epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Карпаў

Восень сорак другога (З успамінаў)

Мы развіталіся ў маленькай вёсцы Зуі, дзе размяшчаўся штаб нядаўна створанай брыгады Сямёна Міхайлавіча Кароткіна — на Віцебшчыне традыцыя даваць спецыяльныя назвы партызанскім злучэнням не прыжылася,— адчуваўся ўплыў недалёкага фронту.

З месяц назад сына і жонку вывезлі ўначы з «нічыйнай» Слабады, наладзіўшы шумны спектакль. Перавярнулі ў хаце ўсе рэчы і справілі гвалт. Трэба было, каб ніхто не мог абвінаваціць слаўную, спагадлівую сям’ю, што ў першыя дні вайны прытуліла нас.

Хлопцы, якія ўдзельнічалі ў катавасіі, рабілі гэта «папутна», маючы галоўнай задачаю нарыхтоўку солі для брыгады. Таму, пакуль яны праводзілі сваю зацяжную аперацыю, жонка і сын разам з імі жылі ў Тошніку — недалёкім ад Слабады лесе, памагаючы гатаваць ежу і мыць кацялкі.

У Зуях іх пасялілі ў хаце побач са шпіталем, і яны заняліся другім — сталі збіраць маліну для раненых. Харчаваліся ж у шпітальнай кухні.

Апошнюю ноч перад расстаннем мы правялі разам. На прыгуменні знайшлі стажок пад навясной стрэшкаю, забраліся на яго, закапаліся ў сена і прагаварылі да світання.

Што асталося ў памяці з тае начы і сонечнага ранку? Зорная свежасць і мурожныя пахі. І яшчэ — родная цеплыня. Так, так! Яна ўспрымаецца сэрцам і, саграваючы яго, не растае, а як бы астаецца ў табе. Я не помню дакладна, аб чым мы гаварылі. Але магу прысягнуць: гаворка была наіўная, далёкая ад выпрабаванняў, што чакалі нас. У жонкі ёсць фотакартка — яна ў шаснаццаць: лабатая, адкрытая, з грыўкаю, у просценькай пазычанай шапцы-баядэрцы і паношаным, таксама чужым, палітэчку. А на адваротным баку надпіс-напамінак старэйшаму брату: «Не забывайся, што твая сястра, як і ты, моцна стаіць за справу рабочага класа». Мне здаецца, размова наша па духу была цюцелька ў цюцельку падобная да гэтага надпісу. Ва ўсякім разе такі след застаўся ад яе. Помню толькі, калі мы першыя прачнуліся з сынам, я ўзяўся за «ТТ». Разбіраў, чысціў пісталет і страшэнна ганарыўся, што вачаняты ў сына паблісквалі. Група, якая ішла з Зуёў за лінію фронту, была невялікая. Збіты пад Віцебскам лётчык — бледны, зняможаны, у шлеме і пазелянелай скуранцы, што пабывала ў зямлі. Порсткая, коратка пастрыжаная студэнтка-медычка ў ботах і перашытай з шыняля куртцы. Старшыня райвыканкома — пажылы, брывасты, з добрымі, нібыта выцвілымі вачыма, у брызентавым плашчы. Яго жонка з сястрою — яшчэ поўныя, у гадах жанчыны, якія, відаць, баючыся ліхіх прыгод, апранулі на сябе лепшае, што захавалася ў іх. І, нарэшце, мая жонка з сынам, які быццам бы збіраўся ў госці — у туфельках, шкарпэтках, кароткіх штоніках, у белай кашульцы і седлаватай — даніна часу — іспанцы з кутасікам. Суправаджалі іх два маладыя хлопцы-партызаны — падводчык і праваднік, апранутыя з нейкім паляўнічым шыкам. Але ўдзельнічалі яны ў такіх паходах не ўпершыню і трымаліся па-будзённаму спакойна. Праўда, у правадніка на шыі вісеў новенькі аўтамат,— ППШ! — і хлопец часцей, чым трэба, кратаў яго, папраўляў. І таму здавалася: ён падцягнуты, спружыністы ў рухах і можа пры зручным выпадку пальнуць са сваёй новенькай зброі проста ў густое сіняе неба, што не паспела стаць вераснёвым.

На вуліцу праводзіць іх высыпалі раненыя — на мыліцах, з падвязанымі рукамі, забінтаванымі галовамі, і медсёстры — у халатах і белых касынках. Сталі ланцужком уздоўж плота. Прыйшоў Кароткін, акуратны, сабраны, шчыра паціснуў кожнаму, хто адыходзіў, руку, даў маёй жонцы адрас сям’і.

— Хоць і ў гарадку жывуць, а свой агарод займелі,— сказаў з сумнай усмешкаю,— памогуць. У іх там і светамаскіроўкі няма. Так што скупым не будзеш.

— Харошага вам хлопца пакідаю,— адкрыта ляпнула жонка.— Глядзіце, беражыце яго.

— Пастараемся,— аж трохі сумеўся Сямён Міхайлавіч.

Помніцца, я наогул здзіўляўся з жонкі.

За дзень іх папярэдзілі: у раёне так званых «Віцебскіх варот» становішча ўскладнілася і не выключана, што прыйдзецца шукаць глухіх няходжаных сцежак. Сёй-той адмовіўся ісці, чакаючы лепшых дзён, а яна вось напрасілася і ідзе.

Жонка стаяла перада мной, апусціўшы бязвольныя рукі, але глядзела амаль спакойна — нельга плакаць развітваючыся, бо інакш бяда будзе падсцерагаць абаіх.

О, як тады я любіў гэтыя вочы, у глыбіні якіх замёр і ўспыхваў асцярожны бляск! О, як любіў іх заўсёды! І ў слязах — бы ў расплаўленых перлах. І зыркія, ззяючыя, пабольшаныя радасцю. І нейкія тужлівыя ад адданасці, ад жадання, каб мне было лепей. Любіў пацямнелыя ад гатоўнасці кінуцца на любога, хто пасмее пакрыўдзіць мяне, сказаць грубае слова напоперак, або поўныя просьбы быць справядлівым і вартым справядлівасці.

Як і ўсе светлыя вочы, яны мянялі колер. Калі яна апраналася ў зялёную сукенку, вочы маладзелі, адлівалі ізумрудам. Калі надзявала бурштынавыя завушніцы з каралямі, шэрыя ад прыроды,— адлівалі залацістым, нешта абяцалі. На іх адбіваўся чысты, ясны ранак, хмуры адвячорак... Яна ведала гэта і гулліва карысталася дарам-сакрэтам, як жанчына, якая кахае і хоча быць каханаю.

На людзях жонка дазволіла пацалаваць сябе, не абдымаючы, і хоць я пацалаваў яе ў губы, яны здаліся мне халаднаватымі, сухімі.

Падводчык пасадзіў сына ў перадок калёс, нагружаных чамаданамі, баульчыкамі, хатулямі, ускочыў сам і шмаргануў лейцамі. Дасюль стаяла суш, і я заўважыў, як з колаў, бы вада, па спіцах пацёк пясок. Але недзе за лесам лілавела хмара, з якой ліў дождж. За ёй, таксама з пасмамі дажджу, плыла другая. А па-над імі каромыслам выгнулася вясёлка. І вось туды, пад дажджавыя хмары, рушыла падвода з чародкаю людзей.

Такой, падобнай на пахавальную працэсію, і асталася гэтая карціна ў памяці. Аколіца Зуёў выглядала бедна — здратаваны жывёлаю выган, з дрэў — адна разгалістая груша з парудзелым ніжнім галлём пры дарозе. І толькі ўводдалі — лес... Курыць пыл. Парыпваючы, цягнецца фурманка, за ёй — абапал і ззаду, некалькі невясёлых людзей. Усё!..

А назаўтра наша група ў дзесяць разведчыкаў-сувязных, якую падабралі ў Зуях прыбыўшыя з-за лініі фронту прадстаўнікі Мінскага і Вілейскага абкомаў партыі, рушыла ў другі бок — на захад.

Заданне ў нас было разнастайнае. Штаб партызанскага руху меў звесткі: гітлераўцы ўключылі некаторыя раёны Заходняй Беларусі ў генеральную акругу рэйхскамісарыята Остланд, у якую ўваходзіла Літва, і літоўскія калабаранты нібыта аддалі загад заняць нашы пагранічныя кардоны на былой заходняй граніцы. Абследаваўшы яе, трэба было праверыць, так гэта ці не. Мы атрымалі пісьмо ЦК КП(б)Б, дзе падкрэслівалася важнае значэнне партызанскіх удараў па камунікацыях ворага, па якіх ішло ўсё неабходнае на Усходні фронт,— якраз разгаралася Сталінградская бітва. Мы павінны былі наладжваць сувязь паміж існуючымі атрадамі, стаць рэгістратарамі новых невядомых груп і атрадаў, што маглі сустрэцца па дарозе, і ў прыватнасці ўстанавіць лёс атрада Асташонка і Хведара Маркава, які пасля заканчэння спецшколы ў жніўні сорак першага быў накіраваны ў тыл ворага і ад якога не было вестак... Мне, апрача гэтага, даручалася сабраць матэрыял аб Мінску — аб пашпартным рэжыме ў ім, аб кантрольна-прапускных пунктах, праверках і аблавах, аб барацьбе мінчан з захопнікамі.

Мінск! Туды ў добрыя мірныя дні я ездзіў на заліковыя сесіі. Там, калі пачалася вайна, здаваў апошні дзяржаўны экзамен і перажыў бамбёжку — прыціснуты навалаю выбухаў, ляжаў на прывакзальным бруку, прыкрыўшы дзяўчынку, якая раптам асталася адна. А потым, дзякуючы ўдачы, уціснуўся ў поезд, які, праўда, ішоў ужо не ў Віцебск, куды трэба было мне, каб трапіць на Сіроціншчыну, у Доўгую Ніву, дзе я настаўнічаў і дзе асталася сям’я, а ў Магілёў, адкуль ужо дзе чыгункаю, дзе пехатою я дабраўся дамоў...

Нашай групе шанцавала: у Чэрвеньскія лясы з намі адной дарогаю да Бягомлыпчыны кіраваўся спецатрад пад камандаваннем Бліна — як казалі, Героя Савецкага Саюза. Гэта здорава аблягчала нам задачу: адпадалі многія клопаты — аб правадніках, аб галаўной разведцы і вартавых на прывалах і днёўках.

Ноччу, беручы нахрапам, мы з блінаўцамі перасеклі чыгунку Віцебск — Полацк прама па пераезду, выставіўшы толькі бакавыя заслоны.

Шум узнялі даволі вялікі. Нэкалі вазніцы. Калёсы ў спешцы саскоўзваліся з насцілу, колы чыргалі па рэйках, саплі ад натугі коні, і вазы трэба было агулам ставіць на памост. Кляцала зброя, брыньчалі кацялкі. Чакаючы, што вось зараз пасвятлее ноч, мы збоч гужам перабеглі адзін, другі пуць і як бы нырнулі ў цемрадзь, што па другі бок палатна здалася яшчэ цямнейшай. І толькі тады засвісталі кулі і ў неба ўзвілася ракета.

Рэйкі, коні як бы адкінулі мяне назад — у мінулае. Асляпіўшы, яно нібы ўварвалася ў мяне разам са штуршком крыві ў скроні. Мільганула карціна ўцёкаў з Доўгай Нівы... Старшыня калгаса даў мне шэрую, у яблыках, жаробку. Але калі мы запрэглі яе ў калёсы, як з-пад зямлі вырас чорнабароды муж нашай школьнай тэхнічкі і, тарашчачы налітыя крывёю вочы, ухапіўся за аброць — ён сам прэтэндаваў на кабыліцу. Давялося, каб паказаць сваю рашучасць, дастаць для постраху з-пад клункаў сякеру і, хвастаючы неаб’езджаную жывёліну, імчаць, куды скіравала яна сама — проста па поплаву, што распасціраўся перад школай... Ад думак — галоўным усё-такі былі жонка з сынам — заныла сэрца: як яны там? «Фронт не чыгунка!»

На гэтую карціну набегла другая. Мы ў вёсцы Слабада, куды збочылі пад вечар з шашы, каб пераначаваць. Я паю жаробку. Губы ў яе чулліва ўздрыгваюць, і ў мяне на душы робіцца хораша. Але толькі на міг, бо ў наступную хвіліну я чую, як нехта крычыць, што там, на шашы, бяда, і, хоць хапаюся за хамут, цудоўна разумею: не-э, танкі не абгоніш!..

Але як толькі ракета патухла і над намі зноў самкнулася цемра, успаміны як і нахлынулі, адляцелі. Астаўся толькі боль — у сэрцы.

...Далей ляжаў самы небяспечны адрэзак дарогі — там, у наваколлі, не было партызанскіх атрадаў, і яе трэба было пакрыць за ноч, каб дасягнуць Заходняй Дзвіны, дзе непадалёк дзейнічала брыгада Мельнікава і мог пагражаць, па сутнасці, адзін нямецкі гарнізон з Улы.

З атрада Бліна найбольш каларытнымі былі двое: сам камандзір і камузвода Валодзя Леўшын — высокі, хударлявы, з вялікімі сумнымі вачыма. З ім я і пасябраваў, і, калі ішлі пазней лясамі, гутарылі пра ўсё высокае — літаратуру, радзіму, мужнасць ленінградцаў у блакадзе. Рэагуючы на ўсё востра, ён, аднак, знешне аставаўся сумным і трохі вялым, быццам бы яго тачыў боль або ён думаў адну недадуманую думу, і спакойна пасмоктваў сваю неразлучную люльку.

Бліна, як потым высветлілася, толькі прадставілі да ганаровага звання Героя, але, абнадзеены, ён жыў на высокай хвалі, трошачкі пазіраваў, насіў папаху з чырвоным донцам, хоць наперадзе было бабіна лета і калі халадала, дык толькі на світанні. Прысадзісты, загарэлы, з быстрымі карымі вачыма, звязаны як вузялок, ён прымаў рашэнні не дужа задумваючыся, верачы ў сваю шчаслівую зорку.

Магчыма, гэтая акалічнасць спрыяла і таму, што, дасягнуўшы Заходняй Дзвіны, мы не фарсіравалі яе, а спыніліся ў прыбярэжнай вёсцы, здаецца, Ярошава — непадалёк ад Улы.

Што абумовіла блінаўскае рашэнне? Ён разумеў: атрад стане прыцягальнай сілаю і папоўніцца тут добраахвотнікамі. Да таго ж байцы ў яго атрадзе былі абмундзіраваны не вельмі. Зусім растаптаўся абутак. У такім жа становішчы былі і мы. А ля Улы некалі размяшчаўся наш аэрадром, як помніцца, цяжкіх бамбардзіроўшчыкаў і склады з армейскім абмундзіраваннем. У неразбярысе першых ваенных дзён абмундзіраванне разабралі сяляне з навакольных вёсак. Так што прадстаўлялася магчымасць сёе-тое здабыць і апрануцца лепей. Забягаючы наперад, скажу: мне дастаўся новенькі, з іголачкі, лётчыцкі шынель, які я і пранасіў, пакуль не выйшаў са справаздачаю ў савецкі тыл. Але многія з партызан і партызанскіх камандзіраў, з якімі мы сустракаліся пазней, недаўмявалі — з кім яны маюць справу? А гэта, як вядома, часам не шкодзіць.

Восень стаяла залатая, бязветраная. Дзвіна несла воды плаўна, велічна. Цурчала толькі ля берагоў. Нас з Валодзем Леўшыным здзіўляла, чаму ёй, такой спакойнай прыгажуні, не шанцавала ў песнях, як, скажам, Дняпру ці Нёману.

Свае аперацыі мы праводзілі па начах. У адной з вёсак напаткалі работніка Бешанковіцкага лясніцтва — прыпісніка. Як афіцэру прапанавалі ўступіць у атрад Бліна — нам расці забаранялася. Жвавы, рухавы, ён, не задумваючыся, абяцаў знайсці зброю і выканаць параду. Аднак, калі мы праз дзень прыйшлі зноў, яго дома не аказалася. Жонка — бледная, поўная, з высокім жыватом жанчына — замітусілася, запрасіла нас за стол, не ведала, што падаць. Паважаць людзей трэба таксама ўмець. Нехта націснуў на курок вінтоўкі і стрэліў у столь. Жанчына схапілася за галаву, прысела, а мы пайшлі шукаць гаспадара. У мяне была звычка насіць электрычны ліхтарык на гузіку шыняля. І калі мы ўвайшлі ў хлеў, дзе ўздыхала карова, я ўключыў святло. Палову хлява займала агароджанае жэрдкамі сена. І вось недзе на вышыні грудзей мы ўбачылі падэшвы. Разам з чобатамі выцягнулі і чалавека.

Надзіва, ён збянтэжыўся нядужа. Абабіўшы сянную пацяруху, ухмыльнуўся і з нейкай незразумелай палёгкаю павёў нас назад у хату. Падышоўшы да жонкі, пагладзіў яе жывот — і тады мы ўбачылі: жанчына ў цяжку.

Я сам адчуваю — пішу не з той сур’ёзнасцю, якую вымагаюць падзеі. Цяпер іх трагічнасць бачыцца мне выразней, але тады я ўспрымаў іменна так. Чаму? Мусіць, таму, што быў па-маладому шчыры і просталінейнасць часам прымаў за адзнаку адданасці справе.

Але жыццё было куды складанейшае.

Лёс нават карае тых, каму яно здаецца простым. Мы далі свайму новаму знаёмаму старэнькі «сміт-вісон», памаглі ўступіць у атрад Бліна. Кінуўшы-рынуўшы ўсё, што меў, прыхапіўшы з сабою жонку, ён прыстроіўся да атраднага абоза. Аднак, як на тое, з паловы дарогі перамяніў рашэнне і адаслаў жанчыну назад — хай раджае ў сваёй вёсцы. І, як трэба было чакаць, яе ўжо на аколіцы перанялі паліцаі. Наздзекаваўшыся, прывалаклі паміраць да брамы роднае хаты...

А зараз некалькі слоў пра сябе.

Сам факт, што тваю зямлю топчуць чужынцы, выклікаў у мяне боль. Здзек жа гітлераўцаў — з людзей, са звыклых форм жыцця — мучыў. Пад Слабадою разам з намі трапіла ў акружэнне і было разбіта Лепельскае мінамётнае вучылішча, і я ўжо тады прыхаваў сабе пісталет, карабін, гранаты. Не забыўся і на бінокль, планшэт, шырокі рэмень з партупеяй. І наогул многае тады пачынаў саматугам. Але, як стала ясна цяпер, я цьмяна ўяўляў і небяспеку, што пагражала краіне, і змаганне, якое разгаралася наўкол. Дый, помніцца, вельмі карцела заявіць аб сабе так, каб адразу змяніўся і ўласны лёс і лёс сям’і. Апанавала ідэя шумнай адплаты — узарваць камендатуру, пакараць раённых верхаводаў. Паведаміўшы пра свой намер Кароткіну — да мяне ў Слабаду па начах часта прыходзілі партызаны,— я знайшоў работу ў Шуміліне і стаў наязджаць туды на веласіпедзе — да мястэчка было кіламетраў дзесяць. Але неўзабаве нада мной навісла пагроза арышту — знаёмствы, якія я заводзіў, дый тое, што жыў за гарамі, за лясамі, насцярожылі паліцыю бяспекі, і мне прыйшлося, адмовіўшыся ад сваіх задумак, падацца ў партызаны.

Сямёна Міхайлавіча Кароткіна, як даваеннага сакратара райкома партыі, паважалі ўсе. Яму верылі, яму без ваганняў уручалі свой лёс. І, калі я прыйшоў у Зуі, то літаральна ж на другі дзень звярнуўся да яго — папрасіўся на заданне: сувязі, што я займеў у мястэчку, трэба было ўсё-такі скарыстаць. Праўда, слухаючы, Сямён Міхайлавіч доўга глядзеў паўз мяне — думаў, аднак нарэшце кіўнуў — як здалося лбом.

У дапамогу мне далі спакойнага, рабочага гарту ўральца, што перад вайною сакратараваў у парткоме славутага Бярэзінскага камбіната,— Леаніда Палітаева, які амаль разам са мною трапіў у атрад, і мы рушылі ў дарогу.

З людзей, з якімі я пазнаёміўся ў мястэчку, мы выбралі двух: Пятра Шаройку — былога курсанта Лепельскага мінамётнага вучылішча, пра якое я ўжо ўспамінаў, і галоўурача раённай бальніцы.

Пятровы бацька і мачыха жылі ў вёсцы, што ледзь не ўпрытык прымыкала да Шуміліна, і хлопец пасля таго як вучылішча перастала існаваць прыплёўся дамоў — у канцавую хату, ля зялёнай грэблі, за якой паднімаўся лес, а потым уладзіўся на Шумілінскую біржу працы, дзе стаў ведаць мабілізацыяй падвод у мястэчку. Маладосць як бы жыла ў ім, і, нягледзячы ні на што, ён аставаўся яснавокім і, як уяўляецца цяпер, кучаравым.

— Гэты зробіць! — згадзіўся Леанід, праводзячы вачыма стройную постаць хлопца, які адыходзіў ад нас пасля сустрэчы.— Пад’едзе пад камендатуру, выцісне створку ў акне... і памінай як звалі! Тым больш цяпер якраз гоняць падводы рамантаваць шашу. А калі што, прыкрыем...

Як ні дзіўна, будучы афіцэр-мінамётчык, фактычна, паняцця не меў аб супроцьтанкавых гранатах. Прыйшлося ў тым жа Тошніку праводзіць рэпетыцыі. Асабліва ўражала хлопца, што кінутая граната ўзрывалася імгненна, як толькі краналася якога-небудзь прадмета. Здзіўляла: як яна, такая важкая, не давала асколкаў, і ўся сіла яе заключалася ў выбуховай хвалі, што забівала людзей, ірвала метал.

Маладосці спадарожнічае мужнасць. Але, можа, ніхто і нішто,— калі толькі раздумацца,— так не шкадуе сябе, як тая ж маладосць. Калі Пятро забываў галіцца, над губамі і на шчоках у яго яшчэ бялеў, віхрыўся пушок. Ён любіў лес, неба, бацьку. Гаворачы пра радзіму, расчульваўся, змаўкаў і адкашліваўся.

Каб застрахаваць яго ад звыклага з дзяцінства, якое таксама можа расслабіць чалавека, мы забаранілі яму у той дзень начаваць дома і параілі пераначаваць у гумне. Але ён, хутчэй за ўсё праз гордасць, не паслухаўся нас. А магчыма, захацелася развітацца з домам, і, зразумела, лежачы ў пасцелі, ён доўга варочаўся, уздыхаў, мацаў пад падушкаю, дзе ляжаў пісталет.

Бацька ж, як назаўтра паведамілі нам вяскоўцы, заўважаў таямнічыя сынавы адлучкі, змены ў яго настроі. Бачачы ж, як той мучыцца ў пасцелі, не звёў вачэй сам і, дачакаўшыся, калі сын знямогся, выцягнуў з-пад падушкі пісталет, ахнуў і раскатурхаў жонку. Праз гадзіну стары ўжо прамаваў у казарму чыгуначнай аховы, якая была на другім канцы вёскі, спадзеючыся — пакораю, прызнаннем выратуе Пятра. А яшчэ праз гадзіну, калі бралася на золак, з мястэчка прымчалі гестапаўцы, як называлі звычайна супрацоўнікаў СД і паліцыі бяспекі. Яны звязалі хлопца і, прымусіўшы старога запрэгчы каня ў калёсы, на якіх Пятро і збіраўся ехаць выконваць прысуд, шпурнулі проста на голыя дошкі — тварам уніз...

Каб немцы не разгадалі, што нам трэба, і не ўжылі сваіх захадаў, мы назаўтра ж выклікалі на яўку галоўнага ўрача Шумілінскай бальніцы — ваеннага эскулапа з акружэнцаў, папрасіўшы прыехаць з жонкаю,— няхай паездка выглядае і як візіт да хворага пацыента і як прагулка.

Яны прыкацілі да нас на адзін з Казекаўскіх хутароў. Ён — у прарызіненым плашчы з башлыком, яна, як сапраўдны грыбнік,— з кошыкам, нажом, у просценькай паркалёвай сукенцы, у шэрым пыльніку і какетлівай, завязанай стрэшкаю хустцы ў буйны сіні гарошак. Спружыніста саскочыўшы з драбінак, з якіх звісалі ягоныя ногі, урач прывязаў каняку да азярода, узяў доктарскі сакваяжык пад паху і, усміхаючыся жонцы, памог ёй злесці з калёс так, каб не загалялася сукенка. З застыглай усмешкаю паслаў па грыбы ў недалёкі бярэзнічак, наказаўшы быць навідавоку.

Не марудзячы, мы зайшлі ў чыстую палавіну хаты, селі за стол. Без лішніх прадмоў выклалі яму заданне — любымі сродкамі знішчыць раённых верхаводаў.

Ён, мусіць, чакаў усяго, але не гэтага, хоць астаўся спакойным, і як глядзеў у акно, так і працягваў глядзець — праявілася прафесійная вытрымка: урачу часта прыходзіцца выбіраць, як паводзіць сябе — гаварыць праўду, паўпраўду або хлусіць. Але я ўсё-такі заўважыў: вочы ў яго сталі зыбкія і ён пазіраў ужо ў акно не толькі каб сачыць за жонкаю.

Поўны яшчэ ўчарашняга гневу, я наступіў пад сталом на Лёневу нагу і рашуча паклаў далонь на стол.

— Вы непакоіцеся за супругу? — спытаўся.— Тады давайце мы возьмем яе з сабою. А вы ў мястэчку пусціце чутку, што яна паехала да сваіх.

З нейкай неймавернай хуткасцю, нібыта ён быў падрыхтаваны да гэтага, вочніцы ў яго напоўніліся слязьмі.

— Да сваіх? — прастагнаў.

Мяне перасмыкнула.

— Чаго гэта вы? Можа, баіцёся спаліць масты? Тады скажыце.

— Не-не!.. Я даю вам слова...

Лёня не падтрымаў мяне, і аперацыя, як яно хутчэй за ўсё павінна было стацца, сарвалася. Але мне ўспомнілася ўсё гэта вось яшчэ чаму. Гледзячы ўслед калёсам, бачачы, як эскулап хуценька шморгае лейцамі, я чамусьці зусім не думаў пра яго жонку, як, наогул, не думаў, ці можна гвалтам зрабіць чалавека героем... Лёня меў рацыю: непасільнае заданне — бяда і для справы, і для чалавека, на чые плечы ўзвалілі такую ношу. Але хіба можна — і гэта адкрылася мне,— каб кожны выбіраў сабе справу сам і па сваіх сілах? Хіба радзіма сама не мае права, асабліва ў цяжкую хвіліну, паслаць на смерць кожнага — ідзі і памры? Тым больш пры такіх абставінах — выканай або памры!

Не ведаю, ці здагадваўся пра мае думкі і перажыванні Кароткін. Па-мойму, так. Бо пасля гаворкі са мною па яго прадстаўленню я быў уключаны ў групу разведчыкаў-сувязных і назначаны намеснікам камандзіра.

Міншчына!

Яна сустрэла нас узгоркаватымі барамі, грыбным пахам (баравікі, помніцца, трапляліся да канца кастрычніка), павевамі смалы-жывіцы, родны водар якой узмацняла бабіна лета. Сустрэла пабурэлымі палямі, нязвыкла парэзанымі, праўда, не межамі, а разорамі на вузкія палоскі, ад чаго было вельмі горка; бярозавымі гаямі і асінавымі пералескамі, што наліваліся барвовасцю; ляснымі, яшчэ не асеннімі дарогамі, толькі ў нізінах каляіны якіх поўніла вада; чыстымі-чыстымі лужынамі проста ў мурагу; балотамі і балотцамі, у якіх трохі пабольшала ціхай вады і якія параслі з берагоў лазою, а далей — рэдкімі карлікавымі сасёнкамі.

Вялікія, пры гравейках і шашы, вёскі, мы абыходзілі — там працавалі валасныя ўправы. Туды наязджалі па смакату і хлеб зондэркаманды. У некаторых жа заселі гарнізоны, і ператвораныя ў казармы школы былі абсыпаны зямлёю, аблытаны калючым дротам.

Калючы дрот перагароджваў подступы і да мастоў на шасейных дарогах, дзе ў самых нечаканых месцах выраслі дзоты і кулямётныя гнёзды.

Страхуючыся ад раптоўных нападаў, немцы пачалі высякаць лес, які блізка падыходзіў к дарогам. Самі ставілі засады ля прыдарожных крушняў, у кар’ерах.

У бой нам уступаць забаранялася. Дый нельга было падвяргаць небяспецы вяскоўцаў. І заходзілі мы толькі ў невялікія лясныя вёскі. Але і тады па-партызанску — не з канца, а агародамі. Разведвалі, як і што ў наваколлі, слухалі скаргі, давалі парады, праводзілі сходы. Бачылі: жывуць падвойным жыццём — шэрым, у працы і трывогах, і падспудным — з надзеяй на заўтрашні дзень. Чулі: за абразамі хаваюць партызанскія лістоўкі. Заўважалі: былыя калгасныя будынкі часцей стаяць цэлыя. Пад павецямі — як вымела.

З блінаўцамі мы развіталіся на развілцы лясной дарогі — Блін з атрадам ішоў у Чэрвеньскія лясы, а мы да Паліка — спрыжавання многіх тадышніх дарог.

Як знарок непадалёку шарэла адкрытая нямецкая легкавушка. Яна з разгону ўдарылася ў хвою, і радыятар яе ажно ўрэзаўся ў камель. За баранкам, схіліўшыся, сядзеў немец, мышасты мундзір якога на спіне як бы прастрачылі, і ён пацямнеў ад крыві. Побач у споднім валяліся яшчэ двое.

Я абняўся з Валодзем Леўшыным, развітаўся з камандзірам, які ўжо красаваўся ў сядле на махнаногім коніку.

Неўзабаве коннікамі сталі і мы.

Гэта было рызыкоўна — не ўсюды праедзеш, дзе пройдзеш. Дый большала турбот, тлуму. Затое на конях можна было зберагаць сілы, хутчэй перасоўвацца, пашыралася магчымасць манеўру.

Нашу групу ўзначальваў спакойны каржакаваты алтаец, з бедным добрым тварам — Мікалай Сідзякін. І міжвольнае спаборніцтва, якое ўзнікла пры пошуках сёдлаў, не парушала дружнай згуртаванасці, што ўсталявалася між намі.

Аднаго ж разу коні проста выратавалі нас.

Партызаны спалілі мост на шашы Лепель — Бягомль. Аднавіўшы яго, немцы ўзмацнілі ахову шашы і ў адказ, каб адплаціць, зачасцілі з засадамі. Дарог многа, але ў такіх груп, як наша, дый у мясцовых партызан былі ўлюбёныя. І вораг з часам уведаў іх.

Гэтым разам нам трэба было пераехаць вядомую ўжо шашу.

Ноч выдалася густая, зорная. Лес і крушні каменняў абапал лясной дарогі, якая перасякала шашу і па якой мы ехалі, чарнелі, быццам намаляваныя тушшу. І вось тут, падпарадкуючыся нейкай інтуіцыі, Сідзякін замест таго, каб паслаць наперад пару разведчыкаў і асцярожна наблізіцца да шашы, падаў каманду: «У галоп, мора шырокае!»

Восеньскія ночы не толькі цёмныя, яны старожкія. Фырканне, храп коней, тупат капытоў, бразгат усяго жалезнага, што было ў нас, абрынуліся на шашу, як навала. Крэсячы з бруку іскры, мы пераляцелі цераз яе, і толькі, калі ўварваліся ў лес, захліпаючыся, заляскаў кулямёт і ў разнабой затрашчалі стрэлы. Немцы, як пасля дайшло да нас, думалі: шашу перасякае цэлы эскадрон.

Першых мінскіх партызан мы сустрэлі ў вёсцы Кветча, што стаяла на беразе запушчанага, убогага Сергучоўскага канала з яго драўлянымі масткамі-шлюзамі.

У чыста вымытай хаце, дзе пахла выпечаным хлебам, баршчом, а на вокнах зелянеў альяс, мы з Сідзякіным прадставіліся камандаванню атрада «Жалязняк».

Створаны яшчэ ў сорак першым на нелегальным сходзе камуністаў Бягомлыпчыны, ён пераважна складаўся з тутэйшых людзей. Камандзірам яго быў малады, гадоў дваццаці пяці, усмешлівы, увесь у рамянях лейтэнант Раман Дзякаў; камісарам — былы сакратар Бягомльскага райкома партыі Сцяпан Манковіч — умудроны вопытам партыйнай работы чалавек; штаб жа ўзначальваў падпалкоўнік Каваленка — інтэлігентны, у ваеннай уніформе, са знакамі адрознення на пятліцах. Праўда, форма ў яго была паношаная, замест шпал — абшытыя кумачом палачкі, але ўсё роўна ад яго патыхала нечым штабным, службісцкім, і, як здаецца мне цяпер, на носе паблісквала пенснэ.

Яны па-рознаму сустрэлі нас: Дзякаў дружбацкімі абдымкамі, паляпваннем па спіне, Манковіч стрымана, чуць прасвятлеўшы толькі, калі прачытаў наш, надрукаваны на шматку крамніны, мандат. Падпалкоўнік жа наогул не даў праявіцца сваім пачуццям і астаўся такі, які быў спачатку,— сур’ёзны, заклапочаны.

Селі за стол, і Сідзякін выняў з планшэта газеты, пісьмо ЦК КП(б)Б.

За вокнамі ішло амаль мірнае жыццё. Бразгалі вёдрамі жанчыны, праходзілі з рэзгінамі вяскоўцы, партызаны ў цывільным і напаўваенным, падпяразаныя паверх пінжакоў і ватовак рамянямі, на якіх былі павешаны гранаты ў скураных торбачках. Далёка над самым небасхілам лётаў нямецкі «кастыль-разведчык». А мы гаварылі і гаварылі.

Увайшоў зухаваты ад’ютант у нямецкай форме. Казырнуўшы, далажыў Дзякаву:

— Падрыўнікі чакаюць, таварыш камандзір!

Дзякаў адмахнуўся рукою — зараз, маўляў.

У мяне, апрача «ТТ», быў яшчэ «каровінскі» пісталецік, які пры выпадку можна насіць пад пахаю. Гаворачы, я механічна выняў яго з кішэні і перакідаў з далоні на далонь, не заўважаючы, з якой цікавасцю

Дзякаў сочыць за мной. Калі ж на парозе з’явіўся ад’ютант, ён не вытрымаў, сказаў:

— Пакажы,— па-змоўніцку падміргнуў мне і, узяўшы пісталецік, раптам узвёў курок.

Па чыста вымытай падлозе паўзла сонная восеньская муха. Дзякаў, падміргнуўшы другі раз, прыцэліўся і стрэліў. На маснічыне замест мухі зацямнела дзірачка. Але праз хвіліну з яе павольна паказалася мушыная галава.

— Ха-ха-ха! — засмяяўся Дзякаў і пайшоў з хаты. Плечы ў яго ўздрыгвалі, і было відаць, які ён малады і колькі ў ім сілы.

У Кветчы мы рашылі не спыняцца. Папярэдзіўшы — ёсць дырэктыва вяртаць на ранейшае месца дыслакацыі партызан, якія самадзейна кіруюцца за лінію фронту, паабяцалі завітаць па навіны і пошту, калі пойдзем назад, і рушылі на Палік і Старыну, якія часта і не зусім добрым словам успомніў у гаворцы і Манковіч.

У прылеснай вёсцы Пастрэжжа мы пакінулі адпачыць і рыхтавацца да далейшага паходу сваіх хлопцаў, і ўтрох — Сідзякін, праваднік і я — падаліся далей.

Памінуўшы сасоннічак, трапілі ў змешаны лес. Здалося, і восень тут іншая — пахмурная, сырая. Золата на дрэвах мала, кармінавых колераў няма зусім. Не пачырванелі нават асіны. Непадалёк крумкаў груган. І не крумкаў, а неяк сіпеў і хрыпла па-сабачаму гаўкаў.

А праз колькі крокаў пад нагамі ужо хлюпала. Выбіраючы сушэйшыя лапіны, сігаючы ад куста да куста, мы перайшлі адно балота, другое.

На доўгай, пабурэлай паляне, дальні край якой спускаўся таксама ў балота, паміж пашчэпаных шэрых карчоў пасвіліся каровы. Паставіўшы нагу на корч, сівы барадач у шапцы-кучомцы, у доўгай світцы, з вінтоўкаю за плячыма, плёў кошык.

— Мабыць, адбіць у немцаў такую худобу было лягчэй, чым пераправіць сюды? — падкалупнуў яго наш праваднік.

— Давай топай, топай,— неахвотна азваўся дзед, не адрываючыся ад работы.

Потым пайшоў зноў лес — альховы, парослы крапіваю, маліннікам. Часцей сталі сустракацца сухадрэвіны, і ўсё чарнейшай станавілася зямля. Калі яна пачала рудзець, з кучы ламачча, кімсьці накіданага тут, мы выбралі палкі і ўжо гразкай сцежкаю, а дзе і па кладках, мусілі прабірацца па лесе-балоце. Коўзкія жэрдкі пад нагамі зыбаліся, прагіналіся ў ваду і ратавалі толькі кійкі-палкі.

Колькі мы ішлі? Доўга. Але калі, потныя і стомленыя, адчулі пад нагамі зямлю, нас ураз аклікнулі.

Гэта была Старына! — востраў непадалёку ад возера Палік з яго багністымі бяскрайнімі балотамі і забалочаным лесам.

Мы бачылі ўжо нямала партызанскіх лагераў. Адны нагадвалі табары, дзе толькі замест кібітак стаялі буданы з яловай кары. У другіх панаваў мудрэйшы парадак — нават кухні, сталовыя пад паветкамі. Бачылі мы і выстраеныя ў рад пад зялёнымі шатамі зямлянкі, дзе можна было зімаваць. Але такога!.. Зямлянкі на Старыне былі з падрубам у некалькі вянкоў, вастраверхія дахі старанна абкладзеныя дзёрнам, вокны акуратна зашклёныя, сцежкі пасыпаны жоўтым пяском.

Ля зямлянкі, да якой нас падвялі, стаяў вартаўнічы грыб, і вартавы пад ім, вітаючы нас, урачыста адкінуў на выцягнутую руку прыстаўленую да нагі вінтоўку.

Унутры аказалася прасторна, светла, столь абабіта парашутным шоўкам. Каля акна сакрэтнік і ложак, на якім, укрыты па грудзі коўдраю, ляжаў мажны, круглатвары чалавек з бародкаю-клінком і быстрымі разумнымі вачыма. Поруч, на табурэціку, пачціва сядзелі, мяркуючы па знаках адрознення, батальённы камісар з насцярожанымі пучкастымі брывамі і капітан, у якога на вузкім гарбаносым твары застыла ўвага.

— Старык,— прадставіўся гаспадар зямлянкі і зрабіў шырокі жэст рукою.— Прашу к нашаму шалашу. З навінамі, вядома?

Батальённы камісар з капітанам усталі, уступаючы нам месца.

— Значыць, узмацніць удары?! — прачытаўшы ліст ЦК і перадаўшы яго батальённаму камісару, самавіта пакашляў Старык.— Інтуіцыя, як бачыце, не падводзіць нас... Патрэбны моцныя ўдары, а значыць і моцныя злучэнні! — стукнуў ён кулаком аб кулак.— Цяпер яны павінны стаць баявымі адзінкамі. Асабліва дзе ёсць кадры і ўмовы.

«Старына... Старык... Дывізія...» — падумаў я.

Сідзякін з ваеннымі падаліся ў суседнюю зямлянку — пазнаёміць з лістом начальніка штаба. Мяне ж Старык (В. С. Пыжыкаў) папрасіў астацца, і мы праз колькі хвілін непаспешліва шпацыравалі з ім па маляўнічай палянцы, акаймаванай шапатлівымі бярозкамі. Над галавою са свістам праляцела чарада качак, і праз хвіліну пачуліся іх узрушаныя крыкі.

— Цяпер будуць лятаць і каркаць, пакуль не замерзне Палік,— нездаволена сказаў Старык.

Слухаючы яго лаканічныя, як бы акруглыя фразы, я здзіўляўся і ягоным словам, і таму, што сям-там паміж бярозак заўважаў постаці аўтаматчыкаў,— яны вартавалі свайго камандзіра. Ад каго? І вось дзіва! Усё тут было прадумана, эфектна, а ва мне абуджаліся сумненні.

Навошта яно? Адкуль скепсіс, які адчуваў я ў Кветчы, калі гаворка заходзіла пра пачынанні Пыжыкава-Старыка? Што гэта — слабасць? Дзівацтва? І ўсё-такі хацелася верыць гэтаму пажылому, безумоўна, умудронаму жыццём чалавеку, які з маленькай групаю добраахвотнікаў прыйшоў сюды з-за лініі фронту, згуртаваў навокал сябе бліжэйшыя атрады і, выношваючы планы арганізаванай масавай барацьбы, паставіў перад імі задачу расці ў большыя адзінкі. Што ж датычыць яго слабасцей — калі гэта толькі слабасці — у каго іх няма?

— Навошта тут ахова? — усё ж не вытрымаў я.

Пыжыкаў хітра прыжмурыўся і, прачытаўшы мае думкі, насмешліва пагразіў кіем, які захапіў з сабою з зямлянкі.

— Яна ахоўвае камдзіва. Па-нашаму, лагічна. Дый французы кажуць, што жыхарам неба таксама патрэбны званы.

Яго жартоўнае прызнанне гэтаксама было прадумана і збіла мяне з панталыку.

— Правільна,— згадзіўся я.— Але... ці да іх цяпер?..

— Ого! Ну-ну! — падзадорыў і здзівіўся Пыжыкаў-Старык, беручы ў жменю бародку-клінок.— Наслухаліся ўжо... Аднак ці не далёка зойдзеш такой дарогаю? Вы чулі што-небудзь, ну, скажам, пра Слаўку Пабядзіта? Вунь якая клічка! Слава і перамога. А ён, па-нашаму, быў пачынальнікам агульнагарадскога падполля ў Мінску. Мужнасць, бачыце, і тая бывае розная. То яна водгук на чужую мужнасць, то прынятая эстафета. А Пабядзіт, чуеце? Пабядзіт — пачынаў і сцвярджаў яе. Нам таксама даводзіцца нешта сцвярджаць. Пагаварыце з камбрыгам Варанянскім. Ён з «Мсціўцам» недалёка стаіць...

Так, перад намі паўставалі зусім нечаканыя пытанні. Іх трэба было вырашыць сабе, каб потым праўдзіва далажыць пра бачанае і чутае за лініяй фронту.

Брыгада «Народныя мсціўцы» існавала пакуль што намінальна. Атрад «Барацьба», які меўся далучыцца да «Мсціўца», не спяшаўся з гэтым. Але ідэя стварыць партызанскую дывізію імпанавала Варанянскаму. Яна аднаўляла звыклую армейскую субардынацыю, узмацняла адзінаначалле. Яна ўзаконьвала, рабіла пэўнымі ролю, месца маёра Варанянскага ў барацьбе, дзе з першапачынальнікаў па званню ён быў старшы. Адначасна ён не мог не бачыць і адмоўнага, што несла з сабою дывізія Старыка, які сцягнуў у балоты Паліка процьму народу.

Сустрэў нас Варанянскі ля штабной зямлянкі. У форменнай фуражцы, статны, падцягнуты, з перакрыжаванымі на грудзях рамянямі ад планшэта і маўзера, стаў да нас неяк ваяўніча, чуць бокам, нібы нарыхтаваны к дуэлі. Смуглы, валявы, па-вайсковаму строгі твар, стальныя спакойныя вочы. У ім, украінцу з-пад Палтавы — у паставе, у твары,— заўважалася нешта горда-казацкае, выхаванае, мусіць, доўгім прабываннем у воінскіх кавалерыйскіх часцях.

Штабная зямлянка аказалася прасторнейшай за Старыкову, але больш сціплай — акно, стол пры ім, нары абапал, на абшаляваным даху-столі злева — партрэт Сталіна, справа — карта Савецкага Саюза з нанесенай лініяй фронту. На стале карта-кіламетроўка, паперы, маленькі радыёпрыёмнік.

— З Мінска,— растлумачыў Варанянскі, перахапіўшы мой позірк.

— У вас там ёсць сувязі? — спытаўся я.

Ён нахмурыўся, відаць, рашаючы, якая павінна быць мера шчырасці, і адказаў ухіліста:

— Мы, вайскоўцы, тут піянеры. Рэшткі майго дывізіёна сувязі ды байцы лейтэнанта Яськова пачыналі ў гэтых мясцінах рух. Праўда, пазней з’явілася арцелька «Гоп са смыкам». Але пашумела, пашумела і знікла... А мы, не ведаю, за кошт каго болей і раслі — уцекачоў-палонных, мінчан ці актывістаў з вёсак. Мой першы камісар Саша Макарэнка, не скажу нават, дзе часцей бываў — у атрадзе або ў Мінску. Ён і галаву там злажыў. Увесну гестапаўцы напалі на след падпольшчыкаў. Сталі вешаць, расстрэльваць. Саша кінуўся ратаваць, выводзіць у лес, і загінуў. Быў на канспіратыўнай кватэры ў сябра, члена падпольнага гаркома, калі туды гестапаўцы наляцелі. Выскачыў у акно з другога паверха і вывіхнуў нагу. Зразумела, нагналі на Беламорскай вуліцы. Адстрэльваўся пакуль было чым, а апошнюю пусціў у скроню...

Мне ўявілася ўзгоркаватая, незабрукаваная, з драўлянымі дамкамі Беламорская вуліца і тое, як гітлераўцы гналіся за кульгавым, знясіленым чалавекам, цаляючы яму ў здаровую нагу, каб захаваць для катаванняў, допыту, і я, відаць, пабляднеў, бо Варанянскі больш лагодна дадаў:

— З чыгуначнікамі, к прыкладу, дык у нас самыя трывалыя сувязі былі. Перапраўлялі яны нам усё — і медыкаменты, і зброю. А ў сакавіку з’явіліся цэлай купаю на чале з Фёдарам Кузняцовым — начальнікам рускіх паравозных брыгад. Ён цяпер у мяне камісарам у «Мсціўцы».

— Вы дазволіце пагутарыць з імі? — захваляваўся я, здзіўляючыся сваёй удачы.

Варанянскі ўзняў бровы.

— Калі ласка. Але, на жаль, сам Кузняцоў на заданні. Ці елі вы хоць сёння? Мо заначуеце? Давай, лейтэнант, арганізуй, як кажа камандзір «Штурмавой», абстаноўку. Хоць, праўда, у нас няма ні мёду, ні сала.

Толькі тут мы звярнулі ўвагу на маладога белазубага ваеннага з адданымі, шырока адкрытымі вачыма, які невядома як аказаўся ў зямлянцы і моўчкі стаяў за спінаю ў Варанянскага.

— Знаёмцеся, дарэчы. Гэта і ёсць наш Яськоў, з якім закладаўся падмурак,— кіўнуў на яго Варанянскі.

Старык не спытаўся, ці елі мы, а Варанянскі спытаўся, і яго натуральная ў такіх умовах гасціннасць неяк адразу размежавала іх.

Спаць нас паклалі ў штабной зямлянцы. За акном шумелі елкі, шапацела блізкая асіна, і пад гэты аднастайны гоман-шапаценне заснулася лёгка, само сабой. Аднак у сне, помніцца, прыйшла трывога — прысніўся распластаны на бурай, перамешанай са снегам зямлі Саша Макарэнка, потым вакзал у паніцы, якім бачыў яго тады, у пачатку вайны; рэйкі, якія сыходзіліся недзе ўдалечыні, і чорная навісь над усім гэтым — ад пажараў, што заняліся каля аэрадрома. І было млосна, і сэрца сціскалася ад жалю і спачування.

У Пастрэжжа мы вярнуліся з зухаватым кубанцам, якога даў нам Варанянскі ў праваднікі і які, як хлапчук, быў улюбёны ў свайго камандзіра.

— Пабачылі б яго ў баі,— ідучы наперадзе, падбіваў ён русы выгарэлы чуб.— Праўда, яму, як Васілю Іванавічу Чапаеву, на кані б, з шашкаю. Але дзе тут разгорнешся. Ды я ўсё адно ніколі не чуў, каб ён каманду лежачы падаваў. Пры ім не здрэйфіш, не абарвешся. Калі што, бацьку роднаму не даруе. Будзь хоць папам рымскім, а раз адступіў ад баявога закону — расплачвайся.

Яму хацелася нагаварыць як мага болей добрага пра Варанянскага, ён аж не паспяваў вымаўляць словы.

— А па-вашаму — як? У нас толькі папусціся...

— А калі здалося, што адступіў? — усё-такі запярэчыў я.

— Не бойцеся, яму не здасца!

І столькі веры чулася ў ягоных словах, што грэх было разбураць яе, і я прамоўчаў. Дый быў пад уражаннем размовы з чыгуначнікамі-мінчанамі.

Чакаў мяне і яшчэ сюрпрыз. Перад хатаю, дзе атабарыліся нашы хлопцы, сустрэлася жанчына — у ватоўцы, суконнай хустцы, з рукзаком за плячыма і кошыкам у руцэ.

«Здалёк, напэўна. Ці не з Мінска?» — цюкнула мне.

Я запрасіў яе сесці на бярвенне, што ляжала пад плотам ля веснічак. Узмахнуўшы рукамі, бы крыламі, пасміхаючыся, жанчына скінула рукзак, развязала хустку. На плечы і спіну ўпалі цёмныя хвалістыя валасы. Яна, пэўна, зрабіла гэта не толькі, каб адпачыць. Ведала: інакшай стане ўся яна. І сапраўды — неяк адразу сталі прыкметнымі мілы, вяснушкаваты твар, вялікія, у сініх кругах вочы і маладыя яркія вусны. Яна яўна была рада, што дадыбала нарэшце да партызанскай вёскі, што сярод сваіх, і ў яе абудзілася гуллівасць. Даўшы паглядзець на сябе, падобная ўжо на дзяўчыну, яна страсянула галавою, дзвюма рукамі сабрала ззаду валасы ў жмут і завязала іх у куксу.

— Ну, пытайцеся,— бліснула вачыма.

— Ды пытанне будзе адно,— трошачкі ашарашана прамовіў я: — Як там?

Яна ўздыхнула.

— Хіба раскажаш... Гарыць, бахае амаль кожную ноч. Адны знішчальнікі са сваёй «кішанёвай артылерыяй» чаго вартыя! Камендант Клюге забараніў салдатам, як сцямнее, паказвацца на Пушкінскім пасёлку, на Даўгабродскай і Першамайскай вуліцах. Так што іх цяпер танкеткі патрулююць... Але затое новыя аблавы, арышты пачаліся. Можа, страшнейшыя, чым увесну. Друкарню, дзе падпольная «Звязда» друкавалася, раскрылі... Па вуліцах здраднікаў водзяць, каб выдавалі.

Я папрасіў паказаць дакументы, расказаць, якімі прабіралася дарогамі, ці спыняў хто па дарозе.

Яна пайшла, азіраючыся і сумна ўсміхаючыся мне, а я астаўся сядзець. Думалася пра Мінск, пра дзіўны, бадай што людскі лёс гарадоў. Адны зазналі горыч паражэння. Другія, трапіўшы ў блакаду ці грудзьмі прыкрываючы радзіму, выстаялі, і аб іх разбіваецца лютасць ворагаў. Трэція, апаленыя вайною, адно пачалі жыць па яе законах. Чацвёртыя ж, наогул, не ўведалі, што такое светамаскіроўка. «Ці не там цяпер і мае?..» Некаторыя, прыняўшы агонь на сябе, застылі ў глухім здранцвенні. А некаторыя, хоць і захопленыя ў палон, асталіся страшнымі для ворага. Многія, малыя і вялікія, прыкрыўшыся агнём зенітак, пад бомбамі робяць, што патрабуе вайна,— адпраўляюць салдат на фронт, забяспечваюць неабходным. А ёсць і такія, што далёка-далёка ад фронту нясуць сваю вахту, і вайна там адчуваецца толькі па цане хлеба, цяпла і сну. Ды яшчэ хіба што побач з’явіліся шпіталі і людзі атрымліваюць трохвугольныя салдацкія пісьмы, атэстаты, пахвальныя. «Ці атрымаюць атэстат мае?..» І ўсё-такі, мусіць, знойдзецца адзіная мерка, якая дасць потым падставы меркаваць, як удзельнічаў горад у вайне...

І хацелася ўжо слуясыць Мінску, памагчы яму, і здагадка — некалі самому, гэта ясна, таксама прыйдзецца пабываць там — ужо спакушала. О, як я быў удзячны Кароткіну!..

А тут яшчэ неба!.. Яно яўна пабяднела — зніклі кучавыя воблакі, іх падмянілі хмаркі-пасмы, якія чамусьці некуды спяшаліся; аднак таго, што адыходзіць, шкада, і халаднаваты блакіт, і скупое сонца, яго кволая цеплыня здаваліся яшчэ даражэйшымі.

Другі наш «хаўрус» — з атрадам, што з членамі міжрайкома мінскай зоны кіраваўся з-за фронту ў Пухавіцкія лясы,— быў менш шчаслівы.

Не паспелі мы, фарсіраваўшы Бярэзіну, прыйсці ў вёску Мсціж, дзе стаяў атрад, аблюбаваць хаты і разысціся ў пошуках харчоў, як нехта з хлопцаў гукнуў мне ў акно:

— Валодзя, немцы!

Я схапіў бінокль і, выскачыўшы на падворак, узабраўся на дах хляўка. Па шашы Зембін — Бягомль, якая пралягала поруч, на самай справе пыліла калона грузавікоў. Аддаўшы распараджэнне гукаць астатніх і шукаць Сідзякіна, я стаў збіраць «маёмасць».

Перабягалі мы вуліцу, калі грузавікі паказаліся ў канцы вёскі. Як гаварылася, нам не раілі ўвязвацца ў бой. Але разумеючы — карнікаў абавязкова трэба затрымаць, каб атрад падрыхтаваўся да абароны і з гэтага боку, мы адкрылі агонь. З кузаваў, куляючыся цераз барты, сталі падаць на зямлю салдаты — у касках, з ранцамі за спінамі, у мышастых шынялях. Падалі спружыніста, на жывот, і адразу агрызаліся чэргамі.

Мы з Сідзякіным парашылі адыходзіць к Уборку — немцаў там быць не магло: далей гэтай вёскі дарогі не ішлі, навокал распасціраліся балоты і недалёка амаль без берагоў цякла Бярэзіна.

Адстрэльваючыся, дварамі і агародамі мы адступілі на прыгуменне. Стала чуваць: у другім канцы, дзе асталяваўся атрад, таксама разгортваецца бой — ушчалася ружэйна-аўтаматная пальба, застракаталі кулямёты, забухкалі міны. Значыць, карнікі наважылі ўзяць вёску і нас у клешчы.

Прыйшлося залегчы ў лагчынцы — за валунамі, у ямінах, на роснай ад восеньскай вільгаці траве, якая ўжо не высыхала за дзень.

Не заўважаючы, што мокры па вушы, я перапаўзаў ад валуна к валуну і страляў, страляў.

Колькі мы трымаліся, не даючы немцам замкнуць акружэнне і адрэзаць нас ад лесу, не скажу — гэта быў мой першы ў жыцці бой. Але калі адступілі ўсе ў лес і пабрылі па калена ў твані, кіруючыся назад за Бярэзіну, здарыўся цуд — у небе загуў самалёт. І не з тым ныючым, што пілаваў душу, падвываннем, а з роўным знаёмым гулам — наш! Зрабіўшы круг над Мсціжом, ён як бы спыніўся, і з яго, набіраючы хуткасць, пасыпаліся вастраносыя бомбы. Наваколле скаланулі выбухі.

Назаўтра прыйшлі жахлівыя весткі. Душачыся злосцю, карнікі абрынулі яе на вяскоўцаў — старых, жанчын, падлеткаў. Прыганялі іх да калгаснага склепа і, калі прыгнаны ступаў на парог, стралялі яму ў патыліцу. Вось тады і аказаўся наш самалёт-разведчык і, зразумеўшы, у чым справа, паспрабаваў спыніць злачынства — скінуў бобмы. Мяркуючы — супроць іх распачынаецца аперацыя, карнікі, не марудзячы, пагрузілі ў кузавы сваіх забітых і, не скончыўшы апазнавання забітых партызан (для гэтага яны прыхапілі нават здрадніка), пакінулі Мсціж.

Мне шанцавала — я часта сустракаў людзей моцных, каларытных. А мо наогул так было — ва ўмовах партызанскай барацьбы яны вырасталі як на дражджах і праяўляліся надзіва яскрава.

Івана Мацвеевіча Цімчука, камісара брыгады «Народныя мсціўцы», мы знайшлі ў Руднянскім лесе, на беразе Дзікага возера,— ён ствараў там базы для падпольнага Лагойскага райкома, друкарні, а таксама для будучай брыгады «Бальшавік».

Нарадзіўся Цімчук у прыкарпацкай вёсцы Грушка з бурлівай крышталёвай рачулкаю. У гады грамадзянскай вайны байцом-добраахвотнікам Сёмай Самарскай кавалерыйскай дывізіі біўся з дзянікінцамі, з урангельцамі. Па пахі ў іржавай вадзе фарсіраваў Сіваш, граміў банды Махно, Цюцюніка. У баях быў двойчы паранены. А калі партыя абвясціла ленінскі прызыў, уступіў у яе рады. Напярэдадні ж Вялікай Айчыннай вайны працаваў дырэктарам Першага Беларускага зверасаўгаса.

Ён сядзеў на пеньчуку, а перад ім, жэстыкулюючы і прысядаючы, каб лепей бачыць Цімчукоў твар, таптаўся аброслы шэрай шчэццю дзядзька. У ваеннай фуражцы, у чорнай, падпяразанай шырокім рэменем дублёнцы, апушанай па бартах і ўнізе, з калодкаю маўзера, павешанай на раменьчыку праз плячо, Цімчук выглядаў самавіта, але не зусім па-ваеннаму. Круглы твар яго, карыя, з хітрынкаю вочы ўсміхаліся, і таксама неяк мірна, па-цывільнаму і, відаць, не са слоў селяніна, а з яго пацёртага выгляду, са смешных прысяданняў.

За ім паблісквала Дзікае возера — спакойнае, люстраное. На золку нахапіўся колкі марозік, з дрэў падала жоўтае і зялёнае лісце. Трапляла яно і ў ваду, якая здавалася зыркай, важкай, як жывое срэбра, і плавала на ёй, як плаваюць дзіцячыя папяровыя караблікі, не тонучы і ледзь кранаючыся паверхні.

— Вось бачыце,— знаёмячыся з намі, пасур’ёзнеў Цімчук.— Дзядзька скардзіцца і бядуе, што за ноч абавязкова разы тры заходзяць партызаны, і кожны са сваімі прэтэнзіямі. Тое дай, тое падай. Наспеў, відаць, час размеркаваць вёскі паміж атрадамі. Хай назначаюць камендантаў. Праўда? — звярнуўся ён да селяніна.

— Гэта, можа быць, дзела,— згадзіўся той, аднак круцячы няпэўна рукою і пацепваючы плячом.

Вось такім вясёлым і сур’ёзным адначасова, на пяньку, мне і запомніўся Цімчук. Тым болей што, павадзіўшы нас па сваіх уладаннях і пачаставаўшы заскваранай салам бульбаю ў Хадаках, ён зноў пацягнуў нас з Сідзякіным на ўзлесак. Сеў на пень і, паклаўшы планшэт на калені, пачаў пісаць ліст Цэнтральнаму Камітэту аб тым, што набалела.

Гэта ўзбурыла яго.

— Рух сапраўды становіцца ўсенародным! — нечакана выгукнуў ён, кладучы на планшэт самапіску.— Але навошта цягнуць усіх у балоты, ад якіх тры гады скачы, ні да якой чыгункі не даскачаш. Што за прычына знайшлася ў жыцці? Дзе яна? Ды як ты пракорміш сабраных людзей? Навошта і каму гэта трэба?

«Што за прычына ў жыцці?..» Ці не гэта, апрача ўсяго, дае яму сілу? — падумалася мне.— Варанянскі, Старык таксама спасылаліся на прыклады з жыцця. Але логіка там куды прасцейшая: «Бачыце, так было. А чаму не можа быць цяпер?» Варанянскі ж, наогул імкнецца абысціся без вывадаў. Яму важны факт сам па сабе і тое, як суадносіцца той са статутам. Але ўсе яны, зразумела, шукаюць лепшага для барацьбы, хоць і адводзяць сваёй асобе рознае месца ў ёй...

— Куды падзеліся «гопсасмыкаўцы»? — схіліў Сідзякін гаворку на іншае.

Цімчук, безумоўна, здагадваўся, пра што была размова ў нас з Варанянскім, а значыць, здагадваўся, чаму Сідзякін задаў сваё пытанне, і скарыстаў выпадак, каб унесці карэктывы.

«Гоп са смыкам» — накіп,— адмахнуўся, як ад надакучлівай заядзі.— Вырваліся з лагера ваеннапалонных, раздабылі веласіпеды, баян і давай куражыцца. Наладжвалі канцэрты, трыбушылі нямецкія сепаратныя пункты. Не забываліся, вядома, і на сялянскае. А цяпер вось у «Штурмавую», здаецца, нырнулі... Аднак не думайце, сапраўднае супраціўленне ў нас з першых дзён. Пасля нелегальнага сходу, на якім абралі тройку для кіраўніцтва, аформіліся сельскія партыйныя арганізацыі. Ну і, вядома, пайшло-загуло. У Кораньскім, Швабскім, Бесядскім, Слабадскім, Астрожацкім сельсаветах,— ён з нейкім гордым задавальненнем пералічваў гэтыя назвы, гучанне якіх само прыносіла яму асалоду,— зарадзіліся партызанскія групы...

Я чакаў, ці трапіць і ў сувязі з чым у гэты пералік Мінск, і дачакаўся.

— Але што возьмеш з дробных груп? У снежні

Мінскі падпольны гарком падказаў: трэба аб’ядноўвацца. І з другой паловы лютага стаў рэгулярна пасылаць папаўненне. Так што к сакавіку і наш «Мсцівец» вырас да двухсот чалавек. А гэта ўжо іншае! Сталі праводзіць засады на шасейках, дыверсіі на чыгунцы. Ліквідавалі паліцэйскія ўчасткі ў Беларучах, Слабадзе, Янушкавічах, Корані, Крайску. А ў чэрвені ў Валянцінаўскім лесе прынялі адкрыты бой. Лоб у лоб. Удзень. А гэта — этап! Цяпер жа вядзём барацьбу за хлеб. Сяляне хаваюць яго, а мы палім сцірты ў нямецкіх маёнтках... Калі ж гаварыць пра цяжкасці, то аснаўная загвоздка адна — зброя, тол. Усё, што можна было сабраць на месцы былых баёў, падчысцілі, сабралі. А ведаеце, з аднаго Іліянскага раёна ў «Мсцівец» каля паўтары тысячы заяў пададзена...

Цімчук паківаў галавою і зноў схіліўся над планшэтам. А я глядзеў на крутыя Цімчуковы плечы, на твар, што стаў раптам упартым, і пранікаўся вераю ў яго. Гэта быў другі пасля Кароткіна чалавек, які прымусіў мяне глыбей думаць пра вайну, пра сябе і народ у вайне.

Пабываўшы ў «Штурмавой», пакаштаваўшы хлебсоль, пададзеныя па камандзірскаму загаду: «Ану, арганізуйце абстаноўку!» — мы рушылі на былую заходнюю граніцу. У той жа дзень траплялі пад вінтовачна-кулямётны і мінамётны агонь, потым — зноў і зноў, але ратавалі то ваеннае шчасце, то коні, то ноч.

Мясціны, пакінутыя чалавекам, дзе відаць яшчэ сляды яго рук, выглядаюць дужа сумна. Сумнай, закінутай выглядала і граніца. Некалі дагледжаная, пабаранаваная палоса, з якой ва ўяўленні заўжды звязваліся рамантычныя гісторыі і прыгоды, удзерванела, падняліся бярозкі, купкі елак. Заставы і кардоны спавіў нябыт. Будынкі без рам, падворкі зараслі спарышом. Не, захопнікам не ўдалося нават часова перакроіць карту — перашкодзіў народны рух!

Далей ехалі зусім асцярожна — ніхто дасюль не бываў у заходніх абласцях Беларусі. Дый вёскі выглядалі трохі інакш — вузейшыя вуліцы, брук, сляды пабелкі на платах, на камлях прысад.

Пад Маладзечна, у раёне лясніцтва Руда, з прыгодамі адшукалі групу капітана Чаркасава. Гэта, відаць, быў яго часовы лагер — размяшчаўся ён у лясным масіве, адкуль, калі я не памыляюся, чуваць былі гудкі паравозаў. Дый буданы аставаліся не прыстасаванымі да зімоўкі.

Заявіліся мы перад узыходам сонца. Яго яшчэ не было відаць. Але па ўсім угадвалася: яно вось-вось пакажацца з-за небасхілу — воблакі над галавою былі падсвечаныя, надзіва яркія.

Нягледзячы на тое, што яго пабудзілі, Чаркасаў узрадаваўся нам, бы званым госцям. Пацягваючыся і крэкчучы, у сподняй кашулі, абняў Сідзякіна, мяне і толькі пасля прыгладзіў растрапаныя ў сне валасы і прыняў маладцаватую паставу.

— Шанцуе ж нам!— выгукнуў, трымаючы руку на патыліцы і перасмыкаючы ад холаду плячыма.— Ух, ты!.. Надоўга?

Навокал узвышаліся калматыя, выносістыя елкі, пад імі — змайстраваныя на скорую руку буданы, столікі з лаўкамі. І толькі тое, што зямля тут была вытаптаная — аж праступалі жылістыя карэнні елак, а столікі чыстыя, старанна выскрабленыя нажом, сведчыла: абжыта месца даўнавата. Ва ўсякім разе наведваюцца сюды часта.

На нашы галасы з суседняга будана вылезлі яшчэ двое — чарнявы і бландзін. Зашпільваючы на хаду зелянковага колеру гімнасцёрку, бландзін прытрымаў таварыша вольнай рукою і, аказаўшыся наперадзе, прычасаў грабеньчыкам бялявыя, акуратна пастрыжаныя валасы.

— Што за шум? — хрыплаватым голасам спытаўся ён.

— Новыя госці, Хведар! Ты шукаеш сувязей, а тут шукаюць цябе,— адказаў Чаркасаў, абдымаючы ўжо адразу Сідзякіна і мяне за плечы і моцна прыціскаючы да сябе.— Даходзіць?

— Тады за жыватоўкай з бузіны пасылай... Выдумалі таксама! — як бы не паверыў той.

Трапляюцца ж выпадкі! Во казка! Гэта і быў Хведар Маркаў, за чый лёс непакоіліся ў абкоме. Я глядзеў на яго, бы на дзіва, а ён, як ні ў чым не бывала, паводзячы шэрымі свавольнымі вачыма, шыбаваў да нас, адрасуючыся пакуль што да аднаго Чаркасава.

Яны ўсе былі ў дабрадушным, прыўзнятым настроі, калі свет здаецца несур’ёзным і хочацца пакепліваць з другіх. Нават навіна, якая павінна была ўскалыхнуць Маркава, відаць, здалася яму не зусім сапраўднай. А можа, тут было другое — гордасць, жаданне паказаць: ну, што ж, радасць дык радасць, але я не хлапчук. Аднак, калі ён падышоў і працягнуў руку, я заўважыў: на шэрыя дзёрзкія вочы набягаюць слёзы.

Страціўшы па дарозе таварышаў, Маркаў нейкі час дзейнічаў адзін. Але і потым, калі ўзначаліў групу, атрад, часта сустракаўся з ворагам твар у твар. Чалавек рэдкай мужнасці, ён пабываў нават у Вільнюсе, дзе, успомніўшы колішняе — барацьбу з пілсудчыкамі, пакараў здраднікаў і наладзіў патрэбныя сувязі. Няўрымслівы, кемлівы, ён неадменна прымаў удзел у засадах, у дыверсіях на чыгунцы, у разгроме ўпраў, варожых гарнізонаў, заўсёды наперадзе, заўсёды там, дзе агонь. Ён здолеў наладзіць такія сувязі з насельніцтвам, што яно дапамагала атраду чым толькі магло, вяло разведку, паведамляла пра планы ворага.

— Дык, значыцца, шукаеце — ухмыльнуўся ён.— Тады ўмова. Атрымаю ўзрыўчатку, зброю, дзе наша ні прападала, гэта гебітскамісараўская цацка — твая.

Ён палез у кішэню штаноў, выняў панікеляваны афіцэрскі «вальтэр» і працягнуў мне:

— Трафей. Узяў асабіста пад Свянцянамі. Цёпленькі! На, патрымай для большай спакусы.

— Не хваліся,— зайшоўся смехам Чаркасаў.— Мае хлопцы таксама пазаўчора састаў з жывой сілай пад адхон пусцілі. Дванаццаты. Дык, кажуць, немцы пасля цэлую плашч-палатку пілотак назбіралі. Ясна?

— Нічога, мы таксама пускалі. І з пілоткамі, і з фуражом.

— Ну ладна. Трэба ў атрадзе мітынг правесці, пазнаёміць з пісьмом ЦК. Праўда?

Праз дзень-два нахапіўся марозік. Ён зацягнуў зямлю корачкаю. З падлеску пачало падаць лісце. Праўда, неахвотна, па адным, нечакана. Сарвецца і ляціць чаранком уніз. Колькі яго апала за ноч? — нямнога, але ўкрыла зямлю, прыглушаючы крокі. А гукі ў лесе, наадварот, як бы ажылі, сталі званчэйшымі.

Правяраючы, ці ідуць хукаўкі, мы з Сідзякіным, аднак, абліліся па пояс вадою, расцёрліся ручніком, і толькі тады паселі за столік пад елкаю. Снедалі моўчкі — Чаркасаў і яго першыя госці аставаліся, мы ад’язджалі, але, відаць, сумна думаць пра далёкае, няхай сабе і харошае. Нават безжурботны Маркаў, які толькі што скончыў пісаць дакладную ў абком, гаварыў вяла, задумваючыся.

Развіталіся мы амаль без слоў. Нам, вядома, было няўцям, што, зрабіўшы справаздачу за лініяй фронту, наша група, апрача мяне, вернецца да Маркава — прынясе з сабою аўтаматы, узрыўчатку і стане ў яго брыгадзе ядром, з якога вырасце атрад Чапаева.

Аўса ў Чаркасава не знайшлося, сена было ў абрэз, і галодныя коні, як толькі зразумелі: мы вяртаемся назад,— самі зрываліся на рысь. За месяц я прывык да свайго грывастага сібірачка, навучыў яго адгукацца на покліч, балаваў. Цяпер я таксама прыпас яму пачастунак — лусту хлеба, і ён ухітраўся, павярнуўшы галаву, на хаду хапаць з маёй рукі губамі.

Зноў чарадою пайшлі начныя вёскі, граніца, знаёмыя атрады, брыгады. І зноў ратавала, абраная тактыка — каб не ўвязаўся небяспечны хвост, пераходы рабілі ад аднаго партызанскага атрада да другога. Пераднюем, адпачнём — і новы рывок...

Заходнюю Дзвіну гэтым разам фарсіравалі з коньмі. Ноч была зорная, з вышыні глядзеў вузкі рог маладзіка, і вада ў рацэ фасфарыцыравала, свяцілася. Плывучы следам за лодкаю на паваду, коні пахрапвалі, у іх вачах па-д’ябальску палыхала, і яны стрыглі вушамі. Выбраўшыся ж на супроцьлеглы бераг, перасмыкаліся ўсім целам, і ад іх ва ўсе бакі ляцелі пырскі. Да таго ж, як гэта часта бывае восенню, неба зацягнула шэрым, сыпанула крупою. Коні былі мокрыя, і прыйшлося, каб сагрэць іх, бегчы з імі побач, пакуль не высахлі.

Днявалі мы ў лесе, кіламетраў за восем ад чыгункі Віцебск — Полацк. Надвор’е папсавалася зусім. Разпораз пачынаў ісці снег. Думалася, гэта на ўдачу. Але як толькі мы наблізіліся да знаёмага пераезду, шуганулі асвятляльныя ракеты і застракаталі кулямёты. Здаецца, два. Добра — у снежнай каламуці святло ракет не дасягала зямлі, і яе не ўсю ўкрыла бель. Рассыпаўшыся, мы мусілі вярнуцца на месца сваёй днёўкі.

Тут, сярод аснежаных елак з самотна апушчанымі лапамі-галінамі, мы развіталіся з чатырохногімі сябрамі. Каб зусім прагаладаўшыся, яны маглі пайсці шукаць сабе новых гаспадароў, прывязалі іх да дрэў ледзь-ледзь. І мала хто з нас астаўся тады абыякавым...

Стаўшы пешым, я быццам вярнуўся на зямлю. Навокал была знаёмая Сіроціншчына, і кожная пачутая бяда болем аддавалася ў сэрцы. Жыхароў вёскі Чысці гітлераўцы сагналі ў кароўнік, замініравалі яго і ўзарвалі. Пралілі яны кроў і ў Слабадзе. Забілі маю лепшую вучаніцу Ірачку Ізафатаву. Наздзекаваўшыся, распаролі ёй жывот клінком і кінулі на прыдарожнай абочыне, забараніўшы нават хаваць...

Дарогі Міншчыны, сустрэчы з людзьмі многае мне раскрылі. Але разам з гэтым ва мне як бы прарэзалася адчуванне віны: мінула болей года пякельнай вайны, а што зроблена канкрэтна? Дый як там з самымі блізкімі?

У Зуях я заглянуў да Леаніда Палітаева. Ішоў і вагаўся. Як я даведаўся, ён узначальваў ужо асобы аддзел брыгады, быў поўны высокіх планаў, кахаў. Ці да мяне яму цяпер? Каб схаваць збянтэжанасць, я падарыў яму «каровінскі» пісталецік: «Аддай сваёй...» — сказаў і не зусім паверыў, калі ён, расцалаваўшы мяне на развітанне, раптам сумеўся:

— Зусім затакаваўся, дурань! Як я мог забыцца?.. Твае лінію фронту перайшлі, не мучайся... Хоць «Віцебскія вароты» і закрыты...

І зноў дарога, кароткія прыпынкі ў партызанскіх вёсках. Харчы мы нарыхтавалі яшчэ на Міншчыне, таму прасілі толькі бульбы, малака, вады. У адной з прыфрантавых вёсак я забег у крайнюю хату — захацелася піць.

Была раніца. У вокны ліліся касыя праменні не такога залацістага, але затое зыркага восеньскага сонца і палоскаю клаліся праз усю хату. Ля печы, якраз у канцы сонечнай палоскі, выжыльвалася з вілкамі сухенькая бабулька з добрым, маршчакаватым тварам. На ложку спалі віхрастыя дзеці і чорная кошка.

Я пераступіў парог, акінуў хату позіркам і, раптам адчуўшы холад у жылах, скамянеў — над ложкам, прыколатыя к сцяне кнопкамі, віселі фотакарткі: я з жонкаю і яна адна — тая, у шаснаццаць! Божа мой, значыць, загінулі! Значыць, як і думалася, Лёню не хапала сіл сказаць праўду!

Як не свой, я ступіў да гаспадыні. Мусіць, твар у мяне быў страшны, бо яна, трошачкі выняўшы вілкі з печы, як бы засланілася імі.

— Адкуль у-у вас здымкі? — з цяжкасцю паварушыў губамі.

— А божухна!.. Маруся знайшла за аколіцаю...— ахнула яна, здагадваючыся, чаму ў мяне адымае мову.— Спадабаліся, і вывесіла во... Паглядзіць і плача. Праўда, цяпер не цяжка заплакаць...

Але бабуся была касая, і мне здавалася, што яна хлусіць, не можа глядзець на мяне.

— Яны, бедныя, толькі што паказаліся, а немцы тут як тут,— тараторыла яна, зноў палохаючыся майго выгляду.— Вашы, канечне, хто куды. У нас за гумнамі лён. Бягуць, ногі ў ільне заплятаюцца. А немцаў, мабыць, рэчы зацікавілі... Чаго вы так глядзіце на мяне? А божухна!

Пайшоў я з хаты, слаба разумеючы, што адбываецца навокал. У галаву лезла ўсякая ўсячына. Успаміналіся Магілёў, настаўніцкія курсы, на якіх, убачыўшы будучую жонку, я рабіў усё толькі для яе. Вярзлося-ўспаміналася, як перад ад'ездам, не адчуваючы пад нагамі зямлі, крочылі мы па Першамайскай вуліцы, смеючыся пыталіся ў міліцыянера, дзе ў іх у Магілёве загс, а пасля, збянтэжаныя, шукалі сведак, каб падпісаліся пад шлюбным дакументам; як ехалі да мяне на Камарыншчыну ў пустым цемнаватым вагоне, дзе верхнія лаўкі зыходзіліся над галавою ўшчыльную, бы столь, і адтуль чулася сярдзітае буркатанне: «Маладыя людзі, у грамадскім месцы так сябе не трымаюць!» Уяўлялася, як потым па вечарах разам складалі планы ўрокаў; як у час паездкі ў саўгас са спектаклем яна прастудзілася і ёй зрабілі ў Чарнігаве аперацыю і адразу, тут жа, перавезлі ў роддом; як потым захварэла сама Святланка, і ўрач шапнуў мне, што надзеі няма; як я з нявінным тварам адпраўляў лсонку пад Гомель у дом адпачынку, а пахаваўшы дачку, таксама прымчаў туды; як поўны рэўнасці і падазрэнняў, стоячы за дрэвам, шукаў яе сярод адпачываючых, якія слухалі канцэрт у «зялёным тэатры», і супакоіўся адно, калі ўбачыў: яна, пастрыжаная, худзенькая, у светлым плацейку з палярынкаю, сядзіць з краю, побач з пажылай поўнай жанчынаю... А пасля нарадзіўся сын!..

«Няўжо я болей не ўбачу іх?» — Не будзе каго любіць, раўнаваць, з кім звязваць заўтрашні дзень? Істота мая паўставала супроць такой несправядлівасці...

Звязаліся мы з армейскай палкавою разведкаю праз штаб брыгады Дзячкова. У навакольныя вёскі прыбывалі бежанцы. Таму каб за намі ніхто не ўвязаўся, разведчыкі назначылі месца для тайнай сустрэчы. Аднак, калі мы з’явіліся туды і рушылі ў дарогу, з цемры вынырнула і прыстроілася да нас чалавек трыццаць.

Разведчыкі ведалі тут кожны корч і вялі калону ўпэўнена. Толькі ў адным месцы, праводзячы праз замініраваную лапінку, захваляваліся, загадалі ўзяцца за рукі і ступаць след у след. І зноў я, думаючы пра сваё, мала зважаў, што за маладым сасоннікам, які ўвесь час аставаўся ў нас справа, іншы раз мігцеў касцёр і пры ім тупалі постаці ў нацягнутых на вушы пілотках.

Пахаладала. Мяла пазёмка. І калі мы наблізіліся да нямецкай баявой аховы, што праходзіла тут па шашы, мяцеліца разышлася як мае быць. Скавытаў вецер і гнаў, гнаў снег, слепячы вочы.

Немцы паставілі ўжо снегазатрымальныя шчыты — відаць, па гэтай шашы, пры патрэбе, яны перагрупіроўвалі войскі. І вось, калі мы падышлі да шчытоў, ля якіх мяцеліца ўправілася намесці сумёцікі, то ўбачылі на ўзгорку вартавога, які стаяў спінаю да нас і ўзіраўся ў нічыйную паласу.

Што было рабіць?

Бясшумак ні ў кога не аказалася. Адступаць і шукаць іншае месца для праходу разведчыкі палічылі яшчэ небяспечнейшым. Страляць жа было нельга — узнялася б трывога, пры якой гітлераўцы напэўна адкрылі б агонь па нічыйнай паласе і справацыравалі б адкрыць яго нашых. Можна ўявіць, у якім бы становішчы тады апынулася наша калона.

Знайшоўшы між шчытоў праход, мы падняліся на шашу. Старшы разведчык жэстамі загадаў мне адабраць пару хлопцаў і астацца на бруку, трымаючы вартавога на мушцы.

Наперадзе курылася ў пазёмцы нізіна і некуды плыў хмызняк — ужо нічыйны! Па адным, чамусьці прыгінаючыся, людзі сталі перасякаць шашу, і, здавалася, не было канца ім. Нарэшце я адчуў: прабег апошні. А вартавы ўсё стаяў як скамянелы — нібыта не бачыў нічога.

Калі, вільнуўшы, хвост калоны знік у хмызняку, кінуліся бегчы і мы ўтрох. Беглі, спыняючы дыханне, азіраліся, але вартавы не ракеціў і не страляў. Чаму? Баяўся за сваё жыццё? Спачуваў нам? Магчыма. Бо калі ўсё-такі пусціў ракету, яна ўпала не ў хмызняк, дзе мы ўкрыліся, а значна правей, куды праз імгненне паляцелі злыя, вісклівыя міны.

З цяжкасцю пераводзячы дыханне, я слухаў іх пранозлівыя выбухі, і, бачанае, перажытае за гэтыя месяцы нібыта ўваскрэсла ва мне, расло, адкрывала шырэй вочы. Я знаў: там, за хмызняком,— наша баявая ахова. Нас абавязкова там аклікнуць. Але цяпер гэтак жа выразна я ўсведамляў і другое: наша баявая ахова не толькі там. Яна ўсюды. Таму, каб знішчыць нас, трэба сцерці з зямлі гарады, вёскі, лес, поле — усё жывое.