аднак сталася так, што на плошчы яны зноў аказаліся разам, але загаварыць не змаглі і пайшлі моўчкі.

На шчасце, іх дагнаў Комлік. І хоць бачыўся з імі ў цэху, павітаўся другі раз. Папрасіў закурыць.

— Усё пабіраешся,— чуць прасвятлеў Міхал і палез у кішэню.

— А чаго там губляцца. Сёння ты мне дасі, заўтра я ў цябе вазьму,— жадаючы дагадзіць абодвум, пачаў балакаць Комлік.— Няхай балансамі бухгалтары займаюцца. Для іх лічыльнікі выдумалі. А мы без лічыльнікаў раней абыходзіліся і зараз, бог дасць, абыдземся. Што, не? Мо не тыя часы?

— Не тыя,— уздыхнуў Міхал, і Дзімін адчуў у яго словах дакор.

— Вось ты, сакратар,— вёў сваё Комлік, закурваючы,— у свае правы ўступіў. Для цябе чалавек зараз — самае галоўнае. Скажы ты яму, што такое праўда.

— Не мянці языком, Іван,— самавіта кінуў Дзімін.

Непамяркоўны і крыклівы, Комлік, аднак, любіў мірыць другіх.

— Чаго натапырыліся? Вы ж свае! Ну, няхай нас не ўсіх прызнаюць, бог з імі. Але памятаеш, Пятро, як ранены ляжаў і даглядалі мы цябе? А? — шырока пазяхаючы, сказаў ён.

Аднак словы яго выклікалі зусім адваротнае. Міхал панура зірнуў на Дзіміна і цвёрда сказаў:

— Ты думаеш, што я толькі пра дачок з табой хацеў пагаварыць? Не-е! Я павінен быў па старой дружбе папярэдзіць цябе. Збоку відней. Не ведаю, пра што вы размаўлялі з Сасноўскім раней, якія рашэнні прымалі. Але ў нас ты адно падтакваў то яму, то Кашыну. Нават у дробязях не адважваўся ім запярэчыць! А кажаш, хадзем у партком...

— Ну, ведаеш! — адсек Дзімін і ўпарта закруціў галавою.— Што вам ад мяне трэба? Праўды нейкай нябеснай? Ці не згаварыліся вы?

— Але, праўды.

— Дык чаго ж тады павучаеце мяне, як першакласніка? Раней быццам і не заўважалі, а як выбралі — гуртам вучыць накінуліся. І дырэктар, і Сасноўскі, і ты, і жонка. Дык калі такія разумныя — вось вам ключ ад сейфа! Бярыце і кіруйце на здароўе. Згаджайцеся, не згаджайцеся, у дробязях, у галоўным, як хочаце.

— Ты цяпер, Пятро, партыю прадстаўляеш. І як хочаш — сярдуй не сярдуй, а я табе павінен свае заўвагі зрабіць...

Развіталіся яны холадна. Дзімін хацеў быў завярнуць у партком, але ў вушах гучалі Міхалавы словы — і ён раздумаў.

Дый сядзець за пісьмовым сталом, адказваць на тэлефонныя званкі цяпер ён не мог. Комлік пусціў па ліцейным хохму, што жонка ягонага суседа, гады два назад, запісала дзіця на чаргу ў яслі. Цяпер гэтая чарга падышла, але сына, аказалася, пара ўжо весці ў дзіцячы сад... Прыйшлося заглянуць у яслі.

Вярнуўся Дзімін у партком толькі праз гадзіны паўтары. У дзвярах яго атакавалі наведвальнікі. Падышла і машыністка, маладзенькая, падобная на карэянку дзяўчына з усходнімі, узнятымі да скроней вачыма. Асцярожна адхіліўшы напорыстага начальніка аддзела кадраў, падала паперку, дзе былі запісаны тыя, хто званіў па тэлефоне, і няголасна паведаміла :

— Нядаўна, Пётр Сямёнавіч, заязджаў Кавалеўскі. Абяцаў заглянуць пазней. Цяпер ён паехаў на народную будоўлю.

— Чаму не знайшлі мяне? — раздзьмуўшы шчокі, з прыкрасцю выдыхнуў паветра Дзімін.— Я ж папярэджваў вас. І ў кабінет, мусіць, не запрасілі. Так?

6

Чаго ж заязджаў Кавалеўскі?..

Быў непрыёмны дзень, але наведвальнікаў у яго сабралася шмат. Некаторых ён ведаў добра, а каго не ведаў, амаль здагадваўся, з якімі клопатамі завіталі. Начальнік Галоўмінскбуда, хутчэй за ўсё, наконт мікрараёна. Генерал-маёр, відаць, наконт прапіскі. Пайшоў у адстаўку, хоча жыць у Мінску, але не можа прапісацца — патрэбна санітарная норма жылплошчы, а яе ў аблюбаваным доме не хапае. Пракурор Кастрычніцкага раёна — за памяшканнем для пракуратуры. Будынак, дзе яна знаходзіцца, ідзе пад знос.

Кавалеўскі яшчэ раз прагледзеў спіс, прынесены сакратаркаю, перапытаў:

— Генерал па асабістай справе?

— Але.

— Прапіска?

— Але.

— Няхай зойдзе да Каротчанкі. Запрасіце Кухту.

Увайшоў грузны начальнік Галоўмінскбуда. Выціраючы хустачкаю круглую паголеную галаву, сеў не на крэсла, што стаяла каля пісьмовага стала, а на правах частага наведвальніка ўбаку, ля сцяны.

— Зноў што-небудзь з мікрараёнам? — спытаўся Кавалеўскі, настройваючыся на паўжартаўлівы тон, якім звычайна вялася гаворка з Кухтам.

— Не, горш,— ляпнуў сябе па каленях Кухта.— Думаю прасіць, каб дазволілі навербаваць тысячы дзве рабочых на перыферыі. Зноў нявыкрутка.

— А ў горадзе? Не падыходзіць?

— Месцы ў нас у інтэрнатах знойдуцца. А хатнія гаспадыні мне не патрэбны.

Гул адшумеўшых уступных экзаменаў, зразумела, даходзіў да кабінета Кавалеўскага, і перш за ўсё, калі набываў драматычны характар. Званілі па тэлефоне, прасіліся на прыём бацькі, самі абітурыенты-няўдачнікі. Прадстаўнікі гаркома ў прыёмных камісіях дакладвалі пра кур’ёзы і эксцэсы. За парадамі звярталіся рэктары, работнікі міліцыі. І за кожным іх паведамленнем, просьбаю, скаргаю маячыў лёс маладых. Кавалеўскі за апошні час так зжыўся з гэтым, што словы Кухты здаліся яму проста дзіўнымі.

— Ты што, з неба зваліўся і пра дзесяцікласнікаў не чуў? — здзівіўся ён.

— Ну, гэтыя не дужа кінуцца на будоўлю. Ім дах над галавой і белыя халаты падай.

Усмешку, якая яшчэ была на твары Кавалеўскага, сагнала.

— Вось тут перабор ужо. Я, апрача ўсяго, праглядаў зводкі вашы. За адзін квартал адсеялася тысяча семсот чалавек. І прычына, браток, таксама адна — кепска забяспечвалі і не лепш клапаціліся.

Не хочучы згаджацца, але не знаходзячы і як пярэчыць, Кухта адвёў позірк на акно, але ад Кавалеўскага так больш нічога і не пачуў.

— Добра! Значыць, забараняецца,— з цяжкім сэрцам прамовіў ён.— Растлумачыў. Хоць, шчыра кажучы, я супроць, каб на заводы і будоўлі траплялі выпадковыя людзі. Палка з двума канцамі. І не думай, што ў нас з іншымі пытаннямі цішыня ды супакой. Паслухай, што пракурор зараз заспявае.

Кавалеўскаму спадабаліся насмешлівыя ноты, звычайныя для гэтага грузнага шчырага чалавека, і ён зноў павесялеў.

— А што?

— Наш экскаватаршчык пад’ехаў надысь і страсянуў для постраху яго хароміну. Са столі, канешне, пасыпалася, і, канешне, супрацоўнікі адмаўляюцца прымаць наведвальнікаў. А якая пракуратура без тых, хто скардзіцца або апраўдваецца?

— У чыгуначнікаў новы дом увайшоў у строй. Я дамовіўся з упраўленнем — даюць крыху. Перадай: няхай не панікуе...

Гадзіны праз дзве, закончыўшы самае неадкладнае, заклапочаны і крыху расстроены, Кавалеўскі сеў у машыну.

— На аўтазавод,— коратка распарадзіўся ён.— У партком...

Дзімін чакаў яго з апаскаю — начальства часцей заяўлялася на завод, калі былі якія сігналы.

«Што за прычына? — стараўся адгадаць Дзімін.— пазваніў дырэктару, Сасноўскаму, папярэдзіў, што прыедзе сакратар гаркома, і, каб не трапіць у няёмкае становішча, прагледзеў апошнія заводскія зводкі: цяпер ён павінен быў ведаць лічбы, факты, прозвішчы.

У прасторны яго кабінет, з традыцыйна пастаўленымі літарай «Т» сталамі і мноствам тэлефонаў на тумбачцы, Кавалеўскі ўвайшоў з двума будаўнікамі-аўтазаводцамі. Дзімін пазнаў іх і зразумеў: сакратар гаркома прывёз іх з Паўночнага пасёлка, дзе будаваліся калектыўныя дамы.

— А ну раскажыце Пятру Сямёнавічу, што ў вас там робіцца,— папрасіў ён.

Будаўнікі наперабой пачалі скардзіцца на нястачу матэрыялаў, непаваротлівасць прараба і частыя непаладкі-затрымкі.

— Рукі пакуль што не даходзяць,— нявесела прызнаўся Дзімін, калі рабочыя пайшлі.— Мастацтва гэта — адразу сто спраў рабіць.

— А ты думаў! Вось і растасоўвай. Няхай за будоўлю бяруцца цэхі. І пабачыш, што і звышпланавыя накапленні будуць і ўсё астатняе! Не дарэмна ў словах «жыллё» і «жыццё» адзін корань. Без кватэры і сямігадзінны дзень — не вялікая асалода!

— Згодзен.

— І адначасна яшчэ аб адным. Можа быць, самым галоўным. Не забывайся, калі ласка, на тых, хто скончыў школу. Павер, гэта вельмі важна. Выпускнікам інстытутаў пуцёўка ў жыццё даецца, яны на ўліку. А выпускнікі школ як пасынкі. Іх не вельмі ахвотна і на работу бяруць. Беспарадку баяцца. А што такое руціна? Гэта і ёсць боязь беспарадку ды лішніх клопатаў.

— У мяне свая выпускніца на шыі, адчуваю.

— Тым больш. Сэнс жыцця, Пётр Сямёнавіч, у яго няспыннасці. У імкненні да дасканалага. Вось з чаго, відаць, варта выходзіць...

У дзвярах паказалася машыністка і, не ведаючы, што разбіць, спынілася, не пераступаючы парога.

— Што ў вас? — затрывожыўся Дзімін, ведаючы яе вывучку.

— З ліцейнага званілі: у вагранцы нешта выбухнула,— вінавата далажыла яна.

На галаву сыпаліся новыя клопаты. З дакорам зірнуўшы на машыністку, нібыта яна была вінавата ў тым, што адбылося, Дзімін папрасіў прабачэння ў Кавалеўскага і выклікаў па тэлефоне ліцейны.

РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
1

У гуле і бразгаце цэха выбух прагучаў нямоцна. Узарвалася, хутчэй за ўсё, невялікая міна, якая трапіла ў вогненную завіруху разам з ломам. Усё-такі вагранку пашкодзіла і выкінула з яе крыху чыгуну.

Назаўтра перад пачаткам змены Міхал падышоў да месца аварыі. Ваграншчык узбуджана — відаць, гаварыў пра гэта сёння ўпершыню,— стаў расказваць, як усё здарылася. А потым з замарожанай усмешкаю дадаў, быццам апраўдваючыся:

— Бачыш, Сяргеевіч, штз з надоешняга ў шахце яшчэ знайшлі! Але гэта абясшкоджаная ўжо.

На яго далоні ляжала ржавая граната-лімонка, прасвідраваная збоку.

— Эф-адзін,— паківаў галавою Міхал. Узяў гранату і павагаў яе на руцэ, нібы ўзважваючы.— Знаёмая штука. Нават добра знаёмая...

Ён вярнуўся да электрапечы ўзрушаны і прыгодаю, і тым, што абудзіла яна ў душы.

Калі ўзрушэнне прыходзіць да пажылых памяркоўных людзей, яно доўга не пакідае іх, хоць і рэдка праяўляецца бурна. Тлее, як жар пад попелам. Мінулае нахлынула на Міхала, запаланіла яго і было як бы побач увесь час — на працы, па дарозе дахаты і дома. У памяці паўставала то адно, то другое і перш за ўсё — вайна, падполле. Як ні дзіўна, усё гэта ўяўлялася цяпер у нейкім іншым святле. Пра яго хацелася ўспамінаць, расказваць — можа, яшчэ раз перажыць тыя ўзлёты духу, якія некалі перажываў з таварышамі па барацьбе.

Міхал роўна, па-таварыску ставіўся да навакольных, але ўсё ж тыя, што поруч змагаліся ў падполлі, а потым у партызанах, аставаліся найбліжэйшымі. Чаму? Хто ведае. Можа, таму, што тады ён быў маладзейшы, што пакутаваў і гарэў, як ніколі. А можа, і таму, што чалавек у вайне раскрываецца да астатку — увесь. Карыслівае, дробязнае некуды адыходзіць: у небяспецы ты сам, твая сям’я, твой дом, радзіма. Іх трэба абараняць, засланяць сваімі грудзьмі. Часам Міхалу нават здавалася, што людзі тады былі лепшыя. Ва ўсякім разе, больш высакародныя, самаахвярныя. І, як колішні сведка іх гарэння, ён гарнуўся да былых паплечнікаў душою. Мірнае жыццё мае свае законы, расстаўляе людзей па-свойму. Комліка, скажам, на адно месца, Дзіміна — на другое. Кашына — на трэцяе... Але і той, і другі, і трэці вытрымалі вунь якое выпрабаванне! Дык як жа ты будзеш да іх абыякавы?

Праўда, мінскае падполле як бы трымалі пад следствам часу. Руку на яго не падымалі, але і не балавалі ўвагаю. Маўчанне, што акружала яго, можна было разумець па-рознаму, і перш за ўсё як папярэджанне: пачакайце, гэта не к спеху, усякае яшчэ можа ўсплыць. Шмат хто з падпольшчыкаў нават уважаў за лепшае адкрыта, на людзях, не вельмі ўспамінаць аб ім.

Але Міхал якраз ведаў яму цану! Ведаў, і што зрабілі рукі яго баявых сяброў тут — на руінах і папялішчах.

Што бачыў ён, вяртаючыся ў родны горад з Краснаўфімскага шпіталя?

Ледзь не ад самай Масквы аб чыгуначных станцыях здагадваўся толькі па стрэлках, па пуцях, што ўраз разгаліноўваліся, па прысадах каля руін — ліпавых, кляновых, радзей бярозавых, па перонах — часцей драўляных і заўсёды дагледжаных, часам па жоўтых, наводшыбе, пажарных пуньках ды багажных аддзяленнях, што невядома як уцалелі. На адным паўстанку — яго Міхал ніколі не забудзе! — медны станцыйны звон вісеў проста на ліпе. І дзіўна выглядалі на перонах, за якімі адразу пачыналіся пусткі, адзінокія постаці дзяжурных у чырвоных шапках.

На запасных пуцях іржавелі абгарэлыя саставы, пад адхонам палатна валяліся пакарабачаныя цыстэрны, шкілеты вагонаў. Мосцікі былі абнесены калючым дротам. Лес і той адступіў ад чыгункі на сто — дзвесце метраў.

Недзе пад Оршай Міхал згледзеў, як, цяжка спускаючыся па схіле ўзгорка, за плугам клыпала жанчына. У плуг была запрэжана рабая, з запалымі бакамі карова, якую за вяроўку цягнуў босы, у зрэбнай кашулі хлопчык. Карова ўпарта круціла галавою, кідалася то ў адзін, то ў другі бок. Але хлопчык тузаў за вяроўку і, упіраючыся з усіх сіл, прымушаў карову ісці за сабою.

Замест вакзала ў Мінску шарэла знявечаная каробка з забітымі фанераю вокнамі. А горад? Ён ляжаў у безнадзейных руінах — бязлюдны, страшны.

Перад каробкаю галоўнага корпуса Політэхнічнага інстытута немцы разбілі могілкі. Чаму менавіта тут? Мабыць, таму, што насупроць знаходзіўся Клінічны гарадок і гэта было зручна. Старанна вывераныя — удоўж, упоперак і па дыяганалі,— цягнуліся рады салдацкіх крыжоў з неакораных, у таўшчыню рукі бярозак. Паміж іх сям-там узвышаліся больш самавітыя.

пафарбаваныя ў карычневы колер афіцэрскія крыжы. Дый сам горад быў падобны на закінутыя могілкі, дзе ад кожнага каменя патыхала тленам.

Гарком узяў Міхала ў сваё распараджэнне, але потым неспадзявана накіраваў на будаўніцтва ў Чырвонае Урочышча, дзе некалі знаходзіўся ваенны гарадок з аўтарамонтнымі майстэрнямі і дзе вырашылі будаваць аўтазборачны, а пасля і аўтамабільны завод. Немцы таксама абсталявалі там рамонтную базу. Пабудавалі два заводскія карпусы, падвялі чыгунку. Але, адступаючы, дэманціравалі і вывезлі абсталяванне, а ў самім гарадку ўзарвалі, што ўправіліся. Нават бор у Чырвоным Урочышчы амаль высеклі.

За будаўніцтва ўзялася былая партызанская вольніца, прысланая па пуцёўках Цэнтральнага штаба. Партызан былі сотні. І, натуральна, сярод іх знайшліся інжынеры, тэхнікі, шафёры, слесары-зборшчыкі. Яны вось і сталі першымі майстрамі і настаўнікамі.

Жылі атрадамі, як некалі ў буданах пад соснамі, у бараках. Побыт ладзілі таксама па-партызанску. Мелі агульныя запасы харчоў, штодзённа вылучалі дзяжурных у арцельных кухнях, па чарзе вазілі ў бочках ваду са Свіслачы. Вечарамі раскладвалі агні, і тады бор выглядаў зусім па-партызанску. Хіба было больш гоману і песень. Але ўсё, як і некалі, у лясных лагерах, віравала каля вогнішчаў, сярод меднастволых соснаў, якія цьмяна паблісквалі ад мігатлівага полымя.

Часам уночы разлягаўся гудок. Падхопліваліся ўсе, як па трывозе, апранаючыся на хаду, беглі да чыгуначнай веткі, разгружалі вагоны, платформы і на руках або па слегах тарабанілі на тэрыторыю завода важкія скрыні са станкамі, з абсталяваннем, што паступала з Масквы, з Горкага. У выхадныя ж дні ў страі, з кіркамі і рыдлёўкамі, кіраваліся да руін.

Да гэтага так прывыклі, што, калі тылавыя часці, якія займалі будынкі ваеннага гарадка, рушылі на захад — туды, дзе палыхала яшчэ вайна, будаўнікі адмовіліся перасяляцца ў дамы. Сем’яў амаль ні ў кога не было, і ніхто не хацеў ладзіць побыт па-дамашняму. Вельмі ўжо шмат чаго трэба чалавеку, каб жыць аднаму. Заводакіраўніцтва прымала нават захады — калі буданы і баракі пусцелі, з іх выносілі тапчаны і складалі ў штабелі. Але не памагала і гэта.

Толькі маразы, што прыйшлі ў той год позна, прымусілі партызан-будаўнікоў перасяліцца ў дамы.

Не было электраэнергіі, і, каб здабыць яе, даводзілася зачараванае кола рваць рукамі. Знайшлі два папсаваныя дызелі. Але, каб прымусіць іх працаваць, трэба было раней пусціць станкі. А яны, вядома, маглі ажыць толькі тады, калі дызелі дадуць энергію. І пачалі з таго, што сталі круціць станкі ўручную. А ліццё? Выкарыстоўвалі кіслародныя балоны — разразалі іх, абкладалі вогнетрывалай цэглаю і такім чынам «канструявалі» тыглі. Нават першыя напільнікі рабілі самі. Вучыліся адзін у аднаго, давучваліся ў Горкім, у Маскве, на Урале...

Вярнуўшыся з работы, Міхал звычайна садзіўся есці. Арына прывыкла да гэтага і, не марудзячы, ішла ў кухню і рыхтавала стол. Але сёння яна чамусьці марудзіла. Прапусціўшы яго ў калідор, яна роспачлівымі вачыма паказала на пакой і панурылася, гатовая заплакаць.

— Чаго ты? — не зразумеў Міхал.

Арына прыкрыла рот рукою, просячы гэтым, каб Міхал маўчаў, позіркам сказала, што хоча нешта паведаміць яму, і павяла ў кухню.

— Не чапай ты яе пакуль што, богам прашу,— зашаптала, прычыніўшы кухонныя дзверы.— Яна мне няведама што нагаварыла. Не думай, што праз твае сінія шкельцы і ў чалавечай душы ўсё можна разгледзець. Дачушка ты мая, дачушка!..

Яе словы ўдарылі Міхала ў сэрца. Ён апусціўся на табурэтку і паклаў рукі на стол, нібыта іх цяжка было трымаць.

— У нас учора на другой змене міна ў вагранцы разарвалася,— стомлена прамовіў ён.

— А бацюхны мае! — жахнулася Арына, але папрасіла зноў: — Не чапай ты яе, няхай супакоіцца.

Міхал быццам бы адштурхнуў Арыну позіркам.

— Не тое ты кажаш, маці. Успомні, як табе на Урале даводзілася адной. І нічога, наадварот нават. У такіх выпадках не патураюць. А ты, як заўсёды, хочаш абараніць яе ад нечага. Паміж ёю і людзьмі стаць.— І знарок голасна гукнуў:—Лёдзя, хадзем сюды!

Арына спалохана зірнула на яго, моўчкі адышлася

і застыла ў паставе засмучанай вясковай пакутніцы.

— Стамілася я з вамі, сілы няма. Рабіце як хочаце,— пакрыўджана сказала яна.— То на зайца ручнога ў цябе рука не падымаецца, то знячэўку ніякага жалю да дачкі сваёй...

Праз хвіліну ў дзвярах паказалася заплаканая Лёдзя. Твар у яе быў у чырвоных плямах, прыпухлы, губы ўздрыгвалі, як у дзіцяці. За яе спінаю маячыў Яўген, але і гэта таксама не змягчыла Міхала.

— З таго тыдня пойдзеш на завод. Чуеш? — сярдзіта кінуў ён.

2

Вучоба кладзе адбітак на твар. Рысы робяцца больш тонкія, мяккія, іх нібы азарае ўнутранае святло. Рослы, дужы ад прыроды, Яўген, аднак, з кожным годам станавіўся ўсё больш інтэлігентны з выгляду. Хударлявы твар, вялікі лоб, тонкі прамы нос і сумныя задуменныя вочы, якія праз акуляры здаваліся нейкімі далёкімі, пачыналі крыху палохаць Арыну. Нават Міхал, які з гордасцю разглядаў схіленага над чарцяжамі ці кнігаю сына, парою адчуваў сябе перад ім ніякавата. Лёдзя ле, наадварот, любіла брата якраз за тое, ад чаго бянтэжыліся бацькі. Калі Яўген рыхтаваў заданні, яна ахвотна рабіла за яго ўсё, што трэба па дому, купляла яму ватманскую паперу, чарцёжныя пёркі. Калі ён збіраўся на інстытуцкі вечар, прасавала штаны, кашулю, вывязвала гальштук і, адпусціўшы пасля доўгіх агледзін, цікавала ў акно, як брат ідзе па вуліцы і як выглядае ў параўнанні з другімі.

Заняты вучобаю, Яўген мала звяртаў увагі на сястру. Тураў, калі быў не ў гуморы. Яе адданасць часта надакучала яму. У час сямейных спрэчак ён заўсёды падтрымліваў маці, хоць і памагаў Лёдзі скрываць яе правіннасці. Збоку здавалася: Яўген абыякавы да сястры. Але вось здарылася бяда — бывае ж так! — і адразу стала відаць, наколькі Лёдзя дарагая брату. Ён страціў сон і ні пра што іншае не мог думаць. Гатовы быў пайсці немаведама на што, толькі каб памагчы сястры, каб не пакутавала яна — дурненькая, шчырая.

Яўген бачыў, як у час апошняй размовы з бацькам Лёдзя замкнулася і глухая ўпартая адчужанасць апанавала яе. Нічога не адказаўшы, яна ўскінула галаву і, бледная, рынулася з кухні.

Маці сашчапіла рукі і вачыма загадала Яўгену, каб бег услед.

Лёдзя сядзела за сталом, апусціўшы галаву на рукі, і ціха ўсхліпвала.

Яўген няўмела пагладзіў яе па галаве, падумаў, што ніколі дагэтуль не песціў сястры. А дзіўна: яна ж яму родная, найбліжэйшая.

— Супакойся,— папрасіў.— Нябось, не хаваеш сябе. Не паступіла ў гэтым годзе — паступіш налета. Абы была ахвота.

— Табе добра так разглагольстваваць! — утаропіла Лёдзя ў акно невідушчы позірк.

— Папрацуеш, набярэшся вопыту. Лягчэй будзе і вучыцца.

— Сам ідзі набірайся. Няўжо я горшая за Сеўку Кашына ці каго другога? Чым?..

Яе пачынаў паліць гнеў. Ён быў такі люты, што адразу высушыў слёзы. Вачам зрабілася горача, і Лёдзя міжвольна прыплюшчыла іх. Твар у яе пашарэў, нібыта яна выйшла на мароз.

— Чым?! — хрыпла перапытала яна.— Бачыла я разумных, якія за кошт другіх умеюць быць свядомымі.

— Ну вось, і я вінаваты,— абняў сястру Яўген.

— А мо, па-твойму, я? Пусці! Не хачу я вас. Не трэба мне ні спагады, ні парад. Хіба я таго чакала...

— Супакойся, прашу. І павер мне, калі ласка. Слова даю... Праз паўтара года я інжынер. Але хіба я так адчуваў бы сябе, каб перад гэтым пры бацьку ліцейшчыкам не папрацаваў? Дурная ты!..

Лёдзя адкінула Яўгенавы рукі, усхапілася і адышла ад стала. Усхліпнула і залілася злымі, непрымірымымі слязамі. А калі пачула, што брат набліжаецца, рэзка павярнулася і кінула яму ў твар:

— Не падыходзь, падпявала! Не падыходзь лепш!

— Дурненькая, перастань. Што з табою?

— Усё роўна па-вашаму не будзе. Не дажджаце! Я хутчэй рукі на сябе налажу!..

Адштурхнуўшы Яўгена, яна кінулася з пакоя і праз момант грукнула дзвярыма.

Яўген сабраўся быў бегчы за сястрою, але ў калідоры дарогу яму заступіў бацька.

— Не трэба,— забараніў, прыслухоўваючыся да Лёдзіных крокаў на лесвіцы.— Няхай...

Лёдзя чакала, што пачуе матчын лямант, спадзявалася, што яе абавязкова спыняць, будуць упрошваць, але гэтага не здарылася. Хутка спускаючыся па прыступках, яна халадзела і ў той жа час налівалася помслівай упартасцю. «Ну і добра, ну і няхай! Баліць мне, няхай пабаліць і вам. Калі мяне не шкадуеце, я таксама не буду сябе шкадаваць. Вось вам і дачушка, дачушка!..»

На вуліцы Лёдзя азірнулася яшчэ раз, але нікога са сваіх не ўбачыла. І раптам з жахам зразумела, што ў яе, відаць, не хопіць смеласці давесці да канца тое, на што наважылася, але не стае смеласці і адмовіцца ад гэтага.

У гараджан на кожны час дня свой рытм — прыўзняты, таропкі раніцою, больш спакойны ўвечары. Людзі як бы паступова стамляюцца. Прахожыя ішлі па тратуары няспешна, быццам без пэўнай мэты. У вочы кінуўся аброслы, у карычневым гарнітуры стары з кійком, падобны на плюшавага мішку. Ён памалу клыпаў перад Лёдзяй, спыняўся і ўсё паглядаў на бакі. Калі Лёдзя абагнала яго, ён таксама спыніўся і са здзіўленнем правёў яе вачыма. Ад яго пільнага позірку ёй зрабілася страшна, шкада сябе. Наўмысна яна збочыла ў завулак, каб прайсці паўз катэдж Сасноўскіх. Але ні на зялёным двары, ні ў вокнах, без звыклых парцьер і цюлевых фіранак, не было ні душы.

На аўтагарадок насоўвалася хмара. Краі яе былі ў жаўтаватых падпалінах, яны клубіліся і, здаецца, рухаліся хутчэй, чым хмара. Лёдзя заўважыла яе толькі тады, калі важкія халодныя кроплі ўпалі на шыю і на пыльнай зямлі — завулак яшчэ не забрукавалі — з’явіліся рэдкія цёмныя ямінкі.

«Ну і добра! Ну і няхай!» — зноў падумала яна, прагнучы пакут і выпрабаванняў.

Пагрозліва і стрымана прагрукатаў гром. Разгаліноўваючыся, трапяткая вогненная жылка прабегла па хмары, але не разрэзала яе, а як бы нечакана праступіла на ёй і асталася так на міг. А як толькі пагасла, лінуў густы дождж.

Не паскараючы крок, Лёдзя дайшла да канца завулка, адкуль былі відаць поле і сосны, што асталіся ад колішняга бору. Крапні катэдж быў яшчэ ў рыштаваннях. У праёме яго дзвярэй, прытуліўшыся адно да аднаго, стаялі хлопец і дзяўчына, ахінутыя адным пінжаком. Хлопец шчасліва смяяўся і частаваў дзяўчыну цукеркамі.

«Як гэта добра,— з зайздрасцю падумала Лёдзя.— Стаяць вось так, калі ідзе дождж, і смактаць карамелькі. Божа мой, божа!..» Прыйшлі думкі пра Юрку, і Лёдзя расчулілася і захандрыла зусім.

Змокшы да ніткі, дапяла да бліжэйшай сямейкі уцалелых соснаў і ў знямозе прытулілася да адной з іх. Адчула: па твары сцякае вада і адзенне прыліпае да цела. Трэба было сабрацца з духам, вырашыць, як зрабіць тое страшнае, што задумала, але не ставала сілы. Ногі млелі, падгіналіся. Потым з’явілася дзіцячая надзея: што і шукаць гэтага страшнага не трэба, што яно прыйдзе само, калі Лёдзя прастудзіцца вось тут зараз.

З помслівай роспаччу Лёдзя апусцілася на мокрую зямлю і лягла ніцма, схаваўшы твар у далонях. Па спіне прабягалі халодныя дрыжыкі, стукала ў скроні. Але яна прыціскалася лбом да мокрага жвіру і плакала. Думак ужо не было. Былі толькі холад і адчуванне няшчасця. Цёплымі аставаліся адны слёзы, ды і іх цеплыню яна адчувала не тварам, а далонямі. Калі пачалі дранцвець плечы і падкурчаныя ногі, яна пачула стракатанне матацыкла, які, наблізіўшыся, раптам сціх. Лёдзя сцялася ў камячок і насцярожылася. Сумнення не магло быць — яе заўважылі, і нехта бег сюды. Дабегшы, ён упаў на калені і схапіў Лёдзю за плечы.

— Чаго гэта вы? А ну ўставайце! — загадаў незнаёмец, тармосячы яе.

— Не чапайце мяне,— папрасіла яна, але прыўзнялася і павярнулася да незнаёмага.

Так, укленчыўшы, яны стаялі з хвілінку, гледзячы адно на аднаго. Змяркалася. Больш густыя пры дажджы вячэрнія змрокі ахіналі наваколле. Твар няпрошанага збаўцы ў бліскучым чорным плашчы з надзетым на галаву капюшонам здаўся Лёдзі худым і злавесным.

— Чаго вы ад мяне хочаце? Ідзіце прэч, а то я закрычу! — прыгразіла яна, адчуваючы, як страх абцугамі сціскае сэрца.

Незнаёмец адхінуў капюшон і пачаў расшпільваць плашч. Стала відаць, што гэта юнак. У яго сапраўды быў смуглы хударлявы твар, цёмныя ўважлівыя вочы і ўпартыя бровы, якія бадай што сыходзіліся на пераноссі.

— Ну што ж, крычыце, можа, сагрэецеся хутчэй,— сказаў ён спакойна і накінуў плашч ёй на плечы.— Уставайце!

З касы пад плашчом пачала сцякаць вада. Перасмыкнуўшыся, Лёдзя выняла касу і выкруціла.

— Ого! — здзівіўся хлопец.— Пакажыце.

Ён нават працягнуў руку.

Лёдзя грэбліва варухнула губою і адвярнулася. Але было ясна: тут нічога не зробіш і трэба слухацца, бо гэты бесцырымонны, спакойны хлопец усё роўна не пакіне яе адну на дажджы, супроць ночы. Добра ўжо, што не распытвае ні аб чым, не ахкае, не лезе са спачуваннем.

— Пойдзем ці паедзем? — дзелавіта, як аб вырашаным, загаварыў той, памагаючы Лёдзі ўстаць.— І не бойцеся, калі ласка. Як толькі дабяромся да гарадка, апека мая кончыцца. Даю слова...

Так, іншага ратунку, як вяртацца домоў, не было.

3

Лёдзя прачнулася з адчуваннем, што сёння таксама нядзеля — свята. Але як толькі расплюшчыла вочы, трывога ўраз апанавала яе. Спачатку яна нават не адразу ўцяміла: чаго гэта раптам? Але потым здагадалася і, каб не ўставаць, зноў заплюшчыла вочы. У акно ліліся косыя праменні сонца. Іх можна было адчуць і так. У вачах паўстаў ружовы морак, ён пераліваўся, і гэта рассейвала думкі. Аднак усё роўна недзе глыбока не пераставала жыць чаканне нядобрага — вось зараз падыдзе бацька і, не здаволены, пачне катурхаць. Ён не з тых, хто адмаўляецца ад свайго.

Але падышоў не бацька, як яна разлічвала, а маці. Лёдзя пазнала яе, не бачачы — па дотыку, і слёзы падступілі к горлу.

— Уставай, дачушка,— угаворліва сказала Арына, нібыта ведала, што Лёдзя не спіць.— Во твая адзежа. Бацька чакае ўжо.

Яна не пагладзіла дачкі па валасах, не пацалавала, як звычайна, а, як толькі Лёдзя адплюшчыла вочы, з заклапочаным выглядам заспяшалася з пакоя.

Лёдзя ўздыхнула, праглынула слёзы і спусціла з ложка ногі. Спадніца і кофтачка, што прынесла маці, былі просценькія, злінялыя і, мабыць, малаватыя, бо іх Лёдзя не насіла ўжо з год. У гэтым таксама, як ёй здалося, хаваўся здзек, бо раней, ідучы ў школу, Лёдзя заўсёды надзявала лепшае і новае, асабліва ў першы дзень. - - г

— Хутчэй, дачка! — падагнаў яе з-за сцяны Міхал.

Яўген спаў на канапе. Калі Лёдзя пачала адзявацца, усхрапнуў, смачна цмокнуў губамі і павярнуўся тварам да сцяны. Гэтага таксама раней не было — апошняй звычайна ўставала яна.

Стараючыся ні на кога не глядзець, Лёдзя пайшла на кухню, села за стол і, каб не злаваць бацькз^, узялася сілком есці.

— Кончана,— упэўнена сказаў ён.— З гэтага часу, Лядок, ты работніца. І ведай — я хачу, каб мая дачка была не горшая за другіх. Ды табе і нельга быць горшай. Адным людзям, калі што якое, даруюць, а другім — не. Табе нічога дараваць не будуць, ты прыкметная. І я не дарую... Помні!..

Па вуліцы яны ішлі моўчкі, і Лёдзя з апаскаю паглядала на бацьку, які ішоў з незнаёма рашучым тварам.

Палагаднеў ён толькі ў прахадной, калі Лёдзя паказала сівавусаму вахцёру свой пропуск.

Расплыўшыся ў добрай усмешцы, той захоплена спытаў:

— Твая, Міхале? Красу-уня! Усе хлопцы будуць яе...

Дзіўна, але Лёдзя, бацька якой вось ужо другі дзесятак год працаваў на заводзе, раней не бывала тут. І хоць некалі марыла стаць аўтабудаўніком, яна з прадузятасцю агледзелася.

Перад ёй былі строгія, залітыя асфальтам вуліцы, ліпавыя алеі, газоны — амаль усё, як і ў гарадку. Толькі, вядома, замест дамоў карпусы з шырокімі вокнамі і ліхтарамі, шыбы якіх паблісквалі на сонцы. І здавалася, што навокал вельмі светла і вокны, ліхтары на дахах абмыў лівень.

Нядаўна Лёдзя пабывала на выстаўцы кветак у Палацы прафсаюзаў. Радуючыся багаццю фарбаў, яна любавалася і не магла налюбавацца — кветкі, кветкі, кветкі... Але ўсё ж найбольш уразілі букеты «Нявеста» і «Песня аб Радзіме». Чаму? Лёдзя няясна здагадалася : да іх дакранулася думка, і прыгажосць кветак стала зусім іншая. Матава-бледныя флёксы і вяргіні, кветкі снежнай каралевы і карункавы дожджык у букеце «Нявеста» былі ўжо не проста кветкамі — перад уяўленнем напраўду паўставаў вобраз нявесты ў падвянечным плацці. Гладыёлусы ж, ад вогненных да ласкава ружовых, у «Песні аб Радзіме» трапяталі, як сцяг. Гэта сапраўды была песня аб запаветным, бясконца дарагім...

Нешта ад такой красы было і ў тым, што бачыла Лёдзя цяпер. Але адначасна з гэтым яно і таіла ў сабе штосьці чужое.

Абапал алеі стаялі шчыты з лозунгамі, дыяграмамі, з партрэтамі перадавікоў. На адным з іх Лёдзя пазнала бацьку — афіцыйнага, засяроджанага. Яна згледзела партрэт здалёк і, пакуль праходзіла міма, не спускала з яго вачэй, а партрэт праводзіў яе ўважлівым, сур’ёзным позіркам.

«Ганарыцца, нябось, гэтым? — адганяючы адчуванне ўласнай віны, паспрабавала скептычна настроіць сябе Лёдзя.— А падумаеш — дзіва! Ведаю цяпер, як гэта робіцца...» І неўзабаве сапраўды ўсё пачало раздражняць яе: сажа на лісцях ліп і на газонах, шорганне ног па асфальце, важкая хада рабочых, іх жарты, што адрасаваліся бацьку, але датычылі яе, сам бацька, які назнарок мала звяртаў на яе ўвагі, шэрыя сцены заводскіх карпусоў і шыбы ў вокнах, якія аж пераліваліся вясёлкамі ад масла.

У цэху ж наогул панавалі ўсяго два колеры — чорны і чырвоны, а сям-там — нават адзін чорны. Тлустачорная была пад нагамі зямля — жвірыстая, ліпкая, пыльна-чорныя былі закуродымленыя сцены, бэлькі, краны. А чырвонае — толькі полымя, што бушавала ў плавільнай печы ды ў вагранцы.

Кашына, які прымаў усіх навічкоў асабіста, яны знайшлі ў кабінеце. Паставіўшы адну нагу на крэсла, той з безудзельным тварам слухаў некага па тэлефоне і няспешна падпісваў паперы. Заўважыўшы Міхала, ён кіўнуў галавою, але, скасіўшы вочы больш, убачыў Лёдзю і прыкметна пасвятлеў.

— Перадай, што я, апрача барабана, яшчэ нешта зрабіў і раблю,— сказаў ён з годнасцю ў трубку, звыклым жэстам палажыў яе на рычаг і павярнуўся да

Лёдзі.— Не паступіла, значыць? Шкада. А мой вісус прабіў, як кажуць, сцяну лбом.

— А мне вось не ўдалося,— з выклікам сказала Лёдзя, хоць у голасе Кашына не было насмешкі.

Начальнік цэха з цікаўнасцю паглядзеў на дзяўчыну і пагладзіў значок аўтазаводца на адвароце пінжака. Пераступіўшы з нагі на нагу, Міхал кашлянуў, як бы напамінаючы дачцэ, дзе яна знаходзіцца.

— Ёй свет яшчэ не завязаны,— не даў ён далей гаварыць Лёдзі, якая магла пад гарачую руку нагаварыць бог ведае чаго.

Кашын па крузе вялікім і ўказальным пальцам выцер рот. Бачачы памяркоўнасць Міхала і цешачыся з Лёдзінай дзёрзкасці, не адмовіў сабе ў жаданні пакпіць

з дзяўчыны.

— Та-ак... Чаму ж не ўдалося?

— Яна была прыхварэла ў нас крыху,— зноў палічыў за патрэбнае ўмяшацца Міхал, ведаючы, што пасля гісторыі ў тэрмаабрубным начальнік цэха таксама заводзіцца, як кажуць, з паўабароту.

— Не пашанцавала, значыць? — спытаўся той з выглядам чалавека, якому многае дазволена і павінна сыходзіць з рук.

Чырвань густа заліла Лёдзін твар.

— Не пашанцавала! Але я, дарэчы, ведаю вашага Севу,— ні з таго ні з сяго сказала яна, не стрымліваючы сябе.— Мы ж вучыліся з ім разам!

— Я перадам яму,— перапыніў яе Кашын, здагадваючыся, пра што Лёдзя збіраецца гаварыць.— Хоць, па-мойму, табе не варта сварыцца са мною. Далібог! Залежыш усё-такі ты ад мяне, а не я ад цябе. Вось і ў бацькі спытайся.

— А я меркавала, што гэта не мае значэння.

— Ого! — холадна здзівіўся Кашын.— Меркавала, размяркоўвала. Гэта цікава. Але я на ўсякі выпадак папярэджу цябе, што работа ў нашым цэху цяжэйшая, чым дзе...

— Выйдзі адсюль на хвіліну, дачка,— загадаў Міхал, у душы здаволены ёю.

Калі ён нарэшце з’явіўся ў калідоры, Лёдзя, напятая як струна, з рашучым тварам чакала яго. Міхал палажыў ёй руку на спіну.

— Так не пачынаюць, Лядок. Нельга з-за сваёй уласнай крыўды, што не пашанцавала, кідацца на чалавека. У кожнага свой гонар. Дый ён і старэйшы. Калі ты пад стол пешкі хадзіла, атрадам камандаваў. Бяры цяпер рыдлёўку ды ідзі ў падвал. Калі, вядома, здолееш...

— Бы не бойцеся, тата,— адказала яна нечакана спакойна і жорстка.— Я цяпер працаваць буду, на злосць буду! І мне, калі так, нічога не страшна...

4

Баючыся спатыкнуцца і ўпасці, Лёдзя спусцілася ў падвал па сходцах, як спускалася ўчора, калі пасля гутаркі з Кашыным знаёмілася са сваёю работаю. На яе дыхнула гарачынёй, парнасцю, вострым пахам фармовачнай зямлі і стылага чыгуну. У падвале гарэла адна вялікая і некалькі малых электрычных лямпачак, але сцены, эпрон-канвеер і транспарцёры над галавою цямнелі, як у імгле. А магчыма, тут і сапраўды стаяла імгла з выпарэнняў і пылу.

Змена яшчэ не пачыналася. З пачуццём самоты Лёдзя абышла падвал, патрымала ў руках рыдлёўку, ломік, з якімі ёй давядзецца мець справу, і раптам убачыла жанчыну. Тая сядзела на скрыні, задуменна падпёршы галаву рукамі.

— Добры дзень,— павіталася Лёдзя.

Жанчына схамянулася. З-пад нізка завязанай хусткі глянулі жывыя, насмешлівыя вочы.

— Працаваць сюды? — спыталася яна недаверліва.

— Ага.

— Ну-у? Не страшна? Тут жа мала хто нават з мужчын вытрымлівае.

— А вы тады як?

— Толькі мы, май на ўвазе, і можам...

Угары ажылі транспарцёры, забразгацелі, завуркаталі бегуны. Загуло ў бункерах, і Лёдзя не пачула канца фразы. На галаву, на плечы пасыпаліся камячкі зямлі. Жанчына яшчэ нешта гаварыла, але Лёдзя, бачачы, як тая варушыць вуснамі, ужо не разбірала ні слова.

Жадаючы, відаць, усё ле супакоіць новенькую, жанчына, падбадзёрваючы, кіўнула ёй і падалася ў другі канец падвала. Не ведаючы дзеля чаго, услед за ёй пайшла і Лёдзя.

«Дык што ж гэта такое?! — роспачліва падумала яна.— Мама мая, мама!»

Неўзабаве з люка па нахіленай рашотцы на эпронканвеер з грукатам пасыпаліся адліўкі — попельныя, шурпатыя, сям-там яшчэ чырванаватыя, як недатлелае вуголле. І толькі па грукату, што рабілі яны, падаючы на канвеер, які нёс іх кудысьці ў цёмны правал у сцяне, угадвалася: адліўкі — важкія, з металу.

У падвале стала зусім горача і душна.

Бачачы, што жанчына ўзялася за работу, Лёдзя выцерла пот з ілба, прыхапіла лом, рыдлёўку і пайшла да элеватара. Абабіла, як учора паказваў ёй майстар, латок, потым узялася падграбаць зямлю, якая прасыпалася з транспарцёраў на падлогу. Яна была вязкая, цяжкая, і Лёдзя з жахам падумала: а што, калі да канца змены не хопіць сілы?

Але самае страшнае была не работа, а гарачыня, чадны духмень, скрогат і бясконцы грукат. Ад іх рабілася млосна. Кружылася галава, на зубах хрускаў пясок. Па спіне сцякаў пот, і адзенне прыліпала да цела. А з транспарцёраў на галаву, на плечы падала і падала тлустая фармовачная зямля, і гідка было дакрануцца да твару. Разам з гэтым расло і мацнела нейкае нядобрае ўпартае пачуццё. Гэта, як ні дзіўна, надавала Лёдзі сілы. І калі перад абедзенным перапынкам да яе падышла жанчына, якая, мусіць, сачыла за ёй, і моўчкі пачала памагаць, Лёдзя кальнула яе разлютаваным позіркам.

— Я сама... Ідзіце!..

Брыдка выйшла і потым.

Калі Лёдзя пасля гудка паднялася ў цэх, яна ледзь не наткнулася на каржакаватага, ладнага хлопца ў кепцы з адарваным казырком, якая была падобная на берэт. Хлопец ветла ўсміхнуўся Лёдзі, падміргнуў і, заігрываючы, кінуў у яе камячок зямлі.

«Гэта што яшчэ такое? Хуліган!» — успыхнула і без таго пакрыўджаная на ўсіх Лёдзя і з сорамам убачыла выцягнуты ад здзіўлення твар хлопца.

— Не чапай, Пракоп! — паклікаў яго цыбаты, сутулы таварыш.— Не бачыш — фіфа з панскімі замашкамі?

Дамоў Лёдзя вярнулася засмучаная. Запалыя, у сініх кругах вочы глядзелі, як пасля хваробы. Арына, сустрэўшы дачку, аж войкнула і ўзмахнула рукамі.

— Бацюхны мае, што з табою? — залямантавала яна. Але, пераняўшы сярдзіты позірк Міхала, які тупаў каля дзвярэй, выціраючы аб рубчасты гумавы палавічок ногі, змоўкла. З асцярогаю, быццам рабіла што забароненае, правяла дачку да ўмывальніка і толькі там, абняўшы, паціху заплакала.

— Цяжка, Лядок?

— Нармальна, мама. Людзі ж працуюць,— коратка адказала яна, вызваляючыся з абдымкаў.

— А ў мяне ўвесь дзень Урал з галавы не выходзіць. Турнэпс мёрзлы, вялёнкі. Нас, ведаеш, як там звалі? Не эвакуіраванымі, а выкавыраванымі. Эх, дачушка, дачушка!..

Арына ўсміхнулася праз слёзы і выцерла іх. Пастаяўшы побач, пакуль Лёдзя вымылася, зноў патопала ўслед — на кухню.

— Зноў за сваё? Чаго ты ходзіш за ёю? — зазлаваў не на жарт Міхал.— Не шкляная, не разаб’ецца. Лепей есці давай во...

Спала Лёдзя неспакойна. Нешта душыла яе і цяжарам навальвалася на грудзі. З усіх бакоў насоўвалася чарната — шчыльная, чадная. Хацела ўсхапіцца, закрычаць, але ні сілы, ні голасу не было. І гэта страшна мучыла.

Часам з чарнаты выплываў твар хлопца ў кепцы без казырка або ягонага сябра — з нахабнымі вачыма, якія бываюць у няўмольных, упартых людзей. То блюзніўся скрыўлены ў грэблівай грымасе Кашын. Твар начальніка цэха рос, набліжаўся амаль усутыч, і яго нельга было ўжо бачыць увесь. Апанаваная страхам Лёдзя ўпіралася рукамі ў падбародак Кашыну і, сцяўшы зубы, намагалася адапхнуць ад сябе, але гэта не ўдавалася.

— Мама! — шэптам, які ледзь прарываўся праз нейкую перапону, звала яна.

Але прыходзіла не маці, а Юра. Ён памагаў Лёдзі ўстаць, захінаў яе крысом пінжака, частаваў ледзянцамі і нашэптваў ласкавыя словы. Потым аднекуль з’яўляўся бацька. Быў ён, як і сёння, у рабочай робе, у шыракаполым брылі з сінімі акулярамі. Кашын і Юра знікалі. А бацька браў Лёдзю за руку і, як малую, вёў паўз фармовачныя машыны і вагранкі да плавільнай печы. У печы напружана гуло, патрэсквала, пад столь ад яе падымаліся барвова-малочныя клубы дыму.

З завалачнага акна шугала злое чырванаватае полымя і выляталі імклівыя іскры.

— Глядзі,— казаў бацька.

Пад’язджаў тэльфер з нязграбным раздатачным каўшом. Бацька — самавіты, упэўнены — круціў штурвал, электрапеч таямніча нахілялася, і з яе лёткі па жолабе ў коўш лілася зіхотная, як расплаўлены жэмчуг, лава, а з каўша насустрач ёй, нагадваючы салют, выляталі залатыя хвастатыя зоркі.

— Бачыш,— тлумачыў бацька,— якія яны буйныя і як рассыпаюцца веерам. Значыць, парадак. А калі б былі дробныя і вырываліся ўгару кучна, значыць, у металу не стае крэмнію. Заўважай!

Налятаў вецер, чарната зноў ахінала Лёдзю, і зноў з’яўляўся Кашын з пакрыўджаным хлопцам у кепцы без казырка.

«Пракоп, Пракоп!» — не ведаючы, як быць, паўтарала яго імя Лёдзя і клікала на дапамогу маці, Юру.

5

З чаго гэта ў іх пачалося? Хутчэй за ўсё, з жарту. Міхал купіў дачцэ падарунак — кішэнны пульверызатар. І вось выпала так, што аднойчы, перад выпускнымі экзаменамі, вяртаючыся з вечара, на якім дзесяцікласнікі сустракаліся з прадстаўнікамі розных прафесій, Юра і Лёдзя пайшлі разам. Ля брамкі,— Шарупічы тады жылі яшчэ на старой кватэры,— як і належыць, яны крыху пастаялі, а на развітанне Лёдзя, балуючыся, абдала Юру духмянымі пырскамі. Той засмяяўся і пайшоў дамоў, адчуваючы тонкі, веснавы пах.

Духі аказаліся ўстойлівымі. І з таго часу, як толькі Юра надзяваў выхадны касцюм, пах нагадваў яму Шарупічаву брамку, Лёдзю, яе залівісты мілы смех. А нагадаўшы, прымушаў думаць, вабіў, абяцаў нязведанае. Ва ўяўленні паўставаў Лёдзін вобраз — тонка акрэслены твар з вялікімі, крыху здзіўленымі вачыма; важкая, перакінутая цераз плячо каса ( з тых, што апеты ў песнях), стройная фігура, якая нечакана і раптам аформілася. І тады хацелася бачыць Лёдзю, глядзець на яе. Яна пачала сніцца — спакуслівая, недасяжная. Яна пачынала мучыць.

У адносінах з дзяўчатамі Юру не хапала непасрэднасці і прастаты. Не, з характару ён не быў сарамлівы ці нясмелы. Але яго палохала нават думка аб магчымых няўдачах. Як гэта так — яму, Юру, ды раптам давядзецца чырванець праз нешта?! Як гэта ён пашыецца ў дурні?! Ужо лепш, каб усё аставалася па-ранейшаму, як было.

І яшчэ адно стрымлівала Юру. Самалюб, ён часта сумняваўся і не давяраў сабе. Яму здавалася, што ў яго нічога не выйдзе і ён будзе выглядаць недарэкам. Ён баяўся, каб у ім не расчараваліся. Лічачы сябе не горшым за Сеўку Кашына, зайздросціў яму. Сева нахрапіста трымаў сябе з дзяўчатамі, чысціў іх усіх як распусніц, але яму, насуперак логіцы, чамусьці шанцавала.

— Ты прасцей, прасцей з імі,— павучаў той Юру.— Яны любяць нахабнікаў.

Але Юра не мог: перашкаджалі сумненні і самалюбства.

З выпускнога балю яны з Лёдзяй таксама пайшлі разам. Таксама, як тады, спыніліся ля брамкі. Але яна аказалася замкнутая. Хочучы паказаць свой спрыт і зрабіць прыемнае Лёдзі, Юра перамахнуў цераз плот і, перш чым забрахаў Палкан, адчыніў брамку.

Сабака кінуўся за Юрам, але Лёдзя паспела перахапіць Палкана і супакоіць. Ноч была месячная, поўная зменлівага казачнага святла. У белым маркізетавым плацці, з лёгкім шалем у руцэ, Лёдзя і дагэтуль здавалася зданёвай. Калі ж яна схілілася над Палканам і знізу ўверх зірнула на Юру, у вачах у яе палыхнула блакітнае, зусім русалчына святло.

Адчуваючы, што расце патрэба дакрануцца да дзяўчыны, Юра счакаў, калі тая разагнулася, і асцярожна ўзяў яе за рукі вышэй локцяў.

Яна не адхілілася, а, наадварот, падалася да яго, крыху спалохана пазіраючы. Ён асцярожна прыцягнуў яе да сябе і, бачачы зыркія вочы, пацалаваў у вусны.

Пацалунак апёк яго, і гарачая хваля абдала галаву.

Мяркуючы, што яны дурэюць, Палкан прысеў, гаўкнуў і стаў на заднія лапы.

Лёдзя войкнула і, баючыся, што ён запэцкае плацце, адступілася, замахала рукамі.

— Пайшоў, дурны! — закрычала яна грудным, шчаслівым голасам.— Ведаеш, Юра, у нас зайчанё расло. Дык ён яго аднойчы ледзь не злопаў. Во дурны.

Яны прагналі Палкана ў двор і зачынілі брамку. Сабака павіскваў, шкроб лапаю, а Юра і Лёдзя, забыўшыся на яго, доўга няўмела цалаваліся.

У першы ж выхадны яны спаткаліся ля Палаца культуры. Там ішла «Вясна на Зарэчнай вуліцы» і былі танцы. Глядзець знаёмы фільм або ісці танцаваць не хацелася. Дый на душы ў Лёдзі было пагана. Ва ўсім, літаральна ва ўсім яна бачыла крыўднае, а ў кожным чалавеку — крыўдзіцеля. Яна і на спатканне прыйшла з затоеным намерам пасварыцца з Юрам. «Няхай не вельмі гадаецца!..»

Юру таксама тачыла адчуванне віны. Было сорамна глядзець на Лёдзю — ссутуленую, няўпэўненую ў рухах.

Не беручыся за рукі, яны пайшлі ўздоўж агароджы, за якой цямнеў малады парк Палаца культуры. Выйшлі на Магілёўскую шашу, пастаялі на мосціку, праводзячы вачыма даволі частыя машыны і жмурачыся ад асляпляльнага святла фар.

— Ну як ты, рады, што прынялі? — не вытрымала маўчання Лёдзя.

— Ты пытаешся так, быццам я вінаваты, што буду вучыцца,— сканфузіўся Юра.

— А ты думаеш: я вінавата, што не буду?

— Адкуль ты ўзяла?

— Я бачу.

— Няпраўда...

Стаяць на мосціку, дзе іх раз-пораз асвятлялі быстрыя жоўтыя промні, было непрыемна, і яны па абочыне падняліся на ўзгорак. Тут пачыналіся ўжо бярозавыя прысады — беластволыя, шапатлівыя без ветру. Пахла асфальтам, гумаю і гэтымі маладымі бярозкамі, якія нагадвалі вясну, першыя кучавыя воблакі.

— Я не знаю, што мне рабіць,— паскардзілася Лёдзя, улоўліваючы родны водар бяроз.— Не думай, што я грэбую чорнай работай. Я не беларучка. Але хіба так трэба? Навошта? Усё, што я ведала, чым жыла, цяпер лішняе. Я думаць, напрыклад, прывыкла і не магу без гэтага. А на ліха каму ў падвале мае думкі!

Юра зноў адчуў віну перад Лёдзяй, але разам з гэтым і жаданне апекаваць яе.

Яны спынілася і паглядзелі назад.

Россып залатых агнёў мігцеў далёка перад імі. Туды імкнула шэрая стужка шашы, што льснілася, як пасля дажджу, і абрывалася каля цёмных абрысаў будынкаў і дрэў. А агні зіхацелі, трапяталі, асвятляючы больш неба, чым зямлю. І ад іх над заводам і аўтагарадком узнімалася блакітнае туманнае ззянне, у якім справа, падобныя на воблакі, узнімаліся клубы пары.

— Ты ўсё перабольшваеш,— пачаў Юра, разумеючы, што абавязкова трэба сказаць нешта разумнае.— Я б усіх прымусіў нейкі час займацца фізічнай працай. Няхай папацелі б...

— На словах мы ўсе разумныя..

— Вядома, вучыцца лепей. Аднак - не вялікае шчасце і інстытут...

Ад нейкага салодкага пачуцця ён перасмыкнуў пад кашуляй спінаю і вымушаны быў зрабіць намаганне, каб не ўсміхнуцца. Стала добра і радасна. Упэўнены, што Лёдзя прыме гэта прыхільна, як ніколі раней, па^ мужчынску прытуліў яе да сябе і пацалаваў у губы.

 

РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
1

У канцы жніўня Сасноўскія вярнуліся з дачы ў горад. Юру трэба было яшчэ раздабыць чарцёжную дошку, купіць гатавальню, лагарыфмічную лінейку, а Леначцы і Соні — «Школу ігры на фартэпіяна», «Сальфеджыо».

У кватэры, дзе ўсё лета панаваў смутны, нежылы парадак, сярдзіта загуў пыласос. Здаволеная, што муж

з самага рання да вечара на заводзе, Вера з домработніцай узяліся мыць вокны, здымаць з мэблі чахлы, вешаць фіранкі, націраць паркет, рассцілаць дываны, расстаўляць цацкі на ранейшыя месцы. Стомленая за дзень, Вера, аднак, зноў і зноў, з анучкаю ў руках абыходзіла пакоі, у кожным садзілася дзе-небудзь, прыдзірліва аглядаючы ўсё яшчэ раз, і абавязкова што-небудзь знаходзіла: няроўна павешаную карціну, кепска працёртую шыбу, нітку на дыване.

Першага верасня, калі ўсе яшчэ спалі, яна паціху сабралася і паехала на рынак. Кветак было так многа, што іх прадавалі і перад уваходам. Белыя, пунсовыя, блакітныя, яны стракацелі і калыхаліся ўсюды: над галовамі ў руках гандлярак, якія знарок, каб кветкі выглядалі свяжэйшымі, трэслі іх, стаялі на зямлі ў вёдрах з вадою, у вялікіх кошыках.

У адной маршчакаватай бабулькі Вера выбрала два аднолькавыя букеты дочкам і, патаргаваўшыся, заплаціла грошы. Прыняла за добрую прыкмету, што старая паплявала на грошы і, быццам паліваючы з рукі вадою, пацерусіла над астатнімі кветкамі: Вера была першая пакупніца.

Леначцы з Соняй ісці ў музычную школу трэба было пазней, чым Юру ў інстытут, і, вярнуўшыся дамоў, усю ўвагу Вера аддала сыну.

Юру не падабаліся ні матчыны клопаты, ні яе празмерная ўвага. Ён хмурыўся, з прыкрасцю адмахваўся ад сясцёр, якія скакалі навокал яго, як імянінніка, і прыставалі з недарэчнымі роспытамі. У новых сініх плацейках з карункавымі каўнерыкамі і абшлагамі, з вялікімі белымі бантамі на галовах, яны былі падобны на лялек. І, снедаючы, Юра хацеў толькі аднаго — як мага хутчэй вырвацца з дому. Але, як на тое, заявілася Кашына — ёй чамусьці пільна спатрэбілася размяняць грошы — і завяла з ім даўгую пустую размову, уважліва і прыдзірліва разглядаючы з ног да галавы.

З палёгкаю Юра нарэшце ўзяў чамаданчык з падручнікамі, грукнуў дзвярыма і, хоць ведаў, што маці сочыць за ім праз акно, не азіраючыся, заспяшаўся да трамвайнага прыпынку.

Пачуццё свабоды і прыліву сілы распірала Юру. Школа, дыктанты, класныя настаўнікі, надакучлівы, як манная каша, дзённік — усё асталося за плячыма. Наперадзе былі інстытут, лекцыі, студэнцкая незалежнасць. Цяпер ён зойме іншае месца нават у сям’і. Недарэчнай будзе дробязная матчына апека, айчым не адважыцца ўжо, як хлапчуку, рабіць заўвагі. Ён студэнт і сам сабе гаспадар! Як гэта цудоўна!

Трамвай мінуў чысты, без падлеску, бор, гарадок трактарнага завода, дзе на плошчы і вуліцах раслі яшчэ сосны з бронзавымі, па-лясному гонкімі стваламі. У адным месцы паміж імі была нават нацягнута вяроўка і, як на дачы, сушылася бялізна. Трамвай узышоў на мост цераз чыгунку. Пыхкаючы параю, пад мост якраз нырнуў паравоз і з грукатам, ляскатам, як у прорву, пацягнуў за сабою даўжэзны састаў. Справа і злева ад моста ўзняліся малочна-бэзавыя воблакі. Яны раслі, клубіліся, а разам з імі ўгару імкнула і Юрава душа.

На Даўгабродскай вуліцы ўспомніўся бацька: праект забудовы вуліцы належаў яму. Гмахі заводскіх карпусоў, дамы ў рыштаваннях як бы былі бацькавы. Аднак дагэтуль Юра не адчуваў да яго нічога, апрача варожасці, хоць парою і не ставала ягонай мужчынскай падтрымкі. «Кінуў мяне, маму, дык які ж ты бацька! Навошта ты мне такі!» — разважаў ён і прысягаў, як бы ні давялося цяжка, не мець з ім нічога агульнага і не сустракацца.

Але і ўспамін пра бацьку не выклікаў звыклага смутку. Юра пагардліва ўсміхнуўся, зноў пачаў думаць пра інстытут, пра тое, што чакае яго. І выходзіла, жыць цяпер можна без асаблівых трывог, жыццё падрыхтавала табе многа заманлівых падарункаў, а сам ты — ого! — здольны на такое, у параўнанні з чым дробязнымі здадуцца і бацькавы праекты і работа айчыма.

«Яны яшчэ здзівяцца!» — паабяцаў невядома каму Юра, не рымсцячыся ў сабе і загадзя прабіраючыся да выхада.

У варотах інстытута яго дагнаў Сеўка Кашын і пасталаму паціснуў руку.

— Алё! — ломкім баском прывітаў ён, насмешліва жмурачыся.— Ну, як яно?

Юра ўзрадаваўся. Абняў Кашына за плечы і, прыціскаючы да сябе, пакрочыў у нагу. Па-змоўніцку, але з усхваляванай урачыстасцю зашаптаў, падрабляючыся пад яго тон:

— Цяпер, Сева, усё пойдзе як мае быць. Школьныя трусікі і распашонкі к чорту, досыць! Каму-каму, а дзяўчатам ніякага спуску!

— Даўно б так! — пахваліў Сеўка, і падобныя на масліны вочы ў яго зноў павузелі.— А з Лёдзькай як,

кончана?

Юра сумеўся, збіўся з нагі.

— Што Лёдзя...— няўпэўнена адказаў ён.

— Бацька кажа, да яго ў ліцейны прыйшла са сваёй касой. І там здаецца, невядома што строіць з сябе. Ці табе гэта ўжо не цікава? Сыты? Правільна!

 

— Кінь,— папрасіў Юра.

— Не, ты скажы! Нанава ўсё, дык нанава!

Пухлыя губы ў Юры таргануліся, але ён нічога не

сказаў.

— Давай сёння з англійскай у кіно рванём,— прапанаваў Сеўка, адчуўшы, што таварыш апускае руку, якой абдымаў яго.— Сіла, а не карціна! А?

— Ну што ж, можна,— крыху весялеючы, прамямліў Юра.

Але настрой яго канчаткова сапсаваўся ўжо на першай лекцыі. Дэкан факультэта Докін адразу не спадабаўся Юру. Ён ні разу не зірнуў на Юру і, правяраючы па журнале, хто прысутнічае, знаёмячыся з імі, абышоў яго.

Абражаны Юра ледзь дачакаўся канца лекцыі. У калідоры ён пераняў Докіна.

— Чаму вы не назвалі майго прозвішча? — азіраючыся на бакі, спытаўся ён, гатовы гаварыць дзёрзкасці.

— А чаму я павінен быў называць? — схіліў той набок сівую галаву.

— Я залічаны кандыдатам...

— А-а-а,—іранічна працягнуў Докін.— Кандыдаты заносяцца вось сюды, малады чалавек.

Ён выняў з кішэні аўтаручку, блакнот, запісаў у яго Юрава прозвішча і зрабіў нейкую адзнаку. Не сказаўшы больш ні слова, бачком падаўся далей, саступаючы дарогу студэнтам, якія запоўнілі калідор і яшчэ не ўсе ведалі дэкана.

Згараючы ад сораму, Юра вярнуўся ў аўдыторыю. Паныла сеў на свае месца, падпёршы шчокі кулакамі. Карцела ўзбунтавацца, усяму і ўсім адпомсціць — Докіну, студэнтам, якія не былі кандыдатамі, інстытуцкім парадкам.

Да яго падселі Цімох, Сеўка, але ён адчужана глянуў на іх і закрыў твар далонямі.

— Не прымай так блізка да сэрца,— параіў Цімох, які чуў размову Юры з дэканам.— Галоўнае — вучыцца, а астатняе дадасца. А вучыцца ты ўмееш. Я бачыў.

— А што я ім пракляты які?

— Кандыдатам нават падручнікаў з бібліятэкі не выдаюць,— скеміўшы, у чым справа, сказаў Сеўка.— А чарчэнне? Фарматкі і то палучаць маем права толькі мы... Але нічога, я і табе буду браць.— Ён намор-

— Дарэмна,— перапыніў яго Цімка.— Сліны не набярэшся. А па-другое, нікуды вы з лекцый не пойдзеце.

— Ці не ты забароніш, актывіст? — холадна спытаўся Сеўка.— Напампавалі ўжо? Выслужваешся? Думаеш, выклікаў дэкан — дык і стараста?

— Дурань ты.

— Каціся каўбасою! Прайшоў ваш час!

— Сказаў — не пойдзеце.

— У цябе спытаемся! Не лезь не ў свой клопат,— сціснуў кулакі Сеўка.

Цімох пацямнеў з твару.

— Няўжо ўдарыш? Ну, паспрабуй. Я ж цябе тады як бог чарапаху знявечу. Чуеш, мамчын сынок?

Упартыя бровы ў яго пагрозліва сышліся над пераноссем, і Сеўка міжволі адступіў: Цімох рабіўся страшным.

Недзе ў канцы калідора, захліпваючыся, заліўся званок.

2

«Кандыдат!..»

У той дзень яны з лекцый нікуды не пайшлі. Але выпадак з Докіным так пакрыўдзіў Юру, што ён з тыдзень бунтаваў дома, даводзячы маці да роспачы.

Кажуць, няпэўнасць, навіснуўшы над чалавекам, прымушае яго шукаць выйсце-паратунак. Можа быць. Але бывае і так, што яна абуджае толькі пратэст. К чорту, усё роўна няма чаго траціць. Дый добра было слухаць лекцыі, не запісваючы, з выглядам чалавека, якому мора па калені, шпурляць дома падручнікі на падаконнік, ігнараваць айчыма, маці і з кожным днём усё настойлівей, з нахабствам паказваць сваю незалежнасць. Наогул, як здавалася, ён, Юра, цяпер мог быць вольным ад многага, што абавязковым было для студэнтаў. Ён кандыдат, вольны слухач. Тое, што чуў на лекцыях, давалася яму няцяжка, хоць хутка выветрывалася. «Ат,— адмахваўся ён,— абы разумеў, а вызуб

рыць заўсёды ўпраўлюся...» Праўда, перад ім лёгка маглі зачыніцца інстытуцкія дзверы, за студэнцкае званне яшчэ трэба было змагацца. Ды што з таго —

сёння ён вольны слухач!

Калі ўпершыню Юра адкрыта закурыў, маці адно ўздыхнула, а сёстры ўтаропіліся, як на героя.

— Ты здаровы? — пачынала здалёк Вера.

— Не, хворы. А табе што? Цацы з мяне ўсё роўна

не атрымаецца.

— Ты хаваеш нешта ад нас.

— Хаваю...

З айчымам Юра пачаў трымаць сябе яшчэ горш. Ведаючы, што той трохі недачувае, ён знарок мямліў, адказваў невыразна і блытана. Сасноўскі перапытваў, зноў нічога не чуў і, здагадаўшыся, што пасынак здзекуецца, грукаў са злосцю дзвярыма і знікаў у кабінеце.

Прыходзіў Сеўка. Юраву панурасць як рукою здымала. Зачыніўшыся ў пакоі, яны голасна рагаталі, і неўзабаве Вера чула, што сын апранаецца.

— Ты куды? — упарта дапытвалася яна, выходзячы ў пярэднюю і не разумеючы, чаму Юра, такі ветлівы, вясёлы з таварышамі, грубіяніць з ёй.

— Да хлопцаў у інтэрнат,— кідаў ён.

— Хутка вернешся?

— Не...

Хто не ведае гартэнзіі! Расце сціплая, непрыкметная, нават невядома навошта. Але вось выкінула бледна-ружовую кветку — ці то парасон, ці то трапяткі шар,— і ўсё стала ясна: гартэнзія жыве дзеля гэтай кветкі. А асыплюцца кволыя пялёсткі, і зноў здаецца недарэчным, што яна расце — з доўгім непатрэбным сцяблом, на якім нядаўна красавалася кветка. Сасноўскі знаходзіў, што ў Веры было нешта агульнае з гартэнзіяй, якая цвіце.

Стоячы ў адчыненых дзвярах, яна праводзіла сына позіркам і пакутавала ад рэўнасці, ад крыўды. А ён крочыў побач з Сеўкам і, жэстыкулюючы, як глуханямы, усё гаварыў і гаварыў. Інстытуцкія нягоды забываліся, і хацелася пераймаць Сеўку, які скептычна, з іроніяй ставіўся да ўсяго.

Добра было і з Лёдзяй. Юра адчуваў сябе самастойным, турботы, хваляванні пакідалі яго. А калі і абуджаліся на хвілінку, дык выглядалі як нікчэмныя, пустыя. Побач была дзяўчына, Юра адчуваў яе таямнічую блізкасць, яе дыханне. Яны яшчэ саромеліся адно аднаго, і гэта таіла ў сабе асалоду.

Сёння іх зноў пацягнула паблукаць па шашы, пасядзець пад бярозкамі. Вечар выдаўся цёплы, сіні. Пачыналася бабіна лета. Дзень, што мінаў, быў сонечны, у небе курлыкалі нябачныя жураўлі. Пахла нагрэтай зямлёй і лісцем, што пачало жоўкнуць. І гэтая — такая дарагая ўвосень — цеплыня аставалася яшчэ і цяпер. Аставаліся і пахі, не развеяныя ветрам. Над аўтагарадком мігцела блакітнае ззянне. На поўдні палыхалі зарніцы. У іх далёкіх бліскавіцах было нешта развітальнае — такое, як і ў трывожных кліках жураўлёў. А там, дзе хавалася шаша, за далёкімі ўзгоркамі, раз за разам успыхвала кароткае зарыва. Потым на бліжэйшым узгорку паказваліся калючыя промні фар. Яны яснелі, клаліся на шэрую стужку шашы, вырывалі з цемры прыдарожныя кусты, прысады. Беластволыя бярозкі, нібы абсыпаныя залацістым пылком, сарамліва на хвіліну выступалі са змроку і, кіўнуўшы вяршалінамі, зноў хаваліся ў пагусцелай цемры. Аўтамашына праносілася міма і, мільгаючы чырвонымі агеньчыкамі, знікала там, дзе дрыжаў россып гарадскіх агнёў.

Яны аблюбавалі бярозку і селі пад ёй, шчыльна прытуліўшыся адно да аднаго.

Юра адчуваў даверлівую Лёдзіну пакорнасць і поўніўся шчаслівай сілаю і гордасцю за сябе. У абдымках дзяўчына здавалася меншай і кволай. Яе хацелася шкадаваць — за паслухмянасць, за тое, што ёй не пашанцавала вучыцца далей. Ёй — не, а яму пашанцавала! Між імі як бы ўсталёўвалася няроўнасць, і ўдачлівейшым, больш шчаслівым аказаўся ён, Юра. Прычым гэтая няроўнасць павінна была расці, падымаючы яго вышэй і вышэй.

Юравы рукі станавіліся нязвыкла дужыя, па-мужчынску ўпэўненыя. Лёдзі прыемна было адчуваць гэта, усведамляць, што ўсё між імі асталося па-ранейшаму, хоць і па-рознаму вызначаліся іхнія шляхі. У яе ёсць друг! На яго можна абаперціся — і сёння і заўтра. І заўтра нават больш, чым сёння. Іх сяброўства можа стаць паратункам. А што яе трэба ратаваць, яна была ўпэўнена.

Ёй захацелася плакаць, расказаць, як горка і цяжка бывае на душы. Бацька нездаволены ёю. Маці, баючыся не патрапіць яму, не адважваецца прыгалубіць яе, а калі і галубіць, дык употай, быццам робячы нешта непрыстойнае. Яўген — і той замкнуўся... Толькі з Юрам Лёдзі, як і раней, спакойна. Дружба з ім асталася ў яе ад мінулага, а яно ж было нявыказана мілае і дарагое.

Лёдзя схавала твар на ягоных грудзях.

— Даруй, Юра, але ў мяне такое адчуванне,— паскардзілася яна,— быццам я лішняя і мяне ашукалі. Наабяцалі горы, а потым адракліся. Я не патрэбна ў інстытуце, не вельмі патрэбна і на заводзе. Калі б не тата, можа, і наогул не трымалі б на рабоце.

Яна пацерлася шчакою аб Юрыны грудзі і ўсхліпнула.

Бачачы яе бездапаможнасць, шкадуючы яе, Юра крыху адхінуў Лёдзю і з заплюшчанымі вачыма прыпаў да яе вуснаў.

— Ты не бядуй, Лёдзечка! Усё будзе цудоўна, будзе цудоўна...— зашпатаў ён, гатовы дзеля яе ў гэты момант на ўсё.— Успомніш мае словы, Лёдзечка!..

А над імі, цяпер зусім шчаслівымі, плыў сіні вечар, з зарніцамі, з блакітным ззяннем над аўтагарадком, з імклівым жыццём на шашы.

3

У інстытут Юра прыйшоў у гуморы, хоць праспаў і спазніўся на першую лекцыю. Ён упершыню выразна адчуў, што патрэбны Лёдзі і тая бачыць у ім свайго абаронцу. А калі чалавек усталёўваецца ва ўласных вачах, гэта надта прыемна яму. Дый навіна, пачутая Юрам ад айчыма, была незвычайная.

Сасноўскі выбег у сталовую і, доўга не знаходзячы слоў, паказваў пальцам на дзверы кабінета, дзе грымеў радыёпрыёмнік. «Цуд! — выгукнуў ён.— Цуд, Вера! І гэта зрабілі мы, а не хто іншы! Новая эпоха ў навуцы, у тэхніцы. Ты ўяўляеш — у космасе наш пасланец! »

Юра адразу таксама не зразумеў, а калі ўцяміў, усхапіўся і, не трапляючы ў калашыну нагою, пачаў паспешліва адзявацца. Падумаць толькі, у недасяжнай высі імчыць спадарожнік і пасылае на Зямлю сігналы. Неба, зоры, сонца — усё там іншае. І, як мяркуюць, неба аксамітная, чорнае, сонца вялізнае, зіхотнае, і зоркі пасылаюць не рассеянае святло, а прамыя, падобныя на стрэлы, промні. У Юры з’явілася жаданне падзяліцца сваім захапленнем, здагадкамі: энтузіязм айчыма перадаўся і яму. Варухнулася надзея: і ў інстытуце таксама ўсё пойдзе па-новаму. Стала нават прыкра, што трамвай паўзе марудна і, дайшоўшы да закрытага шлагбаума на Даўгабродскай, спыніўся і пастаяў хвіліны тры...

Усміхаючыся, Юра зайшоў у аўдыторыю і паспешліва палажыў сшыткі ў столік. Гэта ўдалося яму зрабіць непрыкметна, і ён зусім павесялеў.

Аўдыторыя была поўна залацістага пылу. Дужаліся, сігалі цераз столікі, ганяючыся адзін за адным, двое хлопцаў. Жэня Жук, адзіная ў групе дзяўчына, з крэйдаю ў руцэ нешта тлумачыла Васіну ля дошкі. Купка студэнтаў з Сеўкам Кашыным у цэнтры голасна рагатала ў далёкім кутку. Жаркевіч сядзеў на сваім месцы і, закрыўшы далонямі вушы, з адчайнай рашучасцю чытаў падручнік. Цімох, мусіць, быў у калідоры.

«Няўжо не ведаюць яшчэ?» — з вясёлым пагарджаннем падумаў Юра, прымушаючы сябе яшчэ больш захапляцца.

У групе бадай што з першага дня ўстанавіліся свае таварыскія сувязі, выявіліся сімпатыі. Мілавіднай, коратка падстрыжанай, порсткай Жэні Жук выпала сядзець за адным столікам з Васіным — рослым, стрыманым хлопцам, які нядаўна дэмабілізаваўся з арміі і быў залічаны ў інстытут без конкурсу. Васін насіў ваенную форму, валасы ў яго яшчэ не адраслі, і гэта надавала яму сабраны, падцягнуты выгляд. Побач з ім мініяцюрная Жэня здавалася яшчэ меншай. З гэтага не праміналі жартаваць. Але яны пасябравалі, і сяброўства іх адразу набыло сталы характар.

Сеўка згуртаваў вакол сябе найбольш экспансіўных, што праглі нязведанага, кампаніі і прыгод. Хлопец з фантазіяй, ён спакушаў таварышаў выдумкамі і заманлівымі прапановамі, хоць не вельмі шанаваў дружбу з кожным паасобку. І цікава: тое, што ён не шукаў ласкі ў другіх, прыцягвала да яго Юру і хлопцаў, рабіла яго верхаводам. Цімох таварышаваў з усімі, аддаючы перавагу хіба што Васіну ды Жаркевічу — рабочаму, як і ён. Пасля непрыемнай размовы на дачы, пасля сутычкі з-за кіно нешта пахіснулася ў яго адносінах з Юрам, хоць Цімох па-ранейшаму не парываў з ім і падтрымліваў яго. І хто ведае, можа быць таму, што, будучы будаўніком, нутром паважаў Юравага бацьку — галоўнага архітэктара горада. Дый паспытаўшы падлеткам за вайну гора, ён не мог аставацца ў баку ад удзелу ў чужых няўдачах і бедах. Яны напаміналі яму свае. А Юра, нягледзячы ні на што, здаваўся Цімоху няўдалым гаротнікам, якога лёгка пакрыў• дзіць...

Асобна трымаўся толькі медаліст Стрыжоў — ціхі хваравіты юнак у пенснэ, якое быццам адгароджвала яго ад навакольнага.

Юра агледзеў аўдыторыю і, не могучы аставацца адзін, палічыў за лепшае далучыцца да Сеўкінай купкі.

— Што такое аўтабудаўнік? — тым часам вычвараў Сеўка, зачэсваючы пяцярнёй валасы, якія пачаў адпускаць.— Хто ведае? Выдавай на гара! — І, счакаўшы, адказаў сам: — Гэта брыдкае слова для ўсіх астатніх факультэтаў. Так?

У гэтым не было нічога дасціпнага. Але ў кампаніі панавала ўжо атмасфера, пры якой усё здаецца смешным, і студэнты дружна зарагаталі. Засмяяўся і Юра.

— Алё, здароў! — прывітаў яго Сеўка.— Ты, як звычайна, храпавіцкага задаваў?

— Пра спадарожнік чулі? — збянтэжыўся Юра.

— Ага. Сіла! — адказаў Сеўка і спытаўся зноў, не звяртаючыся ні да каго асабіста: — А што такое Докін? Ну?

— Мы ўжо мітынг правялі,— кінуўшы выводзіць нейкую формулу на дошцы, сказала Жэня Жук.— Ён жа над намі таксама праляціць...

— Давай во памагай сваім трактарыстам. А то зноў нічога не разумеюць,— не даў ёй гаварыць Сеўка.— А Докін са сваёй радзімкай, корашы,— брыдкае слова для ўсіх факультэтаў без выключэння.

— Точна!

— Ха-ха-ха! — зарагаталі студэнты, глушачы званок.

Акуратны, як заўсёды, у дзвярах з’явіўся высокі, нязграбны дэкан. Студэнты, як школьнікі, пырскаючы смехам, кінуліся на свае месцы.

— Я заўважыў, вы слаба канспектуеце, таварышы,— яшчэ не дайшоўшы да кафедры, пачаў Докін, на хаду дастаючы з футаральчыка акуляры і смешна прыціскаючы локцем скураную папку.— Не лепей і з на-

выкам самастойнай работы. А без гэтага нельга. Я папярэджваю вас...

Па аўдыторыі пракаціўся смяшок. Докін падняўся на кафедру, здзіўлена агледзеў студэнтаў.

— У чым справа, таварышы?

— Прабачце, якое апошняе слова вы сказалі? — з нявінным выглядам запытаўся Сева і нарыхтаваў аловак.

— Я сказаў: папярэджваю...

— Дзякуй, зразумела.— Сеўка пакланіўся і з самым сур’ёзным выглядам пачаў нешта запісваць у сшытак.

На задніх радах нехта засмяяўся. Докін прыўзняў вострыя плечы і насцярожыўся.

— Я што-небудзь сказаў не так?

— Не-не! — запэўніў яго Сеўка.— У мяне заканспектавана. Вось.

Грымнуў рогат.

Пунсовая ад абурэння, усхапілася Жэня Жук. Ноздры тонкага носіка ў яе ўздрыгвалі, і здавалася, яна ўся калоціцца. Васін тузаў дзяўчыну за рукаў, але Жэня вырвалася і, схапіўшы дзвюма рукамі сшытак, ляснула ім па століку.

— Гэта гнюсна! — выпаліла яна і зноў узяла сшытак, аднак Васін усё ж пасадзіў яе.

Докін зразумеў, што здарылася, і пакутліва, па-старэчы пачырванеў — ружовымі сталі шчокі, залысінаў скура на галаве, што прасвечвалася праз рэдкія сівыя валасы.

Юру стала шкада яго, але было незразумела, як можна спачуваць Докіну так, каб падвесці таварыша. Да таго ж Юра ніяк не мог дараваць Докіну кепікаў са свайго кандыдацтва і, заўважыўшы, што Сеўка глядзіць на яго і падбухторвае позіркам, крыкнуў:

— Як разумець — гнюсна? Што такога зрабіў Кашын?

— Правільна,— падтрымалі з задніх радоў.

— Ладна! Ведаем мы Кашына і яго жарты.

— Сева проста недачуў.

Падняўся Цімох, і гамана сціхла. Стала чуваць, як

за вокнамі чырыкаюць вераб’і.

— У Кашына адна задача — як бы галасней абвясціць пра сябе,— стрымана сказаў ён.— А нам вучыцда трэба. Мы сюды па навуку прыйшлі і не дазволім, каб нехта перашкаджаў...

На перапынку Цімоха выклікалі ў дэканат. Вярнуўся ён яшчэ больш пахмуры, паклікаў у калідор Жаркевіча, Васіна і нешта доўга расказваў ім, махаючы кулаком, быццам забіваючы цвікі. Пасля пазваў Юру і, злуючыся ўжо на сябе, паведаміў, што Докін вельмі нездаволены групаю.

— А я тут пры чым? — занатурыўся Юра, адчуваючы, аднак, як падае яго ўзняты настрой.

— Пры тым, што выгараджваць давялося. Але глядзі, болей не буду! — прыгразіў Цімох.

4

 

Цяжка ўвесь час, як ты памятаеш сябе, жыць у інтэрнатах. А ў Цімоха якраз было амаль так: дзіцячы дом, інтэрнат рамеснай школы, потым інтэрнат будаўнікоў і вось цяпер — інстытуцкі інтэрнат. Але ёсць вельмі жывучыя адчуванні. У знікну ўшы раз, яны доўга жывуць у чалавеку і часта даюць аб сабе ведаць. Даўно-даўно, калі яшчэ харчы выдаваліся па картках, Цімоху пашанцавала ў адным магазіне шчасліва «атаварыце» за цэлы месяц адразу. І з таго часу ён, бадай, кожны раз, праходзячы паўз гэты магазін, чакаў нечага добрага. Нешта падобнае было і з інтэрнатамі. Жывучы ў інтэрнаце будаўнікоў, Цімох уведаў сапраўдную цану дружбы! Асабліва ў першыя дні пасля сканчэння школы ФЗН, калі ўсе стамляліся ад нязвыклай цяжкай працы. Млелі рукі, плечы, не хацелася гатаваць сабе есці або ісці ў сталоўку. Хлопцы, не распранаючыся, гадзінамі пралежвалі на ложках у тупым бяздум’і. Трымаўся адзін толькі несамавіты, рыжы, як лісянё, Віцька Смагаровіч: тупаў па пакоі, бегаў у бліжэйшы гастраном па прадукты, сілком паіў Цімоха чаем, засцілаў яго пасцель.

І вось аднойчы хлопцы заснулі, не выключыўшы святла. Прачнуўшыся апоўначы ад надакучлівага кашмару — Цімох увесь час мураваў у сне сцяну: накідаў і разроўніваў раствор, клаў цэглу ў верставы рад, прыстукваў кельмаю,— ён убачыў, што Віцька спіць, палажыўшы галаву яму на грудзі. Скура на Віцькавым твары была надзвычай далікатная, дзявочая, і яе ўсыпалі густа вяснушкі — залацістыя на шчоках і залаціста-карычневыя на носе і лбе. Аднак цяпер твар у яго быў белы-белы, а вяснушкі як бы пашарэлі і зрабіліся мала прыкметнымі. Гэта ўразіла Цімоха і ў той жа час напоўніла невыказанай любасцю і адданасцю. Скінуўшы з сябе здранцвенне, ён устаў, асцярожна памог сябру раздзецца і паклаў яго ў пасцель. Адстаўшы на адзін клас у вячэрняй школе, Віцька, як і раней, працуе на будоўлях, але адчуванне, абуджанае ім, асталося. Яно жыло ў Цімоху, сагравала яго інтэрнацкі побыт.

У пакоі пасяліліся ўчатырох: Цімох, Жаркевіч, Стрыжоў і Васін. Уставалі рана, калектыўна катурхалі Жаркевіча, які любіў паспаць. Пад наглядам Васіна засцілалі ложкі і, уключыўшы радыё, праўда, ужо ўтрох, без Стрыжова, рабілі зарадку. Потым беглі ўмывацца і (на гэты раз толькі удвух — Цімох і Васін), падперазаўшыся ручнікамі, абліваліся па пояс халоднай вадою. Снедалі спехам, часта сухама, падганяючы павольнага Жаркевіча.

— Цяжка жыць без работы,— выракаў той, зграбаючы на далонь хлебныя крошкі і адпраўляючы іх у рот.— Але мы не баімся цяжкасцей. Так і быць — гайда!..

Інстытут быў побач: імчалі не апранаючыся, без шапак. Часам, калі вокны ў інтэрнаце дзяўчат не свяціліся, забягалі будзіць іх: тыя не супроць былі паспаць.

Вярталіся гадзіны ў тры — галодныя і не такія бравыя. У галоднага, стомленага чалавека характар праяўляецца больш пэўна. Жаркевіч хмурнеў і заварочваў у сталоўку, не заходзячы ў інтэрнат. Кампанейскі, непатрабавальны ў быце Цімох, хутка ўправіўшыся, цярпліва чакаў Васіна, які нейкі час парадкаваў свае сшыткі, падручнікі, пасля доўга мыўся, прычэсваўся і прыдзірліва аглядаў сябе ў люстра. Стрыжоў жа, лянуючыся ісці ў сталоўку, даставаў з тумбачкі кавалак каўбасы, зачарсцвелы хлеб і, сеўшы на ложак, пачынаў жаваць без апетыту. Ён наогул выглядаў нейкім самотным, непрыстасаваным. Здавалася, што нехта ўзваліў на яго непасільны цяжар, і Стрыжова заўсёды было крыху шкада.

— Трымай ты хоць галаву вышэй,— даймаў яго Цімох.— А то быццам трагік...

Да практычных заняткаў рыхтаваліся разам. Часам далучаўся і Юра. Але гэта мала што змяняла. Лепшыя канспекты, як правіла, былі ў Васіна, які рэгулярна перапісваў іх начыста. Таму звычайна ён садзіўся за стол і чытаў уголас. Успёршыся локцямі на спінку яго крэсла, ззаду прыстройваўся Жаркевіч. Заглядаючы цераз плячо таварыша ў канспект, ён раз-пораз спыняў яго і што-небудзь пытаўся. Але бывала і так, што яны хто дзе — на ложках, ля стала, на падаконніку — чыталі канспекты кожны сам сабе, і тады пакой нагадваў жывую карціну: усе сядзелі ў розных позах, як натуршчыкі.

Часта заходзіла Жэня Жук з сяброўкамі. Пакой ажываў. Васін браў баян і, прыпаўшы да яго шчакою, расцягваў мяхі. Побач замірала Жэня з летуценна ўзнятай галавою. Але пакуль Васін іграў, твар у яго заставаўся застыглы і безуважны. Паступова музыка ўскалыхвала ў кожным сваё і перш за ўсё — жаданне неяк праявіць сябе, адгукнуцца. Першая не вытрымлівала Жэня Жук. Узмахнуўшы, як дырыжор, рукою, яна запявала не моцным, але прыемным голасам. Потым прарывала Цімоха. Голасу ў яго не было. І таму ён насвістваў. Стрыжоў выцягваў з тумбачкі лыжкі і, заціснуўшы іх паміж пальцаў, выстукваў, як кастаньетамі. Песню падхоплівалі астатнія, і яна набірала сілы, ірвалася з акон, пакуль, бязбожна перакручваючы матыў, не ўключаўся Цімох. Васін хваравіта моршчыўся і пакідаў іграць. На Цімоха наляталі Жаркевіч з дзяўчатамі і, кульнуўшы на ложак, з вясёлай злосцю давалі кухталёў. І кожны раз, дакладна ў адзінаццаць, у дзвярах з’яўлялася цётка Маша, вахцёрка, і напамінала, што пара разыходзіцца.

Перад святамі хадзілі ў кіно. Па прывычцы збіраліся спяшаючыся, узнімаючы гармідар.

— Ціма, жалязка дай! У мяне яшчэ штаны не адпрасаваныя.

— У каго, арлы, запасны гальштук ёсць?

— Ці не багаты хто на жоўтую ваксу?

І прыбягалі ў кіно перад самым пачаткам сеанса.

Неяк увечары Цімох астаўся адзін: усе разышліся хто куды — на заняткі гурткоў, у чарцёжную залу. Ён наважыў быў забрацца ў шафу і перазарадзіць касету для «ФЭДа», які пакінуў яму Юра, але раптам пацягнула да ранейшых таварышаў, і Цімох перамяніў рашэнне. «Сярдуюць, нябось. Зазнаўся, думаюць, і правільна...»

Ён ужо сабраўся быў ісці, намерваючыся ехаць у інтэрнат трэцяга будтрэста, дзе жыў Смагаровіч, як у пакой уляцеў задыханы Юра.

— Вось добра, што застаў! — выгукнуў ад парога.— Пераадзявайся, і пайшлі.

— Куды?

— Потым даведаешся. Давай мігам!

Нечым здаволены, узрушаны, Юра радасна ззяў. Не звяртаючы ўвагі на таварыша, адчыніў шафу, дастаў яго выхадны касцюм, кашулю, гальштук і паклаў на ложак.

— Не, сур’ёзна: куды? — завагаўся той.

— Лішні білет ёсць. Прафком ліцейнага паход арганізаваў. Зразумела?

Ён памог Цімоху выфранціцца, сам завязаў яму гальштук і пацягнуў да дзвярэй.

— Ты што, не адзін? — запознена здагадаўся Цімох і неахвотна заспяшаўся.— Так і гаварыў бы!

На процілеглым баку вуліцы стаяла дзяўчына ў лёгкім блакітным плацці з накінутым на плечы шалем. Калі Юра з Цімкам паказаліся ў пад’ездзе, яна падняла руку і памахала, каб прыцягнуць іх увагу. І па тым, як яна гэта зрабіла, Цімох раптам пазнаў яе.

Гэта было бадай што неверагодна, і ён збянтэжыўся. Сумеўся, бо часта ўспамінаў выпадковую сустрэчу пад соснамі. Яна набыла ў яго вачах нейкі таямнічы, незвычайны сэнс. Абуджала фантазію, інтрыгавала. Вобраз прыбітай горам дзяўчыны, якая ніцма ляжала на зямлі пад дажджом, не раз усплываў у памяці. Вось яна, спалохана і варожа назіраючы за ім, з цяжкасцю ўстала на калені, вось звыклымі рухамі выкруціла мокрую і таму каштанавую касу, што тут жа пасвятлела. А твар? Зняможаны, па-свойму прыгожы ад пакут. Мокрая сукенка прыліпла да цела, і ад гэтага дзяўчына выглядала надзвычай няшчаснай і ў той жа час спакуслівай...

Цімох некалькі разоў праходзіў паўз дом, у пад’ездзе якога тады знікла яна, але дарэмна: дзяўчыны ён не сустрэў. І вось на табе — яна цераз вуліцу падае знакі і ветліва ўсміхаецца.

— Я, Юра, лепш не пайду,— спыніўся ён.— Навошта перашкаджаць?

Але дзяўчына ўжо набліжалася да іх, азіраючыся на машыны і не пакідаючы ўсміхацца. Раптам па яе твары прабег цень не то здзіўлення, не то спалоху: яна таксама пазнала Цімоха. Падышла яна ўжо неяк бокам і адразу павярнулася тварам да Юры.

— Знаёмцеся,— прапанаваў той, не заўважыўшы, як змяніліся Лёдзя і Цімох.

Памарудзіўшы, Лёдзя падала руку і назвала сваё імя. Потым, нібы нешта скінуўшы з сябе, бесклапотна засмяялася, падхапіла хлопцаў пад рукі і пацянула да тралейбуснага прыпынку.

— Хутчэй, хлопчыкі, спознімся! — падагнала яна, кіўком паказваючы на тралейбус, які набліжаўся.

А Цімох ніяк не мог патрапіць у нагу, ішоў і думаў, што сённяшні вечар будзе яму новым выпрабаваннем і лепш, мабыць, каб яго не было зусім.

Здаўшы шапкі на вешалку, яны, усё ж ажыўленыя, прайшлі ў вестыбюль. Такі прыўзняты настрой звычайна апаноўвае людзей, якія не вельмі шмат бачылі на сваім вяку і трапілі ў незвычайныя абставіны. Вялізныя люстры, дывановая дарожка на шырокай лесвіцы, адмысловыя вазы, білецёршы ў ліўрэях, па-святочнаму апранутыя людзі — усё гэта прыўзнімала Цімоха. Хацелася, як і ўсе, трымацца вольна, без скаванасці. Але Цімох не мог авалодаць сабою, не ведаў, куды дзяваць рукі. Да таго ж ён заўважыў, што даўно не абразаў пазногцяў, і цяпер саромеўся гэтага, сціскаў рукі ў кулакі. Лёдзя ж расчырванелася, папрыгажэла. Бачачы, што на яе паглядаюць, набыла нейкую гордую, але мілую паставу і, быццам не заўважаючы Цімоха, звярталася толькі да Юры.

— Ты сёння незвычайная,— палесціў ён, спыніўшыся ля парэнчаў лесвіцы і падтрымліваючы Лёдзю за локаць.— Праўда, Ціма?

— Ага...— ніякава згадзіўся той, нічога не прыдумаўшы больш сказаць.

— Ён кіруе намі,— пахваліў яго Юра.— Стараста. А ў адносінах дзяўчат манах-адшэльнік.

— Ну? — здзівілася Лёдзя, але па-ранейшаму не зірнула на Цімоха і зняла з Юравага пінжака парушынку.

Адсюль праз адчыненыя дзверы быў відзён буфет — засланыя скацеркамі столікі і стойка, за якой у белай накрухмаленай наколцы, падобнай на карону, гаспадарыла бландзінка-буфетчыца з двайным падбародкам. Каля стойкі тоўпіліся людзі. Сярод іх Юра ўбачыў Сеўку. Той якраз узяў бутэльку «Крушону» і перадаваў яе цераз галовы людзей Раі Дзімінай, апранутай у шэрую, аблямаваную собалем разлятайку. Потым ён купіў яшчэ нешта і, трымаючы пакунак над сабою, пачаў выбірацца з натоўпу.

Юру захацелася падысці да іх.

— Можа, аб’яднаемся? — спытаўся ён.— У мяне таксама ёсць дзесятка. Хто за?

— Я супроць,— сказала Лёдзя,

— Чаму?

Яна паправіла шаль на плячах і гадліва варухнула рукою.

— Не хочацца... Не люблю выбраных. Ні старых, ні маладых. Асабліва зараз, калі ў падвале працую. Толькі ты не сярдуй, калі ласка...

Яе словы, сказаныя знянацку горача, спадабаліся Цімоху. Нават крыўда на падкрэсленую Лёдзіну абыякавасць пачала траціць вастрыню.

— Гэта праўда. Там мы, мабыць, лішнія...— падтрымаў ён, аднак зноў заблытаўся ў сваёй фразе.— У іх што, сур’ёзна? Не ведаеце?.. Або проста падсыпаўся?

— Хто іх ведае,— адказала Лёдзя.— Пойдзем паглядзім свае месцы.

Яны падняліся па лесвіцы. Юра купіў у білецёркі праграму, а перад уваходам у партэр, сумеўшыся, папрасіў:

— Ты, Ціма, не крыўдуй. Я не папярэдзіў... Табе прыйдзецца сядзець асобна. Выпала так, разумееш...

З ныючай пустатою ў грудзях Цімох знайшоў сваё месца і сеў, не ведаючы, як было б лепш — астацца вось так аднаму ці быць з імі.

Справа ад яго сядзелі гладка прычэсаная пажылая кабета і строгі, старанна паголены мужчына. Яны здзіўлена агледзелі Цімоха, збіраючыся нешта сказаць яму, але прамаўчалі. Толькі жанчына, якая дасюль сядзела роўна, цырымонна, пачала азірацца, некага шукаць. Праз хвіліну твар у яе прасвятлеў, і яна локцем штурханула мужчыну.

— Вунь яна,— аднымі губамі вымавіла жанчына, надаючы сваім словам надзвычай важнае значэнне.— Бачыш, Міша? З Сасноўскім дачушка мая...

— Ладна, чаго тут радавацца асабліва,— перапыніў яе мужчына, але ўсміхнуўся і сам.

Цімох прасачыў, куды яны глядзяць і ўбачыў Юру з Лёдзяй, якая, як і тады на вуліцы, падавала знакі рукою.

«Бацькі»,— здагадаўся ён і адчуў прыязнасць да жанчыны, што была падобна на Лёдзю,— як ён гэтага не заўважыў адразу? — той жа авал твару, тыя ж вялікія зеленаватыя вочы. Дый усміхалася яна так, як могуць усміхацца адны маці, калі любуюцца сваім дзіцем. Прыйшла маркотная думка: як, мусіць, добра таму, у каго ёсць маці, на якую ён падобны і якая вось так любуецца на яго. Цімох пільней прыгледзеўся да жанчыны. Не, не толькі авал, але і невялікі з гарбінкаю нос у яе таксама Лёдзін. Ад гэтага пажылая жанчына стала больш блізкая, і ён пачаў шукаць спосабу загаварыць з ёю.

Міхал нечакана памог яму.

— Вы, пэўна, з іх кампаніі? — паказаў ён вачыма на Лёдзю і Юру.— Сябруеце?

— Ага...

— А мы глядзім, чаму вы гэта на Лёдзіна месца селі.

— Я з Юрам на адным курсе вучуся,— ахвотна растлумачыў Цімох, адзначаючы сам сабе, што нейкія, ледзь улоўныя рысы Міхала таксама нагадваюць Лёдзю.

— На інжынера, значыцца?

— Перад гэтым я, дзядзька Міхал— успомніўшы, як называла Лёдзіна маці мужа, з прыемнасцю вымавіў яго імя Цімох,— мулярам у брыгадзе Урбановіча працаваў. Чулі, можа, пра яго? А апошні час і сам у брыгадзірах хадзіў.

— Добра, каб вы пра гэта з Лёдзяй падзяліліся,— нахмурыўся Міхал, ігнаруючы, што жонка тузае яго за крысо.

— Мы непадалёк адсюль, на рагу праспекта і Купалаўскай, дом муравалі,— падахвочаны яго словамі, сказаў Цімох, не заўважаючы Арыніных знакаў і змены ў Міхалавым настроі.— Бачылі, які гмах!.. А вы кім працуеце?

— Плавільшчыкам.

— О-о!

Ён так працягнуў гэта «о-о!», што Міхалу таксама захацелася расказаць пра сябе.

— Я коўкі чыгун вару.

— Цікава?

— А як жа! У нас электрычнасць і чыгун. Значыць — агонь і метал. А нездарма некалі маліліся на агонь. Дый цяпер без іх нічога не зробіш.

Тройчы празвінеў званок, і ў зале паволі пачало цямнець.

Голасна размаўляючы паміж сабою, злева ад Цімоха селі Рая з Сеўкам, і гаворка сама сабою спынілася.

Саламянага колеру валасы ў Раі былі прыгожа сабраны на патыліцы ў пучок. Горда страсянуўшы ім, дзяўчына, быццам Цімох нечым здзівіў яе, утаропілася на хлопца. Зала пагружалася ў змрок, а яна ўсё глядзела і глядзела. Цімох таксама дэманстратыўна павярнуўся да яе і з выклікам упяў у Раю позірк. І хоць вачам стала горача, не адвёў іх, пакуль тая не здалася першая.

— Дык вы заходзьце як-небудзь,— з ранейшай шчырасцю запрасіў яго Міхал.

Уздрыгнула і памалу пачала расхінацца заслона. Са сцэны павеяла халадком, зала заціхла.

Ішла купалаўская «Паўлінка». Цімох памятаў гісторыю няшчаснага кахання яшчэ са школьнай парты. Некалі ў клубе будаўнікоў ён нават іграў Якіма Сароку. Але тое, што пачало адбывацца на сцэне, адразу захапіла яго, увяло ў далёкі і нечым родны свет. Злавалі толькі рэплікі Сеўкі, які, пахваляючыся, што ўсё ведае, кожны раз, калі хто-небудзь з’яўляўся на сцэне, называў Раі прозвішча артыста і расказваў, што будзе далей.

— Ржэцкая...— дзёўб ён.— Дзядзюшка!.. Глебаў... Народныя!.. Алё, паглядзіш, як у Глебава зараз пачнуць лыжкі падскакваць. Сіла!..

— А ну перастань! — не вытрымаў і асек яго Цімох, разумеючы, што Міхал з Арынаю таксама чакаюць гэтага.

— Ідзі ты!..— агрызнуўся Сеўка, але змоўк. А Цімох адчуў, як нечая важкая рука лягла на ягонае калена і паціснула па-сяброўску, з ухвалаю.

На сцэне Пустарэвіч — Глебаў якраз намагаўся даць рады лыжкам, а яны ніяк не слухаліся ягоных п’яных рук і падскаквалі, як жывыя. Цімох бачыў: на Арыніным твары застыла ўсмешка. Жанчына часта падносіла хустачку да рота, выцірала губы, але ўсмешка як была, так і аставалася. Міхал жа, не тоячыся, смяяўся ад душы, то нахіляўся, то адхіляў галаву назад.

І рады, што між ім і Лёдзінымі бацькамі ўсталёўваецца нейкая згода, Цімох зарагатаў сам і міжвольна зірнуў на Лёдзю з Юрам.

Яны сядзелі, трымаючы адно аднаго за рукі. Ім было лёгка і добра. Усё, што нядаўна мучыла іх — падазрэнне і рэўнасць у Юры, тужлівыя ўспаміны і няёмкасць, выкліканыя сустрэчаю з Цімохам у Лёдзі,— развеялася. Нават тое, што адбывалася на сцэне, не дужа займала іх. Ім важна было іншае: яны — разам, у тэатры, сядзяць побач, іх пацяшаюць артысты, і, калі на сэрца наплывае нясцерпная любасць да другога, могуць паціснуць адно аднаму руку. Прысутнасць жа Лёдзіных бацькоў дадае сваё ў іх адносіны, робіць гэтыя адносіны больш пэўнымі, сталымі. Узаконьвае іх.

Схіліўшы галаву, забыўшы на ўсё, Лёдзя заліваецца смехам і туліцца да Юры.

Ён таксама смяецца,— праўда, больш ад таго, што ўлавіў Лёдзіна парыванне,— потым нагінаецца і цалуе яе руку — горача, з удзячнасцю.

— Так, маладыя людзі, у грамадскім месцы сябе не паводзяць,— упікае іх нехта ззаду.

Але ім усё роўна. Глупства! Хіба яны вінаватыя, што ім цяпер хораша. Дый як ты ўтрымаешся, калі побач з табою само тваё шчасце? І той, хто не хоча гэтага знаць, каму гэта не спадабаецца, проста стары грыб, нягеглы сухар або зайздроснік.

— Ха-ха-ха! — заліваецца Юра і гладзіць руку сяброўкі.

Лёдзя цягнецца да яго і шэпча на вуха:

— Як скончыцца, падыдзем да нашых і папярэдзім, што дамоў паедзем удваіх, адны. Няхай не чакаюць...

 

РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
1

Вузкія месцы ў ліцейным цэху былі расшыты. Але цэх усё яшчэ не-не дый кідала ў гарачку. То задыхаўся фармовачны ўчастак, то спыняўся эпрон-канвеер, то не спраўлялася тэрмаабрубнае, і ў яго праходах набіраліся гламаздаватыя кучы адлівак. Да таго ж пракінуўся брак: полыя дэталі выходзілі з прыгарам.

Кашын з’явіўся ў плавільным аддзяленні ўгневаны. Не знайшоўшы майстра ў канторы, падышоў да электрапечы і, не кажучы ні слова, сунуў дэталь Міхалу. Той запытальна зірнуў на яго, але дэталь узяў — унутраныя сценкі яе былі закуродымленыя, шурпатыя.

— Угу... Мабыць, усё-такі вінаваты мы,— прызнаўся ён.— Трэба, відаць, тэмпературу павысіць...

— Ты мне не тлумач,— узбурыўся Кашын, быццам яго абразілі.— Прычыны мне і без цябе вядомы. Узялі моду!

— Дык у чым жа справа? — астаючыся спакойным, здзівіўся Міхал. Размаўляць не ў кабінеце, а тут, ля печы, з Кашыным было значна прасцей. Дый пасля гісторыі з барабанам, з Лёдзяй Кашын многа страціў у Міхалавых вачах.

— Табе і тлумачыць яшчэ трэба? Што я твае прычыны ў праграму ўстаўлю ці імі брак апраўдаю? Выходзіць, другіх агітаваць лягчэй. Давай паварочвайся. А да прычын я неяк сам дакапаюся.

— Трэба ўсё ж з металургам параіцца.

— Неяк ужо без вытворчых прастытутак абыдземся.

Да моцных слоўцаў на заводзе прывыклі. Нават лічылі іх нечым накшталт вострай прыправы. Імі падкрэслівалі сваё народнае нутро і кроўную зацікаўленасць у справе. Але гэтая грубасць Кашына абурыла Міхала. Ён адвярнуўся і пачаў назіраць за печчу: пара было здаваць чыгун на аналіз.

Міхал узяў лыжку — круглы апалонік на даўжэзнай жалезнай ручцы,— абмакнуў у шлак, каб не згарэла. Потым зачэрпнуў зіхотны чыгун і палажыў астываць. Праз паўмінуты паверхню металу зацягнула тонкая плёнка. Міхал правёў па ёй кавалкам жалеза і прыгледзеўся: на плёнцы з’явіўся ўзор, падобны на сетку.

Па велічыні і канфігурацыі ячэек зразумеў: адхіленняў ад нормы быццам не было. Скончыўшы з гэтым, успомніў аб браку і заспяшаўся на пульт кіравання — няхай падымуць тэмпературу.

У печы загуло, заклекатала мацней. З завалачнага акна яшчэ далей пачалі страляць буйныя, як зоры, іскры. Чыгун у печы пераліваўся ў агністым мроіве, залаціста-аранжавыя сценкі прамяніліся, нібыта былі з каштоўных каменняў. Колькі разоў бачыў Міхал зіхотны вадкі метал, але ніколі не стамляўся глядзець на яго. Нават нясцерпная гарачыня стала сваёй і не вельмі турбавала. Учора зрабілі чарговую футыроўку: вымуравалі новыя сценкі. І яны цяпер — як і павінна было быць — трэскаліся. Можа, толькі крыху прыкметай, чым звычайна,— тэмпература ў печы пераваліла за паўтары тысячы градусаў.

Гэтак жа знячэўку, як і начальнік цэха, падышла Дзіміна.

— Брак, Сяргеевіч? — спыталася яна, падаючы

руку.

— Ідзе, ліха на яго. Прыгар. Вось тэмпературы паддалі...

— А ці варта?

— Кашын надоечы параіў, дык я так думаю...

— А па-мойму, Сяргеевіч, тут пясок вінаваты. Пагналіся за эканоміяй, і, мусіць, пралічыліся. У нашым жа, Жлобінскім,— усяго якіх дзевяноста тры крэмнію. Мала. Вось стрыжні і прыгараюць. Эканоміць, мусіць, таксама трэба ўмеючы. Распладзілася ў нас, на жаль, парода такая... вельмі ўжо нахрапістых барацьбітоў за новае. І гэта калі спадарожнікі запускаем...

Падаючы хрыплыя сігналы, пад’ехаў тэльфер з ваграначным каўшом. У завалачнае акно паліўся чыгун. Яго зверху лізнуў прагны вогненны язык. Лізнуў, знік

і зноў паявіўся. Печ крэкнула і сыпанула снопам іскраў. Пад столь шуганулі чырванаватыя клубы дыму. Печ напружылася і нездаволена загула.

«Галавастая! — прыязна падумаў Міхал, праводзячы позіркам стройную, ахайна апранутую Дзіміну.— Не старэе пакуль. Хоць, відаць, перажытае дагэтуль гняце...»

Зноў нагадаліся вайна, падполле, сустрэча з Дзімінай на сходцы ў доміку па Гандлёвай, дзе пасля страшнага сакавіцкага правалу выбіралі новы падпольны гарком, а потым старанна рыхтавалі вывад людзей з гета ў лес. Праўда, у мірнага жыцця свае законы: старшай цяпер стала Дзіміна. Некалі ў напалову саматужным цэху яна ўжо вучыла Міхала спрыту ваграншчыка, паказвала, як і што рабіць ад загрузкі шыхты да плаўкі. Памагае парадаю і цяпер, і цяпер непрыкметна ўводзіць у таямніцы тэорыі. І ўсё-такі вайна неяк аддаліла яе ад Міхала, ад жыцця. Ва ўсякім выпадку насцярожыла ў адносінах да людзей, абудзіла іронію, жаданне шукаць спакою ў сям’і...

Загадаўшы знізіць тэмпературу, Міхал пачаў сачыць за плаўкаю. Звярнуў увагу на залаціста-аранжавыя сценкі электрапечы. Зноў у думках вярнуўся да Доры.

«Тут кожны лішні градус як узрыўчатка,— прыйшло ў галаву, можа быць, таму, што думаў пра іх.— Калі б аддаліць вольтаву дугу, сценкі, відаць, не так бы разбураліся. А?..» Захацелася параіцца з Дзімінай, па-колішняму паслухаць яе. Ён азірнуўся на бакі, аднак Дзімінай нідзе ўжо не было. Наказаўшы падручнаму сачыць за печчу, Міхал падаўся ў лабараторыю. Але Дзімінай не аказалася і там.

«Узяло, як маленькага! Управішся яшчэ... Няўжо думаеш, Пятро, так нічога ёй і не перадаў?.— упікнуў ён сябе і звярнуў у фармовачны ўчастак праведаць Лёдзю.— Як яна там, пасля катынскай ласкі?»

Лёдзя ў павязанай па-вясковаму хустцы, у фартуху, ломам аббівала латок элеватара. Назіраючы за ёю, побач стаяла хударлявая, невысокая Кіра Варакса з рухавым смуглым тварам і цёмнымі, крыху раскосымі вачыма, што паблісквалі, як антрацыт.

— А я ўсё роўна пытанне пастаўлю! — гарачылася яна.— Што значыць на злосць? Як ты разважаеш? Ты ж камсамолка! — адчытвала яна Лёдзю, як старэйшая, якая мае права павучаць. Убачыўшы Міхала, сумелася, павярнулася да яго: — Навошта яна згаджаецца? Хіба правільна зрабілі, што паставілі яе сюды?

Лёдзя не раз заўважала, як людзі тушуюцца перад бацькам і, калі спрачаюцца між сабою, бяруць яго за суддзю, і, не стрываўшы, ухмыльнулася. Ёй таксама было цікава, якое ўражанне зробяць словы сяброўкі на бацьку.

Але Міхал зразумеў дачку па-свойму.

— Яна гордая ў нас,— сказаў ён не то іранічна, не то з ухвалаю.— Усё хоча на сваім паставіць. Хто яго ведае, можа, гэта і няблага.

— Таксама няправільна! — усё ж знайшла ў сабе смеласці запярэчыць Кіра.— Скардзіцца трэба!

Міхал з цікавасцю паглядзеў на яе — забіяцкую, шчырую, у якой жыве гатоўнасць біцца за таварышку.

— Ну што ж, так і быць, давай. Але не скардзіцца будзем, а патрабаваць. І бацьку скажы, няхай паможа. З Кашыным, напраўду, пара пагаварыць у адкрытую.

— Праўда? — як неверагоднаму ўзрадавалася Кіра і, не развітаўшыся, кінулася да выхада.

Дачка цяпер стаяла да яго спінаю, але Міхал адчуваў: яна ўзрушаная і насцярожаная. Безумоўна, чакала, што бацька паспачувае ёй, і падрыхтавалася адказаць дзёрзкасцю. Але ён падышоў і адно ласкава ўзяў за касу.

— Малайчына, мая выкавыраваная! Няхай ведаюць нашых.

Яна павярнула галаву і вінавата ўзняла вочы.

— Я ўжо прывыкаю, тата.

— Вось і добра. І касы не шкада?

Лёдзя слаба ўсміхнулася, махнула рукою: не жартуй, маўляў, тата! Але ўсмешка была бяссільная, і, магчыма, таму потны, брудны твар яе здаўся Міхалу зусім знясіленым.

— Ты не захварэла, а?

— Не. Крыўдна, тата, адно: несправядліва гэта!..

— Некаму ўсё роўна прыйдзецца тут працаваць, дачка.

— Я не пра гэта, тата...

Яна ўзяла рыдлёўку і пачала падграбаць фармовачную зямлю, што прасыпалася з транспарцёраў на падлогу.

2

Міхал ведаў, што спадарожнік праляціць над Мінскам з паўднёвага захаду на паўночны ўсход у дзевятнаццаць трыццаць сем. Хвалюючыся, ён паклікаў Яўгена, Арыну, Лёдзю, захапіў бінокль і выйшаў на балкон.

Унізе рознагалоса шумела вуліца. На тратуарах, на бульвары стаялі людзі з узнятымі галовамі. Па тым, як шмат хто з іх узрушана размахваў рукамі і паказваў на неба, было відаць, што і яны з нецярплівасцю, з хвіліны на хвіліну, чакаюць гэтага нябеснага цуда.

Дзень быў пагодлівы, без ветру, і захад дагараў спакойна. Над самым гарызонтам, там, дзе нядаўна схавалася сонца, лілавела лёгкая, даўгаватая хмарка, падобная абрысам на кітайскага дракона. Неўзабаве, лявей, над хмаркаю, затрапятала ясная, чыстая зорка. Яна мігцела, пералівалася і, здаецца, мяняла колер.

— Венера,— сказаў Яўген, зірнуўшы на балкон Дзіміных, дзе ў шазлонгу сядзела Рая.— Глядзіце туды...

— Учора я Комліка сустрэла,— загаварыла Арына, недаверліва назіраючы за небам.— Здзекаваўся, кепікі строіў. Вунь, кажа, чаго ўжо болей — лётае навокал зямлі шарык, а хіба лягчэй каму на заводзе стала. Чакай, кажа.

— Ці ведалі б дзятла, каб не яго дзюба,— нездаволена азваўся Міхал.— Івана хоць азалаці, знойдзе прычыну пагаўкаць.

Арына ўзлавалася.

— Усё адно сябраваць будзеце!

— А гэта пабачым. Але ж рукі ў яго, маці, залатыя! Паглядзела б, як ягоная брыгада працуе. Любата. Дый падполле з рахунку не скінеш.— І раптам падаўся наперад.— Ляціць, браткі, во праява!..

Непадалёк ад Венеры бліснула маленькая бледная зорачка. Бліснула і, разгараючыся, пачала набліжацца. Потым, падняўшыся над Венераю, нібыта спынілася на міг, але тут жа яшчэ імклівей рушыла на засмужаны паўночны ўсход. І была яна ўжо вялікай залаціста-аранжавай зоркаю.

— Бацюхны мае,— уздыхнула Арына.

— Мамачка, чаго вы? Гэта ж радасць! — прыціснулася да яе Лёдзя.— Глядзіце, як прыгожа...

Напраўду, дзівосная, зробленая рукамі зорка была непадобна ні на імклівую знічку, якая абуджае беспрычынны смутак і якую заўсёды шкада, ні на самотныя агеньчыкі самалётаў, што як бы выпадкова трапілі на зорнае неба і зусім там чужыя. Зіхотная, ясная зорка ляцела сваім наканаваным шляхам і пасылала з вышыні добры прывет на Зямлю.

Не бачыў спадарожніка адзін Яўген. Але ў гэтым было сорамна прызнацца адразу, і ён, праціраючы насоўкаю акуляры, збянтэжана круціў галавою.

— Калі я пачула па радыё пазыўныя,— не могучы

суняцца, зашчабятала Лёдзя, тармосячы то брата, то ашаломленую, разгубленую маці,— мне яго нават шкада зрабілася. Ляціць і просіць паратунку: «Біп-біп-біп!» Холадна яму там, страшна. І адзін у бяскрайнасці. А бач ты...

— Трэба думаць, хто яго рабіў,— з ухвалаю сказаў Міхал і пакасіўся на Арыну.— Ну, дапраўды, чаго ты? Няхай ворагі нашы ўздыхаюць, а нам во з такой жа вышыні на ўсё можна глядзець. Ганарыцца трэба, маці. Далей паложыш — бліжэй возьмеш... Мне і самому што-небудзь выдумаць захацелася. Далібог!.. Так, Яўген?

— Правільна, бацька,— пацвердзіў той, з крыўдаю паглядаючы на прыціхлае, апусцелае неба.

— Вядома, правільна. А яна — Комлік...

— Разышоўся ўжо! Ці на дабро? — паспрабавала суняць яго Арына.

— З Кашыным, можа, больш чым з Комлікам, давядзецца валтузіцца. Упарты, сябе аднаго і глядзіць...

— Табе заўсёды трэба лезці на ражон. Другія, бачыш, маўчаць, не вытыркаюцца. Забыўся, як Алешку абараняў? А якая ў яго віна? Ляпнуў нехта — і ходзіць, не могучы апраўдацца. Так і ты зноў заробіш. Вось пабачыш, заробіш! Усякае яшчэ будзе.

— Шо-шо? — жартаўліва, на ўкраінскі манер спытаўся Міхал.

— Зноў не церпіцца. Апошні год, здаецца, толькі і пажылі спакойна...

— Гэта ты пакінь! Ад свайго я яшчэ не адмаўляўся, хоць і прыходзілася часам маўчаць. А зараз усё! Шабаш!..

Ваяўнічы настрой быў у Міхала і раніцою. Калі ў час перапынку яго выклікалі да начальніка цэха, ён захапіў старога Вараксу, які наўмысна прыйшоў дзеля гэтага, і накіраваўся туды, з намерам пагаварыць начыстату.

У кабінеце апрача Кашына сядзелі Сасноўскі і Дзімін. Убачыўшы Міхала з Вараксам, Кашын падняўся, падышоў да дзвярэй і пстрыкнуў французскім замком. Ён не паспеў зноў сесці за свой стол, як у дзверы пастукалі, але Кашын быццам і не пачуў гэтага.

Некаторы час усе маўчалі. Галоўны інжынер праглядаў паперы ў папцы, што ляжала на каленях. Кашын барабаніў па стале пальцамі. Дзімін нешта вырашаў сам сабе і, відаць, не мог вырашыць. Варакса, сеўшы побач з галоўным інжынерам, хітравата зіркаў на Кашына, і з яго па-старэчаму ружовашчокага твару не сыходзіла стрыманая ўсмешка.

— Ну, давай, прафсаюзны дзеяч, скардзіся,— нарэшце сказаў Кашын, калі маўчаць далей стала нельга.— Ты што ж, не ведаеш, што ў мяне былі цяжкія работы?

— Не, чаму, ведаю,— унурыўся Міхал.

— Тады злітуйся, падкажы, як быць і з чаго пачаць. Як, скажам, не перарасходуючы сродкаў, забяспечыць сярэдняй зарплатай цяжарных жанчын, якім больш за восем кілаграмаў падымаць забаронена. Або — каго мне ставіць у падвал ці на пагрузку стрыжняў у сушыльныя печы?

— З чаго пачынаць? З парадку, вядома,— адказаў за Міхала Варакса.

— Цікава! — паглядзеў на яго бокам Кашын, якога абражала ўхмылка старога.— Думаеш, я за гэты парадак не хварэю, ці што?

— Па-свойму занадта,— не даў ужо адказаць за сябе Міхал.— Хіба кожны, хто ў нас працуе, адчувае, што аб ім клапоцяцца і сам ён можа расці? Стрыжняўшчыцам вунь фартухоў своечасова не выдаём. У плавільным падлога ў ямінах. Пад нагамі гразь або пыл па костачкі. А вокны, мабыць, не мылі ні разу. Не дзіва, што ўцякаюць ад нас. Інжынеры — у філіял навукова-даследчага, у аддзелы. Рабочыя — у другія цэхі. Фармоўшчыкаў за апошні месяц траха не трэцяя частка разляцелася. А сапраўдным фармоўшчыкам, нябось, не кожны стане...

Міхал бачыў, як хмурыцца Дзімін і запісвае нешта Сасноўскі, але спыніцца не мог. Яго, чалавека памяркоўнага, які даў сабе слова не крыўдзіць сваіх, душыла абурэнне, і Міхал амаль праклінаў сябе, што не выказаў гэтага раней.

— Здорава! І тут уся твая наватарская праграма? — зайграў жаўлакамі Кашын.— Не надта багатая. Дый тая не па адрасу, дарагі!

— Не, сур’ёзна...— умяшаўся Дзімін.— Пайшоў з цэха фармоўшчык, мы ў партарганізацыі нібыта пахавалі каго...

— А чаму яны ідуць? — раскаціста загрымеў Кашын.— Хіба кваліфікаваны рабочы ў механічных цэхах зарабляе столькі, колькі ў мяне?

Гаворачы, Кашын глядзеў то на Міхала, то на Дзіміна і ні разу не зірнуў на галоўнага інжынера і Бараноў. Гэта кінулася Міхалу ў вочы, і ён, незадаволены паваротам справы, стаў чакаць, што скажа Сасноўскі, разумеючы — начальнік цэха не проста так ігнаруе яго.

«Я замахнуўся толькі,— думаў ён,— а галоўны давядзе, хоць Кашын, здаецца, папярэджвае, палохае яго...»

— Доля праўды, Мікіта Мікітавіч, у вас ёсць,— неспадзеўкі міралюбіва сказаў Сасноўскі, адрываючыся ад паперы.— Інтарэсы завода вышэй за ўсё. Але ж існуюць нейкія правілы, палажэнні. І наогул, даруйце, якія захады вы ўжываеце, каб дамагчыся нармальнай рытмічнай работы?

Кашын адкінуўся на спінку крэсла і пачаў абедзвюма рукамі нешта шукаць у кішэнях пінжака. Потым выняў партсігар, запальнічку і, прыжмурыўшы адно вока, прыкурыў.

— Ты, Мікіта Мікітавіч, не цеш сябе, што ўсё ў парадку,— зноў умяшаўся Дзімін, з прыкрасцю ўспамінаючы свайго папярэдніка.— Другія цэхі будоўлю жылля разгортваюць. За культуру вытворчасці бяруцца. А ў вас быццам і дваццатага з’езда не было. Абмяркуйце, калі ласка, гэта...

— Сход сходам, але спачатку нам самім дамовіцца трэба,— не згадзіўся Варакса.— У нас раней так было...

— А я знаю другое! — упарта перабіў яго Кашын.— Некаторыя, замест таго каб умацоўваць мой аўтарытэт, стараюцца падарваць яго. Чым гэта пахне? Вы не круціце, а скажыце прама, ці можна падрываць гэты аўтарытэт, калі я мо і даражу ім толькі таму, што ён памагае мне праграму выконваць!..

Выйшаў Міхал з кабінета з сумненнямі. Ён дый Сасноўскі гаварылі непераканаўча, і ўсё выглядалі не зусім так, як уяўлялася раней. Як чалавек сумленны, Міхал не мог не прызнаць, што начальнік цэха ў нечым меў рацыю. Меў рацыю ў найбольш важным: каб выканаць план, каб не раслі перавыдаткі, рабочаму трэба і неабходна часам сім-тым ахвяраваць. Але разам з гэтым дапякалі і пытанні: а што такое план? Хіба яго выконваюць не дзеля таго, каб людзі жылі лепей? Дык што ж тады выходзіць?

3

Дзімін спусціўся ў падвал. Агледзеўся. Лёдзю ён убачыў у дальнім кутку — паніклая, яна сядзела нерухома на скрыні і разглядала свае абквэцаныя далоні. Побач валяліся рыдлёўка, лом. І столькі тугі, адчаю было ў постаці дзяўчыны, у яе безуважнасці, што Дзіміну зрабілася шкада яе.

«Ну і Кашын!» — падумаў ён.

Лёдзя не заўважыла сакратара парткома і сядзела так яшчэ хвіліну. Потым зняла хустку з галавы і страсянула яе, як мокрую бялізну перад сушкаю. Ад рэзкага руху закручаная на патыліцы каса ўпала і кранулася падлогі. Лёдзя спалохана падхапілася і спрытнымі звыклымі рухамі пачала ладкаваць яе.

Шмат чым абавязаны Шарупічам, Дзімін падышоў да Лёдзі і спагадліва дакрануўся да яе пляча. Але яна бліснула на яго вачыма і адхінулася.

Толькі што ў падвале была Дора Змітраўна, і Лёдзі здалося: гэта яна прыслала мужа.

— Пагаварыць з табою прыйшоў, суседка,— сказаў Дзімін.

— Пагаварыць або паспачуваць?.. Лепш во вентылятар адрамантуйце як след, а то газы атруцілі ўсё.

— Ты не злуй,— крыху азадачаны яе варожасцю, сказаў Дзімін.— Калі пакрыўдзілі чым, дык і паправіць можна. Няўжо ты думаеш, што Шарупічаў у крыўду дамо?

— Ведаю... Але калі б заводу, а не Кашыну трэба было, я, можа, і працавала б тут. Чэснае камсамольскае!.. І яшчэ хачу, каб у крыўду мяне не давалі, а не Шарупічаў.

Дзімін пакруціў галавою.

— Ладна, ладна. Толькі злаваць на ўвесь свет наўрад ці варта. Злосць — благі памочнік. Ты знаеш, чаму ўсё гэта ў цябе? Рыхтавалі з вас, дзяўчынка, студэнтаў, а не працаўнікоў. Далібог!

У вайну, ратуючы Раю ад гітлераўцаў, Шарупічы ўдачарылі яе, і яна ўвесь час, пакуль Дора не пайшла з гета ў партызанскі атрад, жыла ў іх. Дзяўчаты раслі разам. І, паглядаючы на Лёдзю, Дзімін як бы бачыў дачку, якая цэлымі днямі, як цень, сноўдалася з пакоя ў пакой, без прычыны выстаўляла напаказ сваю варожасць, а ўвечары, прыбраўшыся, знікала з дому і недзе блукала да позняй ночы.

«Праўда за Кавалеўскім. Ох, як трэба ім увага, увага і клопаты! — падумаў ён.— Рыхтаваць працаўнікоў... Гэта, вядома, не жарты, але не ўсё. Няхай ведаюць, што ёсць людзі, якія адказваюць за іх лёс і могуць памагчы знайсці сябе. Даводзіцца ж пачынаць усё нанава!..»

— Вялікі гонар быць рабочым, дзяўчынка,— усё ж палічыў за патрэбнае сказаць Дзімін.— Не кожнаму ўдаецца гэта. Але ты здолееш...— І тут жа крыху разгубіўся.— Ды перадай, парадуй бацьку: гарком былых падпольшчыкаў мяркуе сабраць. Нешта высвятляць будуць...

І падумаў пра жонку: «Прыйдзецца, Дора, і нам з табою вывады рабіць...»

Пад канец змены Лёдзю паклікалі наверх. Непадалёк ад выхада, ля бегуноў, якія з грудным буркатаннем перамешвалі фармовачную зямлю, яе сустрэў Кашын. У сваім спартыўнага крою касцюме са значком аўтазаводца начальнік цэха абудзіў пасля падвала асаблівую непрыязнасць.

— Што, на лёгкі хлеб пацягнула? Скора! — злосна падкалупнуў ён: без бацькі Кашын быў яшчэ больш бесцырымонны.— Значыць, там, дзе цяжка, няхай Пушкін працуе? Хадзем!

— Не мяркуйце толькі аб усіх па свайму сыну,— адпарыравала Лёдзя.

Ён не адказаў і рушыў па пралёце паўз вялікі канвеер. Лёдзя глядзела на яго касцюм са зборкамі на спіне, на жоўтыя чэхаславацкія туфлі, на тое, як цвёрда ступаў Кашын па чорным земляным доле, і ўсё клекатала ў ёй.

Спыніўся Кашын каля крайняй фармовачнай машыны, за якой у нязменнай кепцы-бесказырцы працаваў Пракоп Свірын, а на зборцы стаялі Комлік і цыбаты, сутулы хлопец, які некалі здзекаваўся з яе. Счакаўшы, пакуль Комлік падышоў і машыны перасталі

стракатаць, як адбойныя малаткі, ён вачыма паказаў на Лёдзю*'

— Цацу табе, Іван, прывёў. Заплечнік. Вучы з заўтрашняга дня!

«Дык, значыць, к машыне!» — з заміраннем сэрца падумала Лёдзя, забываючыся, што працаваць давядзецца з Пракопам і цыбатым хлопцам. Грубасць Кашына таксама ўжо не дужа кранала яе: «Гаўкай сабе на здароўе, укусіць жа адкрыта ўсё роўна слабо...»

— Значыць, мне сюды, Мікіта Мікітавіч, станавіцца? — спыталася яна, быццам нічога між імі і не было.— Дзякую!

Зноў не адказаўшы ні слова, Кашын кіўнуў Комліку і пайшоў да вагранак.

Як здалося, пад самым дахам цэха разлёгся гудок. Невядома адкуль вынырнула Кіра Варакса, абняла Лёдзю, закрычала ў самае вуха:

— Ты да нас? Правільна! Я так і думала. Хадзем хутчэй у душавую. Сёй-той, не чакаючы гудка, пабег...

Лёдзя дагэтуль у душавую не хадзіла. Мылася і пераапраналася дома. Чаму? Мусіць, гэта таксама быў пратэст, нежаданне згадзіцца, што тут, на заводзе, ты астанешся надоўга. Цяпер жа захацелася пабыць з Кіраю, пазласловіць пра Кашына, неяк паўней пажыць, і яна, уступіўшы ўгаворам сяброўкі, пайшла з ёй, вольна і горда несучы на плячах хустку.

У шырокіх дзвярах тэрмаабрубнага аддзялення мігцелі чырванаватыя водбліскі. Зрабіўшы таямнічы знак, Кіра пацягнула Лёдзю туды.

— Бачыш, здорава?

Пад адной з тэрмічных печаў — вялізных чатырохкутных камер на высокіх жалезных слупах — стаяла нагружаная распаленымі адліўкамі ваганетка. Адліўкі былі аранжавыя, быццам празрыстыя. Яны аж свяціліся і нагадвалі здалёк адмысловыя крыштальныя замкі. Над імі дрыжала трапяткое мроіва і ўзрываліся выштурхнутыя вялікай сілаю з распаленага металу буйныя залатыя зоры.

— Што гэта? — спыталася Лёдзя.

— Ахалоджваюць пасля адпалу. Прыгожа, праўда? Хадзем!

Чыгун быццам жыў — зачароўваў, абуджаў фантазію. На яго хацелася глядзець, як на нешта таямнічае, што вабіць душу, абяцае нязведанае. Прынамсі, так здавалася Лёдзі, перамога ў якой ускалыхнула надзеі і падспудныя сілы.

— Давай пастаім крыху...

Да печы пад’ехала другая ваганетка, гружаная халоднымі адліўкамі. Выглядала яна шэранькай, убогай. Яе расцвіўшая напарніца з аранжавымі замкамі тарганулася, але тут жа адкацілася назад — колы не змаглі ўзяць стык на рэйках. Тады шэранькая, убогая баданула яе, зрушыла і заняла яе месца. Лёдзя прыгледзелася — свая сціплая прыгажосць была і ў гэтых акуратна складзеных, быццам прысыпаных попелам адліўках. Дзяўчына нават пашкадавала іх — чаго прыбядняюцца?..

У душавую Лёдзя зайшла задуменная. Крыху саромеючыся, распранулася, туга, каб не замачыць валасоў, павязала галаву хусткаю і паклала адзенне ў Кірыну шафачку.

Работніц тут ужо было многа. Як у лазні, стаяў тлум, і ўсё ахінала цёплая парнасць. Пахла гарачай вадою, мылам. Голасна разлягаліся гукі.

Прабіраючыся бокам да душаў, Лёдзя крадком прыглядалася да Кіры, да другіх жанчын і дзяўчат, параўноўвала іх з сабою і хітранька радавалася.

Пад душ яны сталі ўдзвюх. Падстаўляючы пад цёплы дождж то грудзі, то спіну, Лёдзя адчула: аднекуль узнімаюцца хвалюючыя токі і цела робіцца гнуткае, дужае. Гэта адчуванне пранізала яе і адразу змяніла ўсё навокал.

— Ну як я? — спыталася яна ў Кіры, не баючыся здацца нясціплай.

— Пра што ты? — не зразумела тая.

Лёдзя спахапілася. Склаўшы далоні лодачкаю, падставіўшы іх пад дождж, накіравала ваду сабе ў твар і схлусіла:

— Я кажу, Кашын гэтага нам не даруе... Ён помслівы. Можа, яго таму і баяцца так...

Аднак чорцік, што абудзіўся ў ёй, усё яшчэ не рымсціўся.

— Ты, пэўна, акуляры дома носіш? — пацікавілася яна праз хвіліну.

— Я? Не-е,— моргаючы раскосымі вачыма, здзівілася Кіра.— Хоць, калі вучылася, заўсёды чытала лежачы. Дый цяпер чытаю. Паганая прывычка!

— А, мабыць, добра быць прыгожай?

— Я не думала пра гэта.

— Чаму ты не падавала ў інстытут, Кірачка?

— Я? — другі раз здзівілася тая.— Нікуды ён не дзенецца. А тут бацька працаваў. Я тут у дзіцячым садзе гадавалася, у піянерскія лагеры па заводскіх пуцёўках ездзіла. Трэба хоць за гэта адплаціць. Ды хіба толькі ў гэтым справа? Я, можа, больш за ўсё былым фабзайцам зайздрошчу. Гонар які! Незалежнасць. Рукі, спяцоўка!.. А ў клубе на вечарах!..

— Шарупіч! — аклікнуў нехта Лёдзю.

Яна азірнулася і, ледзь пазнаўшы ў струменях суседняга душа, угледзела сваю напарніцу па падвале.

— Мне таксама прапанавалі пераходзіць,— пахвалілася тая, абдаючы шыю, грудзі вадою.— У стрыжнёвае. Але адмовілася я: дзе ты такія грошы заробіш. А неўзабаве і рабочы дзень скароцяць. Праўда?

— Не ведаю,— адказала Лёдзя і падумала: «Відаць, трэба, каб і мне далі шафу... І не забыцца купальную шапачку прынесці. З ёю зручней будзе...»

4

Пачынаць самастойнае жыццё наогул нялёгка. Пачынаць жа яго, калі табе вядома, што робіць твой народ, але сама ты нічога не ўмееш, апрача як вучыцца, і пагатоў. Лёдзя бачыла: яна сёе-тое ведае, але ўсё, што яна ведае, тут ёй ні да чаго. Работа ў падвале была цяжкая, але не вымагала ніякага ўмення, тым больш некалі набытага Лёдзяй. Да таго ж, абудзіўшы высокія парыванні і надзеі, яе веды не памагалі ім здзейсніцца, аставаліся, як кажуць, пустапарожнімі і таму абцяжвалі Лёдзю. Думкі адносілі яе далёка-далёка, і яна амаль механічна рабіла, што трэба. Але ўсё роўна станавілася страшна — работа, не даючы нічога, адбірала ўсё. Лёдзя вярталася дамоў як выкручаная. Цяпер жа, ля фармовачнай машыны, Лёдзя адчувала яшчэ і сваю нікчэмнасць. Прыёмы, якімі трэба было авалодваць, здаваліся няўлоўнымі, і яна ніяк не магла пранікнуць у іх сакрэт.

— Гэта табе не вершыкі вучыць, хроп тваю макаўку! — пакепліваў Комлік, выціраючы рукі аб блішчастыя штаны і падміргваючы нязграбнаму Трахіму Дубовіку, які саромеўся свайго росту і ўвесь час сутуліўся.— Тут ва ўсе вочы глядзець трэба...

Ставіўся ён да Лёдзі з насмешлівай павагаю, як да няўдачнай дачкі чалавека, ад якога некалі залежаў. Але нічога не тлумачыў, не падказваў, а калі ў пралёце паяўляўся Кашын, пачынаў выгаворваць, распякаць. Прыгнятала і яго лаянка. Лаяўся Комлік як мастак, са смакам — з прычыны і без прычыны, выказваючы гэтым і сваё абурэнне і сваё захапленне.

— Ад такіх слоў, дзядзька, у роце можа чорна зрабіцца,— не вытрывала аднойчы Лёдзя.

Яе ўзнялі на смех і доўга непрымірыма здзекаваліся.

— Не падабаецца: заткні вушы! Ты ведаеш, што хочаш адабраць у нас? — вызверыўся Комлік, быццам яго кроўна абразілі.

— А як жа... далікатнасць! — падтрымаў Трахім Дубовік.— Але не бойся, Шарупіч, нічога з табою не станецца. Нават не пахудзееш.

Лёдзя паскардзілася бацьку, але ён, на дзіва, паставіўся да гэтага амаль абыякава.

— Тут, Лядок, апрача ўсяго, самі парадкі ў цэху вінаваты. Стыль наш,— неахвотна пачаў даводзіць ён, убачыўшы, што дачка пакрыўдзілася.— Мітусімся, ціснем на другога, штурмуем. Як жа тут без моцнага слова?

Лёдзя мучылася ад уласнай бездапаможнасці і плакала па начах. Зайздросціла Яўгену, бацьку і нават маці — ім усё ясна, яны ўмеюць рабіць сваё.

Аднаго разу, прачнуўшыся а другой гадзіне ночы, яна ўгледзела ў суседнім пакоі святло і пачула прыглушаныя галасы. Лёдзя паднялася з ложка і на пальчыках падышла да дзвярэй.

Схіліўшыся над сталом, бацька і брат разглядалі разгорнуты чарцёж.

— Я пытаюся ў цябе: ці можна аддаліць ад вольтавай дугі сценкі, не павялічваючы памераў печы? Разумееш? — дапытваўся бацька, водзячы пальцам па паперы.

— Не павялічваючы? Наўрад...— разгублена пабліскваў акулярамі Яўген.

— А падумаўшы?

— І падумаўшы, бацька...

Той закрактаў, выпрастаўся, памацаў паясніцу і доўга глядзеў перад сабою нерухомымі вачыма. Ягоны твар, нездаволены, хмуры, як бы аддаліўся. Потым пад добрымі выцвілымі вачыма, якія так любіла Лёдзя, тарганулася нейкая жылка. Тарганулася і адразу зрабіла твар хітрым.

— А што, калі мы сціснем самі сценкі? А? Зробім іх танчэйшымі сантыметраў на пяць — восем. Тады яны не будуць далей ад электродаў. А ну зірні ў даведнік. Наколькі зменшыцца гэтая самая разбуральная сіла?

Хвалюючыся, Яўген узяў з этажэркі блакітную кніжачку, знайшоў патрэбную старонку і ледзь не падскочыў.

— Тата, вы малайчына ў мяне! Ну проста здорава!..— выгукнуў ён.— Вы ж апрача ўсяго агнетрывалую дынасавую цэглу зможаце эканоміць. А яна, пэўна, на вагу золата каштуе?

Расчуліўшыся, Яўген абняў бацьку, як малодшага, паляпаў па спіне.

— Ідзіце кладзіцеся. Разлікі я сам зраблю.

— Не, я астануся, Жэня,— астудзіў яго бацька.— Мне таксама пакруціць мазгамі карысна. А потым пагаворым, абмяркуем. А заўтра вытворчую нараду ў плавільным склікаю. Адкуль бярэцца брак? Паспрабуем выявіць рэзервы...

Лёдзя не ўсё зразумела. Але адно было ясна: бацька з Яўгенам нешта выштукавалі такое, што пойдзе на карысць заводу, і гэта моцна радуе іх. Яна глядзела, як яны, шчаслівыя, стаялі адзін супроць аднаго, і заходзілася жалем да сябе.

«Вучыцца, вучыцца! — ліхаманкава думала яна.— А я закінула ўсё, нават не ведаю, дзе падручнікі. Англійскі наогул прапаў. Што я сабе думаю? Так нядоўга праваліцца і налета. Божа мой!..» Лёдзя вярнулася назад і легла ў ложак, але заснуць ужо доўга не магла. Дый за дзвярыма не змаўкалі галасы: хрыплаваты, нізкі — бацькаў і па-маладому звонкі — братаў.

О, калі б вярнулася ранейшае, хіба б яна так вучылася! Хіба ставілася б да політэхнізацыі, як да гульні? Гэта ж сорам прызнацца — яе спалохалі ручкі ў фармовачнай машыне: іх, здалося, было так многа, што нельга не пераблытаць. Яна ніяк не можа засвоіць усяго некалькі аперацый — якая за якой ідзе. Не натрэніравана нават памяць. Рукі няздольны без памылкі паўтарыць некалькі нескладаных рухаў. А ўсё таму —

Дзімін праўду казаў! — што яна вучылася, каб вучыцца, а не працаваць.

А яе адносіны да другіх? Яна ж адчувае сябе ў цэху

чужой. Ёй, апрача як з Кіраю, няма пра што гаварыць з навакольнымі, яе крыўдзяць іхняя непасрэднасць, прастата. Яны здагадваюцца пра гэта, яхіднічаюць, чапляюцца. Нядаўна хлопцы ўвязаліся за ёй пасля гудка і па чарзе прыняліся вугалем мазаць ёй твар. Мазалі без смеху, без жартаў, з халоднай дзелавітасцю. І гэта, ведаючы, што яна дачка Шарупіча! А што было б, каб бацьку не паважалі і ён не працаваў у ліцейным! Не заступіўся нават Свірын! А ён жа, здаецца, перадавы і сам паспытаў горкага за дваіх...

Бацька расказваў, як загінула ў ліхую гадзіну акупацыі Пракопава маці. У падпаленай хаце, амаль на вачах у сына. Паліцаі наскочылі і акружылі хату нечакана. Адзін з бобікаў уварваўся ў сенцы і кінуў нейкую бутэльку. Калі ён выбег, услед яму з дзвярэй шуганула полымя. Каб лепш гарэла, паліцаі пачалі прыкладамі біць шыбы ў вокнах. З аднаго разбітага акна раптам вылецела курыца, за ёй з лямантам другая. Бобікі кінуліся іх лавіць, і гэта ўратавала Пракопа, які толькі што вярнуўся ад суседзяў і быў затрыманы на двары. Выбраўшы хвіліну, хлопец шмыгануў у агарод.

Згарэла ўсё. На другі дзень Пракоп падабраў на палялішчы нямнога — срабрысты злітак — тое, што асталося ад люстра, якое вісела на сцяне ля покута. Ды яшчэ адно. Маці падзарабляла вязаннем. Вязала і ў той дзень. І вось пад рэшткамі згарэлай падушкі Пракоп знайшоў усе пяць пруткоў... Потым таксама давялося не вельмі салодка. Пасля вызвалення ён намерыўся шукаць шчасця ў Мінску. Ехаў туды героем на танку, які цягнуў на буксіры падбітую самаходку. З гары самаходка пайшла хутчэй, дагнала танк і гарматным ствалом прыціснула хлапчука да вежы. Так што ў Мінску танкісты здалі Пракопа ў бальніцу. Можа быць, толькі тут і пашанцавала. У палаце ён пазнаёміўся з бязрукім інвалідам, які, выпісаўшыся, узяўся за арганізацыю рамеснага вучылішча. Ложкі для першага інтэрната, што прытуліўся ў сутарэнні разбуранага бомбамі дома, цягалі з папялішчаў...

Лёдзя не заснула да світання.

...Паснедаўшы, ціхая і бледная, пакруціўшыся для прыліку каля люстэрка, яна паспрабавала непрыкмет-

на выйсці з дому. Але калі пстрыкнула замком, пачула маці.

— Ты куды, Лядок? — пацікавілася яна.

— Прайдуся трохі,— не адважылася сказаць праўду Лёдзя і хуценька зачыніла за сабою дзверы.

У гэтай змене яна нікога не ведала, але ўсё роўна, каб не ісці праз увесь фармовачны ўчастак, зайшла ў цэх праз плавільнае аддзяленне. Звярнула ўвагу — дол быў укладзены квадратнымі жалезнымі плітамі, навокал больш парадку, чым звычайна.

Аднак не надала значэння: было не да гэтага. Без хусткі, у светлай у гарошкі сукенцы Лёдзя выглядала белай варонаю і адчувала гэта. Але іншай рады не было: ключ ад шафачкі ў раздзявалцы астаўся дома. Стараючыся не сустракацца позіркам з рабочымі, Лёдзя падышла да першай фармовачнай машыны і з безуважным выглядам, нібыта гэта мала цікавіла яе, пачала прыглядацца да работы фармоўшчыкаў. Не прапускаючы ніводнага руху, паспрабавала ўгадваць кожную наступную аперацыю і, угадаўшы, да хрусту сціскала пальцы.

«Так, так, так»,— адлічвала сама сабе, не заўважаючы, што яе думкі адбіваюцца на твары і ён палае.

Калі Лёдзя нарэшце без памылак здолела па парадку назваць усе аперацыі цыкла, яна са страхам убачыла побач Вараксу.

Стары меў пропуск, часта прыходзіў на завод і пры пільнай патрэбе падмяняў каго-небудзь на фармовачных машынах. Лёдзя пачырванела, памкнулася была схавацца. Але гэта не ўдалося.

— Куды ж ты? — спытаў яе Варакса і загадаў падысці да машыны.— Давай трошкі папрактыкуемся разам, а тады і пабяжыш сабе... А Кіра потым кніжкі прынясе. Я перадам. Дазвольце нам, хлопцы, папрактыкавацца.

Ён падняўся на месца зухаватага чарнявага фармоўшчыка, паставіў Лёдзю побач і ўключыў машыну.

— Глядзі цяпер!..

5

Міхал не захацеў даваць сваёй прапанове звычайны ход. Чаму? Гэта зацягнула б справу. Апрача ўсяго ў гэтым быў і Міхалаў бунт. Сход былых падпольшчыкаў у гаркоме разверадзіў старыя раны, нават пакрыўдзіў. Праходзіў сход бурна, шумна, многія з падпольшчыкаў ваявалі адно за сябе, прыніжалі таварышаў, выказвалі розныя падазрэнні. Ад чаго агульная карціна, як здавалася Міхалу, стала яшчэ больш непрыгляднай, заблыталася. Унёс сваю лепту, вядома, і Кашын. Таму, забраўшы чарцяжы і выкладкі, Міхал на злосць пайшоў прама да яго: трэба было паглядзець на Кашына і ў такой сітуацыі.

У кабінеце стаяў тлум, было многа неведвальнікаў. Давялося чакаць. Тым больш што Кашын дэманстратыўна не глядзеў на Міхала. І толькі калі ўсе выйшлі, нездаволены позірк слізгануў па ім.

— 3-зноў з-з прэтэн-зіямі? — калупаючы запалкаю ў зубах, працадзіў ён.

Міхал разгарнуў ватман, паклаў разлікі, пачаў тлумачыць.

— Ну што ж, нясі ў бюро,— не даў закончыць яму Кашын.— Няхай паглядзяць. Можа, і выгарыць, здымуць пенкі.

Ён раскалупаў зубы да крыві і зацыкаў слінаю, разглядаючы запалку.

— Вядома, гэта пусцяковіна,— запярэчыў Міхал,— але сякі-такі эфект дасць. Хачу прасіць, каб вы санкцыяніравалі.

— З якой ласкі? Ты што, з неба зваліўся? Парадку не ведаеш? — упяў у яго вочы Кашын.— У бюро кожны дзень па дзесяць — пятнаццаць прапаноў паступае. А толку? Паўтара працэнта — на дапрацоўку і толькі паўпрацэнта — на ўкараненне. Ідзі здавай і не тлумі галавы.

Раней Міхал, магчыма, і згадзіўся б: ён не любіў вытыркацца наперад, крычаць пра сваё. Але цяпер, падмануты ў надзеях, узбунтаваўся, так проста прымірыцца не мог і павінен быў шукаць праўды хоць у гэтым. Яшчэ мінулы раз, калі тут жа, у кабінеце, выкладваў цэхавыя крыўды, ён адчуў у Сасноўскім чалавека, які хоча цябе зразумець. І Міхал падаўся да яго.

У кабінеце галоўнага інжынера не было беспарадку, як у Кашына. Усё стаяла там, дзе толькі і магло стаяць. І сядзеў Сасноўскі за масіўным пісьмовым сталом, як за пультам. Але Міхал чамусьці з большай упэўненасцю паклаў перад ім чарцёж.

— Цікава,— прагледзеўшы, сказаў Сасноўскі, здагадваючыся, што той паказвае яму не першаму.— А што, Кашын супроць?

Зазваніў тэлефон. Невядома як пазнаўшы, які з пяці апаратаў звоніць, Сасноўскі ўзяў трубку, паслухаў, сказаў, што згодзен, і паклаў яе на месца. Тут жа зноў заверашчаў званок. Сасноўскі ўзяў другую трубку і, счакаўшы хвілінку, з ухмылкаю прамовіў:

— Ён думае, там мільёны. Перадайце яму, што мільёнаў не будзе. Апошняя нарада паказала — ёсць унутраныя рэзервы. Няхай лепш паспяшыць са сваімі меркаваннямі наконт сямігадзіннага. Так, так!

Трэцяга званка Сасноўскі быццам бы і не пачуў. Усё з той жа ўхмылкаю перапытаў Міхала:

— Дык што, Кашын супроць?

— Не. Ён толькі адмахнуўся.

— Гэта правільна, мы ўсе крыху аднадумы, Сяргеевіч. А ў яго наогул цяпер у галаве іншае. Любіць парадак, хоча пра адно думаць...

Усё гэта было падобна на адмову.

— Дык і вы не паможаце? — спытаўся Міхал, не хаваючы расчаравання.

Без папярэджання ўвайшоў Дзімін. Падаў руку галоўнаму інжынеру, Міхалу, паведаміў, што заўтра а шостай пасяджэнне парткома, і сеў, стараючыся зразумець, чаго завітаў Шарупіч.

Міхал узрадаваўся і не ўзрадаваўся прыходу Дзіміна. Але ўсё ж нешта пацвярдзела ў ім, і ён упарта сказаў:

— Я не супроць парадку, Максім Сцяпанавіч. Але ж вы зрабілі нядаўна Кашыну выключэнне?

— На сваю галаву, Сяргеевіч.

Дзімін здагадаўся, у чым справа, падышоў да стала, паглядзеў на чарцёж і вярнуўся на сваё месца. У вачах загойсалі насмешлівыя чорцікі.

— Ага, зноў вынаходства? Во бяда!

Сасноўскі насцярожыўся, пачырванеў.

— Што гэтым хочаш сказаць? Пажартаваў, ці як?

— Якія тут жарты. Мы ўсе тут камуністы, і я больш проста магу... Не думай, што тады з барабанам уся праўда была на тваім баку. Аляксееў — здольны чалавек. Ідэя яго цікавая. Ты сам казаў пра гэта. І калі хто скампраметаваў яе, дык гэта Кашын з тваёй дапамогай.

Ён нечакана звярнуўся да Сасноўскага на «ты».

Той заўважыў гэта.— «Прыбірае да рук!» — і насупіўся : Дзімінавы словы, сапраўды, набывалі для яго большую важкасць.

— Растлумач, калі ласка,— папрасіў ён.

— Імкненні, здаецца, былі някепскія. У цябе — пакласці канец саматужніцтву. У Кашына — выправіць становішча ў тэрмаабрубным. Ён, калі хочаш, для гэтага сябе і ў сааўтары да Аляксеева прыпрог. Меркаваў, у сваім цэху, як гаспадар, спарней усё зробіць. А што выйшла? Канфуз!..

— Як сказаць...

Апрача логікі ўчынкаў ёсць яшчэ логіка барацьбы. Міхал не мог ужо стрымліваць сябе.

— Я, між іншым, Максім Сцяпанавіч, не многа прашу ў вас,— карыстаючыся невялікай замінкаю, іранічна сказаў ён.— Калі трэба, сам буду рызыкаваць...

Сасноўскі паглядзеў на яго, на Дзіміна.

«Глядзі ты!..— маркотна падумаў ён.— Хоць што ім?.. Хіба няма такой смеласці, калі надта смелыя проста небяспекі не ўяўляюць? Дый што ім цяпер!.. А раз, два апякуцца і будуць асцярожнейшымі. Неразумна па пусцяках канфліктаваць і нажываць ворагаў. Потым жа помсціць пачнуць. Нервы трапаць, палкі ў колы ставіць. І не так ты, як работа прайграе. А Кашыну наогул казыроў не давай — зусім расперажацца і рады не дасі. Пасля не такое ўгробіць...»

Але і падсалоджаныя думкі былі такія крыўдныя, што далоні ў Сасноўскага зрабіліся мокрымі.

— Твае здагадкі вельмі арыгінальныя,— кінуў ён Дзіміну, выціраючы рукі насоўкаю.— Асабліва калі ўлічыць, што датычаць такой цёмнай галіны, як псіхалогія.

— Ты не крыўдуй...

— Ну дык як? — устаў Міхал.

Сасноўскі ўзяўся быў за тэлефонную трубку, але тут жа палажыў назад. Твар у яго пацямнеў і стаў налівацца злым абурэннем.

— Тады, Міхале, мы з табой, можа, так зробім,— разумеючы галоўнага інжынера, сказаў Дзімін.— Збяромся ўвечары на гадзінку-другую ў мяне і паглядзім як след яшчэ з Дорай. Яна ж, як і раней, на цябе моліцца. А потым... Потым будзем спадзявацца, што афіцыйнай забароны не будзе.

Але гэта Дзімін дадаў ужо для Сасноўскага.

У нядзелю Міхал пайшоў у цэх і сам кіраваў футроўкай плавільнай печы — астуджваў яе вадою, пнеўматычным малатком узрываў спаяныя ў маналіт, пашкоджаныя ўжо страшэннай гарачынёй сценкі, мураваў новыя.

Назаўтра, у панядзелак, прыйшоў да пачатку падрыхтоўчай змены і без мэты хадзіў навокал печы, разпораз заглядаючы ў завалачнае акно.

Ноч перад гэтым выдалася халодная, зорная. На зямлю ляглі замаразкі. І калі Міхал ішоў на завод, вецер ганяў па тратуарах лісце, а яно шамацела, як папяровае. У цэху было холадна. Усё ахінула нязвыклая цішыня. Нерухома, як непатрэбныя, звісалі з электрацялежак каўшы. У маўклівасці застылі канвееры на фармовачным участку. Праз замасленыя вокны цадзілася ранішняе малінавае святло, ад якога рабілася не па сабе. Працавала толькі адна вагранка, страляючы буйнымі, як трасіруючыя кулі, іскрамі, якія, крануўшыся сцяны, узрываліся. Двое наладчыкаў устанаўлівалі на фармовачных машынах новыя мадэлі.

Не, Міхал верыў у свой вопыт, у разлікі Яўгена, у прадбачлівасць Доры Дзімінай. Але, назіраючы, з якой страшэннай сілай вылятаюць іскры з вагранкі і як узрываюцца, ударыўшы ў сцяну, ён халадзеў — на карту быў пастаўлены не адзін яго аўтарытэт. Раптам нечаканая думка скаланула яго: а што, калі тонкія сценкі электрапечы акажуцца настолькі цеплаправоднымі, што распаліцца кажух? Што будзе тады? Прыйдзецца спыніць работу, і ўвесь цэх застыне вось у такой жа, як і цяпер, нерухомасці, і праўда акажацца на баку Кашына? Ці не занадта многа пастаўлена на карту?..

Трэцяга дня, у суботу, было пасяджэнне парткома. Яно зацягнулася, але ніхто не наракаў. Прысутнасць Кавалеўскага ўзнімала ўсіх, рабіла актыўнымі. На парадку дня стаяла адно пытанне — як ідзе падрыхтоўка да пераходу на сямігадзінны рабочы дзень. Ды пры Кавалеўскім пытанне нечакана набыло новыя аспекты, пашырылася.

Схіліўшы па звычцы галаву на плячо, Кавалеўскі ўважліва слухаў прамоўцаў. І зусім не хаваў сваіх адносін да таго, што яны гаварылі: гразіў пальцам, ківаў у знак згоды, кідаў рэплікі. А калі загаварыў сам, пачаў звяртацца то да аднаго, то да другога.

— Абуджаць ініцыятыву зараз — галоўнае. Так? — пытаўся ён у Сасноўскага.— Ну вось! Актыўнасць людзей расце? Расце. І яе трэба ўсяляк падтрымліваць. Але нічога так лёгка нельга зняславіць, як новае. Згодны?..

«Зняславіць...» — тужліва думаў Міхал.

Адчуваючы, як цяжэюць ногі, ён яшчэ раз абышоў электрапеч і, не чакаючы, калі пададуць чыгун, пабег да тэлефона. Нягнуткім пальцам набраў нумар галоўнага інжынера і пачаў чакаць. Што там ні кажы, Сасноўскі не Кашын. Доўгія, трывожныя гудкі, здавалася, уваходзілі ў Міхала. Галоўны інжынер, вядома, не адказваў. Не было і Доры Змітраўны.

Час цягнуўся марудна. Нарэшце, падаўшы сігнал, коўш падплыў да вагранкі. Ваграначнік у такіх жа, як у Міхала, шыракаполым брылі і робе, якія надавалі яму выгляд асілка, ломам ударыў у лётку. Па жолабе, іскрачыся, хлынуў чыгун — зіхотны, вязкі. Тэльферыстка — мілая на выгляд ружовашчокая дзяўчына ў чырвонай, як у колішніх дэлегатак, хустцы — памахала з вышыні Міхалу рукою, і цялежка з каўшом кранулася. Зрабіўшы плаўны паварот, паслухмяна спынілася ля завалачнага акна электрапечы.

Далей Міхал рабіў бадай што механічна. Вонкава спакойны, хіба толькі з больш, чым звычайна, запаволенымі рухамі, ён аддаваў распараджэнні, назіраў, як расплаўлены чыгун запаўняе ванну і нутро печы чырванее, разгараецца, перадаваў указанні пультаўшчыцы наконт тэмпературы. Але апасенне страшнага жыло ў ім, перашкаджала думаць.

Нечакана Міхал заўважыў Дзіміна. Той, відаць, таксама хваляваўся. Заклаўшы рукі за спіну, ён быццам мераў адлегласць ад вагранкі да канвеера і назад...

«Прыйшоў! Даўно б так,— з удячнасцю падумаў Міхал. Яму зрабілася лягчэй, быццам прысутнасць Дзіміна адводзіла небяспеку.— Ідзі сюды, ідзі пры ўсіх... Не нам з табою мерацца, хто з нас вышэйшы...»

Праз нейкі час, калі печ выдала першую плаўку, Міхал выклікаў да тэлефона галоўнага інжынера.

— Пакуль што, здаецца, парадак! — галасней, чым трэба, паведаміў ён, не хаваючы і таго, што разумее, у якім двухсэнсоўным становішчы знаходзіцца Сасноўскі.

— Тады няхай і далей шанцуе,— пажадаў той удачы.— Праз гадзіну яшчэ пазвані... А кажух, Сяргеевіч, не чырванее?

— Бог мілаваў.

— Перажываў, пэўна?

— Усякае было... Тут, калі хочаце, паядынак ішоў...

— Здагадваюся, Сяргеевіч, здагадваюся...

Радасць рэдка прыходзіць сама сабою. Часцей яе

трэба браць штурмам. Але затое чым цяжэй даводзіцца чалавеку, тым паўнейшая ў яго радасць.

Мусіць, таму, калі пад канец змены пануры Кашын стаў прыдзірліва аглядаць печ, Міхал аж засвяціўся ад свавольнага пачуцця.

— Парадак, можаце не правяраць,— пахваліўся ён, забываючыся на ўсё, апрача сваёй удачы.— Цяпер толькі каб выйшла, што нашы сценкі трывалейшыя...

Кашын неахвотна кіўнуў у знак згоды.

— Але ў мяне да цябе просьба,— сказаў ён строга.— Пакуль што не рэгіструй гэту сваю прапанову. Управішся яшчэ грошы атрымаць.

— А гэта чаму?

— Таму што, калі атрымаеш, сэканомленую цэглу памінай як звалі. Здымуць з плана, і яе ўжо не возьмеш. А яна, як табе вядома, да зарэзу патрэбна.

Такое было звычайным, і Кашын, па-свойму, меў падставы, але ісці яму насустрач цяпер Міхал не мог. Дый было нешта крыўднае ў яго просьбе.

Дзімін, які і цяпер аказаўся побач, з прыкрасцю ўдарыў сябе ў грудзі.

— Эх і натура ж у цябе, чалавеча! Хіба можна зараз пра гэта?..

— А што тут такога? Мо няпраўду я сказаў або хачу прысвоіць сабе гэтую цэглу? — як заўсёды, перайшоў у контрнаступленне Кашын.— Давай ужо, крый адкрыта. Ці не дарогу жонцы расчышчаеш?! Ну?..,

 

РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
1

 

Неяк нядобра пайшло ў сям’і Сасноўскіх. Юра дома бадай што не стыкаўся і прыходзіў з інстытута позна, за поўнач, а то і зусім начаваў недзе. Калі, знарок адчыняючы яму дзверы сама, Вера пыталася, дзе прападаў, Юра грэбліва адказваў, што ў хлопцаў у інтэрнаце— рыхтаваў заданні. Яго лёгка было выкрыць: пабочным у інтэрнаце пасля адзінаццаці гадзін ночы аставацца забаранялася, дый вяртаўся часам Юра дамоў, калі не хадзілі ні трамваі, ні аўтобусы. А дабрацца пехатою ад Політэхнічнага было цяжка. Але такія думкі Вера адганяла ад сябе, турбуючыся галоўным чынам аб здароўі сына. Яна бачыла, як ён выцягваецца, худзее, як некалі чысты дзябёлы твар блякне, ад скроняў да ўкрытага пушком падбародка праступае нездаровая бледнасць, і сэрца ў яе заходзілася ад болю. Таму сварылася яна на сына за кепскі апетыт, за сон. Не давяраючы домработніцы, сама падавала Юрку снеданне, сядзела ў сталовай, пакуль той еў, і, сунуўшы грошы на абед, адпраўляла ў інстытут. Калі ж Юрка прыходзіў дамоў адразу пасля лекцый і засынаў на канапе проста ў чаравіках, яна хадзіла на пальчыках і шыкала на ўсіх, хто голасна размаўляў.

Сасноўскі, хоць і не бачыў Юркі амаль тыднямі, заўважаў больш, чым жонка. Пасынак перастаў браць з сабою чамаданчык з падручнікамі. На стале ў яго не было новых сшыткаў, валяліся толькі старыя канспекты лекцый, напісаныя не яго рукою.

— Дарэмна ты патураеш яму,— асцярожна пачынаў Сасноўскі.— Расце абібокам, распусціўся, у доме як кватарант...

— Хапае яму і вучобы,— з пакрыўджаным выглядам бараніла Вера сына: словы мужа здаваліся ёй пустымі прыдзіркамі.

— Ну, як сабе хочаш. Але ж ён сапраўды стаў нахлебнікам, кватарантам. Нават не лічыць патрэбным казаць, куды ідзе, калі вернецца. Ні табе пачуцця адказнасці, ні табе павагі, ні ўдзячнасці. Ты паглядзі, з якім выглядам ён есць, як ставіцца да мяне. Размаўляе, быццам робіць ласку. Ты, я, інстытут, горад і ўвесь свет існуюць толькі для яго і павінны быць шчаслівыя, што ён жыць пажадаў. Знаёмыя скардзяцца: перастаў вітацца. Ідзе гэткім нахабным фертам, глядзіць у вочы і чакае, каб з ім віталіся першыя. І ўсё гэта без перакананняў якіх-небудзь, а ад самалюбства. Таму што так робяць прыяцелі.

— Чаго табе трэба ад яго? Ён хлапчук яшчэ.

Заклаўшы рукі назад, Сасноўскі адыходзіў ад жонкі, у абурэнні ўзняўшы плечы.

— Я такім хлапчуком ужо на хлеб зарабляў,— кідаў ён, падыходзячы зноў.— У мур’е працаваў. Ведаеш, дзе гэта? Пад падлогаю ў лесапільным заводзе. З тачкаю! Падлеткаў, колькі трэба было, набралі, дык прыйшлося гады прыпісваць, каб прынялі, і працаваць нароўні з дарослымі... А інстытут? Ого! Нашага брата — дзяцей служачых, тады здаецца, толькі пяць працэнтаў прымалі. Дык я тачкаю здабываў права на інстытут... Я і да гэтага часу не ўмею гальштук завязваць, палі на капелюшы заломваць. І танцаваць, як табе вядома, не ўмею. Не навучыўся, бачыш, бо гэта ў нас, камсамольцаў, мяшчанствам лічылася. Як і сланечнік лузаць на вуліцы і шалупіннем плявацца...

Успаміны крыху размякчалі Сасноўскага, ён лагаднеў, але абурэнне пасынкам не давала яму прымірыцца з жонкаю, і яны дзьмуліся адно на аднаго па некалькі дзён. Пераймаючы старэйшага брата, пачалі не слухацца і Леначка з Соняй.

На самоце да Сасноўскага сталі прыходзіць крыўдныя думкі. А якая цана яго ўласным высокім намерам? Хіба ён змагаецца за іх ажыццяўленне з усёй палымянасцю душы? Ён не можа, скажам, узысці на трыбуну і адкрыта расказаць пра сябе ўсё, што часам робіць не тое, што хоча. Паслаў вось дакладную аб спецыялізацыі Саўнаргасу — і ўсё. Пераканаў сябе, што павінны зразумець карысць гэтага,— і супакоіўся... Шарупічу і то памагчы не змог...

У Люсдорфе, які Сасноўскі ўспамінаў часта, ён бачыў дзвюх неразлучных старых жанчын. Кожную раніцу, захутаныя ў хусткі, яны махалі рукамі на беразе мора, прытанцоўвалі і ніколі не здымалі цёмных акуляраў. Калі хто-небудзь праходзіў паўз іх, старыя адразу спыняліся і, падняўшы акуляры на лоб, праводзілі праходжага доўгім позіркам, радыя, што можна адпачыць. Але пасля з нейкім вялым старэчым стараннем пачыналі махаць рукамі, падскакваць. Іх мітуслівыя, па-старэчаму бездапаможныя рухі выклікалі жаль

і зняважлівае спачуванне.

Хіба не так жа выглядаюць яго намаганні — часцей за ўсё запозненыя, пазбаўленыя энергіі, упартасці?.. Сасноўскі ўлоўліваў тут нешта агульнае, і яму рабілася сорамна. Спачатку ён шукаў прыгожых формул для апраўдання: яго мары, маўляў, абганяюць справы, і таму, як ён ні спяшаецца, не хапае часу, каб ажыццявіць іх. Дый сам час вельмі круты, суровы, і варта іншы раз змаўчаць, пачакаць да лепшых дзён, толькі каб не абудзіць сілу, якая можа наламаць дроў. А ён, Максім Сцяпанавіч, яшчэ скажа сваё, дый гаворыць, калі магчыма... Але цяпер не супакойвала і гэта, і Сасноўскі шчыра зайздросціў Міхалу Шарупічу: як, мабыць, добра чалавеку, якому няма чаго хаваць ад другіх. Нават на заводзе стала цяжэй аддаваць загады, спрачацца з галоўным металургам, з Кашыным і глядзець ім у вочы. Знікла лёгкая свабода і ў адносінах да Веры.

А работы прыбывала. Каб дэталёва абмеркаваць усё, што звязана з пераходам на скарочаны тыдзень, склікалі навукова-тэхнічную канферэнцыю. Дзімін настаяў, каб на яе запрасілі супрацоўнікаў інстытута эканомікі, работнікаў здароўя. Кола пытанняў, якія трэба было вырашыць, пашыралася і пашыралася. Ужывалі меры, каб спыніць цякучасць кадраў. Праводзілі грамадскія агляды — у якім стане ахова працы, тэхніка бяспекі, падрыхтоўка да работы ў зімовых умовах. Усё гэта адбірала процьму часу, прымушала затрымлівацца на рабоце. Вера нервавалася і падазравала бог ведае ў чым.

Вярнуўшыся з работы, Сасноўскі на гэты раз не застаў яе дома. Здзіўлены, ён прайшоўся па ўсіх пакоях, пагутарыў з дочкамі, заглянуў у Юраў пакой.

Пасынак ляжаў на канапе, курыў і чытаў «Чалавека-амфібію».

— Няўжо няма больш сур’ёзных кніжак? — непрыхільна гледзячы на Юру, ад парога прабурчаў Сасноўскі.

— А што?

— Вырас ужо. Глытаеш адны прыгодніцкія — ні розуму ні сэрцу. Пара і пра жыццё падумаць!.. Дзе маці?

Плюнуўшы на пальцы і перагарнуўшы старонку, Юрка прамаўчаў.

— Яна даўно пайшла?

Ён пацепнуў плячыма.

— Яў каго пытаюся?

Грэбліва варухнуўшы брывом, Юра адклаў кнігу і ўнурана сеў, быццам адгарадзіўшыся ад айчыма. Абыякавы твар яго пацямнеў.

Звычайна яго ўпартасць і варожасць большалі, калі ён у нечым правінавачваўся. Гэта быў адзін з выпрабаваных прыёмаў самаабароны. Акрыта дэманструючы сваю незалежнасць і непрыязнасць, ён загадзя даваў зразумець, што ўсякія ўшчуванні і разносы будуць марныя, і як бы сам ішоў на скандал. Сасноўскі заўважаў гэта не раз і затрывожыўся не на жарт.

— Што-небудзь здарылася?.. Ды не маўчы ты!

— Мяне не дапускаюць да заліковай сесіі.

— Гэта па якой прычыне?

— Я не здаў англійскай.

— Віншую. І што ж — маці пабегла здаваць за цябе?

Юра расціснуў недакураную папяросу аб попельніцу, якая стаяла на падсунутым да канапы крэсле. Каб схаваць слёзы, што нагарнуліся на вочы, устаў, падышоў да акна і прыпаў ілбом да рамы.

У гэты момант зазваніў званок. Леначка з Соняй кінуліся адчыняць дзверы.

Вера ўвайшла ў пакой з бліскучымі вачыма і прыпухлым ад слёз тварам. Не распрануўшыся, апусцілася на канапу.

— Якая ганьба! — прастагнала яна, адкідваючыся на спінку.— Лепш бы я правалілася скрозь зямлю! Божа мой! Уніжайся, прасі, як міласціну...

— Каго? Навошта? — паступова даходзячы да сэнсу яе слоў, усё ж здзівіўся Сасноўскі.

— Яна працуе машыністкай, але яе ў інстытуце паважаюць, і яна можа пагаварыць з англічанкай. Можа на благі канец дамовіцца, каб тая давала Юрыку ўрокі за якую хоча плату. Урэшце гэта не датычыць мяне... Толькі прыняла б залікі...

— І ты магла?

— Калі б у цябе быў сын, мог бы і ты,— сказала Вера і, трымаючы ў апушчанай руцэ шаль, канец якой цягнуўся па падлозе, пайшла распранацца. Шчокі яе паружавіў мароз, але твар выглядаў страшна знясіленым.

Аднак назад яна вярнулася другая. Твар у яе — хоць нешта жаласлівае, бездапаможнае ўсё ж асталося на ім — палаў гневам.

— Што вы робіце са мной?! — накінулася яна на мужа і Юрку.— Хто я вам такая? Адзін здзіўляецца, што маці можа прасіць за сына. Другі наогул і вухам не вядзе, быццам не для яго ўніжаюцца. Майце на ўвазе: сустрэну Шарупічаву дачку — адаб’ю ахвоту круціць падолам. Адкуль гэта? Сама не вучыцца і другім не дае. Няхай, калі так не можа, шукае сабе роўню. На заводзе знойдуцца аматары!..— Вера ўсё ўзнімала і ўзнімала голас, пакуль не ўсхліпнула.— А тая, мая машыністка, абяцала даць адказ заўтра раніцою. Будзеце гаварыць самі. Я не магу больш!..

Спрачацца з ёй зараз ці што-небудзь тлумачыць было бескарысна. Гэта магло прывесці да дзікага скандалу. І, падавіўшы сорам, які ахапіў яго, Сасноўскі выскачыў з пакоя.

2

Машыністка назаўтра не прыйшла. Не ведаючы, што і думаць, Вера не знаходзіла сабе месца. Праз два дні пачыналася заліковая сесія. І калі не ўладзіць з англійскай мовай, Юрка амаль механічна выбудзе з інстытута.

Сасноўскі шмат у чым быў падобны на першага мужа — на Юркевіча. Нават у галоўным: жывучы работаю, ён гэтак жа мала зважаў на тое, што рабілася ў сям’і, і цалкам спадзяваўся на жонку. У яго таксама жыло перакананне, што дома павінен панаваць матрыярхат, жанчыны былі, ёсць і будуць ахоўнікамі сям’і. Так наканавана самой прыродаю. Па злой іроніі лёсу яны і называлі яе аднолькава — Вяруся. Вера ведала гэта і адчувала сваю адказнасць за ўсё: не зробіш сама — не зробіць ніхто. Таму, нягледзячы на сварку, яна ўчора за вячэрай зноў папрасіла мужа з’ездзіць да рэктара інстытута. Папрасіла і раскаялася. Шпурнуўшы на стол лыжачку, якой памешваў чай, Сасноўскі з грукатам адсунуў крэсла і схаваўся ў кабінеце. Недапіты чай з лімонам Вера панесла яму туды і, паставіўшы на пісьмовы стол, паспрабавала абняць мужа. Але ён рэзка вызваліўся і стаў перад ёю, бледны ад абурэння.

— Я не зраблю гэтага больш і забараняю рабіць табе! Чуеш? Нельга, каб Юрый так пачынаў жыццё. Спачатку я баяўся — несправядлівасць пры прыёме азлобіць яго. Але цяпер пераконваюся — усё выйшла наадварот. Ён убачыў, што можна абыходзіць закон, і пачаў куражыцца. Ты разумееш, да чаго гэта прывядзе?.. Які з яго інжынер выйдзе?

— А ты пагавары з ім, расталкуй і... памажы, раз так усё дасканала разумееш! — у роспачы крыкнула Вера.

Яны доўга спрачаліся і абвінавачвалі адно аднаго ў смяротных грахах, пакуль іх не прымірылі ласкі.

Увесь дзень Вера пражыла ў трывозе. А як толькі змерклася, хутка сабралася, выклікала Федзю і пакаціла да машыністкі, якая жыла на супрацьлеглым канцы горада. Тая забараніла пад’язджаць да дома, і, пакінуўшы Федзю за квартал, Вера патэпала па цёмнай, без тратуараў вуліцы.

Яна адвыкла ад начных ускраін. Вулка здалася ёй страшнай. Мроілася, што на кожным кроку тут падсцерагае небяспека. У двары машыністка трымала сабаку. Яго, вядома, ужо спусцілі з ланцуга, і давядзецца стукаць суседзям, вокны якіх выходзяць на вуліцу. Ало і гэта цяпер мала турбавала Веру. Трэба было ратаваць сына, і яна не надавала значэння астатняму.

Калі машыністка адчыніла ёй дзверы, Вера рашуча пераступіла парог і павіталася. Не чакаючы запрашэння, расшпіліла футра, зняла хустку, надзетую спецыяльна на гэты выпадак, і села ля стала, які стаяў пасярод пакоя.

— Вы не стрымалі свайго слова,— упікнула яна гаспадыню, выціраючы яркай насоўкаю куткі пакрыўджаных вуснаў.

Прапусціўшы яе словы міма вушэй, машыністка прыветліва ўсміхнулася, села насупроць і паклала на стол поўныя, аголеныя да плячэй рукі.

На вуліцы было холадна, церусіў дробны калючы сняжок, і гэтыя голыя рукі непрыемна ўразілі Веру. Дый наогул усё хатняе аблічча машыністкі здалося непрыемным: і ўскудлачаная прычоска, прыплясканы, з шырокімі сківіцамі твар без касметыкі, не першай свежасці блузка. Папахвае смажанай цыбуляй: відаць, толькі што завіхалася на кухні.

— Чаму вы не прыйшлі сёння? — спыталася Вера, хаваючы варожасць.— Я вас вельмі чакала. Заўтра ж апошні дзень...

Гаспадыня змахнула са стала крошкі і квола кінула некаму, хто, пэўна, знаходзіўся за сцяною:

— Фенечка, прынясі, калі ласка, мне цёплую кофту.

«Няўжо здагадалася пра мае думкі? — разгублена падумала Вера.— Во ведзьма...» — і міжвольна агледзела пакой, спрэс застаўлены рэчамі. Цацкі і фотакарткі на камодзе, на старым трумо, на палічках высокай спінкі канапы дый сама мэбля здаліся ёй пыльнымі, выдуманымі чалавекам з безнадзейна беднай фантазіяй.

З суседняга пакоя прычыкільгала пажылая кульгавая жанчына і падала ярка-зялёную кофтачку. Накінуўшы яе на плечы, машыністка соладка сцепанулася і дакранулася да пушыстага ворсу шчакою.

— Я была перад работаю ў дэканаце аўтатрактарнага,— сказала яна, пабліскваючы залатымі зубамі.— Але, на жаль, мушу вас засмуціць. За Юрыкам лічыцца вельмі многа прагулаў. І большасць прыпадае на англійскую.

— Не можа быць!

— На жаль, гэта так.

— Божа мой! Мы нічога не ведалі!

— Англічанка гаворыць, што гэта абражае яе асабіста. У дэканаце я чытала загад. Аказваецца, месяц назад Юрыку і Севе Кашыну вынесена папярэджанне за непаспяховасць. Яны, на жаль, не здалі своечасова ніводнага задання па чарчэнню. Іх двойчы прапрацоўвалі камсамольцы. Ходзяць чуткі, што інстытут не будзе адказваць за адсеў...

Гэтыя «на жаль» і «Юрык» здаваліся Веры зняважлівымі. Але тое, што яна чула, не давала ёй ні зазлаваць, ні пакрыўдзіцца. Насоўвалася нешта жахлівае; мусіць, толькі вытрымка магла выратаваць яе. Бо як бы там ні было, адчувалася: машыністка гаворыць не ўсё і не ўсё яшчэ страчана.

— Муж прывёз мне з Масквы адрэз на макінтош,— сказала Вера як мага легкадумней.— Але мне хацелася б іншага колеру. Вось паглядзіце...

Яна скоранька выняла з сумкі загорнуты ў паперу скрутак і паклала на стол.

Твар у машыністкі ледзь перасмыкнуўся, у быстрых вачах мільганула цікавасць, але імгненна патухла.

— Бяда з гэтымі першакурснікамі,— паспачувала яна.— Пакуль аднадзяць і навучаць... Невядома, на што спадзяюцца. Хіба толькі праз год-два бяруцца за розум. Хоць і тады не лепей... А з гэтым,— яна кіўнула на скрутак,— пасля, калі ўладзім.

— Я вас вельмі прашу!

— У нас нават жарт ходзіць: першы курс — гэта ахмялелыя, другі — асмялелыя і гэтак далей, а на пятым — зноў ні студэнты, ні людзі...

Хістаючыся, Вера выйшла на вуліцу і, як сляпая, паплялася да машыны. Федзя, думаючы, што здарылася нешта кепскае, пачаў быў распытваць яе, але Вера толькі стомлена махнула рукою і са страхам падумала, як пра ўсё гэта будзе расказаць Максіму Сцяпанавічу.

3

Сеўка не любіў свайго бацьку, а хвілінамі проста ненавідзеў. Твар у яго шарэў, калі даводзілася гаварыць з бацькам, і, напусціўшы ў вочы туману, ён глядзеў праз яго. Але гэта быў бацька, які карміў, апранаў, вучыў. Без яго нельга было абысціся, і Сеўка, каб не здарылася чаго непапраўнага, стараўся радзей сустракацца з ім і вымяркоўваў так, каб не садзіцца разам за стол. Балазе ў гэтых агульных снеданнях, абедах, вячэрах таілася нешта абразлівае: Сева выступаў у ролі звычайнага дармаеда, які карыстаецца хлебам нялюбага чалавека.

Што нарадзіла гэтую непрымірымасць? Хутчэй за ўсё, жорсткасць і слабасць Кашына-старэйшага. Пад гарачую руку ён мог ударыць сына. Абураны тым, што той позна прыходзіць дамоў, загадваў, каб яму не адчынялі дзвярэй, і Сеўка калеў да раніцы на паддахавай лесвічнай пляцоўцы або на гарышчы. А калі лаяў сына, дык самымі ўедлівымі, абразлівымі словамі. Праўда, пасля, раскаяўшыся, Кашын задобрываў яго грашыма, абновамі, але тут жа забываўся на сына, пераставаў зусім цікавіцца ім, пакуль новая непрыемнасць не валілася на галаву.

Сеўка рос уражлівым хлопцам. У ім рана абудзілася цікавасць да дзяўчат, якія мроіліся яму і днём і ноччу. Вабілі забароненай, спакуслівай тайнай. Звычайна гэтая тайна ў свой час раскрываецца людзям сама — натуральна, хораша. Перад Сеўкам жа яна пачала раскрывацца іначай.

Тацяна Цімафееўна — дачасна распаўнелая, не зусім ахайная — часцей за ўсё блукала па пакоях з папяросаю ў роце, у расхрыстаным халаце або валялася ў пасцелі з кніжкаю, накрыўшыся па пояс коўдраю.

Бацька, апынуўшыся побач з ёй, не мінаў выпадку, каб не ўшчыкнуць яе, не пацалаваць у выраз халата, не паціскаць у абдымках.

Спярша цікаўнасць у Сеўкі мела пазнавальны характар.

— Тата,— пытаўся ён,— чаго ты яе, як кошку, мучыш?

Потым цікаўнасць абвастрылася так, што прымушала крывіць душой. Прыкінуўшыся, што заснуў, Сеўка па начах стаў сачыць за спальняй бацькоў, у якой часам аставаліся прыадчыненыя дзверы. Ён лавіў кожны гук, кожнае слова, імкнучыся ва ўяўленні дамалёўваць іх. А там, нарэшце, прыйшло і непазбежнае. Маці для яго перастала быць маці. А бацька, прагны да ласкі, нецярплівы, пачаў выклікаць рэўнасць, зрабіўся як бы ворагам, прычынай многіх пакут. І, натуральна, развянчаўшы ў сваіх вачах такую святыню, як бацькі, Сеўка пачаў скептычна ставіцца да ўсяго.

Наогул у сям’і Кашыных было мала святога. Пра многае яны гаварылі зняважліва, часцей благое, хітрылі ў адносінах да чужых і адно да аднаго. Тацяна Цімафееўна, напрыклад, дамаглася ад мужа, каб той адкрыў на яе імя ў ашчадкасе рахунак, і купляла сабе як мага больш абновак. Навошта? На ўсякі выпадак — на чорны дзень. Каб адчуваць незалежнасць, камандаваць.

У Сеўкі з’явілася недавер’е да людзей, пахіснулася павага да іх. Стала здавацца, што іх лёгка можна абводзіць вакол пальца і што той, хто гэтага не робіць, звычайны ёлуп. З дзіўнай хуткасцю пачало распухаць хваравітае самалюбства. І ўсяму ён імкнуўся надаць форму помсты другім, і перш за ўсё бацьку...

Застаўшы яго ў кабінеце за любімым заняткам — той, без пінжака, з падцяжкамі паверх кашулі, корпаўся ў рыбалоўных прыладах,— Сеўка спыніўся ў дзвярах, як у раме, і са злой радасцю паведаміў:

— Мяне не хочуць дапускаць да заліковай сесіі. Во кур’ёз!

— Што, што? — не паверыў Кашын. Потым адштурхнуў скрынку з кручкамі, грузіламі, блёснамі, усхапіўшыся, чырвоны як рак, пасунуўся на сына.

Раней у такіх выпадках Сеўка ўцякаў. Але цяпер яму раптам захацелася рабіць усё насуперак сабе і бацьку. Ён прытуліўся плечуком да вушака, і без таго

бледны твар у яго перасмыкнуўся і збялеў, як у параненага.

— Ну, зараз ты, паршывец, мне адкажаш! — прашыпеў Кашын-старэйшы. Размахнуўшыся, ён намерыўся быў ударыць сына, але кулак наткнуўся на Сеўкіну руку. Гэта было так нечакана, што Кашын атарапеў. Пасля размахнуўся зноў і, не ўсведамляючы, куды б’е, тыцнуў кулаком. Аднак і гэтым разам удар не дасягнуў мэты.

— З бацькам рашыў біцца... Адпусціў кудлы ды асмялеў?! — адступіў ён на крок і шалёнымі вачыма ўтаропіўся на сына.— Ды ведаеш ты?.. Ды я цябе, паразіт!

— А цяпер бі,— сказаў Сеўка і выпрастаўся.

На шум з заспаным тварам прыбегла Тацяна Цімафееўна. Зашпільваючы халат, яна намагалася нешта сказаць і спалохана варочала вачыма.

— Што тут у вас? — нарэшце вымавіла яна.

— Мне не дазваляюць пераздаваць, мама... А ты бі!..

Дрэнна памятаючы сябе, Кашын выцяў сына. Той пахіснуўся, але ўстаяў.

— Бі яшчэ! — ужо з лютым натхненнем выкрыкнуў ён.— Ты ж бацька!.. Бі!

З носа ў Сеўкі пацякла кроў, і ён размазаў яе. Шчака густа пачырванела, хоць твар па-ранейшаму быў бледны. На лбе выступілі буйныя кроплі поту.

Тацяна Цімафееўна загарадзіла сабою сына, абняла за плечы і пасадзіла на канапу. Баючыся бегчы ў кухню па ваду, насавой хустачкаю, пачала выціраць кроў з твару.

— Ты ж ганьбіш маё прозвішча! — зайшоўся крыкам Кашын, мераючы вялікімі крокамі кабінет.— Хочаш, каб кожны бузаваў яго, злараднічаў. А мне і так хапае. І так кожны чакае, каб мацней укусіць ды зняславіць. Задрыпанае Шарупічава дзяўчо і тое вочы табой коле. Нельга ж нас на пасмешышча выстаўляць. Во вытураць з інстытута, а налета — у армію! Ты ж голішся ўжо. Пара за розум брацца... Ну, чаго маўчыш? Хутка перашалееш і ўціхамірышся?

Ён яўна астываў, лагаднеў. Цяпер можна было не баяцца, і Тацяна Цімафееўна заспяшалася на кухню намачыць пад кранам хустачку.

— Напрамілы бог прашу, цішэй вы,— у дзвярах папрасіла яна.

Мяркуючы, што сын скораны і прысаромлены, Кашын наблізіўся і велікадушна палажыў руку яму на галаву.

— На бацькоў не злуюць,— сказаў ён прымірэнча.

Сеўка крутнуў галавою, скінуў бацькаву руку.

— Адыдзі во лепш! — праз зубы працадзіў ён, апусціўшы галаву. А калі падняў яе, на яго было шкада і страшна глядзець: твар пакрыўся пунсовымі плямамі, губы, на якіх запяклася нявыцертая кроў, бяссільна ўздрыгвалі.— Адыдзі!..

— Зноў за сваё? — ашчэрыўся Кашын і, схапіўшы сына за каўнер пінжака, ірвануў з канапы.

Пачуўся трэск, пасыпаліся гузікі, і Сеўка, нязграбна ўзмахнуўшы рукамі, асунуўся на падлогу. Але і стоячы на каленях, ён спапяляў бацьку шалёным позіркам. А той з перакрыўленым тварам махаў пальцам перад ягоным носам і выкрыкваў, выкрыкваў:

— Май на ўвазе, свіное рыла! Я пайду! Я ўладжу!.. Але калі гэта паўторыцца, выкіну з дому. Ідзі на ўсе чатыры бакі! Я цябе ўсё жыццё не наймаўся няньчыць!

Ён крычаў, тупаў нагамі, але адчуваў: не, пераможца пакуль не ён. І распаляўся яшчэ мацней.

4

За два дні шчака перастала балець, аблягла, але сінявата-жоўты падцёк не сышоў. Адпраўляючы Сеўку ў інстытут, маці змазала шчаку крэмам і старанна запудрыла. Сеўка зірнуў у люстра, убачыў, што памагло мала, і задурыў.

— Малы быў — спаць не даваў, вырас — жыць не даеш,— засмучона дакарала яго Тацяна Цімафееўна, заўважаючы, як узмужнеў, папрыгажэў ён за апошні час, і шчыра не разумела.— Ну, чаго табе яшчэ трэба? Чаго не хапае? Ён жа бацька. Яму крыўдна!

— Я чалавек, мама, а не шчанё.

— Дык і рабі па-людску.

— А бацька як робіць? Думаеш, ён сам ведае, як сапраўды трэба рабіць? О, не!.. Ведае, чаго нельга рабіць, а што і як трэба — не ведае...

Сеўка бачыў, што маці не зусім разумее яго, што гэта яе палохае, і да яго вярталася звычайная самаўпэўненасць.

«Пляваць на ўсё»,— падумаў ён і амаль супакоіўся. Каб сустрэць менш аднакурснікаў, пайшоў здаваць экзамены пад канец дня.

У цемнаватым калідоры, перад дзвярыма аўдыторыі, дзе ішлі экзамены, чакала некалькі студэнтаў. На прынесеных крэслах са сшыткамі і падручнікамі ў руках сядзелі Жаркевіч, Юра і Жэня Жук. Юра быў хмурны і засяроджаны. Упіўшыся вачыма ў канспект, як хлапчук, смактаў вялікі палец і нічога не заўважаў навокал. Жэня нецярпліва круцілася на крэсле і нешта тлумачыла Жаркевічу. Але думкі ў яе былі не тут, і яна раз-пораз уставала і кідала занепакоеныя позіркі на дзверы.

— Патопаў да дошкі,— сказаў ёй студэнт, які ў шчыліну прачыненых дзвярэй назіраў, што адбывалася ў аўдыторыі.

Жэня Жук зноў усхапілася, расштурхала хлопцаў і прыпала да шчыліны. Рукі ў яе ўздрыгвалі.

«Вар’ятка!» — вылаяў яе ў думках Сеўка і стаў убаку адзін, чакаючы, каб хто-небудзь падышоў да яго. Але кожны быў заняты сваім, і на Сеўку не звярталі ўвагі. Счакаўшы, крыху пакрыўджаны, ён падышоў сам.

— Здаём? — з наігранай бадзёрасцю спытаўся ён.

На яго азірнуліся, але нічога не адказалі. Адгукнуўся толькі Жаркевіч:

— Пяць двоек, як лёду... Стрыжоў зрэзаўся!

— Ведаем мы гэтых выдатнікаў. Гадуюць з першага класа і дзесяць год за вушы цягнуць. Здалося раз, што здольныя, і цягнуць любімчыкаў або бацькам стараюцца дагадзіць,— голасна сказаў Сеўка, але нешта затрымцела ў ягоных грудзях і абарвалася.— Алё, хлопцы, пытанне! — перамагаючы слабасць, сунуў рукі ў кішэні штаноў.

— Ну-ну?

— Што такое — у цэнтры ёлка, а навокал дубы? — пачаў крыўляцца ён.

— Мяшаны лес!

— Не, браткі! Гэта — наша ваенная кафедра спраўляе Новы год.

— Ха-ха!

— Пачалося ўжо,— з прыкрасцю буркнуў Жаркевіч, сунуў пад паху сшыткі і адышоў да акна. Цяжкі на пад’ём, самы сталы і разважлівы ў групе, ён заўсёды здаваў залікі апошні, дый тады яго сілаю «хорам» упіхвалі ў аўдыторыю. Таму Жаркевіча апекавалі бадай што ўсе.

Невядома як, але Жэня Жук заўважыла, што ён уцёк. Яна павярнулася і сярдзітым позіркам агледзела Сеўку з ног да галавы.

— Ну і тып жа ты, Кашын,— абурана сказала і раптам пырснула смехам.— Хлопчыкі, дарагія, паглядзіце, як размалявалі героя! Жаркевіч, ідзі паглядзі!

— Цішэй, дэкан! — папярэдзіў нехта.

Па калідоры ішоў Докін. Параўняўшыся, ён спадылба, паверх акуляраў, зірнуў на студэнтаў, хацеў прайсці, але, убачыўшы Жаркевіча, спыніўся.

— Падрыхтаваліся?

Жаркевіч няўпэўнена кіўнуў.

— То і добра. Але, мусіць, цяжка ўсё-такі? Зайдзіце пасля да мяне, мо што-небудзь прыдумаем, каб у другім семестры было лягчэй. І вы, Кашын, зайдзіце.

З вамі таксама пагутарыць не грэх.

Сеўка, як толькі Докін наблізіўся, адступіў за хлопцаў і стаў да дэкана так, каб сіняка на шчацэ не было відаць. Слухаючы ж Докіна, рабіў выгляд, што нечым зацікавіўся ў канцы калідора.

— Вы чуеце мяне, Кашын? — спытаўся дэкан.

— Я чую і зайду,— дзіўна скасіўшы вочы, адказаў Сеўка.

Калі дэкан пайшоў, студэнты, якія ўпотай штурхалі адзін аднаго, грымнулі смехам. Смяяліся ўсе, нават Юра і Жаркевіч. Схапіўшыся за жывот, Жэня паказвала пальцам на Сеўку і прысядала ад смеху. А той, уколаты, пакрыўджаны, стаяў у дзіўнай, нязручнай паставе, няздольны крануцца з месца.

— Глядзі, будзеш мокрая! І трактарысты твае падапечныя не памогуць,— нарэшце крыкнуў ёй Сеўка і сцяў кулакі.

Студэнты перасталі смяяцца. Рассоўваючы іх, да Сеўкі пачаў прабірацца набычаны Жаркевіч. Але ў гэты момант з аўдыторыі выйшаў Васін, і ўсе кінуліся да яго, павіслі на плячах.

— Ну як?

— Пытанні цяжкія папаліся?

— Задаваў дадатковыя?

Ён паспрабаваў быў адказаць, але Жэня ўладарным рухам узяла яго пад руку і пацягнула прэч, заглядаючы ў зняможаны, шчаслівы твар Васіна, які цераз плячо, не азіраючыся, паказваў таварышам чатыры пальцы.

Сеўка дэманстратыўна прайшоўся туды-сюды і рашуча папёрся ў аўдыторыю.

Выйшаў ён адтуль з саркастычнай, высакамернай усмешкаю, чакаючы, што студэнты кінуцца з роспытамі. Аднак ніхто не звярнуўся да яго. Дараваць такое ўжо было нельга. Пастаяўшы ля дзвярэй, ён са злой рашучасцю сунуў рукі ў кішэні і падаўся да Юры.

Чаму Кашын выбраў Юру? Ці не таму, што лічыў менш здатным на адпор? А можа, таму, што ягоная здрада здавалася найбольш абразлівай? Да таго ж варожасць і сімпатыі бацькоў непрыкметна перадаюцца дзецям, робяцца іх уласнымі, прычым гэта амаль не залежна ад адносін між бацькамі і дзецьмі.

— Алё, сысунок! Вось што...— пераймаючы нешта ад бацькі, выпаліў Сеўка.— Перадай Шарупічавай недавучцы, каб яна перастала мянціць языком, інакш дрэнна будзе. Ясна?

— А ты ідзі, ідзі,— спакойна параіў Жаркевіч.

Звязвацца з Жаркевічам было небяспечна. Былы

фармоўшчык, павольны, спакойны, меў цэлы сажань у плячах, моцную, як у баксёра, шыю, упарты твар, што часцей за ўсё трапляецца ў вельмі дужых людзей. Аднаго разу на практычных занятках у такарнай майстэрні ён падняў скрыню з дэталямі, якую Сеўка нават не мог скрануць з месца. Разумеючы, што робіць брыдка, але не могучы стрымацца, каб чым-небудзь не адпомсціць за сябе, Сеўка выставіў Жаркевічу фігу, крутнуўся і пайшоў ад хлопцаў. У ім усё клекатала. Але дзіўна: лютасць сваю ён зноў чамусьці абрынуў на Юру з Лёдзяй.

5

Любоў у Юры была дзіўная. Ён забываўся на Лёдзю, калі не бачыў яе, і, захоплены другім, зусім не сумаваў. Але, калі сустракаўся, аказваўся разам, уся ягоная істота жыла толькі Лёдзяй. Нічога больш не існавала для яго. Ён не спускаў з дзяўчыны вачэй, і яе блізкасць, яе дотык былі невыказна прыемныя і мілыя яму.

Мусіць, гэтак было таму, што Юра жыў, як у падзе, апанаваны нейкай капрызнай прагаю. Яму хацелася як мага больш зведаць, як мага хутчэй паспытаць усяго — і салодкага і горкага. Няхай апячыся, але паспытаць. Няхай нават давядзецца плаціць за гэта вялікай цаною, затое ён уведае нешта такое, што раней было недаступна, забаронена.

Не, Юра жыў больш складаным і супярэчлівым жыццём, чым думалі айчым, маці, чым здавалася збоку. Дый сам час вызваляў яго ад строгай адказнасці: ішла пераацэнка многіх каштоўнасцей.

Каб паглядзець новы фільм, Юра ўцякаў з лекцый. Рагочучы, распяваючы песні, бадзяўся з таварышамі па вуліцах. Упіваўся начнымі агнямі, прыставаў да незнаёмых дзяўчат. Прымаў удзел у складчынах і, падпіўшы, у цёмных пакоях або пад’ездах з лёгкай Сеўкінай рукі ціскаў і цалаваў выпадковых сябровак.

Аднак бяда, якую адвяла маці ў канцы семестра, раптоўная сутычка з Сеўкам прымусілі задумацца. Гнеў, ласкавасць і сорам ахапілі Юру. Гнеў на дружбака, ласкавасць да Лёдзі, сорам перад маці: у ім неадольна дзейнічала матчына закваска. І дараваць Сеўку Кашыну яго выбрык ён ужо не мог. «Недавучка,— кіпеў Юра.— Ды яна варта дзесяці такіх адукаваных тыпаў, падлюга! Яна і цяпер карысць прыносіць, а табе цана — капейка ў базарны дзень». Расло жаданне зрабіць для Лёдзі нешта добрае-добрае, усцешыць яе.

Выпрасіўшы ў маці грошай (была прычына: ён здаў экзамен), Юра купіў флакончык серабрыстага ландыша» і з падарункам у кішэні пабег увечары ў аўтазаводскую чытальню, дзе яны дамовіліся спаткацца.

Чытальная зала размяшчалася ў паўкруглым павільёне, непадалёк ад заводскага клуба. У зале было ўтульна, цёпла, пахла фарбаю, кнігамі. Пасля цёмнай вуліцы здавалася, што тут вельмі светла. На вялізных вокнах віселі апельсінавага колеру парцьеры, паліцы

з кнігамі паблісквалі за шкляною сцяною. За столікамі сядзелі схіленыя наведвальнікі, сцішаныя, засяроджаныя, якіх можна сустрэць толькі ў чытальнях, дзе кожны думае пра сваё і адчувае, што навокал другія заняты тым жа.

Непадалёк ад увахода Юра ўбачыў Лёдзю. Паставіўшы локці на столік і падпёршы далонямі шчокі, яна чытала кнігу. Попельныя валасы яе іскрыліся. Твар быў спакойна бледны, чуць сумны, ад веек падалі цені, і здавалася, што вочы запалі.

Калі Юра дакрануўся да яе, Лёдзя ўздрыгнула. Вейкі спалохана ўспырхнулі, а на твары з’явіўся выраз, быццам дзяўчына хацела і не магла нешта зразумець.

— Гэта ты? — не адразу спыталася яна.— Бачыш, колькі народу. Тут і з вячэрняга, і так проста. Вашы таксама ёсць...

— Я табе нештачка прынёс,— не ўмеючы стрымліваць сябе, шэптам паведаміў Юра.

— Пакажы,— з удзячнасцю кіўнула яна галавою і адначасова маргнула вачыма.

Юра любіў, калі Лёдзя так рабіла, і паціху засмяяўся ад задавальнення. Павесіўшы шапку на рагатую вешалку, што стаяла побач, не распранаючыся, падсеў да Лёдзі, выняў з кішэні духі і пад сталом перадаў іх.

— За што гэта? — трошкі заважнічала тая, здагадваючыся, што ў карабку.

— За тое, што харошая.

— Няпраўда.

— Чэснае камсамольскае!

На іх зашыкалі. Яны яшчэ ніжэй схіліліся над сталом і змоўклі, баючыся, што пырснуць смехам: у такіх незвычайных абставінах чамусьці цягне смяяцца з самай нязначнай прычыны.

— Я ледзьве ўцякла з дому,— прызналася Лёдзя.— У маці ўсё страхі. Змарнела, кажа, адпачні; так і захварэць нядоўга.

Юра прыгледзеўся. Яна сапраўды выглядала стомленай.

— Цяжка, а?

— Нічога. Паўгода вытрываю, не бойся!.. Дастань толькі англійскую, калі можаш...

— Папрашу, маці дастане...

Яны не заўважылі, як да іх століка, у андатравай шапцы і ў драпавай паддзёўцы з карычневым каракулевым варатніком, падышоў Сеўка. Узяўшы рукі ў бокі, ён счакаў, пакуль Лёдзя, звярнуўшы ўвагу на цень, што падаў на столік, падняла галаву. Прыжмуранымі вачыма апёк дзяўчыну, дыхнуў перагарам і, перш чым яна здагадалася, на што ён наважыўся, растапыранай пяцярнёю зверху ўніз правёў па яе твары. Потым, адштурхнуўшыся ад століка, паклыпаў да выхада.

Схапіўшы Юру за руку, Лёдзя не дала яму кінуцца за Сеўкам і прымусіла сесці.

— Не звязвайся, Юра,— папрасіла яна з поўнымі слёз вачыма.— Ён тут з цэлай хеўраю. Я заўважыла, калі цябе яшчэ не было. Шушукаліся, штурхаліся... Паслухайся мяне!..

Відаць, навакольныя не зразумелі, што адбылося. Адарваўшыся ад кніг, бліжэйшыя нездаволена ўтаропіліся на Юру з Лёдзяй, пакруцілі галовамі і зноў паглыбіліся ў чытанне.

Выходзілі на вуліцу ахопленыя прадчуваннем нядобрага. Лёдзя ўзяла Юру пад руку і, прыхінуўшыся да яго, ступіла на ганак. На міг здалося, што навокал апраметная цемрадзь. Але неўзабаве вочы прывыклі, сталі відны пакручастая сцежка, будынкі, воданапорная вежа, якая ўзнімалася за дахам чытальні. Церусіў калючы сняжок. Ад завода прылятаў прыглушаны гул. Зычна, молада прагудзеў паравоз. І гэта крыху супакоіла.

Мінуўшы клуб, Лёдзя з Юрам выйшлі на засаджаную рэдкімі дрэўцамі пустку. І тут, як з-пад зямлі, перад імі выраслі трое. Адзін з іх ударыў Юру па галаве, схапіў пад пахі і пачаў валіць. Двое другіх сталі заламываць рукі Лёдзі.

Юра не мог зразумець, чаму ён не крычаў, не клікаў на дапамогу. Мабыць, не дазволіла гордасць. Але страх за Лёдзю надаў яму сілы. Ён адштурхнуў налётчыка і, раптам успомніўшы тое, пра што некалі чуў, рынуўся на яго, цэлячы ў жывот галавою. Нязграбна ўзмахнуўшы рукамі, той ікнуў, сеў на зямлю і заенчыў. Юра прагна глынуў паветра і кінуўся на астатніх, якія валтузіліся з Лёдзяй. Сашчэпленымі ў адно кулакамі ўдарыў аднаго з іх у спіну і, схапіўшы за шыю, пачаў душыць. Але другі паспяшаўся на дапамогу. Падняўся і той, хто ўпаў. Юру павалілі і пачалі біць выспяткамі, не зважаючы на Лёдзю, якая спрабавала адцягнуць то аднаго, то другога...

Апрытомнеў Юра толькі дома. Камсамольцы-дружыннікі з цэха цяжкіх машын укладвалі яго ў ложак. Лёдзя, перапалоханая, без хусткі, у расхрыстаным паліто, папраўляла падушку. Па яе твары цяклі слёзы, і яна выцірала іх. Непадалёк, трымаючыся за грудзі рукою, стаяла маці.

— М-мы яшчэ на п-пустку не выб-беглі, а яны ўжо ўрассып-пную,— расказваў старшы дружыннік.— М-мабыць, п-пільнаваў нехта і свіснуў.

— І не пазнаеш цяпер хуліганаў? — пахіснулася маці.

— Шук-кай ветру ў п-полі...

Убачыўшы, што Юра расплюшчыў вочы, Лёдзя часта задыхала і прыпала да яго грудзей. Намаганнем волі ён падняў руку і правёў па яе валасах.

Гэта абразіла Веру, вярнула ёй сілы. Збялеўшы яшчэ больш, яна падышла да ложка і адхіліла Лёдзю.

— Дзякую, што памаглі прывесці яго. Але няўжо вам не ясна, што збілі яго да паўсмерці праз вас жа саміх?

— Мама, не смей! — выдыхнуў Юра, заплюшчваючы вочы.

— Вы гаворыце вельмі нядоб-бра,— заступіўся і дружыннік.— Хадзем, к-калі так, Шарупіч!

Але Лёдзя не кранулася з месца.

— Не,— адказала яна цвёрда,— зараз я адсюль нікуды не пайду. Вы, Вера Антонаўна, можаце гаварыць і думаць што хочаце, але я пакуль што Юру не пакіну.

 

 

Частка другая

РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
1

 

Вясна ў тым годзе выдалася позняя, з начнымі замаразкамі. Дні стаялі шэранькія, ветраныя. Дажджы ішлі неахвотна, неяк нясмела і часта пераходзілі ў снег. Дворнікі, машыны не ўпраўляліся ачышчаць вуліцы і тратуары нават у пачатку красавіка. Не хапала сонца, цеплыні і той красавіцкай сілы, што робіць вясеннія цуды. А ліўняў, цёплых, жыццядайных, якія б абмылі нябёсы і зямлю, якія б памаглі адскочыць, зарунець траве, пакуль не было зусім. Затое снегу на палях і ў лесе ляжала хоць адбаўляй, і вада ў Свіслачы паднялася высока. Да таго ж дамбы на Мінскім моры па-сапраўднаму яшчэ не былі ўмацаваны, і прыйшлося спускаць ваду. Таму ў горадзе паводка праходзіла бурна, з неспакойным крыгаходам, з рознагалосым людскім тлумам на мастах, дзе ледзь не ўсю ноч тоўпіліся цікаўныя.

І ўсё-такі Цімоху здавалася, што трапяткая радасць, якая абавязкова будзе большаць з днямі, была разліта наўкол. Рыхтуючыся да Першага мая, у сярэдзіне красавіка на Цэнтральнай плошчы пачаў свае рэпетыцыі зводны аркестр. Яго маршы грымелі на золку, калі ледзь світала, і днём. Пабліскваючы меднымі трубамі, музыканты зладжана і ўрачыста адбівалі крок. За імі па пятах цэлы дзень бегалі хлапчукі. На тратуарах спыняліся і падоўгу прастойвалі прахожыя,

і над усім ужо лунаў Першамай.

Дзяўчаты ў камбінезонах і ў спяцоўках фарбавалі мачты электрычных ліхтароў, бялілі балюстрады на праспекце, саджалі на газонах кветкі, мылі і праціралі магазінныя вітрыны. Ля рэпрадуктараў завіхаліся

радыётэхнікі, навокал нязвыкла гучна і выразна разлягаліся словы: «Два, пяць, восем!» Гэта правяралі рэпрадуктары.

Горад прыгажэў на вачах, апранаючыся ў святочнае ўбранне — транспаранты, лозунгі, сцягі. Усё гэта хвалявала, уздымала настрой. Але Цімоху не толькі таму было хораша і радасна. Само Цімохава жыццё, яго рытм сапраўды рабіліся студэнцкімі.

Ён наведваў лекцыі, рыхтаваў заданні, прымаў удзел у факультэцкіх вечарах, пісаў заметкі ў інстытуцкую шматтыражку і ўсё-такі нутром не верыў, што ён, былы муляр,— студэнт. Такое здавалася нечым малаверагодным, нават фантастычным. Аднак дні вучобы паступова мацавалі веру, і Цімох раптам менавіта цяпер, увесну, раз і назаўсёды паверыў — ён не толькі студэнт, але і будучы інжынер. Гэта надавала ўсяму асаблівы сэнс і значэнне.

Адначасна тачылі сумненні: «Як яно будзе

заўтра?»

Часта, прачнуўшыся пад раніцу, не маючы сілы ляжаць і варочацца на ложку, ён адчыняў акно і садзіўся на падаконнік. Гэта было любімае месца студэнтаў увесну, дзе яны загаралі, чыталі канспекты, гультайнічалі. Сябры бачылі: нешта не дае яму спакою, і даравалі бесцырымоннасць, хоць сёй-той, прачынаючыся, доўга не мог заснуць пасля і курчыўся ад свежасці.

Разам са свежасцю ў пакой прыляталі гукі. То далёкі і таму таямнічы сігнал гарністаў: «Слухайце ўсе!», то бравурны, прыглушаны адлегласцю марш — аркестр распачынаў свае заняткі на Цэнтральнай плошчы. Цімох слухаў гэтыя гукі і смуткаваў мацней.

Не, мары ў яго былі памяркоўныя, амаль звычайныя. Ён хацеў, каб справа, якой пачаў займацца, заўсёды цікавіла яго. Каб на старшых курсах і пасля, калі стане працаваць на заводзе або ў канструктарскім бюро, ідэі б там луналі ў паветры і некаторыя з іх належалі яму. Ён марыў аб верным другу, аб добрай простай сям’і і апасаўся, што не заслужыць іх... Хіба было ва ўсім гэтым што-небудзь незвычайнае? Не, вядома. А вось Лёдзя, як думалася яму, марыла аб асаблівым высокім каханні, і калі чаго баялася — дык гэта астацца пасрэднасцю, не праявіць сябе ў вялікім. Юра, вядома, таксама быў не варты яе. Балбочучы пра

асабістую незалежнасць, ён і ўяўлення не меў аб сапраўднай унутранай свабодзе — яна проста не існавала для яго. І ўсё ж, насуперак гэтаму, збоку магло здавацца: у ім нешта ёсць... Таму спадзявацца на свой поспех было легкадумна. Лёдзя кахала Юру і, відаць, пабойвалася яго, Цімоха. Дзяўчыну палохала ягоная сталасць, сур’ёзны, мужчынскі падыход да ўсяго. Сустракаючыся з ім, яна бянтэжыцца і заўсёды шукае паратунку ў тым, што выдае сябе за бесклапотную рагатуху, якая можа быць запанібрата з кім хочаш.

Аднак, скарыстаўшы колішняе запрашэнне, Цімох аднойчы ў нядзелю ўсё-такі зайшоў да Шарупічаў. Лёдзя, мусіць, займалася, бо, калі адчыняла дзверы, трымала ў руках кнігу. Убачыўшы яго, адхіснулася, але потым паправіла валасы, засмяялася і, па-хлапечы вітаючыся, ударыла па яго далоні сваёй рукою.

— Заходзь,— запрасіла яна,— нашы мужчыны зноў нешта вынаходзяць. Мо паможаш...

Усе былі дома. Яўген з бацькам нешта чарцілі на аркушы ватману. Арына шыла на машынцы ля акна. На Цімоха дыхнула сямейнай утульнасцю, цеплынёй, нечым вельмі патрэбным. Гэта развярэдзіла душу. І, нягледзячы на прапанову Шарупіча нешта вылічыць, Цімоху здалося — ад яго прысутнасці цяжка Лёдзі. Каб схаваць сваю збянтэжанасць, ён курыў папяросу за папяросаю і пайшоў, накурыўшыся так, што стала моташна.

А Юра? Перад ім было неяк сорамна, і Цімох сам сабе здаваўся брыдкім. Ён, Цімох, здраджвае сябру, хай нетрываламу, але ўсё ж сябру, песціць надзею адбіць — якое ганебнае слова! — у Юры Лёдзю. Адбіць!.. Праўда, адносіны між Юрам і Лёдзяй, апрача ўсяго, нейкія дзіўныя, ім не стае жыццёвай сілы. Але што з таго?..

З новым імпэтам пацягнула да колішніх таварышаў, у брыгаду. Здавалася: там адкрыецца такое, пасля чаго ўсё абавязкова праясніцца. Рыжы Віцька Смагаровіч нават сніўся, гразіў пальцам, упікаў: «Забыўся! А абяцаў жа!.. Не сорамна? Таму во і цяжка...»

Выбраўшы час, Цімох сабраўся і рушыў на будоўлю да хлопцаў. Муравалі яны вялікі дом на Камароўскай плошчы, іх лёгка было знайсці. Хвалюючыся і прыглядаючыся да ўсяго, як навічок, ён прайшоў па тэрыторыі будоўлі, па хісткіх сходках узняўся на рыштаванне. Подых ветру, што здаваўся тут свяжэйшым, чым на зямлі, расчуліў Цімоха. Каб супакоіцца, ён пачаў глядзець на плошчу.

Адсюль, зверху, яна выглядала амаль незнаёмай. Яе пашыралі і, па сутнасці, будавалі нанава. Навокал узвышаліся будынкі ў рыштаваннях. Сям-там ля падножжа іх туліліся драўляныя домікі з седлаватымі дахамі і шчарбатымі комінамі. Знятую з праспекта трамвайную лінію пераносілі на Лагойскі тракт. На парытай, у траншэях, плошчы яна абрывалася, упіраючыся ў пачарнелую крывую хаціну. Халупу ўжо разбіралі. Дзверы і вокны былі выняты, і трамвайная лінія падыходзіла ўпрытык якраз да дзвярнога праёма.

Заўважыўшы гэта смешнае дзіва, Цімох павесялеў, але, калі да яго падбег узрушаны Смагаровіч і, выцершы рукавом губы, пацалаваў, усё зноў закалацілася ў грудзях.

— Як маешся? — гледзячы вільготнымі вачыма на сябра і здзіўляючыся, як мог так доўга не бачыць яго, спытаўся ён, здольны пакуль што толькі на гэтыя два словы.

— Нармальна! — радасна штурхнуў яго ў грудзі Віцька.— Бадзёра, як кажуць, ідзём на дно. Мы, братка, усё цяпер самі робім — і падмурак закладваем, і дом пад засяленне здаём... Ды што мы? Ціма, дарагі, ты ж інтэлігентам стаў. Хіба ты быў калі мулярам? Паглядзі на сябе!

Віцька не хаваў, што зайздросціць, вельмі ўсцешаны сустрэчаю, і, штурхаючы Цімоха то ў грудзі, то ў плячо, ніяк не мог авалодаць сабою. Потым яны, як даўней, абняліся і пайшлі па насціле ўздоўж сцяны, якая была ім па калені.

— Гэй, таварышы будаўнікі, перакур! — абвясціў Смагаровіч.— Цімох у госці прыйшоў!..

Іх абкружылі хлопцы, дзяўчаты. Цімох са здзіўленнем заўважыў — знаёмых амаль не было. У вочы кінулася, што дзяўчат на будоўлі пабольшала і што выглядаюць яны крыху інакш — лепш апрануты, больш стрыманыя.

— Дазволь, Віця, я папрацую,— пачаў дамагацца ён свайго.— Чэснае піянерскае, засумаваў. Хораша ў вас тут! Толькі давай на пару, як некалі...

З хваляваннем, якога не адчуваў нават у рамеснай школе, Цімох узяў кельму, любоўна пакруціў яе ў рунах і падышоў да нарыхтаванай цэглы і скрыні з растворам.

— Пачнём, ці што?..

Спрытна, адным узмахам кельмы, ён разраўнаваў шызы раствор, пададзены на сцяну Віцькам, узяў цагліну, прыгожым рухам кінуў яе да прымураванай ужо, прыстукнуў ручкаю і ўпэўнена павёў верставы рад. Адчуваючы, як растуць хмяльная сіла і тое, што называюць шчасцем, ён аддаўся рабоце. Трывогі, хваляванні — усё як бы аддалілася ад яго, асталіся толькі работа і Віцька побач.

— А ты, аказваецца, не забыў яшчэ, як сцены кладуць,— хваліў яго той, але да Цімоха наўрад ці даходзілі яго словы.

Неўзабаве сонца зайшло. Горад пачалі ахінаць змрокі. Толькі высока ў небе, пакідаючы доўгі павілясты след, ляцеў рэактыўны самалёт, заліты нябачным сонцам. Нарэшце знік і ён. Але падобны ўжо на выцягнутае воблака след яго яшчэ доўга асвятлялі і ружовілі сонечныя праменні.

2

Сустрэўся Цімох з Лёдзяй на першамайскай дэманстрацыі. Выпадкова. Калона Політэхнічнага інстытута прайшла паўз трыбуну на Цэнтральнай плошчы адной з першых. І Цімоху, калі некаторыя студэнты на вуліцы Янкі Купалы пачалі разыходзіцца, удалося прашыцца праз міліцыянерскія пасты і вярнуцца да плошчы. Стоячы на тратуары, ён глядзеў на бясконцы людскі паток, над якім калыхаліся партрэты, кветкі, сцягі, плылі рознакаляровыя шары. Уздоўж тратуара, па другі бок ліп, выцягнулася шарэнга салдат. Калону аўтазаводцаў Цімох пазнаў здалёк — па макеце саракатоннага самазвала. Калі калона наблізілася, з яе выбеглі дзве дзяўчыны і кінуліся да тратуара. Ім, відаць, таксама хацелася хоць крыху пабыць гледачамі — паглядзець на дэманстрацыю збоку. Беглі яны, як дзеці, трымаючы адна адну за рукі і прыгінаючыся. Аднак салдаты іх перанялі, спынілі. Завязалася вясёлая перапалка. Салдаты, выскаляючыся, пераконвалі дзяўчат, каб яны вярнуліся назад, а тыя смяяліся і намагаліся прашыцца праз строй.

— Ну, што вам значыць? — прасілася Лёдзя, гулліва пабліскваючы вачыма і верачы ў поспех.— Мы пастаім вось тут, і ўсё.

— А калі ўсе пабягуць, што будзе?

— Мы ж толькі ўдзвюх, хі-хі! Пры вас і астанёмся. Вось вам крыж!..

Цімох назіраў такое бадай што кожнае свята — людзі ведалі, што іх просьбы марныя, ды ўсё-такі, на нешта спадзеючыся, прасілі, пераконвалі. Ён хацеў быў умяшацца, але смех і настойлівасць дзяўчат самі зрабілі сваё — іх прапусцілі.

Прыхарошваючыся, яны сталі пад голай ліпаю і пачалі глядзець на дэманстрантаў. І пакуль праходзілі аўтазаводцы, Лёдзя з сяброўкаю, падобнай на татарачку, прывітальна махалі ім, як з трыбуны.

Цімох заўважыў у калоне Сасноўскага, Шарупіча і, счакаўшы, пакуль яны аддаліліся, падышоў да дзяўчат.

Заўважыўшы яго, Лёдзя схамянулася, стрэліла змоўніцкім позіркам у таварышку.

— Знаёмцеся,— весялей, чым вымагалі абставіны, прамовіла яна і перайшла за чарнавокую сяброўку.— Кіра...

— Можна з вамі пастаяць?

— На здароўе...

— Добра, калі навокал многа народу. Сцягі, гоман. Праўда?

— Дзіва што! — па-хлапечы кіўнула Кіра.— Хлеба і відовішч! Здорава нехта выказаўся. Вы паглядзіце толькі! Чэснае камсамольскае, мы збяднелі б, каб не было дэманстрацый, салютаў.

— Дужа не хочацца ўставаць рана,— пачала дзівачыць Лёдзя.

— Не хлусі! Не рысуйся. Сама ж нядаўна сказала, што прыемна. Адчуваеш нешта такое надзвычайнае, што... не ведаю, як і сказаць.

— Я разумею,— згадзіўся Цімох.— Добра быць сярод людзей. А падумаеш, колькі яны перажылі ў вайну, проста служыць ім хочацца...

Пазаўчора, калі яны са Смагаровічам асталіся адны, той горача пачаў расказваць пра сваю брыгаду. «Хлопцы што трэба. Золата — хлопцы! — так называў ён і дзяўчат.— Я за іх у агонь пайду. Няхай толькі хто пакрыўдзіць...»

Віцька моршчыў усыпаны залаціста-карычневымі вяснушкамі нос, памагаў словам рукамі і, каб перадаць свае адчуванні, зазіраў у вочы Цімоху, патрабуючы гэтым, каб і той глядзеў на яго. Калі ж Цімох, падкуплены дабратою друга, расказаў пра Лёдзю, рыжы друг расстроіўся. «Хто яго ведае,— прызнаўся ён, счакаўшы.— Не ведаю, Ціма. Яна, вядома, не чыя-небудзь уласнасць. Але чалавек павінен рабіць так, каб добра было не аднаму яму...»

— Глядзіце, глядзіце! — выгукнула Лёдзя. Яна хацела паказаць пальцам, але спалохалася і ўскінула далонь лодачкаю.

Над калонамі ўзляталі галубы — белыя, чырванакрылыя, жаўтахвостыя. Спалоханыя мнагалюддзем, шумам, музыкаю, яны — аж выгіналіся спінкі — памкнулі ўгору і, падняўшыся над будынкамі, па звычцы, зрабілі круг. А калоны ўсё ішлі, ішлі.

Нарэшце паказаліся бела-блакітныя сцягі — на плошчу ўступілі рады фізкультурнікаў, якія замыкалі шэсце. Крочылі яны шырока, мужна размахваючы рукамі. Цімох не бачыў ваеннага парада, і зладжаны крок фізкультурнікаў пасля вольнай хады дэманстрантаў здаўся яму нейкім акрыленым. Ён і сябе адчуў больш дужым, зграбным.

«Вось і буду служыць ёй»,— вырашыў ён, думаючы пра Лёдзю, і сказаў:

— Праўда, розныя сустракаюцца людзі... Што можа быць высакародней, як клопаты аб чалавеку? А што атрымліваецца? З некаторых і гэта робіць сябелюбаў. Самі яшчэ палец аб палец не ўдарылі, а ваабражаць пачынаюць — усё ўгатавана для іх. А галоўнае, прынімаючы гэта ўгатаванае, яшчэ кісла крывяцца, капрызнічаюць.

— Ой, праўда! — падтрымала яго Кіра.— Каб паказваць сябе, трэба, каб ты ўяўляў нешта з сябе...

Калі на апусцелы праспект, на якім асталіся папяровыя кветкі, галінкі, кавалкі газет, з тратуараў хлынулі людзі, Цімох адчаяўся — не пытаючыся згоды, узяў Кіру і Лёдзю пад рукі.

— Хадземпе к Дому афіцэраў,— пераканана прапанаваў ён.— Там латкі, буфеты. Вып’ем хоць ліманаду.

3

Лёдзя ўзбегла да сябе на пляцоўку, пазваніла. У цемнаватым калідоры пахла смажаным, здобаю, і яна адразу забылася і на Кіру і на Цімоха. Павесіўшы жакетку, берэцік, убегла ў сталовую, ведаючы, што ёй будуць рады.

За накрытым сталом, размаўляючы пра заводскія справы, сядзелі бацька і Яўген. Арына з недаступным, поўным годнасці выглядам — яна адчувала сваю ўладу ў гэты момант — расстаўляла талеркі, але, калі ўвайшла Лёдзя, прасвятлела, штурхнула локцем Міхала і шчаслівымі вачыма паказала на дачку, запрашаючы палюбавацца. Міхал кінуў быстры позірк, кіўнуў у знак згоды і зноў павярнуўся да Яўгена.

— Не знаю, як дзе, а ў нас двух гатункаў,— сказаў ён нездаволена.— Гарластыя і галавастыя. Кашын — гэта гарласты. Такія часцей цэх, службы ўзначальваюць, а галавастыя ў намесніках ходзяць. Таму што гэтыя гарластыя нахрапам бяруць, уменнем вырваць што можна і што няможна. «Мы практыкі!» —вось чым казыраюць. Дзесяцігодку за якіх восем месяцаў скончылі, а пасля адразу — на трэці курс тэхнікума. Дыпломную работу кансультанты памагалі напісаць. А як жа — такое жыццё за спінаю!..

— Дык і ты, тата, практык,— бесклапотна кінула Лёдзя.

— Але не такі.

— Ну, дзякуй богу, сабраліся,— усцешана перапыніла яго Арына.— Добра, што свае толькі. Сядай, Лядок.

Пазіраючы на Яўгена, Міхал адкаркаваў бутэлькі, наліў сабе і яму гарэлкі, Арыне з Лёдзяй — партвейну і, чокнуўшыся, выпіў залпам. Тое, пра што расказваў, хвалявала яго, і, закусваючы, ён упарта загаварыў пра ранейшае:

— А ўся практыка іхняя — уменне крычаць ды націскаць. Надоечы Кашын планёрку праводзіў. І ведаеш, з якіх слоў пачаў? «Ну, што, кажа, як мне вас сцябаць? Разам усіх ці ракам у чаргу паставіць?..» А там жа і жанчыны былі. І паглядзеў бы, як усхадзіўся, калі абарваць прыйшлося... Аднак не думай, план выконваем. Праўда, на пазычках часцей. У дзяржавы без аддачы грошы пазычаем на аплату дадатковай рабочай сілы. У прыроды — час. У рабочых пазычаем здароўе на звыштэрміновыя работы. У рамонтным ды інструментальным цэхах... Трышкаў каптан, адным

словам.

— Дык чаго ж вы глядзіце? — зноў не вытрымала Лёдзя, якой карцела ва ўсё ўмешвацца.

Міхал насупіўся, выпіў другую чарку.

— Не ўяўляй сабе, што гэта проста: даў пстрычку — і паляцелі рукастыя-гарластыя. Яны на нашым заводзе, дарагая, патрэбны пакуль што. Без іх нельга. Як ты ў нас, у ліцейным, пры бесталкоўшчыне і штурмаўшчыне без Кашына абыдзешся?.. Тым больш калі ён ледзь не адзіны апрабіраваны падпольшчык і патрыёт...

— Бацюхны мае, і не абрыдла вам? — лагодна заўважыла Арына.— Сёння ж свята.

— Не будзем, не будзем,— адказаў за бацьку Яўген, усміхаючыся маці, якую, знаў, непакоіць усё.

Яна нават баіцца радавацца — а што, калі гэтым паклічаш якую бяду. І заўсёды сунімае: «Ну, хопіць, пасмяяліся, і досыць». У дзяцінстве цыганка-варажбітка сказала ёй, што памрэ яна ад вады. І з той пары страх перад вадою ўкараніўся ў Арыны назаўсёды. Яна не навучылася плаваць, ніколі не ездзіла на параходзе.

Яўгену захацелася зрабіць прыемнае для яе, супакоіць.

— Мацеры, мама, таксама могуць быць таленавітыя і бяздарныя. Вы ж у нас, мамачка, геній,— сказаў ён і, падняўшыся, абняў яе.

Гэта спадабалася Лёдзі, якая адчула ў сабе дзівосную лёгкасць і жаданне любіць усіх-усіх. Падсунуўшы крэсла бліжэй, яна прытулілася да маці і замерла.

— Ну, хопіць,— папрасіла Арына.

Міхал сярдзіта глянуў на яе.

— Дзе мой хлеб? — спытаўся ён, шукаючы лусту хлеба, якую толькі што трымаў у руках.

— Ты ж з’еў яго,— усміхнулася ўпершыню Арына.

— Во праява!..

Калі Арына пайшла на кухню, Лёдзя крадком зірнула ў люстра і падалася следам. І калі б цяпер маці ўздумала хадзіць па пакоях, Лёдзя, пэўна, пайшла б за ёю з пакоя ў пакой — так хацелася быць разам.

Закасаўшы рукавы і наліўшы ў таз вады, Арына ўзялася мыць талеркі. Арудуючы вехцікам, спыталася:

— Хто гэта цябе праводзіў, дачушка?

— Ат, так адзін...— не хочучы называць Цімоха, адказала Лёдзя і села на табурэтку, каб лепш бачыць матчын твар.— Ён Кіру павёў. Вось рада. А то не шанцуе ёй, беднай...

— Ты ўжо дарослая,— уздыхнула Арына.

— Ну і што з таго?

— Бач, як расцвіла.

— Скажаце, мама...

— У мяне душа баліць. Не дай бог, што здарыцца з табою. Я ж не перажыву, калі што.

— Заўсёды ў вас страхі нейкія...

— Жыццё пражыць — не мех пашыць. Асабліва нам, жанчынам... Бачыш, як горда нясеш ты сябе. І самае страшнае не страшна. Кожнаму можаш у вочы глядзець. Красавацца, радавацца і другіх радаваць. Дачушка ты мая!

Яна праслязілася і, не кідаючы работы, выцерла шчокі рухам плячэй.

Неўсвядомленая трывога ўскалыхнула Лёдзіна сэрца. Але ў той жа час варухнулася цікаўнасць да нечага забароненага, жудаснага, спакуснага. І каб не выдаць сваіх адчуванняў, яна як мага спакайней сказала:

— Я не маленькая, мама.

— А божухна! Я ж толькі кажу, шанаваць сябе трэба, ведаць, што наперадзе можа сустрэцца. Ты ж дзяўчына. І не думай, што ўсе навокал анёлы. Комлік казаў, што ўчора вяртаўся з рынку, ля трамвайнага круга жанчыну ўбачыў — на зямлі ляжала. Паглядзеў і прайшоў. А потым, бачыш, расказаў пра гэта. Проста, як пра карабок ад запалак... А ты вунь якая!

— Нічога са мной не здарыцца, у нас жа раўнапраўе,— засмяялася Лёдзя, і ёй раптам захацелася пабыць адной.

У пакой, куды яна прайшла, сонца ўжо не заглядала, але вуліца была заліта ім. Лёдзя лягла на падаконнік і, адчуваючы, што няяснае, трывожнае чаканне падкрадаецца да сэрца, стала глядзець на бульвар, на святочна апранутых людзей, якія праходжваліся па тратуарах.

Раптам недзе далёка разлягліся першыя ў гэтым годзе грымоты, і пасыпаўся дробны, спорны дождж.

На бульвары Лёдзя ўбачыла Цімоха з Кіраю — яны беглі, узяўшыся за рукі. Насупроць дома Кіра спынілася, зняла туфлі і, смеючыся, пабегла далей басанож, размахваючы імі, як партфелем. Высунуўшыся з акна, Лёдзя правяла іх вачыма. Ёй зрабілася маркотна. Нагадалася, як, уцёкшы з дому, яна ляжала на мокрай зямлі пад такім жа дажджом, а потым, спалоханая, стаяла на каленях перад Цімохам, пакуль той угаворваў яе.

«Ну і дурная,— упікнула сябе Лёдзя і стала думаць пра работу, пра Юру.— Ён не Цімох, ласкавы, усё яшчэ не зусім смелы... Як добра, што ўзапар два нерабочыя дні і можна правесці іх разам...»

Любоў і адданасць агарнулі яе. Здалося, што недзе блізка Юра, і яна паглядзела ў акно: навальніца адыходзіла на ўсход, а на бульвары адбываўся цуд — дрэвы на вачах нібы ахіналіся зеленаватым воблакам. Трапяткая дрыготка пранізала Лёдзю.

Адышоўшы ад акна, заклала рукі за галаву, пацягнулася і асцярожна, як каго другога, пагладзіла сябе па грудзях, па клубах.

Уначы навальніца, разбушаваўшыся зноў, пабудзіла ўсіх. У акне жыгалі асляпляльныя блакітныя пошугі. Па небе прабягалі агністыя зігзагі. Нешта перакочвалася, грукатала. Лёдзя не вытрывала, устала з пасцелі і падышла да акна. Здагадалася, чаму так моцна бліскае. Аказваецца, маланкі, як у люстра, адбіваліся на мокрым асфальце, на сценах дамоў. І выходзіла, што яны шугаюць і з неба і ад зямлі.

— Аж галава забалела ад гэтых мільганняў,— пачула яна матчын голас і ўсміхнулася. Тая вельмі баялася навальніцы і часта ўспамінала, як у дзяцінстве ёй, дзесяцігадовай вясковай дзяўчынцы, у непраглядную вераб’іную ноч давялося шукаць каня, які некуды сышоў.

— А спадарожнік недзе ў чарнаце і непагадзі лётае там адзін,— паспачуваў Міхал.

Але ні скарга маці, ні бацькавы словы не кранулі Лёдзю. Душу яе поўніла неўсвядомленая страшнаватая радасць. «Юра, мабыць, таксама не спіць,— забываючыся на ўсё, думала яна.— Як добра, калі цябе любяць людзі, якіх ты любіш...»

4

 

Кашын быў аматар паесці, і стол звычайна накрывалі з дастаткам. Праўда, Тацяна Цімафееўна эканоміла і выгадвала на ўсім. Нават, пазычыўшы ў суседзяў недзе пад Новы год яйкі, марудзіла і не аддавала, пакуль яны не таннелі. Але на свята рабілася шчодрай. На стале з’яўляліся марынаваныя баравікі, фаршыраваная рыба, рубленыя яйкі, залітыя гусіным шмальцам, салат з парніковых агуркоў, паштэт — усё акуратна ўскладзенае і аздобленае пятрушкаю, зялёнай цыбуляй, скрылікамі радыскі. Прагаладаўшыся пасля дэманстрацыі, Сеўка з нецярплівасцю чакаў, калі бацька налье ў чаркі гарэлку. Тацяна Цімафееўна ў цыратавым фартуху, паружавелая, задаволеная, дзелавіта падкладала мужу і сыну закуску.

Не прызнаючы бацькавых павучанняў, Сеўка, аднак, ахвотна слухаў яго застольныя размовы. Падпіўшы, той лагаднеў і часта пачынаў вярзці такое, чаго ніколі не сказаў бы цвярозы: пра будучую Сеўкіну

жаніцьбу, пра тое, што дасць яму, адпраўляючы ў жыццё, пра жанчын. «Глядзі, не звязвайся, у якой высокія каленкі,— настаўляў ён сына.— Гэта гадзюка, брат, піла. Поедам будзе есці, пакуль не з’есць усяго. Памятаеш Зіну?» — і пачынаў расказваць пра Зіну, стрыечную сястру, з такімі падрабязнасцямі, што ў Сеўкі чырванелі вушы. Тацяна Цімафееўна не пярэчыла супроць такіх гаворак, бо гэта ўсё роўна было б дарэмна. Цешыла таксама, што паміж сынам і мужам хоць на нейкі час усталёўвалася згода.

Аднак на гэты раз Кашын п’янеў цяжка, многа еў і маўчаў. І толькі на пятай чарцы, павесіўшы на спінку крэсла пінжак, на якім зазвінелі ордэны і медалі,

нечакана ўзарваўся.

— Ну і людзі! — выпаліў ён, круцячы галавою.— Днём і ўначы на заводзе тарчыш. Працуеш як вол, а

падзяка адна...

— Здарылася што? — занепакоілася Тацяна Цімафееўна.

— Яны мяне яшчэ вучаць! — не адказаў ёй Кашын.— Гэта не так, і тое не гэтак. Ідэй у кожнага дурня цэлая галава. Высакародным таксама няцяжка быць. А ты стань на маё месца. Дай па шаснаццаць тон

адлівак на рабочага, а тады мянці языком, хоць расперажыся.

— Зноў Сасноўскі? — гатовая ўзбурыцца разам з мужам, спыталася Тацяна Цімафееўна.

— А хто ўздумае...

— Людзям нельга рабіць дабро. Ім усё мала.

Устанавіць, што Сеўка падгаварыў хуліганаў на

бойку, не ўдалося, і пасля кароткай размоўкі дружба паміж Верай і Тацянай Цімафееўкай аднавілася.

— Хочаш, я з інжынернай пагутару? — прапанавала яна.

— Гонару зашмат! Мяне галаруч не возьмеш. Не аднаго перажыў такога. Дрэнна-дрэнна, а я іх усіх адной анкетай магу забіць! — пракрычаў Кашын і, каб не піць аднаму, чокнуўся з сынам.— Шарупіч нос задраў, задаецца — падпольшчык! А з кім іх самадзейны гарком афіцыйна быў звязаны? Ні з кім. Я ж па заданню прысланы з-за лініі фронту. А потым — і зусім атрадам камандаваў!..

Сеўка пакасіўся на бацьку, які перастаў пацець і прыкметна бляднеў, хоць вочы ўсё больш мутнелі. У Кашына-малодшага мільганула свавольная думка, што сам ён не так сп’янеў, і гэта надало яму ўпэўненасці.

— У цябе, тата, занадта шмат свалачэй,— уставіў ён быццам ненарокам.

Кашын вылупіўся на сына, як на незнаёмага.

— А ты павякай яшчэ, нахлебнік! — грукнуў ён па стале кулаком, ад чаго відэльцы, нажы і талеркі падскочылі.— Што ты значыш, пакуль? Пшык! Бегаеш, як бычок, за дзяўчатамі, гізуеш, і ўсё. Учора зноў Докін званіў, папярэджваў. Зразумела?

— Ідзі пагуляй, сынок,— папрасіла яго Тацяна Цімафееўна.

Іранічна ўсміхаючыся, Сеўка падняўся з-за стала, надзеў у пярэдняй даўгаполы блакітны пінжак. На лесвіцы памацаў бакавую кішэню — усё было ў парадку: грошы, як і заўсёды на свята, маці паклала. Але на душы было пагана. Усё надакучыла, апрыкрала: і хатняя калатня, і інстытут — усё. Бацька зараз нап’ецца і пачне чапляцца да маці. Паслязаўтра абавязкова паклічуць у камітэт камсамола. Доўга, нудна будуць выгаворваць, страшыць сесіяй, ставіць у прыклад другіх. Цімка — той проста будзе не заўважаць. Жэня Жук —

глядзець, як на пустое месца. Васін — грэбліва крывіцца, быццам яго абразілі асабіста. Юрка ж — гэты жаўтароцік — будзе пазбягаць сустракацца позіркам, а апынуўшыся паблізу, рабіць выгляд, што нешта ўспомніў і тэрмінова павінен некуды пайсці. Канешне, ужыве свае захады і Докін... Усё гэта вядома загадзя. Як яны самі гэтага не заўважаюць? А можа, і заўважаюць, толькі не адважваюцца прызнацца, хаваюць ад саміх сябе, бо так лягчэй і камусьці трэба, каб было так. Балаган, тэатр лялечны!..

З намерам знайсці каго-небудзь з таварышаў Сеўка падаўся па вуліцы, абсаджанай старымі таполямі з акуратна, у рост чалавека, пабеленымі стваламі. Ішоў вольна, не тоячыся, што выпіў. Карцела звярнуць на сябе ўвагу, з каго-небудзь пакпіць. Аднак сустрэчныя, як на тое, трапляліся пажылыя, ішлі купкамі, і чапаць іх не выпадала.

Так ён зайшоў аж у канец вуліцы — да заводскай брамы. Пастаяў з хвіліну, раздумваючы, што рабіць, і з п’янай упартасцю, якая была мацнейшая за яго, збочыў да стадыёна ручных гульняў.

У валейбол гулялі каманды аўтамабільнага завода і аўтатрактарнага факультэта Політэхнічнага інстытута. Аўтабудаўнікі — у блакітных майках і белых з блакітнымі палосамі трусах, студэнты — у чырвоным і сінім. Гульня ішла зладжана, у хуткім тэмпе. Мяч імкліва лётаў над вытаптанай пляцоўкаю. Чуліся знаёмыя словы: «узяў!», «пас!», «сюды!»—і рэзкія ўдары па зрэзаным мячы.

Нядаўна прайшоў дождж. Неба было быццам вымытае, сонца не свяціла, а ззяла, як ззяе толькі пасля дажджу. Трымаючыся рукамі за драцяную агароджу, Сеўка слізгануў абыякавым позіркам па пляцоўцы, затрымаўся на постаці суддзі, які сядзеў на вышцы каля сеткі, і з надзеяй стаў разглядаць гледачоў.

Раптам твар у яго расплыўся. Сеўка пстрыкнуў пальцамі і падміргнуў сабе: ён убачыў Раю. Яна таксама заўважыла яго, але не ўзрадавалася, хоць і паказала на незанятае побач месца. А ён падумаў:

«Во гэта сіла! Пашанцавала ўсё-такі...»

Паправіўшы спадніцу, Рая памагла яму сесці, узяла пад руку.

— Глядзі толькі, трымайся,— шэптам папярэдзіла яна.— Тут ваш Докін.

Сеўку было вядома, што дэкан — зацяты балельшчык, апякае спартсменаў-студэнтаў, дае ім палёгкі і ганарыцца іх дасягненнямі. Калі намечаныя Саветам фізкультуры і спорту спаборніцтвы супадаюць з вытворчай практыкаю, вымяркоўвае так, каб спартсмены праходзілі практыку ў Мінску, і ўмешваецца ў работу судзейскай калегіі, калі тая крыўдзіць яго любімцаў.

— Ат, ліха яго бяры! — грэбліва плюнуў Сеўка. Блазнавата абняў Раю і прыхіліў да сябе. Аднак дзяўчына паспешліва адвяла яго руку.

— Не трэба, Севачка, тут і мой бацька. Вунь побач з тваім дэканам сядзіць. Пойдзем лепей адсюль.

Непадалёк сапраўды сядзелі Дзімін з Докіным — без пінжакоў, у расхрыстаных кашулях, як на маёўцы. Дзімін камічна чухаў патыліцу, а Докін ляпаў яго па калене і аж закідаў галаву назад ад смеху.

— Лялечны тэатр! — скрывіўся Сеўка і прапусціў праз растапыраныя пальцы свае даўгія валасы.— Хадзем, рас-пра-адзін-ная...

Стараючыся ступаць цвёрда, ён пачаў прабірацца да выхада. А калі ззаду, над стадыёнам, пачуліся воплескі і выбух рознагалосага гоману, вылаяўся:

— Не надакучыць жа!..

Рая, відаць, была нечым збянтэжаная. Звычайна на людзях трымала яна сябе з падкрэсленай незалежнасцю, з выклікам. На косыя позіркі адказвала капрызным паваротам плячэй. Назнарок спыніўшыся дзе-небудзь на рагу люднай вуліцы, голасна смяялася і размаўляла з Сеўкам, нібыта яны былі адны. Цікаўнасць прахожых адно падахвочвала яе, абвастрала жаданне ўсё рабіць насуперак, па-свойму. Але сёння яна ішла вялая, сумная, ухілялася, калі Сеўка мерыўся ўзяць яе пад локаць або дакрануцца да спіны. І чым больш ён дазваляў сабе, тым больш Рая рабілася чужой.

— Учора я прачытала ў газеце,— відаць, не без задняй думкі пачала яна, калі выйшлі на плошчу,— што выпускнікі Бакштанскай школы калектыўна паехалі на будаўніцтва ў Карагандзінскую вобласць...

— Ну што ж, пахвальна,— здзекліва ўхваліў Сеўка.— Алё, ці не збіраешся і ты з імі катануць?

— Табе добра смяяцца. А я надысь запаўняла картку ў зубапратэзнай і мусіла пісаць «утрыманка». Не студэнтка, не работніца, а ўтрыманка. Сустрэла Лёдзьку потым, разгаварыліся пра экзамены, дык я, аказва-

ецца, усё перазабыла. Менш ведаю, чым пасля школы. А яна...

— Не бойся, абедзве праваліцеся,— жорстка кінуў ён.

Рая прыпынілася, паглядзела на яго ва ўпор.

— У тым вось і справа, што правалюся. І налета правалюся, а яна паступіць. Тата ўпартасцю яе не нахваліцца. У прыклад ставіць. Кажа: хутка можна пяты разрад даваць.

— Я табе шосты прысвою...

— Тата кажа, што лепей ужо быць славалюбам, чым абыякавым да ўсяго.

— Глупства!

Але нейкія сумненні, відаць, тачылі Сеўку.

— А вучыцца, думаеш, рай? — спытаўся ён.— Тое, што другія ядуць, скрозь смачнейшым здаецца. А паспытаеш — тая ж рыцына... Ну, ладна, не будзем пра гэта... Няхай вытрываю, скончу. А далей? Лёдзька тады абавязкова шосты разрад будзе мець, брыгадзірам стане. І грошай у два разы болей атрымліваць будзе. А гонар? Ого! Фармоўшчыца ад станка. А ўвогуле і гэта... даст Іст дрэк!

Рая адступіла ад яго, азірнулася. Пазнаўшы Арыну, якая даганяла іх, хуценька затупала ў сваіх модных шпільках на другі бок плошчы. А калі пачула, што Сеўка гоніцца за ёй, пабегла.

Азадачаны, ён спыніўся. Счакаў, пакуль яна згубілася ў святочным натоўпе. Вяла махнуў рукою.

Ведаючы, што наўрад ці каго сустрэне там са знаёмых, зайшоў у закусачную і заказаў віна. У ім жыло яшчэ хлапечае перакананне: выпіць — значыць зрабіць учынак, які сведчыць, што ты дарослы і ў цябе сур’ёзныя нелады з жыццём. Ён сеў за столік і марудна, як сталы наведвальнік, пачаў піць, цэдзячы віно праз зубы і назіраючы за прысутнымі. Калі стала горача, расшпіліў каўнер, паслабіў гальштук і ссунуў яго набок. З закусачнай Сеўка выйшаў п’яны ўшчэнт, з раскудлачанымі валасамі, і, хістаючыся, пацягнуўся па тратуары, сам не ведаючы куды. Але, параўняўшыся з домам, дзе жылі Дзіміны, адчуў — сюды, толькі сюды!

Дзверы яму адчыніла Рая. Убачыўшы сябрука, жахнулася і, не выпускаючы дзвярной ручкі, неяк знясілена папрасіла:

— Будзь ласкавы, ідзі адсюль. Калі я так патрэбна, я зараз выйду. Ідзі!

Ён па-дурному ўхмыльнуўся і адмоўна паківаў пальцам. Хутчэй за ўсё, у гэтым таілася свая дзявочая дыпламатыя, толькі Рая не пакрыўдзілася, пусціла дзвярную ручку і падышла да Сеўкі.

— Ты прабач, што я ўцякла,— зашаптала яна, правёўшы далоняй па шчацэ.— Я не магла бачыць цябе такім... Ты не ведаеш, што ў нас робіцца. Мама гаворыць, што я бацьку ганьбую. А яна прынцыповая. Ідзі ж, я зараз...

— Рая, хто там? — пачуўся з-за дзвярэй голас Дзіміна.

— Малю цябе! — ірванулася дзяўчына, але Сеўка схапіў яе за руку і ўтрымаў.

— Алё! Мне няма куды ісці... Ну разумееш ты — няма!..

Убачыўшы Дзіміна, ён пусціў Раю і рашуча ступіў да яго.

— Я прыйшоў да вашай дачкі.. Можна зайсці?..

Дзімін разгубіўся, густа пачырванеў. Потым, перасіліўшы замяшанне, строга загадаў:

— Рая, дамоў! — І павярнуўся да адчыненых дзвярэй, у якіх стаяла жонка.— Вось да чаго прыводзяць твае тэорыі. Палюбуйся, калі ласка, на вызваленых ад перагрузак! Вось яны. Бачыш? А вам, Кашын, трэба праспацца. Не сарамаціце сябе і другіх.

Гэтыя словы нібы сцебанулі Сеўку.

— Што значыць «не сарамаціць другіх»?.. Каго гэта? І якая, уласна, ваша справа?.. Прывыклі вучыць і караць. Я сам ведаю, што раблю...— люта выгукнуў ён і наважыў быў прайсці ў кватэру.

Адчыніліся суседнія дзверы.

На пляцоўцы паказаўся Міхал Шарупіч, за ім Яўген. Яны, мусіць, чулі перапалку, бо Яўген моўчкі адпіхнуў Сеўку і, абдаючы Раю святлом сваіх вачэй, засланіў Дзіміна сабою.

— Ты зразумеў, што табе параілі? — спытаўся ён з пагрозаю.— Ну! Каціся! І як мага хутчэй, не аглядаючыся.

— Я пайду... пайду, адкасніся! — жаласліва скрывіўся Сеўка, і губы яго задрыжалі.— Але аддайце тады маю дзяўчыну!.. Яна ж мая!..

Яўген сілаю павярнуў яго, узяў пад пахі і, падштурхоўваючы, пачаў зводзіць з лесвіцы. А Сеўка ўпіраўся, стараючыся вырвацца, і з п’яным адчаем прасіў, каб аддалі яму Раю.

5

Юра даведаўся пра гэта ад Лёдзі. Спачатку ён не надаў значэння пачутаму. Яму здалося, што Лёдзя пачала расказваць пра Сеўку толькі таму, каб, уразіўшы незвычайным паведамленнем, адвесці яго думкі ад сустрэчы з Цімохам на дэманстрацыі. Тым больш што і сам ён сяды-тады карыстаўся такім жа прыёмам, калі трэба было, каб маці забылася на яго правіннасць.

Насцярожаны, хочучы выкрыць яе сапраўдныя думкі, ён упіўся ў Лёдзіны вочы:

— Чаму ты гаворыш пра гэта, быццам радуешся?

Лёдзя здзіўлена сціснула губы. Але рэўнасць не

дала быць яму справядлівым.

— Як цябе разумець? Ты што, спачуваеш Райцы? Так?

— Я не за яе, а супроць яго...— сказала Лёдзя пакрыўджана.— Столькі ўчора думала аб табе...

— Пасля таго як гуляла з Цімкам? Маўчала б лепш. Агідна гэта. І твая Рая і твой Кашын — усё, усё!

— Які ты цяжкі! А ўрэшце, з кім хачу, з тым і гуляю. Я маю права сабой распараджацца.

Ускіпеўшы, ён нагаварыў ёй недарэчных, абразлівых слоў і пайшоў, не праводзячы дадому. І выйшла так, што пазней Юра абрынуў на Сеўку не толькі сваё абурэнне, а і сваю рэўнасць. Успомнілася і бойка на пустцы, якая, безумоўна, была падстроена Кашыным, хоць той прыходзіў назаўтра праведаць, паспачуваць. Успомніліся насмешкі, яго зняважлівыя, пагардлівыя адносіны. Стала сорамна, што зносіў гэта, пабойваўся Сеўчынага ўедлівага нахабства, шукаў ягонай ласкі, прызнаваў за важака і нават пачаў гадаваць, як і ён, кудлы. Пакутуючы ад разладу з Лёдзяй, Юра цэлую ноч прыдумваў самыя неверагодныя кары сабе і Сеўку. Уяўляючы здарэнне на лесвічнай пляцоўцы, ён падмяняў Раю Лёдзяй і скрыгатаў зубамі.

Прыйшоў ён у інстытут жоўты, з болем у галаве. З Цімохам не павітаўся і адразу пачаў шукаць Жэню Жук. Знайшоўшы яе ў канцы калідора — яна сядзела на падаконніку адчыненага акна і праглядала канспекты,— хвалюючыся, пачаў расказваць пра ЧП. Жэня Жук, абраная нядаўна камсоргам групы, навучылася ў такіх выпадках маўчаць і слухаць. Але тут Юрава ўзрушанасць перадалася ёй, і, саскочыўшы з падаконніка, яна, перапыняючы яго, загаварыла сама:

— Ад Кашына можна ўсяго чакаць. У яго няма пачуцця адказнасці. Ён хоча больш, чым можа. І таму хуліганіць.

Уразіў яе і сам Юра. Звычайна цельпукаваты, абыякавы да навакольнага, ён аж калаціўся. На кірпатым носе выступіў пот. Рукі, сціснутыя ў кулакі, выяўлялі гатоўнасць на ўсё, і Жэня дадала больш рэзка:

— Эгаіст. Яго трэба трымаць у ёжавых рукавіцах.

— Мала!..— разлютавана крыкнуў Юра.— Яго даўно варта прагнаць з інстытута!..

Жэня Жук прамаўчала, зірнула на ручны гадзіннік і пацягнула яго за сабою.

— Куды ты?

— З Цімохам і Васіным трэба параіцца.

— А гэта навошта? І тут без іх не абыдзешся?

— Не...

Насупіўшыся, Юра спыніўся. Жэня пусціла яго і пабегла ў аўдыторыю.

— Ціма кажа, каб мы ў камітэт ішлі. У яго думка такая, што з Кашыным пара канчаць, вантробы ад’еў ужо,— паведаміла яна, вярнуўшыся, і зноў схапіла Юру за рукаў.

У камітэце, дзе заўжды было тлумна і віравалі студэнты, за пісьмовым сталом сядзеў адзін сакратар — стомлены, у рагавых акулярах. Ён нешта паспешліва пісаў, моршчыў лоб і паклаў на чарнільны прыладак ручку неахвотна.

Юра звярнуў увагу на яго доўгія, упэўненыя пальцы. Але ўзрушанасць не спадала. Наадварот, варухнулася непрыязнасцю — чаго ён марудзіць? Няўжо няясна? Юра пераступіў з нагі на нагу і таксама палажыў руку на стол.

— Хочаш што-небудзь прапанаваць? — жмурачы светлыя халаднаватыя вочы, зірнуў на яго сакратар.— Давай.

Гэта было нечакана.

— Тады вось што пакуль рашым,— бачачы, што Юра маўчыць, сказаў ён спакойна і прыстукнуў далонямі па падлакотніках крэсла.— Праведзяце камсамольскі сход. Абмяркуеце. Я пазваню на факультэт, адтуль таксама хто-небудзь прыйдзе. Паможа. А паведамленне няхай зробіць ён.— Сакратар пальцам паказаў на Юру, і акуляры ў яго бліснулі.— Каму-каму, а разбэшчаным піжонам патураць няма чаго. Вось такім чынам. А цяпер наконт цябе, Жук. З факультэцкага бюро скардзіліся: затрымліваеш звесткі аб паспяховасці. Форму атрымала? Здай! Ага, яшчэ...

Разгаварыўшыся, ён канчаткова скінуў з сябе абыякавасць і перастаў кідаць позіркі на недапісаную паперку. Твар у яго ажывіўся, стаў ружовы.

— Вось што, таварышы... Абмеркаванне персанальнай справы звяжыце з барацьбой за вучобу. Піжонства — вораг вучобы, і наогул... Як у Кашына з паспяховасцю? Вось бачыце. У нас ужо законам стала: не выдалі ватману — чарцяжы не робяць. Купіць жа і не падумаюць. Звыклі на ўсім гатовенькім. А па-мойму, калі б купіў ватману, і чарціў бы больш старанна. Тут дыялектыка. Дармаўшчына ды апека псуюць людзей. Так што давайце...

Ад гаворкі ў Юры асталося супярэчлівае ўражанне. Дагэтуль ён не сутыкаўся з сакратаром, хоць і бачыў яго ў прэзідыумах, чуў, як выступаў. Той не абуджаў у яго асаблівых думак: завіхаецца, нешта робіць, і няхай — так заведзена і, магчыма, патрэбна. А каб яго дзейнасць уплывала на твой лёс, была прама звязана з ім — гэтага Юра не ўяўляў і нават не дапускаў. Цяпер жа словы сакратара прымусілі яго задумацца. Юра адчуў сваю залежнасць. Дый у словах сакратара была праўда. Асабліва пра гатовенькае. Дай стыпендыю, інтэрнат, забяспеч падручнікамі, чарцёжнай папераю, дошкаю. Фізкультурнікам дай спартыўную форму, харыстам — вопратку для выступленняў. І інстытут дае, забяспечвае. А студэнты? Яны робяць ласку — вучацца, займаюцца спортам, спяваюць у хоры. Нават свае пакоі ў інтэрнаце не прыбіраюць: ёсць тэхнічкі. І натуральна — радасць, якую табе падносяць на блюдзе (Юра ведаў гэта па сабе),— не радасць, а манная каша. Яна, праўда, салодзенькая, але хутка прыядаецца. Вось і шукаюць востранькага, як Сеўка, уявіўшы, што яны пуп зямлі і што ўсё павінна круціцца навокал іх... У той жа час сакратар камітэта здаўся залішне сумным. Ён не абурыўся, не загарэўся, як чакаў Юра, а проста вынес рэзалюцыю — разумную, трапную, але рэзалюцыю. Ён прыняў іх, а не сустрэў.

І Юра не ведаў, пайшоў бы ён — калі б гэта залежала ад яго — другі раз у камітэт са скаргаю ці не.

Сход пачаўся адразу пасля лекцый. Выкладчык выйшаў, усе асталіся на сваіх месцах, толькі тыя, што сядзелі на пярэдніх радах, перамахнулі на заднія.

— Зноў! — засердавала Жэня Жук.— Давайце бліжэй!

Але яе не паслухалі.

Юра бачыў: адны ўзрушаны, другія абыякавы, трэція чакаюць пачатку нечага прыкрага. Сэрца ў яго забілася мацней, і цяжка стала трымаць у парадку падрыхтаваныя думкі. Нават выветрыліся з’едлівыя слоўцы, якімі збіраўся казыраць. Калі Цімох даў яму слова, Юрка адчуў: язык сухі. Не, зараз ён не баяўся помсты Сеўкі і ягоных прыяцеляў. Яго не палохала і тое, што жыццё пасля гэтага абавязкова стане больш складаным. Ён выконваў даручэнне. І, захоплены барацьбою, кідаўся ў яе не задумваючыся, ужо безразважна верачы ў праўду таго, што гаварыў сакратар. Але побач, як прадстаўнік факультэцкага бюро, сядзеў Яўген Шарупіч. Пасварыўшыся з Лёдзяй, Юра бачыў і ў ім свайго крыўдзіцеля. Значыць, перад Юрам стаяла не адна задача...

Дамоў на трамваі давялося ехаць разам з Яўгенам. Спачатку ў вагоне было цесна, але паступова, і асабліва ля трактарнага завода, многія выйшлі.

Паехалі паўз адгароджаны ад тратуара штакетам малады бор, у якім пракладаліся ўжо алеі. У вагоне стала святлей, дыхнула пахам смалы-жывіцы.

Яўген падсеў да Юры і, паглядаючы ў акно, сказаў:

— Паведамленне ты зрабіў нядрэннае. Але чаму сам крыўдзіш маю сястру?

— Я? — падалікатнеў Юра, поўны яшчэ ўражанняў і ўлюбёны ў сябе ад поспеху.

— А хто ж? Яна праплакала ўчора ўвесь вечар.

— Нешта не дужа верыцца.

— Як бачыш... Зрэшты, не мая справа ўмешвацца

ў вашы адносіны. Але я старэйшы. Бачыш, ёй зараз, як ніколі, неабходна падтрымка. Цябе вось перавядуць з кандыдатаў — і на чатыры гады ўсё наперад ясна.

А ёй? Яна ж і цяпер нічога для сябе не вырашыла...

Вось ты гаварыў пра гатовенькае. Але гэта толькі адзін

бок. У нас кожны перакананы, што ўсё роўна свайго даб’ецца. І правільна! Беспрацоўных рук няма, магчымасці ёсць. Вочы і разбягаюцца. Ды ісці да запаветнай мэты, калі яна выбрана, можна і далёкай дарогай. А каму гэта трэба? Жыццё ў чалавека адно. Тую частку, што выдаткуеш на абходныя шляхі, не надточыш. Дык хіба даравальна кідаць каго на раздарожжы?

Сказанае Яўгенам уразіла Юру, тым больш што яно нагадвала размову ў кабінеце. Уздрыгнуўшы спінаю, але адначасова адчуваючы, як узнімаецца, мусіць, рэўнасць, ён усё ж згадзіўся:

— Правільна, канешне...— хоць самому хацелася раскрычацца і абвінавачваць, абвінавачваць: сяброў сапраўды не пакідаюць на раздарожжы — гэта правільна, але не лепш, калі і здраджваюць ім!..

6

Да экзаменацыйнай сесіі аставаўся ледзь не месяц, а інстытут ужо жыў ёю. Аб сесіі напаміналі шматтыражка, сатырычная газета-плакат «Аса», «маланкі», карыкатуры. Крытыкавалі «хвастатых» студэнтаў, давалі парады, як лепш арганізаваць свой час. Камсамольскія групы слухалі справаздачы камсамольцаў. Кафедры правяралі выкананне вучэбных планаў, рыхтаваліся да чарговага прыпару. Нават вахцёркі ў інтэрнатах зрабіліся памяркоўнейшымі і не так бязлітасна выправаджвалі пасля адзінаццаці гадзін чужых студэнтаў.

У Цімкавым пакоі электрычнасць гарэла да золку. Чарцілі, чыталі, падкрэслівалі галаваломныя абзацы ў падручніках, хоць гэта і было забаронена, спрачаліся, выпісвалі на шпаргалкі формулы. А іх была процьма!

О, студэнцкія перадэкзаменацыйныя ночы! Марока, хваляванні, спешка! Яны доўгія, цягучыя, як світанне ўвосень, і ўсё-такі, як ні ўвіхайся, часу ніколі не хапае. Недарэмна яны нарадзілі бесклапотны і горкі жарт пра самую папулярную сярод студэнтаў казку-быль — «Тысяча старонак і адна ноч». Безліч формул і старонкі! Гудзе, баліць галава, зліпаюцца быццам высахлыя павекі. Каб не заснуць, кідаеш позірк на таварыша, бачыш шэры ад стомленасці твар, запалыя вочы і пакутлівую складку каля рота. На хвіліну робіцца шкада і яго, і сябе, але ты нечакана ўсміхаешся, бо, нягледзячы ні на што, табе хораша. Нават гул у галаве асаблівы, прыемны: ты ўбіраеш у сябе невядомае, і яно бродзіць, поўніць цябе.

Калі б толькі можна было ўпасці на падушку і паспаць хоць гадзіну, было б зусім добра. Але гэта немагчыма — бачыш, колькі старонак, а за акном стаіць не густая сінява, і падкрадваецца бляклы Рассвет. Да таго ж прафесар, які чытаў тэорыю машын і механізмаў, ці (як гавораць скарочана) ТЫМ — тут мая магіла! — захварэў. Залікі будзе прымаць другі, і, як заўсёды ў такім разе, з прыдзіркамі. А стыпендыя? Трэба абавязкова атрымаць «пяць» або, у горшым выпадку, «чатыры»... О, перадэкзаменацыйныя ночы!

Юра рыхтаваўся да сесіі дома. У яго зноў была запазычанасць, і ён, пакуль ліквідаваў яе, адстаў ад хлопцаў. Дый займацца з Цімохам, бачачы яго стаічную вытрымку, было цяжка. Успаміналася Лёдзя, нішто не ішло ў галаву. Нават тое, што Цімох памагаў Жаркевічу, раздражняла Юру, ён і ў гэтым падазраваў ход канём.

Колькі б ні было чалавеку гадоў, трапіўшы ў студэнцкае асяроддзе, той непазбежна маладзее. Жаркевічу пераваліла за трыццаць, але былы фармоўшчык мала чым адрозніваўся ад астатніх студэнтаў. Ён, як другія, любіў жартаваць, смяяцца з глупстваў, па-хлапечы сваволіць. Але вучоба давалася яму ўсё яшчэ нялёгка, і тое, што другія схоплівалі на ляту, Жаркевіч пераварваў з натугай. Думаў ён — быццам марудна варочаў жорнамі. Бясконца перапыняў хлопцаў, пытаўся. Цімох цярпліва паўтараў, тлумачыў, прыводзіў прыклады. А Юру здавалася, што ён і гэтым хоча прынізіць яго, паказаць свае веды, падкрэсліць сваю перавагу. Злавала, што Цімох верхаводзіць, што яго слухаюць і слухаюцца.

Пачуццё саперніцтва прымушала Юру брацца за прадмет са злой упартасцю і праседжваць ночы навылёт. Калі ж не ставала сілы, ён валіўся з кнігаю ў ложак і часта засынаў, не распрануўшыся, не выключыўшы электрычнасці.

Гэта кранала і радавала Веру. Паціху, на пальчыках, увайшоўшы ў пакой, яна глядзела на зняможанага раскудлачанага сына, які з пакутлівай грымасаю

спаў у нязручнай позе, асцярожна брала з яго рук падручнік і гасіла святло.

— Ты хоць бы раздзяваўся, Юрок,— упікала яна назаўтра.

Ён прапускаў матчыны словы міма вушэй і, быццам яму спадабалася спаць вось так, не па-людску, зноў забываўся на світанні — апрануты, у чаравіках, з гадзіннікам на руцэ. Ён нібы помсціў гэтым некаму і знаходзіў асалоду ў здзеках з сябе. Раней Юра любіў паесці, паласавацца смачненькім, цяпер жа снедаў неахвотна і, на дзіва маці, адмаўляўся ад грошай, якія яна прапаноўвала, каб купіў сабе бутэрброд або пірожнае ў інстытуцкім буфеце.

Стараючыся знайсці прычыну, Вера заводзіла гаворку то пра адно, то пра другое, але дарма! Сын адмоўчваўся. Пасля таго, калі яна так недарэчна накрычала на Лёдзю, яны не размаўлялі пра яе. Адчуваючы, што ў сынавым самакатаванні замешана якраз дзяўчына, Вера аднойчы заікнулася пра гэта.

Юра, які лежачы чытаў канспект, падхапіўся як уджалены, ляпнуў па каленях сшыткам.

— На чорта яна мне здалася!

Вера па-свойму зразумела яго.

— Канешне, Юрок, хіба Шарупіч табе пара? Цяпер дзяўчат вунь колькі, Рая Дзіміна і то ўжо лепей.

Але Юру скаланула. Кінуўшы раз’юшаны позірк, ён зайшоўся крыкам:

— Бяры сабе сваю Раю! Гэтую ляльку няшчасную і размачаленую.

— Ну і Лёдзя не для цябе. Паслухай, што Тацяна Цімафееўна гаворыць. Цягаецца абы з кім...

Сама Вера пражыла бурнае жыццё. Але колішняе прызабылася, яго быццам бы не было зусім, і яна лічыла сябе бязгрэшнай. А, як вядома, такія жанчыны — надта ваяўнічыя барацьбіткі за чысціню чалавечых адносін. Мераючы ўсё на свой капыл, Вера шчыра абуралася з усяго, з чаго толькі магла. Была тут і рэўнасць маці, ад якой дзяўчына адбірае частку сынавай любві.

— З Цімкам і з тым ужо звязалася. Шукае... Па вуліцы ідзе, нібы дорыць сябе кожнаму. Пасаромелася б хоць. Сэрца ж не гасцініца. Я і бачыць яе не хачу!..

— Ты заўсёды перабольшваеш, мам!

Не пакрыўдзіўшыся, Вера рашуча абняла сына за галаву, прыцягнула да сябе і пацалавала ў цемя. Ён не вырваўся, не пачаў, як звычайна, грубіяніць, а сцішыўся, прыкусіў губу.

Старанна падбіраючы словы, яна загаварыла далей:

— У цябе свая дарога, Юрок. З тваімі здольнасцямі такім інжынерам будзеш, што люба-дорага! Максім Сцяпанавіч таксама сваё перадасць. Ён жа, як кажуць, інжынер божай міласцю... А ты, будзь упэўнены, не такіх, як Лёдзька, сустрэнеш...

Гэта разверадзіла рану яшчэ мацней. Але боль, што рваў яго душу, як ні дзіўна, абуджаў і неадольнае жаданне ўбачыць Лёдзю, пераканацца ў нечым самому, запатрабаваць тлумачэння і... калі будзе хоць якая магчымасць, дараваць ёй.

Выбраўшы пад вечар хвіліну, ён пайшоў на бульвар, аблюбаваў лавачку насупроць Лёдзінага дома і сеў.

Было ветрана, холадна, захад згасаў у стылых аранжавых фарбах. Адтуль, куды схавалася чырвонае, без ззяння сонца, узнімаліся рваныя кудзелістыя воблакі. Празрыстыя, ускудлачаныя ветрам краі іх загіналіся, як грабяні хваль, але самі воблакі быццам застылі — страшнаватыя, з медным адлівам. Вуліца імкнула якраз туды, дзе канула сонца. Па ёй, абдаючы бензінным перагарам, кацілі грузавікі, «Пабеды», машыны-краны з падобнымі на дзюбы стрэламі, аўтобусы, і было такое ўражанне, што яны спяшаюцца за небасхіл, дзе дагараў дзень. На заводскай тэрыторыі прагудзеў паравоз. Паток машын спыніўся, і неўзабаве, перасякаючы вуліцу, прагрукатаў цягнік.

Непадалёк на бульвары дзяўчынкі гулялі ў класы. Зусім як у вёсцы прайшла грамадка хлопцаў з кучаравым гарманістам. Пракаціў панікеляваную калясачку з дзіцем малады мужчына. Ён ледзь быў не наехаў на намаляваныя крэйдаю класы, але дзяўчынкі дружна запратэставалі, і мужчына паслухмяна аб’ехаў іх. Насупроць ка лавачцы сядзела бабулька-калгасніца са звязанымі ручніком бітонамі і наладаванай брускамі хлеба сеткаю. Яна нешта жавала і раз-пораз папраўляла завязаную пад падбародкам хустку.

Усё гэта было знаёмае і звыклае, але захад клаў на людзей і вуліцу свой водбліск, і ён трывожыў Юру. Паглядаючы на вокны Шарупічаў і іх пад’езд, ён з нецярплівасцю чакаў — вось зараз убачыць Лёдзю, і прыдумваў, паўтараў словы, з якімі звернецца да яе.

Яна ж сёння працавала ў першай змене, даўно дома і абавязкова выйдзе.

Пайшла калгасніца, узваліўшы на спіну сетку з хлебам і бітоны, зніклі дзяўчынкі, што гулялі ў класы, а Юра ўсё сядзеў, назіраючы за процілеглым бокам вуліцы і баючыся прапусціць Лёдзю.

Калі захад сцьмянеў і запаліліся ліхтары, ля выматанага чаканнем Юры, як з-пад зямлі, паявіўся Сеўка. Няцвёрда трымаючыся на нагах, прысеў на лаўку побач і свіснуў непаслухмянымі губамі, якія не хацелі складвацца ў трубачку. На свіст падышоў незнаёмы расхрыстаны хлопец і сеў па другі бок Юры.

— Алё, не бойся,— як бы супакоіў яго Сеўка.— У такі час яшчэ не б’юць. Дый пэцкаць рукі я аб цябе не буду... Ну, данёс. Ну, выступіў, далі страгача з папярэджаннем. А далей што? Я ж плюю на ўсё гэта, сысунок.

Юра хацеў быў устаць, але яны пасадзілі яго.

— Не, ты выслухай,— з пагрозаю папярэдзіў хлопец і, шмаргануўшы за казырок, нацягнуў Юру шапку на вочы.

— Слухай, Кашын,— паправіўшы шапку, стомлена прамовіў Юра,— лепш не чапай мяне. Гэта ж канец твой будзе!..— І раптам асекся. Тое, што ён убачыў, прымусіла яго забыцца на Сеўку і хлопца: у адным з асветленых акон Шарупічавай кватэры з’явіліся Цімох і Лёдзя. Махаючы кулаком, Цімох цягнуўся да дзяўчыны і нешта пераканана даводзіў ёй.

«Вось і ўсё,— у роспачы падумаў Юра.— Хоць бы з’ехаць куды, каб вочы не бачылі. Хоць бы на цаліну, на край свету, к чорту!.. Падам заяву...»

Падумалася, што людзі наогул, на паверку, здрадлівыя і жорсткія. Яны вымяркоўваюць, каб добра было толькі ім самім. А калі не вымяркоўваюць гэта свядома, усё роўна ў іх выходзіць так. Чаго трэба Цімоху ад Лёдзі? Хіба ён не ведае, што ягоны таварыш кахае яе? А сама Лёдзя? Як гэта подла... Бацька і той кінуў яго, Юру, разбіў сям’ю і жыве з другой, маладой, не дужа дбаючы аб сыне, хоць, як кажа маці, кроку не ступіць без высокага слова... Такія ўсе, усе!..

Калі ён праз хвіліну зноў падняўся, Сеўка з хлопцам не зачапілі яго. Толькі засмяяліся, затупалі нагамі, нібыта гналіся за ім. Але Юра не азірнуўся, а магчыма, і не чуў гэтага.

 

 

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
1

Наладчыкі даўно ўжо змянілі мадэлі на машынах, брыгада старанна агледзела рабочае месца і нарыхтавалася працаваць, а Комліка яшчэ не было. Учора на агульным сходзе ліцейны цэх узяў абавязацельства выконваць зменную норму за сем гадзін, і таму ўсе хваляваліся яшчэ больш.

— Няўжо спозніцца? — не звяртаючыся ні да кога, з прыкрасцю спытаў Пракоп і плюнуў.— Яшчэ ў суботу, казалі, пакаціў па лесаматэрыял да сваіх у вёску. Эх, мала яму двух дзён!

Ён сказаў «спозніцца», але Лёдзя і зборшчык Трахім Дубовік зразумелі, што Пракоп апасаецца за большае. Адмена Указа аб пакараннях за прагулы паслабіла крыху дысцыпліну. У барацьбу з гэтым ліхам уступілі грамадскія арганізацыі. Дырэктар выдаў спецыяльны загад — рабочы, зрабіўшы прагул, сам закрывае сабе доступ на завод. І гэты загад выконваўся няўхільна. У Комліка былі залатыя рукі і той шчаслівы талент працаўніка, які робіць работу спорнай і вясёлай. Ён сэрцам адчуваў машыну, і ўсё ў яго выходзіла ладна. Да таго ж усе ў брыгадзе — ад фармоўшчыка машыны нізу да зборшчыка — былі ў свой час яго вучнямі. І хоць Комлік няшчадна лаяўся, любіў выпіць за чужыя грошы і часам яшчэ па-вясковаму быў бесцырымонны ў гэтых адносінах, яго паважалі. Высока цэняць у рабочым калектыве шчаслівы талент і многае даруюць за яго.

Прагудзеў гудок. Над падвалам пагас чырвоны агеньчык — эпрон-канвеер быў гатовы прымаць адліўкі.

— Усё, будзе на арэхі,— пашкадаваў Пракоп і сарваў з галавы падобную на берэт шапку.— Паспрабуй выканай тут норму за сем гадзін. Вось што ненавіджу дык ненавіджу!..

Але ў гэты час паказаліся Комлік і Міхал. Яны ішлі спяшаючыся, заклапочана размаўляючы між сабою. Лёдзя заўважыла, што Комлік выпіў або ў лепшым выпадку з пахмелля. Поўны твар у яго быў памяты, запалёны. Скура нібыта патанчэла, і праз яе праступіла нездаровая чырвань.

— Прымайце брыгадзіра,— насмешліва сказаў Міхал.

— Навошта табе гэта, тата? — адварочваючыся, быццам яе пакрыўдзілі, спыталася Лёдзя.

— Нічога, працаваць ён можа. Махнуць на чалавека рукою — самае лёгкае,— абрэзаў яе Міхал.— Пастаўце, дзе лягчэй. А потым пагаворым...

— Дзякуй, Міхал,— дагодліва прамармытаў Комлік.— І трэба ж было: паехаў па лес, а трапіў на вяселле, ліха на яго! А тут яшчэ па дарозе ў машыны балон спусціў.

— Ладна, ладна... пачынайце во...

Комлік стаў на Лёдзіна месца, Пракоп — на яго. Надзеўшы фартух, рукавіцы, Лёдзя ступіла на памосце раней не даступнай і жаданай машыны нізу. Няўпэўнена ўзяла пнеўматычным пад’ёмнікам апоку, падцягнула яе і паставіла на стол. Потым уключыла машыну і адчула, што яе дрыжанне перадалося руцэ і токам пацякло да сэрца.

— Смялей! — як бы дазволіў Пракоп.

Не зірнуўшы на яго, Лёдзя тузанула за рычаг. З люка, пабліскваючы, сыпанула чорная зярністая зямля. Лёдзя з нецярплівасцю счакала, пакуль яна з верхам напоўніла апоку, і закрыла люк. Пераймаючы Пракопа, толькі больш хапатліва, разраўнавала зямлю, паклала зверху шчыток і ахапіла апоку заціскачкамі.

Вось і тая аперацыя, якой яна яшчэ не рабіла на сваёй машыне,— пераварочванне стала. Ведаючы, што нічога не здарыцца, і ўсё-такі баючыся, што зямля еысыплецца, Лёдзя перавярнула стол, уключыла прэс і з палёгкай штурханула нагою апоку з гатовай ніжняй палавінкаю формы. Жалезная скрыня паслухмяна пакацілася па роліках да Пракопа і зборшчыка, а Лёдзя раптам адчула, колькі сілы ёй гэта каштавала. Захацелася хоць трошачкі пастаяць. Але яна толькі глыбока ўздыхнула і нахілілася па новую апоку.

Другая форма далася лягчэй.

Паступова ўваходзячы ў рытм, Лёдзя павесялела. Стала можна працаваць і думаць. З’явілася адчуванне машыны, так неабходнае фармоўшчыку, а разам з ім і ўпэўненасць. Рукі пачалі рабіць што трэба самі сабою.

Разлад у работу ўносіў хіба Комлік, які не-не дый выбіваўся з рытму. Але радасць, што адчувала Лёдзя, нараджала жаданне любіць усіх, і Лёдзя старалася не звяртаць увагі на гэту замінку.

Нечакана падышоў Кашын з майстрам. Падняў руку, загадаў, каб прыпынілі работу.

— Комлік! — як на пераклічцы, пазваў ён.

Разгублены брыгадзір вінавата выступіў з-за машыны і, камечачы брудныя рукавіцы, спыніўся за крок ад начальніка цэха. Ён стараўся не дыхаць, і твар у яго пачаў налівацца чырванню.

— Ты п’яны! — голасна, каб пачулі ўсе, выгукнуў Кашын.

— Адкуль вы ўзялі? Няпраўда. Спытайцеся хоць у яе,— недарэчы спаслаўся Комлік на Лёдзю, якая стаяла бліжэй за астатніх.

Сумеўшыся, Лёдзя азірнулася, шукаючы падтрымкі і парады. Убачыла: Пракоп Свірын падае нейкія знакі ёй і майстру, а той, адмаўляючыся, бездапаможна разводзіць рукамі.

Але выручыў Лёдзю сам Кашын. Рассекшы далоняй паветра, ён вылаяўся.

— У хлуса заўсёды ёсць сведкі! Мо загадаеш паклікаць і бацьку яе? Што, я сам не бачыў?! А калі няшчасце здарыцца, хто будзе адказваць? Яны?

— Эх, маці мая, дарэмна вы, Мікіта Мікітавіч! Навошта, не разабраўшыся, крыўдзіце — так адразу? — не траціў яшчэ надзеі ўгаварыць яго дабром Комлік.

— Што, зараз падполлем пачнеш прыкрывацца?.. Мяне не аблапошыш. Патураць больш не буду. Усё. Давай у аддзел кадраў.

— Няўжо так партыя вучыць ставіцца да людзей?

— Я ведаю, як яна вучыць. Топай!..

Зноў падышоў Міхал, адклікаў Кашына ўбок і пачаў нешта даводзіць. Але начальнік цэха, не даслухаўшы, адвярнуўся ад яго.

— Можаце не спадзявацца. Усё! Тут абаронцы не памогуць. Наадварот нават. Прымай, Свірын, брыгаду!..

З малога канвеера перайшла Кіра Варакса, кінулася да сяброўкі, абвіла шыю рукамі. Але, даведаўшыся, што здарылася, разгубілася і, збянтэжаная, стала на паказанае месца.

З пачуццём, быццам у яе нешта адабралі, Лёдзя зноў уключыла машыну. Аднак работа ў брыгадзе пайшла неяк наперакос. Кіра адставала. Пракоп пакрыкваў на яе. Машыну прыходзілася раз за разам спыняць, і нядаўні прыўзняты настрой у Лёдзі знік, хоць і было прыемна, што яна працуе з сяброўкаю.

Фармавалі калодкі для аўтамабільных колаў. Дасюль Лёдзя не-не дый уяўляла сабе новенькую сямітонку са срэбранай эмблемай — крутахібым зубрам на капоце. Сямітонка імчала па ўзгоркаватай Магілёўскай шашы, абсаджанай маладымі бярозкамі. З-пад рубчастых шын выляталі каменьчыкі. Але Лёдзя выразна бачыла бліскучую, пафарбаваную ў чорны колер калодку — сваю. І здавалася, уся дужасць, трываласць машыны — у ёй.

Лёдзя прабавала выклікаць ва ўяўленні ўсё гэта і цяпер, але ніяк не ўдавалася. Наадварот. Шаша нагадвала сустрэчы з Юркам, і думкі ішлі зусім у іншым напрамку. Раўнуе ён ці шукае прычыны, каб развязацца? Ва ўсякім выпадку, ламаецца, капрызіць. А каханне без павагі — не каханне. Каму яно трэба такое? І сэрца ў Лёдзі нямела ад страху. Неяк маці расказвала ёй, як у дзяцінстве, жнучы жыта, сярпом парэзала палец. Парэзала і так спалохалася, што не пайшла кроў. Пэўна, кроў не пацякла б на гэты момант і ў Лёдзі.

І ўсё-такі, калі над падвалам загарэўся чырвоны агеньчык і фармовачны ўчастак спыніў работу, яна ўпотай ад Кіры пабегла ў тэрмаабрубнае аддзяленне — паглядзець, як апрацоўваюцца яе дэталі.

Каля эпрон-канвеера ўзвышалася куча адлівак. Двое глуханямых, якія працавалі ў брудных, прапацелых саколках і замасленых штанах, знакамі нешта панура тлумачылі Кашыну, пальцамі паказваючы на наждачныя станкі. Кашын жа размахваў рукамі і, быццам глуханямыя маглі пачуць яго, няшчадна лаяўся.

Каб не трапіць яму на вочы, Лёдзя вярнулася. Аднак пасля змены ўсё роўна не адразу пайшла ў душавую. На дошцы, якую павесілі ў цэху — «Яны выканалі заданне за сем гадзін»,— яна знайшла сваё прозвішча і ўпотай доўга паціскала руку Кіры, якая не адставала ад яе ні на крок.

Пасля ля прахадной яны стаялі і чыталі аб’яву пра футбол, «маланку» пра справы ў тэрмаабрубным аддзяленні, дзе мусілі сёння працаваць у трэцюю змену. Каб пабыць тут даўжэй, двойчы перачыталі напісаны на шпалерах загад, у якім дырэктар выносіў падзяку і прэміяваў дружынніц, што перамаглі ў спаборніцтвах санітарных каманд завода,— і толькі пасля гэтага неахвотна падаліся дадому.

2

Назаўтра пасля работы камсамольцы ліцейнага наладзілі суботнік. Кіру як камсорга прызначылі адказнай, але яна амаль не адыходзіла ад сваёй брыгады. Дый астатнія, збіраючы металалом і разбіваючы скверык насупроць цэха, трымаліся разам. Хутчэй за ўсё прычын гэтаму было дзве: размова пра Кашына і анкеты.

Беручы насілкі і паглядаючы на бакі, Пракоп абурана сказаў Лёдзі:

— А Кашын жа помсціць. Выгнаў дзядзьку Івана, а ўдарыць наважыў твайго бацьку. Дый выганяў з гэтаю мэтаю. Хітры, злыдзень!

— Як гэта? — не зразумела яна.

— Злавіў на месцы злачынства: патурае, маўляў, п’яніцам, абараняе разгільдзяяў. Ведае, калі і якім чынам біць. Бачыш, як цяпер да п’яніц ставяцца.

— Дык што ж, па-твойму, рабіць? — умяшалася Кіра.

— Тут спачатку трэба рашыць — за Комліка выступаць ці супроць Кашына.

— А па-мойму, важна другое: не па-савецку гэта! І ўсё! Вось супроць чаго трэба выступаць. Шкада, бацька захварэў!..

Лёдзя слухала падобную на перапалку гаворку, і ў ёй раслі ўдзячнасць да таварышаў, жаданне нечым аддзячыць ім.

Падышоў Міхал, прысеў на кучу сабранага лому.

— Наце прачытайце,— сказаў ён, раздаючы зялёныя лісцікі.— У панядзелак вернеце з адказамі.

Гэта была анкета-зварот. Начальнік цэха, сакратар партарганізацыі і старшыня цэхкома пісалі, што яны лічаць магчымым перавесці ліцейны на скарочаны рабочы тыдзень, і прасілі адказаць на некаторыя пытанні.

— Ці здолеем выканаць ранейшае зменнае заданне? — першым адгукнуўся Пракоп.— Дзіва што! Гэта мы нават учора давялі пры катавасіі такой. Мы, дзядзька Міхал, помнім яшчэ пра Камсамольск-на-Амуры...

Кіра, Лёдзя і Трахім Дубовік сачылі за ім, быццам на іхняга брыгадзіра магла насунуцца якая небяспека і ім трэба быць гатовымі прыйсці на дапамогу.

— Так, прыйдзецца помніць,— згадзіўся Міхал.— Але спачатку зразумейце, што гэта такое — сем рабочых гадзін. Чаго яны каштавалі народу і што даюць?

Кіра загаралася лёгка, усё кранала яе, і ёй трэба было стрымліваць сябе, каб даць спачатку выказацца Пракопу. Але якраз стрымацца яна не магла:

— Прыходзьце заўтра, дзядзька Міхал, самі пабачыце! Мы ж камсамольцы! Шкада толькі, што катынскі подпіс тут...

— От гэта ўжо дарэмна,— пацямнеў Міхал.— Тут подпіс не Кашына, а начальніка цэха... Паслухайце во лепей яшчэ навіну. Газеты спецыяльна для вас апублікавалі. Новыя правілы прыёму ў інстытуты. Чуеш, Лядок?

Вейкі ў Лёдзі ўздрыганулі, яна быццам пагасла. І як капалі канаўкі, саджалі ўздоўж будучага скверыка дэкаратыўныя кусты, трымалася бліжэй да Кіры.

Бокам, на захадзе, праходзіла навальнічная хмара. Яна расла, цямнела, цягнулася да сонца. Грымотаў чуваць не было, але хмару наўскасяк не-не дый разразалі бледныя, без сполахаў пры сонцы, маланкі. І ўсё ж, калі яны ўспыхвалі, здавалася, хмару нешта скаланае і ад яе павявае свежасцю. Потым, калі яна наблізілася і паднялася, калі клубкаваты верх яе пабялеў, сталі відаць дымчатыя пасмы дажджу. Мусіць, пры хмары быў вецер, і яны былі выгнутыя, як ветразь. І тады зрабілася ясна: хмара пройдзе бокам.

Аднак усе спяшаліся. У брыгадзе працу падзялілі. Цыбаты Трахім Дубовік падсыпаў у канаўку чарназём. Лёдзя падносіла кусцікі. Кіра трымала іх за чубкі, пакуль Пракоп засыпаў канаўку, а потым не дужа беражліва ўтоптваў зямлю наўкол.

— Значыць, медалі ўжо не маюць моцы? — выскаліў ён белыя роўныя зубы, уганяючы лапату ў зямлю.— Табе, Кіра, не шкада?

Кіры сапраўды зрабілася шкада свайго медаля, і якраз вось цяпер, калі запытаўся Пракоп, але нешта большае ўваходзіла з гэтай навіною ў яе жыццё, і яна амаль весела адказала яму:

— Нічога! У мяне другі ёсць у запасе. Во,— і паказала шурпатыя, выпацканыя ў зямлю далоні.

— Але яны не такія чыстыя, інтэлігентныя,— насмешліва сказаў Трахім Дубовік.— Глядзі, каб не плакала пасля.

— Не буду. Чэснае камсамольскае.

— Абяцаць — яно заўсёды лягчэй. Хоць... потым уе'і наадварот яшчэ пераменіцца...

Лёдзі чамусьці таксама зрабілася шкада медалёў — раней такіх недасяжных, усёмагутных. З імі неяк вельмі цесна звязваліся спадзяванні, мары, увесь школьны ўклад. Мільганула думка, а ці не пагарыць ад гэтага вучоба, не страціць смак, але Лёдзя не сказала нічога. У душы, нягледзячы ні на што, абудзілася і падсвядома пачало жыць прыемнае пачуццё — гонар чалавека, які здабывае свае правы працаю.

Скверык прыгажэў. І хоць кусцікі, дрэўцы былі голыя, а на газонах бездапаможна, як падсечаныя, паклалі галовы высаджаныя каліўцы маргарытак, братак — нядаўна пустка, дзе была гразь ,ды стаялі лужыны, радавала вока. Абкладаючы газоны дзёрнам і пасыпаючы дарожкі пяском, дзяўчаты са стрыжнявога аддзялення спявалі. Лёдзі захацелася падцягнуць ім. Стараючыся не чырванець, яна няўпэўнена падхапіла песню і неўзабаве пачула, што ёй памагаюць Кіра, Пракоп, астатнія.

Выйшлі яны на заводскую плошчу ўсе разам і рушылі па тратуары, як бы ў страі — дзяўчаты пасярэдзіне, хлопцы па баках. Ішлі і спявалі, ківаючы ў такт песні галовамі.

Калі праходзілі паўз заводскі парк з яго чыгуннай агароджаю, на якой красаваліся эмблемы аўтазавода, Кіра штурханула сяброўку локцем і, скасіўшы вочы, паказала за агароджу. Лёдзя азірнулася і сярод соснаў, каля калясачкі з газіраванай вадою, убачыла Юру. Ён трымаў шклянку ў руках і атарапела глядзеў ім услед, не заўважаючы, што са шклянкі выліваецца вада. Лёдзя перастала спяваць і, зрабіўшы выгляд, што ўспомніла пра нешта, хутка развіталася з хлопцамі. Спахапілася і Кіра: дома ляжаў хворы бацька і трэба было спяшацца.

3

Пачуўшы, што Варакса захварэў, Міхал не марудзячы накіраваўся да яго — праведаць старога, а заадно і параіцца пра сёе-тое.

Жыў Нікадзім Варакса з Кіраю ў маленькім уласным доміку, які відочна трухлеў, урастаў у зямлю. Седлаваты гонтавы дах ле/дзьве ліпеў. Але домік не рамантавалі — не было рахубы. Непадалёку ўжо капалі катлаван пад вялікі шматпавярховы дом, і скасабочаная, спарахнелая хаціна, якая аджыла сваё, ішла на знос. Аднак на двары панаваў строгі парадак. Уздоўж плота густа рос бішняк. Побач кусціліся старанна дагледжаныя агрэст і парэчкі. На градках лапушыўся аж фіялетавы тытунь. У засені, пад старой ігрушаю, стаяў самаробны стол з лаўкамі навокал. У палісадніку цвілі кветкі.

Наклаўшы падушкі за спіну, стары паўляжаў на ложку. Быў ён расхваляваны, напорстаны. Выцвілыя вочы сярдзіта паблісквалі з-пад акуляраў. Ля ложка, на табурэтцы, трымаючы ў руках выгаралы, пакамечаны капялюш, сядзеў механік Аляксееў — худы, як сухотны.

Ён нешта стараўся даводзіць Нікадзіму Фёдаравічу, але, убачыўшы Міхала, запнуўся і змоўк.

— Чаго ж вы? Гаварыце, гаварыце,— яхідна папрасіў стары.— Ці сорамна пры старонніх? — І павітаўся з Міхалам.— Вось кватаранта мне прыслалі, Міша! Хоча зняць пакой. Плату дае каралеўскую. Сядай, паслухай, як таргуемся.

Павёўшы бровамі, Аляксееў устаў і адкашляўся.

Пасля няўдачы з цар-барабанам ён апусціўся зусім і трымаўся асобна. На сходах садзіўся дзе-небудзь у кутку, падпіраў шчаку далоняй, маўчаў. Праўда, адносіны з Кашыным у яго былі, як і раней, даволі блізкія, але абодва стараліся хаваць іх, нібыта саромеючыся гэтай блізкасці. Ва ўсякім разе, так здавалася Міхалу, і ён быў упэўнены: сам-насам Кашын і Аляксееў не такія, як на людзях. Пры закрытых дзвярах, на партсходах Кашын, як бы паказваючы сваю аб’ектыўнасць, часцекька крытыкаваў механіка, пакепліваў з яго. А той у размовах, наадварот, хваліў Кашына, але неяк залішне гучна, каб хутчэй адчапіцца. Апошнія ле дні ён прыціх наогул, нават распараджэнні даваў ці тлумачыў што-небудзь часцей жэстамі.

— Дарэмна вы, таварыш Варакса, узводзіце паклёп,— сказаў ён хрыплавата.— Мікіта Мікітавіч запэўніў мяне, што ёсць ледзь не дамоўленасць, я і прыйшоў...

— Ты чуеш, Міша? Во гешэфт! Адны калектыўна сабе дамы будуюць, а другія — за двух-, трохмесячную кватэрную плату надумалі разам са мной новую кватэру адхапіць.

— Растлумачце, як след, дзядзька Нікадзім.

— А што тут тлумачыць? Ён гэтыя месяцы пажыве ў мяне, прапішацца, заплаціць па-каралеўску, а калі дом будуць зносіць, пераедзе на новае месца жыхарства, якое яму абавязаны даць. Як гэта, па-твойму, называецца?

Механік стушаваўся канчаткова, надзеў свой пакамечаны капялюш і, не развітаўшыся, пайшоў з пакоя.

— І, бач ты, не просты чалавек, а інжынер,— са здзіўленнем працягнуў стары.— Няўжо яму цяжка зразумець, што да чаго?

Ён пацёрся спінаю аб падушку, крыху абсунуўся ўніз і, стомлена адкінуўшы галаву, заплюшчыў вочы.

Святло ў пакоі было рассеянае, мяккае. На вокнах і пад імі на зэдліках зелянелі вазоны. Пахла вымытай падлогаю, і стаяла асаблівая цішыня — такая, як уночы, калі чуеш цвыркуна.

Міхал з прыемнасцю ўдыхнуў знаёмы пах і толькі цяпер у дзвярах, што вялі на кухню, убачыў Кіру. У падаткнутай, як у запраўскай гаспадыні, спадніцы, з закасанымі па локці рукавамі, яна стаяла з мокрай анучаю ў руцэ. Заўважыўшы, што на яе глядзяць, дзяўчына тыльным бокам далоні паправіла валасы, што ўпалі на лоб, і пераступіла парог.

— Гэта ж Кашын прыслаў. Можа, нават знарок. І вы, тата, не бярыце да сэрца. Нельга вам.

— Як гэта не браць? — расплюшчыў вочы Нікадзім Фёдаравіч, і шчокі ў яго задрыжалі.— Тут крычаць трэба, а не толькі што. Раз гэта дзяржава, то, значыць, хітруй з ёй як можаш? Абы бачнасць законнасці захаваць? А што тут, маўляў, такога — яна ж усё роўна не збяднее? Ты, я можам збяднець, а дзяржава — не! Так, ці што, па-вашаму?

Урачыста праводзячы Вараксу на пенсію, рабочыя цэха падарылі яму электрычны самавар з чайным сэрвізам. Стары тады разгубіўся, нічога не мог сказаць у адказ, і ў яго вось гэтак жа дрыжалі, торгаліся шчокі. Міхалу тады было горка і за прамовы таварышаў, якія гаварылі пра Вараксу, як пра нябожчыка, у мінулым часе — «працаваў», «памагаў», «прапаноўваў», і за еамога старога, які так распусціў сябе. Міхал успомніў гэта і з дакорам сказаў:

— Здаеш, дзядзька Нікадзім, а рана. Гаворыце, быццам скардзіцеся.

Яго дакор спадабаўся старому больш, чым спачуванне дачкі.

— Хітры ты,— прабурчаў ён, супакойваючыся.— Але, старэючы, прыгажэе толькі дуб, Міша. Прырода стварыла чалавека, але на запасныя часткі для яго забылася.

— Вы яшчэ паслужыце і без іх.

— А што ты думаеш, на злосць паслужу. Раней такіх упартых на вучобу адпраўлялі, а цяпер на пенсію...

Загаварылі пра завод, пра Комліка, пра справы ў ліцейным цэху.

— Дык я ўстану,— затрывожыўся Варакса.— А то там у вас бог ведае што дзеецца.

Ведаючы бацьку, Кіра падбегла да яго, пачала ўгаворваць.

— Ладна,— паслухаўся ён.— Але заўтра ўсё роўна пайду.

Назаўтра, у абедзенны перапынак, Міхала паклікалі ў партком. Здагадваючыся, пра што будзе размова, Міхал выйшаў з цэха, збіраючыся бараніць сваё, чаго б гэта ні каштавала.

У бараку, дзе знаходзіўся партыйны камітэт, размяшчаліся заўком, камітэт камсамола і рэдакцыя шматтыражкі «Аўтазаводзец». Апанаваны нецярплівасцю, Міхал спачатку ўсё ж заглянуў у заўком, надумаўшы на ўсякі выпадак пагутарыць са старшынёю. Але той паёхаў у Стайкі аглядаць піянерскі лагер, які рыхтавалі да заканчэння навучальнага года, і Міхал рашуча рушыў да Дзіміна.

Той сустрэў яго ў прыёмнай, запрасіў у кабінет. Прапускаючы ў дзверы, дакрануўся да спіны далоняй. Гэта крыху супакоіла Міхала.

На канапе чакаў стары Варакса. Павесіўшы кепку па рагатую вешалку, што стаяла ў кутку ля дзвярэй, Міхал павітаўся са старым і сеў поруч.

Дзімін падышоў да акна. Глянуў на заводскую агароджу, на карпусы за ёй, на яркае, яшчэ вясенняе неба з кучавымі аблачынкамі і абапёрся рукамі на падаконнік.

— Эх, у поле б зараз, на рэчку,— сказаў ён летуценна і з жалем дадаў: — А фармальна, дарагі мой Міхале, праўда, на жаль, за Кашыным.

Гэта зноў спадабалася Міхалу: Дзімін рабіўся ранейшым Дзіміным, з якім плячо ў плячо ваяваў, разам будаваў завод і не так даўно ў выхадныя дні ездзіў на паляванне. У ваколіцах Мінска Дзімін завёў знаёмыхстаражылаў — гэткіх вясковых усёзнайцаў, падтрымліваў з імі сувязь, і паляваць з ім было люба. Аднак угадвалася ў Дзіміне і нешта новае. Міхал не мог сказаць, што менавіта, але адчуваў — ёсць. Ён паспакайнеў, стаў больш думаць, перш чым што-небудзь сказаць. Кажуць, што не месца красіць чалавека. Можа, гэта і так. Але партыйная работа — Міхал правяраў гэта на многіх людзях — звычайна робіць чалавека глыбейшым, больш гібкім; у ім прачынаецца такое, што не прачнулася б, магчыма, аніколі...

— Чаму «фармальна» і «на жаль»? — нездаволена пачухаў патыліцу, а потым бровы Варакса.— І што гэта значыць — «фармальна»?

Міхал здзіўлена пакасіўся на старога, але той быццам не заўважыў яго позірку.

— Я ўсё ўзважыў, таварышы... І хочацца гэта каму ці не, а Кашын тут мае рацыю,— паважнеў ён, гледзячы некуды перад сабою.— Патураць п'яніцам — значыць патураць нядбалым. Прачытайце, што ў газетах пішуць. А ты, Міхал, добранькім адвакатам выступаеш. Так усіх можна папсаваць. Няма чаго савецкія законы змякчаць.

— Наадварот, я хачу, каб іх трымаліся і выконвалі сумленна.

— П’янства — ганьба, і з ім мы змагацца будзем,— спакойна прамовіў Дзімін.— А сказаў я «на жаль» таму, што Кашын захацеў зрабіць Комліка больш вінаватым, чым ён ёсць. Ён жа яго пад дырэктарскі загад аб прагульшчыках падводзіць.

Варакса насупіўся.

— На карысць справы трэба на прыкладах вучыць. На'адным — усіх. У нас так даўней было.

— І будзем вучыць. Але без нацяжак. Навошта гэтыя прыклады спецыяльна вышукваць і падганяць пад нешта? Так людзей затуркаеш, а не выхаваеш. А Данладную пачытайце. Яна ж не пра Кашына, а пра Міхала напісана. Да мяне камсамольцы прыходзілі — правільна разгадалі...

— Я цану Кашыку ведаю,— упарта не згадзіўся Варакса.— Ведаю і тое, што кінь яго ў пельку — ён і адтуль з рыбаю ў зубах вынырне! Але план у яго цэх выконвае, і што ні месяц — то лепей. А пастаўце Комліка і Кашына на Багі, хто перацягне? Дык хто, выходзіць, лепшы прыяцель плану? Спытайцеся ў партячэйцы, там, нябось, скажуць. Нас, напрыклад, вучылі бачыць у чалавеку галоўнае. А мо цяпер гэта ўжо таксама не так?

— Праўдзе няма справы да прозвішчаў,— паморшчыўся Міхал, сярдуючы на ўпартасць старога і яго намёкі.— Праўда ёсць праўда.

Дзімін таксама зразумеў Вараксу і стрымана адказаў :

— Жыццё, Фёдаравіч, цячэ і мяняецца. Мы вось, дарэчы, нядаўна пра наглядную агітацыю гаварылі. І так і гэтак прымервалі, а прыйшлі да вываду, што плакаты, якія адно крычалі б: выканаем план! — ужо нічога не даюць. Выраслі мы, аказваецца. Пара на культуру і эканамічнасць вытворчасці стаўку рабіць. Апрача таго, завод наш, Фёдаравіч, не толькі аўтамабілі вырабляе. У ім людзі фармуюцца. Камунізму, бачыш, патрэбны не адны грузавікі і самазвалы. Дый людзі па-новаму жыць хочуць. А сілаю ў чалавека можна толькі адабраць што-небудзь...

Стары падазрона паглядзеў на Дзіміна, на Міхала, потым, упарцячыся, перавёў позірк на вешалку са сваёй шапкаю.

— Пачакай, Фёдаравіч,— спыніў яго Дзімін, не хочучы, каб Варакса, які многа карыснага рабіў заводу, пайшоў раззлаваны.— Будзь спакойны, ніхто і не думае пакінуць такое без вынікаў. І, калі хочаш, Шарупічу таксама ўкажам, што ён — не проста ён, а яшчэ прафкіраўнік...

Абедаць Міхал не пайшоў, а вярнуўся ў цэх. Зайшоў у пустую кантору начальніка плавільнага ўчастка і стомлена сеў за маленькі, заліты чарнілам стол з прыбітай чарніліцаю-невылівайкаю. Сапраўды, трэба было ўсё ж пабыць аднаму, падумаць, бо месца можа красіць і не красіць чалавека, але яно заўсёды накладае на яго свае абавязкі.

 

4

Кашын адчуваў: зямля пад нагамі становіцца не такой надзейнай. Усё ішло, як і раней,— няблага, і ўсё-такі нешта было не так.

«Аўтарытэт!..— думаў ён пасля пасяджэння парткома.— Падрываюць аўтарытэт, таму ўсё і распаўзаецца, як гнілая мешкавіна. Не разумеюць, што падсякаюць сук, на якім сядзяць. Адзінаначалле недарма выдумалі. У ім вопыт, мудрасць. А як жа інакш?»

Праўда, дырэктар па-ранейшаму падтрымліваў яго, шмат што спускаў, пры выпадку хваліў. На апошняй нарадзе, калі гаворка зайшла пра грубасць некаторых работнікаў, тактоўна, але іранічна, як любіў і ўмеў толькі ён, растлумачыў, што нельга, маўляў, блытаць паняцці — патрабавальнасць і грубасць, і прывёў у прыклад ліцейны. Але галоўны інжынер апекаваў Кашына, як руплівага няўмеку, які можа наламаць дроў, і людзі заўважалі гэта. Дзімін жа як з пісанаю торбаю насіўся з формулай: абмяркоўваць — разам, адказваць — аднаму, і нядаўна пяць разоў за дзень (Кашын падлічыў дакладна) успомніў гэта. А галоўнае — Шарупіч, рабочыя. Нават касавокая Варакса падбухторвае жанчын, якія неўзабаве ідуць у дэкрэтны адпачынак, каб патрабавалі дадзенага ім законам.

— Што, яны на мяне працуюць? — абураўся Кашын дома.— Вунь у цэху шасі майстар, перш чым адпусціць адну такую з работы ў кансультацыю, паўлітра ўзяў. А мне золата не трэба. Мне фонд зарплаты — золата. Мне перарасходы па цэху — нож у горла, бо я гаспадар, бо дзяржава — гэта святая рэч. А з тэрмаабрубным што выйшла? Як у тым калгасе. Карова мала малака давала. Што рабіць? Сталі, вядома, шукаць прычыны. І, канешне, абвінавацілі карову — дрэнь, дый толькі. А пра кармы, як бывае, ніхто не ўспомніў. Гэта аб’ектыўная прычына. А суб’ектыўная? Вядома — карова, хто ж іншы можа быць. І парашылі: прымацаваць да каровы дзвюх даярак.

Справа Комліка, па сутнасці, таксама павярнулася супроць Кашына, з чым, вядома, пагадзіцца ён ні ў якім разе не мог, хоць задумаў яе не без намеру. Але ў прынцыпе? У прынцыпе ж праўда была на яго баку. Каго яны абараняюць — разгільдзяяў і іх апекуноў? Ну, няхай наконт Шарупіча ён перабольшыў крыху,

каб не вельмі верхаводзіў і лез у чужыя справы. Але ўсё ж трэба быць прынцыповым: хіба можна абараняць парушальнікаў і дэзарганізатараў? Шарупіч дагаварыўся да таго, што звальняць рабочых без думкі іх таварышаў наогул нельга. Добрая справа, нічога не скажаш! А з дзяржавай як? Адсюль недалёка і да патрабавання, каб адміністрацыю таксама выбіралі на агульным сходзе. А дай Комліку волю, ён выбера. Во будзе адміністрацыя!..

У запале Кашын не пытаўся сябе — а ці варты ён сам вырашаць лёс другіх. Не пытаўся, бо Кашын неяк прывык усё разглядаць без адносін да сябе. Ён займаў пэўную пасаду, яна накладала на яго свае абавязкі, і Кашын непахісна выконваў іх, кіруючыся, як здавалася яму, інтарэсамі завода. І калі лічыў патрэбным каму наступіць на мазоль, дык рабіў гэта, ахоўваючы вышэйшыя інтарэсы. Наступаў і будзе наступаць, бо ён і завод — адно.

Што такое Комлік, Аляксееў, Дзімін, Шарупіч, думаў ён, слепячы сябе ўласнымі довадамі. Безадказныя людзі! Каб атрымаць якую карысць, іх своечасова трэба прыструніць, паказаць на адпаведнае месца. Няхай Комлік — майстар сваёй справы, але няма незаменных! І калі ўзяць яго ў пераплёт, з трэскам выгнаць з цэха, астатнія будуць шаўковыя — вунь з кім не палічыліся, з Комлікам! Няхай Аляксееў не без здольнасцяў. Але ён, па-першае, аставаўся ў час вайны на акупіраванай тэрыторыі, як мыш пад мятлою, адседжваўся, зарабляў на харчышкі ў немцаў, а потым ішачыў недзе ў Нямеччыне. Па-другое, гэта — размазня, і для справы лепей, калі Аляксееў будзе пры ім, пры Кашыне. Няхай во служыць і не спадзяецца на большае, хай і так скажа «дзякуй». Ёсць людзі нулі, і велічынямі яны становяцца, толькі калі пры адзінках стаяць. А што атрымаецца, калі не асаджваць такога, як Шарупіч? У цэху павінен быць адзін начальнік — начальнік цэха. Тут толькі папусціся! Бачылі і такіх стажораў, як Шарупічава дачка. Завод для іх — трамплін. Адбудуць сваё, зробяць сальта-мартале, і толькі бачылі іх. А яму, Кашьтну, працаваць тут да канца дзён сваіх. Працаваць і штомесяц выконваць праграму, галавою адказваць за яе. Дзіміна, калі ў настроі і не філасофствуе,— можа, кемлівая, але цэх — не адны адпальныя печы, фармовачныя машыны ды вагранкі. Што-небудзь удасканаліць, разлічыць, падказаць — яшчэ не ўсё. Ты людзям паспрабуй рады даць, арганізуй, прымусь рабіць, што трэба, падабаецца ім гэта ці не...

«Але нічога! — гасіў трывогу Кашын.— Вытрымка толькі неабходна і каб ведалі там, уверсе».

Ёсць людзі, якія робяцца дабрэйшымі, калі іх паб’юць. Адказнасць, пра якую напомнілі ім, прымушае іх часцей азірацца. Кашын якраз быў такі. Вяртаючыся з парткома ў цэх, ён раптам падумаў: а што, калі сапраўды страціць сваю пасаду? Другія ідуць у аддзелы, у філіял навукова-даследчага інстытута. А ён са сваім вячэрнім тэхнікумам? Кім ён можа там працаваць? Узначальваць аддзел, службу ўжо не дадуць. Там — трэба веды, не ўменне кіраваць і арганізоўваць, а канкрэтныя тэхнічныя веды, якія робяць работніка спецыялістам. Значыць, астаецца — майстрам, у лепшым выпадку — начальнікам участка. — праз зубы выдыхнуў ён і ўбачыў на алейцы Вараксу. Успомніў аб яго падтрымцы, падабрэў.

Стары клыпаў насустрач і задуменна, як невідушчы, чырыў перад сабою кійком, нібыта намацваў дарогу.

— Як здароўе? Зусім ачунялі? — ветліва запытаўся Кашын і паціснуў яго сухенькую руку.

— Ачуняў, надысь з богам дагавор заключыў — дзевяноста год адпускае,— нявесела адказаў стары.

— І пражывяце?

— Хто ведае.

— А дагавор тады навошта, Нікадзім Фёдаравіч?

— У ім, бачыце, заўвага ёсць,— больш прыхільна сказаў Варакса.— Пункцік адзін: пры жаданні бакоў дагавор можа быць скасаваны. Так што я магу не вы трымаць або бог захоча паздзекавацца.

— Скажаце... Вы б заходзілі часцей. Ох, як нам гараз старыя кадры патрэбны...

Нязначная гэта размова чамусьці канчаткова вярнула надзею, што ўсё перамелецца і мука будзе.

Нездарма Варакса і той аказаўся забыўчывым і ледзь не прыхільным. Не, за добрасумленнасць і шчы расць у рабоце не здымаюць. У яго ёсць жалезны, непа хісны козыр — мінулае і цяперашняе. Ёсць вопыт, практыка, а іх не заменяць ніякія веды. Пагавораць пагавораць пра высокія матэрыі і сціхнуць. Завод ё.-внь завод. І вартасць яго будсе вымярацца выпушчаБ^.іі

аўтамашынамі, а не чым іншым. Высокія матэрыі ў зводку не ўставіш. Таму і з Комлікам зрабілі амаль так, як дамагаўся ён.

У кабінеце яго чакала Дора Дзіміна. Яна размаўляла па тэлефоне, але, убачыўшы на парозе Кашына, некаму ўсміхнулася ў трубку і развіталася.

«Праінфармавана ўжо»,— непрыязна падумаў ён і кіўнуў галавою, хоць ужо бачыўся з намесніцаю.

Тая паклала трубку і ўзняла на яго заўсёды крыху сумныя, з павалокаю вочы. Каб не даць прачытаць думкі, Кашын адвёў позірк і стомлена сеў не за стол, як звычайна, а на канапу.

— У мяне ёсць прапанова,— пачала Дзіміна, яшчэ не сагнаўшы з твару ўсмешкі, што адрасавалася субяседніку па тэлефоне.— Здаецца, мы, нягледзячы ні на што, можам скараціць унутрыцэхавы персанал абслугі,— і пачала сыпаць лічбамі.

— Я думаў пра гэта,— выслухаўшы яе, вывернуўся Кашын, хоць вельмі карцела паслаць яе к чортавай мацеры.— І сёе-тое намеціў. Заўтра, калі знойдзецца час, пазнаёмлю.

5

Коўш нахіліўся, і ў завалачнае акно паліўся чыгун. Ён цёк спакойна, плаўна, але ў агністым яго струмені адчувалася сіла і пругкасць — так ліецца толькі вадкі метал. Электрапеч вохнула, стрэліла доўгімі буйнымі іскрамі. Пад дах узняліся клубы барвовага дыму.

Напрактыкаваным вокам Міхал акінуў калонку лічбаў на дошцы з дадзенымі хімічнага аналізу і бадай што механічна адзначыў — не стае крэмнію. Зноў неяк інтуітыўна, беспамылкова выпрацаваным гадамі адчуваннем вызначыў наяўнасць металу ў печы і хутка, тле непаспешліва зрабіў крэмніеву прысадку.

У печы бушаваў агонь. Не, не агонь, не метал, а зіхотны вогненны морак. Назіраючы за ім, Міхал як бы паглыбляўся ў самога сябе. Наплывалі думкі, часамі адводзілі за сабой далёка, але вочы заўважалі ўсё. І гэта адначасова. Міхал жыў і тым, пра што думаў, і тым, што бачыў, чуў. Але цяпер гэтай звыклай гармоніі не было. Дый думкі іхеяк пераскоквалі з аднаго на другое. У галаву прыходзіла нядаўняя размова з жонкаю, яе страхі.

— Драхлею, Міша,— прызналася яна.— Мінулае ўспамінаецца часта. І благое і добрае. І шкада яго робіцца. Нават нягод, гора пералітага шкада: былі — і не будзе, нічога не будзе... Каб хоць унукаў паняньчыць. Я, здаецца, любіла б іх больш, чым вас.

«А што сапраўды яна бачыла на сваім вяку? Працавала, уздыхала ды непакоілася,— думаў з жалем Міхал.— Цяпер хоць бы чым пацешыць яе... Нядаўна да зайца і то прывязалася. Ён ёй — адны клопаты, а яна яму душу. Узніме ноччу мітусню ў клетцы — разбудзіць усіх. Пусціць размяцца — намочыць на падлогу. А ўсё адно шкадуе аддаць або выпусціць».

Паўставаў перад вачыма і Комлік — азлоблены, потны, якім прыходзіў учора вечарам.

— Бяда,— каяўся ёы, калі яны асталіся сам-насам.— Раней, бывала, вып’ю, чатыры-пяць гадзін пасплю — і ўсё. Ні галава, ні што не баліць. Толькі, праўда, ужо заснуць не магу, хоць ты вочы зашывай. А тут, як на ліха, павяло — праспаў. Няўжо прагоняць, дружа? Хоць ты закінь слаўцо. Цябе паслухаюць, далібог!

Ён чмыхаў мясістым носам і крыва ўхмыляўся, верачы і не верачы, што просьба можа памагчы. Комліка было шкада, але абурала, што яго турбуе адно — пакаранне, якое навісла над ім, а не сама правіннасць, што няма ў яго імкнення разабрацца ў сваіх учынках. А той, ведаючы Міхалавы слабасці, усё прасіў:

— Мы ж з табою ў вайну вунь што перажылі. Колькі нас, падпольшчыкаў, на заводзе? Раз, два, і ўсё...

Нагадвалася пасяджэнне бюро, па-незнаёмаму аб вялы Кашын, які ўсё ж агрызаўся і спрабаваў наступаць, заклапочаны Дзімін, які патрабаваў таварыскага суда над Комлікам. Кашын таксама спасылаўся на падполле, біў сябе ў грудзі, кляўся, што цэніць Шарупіча, як і некалі.

— Якое рашэнне прыняў бы сам Шарупіч, калі б, скажам, Комлік п’яны прыйшоў на яўку? Ну?! Няхай скажа! — настойваў ён і пальцам тыцкаў на Міхала.— А цяпер тое ж змаганне, той жа фронт, толькі мірны. Таму парушальнікаў дысцыпліны з іх абаронцамі прыходзіцца караць без літасці.

Ён прыкідваўся, што не разумее, у чым абвінавачваюць яго, і лічыў за лепшае абвінавачваць другіх. Комлік баяўся пакарання, Кашын жа адстойваў сваё права караць другіх і баяўся, што страціць яго. І выходзіла: яны вартыя адзін аднаго, абодва няшчырыя, дробязныя, якія дбалі толькі аб сабе.

«Як яны не разумеюць, што жыць па-старому нельга,— думаў Міхал.— Не тыя часы, не тое навокал... і Пятро, здаецца, знайшоў выхад...»

Нешта абрывала думкі — не то новыя ноткі ў гудзенні і патрэскванні печы, не то змены ў пералівах вогненнага мораку. Міхал як бы прачынаўся, і электрапеч брала ўжо ўсю яго ўвагу. Ён аддаваў распараджэнні падручнаму, ішоў на пульт, браў пробу. Лягчэй рабілася на душы, яснелі вочы, і ўсё, што мучыла, здавалася не такім складаным.

А печ гудзела, патрэсквала, сыпала іскрамі. У ёй бушавала агніста-аранжавая завіруха, і добра было ад таго, што ведаеш яе нораў, яе сакрэты і яна паслухмяная табе.

Гудок вярнуў Міхала да ранейшых думак аб Комліку. Як той будзе трымаць сябе? Ці ўсвядоміў нарэшце што-небудзь?

Свой чырвоны куток быў заняты, і сход прызначылі ў кутку цэха шасі. Міхал здаў печ зменшчыку, схадзіў у душавую і накіраваўся туды. Назнарок прайшоў паўз новы скверык. Нядаўна пасаджаныя кусты нясмела зелянелі. Маргарыткі і браткі на газонах паднялі галоўкі і пры подыху ветру пагойдваліся. Адчувалася, што і дрэўцы прыняліся: пупышкі на іх набрынялі сокам і вось-вось гатовы лопнуць.

У чырвоным кутку было ўсяго некалькі чалавек: мусіць, мала хто хацеў быць першым. Трое рабочых сядзелі на лаўках, ля задняй сцяны невялікая група абкружыла більярд, на якім гулялі Пракоп з Трахімам Дубовікам. Тут жа, абняўшыся, стаялі Лёдзя і Кіра Варакса. Удары більярдных шароў гулка разлягаліся ў пустым пакоі.

Учора, пасля абмеркавання і праверкі, заўком унёс Трахіма Дубовіка ў спіс удзельнікаў народнай будоўлі. Праз дзень-два ён павінен быў працаваць на будаўніцтве дома, у якім меўся атрымаць кватэру — аднапакаёвую, але з кухняй і ваннаю. Што працаваць давядзецца цяпер шмат — і на заводзе і на будоўлі, Трахіма не бянтэжыла. Ён, як рабочы чалавек, не вельмі лічыўся з гэтым: праца — не заробленыя грошы, а сілы не пазычаць. Акрылены надзеяй, ён выглядаў імяніннікам, і шары ў яго клаліся ў лузы на дзіва дакладна.

— Ты ж майстар спорту,— хваліла яго Лёдзя і ўпотай пазірала на Комліка.— А ну яшчэ разок!..

Выпрастайся толькі...

Комлік сядзеў на пярэднім радзе адзін, грыз пазногці і панура, спадылба паглядаў на маленькую сцэну, дзе стаяў накрыты чырвонай тканінаю стол з графінам вады і шклянкаю. Міхал падышоў да Комліка, але не сеў, а астаўся стаяць. Той заўважыў гэта і, з выглядам чалавека, які прымае і разумее ўсё, хваравіта зморшчыўся:

— Значыць, судзіць будзеце? Кашыну даравалі, а мяне на цугундзер?

— Няхай твае таварышы скажуць слова.

— А ты ўжо не таварыш?

— Ія скажу, хоць на цябе словы не так ужо і дзейнічаюць. Відаць, меры мацнейшыя патрэбны.

— Напрыклад?

— Летняга адпачынку пазбавіць або разрад знізіць.

— Права не маеце! Хоць якія ў мяне правы — беспартыйны...

Пачалі збірацца рабочыя. Неўзабаве ўдары більярдных шароў патанулі ў людскім гомане.

Пра што думаў Комлік? Ён ведаў, што некаторыя з прысутных сам-насам, можа, і паспачувалі б яму, але на сходзе будуць маўчаць і згаджацца з астатнімі. Бо права тут бярэ нейкая агульная воля, якая мацней кожнага паасобку. І пасля ўжо не падчэпіш нікога, не ўпікнеш: скрывіў, маўляў, душою — таму што сам ведаеш, што такое пачуццё адказнасці, якое прыходзіць у падобных абставінах. Комлік думаў аб гэтым і ўнутрана халадзеў. Ад крыўды, ад бяссілля штонебудь змяніць у будучым рашэнні таварышаў.

Бач, на што замахнуліся, разумныя,— на работу, разрад, адпачынак!..

Нібыта праз сон, ён чуў, як Міхал адкрыў сход, а пасля проста, нічога не перабольшваючы, зусім не так, як уяўлялася, стаў гаварыць пра час, пра тое, што Комлікава віна не ў адным п’янстве. Ён не толькі губіць сваё здароўе, падрывае працоўную дысцыпліну, а і ганьбіць званне рабочага, перашкаджае людзям быць лепшымі, цягне назад. І ўсё-такі, як ні цяжка было гэта слухаць, Міхалавы словы можна было яшчэ трываць, хоць яны білі ў сэрца. Але калі пачала выступаць Кіра Варакса, усё зноў узбунтавалася ў ім.

Кіра не пайшла на сцэну, а патрабавальна ўскінуўшы руку, загаварыла з месца. Гнеўна пабліскваючы раскосымі вачыма, дзяўчына развязала хустку, сарвала яе і пабляднела ад абурэння.

— Гэта ганьба! — выкрыквала яна.— Я наогул карала б п’яніц! Як яны могуць? Слюнявыя, брыдкія! Тфу! А калі распусцяць язык... ім здаецца, гэта дасціпна, і вярзуць немаведама што, лаюцца... Агідна гэта!..

— Ты ў яго, Кіра, спытайся,— пачуўся голас Доры Дзімінай,— што, ён так і ў камунізм прыйдзе з апухлым ад п’янства тварам?

Комлік пашукаў яе вачыма: «Заўсёды ўмяшаецца і парне ў самае балючае месца!.. Ну, пачакай!» Прысягнуўшы чаго б гэта ні каштавала прыпомніць крыўду і разлічыцца, усім корпусам павярнуўся да Кіры.

— Ты мяне бачыла такім?

— Вас я не бачыла, дзядзька Іван,— вяла сваё Кіра.— Але ж вы п’яце!..

— Ён п’е, ды закусвае! — падаў голас Трахім Дубовік з задніх радоў.

Па пакоі пракаціўся смех.

Міхал пастукаў шклянкаю аб графін, але, убачыўшы, як хваравіта ўспрымае падобную крытыку Комлік, засмяяўся сам.

— Шо-шо? — каб мацней дадзець Козліка, прыкінуўся ён, што недачуў рэплікі, і пад агульны рогат даў слова Пракопу.— Гавары, СЕІрын.

— Мне шкада вас, дзядзька Іван,— перавёў той дух.— Правільна кажуць: у невялікай чарцы топіцца больш людзей, чым у вялікім моры. І не справядліва гэта! Ад завода на вас слава падае, а гід вас на завод — цень адзін. Наогул нядобра ў нашым цэху робіцца. У карты, здаецца, менш сталі гуляць. Але другую моду ўзялі — даміно. Абедаць не ідуць — б’юць костачкі. Хто прайграў, павінен пасля работы ніва або сто грамаў паставіць. А там важна пачаць толькі. Дакаціліся, адным словам...

Са сходу Міхал пайшоў разам з Ко?ллікам, упэўнены, што той загаворыць першы. Але Комлік упарта маўчаў, відаць, раззлаваны пачутым.

 

РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
1

Экзамены, залікі Юрка здаваў даволі паспяхова, і яго афіцыйна, загадам, залічылі на другі курс. Хвалюючыся, як навічок, ён атрымаў у дэканаце студэнцкі білет і, адпраўляючыся трамваем у аўтагарадок, а адтуль з айчымам на дачу, раз-пораз мацаў кішэню. Непаўнапраўе апрача ўсяго адбірала радасць, таму цяпер яна была нестрыманая і проста распірала яго. Седзячы побач, Юрка крадком пазіраў на айчыма і, магчыма, упершыню адчуваў удзячнасць і павагу да яго.

Сасноўскі быў маўклівы, задуменны. Як толькі мінулі чыгуначны пераезд, выцягнуў з партфеля тэхнічную брашуру — а іх ён чытаў дзе толькі мог — і паглыбіўся ў яе. Потым стаў сярдзіта падкрэсліваць чырвоным алоўкам асобныя месцы, робячы заўвагі на палях. Супроць аднаго абзаца Юра заўважыў размашыста выведзенае прозвішча Кашына і два клічнікі пасля яго. Закарцела неяк выказаць сваю радасць, што распірала яго.

— Севу, мабыць, выключаць,— паведаміў ён, паглядаючы на шашу, на тонкія рэдкія бярозкі абапал яе.

— Гэта чаму ж? — адарваўся ад брашуры Сасноўскі, здзіўлены не так навіною, як пасынкам,— той нічога не расказваў яму і ніколі не пачынаў гаворкі перйіы.

— Ён не пайшоў на апошні экзамен.

— Што ты кажаш?

— Дэманстратыўна не пайшоў... А сам проста не падрыхтаваўся.

— Гэта акурат па-кашынску. Наогул някепска было б, каб адбор ішоў не толькі пры паступленні. Гвалтам з чалавека не зробіш ні інжынера, ні ўрача.

— Ён потым хацеў акадэмічны адпачынак узяць, нават медыцынскія даведкі прыносіў. І заяву падаваў, каб на цаліну паехаць. Але ў камітэце камсамола і слухаць не захацелі. Рубам пытанне ставяць...

Не зусім разумеючы, што выклікала гаварлівасць пасынка, Сасноўскі як бы незнарок спытаўся:

— А твае як справы?

— Што мне? Я еду,— бліснуў вачыма Юра.

Гэтага Сасноўскі не чакаў. Ён уявіў, як сустрэне навіну Вера, і расслаблена, вінавата ўсміхнуўся.

— Толькі давай дамовімся,— прапанаваў ён.— Гаварыць з маці спачатку буду я. Разумееш?..

Вера пасля размовы з мужам выйшла да Юры расстроеная ўшчэнт. Праўда, каб выглядаць больш рашучай, яна старанна выцерла слёзы. Але на прыпудраным твары, там, дзе яна дакраналася да яго хустачкаю, асталіся чырванаватыя палосы. І, нягледзячы на пышны з палярынкаю халат, у якім маці так падабалася Юру, яна здавалася бяскрылай, паніклай. Аднак Вера яшчэ трымалася і верыла, што можна настаяць на сваім. Зрабіўшы сыну знак, каб сеў на атаманку, яна апусцілася поплеч.

— І ўсё-такі табе ехаць не варта.

— Я паеду, мама! — ціха, але ўпарта запярэчыў Юра і ўстаў.

Яна быццам не пачула яго.

— Макс кажа, што там ты набярэшся самастойнасці, уведаеш цану хлеба! Больш аддасі — больш атрымаеш. Глупства! Управішся, паспытаеш яшчэ ўсяго. Жыццё, Юрачка,— жорсткая рэч. Пацешся хоць, пакуль жывеш з намі. Каб было што ўспамінаць потым. Дый у свеце неспакойна. А што, калі вайна? Ты ж дзіця горкае.

— У мяне, мам, пашпарт і студэнцкі білет.

— Усё роўна горкае! — Вера хацела прыцягнуць сына да сябе, але той ухіліўся.

— Я не маленькі,— скоса, як на крыўдзіцеля, гледзячы на маці, сказаў ён, перакананы, што даўно думаў так.— Мне сорамна таварышаў. Чым я горшы за іх? А ты... ты заўсёды і ва ўсім адстаеш. Помніш, як сказала Яўгену Шарупічу, што ён вырас? Вы-ырас! І гэта даросламу чалавеку, які канчае інстытут і ў якога магла быць ужо сям’я...

Напамінак пра Шарупічаў паласнуў Веру па сэрцы. Схамянуўшыся, яна ўстала таксама.

Цяпер яны думалі аб адным, але па-рознаму: маці — раўніва, з неспакоем, сын — журботна, з болем.

Рыхтуючы Юру вынашаную ў марах, не зусім вядомую самой, але, безумоўна, выдатную будучыню, Вера рашуча ахоўвала ад усяго,што, на яе думку, магло стаць перашкодаю да гэтай будучыні сына. Зненавідзела яна і Лёдзю. Дзяўчына абражала яе гордасць, шакіравала. Яна прынесла непрыемнасці Юру, перашкаджала вучыцца, карыстацца радасцямі, што ўгатавала яму Вера. Палохала і тое, што ў адносінах Юры і Лёдзі завязваецца нешта сур’ёзнае.

«Ну што ж,— стала супакойваць яна сябе,— можа, яго выдумка і к лепшаму. Няхай едзе. За паўтара месяца нямала вады сплыве, ды там і забудзе хутчэй гэту... Ён не дзяўчына, няма чаго баяцца. Няхай...»

«Нічога,— з трывожным смуткам тым часам думаў аб Лёдзі Юра.— Скажуць паслязаўтра, спахопіцца, ды будзе позна. А як усё добра магло быць!..» Але адначасна закрадвалася і надзея — у разлуцы Лёдзя хутчэй раскаіцца, пачне шкадаваць аб сваёй легкадумнасці. Яго паездка на цаліну раскрые ёй еочы на шмат што.

— Значыць, дамовіліся, мам? — спытаўся ён з пагрозаю.

Вусны ў Веры ўздыгнулі, і куткі іх тужліва апусціліся. Яна зрабіла няпэўны рух рукою і варухнула плячыма.

— Няхай будзе па-твойму. Едзь.— І крыкнула у кабінет Сасноўскаму.— Трэба ў горад, Макс! Скажы Федзю.

— Купіш рукзак, тапачкі, футболку і камбінезон,— сказаў Юра.— Я больш нічога не вазьму. Хіба штаны яшчэ...

— Ах, божа мой! — амаль жахнулася Вера і, сарваўшы палярыну, кінулася пераадзявацца.— Чаго ты маўчыш, Макс? — нецярпліва спыталася з-за сцяны.— Скажы яму што-небудзь!..

Юра правёў маці да машыны, счакаў, калі яна схавалася за вілюжынаю дарогі, і з палёгкаю падаўся сцежкаю да мора.

Апоўдні прайшоў моцны лівень. Ён абрынуўся на лес раптоўна, з ветрам. Такія дажджы доўга не ідуць, але пакідаюць на дарогах, на травяністых палянках вялікія люстраныя лужыны.

Як толькі дождж прайшоў і заззяла сонца, адразу стала цёпла. У парнай духаце востра запахла грыбамі, прэллю. Паміж дрэў павісла не то смуга, не то рэдкі шызы туман. Косыя сонечныя праменні пранізвалі яго палосамі. Пад кустамі ж. і ў зараслях стаілася сіняватая засень. Здавалася, сонца, святла вельмі многа. Г гэта, мусіць, таму, што яны ўспрымаліся не так зрокам, як душою, якая ўбірала іх у сябе з цеплынёю, з пахучым паветрам, з лясной парнасцю.

Юра ведаў прыроду кепска і, натуральна, не вельмі любіў яе. Але косыя сонечныя палосы, якія раней бачыў адно на карцінах, прыцягнулі яго ўвагу. Ён спыніўся і доўга, не адрываючыся, глядзеў на іх, адчуваючы, як расце любасць да гэтага зялёнага, пранізанага сонечнымі праменнямі свету. Неўзабаве давядзецца з ім развітвацца і ехаць у невядомасць. Ці сапраўды гэта так неабходна? Што яго гоніць? Некаторыя хлопцы захацелі падзарабіць. Цімох не можа без перамен, прыгод. Ён і на вайну рынецца, як на свята. Васіну загадвае пачуццё абавязку. А што прымушае яго, Юру? Адносіны з Лёдзяй? Перажытае ў камітэце адчуванне сваёй залежнасці ад другіх.

Ён выйшаў на бераг мора. Яно было спакойнае, як звычайна перад вечарам, і быццам прыслухоўвалася да нечага. І зноў Юра нечакана адкрыў у яго блакітным прасторы невымоўнае хараство, і зноў замілаванне наплыло на сэрца.

«Не, ехаць усё-такі трэба,— з прыкрасцю падумаў ён.— Напрасіўся, раззваніў, узяў абавязацельства, і адступаць позна. Не ісці ж даваць тлумачэнне сакратару камітэта! Дый не такі страшны чорт, як яго малююць. Што я — горшы другіх? Няхай ведаюць...»

Ззаду пачуліся галасы, смех сясцёр. Юра хацеў быў схавацца за куст, але не паспеў. Леначка і Соня, у белых панамках, у аднолькавых лёгкіх плацейках, з падобнымі на матылёў бантамі на плячах, паказаліся на беразе. Убачыўшы брата, кінуліся да яго.

— Ай, Юрачка, ты едзеш? Ай-яй-яй! — заахкалі яны, з захапленнем і павагаю зазіраючы брату ў твар.— І табе не страшна? Ніколечкі? Ай, Юрачка!

Гэта нагадала Юру падслуханую летась, перад першым днём вучобы, размову між сёстрамі. «Ты баішся ў школу ісці?» — пыталася Леначка, вытарашчыўшы круглыя спалоханыя вочы. «Ага»,— таямніч * прызнавалася Соня, бляднеючы. «А чаму баішся?» — «Я двойкі буду атрымліваць».— «Во бяда! Я таксама нічагусенькі не ведаю».— «Страшна, Леначка! Ай-яй-яй, як страшна!» Юру зрабілася весела. Адхіліўшы сясцёр, якія віснулі на яго руках, ён, як толькі мог, 'іесклапотна сказаў:

— А што тут такога? Усе едуць. Адчапіцеся!

 

2

На золку неба было чыстае-чыстае. Але перад самым усходам сонца падзьмуў ветрык, і з-за небасхілу выплылі воблачкі — ліловыя, ціхія, доўгія. Спачатку яны ўзнімаліся градою, а за імі яснела ружовае неба і ўстала касматае рыжае сонца. Потым іх пабольшала, яны пачалі кучаравіцца, пухнуць і неўзабаве выраслі ў кучавыя. Аднак раніца асталася сонечная, магчыма, больш сонечная, чым калі б воблакаў не было зусім.

Мусіць, Сасноўскі пакрысе старэў. Гэта асабліва заўважалася ў яго клопатах аб здароўі — сваім і другіх. То ён з запалам некалькі дзён узапар займаўся зарадкаю і ўпарта прымушаў усіх рабіць тое ж, то раніцамі, нездаволена, сярдзіта фыркаючы, абліваўся халоднай вадою, то па вечарах хадзіў на прагулку, цягнучы з сабой жонку і дачок. Апошнім захадам, які мусіў падоўжыць жыццё, былі адчыненыя нанач форткі. Яны палохалі Веру, трывожылі ў сне, і, калі пад раніцу халадала, яна амаль кожны раз прачыналася. Праўда, потым, ухутаўшыся ў коўдру па вушы, зноў засынала моцна так, што яе ўжо к снеданню даводзілася будзіць.

Гэтым разам яна прачнулася пры першым подыху ветрыка, які, надзьмуўшы цюлевую фіранку, лёгенька залапатаў ёю. Вера хацела была па звычцы нацягнуць на галаву коўдру, як раптам успомніла пра сына і, працятая трывогаю, села на ложку. Са здзіўленнем паглядзела на мужа, які ціхамірна спаў побач, і пачала катурхаць яго.

— Чаго ты чуць свет падхапілася? — запратэставаў ён.— Спі яшчэ...

Але яна ўстала, наспех адзелася і, гнаная трывогаю, пайшла з пакоя ў пакой. Страхі апошніх дзён нахлынулі на яе, і Вера не магла знайсці сабе месца, не магла ўзяцца за якую работу. Юра адзін, без яе, паедзе за край свету, дзе распасціраецца страшная ў сваёй бязмежнасці цаліна... Сухавеі, абпаленыя сонцам карычневыя абшары і пыл. А ноччу — ні агеньчыка, ні прывету, у палатцы. Т гэта з яго здароўем, з яго непрыдатнасцю? А калі сапраўды вайна? Што тады? Адзін за краем свету! Божа мой!..

Праводзіць яго яны паехалі ўсёй сям’ёй. Але пад’ехаць на машыне да інстытута Юра катэгарычна ад-

змовіўся. Давялося развітвацца на Даўгабродскай вуліцы. Бянтэжачыся, ён пацалаваўся з айчымам, дазволіў расцалаваць сябе гатовым заплакаць сёстрам і, узяўшы скрутак з пасцеллю, рукзак з бялізнай і харчамі, з маці перасеў на трамвай.

Расчуленая тым, што муж і Юра так добра развіталіся, Вера адабрала ў сына скрутак і, трымаючы яго, як дзіця, усю дарогу не зводзіла з Юры ўдзячных, спалоханых вачэй.

— Глядзі, беражы сябе!..— баючыся раззлаваць яго, паўтарала яна, задаволеная сынам, нязвыкла сур’ёзным і вытрыманым.— Пішы нам...

Яна не аддала яму скрутка і тады, калі студэнты пасля кароткага мітынгу ў інстытуцкім двары, пастроіўшыся ў калону, з кветкамі, з транспарантамі, сцягамі рушылі па праспекце. Грымнуў аркестр. Бравурны марш зусім расчуліў Веру, і, каб не заплакаць, яна хуценька дастала хустачку і пачала смаркацца. Па тратуары з ёй ішлі другія праважатыя, іх было многа, не менш, чым студэнтаў, але Вера не заўважала нічога і ішла, няўмела прыціскаючы скрутак да грудзей.

Ісці трэба было праз увесь горад, да таварнай станцыі. Акуратна пастрыжаны, у сінім рабочым камбінезоне, Юра адчуваў сябе горда ад усеагульнай увагі. Хораша было крочыць за сцягам пад гукі аркестра. Непакоіла толькі маці — у багатым шэрым плацці, у капялюшыку з кветкамі і нават у шэрых нейлонавых пальчатках, яна няўмела несла скрутак, спатыкалася і не адымала хустачкі ад носа. Юра бачыў, як з гарэзлівай цікаўнасцю пазіралі на яе таварышы, як хітранька ўсміхаліся сустрэчныя. Думкі ад маці пераходзілі на Лёдзю.

«Не прыйшла,— з горыччу думаў ён, дарэмна шукаючы яе сярод праводзіўшых.— Ну, няхай не памірыцца, проста так... Каб ехала яна, я быў бы тут абавязкова. Пацікаваў бы хоць з тратуара, крадком...» І ён варочаў галавою, не трацячы яшчэ надзеі.

Часам яго позірк сустракаўся з Цімкавым, і тады рабілася зусім горка: «Шукае і ён! Ці не яе?»

Цімох быў узрушаны. Але не таіў гэтага, як Юра. Калі сціх аркестр і пачулася песня пра навасёлаў-цаліннікаў, ён ахвотна падхапіў яе, хоць і ведаў, што фальшывіць і перашкаджае другім.

Калі міналі Даўгабродскую вуліцу, нагадалася сутарэнне, дзе ў вайну жыў з сястрою,— рэшткі разбітага дома, ад якога ўцалеў толькі цокальны паверх. Яго тады накрылі, чым маглі — аполкамі, жэрдкамі, абгарэлай бляхаю, зверху прысыпалі зямлёю і праз гэты дах, што хутка ўдзірванеў і парос палыном, вывелі самаробныя бляшаныя коміны. Цяпер жа на яго месцы стаіць шматпавярховы прыгажун — новенькі, ахайны. «Хто ў ім жыве?»

Круглая плошча развінулася адразу — знаёмая, акуратная, са строгім шэрым абеліскам, увенчаным ордэнам Перамогі. Абапал яе за ліпавымі прысадамі зелянелі газоны, кусты туі, пірамідкі срабрыстых елак, узнімаліся крэмавыя будынкі, над якімі, справа, ажурнай стралою ўзлятала тэлевізійная вежа.

Крайні дом, каля тэлевізійнай вежы, некалі будаваў і Цімох. Мураваў сцены, абліцоўваў іх керамічнымі плітамі. Яму давялося тады авалодваць гэтай мудрай прафесіяй самому і навучыць ёй сваіх хлопцаў. Колькі прыйшлося памуштравацца тады з Віктарам Смагаровічам, які сумняваўся то ў адным, то ў другім і доўга не мог уцяміць, як усё гэта робіцца. Муравалі яны і вунь тыя васьміпавярховыя гмахі — вароты ў цэнтр, дзе праспект зусім урачысты. Партрэты Цімоха і Віктара тады трапілі на Дошку гонару разам з праслаўленым Урбановічам. І дзе? У тэатральным скверы!

На прыступках абеліска стаяла група турыстаў у яркім, стракатым адзенні. Адзін з іх — з жоўтай, нібы прыклеенай бародкаю, у чорным берэце і клятчастай каўбойцы, увешаны фотаапаратамі,— адбег на тратуар і застракатаў кінакамераю.

Гэта чамусьці спадабалася Цімоху.

Успамінаў ён усё востра, і смутак і радасць яго былі глыбейшымі, чым звычайна. Але і над гэтым смуткам і радасцю панавала-новае пачуццё — адданасць. Поўнячыся гордасцю за ўсё, што бачыў, Цімох як бы развітваўся з ім і абяцаў: усё будзе добра. Гэта было падобна на клятву, хоць блізкасць Юры адцягвала ўвагу і мучыла яго.

— Дома не дужа лаялі? — спытаўся Цімох у яго, прымушаючы сябе быць ветлівым.

— Не, нічога,— пачырванеў той.

— Узяў «ФЭД»?

— А як жні

— Здымемся перад ад’ездам.

— Абавязкова...

Раптам Юра збіўся з нагі: па тратуары, шукаючы некага ў калоне, таропка ішлі Кіра і Лёдзя. Расчырванелая Лёдзя натыркалася на сустрэчных і, трымаючы перад сабою руку, раз за разам адхіляла тых, каго даводзілася абганяць. Заўважыўшы Юру, яна заззяла і, прывітальна махаючы рукою, пайшла ўжо бокам, як і раней, штурхаючы людзей і не просячы прабачэння.

«Каму яна махае — мне або Цімку? — усумніўся Юра.— Ну каму?»

За калонаю на Маскоўскай вуліцы пачалі збірацца трамваі, аўтобусы, машыны. На тратуарах стала зусім людна.

Калона мінула Бетонны мост, збочыла на таварную станцыю і разам з праважатымі і проста цікаўнымі запаланіла платформу, уздоўж якой стаялі накрытыя абрусамі столікі-буфеты.

Рады расстроіліся, і стракаты натоўп разліўся па платформе: студэнты шукалі сваіх вагонаў, бацькі — студэнтаў. Зноў зайграў аркестр. Каб музыка была чуваць на ўсёй даўжэзнай платформе, скарысталі гучнагаварыцелі міліцэйскай машыны з рупарамі. І ад гэтых узмоцненых рэпрадуктарамі гурсаў сумятня яшчэ пабольшала. Паявіліся прадаўшчыцы ў белых халатах,

з кошыкамі, прапануючы купіць мыла, зубную пасту, шкарпэткі, адэкалон. Заснавалі і сталі адразу прыкметнымі кінааператары, фотакарэспандэнты.

Знайшоўшы вачыма маці, але згубіўшы Лёдзю, Юра падняў руку, памахаў маці і, працуючы локцямі, стаў прабірацца да свайго вагона.

Таварышы грузілі ўжо ў яго рэчы, займалі на нарах месцы. Нехта ўправіўся крэйдай нацарапаць на сцяне: «Халасцякі! Просім не кантаваць!» Стоячы ў дзвярах, Жаркевіч і Цімох не пускалі ў вагон Васіна.

— Чытай! — крычалі яны і паказвалі на надпіс, а Васін кляўся, што яны памыляюцца, і соваў ім пад нос пашпарт.

Неўзабаве ў вагон праціснулася і Вера. Беражліва паклаўшы скрутак на нары, уздыхнула.

— Божа мой, цёмна, пыльна. Вам нават саломы не далі. Як жа вы будзеце ноччу?

— Хадзем, мам,— заспяшаўся Юра і саскочыў назад на платформу.

— Ты, Ціма, наглядай за ім,— лёдстрымліваючыся ад слёз, пачала была прасіць Вера Антонаўна.— Вы ж некалі сябравалі...

— Мама! — перапыніў яе Юра.

Вера паслухмяна змоўкла і сышла на платформу следам за ім.

Непадалёк было дэпо. Каля яго, пыхкаючы параю, стаялі два магутныя «СУ». Недзе далей пераклікаліся другія паравозы, і гэта нагадала пра дарогу — далёкую, нязведаную.

— Не забывай нас, Юрачка, пішы, інакш я звар’яцею,— не вытрывала Вера.— Пішы ўсё-ўсё, не лянуйся, мой хлопчык! Помні, без цябе мне не будзе спакою...

Юра чуў і не чуў яе. Навокал рознагалоса гаманілі людзі. Фатаграфаваліся. Елі марожанае. Пілі ліманад. Але Юра дрэнна заўважаў і гэта: ён думаў пра Лёдзю. А калі ўбачыў яе — Лёдзя прабіралася да іх праз натоўп,— амаль спалохаўся.

— Я зараз, мам,— папрасіў ён прабачэння, ледзь варушачы губамі, і пайшоў насустрач.

Яны ўзяліся за рукі і павіталіся. Анямелы, не выпускаючы Лёдзіных рук, Юра не ведаў, як паводзіць сябе далей. А задыханая, таксама шчаслівая Лёдзя, нібыта баючыся, што не паспее паведаміць пра ўсё, узялася раптам расказваць, як Докін праводзіў у іх гутарку. Потым, захліпаючыся* стала гаварыць пра тое, шго цяпер яна абавязкова зноў будзе паступаць у Політэхнічны, але ўжо на вячэрні...

Вера назірала за імі здалёк, і сэрца ў яе заходзілася ад глухой крыўды і рэўнасці.

3

— Ціха,— папярэдзіў Цімох.— Кладзіся!

Адчуваючы, як яго калоціць ад перажытага страху, Юра лёг паміж ім і Васіным і паспрабаваў супакоіцца. Але па спіне прабягалі мурашкі, і ён уздрыгваў, быццам цела прастрэльваў ток. Яму нават страшна было падумаць аб тым, што адбылося. А яно, як на злосць, стаяла перад вачыма, і не ставала сілы адагнаць яго, хоць Юра круціў галавою і знарок не заплюшчваў павек.

Спалі ўпокат, прыціснуўшыся адзін да аднаго. Зацякалі рукі, муляла бок: за дарогу так і не маглі расстарацца ні сена, ні саломы.

У вагон трапіла група студэнтаў будаўнічага факультэта. Адзін з іх, галалобы, худы, гарбаносы, як склюд,— назапасіў у Пензе гарэлкі. Праўда, быў загад аб тым, каб ні ў станцыйных ларках, ні ў буфетах, ні ў прывакзальных магазінах спіртнога не прадавалі. Але ён ухапіў таксі, злётаў у цэнтр горада і прывёз адтуль цэлую батарэю. Кладучыся спаць, пераблытаў нары і цяпер хроп недзе побач. На нарах і без яго было цесна, цяпер жа зусім нельга было варухнуцца.

Дагэтуль усё ішло добра. Захапляла сама незвычайнасць — і паездкі і абставін. Жарты выклікала нават цесната. На вагоне захаваўся надпіс: «Шэсцьдзесят чалавек і пятнаццаць коней», і ўсіх цешыла — як цудоўна, што няма чатырохногіх падсуседзяў. Бясконца расказвалі анекдоты, сыпалі вострымі словамі, гулялі ў карты. Акружыўшы Васіма з баянам, натхнёна спявалі песні. Спакойнага, заўсёды падцягнутага Васіна наперабой запрашалі ў іншыя вагоны, а ён адно ківаў на аднакашнікаў: прасіце, маўляў, дазволу ў іх.

У запаслівага Жаркевіча аказалася машынка. Вывесілі аб’яву, што тут, у цырульні на колах, можна модна пастрыгчыся за сходную цану — прычоска цалінная! Першага, амаль гвалтам, пастрыглі гарбаносага студэнта-будаўніка і доўга, да колікаў у жываце, смяяліся з яго — дзівакаватага і страшэнна насатага.

На раз’ездах, на станцыях, дзе стаялі падоўгу, высыпалі з вагонаў. Спяшаліся да водаразборнай калонкі. Раздзеўшыся, пускалі ваду і, пакуль хапала духу, мыліся і прытанцоўвалі пад ледзяным струменем, які сек цела. Потым гулялі ў валейбол, загаралі. І, здавалася, ніхто яшчэ не мыўся пад лепшым душам, ніколі не выпадала так азартна гуляць у валейбол, ні разу так ласкава не грэла сонца.

Часцей па начах на вялікіх станцыях хадзілі ў салдацкія сталовыя — даўжэзныя драўляныя баракі. На сталах стаяла па два катлы — з баршчом, з пярловай кашаю-шрапнэллю — і вялізны чайнік. Аматары праявіць ініцыятыву апалонікамі адмяралі порцыі. Цьмяна гарэлі пад столлю электрычныя лямпачкі. З катлоў узнімалася апетытная пара і, здаецца, гойдалася ад напорыстага, вясёлага тлуму, жартаў і смеху. Елі з металічных місак, апякалі губы, а пасля беглі да вагонаў.

Вялікія гарады звычайна праязджалі таксама ўночы, не спыняючыся. Згрувашчваліся каля дзвярэй і люкаў-вокнаў. Назнарок заводзілі песню і спявалі на ўвесь голас, захліпаючыся ад ветру. Па гэтых песнях, па чырвоных з лозунгамі палотнішчах на вагонах людзі пазнавалі, што едуць цаліннікі. На перонах вакзалаў, на вуліцах ля апушчаных стракатых шлагбаумаў ім нешта крычалі, махалі ўслед.

На апошнім прыпынку перад Сызранню па вагонах папярэдзілі: калі цягнік наблізіцца да моста цераз Волгу, каб зачынілі дзверы і не высоўваліся з люкаў.

— Рызыкнём! — прапанаваў Цімох Васіну і, пераміргнуўшыся, разам з ім непрыкметна знік з вагона.

Здагадваючыся, у чым справа, Юра саскочыў услед

і, як і меркаваў, знайшоў іх на тармазной пляцоўцы. У вагоне было душна, горача, таму ён і дагэтуль некаторыя перагоны праводзіў тут — загараў.

Убачыўшы яго, Васін і Цімох здзіўлена паглядзелі адзін на аднаго і замаўчалі.

— Гэта, хлопцы, Волга! Ого! — сказаў з большым захапленнем, чым адчуваў яго, Юра.— Але ў Куйбышаве, пэўна, назад прыйдзецца перайсці ў вагон. Праўда?

Яму не адказалі. Ён спытаўся яшчэ раз, і Юру здалося, яго хочуць унізіць і за нешта адпомсціць.

Цямнела. На стрэлках загарэліся агні. Пахла мазутам, нагрэтымі шпаламі, жвірам і нечым яшчэ — спецыфічным, станцыйным. Недзе паблізу бразгалі буферы, пасвістваў манеўровы паравоз-«кукутка» і верашчаў свісток счэпшчыка.

Састаў на гэтых перагонах цягнуў электравоз. Ён рыкнуў, тузануў раз-другі і пачаў набіраць хуткасць. Спачатку ўразнабой, збіваючыся з рытму на стрэлках, потым усё больш зладжана застукалі колы. Т хораша было слухаць іх перастук, хораша бяздумна глядзець на зорнае неба, што лінаваў тэлеграфны дрот, на ахінутую сіняватымі змрокамі разлегласць — то ўзгоркаватую, то бязмежную і роўную.

Пэўна, і ‘«*тітм імкненні да бяздумнага сузірання таксама праяўляецца чалавечая прага красы.

Бачачы, што таварышы ўсё маўчаць, і, бясспрэчна, праз яго, Юра перайшоў на другі бок пляцоўкі і сеў, спусціўшы ногі на прыступку.

Набліжэнне Волгі ён адчуў па свежасці, што нечакана дыхнула на яго. Пакурчыўшыся, Юра ўзяўся за ручкі і падаўся наперад, углядаючыся ў цемрадзь. Волга ўжо ўгадвалася — там, куды, грукаючы, імчаўся цягнік, цемра радзела і ад зямлі ішло туманнае святло.

Нарэшце ўдалечыні бліснула стальная палоска. Бліснула, затрапятала і пачала расці. І разам з тым, як яна расла, цемра паволі ўздымалася ўгору.

Цягнік збавіў ход і асцярожна ўзышоў на мост. Перастук колаў стаў гучнейшы і водгуллем аддаваўся ў жалезных пераплётах. А ўнізе паблісквала Волга, бяскрайняя, стальная. Сям-там мігцелі агеньчыкі бакенаў. Плыў параход — таксама ў агнях. Але гэта толькі падкрэслівала бяскрайнасць ракі.

— Хадзем сюды,— паклікаў Васін.

Юра вярнуўся да таварышаў і спыніўся ўражаны. Не вельмі далёка над зіхатлівай волжскай гладдзю ён убачыў россып гарадскіх агнёў і дзве ўзнятыя ў неба паходні. Вялізныя блакітныя языкі полымя трапяталі і пагойдваліся ў начной сіняве.

— Што гэта? — стаіў дыханне Юра.

— Паляць лішкі газ,— адгукнуўся Васін.— Я пабываў тут, калі ў арміі служыў. Праўда, нішто?!

Юра кіўнуў галавою і заўважыў, як прагна глядзеў на агні Цімох. Ён быццам цягнуўся да іх.

— Гідрастанцыя далёка 'адсюль? — спытаўся ён і хутчэй падумаў уголас, чым сказаў: — Тут усё варта адно аднаго. Вось дзе папрацаваць бы!

— Працаваць усюды аднолькава,— не згадзіўся Васін.

— О не-е, Сеня, брэшаш!.. А холадна, хлопцы! Ух, як холадна...

Толькі цяпер Юра адчуў, што замёрз, што дзьме халодны вецер, і зябка пакурчыўся. Захацелася курыць. Але, як выявілася, ніхто не ўзяў папярос, і настрой адразу ўпаў.

Волга асталася ззаду. Каб сагрэцца, яны селі на сярэдзіне пляцоўкі, прыціснуліся адзін да другога і абхапілі калені рукамі. Але холад забіраўся пад майкі і ледзяніў цела.

Калі цягнік, не спыняючыся, прамчаў міма вакзала, на якім свяціўся зялёны надпіс-«Куйбышаў», Цімох рашуча ляпнуў сябе па каленях.

— Пайшлі! Так і скачанець нядоўга.

Яго зразумелі.

— Давай паспрабуем,— спакойна азваўся Васін.

Юра асалапеў, але самалюбства і боязь паказаць

сваю слабасць не дазволілі запярэчыць. Калоцячыся ад хвалявання, ён стаў чакаць, хто палезе на дах першы, і маліць бога, каб не пакінулі апошнім. Тады — усё: не адчуваючы за спінаю таварыша, ён абавязкова сарвецца ў грукатлівую цемень, якая здавалася яму цяпер стракатай.

— Юрку за мной пусціш,— быццам прачытаўшы яго думкі, сказаў Цімох Васіну. Затым намацаў скобы на сцяне вагона і, як па лесвіцы, палез на дах.

Васін падштурхнуў Юру. Сабраўшы волю, той наблізіўся да краю пляцоўкі і, баючыся глянуць уніз, ухапіўся за скобу. Ступіў цяжкай, як не сваёй, нагою на ніжэйшую і перавёў дыханне. Вагон хістала, ногі скоўзваліся.

— Смялей,— падбадзёрваў зверху Цімох.

Памогшы ўзабрацца на дах, ён прымусіў Юру легчы: над галавою цягнуўся электрычны провад. Вецер тут аж свістаў у вушах, вагон хістала яшчэ мацней. Юра прыпаў да рубчастай бляхі і заплюшчыў вочы. Ён не бачыў, як на даху паявіўся Васін, і апамятаўся толькі, калі таварышы пачалі абмяркоўваць далейшы план.

«Адсюль у аконны люк? — жахнуўся ён і адчуў агідную слабасць у нагах і пад сэрцам.— Але што тады рабіць? Няўжо аднаму спусціцца назад на пляцоўку або калець тут?..»

Цімох зноў рызыкаваў першы. Па-пластунску, на жываце, ён дапоўз да краю даху, глянуў уніз і перасунуўся крыху лявей — мусіць, там быў люк-акно.

— Ныраю! — папярэдзіў, перакрываючы свіст ветру і грукат колаў.— Трымай, Сеня, за ногі. І пускай, калі дрыгану правай. Гуд бай!

Ён сапраўды быццам нырнуў у стракатую цемру і неўзабаве ўжо гукнуў, відаць, з вагона.

Васін узяў Юру за рукі і загадаў апускацца ўперад нагамі. Але калі ногі ў Юры павіслі, не знаходзячы апоры, і цела пацягнула ўбок, усё змяшалася ў яго галаве. Здалося, разам з ім хіліцца ўвесь вагон і восьвось абрынецца некуды пад адхон, у чорную прорву, куляючыся і нявечачыся.

— Ма-ам,— бязгучна выдыхнуў Юра і адчуў, што ўчэпістыя Цімкавы рукі падхапілі яго, пацягнулі ў • люк.

Цімохава спіна грэла Юру. І хоць у вагоне, як заўсёды ўночы, было душна, ён хінуўся да яе і прысягаў: не, ён ніколі-ніколі не забудзецца, што здарылася, і будзе ўдзячны вечна. Паступова азноб праходзіў, але прыязнасць да таварышаў большала. І калі б на нарах не было так цесна, Юра, напэўна, раскатурхаў бы Цімоха, які ўжо мірна пахропваў, і сказаў бы яму пра гэта — пакляўся б уголас.

Калі ж Юра ўрэшце заснуў, яму пад раніцу прыснілася Лёдзя. Яна тулілася да яго і дазваляла ўсё.

4

У Какчатаў цягнік прыйшоў на восьмыя суткі, уначы. Да раніцы студэнтам дазволілі перабыць у вагонах. Але спаць мала хто хацеў. Састаў загналі ў тупік, абапал якога цямнела не то пустка, не то стэп, і, высыпаўшы з вагонаў, некаторыя пачалі раскладаць агні проста ля саставу. Цемрадзь і дасюль здавалася густой, але калі запалілі агні, яна стала апраметная і ўшчыльную сцяною падступіла да пуці.

Цімох, які трошкі прабавіўся, саскочыў з вагона на зямлю, калі некалькі кастроў ужо гарэла.

— Вылазь хутчэй! — гукнуў ён Васіну.— Такое хіба што пры вялікім перасяленні народаў або ў грамадзянскую вайну можна было бачыць.

Ён падышоў да бліжэйшага вогнішча, з цікаўнасцю агледзеў бронзавыя твары хлопцаў, якія сядзелі наўкруг, але далучыцца да кампаніі не здолеў. Карцела пахадзіць, нешта ўбачыць першаму — паблізу ляжала таямнічая, крыху страшнаватая цаліна. А галоўнае — галоўнае пагутарыць з Васіным.

Непадалёк свяціліся агні Какчатава. Было відаць: горад невялікі, хоць і раскіданы. Але і ён вабіў Цімоха сваёй невядомасцю.

Абняўшы за плечы Васіна, Цімох пацягнуў яго да мігатлівых гарадскіх агнёў.

— 805, Сеня, 808! Што рабіць? Я яшчэ перад Куйбышавым хацеў з табой пагутарыць...— адкрыўся

ён, калі гоман і шум, што лунаў над эшалонам, перасталі быць чутнымі.— Выручай, калі друг!

— Ты што, сур’ёзна? — крыху нават спалохаўся Васін.

— Абсалютна.

— Ну давай тады, спаведвайся.

— Табе ніколі не даводзілася адбіваць дзяўчыну ад другога?

— Во гэта пытанне! Дзіўны ты, Ціма! Чаго толькі ў жыцці не перажыў, а астаўся дзіцем. Незразумела, як ухітрыўся толькі. Табе што, слабо ці сорамна? Так?

— Няма ў мяне прывычкі чужое шчасце разбіваць.

— А я думаў, ты разумнейшы. Слова гонару. У гэтым, Ціма, мудрасць, калі хочаш ведаць. Разбіць можна толькі нетрывалую рэч. А раз разбіў такое шчасце, значыць, не даў яму ў няшчасце ператварыцца. Павер, гэта не права мацнейшага, а права жыцця. Харошае, Ціма, права!

— Але яна прыйшла праводзіць не мяне, а яго...

— Тады ваюй.

— Гэта шчыра?

— Канешне, неразлучны ты мой кораш! Ты ў мяне не такога варты!..

Яны доўга блукалі па звілістых цемнаватых вуліцах, пакуль не трапілі ў парк. Інстынкт музыкі прывёў Васіна да вялікай блакітнай ракавіны. Ім пашанцавала : піяніна на эстрадзе аказалася незамкнутым. Шалёны «Танец з шаблямі» рынуўся ў гулкі, дзіўны без людзей парк. Цімох ужо быў ваяўніча секануў рукою, але побач вырас вартаўнік з бярданкаю, і давялося ісці далей.

Вяртаючыся, яны заўважылі ля вакзала адкрыты ларок. За прылаўкам, падпёршы шчокі, драмаў пажылы прадавец-грузін. Ён кляваў носам, падымаючы галаву, не расплюшчваў вачэй, а толькі крывіўся, быццам адганяў гэтым мух або прыслухоўваўся да непрыемных гукаў. На прылаўку і ззаду на паліцах пірамідкамі стаялі бляшанкі кансерваў, нахіленыя, каб было відаць, што ў іх, скрынкі з цукеркамі, вэнджанай салакаю і пернікамі. На верхняй паліцы, за марлявай фіранкаю, паблісквалі цёмныя бутэлькі.

— Віно ёсць? — спытаўся Цімох, які ніяк не мог так проста закончыць гэтую ноч.

Не расплюшчваючы вачэй, прадавец пакруціў галавою і зноў клюнуў носам.

— А хлеб? — не адступіў Васін.

Прадавец кіўнуў галавою і ўстаў.

— Кацо,— па-дружбацку папрасіў Васін,— загарні нам, калі ласка, вунь той брусок хлеба з верхняй паліцы. Можна?

— З Беларусі? Цаліннікі? — хітравата перакрывіў твар прадавец.— Давай трыццаць восем рублёў і не кажы нікому... Я ж таксама партызаніў у вас...

На золку прыйшлі грузавікі. Цімох адзін з першых кінуў у кузаў рукзак і спрытна сігануў сам, наважыўшы заняць месца ля кабіны: там менш трэсла і лепш было глядзець навокал. За ім, куляючыся цераз борт, палезлі астатнія. Ён заўважыў, як спяшаўся Юра, а калі той, вінавата і здаволена ўсміхаючыся, стаў поплеч, здагадаўся, што хоча быць разам.

Пасля памятнай начной прыгоды Юра наогул трымаўся паблізу, частаваў хатнімі ласункамі, стараўся пераймаць Цімохавы звычкі — насіў кепку ссунутай амаль на патыліцу, гэтак жа, як Цімох, размахваў ру* камі.

«Набіваецца ў таварышы, шукае апоры»,— жадаючы быць справядлівым, але насупроць сваёй волі варожа пазіраючы на яго, падумаў Цімох і сказаў:

— Ты пасунься крыху, няхай месца Сеню будзе.

Васін залез у кузаў апошні. Ён размаўляў з Жэняй

Жук, якая раўнавала яго да таварышаў, і далучыўся к Цімоху з Юрам толькі тады, калі шафёр націснуў на старцёр.

Так, стоячы ўтрох ля кабіны, яны і паехалі, кожны думаючы пра сваё.

Навокал распасціралася жоўтая бяскрайняя раўніна, парослая сухой, як сівец, травою. Зеленаватае перад усходам сонца неба ды жоўты, у купінах травы стэп — і больш нічога. Не, яшчэ пыл і шызая дарога, уезджаная, гладкая, як ток.

Халодны, тугі вецер дзьмуў не парывамі, а безупынку і, на шчасце, не насустрач, а ў борт, так што пыл ад грузавікоў адносіла ўбок. Пыльныя пасмы доўга расплываліся над стэпам і асядалі недзе вельмі далёка. Ад гэтай нязвыклай, аднастайнай разлегласці і асвоілі піва ад ветру пачынала балець галава. Але Цімох і тут знайшоў харошае.

— Во гэта дарогі,— пахваліў ён, жадаючы зрабіць прыемнае прадстаўніку саўгаса, які ехаў у кабіне з шафёрам і, час ад часу высоўваючыся з акенца, панура азіраўся на студэнтаў.— Як той асфальт! Каці і каці...

— А вось убачыш потым гэты асфальт! — здзекліва ўхмыльнуўся той.

— А што? — схіліўся да яго Цімох.

— Няхай дажджы пойдуць... Ты ў тапачках, пэўна? Ну дык рыхтуйся — разам са шкарпэткамі згубіш. Глядзі адно не шкадуй. Бо калі б боты былі, адарвала б падэшвы. А яны даражэй каштуюць.

— Затое цяпер добра, дзядзька.

— Пачакай, будзе табе і цётка! — паабяцаў прадстаўнік саўгаса і, быццам яго абразіў Цімохаў аптымізм, прыняў руку і схаваў галаву ў кабіну.

5

Саўгас «Брацкі» толькі будаваўся. На яго цэнтральнай сядзібе, як заўсёды здаецца чалавеку, незнаёмаму з агульным планам будаўніцтва, панавала неразбярыха. Закончаныя стаялі толькі сталовая, канцылярыя, клуб ды майстэрні з сушылкаю. Але і яны, здавалася, былі раскіданы бог ведае як.

Зямлянка, куды пасялілі студэнтаў, аказалася вялізнай — з земляным долам, з землянымі нарамі, без акон. Таму ўдзень і ўночы ў ёй гарэла электрычнасць. Замест сеннікоў на нарах ляжала салома. Затое падушак, коўдраў можна было браць колькі хочаш. Пасля сходу атрымалі талоны і па студэнцкай звычцы, прывёўшы ў парадак зямлянку, бягом кінуліся абедаць — пачалося саўгаснае жыццё.

Хто так зрабіў — невядома, але хлопцы з Цімохавай групы не трапілі ні да камбайнаў, ні на ток, ні нават у сушылку. Падазравалі, што гэта — ласка саўгасаўскага прадстаўніка, які так недарэчна ўзлаваўся ў дарозе. Хадзіў той у картовым, быццам пажаваным касцюме, з расшпіленым прарэхам і недаверліва зыркаў на ўсіх з-пад калматых броваў. «Джыга» — ахрысцілі яго студэнты і віталіся не іначай як з цырымон-

Най пачцівасцю. Так ці не так, але Цімоху і яго таварышам прыйшлося вартаваць агарод.

Не такой работы прагнуў Цімох, едучы сюды. Ад* чуваў: нездаволены і астатнія. Адны — таму, што не заробяць тут нічога, другія — ад сораму перад таварышамі, якія працуюць у полі.

Дый іншага выйсця не было — пакепліваючы з сябе, пабудавалі на ўзгорку будан, узброіліся дручкамі і сталі вартаўнікамі. На другі вечар неспадзеўкі пачулі немы Юраў крык — той клікаў на дапамогу.

Здаравенны чубаты хлапчына, не звяртаючы ўвагі на абуранага барвовага Юру, выбіраў з градкі гуркі і соваў іх за пазуху (кішэні ўжо былі поўныя).

— А ну кладзі назад! — загадаў Цімох.

Хлапчына, не разгінаючыся, павярнуў галаву і

цыркнуў праз зубы слінаю.

— Ідзіце вы, адкуль прыйшлі,— агрызнуўся ён і зноў узяўся за сваё.

Падбадзёраны, што побач таварышы, Юра размахнуўся і стукнуў нахабніка кулаком. Але той, нібыта здзекуючыся, толькі хмыкнуў і з усяе сілы брыкнуў Юру. Выспятак трапіў у жывот, і Юра, заенчыўшы, сагнуўся ў тры пагібелі.

Хлапчыну схапілі, закруцілі назад рукі і адабралі гуркі.

— Дайце я яго! — падхапіўся Юра, скрыўлены ад болю.

Яго не паспелі пераняць. Ён падскочыў да хлапчыны і люта пачаў хвастаць яго па шчаках, па вачах. Абураны Цімох закруціў за спіну рукі і яму.

— Гані! — гукнуў Жаркевічу.— І папярэдзь: зловім яшчэ — будзе мець бледны выгляд і халодныя ногі... А ты, Юркевіч, таксама нішто сабе гусь! Хто безабароннага чалавека б’е?

Жаркевіч лёгка штурхануў хлапчыну між лапатак, затупаў нагамі, нібы гнаўся за ім, і той кінуўся наўцёкі.

— Зловім яшчэ раз, глядзі! — загалёкаў Жаркевіч услед. Тады ўжо напраўду будзеш мець бледны выгляд!

Мусіць, гэта пераканала, бо лазіць у агарод перасталі, і зноў прыходзілася шукаць работы. Тады авалодалі тэхнікай паліўкі, пачалі глядзець за работаю матора, помпы.

Але неўзабаве і гэтага стала мала.

Юра любіў успамінаць, як спаймалі і ўтаймавалі чубатага злодзея. Прыгода, сапраўды, была незвычайная і цікавая, і астатнія ахвотна падтрымлівалі яго, кожны наступны раз паўтараючы даслоўна, што гаварылі раней. Нават рагаталі ў адных і тых жа месцах. На такую акалічнасць першы звярнуў увагу Цімох:

— Гэта ж недарэчна, хлопцы! Вернемся з цаліны, а ўспомніць не будзе пра што. Чуеце?

— Ды ці будзе за што вярнуцца,— панура пажартаваў Жаркевіч.

— Пайду да дырэктара і ўзніму скандал,— пагразіўся Цімох.— Кажуць, яны склад збіраюцца будаваць, няхай пасылае. К чорту гэтага Джыгу!..

Аднак спачатку выйшла крыху інакш. Спрактыкаваны Васін нагледзеў работу на лесаскладзе, і прыйшлося падзяліцца на дзве групы, каб па чарзе вартаваць агарод і праз дзень працаваць на складзе.

Работа трапілася цяжкая — складаць у штабелі бярвенні. Іх прывозілі грузавікі з прычэпамі, скідалі тут жа, пры дарозе, на жоўтую патрэсканую зямлю і ехалі назад. Трэба было каламі па жардзінах каціць бервяно за бервяном на штабель. Калі ж той вырастаў, калы не памагалі, і бервяно сунулі, упіраючыся ў яго грудзьмі і рукамі, нечым нагадваючы бурлакоў. Яшчэ сырыя, неакораныя бярвенні саскоўзвалі па жардзінах, камлі часта спаўзалі ўніз, і ўсё трэба было пачынаць спачатку. Пад канец дня хлопцы, асабліва Юра, ледзь клыпалі да сваёй зямлянкі.

Змучаны Юра, каб не паказваць свае слабасці і прыгнечанасці, непрыкметна знікаў — ішоў да сушылкі — месца, якое ўпадабаў з першых дзён. Прылёгшы на кучу збожжа, нагрэтага за дзень сонцам, ён заміраў у цягучым здранцвенні і, прыслухоўваючыся да навакольных гукаў, як бы ўбіраў у сябе прыемную цеплыню і пахі. У сушылцы перасыпалася, шарахцела збожжа, недзе паблізу гаманілі людзі, патыхала гаркаватым дымком, і мірны спакой ахінаў Юру, хоць нылі рукі, ногі. Паступова цяжкая стомленасць меншала, і разам з сілаю да Юры вярталася вера ў сябе, сумненні забываліся. Непакоіла толькі думка аб тапачках — яны пагражалі вось-вось разваліцца.

Да таго ж Юра адчуваў: нітачка, якая звязала была яго пасля дарожнай прыгоды з Цімохам, парвалася зноў пасля прыкрага выпадку ў агародзе. Цімох паводзіў сябе так, быццам Юры не было, і толькі зрэдку ўпотай уважліва разглядаў яго, нібыта хочучы нешта прачытаць на Юравым твары. Не наладжвалася сапраўднай дружбы і з другімі — нешта перашкаджала. І міжвольна паўставалі крыўдныя пытанні: ад чаго ж залежыць сімпатыя людзей?

6

«Добры дзень, дарагая мая, мілая Лёдзя»,— акуратна вывеў Юра, але тут жа закрэсліў словы «мая» і «мілая». Узяў чысты лісток. Аднак, напісаўшы: «Добры дзень, дарагая Лёдзя!» — задумаўся, упікнуў сябе, што дагэтуль не выбраў часу напісаць ліст, і зноў уставіў «мая».

Па злубянелай палатцы, як па блясе, гулка барабаніў дождж. Ён нахапіўся раптоўна і лінуў як з вядра. Нават ніхто не паспеў прыбегчы ў палатку сухім. Юра прыўзняў брызент — доясдж сек так, што аж дымілася зямля. Касыя блакітныя ніткі мігатлівай шкляной заслонаю захіналі далягляд, і Юру здалося, што палатка — астравок, на які абрынулася вада. Нечакана скрозь бульканне, цурчэнне і шум дажджу ён пачуў тужлівыя, як стогн, крыкі. Юра прыслухаўся і замёр ад здзіўлення: курлыкалі жураўлі.

«Недзе ў вырай збіраюцца,— падумаў Юра, і тужлівая любасць да зялёнага далёкага краю, да родных і блізкіх, якія былі недзе за тысячы кіламетраў, сціснула яго.— Як, мусіць, добра цяпер там, у нас... Яблыкі, слівы... І ўсё сваё, самае лепшае...»

Хлопцы сядзелі і ляжалі на пасцелях і таксама прыслухоўваліся да жураўліных крыкаў і шуму дажджу. Загарэлыя няголеныя твары ў іх пабляднелі і як бы свяціліся ў чаканні надзвычай добрага.

Юра ўздыхнуў і зноў узяўся пісаць.

«Я ведаю, ты, як мама, любіш, каб табе расказвалі ўсё па парадку. Дык вось, калі цягнік крануўся, усе ў вагоне кінуліся есці. У дарозе мы наогул елі вельмі многа. Некалькі разоў на прыпынках нас вадзілі абедаць. Калі верыць леташнім цаліннікам, абеды за год ані не змяніліся. Асабліва смачная была каша: паставіш лыжку праўцом — стаіць, паставіш пад вуглом дзесяць градусаў — стаіць таксама.

Праўда, з гарадамі знаёміліся больш па буфетах, але запомніліся Пенза, Куйбышаў, Уфа. Уфа, напрыклад, знаходзіцца на гары. Дамы, як у Грузіі, лепяцца на схілах. Сустрэлі нас там цудоўна: круцілі патэфонныя пласцінкі, было многа латкоў, а наогул уся краіна ў рыштаваннях — будоўлі, будоўлі. Неўзабаве пасля Златауста перасеклі граніцу паміж Еўропай і Азіяй. Славуты слуп нікога не ўразіў. Цімох нават запусціў у яго кансервавай бляшанкай. Курылі маскоўскія, саратаўскія, куйбышаўскія, ерэванскія, тбіліскія папяросы, але ўсе з адной назвай — «Беламор»...»

Выходзіла не зусім цікава, дый не пра ўсё варта было пісаць. Але абуджаны стомленасцю і дажджом смутак па дому, па далёкай Лёдзі прасіўся на паперу, і Юра пісаў:

«Працуем мы ў саўгасе. Некаторыя — памочнікамі камбайнераў, на таку, а мы — вось ужо некалькі тыдняў на пабудове склада пад збожжа. Гэта трэцяе месца нашай работы. Навокал — мора пшаніцы. Яна і хвалюецца, як мора. А вецер тут дзьме і ўдзень і ўночы — бясконца. Дзьме і дзьме. Нялёгка паверыць, што ўсяго гады два назад тут распасціраўся купчасты жоўты стэп і вецер ганяў пыл ды пакаці-поле».

Гэтыя словы здаліся Юру прыгожымі, захацелася пахваліцца. Але пісаць пра сябе было няёмка, і ён пачаў хваліць таварышаў, Цімоха, ведаючы, што іх слава пяройдзе і на яго. І хоць аб прыгодзе на перагоне Сызрань — Куйбышаў прамаўчаў, было прыемна: вунь ён які справядлівы — хваліць саперніка і хлопцаў, з якімі мае свае рахункі.

«Склад вялізны, зборны. Увесь з жалеза і шыферу. А будаваць яго пачалі, маючы толькі чарцяжы і рулетку. Нават ватэрпаса не было. Самі нарыхтоўвалі каменні, самі капалі траншэі пад падмурак. Рыдлёўкаю тутэйшай зямлі не возьмеш. Калі б’еш па ёй кіркай ці ломам, здаецца, што высякаеш іскры. А мо і сапраўды яны высякаюцца. На далонях у хлопцаў усхапіліся крывавыя мазалі. Ды нічога!.. Далей, калі не лічыць, што парваліся тапачкі, пайшло лепей. Залівалі падмурак, цягалі шматпудовыя жалезныя стойкі, устанаўлівалі іх. На дзіва лёгка адвыклі ўмывацца штораніцы. Уначы мерзнем, днём абліваемся потам, хоць працуем у адных трусах. Затое ў абедзенны перапынак не вылазім з Ішымы — бурлівай рэчкі з камяністым дном і высокі мі скалістымі берагамі. Ва ўсіх воўчы апетыт, і ніхто ніколі ўволю не наядаецца. Вось як!

Дасужы Васін — ты яго не ведаеш — навучыўся ўжо вадзіць аўтамашыну, Цімох — ты ж уяўляеш, які ён,— навучыўся вырываць з зубоў у саўгаснага начальства патрэбны матэрыял. Так што працуем законна, у тэмпе. Калі ўстаноўлівалі стойкі, маўчун Жаркевіч прапанаваў заліваць бетонам тумбы пад стойкі адразу з анкернымі балтамі і сэканоміў нам процьму часу.

Цяпер ставім фермы. Пад’ёмнік у нас слабасільны — «Піянер». Падымае толькі палавінку фермы. Прымацуем яе да стойкі, потым бяромся за другую палавінку. А Цімох іх ужо балтамі замацоўвае на вышыні двух паверхаў. Палавінкі трымаюцца на чэсным слове, вецер страшны, а ён працуе. Злезе на зямлю, аж хістаецца, вочы чужыя, чырвоныя. Джыга — так мы празвалі аднаго тыпа з саўгаскіх — забараніў працаваць без верхалазных паясоў. Але як з імі працаваць? Калі ферма будзе падаць, дык без пояса хоць адштурхнешся ад яе. Растлумачылі гэта Джыгу, а ён тады ўзяў ад нас падпіску, што мы азнаёмлены з тэхнікай бяспекі. Во прайдоха! Але ўвогуле не гаруем.

Прабач, што так затрымаўся з пісьмом. Цяпер пра ход далейшых ваенных дзеянняў абяцаю дакладваць больш сістэматычна...»

Дождж паступова сціхаў. Яшчэ падалі буйныя кроплі, а ў разрыве хмары ўжо бліснула сонца. Усё пасвятлела, заіскрылася. Юра, спяшаючыся, скончыў ліст, падпісаўся: «Ю. Юркевіч» — і выглянуў з палаткі. Пасля шэрых змрокаў, што ўсяго хвіліну назад ахіналі наваколле, зіхатлівае святло сонца, якое, аказваецца, стаяла над галавою — у самым зеніце, здалося нечаканым. Юра ўсміхнуўся і крыкнуў пра гэта хлопцам.

Зняўшы тапачкі і падкасаўшы калашыны штаноў, усе кінуліся да склада. Было коўзка, ногі па костачкі грузлі ў гліне. Юра пакаўзнуўся, ледзь не ўпаў. З запэцканымі, быццам у пальчатках, рукамі прыбег да склада і без дай прычыны засмяяўся. На душы чамусьці стала лёгка, хораша. Калі пачалі разыходзіцца па сваіх месцах, няўпэўнена, з надзеяй папрасіў:

— Ты, Ціма, дазволь мне сёння паспрабаваць.

Цімох пільна паглядзеў на яго.

— Лезь, асцярожна толькі. І ўніз не глядзі, пакуль прывыкнеш.

Усё было, як заўсёды. Але Юра са страхам заўважыў, як натужна крэкча пад’ёмнік, вось-вось можа страціць раўнавагу і клюнуць носам.

Амаль не дыхаючы, Юра палез па стойцы наверх. Рукі дрыжалі, удары сэрца аддаваліся ў скронях. Але хваляванне было прыемнае, азартнае. Хацелася, каб яно не праходзіла — так добра і шчасліва дыхалася.

Злавіўшы канец фермы, Юра прыцягнуў яго да стойкі, прытрымліваючы, уставіў шворан у верхнюю адтуліну стойкі і фермы, стаў сцягваць балтамі. І разам з тым, як мацнела сувязь стойкі і фермы, большалі ўпэўненасць і ўпартасць Юры.

Другую палавіну фермы да процілеглай стойкі павінен быў прывучваць Васін. Калі паднялі і яе, ён спакойна, быццам працаваў на зямлі, узяўся за справу. Гэта дало магчымасць перадыхнуць. Юра перавёў дух, непрыкметна расшнураваў футболку, падставіў потныя грудзі ветру. Потым зняў футболку зусім. Тугі вецер абняў яго і крыху астудзіў. Але аставалася самае галоўнае — замацаваць абедзве палавіны фермы на вільчаку будучага даху. Адчуваючы, як вібрыруюць пераплёты, Юра палез на вільчак, хочучы і баючыся паглядзець уніз. Палавіну фермы, па якой ён лез, хістала, як брамку на ветры, хацелася заплюшчыць вочы, прыпасці да жалезнай рэйкі, нешта перачакаць, але ён лез і лез, ведаючы, што за ім сочаць хлопцы.

Калі ж Юра нарэшце спусціўся на зямлю, стаў на дрыготкія, зусім аслабелыя ногі і паглядзеў на ферму, якую толькі што ўстанавіў, сэрца ў яго зайшлося не то з радасці, не то ад здзіўлення.

«Кончым работу — пайду і адпачну каля сушылкі,— падумаў ён, сутаргава глытаючы сліну.— Эх, Лёдзю б сюды! Няхай паглядзела б...»

 

РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
1

Вера не знаходзіла сабе месца: прайшло каля месяца, а вестак ад Юры ўсё не было. Праўда, сын, як і большасць хлопцаў, не любіў пісаць лістоў, але ж павінна быць у яго сумленне! І поўная страхаў, трывогі, яна не ведала, што і думаць. Па начах ёй сніліся кашмарныя сны. З Юрам абавязкова здаралася што-небудзь страшнае. То ён гінуў пры нейкім горным абвале і нежывы, скалечаны ляцеў разам з каменнем у чорную прорву, то канаў у Веры на каленях ва ўбогай бруднай хаціне без столі, з дзіравай страхою. Калі ж Тацяна Цімафееўна па сакрэту перадала ёй, што ходзяць чуткі, нібыта нейкі цягнік са студэнтамі-цаліннікамі пацярпеў пад Златаустам крушэнне, Вера ледзь не звар’яцела. Не чакаючы, пакуль муж прыйдзе абедаць, яна памчалася ў інстытут.

Там ішлі прыёмныя экзамены. На двары, у калідорах снавалі заклапочаныя юнакі, дзяўчаты. Тоўпіліся каля акон, нешта абмяркоўвалі, спрачаліся. Схіліўшыся над сшыткамі, сядзелі на крэслах перад дзвярыма аўдыторый, расчырванелыя, заглядалі ў замочныя шчыліны. Вера была тут упершыню і разгубілася. Куды ісці, да каго звярнуцца? Усе, у каго яна пыталася, неахвотна паціскалі плячыма — ім было не да яе, хапала сваіх клопатаў. Абыякавасць абражала Веру, дзяўчаты і хлопцы здаваліся чэрствымі, незразумелымі. Думкі зноў скіраваліся на сына. А ці разумее яна яго? Ці ведае, чым ён жыве? Ды ці жыве?..

Ледзь стрымліваючыся, каб не расплакацца, Вера пабрыла па калідоры з надзеяй, што ўбачыць хоць якую шыльдачку.

У камітэце камсамола, дзелавіты, але, відаць, стомлены вось такімі наведвальнікамі, юнак у рагавых акулярах запэўніў яе, што падстаў для панікі няма, і даў Юраў адрас.

— Вы сёння, дарэчы, не першая,— сказаў ён, пазіраючы пад абшлаг на гадзіннік.— Хутка ў нас гэта разносіцца. Хоць многія ведаюць, што чуткі — хлусня, калі не больш.

Нездаволеная ўсім на свеце, Вера падышла да свайго катэджа і ледзь не сутыкнулася ля брамкі з Лёдзяй Шарупіч. На дзяўчыне была новая, з залацістым зіхаценнем муаравая сукенка, якая зграбна аблягала яе постаць і вельмі пасавала да касы, відаць, назнарок перакінутай цераз плячо на грудзі.

«Спецыяльна прыбралася перад тым, як ісці сюды,— з жаночай празарлівасцю здагадалася Вера, ураз заўважыўшы ўсё, і бесцырымонна яшчэ раз агледзела дзяўчыну з ног да галавы.— Чаго ёй трэба? І так моташна».

— Добры дзень,— паціху прывіталася Лёдзя.

Вера Антонаўна не адказала, але спынілася.

— Юра прыслаў мне ліст,— з цяжкасцю вымавіла Лёдзя, апускаючы вочы.

— Юрык? Пісьмо? — успыхнула Вера Антонаўна, сама адчуваючы, як чырванеюць твар, шыя, грудзі.

— Ён просіць, каб я перадала вам, што ў яго ўсё ў парадку.

— Перадала? А пры чым, уласна, тут вы?

— Мы па-ранейшаму сябруем з Юрам...

— Не разумею.

— Тады лепей спытайцеся ў яго самога, калі прыедзе...

— Я ведаю, у каго і пра што мне пытацца. Адкуль гэта ў вас? Дзе вы навучыліся так размаўляць са старэйшымі? Няўжо ў школе? Распусціліся зусім!..

Рэўнасць і крыўда штурхалі Веру Антонаўну на скандал. Агіднай зрабілася гэтая стройная, з густам адзетая дзяўчына, яе твар, на якім праз збянтэжанасць пачала выступаць упартая гордасць, яе тоўстая, як з кужалю, каса. Калі б Лёдзя разгубілася і выглядала бяднейшай, Вера Антонаўна, магчыма, зараз і паставілася б да яе не так варожа. Цяпер жа зліла сама Лёдзіна вытрымка, яе жаданне быць роўнай.

Лёдзі таксама карцела павярнуцца, рыўком адкінуць за спіну касу і пайсці. Але ж перад ёю стаяла не проста аслепленая непрыязнасцю эгаістка, а Юрава маці — жанчына, якая, як і яна, любіла яго і зычыла яму добрае.

— Ён просіць, калі можна,— прымусіла сябе гаварыць Лёдзя,— каб вы выслалі яму чаравікі. У мяне якраз няма цяпер грошай, а то я сама купіла б у магазіне.

— Гэтага яшчэ не хапала!

— Чаму?

— Ці не запісаліся вы ўжо? Цяпер усяго можна чакаць. Аднак як вам не сорамна? Дзе ваша дзявочая сціпласць? Вы ж пішчом лезеце да яго. Чаго вы лезеце?

Нечакана нават для яе самой — так гэта адбылося раптоўна — з вачэй у Лёдзі пырснулі слёзы. Яна таропка выцягнула з-пад абшлага насавую хустачку, але не выцерла вочы, а толькі дакранулася да іх, нібы не пазнаючы, паглядзела на Веру Антонаўну.

— Вы... вы любіце толькі адну сябе! — сутаргава перавяла Лёдзя дыханне.— Так, так. Не Юру, а сябе!..

Вера Антонаўна выпрасталася, манерна адчыніла пявучую брамку і з сілаю грукнула ёю, употай спадзеючыся, што брамка зачэпіць Лёдзю.

З адчыненага акна пачуліся старанныя гамы. Нехта — Соня або Леначка — сеў за піяніна і з падазроным захапленнем, нараспеў, пачаў адлічваць такт:

— Раз-і, два-і, тры-і...

Каб падвучыць дачок музыцы, Сасноўскія ў гэтым годзе раней, чым звычайна, прыехалі з дачы, і Вера гадзінамі праседжвала з імі каля піяніна. Ідучы ў інстытут, яна загадала дочкам займацца самастойна. Але дзяўчынкі, мусіць, толькі ўбачыўшы маці ля брамкі, спахапіліся і ўспомнілі пра яе наказ.

Пранікаючыся новымі хатнімі клопатамі, Вера ўвайшла ў калідор. Соня з Леначкаю сустрэлі яе, завярцеліся, ухапіліся за рукі і зашчабяталі кожная пра сваё.

— Ігралі? — спыталася Вера, здымаючы пальчаткі,, шляпу і з жалем разглядаючы пашарэлы твар у люстры.

— А як жа, мамачка! — дружна, не маргнуўшы вокам, пацвердзілі дзяўчынкі.

Яна па звычцы абышла пакоі, усадзіла за піяніна Леначку і села побач. Дачка іграла кепска, збівалася, але Вера, успомніўшы, як глядзела на яе Лёдзя і што нагаварыла ёй, не магла ўжо сачыць за ігрою.

«Паршыўка! — лаяла яна ў думках дзяўчыну.— Яна яшчэ асмельваецца. Во час!..»

Як заўсёды позна, увечары, прыехаў з завода Сасноўскі. Вымыўшы рукі, прайшоў у гасціную і, пацалаваўшы жонку ў лоб, узяўся быў за газеты. Але не вытрываў. Кінуўшы «Звязду» на круглы стол, ён, як у качалцы, адкінуўся на спінку крэсла і з задавальненнем пагладзіў падлакотнікі.

— І ўсё-такі, Вяруся, у цябе муж не дурань і не такі ўжо безнадзейны дыпламат. Клянуся. Не кіем, дык палкай, але па магчымасці дамагаецца свайго. Сёння атрымалі канчатковае рашэнне: цяжкія машыны ад нас забіраюць — адпачкоўваецца новы завод. Прычэпы і аўтацягачы таксама к чорту, у Магілёў! Ты разумееш?

— Не.

— Гэта і ёсць сапраўдная спе-цы-я-лі-за-цы-я, інакш кажучы — шчасце!

— Звар’яцеў! — не адвяла вачэй ад нот Вера.

З неўласцівай яму жвавасцю Сасноўскі ўстаў і падышоў да піяніна. Усцешна абняў жонку, але тая вызвалілася з абдымкаў і, сярдзіта схіліўшы галаву, паглядзела на яго знізу ўверх. Гэта не збянтэжыла Сасноўскага. Ён абняў Веру зноў і з блазенскім рассыпістым смяшком пацалаваў у вусны. Леначка перастала іграць. Яна прывыкла да падобных праяў бацькавых пачуццяў і ведала, што ў такіх выпадках лепш за ўсё пасядзець моўчкі, перачакаць успышку, бо інакш бацька можа зазлаваць і вельмі накрычаць. Ведала і Вера.

— Гэта вельмі важна, Макс? — здалася яна, запасаючыся цярпеннем.

— Выключна.

— Мае адносіны да цябе?

— Падымай вышэй!.. Ты ўяўляеш, што было? Многія вярталіся, па сутнасці, да натуральнай гаспадаркі. На «ЗІЛе» — ты разумееш, на «ЗІЛе»! — сёй-той марыў пабудаваць сваю домну. Здавалася, навошта? Каб ні ад кога не залежаць, быць удзельным князьком. А гэта ж — аковы для тэхнікі! І калі б можна было вызваліцца ад розных жалезных вырабаў, якімі загружае нас Саўнаргас, было б наогул выдатна.

— Лёдзя Шарупіч прыходзіла,— счакаўшы, калі муж на хвілінку змоўк, паведаміла Вера.

Сасноўскі няўцямна заморгаў.

— Казала, што атрымала ад Юрыка пісьмо. Ён просіць, каб прыслалі чаравікі... А ты грай! — прыкрыкнула яна на Леначку.— Гэта цябе не датычыць!

— Раз-і, два-і,— паслухмяна заспявала Леначка, быццам тое, што сказала і хацела яшчэ сказаць маці, сапраўды не цікавіла яе.

Яны перайшлі ў кабінет, запалілі верхняе святло і селі на канапу. Страціўшы адразу вытрымку, Вера ўсхліпнула і заківалася, як маятнік.

— Што гэта робіцца на свеце, Макс? — паскардзілася яна.— Я нічога не разумею. Хвалюешся, пакутуеш, робіш больш, чым можаш, а цябе нават паважаць не жадаюць...

 

2

Лепшага Лёдзя, бадай што, не чакала, але спадзявалася — размова, прынамсі, будзе прыстойная. Яна ніяк не магла зразумець, чаму Вера Антонаўна так ставіцца да яе. Завошта? Меркаванне, што вінавата ў гэтым яе становішча, здавалася дзікім: хіба можа быць такое ў наш час. Ды Лёдзя не вельмі і заглядала наперад у сваіх адносінах з Юрам. Яна кахала яго. Ён быў ёй патрэбны. У яго абдымках яна ўпершыню адчула, як соладка і пакутліва можа быць сэрцу. Праз яго нечакана ўсвядоміла сябе як дзяўчыну. Сумненні, што прынёс Юра, і тыя рабілі жыццё больш поўным... І, можа, толькі цяпер, пасля размовы з Сасноўскай, Лёдзя падумала пра тое, як быць ёй далей.

Але каханне, мабыць, наогул неразважлівае, асабліва першае. «Нічога,— ужо праз хвіліну парашыла Лёдзя.— Ды і як ты будзеш інакш?..»

На час экзаменаў завод даў водпуск усім, хто паступаў у інстытуты і тэхнікумы. Абклаўшыся кнігамі, Лёдзя з Кіраю ўзяліся за падрыхтоўку. Паводле новых правіл Кірын медаль, як вядома, не даваў ёй ужо права паступаць без экзаменаў, і сяброўкі з чыста дзявочай настойлівасцю праседжвалі дні і ночы над кнігамі. Каб не марнаваць часу, Кіра часта абедала ў Шарупічаў. Былі нават выпадкі, калі, папярэдзіўшы бацьку, аставалася і начаваць. Была яна ў Лёдзі і цяпер. Ведаючы ўсё з сяброўчыных таямніц, хвалявалася больш, чым сама Лёдзя і, пакуль тая хадзіла да Сасноўскіх, прастаяла ля акна з падручнікам, чытаючы і адначасова назіраючы за вуліцаю.

Сустрэла Кіра сяброўку ў дзвярах, не даўшы ёй пазваніць, бо бачыла, як Лёдзя перасякала вуліцу і як уваходзіла ў пад’езд.

— Ну? — шэптам, каб не пачула Арына, спыталася яна.

Лёдзя безнадзейна адмахнулася.

— Ну і няхай! — не ўтрымалася на шэпце Кіра.— Падумаеш, цаца! Ты ёй сказала што-небудзь у вочы? Вось малайчына. Такіх трэба ігнараваць.

— Яна ўсё ж Юрава маці.

— Тым горш!

— Чаго вы там заспрачаліся? — з кухні азвалася

Арына, якая, хутчэй за ўсё, нават не заўважыла, што Лёдзя некуды хадзіла.

Кіра закрыла далоняй свой рот і пацягнула Лёдзю ў пакой, дзе ляжалі сшыткі і кнігі.

— У цябе гордасці няма. Анізвання!

— Няпраўда, ёсць,— не згадзілася Лёдзя, вусны ў яе звяло.— Але ж маці ёсць маці. У іх заўсёды перасцярогі і страхі. Ім здаецца, што нам адусюль пагражае небяспека.

— Так ты немаведама што апраўдаеш.

— Мая таксама гэткая. Ёй нікога лепшага няма, як мы з Яўгенам... Але я не апраўдваю, а зразумець хачу. Няўжо інакш не можа быць? Чаму яны думаюць, што жыць можна толькі так, як яны сабе ўяўляюць? У нас свае шляхі. А маці дагэтуль ніяк не прымірыцца, што я працую і ў вячэрні інстытут паступаю: чаму, маўляў, другія шчаслівейшыя? А ў мяне сваё шчасце. Мне зараз не трэба другога. Я спачатку думала, што любіць можна прыгожае плацце, касынку. Ну — няхай сваю школу, горад. Але каб любіць фармовачную машыну, ліцейны цэх? Як гэта? Хіба можна любіць чыгуначныя рэйкі або тэлеграфны слуп? А выходзіць, што можна. Ды як яшчэ! Толькі каб у іх твая праца была. Каб ты глядзець умела...

Кіра парывіста прыцягнула да сябе Лёдзю, прытулілася шчакою да яе шчакі, аддана косячы цёмныя вочы і бачачы толькі Лёдзін нос.

— Так, так, Лёдзечка, дарагая ты мая! — захоплена прашаптала яна.— Толькі не раўнуй ты цётку Арыну... Сасноўская ж — агрэсар, прабач мне.

Яны ціха, згодна засмяяліся. Сеўшы да стала, пачалі ўдзвюх гартаць падручнік, шукаючы старонку, на якой спыніліся.

Было зусім позна, калі Лёдзя і Яўген пайшлі праводзіць Кіру.

Вуліцы па-начному апусцелі, прыціхлі. Крокі па асфальце абуджалі водгулле. Толькі ад завода далятаў мерны, нячутны ўдзень гул, чуліся рэдкія, нязвыкла гучныя свісткі заводскага паравоза: там ішло сваё

несціханае жыццё — завод працаваў. І здавалася, што там б’ецца магутнае нястомнае сэрца.

Узяўшы сястру і Кіру пад рукі, Яўген намагаўся ісці ў нагу, але не трапляў і сердаваў. Дзяўчаты былі рассеяныя, маўклівыя і калі размаўлялі, дык толькі між сабою. Яўген тармасіў іх, стараўся разварушыць.

— Я вам што, жывы чалавек ці не! — нарэшце запратэставаў ён.— Пакіну зараз і пайду!

Лёдзя шчыльней прыхінулася да брата, павісла ў яго на руцэ.

— Яўген мілы!..

Неўразуменне і крыўда, выкліканыя размоваю з Верай Антонаўнай, прайшлі. Ды і сама сутычка з ёй неяк страціла значэнне: якое гэта мае дачыненне да Юры і іх кахання? Вера Антонаўна сама па сабе, а яны самі па сабе, і нішто іх не разлучыць. Яны існуюць адно для аднаго.

Стала лёгка. Заўтра экзамены, але ўсё, што трэба, паўтарылі. Яўген прыдзірліва паганяў іх па курсу і астаўся здаволены. Сказаў, што пагражаюць пяцёркі. Дый галава паволі святлела.

«Здаецца, усё ведаю,— радасна думала Лёдзя.— Так заўсёды было і раней: не ведаеш, не ведаеш, а потым — хоп! — і ведаеш. Як усё-такі добра вучыцца! Добра гартаць старонкі, зубрыць, добра, засынаючы, перабіраць у памяці тое, што ведаў. І ты і свет робяцца лепшымі, а галоўнае — ты яму робішся больш патрэбнай... А неўзабаве і Юра прыедзе. Сустрэнуцца... два будучыя інжынеры!»

— Калі цаліннікі вернуцца? — запыталася яна ў Яўгена, прыціскаючыся да яго рукі.

Ён знарок памарудзіў з адказам і, толькі калі Лёдзя нецярпліва тузанула яго, сказаў:

— Не бойся, няхутка.

— Які вы, Яўген!..— упікнула Кіра і сумелася, пераняўшы пільны сяброўчын позірк.

На шчырасць Лёдзі, якая дзялілася з ёй самымі запаветнымі думкамі, яна адказвала шчырасцю не ва ўсім. Кіра не любіла гаварыць пра ўласныя пачуцці, раскрываць свае сакрэты: ці таму, што саромелася гэтых пачуццяў, ці таму, што ў яе адносінах з хлопцамі не было нічога пэўнага, а магчыма, і таму, што не асабліва верыла ў свой поспех.

Разглядаючы сябе ў люстэрка, яна часта засмучалася. Смуглявы скуласты твар, раскосыя вочы выклікалі прыкрасць, і Кіра старалася стаць да люстра так, каб гэта скрадвалася. Выбраўшы найудалейшую паставу, яна з сумнай усмешкай глядзела на сябе і думала: «Вось калі б хоць так выглядаць». Некалі Кіра вычытала, што з дзвюх неразлучных сябровак адна абавязкова будзе ветраная прыгажуня, а другая — непрыгожая разумніца. І не магла забыцца на гэта. Так ці інакш, але Лёдзін позірк збянтэжыў яе, тым больш што яна сапраўды думала пра Цімоха.

— Не, без жартаў,—апраўдваючыся, сказала яна.— Радыё паведамляе, што там ідуць дажджы.

— Ты сочыш таксама? — узрадавалася Лёдзя.

— Глядзіце! — перабіў іх Яўген.

Пад электрычным ліхтаром, абняўшыся, стаялі хлопец з дзяўчынаю. Убачыўшы кампанію, дзяўчына скоранька вызвалілася з абдымкаў і спалохана пабегла ў бліжэйшы пад’езд.

— Кашын з кімсьці,— пазнаў Яўген.

Сеўка ледзь трымаўся на нагах. Калі дзяўчына пабегла ад яго, ён, каб не ўпасці, прыпёрся плечуком да слупа і, трымаючыся за яго рукамі, з тупым, бязглуздым выглядам чакаў Яўгена, Кіру і Лёдзю.

— А-а, шанаванне рабочаму класу,— дурасліва павітаўся ён, але рук адпусціць не змог.— Бачылі, мая ўцякла. «Я не такая...» — крычыць. Апасаецца, каб не запляміць добрае імя бацькі. Вынік дамашняй агітацыі і прапаганды... Алё, куды ж вы? Пачакайце, я пакажу вам нешта...

Дзяўчаты паскорылі крок, але Яўген з нечаканай упартасцю прытрымаў іх.

Сеўка пахіснуўся, ледзьве адляпіў ад слупа руку і зняў шапку. Доўгавалосай, некалі шыкарнай шавялюры, якая вылучала яго з другіх, не было. Галава была пастрыжана, нагала, і без шапкі ён стаў зусім непадобны на сябе.

— Новая мода? — непрыхільна спытаўся Яўген.

— Не ўгадаў... Алё, Рая! — раптам гукнуў ён да пад’езда, прымушаючы азірацца прахожых.— Усё роўна Шарупіч цябе пазнаў. Траціць няма чаго.

З пад’езда выйшла заплаканая Рая і, выціраючы хусткаю твар, пачала скардзіцца, унікаючы глядзець на Яўгена:

— Што мне рабіць з ім, дзяўчаты? Ён жа сябе не помніць. Сёння ў ваенкамат выклікалі. Дык вось бачыце — напіўся. Зайшоў потым у цырульню і папрасіў пастрыгчы. Няўжо мне пакінуць яго тут?

— Калі яму ў армію? — памякчэў Яўген.

— Не ведаю. Гэта ён загадзя.

— Як ты з ім сябруеш! — аж перасмыкнулася Кіра і дэманстратыўна пайшла ад ліхтара.

Яўген зрабіў знак Лёдзі і Раі, каб тыя таксама ішлі за ёй, і падышоў да Кашына.

3

Дора ведала, што звоніць дачка. Сабраўшыся як след паўшчуваць яе, яна адамкнула дзверы, але, убачыўшы на лесвічнай пляцоўцы Лёдзю з Яўгенам, палагаднела. Дзімін звечара працаваў у кабінеце. Каб не турбаваць яго, Дора знакам папрасіла Раю не шумець і правяла яе проста ў кухню. Прычыніўшы дзверы, спыталася:

— З Шарупічамі была? Дзе? Бацька некалькі разоў пытаўся пра цябе.

Рая не адказала, зняла разлятайку і працягнула маці.

— Пакладзі пакуль. У шафу павесіш пазней,— сказала Дора, успомніўшы мужавы дакоры, што сваімі клопатамі псуе дачку.— Дзе вы былі да гэтай пары?

Яна чакала, што Рая абавязкова памкнецца пайсці з кухні, і таму тут жа сама сабе парашыла не толькі не пусціць яе нікуды, але і прымусіць нарэшце гаварыць. Аднак Дора памылілася. Трымаючы стомленай рукою разлятайку, Рая паслухмяна глянула на маці і апусцілася на табурэтку.

— Што з табою? — захвалявалася Дора.

— Сеўку, напэўна, забяруць у армію. Напіўся сёння, як зямля. Калі б не Яўген Шарупіч, не ведаю, што і было б... Памог і мяне выручыў...

— Тс-с-с,— зрабіла страшныя вочы Дора і ледзь не заплакала.— Што за няшчасце! Хоць бы нас пашкадавала. Бацька перажывае — даводзіцца вучыць другіх, а ў самога ў сям’і бог ведае што робіцца. А мне як?.. Ты ж абяцала не сябраваць з Кашыным.

— Я не магла іначай. Мы ж раслі разам. Ён таксама чалавек.

— Наўрад. Хутчэй шалапут, які, бунтуючы, не мае ні волі, ні ўмення выявіць сябе ў большым.

Было сапраўды незразумела, як усё гэта магло здарыцца з дачкою, адкуль у яе з’явіліся халодная ўпартасць, жаданне рабіць усё па-свойму, знявага да таго, што здавалася святым.

— Ідзі кладзіся спаць! — загадала яна ў роспачы.— Я не хачу бачыць цябе...

Трэцяга дня да яе на работу завітаў журналіст-з Масквы. Распытаўшыся пра сёе-тое, нечакана паведаміў, што ў Заходняй Германіі, у Коблінцы, ідзе судовы працэс над ваеннымі злачынцамі і ў якасці сведкі выступае нехта Рубэ. Іаган Рубэ.

— Шэф нашага гета? — жахнулася Дора.—Чаму ж сведкам?

Журналіст, быццам дырыжыруючы, памахаў перад сабою рукою.

— Відаць, каб абяліць астатніх...

Яна дала сабе слова не ўспамінаць пра гета: занадта было цяжка. Нават не чытала кніг пра вайну. Але тут здалася. Ужо кепска арыентуючыся сама — так усё там змянілася,— павяла журналіста па калісьці жахлівых вуліцах. І ў яе свядомасці раз за разам усплывалі карціны начных акцый, пагромы, франтаватая постаць Рубэ, яго вузкі твар з бясколернымі, амаль ^міргаючымі вачыма.

Дакладна запісаўшы Дорын расказ, журналіст паехаў, а сэрца ў Доры пачало крываточыць зноў.

Дагэтуль, ахоўваючы спакой мужа, яна старалася браць сямейныя непрыемнасці на сябе — перажывала іх адна. Ведала: Пятро вельмі заняты. Дырэктар у камандзіроўцы, за мяжою. Заводу трэба пераходзіць на сямігадзінны рабочы дзень, але Саўнаргас усяляк адцягвае рашэнне. Нават парушыў ім жа прызначаны тэрмін — першае жніўня. І калі гэта рабіць цяпер самім — адказнасць за ўсё прыйдзецца браць на сябе. Таму Дзімін яшчэ і яшчэ раз аналізуе зводкі, дакладныя, правярае матэрыялы, падрыхтаваныя аддзелам працы і зарплаты. А тут яшчэ адпачкаванне новага завода!.. Але маўчаць зараз было вышэй за яе сілы.

Увайшоўшы ў кабінет, Дора ў нерашучасці спынілася.

Невядома як, але Дзімін адчуў яе прысутнасць, адарваўся ад дакладной і ўзняў на жонку затуманены позірк. Нейкае імгненне не бачыў яе, потым з прыемнасцю пацягнуўся.

— А нядрэнная ўвогуле карціна атрымліваецца.— І ляпнуў далоняй па паперах.— Вось дык мы... дзякуй нам!

— Рая прыйшла,— уздыхнуўшы, паведаміла Дора.

Знаходзячыся ва ўладзе сваіх думак, Дзімін не

звярнуў увагі на яе словы і, як заўжды, калі быў у добрым настроі, пачаў разважаць:

— У Маркса, Дорачка, ёсць адна цудоўная думка.

— Ці адна? — супроць волі ўсміхнулася яна, няздольная загаварыць, пра што намервалася.

— Ён казаў: прыйдзе такі час, калі багацце людзей будзе вымярацца не рабочым часам, а вольным. Не тым, колькі чалавек працуе, а тым, колькі ён адпачывае. Бачыш, як спраўджваецца.

— Значыць, і Маркс думаў аб перагрузцы.

— Але зусім не так, як ты...

— Чаму?

— Паспрабуй назаві мне хоць аднаго лайдака, які быў бы шчаслівы або доўга жыў. Няма такіх лайдакоў у прыродзе.

— Мне, Пятро, усё роўна цяжка глядзець на знясіленых людзей. Мазалі, пот я ненавіджу, як і кроў, боль... І спадарожнік, па-мойму, запусцілі не дарэмна. Не дарэмна расчапілі і атам...

— Рая яшчэ не прыйшла?

Тое, што яны распачалі колішнюю спрэчку і муж пры гэтым успомніў пра Раю, збянтэжыла Дору. Але крывіць душою было немагчыма.

— Рая дома,— сказала яна, стараючыся ўзяць сябе ў рукі.— Ды радасці ад гэтага мала.

— Што там яшчэ? — сярдзіта засапеў Дзімін і адсунуў крэсла.

Згушчаючы ад узрушэння фарбы, Дора пачала расказваць пра дачку, пра Сеўку і сённяшні выпадак.

— Яна, здаецца, нават курыць пачала!..

Ён падняўся, ступіў да яе і наводліў рубануў паветра рукою.

— Ну вось!.. З гэтымі пошукамі сябе, ці як ты там фармулюеш, трэба канчаць. Рана яшчэ, відаць, гэтым займацца. Разумееш? Рана! І толькі праца, няхай самая цяжкая, чорная, можа выратаваць нам дачку. Інакш позна будзе папраўляць. Ты чуеш? Позна!..

— Я таксама чую, тата,— хрыпла прызналася з парога Рая.

Ні Дора, ні Дзімін не заўважылі, што ўвесь час, як яны гутарылі між сабою, яна стаяла ў дзвярах кабінета.

.........

 

«Во субботу, день ненастный...» Не, субота стала адным з найбольш светлых дзён у тыдні. Меней рабочых гадзін. Пярэдадзень выхаднога. Сам рабочы рытм набыў прыўзняты характар. Працуецца спорна, усмак, бо ведаеш — як ні працуй, стаміцца не паспееш. Дый чаканне адпачынку не менш прыемна, чым сам адпачынак. Нягледзячы на сямейныя непрыемнасці, Дзімін прыйшоў у партком з жаданнем дзейнічаць энергічна, рашуча. Не, гэтыя непрыемнасці таксама падганялі яго.

Пераняўшы адданы позірк сакратаркі, ён кіўнуў ёй і, не распранаючыся, накіраваўся да тумбачкі з тэлефонамі. Пазваніў Сасноўскаму, але таго яшчэ не было. Не адкладваючы, набраў ягоны хатні нумар.

— Максім Сцяпанавіч! Загляні па дарозе на хвілінку да мяне,— пазнаўшы пакашліванне Сасноўскага, гукнуў ён у трубку, як гукаюць, калі адчуваюць прыліў сілы.

Сакратарка прынесла пошту. Але Дзімін не сеў праглядаць яе, а захадзіў па кабінеце, ускідваючы галаву і праводзячы рукою па валасах.

Калі паявіўся Сасноўскі і спытаўся, «што за пажар», ён усё яшчэ хадзіў туды-сюды ўздоўж доўгага стала.

— Пажару няма,—не прыняў жартаўлівага тону.— Я пра сямігадзінны хачу пагаварыць. Дакуль мы будзем агінацца?

— Ёсць такая прыказка, Пятро,— міралюбна пачаў Сасноўскі,— сем разоў адмерай...

— Адмяралі. Далей.

— Няхай прыедзе дырэктар.

— А гэта навошта?

— Саўнаргас жа не мыкае і не целіцца.

— Як і мы з табой...

Яны селі за стол адзін супроць аднаго. Ад чырвонага сукна, якім быў накрыты стол, на Дзіміна клаўся чырванаваты водбліск, і твар у яго здаваўся запаленым.

«Чаго ён так хвалюецца? Прыняў рашэнне, ці што?» — падумаў Сасноўскі і спытаўся:

— Можна даведацца аб прычыне такой спешкі?

— Цягнуць далей нельга. Мы ж абяцалі рабочым, і яны працуюць з усіх сіл. Так доўга не можа быць. Веру падарвём.

— Але загад прыйдзецца падпісваць усё-такі Сасноўскаму?

— Вядома.

— А мне зусім не хочацца падстаўляць галаву пад абух, а потым гадаць — апусціцца ён ці не. Каму гэта трэба?

— Я настойваю, Максім Сцяпанавіч.

— Няхай тады партком выносіць рашэнне і абавязвае.

— Каго?

— Мяне. Я пярэчыць не буду. Ва ўсякім разе, калектыўная думка будзе выказана.

— А-а, вунь яно што...

— Прынцыповасць — цудоўная рэч, вядома. Але не ўсім даецца такая прывілея.

— Калі гэта не раней, а цяпер толькі выдумаў — ладна. Няхай. Але дагавор — каб апошні раз.

— Што гэта, пагроза?

Сасноўскі ўспомніў, што ў бытнасць Дзіміна галоўным энергетыкам па яго службе за восем год ні адзін чалавек не быў зголены, ніводзін не атрымаў вымовы. Праўда, сяды-тады, не адчуваючы добразычлівасці да людзей, Дзімін прымушаў сябе быць добразычлівым. Але ўсё роўна Сасноўскаму стала сорамна. Быццам прыпудраны твар у галоўнага інжынера сшэрх, і ён апусціў вочы. Сумненні апошніх дзён нахлынулі на яго.

Даючы яму падумаць, Дзімін устаў з-за стала і зноў захадзіў па кабінеце.

Калі ж нездаволены Сасноўскі пайшоў, пацягнуўся да тэлефона і пазваніў у камітэт камсамола. Разгублена ўсміхаючыся ў трубку, папрасіў:

— Сяргей, не ў службу, а ў дружбу, вызаві Раю. Яна ж у вас на ўліку. Разумееш? І паслухай яе. Можа быць, выдумаеш нешта і наконт Сеўкі Кашына. Ён таксама не вучыцца і не працуе. Давай разам дзейнічаць.

4

 

Кажучы шчыра, Кашын-старэйшы быў рады, што справа выкіроўваецца менавіта так. Сеўка адбіўся ад рук, і з ім цяжка было саўладаць. Дык навошта тады лішні клопат? Сын вырас. Рана ці позна ён пойдзе з сям’і — гэта факт. У яго свой лёс, свае дарогі. Спадзявацца на ўдзячнасць і дапамогу пад старасць усё роўна марна. Сеўка не з тых, хто помніць дабро. Дый не трэба ім з Тацяй ніякай дапамогі. Неяк ужо самі патурбуюцца аб сабе. Так што — гладкай дарогі. Да таго ж армія — наогул найлепшы выхад. Служыць у ёй — пачэсна. Пры выпадку нават можна сказаць: «Сын? У арміі, ахоўвае рубяжы». А вернецца — любая работа ці інстытут да яго паслуг. Дэмабілізаваных паважаюць і любяць. Калі ж і пасля не здолее пабудаваць жыццё як след, няхай наракае на самога сябе — к дарослым нянек не прыстаўляюць.

Прымірылася з гэтым і Тацяна Цімафееўна. Бясконцыя непрыемнасці, што прыносіў Сеўка, стамлялі яе, ускладнялі жыццё. За яго было сорамна перад знаёмымі. Чуткі пра Севіны прыгоды ўжо дайшлі да парткома. І калі Дзімін не дае пакуль справе ходу, дык, мусіць, толькі таму, што ў іх замешана Рая, якая, дарэчы, паступіла на завод табельшчыцаю. Таму ўсё гэта да пары. Тым больш Дзімін ужо недвухсэнсоўна папярэджваў Кашына. А за размовамі і папярэджаннямі, калі яны паўтараюцца, непазбежна ідзе нешта большае. Не хапала яшчэ, каб пасля ўсяго, што было, на галаву Мікіту Мікітавічу звалілася Севіна справа.

У дзень яго ад’езду ўсталі рана. І хоць Тацяна Цімафееўна рыхтавалася да ад’езду сына загадзя, выявілася, што забыліся ўпакаваць чамадан. Прыйшлося збірацца наспех.

У позве дакладна было ўказана, што Сеўка павінен узяць з сабою. Але Тацяна Цімафееўна, адчуваючы віну перад сынам і ніяк не могучы згадзіцца, што яму так мала трэба, пачала пхаць у чамадан бялізну, гальштукі, шкарпэткі, пакуначкі з дамашняй ежаю. Яна нават прынесла новы, пашыты к майскім святам касцюм. Аднак Сеўка, які назіраў за ёй, здзекліва засмяяўся, і маці, пакрыўджаная, застыла над расчыненым чамаданам, трымаючы касцюм ля грудзей.

Нарэшце чамадан напакавалі і моўчкі селі за стол.

Елі, не адрываючы Еачэй ад талерак, пакуль Тацяна Цімафееўна не ўсхліпнула неяк па-дзіцячы, захліпіста і не закрыла далоняй вочы. Поўны падбародак яе задрыжаў, і з-пад далоні па шчоках пацяклі слёзы.

— Каго мы хаваем? — роспачліва прамармытала яна.

Кашын зайграў жаўлакамі.

— Мяне,— сказаў Сеўка.— Не бойся, мама, мяне... У людзей, мама, тры клопаты: сябе захаваць, працаваць меней і болей атрымліваць. Ды яшчэ хіба слава... Так што нармальна ўсё...

— Ты яшчэ здзекуешся, шчанё! — прарвала Кашына, але ён стрымаўся і пачаў есці.— Давайце хутчэй!..

Ён спяшаўся на завод (сённяшні дзень быў вельмі важны) і таму мог правесці сына толькі да аўтобуснага прыпынку.

Узяўшы чамадан, Кашын выйшаў з дому першы, аднак, скеміўшы, што можа сустрэцца са знаёмымі, пачакаў жонку, Сеўку і пайшоў з імі побач.

— Спадзяюся, вернешся адтуль чалавекам,— пайшоў ён на прымірэнне.— Глядзі! З арміі адна дарога — у людзі. І на гэта няшмат трэба. Слухайся старшых і выконвай статут.

Развітваючыся, Сеўка нехаця падставіў яму шчаку, хуценька ўзяў чамадан і палез за маці ў аўтобус.

На завод Кашын прыйшоў з адчуваннем: нешта змянілася да лепшага і можна дзейнічаць смялей. Пасля пасяджэння бюро ён пазбягаў сустракацца з Шарупічам. Цяпер жа, абходзячы цэх, незалежна прайшоў паўз плавільную печ і з годнасцю адсалютаваў рукою. У тым, што праграма сёння будзе выканана, таксама не сумняваўся: цэх ужо некалькі тыдняў працаваў па графіку сямігадзіннага дня.

Але Кашыну зараз патрэбен быў не звычайны поспех. Няважна, што ў гэтай падрыхтоўцы першая скрыпка належала не яму і многае рабілася насуперак яго волі. Цэх узначальваў ён, і мерапрыемствы, падказаныя Сасноўскім, Дзімінай, прапанаваныя рабочымі, інжынерамі на вытворчых нарадах і ў анкетах, зацвярджаў тэхнічны савет пад яго старшынствам. Значыць, поспех цэха будзе ў першую чаргу ягоным поспехам, і, калі ў дырэктарскім загадзе або іншым дакуменце адзначаць ліцейны, у дужках абавязкова

паставяць яго прозвішча. Апрача таго, Кашын прывык паказваць сябе, любіў быць навідавоку, красавацца.

«Напампаваўшы» Аляксеева, ён востра пагаварыў з начальнікамі ўчасткаў і, выбраўшы месца каля крайняй вагранкі, адкуль яго можна было бачыць з плавільнага, фармовачнага і стрыжнёвага аддзяленняў, прастаяў там з закладзенымі за спіну рукамі, пакуль не прагудзеў гудок.

Дамоў ён вярнуўся задаволены. Ключы ў яго заўжды былі з сабою, і ён паціху адамкнуўшы дзверы, на пальчыках прайшоў у сталовую.

— Віншуй, Таця! — наскочыў ён нечакана.— Сто сорак восем працэнтаў, як лёду... А што з Сеўкам?

Тацяна Цімафееўна ў халаце і ў тапцях ляжала на тахце і курыла. Побач стаяла попельніца — фарфоравы заяц, які грызе капусны ліст.

— Яны пакуль што будуць недзе пад Мінскам,— уздрыгнуўшы пры яго словах, адказала яна.

— Ну што ж, мусіць, так для справы трэба,— падсеў Кашын да яе.

— Пасля каранціну, кажуць, пашлюць на край свету. У Сібір, здаецца.

— Ну што ж, мусіць, і гэта няблага.

Ён паўсядзеў колькі хвілін, нібыта прыслухоўваючыся да сябе. І таму, што сына не было, што той не мог прыйсці, мацней адчуў жончыну блізкасць, цеплыню яе цела.

— Адзін Сева паехаў,— соладка пацягнуўся ён,— а здаецца — паехала дзесяць чалавек. Бач, як стала прасторна ў кватэры!

Яна не запярэчыла яму, ткнула папяроску ў попельніцу і паставіла яе на падлогу. Разумеючы, чаго муж чакае ад яе, узяла яго руку і пацалавала ў далонь.

— Цяпер мы адны...

Падсунуўшы руку пад спіну Тацяне Цімафееўне, Кашын абняў яе поўны стан і прыцягнуў да сябе.

5

Пасля работы, паабедаўшы, Міхал любіў пачытаць газеты і прылегчы на паўгадзінкі. Але сёння неспакойнае пачуццё, якое астаецца пасля вялікіх падзей, якіх чакаеш, не дало яму адпачыць. Ён узяўся быў майстраваць ларэц, матэрыял на які даўно нарыхтаваў ды не вытрываў і тут: праца вымагала немагчымай цяпер павольнасці і ўвагі.

— Глядзі, што вольная гадзіна з чалавекам робіць,— нібыта просячы прабачэння, сказаў ён Арыне, якая сядзела каля акна і цыравала шкарпэткі.— Паверыш, маці, нават трывожна неяк.

Калі Арына вышывала, шыла, цыравала, засяроджаны твар у яе свяціўся спакоем. Адчувалася: яна адпачывае душою.

Цені клаліся мякка, рысы тонка акрэсліваліся, і больш чым калі ўгадвалася былая краса.

— Гудок,— адчуў патрэбу перадаць ёй свой настрой Міхал,— і той інакшае значэнне набыў. Слухацца, як закону, сталі. Час падаражэў. Майстры і тыя загадзя прыйшлі. Калі якая замінка здаралася — уга! Ні таварышу, ні начальству не спускалі. Мо пройдзем куды-небудзь, маці?

Яна зірнула на яго і ўсміхнулася, як малому:

— Пойдзем, калі хочаш...

Ён падышоў да Арыны.

— Колькі мы жывём з табой?

— Многа. Неўзабаве сярэбранае вяселле давядзецца гуляць.

— Здорава! Пераапранацца будзеш? Дык давай хутчэй. Я таксама другі касцюм надзену.

Але пайсці ім не давялося. Завітаў Дзімін. Арына, як заўсёды, калі прыходзілі госці, замітусілася. Апошні час Дзімін не часта заходзіў да іх, таму хваляваўся і Міхал.

— Мо чайку згатаваць?

— Для канспірацыі хіба, па-колішняму,— пажартаваў Дзімін.

Мужчыны селі да стала. Закурылі. Па тым, як Дзімін садзіўся, як, не спяшаючыся, закурыў, Міхал здагадаўся: завітаў так сабе, бо захацелася завітаць.

— Спра-авы, Пятро! — усцешна прамовіў ён, каб паказаць Дзіміну, што задаволены яго прыходам і мае шмат чаго сказаць яму.— І што за праява? Тэрмаабрубнае заўсёды трасца калаціла. А тут людзей скарацілі, на гадзіну працавалі меней, а бач ты... У чым сакрэт?

— У ар-га-ні-за-цыі, Міхале. Бачыш, якое слова ёмістае. У нас жа дагэтуль усё больш на магутнасці ды вытворчыя плошчы націскалі. А што яны значаць без разумнай арганізацыі? Мінулі часы, калі валындаліся, як няўмекі, завод вучэбным камбінатам быў. Памятаеш першыя самазвалы? А цяпер? Тэхніка што трэба, спецыялісты ёсць. Можам нават падзяліцца з другімі. А вось пра арганізацыю вытворчасці мала думаем.

— Сёння зноў за абедзенны перапынак у сталоўцы не ўсе паспелі паесці. Добра, што такі дзень,— махнулі рукою.— А то зноў прастой.

Міхал не заўважыў, як думкі яго пайшлі ў новым кірунку, і яго ўжо не задавальняла то адно, то другое. Ён сердаваў, абураўся, прыстукваў далоняй па стале.

Яны гаварылі, забыўшыся на чай, што прынесла Арына, і развіталіся толькі, калі пазваніла Рая і сказала : бацьку выклікае па тэлефоне Кавалеўскі.

Міхал з Арынай выйшлі на вуліцу. У нерашучасці пастаялі ля пад’езда і паволі, нібыта моўчкі дамовіўшыся, падаліся да заводскага парку.

Змяркалася. Была тая шарая гадзінка, калі электрычныя ліхтары яшчэ не гараць, а машыны ўжо ідуць з запаленымі падфарнікамі. У гэты час ва ўсім ёсць нешта зданёвае. Ліпы на бульвары, ліхтары ўздоўж

выразна і здаваліся вышэйшымі. Аўтамашыны ішлі асцярожна, быццам абмацваючы сваім скупым святлом асфальт. Свежая траншэя, выкапаная ўздоўж процілеглага боку вуліцы, таксама выглядала незвычайна і таямніча.

— Хутка і да нас газ прыйдзе,— сказала Арына, ведаючы, што гэта будзе прыемна мужу.— Некаторыя гаспадыні пліткі ўжо купляюць.

Загарэліся ліхтары, і ўсё адразу змянілася, стала звыклым. У гэты час нехта абняў іх ззаду і гукнуў у самае вуха:

— Ага, папаліся!

Арына ўздрыгнула і адступілася, хоць ведала: гэта — Лёдзя, якая мела дурную прывычку вось так, знянацку палохаць іх, а потым смяяцца, упэўненая, што ёй даруюць, а часам і пасмяюцца самі.

— Зноў дурэеш,— сярдзіта пачаў выгаворваць Міхал.— Я;с адвучыць цябе? Бачыш, маці спалохалася? Тфу!

— Вы куды, у магазін? — не надала Лёдзя значэння яго словам.— Вазьміце мяне.

Падхапіўшы маці і бацьку пад рукі, падладжваючыся, каб патрапіць у нагу, яна закрочыла, ківаючы галавою.

— Кіра прастудзілася, болькі ў яе паселі. І тут, і тут, і тут,— паказала яна пальцам на сваім твары.

— Божа мой, і паказвае яшчэ! — спалохана ўсклікнула Арына.— Перастань зараз жа!

Міхал засмяяўся.

— Вы куды? — зноў пацікавілася Лёдзя, разумеючы, што бацька ў тым велікадушным настроі, калі хочацца рабіць харошае.— За салодзенькім?

І сапраўды, у Міхала, калі ён вось так хадзіў з дачкою, звычайна абуджалася нейкая асаблівая любасць, жаданне чым-небудзь пацешыць яе. Завярнуўшы ў булачную, ён купіў дачцэ пірожнае. Махнуў рукою:

— Ладна, гэта табе ў гонар сямігадзіннага. Ласуйся...

У булачнай было светла, і, калі вярнуліся на вуліцу, здалося, што там пацямнела. Лёдзя зноў узяла бацькоў пад рукі, але, дайшоўшы да рога вуліцы, раптам спынілася, пусціла іх і рванулася да хлопца, які перайшоў вуліцу. Хлопец быў без шапкі, у камбінезоне, з рукзаком за плячыма, з плашчом на руцэ. Крочыў ён неяк дзіўна — быццам трапіў сюды ўпершыню, разпораз спыняўся, пазіраў на бакі і ўсё нешта разглядаў. Лёдзя дагнала яго і, закрыўшы далонямі вочы, павісла на яго спіне.

— Дачка! — крыкнуў Міхал, не ведаючы, як і разумець яе.

Але яна ўжо цягнула да іх хлопца, які паслухмяна дыбаў услед.

— Мама, гэта ж Юра!.. Тата, глядзі, хто прыехаў!.. Ён і дамоў не даў тэлеграмы... Ішоў, кажа, пад наш дом, каб паглядзець на вокны. Мама, вы чуеце?

Нават у няяркім вулічным святле было відаць, як схуднеў і пасталеў Юра. А можа, гэта толькі здавалася, таму што ён быў няголены. Але адно аставалася бясспрэчным — Юра вырас і ўвесь жыў тым, што ён дома, што бачыць Лёдзю, Шарупічаў.

6

Усе спалі, калі Юра пазваніў ля сваіх дзвярэй. Але, як толькі пачуўся званок, вокны ў доме адразу засвяціліся, быццам яго чакалі. Вера сама адчыніла дзверы, заахкала і тут жа загадала работніцы рыхтаваць ванну. Цалуючы Юру, гідліва моршчылася і трапятала ад радасці. У паласатай піжаме, з добрым, памятым ад сну тварам, выйшаў са спальні Сасноўскі. У доўгіх начных сарочках, у тапцях набасанож, прыбеглі Соня з Леначкаю. Яны заляскалі ў далоні, павіслі ў брата на шыі, а потым адабралі рукзак, плашч і ўрачыста, як каштоўныя рэчы, панеслі ў кухню.

Калі Юра памыўся і, пераапрануты ў чыстае, прыйшоў у сталовую, усе ўжо сядзелі за прыбраным па-святочнаму сталом.

— Ай! — спалохана здзівілася Леначка, быццам убачыла брата ўпершыню.

Змахнуўшы слязінкі, Вера пачала, як госцю, падкладаць яму смакату.

— Ну, расказвай, Юрок,— тым часам прасіла яна, робячы намаганні, каб не заплакаць.

Прагна жуючы і ўсміхаючыся, Юра стаў успамінаць перажытае, бачанае. І са слоў яго вынікала, што не было яшчэ ў яго жыцці больш цікавай пары, чым гэтая — паездка на цаліну. Юрын расказ чамусьці крыўдзіў Веру, але яна маўчала і слухала, спадзеючыся, што сын прагаворыцца і яна даведаецца пра нейкія новыя сакрэты і таямніцы, пра якія ёй абавязкова трэба ведаць, каб адхіліць чарговую небяспеку.

— Удзень спёка,— захоплена гаварыў Юра, дабіраючыся да салодкага,— а ноччу холад, бр-р! Некаторыя з нашых спрабавалі нават бегаць вакол палатак. Вясёлая карцінка, праўда? Два апошнія дні не ўмываліся і не галіліся — рашылі перад ад’ездам гэта як след зрабіць, з мылам і мачалкаю...

— Ай, Юрачка! — гэтым разам захоплена здзівілася Соня.

— Усе пахудзелі, сталі тонкія-звонкія. А ў апошнюю ноч, як дзікуны, весяліліся. Прынеслі з будоўлі абрэзкі дошак, вядро саляркі. Расклалі агонь. Спалілі ўсе старыя шкарпэткі, чаравікі, кашулі. Во ілюмінацыя была!.. А пасля надзьмулі камеру ад мяча, аблілі саляркай, запалілі і гулялі ў футбол... Здорава выйшла!..

— Ты хоць сумаваў па нас? — спыталася Вера і прыкусіла губу.

— Сумаваў, вядома...

Ён праспаў да вечара наступнага дня. Але, калі пачало цямнець, падхапіўся, як па камандзе, хуценька апрануўся, пагаліўся, перакусіў і грукнуў дзвярыма.

З Лёдзяй яны дамовіліся спаткацца каля універмага. Юру несла нібы ветрам. Задыханы, ён прыбег на ўмоўленае месца і спачатку нават не ўбачыў Лёдзі. А калі ўбачыў, аслупянеў: дзяўчына чакала яго з Цімохам і, заўважыўшы, борзда пайшла насустрач.

— Ты спазніўся,— сказала яна.— Мы сабраліся ўжо ісці.

— Як ты сустрэлася з ім? — шэптам спытаўся Юра.

— Ціма быў у нас. Я папрасіла, каб ён праводзіў мяне.

Яна не рабіла з гэтага сакрэту і прамовіла, можа, нават назнарок голасна, каб пачуў і Цімох. Наогул яе, відаць, забаўляла Юрава рэўнасць, а яшчэ больш тое, што Цімох адразу неяк панік. Дзяўчаты часта абыякавы да перажыванняў трэцяга лішняга. Часам ім падабаецца, што праз іх нехта пакутуе. Лёдзя ж, здавалася, цешылася з усяго гэтага.

— Нам, Ціма, направа,— стаўшы поруч з Юрам, паказала яна на заводскі парк.— Заходзь заўтра, Яўген, пэўна, будзе дома.

Нешта радаснае ўзнялося ў Юравых грудзях, але тут жа апала. Яму раптам зрабілася сорамна перад Цімохам за сваю перамогу, за сваё шчасце, за Лёдзіну непрымірымую шчырасць. І, не падазраючы, што гэта велікадушнасць пераможцы, якая яшчэ больш абражае, чым жорсткая шчырасць, ён прапанаваў:

— А мо пойдзеш з намі? Хадзем.

Лёдзя здзіўлена стрэльнула ў яго позіркам. Паправіла берэт і сабралася ісці адна.

— Прабач...— запнуўся Юра, працягваючы Цімоху руку.

— Дурны! — пачырванеў той і ледзь не пабег ад іх.

Яны сачылі за ім, пакуль ён не згубіўся сярод прахожых, а калі знік, нечакана засмяяліся. Смяяліся не з Цімоха, не з Юравага донкіхоцтва, а проста ад радасці, ад вялікага, як свет, адчутага шчасця.

— Мне вельмі не хапала цябе там,— прызнаўся Юра, здаволены сабой.— Хадзем адсюль. Бачыш, так і цікуюць,— кіўнуў ён на апранутыя з іголачкі манекены ў вітрыне універмага.— Я нудзіўся, Лёдзя! А тут, як на тое, жураўлі. Ляцяць і ляцяць, як у нас, касякамі... І пакаці-поле. Навокал пабурэла ўсё, а яно коціцца, коціцца, невядома куды і чаго. Паверыш, мы бачылі нават паўночнае ззянне. Як на краі свету...

Юра ўспомніў, што расказваў дома, і амаль даслоўна паўтарыў усё. Яму самому падабаўся расказ, асабліва, як пасаваліся вогненным мячом, і ён некалькі разоў паўтарыў: «Аблілі камеру саляркай, запалілі і, пакуль не лопнула, ганялі ў футбол. Сіла! Але не было цябе...»

Ім хацелася пабыць адным, але ўсюды гулялі людзі. Былі яны і ў парку — сядзелі ў альтанках, на лавачках, шпацыравалі па алеях і проста паміж соснаў. Нарэшце Юру з Лёдзяй пашанцавала ў дальнім кутку знайсці незанятую лавачку. Але і там не было спакойна, і кожны раз, калі хто-небудзь праходзіў міма, яны баяліся, што да іх падсядуць.

Над галавою паціху гаманілі сосны. Часам яны парыпвалі, як у лесе. Да вуліцы адсюль было бліжэй, чым да завода. За цёмнымі стваламі соснаў відзён быў двайны ланцужок электраліхтароў, мільгалі аўтамашыны. Але завод адчуваўся выразна. Яго подых дамешваўся да паху нагрэтай за дзень сасновай кары, смалы-жывіцы. Далятаў сюды і яго гул, падземны, несціханы.

Лёдзя не перапыняла Юру, хоць таксама карцела расказаць пра сваё.

— Добра, што мы памірыліся там, на таварнай,— выбрала яна момант, калі Юра крыху ўтаймаваўся.— А то невядома, чым бы і скончылася. І так нялёгка, а тут яшчэ сварка...

— Ці ж я ведаў?

— А я цябе з думак не спускала. І працуючы, і здаючы экзамены, і калі першы раз на лекцыі пайшла. Кіра злуе, а я смяюся. Вельмі ж хочацца шчаслівай быць. Разумееш? Я ж цяпер, Юра, як-ніяк фармоўшчыца. Студэнтка і фармоўшчыца. Гэта не проста, не думай! Як раней было? Стаю ля машыны, і аб адным клопат — каб хоць яна працавала і ўсё рабіла як след. Не паверыш — упрошвала яе ў думках. Загадвала сама сабе: будзе штосьці гэтак, а не інакш — значыць, добра, не — значыць, закапрызнічае яна або нешта сапсуецца. А цяпер ведаю — не я да яе прыстаўлена, а яна да мяне. Ты думаеш, што гэта проста? Так?

Лёдзя не скардзілася, а намагалася растлумачыць, што перажыла, хацела, каб Юра зразумеў і паспачуваў ей. Яна цягнулася да яго, жадала ягонай ласкі.

Няясна разумеючы Лёдзю, але адчуваючы яе парыванне, Юра прыгарнуў дзяўчыну да сябе. Прагнучы як мага бліжэй адчуць яе, ён то схіляў галаву і прыпадаў шчакою да Лёдзіных грудзей, то, як сляпы, шукаў яе вуснаў. А яна, поўная дабраты і любасці, бадай што, як дарослая жанчына, кудлаціла яго валасы і дазваляла абдымаць і цалаваць сябе.

 

РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
1

Праз колькі год аўтагарадок злучыцца з Мінскам. Чыгунка, што перасякае Магілёўскую шашу — галоўную вуліцу пасёлка, мусіць, пройдзе пад ёй або паднімецца на віядук. Шматпавярховыя дамы закрыюць узгоркаватае поле, хвойнічак, складскія будынкі, і прастора не будзе ўрывацца сюды. Але і тады, стаўшы заводскім раёнам горада, гэты куток захавае свой воблік і своеасаблівасць.

Ужо цяпер у ім такія ж, як і ў цэнтры, бульвары, ліпавыя прысады і электрычныя ліхтары, такія ж магазіны і святочныя вітрыны ў іх, цырульні, атэлье, ашчадкасы са знаёмымі зялёнымі шыльдамі. Гэтак жа звініць і сыпле блакітныя іскры трамвай, ходзяць крэмавыя з сінімі палосамі тралейбусы, на прыпынках чакаюць іх людзі, якія ніяк не прывыкнуць стаяць уздоўж тратуара. Няхай! Але гэтую своеасаблівасць, непаўторнасць жывіць і заўсёды будзе жывіць завод. Яго гул, дыханне будуць адчувацца і заўтра і праз дзесяць гадоў. Усяму-ўсяму тут ён будзе навязваць свой рытм. Па яго волі будуць пусцець або мнагалюдзець вуліцы, ён вызначыць гадзіны «пік».

Вуліца — гэта не толькі дамы, дрэвы, асфальт, а і людзі. Прыгледзьцеся, як шпацыруе аўтазаводская моладзь на бульварах, як аўтазаводцы пераходзяць вуліцу, адпачываюць у скверы, як купляюць у ларку папяросы, п’юць газіраваную ваду — усё гэта яны робяць па-свойму, трошкі развязна, з годнасцю, з вераю ў сябе. Цяжка азначыць гэта словам. Але, хутчэй за

ўсё, своеасаблівасць гэтага кутка Мінска тоіцца ў прастаце, у натуральнасці яго побыту, у залежнасці яго ад аднаго — ад завода.

Відаць, за гэта — роднае, заводскае — і любіў Пятро Дзімін аўтагарадок. Тут дыхалася, хадзілася неяк вальней, лягчэй было быць самім сабою. Тут прыкметай кіпела жыццё, было відаць, куды яно імкне і якім неўзабаве будзе.

Калі Дзімін праходзіў па знаёмых вуліцах, яго часта апаноўваў роздум. Не так ужо даўно тут быў неаглядны глухі бор. Сюды з горада хадзілі ў грыбы, у суніцы. Бліжэй пад Мінск стаялі тры славутыя карчмы. Памяць пра іх жыве і цяпер.

У кірмашовыя і базарныя дні, асабліва ўзімку, з навакольных вёсак у горад цягнуліся абозы. Везлі свіней, масла, мёд, муку, яйкі. Шкадуючы коней, сяляне ішлі побач з вазамі, курылі, ляскалі пугамі, надрыўна пануквалі: «Ны-ы!» Назад вярталіся ўжо ўлегцы па дзветры падводы. Спыняліся ля якой-небудзь карчмы, грэліся, з радасці ці з нягоды выпівалі і прыцемкам ехалі далей. У бары цверазелі ад страху, узіраючыся на бакі, няшчадна хвасталі коней: ён меў благую славу. І не адзін кірмашовец — наведвальнік корчмаў — склаў тут галаву, і не адзін кучаравы ад поту конік трушком прыбягаў у сваю вёску без гаспадара, з калёсамі або санямі, залітымі крывёю.

Ад бору, як напамінак, асталіся толькі сасновы парк ды сям-там на бульварах нечаканыя, страціўшыя на прыволлі стройнасць, з усохшым суччам хвоі...

Але нейкі час, калі ўжо быў і завод і аўтагарадок, усё яшчэ не верылася, што гэта тут назаўсёды. Не верылася, пакуль Дзімін не ўбачыў, як везлі хаваць нябожчыка. Дзіўна, але так: навек абжыта толькі тое, дзе паміраюць і нараджаюцца людзі. Перадгісторыю завода пачалі партызаны і моладзь, што рушыла сюды па закліку ЦК камсамола. Але гісторыя завода, як здавалася цяпер Дзіміну, пачыналася з другога — з першага вяселля ў інтэрнаце аўтагарадка, з першых народзін патомнага аўтазаводца. І калі быць справядлівым, дык у аналы гісторыі трэба заносіць не толькі дзень, калі з заводскіх варот выйшаў яго першынец, але і гэтыя дні. Бо людзі — і творцы гісторыі і сама гісторыя.

Папярэдняе жыццё не зрабіла Дзіміна чуллівым.

Нават турботы, хваляванні Доры, яе складаныя адносіны з мінулым неяк праходзілі міма яго. Але калі Дзімін думаў пра тое, што перажылі і зрабілі аўтазаводцы, сэрца ў яго мякчэла. Хацелася служыць ім, рабіць усё, каб кожны іх наступны дзень быў лепшы за пражыты, каб самі яны рабіліся лепшымі. Асабліва цяпер, калі яны з такой сілаю пацягнуліся да новага.

Учора газеты апублікавалі паведамленне аб Пленуме Цэнтральнага Камітэта і тэзісы даклада на будучым з’ездзе. Раздзел «Развіццё сацыялістычнай прамысловасці» Дзімін прачытаў залпам. Узнікла патрэба падзяліцца думкамі з другімі, паслухаць. Ён пазваніў старшыні заўкома, Сасноўскаму і доўга размаўляў з імі, чытаючы ў трубку цэлыя абзацы. Усе падзялялі яго настрой, але, як здавалася, больш гаварылі пра краіну, яе месца ў свеце і мала пра людзей, якія павінны былі выконваць планы. У тэзісах жа, на думку Дзіміна, гэта было галоўнае. Таму так і думалася пра завод, гарадок, аўтазаводцаў.

Дзімін падыходзіў ужо да парткома, калі яго дагнаў лімузін галоўнага інжынера.

— Прывітанне! — выйшаўшы з машыны, павітаўся Сасноўскі.— Ты да сябе, Пятро Сямёнавіч? Спяшаешся?

Дзіміну сапраўды трэба было ў партком, але рупіла пагаварыць, і яны рушылі ўслед за машынаю.

— Што скажаш? А? — спытаўся Дзімін, з цікаўнасцю назіраючы за Сасноўскім.

— Нядрэнна... А галоўнае, задача ясная... І калі не хочам, каб білі, прыйдзецца зноў круціцца.

— Ну, будуць біць ці не — гэта ўжо дзесятая справа. Толькі б сваё выканаць.

— Усё-такі... Любяць яшчэ некаторыя практыкавацца на другіх.

— У славакаў наконт гэтага крылатыя словы ёсць. Ворагаў не бойся! Колькі іх — не лічы! Або яшчэ: ваюй і шукай, знайшоў — адстойвай.

— Смела...

За аўтамашынаю яны ўвайшлі на тэрыторыю завода.

На галоўным корпусе рабочыя ўстанаўлівалі вялізныя, большыя за свой рост, літары — вітанне з’езду.

Прачытаўшы лозунг, Дзімін ажывіўся і хітра пачухаў падбародак.

— А смеласць нам, дарэчы, ох як цяпер прыдасца!

— Яе ў нас і так хоць адбаўляй.

— Гледзячы ў якіх выпадках. Калі абараняемся — правільна, дужа смелыя...

З прыёмнай галоўнага інжынера Дзімін пазваніў у партком, папярэдзіў машыністку, каб, калі будзе што пільнае, шукала яго на заводзе.

Пабываўшы на галоўным канвееры, у эксперыментальным, рашыў заглянуць у ліцейны.

Кашын, які ўсё больш пераконваўся, што сакратар парткома недалюблівае яго, сустрэў Дзіміна насцярожана.

— Канешне, вітаю! Давядзецца закасаць рукавы і націскаць,— падхаліміста, але з пафасам сказаў ён, бачачы ў Дзіміных словах нейкі падкоп.— Нам не ўпершыню!

— Сапраўднае спаборніцтва патрэбна...

Гэтыя словы ўмацавалі Кашына ў яго падазрэнні. Завод ужо тры гады трымаў пераходны Чырвоны сцяг Савета прафсаюзаў, але ў ліцейным спаборніцтва ледзь тлела, хоць заключаліся сацумовы, браліся абавязацельствы. Ажыўленне адчувалася хіба ў перадсвяточныя дні або напярэдадні знамянальных падзей. Прычын было многа. Але адной з іх з’яўлялася тое, што Кашын да спаборніцтва ставіўся скептычна. Як да забаўкі, якую нельга ігнараваць адкрыта, бо там, наверсе, яе лічаць патрэбнай і важнай. А калі лічаць, дык няхай так і будзе. Пра гэта ён, вядома, нікому не гаварыў, але яго адносіны само сабою перадаваліся другім. Каб не было надзеі, што цэх атрымае прэмію, Кашын не хадзіў бы нават на пасяджэнні заўкома, дзе падводзіліся вынікі спаборніцтва. А калі ж прысутнічаў і выступаў, дык быццам цераз сілу, прыводзячы ў прыклад усё адных і тых жа рабочых.

— Можна і спаборніцтва,— паабяцаў ён.

— Як Аляксееў? Нічога новага не выдумаў яшчэ? — пацікавіўся Дзімін, разумеючы, чаму Кашын сумеўся, і свядома бударажачы яго.

— Пакуль што не. П'е замнога, хлюпік!

— Шкада. Адбілі ахвоту ў чалавека. А Комлік?

— Зноў паставіў брыгадзірам.

— Адкуль такая літасць раптам? Ці не зарана? Няхай бы перажыў як след.

Кашын хацеў быў зазлаваць, але нечакана пачаў выдыгаць:

— Але ж ён работнік, Пётр Сямёнавіч. Мала хто роўны яму.

— Не такі ўжо і работнік. За ўласным домам і свету не бачыць. Вельмі па-свойму клопаты аб чалавеку зразумеў...

У пачатку абедзеннага перапынку Дзімін падышоў да брыгады Пракопа Свірына. Падумаў, што і хадзіў па цэхах — быццам шукаў якраз іх. Сеўшы на апоку, якую фартухом заслала Кіра, прапанаваў пачытаць тэзісы.

Навокал сталі збірацца рабочыя.

2

Часам у чалавеку адбываецца нешта падобнае да ланцуговай рэакцыі. Абуджаны ў нечым адным, ён прагне дзейнасці і ў другім: хочацца пажыць паўней.

У суботу, пасля работы, Міхал з Дзіміным не ўтрымаліся і рашылі з’ездзіць на паляванне — хоць бы недалёка і ненадоўга.

Прагаласаваўшы каля Палаца будаўнікоў, улезлі ў кузаў палутаркі і пакацілі. Апрануліся па-паляўнічаму — у ватоўкі, таму, калі выехалі ў поле, паставілі каўняры пінжакоў і, седзячы спінамі да кабіны, прытуліліся адзін да аднаго. Але ехаць было прыемна: свяціла сонца, далі былі па-асенняму чыстыя, хвойнічку пералескі, бярозавыя прысады абапал шашы здаваліся надзвычай мілымі.

Ля Трасцянца, на ўзгорку, маячыў шэры строгі абеліск — помнік ахвярам Трасцянецкага лагера смерці. Але і ён прыцягнуў увагу і засмуціў хіба на хвіліну — так многа навокал было святла, прастору, колькі ім не часта даводзілася бачыць. У Міхала абудзілася нават здзіўленне: як гэта так — прайшло лета, праходзіць і восень, а ён бадай што і не заўважаў змен? Калі гэта апусцела і пабурэла поле? Калі паспела зарунець жыта, а бярэзнік набыў чырванаваты колер? Прагна ўдыхаючы ядранае паветра, Міхал паглядаў на бакі. І вельмі прыемна было ехаць і вось так глядзець.

— Адарваліся мы, брат ты мой, ад прыроды,— нарэшце сказаў ён.

— Сапраўды,— згадзіўся Дзімін, але загаварыў пра іншае.— Цяжка, Міхале, увесь час жыць дзеля другіх. Настаўляеш, настаўляеш... Сам сабе сумным робішся.

— Во гэта і значыць: прыроду забыць. А ты болей сабою будзь. Далібог...

На дзевятнаццатым кіламетры яны пастукалі па кабіне, даючы шафёру знак, каб спыніўся, і гравійкаю, таксама з бярозавымі прысадамі, закрочылі да лесу.

Восень у гэтым годзе зацягнулася, лістапад быў позні. Шолах, які панаваў у лесе, палохаў зайцоў. Падаючы, лісце шоргалася аб галінкі, з шамаценнем краналася зямлі, і гэта здавалася зайцам страшным. Каб засцерагчыся ад якога-небудзь ліха, яны пакінулі лес і шукалі схованак на пожнях, на высеках, у ельніку.

Дамовіліся пайсці ўздоўж балота, парослага лазою, бярозкамі, скарлавацелымі сасонкамі. За імі віднеліся поле, хмызняк, яшчэ далей — бурыя ўзгоркі і сіні зубчасты бор на гарызонце. На паляванні Дзімін хваляваўся, зайздросціў, калі шанцавала другім, і ўсё стараўся быць наперадзе. Так сталася і цяпер: ён адштурхнуў Міхала ад сябе, зняў з пляча дубальтоўку і, пераскокваючы цераз ямкі, рушыў уздоўж балота.

Міхал правёў позіркам яго рухавую, мала знаёмую ў ватніку постаць і, не крыўдуючы, падумаў: «Не церпіце? Ну што ж, бяжы, бяжы!» Зарадзіўшы бярданку, ён паправіў патранташ і паволі пашкробаў правей, проста па раллі. Але калі грымнуў стрэл, сэрца ў яго ёкнула, і ён пабег, пакуль не ўбачыў у лагчынцы Дзіміна. Па тым, як той шкроб патыліцу, здагадаўся, што Дзімін прамазаў, аднак пайшоў ужо, як на спружынах, пільна ўглядаючыся перад сабою.

Раптам зусім блізка, у разоры, дзе, аручы, трактар узяў крыху глыбей і захапіў жаўтапесак, Міхал убачыў зайца. Наставіўшы доўгія вушы, сцяўшыся ў шэры камячок, каб скочыць у любы міг, той глядзеў на яго круглымі зеленавата-жоўтымі вачыма. Не, нават не на яго, а на Міхалавы рукі, на бярданку і быццам заклінаў збочыць, а галоўнае — не рабіць рухаў рукамі. Косыя заечыя вочы малілі, застыўшы ў страху і ў надзеі, то святлеючы, то цямнеючы.

Заяц здаўся ручным, падобным на зайчаня, якое некалі расло ў іх дома і было ўсеагульным любімцам. На волю яго летась выпускалі Яўген з Лёдзяй і потым, захліпваючыся, расказвалі, як зайчаня ўпарта не жадала адыходзіць ад іх — адбяжыць і спыніцца — і ім прыйшлося пляскаць у далоні, кідаць у яго камякамі зямлі.

— Ату! — тупнуў нагою Міхал, разумеючы, што робіць глупства. І, калі заяц, усхапіўшыся, засігаў па раллі, стрэліў угару.— Знай, дурань, нашых!

Сышліся яны перад захадам сонца. Жартуючы з пустых ягдташоў, выйшлі на шашу і сталі чакаць спадарожнай машыны.

Вялікае, ужо негарачае сонца хавалася за недалёкім лесам. У лагчынах пачынала сінець, і вастрэй адчувалася восень. У паветры была разліта яе ядраная свежасць, і гэта бадзёрыла.

— Любата,— уздыхнуўшы на поўныя грудзі, сказаў Міхал.— Нават курыць не хочацца. Во дзе раскоша!..

Праўда, цяпер прыкра было, што пашкадаваў зайца, ды ў той жа час гэта неяк і ўзнімала. Уяўляліся яго застыглыя ў просьбе вочы і такая мілая, з рассечанай верхняй губою пыса. Яна нагадала Міхалу шрам на мясістым Комлікавым носе, і ён, памаўчаўшы, дадаў без усякай сувязі з папярэднім:

— А Іван усё дараваць не можа, што па кішэні ўдарылі. Да Кашына хінуцца пачаў. Яму дараваў, а нам не.

— Ты гэта да чаго?

— Ды так, успомнілася.

— Значыцца, у іх з Кашыным больш агульнага. Той чамусьці таксама пачынае спрыяць яму.

— Кажуць, чамаданамі родзічам у вёску дрожджы возіць, а адтуль, што для дома трэба. Неабходна, кажа, чым-небудзь выдаткі кампенсаваць... У гаркоме нічога новага не чуваць пра падполле?

— Не пакуль. Але Гістпарт займаецца ім. Збіраюць дакументы, успаміны, пад лупу разглядаюць.

— Та-ак...

Аднак і гэта не сапсавала настрою. Вельмі лёгка дыхалася, і ўсё здавалася не такім складаным. Калі ж удалечыні паказалася аўтамашына, яны выйшлі на сярэдзіну шашы і паднялі рукі.

У кузаве ехаў цёпла апрануты мужчына ў шапцывушанцы. Калі Міхал з Дзіміным улазілі, ён сядзеў да іх спінаю і, здавалася, зусім не цікавіўся імі. Але калі крануліся і мужчына павярнуўся, яны са здзіўленнем пазналі Комліка.

— Да сваіх зматаўся,— растлумачыў ён і насцярожана зірнуў на чамадан, што стаяў у яго ў нагах.— Ведаеце, як жыць на асфальце — кожную бульбіну і цыбуліну купі. Во парасё і расстараўся. Усё танней, чым на рынку ў нас.

— А гаручага не расстараўся? — падражніў яго Дзімін, разумеючы, што Комлік нездарма так падрабязна распісвае, навошта і чаму ездзіць у вёску.

Комлік зноў зірнуў на чамадан, але, заўважыўшы, што яго позірк перанялі, адсунуў чамадан нагою.

— Мінулася масленіца. Караюць цяпер за гаручае. А каму ахвота адказваць?

— Няўжо і не гоняць зусім?

— Хто ж ведае. Хіба я пытаўся, ці што,— буркнуў Комлік і ўскіпеў.— Зноў допыт? Досыць! Не колішнія часы. Я мо таксама не горшы за вас. Сам з вусамі. І няма чаго кепікі строіць. А захачу выпіць — вып’ю, самагону ж жаваць не трэба... Вы мо закамандуеце, каб у вас дазвол браў?

— Ну, гэта ты дарэмна,— лагодна сказаў Міхал.— Ведаеш, які з мяне камандзір. Заўсёды, здаецца, раўнёю былі.

— Знаю я гэтую роўнасць,— не пайшоў на прымірэнне Комлік.— Ды няхай нават манна нябесная падае, дык адзін разявіць рот так, а другі — гэтак. А ў трэцяга зусім зяпа па вушы. Думаеш, пораўну яны схопяць?

Міхал устаў, абапёрся локцем на кабіну. Але не могучы супакоіцца, кінуў цераз плячо:

— Напёрла, браток, з цябе хутарское. Самай чыстай маркі. Скажы дзякуй, што падпольнічалі разам. А то прымусіў бы я цябе паўтарыць усё гэта перад рабочымі. Пабачылі б, што атрымалася...

— Калі ты, Іван, ад крыўды ўсё гэта гаворыш,— ужо сур’ёзна сказаў Дзімін,— то яшчэ не страшна. Калі ж ад душы — тады бяда.

— Во-во...— пацвердзіў Міхал.— І калі не адумаешся, слова гонару, не таварыш ты мне. Ніякая старая дружба не паможа. Глядзі, браток!..

У сябе дома Міхал застаў усю Лёдзіну брыгаду. З пярэдняй убачыў: у сталовай за прыбраным па-святочнаму сталом сядзелі Пракоп, Кіра, Лёдзя і ссутулены Трахім Дубовік. Убаку, назіраючы за імі, стаяла Арына. Пракоп бліснуў вачыма і, зусім як у цэху, раззмахваючы кулаком, голасна і пераканана нешта даводзіў. Міхала здзівілі іх твары, асабліва Кірын — рашучы, нібыта яна рыхтавалася ўзляцець. Коратка падстрыжаныя валасы ў яе раскудлаціліся, на смуглых шчоках праступіў румянец. Нават у няўклюднага, грубаватага Дубовіка твар асвятляла мяккая прыветлівая яснасць. Лёдзя, звыкла пераплятаючы касу, не зводзіла з яго вачэй і задуменна ўсміхалася.

«Чаго гэта яна?» — падумаў Міхал і пайшоў пераапранацца ў ванную, здзіўлены тым, што Арына, безумоўна, пачуўшы, як ён зайшоў, не выйшла да яго.

Увайшоў ён у сталовую пераапрануты, расчэсваючы грабеньчыкам мокрыя валасы.

— Добры вечар,— павітаўся, адчуваючы жаданне пажартаваць,— усё засядаем, таварышы? У поўным саставе, вядома?

— Засядаем,— адказаў Пракоп, ускудлачваючы шавялюру.

— Мы, дзядзька Міхал, пачынанне рабочых дэпо Масква-Сартавальная абмяркоўваем,— падхапілася Кіра.— Думаем, як жыць і працаваць далей.

Яна глядзела на Міхала, але звярталася да ўсіх, гатовая накінуцца на кожнага, хто запярэчыць ёй.

— Вось і Трахім дае слова вучыцца, хоць у яго і так спраў па горла.

— Канешне, не столькі, як у цябе на ўсім гатовенькім,— пахваліўся Дубовік.

— Галоўнае, каб рабіць усё лепш, і заўтра лепш, чым сёння,— сказаў Пракоп, ігнаруючы перапалку.— А ты сядай, Кіруха, сядай, калі ласка.

— Божухна,— уздыхнула Арына.

Кіра падбегла да яе, паднялася на дыбачкі і абвіла шыю.

— Пабачыце, як усё будзе добра, цётачка!

— Вядома, будзе,— згадзілася Арына і паднесла да вачэй ражок хусткі.

— Не трэба, цётачка...

— Я ўчора, Лядок, тваю былую напарніцу па падвале стрэла,— нечакана пачала Арына.— Усё роўна як падмянілі яе. «Дзякуй,— кажа,— усім. Часу, як улетку, прыбыло. А нам, гаспадыням, ох як гэта дарэчы. Урокі ў дзяцей і то правяраць магу. Мне б кватэру цяпер толькі...» Гаворыць, а ў самой слёзы ад радасці.

Лёдзя не азвалася і гэтым разам. Міхал падышоў да яе і, сеўшы побач, абняў спінку крэсла.

— А ты што маўчыш, дачка?

Яна нібыта схамянулася.

— Па-мойму, тата, самае цяжкае нам будзе перамагаць слабасці...

— Трапна! — узрадавалася, як адкрыццю, Кіра.— Іменна слабасці.

— Ну, перамагайце, перамагайце,— пажартаваў Міхал і пазваў Арыну:— Хадзем, маці, нешта раскажу. Я ж сёння зайца бачыў і ўпусціў...

Каб не перашкаджаць, яны пайшлі ў другі пакой і, размаўляючы напаўголаса, доўга яшчэ прыслухоўваліся, як спрачалася і гаманіла ў сталовай моладзь.

«Так, слабасці»,— са скрухаю думаў Міхал, перабіраючы ў памяці падзеі дня.

3

— Дачушка ты мая родная!.. Няўжо праўда? І Дзімін хваліў? Усіх?

— Кажуць, хваліў, маці.

— Ай-яй!

— А што тут такога. Адна з самых дружных брыгад на заводзе. І выступілі першыя. Так што ганарыся.

— Не верыцца неяк.

— Верыцца, верыцца!

— Але ж у газеце другіх назвалі.

— Значыць, ёсць лепшыя, маці...

Але ў гэтым Міхал і сам быў не вельмі ўпэўнены. Прысутнічаць на пасяджэнні парткома, дзе абмяркоўваўся пачын камсамольцаў, яму не давялося — ездзіў на новы аўтазавод, у Жодзіна, дзяліцца вопытам. Пра тое, што гаварылі і вырашылі, чуў ад другіх.

— Пакажы ўсё-такі газету,— папрасіў ён і, узяўшы шматтыражку, пачаў чытаць перадавую.

Ліцейны цэх і брыгада Пракопа Свірына ў артыкуле не ўпаміналіся. Калі што-небудзь непрыемнае табе прызнаеш сам, па сваёй волі, і калі на гэта табе паказваюць другія — розныя рэчы. Міхалу, які толькі што сказаў Арыне: «Значыць, ёсць лепшыя», раптам зрабілася нават крыўдна.

«Як гэта магло выйсці?» — з неўразуменнем падумаў ён. У час паездкі Міхал крыху прастыў, пабольваў зуб, і гэта павялічвала раздражненне...

— Яў партком, маці, схаджу. Даведаюся як след,— сказаў ён і хутка, нездаволена крэкчучы, пачаў апранацца.

— Ідзі, ідзі, Міша!..

У Дзіміна быў Кашын. Убачыўшы Міхала, ён змоўк, закінуў нагу на нагу і заківаў ёю. Шарупіч здагадаўся: Кашын не хоча пры ім весці размову, але спакойна сеў, куды паказаў вачыма Дзімін.

— Мы гаворым пра сацспаборніцтва, Міхале,— растлумачыў ён, прымушаючы гэтым працягваць гаворку і Кашына.— Мікіта Мікітавіч лічыць, што ўж.о зараз фармовачны ўчастак смела можна называць калектывам камуністычнай працы. Як па-твойму?

— Фармоўшчыкі возьмуць абавязацельствы хоць сёння,— не даў выказацца Міхалу Кашын.— А там, неўзабаве, абвесцім і цэх. Няхай людзі праяўляюць ініцыятыву. Не нам яе стрымліваць.

— А Комлік? А Ягадка? — захваляваўся Міхал.— Няўжо і гэты нячысты на руку хуліган будзе ў калектыве камуністычнай працы?

Твар у Кашына астаўся абыякавы. Разглядаючы свае пальцы, ён адказаў:

— Комлік, напрыклад, па-мойму, нічым не горшы

за Шарупіча. Вось так... А Ягадку і яшчэ некалькіх я сам збіраўся, Пятро Сямёнавіч, перавесці на іншы ўчастак. Вы маеце рацыю: цяпер самае важнае —

узняць людзей, паказаць прыклад.

Кашын, як заўсёды, выкручваўся, і гэта абражала.

Абуралі і яго казённыя словы, тон, катынская абыякавасць да таго, за што ён так упарта стаяў.

— Даруй, Пятро,— не вытрываў Міхал,— але я скажу яму тут, у цябе, пару слоў па-рабочаму. Няхай адкажа: каму патрэбны гэтыя махінацыі і парад?

— Гэта — палітыка, а не махінацыі.

— Вось і бяда, што некаторыя так палітыку разумеюць. Калі, маўляў, паміж дзяржавамі сёе-тое дазволена — дазволена і паміж людзьмі. Таму дыпламатнічай, камбінуй. А дзеля каго? Краіна ж і ёсць гэтыя самыя людзі... Няўжо вы думаеце, яны карысці сваёй не бачаць і з імі трэба як з дзецьмі абыходзіцца?

— Пачакай,— перапыніў яго Дзімін.— Не туды ў вас спрэчкі хіляцца. Дый нерваў замнога. Давайце спакайней і пра пачатую справу.

— А ён надумаў апошліць і гэтую справу.

Кашын ляпнуў далонямі па каленях, хіснуўся,

устаў і, падышоўшы да стала, працягнуў Дзіміну руку.

— Вядома, язык нікому не завяжаш. Але мая прапанова такая, Пятро Сямёнавіч,— сказаў ён.

— Вось гэтага я не чакаў ад цябе, Міхале,— упікнуў Дзімін і, калі Кашын пайшоў, засмяяўся.— Прызнайся лепей: ты ж сам ваяваць за ліцейны прыйшоў? Крыўдзяць, маўляў, абыходзяць. Так?

Але згаджацца не хацелася...

— Ведаеш, што такое Кашын? — ускіпеў Міхал.— Цяпер як божы свет ясна — абух! Ён жа верыць аднаму сабе, а ўсіх астатніх падазрае ў чорт ведае чым. Нават барацьбу за план сваёй зброяй зрабіў. І калі цікавіцца людзьмі, дык толькі калі нешта вымеркаваць трэба. Мы ў яго замест разменнай манеты або пешак.

— Ну, ты таго... Усё гэта ад нечага залежыць...

— Што праўда, то праўда: залежала, вядома,— паправіў яго Міхал.— Але зараз не залежыць!..

Узяўшы прапанаваны Дзіміным пратакол апошняга пасяджэння, Міхал прагледзеў яго, захваляваўся.

— А гэта чаму? — паказаў ён на адну са старонак.— Няхай, дапусцім, брыгада Свірына не дацягнула. А за што хлопцаў з цэха цяжкіх машын адхілілі? Яны ж лепшыя за тых, якім даверылі пачынаць рух! Я ведаю іх — малайцы! Квартальны план на дзвесце далі. Брыгадзір — групкамсорг участка. Рацыяналізатар. Вучацца ўсе. А якія абавязацельствы ўзялі, ого!

— Правільна, выдатныя хлопцы!

— Дык чаму ж тады?.. Таксама, відаць, з начальнікам цэха ці з кім іншым не паладзілі?

— Не, браце, не таму. Цэх цяжкіх машын, ты ж знаеш, мы ў Жодзіна перадаём. І зборшчыкаў.

— Ну і што?

— Палкавы сцяг заўсёды ў палку павінен быць.

— Патрошку вучышся пераконваць.

— Рад старацца. Толькі, на жаль, сваіх дамашніх пакуль што не ўмею...

— Так, цяжкая гэта справа.

 

4

Апасаючыся, што ў Пракопанай брыгадзе ўсё могуць зразумець па-свойму, Міхал назаўтра, перад зменаю, заглянуў у фармовачны. Аднак ля свірынскіх машын нікога не было. Здзіўлены, ён пайшоў па ўчастку — з хлопцамі абавязкова трэба было пагутарыць.

Знайшоў іх Міхал у канторцы начальніка ўчастка — у невялічкім пакойчыку на другім паверсе, куды вяла брудная жалезная лесвіца. Тут было горача, душна, гудзеў вентылятар, і на ўсім ляжаў пыл — сухі, але тлусты. Трахім Дубовік, Кіра, Лёдзя і Пракоп атрымлівалі мыла. Брыгадзір распісваўся ў ведамасці і пацвяляўся з сярдзітай надзьмутай дзяўчынаю.

— Зноў пачатыя кавалкі? Правер, Трахім!

— Што значыць зноў?

— Значыць — не першы раз.

— Ну вас! Наступны!

— А наступны — зноў я...

За другім сталом, на якім ляжалі запэцканыя кнігі з улікамі работы фармовачных брыгад, самотна сядзеў Аляксееў. Механік паволі гартаў адну з кніг, але відаць было, што яго зусім не цікавяць запісы.

Прыйшло ў галаву, што, калі Аляксеева не адарваць ад гэтага занятку, ён можа сядзець і гартаць кнігу бясконца.

«Несалодка, мабыць, жывецца,— падумаў Міхал.— А хто вінаваты? Не можа паставіць сябе — усё на пабягушках. Праваліўся з царом-барабанам і звяў. Запіў, як адшчапенец. Дый сапраўды — ні дзяцей, ні сяброў, ні сапраўднай работы...»

— Пачакай,— кінуў Міхал Пракопу, бачачы, што той збіраецца ісці.

Пракоп спыніўся, перакінуў з далоні на далонь пакуначак з мылам.

— Не пакрыўдзіліся? Не? Толькі шчыра.

— Што вы, дзядзька!

У яго адказе, энергічным, кінутым з ходу, у тым, што ён адразу здагадаўся, пра што пытаецца Міхал, было многае: значыць, у брыгадзе ўжо абмяркоўвалі падзею і прыйшлі да"згоды.

Сабраўся ісці і Аляксееў. Падняўся вяла, цяжка, быццам перасільваючы боль, і першыя крокі зрабіў кульгаючы — перасядзеў ногі.

— Ці не занядужаў, механік? — паспачуваў Міхал, якому стала шкада Аляксеева — праўда, больш таму, што ўспомніўся Кашын.

— Дзякую, пакуль што здаровы.

— За што ж дзякуй?

— Ну як жа!.. За тое, што пацікавіўся. Часам прыемна, калі цікавяцца табою. Не часта гэта бывае...

Яны выйшлі з канторкі, пачалі павольна, саступаючы адзін аднаму дарогу, спускацца па лесвіцы.

— А здароўе, Шарупіч, калі праўду казаць, даношваю, як і валасы,— сказаў раптам Аляксееў, якому яўна захацелася пабалакаць.— Бачыш, на галаве, як у дзіцяці, адзін пух астаўся.

— Але, гады ідуць.

— Ідуць... А што зроблена?.. Лічы, нічога. А, здаецца, навучыўся і шукаць, і знаходзіць, і хватку набыў. Цяпер бы і працаваць...

— А што перашкаджае?

— Цяжка свайго дабівацца. Дый, відаць, і позна ўжо, дрожджы не тыя. Хочацца ціха дажыць, каб у спакоі пакінулі.

Аляксееў завагаўся, пачаў развітвацца.

— Я, механік, думаю, адпачыць табе трэба, падлячыцца,— параіў Міхал і, каб затрымаць яго, не адразу падаў руку.— Буду ў заўкоме — спадзяюся, знойдзем выхад. Ёсць жа свой дом адпачынку, і санаторый ёсць.

Аляксееў выклікаў спачуванне.

«Блукае сярод трох сосен»,— падумаў Міхал, але, перасіліўшы прадузятасць, паабяцаў:

— Наконт кватэры таксама паставім пытанне...

Вяртаючыся, ён зноў спыніўся ля фармовачных машын. Пракоп і Трахім Дубовік памагалі наладчыкам рабіць пераналадку. Кіра і Лёдзя назіралі за імі.

Міхал разумеў: настаўляць прывучыла мінулае, а моладзь не вельмі любіць павучанні, пачынае бунтаваць супроць іх, але не стрымаўся.

— Ударнікі! — паклікаў іх Міхал і, калі на яго аглянуліся, пагразіў: —Не ўздумайце крыўдаваць.

— Нічога, дзядзька Міхал, мы не такое бачылі,— іранічна азваўся Дубовік.— Так што не сумнявайцеся.

 

5

Ліпы на бульвары стаялі амаль голыя. Крыху больш лісця аставалася на падстрыжаных кустах, пад ліпамі. Затое зямля была ўкрыта імі ўся чыста.

Калі Юра падыходзіў да бульвара, аднекуль наляцеў круты ветрык. Ён падняў з зямлі аранжавых, светла-жоўтых і зеленаватых матылёў і, круцячы, панёс з сабою. Дагнаў дзяўчыну, і тая, разгублена і весела прытрымліваючы падол, прысела ў лісцяной віхуры. Лісце кружыла каля яе ног, лётала навокал, над галавою, і гэта выглядала вельмі забаўна. Дзяўчына была спінаю да Юры, але па тым, як яна прысядала і бараніла падол, як сядзела, смешна ўцяўшы голаў, ён пазнаў Лёдзю. Кінуўся да яе...

— Я ўжо баяўся,— шчаслівы, казаў ён,— падхопіць — і бывай! Што б я тады рабіў без цябе? Ну што?

— Знайшоў бы другую.

— Якую другую?

— Раю, напрыклад...

Юра ведаў, што ёй падабаецца, калі ён высмейвае магчымых саперніц, і зрабіў спалоханы выгляд.

— Гэта за што ж такая кара? Ратуйце, лю-у-дзі!

Ён уголас крыкнуў апошнія словы і, калі дзяўчына

закрыла яму рот, пацалаваў яе далонь.

— Кіра кажа, што Райка кусачая, як восеньская муха,— як бы мімаходзь згадзілася Лёдзя.

Ведаў ужо Юра і гэтую рыску ў Лёдзіным характары. Яна ўмела прыкмеціць у другіх адмоўнае і пры выпадку, калі трэба было патушыць прыхільнасць або выклікаць варожасць да каго-небудзь, пускала ў ход сваю зброю. «Значыць, даражыць, баіцца страціць мяне»,— адзначыў ён, радуючыся.

Яны дамовіліся спаткацца пазней, але разыходзіцца не хацелася. Лёдзя ішла па хлеб. Юра правёў яе да булачнай, пачакаў, потым узяў у яе авоську, і яны пайшлі разам. Ля пад’езда спыніліся і доўга, не заўважаючы, як ідзе час, балбаталі і смяяліся. Балбаталі б і яшчэ, калі б з дома не выскачыў Яўген і не накінуўся на сястру: аказалася, усе ўжо сядзяць за сталом і чакаюць хлеба.

Дамоў Юра прыйшоў з думкамі пра Лёдзю. Ён быў поўны ёю. Не трэба было нават заплюшчваць вачэй — Лёдзя стаяла перад ім як жывая.

У маці гасцявала Кашына. Разваліўшыся ў крэсле, яна ела яблык і захоплена выкладала навіны. Стараючыся астацца незаўважаным, Юра шмыгануў у свой пакой, але і туды далятаў зычны голас Тацяны Цімафееўцы.

— Вярнуўся ўчора,— скорагаворкаю паведамляла яна пра дырэктара завода, не адважваючыся, аднак, адкрыта каменціраваць гэтыя падзеі і чакаючы, як паставіцца да іх Вера Антонаўна.— Кажуць, на «ТУ-114» прыляцеў. Прывёз цёплую пуховую хустку з залатой ніткай. Гадзіннік з бранзалетам. Цуд, Верачка! Старэйшую дачку, што ў Маскоўскім універсітэце вучыцца, за чэха аддаюць. Дык і яму прывёз падарункі. Кашын не вельмі гэта ўхваляе...

Юра шчыльней зачыніў дзверы і ўпаў на канапу. Як ім не надакучыць пераліваць з пустога ў парожняе? І як наогул яны могуць займацца нікчэмнымі абгаворамі, калі на свеце ёсць сонца, вецер, Лёдзя?

О, як кахае ён яе! Няхай толькі загадае — Юра гатовы цалаваць сляды яе ног, і яму ніколечкі не будзе сорамна. Ён зробіць усё, што яна ні захоча, нават тады, калі дзеля гэтага прыйшлося б ахвяраваць сабою...

Але дзіўна, думка, што ён будзе рабіць з гэтым каханнем, не прыходзіла.

— Юрык, ты тут? — прачыніўшы дзверы, заглянула ў пакой Тацяна Цімафееўна.— Сева пісьмо прыслаў. Піша, што служыць недзе блізка. Просіць перадаць табе прывітанне.

— Перадайце і яму,— абыякава падзякаваў Юра, і невыразная трывога раптам завалодала ім. Ён адагнаў яе і зноў пачаў думаць пра Лёдзю, пра тое, што мог бы зрабіць для каханай...

Тым часам Лёдзя пацвялялася з Яўгенам — аставацца непрыкметнай было вышэй яе сіл.

Абклаўшыся кнігамі, сярдзіты і стомлены, той сядзеў за сталом і рыхтаваўся да дзяржаўных экзаменаў. Яму, вядома, было не да Лёдзіных дурыкаў, але сястра сляпіцаю лезла да яго, і Яўген не-не дый вымушаны быў адказваць на яе пытанні.

— Чаму ты не жэнішся? — прыставала Лёдзя, як бы ненарокам кладучы далоні на старонку падручніка.— Ну, скажы! Што табе шкада?

— Адчапіся,— прасіў Яўген і адсоўваў яе руку.

— Я сур’ёзна. Няўжо сэрца ў цябе жалезнае?

— Спектраскапічныя даследаванні паказваюць, што ва ўсіх нават у сэрцы ёсць медзь, алюміній, жалеза. У тваім — таксама.

— Глупства! А знаеш ты, што Рая пачала бегаць за табою? Цяпер дзяўчаты не асабліва саромеюцца. Вашага брата, гавораць, менш. Ты ёй дужа спадабаўся, калі па-рыцарску спускаў з лесвіцы Сеўку. Вельмі, кажа, высакародна выглядаў. Дора Змітраўна зачасціла. Не заўважаў? Дый ты нешта ўздыхаць пачаў.

— Ідзі лепш пагуляй.

Лёдзя замаўкала, але праз хвіліну даймала зноў:

— Жэня, а чаму каты рыбу любяць? Ну, скажы. Ты ж усё ведаеш...

Цярпенне ў Яўгена лопалася.

— Пагана, калі чалавек усім здаволены. У яго тады і жаданне адно — хай будзе так, як ёсць... А ты да непрыстойнасці здаволена сабою і ўсім. Глядзі, самога Сеўку зацьміш. Гэта не спыніла Лёдзю. Яна ўскудлаціла Яўгену валасы і пабегла пераапранацца...

Першы на спатканне прыйшоў Юра. Ён апрануў новы касцюм, і калі маці, выпраўляючы яго, спыталася, ці падабаецца яму абноўка, паружавеў ад прыемнасці і збянтэжана прамармытаў, што «прыгожа да нахабства». Касцюм сапраўды быў пашыты з густам і сядзеў добра. Юра ў ім сам сабе здаваўся прыгожым, стройным. Калі падышла Лёдзя, ён упэўнена ўзяў яе пад руку і пацягнуў да знаёмага мосціка на шашы, а потым і далей — к дарагім сэрцу бярозкам.

Што іх вабіла там? Хутчэй за ўсё, што прысады ўжо ведалі некаторыя іх таямніцы, што там і Лёдзя і Юра двойчы перажылі шчасце. А такія мясціны, як вядома, самі па сабе маюць уладу над людзьмі.

Ішлі хутка, быццам некуды спяшаючыся. І зусім было непадобна, што яны гуляюць. Сэрца ў Юры, здавалася, расло, распірала грудзі. Хацелася спяваць і як мага бліжэй адчуваць Лёдзю.

Падышоўшы да знаёмай бярозкі, яны прытуліліся да яе ствала і замерлі, нібыта да нечага прыслухоўваючыся. Неба, мусіць, зацягнулі хмары, бо ўгары, над галавою, не мігцела аніводная зорка. У туманных змроках нельга было вызначыць, дзе канчаецца зямля і пачынаецца неба. Рассеянае святло ішло толькі ад завода і гарадка — ад россыпу залатых агнёў.

— Люблю гэтае ззянне,— радасна, але як бы па сакрэту сказала Лёдзя.— Я прыкмеціла яго яшчэ тады... Помніш? Праўда, прыгожа?

— Так сабе,— хрыплавата прамовіў Юра, слаба ўцяміўшы сэнс яе слоў.

— Чаму так сабе? Няўжо цябе не кранае? Наш Трахім Дубовік таксама не звяртае на такое ўвагі. Карціны, кнігі яму — забаўка. Ён не верыць і ўявіць не можа, што імі сур’ёзна захапляюцца...

— Але і радавацца смешна ўсяму, як Соня з Леначкай,— запярэчыў Юра.

— Не разумею.

— Ім усё — цуд і ўцеха. Сёння хваліліся, напрыклад: «А нам пасля ўрокаў будуць уколы рабіць!»

— Ну, параўнаў таксама... Ты паглядзі, паглядзі назад на неба...

Ён зняў пінжак, кінуў пад бярозку, сеў і за руку пацягнуў да сябе Лёдзю. Яна паслухмяна апусцілася побач і дазволіла абняць сябе.

Юра адчуваў крамянасць яе цела, яго цеплыню і смялеў. Кроў штуршкамі біла ў скроні, туманіла свядомасць. Ён і сам як бы раставаў у гэтым тумане. І было мала ўжо яе блізкасці, пацалункаў, даверлівай паслухмянасці. Расло адчуванне сваіх сіл і права на яе.

Лёдзя, безумоўна, здагадвалася пра гэта, але, стрымліваючы яго, не пратэставала. Прыемна было ўсведамляць, што яе прагнуць, і калі яна загадае цяпер Юру немаведама што, той усё выканае, не задумваючыся. Яна ўпіралася рукамі ў яго грудзі і маўчала.

За бліжэйшым узгоркам бліснула святло фар.

— Машына,— папярэдзіла Лёдзя і, паправіўшы плацце, здранцвела, узяўшы ў зубы сцяблінку.

Юра ўлавіў у гэтай перасцярозе нейкую змову з ім. Скалануўшыся ад надзеі, ён счакаў, пакуль машына праехала, і зноў абняў Лёдзю. І зноў яна не сказала ні слова. Толькі, калі Юра пачаў хіліць яе да зямлі, уперлася ў яго падбародак і не дала прыпасці да губ. Аднак болю Юра не адчуў, дый рукі ў Лёдзі неўзабаве аслабелі, яна заплюшчыла вочы.

6

 

Мінулае жыве ў людзях. Таму фальклор — не толькі іх мары, іх персанафіцыраванае ўяўленне аб жыцці, але і ўспаміны. І пачынаецца ён з дамашняга ачага.

У кожнай сям’і ёсць свае ўлюбёныя жарты, смешныя гісторыі, баечкі. Іх ахвотна паўтараюць, і яны кожны раз выклікаюць або слёзы, або рогат. Старонняму ўсё гэта нават можа здавацца не асабліва забаўным, але сярод сваіх выклікае захапленне, лічыцца дасціпным, поўным сэнсу.

Што гаворыць старонняму чалавеку, напрыклад, такое: «Дзед, я во цуглі прынесла...» — «Малайчына! Павесь на кручок».— «Дзед, аброць у мяне згарэла».— «Што-што?.. У-у, Данька лупатая! Мо я табе не бацька, не дзядзька, а дзед!» Або: «Хочаш, Арынка,

есці? — І хуценька, не даўшы адказаць:— Не? Ну дык пастаў у шафку». Бадай што нічога не гаворыць.

А вось у Шарупічаў, успамінаючы гэта, заўсёды заходзіліся ад смеху. Рагаталі таму, што наслухаліся пра Арынінага дзеда-скнару — «зямлю ненаедную», таму, што ўяўлялі колішнюю Арыну, якая і цяпер шмат у чым аставалася наіўнай. Да таго ж у гэтай прыгодзе з аброццю або ў хітрыках дзеда, які шкадаваў унучцы ежы, заключалася і мінулае Шарупічаў, а значыць, і часцінка іх сучаснага. Тут усё было блізкае і зразумелае кожнаму.

Гаспадарку дзед меў бедную, аддзяляць Арынінага бацьку не было з чаго. Жылі разам — у галечы, у нястачах. А тут раптам яшчэ бяда — заснула дзяўчынка на начлезе ля агню, і згарэла аброць, асталіся адны цуглі. Лютасць у дзеда была падвойная: пашыўся

ў дурні і страціў аброць. Дзе знойдзеш словы, якія б перадалі тваё абурэнне?! І вось ён знайшоў. Данька — дзявочая прозвішча Арынінай маці. Лаячыся так: «Данька лупатая!» — дзед як бы адлучаў дзяўчынку, якая прычыніла такую шкоду, ад свайго роду. Яна не дачка яго сына, а Данька! Але і гэтага здалося яму мала. Няхай віноўніца не спадзяецца на яго літасць. Ён ёй, апрача ўсяго, трэцяя вада на кісялі — не бацька, не дзядзька, а дзед! Трымайся!.. Ну, як жа было не рагатаць Шарупічам?

Мінулае жыло і ў песнях. Іх Арына ведала многа і часта любіла спяваць. Праўда, пасля таго як нарадзілася Лёдзя, чысты, моцны голас у яе нібы падсеў, страціў ранейшую сілу і чысціню.

Але яна спявала і цяпер — асабліва калі аставалася адна або калі рабілася сумна. Большасць песень было старых, мала каму вядомых. Задушэўныя, простыя, яны нагадвалі скаргі і вельмі краналі Лёдзю.

Слухаючы, як спявае маці, яна як бы ўбірала ў сябе сваё мінулае. І яно неяк мацней звязвала Лёдзю з маці, з усім, што акаляла яе. Больш дарагімі рабіліся яснае неба, чыстае поле, вясна-красна, сіні лес. Іначай пачынала гучаць роднае слова.

Ці заўважала гэта Арына? Мусіць, не. І ўсё-такі вольнай шарай гадзінаю вучыла Лёдзю старым песням. Яны садзіліся побач і спявалі, як прыяцелькі.

Сёння Арына з Лёдзяй асталіся таксама дома ўдзвюх. Яўген паехаў у горад, у бібліятэку. Міхал пайшоў на партыйны сход.

За вокнамі дагарала халодная малінавая зара.

— Заўтра ветрана будзе,— глянула ў акно Арына і накінула на плечы хустку.

— Хто яго ведае,— думаючы, што маці пытаецца ў яе пра гэта, адказала Лёдзя.— Заспявайце што-небудзь, мама...

Даччына безудзельнасць прайшла міма Арынінай увагі, і яна спакойна села на канапу.

— Хадзем і ты сюды, Лядок.

— Я тут пабуду.

Лёдзя нячутна — нават не рыпнуў паркет — падышла да акна і прыхінулася да вушака. На малпавым фоне яе постаць здавалася цёмнай. І чамусьці выразней стала відаць, што яна нешта стрымлівае ў сабе.

— Ці не захварэла ты? — занепакоілася Арына.

— Не, мама. Спявайце!

Адкінуўшы галаву і прытрымліваючы ражкі хусткі на грудзях, Арына заспявала паціху, потым галасней.

 

Зялёны дубочак

На яр пахіліўся,

Малады малойчык

Без долі радзіўся...

Але трывога ўжо закрадвалася ў яе сэрца.

«Няўжо зноў бяда, госпадзі? — думала, халадзеючы, Арына.— Ой, як не трэба яе зараз, ой, як не ў час!..»

 

 

Закідайце сеці

У быстрыя рэчкі

Ды злавіце долю

Хлопцу маладому.

«Усё, здаецца, так добра пайшло. І ў Міхала, і ў Лёдзі, і ў Яўгена...» Аднак у самім гэтым шчасці Арына бачыла цяпер благую прыкмету. Дый матчына сэрца прадракала — бяда! Робячы намаганні, яна ўсё ж спявала далей, і голас яе наліваўся тугою і жалем:

 

Не злавілі долі,

Ды злавілі шчупу,

Шчука-рыба грае,

Сабе пару мае.

 

У мяне ж толькі пары —

Што вочанькі шары,

Толькі палюбовы —

Што чорныя бровы...

 

Заўважыўшы, як крадком уздыхнула Лёдзя, Арына абарвала песню і паднялася.

— Ты нешта тоіш, Лядок. Што з табою?

Матчына сэрца! Яно па ледзь улоўнаму Лёдзінаму смутку адчула няшчасце. Ці мала калі хандрыла дачка? Хіба раней смутак не паходзіў на яе? Хандрыла, паходзіў. Але ніколі так не балела сэрца ў Арыны. Ніколі, нават той раз, калі Лёдзя збегла з дому, наме* рыўшыся зрабіць з сабою страшнае...

Арынін брат калісьці жыў на Урале. Меў там сваю сям’ю і толькі зрэдку перапісваўся з бацькамі. Аднойчы ў пісьме ён абяцаў прыехаць пагасцяваць. Але літаральна за тыдзень да абяцанага прыезду глыбока ўночы ўсіх абудзіў прарэзлівы матчын крык. Уся ў слязах, яна білася галавою аб падушку і лямантавала, як па нябожчыку. «Памёр,— сказала яна, калі яе трохі супакоілі.— Коля памёр!» І маці не памылілася нават у хвіліне. Праз тысячы кіламетраў — праз вятры, дажджы, туманы — яна адчула сынаву смерць. Праз адлегласць, у якой можа загубіцца радыёхваля, матчына сэрца ўлавіла, як абарвалася жыццё таго, каму яна гэта жыццё дала. Матчына сэрца!..

— Бацюхны мае, гавары! — папрасіла Арына.

— Мне няма чаго гаварыць,— не адумалася Лёдзя і, баючыся, што заплача, пайшла з пакоя.

Прыцемкамі яна падышла да катэджа Сасноўскіх. Стаўшы непадалёк, доўга назірала. Але, як на тое, ніхто не паказваўся ні ў вокнах, ні на ганку.

Калі Лёдзя ішла сюды, яна сярод прахожых заўважыла Кіру. Баючыся, што, сустрэўшыся, прыйдзецца хлусіць, чаго і куды ідзе, Лёдзя збочыла ў завулак і пабегла. І хоць потым, адбегшы квартал, ішла паволі, сэрца білася так, што здавалася — пачуюць другія.

Было холадна, сорамна, брыдка. За гэтыя суткі Лёдзя бадай што знелюбіла сама сябе. Юрка чамусьці адразу набыў над ёю ўладу, права, і гэта таксама абурала, крыўдзіла. Яна мучылася, кляла сябе і яго.

Страціўшы надзею, што Юра выйдзе, Лёдзя падкралася да ягонага акна. Раскудлачаны, з сінякамі пад вачыма, той сядзеў за сталом і нешта пісаў. Лёдзі здалося, што ён раз нават па-дзіцячы паслініў аловак губамі. Лямпа была з зялёным абажурам, і Юраў твар у яе святле выглядаў змардавана. У Лёдзі варухнуўся жаль. Але разам з тым ускіпаў і гнеў. Яна тут адна, нікому не патрэбная, як злодзей, туляецца ля яго акна, а ён там, у цяпле, ва ўтульным пакоі, сядзіць за сталом і, можа, нават рыхтуе заданні!.. Халоднай, як не сваёю рукою яна пастукала ў шыбу. Стук быў няўпэўнены, ціхі, але ён скалануў самую Лёдзю. Ёй здалося, што пастукала яна не пальцам, а нечым касцяным.

Юра ўздрыгнуў, спалохана ўсхапіўся з-за стала. Убачыўшы Лёдзю, кінуўся да дзвярэй, вярнуўся, зрабіў знак, каб яна чакала яго, нервова закруціў на шыю шалік, накінуў паліто, надзеў шапку, якія дагэтуль валяліся на канапе.

Яго клопаты аб сабе абурылі Лёдзю. Ужо не турбуючыся, што яе могуць убачыць, яна напрасткі, блытаючыся нагамі ў засохлых кветках, па клумбах пабегла. На ганку яны апынуліся адначасова.

Юра ўчора развітаўся з Лёдзяй вяла, амаль абыякава. Адчуваў сябе спустошаным, у нечым падманутым. Цэлы дзень таксама пакутаваў ад сумненняў, але, убачыўшы Лёдзю, зноў адчуў, як любіць яе. Ён працягнуў быў ужо да дзяўчыны рукі, збіраючыся не то абняць, не то прыгалубіць, як раптам адхіснуўся.

Сцяўшы зубы і ўсхліпваючы, Лёдзя стала наводмаш біць яго па шчоках, сама добра не ведаючы, што робіць. Разумела толькі адно: трэба, абавязкова трэба адпомсціць за ганьбу, за сваю слабасць, за тое, што стала не той, якой была.

Юра не бараніўся. Па твары ў яго цяклі слёзы — ад болю, ад сораму, ад безвыходнасці. Але ў той жа час ён быў гатовы прыняць яшчэ большую кару.

 

 

 

 

 

Кніга другая. Блаславёныя хмары

 

 

Частка трэцяя

 

РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ

 

1

 

Калі Міхалу Шарупічу выпадала бываць у Маскве, ён звычайна спыняўся ў гасцініцы Беларускага пастпрэдства на Пятроўцы. Праўда, гэта быў хутчэй інтэрнат, чым гасцініца, але Міхалу тут падабалася. Неяк лёгка і проста было дамаўляцца з загадчыцаю Аляксандрай Гаўрылаўнай, якая доўга афармляла дакументы, а потым сама ішла паказваць ложак. Галава ў яе ківалася ад старасці, рукі дрэнна слухаліся, але трымалася яна з годнасцю і была гасцінная.

Штодзень, раніцою, дзяжурная абыходзіла пакоі., правярала чайныя лыжкі, кубкі, нумары на вешалцы. Пасля лічыла графіны, шклянкі.

«Пашахонія»,— весела думаў Міхал, са спачуваннем назіраючы за гэтай бачнасцю турбот і заняткаў.

Кожны вечар у калідоры грымеў тэлевізар. У па^ коі, дзе жылі пяць-шэсць чалавек, абавязкова хтонебудзь, накрыўшы настольную лямпу ручніком, працаваў навылёт усю ноч. Трапляліся і такія, неспакойныя, якія ўставалі ні свет ні зара. Але Міхалу падабаўся гэты просты мітуслівы побыт, падабалася самому спускацца па каўбасу і хлеб у магазін, што знаходзіўся на першым паверсе ў тым жа доме, плаціць дзяжурнай за чай, не залежна ад таго, п’еш ты яго ці не. Да таго ж у цесным, падобным да начлежкі інтэрнаце, які — зусім не верылася! — быў у мнагалюднай кіпучай Маскве, як бач утваралася нешта накшталт зямляцтваў: знаходзіліся мінчане, пінчукі, гамяльчане, з якімі знаёміцца было гэтак жа лёгка, як са спадарожнікамі ў цягніку.

Але цяпер Міхал менш за ўсё належаў сабе. Дэлегацыю ўжо чакалі на вакзале і размясцілі ў гасцініцы «Масква».

Міхалу дастаўся прасторны нумар з важкімі парцьерамі на вокнах, з карцінамі і моднай мэбляй.

Вокны выходзілі на Красную плошчу. З іх былі відны Аляксандраўскі сад, Крамлёўская сцяна з вежамі, Гістарычны музей і кавалачак самой плошчы. Яны нагадвалі далёкі сорак трэці, калі пасля двухмесячнага адпачынку, праведзенага ў сваіх на Урале, Міхал таксама прыехаў сюды, у Маскву. Перад адпраўкаю назад, у акупаваную Беларусь, справы затрымалі яго тут на некалькі дзён. Горада тады ён не ведаў, і ў памяці асталося мала. Але вось Красная плошча асталася ў сэрцы назаўсёды. Жыў ён і ў той час тут, у гасцініцы «Масква», толькі на трынаццатым паверсе. Красная плошча адкрывалася яшчэ шырэй. І што ўражала асабліва — на яе брусчатцы былі намаляваны вялізныя шматпавярховыя дамы і вокны, вокны, вокны. Здавалася, што гэта — адлюстраванне: дамы адбіваюцца на брусчатцы, як у рэчцы, і, калі прыгледзецца, дык там, у глыбіні паміж імі, убачыш неба, аблачынкі...

Пад вечар Міхал выйшаў пагуляць. Адзін. Хацелася паблукаць па вуліцах, паглядзець на людзей, на вітрыны, на рух машын.

Над галавою лётаў дробны калючы сняжок. Падобны на іней, садзьмуты аднекуль ветрам, ён кружыў у паветры і неахвотна клаўся на зямлю. Калі лавіна аўтамашын, затрыманых чырвоным агеньчыкам светафора, зноў кідалася наперад, сняжок віхорыўся і пасмамі, як замець, імкнуўся ўслед. Гэта было цікава, асабліва як пачыналі свой бег аўтамабілі. Міхал крыху пастаяў на рагу і падаўся да Краснай плошчы.

Тут было ветрана. Па брусчатцы гуляла мяцеліца, і яму здалося, што навокал нязвыкла пустэльна — сама плошча, заснежаныя трыбуны, цёмныя елкі ўздоўж Крамлёўскай сцяны, снежныя шапкі на яе зубцах. Міхал агледзеў плошчу яшчэ раз і зразумеў: не хапала такой знаёмай, шырокай і бясконцай чаргі ў Маўзалей.

Думкі скіраваліся ў заўтрашні дзень. Як усё будзе? Мабыць, незвычайна. Ён, Міхал, трапіць у Крэмль, у Вялікі палац, убачыць тых, каго ведае толькі па партрэтах. Ён будзе слухаць даклад аб планах на бліжэйшае сямігоддзе... Сем год! Для краіны гэта мала. А для яго?

Жыць асталося значна менш, чым пражыта. Затое вытрываць і перажыць давялося шмат. Мусіць, занадта шмат для аднаго. Хоць, хто ведае, якую долю гаркоты можна лічыць нармальнай. Дый ці ёсць яна? Не, відаць! Супакойвае і тое, што лёс хвастаў звычайна не за сябе. І калі б не абараняў другіх, не браў іх адказнасці на свае плечы, мог зусім пазбегнуць пакаранняў і лішніх пакут.

Міхалу неспадзеўкі захацелася жыць і жыць, захацелася ўбачыць заўтрашняе на свае вочы, адчуць тое, у імя чаго ішоў на смерць, дзеля чаго многа працаваў і нялёгка жыў.

Тут, ля Гістарычнага музея, хораша думалася. Галава была ясная, думкі наплывалі самі сабою, прыносячы і радасць і смутак.

Міхал так задумаўся, што ўздрыгнуў, калі нехта дакрануўся да пляча. Гатовы кінуць сярдзітае слова, ён рэзка азірнуўся. Побач стаяў Кавалеўскі.

— Даўно тут? — спытаўся той, не заўважыўшы, што Міхал засердаваў.

— Але... Скажы мне, таварыш сакратар... Я дасюль толкам не ведаю, ці мае чалавек права, ну скажам, у ліхую гадзіну для радзімы дзейнічаць на свой страх і рызыку? У прынцыпе. Або абавязкова павінен атрымаць заданне?

— Чаго гэта раптам? Падполле ўспомніў?

— І падполле.

— Каму-каму, а Шарупічу гэта даўно ясна. Але не думай, Міхале, што ўсе сумленныя, як ты. Не хвалюешся?

— Само сабой... Я раней на планы, як бы тут сказаць, знізу ўверх глядзеў. Глядзеў і шапку прытрымліваў, каб не ўпала. А так хіба многа ўбачыш? А гэты,— Міхал прысвіснуў,— да сэрца дайшоў. Ён у мяне во — перад вачыма. Раней, выконваючы планы, падахвочваў сябе — для краіны, маўляў, для будучыні. А гэты і для дзяцей і для сябе буду выконваць.

— Добры план,— згадзіўся Кавалеўскі.— Ды вырас ён на ранейшых, браток.

— Разумею. Але ніколі, па-мойму, чалавеку так не карцела самому ўбачыць, як яно заўтра будзе.

— Кожнаму, вядома, хочацца пажыць пры камунізме. Нядаўна я ў вашым ліцейным пабываў. Там

фармоўшчыца, такая смугляначка, у вас ёсць. Кірай,

здаецца, завуць.

— Кіра Варакса,— узрадавана падказаў Міхал.— Яна ў адной брыгадзе з маёй дачкой.

— Дык яна таксама прызнавалася, што ад кожнага новага дня новага дзіва чакае. Аднак, калі спадарожнік у паўтары тоны запусцілі, не вельмі здзівілася. Не, здзівілася, вядома, але ўжо з агаворкамі. «Ну, кажа, выйшаў на арбіту, лётае навокал Зямлі — правільна, законна, канешне. Але вось бы на другія планеты паспрабаваць...» Як гэта назваць?

— Не ведаю.

— Перакананасць, відаць.

— І ўсё-такі аб сабе, аб жыцці трэба болей думаць.

З нейкай беражлівай павагаю, што абудзілася ў ім,

Кавалеўскі ўзяў Міхала пад руку, і яны, пастаяўшы крыху, моўчкі пайшлі назад, але не ў гасцініцу, а далей па Ахотнаму раду.

Чалавек шмат чаго дадае ў наваколле ад сябе. Ахотны рад, як здалося Міхалу, выглядаў святочна: было больш святла, не так, як заўсёды, імчалі аўтамашыны, весялей спяшаліся прахожыя. У гаманлівай людской плыні дайшлі да Вялікага тэатра і непрыкметна завярнулі на Пятроўку.

Перад інтэрнатам пастпрэдства Міхал прапанаваў:

— Мо заглянем? Нашы абавязкова тут ёсць.

Іх сустрэла незнаёмая дзяўчына — светлавалосая, з густа падведзенымі вейкамі і бровамі: Аляксандру Гаўрылаўну, як высветлілася, адправілі на пенсію. У вузкім цемнаватым калідоры, як і раней, грымеў тэлевізар. Кавалеўскага пазналі, абкружылі. Запалілі святло, нібыта даўным-даўно не былі дома, узяліся распытваць, як там у Мінску, хто прыехаў на з’езд, і прасілі, калі знойдзецца час, зайсці расказаць навіны.

На Міхала не звярталі ўвагі. І хоць ён зноў адчуў сябе ў сваёй стыхіі, няёмка нават было цікавіцца былой загадчыцаю.

«Ну што ж, на пенсіі, дык на пенсіі. Пара, даўно пара»,— думаў ён, але адчуванне страты ўсё-такі жыло ў ім.

2

Калі гэтыя думкі з’явіліся ў Міхала? Мусіць, даўно. Відаць, як імкненне яны жылі ў ім заўсёды: і да вайны, і ў вайну, і пазней — чалавек народжаны для вялікага. Ён усё абавязаны рабіць як найлепш і ў поўную меру сваіх сіл. Ён павінен імкнуцца і сам быць дасканалым. Вось чым свядома ці несвядома кіраваўся ў жыцці Міхал.

Аднак як перакананне гэта пачало акрэслівацца толькі ў апошнія гады. Калі? У сувязі з чым? Ці не Лёдзіны прыгоды былі прычынаю? Ці не тая размова, якую пачуў Міхал, застаўшы ў сябе дома Пракопаву брыгаду? А магчыма, і само жыццё, што забурліла, як у паводку, прымусіла задумацца? А то і будучыня, што раптам уварвалася ў яго жыццё і набыла абрысы рэальнага? Ведаеце, як гэта бывае ў кіно? Тое, што далёка праглядаецца праз смугу, раптам хутка і проста імкне на вас і, вырастаючы ўвачавідкі, развінаецца карцінаю.

Міхал прыйшоў у Крэмль задуманы, настроены на высокія думкі. Нават паветра — чыстае, яснае — здалося яму незвычайным.

У Цэнтральным парку ішлі работы — выкопвалі елкі і туі, пашыралі старыя дарожкі, рабілі новыя. На грузавіках, у інеі, быццам ахопленыя белым полымем, стаялі красуні-яблыні. Учэпісты кран прыпадымаў іх і асцярожна апускаў у падрыхтаваныя ямы. І ад таго, што знікала зялёная сцяна туі, а там і тут вырасталі яблыні, станавілася прасторней, святлей. Парк быццам весялеў.

«І тут змены,— адзначыў сабе Міхал.— Ранейшыя сцежкі цесныя ўжо...»

Пажылыя людзі звычайна неахвотна развітваюцца са звыклым, з тым, што ўсталёўвалася гадамі на іх вачах. Але такога адчування ў Міхала не было. Наадварот, з усведамленнем нейкага абнаўлення ўвайшоў ён у Вялікі Крамлёўскі палац, знайшоў сваю дэлегацыю і пачаў цярпліва чакаць, разглядаючы знаёмую — хоць ён ніколі тут і не быў — залу пасяджэнняў, знаёмую трыбуну, стол прэзідыума, ложы, скульптуру Леніна ў нішы.

Разам з гэтым у ім абудзілася адчуванне сваёй недасканаласці, нездаволенасці сабою. Не, Міхалу не

было асабліва ў чым каяцца або дакараць сябе. Але яму раптам захацелася стаць лепшым, такім жа чыстым, як гэтая зала, такім жа стрыманым і патрабавальным да сябе, якімі здаваліся людзі навокал. З’езд — гэта вяршыня, за якой пачынаецца новае жыццё. І ўступаць у яго трэба іншым, чым ты ёсць,— лепшым.

— Можа, пакурым? Час яшчэ ёсць,— прапанаваў Кавалеўскі з такім выглядам, нібыта нешта хацеў паведаміць Міхалу.

Але курыць не цягнула. Прыемна было сядзець, аглядаць залу, дэлегатаў і думаць.

Кавалеўскі зразумеў, засмяяўся.

— Узважваеш? Прыглядаешся? Не верыцца, што дома і ты гаспадар? Вер, Міхале, вер. Тут усе дома і ўсе роўныя. Старшы адзін — з’езд.

— Вось так бы і ў жыцці, таварыш Кавалеўскі.

— Будзе і ў жыцці...

У гасцініцу Міхал вярнуўся поўны ўражанняў і адчування сваёй патрэбнасці, дачыннасці да вялікага. З галавы не выходзіла ўрачыстае адкрыццё з’езда, даклад сакратара ЦК.

Краіна ідзе да камунізма. Набірае разгон. Зараз ёй многае пад сілу. І, значыцца, да заўтрашняга дня трэба рыхтаваць сябе і другіх. Як? І што наогул гэта значыць? Ну, вядома, працаваць лепей, з гаспадарскім прыцэлам. Ведаць сваё месца сярод другіх. Але гэтага ж мала. Прыйдзецца ўсё абмазгаваць нанава, сур’ёзней, чым раней, як самому стаць дабрэйшым да другіх і больш строгім да сябе. Чалавек займае на зямлі пачэснае месца. А значыць, яму належыць быць такім прыгожым і багатым, каб у ім, як у люстэрку, адбівалася краса і багацце свету. А галоўнае, каб ён адчуваў сувязь між сваімі штодзённымі намаганнямі і канчатковым падрахункам свайго жыцця. А як ты даможашся гэтага? Без намагання быць лепшым не дасягнеш...

За вокнамі ў мігатлівых агнях шумела Масква. Яе несціханы шум прымушаў Міхала думаць, думаць і >ноў, зноў правяраць сябе. Пацягнула да Кавалеўскага — пагутарыць, паслухаць яго. Міхал падышоў да • тэлефона і набраў патрэбны нумар.

Спытаюся, ці не збіраецца зноў пахадзіць»,— падумаў ён, але трубкі ніхто не падымаў: мусіць, Кава-

леўскага ў нумары не было. І, не могучы ўжо аставацца адзін, Міхал хутка апрануўся. Аднак, калі падышоў да дзвярэй, сутыкнуўся з Кавалеўскім. З таямнічым і трошачкі ўрачыстым выразам той, не спыніўшыся, размінуўся з ім у тамбуры і ступіў у пакой.

— Хадзі сюды! — пазваў ён, дастаючы з кішэні складзеную ў некалькі столак паперку.

— Навіна якая? — захваляваўся Міхал.

— Але... Тэлеграма. Цябе не знайшлі і перадалі мне.

— З Мінска?

— Але.— Кавалеўскі пабавіўся.— Выбачай, што раней не меў права сказаць табе. Усё рашалі... Выбаршчыкі просяць, каб ты даў згоду балаціравацца ў Вярхоўны Савет.

— Мяне? — не выстаяў Міхал.— Ды ну-у?

Ён узяў тэлеграму, але разгарнуць і прачытаць не спяшаўся, нібыта баючыся: гэта — жарт.

— Ды ты чытай, чытай,— падагнаў Кавалеўскі.— А я пазней зайду...

Правёўшы яго, Міхал прачытаў тэлеграму і доўга стаяў з апушчанымі рукамі, не ведаючы, што рабіць.

Але радаваўся ён не толькі за сябе: раз падымаюць яго, значыць, прабіваецца наверх і праўда аб падполлі!.. Узрушаны, трошачкі збіты з тропу, ён успомніў, што апрануты. Выключыў у пакоі электрычнасць і амаль не па сваёй волі пашыбаваў да ліфта.

На вуліцы пацяплела. Падаў буйны снег — не сняжынкі, а цэлыя камякі. Пешаходы ішлі з настаўленымі каўнярамі. У машынах весела матляліся «дворнікі». Электрычныя ліхтары нагадвалі зоркі. Белы дах Гістарычнага музея здаваўся казачным у снежных гурбах.

Міхал падбег да ярка асветленай вітрыны, выняў з кішэні тэлеграму і яшчэ раз прачытаў яе.

3

Арына прачнулася ад нейкай трывогі. Было вельмі ціха. Чулася толькі булькатанне вады, якая пералівалася ў батарэях. За акном, у сіняй цемрадзі, праносіліся зялёныя і залацістыя зоркі — праляталі самалёты. Арына слухала меладычны гоман вады, праводзіла вачыма агеньчыкі-зоркі і нечага чакала. У такой цягучай цішыні і адзіноце часта вярзецца страшнае. Калі ляжаць нерухома стала цяжка, Арына паднялася і, баючыся разбудзіць Лёдзю, запаліла святло. Запаліла і ахнула — насценны гадзіннік стаяў. Гэта была паганая прыкмета. Ахопленая страхам, Арына таропка падсунула табурэтку, завяла гадзіннік і пусціла маятнік. Але ён хістануўся раз-другі і, бліснуўшы, зноў замёр.

«Што яе гэта такое?» — халадзеючы, падумала Арына, паволі здагадваючыся, што зрушыла гадзіннік

з месца. Стараючыся не спяшацца, яна паправіла яго, перавяла стрэлкі. Зноў хістанула маятнік і асталася стаяць з апушчанымі плячыма і паднятай галавою, пакуль не пераканалася, што гадзіннік ідзе.

На стале знайшла тэлеграму, перачытала: муж павінен быў неўзабаве прыехаць. Аднак у пасцелі маркота ахапіла яе з новай сілай. З галавы не выходзіла прыгода з гадзіннікам, і яна ўжо гатова была чакаць немаведама чаго.

Раптам Арына пачула прыглушанае ўсхліпванне.

«Авохці мне! — жахнулася яна.— Няўжо Лядок?»

Басанож, на пальчыках яна пайшла да Лёдзі. Але дачка ляжала як звычайна, укрыўшыся амаль з галавою. Арына дакранулася да яе пляча і адчула: Лёдзя калоціцца ў плачы. Абхапіўшы дачку і прыпаўшы да яе грудзьмі, успомніла: і ўчора ўначы чула ціхія ўсхліпы, але падумала — здалося.

— Бацюхны мае! Што з табою? — зашаптала яна, бадай здагадваючыся, у якую бяду трапіла тая.

Лёдзя не адказала і заплакала на ўвесь голас. Аднак Арына зразумела: дачка будзе гаварыць.

— Хто цябе пакрыўдзіў, дачушка? — на вуха спыталася ў яе.— Ну, кажы, Лядок!.. Я ж маці. Кажы.

— Я, мама, сама вінавата.

— У чым? А божа мой! — адчуваючы, як слабеюць ногі, рукі, выдыхнула Арына. Цяпер яна магла толькі пытацца і галасіць.

— Вінавата, мама, і ўсё. Ты ж ведаеш...— перастала плакаць Лёдзя. Але гаварыць далей не здолела — ад гордасці, ад крыўды на ўсё і ўсіх.

Лёдзя даўно заўважала, як глядзяць на яе, любуючыся, мужчыны, і міжвольна поўнілася жаночай гордасцю. Хада, пастава пачалі ў яе мяняцца, рабіліся больш велічныя. І трымалася яна ўпэўнена, рухі былі прыгожыя, і здавалася, Лёдзя глядзіць на ўсіх зверху ўніз. Хлопцы бянтэжыліся перад ёй. Неяк мінулай зімою ў Лёдзі пабялелі ад марозу шчокі. У трамваі, куды яна зайшла, адразу загаманілі, пачалі даваць парады, асабліва адзін хлопец. Было відно, што ён шчаслівы хоць чым-небудзь памагчы ёй, і аж загарэўся, калі пальцам дакрануўся да шчакі, паказваючы месца, якое трэба было расціраць... Верылася, па жыцці пройдзе з узнятай галавою, патрабуючы да сябе павагі і ваюючы за справядлівасць... А цяпер? Што скажуць гэтыя ж хлопцы, калі даведаюцца пра тое, што здарылася? Што скажуць Пракоп, Кіра? А хіба ёсць што-небудзь больш страшнае, як жыць без павагі другіх і самой сябе? Камсамолка!.. Нават Юра і той становіцца не такім, як быў, і стараецца, каб іх спатканні былі далей ад дому. Баіцца сведак і сваіх. А што, калі сапраўды?.. Ну, што тады?..

— Гавары, Лядок! — настойліва сказала Арына і ўзяла ў рукі Лёдзіну касу.

Лёдзя прыўзнялася, села, апусціла з канапы ногі. Потым забрала ад маці касу, роспачліва, як шалікам, абматала ёю шыю і сцяла канец губамі. Босая, у начной сарочцы, з касою, заматанай навокал шыі, яна выклікала прымхлівы страх. Арына войкнула, абняла яе і застагнала.

У калідоры зазваніў званок.

Арына ўсхапілася, гвалтам палажыла Лёдзю і накрыла коўдраю.

— Пасля пагаворым,— зашаптала яна.— Заўтра. Бацюхны мае! Спі, спі...

Яна скоранька выцерла прасціною твар, накінула старэнькі мультановы халат і, крыкнуўшы «зараз!», пабегла ў калідор.

Міхал — нязвыкла шумны, вясёлы — пераступіў цераз парог, але Арына не дала запаліць святла. Ён не звярнуў на гэта ўвагі, спаймаў яе руку і пацалаваў у далонь — раз, другі. Запаліўшы ўсё-такі святло, не асабліва здзівіўся:

— Ты што, плакала?

— Я? Не. Гэта ў мяне слёзы, мабыць, на самым беражку,— стала пятляць Арына і, выцершы вочы, баданула мужа ў плячо.

Яны прайшлі ў пакой. Паставіўшы чамадан на крэсла, Міхал адчыніў яго, выняў шарсцяную кофтачку, вышытую бісерам. Потым дастаў чорную плісіраваную спадніцу.

— Гэта табе, маці,— сказаў ён збянтэжана.— Нам таксама аб сабе думаць яшчэ не позна... А дзеці дзе?

— Яўген на трэцяй змене... Навошта мне столькі?

— Насі на здароўе. У нас, маці, свята сёння. Мяне, аказваецца, кандыдатам у дэпутаты вылучылі. Балаціравацца, маці, буду...

— Калі? — не паверыла Арына.— Чаму мы не ведалі? Або таіў ад нас?

— Не, маці...

Яна прытулілася да яго, усхліпнула. Жадаючы пацешыць жонку яшчэ чым-небудзь, Міхал прыгарнуў яе.

— Кашміровыя хусткі ў нашым універмагу былі. Заўтра пойдзем і купім.

— Не трэба загадзя заказваць, Міша,— папрасіла яна.— Хто ведае, што там заўтра яшчэ будзе...

— Добра будзе, во што... А паслязаўтра яшчэ лепей. Гэта не толькі мяне, маці, вылучылі... Таму, пэўна, і маўчалі — узважвалі да апошняга дня. Лёдзя спіць? Пабудзі яе.

— Стамілася яна вельмі.

Гэта пакрыўдзіла Міхала, але ён не стаў настойваць. Тым больш што Арына заспяшалася і, каб схаваць разгубленасць, з дакорам спытала яго:

— А ты зноў-такі нічога не бачыш? Няўжо не бачыш?

Ён агледзеў пакой, але нічога асаблівага не заўважыў.

- А я ўсё, як да Першага мая, прыбрала і вымыла,— прызналася Арына.— Два дні з усіх сіл старалася і фіранкі новыя павесіла.

Сапраўды, у пакоі было як перад святам. На вокнах віселі салатныя, у складках, фіранкі.

4

Арына не спала ўсю ноч. Раніцою ўстала змардаваная, з болем у галаве. Асабліва выматала тое, што, пакутуючы, яна не магла ні паварушыцца, ні застагнаць: баялася пабудзіць Міхала. Але ў гэтую бяссонную ноч прыйшло рашэнне. Пасля цяжкай — пошапкам — размовы з Лёдзяй яна цвёрда надумала схадзіць да Сасноўскіх і, як ні шкада было мужа, пра ўсё расказаць яму.

Да Сасноўскіх яны пайшлі разам, як толькі паснедалі. Учора была адліга — з туманам і капяжамі, але на золку ўдарыў мароз. Туман шэранню асеў на дрэвах, а тратуары ўкрыў голы лядок. Ісці было коўзка. Арына моўчкі трымалася за мужа, глядзела некуды перад сабою і толькі ў завулку, дзе стаяў катэдж галоўнага інжынера, пажалілася:

— Чаму ў нас, Міша, ніколі не бывае, каб усё было добра? Не адно, дык другое, але абавязкова што-небудзь кепска.

— Гэта, мусіць, каб мы разумнейшыя былі,— паспрабаваў пажартаваць Міхал.

Арына адчула, як цяжка будзе размаўляць з Сасноўскімі, і перад самай брамкаю, каб мужу не было калі падумаць, схітрыла:

— Ты пачакай мяне тут. Спачатку нам, жанчынам, лепей адным пагаварыць.

Адамкнуў ёй дзверы Юра. На момант, уражаны, асалапеў, потым зладзеявата рукавом выцер з твару пот і прапусціў Арыну.

Ён чакаў і баяўся гэтага прыходу. А што, калі ўсё не прайшло бясследна? Што тады? Нават загадаў у роспачы: «Калі ўсё абыдзецца добра, значыць, ёсць сам бог. Не абыдзецца — няма яго». Страх прымусіў Юру як бы згадзіцца з існаваннем нейкай вышэйшай сілы і заключыць з ёй хаўрус: зрабі так, каб усё было добра, і я прызнаю цябе, не зробіш — чорт з табою, цябе няма!

— Мам,— гукнуў ён сіплым голасам з пярэдняй.— Да цябе прыйшлі.— І зараз жа знік.

У нядзелю Сасноўскія спалі позна. Вера выйшла ў наспех накінутым цёплым халаце. З памятай чырвонай шчакою. Да таго ж у яе ўсю ноч балела галава, і гэта адно ўжо выклікала незадаволенасць ранняй госцяй.

— Вы да нас? — непрыхільна спыталася яна, не адразу пазнаючы Арыну і прымаючы яе за адну з жанчын, якія часам прыносілі яйкі, сыр, курэй.

— Да вас,— адказала Арына і кінула позірк у гасціную.

Вера здагадалася: госця чакае, што яе запросяць прайсці, але толькі шчыльней захінула халат. Аднак бачачы, што Арына стаіць і маўчыць, адчула нядобрае і працягнула руку да дзвярэй.

— Праходзьце, калі ласка. Мы ж амаль незнаёмыя.

— Я наконт Лёдзі і Юры,— з цяжкасцю, але адразу пачала Арына, сядаючы на крэсла.

Але яе словы як бы абразілі Веру. Яна злосна прыжмурыла вочы. На твары праступіла гордая маска і закрыла яго. І адразу стала відно: гэтыя жанчыны ні аб чым не дамовяцца. Але Арына не магла ўжо адступіцца. Ды ў душы ў яе ўсё яшчэ тлела надзея: «Людзі ж яны... Людзі! Ёсць жа на свеце праўда!»

— Я прыйшла сказаць вам, што нашы дзеці жывуць...— даверылася яна.

— Хлусня! — не дала ёй гаварыць далей Вера, быццам і сапраўды сваім абурэннем магла абвергнуць тое, пра што казала Арына.

— Далібог!

— Страшная хлусня!

— Спытайцеся ў вашага сына.

— Мне няма чаго пытацца ў яго. Я і так упэўнена.

— А я прашу вас.

— Навошта? Ваша дачка што, загрубела? — нечакана змяніла тон Вера і адышла да акна.

— Не ведаю.

— Дык у чым жа справа? Ва ўсіх бываюць памылкі.

— Чаму ва ўсіх? — запярэчыла Арына і раптам жахнулася з таго, што мела на ўвазе Сасноўская.

З-за вушака дзвярэй выткнулася Юрава галава.

— Ідзі адсюль! — гыркнула на яго Вера і зноў спыталася цераз плячо:— А вы ўпэўнены, што яна гуляла толькі з Юрыкам?

Міхал хадзіў сюды-туды каля катэджа: чакаць было яшчэ цяжэй, чым што-небудзь рабіць. «Трэба ж, каб здарылася так!.. І цяпер, калі даў сабе слова!..»

У першую хвіліну, калі жонка расказала яму. пра Лёдзю, ён ускіпеў, схапіўся за папругу, але потым апамятаўся, абяссілеў.

Стала невымоўна горка і сорамна. Называецца — выгадаваў. Хто б мог падумаць? Спачатку — адно, цяпер — другое. Ні пачуцця абавязку, ні чысціні. А сорам які? Уведала сям’я — і калатнеча, ідзі ўніжайся... А калі ўведаюць усе? Ды як яна сама будзе жыць?..

Убачыўшы ў акне скамянелую ў грэблівай непрыяснасці Сасноўскую, Міхал не вытрываў, бразнуў брамкаю і ступіў на ганак.

Здзіўляючыся Арынінай напорыстасці, у пярэдняй пачуў яе словы.

— Я не прасіць прыйшла — параіцца,— выгаворвала Арына.— Вы ж таксама маці. Іх цяпер і абяздоліць лёгка. А грошы? Навошта яны нам? Навошта наогул што-небудзь ваша? У нас свайго хапае. Вырасцілі дзяцей, вырасцім і вашага ўнука, калі ён будзе.

Яшчэ больш уразіў Арынін выгляд. Твар у яе гарэў, кулакі былі сціснуты, хустка развязалася і, гатовая ўпасці, вісела на плячы.

Да Веры Антонаўны са шклянкаю вады з другога пакоя спяшаўся спалоханы Сасноўскі.

— Што ў вас тут? — злуючыся за свой спалох, спытаўся ён.— Вяруся, супакойся! Табе нельга! А вам чаго трэба ад яе?

Сасноўскі часта не пазнаваў людзей. Сустрэўшыся з кім-небудзь на вуліцы і не павітаўшыся, ён, калі Вера пасля напамінала яму, хто гэта, бянтэжыўся і жартаваў :

— Склероз. Болей не буду!

Але назаўтра ўсё зноў паўтаралася. Не пазнаў ён Арыны.

— Вам чаго трэба?— не разумеючы, чаму такая абураная фізіяномія ў жонкі, перапытаў ён.

Вера прытуліла тыльны бок далоні да лба і, намацаўшы крэсла другой рукою, трошачкі манерна апусцілася ў яго.

— Шарупіч кажа, што Юрык і яе дачка зайшлі вельмі далёка,— растлумачыла яна, адхіляючы шклянку.— Ты разумееш, Макс?

Сасноўскі зірнуў на яе, потым на Арыну, убачыў Міхала і ўспыхнуў. Зашпіліўшы на ўсе гузікі паласатую піжаму, падышоў да яго і збянтэжана працягнуў абедзве рукі.

Далоні ў яго былі складзены лодачкаю, нібыта ён збіраўся нешта браць у прыгаршчы, і ў Міхала замітусілася ў вачах.

«Хоча ўсім дагадзіць! Сказаць нічога не можа, дык вунь як прабачэння просіць,— падумаў ён.— А Арына? От жа скажы!..»

— З прыездам, Сяргеевіч,— павіншаваў Сасноўскі і густа пачырванеў.— Бач, якая непрыемнасць!..

Гэта нагадала Міхалу нядаўнія сустрэчы з ім і тую — ля рынку, калі прасіў галоўнага інжынера памагчы ўладзіць Лёдзю на завод. Як тады, так і цяпер дачцэ патрэбна была дапамога. Але і тады, і цяпер Міхал не надта ведаў, што і як парадзіць.

— Справа не ў непрыемнасці,— холадна сказаў ён.— Выхад трэба шукаць...

— Сапраўды, сапраўды! — заспяшаўся Сасноўскі.— І як мага хутчэй, Вяруся. Не адкладаючы!.. Гэта правільна!

Вера кінула на яго гнеўны позірк і фыркнула:.

— І што ты раіш?

— Ты маці. Тваё слова першае...

— Сама ведаю, што маці! Таму і гавару: няхай просяць што хочуць. Дадзім усё. Мне нічога не шкада. Але Юрык жаніцца не можа. Яму дзевятнаццаць. Які ён сем’янін! І я не дапушчу, каб жыццё яго знявечылася.

— Хадзем, маці,— абрывіста сказаў Міхал.

Але Арына, прыслухоўваючыся да нечага, нават не зірнула на яго.

Калі ж Міхал паўтарыў сваю просьбу больш рашуча, хутка ступіла да дзвярэй у суседні пакой.

— Юра! — гукнула яна.— Ідзі сюды, Юрык!

 

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
1

Комлік занепакоіўся, калі ў канцы змены, праходзячы каля яго машыны, Кашын спыніўся і сказаў:

— Нам пагутарыць, Іван, трэба.

Праўда, начальнік цэха цяпер змяніўся. Яго рука і заступніцтва адчуваліся шмат у чым — нават пры размеркаванні работы. Комлікавай брыгадзе звычайна выпадала фармаваць дваццаць першы мост — самую выгадную дэталь, за якой фармоўшчыкі ганяліся. Перападалі і прэміі. Але ці мала што: ад Кашына ўсяго можна было чакаць. Вунь як спрытна — не падкапаешся! — разлічыўся з нездаволенымі. Падтасаваў так, што ніводзін не мог адмовіцца і ўсе да аднаго вымушаны былі перайсці на Жодзінскі аўтамабільны. А там вытворчасць толькі асвойваецца — не заробіш! Невядома, як будзе і з кватэрамі. Тарыфная сетка, кажуць, таксама ніжэйшая... Ды хіба толькі гэтым можа напаскудзіць Кашын? Аднойчы ўжо дастукаўся, паспытаў яго ласкі. Ударыў наводмаш толькі за тое, што заступіўся нежаданы яму чалавек...

Наспех памыўшыся ў душавой, Комлік пабег да начальніка цэха. Але падымацца ў кабінет не давялося: Кашын чакаў ля ўвахода.

— Даўнютка мы з табою не сустракаліся вось так, удвух, — сказаў ён, як выходзілі з прахадной.— Мусіць, ад самай партызаншчыны.

У Комліка адлягло ад сэрца: Кашын пачаў з успамінаў — значыць, баяцца няма чаго. А гэта — галоўнае, хоць Комлік і разумеў, што начальнік цэха не з тых, хто без дай прычыны ласкава паставіцца да чалавека або проста скажа яму добрае слова.

— А як жа, многа вады сплыло,— лісліва пацвердзіў Комлік і, каб сарыентавацца і што-небудзь выведаць, дадаў: —Распалася наша кампанія. Разышліся, як караблі ў моры. Цяпер кожны сам сабе падпольшчык. Дзімін з Шарупічам, напрыклад, дык толькі і ведаюць, што павучаць...

— Яно вучыць другіх заўсёды лягчэй... Цяжка, Іван. Вунь што, рыхтуючыся да пераходу на скарочаны рабочы, зрабілі. Думаў, і адпачыць будзе можна. Забяспечылі сябе гады на два-тры. А тут зноў завіруха. Стары Варакса і той...

— А ён што, паправіўся ўжо? — перапыніў начальніка Комлік, здагадваючыся, што той загаварыў пра галоўнае, і даючы гэтым зразумець, што страхуе яго: падумай, маўляў, яшчэ раз, перш чым сказаць далей.

Кашын ухмыльнуўся — не то Комліку, не то сваім думкам.

— Папраўляецца. Раней на грудзі пляваўся, а цяпер на бараду.

— Далібог, праўда! — засмяяўся Комлік, паддобрываючыся.

— Але стары правільна кажа: кідаемся ва ўсе бакі, а пэўнасці няма. То дазваляем, то забараняем, што дазволілі. Гаў дый зубы сцяў... Ты, калі што ў цэху, дакладвай...

У кватэру да Кашыных Комлік зайшоў ужо смела.

«А чамаданаў, як у камеры для багажу. Валіцца цераз горла»,— іранічна падумаў ён, гатовы ужо на жарты. Хоць Кашын і не дагаварыў нечага, было відаць: ён шукае падтрымкі ў Комліка і сам пачне перапыненую размову. Комлік нават не звярнуў увагі на дэманстрацыю гаспадыні.

Тацяна Цімафееўна, скамячыўшы на грудзях халат, непрыхільна, як назойлівага папрашайку, агледзела госця з ног да галавы і, рэзка крутнуўшыся, грукнула за сабою дзвярыма.

— Я нездарова, не выйду! — крыкнула яна з другога пакоя.

— Жанчыны,— прабачліва працягнуў Комлік, сядаючы ля стала, і пажартаваў:— Добра таму, хто не п’е, а вось нам як?

Ён чакаў, што Кашын разбушуецца, учыніць скандал, але той толькі спахмурнеў і сам падаўся ў кухню рыхтаваць закуску. Выходзячы, азірнуўся па-змоўніцку — нічога, неяк будзе — і падміргнуў Комліку, але дзверы пакінуў адчыненымі.

«Баіцца, каб чаго не сцягнуў,— весела, без крыўды падумаў Комлік.— Во каб сапраўды што-небудзь сперці. Што б тут пасля было ў іх, уявіць страшна!»

З цікаўнасцю ён агледзеў сталовую, трэльяж у кутку. У адным з яго люстраў была відаць кухня — рог халадзільніка, шафа і Кашын з закасанымі рукавамі ля стала. Схіліўшыся над кухоннай дошкаю, ён вялікім нажом наразаў селядца.

«Мабыць, не першы раз за гэтым заняткам,— зноў падумаў Комлік і каўтнуў сліну.— Але што мне, мне ўсё адно...»

Назіраць за Кашыным было цікава, тым больш што ён не трымаў бы сябе так пры людзях. Нарэзаўшы селядца, нажом акуратна ссунуў яго на вузкую талерку, паглядзеў так-гэтак, паправіў. Потым выняў з шафы графін з гарэлкаю, наліў у шклянку, паглядзеў праз яе на святло і па-гаспадарску перакуліў у рот. Узяўшы відэльцам кавалачак селядца, пакаштаваў і другі раз паправіў яго на талерцы.

— Ну як, доўга? — спытаўся ён, вярнуўшыся нарэшце ў сталовую і накрываючы стол цыраткаю.— Выходзіць, і без жонак можна абысціся. Вось яшчэ цыбулькі напластуем — і парадак.

— Усе яны такія,— паблажліва азваўся Комлік.

Але гэта не спадабалася Кашыну, ён нахмурыўся

і не з такой ужо ахвотаю паставіў перад сабою чарку, а перад Комлікам шклянку.

— Сэрца нешта таго...— скрывіўся ён.— Мусіць, гады, Іван. Ты не глядзі на мяне. Ведаю, у гасцях не стамляешся пакуль што...

«Дыстанцыю хоча трымаць,— здзекліва падумаў Комлік.— Ну, трымай, трымай, мне ўсё адно...», а ўголас пачціва сказаў:

— Я, дзякуй богу, яшчэ магу, Мікіта Мікітавіч! Колькі ні вып’ю, толькі б гадзінку паспаць — і як шкло. Ну, хай нашы ворагі спрахнуць! За ваша здароўе!

Гарэлка развязала яму язык. Наліўшыся чырванню, ён дабрадушна паглядаў навокал асалавелымі вочкамі, хваліў мэблю — трэльяж, радыёлу, рыжскі буфет.

— Якая гаспадыня, такі і дом,— разважаў ён, апетытна закусваючы.— Хоць у жыцці, вядома, розныя трапляюцца. Лес і той няроўны. Зямля — таксама няроўная. А дзе ты бачыў, каб людзі былі аднолькавыя. Другая — як чорт у спадніцы!

— Не балбачы лішняга,— паглядаючы на дзверы, паспрабаваў суняць яго Кашын.

— Я ведаю, Мікіта Мікітавіч. У мяне вопыт ёсць. Такія падлы сустракаюцца, што жах! Вазьміце, напрыклад, Дзіміну нашу. Колькі яна ў цэху крыві папсавала. А пра вас што гавораць? Вы не думайце, я ведаю... Я адну ўжо жонку пахаваў. Другая, праўда, трапілася нішто, хоць з дачкою. Затое двухжыльная. Не кожны мужчына зробіць столькі. І мяне шкадуе... хоць жыватом ужо і кволіцца...— Ён увачавідкі п’янеў.— А ў нас ка вёсцы адна прыдуркаватая была. Як толькі муж уначы да яе, яна ў гвалт: «Дзё-омка,— крычыць (гэта сын у іх быў),— палі агонь!»

Калі Комлік пайшоў, у сталовай з’явілася Тацяна Цімафееўна.

— Ну што, задаволены? — холадна, з прыжмуранымі вачыма, спыталася яна.

— А што тут такога?

— Знайшоў таварыша. Пачакай, ён і пра цябе калінебудзь раскажа.

— Няхай будзе пад рукамі. Дурань, які думае, што ён разумны, карысны бывае. Асабліва калі хам...

— Хам? Ведаю я. Не ўпершыню. Табе абы выпіць, абы прычына! Колькі з гэтым маргуном Аляксеевым перапіў. А толку? Ён жа на цябе як на ворага цяпер глядзіць. Так і глядзі, што накінецца.

— Не бойся... У яго кішка яшчэ тонкая. Як міленькі слухацца будзе.— Кашын падышоў да жонкі і, блазнавата ўсміхаючыся, паспрабаваў абняць. Але яна расчапіла яго рукі і адступіла.— Ну, ладна, ладна, дай буські,— склаў ён трубачкай губы і, бачачы, што жонка з нянавісцю глядзіць на яго, нечакана засмяяўся.— Чаго ж ты не крычыш? Крычы: «Дзё-омка, палі

агонь!»

2

Пасля такіх выпадкаў Кашыны не размаўлялі. Тацяна Цімафееўна з застылым, як у глуханямой, тварам хадзіла з анучкаю па пакоях або назнарок доўга ляжала ў пасцелі, і Кашыну прыходзілася самому гатаваць сабе снеданне. Каб асвяжыцца, ён па пояс абціраўся халоднай вадою, спехам снедаў і ішоў на работу. Іншы раз яны не размаўлялі па два-тры дні і трымалі сябе так, нібыта ў дйме нікога не было наогул.

Але сёння Тацяне Цімафееўне трэба было абавязкова параіцца з мужам. Учора Сеўка прыслаў ліст. Ён пісаў, што вельмі нудзіцца, і прасіў, каб далі тэлеграму, што маці хворая і яму трэба прыехаць.

«Тады, можа, і адпусцяць на колькі дзён,— тлумачыў ён сваю просьбу і зноў скардзіўся на службу, на парадкі.— Кожны дзень усё адно і адно. Пад'ём, зарадкі, заняткі, адбоі, трывогі. Завязалі перапіску з брыгадай Пракопа Свірына з ліцейнага цэха — нуда! І, як належыць, на сябе таксама ўзялі абавязацельствы. Аўтамабілі з серабрыстым зубрам, маўляў, ёсць і ў нас, таму нам асабліва дарагая дружба з вашым калектывам і г. д. У ленінскім пакоі павесілі партрэты Свірына, Вараксы, Шарупічавай Лёдзькі. Так што любуюся... Толькі і радасці, што вучу аднапалчан танцаваць і сам навучыўся адбіваць чачотку. Здорава навучыўся! А грошы? Каб ведалі вы, як дрэнна ў арміі без іх. Горш, чым дома. Добра, што хутка здам іспыты на радыста другога класа і ў два разы буду больш атрымліваць. Хоць вып’ю калі-нікалі». І прыпіска: «Мама, я спадзяюся на цябе. Разумееш, на цябе».

— Пачакай хвілінку,— спыніла яна мужа, які ў адных трусах ішоў у ванную.

Кашын азірнуўся, пачухаў валасатыя грудзі. І хоць маўклівы паядынак спыніла Тацяна Цімафееўна, пайсці так раптам на прымірэнне не захацеў. Дый галава трашчала.

— Сева пісьмо прыслаў. Перажывае...

— Ну і што? Можа, чалавекам стане нарэшце.

— Просіць, каб мы паслалі ў часць тэлеграму.

— Якую? Што ты хворая?

Тацяна Цімафееўна здзівілася.

— Ага,— усё ж адказала яна, стараючыся не выдаць сваёй збянтэжанасці.— Ты, мусіць, кепікі строіў бы, калі б ён і памёр!..

Але жаўтаватыя вочы ў Кашына глядзелі панура. Задуменна пагладзіўшы сябе па грудзях, ён даволі лагодна сказаў:

— У паліклініцы мне няма да каго звярнуцца. А так, без сведчання ўрача, пошта такую тэлеграму не прыме. Пашлі яму грошай лепш. Ды парай, няхай калектыўную паездку арганізуюць. Дома пабудзе і справу зробіць...

Ён зайшоў у ванны пакой, і адтуль адразу пачулася яго фырканне.

— І снеданне прыгатуй! Спазнюся яшчэ!..— напомніў ёй, упэўнены, што жонка цяпер будзе шаўковая.

Па дарозе на завод Кашын дагнаў Аляксеева. Але механік не заўважыў начальніка, пакуль той не ляпнуў яго па спіне.

— Пра што думаем? — насмешліва спытаўся Кашын.— Зноў пра цар-барабан?

— Не, Мікіта Мікітавіч...— заэкаў Аляксееў.— Думаў пра сапраўдную тэхніку. Спадарожнікі адкрылі вочы, на што мы здатныя. Да космасу дабраліся...

— Пра галактыку, значыць, непакоішся? Не варта: яе як-небудзь без цябе асвояць. Калі, канешне, трэба будзе. Лепш аб сабе часцей думай. А то бог ведае на каго падобны.

Нядаўна выпала пароша. Некранутая бель укрывала ўсё наўкол. Снег ішоў такі пушысты і лёгкі, што лёг на галіны дрэў, як шэрань, толькі быў яшчэ бялейшы. На заснежаным, яшчэ не ачышчаным дворнікамі тратуары гулялі хлопчык і дзяўчынка. Дзяўчынка была худзенькая, увішная, у берэціку, з коскамі, у якія заплецены жоўтыя стужкі. Яна адразу рабіла некалькі спраў — нешта жавала, раз за разам адкідала назад, за спіну, коскі, падцягвала штонікі, падскаквала і кідала ў хлопчыка снегам.

— Вы гаворыце пра галактыку, нібы гэта лухта. А вось яны дык напэўна паляцяць,— кіўнуў на дзятву Аляксееў.— Можа, цяпер толькі і пачынаецца гісторыя. А дагэтуль перадгісторыя была... Паслязаўтра Шарупіч пра з’езд будзе дакладваць. Цікава, што раскажа.

— Раскажа, аб чым у газетах чыталі.

— Ну не, наўрад!

Усё гэта здалося Кашыну падазроным: яго думку ігнаравалі. Не забыліся і жончыны словы. Механік, сапраўды, спрабаваў праяўляць незалежнасць.

— Учора зноў аварыя ў стрыжнёвым. Наладзіць не можам! — каб паказаць Аляксееву на ягонае месца, паспрабаваў узяць механіка ў абарот Кашын.— Куды глядзіш? Хіба гэта работа? Туляешся па завуголлях. А грошы, як і я, атрымліваеш. І памятай — ёсць, Аляксееў, людзі, якія нешта значаць толькі пры другіх. Самі па сабе яны — нуль. Зразумела? І не спадзявайся, што калі два-тры бузацёры плявузгаюць нешта на мяне, то я ўжо і не начальнік. Не думай, што калі кватэру абяцалі, дык яны за цябе. Не-э, брат! Рана храбрыцца і задавацца.

Аляксееў прамаўчаў.

Раней механік у такіх выпадках апраўдваўся. І тое, што ён не зрабіў гэтага, раззлавала Кашына зусім.

— Нас, кіраўнікоў вытворчасці, не так ужо многа. Не ўсім мы падабаемся, і нам часам нялёгка прыходзіцца,— сказаў ён з пагрозаю.— Але ў нас ёсць звычай — цікавіцца тымі, каму мы не падабаемся: ці ўсё ў іх саміх чыста? Тады пабачым... Органы яшчэ існуюць. А памылкі ва ўсіх бываюць, іх можна выправіць. А вось нутро сваё ці выправяць нашы праціўнікі — не ўпэўнены.

— Дарэмна вы, Мікіта Мікітавіч, думаеце, што я баюся чагосьці. Далібог, дарэмна,

— Ну-у. Няўжо?

— Проста жыццё ўскладняць не хочацца. Навошта гэта мне?

— То-та і яно. Вядома, не варта... Таму не фінці, дарагі, і не строй дурня...

Ля прахадной Кашын казырнуў Аляксееву і прыбавіў кроку. На заводзе адносіны з механікам павінны былі быць афіцыйнымі. Да таго ж у натоўпе рабочых, што ўліваўся ў прахадную, ён заўважыў Кіру Вараксу і Лёдзю Шарупіч.

3

— Вы нешта блытаеце, мама! Гэтага не магло быць.

— Было, дачушка, было. Я гукала яго.

— Значыць, Юра не чуў. І чаму вы не сказалі мне адразу?

— Не магла, дачушка. А ён не глухі. Бацька кажа, Юрка проста нікчэмны слімак. Ён не любіць цябе, маю харошую.

— Няпраўда, няпраўда! Навошта вы сказалі ўсё тату?

— Як жа не сказаць? Калі б ён ад чужых даведаўся, з ім немаведама што было б. А мне не адну цябе шкада. Ціха, ідзе...

Маці не дакарала Лёдзю, не лаяла, нават спачувала ёй. Маўчаў усе гэтыя дні і бацька. Але Лёдзя бачыла, як цяжка ім, і сэрца ў яе разрывалася.

Сёння яна таксама была сама не свая. У брыгадзе, думаючы, што ёй нездаровіцца, прыставалі з роспытамі і парадамі, а Лёдзя не магла адказаць на шчырасць шчырасцю.

— Ты хворая, Шарупіч? — устрывожыўся Пракоп, кудлацячы чупрыну.— Я пагавару з майстрам. Ідзі дамоў, кладзіся ў пасцель.

— Адкуль вы ўзялі? Глупства,— не могучы ўзняць на яго вачэй, адмаўлялася Лёдзя.

— Ідзі, калі гавораць! — накінулася на яе Кіра.— Тут жа скразняк.— І, заўважыўшы на Лёдзіных вейках слёзы, абняла яе, сабралася павесці з цэха.

— Я па Шарупіча збегаю,— прапанаваў Трахім Дубовік.

Лёдзя адштурхнула Кіру і спалохана ўтаропілася на зборшчыка.

— Вы людзі ці хто? Сказала, нікуды не пайду, і не пайду! Ну чаго вы? — І, каб адвесці ад сябе гаворку, пачала пра іншае: — Вунь лепш на Трахіма паглядзіце. Скура ды косці. А яму пасля змены зноў на будоўлю ісці адрабляць...— Аднак тут жа збавіла тон.— Пракоп, дарагі, я зусім здаровая. Чэснае камсамольскае!

І сапраўды, ускінула на стол апоку і, пусціўшы машыну, аддалася рабоце.

Праз нейкі час Лёдзя нечакана пераняла Пракопаў позірк. Спачатку падумала, што брыгадзір сочыць за ёй, але пасля здагадалася: не, паглядае на Кіру. Ён скарыстоўваў на гэта вольны міг, калі ў ніжнюю паўформу былі ўстаўлены стрыжні і Трахім Дубовік падцягваў верхнюю, якая вісела на аўтапад’ёмніку. Твар у Пракопа лагаднеў, і вочы хораша свяціліся. Так глядзяць на агонь або на кветкі.

«Няўжо завязваецца нешта паміж імі? — з горкай замілаванасцю падумала Лёдзя.— А Кіра ні гу-гу. Мо не здагадваецца яшчэ... Добра ім — заўсёды побач!»

Міжволі думкі скіраваліся на Юру. Няўжо сапраўды не кахае? Як жа тады? Адмовіцца ад надзей, ад таго, чаго шукала, чакала? Цярпець непрыстойныя намёкі, насмешкі? Быць у цяжар бацьку, маці — зганьбаванай, чужой сярод сваіх? Ды ён што — у сваім розуме? Не можа ўявіць, зразумець? Маці, калі расказвала, як ён адчыняў дзверы, уся калацілася ад абурэння. «Ануча анучай! Хоць ты бяры яго на вілкі і раструшчвай замест гною на полі...» Не, гэтага не можа быць! Маці гаварыла так проста ад крыўды, бо вельмі любіць яе. А Юра яшчэ пакажа сябе. Яму таксама нялёгка. Вера Антонаўна, напэўна, ірве і шпурляе там. Такая на ўсё здольная...

— Лёдзя! — гукае Пракоп.— Што там у цябе?

«Задумалася! — спалохана схамянулася яна і хуценька зграбла лішнюю зямлю з апокі, якую падкідае і трасе машына.— Каб толькі не прачулі, толькі б не здагадаліся. Усё будзе добра, усё будзе добра!..»

Работа зноў прыглушае трывогу, і Лёдзя зноў пачынае не-не дый назіраць за Пракопам.

Ён працуе не спяшаючыся. Рухі ў яго размераныя, гордыя — такія бываюць толькі ў фармоўшчыкаў ды хіба яшчэ ў сталявараў. Калі Пракоп пругкім струменем паветра прадзьмуваў форму, ён міжвольна моршчыўся. І ўсё-такі на яго прыемна глядзець. Нават тое, як ён па-хлапечы моршчыцца, неяк пасуе яму.

Вось ён ачысціў Лёдзіну паўформу, уставіў стрыжні, Трахім Дубовік працягнуў руку да пад’ёмніка, і Пракоп зноў не прамінуў глянуць на Кіру. Гэтым разам яго позірк пераняла і Кіра. Сумеўшыся, яна апусціла вочы, адвярнулася і рыўком пацягнула рычаг — у пустую апоку на стале яе машыны рынулася чорная зярністая зямля.

Лёдзі зноў нагадаўся Юра і тое, што пад вечар спатканне з ім.

«Вось і вырашым усё,— з палёгкаю ўздыхнула яна.— Маме заўсёды нешта паганае блюзніцца. А Вера Антонаўна тут ні пры чым. Які ёй клопат? Мы дарослыя... На благі канец будзем жыць у інтэрнаце або ў нас. Тата згодзіцца. А майго заробку і на дваіх хопіць».

Работа і гэтыя думкі супакоілі Лёдзю. Калі скончылася змена і Кіра прапанавала ёй з Трахімам Дубовікам, не прыбіраючы, пайсці дамоў, Лёдзя нават пакрыўдзілася :

— Гэта чаму ж?

— Мы самі прыбяром,— заспяшалася Кіра, ведаючы яе наравісты характар.— Я ўсё роўна астануся памагаць наладчыкам. Павучуся...

— Вядома,— ахвотна падтрымаў яе Пракоп.— Ідзіце. Заўтра, калі што, мы зойдзем!

«Хітруюць або я сапраўды так кепска выглядаю?» — засмуцілася і здзівілася Лёдзя і, як толькі прыйшла дамоў, з трывогаю падбегла да люстра. Прыдзірліва, як чужы, агледзела твар, перакінула наперад касу і, стаўшы да люстра бокам, агледзела сябе ўсю —

з ног да галавы. Не, нічога асаблівага! У люстры стаяла зграбная, праўда, нечым узрушаная, дзяўчына з ільняной шаўкавістай касою на грудзях. І гэта ўзрушанасць, насцярожаная цікаўнасць, з якой яна прыглядалася да сябе, рабілі яе дужа мілай. Лёдзя нават крыху расчаравалася, нахмурылася. Але ў той жа час адчула гордасць — няхай знойдзе другую такую.

Лёдзя прыгладзіла бровы, аблізала, каб былі больш свежыя, губы і адступіла на крок. І тут праз люстра ўбачыла ў дзвярах маці. Прыціснуўшы да губ кулак, тая, не міргаючы, глядзела на яе і пагойдвалася, як ад зубнога болю.

— Ты што, мама?

— Нічога, дачушка. Гляджу, якая ты ў мяне.

— Усё будзе добра, мама. Другога глупства я не зраблю.

На спатканне Лёдзя свядома пайшла са спазненнем. Хоць гэта страшэнна стамляла, па дарозе прымушала сябе разглядаць прахожых, чытаць знаёмыя шыльды. Але калі прыйшла да універмага, дзе яны дамовіліся спаткацца, Юры не было.

Нецярпліва ходзячы па тратуары, яна паглядала то на гадзіннік, то ў той бок, адкуль павінен быў паявіцца Юра. Гэта раздражняла — дагэтуль ён чакаў яе. Бянтэжыла і тое, што на яе азіраліся — мусіць, яна выглядала не як усе. Нават манекены ў вітрынах, здавалася, утароплена дзівіліся і прыпаднімалі плечы.

Калі Юра вярнуўся з цаліны і прызначыў спатканне, яны таксама сустрэліся тут, каля універмага. Тады Лёдзя, сама не ведаючы навошта, прывяла сюды з сабою Цімоха. Зрабіла гэтак хутчэй за ўсё ад гуллівай радасці, якая перапаўняла яе, ад жадання паказаць Юру: нягледзячы ні на што, яна належыць толькі яму і можа быць у сваіх адносінах адкрытай і простай. Але Цімох пакрыўдзіўся так, што перастаў хадзіць да іх, Шарупічаў, а потым раптам прыбег са сваім бязглуздым прызнаннем. Аказваецца, жорсткай можна быць, зусім не хочучы гэтага. І зразумееш гэта толькі, калі сама адчуеш жорсткасць другога... Прыдумваючы дзесяткі прычын, якія затрымалі Юру, бадай верачы ў іх, Лёдзя то ўпікала яго, то апраўдвала, то спадзявалася, то ўпадала ў роспач.

Раптам, як здалося ёй, яна ўбачыла Юру. Насвістваючы, той ішоў па цемнаватай алеі парку ўздоўж агароджы. Настрой у яго, відаць, быў цудоўны, і ён, забаўляючыся, раз за разам, як па струнах, праводзіў рукою па жалезных прутах-піках. Лёдзя прыгнулася, пабегла да бліжэйшага пад’езда і схавалася там. Чуючы, як б’ецца сэрца, пачала сачыць за ім са сваёй схованкі.

Вось ён перайшоў вуліцу, спыніўся на рагу. Вось закурыў, агледзеўся.

«Ну, пашукай, пашукай,— шчасліва засмяялася Лёдзя.— Так табе і трэба...»

Але калі ён павярнуўся да яе тварам, ледзь не крыкнула — яна абазналася.

Саромеючыся, ашукваючы сама сябе, Лёдзя асталася ў пад’ездзе. Дагэтуль яна не адчувала холаду, а тут нечакана адчула, як скалелі рукі, ногі і як змерзла ўся. Але пайсці адсюль не мела сілы: толькі тут магла жыць яшчэ нейкая надзея. І сапраўды, калі праз гадзіну Лёдзя ўсё ж выйшла са сваёй схованкі і паплялася дамоў, яна раптам са страшнай злосцю зразумела: спадзявацца ўжо не было на што. Аставалася адно (гэтая думка і раней прыходзіла ёй у галаву) — папрасіць на заводзе адпачынак і паехаць да цёткі ў Барысаў. А там — там, у чужым горадзе, звярнуцца да доктара. Навошта ёй дзіця ад чалавека, які не кахае яе.

4

Кашын адмяніў аператыўкі і ганарыўся гэтым: сваё! «А навошта яны? Людзей толькі адрываюць ад работы. Збяромся раз на тыдзень для дырэктарскіх загадаў, і хопіць»,— як пра нязначнае, казаў ён. Але затое — і ўсе ведалі гэта — Кашын штодзень у пачатку змены абыходзіў цэх і прымаў рапарты начальнікаў аддзяленняў, майстроў. Ішоў хутка, заўважаў усё. У апошні час ён гэта рабіў на хаду, і Лёдзя доўга ішла за ім следам, не адважваючыся звярнуцца са сваёй просьбаю.

У абрубным аддзяленні, каля прэса, які не працаваў з-за аварыі яшчэ на папярэдняй змене, Кашын спыніўся. Паклікаў нізкарослага шчуплага брыгадзіра рамонтнікаў. Наступаючы і адціскаючы яго, стаў даваць нейкія распараджэнні. Але бачачы, што той маўчыць, муляецца, замахаў рукамі. Брыгадзір, відаць, паспрабаваў апраўдвацца, ківаючы галавою на прэс.

Гэта зусім раззлавала Кашына. Ён схіліўся над брыгадзірам і, гнеўна бліскаючы вачыма, стаў тыцкаць пальцам у ручны гадзіннік.

Смешна, калі людзі сварацца вось так, крычучы другому ў самае вуха і падстаўляючы сваё, каб пачуць адказ. Міжвольна ўсміхнуўшыся, Лёдзя сабралася была падысці, але з-за спіны брыгадзіра вынырнуў майстар, і Кашын накінуўся на яго.

Так Лёдзя прайшла за Кашыным праз увесь цэх, згараючы ад сораму і пакутуючы. У кабінеце спынілася на парозе, счакала хвілінку і, каб не расплакацца, закусіла ражок хусткі.

Кашын ужо размаўляў па тэлефоне. Адкінуўшыся, як дазваляла крэсла, і трымаючы трубку ненатуральна вывернутай рукою, ён настойліва нешта даказваў свайму субяседніку. Твар у яго, як і заўсёды, быў крыху ўзрушаны. Але Лёдзя адчула: Кашыну прыемна вось так патрабаваць, калі на яго глядзяць, прыемна паказваць другім — як яму ні цяжка, ён усё роўна дамагаецца свайго.

— Не, дарагі начальнік, так справы не пойдуць! Жалеза ты ўсё-такі знойдзеш,— важка казаў ён, паглядаючы на столь.— Так, так, радзі, калі трэба! І за горла буду браць. Не для сябе стараюся. Ці хочаш, каб вагранку пагасіў? Магу!.. Ну, дык вось так лепей, я прышлю. А там разлічымся, у даўгу не астануся!.. Мяне і маё слова не адзін ты знаеш...

Ён паклаў трубку, падмахнуў нейкую паперку, што ляжала на стале, і нечакана спытаўся:

— Чаго ты ходзіш па пятах, Шарупіч?

Лёдзіна сэрца спынілася: значыць, Кашын заўважыў яе адразу, яшчэ ў тэрмаабрубным і, можа, нават абдумаў, як павядзе сябе з ёй.

— Мне патрэбен водпуск, Мікіта Мікітавіч,— ціха сказала яна, прыміраючыся з тым, што іншай рады няма, як прасіць ласкі ў гэтага ненавіснага чалавека.

— Пацягнула на адпачынак?

— Не...

— А графік? Для каго — дурняў?

— Мне вельмі трэба. Проста неабходна...

— Навошта? — Яго вочы зрабіліся кплівымі.— У краіне вунь які рух шырыцца. Лепшыя людзі на цяжэйшыя ўчасткі пераходзяць, у адсталыя брыгады ідуць. Тваё фота, сын піша, таксама на стэндзе ў іх. А ў цябе раптам вунь якая патрэба з’явілася!

«Няўжо пачуў што-небудзь? — з жахам падумала Лёдзя.— Якая ганьба! Што ж тады рабіць?»

— Дык нельга? — разумеючы, што разбураюцца яе планы, з адчаем выгукнула яна.

— Чаму нельга? — быццам не разумеючы, узняў бровы Кашын.— Я, праўда, не сонца — усіх не абагрэю. Але, калі ласка, на Жодзінскі аўтамабільны магу перавесці. Адтуль якраз просяць памагчы фармоўшчыкамі. А мо балбатаць лягчэй, чым працаваць? Не хочацца?

Лёдзя хутчэй адчула, чым зразумела: Кашын назнарок пусціў у ход сваю грубасць, каб ашаламіць, адсцябаць не толькі за тое, за што лаяў. І, насуперак усяму, узяла сябе ў рукі.

— А вы якім былі, такім і асталіся, Мікіта Мікітавіч,— кінула яна, употай усё яшчэ спадзеючыся на нешта.

— Паўтары, нахабніца! Паўтары! — выгукнуў ён, але дзверы за Лёдзяй зачыніліся.

Заверашчаў тэлефон.

Кашын схапіў трубку і, быццам гэта магла званіць Лёдзя, спытаўся, як у ворага:

— Ну, што яшчэ там?!

Званіла Дора Дзіміна. Аказваецца, прыйшлося спыніць работу плавільнага і фармовачнага ўчасткаў: спаў ціск паветра ў шлангах, і фармаваць было нельга.

— Іду! — раз’юшана гыркнуў ён і кінуў трубку на рычаг.

У фармовачным стаяла цішыня. Толькі ад вагранак і электраплавільнай печы далятала характэрнае патрэскванне, ды прыглушана гулі вентылятары. Рабочыя блукалі па пралёце, другія сядзелі ля машын. Некаторыя паспелі ўжо распачаць гульню ў даміно. Седзячы на пустой ваганетцы з-пад стрыжняў, азартна стукалі костачкамі. Глянуўшы на іх і не спытаўшыся, як звычайна: «З якой прычыны святкуеце, ударнікі?» — Кашын прайшоў міма. У канцы пралёту ўбачыў Дору. Нібыта нічога не адбылося, тая мірна размаўляла з Міхалам Шарупічам.

Іх спакой прывёў Кашына ў шаленства. Як бывае ў парыве злосці, яму здалося, што ва ўсіх непаладках, непрыемнасцях, як і ў недарэчным сённяшнім прастоі, вінавата толькі яна. Непрыязнасць да Дзімінай у яго нарастала, як лавіна. Зайздрасць, якую ён раней хаваў ад сябе, саступала месца глухой помслівай рэўнасці. Расло перакананне, што, калі б у нагах не блыталася гэтая настырная баба, справы наогул ішлі б куды лепш і ніхто нават у думках не адважыўся б замахвацца на яго аўтарытэт.

«А так кожны жук і жаба пачынае паказваць сябе. Людзям — толькі прыклад падай... Ну што ж, прыйдзецца трохі збіць пыхі і спрыту, балазе выпадак падвярнуўся. Сама вінавата. А заадно і мужанька трохі ўціхамірыць. Каб таксама адчуваў».

Кашын не падышоў, а падляцеў да Доры і Шарупіча.

— Хто загадаў спыніць работу?

— Я ж дакладвала, спаў ціск і пойдзе брак. Навошта людзям марна працаваць? — паспрабавала апраўдвацца Дзіміна, але, зразумеўшы, што цяпер Кашыну не растлумачыш, змоўкла.

— «Ціск, ціск!» — перадражніў ён.— Самі вы ціск! Калі хочаце працаваць, дык працуйце, а не блытайцеся пад нагамі. Колькі атмасфер?

Міхал непрыхільна і здзіўлена зірнуў з-пад калматых броваў.

— Як вам не сорамна? — заступіўся ён.— Вы заўсёды так — спачатку абразіце чалавека, а потым прычыну непаладак высвятляеце.

Гэта не было нечакана, але Кашын разгубіўся.

— Не да далікацтва, калі ўсё к чорту ляціць,— агрызнуўся ён, але тон збавіў.— А ўвогуле кроў не пойдзе. Так можаш сёння і на сходзе сказаць. Праграму, маўляў, у ліцейным паважаюць. Які ціск?

Канешне, ціск быў нізкаваты, і брак у фармоўшчыкаў пойдзе вялікі. Аднак адступаць ужо Кашын не мог, дый нельга было. Цяпер, калі газеты, радыё кожны дзень напаміналі пра рашэнні з’езда, план не павінен быў зрывацца.

«Лепш ужо брак, чым прастой,— прыкінуў ён.— А калі прыпруць, націсну на АТК. Не дарэмна ж з гэтым армянінам ездзіў на рыбалку і выпіваў разам. Такое толькі падлюга забывае...»

— Давай каманду пускаць! — крыкнуў ён начальніку ўчастка, які з разведзенымі рукамі спяшаўся да яго.— Я зараз пазваню, каб адключылі ўсё, што можна.

Счакаўшы, пакуль застракаталі фармовачныя машыны, пакуль рушылі ў сваю кругавую дарогу канвееры, Кашын крута павярнуўся і закрочыў у экспрэслабараторыю. На сэрцы паспакайнела: цэх ажыў — і ўсё гэта па адным яго слове.

«Цюцькі! — вылаяў ён усіх разам.— Ну што было б у вас без мяне? Цюцькі! А яшчэ натурыцеся!..»

 

5

На цэхавы сход Кашын пайшоў неахвотна.

Па-першае, раздражняў Шарупіч, яго фартуна. «Падумаеш, герой!..» Дый рабіць там, уласна кажучы, не было чаго. Падтакваць Шарупічу перашкаджала амбіцыя, ігнараваць жа было небяспечна, хоць і яму дасюль доўга не давалі ходу. «Што значыць для чалавека такая рэч, як дэлегацтва на партыйным з’ездзе? — разважаў Кашын.— Ого!.. Давер! Ды такі, які аказваюць не толькі на час з’езда. Гэта — узнагарода, калі хочаш! Вылучэнне. Ашчаслівіць такога чалавека кожны за свой абавязак лічыць. Да яго слоў прыслухоўваюцца, падтрымліваюць ва ўсім. Бачыш, ужо і кандыдат у дэпутаты! Вярхоўная ўлада...»

Па-другое, у Кашына былі свае погляды на агітацыю. Ён не дужа верыў у словы, калі яны не падмацаваны чым-небудзь пэўным.

«Гаварыльня»,— думаў Кашын і крывіўся. «Ты мяне не агітуй! — кідаў ён, калі хто-небудзь угаворваў яго.— Хопіць!..» Агітаваць для Кашына значыла ўгаворваць, апеляваць да ласкі чалавека. А спадзявайся на ласку — дачакаешся! Будзе!

Але Мікіта Мікітавіч зусім не быў супроць пасяджэнняў, сходаў. Як жа ты будзеш даваць або атрымліваць устаноўкі? Ён прывык да сходаў — яны здаваліся неабходнымі. Не трэба толькі гаварыльні. А што можа рабіць Міхал Шарупіч, як не тары-бары разводзіць?

Ён неахвотна замкнуў шуфляды ў стале, схаваў у кішэню ключы і выйшаў з кабінета. Што ні думай, а ісці было неабходна. Адсутнасць начальніка адразу кінулася б у вочы, а сяму-таму развязала б язык. За вочы лягчэй плявузгаць і цяжэй хваліць.

Ля ўвахода ў цэх стаялі Сасноўскі і Дзімін. Гаворка, мабыць, хвалявала іх, бо абодва горача жэстыкулявалі і даводзілі сваё.

«Як у кіно»,— яхідна падумаў Кашын, але, пачуўшы сваё прозвішча, спыніўся і прыслухаўся. Размова, на самай справе, датычыла яго.

— Не-э, Пятро! — круціў галавою ў шэрай каракулевай папасе, якая рабіла яго яшчэ вышэйшым, Сасноўскі.— Нельга забываць, што старыя кадры пачыналі, калі ўся заводская маёмасць складалася з двух штабеляў дошак.

— Чэсць ім і слава за гэта! — кланяючыся некаму, адказаў Дзімін.— Але навошта рабіць з іх бажкоў? Дараваць усё на свеце? Яны тады ўжо наогул каста. У сваю абойму перастаюць пускаць другіх. Рука пачынае руку мыць. А каб апраўдаць усё гэта, бяруцца адзін у адным усялякі талент адкрываць. Геніі, і толькі!

— Гэта і ў мой агарод каменьчыкі?

— У агарод застрахаваных або тых, хто лічыць, што яны павінны быць застрахаванымі... У мяне вочы на лоб палезлі сёння. З паўтары сотні маладых спецыялістаў у нас за апошнія гады начальнікамі цэхаў, аддзелаў і ўчасткаў, аказваецца, вылучылі ўсяго тры чалавекі. Разумееш — тры? Гэта ж, апрача ўсяго, парушэнне партыйнага прынцыпу ў падборы кадраў.

Кашын кашлянуў і падышоў да іх. Але Дзімін не збянтэжыўся, а сярдзіта паглядзеў яму ў вочы:

— Навошта, удзельны, людзей крыўдзіш? Ці не наняўся настрой другім псаваць?

— Я за план горла перагрызці магу.

— А хто яго тады выконваць будзе?

— Калі ты наконт сённяшняга, дык тут напраўду, можа, перабаршчыў чутачку. Але безадказнасць расце, сакратар, раўнадушнасць. А па-мойму, лепш ужо славалюбства, чым раўнадушнасць. Далібог!..

Басавіта загуў гудок, і яны рушылі ў ліцейны.

У цэху паволі ўсталёўвалася цішыня. Перасталі стракатаць фармовачныя машыны. Замерлі канвееры. Нерухома павіслі пустыя каўшы. Толькі гула, патрэсквала электрапеч, у завалачным акне якой і каля электродаў трапятала густое, з куродымам полымя.

На плавільны ўчастак сыходзіліся рабочыя — і тыя, хто пашабашыў, і тыя, хто прыйшоў на змену. Тыя, што скончылі работу, не паспелі яшчэ пабываць у душавой. Твары ў іх былі цёмныя, рэзка акрэсленыя, як на гравюрах, рухі скупыя.

Ля вагранкі Кашын заўважыў Міхала. Акружаны рабочымі, ён нешта захоплена расказваў. Тыя, што падыходзілі, віталіся, стараліся праціснуцца бліжэй. Нават Аляксееў і той, захоплены цікавасцю, не заўважаў ні галоўнага інжынера, ні Дзіміна, ні начальніка цэха.

— А быў на з’ездзе хто з антыпартыйнай групы? — выцягваючы шыю, цераз галовы рабочых, якія стаялі

бліжэй да Міхала, пытаўся Комлік.— Скажы, Міхале!

«І гэты тут. Актывіст!» — падумаў Кашын, сярдзіта ўступаючы дарогу Пракопу Свірыну, які таксама стараўся прабрацца да Міхала.

— А як Будзённы? Пасівеў?

— Дык што мы, на сямігадзінны першыя перайшлі? Во здорава!

— Значыць, механізацыю даеш?

— Іў Аружэйнай, дзядзька Міхал, пабывалі? І ў кабінеце Леніна? — пытаўся Свірын.

— Няўжо даклад восем гадзін цягнуўся? Ды ціха вы! Дайце паслухаць!

Міхал убачыў Дзіміна, Сасноўскага, Кашына і накіраваўся да іх.

— Можна пачынаць, Пятро,— сказаў ён звонка.— Хоць мне, прызнацца, мала пра што і расказваць асталося. Хачу вось абавязацельства ўзяць. Не блага было б сэканоміць за сямігодку столькі, каб сваю зарплату акупіць. А?

— Пачынай, пачынай,— падагнаў яго Кашын.— Адчытвайся. Справа важная. Толькі не зацягвай, калі ласка...

6

Нягледзячы на сваю забітасць, Аляксееў быў вельмі датклівы. Калі пры ім гаварылі пра вайну, пра здраднікаў, ён губляўся, чырванеў, гатовы праваліцца ад таго, што пра яго маглі падумаць блага. На лбе выступаў пот, губы перасыхалі, і ён, зайздросцячы вытрымцы Кашына, праклінаў сябе. Мучыўся Аляксееў і пазней, калі аставаўся сам-насам. «Што могуць падумаць другія? Як ім растлумачыць?» Крыху авалодаўшы сабою, ён звычайна выціраў хусцінкаю лоб, цяжка ўздыхаў — няхай думаюць, што яму дрэнна,— і скардзіўся на сэрца. Настрой у яго псаваўся на суткі.

Калі Дора, якая, мусіць, адна і здагадвалася пра пакуты Аляксеева, не вытрымлівала і заступалася за яго, Кашын безапеляцыйна пярэчыў:

— Я рэаліст і ў яго адданасць не дужа веру. За што яму савецкую ўладу любіць? У партыю не прымаюць і не прымуць. Надзей на павышэнне няма. Дзядзьку, кажуць, рэпрэсіравалі ў свой час. Адкуль возьмецца тая любоў? І наогул, калі хочаце, ім цікавяцца...

Ідучы са сходу з Міхалам і Сасноўскім (Дзімін астаўся ў сакратара цэхавага партбюро), Кашын назнарок паклікаў з сабою механіка і стаў расказваць пра колішняга начальніка слуцкай паліцыі, нядаўна выкрытага органамі бяспекі.

— Столькі год пад чужым прозвішчам хаваўся. Умеюць, сволачы! Недзе на Урале працаваў. Нябось і рацыяналізатарам быў.

— Уявіць цяжка,— забегалі вочы ў Аляксеева. Яму здалося, што, як сумленны чалавек, ён абавязкова павінен абурыцца, і таму міжволі дадаў: — Як гэта можна жыць забойцам?

— Можна, як бачыш,— перавёў на яго строгі позірк Кашын.— Ды яшчэ як! Помніце, што было ў доме сувязнога? Прымусіў спачатку частаваць сябе, а потым нажорся, напіўся і расстраляў. Жор, піў і ведаў, што зараз заб’е...

— Трапляюцца ж экземпляры,— пакруціў галавою

Сасноўскі.

Аляксееў падумаў, што зараз пачырванее, і на твары ў яго праступілі плямы.

— Сапраўды,— з замарожанаю ўсмешкаю пацвердзіў ён і палез у кішэню па хустачку.

Кашын шматзначна зірнуў на Міхала і галоўнага інжынера, як бы запрашаючы іх у сведкі.

— Нас, перажыўшых вайну, не здзівіш. Толькі б я не расстрэльваў такіх, а вешаў. Куды ты? — здзекліва спытаўся ён у механіка, які з заклапочаным выглядам пачаў развітвацца.— У мяне да цябе справа ёсць...

Апынуўшыся ў сваім кабінеце, Кашын счакаў ля дзвярэй, пакуль зойдзе Аляксееў, пстрыкнуў французскім замком і накіраваўся да стала.

— Сядай,— прапанаваў ён, не аглядаючыся.

Ненавідзячы сябе ў гэты момант, Аляксееў ступіў да канапы, але не сеў. Яму захацелася адкрыта пагаварыць з Кашыным, прымусіць зразумець сябе і, можа быць, такім чынам вызваліцца з-пад нечай чужой улады.

— Я растлумачыць вам павінен...— блытана пачаў ён, жаласліва моргаючы здаровым вокам.

Гатовячыся сесці, Кашын падсунуў нагою крэсла і насцярожыўся.

— Ну, давай.

— Я не гаварыў пра сваё мінулае, думаючы, што ўсё і так зразумела.

— А цяпер захацеў пагаварыць? — здагадаўшыся, куды хіліць механік, хмыкнуў Кашын.— І ўскладняць жыццё ўжо не баішся?

— Я не закляты які!

— Байна, дарагі таварыш, вялікай праверкаю была. Няхай, хто не вытрымаў яе, на сябе наракае.

— Я змагаўся як мог! — з адчаем выгукнуў Аляксееў.

— Пакуль вядома толькі, што ты працаваў.

— Мы таксама падпольную групу арганізавалі. І, калі хочаце, я дасюль, чытаючы ўказы аб узнагародах, сваё прозвішча шукаю. Спадзяюся — а мо і пра нас стала вядома.

Кашын закруціўся, быццам яго падпякала нейкая нецярплівасць. Потым усхапіўся, выйшаў з-за стала і працягнуў руку, кратаючы пальцамі, нібыта прасіў грошай. Грэбліва скрывіўшыся, ляпнуў па ёй другой рукою і быццам паклаў нешта.

— Арганізавалі? Калі? Даведку давай!

— А маё слова?

— Ха-ха-ха! Ведаем мы гэтыя самадзейныя арганізацыі. У нас вунь якая была — з гаркомам. А і то правакатараў і гестапаўскіх агентаў хапала, хоць гаць гаці.

Аляксеева закалацілася:

— Вы не маеце права!

— Па-першае, я не пра цябе, а пра тых, супроць якіх доказы яшчэ не сабраны. А па-другое, ты скажы, хто ўпаўнаважыў вас. Што за табою запісана? Канкрэтна.

— Нас выкрылі і арыштавалі ўсіх... Я вену рэзаўі

— Мяне справы цікавяць.

— Але я не пра гэта... Я хацеў спытацца, чаму вы робіце ўсё, каб мне работа і жыццё абрыдлі? Няўжо не ўсім дадзена права працаваць?

— Ведаю я высокія словы, якімі апраўдваюць сябе. Але мы паспеем яшчэ на адцягненыя тэмы пагаманіць. У мяне просьба да цябе.

Даючы Аляксееву астыць, Кашын зноў апусціўся ў крэсла, паклаў локці на шкло, якое ляжала на стале. Падумаў, што з самага пачатку залішне перахапіў. Аднак ад рашэння, прынятага ў цэху, не адмовіўся.

— Помніш, як некалі? Ёсць у крытыцы пяць працэнтаў праўды, значыць — на карысць,— пачаў ён здалёк без намёкаў.

— Я таксама помню, да чаго гэтая пяціпрацэнтная

праўда прывяла.

— Ого! Але хопіць... Рабочыя збіраюцца пісаць заяву на Дору,— сказаў Кашын суха.— Ты памажы ім.

— На каго? — нібыта не зразумеўшы, спытаўся Аляксееў.— На Дзіміну?

— Яна такая ж Дзіміна, як я дацкі прынц, дарагі таварыш! Ды яе і свае не дужа прымаюць. У гета і то баламуціла. А яны, не бойся, хоць і ўмеюць адзін за аднаго пастаяць, да адшчапенцаў непрымірымы,— паспрабаваў падысці з другога боку Кашын.

Ён наогул бравіраваў у падобных выпадках і як бы выхваляўся: пры неабходнасці таксама можа сказаць, што афіцыйна не ўхваляецца.

— Ды вы што, жартуеце? У мяне сумленне яшчэ асталося,— ужо рашуча запярэчыў Аляксееў.

— Ну, як знаеш, перапрашваць не буду. Але глядзі!.. Тое, што я раблю на заводзе, там,— Кашын узняў указальны палец,— усё адно не сёння-заўтра адкрыта падтрымаюць. Вось як...

 

РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
1

Ужо каторую ноч Сасноўскі прачынаўся а трэцяй гадзіне. Доўга варочаўся з заплюшчанымі вачыма. У галаву лезла рознае, у большасці — непрыемнае. Каб апраўдацца перад сабою, выдумляў праціўнікаў, абвінавачванні, якія яны маглі кінуць яму, і пачынаў з імі зацятыя спрэчкі.

Учора, напрыклад, ён доўга і непрымірыма спрачаўся з Дзіміным. Той абвінавачваў, што ўся ягоная цікавасць да палітыкі абмяжоўваецца чытаннем газет, а Сасноўскі абураўся і даводзіў сваё.

Дый у газеце для цябе існуюць толькі трэцяя і чацвёртая старонкі,—выкрываў яго Дзімін.— Перадавыя зусім рэдка чытаеш, толькі тыя, што цябе датычаць. У тэарэтычных артыкулах праглядаеш хіба загалоўкі ды аўтараў. Усё, што пішацца пра сельскую гаспадарку, наогул не для цябе. Нават рады, што чытаць не трэба. А наконт вывучэння філасофіі і гаворкі не можа быць...»

Пярэчыць было цяжка. Але нельга было і пагаджацца. Сасноўскі сярдзіта папраўляў падушку, паварочваўся на другі бок і адводзіў абвінавачванне пытаннем: «А ты думаеш, чытаць перадавыя вельмі цікава?»

«Калі жывеш жыццём краіны — так. Але ты фармаліст. Ты прывык ва ўсім чакаць распараджэнняў. А выканаўцу, вядома, цікава толькі тое, што мае дырэктыўны характар. У цябе, фармаліста, які няўхільна верыць у субардынацыю, выпрацавалася нават сваё ўяўленне аб этыцы, аб правах. Ты, напрыклад, лічыш нармальным, што ўладзіў пасынка ў інстытут. Не так у нас, маўляў, многа галоўных інжынераў, каб адмаўляць ім у скідках! А як жа інакш: я, маўляў, эліта, выбраны!»

«Пра тое, што я дамогся, каб Юру залічылі кандыдатам,— бараніўся Сасноўскі,— магу расказаць хоць у парткоме. Не турбуйся, там зразумеюць і мяне і дырэктара інстытута. Не думай, калі ласка, што ты сам ідэал. ^

«У парткоме ты, канешне, раскажаш. А вось выйдзі, прызнайся перад людзьмі. Ну, скажам, перад былымі дзесяцікласнікамі і іх бацькамі. Прызнаешся? Зразумеюць яны цябе?..»

«У мяне спраў і без тваіх ускладненняў хапае. Мне важней іншае — стварыць умовы, патрэбныя для работы. У мяне ж ідэі ёсць, задумы. У спецыялізацыі завода, напрыклад, праўда была на маім баку. Ці я не люблю сваю работу? Наадварот — мацней, чым хто іншы. Дзеля яе, урэшце, я і жыву. Грамадству так больш будзе карысці. А што датычыць лавіравання, то яго і табе не пазычаць. Толькі ў цябе больш прафесійна атрымліваецца...»

Прачнуўся Сасноўскі і ў гэту ноч. Уключыў электрычнасць, зірнуў на гадзіннік — было роўна тры. Здзіўлены, перавёў позірк на жонку, якая спакойна спала, павязаная хусткаю, з накручанымі на бігудзі валасамі.

— Спіць,— уголас сказаў ён і лёг зноў.

Са скрухаю падумаў, што гады бягуць. Часам ён наогул чамусьці лічыў патрэбным успамінаць пра свой узрост, спасылацца на яго. «У нашы гады, вядома, гэта ўжо цяжка»,— нявесела ўздыхаў ён, але, шчыра кажучы, не адчуваў сябе пажылым. Больш таго, у глыбіні душы пасміхаўся з субяседніка і какетнічаў: «Ну

што ж, я, канешне, сказаць магу... збоку, можа, і сапраўды мяркуюць так. Але ж гэта глупства! Хіба я ў гадах?»

Прыемна іншы раз прыбядняцца. Гэта здаецца самому сабе сціпласцю. Дый сапраўды, разуменне ўзросту вельмі адноснае. Тое, што ў васемнаццаць год лічаць старасцю, для шасцідзесяцігадовых выглядае толькі як сталасць. Сасноўскі, які бачыў у жонцы яшчэ маладую жанчыну, аднойчы пачуў, як Юра гаварыў Сеўку: «Мая старая і айчым пойдуць у госці, прыходзь. Дома будзем адны...»

І ўсё-такі ў душу пачаў закрадацца сум. Нагадалася, як роспачліва і бездапаможна плакала Вера, калі, грукнуўшы дзвярыма, пайшлі тады Шарупічы. Як да істэрыкі крычала на сына, а потым маліла і шкадавала яго.

«Не, старэем абое,— ужо шчыра падумаў Сасноўскі.— Пара брацца за розум. Да сарака, як кажуць, можна яшчэ фінціць, крывіць душою, а пасля — не-э!.. Пасля ні сабе, ні другім хлусіць нельга. Ні на ёту!»

«Нам не стае шчырасці,— звярнуўся ён у думках да жонкі.— Усё з аглядкай. Некаторыя развучыліся трымацца так, як хочацца. Кашын вунь ніколі першы не раскажа пра навіну, хоць і карціць расказаць. Пачне гаварыць толькі, калі яшчэ раз пра яе пры сведках пачуе. Будзе расказваць і спасылацца на таго, ад каго пачуў. За што купіў — за тое прадаю. А самае страшнае, што гэта ён лічыць сваёю вытрыманасцю».

«Не мудрагель, Макс,— сердавала Вера.— Вечна нейкая фантазія ў цябе...»

«А чаму, па-твойму, так здарылася ў Юры з Лёдзяй? Я ўпэўнены: там ніхто нікога не спакушаў. Проста Шарупічы, мы, школа мала выхоўвалі ў іх перакананасць, ідэалізм. Вядома, не ў філасофскім сэнсе...»

«Знаю я і твой ідэалізм!»

Ну і няхай. Але мне ўсё-такі хочацца, каб ты прымусіла Юру выканаць свой абавязак. Павер, нельга яму пачынаць самастойнае жыццё з таго, што ён губіць чалавека».

Сасноўскаму захацелася папраўдзе пагутарыць з жонкаю. Павярнуўшыся, ён даткнуўся да яе пляча

і асцярожна кашлянуў.

— Чаго табе? — плаксіва замармытала Вера.

— Я хачу нешта сказаць.

— Ты што, здурнеў?

— Не, сур’ёзна.

— Адчапіся! І ў ночы няма спакою... Ну, чаго табе?

Адказаць на гэтае пытанне аказалася не так лёгка. Думкі, якія толькі што мроіліся і вельмі хвалявалі, нечакана здаліся наіўнымі, непераканаўчымі.

— Што будзем рабіць з Лёдзяй? — спытаў ён няўпэўнена.— Учора Шарупіча віншавалі, што выбралі дэпутатам. Віншаваў, зразумела, і я, а глядзець у вочы не мог.

— Ты мяне пабудзіў, каб сказаць гэта?

— Можа выйсці скандал. Пачнуць ганьбіць. Галоўны інжынер...

— Так бы і гаварыў! — Апошнім часам Вера пачала недамагаць і ўсё часцей кідала яму прамыя, жорсткія словы.— Ты не аб яе лёсе клапоцішся, а проста скандалу баішся. Маўчаў бы!..

— Ты, Вяруся, не так зразумела мяне. Неразумна самім на непрыемнасці напрошвацца. Якая пасля будзе работа?.. Дый нарадзіўся я, дарэчы, з сумленнем...

— А божа мой! Што ты робіш са мною? Я ледзь заснула — развальвалася галава. Як я засну зноў? Ідзі намачы ручнік.— Яна ледзь не заплакала, жаласліва зморшчылася і сціснула рукамі скроні.

Сасноўскі намацаў нагамі ля ложка тапачкі і паплёўся на кухню. Але вады ў кране не было, і ён, разгублены, вярнуўся ні з чым.

— У графіне паглядзі! — роспачліва выгукнула Вера.

Намачыўшы ручнік, ён няўмела палажыў яго на лоб жонцы.

— Божа мой! Навошта намачыў увесь? — застагнала Вера, выціраючы тыльным бокам далоні струменьчыкі вады, што пацяклі ў яе па скронях.— Дай пірамідону, ён у маёй шкатулцы...

Калі нарэшце яна супакоілася і, бледная, з ручніком на лбу, заплюшчыла вочы, Сасноўскі прысеў на край ложка і доўга глядзеў на свае босыя ногі, якія здаліся яму нязвыкла худымі. Мучыла неўразуменне: як ўсё-такі нядобра ў жыцці. Няўжо не можа быць так, каб людзі не рабілі адно аднаго няшчаснымі? Каб чалавек заўсёды быў рады другому чалавеку — у любую гадзіну дня і ночы? Але разам з гэтым рос і жаль да жонкі — такой зняможанай, бездапаможнай.

2

Аказалася, што гэта быў не капрыз. Раніцою Вера не ўстала з ложка. Ляжала сцішаная, знясіленая. Адказвала коратка, стомлена. Падкуплены гэтым, Сасноўскі зноў загаварыў пра Юру, пра тое, што давядзецца, мусіць, узяць Лёдзю,— няхай ладзяць сям’ю. Дзяўчына паспытала не толькі салодкага, і лепшай, калі казаць шчыра, цяжка знайсці. Бацькі добрыя. Міне чатыры гады — будзе інжынерам. Ды яшчэ якім!

Вера слухала моўчкі, толькі нервова торгалася шчака.

— Навошта станавіцца на іхняй дарозе? — каб выклікаць жонку на размову, працягваў Сасноўскі.

Але Вера змоўчала і на гэты раз, гледзячы ў столь шклянымі вачыма.

— Пазней ні мы не даруем сабе гэтага, ні нам не даруюць,— водзячы электрабрытваю над кадыком, пераконваў Сасноўскі.— Не нам на іх дарозе станавіцца.

Заплюшчыўшы вочы, Вера нарэшце паварушыла губамі:

— А на маёй дарозе яны маюць права гэта рабіць?

— Не разумею.

— Я пакуль што не жадаю быць ні бабулькай, ні нянькай. Я яшчэ хачу жыць сама. Чаго ты мне пялёнкі ў рукі соваеш? Хопіць з мяне таго, што ёсць.

— Але ж вунь як выйшла, Вяруся... Я не магу! — выключыў Сасноўскі брытву, праз гудзенне якой дрэнна чуў.

— Хлусіш, зможаш! — кінула Вера, утаропіўшы на мужа прыжмураныя вочы, у якіх палыхнула нешта істэрычнае.— Ты гэтак жа казаў, калі Юрыка ў інстытут уладжваў. Ды нічога — жывеш. А дача? Забыўся, як бегаў па ўстановах, каб знялі рабочых з гарадскіх аб’ектаў і прыслалі табе? А хіба ты думаеш аб гэтым?

Вытрымаеш і калі на адну маці-адзіночку больш стане. Тым больш у іх хапае цяпер апекуноў... А сорамна, я ведаю, калі табе бывае. Калі зверху ўказваюць. Ты ж прывык, каб за цябе думалі. Прывык, каб і сумленне тваё было ў каго-небудзь, хто над табой стаіць. Маўчаў бы ўжо!..

Уражаны яе словамі, Сасноўскі разгублена пакруціў брытву ў руках.

«Ёй балюча! — з жахам падумаў ён, палохаючыся цішыні.— Іначай яна ні за што не сказала б так!..»

Пазней, на рабоце, успомніўшы, што гаварыла жонка, Сасноўскі ледзь не застагнаў. Вера пацэліла ў самае балючае месца. Парыванні і намеры ў яго заўсёды былі высакародныя. Ён заўсёды хацеў, каб добра было ўсім. Але што выходзіла? Калі б ён здзейсніў хоць палову з таго, што прасіла душа, і не рабіў паловы таго, што ўпотай лічыў нявартым, па жыцці можна было б ісці з высока ўзнятай галавою. А так?.. Што перашкаджала яму аставацца самім сабою? Абставіны? Неадольныя перашкоды? Боязь за нешта дарагое? Было, менавіта, і гэта. Але было і іншае — інертнасць, асцярожнасць дзелавога чалавека, нежаданне пачынаць што-небудзь першым. Перакананне, што і без цябе нехта зменіць, што трэба, к лепшаму. А пакуль суд ды справа, няхай ідзе як ідзе. Трэба быць цвярозым і не грэбаваць расстаноўкаю сіл. Так робяць усе празорлівыя...

Але заводскія клопаты, якія наваліліся на яго адразу, як толькі Сасноўскі ўвайшоў у свой кабінет і сеў за пісьмовы стол, неўзабаве засланілі начныя сумненні.

Гаспадарчы год закончылі добра: перавыканалі праграму, ёсць звышпланавыя накапленні, будуць прэміі. Але не было сакрэтам — завод летась працаваў без асаблівага напружання. Саўнаргас заўважыў гэта, улічыў і ўзваліў цяжэйшую ношку — нельга дый несправядліва ў адносінах да другіх пачынаць сямігодку ўлегцы. І зноў сталі відаць слабыя звенні, вузкія месцы.

Каб не апынуцца ў безнадзейным прарыве, трэба было неадкладна брацца за механізацыю і аўтаматызацыю вытворчасці, даць шырокую дарогу рацыяналізатарам. Пагражала яшчэ адно. Завод вырабіў некалькі аўтамашын новых марак — «МАЗ-500» і «МАЗ-503». Але разрыў у часе паміж выпускам ранейшых і новых машын быў такі еялікі, што прыходзілася расплачвацца.

Ці ўсведамляў усё гэта Сасноўскі раней? Вядома. Нават ведаў, што давядзецца плаціць за часовыя поспехі. І ўсё-такі маўчаў: цякучыя справы здаваліся

важнейшымі, чым далёкае будучае. Спадзяваўся — падвернецца выпадак, і ўсё навярстаецца!.. Жончыны словы, выходзіла, мелі дачыненне і вунь да чаго...

Пераключыўшы тэлефон на прыёмную і папярэдзіўшы, што не прымае нікога, ён доўга хадзіў па кабінеце. Паступова ў галаве вырысоўвалася рашэнне: паглядзець, што робіцца на іншых заводах, пераняць у іх лепшае.

Калі дазволіў заходзіць супрацоўнікам, першая нечакана заявілася Дора Дзіміна. Расстроеная, села ў прапанаванае крэсла і пачала разглядаць пазногці.

Яна таксама перажыла цяжкую ноч. Узрушанасць не пакідала яе нават у сне. Апаноўвалі даўнія кашмары, звязаныя з ліпеньскім пагромам сорак трэцяга. Вярзліся знаёмыя хворыя, якія ў адзін з тых крывавых дзён выкідваліся з акон другога паверха бальніцы. Іх перакошаныя твары, што бачыла зусім блізка — з тайніка на гарышчы бальніцы... Уяўлялася калона ў белых халатах — урачы, сёстры, якіх эсэсаўцы гналі на плошчу, адкуль даляталі стрэлы і рокат матораў.

Але часцей за ўсё паўставала сутулая вузкаплечая постаць сакратара падпольнага цэнтра ля дахавага акна. Дора нават бачыла слёзы, якія, не праліваючыся, дрыжалі ў яго на вачах. Надакучліва, як толькі магло быць у цяжкіх снах, чулася спрэчка з ім перад адыходам з гета, яго гнеўныя фразы: «Не, не! Барацьба за жыццё людзей, якіх вораг рашыў знішчыць,— таксама, Дора, барацьба. Я не дазволю распальваць міжусобіцу сярод асуджаных на смерць, хто б яны ні былі!..»

Постаць абуранага, знясіленага горам сакратара раз-пораз паглынала шэрая мгла. Ён раставаў у ёй, але праз момант з’яўляўся зноў. Аднак, бачыла яго Дора ці не, прымірэнне з ім не прыходзіла. «Няўжо я такая дробязная і заўсёды ўношу склоку? — даймалі думкі.-тАле ж праўда на маім баку. І праўда ў галоўным — здраднікі і правакатары застаюцца ворагамі пры ўсіх абставінах. І пры ўсіх абставінах іх трэба караць. Уступкамі, адказам ад барацьбы ратунку не купіш. Нават цяпер!..»

— Што здарылася? — вярнуўся за стол Сасноўскі.

— Ліцейны мучаецца ў цяперашніх умовах...— узняла на яго цёмныя запалыя вочы Дора, і Сасноўскі, трошкі здзіўлены, упершыню заўважыў, якія доўгія, густыя ў яе вейкі. Гэта абудзіла сімпатыю, і ён спачувальна спытаўся зноў:

— Праз Кашына, вядома?

— Пятру ўмешвацца няёмка. Ды я і не гавару яму,— ужо цвёрда сказала Дора.— Але маўчаць больш не буду. Кашын трэціруе няўгодных. Самастойнасць другіх — яму нож у горла. Ён не ўяўляе, як можна камандаваць людзьмі, не ўніжаючы іх...

— Добра, добра, я пагутару з ім,— паабяцаў Сасноўскі, мяркуючы, аднак, што тут хутчэй за ўсё вінаваты нервы і Дзіміну трэба неяк супакоіць.— Каго-каго, а вас падтрымаем...

— Але справа больш складаная! — горача, каб галоўны інжынер паверыў, запярэчыла яна.— Кашын, магчыма, быў на месцы пры бесталкоўшчыне. Пры рытмічнай рабоце ён лішні і толькі шкодзіць...

Не знайшоўшы, што канкрэтна адказаць, Сасноўскі развёў рукамі. Але азадачаны — што сталася з жанчынамі? — сказаў не зусім тое, што азначаў жэст:

— Добра, я падумаю...

«Я падумаю...» Гэтай фразаю можна было адчапіцца ад Дзімінай, але не ад сябе.

«Яна адукаваны інжынер,— усё-такі паспрабаваў разважыць Сасноўскі.— Гэта праўда. Але Кашын затое — практык. Ён ведае хады і выхады. Цэх у яго як на далоні... Ён знаёмы з сотнямі патрэбных людзей. Ягоны блакнот спісаны тэлефоннымі нумарамі. Куды б Кашын ні пазваніў — заўсёды называе субяседніка па імю і па бацьку... Аднак Дзіміна таксама мае падставы... Ён глухі на новае. Быць яго падначаленым цяжка, хоць Дзіміна... усё ж перабольшвае...»

Урэшце Сасноўскі, мажліва, і пераканаў бы сябе, што ва ўсім гэтым нічога страшнага няма, але сённяшні дзень, нейкі мітуслівы, узбаламучаны, перашкодзіў яму.

«Не дадуць спакойна папрацаваць»,— накінуўся ў думках ён на Дзіміну, на жонку і, нездаволены ўсім на свеце, накіраваўся да дырэктара.

Дырэктар сядзеў адзін, сціснуўшы скроні далонямі, чытаў нейкую паперку. Ён яўна быў не ў гуморы. І трымаўся за скроні так, быццам яму перашкаджаў шум і ён закрываў вушы.

— На Кашына паступіла чарговая скарга,— паведаміў Сасноўскі з выглядам, што дакладвае без ахвоты і што яму самому надакучыла гэтая тэма.

— А? — спытаўся дырэктар і адкрыў адно вуха.

— Я наконт Кашына. Дзіміна гаворыць, у цэху эксцэс за эксцэсам. Да яго не даходзіць, што новыя задачы рашаюцца па-новаму...

— Тады памажы яму,— відаць, не надта надаючы значэнне таму, што пачуў, азваўся дырэктар.

Сасноўскі зразумеў: гэтыя, на першы погляд выпадковыя, словы зусім не выпадковыя, і размова, фактычна, скончана.

— Я не толькі пра гэта. Нам варта як мага хутчэй і шырэй вывучыць вопыт блізкіх прадпрыемстваў,— не сядаючы і не выходзячы з кабінета, сказаў ён.— Пашлём людзей у Яраслаўль, на Ліхачоўскі...

— Угу,— згадзіўся дырэктар і нечакана вярнуўся да размовы пра Кашына.— Бунтуючыя, архіпрынцыповыя жанчыны, між намі кажучы, не заўсёды ўсё ўзважваюць. А на такіх, як Кашын, можна абаперціся. Ён разаб’ецца, а загад выканае. Сам у вайну камандаваў. Патрабавальны, валявы, нянек яму не трэба. А прабіўная сіла?! Хіба Дзіміна раўня яму? Спадзяюся, гэта зразумее і сам Дзімін — ён галавасты мужык, не з тых, што пруцца на ражон з-за прынцыпу. Так?

У Сасноўскага варухнуўся пратэст: не скажаш, Кашын жалезабетонны і, як гаворыць дырэктар, прабіўны, але не заўсёды дзелавая характарыстыка адпавядае... «Чаму адпавядае?» Ён не знайшоў патрэбнага працягу думкі і, заблытаўшыся, нечакана адказаў:

— Я не пярэчу, Іван Філімонавіч! Канешне, не кожны добры чалавек — каштоўны работнік, і наадварот...

— Ну, то і добра. Ва ўсякім разе, пачакаем пакуль што.

Дырэктар зноў закрыў далонямі вушы і паглыбіўся ў чытанне.

Працаваў з ім Сасноўскі даўно і таму не пакрыўдзіўся на бестактоўнасць. Больш таго, ён адчуў палёгку — дырэктар даў іншы напрамак яго думкам. Прайшоўшы па кабінеце сюды-туды, выйшаў у прыёмную. Але там яго чакала сапраўдная бяда: хвалюючыся і мямлячы, спалоханая сакратарка паведаміла яму, што званілі з дому — у Веры Антонаўны прыступ.

3

Вера захварэла, і адразу стала відаць, як яна патрэбна ў доме. Засохлі кветкі ў вазонах. Домаўпраўленне прыслала напамінак наконт кватэрнай платы. Максім Сцяпанавіч ехаў на работу галодны, а вярнуўшыся дамоў, ужо не адпачываў і кожны раз губляўся,

з чаго пачынаць і што рабіць. Юра ледзь не штодня спазняўся ў інстытут. У пакоях, дзе раней панаваў строгі парадак, чысціня, усё нібыта пастарэла, укрылася пылам. На кухні ў ракавіне валяліся нямытыя талеркі. У ваннай пад умывальнікам расла куча бруднай бялізны. Папсаваўся радыёпрыёмнік, і ніхто не мог сабрацца занесці яго ў рамонт. Леначка з Соняй пачалі прыносіць тройкі. Настаўніца музыкі скардзілася, што яны развучыліся іграць. Нават кот Мурза — любімец сям’і — хадзіў па пакоях, як нешта згубіўшы.

Кажуць, мужчына ў сям’і — як слуп у плоце. Упадзе слуп — паваліцца ўвесь плот. А жанчына, маці? Пра яе гавораць інакш: маці хаты не пабудуе, а дзяцей выгадуе. Інакш кажучы, яна — само жыццё, без яе няма ні сям’і, ні заўтрашняга дня.

Юра не дапускаў думкі, што з маці можа здарыцца што-колечы непапраўнае. Пахварэе і ачуняе, з кожным такое бывае. Але ў той жа час ён як бы асірацеў, перастаў адчур.аць матчыну волю над сабою — яе шумныя пярэчанні, яе маўклівую падтрымку, парады, пагрозы, пахвалы. І гэта цяпер!..

Ён некалькі разоў збіраўся падысці да матчынага ложка, сесці ў нагах і пагаварыць — па-добраму, не зрываючыся на крык, як дагэтуль. Але заўсёды хто-небудзь перашкаджаў: ці сумны мітуслівы айчым, клопаты якога толькі раздражнялі, ці сёстры, чые ласкі і засмучэнні здаваліся не зусім шчырымі, ці госці.

Часцей за ўсіх прыходзіла Кашына. Юра не мог зразумець, чаго яна прыходзіць і чаму яе так прыветліва сустракае маці. Уважліва агледзеўшы спальню, перамацаўшы амаль усе рэчы, Тацяна Цімафееўна апускалася на пуфік і пачынала спачуваць. Але было відно, што і хворая гаспадыня дома і госця ўпотай сочаць адна за адной, шукаюць, з чаго б можна пасля пакпіць, і дужа здаволены, калі што-небудзь знаходзяць. Ветліва ўсміхаючыся, Тацяна Цімафееўна гаварыла хутка, не даючы перабіць сябе, але ў той жа час заўважала ўсё. А калі задумвалася і забывалася на тое, што трэба быць ветлівай, твар у яе адразу чарсцвеў, рабіўся абыякавым і жорсткім.

Часам яны спрачаліся. І дзіўна — Кашына (ды і маці) прапаведвала звычайна тое, што было выгадна — гледзячы па абставінах. Не маючы сродкаў адзявацца багата і прыгожа, як Вера, Кашына з усяе сілы стаяла за сціпласць, называла гранатавы бранзалет ці залаты гадзіннік мяшчанствам. Але гэта не перашкаджала ёй, як толькі з’яўлялася мажлівасць агораць і бранзалет і гадзіннік, сцвярджаць потым, што жанчына не жанчына, калі яна не любіць дарагіх рэчаў, і што гэта ў жаночай крыві. І трымала руку з бранзалетам ці гадзіннікам так, каб адразу кінуліся ў вочы кожнаму. Паслядоўныя, адзінадушныя яны былі, толькі калі абгаворвалі другіх.

— Зноў пачала строіць з сябе немаведама каго. Усіх павучаць стараецца, а сама дома адзецца па-людску не ўмее,— абураючыся, пачынала пляткарыць пра Дзіміну Тацяна Цімафееўна.— На рабочую сукенку фартух адзявае, а на новую ці багатую і не падумае. Так у кухні і завіхаецца.

— Точна, точна,— падтаквала ёй Вера.— Я таксама заўважыла...

— А цяпер, бач, у дзеячы міжнароднага маштабу падалася. У Германіі злачынцаў судзяць, а яна перад кінакамерай аратарствуе. Так што неўзабаве на экране ўбачым. Умеюць яны адно аднаго высоўваць і адно аднаму аўтарытэт ствараць.

— Таксама праўда...

Юра ведаў: маці не прагаворыцца. Але баючыся, ці не дазналася прагная на здарэнні і скандалы Кашына пра Лёдзю ад каго-небудзь другога, ён насцярожана прыслухоўваўся да размовы і адчуваў палёгку, калі Тацяна Цімафееўна, пацалаваўшыся з маці, важна адплывала.

Яшчэ больш баяўся ён Цімоха. «Што будзе, калі ён даведаецца?» Юра халадзеў пры гэтай думцы. Цімка не шкадуе сябе і пойдзе на ўсё. Можа адхвастаць па шчаках, асарамаціць, і наўрад ці хто заступіцца тады. Дый у самога, як у злоўленага злодзея, не будзе сілы абараняцца. Ён не Сеўка! Не лягчэй будзе перажываць і пагарду другіх. Ясна, як божы дзень, што заспяваюць Жэня Жук, Васін, Жаркевіч...

Спачатку ён баяўся, што будзе дзіця. Цяпер жа, як уяўлялася, небяспекі падпільноўвалі яго ўсюды. Свет паўставаў ставокім, прадузятым, бязлітасным. Да яго, Юравых, перажыванняў людзям не было ніякага клопату. Ім абы пазласловіць, абы паказаць сваё высакародства. Ім выгадна ўбачыць, і яны ўбачаць толькі зганьбаваную дзяўчыну, быццам тая і не вінавата ў тым, што адбылося.

Усё гэта ўзмацняла варожасць да Лёдзі. Праз яе прыходзілася мучыцца, перажываць такое. Карцела пратэставаць і бунтаваць. Помсцячы ёй, Юра знарок не пайшоў на спатканне і ўвесь вечар цешыў сябе злой радасцю: «Ну як, добра? Папакутуй і ты, бязгрэшная!» Аднак праз тыдзень трывога і небяспека так выраслі, што ён рашыў за лепшае сустрэцца з ёй. Ды яго і пацягнула да дзяўчыны — захацелася пабыць разам, прыгалубіць яе. Гэта жаданне неўзабаве стала такім, што растапіла варожасць і разагнала страхі. Баючыся, аднак, напісаць ліст, ён надумаў падпільнаваць Лёдзю і сустрэцца з ёй на вечары адпачынку. У клуб яна павінна была прыйсці напэўна.

Юра спецыяльна спазніўся на пачатак, ведаючы, што білецёрка без усякага прапусціць яго ў залу. Нагледзеўшы вольнае месца, ён у змроку, прыгінаючыся, дабраўся туды і сеў.

На сцэне якраз выступаў хор — дзяўчаты ў яркіх уборах, з вянкамі на галовах і хлопцы ў вышываных кашулях, падпяразаныя паясамі з кутасікамі. Абыякавы да народных песень, да хору наогул, Юра не звярнуў увагі на песню і пачаў шукаць Лёдзю. Знайшоў яе ў першым радзе справа — з вянком на галаве, у блакітнай атласнай камізэльцы, зашнураванай крыж-накрыж на грудзях, у пышнай спадніцы з рознакаляровымі кітайкамі. Непадалёку ад яе стаялі Кіра Варакса і Пракоп Свірын. Кіра — у другім радзе, Свірын — у трэцім, пад ёй. Мусіць, забыўшыся, ён паклаў руку на плячо дзяўчыны. І можна было здагадацца, яны абое, апрача песні, жывуць і гэтым дотыкам.

— «Зялёны дубочак»! Выконвае жаночая група хору,— абвясціў канферансье, калі воплескі сціхлі.

Харысты, як па камандзе, злезлі з лавак, на якіх стаялі, і пайшлі за кулісы. У зале зарыпелі крэслы.

— Значыцца, і ты рашыў прыйсці? — пачуў Юра знаёмы голас.

Прыгледзеўшыся, ён уздрыгнуў — наперадзе сядзелі Дзімін і Шарупіч з жонкамі. Абапіраючыся на калені Доры Змітраўны, Дзімін нахіліўся да Міхала і весела спытаўся:

— Што, і да цябе дэлегацыя з запрашэннем наведалася?

— Не, я сам,— шэптам адказаў Міхал і ўздыхнуў.— Мала мы, Пятро, з моладдзю бываем. Не весялімся, не адпачываем разам. А ў іх жа рукі прыйдзецца здабытае перадаць. Мы ж усё на нейкага дзядзьку спадзяёмся. Уладзіцца, маўляў, без нас...

— Ці не здарылася чаго? — хуценька спыталася Дзіміна.

Юра пахаладзеў.

— Здарылася, вядома... Нават не спіцца па начах. А калі засну, усё бачу вайну. Як Мінск гарэў, як раніла, як на Вялікую зямлю перапраўлялі. Не хутка яна для нас скончыцца...

Ён не паспеў дагаварыць — дзяўчаты сталі паўкругам, і канферансье аб’явіў:

— Запявае Шарупіч!

Але Юра ўжо забыўся на ўсё. Не чакаючы, калі Лёдзя выйдзе ў паўкруг, ён прыгнуўся і стаў крадком выбірацца назад да выхада, баючыся, што Шарупічы або Дзіміны заўважаць яго. У дзвярах пачуў, як Лёдзя сумна, нібыта скардзячыся, заспявала:

Зялёны дубочак

На яр пахіліўся,

Малады малойчык

Без долі радзіўся...

На вуліцы было холадна, ветрана. Але Юра доўга блукаў па заснежаных вуліцах, завулках і вярнуўся дамоў апоўначы, скалелы, стомлены.

Дома не спалі. Леначка і Соня ў доўгіх начных кашульках з нагамі забраліся на тахту ў гасцінай і вялікімі вачыма глядзелі ў адчыненыя дзверы спальні.

Айчым з ручніком на плячы бегаў то ў кухню, то ў ванную і працягла, зусім як не мужчына, стагнаў. Над бледнай, скрыўленай ад болю маці ўвіхалася медсястра ў белым халаце. Пахла эфірам і спіртам. Трымаючы шпрыц, на бліскучай іголцы якога вісела кропля, медсястра ваткаю працірала матчыну руку і супакойвала :

— Пацярпіце... крыху... зараз будзе лягчэй... Не бойцеся...

Юра звычайна спаў у айчымавым кабінеце. Не сказаўшы ні слова, ён прайшоў туды і, не раздзяваючыся, кінуўся на канапу: слаць пасцель, раздзявацца не было сілы.

4

Юру, як чалавеку, якому ўяўлялася, што кожны хоча і можа яго ўнізіць, раптам захацелася паказаць сваю незалежнасць, спрыт і ўсё рабіць на злосць. Зайшоўшы назаўтра ў аўдыторыю са званком, ён сеў за свой столік і з выклікам утаропіўся на Жаркевіча. «Дайшло ці не? Але няхай толькі заікнецца,— рашыў ён,— я яму пакажу!.. Што, я адзін вінаваты? Маці праўду казала: адказнасць на дзяўчыне — і за сябе і за хлопца. Было ёй не раскісаць... Дый якое каму дзела?..»

Але Жаркевіч, унураны ў падручнік, не заўважыў Юры. Гэта таксама здалося абразлівым.

— Ды кінь ты хоць пасля званка зубрыць,— з прыкрасцю папрасіў Юра.

Жаркевіч адарваўся ад кнігі, недарэчна, у знак згоды кіўнуў і зноў намеўся чытаць.

— Я перашкаджаю табе?

— Думаеш, прыемна глядзець, як зубраць?

— Тады не глядзі.

— Не пад’еў — усё роўна не наліжашся.

— Пасварыцца не церпіцца? Лічы, што пасварыліся, і супакойся,— абыякава сказаў Жаркевіч.— Во чалавек!..

З-за стала ўстала Жэня Жук, падняла руку.

— Хлопчыкі, канец месяца. Пра членскія ўзносы не забывайце!

Юру гэта здалося смешным.

— Як-як? — перапытаў ён.— Членскія? Паўтары!

Жэня Жук прыплюшчыла вочы.

— Думаеш, разумна?

— Напраўду,— падтрымаў яе Жаркевіч, адсоўваючы падручнік.— Глядзі, я не люблю гэтага.

Юра і раней заўважаў: былы фармоўшчык ужо адчувае сябе як рыба ў вадзе. Разам з Цімохам ён распрацаваў тэхналогію дакладнай адліўкі шасцярні, якую ўкаранілі на аўтазаводзе. Стаў трымацца больш упэўнена, незалежна. Перамянілася і яго месца ў групе. Усё гэта раздражняла Юру: непрыемна мірыцца з

ростам чалавека, якога раней трэціраваў,— яго ж тады трэба прызнаць не толькі раўнапраўным, але і прызнацца, што дарэмна ўніжаў, з пагардай ставіўся да яго.

— Не любіш? — спытаўся Юра, ужо адкрыта напрошваючыся на сварку.— Л мне напляваць на гэта!..

Аднак увайшоў грузны, задыханы дацэнт Сардовіч, які чытаў курс «Супраціўленне матэрыялаў», і прыйшлося замаўчаць. Студэнты любілі Сардовіча за энцыклапедычныя веды, за прастату, за своеасаблівы стыль лекцый, што мог сфармавацца толькі ў «мужчынскім» інстытуце. Перасыпаючы лекцыі грубаватымі жартамі, Сардовіч кпіў з усяго: са студэнтаў, з сябе, са сваёй паўнаты.

— Паўната — гэта біч,— дабрадушна выракаў ён, праводзячы далонямі па жываце.— Ды што паробіш? У чалавечай волі таксама ёсць граніца. Да каго ні звяртаўся, усе паўтараюць у адзін голас — дыэта. Аднак дні чатыры пагаладаеш, а на пяты абавязкова сарвешся, і зноў прыбаўка. Застаецца мучыць сябе. Але каму я тады патрэбен буду? Нікому, вядома,— ні вам, ні жонцы. Можаце спытацца ў Зінаіды Іванаўны.

Юру пачыналі захапляць таямніцы супрамату — дзівоснай навукі аб граніцах трываласці і цякучасці матэрыялаў, аб таямнічых сігме і тау. Перасыпаны формуламі — а іх была процьма! — супрамат паланіў непахіснай логікаю. Формулы раскрывалі сутнасць рэчаў, памагалі пранікнуць у іх глыбіню. І адкрываючы гэта, Юра як бы перасяляўся ў іншы, фантастычны свет — у ім нараджаўся інжынер.

Але зараз ён не мог слухаць і Сардовіча. Задумваючыся, Юра прапускаў звенні ў доказах і не разумеў нічога. Гэта стамляла, нервавала.

У сярэдзіне лекцыі ён нечакана-негадана выявіў, што побач сядзіць не Жаркевіч, а Цімох. Юра ўнутрана сцяўся. Не моргаючы, утаропіўся на дошку, спісаную формуламі, і наморшчыў лоб.

— Васін касцюм загнаў,— зашаптаў Цімох, таксама ўважліва гледзячы на дошку.— Ты чуеш?

— Чую,— адказаў Юра.

— Жэня туфлі прадала. Даходзіць?

— Не зусім.

Юра зрабіў выгляд, што не разумее, хоць здагадваўся : у канцы першага семестра Васін атрымаў дзве тройкі, і яго пазбавілі стыпендыі.

— Хлопцы надумалі памагчы яму. Няхай падмога будзе...

Помслівае пачуццё казытнула Юру.

— А што ён, зломак? Міласціна яму трэба? — спытаўся ён з нявінным выглядам і, заўважыўшы, як Цімох пашарэў, паправіўся: — Пачакай, я пажартаваў. Ты ж сам, па-мойму, выступаў за тое, каб умелі пераадольваць цяжкасці.

— Ну, калі табе ад гэтага весела, жартуй! — тонам, які не абяцаў нічога добрага, сказаў Цімох.— Абыдземся без цябе! Але помні — запішам ужо безпаваротна...

 

5

З адчуваннем нейкай тужлівай крыўды прыглядаўся Цімох да Юры. Нават употай вывучаў яго. За што такога пакахала Лёдзя? У чым сакрэт? Што спадабалася, прывабіла ў ім? Даўгаваты твар з прыпухлымі вуснамі. Звычайныя хлапечыя вочы. Невыразна акрэсленыя губы, парэпаныя, як у падлетка, і ў вачах няпэўнае, рассеянае святло. Валасы хоць і зачасаны назад, але слухаюцца дрэнна.

Што ж прыйшлося ёй да душы, зрабіла яго найдаражэйшым? Інтэлігентны выгляд? Вузкія дагледжаныя рукі? Не! Толькі даўнія, школьныя Лёдзіны захапленні і спадзяванні маглі прывесці яе да Юры. Як гэта недарэчна і крыўдна! Ён нават не ўмее цаніць Лёдзіна каханне! Прымае яго як належнае — без душэўнага трапятання, без удзячнасці. Каханне не перашкаджае яму, але і не памагае ні ў чым. Яно нібыта жыве кедзе побач з ім, суіснуе. Дык хіба гэта каханне? Хіба гэта справядліва?

Сам жа Цімох гарэў, як на агні. Лёдзя ўзайшла ў яго несціханым болем, пякельным неспакоем і трывогаю. Ён адчуваў яе — так, так! — ва ўсім, яна была поруч, абуджала настойлівасць, упартасць, памнажала або адбірала сілы, прымушала быць лепшым.

Калі ў час перапынку Юра паклікаў яго ў калідор^ Цімох, варожа пазіраючы яму ў спіну, выйшаў з аўдыторыі, несучы ў сабе буру. Спыніўся ля акна і, каб неяк супакоіцца, быццам зацікавіўся тым, што рабілася на дварэ, дзе гаспадарыў сакавік і брудна шарэлі неба і асфальт.

— Вось грошы,— адважыўся нарэшце Юра, вымаючы з кішэні пакручаную дваццаціпяцірублёўку.— На!

Цімох сціснуў зубы.

— А як жа з міласцінай?..

Яму стала цяжка гаварыць. Але, загаварыўшы, ён яшчэ мацней адчуў сваю праўду і ўпяў у Юру пацямнелыя ад гневу вочы.

— Я не падумаў,— баючыся такога Цімоха, міжвольна прызнаўся Юра, але тут жа, бачачы, што таварыш не наступае, узбунтаваўся.— А што я асаблівага сказаў? Што?

— Ты і цяпер не разумееш? Дык навошта тады прынёс грошы? Адкупліваешся? Баішся, што выкрыеш сябе перад таварышамі? Няўжо ты ва ўсім такі?

— Гэта нікога не датычыць.

— Не, датычыць!

— Хочаш хлопцаў настроіць супроць мяне? Помсцішся? Я ведаю... І калі прыспічыла, дык, калі ласка, ка яе злуй, а мяне ў спакоі пакінь. Я не адказваю за яе...

Цімох як бы насунуўся на Юру. Учэпіста схапіў яго за грудзі і зашаптаў сухімі вуснамі проста ў твар:

— Ты Лёдзі лепш не ўвязвай сюды! Не ўспамінай і не чапай яе!.. Зразумеў?..

Шэпт быў амаль непрытомны, у ім чулася роспач. І гэта абудзіла ў Юры жаданне паздзекавацца — ён асмялеў. Мільганула подленькая думка — тое, што ён кінуў Лёдзю, на руку Цімоху, і калі той даведаецца пра разрыў, хутчэй за ўсё ўзрадуецца. А як вядома, у радасці людзі не скандаляць. Юру нават захацелася развярэдзіць яго рану — няхай пабаліць! — пасыпаць яе соллю. Гледзячы на бяскроўныя вусны Цімоха, ён як мага спакайней вызваліў сваю кашулю.

— Пачакай, мне не ясна — пры чым тут ты? — нахабна спытаўся ён.

— Пры ўсім!

— Тады ідзі і скажы гэта ёй, а не мне! Можа, яна і зразумее цябе, супакоіць. Возьмеш грошы?

— Не! Пагавары спачатку з хлопцамі...

Здзіўлены і абражаны, Цімох не мог супакоіцца да

самага канца заняткаў. У Юравых словах пра Лёдзю хавалася нешта жорсткае, здзеклівае. Так можна было гаварыць толькі пра дзяўчыну, якая цябе раздражняе.

Інтэрнат перавялі на самаабслугоўванне. Чысціню і парадак падтрымлівалі ў ім самі студэнты. Сёння была чарга Цімоха. Не чакаючы, пакуль хлопцы разыдуцца хто куды, ён збегаў у «капцёрку» па анучы, шчотку і, пераганяючы таварышаў з месца на месца, хутка прыбраў у пакоі. Потым умыўся, пераапрануўся і подбегам падаўся да трамвайнага прыпынку.

Але, апынуўшыся на лесвічнай пляцоўцы Шарупічаў, завагаўся. Чаго ён уласна прыляцеў сюды? Адкуль узяў, што Лёдзі штосьці пагражае і яе трэба абараніць ад нечага? Як паставяцца да ягонага прыходу Лёдзіны бацькі? «Памятаеш, як расчулілася цётка Арына ў тэатры?» А ў яго, па сутнасці, няма нават значнай прычыны. Хоць навошта яна, выдуманая? З Лёдзяй ён усё роўна абавязаны пагутарыць, адкрыць ёй вочы. Юрка ж і мезенца яе не варты. Чаму маўчаў дагэтуль? Васін казаў чыстую праўду!..

Паціснуўшы вялую Лёдзіну руку, заглянуўшы ў шэры, стомлены твар, Цімох пераканаўся: дзяўчына сапраўды ў бядзе. Яна стаяла перад ім ціхая, прыбітая, быццам не зусім пазнавала яго. У пакоі было чыста, бела, і Лёдзя ў просценькай сукенцы, з раўнюткім праборам на схіленай галаве выглядала як хворая.

— Даўно цябе не бачыла,— зябка перасмыкнуўшыся, вымавіла яна. Пасля падышла да канапы, села, узяла вышываную падушачку і палажыла на калені.

— Даўно...— пацвердзіў Цімох, адчуваючы, як заныла сэрца.— Але што з табою?

Пытанне зачапіла Лёдзю. Яна кінула насцярожаны позірк, паправіла падушачку, але змоўчала.

— Як у цябе з Юркам? — пайшоў напралом Цімох.

— А табе не ўсё роўна?

— Не.

— Гэта нова. Чаго ты прыйшоў? Спачуваць?

Не было сумнення — гісторыя, у якую трапіла Лёдзя, звязана з Юрам. Цімох ірвануўся да яе і, не стрымліваючы сябе, абурана загаварыў:

— Хіба ён варты цябе? Ён жа ні дружыць, ні шкадаваць... нічога не ўмее. А калі і дружыць, то з аглядкаю на сябе. Калі гэта нічога не абыходзіць яму, калі так зручней... Або пад уплывам... Яго ж аднолькава лёгка прымусіць і дружыць і ненавідзець. Ён усё зробіць, калі яму загадаюць. Адмовіцца ад сябе, здрадзіць... І будзе верыць, што толькі так і павінна быць...

— Я не хачу слухаць нагаворы! —закрыла вушы Лёдзя.

— Ну і не слухай. Але я мушу сказаць табе гэта! Падумай як след, прыгледзься... Гэта ж праўда!..

— Ты злы, жорсткі чалавек! — Яна скінула з каленяў падушачку і ўсхапілася.— Чаго табе трэба ад мяне? Што, я не маю права кахаць, каго хачу? Ідзі адсюль!

Адвярнуўшыся, Лёдзя складзенымі, як для малітвы, рукамі закрыла рот і, пакуль Цімох не пайшоў, стаяла да яго спінаю.

 

РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
1

Брыгада Пракопа Свірына адмовілася ад наладчыкаў і пераналадку, дробны рамонт рабіла сама. Таму на работу прыходзілі дачасна. Міхалу той раніцою таксама трэба было застаць зменшчыкаў за работаю (яны трошкі адставалі), і ён пайшоў разам з Лёдзяй.

У прахадной яны павіталіся з вусатым дзядзькам Васілём — вахцёрам, і выйшлі на заводскі двор. І тут Лёдзі ўспомніўся яе першы заводскі дзень — як вось гэтак жа ішлі на завод з бацькам, як віталіся з вахцёрам і яна, Лёдзя, гэтак жа адчувала сябе няшчаснай.

Але зараз было і нешта іншае. Знаёмыя карпусы, шчыты з лозунгамі і партрэтамі перадавікоў, маладыя прысады, электракары, куртатыя цягачы сталі для Лёдзі ўжо як бы звычайнымі, але здавалася, што цяжка было і ўявіць, як бы яна жыла без іх. Дый бацькі..* Ён крочыў побач і, не саромеючыся, абдымаў яе за плечы.

Даведаўшыся тады пра яе бяду, ён, як думалася ёй, абавязкова пачне крычаць і не будзе заўважаць яе, як гэта было, калі Лёдзя адмовілася паступаць на завод. А ён, выслухаўшы маці, толькі ўгнуўся і заплюшчыў вочы. Але затое колькі перажыў за гэтую хвіліну!.. Вярнуўшыся ж ад Сасноўскіх, знясілены і добры, такі добры, якім бывае вельмі стомлены чалавек, ён сеў на канапу, і ўдзячная Лёдзя, прытуліўшыся да яго, была гатова аддаць яму душу...

— Вышэй галаву, Лядок, падымі,— бачачы, што яна сутуліцца, параіў ён.— Няхай будзе, як будзе. Цяпер важна іншае — не рабіць новых памылак.

— Я разумею, тата.

— Шчасце, дачка, раўняецца працы. Так, здаецца, у даўнія часы казалі...

Насуперак усяму яна яшчэ не верыла, што стане маці. Гэта было неверагодна. Гэтаму абавязкова павінны былі перашкодзіць выпадак, цуд. Але ўсё роўна бацькава спагада скаланула яе істоту.

У пралёце стаялі сталы з кнігамі, сшыткамі, маляўнічымі паштоўкамі. Каля іх тоўпіліся рабочыя. Кіра дамаглася, каб у дні палучак у цэху працаваў кніжны кіёск. «Малайцом!» — падумала Лёдзя, міжволі аддаючыся заводскім клопатам.

Яна купіла некалькі паштовак і пайшла да сваіх машын. Прасачыла, каб зменшчыкі прыбралі за сабой рабочае месца, і, не чакаючы Трахіма Дубовіка, які быў яе напарнікам, узялася мяняць форму на машыне нізу. Работа была новая і захапіла Лёдзю. Разрумяніўшыся, яна лоўка арудавала ключом і сама здзіўлялася, як усё добра ў яе выходзіць. Цешылі і Пракоп з Кіраю, якія пераналаджвалі машыну верху. Працавалі яны поруч, ледзь не дакранаючыся галовамі і ў абаіх былі харошыя, ясныя твары.

Праз вокны і дахавыя ліхтары ў цэх цадзілася святло. І хоць шыбы былі не такія чыстыя, каб можна было ўбачыць неба, яго сакавіцкі блакіт угадваўся.

Каб пазбегнуць надакучлівай аднастайнасці ў рабоце, Пракоп прапанаваў членам брыгады час ад часу мяняцца месцамі. Сёння Лёдзі выпала стаяць за брыгадзіра на зборцы.

«Як было б добра, каб не гэта...» — думала яна, спадзеючыся аднак, што, можа, усё і выкіруецца яшчэ на

лепшае.

Перад гудком падышла Дора Дзіміна. Яе абступілі.

— Зноў вам калодкі далі! — абурылася яна, паглядзеўшы на форму.— Чаму не пагаворыце з начальнікам аддзялення? Нельга ж, каб заўсёды адным смятанка, а другім сыроватка.

— Гэта правільна,— падтрымаў Трахім Дубовік.— Укалваць я заўжды гатоў. Факт. Але я не супроць, калі мне таксама нешта перападзе. Аднымі сняданкамі наўрад ці будзеш сыты.

Пракоп штурхнуў яго локцем у бок, але бачачы, што ён не звяртае ўвагі, засердаваў:

— А я, напрыклад, за даўгім рублём не ганюся.

— А за справядлівасцю? — пацікавілася Дзіміна.

— Некаму калодкі ўсё адно прыйдзецца фармаваць.

— Ён казырыцца, Дора Змітраўна,— выкрыў яго Дубовік.— Нядаўна самі гаварылі пра гэта.

— Ладна, ша! Хто казырыцца, пасля высветлім,— паабяцаў Пракоп.— А зараз пакуль што я брыгадзір.

Дзіміна нахмурылася.

— Ну, калі вам няёмка, я сама гэтым займуся.— І, каб паказаць, што справа вырашана, паведаміла: — Да нас, таварышы, госці прыехалі. Прыміце па-гаспадарску, як падыдуць...

Калі цэх напоўніўся гулам, бразгатам, Лёдзя ўбачыла гасцей. Гэта былі салдаты. Ішлі яны па плавільным участку адзін за адным, апасліва паглядаючы на раздатачны коўш, што даганяў іх. Кашын, які вёў іх, шырокім жэстам паказваў, куды ім адступіць, і нешта тлумачыў.

Ля вялікага канвеера яны спыніліся. Лёдзя па сабе ведала, як цікава назіраць за работаю разліўшчыкаў. На агонь наогул прыемна глядзець, а на расплаўлены метал, на тое, як ён сплывае з каўша ў формы, як іскрыцца і, астываючы, чырванее, прыемна ўдвайне. Пачынае здавацца: вось-вось разліўшчык адстане ад канвеера, не ўправіцца заліць чарговую форму, і да ўсяго прыбаўляецца прыемнае хваляванне. Абуджаюць павагу і самавітыя рукі разліўшчыка, яго ўлада над чыгуном.

У шуме цэха госці, мусіць, не чулі сігналаў электрапара, і кожны раз, калі ён набліжаўся, Кашын па адным адводзіў іх з дарогі.

«Чаго ён так стараецца? — не магла зразумець Лёдзя.— Адкуль такая гасціннасць? Сябе хоча паказаць, ці што?» Але назіраць за салдатамі не было калі.

— Формы лепш прадзьмувай! — крыкнуў ёй Пракоп, паказваючы на шланг.

Лёдзя кіўнула галавою і аддалася працы. Зрабілася зусім добра. І таму, што неўзабаве падыдуць госці, будуць глядзець, як яна працуе, і таму, што ўсё слухаецца яе — паўформы, пругкі струмень паветра, жалезная рука, што спіхвае сабраную форму на канвеер.

Яна нават не заўважыла, калі салдаты апынуліся побач.

Маладыя, у не абношаных яшчэ шынялях з пагонамі, перацягнутыя рамянямі, у шапках-вушанках, яны здаліся Лёдзі падобнымі адзін на аднаго. Але, прыгледзеўшыся, яна нечакана пазнала сярод іх Сеўку. Ён стаяў каля бацькі і ўсміхаўся.

— Змагаюцца яны за высокае званне паспяхова,— даляцеў голас Кашына-старэйшага.

— Паспяхова? — не сур’ёзна, як пра гульню, перапытаў Сеўка.— Што ты кажаш?

На хвіліну спынілі працу, пазнаёміліся.

Калі зноў пусцілі машыны, Сеўка, усё гэтак жа ўсміхаючыся, ускочыў на памосцік да Кіры і аблапіў дзяўчыну за плечы. Яна збянтэжылася, збілася з рытму. Гэта абурыла хлопцаў. Трахім Дубовік спыніў сваю машыну і ўтаропіўся на Сеўку, збіраючыся нешта сказаць. Але яго апярэдзіў Пракоп:

— Прымі рукі, Кашын, і злезь з мастка!

Сеўка перакінуўся позіркам з салдатамі і астаўся на памосціку.

— Мы ж аднакласнікі. Я, уласна, і пацалаваць маю права.

Склаўшы губы трубачкаю, ён дурасліва пацягнуўся да дзяўчыны.

— Злазь! — на больш высокіх нотах паўтарыў Пракоп, і твар у яго стаў грозны.

Разводзячы рукамі, быццам не разумеючы, за што такая няміласць, Сеўка спружыніста саскочыў з памосціку і вярнуўся да бацькі. Фарсістым рухам ссунуў назад складкі пад рэменем і паправіў вушанку. Яго дэманстрацыі Пракоп не вытрымаў. Але гнеў сеой скіраваў не на Сеўку, а на Кашына-старэйшага.

— Што ж гэта робіцца, Мікіта Мікітавіч? — выскачыў ён у пралёт.— Адным — дваццаць першы мост, а нам — калодкі? Дзіміна мае рацыю, гэта не справядліва!

— Пачакай, Свірын!.. Потым разбяруся...— паспешліва паабяцаў Кашын, позіркам патрабуючы ад сына, каб той кінуў пазіраваць і крыўляцца.— Госці вунь хочуць сустрэцца з вамі ўвечары. Дамоўцеся во лепш на карысць справе.

Калі яны пайшлі, Лёдзя, на той момант проста ўлюбёная ў брыгадзіра, ледзь не прысела ад наплыву пачуццяў. Абхапіўшы сябе рукамі крыж-накрыж за плечы, пахвалілася:

— Вось дык мы! Вось дык Пракоп!..

Аднак перад абедзенным перапынкам нешта, напружыўшыся, нечакана варухнулася ў ёй. Уражаная, Лёдзя замерла і са страхам прыслухалася: паўторыцца ці не?

Яе спалох неяк перадаўся Кіры. Выключыўшы машыну, палохаючыся Лёдзінай бледнасці, яна падбегла да яе.

2

Убачыўшы сына, Тацяна Цімафееўна не паверыла сваім вачам. Потым ахнула, заплакала і, невыразна бачачы за слязамі Сеўку, працягнула да яго рукі.

Сеўка казырнуў і даў пацалаваць сябе ў шчаку.

— Хопіць, мама,— супакоіў ён і звыклым рухам расшпіліў рамень.— Я да вас усяго на гадзінку...

Ёсць людзі, нягледзячы ні на што, выглядаюць убогімі. Яны могуць багата апранацца, распаўнець, але гэта іх не ратуе. Сеўка яе і ў салдацкай гімнасцёрцы, у парцяных галіфэ, у ботах з керзавымі халявамі выглядаў фарсіста. Фізіяномія дыхала здароўем, старанна адпрасаваная форма сядзела, як пашытая па заказу, наваксаваныя боты паблісквалі.

Усё гэта расчуліла Тацяну Цімафееўну яшчэ мацней. Не зводзячы вачэй з сына, яна правяла яго ў сталовую, пасадзіла.

— Сумуеш, Севачка?

— Яшчэ як!

Сказаў ён гэта шчыра, уздыхнуўшы. Але па ўсім было відаць, што сумуе ён не па маці, а па дому, па колішнім прывольным жыцці.

— Запрасі каго-небудзь, мама...

— Каго, Севачка?

— Ну хоць Раю.

Пакрыўджаная безуважлівасцю да яе, Тацяна Цімафееўна каўтнула слёзы.

— Рая, ды не тая... Ты не прымай да сэрца толькі. У іх там з Шарупічамі нешта завязалася. І сур’ёзна, здаецца. Раней Райка і заўважаць іх не хацела. Як бяжыць надзьмутая, так і прабяжыць. А цяпер першая вітаецца, дарогу на лесвіцы саступае. Аднойчы нават паднесла сумку Шарупічысе да дзвярэй. Яўген, кажуць, ёй рыхтавацца ў інстытут памагае.

— Ну, Юрку тады...

Яму самому стала дзіўна — Юрку! Некалі грэбаваў ім, ненавідзеў яго, нават арганізаваў бойку, а цяпер вось і няма нікога бліжэйшага.

«Муць!..»

— Не ве-едаю,— зноў усумнілася Тацяна Цімафееўна.— Сасноўскую ў бальніцу адпраўляюць. У яе рак, кажуць... А я цалавалася з ёю, Севачка! Што цяпер будзе?

— Пазвані ўсё-такі.

У парадным пачуўся знаёмы тупат — Мікіта Мікітавіч абабіваў з валёнак снег.

— Усё! Амба! Трэба канчаць з гэтай абузай,— пачаў ён яшчэ ў пярэдняй.— Гадаўка!

Абураўся Кашын апошні час часта з абы-якой прычыны, і лаянка не здзівіла Тацяну Цімафееўку. Яна спакойна захінула шчыльней халат і паплыла насустрач. На твары з’явіўся даўно вядомы Сеўку выраз — млявы, з прыўзнятым левым брывом і рассеянымі вачыма. Маці, мусіць, лічыла, што так выглядае прыгажэйшай, і, аднойчы выдумаўшы гэты выраз, часта напускала яго.

— На каго гэта ты? — спыталася яна ў дзвярах амаль спакойна.

— Не ведаеш? Зноў гэтая бутэлька чорная! Нядаўна Сасноўскаму напаклёпнічала, а цяпер жаўтаротых сасункоў падбівае і нацкоўвае. А ім што стоіць? Каманду падай — ураз забрэшуць. Аж сліна будзе пырскаць!

— Ты перабольшваеш, тата...— запярэчыў Сеўка.

Паціраючы чырвоныя караткапалыя рукі, Кашын увайшоў у сталовую.

— Што ты чуў? Дзярмо ты чуў! Ясна? Яна і ў стрыжнявым плявузгала і ў тэрмаабрубным.

— А ты адкуль ведаеш?

— Ці доўга ўмеючы. Той не начальнік, дарагі мой, хто не знае, што ў яго на рабоце дзеецца і пра што гавораць.

Уласная дасціпнасць крыху задаволіла Кашына. Ён падышоў да сына, пахваліў:

— Вось бачыш, як выдатна атрымліваецца. У парткоме таксама вашаму прыезду значэнне надаюць. Збіраюцца зубра падарыць. Як прыз. І таму, перш чым падбрыкнуць, падумаць трэба!

Тацяне Цімафееўне таксама захацелася сказаць што-небудзь разумнае, але ў галаву нічога не прыходзіла. Адчуўшы сваё бяссілле, яна засердавала.

— Добра, што ты сам думаеш! Пачакай яшчэ! Лорка вунь як узвілася. У кіно паказваюць...

Юра прыйшоў узрадаваны, усхваляваны. Палез цалавацца — ваенная форма рабіла Севу героем.

Селі за стол.

Сеўка еў з апетытам, але піў мала, часта пазіраў на гадзіннік, які насіў на тыльным баку рукі, і, калі правяраў час, здавалася, ён нешта разглядае на далоні.

Гэта падабалася Юру, які бадай што не закусваў і хутка хмялеў, і на яго твары, што стаў нібы шырэйшы, блукала ліслівая ўсмешка. Ён аблізваў губы, выціраў іх куткі пальцамі, з падкрэсленай увагай слухаў, пра што расказвае Сеўка. Але пасля трэцяй чаркі, перабіваючы яго, загаварыў сам. Гэта раптам зрабілася неадольнай патрэбаю, і Юру захацелася раскрыцца, расказаць пра сябе.

— Не, пачакай, я не скончыў! — хапаў ён за руку сябра, каб звярнуць яго ўвагу на сябе.— Я ў такіх выпадках... будзь пэўны. Сам ведаю, што раблю...

Думаючы пра сваё, Кашын-старэйшы маўчаў. Ён ведаў сябе — паўмер у яго не было, а прысутнасць Юры перашкаджала яму разгарнуцца. Падтрымліваць жа размову так, абы падтрымліваць — не ўмеў. Перакуліўшы чарку, ён крактаў, тыцкаў відэльцам у агульнае блюда з закускай, адпраўляючы ўсё, што ўдавалася захапіць, у рот, і пачынаў жаваць.

— Таця, можа б, падала сардзін ці яшчэ чаго? — адкрыта сумуючы, запытваў ён, аднак паступова забываўся на непрыемнасці і дабрэў ад выпітага.— Як-ніяк, а свята...

Тацяна Цімафееўна падбаўляла закусак і, сядаючы бліжэй да сына, бралася частаваць Сеўку.

«На ліха ён спатрэбіўся Севу? — думала яна аб Юру.— Ні пагаварыць пры ім, ні паслухаць... Хоць бы выбіраўся хутчэй». А ўголас прасіла:

— Ты, Юрачка, таксама закусвай!

Не столькі пакутуючы ад ролі хлебасольнай гаспадыні, колькі ад таго, што не можа быць сам-насам з сынам, усё ж не вытрымала:

— Ну, пашанцавала на іспытах? А?ж Прысвоілі клас? Як здаваў?

— Па-партызакску,— ухмыльнуўся Сеўка.

— Не разумею, сынок.

— Яны мяне мучылі, а я маўчаў.

— Няпраўда!

— Вядома, няпраўда...

Але калі Юра загаварыў пра Лёдзю, Тацяна Цімафееўна зацікавілася сурвэткаю на буфеце. Потым узяла яе ў рукі і пачала ўважліва разглядаць: яна лічыла мужчын блізарукімі, неспрактыкаванымі ў жыцці, але ўсё ж не забывала прымаць меры перасцярогі.

— Я ж не абяцаў жаніцца! — выкрыкваў Юра.— Не спакушаў яе!.. Хіба я вінаваты? Я наогул нічога не абяцаў. На ліха мне хамут на дваццатым годзе!.. У мяне аспірантура, канструктарская работа наперадзе...

Ён паспрабаваў сунуць руку ў кішэню пінжака — раз, другі, але не патрапіў, і яна бязвольна павісла, як чужая.

3

 

Лёдзя сядзела на заднім радзе і бадай што нічога не чула. Абапал былі бацька і Пракоп.

Каб не звяртаць на сябе ўвагі, яна старалася не варушыцца і думала, думала. Сэрца ныла ад тужліва-гідлівага пачуцця. Тое, чаго яна баялася, напамінала аб сабе. Дзіця, аказваецца, ужо жыло ў ёй. Дзіця, пакінутае бацькам яшчэ да таго, як убачыла свет. Не, ні яго, ні яе ў крыўду, канешне, не дадуць. Бацька, Пракоп, Кіра, Яўген абароняць. Але і яны, хутчэй за ўсё, будуць глядзець, як на зганьбаваную няўдачніцу. Жыццё пойдзе не так, як ва ўсіх, а нейкай пакручастай сцежкаю.

Няўдачніца! Гэта, можа быць, найбольш абражала і тады, калі правалілася пры паступленні ў Політэхнічны. Балела не толькі таму, што не спраўдзілася мара. Усё нутро пераварочвалася пры думцы: будуць прыходзіць знаёмыя, будуць шкадаваць, спачуваць і як бы між іншым паведамляць, што «Галя ліст прыслала. Піша — вучыцца добра. Падабаецца ёй Масква...» А цяпер і таго горш!

Даклад рабіў начальнік участка. Гаварыў доўга, як чалавек, у якога не было часу падумаць, што сказаць, і глядзеў не на камсамольцаў і гасцей, а на Міхала Шарупіча, быццам рабіў справаздачу перад ім. Пасля песень і сйеху перад сходам усё гэта было асабліва прыкметна. Дакладчык сам разумеў, што атрымліваецца няважна, не хапае фактаў, і таму шукаў паратунку ў тым, што без меры хваліў усіх, а потым нечакана прапанаваў прысвоіць брыгадзе Свірына званне калектыву камуністычнай працы.

— Будзем дружыць з нашымі слаўнымі воінамі! — заклікаў ён.— Будзем вучыцца ў іх дысцыпліне! Будзем пашыраць рады ўдарнікаў!

Пачуўшы прапанову начальніка ўчастка, Кіра, якой даручылі весці сход, ажывілася і, хоць не трэба было нікога супакойваць, радасна застукала алоўкам па стале.

— Цяпер давайце вы, таварышы! — папрасіла яна.

Зарыпелі лаўкі.

— Пачынай, Пракоп! У цябе цікавей выйдзе!

— Няма ў нашым цэху раю, няпраўда. Крый, як

ёсць!

— Ну-ну, не вельмі ты там! І прыбядняцца няма чаго.

— Нічога не папішаш, фармоўшчыкі па салу і хлебу не звяліся яшчэ.

— Колькі малы канвеер учора прастаяў? Чаму?

— Гасцей хоць не палохайце!

— А дзе механізацыя, якую абяцанкай-цацанкай завуць?

— Кіра! Вітаем вашу брыгаду! Ма-лай-цы!.. Вось каго сапраўды на шчыт трэба падняць.

— На вілкі лепей!..

Лёдзя любіла такую слоўную перапалку, пасля якой разгараліся зацятыя спрэчкі. Нешта блізкае, сваё было ва ўсім гэтым, і, слухаючы выгукі прысутных, бачачы дарагі, як ніколі, Кірын твар, яе раскосыя вочы, яна крыху акрыяла. Нават трывогі здаліся ледзь не фантастычнымі.

— Праўда, Пракоп! Наша брыгада залатая,— сказала яна.

— Не, пакуль што сярэбраная,— буркнуў той, хоць відаць было, што ў душы таксама здаволены. Ноздры ў яго раздзьмуліся, пачалі ўздрыгваць. Нецярпліва прыўзняўшыся, ён ляпнуў па каленях і зноў сеў. Яму яўна хацелася ўмяшацца ў спрэчку.

— Няўжо прысвояць? — камічна заважнічала Лёдзя.— Чырвоныя касынкі надзенем тады з Кірай. Праўда, Пракоп?

— Прысвоіць не прысвояць, а паставіць пытанне перад агульным сходам маюць права,— чамусьці сярдзіта адказаў той і рыўком ускінуў руку.

Незразумелае пачуццё прымусіла Лёдзю азірнуцца і нечага пашукаць. Убачыўшы, што на яе нахабна глядзіць Сеўка, здагадалася: гэта яго позірк патрывожыў яе.

«Што яму трэба? Быццам насміхаецца...» — зноў на нейкі момант насцярожылася яна. Але загаварыў Пракоп, і Лёдзя, стараючыся не глядзець туды, дзе сядзелі салдаты, стала слухаць яго.

Са сходу яна пайшла з бацькам.

Міхал крочыў важка, стомлена. Круціў галавою, чмыхаў. Прамаўчаў, калі Лёдзя асцярожна спыталася:

— Вам што-небудзь не падабаецца, тата?

Параўняўшыся з парткомам, ён узяў яе, як дзяўчынку, за руку і збочыў да ганка.

— Пойдзем параімся з Пятром, дачка...

Дзімін хадзіў па кабінеце і курыў. Убачыўшы Міхала з Лёдзяй, ён крыху здзівіўся, паказаў рукою на канапу. Пасля вуліцы, дзе пад нагамі чвякала і хлюпала, дзе пляскаўся волкі вецер, Лёдзі здалося тут вельмі ўтульна.

— Мы з сустрэчы, Пятро,— растлумачыў Міхал, не чакаючы, пакуль Дзімін сядзе.

— Мітынгавалі?

— Амаль. Хваліліся дасягненнямі, падводзілі вынікі, агітавалі сябе і гасцей.

— Ну што ж, у вас ёсць што паказваць. Вунь якія каралевы,— кіўнуў Дзімін на Лёдзю.

— Рашылі хадайнічаць, каб брыгадзе Свірына прысвоілі званне. Калі не цяпер, дык к Першаму мая.

— Ну і правільна.

— Не ведаю... Жыць па-камуністычнаму — гэта не толькі сумленна працаваць...

Дзімін спыніўся.

— Нядаўна ты казаў інакш.

— Складаная гэта рэч, па-мойму, Пятро...

— Ты што, і на сходзе ўзнімаў гэтае пытанне?

Міхал панурыўся.

— Не хапіла волі пры гасцях...— І сарваўся.— Я ні да кога, вядома, апроч цябе, не пайшоў бы! Што рабіць? Схаваць усе канцы дома? А?.. Але ж тут гэтымі днямі сесія. І пра моладзь пытанне стаіць.

Кінуўшы недакураную папяросу ў урну, Дзімін ступіў да Міхала і, схіліўшы галаву набок, недаверліва ўтаропіўся на яго.

— Я разумею, тата...— сказала Лёдзя, ледзь варушачы бяскроўнымі вуснамі.— І калі вы так лічыце, я магу пайсці з брыгады. Пры чым тут астатнія.

— Значыць, гэта ён пра цябе? — разгубіўся Дзімін.— Ці пры сваім ты розуме, Міхале? — Але, убачыўшы, што яго здзіўленне раззлавала таго, папрасіў: — Раскажыце тады хоць толкам...

Зазваніў тэлефон. Дзімін нездаволена зірнуў на яго, схамянуўся і падышоў да тумбачкі.

— Я слухаю,— з прыкрасцю прамовіў ён.— Кашын? Слухаю... Пачакай, пачакай. Навошта ты мне пра гэта... Сігналізуеш? Дык гэта ж у цябе ў цэху. Што? Спадніцу не завяжаш? Які ты, аднак!.. Не ўсё яшчэ? У «Аўтазаводзец» пішуць?.. Збіраюцца пісаць? Пра што? Пра рвацкія настроі? Ладна!..

Лёдзя слухала, і ўсё дранцвела, нібы памірала ў ёй. Толькі сэрца білася, як шалёнае. Яно быццам трымалася на нітачцы, якая вось-вось абарвецца, як толькі Дзімін кончыць размаўляць і адчужана зірне на яе.

Палажыўшы тэлефонную трубку, Дзімін павярнуўся не адразу, а калі павярнуўся — сам быў разгублены. Ён разумеў, што Міхал дапусціў нетактоўнасць, хапіў цераз край. Стала шкада Лёдзі, наравістай, гордай і таму надзвычай лёгка ранімай. Але словы, якімі можна было б падтрымаць дзяўчыну, не прыходзілі. А калі Дзімін успомніў Раю і ў думках паставіў яе на Лёдзіна месца, нават не змог адысці ад тумбачкі.

Лёдзя ўсхапілася з канапы, ірванулася да бацькі, які таксама ўстаў, пачуўшы прозвішча Кашына.

— Добра, тата, я ўсё бяру на сябе. Хопіць з вас? — выгукнула яна, абпаліўшы позіркам і Дзіміна.— Але няўжо я так вінавата? У чым? У тым, што паверыла чалавеку? Што кахаю яго?

Міхал здагадаўся: яна ўжо думала пра гэта, рашыла нешта, але ад яго чакае літасці. І ўсё-такі няўмольна сказаў:

— Згубіла ты сябе, дачка. Во ў чым твая віна! А падругое, я казаў табе — адным даруюць, а другім не...

Адхіснуўшыся, Лёдзя закрыла вочы сагнутай рукою і, нічога не бачачы, кінулася да дзвярэй.

— Не, калі ты такая смелая, то пачакай! — загадаў Міхал.— Я не скончыў. І зусім не кажу, што дам каму таптаць цябе. Ты ў мяне яшчэ будзеш лепшая за многіх праведніц... Але раз ужо так атрымалася, то і ўмей адказваць... Разбярыся як след... А з гэтым тыпам, што званіў, мы яшчэ пагаворым. І наогул, Пятро, цяжка мне ў адной партыі з ім. Няхай бюро рашае...

— Ну, таксама загнуў! — авалодаў сабою Дзімін.— Ідзі сюды і чытай... А ты, дзяўчынка мая, запомні: грошы згубіш — нічога не страціш. Гонар страціш — многае, вядома, страціш. А вось вытрыманасці не будзе — значыцца, усё прапала...

Ён асекся — не, не трэба зараз чытаць настаўленні, не трэба — але было позна ўжо. Лёдзя здзіўлена, з непрыязнасцю акінула позіркам кабінет і грукнула дзвярыма.

Міхал, нібы на нагах у яго былі пудовыя гіры, падышоў да пісьмовага стала, нахіліўся над павесткаю чарговага пасяджэння парткома.

— І ўсё-такі ставіць цяпер пытанне аб Кашыне не прыйдзецца,— уздыхнуў Дзімін.— Бач, як усё павярнулася... Ды бяжы хутчэй, даганяй дачку. Прыгалуб ты яе, Міхале...

 

4

Кіра з Пракопам бачылі, як Шарупічы ўвайшлі ў партком.

— Дзядзька Міхал астаўся нездаволены нечым,— выказаў сваё меркаванне Пракоп.— Лёдзя сама не свая. Заўважыла?

— Я даўно яе з Юркам не бачыла. Перажывае, пэўна. Але, думаю, усё будзе добра.

Ноч выдалася туманная. Наўкруг электрычных ліхтароў свяціліся вясёлкавыя шары. З акон дамоў ліліся палосы святла. Усё здавалася невыразным, высокім. Голыя таполі з пабеленымі камлямі падымалі галлё некуды ў густы змрок — так высока, што верхавіны танулі ў ім.

— Такі туман з’ядае снег,— сказала шчаслівым, усхваляваным голасам Кіра, як бы радуючыся гэтаму. Наогул апошнім часам яе замілоўвала ўсё, і яна хадзіла нейкай зіхотнай. Але так удваіх яны ішлі ўпершыню (звычайна хто-небудзь быў побач — Лёдзя, Трахім Дубовік), і гэта акалічнасць хвалявала абаіх, рабіла радасць нязведанай.

Кіра наогул рэдка аставалася з Пракопам сам-насам. Не прыспяшаў падзей і Свірын. Ён, вядома, сябраваў з дзяўчатамі і дагэтуль. Гуляў, захапляўся. З прыемнасцю ацэньваў іх, аглядаючы з ног да галавы. І было за асалоду туліць іх да грудзей, адчуваць цеплыню і пругкасць іхніх плячэй, рук. А вось з Кіраю было інакш. Паглядзець на яе ногі здавалася святатацтвам, абняць — злачынствам. І гэта не толькі таму, што ён лічыў Кіру наіўнай, незвычайнай, харошай. Найвялікшай радасцю было ўжо тое, што ён мог бачыць яе, разам працаваць, чуць яе голас.

Раней Пракоп глядзеў на дзяўчат як бы зверху ўніз, з іроніяй — адчуваў сваю перавагу, права на іх. Яму, хлопцу, як бы самой прыродай было дадзена наступаць, а ім — абараняцца. І выходзіла так, што за далікатнасць адносін у такіх выпадках адказвала толькі дзяўчына: не выветрылася яшчэ вясковае. Праўда, Пракоп, не ў прыклад некаторым заводскім хлопцам, пазбягаў дзяўчат, якія не паважалі сябе, не мелі ні волі, ні гонару. Але нераўнапраўнасць лічыў бадай што справай натуральнай. Меркаю ж захаплення была сіла, з якой цягнула да дзяўчыны,— і толькі. Цяпер жа

ён з радасцю пайшоў бы ў няволю да Кіры, гатовы служыць, не патрабуючы ўзамен нічога. Так нараджалася перакананне, што Кіра вартая большага, чым ён, а разам з гэтым і нерашучасць.

На вуліцы было амаль пуста. Пакуль ішлі да Магілёўскай шашы, іх абагнала ўсяго адна купка дзяўчат і хлопцаў. Ды, асляпіўшы, праехаў грузавік з уключанымі фарамі. На выбоіне кузаў яго падскочыў, грукнуў. Кіра і Пракоп азірнуліся. Святло ад фар было кароткае і ўпіралася ў густы туман, а чырвоны агеньчык ззаду нібы падміргваў і збіраўся пагаснуць. А над заводам, нягледзячы на туман, у небе трапятала белаватае зарыва.

— Заўтра выхадны,— сказала Кіра.— Давай заглянем да Лёдзі.

— Давай,— адразу адгукнуўся Пракоп.— Ты кажаш: усё скончыцца добра. А па-мойму — не. І што значыць — добра? Што ў іх агульнага? Нічога.

— Не гавары так.

— Але гэта праўда.

— Яны кахаюць адно аднаго.

— Няхай. Але як? Вы, дзяўчаты, баіцеся, што вас больш за хлопцаў. Палохаеце сябе гэтым і спяшаецеся. Хамства часцяком нават даруеце або стараецеся не заўважаць.

— Лёдзя не з такіх. Яна шукае... І наогул не гавары мне падобных гадасцяў...

Пракоп сумеўся, падумаў, што Кіра прыняла яго словы на свой адрас, і заспяшаўся:

— Я аднаго хачу, каб усе былі, як ты. Каб высока неслі сябе, разумныя былі. Навошта, як Трахім, баяцца слова «інтэлігент»? Наадварот. Але Лёдзя неяк пасвойму гэта зразумела. Праз меру прагне гэтай інтэлігентнасці. Нас вось асляпілі фары. А ці не асляпіла яна Лёдзю сабою? Ёй рабочай гордасці бракуе.

З усіх яго слоў да Кіры дайшлі толькі: «Я хачу

аднаго, каб усе былі, як ты». Яны ўзялі ўсю яе ўвагу, не далі думаць пра іншае. Апусціўшы галаву, яна пайшла далей, гледзячы сабе пад ногі. Але Пракоп і гэта зразумеў па-свойму.

— Ты пакрыўдзілася на мяне? — спытаўся ён, бянтэжачыся.— Не трэба. Я кажу так, бо шкадую Лёдзю. Дрэнна толькі, што не сказаў ёй самой. Але ж справядлівасць...

Кіра ішла, як супроць ветру — нахіліўшыся наперад, і маўчала. Правай рукою яна прытрымлівала ражкі настаўленага каўняра, і Пракоп раптам заўважыў, што рука ў яе ўздрыгвае.

— Ты замерзла? Хадзем хутчэй!..

На рагу, ля універмага, яны ўбачылі Кашына. Заклаўшы рукі за спіну, падрыгваючы нагою, ён важна паглядаў наўкол і некага чакаў. Заўважыў каржакаватага мужчыну, які праз плошчу праставаў да яго, падаўся насустрач.

— Комлік,— пазнаў мужчыну Пракоп.— Вось таксама, што ў іх агульнага? Ну скажы!

— Відаць, ёсць нешта, калі ўначы сустракаюцца.

— Нам не шкодзіла б наогул больш думаць. А так што? На рабоце і то бывае: рукі гараць, а не, каб падключыць галаву... Па Трахіму — няхай і неба не будзе. На лес ці поле — нуль увагі. А пачуе, што нехта захапляецца імі,— смяецца, кпіць. Думае, прыкідваюцца проста, юродствуюць. Я ўчора пасварыўся нават з ім. Гаспадарлівы хлопец, а гэтага не адчувае.

Пра што яны размаўлялі ўсю дарогу? Пра Лёдзю, Юрку, Трахіма Дубовіка, Кашына і ні слова не сказалі пра тое, што на душы ў саміх. Але, развітаўшыся ў пад’ездзе новага дома, куды нядаўна пераехалі Вараксы, Кіра ўзбегла да сябе на пляцоўку і засмяялася ад лішку пачуццяў.

— Ты сёння вельмі харошы, Пракоп,— сказала яна.— Лепшы за ўсіх. Нават мала падобны на сябе. Чэснае камсамольскае!..

Яе ахапіла такая пяшчота, што, убачыўшы бацьку, які сядзеў за сталом і чытаў кнігу, Кіра абвіла яго шыю і пачала цалаваць.

Варакса зняў акуляры і, каб вызваліцца і паглядзець на дачку, адкінуўся назад.

— Хвалілі, відаць,— прамовіў ён расчулена.

— Але!.. Не, тата... Нам хочуць прысвоіць званне ўдарнікаў камуністычнай працы.

— Такой сакатусе ды такое званне? За якія гэта заслугі?

Ён не даў ёй пайсці на кухню, сам сабраў на стол, падагрэў і прынёс вячэру. Пасля стаў побач і гладзеў,

з якім апетытам есць дачка. Яго пастава і тое, што ён стаяў і сачыў за ёй, нагадалі Кіры нябожчыцу маці. Але смутак ледзь крануўся сэрца — так было хораша.

— Скардзяцца на вас, Кіруха,— па звычцы стаў выгаворваць Варакса.— Што гэта за парадкі? Ударнікі, а бузіце за формы. Хіба вам дзяліць работу на выгадную і нявыгадную? У нас так не было, дачка. Папсавалі вас гэтай самай матэрыяльнай зацікаўленасцю. Во сесія хутка — там скажуць...

— Нас папсавалі? — зноў засмяялася Кіра ад таго, што на сэрца наплыла новая радасць.— Мы, тата, у камсамольскую скарбонку не адну тысячу паклалі. Аднаму Пракопу ў нас цаны няма?

— Баламуціць Дора Змітраўна вас... Няма ў яе гаспадарчага падыходу...

— Няпраўда! Яна справядлівай хоча быць!

— Да матэрыяльнай зацікаўленасці яшчэ сёе-тое трэба. Бо іначай ірвачоў будзем гадаваць. Комлік таксама за гэты прынцып. Можа, самы шчыры прыхільнік яго. Так што вунь куды Дора Змітраўна вас штурхае. І начальнік цэха, сакатуха, ёсць начальнік. Ён не сабе стараецца.

— Мы ўсё адно, тата, супроць яго выступаць будзем. Хіба можна так адносіцца да людзей? Да праўды?

— А вас ніхто і не пытаецца, ці можна... Глядзі мне!

— Мы, тата, людзі...

Адчуванне шчасця не пакінула Кіру і ў пасцелі. Ледзь яна ўхуталася ў коўдру і, скруціўшыся абаранкам, стала сагравацца, яно нават пабольшала.

Мусіць, таму і сон ёй прысніўся асаблівы. Кіра ўбачыла светлую стужку на ўсходзе — чыстую, у кармінавых танах. На яе фоне ляцелі гусі. Нізка, амаль над зямлёю. А па зямлі за імі бег воўк. Але гусі ляцелі спакойна, плаўна махаючы крыламі, і толькі, калі воўк падскокваў, крыху падымаліся вышэй. І здавалася, што ляцяць яны як па хвалях. Потым прысніла Кіра цыганку. Ярка апранутая, з доўгімі чорнымі косамі і задзірліва прыгожым тварам, тая працягвала Кіры руку, у якой трымала карты. Але калі, размахнуўшыся, раптам кінула іх, замест карт паляцелі галубы.

 

5

Выступіць супроць Кашына Пракопанай брыгадзе таксама не ўдалося. Гэтаму, як ні дзіўна, перашкодзіў яго... ад’езд. Справа ў тым, што, прачуўшы пра размовы і абгаворы, Кашын, не марудзячы, звярнуўся да дырэктара і, спасылаючыся на здароўе, папрасіў адпачынак. Звычайна не надта далікатны і круты дырэктар, які рэдка задумваўся, пакрыўдзяцца на яго ці не, тут нечакана і ахвотна згадзіўся.

— Добра, адпачні. Можна, калі ахвота ёсць, і пуцёўку ўзяць. Скажы там...

Кашын не сумняваўся: дырэктар зразумеў яго,

хоць і не падаў выгляду. Значыцца, яго, Кашына, яшчэ цэняць, ён, Кашын, патрэбен заводу, і той, хто непасрэдна адказвае за завод, разумее гэта. А што датычыць становішча, у якое трапіў,— нічога, абыдзецца. Так ужо павялося: жыццю патрэбны вінаватыя. Інакш людзі страцілі б пільнасць. Калі б вінаватых не было, іх трэба было б выдумаць. Цяпер вінаватым аказаўся ён — перасаліў трохі. Ну што ж, нічога не зробіш. У жыцці таксама ёсць свае адлівы і прылівы. Кампаніі былі і будуць. Таму важна толькі перажыць чарговы прыліў або адліў, а там усё пойдзе, як і раней. Хіба не ў гэтым сэнс дырэктаравай ласкі?

Ён маўчаў увесь вечар. А раніцою, яшчэ ў пасцелі, пасля начных разваг, настроіўшыся на філасофскі лад, Кашын сказаў Тацяне Цімафееўне, якая толькі што прачнулася:

— Ты, канешне, спытаешся, як жа летам? Ад поўдня прыйдзецца адмовіцца. Ды нічога, Таця, што-небудзь і для цябе прыдумаем. А водпуск мне ўзяць во як неабходна! — Ён чыркануў сябе над кадыком.— Дзімін праз партком ужо дабіўся некаторых перастановак. Абаронцам моладзі прыкінуўся. А нашага брата... І не спадзявайся... Калі вырашаць перамяшчаць, дык толькі ўніз. Ды ты не думай, што я баюся іх. Не даждуць! Махну вось у санаторый, трохі падлячуся. Хіба пагана? А яны пашумяць-пашумяць дый перастануць. Усе страсці-мардасці ўлягуцца. А там, бач, новы паварот — і я па праву герой.

Ложкі ў спальні нядаўна ссунулі ўпрытык. Убачыўшы гэта ў Сасноўскіх, Тацяна Цімафееўна зрабіла так і ў сябе. І засцілала іх на дзень, як Вера, шырокім кі-

тайскім пакрывалам, а пасярэдзіне клала круглую кітайскую падушачку з ярка вышытым паўлінам.

Мікіта Мікітавіч ляжаў на спіне, заклаўшы адну руку за галаву. Уласныя словы ўзрушылі яго самога, і ён павярнуўся на бок, тварам да жонкі.

— Ёсць і яшчэ адно — канешне...— растлумачыў ён, абражаны жончыным маўчаннем, якое, як ён ведаў, азначала ў такіх выпадках, што Тацяна Цімафееўна не зусім згодна і пераканана.— Ты што, не верыш у мяне?

Але Тацяна Цімафееўна рэдка калі яму не верыла. Не азвалася ж па іншай прычыне: яе абураў сам

факт, што мужу прыходзіцца выкручвацца, хітраваць праз кагосьці, хто і падэшвы ягонай не варты.

— Чаго яны чэпяцца да цябе? — спытала яна.

— Не ведаеш чаго? Помсцяцца, зайздросцяць? Кожны хоча першай скрыпкай быць.

— А трасцы, зласліўцы праклятыя!

— Перадам цэх гэтай...

— Бутэльцы чорнай?

— Ну,— з нянавісцю, нібыта побач была не жонка, а Дзіміна, кінуў Кашын.— Няхай апраставалосіцца! Вось хто апрацівеў дык апрацівеў! Істэрычка!

Засунуўшы рукі пад расхрыстаную сарочку і чухаючы грудзі, ён надзеў тапачкі і, не сказаўшы больш ні слова, пайшоў у ванную.

Праз гадзіну Кашын ужо здаваў справы Доры. Хаваючы вочы, з падкрэсленай карэктнасцю падсоўваў ёй папкі з паперамі і коратка тлумачыў:

— Дырэктарскія загады. Гэта — мае. А гэта — зводкі. Калі заблытаецеся, сакратарка паможа.

Ён чакаў, што Дора будзе бянтэжыцца, задаваць пытанні, але тая спакойна брала падсунутую папку, з якой Кашын прыняў руку, і клала ў стос.

Яна, здаецца, нават радавалася. Непрыкметна Кашын скасіў на яе вочы і сапраўды ўбачыў, што Дзіміна рада і не тоіць гэтага. Твар у яе быў ажыўлены, вочы весела паблісквалі. Дый слухала яна яго не зусім уважліва, думаючы пра сваё, што, мусіць, лічыла важнейшым за кашынскія тлумачэнні.

«Ладна... пабачым, што зараз запяеш»,— закіпаючы, падумаў Кашын і як мага спакайней сказаў:

— А вось гэта, звярніце ўвагу,— дакументацыя. Будаўніцтва новага канвеера ў фармовачным прыйдзецца пачаць неадкладна. Калі што, з Аляксеевым не цырымоніцеся, бо я, калі вярнуся, буду патрабаваць з вас.

— Наконт канвеера я сёе-тое намеціла,— бесклапотна, як здалося Кашыну, сказала Дора, але лоб яе ўпершыню прарэзала маршчынка.

— І наогул часцей заглядайце ў план арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў. Там усё галоўнае. Вось ён!

— Буду браць прыклад з вас, хоць і маю свае планы...

Дору прыкметна гнялі настаўленні Кашына, і яна, адчуваючы ўедлівую наўмыснасць ягонай апекі, хутчэй старалася пазбавіцца ад яе.

— Я з гэтым справаводствам знаёма, Мікіта Мікітавіч,— дадала Дора, ужо адкрыта даючы зразумець, што наскрозь бачыць яго.

Гэта зусім раззлавала Кашына.

— Вы што, думаеце — нам не давядзецца больш працаваць разам? — вызверыўся ён.— Дарэмна!..

Ён перасіліў сябе, каб не грукнуць кулаком па стале, не пачаць лаяцца і, разумеючы, што цяпер з кабінета першаму давядзецца выходзіць яму, а не ёй, штс яна будзе чакаць гэтага, падняўся. Рашыў: пойдзе

ў цэх і падгоніць сяго-таго з заяваю, пра якую думаў даўно,— няхай гэтая порсткая жанчына потым наракае сама на сябе.

 

РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
1

Сонца шчодра лілося ў вокны. Яно ўжо грэла. Арыне здалося, што і шыбы, праз якія яно лілося, павінны быць цёплымі. Яна падышла да акна і памацала рукою. Але шкло чамусьці аказалася халодным.

Хацелася хутчэй убачыць мужа, пра ўсё распытаць. Як яно там? У сваёй наіўнай шчырасці Міхал і цяпер, калі сяк-так усё ж уладзілася ў сям’і, дакараў сябе і мог пайсці немаведама на што.

Хочучы змарнаваць час, Арына села цыраваць Яўгенаву кашулю. Неяк выпадала так, што яна толькі праводзіла ды сустракала сваіх: у школу — са школы, у інстытут — з інстытута, на завод— з завода. І ўсё спяшалася. Турбавалася, перажывала больш, чым тыя, каго даводзілася праводзіць або сустракаць. Яны, калі і хваляваліся, дык звычайна за сябе, Арына ж — за ўсіх. І ўсё часцей адна, адна.

Гады бралі сваё. Урачы параілі ёй насіць акуляры, але Арына і слухаць не хацела: здавалася, што калі згодзіцца — значыць, прымірыцца са старасцю, а гэта, у сваю чаргу, сведчыла, што пакіне сваіх на саміх сябе. Яна не адразу трапіла ніткаю ў вушка іголкі, знайшла ў шуфлядцы напарстак і пачала цыраваць.

За гэтай работаю Арыну непрыкметна агортваў прывычны спакой. І тады Яўгену ў ёй усё было міла: і як яна сядзіць, задумаўшыся, і як цыруе, нацягнуўшы тканіну на грыбок, і як перакусвае нітку зубамі.

Ён вельмі любіў маці такой.

Кінуўшы чарціць, Яўген паставіў дошку к сцяне, паглядзеў на яе, як на карціну, і, пацягваючыся, падышоў да маці.

— Вясна хутка, мама.

— Але, сынок,— пацвердзіла яна і падала яму іголку з ніткай.— На, працягні...

Зрабіўшы, што яна прасіла, Яўген схіліўся над маці і губамі дакрануўся да прабора на галаве. Удыхнуў знаёмы пах яе валасоў. Успомніў, як у маленстве любіў гэты пах, і, каб адчуць яго мацней, прытуліўся да маці.

— Праз два месяцы, мама, абараню дыпломны праект. Інжынерам буду,— пахваліўся ён.— Першым інжынерам сярод Шарупічаў. Былі ў нашым родзе і пастухі, і хлебаробы, і рабочыя, а інжынераў не было. Я першы...

— Ты, сынок,— усцешана, аж перайшоўшы на шэпт, згадзілася Арына.— Ідзі адпачні. Зноў жа ў трэцюю. Няўжо нельга хоць у першую працаваць?

— А навошта? Якая яна практыка, калі праходзіць яе ў келейных умовах? Каб зразумець, скажам, што ручкі ў фармовачнай машыне нязручна размешчаны, трэба, мама, на ёй усе сем гадзін папрацаваць — і ў першую, і ў другую, і ў трэцюю змену. Тады толькі інжынерам станеш.

— Раі таксама сёння памагаць будзеш?..

— Буду.

— Ідзі, прашу, адпачні...

Ведаючы, што яна раўнуе яго, Яўген паслухмяна пайшоў у свой пакой.

Арына зноў схілілася над кашуляй, адчуваючы шчакою сонечную цеплыню.

«Як ён там, цікава, трымае сябе?» — падумала яна пра мужа і паспрабавала ўявіць залу, дзе цяпер знаходзіўся Міхал. Але ўявіла толькі тое, што бачыла некалі на здымку ў газеце,— трыбуну, дакладчыка, стол прэзідыума, ложы — і ўсё.

Міхал прыйшоў стомлены, галодны. Распрануўшыся, доўга мыўся, пазіраючы на Арыну, якая з рачніком цераз плячо чакала ў дзвярах. Шарупічы звычайна елі ў кухні, і, памыўшыся, Міхал адразу падаўся туды.

— Давай што-небудзь, маці, ды хутчэй,— папрасіў ён, крыху паружавелы.— Там, як перапынак, усе ў буфет. А я грошы забыў. У цябе ёсць сёння што-небудзь фундаментальнае?

— Сядай во, сядай! — усміхнулася Арына.— Вам, мужчынам, калі мяса не дасі, дык і не накорміш. Мо і Яўгена паклікаць, каб па адным не карміць? Надакучае падаваць ды прыбіраць.

— Гэта правільна, маці. Наконт мяса ты ў курсе дзела. Малако, напрыклад,— наогул накшталт правадніка ў страўніку...

Сёрбаючы гарачую капусту, Міхал употай падміргваў сыну і назнарок маўчаў, чакаючы, калі жонка не вытрывае, папросіць: «Ну чаго ты, расказвай». Але яна нечакана, нечым дужа ўзрадаваная, заўсміхалася і пачала расказваць сама.

Нягледзячы на няшчасце з Лёдзяй, Арына спакайнела з днямі, менш ужо божкала і амаль не сунімала сваіх, калі тыя надта разыходзіліся. Пачала выяўляцца і яшчэ адна рыска яе натуры. Аказваецца, перанятлівая, яна заўважала смешнае ў людзях і цудоўна перадавала гэта.

— Комлічыха прыходзіла агуркоў з расолам прасіць,— сказала яна і, раптам змяніўшы голас, лісліва засакатала: «Арынка ты мая дарагая! А сястрыца ты мая любая! А хто ж мне дасць, калі не ты? Далібог, сястра родная, дый толькі».

Гэта так было падобна, што Міхал і Яўген зарагаталі. Здаволеная Арына сумелася і тут жа папрасіла:

— Ну, як ты, Міша? Што ў вас там новага? Раскажы.

Міхал зарагатаў яшчэ галасней.

— З гэтага і пачынала б. А то Комлічыха, расол!.. Сёння, маці, даклад слухалі. Важны даклад — пра Лёдзю нашу.

— Бацюхны мае, пачаў ужо!

— Сур’ёзна, маці. Аб тым, як мацаваць сувязь школы з жыццём. Закон прымем. Разумееш? Для ўсіх. Можа, і дапаможам.

— Чалавеку не крыўдна, раз што-небудзь для ўсіх уводзіцца.

— Няма чаго пладзіць адукаваных няўмек з прэтэнзіямі.

— Гэта не так проста,— умяшаўся Яўген, якому захацелася, каб маці згадзілася з ім.— Людзі да інтэлектуальнага жыцця абудзіліся. Каб прэтэнзій не было, трэба спачатку розніцу паміж фізічнай і разумовай працай знішчыць.

Міхал паклаў лыжку.

— А хто гэтую розніцу будзе знішчаць? Няўмекі, якія прывыклі перабіраць і ўсё браць на выбар? Не, ты спярша зарабі права на свае жаданні.

— Чалавек ёсць чалавек, і добра, што ён шмат хоча.

Яўгенава ўпартасць не спадабалася Міхалу, але ён не засердаваў і зноў узяўся за капусту.

— Зноў ты чамусьці працаўніка з нахлебнікам блытаеш,— з вераю, што Яўген і сам разумее гэта, сказаў ён праз хвіліну.— А ты сам хіба такі?

— Я таксама без разумовай працы і вялікіх надзей не магу,

— Дык гэта ж — шчасце наша. Але каб авалодаць, скажам, навукай, трэба ўмець і жыта сеяць і чыгун плавіць.

— Не ведаю, тата, не ведаю...

— Ты чуў калі, што значыла жыта па-старажытняму? Не? Жыццё, сын! А нахлебнік — пустацвет заўсёды.

— Праўда, Яўген, праўда,— пацвердзіла Арына, жадаючы пагасіць спрэчку.— Ешце хутчэй, а то астыне ўсё.

 

2

Перад тым як ехаць на вячэрняе пасяджэнне, Міхал рашыў схадзіць на завод. Хацелася паглядзець, як працуе без яго змена — падручны ўпершыню самастойна вёў плаўку,— і заадно даведацца ў партбюро пра заяву, аб якой з гневам расказвала раніцою Лёдзя. Ён сабраўся быў ужо ісці, але Арына папрасіла пачакаць яе. Клопатаў у Міхала прыбыло, і яны даражылі кожнай хвілінаю, каб пабыць разам.

— Пойдзем за адным скрыпам,— сказала яна,— мне ўсё роўна ў магазін трэба.

Калі спусціліся на вуліцу, Міхал узяў жонку пад руку і, як ні спяшаўся, пайшоў паволі.

— Жарты жартамі, маці, але што з Лёдзяй далей рабіць будзем? — спытаўся ён, здагадваючыся, якой размовы чакае ад яго Арына.— Пакрыўдзіў я яе, калі да Пятра павёў. Перагнуў... Зусім не так размова павярнулася. Даверлівыя надта мы...

Яна нібыта зняла з твару павуцінне.

— Лёдзя сама ўжо знойдзе сваё. Нешта страціла, але нешта і знайшла. А мы выгадавалі дзяцей, выгадуем і ўнука.

— Дорага ёй каштавала тое, што знайшла.

— Хто ведае. А калі што, можа і яшчэ даражэй стаць. На нітачцы, пэўна, у яе жыццё вісіць. Будзь мякчэйшы з ёй, не трэба зрыўка, іншыя яны, Міша...

Яна правяла яго да заводскай плошчы і стаяла, прытуліўшыся плячом да ліпы, пакуль муж не схаваўся ў прахадной.

Каля электрапечы Міхал убачыў Дору Дзіміну. Тая назірала за плавільшчыкам, які качаргою ачышчаў печ ад шлаку. Распаленым жабурыннем сплываў ён цераз парог завалачнага акна, падаў у шлакоўню і згасаў, пакрываўся попелам.

Дора нават уздрыгнула, калі Міхал павітаўся з ёю, але рухам плячэй быццам скінула нешта з сябе і падала руку.

— Я вас шукала, таварыш Міхал,— сказала яна, называючы Шарупіча як некалі ў падполлі.— А потым успомніла, што сёння сесія.

— Непаладкі якія?

— Паламаўся электрод, але зрасцілі. Ды я па іншай справе...

Ёй цяжка было гаварыць. Гэта было мала падобна на яе, прамую, часта куслівую, але цяпер яна яўна шукала падтрымкі.

Учора Дора не вытрымала і завяла гаворку з мужам аб тым, што ёй рабіць, калі Кашын вернецца

з водпуску. Аднак, як і трэба было чакаць, нічога добрага не атрымалася. Яна выкрывала Кашына, а Дзімін упарта маўчаў.

— А як гэта зразумеюць людзі? — нарэшце сярдзіта спытаўся ён, калі Дора прызналася, што, раз на тое пайшло, яна не супроць, каб ёй даручылі ўзначальваць цэх.

— Захочуць — зразумеюць! — запальчыва ўсклікнула яна.— Я не толькі твая жонка. Я інжынер, член партыі і маю права на поўную аддачу. Я ведаю, на што здольная. Мяне слухаюцца...

— З год назад табе падабалася быць інжынерам і мець справу з тэхнікай. Хіба ты разлюбіла яе цяпер? — як бы паспачуваў Дзімін,

— Наадварот!

— Помніш, як гаварыла: «Трыбуна мая дома...»

— Гэта ад болю, ад крыўды! Няўжо і такое не даходзіла да цябе?.. А цэх у мяне працуе лепш. Дык што ж у маім жаданні нядобрага?

— Сціпласці мала. Людзі не асабліва любяць тых, хто сам высоўвае сябе. Вось і дырэктар паводзіць бровамі.

— Хіба я з-за пыхлівасці?.. Хоць некаторыя ўсякае імкненне праявіць сябе лічаць кар’ерызмам. Я за справу хварэю. Бачу, што робіцца на свеце... І не магу ігнараваць, што без навукі цяпер нельга.

— І ўсё-такі ставіць за мэту сесці ў чужое крэсла — паганы пачатак для гэтага.

Дора пакрыўдзілася да слёз.

— Чаму? Трэба проста верыць у мяне. Спадзявацца на лепшае ва мне, а не на горшае. Для цябе ж існую не я, а нейкія кімсьці санкцыяніраваныя правілы. Не бойся, мяне рабочыя разумеюць.

Дзімін хмыкнуў,

— Усе?

— А што ты думаеш!

— А вось знайшліся, што ўзялі і напісалі заяву.

Дора стаяла перад Міхалам, зябка сціснуўшы плечы і ўтаропіўшы ў яго свае вялікія сумныя вочы.

— Вы многа зрабілі нам добрага, таварыш Міхал,— як бы просячы прабачэння, сказала яна.— Дзякуючы вам Пятро не згубіў сябе, а Рая засталася ў жывых. Але што зробіш?.. Мне зноў трэба прасіць вас. І я хачу, каб вы паслухалі мяне тут — у цэху...

Убачыўшы яе, Міхал ведаў, што яна загаворыць пра гэта, але не чакаў, што будзе гаварыць так разгублена. Аднак, выслухаўшы яе да канца, разгубіўся сам, а потым ускіпеў нават нечакана для сябе: так усё было нахабна. Да таго ж гэта было асаблівага гатунку нахабства, якое цяжка абвергнуць праз яго бессаромнасць і безапеляцыйнасць. Аказваецца, Дору абвінавачвалі ў кар’ерызме, у падрыве аўтарытэту начальніка цэха, у заігрыванні з рабочымі, у спекуляцыі на адсталых настроях. І як Міхал ні быў падрыхтаваны да размовы, ён адчуў патрэбу сабрацца з думкамі — неабходна было знайсці словы, якія падтрымалі б Дору, яе веру ў сябе і людзей. Бо зараз ёй, можа быць, не так важна было аднавіць усю праўду і рэабілітаваць сябе, як захаваць гэту веру.

— Адну хвілінку, Дора Змітраўна, я зірну, як тут у іх,— спаслаўся Міхал на першую, што трапілася, прычыну.

Ён падышоў да шчытка з аналізам, прабег слупкі лічбаў і ўзяў цёмныя акуляры. Ураз, хоць быў узрушаны, заўважыў недаробкі: не ачысцілі як след парог, не навялі новы — вадкі — рухавы шлак.

Узяўшы лапату і думаючы пра Дору, Міхал укінуў у завалачнае акно пяску, насыпаў яго на парог, які тут жа нібыта зацягнула шклом, і толькі пасля вярнуўся назад.

— А хто падпісаў шпаргалку? Я ўпэўнены, што тут адгадка ўсяму,— міжволі адрасуючы сваё абурэнне ёй, спытаўся Міхал: чужых ён умеў абараняць больш рашуча, чым сваіх.

— Хіба гэта важна? — хруснула пальцамі Дора.

— Ах, якая вы!

— Я нават не ведаю... Мне толькі вядома, што падпісалася даволі багата.

— А факты?

— Прыводзяць і факты, таварыш Міхал. Праўда, многае перакручана. Зроблена паводле старых рэцэптаў.

— Вось бачыце!..

3

Назаўтра, як толькі выпала вольная хвіліна, Міхал накіраваўся да Комліка, чый подпіс пад заяваю стаяў першы. Дома словы ўплываюць мацней, дый чалавек больш адкрыты для іх. Гэта Міхал ведаў па сабе яшчэ са школьных часоў, калі натацыі ў класе былі як з гуся вада, але ўсё калацілася і халадзела ўсярэдзіне, як толькі настаўнік пераступаў парог дома. Да таго ж хацелася пагаварыць з Комлікам без сведак, бо Міхал усё яшчэ верыў у яго.

Ён ледзь пазнаў Комлікаву сядзібу. Атынкаваны і пабелены дом на тры вакны, пад шыферным дахам, палісаднік, вузкі праход паміж домам і суседскім плотам, уздоўж якога чырванеў вішняк, крыты ганак з точанымі слупкамі, двор за домам, гаспадарчыя пабудовы, сад — усё старанна даглядзелі Комлікавы рукі. Па двары і праходзіку блукалі куры. Ляніва чысціліся, разграбаючы адталую зямлю, шукалі спажывы, ганяліся адна за другой, стараючыся дзеўбануць у галаву.

Комлічыха фарбавала штакетнік. Насупленая, чужая, адказала на прывітанне, не пакідаючы работы.

«Напраўду, дом засланіў ім усё»,— з прыкрасцю падумаў Міхал, але ўсё-такі, перш чым увайсці на падворак, спытаўся:

— Вы часам не крыўдуеце на мяне?

— Чаго мне крыўдзіцца? — з прытворнай міралюбнасцю адказала Комлічыха.— Вы мяне нажом не рэзалі, відэльцам у вочы не торкалі...

Комлік сустрэў Міхала на ганку. Прытуліўшыся да точанага слупка, пачакаў, пакуль госць, лавіруючы паміж курамі, падышоў да прыступак і знізу працягнуў яму руку.

— Які там, у лесе, мядзведзь здох? — ухмыльнуўся ён, але ў дом не запрасіў і сеў на лавачку.

— А што, хіба да цябе і ў госці ніхто не ходзіць? — у сваю чаргу запытаўся Міхал, адзначыўшы сабе, што гаспадар, выходзячы насустрач, накінуў ватоўку.

— Ходзяць. Ды не ты ж...

Комлік сказаў гэта так, каб не вельмі пакрыўдзіць

Міхала. Твар у яго крыху падабрэў, хоць у быстрых вачах усё яшчэ таілася насцярожанасць. Аднак, пераняўшы позірк госця, які разглядаў новыя, яшчэ без шыб, парніковыя рамы, што стаялі на ганку, спахмурнеў.

— Сабе? Ці халтурыш? — спытаў Міхал.

— Хіба і гэта забаронена? Мо я каму перашкаджаю або чужое з зубоў ірву? — паставіў ён праўцом вочы.— Няўжо я вінаваты і за тое, што зарабіць хачу? Я ж не эксплуатую нікога... А халтурка — рэч такая: можаш звяртацца да мяне, калі трэба, можаш не звяртацца. Я нікога не прымушаю. А калі звярнуўся — плаці гатоўкаю. Гэта звышчасовай працаю называецца.

— Не, Іван, гэта прадпрымальніцтвам называецца,— паправіў яго Міхал, не хочучы, каб гамонка пераходзіла ў сварку: сварачыся, нічога не давядзеш.— Такое якраз выпякаць трэба. Каб не карысталіся выпадкам, не спекулявалі на недахопах.

— Дык што, па-твойму, лепей палежваць або сядзець склаўшы рукі? Каб ні сабе, ні людзям?

Убачыўшы ў акне худзенькую падчырыцу-падлетка з кніжкаю ў руках, Комлік вылаяўся і пагразіў ёй кулаком. Дзяўчына, спалохаўшыся, адскочыла ад акна і быццам правалілася там, дзе стаяла.

— Справа не ў тым, Іван, што ты за рамы ўзяўся,— стрымліваючыся, сказаў Міхал.— Пагана, што ў табе, хочаш ці не хочаш, увішны прадпрымальнік расце. Настырны такі. Ён і намеры твае скіруе па-свойму: дзе б шкла ці дошак знайсці? З кім дзеля гэтага пазнаёміцца варта? Як бы з гэтым новым знаёмым закон абысці? А хіба гэта да твару рабочаму? Прадпрымальнікі, дзялкі горшыя за лайдакоў, п’яніц. П’яніцу хоць вылечыць можна. Лайдак у добрай брыгадзе працаваць будзе. А дзялок? Ён жа самыя цудоўныя пачынанні спаскудзіць.

— Дзякую,— злосна ўсміхнуўся Комлік, надзеў ватоўку і зашпіліў яе. Катынская апека, поспехі ў рабоце зноў рабілі яго незалежным.

— Не, ты, раз на тое пайшло, паслухай,— засердаваў і Міхал.— Гэтыя прадпрымальнікі да самых святых спраў прыліпаюць. Што яны, скажам, з калектыўнымі садамі робяць? Тфу! Атрымліваецца не калектыўны сад, а зборышча аднаасобных хутароў з прыбіральнямі. Сёння ў тралейбусе гамонку чуў. Нашы аўтазаводскія балакалі. «На рынак, кажа, Таечка, ездзіла. Валялася нягодная цыбуля, дык завезла».— «І колькі ўзяла?» — «Дваццаць, Таечка».— «Глядзі ты, і ў мяне недзе валяецца...» І ўсё пра рынак! «Купіла» ды «прадала». А дамаўласнікі новаспечаныя? Адзін паўгадзіны распісваў, як яму хітра печ вымуравалі. Ні слоў, ні пахвальбы не шкадаваў. І сакрэтам пахваліўся. «Прывалок, кажа, цэлы мех шкла з будоўлі. А печкалёп яго пад чарэнь паклаў. І цяпер, кажа, скарынка румяніцца і зверху і знізу». І так паўгадзіны цэлай, хоць печыва, вядома, у магазіне купляе!.. Што тут рабочага?

— Але і страшнага нічога няма. Хіба муляе каму, што ў яго хлеб смачнейшы? Вунь некаторым мае куры вочы колюць. Яны, як і ты, пад усё тэорыю падводзяць: развёў, маўляў... А яны што, крадзеныя або я гандлюю імі? Я сам іх спажываю. І мо магазінных курэй, што ў халадзільніку пабывалі, зусім есці не магу. Няхай лепш падумаюць, каб такія харчы не псаваць. А то што? Хіба ў нашых магазінах мяса? Мачалы! Ты вепручка сам заколеш і ўсё як след зробіш — пальчыкі аблізвай. І выходзіць: працуеш на сябе — прадпрымальніцтва, хочаш есці смачнае — дробнаўласніцкія перажыткі!

Гаворка рабілася ўсё больш цяжкай. Міхалавы словы ўзбаламуцілі Комліка, і ён не валодаў ужо сабой — лютасць падступала яму пад горла, душыла яго. Нават не верылася, што гэта Комлік — гаварун і выпівака, дасціпны па-свойму чалавек.

Жадаючы крыху ахаладзіць спрэчку, Міхал памяркоўна спытаў:

— А чаму мяса нясмачнае? А?

— Не ўмеем яшчэ па-людску гаспадарнічаць, вось чаму. Хвалімся толькі...

Комлік злосна плюнуў і сышоў з ганка.

— Акыш! — гаркнуў ён на курэй, але тыя не звярнулі ўвагі на яго крык.— Акыш, каб вы здохлі!

— А калі хочаш ведаць, у гэтым якраз прадпрымальніцтва і вінавата,— у спіну яму сказаў Міхал.— Не ўсе працуюць, як на сябе. А сам ты, Іван? Няўжо душа ў цябе з дзікага каменя? Не скаланецца ад слоў, што тут нагаварыў? Ты ж пра ўсё разважаеш, нібы яно табе чужое. І чаму ты ўсё пра ежу? Мне ажно моташна стала...

Міхал таксама плюнуў і жорстка спытаўся:

— Хто паклёп на Дзіміну сачыніў? Ты з Капаным?

— А што? — усім корпусам павярнуўся Комлік.

— Гавары!

— Ты не палохай мяне, не баюся. У Пінску вунь турму зачынілі. Стаяла мо сотню год, і зачынілі. А што, кажуць, рабілася! Панаехалі з кінахронікі, з газет. А ты палохаеш...

— Я пытаюся: сачыняў хто?

— Хто падпісаў, той і сачыняў,— з выклікам адказаў Комлік.— Можа, крытыку нашу заціснуць хочаш? А мо проста сваім аўтарытэтам выгарадзіць, як выгараджваеш розных Алешкаў з падполля?

«Як падсвінак паршывы,— думаў Міхал, вяртаючыся дадому.— Яго за вушы адцягваеш, выспетка даеш, а ён усё адно лезе ў карыта з нагамі...»

Міхал бадай што забыўся на заяву, на Кашына, які, як здагадваўся, не мог астацца ў баку ад гэтай подлай справы. Увушшу стаялі Комлікавы словы пра падполле, халтуру і смачную ежу. Міхал паўтараў іх і ажно кіпеў.-

«Паразіт, во паразіт! — лаяўся ён у думках.— І бач, як раз’юшыўся, калі паспрабаваў сарамаціць. Бачыш, куды павярнуў сябе, калі свабоду адчуў і ўверх захацеў вылезці... Во паразіт!»

Арына адразу заўважыла, што муж абураны, не ў гуморы, і, як звычайна ў апошні час, пастаралася развеяць яго паганы настрой. Яна паклала клубок, вязанне на падаконнік і падышла да Міхала.

— Хто-хто, а Комлік ведае, з якога канца лыжку браць,— сказала яна, нечакана засмяяўшыся.— Помніш, як ён кашляў, калі разам жылі ў бараку? Помніш? Выйдзе на ганак, ускудлачаны, з перапою, і пачынае: «Ахі-ахі, аш-шух!»

— Як-як? — усміхнуўся Міхал, хоць жончына спроба адвесці яго думкі на іншае была прыкметна.

— Ахі-ахі, аш-шух! — паўтарыла Арына і, як бы адкашліваючыся, сплюнула.

Міхалу спадабалася, як трапна выйшла ў жонкі, і ён засмяяўся. Засмяялася зноў і Арына — не то са сваёй удачы, не то ад радасці, што павесялеў муж. Смяялася і хустачкаю выцірала слёзы, якія набягалі на памаладзелыя вочы. І тое, што хвіліну назад уяўлялася Міхалу закаранелым, страшным, здалося мізэрным і асуджаным.

4

Няўжо ён памыляецца, і Кашын тут ні пры чым? Абражаны яго адносінамі да падполля, да навакольных, пераканаў сябе, нібыта ўсё паганае плыве ад Кашына, і здаецца, што гэта так. Але чаму тады ва ўсім відаць яго почырк? У падборы фактаў, іх тлумачэнні, у празе эфектнага скандалу і крайніх мер.

У парткоме Міхал даведаўся: з Яраслаўскага завода прыйшла тэлеграма, у якой гаварылася пра нікуды не вартую якасць картэраў, што пастаўляў ліцейны цэх. Выведзены з сябе, Міхал пайшоў шукаць Кашына.

Дзень быў цёплы, вясновы. Адзін з такіх, калі цягне на сонейка, па якім засумаваў за зіму. У такія дні хлапчукі любяць забірацца на дахі — бліжэй да гэтага сонейка — і там гуляць. Рабочыя, у якіх быў абедзенны перапынак, высыпалі з цэхаў. Адпачывалі дзе хто мог — сядзелі на лавачках, на агароджы скверыкаў. Некаторыя залезлі ў кабіны новых, што пахлі яшчэ фарбаю, аўтамашын.

У кузаве грузавіка кірпатая, вяснушкаватая дзяўчына ў чырвонай касынцы чытала кніжку. Астатнія, жмурачыся ад сонца, слухалі яе, нібыта размясціліся на ўзлеску — выехалі на маёўку і распалажыліся зручней.

Міхал меркаваў, што сустрэне начальніка цэха дзенебудзь у фармовачным або тэрмаабрубным, але знайшоў яго ў кабінеце.

Кашын, пахмуры, сядзеў за сталом і размаўляў па тэлефоне з дыспетчарам.

— Усё ў парадку,— цадзіў ён у трубку.— Чашы і рэдуктары, Клім Васільевіч, я адправіў. Дарэмна! Так, так, дарэмна, гавару...

Палажыўшы трубку, ён пацягнуўся да другога апарата. Слізгануў позіркам па Міхалу, загадаў, утаропіўшыся на тэлефон:

— Аня! Звяжыся з Шубіным і перадай — няхай пазвоніць. Зараз жа. Вось так! — І толькі пасля гэтага кіўнуў Міхалу.— Чаго табе? Ты ж не ў гэтай змене? Тэрміновае нешта?

З адпачынку ён вярнуўся загарэлым, падцягнутым, шумным. Адчуваючы здароўе, часта жартаваў. Вітаючыся, біў па руцэ, нібыта збіраўся піць магарыч.

— Ну, выкладвай!

— З Яраслаўля тэлеграму атрымалі. Скардзяцца на якасць картэраў. Сорам проста... Прыйдзецца адказваць, Мікіта Мікітавіч...

Нібыта забыўшыся на Міхала, Кашын пабарабаніў пальцамі па стале, нечага пашукаў у шуфлядцы, але адказаў дарэчы:

— Той, Міхале, не бык, што каровы баіцца. У нас не адны іх картэры. Чуў, пра што з дыспетчарам размову вялі?

Зазваніў тэлефон.

— Шубін? — узяўшы трубку, спытаўся Кашын.— Як у цябе з рэдуктарамі і чашамі? Няма? Што значыць няма? Давай цісні. І адпраўляй. Па тры, па пяць. Дзейнічай!

Ён спакойна палажыў трубку, адкінуўся на спінку крэсла і сабраўся гаварыць далей з Міхалам. Але тут жа заверашчаў новы званок. Кашын зморшчыўся, быццам тэлефон ірваў яму перапонкі.

— Слухаю. Не падвезлі, Клім Васільевіч? Не можа быць! Зараз праверу. Кажаце, што няма ніводнай? Дабро! Праз некалькі хвілін будуць — адправім. Абавязкова.

Тое, чаму міжвольна Міхал аказаўся сведкам, абурала да глыбіні душы, тым больш што нешта падобнае ён назіраў на ўчастках і ў аддзяленнях.

— Навошта хлусіш, Мікіта Мікітавіч? — сказаў ён.— Што, калі ўзяць і падлічыць, у якую капеечку такая расхлябанасць улятае? Нават дзіву даешся, як гэта мы багацець умудраемся.

Кашын устрапянуўся, хацеў прамаўчаць, але не справіўся з сабою.

— А ты думаеш, каму лягчэй было б, каб я сказаў праўду? Табе шуміха патрэбна? Яе, будзь пэўны, узнялі б ураз. Няўжо ты верыш, што ў цэху шасі сапраўды няма ніводнай чашы? Няхай яны каму другому дураць галаву.

— А што, калі няма?

Улавіўшы ў Міхалавым голасе і словах рашучасць,

Кашын сярдзіта схапіў тэлефонную трубку і заёрзаў на крэсле.

— Аня! Шубіна! Шубін? Адправіў? Не? Хто там у цябе абточвае іх? Які разрад у яго? Шосты? Ну дык заўтра пяты будзе. А калі не хоча, няхай у абедзенны перапынак працуе. І сам стой побач з ім, пакуль не адправіш. Зразумела? Дзейнічай!

— Давай спусцімся ў тэрмаабрубнае,— прапанаваў Міхал.— Заадно наконт картэраў з фармоўшчыкамі пагаворым.

Кашыну закарцела спытацца — так, нявінна: «А табе, уласна, навошта ісці? Дэпутацкі значок паказаць? Не, ужо лепш самі мы ўладзім усё. Ведаю я гэтыя буксіры і як казыраюць імі пасля»,— але сказаў крыху іначай:

— Далібог, не магу зараз, Міхале. Вось састаўлю ведамасцічку і тады спушчуся.

Міхал ступіў к сталу. Чамусьці канчаткова паверыў: «Ён! І з Дорай Змітраўнай толькі ён!»

— Слухай, Мікіта Мікітавіч,— прамовіў Міхал глуха.— Давай дамовімся без хітрыкаў. Мне гонар завода дарагі. А падабаецца гэта каму ці не — дзела дзесятае.

— Ну што ж, дабро...

— І калі хочаш, давай гэта пытанне таксама ўзнімем на партсходзе. Я не супроць.

Міхал рушыў да дзвярэй і, спыніўшыся на парозе, стаў чакаць.

Вылез з-за стала і Кашын. Напамінак аб сходзе ахаладзіў яго: рабіць з Шарупіча зноў раззлаванага ворага, даваць яму лішні козыр цяпер было зусім не ў час.

— Ладна, пойдзем, раз ужо так не церпіцца самому рашаць пытанні. Я таксама за калектыўнае кіраўніцтва,— стрымана сказаў ён.— Толькі дамовімся, што і як будзем гаварыць там.

— На месцы відней будзе,— і гэтым разам не згадзіўся Міхал.— Высветлім, што там такое, а тады дамовімся.

Ён дачакаўся, пакуль Кашын сабраўся, потым выйшаў з кабінета і моўчкі падаўся па даўгім цемнаватым калідоры, на столі якога і ўдзень гарэлі лямпачкі. Ступаў рашуча, як чалавек, якому трэба будзе пераадолець самае цяжкае.

5

Сход прайшоў бурна. Але Міхал астаўся незадаволены.

Адчуваючы, як і Шарупіч, у гісторыі з заяваю нячыстую катынскую руку, Дора хваравіта рэагавала на крытыку. Не магла ўсядзець на месцы, кідала рэплікі і, выступаючы, нагаварыла абы-чаго.

Кашын жа, наадварот, прыкінуўся самакрытычным, шмат з чым, калі гаворка заходзіла пра работу цэха, згаджаўся, абяцаў не паўтараць памылак.

— Былі, канешне, промахі. Я ўсё ўзважу,— з заклапочаным выглядам паўтараў ён.— Не памыляецца

той, хто не працуе.

Прыкры асадак пакінула пазіцыя Вараксы. Стары чуць не гарою стаў на абарону начальніка цэха. Бясконца напамінаў аб плане, што паспяхова выконваў ліцейны, і ўсё спасылаўся то на адзін, то на другі непахісны прынцып, супроць якога ніхто не мог пярэчыць.

Пракоп жа гарачыўся, гаварыў блытана, не дужа пераканаўча. Як заўсёды, калі чалавек упадае ў крайнасць, ён перабольшваў і сам падрываў веру ў сваю аб’ектыўнасць.

— Знаем мы цану такім пакаянням! — выкрыкваў ён.— Але не ўтрымаўшыся за грыву, не ўтрымаецеся, Мікіта Мікітавіч, і за хвост! Не ў модзе такія наезнікі...

Да таго ж Кашын не памыліўся — адпачынак зрабіў сваё. Пра грубасць і свавольствы, пра яго пагарду да думак другіх, пра выратавальную штурмаўшчыну гаварылі, як пра такое, што было ў мінулым, што страціла вастрыню, а значыць, непасрэдную небяспеку. Заява на Дзіміну таксама адцягнула ўвагу, паказала, што ёсць сіла, якая падпірае Кашына, і што яна не толькі ў тых, хто падпісаў заяву. Замахваючыся на Кашына, занадта на многае прыходзілася замахвацца. Ды не знайшлося пакуль што звыклай формулы абвінавачвання, што абапіралася б на які-небудзь недапушчальны факт. І сход абмежаваўся вымоваю.

Не быў Міхал задаволены і сабою. Ён збіраўся сказаць, што да Доры трэба ставіцца вельмі асцярожна. Праўда, яна занадта ўпартая ў сваім, настырная ў дробязях, праз што і нажывае лішніх ворагаў. Але гэта — не віна яе, а бяда. І калі перагнуць, зноў, як нядаўна замкнецца ў сабе, пачне пазбягаць людзей, працаваць з жаданнем забыцца. Ды калі яна і вінавата ў чым-небудзь, то толькі ў адным — не навучылася яшчэ ўзважваць свае словы і ўчынкі яе кіраўнік. Затое як павяла справу! Запанаваў парадак. Людзі сталі спакойныя, дзелавыя, здаецца, разумнейшыя. А галоўнае — паўней адчулі радасць працы.

А як стала, калі вярнуўся Кашын? Зноў скандалы, зноў тузаніна...

«Штурмы — рэч натуральная. Яны ў прыродзе нашай вытворчасці»,— вось яго перакананне. «Там, дзе ёсць энтузіязм, імкненне да гераічнага, будуць і штурмы...» Але не верце спасылцы на высокія матэрыі. Яны не для самога Кашына. На іх ён спасылаецца таму, што лічыць сябе палітыкам, а палітыку, як упэўнены, усё дазволена, калі ідзе на карысць справы.

Так меркаваў сказаць Міхал. Але, пачаўшы гаварыць пра задачы, забыўся на астатняе. Таму, калі прапанаваў паставіць перад дырэктарам пытанне зняць Кашына з пасады, гэта здалося нават дзіўным. Не ацаніў ён і заявы.

Цяжка, калі цябе не падтрымліваюць. Выходзіць, што ты як бы разышоўся з таварышамі і не то падурнеў, не то гнеш адсябяціну. Цябе не разумеюць і не хочуць разумець, як чужога. Міхал паспрабаваў быць самакрытычным. Пасля сходу многа і доўга думаў. Ці ўсё ён, сапраўды, узважыў? Ці не асляпіла яго непрыязнасць да Кашына і прыхільнасць да Доры? Але сумленне ўпарта паўтарала сваё: «Так, узважыў. Не, не асляпіла!» Значыцца, нягледзячы ні на што, прыходзілася трымацца ранейшага...

Прыняў змену Міхал у дрэнным настроі. Агледзеў электроды. Праверыў шлак у печы, ферасплавы, аддаў загад падняць тэмпературу, а думкамі ўсё быў на сходзе. Метал быццам нехаця замест шэрага колеру стаў набываць нябесны. Звычайна за гэтым Міхал назіраў як бы з адкрытым сэрцам, быў нямы, глухі да астатняга. А вось сёння і гэта не магло сабраць увагу ў адно.

Пачакаўшы крыху, ён узяў пробу і сярдзіта паведаміў майстру, што плаўка гатова.

— Няўжо, дзядзька, усё на вока ды на слых? — пацікавіўся, праходзячы міма, малады, падобны на цыгана, рабочы.

Яго словы здаліся забаўнымі.

— Не, братка мой,— ажывіўся Міхал,— і на смак. Не верыш? Далібог!

Пазваньваючы, як трамвай, падышоў тэльфер, падставіў коўш пад зліўны жолаб. Падручны ўзяўся за штурвал, печ пачала нахіляцца. Стала відаць, што яна поўная і ёй цяжка. Па жолабе ў коўш паплыў агністы паток.

Жарт, якім Міхал перакінуўся з маладым рабочым, узняў настрой. Ён сабраўся быў пазваць падручнага і павыскаляцца з ім наконт гэтага, але ўбачыў побач Кашына.

— Укалываем? — спытаўся той, каб пачаць з чагонебудзь.

— Працуем памалу.

— Не думалася мне, Міхале, што забыўся ты на наша мінулае,— ненатуральна пазяхнуў Кашын.— За што ты мяне ўчора насмерць зваліць хацеў? Не вораг жа я!

— Праўда даражэй за мінулае. Дый яго ты падзяліў на сваё і наша.

— Па-мойму, каб праўду выказаць, трэба адпаведную хвіліну знайсці. Каб кан’юнктурай не папахвала.

— Партыйны сход і ёсць такая хвіліна ў любы час.

Міхал знакам рукі паказаў, каб ваграншчыкі падавалі метал, і, жадаючы пакласці канец непатрэбнай размове, дадаў:

— Я табе праўду скажу, Мікіта Мікітавіч. Няважныя твае справы, хоць і вымовай адрабіўся. Не дужа я веру, што ты выправішся. Усё адно давядзецца выступаць і супроць парадкаў, якія ты ў цэху завёў, і супроць цябе асабіста. Памятай гэта на ўсякі выпадак. А калі яшчэ таптаць людзей па звычцы паспрабуеш — прапаў. У нас не даб’юся — да гаркома, да ЦК дайду. Ніякія хітрыкі не ўратуюць. Няхай пакуль што і пашанцавала табе: жывучае яшчэ яно, старое. Не было скандальнага выпадку, не падабралі крыміналу, вось і выкруціўся. Проста за адносіны да людзей не прывыклі яшчэ караць. Патрэбен скандал з крыміналам. Але не бойся — навучымся караць і такіх паскуднікаў... А цяпер ідзі, не хачу гаварыць з табою болей.

— Давай, вярні,— не міргнуўшы, праглынуў пілюлю Кашын.— Ды я не сварыцца прыйшоў. Я ж прызнаў памылкі. І яшчэ скажу: у народзе аб бацьку па сыне мяркуюць. Ідзі паглядзі, колькі металалому падшэфныя прывезлі і хто на першай машыне прыехаў.

Ён ухмыльнуўся і працягнуў руку. Але Міхал сваёй не падаў, хоць і адчуваў: пораху ў Кашына хапае, ды ёсць і апора.

З жолаба вагранкі ў коўш ліўся агністы, вязкі чыгун. Над ім трапятала жывое аранжавае мроіва, у якім падскоквалі і ўзрываліся іскры.

— Вугляроду мнагавата,— сказаў падручнаму Міхал.

Электраплавільная печ прыняла новую порцыю металу, і Міхал сам узяўся кідаць у яе вогненную пашчу стальныя брыкеты. Калі кончыў прысадку і выцер мокры лоб, заўважыў Аляксеева. Пераступаючы з нагі на нагу, механік усміхаўся яму, быццам толькі што пазнаў Міхала.

— Што, і ў валёнках холадна? — пажартаваў ён.

— Як водзіцца,— паглядзеў Міхал на свае падшытыя, дзе-нідзе падпаленыя валёнкі.— Учора мой падручны літраў пяць вады за змену выпіў...

Ён паціснуў працягнутую яму руку і ўлавіў пах гарэлкі.

— Сапраўды, вам хапае...— згадзіўся, памаўчаўшы, Аляксееў, стараючыся, аднак, не дыхаць на Міхала.— Плавільшчыкі як апарат перагонны... Усё ў парадку?

— Усё пакуль...

Ён здагадваўся — механік падышоў нездарма, набіраецца духу, ды раздумвае. Але пах гарэлкі, пікіроўка з Кашыным, што расхвалявала Міхала, не далі пагаварыць з Аляксеевым шчыра, адкрыта.

 

Частка чацвёртая

РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
1

У Мінск прыйшла вясна. Яна як бы спускалася на горад, бо пачалася з цэнтра. Мусіць, так было таму, што ёй памагалі людзі. Пасля сакавіцкіх завірух і мокрага снегападу аўтамашыны са шчоткамі і адваламі зграбалі снег на сярэдзіну вуліцы, другія машыны грузілі яго на самазвалы, а тыя вывозілі за горад. У галалёд праспект і цэнтральныя вуліцы пасыпалі пяском, і зноў тыя ж машыны зграбалі, грузілі і вывозілі жоўтую крышанку ў поле. Да таго ж ад дамоў таксама, мабыць, ішла цеплыня. Бо калі ў горадзе пабліскваў ужо мокры асфальт, а ў лужынах спрабавалі купацца ўзлахмачаныя вераб’і і навокал капала, шапацела — за ўскраінамі, у полі, яшчэ ляжала ціхая, некранутая бель.

Горад прыгажэў. Не толькі таму, што неба над ім набірала фарбы, што ўсё больш кучаравіліся воблакі і яснелі далі. Не толькі таму, што большала цеплыні і святла. Хараство зімы ў чысціні. У горадзе ж зіма чыстая бывае рэдка, толькі ўначы. Яна парушае парадак, простыя лініі, у якіх таксама часцінка гарадской красы. Вясной жа ўсё інакш. Да горада вяртаецца яго строгая выразнасць. Ва ўсякім выпадку так бывае ў Мінску.

У пачатку красавіка падзьмулі паўднёва-заходнія вятры. Вясна з цэнтра хлынула на ўскраіны, у заводскія пасёлкі, а адтуль аўтамагістралямі ў белыя палявыя прасторы. Потым узапар прайшлі дажджы, вясна забушавала ўсюды. І цяпер вастрэй ужо адчувалася ў полі.

Горад як бы ўбіраў у сябе вясновую раскошу. Яго грэла зіхотнае сонца, над ім праплывалі кучавыя воблакі і шумелі красавіцкія вятры. На яго плошчы, вуліцы, масты, віядукі падалі дажджы. І, заліты сонцам, абвеяны вільготнымі вятрамі, абмыты дажджом, ён нібыта расцвітаў.

Сасноўскі, калі так можна сказаць, падружыўся з ім. Мінск не быў для яго, чым быў, скажам, для Міхала Шарупіча, знітаванага з горадам усім. Не так часта выпадае, каб біяграфія чалавека супадала б з біяграфіяй народа ці роднага горада. У Міхала ж якраз сталася так. І, можа, таму ён лічыў Мінск самым цудоўным месцам на свеце і не яўляў сябе без яго. Горад быў Міхалу неабходны і родны, як дом, быў яго радасцю і гордасцю. Сасноўскі ж проста прывык да яго. Горад быў яму блізкі і дарагі таму толькі, што Максім Сцяпанавіч тут жыў, працаваў.

Але ў гэтую вясну Сасноўскі неяк мацней адчуў прыгажосць Мінска і што горад патрэбен яму. Чаму? Мусіць, таму, што душа яго была апанавана горам. І, як ні дзіўна, яшчэ таму, што свой дом без Веры страціў цеплыню, утульнасць. Вера ведала гісторыю кожнай рэчы, магла сказаць, калі і дзе купіла яе, колькі каштавала. Нічога гэтага Сасноўскі не помніў, і рэчы без жонкі здаваліся чужымі. Няшчасны, злосны на ўсіх, Юра паводзінамі і выглядам даваў зразумець, што ён, Максім Сцяпанавіч, яму няродны. Соня з «Пеначкаю не слухаліся і таксама аддаляліся, у іх раслі недаверлівасць і чэрствасць, што развіваюцца ў дзецях без матчыных пяшчот. І не было ўжо дома ні адпачынку, ні міру.

Не дужа ладзілася і на заводзе. Прыходзілі сумныя, крыўдныя думкі.

«Аб вартасцях чалавека мяркуюць па ягонай працы і дзецях. Але, няма чаго граху таіць,— ні першым, ні другім асабліва не пахвалішся...» — прызнаваўся сабе Сасноўскі.

Толькі ў машыне, едучы да Веры ў бальніцу, ён крыху адпачываў душою. Абуджалася надзея, што ўсё будзе добра, калі жонка вернецца. І, паглядаючы на залітыя сонцам будынкі, на падсыхаючыя тратуары, на прахожых, апранутых ярка, па-веснавому, ён пранікаўся нечым накшталт любасці. Неўсвядомлены жаль да сябе закрадаўся ў сэрца.

Першы час, прыязджаючы ў бальніцу, Сасноўскі скардзіўся, што яму цяжка, што ён стаміўся і сумуе, што ў доме вэрхал і ніяк не дачакаецца, калі гэта скончыцца. Але, разам з тым як Веры рабілася горш, ён стаў лічыць за свой абавязак прыкідвацца бесклапотным, здаволеным і вясёлым. У яго стаўленнях да жонкі з’явілася нешта такое, што бывае ў адносінах дарослага да дзіцяці, якое трэба падманваць, каб не плакала,

і запэўніваць, што ўсё добра. Вера, безумоўна, заўважала яго няхітрую гульню, здагадвалася, што муж хавае ад яе нешта, але прымала гэта як клопаты аб сабе і была ўдзячна: праўда не заўсёды патрэбна чалавеку, асабліва хвораму.

Сасноўскі ўваходзіў у палату з усмешкаю, клаў на тумбачку яблыкі, бананы, мандарыны і, пацалаваўшы Веру ў лоб, здаволена паціраў рукі.

— Дзе ты гэта знайшоў? — здзіўлялася яна, не спускаючы з яго замілаваных, але стомленых ад болю вачэй.

— Купіў, Вяруся,— адказваў ён так, быццам мандарыны і бананы прадаваліся на кожным вуглу.

— Як дзеці?

— А што ім!

— Завязі палову.Пеначцы і Соні.

— У нас ёсць. Не крыўдзі нас. Паглядзі лепш, што робіцца на вуліцы. Раскоша!

Насупроць бальніцы на схіле ўзгорка быў разбіты малады парк, што тэрасамі спускаўся да Першамайскай вуліцы. На верхняй тэрасе вырастаў лёгкі цагляны гмах, над якім заклапочана схіліўся пад’ёмны кран. Снегу ў парку амаль не было. Пасінелы, ён бялеў толькі пад кустамі. Падлеткі-ліпы, рабіны і клёнікі, якія, відаць, толькі ўвосень пасадзілі тут, здаецца, пасталі на дыбкі і цягнуліся ўгору, да блакіту. Кроны іх былі празрыстыя, і галіны тонка вырысоўваліся на фоне неба.

— А ў нас новы ардынатар, жанчына,— паведамляла Вера, прыўзняўшыся з падушак і прасачыўшы за позіркам мужа.— Такая далікатная, з вопытам.

— Гэта вельмі, вельмі важна, Вяруся,— крыху супакоены натуральнай плынню жыцця, весялеў Сасноўскі.— Самы лепшы ўрач той, які лечыць, калі хворы папраўляецца. А ты папраўляешся. І паглядзі на вуліцу. Ехаў зараз па горадзе — любата! Прыжыліся,

Вяруся, галубы. Ля гасцініцы «Беларусь» — цэлая чарада. На Цэнтральнай плошчы падсыхае брусчатка. Якраз як саматканая скацерка. А на ёй галубы. Рахманыя, даверлівыя. Ходзяць, дзяўбуць. Узлятаюць чародкай, зноў садзяцца. Добра, што разводзяць іх. У нас на аўтазаводзе таксама не шкодзіла б...

Так, у горад прыйшла вясна.

2

Перад Першым мая Сасноўскі рашыў узяць з сабою і Юру.

Падымаліся яны па бальнічнай лесвіцы марудна, быццам павінны былі ісці вось так доўга-доўга. У вестыбюлі трэцяга паверха Юра, які наведваў маці ўпершыню, з трывожнай цікаўнасцю агледзеўся: было

ўтульна, бела. Пальмы, крэслы ў чахлах, круглыя столікі, карціны на сценах, шаўковыя гардзіны. Што гэта бальніца, адно нагадваў доўгі калідор з шарэнгай белых дзвярэй ды цягучая цішыня і пах лекаў. Хворых не было відаць. Толькі за круглым столікам з газетаю ў руках сядзеў строгі мужчына ў шэрай піжаме — зусім непадобны на хворага. Па калідоры аддалялася жанчына ў белым халаце. У канцы калідора было вялікае акно, і на яго фоне жаночая постаць здалася Юру блакітнай.

— Ты вазьмі гэта,— перадаў яму букецік ска баравога Сасноўскі.— Маме будзе прыемна.

Кепска ўцяміўшы, што сказаў айчым, Юра ўзяў кветкі і паслухмяна пайшоў за ім. Халат Максіму Сцяпанавічу быў малы, рукавы кароткія, і гэта рабіла яго смешным.

— Хіба гэта халат? — звярнуў на яго ўвагу Юра, думаючы пра сустрэчу з маці.

— Не маглі даць лепшага! — абурыўся Сасноўскі.

— А вы здыміце і накіньце на плечы.

Збянтэжаныя, яны ўвайшлі ў палату.

Страшэнна худая, пастарэлая, без крывінкі на

твары, Вера ляжала каля акна злева. Юра ледзь пазнаў маці і, разгублены, прыгнечаны, палажыў букецік на тумбачку ля яе ложка.

— Не цалуй толькі ў губы,— слабым голасам папярэдзіла яна і паказала пальцам на шчаку, куды цалаваць.

Юра дакрануўся сухімі вуснамі да месца, на якое

яна паказала.

Не асмельваючыся глядзець на маці, не ведаючы, пра што гаварыць з ёй, ён утаропіўся ў акно. Але не ў тое, што было побач з узгалоўем матчынага ложка, а ў калідорнае — дзверы з палаты асталіся адчыненыя. Па даху суседняга корпуса прабіраўся кот. Не паказваючы выгляду, што яго нешта цікавіць, ён краўся ўздоўж балюстрады па самым краі даху. Але гэта не падманула ні галак, ні вераб'ёў, якія сядзелі на балюстрадзе. Галкі ўзняліся над дахам, зрабілі кругі і, натапыраныя, уселіся на антэне. Але тры з іх — самыя цікаўныя — не супакоіліся. Зноў вярнуліся на балюстраду і то праходжваліся па ёй, то, звесіўшы галовы, віжавалі за катом, то, атакуючы, наляталі на яго. Вераб’і ж, адляцеўшы далей, з ранейшай заклапочанасцю ўзяліся за нейкія свае справы.

— Што новага ў цябе, Юрок? — спыталася Вера.

Ён бачыў, як змянілася маці, але і цяпер не мог

даць веры, што ўсё гэта сур’ёзна і з ёю можа здарыцца больш страшнае. Дакладней, каб не думаць аб гэтым, ён проста адганяў думкі, што палохалі яго. А разумеючы — трэба спачуваць маці, падтрымаць яе,— не вельмі браў усё гэта да сэрца і нават крыху засумаваў, седзячы тут.

— Анішто, мам,— нехаця адказаў ён і зноў паглядзеў у акно. Гэтым разам яго ўвагу спыніў самалёт. І Юра пачаў сачыць за ім. Неба было бясхмарнае, блакітнае, але самалёт ляцеў, як у тумане.

— Як Лёдзя? Вы сустракаецеся, вядома?

— Не.

— Ну глядзі, табе відней.— І, заўважыўшы, што пытанні яе не спадабаліся сыну, перавяла гаворку на іншае: — Мы, бацькі, часта бяром на сябе замнога. А наш абавязак, мусіць, прасцейшы — выхаваць з вас сумленных людзей справы, і ўсё. Далей вы ўжо самі павінны. Няхай гавораць сваё талент, здольнасці.

— Не размаўляй так многа, табе зашкодзіць,— перапыніў жонку Сасноўскі, дзівячыся з яе разважлівасці.

Яму было балюча глядзець на яе такую — з вялікім ілбом, з запалымі вачыма, з тонкай шыяй і высахлымі рукамі, якія бяссільна ляжалі на коўдры. Некалі яна гулліва, какетнічаючы, пыталася: «Праўда, Макс, я падобна на многіх прыгожых жанчын? Чым-небудзь, але абавязкова падобна. Я гэта заўважала не раз...» Што б яна сказала зараз, калі б убачыла сябе?

Вера нібыта прачытала яго думкі.

— Ты знаеш, што гаварыла пра мяне ардынатарка? Які прыемны, кажа, у вас твар... Ты не згодзен?

— Што ты, Вяруся?

— Дай, калі ў цябе ёсць, люстэрка, Юрок,— папрасіла яна.— А то Макс глядзіць на мяне, як на чужую, быццам не пазнае. Няўжо я сапраўды так змянілася? А мне, каб толькі не сурочыць, куды лепш. Нават захацелася дамоў. Хаця б на свята. Чалавек, мусіць, таму і чалавек, што ў яго заўсёды надзеі, жаданні...

Яна стамілася, павекі ў яе закрыліся самі сабою. Твар здранцвеў, як нежывы.

Вера нібыта паразумнела, пасталела ў сваіх адносінах да другіх. І гэта палохала не менш, чым яе выгляд.

«Няўжо, як звычайна, перад смерцю?» — са страхам падумаў Сасноўскі.

Спачувальна зморшчыўся, ён пагладзіў жончыну руку і адвярнуўся ад ложка. Не, яна была вельмі дарагая яму і цяпер, малазнаёмая і — няма чаго крывіць душою — страшная. Што ён мог любіць у ёй? Яе худы, павузелы твар, на якім цяжка ўжо знайсці мілыя рысы, або яе знясіленае бездапаможнае цела? Вядома, не! Але ён усё ж любіў яе — не памяць аб ёй, не яе ранейшую, а тую, якую бачыў перад сабой. Сасноўскі схіліўся над жонкаю і зноў пацалаваў яе.

Вера расплюшчыла вочы і ўдзячна ўсміхнулася.

— Мне здаецца, Макс,— сказала яна,— калі я вярнуся дамоў, мы будзем з табою жыць лепш, чым жылі. Табе прыслалі пропуск на трыбуну?

— Прыслалі, Вяруся.

— Вазьмі Леначку і Соню... А Шарупічам перадай, што я прашу дараваць мне. Усе стараюцца, каб было лепш. Але не ў кожнага выходзіць так... Чаму б гэта, Макс? Ты думаў пра гэта?..

Сёе-тое здавалася падазроным. Вера, напрыклад, заўважала, што апошні час муж прыходзіў у тыя дні, калі наведваць хворых не дазвалялася. Учора, насуперак правілам распарадку, пусцілі Тацяну Цімафееўку, якая ўзялася горача пераконваць, што Вера выглядае цудоўна. «Вы паправіліся, Верачка, прыкметна паправіліся! — паўтарала яна, мусіць, хочучы пераканаць Веру, што ў яе не самае небяспечнае, бо хворыя на рак катастрафічна худзеюць, і ў той жа час хуценька падносіла хустачку да рота. А вось цяпер прыйшоў сын. «Няўжо развітваюцца?»

Рабілася жудасна. Але з’яўляліся іншыя думкі, і страх адыходзіў.

Не, сапраўды — што ж дзіўнага ў тым, што галоўнаму інжынеру аўтазавода ў бальніцы робяць выключэнне? Макс кахае яе і цяпер. Яна адчувае гэта, бачыць па тым, як ён пакутуе за яе. І што за дзіва, калі ён, ведаючы, што гэта будзе прыемна ёй, прывёў з сабою ў водведы Юру? А Тацяна Цімафееўна верная сама сабе. І спачуваючы, не забудзецца ўліць лыжку дзёгцю. Такая ўжо натура. Казалі, што не так даўно яна спыталася ў сваёй хворай сяброўкі: «Цябе, Люся, даўно аперыравалі? Няўжо два гады назад? Глядзі ты! А маці майго Кашына ўсяго год пражыла пасля такой аперацыі...» Доры Дзімінай спачувала так: «Вялікія ногі ў вашай Раечкі. Праўда? Хаця нічога, мая работніца таксама саракавы памер насіла». Бог з ёй, Кашынай!..

— Ты думаў пра гэта? — перапытала Вера ў мужа.

Сасноўскі кіўнуў галавою і пагладзіў яе руку.

— Во якія ў мяне мужчыны, Ніначка! — пахвалілася Вера, скасіўшы вочы на хворую, якая ляжала насупроць.— Падабаюцца?

— Не трэба так многа гаварыць,— мякка, але занадта паспешліва папрасіў Сасноўскі.— Нас жа другі раз не пусцяць.

— Добра, Максім,— паслухалася яна.— Хоць... хоць я і не маленькая...

Боль, здавалася, то працінаў наскрозь, то разрываў жывую тканку мозгу. Увушшу несціхана шумела. І гэты шум таксама прычыняў боль, надрываючы сэрца. Але Вера не стагнала і нават рабіла выгляд, што спіць. Яна баялася, каб не перавялі ў ізалятар ці не далі ўкол, пасля якога страціш прытомнасць. Першае і другое цяпер здаваліся канцом. І, наадварот, верылася: пакуль яна тут, у палаце, сярод знаёмых, пакуль адчувае гэты боль і думае пра сваё, нічога жахлівага з ёй не здарыцца. Дый як яно здарыцца, раз ты ўсё бачыш, чуеш, усведамляеш і навокал цябе жывыя людзі?

Але калі няня патушыла святло і быццам растала ў дзвярах, сілы раптам пакінулі Веру. Разумеючы, што, лежачы на спіне, яна не вытрывае і закрычыць, Вера адчайным намаганнем прымусіла сябе павярнуцца на бок, уткнулася тварам у падушку і закусіла зубамі навалку.

Так, змагаючыся з болем, яна праляжала з гадзіну, зусім не адчуваючы часу.

Пра што яна думала? Думкі ўсплывалі нечакана, без пэўнай сувязі. А калі і была нейкая сувязь, дык толькі ў адным: усё, аб чым думала Вера, так ці інакш датычылася яе самой. Успамінаўся Юра, і яна бедавала, што сын у жыцці бездапаможны без яе. Што ён можа сам? Яго ж адразу затуркаюць. А яна, замест таго каб выхоўваць у ім самастойнасць, апекавала ва ўсім, у самых дробязях. Успаміналіся першы муж — сумны дома і апантаны на рабоце, раман з яго начальнікам, і перад ёй паўставалі далёкія карціны. Потым думкі непрыкметна пераходзілі на Максіма Сцяпанавіча, і горкая ўцеха засланяла ўсё: ён добры, любіць яе, жыць з ім лёгка. А яна? Калі над мужам навісала бяда — рабілася адданая, поўная турбот і клопатаў аб ім. Калі ж небяспека мінала, , зноў пачыналася ранейшае: дробнае саперніцтва, жаданне паставіць на сваім, зрабіць так, каб муж служыў сям’і, не лічачыся ні з чым.

Успамінала дачок, а разам — і сваё дзяцінства. Яе адносіны да бацькоў, здаецца, былі больш цёплыя, чулыя. А як усё гэта неабходна маці, бацьку, дорага ім. Соню з Пеначкаю трэба настаўляць і настаўляць. Таму яна абавязана жыць, жыць, каб выправіць сваё, нікчэмна і ганебна пражытае жыццё! Першы муж упікаў яе некалі ў эгаізме, у карыслівых, толькі сваіх разліках. Але тады яна адказвала яму, што робіць гэта на дабро сям’і, сына, што яна не гераіня, а простая жанчына, маці. І вось табе, калі ласка!.. Лепшыя пачуцці, матчыну любоў яна патраціла немаведама на што! І няма чаго ашукваць сябе — сын расце бязвольным, самалюбівым прыстасаванцам. Дочкі — збалаванымі гультайкамі. А цяпер, калі прыйшлі прасвятленне і мудрасць... Ці не позна ўжо?..

Недзе за поўнач здалёк нечакана даляцелі ўрачыстыя гукі. Яны ўдарыліся ў акно з пругкім красавіцкім ветрам, і шыбы азваліся на іх мілагучным трымценнем. Вера напружыла слых і здагадалася — на Цэнтральнай плошчы пачалася падрыхтоўка да парада. Мусіць, апрача аркестра былі выведзены і войскі, бо гэтыя гукі раптам заглушыла «ўра». Яно кацілася, сціхала, выбухала зноў — моцнае, дружнае, працяглае. Потым разлеглася ўрачыста-радаснае «Слаўся» і прагучала залівістая трэль горнаў — «Слухайце ўсе!». Гэты, узняты на высокія ноты сігнал вострым болем аддаўся ў галаве. Боль быў такі пякучы, што Вера не вытрывала.

— Няня! — адчаялася яна.— Няня, мне дрэнна! Ідзі сюды!

Але ніхто не прыйшоў. Счакаўшы з хвіліну, Вера паклікала зноў. Скасіўшы вочы на ложкі, дзе ляжалі другія хворыя, зразумела: яе не чуюць і, мусіць, не пачуюць. Апанаваная страхам, яна крыкнула трэці раз. Але цяпер бадай што не пачула свайго голасу і сама. Дый з плошчы даляцела новае салдацкае «ўра». Дробна і часта ўдарылі ў барабаны. Грымнуў і доўга не змаўкаў марш — войскі рушылі парадам.

Пасля ўсё паўтарылася спачатку. І калі другі раз ударылі літаўры і грымнула «Слаўся», аслепленая імгненным пошугам святла і наступаючай цемраю, Вера жахнулася — не ў думках, а істотаю: паратунку не магло быць...

3

Калі Сасноўскаму паведамілі пра смерць Веры, час для яго як бы спыніўся. А на могілках, калі на апушчаную ў яму труну ён кінуў камяк зямлі, час знік зусім, яго не стала. І, едучы цяпер на завод, Сасноўскі няўцямна глядзеў на ўсё, што рабілася навокал. Прыкметы ж таго, што час усё-такі ідзе сваім парадкам, выклікалі нават тупое здзіўленне.

Паволі, ад аднаго электрычнага ліхтара да другога, сунулася аварыйная машына з высока паднятым каўшом. Стоячы ў ім, як марак на салінгу, манцёр адключаў гірлянды рознакаляровых лямпачак і асцярожна спускаў іх у кузаў. Другі рабочы здымаў і згортваў флагі. Сасноўскі папрасіў Федзю ехаць паволі, і іх абагнаў грузавік з транспарантамі.

Вуліца пасля свята наогул наводзіць смутак — шкада ўчарашняга: сцягоў, бляску, святочнага ўбрання.

Востра адчуваецца — нешта беззваротна адышло, пяройдзены нейкі рубеж, і трэба новыя сілы на новае. Утрапёнага ж ад гора Сасноўскага бачанае яшчэ і ўражала: «Вярусі няма, а жыццё як ішло, так і ідзе. Як гэта так?» Але адначасова вуліца, якая скідала з сябе святочнае ўбранне, нечым імпанавала Максіму Сцяпанавічу.

На завод спяшаліся рабочыя. Многія неслі пад пахамі кніжкі, сшыткі.

«Пасля работы — адразу ў школу,— сумна думаў Сасноўскі.— Усё, як заўсёды... А Вярусі няма...»

Уначы, відаць, было холадна і туманна: асфальт на праезджай частцы і тратуарах быў сухі, а пад дрэвамі і вадасцёкавымі трубамі цямнелі мокрыя плямы. Але з поўдня даляцелі грымоты — першыя ў гэтым годзе. Глухія і стрыманыя, яны перакочваліся недзе за заводам, і ўсё, прыціхшы, чакала, калі навальніца наблізіцца.

Вылазіў Сасноўскі з лімузіна пад першымі кроплямі. А калі скінуў плашч у кабінеце, на дварэ ўжо ліў дождж. Буйныя кроплі біліся ў шыбы і цяклі ўніз, як па нечым масленым. Сасноўскаму стала так млосна, што ў халодным поце ён адчыніў акно.

У гэты момант злева, а потым над самым дахам гнеўна вухнула і раскацілася сухім дробным пошчакам, нібы нехта разрываў вялізнае палотнішча, расцягнутае па небе. А калі разарваў, у разрыў хлынула як з вядра. Сасноўскі прагна ўдыхнуў свежае паветра і вымушаны быў узяцца рукамі за падаконнік. Пацягнула падставіць галаву пад дождж — няхай лье на валасы, на твар, няхай цячэ за каўнер, можа быць, хоць чуць-чуць астудзіць невыносны жар, што пячэ грудзі.

Сасноўскі высунуўся з акна. Убачыў, як у лужынах на асфальце ўсхопліваліся і лопаліся бурбалкі, падумаў, што дождж, значыць, надоўга, і чамусьці засаромеўся свайго выгляду, таго, што рабіў. Але, зачыніўшы акно, зноў адчуў млоснасць і смяртэльную тугу.

«Чаго я саромеюся,— з тупым здзіўленнем падумаў ён,— свайго гора? Як гэта недарэчна — чалавек саромеецца свайго гора ці радасці!»

Нібы жадаючы некаму давесці, што гэта сапраўды ненармальна, Сасноўскі зноў расчыніў акно і, не знаходзячы сабе месца, захадзіў па кабінеце.

З дзівоснай выразнасцю нагадалася, як апошні раз сядзеў з Юрам у бальніцы. Уявілася Вера, яе тонкая шыя, худы, спакутаваны твар. Такі худы, што ўсмешка нагадвала выскал. А потым? Твар здранцвеў у суровай адчужанасці, нібыта Вера не магла дараваць таго, што здарылася, ні сабе, ні другім. «Як яна, мабыць, мучылася!» Сасноўскі паспрабаваў уявіць сабе, як памірала жонка. «Была і няма! Імгненна! І нічога не асталося, апрача дачок ды Юры».

Паслухмяны бязмернай слабасці, ён падышоў да стала і апусціўся ў крэсла. «Няма!» Зразумеў, што захварэў сам. Як не сваёй рукою націснуў кнопку званка і, быццам чуў яго ўпершыню, уважліва, ледзь не з цікавасцю, прыслухаўся да яго далёкай трэлі ў прыёмнай.

— Дырэктар у сябе? — быццам старонні, спытаўся ён, калі ў дзвярах з’явілася сакратарка, і па яе выгляду здагадаўся, як пагана выглядае сам.

— Яго выклікалі ў Саўнаргас,— стараючыся гаварыць, як заўсёды, спакойна, роўным голасам, адказала яна і няўпэўнена дастала з-пад манжэта блузкі хустачку.— Вы мокры, Максім Сцяпанавіч!

Ён правёў далоняй па шчацэ, па валасах. Падумаў: хустачку сакратарка дастала, каб выцерці яму твар, і, бог ведае, які раз за гэты дзень, спалохана здзівіўся.

— Мне крыху нездаровіцца,— вінавата прызнаўся ён.— Перадайце, калі ласка, Федзю, няхай пад’едзе.

Дома, апрача работніцы, нікога не было. Федзя памог яму распрануцца, легчы ў ложак і пазваніў у заводскую паліклініку — выклікаў урача. Калі, пакруціўшыся ў пярэдняй, ён пайшоў і Сасноўскі пачуў, як работніца замкнула дзверы, самота з новай сілаю агарнула сэрца.

«Адзін. Ныне і прысна адзін! Вяруся, Вяруся!..» — у думках, нібыта молячыся, паскардзіўся ён і ад знямогі заплюшчыў вочы.

Цяпер Сасноўскі чуў толькі гукі і па іх уяўляў, што рабілася ў доме. Вось у калідоры пачуліся крокі. Гэта ішла работніца. Яна таксама, мабыць, знясілела ад перажытага і нязвыкла шоргала нагамі. Вось слаба рыпнулі ў сталовай дзверцы буфета, дзынкнула шкло. Гэта работніца брала шклянку, каб прынесці яму, Максіму Сцяпанавічу, вады. Вось нешта ўпала і разбілася. Гэта — шклянка. Запанавала цішыня, а пасля пачулася шорганне. Работніца, відаць, проста нагамі пачала зграбаць аскалёпкі — шах-шах-шах. І столькі разгубленасці і тугі было ў гэтым аднастайным пашкрабванні, што нельга было слухаць.

«Адзін... З кім падзелішся? Хто падтрымае? Супакоіць?..»

Даўно, калі яму было ўсяго дваццаць пяць, здарылася так, што ён страціў старых сяброў і ўжо не набыў новых. Страціў усіх і амаль адразу. Адных арыштавалі, над другімі навісла страшнае падазрэнне, трэція самі сталі пазбягаць яго. А ён? Патужыў, патужыў дый змірыўся. Стаў кіравацца, як здавалася тады, самым мудрым правілам: самае лепшае — адказваць за сябе аднаго і па магчымасці вучыцца на чужых памылках...

Праўда, па натуры ён быў таварыскі. Яго цягнула да людзей, вабілі кампанія, спрэчкі. Ён нават думаць любіў на людзях і сам сабе тады здаваўся разумнейшым. Хацелася сябраваць, жыць у штурханіне, адчуваць локаць таварыша, памагаць каму-небудзь, ведаючы, што і табе памогуць. Але іменна закон дружбы: сябраваць — значыць памагаць адзін аднаму — якраз і палохаў. Чужая душа — цёмны лес. А што, калі?.. Вораг здрадлівы, двухдушны і на поспехі краіны адказвае барацьбою. Зноў жа памылкі. Хто гарантаваны ад іх? І дзе мяжа паміж памылкаю і здрадлівым ходам?.. Так у Сасноўскім заселі насцярожанасць і падазронасць, якія падточвалі аснову дружбы. Ён замыкаўся: праз дружбу можна было стаць без віны вінаватым, несці адказнасць за тое, што не разгледзеў сапраўды вінаватага. А каму гэта трэба? Лепш ужо адказваць толькі за сябе!

Міналі гады, страхі паступова адыходзілі, але дружба, нават з тымі, хто падабаўся, абуджаў сімпатыю, не прыходзіла. Дый патрэба ў ёй неяк прытупілася. У афіцыйных дзелавых адносінах з навакольнымі было нешта зручнае, было менш турбот — спакайней.

Праўда, гэта не перашкаджала Максіму Сцяпанавічу зайздросціць людской дружбе, асабліва непасрэднай, шчырай у простых людзей. У хвіліну лагоднасці ён марыў аб неразлучным дружбаку, але ў той жа час зусім не стараўся шукаць яго і нават пазбягаў. І толькі цяпер — у хвіліны роспачы і гора — уся трагічнасць і ганебнасць гэтага раскрыліся Сасноўскаму.

«Адзін! Зусім адзін!..»

Зазвінеў званок, работніца пратупала па калідоры. Пачулася прыглушанае пакашліванне мужчыны і ўзрушаны жаночы голас — пыталіся пра яго. Па голасу і пакашліванню Сасноўскі пазнаў Дзіміных.

Іхні прыход крануў яго — глыбока, да жадання заплакаць, як можа крануць знясіленага хворага чалавека. Але гэта здалося сорамным: сам ён не дужа падтрымліваў Дзіміну. Сасноўскі нахмурыўся, палажыўшы руку на лоб. «Ладна... Па чыну прынята праяўляць чуласць...»

Яны ўвайшлі заклапочаныя, нават спалоханыя. Не ведаючы, што рабіць, Дзімін падсунуў да ложка крэсла і тут жа сеў. Дора, паправіўшы коўдру, асталася стаяць, абапіраючыся на яго плячо.

— Дазволь пагаспадарыць у цябе,— сказаў Дзімін і паглядзеў на жонку.— Няхай яна работніцу пракансультуе. Ім, жанчынам, многае відней. Няхай дамовяцца.

— Калі ласка,— згадзіўся Сасноўскі, які чакаў іншых слоў.

— Урача выклікалі?

— Але.

— Тады мацуйся... А ты, Дора, ідзі...

Ён ужо распараджаўся, і гэта атрымлівалася ў яго неяк натуральна, нібыта іначай не магло быць.

Сасноўскі бачыў: Доры таксама цяжка. Нешта прыглушыўшы ў сабе, адштурхнуўшыся ад мужавага пляча, яна непрыкметна ўзяла з тумбачкі кошык з вязаннем, Верыны пяльцы і выйшла.

4

Праз тыдзень доктар параіў Сасноўскаму падымацца з ложка, а потым і рабіць прагулкі. Галава яшчэ балела, асабліва патыліца, па якой нібыта моцна стукнулі. Апрыкралі лякарствы — агідныя горкія парашкі, таблеткі. Уколы з кожным разам здаваліся ўсё больш балючымі, надакучыла ляжаць. Але адначасова не хапала сіл і пачынаць жыццё нанава. Дый ніцей, якія звязвалі б Максіма Сцяпанавіча з ім, асталося мала — дочкі ды, бадай, яшчэ Дзіміны, якія сталі заходзіць штодзень.

Сасноўскі прыкмячаў, як паступова знікалі рэчы, што маглі напамінаць аб жонцы, як у кватэры запаноўваў іншы парадак, не такі строгі, як пры Веры. А тым часам Дзімін усё настойлівей распачынаў гаворку пра справы. Сасноўскі разумеў, дзеля чаго ўсё гэта, горка пасміхаўся, але, сам не заўважаючы гэтага, пакрысе спакайнеў.

І ўсё-такі пачынаць жыццё нанава не мог. «Як жа без Вярусі?..» Толькі пры ёй дома ён быў самім сабою, рабіў, што хацеў, гаварыў, што было на душы, не аглядаючыся. Няхай Вера не заўсёды разумела яго, няхай былі спрэчкі, але затое яна аставалася адзіным да канца адданым яму чалавекам. Хто заменіць яе? Ніхто! Цяпер ён адзін. Дзімін бясконца паўтарае, што шчасце ў працы. Вядома, цяпер без працы нельга. Але і зараз абставіны будуць мацнейшымі за цябе, і ты часта будзеш вымушаны рабіць не тое, што лічыш патрэбным. У працы — субардынацыя, ты начальнік або падначалены...

Неяк ён збольшага паспрабаваў растлумачыць гэта Дзіміну і раскаяўся. Той спахмурнеў.

— Не, дружа,— глуха сказаў ён, не звяртаючы ўвагі на жончыны знакі.— Гэта, апрача ўсяго, несумленна. Верыць не хочацца, што ты быў і астаешся разарваны напалам — на работніка і чалавека.

— А калі прыходзілася?..

— Значыць, ты быў не на сваім месцы. І не апраўдвайся: цябе не разрывалі, а ты сам раздвоіўся.

— Ну вось, я так і знаў...— пачаў і запнуўся Сасноўскі... Ад хвалявання яго занудзіла.— Прабач, так разважаць можа пазёр або абмежаваны чалавек.

— Пазёр? — не разумеючы, спытаўся Дзімін.— А ўрэшце, куды нам цягацца з пакутнікамі-інтэлектуаламі, дзеля якіх паслядоўнае служэнне аднаму — заўсёды абмежаванасць.

— Не падабаецца?

— А гэта зусім здорава...

— Пеця! — перапыніла яго Дора, выразна паводзячы строгімі вачыма.

Раней Сасноўскі доўга не мог бы дараваць сабе шчырасці: і сунула ж мяне! А цяпер, хоць і лаяў сябе, адчуў палёгку. Злую, помслівую палёгку.

Раніцою, апрануўшыся цяплей, ён пайшоў праводзіць дачок у школу.

Паветра здалося хмельным, ударыла яму ў галаву, закружыла. Узрадаваныя Леначка з Соняй, узяўшыся за бацькавы рукі, зашчабяталі пра настаўніцу, урокі, а ён, здзіўлены, як хутка яны перанеслі гора, ледзь паспяваў за імі і, ступаючы, як п’яны, мала разумеў, што гаварылі яму дочкі.

Ліпавыя прысады ўздоўж тратуараў ужо зелянелі — весела, абяцаюча, хоць лісцейкі былі яшчэ малыя, як гафрыраваныя, і не зялёнага, а салатавага колеру. Неба было высокае, зіхотнае, і здавалася — святло льецца на зямлю са ўсяго блакіту.

Даўшы на развітанне, як некалі жонка, грошай, каб дзяўчынкі купілі сабе ласункаў у школьным буфеце, Сасноўскі пайшоў назад. Ад слабасці кепска згіналіся ногі, хацелася перадыхнуць. Прачыкільгаўшы квартал, ён нагледзеў лаўку і сеў. Убачыў і чуць пазнаў Лёдзю, якая задуменна ішла па тратуары з кнігаю.

Нават у паліто было відно, як пагрубела яе постаць. Хада страціла спружыністую дзявочую лёгкасць: Лёдзя ішла як бы нехаця, не ведаючы куды. Пажаўцелы твар з прыкметнымі цяпер скуламі здаваўся застылым і плоскім. Ранейшымі былі толькі важкая, як з кужалю, каса, перакінутая на грудзі, ды вялікія шэрыя вочы, якія Лёдзя, параўняўшыся, спалохана ўскінула на Сасноўскага. Па касе ён і пазнаў яе.

— Шарупіч, вы? — міжвольна вырвалася ў яго.

Лёдзя не чакала, што Сасноўскі загаворыць з ёю, і

спынілася не адразу. Але калі спынілася, твар імгненна стаў рашучым і жорсткім: яна, відаць, звыклася са сваім становішчам, але гордасць усё роўна прымушала кожную хвіліну быць гатовай да абароны. Да таго ж чалавек сваю крыўду пераносіць і на блізкіх свайго крыўдзіцеля.

— Ага, я,— з выклікам адказала яна.— Не пазналі?

— Вы так змяніліся.

— Было ад чаго.

Слабасць рабіла Сасноўскага чуллівым. Пабрыдчэлая і, вядома, няшчасная Лёдзя кранула яго. Захацелася пагутарыць з ёй, у нечым апраўдацца, улагодзіць, прымірыць з непрымірымым.

— Вы спяшаеце куды? — спытаўся ён, баючыся, што яна пойдзе.

— Як заўсёды... А вам, уласна, што?

— Можа, прысядзеце? — Ён прыўзняўся і, хоць патрэбы ў гэтым не было, сеў бліжэй да канца лаўкі, даючы Лёдзі месца.— Давайце пагаворым.

— З вамі? Аб чым?

Але яна ўсё-такі паслухалася. І ледзь села — страціла ваяўнічасць. Палажыла кнігу на калені, абаперлася локцямі на яе і ўставіла вочы долу. Яна сапраўды не ведала, аб чым гаварыць з Сасноўскім. Аб чым? З Юрам было скончана, а значыць — скончана і з усёю ягонай сям’ёй. Але недзе глыбока ў Лёдзі яшчэ жыло здзіўленне: як усё гэта здарылася? Як магло здарыцца? Гэта было проста неверагодна. І ўсё-такі... недзе ў той жа глыбіні таілася няясная надзея.

Учора ўвечары яна зайшла ў пакой, дзе займаліся Яўген і Рая. Яны сядзелі за сталом побач. Рая моўчкі пісала, а Яўген назіраў. Плечы і рукі ў іх датыкаліся, і кожны здагадаўся б, які дарагі ім гэты дотык. Як, мусіць, добра было ім рабіць адно і адчуваць блізкасць. Пачуўшы, што яна зайшла, ні Яўген, ні Рая не варухнуліся: яны жылі тым, што рабілі, і блізкасцю, якой не трэба было саромецца. Так бы яны, пэўна, сядзелі, калі б увайшлі бацька ці маці. У адносінах Кіры з Пракопам таксама амаль няма ўжо такога, што трэба хаваць ад другіх. А вось у яе адносінах з Юрам вельмі часта было нешта нераўнапраўнае, саромнае. Яны не імкнуліся, каб іх адносіны зразумелі і прынялі другія. А калі б зразумелі?.. О-о!..

— У нас вялікае гора, Лёдзя,— паскардзіўся Сасноўскі, якому спярша не спадабалася яе непрыміручасць (незалежнасць вінаватага наогул абражае). Аднак потым яго зноў змякчыў прыгнечаны выгляд дзяўчыны.

— Я чула і спачуваю,— не ўзняла вачэй Лёдзя.— Але мушу сказаць, вам што такой чэрствай... і бязлітаснай жанчыны, як Вера Антонаўна, я не сустракала яшчэ і, пэўна, ніколі не сустрэну.

— Гэта няпраўда! Перад смерцю яна ўспамінала вас. Гаварыла з Юрам...

— Са страху?

— Так няможна... Гэта амаль катаўство!

— Катаўство?.. А ваш Юрка? Чалавек без абавязкаў, сябелюб і баязлівец. Вось хто кат! І такім яго зрабілі вы і яна!.. І я праклінаю гэта. Я стану на дарозе ў Кашына, у вас. Ва ўсіх, хто бесчалавечны!..

Каб спыніць яе, Сасноўскі працягнуў быў руку, але Лёдзя не дазволіла дакрануцца да сябе і ўсхапілася. Сабралася сказаць нешта яшчэ больш рэзкае, ды ледзь не заплакала і кінулася прэч.

Разгублены, пакрыўджаны, ён устаў і, адчуваючы, што так расстацца нельга, заспяшаўся ўслед. Але яна чакала гэтага і, баючыся, што ён дагоніць, пабегла.

Задыханы, Сасноўскі спыніўся, агледзеўся, ці не назірае хто за ім. На процілеглым баку вуліцы ўбачыў дзяўчат, якія штурхалі адна адну локцямі і пырскалі смехам, прыкрываючы раты рукамі.

«З мяне ці не?» — збянтэжыўся ён і пайшоў насустрач сіняму з кабінаю, як у аўтобуса, самазвалу, які ехаў па вуліцы. Гэта быў «МАЗ-500» — адна з чатырох машын, сабраных у эксперыментальным цэху для выпрабаванняў.

Шафёр пазнаў галоўнага інжынера і затармазіў. Седзячы ў прывычнай позе — правая рука на абаранцы, левая, з закасаным па локаць рукавом, на апушчаным шкле дзверцаў,— ён чакаў, што яму скажуць.

— Ну як? Многа накруціў? — спытаўся Сасноўскі, употай пазіраючы на дзяўчат.

— Дваццаць тысяч.

— Мала, вельмі мала. Ёсць скаргі?

— Сядзець нязручна, таварыш Сасноўскі. Тармазныя барабаны няважныя. Цвёрдасці і трываласці не стае. Падвескі ў дызеля слабыя. Калі так пойдзе, яшчэ на некалькі год хопіць...

— Чаму на некалькі год? — не дайшло да Сасноўскага, які, гледзячы на левую руку шафёра, якая загарэла больш, чым правая, не пераставаў думаць аб Лёдзі і дзяўчатах.

— Вельмі шмат даводзіць прыйдзецца,— паясніў азадачаны шафёр і прыняў руку са шкла.

Каб не выглядаць дзіўным, Сасноўскі адпусціў яго, перадыхнуў і вярнуўся на тратуар. Дзяўчаты, якія бянтэжылі яго, пайшлі, дый смяяліся яны, хутчэй за ўсё, не з яго.

«Падазроны стаў, і раздражняе ўсё, як Вярусю...» — падумаў ён, разумеючы, аднак, што не гэта цяпер займае яго.

 

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
1

 

Лёдзя прыбегла дамоў, аж калоцячыся ад узрушанасці і гневу. Але нічога не расказала маці, калі тая, як заўжды, заўважаючы ўсё, спыталася, што з ёй.

— Нічога, мама. Проста бегла, спяшалася. У мяне ж тысячы яшчэ па англійскай не здадзены,— паказала яна кнігу.— Кіра ўсяго на дзень дала.

Арына ведала, як многа працуе дачка, як цяжка ёй своечасова здаваць вось гэтыя тысячы і, асабліва, чарцяжы. Яўген нават памагае ёй. Але зараз Арыне раптам здалося, што Лёдзя нечаму рада, хоць і хавае гэта.

— Ты, дачушка, мо з’ела б чаго спачатку? — спыталася Арына, спадзеючыся, што Лёдзя, калі сядзе за стол, разгаворыцца.

— Не, мама, не хачу,— адмовілася яна. Але праз хвіліну прыйшла з кнігаю на кухню, папрасіла скрылёк сала, хлеба і, апетытна жуючы, узялася за англійскую.

— Колькі іх асталося, тысяч? — шкадуючы яе, пацікавілася Арына.

— Дванаццаць, мама...

— Ан-ян-яш

— Гэта не так ужо шмат...

Лёдзя даела сала, хлеб, выцерла губы ручніком і пайшла назад у пакой. Села за стол, сціснула скроні далонямі і пачала вучыць.

На канапе перад зменаю адпачываў Яўген. Адчу^ ваючы на сабе яго позірк, Лёдзя не магла засяродзіцца. Перашкаджала і ўзрушанасць. Раз-пораз прыходзілі думкі пра размову з Сасноўскім, пра Юру, пра дзіця, якое насіла пад сэрцам. Што рабіць? Трэба ж нейкая пэўнасць, якой — чаго ашукваць сябе — не было і няма. Юра кінуў яе ці яна Юру? Яны нават, па сутнасці, не пагаварылі як след! Бачыш, што кажа Сасноўскі... А хіба можна забываць пра дзіця? Лёдзя баялася яго раней, як страшэннай невядомасці. Але матчына пачуццё паступова рабіла сваё — яна прывыкала да дзіцяці — яно станавілася дарагім ёй, Лёдзя адчувала, што з днямі будзе яшчэ даражэйшым.

— Чаго ты на мяне вытарашчыўся? — не вытрываўшы, нарэшце крыкнула яна Яўгену.

— А што? — спакойна азваўся той.

— Ты перашкаджаеш мне. Адвярніся да сцяны.

— Не хлусі. Гэта ты сама перашкаджаеш сабе. Ну, скажы праўду?

Ён устаў, пацягнуўся і падышоў да сястры. Лёдзя нечакана ўсхліпнула і, закрыўшы твар рукамі, уткнула галавою яму ў жывот.

— Яўген, дарагі, як мне быць? У мяне ўсё перамяшалася.

— Раней скажы, ты яшчэ кахаеш яго?

— Я ўсё разумею цяпер... Спачатку мне стала страшна. Я не ручалася за сябе. Я баялася людзей, іх языкоў. Але цяпер веру: усё залежыць толькі ад мяне. Я суддзя сабе і маю права будаваць жыццё, як лічу патрэбным. Але як з дзіцём, з Юрам? І я... я не магу, Жэня, пакуль што знайсці шчасце ў адным дзіцяці.

— Калі хочаш, я схаджу да яго...

— Не смей! Раней сам разбярыся з Раяй. Прывыклі іграць рыцараў і апекаваць. Дора Змітраўна таксама жанчына, але траіх такіх, як ты, вартая...

— Ды ты ж сама хочаш, каб я схадзіў... Цсс, мама!..— Яўген палажыў руку на спінку крэсла і схіліўся над сталом.— Канцавое «п» ты вымаўляеш няправільна. Паспрабуй мацней выштурхоўваць паветра.

Увайшла маці.

Лёдзя адхіліла ад сябе брата, зноў сціснула скроні і паглыбілася ў кнігу.

 

2

Як на злосць надвор’е ў той дзень папсавалася. Па небе вецер гнаў ірваныя хмары, якія, здавалася, спускаліся ўсё ніжэй і кудлаціліся. Некалькі разоў пачынаў імжыць дождж. Праўда, ненадоўга, і неўзабаве, як бывае ўвесну, сляды яго падсыхалі, хоць сонейка і не выглядала. Нават пачынала пыліць. А хмары ўсё несліся і несліся зусім не па-веснавому.

Трывожачыся, Лёдзя раз за разам падыходзіла да акна, глядзела на вуліцу, на неба.

«Не хапала, каб лінуў па-сапраўднаму,— маркотна думала яна.— Што тады?» Трывога нараджала нядобрае пачуццё. Хацелася наракаць і на людзей і на неба — усё было супроць яе.

Яна тройчы разглядала сябе ў люстра і кожны раз адварочвалася. Не падабалася плацце — завузкае, хоць і адпушчанае ў даўжыню, не падабаўся твар, пастава. Плацце сядзела нехлямяжа, натапырвалася, лезла ўгору, і яго прыходзілася абцягваць. Твар быў зблажэлы.

Лёдзя сердавала на сябе, што хвалюецца і вельмі чакае гэтага спаткання, што, як ніколі, хоча быць прыгожай і ніяк не можа перасіліць сябе. Яе раздражнялі ціхая задуменнасць маці і позіркі, якія тая кідала на яе крадком. Быў ненавісны ўвесь сённяшні дзень — ганебны, бязлітасны.

Няўжо яна заслужыла гэтага? Чым? І калі ўсё скончыцца? Пачынае хаміць нават Комлік. Па якому праву?.. Абразу пераносіць наогул цяжка. Цярпець жа яе ад чалавека нявартага яшчэ цяжэй...

Як і звычайна, яны з Кіраю пабеглі ў сталоўку першыя: Пракоп і Трахім Дубовік затрымаліся, прыбіраючы ля машын. Кіра заняла чаргу ў касу, каб узяць талоны. А Лёдзя, захапіўшы чатыры бляшаныя падносы, прыстроілася да чаргі за абедамі. Нецярпліва паглядаючы на сяброўку, якая паволі набліжалася да касы, і баючыся, што тая не ўправіцца, Лёдзя круцілася і вымяркоўвала, колькі чалавек на благі выпадак давядзецца прапускаць.

Усе спяшаліся. Сталоўка гудзела ад рознагалосага тлуму. Перакідваліся просьбамі, перасоўвалі сталы, табурэткі. Бразгалі падносы, талеркі, пахла баршчом, смажаным мясам. Лёдзя прывыкла да такой сумятні, да штурханіны, знаходзіла ў іх нешта займальнае. Але сёння ёй зрабілася млосна — ад пахаў, ад сумятні. Сочачы за Кіраю, адганяючы моташнасць, яна не заўважыла, як да яе падышоў Комлік.

— Гэй, пасунься,— шарахнуўся ён аб Лёдзю плячом і паспрабаваў стаць перад ёю.

— Чаго вы, дзядзька, штурхаецеся? — пакрыўдзілася яна.— Вы ж тут не стаялі.

— Пусці, кажу!

— І вам не сорамна?

— Калі табе — не, мне таксама. У мяне чэрава не расце...

У Лёдзі закружылася галава.

— Адыдзіце, прашу!

— Ну-у! — вылупіўся Комлік.— Не пазнала, ці што? Хрэсьбін чакаеш, калі ж сваякамі будзем? Пасунься!

Што б зрабіла Лёдзя, невядома. Але перад Комлікам выраслі Пракоп з Трахімам Дубовікам. Пашарэлыя губы ў іх уздрыгвалі, вочы сыпалі іскры. І не паспеў Комлік пікнуць, як яго схапілі за рукі. Той ірвануўся, але вызваліцца не змог.

— Прасіце прабачэння, дзядзька Іван,— загадаў Пракоп.

Іх абступілі.

— Не падабаецца? — агрызнуўся Комлік.— Ці не праведнік Шарупіч навучыў вас рукам волю даваць? А ну пусціце!

— Прабачэння прасіце, дзядзька!..

Комлік зноў ірвануўся: ён усё яшчэ не верыў ні ў сур’ёзнасць Пракопавых патрабаванняў, ні ў тое, што яго здолеюць утрымаць. Па ягоным поўным з мясістым носам твары прабегла неўразуменне.

— А што я зрабіў такога асаблівага? — аднак без ранейшай ваяўнічасці спытаўся ён.

Навокал загаманілі, перадаючы адно аднаму, што здарылася. Гул мацнеў, сціхлі бразгат падносаў, шорганне ног па падлозе.

— Ну, ладна,— адчуўшы небяспеку, перастроіўся Комлік.— Прабач, інтэлігентка.

Калі селі за стол, Лёдзя, каўтаючы слёзы, узмалілася:

— Хлопчыкі, дарагія мае, і ты, Кірачка, мне лепш пайсці з брыгады...

Лёдзя ледзь дабыла да вечара і, накінуўшы празрысты плашчык, што прывёз бацька з Масквы, выбегла з дома.

Хмары нясліся і нясліся — бесперапынна. Разрываў не было, і тое, што гэта не адна хмара, гаварыў іх колер — то цёмны, то дымчаты. Часам па слабых прасветлінах угадвалася неба, але неўзабаве зніклі і прасветліны: відаць, хмары пайшлі адна над адной у некалькі рэдзей.

На вуліцы было святлей, чым здавалася дома, і Лёдзю апанаваў новы клопат — разам іх не павінен бачыць ніхто.

Спатканне ўявілася такім недарэчным, агідным,

што зноў закружылася галава. Варухнулася падазрэнне: Комлік расперазаўся і прыстаў іменна да яе

нездарма. Ён, апрача таго, што жадаў адпомсціць бацьку, быў перакананы: бяда зрабіла Лёдзю пакорнай і крыўдзіць яе можна і варта. А што, калі і Юра прыпрэцца на спатканне с такім жа перакананнем і пачне куражыцца?..

Юра чакаў яе ля моста на шашы. У руках у яго быў парасон. Убачыўшы Лёдзю, паволі перайшоў мост і паплёўся па броўцы. Тое, што ён захапіў парасон, і тое, што, не дачакаўшыся яе, пайшоў наперад адзін, умацавала Лёдзіна падазрэнне: ранейшага, мусіць,

вярнуць было нельга! Дый ці варта яго вяртаць?..

Усё-такі Лёдзя дагнала яго, павіталася, і яны, не гледзячы адно аднаму ў вочы, пайшлі побач.

«Што прымусіла яго прыйсці? — старалася разгадаць Лёдзя.— Прысарамаціў айчым? Баіцца маіх хлопцаў? Яўгена? А мо, хто ведае, і кахае крыху?»

Па шашы імчалі аўтамашыны з уключанымі падфарнікамі, і гэта надавала ім злосны, імклівы выгляд.

— Як твае справы? — нарэшце спытаўся Юра.— Вучышся, кажуць, нядрэнна.

— А ты нават цікавіўся?

— Угу,— адказаў ён і азірнуўся.— Ты заўважыла Кашыну? Яна, здаецца, бачыла нас. Ішла, як карова на даенне. Гадкая жанчына! Мама гаварыла, што ёй на радасць чужое гора.

— Раней ты быў больш літасцівы да яе.

— Не бойся, на маім рахунку няма яшчэ пакрыў джаных.

— Калі не лічыць мяне... Але я ўпэўнена, калі не пакрыўдзіў, то і не • пашкадаваў нікога. Ты вось Кашыну ўпікнуў: радуецца, маўляў, чужому гору. А ты, па-мойму, баішся яго. Адмахваешся і адхрышчваешся — толькі быць бы далей. А хіба гэта лепш?

— Відаць, не дарос да такой мудрасці,— прамовіў Юра, усім выглядам паказваючы, што прапускае міма вушэй Лёдзін дакор.

Яны падняліся на ўзгорак, мінулі нядаўна пабудаваны віядук цераз шашу, але не вярнуліся назад. Абапал цямнелі бярозавыя прысады, пад імі — падстрыжаныя кусты, а далей — супольная, ужо зусім цёмная сцяна елак. Бярозы стаялі нерухома: у шэрым змроку здаваліся ніцымі.

— Ты кажаш, не пашкадаваў,— успомніў Юра: відаць, Лёдзін дакор усё-такі зачапіў яго.— А мяне хто шкадуе? Мама памерла — і астаўся адзін на ўсім свеце. Бачыш, як нам наогул усё даецца? Права на вучобу і то чорнай работай прыходзіцца здабываць. Тут не вельмі разгонішся...

— Не так ты ўжо і нарабіўся. А па-другое, чаму ты і ад майго імя гаворыш? Мне гэтая, як ты кажаш, чорная работа за асалоду. Я без яе, можа, наогул не вытрымала б... Вучуся, працую, мне лепшага не трэба...

— Зноў, значыць, не дарос.

Лёдзя бачыла: Юра, як яна і думала, таксама чамусьці лічыць, што мае права быць з ёю развязным. Нават перакананы, што трэба быць такім. Яму ўсё роўна, што яна гаворыць, і ён не слухае яе, перапыняе. І ўсё-такі, зрабіўшы намаганне, яна сказала:

— Я не веру, што ты шчыра гаворыш. Няўжо ты не ўмееш спачуваць? Няўжо ў цябе няма жадання памагчы блізкаму ў бядзе? Не можа быць! Проста ты хочаш пасварыцца са мной. Знайсці прычыну. Так?

— Надакучыла ўсё!

— Расчараваўся?

— Некаторыя, павер, інстытут кідаюць або вучацца спусціўшы рукавы. Хіба толькі такія, як Цімка, лямку цягнуць і за шчасце лічаць? Ведаеш, як мурашкі? У якіх, як вядома, і вочы накіраваны ўгору.

— Сапраўдны студэнт заўсёды апантаны. А калі ён не сапраўдны і кідае вучобу — туды яму і дарога.

— А я разумею такіх. Занадта шмат перамагаць трэба. Сілы не хапае. Нарадзіўся, вучыўся, працаваў, памёр. Гэта таксама не жыццё... Давай пасядзім трохі...

Ён абняў Лёдзю, збіраючыся разам пераскочыць кювет. Але рукі ў яго дрыжалі. Лёдзю скаланула, і, вызваліўшыся, яна спадылба ўтаропілася на яго.

— Гэта яшчэ што?

Юра ўсміхнуўся і зноў працягнуў да яе рукі.

— Чаго ты? Спалохалася? Пасядзім крыху і пойдзем. Мы ж з табой даўно не гаварылі.

— Ну, гавары, я слухаю,— з намаганнем сказала Лёдзя, здагадваючыся, што прывяло Юру на спатканне.

— Як ты думаеш быць далей?

— Буду працаваць, вучыцца...

— Я не пра гэта. Мне трэба скончыць інстытут, стаць на ногі. Хто мне Сасноўскі? Чужы. Бацькі, лічы, няма... Горш, чым няма. Я адзін цяпер.

— Пераходзь да нас.

— Прымаком стаць?

— А ты што прапануеш?

— Нам нельга мець дзіцяці.

— Позна ўжо. Забойцай я не буду!..

Юра, які ўсё цягнуўся да яе, адступіў. Рукі ў ягс бязвольна ўпалі. І хоць змяркалася, ён раптам убачыў, як гараць у Лёдзі вочы, і страх пачаў ахопліваць яго.

 

3

Чакаць чаго-небудзь іншага ад гэтага спаткання, вядома, было наіўна. Здарылася тое, што павінна было адкрыцца.

Лёдзя і раней падазравала: справа не толькі ў Веры Антонаўне. Праўда, Юра, магчыма, і сам верыў, што паводзіць сябе так, слухаючыся маці. Але гэта быў самападман, выгадны Юру, які баяўся ўзваліць на плечы цяжар, які можна і не ўзвальваць,— у яго былі іншыя меркаванні наконт заўтрашняга дня. Юру не прывучылі быць гаспадаром свайго слова. Ён мог паабяцаць што-небудзь, зусім не думаючы, што гэта абавязкова трэба выканаць. Яму надзвычай многа наабяцалі. Ён чуў пра справядлівую жорсткасць, пра жорсткасць дзеля справы і, убіраючы гэта ў сябе, сапраўды мала каго шкадаваў і мала каму спачуваў. А тут яшчэ час паслабіў пачуццё адказнасці. Паказаў, што і святыя далёка не бязгрэшныя.

А што перадала яму ў спадчыну маці? Боязь страціць, што ўжо ёсць, імкненне ўладкавацца ў жыцці як мага зручней, веру, што яму падрыхтаваны ўсе выгоды жыцця, толькі іх трэба браць і больш думаць аб сабе. Дык навошта тады дабравольна ўзвальваць на сябе цяжар, навошта ўскладняць жыццё? Дзеля чаго?

Сумненняў не заставалася — каханне ў іх было бяскрылае, сляпое, саромнае. Як Лёдзя гэтага не бачыла раней? Юра цалаваў яе, прызнаваўся ў каханні, жыў з ёй — і ні разу не падарыў кветак, ні разу не сказаў, што хоча зрабіць нешта асаблівае, каб парадаваць яе. Яны зусім не шанавалі свайго пачуцця і некуды спяшаліся. І калі Юра і рэўнаваў яе, то неяк... па-сліняваму...

Ёсць дзяўчаты, у якіх адна мэта — замужжа. Яны баяцца спазніцца, застацца ні з чым і таму лезуць сляпіцаю, грэбуючы ўсім, дамагаючыся свайго. Там, вядома, не да кветак і высокіх парыванняў. Але што асляпіла яе, Лёдзю? Як магла памыліцца яна? Яна ж заўсёды марыла пра вялікае і прагнула справядлівага, высокага. Няўжо, як кажа бацька, ёй усё-такі бракавала чысціні? Чаму яна пакахала такога, як Юра, і адхіліла адданасць і пачуцці Цімоха? Дый ці кахала? Цяпер жа, пасля ўчарашняга, яна вырвала Юру з сэрца, і яно крываточыць толькі з-за зняважанай гордасці да дзіцяці.

А яно жыве ўжо ў ёй, нагадвае аб сабе, нітуецца з сэрцам. І хто ведае чаму, але з кожным днём робіцца даражэйшым. Відаць, таму, што гэта дзяўчынка — кволая, ласкавая, якую нельга крыўдзіць. Вярнуўшыся дамоў, Лёдзя паспрабавала нават суцешыць яе:

— Нічога, дачушка, пражывём і адны. Нічога!.. Мамка ў цябе інжынерам будзе! Прымусіць паважаць і сябе і цябе!..

Яна праплакала ў падушку цэлую ноч, а раніцою нешта канчаткова выспела ў ёй.

Гэта прыкмеціў і па-свойму вытлумачыў нават Пракоп. Агледзеўшы машыну, ён страсянуў чубам і, каб паказаць — ён з Лёдзяй, падміргнуў ёй:

— Ты што, пабіць каго збіраешся? Скажы рабочаму класу, паможам.

— Дзякую,— усміхнулася яму Лёдзя.— Калі будзе трэба, скажу.

— А мы з Трахімам самі рашылі адно мерапрыемства правярнуць.

Ён падышоў да яе і, азірнуўшыся на бакі, прашаптаў:

— Даруй, але мы вось што надумалі. Сёння сходзім да Юркі Сасноўскага і пагутарым як належыць.

Вочы ў Лёдзі імгненна — як гэта толькі магло стацца! — напоўніліся слязьмі, але яна рашуча закруціла галавою:

— Не, не! Навошта? Нікуды вы не пойдзеце і ні з кім не будзеце гаварыць. Чуеш, Пракоп?

— Гэта чаму? — засердаваў ён.— Баішся? Каго?

— Прашу вас, не бярыце шэфства нада мной, як над маці-адзіночкай! Я сама неяк пастаю за сябе.

— Ого!

— Аз Юркам усё вырашана і скончана. Разумееш?!

— Гэта цвёрда? Не верыцца нешта...

— А ты павер.

— Тады прабач, але, па-мойму, гэта варта было зрабіць раней.

— Хто ведаў, Пракоп...

— А нас дарма не крыўдзі... І не перашкаджай пагутарыць па-рабочаму хоць бы вунь з тымі,— кіўнуў ён на Кашына і майстра, якія ішлі па пралёце.— І адыдзі адсюль.

Адчуваючы, як варухнулася дзіця, Лёдзя скоранька адышлася за машыну і адтуль стала сачыць за Пракопам. Дзіця напамінала аб сабе ўпарта — штуршкамі. Калі ж яно нечакана пацягнулася і замерла, гарачая хваля любасці абдала Лёдзю, і яна на хвіліну забылася на Пракопа і Кашына. Толькі ўбачыўшы, што да іх паспешліва падыходзяць Кіра з Трахімам Дубовікам, зноў насцярожылася: «Што яны там яшчэ надумалі?»

Прыслухаўшыся, зразумела: Пракоп просіць Кашына даць распараджэнне аб пераводзе яе на лягчэйшую работу.

— Мы не першы раз звяртаемся, і ўсё ўпустую,— перабіваючы таварыша, наскочыла на Кашына і Кіра.— Што вы сабе, думаеце, Мікіта Мікітавіч? Хіба так можна? Вечна ўсё з боем трэба браць.

— Я не сонца, усіх не абагрэю! — адмахнуўся той.

Але ад яго не адсталі.

— А вам і абаграваць не трэба — закон на гэта ёсць,— рашуча сказаў Пракоп.— Мы не ласкі просім.

Кашын агледзеў яго, як дзіва, але прымусіў сябе адказаць спакайней:

— Пакуль што памагчы нічым не магу. Трапіцца без шкоды для справы магчымасць — перавядзём.

— Абяцанкі-цацанкі ўжо не пройдуць, Мікіта Мікітавіч! — умяшаўся і Дубовік. На заводзе і на будоўлі ён вельмі стамляўся. Гэта рабіла яго павольным, абыякавым. Але тут ён ускінуў галаву і пайшоў па пятах за Кашыным, які зрабіў выгляд, што ўспомніў пра нейкую неадкладную справу.— Не, вы скажыце канкрэтна, таварыш Кашын!

— Пракоп, Кіра, не ўніжайцеся! — паклікала іх Лёдзя.

Аднак яны нават не азірнуліся.

— Ну ладна, ладна,— грэбліва моршчачыся, паабяцаў Кашын.— Заўтра-паслязаўтра прыдумаем нешта, хоць яна і не дужа заслужыла.

......

 

Раптам Лёдзя адчула, што здарылася нядобрае. З цяжкасцю саштурхнуўшы гатовую паўформу на ролікі, яна войкнула, збялела і сагнулася крукам. Праўда, збялела спачатку не так ад болю, як ад думкі, што здарылася страшнае. Але потым нешта зрушылася ў яе ўнутры, і яна не змагла ўжо ні выпрастацца, ні глыбока ўздыхнуць: боль згінаў яе. Над дахам разлёгся гудок, а Лёдзі здалося, што гэта боль ірве ёй перапонкі.

Перапалохаўшыся, Кіра з Пракопам падхапілі яе пад рукі. Але сорам і нейкая злая ўпартасць аказаліся мацнейшымі за ўсё, і, выпрастаўшыся, Лёдзя адхіліла сяброў.

— Я сама... Будуць смяяцца,— пачала маліць яна, сярдзіта гледзячы на іх выцвілымі ад болю вачыма.— Адыдзіце. Бачыце, пазіраюць ужо.

Аблізаўшы сасмяглыя, горкія губы, яна паспрабавала ўсміхнуцца. Але ўсмешка выйшла плаксівая, бездапаможная.

Кіра і Пракоп, баючыся, што яна ўпадзе, зноў хацелі падтрымаць яе, але Лёдзя зноў адхіліла іх.

Цяпер самым моцным пачуццём у яе быў сорам. Ён наплываў на Лёдзю хвалямі — то абпальваў, то ледзяніў. І ўсё, чаго ёй хацелася,— гэта непрыкметна і як мага хутчэй трапіць дамоў, прэч ад людскіх вачэй, да маці, пад яе ласкавую руку. Яна пакуль што не думала ні аб сабе, ні аб дзіцяці: усе думкі адганялі сорам і жаданне не паддацца, не паказаць слабасці. Дый адкуль яна магла ведаць, што за няшчасце звалілася на яе.

«Дамоў, толькі дамоў!» — з надзеяй паўтарала яна сама сабе і з усяе сілы намагалася не паказваць, як ёй пагана.

Іх прывыклі бачыць разам, але ўсё роўна звярталі ўвагу. Ішлі яны ў прамасленых спяцоўках, якія льсніліся ад фармовачнай зямлі. Дый як ні сілілася Лёдзя, ступала яна няўпэўнена, нібыта была ў вузкай спадніцы, і было відаць, што Пракоп з Кіраю ідуць поруч не так сабе, а суправаджаюць яе. Аб гэтым жа гаварылі іх твары — заклапочаныя, хмурныя.

За прахадною сіла ў Лёдзі пачала знікаць, нібы некуды прасочвалася — як вада ў пясок.

— Мы возьмем цябе пад рукі,— ціха прапанавала Кіра, якая ад жалю не магла глядзець на сяброўку.

— Не, не, я сама,— не згадзілася і гэтым разам Лёдзя; ёй здавалася, што ад таго, як яна вынесе гэтае выпрабаванне, будзе залежыць усё астатняе.

Выпрастаўшыся, сціснуўшы кулакі, Лёдзя пайшла з напружана выцягнутай шыяй і халодным рашучым тварам. Скура на шчоках схуднелага за хвіліну твару нацягнулася, вочы ліхаманкава заблішчалі. Гледзячы перад сабою, быццам бачыла такое, што не бачылі другія, яна нават прыбавіла крок. І Кіра, адчуваючы, якіх намаганняў гэта каштуе Лёдзі, заходзілася ад жалю, але памагчы не адважвалася.

Ля пад’езда свайго дома Лёдзя пахіснулася. Уваччу ў яе пацямнела. Яна прыпынілася, перавяла дыханне. Але потым зноў прымусіла сябе пайсці, да крыві прыкусіўшы губы.

Твар у яе стаў як нежывы. Ногі падгіналіся. І, падымаючыся па лесвіцы, яна памагала сабе рукою, трымаючыся за парэнчы і падцягваючыся. Толькі ў калідоры, калі Пракоп зачыніў дзверы, Лёдзя папрасіла:

— Ну, а цяпер падтрымайце...— І, каб яе не падхапілі, бяссільна асунулася б на падлогу.

Арына ўбачыла дачку і, не сказаўшы ні слова, кінулася рыхтаваць пасцель. Спрытна сарвала накідкі

з падушак, капу, падбіла падушкі. Выправіўшы з пакоя Пракопа, раздзела Лёдзю, улажыла ў ложак, мокрым ручніком выцерла ёй рукі, твар, шыю.

— Цяжкае падняла? — тужліва спыталася, калі Лёдзя рукою стала папраўляць мокрыя пасмы валасоў, што прыліплі да шчакі.

— Мы даўно Кашыну гаварылі,— разгублена пачала апраўдвацца Кіра, ледзь варушачы губамі, здзіўленая і нават чуць пакрыўджаная, што Арына не вохкае і не мітусіцца.

— Паразіт! — пачуўшы Кірыны словы і прыадчыніўшы дзверы, сказаў Пракоп.— Няхай толькі што здарыцца! Мы яму галаву адарвём. Няхай ведае, з кім мае справу!..

— Нічога не здарыцца,— перабіла яго Арына.—

Лепш на сябе паглядзіце. Брудныя якія! Бацюхны мае, як век не мыліся...

— Цэлыя будзем,— махнуў рукою Пракоп, які раней за Кіру зразумеў Арыну: тая, беручы ўсе турботы і гора на сябе, хацела падбадзёрыць другіх.

Усё ж настаяўшы, каб Пракоп і Кіра ўмыліся, яна толькі пасля гэтага правяла іх за дзверы. Калі ж крокі іх заціхлі, схапілася за вушак, прыпала да яго шчакою і затрэслася ў плачы.

«Што ж гэта будзе? — білася ў яе ў галаве.— Дачушка ты мая! Чаму табе так не шанцуе!..»

Над галавою заверашчаў званок — трывожна, паспешліва. Арына пазнала — звоніць муж, хоць званіў ён не так, як звычайна. Напэўна, Кіра і Пракоп, сустрэўшыся з ім на лесвіцы, расказалі, што здарылася з Лёдзяй. Арына хутка выцерла слёзы і, счакаўшы з хвіліну, адчыніла дзверы.

Міхал пераступіў парог і абняў Арыну. Яго таксама душылі слёзы, але ён усё-такі ўпікнуў:

— Ты ж, маці, гэты час стаяла ля дзвярэй. Навошта падманваеш? Я ж не такі ўжо кволы..,

 

4

Дзень выдаўся сонечны. На вуліцы было столькі святла, што Лёдзя, калі яе вывелі з пад’езда, на імгненне аслепла. Але, залезшы ў машыну «хуткай дапамогі», здзівілася другому — як там цёмна, хоць усё навокал белае. На вокнах віселі захіненыя паркалёвыя фіранкі. Насупроць, на белай лаўцы, ляжалі згорнутыя насілкі. Пахла лекамі, карболкай. Ад гэтых белых, праўда, не зусім чыстых фіранак з жоўтымі падцёкамі, ад бальнічных пахаў і асабліва насілак з вышмараванымі, як косткі, ручкамі Лёдзі ўпершыню зрабілася страшна. Абапал сядзелі зблажэлая ад гора маці і медсястра — ружовашчокая, кроў з малаком, дзяўчына ў халаце, а Лёдзі здавалася, што яна адна — зусім адна, у вузкім, нізкім скляпенні.

Аднекуль з’явілася думка аб смерці: «Вось на гэтых насілках і панясуць...» Сэрца рвалася і, здаецца, перастала біцца. Стала шкада, што ўсё спыніцца для яе, і яна нічога ўжо нікому не давядзе. Вельмі захацелася ўбачыць, як яно ўсё будзе далей, куды выкіруецца, якія змены чакаюць людзей.

Ад слабасці і жалю да сябе на вочы навярнуліся слёзы, павіслі на вейках, не могучы праліцца.

— Нічога,— супакоіла сястра.— Якая вы, зараз прыедзем. Трымайцеся!

Лёдзі самой здавалася, што бальніца — гэта паратунак, але страхі не знікалі. Млелі рукі, ногі, і ўсё замірала ў ёй ад бязмернай зморанасці. Адкінутая назад, да сценкі, галава бяссільна матлялася.

Арына таропка дастала хустачку, прытрымала Лёдзіну галаву і памаленьку выцерла ёй слёзы. Памацала лоб, рукі — яны былі халодныя. Пацалавала ў губы, але і губы былі як лёд. Лёдзя абнядужвала, халадзела і быццам аддалялася ад Арыны, ад усяго, што акаляла яе.

«Божухна, няўжо канец?» — жахнулася Арына, успамінаючы, што нельга катурхаць паміраючага, бо, апрытомнеўшы на хвіліну, ён памірае пасля ў страшэнных муках.

— Лядок! — усё-такі паклікала яна, тармосячы яе.— Лядок!

Чуть прыкметная жылка страпянулася на Лёдзіным твары. Яна прыадкрыла ашклянелыя вочы і міргнула. Гэта было так страшна і жаласліва, што ў Арыны вырваўся не то ўсхліп, не то рыданне.

Сястра нездаволена азірнулася на яе і, асуджаючы, стуліла губы.

— Не бойцеся, мама,— неспадзявана сказала Лёдзя.— Я жывучая. Глядзіце!

Яна ўперлася рукамі ў лаўку і выпрасталася.

— Бачыце?..

Што тут было прычынаю — Арына з яе роспаччу або сама Лёдзя з яе маладосцю і бяздумнай вераю — не скажаш. Але Лёдзя цяпер сапраўды ведала: што б там ні здарылася, яна будзе жыць. Будзе — і ўсё!

Гэтая ўпэўненасць насуперак усяму мацнела, хоць Лёдзя здагадвалася: многа страшнага давядзецца перажыць, і нават страшнейшага за тое, што перажыла.

Ужо бязлітасная да сябе, яна надзела ў прыёмнай, за шырмаю, шэры мультановы халат з сінімі лінючымі адваротамі, звязала сваю вопратку ў клуначак, перадала маці, пацалавалася з ёю і ступіла ў страшныя дзверы.

Выглядала яна абыякава, вяла, але несла ў сабе гатоўнасць да мукі — няхай, усё роўна самае жахлівае не здарыцца. Ёй трэба жыць, трэба давесці, што яна лепшая, чым думаюць, што яна — Ша-ру-піч, каб давесці гэта,— а яна ведае! — ёй прыйдзецца прайсці праз пякельныя мукі і пакуты. Мусіць, таму Лёдзю не ўразілі ні шэрыя, як цені, жанчыны, якія блукалі па калідоры, ні пакутніцы з васковымі, без крывінкі, тварамі, якія ляжалі на ложках у палаце.

Лёдзя адразу, з нейкім жорсткім спакоем, увайшла ў атмасферу чыста жаночых клопатаў, трывог і шчырых бессаромных размоў.

Аднак уначы ёй стала зусім кепска. Пажылая спакутаваная жанчына, ложак якой стаяў побач і якая. здаецца, ні на хвіліну не заплюшчвала вачэй, выклікала сястру. Тая прыйшла заспаная, сярдзітая, нехаця агледзела Лёдзю, нешта буркнула і пайшла. Лёдзя падумала, што яна вернецца з урачом, прывяла, як здолела, сябе ў парадак і пачала чакаць.

— Ніхто не прыйдзе,— сказала суседка, бачачы, што Лёдзя чакае.— Ты дзіця даўно адчувала?

— Даўно... Хутчэй бы ўжо, калі так...

— Яны, нябось, не вельмі паспяшаць. Каб лішне не мучыцца, табе самой прыйдзецца, дзяўчына, іх прымусіць... Важна, каб сілы к канцу асталіся. Ой, як яны спатрэбяцца табе!

Назаўтра, пасля абходу, калі ўрач, таксама не сказаўшы нічога пэўнага, пайшоў з палаты, Лёдзя, перакананая — іншага выйсця няма, устала і падышла да суседкі.

— Можна, цётачка...— спытала яна.— Дазвольце я паважу вас?

— Як павозіш? — не зразумела тая.

— З ложкам, цётачка...

Праціснуўшыся паміж сцяною і спінкаю ложка, Лёдзя рукамі і грудзьмі зрушыла яго з месца. Ён быў на каточках, але боль наўскасяк разануў Лёдзю. Перад вачыма паплылі кругі. Упёршыся нагамі ў плінтус і налягаючы на спінку ўсім целам, яна ўсё-такі не дала ложку спыніцца і пакаціла яго да акна.

Лёдзя ступала быццам па гарачым вуголлі, боль абпальваў ёй нутро, але яна штурхала і штурхала ложак, прагнучы канца пакут. Няхай яны будуць у сто разоў горшыя — яна ўсё роўна вытрымае. Толькі б не перашкодзілі, толькі б хутчэй скончыўся гэты кашмар. Лёдзя бадай што ненавідзела спакойную сястру, якая прывыкла да пакут хворых, і павольнага, стрыманага ўрача, які не хацеў рызыкаваць.

«Як яны могуць!»

Дакаціўшы ложак да акна, яна, не перадыхнуўшы, пакаціла яго назад. Ногі ў яе дрыжалі ад напружання, коўзаліся, каленкі балюча стукаліся аб спінку. Твар пакрыўся халодным потам. А Лёдзя ўпарта пхала і пхала ложак, пакуль жанчыны не ўзнялі гвалт.

Прыбеглі няня, сястра, урач. Лёдзю сілком паклалі ў пасцель, і дазвання напалоханая сястра ўжо не адыходзіла ад яе. Яна сядзела на табурэце і сачыла за кожным яе рухам.

— Ды рабіце вы што-небудзь! — маліла Лёдзя.— Рабіце, бессардэчныя!..

Але толькі наступнае ночы яе ўзялі ў аперацыйную. Лежачы на цвёрдым белым стале, аслепленая калючым святлом, яна адчувала, што абмірае. Адчувала і нічога не магла зрабіць.

— Трымайцеся, трымайцеся, калі ласка,— прасіў урач, але сілы ў Лёдзі ўжо не было.

Калі ўсё, здаецца, пачало наладжвацца, нечакана пагасла святло.

— Лямпу! — нецярпліва выгукнуў урач.

Яго голас нібыта сцебануў Лёдзю па вачах, яна зажмурылася, уздрыгнула і страціла прытомнасць,

5

Папраўлялася Лёдзя хутка. У выхадны дзень няня прынесла ёй пісьмо і перадачу ад маці — слоік слівавага кампоту, цукатаў, халвы, якую Лёдзя любіла, як малая дзяўчынка. У пісьме маці пісала, каб яна, калі можна, падышла да акна — хоць бы паказалася.

Прачытаўшы пісьмо, хвалюючыся, Лёдзя накінула халат і заспяшалася да акна. Але ўнізе, пад акном, убачыла не маці — тая, мусіць, у прыёмным пакоі чакала яе адказу,— а Кіру, Пракопа і Цімоха.

«А гэты чаго заявіўся? — сярдзіта падумала яна і, адчыніўшы акно, прылягла на падаконнік.— Пэўна, практыку праходзіць у нас... Значыць, і Юра ў цэху. Няўжо працаваць давядзецца разам?.. Гэтага яшчэ не хапала!» Яна зябка скурчылася.

Ёй заўсміхаліся. У руках у Пракопа былі кветкі. Ён размахнуўся, і букет, апісаўшы дугу, трапіў у акно.

зоз

Лёдзя падхапіла яго на ляту, паднесла да твару, няздольная што-небудзь сказаць або падзякаваць.

— Ну, як поспехі? — нарэшце спыталася яна.

— Во! — падняў вялікі палец Пракоп.— Прысвоілі ўсё-такі. Дзімін падтрымаў. З Трахімам толькі гісторыя. Але ад дзядзькі Міхала не вельмі схаваешся. Хутка даведаўся, што не вучыцца. Разумееш, кінуў. Часу, маўляў, няма за будоўляй. Ну, вядома, дзядзька Міхал нам перадаў. Цёмную па-карчагінску арганізавалі. І пацеў і каяўся. А цяпер па чарзе ходзім за яго адрабляць, пакуль экзамены здасць.

— Як міленькі стаў,— засмяялася Кіра.

З-за будынка, спатыкаючыся, бегла маці.

— Устала! Дачушка ты мая родная! Каб ты ведала, як я рада! — на хаду прыгаворвала яна, крыху шапялявячы ад хвалявання.— Во шчасце! І дома ўсё добра. Бацька надумаў нават сярэбранае вяселле спраўляць. Чуеш, дачушка? Цябе толькі чакаем...

Лёдзя глядзела на маці, мітуслівую, узрадаваную, і заходзілася ад любві да • яе. Невыказна захацелася дамоў, да бацькі, да Яўгена.

Але матчына навіна і раніла яе. Вяселле!.. Ад ра дасці маці не ведае, што і гаворыць, а мо лічыць, што з колішнім скончана і што ў Лёдзі ёсць цяпер толькі адно — будучае, і трэба як мага хутчэй увесці яе ў турботы заўтрашняга дня... Мама, мама!..

А як ты скончыш з гэтым мінулым, калі яно такое сумнае, абразлівае, і Лёдзю калоціць ад адных успамінаў? Ведай, што твая дачка апрытомнела толькі ў палаце, на ложку. Расплюшчыўшы вочы, убачыла бледнага ўрача і стомленую сястру, якая не дала ёй вымавіць ніводнага слова. Яны ўсё зрабілі, каб схаваць ад яе, што адбылося ў аперацыйнай,— няхай выкрасліць з памяці гэта. Але хіба можа жанчына выкрасліць тое, што ў яе было дзіця і яго не стала? Дзіця! Ёй страшэнна хацелася даведацца — хлопчык ці дзяўчынка? І як ні ўтойвалі — даведалася: быў сын, і ў яго над лобікам, як і ў Юры, у віхорчык закручваліся валасы.

Але праўда на тваім баку, мама! Лепш думаць аб заўтрашнім. Толькі аб ім!.. І твая дачка многа ўжо думала — удзень, прыкідваючыся, што спіць, калі з размовамі прыставалі суседкі, уначы, утаропіўшыся ў столь, калі палата забывалася ў цяжкім с.не.

Гэта праўда! Яна перайшла рубеж, жыццё адкрываецца перад ёй як бы нанава, і трэба мацней, значна больш мацней і разумней уступаць у яго. Вунь, падняўшы галовы, стаяць і ўсміхаюцца сябры, радыя, што бачаць яе. Як ёй аддзячыць ім? За трывогі, прыхільнасць, за добрыя пажаданні? Некалі яна гаварыла, што галоўнае для чалавека — умець перамагаць свае слабасці. Не, яна памылялася тады! Галоўнае — у іншым. Яно ва ўменні жыць не толькі для сябе, ва ўменні не толькі абараняцца і дэманстраваць сваю незалежнасць, а і наступаць. Жыць, як пачаў бацька.

— Вы, мама, праз дзень-два забярыце мяне адсюль,— крыху счакаўшы, папрасіла Лёдзя.— Ох, як мне хочацца да вас усіх! Яўгену скажыце, каб таксама абавязкова прыязджаў па мяне. Засумавала я па ім.

РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
1

Цяпер Кашын разумеў: самае галоўнае — не дазволіць, каб справе далі ход. Крытыкуюць, караюць толькі за тыя правіннасці і адступленні ад законаў, ад маралі, пра якія ўведалі людзі,— думаў ён. Справа не ва ўчынках, а ў пагалосцы. Промахі і памылкі яшчэ не промахі і памылкі, пакуль пра іх не гавораць, пакуль пра іх ведае толькі вузкае кола людзей, што ўмеюць маўчаць. Таму важна пагасіць размовы ў самым зародку, не даць ім стаць здабыткам многіх або трапіць на паперу. Злачынства таксама яшчэ не злачынства, калі аб ім шушукаюцца па завуголлі. Іншая справа — слова, кінутае на сходзе або якое трапіла на паперу. Тады яно пачынае жыць як факт. На яго прыходзіцца адказваць, рэагаваць.

Чаго б ні каштавала, а гэтаму трэба перашкодзіць!..

Дачакаўшыся, калі сцямнее, але нават не перагаварыўшы з Тацянай Цімафееўкай, Кашын накіраваўся да Дзіміных.

«Папрашу — даруе»,— чамусьці спадзяваўся ён, зусім забываючыся на гадасці, якія рабіў Доры і самому ж Дзіміну. Злапомны, помслівы сам, Кашын не дапускаў і думкі, што Дзімін можа паставіцца да яго непрымірэнча. Наадварот, па нейкаму праву спадзяваўся на яго велікадушнасць, дабрату.

Яго прыходу здзівіліся. Рая сумелася і хуценька выйшла ў другі пакой. Дора, не хаваючы варожасці, холадна адказала на прывітанне і адышлася да акна. Дзімін зрабіў некалькі крокаў насустрач, павітаўся, але сесці не запрасіў. І Кашын здагадаўся: тут толькі што гаварылі пра яго і з непрыхільнасцю. Але, усё яшчэ не трацячы надзеі, ён сказаў:

— Я, Пятро, да цябе. Прашу выслухаць, а не так агулам...

— Хочаш, каб Дора выйшла, ці як? — спытаўся Дзімін, бачачы, што той муляецца.

Дора Змітраўна вярнулася да стала.

— Калі ён і хацеў бы, я нікуды не пайду,— ускінула яна галаву.— Тут мая кватэра, а не партком.

— Ды не, што вы...— не пакрыўдзіўся Кашын.

Жанчыны заўсёды больш жорсткія і непрымірымыя

к людзям, якія некалі пакрыўдзілі або былі несправядлівы да іх асабіста ці іхніх блізкіх. Зірнуўшы на халодны, горды твар жонкі, Дзімін нават не паверыў: «Бач ты, гуманная, жаласлівая, а якія кіпцюры зноў выпусціла!»

Адчуў гэта і Кашын, але нічога лепшага не знайшоў, як прыкінуцца, што не заўважае адкрытай яе варожасці.

— А ў вас добра,— пахваліў ён.

У пакоі сапраўды было ўтульна. Не зусім сучасныя, але падабраныя з густам рэчы здаваліся новымі. Пераважалі спакойныя карычневыя таны. Дора да педантычнасці любіла чысціню, парадак і ганарылася імі. Але ад Кашына яна не магла прыняць пахвалы і гэтаму.

— Гаварыце, чаго прыйшлі,— рэзка сказала яна, не заўважаючы дакорлівых позіркаў мужа.

— Я, Пятро, хацеў прасіць цябе,— прамовіў Кашын, сядаючы.— Мая работа, біяграфія... наша сумесная барацьба ў падполлі і партызанах даюць мне права... Я спадзяюся на тваю падтрымку. Няўжо ты не захочаш памагчы мне... дараваць, нарэшце? Гэта ж выпадкова!..

— Чаму вы звяртаецеся да яго? — апярэдзіла мужа Дора, абураная гладкімі, загадзя падрыхтаванымі фразамі Кашына.— Ідзіце да Шарупічаў, ідзіце ў цэх, там прасіце. І не спасылайцеся на выпадак. Пры вашых адносінах да людзей так павінна было здарыцца.

— Я, Пятро, заўсёды стараўся рабіць як мага лепш... Праўда, я не кан’юнктуршчык і з калектывам не заігрываю. У мяне ўсё папросту. Але сапраўдных работнікаў заўсёды падтрымліваў і, калі што-небудзь праварочваў, дык толькі на карысць справы.

Дора прыжмурылася і з пагардаю паківала галавою.

— Хлусня, чысцейшая хлусня! Што вам людзі! Мала таго, вашы прыбліжаныя таксама вучацца круціць-вярцець. Вы ж і іх нявечыце! — апасаючыся, што муж, як заўсёды, будзе марудзіць і нечага чакаць яшчэ, выкрыкнула Дора.— Не дарэмна даносчыкі і прайдохі співаюцца!..

— Пачакай, не гарачыся,— спыніў яе Дзімін. Яму стала няёмка, але жончына абурэнне перадалося і яму.— Я парадкам думаў пра цябе, Мікіта Мікітавіч... Ты просіш падтрымаць. Але рассудзі сам... Помніш апошнюю блакаду сорак чацвёртага? Калі на купінах у алешніку сярод балот Паліка сядзелі? Помніш, як без солі кроўю плявалі? А ў цябе ж соль была, як потым выпадкова даведаліся. І ўсё-такі даравалі: ну што ж, камандзір ды яшчэ чужога атрада, можа, сваім бярог... А цяпер... прабач, не маю права і другім не дазволю. Там быў шчаслівы канец, і справа датычылася цябе, твайго сумлення. А тут — сумлення і лёсу другіх людзей. Да таго ж я цяпер ведаю, які ты цень праз сваю стараннасць мешчаніна наводзіў на наша падполле...

— І гэта ўсё, што ты скажаш? — з пагрозаю спытаўся Кашын, прысягаючы сам сабе прыпомніць гэта Дзіміным, але адначасова і адчуваючы бяссілле: занадта шмат каму трэба было прыпамінаць і помсціць.— Глядзі, Пятро, я таксама ўмею тэорыямі карыстацца, калі трэба. Дый не думай, што так вечна будзе. Розныя кампаніі перажывалі. Няхай пазмрачнее на Захадзе, зноў прыйдзецца закручваць гайкі.

— Вось бачыш, які ты подлы.

— Там пабачым, хто подлы, а хто высакародны! Хто разладжваў, а хто ўмацоўваў...

Кашын яўна падбіваў гаспадароў на неабдуманае слова, на скандал. Цяпер гэта яму было патрэбна. Але, наткнуўшыся на маўчанне, устаў і неахвотна ступіў да дзвярэй, чакаючы, што хто-небудзь праводзіць яго. Аднак ні Дзімін, ні Дора не варухнуліся, і ён зразумеў: біцца прыйдзецца насмерць. І ўсё-такі напаследак, нібы асадзіўшы гнеў, з лесвічнай пляцоўкі, кінуў:

— Не спяшайся, Пятро! Як таварышу раю. Не табе партызанскімі камандзірамі кідацца. Я заўтра пазваню.

Дзіміны, уражаныя, зірнулі адно на адного.

— Адкуль у нас такія, Пеця?

— Падлюг не сеюць, яны самі родзяцца.

— Ну, гэта прабач...

Яна ведала: муж цяпер доўга не супакоіцца, будзе вялікімі крокамі мераць пакоі, уздыхаць, абурацца, і таму параіла:

— Ты схадзіў бы да Шарупічаў, пагуляў бы ў шахматы. У мяне бялізна ў ваннай намочана, нам з Раяй заняцца пара. А так, я ведаю, сам будзеш мучыцца і мне нічога рабіць не дасі. Кончу — таксама прыйду адвесці душу.

— Няёмка...— завагаўся Дзімін, адчуваючы, што зараз яму патрэбен якраз Міхал — з ім заўсёды было спакайней і прыходзіла ўпэўненасць.

— Нічога, нічога, яны рады будуць. Ідзі...

Шарупічы ўсёй сям’ёй сядзелі ля Лёдзі, якая ляжала ў пасцелі. Убачыўшы Дзіміна, Яўген устаў і падсунуў яму табурэтку. Удзячны, што яго проста і ахвотна прымаюць у сваё кола, Дзімін сеў і аберуч паціснуў руку Лёдзі.

Яна была бледная, з завостраным носам, незнаёмая

і строгая. Але на яе цягнула глядзець: твар аставаўся прыгожым — перажыўшыя пакуту вочы з даўгімі выгнутымі вейкамі, чысты лоб, цёмныя спакойныя бровы, хораша акрэслены, ледзь прыадкрыты рот... Каб зручней было ляжаць, Лёдзя вызваліла касу і паклала яе над галавою на падушку.

«Мусіць, і спіць гэтак»,— падумаў Дзімін, адчуваючы жаданне сказаць Лёдзі што-небудзь усцешнае.

Арына не спускала з дачкі вачэй і ўсё папраўляла ёй то падушку, то валасы. Міхал жа сядзеў нерухома, быў задуманы, і цяжка было здагадацца — цешыцца ён з дачкі ці тужыць.

— Толькі што ў мяне Кашын быў,— штурхануў яго локцем Дзімін.— Апраўдваўся, прасіў дараваць. Праўда, усё па-свойму...

Лёдзя і Міхал нахмурыліся. Арына з трывогаю зірнула на дачку. Яўген, які стаяў за бацькам, нецярпліва пераступіў з нагі на нагу.

— Гэта, напэўна, не разумна, тата,— хрыпла сказаў ён.— Але я пакляўся сабе... Калі б з Лёдзяй што здарылася, я забіў бы яго! Цімох таксама амаль такое мне гаварыў... Думаеце, ён не меў рацыі?..

— Апамятайся, сынок, што ты пляцеш!..— усхапілася Арына і абняла Яўгена за плечы, быццам ён збіраўся бегчы за Кашыным.— Хіба можна так?

— Можна! — жорстка кінула Лёдзя і адвяла вочы да сцяны.— Тут справа не толькі ўва мне...

— Усё даруюць,— як і раней хрыпла сказаў Яўген,— але не здзекі з людзей. Вылюдкам не даруюць.

— Пачакай,— перапыніў яго Міхал.— Давай ясней. Калі ты кляўся, значыць, у справядлівасць другіх не верыў. Думаў — ёсць твая і чужая справядлівасць.

— Не, тата, я так не думаў. Проста кіпела нутро.

— І правільна! — зноў згадзілася Лёдзя.— Я таксама не дарую ўжо, калі хто будзе таптаць мае правы. Я не рабыня якая-небудзь.

— Табе, дзяўчынка, галоўнае — зноў шчаслівай стаць,— сказаў Дзімін.— Ведаеш, нядаўна я праходзіў па скверы і дзіва бачыў. Гляджу — на асфальце пухліна і кругом аж патрэскалася. Во сіла, думаю, выпірае з зямлі. Такі пласт падняла і прабівае наскрозь. Што гэта? Прыгледзеўся, ажно адуванчык. Прарасло, аказваецца, гэтакае лёгенькае зярнятка і вунь што зрабіла.

У Лёдзі тарганулася шчака:

— А я і не думала здавацца... Цяпер, прынамсі, ведаю, хто вораг усяму...

— Сёння ў інстытут званіў. Экзамены твае перанеслі на восень. У брыгадзе цябе чакаюць не дачакаюцца. Што яшчэ трэба ў першы час? А нягодніка, не бойся, пакараем і без самасуду... Мо згуляем партыю, Міхале?

Яны перайшлі ў другі пакой, селі за стол.

Расстаўляючы на дошцы фігуры, Міхал уздыхнуў.

— Выбірай,— прапанаваў ён і працягнуў кулакі з заціснутымі ў іх пешкамі.— І ведаеш што? Сяду я за ўспаміны. Няхай не прапаноўваюць, а я сяду. Напішу, што ў вайну бачыў, і здам у Гістпарт. Няхай там не толькі кашынскія дакументы будуць. Бо на нашым з табой сумленні і такія хлопцы, як Алешка. Помніш? Ён яшчэ цябе ў гета да Доры вадзіў і бургамістра пакараў, а дасюль без давер’я жыве... Пара набіраць тэмпы...

Дзімін дакрануўся да яго правага кулака. Міхал разняў пальцы і ўсміхнуўся — выпала гуляць белымі...

2

Дамоў Кашын прыйшоў як хмара. Убачыўшы на вешалцы сынаву пілотку, адвярнуўся. Праўда, той гасціў ужо трэці раз, і адчуванне незвычайнасці прытупілася. Але ўсё-такі госць ёсць госць.

— Сева прыехаў! — думаючы, што муж нічога не заўважыў, радасна паведаміла Тацяна Цімафееўна.— Мыецца. Яму дазволілі пераначаваць у нас.

— Падумаеш, навіна.

— Сева, кажу...

— Ладна, ладна. Адчапіся.

Ён прайшоў да буфета, дастаў графінчык з гарэлкаю, чарку, наліў і, нічога не гаворачы, кульнуў у рот.

Ведаючы, што ў такіх выпадках лепш яго не чапаць, але спадзеючыся, што сын усё злагодзіць, Тацяна Цімафееўна, быццам усё ішло так, як хацелася, гукнула:

— Севачка, тата прыйшоў! Канчай хутчэй.

Сеўка выйшаў з ванны ружовы, з мокрымі, старанна прычэсанымі валасамі, апрануты ў куплены незадоўга да арміі касцюм.

— До-обра! Здорава! — усміхнуўся ён бацьку, упэўнены, што той падзеліць яго радасць.

Але Кашын няпэўна кіўнуў галавою, прайшоў у кухню і доўга, як сам не свой, стаяў, паглядаючы ў цёмнае акно.

— Капут,— вярнуўшыся, сказаў ён, варушачы жаўлакамі.— А за што? Туды іх маць!

— Няўжо іхняе ўзяло? — не надала вялікага значэння яго словам Тацяна Цімафееўна, якая прывыкла, што муж перабольшвае. Заўважыўшы нітку на Севіным пінжаку, паспрабавала зняць яе.— А ты дай ім здачы як след! Няма чаго цырымоніцца.

— Дасі, калі іх цэлая зграя.

— Усё адно!

Жонка і сын успрымалі не так, як таго чакаў Кашын. Гэта падліло масла ў агонь. Твар у яго скрывіўся ад злосці.

— Ды ці разумееш ты, што гаворыш?

Тацяна Цімафееўна ўспыхнула ад нечаканасці, але Сеўка як быў, так і астаўся абыякавы. З кожным прыездам ён спакайнеў, і гэта падабалася Кашыну-старэйшаму. Але цяпер Сеўкіна вытрыманасць проста крыўдзіла.

— А ты чаго маўчыш? — накінуўся ён на сына.— Табе напляваць, што мяне бэсцяць і ўгробіць збіраюцца!

Сеўка пільна паглядзеў на яго і, двойчы дакрануўшыся да матчынай рукі — супакойваючы гэтым яе,— падаўся да дзвярэй.

— Ты заўсёды, бацька, быў жорсткі з людзьмі,— сказаў ён з парога.— Так што цяпер наракай на сябе.

— «Жорсткі», «наракай»! — перадражніў яго Кашын.— Уцякаеш?..

— Не, я хутка вярнуся. Але і тады спачуваць не

буду.

— Ха-ха-ха! — знячэўку заржаў Кашын, трасучы галавою.— Відаць, значок ГПА ужо атрымаў, праўда? Цюцька! Каго ты вучыш?

— Лайся сябе... А я паўтараю, што ніхто цябе гробіць не збіраецца. Не тыя часы. Адбяруць толькі права людзьмі камандаваць. Каб не псаваў жыцця другім. Я хутка, мама...

Ён выйшаў з дома і ў нерашучасці спыніўся ля брамкі.

Ноч была трывожная, з зарніцамі і далёкімі грымотамі. Блакітныя халодныя пошугі палыхалі то тут, то там, асвятляючы клубкаватыя хмары, і кожны раз чамусьці здавалася, што бліскаюць яны па-над хмарамі — угары. Але ветру не было. Таполевыя прысады стаялі маўкліва і толькі матава мігцелі, калі жыхалі бліскавіцы.

У касцюме Сеўка адчуваў сябе вольна, але ніякавата — не ставала рэменя.

Узрушанасць, выкліканая сутычкаю з бацькам, і гэтае адчуванне ніякаватасці прымусілі Сеўку асядзецца. Па ўкаранелай ужо ўнутранай патрэбе ён хацеў быў паправіць гімнасцёрку, узяўся за крыссі пінжака, тузануў іх уніз і насмешліва хмыкнуў. Падумаў: «Дарэмна пераапранаўся». Там, дома, здавалася: скінуўшы, як і раней, вайсковую форму, скіне з сябе і нешта такое, што скоўвае, адчуе сябе незалежна. На хвіліну нават адчуў. А вось выйшаў за брамку і сумеўся — не ставала якраз яе, формы. Убачыўшы ў асветленым акне на фіранцы сілуэт бацькі, які гразіў некаму кулаком, паволі пайшоў уздоўж вуліцы.

Куды ён кіраваўся? Хацелася паблукаць па гарадку, успомніць даўняе, а калі выпадзе — пацвяліцца з дзяўчатамі, паблазнаваць.

Выйшаўшы на Магілёўскую шашу, Сеўка паціху пачаў насвістваць «Ландышы». Ішоў з засунутымі ў кішэню рукамі і з прыемнасцю паглядаў на бакі: усё, што ён бачыў наўкол, не было яму чужым.

Прахожых сустракалася няшмат. Людна аказалася толькі ля аўтобуснага прыпынку, і ён збочыў туды. Абышоў аўтобусы, што чакалі адпраўлення, пасядзеў на лавачцы, назіраючы за людзьмі, і зноў пайшоў па тратуары.

Раю ён заўважыў адразу. Яна толькі што выйшла

з магазіна і, бесклапотна размахваючы гаспадарчай сумкаю, дробененька тупала перад ім. Усё ў дзяўчыне было знаёма Сеўку: і гуллівая хада, і круглявасць плеч, і прывычка высока трымаць галаву ка людзях.

— Рая! — паклікаў Сеўка.

Яна азірнулася, пазнала яго і прыбавіла кроку. Пакрыўджаны яе спалохам, Сеўка ўсё-такі дагнаў дзяўчыну і заступіў дарогу. Прызнаўся сабе, што надзея сустрэць яе, можа, толькі і пагнала на вуліцу.

— Уцякаеш? — ціха спытаўся ён.— Не хочаш гаварыць са мною? Чаму?.. Чаму не адказваеш на пісьмы? Я кампраметую цябе, ці як? Гавары, мне трэба праўда!

Рая хацела абысці яго, але ён не даў ёй зрабіць гэтага.

— А ну, прапусці, калі ласка,— папрасіла яна.

— Навошта? Скажы, навошта? Хіба мы не можам астацца сябрамі?

— Не! — адказала яна.

— Чаму? Я не раўнівы. Гуляй з кім хочаш, пакуль я ў арміі. Вярнуся — разбяромся.

— Твая дружба таксама будзе перашкаджаць мне. У мяне ёсць яшчэ сябры,

— Хто? Яўген? Ужо... Але не думай, калі ён здольны, я, можа быць, таленавіты. Дай толькі службу кончыць.

— Не, не, пусці! Ты абрыд мне! Ты прыносіў мне толькі дрэннае.

Вызваліўшы руку, Рая рванулася і, не аглядаючыся, амаль пабегла, матаючы апушчанай галавою. Сустрэча на самай справе набыла ў яе вачах злавеснае значэнне. Абурыла, спалохала — праз яе яна магла страціць Яўгена! А тут яшчэ з апраметнага чорнага неба ўпалі важкія буйныя кроплі, і наляцеў тугі рэзкі вецер.

 

3

Назаўтра, асабліва апоўдні, было вельмі горача. Цяжкое, спякотнае паветра нібыта замерла. Аднак Рая баялася прысесці на лавачку ў скверыку: адтуль можна было не заўважыць і прапусціць Яўгена. Прыходзілася бясконца шпацыраваць ад будынка інстытута да брамы, увесь час назіраючы за парталам. Па двары сноўдалі студэнты. Заклапочаныя, з кнігамі, з чамаданчыкамі, са скруткамі ватману, калек, яны некуды спяшаліся па сваіх справах, але Раі здавалася: кожны

з іх падазрона паглядае на яе і вось-вось спытаецца, чаго ёй тут трэба. Зрабіўшы выгляд, што ў яе таксама ёсць турботы, яна падышла да блакітнай калясачкі і напілася газіраванай вады. Потым купіла ў кіёску «Комсомольскую правду» і бегла прагледзела яе. Але ўсё гэта даволі-такі стамляла.

«Хоць бы каго знаёмага сустрэць»,— знемагаючы ад спёкі, адчуваючы тут сябе чужой, падумала яна і абмахнулася газетаю.

Убачыўшы Юру, які спускаўся па прыступках партала, узрадаваная Рая ажно кінулася да яго, схапіла за рукаў:

— Юрачка, вось дарэчы!

Ён здзіўлена ўскінуў на яе вочы, потым уцяміў, хто перад ім, і кіўнуў галавою:

— Прывітанне! Ты чаго тут?

Рая сумелася.

— Я чакаю Яўгена. Ён абараняе дыпломны праект. Ты не ведаеш, яны хутка?

— Не,— буркнуў Юра.

— Як у вас стала хораша! Паверыш, я не была тут два гады. І ліпы, і дарожкі, і газоны — усё-ўсё стала нейкае інакшае. Так? Па-мойму, і статуі папрыгажэлі.

Яна меркавала, гэта будзе прыемна Юру, дый самой, пакуль не стамілася ад чакання, усё тут падабалася. Але Юра зняважліва адмахнуўся і заспяшаўся: яму зусім не хацелася сустракацца з Яўгенам.

— Куды ты? — асмялела Рая, забягаючы наперад.— Мне няёмка адной тут, пабудзь са мною. Кажуць, вы на практыку хутка. Так? Да нас, на аўтамабільны?

— Гледзячы хто... Я, напрыклад, у Горкі...— прамямліў Юра, азіраючыся на партал і разглядаючы калоны.

Рая раптам зразумела прычыны яго адчужанасці, жаданне пайсці, і ёй зрабілася няёмка.

«Вечна ўліпну, дурніца!»

Яе збянтэжанасць была такая красамоўная, што Юра пачырванеў таксама. Яго раскусілі. І хто?

— З Сеўкам даўно сустракалася? — знайшоў чым адпомсціць ён.

— Учора... А што? Чаго ты ўсміхаешся?

— Так проста. Дзіўна часам атрымліваецца. Значыць, Шарупіч ужо? Хутка. Можа, і на сярэбранае вяселле запрасілі? Але ці надоўга?..

На прыступках партала з’явіліся Яўген з Цімохам, Юра заўважыў іх, уцяў галаву ў плечы і, праглынуўшы апошняе слова, хутка падаўся да брамы.

— Ты? Тут? — падбег Яўген.— Даўно чакаеш? Мяне? Што з табой?

Ён адсалютаваў Цімоху, узяў яе пад руку і, заглядаючы ў твар, павёў з інстытуцкага двара.

У тралейбус не садзіліся і моўчкі пайшлі па праспекце. Мінулі доўгі, бадай што на паўквартала студэнцкі інтэрнат, і толькі тады Яўген зноў паўтарыў сваё пытанне: «Што з табой?»

Дасюль яны не гаварылі пра свае адносіны. Перашкаджаў Сеўкін цень, які як бы лунаў над імі. Ім было хораша разам, і яны жылі гэтым. Але сёння, пасля сустрэчы з Сеўкам, Рая ўясо баялася маўчаць. Думкі, што мучылі яе ўначы, прымушалі ўжыць нейкія захады. Дый абставіны, у якіх яна знаходзілася, патрабавалі тлумачэнняў, прымусілі прыйсці сюды.

— Я сустрэла... Юрку,— прызналася Рал.—Ёд спрабаваў здзекавацца... Пытаўся... ці сустракаюся

з Кашыным. Намякаў...

Ёй з цяжкасцю давалася кожнае слова і рабілася ўсё цяжэй ад таго, што Яўген замкнуўся. Але, чамусьці верачы, што пасля гэтага будзе абавязкова лягчэй і лепей, яна перасіліла сябе.

— Табе трэба, каб я пакаялася? Так? Ну добра, я каюся. Каюся! І клянуся, што цяпер я рабіла б толькі, як падабаецца табе! Павер, я бавіла з Кашыным час, патакала, падраблялася пад яго, але ніколі не кахала... Можа быць, нават гэта быў нейкі бунт на каленях...

Што мог адказаць ёй Яўген? Прымірыцца з пачутым, прыняць яго вось так адразу — было вышэй яго сіл, хоць і дагэтуль ён ведаў усё. Пэўна, ведаць самому і пачуць гэта як прызнанне ад чалавека, які становіцца табе дарагім, не адно і тое ж. Але разам з гэтым у ім расло жаданне супакоіць Раю, памагчы ёй у нечым.

Дзяўчына адчула яго імкненне.

— Усё гэта прайшло, Жэня... Было і сплыло. І зараз у мяне няма даражэйшага за цябе...

Жаль і любоў жывуць недзе блізка. Яўгену неспадзеўкі стала вельмі шкада Раю. Нават здалося, што ён даўно кахае і шкадуе яе. Магчыма, нават з дзяцінства, з вайны, калі яна маленькай дзяўчынкаю жыла ў іх. Успомнілася, як аднойчы нарваў у суседзяў кветак і падарыў ёй. Яна, безумоўна, нічога не зразумела тады і пачала абрываць пялёсткі, але яму ўсё роўна было радасна і добра...

Магчыма, у свой час будзе не так, аднак пакуль што ў пачуццях людзей шмат міжвольнага, непадуладнага ні логіцы, ні розуму. Нахіліўшыся, Яўген губамі прыпаў да Раінай рукі і прайшоў так некалькі крокаў, убіраючы яе цеплыню і адчуваючы палёгку.

4

Яны развіталіся на лесвіцы і пазванілі адначасова, смеючыся з таго, што разумеюць адно аднаго і абыходзяцца без слоў. Званкі пачуліся адразу ў абедзвюх кватэрах, і гэта таксама выклікала смех.

Дома Яўгена сустрэлі знаёмыя перадсвяточныя клопаты. Маці ў фартуху, у касынцы з такой жа вясёленькай крамніны насіла з кухні ў буфет варанае і смажанае. Лёдзя — таксма ў фартушку і касынцы — гатавала студзіну. Толькі хустка ў яе была павязана на патыліцы, а ў маці — ражкамі на лбе. Але выглядалі яны вельмі падобнымі, і гэта спадабалася Яўгену.

Спыніўшыся ў кухонных дзвярах, ён удыхнуў смачны пах і праглынуў сліну. Яму раптам дужа захацелася есці.

— Ці не дасцё замарыць чарвяка? — спытаўся ён, не крыўдуючы, што маці і сястра не асабліва звяртаюць на яго ўвагу.— Я мо сёння таксама імяніннік.

— Ну, хваліся,— сказала Арына, паставіўшы назад на пліту блюда з румяным, адмыслова аздобленым парасём.

Ён ведаў, што маці неахвотна дае есці ў такіх выпадках, шкадуе пачынаць прыгатаваныя ласункі, знаходзіць прычыны, каб адцягнуць снеданне або абед, і таму дыпламатычна перапытаў:

— А дасцё чаго-небудзь?

— Зараз бацька прыйдзе, тады ўжо.

— Ну і я тады ўжо...

Але яго самога распірала жаданне расказаць пра абарону дыплома. Яна прайшла добра. Нават Докін, заўсёды пахмуры, стрыманы, расчуліўся і павіншаваў яго. Дый наогул не маўчалася.

— З чаго ж загадаеце пачынаць? — сказаў ён, усміхаючыся, быццам збіраўся гаварыць не ўсё.— Днямі атрымаю дыплом, і канец! — І пачаў расказваць усё па парадку.

Лёдзя ачышчала мяса ад костак і драбніла яго секачом. Не гледзячы на брата, яна ўважліва слухала, але ў той жа час як бы прыслухоўвалася да сябе. І Яўгену здавалася, што сястра цешыцца і ягоным поспехам і тым, што чуе ў сабе.

«Ачуньвае. Вось добра, каб так было...» — думаў Яўген, назіраючы за Лёдзяй — схуднелай і яшчэ больш зграбнай. І твар яе здаўся Яўгену больш строга акрэсленым і не такім, як раней, адкрытым.

Некалі яна любіла заглядваць у чужыя вокны. Учора вечарам Яўген застаў яе на бульвары за гэтым заняткам. Узабраўшыся на лаўку, Лёдзя глядзела на рады светлых акон суседняга дома. Убачыць многа яна не магла. Парцьеры, фіранкі, карціны на сценах, абажуры пад столлю, часам саміх гаспадароў — і ўсё,

Але яна глядзела без стомы, як зачараваная, і нешта думала, думала.

«Ажывае. У сябе прыходзіць»,— канчаткова парашыў Яўген, нагадаўшы гэта.

Тое, што адкрыў адзін чалавек, неяк перадаецца другому. Арына пацалавала Лёдзю ў галаву і велікадушна дазволіла:

— Дай гэтаму папрашайку што-небудзь, Лядок! Бачыш, як ён глядзіць на цябе?.. А ты папраўляешся, дачушка!..

— Сурочыце, мама,— засмяяўся Яўген, успамінаючы, як развітваўся з Раяй.

Ён не паспеў узяцца за маслак, які, не шкадуючы, выбрала яму Лёдзя, як заявіўся Міхал.

Усе перайшлі ў сталовую.

Трымаючы на выцягнутых руках перавязаны вузкай стужкаю пакунак, Міхал сказаў:

— Гэта, маці, табе. Лепей позна, чым ніколі. Памятаеш, абяцаў, калі з Масквы вярнуўся. А сабраўся толькі цяпер. Але лакірак твайго размеру не собіла знайсці. Так што даруй.

— На трактарны трэба было з’ездзіць,— падказала Лёдзя.

— І там няма. А цябе, сын, бачу, можна таксама павіншаваць.

Арына недаверліва разгарнула пакунак, выняла з яго кашміровую хустку, накінула на плечы.

— Добра, што не забыўся, Міша. Дзякую.

Яна плаўна павярнулася кругом, даючы ўсім агледзець сябе, і ўзялася ў бакі. Бачачы, што ёю любуюцца, варухнула плячом, горда ўскінула галаву і, красуючыся, прайшлася, як у танцы.

— Мама! — захоплена выгукнула Лёдзя.

Арына ж, гледзячы зіхотнымі вачыма на мужа, прытупнула нагою і, яшчэ больш заважнічаўшы, зноў варухнула плячом і паплыла па пакоі.

— Авохці мне! — спахапілася яна, зрабіўшы круг.— Мы ж, Лядок, яшчэ студзіну не разлівалі. Во галава! Хадзем хутчэй!

Яўген з Міхалам падаліся былі следам, але Арына запратэставала:

— Лепш радыёлу ад Дзіміных прынясіце! І воцату трэба купіць. Заўсёды што-небудзь забудзешся...

— Табе, маці, адпачыць бы не пашкодзіла перад вечарам,— сказаў Міхал.— Дваццаць пяць год з табой пражылі, і цяпер у мяне задача, каб ты два разы па столькі яшчэ пражыла. А па воцат я схаджу.— І ўзяў шапку.

Але як толькі ён ступіў на тратуар, да яго падбегла Комлічыха — у скамечаным плацці, у неахайна завязанай хустцы, з-пад якой выбіваліся нерасчасаныя валасы. Яна схапіла Міхала за пінжак, здрыганулася і заплакала голасна, наўзрыд.

— Ратуйце, дзядзька!..

Да Міхала цяпер шмат хто звяртаўся — з просьбамі, парадамі, скаргамі. Але ўсё роўна дзіўна было чуць на вуліцы, ды яшчэ ад рослай мажной жанчыны, якая, быццам напаказ, несла сваю грудастую, з шырачэзнымі клубамі постаць. Ды ў жанчын, мусіць, ёсць нейкая сіла, якая робіць іх прыгожымі, прыстойнымі. У роспачы ж гэтая сіла часта прападае, і тады ўжо няма ў жанчынах, асабліва пажылых, ні прыстойнасці, ні красы. Так было і з Комлічыхай. Яна плакала, і цела яе трэслася, як кісель. Яна смаркалася ў хустку, ёю ж выцірала твар. Нос і шчокі ў яе прыпухлі і як бы расплыліся, вочы выцвілі.

Гісторыя з Лёдзяй зрабіла Міхала шмат у чым сентыментальным. Але гора Комлічыхі толькі здзівіла яго. Счакаўшы, пакуль яна чуць паспакайнее, ён прапанаваў зайсці ў дом, але тая замахала рукамі: відаць, саромелася Арыны.

— Я бачыла, як вы дамоў ішлі, ды не ўправілася,— прызналася яна.— Пільную з таго часу...

— З Іванам не паладзілі, ці што? — спытаўся Міхал, упэўнены, што так яно і ёсць.

Комлічыха кіўнула, памаўчала і ўсхліпнула зноў — так, быццам ікнула: яна ўжо збіралася з новымі думкамі, а душа ў яе яшчэ плакала.

— Ён і раней, калі п’яны прыходзіў, з кулакамі кідаўся,— пачала яна сыпаць скорагаворкаю.— Праўда, часам і разам пілі з ім. Але ўсё роўна канчалася бойкаю... А пра дачку і гаварыць няма чаго. Дармаедкай адно і называе. А яна ж дзіця горкае, сірата няшчасная! Сёлета толькі школу канчае, а за работай свету не бачыць. На мяне таксама не глядзіце — падарвалася ўжо я, нічога падымаць не магу. Лес на дом вазілі, дык усё пад камель ставіў. А калі будаваліся — сам больш пакурваў, а я варочала. Яму, кажа, яшчэ на за-

водзе працаваць трэба... І швейную машыну маю прадаў, і даччын гадзіннік — бацькаву памяць — спусціў. А цяпер, бач, мы яму не патрэбныя. Праўда, пасля, як вы заходзілі, палепшаў чутачку. Ды потым ізноў за сваё ўзяўся.

Міхал паглядзеў на цікаўных прахожых і не зусім прыхільна напомніў:

— Раней вы пра гэта не вельмі расказвалі.

— Не магла я нагаворваць, як другія, на свайго. Не люблю, калі хто блізкага чалавека ганіць. Навошта жыць тады разам? А цяпер сіл маіх няма. Гэта ж як у яго? Запалку на чатыры часткі расшчэпіць, а літр за адзін раз выжлукціць, і не шкада. А сёння схапіў сякеру, пасек даччыны сукенкі і выгнаў нас абедзвюх з дому. На двор і то не пускае.

— Ну ладна. Супакойцеся, прыдумаем што-небудзь,— паабяцаў Міхал.— А ну ж і абыдзецца. Чалавек жа ён. Хоць, кажучы шчыра, я сам не пазнаю яго.

— Сходзім да нас, дзядзька, хоць пакажыцеся. Ён толькі аднаго вас і паслухаецца цяпер.

Міхал зірнуў на вокны сваёй кватэры, потым на Комлічыху і моўчкі падаўся за ёй.

5

Яны сталі ў канцы даўжэзнага стала побач, як маладажоны. Лёдзя ўгаворвала маці надзець белае плацце. «Белы колер, мамачка, самы чысты, прыгожы. І кветкі і адзенне — усё...» — пераконвала Лёдзя, але Арына чамусьці заўпарцілася, нават трохі пакрыўдзілася і надзела сіні любімы касцюм — клёшную спадніцу з махрамі замест кітаек і кароткі пінжачок з буфамі і вузкім рукавом, які аблягаў запясце. Аднак і ў ім яна выглядала маладой, зграбнай, сама адчувала гэта і ажно свяцілася ад шчасця. Міхал, паголены і падстрыжаны ўсяго за гадзіну дагэтуль, быў у новым касцюме, пры гальштуку, з ордэнскімі планкамі і дэпутацкім значком. Выгляд ён меў урачысты, бравы і ўсміхаўся толькі, калі сустракаўся з жончыным позіркам.

Каб не турбаваць Арыны, частаваць гасцей і падаваць закуску даручылі Лёдзі з Кіраю. Але рабіць ім спачатку не было чаго — стол ламаўся ад усякай усячыны,— і яны стаялі ўбаку.

Шоргаючы крэсламі і табурэтамі, госці няспешліва рассаджваліся, весела паглядаючы на Арыну, на Міхала, перакідваліся стрыманымі жартамі.

Калі ўсе занялі месцы, села Арына. Стаяць застаўся адзін Міхал, і гэта было як бы знакам: усе прыціхлі.

— Сябры! усхвалявана прамовіў Міхал.— Прашу частавацца. І яшчэ, калі ласка, прашу, як кажуць, падняць чаркі. Мне б хацелася першую выпіць за нашых жанчын. Усякага давялося мне пабачыць са сваёй, але шчыра кажу — Іў нягодах, і ў радасцях разам пачувалася лепей. Далібог!

Госці запляскалі ў далоні. І хоць ніхто яшчэ не выпіў, нацягнутая ўрачыстасць парвалася, і ўсе сталі адчуваць сябе вальней.

Задзынкалі чаркі.

Паглядаючы на Міхала знізу ўверх, Арына неяк вельмі асцярожна чокнулася з ім, выпіла і ўзмахнула чаркаю, нібыта выплёхвала рэшту ўгору.

— Горка! — пачуліся галасы.— Горка!

Арына сарамліва выцерла хустачкаю вусны і замерла, апусціўшы рукі. Міхал узяў яе за плечы і пацалаваў. І тое, што яна не гарнулася да яго, а даверліва чакала, калі ён пацалуе, і нават, быццам затужыўшы, заплюшчыла вочы, гаварыла, што ў гэты момант ёй большага не трэба.

Лёдзя назірала за маці і, прыціскаючы да сябе Кіру, паўтарала:

— Ты глядзі, Юрачка! Глядзі!

Побач з шыракаплечым белазубым бацькам маці здавалася мініяцюрнай, і годнасцю, ціхай радасцю дыхаў яе твар.

— Ты глядзі, Юрачка! Глядзі!

Лёдзя сама неяк па-новаму адчувала сябе. Яна абдымала сяброўку і хвалявалася, адчуваючы пругкасць сваіх грудзей, радасную сілу ў сваіх руках. Гэта хваляванне наплывала на яе, як прадчуванне добрага, як вера, што і яе чакае нешта светлае, хоць смутак не-не дый закрадаўся ў сэрца. Яна старалася ўцяміць — чаго гэта? Але ніяк не паспявала. Дый смутак быў асаблівы: прымушаў задумвацца аб сабе, аб другіх. Пераняўшы позірк Кіры, якая глядзела на Пракопа, упэўненая, што сяброўка і зараз будзе адкрытай, Лёдзя спыталася:

— Ён ужо прызнаваўся табе?

— Не,— ледзь чутна адказала Кіра.

— Чаму?

— Мы ведаем і так...

— Усё роўна гэтыя словы трэба сказаць. Ты прымусь яго, ён, пэўна, не разумее.

— Добра,— паабяцала Кіра і, здаецца, перастала дыхаць.

— Ты, Юрачка, будзеш шчаслівая.

— Думаеш?

— Вельмі добра і хораша пачалося ў Бас. Гэта важна, вельмі важна...

— Праўда? — радасна спыталася Кіра, якой не хацелася, каб размова скончылася.

Расчырванеўшыся, Арына села. Міхал палажыў ёй руку на плячо. Яму карцела гаварыць далей: абуджаная хваляваннем памяць прагла слоў. «Колькі перажыта, і ўсё разам! Аднае вайны хапіла б... Мінск, партызанскі лес, Урал...»

— Не трэба, Міша,— апярэдзіла яго Арына, угадваючы мужавы думкі.— Няхай другія...

— Шо-шо?.. Я толькі пра падполле, маці. Няхай моладзь паслухае. Яна якраз цяпер, як пішуць, паглыбленым самапазнаннем займаецца.

— Потым, Міша!..

Весці рэй даручылі Дзіміну, і бяседа зашумела, як шуміць яна, калі ёсць юбіляры, аматары тостаў і людзі, якія паважаюць гаспадароў і сябе. Праўда, слухалі адзін аднаго не дужа, кожны больш стараўся, каб на яго звярнулі ўвагу Арына і Міхал.

— Цётка Арына! — галасней, чым трэба, выгукнуў Пракоп, ледзь дачакаўшыся, калі гаспадароў скончыць вітаць стары Варакса, якому далі слова ўслед за Міхалам.— Мы вас паважаем, цэнім! Таму просім прыняць наш падарунак. На прэмію купілі!

Ён і Трахім Дубовік вылезлі з-за стала і вярнуліся з вялікім кошыкам кветак.

Арыне апладзіравалі, а яна кланялася, прыгубляючы чарку.

— За тваё здароўе, Сяргеевіч! — забываючыся на тамаду, крычаў Міхалу зменшчык — напорысты, хуткі Баш, і Дзімін знакам паказаў прамоўцу, якому толькі што даў слова, каб той пачакаў.

Пракоп шчыра зычыў дабра Шарупічам, усе тосты здаваліся яму цудоўнымі, і ён захмялеў. Свет, людзі сталі даражэйшыя. Падняўшы чарку, усміхаючыся Кіры закаханымі вачыма, ён пачаў прабірацца да Міхала па вузкім праходзе паміж спінкамі крэслаў і сцяною. А дабраўшыся, пачаў прызнавацца ў любві.

— Не чуваць! Галасней! — загаманілі за сталом.

Кіра, якая не спускала з Пракопа вачэй, хуценька

зняла фартух, запусціла радыёлу і па-свойску падышла да яго.

— Можа быць, уступіш мне? Я за цябе вып’ю. А? — спыталася яна.

Пракоп папярхнуўся, пакорліва аддаў чарку, і Кіра, імгненна ператварыўшыся ў хітрую вопытную жанчыну, чокнулася з гаспадарамі. Потым — быццам гэта было дамоўлена загадзя — яны ўзяліся за рукі і пайшлі танцаваць.

За імі рушылі другія, і неўзабаве некалькі пар ужо вальсіравала. Стала цесна, але Пракоп з Кіраю, спрытна лавіруючы, кружыліся свабодна, пекна, нібыта ў прасторнай зале.

— Галава не баліць? — на вуха спыталася Кіра.

— Не.

— Ніколечкі?

— Не.

Вочы ў яе касілі больш, чым звычайна, але гэта здавалася Пракопу самым мілым, дарагім ва ўсім яе вобліку. Зараз ён аддаў бы жыццё за гэтыя любыя, чуць раскосыя вочы.

— Кіруха! — шапнуў ён, схіляючыся да яе паружавелага вуха.

Вейкі ў Кіры ўздрыгануліся, і яна заморгала, як перад плачам.

— Што? — таксама шэптам спыталася яна, танцуючы ўжо на дыбачках.— Што? Ну, гавары. Пракоп, мілы, гавары!

— Я кахаю цябе.

— І я, Пракоп!..

Бяседа за сталом распалася. Хто наліваў сабе новую чарку, хто закусваў, хто вёў размову з суседзямі. Патрэба ў тамадзе адпала, і Дзімін, адпачываючы, аглядаў прысутных. Гэта было цікава: што ні чалавек — то сваё. Знатная стрыжняўшчыца Зубкова — паўнацелая русая красуня, якая нядаўна перайшла з перадавой брыгады ў адстаючую,— сядзела, як на троне, і са спакойнай уважлівасцю слухала Ваша, які, трохі рысуючыся, энергічна жэстыкуляваў і ў нечым пераконваў яе. Рая і Яўген, адсунуўшыся ад стала і схіліўшыся блізка адно да аднаго, аб нечым мірна шушукаліся. Механік Аляксееў, застаўшыся адзін і не ведаючы, што рабіць, устаў. Выме з кішэні партсігар, возьме папяросу, пастукае мунштуком па ім, але тут жа спахопіцца і схавае назад.

— Табе сумна? — звярнуўся Дзімін да жонкі, з якой дасюль амаль не меў магчымасці перакінуцца словам.

Але Дора была здаволена мужам, усім, што адбывалася наўкол. На душы ў яе было лёгка, хацелася танцаваць. Ды ніхто з моладзі не адважваўся яе запрасіць.

— Знайдзі мне кавалера, Пеця, калі сам не ўмееш,— папрасіла яна, адчуваючы сябе прыгожай.— Або і ў гэтым што-небудзь адмоўнае ўбачыш? Але ўлічы, у пераможцах усё-такі я!

— Помсцяць звычайна вінаватыя.

— Маўчы ўжо. Я добрая сёння...

Перагаварыўшы з Трахімам Дубовікам, Дзімін

узяў у жонкі сумачку і праводзіў іх вачыма. У новым малінавым плацці, што хораша аблягала яе постаць, Дора здалася яму прывабнейшай, зграбнейшай за ўсіх. Доўгі нехлямяжы зборшчык, саромеючыся свайго росту, сутуліўся, але танцавалі яны добра, і Дзімін накіраваўся да Міхала.

— Вось дарэчы. Скажы і яму, калі ласка,— няголасна папрасіў той Аляксеева, які стаяў побач, схіліўшыся над спінкаю крэсла.

З вінаватай просьбай механік ускінуў на Дзіміна вочы і затупаў на месцы.

— Пра Кашына? — спытаўся Дзімін.

— Ага, таварыш сакратар. А што, позна?

— Пазнавата, вядома.

— Ды ўсё думалася, што на карысць справы на тармазах спусціце...

Аляксееў зазнаў, пагладзіў паясніцу, выпрастаўся і, не знаходзячы, пра што яшчэ гаварыць, сабраўся адысці. Але Міхал прытрымаў яго:

— Пачакай, не спяшайся. Тваё прызнанне табе самому патрэбна.

— Слабая ўцеха.

— О не-э!

— Божухна! Пагаворыце пра гэта заўтра, мужчыНы,— спыніла іх Арына.— Нам хоць маленька ўвагі ўдзяліце. Раней, праўда, бабы адзін толькі раз у гаду людзьмі былі — калі жыта жалі. Успомніце, як гаварылі: «Бабы бульбу капаюць», «Бабы пайшлі лён слаць». І толькі «Людзі пачалі жыта жаць». Ды не тыя часы ўжо... Давайце патанцуем, механік!

— Польку-трасуху! — пачуліся галасы.— Польку!

 

РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
1

 

Апошнія два дні для Сасноўскага асабліва былі горкія.

Дамоў ён стараўся не заязджаць, жыў на дачы — адсюль ехаў на работу. Але туга па Веры не пакідала яго. І хоць ніводнай жончынай рэчы тут не аставалася, усё напамінала аб ёй — і больш за ўсё дочкі.

Вера як бы жыла ў дзяўчынках. Нават почырк у Леначкі і Соні быў аднолькавы — яе. Іхнія ўяўленні, густы і схільнасці таксама нагадвалі Верыны. Яны крыўдавалі, як маці; як яна, адчужана змаўкалі і замыкаліся. Так жа расцвіталі, калі што-небудзь ім падабалася. І гэта не дзіва: Вера нават на прагулках прымушала іх бачыць так, як бачыла сама,— неба, лес, іхняе хараство. Аднойчы, каб дочкі адчулі, што за цуд язда на возе сена, яна папрасіла калгасніка, які праязджаў міма дачы, пасадзіць іх на воз і потым бегла ўслед з паўкіламетра. Вядома, такое не магло не пакінуць следу...

Перабраўшыся на дачу, як толькі дзяцей адпусцілі на канікулы, Сасноўскі пастараўся паглыбіцца ў дачныя клопаты. Не шкадуючы часу, ён абклаў дзёрнам броўкі, пасыпаў сцежкі пяском. Прывёў у парадак кветнік, расстараўся ў аранжарэі дзве пальмы-латані, якія так любіла Вера, многа корпаўся ў садзе, у агародзе. Сам палоў клубніку, паліваў высаджаную расаду, наглядаў за прышчэпленымі ўвосень дрэўцамі. Пасля пачаў нарыхтоўваць матэрыял на мансарду, аб якой некалі марыла Вера,— адтуль было б відаць мора.

У гаспадарчых клопатах прытуплялася гора, прыемна было рабіць тое, што пачала або збіралася пачаць жонка. Сасноўскі нават стаў знаходзіць у гэтым горкую ўцеху. Але паехаў на практыку Юра, захварэла Леначка, і рана адкрылася зноў.

Не абышлося тут і без Дзіміна. Заехаўшы ўчора, ён агледзеў уладанні Сасноўскага і не стрываў.

— Ты што, інтэлектуал, збіраешся адгарадзіцца ад усяго свету, ці што? Сам, мусіць, ужо дачы не абагуліш, як кажуць. Трэба спецыяльнае ўказанне. Так? Нават, можа, апасаешся яго.

Сасноўскі пакрыўдзіўся, але выгляду не паказаў.

— Старая пагудка на новы лад. Знаёма, Пятро. Хто сказаў, што непрыстойна думаць аб сабе і бедаваць, калі горка? Паміж іншым, калі хочаш, кожны гэтым грашыць, толькі за высокія фразы хаваецца. Воленсноленс, так сказаць.

— Значыць, цяпер ужо — няхай жыве дабрабыт?

— Нядаўна адзін бельгійскі агітпопік напісаў кнігу. Высвятляе, навошта жывуць людзі,— робячыся гаваркім ад жадання пярэчыць, паказаў Сасноўскі на кніжную паліцу.— І ведаеш, да якіх высноў ён прыйшоў? Чалавек, маўляў, наогул дарэмна рыпаецца. Усё роўна ісціны сэнс жыцця ў пакутах, у любві да іх. Чалавек, маўляў, па сваёй прыродзе асуджаны на мукі і ўрэшце прывыкае да іх. Надыходзіць, маўляў, час, калі ён наогул не будзе прасіць у бога шчасця. Навошта яно?.. Ты гэта хочаш сёння прапаведваць?

— Зусім не... Але калі б людзі не баяліся гора, яны смялей крочылі б па зямлі. А вось ты...

— Мне жыць няміла!

— А ты пачынаеш, па-мойму, любіць сваё гора. Не рабі вялікія вочы, ёсць такія хворыя, улюбёныя ва ўласную хваробу. Служаць ёй, дагаджаюць. Лечацца, а самі не жадаюць з ёй развітвацца.

Дзімін сказаў гэта рэзка і адсунуў вазачку з духмянай клубнікаю, яшчэ цёплай ад сонца. І тое, што ён адсунуў вазачку, пакрыўдзіла Сасноўскага не менш, чым яго абвінавачванне.

— Яшчэ чым пачастуеш? У якіх злачынствах абвінаваціш? — скрыжаваў ён рукі на грудзях.— Але прашу: май на ўсякі выпадак на ўвазе, я на заводзе раблю ўсё, што патрабуецца.

— Як сказаць...

Дзімін яшчэ далей адсунуў вазачку і ўстаў. І толькі, калі Сасноўскі, страціўшы нечакана сваю непрыступнасць, пачаў прасіць яго трошкі пачакаць, зноў сеў.

...У думках спрачаючыся з ім, даводзячы сваю невінаватасць і права быць чалавекам — проста чалавекам! — Сасноўскі не спаў бадай што ўсю ноч. Але, як ні пераконваў Дзіміна і сябе, было відочна: успаміны аб Веры грузам вісяць на ім, некуды цягнуць — учэпістыя, настойлівыя, балючыя. Выходзіла так: Вера жыла ў ім, як і ў дочках. А галоўнае — улада яе перашкаджала жыць. Станавілася ясна: пакуль Максім Сцяпанавіч не вырвецца з-пад гэтай улады, ён будзе заставацца ў палоне гора і мінулага.

Значыць, яму трэба забыцца на Веру. Абсалютна забыцца... Але пры чым тут работа, ён усё-такі не разумеў Дзіміна.

Назаўтра па справе Кашына, які апеліраваў у гарком, на завод прыехаў Кавалеўскі. Пагутарыўшы ў партыйным камітэце з Міхалам Шарупічам, Дзімінай, з Пракопам і Аляксеевым, ён накіраваўся ў цэхі. Пабываў у ліцейным, потым у цэху шасі, у эксперыментальным.

Тлумачачы, як яны працуюць, насуплены і пакрыўджаны,— Кавалеўскі таксама нібы ігнараваў, што яму цяжка,— Максім Сцяпанавіч усё ж заўважыў: вядомыя факты пры сакратару гаркома яму самому здаюцца больш значнымі, па-новаму раскрываецца іх сэнс. Нарадзілася трывога, а з ёй яшчэ большая крыўда.

«Чаго добрага — прыклеюць ярлык, і, як водзіцца, надоўга. І што б потым ні рабілі, як бы ні працавалі, нічога не паможа»,— падумаў Сасноўскі і, каб згладзіць не асабліва добрае ўражанне, якое, напэўна, складвалася ў Кавалеўскага, загаварыў аб тым, чым можна было пахваліцца:

— З пачатку года мы ўкаранілі ў вытворчасць больш за дваццаць тэхнічных удасканаленняў.

— Чыіх? — не падымаючы апушчанай галавы, але ўважліва, збоку паглядзеў на яго Кавалеўскі.

— Масквічоў, яраслаўцаў. Днямі нашы ліцейшчыкі едуць у Горкі...

— Гэта нядрэнна,— перашкодзіў яму далей расказваць Кавалеўскі: кашынская справа, безумоўна, насцярожыла яго.— Але складваецца ўражанне, што чужы вопыт у вас — як той шчыт. Ці не страхуецеся вы ім?

— Мы мяркуем арганізаваць інстытут перадавых метадаў працы.

— І гэта цудоўна. Але ці не забываецеся вы, дзеля чаго ўсё гэта робіцца, Максім Сцяпанавіч?

— Вы маеце на ўвазе план? — спытаўся Сасноўскі

і ўраз раскаяўся.

— Не. Я меў на ўвазе вынікі вашай працы. Аўтамабілі. Ці на сучасным яны ўзроўні. Помніце выстаўку ў Маскве? Таблічкі на «МАЗах»: «Устарэлая мадэль 1947 года»? Точна?

«План! Так бы зразумеў пытанне і Кашын... Дурнею бязбожна! — вылаяў сябе Сасноўскі.— Дый Кашын знайшоў бы ў сабе розуму прамаўчаць, даць Кавалеўскаму выказацца больш пэўна і ніколі не забягаў бы гэткім пеўнікам наперад... Што са мной?..»

Успомнілася размова з шафёрам новага самазвала на вуліцы, яго безнадзейны жэст. І правільна — графік тэхналагічнай падрыхтоўкі «МАЗ-500» і «МАЗ-бОЗ» зрываецца. Служба галоўнага металурга і цэх спецліцця не забяспечваюць выраб літых дэталяў для вопытных машын. «Няўжо даведаўся і аб гэтым?..» Галоўны канструктар нават не патрабуе ад начальніка эксперыментальнага цэха паскарэння даводачных работ па выдадзеных чарцяжах... «Ды што пералічваць! Запусціў, недаравальна запусціў!..» І ўсё-такі Сасноўскі парашыў за лепшае запярэчыць Кавалеўскаму:

— У нас яшчэ паўтара года ёсць, таварыш сакратар.

Яго апраўданне зусім не спадабалася Кавалеўскаму.

— Паўтара года! Вы самі не горш за мяне ведаеце, што гэта мала для даводкі і падрыхтоўкі такіх новых машын да вытворчасці.

— Гэтае пытанне мы абавязкова абмяркуем на парткоме,— умяшаўся Дзімін, выручаючы Сасноўскага.

Кавалеўскі ўсміхнуўся.

— Ты выкруціўся больш удала...

Паехаў ён нечакана, і нешта недагаварыўшы, паабяцаў праз дзень-два заглянуць зноў.

Насуперак заведзенаму парадку, прыгнечаны Сасноўскі не адразу паехаў на дачу, а папрасіў Федзю завярнуць дамоў. Навошта? Ён і сам не адказаў бы.

Хутчэй за ўсё, яго проста пацягнула схавацца там ад

непрыемнасцей.

Адчыніўшы дзверы, замкнутыя на два замкі — французскі і просты, ён прайшоў у гасціную. На мэблі, на падаконніках ляжаў сухі попельны пыл. Сасноўскі правёў па спінцы бліжэйшага крэсла пальцам і доўга разглядаў яго. Пыл напомніў аб кветках, і ён пачаў аглядаць іх. Зямля ў вазонах патрэскалася.

Знайшоўшы конаўку, якой Вера палівала кветкі, Сасноўскі падаўся на кухню. Адкруціў запылены кран, не зусім верачы, што пацячэ вада. Але яна пацякла, як і раней, і гэта нават здзівіла.

Сам не свой, Сасноўскі так паліваў кветкі, што вада, напоўнішы талерачкі пад вазонамі, пацякла на падлогу. А ён усё хадзіў з пакоя ў пакой, і паліваў, паліваў.

2

Сасноўскі хваравіта перамагаў непрыемнасці, відаць, таму, што часта і многа думаў аб расплаце, аб пакаранні.

Вярнуўшыся пад вечар на дачу, ён прымусіў сябе распытаць работніцу, што было без яго, пасядзеў ля хворай Леначкі, але пасля гэтага адразу зачыніўся ў кабінеце.

Што магло пагражаць яму цяпер? Такое пытанне паўстала перад ім, як і заўсёды, калі ён адчуваў віну ці нехта быў нездаволены ім. З прыкрасцю Сасноўскі перабраў у памяці апошнія падзеі. Здаецца, фактаў, што сведчылі б супроць яго, было малавата, каб рабіць арганізацыйныя вывады, але зусім даволі, каб пахіснуць яго аўтарытэт. Тым больш не за гарамі перавыбары. Не хацелася і ўяўляць, што будзе, калі праваляць яго кандыдатуру ў партком і на раённую канферэнцыю.

Недавер’е — страшная рэч. І гора таму, хто ўсвядоміць гэта позна, калі паміж ім і людзьмі яно вырасце сцяною. Здаецца — ну што за бяда, калі ты не будзеш удзельнікам партыйнай канферэнцыі? Работы хапае і без таго. А выходзіць — бяда! Ты нечага не будзеш ведаць, не пабудзеш сярод знаёмых людзей, а значыць, парвуцца некаторыя сувязі з імі. У цябе адбяруць нейкае дадатковае права. І з гэтым нічога не зробіш. Ні пярэчанні, ні скаргі твае нічога не памогуць. Дый каму ты будзеш адрасаваць іх, на каго будзеш скардзіцца, каго абвінавачваць? Не выбралі — і ўсё! Але найбольш балюча ўсведамляць, што раней ты вытрымліваў такое выпрабаванне, а цяпер — не! Тое дадатковае права, якое давалі табе таварышы, зрабілася тваім правам. Ты прывык карыстацца ім у жыцці, у рабоце, у сцверджанні сябе. І вось яго няма. Так летась сталася з дырэктарам камвольнага...

«Не выберуць, і не трэба,— паспрабаваў супакоіць сябе Сасноўскі.— Партком страціць больш, калі я не ўвайду ў яго. У мяне веды, вопыт, я — галоўны інжынер...»

Але раптам прыйшла крыўдная думка: «А што, калі раней гэтае пачэснае дадатковае права давала табе пасада? Цяпер жа гэтага не дапусціць ніхто, і табе прыйдзецца трымаць іспыты як работніку. Не галоўнаму інжынеру завода, а камуністу Сасноўскаму, інжынеру Сасноўскаму. Ацэньвацца будуць твае асабістыя якасці, а не твая пасада. І вось будзеш трымаць і не вытрымаеш... Тады, значыцца, ты не варты займаць і гэтую пасаду... А як патрэбна чалавеку нагрузка, ношка! Яна проста неабходна яму. А страціць ён яе, і зірк — напалову прапаў чалавек...»

Адчуўшы, што яму млосна, Максім Сцяпанавіч выйшаў на ганак і сеў на прыступку.

Да яго падбегла Соня.

— Што мне рабіць, тата? Ну што? — пакрыўджана спыталася яна, надзьмуўшы шчокі.

Сасноўскі няўцямна паглядзеў на дачку, хацеў быў адказаць: «Я і сам не ведаю, што рабіць!» — але спахапіўся. Прыцягнуў яе да сябе і няўмела прыгалубіў. Ён рэдка песціў раней дачок. Яны таксама не навучыліся лашчыцца да яго, хоць Вера настойліва прымушала: «Ну пацалуйце тату...» Яму іншы раз нават здавалася: дочкі наогул абыякавыя да яго, а калі цалуюць, хінуцца, то з патаемнай надзеяй, з разлікам. І разумеючы цяпер, што ў Соніных словах не толькі сум, але і патрабаванне бацькоўскай увагі, пяшчот, Сасноўскі сумеўся:

— Хочаш, пойдзем купацца?

Дзяўчынка завагалася, прасвятлела:

— Хачу, тата! Але няма ўжо сонейка.

— Затое вада яшчэ цёплая. Хадзем!

Крыкнуўшы работніцы, што яны ідуць на мора, Сасноўскі ўзяў калматы ручнік, плаўкі, гумавую шапачку, купальнік Соні і паплёўся следам за дачкою па пра* таптанай лясной сцежцы.

Мора здавалася прыціхлым, гатовым да начы. Толькі зрэдку, невядома адкуль узяўшыся, з лёгкім шапаценнем ля самага берага ўзнікалі маленькія хваліўсплёскі. Уздоўж берага з нямой увагаю праляцелі познія чайкі. Як згаварыўшыся, яны ляцелі ў адным кірунку, і толькі адна-дзве спяшаліся ім насустрач або здалёк прамавалі да берага.

Раздзеўшыся, Сасноўскі зайшоў у ваду і акунуўся па шыю. Потым фыркнуў, плюхнуў некалькі прыгаршняў вады ў твар і расцёр рукі, плечы. Адчуўшы, як неўсвядомленая, можа быць, проста цялесная радасць ускалыхнулася ў ім, ён працягнуў рукі і паклікаў:

— Хадзі сюды, дачушка! Не бойся. Вада, сапраўды, цёплая. Я павучу плаваць цябе. А паправіцца Леначка — у піянерскі лагер паедзеце. Хочаш? Пэўна, засядзелася, мая бедная, тут...

3

Праз некалькі дзён Кавалеўскі прыехаў зноў, і зноў трывога апанавала Сасноўскага.

Аднак не — Кавалеўскі глядзеў на яго не варожа, а хутчэй са спачуваннем і, калі гаварыў, звяртаўся часцей за ўсё іменна да яго. Сасноўскі заўважыў гэта і пакрысе паспакайнеў: выказваючы свае думкі, чалавек міжволі адрасуецца да таго, хто, на яго думку, лепш іх разумее і ацэніць. Падабалася і тое, што, пабываўшы зноў у эксперыментальным цэху, Кавалеўскі пайшоў не ў заводакіраўніцтва і не ў партком, а прапанаваў сесці за сталом у скверыку.

Была ўжо ноч. Вуркочучы, на захад адыходзіла навальніца, паветра было такое чыстае, што не мігцелі нават самыя далёкія агні.

Гэтыя ясныя, спакойныя агні нагадвалі Сасноўскаму апошнюю паездку ў Маскву з Верай. Экспрэс, амаль не збаўляючы хуткасці, імчаў міма раз’ездаў і станцый. Станцыйныя ліхтары праносіліся за акном, як ракеты. Здавалася, што і ляцяць яны не прама, а па нейкай дузе. Сасноўскі слухаў Кавалеўскага, а агні-ракеты праносіліся перад вачыма, ад чаго рабілася трывожна і шкада сябе.

«Так,— паўтараў ён сабе,— працаваць, працаваць, без непатрэбнай аглядкі, аддаючы ўсё, што ёсць... Гараць вось так роўна, як Кавалеўскі. Інакш нельга, Максім! Інакш бяда!..» — як марзянку, адстуквала нешта ў галаве.

Поруч сядзелі дырэктар з Дзіміным. Інжынеры і тэхнікі эксперыментальнага цэха слухалі стоячы.

— Мы шмат паправілі пасля вас,— панура апраўдваўся дырэктар, адчуваючы, што няёмка маўчаць.

— Але пакуль што не паправілі галоўнага,— запярэчыў Кавалеўскі,— машыны, якія выпускаеце. У трапічных краінах кольцы дасюль мяняюць, як толькі вашы машыны прыбываюць туды.

— Асвоім новыя мадэлі — не будуць мяняць.

— Калі тое будзе? Па-мойму, не лішне фарсіраваць даводку і адначасна ўдасканальваць старыя машыны. А? Машыны-гібрыды! — запаліўся ён.— Пачынаць выпрацоўку новых, даведзеных вузлоў і скарыстоўваць іх у старых марках.

Яму не адказалі.

— Чаму магільная цішыня? Раз не згодныя, пярэчце! Мазгуйце! Інакш мы ніколі не прыйдзем да ісціны...

З завода Кавалеўскі пайшоў разам з Сасноўскім. Лімузін паволі сунуўся паўз тратуар, а ён усё развіваў ідэю, якую, відаць, упадабаў.

— І як можна без рызыкі? Без выдумкі? — абураўся ён, хоць з ім ніхто не спрачаўся.— Людзям, якія баяцца адказнасці, не маюць сваіх перакананняў, трэба вайну абвясціць. Так, так, вайну. Яны не працуюць, а толькі прысутнічаюць пры рабоце другіх. Згодны?

— У жыцці гэта больш складана...— панурыўся Сасноўскі.

— Ну-ну, нарэшце запярэчылі. Дурань маўчыць — робіць разумна. Маўчыць разумны — сябе падводзіць і другіх блытае,— чуць заходзячы наперад, засмяяўся Кавалеўскі. Але тут жа пасур’ёзнеў.— Я зусім не заклікаю да безадказнасці і балбатні. Ведаю і пра ваша гора. Але веру і чакаю поўнай аддачы...

Развітаўшыся з ім на Магілёўскай шашы, Сасноўскі спыніўся і доўга стаяў, гледзячы ўслед гаркомаўскаму «ЗІЛу». А той, знайшоўшы разрыў у плыні аўтамабіляў, памаленьку заняў вольнае месца і пакаціў да пераезду, пабліскваючы чырвонымі агеньчыкамі.

Ведаючы, што Дзімін напэўна яшчэ ў парткоме, Сасноўскі са скрухаю памахаў галавою і павярнуў назад.

 

4

Нечакана памёр стары Варакса. Пазаўчора дыбаў яшчэ па тэрыторыі завода, заглядаў у ліцейны, у партком. Нядаўна пенсіянеры стварылі свой савет, і Варакса, не жадаючы здавацца, зачасціў у сталовыя, дзіцячыя сады. Савет арганізаваў дапамогу ў навучанні навічкоў на заводзе, наладзіў абмен вопытам, і душою ўсяго гэтага зноў стаў Варакса. Таму смерць яго здавалася ўсім амаль неверагоднай.

— Што вы кажаце? Не можа быць! Толькі ўчора яго ў чырвоным кутку бачылі...

— Да нас у яслі прыходзіў.

— Не разумею...

— А мне наконт разрада абяцаў пахадайнічаць. Во праява!..

Жыццё Вараксы, сапраўды, абарвалася нечакана. Ён не паспеў нават сказаць апошніх слоў, якія вечна здзіўлялі і будуць здзіўляць людзей мудрасцю і ў якія чалавек, пэўна, укладае ўвесь свой жыццёвы вопыт.

На двары новага дома, куды пераехалі Вараксы, засадзілі сквер і кветнік. Варакса расстараўся матэрыялу і пачаў на цэнтральнай алеі ставіць лавачку. Укапаў слупкі, прыбіў дошку. А калі ўзяўся за спінку, раптам страшэнна збялеў. Памёр ён імгненна, стоячы, а калі асунуўся на зямлю, сэрца ўжо не білася.

Да жончынай смерці Сасноўскі наогул не хадзіў на хаўтуры — бярог нервы. Цяпер жа сабраўся і пайшоў — неабходна было аддаць апошнюю пашану старому.

У пакоі, дзе стаяла труна, было поўна народу. Смерць Вараксы як бы ўраўняла ўсіх — перад галоўным інжынерам не расступіліся, і Сасноўскі астаўся ля дзвярэй. Але абабітую чырвоным палатном труну, нябожчыка ён убачыў і адсюль. Варакса ляжаў спакойны, трохі строгі, і, каб не складзеныя на грудзях рукі, можна было б падумаць, што ён заснуў. Але рукі!.. Варакса ляжаў нагамі да дзвярэй, і рукі здаваліся вялікімі, засланялі палову Вараксавага твару. Так скамянела ляжаць жывыя рукі не маглі.

Каля труны з адзеравянелым тварам стаяла Кіра. Яна не плакала, хоць падносіла хустачку да вачэй і ківалася. Пад локаць яе падтрымліваў Пракоп — нахмураны, сярдзіты. Тут жа, не заўважаючы, што ўзя-

ліся за рукі, стаялі Лёдзя і Трахім Дубовік, і ад гэтага Сасноўскаму неяк палягчэла.

Ён глядзеў на нябожчыка, на Кіру, на яе сяброў і думаў пра сябе, пра дачок і сваё гора. Ён нават не пачуў, што стаў гаварыць Дзімін, і ачухаўся толькі, калі ў суседнім пакоі аркестр зайграў жалобны марш.

Ведаючы, што грамадзянская паніхіда хутка скончыцца, не чакаючы, калі сціхне аркестр, Сасноўскі пачаў прабірацца да труны. Гэтым разам яго неяк заўважылі і прапусцілі. Ён падышоў, а калі сталі падымаць труну, ужо прывыкнуўшы трохі, падставіў плячо.

Труну паставілі на грузавік з апушчанымі бартамі. Наперад выйшлі тыя, хто нёс вянкі, ордэны на падушачках, і працэсія рушыла пад тужлівыя гукі жалобнага Марша.

Цяпер вуліца належала ёй: сустрэчныя аўтамашыны збаўлялі хуткасць, а тыя, што даганялі, паволі сунуліся ззаду. На тратуарах спыняліся прахожыя, некаторыя здымалі шапкі, перамаўляліся.

— Каго хаваюць?

— А-а! Слаўны быў стары.

— Во і адпрацаваў сваё.

— Гэта яшчэ нічога, кожнаму б пажыць столькі.

— Правільны быў чалавек і памёр, кажуць, лёгка...

Ідучы ў першых радах, Сасноўскі адчуваў: смутак

яго расце. Некалі ў апошнюю дарогу будуць праводзіць і яго. Гэтак жа прыцішаць свой бег аўтамашыны, гэтак жа будуць спыняцца і глядзець прахожыя і прыкладна гэтак жа размаўляць між сабою: «Каго хаваюць?» — «А-а!..»

«Гэта вельмі важна, што будуць гаварыць на тратуарах,— думаў ён,— гэта вельмі важна. «Правільны быў чалавек». Так пра Бяру ею не гаварылі. Мусіць, ніхто, апрача пажылых і сямейных, нават сур’ёзна і не шкадаваў — мімалётна паспачувалі, і ўсё. Дый паспачувалі не так ёй, як дзецям — Соні, Леначцы, што ішлі за труною: засталіся, маўляў, без маці малымі; а не дай бог будзе мачыха — зазнаюць гора ўдосталь, больш чым трэба... Вяруся, Вяруся...»

«Мёртвыя сораму не маюць». Якая сляпая гэта праўда!

Вось за адкрытым для ўсіх вачэй Вараксам ідзе працэсія. І, можа, ніколі ў жыцці чалавек не бывае так адкрыты для вачэй другіх. Можа, ніколі так выразна

не відаць, хто ён такі і што зрабіў. Пэўна, і прысуд, які выносіць яму пасля смерці народны погалас,— самы справядлівы прысуд. Ён і вырашае, як будзе: ці забудуцца на чалавека, ці будуць праклінаць яго або акружаць памяць аб ім любоўю і ўдзячнасцю. Дык як жа мёртвыя не маюць сораму?

Калі грузавік спыніўся ля могілак, Сасноўскі разам з другімі панёс труну па старанна дагледжанай алейцы, а потым — проста так, без сцежкі, між магіл, да выкапанай ямы.

Труну апусцілі на кучу пяску, і да яе падышоў Міхал Шарупіч.

— Дарагія сябры,— паціху звярнуўся ён да прысутных.

Але і цяпер Сасноўскі не мог слухаць прамову, і ў свядомасці засталіся толькі гэтыя першыя словы ды яшчэ хіба, апошнія: «Няхай пухам будзе табе родная зямелька. Бывай!»

Сасноўскі пракаўтнуў салёны камяк і, саромеючыся, выцер пальцамі слёзы. Па кім яны былі? Мабыць, па Веры і па Вараксу разам. Але гэта былі не толькі слёзы смутку. Змучанае сэрца ў яго сціскалася ад любві да тых, хто стаяў побач.

З могілак разыходзіліся не адразу. Сасноўскага пацягнула да Верынай магілы — зірнуць яшчэ раз, пабыць сам-насам. Апусціўшы галаву, ён спыніўся ля знаёмай агароджы і з тугою агледзеў абкладзены дзёрнам узгорачак, кветкі на ім, чырвоную пірамідку. Прачытаў — каторы раз! — надпіс. З заклапочанасцю, у якой хаваў боль, падумаў, што трэба паставіць помнік — з граніту або мармуру, бо пірамідка пачала ўжо выцвітаць і выглядала ўбога. Так убога, што не верылася: пад ёй спачывае Вяруся.

«Лепей помнік ужо, чым мансарда,— горка усміхнуўся ён, успамінаючы размову з Дзіміным.— Навошта яна мне? Юру? Ды ён наўрад ці будзе жыць разам. Яму цяжка мая апека, цяжка, як і мне, успамінаць аб мінулым. Леначцы і Соні? Хопіць з іх і так...»

Ён не пачуў, як наблізіўся Аляксееў і, кашлянуўшы, у нерашучасці спыніўся ззаду.

— Максім Сцяпанавіч,— счакаўшы хвіліну, пазваў механік.— Я хачу спытацца...

Сасноўскі ўздрыгнуў.

— Так, так, я слухаю вас,— разгублена сказаў ён.

Аляксееў узяўся рукамі за вострыя, як наканечнікі пік, жалезныя пруты агароджы і зноў адкашляўся.

— Заўтра, вы ведаеце, мы ляцім у Горкі. Я хацеў спытацца, ці не перадасцё вы чаго-небудзь Юрыку?

— Так, так,— заспяшаўся Сасноўскі.— Вядома, перадам. Дзякую. Заўтра я пад’еду ў аэрапорт сам. Абавязкова...

Аляксееў не ўмеў размаўляць з галоўным інжынерам проста. Спехам выпаліўшы ўсё, што меў, і выслухаўшы адказ, ён звычайна рэціраваўся: іншых слоў, апрача той справы, па якой падыходзіў, у яго ніколі не знаходзілася. Да таго ж цяпер яны збянтэжыліся абодва, і механік адчуў сябе зусім няёмка.

— Самалёт адпраўляецца ў дзесяць сорак,— скорагаворкаю папярэдзіў ён і, хоць разумеў, што для прыстойнасці трэба сказаць яшчэ што-небудзь, міжвольна прыўзняў капялюш.

— Дзякую,— паўтарыў Сасноўскі і падумаў: «Даруй мне, Вяруся. Даруй, калі не ўсё будзе па-твойму...»

5

За дарогу Яўген, Аляксееў і Пракоп падружыліся. Усе трое, як адразу выявілася, любілі тэхніку і востра цікавіліся ўсім, што было ў навінку.

Нягледзячы на тое, што на душы ў Пракопа было нявесела — давялося пакінуць Кіру адну ў такім горы,— а нямоцны здароўем Аляксееў баяўся, што яго загайдае, і стараўся не варушыцца, яны размаўлялі многа.

Больш за іншых у гэтым быў вінаваты Яўген. Цалуючы пры развітанні Раіну руку, ён знячэўку адчуў у сабе хмяльную, вясёлую радасць і нейкую непахісную веру, што пасля разлукі ў іх адносіны абавязкова ўвойдзе нешта новае, яшчэ больш жаданае. Таму, адчуваючы сябе на сёмым небе, ён прагна разглядаў зямлю, падобную з вышыні на вялізны, заліты сонцам макет, і раз за разам дзяліўся ўражаннямі.

Горкі спадабаўся ім якраз тым, што яны найбольш цанілі,— тэхнікаю, маштабамі будаўніцтва, Волгаю.

Здавалася, што вялікі стракаты прыволжскі горад пачаў будавацца нанава і спяшаўся зрабіць як мага больш. Будаваліся дарогі, масты, заводскія карпусы, пасёлкі. Будаўнічыя работы вяліся ў аэрапорце, на

Ацэ, на пад’ездах да Канавіна, навокал аўтазавода, у Сормаве — усюды жаўцелі вагоны вывернутай зямлі. Поўзалі бульдозеры, скрэперы, высока ўздымалі каўшы экскаватары, у чэргах стаялі самазвалы.

Пясок, цэгла, камень, вапна... Іх нагружалі або згружалі з аўтамашын, з барж, з платформ. Яны тэрыконамі ўзвышаліся каля волжскіх, окскіх прычалаў, ля чыгуначных пуцей. Нават звычайнага шэрага пылу не было, ён быў будаўнічы — руды, жоўты або белы.

Прыляцелі ў суботу, раніцою, але дабраліся да аўтазавода толькі а чацвёртай гадзіне дня. Таму ні ў парткоме, ні ў заўкоме нікога не засталі. З цяжкасцю ў заводакіраўніцтве знайшлі дзяжурнага, які і памог уладкавацца ў гасцініцы. Усё яшчэ стаяла спёка. Сядзець у нумары было недарэчна. І, памыўшыся, пераапрануўшыся, яны выйшлі паблукаць.

У чужым горадзе, асабліва вялікім, чалавек адчувае сябе крыху адзінока. Стараючыся трымацца бліжэй адзін да аднаго, яны падаліся да аўтазавода. З цікавасцю разглядалі вуліцы, прысады, скверыкі, параўноўвалі іх з мінскімі і цешыліся: свае здаваліся прыгажэйшымі. Стваралася ўражанне: тут нешта недароблена, пакінута часова, бо вельмі шмат работ і не даходзяць рукі.

Хоць дзень хіліўся к вечару, а заўтра была нядзеля, селі ў тлумны, перапоўнены трамвай. Калі ён, скрыгочучы на паваротах, нарэшце выбраўся на набярэжную, Яўген першы ўбачыў мост цераз Аку, процілеглы бераг, падобны на горны хрыбет, домікі, якія туліліся на яго схіле, і высока над небам — Ніжагародскі Крэмль.

— Вы паглядзіце, паглядзіце! — паказаў ён, усхваляваны.

Крэмль выглядаў, як на старадаўніх гравюрах. У яго сценах і вартавых вежах, што ўзнімаліся над стромкім волжскім берагам, праглядвала нават нешта дэкаратыўнае. І калі б не гэты круты, у складках бераг-хрыбет, выглядаў бы тут нечаканым, амаль нерэальным.

А пра паўгадзіны, стоячы на краі адхону, непадалёк ад Георгіеўскай вежы, яны глядзелі на Волгу, на прастор за ёй і радаваліся.

Такая радасць прыходзіць, калі бачыш незвычайнае і ў той жа час роднае. Разлегласці і даль, што адкрываліся адсюль,— бязмежныя, ахіненыя перадвячэрняй смугою — здаваліся такімі неагляднымі, што вока не заўважала неба.

Пабліскваючы, Волга якраз і выцякала з гэтага сіняга мроіва. З яго ж выступалі завадзі і заліўныя, бяскрайнія лугі з сумнымі стагамі. Улева, на касе, дзе ў Волгу ўлівалася Ака, чарнелі прычалы таварнага порта, дымілі прышвартаваныя буксіры і схіляліся над баржамі партальныя краны. А за імі ўжо невыразна маячылі абрысы заводскіх карпусоў і труб Сормава. Па Волзе, пакідаючы пасля сябе хвалі, якія разыходзіліся, плыў белы, як лебедзь, параход, шыбавалі маторкі. Бліжэй да берага, на якарах, чакаючы разгрузкі, стаялі нізкааселыя баржы. Лавіруючы паміж імі, прабіраўся жвавы кацярок...

Праблукалі па горадзе да поўначы, у гасцініцу вярнуліся поўныя ўражанняў, і Яўген усю ноч сніў Волгу, завадзі і сінія далі.

У панядзелак ім выпісалі пропускі, далі праважатага, і з адчуваннем, блізкім да таго, што было на волжскім адхоне, яны накіраваліся ў цэхі.

Яўген за час практыкі пабываў шмат на якіх заводах. Але там ён быў студэнтам-практыкантам, яго цікавіла толькі тое, што магло спатрэбіцца яму асабіста. Цяпер жа трэба было запамінаць усё, што можна было скарыстаць дома — у цэху, на заводзе.

Параўноўваючы і захапляючыся, Яўген крочыў па дарозе ў ліцейны, як учора па горадзе, і адзначаў сам сабе ўсё: і падобныя на жукоў машыны, што палівалі асфальт, і блакітныя ларкі, і газетныя вітрыны на скрыжаваннях, і скверы з фантанамі. І, як ні крыўдзіла гэта, прыходзілася прызнаваць, што любоў да свайго завода тут адчувалася мацней, чым дома. Дый лета ў гэтым годзе выдалася пагодлівае, праходзілі частыя цёплыя дажджы. Жаўцізна не кранула ні дрэў, ні кветак на газонах, і яны выглядалі вельмі ярка.

Яго адкрытае захапленне шакіравала Пракопа, хоць пярэчыць было цяжка. Ён не мог вось так проста хваліць бачанае, бо не толькі параўноўваў, а і раўнаваў завод да свайго. І прызнанне добрага, пра што гаварыў Яўген, выказаў своеасабліва:

— Нашы пакуль надумаюць ды пакуль павернуцца... А ў іх усё па парадку, па чарзе, так сказаць...

— Пачакай злавацца,— перапыніў яго Аляксееў, які ішоў з застылай усмешкаю.— Тут, брат ты мой, традыцыі. Свае радыёвузел, кінастудыя, Дом тэхнікі, філіялы тэхнічнай бібліятэкі ў цэхах. Не пералічыш...

— Усё роўна! — упарта сказаў Пракоп.

— Не, браток, роўна, ды не роўна.

— Як, цікава, нашы там? Кіруха запраўляе ці Лёдзя? Паехаў — і не ведаю нават... А традыцыі ў нас агульныя, не за граніцай жывём...

Яўгену выпала знаёміцца з плавільным участкам. Нарыхтаваўшы аўтаручку, запісную кніжку, ён пайшоў у суправаджэнні спакойнага марудлівага мужчыны — начальніка ўчастка.

Разглядаць яго, як хацелася, было няёмка, і Яўген стараўся глядзець у другі бок, думаючы, як, мабыць, надакучыла гэтаму чалавеку вадзіць па ўчастку гасцей, імя якім — легіён. Але начальнік крочыў пагаспадарску спакойна, нічым не выдаючы нецярплівасці. Наадварот, адчувалася: яму прыемна вось так ісці па пралёце, збочваючы, калі даганяў тэльфер з каўшом, і крадком назіраць за госцем — як трымае сябе той у такіх выпадках.

— Во тут у нас сякая-такая навінка,— кінуў ён, падыходзячы да электраплавільнай печы.— Можна нават пахваліцца. Мадыфікуем чыгун вісмутам і борам. Незразумела?

Да печы падышоў тэльфер і апусціў коўш пад лётку. Печ крэкнула і нахілілася. Па жолабе паліўся залаты чыгун.

— Вось прыглядайцеся.

Калі коўш напоўніўся, высокі смуглявы плавільшчык у кепцы з сінімі акулярамі, прымацаванымі да брыля, кінуў у коўш пакецік. Над каўшом выбухнула лёгкае шызае воблачка і пацягнулася ў вентылятар.

— Вось і ўсё— сказаў начальнік участка.— Такім кандыбоберам вісмут і бор трапляюць у чыгун. Прасцей простага. Але дэталі пасля гэтага трымаем у адпальных печах амаль на суткі менш. Уяўляеце, якая эканомія? І паверыце, самі не чакалі, зменшыўся брак.

Яму, відаць, спадабаўся Яўген. На правах старэйшага ён палажыў на яго плячо руку і страсянуў, быццам правяраючы, ці моцна той стаіць на нагах.

— Пасядзім, паназіраем, ці што?

Яны селі на мяккую канапку, што стаяла непадалёк, і, сочачы за работаю плавільшчыкаў, завялі размову пра тое, як рыхтуюцца пакецікі з прысадкаю, як укаранялася вынаходка.

Сядзець было добра. Адчуваліся подыхі свежага паветра: ваўсю працавалі вентылятары.

Потым, гэтак жа грунтоўна, не спяшаючыся, начальнік участка паказаў Яўгену вагранкі, пазнаёміў з ваграншчыкамі, з удасканаленнямі, што ўвялі рацыяналізатары. Перад гудком падышоў Пракоп і, адазваўшы Яўгена, нібы гаворка ішла пра сакрэт, папрасіў, зрываючыся на шэпт:

— Пацікаўся, Жэня, колькі ў іх электраплавільная за змену дае.

— А што? — не адразу скеміў, у чым справа, Яўген.

— Аляксееў кажа, што ў нас больш...

— Не спадабалася табе тут, ці як?

Пракоп стуліў губы.

— Чаму не спадабалася? Але няхай ведаюць усётакі. Ля калоды лёгка агонь раскладаць... Ды не буду, не бойся. Я ўжо брыгаду выбраў, спаборнічаць паспрабуем... Толькі б нам вось раку такую!..

6

Зайшоў Юра толькі на трэція суткі, калі Аляксееў двойчы пабываў у заводакіраўніцтве, даведваючыся пра яго. Практыку Юра праходзіў у сталеліцейным — пад адным дахам з цэхам коўкага чыгуну, і не чуць, што прыехалі землякі, не мог. Дый яшчэ ў панядзелак, калі вярталіся з завода, Пракопу здалося, што ён у купцы хлопцаў пазнаў Юру, які, робячы выгляд, што не заўважае мінчан, прашыбаваў міма па супрацьлеглым баку вуліцы.

У гасцініцы было тлумна. Калідор гудзеў ад маладых галасоў. Стомлены Аляксееў у піжаме ляжаў на ложку. Яўген перад люстэркам старанна завязваў гальштук, збіраючыся на Паштовы з’езд, дзе некалі ў доме дзеда Кашырына жыў Горкі. Пракоп, седзячы на падаконніку, чытаў газету і круціў галавою, калі ў калідоры выбухаў смех.

— Во работнічкі! — прамаўляў ён не то з ухвалаю,

не то з дакорам.— Думаюць, што на свеце яны адны

і нікога болей.

— Маладосць,— міралюбіва азваўся Аляксееў, выціраючы пот з ілба.

— Уся краіна як у паходзе,— сказаў Яўген.— Цягнікі, самалёты, трамваі — усё перапоўнена. Спяшаюцца, едуць. Віруе ўсё! Помніце, калі адляталі, у Мінску злёт урачоў пачынаўся. У Гомелі, ведаю, абласны агляд мастацкай самадзейнасці праходзіў. Тут камсамолія... У гасцініцы як у трамваі. Адміністратары злосныя, як восы. Во завіруха!

— Завіруха,— згадзіўся Аляксееў.— Але і тут не шкодзіла б сёе-тое эканоміць.

— Напрыклад? — не адрываючыся ад газеты, спытаўся Пракоп.

— Час, скажам, сродкі.

— Гэта праўда, праўда,— падтрымаў Яўген.

Пракоп адклаў газету, запярэчыў:

— Не, таварышы, не на людзях эканоміць. Я вось прыехаў, пабачыў і сам адчуваю: вырас. І ўзяў я адсюль не толькі, што даручылі браць. Не-е! Я з новымі людзьмі пазнаёміўся, з іх справамі. Горкі ўведаў. А гэта больш, чым самую добрую кнігу прачытаць.

— Я, хлопцы, наш самазвал бачыў,— з нахлынуўшым хваляваннем падняўся на ложку Аляксееў.— Ідзе сабе! І зубр — як сярэбраны. Ледзь не спыніў. Кінуўся быў ужо...

— А нумар які? «БО», «ЖТ»? Мо сапраўды з Мінска?

— Не, горкаўскі нумар...

У гэтую хвіліну на парозе з’явіўся Юра. Ён забыўся нават пастукаць у дзверы. Відаць, ішоў проста з работы: быў у сінім замасленым камбінезоне і ў паношанай кепцы, мала падобны на сябе, ранейшага.

— Добры дзень,— павітаўся ён.

У калідоры грымнуў смех. Юра разгублена азірнуўся і спыніўся ля дзвярэй.

— Праходзь, праходзь— запрасіў Аляксееў і хутка пайшоў насустрач з працягнутай рукою.

Уласная збянтэжанасць раззлавала Юру. Ён паціснуў руку механіку, холадна кіўнуў Пракопу з Яўгенам і сеў з адчужаным, быццам завостраным тварам на прапанаванае крэсла. Унікаючы на каго-небудзь глядзець, спытаўся:

— Прывезлі што-небудзь? Як там айчым?

І зноў уласнае пытанне змяніла яго настрой. Успомніліся маці, сёстры. Нешта, уздрыгануўшы, тужліва затрымцела ў грудзях. Каб не даць волі слабасці, Юра хруснуў пальцамі.

— Давайце, калі ёсць што..с

Адчуваючы сябе таксама ніякавата, Аляксееў адчыніў шафу, дзе вісеў касцюм, выняў з кішэні канверт і падаў Юру. Той узяў яго, хацеў схаваць. Але пісьмо было тоўстае, важкае. Гэта здалося падазроным. Кінуўшы косы позірк на Яўгена, Юра разарваў канверт і нечакана ўедліва ўхмыльнуўся: там былі грошы і лісток паперы, спісаны почыркам Сасноўскага.

Прыглушыўшы нешта ў сабе, Юра пачаў чытаць, і, разам з тым як чытаў, твар у яго цямнеў.

— Грошы я папрашу вярнуць,— з помслівым пачуццём сказаў ён Аляксееву і, не ўстаючы, паклаў дзесяцірублёвыя паперкі на стол.

— Гэта чаму?

— Мне хапае сваіх, заробленых.— Юра ўпершыню, не тоячыся, паглядзеў на Яўгена, які апранаў пінжак і, быццам яго, Юры, тут зусім не было, збіраўся пайсці.— І наогул, кажуць, што можна перавесціся сюды ў вячэрні і працаваць...

— А чаму б гэта не зрабіць дома? — занепакоіўся Аляксееў, адчуваючы, што адказнасць за Юраў лёс зараз кладзецца і на яго.

— Айчым піша,— памахаў той пісьмом,— трэба вучыцца жыць не толькі для сябе, што самая цудоўная якасць чалавека — уменне спачуваць другім. А я... я не хачу, каб нават мне самому спачувалі... Так што перадайце, калі ласка: я, можа быць, на будаўніцтва Брацкай электрастанцыі паеду. У мяне, магчыма, самыя шчаслівыя дні былі, калі на цаліне працаваў...

Юра сядзеў далекавата ад стала. Кепска апрануты, згорблены, з пісьмом у руках, ён выглядаў адзінокім, няшчасным. Але Пракопу сапраўды не хацелася шкадаваць яго.

— А што перадаць Лёдзі? — падчапіў ён, саскочыўшы з падаконніка.

— Я ёй напішу сам,— паслухмяна адказаў Юра.

— Толькі паспрабуй! Я табе напішу...— вярнуўся ад дзвярэй Яўген і, гатовы раз’юшыцца, спыніўся за крок ад Юры.

Юра сцяўся, але галавы не апусціў. Твар у яго раптам пацвярдзеў.

— Ты дарэмна, Яўген. Не думай, што так усё проста... Адсюль, здалёк, хочаш ці не хочаш, сёе-тое ўбачыш...

— Брэшаш! — узарваўся Яўген.— Што ты можаш убачыць, раз у цябе за душою ніякага бога няма? Комлік і той на нешта моліцца, ведае, чаму паклоны б’е. А ты? Дзеля чаго ты жывеш? Чаго дабіваешся? Навошта? Ні перакананняў, ні чэсці. Як флюгер той... Таму і паскудзіш толькі!..

— Ну, як сабе хочаш, я шчыра. А калі забараняеш, дык і пісаць не буду. Усё роўна яна, напэўна, з Цімохам сябруе. Але прашу — перадай, я пакуль што астаюся тут...

Схаваўшы ў кішэню камбінезона пісьмо, ён на хаду кіўнуў усім галавою і хутка выйшаў, так што павольны Аляксееў не паспеў ні сказаць што-небудзь, ні затрымаць яго.

Відаць, не кожнаму гору можна спачуваць. Юра пайшоў, і ўсім зрабілася лягчэй. Пайшоў, а шкада яго не было, хоць ні Яўген, ні Пракоп пры іншых акалічнасцях не пакінулі б чалавека ў бядзе. Праўда, на нейкую хвіліну на Аляксеева напала хандра, быццам нешта сваё ўбачыў ён у Юркавай адзіноце і болі, але неўзабаве лягчэй стала і яму.

У кожнага дагэтуль раіліся свае планы. Механік, адпачыўшы, збіраўся знаёміцца з навінамі, уведзенымі гаркаўчанамі на вагранках. Пракоп наважыў паглядзець пасёлак народнай будоўлі. Яўген — у домік Кашырына. Цяпер жа раптам усім захацелася быць разам, і яны асталіся ў гасцініцы.

Аляксееў расклаў на стале прынесеныя чарцяжы, і ўсе схіліліся над імі.

 

РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
1

Састаў спыніўся, перагарадзіў заводскую вуліцу. Ён быў невялікі — усяго пяць вагонаў і платформа, але, калі Лёдзя захацела абысці яго, машыніст пусціў пару і даў кароткі свісток. Вырашыўшы, што састаў рушыць, яна спынілася. Міжволі ўлавіла пах паравознага дыму, што казытнуў ноздры, і паглядзела на сівога ружовашчокага машыніста, які сядзеў у будцы паравоза, як шафёр, паклаўшы локаць на край акна.

— Спяшаешся? — па-старэчы лагодна звярнуўся ён да Лёдзі.

Яна не адказала. Хоць да гудка было шмат часу, карцела хутчэй трапіць у цэх. Перакінуўшы на грудзі касу, Лёдзя па звычцы стала заплятаць яе канец.

— Бач ты! — пацешна сказаў машыніст.— Як ты яе выгадавала такую?

— Паедзеце вы, дзядзька, ці не? — нецярпліва спыталася Лёдзя, не могучы, аднак, сердаваць на старога чалавека. Падкупіла і ягонае пытанне.

Каса!.. Лёдзя, сапраўды, забылася аб ёй! Зусім забылася, быццам яе і не было. Лёдзі зрабілася нават дзіўна: як гэта магло быць?

Яна запляла касу і адкінула за спіну. З гордасцю адчула яе цяжар і ўсміхнулася машыністу.

— Брыгадзір, пачакай! — аклікнуў нехта Лёдзю.

Яна не адразу зразумела, што гэта завуць яе, але

аглянулася. Несучы, як на прагулцы, пінжак на плячы, да яе паспешліва набліжаўся Цімох.

— Чаму я цябе не заўважыў ля прахадной? Дзень добры,— павітаўся ён.

— Добры дзень і бывайце здаровы! — засмяяўся машыніст, даючы свісток.

Над коламі-бегункамі з шыпеннем вырвалася белая пара. Паравоз вухнуў раз, другі, клубы пары ўзняліся над яго трубою, і састаў крануўся, лязгаючы буферамі, набіраючы хуткасць.

Паглядзеўшы яму ўслед, Цімох спытаўся:

— Цікава, чаго ты і цяпер пазбягаеш мяне?

Лёдзя прыбавіла кроку.

— І не думаю.

— Вось і зараз бяжыш таксама як на пажар. Няўжо нельга быць такой, як з другімі? Ці я горшы за ўсіх? У чым мая віна? Нават цяпер, калі працуем у адной брыгадзе, я для цябе не як усе. Чаму?

Ён сапраўды не разумеў, не раз задаваў гэтыя пытанні сам сабе і не знаходзіў адказу.

— Табе, Ціма, гэта толькі здаецца,— баючыся яго шчырасці, заспяшалася Лёдзя.

Але тое, што яна назвала яго па імю, абнадзейвала.

— Ну ладна, няхай,— згадзіўся ён.— Аднак усё ж не бяжы, а выслухай. Я павінен нешта сказаць табе...

Кроў адхлынула з яго загарэлага твару, вочы сталі калючыя, бровы сышліся на пераноссі. Цімох сарваў пінжак з пляча і перакінуў на руку.

— Ты...— пачаў ён.

Лёдзя здагадвалася: усё, што Цімох скажа, не будзе для яе навіною, але гэтыя, вядомыя ёй словы чамусьці і палохалі, як ніколі. Да цэха было блізка — перайсці скверык, якраз той, што некалі саджалі ў час суботніка, перабегчы чорную, густа ўсыпаную вугалем дарогу — і цэх. Не адважваючыся зірнуць на Цімоха, яна пайшла яшчэ хутчэй — амаль подбегам. Але ён прытрымаў яе. Не выпускаючы Лёдзінай рукі, стараючыся ісці ў нагу, таропка закончыў:

— Ты... для мяне, Лёдзя, самы дарагі і светлы чалавек... Няхай я табе не падабаюся. Вядома, я не варты цябе. Але мне надзвычай цяжка, калі ты гаворыш са мною, як з чужым. Няўжо нельга быць сябрамі?.. Павер, мне трэба не так ужо многа. Бачыць цябе, размаўляць з табою, ведаць, што я твой друг... Самае вялікае, чаго я хачу,— гэта часам памагчы табе. Праўда, ты моцная. Цябе не зламала вунь што! Але ў цябе нялёгкі лёс. Я валасы на сабе рваў, калі думаў, як табе адной. Навошта я марудзіў? Чаму думаў, што абражу цябе сваёй дапамогай? Хіба можна абразіць, памагаючы? Я не дарую сабе гэтага!..

— Няпраўда, я не была адна...

— Я разумею. Але дапамога не пашкодзіла б.

— Як сказаць...

— А цяпер? Вернецца з Горкага Пракоп Свірын, і я пайду з вашай брыгады. Няўжо я зноў павінен стаць проста практыкантам з Політэхнічнага? Не, я не магу так! Я мушу быць каля цябе, аберагаць, служыць...

Разам з тым як ён гаварыў, страх у Лёдзі знікаў, і новае пачуццё — удзячнасці — агортвала яе.

— Дзякую, Ціма,— проста сказала яна.— Толькі не трэба ні аберагаць мяне, ні служыць мне. Я ж не маленькая і сама пастараюся свайго дабіцца. А так — добра.

Ён прыняў працягнутую руку і паціснуў. Нягорача і нямоцна — мабыць, дасюль спадзяваўся, што будзе крышачку іначай, чым атрымалася.

Зменшчыкі яшчэ працавалі, калі Лёдзя, пераапрануўшыся, прыйшла ў цэх. Як гэта звычайна рабіў Пракоп, павіталася з усімі, перакінулася жартамі. Каля машын і на пралёце валяліся падпрасовачныя пліты, апокі, скрынкі з-пад стрыжняў, чарнелі кучы фармовачнай зямлі. Кіры і Трахіма Дубовіка яшчэ не было. Лёдзя паклікала Цімоха і, нягледзячы на пратэсты зменшчыкаў, узялася наводзіць парадак. Думкі скіраваліся на сваё брыгадзірства. Ці не знарок назначыла яе Дора Дзіміна замяшчаць Пракопа? Мусіць, усё ж не. Кіра, канешне, справілася б не горш, але пасля смерці бацькі яна яшчэ як след не акрыяла. Трахім Дубовік — вопытны працаўнік, але яму самому патрэбен штурхач, які напамінаў бы: тое зрабі, вось гэта зрабі.

Цімохава прызнанне і думкі аб брыгадзірстве неяк умацавалі Лёдзю ў сабе.

Калі змена пачалася, яна паставіла Трахіма Дубовіка і Цімоха да машын, сама з Кіраю стала на зборку і хутчэй загадала, чым папрасіла:

— Давайце пастараемся, таварышы!

— Што, заўтра свята якое? Чаму тады лозунгаў не вывесілі? — прыкінуўся неразумекам Трахім Дубовік.

— А ты не ведаеш?

— Не пакуль што.

— Я імянінніца сёння!.. І камсамольскае слова даю — пакажаш прыклад, у выхадны да цябе працаваць на будоўлю пайду...

На зборцы Лёдзя працавала не ўпершыню. Але раней не было адказнасці за другіх, не было ўсведамлення, што ты вызначаеш тэмп работы і твая воля звязвае брыгаду ў адно. Цяпер жа яна адчувала, як нябачныя ніці злучаюць яе з астатнімі, як усе без слоў разумеюць яе, і Лёдзі стала хораша і думна.

Перад абедзенным перапынкам не хапіла стрыжняў. Іх падвозілі з перабоямі. Расстроеная Лёдзя пабегла ў стрыжнявое аддзяленне да Зубковай, потым пазваніла Доры Змітраўне, у камітэт камсамола. А потым, пасля змены, стоячы каля дошкі, на якой вывешвалі паведамленні, ніяк не магла схаваць радасці: «маланка» вітала брыгаду з поспехам.

— Я, Кірачка, у цябе буду начаваць,— прапанавала Лёдзя, хмурачыся, а вочы ўсё роўна іскрыліся.— Толькі спачатку пойдзем да нас павячэраем. Добра?

2

Яны ляглі разам — на адным ложку. Хоць у пакоі было душнавата, прыціснуліся адна да адной і абняліся, як любяць дзяўчаты, калі астаюцца сам-насам і хочуць падзяліцца сакрэтамі.

Вуліца заціхла. Толькі здалёк далятаў няспынны, нібыта падземны гул — працаваў завод. У акно заглядваў месяц, поўны, з туманнымі абрысамі мораў і гор. Але яго святло не падала на падлогу: у пакоі было светла ад вулічных ліхтароў.

Адчуваючы грудзьмі, рукамі цеплыню сяброўкі, Лёдзя слухала яе блытаную споведзь, і шкадавала, і зайздросціла ёй. Пра бацьку Кіра гаварыла мала, але Варакса не-не дый успамінаўся Лёдзі сам сабою. З дзявочай бестурботнасцю яна спрабавала ўявіць яго ў магіле, ды не магла. Стары паўставаў перад вачыма ў клопатах, у рабоце. Лёдзя ўяўляла яго і ў труне — але толькі да той хвіліны, пакуль Вараксу закрыла зямля.

— Ты не вельмі гаруй,— пераконвала яна Кіру.— Гэтым не паможаш. Пажыў ён слаўна і памяць пакінуў цудоўную.

— Я разумею...

— Цяпер у цябе Пракоп. Шчасце само хутка прываліць, Кірачка!

— Страшнавата неяк...

Страшнавата ад шчасця! Лёдзя пагладзіла яе і пацалавала. Маці некалі таксама баялася радавацца. Але яна баялася, што сваёй радасцю раптам пашкодзіць шчасцю, пакліча бяду, што нехта зайздросны падгледзіць, як яна радуецца, і пакарае за гэта — не вельмі цешся. Выстаўляць на суд людскі, як думала маці, можна было толькі гора. А вось Кіра, відаць, баіцца не за шчасце, а самога шчасця — ці справіцца з ім, ці будзе варта яго, ці ашчаслівіць чалавека, які ашчаслівіў яе?

— У вас добра пачалося і будзе яшчэ лепш,— сказала Лёдзя, радуючыся за сяброўку.

— Дзякую, Лёдзечка!

— Гэта за што?

— І за тое, што шкадуеш у горы, і за тое, што спачуваеш у радасці. Гэта ж не так проста,— асабліва дзяліць радасць.

— Хопіць табе...

— А Пракоп у мяне напраўду харошы,— ужо шэптам, нібыта хто-небудзь мог падслухаць яе, пачала расказваць Кіра і парывіста прыпала да Лёдзі.

— Угу... Яго любяць,— адказала Лёдзя.— Ад чаго гэта залежыць — адных любяць, а другіх не? Здаецца, і робіць чалавек усё, што трэба, нікому дрэннага не зрабіў, а не ляжыць да яго сэрца ў людзей. Ты сустракала такіх?

— Сустракала, вядома... Мяне іншы раз аж бярэ страх. Як бы я жыла без яго?.. Памятаеш, летась мы разам з ім у доме адпачынку былі? Прыехалі — ходзяць усе па адным, па двое, як сапраўды хворыя. А з’явіўся Пракоп, просты, паваротлівы, і адразу акружылі яго, павесялелі, згуртаваліся. Смех, песні. І так да ад’езду, таму што і сам ён без людзей не можа. Я за ім, жаданым, таксама ў агонь пайшла б...

— Вось гэтым, пэўна, і трэба мераць чалавека.

— Ты пра што?

— Пра людзей, якіх любяць...

— Як яны там, у Горкім?..

Кіра заснула першая. Яна дыхала роўна, амаль нячутна, і прыемна было глядзець на яе — сцішаную, без трывог.

А да Лёдзі сон не ішоў. Яна думала аб тым, як гэта добра, калі цябе любяць людзі і ты варты іх любві. Мабыць, гэта і ёсць шчасце? Служыць людзям, клапаціцца аб іх. Вядома! Бацька ўзяўся пісаць успаміны пра падполле для партыйнага архіва. Іх прачытаюць лічаныя супрацоўнікі, але гэтыя ўспаміны памогуць аднавіць ісціну аб некаторых людзях у вайне, і вось бацька ўпарта працуе па начах...

Стомленасць праходзіла. Лёдзі хацелася, каб хутчэй скончылася ноч, каб зноў трэба было ісці на завод, зноў аб нечым турбавацца, нешта даводзіць і дабівацца свайго, скандаліць.

«Спаць, спаць!» —гаварыла яна сабе і ўсё-такі не засынала. Нецярплівая, радасная ўзрушанасць калаціла яе, прымушала сэрца біцца хутчэй. Але дзіўная рэч — ёй ні разу не ўспомніўся Цімох...

Перад зменаю Дора Дзіміна падвяла да Лёдзі дзяўчынку. Невысокага росту, вастраносенькая, з косамі, якія рабілі яе падобнай на падлетка, тая глядзела на Лёдзю адданымі вачыма і нібыта пыталася: «Ну, чаго ж не радуецеся і вы? Не пазнаяце?» Сапраўды, нешта знаёмае было ў яе абліччы. Лёдзя пакапалася ў памяці і раптам успомніла: перад ёю стаяла Комлікава падчарка.

— Новае папаўненне. Толькі што са школьнай парты,— сказала Дора.— Хачу, каб ты яе вучыла.

— Я?

— У цябе лепш, чым у каго, выйдзе. А яна не навічок, праходзіла ўжо практыку ў сталеліцейным. Так?

— Але,— пацвердзіла дзяўчына.— Я таксама прашу вас, Шарупіч... Мяне Нінай завуць...

Лёдзі прыйшла думка — што гэта за іронія лёсу? Некалі яе вучыў Комлік, а цяпер ёй выпадае вучыць ягоную падчарку. Жыццё зрабіла яшчэ адзін круг. Значыць, вунь як пасталела сама Лёдзя. Настаўніца!..

 

3

Каб адчуць, якая дарагая табе рэч, яе варта згубіць. З чалавекам жа даволі расстацца. Цяпер у Шарупічаў адно і гаворкі было пра Яўгена. Яго вельмі не хапала. Кватэра нібыта пабольшала, стала пуставатай. Званкоў і тых паменшала, быццам шмат хто са знаёмых забыўся на іх.

Міхал працаваў над удасканаленнем электродатрымальнікаў, і яму да зарэзу патрэбны былі сынавы парады. Лёдзя рыхтавалася да экзаменаў, і ёй таксама не ставала дапамогі брата. Яўген заўсёды насіў з падвала торф у пліту, хадзіў па малако, па хлеб у магазін. А галоўнае — хацелася проста чуць, бачыць яго — спакойнага, разважлівага.

Пад вечар брат павінен быў прыляцець з Горкага, і Лёдзя працавала з радасным хваляваннем, уяўляючы, як яна з Кіраю і маці будуць сустракаць «гаркаўчан».

У час абедзеннага перапынку, спяшаючыся ў сталоўку, Лёдзя нечакана заўважыла, як многа моладзі ў цэху: з ёй спяшаліся хлопцы, дзяўчаты, шмат якіх яна і не ведала.

— Ты не знаеш вунь той дзяўчыны ў акулярах? У сінім халаціку? — спыталася яна на хаду ў сваёй вучаніцы.

— Гэта — з нашай школы,— ахвотна адказала Ніна.— Мы сядзелі побач.

— А той?

— Практыкант з Політэхнічнага.

«Прыедзе Яўген,— думала Лёдзя,— скажу. Ён любіць такія навіны. А бач, як аб сваім выглядзе пачалі клапаціцца... Жэнька ты мой мілы!..»

Яна працавала як бы заўсёды — рукі ўсё рабілі самі і ў час. Толькі зрэдку збіваючыся з рытму, тлумачыла Ніне, на што звярнуць увагу. Дзяўчына трапілася кемлівая. Усё схоплівала на ляту, і тлумачыць было прыемна. Здзіўляла Ніну толькі адно — як гэта на цэлую аперацыю можа прыпадаць доля секунды, секунда. Але затое яе зусім не палохалі ручкі, рычагі, і калі яна станавілася за машыну, тая нібы адчувала Нініну ўладу над сабой.

Праца ішла зладжана, у добрым рытме. Пазіраючы на Цімоха, Лёдзя нават адчувала нешта накшталт зайздрасці. Рухі ў яго былі ўпэўненыя, ашчадныя. Такой стрыманай прыгажосці не было, пэўна ?> ў Пракопа.

Але сёння не хацелася ні раўнаваць, ні зайздросціць. Неўзабаве яна сустрэне Яўгена, з якім заўжды так спакойна і добра. Маці яшчэ з учарашняга дня пачала рыхтавацца да яго прыезду — нагатавала, накупляла чаго трэба і не трэба. У доме ўсталяваўся святочны парадак. Нават пахне, як перад святам,— здобаю, і на кухні ў вядры стаяць два букеты кветак.

Як толькі скончылася змена, Кіра з Лёдзяй пабеглі ў душавую. За імі, не адстаючы, заспяшалася і Ніна. Дзяўчына з кожным днём усё больш хінулася да Лёдзі і апошні час гатова была хадзіць за ёй па пятах.

— Я з вамі, можна? — папрасіла яна, калі мінулі прахадную.

— Паедзем,— дазволіла Лёдзя і насупілася: іх даганяў Цімох.

Ён пайшоў побач як ні ў чым не бывала, быццам аб усім дамовіўся раней. Ступаў спакойна, не адчуваючы няёмкасці, што ўсе маўчаць: відаць, цвёрда нешта наважыў.

Зайшлі за Арынаю. Калі паехалі ў аэрапорт — спачатку на трамваі, а потым на тралейбусе,— Цімох кожны раз вымяркоўваў так, каб сесці з Лёдзяй. Яна адчувала на сабе яго ўважлівы позірк і, каб забыцца на гэта, гарнулася да сваёй вучаніцы, якую саджала побач з сабой.

— Я гэтага яшчэ не бачыла! — усклікнула тая, пазіраючы ў акно і моршчачы носік, які лупіўся.— А вы?

Лёдзя бывала ў горадзе рэдка, і многае для яе таксама было нечаканасцю. Мінск як бы падносіў ёй то адзін, то другі падарунак. Нават Прывакзальная плошча з двума да дробязей знаёмымі шматпавярховымі гмахамі, што адкрывалі ўезд у горад, зараз здзівіла яе. Фотаздымкі плошчы прадаваліся ў кожным газетным кіёску. З яе штодзень пачыналіся тэлевізійныя перадачы. Але і тут, як выявілася, было шмат такога, чаго раней Лёдзя не заўважала: мнагалюддзе, строгі рух, воддаль нечаканы віядук, які пераносіў праспект над чыгункаю.

«Калі яго пабудавалі? — дзівілася Лёдзя.— Ён ужо быў, а я не ведала. Чым я жыла?..»

Далей яна ехала, ужо не адрываючыся ад акна.

Аэравакзал таксама быў новы — белы, крылаты, з прасторнай, у кветках, плошчаю, якую абагнуў тралейбус. Гэта зноў з’явілася як бы падарункам і дакорам — Лёдзя нічога не ведала і пра гэты куточак роднага горада.

«Не, не, так не будзе,— паабяцала сабе яна.— Больш не будзе!»

Самалёт, на якім прыляцеў Яўген, падрульваў ужо да аэравакзала.

Лёдзя ледзь дачакалася, пакуль да яго падкацілі лёгкую лесвічку з поручнямі і ў борце самалёта адчыніўся люк. Убачыўшы брата, за ім Пракопа, Аляксеева, яна прыціснула букет да грудзей, прашмыгнула паўз дзяжурнага і панеслася насустрач. За ёй, не слухаючы дзяжурнага, рушылі Кіра, Цімох, Арына.

Мала заўважаючы другіх, Лёдзя падбегла да брата, сунула яму кветкі і павісла на шыі. А калі чуць супакоілася і, стаўшы побач, узяла яго пад руку, атрымалася так, нібыта з Горкага прыляцела і яна.

Толькі цяпер кінулася ў вочы, што сустракаць Аляксеева ніхто не прыехаў. Не было і трэцяга букета.

Але калі ўзрушаная, расчырванелая Кіра, якая адна не заўважала, што робіцца наўкол, памкнулася была з кветкамі да Пракопа, той, шчасліва ўсміхаючыся, непрыкметна паказаў вачыма на Аляксеева. Кіра, невядома як, зразумела і, падышоўшы да механіка, уручыла букет яму.

Аляксееў сумеўся ад нечаканасці. Стараючыся не выдаць хвалявання — нібыта збіраўся панюхаць букет,— схаваў твар у кветках.

Арына вільготнымі вачыма сачыла за ўсімі — толькі б усё было добра! — і радавалася: сустрэча атрымалася цёплай, урачыстай. Гэта было прыемна ўдвайне, бо любоў да сына як бы пераходзіла на яго сяброў, рабіла зараз вельмі блізкімі і іх.

— Разумніца,— шапнула яна Кіры.— А Аляксеевічысе я скажу. Хіба можна было не прыйсці. Далібог скажу...

Яна пацалавала Яўгена, Пракопа, аберуч павіталася

з Аляксеевым і, акружаная імі, не спяшаючыся, паправілася на плошчу, слухаючы, што гаворыць сын.

— Дзіўная істота — чалавек,— не то здзіўляўся, не то дакараў той.— Вось запусцілі ракету, неўзабаве паляцім на Месяц, а я, грэшны, яшчэ мацней прывязаўся да Зямлі. І ласку яе стаў адчуваць вастрэй. Не верыце? Слова даю. І так ва ўсім... Вось у Горкім пабываў, а свой завод стаў даражэйшы. Праўда.

— Праўда, Яўген, праўда,— гордая за яго, пацвердзіла Арына.

Назад ехалі ў таксі. Перад самым аўтагарадком, схіліўшыся да сястры, Яўген сказаў:

— Твой былы прасіў перадаць, што застанецца ў Горкім або паедзе ў Брацк...

Лёдзя ўздрыганула, ускінула на яго павузелыя цёмныя вочы і нібыта адштурхнула позіркам.

— Навошта ты гэта гаворыш мне?

— Так,— задуменна адказаў Яўген.— Перадаю яго просьбу. Ты разумееш, няшчасны ён нейкі, прапашчы.

— Таксама мне сюрпрыз! — не дала яму гаварыць далей Лёдзя і адвярнулася да акна.— Я прысягнула ўжо, Яўген... і буду трымацца свайго...

Яна яшчэ баялася ўспамінаў. Хаваючы гэта ад сябе, адганяла іх: яны пакуль што ўсе канчаліся адным. І варта ёй было даць волю слабасці, як перад вачыма нязменна паўставалі аперацыйная, белы, нібыта з каменя, стол і яна на ім — распластаная, знясіленая болем, аслепленая святлом. Потым уяўлялася цемра і строгі крык урача: «Лямпу!»

Гэта і цяпер уявілася так выразна, што Лёдзя застагнала.

4

Назаўтра Сасноўскі запрасіў Аляксеева, Яўгена і Пракопа да сябе ў заводакіраўніцтва. Чакаў іх з нецярплівасцю, якой даўно не ведаў. Дый нецярплівасць была трывожная, быццам размова магла мець дачыненне да яго асабіста.

Сустрэўшы, ён пасадзіў іх да пісьмовага стала, насупроць сябе, агледзеў па чарзе кожнага.

Як ні дзіўна, гэтым разам найбольш свабодна трымаў сябе Яўген. Выняўшы з кішэні блакнот, ён непаспешліва гартаў яго, шукаючы патрэбныя запісы і збіраючыся з думкамі. Пракоп жа нерваваўся, не паварочваючы галавы, пераводзіў позірк з селектара на масіўны пісьмовы прыладак, з прыладка на партрэт, што вісеў над галоўным інжынерам, адтуль зноў на селектар. Аляксееў сядзеў нерухома, паклаўшы напружаныя рукі на калені і ўпяўшы вочы ў акно.

— Ну, расказвайце,— папрасіў Сасноўскі.— Пачынайце хоць бы вы, Шарупіч.

Па студэнцкай прывычцы Яўген сабраўся быў устаць, але заўважыў, што Сасноўскі перасцерагальна падняў кісць рукі, астаўся сядзець.

— У гаркаўчан нам спадабалася,— сказаў ён.— Асабліва як яны ўсё робяць. Бацька гаворыць, што не паважаючы нават такой рэчы, як цвік, яго не заб’еш як след. Гаркаўчане паважаюць завод, сябе, навуку. А калі наступаюць, то разгорнутым фронтам...

— Яны вынайшлі новы метад мадыфікацыі,— пачырванеўшы, уставіў Аляксееў.— Многа зрабілі па вагранках у фармовачным... Гэта цалкам можна выкарыстаць...

— У нас не так гэта проста! — нібыта мімаходам сказаў Пракоп.

Усе змоўклі.

— Разгорнутым фронтам, кажаце? — праз нейкі час перапытаў Сасноўскі, і Яўген заўважыў, што кончыкі вушэй у галоўнага інжынера сталі пунсовыя.

— Камітэт па справах вынаходніцтва і адкрыццяў

выдаў аўтарскія пасведчанні цэламу калектыву,— падліў ён масла ў агонь.

— Дык, значыцца, і галоўны атрымаў?

— Канешне. Атмасфера ў іх, Максім Сцяпанавіч, трэба сказаць, зайздросная. Нават нас заразілі.

— Ну-ну!

— Вось кумекаем, як бы зрабіць, каб днішча вагранкі адчынялася механічна. Заўтра ў інстытут схаджу.

— Гэта за дарогу?

— Амаль...

Сасноўскі падняўся з-за стала і захадзіў па кабінеце, слухаючы тлумачэнні Яўгена, які падкупляў яго сваёй праматою і адданасцю справе.

«Змена бацьку! — думаў ён. — Здорава падчапіў мяне. «Цэламу калектыву», «атмасфера»... А Свірын бунтуе — крыўдна за свой завод. Працаваць цяпер, пэўна, будзе сцяўшы зубы...»

Здзіўляючыся з сябе, Сасноўскі раптам адчуў вострую цікавасць і інтарэс да гэтых людзей. Чым яны жывуць? Дзеля чаго хвалююцца, гоняць ад сябе спакой, шукаюць? Што іх прымушае ісці насустрач хваляванням? Не, увогуле ён ведаў гэта, але ў той жа час і не ведаў, бо не разумеў душою. І вось разам з цікаўнасцю ў ім прачнулася жаданне зразумець усё гэта і неяк далучыцца да яго.

Гутарылі яны каля гадзіны. Але развітаўся Сасноўскі з імі неахвотна, быццам згубіў нешта. Відаць, таму, калі ўправіўся з бягучымі справамі і выпала вольная хвіліна, яго пацягнула схадзіць у ліцейны.

Ён прайшоў па плавільным участку і прыдзірліва, як бы ўпершыню, агледзеў яго. Вакол стала чысцей. Не было вечных куч цэглы, пяску, шлаку. Укрыты металічнымі плітамі пол падмецены, паліты вадою.

Трэба было б падысці да Міхала Шарупіча, але стрымала адчуванне віны. Яно, як аказалася, было яшчэ неадольным, і Сасноўскі, здаволены, што на яго не звярнулі ўвагі, збочыў у экспрэс-лабараторыю.

Што ні кажы, а перад заводам і Шарупічамі шмат у чым вінаваты і ён, Максім Сцяпанавіч. Ці не ён дапусціў, каб Юра зрабіўся эгаістам? У пасынку былі і добрыя задаткі. Калі б у сям’і падтрымлівалі, што ў ідэале выхоўвае школа, жыццё, з Юры выйшаў бы чалавек. Ён быў бы шчаслівы сам, а разам з ім і другія.

Вунь які вярнуўся з цаліны. Але як толькі вярнуўся, адразу ж страціў, што набыў. Вера і тая спахапілася, але было позна...

Калі здарылася бяда з Лёдзяй, Сасноўскі, жадаючы неяк апраўдацца перад сабой, загадаў тэрмінова даць звесткі аб няшчасных выпадках. Загадаў і не паверыў таму, што выявілася. Значыць, і яго думкі дасюль не ішлі ў нейкім вельмі важным кірунку. Значыць, і ў ім было нешта ад Кашына, ад... Юры. А выпадак з рацыяналізатарскай прапановаю Шарупіча...

Абышоўшы ўсе аддзяленні і заглянуўшы ў падвал, Сасноўскі падняўся да начальніка цэха.

Дора Дзіміна стаяла каля акна і разгортвала на падаконніку аркуш ватману. Прытрымліваючы яго за краі, павярнулася да Сасноўскага.

— Як з траўмамі? — спытаўся ён.

— Вось крывая,— паказала на ватман Дора.— Хачу вывесіць у кабінеце, няхай напамінае.

Сіняя рыска крывой паўзла ўніз.

«Нядрэнна,— адзначыў сам сабе Сасноўскі.— Тым больш летам, калі прыходзіцца біць у набат...»

І ўсё-такі сказаў:

— У стрыжнявым прыйдзецца пераманціраваць вентыляцыю. І папрашу вас зайсці да мяне з планам арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў. Неўзабаве ж свята, Дора Змітраўна... Беражыце, калі ласка, жанчын...

Дора палажыла графік на стол, і ватман згарнуўся ў скрутак.

— Жанчыны ў мяне цяпер самі за сябе пастаяць.

Сасноўскі адчуў удзячнасць да яе і за яе словы, і за ўсё, што рабіла яна для яго ў час хваробы. Падумалася: каб не Дора, то і Дзімін быў бы з ім больш непрымірымы, просталінейны.

— Пастаяць? — перапытаў ён.— Тым лепш...

Дора ўсміхнулася. Усміхнуўся і Сасноўскі. Потым раскланяўся. Аднак, дайшоўшы да дзвярэй, пастаяў разгублена і, вярнуўшыся, пазваніў дамоў, каб абедаць яго не чакалі.

 

5

Прайшоў тыдзень. Сасноўскі пражыў яго ў нейкім трывожным стане. Але адначасова нешта ў яго ўляглося, прыходзіла ў норму. Па дарозе на завод ён убачыў абветраных, шакаладных, з рукзакамі піянераў, якія ішлі ў турысцкі паход, і ўспомніў жонку. Але тугі не адчуў і, адзначыўшы гэта, не то здзівіўся, не то ўзрадаваўся. Ён яўна вызваляўся ад яе ўчэпістай улады.

Апрача таго, жончын вобраз цяпер уяўляўся іншым — у ім аставалася толькі добрае. Вера, як здавалася ўжо, была проста клапатлівая, самаахвярная маці, якая аддана любіла яго, Максіма Сцяпанавіча. У ёй гарэў нейкі жаноцкі агонь, што рабіў яе абаяльнай, прыгожай. І цяпер гэта зрабілася сутнасцю Веры. Благое ж, прыкрае забылася, сцерлася.

На завод Сасноўскі прыехаў у гуморы, калі цягне падзяліцца з другімі сваёй, хай, няпэўнай, радасцю. Сустрэўшыся каля заводакіраўніцтва з Шарупічам, ён нечакана спыніў яго першы.

— Як справы, Сяргеевіч? — загаварыў ён, не ведаючы яшчэ, што скажа пасля гэтага, але верачы, што павінен з ім пагаварыць.

Яшчэ ўчора Сасноўскі пазбягаў такіх сустрэч, а калі і сустракаўся, размаўляў сухавата і толькі пра справы. Сёння ж Міхал раптам здаўся яму іменна тым чалавекам, з якім можна было пабалакаць пра ўсё і які, нягледзячы ні на што, зразумее, падзеліць твой настрой.

— Учора ездзіў у лагер да Соні і Леначкі,— паведаміў Сасноўскі, жадаючы нечым дагадзіць субяседніку.— Загарэлі, як цыганяты!

— Няхай здаровы будуць,— пажадаў Міхал.

— Днявальныя, парадак. Мяне толькі ў вызначаны час пусцілі. Куды гэта вы сабраліся?

— Да вас,— пасур’ёзнеў Міхал.— Людзі, Максім Сцяпанавіч, прыходзілі. Кажуць, што з даводкай зноў не ўсё ладзіцца. Прыязджаў Кавалеўскі — загарэліся, прайшоў час — зноў астылі.

— А іменна?

— З канструктарамі, як і раней, неразбярыха. Адны і тыя ж займаюцца і бягучымі пытаннямі і доследнымі машынамі.

— Бывае, Сяргеевіч...— прызнаўся Сасноўскі, падумаўшы — Кавалеўскага той успомніў нездарма, і правільна, што ўспомніў.

— А можа, пойдзем у канструктарскае, у эксперыментальны?

— Зараз?

— А навошта адкладваць?

Гэта было хутчэй патрабаванне, чым просьба, але тон, якім яно было выказана, не пакрыўдзіў. Ён дастаў з кішэні партсігар, глянуў на лісток з раскладам дня і ўзяў Міхала за локаць.

— Ну што ж...

У эксперыментальным цэху — чыстым, светлым, падобным на лабараторыю, брыгада зборшчыкаў завіхалася каля вопытнай машыны. Непадалёк, назіраючы за іх работаю, стаяў начальнік цэха — хударлявы, сівы, з посным, стомленым тварам.

Убачыўшы галоўнага інжынера і Шарупіча, ён здалёк кіўнуў ім, але з месца не крануўся.

— Чарговы даём! — паказаў на самазвал, калі тыя падышлі.— Нараджаецца ў муках, як чалавек. Адно добра, што не крычыць.

— Затое мы прыйшлі крычаць,— сказаў Сасноўскі.

— Адчуваю... Шарупіч, мабыць, і дамоў з’яўляецца толькі, калі там непаладкі. Прызнайся, Міхал Сяргеевіч.

Міхал змоўчаў, не прымаючы жарту, ведаў: ёсць такі спосаб выкручвацца.

Не падтрымаў жарту і Сасноўскі.

— Што будзем рабіць, каб нованароджанаму стала лягчэй? — спытаўся ён.

— У нас адзін выхад — працаваць,— флегматычна адказаў начальнік цэха.— Дакладней, ламаць. Нам ламаць трэба, Максім Сцяпанавіч! А як ты будзеш ламаць, калі кожную дэталь прыходзіцца кленчыць. Эксперыментальная база патрэбна! Ды не саматужная, а ва ўсебеларускім маштабе, так сказаць. Каб можна было падумаць і над праблемамі перспектыўнага аўтамабіля. Тэхніка вунь як сігае. Няважна, што знаёмыя дарогі здаюцца карацейшымі. Выраслі, па-мойму!

— Магчыма,— падзяліў яго думку Сасноўскі, але адвесці сябе ў нетры агульных разважанняў не даў.— Напішыце па начальству, абгрунтуйце... Але чым збіраецеся зараз самі заняцца са сваім калектывам?

— Я прасіў бы націснуць на цэхі, якія вырабляюць для нас вузлы.

— Мяне цікавіць, што самі вы збіраецеся рабіць?

Начальнік цэха ўзняў вочы на Міхала, чыя прысутнасць, пэўна, і рабіла Сасноўскага настырным, і нечакана ўсміхнуўся, як усміхаюцца блізарукія людзі — наіўна, трохі вінавата.

— Зразумела, таварышы... Я папрашу вас зайсці заўтра. Мы тут абмазгуем...

— Дарэчы, Кавалеўскі ставіць гэтае пытанне ў гаркоме,— перабіў яго Міхал, чытаючы ў позірку Сасноўскага нейкую іранічную, але жаданую абодвум згоду,— галоўнаму інжынеру таксама не спадабалася падатлівая ўвішнасць начальніка цэха.

РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
1

Святы бывалі розныя, але такога яшчэ не было — завод ушаноўваў сваю сталасць. Незвычайнасць, значнасць падзеі адбіваліся і на агульным настроі — усе працавалі лёгка, весела. Але адначасна ўсе з нецярплівасцю чакалі абедзеннага перапынку.

Як толькі прагудзеў гудок, Лёдзя, Кіра і Пракоп першыя выпіў гну л і за вароты цэха. Да заводскай плошчы было даволі далёка. Хацелася дабіцца бліжэй да трыбуны, бачыць і чуць аратараў, і яны пабеглі, крыху саромеючыся сваёй нясталасці.

Рабочыя на мітынг валілі дружна, і над плошчаю ўжо луналі рознагалосы тлум, музыка. Але Кіры даручана было выступаць, і, спасылаючыся на гэта, яны ўсе прабраліся ў пярэднія рады.

— Глядзі не збіся,— настаўляла яе Лёдзя на развітанне.— І пра нас не забывай. Як успомніш, дакраніся да кофтачкі. Ніхто не здагадаецца, а мы зразумеем.

Ідэі!

На абцягнутай кумачом трыбуне Лёдзя ўбачыла Кавалеўскага, дырэктара завода, Дзіміна, бацьку, Сасноўскага. Калі да іх паднялася і Кіра, Міхал пазваў яе пальцам і паставіў перад сабою, каля самых парэнчаў, схіліўся і нешта зашаптаў на вуха. Кіра, разгублена шукаючы вачыма сваіх, кіўнула яму ў знак згоды, і румянец пачаў праступаць на яе шчоках.

— Перажывае,— са спачуваннем прамовіў Пракоп, выціраючы насоўкаю спацелыя далоні.

— Яна заўсёды так, пакуль гаварыць не пачне,— супакоіла яго Лёдзя.— Так і ў школе было.

— Ну, калі саб’ецца... Дам!

Навокал гойдалася мора галоў — непакрытых, у хустках, у кепках, у капелюшах.

Невядома як і адкуль, ззаду з’явіўся Яўген. Абняўшы Лёдзю з Пракопам за плечы, сур’ёзна сказаў:

— Сто тысяч, а! Вы ўяўляеце такую калону? — і без усякай сувязі дадаў: — Дора Змітраўна прапануе мне ўзначаліць плавільнае. Як па-вашаму?

— Віншую,— кінуў Пракоп, не спускаючы вачэй з Кіры.

— Жэ-э-нечка! — ледзь не прысела Лёдзя.— Ну, які з цябе начальнік?

— Вось я і кумекаю — які?

— Ты нават камандаваць не ўмееш.

— А ты думаеш, гэта галоўнае?

Яму не паспелі адказаць. Музыка як бы захлынулася. Быццам па сігналу, пачаў сціхаць людскі гоман, і ў цішыні пачулася вуркатанне матора. Яно набліжалася, мацнела. Лёдзя ўзнялася на дыбачкі, павярнулася да цэнтральнай алеі, куды цяпер глядзелі ўсе.

Да плошчы паволі набліжаўся «МАЗ-205». Густавішнёвы, з гірляндамі кветак на кабіне, флажком і сонечнымі зайчыкамі на радыятары. У кузаве, вітаючы ўсіх на плошчы, стаялі зборшчыкі з заводскім сцягам.

Іх сустрэлі воплескамі. Аркестр грымнуў туш. Музыка, воплескі заглушылі вуркатанне матора, і Лёдзі здалося, што самазвал ціха, як па вадзе, падплывае да трыбуны.

— Прыгажун! — пахваліў Яўген, пляскаючы ў далоні.— Хоць трошкі ўсё і пампезна. Любім мы гэта.

З кабіны вылез начальнік зборачнага цэха і вайсковым крокам накіраваўся да трыбуны. Быў ён падцягнуты і чутачку бледны. Лёдзя, якая сачыла за ім і кожным яго рухам, заўважыла, як таргануўся ягоны кадык.

— Дазвольце далажыць, таварышы. З галоўнага канвеера сышоў стотысячны аўтамабіль,— адрапартаваў ён, падышоўшы да мікрафона.

Яго словы патанулі ў воплесках.

Усё было ўрачыста, парадна: і як рапартаваў начальнік зборачнага цэха, і як пазней адкрываў Дзімін мітынг, і як гучалі дзяржаўныя гімны. Лёдзя ўбірала гэта ў сябе, і душа ў яе трапятала. Цяпер яна стаяла паміж Пракопам і Яўгенам, трымаючы іх пад рукі і прысядаючы ад наплыву пачуццяў.

Ёй паблажліва ўсміхаліся, але заўваг не рабілі, хоць лічылі — не кепска было б быць больш сталай. Пракоп, хмурачыся, пазіраў на Кіру і старанна, падаючы прыклад, апладзіраваў, нібыта апасаючыся, каб хто-небудзь, крый божа, не ператварыў яго свята ў забаву. Яўгена ж наогул апанаваў нейкі одум. Ён сцішыўся і, апрача прыгажуна-самазвала, няшмат заўважаў з таго, што адбывалася навокал.

— ЦК віншаванне прыслаў,— няголасна сказаў ён.— Гэта вельмі важна. Узнагароды, зразумела, будуць, шум...

Пракоп кінуў на яго адчужаны позірк і заапладзіраваў мацней.

— Ды сціхні ты, Жэня! — прасіла Лёдзя.— Кірына чарга падыходзіць...

Да мікрафона бокам набліжалася Кіра. Хуценька адкінула кудзерку з ілба і нясмела ўзялася) за край трыбуны, як за парту.

— Зараз дакранецца,— усхвалявана папярэдзіла хлопцаў Лёдзя.— Ну, дакраніся, Юрачка, ну!

Але Кіра глядзела некуды далёка і наўрад ці помніла пра сяброў. Падаўшыся крыху наперад, яна набрала паветра.

— Дарагія таварышы! — Голас у яе сарваўся, але тут жа зазвінеў.— Я на заводзе нядаўна, як і шмат хто. Але мы цяпер таксама рабочыя і таксама ганарымся перамогай! Дазвольце мне перадаць вам усім вялікае дзякуй...

Заканчваючы, яна ўсё-такі ўспомніла пра ўмову, таропка дакранулася да блузкі і саступіла месца шыракаплечаму госцю-гарняку, які стаў расказваць, як працуюць «МАЗы» на крыварожскіх рудніках.

— Зараз, відаць, Шарупіч выступіць,— пачула Лёдзя нечы голас.

Яна хацела азірнуцца, але гарняка змяніў ужо бацька. Маршчыны на яго твары разгладзіліся1, і ён працягнуў руку з кепкаю да вішнёвага самазвала.

— Сто тысяч! — быццам здзівіўся ён сам.— А памятаеце, з чаго пачыналі? З расчысткі руін. А гэта ж горай, чым з голага месца. Нават сумненні бяруць, што так было. Некаторыя, калі гаворыш, за прыгожае слоўца прымаюць. А помніце, як з сабою на Кастрычніцкую дэманстрацыю першыя машыны ўзялі? Мне таксама не надта верылася, што мы іх самі зрабілі. І вось, калі ласка! Юбіляр! Цягавіты, непераборлівы. Ён і лягчэйшы ў нас стаў і падымае на тону болей. Але ўсё адно змены чакае. Новае жыццё — новыя машыны!

Міхал выпрастаўся, ускінуў галаву.

— А разам з гэтым вось што хацелася б напомніць: камунізму патрэбны не адны грузавікі ды самазвалы. Мы яму не меней патрэбны. І кожнаму, хто не жадае плесціся ў хвасце, прыйдзецца, таварышы, брацца за сябе!..

Калі дырэктар пад воплескі абвясціў, што стотысячны юбіляр перадаецца гарнякам Крывога Рога, і мітынг закрылі, Лёдзя, Кіра, Яўген, Пракоп счакалі, пакуль на плошчы парадзела, і рушылі назад у ліцейны.

Па дарозе да іх далучыліся Цімох, Жаркевіч, Дубовік.

— Ну і як я гаварыла? — пацікавілася Кіра, усміхаючыся ўсім па чарзе. Яна яшчэ жыла сваім выступленнем: у памяці яе ўсплывалі то адна, то другая сказаная фраза.

— Ніштавата,— азваўся Цімох і пайшоў побач.

— Мы разам з Пракопам пісалі.

— Таму і ніштавата...

Ён быў нечым засмучаны і адначасова быццам здзіўляўся — сіліўся і не мог нешта зразумець.

— Давайце збяромся ўвечары,— прапанаваў ён,— паблукаем па вуліцах, папяём. Усё роўна гулянне...

Яшчэ ля трыбуны, слухаючы Кіру, Лёдзя нечакана адчула сябе шчаслівай. Здалося, нават пасвятлела навокал. Увагу прыцягнула далёкае кучавое воблачка. Залітае сонцам, ліловае знізу, яно плыло, як ветразь.

І Лёдзю пацягнула ў вандроўку, у свет, да людзей, якія сталі даражэйшыя і больш неабходныя. Гэта адчуванне не прапала і цяпер.

— Давайце! А паслязаўтра ў горад катанём. Чым мы горшыя за другіх? — падтрымала яна і раптам зразумела, што Цімох пакутуе і быць насцярожанай да яго несправядліва і недарэчна. Недарэчна ўжо таму, што ён сапраўды добры, верны друг. Хоць... хоць у прыязнасці і каханні свае законы...

Усе загаманілі, наперабой прапануючы, як лепш правесці вечар. Маўчаў толькі Яўген — ён быў заняты. Чакала начная работа.

2

Дамы насупроць паружавелі, і Яўген здагадаўся: узыходзіць сонца. Ён расчыніў акно, высунуўся па плечы. Сапраўды, з-за небасхілу паказвалася сонца — вялікае, рыжае. Некалі ў дзяцінстве яму вельмі хацелася пабачыць, як яно падымаецца з-пад зямлі, але, як на тое, ён заўсёды прасыпаў. Сонца паказалася толькі напалову, і на яго можна было нават яшчэ глядзець. Але дзіўна — не грэючы, яно здавалася дужа гарачым, гарачэйшым, чым калі стаяла ў зеніце, і ў той жа час было больш лагоднае і блізкае.

Яўген счакаў, пакуль яно ўзнялося над гарызонтам, хацеў быў зноў сесці за стол, але ўспомніў Раю і падышоў да люстэрка. Убачыў стомлены, няголены і, як здалося, выцягнуты твар. Але гэта не засмуціла Яўгена. Наадварот, ён убачыў у гэтым нешта займальнае і хітра падміргнуў сабе.

Некалькі дзён Яўген увесь вольны час праводзіў за сталом. Вечарамі заяўляўся Аляксееў, і тады яны, бясконца курачы ўдвух, ламалі галовы над чарцяжамі. Рая таксама звычайна бавіла час з імі і, седзячы воддаль, на канапе, чытала кнігу або канспекты. На яе забываліся, але яна нічым не напамінала аб сабе і ішла дамоў позна. Такім чынам яна як бы служыла Яўгену.

Гэта не дужа падабалася Арыне: адданасць у дзяўчыны, на яе думку, павінна была быць таксама дзявочай, сціплай.

Вось і сёння. Закручваючы валасы на патыліцы ў куксу, яна ўвайшла ў пакой і спыталася:

— Калі разышліся? А?

— А другой гадзіне. Добрай раніцы, мама,— павітаўся Яўген.— Чаго вы так рана ўсталі?

— А Рая? — не дала яму Арына схіліць гаворку на іншае.

— Чаго вы хвалюецеся? — пашкадаваў яе Яўген.

Ён думаў: маці падыдзе да яго, пацалуе ў галаву, і, як заўсёды, прымусіць класціся ў пасцель. Але Арына адно ўздыхнула.

— Дзяўчатам гонар не шкодзіла б мець. Нешта сваё перадаваць вашаму брату. А так што выходзіць? Чаго яна сядзіць з вамі? Як ёй, божухна, не сорамна?

— Годзе, мама...

— Табе, можа, і прыемна, але хіба дазволена так? Калі яна не разумее, намякні ёй. Ну, кладзіся хутчэй, я разбуджу.

Яўген паслухмяна бухнуўся на пасцель, заплюшчыў павекі і толькі тады адчуў, як стаміўся. Выйшла так, што ён лёг на спіну, але не ставала ўжо сілы павярнуцца на бок, хоць ведаў — можа захрапці. Нягледзячы на раўнівую вымову маці, на душы было добра. «Няхай сабе пабурчыць...» Нітачка думак ірвалася, а адчуванне нечага добрага жыло. Ды неўзабаве і гэта аддалілася, і на міг перад вачыма паўстала ўзыходзячае сонца — вялікае, рыжае.

Да гудка Яўген абышоў плавільны ўчастак, пагутарыў з ваграншчыкамі, тэльферысткамі, заглянуў да механіка. Аляксееў збіраўся ў цэх, і яны сустрэліся на парозе кабінета. Паглядзеўшы на няголенага Яўгена, які спыніўся ў цёмным прастакутніку дзвярэй — у калідоры акон не было і толькі цьмяна гарэла некалькі лямпачак,— Аляксееў засмяяўся.

— Вось гэта дарэмна. Барада, брат ты мой, у нашай справе не памочнік! Зноў не ладзіцца што-небудзь?

— Пераправяраў яшчэ раз: здаецца, усё ў парадку,— атупелы ад стомленасці, пацёр калючую шчаку Яўген.— Раіўся з ваграншчыкамі. Кажуць, днішча павінна адчыняцца і зачыняцца, як у казцы.

— Тады хадзем.

Яны вярнуліся ў цэх і доўга лазілі пад вагранкаю, пастаўленай на рамонт, аглядаючы днішча, правяраючы свае меркаванні. А калі вылезлі — нечакана, тварам у твар, сутыкнуліся з Кашыным, які паволі ішоў паўз вагранку. Стараючыся трымацца бадзёра, той ступаў з наўмыснай незалежнасцю, высока падняўшы галаву. Але вочы ўсё ж бегалі, твар быў шэры, і выглядаў ён быццам праспаў ноч не раздзяваючыся.

Непрыемна глядзець у вочы пакаранаму чалавеку. Аляксееў апусціў позірк долу, адступіў на крок, але потым засердаваў на сябе. Яўгену стала смешна. Які Кашын быў і які стаў! Куды падзелася ягоная пыха, помпа. А можа, наадварот, камічным, вартым жалю было іншае — тое, што Кашын пнуўся захаваць сваю ранейшую ўпэўненасць, самавітасць, а ў самога ўсё трымцела ўсярэдзіне, дранцвела ад уніжэння, ад бяссілля.

«Зараз стане шукаць спачування,— падумаў Яўген.— Выбера мяне ці Аляксеева — хто, на яго думку, мякчэйшы — за суддзю і будзе апеліраваць».

Але Кашын пачаў з іншага. Сунуўшы халодную руку Яўгену, потым Аляксееву, спытаўся:

— Ну і як тут без мяне? Рай?

— Анішто, працуем,— адказаў механік.

— Сёння яшчэ адзін Указ апублікаваны. Але чамусьці і ў ім няма твайго прозвішча.

— Нічога, будзе...

— Больш ніхто не прыціскае?

— Пакуль што не.

— А справы?

І па тым, як ён пытаўся, як прамовіў «справы», як перасмыкнуліся яго абвіслыя шчокі, Яўген здагадаўся, што Кашын прыйшоў сюды з надзеяй: у цэху без яго не сёння дык заўтра ўсё абавязкова павінна было пайсці наперакос. І яшчэ здагадаўся: Аляксееў раскусіў яго і даў гэта зразумець.

— Вось мала-памалу ўгору пайшлі,— паказаў Яўген на вагранкі, адчуваючы, як расце радасць.— За механізацыю ўзяліся.

— Зноў цар-барабан?

— Не, Мікіта Мікітавіч,— спакойна запярэчыў Аляксееў.— Гэта ўжо цар-вагранка. Мы яе ў крыўду не дамо...

Кашын пекануў яго злым, зацкаваным позіркам і пасунуўся далей, не ведаючы, куды дзяваць рукі. Ідучы, ён вітаўся з рабочымі, яму адказвалі, але, адказаўшы, весела паглядалі на Яўгена з Аляксеевым.

Падышоўшы да фармовачнай машыны, ля якой завіхаўся Комлік, Кашын павітаўся і з ім. Комлік ледзь кіўнуў яму ў адказ, але так, што нельга было зразумець, вітаецца ён або ківае ў лад сваім думкам.

«Баіцца нас... Вось субчык!» — адзначыў сам сабе Яўген.

Гэтага Кашын стрываць ужо не мог — знявагу да яго выказваў Комлік!

— Не вітаешся? — працадзіў ён праз зубы, адчуваючы, як пячэ пад ключыцамі і слабасць падкошвае калені.

— Не чую! — не адрываючыся ад работы, здзекліва кінуў Комлік.

— Брэшаш, чуеш!

— Далібог, не...

— Пахаваў ужо? Думаеш, зусім пагарэў? А што, калі я зноў вярнуся? Падумаў пра гэта? Мне б перабіцца толькі... І не забывайся, што ў мяне, апрача ўсяго, сын ёсць. Прыходзь сёння ў абедзенны перапынак да вялікага канвеера, пераканаешся.

— У чым я там пераканаюся? — вышчарыўся Комлік, паступова прывыкаючы да зняважлівых адносін к былому начальніку і ведаючы, што ўсё астанецца беспакараным. Яму нават пачынала падабацца іграць на катынскіх нервах.

— Воінаў-камсамольцаў пабачыш! Сына, які таксама не даруе, калі што!.. Самазвалы, зробленыя з сабранага імі металу, убачыш!

— А вы пры чым тут?

Кашын атарапеў.

— Маўчы, хапуга! — выгукнуў ён, сабраўшыся з сіламі.— Чыя б кароўка рыкала. Я заўсёды савецкай уладзе служыў і паслужу яшчэ. А ты скажы лепш, як за дом судзіцца будзеш з жонкаю ды дзяўчом няшчасным. Эх ты, рабочы!..

Яны ўжо не заўважалі Яўгена і з пенай на губах гарачыліся абодва. А Яўген стаяў і не ведаў, як спыніць непрыстойны скандал.

На шчасце, падышла Дора Змітраўна. Комлік заўважыў яе і са стараннасцю ўзяўся за работу. Міжвольна азірнуўшыся, Кашын таксама сустрэўся з ёй позіркам і, змоўкнуўшы, прыжмурыў вочы.

— Што ў вас тут такое? — спытала тая.

— Ды вось, палохае і папіхаць, як раней, хоча,— цераз плячо тыцнуў пальцам Комлік.— Нібыта нехта баіцца яго!..

Дора здзіўлена паглядзела на фармоўшчыка, потым на Кашына.

— Калі вы, Мікіта Мікітавіч, па справах, то пойдзем да мяне,— прапанавала яна.

Але Кашын моўчкі павярнуўся і паволі пасунуўся да выхада. Ногі ў яго запляталіся. І Яўгену здалося, што, пахіснуўшыся, ён шарахнуўся плячом аб ферму.

3

Яны агледзелі мастацкую галерэю — якраз на гэта ўсталявалася мода — і, вярнуўшыся да сябе ў аўтагарадок, селі на бульвары. Разыходзіцца адразу не хацелася. Адчувалася па-незнаёмаму добра, і таму не вельмі размаўлялі.

Спачатку сапраўды ішлі глядзець карціны таму, што так павялося і газеты распісвалі падобныя экскурсіі. Але як толькі ўвайшлі ў першую залу, міжволі прыціхлі, нібыта кожны астаўся сам-насам з тым, што бачыў.

Асабліва спадабаліся пейзажы Бялыніцкага-Бірулі — простыя, недзе бачаныя ў жыцці. Калі вярталіся на тралейбусе і міналі яшчэ не забудаваны прамежак Магілёўскай шашы, Кіра аж усклікнула:

— Якраз як Біруля!

І на самай справе, узгоркаватае поле, хмызнячок на беразе ручая, самотная аблачынка на небе нагадвалі адну з яго карцін. Відаць, мастак найбольш любіў прадвесне і восень. Гэта адчувалася нават у яго летніх пейзажах. Цяжка перадаць словамі, што ад прадвесня было ў хмызнячку, у ручаі, у аблачынцы, следам за якой вось-вось абавязкова пацягнуцца чародкі воблакаў, але, бясспрэчна, было. Гэта бірулёўскае і ўлавіла Кіра.

— Ага-ага! — пацвердзіла Лёдзя, зайздросцячы сяброўцы, якая першай прыкмеціла такое, што пасля яе слоў адкрылася другім.

Па вуліцы несліся аўтамашыны. Важна рухаліся тралейбусы. Азіраючыся на бакі, спяшаліся на пераходах людзі.

Лёдзя ўспомніла аблачынку, на якую паказала Кіра

з акна тралейбуса, і пашукала яе ў небе. Але пазнаць аблачынкі было ўжо нельга. І не таму, што з-за небасхілу ўзнялася цэлая града хмарак і плыла па блакіце. Не. Перад градою плылі дзве аблачынкі, а яшчэ далей — адна. Яна, пэўна, і была старой знаёмай. Ды выглядала зусім інакш — раскудлацілася і выцягнулася. І ўсё-такі яна нагадвала тую — бачаную на карціне. Лёдзя сабралася была сказаць пра гэта, але, не знайшоўшы слоў, толькі ўздыхнула.

— Ты хацела нешта сказаць? — парушыў маўчанне Пракоп.

Яна адмоўна паківала галавою.

— А чалавеку, гораду пашанцавала менш, чым прыродзе,— задуменна прамовіла Кіра, абдаўшы Пракопа святлом сваіх бліскучых вачэй.— А пра работу і казаць няма чаго.

— Самі фарбы на карцінах нібыта жухнуць,— сказаў Пракоп, які звярнуў увагу на гэта яшчэ ў галерэі.

— Незразумела нават... Чаму? Тут, напэўна, сама прыгажосць больш складаная, ці што...

— Прырода спрадвечней,— нечакана зажурылася Лёдзя.— А ў жыцці людзей яшчэ многа недасканалага... болю...

На яе накінуліся гуртам, але адразу нездаволена змоўклі: да іх набліжаўся галоўны інжынер.

Ішоў ён, абапіраючыся на сукаватую палку, з якой пачаў хадзіць нядаўна, і яна надавала яму халодны, ганарысты выгляд. Параўняўшыся з імі, Сасноўскі нечакана спыніўся.

— Адпачываеце? — без асаблівай упэўненасці спытаўся ён, паглядзеўшы на лавачку.

— Угу... Можа, прысядзеце? — запрасіў Пракоп, пакасіўшыся на Лёдзю. Але тая засталася спакойнай, і ён больш цвёрда паўтарыў: — Сядайце, калі ласка.

Аднак сесці Сасноўскі не паспеў. Усе ўбачылі, як ад пад’езда дома, дзе жылі Шарупічы, спатыкаючыся і ледзь не падаючы, да бульвара бегла Ніна — Комлікава падчарка. У руцэ яна трымала хустку і, калі спатыкалася, узмахвала ёю.

— Я да дзядзькі Міхала хацела... Але яго дома няма... Што ж цяпер будзе, Лёдзя? — падбегшы да лавачкі, пачала тлумачыць яна.

Звярнуўшы ўвагу на Сасноўскага, дзяўчына асеклася, але перамагла збянтэжанасць і залапатала з яшчэ большым адчаем:

— Што рабіць нам? А? Мамка перакалацілася ўся...

— Ды супакойся ты,— амаль загадаў Пракоп і ўстаў: у такіх выпадках у ім абуджалася пачуццё адказнасці за другіх.— Раскажы як мае быць.

Дзяўчына сутаргава глынула слёзы і выцерла хусткаю вусны.

— Сёння суд быў. Нам з мамай палову ўсяго прысудзілі. А як вярнуліся, айчым за сякеру схапіўся. Крычыць, біцца кідаецца. Пагражае, што, калі мы зараз жа не пойдзем вон, заб’е. І дома не пашкадуе — спаліць. Усё на вецер пусціць.

— Гайда! — распарадзіўся Пракоп.

Памарудзіўшы, следам за моладдзю падаўся і Сасноўскі, адчуваючы, што не можа аставацца адзін, хоць бачыў, як усе абураны.

Задыханыя, Пракоп і Лёдзя першыя ўбеглі на Комлікаў двор. Штурхаючы, каб не трапілі пад ногі, лянівых, прыдуркаватых курэй, дабраліся да ганка.

Дзверы ў доме аказаліся расчыненымі, і навокал было ціха.

— Ах, мамачка ты мая! — нема загаласіла Ніна і кінулася ў сенцы.

Комлічыха адгукнулася плачам і, хістаючыся, паказалася на парозе калідора. Спыніўшыся ў дзвярах, прытулілася да вушака, і мажнае цела яе затрэслася ад рыданняў. Яна засланяла сабою святло, заплаканага твару яе было амаль не відаць, але Ніна загаласіла зноў.

— Ён там, у садзе! Туды ідзіце! — варухнула рукою Комлічыха.

Комлік сек дрэвы. Некалькі яблынь бездапаможна ляжалі на зямлі. Было нешта дзікае і несправядлівае ў тым, што яны павалены і ляжаць у поўнай сваёй красе, а на галінах і пад імі жаўцеюць даспелыя яблыкі.

Лёдзя наогул без болю не магла бачыць, як валяць дрэвы. Ёй здавалася, што яны падаюць са стогнам і, паварочваючыся, удараюцца аб зямлю скроняй. А тут яшчэ былі даверлівыя, добрыя яблыні!

— Дзядзька Іван, што вы робіце? — не сваім голасам крыкнула Лёдзя.— Апамятайцеся!

Комлік быў страшны. Раскудлачаны, у расхрыстанай кашулі, што вылезла са штаноў, ён высока ўзмахваў сякераю і, гакаючы, апускаў яе на камель яблыні. Сякера глыбока ўваходзіла ў жывую драўніну, яблыня ўздрыгвала, як ад спалоху, і з яе зрываліся самыя даспелыя яблыкі. Падалі яны пасля кожнага ўдару, і было чуваць, як, пратарахцеўшы між галінак, глуха стукаліся аб зямлю. Ад лютасці Комлік успацеў. Пасмы валасоў упалі на лоб і прыліплі да яго. Гэта, мусіць, таксама раздражняла Комліка, і ён, перад тым як ударыць сякераю, узмахваў галавою, бы конь, і праводзіў рукавом па лбе.

На Лёдзін крык ён не звярнуў ніякай увагі. Толькі перакасіў рот, ачумела вышчарыўся і стаў гакаць мацней.

Калі і з гэтай яблыняй было скончана. Комлік адным махам падскочыў да бліжэйшай рабіны. На ёй чырванелі гронкі, а на верхавінцы бялелі кветкі — яна зацвіла другі раз. Рабіна была яшчэ тонкая, і Комлік з аднаго ўдару ссек яе. Але больш яму арудаваць не давялося. Пракоп і Трахім Дубовік схапілі яго ззаду, закруцілі за спіну рукі і адабралі сякеру.

Лёдзя баялася, што пачнецца бойка, але без сякеры Комлік ураз абвяў і, згорблены, сеў на ссечаную рабіну. Глядзець на яго было цяжка, брыдка, і Лёдзя пайшла з саду. За ёй падаліся астатнія. Толькі Трахім Дубовік, узяўшы сякеру, накіраваўся ў дом разам з Нінаю, якая ўвесь час, усхліпваючы, стаяла на ганку.

— Гад! — цяжка дыхаючы, вылаяўся ля брамкі Пракоп.— А я ж некалі абараняў яго, перажываў. А ён, аказваецца, гатовы і злачынцам стаць. Гайда, Кіруха, я тут не хачу болей быць!

Пракоп рашуча, хоць рабіў гэта першы раз пры ўсіх, узяў Кіру пад руку, і, не азіраючыся, яны хутка пайшлі ад дома.

Лёдзя праводзіла іх позіркам, пакуль яны, схіліўшы адно да аднаго галовы, не збочылі за рог вуліцы, і агледзелася. Комлік усё яшчэ сядзеў на ссечанай рабіне і, нібыта падтакваючы некаму, ківаў галавою. Рукі ў яго бяссільна ляжалі на каленях, і ўвесь ён быў як выкручаны.

— Трахім! — пазвала Лёдзя і толькі тут заўважыла, што побач з ёю, калупаючы палкаю зямлю, стаіць Сасноўскі.

— Якая косная дзікасць! — сказаў ён.— Ні літасці, нічога... Аказваецца, мы жорсткія не толькі адзін да аднаго, але і да прыроды...

— На жаль, жорсткія...— згадзілася Лёдзя і заўважыла, як усцешыла Сасноўскага яе згода.

— Зараз я, можа быць, больш за ўсё ненавіджу гэта...

Ён перастаў калупаць зямлю, узняў на Лёдзю вочы і з просьбаю ў вачах прапанаваў:

— Давайце зойдзем у дом, пагутарым з гаспадыняй. Гэта надзвычай важна.

4

Звычайна навальніца прыходзіць з-за небасхілу. Паказваецца цёмная ліловая хмара, абдымае далягляд і, глуха вуркочучы на краі зямлі, цягнецца да сонца. Потым, закрыўшы яго, скаланецца ад грымот, перагудаў і праліваецца дажджом.

А зараз навальніца разбушавалася нечакана, ураз, і першыя грымоты пракаціліся над галавою, а ўслед за імі на зямлю абрынуўся лівень — з ветрам, як увесну.

Міхал толькі што выйшаў з цырульні, дзе якраз размаўляў пра надвор’е.

— Яно нам здорава перашкаджае. Калі дождж, кліентаў куды меней,— скардзіўся цырульнік, старанна выбрываючы ля куткоў Міхалавага рота.— А зімой наогул бяда. А чаму — нават сказаць цяжка. Холадна, напэўна. Але сёння лафа!..

«Во табе і лафа»,— весела падумаў Міхал і спыніўся ля дома з вялікім карнізам і балконамі. Але дождж заносіла сюды таксама, і Міхалу прыходзілася станавіцца на дыбачкі, прыціскацца да сцяны, перабягаць то пад адзін балкон, то пад другі. А лівень усё мацнеў. Дахі дамоў, ліпы на бульвары, асфальт заблішчалі, як лакіраваныя, і ад іх, дробячыся, сталі ўзлятаць белаватыя пырскі. Вада цякла па ўсім тратуары, і, калі налятаў вецер, па ёй прабягала стракатая рабізна.

Трэба было ратавацца, і Міхал пабег у пад’езд.

Лівень стаў такі, што спыніліся тралейбусы, аўтамашыны. Па ветравым шкле і шыбах беглі струмені вады, і твары ў шафёраў, пасажыраў здаваліся выцягнутымі і быццам мігцелі. Вуліца вымерла. Толькі па тратуары беглі двое — мужчына з дзяўчынаю. Міхал прыгледзеўся і са здзіўленнем пазнаў дачку і Сасноўскага.

Прытрымліваючы, капронавы капялюш, палі якога намоклі і смешна абвіслі, Сасноўскі сігаў сажнёвымі крокамі, далёка выкідаючы наперад палку, так што Лёдзя ледзь паспявала за ім: вузкая спадніца перашкаджала ёй. Але яны смяяліся і весела перакідваліся словамі.

— Лядок! Максім Сцяпанавіч! — аклікнуў іх Міхал.— Не страшна?

Яны звярнулі да яго ў пад’езд.

— Нам усё роўна няма чаго траціць,— бесклапотна растлумачыў Сасноўскі і паказаў сукаватай палкаю на касматае, дымчатае неба.— Садом і Гамора. Бачыце, як лупіць. Надвор’е і тое ніяк не ўсталюецца, нібы зрушылася нешта. Зменлівае было і ўзімку, і ўвесну, не лепшае і цяпер.

— Пішуць, гэта ад сонечнай актыўнасці.

— Выдатная прычына!

— А што вы думаеце!

— Мусіць, гэтая актыўнасць неяк і на людзей уплывае. Слова гонару, гляджу і не пазнаю некаторых. Дзіміна, скажам, дык расцвіла проста. А ў ліцейным...

— Тэльферысткі скардзяцца,— робячыся калючай, уставіла Лёдзя,— галава баліць ад вашага вісмуту.

— Гэта дэталі, Лёдзя. Горш, калі яна кругам ад думак ідзе. А справе ад гэтых думак не становіцца лягчэй. Думаеш адно, робіш другое, атрымліваецца трэцяе... Чула, вядома, афарызм — добрымі намерамі дарога ў пекла забрукавана. Вось што страшна...

Сасноўскі хацеў сказаць гэта бесклапотна, але словы прагучалі сумна, амаль тужліва. Пераняўшы пільны позірк Міхала, ён зняў капялюш, які надаваў яму пацешны выгляд, і перавёў гаворку:

— А мы ад Комліка, Сяргеевіч. Уяўляеце, ён там свой сад пасек.

Міхал недаверліва паглядзеў на галоўнага інжынера.

— Сур’ёзна! Каб нікому не дастаўся,— пацвердзіў той.

— Лепей бы рукі яму адсохлі,— сказала Лёдзя.

Зняўшы пінжак, Міхал накінуў яго на плечы дачцэ.

— Глядзі не прастудзіся,— занепакоіўся ён.— А на конт Комліка мы таксама недагледзелі. Пераконвалі, каралі, а каб у работу ўпрэгчы — не. У камунізм, дачка, прыходзіцца ўваходзіць з людзьмі, якім яшчэ расці ды расці.

— Та-ак, камунізм,— як бы верачы і не верачы, працягнуў Сасноўскі.

— А лівень, лівень! — усклікнула Лёдзя.

— Як там, цікава, Соня і Леначка ў лагеры? Пад дождж папалі. Рады-радзюсенькі, напэўна.

Дождж кончыўся раптоўна, як І пачаўся. Яго ўжо не было, а з балконаў яшчэ сцякалі струмені, з вадасцёкавых труб з плёскатам і шумам ірвалася вада, па тратуарах і абочынах вуліцы беглі бурыя ручаі.

— Бывайце,— пакланіўся Сасноўскаму Міхал і, абняўшы Лёдзю, выйшаў з пад'езда.— Ты мне, дачка, даруй. Відаць, старое адрыгаецца нават тады, калі за новае хочаш змагацца... І не думай, я не дамагаюся, каб ты аддавала мне тое, што я даў табе. Але хочацца, дужа хочацца, каб, калі будзеш перадаваць сваё дзецям, перадала і майго чуток. У нас з табой, Лядок, асаблівая адказнасць... Во дастанецца нам ад маці!

Вуліца ажыла.

Тралейбусы, аўтамашыны, наганяючы страчаны час, памчалі хутчэй. А магчыма, гэта толькі здавалася, бо з-пад іх шын вырываліся доўгія, імклівыя пырскі, дый шоргат шын аб асфальт стаў больш зычным.

На тратуары высыпалі людзі. Адзін бульвар быў яшчэ пусты. З ліп падалі буйныя, важкія кроплі.

Лёдзя даверліва хінулася да бацькі. Раней яна ведала бадай што адну матчыну ласку. Да яе прывыкла, яе прагла. Бацька ж як бы стаяў воддаль — трохі замкнуты, стрыманы, менш зразумелы.

А вось цяпер Лёдзя адчувала, як расце любоў да яго і якая дарагая яна яму сама. На ёй быў бацькаў пінжак, плечы абдымала яго моцная рука, і ўся яе істота перапаўнялася любоўю.

Адчуванне еднасці з ім было настолькі моцнае, што Лёдзі здавалася: яна жыла некалі і іменна яго жыццём.

Міхал разумеў гэта і стараўся ісці ў нагу.

Паступова апаноўвалі новыя клопаты.

У яго не было раскладу, калі ён як дэпутат прымаў наведвальнікаў. Але неяк само сабою склалася так, што да яго ішлі па нядзелях проста дамоў. Вось і сёння прыйдуць, вядома — са скаргамі, заявамі, прапановамі. Трэба будзе выслухаць, разважыць, памагчы. Потым сесці канчаць успаміны для Гістпарта, а пад вечар схадзіць да Комлікаў, да Алёшкі. Як там у іх?

Вымытая ліўнем вуліца зіхацела. Там, куды бегла шаша, вялізнай аркаю ўзнімалася вясёлка.

 

Мінск, 1957-1960


1957; 1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпаў У. Збор твораў. У 5-ці т. Т. 3. Вясеннія ліўні: Раман. Трэцяя кн. з цыкла «На перавале стагоддзя». - Мн.: Маст. літ., 1984. - 431 с.
Крыніца: скан