epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Карпаў

За годам год

Кніга першая. Далёкія зарніцы
  Частка першая
    РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
      1
      2
      3
      4
    РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
      1
      2
      3
      4
    РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
      1
      2
      3
    РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
      1
      2
      3
      4
    РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
      1
      2
      3
      4
      5
      6
      7
    РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
      1
      2
      3
      4
      5
  Частка другая
    РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
      1
      2
      3
      4
      5
    РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
      1
      2
      3
      4
    РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
      1
      2
      3
      4
    РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
      1
      2
      3
      4
      5
      6
    РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
      1
      2
      3
      4
      5
      6
    РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
      1
      2
      3
      4
      5
      6
Кніга другая. Цяжкія сцягі
  Частка трэцяя
    РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
      1
      2
      3
      4
      5
    РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
      1
      2
      3
      4
      5
      6
    РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
      1
      2
      3
      4
      5
    РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
      1
      2
      3
      4
      5
    РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
      1
      2
      3
      4
      5
      6
    РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
      1
      2
      3
      4
      5
      6
  Частка чацвёртая
    РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
      1
      2
      3
      4
    РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
      1
      2
      3
      4
      5
      6
    РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ
      1
      2
      3
      4
      5
      6
    РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
      1
      2
      3
      4
      5
    РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
      1
      2
      3
      4
      РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
      1
      2
      3
  ЭПІЛОГ


Кніга першая. Далёкія зарніцы

 

Мы ў свой горад прыйшлі

Ад Масквы і ад сцен Сталінграда,

Мы аглухшы былі

Ад нязмоўклай яшчэ кананады.

 

Максім Танк

Вызвалены горад ажывае адразу. Ва ўсякім выпадку так было ў Мінску.

Як толькі за разведкаю і танкамі па галоўнай яго магістралі — Савецкай вуліцы — рушыла пяхота, у горадзе, пустым і мёртвым, імгненна абудзілася жыццё. Яно з’явілася аднекуль з-пад зямлі, з сутарэнняў, з самых нечаканых тайнікоў і схованак.

А там, дзе жыццё,— там клопаты. І ўжо назаўтра людзі ўспомнілі: сярод руін у іх ёсць абгароджаныя абгарэлымі ложкамі градкі чэзлай, пакрытай рудым пылам капусты, буракоў, ёсць нешта прыхаванае ў зямлі, сёе-тое асталося на папялішчах. А яшчэ праз дзень і на закураных сценах знявечаных будынкаў нехта напісаў ужо заклікі — словы веры і клятвы.

На руінах, на прыступках уцалелых ганкаў з’явіліся новыя, накрэмзаныя крэйдаю адрасы і кароткія пісьмы — для тых, каго чакалі, хто павінен быў прыйсці, прыехаць, прыляцець.

І быццам бы на гэтыя заклікі, на незвычайныя лісты адусюль пацягнуліся ў горад людзі. Рознымі шляхамі-дарогамі кіраваліся яны сюды, дзе быў або павінен быць прытулак, дзе, пэўна, будзе праца, а значыць,— і шчасце.

Вярталіся тыя, хто ўцёк ад фашысцкага гвалту ў вёску і там працаваў кавалём, падпаскам, хто пражыў ваенную навалу ў цывільных лясных лагерах, вырабляючы партызанам скуру, рамантуючы зброю.

Ішлі па адным і сем’ямі. Цягнулі каламажкі з бежанскім дабром або проста ў лясёнках неслі за плячыма ўсё, з чым мусілі нанава пачынаць жыццё. Часам гналі казу, карову.

Часцей верхам, на самаробным сядле, больш рэдка на фурманцы — яшчэ са зброяй — ехалі партызаны. Ледзь перастаўляючы ногі, раз-поразу адпачываючы на прыдарожных каменнях, пляліся счарнелыя чалавечыя здані — смяротнікі Трасцянца, вязні, вывезеныя гітлераўцамі ў другія гарады на прымусовыя работы.

Але як толькі ўсе гэтыя людзі дасягалі гарадскіх ускраін, яны... некуды знікалі. І ўжо не было партызан, бежанцаў, учарашніх вязняў — былі мінчане.

Потым пачалі прыходзіць цягнікі. Шэры, гаманлівы натоўп з клункамі, куфэркамі, чамаданамі заліваў Прывакзальную плошчу, імкнуў у знявечаныя вуліцы, на ўцалелы віядук і... таксама, нібыта яго ўбірала зямля, некуды знікаў.

Хто, адкуль і навошта ехаў сюды?

Прыязджалі да сваякоў, блізкіх і далёкіх, да сем’яў, што не паспелі ў чорны сорак першы выехаць на ўсход, да родных магіл, да папялішчаў і руін, на якіх, здавалася, лягчэй будзе будаваць сваё жыццё.

Ехалі інжынеры, настаўніцы, муляры, пісьменнікі, студэнты. Ехалі з Сібіры, з Сярэдняй Азіі, з Урала, з Паволжа, выкліканыя наркаматамі, глаўкамі. Самалётамі спяшаліся прадстаўнікі ведамстваў, каб узяць на ўлік маёмасць, якая ўцалела і належала ім да вайны...

Усіх прымаў Мінск. Да змучаных людзей так або іначай вяртаўся сталы хлеб, за ім — блізкая вада, затым — электрычнасць.

І чалавеку ў турботах і клопатах іншы раз нават цяжка было заўважыць усе змены. Пусцілі заводзік, пачаўся рамонт школ. На сценах каробак, ля тэлеграфных слупоў застракацелі ярка размаляваныя кінаафішы. Выйшлі першыя нумары газет са знаёмымі назвамі. У гарадскіх скверах паявіліся клапатлівыя старожкі-бабулькі, і алеі там зрабіліся адразу даваеннымі.

Так, вызвалены горад ажывае хутка.

Але... але пасля пойдуць дні, месяцы і гады збірання сіл. Сваё права бяруць законы мірнага жыцця. Пачынаюць аднаўляцца ранейшыя сувязі, усталёўвацца новыя — і гэта, бадай, самае цяжкае, пакутлівае.

 

Частка першая

 

РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ

 

1

 

Зімчук увайшоў у горад следам за перадавымі армейскімі часцямі. Брыгада яго прачэсвала Руднянскія лясы, куды рынуліся рэшткі разгромленай ля Бярэзіны нямецкай дывізіі, і з ім была ўсяго невялікая група партызан-аўтаматчыкаў.

У цэнтры грымелі выбухі, угору ўзлятала зямля, шугаў дым. Недзе каля вакзала і аэрадрома ўспыхвалі кароткія перастрэлкі. І ўсё-такі не гэта хвалявала Зімчука. Прыглядаючыся да палісаднікаў і пустых панадворкаў, да нямых, з наглуха зачыненымі аканіцамі, ускраінных домікаў, ён думаў, дзе ж людзі. Хацелася ўбачыць каго-небудзь, распытаць, як перажылі навалу. Думалася і яшчэ аб адным. Ужо здалёк Зімчук убачыў Дом урада. Гмах яго ўзвышаўся над вастраверхімі руінамі і тупымі каробкамі без дахаў. Значыць, выратаваны!..

Размясціўшы аўтаматчыкаў у доміку, пакінутым нейкім нямецкім паслугачом, Зімчук паслаў за Кастусём Алешкай і, калі той прыбег, папрасіў павесці сябе да Прыбыткова, якому было даручана не дапусціць, каб Дом урада ўзарвалі.

Па мёртвых вуліцах яны падаліся да трамвайнага парка, ля якога жыў Прыбыткоў. І як ні быў унутрана падрыхтаваны Зімчук, запусценне і разбурэнні — яны вельмі страшна выглядалі ў вызваленым горадзе — уразілі яго.

Цэнтр быў у руінах.

Навокал Круглай плошчы і абапал Даўгабродскай вуліцы палавела жыта. Яно пагойдвалася і шумела, як у полі. Зусім недалёка ад тратуара пілікала сваё «піць-палоць» перапёлка. Над жытам схіліліся тэлеграфныя слупы з парванымі правадамі... І жытнёвы разліў, і звінючае шапаценне каласоў, і кароценькая, мілая сэрцу песня перапёлкі здаваліся тут недарэчнымі і не хацелі пагаджацца са свядомасцю.

Зімчук і Алешка мінулі плошчу, збочылі да трамвайнага парка і спыніліся каля дзіўнага жылля.

Ад колішняга дома астаўся адзін цокальны паверх. Людзі накрылі яго чым маглі — аполкамі, гарэлай бляхаю. Зверху насыпалі зямлі. Праз гэтую столь-дах, парослую ўжо быльнягом, павыводзілі коміны — з цэглы, з вадасцёкавых труб. Вокны ў сутарэнні да паловы забілі і таксама прысыпалі зямлёю.

— Тут,— сказаў Алешка, паказваючы на ўбогае збудаванне.

Зімчук адчыніў дзверы, над якімі казырком вісела фанера, і першы, амаль вобмацкам, спусціўся па прыступках у сутарэнне.

Праз адзінае акенца ў пакой цадзілася мутнае святло. Ля печкі-«буржуйкі», якая стаяла пасярэдзіне пакоя, на зэдліку сядзела жанчына і карміла дзіця, памешваючы нешта лыжачкаю ў кансервавай бляшанцы. Пачуўшы, што рыпнулі дзверы, жанчына падняла галаву і, прыкрыўшы кофтачкаю грудзі, з трывожнай цікаўнасцю паглядзела на тых, хто ўвайшоў.

У цёмным кутку, на падлозе, гулялі тры, падстрыжаныя нажніцамі, хлопчыкі ў штоніках з плашч-палаткі, шлейкі ад якіх крыжаваліся ў іх на спінах.

— Добры дзень! — прывітаўся Зімчук.

Жанчына адняла ад грудзей дзіця, паклала на ложак, дзе, укрыты лахманамі, ляжаў барадаты раскудлачаны мужчына з распухлым тварам.

У пакоі ўсё было самаробнае: печка-«буржуйка», табурэткі, ложак, стол, паліца, нават масіўныя, адлітыя з волава талеркі і лыжкі на паліцы. І, мусіць, ад гэтага цёмны, з зацвілымі падцёкамі на сценах і на фанернай столі пакой выглядаў страшэнна бедна.

— Праходзьце,— пазнаўшы Алешку, дазволіла жанчына і павярнулася да печкі, нібыта далейшае яе не датычылася.

Яна была худая, знясіленая. Гора і спрацаванасць паклалі адбітак не толькі на яе яшчэ малады бледны твар і худую постаць з вострымі плячыма, але і на Ю}шорсткія, без бляску валасы, якія ўжо амаль нельга было прычасаць ахайна.

— Даўно спіць? — пацікавіўся Алешка, паказваючы на ложак.

— Дзе там... Яму, каб выспацца, пэўна, сутак мала.

— Нічога. Цяпер усё павернецца да лепшага.

— Ах, як чакалі мы яе, улады нашай...

Хлапчукі, перастаўшы гуляць, утаропіліся на Зімчука. Меншы бокам падышоў да маці і стаў поруч, не то шукаючы абароны ў яе, не то збіраючыся бараніць яе сам. Мужчына ж не варухнуўся — спаў моцна, хоць і неспакойна. Натужна дыхаючы, стагнаў, крывіўся, і дзіўна было, чаму не плача, лежачы на адной з ім падушцы, дзіця. Жанчына, мабыць, таксама звярнула ўвагу на гэта, бо ўзяла дзіця на рукі і пакалыхала, быццам і папраўдзе дзіця плакала, і яна хацела яго супакоіць.

— Вы ўсё-такі разбудзіце, цётка, Змітрака,— папрасіў Алешка і паказаў вачыма на Зімчука.— Гэта Іван Мацвеевіч...

Жанчына замітусілася і паспешліва пачала катурхаць мужа.

Мужчына пацягнуўся, моцна сажмурыўся і цяжка расплюшчыў павекі. Але, убачыўшы Алешку з незнаёмым чалавекам, таропка ўсхапіўся і сеў, спусціўшы ногі і трымаючыся за край ложка.

— Ты як-небудзь ужо сам, Кастусь...— прахрыпеў ён, глытаючы сліну.— Далібог, не магу! Схадзіце, калі ласка, да Цімкі, хай той раскажа...

Ён зноў упаў на падушку і, не дачакаўшыся, пакуль яны выйдуць, рашуча заплюшчыў вочы.

На стук за суседнімі дзвярыма, на якія паказаў Алешка, доўга не адказвалі.

Зімчук хацеў ужо адысці, як дзверы нечакана рыпнулі, і ў цёмнай шчыліне бліснула здзіўленае дзіцячае вока: у гэтыя дзверы, напэўна, ніхто і ніколі не стукаў.

— Можна да вас? — спытаўся Зімчук, непрыкметна падаючы знакі Алешку, каб той схаваўся.

— У нас няма нікога, дзядзечка. Цімка зноў у горад пайшоў,— адказалі з-за дзвярэй.

— А мне Цімка і не трэба. Мне цябе трэба.

— Мяне?

На парозе паказалася дзяўчынка. Вастраносенькая, з кольцамі косак ля вушэй, яна жмурылася ад сонца і, быццам той, на каго глядзела, стаяў далёка, трымала руку ля лба. Яе маленькая постаць у чыстай зношанай сукенцы выразна вырысоўвалася ў цёмным квадраце дзвярэй. Зімчука здзівілі ахайнасць і незвычайная кволасць дзяўчынкі. Рукі і ножкі яе былі зусім худыя. А шыя да таго тоненькая, што, здавалася, ледзьве трымае галаву, і галава хіліцца набок.

У вузкім, амаль пустым пакойчыку, напалову меншым, чым у суседзяў, стаялі толькі тапчан, стол і табурэтка. Затое на падаконніку зелянеў вазон, усыпаны чырвонымі кветкамі, а над акном вісела размаляваная клетка са шчыглом, які перапырхваў з перакладзінкі на перакладзінку.

Дзяўчынка выцерла вехцікам табурэтку і запрасіла Зімчука сесці, паглядаючы на жоўтую калодку яго маўзера.

— Цімкаў шчыгол? — спытаўся Зімчук, як пытаюцца ў дзяцей, хочучы патрапіць ім у тон. Але, зірнуўшы на зусім па-даросламу заклапочаны твар дзяўчынкі, сказаў: —Бедна жывяце... Колькі ж твайму Цімку гадоў? Не крыўдзіць?

— Не-а. Ён вялікі ўжо. Ён мне апошняе аддае.

Зразумеўшы — лепш пра бацькоў не ўспамінаць,— Зімчук прыгарнуў дзяўчынку да сябе і пагладзіў па худзенькай спіне.

Яна не адхінулася, даверліва палажыла яму на калена руку.

— Вы, дзядзечка, мусіць, нашага тату ведалі? Не? Тады ўсё роўна... Цімка не папросіць, дык я вас папрашу. Куды мы адны?.. Пры немцах хоць партызаны памагалі. Цімка харчовыя карткі падрабляў.

— Няўжо падрабляў? Здорава. Але цяпер у дзіцячы дом пойдзеце. Будзеце расці там, вучыцца...

Не заўважыўшы, як здрыгануліся ў дзяўчынкі вейкі, Зімчук зноў пагладзіў яе па спіне і пакінуў сутарэнне, калі Алешка двойчы напомніў, што іх чакаюць у другіх месцах.

Выйшаў ён на вуліцу неахвотна. Аслеплены святлом, з хвіліну стаяў каля дзіўнага жылля, дзе знайшлі сабе прытулак людзі і дзе невядома колькі яшчэ павінны былі жыць. І Зімчук душою адчуў: ён абавязаны зрабіць ім нешта добрае і зрабіць як мага хутчэй.

 

2

Ноччу горад бамбілі. Неба паласавалі блакітныя праменні пражэктараў. Шукаючы самалёты, угору цягнуліся пацеркі трасіруючых куль. Агністымі зоркамі ўспыхвалі разрывы зенітных снарадаў. Зусім не там, дзе чакалася па гулу самалётаў, запальваліся асвятляльныя ракеты. Праз гул і грукат, што тузалі і зыбалі паветра, прарываліся візгаты падаючых бомб. Зыркія ўзбліскі шугалі ад зямлі ў неба, і ад выбухаў скаланалася наваколле.

У горадзе і без таго было трывожна. Пад вечар аўтамагістраль Мінск — Масква перарэзалі недабітыя нямецкія часці, і па ёй маглі праязджаць толькі вялікія калоны — нападаць на іх немцы не адважваліся. Па сутарэннях, у руінах хаваліся невылаўленыя гітлераўцы. Да таго ж, за некалькі кіламетраў на ўсход былі акружаны 12, 27 армейскія і 39 танкавы карпусы праціўніка. І калі б немцам удалося вырвацца з акружэння, яны рынуліся б, безумоўна, на горад, праз які праходзілі дарогі на захад.

Гарнізон, што знаходзіўся ў распараджэнні ваеннага каменданта, быў невялікі. Раскіданы па горадзе, ён амаль увесь нёс ахову найбольш важных уцалелых аб’ектаў. Горад у такіх умовах лёгка мог стаць месцам новых начных баёў і пагромаў. Таму многія, нават з тых, хто ўвайшоў у горад удзень, нанач выехалі ў прыгарадныя лясы.

Асабліва часта разрывы ўспыхвалі ўздоўж чыгункі і паблізу ад Дома ўрада. Асветлены сляпуча-белым святлом ракет-ліхтароў, гмах яго зіхацеў, прамяніўся. І калі пад неба шугалі жоўтыя сполахі, гэтае ззянне ўздрыгвала.

Зімчук не спускаў з яго вачэй. Ён нават не пайшоў у бамбасховішча, куды, за выключэннем Валі Верас, падаліся партызаны. Праўда, не хацелася пакідаць адну і Валю, якая наадрэз адмовілася, каб яе падмянілі на варце. Нават пакрыўдзілася. І цяпер хадзіла ля брамкі, не хаваючыся ад асколкаў зенітных снарадаў, што, чуваць было, не-не дый ссякалі галінкі недалёкай грушы.

Стоячы ў насцеж расчыненых дзвярах дома, Зімчук сачыў за бамбёжкаю і хваляваўся.

«Толу, вядома, не вынеслі,— з прыкрасцю думаў ён,— і, калі ўцэляць паблізу, па дэтанацыі ўзарвецца і тол... Немцы, відаць, разлічваюць і на гэта... А Валя? Дзяўчо! Адчула слабінку...»

За Домам урада адна за адной, узапар, палыхнула некалькі жоўтых зарніц — пэўна, бамбардзіроўшчык скінуў усе бомбы.

Зімчук вылаяўся і выйшаў на ганак.

Амаль над галавою віселі дзве асвятляльныя ракеты. Ад іх адыходзілі хвасты барвовага дыму. Ракеты пагойдваліся, і з іх нібыта выплёскваўся агонь. Адрываючыся, на ляту, набываў форму кропель і чырванеў, святло ж ракет-ліхтароў, наадварот, бялела і набірала сілы. З зямлі ўгору паўзлі чырвоныя, сінія, зялёныя рыскі трасіруючых куль. Яны паволі, па дузе, уздымаліся да гэтых палаючых паходняў і, дасягаючы іх, гаслі. Але вось адна з ракет быццам закіпела і метэорам рынулася ўніз. Рознакаляровыя кулі-рыскі папаўзлі да другой, якая ўпарта набліжалася да Дома ўрада. Аднак, як толькі яна навісла над самым будынкам, ля яе ўспыхнуў разрыў. Адзін, другі, трэці. Ракета распалася і агністым дажджом пралілася на зямлю. І адразу ўсё наваколле паглынула цемра.

— Хто ідзе? — пачуўся Валін голас.

Прытрымліваючы калодку маўзера, Зімчук пабег да брамкі, дзе цямнела Валіна постаць.

Цераз вуліцу, да дома, спяшаўся чалавек. Па хадзе, імклівай і вольнай, Зімчук пазнаў Алешку.

— Ты, Кастусь? — здзіўлена аклікнуў ён.

— А як жа, я, Іван Мацвеевіч! — нібы радуючыся за сябе, адгукнуўся той.— Да вас...

Ён падышоў задыханы, відаць, дасюль многа і хутка бег.

— Ну і падлюкі! Усё адно капцы, а бачыш, што вырабляюць! — і паспешліва сунуў руку Валі, потым Зімчуку.

— Што здарылася? — занепакоіўся апошні.

Алешка бліснуў бялкамі вачэй.

— Склад, Іван Мацвеевіч, пакінуты знайшоў, у тэатры оперы і балета. Трэба хлопцаў паслаць. Там ужо, хто больш упраўны, завіхаецца.

— Як, як? — перапытала Валя.

— Завіхаюцца, кажу.

— Ну і што?

— Спыніць трэба...

Не ўпэўнены, ці адказаў Алешка, што думаў, ці проста выкруціўся на хаду, Зімчук зрабіў яму знак, каб ішоў следам, і падаўся да ганка. Стаўшы ў адчыненых дзвярах,загадаў:

— Ну, расказвай! Толькі не круці!

— А што расказваць? Там, Іван Мацвеевіч, столькі ўсяго, што страшна. А прайдзісветы розныя лазяць, глумяць. Можа, пераапранутыя паліцаі нават. Спаляць яшчэ. Там жа і спірт ёсць.

— А ты адкуль ведаеш? — спыталася Валя, якая прыслухоўвалася да іх гаворкі.

— Хлопцы казалі,— відаць, гладка схлусіў Алешка.

Дзяліць групу было небяспечна: ноч магла прынесці нечаканасці. Выклікаўшы партызан з бамбасховішча, Зімчук рушыў за Алешкам.

У небе загарэлася новая ракета-ліхтар, і на вуліцы стала светла. Каля руін, дамоў, дрэў ляглі чорныя густыя цені.

Расцягнуўшыся ланцугом, група пабегла, тулячыся да гэтых ценяў.

Спыніліся толькі ля рэдкіх, амаль голых кустоў акацый, на пустцы, што распасціралася навокал тэатра. Вырашылі ў будынак пакуль што не ісці, а заняць і сцерагчы ўваходы. Зімчук хутка расставіў вартавых і з рэштаю бежкам накіраваўся да галоўнага пад’езда.

Налёт не спыняўся. То робячы вялікія нажніцы, то разыходзячыся ўгары веерам, па небе гойсалі блакітныя праменні. Над галавою з металічным падвываннем гулі самалёты. Іх было многа, і здавалася, яны кружаць у адмысловым карагодзе, зусім не адлятаючы.

Дзверы ў галоўным пад’ездзе былі расчынены. За імі панавала густая цемра. Зімчук прыслухаўся. Але выбухі бомб і разрывы зенітных снарадаў аддаваліся ў будынку гулам, і нічога, апрача гэтага гулу, нельга было пачуць. Пстрыкнуўшы ліхтарыкам, Зімчук пасвяціў у вестыбюль. Святло вырвала з цемры брудную падлогу, прыступкі знаёмай лесвіцы, разламаную скрынку ў кутку, успораты не то з мукою, не то з цукрам мех, раскіданыя банкі кансерваў. За наступнымі, таксама расчыненымі дзвярыма, што вялі ў фае, спалохана кінулася постаць. Зімчук не аклікнуў яе і пагасіў ліхтарык.

— Дай,— папрасіў Алешка ў Валі аўтамат і, весела б’ючы кулаком па далоні другой рукі, аж прысеў: — Вось, ха-ха, дадуць дзёру праз вокны!

— Адставіць, Кастусь! — прыкрыкнуў Зімчук.— Не настраляўся яшчэ?

— Чаму не. Дык то ж з пісталета,— прыкінуўся ён, быццам не зразумеў Зімчука.— Чаго вы? Я васьмёркай разік па вестыбюлю дам, і ўсё.

У гэты момант промні кінуліся да нечага аднаго. І там, дзе яны перакрыжаваліся, засвяціўся маленькі самалёт. Ратуючыся, ён затрапятаў, намерыўся спікіраваць. Але чуць спазніўся — бліскавіца пранізала яго. Ахутаны дымам, ён усё-такі не змяніў свайго кірунку. Промні рынуліся ўслед. Аднак цяпер самалёт было відаць і так — з яго бартоў ірвалася полымя. Ён падаў стрымгалоў і ўжо неўзабаве, не маючы сілы выйсці з піке, нырнуў у руіны, адкуль як бы насустрач яму шуганула полымя.

Але адразу ў промнях пражэктараў абазначыўся новы. Зімчуку нават здалося: гэта той самы. Відаць, аслеплены, самалёт замёр, але раптам паслухмяна паляцеў, куды павялі праменні. Навокал замільгалі разрывы. А ён усё ляцеў, бязвольны і асуджаны, пакуль на месцы яго не выбухнула рваная агністая пляма.

Зімчук не быў мінчанінам. Праўда, ён два гады вучыўся ў Мінску, прыязджаў сюды ў камандзіроўкі, ды ведаў горад да вайны збольшага і мог успомніць усяго некалькі вуліц. Мінск жыў у яго свядомасці як нешта харошае, светлае, але такое, што мела асабіста да яго даволі далёкае дачыненне.

Безумоўна, можна любіць горад, якога ніколі не бачыў. Але з такой прывязанасцю, з такой любоўю людзі не сумуюць па горадзе, не адчуваюць, што без яго не стае вельмі важнага. Больш таго, многія з іх наогул не згадзіліся б памяняць свайго ціхага, нікому не вядомага гарадка ці мястэчка на прадмет свайго захаплення, бо ён існуе сам па сабе, а яны самі па сабе. Прыблізна так ставіўся да Мінска і Зімчук.

Сапраўдная любоў прыйшла да яго ў вайну.

Яна звязала з лёсам паланёнага горада лёс, думкі і клопаты Зімчука. Перад ім раскрылася душа горада — непараўнальна багацейшая, чым уяўлялася раней.

І хоць у Мінску за вайну Іван Мацвеевіч пабываў усяго раз — нелегальна, сустракаўся ён з ім амаль штодзённа. Прыбывалі ўцекачы, і Зімчук рассяляў іх па вёсках партызанскай зоны, накіроўваў у лясныя цывільныя лагеры. Прыходзілі сувязныя, падпольшчыкі, прыносілі горкія і радасныя весткі, зброю, медыкаменты. З горада паступала папаўненне, у горад ішлі партызаны са спецзаданнямі. Праз зямлянку Зімчука, перш чым трапіць у Мінск, праходзілі газеты, адозвы. І заўсёды — ці прымаў ён каго з горада, ці накіроўваў туды — пры гэтым як бы прысутнічаў Мінск, жывы, пакутны. Непасрэдна або завочна Зімчук пазнаёміўся з сотнямі мінчан, адчуў сябе адказным за іх лёс. Праз Мінск ён перажыў небяспечнейшыя хвіліны свайго жыцця. За Мінск пралілася яго кроў...

Але толькі зараз, у грукаце выбухаў і пошугаў, Зімчук адчуў: горад, змучаны, але ўпарты, уваходзіць у яго як нешта бясконца роднае, ім адваяванае, яму патрэбнае — на што ён мае права і без чаго цяжка будзе жыць.

«Папрашу, каб пакінулі тут»,— падумаў Зімчук і загадаў:

— Завернемся, Кастусь, агледзім будынак.

— Бу зроблена, Іван Мацвеевіч! За вамі хоць у агонь! — ахвотна адгукнуўся той.

 

3

 

Перад тым як сесці за дакладную, Зімчук наважыў схадзіць к Дому ўрада і агледзець усё на месцы. Да таго ж яго цягнула туды пасля ўчарашняй бамбёжкі. Але паведамілі, што ў горад прыехаў ЦК, і Зімчук даручыў зрабіць гэта Валі — камсоргу брыгады.

Пайшлі трое: Валя, Алешка і Змітрок Прыбыткоў. Алешка ішоў, як на свята, забягаў наперад.

— Ажно разгубіліся спачатку, ха-ха-ха! — сіліўся перакрычаць ён навакольны шум.— Падрывалі, падрывалі — і на табе. Усё ясна было. Прабраўся, падклаў «маму» запаволенага дзеяння — і бывай, яна сама ведае, калі ўзарвацца. А тут схему праводкі трэба ведаць. Дзе перарэзваць. Калі. Перарэзаў раней часу — выкрыюць. Запазніўся — разам з усімі дзесяццю паверхамі да бога на неба...

— Добра, гэта самае,— перапыніў яго Прыбыткоў, хмурачыся і, здавалася, нехаця крочачы побач. У фуражцы, у сіняй касаваротцы, падпяразаны паяском, у чорных картовых штанах, ён нагадваў майстравога. Твар у яго, як і ўчора, быў васковы, застыглы. Толькі старанна расчэсаная барада ды каштанавыя валасы, што былі відаць з-пад шапкі, надавалі ўрачысты выгляд.

— Пачакай! Я пра абставіны расказваю! — сыпаў Алешка і цягнуўся да Валі.— Яны ж у тры месцы залажылі. Па дзве з гакам тоны ў кожным. І, калі б гухнула, можна было б уявіць карціну!

Па вуліцы цёк бясконцы паток войск. У бронетранспарцёрах, у грузавіках, замаскіраваных дрэўцамі і галінкамі, ехалі запыленыя пехацінцы. Іх абганялі легкавыя аўтамабілі, матацыклы, «кацюшы». Узятыя ў чахлы рамы надавалі «кацюшам» дзівосную лёгкасць. Ад руху брызент напінаўся і лапатаў, як на крылах ветрака, і было такое ўражанне, што дзівосныя машыны вось-вось адарвуцца ад зямлі і паплывуць над ёю... З лязгатам і грукатам ішлі танкі, пакідаючы пасля сябе на бруку рубчастыя палосы і выварачанае на паваротках каменне. У адкрытых люках стаялі без шлемаў танкісты, іх стомленыя будзённыя постаці ніяк не пасавалі да грозных машын.

Алешка кідаў гарачыя позіркі то на гэтую лавіну, то на Валю, і цыганскі твар яго з кожнай хвілінаю ажыўляўся ўсё больш.

— Варта кругом — мыш не праточыцца. Як у жалезных ботах дзень і ноч грукаюць. Але нас таксама не дурні рабілі. Ха-ха! Змітрок за двое сутак прабраўся туды. Але як яму знак падаць, што рэзаць пара? Каб не ўзяўся Цімка прасігналіць, то не ведаю, ці прыдумалі б што.

Прыбыткоў хацеў нешта сказаць, але толькі нездаволена пагладзіў бараду і пачаў глядзець на неба.

Над горадам патрулявала пара «ястрабкоў». Яны то нізка, абдаючы рокатам, праносіліся над самымі руінамі, то імкліва ўзвіваліся ў блакіт, рабіліся кропкамі і, развінуўшыся, плаўна ішлі па кругу. У іх манеўрах была суладнасць, і Прыбыткоў пачаў сачыць за імі.

Яго маўклівасць не падабалася Валі. І яна, каб выклікаць Прыбыткова на размову, спыталася:

— Страшна было?

— Дзіва што...— безуважна сказаў Прыбыткоў, не адрываючы позірку ад знішчальнікаў.— Дый сігнал можна было згледзець толькі стоячы.

— Цяжка?

— У яго, Валя, і цяпер ногі паапухлыя, як калодкі. Адтуль яго ўжо Цімка вывеў.

Стомленасці быццам бы не было, хоць спала Валя ў гэтыя суткі ўсяго якіх-небудзь дзве гадзіны. Яе поўніла радасць, і свет здаваўся не такі, як яна яго ведала. У чым не такі, яна, бадай, ці разумела сама, але адчувала — ён іншы. Наўкол больш святла, больш яркіх фарбаў, ажылі гукі, якіх, здаецца, раней не існавала. Валя паглядала на Алешку і таксама заўважала шмат такога, чаго не бачыла раней. У гэтага смуглявага, цыганкаватага хлопца, які заўсёды быццам адважваўся на нешта нечаканае і небяспечнае, былі, аказваецца, ясныя блакітныя вочы і зусім хлапечыя рукі. А людзі, што абганялі іх ці ішлі насустрач? Ва ўсіх, каго Валя паспявала разгледзець хоць трошкі, яна абавязкова знаходзіла што-небудзь харошае. І таму гарэзліва, каб падражніць Алешку, яна сказала:

— Ты, Кастусь, цішэй расказвай. Бачыш, на нас азіраюцца.

— Нічога,— выскаліўся Алешка, улавіўшы ў яе словах схаваную радасць для сябе,— сёння нам можна.

— Што — крычаць?

— Ды хоць бы і крычаць: вось дык мы, дзякуй нам!..

— Эх, Кастусь, Кастусь!

Яны разам без дай прычыны рассмяяліся: Алешка — басавіта, Валя — звонка.

Выйшлі на плошчу Леніна. Вырваўшыся на прастору, шум, грукат, лязгат тут чуліся мацней. Злева дагаралі падпаленыя бамбёжкаю нямецкія баракі, пастаўленыя з год таму назад. За імі цямнелі каробкі Універсітэцкага гарадка: злінялыя, быццам замшэлыя — сумная памятка сорак першага года, і задымленыя, яшчэ гарачыя — сорак чацвёртага. А насупроць іх, размаляваны камуфляжам, але ўсё роўна прыгожы і строгі, узвышаўся Дом урада.

Над яго цэнтральнай, самай высокай часткаю развяваўся чырвоны сцяг. Па небе плылі чародкі воблакаў, сцяг трапятаўся напяты ветрам, і здавалася, што гмах некуды імкне.

Валя спачатку нават не заўважыла, што ён адгароджаны ад вуліцы высокай драцяною сеткаю. Каля правага крыла — дэзкамера на колах, дровы. Вецер ганяе па асфальце паперкі, віхрыць пыл. Ад помніка Леніну астаўся адзін п’едэстал.

Стрымліваючы хваляванне, Валя першая прайшла ў фортку.

З пад’езда левага крыла сапёры выносілі скрынкі і акуратна складвалі ў штабялёк. Скрынкі былі цяжкія, сапёры згіналіся, і каля штабялька здымаць іх з плеч памагалі другія салдаты.

— Тралююць! — весела сказаў Алешка.— Нашу, Змітрок, славу тралююць.

— Ат...— скрывіўся Прыбыткоў.

— Чаго ты аткаеш, агінаешся? Ты падумай, што выратавалі!

— Думаў, Кастусь...

— Зараз ён цябе, Валя, паводзіць па сваіх катакомбах,— тады ўбачыш. З завязанымі вачыма можа вадзіць. Я яго цяпер камендантам прызначыў бы або начальнікам аховы. Во, быў бы камендант!.. Гэй, дзядзька! — гукнуў ён вартавому, які з аўтаматам на грудзях стаяў ля штабялька.— Вартуем?

Вартавы павярнуўся і спакойна папярэдзіў:

— Грамадзяне, тут хадзіць забаронена.

— Ну, гэта, браце, гледзячы каму,— па-дружбацку здзівачыў Алешка.

— Ваш пропуск!

— Гэта можна. Во ён!..— зрабіў шырокі жэст Алешка.— Твае скрынкі з толам і дзесяць паверхаў у дадатак. Хопіць?

— Ваш пропуск, грамадзянін! — сярдзіта паўтарыў вартавы, звяртаючыся ўжо да аднаго Алешкі.

— Я ж табе кажу, мілы ты чалавек, вунь ён...

Сапёры, пачуўшы размову, спыніліся, пачалі прыслухоўвацца.

Вартавы выпрастаўся і паклаў руку на аўтамат.

— А ну, знікайце адсюль!

Алешка пабляднеў, зірнуў на Валю, але не спыніўся. Твар у яго адразу завастрыўся. Тонкія ноздры драпежна заварушыліся.

— Ты каго пужаеш? — агрызнуўся ён, бялеючы ўжо як непрытомны.— Каб не мы, табе мо і вартаваць не было б чаго. Каму ты тут статуты паказваеш?

— Стой!

Ды Алешка быццам не чуў яго.

Вартавы зрабіў крок назад, падняў аўтамат і даў чаргу ўверх. У лязгаце і грукаце машын, што рушылі па плошчы, яна прагучала ледзь чутна. Але на яе звярнулі ўвагу і танкісты, якія стаялі ў адкрытых люках, і пехацінцы, што ехалі на бронетранспарцёрах.

— Кастусь! Прыбыткоў! — гукнула Валя, кідаючыся за імі.

Алешка і Прыбыткоў спыніліся.

— За каго ён нас прымае?!.— пакрыўджана запратэставаў Алешка, калі Валя і сапёры падбеглі да іх.— Што гэта такое?

Ён кусаў пазногці і спадылба кідаў на ўсіх, абмінаючы аднак Валю, гнеўныя, быстрыя позіркі. Крыўда і злосць душылі яго.

— Гэта — парадак, дарагі таварыш,— сказаў адзін з сапёраў.

— Няўжо? Так з ворагамі толькі абыходзяцца!

— Супакойся,— сказала Валя, упэўненая, што Алешка зараз можа паслухацца толькі яе.— Я прашу цябе...

Для таго каб трапіць у будынак, патрэбен быў спецыяльны пропуск ад каменданта горада. Валя, узяўшы Алешку пад руку, здагадваючыся — калі б не было яе, ён не так бы паказваў сябе,— ледзь не сілком пацягнула яго да форткі.

— Няладна, гэта самае, атрымалася,—згадзіўся Прыбыткоў і, калі выйшлі за агароджу, як пра нешта звычайнае, але такое, што мае дачыненне да таго, што адбылося, дадаў: — А ведаеш, Кастусь, Цімка, гэта самае, уцёк.

— Як уцёк? — не зразумела Валя.

— З кватэры... З Волечкай. І клетку са шчыглом забралі...

— Ай-яй! — здзівіўся Алешка.— А я думаю: чаму ён па харчы не прыходзіць? Лататы даў, значыцца,— і ў голасе яго прагучала спачуванне, а можа, і зайздрасць.

 

4

Ужо вечарэла, а Зімчук не вяртаўся. Каб прабавіць час, Валя агледзела дом, памыла падлогу, разабрала і пачысціла пісталет, адпрасавала гімнасцёрку.

Свой «ТТ» Валя богатварыла, як хлапчук, а ставілася да яго зусім па-дзявочы. Некалі яна замяніла драўляныя шчочкі на тронку пластмасавымі, знайшла нямецкі, падобны на пацеркі, шомпал і прымацавала замест раменьчыка. Варанёны, з сіняватым адлівам, «ТТ» у яе пабліскваў, як новенькі. Праўда, на заданнях пісталет прыходзілася насіць за поясам. Ад поту адзін бок яго пасвятлеў. Гэта дужа засмучвала Валю. Але вось цяпер, разбіраючы яго, магчыма, у апошні раз, яна хутчэй радавалася, чым шкадавала — цяпер можна будзе хадзіць без пісталета. Прышываючы чысты падкаўнерык да гімнасцёркі, думала, што трэба абавязкова дастаць сукенку, і чаканне харошага поўніла яе.

Убачыўшы на панадворку худое кацянё, Валя нагрэла вады, папрасіла ў хлопцаў махоркі і, запарыўшы яе, вымыла кацянё, стараючыся, каб у вушы не трапілі пырскі. А пасля доўга смяялася, калі тое, яшчэ страшнейшае, шалёна пагоцаўшы па пакоі, падышло і даверліва пацерлася аб яе нагу.

Гаспадар дома, уцякаючы раптоўна, не ўправіўся амаль нічога забраць з сабою. Кім ён быў? У доме панаваў дастатак: мэбля ў покрывах, дываны, раяль, статуэткі. На сценах фатаграфіі мужчыны — аднаго і разам з жанчынаю, у якой былі вялікія, быццам здзіўленыя вочы і маленькі, крыху больш за вока роцік. Асабліва многа было фатаграфій гэтай жанчыны — у грыме, у розных уборах і паставах.

«Артыстка,— здагадвалася Валя.— І ён хто-небудзь з такіх. Як яны маглі здрадзіць? Людзі мастацтва — і раптам здраднікі. Як гэта агідна і незразумела!» Але калі ёй натрапіўся чамадан, поўны нейкіх флаконаў, бляшанак і каробачак з белым, ружовым, крэмавым, чырвоным, карычневым змесцівам, і яна па паху пазнала — пудра, Валя зноў рассмяялася: «Добра, што змыліся,— менш будзе гнілізны...»

Калі яна ўзялася гатаваць вячэру, у расчыненым акне кухні неспадзеўкі паказаўся Алешка. Падскочыўшы, лёгка сеў на падаконнік.

— Гоп-ца!

— Ты, часам, не ведаеш, хто тут жыў? — спыталася яна, радая яго прыходу.

— Так, падлюка адзін. Музыку для марша паліцэйскіх напісаў. Зараз, мабыць, недзе ўжо ў Кенігсберзе ці ў самім Берліне. У іх тут якраз кангрэсік адбываўся. Нешта агалошваць збіраліся. Дык немцы ім цэлы эшалон падагналі. З кангрэсіка — і проста ў вагоны. Во гонар! Затое супербулачка гэтага музыканта з чамаданамі ледзь паспела...— Яму не хацелася гаварыць пра гэта, і ён пагардліва сплюнуў.— А ну іх у пекла! І за вайну надакучылі.

— Не, усё-такі цікава, чаму яны так рабілі?

— Меркавалі, што будзе лепей.

— Каму?

— Ай, ім, вядома.

— А хіба здрадніку можа быць лепш?

— Гэта ты ў іх спытайся! — выскаліў белыя, як часнок, зубы Алешка і перакінуў ногі цераз падаконнік у кухню.— Я ведаю толькі, што мне цяпер добра...

Ён не спускаў з Валі вачэй і зусім не таіўся, што любуецца ёю. Наадварот, знарок выказваў: яму падабаецца глядзець на яе і няхай яна ведае, што падабаецца.

Валі было і прыемна і няёмка. Свет сёння як бы нанава адкрыўся перад ёю, абяцаючы нязнаныя радасці. І адну з гэтых радасцей, можа, і нёс гарачы Алешкаў позірк. Ды якраз таму, што ён мог іх несці, і было сорамна.

З-за пліты паказалася кацянё. Падняўшы старчком хвост, пазіраючы на Валю, яно замяўкала, нечага просячы, і пачало церціся аб Валіну нагу. Потым, бачачы, што на яго не звяртаюць увагі, важна падышло да акна і ўскочыла на падаконнік. Алешка пазваў яго і дзьмухнуў у мордачку. Тое склала вушы, закруціла галавою, але з падаконніка не саскочыла і даверліва пацягнулася да хлопца. Алешка ўхмыльнуўся і, перш чым Валя паспела сказаць слова, даў кацяняці пстрычку ў лоб.

— Кастусь, што ты робіш! — крыкнула Валя.

— Ха-ха! — не сумеўся Алешка, ссоўваючы на патыліцу маленькую, з гузікам, кепку і спакойна злазячы з падаконніка на падлогу.

Яна хацела раззлавацца на яго ўсур’ёз і не магла. Алешка ішоў на яе, пасміхаючыся і нявінна вытрэшчваючы свае светла-блакітныя вочы. З-пад кепкі выбіліся завіткі густых валасоў і поўкружжам ляглі на лоб, ад чаго смуглявы твар у яго стаў зусім свавольны, цыганскі. Валі нават здалося, што Алешка вось зараз падыдзе і пакладзе свае рукі на яе плечы. А яна? Яна наўрад ці знойдзе ў сабе сілы больш чым на які-небудзь жарт.

— Чаго глядзіш?! — хуценька, каб не было позна, сказала Валя.

— А хіба і паглядзець нельга?..— варухнуў кудзеркамі Алешка. Але, пераняўшы позірк Валі, якая нечым зацікавілася на панадворку, заёрзаў.— Я, Валя, між іншым, па справе. Хачу прасіць... Ты Івану Мацвеевічу пра вартавога не расказвай.

— Гэта чаму?

— І так ярлыкоў як звязаць. Хоць... валяй. Усё адно, што ў вайну зроблена, відаць, перацягне. Вольны казак я цяпер. Мы з Іванам Мацвеевічам і сустракацца будзем гады ў рады...

 

Не паспеў ён выйсці за брамку, як на ганку пачуліся важкія размераныя Зімчуковы крокі.

«Схаваўся герой або агародамі падаўся»,— падумала Валя са спачуваннем.

Зімчук увайшоў узрушаны. Зняўшы калодку з маўзерам, аддаў Валі, расшпіліў каўнер гімнасцёркі і апусціўся на зэдлік, што стаяў побач з плітою.

— Усё, — заверыў ён з палёгкай.— Перад табою, Валюша, мінчанін. І не звычайны, так сказаць, а, здаецца, намеснік мэра.

— Гэта добра,— сказала Валя, думаючы пра Алешку.

Зімчук пацёр руку аб руку і моцна ляпнуў сябе па каленях.

— Між намі кажучы, я таксама думаю, што нядрэнна. Адразу хоць у аглоблі. Чуеш, што робіцца на Савецкай?

Яны прыслухаліся. У перадвячэрнім спакоі, які апускаўся на зямлю, гул і грукат быццам наблізіліся. Было падобна на тое, што непадалёку, за кварталы два-тры, коціцца магутная жалезная лавіна. Коціцца, грукоча.

— А з намі як? — нешта перамагаючы ў сабе, спыталася Валя.

— Брыгада ўжо ў арміі.

— А Урбановіч, Кравец?

— І яны.

— І Зося Крывіцкая?

— Наўрад. У яе няма медыцынскай асветы. А вось хлопцам у ваенкамат заўтра.

— Трэба паклікаць іх, развітацца!..

За сценкаю бухнуў дружны смех, нехта заіграў на раялі.

— Ну, развітвацца яшчэ рана. А ты ці не плачаш ужо?

— Не... Чаму?.. А вы, значыць, у гарсавет?

— Але. Хоць пачынаць прыйдзецца са следства. Днямі ў Трасцянец едзем. Там, кажуць, аж зямля чорная, трава не расце. А як ваш паход?

— Не дапусцілі нас...

— Ну і няхай сабе. У ЦК ужо ведаюць, як і што. Загадалі падаць матэрыялы для ўзнагарод.

Валя збянтэжылася і падумала, што пачырванее. І як толькі падумала, пачырванела так, што ўспацеў лоб і на вачах выступілі слёзы.

Яна апусціла вочы.

— Алешка з вартавым там схапіўся...

— Чуў,— таксама не гледзячы на яе, сказаў Зімчук.— І нават бачыў, як сігануў цераз плот, калі я паказаўся. Чаго ён прыходзіў сюды?

— Казаў, што да мяне.

Зімчук сярдзіта ўстаў і падышоў да акна. Стоячы спінаю да Валі, стрымана параіў:

— Я на тваім месцы, Валюша, не вельмі сябраваў бы з такім. Цяжка будзе і яму і з ім. Кепска ён можа кончыць.— І прысеў на падаконнік, на якім нядаўна зухавата красаваўся Алешка.

— Чаму?

— Хто ведае, які трук выкіне яшчэ. І скампраметаваць можа.

— У вайну ж не кампраметаваў.

— Не думай, яму яшчэ справаздачу трэба даваць...

Валя і там, у лесе, адчувала апеку Зімчука. Цяпер яго словы прагучалі, як ёй здалося, таксама па-бацькоўску, але яны не расчулілі яе як раней, а выклікалі прыкрасць. Яна махнула маўзерам, паказваючы гэтым, што яго трэба аднесці ў Зімчукоў пакой, і, каб не расплакацца, выйшла з кухні.

 

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ

 

1

 

Васіль Юркевіч прыехаў у Мінск таксама, калі яшчэ дыміліся пажарышчы. Па Савецкай вуліцы з усходу на захад рушылі войскі. Насустрач ім цягнуліся калоны палонных немцаў. Каманды салдат закопвалі варонкі ад бомб і збольшага расчышчалі ад цэглы і паваленых тэлеграфных слупоў маставыя вуліц, што вялі да галоўнай магістралі. Па руінах, у сутарэннях каменданцкія патрулі і мінчане вылоўлівалі немцаў, якія не хацелі або баяліся здавацца. На мастах, ля складаў стаялі ўзброеныя вартавыя ў цывільнай вопратцы. Запыленыя, стомленыя сапёры з мінашукальнікамі і ўвішнымі сабачкамі-выведнікамі на ланцужках хадзілі ад аднаго ўцалелага будынка да другога. І там, дзе яны бывалі, на сценах бадай што ўсюды паяўляліся надпісы: «Увага! Дом мініраваны. Каранцін 30 дзён...»

Урад і Цэнтральны Камітэт дагэтуль былі ў Гомелі. Але ўжо трэцяга ліпеня сакратар ЦК, які адначасова ўзначальваў і ўрад, запрасіў да сябе партыйны і савецкі актыў. Тут жа, перад прысутнымі, пазваніў па прамым провадзе камандуючаму Першым Беларускім фронтам і доўга, усхвалявана размаўляў з ім, а затым урачыста, як ён любіў і ўмеў, абвясціў:

— Сталіца рэспублікі вызвалена, таварышы! Дарогі свабодныя. Прашу ўсіх, хто як можа, кіравацца ў сталіцу і брацца за работу. Папярэджваю, аднак — не варта збочваць з магістралей і начаваць па вёсках пры шашы. Абапал магістралей яшчэ блукаюць недабітыя часці праціўніка. Шчаслівай дарогі. Да хуткай сустрэчы ў Мінску!..

Гэта было самае кароткае пасяджэнне, якое ведалі прысутныя.

Прымасціўся Юркевіч у грузавічку, у якім ехалі работнікі Архітэктурнага ўпраўлення і будаўнічай групы Саўнаркома. Бабруйскі кацёл не быў яшчэ ліквідаваны, і паехалі па маршруту Гомель — Магілёў — Орша — Мінск. Расшалёстаны ў бясконцых дарогах вайны, «газік» чыхаў і пераграваўся. Даводзілася пры ўсякім зручным выпадку спыняцца і заліваць у радыятар ваду. Але шафёру ўдавалася выціскаць з яго нейкія зусім нечаканыя скрытыя сілы. І, вуркочучы, калі шафёр упарта пераключаў на большую хуткасць, пагражаючы рассыпацца на выбоінах, «газік» усё каціў і каціў. І таму частыя прыпынкі, самаахвярная ўпартасць шафёра нават весялілі. Прыгняталі толькі бязлюддзе на дарозе, гарачыня, пыл. Трава ў кюветах і абапал дарогі, прыдарожныя кусты, дрэвы сталі шэрыя, лісце паскручвалася. Пыл паспеў укрыць і падбітыя танкі, перакуленыя гарматы, рамы аўтамашын з нязвычнымі, без пакрышак, жалезнымі коламі.

Толькі калі ўз’ехалі на Маскоўскую аўтамагістраль, трапілі ў паток машын. І хоць гарачыня і пыл, вядома, не зменшыліся, іх на нейкі момант перасталі заўважаць.

Ажывіўся нават Понтус — начальнік упраўлення, мажны, флегматычны мужчына, які бадай што ад самай Оршы ехаў з заплюшчанымі вачыма і толькі часам, выціраючы хусцінкаю пот з разморанага твару, кідаў адно-два словы. У Понтуса ў Мінску асталася сям’я — дачка, жонка, і, спачуваючы яму, усе стараліся не турбаваць яго. Разбуджаны ж лязгатам і шумам, ён здзіўлена падняў бровы і прыняў больш зручную паставу.

— А мы і сапраўды хутка прыедзем... Хоць, кажучы праўду, мне часам здавалася, што вось-вось упромся ў нямецкі кантрольна-прапускны пункт. І не абы-які, а са шлагбаумам, паласатай будкаю і выцягнутымі ў струнку фрыцамі.

— Такіх кантрольна-прапускных яны ўжо ад самага Сталінграда не маюць,— засмяяўся дабрадушны інжынер-будаўнік Кухта, які ўсю дарогу весяліў таварышаў бясконцымі былямі і небыліцамі.

— Яно, канешне! — згадзіўся Понтус.— Але ўсё-такі!..

Юркевіч не разумеў ні ранейшай здранцвеласці Понтуса, ні яго цяперашняга ажыўлення, але таксама спачуваў яму. Ахоплены нецярплівым і ў той жа час тужлівым чаканнем, ён праводзіў вачыма пералескі, хмызнякі, нязвыкла вузкія палоскі бульбы, жыта, якія плылі насустрач «газіку», углядаўся наперад, куды ў пыльнай імгле рушылі танкі, гарматы, грузавікі, а сам думаў пра горад. І гэтыя думкі блукалі на яго незагарэлым твары з густымі не па гадах брывамі. Ён рыхтаваў сябе да найгоршага і ўсё-такі спадзяваўся, што такім, якім горад уяўляўся па асобных фатаграфіях, што траплялі за лінію фронту, Мінск не будзе. Ці ўцалеў у апошнія дні Дом урада? Будынкі ЦК, Акадэміі навук? Як там будынкі, некалі спраектаваныя ім?

Спачатку, калі праязджалі міма ўскраінных глінабітак і драўляных домікаў, паўз парк Чалюскінцаў — пранізаны сонцам бор,— яму здалося, што добрыя спадзяванні спраўджваюцца. Але як толькі пад’ехалі да Дома друку, сэрца забалела — дыхнула гарам і дымам: курыўся пабурэлы будынак Акадэміі навук, за ім падымаліся клубы чорнага дыму...

Дамовіліся, што паедуць да Понтуса і, калі ўсё будзе ў парадку, пакуль спыняцца ў яго.

Понтус перайшоў да шафёра ў кабінку, і «газік» завіляў па крывых завулках. Відаць, яго паяўленне было яшчэ дзівам, бо, пачуўшы чыханне матора, у вокнах паказваліся спалохана-радасныя твары дзяцей. З аднаго падворка выскачыў кудлаты жоўты сабачка і заўзята забрахаў. Але следам за ім выбегла адразу двое — порсткі хлопчык у выцвілай палатанай кашулі і кульгавы мужчына з кійком. Сабачка сціх і, з важнасцю закруціўшы абаранкам хвост, вярнуўся назад.

Гэтая маленькая прыгода расчуліла Юркевіча, прыглушыла трывогу і цяжкія прадчуванні.

Насустрач трапляліся партызаны — па адным і групамі. Іх можна было пазнаць па зброі, па чырвоных стужках, наўскасяк нашытых на шапках, па вопратцы, напалову ваеннай, напалову цывільнай. Яны вылучаліся загарэлымі тварамі, незалежнай хадою і нейкім паляўнічым шыкам, адзнакі якога ляжалі на ўсім: на вопратцы, на зброі, на манеры трымаць сябе. Штаны ў іх звычайна былі забраныя ў боты, з напускам, пінжакі — падпяразаныя паверсе, шапкі — крыху ссунутыя назад. Гранаты-лімонкі віселі на рамянях у скураных капшучках. У вялікай пашане былі партупеі, палявыя сумкі, планшэткі, чубы, а ў каманднага саставу — бароды. Юркевіч прыкмячаў гэта яшчэ ў Гомелі, але цяпер усё заўважалася больш непасрэдна, бо неяк звязвалася з вызваленым горадам, з уласным заўтрашнім днём.

Партызаны завіхаліся і на падворках і ў садках уцалелых сядзіб. Мыліся, па пояс голыя, калолі дровы, седзячы на ганку, лапілі кашулі, чысцілі зброю.

На пустэчы, ля каробкі пажарнага дэпо з вежаю, што нагадвала шахматную туру, размясціўся цэлы партызанскі лагер. З паднятымі ўгору аглоблямі стаяла некалькі вазоў. Паблізу пасвіліся спутаныя коні. Тут жа гарэла вогнішча. На жэрдцы, умацаванай на рагульках, віселі чорныя, быццам палакіраваныя вёдры. Бледны, ледзь бачны на сонцы, агонь лізаў іх. Шыракаплечы кухар важна памешваў у вёдрах жоўтай лапатачкаю.

«Запарожцы,— з ціхай уцехаю думаў Юркевіч.— Гэта таксама прыйдзецца мець на ўвазе...»

На Старажоўскай вуліцы, насупроць абшарпанага двухпавярховага дома, «газік» нечакана завуркатаў і з ходу павярнуў у браму. Праехаўшы колькі метраў, стрэліў і спыніўся пасярод невялікага бруднага двара, забудаванага хлеўчукамі і складзікамі.

— Вось мы і дома, таварышы,— паведаміў Понтус, вылезшы з кабіны і абабіваючы пыл з гарнітура.

Ён страціў сваю павольнасць і, спяшаючыся, біў рукою па калошынах штаноў, па крысе пінжака, забыўшыся сказаць, каб астатнія вылазілі з кузава. Нехта падаў яму чамадан і акуратна ўвязаную пасцель. Ён узяў іх, паставіў на зямлю, паправіў гальштук і таропка накіраваўся ў бліжэйшы пад’езд.

Потым адно з вокнаў на другім паверсе расчынілася, і з яго высунуліся расчырванелы Понтус і хударлявая, у квяцістым плацці дзяўчына, свавольна-хлапечы твар якой, з кірпатым носікам і каротка падстрыжанай грыўкаю, баламутна ўсміхаўся.

— Усё ў парадку,— выдыхнуў Понтус..— Злазьце, таварышы! Алачка кажа, што на піўзаводзе — а ён вось тут, пад бокам,— можна набраць піва. Няхай хто-небудзь возьме каністры і сходзіць. Там бяруць бочкамі. Суседкі ўжо назапасілі. Запросім і іх — сёння ўсё дазволена...

Ад таго, што Понтус, гаворачы, налягаў на жывот, твар у яго напружыўся, пасма цёмна-каштанавых валасоў, якая прыкрывала лысіну, спаўзла і павісла збоку, але ён ззяў і выглядаў імяніннікам.

 

2

Праз хвіліну — нават было дзіўна, як яна так шпарка магла гэта зрабіць,— на падворку з’явілася Ала. Падаючы маленькую вузкую руку, страляла ў кожнага позіркам і адразу, быццам апасаючыся, што яе зловяць на нечым непрыстойным, нявінна апускала вейкі.

— Як добра, што прама да нас,— шчабятала яна, падскокваючы на пальчыках.— Проста міраж! У мяне галава ідзе кругам ад радасці. Давайце я памагу вам...

Прадметам сваіх клопатаў яна чамусьці выбрала Васіля Пятровіча і амаль гвалтам адабрала ў яго рэчы.

Яму зрабілася няёмка, але пярэчыць было дарэмна, і ён пайшоў следам, крадком разглядаючы яе. Ала здагадалася аб гэтым — ці то адчула, ці то была ўпэўнена, што не глядзець на яе нельга,— і, павярнуўшыся, адказала гарэзлівым, пільным позіркам. Вочы ў яе заіскрыліся, павузелі, але зрэнкі нібы адкрыліся, пускаючы ў сябе.

— Хадзем, хадзем! — падагнала яна.

 

Усё-такі Васіль Пятровіч не вытрываў. Адчуваючы, калі вып’е яшчэ, нікуды не пойдзе, ён непрыкметна падняўся з-за стала і выйшаў ад Понтусаў.

Было вядома: адзін з яго будынкаў, жылы дом вагонарамонтнага завода, згарэў на чацвёрты дзень вайны. Але ці асталася цэлай сярэдняя школа, з якой ён пачынаў сваю самастойную работу? Гарсаветаўскі дом, дзе жыў да вайны? Дзіцячы прыёмнік, праца над якім прынесла яму некалі поспех?

Выпітае піва бадзёрыла, і Васіль Пятровіч ішоў, гатовы сустрэць самае горшае. Але чым бліжэй падыходзіў ён да цэнтра, чым больш развейваўся няўстойлівы піўны хмель, тым выразней меншала рашучасць. І калі за плошчаю Свабоды на яго з усіх бакоў насунуліся руіны, рыжыя, чамусьці ўсе вастраверхія,— ён проста разгубіўся. Каб падбадзёрыцца, паспрабаваў зірнуць на руіны па-прафесіянальнаму, але не здолеў. Дый горад, яго родны горад, стаў здавацца чужым, несапраўдным.

Яму сустракаліся людзі, азіраліся на яго, але ён іх ужо не заўважаў. Не заўважыў і як падышоў да дома, у якім некалі жыў. Думка, што гэта той самы дом, пранізала Юркевіча нечакана, бо пазнаў ён яго спачатку па прыступках ганка, якія бялелі з-пад бітай цэглы.

Адчуваючы ліпкую горыч на губах, пераскокваючы з грудка на грудок, ён абышоў руіны.

Чамусьці на памяць прыйшлі Ала, яе гульня з ім, Понтус, які, як здавалася, не заўважаў свавольстваў дачкі, таварышы, якія ахвотна прынялі ўдзел у гулянцы, і ён затужыў яшчэ мацней.

Не чуючы грукату, што даносіўся з Савецкай вуліцы, поўнячыся смуткам, Васіль Пятровіч сцежкаю між руін падаўся да дзіцячага прыёмніка.

«Няўжо няма і яго?..»

Заданне па праектаванню прыёмніка, як здавалася яму тады, было дужа складанае. Вельмі вялікі быў набор памяшканняў: лазня, санпрапускнік, ізалятар, асобная кухня, а ў галоўным корпусе — фізкультурная зала, сталовая, пакой дзіцячай творчасці, бібліятэка-чытальня. І задачу — скампанаваць усё гэта ў адзінае цэлае і надаць яму светлы, жыццярадасны выгляд — Васіль Пятровіч, як казалі, вырашыў з поспехам.

Стомлены горкімі думкамі, ён неўзаметку падышоў да некалі ціхай утульнай вуліцы. Але фактычна не было і яе. Абапал звілістай сцежкі стаялі абмытыя дажджамі, абпаленыя сонцам цагляныя сцены. Сям-там яны заваліліся, загарадзілі вуліцу. Але час, дажджы, вецер спрасавалі завалы, абтачылі вострыя рагі. Людзі, каб скараціць дарогу, пратапталі па завалах сцежку, і вуліца стала падобная на ўзгоркаваты праход сярод руін не зусім раскапанага старажытнага гарадзішча.

Ледзьве пазнаючы, Юркевіч знайшоў месца, дзе стаяў дзіцячы прыёмнік. Сцены яго забурыліся, а магчыма, былі збольшага разабраны для дотаў, і на месцы будынка ўзвышаўся парослы быльнягом узгорак, з якога вытыркаліся пакарабачаныя жалезныя рэйкі.

Цераз яго таксама праходзіла сцежка. Ад бітай, патрушчанай цэглы, утаптанай у зямлю, сцежка была колеру ржы, і Юркевіч, звярнуўшы на гэта ўвагу, падумаў, што зімою ржа, мусіць, прабіваецца праз снег...

Тут Васіль Пятровіч нечакана спаткаўся з Кухтам, які таксама, быццам шукаючы чаго згубленага, блукаў паміж руін. Нядаўна яшчэ бясклопатны, гатовы на жарт, ён моўчкі падышоў да Юркевіча і закрочыў побач.

— Прыйдзецца пачынаць спачатку,— сказаў, гледзячы сабе пад ногі.

— З якога пачатку? — раззлаваўся на ўвесь свет Юркевіч.— Кіньце! Які там пачатак, калі гэта канец!.. Горад назаўсёды мёртвы!..

Кухта ўздыхнуў, хацеў нешта адказаць. Але па тым, як ён стараўся, ідучы поплеч, не штурхаць Васіля Пятровіча, было відаць — ён шануе і злосць і боль яго.

Не прамовіўшы ні слова, яны вярнуліся да Понтусавага дома. У двары ўбачылі, як іх спадарожнікі, адкрыўшы борт «газіка», спускалі з кузава па дошцы пузатую бочку. Усе пры гэтым штурхаліся, перашкаджалі адзін аднаму, і кожны намагаўся абавязкова памагчы другому. Высунуўшыся, як і раней, па пояс з акна, захмялелы Понтус даваў парады.

— Да сваіх, канешне, твораў хадзілі? — заўважыўшы Юркевіча, блазнавата ўсміхнуўся ён.— А мы вось парашылі прадоўжыць забаву... Ну і як там у вас?

Васіль Пятровіч безнадзейна махнуў рукою.

— Значыць, дрэнна?.. А мая лячэбніца, кажа Ала, стаіць. Памятаеце на вуліцы Валадарскага? Праўда, не будынак — каробка, але затое як звон. Прыйдзецца закасваць рукавы. Заходзьце!..

 

3

Прачнуўся Васіль Пятровіч з хворай галавою. Здзіўляючыся, што ляжыць на атаманцы, пакрыты пледам, з цяжкасцю ўспомніў, як учора Ала ўкладвала яго, а ён, раскіслы, скардзіўся, плакаў і цалаваў ёй рукі.

Зрабілася непамысна.

Аднак, даведаўшыся, што створана камісія па ўліку трафейнай маёмасці, ён адмахнуўся ад гэтых навязаных сабе мук і пайшоў з камісіяй па нямецкіх установах. Трэба было скарыстаць магчымасць,— а што, калі натрапіш на свае праекты! «Хоць на праекты!..»

Члены камісіі перапісвалі сталы, крэслы, чарнільныя прыладкі, шафы, пішучыя машынкі, а Васіль Пятровіч корпаўся ў справах.

Ад Архітэктурнага ўпраўлення ў камісіі быў Понтус. Аднак, калі выявілася, што ў Доме ўрада знаходзілася нямецкае картаграфічнае бюро, ён забыўся на ўсё астатняе і тэрмінова заняўся гаспадарчай дзейнасцю. І нягледзячы на тое, што Дом урада ахоўвалі, бо ў ім быў мінны каранцін, у будынак, які заняло Архітэктурнае ўпраўленне, пачалі прывозіць чарцёжныя дошкі, скруткі ватману, стэлажы. Гледзячы на Понтуса, гэтым заняліся яшчэ некаторыя, і неўзабаве Васілю Пятровічу давялося працягваць свае пошукі аднаму.

«Дзе магла хавацца дакументацыя? — ламаў ён галаву.— Вывезці яе немцы не ўправіліся: было не да гэтага. Значыць, яна асталася недзе тут. Дзе?..»

З надзеяй Васіль Пятровіч пайшоў у гарадскую ўправу, якая, як сказалі яму, знаходзілася на рагу Камсамольскай і вуліцы Карла Маркса. Але там замест будынка чарнела закураная каробка. Яна яшчэ дымілася і, паволі астываючы, трэскалася на вачах. Быццам не давяраючы сабе, Васіль Пятровіч заглянуў у аконны праём. Нават падняўся па ўцалелай цёплай лесвіцы на пляцоўку другога паверха, каб лепш бачыць выпаленае нутро.

Не, і тут шукаць было бескарысна. Але тут па нейкіх нечаканых сувязях яму раптам прыйшла думка, што зноў падагрэла настрой.

Бягом, забыўшы на прыстойнасць, ён вярнуўся ва ўпраўленне. Якраз туды на «газіку» прывезлі мэблю, і супрацоўнікі цягалі яе ў памяшканне. Понтус, задаволены, у гуморы, хадзіў па пакоях і распараджаўся.

Упраўленне змясцілася ў старых мурах прыкасцёльнага будынка на плошчы Свабоды. Ад збуцвелых, з падцёкамі сцен і цёмных скляпенняў, ад гарбатай рыпучай падлогі пахла пылам і цвіллю. Праз невялікія вокны, шыбы ў якіх ад бруду і часу былі аж з вясёлкава-масляністым адлівам, у пакоі пранікала скупое святло.

Ды нежылыя пахі, паўзмрок мала турбавалі Понтуса, і, ходзячы як па палатах, ён ахвотна тыцкаў пальцам, куды што ставіць.

— Прывітанне! — другі раз за дзень прывітаўся ён, падмігваючы Васілю Пятровічу.— Знайшлі што-небудзь?

— Не, Ілья Гаўрылавіч. Хачу звярнуцца да тутэйшых. У горадзе, па-мойму, хто-ніхто аставаўся.

— Канешне. І архітэктары і архітэктаркі.

— Я сур’ёзна.

У дзвярах паказаліся геадэзіст з планавіком, якія неслі мяккае скураное крэсла.

— Гэта да мяне,— кінуў ім Понтус і, абняўшы Васіля Пятровіча, паляпаў яго па грудзях і спіне.— Ну, дапусцім, мы таксама тутэйшыя, дарагі. Але я ўсё-такі паслаў ужо да аднаго. Памятаеце Барушку? Ён вам і домік пусты паможа знайсці. Ала казала, на Старажоўцы можна яшчэ адхапіць, калі не разгубішся...

Унеслі мяккую, абцягнутую дэрмацінам канапу, і Понтус, усміхнуўшыся, пайшоў паказваць, дзе яе ставіць.

Васіль Пятровіч падаўся быў следам, але, успомніўшы ўчарашняе, вярнуўся і пайшоў аглядаць пакойчык, які адвялі яму.

Тут ён і сустрэўся з Барушкам. У пакойчыку мэблі яшчэ не было, і ім, каб адчуваць сябе зручна, давялося стаяць ля акна.

У сінім, амаль не ношаным гарнітуры, пры яркім шырока завязаным гальштуку, са светлым фетравым капелюшом у руцэ Барушка выглядаў франтавата. На левым штрыфелі яго пінжака пабліскваў «Знак пашаны».

Ён змяніўся мала. Як і калісьці, лысая галава яго была старанна паголена, рухавы, мангольскі твар моршчыўся, жвавыя карыя вочы насмешліва касілі. Здавалася, ён і не пастарэў, толькі ў твары пабольшала жаўцізны ды паявілася звычка ўскідваць бровы, быццам Барушка прыслухоўваўся ці нечага не разумеў.

— Нарэшце! — прамовіў ён радасна.

— У мяне да вас справа...

— Калі ласка.

— Вы працавалі ў іх?..— не хочучы назваць ганебнае слова і адчуваючы, як нешта перашкаджае яму засяродзіцца, спытаўся Васіль Пятровіч,

— Яволь, як казалі яны. У гарадской управе. Пры галоўным архітэктары.

— Дык у іх быў і галоўны? — усміхнуўся Васіль Пятровіч, здагадваючыся, што бударажыць яго Барушкаў ордэн, на які ён стараўся не глядзець і ўсё-такі раз-пораз пазіраў.

— Мы творчыя работнікі, і я лічыў важным захаваць сябе,— заўважыўшы гэта, ускінуў Барушка бровы.— А па-другое, думаў, што так будзе лепей.— Яго скуласты твар і высокі лоб, пабольшаны лысінаю, засвяціліся.— П-с-с! Я, бачыце, такое адмачыў... Высунуў ідэю будаваць горад на новым месцы! Здагадваецеся? І яе прынялі, хоць гэта быў гвалт і здзек. Я разлічваў, што недарэчная ідэя выкліча абурэнне, і ўсе вымудры немцаў — стануць супроць іх саміх жа. І, па-мойму... мне сёе-тое ўдалося.

Нічога падобнага Васіль Пятровіч яшчэ не чуў, у яго абудзілася прыкрасць: Барушка нагадваў камедыянта.

— Мяне цікавіць дакументацыя.

— Я прыхаваў генеральны план, які мы распрацавалі.

— А астатняе?

— Хутчэй за ўсё — капут. Асталося ў гарадской управе і ў сутарэннях...

Не знаходзячы больш пра што гаварыць, яны выйшлі з упраўлення.

Насустрач па пустэльнай плошчы з грукатам імчалі калёсы. Стоячы ў перадку, хлопец з карабінам за плячыма па-вясковаму круціў над галавою канцамі лейцаў і заліхвацка гікаў. Гонкі дарашаваты конік стараўся з усіх сіл і імчаў наўгалоп. З краю сквера стаяла група партызан. Яны рагаталі і, падахвочваючы хлопца, нешта крычалі яму ўслед.

Рух на Савецкай павялічыўся. Васіль Пятровіч і Барушка вымушаны былі прайсці квартал і перайсці вуліцу толькі на перакрыжаванні з Камсамольскай, пастаяўшы паміж двух патокаў машын, ля чарнавокай, увішной рэгуліроўшчыцы ў новенькай гімнасцёрцы і ў зелянковым берэціку.

Жалезныя дзверы сутарэння былі прыадчынены. Па каменных прыступках, заваленых ля ўвахода цэглаю і тынкам, яны спусціліся ўніз, не заўважаючы чаду і дыму, якімі патыхала адтуль. У вузкім калідоры Васіль Пятровіч запаліў ліхтарык. І ў яго бледным кароткім промні, што ўпёрся ў закураную сцяну, забруіўся дымок.

— Дым,— глуха прамовіў Барушка.

За павароткаю дыхаць ужо стала цяжка.

Задыхаючыся, яны дапалі да другіх, таксама прыадчыненых дзвярэй і ў дымнай каламуці, пранізанай промнем ліхтарыка, убачылі, як тлеюць стосы паперы. Стэлажы абваліліся, і стосы валяліся па ўсёй падлозе. Некаторыя з іх ператварыліся ў грудкі попелу; некаторыя, пачарнеўшы, мелі яшчэ сваю форму і, здавалася, былі перавязаны шпагатам. У некаторых стосаў абгарэлі толькі краі.

Васіль Пятровіч наважыўся быў пераступіць парог, але Барушка схапіў яго і пацягнуў назад.

Кашляючы і хістаючыся, з шэра-зямлістымі тварамі, яны выбраліся з сутарэння. І хоць там былі, магчыма, не больш хвіліны, сонца, ясная чысціня неба, павевы ветру здаліся Васілю Пятровічу незвычайнымі.

— Вы ж, Сямён Захаравіч, таксама, здаецца, мінчанін,— з крыўдаю сказаў ён.— Як вы дапусцілі? Гэта ж учора яшчэ можна было выратаваць... Дый цяпер трэба паведаміць у камендатуру: можа, сёе-тое яшчэ ўцалела.

Барушка заморгаў. Не знайшоўшы адразу, што адказаць, надзьмуўся, выцер насоўкаю пот з галавы і прыкінуўся, што слухае зычны паравозны гудок, які праз грукат і шум, што даносіліся з Савецкай вуліцы, даляцеў у гэты момант ад станцыі. Але потым рэзка павярнуўся і прыплюшчыў вочы.

— Лёгка вам пакутаваць ды ўпікаць,— загарачыўся.— Напэўна, вайны не паспыталі, проста чыстымі выйшлі. А вы вось спачатку праз чысцілішча прайдзіце...

 

4

Каб Васіль Пятровіч мог адразу сесці за чарцёжную дошку, усё б склалася іначай. Крыўда нарадзіла б заўзятасць, а за ёю прыйшло б і супакаенне. У руінах родны горад, загінулі ўсе яго будынкі. Ды ён адчуў бы іх ва ўмеласці шукаць і знаходзіць патрэбнае. Але ў мітусні першых дзён, у дробязных клопатах, у спрэчках за мэблю, за будучых супрацоўнікаў, за харчовыя карткі і жылплошчу для іх, праектная работа здавалася вельмі далёкай. Да таго таварыства, якое склалася даўней, пачало распадацца — у людзей паявілася многа сваіх неадкладных патрэб. Выразнейшай стала субардынацыя.

Сям’я яго асталася ў Маскве. У Гомелі Васіль Пятровіч жыў таксама адзін. Але там ён адчуваў сябе як на станцыі. У Мінску ж ён быў дома — тут трэба было жыць сёння, заўтра, паслязаўтра! Да таго ж насланнё — як бы на злосць думкі пачала займаць Ала. Гэта было недарэчна, ды зрабіць што-небудзь з сабой не ставала сіл. І Васіль Пятровіч, які наогул цяжка збліжаўся з людзьмі, адчуў: жыццё без патрэбы ўскладнілася і яму неабходна падтрымка.

Аднак шукаў ён яе таксама недарэчна. Пачаў пазбягаць знаёмых, раздабыў недзе фатаграфію дзіцячага прыёмніка і звярнуўся ў рэдакцыю газеты з просьбаю, каб надрукавалі знаходку. Навошта? Ён і сам не ведаў — мусіць, каб астаўся хоць нейкі след ад колішняй работы. А магчыма, каб сцвердзіць уласную веру ў сябе. У яго з’явілася патрэба бедаваць над сваімі стратамі. Яго цягнула да руін.

Блукаючы каля руін школы, ён аднойчы сустрэўся з Зімчуком. Яны не ведалі адзін аднаго, але прывіталіся, сталі поруч і пачалі разглядаць скалечаную каробку.

— Ваша? — здагадаўся Зімчук.

— Была мая...— прызнаўся Васіль Пятровіч, баючыся, што размова на гэтым можа скончыцца.— А вы чаго тут? Ці не з дзецьмі што здарылася?

— Не. Во з гарадской гаспадаркаю знаёмлюся.

— З могілкамі, скажыце...

Некалькі дзён назад Зімчук з Надзвычайнай камісіяй выязджаў на расследаванне ў Трасцянец, дзе, як было ўстаноўлена, гітлераўцы расстралялі і спалілі тысячы. Таму словы пра могілкі нагадалі яму якраз гэтае страшнае месца. Не, нават не нагадалі. Бачанае жыло ў ім і без таго. Але цяпер яно зноў як бы засланіла ўсё.

Лагер размяшчаўся непадалёк ад горада, ля некалі вясёлай зялёнай вёскі. Ехаць туды трэба было па Магілёўскай шашы, абапал якой раслі маладыя прыветлівыя бярозкі. І кожны раз, калі Зімчук вось так успамінаў Трасцянец, яму ўяўляліся жахлівыя печы, штабелі абвугленага бярвення, даўгія, як траншэі, равы-магілы і гэтая ўзгоркаватая шаша з маладымі бярозавымі прысадамі.

Печаў не хапала, і, каб схаваць свае злачынствы, гітлераўцы спапялялі трупы на вялізных кастрах, падпальваючы бярвенне тэрмітнымі авіябомбамі і час ад часу паварочваючы трупы бусакамі. Абвугленыя трупы з кулявымі дзіркамі ў патыліцы і трапяткія, залітыя сонцам бярозкі!..

— Якія ж гэта могілкі? — ціха спытаўся ён.— Вы, мабыць, не бачылі сапраўдных могілак.

Зімчуковы словы пакрыўдзілі Васіля Пятровіча. Нядаўна ўпікаў Барушка, цяпер упікае гэты... Да таго ж ён чамусьці быў упэўнены, што мае права на спачуванне і яго абавязаны суцяшаць.

— Затое я бачыў раны, якія не залечваюцца...

— Не ведаю. Але пойдзем, калі хочаце, я пакажу вам адну рэч, балазе тут недалёка.

Што ён мог паказаць?!.

Яны мінулі некалькі кварталаў, вузкай сцежкаю выйшлі на Савецкую і, збочыўшы на вуліцу Валадарскага, спусціліся да каробкі, што асталася ад будынка колішняй лячэбніцы.

— Ну вось! — паказаў Зімчук.— Бачыце? А тут важна — дарвацца.

Унутры і навокал каробкі хадзілі людзі. Аглядалі сцены, нешта паказвалі адзін аднаму і занатоўвалі ў запісныя кніжкі. На пляцоўцы лесвічнай клеткі стаяў Понтус. Упёршыся рукою ў бок, ён прыкурваў у самавітага, у саламяным брылі мужчыны. Потым важна кіўнуў яму, заўважыў Зімчука з Юркевічам і, высока падняўшы руку з папяроскаю, як з трыбуны, памахаў ім.

Чакаючы яго і ўпарта дамагаючыся нечага свайго, Зімчук павесялеў:

— Ну як, па-вашаму, паслужыць яна ці не?

— Хто ведае — мае не паслужаць.

Крывячыся ад дыму, выціраючы насоўкаю пот пад расшпіленым каўняром, падышоў Понтус. Размораны, вяла паціснуў рукі і падняў твар да бязвоблачнага неба.

— Гарачыня, каб яе чорт узяў. Здаецца, да вайны і не было такой. Усё змянілася і перамясцілася. Хіба паверыш, што гэта Беларусь? Сама мала — Ашхабад, Турцыя.

— Як тэхнічная экспертыза? — пацікавіўся Зімчук.

— Зараз скончаць.

— А яшчэ дзе былі?

— На рагу Савецкай — Камсамольскай і Савецкай — Ленінскай. Але там скарыстаць можна толькі часткова, хоць ведамствы і не згодны, апратэстоўваюць. Збіраюцца пачынаць работы на сваю адказнасць.

Ён шматзначна зірнуў на Зімчука, як бы абяцаў яму нешта цікавае. Потым перавёў позірк на Васіля Пятровіча.

— Не зайздросцьце, дарагі! Ёсць думка ўзяцца і за будынкі, якія да вайны вызначалі воблік горада. Няхай звяжуць новае з тым, што было. І заходзьце калі-небудзь, Ала ўсё пытаецца пра вас.

— Мм! — нахмурыўся Васіль Пятровіч. Вусны ў яго сталі сухія.

— У жыцці, бачыце, нішто не знікае бясследна. Гаворка пра гэта ідзе і там.— Понтус брывамі і вачыма паказаў угору.— А вы хіба з гэтым не згодны?

— Мне цяжка меркаваць...— аслабеў Васіль Пятровіч, і на яго стала брыдка глядзець.— Але хутчэй за ўсё ажыццявіць вашы планы не дазволіць само жыццё.

— Ну, на такую штуку ў нас пастановы знойдуцца! Існуюць і камандныя высоты, дарагі. Неяк утаймуем і прымусім падпарадкавацца. Сякі-такі вопыт ёсць.

Размова з Зімчуком і Понтусам як бы раздвоіла Васіля Пятровіча. Пярэчачы ім, спрачаючыся з самім сабою, ён адначасова хацеў, каб усё было іменна так, як яму казалі.

Аднак ужо назаўтра аптымізм Зімчука здаўся яму наіўным, а Понтусавы замыслы зусім недарэчнымі. Каробкі! Без іх аднаўлення, зразумела, не абыдзешся. Але што з таго?

Хіба яны вырашаць што-небудзь! І якімі словамі не прыкрывайся, гэта — не больш, як сведчанне, што ты бедны. А чаго варты Понтусавы намёкі, што сярод будынкаў, якія ўзнімуцца з руін, могуць аказацца будынкі і яго, Васіля Пятровіча! Дый калі б ён сапраўды набраўся ўпартасці і па памяці ўзнавіў свае праекты, што з таго? Ён не хлапчук і не можа ашукваць сябе. Ён ведае, што наўрад ці ёсць яшчэ другія творы мастацтва, якія былі б так прымацаваныя да свайго часу і месца, як архітэктурныя творы. Нават няздзейсненыя своечасова, яны назаўсёды астаюцца на паперы. Нанава можна будаваць адны помнікі...

І, адкінуўшы ранейшыя намеры — не выклікаць сям’і, пакуль як след не ўладкуецца побыт,— Васіль Пятровіч, быццам бы некаму помсцячы, паслаў тэлеграму-выклік.

 

РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ

 

1

 

На скупа асветленым пероне вакзала ён сустрэў Веру Антонаўну з адчуваннем віны. Каб схаваць гэта і паказаць, што ўсё ў парадку, павольней, чым хацелася, узяў з яе рук чамадан і пацалаваў у лоб. Але ў гэты ж момант забыўся на дыпламатыю.

— Усё будзе добра, Вяруся! Слова даю!..— паабяцаў ён і пачаў цалаваць яе вочы, скроні, духмяныя валасы.

— Ты паглядзі на сына,— слаба баранілася яна, бянтэжачыся людзей, якіх на пероне ўсё прыбывала.— Яго можна ўжо аддаваць у музычную школу... А як ён сумаваў па табе! Як занудзіліся мы...

Яна прыпала да яго і на хвіліну замерла. Але па ледзь улоўных дрыжыках, што раптам пранялі яе, Васіль Пятровіч здагадаўся: яна таксама думае не толькі аб сустрэчы. І адчуванне віны, цяпер ужо, бадай, усвядомленай, вярнулася да яго, нібы ён сапраўды быў вінаваты, што так цьмяна гараць рэдкія сінія лямпачкі ліхтароў, што перон брудны ад патрушчанай цэглы і вапны, а замест вакзала — цёмная каробка з забітымі вокнамі.

Ён прысеў на кукішкі, працягнуў да сына рукі. Хлопчык, які дасюль з раўнівай цікаўнасцю назіраў за тым, што адбывалася, няўпэўнена наблізіўся і павярнуўся бокам.

— Юрык! — прыкрыкнула Вера Антонаўна.

Той абвіў бацькаву шыю і нечакана моцна сціснуў яе.

Іх абыходзілі пасажыры з клункамі, чамаданамі. Над перонам лунаў рознагалосы людскі тлум. Усе спяшаліся. Але ні Васіль Пятровіч, ні Вера не адважваліся пайсці далей.

На Прывакзальнай плошчы ліхтары не гарэлі. Усё ахутваў начны змрок, гусцейшы, як здалося Веры, чым у полі. Толькі на другім баку плошчы, у нізкім бараку, свяціліся шчыліны дрэнна замаскаваных вокнаў ды з шырокіх дзвярэй, у якіх раз за разам паяўляліся цёмныя постаці людзей, на зямлю падала жоўтая паласа. Там змяшчаўся вакзал.

Праходзячы міма, яна папрасіла:

— А мо перачакаем, Вася, да раніцы? Мусіць, далёка ж... І я, прабач мне, баюся. Я не пазнаю нічога.

Ён адказаў жартам і паскорыў крок.

Вуліца сапраўды выглядала страшна. У начным змроку здавалася, ідзеш па рове, абнесеным, як у крэпасцях, валамі. Над валамі сям-там чарнелі зубцы знявечаных сцен з вокнамі, праз якія віднелася неба. І тады здавалася ўжо, што ідзеш не па рове, а па нейкіх старых, старых археалагічных раскопках.

Там, дзе калісьці была Ленінская вуліца, сустрэўся конны нарад міліцыі. Адзін з коннікаў пад’ехаў да іх і, уключыўшы кішэнны ліхтарык, які вісеў у яго на гузіку шыняля, загадаў паказаць дакументы. Па зухавата падкручаных вусах, ссунутай набакір шапцы Васіль Пятровіч пазнаў капітана міліцыі.

І працягваючы яму пашпарт, сказаў, як старому знаёмаму:

— Вось сустракаў жонку з сынам. З Масквы прыехалі да нас...

— Ну што ж, просім,— варухнуў рыжым вусам капітан.— Няхай палку прыбывае.

Калі, казырнуўшы, ён ад’ехаў і гулкае цоканне падкоў пачало аддаляцца ў цемру, Вера чуць паспакайнела.

— Адпачнём,— квола папрасіла яна.

Васіль Пятровіч перадаў ёй сына, які паспеў ужо заснуць, і яны прыселі на чамадан. Адчуўшы цеплыню яе пляча і калена, ён, каб не парушыць гэтага адчування, асцярожна выняў з кішэні партсігар і закурыў. Сказаў першае, што прыйшло ў галаву:

— Ты памятаеш, дзе мы яго купілі?.. Тут паблізу. Памятаеш ювеліргандаль? З такімі вялізнымі вітрынамі ў цёмна-ліловым аксаміце. Ты вельмі любіла іх разглядаць... І вось рэч перажыла вуліцу. Перажыла мае будынкі. Ты чуеш, Вяруся?.. Загінулі ўсе, і невядома, калі давядзецца мець справу з чым-небудзь вартым.

Вера азірнулася, па спіне яе прабеглі дрыжыкі.

Ён вылаяў сябе і перавёў гаворку на другое, што ўсплыло з ранейшага.

— Заўтра прыйдзецца схадзіць на вакзал і спытацца, калі прыбудуць рэчы.

— Якія, Вася? — страпянулася яна, быццам чакала і баялася гэтых слоў.

— Ну, вядома, твае... нашы... Багаж цяпер ідзе доўга.

Вера апусціла галаву.

— Я не брала яго, Вася. Мне казалі, што тут, як у згарэлым лесе. У нас жа тут нічога няма.

— Што значыць няма?.. Ты жартуеш? — здзіўлена вылупіўся ён.

У душы Васіль Пятровіч увесь час нечага чакаў ад яе. Чаго? Маладушша, скарг, папрокаў. Але хітрых абыходаў і нейкіх толькі сваіх разлікаў — не! — іх ён не чакаў.

— Дай, калі ласка...— паказаў на сына. І, узяўшы соннага Юрку, закрочыў не аглядаючыся.

Яна паплялася за ім, несучы чамадан і паціху ўсхліпваючы.

Ісці прыйшлося ледзь не гадзіну.

Неба на ўсходзе пачало бляднець. Змрокі мякка асядалі на зямлю, робячы прадметы лёгкімі, аднастайна шэрымі. Нават белая цэркаўка на Старажоўскіх могілках, абкружаная старымі таполямі, выглядала шэранькай і няважкай.

Гэта была адна з ускраін, куды цяпер перамясцілася жыццё. З драўлянымі домікамі, з вуліцамі, парослымі трыпутнікам і спарышом,— такія куткі і былі Мінскам. Вайна абмінула іх, хаця і састарыла. Выцвілі аканіцы, бляшаныя дахі домікаў, пахіліліся драхлыя платы, каля іх забуяла крапіва. Глыбей у зямлю ўраслі самі домікі.

Барушка з Алаю тады на самай справе памаглі Васілю Пятровічу аблюбаваць адзін з такіх пустых домікаў. Ён стаяў крыху наводшыбе. У двары зелянелі кусты шыпшыны, бэзу. Але дом аказаўся не жактаўскі, а прыватны. Вярнуліся з вёскі гаспадары, а праз некалькі дзён прыйшла з партызанскага атрада гаспадыніна пляменніца, і Васілю Пятровічу давялося перасяліцца ў адзін пакой. У турботах і клопатах ён забыўся напісаць пра гэта жонцы і, сустракаючы яе на вакзале, можа, больш за ўсё трывожыўся за гэта. І вось на табе...

Асцярожна, каб не разбудзіць сына, Васіль Пятровіч бокам увайшоў у дзверы, якія адчыніла гаспадыня. У сенцах, калідоры і ў прахадным пакоі было цёмна, душна.

Сэрца ў Васіля Пятровіча зашчымела. Ён спыніўся, прыслухаўся. Гаспадыня, спяшаючыся, тлумачыла жонцы, як трэба ісці, ведучы, магчыма, за руку.

Калі Вера следам за ім — яе хістала — увайшла ў пакой, ранейшага абурэння ўжо не было. Асталося толькі недаўменне.

— Ну? — спытаўся ён, гледзячы на Веру, якая бяссільна апусцілася на канапу, паставіўшы ля ног чамадан.

У вокны цадзілася перадранішняя шэрань. Схіленая жончына постаць як бы растваралася ў ёй, губляла рэальнасць. Васілю Пятровічу стала шкада яе. Варухнулася сумненне: а што, калі ўсё гэта не хітрасць, а звычайная непрадбачлівасць або простая чалавечая слабасць? І чаго ён так раз’юшыўся? Сапраўды ён ні з чым не хоча лічыцца, не хоча нічога прызнаваць, апрача сябе.

Прадчуваннем, якое бывае толькі ў жанчын, Вера ўлавіла мужаў настрой. Плечы яе закалаціліся мацней.

— Што ты робіш са мной? — праз слёзы пажалілася яна і загаварыла пра сябе, пра кватэру ў Маскве, пра ўрачоў, якія не раяць ёй пакуль што нікуды выязджаць, пра тое, што ёсць магчымасць уладзіць Юрыка ў музычную школу.

 

2

Яна прачнулася першая. Асцярожна, каб не разбудзіць мужа, устала, накінула на сябе яркі халацік, які падрыхтавала яшчэ перад сном. Уважліва аглядзела невялікі пакойчык — пісьмовы стол, завалены кнігамі, крэсла, канапу, падобную на бальнічны ложак, з якога толькі што ўстала. Знаёмым здаўся адзін пісьмовы стол, астатняе выглядала такім чужым, што да яго, здавалася, ніколі нельга будзе прывыкнуць.

Было позна. За акном на сонцы млелі бэз і шыпшына, недзе па-над ваконнем нехаця сварыліся вераб’і. Аднекуль даляталі ўдары молата па жалезе.

З няяснай трывогай Вера стала пасярод пакойчыка і, не ведаючы, што рабіць, прыслухалася.

— Зося, а Зося! — пачуўся недалёкі голас гаспадыні, які Вера Антонаўна пазнала адразу, хоць учора і перакінулася з ёй усяго двума словамі.

— Га! — адгукнуўся блізка дзявочы голас.

— Мо вады прынесла б?

— Зараз, цётачка!

— Цішэй ты, не крычы там, пад вокнамі... У калонцы няма вады. Ты да Тосіных ідзі...

Забразгалі вёдры, і перад акном мільганула постаць у светлай сукенцы. Вера ўбачыла твар дзяўчыны толькі мяльком, калі тая адчыняла брамку і павярнулася да акна. Але ў ёй адразу ўзнікла цікаўнасць.

Наважыўшы дачакацца, калі дзяўчына будзе ісці назад, яна падышла да пісьмовага стала, пагладзіла далонню шэрае, працёртае і залітае чарнілам сукно. Пагартала першую, што трапілася пад руку, кнігу, крадком глянула на мужа і прыадчыніла сярэднюю шуфляду. Убачыўшы там гатавальню, кавалачак цэглы, прынесены, пэўна, з руін, навугольнік, пляшачку тушы, крыху паспакайнела.

Хвілін праз дзесяць, несучы вёдры на каромысле, у брамцы паказалася Зося. На ёй была белая, у сіні гарошак караткаватая сукенка. Гладка прычэсаныя на прамы рад валасы былі заплецены ў дзве касы, якія, каб не траплялі пад каромысел, Зося перакінула на грудзі.

Босая, у сукенцы, якая шчыльна аблягала яе і бралася на спіне ў складкі, са спакойным смуглявым тварам, яна здалася Веры маладой і сімпатычнай.

Зося, мусіць, заўважыла, што за ёю назіраюць, і з падкрэслена незалежным выглядам прайшла міма акна. Вада ў вёдрах зазыбалася, пачала плёскацца цераз краі.

Адчуванне віны, якое ўвесь час жыло ў Веры і нават мучыла яе ў сне, не дало абурыцца. Яна толькі ўздыхнула, зашпіліла халацік і выйшла на ганак.

У доміку ў час акупацыі жыў начальнік нямецкага шпіталя. Немец любіў парадак і стараўся наладзіць свой побыт як мае быць. Па двары ад ганка да хлеўчука была высыпана пяском роўненькая сцежка з цаглянымі броўкамі. Агарод быў разбіты на акуратныя грады і градачкі. На іх буялі прывязаныя да колікаў памідоры, бялелі строгія рады патрэсканых ад лішку нутраной сілы качаны ранняй капусты.

Гаспадыня, якая канчала пасынкаваць і падвязваць памідоры, прывіталася.

— Як спалася на новым месцы? — прыветліва спыталася яна, адкрыта аглядаючы кватарантку з ног да галавы.

— Добра, дзякую,— міжвольна паправіла Вера валасы.

— А ваш усё яшчэ спіць?.. Ну і няхай. Ён без вас ух як перажываў! — гаспадыня пакруціла галавою так, што яе па-старэчы пухлыя шчокі задрыжалі.— Уражлівы ён у вас...

— Вася — архітэктар, мастак,— падрабляючыся пад тон субяседніцы, згадзілася Вера.— Але вельмі шкадаваць іх таксама не варта. Спусці з вока — і забыліся на ўсё. У вайну ўсё проста...

Гаспадыня разгадала яе хітрыкі і зморшчыла губы. Потым выцерла аб фартух жоўта-зялёныя ад зямлі і памідорных сцяблоў пальцы і моўчкі перайшла да капуснай грады.

Вера пастаяла крыху, камечачы аборку на халаціку, хацела зноў загаварыць, ды не пасмела і падалася назад у пакой.

Юрка і Васіль Пятровіч усё яшчэ спалі. Яна памацала Юркаў лоб — ці няма тэмпературы — паправіла прасціну, што ледзь не ўся спаўзла на падлогу, і села ў крэсла ля пісьмовага стала.

Нельга сказаць, каб халоднасць гаспадыні збянтэжыла яе, і Вера адчула нездаволенасць сабою. Але прыйшла думка, якая ніколі да гэтага не прыходзіла: а што, калі яна сапраўды можа страціць Васіля Пятровіча?

Што нарадзіла гэтую думку? Успамін аб учарашнім? Дэманстрацыя гаспадынінай пляменніцы, якая пасля нават не выйшла на панадворак, пакуль там была Вера? А мо стрыманасць гаспадыні? Бадай, і тое, і другое, і трэцяе. Але між тым — усё ж Зося, статная, відаць, запальчывая і ўпартая дзяўчына.

«Як яна ўскінула галаву! І чаго?.. Такія мужчынам падабаюцца».

Праўда, Васіля Пятровіча цяжка было ўявіць у ролі кавалера. Улюбёны ў работу, ён жыў у сваім, як заўсёды здавалася, далёкім ад навакольнага свеце. Ім можна было камандаваць, з ім можна было хітраваць, будаваць жыццё так, як зручна адной табе. Але... усё гэта з ім магла рабіць і другая.

«У вайну сапраўды ўсё проста...» — падумала яна. І падазронасць, непрыязнасць да дзяўчыны, якую бачыла толькі мяльком, ахапілі яе.

Што рабіць?

Не, яна і цяпер не верыла ў свае падазрэнні. Яна толькі шукала небяспекі, якая магла пагражаць ёй, і загадзя пратэставала. Вопыт жанчыны падказваў, што ў яе становішчы варта нават выдумаць гэтую небяспеку, каб загадзя правучыць мужа. Каб і падумаць баяўся... Выдумаць, абвінаваціць і прасачыць, як ён будзе трымацца, ці не збянтэжыцца. А галоўнае — каб памятаў заўсёды, што яму пагражае на выпадак чаго... Да таго ж, каб згладзіць сваю віну, Веры абавязкова патрэбна было контратакаваць... І калі б не ўсё тое самае пачуццё няпэўнасці, якое ніяк не магло пакінуць яе, яна зараз жа разбудзіла б мужа і прымусіла б каяцца і прысягаць.

У дзверы пастукалі.

— Нельга! — крыкнула Вера, думаючы, што гэта гаспадыня або Зося.

Яе крык разбудзіў Васіля Пятровіча. Ён расплюшчыў вочы, пазяхнуў і, убачыўшы жонку, усміхнуўся. Па целе разлівалася прыемная млявасць. Як чалавек, што даўно не перажываў гэтага мірнага адчування, ён соладка пацягнуўся і крактануў.

— Вася,— сказала Вера і падышла да ложка.— Я мушу ў цябе спытаць. Як ты глядзіш на нас з Юрыкам? Як разумець твае ўчарашнія паводзіны?

Ён узяў яе за руку, пасадзіў на ложак побач з сабою, абняў.

— Якія мы з табою ўсё ж дурныя,— сказаў лагодна.— Мучым самі сябе. Пэўна, таму, што даўно не бачыліся, і таму, што здорава не шанцуе... А я, ты ж ведаеш, не магу, мне справа патрэбна!..

 

3

Але, калі казаць шчыра, Васіль Пятровіч часта ставіў Зосю побач з жонкаю. Зося падкупала яго прастатою, адданасцю рабоце, цётцы — усяму, у што верыла і што прымала душою.

Ён ведаў: яна замужняя, муж яе, Аляксей Урбановіч,, з якім яна спаткалася у партызанскім атрадзе,— у арміі, на фронце, і Зося сумуе, баіцца, хоць і не паказвае гэтага. Атрымліваючы ад яго пісьмы, яна плача па начах, а назаўтра, як заўсёды спакойная, незалежная, ходзіць па двары, завіхаецца каля дому, на агародзе. Вечна занятая, рэдка куды адлучаецца. Толькі па выхадных, узяўшы рыдлёўку і абавязкова папярэдзіўшы цётку, ідзе на суботнік разбіраць руіны.

Праўда, ва ўсім гэтым было нешта ад служэння. Нібы Зося дала абяцанне і мужна трымалася яго, шукаючы і знаходзячы ў гэтым душэўную раўнавагу. Часамі здавалася, яна наогул уцякае ад радасці, сярдуе на чужую цікаўнасць да сябе. Нервуецца, калі заўважае пільны позірк, і адразу паказвае кіпцюры.

Васіль Пятровіч не раз задумваўся: што жывіць яе волю? Задумваўся і зайздросціў. Як было б добра, каб хоць трошкі такой цярплівасці і адданасці можна было перадаць Веры!

Да яе прыезду ў доме ўстанавілася згода. Цётка Анця прыбірала ў пакоі, мыла і цыравала яму бялізну, гатавала ежу. З ім яна раілася, пазычала ў яго грошы, дзялілася сваімі клопатамі. Гаспадар дзядзька Сымон, цікаўны стары, часта па вечарах заходзіў паслухаць газетныя навіны, паразважаць аб вайне, аб жыцці, аб тым, як яно пойдзе далей. Часам заглядвала і Зося, слухала іх размовы, даверліва і ўважліва назіраючы за Васілём Пятровічам. Так паміж імі ўзніклі ўзаемныя прыязнасць і спачуванне людзей, якім разам лепш, хоць у кожнага розныя турботы...

Паснедаўшы, Васіль Пятровіч сабраўся быў пайсці на работу, але ля брамкі сустрэў Зосю. У руках яна трымала распячатаны канверт, і па тым, як трымала яго, Васіль Пятровіч здагадаўся: здарылася няшчасце. Рука ў Зосі вісела, як нежывая, канверт гатовы быў выпасці.

— Што з вамі?

Яна ўзняла затуманеныя, у слязах вочы.

— Лёшу параніла.

— Лёшу? — недарэчна перапытаў ён, няясна здагадваючыся, хто такі Лёша.

— Але. Падарваўся на міне. Рабіў праход для разведчыкаў.

Зося яшчэ трымалася, пакуль не пачала гаварыць. Але, калі вымавіла гэтыя словы, сціснула дрыготкія губы, і слёзы пацяклі ў яе па шчаках. Яна яўна чакала спачування і не хавала гэтага.

— Нічога, паправіцца,— дакрануўся да яе Васіль Пятровіч, здзіўлены пераменаю ў Зосі.— Мы яшчэ разам з ім горад будзем будаваць.

— Я таксама думаю...

— Ён, мусіць, моцны ў вас?

— Але. Лёша — жалезны. Ён і мне двойчы жыццё ратаваў.

— Вось бачыце.

У гэтую хвіліну Васіль Пятровіч заўважыў жонку. З грымасаю пагарды яна прыпала лбом да рамы акна і глядзела на іх. Убачыўшы, што на яе звярнулі ўвагу, адхінулася, закрыла твар далонямі і адвярнулася.

Пунсовы ад сораму, Васіль Пятровіч вярнуўся ў пакой.

Вера ляжала на ложку, уткнуўшыся тварам у падушку. Юрка сядзеў за пісьмовым сталом і нешта маляваў, мала зважаючы на маці.

— Та-ат! — не кідаючы свайго занятку, працягнуў ён, калі ўвайшоў бацька.— На руцэ мезенец, указальны, а на назе як называюцца?

Васіль Пятровіч падышоў да жонкі, крануў за плячо.

— Не чапай мяне — тарганула яна плячыма.— Мне агідна, калі ты дакранаешся. Адыдзі!..

— Та-ат,— настойліва паўтарыў Юрка, не дачакаўшы адказу.

— Хоць бы пасаромеўся сына. Называецца бацька, гаспадар сям’і! Ты думаеш, я маленькая і не магу ўявіць, што было ў вас тут без мяне?

— Вера!

— Ну што «Вера»? Што? — Яна прыўзняла ад падушкі твар увесь у чырвоных плямах і ўтаропіла на Васіля Пятровіча поўныя знявагі вочы.— Можа, выганіш, а сюды прывядзеш яе?

— Тады я пайду...

Гэтыя словы нібы сцебанулі Веру. Яна ўсхапілася з ложка і кінулася да дзвярэй. Расставіўшы рукі, засланіла сабою.

— Нікуды ты не пойдзеш. Чуеш? Нікуды!

Калі ж Васіль Пятровіч наблізіўся, яна ступіла яму насустрач, употай жадаючы, каб ён штурхнуў ці нават выцяў яе, спадзеючыся, што пасля гэтага ён абавязкова страціць сваю рашучасць, і з ім можна будзе рабіць што хочаш.

— Нікуды ты не пойдзеш, калі не хочаш, каб я налажыла на сябе рукі. Ты толькі зірні на мяне. Няўжо не бачыш, як мне дрэнна?

Вера пачала наступаць, адціскаючы мужа. Косы яе раскудлаціліся, і на пачырванелым носе павісла слязінка.

— Я зараз упаду, Васіль...

Ён цяжка ўздыхнуў і, убачыўшы, што жонка траціць сілы, нехаця падтрымаў яе. Як заўсёды, калі ён бачыў гэтую слабасць, яго абурэнне паступова спадала.

— Ну ладна, ладна! Чаго ты? Ні з таго ні з сяго. Мне хапае і без гэтага. Нельга ж так. У свеце жывеш не ты адна і не адна ты добрая...

— Хто ж яшчэ? Зося, вядома?

— Што ты гаворыш? У яе ж сапраўднае гора — раніла мужа. Яна спачування шукае.

— Якая гадасць! — перайшла ў новы наступ Вера.— Няўжо ты не разумееш, што гэта гульня? Ты або блазан, або таксама распуснік. Нават калі ранілі і сапраўды, хіба можна так? Свой муж абліваецца крывёю, а яна ціснецца да чужога.

— Мм...

— І май на ўвазе, я не буду маўчаць. Мне, калі так, усё роўна. Няхай усе ведаюць! Я выкрыю ганьбу.

Сціснуўшы зубы, яна застукала кулачкамі ў грудзі. Потым сціснула імі скроні і ніцма ўпала на канапу.

— Вера, супакойся! — спалохаўся Васіль Пятровіч.— Юрка, хадзі сюды... Пашкадуй маму.

— Зараз,— слюнявячы аловак, спакойна азваўся той.— Нагу вось скончу.

— Каму кажу?

— Зараз...

Не пастукаўшыся, у пакой зайшла цётка Анця.

— Я да вас, папярэдзіць,— кінула яна строга.— Свае справы вы ўладкоўвайце, як вам заўгодна, але блытаць у гэта Зосю — не-э! Мы просім, каб не блыталі... Навошта ёй праз вас яшчэ пакутаваць?..

Васіль Пятровіч разгублена перавёў позірк на жонку, чакаючы, што ўбачыць, як ёй непамысна. Аднак Вера ўхмылялася і была бадай што здаволеная. Але затое стала непамысна яму самому, і ён упершыню за гэтыя месяцы ўбачыў сябе як бы збоку.

 

РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ

 

1

 

Мінуў месяц, а Валя, як дзяўчынка, па-ранейшаму жыла на высокай хвалі. Яна стала нават сентыментальная. Яе замілоўвала самае звычайнае: арцель, што адкрылася пад колішняй даваеннай назвай; пастанова гарсавета, што абавязвала райвыканкомы ўзяць пад нагляд скверы; падлетак, які заходзіў пытацца, ці ёсць у доме дзеці школьнага ўзросту.

Зводку Савецкага Інфармбюро можна было прачытаць у газетах. Але тыя прыходзілі пад вечар, а то і на другі дзень. І Валя кожнае раніцы бегала да рэпрадуктара, устаноўленага сувязістамі на вуліцы. Войскі Беларускіх франтоў, развіваючы наступленне, вялі паспяховыя баі. Былі вызвалены Маладзечна, Баранавічы, Пінск, Гродна. Фарсіраваны Нёман, Заходні Буг. Дваццаць восьмага ліпеня, пасля абыходнага манеўра і лабавой атакі войскі Першага Беларускага фронту адбілі Брэст, за якім адкрываўся ўжо Варшаўскі напрамак. Пад канец месяца Беларусь стала вольная. У зводках з’явіліся назвы невядомых гарадоў, мястэчак, чыгуначных станцый. Гэта адно ўжо рабіла жыццё абяцаючым.

Бадай што без шкадавання Валя здала ў ЦК камсамола справы брыгады. Не адчула вялікага смутку і на партызанскім парадзе, які адбываўся на былым іпадроме і пакінуў у памяці шалясценне сцягоў, рознагалосы гоман і адчуванне нечага маляўнічага, стракатага, незвычайнага. Яна была там ужо гледачом і бясконца махала хусткаю калонам, што праходзілі міма. Але, разумеючы — знаёмыя сцягі і зброю можна будзе ўбачыць толькі ў музеі, Валя не шкадавала, што ўсё гэта, некалі дарагое, ахінутае рамантыкаю, адыходзіць у мінулае.

— Зноў вучыцца! — заміраючы ад радасці, сказала яна Алешку, калі ён, мусіць, адразу з работы зайшоў да яе.— Як гэта добра — вучыцца!

— Кажуць, Іван Мацвеевіч замест «Айчыннай вайны» мне «За адвагу» падпісаў? Так? — не падзяліў яе радасці Алешка.— Ну што ж, цяпер і без нас герояў па горла. Некаторыя з нашых нават не вельмі прызнаюцца, што і ў падполлі ўдзельнічалі. Бачыш, як усё паварочваецца!

Яго зухаватасці не хапала звычайнай бесшабашнасці. Праз яе не-не дый прабіваліся злы неспакой і нядобрая рашучасць.

— Паступай і ты, Кастусь,— не заўважаючы гэтага і не дужа звяртаючы ўвагу на яго словы, параіла Валя.— Політэхнічны таксама вярнуўся.

— А хто тады працаваць будзе?

— Мы і працаваць будзем.

— Дай хоць аддыхацца спачатку.

— Што, стаміўся вельмі?

— Не... Але як я ўяўляў сабе першыя гадзіны без фрыцаў? Вып’ю, думаў, і пайду. Ноч гэта. Дожджык церушыць. Тратуары ад ліхтароў пабліскваюць. А я іду і хістаюся. Ведаеш, пацягне спачатку ў адзін бок, потым лёгенька ў другі. Добра! А на сэрцы ціха, мірна, бо нехта чакае мяне, і нікога апасацца не трэба.

У пакоі стаялі прыцемкі. Алешка сядзеў каля акна, яго кучаравая галава, моцная шыя і крутыя плечы рэзка вырысоўваліся на светлых шыбах. Валя ўлавіла ў Алешкавых словах скаргу, і ёй стала шкада яго, добра скроенага, дужага. Але спачуванне гэта было асаблівае — ад яго рабілася боязна. Валя ведала: яна мае ўладу над Алешкам, але пачынала баяцца яго. Палохала непасрэднасць, за якую Алешку чамусьці даравалі многае, чаго ніколі не даравалі б другім. Палохалі свавольны, бессаромны позірк, настойлівасць, з якой ён панадзіўся прыходзіць, адчуваючы, што гэта не даспадобы Зімчуку.

— Не даходзіць такая паэзія да мяне,— сказала Валя, змагаючыся з бояззю, якая закрадалася ў сэрца.— П’яная яна...

— А я амаль і не п’ю! — адмахнуўся ён.— Я салодкае, Валя, люблю. А ўяўлялася яно, можа, так... Як бы табе растлумачыць? Ну, захацеў выпіць, мора шырокае, і выпіў. Хачу — іду проста, хачу — хістаюся, я тут гаспадар. Давай заўтра за горад катанём, мне веласіпед раздабылі хлопцы.

— Розуму не дабяру... Ты, па-мойму, не можаш сур’ёзна пра сябе гаварыць. Лепш бы пра работу расказаў што-небудзь.

— Што работа! З ёй век жыць. Дый што ты пра руіны і рыдлёўкі з ламамі раскажаш? Хіба пра антэну, што з другам сёння паставім, каб радыё слухаў...

Валя змоўчала і таропка намацала ў шуфлядзе запалкі.

Алешка нездаволена варухнуўся, але не падняўся.

— Пачакай, я зараз пайду.

Яна не паслухалася, запаліла лямпу і раскаялася. Каб апусціць маскіровачную штору, трэба было прайсці паўз самага Алешку, павярнуцца да яго спінаю, стаць на крэсла і развязаць матузкі, на якіх трымалася скручаная штора... А ён? Ён абавязкова будзе цікаваць сваімі бессаромнымі вачыма, прыкмячаць кожны яе рух, а калі яна стане на крэсла, будзе глядзець на ногі.

«Няхай сам апусціць,— падумала Валя і адразу адкінула гэтую думку: —Не, здагадаецца...»

Яна стала ля самага стала. Лямпа пад абажурам ліла на яе роўнае, спакойнае святло. І ў ім Валя выглядала падлеткам. Але ў паставе, у чуйным нахіле галавы, у насцярожаным чаканні, што ахапіла яе, угадвалася жанчына, якая ўжо ведала, хто яна ёсць. Валя з год як не падстрыгала валасоў. Попельныя, старанна прычэсаныя і сабраныя ў валік, яны строга абрамлялі яе твар і рабілі яго мілым, прывабным.

— Устань, герой! — нечакана адважылася яна.

Пільна пазіраючы на Алешку, узяла яго крэсла, падсунула да акна і ўстала на сядзенне. Цяжэй было падняць рукі. Але яна падняла іх і, стараючыся не спяшацца, пачала развязваць вузялкі, усёю спінаю адчуваючы блізкасць Алешкі. Але калі быў развязаны апошні вузялок, рашучасць пачала ўбываць і Валя азірнулася. Крыва ўсміхаючыся, Алешка працягваў да яе рукі.

— Рукі! — крыкнула яна.

Апусціўшы штору, саскочыла з крэсла. Падумала, што трэба зазлаваць, і сярдзіта прыжмурылася.

Але гэта быццам не тычылася Алешкі. У светла-блакітных вачах яго загарэліся нядобрыя агеньчыкі.

— Ты што? — адштурхнула яна яго.— А ну прымі рукі і выйдзі... Думаеш, таксама вайна спіша?..

Лежачы ў пасцелі, Валя зноў уявіла сабе ўсё, што адбылося.

Праўда, здалося яно крыху іншым, чым адразу. Алешка аказаўся зусім не такім упэўненым. Пад бравадаю адчуваліся крыўда і разгубленасць. Аднак гэта не кранула Валю. Наадварот. Адвяло ўвагу ўбок.

«Ведае кошка, чыё сала з’ела. Сам кругом вінаваты. Нядаўна ў прыгарадным саўгасе самаўпраўнічаў — авечак у сялян адбіраў. Сёння да мяне з рукамі лезе. А заўтра невядома, што і зробіць. Разбэсціўся ў вайну...»

Дзіўна, але думкі ў Валі пацяклі якраз у гэтым кірунку. Чаму? Ці не таму, што яна наогул лёгка глядзела на рэчы? Мусіць, гэта была адзнака многіх яе аднагодкаў, веданне жыцця ў якіх часта падмянялася вераю і гатовымі ўяўленнямі дабра і зла.

«Ты гаспадар жыцця,— гаварылі ім,— справа твая святая, мэта ясная, дарога шырокая. Вядома, могуць на тваім шляху сустрэцца і цяжкасці. Але што значаць цяжкасці, калі яны не заслоняць вялікай мэты, калі ад іх не павузее дарога, і ніхто не пазбавіць цябе права быць гаспадаром жыцця! Важна адно ўмець ахвяраваць сім-тым, быць энтузіястам насуперак усяму». І яны ўбіралі ў сябе гэтую ісціну.

Не пахіснула іх веры і вайна. Наадварот, ваенныя перамогі ўмацавалі яе, засланіўшы сабою паражэнні. Праўда, цяжкасці паўсталі больш рэальна — край ляжаў у руінах. Але што значылі разбурэнні ў параўнанні з цудадзейнай сілай Радзімы, якой усё па сілах. Зірне — і знікнуць, як немарасць, руіны і папялішчы. Узмахне рукою — і ўзнімуцца казачныя палацы. Трэба толькі не вельмі задумвацца аб сабе, аб тым, што цяжка.

Што падтрымлівала падобнае перакананне?

Усё — ад штодзённых зводак Саўінфармбюро да адчування ўласных сіл. І, можа, яшчэ ўсведамленне, што ты часцінка неабсяжнай краіны, дзе адначасова бушуюць чарнаморскія штормы, на нівы падаюць ціхія дажджы, а над заснежанымі запалярнымі прасторамі зусім не летняе неба... А тут яшчэ юначая бесклапотная вера!

 

2

Каб Валю спыталі, што такое шчасце, яна хутчэй за ўсё адказала б: «Шчасце? Гэта — жыць!» І задумалася б толькі праз хвіліну. А задумаўшыся, дадала б: «У нас, вядома...»

Парывам да шчасця, як думала яна, быў некалі і першы суботнік. Галодныя, знясіленыя людзі выйшлі працаваць звышурочна, ведаючы, што не атрымаюць за гэта ні дадатковага пайка, ні аплаты. І працавалі яны лепш, чым звычайна, і зрабілі больш. Зрабілі, бо пачыналі разумець: шчасце — у гэтым подзвігу і далей за ім.

Недарэмна і цяпер, пасля вызвалення горада, праяўленнем такога імкнення зноў сталі тыя ж суботнікі.

Хто падаў аб іх ідэю? Не скажаш. Бо яна нарадзілася безыменная, хоць заявіла пра сябе ўжо ў першыя дні вызвалення, калі на сценах не астыўшых яшчэ каробак з’явіліся заклікі: «З попелу і руін узнімем цябе, родны горад!» Але хто напісаў іх? Шмат каму здавалася, гэта зрабіў ён сам... А пасля? Нехта ж першы выступіў на сходзе, унёс прапанову — у выхадны дзень пачаць разборку руін. Але хто гэта быў? Яго таксама нельга было назваць.

І хоць суботнікі, безумоўна, мелі сваіх энтузіястаў, пра суботнікі гаварылі на лятучых мітынгах, на нарадах, пра іх пісалі газеты, прымаліся рашэнні — яны выяўлялі імкненні не толькі тых, хто гаварыў, пісаў і выносіў рашэнні. Нават адсталыя, якія клялі самі сабе суботнікі, не пярэчылі супроць іх уголас — пры такіх абставінах было няёмка. Бралі верх мараль, грамадская думка, якія аказваліся мацнейшымі за самога чалавека... Ва ўсякім разе так сабе ўяўляла Валя.

Некаторыя руіны пагражалі абвалам. Пачалі з іх. На зубцы сцен закідвалі канаты і дружна, пад каманду, разгушквалі знявечаныя аграмадзіны. З цікаўнасцю глядзелі, як яны пачыналі трэскацца, абсыпацца і, раздаўшыся ля падмурка, не падалі, а асядалі на зямлю, абдаючы клубамі сухога, горкага пылу.

Другія руіны трымаліся мацней. Стаялі закуродымленыя, халодныя, з цёмнымі праваламі. Лесвіцы ў іх звычайна былі цэлыя, і абмытыя дажджамі прыступкі бялелі, як дагледжаныя.

З такімі руінамі спачатку важдаліся сапёры. Гулкія выбухі рвалі перад світаннем цішу над горадам. І тады Валя часцей, чым у партызанскія дні, сніла вайну.

Зрання, па выхадных днях, і пад вечар, у рабочыя дні, да руін сцякаліся людзі. Неслі насілкі, кіркі, рыдлёўкі. Прыходзілі з песнямі, нярэдка ў калонах, разыходзіліся ж маўкліва, часцей па адным. І хоць сям-там вырасталі акуратныя клеткі цэглы, кучы жалеза, крушні камення, здавалася: руіны па-даўнейшаму ўзнімаюцца ўсюды, і ў вячэрніх змроках сталі вышэйшыя.

Заняткі ва універсітэце пачыналіся з кастрычніка, і Валя, не жадаючы сядзець без работы, стала працаваць у Камітэце Чырвонага Крыжа — адным з самых тлумных устаноў сорак чацвёртага года. За Камітэтам быў «замацаваны» квартал суцэльных руін, паўразбураных каробак і сцен, якія цудам трымаліся, абапіраючыся невядома на што. На іх паспелі ўжо вырасці карлікавыя дрэўцы. І ад усяго павявала такім запусценнем, што нават моладзь, спрадвеку нястомная, працавала бадай што без смеху і жартаў.

Валя вярталася дамоў знясіленая. Далоні, сухія і шорсткія ад цэглы, гарэлі. Ныла паясніца. Не распранаючыся, Валя кідалася на ложак, заплюшчвала вочы. І толькі тады, у паўдрымоце, прыходзіла адчуванне палёгкі, агортвала прыемнае пачуццё, што з’яўляецца, калі пачынае праходзіць стомленасць.

«І ўсё-такі добра, што горад астанецца там, дзе стаяў заўсёды,— думала Валя.— Свой, родны, звыклы. Няхай гэта цяжэй, чым пабудаваць яго на новым месцы. Няхай! Тут нельга шкадаваць ні сілы, ні часу...»

Чаму гэта так? Валя наўрад ці адказала б. Але сэрцам адчувала, павінна быць толькі так. Праўда, выразна ўявіць сабе горад, які ён будзе праз некалькі гадоў, Валя не магла. Руіны, што з’явіліся нібыта ў выніку раскопак, засланялі будучыню. Але ва ўяўленні кожны раз узнікала светлая карціна. І яна вабіла Валю, прымушала спяшацца. «Толькі б хутчэй, як мага хутчэй!..»

 

Аднаго разу на суботнік прыехаў сакратар ЦК. У шэрым пыльніку, з непакрытай галавою, ён пайшоў паміж грудамі друзу, папыхваючы люлькай і размахваючы левай рукою з шапкай. З ім ішло некалькі чалавек, сярод якіх Валя пазнала Зімчука і Кавалеўскага. Крочылі купкаю. Непадалёку ад Валі спыніліся. Сакратар акінуў позіркам расчышчаную ад руін пляцоўку і нахмурыўся.

— Хацелася, каб пачатак быў лепшы,— заўважыў ён, паказваючы на юнакоў і дзяўчат, якія без работы палежвалі ў цяньку, каля сцяны, і лена перакідваліся каменьчыкамі.— Яны ж сумуюць. І, пэўна, таму, што мы паважаем і эканомім толькі рубель... А што, калі б гэта быў не суботнік? Даю слова, хапіла б і рыдлёвак, і насілак, і распарадчыкаў. А тут дарэмшчына. Але якая дарэмшчына? Прапануй плату — заўтра наўрад ці прыйдзе хто сюды.

— Варта стварыць нешта накшталт трэста разборкі і аднаўлення будаўнічых матэрыялаў,— азваўся Кавалеўскі.

— Трэст? Можа быць — няхай будзе гаспадар. Тым больш што ствараем архітэктурную камісію і ёсць падставы спадзявацца, што нам з сталінградцамі весці рэй... Цяжка? — звярнуўся ён да Валі, паказваючы шапкаю на кірку.

Валя разгубілася.

— Не, таварыш сакратар.

— Сур’ёзна?

Ёй сапраўды здалося: яна гаворыць праўду. Але не таму, што яна не адчувала стомленасці ці ёй не было цяжка. Рукі ўжо гулі і ламала паясніцу. Аднак Валя была пераконана: прызнацца ў гэтым — значыць паказаць прыкрую слабасць, у нечым стаць не вартай другіх. Дый так было прынята адказваць. Але, калі позірк яе ўпаў на кірку, на запыленыя парудзелыя тапачкі, зрабілася шкада сябе. І, каб не сорам, на вачах, пэўна, паказаліся б слёзы.

— Ну, як усё-такі?

— Вядома, цяжкавата...— паправілася Валя.— Але, чэснае камсамольскае, на гэта неяк заўсёды забываеш!

Нахіліўшы галаву, спадылба, сакратар уважліва паглядзеў на яе, кіўнуў і падаўся далей. За ім рушылі астатнія. А Валя, перавёўшы дух, стала сачыць, як ён падышоў да юнакоў і дзяўчат, што ляжалі ў цяньку, і пачаў гаварыць з імі.

Але, калі яна хацела была ўзяцца за работу, нехта, нячутна падышоўшы ззаду, закрыў ёй вочы далонямі.

«Алешка!» — зжахнулася яна, зноў не ведаючы, што рабіць.

Ды рукі былі не мужчынскія і трымалі Валіну галаву нямоцна — той, хто трымаў, сам, мабыць, ледзь валодаў сабою.

— Зося! — не ведаючы як, пазнала яна.— Няўжо ты, родная? Ты, канешне, ты! Мне казалі, што цябе бачылі ў горадзе. Пусці! Я з тысячы пазнаю...

Яна кінула кірку і парывіста крутнулася. Перад ёю сапраўды стаяла Зося.

— Божа мой! Чаго ты плачаш?

— Не магу,— прызналася тая, усхліпваючы і не зводзячы з сяброўкі радасных, улюбёных вачэй. Але было відаць — сустрэча бянтэжыць Зосю. Яна глядзела на Валю, і чырвань выступала ў яе на твары. Так бывае, калі ты чаму-небудзь рады, але яно адначасова і нагадвае табе пра нешта, што хочацца забыць... І, каб апярэдзіць Валю, каб яна не ляпнула што-колечы неўпапад, Зося сказала:

— Ты зусім-зусім не змянілася.

— Калі тут было...— паправіла Валя хустку.— А Мінск, відаць, адны партызаны засялілі! Тут жа і Зімчук, і Алешка... Памятаеш? Ты яму аднойчы рану яшчэ перавязвала, калі прыходзіў з горада...

— Кажуць, туга цяпер некаторым з іх,— перамагла збянтэжанасць Зося.— Прычыны правалаў шукаюць.

— Глупства! Слухай толькі. Мне Іван Мацвеевіч даўно сказаў бы. Мы ж з ім разам жывём.

Яны абняліся.

— А Лёшу, Валя, параніла,— паскардзілася Зося, тулячыся грудзьмі да яе пляча.

— Аляксея? — не паверыла Валя.— Што ты, Зосечка. Моцна?

— Піша, што не. Ды хіба яму можна верыць. Ён не паскардзіцца, нат паміраючы.

— І як ты цяпер?

Зося апусціла рукі.

— Жыву вось... Хадзіла ў Наркамасветы. Накіроўваюць у школу...

Валя зноў памкнулася была прытуліць яе, але Зося нахілілася, падымаючы рыдлёўку, якую кінула, калі падкрадвалася, і спакойней дакончыла:

— Мне абы да работы дабыць. Ды хопіць пра мяне. Скажы от, як Іван Мацвеевіч там?

— Нічога! Да яго з эвакуацыі жонка і дачка вяртаюцца. Рыхтуецца стаць сем’янінам.— У Валіным голасе пачуліся насмешліва-раўнівыя ноткі.— Ты ўяўляеш яго сямейным? Не? Я таксама.

— Ты, спадзяюся, пойдзеш адтуль?

— Куды? І наогул, чаму я павінна пайсці?

— Мала чаму.

— У цябе заўсёды мухі ў галаве. Ці не па сабе з Краўцом мяркуеш?

Яна сказала і спалохалася, але Зося, здаецца, прапусціла яе словы міма вушэй.

— Іван Мацвеевіч нядаўна праходзіў тут. З сакратаром ЦК,— перавяла Валя гаворку на іншае.— Стаялі, гаварылі са мною. Пыталіся, ці цяжка.

— Ці цяжка? — паўтарыла Зося.— Ды хіба можа быць цяпер лёгка? Я, мабыць, і не вытрымала б тады, перастала працівіцца сабе... А наконт Краўца... Наконт Краўца, калі хочаш сяброўкай астацца, не ўспамінай мне! Навошта?..

Яна не дагаварыла. Усе, хто працаваў паблізу — нёс на насілках цэглу, цягнуў да кучы жалезнае ламачча, кіркаю разбіваў цагляныя камлыгі,— спыніліся і павярнуліся ў адзін бок.

На зубчастай сцяне стаяў хлопец і, махаючы рукамі, нешта крычаў уніз. Ён, відаць, толькі што закінуў на жоўтую аграмадзіну канат і цяпер аддаваў апошнія распараджэнні.

— Валіць будуць...— задуменна прамовіла Зося.— Сходзім?

Але Валя, крадком віжуючы за хлопцам на сцяне, адмоўна пакруціла галавою: яна пазнала Алешку. А той, спрытна пераскочыўшы на другую сцяну, крыху адбегся і ўзняў руку. Сцяна захісталася, раздалася ля падмурка, асела і схавалася ў хмары пылу.

«І тут знайшоў работу па сабе»,— падумала Валя і заспяшалася — трэба было перапісаць супрацоўнікаў, якія ўдзельнічалі ў суботніку.

 

3

— Валя, пачакай!

— Чаго табе?

— Я павінен з табою гаварыць.

— Пагаварылі ўжо раз. Здаецца, хопіць...

— Чаго ты абыходзіш мяне? І табе ўжо наплялі тры корабы?

— Я не абыходжу, а проста не жадаю з табой сустракацца, Кастусь.

Алешка дагнаў яе, але пайшоў не побач, а крыху ззаду, ведучы веласіпед і не зусім упэўнена зазіраючы ў Валін твар. У сваёй ссунутай на патыліцу маленькай кепцы, пінжаку, неахайна накінутым на плечы, у расхрыстанай кашулі і ў запыленых штанах, засунутых з напускам у боты, ён выглядаў зухавата. Але працягнутая рука, якой Алешка хацеў спыніць Валю, выдавала яго трывогу.

Сонца, агністае, чырвонае, хавалася за руіны, і ўспацелы, гарачы Алешкаў твар здаваўся бронзавым. Ён некалькі разоў наважваўся выцерці яго рукавом, але адмаўляўся ад свайго намеру і рабіўся ўсё больш упарты.

У скверы на плошчы Свабоды Валя не вытрымала. Падышоўшы да магіл танкістаў, спынілася ля самай высокай пірамідкі і, робячы выгляд, што чытае надпіс, нецярпліва запыталася:

— Што ты хацеў сказаць? На нас азіраюцца.

Алешка стаў побач.

— Я не згодзен, каб наша дружба канчалася праз Зімчука.

— Што-о? Пры чым тут ён?

— Пры ўсім... Не маленькая... Уяўляю, што значыць жыць з вашым братам пад адным дахам. Разам вячэраць, разам снедаць. Сустракаў ужо саракагадовых партызанскіх апекуноў. Даводзілася, ха-ха!

— Ты не маеш права!..

— Думаеш, я таксама не верыў у яго?

— У Івана Мацвеевіча дачка з майго года. Калі немцы павесілі маму і дзядзьку Рыгора, ён за бацьку мне стаў. Як у цябе язык паварочваецца?

— Павернецца, калі балюча! Падполле, нябось, ужо разам з другімі пад лупу разглядае. А за якія такія грахі? Што мы жыцця не шкадавалі? Праведнік знайшоўся!

Нешта знаёмае ў надпісе на пірамідцы прыцягнула Валіну ўвагу, і яна міжволі прачытала тэкст — танкіст, які загінуў пры вызваленні горада, быў ёй аднагодкам. Валя прачытала надпіс яшчэ раз — званне, прозвішча, год нараджэння, дату смерці — і ўжо цвёрда сказала:

— Ну а што, калі правяраюць? Сумленныя людзі, Кастусь, не баяцца праверкі... І тут мы адно аднаго не разумеем.

— Значыць, і ты?!.

Ён схапіў і моцна сціснуў яе руку, патрабуючы, каб Валя паглядзела на яго.

Не паказваючы, што ёй баліць, тая кінула на Алешку халодны позірк. Убачыла яго спалатнелы ад абурэння твар. Але змоўчала і не паспрабавала вырвацца. Гэта збіла хлопца з панталыку. Ён пусціў Валю і, выцяўшыся нагою аб педаль веласіпеда, ледзь не бягом кінуўся са сквера.

Рука балела, і гэта злавала.

«Вар’ят! — думала Валя.— Шалёны!.. Ён і забіць можа... Псіх!»

Валя лаяла і кляла Алешку. Разам з тым была крыўда і на сябе: відаць, яна дае яму нейкае права... Ён прыкмячае ў ёй нешта такое, што дазваляе яму сваволіць. Але над усім гэтым бязладдзем пачуццяў і думак усё ж панавала адно — разгубленасць. Нешта невядомае ўваходзіла ў Валіна сэрца, і нельга было ад яго адмахнуцца.

З адчуваннем віны Валя падышла да дома. У пярэднюю ступіла паціху, намерваючыся непрыкметна прашмыгнуць у свой пакой і пабыць сам-насам. Але, крадучыся паўз трэснутае, з жоўтымі падцёкамі люстра, не ўтрымалася і глянула ў яго. Убачыла — адтуль на яе глядзела нечым уражаная дзяўчына з разгубленымі прамяністымі вачыма. Валя рэзка адвярнулася, і пад яе нагамі рыпнула масніца.

— Гэта ты, Валюша? — пачуўся Зімчукоў голас. голас.}— Зайдзі, калі маеш час.

Мыцца давялося адной рукою, другая ўсё яшчэ балела. Валя нервавалася і не ведала, як пасля ўсяго, што ёй нагаварылі, пакажацца Зімчуку.

Падышоўшы да яго кабінета, спынілася ў нерашучасці, паправіла валік, па звычцы абцягнула гімнасцёрку і толькі тады адчыніла дзверы.

Зімчук сядзеў на канапе, па-турэцку падгарнуўшы пад сябе нагу, і праглядаў кнігу. Побач з ім таксама валяліся кнігі ў каленкоравых, ледэрынавых і кардонных вокладках.

— Загадалі вось авалодаць,— пакруціў ён кнігаю.— Бачыш? Сам Першы званіў у Ленінку, сам распарадзіўся падабраць сабе і нам.

— Значыць, пабольшае работы, праўда?..— не пайшла далей парога Валя.

— Я думаю... Перагартаў адну і цікавую штуку заўважыў. Гісторыя архітэктуры, аказваецца,— гісторыя яе набліжэння да чалавека. Спачатку каменная прыгажосць узяла за мэту палохаць людзей, сцвярджаць іх нікчэмнасць. Потым крыху палагаднела. Але, пацягнуўшыся ў неба да бога, як і даўней, мела да працаўніка толькі тое дачыненне, што ён ствараў яе. А потым наогул аддала сябе ў парабчанкі. Просты ж чалавек адно дзівіўся з плёну рук сваіх.

— Ага, Іван Мацвеевіч,— па-свойму зразумела яго Валя.— Я згодна.

— Згодна?

Зімчук адкінуў кнігу, устаў, падазваў Валю і прыклаў далонь да яе лба. Пасля сабраў раскіданыя кнігі, перанёс іх на пісьмовы стол.

— Мець справу з людскім горам стала маёй прафесіяй, Валюша. Я бачыў яго і там, у час акупацыі, і тут, працуючы ў Надзвычайнай камісіі. Крывавае, магільнае і голае, лыкам падпяразанае. Усякае. Але вось жанчыну ды дзяўчынку адну, з якімі ў сутарэнні сустрэўся, не магу забыць. Значыць, і ўся наша мудрасць зараз не павінна астацца ў баку ад таго, каб хутчэй вывесці людзей з сутарэнняў.

— Я хацела пагутарыць з вамі...— пачала Валя, спакушаная яго добрымі словамі.— Гэта праўда, Іван Мацвеевіч, што з падполлем дасюль не ўсё ясна?

Зімчук насцярожыўся, нешта як бы адгарадзіла яго ад Валі.

— Ты пра Алешку? Не люблю я такіх ветрагонаў, Валя. З такімі нельга спяшацца. Давярай, як кажуць, і правярай. Дый як быць іначай? Ты правільна там, на суботніку, сказала. Вось і зыходзь з гэтага. Многае пасля вайны спачатку прыйдзецца пачынаць.

Валя адчула: Зімчук ухіляецца ад адказу. Але, пачынаючы сердаваць на яго, не схацела думаць аб гэтым. Нават прымусіла сябе паверыць — ён сказаў усё. А калі нешта не сказаў, значыць — нельга.

— Ну, няхай... А мне як быць? — спыталася яна, аднак усё-такі помсцячы яму за скрытнасць.

— Што значыць — табе?

— Я хутка буду перашкаджаць вам... Не давяраць, дык не давяраць...

Зімчук адвёў прыжмураныя вочы і ўзяўся прыводзіць да ладу кнігі на стале. І тады стала відаць, што ён поўны нерашучасці, шукае і не знаходзіць слоў.

— Ладна...— памаўчаўшы, развёў ён рукамі.— Ладна! Цябе яны ведаюць. Але, калі быць шчырым, раўнуюць ужо ў пісьмах. Прынамсі, Алеся — дачка. І праўда, можа, на тваім баку... Ідэальных сем’яў, на жаль, мала. Дый на вачах мы цяпер. Не толькі з сабою прыходзіцца лічыцца. Я пазваню вашаму рэктару...

Блытана сказаўшы, што яна за ўсё ўдзячна яму і заўжды астанецца ўдзячная, Валя выйшла. Трэба было зусім па-новаму падумаць аб заўтрашнім дні.

 

4

Рука не перастала балець і назаўтра. І кожны раз, як боль мацнеў, Валя, злуючыся, успамінала Алешку.

«Сам спачатку апраўдайся, а потым другіх абвінавачвай. Узяў моду!» — гневалася яна. Але ў той жа час адчувала: яна страчвае ранейшую ўладу над сабой і выратавальная мяжа, якая аддзяляла яе ад Алешкі і памагала трымаць яго на адлегласці, пачынае знікаць. «Ніколі не загавару з ім зноў, ніколі! Няхай што хоча, тое і думае! — прысягала яна сабе, не дужа верачы ўласным словам.

Але цяжэй было вынесці прысуд Зімчуку. Ён трывала ўвайшоў у Валіна жыццё, заняўшы, як кажуць, месца на покуці. У Зімчука, як здавалася ёй, жыло імкненне рабіць усё, каб сённяшні дзень быў лепшы за ўчарашні. Асабліва калі гэта датычыла партызан. Ён не парываў сувязі з імі, бываў у іх, многім памог знайсці работу, атрымаць адпаведную даведку, ільготы. Едучы на раён,— у мясціны, дзе партызаніў,— не забываўся захапіць з сабою кніжную навінку, набор рыбалоўных кручкоў, насенне скараспелай кукурузы, якое невядома дзе раздабываў. І Валя паважала, слухалася яго. Парываць з ім — значыла астацца адной, без падтрымкі. Значыла — у нечым адмовіцца ад свайго мінулага.

Але як быць з яго нечаканым адступніцтвам, прадузятасцю да Алешкі? Падпарадкаванасцю нечаму вышэйшаму, што важней за яго самога, за яго сумленне?..

Штодзень, хуценька паснедаўшы, яны разам ішлі на работу. Ім было ў адну дарогу. Зімчук праводзіў яе да беленькага, падобнага на глінабітку, доміка на рагу вуліцы Карла Маркса і Энгельса, дзе змяшчаўся Камітэт Чырвонага Крыжа. Валя падбягала да ганка, спынялася і нейкі час глядзела ўслед Зімчуку, каб на выпадак, калі ён азірнецца, памахаць рукою. Нават калі Зімчук з дому ехаў у аб’езд па цагельных заводах ці па другіх прадпрыемствах, ён падвозіў Валю на работу.

Сёння ж Валя не выйшла снедаць. Зімчук таксама не паклікаў яе, як гэта рабіў звычайна. Пакашліваючы, прайшоў з кабінета ў кухню, доўга там плёхаў вадою, фыркаў і тупаў, а праз хвіліну бразнуў дзвярыма. Валя так і не ведала, снедаў ён ці не.

Спяшаючыся, яна сабрала рэчы, спехам развіталася са здзіўленай перапалоханай бабуляй-домработніцаю і з клуначкам у руках накіравалася ў Камітэт Чырвонага Крыжа, а адтуль ва універсітэт.

З Універсітэцкага гарадка астаўся цэлым адзін корпус — былога фізмата. Валя не раз тут бывала, і ёй не трэба было шукаць.

Рэктар — сярэдніх год мужчына, з кучаравымі, падстрыжанымі «пад паўбокс» валасамі, якія надавалі яму атлетычны выгляд,— сустрэў Валю неяк насмешліва, з мужчынскай увагаю. Ад яго твару павявала здароўем, сілаю. Ён быў у гуморы, і гэта праяўлялася ў рухах, у намеры жартаваць.

Але кароткая і не зусім звычайная размова з ім падбадзёрыла Валю. І калі ёй паказалі пакойчык у бараку, дзе трэба было жыць, можа, усе чатыры студэнцкія гады, да яе вярнуўся амаль добры настрой.

Барак быў часовы, пакрыты толем, але пакойчык аказаўся ўтульны. Сцены аклеены шпалерамі, блакітнымі, з фантастычнымі серабрыстымі кветкамі, столь добра пабелена. Валя знайшла ў ім і яшчэ адну дадатную якасць — два невялікія акенцы глядзелі на поўдзень. З іх у пакойчык лілося сонца, і ён увесь быў напоўнены мірным залатым пылам.

Камендант прынёс жалезны ложак, тумбачку, табурэт, паказаў, дзе ўзяць саломы на сяннік, і Валя ўзялася за работу.

Працерла шыбы ў вокнах, вымыла падлогу, заслала пасцель. Прасыхаючы, падлога пахла знаёмым, родным, і, удыхаючы гэты пах, шукаючы, ці не трэба яшчэ чаго зрабіць, Валя ўсё больш прыходзіла да пераканання: тое, што здарылася,— гэта лепш. Цяпер яна, прынамсі, самастойная ва ўсім.

Усё к лепшаму!.. І хоць тут жа выявілася: каб жыць, трэба мець іголку, ніткі, кацялок, запалкі, замок і дзесяткі самых нечаканых рэчаў, Валя бясклопатна рассмяялася. Ёй прыйшла вясёлая, ужо чыста студэнцкая думка: калі ёсць камендант, будзе і кацялок, і графін для вады, і фіранкі на вокны. А калі і будуць новыя цяжкасці — няхай! Без іх нават няёмка. Зося мае рацыю. Ах, Зося, Зося!..

Ахопленая жаданнем дзейнічаць, Валя расстаралася пару цвікоў, убіла адзін над ложкам, другі — каля дзвярэй. На першы павесіла партызанскую біклажку, фінку ў скураным чахле, пілотку, на другі — ручнік. Потым адышлася на сярэдзіну пакоя і пачала любавацца імі.

За гэтым заняткам яе і застаў Зімчук.

Ён зайшоў, робячы выгляд, што з апаскаю пазірае на столь, быццам чакае, што яна можа абваліцца. Пад пахаю ў Зімчука быў ладны пакунак.

— З наваселлем! — сказаў ён, кланяючыся. Але яму бракавала яшчэ сіл, каб стаць самім сабою, і ён, паклаўшы на табурэтку пакунак, як чараўнік, замахаў над ім рукамі.— Тохтар-бохтар! Тохтар-бохтар!

— Што гэта?

Зімчук кінуў чараваць.

— Тут рэшта твайго пайка і яшчэ нешта, без чаго бабулька лічыць, што ты загінеш... Ва ўсякім выпадку, тут усё тваё ці такое, што павінна быць тваім.

Валя паглядзела на расстроены Зімчукоў твар і збянтэжылася: «А супроць чаго, уласна кажучы, я пратэстую? Хіба пагана, што так атрымалася? Мы ж усё роўна астанёмся сябрамі... Каб рабіць вывады, трэба многа ведаць. А калі не ведаеш, верыць тым, хто ведае!»

— Дзякую,— схавала яна пакунак у тумбачку.— Я аддзякую вам.

— Ты лепш скажы «заплачу».

— Не, чаму? Але я ў даўгу перад вамі...

— Значыць, убачыла ва мне чужога. Думаеш, што табе прыйшлося перабрацца сюды толькі з-за спакою маёй сям’і? Не, Валюша, і яшчэ раз не! У чалавека шмат абавязкаў, і ён, павер, адказвае не за аднаго сябе.

— Я веру, вядома...

Яна згаджалася, давала сабе слова аставацца ранейшай з Зімчуком, але зусім не падазравала, што робіцца ў яго на душы. І, можа, добра, што не падазравала. А можа, і наадварот — кепска, бо часцей за ўсё людзям не шкодзіць ведаць праўду.

 

РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ

 

1

 

Праз некалькі дзён самалётам прыляцела камісія. Узначальваў яе акадэмік Міхайлаў, якога Васіль Пятровіч ведаў яшчэ са студэнцкіх часоў. Шумлівы, вясёлы, ён паставаю нагадваў пажылога ўрача. Калі пасля нарады ў ЦК Міхайлаў выйшаў на вуліцу, ён зусім як хірург, што ідзе да аперацыйнага стала, тузануў сябе за адзін і другі рукаў і, прыемна окаючы, загадаў:,

— Ну-с, малады чалавек, паказвайце!

Ён звярнуўся да Васіля Пятровіча, і гэта прадрашыла, каму даваць тлумачэнні, хоць у склад камісіі ўвайшлі Понтус і архітэктар Дымок, які ў свой час працаваў над даваенным планам рэканструкцыі горада. Па вясёлым бляску вачэй, па тоне, якім было сказана «малады чалавек», Васіль Пятровіч здагадаўся: акадэмік таксама пазнаў яго.

Міхайлаў славіўся як аматар смелых рашэнняў і шырокіх маштабаў. Некаторыя з яго праектаў увайшлі ў падручнікі і ўражалі яснасцю думкі і строгай прыгажосцю. І, мабыць, гэта, як хацелася Васілю Пятровічу, абумовіла выбар ЦК. Але многія праекты Міхайлава — і гэта ведаў Васіль Пятровіч — не былі ажыццёўлены. Ім не ставала практычнай мудрасці.

З адчуваннем чалавека, які баіцца ашукацца ў сваіх надзеях, Васіль Пятровіч павёў камісію па горадзе, падрабязна тлумачачы, што было да вайны на месцы руін, і з нецярплівасцю чакаючы заўваг і пытанняў.

«Спалохаюцца,— думаў ён маркотна.— Пабачаць, жахнуцца, і куды тая смеласць падзенецца...»

Дзень выдаўся ветраны. На вуліцах замеццю слаўся руды пыл. Ён віхрыўся, сляпіў вочы, насцілаў сумёцікі ўсюды, дзе мог затрымацца. Руіны ад пылу быццам дыміліся. Пабялелае ад гарачыні неба таксама здавалася пыльным.

Слухаючы Васіля Пятровіча, Міхайлаў жмурыўся, часта прасіў, каб яго пачакалі, залазіў на груды цэглы, аглядаў наваколле. Сёй-той ужо стаміўся, Понтус пачаў паглядаць на гадзіннік, а Міхайлаў усё лазіў і лазіў па руінах.

Недзе гадзін пад чатыры ён нечакана прапанаваў агледзець горад з самалёта. Седзячы ў «опелі» і пазіраючы на вуліцу, Міхайлаў, як і чакаў Васіль Пятровіч, загаварыў.

— Вось кажуць, што генеральная ідэя пры планіроўцы такога горада, як Мінск, павінна абавязкова астацца адкрытай,— пачаў ён, робячы націск на слове «такога».— А чаму, цікава? Ды таму, адказваюць, што канчаткова можна рашыць толькі тыя часткі горада, дзе ў камені ўвасобіцца мінулае. Інакш зададзеная ідэя будзе перашкаджаць яго далейшаму натуральнаму росту. Да таго ж нікому не вядома, куды і ў якім кірунку пойдзе сам рост. Гадоў праз дзесяць у горадзе могуць паявіцца, напрыклад, вытворчыя гіганты. Што тады? Хіба яны не будуць уплываць на далейшы яго рост? Хіба горад не павінен быць неяк павернуты да іх? Або. Не выключана магчымасць, што, скажам, такое святое месца, як Сталінград, перастане быць эканамічным цэнтрам, ператворыцца ў горад архітэктурных помнікаў. І з усяго свету туды будуць з’язджацца, як у Меку. Хто ведае? І вось тады, як у першым, так і ў другім выпадку, ідэя, якую вы ўвасобіце ў такі магутны матэрыял — камень, стане на шляху руху наперад...

Міхайлаў прыжмурыўся і паглядзеў на Васіля Пятровіча, запрашаючы выказацца.

«Выпрабоўвае»,— хвалюючыся і чамусьці крыўдзячыся, падумаў Васіль Пятровіч і сказаў:

— Той, хто так разважае, забываецца, што ў нас усё расце ў адным кірунку.

— Вось іменна,— падхапіў Міхайлаў, і вочы яго хітра бліснулі з-пад сівых броваў.— А што гэта значыць? Ды тое, што ў нашым горадзе не можа быць супярэчнасцей паміж ускраінамі і цэнтрам. Бясспрэчна, нічога не скажаш, трэба, каб у ім адлюстравалася пройдзенае, здабытае. Але мы абавязаны, па-мойму, прыадкрыць заслону і над заўтрашнім. Чаму? Ды ўжо таму, што ў нашага чалавека, дарагі мой, ёсць законнае жаданне — пажыць у камунізме. А астатняе прыйдзе само сабою — і архітэктурныя помнікі, і Мека...

З самалёта горад выглядаў, бадай, яшчэ больш жахліва. Усюды, куды кінеш вокам,— руіны, руіны, недзе ля гарызонта акаймаваныя палоскаю ўскраінных домікаў. Каробкі, якія з зямлі яшчэ нагадвалі былыя дамы, зверху мала чым адрозніваліся ад руін. Але адсюль, з вышыні, вуліцы вызначаліся ўсё ж выразней, і Васіль Пятровіч лёгка пазнаваў знаёмыя па плану абрысы.

Праляцелі чыгунку. Паварочваючыся, за крыло самалёта пачалі адыходзіць бурыя, без дахаў, цэхі вагонарамонтнага завода, таварная станцыя з маленькімі саставамі на вузенькіх пуцях, руіны кварталаў, што прылягалі да Маскоўскай вуліцы. Узнікла і ўжо не праходзіла адчуванне, што самалёт ляціць не прама, а неяк бокам, увесь час заносячы наперад адно крыло.

У пыльнай смузе наблізіўся будынак Дома ўрада. Сярод руін навакольных кварталаў ён узвышаўся, як на макеце. Тут пачыналася Савецкая вуліца. Няроўная, віляючы, яна прабівалася праз горад на паўночны ўсход, перасякала сярэбраную палоску ракі, рабіла на Круглай плошчы яшчэ адну паваротку і, уліўшыся ў Пушкінскую вуліцу, пераходзіла ў аўтамагістраль.

Міхайлаў паклікаў да сябе камандзіра экіпажа і, не адрываючыся ад акна, папрасіў:

— Калі ласка, уздоўж Савецкага праспекта.

Ён сам спачатку, мусіць, здзівіўся сваім словам, бо адразу ж, быццам яго паклікалі, азірнуўся і, каб схаваць замяшанне, пагладзіў клінападобную бародку. Потым зірнуў на Васіля Пятровіча і паклаў руку на яго калена.

— А ведаеце, мяне радуе, што вы не ўсміхнуліся... Гэта вельмі добра...

Даляцеўшы да парку Чалюскінцаў, самалёт развярнуўся. Некаторы час ляцелі над лугамі, прыгараднай вёскаю, над стракатым, падзеленым у час акупацыі на палоскі полем з нечакана шматлікімі дарогамі.

Аднекуль набегла хмарка. Сыпанула дробным дажджом. Кроплі дружна ўдарылі ў вокны самалёта і паплылі не ўніз, як звычайна, а імкліва пабеглі ўпоперак шыб.

Усе ажывіліся.

— Многае, сапраўды, можна палепшыць,— згадзіўся Дымок, пераводзячы свае празрыстыя, як неба, вочы з акадэміка на Понтуса і зноў на акадэміка.

Міхайлаў забыўся прыняць таблетку аэрону. У вушах яго то закладвала, то адлягала, і, калі адлягала, у вушы, быццам прарваўшы нейкую перашкоду, урываўся гул.

— Ну-тка, ну-тка,— зацікавіўся ён і, каб лепш пачуць адказ, прыклаў далонь да вуха.

— Я думаю, што некаторыя вуліцы можна будзе выпрастаць,— умяшаўся Понтус.— І ў прыватнасці, Савецкую. Хоць, канешне, давядзецца яшчэ ставіць пытанне і ўзгадняць...

— А-а,— працягнуў Міхайлаў і скрывіўся ад новай хвалі гукаў, што рынулася ў вушы.

Да горада падышлі з паўднёвага ўсходу. Зноў пад крылом паплылі руіны, узгоркаватыя пусткі, вузкія вуліцы паміж імі.

Калі праляталі над Круглай плошчаю і на даляглядзе заблішчала Камсамольскае возера, выкапанае напярэдадні вайны, Васіль Пятровіч здагадаўся, у якім кірунку ідуць думкі Міхайлава. «Стары», як па колішняй студэнцкай звычцы Васіль Пятровіч сам сабе назваў яго, па ўсім відаць, намерваўся прапанаваць будаваць будучы горад на двух перакрыжаваных магістралях. І адной з іх павінна была стаць Савецкая вуліца-праспект. Загадка ўразіла і ўсхвалявала Васіля Пятровіча: нешта блізкае мроілася і яму, калі, схілены над сталом, ён разглядаў план горада, адзначаючы цэлыя будынкі і годныя каробкі.

 

2

Вецер сціх. Пыл улёгся. Захад сонца залаціў руіны.

«Прыйду і ўсё падрабязна перадам Вярусі,— думаў Васіль Пятровіч, ідучы дадому.— Няхай будзе ў курсе і ўваходзіць у атмасферу. Можа, абжывацца лягчэй будзе... Пасмяёмся, як Понтус спрабаваў на ўсякі выпадак забегчы наперад і як паныла працягнуў сваё «а-а» Міхайлаў. Ёй спадабаецца... Такі грэх і смех!..»

Хацелася верыць, што паміж ім і жонкаю ўсё перамелецца і ўладзіцца. Сварыліся ж яны і раней. Нават часта...

Веры заўсёды не ставала мужнасці. Яна адчувала сябе шчаслівай, толькі калі не мела асаблівых турбот. Цяжкасці ёй былі агідны. Яны палохалі Веру, як некалі яе бацьку — добрага, слабавольнага інтэлігента — палохала беднасць. У галаве не ўкладвалася, як можна ісці насустрач усякім клопатам, добраахвотна браць на плечы цяжар. Не пагаджалася яна і з тым, што не здолее замяніць для мужа сяброў, работу. Да вайны ўсю сябе аддавала клопатам аб побыце: вышывала падушачкі для канапы і крэслаў, рукадзельнічала, купляла недарагія, але толькі прыгожыя рэчы, разводзіла кветкі. І ўсё гэта дзеля аднаго — каб скрасіць адпачынак мужа і мацней прывязаць яго да сям’і, да дому. Нават са знаёмымі была стрыманая, і тыя проста ўжо не адважваліся прыходзіць да іх.

Васіль Пятровіч адчуваў, як навокал расце пустата, але дараваў жонцы гэты эгаізм, бачачы ў ім натуральнае імкненне стаяць на варце сям’і.

А калі пяць гадоў таму назад нарадзіўся сын, імкненне Веры рабіць усё па-свойму наогул перастала гнясці яго. Ён толькі жыць пачаў дваістым жыццём: адным на рабоце, другім — дома. Працаваў ён тады ў архітэктурна-планіровачнай майстэрні. Работы было шмат, і яна паланіла яго. Ён хадзіў, паглыблены ў замыслы, і, як шчасця, чакаў, калі пачуцці падкажуць патрэбныя рашэнні. І ні пра што іншае на рабоце ні думаць, ні гаварыць не мог. Але варта яму было вярнуцца дамоў, як ён выключаўся з усяго, чым жыў дасюль. Чытаў газеты, адпачываў. Перад вячэрай хадзілі ў сквер. Вера цешылася з мужавай блізкасці, разглядала ўборы на праходжых жанчынах, а ён наглядаў за Юркам.

На рабоце яго цанілі за сумленнасць, за шчаслівы талент. Праўда, праектуючы, ён часам стараўся залішне «выходзіць з сябе», як казалі яго таварышы. Але гэта тлумачылі маладосцю.

Вера ганарылася поспехамі мужа. Ад іх залежаў сямейны дабрабыт. Яны давалі права на ўвагу навакольных, вызначалі яе месца сярод жонак другіх архітэктараў. А як ні старалася Вера жыць адасоблена, яна не магла ўнікнуць той затоенай і даволі ўпартай барацьбы, якую вялі за першынство многія з яе знаёмых. Да таго ж Вера вельмі любіла, каб ёй зайздросцілі, любіла мець тое, чаго не было ў другіх, любіла ўвагу. Усё гэта давалі мужавы поспехі. Таму на начны час, калі муж працаваў, пасягала рэдка. Наадварот, падганяла: працуй, працуй! А гэта было галоўнае!..

Па насмешлівым Зосіным твары, які мільгануў у акне, Васіль Пятровіч здагадаўся: у доме нешта здарылася. Загадзя сярдуючы на ўсіх,— зноў папсавалі настрой,— увайшоў у двор.

На прыступках ганка сядзела жонка. Абхапіўшы рукамі калені і ўпёршыся ў іх падбародкам, яна невідушчымі вачыма глядзела перад сабою. Калі стукнула брамка, не варухнулася. Але заўважыла, хто ідзе, і скамянела.

Васіль Пятровіч паклаў ёй на галаву руку.

— Сумуеш, Вяруся? Занялася б чым-небудзь.

Вера не адказала.

Ён сеў побач на прыступку. Зноў захацелася расказаць, што перажыў і перадумаў за дзень. Схіліўшыся, абняў яе за плечы. Але Вера аж перасмыкнулася, быццам дотык яго быў агідны.

— Навошта гэта гульня? Навошта ты нас выклікаў сюды? Каб здзекавацца? — прамовіла чужым голасам.

— Адкуль ты гэта ўзяла?

— Я ўсё бачу.

Вера абхапіла рукамі шыю і апусціла локці на калені.

— Я прамучылася ў гэтым катуху цэлы дзень. Аж забалела сэрца. Дзесяць разоў выходзіла за вароты. Мне няма каму тут слова сказаць. Глядзяць, як на пракажоную. Сёння гэта... у якой мужа паранілі, даведаўшыся, што я збіраюся мыць бялізну, знарок пачала кіпяціць сваю, каб заняць пліту і вяроўкі.

— Дапусцім. Але адкуль ты ведаеш, што знарок?

— Ведаю!

З-за куста шыпшыны выбег Юрка. Не зважаючы на бацьку, на адной ножцы паскакаў да ганка. Вачаняткі ў яго свяціліся радасна, ён быў нечым узрушаны.

— Мам, паглядзі, што я злавіў,— урачыста паведаміў ён і разняў кулак — на далоні ўгору ножкамі ляжала божая кароўка.— Гэта муравашка?

— Не муравашка, а мурашка,— паправіла Вера і скрывілася, гатовая заплакаць.— Кінь, гадасць!

«Супроць чаго яна бунтуе?» — здзівіўся Васіль Пятровіч, хоць рэўнасць і прызнанне жонкі, што ёй цяжка без яго, палесцілі.

— Я быў заняты,— паспрабаваў ён апраўдацца.

— Нябось, да вайны ў цябе знаходзіліся і час і магчымасці.

— Навалілася куча спраў. Я не мог.

— Бо не хацеў!

— Прыехаў Міхайлаў. Памятаеш, я расказваў табе пра інстытут і нумарныя праекты? Той самы, наш... І, здаецца, не спалохаўся. Ні руін, ні разбурэнняў... Ты ўяўляеш, што гэта такое?

— Божа мой, які ты нудны! Няўжо цяжка зразумець, што і я хачу жыць. Я ж мадзею тут. Нам цяжка, я не ўмею так!

— Не засмучайся,— дагодліва папрасіў ён.— Вось толькі кончу гэту работу, і возьмем сваё. Клянуся!.. А работа, здаецца, чакае сапраўдная! Нават не верыцца, што яе можна пачынаць зараз, калі не так ужо і далёка ваююць...

 

3

Гэта, на самай справе, выглядала не зусім звычайна.

Усё дыхала і жыло вайною. Часцей па начах, у адным кірунку — дарогамі вайны — над горадам праляталі самалёты. Адзін за адным, праз кожныя дваццаць хвілін — па графіку вайны — праходзілі эшалоны з войскамі, артылерыяй, танкамі. На станцыю з такой жа ваеннай дакладнасцю прыбывалі санітарныя цягнікі, не спыняючыся, праносіўся паражняк. Клінічны гарадок і бальніцы кожны дзень прымалі партыі раненых, у горадзе і ў яго наваколлі адкрываліся ўсё новыя шпіталі. Па законах вайны міліцыя прыдзірліва сачыла за светамаскіроўкаю. Самымі люднымі месцамі, як і заўсёды ў вайну, аставаліся ваенкаматы, харчовыя магазіны, і людзі нікога так не баяліся і нікому так не радаваліся, як паштальёну. Дый сама вайна, не менш зацятая, чым у самым пачатку, палыхала недзе ля мяжы, з-за якой заявілася тры гады назад... А група людзей, зусім па-мірнаму заклапочаных, і назаўтра, як па музеі, дыбала між руін і мёртвых каробак.

Міхайлаў адчуваў сябе ў сваёй стыхіі. Ён уважліва аглядзеў старую царкву на вуліцы Бакуніна, пахваліў маляўнічыя руіны кафедральнага касцёла, ратушы на плошчы Свабоды і тую своеасаблівую, чужую прыгажосць, якую некалі надавалі гэтыя будынкі сілуэту горада. Нездаволена, нібы тут, каля яго, быў нехта вінаваты ва ўсіх бедах, дакараў, што ў горадзе няма архітэктурна выяўленага цэнтра, кепска звязаны паміж сабою жылыя раёны, мала сквераў, садоў.

Васіль Пятровіч не прапускаў ніводнага яго слова і амаль абажаў ужо «Старога», хоць нешта не-не дый бянтэжыла ў ім, падобным хутчэй на вучонага, чым архітэктара.

— Вы былі да вайны ў Мінску? — спытаўся ён, калі Міхайлаў заўважыў, што горад па-нявольніцку прыстасоўваўся да прыродных умоў.

— Не даводзілася... А што, крыўдна ўжо?..

— Тут, Уладзімір Іванавіч,— умяшаўся Понтус, нездаволены, што той, гаворачы, увесь час глядзіць {глядзіці) на Юркевіча,— не так ужо і даўно самым апошнім дасягненнем тэхнікі конка лічылася. І якраз вось тут, на паваротцы, дзе мы стаім, да яе прыпрагалі трэцяга каня. Фурман галёкаў, размахваў пугай, а прахожыя шарахаліся да сцен.

Для Васіля Пятровіча як мінчаніна вуліца, скрыжаванне, сквер існавалі не самі па сабе, а ў сувязі з нечым памятным. І хоць любіў ён горад з нейкім шкадаваннем, нават пагардаю, словы Понтуса таксама закранулі яго.

— З беднасці, дапусцім, не смяюцца,— запярэчыў ён.

— Дзе там! Праўда, дарагі,— не насмешка,— з выглядам чалавека, які даруе слабасці, парыраваў Понтус.— А тое, што я сказаў, толькі палова праўды. Бо, калі конка даязджала да Траецкай гары, прыпрагалі не аднаго, а пару коней. І яны, як вы, мусіць, памятаеце, да таго прывыклі, што, угледзеўшы конку, самі падбягалі да яе. А вунь, бачыце, рэшткі будынка? Гэта — гасцініца «Еўропа», колішні наш небаскроб. Вось і ўся наша дзедаўшчына. Так што славіліся мы больш мінчанкамі.

Некаторыя члены камісіі засмяяліся.

— У гарадоў таксама ёсць душа,— не прыняў яго жарту Міхайлаў.— І хаваецца яна часцяком пад вельмі сціплым абліччам. Па-мойму, задача наша, апрача ўсяго, і заключаецца, каб знайсці гармонію паміж першым і другім.

— Канешне! — ахвотна згадзіўся Понтус, хоць гэта не зусім вынікала са сказанага ім раней.

Міхайлаў двойчы пляснуў у далоні.

— Я прашу, таварышы, падумаць аб цэнтры.

Васіля Пятровіча ахапіла чаканне. Чаго? Нечага важнага, што неўзабаве павінна адкрыцца ўсім, і, хто ведае, можа стаць сэнсам яго ўласнага жыцця... Ва ўяўленні паўстаў горад. Але не бясколерным, як выглядаў на плане-схеме, а з абрысамі будынкаў, плошчамі і вуліцамі, што губляліся ў шызай смузе, нібыта Васіль Пятровіч пазіраў на яго з вышыні — як той раз, з самалёта.

Яны стаялі на скрыжаванні Савецкай і Ленінскай. Адсюль, праз руіны, віднелася забрукаваная каменнем плошча Свабоды з кафедральным касцёлам, ратушаю з адцятым купалам і шкілетам гадзінніка.

«Яна? — ускалыхнуліся думкі.— Не, не! Яе ўжо даўно абмінае жыццё, хоць некалі і бурліла тут. Круглая плошча? Не! Нават калі на ёй і перакрыжуюцца, як прапануе Міхайлаў, галоўныя магістралі,— што з таго? — аддаленая ад палітычных і адміністрацыйных устаноў, яна не здолее стаць месцам, куды цячэ гарадское жыццё... Цэнтр — гэта магніт, да якога імкне ўсё: вуліцы, машыны, людзі, думкі людзей. І няхай горад паводле сілуэта нават нагадвае чашу, яны ў сваім імкненні ўсё роўна як бы ўзлятаюць вышэй і вышэй. Таму што няма і не павінна быць у горадзе нічога больш дарагога, высокага і важнага, чым гэтае магічнае сканцэнтраванне...»

Раптам сэрца ў Васіля Пятровіча, замёршы на імгненне, затрапяталася, і нешта як бы само сабой асяніла яго.

— Мне здаецца, цэнтр можна рашыць...— расцягваючы словы, сказаў ён,— як сістэму плошчаў... Дапусцім, новай і Свабоды...

— Ну-тка, ну-тка,— няпэўна, думаючы пра сваё, азваўся Міхайлаў.

— Сістэма ўключыла б у сябе і навакольныя кварталы. А Савецкі праспект...

— Ага! Савецкі праспект! Хвілінку! — не даў яму гаварыць далей Міхайлаў і, папрасіўшы ў Дымка план, пачаў разглядаць яго.

Васіль Пятровіч крыху счакаў, але, бачачы, што «Стары» не падымае галавы, рашыўся:

— Праспект звязаў бы сістэму цэнтральных плошчаў з Круглай плошчай і паркам,— ужо скорагаворкаю, ад узрушанасці, выпаліў ён.— А з другога боку, памог бы звязаць іх з плошчамі, што каля Дома ўрада і вакзала...

Усё мацней хвалюючыся, ён таксама схіліўся над планам, намерваючыся паказаць тое, пра што гаварыў, але ў гэты самы момант уздрыгнуў — Міхайлаў пераняў яго руку і слаба паціснуў.

Члены камісіі акружылі іх.

— Дзе вы прапануеце размясціць новую плошчу? — заклапочана спытаўся Понтус.

Яго ўвага чамусьці збянтэжыла Васіля Пятровіча. Ён зірнуў на строгі Понтусаў твар і паказаў на квадрат насупроць ЦК і Тэатральнага сквера.

 

4

Калі ў сорак трэцім годзе пры Саўнаркоме было ўтворана Упраўленне па справах архітэктуры і Понтусу прапанавалі ўзначаліць яго, усе прынялі гэта як належнае. Понтус узнімаўся па службовай лесвіцы не хутка, але без зрываў і зарэкамендаваў сябе як адміністратар з учэпістым практычным розумам. Да таго ж, перад самай вайною ён, у сааўтарстве з Барушкам, скончыў работу над праектам манументальнага будынка Гістарычнага музея, ухваленым на конкурсе. Усё гэта, напэўна, і адыграла ролю ў яго прызначэнні. У той час, перад вызваленнем Беларусі, на такія пасады падбіралі людзей творчых: яны мусілі працаваць і за сябе і за тых, хто пакуль што быў у дзеючай арміі, мусілі быць і кіраўнікамі і выканаўцамі.

Прызначэнне ўзрадавала Понтуса: ён чакаў яго. Але працу ён распачаў як бы нехаця, пераконаны, што стрыманасць і павольнасць патрэбнейшыя якасці адказнага работніка. І, трэба сказаць, павёў справы паспяхова. Сабраў звесткі пра былых супрацоўнікаў свайго ведамства — архітэктараў, канструктараў, інжынераў-будаўнікоў, геадэзістаў, тэхнікаў-геолагаў і гідролагаў, эканамістаў па планіроўцы гарадоў, сантэхнікаў, буравых майстроў, чарцёжнікаў і нават капіроўшчыкаў, забеспячэнцаў, машыністак і шафёраў.

Многія з іх былі на фронце — у інтэнданствах, у сапёрных часцях, сёй-той у тыле — на Паволжы, Урале, у Сярэдняй Азіі. Понтус устанавіў з імі сувязь, заручыўся згодаю вярнуцца на ранейшае месца і дамогся, што некаторых з іх дэмабілізавалі. Так што, калі ўрад пераязджаў з Масквы ў Гомель, з Понтусам ехала вялікая група горадабудаўнікоў.

Праўда, супрацоўнікі любілі расказваць пра яго смешныя гісторыі, малявалі карыкатуры. Аднак глядзелі на яго як на нешта непазбежнае і ненайгоршае. Дый Понтус умеў гасіць нездаволенасць, набліжаў да сябе найбольш здольных, уключаў іх у абойму, даваў праявіцца, бліснуць. І няхай часам празрыстымі былі яго фокусы-покусы, яны ўдаваліся: вельмі небяспечнай была апала і заманлівым лунанне. Да таго ж, навучаны вопытам, Понтус стараўся падтрымліваць у сабе веру і ўмеў паказаць, што за яго плячыма стаіць нехта высокі і адказны.

Насцярожаны ва ўсім, ён і рашэнні прымаў як бы прыцэльваючыся — можна тут будзе пасля да чаго прычапіцца ці не?

Аднак непрыступных для нападу варыянтаў цяпер не знаходзілася, і Понтус, каб не выклікаць спрэчак і ў той жа час ухіліцца ад рашэння, прымірэнча прапанаваў:

— Давайце, дарагі Васіль Пятровіч, да гэтага пытання вернемся крыху пазней.

— Калі? — спытаў Міхайлаў.— І чаму пазней?

— Трэба параіцца. У тым квадраце — каробкі. Ведамствы наперабой даводзяць свае правы на іх.

— А з кім будзем раіцца?

— З народам, Уладзімір Іванавіч.

— Ну што ж, калі ласка,— быццам не зразумеў яго Міхайлаў.— Але, бачыце, нам нешта таксама трэба рабіць...— Ён энергічна згарнуў план, вярнуў яго Дымку і зноў перавёў позірк на Понтуса.— А якая, уласна кажучы, ваша думка? Вы што — супроць?

— Я гэтага не сказаў,— запярэчыў Понтус са здзіўленай і крыху пакрыўджанай мінаю.— Дый там,— брыво яго шматзначна папаўзло ўгору,— не раілі спяшацца. Вайна ж ідзе яшчэ.

— Вось іменна! І скончыцца яна перамогаю...

На хвіліну ўсе замаўчалі.

— А вы як думаеце, цікава? — ужо не хаваючы, што сярдуе, звярнуўся Міхайлаў да Дымка, які залішне доўга згортваў план.

Дымок кінуў важдацца з папкаю, падняў галаву і дробненька заморгаў. Пагасіўшы вінаваты бляск у вачах, адказаў:

— Мне здаецца, што лепш пачынаць збольшага. Так?.. Папускацца можна будзе пасля.

— Каму папускацца? — стуліў губы Понтус.

— Не, гэта я наогул...— паправіўся Дымок.

Паблізу іх пачалі спыняцца прахожыя. Асцярожна адсунуўшы Дымка, у круг, што ўтварылі члены камісіі, праціснулася Ала — у клёшнай крэп-сацінавай спадніцы і яркай, у абліпку, паласатай безрукаўцы. Грацыёзна несучы правую руку з адтапыраным мезенцам, яна падышла да Понтуса і, нібы ён быў адзін, узяла пад ручку.

— Вы хутка? — запыталася, уважліва разглядаючы ўсіх па чарзе.

Понтус велікадушна ўзяў яе за падбародак.

— Мая дачка,— адрэкамендаваў, рады, што трапіўся выхад.

Працягваючы сваю вузкую руку, Ала страляла ў кожнага баламутным зіркам і, быццам баючыся, што яе могуць злавіць на свавольстве, апускала павекі.

— Мама запрашае вас,— сказала яна, калі абышла круг і стала побач з Васілём Пятровічам як з даўнім знаёмым.

З застыглай усмешкаю той паглядзеў на яе, вельмі падобную на хлопца-падлетка, але думак сваіх не пакінуў. Тое, што нядаўна авалодала ім, пачынала як бы раскрывацца, быццам ён углядаўся ў малазнаёмую карціну, сапраўдны сэнс якой праступае паволі, разам з нечаканымі дэталямі.

— Мне здаецца, на самай справе пара падумаць аб сабе,— пачуў ён голас Понтуса і ўзрадаваўся. Значыць, можна будзе аднаму яшчэ раз агледзець кварталы насупроць Тэатральнага сквера і прайсціся па Савецкай, якая раптам стала па-новаму блізкай.

— Я вас, Васіль Пятровіч, павяду сама, калі дазволіце. Можна? — шчабятала Ала, беручы яго пад руку і думаючы, што гэтым бянтэжыць яго.

— Дзякую, Алачка... Ты ж пераканалася ўжо, што я развучыўся ў гасцях бываць...

— Што вы! Няўжо ўсё помніце? Я таксама. Але з нашых знаёмых толькі вы будзеце,— абвяла яна вачыма членаў камісіі,— ды Барушка. Ён засумаваў па роўных і хоча пагаварыць з вамі. Вы, здаецца, не дагаварылі нешта. Праўда? А ён сябар нашай сям’і і не кідаў нас нават у вайну.

— Не, Алачка, даруй, не магу... Потым як-небудзь...— ужо цвёрда адмовіўся Васіль Пятровіч.

 

5

Ён з галавою ўглыбіўся ў работу. Днём — хадзіў па горадзе, рыхтаваў для камісіі матэрыялы, прымаў удзел у яе рабочых нарадах; уночы, астаўшыся ва ўпраўленні, карпеў над разлікамі.

Домік, дзе жылі Юркевічы, знаходзіўся непадалёк ад хлебзавода. І калі на электрастанцыі аднавілі першую турбіну, удалося падключыцца да заводскай лініі. Гэта дало магчымасць працаваць дома. Схіліўшыся над ватманам, Васіль Пятровіч думаў, прыкідваў, рысаваў. Але, як ні дзіўна, звыклае самазабыццё, калі існуеш толькі ты і работа, усё ж не прыходзіла.

На канапе ляжаў сын. Набегаўшыся за дзень, спаў ён як забіты. Усё ў яго было раскідана быццам само па сабе: ручкі, ножкі; часам нават здавалася, што ён не дыхае. І тады Васіль Пятровіч з трывогаю падымаўся з крэсла і паціху падыходзіў да малога. Стрымліваючыся, каб не пагладзіць віхрастай галоўкі, папраўляў, трэба ці не трэба, коўдру і вяртаўся да пісьмовага стала.

Жонка спала на ложку, што стаяў побач. Каб святло не падала на яе, Васіль Пятровіч адгароджваўся стосам кніг, набытых рознымі спосабамі ў першыя дні прыезду ў горад. Але гэта мала ратавала — Вера спала неспакойна. А калі муж глядзеў на яе, хмурылася, нібы адчуваючы, што за ёю назіраюць. Васіль Пятровіч стараўся не глядзець, хоць жонка вельмі падабалася яму, калі спала. Сцішаная, па-асабліваму харошая, яна абуджала жаданне шкадаваць яе і мілаваць. На пабляднелым, па-дзіцячы капрызным у сне твары выразней, чым звычайна, акрэсліваліся цёмныя бровы, доўгія вейкі і яркія вусны.

Аднаго разу ад яго позірку яна нават расплюшчыла вочы. Збянтэжаны, Васіль Пятровіч запытаўся:

— Ты не спіш, Вяруся? Давай пагаворым...

Яна непрыветліва, варожа зірнула на яго. Але тут жа твар яе пацяплеў, яна пацягнулася і, быццам ад нясцерпнага шчасця, зноў самкнула павекі. Ён пачакаў, спадзеючыся, што зараз будзе дзіва і прыйдзе прымірэнне, і толькі праз хвіліну зразумеў: жонка зусім і не прачыналася.

Знешне іх адносіны мала змяніліся. Ідучы на работу, Васіль Пятровіч, як і раней, цалаваў жонку ў лоб, а яна праводзіла яго да брамкі і прасіла, каб не пазніўся. Калі ж ён вяртаўся з работы, цалавала яго і, як звычайна, сарамліва выцірала з яго твару губную памаду. Але, чаго не было раней, у вачах у Веры паявіўся нездаровы бляск. Часта куткі яе рота са скрухаю апускаліся, і ў голасе гучала крыўда. Яна нечага не дагаворвала, таіла ў сабе. У прысутнасці Васіля Пятровіча раптам пачынала крычаць на Юрку, выдаючы сябе за вельмі заклапочаную маці, або, наадварот, тужліва ўздыхаючы, шкадавала яго, як сірату.

Не астылы ад уражанняў дня, Васіль Пятровіч зноў і зноў спрабаваў загаварыць з ёй пра работу камісіі, пра свае думкі. Вера слухала моўчкі, аднак, відаць было, думала пра другое. Васіль Пятровіч нерваваўся, але быў бездапаможны што-небудзь змяніць. Адступіць ён не мог, яна ж не хацела, дый лічыла крыўдным для сябе.

Памог выпадак...

 

Як звычайна ў апошні час ён вярнуўся дамоў пад вечар. Але ў пакоі не застаў ні Веры, ні сына. Не было іх і на двары.

Васіль Пятровіч выйшаў на вуліцу.

Дзённая гарачыня спала, вуліца ахіналася перадвячэрнім халадком і цішынёю. Зусім як у вёсцы, бегалі басаногія дзеці. З каромыслам на плячах наўскасяк вуліцы дыбала старая. Сусед — барадаты мужчына ў нямецкіх ботах з шырокімі халявамі, у зеленавата-мышынага колеру штанах і ў сподняй прапацелай сарочцы — валтузіўся ля дзота, пабудаванага немцамі на яго сядзібе. Ён ломам узрываў складзеныя вянкамі бярвенні і адцягваў іх на падворак. На вуліцы адзін аднаго ведалі. Васіль Пятровіч прывітаўся і спытаў пра жонку. Даведаўшыся, што тая нядаўна прайшла на могілкі, падаўся туды.

Могілкі некалі былі закрыты, і хаваць на іх пачалі толькі ў вайну. Гэта была даволі ўтульная мясцінка, куды бегалі гуляць дзеці і прыходзілі пасядзець у засені таполяў і клёнаў дарослыя. Рэдкія крыжы з жалезных труб, магільныя пліты і камяні нікога не бянтэжылі. Могілкі ўваходзілі ў побыт ускраіны як сквер. Найчасцей гулялі ля двух таўшчэзных таполяў, у гузаватыя ствалы якіх урасла жалезная агароджа, ды ля невялікай сажалкі, пры якой смутна шарэў камень на магіле Пуліхава — студэнта, які ў мяцежны дзевяцьсот пяты кінуў бомбу ў генерал-губернатара Курлова.

Васіль Пятровіч накіраваўся да гэтай магілы і тут убачыў жонку.

Белая, як крэйда, з Юркаю на руках, спатыкаючыся ледзь не на кожным кроку, яна бегла па сцежцы.

Ён кінуўся да яе. Але Вера толькі варожа зірнула яму ў вочы і памкнулася абысці. Ён схапіў яе за руку і глянуў на сына.

Вочы ў хлопчыка былі заплюшчаны, на бледным тварыку запяклася кроў.

— Што з ім?

Рухам пляча Вера вызваліла руку і крыкнула няхораша, са зрывам:

— Гуляў у тваім горадзе! Падабаецца?..

Удваіх яны палажылі Юрку на канапу. Не памятаючы, Вера апусцілася на калені і, як да нябожчыка, прыпала да Юркавых ног.

— Сынок, мілы! — з вераю, што словы могуць памагчы, загаласіла яна.

Дрыготкімі пальцамі Васіль Пятровіч расшпіліў яму каўнер, доўга на вялай ручцы мацаў і не мог знайсці пульс. Потым мокрай сурвэткаю, баючыся зрабіць балюча, выцер твар. Юрка варухнуўся, расплюшчыў вочы, і толькі тады Васіль Пятровіч заўважыў: ран на твары няма.

— Што з ім? — паўтарыў ён.

Па шчаках у Веры цяклі слёзы. Ласцячыся да сына і не адказваючы, яна выцерла іх далонню і зашаптала з радасным адчаем:

— Бедны ты мой! Дурненькі мой! Хіба гэтак можна? Трэба дома гуляць, не бегаць. Трэба маму слухаць!

— Я больш не буду,— нечакана сказаў Юрка.— Ты, мам, не плач.

— Мілы мой! — узмахнула рукамі Вера.— Разумнік ты мой!

— Супакойся!

— Мне няма чаго супакойвацца. Скажы дзякуй і так! — пачала дапякаць яна.— Ты ж называешся бацькам! Што ты зрабіў, каб мы маглі жыць па-людску? Што зрабіў, каб небяспека не вісела над тваім дзіцем?..

Калі, слаба ўздрыгваючы, Юрка заснуў, Вера, не гледзячы на мужа, праз сілу, пачала расказваць, як Юрка гуляў з хлопчыкамі на могілках і як адзін з іх, відаць, натрапіў на міну.

— Ну, а той як? — халадзеючы, спытаўся Васіль Пятровіч.

Яна, не разумеючы, развяла рукамі.

— Я не заўважыла. Яго адкінула да Юрыка, і Юрык страціў прытомнасць.

— А той?

— Я ж сказала — не ведаю!

Васіль Пятровіч схапіў ручнік і пабег на могілкі. За магілаю Пуліхава ўбачыў дзікую сцэну. Праставалосая, з закасанымі рукавамі і падаткнутай спадніцаю жанчына біла хлопчыка.

— Вось табе! Вось табе! — роспачліва лямантавала яна, падымаючы за руку сына і з усяе сілы б’ючы яго па спіне.

Хлопчык не крычаў, а толькі выгінаўся і ручкаю прыкрываў заліты крывёю твар.

— Што вы робіце? — накінуўся на яе Васіль Пятровіч.

 

6

Яны дамовіліся, што Вера паедзе разам з Міхайлавым. Вывады і матэрыял, які абгрунтоўваў іх, камісія падрыхтавала ўжо. Асталося перадаць ураду.

Вера адразу змянілася. Стала спакайнейшая, уважлівая і бясконца прымушала Юрку цалаваць бацьку.

— Пацалуй тату! Бачыш, як ён стаміўся! — з дакорам казала яна і падштурхоўвала сына ў плячо.— Ну!..

На нараду ў Саўнарком Васіль Пятровіч пайшоў са складаным пачуццём, нібы там мусіў вырашацца і лёс горада, і яго асабісты лёс. Таілася надзея: там абавязкова здарыцца нешта такое, пасля чаго ўсё зменіцца да лепшага. Разам з гэтым, Васіль Пятровіч не быў упэўнены, што вывады камісіі прымуць. Вельмі рэзкай здавалася неадпаведнасць паміж тым, што было, і тым, што павінна быць. Занадта гарачыя былі руіны, і занадта глыбокія раны вайны. І ці апошнія раны? Успаміналіся Понтус са сваім цвярозым, практычным падыходам да справы, нясмелы Дымок... Выклікаючы ўхмылку, успаміналіся далёкія праекты ідэальных гарадоў Вазары, Скамоцы — дзіўных летуценнікаў Адраджэння. Іхнія праекты таксама выглядалі бездакорна прыгожымі. Але іх загана якраз і заключалася ў тым, што яны былі залішне прыгожыя, ідэальныя і не лічыліся з магчымасцямі часу, людзей. А ці правільна ўлічыла гэтыя магчымасці камісія?

Нешта блізкае, відаць, адчуваў і Міхайлаў. Заходзячы ў цэнтральны пад’езд Дома ўрада, ён задуменна паскубваў бародку-клінок і хмыкаў. Прывітання вартавых, якія знерухомелі ля дзвярэй, не заўважыў і, не агледзеўшы вестыбюля, першы пачаў падымацца па мармуровай лесвіцы, засланай дывановай дарожкаю.

У прыёмнай Васіль Пятровіч механічна агледзеў сябе і следам за Міхайлавым увайшоў у прасторны, заліты сонцам кабінет старшыні Саўнаркома. Той стаяў каля глухой сцяны, ля мальберта, на якім вісеў план даваеннага Мінска, і ўважліва разглядаў яго. Ваенная форма, пагоны надавалі ягонай постаці строгасць. На крэслах, расстаўленых паўз сцены, сядзелі члены Бюро ЦК, наркомы. За круглым столікам, у кутку кабінета стэнаграфістка. Усё гэта Васіль Пятровіч ахапіў неяк адразу, і сумненні нахлынулі на яго з новай сілаю.

Заўважыўшы Міхайлава і членаў камісіі, сакратар пайшоў ім насустрач, прывітаўся і, счакаўшы, пакуль рассядуцца, вярнуўся да мальберта.

— Надзвычайная камісія, таварышы, устанавіла, што гітлераўцы ў горадзе знішчылі семдзесят пяць працэнтаў камунальнага жылога фонду. А гэта значыць, што нам, па сутнасці, прыйдзецца будаваць на руінах новы горад.

Ён павольна адышоўся ад мальберта і сеў за пісьмовы стол.

— Прынясіце пастанову аб генеральным плане Масквы,— папрасіў у селектар, які стаяў перад ім на стале.— Гэта трыццаць пяты год.

— Слухаю,— адгукнуўся з селектара чыйсьці блізкі голас.

— А мы, таварышы, пачнём. Прашу, Уладзімір Іванавіч. Адвага, кажуць, не толькі бярэ гарады.

Васіль Пятровіч позіркам правёў да мальберта высокую, сутулаватую постаць акадэміка і задумаўся. Як разумець заўвагу аб тым, што горада фактычна няма і яго трэба будаваць нанава? Ухвала гэта ці дакор у адрас вывадаў, з якімі сакратар, безумоўна, ужо знаёмы? Ці не хацеў ён, каб прысутныя цвяроза зірнулі на будучыню і не будавалі на папялішчах паветраных замкаў? «Бачыце, якія разбурэнні?! Трэба ўсё пачынаць нанава. Не будзьце манілавымі». Ці не гэта тоіцца ў яго словах?..

— Ну-с, спачатку пра агульныя палажэнні,— залішне проста пачаў Міхайлаў, перабіраючы лісты паперы, якія трымаў у руцэ.— Што вызначала напрамак нашай работы?..— Паступова ён натхняўся, і голас яго пачынаў звінець, асабліва калі Міхайлаў адказваў на самім жа пастаўленыя пытанні.— Што прапануем мы? Для сувязі асобных раёнаў запланаваць новыя радыяльныя і кальцавыя магістралі. Правесці некаторае перамяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў. Усё? Не. Трэба будзе павялічыць сетку сквераў, бульвараў, стварыць новыя паркі, упарадкаваць раку і азеляніць яе берагі. А што з цэнтрам? Яго мы прапануем перапланаваць і забудаваць манументальнымі дамамі, якія б чаргаваліся з зялёнымі масівамі, упрыгожанымі мемарыяльнымі збудаваннямі...

Сакратар слухаў уважліва, часам зазіраў у паперы, якія прынёс яму памочнік, і нешта хутка занатоўваў каляровым алоўкам на старонцы настольнага календара. Ён любіў думаць ходзячы і таму неўзабаве ўстаў з крэсла і захадзіў паміж сталом і акном. Затым спыніўся ля стала і стаяў там, пакуль Міхайлаў не скончыў.

— Згодзен. Нам неабходна перш за ўсё вызначыць мэту,— прамовіў ён з нецярплівасцю і рукою, у якой трымаў люльку, зрабіў рух, нібы ставіў кропку.— Я думаю, беларускі народ заваяваў права на сталіцу, якая была б адным з прыгажэйшых гарадоў.

Адчуваючы, як ад разгубленасці халадзее ў грудзях, Васіль Пятровіч зірнуў на Міхайлава, Понтуса. «Стары» сур’ёзна, у знак згоды, ківаў галавою. Понтус жа сядзеў з заклапочаным тварам і засяроджана думаў.

— Аднак,— панізіў сакратар голас,— гаварыць аб маштабах канкрэтна пакуль што рана. Шмат у чым гэта залежыць ад прамысловасці, якая будзе запланавана для сталіцы. Але...

Васіль Пятровіч зразумеў: наіўна чакаць, што меркаванні камісіі будуць адхілены ці могуць стаць дырэктыўным дакументам. Справа зусім не ў гэтым. Важна прыкаваць увагу да горада, да яго лёсу, выявіць думкі, даць ім скрыжавацца.

— Але...— падаўся наперад сакратар і быццам адхіліў нешта ад сябе.— Гэта не значыць, што нельга зрабіць вывадаў. Работа, праробленая камісіяй, па-мойму, плённая. І, бясспрэчна, будучы генеральны план будзе абапірацца на яе. А таксама зусім відавочна, што гораду патрэбен галоўны архітэктар, які стаяў бы на варце. Правільна, Ілья Гаўрылавіч?

Пытанне было нечаканае і застала Понтуса знянацку. Але з крэсла падняўся ён хутка, выцягнуў рукі па швах і адказаў з вераю ў свае словы:

— Абсалютна! Мне здаецца, памеры задач дазваляюць нам звярнуцца да паважанага Уладзіміра Іванавіча.

Гэта было яшчэ больш нечакана, на імгненне запанавала маўчанне.

Міхайлаў адкашляўся і ўстаў таксама.

— Ці думаў я аб гэтым? — сказаў ён, дарэмна шукаючы нечага ў кішэнях.— Так.— Ён знайшоў, што шукаў,— шэранькі замшавы футлярчык, дастаў акуляры і надзеў іх, ад чаго твар у яго стаў афіцыйны.— І прыйшоў да высновы: калі галоўнаму архітэктару можна будзе працаваць пры старшыні Саўнаркома, я згаджуся.

Сакратар бліснуў вачыма, іранічна паглядзеў на Понтуса і адказаў жартам:

— Але для гэтага трэба было б змяніць ні мала ні многа, як Канстытуцыю.

— Вось іменна! — Міхайлаў таропка зняў акуляры.— Таму я дазволіў бы сабе рэкамендаваць Юркевіча.

Што хацеў дасягнуць сваёю прапановаю Понтус? Паставіць Міхайлава ў няёмкае становішча і, ведаючы загадзя: той адмовіцца, паказаць, што фантазіраваць і ажыццяўляць фантазіі не адно і тое ж? Ці, наадварот, разлічваў: гэта спадабаецца «Старому» і той будзе ўдзячны яму? А можа, і сапраўды быў перакананы, што гэта найлепшы выхад? Васіль Пятровіч не паспеў разабрацца. Словы Міхайлава, ашаламіўшы, забралі ўсю яго ўвагу.

— Ну, а па-вашаму як, Ілья Гаўрылавіч? — пачуў ён пытанне сакратара.

Понтус зноў падняўся і спакойна, быццам нічога не адбылося, сказаў:

— Трэба памеркаваць.

— Калі ласка, памяркуйце і далажыце. А цяпер, таварышы, прашу выказацца.

Пазней Васіль Пятровіч часта ўспамінаў гэтыя хвіліны. Прасторны, заліты сонцам кабінет, мальберт з планам горада, высокага, крыху сутулаватага Міхайлава з паперамі ў руцэ і ля стала, за якім у акне сінела лагоднае неба і маячылі руіны Універсітэцкага гарадка,— стрымана-нецярплівага сакратара ЦК.

 

7

Поезд адыходзіў а палове восьмай, і як толькі нарада закончылася, Васіль Пятровіч у машыне, якую прымусіў узяць яго Міхайлаў, паехаў па жонку і сына.

Вера і Юрка чакалі яго ўжо ля брамкі. Калі машына пад’ехала пад дом і Васіль Пятровіч адчыніў дзверцы, Юрка запляскаў у далоні, заскакаў на адной ножцы.

— Гэта па нас! Гэта па нас! — заспяваў ён.

З прасветленым тварам пайшла насустрач і Вера.

— Ты знайшоў аўтамабіль, Вася?

Ён кіўнуў галавою, пацалаваў жонку і, хоць не было патрэбы, папрасіў збірацца хутчэй.

Вера замітусілася, забегала. Выявілася, што ў пакоі вельмі многа шуфлядак, закуткаў, і ўсюды яшчэ знаходзіліся патрэбныя рэчы.

— Заўсёды што-небудзь забудзеш,— збянтэжана казала яна, заглядаючы пад ложак, за канапу, пад пісьмовы стол.

Твар у яе расчырванеўся. Над верхняй губою выступілі кропелькі поту, валасы раскудлаціліся, і ўся яна выглядала ажыўленай і захопленай.

Па дарозе, як было дамоўлена, яны заехалі па Міхайлава. «Стары» прымаў душ, і ім давялося трохі пачакаць. Выйшоў ён з гасцініцы задаволены, свежы. Пазнаёміўшыся з Вераю, прагнаў Васіля Пятровіча на пярэдняе сядзенне, да шафёра, а сам умасціўся побач з ёю і з Юркам. Вера яму спадабалася, і ён ажыўлена, перабольшваючы, як звычайна гавораць пры жанчынах, якія падабаюцца, пачаў расказваць пра нараду, пра горад. Паводле яго слоў выходзіла, што няма ліха без дабра і шчасце горада ледзь не ў тым, што ён разбураны дашчэнту. Але тут жа спахапіўся, засмяяўся і расказаў анекдот пра знаёмага медыка, які аднойчы ў ажыятажы вырак: «Гэта быў выключны выпадак. Унікум! Цудоўная язва страўніка!»

Адразу стаўшы самавітай, Вера слухала яго, усміхалася і адной рукою прытрымлівала Юрку, які то намерваўся ўзабрацца да шафёра, то спрабаваў адчыніць дзверцы.

На вакзал яны прыехалі першыя. Васіль Пятровіч, выконваючы просьбу Понтуса, зайшоў да начальніка санпрапускніка, каб уладзіць фармальнасці і атрымаць даведку, што пасажыры прайшлі медагляд і санапрацоўку. Калі ён вярнуўся, на пероне ўжо сабраліся ўсе — і той, хто ехаў, і той, хто прыйшоў праводзіць: Зімчук, Дымок, Кухта. Апрача іх каля Зімчука стаяла дзяўчына ў просценькім плацці ў блакітную клетку. Было ў ёй нешта такое, што прыцягвала ўвагу, і Васіль Пятровіч, праходзячы міма, не ўтрымаўся, каб не спытацца:

— Дачка, Іван Мацвеевіч?

— На жаль, не. Паплечніца,— адказаў Зімчук, як гавораць пра людзей, якія павінны быць вядомы.— Некалі са здраднікамі на вуліцах распраўлялася, а цяпер горадабудаўнікамі цікавіцца.

— Гэта ў якім сэнсе?

— У станоўчым, вядома...

Жонка размаўляла з Міхайлавым і Понтусам. Васілю Пятровічу карцела пагутарыць з ёю сам-насам і якраз цяпер, перад ад’ездам. З нарады ён выйшаў з такім пачуццём, быццам нешта ацвярдзела ў ім. Ён адчуў пільную патрэбу сказаць пра гэта і чакаў, што Вера абавязкова скажа таксама пра нешта важнае, пасля чаго, магчыма, рассеецца нядобрае прадчуванне. Але цяпер гэтага не выпадала. Дый яна была захоплена іншым.

— Я чытала ў Талстога,— казала яна Понтусу,— што, калі чалавек куды-небудзь едзе, ён палову дарогі думае пра тое, што пакінуў, а пасля ўжо — пра тое, што чакае яго наперадзе.

— Талстой не прадбачыў трэцяга,— смяяўся Понтус,— нас. Мы, Вера Антонаўна, маем надзею, што не дамо вам рабіць ні першага, ні другога.

— А ведаеце, праўда на яго баку,— з падробленай сур’ёзнасцю згадзіўся Міхайлаў.

— Вось бачыце!

— А вы хіба таксама з намі? — узняла на Понтуса шырока расплюшчаныя вочы Вера і неяк не натуральна заморгала вейкамі.

— Канешне! У якасці ганаровага эскорту.— Ён зрабіў выгляд, што едзе на матацыкле.— Дарэчы, наконт эскорту... Вашага паважанага супруга рэкамендуюць галоўным архітэктарам горада. Ён сказаў вам?

— Дакладней, руін,— паправіў Міхайлаў.

— Гэта праўда, Вася? — расцвіла тая.

Яе радасць, як і ўвага да Понтуса, які загаварыў высакамоўна, пакрыўдзіла Васіля Пятровіча. Падумалася: магчыма, яна ніколі і не кахала яго па-сапраўднаму. У ёй так і не абудзілася страсць да яго, і Вера жыла з ім толькі таму, што выпала жыць.

— Пакуль рана гаварыць пра гэта,— нехаця адказаў ён.

— Ну, выбачайце! — паківаў пальцам перад сваім рымскім носам Понтус.— Калі я кажу старшыні Саўнаркома, што мне трэба памеркаваць, гэта значыць толькі адно: я не прымаю рашэнняў, не ўзважыўшы папярэдне ўсе «про» і «контра». А калі на гэта высокае начальства адказвае «памяркуйце і далажыце», гэта значыць — яно прапануе: пры адсутнасці крыміналаў — аформіць.

— Складана!

— Затое здорава. Я і памочніка падабраў ужо. Барушку. Ёсць устаноўка — да такіх ставіцца лаяльна. Ён некалі перадаў падпольшчыкам план горада... Так што, Вера-Надзея-Любоў, можаце віншаваць таварыша галоўнага.

Не спыняючыся, прамчаў таварны цягнік з адным класным вагонам. У адчыненых дзвярах спісаных крэйдаю вагонаў стаялі і сядзелі салдаты. На платформах, пакрытыя брызентам, угадваліся танкі. Салдаты спявалі. Песня, вырваўшыся з грукату, грымнула на пероне, але праз момант патанула зноў у перастуку колаў.

Усе, апрача Понтуса, пасур’ёзнелі.

— Вы заўважылі, таварышы? Чым далей разгортваецца наша наступленне, тым больш зацятыя робяцца танкавыя і паветраныя баі,— сказаў Міхайлаў.— Нядаўна за дзень падбілі і знішчылі дзвесце дзевяноста пяць нямецкіх танкаў і каля сотні самалётаў... Вы ўяўляеце? Не, паспрабуйце ўявіць!

— Так, мнагавата,— жартаўліва прамовіў Понтус.

Вера ўздыхнула.

— Божа мой, калі ўсяму гэтаму прыйдзе канец?

— А гэта ўжо, дарагая Вера Антонаўна, і ёсць канец,— пераканана сказаў Міхайлаў.— І лепшы таму доказ — цячэнне нашага жыцця... Ну-тка, а вы што скажаце? — нечакана, як часам гэта рабіў, звярнуўся ён да Валі, якая ўпотай, спадылба, назірала за ім.

Усе павярнуліся да яе.

— Вядома! — хуценька згадзілася яна, захоплена гледзячы на Міхайлава.— Хіба можна тут сумнявацца?..

Скарыстаўшы зручны момант, Васіль Пятровіч паклікаў жонку, і яны пайшлі ўздоўж перона.

Паказаўся другі цягнік. Магутны «ФД», выкідаючы клубы дыму, цягнуў даўжэзны састаў, хвост якога аж губляўся за павароткаю. Пранёсшыся міма, ён абдаў перон гарачынёю, дыхнуў пахам мазуты і адпрацаванай пары. Грукат і перастук колаў разлеглым водгуллем аддаліся ў пустой каробцы вакзала.

— Вось ты і едзеш, Вяруся...

— Але.

— А ты... не думала, што гэта ўсё-такі недарэчна?

Вейкі яе ўздрыгнулі, і яна ўтаропілася ў Васіля Пятровіча, просячы літасці.

— Я не гераіня, Вася. Я звычайная жанчына, маці. Тут мы будзем толькі перашкаджаць табе і пакутаваць самі. Каму гэта трэба? Ты ж усё роўна будзеш прыязджаць да нас.

Яе позірк абяззброіў Васіля Пятровіча, але словы, якія яна, хутчэй за ўсё, выношвала і прыберагала спецыяльна для яго, абурылі.

— Каму трэба? — жорстка перапытаў ён.— Усім. Мне, вам, рабоце.

— Вася!

— Не, калі так, выслухай! Ты ўпікала, што я цябе мала кахаю, дзялю сябе паміж табою і работай. Ну, а твае адносіны да мяне, дазволь спытаць, гэта каханне?

— Вася, клянуся...

— Пачакай! Я ведаю, цяпер там жыць лягчэй.

Але я не хачу верыць, што ты жонка толькі для шчаслівых часоў.

— Ты ж сам сказаў, каб мы ехалі.

— Правільна! Але ты хіба мела права згаджацца? Наадварот, ты трызніла гэтым, дамагалася.

— А Юрык?

— Яго, як і цябе, таксама не шкодзіла б прапаласкаць у горы.

— Тады я не еду.

— Не, не!..

— Таварыш галоўны! — паклікаў Міхайлаў.

Васіль Пятровіч азірнуўся і, астываючы, дадаў:

— Але падумай аб гэтым хоць бы ў першую палову дарогі...

Падышоў цягнік. Перон ажыў, і, хоць пасажыраў было не багата, усе заспяшаліся, рушылі да вагонаў. Васіль Пятровіч узяў сына, чамадан і панура падаўся за Вераю, якая мітусілася больш за ўсіх.

Цягнік спазніўся, дзяжурны па вакзалу папярэдзіў, што стаянка будзе карацейшая. Таму, наспех развітаўшыся, Васіль Пятровіч выйшаў з вагона і стаў пад адчыненым акном. Веры сказалі пра гэта, і яна праз некаторы час паявілася ля акна. Расстроеная, працягнула яму рукі. Нос у яе пачырванеў, у вачах закружыліся слёзы. Упэўнены, што яна зараз скажа, чаго ён усё яшчэ чакаў, Васіль Пятровіч узяў жончыну руку і прыпаў да яе губамі. Вера, як некалі даўно, пацалавала пальцы сваёй свабоднай рукі, дакранулася да галавы і крыху раскудлаціла яму валасы.

— Ты не сярдуй, Вася, і не будзь жорсткі,— папрасіла яна.— Не дакарай нас. Я пагавару з Міхайлавым у адносінах цябе...— і раптам спахапілася: — А ведаеш, я ўсё-такі забыла Юркаў гарнітурчык. Ён сушыцца на гары. Ты, калі ласка, перашлі яго з кім-небудзь.

А Васіль Пятровіч падумаў: вось ён і зноў адзін. І хоць гэта не палохала, як у першыя дні, на сэрцы ўсё ж стала вельмі горка.

 

РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ

 

1

На Ленінскай вуліцы ўвагу звярнуў на сябе рослы, з салдацкім мяшком за плячыма, ваенны. Ён крочыў, накульгваючы, і адлегласць паміж імі паступова змяншалася. У Васіля Пятровіча была моцная зрокавая памяць. Высокая, шырокай косці, постаць армейца здалася знаёмай. Ён напружыў памяць і ўспомніў, што заўважыў яго яшчэ там, ля цягніка, калі той выходзіў з вагона, і нават тады адзначыў сам сабе, што гэты велікан — сержант.

Яны перайшлі скверык на плошчы Свабоды, спусціліся па вуліцы Бакуніна, адзін за адным па разбураным трамвайным мосце перабраліся цераз рэчку.

«Няўжо ён збочыць на Стара-Віленскую?» — падумаў Васіль Пятровіч.

Сержант паправіў на спіне рукзак, з радаснай разгубленасцю паглядзеў у адзін, у другі бок, пакруціў галавою і павярнуў на Стара-Віленскую.

«Нябось, да сваіх»,— здагадаўся Васіль Пятровіч, і ў яго ўзнікла адчуванне, а потым перакананне — незнаёмы ідзе туды ж, куды і ён.

І, сапраўды, дайшоўшы да доміка, у двары якога зелянелі шыпшына і бэз, сержант паглядзеў на нумар, упэўнена адчыніў брамку і ўвайшоў.

Далей стрымліваць сябе яму, мабыць, было цяжка. Ён паправіў пілотку і рашуча закрочыў да ганка. Але не паспеў узяцца за клямку дзвярэй, як яго аклікнулі. Ён павярнуўся, збялеў і астаўся стаяць з працягнутай рукою. З-за куста шыпшыны спалоханымі вачыма на яго глядзела Зося. Свецячыся ад шчасця, яна падбегла да яго, як дзяўчынка, прыўзнялася на пальчыках і павісла на шыі. Рукі ў Зосі былі запэцканыя зямлёю, і яна абнімала яго, не датыкаючыся кісцямі рук да шыі.

Гэта расчуліла Васіля Пятровіча. Ён непрыкметна прайшоў у дом і зачыніўся ў сваім пакоі...

А яны асталіся на ганку, можа быць, шчаслівейшыя за ўсіх на свеце.

— Лёша, мілы...— як у забыцці, паўтарала Зося.— Лёшачка... Жывы, здаровы!..

— А ты як думала, дурненькая! Што са мной станецца? — супакойваў ён, хоць сам быў узрушаны.

Як бы ў доказ сваіх слоў, ён лёгка ўзяў яе на рукі і так намерыўся панесці ў дом, не думаючы, што ідзе да зусім незнаёмых людзей. А яна, прыпаўшы шчакою да яго шорсткага шыняля, усё паўтарала тое ж самае, не маючы на тую хвіліну больш цёплых і пяшчотных слоў.

У дзвярах паказалася цётка Анця. Узмахнуўшы рукамі, закудахтала:

— Годзе, Зося! Людзей хоць пасаромцеся. Вядзі яго сюды.

— Што вы, цётачка! — ад шчасця блазнавалася тая.— Ён жа і ў дзверы не пралезе. Вы толькі паглядзіце!..

Столь і сцены ў пакоі былі абабіты жоўтым кардонам, панелі абшыты фанераю, размаляванай пад дуб, бэлькі пафарбаваны ў карычневы колер. Са столі звісаў папяровы абажур, расквечаны адмысловым узорам. На сцяне вісела літаграфія ў рамцы — сярэдневяковы, з вежамі і гатычным дахам, замак на беразе возера. У кутку стаяў ложак, каля акна, над якім на вяровачках вісела скручаная ў трубачку маскіровачная штора, стол.

Цётка Анця, якая строга разглядала Аляксея, заўважыўшы яго здзіўленне, растлумачыла:

— Гэта ўсё ад былых кватарантаў, таварыш.

— Ды які ён таварыш, цётачка? — залямантавала Зося.— Гэта ж мой Лёша. Бачыце, які ён? А вы не верылі.

— Ну, годзе, годзе,— памякчэла старая.— Распранайцеся, таварыш Алёша.

Зайшоў гаспадар у рабочым гарнітуры, запэцканым глінаю, з масцярком і сокалам пад пахаю. Зося, павесіўшы на цвік шынель і рукзак, кінулася да яго.

— Дзядзька Сымон, мой Лёша прыехаў! — як глухому, гукнула яна і, папрыгажэлая, стала поруч з Аляксеем.

— А-а-а! Гвардзеец... Тады я зараз...

Ён выйшаў, не прывітаўшыся з Аляксеем, доўга нечым бразгаў на кухні і вярнуўся памыты, з мокрымі валасамі, у чыстай кашулі.

— Хопіць лізацца, пакажы,— сказаў ён Зосі. Потым, адхіліўшы яе, павярнуў Аляксея тварам да акна.— Нішто. Прыйдзецца, старая, раскашэльвацца. Замачыць падзею. А разам і вяселле згуляем. У лесе яны, мабыць, не пра гэта думалі.

— Ат! — адмахнулася цётка Анця, але неўзабаве знікла.

Прынеслі яшчэ некалькі крэслаў, перасунулі стол на сярэдзіну пакоя. Зося заслала яго чыстым абрусам, расставіла талеркі, пакроіла хлеб, нарэзала памідораў, салёных агуркоў. Аляксей выняў з рэчавага мяшка бляшанку свіной тушонкі, брусок сала. Гаспадыня паставіла два паўлітры, закаркаваныя папераю.

Куст шыпшыны за акном пацямнеў. У пакой упаўзлі вячэрнія змрокі.

— Непарадак,— сказаў Сымон і, апусціўшы штору, запаліў электрычнасць.

У пакоі стала ўтульней, і Аляксей, толькі цяпер паверыўшы ў рэальнасць таго, што адбывалася, зразумеў — пяройдзены дужа важны рубеж і пачынаецца новае жыццё. Зося ж, якая не спускала з яго вачэй і ўсё нечага ўсміхалася, раптам успомніла, што Аляксей са шпіталя, захвалявалася, кінулася распытваць, ці не баліць рана.

— Годзе! — зноў дакарыла цётка Анця.— Хіба такія хварэюць?

Але Зося ўпершыню не слухала яе, лашчылася да Аляксея, зазірала ў твар і ўсё пыталася:

— Не, ты праўду кажы! Баліць?..

Запрасілі Васіля Пятровіча і ўрачыста селі за стол.

— Ну што ж? Хлеб на стале, рукі свае, рэж ды еш. За цябе, Ляксей, за ваша шчасце! — падняў чарку Сымон.— Дай бог не апошнюю. Не вытыхлася яшчэ, відаць.

Ён чокнуўся з усімі, разгладзіў бараду і спрытна перакуліў чарку.

— Кажуць, што яна шкодзіць,— звярнуўся ён да Васіля Пятровіча, які спяшаўся закусваць.— Не праўда! Чым яна можа шкодзіць? Чыстая, як сляза. Кан-цэн-трат, ды годзе. Толькі от меру трэба ведаць.

— Ты ведаеш...— сярдзіта сказала цётка Анця.

— І зноў жа, скажам, вада. Без яе чалавек жыць не можа. А паспрабуй выпі яе вядро. Ды яшчэ нашча... У арміі і то даюць. Як іх, Ляксей, называюць? Падкажы.

— Службовыя.

Сымон належаў да людзей, якіх моцна забірае першая чарка, але якія потым п’янеюць паволі.

— Службовыя,— паўтарыў ён захмялелым голасам.— Слова і тое харошае. Значыць, заробленыя. Чуеш, старая?

— Пачалося ўжо... Ты еш, еш!

Васілю Пятровічу зрабілася хораша, і ўсё стала здавацца простым, ясным.

— Бачылі горад? — спытаўся ён у Аляксея.— Жывога месца няма. А вось жа ўзнімем! І такі белакаменны цуд, што ахнуць. Выпакутаваў ён гэта, заваяваў... Вы назаўсёды да нас?

— Адваяваўся, здаецца...

Аляксей заўважыў, як уздрыгануліся Зосіны плечы, і яна шчыльней прытулілася да яго. Ён знайшоў пад сталом яе руку і сціснуў. Але Зося наўмысля голасна, каб усе здагадаліся, войкнула і, трасучы перад сабою руку, пачала дзьмухаць на пальцы.

А Сымон, наліваючы другую чарку, вёў сваё:

— Рабочы чалавек без грамаў не можа. Яны імпэт надаюць. А наша работа такая, што без ім-пэ-ту нельга. Гэта табе не ля станка. Ён, масцярок, адчувае...

— Хто там твой масцярок ведае! — сказала бадай што лагодна гаспадыня.

— Яго ўсе павінны ведаць. Гэта такі струмант, што ім цуды можна рабіць. Толькі да ўсяго дайсці трэба. Другому здаецца, што карнізы навесіць — пусцяковіна. А гэта, братка ты мой,— ма-ста-цтва! Каля карніза, як таму скульп-та-ру, трэба пакруціцца. Ды не кожнаму ён і дасца. Хітры, з фокусамі. Колькі мяне от гэтым носам у гліну патыцкалі!

— Бяда з ім,— усцешана паскардзілася цётка Анця.— Як вып’е, дык другой гаворкі ў яго і няма.

— Гаварыце, гаварыце! — папрасіў Васіль Пятровіч, падсоўваючы да яго крэсла і ўлаўліваючы ў яго словах сваё, што прыйшло сёння.

Зося тузанула Аляксея за гімнасцёрку, і яны непрыкметна выйшлі на ганак.

Над горадам ужо навісла ноч — ні аганька, ні гуку. Каля плота нерухома застыглі кусты шыпшыны і бэзу. За імі чарнелі дахі будынкаў, дрэвы. І толькі з вышыні бруілася зорнае святло. Зоры, чыстыя, буйныя, усыпалі неба. Знячэўку адна з іх, як здалося, самая буйная, сарвалася і імкліва панеслася па небасхіле, пакідаючы за сабою кароткі блакітны след.

— Памёр нехта,— паціху прамовіла Зося.— На фронце, мабыць, або ў шпіталі.

— Многа цяпер памірае людзей, Зось. А нам вось з табою — жыць...

— Божа мой, што б я рабіла без цябе, Лёша? Не, не цяпер, не заўтра, а наогул... Ты паслухай, што тут дзеецца.— Яна ўзяла яго руку і прылажыла да сваіх грудзей.— Чуеш?

— Чую... Сэрца,— пажартаваў ён.

— Паступіла на работу. Далі другі клас, самы лёгкі. А як бы я працавала без цябе? Як хадзіла па зямлі?..

— Ну, што ты! Не трэба пра гэта... Не гуляла тут без мяне?..

Зося прытулілася да яго грудзей спінаю, папрасіла абняць і моцна прыціснула Аляксеевы рукі падбародкам. Потым вызвалілася з абдымкаў, павярнулася і абняла сама.

— І-і-і! — сціснула яна яго.

Ён прыкінуўся, што яму баліць, Зося спалохалася, але адразу засмяялася грудным шчаслівым смехам.

— Можа, пойдзем да мяне? — прыпаўшы да яго ўсім целам, нецярпліва спыталася яна.— Яны ж да поўначы будуць сядзець. Ну іх!

 

2

Ужо праз дзень — як хацелася Зосі — яны пайшлі на суботнік. Аляксей здагадваўся, жонка хоча паказаць яго знаёмым, і таму не дужа пярэчыў. Усё гэта нагадвала яму гульню, ад якой было грэх адмаўляцца. Ён з прыемнасцю патрымаў у руках лом, што з сянец вынесла Анця, пакруціў яго, як цацку, і, ускінуўшы на плячо, выйшаў за Сымонам і Зосяю на вуліцу. З радасным пачуццём адчуваючы цяжар на плячы, сказаў:

— Як гэта здорава, Зось! Здаецца, за вайну перацягаў на карку горы цэлыя, а вось быццам бы і не цягаў зусім. Ідзеш — і ісці хочацца, га? Мабыць, ломік у вас не такі, як усе...

— Ён, Ляксей, таксама партызанскі,— ахвотна азваўся Сымон.— Я яго з вашай зоны прывалок. Думаў — няма нічога, дык няхай хоць ён будзе.

— Нешта не верыцца,— падкінуў на плячы лом Аляксей.— Ён жа быццам спружыніць.

— Лёшачка ты мой, Лёшачка!..— у захапленні зажмурылася Зося.

Пакуль ішлі ўскраінаю, Аляксей не-не дый заўважаў то ў адным, то ў другім акне ці ў брамцы самотных жанчын. Застыўшы ў здранцвенні, яны праводзілі Аляксея доўгім позіркам, нібы намагаліся пазнаць і апасаліся гэтага. Нешта не дазваляла разглядаць іх, і Аляксею здавалася, што ўсе жанчыны падобны адна на адну — ссутуленыя, пасівелыя. Але, заўважаючы іхнюю роспачлівую зайздрасць і тугу, Аляксей яшчэ мацней адчуваў сваё шчасце.

Каля моста праз Свіслач, у новенькім ларку, прадавалі лімонны і апельсінавы сок. Тут жа, на прывезеным для рамонту моста бярвенні, жвавая бабулька і худзенькая дзяўчынка гандлявалі сланечнікам. Сокі былі ў высокіх, пафарбаваных у зелянковы колер бляшанках, што нагадвалі супрацьгазы. Прадавец швайкаю прабіваў у бляшанцы дзве дзірачкі і разліваў духмяную жаўтаватую вадкасць у шклянкі. Пачаставаўшы Сымона з Зосяй сокам, які чамусьці пахнуў сасновымі свечкамі, купіўшы ў дзяўчынкі сланечніку, Аляксей адчуў сябе зусім шчасліва. Жыццё набывала свае звыклыя формы, і ён зноў мог ісці па ім як гаспадар.

На суботнік яны спазніліся. Усюды ўжо працавалі. Жанчыны — у просценькіх стракатых уборах, у хустках, мужчыны — у саколках і галіфэ, хлопцы і падлеткі, шакаладныя ад загару, па пояс голыя.

Усё гэта Аляксей ахапіў неяк адразу, заўважыўшы нават дробязі.

— Ну, а нам куды? — спытаўся ён, думаючы, якую работу выбраць сабе.

Яны пайшлі між крушняў і куч жалезнага ламачча, сюд-туд саступаючы дарогу тым, што траплялі насустрач з насілкамі. Каля клетак цэглы нечакана твар у твар сутыкнуліся з Алешкам, які, насвістваючы, на хаду нешта запісваў у сшытак. Убачыўшы Урбановіча, ён аслупянеў, потым сунуў сшытак у кішэню і кінуўся да Аляксея. Аберуч ціснучы яму руку, зайшоўся радасным смехам:

— Зноў да купы збіраемся! Ха-ха! Во здорава! Можа, не так крыўдзіць будуць...

— Асцярожна, ён са шпіталя! — заступілася за мужа Зося, бянтэжачыся ад гэтай сустрэчы.— Пусці яго.

Яна разняла іх рукі і стала побач з Аляксеем.

— І тут сябе праяўляеш, Кастусь? — бяскрыўдна падкалупнуў той, калі першая радасць схлынула.

— Праяўляю, згары яно. Не давяраюць большага. Адна ўцеха, што сцены валіць... Гэй! — крыкнуў ён хлопцам, якія закідалі канат на сцяну і збіраліся разгушкваць яе.— Ніжэй вазьміце!.. Калі хочаш, магу і табе не асабліва пыльную пасаду ўдружыць.

 

— Наўрад ці яна падыдзе, таварыш,— адказаў за Аляксея Сымон, непрыхільна паглядаючы на Алешку, які нечым яму не спадабаўся.

Зосю таксама пакрыўдзіла Алешкава прапанова, і яна палічыла патрэбным больш рашуча стаць на абарону мужа:

— Чаго ты лезеш да яго? Дай акрыяць спачатку... Дзе тут у вас настаўнікі працуюць?

Алешка зарагатаў, падміргнуў ёй.

— Не бойся, ён не з тых, што лёгка на агітацыю ідуць,— пры табе астанецца. Аднак і не думай, што яму, як бач, залатое крэсла пададуць — сядайце, маўляў. Мінулася масленіца...

— Нічога, мне пададуць,— трохі пакрыўдзіўся Аляксей.— Заслужыў, здаецца.

— Пабачым... А вашых на другі ўчастак перавялі. Так што, калі ахвота, дам халтуру. Усё адно нядаўна на споведзь выклікалі.

Абражаны, што яго намёкі і прызнанне прапусцілі міма вушэй і зрабілі гэта свядома, ён правёў іх да паваленай сцяны. Алоўкам паказаў на кучы цагляных глыб:

— Вось, калі ласка, практыкуйцеся...

Аляксей узлез на глыбы, папляваў на далоні і, гыхнуўшы, з усяе сілы стукнуў ломам па верхняй. З-пад лома пырснула вапна, і ад камлыгі адкалоліся цагліны. Аляксей стукнуў другі раз, трэці і адчуў: яго ахоплівае даўно забытая асалода. На хвіліну перадыхнуўшы, ён зірнуў уніз. Зося і дзядзька Сымон ішлі ўжо з насілкамі. Зося крочыла першая і ўсміхалася. Аляксей таксама адказаў ёй усмешкаю, гатовы дзеля яе пайсці на ўсё.

 

3

Аляксей даўно выношваў гэты план. Калі ён нарадзіўся, цяжка сказаць. Але бясспрэчна — прыйшоў праз Зосю.

Кажуць, моцныя людзі не адчуваюць сваёй сілы. Мусіць, гэта не заўжды так. Ва ўсякім выпадку ў Аляксея жыла патрэба клапаціцца пра слабейшых, і ён верыў, што можа зрабіць Зосіна жыццё светлым. Яшчэ ў партызанскім атрадзе, пасля на фронце, а пазней у шпіталі ён думаў, як будзе ладзіць мірны побыт. І заўсёды будучае ўяўлялася яму нялёгкім, але жаданым. Зося будзе настаўнічаць, а ён возьме ў рукі кельму, адвес. І сярод дамоў, якія пабудуе, будзе і яго ўласны дом.

Шмат было прычын будаваць дом. Яго меў бацька, дзед. Не магло быць, каб яго не хацела Зося, якая праз год-два стане маці. Ён патрэбны і для дзяцей, іх будучыні. А галоўнае — ён здаваўся Аляксею нечым такім, што зробіць побыт трывалым.

Дом павінен быць невялікі — з цэглы, з шырокімі вокнамі і з чарапічным дахам. Мураваць яго Аляксей будзе не набела, а так, каб можна было пасля атынкаваць, пафарбаваць у светла-жоўты або салатавы колер. Ад вуліцы ён зробіць палісаднік, пасадзіць агрэст, вішні і, вядома, рабіны, якія прывык бачыць пад вокнамі бацькаўскай хаты. У іх прыгожае ўзорыстае лісце. У жніўні пачынаюць налівацца іх яркія важкія гронкі, і чырванеюць яны аж да самых маразоў, спакушаючы птушак. Дый гнуткая рабіна, схіленая пад цяжарам сваёй красы, нечым нагадвае Зосю...

Так, прычын было шмат. Але цяпер, калі ён вярнуўся да Зосі і стаў насупроць свайго мірнага жыцця, дадаліся новыя.

Амаль штодзённа перад заняткамі Зося абыходзіла вызначаны ёй участак — выяўляла дзяцей, яшчэ не ахопленых школаю, абследавала, як забяспечаны дзеці франтавікоў, рабіла для райана заключэнні, якая неабходна ім дадатковая дапамога. Пасля заняткаў пісала з вучнямі пісьмы на фронт, збірала падарункі для франтавікоў, наведвала з дзецьмі падшэфны шпіталь. Дамоў прыходзіла стомленая, са стосам сшыткаў пад пахаю, з партфелем, пузатым ад прынесеных вучнямі расшытых кісетаў, хусцінак, пачкаў махоркі. Па вечарах жа, схіліўшыся над сталом, правярала сшыткі, складала планы ўрокаў.

Аднаго разу Аляксей тайком прачытаў яе планы і раптам адчуў: калі не зробіць нечага значнага, Зося аддаліцца ад яго — аказвалася, яна ведала такое, чаго ён не зусім разумеў. Раней, асабліва ў партызанскім атрадзе, пра гэта не думалася: перавага была за ім, баявым камандзірам і ўдачлівым падрыўніком. Цяпер жа ўзялі права законы мірнага жыцця, паводле якіх людзі ацэньваюцца крыху інакш. І вось, калі ласка... Падобнага з ім, магчыма, не здарылася б, каб ён меў свой кут і працаваў на буйной будоўлі. Але будаўнічыя арганізацыі яшчэ не былі створаны, супроць работы з Алешкам запярэчылі ўсе, і Аляксей пачаў браць падрады. Ляпіў грубкі, рамантаваў коміны, лежакі, замуроўваў у сценах праломы, каб надаць большую трываласць патрэсканым сценам, замуроўваў вокны. Пануры, сярдзіты вяртаўся ён дамоў. З зайздрасцю глядзеў на Зосю, калі тая садзілася за сшыткі, злаваў, бачачы, як праз усю ноч свяцілася замочная шчыліна ў дзвярах кватаранта, чуючы, як парыпвала крэсла і той нешта заклапочана мармыча сам сабе.

Неяк яму давялося працаваць у Зосінай школе. Як на ліха, трапіўся зусім няздатны напарнік — сын школьнай вартаўніцы, паўнатвары, заспаны недарэка. «Га?» — перапытваў ён кожны раз, калі Аляксей звяртаўся да яго.

Рамантавалі ганак.

У час перапынку са школы вышугнулі вучні.

З дзяўчынкамі, якія ледзь не віслі ў яе на руках, выйшла і Зося.

— Цэглы! — папрасіў Аляксей.

— Га? — азваўся недарэка, невядома для чаго перамешваючы рыдлёўкаю раствор.

— Цэглы давай! Мігам!

— Можна...

— Ды паварочвайся ты!

— Можна.

Аднак, убачыўшы перакошаны ад злосці твар Аляксея, ён адступіў і сеў на грудку пяску, што ляжала ля скрыні.

Вучаніцы пырснулі смехам...

Зарабляў Аляксей шмат, больш, чым мог атрымаць на будоўлях. Але тут жа, ля школьнага ганка, прысягнуў кінуць к чортавай матары гэтую, як казаў Сымон, «адхожую промыслу».

Увечары ён рашуча аб’явіў Зосі:

— Шабаш! Іду працаваць на цагельны завод. Калі пра нас нядужа клапоцяцца, буду клапаціцца сам. Няўжо і на гэта права не заваяваў?

— Чаго гэта так раптам?

— Дом свой будаваць пачну... Каменны. Як той азярод на дваццаць глоб...

Трымаючы сшыткі ў руцэ, Зося наблізілася да яго і, як малому, паправіла рукою раскудлачаныя валасы.

— Ці здужаем?

— Я пакуль не зломак. Мой брат Сенька па дваццаць пудоў падымаў. Бабу, што палі забіваюць, адной рукой перакантоўваў.

— Ведаю, Лёша. Але не лёгка гэта. Дый вайна яшчэ. Сёння пра нямецкія страты перадавалі. Знішчана, захоплена, узята ў палон. І ўсё тысячы, тысячы. А знішчаць, захопліваць адно крывёю можна.

Твар у Аляксея, звычайна спакойны, з простымі буйнымі рысамі, пазмрачнеў, стаў упарты.

— Я, бачыш, не настаўнік. Я чалавек цёмны...— прамовіў ён глуха.

— Як гэта цёмны?

— На мой розум так: што належыць з мяне, я выканаў ужо і яшчэ выканаю.— Ён заўважыў, як уразілі Зосю словы «чалавек цёмны», але адступаць не захацеў.— І прымаком я не буду. Прымаку — дзесяць год на прызбе спаць. Так ты што, гэтага мне зычыш?

Іх размову з другога пакоя пачуў Сымон. Пастукаўшы ў сцяну, падтрымаў:

— Правільна, Ляксей, правільна! Давай! Бо круціся не круціся, а прыткнуць нос да свайго трэба будзе. Я некалі таксама меркаваў: чым жыць у чужой хаце, дык лепей спаліць яе, а пасля пабудаваць нанава. Хай свая доля ў ёй будзе.

— Вярзеш немаведама што! — забурчала цётка Анця. — Што мы яму — чужыя? Выганяем ці нос адкусваем?

— Я от з’езджу ў Заходнюю па хлеб,— сказаў Сымон, не звярнуўшы ўвагі на яе словы,— і таксама паздзіраю гэтыя фрыцаўскія штучкі са сцен і атынкую нанава. Кафялю на грубку ўжо нагледзеў. А то цёпла, мабыць, толькі, калі надыхаеш.

— Сціхні ты, ваяка, дай людзям спакою! — прыкрыкнула ўжо цётка Анця, і Сымон змоўк.

Зося кінула сшыткі на стол і, узяўшы Аляксея за локаць, прымусіла сесці на ложак.

Ён нехаця, хоць паслухмяна, сеў і адразу стаў рахманы.

— Ну, калі не можаш без цяжару на плячах, будзем будавацца. Я таксама яго не баюся,— запэўніла яна ціха.

Гэта было нечакана, і Аляксей разгубіўся. Але хваля любасці да Зосі нахлынула на яго, перамагла ўсе другія пачуцці. Ён падняўся з ложка і закрочыў па пакоі, грукаючы цяжкімі салдацкімі чаравікамі.

 

4

Сюды Аляксей пацягнуў Зосю адразу пасля чарговага суботніка. У абоіх быў настрой людзей, якія, зрабіўшы агульную добрую справу, маглі зараз аддацца радасці ўласных клопатаў. Гэта рабіла Аляксея нават няўважлівым. Пакуль ішлі, ён амаль не слухаў Зосі і многа гаварыў сам, хочучы перадаць ёй свае адчуванні. Зося ж, бачачы, як захоплена гаворыць і смешна размахвае рукамі Аляксей, мала ўнікала ў яго словы і ўся жыла блізкасцю любага чалавека.

Яны мінулі парадзелы, як позна ўвосень, бязлюдны, закінуты парк. Збочылі ў незнаёмую, убогую вуліцу, якіх, здаецца, ніколі не было і не магло быць у горадзе, і выйшлі да рэчкі.

Свіслач тут выглядала не па-гарадскому, плыла ляніва, ціха. Над ёю схіляліся купчастыя вербы. Ля берагоў раслі вербалоз, аер, асака. Там, дзе да рэчкі падыходзілі агароды, былі пакладзены кладкі і чуліся гучныя, з прыцмокваннем удары праніка — жанчыны выбівалі бялізну.

У летнія цёплыя вечары над усім наваколлем тут панавала кумканне жаб, і рэчка дыхала парнаю вільгаццю. Увосень слаўся тонкі туман, і да самых маразоў плавалі чырвананогія качкі, трушчачы грудзьмі кволы, як павуцінне, лядок, які пачынаў толькі брацца.

Як гэта часам бывае, зірнуўшы на рэчку і раптам засумаваўшы над яе вясковай красою, Аляксей успомніў мінулае, басаногае дзяцінства, маці — рана састарэлую сіратлівую ўдаву-гаротніцу, і падумаў, што трэба нарэшце з’ездзіць да яе, паказаць нявестку, пацешыць хоць гэтым. Стала няёмка, што, як прыехаў у Мінск, не выбраў часу напісаць ёй ліста. Але смутак, як і ўспамін, крануў яго мімаходзь і адразу, не пакінуўшы следу, знік.

— Тут, Зось,— абвёў ён рукою навокал сябе,— праўда, добра? Рэчка пад бокам. Як пачнём мураваць сцены — ваду насіць блізка. Дый, наогул, ля вады будавацца і жыць лягчэй.

Зося акінула вачыма забуялую пустазеллем пустку і, хоць нічога асаблівага ў ёй не знайшла і не магла ўявіць, як усё будзе выглядаць далей, кіўнула галавою.

— Добра, Лёша! Няхай будзе тут, дасужы ты мой!..

Але думкі яго ішлі ў адным пэўным кірунку, і ён перапыніў яе:

— Вось калі б не масты, га? Закупіў бы лесу дзе-небудзь пад Ратамкаю і лёганька, без клопатаў, сплавіў бы да самага дома.

Зося адчувала моцную пругкасць яго рукі і пляча. Ёй заўсёды хацелася слухацца мужа, калі яна адчувала яго сілу, і Зося зноў згадзілася:

— Вядома, добра.

На зямлю апускалася перадвячэрняя цішыня. Аер, прырэчныя кусты вербалозу, руіны на супрацьлеглым беразе, бяздымныя заводскія коміны за імі — усё застыгла анямеўшы. Рэчка, абмялелая без дажджоў, нібы спынілася, і толькі па павольным, таямнічым руху водарасцяў на дне было відаць, што вада цячэ.

— Я памыюся, Лёша,— сказала Зося.— Памыйся і ты. Мне здаецца, у мяне пыл і на спіне і на плячах.

Трымаючыся за яго, Зося зняла туфлі, шчасліва сажмурылася і, памахаўшы як на развітанне рукою, пайшла ў ваду. Ступала асцярожна, прыўзняўшы кончыкамі пальцаў спадніцу, і з вясёлай сцеражлівасцю ўглядалася ў рэчку. Потым, заціснуўшы каленямі спадніцу, нахілілася, набрала прыгаршчамі вады і лінула сабе ў твар. Схіленая над вадою, з заціснутай між каленяў спадніцаю, з мокрым шчаслівым тварам, яна выглядала забаўнай. Зося здагадвалася аб гэтым і, бачачы, што Аляксей любуецца на яе, рабіла ўсё неяк даверліва, як бы толькі для яго.

— Лёша! — гукнула яна.— Май на ўвазе, што на сваёй сядзібе я першая памылася. А галоўнае — першы раз у жыцці на сваёй сядзібе.

Яна пачала плёхацца і фыркаць. Потым склала далонь лодачкаю і ўдарыла ёю па вадзе. З-пад рукі на бераг паляцелі белыя пырскі.

— Не дурэй!

— Было не прыводзіць. Падумаеш, гаспадар!

— А што, мо не гаспадар? Я для цябе ўсё, што захочаш, зраблю. Толькі было б да чаго сілу прыкласці.— Ён азірнуўся, нібыта шукаючы, на чым можна было б паказаць сябе, і сеў на траву ва ўладзе той закаханасці, што жыве ў чалавеку пасля разлукі і імкнецца праявіцца ў незвычайным учынку.

Калі Зося выйшла на бераг, выцерла твар хусцінкаю і села побач, ён, прыхінуўшы яе да сябе, ласкава прызнаўся:

— Часам я думаю: вось каб можна было ўбачыць гатовым тое, пра што думаеш! І няхай бы мне гэта каштавала замест двух год жыцця пяць, я і то згадзіўся б...

— А можа, я не згодна? — спыталася яна, дыхаючы яму ў грудзі.— Можа, ты мне патрэбен такі, як ёсць, з пяццю гэтымі гадамі.

Ён улавіў яе хваляванне, сціснуў Зосіну галаву далонямі і, каб паглядзець у твар, асцярожна адхіліў ад сябе.

Зося не вытрымала позірку, заплюшчыла вочы і асталася так, у яго руках. На сэрцы ў Аляксея стала соладка і трывожна. У вочы кінулася нешта новае ў Зосіным твары. Смуглявы, даступны, дарагі, ён быў той і не той. Аляксей прыгледзеўся і заўважыў рысу сталасці, якая сапраўды пралягла каля яе чыстых, трошку прыадкрытых губ.

— Табе дрэнна?

Зося расплюшчыла гарачыя вочы, і на яго хлынула іх святло — нездаровае, вострае, быццам яна была вінавата. У чым?

— У нас, Лёша, мабыць, дзіця будзе...

Аляксей атарапеў.

Яго разгубленасць памагла ёй перамагчы сарамлівасць, і яна засмяялася плачучы.

— Ну, чаго ты спалохаўся? А яшчэ раскідаешся сваімі гадамі!

Вечарэла. Навокал улягоўвалася цішыня. Вада ў рэчцы пагусцела, набыла сталы адліў. Прырэчныя кусты вербалозу, руіны на тым беразе пачалі траціць сваю акрэсленасць. А над імі, на пасінелым небе, паказаўся бледны, нежывы месяц.

Аляксей асцярожна абняў жонку і пачаў цалаваць у губы, у вочы. А калі яна сціхла і прыгарнулася да яго, задаволеная, што словы яе так уразілі мужа, ён спахапіўся:

— Што гэта мы робім? Уставай, Зось! Тут мокра. Дый рукі ў цябе як ледзякі.

 

5

Назаўтра яны выйшлі з дому разам: Зося — у школу, Аляксей — на цагельны завод. Правёўшы яе да бліжэйшага скрыжавання, ён, хоць ніколі гэтага не рабіў, развітаўся за руку.

— Помні — ведаю, што табе няма чым рызыкаваць,— шырока і шчасліва ўсміхнуўся ён.— Прыгожая ты ў мяне, Зось! Кватарант і той вачэй не спускае.

— Ты сам не дужа там заляцайся. Ідзі, ідзі...

Было яшчэ рана. У настаўніцкай, на старэнькай канапе, з якой вытыркаліся спружыны, сядзеў толькі гісторык Лочмель. З калідора даносіўся тупат, грукалі дзверы, чуліся галасы — вучні любілі гэтую пару, калі ў школе іх мала, а настаўнікаў няма, і актыўнічалі. Але гэта не турбавала Лочмеля. Седзячы ў нязручнай паставе — нахіліўшыся і выпрастаўшы нагу-пратэз, ён заклапочана корпаўся ў палявой сумцы і сярдзіта варушыў губамі.

Незалежная Зося ў душы пабойвалася яго. Хваравіты, з жоўтым, спаласаваным маршчынамі тварам, з нашыўкамі аб раненнях на гімнасцёрцы, ён выклікаў у яе адчуванне віны. Аднойчы на занятках у яго лопнуў пратэзны рамень. Лочмель закончыў урок, прасядзеў у класе перапынак, даў другі ўрок — якраз былі спараныя — і толькі тады, зусім бездапаможны, папрасіў паклікаць дырэктара.

Бледны, адкінуўшы галаву на спінку, доўга потым сядзеў вось на гэтай самай канапе, і ўсе здагадваліся: у яго баліць сэрца і баліць часта — ад перажытага, ад малакроўя, ад таго, што прыходзіцца валачыць пратэз.

 

Была і яшчэ прычына, якая прымушала Зосю тушавацца. Неяк яны разгаварыліся, і, калі Лочмель даведаўся, што Зося — партызанка, накінуўся з роспытамі, дзе партызаніла, калі і ці не даводзілася сустракацца з уцекачамі з гета?

— У мяне там жонка была,— збянтэжана прызнаўся ён.— Барзман... Яшчэ дзявочае прозвішча насіла. Не чулі? Многа тады людзей загінула, Зося Тарасаўна. Можа, залішне многа...

Яна расказала пра гэта Аляксею. Той захваляваўся: «Пачакай, мы нейкую Міру Барзман расстралялі ў сорак другім. Ці не тую? Красуня, аж глядзець было страшна! Калі ў гета жыла, сваіх прадавала. Спартсменка, па-мойму...» «Не можа быць! — спалохалася Зося.— Ты, Лёша, блытаеш, мабыць, і лепш не кажы нікому. Ці мала што. Вунь нехта плявузгнуў, нібыта бачыў, як Алешка пры немцах паёк атрымліваў у харчовым турэмным складзе, і паспрабуй давесці зараз што-небудзь... А Лочмель жа ў газетах друкуецца!»

Але дзіўная рэч, чым больш Зося прыглядалася да Лочмеля, слухала яго, тым менш аставалася сумненняў: так яно, відаць, і ёсць — жонка...

— Дзень добры,— першая прывіталася Зося, кладучы сшыткі і партфель на стол.

Лочмель кіўнуў галавою і выцягнуў з сумкі пашарпаную кнігу ў жоўтай вокладцы.

— Гляньце, што я выкапаў,— пахваліўся.— «Памятная кніжка Мінскай губерні 1878 года». Не такія ўжо старажытныя часы. А паслухайце! — Ён адгарнуў некалькі старонак і пачаў чытаць: — «Мінск знаходзіцца пад 54° 34" паўночнай шырыні пры рацэ Свіслачы, пры ўпадзенні рэчак Крупкі, Слепні і Нямігі і возеры Плебанскім...» Вы на стылёк звярніце ўвагу... «У цяперашні час жыхароў абодвух полаў 39 628...» Калі гэта было? А вось індустрыя: «Мылаварня адна, гарбарань дзесяць, тлушчавы завод адзін, бровар адзін, піваварань пяць, медаварня адна, цагельняў сем, кафельных заводаў два, тытунёвых фабрык дзве, запалкавых тры — усяго трыццаць тры, пры ста сямідзесяці рабочых». Цікава?

Лочмель паправіў рукамі пратэз у калене і ажывіўся.

— Думаю вучняў пачаставаць...

Пачалі збірацца настаўнікі. Беганіна, шум у калідоры саступілі месца прыглушанаму гудзенню, у якім патанулі астатнія гукі.

Зося ўзяла партфель, сшыткі і, не чакаючы званка, падалася ў клас. У калідоры яе акружылі вучаніцы. Віталіся, скардзіліся на сямікласнікаў — у суботу, займаючыся ў трэцюю змену, тыя зноў абарвалі кветкі на вазонах і некуды падзелі падушачку, сшытую Вольгай Ваўчок, каб выціраць дошку.

Ля класных дзвярэй Зосю, якая звычайна з хваляваннем уваходзіла ў новыя клопаты, дагнала бібліятэкарка.

— Вам пісьмо, Зося Тарасаўна! Скачыце!!. Перадалі з гарана.

«Пісьмо!.. Ад каго яно магло быць?» Зося заўважыла, што на трыкутніку няма марак, а ўнізе, на правым рагу, знаёмыя штампы палявой пошты і ваеннай цэнзуры.

— Ды бярыце ж...— не хаваючы гуллівых нотак, падкалола бібліятэкарка.— Піша Мікола Кравец. Ведаеце такога?

Яна ўзяла пісьмо, схавала ў кішэню кофтачкі і паволі ўвайшла ў клас.

Што мог пісаць Кравец? І чаму піша ёй, а не Аляксею? Як яму не сорамна?.. Зося была выняла трыкутнічак з кішэні, але адразу, сярдуючы на сябе, сунула назад.

«Прачытаю дома,— падумала яна,— упраўлюся.....»

Трэба было раздаць выразаныя з газет сурвэткі, на якія вучні клалі сшыткі, суконныя зорачкі, аб якія выціралі пер’і. Прымусіўшы сябе не думаць ні пра пісьмо, ні пра тое, як да яго паставіцца Аляксей, яна занялася падрыхтоўкаю да ўрока.

Зазвінеў званок. Яго звонкая трэль набліжалася — вартаўніца, пачаўшы званіць на першым паверсе, падымалася на другі.

Зося зрабіла адзнакі ў журнале і лёгка ўздыхнула. Звыклая плынь школьнага жыцця брала яе ў палон, пісьмо пераставала трывожыць. А калі яшчэ і трывожыла, дык неяк падсвядома і хутчэй не напамінкам пра Краўца, а пра вайну, што з днямі адыходзіла ўсё далей і далей, але ўсё яшчэ недзе грымела.

У плане для замацавання правіла, пройдзенага на папярэднім уроку, былі падабраны прыклады з методыкі. Але захацелася знайсці такія, каб у іх жыло яе ўласнае хваляванне, і Зося, назваўшы тэму, пачала пісаць на дошцы пра горад, пра тое, якім ён будзе. І думкі, хоць іх даводзілася ўкладаць у невялічкія, з трох-чатырох слоў, сказы, лёгка прыходзілі самі.

Але калі ўрокі скончыліся і яна выйшла са школы, трывога вярнулася да яе.

Таропка, на хаду, яна разгарнула трыкутнік і, быццам рабіла забароненае, пачала чытаць.

«Прачытаю і парву»,— думала яна, супакойваючы сябе. Літары мітусіліся ў вачах. Сэнс напісанага даходзіў не адразу. Перашкаджалі ўспаміны, што раптам абудзіліся ў ёй. І часцей за ўсё — адзін, самы непрыемны, які мучыў і прыходзіў часцей за іншых — спатканне з Краўцом на паляне...

Пісьмо было кароткае. Пасля традыцыйнага «здароў, Зося!» Кравец пісаў, што трапіў у разведчыкі і ваюе ўжо не на сваёй зямлі. «Ну і даём, чортушка! Аж пыл курыць!» — пісаў ён, і Зосі ўяўлялася яго чубатая галава і адчаянны, страшнаваты для яе твар з кароткім носам свавольніка. Далей ён, мусіць, пералічваў населеныя пункты, у вызваленні якіх апошнім часам удзельнічаў. Але гэтыя радкі былі старанна закрэслены цэнзарам, і нельга было нічога разабраць. Пасля Кравец успамінаў, як, размініруючы для іх, разведчыкаў, праход, падарваўся Аляксей і яго, непрытомнага, адправілі ў шпіталь. І, нарэшце, ішла просьба: калі Зося што-небудзь знае, няхай паведаміць пра Аляксея і «чыркане пару слоў аб сабе — як уладкавалася, як жыве».

Звычайнае франтавое пісьмо!

Аднак, прачытаўшы яго другі раз, Зося адчула: напісана яно з надзеяй, што Аляксея няма жывога. Гэта абурыла яе, і яна парашыла, раз так — абавязкова пакажа пісьмо мужу.

Ёй было яшчэ неўпрыцям, што, аберагаючы спакой блізкага чалавека, часамі лепш перажыць, што цябе трывожыць, самой. Дый, можа быць, не ўсё са сваіх таямніц варта раскрываць блізкаму чалавеку. Няхай здагадваецца, але не ведае.

 

Частка другая

 

РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ

 

1

Восень у той год выдалася надзіва цёплая. Сонца, ласкавых павеваў ветру, хмельнай жыццядзейнай сілы ў зямлі было так многа, што, падманутыя імі, другі раз зацвілі, як увесну, вішні, яблыні, чаромха. Дні стаялі бязвоблачныя, ціхія, вечары майскія. І толькі па тым, як ледзь прыкметна пачыналі вянуць старыя дрэвы, ды па светлаватым смутку, якім было ахутана неба, можна было сказаць: гэта восень. Нават у кастрычніку, калі пачало падаць кляновае лісце, не прыходзіла адчування восені. Лісце падала павольна, ляцела ўніз па нейкіх пакручастых паветраных пуцявінах і краналася зямлі няўпэўнена, як галубы, якія і самі не ведаюць, ці сядуць яны.

Вяртаючыся са школы, Зося кожны раз набірала букецікі залацістага лісця і прыходзіла дамоў з ціхаю яснасцю на душы.

Нельга сказаць, што і Аляксей Урбановіч не цешыўся з гэтага дзіва прыроды. Яго радавала цёплае надвор’е, бясхмарнае неба. Але больш нічога з навакольнага ён неяк не заўважаў. Работа цяпер стала паміж ім і светам. Ён як бы выключыўся з часу і, жывучы адным і для аднаго, прыкмячаў толькі тое, што спрыяла або перашкаджала яго рабоце. Калі Зося паказала яму кляновае лісце, ён няўцямна зірнуў на яе, а потым занепакоіўся:

— Падае ўжо? Вось ліха на яго...

На сядзібу Аляксей прыходзіў на золку. Адсюль, калі ўгравала сонца, ішоў на цагельны завод. Сюды ж, не заходзячы дахаты, вяртаўся пад вечар.

Працаваў ён, як двухжыльны, не заглядаючы асабліва наперад. Здавалася, што ён наогул не ведаў стомы.

За якіх два тыдні, прыхопліваючы ночы, Аляксей на каламажцы нацягаў з руін камення на падмурак, зляпіў з аполкаў і гарэлай бляхі складзік, абгарадзіў жэрдкамі двор. На заводскай машыне прытарабаніў цэглы, вапны. Замкнуўшы гэтае багацце ў складзіку, ён з палёгкаю ўздыхнуў і забыўся на ўсё, апрача размечанай пляцоўкі ды, бадай, яшчэ Зосі, па якой сумаваў, якую хацеў бачыць побач, адчуваць яе блізкасць. Да таго ж, калі стамляўся, абуджалася рэўнасць. Успамінаўся Кравец, яго пісьмо, фантазія падсоўвала абразлівыя карціны...

Першы камень у падмурак яны закладвалі разам. Урачыста апусціўшы яго на дно катлаванчыка, яны моўчкі пастаялі над ім.

— Ты, Лёша, не вельмі надрывайся,— счакаўшы, загаварыла Зося.— Паспеем, пабудуемся.

— Як гэта не надрывацца? — запярэчыў ён, адчуўшы дакор.— Працую, як працуецца, а не цераз пень-калоду. Твой няшчасны Юркевіч і той з раніцы да начных пеўняў нешта робіць.

— Ты залішне ўжо...

— Не бойся, у нас, Урбановічаў, закваска яшчэ тая. Наш Сенька яшчэ адзін фокус дэманстраваў. Ляжа на зямлю, а яму на спіну — сяннік, насыпаны жытам. І што ты думаеш? Паднімаўся і нёс. Вось ты толькі сама сябе шануй...

Зося пайшла, а ён адразу ўзяўся за работу. І з таго дня штодзень на світанні і ўвечары можна было бачыць адну і тую ж карціну. Галаваты, шыракаплечы мужчына, крывячыся ад натугі, дзе вагою, дзе проста рукамі, варочае камяні. Збоку гэта нават выглядае, як маўклівае, панурае змаганне чалавека з каменнем. Ён працуе больш змеркам і таму выглядае бадай што фантастычна.

Калі дні паменшалі, Аляксей стаў прыходзіць з ліхтаром. Газы не было. Ліхтар запраўлялі бензінам, насыпаючы на машынку і ў магазін солі. Агонь то ўспыхваў, то гаснуў, шкло хутка закурвалася, і працаваць даводзілася амаль навобмацак. Работа ішла марудна. Але ўсё ж яна не стаяла, і гэта прыдавала сілы і прыглушала тугу па Зосі, якую ён бачыў цяпер мала, часцей за ўсё ў ложку, калі яна спала.

У выхадныя ж дні, калі яны працавалі ўдваіх, або пад вечар, калі Зося прыносіла есці і бралася памагаць яму, ён непакоіўся яшчэ мацней. Баючыся, каб тая не падняла цяжкага, усё хапаўся рабіць сам і спяшаўся, спяшаўся, спакайнеючы толькі, калі Зося садзілася адпачываць. І калі б яна заўсёды сядзела так блізка і можна было глядзець на яе дзявочую постаць, на яе дужыя загарэлыя ногі або проста ведаць, што яна тут, каля яго, ён наогул нічога больш не хацеў бы.

Падмурак падняўся... Дом набываў свае формы. Праўда, яго памеры здаваліся да таго малымі, што Зося не ўяўляла сабе, дзе тут могуць быць тры пакоі, кухня ды яшчэ калідор. Аляксей ведаў, што ў такіх выпадках падводзіць неспрактыкаванае вока, і, не шкадуючы часу, кідаў работу, рысаваў на зямлі пакоі, праходзіў па іх вялікімі крокамі, нават расстаўляў рукі, каб наглядна паказаць іх сапраўдныя памеры. Зося смяялася, сама з выглядам гаспадыні хадзіла па гэтых нарысаваных пакоях, потым садзілася дзе-небудзь у кутку на грудочку нарыхтаванай ёй жа самой цэглы і казала, што глядзіць у акно, чакае яго, Аляксея. А ён зноў браўся за работу.

Ночы рабіліся халодныя, цёмныя. Усё часцей пачынаў церушыць дождж. Ад рэчкі, ад голых кустоў вербалозу павявала волкай сырасцю.

З ліхтаром працаваць было нязручна. Аляксей раскладаў вогнішча. Навокал яго ўтвараўся свой адменны свет — агню, святла, утульнасці. Хацелася глядзець і глядзець на яго, на тое, як нараджаецца душа вогнішча, як разгараюцца залатыя вугольчыкі і трапечуцца жывыя языкі полымя.

Аляксей палюбіў вогнішча яшчэ з дзяцінства, калі хлопчыкам вадзіў коней на начлег. Колькі расказаў пра страшныя і смешныя здарэнні чуў ён ад начлежнікаў, рыбаловаў і паляўнічых! Колькі слаўных хвілін перажыў ля партызанскіх кастроў, седзячы ў кругу блізкіх яму людзей! Ён не ведаў стравы, смачнейшай за бульбу, спечаную ў прыску, і юшкі, зваранай на беразе рэчкі. Ён мог сказаць, якім агнём гарыць дрэва: сіняватым — алешына, спачатку чырвоным, з куродымам, а потым медным — бяроза, светлым і лёгкім — елка.

Ён умеў раскладаць агонь у непагадзь, рабіць так, каб не было відаць дыму, хаваць жар на цэлыя суткі. У вогнішчы для яго заўсёды было нешта замілаванае.

Цёплае пачуццё і цяпер успыхвала ў душы Аляксея, як толькі ён браўся раскладаць агонь. Але хутка яно саступала месца заклапочанасці. На ўзніклы навокал вогнішча ўтульны свет з усіх бакоў насоўвалася чарната, вецер выхопліваў з агню іскры, нёс іх у цемру і там гасіў. І ў Аляксея паяўлялася адчуванне, што яго акружае абыякавы да ўсяго, чым ён жыве, свет.

Цемра як бы казала яму: «Бачыш? Навокал руіны. Іх шмат. У руінах палова краіны. Таму пакладайся толькі на сябе, на сваю цягавітасць. І калі ў цябе ёсць сілы, сам ладзь сваё шчасце».

Асветлены чырванаватым святлом ад вогнішча, ён ужо нагадваў чалавека, які нешта хавае. У мігатлівым святле рухі яго здаваліся мітуслівымі. І калі ён, паклаўшы цагліну, папраўляў яе тронкам кельмы, здавалася, што чалавек нешта закапаў і цяпер утоптвае, зараўноўвае тое месца.

Вогнішча дагарала, агонь ападаў, а Аляксей усё мураваў, мураваў, пакуль рабілася зусім цёмна. Тады ён спахопліваўся і падкладаў трэсак і кавалкі дошак у агонь.

Але патроху Аляксей пачаў здаваць. Ці ад холаду і вільгаці, ці таму, што вельмі натружваўся, забалелі старыя раны. Хатняя гаспадарка — вада, бялізна, кухня, чэргі ў магазінах, нават дровы — цалкам ляглі на Зосю. Ён схуднеў, усё радзей пачаў галіцца, абрастаў цвёрдым, чамусьці рыжым шчаціннем. Спаў неспакойна, у сне стагнаў, кідаўся, сілячыся некага адштурхнуць ад сябе.

Аднак зацятасць яго расла.

Не давяраючы ўжо свайму спрыту, ён стаў вызначаць сабе дзённае заданне, і чаго б гэта ні каштавала, не ішоў дамоў, пакуль не выконваў яго.

Часам апошнія цагліны даваліся яму так цяжка, што патрабавалі вялікіх намаганняў. Падкінуўшы трэсак на вогнішча, ён ішоў на рабочае месца, браў кельму і стаяў з хвіліну, падставіўшы твар пад халодны вецер. Ногі і рукі наліваліся цяжарам, ныла спіна, нудзіла. Цягнула пастаяць больш, прыслухоўваючыся, як цёплая млявасць разліваецца па целе. Са злосцю ён прымушаў сябе нагінацца, зачэрпваць раствор, класці яго на сцяну і, як у пакаранне за слабасць, дадаваў да задання лішні дзесятак цаглін.

 

2

Аднойчы ў нядзелю Зося прыйшла да Аляксея толькі гадзін пад чатыры.

Дзень быў пахмурны. Па небе паўзлі калматыя, алавяныя хмары. Пад хмарамі кружылася плойма варон. Пры паваротках ад чарады аддзяляліся тыя, якім даводзілася рабіць найбольшы круг, яны каркалі і ляцелі ў другі бок, потым зноў далучаліся да астатніх, і ўся чарада пачынала новы, яшчэ больш адмысловы віраж. За рэчкай панура маячылі пацямнелыя руіны, а сама рэчка, быццам ашклянелая, холадна паблісквала. Кусты вербалозу на берагах стаялі ўжо голыя. Пажаўцелы аер быў падратаваны. І ўсё выглядала сіратліва.

Сцены дома выраслі да паловы вокнаў. Аляксей стаяў на рыштаваннях. Убачыўшы Зосю, ён памахаў ёй кельмай і скочыў да яе на зямлю проста цераз сцяну.

— Ну як? — спытаўся ён, пагладжваючы раненую нагу.

— Нічога, падаецца,— неахвотна пахваліла Зося.

— А ты як думала! Налета ўваходзіны справім.

Ён узяў ад яе клуначак з ежай, сеў на калодку ля халоднага вогнішча і пачаў палуднаваць.

— Чаму так позна? — спытаў ён, хутка і прагна жуючы.

— Была на суботніку.

— Ну і як ?

— Нішто.

— І ў мяне тут не горш.

— Табе хіба. Ды і то не верыцца.

Аляксей перастаў жаваць. У вачах бліснуў зеленаваты агеньчык. Бліснуў і пагас. Вочы сталі чужыя. Зосі захацелася быць ласкавей.

— Паглядзі там, у місцы, дранікі ёсць. Цётка Анця ведае, што ты іх любіш, спецыяльна пякла...

Ён прамаўчаў.

— Еш!..

— Я і так не толькі чвякаю.

— Прыходзілі Зімчук з Валяй,— пачала расказваць Зося, каб чым-небудзь парадаваць Аляксея,— Іван Мацвеевіч распытваў пра цябе. А калі даведаўся, што будуемся, рагатаў. Казаў, што пазнае цябе. Памятае, як ты ў партызанах прасіў кухара, каб той пакідаў табе, на вольны час, самыя сукаватыя чурбакі. Прывітанне перадаваў.

— Дзякую.

— Лочмель даведаўся ўсё ж... Міра сапраўды яго жонка. Як пад вадой ходзіць. І шкада і не паможаш нічым... Чаму, Лёша, без віны вінаватых многа?

— Адкуль я ведаю.

— Заўтра пад вечар дзядзька Сымон падрадзіўся прыйсці. Памагаць будзе.

— Ладна.

Зосі стала балюча за мужа, і яна папрасіла:

— Пакажы, Лёша, рукі. Дай...

— Навошта? — спахмурнеў ён.— Хочаш паваражыць, ці што?

Але разам з тым, як Аляксей праганяў голад, да яго вяртаўся добры настрой, і праз хвіліну, усміхнуўшыся, ён працягнуў руку — шорсткую ад цэглы і ў вапне.

Зося прысела побач, паклала яго руку на сваё калена, пагладзіла.

На момант, як гэта бывае ўвосень, выбліснула сонца. Усё навокал праяснела, стала цяплей. Але літаральна ў тую ж хвіліну пайшоў спорны, буйны снег.

Гэта было так нечакана, што Зося ўзняла галаву.

З вышыні ляцела безліч блакітных, дымчатых, бэзавых сняжынак. Круцячыся, як у карагодзе, яны спускаліся павольна, і нават можна было прасачыць, як падае кожная з іх.

Гэта былі першыя сняжынкі, і краналіся яны зямлі асцярожна, а крануўшыся,— жылі толькі міг і знікалі. Але іх было шмат. Спачатку на прырэчным аеры, а потым на даху складзіка, на жэрдках, якімі быў абгароджаны двор, а затым і на сцяне дома, на зямлі пачала лажыцца пушыстая бель.

І адразу наваколле змяніла фарбы: пацямнелі неба, рэчка, чорныя сталі руіны, дрэвы, сакавіта зазелянеў аер і кусты вербалозу, ярка зачырванела сцяна.

Не скончыўшы палуднаваць, Аляксей злазіў на рыштаванне, укрыў мехам скрынку з растворам і паклікаў Зосю ў складзік. Адтуль яны, кожны заняты сваімі думкамі, глядзелі, як ідзе снег.

Раптам Аляксей пачуў, што Зося ўсхліпвае. Ён спалохана зазірнуў ёй у твар.

— Не трэба,— папрасіў.— Гэта ненадоўга. Снег, калі ён ляжа не на мёрзлую зямлю,— гразь. Хутка растане.

Зося перастала ўсхліпваць і ў роспачы пакруціла галавою.

— Ды хіба я аб гэтым? Мне шкада цябе, Лёша. Так і знявечыць, зняславіць сябе нядоўга...

 

3

 

Вярнуўшыся неяк са школы, Зося знайшла на стале запіску ад Зімчука. Ён пісаў, што хоча бачыць Аляксея, і прасіў яго сёння прыйсці ў гарсавет. Зося знайшла ў гэтым асаблівы сэнс, перачытала запіску некалькі разоў і пабегла на завод.

Паводзіны Аляксея ўсё мацней трывожылі Зосю. Яна адчувала, як ён кахае яе, як нудзіцца па ёй, бачыла, як адна яе прысутнасць робіць яго шчаслівым.

На тым тыдні, відаць, пра нешта турбуючыся, ён прапанаваў пайсці ў загс запісацца. Зосю гэта расчуліла. Саромеючыся, як сапраўдныя маладажоны, яны стаялі перад сталом рэгістратара, а потым доўга і шчасліва смяяліся, разглядаючы пасведчанне аб шлюбе. Прыходзячы ўночы дамоў, Аляксей разуваўся ў сенцах і па пакоі хадзіў асцярожна, на пальчыках. Перад тым як легчы ў ложак, доўга стаяў у нерашучасці і аднойчы лёг проста на падлогу. І ўсё-такі Зосі здавалася, што нейкая небяспека навісла над імі. Палохала — ад такой работы без адпачынку Аляксей занядужыць. Ён чарсцвеў, перастаў заўважаць, што абражае яе сваімі клопатамі толькі аб адным. Нават ужо не цікавіцца тым, што робіць яна, чым занята. Наадварот, на школу, суботнікі, вучаніц, на тое, што яна наведвае шпіталь,— на ўсё, чым жыла Зося, глядзіць з раўнівай падазронасцю. Да таго ж Зося адчувала: ён адзінокі, у ім расце адчужанасць.

На завод Зося прыйшла з жаданнем паспрачацца.

Яна ведала, што Аляксей выгружае цэглу з печы, і накіравалася да вялізнага драўлянага будынка, што сваімі абрысамі нагадваў гумно. Пад паветкаю, якая акружала будынак, на яе дыхнула сухой гарачынёй, пахам цэглы, спаленага торфу, і Зося падумала, што там, у камерах печы, дзе працуюць рабочыя, пэўна, не толькі горача, але і чадна. Нясмела яна зірнула ў адзін з адкрытых паўкруглых хадкоў і ўбачыла каталёў. З цёмнымі потнымі тварамі, у брызентавых куртках, у рукавіцах, яны нагружалі цэглаю тачкі. На шапках, на плячах і рукавах чарнела сажа.

У камеры было горача. Гарачыня адчувалася тварам, рукамі, спінаю, падэшвамі ног.

— Тут працуе Урбановіч? — спыталася Зося ў пажылога рабочага, які хапаў з садкі па дзве цагліны і лоўка клаў іх на тачку.

— Працаваў-то ён тут,— не кідаючы работы, адказаў той.— Ды цяпер не тут.

— А дзе ж?

— На заводзе хапае работы. За яе таксама харчовыя карткі даюць.

— Вы, дзядзька, пакіньце гэта...

— Чаму пакінуць? Далібог, на глінамяшалцы вадою камандавае. Замест Дунькі Гультаёвай. Калі трэба, адкруціць кран, калі не трэба, прыкруціць...

Працаваў каталь увішліва, рукі хадзілі спрактыкавана, але відаць было, што цэгла і яму пячэцца. Кінуўшы апошнюю пару, ён узяўся за ручкі тачкі і, не зірнуўшы на Зосю, шпарка пакаціў тачку на двор.

Саромеючыся выцерці ўспацелы лоб насоўкаю, Зося, памарудзіўшы, крадком правяла па лбе далонню і таксама выйшла з камеры. Ледзь не подбегам падалася ў другі цэх — да глінамяшалкі. Але Аляксея не было і там — на месцы заліўшчыка сядзела сімпатычная чырванашчокая дзяўчына ў хустцы, завязанай па-вясковаму.

Збітая з тропу, Зося пабегла да дырэктара. Той здзіўлена паглядзеў на яе, сам схадзіў у канцылярыю да табельшчыцы і, вярнуўшыся, паціскаючы плячыма, сказаў, што Урбановіч на бюлетэні.

— На бюлетэні?! — жахнулася Зося і, не развітаўшыся, выбегла з кабінета.

Яе ахапіў страх. Захварэў! Яна нават забылася, што ўсе гэтыя дні Аляксей як звычайна прыходзіў дамоў ноччу і як заўсёды на золку ішоў з дому, што яна сама гэтыя дні насіла яму есці, гаварыла з ім, памагала прасяваць пясок, расчыняць раствор. А калі апамяталася, страх саступіў месца абурэнню. Значыць такі, ён хлусіць ёй, ашуквае ўсіх. Узяў бюлетэнь, каб працаваць ля дома. А калі даведаюцца? Дый наогул, як ён цяпер будзе гаварыць з ёю, з таварышамі, хаваючы сваю ганьбу і баючыся, каб яе не выкрылі?

Адчыніць весніцы і адразу ўвайсці на падворак Зося не здолела. Прыціскаючы руку да грудзей, задыханая, яна спынілася.

Усё было як і раней. Толькі вырасла і крыху паднялася сцяна ад вуліцы. Ды з-за складзіка, пабразгваючы ланцугом, выйшаў шэры шыракагруды, але худы сабака. Заўважыўшы Зосю, ён насцярожана падняў свае вострыя, злосныя вушы, напружыўся і пагрозліва загырчаў.

— Вазьмі, Гоман, вазьмі! — радасна азваўся Аляксей на сабачае гырканне.

Гукнуў ён гэта, не падымаючы галавы, так, як гукаюць не ў першы раз, і штурхнуў локцем Сымона, які разам з ім завіхаўся на рыштаваннях.

Сабака рвануўся, стаў на заднія лапы, напяўшы ланцуг, як струну.

— Ты, гаспадар, хоць глядзі, на каго цкуеш! — ужо не стрымліваючыся, крыкнула Зося і, адкінуўшы весніцы, пайшла проста на сабаку.

— Парве! Не падыходзь! — спалохаўся Аляксей і заспяшаўся з рыштаванняў.

— Не дуры, пляменніца.

Зося прайшла паўз ашалелага ад раз’юшанасці Гомана і спынілася ля дзвярнога праёма. Аляксей і Сымон падбеглі да яе адначасова і, лаючыся, амаль уцягнулі ў сярэдзіну каробкі.

— Вось звер,— апраўдваўся Аляксей.— Я яго даўно нагледзеў у аднаго. Прыблудны. Абяцаў за яго ляжак паправіць...

— Нц-ц! Набытак някепскі, цмокнуў языком Сымон і крыкнуў на сабаку: — Не бачыш, гаспадыня прыйшла? Ну ты, цыц!

— Што ты тут робіш? — утаропілася ў Аляксея Зося, быццам Сымона не было зусім.

— Хіба не бачыш?

— Я пытаюся наогул: што ты тут сёння і ўчора рабіў?

— Тое ж, што і заўсёды.

— Не, маніш! Кажы, Лёша, лепш праўду сам. Бо я...— Зося ўжо не знаходзіла слоў.— Што ж гэта выходзіць? Ці ты гэта, Лёша? Мы ж з табою праз такое прайшлі, што цяпер і сасніць страшна, а ты вунь куды павярнуў сябе.

Аляксей стаяў з апушчанымі плячыма і ўсё больш сутуліўся, але маўчаў.

Не разумеючы, у чым справа, Сымон паспрабаваў пажартаваць, але Зося рэзка абарвала яго і тут жа паскардзілася:

— Вы ж не ведаеце, дзядзечка, што ён зрабіў. Каб вы ведалі!

— Папраўдзе? — успалашыўся стары.

— Ён жа хворы, дзядзечка! Бюлетэнь узяў. У пасцелі ляжыць. Дактары навокал яго кансіліум сабралі. Не ведаюць, якое лякарства выпісваць.

— Чаго ты чаўпеш?

Стары збянтэжана зірнуў на Аляксея, чмыхнуў носам і патэпаў у куток каробкі, дзе на камені ляжаў яго кажушок, кінуты там перад работаю.

— Ну, апошні раз прашу: гавары! — з адчаем і з рашучасцю выгукнула Зося.

Чаго яна чакала ад яго? Апраўдання? Ці каб ён проста і шчыра прызнаўся ва ўсім? Наўрад! Вельмі мала чаго памаглі б ягоныя, нават жаласлівыя словы. Зося насіла ў сабе вобраз мужнага, удачлівага Лёшы, які заўсёды выходзіў пераможцам, а не які каяўся і прызнаваў памылкі. Не! Нягледзячы ні на што, у яе душы цеплілася надзея, што ўсё гэта няпраўда. І таму, каб адразу пакласці канец нясцерпнай размове, яна падышла да Аляксея зусім блізка і кінула яму ў твар:

— Ты сімулянт, Лёша! Вось хто...

Аляксей адхіснуўся ад жонкі, павярнуўся спінаю і палез на рыштаванне.

Зусім па-бабску Зося схапіла яго за ватоўку, пацягнула ўніз.

— Не, ты не ўцякай. Чуеш? Перш скажы, што гэта няпраўда!

Аляксей паглядзеў зверху на Зосіну хустку, што з’ехала на патыліцу, на раскудлачаныя валасы, на ўсю яе, такую няшчасную, і з намаганнем прамовіў:

— Ну, няпраўда. Хопіць з цябе? Пусці!

Сымон, які сабраўся непрыкметна пайсці, недаверліва спыніўся.

— Ты, Ляксей, не муч нас, калі што...

Твар у Аляксея перасмыкнуўся, стаў шэра-зямлісты. Перамагаючы сябе, ён адкінуў Зосіну руку і ступіў назад, на зямлю.

— Вы абое мяне не паважаеце. Ну што ж — ваша справа. Гвалтам, як кажуць, цаны сабе не нагоніш. І я, шануючы вашу старасць, дзядзька Сымон, буду гаварыць. Вось прачытайце, каб не дужа мучыцца.— Аляксей выняў з кішэні паперкі і працягнуў іх разгубленаму Сымону.— Гэта вось бюлетэнь, а гэта накіраванне ў бальніцу. А гэта нага сімулянта, які сюды, можа, на мыліцах прышкандыбаў.

Дрыготкімі пальцамі ён не развязаў, а парваў матузкі абмоткі і пачаў яе таропка размотваць.

Зося кінулася да яго, жаласліва ўсхліпнула. Ведаючы толькі адно — не спраўдзіліся яе страхі — яна пачала перахопліваць яго рукі, не даючы яму разувацца. А ён, не маючы ўжо сілы адхіліць яе, так і астаўся на момант стаяць, сагнуўшыся, не знаходзячы, што сказаць.

У гэты час, загрымеўшы ланцугом, каля складзіка завурчэў сабака. Зося падняла галаву і зірнула ў аконны праём. Ля веснічак у шэрым плашчы і ў капелюшы стаяў Юркевіч. Зося тузанула Аляксея за рукаў ватоўкі.

— Нячыстая нашага кватаранта, Лёша, прынесла,— сказала яна ўжо тонам, якім звычайна гавораць жанчыны з мужам пра чалавека, якому падабаюцца.

 

4

Спрытна даўшы рады абмотцы, Аляксей хутка завёў раз’юшанага сабаку ў складзік, прыпёр калом дзверы і першым прывітаўся з Васілём Пятровічам. Не прычыніўшы за сабою веснічак, той зайшоў на двор. З цікавасцю агледзеў сцены дома, будаўнічую неразбярыху навокал.

— Будуемся, таварышы? — спытаў з дзіўным выразам на твары.

— От, з горам напалам, як кажуць,— адказаў Сымон.

— І даўно пачалі?

— Месяца паўтара. Але Аляксей двухжыльны. Ён, як мурашка, удвая за сябе падымае. Дзень і ноч тут. Так што, можна лічыць, тры месяцы.

— Так... Так...

Гэтае знаёмае, без пэўнага зместу «так... так», за якім людзі часта хаваюць свае думкі або шукаюць, з чаго пачаць, насцярожыла Зосю. Ёй стала непрыемна і тая ўслужлівая паспешлівасць, з якой сустрэў Аляксей Юркевіча, і тое, з якою вялікаю ахвотаю загаварыў з ім Сымон. Узбуджанасць ад сваркі і перажытага яшчэ не ўтаймавалася, і Зося ва ўсім была гатова бачыць благое.

— Вы да нас або так, па дарозе? — няветліва запыталася яна.

— І да вас і па дарозе.

Зося прыняла гэта за жарт і паціснула плячыма.

— Не, я сур’ёзна,— сказаў Васіль Пятровіч.— Хадзіў па горадзе і натрапіў на ваш палац. У мяне сёння процьма сюрпрызаў. Хоць адбаўляй...

Ён яшчэ не адважыўся, але разумеў, што ўсё роўна мусіць сказаць гэтым людзям непрымірымыя словы, засмуціць, а можа, нават і ашаламіць іх. Разумеў і тое, што цяжка змягчыць гэты ўдар. Дарэмна таксама выказваць ім спачуванне — яны так ці іначай абурацца і будуць ва ўсім вінаваціць толькі яго. Ды ці сапраўды спачувае ён ім? Яму шкада іх працы, не хочацца, каб крыўдзіўся дабрадушны дзядзька Сымон, каб як на ворага глядзеў Урбановіч, не хочацца рабіць балюча Зосі. Але як можа ён ім спачуваць? Што за свавольства? Гэтак, свядома ці несвядома, можна патаптаць усё... Ён, праўда, яшчэ няясна ўяўляе сабе, што будзе збудавана на аблюбаванай ім сядзібе, але перакананы: на гэтым месцы не павінна быць ніякіх хацінак. Хто ведае, можа, тут давядзецца пашыраць рэчку, апрануць яе ў камень, разбіць на набярэжнай бульвар. Тонучы ў зеляніне, тут вырастуць катэджы або павільёны лодачнай, а можа быць, воднай станцыі... А што наважыліся зрабіць яны? Цагляны катух, ад якога праз некалькі год хутчэй за ўсё адмовяцца самі, бо адчуюць патрэбу ў вадаправодзе, у ваннай, у газе. Якая слепата і ўпартасць!

— А работу вам... мм... прыйдзецца спыніць,— сказаў Васіль Пятровіч, палічыўшы за лепшае звярнуцца да Сымона.

— Чаму? — сумеўся той.

— Будуецеся не там, дзе трэба.

— Што? — пагрозліва спытаўся Аляксей і страшэнна збялеў.

— Гэты раён не для індывідуальнай забудовы.

— Хто гэта гаворыць?

— Пакуль што я, Аляксей.

— Няўжо вы сур’ёзна? — шчыра здзівіўся Сымон, быццам пачутае ім было неверагодна.

— На жаль, абсалютна сур’ёзна.

— Быць гэтага не можа, Васіль Пятровіч. Не можа гэтага быць. Вы спачатку разбярыцеся, як яно і што. Мажліва, гэта не каробка з цэглы, а душа скамянелая. І можа, не адна, а дзве...

— Горад ёсць горад, дзядзька Сымон. У ім, як і ў гаспадарцы, усё павінна мець сваё месца.

— Правільна,— уздыхнуў стары,— але ён, горад, таксама не для ту-рыс-таў будуецца.

Зося, што назірала за гэтым збоку, падышла да Сымона і зрабіла рух рукою, нібы адхіляла яго.

— Не прасіце, дзядзечка! Нам нічыёй ласкі не трэба. Мы савецкія людзі...

Зосіны словы падагналі Аляксея.

— А ну, забароншчык, адыдзі адсюль, пакуль не позна! — крыкнуў ён.— Я ў гэтым горадзе не меншы гаспадар!

Зося тым жа рухам не дала прадаўжаць і яму.

— Супакойся, Лёша! Я не веру, што ёсць такія законы! Рукі кароткія.

— Дык чаго ж ён мне душу рве?! Пра горад яму клопат! Людзі ў зямлянках гібеюць, у сутарэннях жывуць, няхай пра іх паклапоціцца. Няхай там спачатку парадак навядзе, а потым і раёны ўстанаўляе.

— Я паўтараю: тут нельга,— з’едліва сказаў Васіль Пятровіч.— Заўтра атрымаеце афіцыйную паперку.

Ён, нібы развітваючыся з незнаёмымі, прыўзняў капялюш і, ужо ўзлаваны, пайшоў да весніц, лаючы сябе, што не стрымаўся і сам зайшоў папярэдзіць.

 

5

Не верачы ў тое, што адбылося, Аляксей пабег да Зімчука, дзе, як здавалася, яму, мог знайсці абарону. Але як толькі ён схаваўся за рогам вуліцы, Зося таксама кінулася следам, баючыся, што наробіць глупства.

Дагнала яна яго праз кварталы два і, не гаворачы ні слова, пайшла побач. Аляксей паглядзеў на яе, быццам не пазнаў, але запытаўся:

— Чаго табе?

— Пайду з табою,— упарта нахмурылася Зося.

— Навошта?

— Супакойваць буду.

— Мяне?

— Няўжо ж каго другога...

Твар у Аляксея падабрэў, у кутках вуснаў зацяплілася ўсмешка.

— Не бойся, я ўжо сам супакоіўся.

— Яно і відаць. Таму і бяжыш па сярэдзіне маставой.

Вуліца была пустая. Толькі насустрач, грукочучы, ехала фурманка на нязвыкла нізкіх колах, нагружаная жалезным ламаччам, ды па тратуары спяшалася некалькі прахожых з настаўленымі каўнярамі.

— Сапраўды, пасярэдзіне,— згадзіўся Аляксей і, узяўшы Зосю пад руку, перайшоў на тратуар.

Зося зразумела, што цяпер яму можна гаварыць усё.

— Ты, Лёша, шалёны. Хіба льга так? Няхай згарыць той дом, калі праз яго трэба закон абыходзіць і з людзьмі грызціся. Няўжо нельга будавацца, як другія. Вунь у нас, у школе, гавораць, што дзяржава пазыку будзе даваць.

— Цэлы буду...

— Ой не, Лёша! Ты ж, прабач мне, дзічэць пачаў. Нават на сваю прафесію забываешся.

Аляксей сцішыў крок і хацеў быў вызваліць руку, але Зося моцна прыціснула яе сваёй рукою і пацягнула яго далей.

Яны перайшлі мост цераз Свіслач і збочылі на набярэжную. Прахожых тут не было. Брук усцілала мокрае лісце верб, якое, упаўшы, так і асталося ляжаць некранутае, як дзе-небудзь на пожні. Два ці тры драўляныя домікі здзіўлена пазіралі на набярэжную. З вокнаў, напалову забітых аполкамі і заткнутых анучамі, глядзела туга. Над домікамі, побач і ззаду, па гары, узвышаліся руіны. На рагу вуліцы да падмурка — усё што асталося ад колішняга будынка — прыліп паўкруглы дот з нацэленымі ў розныя бакі амбразурамі.

Па-ранейшаму выглядалі адны вербы. Тоўстыя, нібы пакручаныя, яны схіляліся над рэчкаю, як схіляліся пяць і дзесяць гадоў назад. У ціхую па-асенняму густую ваду з галінак падалі важкія кроплі. Цяпер гэты звінючы гук толькі і быў чуцён. За рэчкай чарнеў голы парк. Ад яго павявала гэткім жа запусценнем.

— Ты мяне дарэмна дапікаеш,— сказаў Аляксей.— Я, Зось... Калі б кожны рабіў тое ж, што я, дык праз год паднялі б горад. А так ён, глядзі, вось які.

Невядома адкуль узяўшыся, на веласіпедзе іх дагнаў Алешка. Ён ехаў, не трымаючыся за руль, і, параўняўшыся, як пераможца, падняў абедзве рукі. Але пасля хораша развярнуўся і на хаду саскочыў з веласіпеда.

— Адкуль і куды, браты-партызаны?

— Так, у адно месца,— няпэўна адказаў Аляксей.

— Да сябе на будоўлю ці з будоўлі, ха-ха? На ліха вам гэта?

— Дом яшчэ не замінаў чалавеку.

Але тое, што ад яго скрылі такую дробязь, як — куды і чаго ідуць, пакрыўдзіла Алешку, нагадала колішнюю пікіроўку на суботніку.

«Цураюцца, хочуць далей быць...» — дайшло да яго, і ён спытаўся:

— А на ліха той дом, калі яго кожную хвіліну можна страціць?

— Тады, па-твойму, наогул нічога не трэба.

— Чаму? Шмат яшчэ чаго астаецца. Еш, апранайся, радуйся з чаго можна, хіба мала гэтага? Во паеду, адрамантую прыёмнік таварышу, пасядзім з ім за бяседным сталом — і парадак!

— Павучы маму сваю...

— Калі Алешка, адчуваючы — зараз яны пасварацца ўшчэнт, падняўшы руку, укаціў, Аляксей выставіў яму ўслед дулю:

— Бачыў? На вось, выкусі. Я, брат, на лёгкае не ганюся. Ты на другіх паглядзі... Вунь яшчэ ў шпіталі адзін хваліўся: «Цяпер, кажа, нічога баяцца не буду». І не баяцца. Хароміны ўзводзяць. Толькі невядома, на чые грошы. А я калі эксплуатую каго, дык самога сябе.

— Здаецца, я таксама з табою жыву,— схіліла галаву Зося.

Ён азірнуўся на бакі і, нікога не заўважыўшы, абняў яе за стан.

Яна па-дзявочы войкнула і адштурхнула яго. Аляксей разняў рукі, адступіў на крок і скрывіўся ад болю.

— Нага, ліха на яе,— сказаў ён як бы між іншым, але далей пайшоў ужо накульгваючы.

У вузкім цёмным калідоры стаяла чарга. Аляксей прыстроіўся ў канец яе і сціх. Зося ж, наадварот, адчула сябе вольна і, разгадаўшы няхітры парадак, у якім ішоў прыём, ужыла свае захады.

— Ты пачакай тут,— шапнула,— я вунь да той у чырвоным берэціку падыду. Мы з ёю ў магазіне сустракаліся.

Яна падышла да высокай дзяўчыны з прыгожай, у вянку важкіх кос галавою, берэт на якой трымаўся ледзь не на самай патыліцы, і пра нешта загаварыла з ёй. Тая відаць здагадалася, чаго ад яе чакаюць, і, крыху адсунуўшыся ўбок, дала Зосі месца каля сябе.

— А я думала, вы спозніцеся,— пачуў Аляксей яе голас.

Ён хацеў гукнуць Зосі, каб яна ішла назад, але востры боль працяў нагу. Сціснуўшы зубы, Аляксей прытуліўся да сцяны, якая чамусьці пачала падатліва хіліцца. Здзіўляючыся, куды знікаюць сілы, ён усё ж перамог жаданне апусціцца на падлогу. Намаганнем волі прымусіў сябе расплюшчыць вочы і прыслухацца да таго, пра што размаўляюць у чарзе.

У калідоры стаяў рознагалосы тлум. Гаварылі ўсе і аб розным: пра вайну, пра жыццё ў эвакуацыі, пра выкрытую таемную схованку дабра ў скляпенні пад руінамі, пра тое, як шчасліва вярнуўся дамоў нейкі Пушчын, якога даўно ў сям’і пахавалі, пра суботнікі і літарныя карткі. Аляксей слухаў гэтыя размовы і разумеў: пакуль ён іх чуе, Зося нічога не заўважыць. І сапраўды, боль страціў вастрыню, хоць у назе тузала і пякло.

Узбуджанасць надавала ўпэўненасці. Ідучы да Зімчука і чакаючы сустрэчы з ім, былым камісарам брыгады, Аляксей асабліва не сумняваўся. Зімчук павінен памагчы, як памагаў не раз. Ён усім растлумачыць, што горад — гэта і ёсць ён, Урбановіч, Зося, дзядзька Сымон. А ім не трэба разграфленых паперак, калі тыя паласуюць сэрца і марнуюць працу. Ды хіба ён, Аляксей, каму замінае? Калі тое будзе, што кавалак занятай ім зямлі спатрэбіцца для чаго іншага. Дый ці спатрэбіцца? Хто ведае? Вунь колькі гэтай зямлі! Бяры, расчышчай, будуй — хопіць і табе і тваім дзецям. Юркевічу пляваць, што нікому іншаму, як яму, Аляксею, давядзецца першаму ўзнімаць на папялішчах будучыя дамы. А як ён іх пачне ўзнімаць на месцы, дзе будзе пахаваны яго ўласны?

Калі з кабінета выйшаў чарговы наведвальнік і Зося, не даючы яму зачыніць за сабою дзвярэй, шмыгнула ў кабінет, Аляксей сам быў падаўся да дзвярэй. Але на яго закрычалі, і ён вярнуўся назад, ведаючы, што Зося нешта прыдумае, каб абысці і гэту перашкоду. Каб загадзя апраўдацца, ён звярнуўся да інтэлігентнага, у пенснэ, мужчыны, які ўвесь час моўчкі стаяў перад ім:

— От бо народ!.. Ні літасці, ні спачування...

— Усім не наспачуваешся,— сказаў той і адвярнуўся.

— Гэта вы дарэмна...

— У чэргах сваё сумленне. Адзін пад маркай інваліда праз кожныя пяць чалавек стараецца пралезці. Другія знарок дзяцей з сабою бяруць. А трэція дык проста пачынаюць лаяцца так, што ад іх аж смурод нясе. Ну і праходзяць.

— Урбановіч! — пачуўся голас Зімчука з прыадчыненых дзвярэй кабінета.

Аляксей разгублена зірнуў на мужчыну ў пенснэ, але потым дэманстрацыйна пайшоў да дзвярэй.

Зімчук стаяў каля вялікага пісьмовага стала і размаўляў з Зосяй, якая сядзела ў крэсле. Убачыўшы Аляксея, ён падышоў, абняў яго за плечы і, разгледзеўшы схуднелы аброслы твар, паківаў галавою.

— Та-ак, на партызанскіх харчах ты выглядаў лепш, таварыш будаўнік. Падцягнула цябе як мае быць.

Быў Зімчук, як і ў тыя далёкія партызанскія дні, непаспешлівы, прыемна спакойны. Нават вопратка асталася ранейшая — гімнасцёрка ваеннага крою, комсастаўскі рэмень, галіфэ. Карыя, з залатымі іскрынкамі вочы паглядалі ўважліва і крыху насмешліва.. Поўны твар, круты лоб з вялікімі залізамі свяціліся ад усмешкі. Яго цешыла сустрэча, і ён не таіў сваёй радасці, хоць праз яе і прабівалася насцярожлівая ўвага.

— А вы ані не змяніліся,— адказаў Аляксей, не ведаючы, як лепш аддзякаваць Зімчуку за шчырасць.

— Затое цябе ледзьве пазнаеш.

— На жывой касці мяса нарасце.

— Яно так-то так, але залішне ўжо. Гэтакі крэмень быў, і калі ласка...

Аляксей абвёў позіркам прасторны кабінет, усё абсталяванне якога складалася з пісьмовага стала, двух скураных крэслаў, пастаўленых пры стале адно супроць аднаго, ды некалькіх крэслаў уздоўж сцяны.

— Беднавата? — перахапіў Зімчук яго позірк.— Затое зірні вось сюды.— Ён паказаў на масіўны пісьмовы прыладак на стале — адчаены юнак стрымліваў за павады ўздыбленага каня.— На бронзу будзем паступова курс дзяржаць. Сядай! У нагах праўды няма.

Ад гэтага спачування, ад таго, што Зося — ён гэта заўважыў — употайкі выцерла ражком хусткі вочы, у Аляксея нарадзіўся пратэст.

«Што гэта яны разжаліліся»,— падумаў ён і, каб перавесці гаворку на іншае, сказаў:

— Я прыйшоў з просьбай, Іван Мацвеевіч. Мне будавацца забараняюць.

Зімчук нахіліўся над сталом, узяў чырвоны аловак і нешта запісаў на кавалку паперы.

— Мне Зося ўжо расказала,— неяк трудна пацёр ён далоняй лоб, залізы, ад чаго яны паружавелі.— Галоўны архітэктар па-свойму мае рацыю. Партызаніць у мірных умовах ужо нельга.

— Я не партызаню, а будуюся.

— Дадай, без усякага дазволу.

— Яго савецкая ўлада даўно дала. Мы ваявалі за гэта! А кватэру не дужа даваць спяшаюцца.

— Пачакай, пачакай,— паморшчыўся Зімчук.— Усе мы ваявалі. А сёй-той і цяпер ваюе,— і стаў распытваць пра ўчастак, пра тое, ці даўно Аляксей пачаў будавацца. І разам з тым, як той расказваў, твар у Зімчука рабіўся ўсё больш заклапочаны. Потым, выняўшы з шуфляды падклеены марляй план горада, ён расхінуў яго і, сціснуўшы скроні далонямі, аблакаціўся на стол.

— Ідзі, бескватэрны, пакажы, што ты захапіў.

Памкнуўшыся ўстаць, Аляксей прыўзняўся, але востры боль зноў пранізаў нагу і апёк сэрца. Ён вінавата глянуў спачатку на Зосю, пасля на Зімчука і бездапаможна апусціўся ў крэсла.

— Не магу, Іван Мацвеевіч, усё! — выдыхнуў ён і скрывіўся ад нясцерпнага болю.— Раны адкрыліся...

— Э-э, дружа-будаўнік,— працягнуў Зімчук.— А я ўжо табе і работу знайшоў. Думаў, зноў сваёй справай зоймешся і верхаводзіць будзеш!

Зося не вытрывала і голасна ўсхліпнула.

 

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ

 

1

Часам Васілю Пятровічу здавалася, што ён астаецца з разбураным горадам сам-насам. Маленькі чалавек і мора руін, рудых, абпаленых сонцам. Руіны ўзвышаюцца, наступаюць на яго, а ён — адзін, без падтрымкі.

Праўда, выкарыстоўваючы ўцалелыя каробкі, сёй-той з архітэктараў праектаваў новыя будынкі. Пры ўпраўленні, на чале з Дымком, была створана спецыяльная група, якая вяла распрацоўку генплана. Але і гэтая работа падавалася марудна: не ставала адзінства і было многа сцеражлівасці. А галоўнае — спрэчкі з абавязковымі спасылкамі на высокія палітычныя катэгорыі, нават у выпадку, калі спрэчка ішла аб нязначным.

Да вайны, праектуючы дамы, Васіль Пятровіч мала думаў аб тых, каму давядзецца іх будаваць. А калі і думаў, дык з прыкрасцю, як аб дадатковай перашкодзе, якая не давала разгарнуцца. Цяпер жа пачуццё самоты і незадаволенасці з'яўлялася перш за ўсё таму, што побач амаль не было людзей, якія ажыццяўлялі б твае замыслы, няхай нават скоўваючы іх. Намаганні рабіліся як бы беспрадметнымі.

Хаця яго ўпраўленне было напалову ўкамплектавана, у гарсавеце на Васіля Пятровіча глядзелі, як на камандзіра, што ўсё яшчэ не атрымаў часць. Да яго ставіліся то залішне фамільярна, то з прыхаванай іроніяй і бадай што заўсёды трохі насмешліва. Нават вывады камісіі і работу групы генеральнага плана многія лічылі нечым не зусім дзелавым, патрэбным для праформы — было проста не да іх. Упартасць жа, з якой Васіль Пятровіч кожны раз напамінаў пра вывады, пра работу над генпланам, толькі дакучала.

Але Васіль Пятровіч усё ж знаходзіў у сабе сілы не асабліва зважаць на гэта. І калі хто-небудзь называў яго фармалістам, згаджаўся: «Нічога не папішаш{папі, каюся, патрэбна пакуль што такая пасада».

У ім пачала расці нездаровая насцярожанасць. У кожным ён пачынаў бачыць схаванага правапарушальніка, які можа ці мае на мэце зрабіць замах на будучыню горада. І, баючыся, што народжанаму ў яго марах гораду могуць пашкодзіць дзялягі і хапугі, Васіль Пятровіч рашыў: галоўны яго абавязак цяпер — стрымліваць і папярэджваць іх замахі.

Добра, каб горад астаўся такім, як ёсць, пакуль скончыцца вайна і будзе складзена праектна-планіровачная дакументацыя — ну, хоць бы генеральны план і праекты дэталёвай планіроўкі і забудовы важнейшых магістралей.

Што значыць генеральны план? Гэта дакумент, які вызначае галоўныя гарадскія магістралі, прамысловыя і жылыя раёны капітальнай забудовы... Што такое праект дэталёвай планіроўкі? Гэта славутыя чырвоныя лініі, якія ўстанаўліваюць непахісныя памеры вуліц. А што такое праект дэталёвай забудовы? Ён вызначае абрыс магістралей: маштабы забудовы, яе характар, так званыя архітэктурныя акцэнты — вежы, водступы, зрэзкі вуглоў у будынках, што павінны падняцца на рагу вуліц, апрацоўка фасадаў...

Калі ўсё гэта будзе, то дзялягі, якія звычайна бываюць дэмагогамі, не здолеюць ужо спекуляваць на цяжкасцях. Дакументы стануць над імі як вышэйшы закон. І падабаецца ён каму ці не, яго трэба трымацца. Лягчэй будзе пераконваць перастрахоўшчыкаў, людзей проста нерашучых...

З Зімчуком яшчэ можна было мірыцца, але ён насцярожваў таксама: у ім Васіль Пятровіч бачыў чалавека іншых накіраванняў. Той часта гаварыў пра нястачы і пакуты, перанесеныя народам у вайне, пра неабходнасць шанаваць людскія радасці. Шмат чаго ў ім Васіль Пятровіч зусім не разумеў. Напрыклад, той горача пераконана развіваў думкі, што трэба паважаць не толькі жывых, а і памершых, што людзі варты, каб на іх не забываліся і пасля смерці. Таму не кепска было б пачаць хоць бы з таго, што ўпарадкаваць гарадскія могілкі — абгарадзіць іх і як след засадзіць кустамі, дрэвамі, прывесці ў парадак помнікі. Насцярожанаму, захопленаму сваімі планамі Васілю Пятровічу ўсё гэта здавалася даволі дзіўным.

Аднойчы яны заспрачаліся наконт каробкі былой лячэбніцы, да якой некалі хадзілі разам. Тэхнічная экспертыза прызнала яе годнай для аднаўлення, і Наркамздраў, каму яна належала, папрасіў дазволу распачаць аднаўленчыя работы. Але выпрастаная тут паводле намётак генеральнага плана Савецкая вуліца-праспект падыходзіла б да каробкі, і лячэбніца апынулася б на праспекце. Двухпавярховая, бедная архітэктураю, яна ніяк не вязалася з абрысам будучага праспекта. Дый было неразумна выносіць такую ўстанову на цэнтральныя кварталы галоўнай магістралі... Трэба было выйграць час. І Васіль Пятровіч пачаў шукаць прычыны, каб спачатку адцягнуць справу, а потым адмовіць Наркамздраву наогул. Завязалася спрэчка, у якую нарэшце вымушаны быў умяшацца і гарвыканком.

— А вы ўпэўнены, што Савецкая вуліца пройдзе якраз тут? — выслухаўшы Васіля Пятровіча, спытаўся Зімчук.

— Камісія запісала: праспект трэба выпрастаць. І група генплана лічыць, што, выпростваючы, яго мэтазгодна павярнуць іменна ў гэтым месцы.

— І колькі такі паварот будзе каштаваць дзяржаве? Мільён, два?

Для Васіля Пятровіча субардынацыя была яшчэ паняццем шмат у чым адцягнутым. У ім яшчэ жыла закваска чалавека вольнай прафесіі. І ён адказаў як пра нешта нязначнае:

— Яшчэ не падлічвалі... Трэскі будуць.

— Трэскі ці дровы?

— Без ахвяр горада не пабудуеш.

— І гэта вы гаворыце, калі на фронце паміраюць тысячы?

Зімчук важка варухнуўся ў крэсле. Са стала ўпала нейкая папера, але ён не стаў паднімаць яе.

— Як вы наогул растлумачыце народу, што вуліца павінна прайсці не так, а так? — палажыў ён сагнутую ў локці руку на стол і паказаў спачатку адзін, а потым другі напрамак, і ад гэтага ўпэўненасць Васіля Пятровіча, што трэба павярнуць магістраль, неяк страціла ранейшую цвёрдасць.— Мне хочацца ведаць, чым вы аргументуеце, што не варта аднаўляць бальніцу і, наадварот, варта аставацца ў зямлянках ды ў катухах яшчэ на некалькі год толькі таму, што вам уяўляецца, быццам вуліцы лепш прайсці не так, а так?

— М-м... Хвілінку! — не ўтрымаўся на ўзятым тоне Васіль Пятровіч.— Па-мойму, тут пачынаюцца ўжо абвінавачванні... што я ігнарую інтарэсы людзей.

— Магчыма.

— А вы не дапускаеце, што мне перашкаджаюць абараняць іх. Горад, якім ён быў, не можа забяспечыць ні здароўя, ні дабрабыту. І я, вядома, супроць таго, каб аднаўляць ранейшы парадак рэчаў. Чалавек мае права на лепшае!

Зімчук пазмрачнеў і з агідаю змахнуў са стала нейкую парушынку. Узбуджанасць яго прыкметна згасла.

— Ча-ла-век,— прамовіў ён па складах,— хоча жыць лепш, а не мець права на лепшае... Вы, калі ласка, напішыце пра свае меркаванні выканкому.

І вось цяпер, калі сакратарка паведаміла, што да яго зноў званіў Зімчук і двойчы Понтус, Васіль Пятровіч пастараўся настроіць сябе іранічна да будучых непрыемнасцей.

Яму гэта ўдалося, і ён падумаў, што не так ужо цяжка прывыкнуць нават да вымоў і павучанняў. Ухмыляючыся, узяўся быў за тэлефонную трубку, каб спачатку пазваніць Понтусу, але ў кабінет заявіўся Барушка.

Як заўсёды ўзрушаны перад тым, як пачаць гаварыць, ён яшчэ ў дзвярах выняў з кішэні капшук і, скручваючы на хаду цыгарку, пайшоў не да стала, а да канапы.

— Чым усцешыце? — не надаючы асаблівага значэння Барушкавай узрушанасці, спытаў Васіль Пятровіч.

Той паціснуў плячыма, рассыпаў махорку і нанава пачаў скручваць цыгарку. Гэта раззлавала яго. І, кусаючы зубамі край газетнай паперы, ён спадылба зірнуў на галоўнага архітэктара.

— Праўдай!

— Ну што ж, прашу...

— А мяне і прасіць не трэба. Гэта мой абавязак. Я нарадзіўся тут!

— І я таксама.

— Я прыйшоў заявіць, што горад не прадмет для фантасмагорый. У яго ёсць учарашні дзень, гісторыя. І таптаць яе — злачынства.

— Пра што гэта вы так грозна? — з выглядам стоіка спытаўся Васіль Пятровіч, які пачаў ужо прывыкаць да Барушкавых абурэнняў.

— Я ведаю пра што. Ведаеце і вы... Тое, што робіць ваш Дымок — абскурантызм! Цяпер мінулае горада — руіны. Разумееце — руіны!

— І подзвіг у вайне.

— Няхай. Але народы, якія мелі высокую самасвядомасць, пакідалі руіны як недатыкальнасць. Як святыню. І, натуральна, наш народ таксама патрабуе ашчаднасці.

 

Тое, пра што дзёўб Барушка, хвалявала яго. Ён грымаснічаў, з выразам пакутніка шукаў слоў. Але, паказваючы ўсім выглядам, што ідзе на рызыку, абуджаў у Васіля Пятровіча раздражненне.

— Хвілінку,— зноў перапыніў ён Барушку.— Хто патрабуе? Вы ці народ?

— Я... Народ...

— Не, усё-такі канкрэтна,— хто?

— Я ведаю народ.

— І што, такім чынам, вы прапануеце?

— Аднавіць усё, што можна аднавіць.

«Дык вось хто аўтар гэтай ідэі»,— падумаў Васіль Пятровіч, успомніўшы колішнія Понтусавы намёкі, якімі той хацеў прывязаць яго да сябе. І, ведаючы,— трэба ўзважваць кожнае слова,— сказаў:

— Я згодзен... Людзям патрэбен не толькі заўтрашні дзень. Але ў няволю да мінулага пайсці не магу. Мінск заслужыў большага, тут у мяне сумненняў няма.

Правёўшы позіркам Барушку, які вымахваў рукамі і даводзіў сваё, аж пакуль не дайшоў да дзвярэй, Васіль Пятровіч схапіў тэлефонную трубку і рукою, якой трымаў яе, набраў нумар. Аднак, падумаўшы, што размова з Понтусам будзе таксама пра злашчасныя каробкі, не даў сціхнуць гудкам і націснуў на рычаг. Практыка падказвала ўжо — па тэлефоне лёгка згаджацца, яшчэ лягчэй адмаўляць, але пераконваць, дамагацца свайго цяжка, а часам і бескарысна.

Папярэдзіўшы сакратарку, што ідзе ў Дом урада і што ёй трэба пазваніць Зімчуку і папрасіць за яго прабачэння, ён выйшаў з упраўлення, настроены больш непрымірыма, чым раней.

 

2

Неспадзявана Понтус сустрэў яго ветла. Пачухваючы левую руку вышэй локця — гэтак ён рабіў, калі быў узрушаны,— выйшаў з-за стала і аберуч прывітаўся з ім.

— Прывітанне ад жонкі,— сказаў, пабліскваючы залатым зубам.

— Дзякую. Але якім чынам? — здзівіўся Васіль Пятровіч.

— Сустрэліся ля «Метраполя». Вяла Юрку ў музычную школу.

Васілю Пятровічу стала непрыемна: Понтус бачыў жонку, сына, а ён ужо другі тыдзень не меў ад іх пісьмаў. Але ўсё-такі спытаўся:

— Ну як жывецца-можацца?

— Што як! Цудоўна! Цвіце, як ружа. Выглядае лепш, чым тады ў Мінску. Людзі азіраюцца, калі праходзяць міма. А жанчыны — у тых жа заўсёды паядынак: каб прымелі, праткнулі позіркам, як рапіраю. Масква, васпане!..

Понтус сказаў гэта з нейкім непрыстойным намёкам, быццам гутарка ішла пра чалавека, зусім чужога для Васіля Пятровіча, і той мог смакаваць яго намёкі.

— Пыталася, само сабой, пра вас, ці не сумуеце. Я пажартаваў, вайна, маўляў, яшчэ не скончылася і мужчыны з арміі не дэмабілізаваліся. Смяялася, загадвала сачыць і дакладваць. Ну, што яшчэ? Запрашала на шклянку чаю...

— А так, што новага? — каб спыніць размову, якая рабілася яму непрыемнай, спытаўся Васіль Пятровіч, уяўляючы Понтуса, жонку і Юрку каля «Метраполя». Жонка і Понтус размаўляюць, смяюцца, а Юрка ўпарта цягне маці за руку і хныча: «Мам, хадзем! Ну, мам, хадзем!..» Вера ў сваім шакаладным, спартыўнага крою, паліто, якое так зграбна аблягае яе постаць, у маленькім, з вуалем, капялюшыку і з сумкаю цераз плячо. На яе азіраюцца, яе разглядваюць, а яна прыкідваецца, што нічога не заўважае і поўніцца высакамернай радасцю. Увага навакольных людзей робіць чалавека прыгажэйшым. І Васіль Пятровіч ведаў, што жонка ў такія хвіліны рабілася асабліва прыгожай...

— Новага? Мала. Дый яно паспела пастарэць,— палічыў чамусьці неабходным астудзіць яго Понтус і, наблізіўшыся да Васіля Пятровіча, па-дружбацку паправіў яму гальштук.— Папярэджвалі, каб не блыталі Гогаля з Гегелем. Каб рэзалі, толькі сем разоў прымераўшы. Вясною абяцаў зноў прыехаць Міхайлаў.

— Уладзімір Іванавіч? Вось было б добра!

— Ну, як сказаць... «Известия» яшчэ да вайны надрукавалі артыкул. Помніце? «Рыцари прямого угла». Хвораму, маўляў, патрэбен не кат, а хірург, і нельга чыкрыжыць горад так, як падказвае фантазія.

— Але пры чым тут Міхайлаў?

— Не, што вы!..— здзіўлена сказаў Понтус, як бы здаволены, што яму запярэчылі.— Аднак думаю, гэта астанецца між намі. Мне ў Акадэміі даволі ясна намякнулі... Ён... як бы вам сказаць... больш тэарэтык і трошкі ідэаліст.

Понтус падышоў да кульмана, якога Васіль Пятровіч дагэтуль не заўважаў, і палажыў на процівагу руку.

— Праўда, у нас, у практыкаў, ёсць перавага. Мы, у рэшце рэшт, вырашаем — быць або не быць. Але гэта цяжкая перавага. За тэарэтычныя памылкі крытыкуюць, а за нашы здымаюць з работы і аддаюць пад суд.

Дзень быў малы. За вокнамі пачынала шарэць. Але Васіль Пятровіч прыгледзеўся і ў праекце, прымацаваным да кульмана, пазнаў фасад лячэбніцы фізічных метадаў лячэння. Понтус пераняў позірк Васіля Пятровіча і, каб у таго не было ніякіх сумненняў, уключыў электрычнасць.

 

3

Пад вечар ударыў мароз. Ён скаваў зямлю, руіны. Тратуары сталі да таго гулкія, што крокі падымалі рэха. Руіны, пакрытыя шэранню, узнімаліся гранітнымі заінелымі аграмадзінамі, і здавалася, што няма нічога цвярдзейшага за іх.

Перасмыкаючы плячыма ад холаду, да якога не паспеў прывыкнуць, Васіль Пятровіч зайшоў па дарозе ў закрыты размеркавальнік. Месяц канчаўся, і трэба было спяшацца атаварыць карткі. Але мяса і тлушчаў не было, і ён — затое без чаргі! — атрымаў яечнага парашку і баначку салёных фісташак. Фісташкі «даваліся» замест цукру, але Васіль Пятровіч іх любіў і таму ахвотна ўзяў.

У магазіне было цёпла, светла. На паліцах, пад шклом прылаўкаў стаялі каробкі і банкі з яркімі, рознакаляровымі этыкеткамі. І ад кантрасту — залітага святлом магазіна, дзе ўсё было прыбрана, пахла фарбаю і мёртвай вуліцай з руінамі, набрынялымі марозам,— а можа, ад таго, што ён атрымаў фісташкі, Васіль Пятровіч востра адчуў, што жонкі і сына з ім няма.

Ці правільна ён зрабіў, згадзіўшыся, каб Вера паехала ад яго? Ці сапраўды так лепш ёй і Юрку? Нябось, ім таксама не стае яго. Не можа ж быць, каб спакойны, звыклы побыт мог усё акупіць. Яна, мабыць, таксама сумуе, ёй таксама патрэбна яго блізкасць. Але яна ведае нешта, чаго не ведае ён. Мацеры ўмеюць бачыць, чаго не бачаць другія. Калі нарадзіўся Юрка, Вера, гледзячы на сына, у захапленні сказала: «Ён будзе выліты ты, Васіль». Жончыны словы тады здаліся мілым дзівацтвам. Як ні ўглядаўся Васіль Пятровіч у чырвоны з кіслай грымасаю тварык, так нічога і не ўбачыў — ні падабенства, ні таго, чым можна было захапляцца. А выйшла ўсё-такі, як казала яна.

Яму захацелася дараваць жонцы ўсё. Вобраз каханай жанчыны паўстаў перад ім як самы дарагі і светлы, які прыходзіць у снах. У той жа час быў ён зямны, жаданы. Так, так, Вера не халодная да яго, а проста стрымлівае сябе, не раскрываецца перад ім уся. Жаночая мудрасць прымушае яе нешта таіць ад яго, нешта хаваць пра запас, абяцаць яшчэ не зведанае. І, можа, у гэтым прычына, што ён цягнуўся да яе, заўсёды адчуваючы незаспакоеную да канца прагу... не да канца свая, і вельмі-вельмі патрэбная. З якой палёгкаю і ўдзячнасцю прытуліў бы ён да сябе яе духмяную галаву! Як цалаваў бы яе бледны лоб, заплюшчаныя, з вялікімі вейкамі вочы...

Што рабіць?

Ці па яго сілах ноша, якую ўзваліў ён сабе на плечы? Няўжо яму трэба больш за ўсіх? Ды ці яго гэта ноша? Ён творчы чалавек. З яго хапіла б працаваць у майстэрні з невялікім дружным калектывам. Ён праектаваў бы будынкі, нават цэлыя ансамблі, няясныя, але светлыя вобразы якіх жывуць у ім. Узнікшы з трапяткога душэўнага гарэння, яны не даюць спачыну, просяцца на паперу. А ён гоніць іх, траціць сябе на дробныя спрэчкі. Што вартага ён зрабіў за гэты час? Бадай што нічога. Яго барацьба з самазабудоўшчыкамі і каробкамі натыкаецца на самыя нечаканыя перашкоды. Геадэзісты ніяк не могуць скончыць здымкаў, і па-ранейшаму адзіным дакументам з’яўляецца тапаграфічны план 1934 года, які ўдалося выратаваць ад агню ў сутарэннях гарадской управы...

Ён спяшаўся сюды, прагнучы ўбачыць, што стварыў у шчаслівы мірны час, а ўбачыў адны руіны. Ён спадзяваўся, што тут, у родным горадзе, у яго зноў будзе сям’я, і ў яе вернецца шчасце, а сям’я раскідалася. І хто ведае, калі ўсё прыйдзе да ладу. Ён марыў аб творчасці, а пакуль што мардуецца, завяз у адміністратыўных дробязях. Дый наогул навошта яму вялікая палітыка, калі ён ані не палітык?..

Масква! Яна, пэўна, не адштурхнула б і яго. Міхайлаў падтрымаў бы, а то і ўзяў бы да сябе ў майстэрню. Работа з Міхайлавым! Вось што чакала б яго.

Гатовы пісаць заяву ў ЦК, Васіль Пятровіч ступіў на парог свайго ўпраўлення. Рабочы дзень скончыўся, і супрацоўнікі ўжо разышліся. Толькі ў пакоі сектара адводу зямель тэхнічка, падмятаючы падлогу, перасоўвала крэслы і сталы. Васіль Пятровіч папрасіў у яе ключ і прайшоў у кабінет.

На стале, як заўсёды, злева ад чарнільнага прыладку, ляжаў падрыхтаваны стос папер з прышпіленымі да ражкоў канвертамі — пошта ўпраўлення. Адчуваючы сябе пакрыўджаным, Васіль Пятровіч апусціўся ў крэсла і механічна падсунуў паперы да сябе. Убачыў пакладзены асобна, каб звярнуць увагу, нераспячатаны канверт. Кіруючыся сваімі меркаваннямі, Вера слала пісьмы на службовы адрас, і Васіль Пятровіч, не зірнуўшы на почырк, ведаў ужо, што пісьмо ад яе. З незразумелай трывогаю ён разарваў канверт і, таму што лісцікаў у ім было некалькі, пачаў спачатку разглядаць іх. Вось лісцік, вырваны з вучнёўскага сшытка. На ім танк з чырвонаю зоркаю на ўсю вежу і чырвоным снопам агню, што вылятае з даўжэзнага ствала гарматы. Вось другі такі ж ліст з абрысам Юркавай рукі, абведзенай алоўкам і падобнай да кляновага ліста. Унізе друкаванымі літарамі напісана: «Тата, я цябе люблю». Вось фатаграфія — Вера ў сваім модным паліто і Юрка з папкаю для нот, на якой адціснуты профіль Бетховена.

Вера дзякавала за перасланыя грошы, пісала, што сумуе і нікуды не ходзіць. Надвор’е дрэннае, дажджыць, з кожным днём робіцца халадней, і, калі б не магазіны, не Юрка, яна наўрад ці паказвалася б на вуліцы. У канцы пісьма, між іншым, паведамляла, што гэтымі днямі сустрэла ля «Метраполя» Понтуса. Пагаварыла, адвяла душу. Ён быў да таго далікатны, што зайшоў на другі дзень і прынёс Юрку баначку фісташак, халвы. Юрка быў рады, скакаў на адной назе, пляскаў у далоні і ўсё казаў: «Дзякую, дзядзька Ілья! Дзякую! Мам, паглядзі!»

Апошняе ўразіла Васіля Пятровіча, і ён ужо ні аб чым іншым не мог думаць. Чаму Понтус прамаўчаў, што заходзіў да жонкі? Калі, скажам, аберагаў яго спакой, дык чаму тады не ўтрымаўся ад нейкіх намёкаў: «Масква, васпане!..» Калі ён наогул не надаваў значэння свайму візіту, дык навошта ўспамінаў пра запрашэнне? Значыць, яму выгадна прыкідвацца чалавекам, які ставіцца іранічна ў дачыненнях да Веры і не асабліва цэніць яе запрашэнняў. Чаму?

Понтус уяўляўся дагэтуль інертным, цяжкім на пад’ём чалавекам, якога мала што захапляла і гэтак жа мала што абурала. З жанчынамі ж ён наогул быў цяльпук, мяла і карыстаўся поспехам толькі ў пэўнай іх катэгорыі... І раптам такая ўвішнасць!..

 

Дома яму доўга не адчынялі. Калі ж у сенцах нарэшце зашморгаў дручок, якім былі завалены дзверы, Васіль Пятровіч, успомніўшы пра выпадак на злашчаснай сядзібе, здагадаўся, чаму не чулі яго стуку.

Праходзячы праз пакой Урбановічаў, Васіль Пятровіч убачыў Зосю. Абапершыся каленам на крэсла і схіліўшыся над сталом, тая перабірала сшыткі. Яна, безумоўна, таксама чула яго крокі, але не зварухнулася і не паглядзела, хто там ідзе.

З нядобрымі думкамі Васіль Пятровіч ступіў у свой пакой. Паспрабаваў, як і тады, перад сустрэчай з Понтусам, настроіць сябе на іранічны лад, але гэта ўжо не ўдалося. І, вырашыўшы, што так далей нельга, што трэба перагаварыць хоць бы з Сымонам, пачаў гатаваць вячэру. Выцягнуў з-пад ложка плітку, схаваную там ад вока кантралёра энергазбыта, развёў яечны парашок, прыгатаваў амлет. Здзіўляючыся, як усё ў яго выходзіць ладна, дастаў бохан хлеба, біклажку з гарэлкаю і падаўся да гаспадароў.

Сымон у акулярах сядзеў на нізенькім услончыку пасярэдзіне пакоя. У руках ён трымаў калодку з нацягнутай шэра-ліловай бахілаю і старанна прыклейваў нешырокі чырвоны рант. На падлозе валяліся абрэзкі аўтамабільнай камеры і нескладаны інструмент: шавецкі нож, нешта накшталт вузенькай таркі, набітай на драўляную ручку, для зачысткі гумы, пэндзаль-лапатачка з размачаленым канцом.

Ён ніколі не бачыў Сымона ў акулярах, і таму той здаўся чужым.

— Мне трэба з вамі пагутарыць,— сказаў Васіль Пятровіч, перакананы, што гэтая размова, калі і будзе, то будзе цяжкай.

Стары зірнуў на цётку Анцю, якая падкладала дровы ў грубку, і зноў усю ўвагу скіраваў на бахілу.

— Хадзем да мяне. Мне гэта... мм... вельмі важна. Я вам растлумачу...

— Няма чаго яму хадзіць,— забегла наперад з адказам цётка Анця, прычыняючы дзверцы грубкі і разгінаючыся.— Вы лепей Лёшу растлумачце.

— А дзе ён?

— Цётачка! — гукнула з-за сценкі Зося, якая, мусіць, слухала і ўсё чула.— Чаго вы з ім размаўляеце? Які яму клопат!..— і яна быццам захліпнулася.

З адчуваннем, што на яго навальваецца яшчэ адна бяда і, можа, не меншая за тую, якую ўявіў нядаўна, Васіль Пятровіч павярнуўся і, мармычучы ў апраўданне бязглуздзіцу, выйшаў. У сваім пакоі замкнуўся і доўга сядзеў на ложку. Потым устаў, падышоў да пісьмовага стала, выняў з шуфляды кавалачак цэглы і з агідаю шпурнуў яго ў адчыненыя дзверы печкі. Схапіўшы біклажку, пацягнуў прама з рыльца.

 

4

Была нядзеля — выхадны дзень. Аднак Васіль Пятровіч не знайшоў у сабе сілы яшчэ раз пагутарыць з гаспадаром і, як звычайна, сесці за пісьмовы стол. За сценамі пакоя стаяла маркотная цішыня. І яна гнала Васіля Пятровіча з дому. Але выйшаўшы на вуліцу, ён зразумеў, што яму няма куды ісці. У яго былі знаёмыя, супрацоўнікі, але не было месца, куды б ён мог зайсці і дзе гэтаму не здзівіліся б. Праўда, ён мог заглянуць да Кухты, Дымка. Яго, хутчэй за ўсё, там сустрэлі б гасцінна, ветліва, але і яны здзівіліся б...

Сланяючыся без усякай мэты, думаючы, як быць далей, ён выйшаў да Траецкай гары.

Навокал ляжала парытая, у ямінах, пустка, пазарастаная чэзлымі кусцікамі. Справа шарэлі заінелыя каробкі былой ваеннай школы. На другім паверсе яе галоўнага корпуса нехта зашкліў два акны, на міжпавярховыя бэлькі нацягаў дошак і зрабіў сабе жыллё, вывеўшы трубу-комін проста ў акно.

Лявей, над дахамі некалькіх уцалелых дамоў, маячылі знаёмы абрыс Дома ўрада, вежа кафедральнага касцёла, купалы царквы на вуліцы Бакуніна. Далей жаўцелі руіны і паблісквала сярэбраная палоска Свіслачы з рэдкімі, нахіленымі да вады вербамі. На шырокай забалочанай абалоне цямнелі хаціны без панадворкаў, дрэўцы. За Свіслаччу, на схіле гары,— зноў каробкі з чорнымі праваламі вокнаў, комін і спічасты, нечым падобны на сярэдневяковы замак, фасад электрастанцыі. Яшчэ лявей — плошча з папялішчамі, з лапінкамі пабурэлага ржэўніку і дзвюма пачатымі яшчэ да вайны паўкруглымі камяніцамі. А над усім — шэрае, пакутліва нізкае неба.

Перад гэтым малюнкам усеагульнага разбурэння ўчарашнія думкі раптам здаліся ганебнымі... Кінуць разбураны горад? Выкрэсліць з памяці? Пахаваць народжаныя ім надзеі?.. Гэта тое ж самае, што пахаваць самога сябе. Дый учора ў глыбіні душы Васіль Пятровіч ведаў, што нізавошта не паедзе ад гэтых каробак і руін, праз якія ў яго ўяўленні пачаў ужо прарастаць новы горад — светлы, прыгожы, як і ягоны подзвіг у вайне. Тыя ж адступніцкія думкі былі проста помстаю. Сабе — за слабасці, за тое, што няўдала абараняе сваё; другім — за жорсткасць ці абыякавасць да гэтай жорсткасці.

З-за няскончанага дома на плошчы паказаўся трамвай. Васіль Пятровіч міжвольна — усё роўна не было на чым спыніць позірку — праводзіў яго, пакуль ён не схаваўся за руінамі, і ўздыхнуў: жыццё ішло сваёй дарогаю. І хоць на вуліцах можна было пералічыць прахожых, ішло яно ў пэўным кірунку. Пакідаючы пасля сябе шызы дымок, па Садовай ехаў грузавік. У кузаве яго, на цэгле сядзелі грузчыкі ў брызентавых спяцоўках і быццам бляшаных рукавіцах. Пад гору сунуўся абоз ламавікоў. На нізкіх калёсах — жалезны лом. Гукі ад іх не даляталі, але па тым, як размахвалі рукамі возчыкі, як напіналіся коні, Васіль Пятровіч уяўляў і крыкі і бразгат. І чым больш ён глядзеў на ўсё гэта, тым больш прасякаўся адданасцю да яго. Трацілі вастрыню перажытыя непрыемнасці, а адданасць расла.

Калі ж на вочы набеглі слёзы, ён нечакана ўбачыў акружанага моладдзю Зімчука. Той стаяў на прыступках тэатральнай лесвіцы і таксама глядзеў на горад. Поплеч, прытуліўшыся да калоны порціка, стаяла дзяўчына, на якую калісьці Васіль Пятровіч звярнуў увагу на пероне вакзала. Захацелася непрыкметна знікнуць. Але яго заўважылі, і ён вымушаны быў падысці.

— Любуецеся? — спытаўся, падыходзячы.

— Іван Мацвеевіч расказваў нам пра разбурэнні,— усміхнулася яму, як знаёмаму, Валя.— А цяпер вось перахапілі вашы абавязкі: вызначаем, калі і што можна будзе аднавіць.

— А між іншым,— не могучы ўжо так проста пайсці ад іх, сказаў Васіль Пятровіч,— больш важна, мм, як яно будзе адноўлена...

— Вы што, і ўчора кіраваліся гэтым прынцыпам? — непрыветліва спытаўся Зімчук.

Калі Васіль Пятровіч перамагаў ваганні, наважваўся ісці на нешта адно, ён бляднеў. Так і цяпер — кроў адхлынула ад яго твару,

— Дапусцім,— цвёрда адказаў ён, вырашаючы сам сабе сёння ж перабрацца ад Сымона ў гасцініцу. .— Але там я меў яшчэ на ўвазе і артыкулы Крымінальнага кодэкса. Самазабудоўшчык, Іван Мацвеевіч,,— гэта шкоднік!

Зімчук пабляднеў таксама.

— Зірніце вунь туды,— паказаў ён на зашклёныя вокны ў галоўным корпусе ваеннай школы.— Бачыце? Што гэта, па-вашаму?

— Беднасць... Хоць яе таксама прыйдзецца пераадольваць...

— Ты ведаеш, Валя, хто там жыве?

— Ага,— неахвотна адказала тая.— Алешка.

— Дык вось, там Урбановіч, а тут Алешка. Ёсць розніца? Па-мойму, істотная. Майструючы сабе жыллё, ён сапраўды ведаў, што рабіў. Скончыцца вайна, ваеннае ведамства не з бедных, аднаўляць свае будынкі возьмецца першым. Савецкія ж законы ў крыўду чалавека не дадуць. Раней, чым выселіць каго-небудзь адкуль-небудзь, яму падрыхтуюць замену. Такім чынам за тыдзень-два з матэрыялу, які ён нацягаў адтуль, дзе кепска ляжала, Алешка, збудаваў сабе новую кватэру ў новым доме. Вось вам і беднасць! А нялёгкая работа на сябе, выходзіць,— злачынства. Не, прабачце...

Унізе на сцежцы, пратаптанай па пустцы, паказалася жанчына ў шэрай, з кутасамі хустцы, у старэнькім паліто і мужчынскіх ботах. На плячы яна несла нечым наладкаваны мяшок. У яе згорбленай постаці, у пакорнай хадзе было штосьці ад манашкі.

Відаць, не сказаўшы ўсяго, што хацеў, Зімчук збег па прыступках лесвіцы ўніз і, пераняўшы жанчыну, стаў трэсці ёй руку.

— Куды гэта вы? Як Змітрок? — даляцела да Васіля Пятровіча.

— Нічога, вы ж ведаеце, яму абы работа...—азвалася жанчына.— А я далёка — у Заходнюю. Можа, вымяняю што на транты. Дзеці, Іван Мацвеевіч, змарнелі...

— Хто гэта? — адчуваючы слабасць і прыкрасць, звярнуўся Васіль Пятровіч да Валі.

Аднак тая, занятая сваімі думкамі, не пачула запытання. Скубучы рукаў паліцечка, дзяўчына глядзела на ваенную школу і, жмурачыся, нешта думала.

— Не знаю,— сказала яна праз момант,— але мне здаецца, Іван Мацвеевіч не аб’ектыўна гаварыў і пра Урбановіча. Вы самі жывеце ў іх, бачыце...

 

РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ

 

1

Ці прымірылася Зося з тым, што рабіў і як паводзіў сябе Аляксей? Наўрад.

Але гэта быў яе Лёша — з адкрытым, дарагім тварам, з шэрымі, часам зусім празрыстымі вачыма, гледзячы ў якія яна забывалася і адчувала, як трапечацца і ные ад кахання істота. Гэта быў Лёша, чыё дзіця яна насіла пад сэрцам. Ён жыў для яе ва ўсім. Сыпане ў замёрзлую шыбу снегам ці пацягне дымам з печачкі, якую ім зрабіў дзядзька Сымон, і па некай сувязі ўспамінаецца Лёша. Не вывучыла вучаніца ўрокаў, устала з-за парты насупленая — і перад вачыма ўсплывае Лёшаў твар. Праехалі па вуліцы на лыжах хлопец з дзяўчынаю, зачапіўся за парог пратэзам Лочмель, уваходзячы ў настаўніцкую, зрабіў незаслужаную заўвагу дырэктар школы — і зноў думкі пра Лёшу: трэба перадаць, пра што падумалася, знайсці падтрымку...

Гэтым разам яна пайшла ў бальніцу проста са школы. Узрадаваныя, што могуць правесці настаўніцу, яе акружылі дзяўчынкі, якім было па дарозе. Іх аказалася многа. Кожная старалася ісці бліжэй да Зосі, і таму, не месцячыся на тратуары, рушылі па заснежанай маставой.

Неба звісала шэранькае, сумнае. Падаў пушысты снег.

Зося ў сваім вішнёвага колеру яшчэ партызанскім кажушку, апушаным па бартах і ўнізе, у кубанцы, на якой аставаўся след ад некалі прышытай чырвонай стужкі, у атрыманых пры Валінай дапамозе з Чырвонага Крыжа ботах мала нагадвала настаўніцу. Яна здагадвалася аб гэтым, але не бянтэжылася. Ціхі снег, што кружыў навокал, яе незвычайная вопратка, у якой, Зося ведала, яна выглядае цікавай, стройнай,— навявалі ўспаміны, смутак.

— Мая мама да дзядзькі Вані паехала,— скорагаворкаю сыпала худзенькая заходлівая дзяўчынка, ухутаная ў хустку, рагі якой былі завязаны на спіне.— У дзядзькі Вані Сяргейку на фронце забілі. Так што мы цяпер адны. Тата і гатуе, і мяне глядзіць. Ён усё ўмее. Толькі косы ніяк не навучыцца заплятаць...

— А ў нас наадварот — татусю параніла,— зайздросцячы сяброўцы, перабіла яе кучаравая, уся ў рыжых завітках, якія непаслухмяна выбіваліся з-пад плюшавага капара.— Аж пад Прагаю недзе. Мама казала, што ёсць дзве Прагі — адна ў Чэхаславакіі, другая ў Польшчы. Тату параніла ў Польшчы недзе.

Зося абняла дзяўчынак за плечы і пайшла так з імі, стараючыся, каб дзеці не заўважылі яе слёз.

— Татуся ў шпіталі цяпер,— без асаблівага смутку апавядала тая, не заўважаючы, як уздрыгвае рука ў настаўніцы.

— Зося Тарасаўна, а чаму Лочмель такі? — у сваю чаргу не дала ёй гаварыць далей шчабятуха ў вялікай хустцы.

— Які такі?

— Яму, пэўна, балюча косткаю ў пратэз упірацца?

— Вядома...

Зося хацела і не магла размаўляць. Забіты Сяргейка, які ўяўляўся ёй падлеткам, клапатлівы бацька дзяўчынкі, чыя душа не навучылася яшчэ жыць горам, ранены пад Прагаю Лочмель — мелі нейкае дачыненне да Аляксея і каменем лажыліся на сэрца.

— Заўтра я прыйду да вас! — быццам апраўдваючыся, паабяцала яна.

Каля каробкі пажарнага дэпо з падобнай на туру вежай Зося нечакана ўбачыла Васіля Пятровіча. Ён ішоў, задумаўшыся, махаючы перад сабой рукою і пстрыкаючы пальцамі. Зося не сустракалася з ім з таго дня, як ён пайшоў ад іх, і, каб не дзяўчынкі, мусіць, ухілілася б ад сустрэчы.

— Ну як Аляксей? Папраўляецца? — пакланіўся ён.

Яна не адказала і, шукаючы падтрымкі, паглядзела на вучаніц. Тыя згрудзіліся каля яе і з цікавасцю ўтаропіліся на Васіля Пятровіча.

— Вы дарэмна, Зося... Чэснае слова. Пастаўце сябе на маё месца і пераканаецеся, што я зусім не вораг вам.

Зосін твар пацямнеў, ля рота азначыліся ўпартыя складкі.

— А мы і не думаем, што вораг.

— Можна, Зося, па-рознаму клапаціцца аб людзях...

— Гэта правільна. Але я вам вось што скажу... Не любіце вы людзей, таварыш Юркевіч. Клапоціцеся, як кажаце, але не любіце. Не!

Вучаніцы ўважліва прыслухоўваліся да размовы, стараючыся яе зразумець, але не разумелі. Аднак пры апошніх словах захваляваліся.

Кучаравая, у капары дзяўчынка, узяўшыся за Зосін рукаў, папрасіла:

— Хадзем, цётка Зося!

Непатрэбная сустрэча з нежаданым чалавекам яшчэ больш развярэдзіла рану. І калі, развітаўшыся з вучаніцамі, Зося асталася адна, думкі яе былі заняты толькі Аляксеем.

У прыёмным пакоі ёй давялося чакаць: сабралася многа наведвальнікаў і не хапала халатаў.

Тут было чыста, ціха, пахла ёдаформам. Наведвальнікі сядзелі на белых табурэтках уздоўж сцяны і навокал авальнага століка, на якім стаялі фарфоравы кубак і графін з зыркай, як жывое срэбра, вадою. Праз шкляныя дзверы былі відаць вестыбюль, фікус-недаростак каля лесвіцы і сама лесвіца, па якой падымаліся заклапочаныя жанчыны ў белым.

Прасякаючыся сумнай бальнічнай урачыстасцю, Зося ўзяла свабодную табурэтку і падсела бліжэй да санітаркі, якая дзяжурыла ля вешалак. З ёю Зося пазнаёмілася, калі першы раз заходзіла сюды, і адразу неяк даверылася ёй.

— Як там Урбановіч, не ведаеце? — спыталася, з прыемнасцю пазіраючы на старую, на яе маршчыністы добры твар, які бывае ў харошых людзей, што бачылі шмат чалавечых пакут.

— Хадзіць ужо спрабуе.

— Быць не можа! — абмерла Зося.

— Ды ты не хвалюйся, дзіцятка! Ён у цябе страх які нецярплівы. На мыліцах прабаваў. А ўночы...— Старая ў нерашучасці стуліла губы.— Казалі, уткнуўся ў падушку і плакаў.

— Лёша плакаў?!

Зося ўявіла, як калаціліся шырокія Аляксеевы плечы, як уздрыгвала дужае цела, і ў памяці паўстала закінутая сярод балот выспа, шпітальная зямлянка, вымашчаная бярозавымі жэрдкамі, абцягнутая па столі паркалем з парашута. На нарах ён, Аляксей, і схіленая над ім у халаце і ў белай хустцы яна, Зося.

«Як тады добра было!» — падумала Зося. І такі жаль ахапіў яе, што яна не магла вымавіць ні слова.

Санітарка спалохалася і шэптам пачала супакойваць яе, запэўніваючы, што праз месяц-два Аляксей абавязкова паправіцца.

А Зося, падпёршы рукою падбародак і не слухаючы старую, думала: не, не, ніколі яна не будзе жорсткай з Аляксеем — не караць яго трэба, а памагчы яму!

Што яна зрабіла для таго, каб ён стаў такім, якім хоча? Як магла яна дапусціць, што ён аддаліўся ад яе, ачарсцвеў? Калі б яна змагалася за сваё, як ён за сваё, }'сё было б іначай. А яна нават не заўсёды разумела яго і часамі сама падлівала масла ў агонь.

Калі чарга дайшла да яе, Зося хуценька апранула халат і адчыніла шкляныя дзверы. Не чуючы пад сабою ног, узбегла на другі паверх.

Хворых было многа, ложкі стаялі ўздоўж усяго калідора. Але Зося не паменшала крокаў, пакуль не дайшла да дзвярэй палаты, дзе ляжаў Аляксей. Тут яна спынілася і аддыхалася.

Ложак яго стаяў справа ад дзвярэй, пры сцяне. Зося пераступіла парог, павярнулася ўправа, узялася рукамі за спінку ложка і толькі тады адважылася зірнуць на мужа.

Аляксей ляжаў, з закінутымі за галаву рукамі, укрыты па грудзі коўдрай. З-пад коўдры бялела роўная палоса прасціны. І па тым, як акуратна прасціна была загорнута на коўдру, Зося — яна заўсёды заўважала ўсё, што датычылася Аляксея — здагадалася: ён чакаў і рыхтаваўся, каб сустрэць яе. Гэтае чаканне яна прачытала і на яго твары, паголеным, строгім, і на вачах, што адразу заблішчалі і сталі святлейшыя. Аляксея пастрыглі яшчэ ў першы дзень, і, прыходзячы ў тыя разы, Зося ніяк не магла прывыкнуць да яго — насатага, круглагаловага. Цяпер жа валасы крыху адраслі, і тое, што ён быў пастрыжаны, толькі маладзіла яго.

— Сядай тут,— падсунуў ён табурэцік і ўпершыню пры людзях не пасаромеўся пацалаваць.

Хворыя ляжалі і сядзелі кожны на сваім ложку, усе падстрыжаныя, у сподніх, з завязкамі замест гузікаў бальнічных кашулях, і таму падобныя адзін на аднаго. І толькі адзін ложак, побач з Аляксеевым, быў пусты і прыбраны.

— Выпісалі? — пацікавілася Зося.

— Не.

— А дзе ж ён?

— Памёр.

— Тут і памёр? На вачах?!

— Не, перанеслі ў ізалятар.

У грудзях у Зосі пахаладзела, і яна з прымхлівым страхам аглядзела пусты ложак, ніяк не могучы прыпомніць хворага, які тут ляжаў.

— Пасцель змянілі?

— Змянілі.

— А тваё як здароўе?

— Нічога.

— Чаму, Лёша, ты і тут не беражэш сябе?

Ён нездаволена пацягнуў коўдру на грудзі і паклаў на яе выпрастаныя рукі.

— Данеслі ўжо? Няня, мабыць... Што я маленькі, не гаспадар сабе? Перашкаджаю каму, ці што? Ты вось лепей скажы, як дом наш?

— Што дом? Стаіць. Снегам занесла.

— Вось бачыш. А Гоман?

— Я ж табе казала ўжо, дзядзька Сымон прывёў. Бегае на ланцугу. Ніхто чужы зайсці не можа.

— Малайчына! З завода не пыталіся?

— Чаму не...

— Ты маеш рацыю, буду прасіць Івана Мацвеевіча, каб даў работу па спецыяльнасці. Апрацівела сноўдацца.

— Папраўся во раней.

— Папраўляюся.

— Ты пра мяне, можа, таксама спытаў бы што-небудзь...— паціху прамовіла Зося і падумала: Аляксей ні кропелькі не змяніўся, а яна, як відаць, добра і не ведае, што трэба рабіць, каб ён змяніўся.

Вось спяшалася да яго, і здавалася: прыйдзе, выкажа, што накіпела на сэрцы, і ўсё стане ясна. Але прыйшла, пачала гаварыць — і нібыта ўпёрлася ў глухую сцяну. Што тут парадзіш? Што ты тут зменіш, калі сцяна глухая і каменная!

Да горла падступіла рыданне. Зося заплюшчыла вочы, і паміж веяк заблішчалі слёзы. Але ў гэты момант яна раптам адчула, як нешта пяшчотна кволае забілася ў ёй. Зося замерла і прыслухалася. Яно стукнула яшчэ раз, другі і стаілася. Ды залатая струна, да якой дакранулася, усё гучала і поўніла Зосю дзівоснай музыкаю. Музыка нарастала, захліствала сэрца. Слёзы, што блішчалі ў вейках, праціснуліся праз іх і пакаціліся па шчоках. Але гэта былі ўжо слёзы замілавання і клопатаў.

Зося выцерла твар, узяла Аляксееву руку і асцярожна прытуліла да свайго жывата.

Думаючы, што гэта капрыз, саромеючыся Зосіных слёз, Аляксей задыхаў носам. Але ў далонь яго стукнула — настойліва, патрабавальна. Не прымаючы рукі, ён увесь пацягнуўся да Зосі, ледзь чутна, нібы жартам, спытаўся:

— Ці не зарана?

— Дурань!

І папрасіў:

— Ты мне даруй. Гэта я так, Зось...

Абражаная, яна не адказала, усё яшчэ прыслухоўваючыся да сябе і адчуваючы ў Аляксеевых словах адно — жаданне памірыцца.

 

2

«Вы клапоціцеся аб людзях, але не любіце іх»,— успамінаў Васіль Пятровіч, крочачы па тратуары.

Снег ішоў з самага рання і паспеў укрыць усё навокал. Ухутаныя ім, як ватаю, руіны абапал вуліцы ўзвышаліся, як прывіды. Там, дзе за восень яны былі разабраны, бялелі ўзгоркаватыя лапіны, таксама быццам зачараваныя. Нізка павіслае неба амаль злівалася з заснежанымі руінамі і з пакрытай снегам зямлёю. Было ва ўсім нешта несапраўднае, зданёвае. І ў павольным кружэнні сняжынак рэальнымі здаваліся толькі людзі, ссутуленыя, з настаўленымі каўнярамі, рэдкія грузавікі, з абвітымі ланцугом коламі, ды ўвішныя «эмачкі», «вілісы», якія сярдзіта буксавалі і якіх далёка закідала на паваротках.

«А вы іх не любіце!»

Не, гэта няпраўда. Хіба мог бы ён так працаваць і жыць, каб не любіў людзей. Ён архітэктар, а гэта значыць — чалавекалюб па самой сваёй прыродзе. Ні адно мастацтва ў свеце так не звязана з дабрабытам і шчасцем людзей, як архітэктура.

У ёй немагчымы нават карыкатуры!..

І што значыць — любіць людзей? Няўжо гэта — патураць ім ва ўсім? Мірыцца з іх адсталымі густамі, блізарукасцю? Не, сапраўдная любоў патрабавальная. Вось пройдзе пяць — дзесяць гадоў, калі яго непрымірымасць праб’е праз гэтыя амярцвелыя руіны праспект, і тады будзе відаць, ці любіў ён людзей. Праспект ляжа шырокі, строгі, прамы, з шапатлівымі прысадамі ўсцяж тратуараў, з імклівымі ўзлётамі вежаў... І няхай наўкол многае астанецца на нейкі час ранейшым — людзі пад вечар, пасля работы будуць прыходзіць сюды як на запаветную зямлю будучага.

Ён думаў пра гэта крыху іранічна, быццам тлумачыў відавочнае, але разумеў, што даводзіць Зосі не зусім тое.

«Вы клапоціцеся аб людзях, але не любіце іх...»

Мусіць, яна прызнае толькі тую любоў, якую прымаюць самі людзі. Ты любіш людзей толькі тады, калі яны прызнаюць, што ты іх любіш. І ты, па сутнасці, не любіш іх, калі яны не адчуваюць тваёй любві, калі яна іх не грэе. У гэтым, зразумела, ёсць праўда. Вось таму ён і ўяўляецца Зосі няўжыўчывым, дробязным...

Задумаўшыся, Васіль Пятровіч не заўважыў, як з ім параўнялася гаркомаўская «эмачка». Прасунуўшыся з разгону метры два на затарможаных колах, яна спынілася, і з яе адчыненых дзверцаў высунулася галава Кавалеўскага ў шапцы-вушанцы.

— На лаўца і звер бяжыць! — гукнуў ён насмешліва.

Васіль Пятровіч абтрос ад снегу паліто, абабіў аб крысо шапку і без асаблівай ахвоты палез у «эмку».

У машыне, побач з шафёрам, сядзеў Зімчук. Гэта не спадабалася Васілю Пятровічу, але, не паказаўшы выгляду, ён паціснуў яму руку, якую той працягнуў цераз плячо.

— А «казялок» дзе ваш? — зірнуўшы на сакратара гаркома, спытаўся Зімчук.— Далёка хадзілі?

Па яго тону Васіль Пятровіч здагадаўся: пра яго нядаўна гаварылі, і, даючы зразумець, што ведае гэта, адказаў:

— Аднаму падпалкоўніку ў адстаўцы ўзбрыло ў галаву будавацца на ранейшай сядзібе. І абавязкова на папялішчы, дзе загінулі жонка з дзецьмі. Каб адначасова, як ён гаворыць, пабудаваць дом і помнік. Хіба няўважлівая прычына?

— Ну і як?

— Там раён капітальнай забудовы. І калі здолее змураваць чатыры паверхі, няхай будуецца.

— Цікава,— усміхнуўся аднымі вачыма Кавалеўскі.— А мы таксама пабывалі на сядзібе ў аднаго з тваіх хрэснікаў. І рашэнне наконт яго табе ўсё-такі прыйдзецца адмяніць.

Снег абляпіў шыбы. У «эмачцы» быў матавы паўзмрок. Па ветравым шкле роспачліва матляліся «дворнікі» і ледзьве рассоўвалі снег то ўправа, то ўлева. Прыгнуўшыся, быццам зацікаўлены тым, што ён бачыць у веер, ачышчаны «дворнікам» з яго боку, Васіль Пятровіч як бы здзівіўся:

— А чаму, калі не сакрэт?

— Рашэнне тваё не прыймальнае па палітычных меркаваннях. Значыць, не прыймальнае наогул.

«Вось яно, пачынаецца»,— падумаў Васіль Пятровіч і абыякава адказаў:

— Але горад мы будуем не на адзін дзень....

— Няхай. Але наколькі мне вядома, генеральны план яшчэ і не думаў выходзіць за межы раёна капітальнай забудовы. Адкуль жа ты ведаеш, што будзе там, дзе будуецца Урбановіч? Ты ж сам заяўляў: пры складанні генплана аддаленых раёнаў будзеце ўлічваць існуючыя будынкі. А чым гэты домік горш за старыя? Чаму ты яго не хочаш улічваць?

— Існуючыя — гэта непазбежнае зло. А новы домік пакуль што не існуе, і зла можна пазбегнуць.

— Вось гэта арыгінальна,— перасмыкнуў плячыма Кавалеўскі.— Па-твойму выходзіць, што наша галоўнае няшчасце, што гітлераўцы не ўправіліся знішчыць усяго дашчэнту.

Васіль Пятровіч не ўмеў спрачацца, гарачыўся, і словы ў абарону сваёй думкі прыходзілі да яго пазней, калі ён аставаўся адзін і думаў пра спрэчку. Цяпер жа яму карцела адно — пярэчыць.

— Не трэба гуляць у слоўцы,— палез ён напралом.— У нашай справе, на жаль, не бывае так, каб і козы аставаліся цэлыя і ваўкі былі сытыя...

Звярнуўшы за рог, «эмачка» спынілася ля пад’езда гарсавета. Нездаволеныя адзін адным, Васіль Пятровіч і Кавалеўскі вылезлі з машыны, а Зімчук астаўся сядзець. Злуючыся чамусьці на яго мацней, чым на сакратара гаркома, спадзеючыся, што Кавалеўскі прадоўжыць гаворку з ім у сябе, Васіль Пятровіч першы закрочыў да пад’езда. Але на другім гарсаветаўскім паверсе Кавалеўскі лёганька штурхнуў яго ў плячо да калідора, які гудзеў ад галасоў.

— Давай спачатку паглядзі, што робіцца там. Пазнаёмся з жыццём хоць у калідоры, а потым заходзь, пагаворым.

Васіль Пятровіч з самым сур’ёзным выглядам пачакаў, пакуль Кавалеўскі падымецца на свой паверх, і збочыў у калідор.

Хвілін пяць ён аціраўся паміж узбуджаных людзей, прыслухоўваючыся да гаворак, і думаў...

— Пазнаёміўся,— зайшоўшы потым у кабінет Кавалеўскага, сказаў ён.— Я слухаю вас.

Кавалеўскі ўжо сядзеў за пісьмовым сталом і праглядаў паперы. Пачуўшы Васіля Пятровіча, падняў галаву і з момант глядзеў на яго пустымі вачыма, але адказаў дарэчы:

— Заўважыў, што ўвесь гэты вір людскі — у жыладдзел і ў сабез? І ніводнай душы да цябе. Пракурор гаварыў, што ледзь не дзевяць дзесятых судовых спраў — кватэрныя. Зразумела?

— Дапусцім, не сёння-заўтра і я спатрэблюся. Зразумейце і мяне. Хіба я для сябе стараюся?

— Хопіць. Усё роўна трэба падбіраць участкі для індывідуальнай забудовы і рыхтаваць тыповыя праекты. Павер, у будаўніцтве лягчэй за ўсё наламаць дроў.

Васіль Пятровіч сабраўся быў пярэчыць, але Кавалеўскі націснуў кнопку званка, і на парозе паказалася сакратарка.

— Пазваніце на машынабудаўнічы,— папрасіў ён,— і перадайце: няхай а пятай прыедзе парторг.

І тое, што Кавалеўскі ўжо думаў пра іншае, асадзіла Васіля Пятровіча больш, чым яго строгія словы.

Выйшаў ён з гаркома пакрыўджаны, расстроены зусім. Каб супакоіцца, не пайшоў да сябе ва ўпраўленне, а зноў падаўся на вуліцу.

Снег усё падаў і стаў спарнейшы.

«Слепата!..— ніяк не мог скончыць размовы з сакратаром Васіль Пятровіч, чамусьці ўпэўнены, што той як старшы абавязаны дараваць яму і ўпартасць і непачцівасць.— Страхуецца!.. Гэтак усё лёгка апраўдаць патрэбамі часу...»

Каля драматычнага тэатра ён спыніўся. Але, яшчэ не могучы, каб не ісці куды далей, збочыў у сквер.

Старыя разгалістыя дрэвы стаялі заснежаныя, як у лесе. Снег ляжаў на суках, галінках. Тонкую рабіну сагнуў зусім і, прысыпаўшы яе ацежалелую верхавіну, прымусіў стаяць паслухмяна схіленай. Засыпаў ён і фантан пасярод сквера. Голы каменны хлопчык і лебедзь як бы ўгрузлі ў сумёце. І здавалася, што лебедзь узмахнуў крыламі, каб узляцець, вызваліцца са снежнага палону, а хлопчык абхапіў яго рукою, трымае, баючыся, каб не астацца аднаму.

А снег усё падаў і падаў...

На Савецкай вуліцы Васіль Пятровіч зноў убачыў гаркомаўскую «эмачку». Шафёр толькі што выцер ветравое шкло, і праз яго віднеўся Валін твар. Яна сядзела побач з шафёрам і размаўляла з некім, хто быў на заднім сядзенні.

 

 

3

Валя ўбегла ў палату, шырока ўсміхаючыся. Ні бальнічныя абставіны, ні тое, што ішла да хворага, не засмучалі яе. Яна наогул не вельмі верыла, што Урбановіч можа сур’ёзна хварэць, не разумела яго пакут і бачыла ва ўсім гэтым мімалётную, выпадковую непрыемнасць, нягледзячы на якую ўсё роўна ўсім добра. Прыкмеціўшы, як паспешліва Аляксей адняў руку ад Зосі, як успыхнула тая, Валя горача расцалавала сяброўку і аберуч павіталася з Аляксеем.

— Які снег! — у захапленні сказала яна.— Ён, мабыць, хоча засыпаць свет. Чысты, бялюткі, як... Я не ведаю нават, як назваць.

— Харошы снег,— згадзілася Зося, папраўляючы халат.— Такі спорны і ціхі вельмі любяць дзеці.

— Калі глядзіш на яго, востра-востра адчуваеш час... І наогул робіцца добра. Сыплецца і сыплецца...

— Няхай ідзе,— як бы дазволіў ім быць нясталымі Аляксей.— Увесну больш вады будзе. Нам хлеб трэба.

— Ехалі мы цяпер і не маглі налюбавацца. Іван Мацвеевіч кажа, каб намаляваць, ніхто не паверыў бы — так прыгожа.

Аляксей нецярпліва прыўзняўся.

— Ты з ім? Дзе ён?

— А з кім жа мне быць,— неяк адразу перамянілася Валя.— У мяне, як вядома, апрача яго і вас, нікога няма! — Але тут жа абняла сяброўку, пацерлася шчакою аб яе шчаку і пабегла з палаты.

Зося ўстала і таксама пайшла за ёю, кіўнуўшы Аляксею так, нібыта гаварыла: «Пачакай трошкі, я зараз».

Яны ўбачылі Зімчука ў калідоры. Ён сядзеў на краю аднаго з ложкаў і, схіліўшыся над хударлявай, без крывінкі ў твары, дзяўчынкай, гутарыў з ёю. У галавах хворай стаяў падлетак, насуплены і камічны, у даўгім, не па росту, халаце. Змізарнелы твар у дзяўчынкі і яе хваравіта ўважлівыя вочы былі ўсхваляваныя. Яна гатова была заплакаць, асабліва калі сустракалася з позіркам падлетка.

— Дык чаму ўсё-такі? — дапытваўся Зімчук.

— Няхай ён скажа,— папрасіла дзяўчынка, відаць, трывожачыся, каб не пакрыўдзіліся ні Зімчук, ні падлетак.— Ён, дзядзька Ваня, у мяне старэйшы. Я яго слухаюся.

Хлопец зацята маўчаў, сярдзіта пазіраючы ў акно. З акна на яго падала святло, і ў гэтым святле даўгаваты худы твар падлетка здаваўся быццам скамянелым.

— Вось бачыце! — паскардзілася дзяўчынка і дадала: — Ты, Цімка, ты не злуй, я яшчэ нічога не сказала.

— Хто гэта? — падышла Валя.

Зімчук пагладзіў дзяўчынку па галаве.

— Гэта Волечка, а гэта Цімка, падпольшчык, што ўцёк тады. Памятаеш, у першы дзень? Вось калі знайшоўся!

Адчуўшы прыхільнасць да шорсткага, заўзятага падлетка, Валя працягнула яму руку і, як роўнаму, прапанавала:

— Давай знаёміцца. Я таксама падпольшчыцай была.

Прыплюшчыўшы вочы, хлопец агледзеў Валю з ног да галавы, і тонкія губы яго скрывіліся.

— Ты, вядома, знаеш Алешку? — як бы не заўважыла варожасці Валя.

— Дык вось я камандавала ім. Разумееш? Тваім Алешкам камандавала. Праўда, Іван Мацвеевіч?

— Цімка! — з адчаем пачала маліць Волечка.

Хлопец пераступіў з нагі на нагу і ўзяў Валіну руку.

— Іван Мацвеевіч, вас Лёша чакае,— напомніла Зося.

— Зараз,— замахаў на яе Зімчук.— Як жа вы цяпер жывяце?

— Расказваць доўга.

— Ну што ж, як сабе хочаш. Але ўцячы гэтым разам я ўжо не дазволю.

Губы ў хлопца гняўліва таргануліся.

— У міліцыю заявіце? Або вушы накруціце?

Быццам не пачуўшы гэтага, Зімчук падняўся з ложка, паляпаў па шчацэ дзяўчынку і пайшоў следам за Зосяй у палату.

Волечка праводзіла іх позіркам, употай выцерла слёзы і, схапіўшы Валіну руку, прыпала да яе.

— Што гэта будзе, цётка Валя? Цімка ведаеце які? У-у-у! Ніколі не ўступіць. Аднойчы палец назнарок пачаў рэзаць і парэзаў...

Валя таксама зазнала гора. Вайна адабрала ад яе, як і ад гэтых гаротных дзяцей, самае дарагое. І, ставячыся бадай абыякава да таго, што перажывалі Аляксей з Зосяй, яна адразу прасяклася спачуваннем да Цімкі і Волечкі. Яна вельмі блізка адчувала і Цімкаву гордасць — жорсткую да сябе гордасць няшчаснага, які лічыць, што лепш адмовіцца ад усякай ласкі, чым прыняць абы-якую, і чуллівую Волеччыну мужнасць, з якой яна ўсё пераносіць. Валя адчувала: калі б ёй давялося апынуцца на месцы Цімкі, яна грубіяніла гэтаксама, як ён, а калі б на месцы Волечкі, то гэтаксама пакутавала б, намагаючыся прымірыць непрымірымае.

Цімка адчуў яе настрой. Твар у яго памякчэў, і ён, зусім як хлопчык, шморгнуў носам.

— Не патрэбен ён мне са сваім прытулкам. Мы і так пражывём... Адчытаў, і правільна,— пахваліў ён сябе.

— Перастань! — абурылася Валя, як абураецца чалавек, які ўжо мае на гэта права.

 

У палаце яна падсела на табурэцік да Зосі, збіраючыся загаварыць пра Цімку, але, убачыўшы, што Зімчук і Аляксей заняты размоваю, вырашыла счакаць.

Узбуджаны, узрадаваны, Аляксей сядзеў на ложку, не спускаючы з Зімчука ўдзячных вачэй. Зімчуку таксама было прыемна, і ён раз-пораз паціраў лоб і залысіны. Усміхалася і Зося, але сумна, быццам цешылася больш з другіх.

Не здагадаўшыся спачатку, што іх магло так захапіць, Валя стала слухаць, ды, успомніўшы, пра што расказваў у машыне Іван Мацвеевіч, пачуўшы некалькі іх фраз, расчаравана ўздыхнула.

— Няўжо гэта так важна, таварышы? Па-мойму, вас кранаюць не тыя пачуцці. І я ўпэўнена, што мэта ў вашага архітэктара больш высакародная. Ну добра, вы дамагліся свайго. А далей што? Розуму не дабяру...

— Я чалавек цягавіты,— як малой, растлумачыў ёй Аляксей,— жыў бы, вядома, калі б і дом мой разбурылі. Але як жыў?

— Дык ты ж сам паставіў сябе ў такое становішча.

— Кінь, Валя! Дай пацешыцца хоць хвораму чалавеку,— не даслухаўшы яе, сур’ёзна сказаў Зімчук.

У палаце прывыклі да наведвальнікаў. Хворыя займаліся кожны сваёю справаю — праглядалі газеты, пісалі лісты, ляжалі проста так — думалі, са здранцвелымі, змучанымі тварамі гледзячы проста перад сабою. Але на Зімчуковы словы звярнулі ўвагу. Заўважыўшы гэта, Зімчук дадаў:

— Вартых людзей, Валя, трэба шкадаваць.

— А я, напрыклад, абразілася б, калі б мяне шкадавалі. Вось і Цімка бунтуе.

На яе напалі адразу ўсе, і яна падняла ўгору рукі, не ведаючы, чым выклікала такую бурную нездаволенасць. Але ўвага хворых пагасіла спрэчку.

Зімчук устаў і пацёр далонямі лоб.

— Ачуньвай, Аляксей, і за працу,— сказаў ён цішэй.— Будзе ў цябе, чалавеча, палац. Усё будзе. Толькі хутчэй на рыштаванне. А пад весну, глядзіш,— і вайне канец. Няхай вораг цяпер бядуе. А для нас гора і жахі мінуліся. Ужо нават не верыцца, што людзі столькі вытрываць маглі.

Гэта прагучала, як скарга, і Валя разгубілася. Пачуць ад Зімчука скаргу было для яе нязвыкла.

— І што мы будзем рабіць з Цімкам ды з Волечкаю, таварышы-пераможцы? — усё ж выстаяла яна.

— Волечку... пагутару з жонкай і вазьму да сябе. А гэтага ярша... Мы ўчора якраз спецдом адкрылі. Прыйдзецца туды аддаць. Іначай усё роўна чалавека не будзе...

Пагутарыўшы яшчэ колькі хвілін, Зімчук і Валя развіталіся і выйшлі з палаты. Аднак Цімкі ў калідоры ўжо не было.

 

4

За вокнамі пасінела. Нехта пстрыкнуў выключацелем, але электрычнасць не загарэлася. У палаце пацішэла. Рыпнуўшы дзвярыма, увайшла няня, прынесла лямпу. У паўзмроку палаты яе постаць у белым халаце нячутна праплыла ад дзвярэй да століка. Чуваць было толькі, як трабашчаць запалкі ў яе ў кішэні.

— Запальваць? — спыталася яна быццам сама ў сябе.

— Няхай так,— азваўся нехта з хворых.— Усё адно чытаць нельга. Пасядзім шарай гадзінкай.

Няня паставіла лямпу і гэтак жа нячутна пайшла.

Змрокі гусцелі, але ў той жа час аставаліся белаватымі.

Аляксею не ляжалася. Карцела пахадзіць па пакоі, паглядзець у акно, убачыць, што робіцца на двары. Радасць яго патрабавала рухаў. Усё ў ім спявала.

Зноў можна працаваць з дарагой надзеяй. Сымон кажа, што ён, Аляксей, двухжыльны. Ён знойдзе ў сабе сілы працаваць і за траіх. У яго ж цяпер трое: сам, Зося і сын. Дзіця ўжо жыве, расце, нечага патрабуе. Яму, Аляксею, нават здалося тады, што ён пачуў малюпасенькую сынаву пятачку, якою той нездаволена ўпёрся ў яго далонь. Вось ужо ён які — сам з напарстак, а, як бацька, з характарам; яму нешта не падабаецца, нешта трэба. Дык як жа не клапаціцца аб ім, як не цешыцца, што адстаялі яму прытулак.

Ад думак прыемна стукала ў скроні, і грудзі поўніліся цеплынёю. Не могучы ляжаць, Аляксей сеў, спусціў здаровую нагу на падлогу, намацаў шлёпанец і надзеў яго. Потым дацягнуўся да халата, які вісеў на спінцы ложка, дастаў мыліцы і паспрабаваў устаць. Забінтаваную, як лялька, нагу прастрэліў боль. У галаве закружылася. Аляксей прыкусіў губу, перамог слабасць і падняўся. Дрыжучы ўсім целам, радуючыся, што перамагае боль і слабасць, пастаяў з хвіліну і зрабіў крок на мыліцах. Мыліца зачапілася за табурэцік і адсунула яго. І таму, што ніхто не звярнуўся да яго, не сказаў ні слова, Аляксей здагадаўся: усе з непакоем сочаць за ім. Гэта дадало ўпартасці. І ён рашуча зачыкільгаў да акна. Падышоўшы, прытуліўся лбом да халоднай шыбы і аддыхаўся.

На дварэ было цёмна. З вокнаў першага паверха ліліся і клаліся на сумёты палосы святла. Стала, мабыць, халадней, бо снег падаў лягчэйшы, падхоплены ветрам, нёсся і нёсся.

У гэтай снежнай завірусе, асабліва моцнай у светлых палосах, Аляксей убачыў захутаную постаць жанчыны. Нахіліўшыся наперад, прытрымліваючы на грудзях хустку, тая цяжка перастаўляла ногі і грузла па калені ў снезе. Яна нагадвала яму Зосю. Гэтак жа нахілена галава, тая ж цярплівая настойлівасць у рухах.

«А што, калі гэта сапраўды Зося? — халадзеючы, падумаў ён і тут жа адагнаў гэтую думку: — Не, не можа быць. Яна даўно дома і правярае сшыткі».

Аляксей уявіў Зосю за сталом, з заклапочаным стомленым тварам, цьмяна асвечаным газнічкаю. Калі яна сядзіць за сшыткамі, у яе заўсёды цёмныя засмучаныя вочы, ад веек на твар кладуцца цені, і па-дзіцячы капрызна прыўзнімаецца верхняя губа.

Што ён рабіў бы без яе? На ліха яму былі б гэты снег, завіруха, бальніца і сілы, якія вяртаюцца да яго! На ліха яму здаліся б сонца, дом, вясна, каб не было Зосі? Яны маюць сэнс, радуюць ці засмучваюць, бо ёсць Зося. І ўсё-такі нешта надламалася ў іх адносінах. Вось і сёння яна пайшла засмучаная, незразумелая. Чаго яна хоча? Няўжо ёй не абрыдла жыць у прахадным пакоі, дзе кожнае слова чуваць за сценкаю? Няўжо яна не разумее: усё, што ён робіць,— робіць для яе? Не, яна нешта тоіць ад яго. Ёй мала яго кахання, яго самаахвярнасці!

Аляксей не чуў, як другі раз увайшла няня, і, калі яна чыркнула запалкаю, уздрыгнуў.

За акном адразу сцямнела зусім. Цемрадзь падступіла пад самыя шыбы і кінула ў іх шорсткім снегам.

— Ляглі б вы, Урбановіч,— параіла няня.

— Не ляжыцца...

— Баліць?

— Я, няня, за гэтыя гады мо трэцюю частку жыцця адлежаў. За ляжаннем ні ваяваць, ні працаваць як след не было калі. І ўспамінаеш сам сябе дык болей перавязаным.

— У вас, казалі, ёсць ордэны, медалі.

— Правільна казалі. Выскрабешся, атрымаеш ордэн— і зноў у шпіталь,— усміхнуўся Аляксей.— Ты, няня, лепей скажы, дзе ў вас Волечка ляжыць? Дзяўчынка маленькая. Да яе брат сёння прыходзіў.

 

Чаму ён успомніў пра гэтую дзяўчынку?

Думка аб ёй прыйшла неяк раптоўна, як працяг думак аб жонцы. Адыходзячы, Зося сказала: «Зімчук бярэ Волечку за дачку. Як ты думаеш, чаму б гэта?» Ён адказаў жартам: «Нам пакуль што не трэба чужых шукаць, мы яшчэ і самі не зломкі». Гэта пакрыўдзіла Зосю. І вось цяпер, размаўляючы з няняй, ён адчуў: яго пацягнула да Волечкі.

Не зважаючы, што няня знакамі прасіла хворых, каб тыя затрымалі яго, Аляксей пашкандыбаў да дзвярэй.

У доўгім на ўвесь корпус калідоры было холадна. Гарэлі ўсяго дзве лямпы, і рады ложкаў танулі ў шэрым змроку. Аляксей ледзь знайшоў ложак, на якім, укрытая дзвюма коўдрамі, ляжала маленькая дзяўчынка, і, баючыся напалохаць яе, запытаўся:

— Гэта ты, Волечка? Га?

Дзяўчынка, відаць, прывыкла мець справу з чужымі людзьмі, бо ўважліва агледзела Аляксея, выцягнула з-пад коўдры рукі і сабралася адказваць. У яе пачала развівацца тая паказная і хітрая людскасць, якая часта бывае ў жабракоў.

— Я, дзядзечка. А што?

— Ды нічога, так. Прыйшоў на цябе паглядзець. Я Івана Мацвеевіча ведаю. Ты з братам жывеш, з Цімкам?

— Ага.

— Як жа вы жывяце?

— Пагана, дзядзечка... Цімка дровы людзям пілуе, ваду носіць. А хіба гэта яму рабіць? Дзякуй чырвонаармейцам. Мы з Цімкам да іх у шпіталь ходзім, на кухню. Яны нам гарачага супу, кашы даюць.

Нешта сціснула Аляксеева сэрца.

Бачачы, што ў яе больш не распытваюць, Волечка замаўчала, але не стрымалася:

— Мы ў зямлянцы цяпер. Цімка аконца зрабіў, печку. Але ўсё роўна сыра. У нас шчыгол быў, дык здох. Такі шчыгол...

— Чаму ж вы ў дзіцячы дом не ідзяце?

— А што нам рабіць там? — пераканана і нават сярдзіта сказала дзяўчынка.— Так мы сабе гаспадары. А там што? Цімка кажа: «Лепш ўжо красці, чым туды ісці».

Адчуваючы, што ўся гэтая гісторыя мае нейкае дачыненне да яго, Аляксей занерваваўся. Чаго ён прыйшоў сюды? Памагчы? Чым? У яго самога будуць дзеці. І хопіць таго, што ён гатовы крыжам легчы, каб толькі не дазволіць ім вось так гібець на свеце.

— Ну ладна, спі,— непрыхільна сказаў ён.

 

Цяпер усё кіпела ў яго грудзях. Аляксей злаваўся на сябе, на Зосю, якая быццам знарок адбірае спакой, на няню з яе клопатамі і ласкаю, на Волечку, вартую таго, каб пашкадаваць яе, на Цімку, які хацеў быць, як і ён, сам сабе гаспадаром. Моцна грукаючы мыліцамі, Аляксей пачыкільгаў назад у палату. Што ён парадзіць усяму гэтаму? Ён не можа сагрэць усяго свету. Хопіць і таго, што ён уладкоўвае жыццё ўласнай сям’і. Не, нават не так. Няхай яму дадуць спачатку ўладкаваць свой дабрабыт, а ўжо тады патрабуюць, каб ён памагаў другім. А яму не трэба чужой дапамогі. Ён сам усё зробіць вось гэтымі звыклымі да працы рукамі.

Аляксей ірвануў дзверы і ступіў у палату. Але мыліца зачапілася за вушак, і ён, узмахнуўшы рукамі, грымнуўся на падлогу.

У палаце ўзняўся гармідар. Залямантаваўшы, да яго кінулася няня, а за ёю і тыя з хворых, хто мог хадзіць. Усе згрудзіліся наўкол і нахіліліся над ім. Але ён, дзіка гледзячы, адштурхнуў ад сябе няню, якая першая наважылася была ўзяць яго пад рукі, і заскрыгатаў зубамі.

— Я сам! Чуеце, не трэба! — надрыўна крыкнуў ён чамусьці ёй адной і нязграбна папоўз да свайго ложка.

Яму было балюча. У хворай назе тузала, яна гарэла, і ад яе, апякаючы нутро, да сэрца падступаў гарачы боль, ад чаго яно заходзілася і аблівалася крывёю. Не заўважаючы, што скрыўлены ад болю твар у яго пакрыўся потам, Аляксей нязграбна выкідаў рукі наперад, потым падцягваўся на іх і зноў пачынаў усё нанава.

Так ён дапоўз да ложка, страшны ў сваёй упартасці. І ні няня, ні хворыя не адважваліся падступіцца да яго. Толькі калі Аляксей забраўся на ложак і дазвання зняможаны, з тварам, мокрым ад поту, упаў галавою на падушку, усе кінуліся да яго. А ён ляжаў у шалёным забыцці і думаў, што трымае сябе брыдка і невядома што і каму хоча гэтым давесці. Няўжо Зосі, якая ніяк не прымірыцца з яго праўдаю? А мо Валі, якая так лёгка і зняважліва паставілася сёння да ўсяго, за што ён гатовы ўзваліць на сябе самы цяжкі крыж? Ну, каму?

 

РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ

 

1

Здавалася, Валя бачыць у навакольным толькі светлае ды ружовае. Васіль Пятровіч, з якім яна вярталася тады з Траецка-Замкавай гары і якому, смеючыся, расказала, што неўзабаве пачнуць аднаўляць хімкорпус і яна абавязкова авалодае мулярствам, заўважыў ёй:

— Вы гаворыце пра ўсё, нібы ўсяму рады.

— А хіба гэта кепска, калі ты не кісляціна? — вяселячыся, не надала яна яго словам значэння.

— Не ведаю... Але ў жыцці заўсёды знойдзецца такое, што варта, каб яго адмаўлялі. Можа, самае патрэбнае для чалавека пачуццё, Валя,— нездаволенасць.

Васіль Пятровіч, бадай, не памыляўся. Праўда, прымаючы жыццё так, як яно ёсць, Валя спадзявалася, што сапраўднае, поўнае шчасце наперадзе — яно чакае, кліча, і да яго трэба імкнуцца. Але вялікія надзеі і чаканні перашкаджалі ёй разабрацца ў навакольным. Яны многае засланялі.

Алешка!.. Ён не пакідаў Валіных думак. Ён часта як бы ішоў з ёй побач — і калі сухама паснедаўшы, яна бегла на лекцыі, і калі — стомленая, вярталася ў інтэрнат, каб праз гадзіну зноў спяшацца на сход, на дадатковыя заняткі, на суботнік. Ён быў недзе блізка, калі Валя, падпёршы скроні кулакамі, паглыблялася ў кнігу, седзячы ў маленькай, перапоўненай чытальні. Ён, здавалася, стаяў поруч і тады, на Траецкай гары, прысутнічаў у бальніцы...

Зімчуковы словы, нейкая непаслядоўная яго дабрачыннасць выклікалі ў Валі бунт: прымусілі стаць на абарону Алешкі, хоць яна ведала пра яго шмат паганага. Яшчэ ў першыя дні вызвалення чула, што той з кампаніяй на «студабекеры» выехаў у прыгарадную вёску, дзе да вайны быў саўгас, і загадаў сагнаць былых саўгасаўскіх авечак. Перапісаўшы іх і адабраўшы сыцейшую, пагрузіў яе на машыну, папярэдзіўшы, аднак, сялян, што тыя галавою адказваюць за астатніх. Калі ж Валя абурылася яго ўчынкам, зарагатаў: «Дзе ты жывеш? На зямлі ці дзе? Паглядзі, што другія робяць, ха-ха-ха! Піяніны цягаюць, дываны. Іван Мацвеевіч вунь заняў сабе асабнячок — і анігадкі. Заплаціць па цвёрдай цане за бэбахі райфінаддзелу і будзе жыць прыпяваючы. А я што? — ні вала ні каня! І ў запас мне таксама не трэба».

Не, яго можна было дакараць шмат за што, але не за паскудзенькія разлікі. Ён зроду не ведаў ні хцівасці, ні далёкіх прыцэлаў. Засумаваў за вайну па чалавечым жыцці і захацеў навярстаць, пажыць вольна, не задумваючыся ні над чым. І калі ўжо казаць праўду, дык гэта лепш, чым Урбановіч. Той жа, здаецца, сам сябе ў няволю прадаў. І калі Іван Мацвеевіч думае, што Алешка махляр, а Урбановіч самаахвярны працаўнік,— гэта самападман.

Але часцей Валя думала пра Алешку не ў такіх сувязях. Ён успамінаўся ёй як удачлівы і безразважна смелы, калі дзейнічаў недзе на мяжы легенды — у падполлі. «Ацанілі мяне, мора шырокае! — рагатаў ён.— Даюць махоркі за галаву, спірту і ў дадатак дзесяць тысяч марак! Хоць ты сам да іх ідзі і здавайся. Во, чорт!» Чорныя завіткі на яго галаве трэсліся, як званочкі, загарэлы твар ззяў.

Валя ўспамінала сваё першае знаёмства з Алешкам, калі той у форме паліцая з’явіўся на канспіратыўную кватэру і патрабаваў ад яе дакументаў. А потым, пастукваючы пальцам па Валіным пашпарце, уедліва сказаў: «Я так і знаў. Ліпа. Вашы не ўлічылі дробязі: арла на пячатцы павярнулі галавою не ў той бок...»

І яшчэ адно часта ўспаміналася — лесвічная пляцоўка ў каробцы насупроць гарадской управы. Валя некалькі разоў хадзіла цяпер туды і кожны раз не верыла, што гэта было: жандар у белых нарукаўніках на перакрыжаванні, ля пад’езда ўправы сыты, у яблыках, конь, запрэжаны ў лёгкую брычку, і нямецкі халуй, які паказаўся ў масіўных дубовых дзвярах, услужліва расчыненых швейцарам. Каб пераняць брычку, трэба было перабегчы квартал, і яны пабеглі. І, можа, толькі дотык Алешкавых рук вярнуў ёй тады сілу і рашучасць... А пазней? Калі забіты здраднік ляжаў на бруку, а яны, як было ўмоўлена, кінуліся ў розныя бакі, Алешка замарудзіў. Чаму? Безумоўна, каб на выпадак адцягнуць пагоню на сябе... Не, гэтак не можа рабіць ні махляр, ні гуляй-рызыкант, ні... як там яшчэ называў яго Зімчук. А што зрываецца, хуліганіць, дык гэта ад гордасці, ад таго, што не шанцуе і крыўдзяць...

Гэтымі днямі яе выклікалі ў Вярхоўны Савет. Раніцою, надзеўшы лепшае плацце, яна проста з лекцый пабегла ў Дом урада. І пакуль запаўняла анкету, а потым, сцішаная, чакала ў строгай зале — разглядаючы яе і слухаючы павучанні маладога, лысаватага работніка ўзнагароднага аддзела, як трымаць сябе пры ўручэнні ўзнагарод. Валя не траціла надзеі, што вось-вось адчыняцца дзверы і яна ўбачыць сваіх таварышаў, Алешку. Аднак яны чамусьці не прыходзілі, і навокал былі толькі незнаёмыя людзі. Выбраўшы хвіліну, яна пазваніла Зімчуку — ці не памылка? Але ў адказ пачула яго малавыразныя, сярдзітыя словы. Ёй здалося, што ён нават ахнуў ад нечаканасці і прыкрасці...

Так выспела рашэнне схадзіць да Алешкі, убачыць яго, пагаварыць.

Валя паднялася па заснежанай лесвіцы на другі паверх, спынілася ля абабітых саламянай матай дзвярэй і агледзелася. Снег ляжаў на лесвічнай пляцоўцы, як на ганку. На лесвіцы была пратаптана пажаўцелая ўжо сцежка, па якой Валя і падымалася сюды, але вышэй, на прыступках, ляжаў некрануты, пакрыты слюдзяной скарынкаю снег.

Валя абабіла ногі і пастукалася.

— Давай, заходзь! — пачуўся голас Алешкі.

У клубах халоднага паветра яна пераступіла парог, забыўшыся, з чаго збіралася пачаць гаворку.

Алешка сядзеў на зэдліку ля ложка і працягваў лыжачку сухенькай старой, якая ляжала ў высока паднятых падушках.

— Ногі выцірай, наслядзіш,— не азірнуўшыся і прыняўшы Валю за некага другога, сказаў ён.— Маці во занядужала, заўтра рванём.

Старая адхіліла яго руку, і маршчыны на твары ў яе разгладзіліся.

— Ко-осцік! — амаль праспявала яна.— Ты спачатку паглядзі, хто прыйшоў да нас! Ах, дзетка мая, якая ты маладзенькая!

Алешка павольна павярнуўся да дзвярэй, і з лыжачкі, якую ён трымаў навісу, пачала капаць чырвона-карычневая вадкасць.

— Я да цябе, Кастусь,— сказала Валя, уражаная, што ўсё тут не такое, як уяўлялася дагэтуль.

Ідучы сюды, яна нават не думала, што ў яго можа быць сям’я, што ён жыве не адзін, і не ведала цяпер, як паводзіць сябе. Але, зірнуўшы на сухенькую бабульку, на яе выцвілыя, затуманеныя вочы, упэўнілася: баяцца не варта.

— Праходзь, дзетка,— запрасіла тая.— Косцік, чаго ж ты?

У пакоі было чыста, і амаль усё белае: столь, сцены, накрытыя карункавымі, сваёй работы, сурвэткамі і скацеркамі рэчы — стол пасярэдзіне, швейная машына ля акна, побач драўляная канапа, над якой на сцяне вісеў веласіпед. Покут завешаны вышыванымі ручнікамі. Каля парога і ложка — круглыя, пашытыя з рознакаляровых абрэзкаў палавічкі.

— Чаму ты, Кастусь, не прыйшоў па ўзнагароду? — каб не сцягнуць са спінкі бялюткай дарожкі, села на канапу бокам Валя.

— Сваю я абы-калі атрымаю.

— Я так і знала! Значыць, свядома? Тады сварыцца будзем...

— І-і-і, Ва-алечка! — праспявала старая.— Гэта правільна — хто каго любіць, той таго і чубіць.

Яна назвала яе імя! Валя бадай яго спужалася, хоць было прыемна: яе ведаюць! Выбраўшы старую за суддзю, упэўненая, што тая можа судзіць толькі па справядлівасці, Валя, спяшаючыся, загаварыла:

— Кастусь павінен сказаць мне праўду. Я хачу ведаць. Чаму ён робіць так? Чаму ён жыве хітрыкамі, а не так, як усе?

— Авохці мне! — захвалявалася старая.— Зноў чаго натварыў? Бяда з ім! Косцік, чаго ж ты маўчыш?

— Каюся, мама,— як бы абразумеўся ён, робячыся насмешлівым і незалежным.— Каюся, але спадзяюся : чалавек не лыкам шыты.

— Што гародзіш? У чым каешся? Кажы.

— Ва ўсім, мама! Што жыву, дыхаю, што ваяваў не горш за другіх.

Усё ж ён глядзеў на Валю даверліва, па-свойму ацаніўшы, што яна прыйшла. І толькі прысутнасць маці стрымлівала яго ад звычайных вольнасцей.

— Я, Валя, люблю крытыку і расту,— сказаў ён з насмешлівай сур’ёзнасцю.— Хутка во начальнікам стану. І ведаеш дзе? У вашым хімкорпусе. Ёсць, аказваецца, яшчэ добрыя людзі.. Ведаеш, Кухту?

— Ты зноў, Косцік, за сваё.

— А што рабіць, калі ў рай хочацца. Хваліце хоць вы мяне, мама, калі людзі не хваляць.

— Паслухаў бы, што пра цябе гавораць, Кастусь. Камбінатарам называюць. Гавораць, ты тут, у каробцы, абсталяваўся, каб пасля спекульнуць на законах. Адно толькі аб сабе і думаеш. Што, не?

— Хіба ты не ведаеш?

— Я, апрача гэтага, яшчэ пра авечак ведаю... пра склад...

Алешка зайшоўся злым рогатам.

— Ды не слухай ты яго, шалапута, Валечка,— прасвятлела ва ўсмешцы старая.— Ён у мяне добры.

— Мама!

— Яму ж, Валечка, усё гэта яшчэ нямецкім здавалася. Думалася, пасля таго, што перажылі, усё можна. А тую авечку, што прыцягнуў, ён жа раздаў усю. Палову — Прыбытковым. Крыху суседцы аднёс. Мы ў зямлянцы яшчэ жылі, дык суседзяў мелі...

— Мама! Я забараняю табе гаварыць пра гэта!

Алешка — ён стаяў ля акна — ірвануўся да вешалкі, сарваў шапку, паддзёўку і, не апранаючы іх, выскачыў з пакоя.

 

2

Раніцою быў туман. Ён пакінуў пасля сябе волкую свежасць. І, ідучы назаўтра да Зімчука, Валя ўвесь час хуталася ў сваё паліцечка, падбітае ветрам.

Без стуку, скалелай рукою яна адчыніла дзверы і ўвайшла ў знаёмую пярэднюю. Тут Валя не была з дня сваіх «уцёкаў» і з прыкрасцю зразумела: ёй давядзецца не толькі гутарыць з Зімчуком, але і знаёміцца з яго жонкаю.

«Нічога, вытрымаю»,— пастаралася адагнаць непрыемную думку і знарок зашаркала нагамі аб палавічок. Але яе ніхто не аклікнуў, і Валі нечакана захацелася, як некалі, паглядзець на сябе ў люстра. Яна падышла да трумо і зірнула ў яго. І тут жа, у люстры, заўважыла: ад вешалкі, з-за крысо паліто, за ёй цікуюць дзіцячыя вочы. Каб не напалохаць дзяўчынку, Валя зрабіла выгляд, што разглядае сябе. Калі ж позірк яе сустрэўся з позіркам выбліснуўшых вачанятак яна кіўнула ў люстра галавою і сказала:

— Добры дзень, Волечка! Ты не пазнала мяне?

— Потым я пазнала вас, цётка Валя.

— Чаго ты тут хаваешся?

— Я гуляю...

Яны размаўлялі, пазіраючы адна на адну ў люстра, і гэта займала Волечку, хоць твар у яе быў сумны. Нарэшце Валя не сцярпела і падбегла да дзяўчынкі.

— Іван Мацвеевіч дома? — спыталася, прысеўшы на кукішкі і тармосячы яе.— Ну, чаго ты такая? Цімка прыходзіць да цябе?

Волечка спалохана заморгала.

— Хадзем у пакой, цётка Валя, дома нікога няма, апрача бабулі,— замест адказу сказала яна, з апаскаю паглядаючы на дзверы ў кухню.

Валя хацела была адмовіцца, ды пацягнула зірнуць на былы свой пакой, пабыць з Волечкаю, і яна, не распранаючыся, пайшла за ёй.

У сталовай усё было незнаёма — старамодны буфецік, накрыты цыраткаю стол, пальма, старэнькая канапа, этажэрка ў кутку з альбомам і чэрапам на верхняй паліцы. На буфеціку дзве фатаграфіі ў рамках — яе, Валіна, і строгай, коратка падстрыжанай дзяўчыны, падобнай на Івана Мацвеевіча.

«А я чаго тут?» — здзівілася Валя.

У яе колішнім пакоі цяпер была спальня, і далей дзвярэй Валя не пайшла. Няёмка было заходзіць і ў кабінет. І, вярнуўшыся да буфеціка, Валя пачала разглядаць фатаграфіі.

— А Цімка прапаў,— нечакана паведаміла Волечка і чмыхнула носам.— Што мне рабіць, цётка Валя? Ну што?

Не, не прынесла Зімчукова ласка шчасця гэтай дзяўчынцы, як не прынесла яго даўняя апека радасці і ёй, Валі. Невядома, чым павернецца Зімчукова заступніцтва і для Урбановічаў. А Алешка?..

— Трэба чакаць...— адчуваючы, што не можа быць справядлівай, адказала яна.— Цімка ў цябе малайчына. Пакіпіць, пакіпіць і адумаецца.

— Аднаго разу бабулька казала, ён прыходзіў. Пад акном стаяў.

У пярэдняй дзвынкнуў званок.

— Іван Мацвеевіч, пэўна,— ужо не хочучы гэтай сустрэчы, бадай, разгубілася Валя.

— Не-а, чужы нехта,— ажывілася Волечка.— Дзядзька Ваня не так звоніць.

Яна пабегла ў пярэднюю, і неўзабаве Валя пачула яе расчараваны голас: «Не-а, яго няма. Праходзьце, калі ласка». Валя падумала, што адной аставацца тут няёмка, і таксама выйшла са сталовай.

У пярэдняй, схіліўшыся над Волечкаю, стаяў крыху азадачаны Юркевіч. З кухонных дзвярэй, не ўмешваючыся ў размову, выглядала домработніца.

Убачыўшы Валю, адзіную тут знаёмую, Васіль Пятровіч растлумачыў:

— Не шанцуе, як заўсёды. Першы раз па суседству зайшоў пагутарыць і, зразумела, не застаў...

Ён ніякавата паціснуў ёй руку і далей ужо не ведаў, што рабіць. Але гэта памагло Валі авалодаць сабой.

— Добрае суседства — сем кварталаў,— засмяялася яна.

— Кварталы — не тая мерка тут. Давайце пачакаем разам, усё роўна выхадны.

— А ў мяне і сёння заняткі.

— Ці не тыя, па новай спецыяльнасці? — каб схаваць прыязнасць, прыжмурыў Васіль Пятровіч вочы.

Валя нацягнула хустку, якую перад гэтым ссунула на патыліцу, і ўзялася папраўляць валасы.

— Дарэмна жартуеце, я ўжо ведаю, якія бываюць растворы, калі імі карыстаюцца. Якія ёсць сістэмы перавязак цаглянай кладкі. Вы вось архітэктар, а ведаеце?

— Дапусцім. Але скажыце, калі не засакрэчана, навошта гэта вам?

— Мне?..— аж разгубілася яна.— Вы зноў жартуеце. Ды я, калі б дазваляў час, навучылася б усяму-ўсяму. Чэснае піянерскае!

— Мм... Але навошта?

— Каб быць, дзе трэба.

— О-о-о!

Бабулька, што ўсё стаяла ў дзвярах, узялася рукою за вушак і ўздыхнула.

— Кацярына Барысаўна папярэдзіла, яны не хутка вернуцца,— сказала яна, даючы зразумець, што чакаць ім не варта.

 

І ўсё-такі Валя выйшла ад Зімчукоў збянтэжаная. Ёй здалося: бабуля толькі прыкінулася, быццам не пазнала яе, і цяпер сварыцца на Волечку за непатрэбную гасціннасць. І хоць у доме яна ўбачыла сваю фотакартку, тут не вельмі яе памятаюць. Шкада было Волечкі — яна так чакае брата, шкада Цімкі, які хутчэй за ўсё стаў беспрытульным. Злавала, што ў кватэры панаваў парадак, і тое, што да Зімчука прыходзіў Юркевіч.

Яна ўжо наважылася была спытаць, ці не спатрэбілася яму Зімчукова ласка, як сама адчула зыбкасць сваіх падазрэнняў... Вядома, вінаватай ва ўсім была вопратка, у якой бабулька ніколі не бачыла Валі. Дый бабулька была нейкая ўтрапёная і дзіўная. І хіба можа Іван Мацвеевіч адказваць за лёс кожнага ўзбаламучанага хлопца? Няхай кожны робіць другім столькі, колькі Зімчук! І што дзіўнага, што галоўны архітэктар заходзіў да намесніка старшыні гарсавета? Што ж да Алешкі, дык Іван Мацвеевіч проста памыляецца. Верыць усякай усячыне. Для яго, наогул, чамусьці не існуюць людзі, якіх ён, як ізгояў, выключае з астатніх.

Але раздражненне не знікала, і Валя ішла, бунтуючы і ведаючы, што ўсё роўна не парве з Зімчуком. Ён патрэбен ёй, як патрэбны надзеі і блізкія людзі. Чалавек адчувае сябе зручней, калі прытуліцца да чаго-небудзь спінаю...

Побач крочыў Васіль Пятровіч і жартам, неспадзеўкі ажывіўшыся, развіваў думку аб празарліўцах-архітэктарах.

Валя мала прыслухоўвалася да яго слоў. Думала, што інакш адчувала б сябе, каб поруч ішоў Алешка. Не было б такой лёгкай свабоды, але затое на сэрца наплывала б страшнаватае і радаснае. Вунь ён які, аказваецца! Не толькі сам не хоча апраўдвацца, але і маці не дазваляе, хоць кожнаму відаць — нагаворы.

Чаму ж яна пазбягае яго? Чаму шукае зачэпкі для спрэчак?

— Памятаеце ў Маякоўскага? — пытаўся Васіль Пятровіч, заглядаючы ў безуважныя Валіны вочы і гэтым хочучы прыцягнуць яе ўвагу.— «Я вижу — где сор сегодня гниет, где только земля простая...» Гэта спецыяльна пра нас, пра нашу адданасць справе...

Яго словы ледзь кранулі Валіну свядомасць: было не да іх. Валя баранілася ад сарамлівай здагадкі, гнала яе. Не, якая ж гэта прыязнасць, калі яна кляне Алешку і гатова ўзненавідзець яго? Яна проста баіцца такога шалёнага. І можа — у гэтым увесь сакрэт. І хутчэй за ўсё ў гэтым. Да таго ж, кажуць, што некаторых цягне бяздонне. Зірнеш і, халадзеючы, сунешся да краю. Мусіць, і тут так...

— Па-вашаму выходзіць, што і светам павінны кіраваць архітэктары,— усё-такі прымусіла сябе падтрымаць размову яна.

Але адразу забылася на сказанае. Думкі пра Алешку зноў паланілі яе. Ці разумна рабіла яна, заракаючыся сустракацца з ім? Чаго баіцца?.. І выходзіла ўжо так, што няма ніякай асаблівай прыхільнасці, але няма і падстаў асцерагацца Алешкі, які сам варты, каб яго шкадавалі і памагалі яму... У яго слаўная маці. Яна, мабыць, ведае многа песень і казак, а можа, нават сама складае іх. Валі якраз такімі ўяўляліся тыя, у чыіх сэрцах нараджаліся гэтыя перлы народныя. Да іх з дзіцячых гадоў гарнулася душою, у іх верыла, як у сумленне народа. І калі Кастусь можа быць добрым сынам такой маці, ён будзе і добрым сябрам...

— А яшчэ больш небяспечны,— вёў сваё Васіль Пятровіч,— людзі, якія, як шпакі, спяваюць з чужога голасу. О гэтыя кан’юнктуршчыкі-шпакі!..

«Шпакі,— дайшло толькі да Валі.— Шпакі, шпакі...»

Ёй уявілася веснавая сіняя раніца і шпакі на пачарнелай ліпе, якая некалі стаяла ля брамы іх, Верасавых, хаты. Пахла расталым снегам і мокрай ліпавай карою. Востры яе пах аж казытаў ноздры. Шпакі чысцілі мокрыя пёркі і, здавалася, перамаўляліся. А навокал ззяў родны, уведаны з маленства, свет.

«Надыдзе вясна, і шпакі прыляцяць нават сюды, у руіны,— падумала Валя.— І тады няхай будзе, як будзе... Я не Іван Мацвеевіч, адказваю толькі за сябе. Мне ўсё можна... Кастуся хоць так падтрымаць трэба...»

Не па-зімоваму ласкава свяціла сонца. Неба адлівала пяшчотным водбліскам блакітнага шоўку, і паветра, здавалася, ззяла. На ўкрыты наздраватаю скарынкаю снег ад Валі і Васіля Пятровіча клаліся сінія цені. Шарпак таксама іскрыўся, і Васіль Пятровіч з прыемнасцю жмурыўся і ўсё гаварыў, гаварыў.

 

3

 

Не, Валя ўсё-такі была легкадумная. Дайшоўшы да гасцініцы, дзе жыў цяпер Васіль Пятровіч, і развітаўшыся з ім, яна перастала думаць і пра Алешку. Цяжка сказаць, што было прычынаю. Ці цёплы, з вясновымі павевамі дзень, ці студэнт-аднакурснік, які прывітаў яе з другога боку вуліцы паднятай шапкаю? А можа быць, забіяка-хлопчык, які толькі што выйшаў з «баталіі» і абабіваў з сябе снег, кінуўшы перавязаныя рэменем кніжкі проста на тратуар? Але Валю агарнулі другія клопаты. Знайшлося мноства неадкладных спраў, і, як выявілася, усе яны патрабавалі ўвагі. Трэба было падрыхтаваць і паставіць на пасяджэнні камсамольскага камітэта пытанне аб дапамозе адстаючым, наладзіць паход за чысціню ў інтэрнатах; трэба было забраць свае канспекты ад дзяўчат з гістарычнага факультэта і абавязкова аднесці на заліўку галёшы.

На думку прыйшло, што пасля заняткаў гуртка давядзецца бегчы ў сталовую ці загадзя папрасіць каго-небудзь, каб заняў месца. Сталоўка невялікая, і калі не зоймеш яго, прыйдзецца чакаць з паўгадзіны, а то і больш...

Гэтыя студэнцкія клопаты вярнулі Валі звыклы настрой, калі аб сабе і аб усім думаецца трошкі скептычна, але ахвотна.

Заняткі назначылі на двары. Каля каробкі хімкорпуса чырванелі клеткі нарыхтаванай цэглы. Некалькі дзяўчат рыдлёўкамі ўжо расчышчалі «будаўнічую пляцоўку». Убаку тоўпілася купка студэнтаў, якія смяяліся і штурхалі адзін аднаго локцямі. Заўважыўшы Валю, яны аб нечым параіліся і, як па камандзе, засыпалі яе снежкамі.

Закрыўшы далонямі твар, яна прысела.

— Хопіць, гэта самае,— пачула нездаволены голас Прыбыткова, які павінен быў праводзіць заняткі.

Снежкі перасталі сыпацца. Валя выпрасталася. На вейках, на пасмах валасоў, што выбіліся з-пад хусткі, на носе паблісквалі сняжынкі і дрыжалі кроплі. На вейках яны нават сляпілі.

Хвалюючыся, яна ўзяла з кучы цагліну і паклала яе ўпрытык да нацягнутага на коліках шнура. Потым паклала другую, трэцюю. Насцярожана азірнулася — ці не глядзяць на яе? Больш упэўнена ўзяла наступную і ўжо забылася на гаманлівых сяброў, на іскрысты снег. І толькі ў аўдыторыі, дзе потым ацэньвалі работу, апамяталася.

— Гэта праўда, што ў нас Алешка працаваць будзе? — спыталася яна, баючыся, што Прыбыткоў пачуе ўдары яе сэрца.

— Але. А што?

— Нічога... я так...— заспяшалася Валя, успамінаючы зноў шпакоў на ліпе і востры пах ліповай кары.— Яму ж, аказваецца, ва ўзнагародзе адмовілі. Несур’ёзны ён, неарганізаваны... Добра, што вы хоць будзеце...

Калі Валя спусцілася ў раздзявалку па паліцечка, яно самотна вісела на вешалцы. Ёй стала сумна. Яна абхапіла палітэчка рукамі і прыпала да яго, як да вернага таварыша. Потым беражліва зняла, апранула і, адчуваючы шчокамі і шыяй ласкавы дотык футравага каўнерыка, пабегла гулкім калідорам да выхада — даганяць астатніх.

Бегчы да сталоўкі было далёка, з даху падалі кроплі. Але Валя на ганку наставіла каўнерык і, не гледзячы пад ногі, збегла па прыступках. І тут яна твар у твар сутыкнулася з Алешкам. Ён стаяў ля ганка з веласіпедам і, калупаючы ботам снег, усміхаўся. Валя агледзелася наўкол і крыху супакоілася: каля універсітэта нікога больш не было.

— Прытаміў, пэўна, без’языкі старавер? — падкінуў наском снег Алешка і спрытна злавіў яго рукою.

— Хто? — перапытала Валя, хоць і здагадвалася, каго Алешка мае на ўвазе.

— Старавер, кажу, веткаўскі, Змітрок. Ён жа з Веткаўскага раёна, ідал. І цяпер не курыць. І мне нядаўна выгаворваў, што куру ды з курцамі сябрую. Суняцца, маўляў, не магу... А да вайны дык тут наогул кожны трэці муляр веткаўскі быў. У іх там цэлыя вёскі печкалёпаў, канакрадаў і тынкоўшчыкаў.

— Няўжо ён старавер?

— Патомны, ха-ха-ха! — шпурнуў ён далёка снежку.— Я ў яго фатаграфіі бачыў — адны барадачы. Як адзін, у волас пайшлі! — Ён хацеў зарагатаць і не мог.— Але ты не думай, я паважаю яго. Сапраўдны чалавек. У падполлі не было надзейнейшага.

І па дарозе да інтэрната — да яго было бліжэй, і, значыць, як спадзявалася Валя, можна было хутчэй адвязацца ад Алешкі — яны толькі і гаварылі што аб Прыбыткове, аб яго сумленнасці і цяжкай маўклівасці, быццам ён цікавіў іх больш за ўсё на свеце.

 

4

Спачатку гэтая старажытная прафесія здалася Валі нескладанай. Простыя былі асновы, першабытныя інструменты. І працаваць упоравень з Прыбытковым Валя стала праз якіх пяць-шэсць дзён. Але вось тут і раскрылася ісціна. Негаваркі, панылы муляр, праўда, больш жэстамі, чым словамі, пачаў уводзіць яе ў таямніцы свайго рамяства, а яна, разумеючы ўсё, што ён тлумачыў, ніяк не магла даць рады таму, што ўведала. То адно, то другое абавязкова выпадала з поля зроку. Яе не слухаліся кельма, цэгла, раствор. Рамяство аказалася ўпартае, непадатлівае; недарэмна ішлі вякі, тысячагоддзі, а яно аставалася так, як нарадзілася.

Валя выбівалася з сіл. Нават разбіраючы руіны, гэтак не стамлялася. І горш за ўсё было, што сцены яна муравала і ў сне. Побач увесь час мільгалі рукі Прыбыткова, і, хапаючы іх краечкам вока, яна з усяе сілы старалася рабіць тое ж, што і Прыбыткоў. Лекцыі засвойваліся туга. Над канспектамі хіліла да сну. І ўсё-такі настойлівасць яе не слабела. Прычынай гэтаму быў і Алешка.

Кваліфікаваных рабочых было мала. Студэнты працавалі па зменах і ўсё рабілі самі. Алешка лётаў па корпусе, тлумачыў, паказваў, і яго жарты, лаянка, рогат чуліся ўсюды. Ён і сюды, употай пакутуючы і хвалюючыся, прынёс нешта ад гульні. Яго бесшабашнасць падабалася студэнтам, і работа рушыла наперад даволі паспяхова.

Валі не было калі прыслухоўвацца, чаго ён там крычыць, чаму кпіць, з каго насміхаецца, але ўсё гэта надавала ёй сілы. І калі Алешка падыходзіў, яна адразу адчувала ягоную прысутнасць.

Працавалі ў сярэдзіне каробкі. Знешнія сцены ўцалелі, і толькі каб надаць ім большую трываласць, павузілі вялізныя вокны ды наклалі на шчыліны швы.

З сакавіцкай раскошы сюды заглядала адно неба, што пачало ўжо набіраць фарбы. Нешта вясновае было разліта ў паветры. І нават тут, у каробцы, як на ўзлеску, пахла палявым ветрам, расталым снегам. Хацелася дыхаць глыбей, быць на сонцы — ніколі не прагнеш так сонца, як напрадвесні!

Валя выпрасталася, падняла твар угору і шчасліва сажмурылася.

— У-ух!

Дзяўчаты-студэнткі, якія падносілі раствор, цэглу, таксама спыніліся, прыклалі казыркамі да лбоў рукі і пачалі глядзець у неба.

— Што, самалёт, мо?.. Наш, гэта самае, ці нямецкі? — нездаволена пакасіўся на дзяўчат Прыбыткоў.

— Наш, таварыш майстар,— бясклопатна азвалася, як заўсёды, першая Ала Понтус, апранутая, бы сапраўдны будаўнік — у ватоўцы, у кароткай спадніцы і спартыўных штанах.— Блакітны, блакітны такі!

— Тады мо і бамбіць не будзе і ісці, гэта самае, па цэглу можна,— намякнуў адкрыта Прыбыткоў.

— Можна,— велікадушна дазволіла Ала, па-хлапечы сунуўшы рукі ў кішэні ватоўкі, і раптам аж падскочыла.— Валька, глядзі! Міраж!

Невысока з шоргатам-свістам шуганула чародка імклівых птушак.

«Шпакі! — заміраючы, падумала Валя.— Як сёлета рана...»

Яна міжволі агледзелася і пашукала вачыма Алешкі. Але, не знайшоўшы, прыслухалася і адразу пазнала яго голас. «Не будзь, даражэнькая, красна, а будзь шчасна»,— балакаў ён з кімсьці.

— Я іх раней толькі ў садах бачыла,— сочачы, як будзе рэагаваць Прыбыткоў, сказала Ала.— Не было, і раптам сядзяць натапыраныя. Па два. Яны таксама не дурні!

Прыбыткоў зазлаваў.

— Я сам тады пайду...— палажыў ён кельму.

Студэнткі пырснулі смехам, падхапілі насілкі і, як вінаватыя школьніцы, подбегам падаліся па насцілу. А праз момант Валя ўжо чула, як Ала крычала: «Таварышы спартсмены, шпакі прыляцелі! Вам пра што-небудзь гэта гаворыць?»

Нечакана Валіны думкі абарваліся. Яна адчула, што недзе зусім недалёка Алешка, можа, нават тут, за яе спінаю. І гэтае адчуванне было да таго моцнае, што яна, не пакідаючы працаваць, не ўтрымалася і спытала:

— Ты, Кастусь?

— Я,— адказаў той, як і чакала яна.

— Ты што-небудзь хочаш сказаць?

— Не, нічога. Дзяўчаты шпакоў бачылі. Ты не бачыла?

Ён пераступіў з нагі на нагу, чакаючы адказу, і, не дачакаўшыся, патупаў прэч. А ў яе кожны яго крок аддаваўся ў скронях.

Скончыўшы працу, Валя ўсё ж адважылася. Яна ведала, дзе павінен быць Алешка, і адразу пайшла да складзіка, у якім ён пасля работы прымаў насілкі, рыдлёўкі, тачкі. Прытуліўшыся плечуком да вушака, Алешка стаяў ля дзвярэй і пацвяляўся са студэнткамі.

— Алачка! — крычаў ён расчырванелай Але, якая ў вопратцы будаўніка адчувала сябе вельмі вольна.— Бяда, Алачка!

— Якая? — смяялася тая, узяўшы рукі ў бокі і шырока расставіўшы ногі.

— Толькі што па цябе прыходзілі.

— Хто?

— Двое з насілкамі, а адзін з рыдлёўкаю, ха-ха!

Валі зрабілася крыўдна. «Вечна ўсё смехам і вечна з такімі, як Ала. Учора, здаецца, нават да дому праводзіў. Быццам наўмысна выбірае... А ў самога ж кошкі на сэрцы шкрабуць...»

Студэнты ныралі ў дзверы складзіка і адразу вярталіся назад. Абтрасаючы вопратку, разыходзіліся: хлопцы — жэстыкулюючы, па два, па тры, дзяўчаты — купкамі, узяўшыся пад ручкі або абняўшыся. І сумна было назіраць, стоячы адной, за імі збоку.

— Кастусь! — нарэшце адважылася Валя, калі той замкнуў дзверы і пачаў парадкаваць вязку дроў — з дошак, круглякоў,— якія, відаць, сабраўся занесці дамоў.

— Ты клікала мяне? — не паверыў ён, падыходзячы.

— Правядзі мяне...

Ён пасур’ёзнеў і, прымаючы гэта як іспыт, пайшоў побач. І па тым, што ніяк не трапляў у нагу і, мяняючы крок, усё штурхаў яе то локцем, то плячом, было відаць, што ў яго на сэрцы.

Змрокі гусцелі. Халадала. Лужыны на тратуарах з краёў зацягнуліся лядком. Але павявала вясною: ад зямлі — гатовай забрадзіць сілаю, ад неба — асабліва ядранай свежасцю. Валя ўдыхала гэтую перадвячэрнюю свежасць, і ноздры яе ўздрыгвалі, а на шчоках праступаў румянец.

Іх абагнаў трамвай. У вагонах ужо гарэла электрычнасць, і людзі, што сядзелі ўздоўж вокнаў, стаялі ў праходзе, трымаючыся за вісячыя ручкі, былі відны, як на экране. Там ішло сваё і, як здавалася, адмысловае жыццё. Гэты маленькі, іншы свет, які з грукатам імкнуў некуды па рэйках, пацягнуў Валю за сабою. З’явілася жаданне быць там, сярод святла, ехаць разам з людзьмі, разам з Кастусём. Куды?.. Ды хіба не ўсё роўна?

Яна сказала пра гэта Алешку. Той ахвотна, узрадаваўшыся яе словам, як адкрыццю, таксама прызнаўся: напрадвесні і яго, як качэўніка, цягне катануць куды-небудзь у вандроўку.

— Добра цыганам: столькі бачаць!..

Абхадзіўшы бліжэйшыя вуліцы, яны трапілі ў Тэатральны сквер.

Чорныя голыя дрэвы ўздымалі голле ў высокае, зорнае неба. Голле выразна вырысоўвалася на яго фоне. І на верхавінах дрэў можна было бачыць купкі маўклівых гракоў, галак. Недзе тут жа, нябачныя, можа, начавалі і шпакі. Паміж дрэў пабліскваў сіняваты снег. Пралягалі, крыжаваліся, як ручаінкі, сцежкі. Сям-там, быццам выпнуўшыся са снегу, цямнелі лапінкі зямлі. І хоць зверху снег прыхапіў марозік, пад ім нешта шуршэла, крышылася — гэта падспудна працавала вясна.

У чашы фантана таксама ляжаў снег. Але навокал яго ўтапталі, ён падтаў, зледзянеў. Валя і Алешка абышлі фантан і спыніліся насупраць каменнага хлопчыка з лебедзем. У сініх начных змроках лебедзь у радасным парыванні, узмахнуўшы крыламі, рыхтаваўся ўзляцець, а хлопчык, чулліва абняўшы свайго неразлучнага прыяцеля, развітваўся з ім, а мо і прасіў, каб той узяў з сабою яго, бяскрылага.

— Тут у сорак другім павесілі Славіка,— надтрэснутым голасам сказаў Алешка.— Во чалавек быў!..

Валя не азвалася. Дый гаварыць не хацелася. Яны стаялі побач, дакранаючыся плячыма адно да аднаго. І гэты дотык рабіў словы непатрэбнымі.

 

5

Мінула тыдні два. На рог Савецкай і Ленінскай вуліц прыйшоў экскаватар і адразу зрабіўся Валінай слабасцю.

Старэнькі, запылены, ён весела павярнуўся, завурчаў і амаль з ходу кінуў стралу з каўшом уніз. Потым зрабіў некалькі наступальных рухаў і, паварочваючыся, падняў яе ўгору — з каўша пасыпалася першая тона паднятай зямлі і цэглы.

Яго тут жа акружылі дзеці, дарослыя, старыя. Паглядзець прыходзілі нават з ускраін.

Што іх цягнула сюды? Вядома, не простая цікаўнасць — не такія цуды тэхнікі даводзілася бачыць у вайну. Вабіў іх, пэўна, пачатак і, як яны чакалі і ўгадвалі, незвычайны пачатак. Экскаватар вурчаў то роўна, то натужна, коўш з грукатам падаў уніз, чэрпаў непадатлівы грунт, узлятаў угору, рабіў паварот і, паслухмяна раскрыўшыся, высыпаў зямлю, патрушчаную цэглу. А людзі стаялі як зачараваныя, праводзячы вачыма кожны новы коўш.

Кар’ер праходзіў уздоўж старога падмурка. Зубцы каўша, упіраючыся ў сцяну, трушчылі цэглу і са скрыгатам адрывалі вялікія кавалкі. Тады людзі, схамянуўшыся, пачыналі ажыўлена размаўляць паміж сабою, з ухвалаю нешта крычалі замурзанаму экскаватаршчыку, які ўвішна арудаваў рычагамі. Усіх здзіўляла і цешыла, што недзе, далёка на захадзе, яшчэ палыхае вайна, а ўжо тут, на рагу любімых вуліц, заклапочана вурчыць машына, нішчачы сляды вайны. І здавалася: у гэтым цяпер — сэнс жыцця кожнага і цэлай краіны...

Ва ўсякім выпадку так успрымала бачанае Валя. Яна глядзела на экскаватар і цешылася.

Нечакана яе аклікнулі. Валя павярнулася і ўбачыла Урбановіча. Аляксей з кійком, у шынялі, у пілотцы, худы, старанна паголены, стаяў на краю катлавана і ўсміхаўся. Валя падбегла да яго і ледзь не кінулася цалавацца — такі ён быў слабы і худы.

— Ты з бальніцы? Адзін? Выпісалі ці ўцёк? — не могучы прывыкнуць да такога Аляксея, засыпала яго пытаннямі Валя.

— Выпісалі... Адрамантавалі збольшага...— незнаёма варушачы вуснамі, адказаў той.— Даехаў сюды без білета. Кандуктарка ў трамваі нават ордэнскай кніжкі не спытала. Значыць, выгляд той... Але нічога, адсюль пехатою дабяруся. Як снег на галаву.

— Вось Зосі радасць!

— Хто вас ведае.

— Яна нядаўна ў мяне была — толькі і гаворкі што пра цябе.— І, праверыўшы, ці не слухае хто іх, дадала: — Яна і ў кансультацыю хадзіла. Урачы кажуць, хутка ў дэкрэтны ісці.

— Ну і размовы ў вас!.. Заўсёды такія?

Аляксей ухмыльнуўся і нешта прыглушыў у сабе.

— Кепска мне, Валя,— прызнаўся ён тонам чалавека, які нічога не хоча таіць.— Хвароба гэтая таму-сяму навучыла, але і скрывіла многае. Іду дамоў і не знаю, як пераступлю парог. Што Зосі скажу? А яна, ведаю, нечага чакае.

— Цябе яна чакае, а не нечага.

— Я разумею...

— Слухацца трэба яе, Аляксей.

— Дзіця ты горкае! Як жа ты будзеш слухацца, калі яна сама не ведае, што ёй трэба. Яе самую трэба за руку вадзіць. Асабліва калі вуліцу на скрыжаванні пераходзіць.

Коўш экскаватара рынуўся ўніз, некалькі разоў напнуўся і, падчапіўшы зямлі, трушчанай цэглы, панёс іх да нарытага ўзгорка. З каўша звешваліся пакарэжаныя прэнты.

— Гэты не падарвецца,— пахваліў Аляксей.— Во каб чалавеку хоць трошкі ад яго...

Ён заўважыў ламавіка, які з пустымі калёсамі пераязджаў Савецкую вуліцу, і, забыўшыся запрасіць Валю, каб заходзіла, пакульгаў напярэймы фурманцы. Перагаварыўшы з фурманам, сеў на калёсы і, толькі тады ўспомніўшы аб Валі, адсалютаваў ёй паднятым кійком.

«Што з ім было б, каб не Зося»,— наіўна падумала Валя, мімаволі ўспамінаючы Алешку.

Сэрца забілася мацней. Кастусю таксама патрэбна дапамога. Яго ад шмат чаго трэба засцерагаць, шмат чаму навучыць... Ёй, як і Зосі, прыйдзецца выбіраць дарогу... Ну што ж, яна вольная ў сваіх пачуццях!.. Ва ўяўленні прамільгнуў невыразны малюнак: Кастусь у нечым каяўся і за нешта дзякаваў, прыпаўшы лбом да яе далоняў.

 

У такім, крыху хімерычным настроі праз колькі гадзін яна і спаткалася з Алешкам. Тут жа, на рагу Савецкай і Ленінскай.

Ён узяў яе пад руку, і яны падышлі да нерухомага экскаватара, які стаяў у катлаване, быццам у засадзе. Страла яго была апушчана і здавалася непатрэбнай. Алешка намацаў нагою каменьчык, падняў і кінуў у коўш. Пачуўся ўдар аб жалеза. І чамусьці зараз жа запахла газай, маслам.

— Уральскі,— без асаблівай павагі цмокнуў языком Алешка,— бярэ кубаметр.

Месяц, які было відаць і ўдзень, набіраў сілы. Руіны пад яго святлом засерабрыліся. Па небе плылі высокія пёрыстыя воблакі. І калі месяц трапляў у іх празрыстую мярэжу, навокал яго паяўляўся каляровы, вясёлкавы круг. Тады рабілася, бадай, святлей, бо цені ад руін радзелі, трацілі сваю акрэсленасць, а самі руіны ўсё роўна былі заліты рассеяным святлом. І гэтая вясёлка, і дзівосная гульня месячнага святла, і руіны, што раптам рабіліся як у казцы,— усё гэта ўспрымалася Валяй востра, здавалася незвычайным. Прадчувалася: у гэтую поўную зманлівых ценяў і святла ноч да яе абавязкова прыйдзе неспадзяваная радасць. Але, чакаючы яе, яна не спяшалася ёй насустрач і чуць-чуць пабойвалася. Валі было шкада пайсці адсюль, ад застыглага, стомленага за дзень экскаватара, шкада і боязна. Ён быццам засцерагаў яе ад нечага. Каб пабыць яшчэ тут, яна сказала:

— Днём сустрэла Урбановіча...

— Ну і як гэты схуднелы ардэн маецца? — засмяяўся Алешка.

— Навошта так,— папрасіла Валя.— Я і не падазравала, што яму нялёгка. Глядзела і думала: вось ён тут, увесь на далоні. А выходзіць, мучыцца, нечага шукае.

— Не мудруй на мелкім месцы.

— Я аднойчы да Зімчука заходзіла. І яго хатняя работніца, разумееш, Кастусь, бабулька, якая ведала мяне як сваю,— абышлася са мною, як з незнаёмай. Крыўдна? Вядома! А потым выявілася, у той дзень яна пахавальную атрымала — пад Шлахау, у Памераніі, яе апошні сын загінуў... А што пра цябе гавораць? Я і думаць не хачу. А хіба ты такі? Ну, скажы!

— Табе відней. Хоць адбіць ахвоту ад усяго можна... Хадзем паглядзім на рэчку, а то ты ўжо загадкамі пачынаеш гаварыць.

Руху на вуліцы не было, прахожыя сустракаліся рэдка, і яны пайшлі па маставой.

Ноч была цёплая, па-веснавому хмельная. Недзе далёка, у лесе, тварыліся вясновыя цуды: трэскаліся яловыя шышкі і крылатае насенне ляцела на зямлю, каб устрапянуцца і прарасці; набракалі пупышкі, цвілі алешыны і арэшнік, зацвітала воўчае лыка, за ліловыя кветкі названае ласкава і дакладна — лясны бэз; сніў свае песні глушэц... І хоць усё гэта было далёка, трапятанне абуджанага жыцця плыло сюды па паветраных пуцявінах, кранала і прымушала заміраць сэрца.

Свіслач выйшла з берагоў, разлілася. Асветленая ад моста пражэктарамі, зіхацела і пералівалася. Пабліскваючы на заломах, па ёй плылі невялікія крыгі, мокрыя і зеленаватыя або заснежаныя і блакітныя. Плылі паволі, паважна, але, набліжаючыся да моста, жвавелі і ўжо стрымгалоў, са ўздыхамі ныралі пад яго ў цемру. На мосце, па адзін і другі бок ля парэнчаў, тоўпіліся людзі. На пабудаваных памостах дзяжурылі салдаты-сапёры. Шум вады, уздыхі крыг і ўзрушаны гоман зліваліся ў адно — нешта вясенняе.

Адышоўшы крыху па беразе, Валя і Алешка спыніліся. Бераг тут быў невысокі, і вада плёскалася ля самых ног — цёмная, густая.

Але так стаяць і пазіраць на рэчку не давала сэрца. Адчуваючы, як расце яно, Алешка ўзяў Валю за плечы і павярнуў да сябе. Пакорная, яна, аднак, апусціла галаву, не даючы яму зазірнуць у вочы. Тады ён борздзенька абняў яе і прыгарнуў да сябе.

Апошні час яна заўсёды была трошкі ўстрывожаная. Звыклае — ціхая раніца, лясная прасека з далёкай прасветлінаю ў канцы, пакручастая сцежка ўсцяж чыгуначнага палатна, заводскі гудок — абуджала ў ёй неспакойнае чаканне. Але цяпер, калі Алешка абняў яе, яна сцішылася, і вялікі, як свет, спакой агарнуў Валю.

Алешка адчуў гэта, з сілаю сціснуў дзяўчыну і прыпаў да яе губ.

Яна таксама пацалавала яго і, лёганька адхіліўшы, пайшла ўздоўж ракі да асветленага моста, над якім лунаў людскі гоман.

Алешка свіснуў, ды, бачачы, што яна не спыняецца, прайшоў следам яшчэ некалькі крокаў. Аднак, калі яна сказала «даруй, Косця!», павярнуўся і, заклаўшы не то ў адчаі, не то ў радасці на патыліцу рукі, закрочыў у цемру.

 

6

Валя ішла, пазіраючы пад ногі і як бы прыслухоўваючыся да сябе. Грудзі поўніліся гулам, які яна нібыта вынесла ад раскаванай ракі.

Раптам нешта насцярожыла Валю.

Ад кар’ера, дзе стаяў экскаватар, ёй напярэймы цалявалі двое. Непадалёку ад рога прыпыніліся. Адзін з іх, як здалося Валі, падаў знак рукою, падзываючы да сябе. Навокал, апрача гэтых двух, не было ні душы, і Валя таксама спынілася. «Што за людзі?» Трывога прымусіла яе азірнуцца. Крокаў за пятнаццаць убачыла трэцяга,— даўгарукага, мардатага абадранца, які, аддзяліўшыся ад руін, заступіў ёй дарогу назад і пачаў прыкурваць, засланіўшы ад ветру далонямі запалку.

Сумненняў быць не магло. Ёй захацелася крыкнуць, паклікаць на дапамогу, але яшчэ на нешта спадзеючыся, яна сказала:

— Я студэнтка, таварышы. У мяне ні гадзінніка, нічога няма...

Ёй, відаць, не паверылі. Мардаты, трымаючы рукі з цыгаркаю за спінаю, стаў набліжацца.

— Ты крычаць не ўздумай,— прыгразіў.— А то так дам, што дзесятаму закажаш.

Неабходна было прымаць нейкае рашэнне. Не ведаючы яшчэ, што яна будзе рабіць, стараючыся бачыць усіх трох, Валя ляпнула сябе па правай кішэні, нібыта там у яе нешта было, і сунула руку ў кішэню.

— Лепш, таварышы, не падыходзьце! Чуеце? Я не дазволю дакрануцца да сябе.

Не перастаючы набліжацца, абадранец грэбліва плюнуў.

— Стой!

У гэты момант з чарнаты руін на процілеглым баку вуліцы выткнуўся чацвёрты — вёрткі, невысокі. Ён кінуўся быў да Валі, збег з тратуара на брук, але раздумаў і адно замахаў рукамі.

— Хлопцы, свая! — закрычаў.— Свая! — І, памарудзіўшы, нібыта правяраючы, ці зразумелі яго, скочыў назад, у чарнату.

Голас, постаць вёрткага здаліся Валі знаёмымі.

— Ціма! — аклікнула яна, верачы і не верачы сабе.— Цімка!

Але ніхто не адгукнуўся. Навокал нікога не было.

 

РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ

 

1

Калі ў аператыўных зводках Савецкага інфармбюро паявіўся Берлінскі напрамак, вайна з новай сілаю ўварвалася ў жыццё кожнага. На вайну не забываліся, вядома, і раней, але да яе прывыклі, тым больш што падзеі разгортваліся шчасліва, і непакоіла толькі ўпартасць немцаў у Прыбалтыцы.

Берлінскі напрамак!

Набліжаўся канец вайны. Да таго ж пачаліся штурмы берлінскіх прыгарадаў — рашаючыя сутычкі, за якімі, як было ясна, стаяла перамога. Аб ёй сведчыла ўсё: і рэзка ўзросшыя трафеі, і прыемныя папраўкі аб колькасці палонных, узятых паводле ўдакладненых вестак, і добраахвотная здача ў палон немцаў, і павольнае затуханне паветраных і танкавых баёў. У канцы красавіка войскі Першага Беларускага фронту, перайшоўшы ў наступленне з плацдарма на заходнім беразе Одэра, прарваўшы абарону праціўніка, авалодалі шэрагам гарадоў і ўварваліся ў Берлін. Пачаліся жорсткія вулічныя баі. Замільгалі знаёмыя з кніг назвы: Тэгелер-Зее, Сілезскі вакзал, Тэльто-канал, Тэмпель-хоф...

Нездаволены, што многіх населеных пунктаў і гарадоў, якія ўспаміналіся ў зводках, няма на яго карце, Васіль Пятровіч адзначаў кружочкамі ўсё, што можна было адзначыць, і часта хадзіў да Акруговага Дома афіцэраў, дзе былі вывешаны вялізныя карты Еўропы і Берліна. Стоячы ў натоўпе і разглядаючы іх, ён загадзя радаваўся таму, што павінна быць заўтра, і спрабаваў вызначыць кірунак далейшых удараў.

Гэтак выяўляліся не толькі яго чалавечыя трывогі, клопаты, але і нецярплівасць архітэктара. Ён адчуваў: перамога адкрые магчымасці, якія цяжка прадбачыць, прынясе новыя маштабы справам.

«Яна абавязкова будзе канцом дробезнікаў,— цешыўся ён, перачытваючы зводку.— У людзей будзе па чым мераць свае магчымасці...»

Схаваўшы ў кішэню газету з апошнім паведамленнем Саўінфармбюро, Васіль Пятровіч накіраваўся ў Дом урада. «Налягу, і хай дае адказ...»

У Понтуса сядзеў Барушка. Гэта было нечакана. Але, рашыўшы, што так, магчыма, і лепш: «Удару разам па абодвух, няўжо не прайму?» — Васіль Пятровіч выняў газету і працягнуў Понтусу.

— Чытайце, Ілья Гаўрылавіч,— сказаў як пра навіну, якую мала хто ведае.

— Што-небудзь непрыемнае, канешне? Або лірыка?

Понтус узяў газету, праглядзеў яе, здагадаўся, адклаў убок. Не паказваючы выгляду, што пашыўся ў дурні, пачухаў левую руку вышэй локця.

— Вы, шаноўны, недаацэньваеце начальства. Яно не толькі чытае газеты, але і радыё слухае.

— Пс-с-с! А хіба ён не начальства? — пырснуў смехам Барушка, на якога часамі находзіла жаданне падхалімнічаць перад чалавекам, якому зрабіў што-небудзь паганае.

Гэта яшчэ мацней узлавала Понтуса. Ён кінуў пахмурны позірк на паперы, што ляжалі перад ім, перагарнуў верхнія.

Будучы ў прыўзнятым настроі, Васіль Пятровіч, аднак, не надаў асаблівага значэння словам Барушкі і афіцыйнасці, што знянацку апанавала Понтуса.

«Глупства!..»

— Цяпер ужо сапраўды канец! — са шчырым захапленнем сказаў ён.— А тактыка! Акружаюць, расколваюць і знішчаюць. У Тыргартэн уразаліся з поўдня і з поўначы, пакуль не злучыліся на Шарлотэнбурген-шашы.

— Бліскуча! Вы па справах?

— Я думаю, нам варта зрабіць вывады...

— З чаго? З ваеннай тактыкі?

— Не, я маю на ўвазе перамогу, што прынясе магчымасці, прайсці міма якіх — злачынства.

Понтус скрывіўся і выцягнуў шырока расстаўленыя ногі.

— Ну вось з гэтага б і пачыналі. Хоць таксама гучна, але затое можна здагадацца. Калі злачынства, значыць, гутарка пойдзе пра каробкі.

— Справа не ў каробках, а ў горадзе...

— Вось іменна! — усхапіўся Барушка. Зачапіўшыся за ножку крэсла, чартыхнуўся.

Як бы не пачуўшы яго, аднак больш цвёрда Понтус перапытаў:

— Значыць, пра каробкі?.. Але хто так вырашае пытанні? — Ды ўбачыўшы блізка твар Васіля Пятровіча, ужо злосна кінуў: —Ну, ладна. Вы ведаеце, я чалавек адкрыты. І каб не было між намі недагаворанасці, папярэджваю: спекуляваць на перамозе не збіраюся. Такое, майце на ўвазе, адрыгаецца.

— Што? — разумеючы, куды ён хіліць, здзівіўся Васіль Пятровіч.

— Канешне, з пункту гледжання псіхалогіі, разлікі зроблены няблага. Узарваць каробкі пад грукат салютаў найбольш бяспечна. Не да іх тады. Але гэта называецца... гуляць у хітрыкі з дзяржавай. А яна заўжды астаецца сама сабою, і таму яе не ашукаеш. Не разбярэцца адразу — выкрые адсябяціну потым. Гэта, васпане, нядрэмнае вока.

— Дапусцім... Але я нікога не збіраюся ашукваць.

— Няпраўда! Вы робіце ўсё, каб падмануць гісторыю! — надзьмуўся Барушка, які ўжо адышоў да акна і стаяў там, заклаўшы за спіну рукі.

— Хвілінку, таварышы,— запярэчыў Васіль Пятровіч.— Тут проста непаразуменне. За што вы мяне ў турму штурхаеце? Так нельга, Ілья Гаўрылавіч!

Павузелыя вочы Понтуса скіраваліся некуды ўбок, твар стаў наўмысна глухі. І, як тады, пасля прыезду, калі ён высунуўся з акна, ля рэзка акрэсленага рота адзначыліся жорсткія складкі. Ён ведаў, што яго абвінавачванні далёка ад праўды, але яны былі выгадныя, імі можна было прыстрашыць Юркевіча. Дый паколькі яны прыйшлі ў галаву яму, яны могуць таксама прыйсці другім. І ўжо таму іх трэба выказаць. Бо інакш можа здарыцца, давядзецца адказваць за тое, што не выказаў іх. Не давяраць чалавеку лягчэй, чым давяраць. Абвінавачваць бяспечней, чым апраўдваць. Гэтыя мудрасці ён засвоіў даўно, і яны прыносілі поспех. Аднак пазіцыя ўсё роўна атрымалася хісткая, і Понтус палічыў патрэбным падмацаваць яе, а за адным заходам і падрыхтаваць шляхі для адступлення.

— Вы ведаеце, што гавораць пра вас ў кулуарах? — упяў ён вочы ў Васіля Пятровіча.— Гавораць, вашу барацьбу супроць каробак лёгка зразумець, калі ўлічыць лёс вашых уласных будынкаў.

Васіль Пятровіч пасаваў, калі яму выпадала сутыкацца з бессаромным нахабствам. Дый, сапраўды, што можна было адказаць Понтусу? Устаць і пайсці? Але размова датычыла таго, што станавілася сэнсам яго жыцця, і ён сказаў:

— Гэта ж плёткі..

Раздражняючыся галоўным чынам таму, што яго ігнаруюць, Барушка вярнуўся да свайго крэсла і, стаўшы бокам да Васіля Пятровіча, тэатральным жэстам выкінуў руку.

— Тут і ва ўсім крывадушніцтва, Ілья Гаўрылавіч!

Пабляднеўшы, Васіль Пятровіч падняўся таксама.

— Я не хачу і не дапушчу, каб вы абвінавачвалі мяне,— сказаў, бляднеючы ўсё больш і больш.

— Гэта чаму ж?! — сарваўся на фістулу Барушка.— Новы ход?

— Ваша мінулае не дае вам права ацэньваць паводзіны другіх.

— Пс-с-с! А ў вашага Дымка яно чысцейшае?

— Не гарачыцеся,— умяшаўся Понтус.— Лепей, калі мы самі выправім памылкі. Горш будзе, калі пакажуць на іх зверху. І горш не толькі таму, што вінаватых будзе болей,— ён, безумоўна, меў на ўвазе сябе,— але ўскладніцца і працэдура разбору. Справы, як вядома, тады набываюць паказальны характар... А пакуль што, паўторна прапаную выдаць дазвол Наркамздраву — няхай распачынаюць работы!

— Наркамздраў адмаўляецца ад каробкі. Яму сходней будавацца нанава, чым распачынаць недарэчную рэканструкцыю.

— Як? — ускінуўся Понтус, наліваючыся шалёнасцю.— Вы што, управіліся пахадзіць ужо і там? Я... я не дазволю, каб за маёй спінаю махлявалі!

Больш рабіць тут не было чаго. Васіль Пятровіч узяў са стала газету, схаваў у кішэню і пачаў шукаць капялюш, які пакінуў у прыёмнай.

 

2

Трэба было неадкладна прымаць захады.

На думку Васіля Пятровіча, у яго было тры магчымасці. Першая — пагадзіцца з Понтусам і капітуліраваць. Другая — астаючыся самім сабою, з годнасцю адмовіцца ад пасады галоўнага архітэктара. І, нарэшце, трэцяя — дзейнічаць напрапалую, як падказвае сумленне.

Самае лёгкае, вядома, было пагадзіцца. Але што гэта азначала б? Рабіць усё насуперак сваім перакананням. Праўда, можна было супакоіць сябе, што гэта да часу і што, калі краіна пабагацее, усё можна будзе перарабіць нанава. Будуюць жа часовыя баракі для будаўнікоў... Але, верачы ў будучае багацце краіны, Васіль Пятровіч ведаў таксама, што часовыя збудаванні стаяць, пакуль не спарахнеюць, што пільныя патрэбы былі, ёсць і заўсёды будуць. Вунь у магазінах вялізныя чэргі. Сігналы трапілі нават у Маскву, і адтуль катэгарычна прапануюць тэрмінова пашырыць гандлёвую сетку. А як? Трэба наспех аднавіць некалькі каробак. Заняткі ў школах ідуць у тры змены. Значыць, чакай распараджэння аб каробках для школ, бо так лягчэй за ўсё ліквідаваць цяжкасці.

Зняць з сябе адказнасць? Пайсці? Але што гэта зменіць? Дый хіба тут справа ў ім, у Васілю Пятровічу?

Аставалася адно...

Стараючыся быць як мага спакайнейшым, Васіль Пятровіч падаўся ў трэст разборкі і аднаўлення будаўнічых матэрыялаў.

У доме, дзе абсталявалася гэта ўстанова, быў збольшага абжыты толькі цокальны паверх. У калідоры, цёмным і пакручастым, як ход у катакомбах, дзверы то зусім не адчыняліся, то адчыняліся проста ў чорнае бяздонне.

Кіраўніка трэста Кухту Васіль Пятровіч знайшоў у сырым, застаўленым шафамі і сталамі пакойчыку, ледзь не ў канцы калідора. Паставіўшы нагу на табурэтку і аблакаціўшыся на калена, Кухта курыў і нешта дыктаваў машыністцы, якая сядзела ля адзінага ў пакойчыку акна.

— А бач ты яго, Пятровіч! Якім чынам? — здзівіўся Кухта, заўважыўшы ў дзвярах таварыша.— Праходзь, праходзь. Не бойся! Які там у лесе мядзведзь здох? Ты ж нам якраз во,— ён разануў сябе пальцам па кароткай шыі.— Шукалі, шукалі цябе сёння...

Ён энергічна пацёр рукі, быццам мыў іх, і, кінуўшы машыністцы «потым», пайшоў насустрач.

— Відаць, важнае нешта? Што, не?

— Бедна жывяце,— не адважыўся пачынаць з галоўнага Васіль Пятровіч.

— Затое весела. Ты паглядзі сюды,— Кухта кінуў круглай галавою да акна і засмяяўся.— Кажуць, у Парыжы некалі тэатр быў, дзе заслона прыўзнімалася на якіх паўметра. І, калі пачыналі паказ, гледачы бачылі адны ногі. Але затое самыя розныя — жаночыя, хлапечыя, у атопках, у ботах, у туфлях.

Сапраўды за акном нехта прайшоў — над машыністкаю пратопалі вялізныя боты з кірзавымі халявамі.

— Міліцыянер! — сказаў Кухта, і яго грузнае цела затрэслася ад смеху.— Мне цяпер узначальваць бы шавецкую арцель. Вывучыў гэтую справу, далібог, «на пяць» — дасканала. Дэфекты, вузкія месцы.

Мешкаваты, фамільярны, ён абняў Васіля Пятровіча і павёў яго да бліжэўшай табурэткі.

— Чаго гэта я вам так пільна спатрэбіўся?

— Аб’екты давай!

— Калі ласка, хоць усе.

— Ты не жартуй. Мы, Пятровіч, першы раз у жыцці месячны план у красавіку выканалі. І разабралі і аднавілі. А май вось са свята пачалі. Два дні нерабочых! Я хацеў чаго-небудзь лепшага ў цябе прасіць. Вельмі ўжо прыемна, калі план выконваеш. Хоць кланяюцца ўсе.

— Магу, дапусцім на Савецкай даць. Заглядзенне! — нарэшце адкрыўся Васіль Пятровіч і адчуў, як зайшлося сэрца.— Бяры на здароўе...

Не, ваганняў не было. Было толькі адчуванне, што назад вярнуцца нельга і што з трох магчымасцей астаецца адна.

Сталы ў пакойчыку стаялі цесна, і ў праходах паміж імі хадзіць можна было адно бокам. Але, ахоплены трывогаю, Васіль Пятровіч усё ж устаў і паспрабаваў прайсціся туды-сюды.

Яго спробы выглядалі камічна. Каб схаваць усмешку, машыністка выняла з шуфляды насоўку і пачала асцярожна, каб не размазаць памады на губах, смаркацца. Кухта шматзначна адкашляўся.

«Здагадваецца, вядома! — з асцярогаю падумаў Васіль Пятровіч.— Ну і няхай. Яму ж не адказваць». І ўсё-такі мяркуючы — адразу Кухта папросіць пісьмовае распараджэнне або прышле па яго супрацоўніка пасля — палічыў за лепшае сказаць з робленай шчодрасцю:

— Падчысціш квартал насупроць Тэатральнага сквера. А таксама... разбярэш каробку лячэбніцы на Валадарскага і каробкі на рагу Савецкай — Камсамольскай, Савецкай — Ленінскай. Хопіць пакуль што?

Успёршыся на стол абедзвюма рукамі, Кухта адкінуўся назад і з вясёлай рашучасцю пацёр свой поўны карак.

— Вось гэта па-мойму. Прэч з вачэй — спакусы меней. Як гэта ў Маркса? Мёртвыя могуць хапаць за ногі жывых. Так?

— Не зусім дакладна, але...

— То ж бо то! А ў мяне якраз мінёры заўтра будуць, яны пакажуць ім, як хапаць. Што, не?..

Аднак, развітваючыся, Кухта ўсё-такі затрымаў руку Васіля Пятровіча ў сваёй.

— Узгадніў з кім?

Зноў шчымлівая туга агарнула Васіля Пятровіча. Захацелася яшчэ трошкі пабыць тут, у гэтым сырым, спрэс застаўленым сталамі і шафамі пакойчыку, пагаварыць з Кухтам адкрыта, прызнацца ва ўсім. Але побач сядзела завітая, непрыемна цікаўная машыністка, і гэта стрымала.

— Мм... Як заўсёды,— развёў ён рукамі.— Нам не прывыкаць. На бога спадзявайся, але маху не давай. Рада, парада, а сам вырашай...

— Сур’ёзна?

— Я ж сказаў... Калі будзе вольны час, заходзь. З генпланам пазнаёмішся. Месяцаў праз шэсць завершым у асноўным.

— Ну калі так, дабро,— усміхнуўся Кухта.— На золку слухай і маю работу.

 

3

Ноччу Васіль Пятровіч спаў неспакойна. Сніліся недарэчныя, надакучлівыя, аднастайныя сны. Ён увесь час намагаўся нешта дадумаць і ніяк не мог. А калі здавалася: рашэнне вось-вось будзе знойдзена, паяўляўся Понтус і гразіў пальцам. Палец быў вялікі, а сам Понтус панылы і выцягнуты, як малююць на карыкатурах, ці якім можна ўбачыць чалавека ў крывым люстэрку. І кожны раз, з’яўляючыся, ён гаварыў адны і тыя ж словы: «Дудкі, не ашукаеш, шаноўны! Мы таксама сёе-тое магём!» І гэта ўедлівае, знарок перакручанае «магём» глушыла і адбірала волю.

Нарэшце, зрабіўшы намаганне, Васіль Пятровіч скінуў з сябе надакучлівы кашмар і расплюшчыў вочы. Моцна білася сэрца.

З вестыбюля даляцелі тры галасныя ўначы бомы гадзінніка. Васіль Пятровіч пералічыў іх, паляжаў крыху бяздумна і паспрабаваў заснуць, але ўжо не мог. За сцяною тужліва заплакала дзіця: амаль усю гасцініцу засялялі такія сама бескватэрныя жыхары. Дзіцячы тужлівы плач нагадаў пра жонку, пра сына, пра ўчарашняе, і сон адляцеў зусім.

Пераканаўшыся, што ўсё роўна не засне, ён апрануўся, сеў за стол і ўзяўся быў за работу. Але думкі кружыліся навокал размовы з Понтусам, з Кухтам, і ў галаву нічога не лезла. Раззлаваны на сябе, ён накінуў плашч і спусціўся ў вестыбюль.

За стойкаю, паклаўшы галаву на стол, драмала дзяжурная. На канапах і крэслах, у самых розных паставах са змардаванымі, бледнымі тварамі спалі прыезджыя. Пачуўшы крокі Васіля Пятровіча, дзяжурная падняла галаву і хуценька выцерла сліну, што набегла ў куток рота. Шчака яе была змятая, чырвоная, і Васіль Пятровіч адчуў сябе няёмка: перашкодзіў ёй драмаць.

— Адпачывайце, адпачывайце! — заспяшаўся ён.— Гэта я так. Хачу выйсці на хвілінку-другую...

На вуліцы было па-ранішняму холадна, шэра. На дзень ледзьве бралася. І гэта заўважалася пакуль што больш па абрысах дамоў, руін, якія мякка выступалі з шызых змрокаў. На сінім небе яшчэ дрыжалі зоры. Іх стала менш, і мігцелі яны неяк развітальна, але затое былі ясныя-ясныя і буйнейшыя, чым звычайна.

Зябка сціснуўшы плечы, Васіль Пятровіч глянуў у адзін канец вуліцы, у другі і, заўважаючы, як гулка аддаюцца ўласныя крокі, падаўся да Савецкай. Зразумеў, што і ўстаў, і апрануўся, і выйшаў з гасцініцы ўсё з адной мэтаю — пайсці да абрыдлых каробак.

Цераз квартал ён убачыў пікет. Высокі вусаты салдат ішоў яму насустрач і знакамі паказваў, што трэба вяртацца назад.

— Нельга, таварыш,— сказаў ён, загароджваючы дарогу.— Тут ірваць неўзабаве пачнуць!

— Я галоўны архітэктар...— запнуўся Васіль Пятровіч.

Вусы ў салдата насмешліва натапырыліся.

— Усё адно, таварыш архітэктар. Яна, цагліна, дурная, можа трапіць і ў галоўнага. Вам, калі што пільнае, давядзецца кварталы два абысці.

— А лячэбніцу, не ведаеш, узрываюць? На Валадарскага? — слабеючы ад радаснага азнобу, спытаў Васіль Пятровіч.

— Вам лепей ведаць.

— Тады я адсюль пагляджу. Можна з табою?

— Рыгор, хадзі сюды! — гукнуў пікетчык другога салдата, які стаяў на супрацьлеглым баку вуліцы пад сцяною дома.

Неба на ўсходзе святлела, і трапяткая біруза ўзнімалася ўсё вышэй. Дзьмуў лёгкі ветрык, і змрокі, быццам развеяныя ім, пачыналі радзець. І ўсё — брук, руіны, сцены, дахі дамоў — стала яснейшае.

Пазіраючы на неба, салдаты закурылі.

— Цікавіцеся? — сонна прабубніў той, каго пікетчык назваў Рыгорам.— Яно, сапраўды, эге, шугае як мае быць. Але тут паблізу будынкі цэлыя, узрываць будуць асцярожна.

— Ён архітэктар,— сказаў высокі салдат з вусамі.

— А я гляджу... Шкада, значыць?

— Усё адно тырчаць, як зубы гнілыя.

— Як, як вы сказалі? — спытаўся Васіль Пятровіч.

— Я кажу: не такія мы ўжо бедныя, каб не паважаць сябе. Пабачылі свет і людзей. Чалавек вернецца з вайны прагны.

— Гэта правільна,— пазяхнуў другі.— Нам цяпер мала таго, што было.

Ад палоскі на ўсходзе ішло святло і клалася на абветраныя, загарэлыя твары і шэрыя постаці салдат. Былі яны ў паношаных шынялях, падпяразаныя брызентавымі рамянямі. Карабіны мірна віселі ў іх на плячах. І словы салдат здаваліся Васілю Пятровічу асабліва значнымі.

Пачуўся пісталетны стрэл.

У грудзях у Васіля Пятровіча заныла. Але агіднай слабасці, з якой учора ішоў да Кухты і якую хаваў ад сябе сёння, не было. Ён прагна ўдыхнуў халаднаватае паветра і, адчуваючы свежасць, на секунду затрымаў яго ў сябе.

У гэты момант у канцы квартала шугануў агонь і разлёгся выбух. Глухі, стрыманы, ён разарваў перадранішнюю цішыню і грымотамі пакаціўся па навакольных руінах, як блізкі гром.

Васіль Пятровіч з аблягчэннем выдыхнуў паветра і, падпарадкуючыся ўнутранай патрэбе, азірнуўся назад.

— І ты тут? — не асабліва здзівіўся Васіль Пятровіч і праглынуў даўкі клубок, што адчуў пад горлам.— Дзякую!..

— Не спіцца нешта, Пятровіч. Пасля цябе Понтус, бачыш, завітаў. Прасіў, каб паказалі спіс аб’ектаў на бліжэйшую дэкаду.

— Ну і што?..

— Я абяцаў сёння прыслаць... Па ўсім відно, што намысліў уласным меркаваннем надаць форму калектыўнага рашэння або нават справу сфабрыкаваць. Таксама на Маркса спасылаецца. Кажа, што чалавеку, перш чым высокімі матэрыямі займацца, трэба есці, апранацца і недзе жыць. Во сапраўды, бойся каровы спераду, каня ззаду, а камбінатара з усіх бакоў. Ён і брыкаецца, ён і бадаецца.

Кухта рагатнуў, але зараз жа асекся. Злева і справа загрымелі выбухі.

 

4

Апоўдні прыехаў Міхайлаў. На вакзале яго сустрэў Понтус і, паведаміўшы — нумар у гасцініцы забраніраваны, прапанаваў ехаць ва ўпраўленне. Міхайлаў згадзіўся, але, калі «опель» спыніўся ля Дома ўрада, нечакана, хоць бралася на дождж, папрасіў паездзіць па горадзе.

— Мусіць, пад вашым, як кажуць, кіраўніцтвам змянілася шмат чаго,— жмурачыся, ветліва сказаў ён.— Хваліцеся, калі ласка! Ва Універсітэцкім гарадку, я заўважыў,— завіхаюцца. Самі студэнты, вядома?

— А то ж,— няўпэўнена прамовіў Понтус, не ведаючы.

— Вельмі добра! Няхай пазнаюць цану аўдыторый. Наогул было б карысна, калі б кожны ведаў, колькі і чаго каштуе яго персона народу. Гэта прымусіла б часцей думаць і пра сябе і пра народ.

Понтус чамусьці палічыў, што словы Міхайлава сказаны не проста так, але змоўчаў — не выгадна было пачынаць са спрэчак — і зрабіў заклапочаны выгляд.

— На Серабранку! — голасна загадаў шафёру, стараючыся знайсці прычыну, што пагнала акадэміка па горадзе, і падрыхтавацца да магчымых выпадковасцей.

Прыезд Міхайлава — гэта Понтус разумеў выдатна — прыбавіць яму турбот. Але ў той жа час, пры пэўных акалічнасцях, можа застрахаваць ад многіх непрыемнасцей.

Не рашыўшы адразу, што лепш — пахваляцца перад Міхайлавым або палохаць убогасцю, Понтус выбраў сярэдняе — паказаць асобныя аб’екты. І, пабыўшы на машынабудаўнічым і вагонарамонтным заводах, дзе ішлі аднаўленчыя работы, аб’ехаўшы тыя нямногія ўчасткі, дзе аднаўлялі жылыя дамы, яны зноў вярнуліся да Дома ўрада. Але, як і першы раз, Міхайлаў папрасіў, калі можна, «праскочыць» яшчэ па Савецкай вуліцы. І, як часам бывае, калі вядомае раптам асэнсоўваецца праз нязначную дэталь, Понтус сур’ёзна падумаў, што Савецкая вуліца цяпер сапраўды — усё. Гэтая яснасць непрыемна ўразіла яго, і ён застыў у насцярожанасці.

Праехалі напалову ўцалелы квартал, потым квартал руін, ужо разабраных па адзін бок вуліцы. Параўняліся з Камсамольскай. І тут Міхайлаў убачыў узарваную каробку.

Ён палажыў руку на плячо шафёра і, калі той спыніў машыну, не па ўзросце спрытна адчыніў дзверцы. Следам неахвотна вылез і Понтус.

«Дзівак стары! — падумаў непрыхільна.— Зараз пачне балаганіць, толькі слухай. Сюды, канешне, цягнуў увесь час. Хітраваў, прыкідваўся. Спісаліся, канешне... геніі»,— і сказаў:

— Вясна, Уладзімір Іванавіч! Раскоша! Хлапчукі дык цяпер на дахі лезуць, каб бліжэй быць да сонца. Вы аглядаць будзеце?

Дзень сапраўды быў мяккі, імглісты. І дзіўна было, чаму накрапвае дождж.

— Угу! — на хаду адказаў Міхайлаў і, наставіўшы каўнер непрамакаемага плашча, няспрытна палез на цагляны, з наварочаных глыб, грудок.

Зірнуўшы адтуль усцяж вуліцы, у знак згоды кіўнуў галавою сваім думкам, выняў з кішэні ёмісты блакнот і, нахіліўшыся, каб прыкрыць яго ад дажджу, узяўся нешта занатоўваць.

— Даўно? — тыцнуў ён аўтаручкаю сабе пад ногі.

— Толькі сёння.

— А там?

— Таксама,— паглядаючы на акадэміка, як на статую, знізу ўверх, сказаў Понтус.

— І хто ж гэта?

— Канешне, герой... Юркевіч.

— Малайчына! Вас, мусіць, цікавіць чаму? Жыццю можна папускацца, але не ў галоўным. А калі зірнуць з перспектывай, гэта важней, чым, скажам, пабудаваць тут палац. Згодны?

— Тэарэтычна, Уладзімір Іванавіч. На нас таксама націскаюць...

— Значыць, не згодны.

— Вы самі ведаеце, як стаіць у горадзе справа з забеспячэннем. Магазіны не ўпраўляюцца выдаваць, што маюць. Чэргі вялізныя. І была думка скарыстаць пад гандлёвыя кропкі гэтыя, амаль цэлыя каробкі.

— Безумоўна, безумоўна,— згадзіўся Міхайлаў і стаў спускацца.

«Дзівак нейкі»,— зноў падумаў Понтус. І, адчуваючы — той прывёз нейкую навіну і трэба сарыентавацца, паведаміў:

— Заўтра Юркевіча слухаюць у гаркоме. Ёсць думка, што будуць разбіраць яго архітэктурную палітыку. Узрывы нарабілі грому.

Сэнс яго слоў быццам не адразу дайшоў да Міхайлава. Ён узяў Понтуса пад локаць, павёў да машыны і прымусіў першым сесці ў яе. І толькі калі сеў сам і «опель» крануўся, спытаўся, нібыта яны ўжо дамовіліся :

— Дык, значыць, да яго?

Понтус чакаў усяго, толькі не такога павароту. Павінна ж быць у гэтага самадура хоць кропля цвярозага розуму!.. Хоць што яму з яго імем? Хіба ён чым рызыкуе? Сёння тут, заўтра там. Зробіць памылку — скажуць, што гэта пошукі. Давядзе сваё — пахваляць: вось гэта прынцыповасць! Ён даўно па-за мяжою, дзе людзі робяць не заўсёды тое, што думаюць. Такой эліце можна...

Кінуўшы косы позірк на шафёра, Понтус прыцішаным баском, якім гавораць па сакрэту, сказаў:

— Ехаць мне да яго няёмка, Уладзімір Іванавіч. Я, як архітэктар, разумею яго. Але, на жаль, я і адміністратар. А гэта накладае дадатковыя абавязкі. Паведаміў жа пра ўсё, каб вы былі ў курсе... Дарэчы, сёння я прыняў рашэнне вызваліць ад абавязкаў Барушку, з якім Васіль Пятровіч не зусім ладзіць. Гэта таксама пра нешта гаворыць.

— Нічога, нічога,— заспяшаўся Міхайлаў.— Калі так, я ўжо неяк дабяруся сам.

 

5

Ён знайшоў Юркевіча і Дымка ў майстэрні. Расставіўшы ногі, пяшчотна пагладжваючы лысіну ў вянку кучаравых валасоў, Дымок трымаў Васіля Пятровіча за локаць і захоплена гаварыў:

— Не, за гэты адрэзак, Васіль, сорамна не будзе. Ад Садовай да моста падымем на чатыры — шэсць метраў. Так? Злева, на нізе, высадзім парк. Справа падвядзём парк Горкага. Так? Праспект пойдзе па зялёным масіве на ўзроўні крон. Будзеш ехаць, а абапал — зялёнае мора. Дзе ты такое бачыў?

Не заўважаны, Міхайлаў спыніўся за парогам і акінуў позіркам план, ля якога яны стаялі.

Горад ляжаў, апяразаны зялёнай лясной паласою, на спакойнай раўніне, узгоркаватай толькі па берагах Свіслачы. На поўдзень і поўнач, на ўсход і захад ад яго, як промні, адыходзілі аўтастрады, чыгункі. Дый сам ён нагадваў нешта прамяністае.

Крыж-накрыж яго рассякалі дзве магістралі: вуліца, якая яшчэ не мела назвы, і Савецкі праспект — галоўная вось кампазіцыі. Ад цэнтра да ўскраін разыходзіліся вуліцы, недзе на сярэдзіне перацятыя кальцавой магістраллю. Плошчы і блізкія да іх кварталы ўтваралі цэнтр. Беручы ваду з загараднага вадасховішча, падзеленая плацінамі, цякла Свіслач. Яе зялёныя берагі звязвалі ў адно паркавыя масівы. Горад патанаў у зеляніне.

— Па-мойму, сапраўды някепска,— прамовіў Міхайлаў, прасачыўшы яшчэ раз за роўнай стралою Савецкай вуліцы, арыгінальна і непрыкметна павернутай толькі на Круглай плошчы.

Васіль Пятровіч азірнуўся, і шчокі ў яго пашарэлі, быццам яму стала холадна.

— Вы?

Было ясна: яго прыезд узрадаваў іх, і яны, забыўшыся на астатняе, чакаюць, як ён павядзе сябе і што скажа.

Паказваючы — рады і ён, Міхайлаў зняў плашч, пашукаў вачыма, дзе б павесіць яго, не знайшоў, кінуў на спінку крэсла і, высокі, сутулаваты, падышоў да плана. Бачачы, як унутрана яны напружаны, папрасіў:

— Ну-тка, давайце вашы навіны... Але не. Спачатку пакажыце, дзе ў вас рэзервныя тэрыторыі для прамысловасці.

Васіль Пятровіч, які ўзяў быў указку, запнуўся.

— Тут...

У Міхайлава нешта заклякла ў грудзях ад стрыманага смеху.

— А ці не мала? — спытаўся ён, окаючы па-волжску, ад чаго словы яго здаліся круглявымі.— Хто пры такой шчодрасці будзе ў вас будаваць усё гэта? Прамкааперацыя? Установы? Паглядзіце ў сталінградцаў... Даўно бачылі сваё начальства? Не вельмі?..— Але заўважыўшы, як падзейнічалі яго словы, перавёў гаворку на прыватнае — вуліцы, праезды, перакрыжаванні гарадскіх магістралей з чыгуначнымі пуцямі і, як бы мімаходзь, выказаў думку аб пуцеправодзе, што пераносіў бы праспект над чыгункаю.

Аднак яго першая заўвага так уразіла Васіля Пятровіча, што ён ужо не мог забыцца на яе.

«Шкадуе ці забаўляецца? — падумаў, не могучы сачыць за словамі акадэміка.— Так, так... Хто, сапраўды, будзе будаваць горад? У Сталінградзе гіганты — трактарны, «Чырвоны Кастрычнік», «Барыкады». У іх хопіць сіл і на заводскія пасёлкі і на цэнтр. А што ў нас? На бюджэт гарсавета не пабудуеш і за сто гадоў. Калі ж пераглядаць маштабы, значыць — пераглядаць наогул усё...»

Прыгадаўся выпадак з адным даваенным праектам. Яго недасканаласць была відавочная. Аднак сказаць пра яе ніхто не хацеў: аўтар быў запрошаны з Масквы. І тады знайшлі выйсце — узяліся хваліць фасад, унутраную планіроўку, робячы заўвагі толькі ў адносінах... размяшчэння калідораў. Але кожны разумеў: перапланаваць іх можна будзе толькі тады, калі ад праекта не пакінуць і каменя на камені.

— Я хацеў бы вярнуцца да ранейшага,— настойліва папрасіў Васіль Пятровіч, гледзячы Міхайлаву ў вочы.— Няўжо схібілі і плануем на пяску?

— Гэтага яшчэ не хапала! — адгукнуўся той, нібы чакаў такога пытання і меў на яго адказ.— Хочаце адкрыта? Добрым людзям, бывае, памагае сам час. Ясна? Не? Тады пачакайце трошкі. Пераначуем — болей пачуем...

Але як след ацаніць намёкі і парады Міхайлава Васіль Пятровіч здолеў толькі назаўтра. Зразумеў: «Стары» страхаваў яго, хоць сёе-тое і скрыў, не жадаючы загадзя абнадзейваць. А мо не меў і права...

 

6

Павячэраўшы ў сталовай ЦК, пагутарыўшы пра Веру, якая прасіла Міхайлава даведацца, што там такое заварылася ў мужа з Понтусам, яны вярнуліся ў майстэрню і працавалі да позняй ночы. І хоць назаўтра трашчала галава, ішоў Васіль Пятровіч у гарком з гатоўнасцю спрачацца і даводзіць сваё.

Ён верыў: праўда перамагае, і не любіў апраўдвацца. Навошта? Праўда ж усё роўна астаецца праўдаю! Ён нават лічыў, што несумленна шукаць ласкі ў людзей, прасіць іх падтрымкі. Спачуванне і падтрымка, на яго думку, павінны прыйсці самі сабою, калі толькі ты варты таго. Але, верачы ў справядлівасць жыцця, ён забываўся, што можа памыляцца і сам і другія, што праўда можа аказацца паўпраўдаю або і няпраўдаю. Таму яго ўпартасць часта выклікала жаданне спрачацца з ім, калі ён, безумоўна, меў рацыю.

А некаторым нават хацелася насаліць яму. І гэтага Васіль Пятровіч не разумеў.

Па лесвіцы ён сігаў бадай што праз дзве прыступкі і ў прыёмнай дагнаў Понтуса.

— І вы на форум? — з хваляваннем, якое прыходзіць разам з прылівам сілы, спытаўся ён.

Понтус падазрона скасіў вочы на сакратарку, якая, трымаючы плячом ля вуха тэлефонную трубку, нешта шукала ў шуфлядзе стала, неазначальна матнуў галавою.

— Чырканіце там,— кінуў сакратарцы, якая ўжо ставіла на паперы птушку.

Не азіраючыся на Васіля Пятровіча, быццам яго і не было, Понтус спыніўся ля абабітых дэрмацінам дзвярэй, паправіў гальштук, адчыніў іх і, як толькі пераступіў парог, хутка прычыніў за сабою.

Не звяртаючы ўвагі на гэтае дыпламатычнае хамства, Васіль Пятровіч зайшоў следам. З парога заўважыў незанятае крэсла побач з Кухтам, які сядзеў каля акна, і, прывітаўшыся з усімі, накіраваўся туды. Кухта пляснуў па свабодным крэсле далоняю і, калі Васіль Пятровіч сеў, паведаміў на вуха:

— Запрошаных болей, чым членаў бюро. Трымайся, калі хочаш астацца сабою.

— Нічога, не ўпершыню,— адмахнуўся Васіль Пятровіч.— Чытаў зводку? Ачышчаем, дарагі кіраўнік, ужо астравы. Самалёты бяром цёпленькімі — на аэрадромах. Дый яшчэ сёе-тое ў запасе ёсць...

Але калі ён атрымаў слова і засігаў да стала Кавалеўскага, нечаканы халадок прабег па спіне.

«Не казырся. Відаць, мала, каб праўда была тваёй. Неабходна яшчэ, каб табе верылі. «Вы клапоціцеся аб людзях, але не любіце іх...» Гэта ж таксама сумненне ў тваёй шчырасці!.. Значыць, зараз прыйдзецца даводзіць не толькі сваю правату». Думкі здаліся абразлівымі. Ён падышоў да стала і наўмысна рэзка, жэстыкулюючы, пачаў гаварыць сходу.

Яго слухалі ўважліва. Можа, нават залішне ўважліва. Але ўжо на пятай якой хвіліне нехта прыслаў запіску, дзе прасіў не махаць рукамі і паважаць другіх. Што гэта было? Васіль Пятровіч стаіў у сабе крыўду і перадаў запіску Кавалеўскаму. Прачытаўшы яе, той з цікаўнасцю паглядзеў на прысутных, шукаючы, хто мог прыслаць такое, і ўголас параіў:

— Я дык, напрыклад, паслухаўся б.

Стараючыся ў адплату гаварыць як і дагэтуль — упэўнена, Васіль Пятровіч, аднак, ніяк не мог забыцца на прыкры выпадак.

Хто?

З прысутных ён вылучыў найбольш верагодных аўтараў запіскі: Понтуса, які сядзеў, паклаўшы на стол абодва локці, і з абыякавым сумным тварам выводзіў вечнай ручкаю мудрагелістыя вензелі на паперы; дырэктара машынабудаўнічага завода — стомленага, з сівымі скронямі і высокім, без адзінай маршчынкі лбом мужчыну; і маладжавага, з кучаравай, густой і чорнай, як смоль, шавялюраю другога сакратара гаркома Зорына, які рыхтаваў пытанне і цяпер не адрываўся ад свайго блакнота.

— Складаецца ўражанне, што вы глядзіце на індывідуальных забудоўшчыкаў, як на зло,— кінуў рэпліку дырэктар завода.

«Ён»,— рашыў Васіль Пятровіч і, чамусьці забыўшыся адразу на запіску, адказаў:

— Не зусім. Хоць, зразумела, іх домікі не ўпрыгожаць горада.

— Чаму гэта?

Кароткага адказу не прыходзіла, і Васіль Пятровіч паціснуў плячыма.

— Яны, архітэктары, гігантаманы,— страсянуў густой шавялюраю Зорын.

— І плюс часта ў палоне прафесійных забабонаў,— падтакнуў Понтус, зрабіўшы ручкаю шырокі росчырк, нібы падпісваючыся.

— Не толькі,— паправіў і яго Зорын, які ў падобных выпадках браў на сябе задачу падтрымліваць пачуццё адказнасці ў другіх.

— Такое перакананне характарызуе іх адносіны да запатрабаванняў часу.

— Канешне...

Гэты абмен рэплікамі абумовіў і характар спрэчак. Першае выступленне ўжо забрала Васіля Пятровіча за жывое і, каб не гутарка, не начная работа з Міхайлавым, збіла б з панталыку.

Паказаўшы пальцам на свае грудзі, дырэктар завода счакаў, калі Кавалеўскі кіўне яму ў знак згоды, і хоць звярнуўся да Васіля Пятровіча, але стаў да яго бокам.

— Вы, па-мойму, многага не прадумалі ў тым, што абараняеце,— сказаў ён з кплівай спагадлівасцю.— Паводле саміх вашых слоў выходзіць, што пятую частку ўсёй гарадской тэрыторыі будуць займаць аднапавярховыя дамы, і падабаецца гэта вам ці не, трэба зрабіць так, каб яны ўпрыгожвалі горад. Гэта — раз.— Ён правёў далонню па твары, зганяючы стомленасць, і голас яго памацнеў.— Большасць аднапавярховых дамоў, зразумела, будзе прыватных. Гэта — два. І апошняе. Цяпер мы не абмяркоўваем генплана, але я мушу сказаць і наконт астатніх чатырох пятых. Хто іх будзе забудоўваць? Прамысловым прадпрыемствам самім трэба спачатку ўзняцца з попелу.

— Захочаце, каб было каму іх узнімаць...

— Пачакайце! Калі і захочам, што з таго? Колькі нас? А для новых гігантаў, думаю, знойдуцца больш утульныя месцы. На Урале, у Сібіры. Таму не абмяжоўваць забудоўшчыкаў трэба, а ствараць з іх жыллёвыя кааператывы — няхай памагаюць адзін аднаму. Гэта — тры. Я скончыў.

Абмінуўшы Васіля Пятровіча, ён аглядзеў прысутных, сеў і задумаўся.

— Прашу, Ілья Гаўрылавіч,— прапанаваў Кавалеўскі.

Понтус, які намерваўся выступаць у канцы, калі абрысы рашэнняў стануць яснейшымі, нехаця ўстаў.

— Аб’ектыўнасць пры ўсякіх абмеркаваннях — галоўнае,— пераступіў ён з нагі на нагу.— І я, усведамляючы гэта, магчыма, не зраблю поўных канкрэтных вывадаў, як Іван Хведаравіч. Але спадзяюся, што калектыўна іх зрабіць можна. Нагадаю толькі некаторыя факты, якія ў свой час я прыводзіў Зорыну. Юркевіча празвалі «Нельга-таварыш». У імя чаго ён так часта паўтарае гэтае сваё «нельга»? Асабліва абурае факт, што ўзарвалі амаль цэлыя будынкі. Рэха ад іх узрываў разлягаецца і цяпер. Людзі гавораць, што разбурэнне горада ідзе далей. Толькі раней яго разбуралі немцы, а зараз мы самі.

— Я не веру, што так могуць думаць,— усумніўся Кухта.

— У Юркевіча няма партыйнай вытрымкі,— не пачуў яго Понтус.— Яму б усё рабіць адным махам. Ён, як апантаны, нават не звяртае ўвагі на тое, што робіцца наўкол!

Понтус важка апусціўся на сваё месца і, як чалавек, што выканаў абавязак, зноў старанна ўзяўся выводзіць вензелі.

Настала паўза.

У вочы Васілю Пятровічу кінуўся вялікі стаячы гадзіннік у кутку кабінета. Стрэлкі, гіры і маятнік яго цьмяна паблісквалі. Маятнік вагаўся важна, без звыклага цікання. Але ад гэтага вастрэй заўважалася плыннасць часу, які адлічваў гадзіннік, і Васіль Пятровіч хваравіта адчуў яе. Разам з гэтым у ім усталёўвалася нейкая самаахвярная ўпартасць.

Карцела нават, каб выпрабаванне было яшчэ цяжэйшае. Няхай! Усё роўна праўда возьме сваё. І скончыўшы справаздачу, ён не вярнуўся да Кухты, а сеў за доўгі стол, на які вачыма паказаў Кавалеўскі.

— Мяне таксама цікавіць псіхалагічны аспект пытання,— пачуў Васіль Пятровіч над сабою голас Зорына, які падняўся, як толькі Понтус паглыбіўся ў свой занятак.— Па-мойму, Юркевіч разумеў, што ідзе на недазволенае. Заўважылі? Ён вельмі спяшаўся, дзейнічаў напрапалую — пан ці прапаў. Чаму? Апасаўся, што яму перашкодзяць. З другога боку, ёсць тут яшчэ адна нясмачная рэч. Няхай на карысць справы і трэба было б узрываць каробкі. Але навошта скрытнасць? Навошта маланкавыя рашэнні і распараджэнні? І на каго ён замахнуўся? На людзей заслужаных, нашу апору, дзеля каторых і ахвяраваць сім-тым не шкада. Можа нават сцягам зрабіць. І наогул Юркевіч не верыць у мудрасць...— Ён пашукаў слова і не знайшоў яго.— У яго свая праўда. Адсюль і дэвіз — рабі па-свойму, бо ўсё роўна цябе не зразумеюць. Рабі і памятай: тое, што ты не ўправішся зрабіць, будзе не па-твойму. Як гэта называецца?

— Рашэнне, прынятае з пачуццём адказнасці,— зноў азваўся Кухта.

— Дадай, прынятае не без твае дапамогі. Пра што, спадзяюся, мы яшчэ пагаворым.

— Няхай і з маёй. Я зроду ад добрых спраў не адмаўляўся.

— Мне здаецца, прызнанне Кухты варта запісаць у пратакол,— не адрываючыся ад свайго занятку, сказаў Понтус.

Кавалеўскі дапытліва паглядзеў на Васіля Пятровіча, чакаючы, што той адкажа.

— Я прасіў бы... мм... членаў бюро, калі лінія маіх паводзін будзе ацэнена як злачынная, усю адказнасць ускласці на мяне.

— Дазволь,— папрасіў слова Зімчук.

Далоні ў Васіля Пятровіча сталі ліпкія.

 

Днямі Зімчуку давялося пабываць у зямлянках на вуліцы Горкага, якія ўтварылі там цэлае паселішча, і ў старых, напалову разбураных бараках Грушаўскага пасёлка, які патанаў у непралазнай гразі. Зямлянкі і баракі пакінулі страшэннае ўражанне. Уразілі яны, вядома, яго не самі па сабе — часта выязджаючы на абследаванне, Зімчук бачыў рознае. Але тут уся ўбогасць і беднасць была сабрана ў адным месцы. І вось цяпер, калі Зімчук слухаў выступленні, карціна гэтай убогасці, яго гутаркі з жанкамі, што толькі і трапляліся ў зямлянках ды ў бараках, раз за разам нагадваліся яму. Чаму не гавораць пра гэтых жанчын? Горад жа для іх, на чыёй працы трымаецца вельмі многае і чые гаспадары, браты і бацькі здабываюць перамогу.

— У партызанах,— пачаў ён, прытрымаўшы руку на цемені,— нам таксама прыходзілася знішчаць школы, сельмагі, бальніцы. Мы іх узрывалі або палілі, калі даведваліся, што немцы намерваюцца размясціць там гарнізон. Інакш кажучы, мы ўзрывалі, палілі перш за ўсё на тое, каб над тамашнімі жыхарамі не навісла большая бяда. А чаму ўзрывае будынкі галоўны архітэктар?

— Каб яны не спакушалі некаторых,— і цяпер апярэдзіў Васіля Пятровіча Кухта.— Каб не заміналі рабіць разлікі...

— Вы растлумачце з пункту гледжання карысці для жыхароў. Што ад гэтага будуць мець жанчыны, якія туляцца ў зямлянках? Што будуць мець іх гаспадары, калі вернуцца з фронту? Хіба тое, што замест васьмідзесяці будзе шэсцьдзесят магазінаў? Вось пра што трэба гаварыць!..

— Магазінаў менш не будзе,— хрыплавата сказаў Васіль Пятровіч.— Мы з удзелам Міхайлава ўчора распрацавалі праект часовага зборнага магазіна.

— А можа, ашчаслівіце іх тым, што замест дзесяці бальніц пабудуеце пяць?

— Новы горад будзе ахоўваць здароўе жыхароў надзейней, чым бальніцы.

— Калі тое прыйдзе! Недаацэньваць сённяшнія радасці людзей — значыць недаацэньваць саміх людзей. Ёсць задачы неадкладныя, а ёсць больш далёкія. Знішчым зямлянкі, дадзім людзям мінімум, а потым ужо будзем думаць пра стадыёны і праспекты-промні.

— Позна будзе.

— Гледзячы для каго... Але наўрад ці за гэтым можна бачыць злосныя ўчынкі...

Кроў кінулася ў твар Васілю Пятровічу і імгненна адхлынула. Ён таропка падняўся, глянуў на Кавалеўскага, на Зімчука і, спыніўшы позірк на незнаёмай строгай жанчыне, якая, падпёршы рукою шчаку, не спускала з яго дапытлівых вачэй, заявіў:

— Я, таварышы, безумоўна, ведаў, на што ішоў. Былі, зразумела, і свае меркаванні...

Ён заўважыў, як, кінуўшы выводзіць вензелі, выцягнуў шыю Понтус, як пераглянуўся з Зорыным, і міжвольна змоўк. У Понтусавай увазе яўна таілася спадзяванне на яго, Васіля Пятровіча, неразумную шчырасць. У адкрытым жа, дэманстрацыйным пераміргванні — нейкая змова, запрашэнне адзін аднаго ў сведкі.

«А яны ж не давяраюць мне, лічаць, што хітрую, і нібы цікуюць»,— з крыўдаю падумаў Васіль Пятровіч.

— Ну-ну! — падахвоціў яго Понтус.

— Я разумеў, на што ішоў...— не адумаўся ён.— І каб нічога не таіць ад вас, мушу прызнацца, што ведаў: маіх захадаў... мм... многія могуць не ўхваліць. Ведаў і рабіў!

— Дык што гэта такое? — схіліў на плячо галаву Зорын.— Самаахвяраванне?

— Я думаў і пра гэта...

У кабінеце загаманілі. Зорын устаў, падышоў да Кавалеўскага і, абапершыся локцем на стол, паціху, з сярдзітым выглядам нешта пачаў гаварыць. Понтус глянуў на сакратароў і крыху адсунуў сваё крэсла ад стала, нібы далейшае ўжо не датычыла яго. Дырэктар завода, не паварочваючыся, бокам нахіліўся да суседа злева — сівога, падстрыжанага «пад вожык», старшыні выканкома Ленінскага райсавета — і, мусіць, кінуў нейкі жарт, бо той усміхнуўся і весела пачухаў «вожык».

Зімчук бачыў: ад шчырасці галоўнага архітэктара асталося супярэчлівае ўражанне, і цяпер усё залежыць ад Кавалеўскага. Сам жа Зімчук раптам адчуў спагаду да Васіля Пятровіча.

Нядаўна, зайшоўшы да яго і пачаўшы, як заўсёды, спрачацца, той прызнаўся: «Я, калі вырашаю што, кіруюся адным — каб карысці было больш гораду, чым таму, хто просіць. Бо просьбіты былі — і няма іх, а горад астаецца».

«У гэтым — увесь ён,— падумаў Зімчук.— Цяжка ўзнімаць цаліну. Понтус не зробіць такіх памылак. Але затое нізашто не возьмецца пракладаць першую баразну. І самае лепшае, на што здатны — выкрыць памылкі другіх. Бачыш, як хутка адмежаваўся ад Барушкі, быццам і не падтрымліваў яго раней. Хоць пры такіх работніках, як Юркевіч, патрэбен і Понтус. Дысцыплінаваны, вытрыманы».

Зімчук наважыўся быў папрасіць яшчэ раз слова, але сабраўся гаварыць Кавалеўскі.

Ён быў нездаволены — магчыма, гутаркаю з Зорыным. Яго хударлявы твар паружавеў. Простыя, цёмныя бровы хмурыліся. Пастукаўшы па графіне і счакаўшы, пакуль Зорын вярнуўся на сваё месца, Кавалеўскі зрабіў сярдзіты рух рукою, у якой трымаў аловак.

— Спярша пра цябе, архітэктар. Ва ўсім, што гаварылі тут — многа справядлівага. Ты і горад збіраешся будаваць нібыта не для людзей. Дый змагацца за сваё не ўмееш. Хоць я згодзен: аднаўляць — значыць рабіць так, каб аднаўленне было і рухам наперад. Іначай навошта яно?..

На круглым століку зазваніў тэлефон-вяртушка. Кавалеўскі, не паварочваючыся, зняў трубку і, сказаўшы «я слухаю», змоўк. Пазнаць, хто гаворыць на другім канцы провада, было цяжка. Але па словах, якія можна было разабраць, Зімчук здагадаўся: гаворка ідзе пра галоўнага архітэктара. Зімчук зірнуў на яго і пашкадаваў: той сядзеў схуднелы, з выразам асуджанасці на твары.

— Таварышы,— паклаў трубку Кавалеўскі,— званілі з ЦК наконт узарваных каробак. Прасілі ў сувязі з гэтым перадаць, што Саюзны ўрад запланаваў нам два гіганты — аўтамабільны і трактарны. А гэта прынцыпова важна для лёсу сталіцы...

Атарапеўшы, Васіль Пятровіч няўцямна глянуў навокал.

«Міхайлаў,— мільганула ў думках, і ён праглынуў слёзы.— Неацэнны ты наш «Стары»! Канечне, без цябе не абышлося!»

 

РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ

 

1

Зося ляжала ў пасцелі, калі ў акно пастукалі. Яна кранула за плячо Аляксея, але той ужо спаў. Ён хадзіў у Лошыцу — на прыгарадную даследчую станцыю к садаводу, былому падпольшчыку, па прышчэпы. Вярнуўся змардаваны і, не ўспеўшы пакласці галавы на падушку, заснуў як мёртвы.

Зося накінула на голыя плечы хустку і падышла да акна.

Убачыла жанчыну, якая рабіла нецярплівыя знакі. Дубальтовыя рамы былі ўжо выстаўленыя, і ўстрывожаная Зося расчыніла акно.

— Уставайце, таварышы, уставайце! — узбуджана дыхаючы, загаварыла жанчына.

— Што там такое? Хто вы? — спалохалася Зося, ледзь пазнаючы няблізкую суседку.

— Вайна скончылася, Зося Тарасаўна! Па радыё перадалі. Уставайце! — Яна прыцягнула Зосіну галаву да сябе, пацалавала і, лёгенька адштурхнуўшы, адступіла ў цемру.

Зося ўвабрала ў сябе гарачае паветра і на імгненне застыла не верачы. Няроўнае трапятанне, якое ўзнімалася аднекуль з глыбіні разам з тым, як Зося ўсведамляла навіну, ахапіла яе. Чуючы, як расце гоман на вуліцы, яна кінулася да ложка.

— Лёша, Лёша! — узялася катурхаць мужа, які, адурэўшы ад сну, аніяк не мог уцяміць, чаго ад яго дабіваюцца.— Ды прачніся! Цётка Анця, уставайце і вы!

Аляксей адвярнуўся, але потым усё ж сеў.

За сцяною зашлёпала босымі нагамі цётка Анця, закрактаў, устаючы, Сымон.

— Чаго ты? — пацягваючыся, прамармытаў Аляксей.

— Вайна, Лёша, скончылася.

Далей гаварыць Зося не магла. Знясіленая, села на край ложка і, жаласліва ўсміхаючыся, заплакала.

Аляксей ускочыў, намацаў на крэсле вопратку і стаў моўчкі адзявацца, не трапляючы ў рукавы гімнасцёркі.

— Хто сказаў? — чамусьці строга спытаўся.

У пакой зайшла цётка Анця, за ёю з газнічкаю ў руках — Сымон. Зося кінулася да цёткі, павісла ў яе на шыі. Прыкрываючы агеньчык газоўкі далонню, Сымон адступіў убок.

— Што ў вас тут?

— Вайна скончылася, дзядзечка. Тосінічыха толькі што перадавала,— азвалася Зося, цалуючы Анцю і ўсё яшчэ плачучы.

— Перамога, значыцца? — рука ў старога ўздрыганула. Кволы язычок агню калыхнуўся, міргануў і пагас.

— Во бо,— упікнула цётка Анця.

У акно застукалі зноў.

— Ведаем ужо, ведаем!..— крыкнула Зося.

Раптам на дварэ глуха грымнула. Тоненька прастагналі шыбы. Затым адразу ж, быццам зусім недалёка за акном, блакітны прамень паласнуў неба. Светлы, ясны пасярэдзіне і лілаваты з краёў, ён затрапятаўся і пачаў узнімацца. Гэта паслужыла як бы сігналам. Недалёка наперагонкі затрашчалі стрэлы: сухія, з прысвістам — вінтовачныя, басавітыя і кароткія — з пісталетаў.

— Правільна! — гукнуў Аляксей.— Эх, няма з чаго!

Яны выбеглі на вуліцу і купкаю сталі каля брамкі.

За горадам раўнула гармата: раз, другі, трэці. Запаліліся новыя пражэктары і, крыжуючыся, з імпэтам захадзілі па небе, гасячы навокал сябе зоры. Следам за імі сыпанулі сінія, зялёныя, чырвоныя, жоўтыя зорачкі — стралялі трасіруючымі з кулямёта.

— Я ў школу!..— кінула Зося і, не зважаючы на пратэсты, пабегла па нязвыкла асветленай вуліцы, якраз туды, адкуль чулася большая страляніна.

...Яна вярнулася, калі Аляксей ужо заваліўся ў пасцель. Прысеўшы да яго, не зважаючы, што ён сярдуе, паспешліва пачала расказваць пра тое, што даведалася.

— Акт аб безагаворачнай капітуляцыі ў тры гадзіны дня падпісалі. А мы дагэтуль нічога не ведалі! Во як бывае!.. А ў школе, каб ты бачыў, што робіцца! Усе сабраліся — і настаўнікі і вучні... Цалуюцца! Лочмелю, відаць, жонка ўспомнілася — плакаў. Калі б не здарылася таго, яна ж таксама ў нас настаўнічала б... А заўтра, Лёша, на дэманстрацыю пойдзем...

Яна пачала супакойвацца толькі, калі пачула за сцяною гаворку цёткі Анці з Сымонам, і здагадалася: тут ужо ўсё ведаюць.

— Так яно і павінна быць, каб безагаворачна,— разважаў Сымон, якому падабалася апошняе слова.— Складзі от зброю, стань рукі па швах, схілі галаву і чакай, што загадаюць. Безагаворачна чакай!

— З імі нельга іначай,— кудахтала Анця.— Колькі праз іх чалавечай крыві пралілося!

— Цяпер прысміраць іх. Дзеля гэтага і без-а-га-ворач-на, каб прысмірыць.

— Адыходлівыя нашы-то,— уздыхнула Анця.

Зося пагладзіла Аляксея па галаве і палажыла руку на яго лоб. Гэтай хвіліны яна чакала даўно.

— Ты верыш? — нахілілася над мужам.

— А як жа.

— Гэта ж усё перайначыцца, Лёша. Не будзе жахлівых размоў — паранілі, забілі, узарвалі, знішчылі. Перастануць пахавальныя ісці. Да дзяцей бацькі вернуцца.

— А найбольшая радасць салдатам,— сказаў Аляксей, думаючы пра сваё.— Цяжка, мабыць, апошняму было паміраць.

Зося пацалавала мужа, забедавала, але зараз жа твар у яе зноў засвяціўся.

— Для сірат дык палацы трэба пабудаваць. Няхай забываюцца на тое, што страцілі.

Яна адчула незвычайную любасць да Аляксея, да цёткі Анці, Сымона, якія дзелавіта, мірна размаўлялі за сцяною, да тых, хто, не могучы супакоіцца, усё яшчэ страляў там, уночы, і чые галасы, смех чуліся на вуліцы.

— Я люблю цябе, Лёша, вельмі люблю,— не знайшла яна іншых слоў, каб выказаць тое, што нарастала ў сэрцы.

— І правільна робіш,— сонна заважнічаў Аляксей.— Мы з табою цяпер зажывём, Зось. Заўтра ўсе ордэны і медалі надзену. Пабачыш!..

Зосі ўспомнілася, якім Аляксей вярнуўся з бальніцы — лагодны, паслухмяны. Зімчук уладзіў яго на работу ў трэст разборкі і аднаўлення будаўнічых матэрыялаў, дзе яму даручылі падабраць брыгаду муляраў. Аляксей узяўся за справу з разлікам. І неўзабаве, перацягнуўшы да сябе Прыбыткова, славутага муляра і тынкоўшчыка Сурнача, узначаліў брыгаду першакласных майстроў.

«Ніводнага няўмекі і партача,— хваліўся ён Зосі.— Зарабляць будзем — во!..»

І сапраўды, у першую палучку прынёс кругленькую суму, талон на адрэз драпу і доўга раіўся, колькі з заробленых грошай можна выдаткаваць на дом.

Трымаючы руку на яго лбе, Зося сцішылася і аддалася думкам. Яна не пачула, як змоўклі за сцяною старыя, не пакрыўдзілася, калі пачула роўнае дыханне заснуўшага мужа. На сэрцы было лёгка, спакойна. І Зося праседзела так, аж пакуль не пачало ўзыходзіць сонца. Трывожачыся за надвор’е, яна ціхенька выйшла з дому, пастаяла трошкі на ганку. Задаволеная вярнулася ў пакой, падышла да люстра і ўважліва агледзела сябе.

Твар у яе быў бледны, з запалымі шчокамі, ад чаго яшчэ выразней на лбе і асабліва над верхняй губою праступалі жаўтаватыя плямы. Зося нахілілася бліжэй да люстра, пацёрла пальцамі плямы, паглядзела на высокі жывот і, як бы прабачаючы сабе нешта, усміхнулася. Яшчэ ўчора яна саромелася і гэтых плям, і свайго жывата і нават лішні раз пазбягала выходзіць за брамку, а калі і выходзіла, дык, быццам незнарок, прыкрывала жывот рукою.

Дні тры таму назад, усё яшчэ не адважваючыся заходзіць з пярэдняй пляцоўкі, яна ледзь уціснулася ў трамвай. Нейкі малады чалавек, убачыўшы яе, устаў і даў ёй месца. А Зося? Успыхнуўшы ад сораму і абразы, адвярнулася і доўга не ведала, куды дзець вочы.

Дурненькая!..

 

2

Гадзін у дзесяць, па-святочнаму апранутыя, яны выйшлі з дому і, радуючыся мнагалюднасці вуліц, тут жа трапілі ў плынь, якая імкнула да цэнтра. Валам валілі дзяўчаты, хлапчукі. Праязджалі аўтамашыны з кузавамі, поўнымі людзей. Ехалі конныя міліцыянеры.

Аляксей вёў Зосю пад ручку, а яна ішла незалежна і горда, як не хадзіла даўно. Неяк падсвядома адчувала: сёння, нязграбная, з паблажнелым тварам, яна мае права на радасць, можа, больш, чым хто другі.

Плошча Свабоды кіпела ад народу. Сквер упрыгожвалі вялікія пано з батальнымі сцэнамі. Уздоўж агароджы ўстаноўлены партрэты маршалаў, на высокіх дрэўках трапяталіся вузкія, на ўсю даўжыню дрэўка сцяжкі. Падзяляючыся на два патокі — па Ленінскай і па Інтэрнацыянальнай вуліцах — у кірунку да Дома ўрада рухаліся калоны дэманстрантаў. Над імі калыхаліся сцягі, букеты чаромхі, таполевыя галінкі. Горача паблісквалі трубы аркестра. Бравурны марш мяшаўся з песнямі. І гэтая сумятня гукаў хвалявала Зосю мацней за ўсё.

Цяпер ужо можна было ісці толькі, як усе,— не абганяючы і не адстаючы. Але Аляксею і Зосі пашанцавала трапіць да Дома ўрада, дзе збіраўся мітынг.

Тут Зося не была даўнавата, і знаёмы шэра-блакітны гмах здаўся ёй па-новаму прыгожым. Абапершыся на Аляксеева плячо, яна стала на камень, што шчасліва трапіў пад ногі, агледзелася. Убачыла настаўнікаў сваёй школы і... манумент Леніна.

— Лёша, глядзі! — ускрыкнула яна ў здзіўленні.

Навокал калыхалася гаманлівае людское мора, і Зосін голас патануў у ім. Ды, відаць, у гэты незвычайны дзень людзі чакалі незвычайнага і яе пачулі.

— Што там такое? — азвалася адразу некалькі галасоў.

Зося ведала: трэба супакоіцца, і ўсё-такі ніяк не магла. Яе ўсё замілоўвала і хвалявала — песні, сцягі, сонца, людзі і больш за ўсё гэты манумент, знаёмы даўно-даўно.

Ленін стаяў на п’едэстале-трыбуне, узяўшыся рукамі за яе край. Ён, здавалася, толькі што ўзышоў туды і аглядаў людзей, якія сабраліся на мітынг, слухаў іх воклічы. Думка, якую ён хацеў перадаць, ужо азарыла яго твар.

— Калі гэта, Ісак Якаўлевіч? — выціраючы слёзы аб рукаў Аляксеевай гімнасцёркі, спыталася Зося ў Лочмеля, які прабраўся да іх.

— Формы ў Ленінградзе зберагліся, вось і адлілі,— сказаў той, саромеючыся, што і ў яго на вочы набягаюць слёзы.

Людзі падаліся наперад. Аляксей стаў ззаду ў Зосі, абняў за стан.

На балкон Дома ўрада з вялізных шкляных дзвярэй пачалі выходзіць ваенныя, цывільныя. У рэпрадуктарах, прымацаваных на дахах правага і левага крыла, са звонам пстрыкнула, загуло. Натоўп пачаў сціхаць, і ў цішыні рытмічна застракаталі камеры кінааператараў.

— Таварышы! — гучна разлеглася па плошчы і, даляцеўшы да закуродымленых каробак Універсітэцкага гарадка, вярнулася назад: —Та-арышы!.. Та-арышы!..

Рэдка бывае што-небудзь так, як табе хацелася б, як уяўляў ты яго загадзя. Радасць чакання, бадай, заўсёды большая за радасць, калі чаканае здзяйсняецца. Але Зосі не хацелася нічога большага. Жывучы хвілінаю, яна радавалася за сябе, за Аляксея, за дзіця, якое неўзабаве ўбачыць свет, за ўсіх, каму гэты дзень вяртаў жаданае.

— ...Вялікая перамога атрымана,— чулася з рэпрадуктара, і жэсты Кавалеўскага там, на балконе, апярэджвалі яго словы.— Безагаворачная капітуляцыя — вось ганебны канец нашага ворага. Навечна астанецца гэты дзень...

— Я каля Батанічнага жыву. Там таксама мітынг быў,— не ўтрымаўся Лочмель, павярнуўшыся да Зосі.— Вырашылі ў сектары мясцовай флоры алею Перамогі з беларускіх елак высадзіць.

— І мы свае высадзім,— сказаў Аляксей, сціскаючы Зосю.— Во як выйшла! Га? — і нецярпліва затупаў на месцы, захоплены нечаканай думкаю.

— Чш-ш-ш! — пачулася наўкол.

— А я школу пакідаю, Зося Тарасаўна,— паслухмяна прыглушыў голас Лочмель.

— Калі? Навошта? — слухаючы яго і аратара адначасова і неяк павольна ўсведамляючы навіну, спыталася Зося.

— Не магу... Паспрабую ў газеце працаваць... Міра, аказваецца, у нашай школе практыку праходзіла... Так што, можа, не хутка сустрэнемся. Вось і хачу падзякаваць...

— Няма за што. {што«

— Ёсць, ёсць, Зося Тарасаўна. Я ж пра многае здагадваюся. Думаеце, часта такое сустракаецца? Любяць яшчэ некаторыя з пагардай ставіцца да другіх...

— А мы як без вас?

— Вельмі проста. Не будзе каму тугу наганяць... Ехаў я сюды на трамваі. Побач жанчына сядзела. Проставалосая, няшчасная. Дзень Перамогі, кажа. Усе парамі ідуць. А я з кім пайду?.. Мне таксама няма з кім ісці, Зося Тарасаўна... Дый горш таго...

— За працу, таварышы! — памножаныя водгуллем, разлягаліся па плошчы словы Кавалеўскага.— Памятайце: з намі братнія народы! З перамогай, таварышы!

— Чуеш, га? — зашаптаў Аляксей, схіліўшыся да Зосінага вуха і скасіўшы вочы на Лочмеля.— А ты кажаш — рана!..

І калі мітынг скончыўся, ён, асцярожна ведучы Зосю, засланяючы яе сабою, толькі і гаварыў пра пачутае. І там і тут, проста на вуліцы, людзі вадзілі карагоды, танцавалі, а ён усё даводзіў сваё — сад неабходна пасадзіць толькі сёння, тым больш што ямы падрыхтаваны, ужо даволі назапашана колікаў, чарназёму.

Пры ўваходзе ў Тэатральны сквер яны ўбачылі сярод танцуючых Алешку з Валяй. Алешка па-маладзецку прытупваў і, прыціскаючы да сябе расчырванелую Валю, хвацка, напрапалую кружыў яе.

— Павітаюцца, Лёша, або прыкінуцца, што не заўважылі? — вінавата спыталася Зося.

— Як сабе хочуць. Я яму не паскудзіў і не збіраюся. А калі сярдуе, дык няхай. Пачаставаў, мусіць, ужо хто-небудзь пасля радыёхалтурак...

— А ну, жвавей, браты-славяне! У круг! Полька злева! — падаў Алешка каманду, калі Аляксей і Зося параўняліся з ім, і раптам, спыніўшыся, урэзаў штуку: — Няхай жывуць слаўныя партызаны «Штурмавой»! Ура-а, браты-славяне!

— Шалапут,— усміхнуўся Аляксей і, адышоўшы, зноў загаварыў пра сваё.

Зося слухала яго і ніяк не магла зразумець, радавацца ёй ці тужыць.

Не, хутчэй за ўсё, трэба было радавацца...

 

3

Сымон сустрэў іх ля брамкі з малатком у руцэ.

— Ну як? — спытаўся ён, гледзячы на самаробны сцяг, які трапятаўся над варотамі.— Мае хатняе міліцыі не бачылі там? Бяда проста...

Яго словам не ставала пэўнасці: «Ну як?» — да чаго гэта: да мітынгу або сцяга? «Бяда проста» — пра што гэта?

— Самі пашылі? — паказала Зося на сцяг.

— А ты думаеш, мяне толькі гліна слухаецца? Праўда, няма чаго казаць, прывык мужчынам быць. Але ж... От яны, бачыш? — працягнуў ён рукі з прыпухлымі суставамі на пальцах.

— З кім гэта вы ўжо ўправіліся? — здагадалася, у чым справа, Зося.

Сымон пакруціў галавою і засмяяўся. І па тым, з якой вясёлай скрухаю ён пакруціў галавою і як блазнавата смяяўся, стала відаць: стары выпіў.

— Толькі што Зімчук заязджаў,— сказаў ён, апраўдваючыся.— Запрашаў увечары да сябе.

Аляксей не паверыў, прымусіў паўтарыць, заспяшаўся.

Садзіць сад пайшлі ўтраіх, не дачакаўшы цёткі Анці. Ключ ад дома паклалі ў пэўнае месца пад ганкам.

Гарачыня не спала і пасля поўдня. Над галавою не было ні хмурынкі. Воблачкі бялелі толькі над самым гарызонтам. Але гэта была майская гарачыня, дый ад рэчкі патыхала свежасцю, і за працу ўзяліся ахвотна.

Аляксей стараўся рабіць усё сам, а Зосі дазваляў толькі трымаць прышчэпы, калі закопваў яму, ды прывязваць іх да колікаў.

На яго было прыемна глядзець. Ён спрытна арудаваў рыдлёўкаю, з пяшчотнай беражлівасцю браўся за прышчэпы, мачаў іх карэнні ў гліняную жыжку і асцярожна апускаў дрэўца ў яму. Выверыўшы рад і ўкленчыўшы каля ямы, рукамі прысыпаў карэнне зямлёю і зноў браўся за рыдлёўку. Потым хапаў вядро і імчаў да рэчкі.

— Гэта бэра. Слуцкая,— тлумачыў ён Зосі, паліваючы грушку і лічачы яе ўжо дрэвам.— У трыццаць дзевятым і саракавым іх вымерзла многа. Цяпер яе нават на Случчыне рэдка сустрэнеш. А ў нас іх тры. Духмяныя, салодкія, аж есці нельга...

— Калі нельга есці,— сказаў Сымон,— дык навошта тады, Ляксей, садзіць іх?

— Няхай растуць. Можа, неяк і з’ямо.

— Бэра — гэта сапраўды смаката! — згадзіўся Сымон.— На ўвесь свет груша. Потым і мне дасі...

І тут здарылася нечаканае.

Збегаўшы па апошнюю прышчэпу — Аляксей прыносіў іх па адной, каб сонца не сушыла карэнняў,— ён пачаў перамешваць гліняную жыжку, якая хутка адстойвалася і цвярдзела. А калі перамяшаў і нахіліўся за прышчэпай, аж жахнуўся. На прышчэпе стаяла Зосіна нага. Наступіўшы на вузлаваты гузачок, які звязваў колішнюю дзічку-саджанец з чаранком слуцкай бэры, нага спакойна стаяла, уціснуўшы яго ў зямлю. Гузачок трэснуў і, здавалася, галасіў, каб выратавалі яго.

— Ты што, здурнела?! — закрычаў Аляксей, не памятаючы сябе.

Зося ўздрыгнула і, не разумеючы прычыны яго непрытомнага крыку, разгублена заморгала, нібыта на яе замахнуліся і хацелі ўдарыць.

— Паглядзі, што ты нарабіла! — схапіўся ён за галаву.— Недарэка няшчасная!..

Са скрыўленым ад абурэння тварам ён падняў дрэўца з зямлі, сеў на краю яміны, замазаў надлом глінаю, выняў з кішэні насоўку, дэманстрацыйна парваў яе на палоскі і забінтаваў прышчэпку.

— Тваё шчасце, што так,— прабурчаў.— А то мала не было б. Табе гэта лёгка даецца...

— Не, ты спачатку скажы, што было б? Ударыў бы, можа? — адчуваючы, як цяжэюць ногі і робіцца млосна, спыталася Зося.

Аляксеева злосць спадала — прышчэпа, пэўна, прыжыве, але патрэба выказаць усё, што каламуццю асела на душы, аставалася.

— Ты як чужая,— упікнуў ён паныла.— Цябе нічога не кранае, быццам да ўсяго гэтага мне аднаму клопат. Наступіла на прышчэпку, і ў цябе нічога не ўздрыганулася, быццам так і трэба.

— Няхай бы залатая гэтая бэра была, я і тады не крычала б на цябе так. Хіба я знарок — узяла і наступіла?

Падышоў Сымон і, як бы просячы літасці, паглядзеў спачатку на Аляксея, потым на Зосю. Яго позірк крыху ахаладзіў Аляксея, але ўсё-такі той не сцярпеў, каб не адказаць:

— Куды нам з суконным рылам. Мо хто з далікатнейшых на прыкмеце ўжо ёсць? Ці не да Краўца зноў пацягнула?

— Брыдка так гаварыць, Ляксей. Такі ж дзень! — заступіўся стары.— Ёсць за што сварыцца. Ды згарыць яна, тая бэра.

— Справа тут не ў бэры...— безнадзейна махнула рукою Зося і, апусціўшы галаву, паціху падалася да рэчкі.

Бераг пачынаў зелянець. Сям-там зацвітала лотаць. Яе жоўта-залацістыя кветкі нагадвалі матылёў, якія, сеўшы на сцяблінкі, яшчэ трапяталі крыльцамі. Рэчка цякла імкліва, зіхатліва пабліскваючы на сонцы. На супроцьлеглым беразе збіраліся купацца хлапчукі.

Зося па кроках, а потым па дыханню пазнала, што да яе ідзе Аляксей. Ён не стаў побач, а спыніўся ззаду, і Зося зразумела: каецца і баіцца, што хапіў цераз край.

«Думае, адмоўлюся ісці да Зімчукоў,— здагадалася яна.— Ну, пачакай тады, ты ў мяне яшчэ паканькаеш».

 

4

Жыццё астаецца жыццём. Да Зімчука яны прыйшлі напалову прыміраныя, але ў тым насцярожаным настроі, калі чакаеш неспадзяванасцей ад другога.

У пярэдняй іх сустрэла жонка Івана Мацвеевіча — пасівелая, строгая жанчына ў простым цёмным плацці, з гладкай, як і ў Зосі, прычоскаю. Яна, пэўна, ведала іх па мужавых расказах, бо прывіталася як са знаёмымі і, памогшы Зосі скінуць паліто, павяла ў сталовую.

Ужо ў пярэдняй Аляксей адчуў сябе ніякавата. У вочы кінуліся недарэчны чубок на галаве ў Сымона і пудра, якая выступіла на лбе і над верхняй губою ў Зосі. Ён не адважыўся папярэдзіць іх і ўвайшоў у сталовую, стараючыся быць вясёлым, вольным у рухах. Але ўбачыўшы Юркевіча, які сядзеў на канапе і размаўляў з Валяй, надзьмуўся і кіўнуў галавою, не гледзячы ні на кога.

Зімчук, таксама пры ўсіх рэгаліях, у сваёй ваеннага крою гімнасцёрцы, у галіфэ, стаяў ля буфеціка і чараваў над графінам — ліў у яго са шклянкі ваду, узбоўтваў, глядзеў на святло.

— Сядай, Аляксей, сядайце, дзядзька Сымон, і ты, Зося,— запрасіў ён і панёс графін на стол.— Марачных няма пакуль што. Хлопцы вось дзевяностаградуснага зелля прыслалі. Не забываюць, чэрці! А цётка Анця дзе ж?

— Дома асталася,— адказала Зося і пераглянулася з Сымонам.— У яе ўсё страхі...

Стол быў ужо накрыты, на ім стаялі халодныя закускі, батарэя піўных бутэлек пад сурвэткаю, талеркі з прыборамі, кубкі, маленькія чаркі. Аляксей, бразгаючы ордэнамі і медалямі, ніякавата апусціўся на крэсла каля фікуса і неяк адубеў, адчуваючы ўласную нязграбнасць. На твар набегла бязглуздая ўсмешка, вочы лісліва заіскрыліся. Не спускаючы позірку з Зімчука, ён пачаў думаць, што б яму такое сказаць, і не мог прыдумаць.

— Ну, як работа? — спытаўся Зімчук, каб ён асвойтаўся.— Я чуў, нашы будаўнікі збіраюцца са сталінградцамі спаборнічаць.

— Работа, Іван Мацвеевіч, нішто. Ужо зайздроснікі ёсць. Кажуць, што добра нам, калі ў брыгадзе ўсе як адзін спрактыкаваныя. Паспрабуй дагадзі,— адказаў Аляксей, непрыхільна пазіраючы на Юркевіча і не могучы вярнуць свае звычайнае ўпэўненасці.

— Ты, мусіць, сапраўды сабе ўсю смятанку згроб? Дый памаглі, відаць?

— Хто сабе вораг. Працаваць — не ў бірулькі гуляць. На ліха яны, няўмекі! — прызнаўся Аляксей і ўспацеў: ляпнуў не зусім тое, што трэба.

Затое Сымон адчуў сябе, як рыба ў вадзе — пачаў памагаць гаспадару, потым кудысьці знік і неўзабаве вярнуўся з паўміскам квашанай капусты. Зося падсела да Валі, але ў сталовай паявілася Волечка, і Зося, паклікаўшы яе да сябе, адышлася ў куток да пальмы.

— Мы тут заспрачаліся, Іван Мацвеевіч,— сказаў голасна Васіль Пятровіч, калі ўсё прыйшло ў норму.— Я вось сцвярджаю, што цяпер можна жыць толькі з далёкім прыцэлам. Перамога павялічыла нашу адказнасць перад нашчадкамі. Слова і справу кожны павінен ставіць на іх суд — што скажуць яны!..

— А мне здаецца, я таксама нашчадак, хоць і не вельмі далёкі,— перапыніла яго Валя.

— У вайну стаяла адна мэта — разбіць ворага. Яна засланяла ўсё, бо трэба было абараняць права жыць. А цяпер... Кажуць, пераможцаў не судзяць. Сучаснікі, можа, і не. Але нашчадкі будуць да нас патрабавальныя ўдубальт!

З вуліцы даляталі воклічы, выбухі смеху. Нехта на ўвесь голас драў глотку. Нехта граў на гармоніку, якому памагаў бубен. «Вунь тая зорка, Маня! — захоплена пад самым акном прамовіў той, хто гарланіў.— Яна мяняе колер. Чырвоная, зялёная, аранжавая. Бачыш!» Потым словы патанулі ў смеху, у пераборах гармоніка. Чыстыя, моцныя, яны, як хвалі, удараліся аб шыбы і быццам адкочваліся назад. Таму здавалася, што за акном плешчацца мора.

Прыслухоўваючыся да вясёлага бязладдзя гукаў, Валя запратэставала:

— Гэта не жыццё, а служэнне. Навошта мне палохаць і падганяць сябе нейкім судом, калі я і так ведаю, што ні ў чым не вінаватая? Нават калі каму ў галаву і прыйдзе абвінавачваць. Я ў разбураным горадзе будынкаў не ўзрывала.

— Так яго! Атрымаў? — выгукнуў Зімчук, не ўлавіўшы нічога схаванага ў Валіных словах.— І, па-мойму, калі ўжо служыць, дык служыць спачатку таму, што ёсць. Краіне, якая ёсць, людзям, якія ёсць. Дый судзяць ужо няхай яны.

— І не толькі на словах...— дадала Валя.

Пералівы гармоніка аддаліліся. На імгненне сціхлі смех, воклічы. Набег і сціх конскі тупат — нехта праскакаў верхам. І зноў новая хваля гукаў ударылася ў шыбы.

Не звяртаючы ўвагі на тое, што дзеецца на вуліцы, Васіль Пятровіч запярэчыў:

— Ну, выбачайце! Гэта не проста суд. А суд, які падказвае, за што трэба стаяць і што адмаўляць.

З яго падмосткаў лепш усё відаць. Іншы раз памагаюць не так людзі, як час.

Гаварыў Васіль Пятровіч пераканана, са смуткам, як гавораць пра вынашанае і здабытае вялікай цаною. І гэта яго перакананасць злавала Аляксея больш за ўсё. Чалавек справы, ён наогул недаверліва і варожа ставіўся да адцягненых спрэчак. Разважанні ж Юркевіча, якога ён узненавідзеў душою, выклікалі ў ім фізічную гідлівасць.

— Нашчадкі — гэта дзеці,— сказаў ён, зноў чырванеючы да поту.— Дык чаму тады вы хацелі адабраць ад майго дзіцяці прыстанішча? Га?

— Чаму? — крыху змяніўся ў твары Васіль Пятровіч.— Каб у яго была лепшая спадчына, каб не было падстаў наракаць на нас.

— Ладна. А чаму ж тады не па-вашаму выйшла?

— Гэта — прадушына, Урбановіч. Часовая прадушына для надзёншчыны, якая напірае, цісне. І калі не даць ёй выхаду, яна немаведама чаго можа нарабіць. А калі ёй даць поўную волю, яна наробіць яшчэ больш.

— Ты тут, Ляксей, шануючы гэты дом, не давядзеш нічога, хоць праўда і твая будзе,— сказаў Сымон тонам, якім упікаюць за наіўную даверлівасць.— Бачыш, таварыш нас збіраецца аднымі заўтракамі карміць.

— Я таксама хачу спытацца,— падала з кутка голас Зося, прытуліўшы да сябе Волечку.— За каго вы прымаеце нас, Васіль Пятровіч?

— Усып яму як мае быць! — весела падтрымаў яе Зімчук, хоць яму як гаспадару трэба было сачыць, каб атмасфера не дужа распальвалася.— І спытайся яшчэ, за каго ён сябе прымае.

— Нам — прадушына, а нашчадкам — усё! Вы ж крыўдзіце і нашчадкаў і нас. І нас сама болей.

— За каго я прымаю сябе? Скажу,— пачаў адказваць спярша Зімчуку Васіль Пятровіч.— Горад — істота нямая, без’языкая. Але істота! Яго крояць, рэжуць і часта намерваюцца па жывому. А ён не можа ні сказаць, ні паскардзіцца. Жыццё, ведамствы наступаюць на яго. І ва ўсіх адна песня: «Калі можна ўчастачак, то дайце бліжэй. Калі можна, то там, дзе няможна...» І вось стаіш і бярэш яго боль на сябе. І крычыш замест яго, і баронішся, каб не даканалі...

— За стол, таварышы,— запрасіла гаспадыня і асцярожна дакранулася да локця Васіля Пятровіча. І па яе беражліваму дотыку было відаць, што яна спачувае яму.

Селі за стол, запрацавалі відэльцамі і нажамі. Зімчук як гаспадар пачаў наліваць па першай чарцы.

— Мне лепей адразу ў шклянку,— папрасіў Аляксей.— Не магу другім наваратам, калі можна, вады запіць.

— За перамогу! — высока падняў чарку Зімчук, пабліскваючы на ўсіх памаладзелымі вачыма.

Аляксей дацягнуўся шклянкаю да яго чаркі, чокнуўся, выпіў залпам, не пераводзячы дыхання, запіў вадою і наўгад тыкнуў відэльцам у талерку. Цеплыня стала паволі разлівацца па целе, мякка ўдарыла ў галаву. Нешта адгарадзіла яго ад навакольнага, і ён, як са схованкі, жуючы, пачаў назіраць за астатнімі з адчуваннем, што яго самога ніхто не бачыць.

Валя, як бы некаму на злосць, была ажыўленая. Узнімаючы то на аднаго, то на другога прамяністыя вочы, ахвотна ківала галавою, смяялася, але гаварыла мала і не заўсёды трапна. Васіль жа Пятровіч, наадварот, спрытна арудуючы відэльцам і нажом, упраўляўся рабіць некалькі спраў — згаджацца з Зімчуком, старанна намазваць гарчыцу на мяса і выгаворваць Валі за яе рассеянасць. Сымон, як і заўсёды, захмялеўшы ад першай чаркі, гладзіў бараду і пачынаў філасофстваваць.

— Вось, вы кажаце, каньяк,— звяртаўся ён да Зімчука.— Вядома, някепская рэч. Добрая, можна сказаць. Але за такія грошы кожны будзе харошы. Выкачаецца, выпелегуецца ў бочцы ды ў моры, як на ку-рор-тах! А гарэлка, яна сваю моц з хлеба набірае. Яна ад прыроды такая.

— Піць конь-як ці піць, як конь, што другое,— смяяўся Зімчук, незнарок вымаўляючы «о» ў слове «каньяк»,— гэта адно ліха, дзядзька Сымон.

Зося завяла Волечку спаць, потым вярнулася і сядзела маўклівая, занятая нейкімі сваімі клопатамі. Яна толькі чокалася і прыгубляла чарку, але не піла. І ўсе, шануючы яе, стараліся чокнуцца з ёю. Гаспадыня некалькі разоў падыходзіла да яе і кожны раз нешта таямніча шаптала на вуха.

Крыху здзіўлены, што яго былы камісар п’е, як усе, і, як усе, знаходзіць асалоду за бяседным сталом, Аляксей спрабаваў асэнсаваць такую нечаканасць і не мог. Захацелася пажартаваць, але, не паспеўшы ўсталявацца, гэтае жаданне тут жа знікла. Дый наогул Аляксею не ўдавалася спыніцца ў думках на чым-небудзь адным. Яго цешылі Зімчук і Сымон, не падабалася, што Зося сядзіць паміж ім і Юркевічам, бянтэжыла гаспадыня, якая ні разу не зірнула на яго, расла прыязнасць да Валі. Той, колішняй, з ордэнскімі планкамі на грудзях. І ад усяго гэтага хацелася выліць душу.

— Давайце спяём, таварышы-партызаны! — прапанаваў ён, агорнуты ўспамінамі і спадзяваннем, што песня падкажа, чаго не можа знайсці сам.

Яму нельга было пярэчыць, і, звыкла адкінуўшы галаву, Валя заспявала:

 

В чистом по-о-ле, в поле под ракитой,

Где клубится по ночам тума-ан...

 

Гэта якраз было тое, чаго хацелася. Аляксей узмахнуў рукою і падхапіў:

 

Та-ам лежит, леж-и-ит уби-и-тый,

Там схоронен красный партиза-ан.

 

Харошае, дарагое наплыло на сэрца. Ён нахмурыўся, каб не выдаць хвалявання, і паглядзеў на Зосю. Яна зразумела яго позірк як просьбу і, хоць адчувала сябе не зусім добра — толькі што напомніла пра сябе дзіця,— ускінула бровы і таксама заспявала:

 

Я-а-а сама-а героя провожала

В дальний путь на славные дела-а...

 

Не ведаючы слоў, не спяваў толькі Васіль Пятровіч. Ён слухаў песню, зайздросціў спевакам і са смуткам думаў, што нельга яму жыць без іх, ніяк нельга.

 

5

Болі пачаліся нечакана.

Зося канчала мыць бялізну. Схіліўшыся над драўляным карытам, якое стаяла на табурэтцы ў засені бэзавага куста, яна пачала падсіньваць ваду, як у вачах у яе пацямнела. Вясенні дзень патух, некуды зніклі гукі. Яна кінула анучку з сінькаю і схапілася за жывот. Не могучы выпрастацца, ледзь дабралася да лавачкі пад акном свайго пакоя.

Спачатку нават не падумала, што з ёй, а толькі спалохалася. Дый, рыхтуючы сябе да гэтага дня, Зося не ўяўляла, як яно будзе.

Але болі сталі сціхаць. Здзіўленая, яна нават азірнулася. Хуценька ўстаўшы, абцягнула фартушок і, быццам нічога і не было, падыбала назад да карыта. Ад анучкі з сінькаю ў вадзе разыходзіліся сінія пасмы. Гэта нагадала пра ранейшыя клопаты. Каб да вечара бялізна высахла, трэба было спяшацца. Дый Аляксей абяцаў кінуць сёння работу ля дома раней, каб разам схадзіць да знаёмага, які распараджаецца шклом. «Як убачыць цябе — адразу памякчэе...» — з надзеяй пахваліў ён.

З адчуваннем палёгкі, якое прыходзіць, калі канчаеш работу, яна апусціла ў падсіненую ваду любімую кофтачку — з чорным банцікам ля каўнерыка, з пышнымі буфамі на рукавах,— спрытна выкруціла яе і, страсянуўшы, паклала ў таз. Пашкадавала, што не ўдасца надзець яе, калі пойдуць. З крэпдэшынавай клёшнай спадніцаю кофтачка была вельмі ёй да твару, і, як аднойчы сказала Валя, у гэтым убранні Зося нагадвае Алаізу Пашкевіч...

На ганак са скруткам вяроўкі выйшла цётка Анця. Паглядзела з-пад рукі на бясхмарнае неба, на сонца.

— Дзянёк, ай, дзянёк! — успешна сказала.— Цябе, Зоська, любяць яшчэ хлопцы.

— Чаму? — быццам не зразумела Зося.

— Такая пагода на бялізну. Ай-яй! Не паспееш аглянуцца, як высахне.

— Мне, цётачка, цяпер нікога не трэба. Нават і тых, хто любіў некалі, быццам бы і не было зусім...

Яны нацягнулі вяроўку ад хлеўчука да ганка і пачалі развешваць бялізну. Зосі падабаўся гэты занятак. Бялізна была вільготная, халаднаватая. Калі Зося расхінала яе і, страсянуўшы, вешала на вяроўку, твар абдавала свежасцю. Было прыемна браць яе ў рукі і глядзець на яе — беласнежную, падсіненую.

І раптам зноў нутро ў Зосі скаланулася, затрымцела ад болю. Яна абнядужала, абаперлася на сцяну, баючыся варухнуцца. Занятая сваёй справаю, Анця — яна вешала рэштку бялізны проста на кусты шыпшыны і бэзу — не заўважыла гэтага адразу. А як убачыла, узмахнула рукамі і пабегла да пляменніцы.

— Што з табою, родная? Ай-яй!..

— Балі-іць...

Старая абняла яе і хацела была павесці ў дом, але Зося закруціла галавою і цяжка, парывіста задыхала.

— Не трэ-эба... Зараз пройдзе...

— Спіна баліць, а? Баліць спіна? — сярдзіта і таямніча зашаптала Анця.

— Не-е...

— Вось тут, у паясніцы? Або крыху вышэй, вось тут?

— Не, цётачка,— жадаючы аднаго, каб пакінулі яе ў спакоі, адказала Зося.

— Ну і добра. Тады нешта іншае, значыць. Не сцеражэшся, дурная! Прыйдзе Аляксей — я яму галаву адкручу. Хадзем у хату, паляжы хоць трошкі.

Не раздзяваючыся, Зося прылегла на ложак і паспрабавала перамагчы боль. Але ён быў такі, што адбіраў і сілы і волю. Калі ж трываць стала ўжо нельга, і Зося, баючыся, што закрычыць, сціснула ў зубах навалочку, нечакана як і першы раз, стала лягчэй.

Цётка Анця прымусіла Зосю ўстаць, паслала пасцель, загадала лажыцца.

Прыслухоўваючыся да роўнага, прыемнага шыпення прымуса,— Анця падагравала ваду на грэлку,— Зося ў думках шукала прычыны ліхога здарэння. І чым далей думала, тым больш трывожна рабілася на сэрцы — мусіць, усё-такі гэта было яно! Але трывога была нейкая трапяткая, сарамлівая. Ад яе Зося не пераставала заўважаць навакольны свет і вастрэй адчувала яго.

У акно заглядалі галінкі бэзу. Бэз цвіў. Пышныя бялюткія гронкі быццам мігацелі і пад цяжарам уласнай красы схіляліся. Зося глядзела ў акно, і ёй здавалася, што яны разгадалі сакрэт і спачувальна вітаюць яе. Ёй захацелася выплакацца.

Хутка яна стане маці. Калі? Заўтра, паслязаўтра, а магчыма, і праз тыдзень, як кажуць урачы. Нешта беззваротна аддаліцца ад яе. Яна і замужам да цяжарнасці адчувала сябе дзяўчынаю і не страчвала пачуццяў дзявочай свабоды. А вось неўзабаве гэтаму, пэўна, прыйдзе канец. Але жалю не было, адчуванне страты танула ў бурным, хоць і няясным пачуцці — яна стане маці, у яе будзе дзіця! Нешта новае ўвойдзе ў яе жыццё. Такое важнае, што аж займае дух.

Дзіця!.. Пакуты толькі павялічваюць любоў да яго, нітуюць з сэрцам. Гэта — яе часцінка крыві, душы. Гэта яна сама. Кажуць: калі ў час пажару будучая маці спалохаецца і дакранецца да твару, у дзіцяці на твары будзе радзімая пляма. І няхай гэта забабоны, у іх ёсць тая праўда, што маці і дзіця — адно. Але ў дзіцяці будзе жыць не толькі яна. У ягоных вачанятах засвеціцца святло Аляксеевых вачэй. І таму яно ўжо цяпер даражэйшае за жыццё.

Калі дзіця пойдзе ў школу, Зося возьмецца весці першы клас. Сама будзе вучыць дзіця і выгадуе з яго шчаслівага чалавека.

І раптам Зосі зрабілася страшна. Сэрцу стала цесна ў грудзях. А што, калі яна не вытрымае і памрэ ў пакутах? У свае дваццаць тры гады, не нацешыўшыся жыццём!.. Што яна за вайною бачыла?

— Цётачка...— паклікала яна, ледзь варушачы вуснамі.

Аляксей прыйшоў стомлены, цяжка перасоўваючы ногі. Убачыўшы — Зося ляжыць у ложку, кінуўся да яе, валячы крэслы.

Ад яго пахла цэглаю, растворам. Зосі апрыкраў гэты пах, але ёй захацелася, каб муж быў бліжэй: побач з ім, здавалася, не так будзе страшна.

— Пацалуй мяне. Што там у цябе новага?

Ён не здагадаўся, што Зося спыталася, каб папярэдзіць яго пытанні, і з удзячнасцю правёў далонню па яе руцэ. Яго ўсё-такі бянтэжыла, што жонка загаварыла з ім, нібыта даравала нешта, бянтэжылі яе празрыстыя, акаймаваныя сінімі кругамі вочы і прасветлены ад пакуты твар.

— Скончыў,— не цвёрда сказаў ён, сядаючы ў нагах.— Паклаў апошнюю чарапіцу. Стаіць, бы гатовы, толькі коміна ды вокнаў няма.

— А на будоўлі як?

— Таксама ўкалваем. Абяцаюць, калі апраўдаем давер, азалаціць...

Спачатку ён гаварыў проста так, каб адказаць на Зосіны пытанні, і раз-пораз дапытліва пазіраў на яе. Але потым захапіўся, пачаў даводзіць, што шкла так ці іначай расстараецца і, хоць работы яшчэ па горла, да восені можна справіць уваходзіны.

— Ты, Алёша, можа, схадзіў бы зняў бялізну,— буркнула нездаволеная Анця, тэпаючы па пакоі.

Аляксей паслухмяна ўстаў і, вярнуўшыся з цэлым бярэмам бялізны, зваліў яе на стол. Шчыра здзівіўся:

— І адкуль столькі набралася? Здаецца, не было нічога...

 

 

6

Непрыкметна сцямнела.

Зося адчувала сябе няблага, але ўся была ў чаканні. Яна ляжала і безуважна слухала, пра што расказвае Аляксей. Часам у яе рос пратэст супроць яго слоў, далёкіх ад таго, што поўніла яе, супроць яго спакойнага тону, але і тады Зося стрымлівалася і толькі адводзіла позірк да сцяны. Але калі пакуты трэці раз скаланулі яе, яна не сцярпела. Роспачліва, з агідаю нешта адштурхнуўшы ад сябе, села. У галаве мутнела. Зноў мільганула думка аб смерці. Сярдзітыя, затуманеныя вочы акругліліся, і яна закрычала.

Гэта было так нечакана, што Аляксей аслупянеў. Цётка Анця ўзмахнула рукамі, але ў момант пачала распараджацца.

— Чаго ты сядзіш? Бяжы машыны шукай! — накінулася на Аляксея.— А ты, Зосечка, не саромейся, мацней крычы. Так лягчэй. Сымон! — гукнула яна за сцяну.— Выйдзі і ты з хаты! Табе таксама няма чаго тут рабіць!

Аляксей выскачыў на вуліцу, кінуўся ў адзін бок, у другі, але, пачуўшы, што нехта выйшаў за ім следам і, можа, хоча нешта сказаць яму, вярнуўся да брамкі.

Гэта быў Сымон.

— Ты не бойся, Ляксей,— прамовіў ён не зусім упэўнены,— гэта справа жыццёвая...

Але мяккі і чулы па натуры, ён хваляваўся сам, ніяк не мог скруціць цыгаркі і тут жа знайшоў пільную патрэбу схадзіць да суседзяў.

Вуліца адным канцом упіралася ў Старажоўскія могілкі, а другім спускалася да рэчкі, за якой распасціраліся так званыя Татарскія агароды і днём віднеліся мячэць і ўцалелыя домікі Татарскага канца, размешчанага на схіле гары. Цяпер у доміках гарэлі агні, і стваралася ўражанне, што свецяцца вокны вялікіх шматпавярховых дамоў. Ды Аляксей не заўважаў ні гэтых агнёў, ні гэтай ілюзіі. Ён быў нібыта ў ліхаманцы і ні на чым не мог сабраць увагі, ніяк не мог нічога прыдумаць. З дома даляцеў прыглушаны Зосін стогн. Аляксей глянуў на акно свайго пакоя і замітусіўся ў безвыходнай нерашучасці — ён нічым не мог памагчы Зосі. Нічым — ні засцерагчы ад небяспекі, ні ўзяць яе пакуты на сябе. Было боязна і пакінуць яе адну.

Азіраючыся, ён усё ж пабег да скрыжавання і, калі з-за павароткі выбліснула святло фар, падняў руку. Але яго быццам не заўважылі.

Машыны — часцей за ўсё грузавікі — ішлі рэдка. Ліхтароў паблізу не было, навокал панавалі цемра і бязлюддзе. Баючыся падумаць, што там з Зосяй, Аляксей раскіракаю стаў пасярэдзіне скрыжавання. Аднак машыны, як бы дамовіўшыся, праязджалі міма. Яго, мусіць, прымалі за п’янага.

Хвілін праз дваццаць вёрткі «газік», таксама шарахнуўшыся ўбок, усё ж затармазіў. Узрадаваны Аляксей, на бягу вымаючы з кішэні грошы, кінуўся да яго. Зараз Зосіны пакуты скончацца — ён чамусьці быў упэўнены, што як толькі Зося трапіць у бальніцу, яна перастане ўжо мучыцца і ўсё будзе добра.

— На паўгадзінкі, браток! — крыкнуў ён шафёру, працягваючы скамечаныя грошы.— Толькі мігам, богам прашу!

Шафёр збянтэжыўся і паказаў кіўком галавы на задняе сядзенне.

Аляксей заўважыў у «газіку» другога чалавека і пазнаў яго. Гэта быў галоўны архітэктар. Ён, здаецца, усміхаўся і падаваў руку.

Аляксей адступіў і хуценька схаваў грошы ў кішэню штаноў.

— Што з вамі, Урбановіч? — спытаўся Васіль Пятровіч, пачынаючы разумець, што перад ім узрушаны чалавек.

— Нічога!..— перасмыкнуўся Аляксей, але перасіліў сябе і прызнаўся: — Зося там памірае!

Васіль Пятровіч адхіснуўся, потым схапіў Аляксея за руку і пацягнуў у машыну.

Зося кідалася ў ложку змучаная, проставалосая. Вочы ў яе ліхаманкава гарэлі. Але яна нічога не бачыла перад сабою, нічога не чула.

— Машыну вось прывёў,— дагодліва паведаміў Аляксей, спыніўшыся ля парога.

— Не трэба ўжо,— замахала на яго абедзвюма рукамі Анця.— Ідзі адсюль, ідзі!

— Не праганяйце, цётка! Яна памрэ тут без мяне.

— Ідзі, кажу табе!

Аляксей выйшаў на двор і вярнуўся да «газіка».

— Ужо не трэба,— паўтарыў ён Анціны словы, бадай забыўшыся, што ў «газіку» Юркевіч.

Знясілены, спустошаны, ён пачаў сноўдацца ад брамкі да ганка і ад ганка да брамкі, прыслухоўваючыся да Зосіных стогнаў і ўздыхаючы. Калі ж да яго даляцеў — узняўся, патрываў на высокай ноце і абарваўся — прарэзлівы крык, Аляксей кінуўся ў дом. Прыбег да дзвярэй пакоя, схапіўся за ручку, але толькі прыпаў да яе лбом і стаяў так, пакуль у страшэннай цішыні не пачулася настойлівае: «Гуа-гуа!»

— Не канькай там, не млей,— пачуў ён, як праз туман, голас цёткі Анці.— Заходзь от!

Аляксей прыадчыніў дзверы і зазірнуў у пакой. Першае, што ўбачыў, быў Зосін твар. Яна ляжала цяпер з адкінутай галавою. На падушцы рассыпаліся яе цёмныя валасы. І ў іх абрамленні бледны, з запалымі вачыма твар быццам свяціўся. Зося не ўсміхалася. Твар быў застыглы, але свяціўся ціхай, вартай усіх пакут радасцю.

Потым Аляксей убачыў дзіця — малое, ружовае, нечым нездаволенае. Яго ўмела і клапатліва трымала на руках Анця. Дзіця крывілася, плакала, а старая туліла яго да сябе і гушкала.

— Хто? — асмялеў Аляксей.— Сын?

— Не, Лёшачка, мінчанка! У сарочцы нарадзілася...

 

Кніга другая. Цяжкія сцягі

 

А зараз хай вецер дарожны засвішча,

Няхай захвалююцца зорныя рэкі...

Паўстань, мая будучыня, з папялішчаў!

Стань, Мінск мой, такім, як хачу я,

Навекі.

 

Пімен Панчанка

Гісторыя не асабліва шчодра раздае славу гарадам.

Да Мінска ж яна доўга была зусім скупою. На яе пажоўклых старонках ён успамінаўся часцей, калі яго палілі, бралі ў палон, калі ў ім лютавалі нясшчасці — маравая пошасць, халера, голад, пажары.

Узнікшы на скрыжаванні гандлёвых дарог, ён некалі шумеў народнымі паўстаннямі, кірмашамі, славіўся ганчарнымі і сярэбранымі вырабамі саматужнікаў-умельцаў. Праз яго ў остзейскія і прускія парты ішлі збожжа, лён, скуры, смала, лес.

Але гэтая слава танула ў дыме пажараў, у спусташальных княжыцкіх міжусобіцах, у бітвах з татарскімі полчышчамі Кайдана, Менглі-Герэя, у кровапралітных сутычках з нямецкімі псамі-рыцарамі, польскай шляхтаю, шведамі, Напалеонам.

Тут скрыжоўваліся дарогі і мячы. Тут крыжаваліся веры. З чорнага Ватыкана цераз Польшчу і Літву насоўвалася навала каталіцызму. Тут лютавалі уніяты — купленыя прывілеямі адступнікі. Тут сутыкаўся Захад з Усходам і нязменна адступаў, пакідаючы як памяць аб сабе папялішчы, руіны, збудаваныя касцёлы, езуіцкія і дамініканскія кляштары.

І ўсё-такі, нягледзячы на гэта, гісторыя ўпарта не давала гораду эпапеі, якая б асвятліла яго далейшае існаванне, зрабіла б народнай святыняй. Ён узнімаўся з руін быццам на тое, каб зноў ператварыцца ў руіны.

У гады першай сусветнай вайны ён стаў прыфрантавым горадам. Натоўпы бежанцаў, бясконцыя вайскавыя абозы напоўнілі яго. Начамі, а то і ўдзень, на плошчах і вуліцах гарэлі вогнішчы. Каля іх тупалі і сядзелі людзі ў шэрых, як пажаваных, шынялях, у лахманах і ў зрэб’і. Пры агні, на саломе і на зямлі, ляжалі хворыя дзеці. Спецыяльныя каманды падбіралі на вуліцах трупы. І таму тут, можа, больш, чым дзе, рос і выспяваў справядлівы народны гнеў, які выбухнуў у навальнічным семнаццатым.

І вось сталася! — Мінск аказаўся ў радах самых рэвалюцыйных гарадоў гэтай эпохі. Савецкая ўлада ў ім была абвешчана ў той жа сёмы дзень лістапада, што і ў Петраградзе. Ён стаў сэрцам Беларусі. Пачалі будавацца заводы, бальніцы, інстытуты. І не проста бальніцы — а Клінічны гарадок, і не проста інстытуты — а Універсітэцкі гарадок...

Славаю пакрыў ён сябе ў Вялікай Айчыннай вайне.

Барацьба мінскіх падпольшчыкаў і партызан з захопнікамі як бы ўвабрала ў сябе ўсю яго папярэднюю гісторыю. У ёй як бы жылі і самаахвярнасць тых, хто некалі палічыў за лепшае спаліць свой горад, чым аддаць яго шведам на ганьбаванне, і спрыт першых партызан, якія грамілі інтэнданцкія склады, абозы і часці Напалеонаўскай арміі. У ёй чуліся вопыт канспіратараў — удзельнікаў Першага з’езда РСДРП, што некалі адбыўся тут, і гордая рашучасць рабочых, якія ў дзевяцьсот пятым пайшлі на сцяну штыкоў, каб заявіць аб сваім праве на свабоду. Гэтая барацьба ўвабрала ў сябе арганізаванасць кастрычніцкіх баёў, волю і гарт тых, хто абараняў Кастрычнік. Таму, азарыўшы Мінск асаблівым святлом, яна прынесла яму ўсеагульную павагу.

Вось чаму, узнімаючы яго з попелу, трэба было рабіць гэта так, каб ён быў жывым увасабленнем свае заваяванай эпапеі.

Ну, а людзям...

 

Частка трэцяя

 

РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ

 

1

Як заўсёды, рабочы дзень пачаўся з тэлефонных званкоў. Званілі наперабой. З будаўнічых арганізацый, з трэста зялёных насаджэнняў, з архітэктурна-планіровачных майстэрняў.

Строгага парадку ў кабінеце не было. Сталы — адзін пісьмовы, з мармуровым прыладкам і мармуровай лямпаю, і другі, вузкі, доўгі, накрыты зялёным сукном, пастаўлены ўпрытык да пісьмовага,— былі завалены папкамі, скруткамі ватману. На падлозе, ля сцен, у рамках — праекты будынкаў, архітэктурных дэталей, на скураной канапе — макет першай чаргі праспекта. Быццам навала званкоў падганяла, навязвала тут свой парадак.

На душы ў Васіля Пятровіча было неспакойна. Ён выслухоўваў тэлефонныя просьбы, моўчкі падпісваў або адсоўваў ад сябе паперы, што прыносілі супрацоўнікі, а адчуванне нейкае блізкай непрыемнасці, можа быць, нават бяды не праходзіла.

— Што? — пытаўся ён у трубку.— Дапусцім. Але праспект забудоўваецца пяці і шасціпавярховымі дамамі... Не разумею. Выдзеліць другі ўчастак? А як жа быць з цэнтрам? Будавацца хутарамі? Не, не!..— Васіль Пятровіч прыкрываў мембрану далонню і гаварыў ускудлачанаму, з хваравітым тварам загадчыку сектара адводу зямель Шурупаву, які стаяў ля стала: — Па-мойму, усё-такі лепш праехаць спачатку на месца, а потым рабіць заключэнне.— І зноў у трубку: — Ну добра, я магу прапанаваць вам раён Балотнай станцыі... Далёка? Але гэта яшчэ не ўсё. Каналізацыю, водаправод і тэлефон пацягнеце туды самі. Электрычнасць таксама... Так, так, канчаткова... Калі ласка, скардзіцеся...— І адчуванне, што непрыемнасці — во яны! — блізка, узмацнялася.

Праглядаючы палажэнне аб майстэрнях генплана, прысланае на зацвярджэнне Белдзяржпраектам, Васіль Пятровіч падумаў аб прычыне свайго самаадчування. Што за яна? Пісьмо, у якім Вера абвяшчала, што зноў збіраецца прыехаць у Мінск? Начная работа, калі так і не ўдалося ўявіць вобраз Паркавай магістралі, якая павінна была злучыць плошчу Свабоды з Камсамольскім возерам? І як ні распальваў фантазію, магістраль уяўлялася проста зялёным промнем... А мо сённяшняе надвор’е — па-красавіцку ветранае, цёплае? Калі Васіль Пятровіч выйшаў з гасцініцы, у небе праляталі жураўлі. Яны стомлена махалі крыламі і курлыкалі. На даляглядзе бялела вільготнае кучавое воблака — з тых, што падобны на казачныя замкі. І здавалася, што жураўлі, як гусі-лебедзі, ляцяць якраз туды, у казку. А навокал было столькі сонца, што дамы, будаўнічыя парканы, падшэрхлая зямля здаваліся ўкрытымі залацістым пылком. Часам і такое трывожыць чалавека.

Але раптам Васілю Пятровічу стала ясна: не, яго трывога народжана іншым — учарашняй размоваю ў гаркоме, калі выявілася: свае меркаванні наконт заўтрашняга дня горада мае і Зорын.

Выклікаўшы да сябе Васіля Пятровіча, ходзячы з закладзенымі назад рукамі з кутка ў куток, ён, як і тады на бюро гаркома, загаварыў пра знатных людзей, пра тое, што даўгі, калі не хочаш страціць давер, трэба плаціць.

«Лагічна?» — спытаўся цераз плячо.

«Мм... вядома»,— адказаў Васіль Пятровіч, гадаючы, куды той хіліць.

«Вось і добра. Ударнікі, заслужаныя людзі, героі — наша апора, і мы абавязаны ставіцца да іх, як да апоры. Няхай астатнія глядзяць, выхоўваюцца і самі цягнуцца. Сацыялізм не ўраўнілаўка».

Зорын падышоў да незгараемай шафы і выняў з яе сіняй глыбіні план-схему.

«Вось,— абвёў ён Круглую плошчу, паклаўшы план на стале.— Па-мойму, недзе тут. Блізка парк — І ў цэнтры і ў зеляніне. Няхай жывуць на здароўе. Так?» — І зноў захадзіў па кабінеце.

Праводзячы яго вачыма, звярнуўшы ўвагу, як учэпіста заціснуў Зорын правай рукою пальцы левай, Васіль Пятровіч прызнаўся:

«Далібог, не зусім разумею...»

«Я гавару пра персанальныя катэджы. Ясна?!»

Ён належаў да людзей крутых, упартых, якія часта асляпляюцца сваімі ж ідэямі, і Васіль Пятровіч асцярожна растлумачыў: «Тут раён іншых маштабаў».— «Зноў раён?»—як бы не паверыў Зорын. «Але».— «Зноў знаёмыя штучкі? Ты прыкінь хоць раней. Абмазгуй. Гэта прынцыпова важна...»

«Ну вось, не было клопату... Понтус, як і звычайна, падхопіць, і чакай новых атак...» — уявіўшы гэтую размову, з прыкрасцю падумаў Васіль Пятровіч.

І каб адагнаць непрыемныя думкі, націснуў на кнопку званка — няхай сакратарка пускае наведвальнікаў.

Але замест іх — лёгкі на ўспамін — увайшоў Понтус. Высока падняўшы капялюш, расшпіліў паліто і высмаркаўся ў хустачку.

— Здаецца, цёпла, а во, калі ласка... У лечкамісіі кажуць, лютуе нейкі «А прым». Прырода не мы — не спіць у шапку. Ты адкрыў пеніцылін з анальгінам, а яна табе вірусны грып, рак. Хто калі хварэў на іх?.. Знойдуць што-небудзь супроць рака, новая трасца аб’явіцца.

Ён выняў з кішэні партсігар, старанна напхаў у папяросны муштук жаўтаватай ваты. Сеўшы ў крэсла, закінуў нагу за нагу. Зацягнуўшыся тытунёвым дымам, выхукнуў некалькі кольцаў, якія паплылі пад столь.

— Кожны час, пэўна, мае свае хваробы. І калі хочаце, яны наносяць удар па слабых месцах... Ведаеце, як называе будаўнікоў Барушка? Тымі ж хваробамі. Нам эпоху трэба ўславіць,— а тут бледная немач будтрэстаў! Барушка сцвярджае, што першы архітэктар і першы будаўнік на зямлі размаўлялі, канешне, на мове жэстаў. Прычым у руках архітэктара быў дручок.

Думка, што гэта гаворыцца з пэўнай мэтай, наўрад ці дасюль прыйшла б Васілю Пятровічу. Але сёння ўсё ўспрымалася ім неяк вастрэй. Дый пачуць ад Понтуса аб тым, аб чым часамі думаў сам, было непрыемна. Яго асяніла.

— Праект, нябось, канчаеце? — падкалупнуў ён.

Понтус чулліва паківаў галавою.

— А што вы думаеце, давайце праедзем. Я веру ў ваш густ... Праўда, учора адзін таварыш глядзеў ужо. Казаў, пашанцавала схапіць адзнакі часу...

Колішнія сутычкі, тайныя захады, што і цяпер ужываў Понтус, рабілі іх адносіны нацягнутымі. Але Ілья Гаўрылавіч за гэтыя гады шмат у чым набіў руку, змяніўся. Бачачы, як багацее краіна, якімі планамі жыве, сам неяк натуральна стаў гарачым прыхільнікам шырокіх пачынанняў.

На абмеркаванні праекта дэталёвай забудовы Савецкага праспекта Васіль Пятровіч знайшоў у ім аднадумца. Больш таго, вярнуўшыся аднойчы з Масквы, Понтус выказаў ідэю пабудаваць і ў Мінску некалькі вышынных будынкаў, якія, згодна яго думкі, павінны былі сімвалізаваць сучаснасць і ўзбагаціць сілуэт горада. Гэта імпанавала Васілю Пятровічу, прымушала многае дараваць.

— Лепш перад выхадным, Ілья Гаўрылавіч,— усё-такі адмовіўся ён.— Там за дзвярыма тысяча і адзін.

У дзвярах, сапраўды, паказалася нечая галава.

— Калі ласка,— дазволіў Васіль Пятровіч.— Прабачце...

Наведвальнікі заходзілі па адным, але праз якія паўгадзіны іх у кабінеце набралася з дзесятак — цывільных, ваенных, з партфелямі, папкамі, са скруткамі ватману. Аднак адчуванне, якое тачыла Васіля Пятровіча, не знікала.

 

2

Вось ужо некалькі месяцаў Понтус працаваў над праектамі ў прыватнай кумірні, як казаў Кухта. Праз дзень, вечарамі, да яго прыходзіў Барушка, і яны браліся за работу. Фактычна браўся Барушка, а Ілья Гаўрылавіч палежваў на тахце — думаў.

У кабінеце было цемнавата. Чарцёжную дошку асвятляла электрычная лямпа, на падстаўцы, выгнутай, як зачараваная музыкаю кобра. Наўкол, і асабліва ў кутку, дзе стаяла кашлатая пальма, у складках гардзін на вокнах туліліся змрокі. І, калі прыжмурыць вочы, было відаць толькі чарцёжную дошку і схіленага над ёю Барушку, які паволі і асцярожна, нібыта меў справу з кволай рэччу, вадзіў тонка завостраным алоўкам. Святло лямпы падала на ватман і, адбіваючыся, асвятляла засяроджаны скуласты Барушкаў твар, яго вялікі, быццам паліраваны лоб.

— Ведаеш, на каго ты падобны, нягледзячы на свае акуляры? — іранічна ўсміхаўся Понтус з тахты.— Як бо яго... На летапісца ў келлі. Пішаш данос гісторыі...

У адзін і той жа час, паціху, як здань, у пакоі са шклянкамі чаю на падносе паяўлялася жонка Понтуса — маўклівая, неахайная жанчына. Нясмела пакасіўшыся на мужа, яна ставіла паднос на стол і знікала. Понтус падымаўся з тахты, браў шклянку і, памешваючы ў ёй лыжачкаю, падыходзіў да Барушкі. Стоячы ў яго за плячыма, сёрбаючы гарачы чай з лыжачкі, доўга разглядаў рысунак.

— Ведаеш,— казаў ён, прыслухоўваючыся да ўласных слоў,— у мяне ўзнікла ідэйка-індзейка. А ну-тка прыкінь...

У суседнім пакоі нешта падала. Понтус ставіў шклянку на паднос і таропка ішоў да дзвярэй, за якімі імгненна ўсталёўвалася цішыня. Прычыніўшы за сабою дзверы, ён шукаў раз’юшанымі вачыма жонку і, знайшоўшы, шэптам цадзіў праз зубы:

— Макака! Калі ты будзеш, як людзі?! І так праз вас хадзі ды аглядвайся...

Цішыню мела права парушыць толькі Ала. Яна ўрывалася ў кабінет, кідала на тахту чырвоную разлятайку, цалавала бацьку ў лоб і падыходзіла да чарцёжнай дошкі.

— Што гэта? — паказвала адтапыраным мезенцам на каланаду, якая пад Барушкавай рукою хутка ўзнікала на паперы. І, чакаючы адказу, як да струн, дакраналася мезенцам да сваіх губ.

Барушка маладзеў.

— Гэта лоджыі, Алачка. Чарговая ідэя твайго фатэра. Яны павінны ўпрыгожыць ансамбль.

Ала заўважала яго ажыўленне, з лянцою ў рухах папраўляла коратка падстрыжаныя валасы, уключала верхняе святло і, дастаўшы з сумачкі карамельку, садзілася ў крэсла.

— Гэта праўда, тата? — пасмоктваючы цукерку, брала яна на бога і тут жа забывалася на сваю хітрасць.— Што такое шчасце, Сямён Захаравіч? Ведаеце?

— Па-мойму, Алачка, гэта адсутнасць няшчасцяў,— жмурыўся, як кот, Барушка.

— Я сур’ёзна.

— І я. Час наш суровы, хуткі. У яго столькі спраў, што ён не мае магчымасці клапаціцца аб людзях. Таму чалавек можа лічыць сябе шчаслівым ужо, калі на галаву не валяцца шышкі.

— Ала, гэта адсябяціна,— велікадушна папярэджваў Понтус і падымаў палец.— У ім гаворыць няўдачнік. Роля свядомасці вырасла ў нас настолькі, што мы можам навязваць падзеям сваю волю.

— Не разумею, тата... Пайду разамнуся трошачкі. У нас праз месяц спаборніцтвы,— пазяхаючы, пацягвалася Ала і пакідала разлятайку на тахце.

Сёння ўвайшла ў кабінет з мінаю змоўніцы.

— Тра-ля-ля! — праспявала, ведаючы, што паведаміць бацьку аб прыемным.— Угадай, тата, каго я прывяла! Ён, аказваецца, упершыню ў нас на новай кватэры. Васіль Пятровіч, дзе вы там? Мама, ды адпусці ты яго!

Понтус падняўся з тахты, але не пайшоў насустрач госцю, а ступіў да чарцёжнай дошкі і заклапочана схіліўся над ёй.

— Нарэшце-такі завіталі! — выгукнуў ён, калі Ала за руку ўцягнула ў кабінет Васіля Пятровіча.— Нашага брата не так ужо многа. Менш, чым, скажам, генералаў.

— Абсалютна правільна! — узмахнуў рукою Барушка, нібыта збіраўся прагаласаваць.

Сярдуючы, што адчувае сябе няёмка, Васіль Пятровіч нацягнута прывітаўся і сеў на тахту.

Понтус, глянуўшы ў трумо, што стаяла ў прасценку між акон, на хвіліну выйшаў і, вярнуўшыся, загаварыў далей:

— Эпоху, канешне, ствараюць паэты, скульптары. Але вышэйшае выяўленне яна знаходзіць у архітэктуры. Так было ў Грэцыі, у Рыме, у каралеўскай Францыі.

— Тата, ты геній! — выгукнула Ала і падсела да Васіля Пятровіча.— Праўда?

Васіль Пятровіч падумаў: цікава было б пабачыць, як рэагаваў бы Понтус, каб ён згадзіўся, і скаванасць, якая раздражняла яго, зняло бы рукою. На памяць прыйшло, як Понтус, баючыся, што хто-небудзь забяжыць яму наперад, са скандалам, праз вокны, усяляўся ў гэтую кватэру, якую архітэктурна-дзяржаўная камісія не паспела яшчэ прыняць.

Барушка з Понтусам праектавалі тры жылыя дамы. Займаючы цэлы квартал праспекта, будынкі завяршалі важны ансамбль.

Васілю Пятровічу быў дарагі гэты куток будучага Мінска, абрысы якога ўжо вызначыў праект дэталёвай забудовы. Шмат паветра, зеляніны, лёгкая архітэктура, без той строгай урачыстасці, якой адзначаліся цэнтральныя кварталы.

Ён ішоў да Понтуса з жаданнем быць справядлівым і, калі будзе патрэба, памагчы парадаю. Аднак Понтус яўна «апрацоўваў» яго і зусім не хацеў спрэчак. Яму патрэбна, відаць, было другое — вырваць тут, у хатніх абставінах, адабрэнне праектаў і гэтым звязаць Васіля Пятровіча надалей.

Нездаволены сабою і ўжо без ахвоты, ён пачаў разглядаць чарцяжы і малюнкі, якія Понтус расклаў на пісьмовым стале і падлозе.

Гэта былі салідныя, цяжкаватыя дамы, нечым падобныя на іх творцаў. Цэнтральны дом упрыгожваў порцік, крайнія — чатырохвугольныя вежы. Злучаныя лоджыямі, якія ўвенчваліся рагамі дастатку, шчодра аздобленыя арнаментам, багатымі карнізамі, яны насуплена пазіралі на Васіля Пятровіча. Разам з тым было ў іх нешта крыклівае і стракатае.

Каля пісьмовага стала схлупіліся натапыраны Барушка, азадачаны Васіль Пятровіч, упэўнены Понтус і Ала, якая, паклаўшы падбародак на бацькава плячо, трымала яго пад руку так, каб зайздросціў госць.

Яшчэ не зусім усвядоміўшы, што яму не падабаецца ў праектах, але непрыемна ўражаны імі, Васіль Пятровіч сказаў:

— Па-мойму, вашы дамы, Ілья Гаўрылавіч, мала лічацца з тым, што ўжо ёсць.

— Ну і што? Значыць, нельга ўжо шукаць?

— Чаму? Але зірніце на фасады. Старажытныя грэкі, якіх вы ўспаміналі... мм... гаварылі ў такіх выпадках, далібог, бязлітасна.

— Напрыклад?

— Калі цяжка стварыць прыгожае, звычайна ствараюць раскошнае. А вы ж, так сказаць, кіты, магікане...

— Праўда, тата? — пакрыўдзілася за няўвагу Ала.

З прыадчыненых дзвярэй высунулася раскудлачаная гаспадыня.

— Можна падаваць на стол, Ілья? — нясмела спыталася яна, гледзячы міма мужа.

— Падавай, падавай,— як ад зубнога болю скрывіўся Понтус, але голасу не ўзняў. Даючы зразумець, што гаворка аб праектах не скончана, літасціва ўсміхнуўся.— Ва ўсякай ацэнцы ёсць два моманты, дарагі,— цана самой рэчы і цана тых, хто ацэньвае яе... Паглядзіце на творы вядучых. Яны, што, па-вашаму, таксама «раскошнае»?.. Але пра гэта паспеем. Паслязаўтра еду ў Маскву. Давайце лепей наказ, што перадаць супружніцы.

 

3

Вера сама ніколі б не паверыла, каб ёй раней хто-небудзь сказаў: у яе складуцца блізкія адносіны з Понтусам. «Што за глупства,— фыркнула б яна.— Я пры сваім яшчэ розуме! З глузду не з’ехала...»

Яна любіла ўвагу мужчын. Каб адчуць уладу над імі, магла пафліртаваць, дазволіць вольнасць, але не больш. Праўда, час, як і ўзрост, паступова прывучылі глядзець на ўсё прасцей. Разлука не толькі абвастрае пачуцці, але і прытупляе адказнасць. Аднак аставаліся страх і кашэчая гідлівасць. Яны стрымлівалі — блізкія адносіны нечым плямілі, давялося б хаваць іх, прыкідвацца, пятляць. Яны ўскладнілі б жыццё, таілі ў сабе небяспеку. А такое было не па Веры.

І ўсё ж у адзін з прыездаў Понтуса ў Маскву гэта сталася.

Падобнае ў Веры наўрад ці магло здарыцца з маскоўскімі знаёмымі — трымала б марку. А вось з ім, які прыязджаў гады ў рады, праўда, нечакана, міжволі, але сталася.

— Чалавек калі-небудзь павінен перагарэць,— не даючы ёй заплакаць з-за таго, што адбылося, сказаў тады Понтус.— У моладасці або пазней, але абавязкова. Такі закон натуры. А ты што бачыла? Хіба ў вас каханне? Проста манная каша.

І як ні дзіўна, яго грубасць, шакіраваўшы яе, памагла і прымусіла зірнуць на ўсё па-новаму.

 

4

Вера ўмела ствараць утульнасць. І цяпер, як толькі цягнік крануўся, яна паставіла на столік букецік пралесак, круглае туалетнае люстэрка, палажыла наўздагад разгорнутую кнігу і каробку цукерак — Понтусаў падарак Юрку. А калі правадніца паслала пасцелі, пераадзелася, забралася на ніжнюю лаўку і, укрыўшы ногі крысам халаціка, зручна прымасцілася каля століка. Нешта абаяльнае было ў яе постаці, у прыгожым павароце галавы, у спакойнай увазе, з якой яна ўставілася ў акно. І адразу купэ набыло абжыты, утульны выгляд, а на Веру захацелася глядзець. І, можа, іменна таму ў Понтуса варухнулася крыўда. Непрыязна зірнуўшы на верхнюю лаўку, адкуль звешвалася віхрастая Юркава галава, ён сказаў:

— Ты ўжо чакаеш сустрэчы. Так?

— А што ж тут дзіўнага? — спакойна пачала блытаць яна.— Хіба не хапала часу, каб занудзіцца?

— Канешне,— усміхнуўся сваім думкам Понтус.— Але ўчора ў Акадэміі я чуў павучальны жарт. Адзін вастраслоў сказаў, што чакаць зніжэння цэн больш прыемна, чым само зніжэнне.

— Глупства!

Понтусу закарцела пакпіць з яе страху перад сынам, з нечаканай самавітай годнасці, з якой яна паводзіла сябе. Але ён стрымаўся і быццам незнарок пазяхнуў.

 

Цягнік набіраў хуткасць. За акном адбягала назад Падмаскоўе — надзіва чыстыя бярозавыя гаі, вясёлыя баркі, падобныя на дэкаратыўныя, з прыбудовамі, верандамі і разьбянымі аканіцамі дачы і дачкі, платформы са стракатымі натоўпамі пасажыраў. Насустрач з выццём пранеслася электрычка.

Понтус выйшаў з купэ і, вярнуўшыся ў паласатай піжаме, незалежна лёг на сваёй лаўцы — насупроць Веры.

Крыўдзіцца або злаваць было недарэчна: яна брала адзіна правільны і патрэбны тон у іх цяперашніх адносінах.

— Я вячэраць не стану, не будзі,— папрасіў ён і павярнуўся тварам да сцяны.

Але не прайшло, здалося, і паўгадзіны, як нехта асцярожна дакрануўся да яго пляча. Понтус сярдзіта замыкаў, з цяжкасцю расплюшчыў адно вока. У купэ гарэла толькі верхняе сіняе святло, і Ілья Гаўрылавіч не адразу ўбачыў і пазнаў схіленую над ім Веру. Прыклаўшы пальцы да губ, яна рабіла яму знакі, каб ён уставаў і выходзіў з купэ. Понтус неахвотна падняўся і, пазіраючы ў цёмнае акно, за якім праляталі доўгія залацістыя іскры ад паравоза, з хвіліну нагамі шукаў тапак. Нарэшце намацаў іх, надзеў. Пазяхаючы і пацягваючыся, падаўся следам за Вераю, якая ціхенька адсунула дзверы.

У праходзе было пуста і дужа светла.

— У чым справа? — хрыпатым ад сну голасам спытаўся ён, начэсваючы на лысіну пасму валасоў.

— Мне не спіцца, Ілья.

— Наўрад ці я здолею памагчы табе, хоць у вагоне і адчуваеш гэткую ўзрушанасць. Асабліва калі ляжыш на спіне і цябе трасе.

— Пасаромеўся б...

— Чалавеку няма чаго саромецца, што ён чалавек.

Понтус разумеў Веру, і часта, калі аставаўся з ёю адзін на адзін, быў вось такі грубы. І гэтая яго манера зусім не абражала яе, наадварот, рабіла іх адносіны простымі, вызваляла Веру ад адказнасці: ён усё браў на сябе. Так і цяпер — яго бравада як бы дазваляла не саромецца і ёй, рабіла гутарку бесцырымоннай, адкрытай.

З суседняга купэ выйшаў ачмурэлы ад сну мужчына ў галёшах, шкарпэтках, у галіфэ, з падцяжкамі паверх сарочкі і, хістаючыся, як п’яны, пайшоў у канец вагона.

Вера пачакала, пакуль ён зачыніць за сабою дзверы, паглядзела ў акно і, убачыўшы ў шыбе толькі невыразны адбітак свайго твару ды голай шыі, сказала:

— Чаму ты злуеш? Чаму дэманструеш?

— І не думаю.

— Я спадзяюся, ты астанешся сябрам. Маім, мужавым. Вам не варта спрачацца. Я хачу прасіць цябе — не ўскладняй адносін. Дзеля мяне... Ты старэйшы. Вася — хлапчук.

— Якому чацвёрты дзесятак,— насмешліва хмыкнуў Понтус.

— Няхай. Але ён і састарэе такім.

— Яго блазенства ў мяне во дзе сядзіць,— ударыў сябе кулаком па карку Понтус, і заспаны твар яго выцягнуўся.— Я спачатку таксама думаў. Перакіпіць, абвыкне, надакучыць чалавеку дзяцініцца. Жыццё не такіх розуму вучыла. А ён? Калі раней на благі канец агрызаўся і рабіў сваё, дык цяпер укусіць стараецца. Ужо з Міхайлавым перагаварыў па тэлефоне.

— Адкуль ты ведаеш?

— На шчасце, ёсць яшчэ верныя людзі... Каб прыглушыць каверзы, давялося да самога прэзідэнта схадзіць. Але ты для мяне таксама нешта значыш...

Ёй здалося: гэтага хопіць, і яна супакоілася. Дый Понтус неяк па-незнаёмаму ўпрашальна пагладзіў яе па аголенай да пляча руцэ.

Аднак, як толькі цягнік наблізіўся да Мінска, трывога вярнулася да Веры. Яна ўбачыла ажурныя мачты радыёстанцыі, новенькія домікі невядомага ёй паўстанка, вялізныя заводскія карпусы на другім баку пуцей, у сасняку.

«Трактарны»,— здагадалася, і неспакой пабольшаў.

На паўстанку на платформы грузілі нейкія вялікія скрыні. Пад’ёмны кран, паварочваючыся, нёс якраз адну з іх на платформу.

«Убачу, як паставяць,— усё будзе добра»,— загадала яна і пацягнулася да акна, забыўшыся на навакольнае.

На платформе стаяў чалавек і рукамі паказваў кранаўшчыку, куды ставіць скрыню. Як на ліха, кранаўшчык, мусіць, не патрапіў адразу, чалавек замахаў рукамі, і скрыня павісла над платформаю. Спяшаючыся, Вера схапілася за нікеліраваную ручку акна і стала яе круціць. Але акно апусцілася толькі крыху, — нешта заела.

— Ды памажыце! — з адчаем крыкнула яна Понтусу, які зашпільваў чахол на чамадане.

Понтус зашпіліў апошні гузік, падсунуў чамадан бліжэй да дзвярэй і ўстаў.

Града ўкрытых лесам узгоркаў, якія вось ужо нейкі час былі за акном, нечакана кончылася, і адкрыўся горад, здалёк зусім цэлы, сапраўдны!

— Пусціце,— падалікатнеў Понтус, адхіляючы Веру ад акна.

Тая ледзь не заплакала і бязвольна села на лаўку.

— Не трэба, ужо не трэба...

Усё калацілася, замірала ў ёй, калі яна выходзіла з вагона. Аднак убачыўшы на пероне мужа, ажыла духам і напралом, быццам ад некага ратуючыся, кінулася да яго, трымаючы над галавою пакункі і расштурхоўваючы локцем людзей.

Васіль Пятровіч таксама ўбачыў яе і падаўся насустрач.

— А дзе Юрок? — здзіўлена азірнуўся ён наўкол, адчуўшы, што губы ў жонкі незнаёма-халодныя і ў яго самога няма той радасці, якая агортвала яго раней пры сустрэчах.

З насільшчыкам, ведучы Юрку за руку, паказаўся Понтус. Падышоўшы, счакаў, пакуль Юрка пацалаваўся з бацькам.

— Ну, цяпер, здаецца, з’ехаліся ўсе, і надоўга,— аберуч паціскаючы руку Васілю Пятровічу, павіншаваў ён і, быццам бы таксама сустракаў Веру, звярнуўся да яе: —Ну як, Вера Антонаўна, цяпер у нас? Пазнаяце? Нядаўна прыязджаў Міхайлаў. Выйшаў на Прывакзальную плошчу, агледзеўся і ледзь не вярнуўся на вакзал. Думаў, сышоў не ў тым горадзе.

Васіль Пятровіч не слухаў яго. Разглядаючы збянтэжаную Веру, ён ніяк не мог зразумець, што ў ёй змянілася і чаму яна здаецца чужой.

Прысутнасць жа Понтуса абуджала рэўнасць, і яго роля сябра сям’і, роля, у якую ён усё ахвотней уваходзіў, пачала здавацца проста зняважлівай.

За вакзальнай брамаю Понтус спыніўся і, не звяртаючы ўвагі, што перашкаджае пасажырам, якія выходзілі з варот, пачаў тлумачыць Юрку, што некалі будзе тут, на Прывакзальнай плошчы, у гэтым парадным вестыбюлі сталіцы.

«Чаго ён прычапіўся да яго?» — думаў Васіль Пятровіч.

Пакуль на плошчы апрача адноўленага вакзала стаяў толькі адзін будынак — праўда, вялікі, на цэлы квартал, з адзінаццаціпавярховай вежаю. Яго яшчэ не атынкавалі, і цагляная зубчастая вежа нагадвала Крамлёўскую сцяну, Спаскую вежу.

— Насупраць паставім, Юрок, такога сама прыгажуна,— з пафасам казаў Понтус.— І тады гэта будуць вароты ў горад. Уяўляеш?

— Я ўжо як-небудзь сам раскажу яму пра гэта,— нарэшце прарвала Васіля Пятровіча.— Бывайце, Ілья Гаўрылавіч! — І, узяўшы сына за руку, накіраваўся да свайго «Масквіча».

За ім заспяшалася і Вера...

У гасцініцу, аднак, яна ўвайшла, як даўняя жыхарка. Велікадушна, нібы са знаёмай, якая не адзін раз рабіла ёй ласку, прывіталася з дзяжурнай у вестыбюлі, папрасіла ў пакаёўкі, што сустрэлася ў калідоры, фартух і, пераступіўшы парог нумара, адразу пачала наводзіць парадак.

Каб не перашкаджаць жонцы, Васіль Пятровіч адсунуў крэсла ў куток і сеў, адчуваючы сябе лішнім. Са здзіўленнем убачыў, колькі пасля таго, як апошні раз прыязджала Вера, назбіралася ўсялякай непатрэбшчыны і смецця. Нядобрая абыякавасць да сябе выглядала адусюль: і з-пад неахайна засланага ложка, і з-за цюлевых фіранак, што віселі на вокнах, і з-пад газеты, якой былі накрыты шклянка з недапітым чаем і недаедзеныя бутэрброды на стале.

«Не, усё-такі добра, што яны прыехалі. Я сам, дапусцім, не ведаю, што робіцца са мною»,— пераконваў ён сябе.

Юрка, нязвыкла цыбаты, у кароткіх штоніках і ў матросцы, з кіслым тварам зазірнуў за адзежную шафу, за фіранкі.

— Мам, а дзе галубы-ы? — заныў ён, зусім як некалі.— Галубы дзе?

— Я, Вася, сказала, што ў цябе ёсць галубы,— растлумачыла Вера, збіраючы з падаконніка кавалкі паперы і старыя газеты.

— Я хачу пабачыць іх, мам...

— Хопіць, Юра! У мяне няма ніякіх галубоў,— больш суха, чым хацеў, абарваў яго Васіль Пятровіч, нездаволены таксама і сынам.— Табе прыйдзецца адразу прывыкаць да гэтага.

Хлопчык пакрыўдзіўся, надзьмуў шчокі і падышоў да маці.

— Сёння, Вася, ты несправядлівы да другіх,— сказала яна, галубячы сына.

— Ты, нябось, маеш на ўвазе не толькі Юру? — пачырванеў, а затым пабляднеў Васіль Пятровіч.— Хопіць з мяне і таго, што ты з некаторымі залішне справядлівая і ветлівая.

 

5

Часам самае нязначнае здарэнне можа змяніць настрой і нешта падказаць у галоўным. Ва ўсякім выпадку так назаўтра сталася з Васілём Пятровічам.

Ідучы на работу, ён неспадзеўкі заўважыў на будаўнічай агароджы трохкаляровую — жоўта-чырвонасінюю аб’яву: турысцкае бюро абвяшчала, што арганізуе экскурсіі па Мінску, і прасіла падаваць заяўкі.

Экскурсіі па Мінску!

Васіль Пятровіч спыніўся, перачытаў аб’яву і міжвольна азірнуўся: ці не смяецца хто за спінаю? Ён успомніў, што неяк сапраўды чуў у гаркоме размову аб стварэнні турысцкага бюро, і ўсміхнуўся. Гэту ідэю тады развіваў Кавалеўскі. Стукаючы алоўкам па стале і прапускаючы аловак паміж пальцаў, ён гаварыў, што добра, калі людзі бачаць, куды ідзе іх праца. Праўда, гэтыя экскурсіі хутчэй будуць нагадваць падарожжы ў мінулае або будучае. Але няхай: някепска ведаць, з чым развітваешся і што цябе чакае...

Прыйшла думка: да вызначаных маршрутаў няблага было б дадаць яшчэ адзін — у сэрцы і душы тых, хто будуе горад. Гэта быў бы, відаць, самы павучальны маршрут.

Многа значаць словы экскурсавода: «Тут спрэс ляжалі руіны. Цяпер вы бачыце будаўнічую пляцоўку. Праз два гады на гэтым месцы стануць прыгожыя жылыя дамы...» Цудоўныя гэтыя словы ўжо таму, што яны цешаць цябе, нараджаюць гордасць. Але ў іх яшчэ не ўвесь сэнс перамогі. Сярод руін, бачыце, асталася адна каробка, якая належала арцелі інвалідаў. І каб узарваць яе, трэба было пераступіць цераз дэмагогію мяккасардэчных іх абаронцаў. Але гэта таксама не ўсё. Дырэкцыя трактарнага завода, якому адвялі гэты ўчастак, упарта дамагалася, каб дазволілі будаваць трохпавярховыя дамы, бо не хацела аддаваць першых паверхаў пад магазіны і камбінаты бытавога абслугоўвання, абавязковыя ў чатырохпавярховых дамах. А праекты? Понтус надумаўся абараняць кандыдацкую дысертацыю. Здаецца, што магло быць агульнага паміж гэтым і падборам аўтараў для праектавання новага жылога квартала? А выявілася, што магло. І аўтарам праекта зацвердзілі не маладога таленавітага архітэктара, які стварыў ужо некалькі цікавых ансамбляў у раёне аўтамабільнага завода, а ўплывовага чалавека са званнем, які зацягнуў здачу праектаў і не можа ажыццяўляць архітэктурнага нагляду за будаўніцтвам...

Васіль Пятровіч зноў успомніў аб спрэчцы з Зорыным, з Понтусам, аб пікіроўцы на Прывакзальнай плошчы. Захацелася зайсці да каго-небудзь, адвесці душу.

Было яшчэ рана, і ён дазволіў сабе звярнуць у пад’езд гарсавета. Ды не стаў падымацца ў гарком, а пайшоў да Зімчука.

Рабочы дзень яшчэ не пачынаўся, але ў кабінеце ў таго ўжо сядзеў наведвальнік — барадаты мужчына з застыглым тварам. Васіль Пятровіч падумаў, што, відаць, мужчына глухаваты. Сустрэў ён Васіля Пятровіча доўгім напружаным позіркам, а потым паволі перавёў яго на Зімчука, быццам баяўся прапусціць, калі Зімчук загаворыць зноў.

— Дзень добры! — голасна прывітаўся Васіль Пятровіч і сеў убаку, каб не перашкаджаць гутарцы.

— Вы ведаеце, хто гэта? — усміхнуўся Зімчук, калі мужчына выйшаў.

— Прыбыткоў. Працуе ў брыгадзе таго самага Урбановіча, якога сёй-той хацеў у ахвяру прынесці.

— А з ім яшчэ будзе клопату,— сказаў Васіль Пятровіч і падсеў бліжэй да стала.— Сад, нябось, сотак на дзесяць разбухаў. Паслухайце, што будаўнікі за вочы гавораць...

— Гэты Прыбыткоў,— нібыта не пачуў яго Зімчук,— за сваё жыццё паставіў столькі дамоў, што хапіла б забудаваць праспект. А сам з сям’ёю дасюль у сутарэнні туліцца. І думаеце, прыйшоў прасіць, патрабаваць? Дзе там. Знайшоўся сумленны абаронца і петыцыю настрачыў. Вось і выклікаў — няхай скардзіцца на нас. Лягчэй памагчы будзе. А то крыкуноў улагоджваем, а маўклівыя ды адданыя чакаюць.

— Ваўкаваты ён...

— Летась ён школу будаваў, а калі ў ёй пачаліся заняткі, прыходзіў слухаць першы званок.

Васілю Пятровічу зноў стала горка.

Зімчук бачыў у людзях добрае і ведаў іх. Народ для яго — гэта Прыбыткоў, Урбановіч, Зося. Для Барушкі народ — ён сам. Для Понтуса народа наогул не існуе. А для яго, Васіля Пятровіча? Вядома, працуе ён дзеля народнага дабра, але народ для яго — гэта нешта значна вышэйшае за навакольных людзей. А чаму вышэйшае? Ці не таму, што ён проста не ведае іх?

— Вывесілі аб’яву, што праводзяцца экскурсіі па горадзе,— паведаміў ён, адчуваючы ў гэтым схаваную падтрымку сабе.

— Але,— пацвердзіў Зімчук.— У нас усё лічыцца гістарычным. Партызаны ў дробных атрадах і тыя сваіх Несцераў мелі. Ускладалі на іх, так сказаць, абавязак забяспечваць заўтрашнюю гісторыю фактамі. І, трэба прызнацца, ішло на карысць. Кожны меў на ўвазе — кінутая ім граната ўзрываецца адзначанай у гісторыі, ха-ха!

Васіля Пятровіча пацягнула расказаць пра Зорына, праект Понтуса, але нешта стрымала яго. Хутчэй за ўсё, думка, што яго не зразумеюць, зробяць свае вывады і гэтыя вывады могуць павярнуцца супроць справы. Тачылі і сумненні — ці не фармаліст ён сапраўды, ці не замахваецца на творчую індывідуальнасць другіх, ці не імкнецца перашкодзіць у пошуках? Ды сказаў ён не зусім тое, што думаў:

— Вось і парайце, дзе і як набрацца волі, каб не сорамна было кожную хвіліну ступіць, як кажаце, у гісторыю. Мне жонка неяк скардзілася: «Стамілася, кажа, да таго, што не магу быць прыгожай. Хачу і не магу. Не стае сіл быць прыгожай». У гэтым ёсць праўда.

Зімчук паглядзеў на Васіля Пятровіча і, правёўшы далоняй па твары, на момант астаўся сядзець з заплюшчанымі вачыма. Маршчыны на яго лбе і пад вачыма разгладзіліся.

— Лекі, па-мойму, адны,— сказаў ён, нехаця расплюшчваючы вочы і хмурачыся,— да чалавекаў хутчэй...

«Сапраўды, можа, не лішне было б арганізаваць і такі маршрут»,— з горкай іроніяй падумаў Васіль Пятровіч, ідучы да сябе. На думку прыйшло, што нават кола знаёмых і тое ў яго вузкае. Колькі іх? Адзін, два... З другім па вуліцы ісці гора — раскланьваецца на кожным кроку, спыняецца, быццам у горадзе жывуць адны яго сваякі і сябры. А яму, апрача жонкі, амаль ніхто пісьмаў не піша. І тое, што робіцца па-за сценамі ўпраўлення і агароджамі будоўляў, ён ведае толькі з газет. Раней хоць на рынак хадзіў, у трамваях ездзіў. А цяпер і гэтага няма. Як пад каўпаком жыве. Узяць бы хоць у час адпачынку кінуць усё і пайсці пехатою. Падыхаць дарожным пылам, паначаваць у гумнах, паслухаць, паглядзець...

У калідоры ўпраўлення Васіль Пятровіч сустрэў Шурупава. Той, відаць, хварэў на малакроўе і катар страўніка. З жоўтым хваравітым тварам, ён ішоў неяк бокам, несучы левае плячо ўперадзе. Параўняўшыся, спыніўся і, быццам калідор быў завузкі і нельга было размінуцца, адступіў да сцяны.

— Маё шанаванне,— пакланіўся.

«А я ж, па сутнасці, і яго не ведаю,— вітаючыся, падумаў Васіль Пятровіч.— На што ён хварэе і чаму яго, такога забітага, усё-такі пабойваюцца супрацоўнікі?..»

 

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ

 

1

Хмара праходзіла бокам, але адзін яе край усё больш завалакваў неба. І адсюль, з бегавой дарожкі, здавалася, што яна насоўваецца проста на стадыён.

Пазіраючы на хмару, Валя вярнулася на старт. Паправіла стартавыя станочкі, звыкла апусцілася на калена і ўпёрлася рукамі ў чорную жарству.

У такой, нібыта перад узлётам, паставе яна заўсёды хвалявалася. Асабліва паміж камандаю «падрыхтавацца!» і стрэлам суддзі — у імгненне, ад якога пачыналіся поспех або няўдача. Каб пацішыць хваляванне, яна нахмурылася і скоса глянула на Алу, якая таксама выйшла ў фінал і па віне якой забег прыходзілася пачынаць нанава.

Ала бегла з высокага старту і, узяўшыся рукамі ў бокі, пазіруючы вольна стаяла каля сваіх станочкаў. Нешта свавольна-хлапечае было ў яе постаці, у яе дзёрзкім, з капрызным падбародкам, твары. І толькі бант, што матылём сядзеў над коратка падстрыжанай грыўкаю, ды какетліва-баламутны выгіб стану не пасавалі да яе выгляду. Яна адчула, што на яе глядзяць, і азірнулася. Перахапіўшы Валін позірк, падміргнула ў адказ.

— Падрыхтавацца! — падаў каманду суддзя.

Рывок у Валі быў няўдалы.

Павяла Ала. Нецярпліва адолеўшы першыя, цяжкія метры, прыгожа пабегла ля самай броўкі футбольнага поля, і бант запырхаў над ёю. За Алаю ішла студэнтка медыцынскага інстытута — паўнаватая, высокая дзяўчына з гордай, у вянку важкіх кос, галавою. Медычка моцна махала рукамі, нібы бегла на гару, і было дзіўна, што ёй удаецца ісці крок у крок з танклявай імклівай Алаю. Ззаду беглі яшчэ дзве дзяўчыны. Адну з іх Валя адчувала ў сябе за плячыма і, здавалася, улоўлівала яе дыханне.

У пачатку другой стометроўкі Валя заўважыла, як адлегласць паміж Алаю і медычкаю пачала меншаць. Відаць, апошняя наважыла вырвацца наперад. Як доказ гэтага даляцеў выбух рознагалосага гоману. Стадыён падбадзёрваў, перасцерагаў, даваў парады.

Валя сама паскорыла тэмп і, калі зноў пабегла па прамой, амаль не здзівілася, што апынулася побач з Алаю і медычкаю. Краёчкам вока ўбачыла іх моцныя ногі, мільганне рук ды ўпарта нахіленыя галовы.

Злева забялелі гарнітуры суддзяў, якія сядзелі, як грабцы ў шлюпцы, на спартыўных лесвіцах ля фінішу. Над імі, над зялёным адхонам, цямнела ліловая хмара. На яе фоне рэзка вызначалася зубчастая вежа на Прывакзальнай плошчы.

І вось, калі Валін позірк на момант спыніўся на абрысе так добра знаёмай вежы, важкія грымоты грому скаланулі хмару. Быццам у адказ ім ад вакзала даляцеў заклікальны гудок паравоза. У ім было нешта трывожнае, паспешлівае — такое, калі паравоз гудзе на хаду. І Валя раптам адчула прыліў сіл — вядомае кожнаму спартсмену «другое дыханне».

Над трыбунамі зноў узняліся, як галчыны грай, свіст, воплескі.

— Гэй, ты, з бантам, адстаеш. Пераключай на апошнюю!

— Валя, націсні, націсні!!

— Цур, толькі не падаць...

— Ого-го-го!

— Ліда, далібог, прэміруем! Да-ава-ай!

Побач плячо ў плячо бегла ўжо толькі медычка. Гэта распальвала ўпартасць. І на апошнім метры Валя з закінутай галавою кінулася на стужку. Узрадаваная, пранесла яе крыху і, быццам цяжар, скінула на зямлю.

Ахопленая ўзбуджанасцю, якая бадай ці не большала, Валя пайшла ўздоўж броўкі, слухаючы, як бушуе стадыён.

Калі яна, усё яшчэ стараючыся не пазіраць на трыбуны, вярнулася да фінішу, да яе падышла задыханая медычка і няўмела паціснула руку. Потым падбегла Ала. Абняла і, стаўшы на пальчыкі, цмокнула ў шчаку. Гледзячы цераз Валіна плячо на медычку, якая кіравалася да адзежы, кінутай на траву каля футбольных варот, зашаптала:

— Шанцуе ж табе, Валька! Ва ўсім. У Юркевіча і то вочы масляныя робяцца... Ты і не заўважыла. Яна ж поруч з табой ішла. Міраж! Узмахнула рукамі, а стужкі няма. Вось смех!

— Нехта ж усё роўна павінен быў прыйсці першы,— запярэчыла Валя, не могучы, аднак, схаваць радасць.— Ты, канешне, вечарам ідзеш у парк?

— А як жа! Нават пасля сабантуйчык думаю арганізаваць. Прайграла вось, а на сэрцы, як кажа Алешка, цудоўненька. Ніхто ўжо не прымусіць дурнішчай быць. Глядзі!..

Яна нечакана адхінулася і стала ў позу балерыны, якая пачынае танцаваць.

— І-раз! — закамандавала сама сабе і закруцілася, шырока расставіўшы рукі і паступова паднімаючы іх угору.

На бліжэйшай трыбуне запляскалі ў далоні. Ала перастала кружыцца і, быццам трымаючыся пальцамі за падол спаднічкі, грацыёзна прысела ў паклоне. Потым выпрасталася і незалежна, віхляючы сцёгнамі, пайшла да сваёй адзежы.

 

2

Хораша быць пераможцам!

Хораша таму,— з дзявочай шчырасцю думала Валя,— што цябе абавязкова пачынае ведаць больш людзей. Бо яны глядзяць на цябе з большай цікаўнасцю, павагаю. І ты маеш на гэта права.

Але, мусіць, самае найлепшае тут, што ты пачынаеш разумець: і свет і ты сам сталі трошкі іншыя. Паміж табою і светам добрая згода.

Задаволеная, што адвязалася ад Алы, прыціскаючы да грудзей кветкі і чамаданчык, Валя ўвайшла ў людскі паток. Ён паланіў яе і панёс да выхада. І толькі на вуліцы, падзяліўшыся на ручаіны і саслабеўшы, даў магчымасць ісці вольна.

Ліпы на Камсамольскім бульвары цвілі. Залацістая квецень усыпала кроны і рабіла іх падобнымі на полымя свечак. Ад ліп, здавалася, прамяніла чыстае, трапяткое святло, і яны акружаны ззяннем. Толькі год як прывезлі іх з далёкай пушчы, і першае лета яны цвілі бледным, ледзь не блакітным цветам. Кветкі хутка, раней часу, ападалі, і тое, што можна назваць жыццёвай сілаю, як бы стаілася ў дрэвах, пачало засынаць. І пакуль не знялі драцяных прывязак, якімі ліпы для ўстойлівасці былі прымацаваны да зямлі, не верылася, што яны прымуцца і да іх вернецца звычайная, поўная сілы краса...

Нечакана наляцеў вецер, свежы, духмяны. Ліпы затрапяталі, зрабіліся стракатымі, і лісце закрыла цвет.

Валя міжвольна азірнулася. Ля ўвахода на бульвар убачыла Васіля Пятровіча. Той заўважыў яе таксама і закрочыў насустрач, па звычцы шырока махаючы партфелем і стараючыся стрымаць усмешку.

— Вы зусім як прыезджая,— сказаў ён, вітаючыся за руку вышэй локця.

У сініх спартыўных штанах, у белай блузцы, з чамаданчыкам і з кветкамі, яна напраўду выглядала так, быццам вось толькі выйшла з вагона і нехта з сяброў, вітаючы, падараваў ёй букет.

— Дадому?

— Ага.

— Можна з вамі? Бачыце? — Васіль Пятровіч партфелем і кіўком галавы паказаў на навальнічную хмару.

— А вы, вядома, з работы? — як неверагоднаму здзівілася Валя, успамінаючы Алін намёк.

— Калі гэта можна назваць такім словам. Без жартаў. Ра-бо-та!.. Вунь той, безумоўна, стаіць на варце рубля,— паказаў ён на самавітага мужчыну, які абганяў іх.— А вунь той — часу. У іх усё як на далоні. Калі дае эканомію, працуе на тэмпы, падтрымлівай. Калі вядзе да лішніх выдаткаў, блытаецца пад нагамі, зразумела, адкідай. А тут такія каверзныя рэчы, як прыгажосць, патрэбы людзей.

— Чаму каверзныя? — не ўтрымаўшыся, акунула Валя твар у кветкі. Ад іх пахла цяпліцаю, але яна з асалодаю ўдыхнула гэты прэсны пах. Ёй нават трошкі стала шкада Васіля Пятровіча.— А я, калі толькі вазьмуся за пяро, першае, пра што напішу, будзе іменна прыгажосць.

— Вось Тэатральны сквер... Дапусціце, калі б яго не было. На Цэнтральнай плошчы стварылася б адчуванне такой прасторы, якую запомніў бы кожны і назаўсёды.

— І запярэчыў, вядома, Зімчук.

— Я не рубака. Але раз патрэбна сякера, чаму не знайсці ў сабе мужнасць узяцца і за сякеру? А мы ханжанствуем. Аднак паспрабуй дакажы!

Ён вымавіў гэта горача, і Валі здалося, што нявыказаная думка настойліва б’ецца недзе за яго словамі.

— Тады я магу сказаць, што гаворыць Іван Мацвеевіч. Ён гаворыць, пара нашым архітэктарам навучыцца лічыць да ста. Так?

— Прыкладна...

— Не, не! Яшчэ не ўсё,— заспяшалася Валя, баючыся, што ёй, як звычайна, не дадуць выказацца да канца.— Галоўнае, ніхто не ўяўляе гэтага кутка без сквера. Многія тут прызначалі спатканні, гулялі з дзецьмі...

— Але ж яму бліжэй, чым каму, ваенная слава горада!

— Ну і што ж?..

Яны выйшлі на Савецкі праспект.

Ён ляжаў шырокі, просты. Праўда, збудаваны быў адзін квартал, і асфальтаваная палоса абрывалася каля Цэнтральнай плошчы, дзе жаўцелі груды наварочанай зямлі. Але праспект ужо існаваў, жыў. На суседніх кварталах узвышаліся цагляныя гмахі. Адзін апранаўся ў рыштаванні, другі ледзь узнімаўся над будаўнічай агароджаю, абклеенай аб’явамі і тэатральнымі афішамі. Трэці ўгадваўся па ўважліва схіленым кране.

Недзе паблізу працаваў экскаватар. Навокал разлягалася няроўнае — то басавіта-нізкае, то напружанае — зазыванне яго матора і характэрны, нібы нешта абвальвалася, грукат каўша.

Па праспекце сунулася сцяна ліўня. Была яна светла-блакітная і шчыльная. Перад ёю па тратуарах беглі прахожыя, трымаючыся чамусьці бліжэй да дамоў. Васіль Пятровіч узяў у Валі чамаданчык і першы пабег да бліжэйшай будаўнічай агароджы пад казырок.

Сцяна ліўня пранеслася міма. На хвіліну ўсё запоўнілася звонкім, вясёлым гоманам дажджыску, бульканнем і цурчаннем. Потым, ураз, як і нахапіліся, гоман, бульканне сціхлі. Толькі паўз абочыны беглі хвалістыя ручаі, ды бліскучы праспект зрабіўся падобны на шырокую водную гладзь, у якой адлюстроўваліся дамы, агароджа. Аўтамашыны прабягалі з вясёлым шарахценнем. З-пад шын вырываліся імклівыя, серабрыстыя пырскі.

Яны сабраліся ўжо ісці, як падбег Алешка. Без шапкі, у мокрай кашулі і штанах, што прыліпалі да цела, ён ляпнуў сябе па ляжках і зарагатаў.

— Во гэта здорава! Любата! Пайшлі правяду да інтэрната.

Мокрыя валасы ў яго кучаравіліся больш як звычайна. На лбе і на шчоках дрыжалі кроплі. Ён змахнуў іх рубам далоні, палез у кішэню па насоўку, не знайшоў яе і выцерся рукавом кашулі.

— Шанцуе ж, чортушка! Учора веласіпед знявечыў, як бог чарапаху. Ні руля, ні колаў. Так што да сябе на Понтусаўку ўсё адно не паспею. Дый у трэст трэба... Пойдзем?

Папрасіўшы чамаданчык у Васіля Пятровіча, Валя паслухмяна развіталася з ім і, пераступаючы цераз слюдзяныя струменьчыкі вады, пайшла з Алешкам. Але той крочыў амаль подбегам, і ніяк не ўдавалася патрапіць яму ў нагу.

— Я стамілася,— упікнула яна.

— А няхай яно ўсё спустуе! — жывучы сваім, страсянуў ён галавою так, што мокрыя кудзеркі ў яго закалыхаліся.

Валі падабалася Алешкава прывычка вось так ускідваць галаву, падабалася пакалыхванне яго зухаватых кудзерак. Але цяпер гэта не кранула яе.

— Пра што гэта ты? То хваліў нешта, то злуеш ужо.

— Абрыдла ўсё! У трэст выклікаюць — ведаеш, у чым і як будуць спавядаць. На пасяджэнне пабудкома — зноў ясна. Загадзя ўсё распісана і вызначана. Трэба толькі праштампаваць і прад’явіць. А калі і ўспамінаюць цябе, дык толькі, каб лічбу назваць. Прозвішча з лічбай!

Ён скардзіўся не раз, і яна сказала абы сказаць:

— А ты выступі.

Гэта нечакана разлютавала Алешку.

— Выступаў, Валечка, выступаў. Ды вось учора ў кампанію да піжонаў з трэста трапіў. Прыкінуўся, што захмялеў. Дык адзін усё здзіўляўся, чаго са мной цацкаюцца і не пасадзяць. А другі тлумачыў: «Заслугі ў яго нейкія». Рукі мараць не было ахвоты... Урбановіч і той камандаваць пачынае. Бач, на Дошку гонару павесілі, падымаюць як можна... Але нічога, ёсць яшчэ порах...

Валя паціснула плячыма і азірнулася.

Хмара з грымотамі, з бліскавіцамі адыходзіла на поўнач. Косыя пасмы дажджу падалі ўжо над ускраінай горада. За хмараю гужам цягнуліся раскудлачаныя хмаркі і белыя ахайныя воблачкі. Неба ачышчалася і, як гэта бывае пасля навальніцы, рабілася вясеннім.

Размова не клеілася, і яны пайшлі моўчкі. І толькі падышоўшы да інтэрната, каб неяк суцешыць Алешку, Валя напомніла:

— Сёння развітальны вечар у нас. Не забудзеш?

— Пойдзем лепш у цырк,— панура прамовіў ён, пазбягаючы глядзець на яе.— Там хоць рыжы будзе...

 

3

— Навошта табе скандалы? Няўжо нельга жыць з людзьмі па-людску? — адразу, як толькі Васіль Пятровіч пераступіў парог, абрывіста пачала Вера.— Дажывешся, што адвернуцца ўсе.

Васіль Пятровіч стомлена кінуў на стол партфель.

— Ты адна? Дзе Юрок?

— На вуліцы,— не панізіла яна тону.— У гасцініцах не бывае двароў, дзе б маглі гуляць дзеці. І скажы, калі ласка, што табе трэба ад Ільі Гаўрылавіча? Пакуль усё-такі ты падпарадкуешся яму, а не ён табе.

— Гэта, Вяруся, цябе не датычыць.

— Кухта таксама казырыўся, а ўляцела. Я не хачу, каб наша жыццё залежала ад нейкіх катэджаў, плошчаў, карнізаў і вежаў.

Апошняя фраза насцярожыла Васіля Пятровіча. Ён падазрона зірнуў на жонку — ён не расказваў ёй аб зорынскай ідэі і праектах Понтуса. Не гаварыў нават, што заходзіў да яго і паспрачаўся. Таіў, каб не турбаваць, лічачы — непрыемнасці лепш перажываць самому. Няхай ведае толькі тое, чаго нельга не ведаць,— хопіць з яе характарам і гэтага.

Вера напаўляжала на атаманцы і, калі Васіль Пятровіч увайшоў, з адсутным задуменным тварам гартала часопіс. Яму быў даўно знаёмы гэты яе выраз. Жонка рабілася такой, калі старалася нешта ўявіць сабе. Загаварыўшы, яна прыўзнялася і спусціла ногі. Часопіс кінула побач. Расхваляваўшыся, абаперлася на яго рукою. Васіль Пятровіч каўзануў позіркам па вузкаплечых, у пышных плаццях жанчынах, намаляваных на часопісе, і чамусьці насцярожанасць і прыкрасць у яго пабольшалі.

— Адкуль ты ведаеш пра нашы спрэчкі?

— Ведаю,— адказала яна, абцягнуўшы падол і прыкрыўшы аголеныя калені. Вейкі ў яе ўспырхнулі. Але праз імгненне яна перамагла збянтэжанасць. Толькі глыбока ў пасвятлелых вачах асталося сцярожкае чаканне. Дый сам позірк стаў незвычайны — рассеяны, далёкі, быццам Вера глядзела не на мужа, а праз яго.

— Не, ты ўсё-такі адкажы.

Яна паднялася з атаманкі, паправіла валасы і з выклікам пайшла па пакоі, але не да яго, а таксама да стала, які цяпер раздзяляў іх. На стале ў крыштальнай вазачцы стаяў букет півоняў. Нервовым рухам Вера адарвала ад кволай кветкі пялёстак і парвала яго.

— Што табе трэба ад мяне? — наводмаш адкінула яна апошні шматок.— Я, Васіль, не маленькая і разумею, што азначае твой допыт.

— Хто сказаў табе аб праектах?

Яна адхіснулася, быццам ён мог ударыць яе, і пагардліва прыплюшчыла вочы. Але парваны пялёстак і букет знячэўку нагадалі Валю.

Нешта напялася ў Васіля Пятровіча, затрапятала. І гэта адабрала сілы.

— Як ты ўсё-такі даведалася пра гэта?

— Расказваў Ілья Гаўрылавіч, калі ехалі з Масквы. Хопіць з цябе?

Васіль Пятровіч не адказаў.

— Сцяны лбом не праб’еш, Вася. Не я гэта выдумала. І ты дарэмна злуешся. Я хачу аднаго — каб усё было добра.

Яна абышла стол і наблізілася да мужа ззаду. Няўпэўнена і ласкава абняла за плечы. Хацела прыпасці ўсім целам і палажыць галаву на плячо, ды Васіль Пятровіч разняў яе рукі і, не паварочваючыся, выйшаў з пакоя.

— Мне дрэнна, Васіль! — крыкнула яна наўздагон.

 

Ён знайшоў Юрку на вуліцы. Ваяўніча размахваючы палкаю-шабляй, той ганяўся за хлапчукамі.

— Пагуляем, сынок,— хутчэй папрасіў, чым прапанаваў Васіль Пятровіч.

У новенькім блакітным ларку, каля сквера на плошчы Свабоды, ён напаіў азадачанага Юрку ліманадам.

Сварка з жонкаю, па сутнасці, мала дадала да таго, што было паміж імі. Але, не дадаўшы амаль нічога, неяк агаліла Веру — яна зусім не лічылася з ім. Поўная клопатаў аб сабе, была ўпэўнена: усяго можна дамагчыся скандалам. А як трымае сябе з другімі? На вуліцы не пазнае знаёмых, бесцырымонна разглядае дзіўнымі круглымі вачыма кожную жанчыну. Размаўляе з усімі так, нібыта робіць ласку, быццам усё добрае, што зрабіў муж,— выключна яе заслуга.

Раней хоць гэта скрадвалася наіўнасцю. У горадзе і да вайны існавала цэлая каста модніц, якія ведалі адна адну і раўніва сачылі адна за адной. У гэтым было нават нешта цікавае, чыста жаночае, чаго мужчыны, мусіць, наогул не зразумеюць. Але не было таго, што з’явілася цяпер,— хваравітага суперніцтва, знявагі да ўсяго. Яна не ўмешвалася ў яго справы, хоць і падганяла: працуй, працуй! А вось цяпер дамагаецца — крыві душою, пагаджайся з тым, з чым пагадзіцца нельга. Не хоча, каб ён быў адкрыты, не верыць у справядлівасць і баіцца за свой дабрабыт. Праўда, думка — калі б памёр ён, яна гэтак жа будзе адданая другому — часам прыходзіла яму. Але ўсумніцца ў яе вернасці і чысціні раней ён проста не адважыўся б! Нават доказы, што збіраліся з днямі, не маглі пахіснуць веры...

Васіль Пятровіч пагладзіў па галаве сына і, робячы выгляд, што слухае яго, крочыў, сам не ведаючы, куды вядзе хлопчыка, але адчуваючы, што той павінен быць поруч.

Не! Шмат у чым вінаваты ён сам. Ён чамусьці не можа быць справядлівым. Даволі Веры кінуць не тое слова, не так, як хацелася б яму, зірнуць, і ён злуе, грубіяніць...

— Я куплю табе галубоў,— сказаў Васіль Пятровіч, каб перастаць думаць пра гэта.— Мы будзем ганяць іх разам. Яны будуць лётаць, а мы глядзець на іх. Нальем у таз вады і будзем глядзець у ваду. Так яшчэ лепш відаць.

— Я ведаю,— абвясціў Юрка і, захліпаючыся, пачаў расказваць пра маскоўскіх сяброў-галубятнікаў.

На вуліцы Янкі Купалы, на драўляным мосце цераз Свіслач, Юрка, вызваліўшы руку, падбег да парэнчаў.

Абмялелая за летнія месяцы рэчка цякла паволі, нехаця. Дно ля моста танула ў жудаснаватым цёмна-зялёным змроку. З яго падымаліся парослыя мохам старыя палі. Далей па плыні, таксама пад вадою, млява варушыліся зялёныя пасмы водарасці. Абапал, на берагах, схіліўшыся над вадою, раслі вербы, тыя дуплаватыя старыя вербы, якіх звычайна расчапляе маланка або высмальваюць хлапчукі, але якія растуць насуперак усяму. Адна з верб упала ўпоперак рэчкі. Упала, ды расла, і ўгору цягнуліся яе маладыя парасткі. Лісце на іх было сакавітае і зелянейшае, чым на іншых.

Шматпакутныя дрэвы і асабліва тое, што расло, лежачы на вадзе, прыцягнулі ўвагу Васіля Пятровіча. Ён доўга глядзеў на іх. Прыхінуўшы да сябе сына, пачаў думаць аб ім, аб сваім абавязку, не заўважаючы, што Юрку нязручна і той здзіўлена пазірае на яго.

Нечакана Васіль Пятровіч адчуў: побач з ім стаіць яшчэ нехта. Ён нездаволена азірнуўся і ўбачыў Кухту. Наставіўшы каўнер шэрага пыльніка, той са спакойным выглядам таксама глядзеў на рэчку і вербы.

— Адкуль ты ўзяўся, Павал? — узрадаваўся Васіль Пятровіч.— Ты заўсёды, як фокуснік: няма — і ёсць.

Кухта пакудлаціў Юркавы валасы.

— А што ты думаеш? Я сапраўды таго... Рабочых не хапае, у глаўку ўсяго два вежавых краны, а мы, брат ты мой, паўгадавы план выканалі. Сталінградцаў, якія прыехаць збіраюцца, зноў абставім. Няхай ведаюць, з кім спаборнічаюць.

Ён смешна круціў круглай галавою і энергічна жыстыкуляваў — зусім не так, як можна было чакаць па яго грузнай камплекцыі.

— А за што папярэдзілі на бюро? — у тон яму спытаўся Васіль Пятровіч.

— Гэта іншая справа. Папярэдзілі за здачу гатовых аб’ектаў.

— Скажы — за няздачу.

— Няхай сабе так!

Ён рэдка засмучаўся і з лёгкім сэрцам жартаваў з усяго: са сваёй паўнаты, з непрыемнасцей, з таго, што яму пашанцавала. Пэўна, таму, што не надта думаў аб сваім шчасці, але як бы адчуваў яго.

— Гэта называецца непатрабавальнасць, Павал.

— Мы, брат, падрадчыкі. Колькі даюць, столькі і аддаём. Але ў вас яшчэ горай. Планіруеце, скажам, сквер. А тут раптам такому, як ты, не спадабалася што-небудзь, раз — і забракаваў. Жыццё ж ідзе. І пакуль які небарака даводзіць праект, пачынаюць разбіваць сквер без усякага праекта.

— Пачакай! — здзівіўся Васіль Пятровіч, ведаючы, што калі Кухта хоча пра што-кольвечы паведаміць, то пачынае здалёк.— Гэта ж словы Понтуса.

Па мосце, шоргаючы шынамі па драўляным насціле, праехаў самазвал, гружаны зямлёю. У канцы моста кузаў яго падскочыў і загрымеў. Кухта шумна ўздыхнуў.

— А ты думаў! Быў сёння, развіваў гэтую мыслю. А пасля папрасіў напісаць, што перашкаджае ў рабоце з боку праектных арганізацый і твайго ведамства. Разумееш, грамадзянін? — звярнуўся ён да Юркі.— Гэта называецца ход канём. Ты ў шахматы гуляеш?

— Аглушыць хочаш? Баішся, што перад вымовай прыйдзецца спрачацца?

Кухта камічна наморшчыў шышкаваты лоб.

— Які ты, Пятровіч, праціўнік, калі на два хады ўперад не бачыш! Гэта ж, мусіць, і Юрку ясна. Так, грамадзянін? Дай пяць! — Ён размахнуўся і асцярожна пляснуў сваёй пудовай пяцярнёю па яго далоні.— Ты мне спачатку скажы: будаўнікі план выконваюць? Выконваюць. Вы праектную дакументацыю затрымліваеце? Затрымліваеце. Дык хто ж вінаваты, што аб’екты не ўводзяцца ў строй? А справе патрэбны вінаватыя людзі. З імі лягчэй. Так што, наіўная душа, азірайся, а іначай, як на вешалцы ў рэстаране,— апрануць і распрануць, толькі рукі падстаўляй.

Кухта абняў Юрку за плечы і павёў з моста. Потым адпусціў і павярнуўся.

— І яшчэ май на ўвазе: Понтус мацнейшы за самога сябе. Ён да вайны не аднаго ўвабраў. Разявіць зяпу і глытае. Талент і прынцыповасць некаторым таксама падазронымі здаюцца.

 

4

Валя ўбегла ў інтэрнат. Дзяўчат з яе пакоя яшчэ не было. У шчыліне паміж плінтусам і масніцаю знайшла ключ. Прычыніўшы за сабою дзверы, прыпала тварам да кветак.

Пакойчык мала чым нагадваў той, у які Валя ўвайшла некалькі гадоў назад. Апрача яе ложка былі яшчэ два — акуратна засцеленыя капамі, з бялюткімі падушкамі, пастаўленымі на рог. На вокнах бялелі прамярэжаныя фіранкі. Над сталом звісаў самаробны абажур. Пад ім, на стале, стаялі вазачка з кавылём, бюсцік Маякоўскага, ляжалі кнігі. Усё было абжыта, пахла адэкалонам, паркалем, і на ўсім былі сляды дзявочых рук. З колішняга асталіся толькі пілотка ды фінка ў чахле, што віселі на цвіку над Валіным ложкам.

Не, колішнім асталося і адчуванне, быццам Валя стаіць на парозе чагосьці нечаканага і важнага. «Пісаць! Я буду пісаць!..»

Да работы яна пачала рыхтавацца даўно — можа, з першага дня вучобы ва універсітэце. І ўсё-такі, здаючы апошні экзамен — па літаратуры, амаль жахнулася, што гэта апошні універсітэцкі экзамен. Старшыня дзяржаўнай камісіі — прафесар з сівым чубком, які ён увесь час прыгладжваў, доўга, прыдзірліва апытваў Валю. А потым выйшаў за ёй у калідор і ўсхвалявана ўзяўся даводзіць, у чым яна памыляецца. Але гэта якраз і ўразіла Валю — ён не рабіў заўваг, а спрачаўся, пярэчыў як чалавек, які паважае тваю думку.

Студэнты ёсць студэнты. І нават здольныя з іх астаюцца ў адносінах да сваіх выкладчыкаў вучнямі. Памылка студэнта — вучнёўская памылка, хоць яна і вынікала б з перакананняў. Незвычайная размова з прафесарам паказала Валі, што месца яе сярод людзей раптам змянілася. Яна атрымала новыя правы.

Стоячы ля парога і гледзячы на пакойчык, Валя падумала, што зменяцца цяпер і ўмовы жыцця, зменіцца ўсё-ўсё, і трэба развітвацца з дарагою парою, цана якой дасюль чамусьці не адчувалася.

Раней яна мала задумвалася і над сваімі адносінамі да Алешкі. Цяпер жа стала ясна: нельга пераступіць парог у новае жыццё, не вырашыўшы і гэтага.

Валя паклала кветкі, села на ложак.

Што рабіць?

Яшчэ летась, у парку,— куды яна запрашала яго сёння,— пад сасною з дзіўнай, як на кітайскіх малюнках, кронаю, Алешка ўпікнуў Валю ў халоднасці. І калі яны селі на сухую, усыпаную шышкамі зямлю, ён, няўрымслівы, зухаваты Алешка, закрыўшы рукамі твар, зарыдаў. Валі па-мацярынску стала шкада яго. Яна палажыла яго кучаравую галаву сабе на калені і прыкрыла яму вочы. Усхліпваючы і не здымаючы яе рукі, Алешка сцішыўся.

Але навокал не было ні душы, Валі стала вусцішна. Палохала: хто-небудзь, праходзячы міма, можа ўбачыць іх. Агортваў страх ад адзіноты, ад ляснога шуму сосен, нейкі нутраны, незразумелы. Пазіраючы на пабляднелы Алешкаў твар, Валя аж стулілася — хто ён? Няўжо ёй суджана пражыць з ім, з бунтуючым няўдачнікам, жыццё? Чаму?

Потым Алешка зняў Валіну далонь і доўга глядзеў на яе. Пасля прыпадняўся і пацянуўся абняць. Аднак яна пераняла яго рукі і, абтрасаючы сукенку, паднялася.

— Хадзем адсюль...

Ён зазлаваў. Шануючы яго злосць, Валя зноў апусцілася побач. Над галавою шумелі сосны. Праз іх шум яна мала чула з таго, што казаў ёй Алешка, але разумела: ён патрабуе, каб яна прызначыла час.

Заходзячы да Алешкі апошнія разы, Валя заставала яго маці за незвычайным заняткам — яна то скубла гусінае пер’е, то расшывала бісерам плацце. Ласкава пазіраючы на Валю, уздыхала, скардзілася на свае вочы і заводзіла размову пра сына. «Вядома, трымаць яго, Валечка, трэба на ўсю сілу-моц,— пявуча цягнула яна.— Але ж і сам ён стараецца. За кнігі сеў, хоча далей вучыцца. А ён умее, як захоча...» Калі Валя здавала дзяржаўныя экзамены, Алешка дамогся ордэра на кватэру і, перагаварыўшы са знаёмым прарабам, пераехаў туды, хоць на лесвічнай клетцы яшчэ завіхаліся муляры: «Не зявай, бо празяваеш».

Расстроеная Валя схадзіла на кухню, наліла ў слоік вады і паставіла кветкі. Букет стаў пышнейшы. Здалося, што кветкі ўстрапянуліся, паярчэлі, і яна ўжо ведала: уваходзячы ў пакой, кожны раз будзе глядзець на іх, як на нечаканасць. Пазіраючы на кветкі, пераадзелася — трэба было яшчэ з’ездзіць у Дом друку і хоць мяльком паглядзець, дзе прыйдзецца неўзабаве працаваць.

Былі гадзіны «пік», ды пашанцавала. Да прыпынку падышлі два аўтобусы, Валя лёгка ўскочыла ў другі і села ля акна. Яна любіла гэтае месца. Побач гаманілі людзі, кандуктарка настойліва і бясконца патрабавала, каб пасажыры праходзілі наперад, дзе было вальней. А тут, ля акна, можна было спакойна сядзець, паглядаючы на вуліцу, думаць пра сваё. Аўтобус мякка пагойдваўся. Вуліца бегла, як на кінастужцы.

Горад будаваўся. І, праязджаючы па Савецкім праспекце, можна было назіраць увесь будаўнічы паток. Тут разбіралі старую брусчатку, здымалі трамвайныя рэйкі, выкопвалі шпалы — трамвайная лінія пераносілася на кальцавую магістраль. Там капалі траншэі для падземнай гаспадаркі, і на жоўтым насыпе чарнелі трубы, стаялі вялізныя каткі з кабелем. Крыху далей бульдозеры ўжо разраўноўвалі новую трасу вуліцы — шырокую, саракавасьміметровую, і грузавікі-самазвалы адзін за адным прымалі з каўшоў экскаватараў лішнюю тут зямлю. На спуску да Свіслачы выпрастаная вуліца-праспект павінна была прайсці значна лявей ранейшай, і палову яе перагароджваў уцалелы белы будынак колішняга педагагічнага тэхнікума. Далей праспект падымалі на некалькі метраў, і тыя ж нястомныя самазвалы падвозілі і падвозілі шчэбень, зямлю, цагляныя глыбы ад узарваных руін. Новага моста цераз рэчку будаваць не пачыналі, але земляныя работы ішлі і на другім беразе. Будаўнічыя агароджы апяразвалі цэлыя кварталы. Там і тут уздымаліся чырвоныя гмахі. І ўжо не верылася, што калісьці пачыналі з расчысткі тратуараў і маставых.

 

5

Пасля ўрачыстай часткі і самадзейнага канцэрта ў зялёным тэатры яны пайшлі па ўзбярэжнай алейцы. Тут было менш людзей. Ад рэчкі павявала свежасцю. На супрацьлеглым беразе ярка свяціліся вокны электрастанцыі. Святло падала на чорную вадзяную гладзь дарожкамі. Рэчку тут перагароджвала плаціна, і шум вады на спадзе панаваў над усім.

Валя яшчэ жыла чутым. Сакратар гаркома камсамола вітаў студэнтаў з заканчэннем навучальнага года. Рэктар гаварыў аб клопатах, якімі акружае іх народ. І з кожнага выступлення што-небудзь западала ў душу. Пасля выступалі дэкламатары, музыкі, спяваў універсітэцкі хор. І Валі, якую б песню ні выконваў хор, вясёлую або журботную, хацелася плакаць.

Алешка, пастрыжаны, надушаны, быў сумны. Ён кпіў з прамоў, з таго, што людзі без шпаргалак і выступаць развучыліся, рагатаў не там, дзе было смешна, або сядзеў насуплены і пануры. Было відаць: ён гатовы на нешта і не тоіць гэтага. Наадварот, стараецца, каб Валя здагадалася аб яго рашучасці.

Крочучы побач, Алешка маўчаў і не браў Валю пад руку. А яна, знаходзячыся ў плыні сваіх думак, нічога не заўважала. Алейка з маладых таполяў. Іх галінкі сыходзіліся над галавою. Валя падскоквала, адрывала ліст і спрабавала яго на смак.

Дайшоўшы да галоўнай, шырокай алеі, яны не вярнуліся, а пайшлі пад ліхтарамі, што звісалі з мачт, як плады на схіленых галінах. У парку сёння былі пераважна студэнты, і знаёмых сустракалася многа. Каля «пакоя смеху» падбегла ўбраная Ала. Схапіла Валю за стан, закружыла.

— Вось гэта па-мойму! — засакатала яна, страляючы баламутным зіркам у Алешку і папраўляючы плацце.— Нарэшце! Не страшны нават дэкан і старшыня прафкома!..

Яна стала поруч, прыхінулася да Алешкавага пляча і ўшчыкнула яго.

— Не будзеш раўнаваць, Валечка?

— Ты, здаецца, у Віцебск? — быццам недачула Валя, вачыма патрабуючы ад Алешкі, каб той спыніў Аліну гульню.

— Тата сказаў, што астаюся дома, пры ім. Я ж у яго адзіная-распраадзіная. Ты рада? Давайце праз гадзінку закацімся да нас і адзначым гэтую акалічнасць... Шмакаў! — заўважыўшы акружанага кампаніяй грывастага, у неахайна расшпіленым пінжаку хлопца з чорнымі вусікамі, аклікнула яна і, забыўшыся на ўсё, памкнулася да яго.

Гэта паджывіла Алешку. Ён купіў эскімо і, кусаючы яго, як хлеб, весела зайграў вачыма.

Пастаялі каля гушкалак. Шэсць лодак узляталі ўперамешку. З іх несліся смех і піск дзяўчат. Лодкі ўзляталі ўпоравень з перакладзінаю. Дзяўчаты пратэставалі і, калі парасонам надзімаліся іх спадніцы, сарамліва і смешна прысядалі. Наглядчык раз-пораз пакрыкваў і тармазіў. Навокал разлягаўся глухі, басавіты стук. Тут жа вялізная страла падымала ў неба прывязаных да сядзення аматараў, апускала ўніз галавою да зямлі і зноў імчала ўгору. Некаторыя нават не трымаліся, а, расставіўшы рукі, лёталі, як ластаўкі.

Ва ўсім гэтым было не так многа дасціпнага, але Валі таксама стала добра. І, гушкаючыся, яна ўсё больш прасякалася адчуваннем нейкай акрыленасці. А калі вылезла з лодкі і сышла з памоста, сэрца ў яе білася штуршкамі — тах! тах! тах! Алешка адгадаў гэта. Не пытаючыся згоды, пацягнуў на танцавальную пляцоўку. Але якраз шугануў феерверк. Музыка і шорганне ног сціхлі. Россып рознакаляровых зорак — зялёных, жоўтых, чырвоных — павіс па-над вяршалінамі дрэў. Дрыготкае святло заліло людзей, дрэвы. Праз якое імгненне зоркі пакаціліся ўніз, а насустрач ім узляцелі цені.

Танцаваць расхацелася. І яны пайшлі жвірыстай сцежкаю па схіле ўзгорка.

Агні ліхтароў, што мігцелі паміж дрэў, не даносілі сюды святла. У кустах, у кронах дрэў стаілася цемра. І хоць ад танцавальнай пляцоўкі далятала музыка, ад гушкалак — глухія ўдары лодак аб дошкі-тармазы, а на Першамайскай вуліцы звінеў трамвай,— і музыка, і ўдары, і трамвайныя званкі здаваліся далёкімі, нетутэйшымі.

— Тут хораша,— сказала Валя, падстаўляючы твар цёпламу павеву.

Не жадаючы далей слухаць яе, Алешка ўхмыльнуўся:

— Пойдзем да гэтай актывісткі? Пэўна, розныя далікатэсы будуць. Хто гэты грывасты?

— Паэт... Партызанілі некалі разам...

— Ну? Значыць, пойдзем?

— Не, вядома...

— Тады чорт з імі! У маці во з вачыма дрэнна... А мы валаводзім. Чаго? Час так ідзе, што панядзелак ад суботы не адрозніш. Няўжо ты не бачыш, як цяжка мне?

Ён пацягнуўся да яе, але Валя адкінула галаву. Абняўшы і падтрымліваючы яе за спіну, Алешка ўсё ж дацягнуўся да Валіных губ і прыпаў да іх. Але Валя адхілілася і закрыла губы далонню.

У такой нязручнай паставе, замершы, але змагаючыся, яны асталіся на долю хвіліны.

Валя грудзямі чула, як шалёна б’ецца яго сэрца, і гэта пачало кружыць галаву. Паветра, якое ўдыхала яна, стала абпальваць вусны. Такія сама гарачыя рабіліся і Алешкавы абдымкі. А той гарнуў Валю да сябе і ўсё ніжэй апускаў па яе руках свае рукі, сутаргава перабіраючы пальцамі.

Але калі ён, страціўшы волю над сабой, паспрабаваў хіліць яе да зямлі, Валя раптам улавіла пах гарэлкі. Ён выпіў перад тым, як ісці сюды! Навошта? Каб нешта прыглушыць у сабе? Каб быць смялейшым? Значыць, ён рыхтаваўся да гэтага!..

І раней разам са знямогаю, што адбірала сілу, у ёй жыло жаданне зрабіць Алешку балюча, за нешта адпомсціць. Скарыцца яна магла, толькі пратэстуючы супроць таго, чаго чакала і што насоўвалася на яе.

Былі і думкі:

«Ці ты гэта, Валя? Схамяніся! Іначай заўтра — хто ведае! — знялюбіш сябе і тады цяжка будзе глядзець на свае голыя плечы, на рукі, якія цешылі раней. Давядзецца кусаць пальцы, плакаць, баючыся, што цябе пачуюць, і пакутаваць ад бяссілля што-небудзь змяніць. А праз слёзы ў душу будзе закрадацца страх: а што, калі?.. Хіба вырашана ўсё? Наадварот... А як выбераш другога? Ты ж прынясеш пакуты і яму. Ці даруе ён табе? Дый каханне, калі даруюць, не тое каханне...»

Праўда, пасля думкі зніклі, але жаданне працівіцца асталося. Цяпер жа яно ахапіла Валю ўсю, абудзіла лютасць. Бяздумную, амаль шалёную.

Яна рванулася і адштурхнула Алешку. І, збягаючы паміж рэдкіх сосен з узгорка, чуючы за сабою тупат Алешкавых ног, адно гадала — куды ёй зараз бегчы. Куды?

Знясіленая, Валя дабегла да доміка Урбановічаў.

У вокнах гарэла святло. Фіранка ў адным акне была незахінутая, і Валя ўбачыла іх усіх — Зосю, Аляксея, Святланку. Яны сядзелі за сталом, занятыя кожны сваім. Падпёршы рукою шчаку, сцішаная ў сабе, Зося чытала кнігу. Побач з ёю, няўмела трымаючы нажніцы і высунуўшы ад стараннасці язык, дзяўчынка рэзала паперу. Паклаўшы на стол даўгую, ледзь не на ўвесь пакой, рэйку, Аляксей прымацоўваў да яе ватэрпас і, нешта абдумваючы, схіляў галаву то на адзін, то на другі бок.

«Як гэта добра!» — з зайздрасцю падумала Валя. І, пачуўшы, што ў двары ланцугом зазвінеў сабака, крыкнула цераз весніцы:

— Зося! Выйдзі сюды! Калі ласка!

 

6

Адчуваць сябе зняважаным можа не толькі той, каго зняважылі. Упэўнены ў сваёй шчырасці, Алешка аж шалеў ад таго, што Валя ўсё перакруціла па-свойму.

«Чысцюлька! — лаяўся ён.— Каго ты з мяне робіш? Мне і без таго хапае. Хіба я не хацеў, каб ты маёй была? Хіба не рабіў усё, што мог? Ладна!..»

Знайшоўшы фантанчык пітнай вады, Алешка памыўся і рашуча пакалдыбаў з парку.

Ён не ведаў нумара Алінай кватэры: да таго, калі прыходзілася, праводзіў толькі да пад’езда. Аднак падняўся на другі паверх, паслюнявіў пальцы, прыгладзіў бровы і пазваніў у першыя, што трапіліся, дзверы. Калі пстрыкнуў замок і ў прыадчыненых, узятых на ланцужок дзвярах паказаўся жаночы твар, нахабна сказаў:

— Я да Алы. Яна тут жыве?

За шклянымі дзвярыма, у гасцінай, на раялі зайгралі туш. У пярэднюю выбегла Ала, запляскала ў далоні, памагла распрануцца і, трымаючы за канцы яго белы шалік, прыдзірліва агледзела. Пасля закінула шалік яму за галаву і, як на повадзе, пацягнула не ў гасціную, а да сябе ў пакой, дзе панавалі блакітныя прыцемкі. Гарэў начнічок на тумбачцы ля ложка, ды ад трэльяжа бруілася рассеянае святло, дробячыся ў алмазных гранях флаконаў і пудраніц»

— Пасварыліся? Я так і знала,— дурасліва засмяялася Ала.— Ад цябе за вярсту пахне парыкмахерскай.

Яна ўзяла пульверызатар, сціснула ў жменьцы блакітную грушу з пушыстым кутасом і абдала Алешку духмянымі пырскамі.

Знарок груба, змоўчаўшы, ён узяўся за мочку яе вуха, прыцягнуў да сябе і пацалаваў, адчуваючы, што Аліны зубы з драпежнай асцярожнасцю ўпіваюцца ў ягоную губу.

— Балюча? — праз хвілінку спыталася яна, расціраючы ўкушанае месца пальцам і ведучы яго ў гасціную.

Там было чацвёра: бледнатвары, з вусікамі, з доўгімі, зачэсанымі назад валасамі Шмакаў, высачэзны студэнт фізкультурнага інстытута Эдзік і дзве дзяўчыны з адмысловымі прычоскамі, адзетыя ярка, але з густам. Адна з іх артыстка філармоніі — тонкая, бязгрудая, мусіць, толькі што кончыла іграць і ішла ад раяля да астатніх, што стаялі навокал круглага століка. Хада ў яе была павольная, вялая. Яна ледзь варушыла плячыма і трымала рукі па швах.

Новага госця дружна прывіталі і паселі за столік. Толькі Ала асталася стаяць, аблакаціўшыся на спінку крэсла, на якое сеў Алешка.

— Мы гаварылі тут, Алачка, пра цябе,— сказаў Шмакаў, шырокім жэстам папраўляючы валасы на скронях і пераводзячы вочы на поўную, з застыглым, быццам нарысаваным, тварам дзяўчыну.— Зіна ўспамінала аб леташнім курорце.

— Га-га-га! — голасна, як вар’ят, зарагатаў Эдзік.

— Няхай яна спачатку пра сябе раскажа,— абыякава адказала Ала.— Як у купальніку ў чарзе па нейлонавыя манішкі стаяла. Або як хадзіла на пляж, нібы Ісус Навін.

— Ісус — вісус,— прыўзняў шырокія плечы Шмакаў.— Не разумею.

— А ты ўяві. Адзін ручнік на галаве, а другі замест спадніцы. Дайшло?

— Ну і што? — спакойна здзівілася таўстуха.— Я проста была пасцельна хворая.

— Га-га! Два ачкі ў тваю карысць, Зіначка!

— Два — гэта не так ужо многа,— уставіў Алешка, набіраючыся, як і яны, гуллівага нахабства.

— Мерсі, таксама ачко, га-га!

Перайшлі ў сталовую.

Нельга сказаць, каб Алешку спадабаліся яго кампаньёны. Асабліва прышчаваты ад пажадлівасці Эдзік, які рагатаў галасней за ўсіх, мусіць, лічачы гэта за адзнаку ўласнай незалежнасці. Бязгрудую ж крыўляку, з хадою, як у загіпнатызаванай, ён узненавідзеў адразу. І таму, калі пачалі піць, стаў паказваць іклы і ўсё больш наліваўся ўпартасцю.

Ала заўважыла гэта і, калі ён, падняўшы відэлец, як зброю, скасіў свае страшнаватыя вочы на Эдзіка, асцярожна ўзяла пад руку і пацягнула ў бацькаў кабінет. Усадзіўшы на тахту, па-кашэчы прымасцілася побач і паклала рукі яму на калена.

У сталовай звінелі чаркі, чулася, як гагатаў Эдзік і марудлівая актрыса расказвала анекдот пра якогасьці пустэльніка, спакусніцу, эліксір і славутую вежу ў Пізе. Алешка як бы ўбіраў гэта ў сябе і, хмялеючы, усё больш змрачнеў.

На пісьмовым стале зазваніў тэлефон.

Таропка цмокнуўшы Алешку ў шчаку, Ала ўсхапілася і падбегла да стала.

— Алё! — як мага спакайней сказала яна, гулліва гледзячы на Алешку, які таксама ўстаў з тахты і, хістаючыся, падыходзіў да яе.— Я вас слухаю. Іван Мацвеевіч?.. Не, таты няма...

— Зімчук? — хрыпла спытаў Алешка.— Вось яшчэ адзін праведнік. Дай!

— Ты звар’яцеў! — крыкнула яна, спалохана заціснуўшы мембрану ў кулак.

— Дай, кажу!

Алешка вырваў з яе рук трубку і праглынуў даўкую сліну.

— Гэй, Іван Мацвеевіч! — выдыхнуў ён.— Я гаварыць з вамі хачу... Што? П’яны? А на ліха я каму, калі цвярозы. Пра мяне, можа, і ўспамінаюць адно, як правінюся і дубасіць трэба. Так, так!.. Дый дубасяць болей, каб другім непавадна было. Бо я ўжо не я, а з’ява, якую выкрыць неабходна...

Спалох, выкліканы яго дзіўным учынкам, у Алы праходзіў.

— Навошта ён табе, Косця? Ахвота звязвацца! — шапнула яна, паказваючы, відаць, Зімчуку язык.

— Не, Іван Мацвеевіч, не... Мне ні нянек, ні наглядчыкаў не трэба. Тым больш, калі яны цябе за злачынца прымаюць. А я не злачынец. Няма і не было ў мяне віны. Хіба толькі, што не ўсім падобны да праведніка і да ўсяго дакрануцца карцела і карціць. Дый наўрад ці праведнікі тыя, што любяць, каб усе на іх былі падобны. Каб іхняе слова законам было... І таму мне цяпер дазволена толькі каяцца ды апраўдвацца. А ці не мала гэтага?

— Ды ну яго,— паціху, але больш настойліва паўтарыла Ала, са знявагаю гледзячы на тэлефонны апарат.— Няўжо не абрыдла яшчэ? —і націснула на рычаг указальным пальцам.

Алешка не пакрыўдзіўся.

Ласцячыся, Ала ўскудлаціла яму валасы, зняла руку, якую ён палажыў на яе плячо, і прымусіла абняць за стан. І гэтыя ўпэўненыя, крыху паспешлівыя рухі замуцілі Алешкавы думкі, пераключылі на іншае. Ён сціснуў Алу і адчуў, як шуміць кроў у галаве.

— Тата паляцеў у Маскву,— залапатала тая, хаваючы твар у яго на грудзях.— Ты, калі хочаш, можаш астацца пасля...

 

РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ

 

1

Святланка пасля сну звычайна была ласкавая. Яна садзілася на ложку, як толькі прачыналася, і, працёршы вочкі, без слоў цягнулася да бацькі ці маці — хто стаяў бліжэй. Абняўшы за шыю, прыпадала да шчакі і замірала, не маючы сіл скінуць з сябе салодкай млявасці. Цалавала яна быццам без ахвоты і здалёк складвала губкі. Але было ў гэтым столькі чуллівай непасрэднасці, што бацькі не маглі ўжо быць дарослымі.

— Прачнулася, цька-донецька? — пытаўся Аляксей, калі быў у добрым настроі.— Што сніла сёння? Га?

— Сон, тата.

— Які, калі памятаеш?

— Зялёны такі, зялёны.

Укленчыўшы, каб было зручней, Аляксей сам пачынаў адзяваць дачку і фантазіраваў:

— Я ўжо на дварэ быў, цька! З сонейкам размаўляў.

— Ну-у? — верачы і не верачы, шырока расплюшчвала яна вочы.

— Яно пра цябе пыталася. Дзе тая дзяўчынка, кажа, якую я грэла і якой шчочкі паружовіла?

— А ты?

— Я кажу — спіць мая цька-донецька, як пшаніцу прадаўшы.

— А яно?

— Перадай, кажа, каб уставала і сваю блакітную сукенку надзявала.

Нягледзячы на начное наведванне Валі, якое ўзбунтавала яго, Аляксей усё роўна пачуваў сябе імяніннікам. Атрыманая ім учора зарплата была рэкорднай, і ён прынёс яе дамоў, як заслужаны падарунак.

«Радыёлу купім, якраз у магазіне ёсць,— сказаў з незалежным выглядам.— Мы таксама ласы на кілбасы. Няхай будзе». І, прачнуўшыся, зноў завёў з дачкою размову пра сонейка, паказаў у акно:

— Вунь бачыш? Давай хутчэй!

Сонца сапраўды заглядала ў акно. Яго зайчык зіхацеў на нікеліраваным шарыку ложка. Яно драбілася ў люстры, што вісела на сцяне над тумбачкаю, і афарбоўвала яго край у колеры вясёлкі. На падаконніку, быццам у ззянні, цвілі аганькі. Ранічкою Зося выносіла вазоны з дому і палівала. Кроплі вады на лісці аганькоў нібы дрыжалі.

Узяўшы за руку, Аляксей вывеў Святланку на двор. Загадаў умыцца з таза, які стаяў на табурэтцы ля ганка, і паклікаў Гомана. Пазвоньваючы ланцугом і бразгаючы дротам, сабака падбег і ўставіўся на гаспадара агатавымі вачыма.

— Эх ты, пыса,— пагладзіў яго па шыі Аляксей.— Глядзі мне, вартуй, каб усё было, як было. А то дам!

— Даў! Даў! — гаўкнуў Гоман, лісліва махаючы хвастом.

— Вось табе і «даў»! — перадражніў Аляксей.

Паснедаўшы, яны сабраліся і пайшлі.

Было прыемна глядзець на гэтую маладую сям’ю: на Зосю ў светла-шэрым плацці і ў берэціку, крыху папаўнелую, са строгім, прыгожым тварам і густымі валасамі, што аж ссоўвалі берэт; на Аляксея, які ў вышыванай кашулі і ў старанна адпрасаваных штанах крочыў, як на дэманстрацыі, несучы дачку на плячы; на Святланку ў блакітнай сукенцы і з такімі ж стужкамі ў косках. І таму, што Святланка была падобна на маці і на бацьку, здавалася, усе яны нечым падобны. А можа, і сапраўды людзі, доўгі час жывучы разам, пераймаюць адно ад аднаго не толькі звычкі, густы, характар, але і знешнія рысы, выраз...

— Сям’я Урбановічаў ідзе,— сказала Зося, смеючыся ад наплыву харошых пачуццяў.

— Ты сына давай, тады «во» будзе,— падняў Аляксей вялікі палец.— Дый сама станеш сапраўднай жонкаю, а не настаўніцай.

Зося спалохана паказала вачыма на Святланку.

— А што тут такога? — засмяяўся Аляксей.

Увайшлі ў Тэатральны сквер. Навокал цвілі высокія ліпы. Ад іх хвалямі ішоў душнаваты мядовы пах. Аляксей зняў Святланку з пляча, і яны павялі яе ўдваіх, узяўшы за рукі. Каля фантана з каменным хлопчыкам і лебедзем яна прымусіла спыніцца. Ружовы хлопчык з дзіцячай прыхільнасцю абдымаў свайго сябра. Прыклаўшы далонь да лба, узіраючыся ў высокі блакіт, ён нібыта выбіраў, куды яго сябру ляцець. А лебедзь, хоць і ўзмахнуў крыламі і выцягнуў шыю, яшчэ не ведаў, паляціць ён ці не. Вызваліўшы рукі, дзяўчынка аббегла фантан і раптам, уражаная, спынілася.

— Тата, ты?! — выгукнула яна, быццам знайшла тое, што ад яе хавалі.— Ты! Ты! А вунь і дзед!

Зося ўжо не адзін раз заходзіла ў сквер паглядзець на партрэты мужа і дзядзькі Сымона. Падоўгу стаяла перад Дошкаю гонару, разглядаючы іх сур’ёзныя, нацягнутыя твары і перачытваючы скупыя подпісы. Заходзіў сюды і Аляксей і, каб не вельмі выглядаць шчаслівым, пагладжваў шчокі, падбародак, не даючы выступіць усмешцы. І калі Святланка крыкнула: «Тата, ты!»,— гэта прымусіла Аляксея нанава перажыць радасць.

— Я, дачушка. Не святыя гаршкі лепяць. Хадзем,— сказаў ён і загаварыў пра іншае.— Валю шкада, хоць сама і любіць вучыць другіх. Такіх урвіцеляў, як Алешка, гнаць ад сябе трэба, бадзяецца, як бяздомны. Адвёртку дык ужо з сабою ў кішэні носіць. А нядаўна зноў бачыў з фіфаю, якой нічога не шкада.

— Чаго ты так злосна? — спыталася Зося, правяраючы, ці не прыслухоўваецца да іх размовы Святланка.— Яму таксама нясоладка, на злосць казырае.

— Ты ўсіх, апрача мяне, апраўдваеш. А я не тое што... горла грызці гатовы... На ліха ён жыве? Прыбыткоў і той нешта выштукаваў. Кельма ў яго і за малаток і за кельму служыць. А Алешка што? Ні сабе, ні другім. Во папрацавала б з ім!

Зося ведала: такія размовы ўрэшце абуджаюць у Аляксея рэўнасць, ён успамінае мінулае, мучыць яе, сябе. І яна як мага спакайней сказала:

— Дурненькі, ты ведаеш, куды мы ідзём? — і, прыпаўшы грудзямі да мужа, павісла на яго руцэ.— Хадзем хутчэй, а то разбяруць усё.

Людзей у магазіне было густа, але больш цікаўных, і неўзабаве прадавец паставіў на прылавак абцякаемай формы радыёпрыёмнік. Аляксей сам уваткнуў штэпсель і павярнуў уключальнік. Каля шкалы з радыёстанцыямі засвяцілася круглае вочка, у якім быццам пералівалася зеленаватая каламуць. У дынаміку загуло. Аляксей павярнуў ручку настройкі. І разам з тым, як яснела вочка, чысцеў і мацнеў гук у дынаміку.

 

2

Многія цяжкасці першых пасляваенных год адыходзілі ў мінулае. Яны пачыналі нават здавацца дзіўнымі. Былі створаны прадпрыемствы будаўнічых матэрыялаў і буйныя будаўнічыя арганізацыі. Амаль кожны дзесяты гараджанін быў у камбінезоне будаўніка або ў вопратцы, запэцканай вапнаю, фарбаю. Дый сам горад нагадваў вялізную будоўлю. На паўднёва-заходняй ускраіне будаваліся аўтамабільны і трактарны гіганты. Каля іх вялікія заводскія пасёлкі, што пазней павінны былі зліцца з горадам. Усё выразней рабіліся контуры плошчаў, вуліц. Канчалі трамвайную лінію ад цэнтра да Старажоўкі — набліжаўся час, калі гарадскія падшыванцы атрымлівалі права цэлы дзень катацца бясплатна ў святочна ўпрыгожаных трамваях.

Будаўнічы сезон быў у разгары. Па вуліцах кацілі самазвалы, грузавікі з цэглаю, з жалезабетоннымі плітамі, бэлькамі. Грузавікі з прычэпамі везлі бярвенне, жалезныя прэнты, арматуру. Сваім ходам некуды сунуўся экскаватар, за ім — бульдозер, і на скрыжаваннях, што паблісквалі новым асфальтам, ім пад гусеніцы падкладалі дошкі. Колы і гусеніцы пакідалі пасля сябе сляды гліны. Яна хутка падсыхала, трэскалася і пыліла. Пыл несла і ад катлаванаў, ад гурбаў наварочанай зямлі, ён слаўся, віхрыўся.

Пераступаючы цераз глыбокія каляіны, выбітыя аўтамашынамі, Аляксей мінуў вароты і апынуўся на тэрыторыі будоўлі. Усё яму тут было знаёмае і звыклае настолькі, што амаль не заўважалася. Рыштаванне, наспех скінутае ля агароджы. Пад паветкаю навалам папяровыя мяшкі з цэментам, груды вапны, пяску. Далей — растворамяшалка, куча цэглы, пад’ёмнік, транспарцёр. Наводшыбе часовы склад, дзе знаходзілася і кантора прараба. Непазбежны будаўнічы друз. Але ўсё гэта, чаго амаль не фіксавала свядомасць, заўсёды настройвала Аляксея на гаспадарскі лад. Думкі пачыналі ісці ў адным кірунку.

— Прывітанне, дзядзька Аляксей! — гукнуў яму матарыст — кірпаты, веснушкаваты хлопец, якога на будоўлі чамусьці звалі «Швагер».

— Здароў,— адказаў Аляксей і накіраваўся да канторы.

Алешка з заспаным тварам сядзеў на лаўцы за доўгім, наспех скалочаным сталом і графіў ведамасць.

— Цэглы хопіць? — спытаўся з парога Аляксей, успамінаючы размову з жонкаю і адчуваючы большую, чым звычайна, непрыязнь да Алешкі.

— А што?

— А тое, што мінулася, калі цэглу прывозілі проста ад пячэй — гарачую, з дымам, калі мы яе ў сцены цёплую клалі. А ўсё адно своечасова падвезці не можаце.

— Ты што, сёння з левай нагі ўстаў? — уверх, як птушка, зірнуў Алешка.

— А хіба не было гэтага на тым тыдні?

— Было, ды сплыло.

— Мне твае жарты не патрэбны,— упарта сказаў Аляксей.— Заўтра сталінградцы прыязджаюць.

— Знаю і, здаецца, таксама адказваю за будоўлю! — паставіў ужо праўцом вочы Алешка, і тонкія ноздры ў яго раздаліся.

Пазаўчарашняя гісторыя, за якую ён гатовы быў караць сябе, новая бяссонная ноч, пасля якой прыйшоў на работу з галаўным болем і агідаю на сэрцы,— усё гэта нарадзіла шалёную злосць. З’явілася патрэба крычаць на каго-небудзь, на каго — няважна. Ён стукнуў кулаком па стале і вышчарыўся:

— Ты мяне не вучы! Настаўнікаў і без цябе па горла. Сам ведаю, што мне рабіць і аб чым клапаціцца!

— Ціха, ціха,— спакойна папярэдзіў Аляксей, але пасля таксама засердаваў: — Я табе, можа, не Валя. Га?

— Што Валя? — сарваўся голас у Алешкі.

— Сам ведаеш. Я кажу, не ўсіх можна крыўдзіць. Я мо табе не дзяўчына. А пра цэглу і раствор кажу загадзя, каб хапіла. Падсобніка змяні — цяльпук.

— Не, ты скажы, пры чым тут Валька? — усхапіўся Алешка.

Ён перакуліў лаўку, выйшаў з-за стала, забіяцкім рухам падцягнуў штаны і абцягнуў пінжак.

— Я гавару пра яе, каб папярэдзіць,— не маргнуўшы, сказаў Аляксей.— Няхай лепей плакаць да Зосі не бегае.

Алешка пабялеў, але нагнуўся і падняў лаўку.

— А адкуль ты знаеш, што ў гэтым адзін я вінаваты? Чаму пра мяне, абаронца, нічога не пытаеш?

— І так усё ясна.

— Тады ладна!..— зірнуўшы на адчыненыя дзверы, прамармытаў Алешка.— Паглядзі вунь, чым цябе пабудком сустракае. Можа, падабрэеш і не толькі, што пад носам, заўважаць пачнеш.

Прыгнуўшыся ў дзвярах, Аляксей выйшаў з канторы і адразу — як ён не заўважыў гэтага раней? — убачыў на рыштаванні чырвонае палотнішча. Буйнымі літарамі на ім было напісана: «Працуйце так, як брыгада Аляксея Урбановіча!» У грудзях прыемна паласкатала. Ён спыніўся і, не тоячыся, прачытаў напісанае яшчэ раз.

— Падабаецца? — крыкнуў Алешка, стоячы ў дзвярах і трымаючыся за вушакі.

Аляксея пацягнула да людзей. І хоць не было справы, ён пагутарыў са «Шваграм», які корпаўся ў маторы. Прайшоў да растворамяшалкі, пажартаваў з дзяўчатамі, з прыемнасцю заўважаючы, што тыя разглядаюць яго, як малазнаёмага, і не-не дый пераводзяць позіркі на палотнішча. Потым перакінуўся словамі з вахцёрам, сівавусым, з бярданкаю старым, падобным вопраткаю і выглядам на паляўнічага, і толькі тады падняўся да сябе на рыштаванне.

Прыбыткоў ужо рыхтаваўся да работы. Але, убачыўшы брыгадзіра, падышоў, перавальваючыся з нагі на нагу.

— Бачыў? — спытаўся Аляксей, збіраючыся пляснуць муляра па плячы і перамагаючы сваё жаданне: панібрацтва ў асяроддзі майстроў не любілі.

Прыбыткоў кіўнуў барадою. Але па тым, як ён узяў яе ў жменю і правёў па ёй, Аляксей здагадаўся: настрой у яго таксама прыўзняты.

— Ну і як? — перапытаў, асмялеўшы і менш баючыся закрануць яго гонар.

— Нішто... Законна, гэта самае...

Падвязваючы на хаду фартух, з пажаванай цыгаркаю ў роце падышоў Сурнач — круглатвары здаравяка з цікаўнымі вясёлымі вачыма. У брыгадзе Сурнача паважалі за залатыя рукі, за шчырасць і шчаслівы талент: ён быў выдатны баяніст, кіраваў клубным аркестрам і часта выступаў з ім на будоўлях.

— З цябе магарыч, брыгадзір,— сказаў ён, свідруючы Аляксея вясёлымі вачыма.

— За мной не прападала... Але заўтра, хлопцы, сталінградцы прыязджаюць. Каго-каго, а нас не мінуць. Прыйдзецца пастарацца. Няхай паглядзяць...

— Ну што ж, пастараемся,— выплюнуў цыгарку з рота Сурнач.— Нам рэпетыцый рабіць не трэба.

Ён разумеў субяседніка больш, чым той хацеў, і звычайна глядзеў на другіх трошкі іранічна, нават насмешліва. Гэта адчуваў Аляксей і ўсё ж рэдка бянтэжыўся перад Сурначом. Але, прымаючы маўклівую Прыбыткову цягавітасць чамусьці за адзнаку абмежаванасці, ён больш, чым перад кім, губляўся якраз перад гэтым мнагадумным чалавекам.

— Кельму сваю пакажаш,— сказаў ён, каб у нечым апраўдацца перад Прыбытковым.— Я таксама адну штуку пакажу. Пры ветры пакуль ты адвесам тым сцяну выверыш! А гэтую штуку прыклаў — і парадак.

— Давай, здзіві! — іранічна падтрымаў Сурнач.

Муравалі трэці паверх, але навокал яшчэ не было будынкаў, і адсюль адкрываўся шырокі від на горад. Была відаць і ўскраіна — зялёная кудзерка Старажоўскіх могілак, сярод яе была цэркаўка з сінім купалам, ускрайныя домікі. За імі — у шызай смузе — града ўзгоркаў, звілістая палявая дарога з тоненькімі, як рысачка слупамі, прыгарадная вёска, а за ўсім гэтым — палоска далёкага лесу. Павявала прасторам, і паветра здавалася тут чысцейшае, чым дзе.

— Эх, і папрацуем! — выдыхнуў Аляксей, шукаючы вачыма домік Сымона.— Няхай ведаюць, калі цікава...

 

3

Дэлегацыя сталінградцаў была з васьмі чалавек. Узначальваў яе начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела Галоўсталінградбуда інжынер Рыбакоў. Госці сустрэліся з Юркевічам, агледзелі горад, пазнаёміліся з будоўлямі аўтамабільнага завода і толькі на другі дзень, падзяліўшыся на групы, пайшлі па аб’ектах.

Аляксей заўважыў іх, як толькі яны паказаліся ў варотах будоўлі. Адчуваючы, што па спіне прабягае халадок, ён няголасна папярэдзіў Прыбыткова:

— Ну, Змітрок, на ўсесаюзную арэну выходзім. І другім перадай. А я сустракаць пайду. Яны да Алешкі, мабыць, спачатку зойдуць.

Ён кінуў кельму, выцер аб штаны рукі і, перавальваючыся, як Прыбыткоў, пачаў спускацца па сходцах.

На пляцоўцы панавала ажыўленне. Усё, здавалася, было як заўсёды. Каля растворамяшалкі завіхаліся дзяўчаты. З грузавіка рабочыя скідалі пясок. Натужна рыпеў пад’ёмнік, падымаючы коўш з растворам. Але прыўзнятае ажыўленне заўважалася ва ўсім: і ў тым, як працавалі дзяўчаты,— часцей, чым трэба было, папраўляючы хусткі,— і ў суладных рухах рабочых, якія згружалі пясок, і нават у парыпванні пад’ёмніка, якое нагадвала курлыканне жураўлёў. Гэта перадалося Аляксею, і ён, усхваляваны, падышоў да канторы прараба. Але тое, што ўбачыў у цёмным праёме дзвярэй, збянтэжыла яго канчаткова. Абдымаючы аднаго з сталінградцаў, Алешка ляпаў яго па спіне і заходзіўся не то смехам, не то плачам.

— Мікола, ай, Мікола! — паўтараў ён, і Аляксею здавалася, што на светлых вачах у яго слёзы.

— Што гэта ў вас такое? — спытаўся з прыхованай іроніяй, амаль здагадваючыся, каго абдымае Алешка.

Плечы ў сталінградца ўздрыгнулі, ён выпрастаўся, ды Алешка не выпусціў яго з абдымкаў, і той не мог пакуль што павярнуцца. Аднак па прыгожай галаве, па постаці, ладнай, шыракаплечай, па крыху крываватых, як у кавалерыстаў, нагах Аляксей пазнаў Краўца.

— Пусці, прараб,— сказаў, паддаючыся парыванню.— Я, можа, таксама быў у партызанах, і мы не менш знаёмыя. Чуеш, га?

Яны абняліся і пацалаваліся. Трымаючы былога «заклятага сябра» за плечы, Аляксей пачаў разглядаць яго, спадзеючыся знайсці што-небудзь новае і чужое. Але той ані не змяніўся. Быццам і не ішлі гады, быццам і не брала свайго права сталасць. Як і пяць год назад, пад казырком кучаравіўся парыжэлы ад сонца казацкі чуб, як і некалі, паблісквалі шэрыя, страшнаватыя для многіх вочы, і гэтак жа кпліва ўздрыгвалі пры ўсмешцы ноздры роўнага кароткага носа.

— І ты тут, чортушка? — выгукваў Кравец зусім так, як і даўней.— А я гляджу, які гэта Урбановіч ходзіць у славе?

— Я тут дома, а вось ты якім манерам сюды трапіў? — у сваю чаргу запытаўся Аляксей.

— Скончыў вайну, пагасцяваў у бацькоў на Кубані, а потым ірвануў у Сталінград. Вось так, Лёкса, і трапіў. А Зося дзе? Настаўнічае, пэўна.

Толькі цяпер Аляксей звярнуў увагу на астатніх. У канторы былі таксама Кухта і два незнаёмыя — чарнявы, невялікага росту, хударлявы мужчына, і высокі, бадай такі ж, як Аляксей, асілак з энергічным валявым тварам. Спагадліва ўсміхаючыся, яны чакалі, калі спадзе ўзбуджанасць, выкліканая нечаканым спатканнем, і маўчалі.

— Знаёмся,— сказаў Кухта, сустракаючы Аляксееў позірк і паказваючы на чарнявага.— Інжынер Рыбакоў. А гэта — Сычкоў. Чуў? Працуе над механізацыяй тынкоўных работ. Ну, а гэта, як вядома, Кравец, твой сабрат па прафесіі.

І хоць сустрэча з Краўцом, хутчэй за ўсё, магла прынесці толькі пакуты, Аляксею было прыемна бачыць гэтага, некалі свавольнага кубанца, і, вітаючыся з астатнімі, ён глядзеў на аднаго яго. У глыбіні ж душы яны абодва здзіўляліся, што ўсё праходзіць так гладка.

— Пытаешся, як жыву? Дзякую. Дом пабудаваў. Пасадзіў сад. Дачку маю.

— З Зосяю жывеш? — настойліва паўтарыў Кравец, гасячы насмешлівыя і ў той жа час трывожныя агеньчыкі ў вачах.

— А то з кім жа? Я, брат, не мяняю жонак, як другія. Мне хопіць і адной. Тым больш, калі яна абяцае цэлую хату дзяцей нарадзіць. Бачыш, якія абяцанні дае?

— Та-ак, чортушка...

— А ты, мабыць, усё яшчэ ў халасцяках ходзіш?

— Вольны пакуль што.

Гэта чамусьці ўкалола Аляксея. Ён нехлямяжа пераступіў з нагі на нагу і напружана прапанаваў:

— Хадзем, паглядзіце хіба, як працуем. Як, таварыш Кухта, можна?

Сталінградцы спачатку збіраліся азнаёміцца з улікам і арганізацыяй працы на будоўлі. Але адмаўляцца было няёмка, і ўсе рушылі з канторы.

Аляксей падымаўся па сходцах апошнім. Ён чуў, як перарывіста дыхаў і адсапваўся Кухта, як жартаваў Кравец, і ўсё мацней хваляваўся. Яго поспех або няўдача набывалі цяпер асаблівы сэнс. Ішлі гады, а Аляксей не мог дараваць Зосі яе захаплення, не мог прымірыцца з тым, што Кравец некалі кахаў жонку і быў блізкі да яе. А галоўнае, што ўсё гэта было на яго вачах. І вось зараз яго поспех як бы павінен быў пакласці канец ранейшай і цяперашняй маўклівай спрэчцы, павінен быў заспакоіць самога. І ён унутрана халадзеў ад нецярплівасці і чакання.

Пакуль сталінградцы знаёміліся з другімі членамі брыгады, разглядалі яго ватэрпас, кельму Прыбыткова, ён тупаў каля свайго рабочага месца, спадылба пазіраў на падручнага і неўзаметку выціраў успацелыя далоні.

Узяўся за работу спакваля, назіраючы за брыгадаю і паступова ўваходзячы ў рытм. Некалькі месяцаў як брыгада перайшла на работу «двойкамі», і цяпер Аляксей спадзяваўся на гэта.

— А ну, Сцяпан, давай!

Той зачэрпнуў шызаваты вязкі раствор і разаслаў яго па сцяне. Раствор запоўніў пазы, няроўнасці і пачаў цвярдзець, быццам згасаючы. Ад яго ішоў востры пах вапны і рачнога жвіру. Прасякаючыся адчуваннем, што пад рукамі нешта жывое, Аляксей правёў па растворы кельмаю, звыклым рухам узяў з нарыхтаванай грудкі цагліну і не паклаў, а кінуў яе побач з прымураванай. Потым, ёмка прыстукнуўшы ручкаю кельмы, пацягнуўся да другой, і тая зноў, паслухмяная, лягла побач.

Краем вока ён заўважыў, як з ухвалаю кіўнуў Сычкоў і ажывіўся Кухта.

— Паддай, Сцяпан! — не вытрымаў, каб зноў не падагнаць падручнага.

Ён, здавалася, не працаваў, а распараджаўся цэглаю, растворам, напарнікам, і рабіў гэта свабодна, без намагання. Засяроджанасць выступала хіба толькі на абветраным, з буйнымі рысамі твары. Відаць было: ён адчувае ў сабе хмельную сілу. Яна просіцца ў работу. Карціць размахнуцца шырэй, падаць голас, выгукнуць што-небудзь накшталт маладзецкага «гопля!».

Так ён працаваў з паўгадзіны, пакуль нехта не паклаў яму на плячо руку. Адчуўшы яе, Аляксей павярнуўся. Ля яго стаяў Кухта, за ім, усміхаючыся, Кравец, крыху далей — Рыбакоў з гадзіннікам у руцэ, Алешка, Сычкоў.

— Шабаш! — сказаў Кухта, сціскаючы плячо Аляксея.— Цяпер падлічым. Стаміўся?

— Не, наадварот, Павел Ігнатавіч. Я стамляюся, калі паволі працаваць даводзіцца.

— Гэта правільна, чортушка! — згадзіўся Кравец.— Ты прымусь чалавека хадзіць, як у кіно я бачыў, калі нешта сапсавалася. Нагу адну падняў, паставіў, потым другую падняў. Ён так і кіламетра не пройдзе. Я, між іншым, таксама не магу.

— Няма, мабыць, яўрэйскай сям’і без бабусі! — прыкінуў слова Алешка.— Ха-ха-ха!

Падтрымка Краўца, уласны поспех і нават рогат Алешкі настроілі Аляксея на шчодрасць. З’явілася спакуса аддзякаваць усім. Ды калі паказваць сябе, дык паказваць па-сапраўднаму! І ён прамовіў:

— Калі можна, таварышы сталінградцы, буду прасіць вас да сябе. Пасядзім, пагаворым, вопытам абмяняемся...— І, адвёўшы Кухту ўбок, стаў горача нешта шаптаць яму, прыкрываючы рот далонню.

 

4

Калі Аляксей запрашаў сталінградцаў, ён быў у прыўзнятым настроі. Гэта выйшла ў яго неяк само сабой, як робяцца ўсе велікадушныя жэсты. Ідэя спадабалася Кухту, і той, каб надаць банкету «фундаментальнасць», прапанаваў дапамогу. Аляксей прыняў яе, і гэта зусім развеяла сумненні, што пачалі былі тачыць яго. Але калі ён вярнуўся дадому і пералічыў Зосі запрошаных гасцей, то сам здзівіўся таму, што зрабіў. У яго доме будзе Кравец! Кравец будзе побач з Зосяй. Яны будуць вітацца за рукі, размаўляць. Кравец будзе глядзець на Зосю, як захоча. Падвыпіўшы, стане жартаваць, можа, нават успамінаць мінулае, а яму, як гаспадару, прыйдзецца мірыцца з усім і толькі ўсміхацца. Аляксей заўважыў, як сумелася і Зося.

— Хіба і Кравец тут? — нагнулася яна над Святланкаю.

— Гэты будзе ўсюды, дзе яму добра,— буркнуў Аляксей, наліваючыся помслівым пачуццём і злой цікаўнасцю. І, ужо гатовы на пакуты, толькі каб нешта ўведаць яшчэ, у нечым упэўніцца, нешта выкрыць, ён дадаў: — Калі дэмабілізаваўся, да сябе на Кубань паехаў. Казаў, месяц у бацькоў пражыў — як у карты прагуляў. Але калгаснага хлеба не захацеў. Стаў патрыётам і Сталінград аднаўляць паехаў. Дурны-дурны, а скваркі любіць. Так што стрэнецеся.

— Мне з ім няма чаго сустракацца,— пакрыўдзілася Зося, але не пакінула Святланкі і не зірнула на мужа.

Ён чакаў, што жонка абавязкова пачне абурацца, і тое, што яна не абуралася, перавярнула яму сэрца.

— Ты мо скажаш, што і не было нічога?

Зося не адказала, узяла Святланку за руку і накіравалася да дзвярэй, але з парога вярнулася.

— Было, ды сплыло. Я прасіла ж не ўспамінаць!..

Удачы ўносяць у сям’ю згоду. Дый Аляксей не даваў апошні час падстаў для сварак. Акружаны ўвагаю другіх, ён не мог аставацца даўнейшым.

З таго часу, як Урбановічы пераехалі ва ўласны дом, у сям’і пачалі ўсталёўвацца свае звычкі, свой распарадак. Уставалі, як і ва ўсякай рабочай сям’і, рана. Зося бралася гатаваць снеданне. Аляксей выходзіў на двор і завіхаўся ля дома: ён умеў знаходзіць работу. Дый турботы, якіх хапала ў любую пару года, здаваліся пільнымі, неадкладнымі. Дом стаяў як лялька, але трэба было атынкаваць знадворку сенцы, паставіць частакол ад вуліцы, пабудаваць каля складзіка душ, ускапаць зямлю пад яблынямі... І Аляксей, устаўшы досвіткам, адразу за што-небудзь браўся, пакуль Зося не клікала снедаць. Потым спускалі з ланцуга Гомана і разам ішлі з дому. Аляксей — на будоўлю, Зося — са Святланкаю ў яслі, а адтуль у школу.

Калі пад вечар збіраліся зноў, Зося прымушала мужа падрабязна расказваць аб пражытым дні. І калі ён пачынаў з таго, што яго наймацней уразіла, прасіла: «Ты па парадку, нічога не прамінай... Ну, ты прыйшоў, а далей што?» Выслухаўшы яго скупы расказ, пачынала расказваць сама — часцей пра дачку, вучаніц, але затое грунтоўна, не мінаючы нічога, упэўненая, што дробязей у такой справе няма і ўсё важна. Вечарамі браліся кожны за сваё: Зося — за планы і сшыткі, Аляксей — за якую-небудзь хібу ў гаспадарцы.

Праўда, ён упарта, і чым далей, настойлівей, дамагаўся, каб Зося кінула работу — сама гадавала дачку. І здаралася так, што Святланка, іх агульная радасць, станавілася прычынаю неладоў. Варта было ёй захварэць, вярнуцца з ясляў з падрапанай шчакою, як усчыналася цяжкая гаворка пра Зосіну работу. Бывала яшчэ горш, калі яна затрымлівалася на педсавеце або бацькоўскім сходзе. Аляксей сустракаў яе тады зусім адчужана. Для яго яшчэ не было ісцінаю, што для сям’і мала адных удач і дастатку. І, магчыма, гэта стала ясней якраз цяпер, калі ў яго, у знатнага муляра, рыхтаваўся званы вечар для дэлегацыі будаўнікоў такога горада, як Сталінград.

Ці думаў, ці сніў калі Аляксей, што яму, былому вясковаму хлопцу, у якога калі і ёсць што незвычайнае, дык гэта моцныя рукі ды прагнае да працы сэрца, давядзецца ад імя будаўнікоў сталіцы прымаць у сябе, віншаваць і частаваць такіх гасцей. Не, не думаў і не сніў! І ўсё-такі ён пакутаваў у такую ўрачыстую хвіліну, пакутаваў і думаў: «Няхай, можа, яе і не было б зусім».

Зося, расчырванелая, але рашучая, у квяцістым фартуху і ў хустцы, бегала з кухні ў пакой, дзе паставілі сталы, і насіла пасуду, прыгатаваную смакату. За ёю па пятах важна, качкаю, клыпала цётка Анця і паказвала, куды што ставіць. Каб гасцей змясцілася больш, сталы паставілі па дыяганалі пакоя, пакінуўшы вузкія праходы. Распаўнелая за апошнія гады Анця ледзь пралазіла ў іх, падцягваючы як магла жывот, і сердавала.

Сымон сядзеў у кутку на табурэтцы, са смакам курыў і, дабрадушна пасміхаючыся з жанчын, сыпаў рыфмамі: «Што праўда, то не грэх, што торба, то не мех. Ёсць мукі скрыня, і свіння — гаспадыня. Як, Анця?..» Калі да яго падышоў Аляксей і, паказаўшы на радыёлу, запытаўся, колькі яна каштуе, Сымон засмяяўся: «Як не пад’ясі, за кавалак хлеба аддасі»...

Пасуды не хапала, давялося пазычыць у суседзяў, ды затое цяпер, накрыты бялюткімі настольнікамі, застаўлены бутэлькамі і закускамі, стол выглядаў як мае быць, хоць пры ім і стаялі розныя крэслы.

Даўшы жанчынам магчымасць гаспадарыць, як яны хочуць, мучачыся ад Зосінага выкліку, Аляксей, можа, першы раз у жыцці сноўдаўся без усякай мэты з пакоя ў пакой, уключаў і выключаў радыёпрыёмнік, разглядаў сябе ў люстэрку. З кухні смачна пахла смажаным. Ён удыхаў гэты пах і, усё больш хвалюючыся, зноў пачынаў сланяцца па пакоях. Але як толькі, прасігналіўшы, каля веснічак спынілася першая «Пабеда» і Аляксей выйшаў на ганак сустракаць гасцей, усё засланіў гаспадарскі клопат. Ён правёў гасцей у пярэднюю, паклікаў жонку і, знаёмячы сталінградцаў з Зосяй, пачаў памагаць ім распранацца. Нават калі надышла чарга да Краўца і той, бліснуўшы вачыма на Зосю, зухавата спытаўся, а чаму не знаёмяць яго, Аляксей знайшоў у сябе сілы адказаць жартам: такога, маўляў, выдатнага муляра і так усе ведаюць. Пасля, каб забавіць гасцей, быццам нічога і не здарылася, павёў усіх аглядаць сад.

Яблыні стаялі строгімі радамі. Яшчэ негустыя іх кроны, нібыта прыслухоўваючыся да навакольных гукаў, ледзь акрэсліваліся на перадвячэрнім небе.

— Маладзец! — першы пахваліў Кухта.— Калі б кожны за сваё жыццё пасадзіў столькі дрэў, вырас бы цэлы акіян.

— У нас па дваццаць шэсць метраў на душу запланавана такой раскошы,— кінуў Кравец.— Дый расце ўсё быццам звар’яцеўшы. Канадскі клён, чортушка, аж на два метры за год шугае.

— Тут таксама расце...— жадаючы пярэчыць усяму, што ні скажа Кравец, стрымана прамовіў Аляксей.— Абы праца. А то бывае і так: прала, ткала, шыла, ды ўсё языком. Ты вось скажы: колькі сам пасадзіў? Свае метры, мабыць, другому перадаў?

— У нас падзел працы існуе,— не збянтэжыўся Кравец.— Я сцены мурую, а другія ў трэсце зялёных насаджэнняў працуюць. Так нават спарней выходзіць. Скажы, чаму прараба не запрасіў? Свой жа хлопец...

— У нас, у нас,— пераймаючы інтанацыю Краўца, засмяяўся інжынер Рыбакоў.— Можна падумаць, што мы недзе ў трыдзесятым царстве жывём.

— А што, не так ужо і блізка,— наравіста страсянуў чубам Кравец.— І вы дзяліцца вопытам не перашкаджайце. Няхай толькі гаспадар руку з кішэні выйме. Не іначай камень на ўсякі выпадак нарыхтаваў. І няхай не задаецца — нас муляр зусім не бутуе.

— Гэтага мы не бачылі,— ужо з адкрытай непрыязнасцю сказаў Аляксей.— А што да прараба... Ён, сапраўды, свой, а не мой.

У доме запалілі электрычнасць. У акне паказалася зграбная, у святле зусім дзявочая Зосіна постаць. Зося расчыніла акно, і ў сад палілася музыка. Яна хлынула нечакана, хвалямі, і ўсё ад яе паіначала наўкол. Малады сад ахінула таямнічая сцішнасць. На пацямнелым небе Аляксей раптам убачыў зорку, потым другую і яшчэ, яшчэ...

— Купіў прыёмнік,— прамовіў ён глухавата, забыўшыся, што ўжо гаварыў пра гэта.— Хочацца, каб лепей было. А з табой, Мікола... Я згодзен, калі табе не страшна, давай пазмагаемся.

— Ды вы хоць па руках ударце! — параіў Кухта, падштурхнуўшы Аляксея да Краўца.

У акне зноў паявілася Зося і запрасіла ісці ў дом.

 

5

Ён прачнуўся гадзін пад тры і больш ужо не мог заснуць. Галава, нібы налітая свінцом, трашчала. Балюча было нават думаць. Паваляўшыся, ён не сцярпеў і ўстаў з ложка. Захацелася чорнага хлеба і сырой вады. Аляксей паплёўся ў кухню, пашукаў там у тумбачцы кавалак самага чэрствага хлеба, пасаліў яго, зачэрпнуў конаўкаю вады з вядра і сеў за стол.

Трохі адлягло.

Выпіваў Аляксей нячаста і пахмяляцца не прывык. Млоснае трымценне ў грудзях і боль у галаве даводзілася перамагаць воляй. Праклінаючы сябе, што піў учора больш за ўсіх, ён успёрся локцямі на стол і сціснуў скроні. У памяці сталі ўсплываць асобныя фразы, кінутыя або пачутыя ўчора. Быццам з каламуці вынырнуў кпліва-ўпэўнены твар Краўца. Узнікла і пачала жыць трывога, ці не дазволіў ён сабе чаго лішняга, ці не пакрыўдзіў каго з гасцей. Памятаў толькі, як цягнуўся да Краўца, абдымаў яго і пераконваў, што дарэмна той дае згоду спаборнічаць з ім, Аляксеем. «Ты на рукі зірні. Бачыш? Сенька, брат мой, саракапудовую бабу, што палі забіваюць, адной рукою кантаваў. Чуеш?.. У нас у брыгадзе майстроў ніжэй шостага разрада наогул няма. Дзівак ты няшчасны!» І калі б не Зося, усё, мусіць, скончылася б яшчэ горай.

«Эх ты, гаспадар! — каяўся і кляў сябе Аляксей.— Прыёмы яшчэ наладжваеш... Дык вось ідзі цяпер і прасі прабачэння ў сталінградцаў і Кухты...» І чым больш успамінаў ён учарашняе, тым больш яно здавалася яму ганебным.

Ледзь дачакаўшыся, калі ўстала Зося і ўзялася гатаваць снеданне, ён пачаў яе распытваць:

— Я, мабыць, п’яны быў учора? Галава развальваецца. Быў, га?

— Няўжо ж не быў! — сярдзіта адказала Зося.

— І што за праява такая? Быццам на згубу павяло. Як з гары каціўся. Усё хацеў, каб Кравец ведаў...

— Ну вось і ўведаў,— усё яшчэ непрыхільна прамовіла Зося, здагадваючыся, чаго ад яе дамагаецца Аляксей.— Пад самым яго носам так рукамі даводзіў, што лепей не скажаш.

— А Кравец?

— Што Кравец! Усміхаўся і за гаспадара быў.

— Ат, ліха на яго!

Сям’ю мацуюць не толькі ўдачы. Калі ў ёй жыве любоў, яе мацуюць і трывогі, непрыемнасці. Той, каго напаткала бяда, горнецца да свайго найбліжэйшага і цяпер адзінага абаронцы. А той, каму трэба суцяшаць, крануты, што ў яго шукаюць падтрымкі, прасякаецца спачуваннем і ласкаю мацнейшага. І так усталёўваецца яшчэ большая згода. Зося палюбіла Аляксея ўдачлівага, але з цягам часу, прывыкнуўшы да яго, пачала шанаваць мужа і няшчаснага, вінаватага. Яна туліла да сябе яго вялікую галаву і сядзела так моўчкі. Ён цяжка дыхаў, яму было нязручна, але ён не варушыўся, рахманы, паслухмяны. Такі ён аставаўся яшчэ нейкі час, калі непрыемнасці ўжо міналі, хадзіў па нітачцы, і гэта быў самы шчаслівы для Зосі час.

Бачачы, як пакутуе Аляксей, яна ўздыхнула:

— Ты не аднаму Краўцу грубіяніў. Ты і Кухту чысціў.

— Кухту? — з просьбаю аб літасці, быццам Зося магла зрабіць так, каб гэтага не было, упяўся ў яе Аляксей.— Як я мог?

— У сябе спытайся. Сказаў, што некаторым кіраўнікам таксама не шкодзіць у цябе павучыцца. А выхваляўся як! Бюракратаў лапушыў! Жаваў і сваё вёў...

— І Кухту?

— Інжынер сталінградскі, здаецца, запісаў нешта,— са шкадаваннем сказала Зося, бяссільная прагнаць успаміны аб Краўцу. Як ён глядзеў на яе! Што казаў вачыма! А яна? Апасалася — толькі б не астацца з ім сам-насам.

Не, яна не баялася свайго колішняга захаплення: ад яго абараняла сям’я. Але, як відаць, не ўсё можна забыць з перажытага, не ўсё закрэсліць...

— Ой-ёй-ёй! — роспачліва заківаў галавою Аляксей.— Вось праява! У нас жа і так бывае: пагразі ў цёмную ноч кулаком — раніцой абавязкова спытаюцца, каму гразіў. Ды калі б я не паважаў Кухту або вока на яго меў. Пакрыўдзіўся, мабыць?..

Ён правёў Зосю са Святланкаю да ясляў, а потым адну Зосю да школы — якраз на прышкольным участку збіраліся вучаніцы — і развітаўся вельмі неахвотна, нібы баяўся астацца адзін.

На будоўлю ён прыйшоў з трывогаю і, падазрона прыглядаючыся да кожнага, каго сустракаў, нехаця падняўся да сябе на рыштаванне.

Час ішоў марудна. Здавалася, ён пакідае ў галаве цягучы нудны шум. І гэты шум толькі і жыве ў Аляксея, а астатняе стаілася. Рукі працуюць самі сабою. Ён нават не ведае, якую аперацыю яны вось цяпер выконваюць. І Аляксей некалькі разоў лавіў сябе на тым, што як бы прачынаецца, і кожны раз здзіўляўся: якім чынам яму ўдаецца ўсё рабіць як след? Да яго з запытаннямі падыходзілі Сурнач, Прыбыткоў. Пра нешта смешнае расказваў падручны. Але надакучлівы шум заглушаў усё, і праз яго настойліва і выразна прабівалася толькі адна думка: трэба ісці да Кухты, растлумачыць і пакаяцца.

Аляксей ледзь дачакаўся абедзеннага перапынку і, калі ўдарылі ў рэйку, тут жа скінуў фартух, вымыўся і пабег у Галоўмінскбуд.

Сустрэў ён Кухту на лесвіцы. Зашпільваючы гузікі на пыльніку, той збягаў па прыступках. Ззаду за ім, накульгваючы, ледзь паспяваў галоўмінскбудаўскі фатограф з доўгімі, як у папа, валасамі.

— Ты да мяне? — не спыніўся Кухта і жэстам паказаў, каб Аляксей ішоў за ім.— Пагутарым па дарозе. У трэцім трэсце ўмудраюцца цэглу на насілках насіць. Быццам тачак ім не хапае. Дык хачу зафатаграфаваць і на памяць работнічкам прыкласці да загаду.

— Я па асабістай справе,— употай зірнуў Аляксей на фатографа.

— А ты думаеш, насілкі не асабістая справа? Гэта, браток ты мой, коснасць! Самая што ні ёсць асабістая коснасць кіраўніка і прараба... Ты, вядома, пра ўчарашняе прыйшоў гаварыць? Ну, давай спавядайся.

— Я хацеў, Павал Ігнатавіч, прабачэння ў вас прасіць,— выціснуў з сябе Аляксей, крыху падбадзёраны, што Кухта пачаў размову з непаладак на будоўлях.

— У мяне? — узняў адно плячо Кухта.— Гэта чаму ж у мяне? Калі прасіць ужо, дык у будаўнікоў нашых. Ты ж ад іх імя дэманстраваў сябе: глядзіце, якія мы! Што, не?

— Я быў п’яны.

— Думаеш, ты адзін знайшоўся такі гасцінны? Не, браток, не думай. А што выйшла? Уявіў, робіш усім гонар — і нам і ім. Уявіў і пачаў куражыцца...

Словы Кухты сцябалі Аляксея. Ён не мог ашукваць сябе — у іх была праўда. Яна даходзіла, але, даходзячы, выклікала адно пачуццё — трывогу. Перад ім раскрывалася мера яго віны, і ён прыкідваў, шукаў па ёй меры пакарання. І за пакаранне, трэба сказаць, трывожыўся мацней, чым за віну. Яму былі ўжо дарагія людскі давер, павага, і Аляксей перажываў, што можа страціць іх. Заглядаючы ў твар Кухту, ён дакрануўся да рукава яго пыльніка і спытаўся:

— Дык што мне рабіць, Павал Ігнатавіч?

— Як што? — сярдзіта вылупіўся Кухта.— Думаць, што робіш! І думаць з вышыні таго паверха, на якім працуеш...

У Аляксея адлягло ад сэрца. Значыць, ні аб якім пакаранні Кухта не думае, хоць, вядома, нездаволены і сярдуе. Ну і няхай... Дый ці так ужо вінаваты ён на самай справе? Што ён асаблівага зрабіў? Зося заўсёды і ва ўсім такая. У яе вечна перасцярогі і страхі за яго гонар. Ён сваёй працай купіў сабе права рабіць заўвагі, каму захоча. Яшчэ ніхто не бачыў работы Краўца, і няхай той не надта ганарыцца. Дый Кухта... Няхай любіць крытыку. А яго, Аляксеева, праца відаць кожнаму. Яна вунь і на праспекце і на другіх вуліцах. За яго не будуць чырванець. І ўсё-такі, каб канчаткова выведаць, што думае Кухта, Аляксей спытаўся зноў:

— А як з маёй просьбаю, Павал Ігнатавіч? Я ж прасіў сталінградцаў, каб дазволілі дом пабудаваць у іх. Там я апраўдаю, будзьце ўпэўнены...

Было горача. Ад хуткай хады грузны Кухта ўспацеў. Ён зняў кепку, выцер яе нутро хусцінкаю, абмахнуўся, як веерам.

— Давядзецца пакуль што пачакаць, Урбановіч...

— Чаму гэта?

— Бачыш,— шукаючы словы, пстрыкнуў пальцамі Кухта.— Неўзабаве для цябе, дый не толькі для цябе, будуць другія справы. Сёння паведамілі, што мы атрымліваем папаўненне з ФЗН. І тваю брыгаду прыйдзецца расфарміраваць.

— Палохаеце? — адхіснуўся Аляксей.— Як расфарміраваць?

— Звычайна. У цябе ўсе майстры. Мацёрыя. Учора ты добра пра гэта сказаў. Кожны сам можа быць брыгадзірам. А табе дамо новых, з фабзайцаў. Падвучыш — падумаем і пра Сталінград.

Аляксей спыніўся.

— З пацанамі важдацца?

Спыніўся і Кухта. Ён, пэўна, чакаў такой рэакцыі, бо спакойна ўзяў муляра за гузік пінжака і прыцягнуў да сябе.

— Не да смаку? А ты выйдзі на праспект, паглядзі. На рух, на людзей, на афішы — на ўсю гэту дабрыню. А будынкаў — раз, два, і ўсё. Што гэта такое? Адставанне, браток ты мой, наша адставанне. Не, не канчаем мы, а пачынаем толькі.

— За чужы кошт лягчэй за ўсё вымяркоўваць. Ахвочыя ў нас да гэтага.

— Тады іншае выйсце падкажы.

— Няма чаго мне падказваць... Адно толькі скажу: ажыццяўляйце тады свае праекты гвалтам... Калі права маеце...

Аляксей крутнуўся і з апушчанымі плячыма, нібыта яму цяжка было несці свае вялікія рукі, закрочыў прэч ад Кухты.

 

РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ

 

1

Некалькі начэй запар ішлі дажджы. Як па раскладу, кожны раз у адну пару. Перад захадам сонца на даляглядзе паяўлялася хмара. Вызірнуўшы з-за небасхілу, спынялася і чакала, пакуль зыркае сонца хавалася за яе. Біруза пералівалася, гасла, а хмара расла. Ад гэтага цямнела хутчэй, чым звычайна, і здавалася, хмара павінна вось-вось прайсці над горадам. Але яна яшчэ доўга гасіла зоры і толькі пад поўнач, нябачная, пралівалася цёплым, спорным дажджом.

Роўна і весела дождж ліў аж да золку. Ён падаў аднекуль з цемры на горад, на яго пакуль што не забрукаваныя плошчы, на пустыя па-начному, часта не азначаныя яшчэ дамамі, вуліцы, на расчышчаныя ад руін пусткі, на новабудоўлі, скверы і ціхія ўскраіны.

Горад змаўкаў, як нежылы. У наваколлі адно панаваў бясконцы гоман дажджу, што лапатаў па дахах дамоў, ірваўся з вадасцёкавых труб, цурчаў па вадастоках. Толькі ў святле рэдкіх вулічных ліхтароў было відаць, як, пакідаючы тонкія, падобныя на ніткі, сляды, дождж падае на зямлю, у лужыны, на якіх успучваюцца і адразу некуды плывуць мутнаватыя бурбалкі. Ды наўкол матавых шароў дзе-небудзь на Камсамольскім бульвары або ў Тэатральным скверы можна было бачыць, як кроплі дажджу прыгінаюць лісце і з іх зліваюцца ўжо цурком.

Там жа, дзе яшчэ не было будынкаў і развінаўся нябачны далягляд, самі гарадскія агні нагадвалі зоры. Немігаткія поблізу і трапяткія, мігатлівыя ўдалечыні, яны свяціліся, не даючы святла. Па іх негустым россыпе адно і можна было ўгадаць, дзе канчаецца зямля і пачынаецца неба,— зоры свяціліся на зямлі, а над імі чарнела апраметная цемра.

Цемра і дождж...

Пасля такіх дажджоў мяняецца нават лес. Паміж дрэў падымаецца і, дасягнуўшы крон, застывае не то туман, не то сіняя смуга. Ствалы сосен трацяць мядзяны колер, сівеюць, і на іх вырастае падобны на грыбы лісічкі калматы мох.

На досвітку дождж сціхаў. Неба хутка ачышчалася. І хоць усюды і скрозь паблісквала вада, і будынкі, платы, брук былі пацямнелыя, світанне надыходзіла яснае, пранозліва чыстае. Трапяткое ззянне ўзнімалася з-за небасхілу, разлівалася па небе і ўжо адтуль бруілася на зямлю. Авеянае свежасцю, але надзіва ціхае і санлівае, яно спускалася на горад, як ціхая-ціхая песня. І, як гэта бывае, бадай што толькі на світанні, пасля дажджу, усё сцішвалася ад чакання нязведанага.

Пад шум дажджу спалася добра. Дождж барабаніў па даху барака гулка, настойліва, і, як толькі канчаўся, Валя прачыналася ад цішыні. Яна ўсхоплівалася, бы па сігналу, і адчыняла фортачку, калі звонкія кроплі яшчэ падалі з даху.

У пакоі Валя жыла зноў адна — сяброўкі раз’ехаліся хто куды. Кожны раз яна ўключала электрычнасць, наспех рабіла фіззарадку, умывалася і, не заслаўшы ложка, садзілася за стол.

Трэцяга дня, калі яна апоўначы вярталася з дзяжурства ў рэдакцыі, таксама лінуў дождж. Выйшаўшы з аўтобуса, Валя прабегла паўквартала і шмыгнула ў першы, што трапіўся, пад’езд. Тут было чорна, як у печы, і яна не адразу ўбачыла, што паблізу стаіць нехта яшчэ. Дый увагу яе адцягнулі характэрныя для прахадных памяшканняў пах і сырасць.

Але, асвойтаўшыся, Валя за тры-чатыры крокі ад сябе разгледзела пару. Абняўшы за шыю хлопца, дзяўчына вісела на ім і лісліва мурлыкала:

— Ты, Косця, умееш. Зінка і тая ў захапленні ад цябе. Дурніцай, кажа, будзеш, калі ўступіш каму...

Валю і раней шмат што раздражняла ў Алешку: яго задзірлівае нахабства, нейкі няшчасны стаіцызм, выпіўкі, адносіны да недазволенага... Да таго ж цяжар, які гнёў Алешку, перадаваўся і ёй. Усё радзей знаходзіліся словы, якія радавалі б яго. А хіба сакрэт, што цяжка кахаць, калі не радавацца разам?

Пасля ж выпадку ў парку Валя наогул рашыла пакуль што не сустракацца з ім. І ўсё-такі гэты шэпт ашаломіў Валю. Баючыся азірнуцца, яна рынулася з пад’езда і, пачуўшы, як засмяяліся ёй услед, пад праліўным дажджом пабегла дадому.

Не было сумнення — Алешка цямніць, шукае ўцех з другімі. Зося, яе добрая Зося, таксама пакутуе. Ад гордасці яна не гаворыць пра гэта, ды хіба схаваеш, калі нешта грызе цябе. Цяжка і Юркевічу. Яму патрэбны падтрымка, спачуванне. І трэба пісаць!

Пра што? Вядома, пра жыццё! І перш за ўсё пра прыгажосць, пра горад. Вунь якім абяцае ён быць!.. Зрабіць яго — а гэта ж таксама жыццё! — як мага прыгажэйшым. Увянчаць будынкі скульптурнымі групамі. На плошчах, у парках паставіць абеліскі, статуі. Узняць трыумфальныя аркі пры ўездах у горад... Хіба гэта не прымусіць людзей часцей думаць аб сабе і другіх? Хіба задаволеная прага хараства, дадзеная чалавеку прыродаю, не зробіць сваё?

Валя садзілася за стол, у грудзях яе разгараўся жар, і неўзабаве на ўсім свеце не аставалася ўжо нічога, апрача яе і думак, якія біліся ў пошуках. Думак было многа. Яны роіліся. Але кожная з іх, цікавая сама па сабе, ніяк не хацела станавіцца ў рад з іншымі, а калі, усё ж падагнаная, станавілася, то безнадзейна бляднела. Цяжка таксама даваліся словы. Пад руку, як на тое, трапляліся шэрыя, сцёртыя. Яны не толькі не перадавалі пачуцця, што ўзняло іх з глыбінь душы, а гасілі яго. Але вось гэтыя пакуты слова, гэтае будаванне з хаосу думак нечага стройнага якраз і таілі ў сабе асалоду.

Кожны раз, збіраючыся на работу, Валя хавала спісаныя, пакрэсленыя лісточкі ў сумку і несла з сабою ў рэдакцыю. Аднак так і не адважвалася прачытаць напісанае нават загадчыку аддзела Ісаку Лочмелю, які сам нядаўна стаў газетчыкам.

Яна здагадвалася: Лочмель таксама піша і не толькі тое, што друкуе,— справаздачы, рэпартажы, заметкі. Ён наогул падабаўся ёй: чаго б там ні гаварылі — франтавік! Імпанавала, што, неахвотна ўспамінаючы аб вайне, ён жыве ёю: падабаліся яго цёмныя сумныя вочы і тое, што ён рэдка ўстае з-за стала і заўсёды на спінцы крэсла вісіць яго кавенька. Расказвалі, калі пачаліся аднаўленчыя работы і на Стара-Віленскай вуліцы сталі будаваць некалькі драўляных дамоў, Лочмель, інвалід, зачасціў туды і шчыра цешыўся, бачачы, як на схіле гары яны растуць, як рабочыя ставяць на вуліцы частакол, раўнуюць земляныя тэрасы, абкладаюць адхоны дзёрнам. У партфелі ў яго заўсёды ляжала бібліяграфічная рэдкасць пра Мінск, і ён ведаў цікавейшыя факты з яго мінулага. Валя зайздросціла і здзіўлялася — адкуль такое можна выкапаць, якім чынам можна скалекцыяніраваць і зберагчы ў памяці? Мусіць, гэта было галоўнае, што звязвала яго з жыццём, давала сілы. І ён акуратна наведваў публічныя выстаўкі архітэктурных праектаў, быў у курсе розных конкурсаў, удзельнічаў у злётах і агульнагарадскіх сходах будаўнікоў. Усё гэта збліжала Валю з Лочмелем. Але і яму яна не асмельвалася паказаць, што пісала...

Валя прачнулася, як і ўсе гэтыя дні, ад таго, што стала ціха. У сне яна не пераставала думаць аб артыкуле і ўстала з адчуваннем, што ёй прыходзілі цікавыя думкі. Намагаючыся ўспомніць іх, яна падышла да акна і працягнула была руку, каб адчыніць фортачку, але раптам адхіснулася. Прамоклы да ніткі, пад акном стаяў Алешка. Яшчэ не зусім развіднела.

— Косця! — спалохана прыкрыла яна выраз начной сарочкі на грудзях. — Чаго табе?

— Адчыні,— прастуджаным голасам папрасіў ён, прыблізіўшы твар да шыбы і абапіраючыся рукамі на раму.— Я месца сабе не знаходжу. Ну, няхай я брыдка паводзіў сябе. Ты чуеш? Няхай! Але ж гэта кахаючы. Адтуль я цябе на руках панёс бы. Я дзеля цябе, чысцюлька, мо і ў Політэхнічны рыхтаваўся. І каб не мандатная камісія, думаеш, не паступіў бы?

Твар у яго быў зямліста-шэры, вочы ліхаманкава паблісквалі.

Валя босая, з голымі плячыма і распушчанымі валасамі бездапаможна стаяла пасярод пакоя.

— Чаму маўчыш? Тады бяры вунь сваю фінку — рэж!

Яна разгублена акінула позіркам пакой, шукаючы, дзе можна б схавацца. І не знайшоўшы такога месца, крыкнула:

— Адыдзі ад акна, Кастусь!

Алешка стукнуў кулаком па раме, саскочыў з прызбы.

— Праганяеш! — ужо не звяртаючы ўвагі, што яго могуць пачуць другія, пачаў ён іначай дамагацца свайго.— Як сабаку шалудзівага гоніш! Раней патрэбен быў, а цяпер не? Недатыка ты няшчасная! Больш заслужаны знайшоўся? А?

Валя адшукала халат, надзела яго і зноў падышла да акна. Адчыніўшы фортачку, упэўненая, што робіць правільна, адказала:

— Наракай на сябе, Кастусь... Я ж цябе бачыла ў пад’ездзе... Не патрэбен ты мне такі. Я таксама партызанка і гордасць маю.

— Што «гордасць», што «бачыла»? — азвярэў Алешка.— Мужчына я ці не? Няўжо і гэтага, чысцюлька, уцяміць не можаш?

— Замаўчы, а то апрацівіш зусім!

Калі б у Алешкі было што-небудзь пад рукою, ён, безумоўна, пусціў бы яго ў ход. Пісталет — узняў бы страляніну: на, вазьмі з’еш; палка — пачаў бы крышыць усё наўкол; граната — вырваў бы загваздку, кінуў пад ногі: прападзі яно ўсё пропадам!.. Але ў яго з сабою нічога не было, і ён, схапіўшыся, як апантаны, за галаву, мацюкаючыся, кінуўся прэч.

Прыпаўшы да шыбы, Валя счакала, пакуль Алешка схаваўся за вуглом суседняга будынка, і вярнулася да ложка. Але сілы адразу паменшала, і яна, прыціснуўшы руку да горла, упала тварам у падушку.

Яна праплакала з паўгадзіны, сама толкам не ведаючы, чаго плача, і няясна адчуваючы, што не так усё проста. Але паступова, як гэта бывала заўсёды, ёй стала лягчэй — на сэрца лёг самотны спакой...

Аднак, калі позна ўвечары Валя вярнулася з рэдакцыі, смутак з новай сілаю агарнуў яе. Зноў захацелася плакаць, скардзіцца. Яна паспрабавала чым-небудзь заняцца. Узялася была за кнігу, але літары мітусіліся ў вачах, і сэнс прачытанага не даходзіў да свядомасці. Паспрабавала пісаць, але думак не было, дый усё гэта раптам здалося ёй нікчэмным, пустым: хіба зменіш людзей артыкульчыкамі?

Захінуўшы фіранкі, прымацаваўшы над імі кнопкамі газету, Валя ніцма бахнулася ў пасцель. Але сон не прыходзіў, пакуль апоўначы не лінуў дождж, як і ўсе гэтыя ночы, спорны, цёплы.

 

2

І ўсё-такі Валя артыкул напісала.

Яна якраз перачытвала яго, як пачуўся званок — выклік да рэдактара. Рыхтаваўся нумар, прысвечаны аднаўленню Мінска. Трэба было пагутарыць з галоўным архітэктарам і праехаць на нядаўна прынятыя аб’екты, каб сабраць матэрыял аб недаробках будаўнічых арганізацый. Заданне трошкі збянтэжыла Валю: артыкул, па сутнасці, закранаў Васіля Пятровіча, і сустракацца з ім адразу здалося няёмка. Але радасць часта бывае неразважлівая. І неўзабаве Валя не толькі згадзілася, але і знайшла ва ўсім гэтым нешта займальнае.

«Няхай любіць праўду,— падумала яна і ўявіла, які стрымана афіцыйны будзе твар у Васіля Пятровіча.— Нам, што зазналі вайну, не прывыкаць...»

Выйшаўшы з рэдакцыі, яна разгарнула газету і на хаду пачала яшчэ раз праглядаць артыкул, які ведала ўжо на памяць. На яе азіраліся, а яна ішла і ішла, не звяртаючы ні на кога ўвагі. Нават здзівілася, як трапіла на аўтобусны прыпынак.

У прыёмнай у Васіля Пятровіча сядзелі два наведвальнікі — поўны, з паголенай галавою мужчына і вылізаны, бясколерны малады чалавек.

Сакратаркі за сталом не было, і, калі званіў тэлефон, мужчына па-гаспадарску здымаў трубку і з выглядам, што яму гэта надакучыла, адказваў.

На Валю яны не звярнулі ўвагі. Пабліскваючы вачыма, мужчына жэстыкуляваў і, быццам крапіў з рота вадою, пырскаў смехам. Малады чалавек стрымана ківаў у знак згоды і папраўляў акуляры, дакранаючыся да іх безыменным і вялікім пальцамі.

Валя прыслухалася да іх гутаркі, і пачуццё, з якім яна ішла сюды, стала знікаць.

Ляпаючы субяседніка па калене, нахіляючыся так, што карак і шыя ў яго чырванелі, мужчына разносіў Валін артыкул:

— Гэта агульшчына! Фантасмагорыя! Ну добра, помнікі, бюсты, статуі. Гэта мы вітаем. Але айн мамэнт, як казалі немцы. Каму помнік? Ну, скажам, Скарыну, Каліноўскаму. Але іх недзе ж трэба паставіць. Уключыць у ансамбль, упісаць. Як? Дзе? Ці не побач з будучым універмагам? Пс-с-с! Скарына — і універсальны магазін!

— Весела,— згадзіўся малады чалавек, але твар у яго астаўся сумна-сур’ёзны.— Помню, пасля вайны адзін энтузіяст таксама праз газету дамагаўся, каб у горадзе тэрмінова стварылі пантэон. Дый не абы-які — абавязкова лепшы за пантэон Агрыпы ў Рыме. А на Даўгабродскай у гэты час жыта яшчэ расло і зайцы ў трампарк па начах забягалі.

— І скажыце вы мне, калі народ наш хадзіў пад гэтымі трыумфальнымі аркамі? Яны ж як фігі будуць тарчаць. Няўжо няясна, што ў кожнага народа свой рытм і формы?

Кроў прылівала і адлівала ад Валінага твару. Стала балюча, непамысна, крыўдна. Балюча, бо лёгка развейваліся вынашаныя ёю думкі. Непамысна, бо яна сапраўды выглядала наіўнай дзяўчынкаю. Крыўдна: не знаходзілася слоў, што можна было б проціпаставіць чутаму. Успомніўся чамусьці і Алешка.

Яна была так занятая ўсім гэтым, што не заўважыла, як дзверы кабінета адчыніліся і ў іх паказаўся Васіль Пятровіч.

— Заходзьце,— запрасіў ён яе.— Прачытаў ваш артыкул...

У Валі заняло дух.

— Заходзьце, чаго ж вы? — паўтарыў ён, чакаючы яе.— Для нас, архітэктараў, вельмі важна харошае пачуццё. Матэрыял, дапусцім, непадатлівы — цэгла, дрэва, бетон, а ідзеш ад пачуцця. Гётэ сцвярджаў, што архітэктура — акамянелая музыка.

— У Янкі Купалы ёсць таксама нешта накшталт гэтага,— крыху ажыла Валя і прайшла ў кабінет.— Купала назваў адзін княжацкі замак полымем скамянелых сэрцаў.

— Я ўяўляю яго. Шэры, пракляты і... усё роўна прыгожы. Бо ў мурах яго — праца і талент народа. Скамянелае полымя сэрцаў...

Ён не заўважыў, як чуць змяніў купалаўскія словы, і паказаў Валі на крэсла.

— А наконт астатняга трэба вось што сказаць. Мы не такія багатыя, Валя, каб будаваць таннае. Мы хітрыя... Ад стандартных фігурак дыскаболаў і баскетбалістак, якіх управіліся наставіць каля парку і ў парку, радасці мала. А пры нашым клімаце... проста сорамна. Стаяць зімой у адных трусіках. Босыя, белыя. На плячах снег. Навокал снег. Ад іх голага хараства мароз па спіне прабягае. А кожную вясну тынкуй, фарбуй...— І зноў накіраваўся да дзвярэй.

З вялікай папкаю, злосны ад збянтэжанасці, увайшоў мужчына з паголенай галавою. Хмурачыся, прадэфіліраваў да пісьмовага стала. Моўчкі развязаў папку.

— Вы не знаёмы? — сеў зручней у крэсла Васіль Пятровіч, быццам збіраўся доўга гаварыць.

— Барушка,— нехаця адрэкамендаваўся той і з выглядам, што прадбачыць несправядлівыя меркаванні і загадзя адхіляе іх, паклаў папку на стол.

Ён зрабіў на Валю супярэчлівае ўражанне. Упарты высокі лоб, энергічны падбародак і, перад усім, нейкая яснасць твару, што скрашвала грубаватыя і няправільныя рысы,— прываблівалі яе. Жорсткі ж, рэзка акрэслены рот і грэблівая грымаса, што часта набягала на твар, выклікалі непрыемнае пачуццё. А магчыма, гэта толькі здалося Валі — яна не магла прыхільна паставіцца да Барушкі.

— Будынкі сталі лепшыя,— прагледзеўшы чарцяжы і старанна падбіраючы словы, сказаў Васіль Пятровіч.— Больш удала завязалася аснова. Але... м... на маю думку, галоўнага адолець не ўдалося.

Барушка пабарвавеў.

— Я думаю, мы маем права на свае погляды. Маем права шукаць і, па-мойму, нават памыляцца.

Было відаць: яго стрымлівае, але і прыўзнімае Валіна прысутнасць.

— Мы не з тых, каму знаёмая дарога здаецца бліжэйшай.

— У Горкім, кажуць, ёсць дом, дзе, каб трапіць на першы паверх, спярша трэба падняцца на другі...— запярэчыў Васіль Пятровіч.— Аднак, па-мойму...

Зазваніў тэлефон. Васіль Пятровіч, як здалося Валі, з палёгкаю зняў трубку, але, прыкрыўшы мембрану, дакончыў:

— Але гэта не лепшы варыянт і не такое ўжо арыгінальнае рашэнне. Я многае ўзважыў, Сямён Захаравіч... Так і перадайце начальству...

Калі Барушка выйшаў, а за ім і малады чалавек, які аказаўся работнікам трэста зялёных насаджэнняў, Васіль Пятровіч нечакана прапанаваў:

— Ведаеце што?

— Не.

— Пакуль не затрымалі, паедземце разам. Пакажу недаробкі сам. Вось сюды, напрыклад. На Понтусаўку... Усё роўна адступаць няма куды.

Узяўшы са стала адзін са скруткаў, ён разгарнуў яго. Гэта быў эскізны праект новых кварталаў каля тэатра оперы і балету. Каб схаваць прыхільнасць, што свяцілася ў вачах, прыжмурыўся.

— Гэта, Валя, таксама аддушына. Пры такім розруху на высокім стылі не ўтрымаешся. Дзіўным тут, бадай, з’яўляецца другое — незразумелыя крайнасці Понтуса. Няўжо ён і тут шукаў? Але... ды не аб ім цяпер размова. Бачыце, як укараняецца фікс-ідэя...

Не даязджаючы да Камсамольскага бульвара, яны сустрэліся з водапаліўной машынаю. Абцякаемая, шэра-зялёная, яна нагадвала вусатую жывую істоту. З яе ва ўсе бакі білі струмені. На іх іграла вясёлка. «Масквіч» праскочыў міма. Пырскі ўдарылі ў бок і ў шкельцы вокнаў. Валя міжвольна зажмурылася і паправіла валасы. Зірнуўшы на Васіля Пятровіча, убачыла: ён таксама ўсміхаецца і працірае насоўкаю пенснэ, быццам на яго трапілі пырскі.

 

3

Колькі разоў праходзіў або праязджаў Васіль Пятровіч па гэтых вуліцах! Ён на памяць ведаў іх памеры, працэнты ўхілаў, гісторыю амаль кожнага дома. Але кожны раз абавязкова заўважаў што-небудзь незаўважанае. То незадаволена хмыкаў і абураўся, што кепска даглядаюць вуліцы, і пачынаў развіваць думку — варта было б узняць зацікаўленасць дворнікаў і ў вялікіх дамах планаваць спецыяльныя дворніцкія. То шкадаваў: калі быў у Доме адпачынку, замест ліп па Садовай пасадзілі дубкі, а яны дужа позна распускаюцца і ўвосень, да самага снегу, на іх зябка матляецца жоўтае бляшанае лісце. То цешыўся: набліжаецца час, калі можна будзе пусціць на злом баракі на Траецкай гары, якія побач з тэатрам як бяльмо.

— Вуліца любіць парадак, Валя,— і цяпер казаў Васіль Пятровіч.— Яна павінна быць па-свойму строгай, як простая лінія. Вы паглядзіце на Неўскі...— І пачаў расказваць пра Неўскі, пра вуліцу Росі ў Ленінградзе.

Збочылі ў новую вулку, і «Масквіч», падскочыўшы, закулдаўся на выбоінах. У некаторых месцах каляіны былі такія глыбокія, што ён днішчам чырыў па зямлі і ўздрыгваў ад удараў. Да гэтага маўклівы шафёр зачартыхаўся, азіраючыся назад пры кожным удары.

Абапал разбітай у калдобінах вуліцы стаялі дамы, падобныя на фінскія. Белыя, новенькія, яны, аднак, выглядалі прыземіста, няўклюдна. Ні тратуараў, ні агароджы паміж імі не было. Злева цягнулася глыбокая траншэя, цераз якую былі пакладзены дошкі.

— А што тут робіцца ў дождж,— абурыўся Васіль Пятровіч.— Бачыце, уздоўж дамоў накідалі камення.

І той, хто спрытны, пераскоквае з каменя на камень. А хто вінаваты? Метр! Звычайны квадратны метр жылой плошчы. Кухта маладзец, але і ён хоча, як сам кажа, хадзіць сярод тых, хто выконвае план!

Ён папрасіў шафёра спыніць машыну пасярод квартала, насупраць дома з шатровым дахам. Дом стаяў не на лініі вуліцы, а адступіўшы ўглыб, і праз усю пляцоўку, што была перад ім, да аднаго з пад’ездаў былі пакладзены дошкі.

— Няблага зайсці б сюды,— ухмыльнуўся Васіль Пятровіч.— Тут, хутчэй за ўсё, жыве нехта з будаўнікоў. Бачыце, дошкі? Цікава, як ён будзе апраўдвацца.

Хоць усюды было суха, яны пайшлі па дошках. У пад’ездзе Васіль Пятровіч прапусціў Валю наперад і, падымаючыся па лесвіцы ўжо следам, папярэдзіў:

— А зараз пішыце...

Сцены лесвічнай клеткі былі пабелены, але панель, адзначаная сіняй рыскаю, так і асталася непафарбаванай. Поручняў не было. На верхняй пляцоўцы, адкуль дзверы вялі на гарышча, стаялі аблепленыя глінаю сталюгі.

Пастукаўшы ў першую кватэру, што трапілася на другім паверсе, і не дачакаўшыся адказу, Васіль Пятровіч пхнуў дзверы і ўвайшоў у вузкі калідор. Адсюль быў відзён адзін з пакояў — светлы, новы. Але нечым такім знаёмым павеяла ад яго, што Валя спалохалася.

«Няўжо яны жывуць тут?» — падумала яна, не жадаючы і баючыся сустрэчы з Алешкам і яго маці. Пра што цяпер размаўляць з імі? Няўжо пра недаробкі будаўнічых арганізацый? І як яна наогул будзе глядзець у вочы старой? Хіба можна давесці маці, што сын яе не варты кахання? Дый як ты гэта будзеш даводзіць у прысутнасці старонняга чалавека?

— Авохці мне, зноў забылася замкнуць дзверы! — спахапіўся нехта ў канцы калідора.

Вядома, гэта была яна, сухенькая празарлівіца, казачніца-майстрыха з ласкавым, пявучым голасам. Асцярожна, пры кожным кроку дакранаючыся рукою да сцяны, яна наблізілася да Васіля Пятровіча і Валі. Твар у яе быў спакойны, але ў шырока расплюшчаных вачах выступала хваравітая бездапаможнасць. І глядзелі яны не на Валю або Васіля Пятровіча, а далей іх.

— Каго вам? — спыталася больш голасна, чым патрабавала адлегласць.

Уражаная здагадкаю, Валя здзіўлена ўцягнула паветра і хутка прыкрыла рот кулаком.

— Мы з гарсавета і рэдакцыі,— растлумачыў Васіль Пятровіч, па-свойму зразумеўшы Валін спалох.— Мы хацелі б ведаць, ці няма скаргаў на будаўнікоў.

— І-і-і, дзеткі,— працягнула старая,— ім кланяцца трэба, а не скардзіцца на іх. Вунь што далі. Бачыце? Святло хоць жменямі заграбай.— Яна сапраўды нібы нешта зачарпнула прыгаршчамі і выплеснула разам угору, ад чаго ў цемнаватым калідоры, як здалося, пасвятлела.

— Тады хоць кватэру паглядзець дазвольце. Усё роўна праз год заявы пісаць будзеце.

Старая змоўчала і павяла іх па пакоях. Валя ішла апошняя, нічога не бачачы, механічна запісваючы, што гаварыў Васіль Пятровіч.

Але хадзіць моўчкі і баяцца, каб не вырвалася слова, было маркотна, сорамна. І калі зноў вярнуліся ў калідор, Валя не вытрымала.

— Гэта я...— не ведаючы, як назваць старую, прызналася яна і праглынула слёзы.

Старая недаверліва выцягнула шыю, з асцярожнасцю сляпой падышла да Валі і, як гэта робяць дзеці, калі гуляюць у «адгадайку», правяла далонню па яе валасах, шчацэ.

— Валечка! А я чакала цябе, ненаглядную. Ох, як чакала! Хто гэта з табою, родная?

— Галоўны архітэктар...

— А-а-а! — праспявала тая, быццам ёй усё стала зразумела, і стуліла губы.— Вы, мабыць, кончылі, што трэба? Запісалі? Ён мо зробіць ласку і пойдзе на хвілінку?

Не чакаючы Валінай згоды, здагадваючыся аб тым, што адбылося, Васіль Пятровіч павярнуўся і выйшаў з кватэры. Калі ж Валя, расстроеная, з чырвонымі вачыма і прыпухлымі павекамі, праз хвіліну падбегла да машыны, ён сам адчыніў ёй дзверцы.

— Навошта вы павялі мяне ў гэты дом? — пакрыўджана спыталася Валя.

Васіль Пятровіч апусціў галаву.

— Паверце, я нічога не ведаў...

Ён апраўдваўся! Значыць, у нечым сумняваўся сам... Яму б абурыцца, абарваць яе — якая выдумка! Але вось у тым і справа, што абурэнне не прыходзіла. Валя абяззбройвала яго, і гэта прымушала адчуваць віну, якой не было. Не было? Не, значыць, ён у нечым усё-такі вінаваты. У чым? Ці не ў тым, што яму прыемна быць з гэтай дзяўчынаю? Яго цягне да яе. І тым мацней, чым далей растуць нелады ў сям’і. І калі ён бачыць яе, яму мроіцца сапраўдная любоў.

Каб схаваць бесталковую разгубленасць, ён, калі селі ў машыну, узяў свой партфель, які заўсёды быў пры ім, і стаў нечага шукаць. Не асабліва ўпэўнена дастаў некалькі кніг.

— Мм... Гэта я падрыхтаваў раніцою, калі прачытаў ваш артыкул,— паспешліва растлумачыў ён.— Прагледзьце, калі будзе час.

Дарогаю назад яны маўчалі. І калі, выехаўшы на праспект, дагналі Зімчука, узрадаваліся абое. Размахваючы рукамі, той крочыў па маставой да Цэнтральнай плошчы. Бачачы, што паўнее, ён адмовіўся ад мучнога, салодкага і штодзень пасля абеду хадзіў на шпацыр. Васіль Пятровіч ведаў гэта і, як толькі дагналі Зімчука, адпусціў машыну.

Пайшлі ўтраіх. І ўзрушаная Валя адразу загаварыла пра бачанае.

— А вывад? — не зусім прыхільна перапыніў яе Зімчук, якому чамусьці не спадабалася гэтая сустрэча.

— Я згодна з Васілём Пятровічам — тут усяму перашкаджае славуты метр, які многім уяўляецца, як кавалак падлогі. А па-мойму, гэта і тратуар і водаправод. Нават ліпа перад домам, магазін...

— Магчыма,— ужо абарваў яе Зімчук.— Але я не чуў яшчэ, каб рабочы або інжынер прыходзіў у заводскую кантору і патрабаваў разлік, таму што паблізу няма магазіна ці Палаца культуры. І, на жаль, быў сведкам, калі рабочы кідаў завод, калі яго не маглі забяспечыць кватэраю.

Валя ўпарта страсянула галавою.

— А я не хачу, мне не трэба такой праўды! — павысіла яна голас.— Навошта мне яна? Навошта?..

Не, жыццё было больш складанае, чым уяўлялася.

 

4

Зімчук прывык адчуваць адказнасць за другіх. Мусіць, гэта прыйшло разам з усведамленнем адказнасці за даручаную справу. Гэта разумелі. Да яго ішлі са скаргамі, з прапановамі, упэўненыя — Зімчук падтрымае, парадзіць. Ён прымаў да сэрца іх бяду і радасці.

Праўда, не ўсе — некаторыя: час наклаў адбітак і на яго. Выслухаўшы, скажам, тады па тэлефоне Алешку, ён абурыўся — і толькі, не ўлавіўшы ў яго крыках просьбу аб дапамозе. Хоць пазней так нікому і не расказаў пра размову — значыць, адчуваў, што не зусім мае рацыю... І ўсё-такі было відавочна — у служэнні людзям ён адступаўся нават ад сваёй свабоды...

Кацярына Барысаўна і Зімчук, сустрэўшыся, спачатку былі як чужыя. Занадта шмат і свайго давялося ім перажыць за гады разлукі. У яе ёсць таксама мяжа, за якой пачынаецца адчужанасць. Аднак іх згода патрэбна была не толькі ім. Яны былі навідавоку, на іх глядзелі. І згода, спачатку знешняя, а пасля сапраўдная, аднавілася.

Што гэтаму было прычынаю? Перад усім Зімчукоў характар і яшчэ, бадай, мінулае. Яно як бы вярталася да іх, аднаўляючы некалі дарагі лад жыцця, былыя звычкі, сімпатыю, пачуцці. Памагла і дачка Алеся, якая звязвала іх нябачнымі, але трывалымі ніцямі. Таму зразумела — Зімчукі любілі ўспамінаць мінулае і часта гаварылі пра Алесю, з якой Кацярына Барысаўна прагаравала вайну і якая пасля заканчэння інстытута працавала далёка — у Сталінградзе.

Многае давялося перажыць Алесі, а значыць, і Кацярыне Барысаўне, у ваенны час! Вучылася, працавала ў муляжнай майстэрні, пляла маскіровачныя сеткі, малявала на асфальце маскоўскіх плошчаў будынкі, а на глухіх заводскіх сценах вокны. Калі муляжная майстэрня стала сталярняй, рабіла скрынкі для мін... І ўсё-такі ўдавалася дамагацца нумарных праектаў, адзнакі на якіх ставіў сам І. В. Жаўтоўскі.

Калі вораг наблізіўся да Хімак, інстытуту загадалі эвакуіравацца ў Сярэднюю Азію.

Кацярына Барысаўна замкнула пакойчык, які атрымала, прыехаўшы ў Маскву, і падалася з дачкою. Інстытут на колах стаў домам. І хоць студэнты былі падзелены на ўзводы і роты, ладкаваць побыт у цяплушках стараліся па-мірнаму. У вагоне зрабілі вокны, прыдбалі дзежачку пад ваду і бадай што не тужылі. А моладзь дык тая знаходзіла ў гэтым сваю прывабнасць. Чыталі, спрачаліся, рыхтавалі лекцыі.

Крыкам «ура» сустрэлі станцыю, дзе не было зацямнення, смешна, з цырымоніяй, раскланяліся з ішаком і гордым вярблюдам. І за месяц дарогі нават паправіліся.

У Ташкенце архітэктурны інстытут быў зліты з індустрыяльным. Жылі там жа, дзе слухалі лекцыі,— у аўдыторыях. Уставалі па камандзе, згортвалі пасцелі і браліся за лекцыі. Чатыры дні на тыдзень працавалі на будоўлях мулярамі, падносчыкамі цэглы або памагалі калгаснікам капаць буракі, збіраць садавіну. І зноў, як ні дзіўна, у Алесі знаходзіўся час не толькі на вучобу, але і на тое, каб прымаць удзел у конкурсах на праекты помнікаў, хапала сілы быць донарам.

Улетку студэнты ездзілі ў творчыя камандзіроўкі ў Бухару, у Самарканд. Рабілі архітэктурныя абмеры, рысавалі старажытныя помнікі, жылі ў медрэсе — келлях старажытных студэнтаў. Вярталіся ў разбітых саставах, якія ішлі на рамонт, везлі з сабою папкі з рысункамі, з вынікамі абмераў, калекцыі каменняў, чарапы. Потым, у хвіліны раптам адчутай патрэбы жартаваць, палохалі адно аднаго, вешаючы над дзвярыма аўдыторый, дзе спалі, чарапы і намаляваныя крыж-накрыж на паперы косткі.

Ёсць ісціна: архітэктар павінен бачыць больш, чым хто, і гэтае бачанае насіць у сабе. Тут прадумова поспеху. І, вярнуўшыся ўвосень сорак трэцяга ў Маскву, Алеся пад уплывам маці стала трымацца гэтай ісціны. Захаплялася Фрэнкам Райтам, старанна вывучала архітэктуру Масквы, знаёмячыся з архітэктурнымі помнікамі, шнырыла па Падмаскоўі, з’ездзіла на практыку ў Ленінград. І было мала мясцін, дзе разам з ёю не пабывала б маці.

Ці то ў іх былі блізкія натуры, ці іх такімі зрабіла любоў, але Кацярына Барысаўна захаплялася тым, чым захаплялася Алеся, і станавілася абыякавай да таго, што не выклікала цікаўнасці ў дачкі. Каб быць як мага бліжэй да яе, яна набыла спецыяльнасці — спачатку капіроўшчыцы, а потым чарцёжніцы — і, вярнуўшыся ў Мінск, паступіла працаваць у Белдзяржпраект. Працавітая, акуратная, хутка заваявала прыхільнасць супрацоўнікаў. Людзі не любяць тых, што надта прагнуць, каб іх выбіралі, у нечым вылучалі, павышалі па службе. І, наадварот, ахвотна аддаюць сваю прыязнасць няспешным, сціплым працаўнікам.

Кажуць, што ў трывалай сям’і муж і жонка павінны ў нечым процістаяць адно аднаму. Можа, гэта і так. Поўная згода заўсёды чуць сумнаватая. Але так ці інакш, у сям’і Зімчукоў ніхто не імкнуўся быць першым, хоць Кацярына Барысаўна клапацілася аб мужу, як старэйшая.

Яго занятасць не дазваляла ім часта бываць разам. Але затое яны цанілі такія хвіліны. І калі, напрыклад, Іван Мацвеевіч праводзіў жонку да Белдзяржпраекта, яму хацелася ісці з ёй і ісці. Калі дзяліўся сваімі думкамі, ведаў: нікога так не ўсхвалююць яны і нідзе не знойдуць такога водгуку, як у жонкі.

Згоды хіба не было толькі ў адносінах да Юркевіча. Кацярына Барысаўна знаходзіла ў ім рысы сваёй Алесі і падтрымлівала ва ўсім. Зімчук жа ставіўся да яго, як да дарослага падлетка. Сімпатызаваў, але не паважаў, разумеў, што такія людзі патрэбны, але быў перакананы: іх трэба стрымліваць, абмяжоўваць.

— У яго многа ідэй, Каця,— казаў ён,— і ўсе яны, калі меркаваць адцягнена, узнёслыя. Але Юркевіч ведае, што трэба рабіць заўтра, а не сёння. Паглядзі, на што ён нацэльвае сваіх архітэктараў. Яго ідэі аб Паркавай магістралі — прыгожае трызненне. Ён не лічыцца ні з чым. «Чалавек нараджаецца з пачуццём прыгожага, і не нам глушыць яго!» Вось і ўвесь яго сказ. І таму — наткнулася магістраль на бісквітную фабрыку або завод малочных кіслот — прыбраць іх! Перашкаджае Свіслач — павярнуць яе. Хоць і заняў правільную пазіцыю да зорынскіх катэджаў. Але і тут пераважна таму, што не ўпісваліся ў яго кварталы...

Адразу пасля размовы з Валяю і Юркевічам Зімчук пайшоў да Кавалеўскага. Той выслухаў яго, паківаў галавою: «У цябе таксама крайнасці, Іван. Баюся, забываешся, што архітэктура — мастацтва. Гаспадарнік у косці ўеўся. Памятаеш, як выступаў супроць земляных работ ля опернага тэатра? А што было б, каб паслухаліся цябе? Не парк, а валатоўкі нейкія. Ёсць, браце, такія людзі дробных спраў з народніцкім ухілам. Глядзі!..» Але, што варта зрабіць, падказаў. І, заехаўшы пасля работы за жонкаю ў Белдзяржпраект, Зімчук па дарозе дамоў усё ж цешыўся:

— Атрымаецца на самай справе, відаць, някепска. Збяром у гарсавеце навасёлаў, запросім будаўнікоў, архітэктараў, і няхай абмяняюцца кампліментамі. Я званіў твайму любімцу — кажа: «Дабро». Мусіць, разлічвае, што шышкі пасыплюцца на будаўнікоў... Не пашкодзіць паслухаць і Валі.

 

5

Нешта, напраўду, пахіснулася ў Валіных перакананнях.

Непрыемнасці як бы абудзілі яе. Некуды пачала знікаць лёгкасць, пры якой усё здавалася простым і магчымым. Рэчы, людзі раптам сталі патрабаваць увагі, і яна балюча адчула: трэба значна больш ведаць, каб не толькі вучыць другіх, але і самой жыць як след. І крый божа, калі перакананні твае вырастаюць з адной фантазіі або з механічна засвоеных формул дабра і зла! Жыццё — мудрая штука, і наўрад ці можна падыходзіць да яго з загадзя нарыхтаванымі меркамі.

Раней яна магла ўзбунтавацца — навошта саджаюць ліпы на праспекце ў адзін рад, а не ў два — у шахматным парадку?.. Не задумваючыся, магла ўпікнуць Зімчука, што ён без энтузіязму ставіцца да будаўнічага камбайна... Але чаму ліпы павінны быць пасаджаны ў два рады? Ці сапраўды варта займацца няўклюдным і малапрадукцыйным камбайнам, які не апраўдвае сябе? Пра гэта яна мала задумвалася. Ёй здавалася: зялёная сцяна будзе прыгажэй, чым выцягнутыя ў рад ліпы, што, не падтрымліваючы будаўнічага камбайна, Зімчук тым самым не падтрымлівае наватарства, ідэі механізацыі будаўнічых работ, і гэтага было дастаткова, каб насядаць, даводзіць сваё. Ці не таму і таварышы і старэйшыя слухалі Валю часцей для прыліку, а калі забываліся на этыкет, звычайна пераставалі слухаць, перапынялі, не прымалі Валіных слоў усур’ёз, хоць бачылі — яна шчырая і разумная.

А як склалася гаворка яе з Алешкавай маці. Яна проста паставіла Валю ў тупік, паказала ў яе адносінах з Алешкам грані, аб якіх дзяўчына і не падазравала.

Асцярожна абняўшы за плечы, старая павяла Валю ў пакой. Пасадзіла на драўляную канапу з вышыванай дарожкаю на спінцы. Доўга, быццам разглядаючы, стаяла перад ёю. І верылася: яна па дыханню ўгадвае, як адчувае сябе Валя.

— Пагаслі мае вочы, Валечка,— прызналася яна.— Адзінюткая я цяпер...

— Ага, гэта гора,— паспачувала Валя, не знаходзячы цёплых слоў.— Бяда!

— Сляпілася — вышывала, шыла. Думала, лепей будзе. А яно, бач, як павярнулася. Ні Косціка, ні цябе. Запіў ён. Ой, як запіў, дзеткі-і! Прыходзіць дамоў — сам не свой. У яго ж рукі залатыя — частуе кожны, у кампанію цягне. А ты ж ведаеш: у дзіцяці палец баліць — у маці душа. І ўсё яму трэба. Толькі гэта і асталося ад яго блазенства. Увесь вечар учора Прыбыткова з языка не спускаў. Скардзіўся, кляўся, плакаў. Гаварыў, што хадзіў кудысьці, патрабаваў, каб судзілі яго або праўду прызналі. Няўжо ты не памірышся з ім? Няўжо назаўсёды разлучыліся?

— Хіба вы не ведаеце? — шкадуючы яе, змаладушнічала Валя.

— Чаму не ведаю? Ён, п’яны, пакуль засне, усё расказвае. Але не верыцца мне! Неяк лёгка разышліся вы. А ён у табе паратунку шукаў... Хацела сама да цябе схадзіць. Але дзе там! П’яны і то адраса не даў.

Яна захвалявалася, падышла да шафы і адчыніла дзверцы. Выбраўшы навобмацак патрэбную рэч, зняла яе з вешалкі і працягнула Валі. Гэта было белае шаўковае плацце, вышытае блакітным бісерам.

— Вазьмі,— закаціла яна вочы, быццам стараючыся разглядзець, што робіцца над Валяй, угары.

Старэчыя рукі дрыжалі. Бісер на плацці пераліваўся і пабліскваў, як снег у марозны сонечны дзень. І Валі стала страшна. Яна паднялася з канапы і, адмахваючыся, як ад прывіду, пачала адступаць да дзвярэй...

У рэдакцыю Валя прыйшла, чакаючы чарговых бед. Крыху супакоілася, калі ўбачыла за сталом Лочмеля, павешаную на край стала яго кавеньку і ўпэўнілася: усё ў аддзеле ідзе як і раней. Але сесці апрацоўваць сабраны матэрыял не здолела. Кінуўшы сумачку на стол, падышла да акна і застыла, не ведаючы, што рабіць.

За акном асфальтавалі вуліцу. З самазвала на латок машыны сплывала чорная, іскрыстая маса гарачага асфальту. Ён дыміўся і нагадваў жывое рэчыва. Каля яго стаяў пажылы рабочы ў замасленым камбінезоне і ў брызентавых рукавіцах. Зухаваты, з русым чубам шафёр самазвала, высунуўшыся з кабіны, жартаўліва гразіў пальцам дзяўчатам, якія праходзілі міма з насілкамі. Крыху воддаль павольна рухаўся каток, а за ім цягнулася гладкая палоса, якая аж ільснілася. І ад яе рабілася быццам святлей.

Але стаяць без дай прычыны і мазоліць вочы было няёмка.

Валя выйшла ў калідор, заглянула ў аддзел інфармацыі, у бібліятэку. Непрыкаяная, пагартала падшыўку «Красной звезды». І хоць есці не хацелася, каб чым-небудзь заняцца, прымусіла сябе ўзяць у буфеце бутэрброд і шклянку чаю.

Ад таго, што яна не магла знайсці сабе месца, што ёй трэба было паказваць — яна нешта робіць, да нездаволенасці, сумненняў дадалося яшчэ адчуванне нядобрай стомленасці.

— Што з вамі? — здзівіўся Лочмель, калі Валя вярнулася ў аддзел.— Здарылася што?

— Канешне,— прызналася яна ў меншым.— Я, здаецца, Ісак Якаўлевіч, пачынаю разумець: цяжка прэтэндаваць на нешта, калі пра ўсё ведаеш па чутках.

— Вы гэта пра свой артыкул?

— І пра артыкул.

— Дарэмна. Аварыйных сігналаў няма, і аддзел заносіць яго ў актыў. Вам пісьмо тут...

Лочмель быў заняты — чытаў гранкі чарговага нумара, і таму адразу змоўк, не дагаварыўшы фразы.

З няяснай трывогаю Валя разарвала канверт і, не верачы вачам, стала чытаць. Нехта — подпісу не было,— няшчадна лаючы Валю, прапаноўваў ёй, калі асталося сумленне, зайсці да каго-небудзь у зямлянку ці сутарэнне і паглядзець, як жывуць людзі. «Можа, тады не пацягне на маляўнічыя шыльды і скульптуру, скамяней ты разам з ёю»,— пырскаў невядомы слінаю і лаяўся на чым свет стаіць.

Валя да таго разгубілася, што перастала дыхаць. Яе напружанае маўчанне адарвала Лочмеля ад гранак. Убачыўшы Валін твар, ён хутка ўзяў кавеньку, падняўся і падышоў да дзяўчыны.

— Што?! — вырачыў вочы, прачытаўшы пісьмо.— Якое паскудства!

Каб супакоіцца, выцягнуў з бакавой кішэні папяросу, пастукаў муштуком па пазногці вялікага пальца і стаў прыкурваць. Але папяроса не загаралася, і ён усё чыркаў запалку за запалкаю.

— Вы не прымайце да сэрца,— пачаў супакойваць.— Сумленны чалавек не будзе керпаць ананімак. Але да падобных агіднасцей не шкодзіць быць падрыхтаванай. Інакш — дзе ж справядлівасць? Рабіць непрыемнасці другім, а самой іх не мець?

Валя ўжо заўважала: Лочмель заўсёды стараецца згладзіць вострыя вуглы, прымірыць тых, хто спрачаецца. Імкнецца быць суцяшальнікам, становіцца на бок слабейшых. Здагадвалася Валя і чаму гэта. Хутчэй за ўсё праз асабістую драму, праз адчуванне ўласнай непаўнацэннасці. Мучыўся ён, пэўна, і праз тое, што не мог узненавідзець жонку — яна жыла ў яго свядомасці такой, якой ён яе ведаў...

Адкрыта Лочмеля, вядома, ніхто не папракаў. Не дазвалялі крывёю здабытыя ўзнагароды, пратэз, яго мінулае і сённяшняе. Але за вочы між сабою часта перамывалі костачкі і не падпускалі блізка да сябе: на крутым павароце ён усё-такі мог кінуць цень. І варта было яму, скажам, унесці грошы на будаўніцтва помніка ахвярам гета, як адразу пайшлі розныя крыватолкі ды плёткі. Валя, зразумела, была далёкая ад гэтага, але імкненне Лочмеля прымірыць непрымірымае не падабалася і ёй.

— Не, Ісак Якаўлевіч,— запярэчыла яна, ужо прагнучы выпрабаванняў.— Пакуль чалавек не можа нічога дзельнага падказаць другім, яму няма чаго лезці да іх з настаўленнямі...

На стале ў Лочмеля зазваніў тэлефон, і, калі Лочмель узяў трубку, Валя пазнала голас рэдактара — той выклікаў яе да сябе. Сунуўшы ананімку ў канверт, яна шпурнула яе на стол Лочмелю і папрасіла, каб аддаў у аддзел пісьмаў.

Аднак тое, што Валя пачула ў рэдактарскім кабінеце, канчаткова паставіла яе ў тупік. Нічога канкрэтнага не сказаўшы пра артыкул, рэдактар паведаміў, што вось толькі званіў начальнік Архітэктурнага ўпраўлення Понтус. Ён дзякаваў за сігнал і абяцаў праз дзень-два прыслаць адказ, бо факты пацвярдзіліся — галоўны архітэктар недаацэньвае скульптурнага афармлення і архітэктуры малых форм... А калі, маўляў, журналіст пачынае з таго, што яго артыкулы ўваскрасаюць пад рубрыкаю «Па слядах нашых выступленняў», гэта вельмі пахвальна.

— Не, не зусім,— амаль спалохана запярэчыла Валя.

Рэдактар абмакнуў пяро ў чарнільніцу, даючы зразумець: сказаў усё, але ўбачыўшы — Валя не выходзіць, паклаў ручку.

— Чаму цікава? — запытаўся з выглядам, што прымае яе словы за дзівацтва і чакае тлумачэнняў.

— Артыкулу надаюць сэнс, якога я не надавала! Чэснае камсамольскае!..

Выхапіўшы з-пад манжэта блузкі насавую хустачку, Валя скамячыла яе ў кулаку і выцерла рот.

— Я не ведаю, чым кіруецца начальнік упраўлення,— выкрыкнула,— але зараз сама бачу, што артыкул наіўны! І прашу вас... Я вельмі прашу — прачытайце пісьмо, якое прыслалі на маё імя. Хоць Лочмель і пераконвае мяне, што соль у рану не сыплюць...

 

РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ

 

1

Ён не расказваў Зосі пра сваю размову з Кухтам, пакуль не паехалі сталінградцы і пакуль не пагутарыў са сваімі ў брыгадзе.

З Прыбытковым Аляксей пайшоў проста з работы... Правёў яго да самага дома, заглянуў у сутарэнне. Дасюль яны адзін да аднаго не хадзілі. Аляксей, калі і сустракаўся з ім у нерабочы час, дык звычайна пасля зарплаты, за куфлем піва ў «забягалаўцы» або ў цёмнай прыбудоўцы да ларка, пры ўваходзе ў парк Горкага, адкуль дарогі іх разыходзіліся. Ды яшчэ хіба па суботах у лазні, на палку, у клубах сухой, гарачай пары. Прыбыткоў парыўся адчаянна, і мала хто вытрымліваў яго «вышэйшую кропку». Аляксей таксама быў не супроць «папакутаваць», і яны сяды-тады дамаўляліся ісці ў лазню разам. На гэтым іх блізкасць канчалася. Таму Аляксей адчуваў сябе ў Прыбытковых няважна і загаварыў пра справу толькі, калі яны асталіся адны.

Аглядзеўшы сутарэнне, ён міжволі параўнаў яго са сваім домам і ледзь стрымаўся, каб не ўсміхнуцца. Можа, гэта і надало яму веры ў сябе. І, калі Прыбытчыха прычыніла за сабою дзверы, ён сказаў:

— Трэба, Змітрок, ратаваць брыгаду! Хіба справядліва гэта?

Прыбыткоў, які ўзяўся быў за спінку крэсла, збіраючыся сесці насупроць, доўгім уважлівым позіркам паглядзеў у твар брыгадзіру. Але прамаўчаў. І ад гэтага Аляксею зрабілася зноў няёмка. Яму здалося, быццам позірк несамавітага муляра шукаў у ім тое, што магло хавацца за ягонымі словамі, вышукваў нейкую віну — ёсць яна ці няма.

— Я клапачуся не толькі аб сабе,— заспяшаўся ён.— Раскідаць нас няхітра. Кожны дурань можа. А ты паспрабуй узняцца, як мы ўзняліся. Га?..

Пільны позірк наогул малапрыемны. У Прыбыткова ж ён быў нерухомы, цяжкі. Стоячы перад Аляксеем, гламаздаваты Прыбыткоў не спускаў з яго акругленых вачэй і ўпарта чакаў яшчэ нечага.

— Перад намі вунь што раскрылася,— ужо не па сваёй волі загаварыў далей Аляксей.— Цяпер толькі і працаваць бы. А нам ад іх нічога не трэба. Няхай толькі не чапаюць. Мабыць, каму-небудзь зайздросна стала. Знайшлі, на каго замахвацца!

— Я падумаю,— паабяцаў нарэшце Прыбыткоў.

Размова з Сурначом была яшчэ карацейшая. Той проста рассмяяўся:

— Чаго тут лясы тачыць! Усё цячэ, брыгадзір, усё мяняецца! І калі не хочаш у якую-небудзь гісторыю ўліпнуць, кінь баламуціць. А то дастанеш, будзе табе справядлівасць...

Дамоў Аляксей прыйшоў змрочны, як хмара. Швархнуў нагою Гомана, які быў кінуўся лашчыцца; пачуўшы ў доме дзіцячыя галасы — да Зосі прыйшлі вучаніцы,— садам падаўся да рэчкі.

Свіслач цякла ціха, мірна, шапочучы аерам ля самага берага. Непадалёк плавалі качкі. Жвава працуючы лапкамі, яны часта ныралі, і на паверхні вады смешна, як паплаўкі, пагойдваліся іх куртатыя зады. Аляксей прайшоў на кладку, што зрабіў, каб Зосі можна было паласкаць бялізну, і тупа пачаў сачыць за качкамі.

«Як так?.. Хто мае права адабраць ад яго заслужанае, потам здабытае? Хто ён ім? — дзівіўся Аляксей, не сумняваючыся ў сваёй праваце.— Казёл адпушчэння? Але чаму?» Аднак трэба было ў гэтым пераканаць другіх. Каб не падазравалі ні ў чым, паставілі яго на сваё месца і па-чалавечы зразумелі. Усе. Хіба ён не чалавек? І не хоча вельмі мала — каб той, ад каго залежыць яго лёс, не забываўся на гэта! А качкі ўсё ныралі і ныралі, падымаючы потым галовы і нешта глытаючы, і гэта перашкаджала думаць.

Ён не заўважыў, як падышла Зося. Яна стала за яго спінаю і, калі ён уздрыгнуў, адчуўшы, што нехта ёсць блізка, дакранулася да яго.

— Зноў непрыемнасць, Лёша? Што з табою? Не таіся.

Аляксей нервова скінуў з сябе яе руку і адхіліўся.

— Кухта брыгаду рашыў расфарміраваць, вось што!

— Гэта чаму? — строга спыталася яна, гатовая заступацца.

— Хіба я ведаю. Не дагадзіў, б-бачыш! Ды не на таго напалі!

— А што ён гаворыць?

— Яго толькі слухай. У яго прычыны знойдуцца.

Прадчуваючы няладнае, Зося ўзяла мужа за плечы і павярнула да сябе тварам.

— Не, Лёша, ты раскажы як мае быць! Не мог жа ён так проста. Вашай жа брыгадай ганарыліся.

— Ганарыліся! — з надрывам крыкнуў ён, быццам і Зося была вінавата ў тым, што здарылася.— Чаго ты прыстаеш да мяне, як да падследнага? Я не забіў яшчэ нікога. Адкасніся!

Яго крык насцярожыў качак. Яны перасталі ныраць і выцягнулі шыі, прыслухоўваючыся. Аляксей заўважыў гэта і, прытрымаўшы жонку, размінуўся з ёю на кладках і сышоў на бераг.

Губляючыся ў здагадках, Зося падалася за ім. Дагнала і, загарадзіўшы дарогу, узялася за яго плечы, быццам хацела разгледзець мужа і ў нечым пераканацца яшчэ раз.

— Што гаварыў Кухта?

Аляксей ведаў: гэта быў момант, калі ён павінен гаварыць ёй праўду. Павінен! Іначай нешта напятае, як струна, можа парвацца. А тады... Ён не ўяўляў, што было б тады, але прадчуваў — здарылася б амаль непапраўнае. Зося стаяла перад ім з адкінутай галавою і напружана выцягнутымі рукамі.

— У яго адна песня. Раз начальства, то і пампуе свае правы.

— Мне трэба ведаць, што ён казаў,— ледзь паварушыла Зося губамі, да якіх пачала вяртацца чырвань.

— Кажа, неўзабаве фабзайцы прыбудуць...

— Дык чаго ты ўзбунтаваўся?

Іншых слоў Аляксей не чакаў, але ўсё роўна яны паласнулі па сэрцы.

— Што я ім, затычка? Яму добра з такою зарплатаю. А паспрабаваў бы на нашым месцы, з кельмай. Зноў садзіся на аклад. Няўжо я не маю права аб сабе клапаціцца?.. Ці, думаеш, павага пасля будзе? На чарапаху яшчэ пасадзяць. А Кравец? Яму пляваць, хто са мною працуе. Яму паказчыкі давай. А можа нават і ведаў, каго мяркуюць падсунуць.

Бразгаючы дротам, па якім сунулася кальцо ланцуга, падбег Гоман. Але Аляксей цыкнуў на яго і, схапіўшы камяк зямлі, шпурнуў у сабаку.

— Кепска ты, Лёша, думаеш пра людзей. А яны шануюць цябе, славай акружылі.

— Не дарма! Я гарбом гэтага дамогся! Колькі такіх, як я?

— Ёсць рэчы, якія нічым нельга заслужыць, калі за адны грошы працуеш.

— Гэтаму давай вучаніц сваіх вучы.

— А мо хочаш, каб сказалі: у выбары памыліліся. Або яшчэ горш... Станеш Алешкам, што будзем рабіць? Чужы сярод сваіх! Божа мой!

— Я і цяпер, аказваецца, не дужа блізкі. Паспрабаваў заікнуцца — і нежаданы ўжо.

— А ты чакаў, што ва ўсім патураць будуць?

Зося паволі прайшла паўз самага Аляксея, але нечакана спаткнулася і пабегла к дому, дзе чуліся галасы — на двары вучаніцы гулялі з Святланкаю. А ён астаўся стаяць ля маладой яблынькі. Гнеў і крыўда душылі яго.

 

2

Зноў усё наперакос пайшло ў сям’і Урбановічаў. Праўда, шумных сварак не было. Адышла быццам бы некуды і прычына, якая выклікала разлад. Ва ўсякім разе пра яе пазбягалі гаварыць. Але затое нечакана там, дзе дасюль, здавалася, усё ішло гладка, сталі выяўляцца падставы для самых нечаканых спрэчак. І кожны такі выпадак, нават самы дробны, разлютоўваў Аляксея і прыбіваў Зосю.

У доме запанавала нядобрае маўчанне. І яны, каб не здарылася страшнейшага, сыходзілі з вачэй адно ад аднаго.

У той жа час кожны жыў надзеяй — усё будзе па-ягонаму. Аляксей у душы не верыў, што Кухта пакончыць з брыгадаю,— у іншых жа гарадах іначай! — і, як раней, працаваў, бы звер. Ён і тут стараўся давесці сваю правату працаю, спадзяваўся, што ўсё неяк уладзіцца і дома. Важна было праявіць цвёрдасць, не паддацца, не дазволіць, каб і ў дробязях Зосіны капрызы ўзялі верх. Ён знарок пачаў трымаць сябе незалежна, груба, хоць яго цягнула да жонкі і хацелася адчуваць яе ўсю як мага бліжэй.

Але, калі Аляксей упарціўся і чакаў, Зося сёе-тое рабіла.

Спрадвеку жыла нявольніцкая мудрасць — смецця з хаты не выносяць. Плач, пакутуй, біся галавою аб сцяну, але на суд людскі непаладкі і гора свайго не нясі. Няважна, што навакольныя ўсё роўна ведаюць пра твае слёзы і хатнюю калатню,— ты павінна маўчаць. Маўчаць і прыкідвацца шчаслівай. Усміхайся, хоць твар здранцвеў ад гора,— і ўсё! Дый што было рабіць гордаму чалавеку, калі шчасце замкнулі на сем замкоў? Зося ж верыла ў сваё і Аляксеева шчасце. Толькі да яго вяло многа дарог. І яна, баючыся кружных, выбрала, як здавалася, карацейшую.

З Зімчуком яна сустрэлася на ганку гарсавета.

— Каб не вяртацца, давай пройдзем у сквер,— прапанаваў ён, калі Зося з адчуваннем, быццам кідаецца ў халодную ваду, пачала расказваць пра новае ліха.

Пайшлі па тратуары, стараючыся трапляць у цень ад рэдкіх дрэў. Нагрэты асфальт быў мяккі, і Зосі здавалася, што яе туфлі пакідаюць сляды.

Праехаў грузавік. У кузаве сядзелі піянеры — у белых кашулях з чырвонымі гальштукамі, у цюбецейках, у саламяных капялюшах, у пілотках, зробленых з газет. Яны спявалі — звонка, як спяваюць, калі едуць на маёўку ці ў лагер. Насустрач прайшлі два рамеснікі ў абдымку. Потым ярка апранутая жанчына з дзіўнай фігураю. Сцёгны ў яе былі шырокія, і яна трымала рукі растапырана, як лялька. За ёй ішла група будаўніц у зухавата завязаных хустках і ў спецвопратцы. У іх, відаць, быў абедзенны перапынак, і яны хадзілі ў магазін. Кожная што-небудзь несла — булку, бутэльку кефіру. Дзяўчаты кідалі на жанчыну насмешлівыя позіркі, штурхалі адна адну локцямі, перадражнівалі яе. Але параўняўшыся з Зосяю і Зімчуком, пайшлі як ні ў чым не бывала.

— Гэтыя ўжо асвойталіся,— сказаў той.— А ведаеш, што з імі бывае, калі ўпершыню трапляюць у інтэрнат? Некаторыя мыцца перастаюць, спяць не распранаючыся. Поўная апатыя ад стомленасці. І так з месяц. Нялёгка прыходзіць да чалавека самастойнасць. Тым больш калі ён дагэтуль на ўсім гатовым жыў — у сям’і, у рамеснай школе...

— Я разумею,— рассеяна пацвердзіла Зося, якая чакала і дакораў.

У скверы яны селі на лавачку. Тут было крыху халадней і менш пылу. Нізка, амаль над самымі дрэвамі, пранёсся самалёт. Аддаляючыся, ён быццам нешта рассяваў. Зімчук правёў яго позіркам і паглядзеў на Зосю. Яна сядзела роўна, з рашучым тварам. Толькі над верхняй губою выступалі кропелькі поту.

— А што датычыць брыгады, то яе, між намі кажучы, наогул лепей расфарміраваць. Яна, прызнацца, перадавой непатрэбшчынай становіцца. Свеціць, але нікога, апрача сябе, не грэе. Паміж ёй і астатнімі будаўнікамі сцяна зайздрасці расце.

— Я разумею,— выцерла Зося скамечанай хусцінкаю верхнюю губу.— Але што мне рабіць? Так і да бяды недалёка.

— Табе? Папярэдзь як след!

Нядаўна ёй таксама здавалася: Аляксеева ўпартасць — гэта нешта накшталт п’янства ў другога. Папусціўся, разбэсціў сябе і куражыцца. Прыдумае прычыну выпіць і п’е. П’е, бо тады яму мора па калена. І даволі стаць супроць гэтага сцяною, як усё зменіцца. Вырві з рук такога п’яніцы толькі што атрыманыя грошы, прыгразі скандалам сабутэльнікам — і кампанія раскідалася, а значыць — парадак. І тады бяры свайго каханенькага-родненькага і вядзі, куды трэба. Але п’яніца звычайна адчувае сваю віну і каецца. Пакуль не напіўся, ён слухае і слухаецца. А Аляксей? Не, тут іншае! Мала памог і Сымон. Калі Зося звярнулася да яго за парадаю, той спачатку нават не зразумеў, чаго ад яго чакалі, і вінавата пачаў угаворваць: «Галоўнае, любіць яго трэба, Зося. Каб ведаў...»

Назаўтра ўвечары ён сам завітаў да Урбановічаў і прасядзеў, аж пакуль па радыё не перадалі апошніх паведамленняў. Прыкідвацца, хітраваць ён не ўмеў і больш маўчаў. Потым, зусім недарэчы, стаў скардзіцца, што на будоўлі рушылі няўмекі і пара ўмельцаў праходзіць. І толькі на развітанне знячэўку ўзяўся хваліць Зосю. Гэта было так наіўна і шчыра, што ўсім зрабілася добра. Аляксей, які панура майстраваў нейкія свае прылады для праверкі вуглоў, усміхнуўся, і ўсмешка доўга не сыходзіла з яго твару. Употай назіраючы за ім, Зося таксама павесялела. Нявыказаная любасць, якую ўсе гэтыя дні глушылі непрыемнасці, зноў ахапіла яе. Твару стала горача, і яна, каб схаваць гэта, закрыла яго далонямі. Сымона яны праводзілі ўдваіх і пасля доўга стаялі на ганку.

Ноч была цёплая, але ветраная. Праз высокія воблакі свяціў месячык, акружаны вясёлкавым ззяннем. Ад яго на зямлю бруілася мігатлівае святло. Недалёкія дрэвы паблісквалі і трапяталі пад ветрам, і негустыя змрокі, здавалася, таксама паласкаліся. І не з саду, не ад трапяткіх дрэў, а якраз адтуль, з тых змрокаў, ішло шапаценне, шолах. І, прыслухоўваючыся да іх, Аляксей з Зосяй ніяк не маглі вярнуцца ў дом, хоць там асталася адна Святланка, якая, можа, яшчэ і не спала.

 

3

Аднак ужо назаўтра ўсё пайшло дагары нагамі.

Аляксей адчуў небяспеку, калі на будоўлю прыехаў Зімчук і пачаў цікавіцца яго брыгадаю. Што ён заглянуў сюды іменна па яго справе, можна было здагадацца па Алешку. Той з зухавата-незалежным выглядам хадзіў следам і, махаючы рукамі, нешта тлумачыў.

«Стараецца,— з непрыязнасцю думаў Аляксей.— Хіба яму баліць?.. Калі б яго самога датычыла, то гэтак бы не нёс галавы і рукамі разводзіў, а не махаў. Можа, нават здаволены, што брыгаду раскідаць наважыліся. Помсціцца...»

Каб схаваць трывогу, Аляксей насунуў кепку на лоб і ўнурыўся ў работу.

 

І ўсё-такі ён яшчэ спадзяваўся. Зразумеў жа і падтрымаў яго Зімчук тады з домам. Не можа быць, каб не зразумеў і цяпер. Калі, вядома, не наплялі яму ўсякай усячыны.

«Зараз падыдзе і ўгаворваць стане,— раздражняючыся, на ўсякі выпадак, думаў ён і адчуваў, як расце ў ім упартасць.— Аднак, калі адкрыта ўздумае на ногі наступаць, то і мы можам... Я яму скажу, калі што...» Але раптам, як часам бывае, Аляксей адчуў, што гаварыць якраз і няма чаго. Бывае ж так: ідзе чалавек у амбулаторыю хворы, разбіты, а ўбачыць белы халат — і быццам паздаравеў, не ведае, на што і скардзіцца. Да таго ж усё, што было на душы, Аляксей выклаў перад Кухтам, Зосяю, Прыбытковым. І яно зблекла ў спрэчках, страціла сваю пераканальнасць. Палохала і пытанне: ці не зайшоў ён, Аляксей, сапраўды занадта далёка?

Голас Зімчука ён пачуў нечакана, хоць і прыслухоўваўся ўвесь час, ці не падыходзіць той.

Аляксей уздрыгнуў і, паволі павярнуўшыся, адказаў на прывітанне. Зімчук стаяў перад ім без шапкі, з пыльнікам, перакінутым цераз руку. Твар у яго быў па-незнаёмаму строгі. Але вецер варушыў валасы на галаве, і гэтае ўражанне скрадвалася.

— Як працуецца, будаўнік? — спытаўся ён, уважліва гледзячы на яго мажную постаць.

— Нішто пакуль...

— А во Алешка кажа, у брыгадзе нешта разладзілася.

— Яму, мусіць, відней,— крыху апешыў Аляксей, здагадваючыся, з якога боку заходзіць Зімчук.

— Не «мусіць», а факт. Брыгада ўжо не можа трымацца на тым, на чым трымалася. Вырасла, брат. Праўда? — звярнуўся ён да падручнага.

Той замяўся, пачырванеў і стаў цягнуць пальцы на левай руцэ — пацягне і пусціць,— ад чаго яны кожны раз хрусталі.

— Ну, скажы!

— Праўда, дзядзька Аляксей,— усё хрустаючы пальцамі, няголасна пацвердзіў падручны.

— Давай збірай хлопцаў у абедзенны перапынак, пагутарым. На людзях словы неяк па-іншаму гучаць...

Калі ён паехаў і брыгада стала за работу, ля Аляксея аказаўся Алешка. Адправіўшы ў кантору падручнага, насмешліва цыркнуў праз зубы і старанна зацёр плявок нагою.

— Т-так,— працягнуў шматзначна,— спра-авы, каб на іх чорт! Закруцілася, як у паводку. А ты маладзец! Пазнаю партызана. Лапкі ўгору заўсёды можна падняць, ха-ха!

Гэта быў яўны здзек: увесь час, пакуль Зімчук гутарыў з брыгадаю, Аляксей сядзеў пануры і толькі іншы раз узнімаў вочы на таго, хто гаварыў.

— Чаго ты прыйшоў? Душу рваць? Ідзі адсюль,— стомлена папрасіў ён.

Алешка пачухаў патыліцу.

— Ого, мора шырокае! — быццам здзівіўся.— Мне трэба табе яшчэ нешта сказаць.

— Не хачу я цяпер слухаць!

— Дык гэта ж пра Зосю, ха-ха!

Аляксей пабляднеў. Глыбока, як перад ударам сякераю, уздыхнуў і зрабіў крок да Алешкі.

— Ну.

— Гэта яна дапала да Зімчука.

— Брэшаш!— адхіснуўся Аляксей, сціснуўшы кельму так, што пальцы пабялелі.

— Сам бачыў. У скверы каля Дошкі гонару балакалі. Ведаеш, той, з мармуру, на якую перадавыя калгасы заносяць.

— Навошта ты гаворыш мне гэта?

— Спадзяюся, што калі не аднаму мне будзе балець, вы, можа, з Зімчуком людзьмі станеце.

— Усё?

— Усё. Калі не лічыць, што спытацца хочацца. Няўжо ты думаеш, каб з табой не няньчыліся, ты лепшым за мяне аказаўся б?..

Аляксей ледзь дабыў да канца работы. Халодная лютасць клекатала ў ім, і рукі сціскаліся ў кулакі.

«Нягодніца! — кляў ён у думках жонку і задыхаўся ад раз’юшанасці.— Хто гэта сам сабе ў вока коле? Дзе ты бачыла, дурная, каб так рабілі?»

Не развітваючыся ні з кім, ён кінуў там, дзе працаваў, інструменты і спусціўся ўніз. Не памятаючы сябе, несучы ў сабе буру, прайшоў па тэрыторыі будоўлі. Усе крыўды і мукі гэтага месяца — усё павярнулася цяпер супроць Зосі, быццам яна адна была вінавата ў іх.

Па вуліцы ён сігаў подбегам, не заўважаючы, што штурхае сустрэчных. І калі хто абураўся, не адказваў, а кідаў злосныя позіркі і штурхаў наўмысна.

Дараваць можна было ўсё: і хатнія спрэчкі, і Зосіну нязгоду, і яе намаганні ўзяць верх. Але гэта была здрада — яму, сям’і, таму сталаму ціхаму прытулку, які ён, Аляксей, ствараў, не шкадуючы сябе. Жонка, якая пайшла скардзіцца на мужа,— ужо не жонка, а старонні чалавек. І ліха з імі, з заробкамі, аўтарытэтам, з Краўцом і яго безумоўнай цяпер перамогаю. Ён, Аляксей, калі будзе магчымасць, яшчэ здолее давесці сваё! Але як ты змірышся са здрадаю? Няхай бы гэта зрабіў Алешка — той помсціцца за ўласныя няўдачы, за Валю, якую ўзяў пад абарону Аляксей. Няхай бы нават Сымон, які праз сваю любасць да Зосі пойдзе і невядома на што. Іх можна яшчэ зразумець. Але як ты зразумееш яе — жонку, маці яго дачкі?..

Аляксей уяўляў, як размаўляла ў скверы Зося з Зімчуком, і ўсё ўнутры хадзіла ходырам. «Эх, дурніца, дурніца,— паўтараў ён, амаль ашалеўшы ад нягоды і пратэсту.— Са мной не лічышся, пашкадавала б хоць дачку...»

Дзверы ў сенцы былі адчынены. Не абабіўшы, як звычайна, на ганку пылу з ботаў і не скінуўшы ў сенцах рабочага пінжака, рынуўся проста ў сталовую.

З той памятнай размовы ў садзе Зося раптам прыахвоцілася да вышывання, бралася за яго з самага ранку, забываючыся часам прыбраць у пакоях, і Аляксей, вярнуўшыся з будоўлі, заставаў яе часцей за ўсё ў сталовай. Згорбленая, яна сядзела з іголкаю ў руцэ і старанна наносіла крыжыкі на палатно з канвою. Каля яе, на табурэтцы, ляжаў грудок рознакаляровых мулінэ — аранжавых, салатавых, сініх, чырвоных, жоўтых, якія Аляксей паспеў ужо ўзненавідзець. Але Зосі ў сталовай не было.

— Гэта ты, Лёша? — пачуўся яе голас з кухні.

Назнарок грукаючы ботамі, перакуліўшы нагою табурэтку, на якой ляжалі ніткі і пачатая вышыўка, Аляксей сарваў з сябе пінжак і, шпурнуўшы яго на падлогу, нагою запхаў пад канапу.

— Хто там? — паўтарыла Зося.

— Ідзі сюды!

Зося ўвайшла ў сталовую, ведучы Святланку за руку. Па яе павольнасці было відаць, што яна не чакала нічога добрага і гатова да ўсяго. Твар быў шэры, здранцвелы, куткі зблеклых губ па-пакутніцку апусціліся ўніз.

— Ты хадзіла да Зімчука? — даючы волю сваім пачуццям і свядома распальваючы іх, спытаўся Аляксей. Яму хацелася быць страшным, раз’юшана-страшным, каб хоць трошкі перадаць сваё абурэнне і тое, што рабілася ў яго на душы. І ён узняў голас да немагчымага: — Кажы! Чаго маўчыш?

Зося варухнула плячыма

— Ну хадзіла, а што?

— Шлюха! Ты ж памірала ў мяне на руках, а я ратаваў цябе. Век не забуду!

— Пасаромеўся б...

— Заб’ю або аднаджу!

— Ідзі, Свецік, пагуляй,— сказала яна дачцэ, гладзячы яе па галаве.— Ідзі, дачушка. Я зараз таксама прыйду. А потым, можа, да цёткі Анці пойдзем...— І бачачы, што Святланка не кранаецца з месца і спалохана пазірае на бацьку, павяла яе на двор.

Вярнуўшыся, наблізілася да Аляксея амаль упрытык і выпрасталася. І толькі цяпер ён убачыў, як яна пахудзела за апошні час. На шчоках, пад скуламі і навокал вачэй ляглі цені. Нават шыя стала танчэйшая. А рукі, якія Зося трымала на грудзях!.. І ўся яна была як пасля хваробы — па-дзіцячы кволая.

— Ну, забівай,— сказала, гледзячы яму ў вочы.— Мардуй! Бо хадзіла, і, калі трэба будзе, пайду зноў. Я ні ад цябе, ні ад нашага шчасця не адмаўляюся...

Яе словы адбіралі ад Аляксея сілы. А магчыма, не словы, а ўвесь яе выгляд — знаёмы, змізарнелы, да адчаю рашучы. Аляксей адчуў слабасць і смагу. Адхінуўшы Зосю, хістаючыся пайшоў у сенцы, дрыготкай рукою ўзяў конаўку і зачэрпнуў з вядра вады. Прагна прыпаў да халоднага краю конаўкі і стаў піць, не заўважаючы, што вада сцякае па падбародку на кашулю.

 

4

Гэты дзень, вядома, прыйшоў. Пры такіх акалічнасцях ён не мог не прыйсці. Праўда, быў яшчэ адзін выхад — ірвануць на работу ў аўтапрамбуд, дзе яго ахвотна прынялі б. Але дзеля гэтага трэба было б ісці пабанку. Кінуць выклік такому, што магло пакараць. І Аляксей воляй-няволяй змірыўся, як з непазбежнасцю. Больш таго — яго стала казытаць помслівая радасць.

«Захацелі працаваць самастойна,— думаў пра членаў сваёй брыгады,— добра, давайце! Пабачым, што выйдзе. Не раз яшчэ ўспомніце мяне. Але позна будзе...» Канец гэтай думкі ён слаў і ў адрас Кухты з Зімчуком. І ўсё-такі, калі сёння прачнуўся і ўспомніў, што яго чакае, сэрца заныла.

Зося здагадалася, што робіцца на душы ў мужа, і ўстала раней, чым звычайна. Аляксей любіў маладую бульбу з салам і з агуркамі, і Зося схадзіла ў агарод, накапала бульбы, навыбірала росных, адзін у адзін, агуркоў і ўзялася гатаваць снеданне. Еў ён моўчкі, адчуваючы, што жонка ўсё гэта зрабіла абдумана, а яна стаяла побач, сама рэзала, як ён любіў, агуркі напалам і саліла іх.

Калі ён прыйшоў на будоўлю, там было яшчэ пуста і па-ранішняму ціха. Толькі ля канторы тоўпілася некалькі юнакоў у форме рамеснікаў.

«Яны!..»—здагадаўся Аляксей. Наважыў быў прайсці проста на рабочае месца, але вылаяў сябе і падаўся да канторы.

Рамеснікі, мусіць, ужо ведалі свайго брыгадзіра, бо, як толькі заўважылі яго, перасталі гаварыць і з прыхаванай цікаўнасцю ўтаропіліся на Аляксея.

«Дзесяць,— пералічыў ён.— Яны». І, нахмурыўшыся, пашыбаваў у кантору, адчуваючы на сабе позіркі.

Алешка, заклаўшы рукі за спіну, хадзіў з кутка ў куток. Убачыўшы Урбановіча, выскаліў зубы і паказаў галавою на дзверы:

— Цудоўны вывадак! Прымай пад распіску, ха-ха!

Разумеючы, што хлопцы на двары прыслухоўваюцца да кожнага іх слова, Аляксей не адказаў. Важка сеў на лаўку за Алешкаў стол, адсунуў ад сябе паперы, якія аказаліся пад рукамі.

— Не табе смяяцца. Разам, здаецца, працаваць прыйдзецца. Так што і распісвацца будзем разам.

— Ну, выбачай! — зарагатаў Алешка.— Давай лепш па-даўнейшаму: будоўля адна, а слава твая. Не вельмі ты дзяліўся ёю раней.

— А хіба не на нашых спінах ты трымаўся і нашармака выязджаў?

— Мяне з плакатаў не віталі. Дый на ліха яно мне? Мне, браце, хапала такога ў вайну. Хоць адбаўляй...— Алешка чыркануў сябе па шыі.— Во! А цяпер таксама жыву і, хоць падсякаюць, каб захацеў, не вельмі кашляў бы.

Ён неяк па-блазнецку, з-пад вуха, махнуў рукою і расслаблена ўсміхнуўся. Пасля падышоў да стала і прысеў на яго, упіраючыся нагою ў падлогу. Аляксей пільней прыгледзеўся да прараба і заўважыў: той пад мухаю. Вочы асалавелыя, губы вільготныя.

Крыўдзіцца, як вядома, адразу на ўсіх немагчыма. Адна крыўда засланяе другую, і Аляксей, панізіўшы голас, папярэдзіў:

— Даскачашся ты калі-небудзь, Кастусь... І да хлопцаў цяпер не хадзі. Лепей я ўжо сам. Нельга, каб яны з гэтага пачыналі знаёміцца з будоўляй. І наогул, вымыйся, пакуль нікога няма.

На дварэ пачуўся гудок аўтамашыны. Аляксей хутка выйшаў з канторы і, пазнаўшы гарсавецкую «Пабеду», якая стаяла ля варот, засігаў да яе. «Няўжо зноў ён? Знаёма...»

З машыны сапраўды вылез Зімчук.

— Ну, як? — здалёк гукнуў ён.— Сустрэліся ўжо?

Аляксей нязграбна наблізіўся да яго і падаў непаслухмяную руку. Таксама павярнуўся тварам да рамеснікаў, якія ў сваёй чорнай, з бліскучымі гузікамі форме спачатку здаліся на адзін выгляд, і стаў разглядаць іх.

Увага мімаволі спынілася на двух. Яны стаялі поруч і нібы трымаліся за рукі. Старэйшы з іх, акуратна падпяразаны, стройны юнак у зашпіленай на ўсе гузікі гімнасцёрцы з чыстым падкаўнерыкам, глядзеў на Аляксея насцярожана, гатовы да ўсяго. Ён хмурыў упарта выгнутыя бровы і стараўся вытрымаць Аляксееў позірк. Другі быў камлюкаваты, віхрасты і страшэнна рыжы. Яго круглы, з тонкай, надзіва далікатнай скураю твар усыпалі вяснушкі — залаціста-жоўтыя на лбе і шчаках і залаціста-карычневыя на задзірыстым носе. Таму здавалася, што ўвесь яго твар ззяў. Але невялікія, таксама, здавалася, рыжаватыя вочы глядзелі з выклікам.

— Вось гэта папаўненне! — з вясёлай сур’ёзнасцю сказаў Зімчук.— На падбор. Прымай, Аляксей, бачыш якія!

Ён таксама вылучыў з групы гэтых двух і, адступіўшы, паклаў рукі на плечы стройнаму юнаку.

— Цімох? Ты? Во як здараецца. Прывет! Бач, вымахаў. Вусы ўжо намячаюцца. Ледзьве пазнаў. Камсамолец, вядома?

— Камсамолец? А як жа,— чырванеючы, пацвердзіў той, і стала відаць, якая гэта трапяткая натура.

— А яшчэ ёсць камсамольцы?

Некалькі хлопцаў, як школьнікі, паднялі рукі.

— Добра! — авалодаў сабою Зімчук.— Бо вучыцца давядзецца і тут... Такі ж горад выпала будаваць!— І, павярнуўшыся да Аляксея, спытаўся: — Ты, спадзяюся, прыкінуў, з чаго пачнеш?

Ні цяпер, ні пазней Аляксей не мог здагадацца, што іменна ў гэтай гаворцы скрышыла яго глухую ўпартасць. Здаецца, усё было звычайна, калі не лічыць сустрэчы Зімчука са знаёмым хлопцам. Але вось на табе — паглядзеў на іх, успомніў бальніцу, Волечку пад дзвюма коўдрамі, зблажэлую, няшчасную Зосю, і сэрца ёкнула. Нутром адчуў: няможна больш упірацца! Хто ведае, можа, нават трэба нешта адкінуць, нешта прыняць і ў нечым пакаяцца.

— Н-не, пакуль што не думаў, Іван Мацвеевіч...— хрыпла прызнаўся, аблізваючы засмяглыя губы.

— А я ўсё-такі спадзяваўся. Ты ж працаўнік, Аляксей! — са шкадаваннем сказаў Зімчук.— Прыйдзе Алешка — абмяркуйце. І, калі не будзеш заняты заўтра, прыходзь да нас на сустрэчу з жыхарамі новых дамоў. Там і раскажаш...

Зімчук паехаў.

Сярдзіты, нездаволены сабою, Аляксей вярнуўся ў кантору. Алешка сядзеў за сталом, падпёршы далонямі шчокі. Смуглявы твар быў потны, кудзеркі па-няшчаснаму прыліплі да лба.

— Мітынгаваў? — паспрабаваў ён быць ранейшым, але гэта яму не ўдалося, і запытанне прагучала разгублена.— Пытаўся пра мяне?

— Казаў, калі прыйдзеш, каб намецілі, з чаго пачынаць... Там, сярод гэтых, Цімка аказаўся,— паведаміў Аляксей.

— Ну?

Алешка рвануўся, але быццам быў прывязаны да лаўкі, толькі прыўзняўся і зноў апусціўся на месца.

Усеўшыся адзін супроць аднаго, яны неахвотна пачалі прыкідваць, як лепш арганізаваць сёння працу. Потым — як хутчэй выявіць найбольш спрытных «гаўрыкаў», пакуль Алешка, уцягнуўшы ў сябе паветра, не спахапіўся:

— Ён жа бачыў адчыненыя дзверы ў канторы! Бачыў?

Гэта ўшчэнт сапсавала настрой. Аляксей з прыкрасцю махнуў рукою і выйшаў да хлопцаў. Тыя ўсё стаялі купкаю, але ўжо не моўчкі, а заўзята жэстыкулявалі і нешта даводзілі адзін аднаму. І верхаводзіў — Цімка.

«Ну і зух!..— падумаў Аляксей пра Зімчука.— Ведаў, што Алешка тут, і не сказаў ні слова. Здагадваўся, канешне, зноў у нечым правініўся і хаваецца. Разумеў: так мацней памучыцца... А можа, знарок не хацеў лезці ў гэта? Во справы!..»

 

5

Не было такой галіны гарадскога жыцця, якой бы ні цікавіўся Зімчук. Але адначасна ў яго было і сваё запаветнае — будаўніцтва, добраўпарадкаванне горада. Яму ён стаў аддаваць сябе не толькі таму, што абавязвала пасада. Вуліца, двор, кватэра, парк! Дадайце да гэтага прадпрыемства або ўстанову, тэатр, кіно — і круг гарадскога чалавека замкнецца. Сацыялізм, вядома,— гэта вельмі многае. Але ні па чым так непасрэдна і штодзённа ты не адчуваеш яго, як па ўмовах працы і адпачынку. Чалавеку, безумоўна, важна, якія ён купіў сабе пальчаткі, гарнітур, паліто. Але яшчэ важней, якую ён атрымаў кватэру. І гэта ўжо таму, што ён не мяняе кватэры, як пальчаткі. Кепскай кінакарціны можна не глядзець. Ісці ж па вуліцы і не глядзець навокал сябе нельга. Так думаў Зімчук.

Была і яшчэ прычына: намаганні давалі плён — горад рос. А любіць чалавек, калі дзейнасць яго пакідае сляды. Прыемна гэта яму, у гэтым як бы пачынаецца яго другое жыццё.

І Зімчук часта наведваў будоўлі, праседжваў над планам-схемаю, правяраючы, як размяшчаюцца па горадзе школы, магазіны, дзіцячыя і культурна-бытавыя ўстановы, сачыў, каб у першую чаргу забудоўваўся цэнтр. Ён ведаў многіх архітэктараў, канструктараў, інжынераў-будаўнікоў, перадавікоў будоўляў і быў у курсе іх спраў.

Залу пасяджэнняў у гарсавеце нядаўна адрамантавалі і пераабсталявалі. Багатая ляпная столь і сцены былі асляпляльна белыя. Панель, падлога паблісквалі. Наогул, залітае мяккім электрычным святлом, тут паблісквала ўсё: і прасцэніум з масіўным дубовым сталом для прэзідыума, з дзвюма такімі ж трыбунамі паабапал, і рады вузенькіх, пакрытых шклом сталоў, якія ламанымі лініямі цягнуліся праз усю залу да прасцэніума, і крэслы, што стаялі па адным пры кожным зломе стала. Графін з вадой і той на стале прэзідыума выглядаў як зусім новая рэч.

Даклад рабіў Васіль Пятровіч. Чамусьці шкадуючы яго, Зімчук наліў у шклянку вады і, падышоўшы, паставіў на трыбуну. Успомніў, як нядаўна, пасля спрэчкі на Цэнтральнай плошчы, зайшоў да яго ў майстэрню, каб пазнаёміцца з новымі праектамі. Васіль Пятровіч, прыпаўшы лбом да шыбы, стаяў каля акна. Яго яўна нешта ўзрушыла — гэта было відаць па ссутуленай спіне. Калі ж ён павярнуўся на скрып дзвярэй, Зімчук убачыў на яго вачах дрыжачыя светлыя слёзы — быццам ён толькі што прыйшоў з марозу. Зразумеўшы — трэба неяк растлумачыць свой стан, вінавата сказаў: «Вось на іх заглядзеўся...» — і паказаў рукою ў акно, бо ніжняя губа ніяк не слухалася яго. Зімчук зірнуў на вуліцу — па маставой ішлі піянеры — гаманлівая, стройная калона, на чале якой крочылі сцяганосец, гарніст і барабаншчык. Меншы за ўсіх ростам, зусім карапуз, гарніст важна размахваў горнам і глядзеў прама перад сабой...

Кончыўшы даклад, Васіль Пятровіч сабраў лісточкі з тэзісамі і, запознена ўзяўшы шклянку з вадою і адпіўшы некалькі глыткоў, пайшоў да прэзідыума.

Перш чым сесці, яшчэ раз агледзеў залу. Прыйшла думка: вось стаяў на трыбуне, звяртаўся да тых, хто сядзеў у зале, але амаль нікога не бачыў і ўвесь час глядзеў на маладога, у шэрым гарнітуры мужчыну, які сядзеў у першым радзе і якога ўпадабаў за высокі лоб і дзіцячыя валошкавыя вочы. Але, як выявілася, і яго бачыў кепска, бо толькі цяпер заўважыў, што з-пад гарнітура ў мужчыны відна не кашуля, а майка, і на правай руцэ вытатуіраваны якар.

«Водаправодчык»,— чамусьці рашыў Васіль Пятровіч.

У зале кашлялі: Мінск ахапіла чарговая эпідэмія грыпу. Разглядаючы прысутных, Васіль Пятровіч стаў шукаць знаёмых. Знайшоў усмешлівага Кухту, Валю, якая схілілася над сталом і нешта таропка запісвала ў блакнот, строгага ад нязвыклых абставін, старанна прычэсанага Урбановіча, побач — барадатага Прыбыткова і злосна прыжмуранага Алешку.

«Што яны думаюць зараз?»

Задумаўшыся, Васіль Пятровіч не заўважыў, як «водаправодчык» папрасіў слова.

— Я, таварышы, пра тое, што ў мяне вось тут сядзіць,— пляснуў ён сябе па карку. І, пачуўшы хутчэй гэты пляск, чым словы, Васіль Пятровіч прымусіў сябе слухаць.— Сталінградцы, калі прыязджалі, здорава казалі: «У мінчан усё як на парадзе». Пабудуем дом, здадзім і тут жа фатаграфуем. А пасварыўся я потым з жонкаю — усе суседзі ведаюць. Мне кажуць, у мяне два пакоі. Дзе там! Усе мы ў адным пакоі жывём. А сцены — паклёп адзін. Яны нават не гваздзяцца, як будаўнікі гавораць. Карціны і тыя на ацяпляльных трубах давялося павесіць.

У зале засмяяліся. Пачуліся воплескі. І ўся ўрачыстая строгасць, якая была спачатку і яшчэ больш усталявалася ў часе даклада, знянацку рухнула. Усе загаманілі, парыпваючы крэсламі.

Толькі прамоўца — чалавек, відаць, схільны да гумару — астаўся сур’ёзны і быццам нават не разумеў, чаго другім смешна.

— А авоські з прадуктамі на вокнах? — дадаў ён, не чакаючы, пакуль сціхне зала.— На кожным доме красуюцца. Усе кладоўкі напаказ выстаўлены.

Яго вясёлая, непрымірымая іронія ўкалола Васіля Пятровіча. Ён захацеў паглядзець на Кухту — як рэагуе той? — але сустрэўся з грэблівым позіркам Алешкі, які ўсхапіўся, каб выступаць.

— Дрэннага не папсуеш! — адразу на высокіх нотах, як гавораць неспрактыкаваныя аратары, пачаў ён, не зводзячы вачэй з Васіля Пятровіча.— Чаму, напрыклад, авоські вывешаны? Халодных куткоў у кватэрах няма. Чаму сцяна не гваздзіцца? Сухая тынкоўка запраектавана. Ясна? Дый адкуль яно добрае возьмецца, калі тым, хто праектуе, абы пыл у вочы пусціць.

— Дзіва што,— спакойна падтрымаў яго Прыбыткоў.— Я, можа, праз гэты пыл дасюль у сутарэнні жыву.

— А ты думаў! — кінуў яму Алешка.— На словах усе мы добранькія. І як той конь — абавязкова за суткі сорак разоў уздыхнём. Але... Мы вось дом будуем. Пакояў процьма, калідораў хапае, а жыць няма дзе. У вуглавых секцыях трохкутныя каморы. Я спытаўся ў архітэктара, што яго на такое штурхнула. Аказваецца, ён пакоі да фасада прывязваў. А фасадам яму трэба было адгукнуцца на нешта. Ну і адгукнуўся. Во, аказваецца, як любіць людзей!

Ці ведаў усё гэта Васіль Пятровіч? Безумоўна. Яшчэ ў студэнцкіх канспектах чырвоным алоўкам абводзіў славутую трыяду Вітрувія: трываласць, карыснасць, прыгажосць, Але, як выходзіць, і гэтыя веды сталі залежнымі, падобнымі да тых слоў, якія чалавек разумее, калі, скажам, чытае або слухае каго-небудзь, але якімі сам не карыстаецца.

І зноў гэтае «любіць»! Апраўдваючыся толькі перад сабою, калі Зося кінула яму з пагардаю: ён не любіць людзей, хоць і клапоціцца аб іх, ён спаслаўся на будучае. Ну вось яно прыходзіць, а дакор кідаюць зноў. Дык у чым жа справа? У дакладзе, здаецца, усё было на месцы — дасягненні і недахопы, крытыка і самакрытыка. Але ён не адчуў, чаго ад яго чакалі, не сфармуляваў патрабаванні да сябе. Думаў: хопіць і таго, што разварушыцца сам і разварушыць будаўнікоў, прымусіць людзей думаць аб горадзе. Але...

Па твары ў яго пайшлі плямы. Так, так, Алешка выступаў не столькі супроць архітэктурных пралікаў, як за нешта помсцячы яму асабіста. За што?.. І калі сход кончыўся, ён не падышоў да Валі, а, вінавата ўсміхнуўшыся ёй, пачаў прабірацца да Зімчука, каля якога ўжо стаялі Прыбыткоў з Урбановічам.

Так учатырох яны і выйшлі на вуліцу, размаўляючы пра сход, будоўлі і конкурс, які неўзабаве павінен быць абвешчаны на другую чаргу Савецкага праспекта. Але думкі Васіля Пятровіча ўвесь час упарта вярталіся то да Алешкі, то... да Понтуса з Барушкам. Рабілася відавочным: рознагалоссі з імі глыбейшыя, чым здавалася яшчэ сёння. Многае, што абурае Васіля Пятровіча ў іх праектах, жыве ў іншых работах. Яно паклала адбітак на архітэктуру горада і на яго работу як галоўнага архітэктара.

 

6

Гэтымі думкамі Васіль Пятровіч жыў і назаўтра.

Увечары ён павінен быў ісці ў гарком да Зорына, які, як правіла, частку спраў пакідаў на начны час. Васіль Пятровіч здагадваўся: выклік звязаны са злашчаснымі праектамі, і прадбачыў — размова будзе нялёгкая. Гэта акалічнасць і прымусіла яго пасля работы паблукаць па вуліцах — трэба было ўсё ўзважыць яшчэ раз.

Калі ён праходзіў паўз трамвайны парк, яму раптам нагадалася рэпліка, кінутая Прыбытковым на сходзе, і пацягнула заглянуць да яго. Але зайсці ў кватэру амаль незнаёмага чалавека не так проста, і Васіль Пятровіч доўга ў нерашучасці пятляў каля дзіўнага жылля, дах якога ўкрыўся дзірваном, як закінутая пустка. Магчыма, ён наогул не адважыўся б зайсці, калі б не заўважыў, што з падслепаватага, напалову ўрослага ў зямлю акенца Прыбытковых за ім цікуе падлетак. Пазіраючы то на невысокае сонца, то сабе пад ногі, Васіль Пятровіч падаўся да дзвярэй і, пастукаўшы, няўпэўнена адчыніў іх.

Сям’я Прыбытковых абедала. За маленькім, накрытым цыраткаю сталом сядзелі гаспадар і тры, адзін у адзін, хлопчыкі-мацакі. Чацвёрты хлопец, крыху старэйшы, прымасціўся на зэдліку каля акна і таксама сёрбаў боршч з талеркі, што стаяла на падаконніку, заваленым сшыткамі і кнігамі.

Гаспадыня завіхалася ля печы, грукаючы чыгунамі. На ложку, спінаю да дзвярэй, адкінуўшыся назад і абапіраючыся рукамі на пасцель, сядзеў Алешка.

Не азірнуўшыся, як бразнулі дзверы, але знарок не панізіўшы голасу, ён сказаў:

— Ты, Змітрок, гаворыш — работа. Гэта правільна. Але ад адной работы здзічэць нядоўга. У чалавека не толькі галава і рукі ёсць.

— Я хачу, каб добра было. А ты, гэта самае, сапраўды дзічэеш, сустрэчныя ўжо абыходзіць пачынаюць,— адказаў Прыбыткоў і, не здзівіўшыся, запрасіў Васіля Пятровіча: —Заходзьце, таварыш Юркевіч.

Алешка кінуў праз плячо быстры позірк на дзверы і сеў раўней.

У пакоі было цемнавата, таму цесната ў ім здалася Васілю Пятровічу проста страшнай — тут не было дзе павярнуцца. Ён паглядзеў на жоўтыя сырыя падцёкі на фанернай столі і сценах, на беднае абсталяванне і падумаў: дзеці ў Прыбытковых, вядома, спяць на падлозе.

— Што, дзіўна? — адказаўшы на прывітанне, спытаўся Прыбыткоў.— Жывучы тут, хіба чаго купіш? Дзе ты што паставіш?

— Але, але,— хуценька згадзіўся Васіль Пятровіч, камечачы ў руках капялюш.

Хлапчукі перасталі есці, выцягнулі, як птушаняты, шыі, не зводзячы вачэй з нязванага госця, але, заўважыўшы, што бацька сярдуе, зноў узяліся за яду.

— Мо паабедаеце з намі? — запрасіла гаспадыня.

— Не, дзякую. Я так проста...

— Проста з моста,— кпліва пракаментыраваў Алешка.

— Я хацеў пагаварыць з вамі наконт учарашняга, таварыш Прыбыткоў.

— А чаго тут гаварыць? Яно і так усё відно,— абвёў той позіркам пакой.— Вы б хоць селі.

Старэйшы хлопчык, які абедаў ля акна, падсунуў свой зэдлік Юркевічу і адышоўся на ранейшае месца.

Гаспадыня падала на стол міску тушонай бульбы, адклала трошкі ў талерку старэйшаму і, прымасціўшыся побач з самым малым, абняла яго за плечы, каб зручней было сядзець. Усе зноў пачалі есці.

— Я вось таксама ў гасцініцы жыву...— хацеў быў даверыцца Васіль Пятровіч, разглядваючы сям’ю панурага муляра.

Алешка, як наравісты конь, да якога падышоў чужы чалавек, адвярнуў галаву і, гледзячы на запыленае акно, параіў:

— А вы памяняйцеся. Вось і квіты будзеце.

— Я сюды не сварыцца прыйшоў.

— Гэта праўда, Кастусь,— заступіўся Прыбыткоў.— А вы, таварыш Юркевіч, не вельмі зважайце. Ён сам не ведае, чаго яму трэба.

— Не бойся, адно ды ведаю! — упарта махнуў галавою Алешка.— Нельга, каб так было.

— А як тады?

— Гэта ўжо не маёй галавы дзела.

— Вось бачыш,— спакойна перапыніў яго Прыбыткоў.— А я, гэта самае, вось што скажу. Не такія мы бедныя, таварыш Юркевіч, каб жыць так... Нам лепей можна жыць. Адно каб прасцей было ўсё. Каб кожны гэтай прастатою жыў. Не забываўся б на другіх і сам быў бы, як усе...

— Будзе, чакай! — ударыў сябе па калене кулаком Алешка.— Урбановіч і той мне ўчора на сходзе прапаведваў: «Корч, кажа, меціць з зямлі вылезці, а бітае шкло, наадварот, у зямлю ўтачыцца». А на ліха мне такое!

— Ты не злуй,— і гэтым разам супакоіў яго Прыбыткоў.— Злосць — не дарадчык. Ты да канца паслухай. Няўжо кепска было б, каб у краіне нашай, гэта самае, усе людзі былі простыя? Я нікуды не лезу — ні з зямлі, ні ў зямлю. Але мне мо не так крыўдна ў сутарэнні жыць, як з яго хадзіць да каго-небудзь...

«Краіна простых людзей!—падумаў Васіль Пятровіч.— Няхай гэта, можа, наіўна, але тут ёсць пэўны сэнс. І яго трэба ўсвядоміць душою...» Не, не астравок запаветнай зямлі будучага, акружаны ранейшай убогасцю, відаць, патрэбен людзям. Яны прагнуць іншага і маюць права на большае. Гэты астравок, які некалі саграваў у летуценнях яго, Васіля Пятровіча, і які цяпер бадай што створаны, не можа прынесці сапраўднай радасці. Наадварот, ён абуджае крыўду неадпаведнасцю таму, што асталося навокал... Краіна простых людзей! Дойліду асабліва шмат у ёй работы, і самае цяжкае, мабыць, пошукі прыгожага — красы, простай і блізкай...

Увечары Васілю Пятровічу пашанцавала — наведвальнікаў у прыёмнай у Зорына не было, і аб ім адразу далажылі. Праз падвойныя абцягнутыя дэрмацінам дзверы ён прайшоў у кабінет і ўбачыў сакратара не за сталом, а каля акна. Адхінуўшы рукою важкую аксамітную парт’еру, той глядзеў на вуліцу. Пачуўшы пакашліванне Васіля Пятровіча, падаўся да акна, быццам зацікавіўшыся нечым на вуліцы. Але калі нарэшце павярнуўся, Васіль Пятровіч убачыў: твар у яго сярдзіты, злосны.

— Пазнаёмся,— не тоячы варожасці, сказаў ён і, ступіўшы да стала, падсунуў на яго край нейкія паперы.

Васіль Пятровіч узяў паперы, сеў у скураное крэсла і пачаў чытаць. Як ён і чакаў, у іх ішла гаворка пра злашчасныя праекты Понтуса. Але што найбольш здзівіла яго — паперы былі з Акадэміі архітэктуры.

— Ну, што скажаш? — з прыкрасцю пацікавіўся Зорын, счакаўшы, калі Васіль Пятровіч скончыў чытаць.

Стараючыся быць спакойным, ён паклаў паперы на стол і таксама ўстаў.

— Я не магу згадзіцца і з гэтым. Па-мойму, высокі абаронца — таксама Понтус.

— Глупства! — ускіпеў Зорын.— Дамарослыя штучкі! Прычым знаёмыя, даўно знаёмыя.

Значыць, Зорын звязваў яго барацьбу супроць праектаў Понтуса з пазіцыяй, занятай у адносінах катэджаў на Круглай плошчы. Значыць, як і даўней, наважыў кінуць яму абвінавачванне не ў асобных памылках, а ў сістэме заганных поглядаў, заганнай лініі паводзін! І таму трэба было не толькі высветліць формулу абвінавачвання, пастарацца пераканаць Зорына ў адваротным, а і абвергнуць яго ўласныя погляды, паказаць іх слабасць.

— Прабачце, але слова даю, не даходзіць...— схітрыў Васіль Пятровіч, выкройваючы час.

— Да мяне таксама, уласна кажучы, не даходзіць, супроць чаго ты ваюеш. Супроць таго, каб была ўслаўлена эпоха? Табе не даспадобы ўрачыстасць нашых дзён? Або не падабаецца, што нашы людзі жадаюць бачыць мастацтва не на адных выстаўках. Дзеля цябе не існуе ні каманд, ні аўтарытэтаў. Цягне прапаведваць ураўнілаўку. На палітычнай мове ты ведаеш, як гэта называецца?

— Дапусцім.

— Тым горш для цябе!

Яны стаялі блізка адзін да аднаго, і Васіль Пятровіч скурай твару адчуваў абурэнне Зорына. Але разам з гэтым заўважалася: той у нечым не ўпэўнены, марудзіць і чакае яшчэ чагосьці. Інакш ён паводзіў бы сябе зусім іначай. У двух выпадках — гэта ведалі усе — калі Зорын у гуморы альбо адчувае сваю перавагу, ён распяразаны і невытрыманы. Грозіць пальцам пад самым носам субяседніка, штурхае пад бок, стукае кулаком па стале, рагоча, дэманструючы сваё «народнае нутро».

— Спачатку наконт ураўнілаўкі,— памарудзіў Васіль Пятровіч, апасаючыся цяпер аднаго — як бы не ляпнуць такога, за што ўхапіўся б Зорын.

— Ну-ну, радзі!

— Горад будуецца не на дзесяткі год. Памруць заслужаныя вучоныя, героі, народныя артысты — і яны, нябось, людзі. Хто тады астанецца ў катэджах? Вядома, іх нашчадкі. Але хто ведае, можа быць, самыя звычайныя, калі не горш. Дык чаму ж яны павінны жыць у нейкіх асобых кварталах і дамах?

— Не выкручвайся!

— І не думаю,— перайшоў ужо ў наступ Васіль Пятровіч, разумеючы, што Зорын бачыць пераканальнасць яго слоў.— Фактам жа будзе —горад пацерпіць і каста з’явіцца. А па-мойму, калі і перадаваць што-небудзь у спадчыну, то не прывілеі. Не да твару гэта нам...

— Аднак ты нахабным становішся. І спрачацца насабачыўся...— як і чакаў Васіль Пятровіч, не палез на ражон Зорын і, паглядзеўшы на яго з цікавасцю, зноў адышоўся да акна, усім выглядам паказваючы, што сваё зрабіў.

 

РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ

 

1

Нібыта помсцячы сабе, але з надзеяй, узялася Валя за кнігі, якія даў ёй Васіль Пятровіч. Чужая мудрасць абяцала стаць як бы прыстанішчам ад непрыемнасцей і трошкі прымірыць Валю з сабою. Дзівосная, невядомая галіна чалавечых пошукаў і спраў адкрывалася перад ёю. Старажытны Усход, Грэцыя, Рым, Візантыя!..

Ледзь бачныя ў імгле стагоддзяў паўсталі егіпецкія гарады — дзіўнае спалучэнне ўбоства і багацця. Крывыя, вузкія вуліцы, у беспарадку раскіданыя, з плоскімі дахамі дамы з сырцовай цэглы, раскошныя царскія рэзідэнцыі і побач, на камяністых тэрасах, гордасць Егіпта — гарады мёртвых. Гвалт і здзек!..

Пякло сонца. Над галавою сінела чыстае неба. Жоўтай смугою дымілася пустыня. І, быццам караван, у глыб яе адыходзілі шэра-жоўтыя піраміды. Нібы праводзячы іх, поруч застылі памінальныя храмы і чырванатварыя сфінксы... А далей?

Прыйшлі не менш бязлітасныя Асірыя і Вавілонія. Там палохала сама прыгажосць. Абнесеныя тоўстымі сценамі, гарады замкнуліся ў прамавугольную форму. Пануючы навокал, на высока насыпаных тэрасах узняліся цытадэлі палацаў і гіганцкія трох’ярусныя чорна-чырвона-белыя вежы — зікураты, якія нагадвалі ступеньчатыя ўсечаныя піраміды. На іх вяршынях стаялі блакітныя павільёны, а на прыступках раслі дрэвы...

І ўсё-такі там, у далёкіх егіпецкіх і асірыйскіх дойлідаў, нявольнікаў і паўнявольнікаў, нарадзілася гордае імкненне — звязаць тое, што рабілі рукі чалавека, з тым, што стварыла прырода!

Валя як бы пабывала на ўзбярэжжы Эгейскага мора, з яго бухтамі і скалістымі астравамі, на гарыстым Пелапанесе, узгоркаватай Атыцы, пакрытай векавымі дубамі, кедрамі, пінеяй, заўсёды зялёным лаўрам. Перад ёю, часцей на схілах гор, бялелі абнесеныя сценамі гарады. Над жылымі кварталамі, у цэнтры, уздымаліся акропалі — дзівосныя ансамблі з храмаў, скарбніц, храмікаў і манументаў. Сінела заўсёды бязвоблачнае неба, і на фоне яго невыказна прыгожа свяціўся мармур калон і статуй. Звязваючы галоўныя храмы акропаля з пейзажам, грэкі ставілі іх паралельна пануючаму схілу або марскому ўзбярэжжу. Але затое, каб узбагаціць гэтую спрошчаную кампазіцыю, маляўніча размяшчалі другарадныя збудаванні і рабілі ўваходы з вуглоў. Перад тым, хто ўваходзіў, акропаль адкрываўся паступова — карціна за карцінаю, у якой панавала адно якое-небудзь збудаванне. Тут нарадзілася і агора — першая ў свеце гарадская плошча.

Гэта было праяўленне ўсвядомленых сіл, чалавечага таленту, што адчуў павевы свабоды. Горад належаў чалавеку і багам, якія стварыў ён па ўласнаму вобразу і падабенству.

Тут было даведзена — краса, створаная рукамі чалавека, можа быць такой жа цудоўнай, як і краса прыроды. І адсюль у гарады наступных эпох, як запавет і спадчына, перайшлі тэатры, стадыёны, гімназіі.

А рымскія гарады!

Яны былі ваеннымі, адміністрацыйнымі, гандлёвымі, партовымі і нават курортнымі. Іх заснаванне пачыналі з урачыстага этрускага абраду. Навокал будучага горада бронзавым плугам праводзілі баразну. Яна лічылася свяшчэннай, і на ёй потым будаваліся гарадскія сцены. Паводле легенды, так быў закладзены і Рым.

Яго архітэктурны цэнтр утваралі палацы цэзараў на Палатыне, вядомы ўсяму свету Калізей — чатырох’ярусны амфітэатр, што ўзвышаўся над вяршынямі навакольных узгоркаў, група капіталійскіх храмаў і сістэма форумаў з базілікамі, порцікамі, храмікамі. Валя як бы наведала Калізей, бачыла, як насмерць біліся гладыятары, як ірвалі адзін аднаго звяры. Вялізная яго арэна іншы раз напаўнялася вадою, і тады можна было стаць сведкаю сапраўдных марскіх бітваў, якія адбываліся на арэне. У рэдкія пахмурныя дні над амфітэатрам напіналі залацісты шоўк, і ён ствараў ілюзію сонечнага святла. Гэтак рымскія імператары куплялі сабе папулярнасць і падтрымку просталюдзінаў.

«Усе дарогі вядуць у Рым!» І, сапраўды, з розных бакоў беглі да яго дарогі, уліваючыся ў забрукаваныя вуліцы. Так стыхійна ўзніклі вуліцы радыяльнага напрамку, якія імкнулі да цэнтра, да Рымскага форума. З аддаленых гор высокія акведукі падводзілі ваду да вялізных рэзервуараў, адкуль яна па свінцовых трубах бегла ў жылыя дамы. Вады было многа. Вада біла са шматлікіх фантанаў. Вада сілкавала аграмадныя лазні, цыркі. Зелянелі сады і паркі. Па Марсавым полі цягнуліся лаўровыя і платанавыя алеі. У каланадах порцікаў віліся павой, вінаград. Пышны шматпавярховы Рым увабраў у сябе адшумеўшую славу грэкаў і спалучыў яе з жорсткай веліччу Старажытнага Усходу.

Валя ўяўляла гэта, і яе поўніла гаркаватая, але затое падвойная радасць. Гаркаватая таму, што аказалася: яна дагэтуль не ведала таго, чаго нельга не ведаць. Падвойная таму, што пазнанае сцвярджала і другіх і яе. Перад Валяй раскрываліся шляхі гісторыі, працэс накаплення вопыту чалавецтвам, яго зусім не лёгкі палёт усё вышэй, і гэта абяцала спатрэбіцца. Нават вельмі. У антычным горадабудаўніцтве Валя бачыла і такое, што непасрэдна прыйшло ў яе родны горад, памагаючы і перашкаджаючы яму. А Валя ўжо адчувала — без пяра ёй не жыць.

Яна як бы зрабіла падарожжа ў багатую гандлёвую Фларэнцыю з яе суровымі палаццо і строгімі плошчамі, у ажурную Венецыю — горад каналаў, мастоў, палацаў і прамяністага неба, у папскі Рым, дзе расцвіло неспакойнае, пачуццёвае мастацтва — барока, у пышны, парадны Версаль.

Эпохі праходзілі перад ёй, і, знаёмячыся з імі, яна неяк унутрана, істотаю пераконвалася — свет значна багацейшы, чым думалася раней. Але ў той жа час у ёй нарадзіліся і сталі жыць супярэчлівыя пачуцці. Яе захапляла прыгажосць, створаная чалавекам, і абурала, у імя чаго гэтая прыгажосць стваралася ды якіх ахвяр каштавала. І яшчэ — чым велічней было хараство, тым большыя ахвяры стаялі за ім. І, можа быць, ніколі так моцна Валя не адчувала мінулага. Чалавек мог ім ганарыцца, але сумленне прымушала праклінаць яго. Крыўдзілі, абуджалі неўразуменне і адносіны да яго.

Валя ведала пра лёс забытага Версаля, і ёй рабілася да болю шкада яго. Забыцца на Версаль, які так дорага каштаваў народу і ў якім праявіўся яго творчы геній! Версальскіх палацаў не рамантавалі ўжо больш за стагоддзе. Лянотраўскія сады зарасталі, ператвараючыся ў непраходныя гушчары. І толькі калі абвалілася адна са сцен Вялікага Трыянона, Францыя ўспомніла пра цуд свайго нацыянальнага мастацтва.

З раўнівай цікавасцю знаёмілася Валя з рускім горадабудаўніцтвам, з яго ўзлётам у эпоху Пятра. Колькі складанейшых і важных для будучага праблем было пастаўлена пры рашэнні плана Пецярбурга! Славутыя «стыпендыяты» — Еропкін, Корабаў, Зямцоў — ужылі і развілі сістэму трохпрамянёвых праспектаў. Яны спалучылі праспекты з каналамі, а радыяльныя і кальцавыя магістралі з кольцамі паркаў. Пры змене стыляў здолелі стварыць архітэктурна-цэласны вобраз велічнага Пецярбурга, які адпавядаў тагачаснаму ўяўленню аб сталіцы магутнай дзяржавы. Грандыёзны ансамбль Адміралцейства, на які накіраваны праспекты, Казанскі сабор са сваёй паўкруглай каланадаю, павернутай на Неўскі, завершаны архітэктурны цэнтр Пецярбурга з Дварцовай і Сенацкай плошчамі ўразілі веліччу замыслаў.

Харошую гордасць выклікалі творы вялікіх майстроў — Растрэлі, Казакова, Бажэнава, Старава, Вараніхіна, Росі, якія здолелі не толькі стварыць нацыянальную рускую архітэктуру новага напрамку, але і ўзняць яе да выдатных узораў сусветнай архітэктуры. Але зноў — як многа, ох як многа каштавала ўсё гэта народу!..

Чым бліжэй падыходзіла Валя да сучаснасці, тым больш сустракала знаёмага. Аднак і яно паўставала цяпер у новым святле.

І цікава: прасякаючыся павагаю да творчага генія чалавека, Валя іначай пачынала глядзець на самога Васіля Пятровіча. Малазразумелы і таму крыху дзіўны, ён як бы ўвасабляў цяпер у яе вачах гэты велізарнейшы вопыт народаў далёкіх і блізкіх часоў. Ён стаў носьбітам, ахоўнікам і прадаўжальнікам вякамі набытага вопыту. І Валя зноў і зноў за гэтыя дні адчувала няёмкасць за свае лёгкія адносіны да яго, за тое, што не здольная была ацаніць адданасць справе, якой ён служыў. Наогул, Валя дасюль мала думала аб ім. Ну, жыве разумны, сціплы чалавек, працуе шчыра, сумленна. Ну і што тут асаблівага? Няхай! З ім прыемна пагутарыць, паспрачацца. Тым больш што на грамадскай лесвіцы ён стаіць вышэй за цябе. Але ў размове і ў спрэчках цябе цікавіць не гэты чалавек сам па сабе (ён жа пораху нават не нюхаў), а тое, пра што ты гаворыш з ім, ды яшчэ хіба — уласная дасціпнасць і правата. І вось пазнаючы, чаму служыў Васіль Пятровіч, Валя міжвольна пачынала думаць аб ім самім.

«Хто ён? Ці сапраўды здольны на вялікае? Што ў яго запаветнае?..» Але адно рабілася бясспрэчна — Васіль Пятровіч рабіў усё, што ад яго залежала, каб у шэраг гэтых славутых гарадоў, пра якія яна чытала, стаў і Мінск. Яе Мінск! У Валі абуджаліся цікаўнасць, увага, а на Васіля Пятровіча клаўся водбліск вялікіх дзеянняў яго папярэднікаў.

 

2

Гэтым разам яна знайшла Васіля Пятровіча ў майстэрні. Седзячы на табурэтцы ля мальберта, ён маляваў перспектыву — паваротку Савецкага праспекта каля Акадэміі навук. Побач, таксама на табурэтцы, ляжалі акварэльныя фарбы, пэндзлікі, стаялі шклянкі з вадою. Васіль Пятровіч не пачуў, калі Валя ўвайшла ў майстэрню. Як гэта бывае з чалавекам, які перакананы — яго ніхто не бачыць, ён па-вар’яцку замармытаў нешта сабе пад нос і зрабіў здзіўлена-спалоханую грымасу. Пасля адхінуўся назад, свіснуў і пачаў разглядаць перспектыву.

Трымаючы перад сабой кнігі, Валя, аднак, не аклікнула яго, а спынілася пасярод майстэрні, не ведаючы, што рабіць. Кнігі можна вярнуць другім зручнейшым выпадкам, але як выйсці, нічога не сказаўшы? Зацікавіла і перспектыва.

Чысты-чысты, якім можа быць толькі на акварэльным малюнку, Савецкі праспект імкнуў удалячынь, вольна паварочваючы недзе каля будынка Акадэміі навук з яе знаёмай паўкруглай каланадаю, з неіснуючай чыгуннай агароджаю, з ліпамі і серабрыстымі ліхтарамі ўсцяж тратуара. На процілеглым баку праспекта, утвараючы такі сама вольны, толькі большы паўкруг, узнімаліся шматпавярховыя камяніцы, адна з якіх увенчвалася вежаю, што ўдала завяршала перспектыву праспекта і надавала карціне закончаны выгляд.

Валю здзівіла іменна тое, што будучы праспект ужо цяпер угадваўся ў натуры. Сёе-тое тут ужо існавала, было дарагім. Але ўвогуле гэта быў зусім новы праспект новага горада, які паўставаў з руін. Васіль Пятровіч якраз клаў на тратуары цені ад ліп, і Валя падумала, што цяпер ён жыве ў гэтым, створаным ягонай фантазіяй горадзе і верыць у яго, як у сапраўднасць. Дый малюе нібы не тое, што яму ўяўляецца, а тое, што ўспамінаецца — ужо бачанае.

«Архітэктар наогул шчаслівейшы за многіх,— прыйшло ў галаву,— ён у заўтрашнім дні».

Нячутна ўвайшоў Дымок і, моўчкі паціснуўшы Валіну руку, кіўнуў на Васіля Пятровіча. З’явілася такое адчуванне, што яны як бы падглядаюць за ім.

— Да нас госця, Васіль,— пастараўся паправіцца Дымок.

— Вы? — убачыўшы Валю, здзівіўся той, быццам баючыся свайго здзіўлення.— Прачыталі?.. Кажучы шчыра, калі ў мяне не ўсё ладзіцца, я звяртаюся да іх. Адгортваю наўздагад і чытаю.

Ён узяў кнігі, глянуў Валі ў вочы, правяраючы, ці згодна яна, і асцярожна паклаў кнігі на табурэтку.

— Ну вось...

Толькі цяпер Валя звярнула ўвагу на развешаныя па сценах праекты. І зноў здзівілася — як выразна ўяўлялі сабе неіснуючае іх аўтары!

— У нас класіку ўспрымаюць,— нечакана разгаварыўся Дымок,— па нейкіх прыватных адзнаках. А яна — мудрасць, прастата. Яе не капіраваць трэба, а пранікаць у яе законы, паводле якіх ствараецца неўміручая краса. А так вунь што атрымліваецца. Высотны будынак на Прывакзальнай плошчы ў цэгле выглядаў прыгажэй, чым калі яго аздобілі рознымі класічнымі штучкамі.

— Гэта праўда,— згадзілася Валя.

— Заўважылі? — узрадаваўся Дымок, як радуюцца людзі, якія рэдка знаходзяць падтрымку ў другіх.

— Не хваліся, ідучы на раць,— не даў яму гаварыць далей Васіль Пятровіч.— Такое, як вядома, няцяжка языком рашаць.

— Дурны той чалавек, Васіль, які ўсе дваццаць чатыры гадзіны ў суткі сціплы ды разумны бывае...

Валя выйшла з майстэрні з пачуццём зайздрасці. Хораша думалася пра Юркевіча, Дымка. Яна чула: апошні аставаўся ў акупацыі, працаваў вартаўніком на нейкім складзе і перажыў сямейную драму. Гэта як-ніяк вызначала адносіны да яго. Дый сумленнасць у Дымка была своеасаблівая — калі ў яго пра што-небудзь пыталіся, адказваў, калі ж не, маўчаў. Але дасюль з поля зроку выпадала яго работа. А ў ёй, мусіць, і хавалася галоўнае — ён працаю сцвярджаў свае ідэалы і змагаўся за іх. У Васіля Пятровіча таксама было нешта ад Дымка, хоць ён і не быў такі пасіўны. Але яго работа!.. Валю пацягнула на праспект.

Даехаўшы па дарозе ў рэдакцыю да Камароўкі, яна выйшла з аўтобуса. Нібы ніколі не бачыўшы гэтага куточка старога Мінска, стала разглядаць убогія, урослыя ў зямлю халупы. Асабліва беднымі былі седлаватыя дахі. Чым іх некалі крылі? Драніцамі, гонтам, толем, бляхаю? Дзіравыя, пачарнелыя, латка на латцы, яны хіліліся набок і пагражалі разваліцца.

А над імі чарнелі закуродымленыя, шчарбатыя коміны. Але за гэтым драўляным убоствам узнімаліся, праўда, яшчэ рэдкія камяніцы. І калі, разглядаючы ў майстэрні праекты, Валя адчувала і бачыла, як з таго, што ёсць, вырастае будучыня, то цяпер яна назірала зусім іншае — як мінулае адыходзіць у нябыт.

Неўзабаве гэтыя дамкі будуць зносіць. Сцены некаторых з іх, што згнілі не зусім, распішуць крэйдаю, фарбаю, каб пасля, замяніўшы струхнелыя вянкі, паставіць у іншым месцы. Большасць жа разбяруць на дровы. Валя падумала: трэба зрабіць нешта, каб у памяці астаўся аб іх хоць нейкі знак. Выняўшы з сумачкі запісную кніжку і аўтаручку, яна з пачуццём незразумелага жалю пачала перапісваць нумары халуп.

«Няхай будзе хоць гэта...»

 

3

У такіх дзяўчат, як Валя, чамусьці жыве перакананне, што яны лёгка могуць прыносіць шчасце другім. Даволі захацець, стаць дабрэйшай, у нечым уступіць — і ты ашчаслівіш любога. Асабліва, калі яны ўдзячны каму-небудзь.

Сустрэўшы праз некалькі дзён Васіля Пятровіча ля свайго дома, адчуваючы — ён стаміўся і заклапочаны, Валя рашуча прапанавала:

— Давайце катанём на возера. Нельга без канца працаваць...

Яна збегала дамоў, наспех перапляла косы і, захапіўшы пакуначак з хлебам і салам, пацягнула Васіля Пятровіча да трамвайнага прыпынку.

У вагоне было горача, душна. Але Васіль Пятровіч, які, пакуль ішлі да прыпынку, нібыта прыслухоўваўся да сябе, пажвавеў. Падтрымліваючы Валю за локаць, з задавальненнем убіраў у сябе ўсё, што бачыў і чуў наўкол.

На лаўцы, справа ад яго, сядзеў барадаты, дзіўны дзядуля з кашолкаю на каленях і, нечым узрушаны, размаўляў з загарэлым мужчынам у белай расхрыстанай кашулі з кароткімі рукавамі.

— Дык вы з Зарэчча? — радасна пытаўся.— То ж бо я гляджу... А я з Сёмкава. Хата мая з краю. Сад у мяне, вуллі... А завуць мяне Макей.

— Даўно не быў там,— з жалем прызнаўся малады мужчына.

— Уга, таварыш! Вас жа высяляць па плану намечана. Там мора будзе.

— Не, ты скажы,— гудзеў густы бас за спінаю ў Васіля Пятровіча.— Ты вось інжынер. А ён што ні на ёсць звычайны рабочы. Дык чаму не ты, а ён вынайшаў гэта?

— Ты пытаешся?

— Як бачыш.

— Ды таму, што гэта, брат ты мой, вельмі проста.

— Вы чуеце, Валя? — схіліўся да яе вуха Васіль Пятровіч.

Праехалі плошчу Свабоды. Па вузкай, заціснутай у строгія манастырскія муры вуліцы Бакуніна, дзе галінкі старых ніцых бяроз ледзь не краналіся трамвая, спусціліся да Свіслачы. Паскрыпваючы тармазамі, трамвай узышоў на мост, і ў вагоне пасвятлела. На столі зайгралі жвавыя, мяккія водблескі.

Блізарука жмурачыся, Васіль Пятровіч зноў успомніў пра пачутае:

— А між іншым, гэта правільна. Часам шукаем, шукаем, а рашэнне — вось яно, побач...

На возера яны прыйшлі трошкі збянтэжаныя. Але ў гэтым было нешта прыемнае — збянтэжанасць збліжала іх, абяцала добрае.

Прыпякала. Возера ляжала стомленае. Некалькі лодак шыбавала па ім, але паверхня яго аставалася люстранай. Нават маторка, якая кіравалася да зарослых лазою астраўкоў, узняўшы хвалі, не парушыла застыласці, а толькі зазыбала адлюстраванне ў вадзе. За возерам, злева, відны былі тонкія дрэўцы пасаджанага ўвесну парку Перамогі, справа сакавіта зелянелі прырэчныя паплавы, зырка паблісквала выгінастая рачулка. Яшчэ далей бегла вузкая стужка шашы, стаялі домікі прыгараднага саўгаса і сасновы лясок, за якім шаша хавалася. На ўзгоркаватым беразе, як акінуць вокам, жаўцела жыта і сям-там кучаравіліся кусты. А над барком, шашою, над жытнёвым полем узнімалася асмужанае, выцвілае ад гарачыні неба.

Уздоўж усяго берага ў купальніках, трусах, у саламяных брылях, яркіх касынках, з галовамі, павязанымі насавымі хустачкамі або абкручанымі, як чалмою, ручнікамі, сядзелі, напаўляжалі людзі. Каля іх, па дарожцы, пасыпанай пяском, цёк стракаты людскі паток. Цудам лавіруючы паміж імі, праносіліся веласіпедысты, шнырылі падлеткі. Тут жа, пры дарожцы, пад вялікімі палатнянымі парасонамі або проста так, пад адкрытым небам, стаялі ў рад бялюткія столікі-буфеты з пірамідамі скрынак ля кожнага; блакітныя калясачкі марожаншчыц, пузатыя, абкладзеныя зверху кавалкамі лёду, піўныя бочкі з помпамі, падобнымі на колішнія водаразборныя калонкі. Крыху наводшыбе, навокал разасланых проста на траву настольнікаў з пітвом і ежаю, сядзелі больш сталыя. Аматары валейбола гулялі ў мяч. Ад моста ішоў роўны шум падаючай вады. Нягледзячы на спёку, з таго боку возера далятала музыка — там танцавалі.

Васіль Пятровіч з Валяй узабраліся на круты адхон і па пыльнай палявой дарожцы, якая тут не вілася, а роўненька імкнула да далёкага ўзгорка, хаваючыся толькі ў нізінках, увайшлі ў залаты жытнёвы разліў.

Жыта стаяла, апавітае палявой спёкаю. Каласы, налітыя і схіленыя, не гойдаліся і былі цёплыя.

У сухадоліку, парослым кусцікамі, травою і кветкамі, Валя, баючыся быць манернай, пацягнула Васіля Пятровіча за сабою. З захапленнем стала тлумачыць, як называюцца кветкі, калі і як пачынаюць яны цвісці, якія травы ўжываюцца на лекі.

— Гэта буслава дзюба,— казала яна, ірвучы ліловую кветку.— Калі пялёсткі ападаюць, з яе вырастае стручок, як дзве кроплі вады — буслава дзюба. І такая сама чырвоная. А гэта чарнічнік. У нас даўней ім палатно фарбавалі. Напараць, дададуць балотнай гразі, такой тлустай, ліпучай, і фарбуюць... Вам не надакучыла?

Васіль Пятровіч, зусім гарадскі чалавек, старанна разглядаў сцяблінкі травы, кветкі, паўтараў іх назвы, але як ні намагаўся, не мог адрозніць чарнічніку ад ягадніку і тут жа буславу дзюбу называў смактушкаю. Валя смяялася, дакарала яго ў безуважлівасці і тлумачыла зноў.

Агонь яны парашылі раскласці ў лагчынцы. Валя пабегла пад возера, каб назбіраць сухой травы і галінак. Васіль Пятровіч падаўся следам, але хутка адстаў. Калі ён вярнуўся амаль з пустымі рукамі, Валя ўжо, схіліўшыся над грудком леташняй ігліцы, раздзьмухвала агонь. Побач ляжала галлё і падобны на амара корч.

Яна папрасіла дастаць пакункі, паслала газету, выняла з сумачкі ножык. Спрытна завастрыўшы дубчык, насадзіла на завостраны канец скрылёк сала і перадала яго Васілю Пятровічу. Пасля, зрабіўшы тое сама для сябе, дзелавіта ўзялася смажыць сала на вясёлым, бледным на сонцы агні.

Скрылёк пухнуў, зацягваўся румянай скарынкаю, сярдзіта сквырчаў.

Пакручваючы ражончык, Валя непрыкметна глытала сліну. Калі на скрыльку набягала бурштынавая кропля, падносіла яго да хлеба і беражліва здымала кроплі. І Васіль Пятровіч, як старанны вучань, паўтараў усё, што рабіла яна.

Елі са смакам, кусаючы так, каб не дакрануцца губамі да гарачага сала.

— Раскажыце яшчэ што-небудзь, Валя.

Яна ўваткнула ражончык у вогнішча, выцерла губы і крадком зірнула на яго, упэўненая, што зараз убачыць у ім нешта новае, незаўважанае раней. Захацелася ўведаць, што ён думае, адчувае.

Пабляднелы ад стомленасці, у мешкаватым гарнітуры, Васіль Пятровіч выглядаў будзённа, нецікава. Толькі прыжмур вачэй, высокі, адкрыты лоб ды хвалістыя, зачэсаныя назад валасы надавалі яго твару нейкую імклівасць. Не, Валя хацела, каб ён быў інакшы. Які? Больш яркі, незвычайны. Але... каб яркі і незвычайны быў усё-такі ён — Васіль Пятровіч... Аднак пазней Валя дзівілася сама з сябе: як магло здарыцца, што за ўвесь гэты час ёй ні разу не прыходзіла думка, што Васіль Пятровіч — сямейны чалавек?

Яна сядзела, абхапіўшы калені рукамі, схіліўшы галаву. У такой паставе выглядала маленькай. На каленях, спушчаныя з плеч, ляжалі косы. Іх карцела пагладзіць, узяць на далонь.

Васіля Пятровіча агарнула адзінота, і ён лёг на спіну.

Над ім сінела неба. Высока крылатым камячком трапятаў жаваранак. Яго песня звінела, лілася з вышыні. Навокал мірна стракаталі конікі. Пахла чаборам, вільготнай зямлёю, карэннямі. І ад усяго гэтага Васілю Пятровічу стала яшчэ самотней.

Непадалёк з барку выйшла дзяўчына ў квяцістым плацці. Зрабіўшы рупарам рукі, прызыўна гукнула: «Ва-ло-о-одзя!» — і так стаяла, пакуль ад дальняй кудзеркі барку не вярнуўся яе заклік — «ло-о-одзьаа!».

Валя схамянулася.

— Якое ў вас самае запаветнае жаданне, Васіль Пятровіч?

— Жаданне?

— Ага.

— У архітэктараў, дапусцім, адно толькі ёсць,— стараючыся прагнаць шчымлівае пачуццё, адказаў ён жартам: — Пабудаваць сабе помнік, але не легчы пад яго. Хоць гэта вельмі складана, Валя...

 

4

Вера не адчувала віны перад мужам. «Няхай ён і так падзякуе»,— гаварыла яна Понтусу, хоць, за што і чаму Васіль Пятровіч павінен быў дзякаваць ёй, не тлумачыла.

Для сябе яна выдумала — а можа, і была ў гэтым доля праўды — арыгінальнае апраўданне і з цягам часу паверыла ў яго. Што зробіш, калі Васіль Пятровіч дзівак-ідэаліст. Яму не стае ні практычнасці, ні жадання клапаціцца аб сям’і. Ён лунае ў аблоках і здольны на глупства, асабліва калі справа датычыць службы. Таму ёй самой прыходзіцца прымаць захады. Усё, што яна робіць, робіць не толькі дзеля сябе. Яе клопаты — аб сыне і, калі хочаце, аб самім Васілю Пятровічу. Гэта яна, напэўна, мела на ўвазе, калі казала, каб ёй дзякаваў муж.

Але справа ўсё-такі стаяла крыху прасцей. Вера казала: «Няхай ён і так падзякуе». І ў гэтым «і так», здаецца, была больш пэўная прычына яе збліжэння з Понтусам? У душы Вера лічыла, што муж не дае ёй усяго, на што яна мае права. Яна хацела жыць. Як? Лепш, паўней, каб адчувалася, што ты жывеш. Яе ад’езд у Маскву не толькі быў уцёкам з Мінска.

Да таго ж ішлі гады, і гэта трывожыла Веру. Яна ўсё пільней разглядала сябе ў люстэрка, быццам не верачы, праводзіла далонню па лбе, па шчоках, разгладжвала скуру пад вачыма. І адно супакойвалася, калі глядзела на сваё цела,— яно аставалася маладое, гады яго не кранулі. Вайна падсвядома абвастрыла прагу жыцця. Смярцямі нагадала: «Ты таксама смяротная, і не вельмі ўжо шмат трэба, каб вось ты была — і цябе не стала. У жыцці ўсё прасцей, чым пра гэта кажуць!»

Понтус быў першы. Кожны прыезд яго ў Маскву прыносіў якую-небудзь радасць — рэстаран, тэатр, незвычайна праведзены вечар. Понтус выглядаў салідна, з ім не сорамна было паказацца на людзі. Ён умеў дзе трэба маўчаць і на многае не прэтэндаваў. Ад яго ў нейкай меры залежаў лёс мужа, а значыць — і яе з сынам. Понтус жа наогул мала задумваўся пры такіх акалічнасцях. Трапляўся выпадак — і ён выкарыстоўваў яго. Перамога ласкатала самалюбства, узнімала ва ўласных вачах, дый само жыццё станавілася прыўзнятым.

Да таго людзі, якія б залежалі ад яго, былі Понтусу неабходныя. За гады кіраўнічай работы ён набыў пэўныя веды, арыентаваўся ў абставінах, навучыўся камбінаваць, мог падаць ідэю, умеў, накладаючы агульнапрынятыя шаблоны, падмеціць адмоўнае, з помпаю раскрытыкаваць нежаданы праект. Але ён разумеў: даволі яму страціць пасаду, як аўтарытэт яго знікне і ўсе ўласныя работы будуць правальвацца ў самай першай інстанцыі. З другога боку, каб затрымацца на пасадзе, трэба было, чаго б гэта ні каштавала, пашыраць думку, што ён чалавек творчы. З гэтай мэтаю Понтус нават адмовіўся ад паловы стаўкі, якую меў права атрымліваць за праектную работу ў Белдзяржпраекце, але затое працаваў дома, быў вольны ад абавязковых заданняў і меў пад рукамі Барушку, якому дабіўся аплаты за звышурочную работу.

Веру, як і шмат каго, ашуквалі вытрымка, спрактыкаванасць Понтуса, і яна верыла ў яго. Насуперак свайму рашэнню парваць з ім, прыехаўшы ў Мінск, яна не пераставала сустракацца з Понтусам. Сустрэчы былі кароткія, абразлівыя, ды адмовіцца ад іх перашкаджала не толькі асабістая слабасць, але і аўтарытэт Понтуса. Ён адбіраў ад Веры волю, і яна, ведаючы Понтусаву хватку, стала пабойвацца яго. Дый цяжка спыніцца каменю, калі ён пакаціўся з гары.

Сёння яна доўга думала пра сябе. Думала, адчуваючы сябе няшчаснай, і думка ў яе ўвесь час скіроўвалася да аднаго — трэба нешта рабіць. Але і ў гэтым хавалася нешта дваістае, крывадушнае: яна не так шукала выйсця, як хацела пры любых акалічнасцях мець яго. Васіль Пятровіч усё больш замыкаўся ў сабе і, аддаляючыся, рабіўся чужым. Калі раніцой яна паскардзілася яму: «Ты, Вася, хоць бы купіў мне памады, а то ўсе губы бляшанкаю падрапала»,— ён зірнуў на яе так, нібыта ўбачыў упершыню: «Схадзі і купі, калі прыспічыла».

Гэта было зусім не падобна на яго.

Яна адправіла Юрку гуляць. Схадзіла на рынак, купіла ў прыезджых малдаван яблык і груш, старанна вымыла іх, паклала на блюда і паставіла на стол ля крыштальнай вазачкі з кветкамі.

Потым прымусіла сябе сесці цыраваць шкарпэткі — іх набралася поўны жмут.

«Я сапраўды мала гляджу яго...— упікнула сябе.— Хоць, вядома, ён ніколі не пасмее пераступіць цераз маё гора...»

У дзверы пастукалі.

— Можна,— дазволіла Вера, думаючы, што гэта хто-небудзь з работнікаў гасцініцы. Але ўвайшоў Понтус.

— Чаго ты? — замест таго, каб адказаць на прывітанне, шэптам спыталася яна, не здагадваючыся схаваць шкарпэтак.

— Ты не рада? Або спалохалася, што не ўмею выбіраць месца?

— Звар’яцеў!

Ён пацалаваў яе бяссільную руку і, не чакаючы запрашэння, сеў у крэсла насупроць, падцягнуўшы на каленях, каб не памяліся, акуратна адпрасаваныя штаны.

Стала ўжо прывычкаю — калі Вера аставалася з Понтусам сам-насам, усё, што непакоіла яе, пачынала траціць значэнне, здавацца не вартым увагі. Значэнне набывала іншае. Понтус сядзеў побач і аглядаў яе. Агортвала трапяткое бяздум’е, калі ўсё — хоць трава не расці, калі зусім не шкада сябе і сэрца гатова абарвацца ў бяздонне. Так і цяпер — Вера расслабла і паслухмяна паклала рукі на калені. Сапраўды, будзь што будзе. Аднак у яе жыла ўпэўненасць — усё роўна нічога асаблівага не здарыцца. Не можа здарыцца! Самае небяспечнае — плёткі. Але, па-першае, яны не дойдуць да мужа, а па-другое, плявала яна на іх. Нават калі б — крый божа! — яны ўсё-такі дайшлі да Васіля Пятровіча, яна б выдрала яму вочы, але давяла, што чорнае гэта белае.

Понтус паляпаў яе па шчацэ, узяў за падбародак. Вера заплюшчыла вочы і крыху падалася да яго. Бледны твар у яе асунуўся, пад вачыма праступіла сінявасць. Так нерухома, прыслухоўваючыся да сябе, яна праседзела хвілінку. Але бачачы, што Понтус марудзіць, расплюшчыла напоўненыя нездаровым святлом вочы і сярдзіта зірнула на яго.

— Мне прыйдзецца цябе засмуціць,— сказаў той спагадліва.— Па тэлефоне пра такое не раскажаш...

Вера сунула пад падушку шкарпэткі і паднялася з атаманкі.

— Не, ты сядзі. Калі чалавек сядзіць, ён разважлівейшы.

— Ну!..

У яе воклічу чуліся роспач, загад.

— Я хацеў сказаць,— заспяшаўся ён,— што бязгрэшных людзей няма. Чалавека цягне на забароненае, на свяжынку. Нават Васіля Пятровіча. Не глядзі так! Учора яго бачылі з адной на возеры. Кажуць, не ўпершыню. Яны сустракаюцца і ў службовы час, і ў майстэрні...

— Хто бачыў? — сарваўся голас у Веры.

— Усе... Адзін з паклоннікаў гэтай асобы таксама ходзіць следам за імі. Так што чакай скандалу і з другога боку...

Што кіравала Понтусам? Задаткі прагнага на сенсацыі плеткара? Жаданне паднаціснуць і з гэтага боку? Помста? Злая радасць? Прыемна ж бачыць свае заганы ў чалавеку, які ў маральных адносінах вышэй, чым ты. Гэта ж апраўдвае цябе самога. Усё можа быць. Але галоўная прычына, хутчэй за ўсё, была ў яхіднай рэўнасці Понтуса, у жаданні мацней прывязаць да сябе Веру Антонаўну, якая станавілася яму ўсё больш неабходнай. Ён ішоў як бы ад адваротнага, выдаваў сябе за абаронцу Верынай сям’і, і, трэба сказаць, мала ў чым памыляўся. Былі тут, безумоўна, і свае карыслівыя разлікі...

Вера сустрэла мужа халодным доўгім позіркам. З падкрэсленай незалежнасцю і з выклікам прайшлася паўз атаманку, наўмысна зачапіўшы Васіля Пятровіча локцем.

План, як дзейнічаць, у яе яшчэ не выспеў. Пакуль яна парашыла толькі, што сёння гаварыць аб пачутым не можа — спаслацца на Понтуса як на сведку было нельга. Але ў ёй усё кіпела, і Вера прагла скандалу. Абавязкова трэба было зняважыць мужа, нагаварыць яму крыўдных слоў, хоць не зусім верылася ў сур’ёзнасць яго залётаў.

Яна ведала, чым раззлаваць яго, і таму, зрабіўшы нявінны твар, схлусіла:

— Сёння я сустрэла Алачку. Яна перадавала, што Ілья Гаўрылавіч канчаткова незадаволены табою. Калі ты нарэшце станеш чалавекам?

— Я не хачу пра гэта гаварыць,— стомлена сказаў Васіль Пятровіч.

— А я хачу, бо яшчэ, дзякуй богу, адчуваю адказнасць за сям’ю. Паглядзі на сябе! Які ты бацька, які муж! — Вера зноў трымала ў руцэ шкарпэткі і пасля кожнай фразы тыцкала імі ў мужа.

Ён паглядзеў на яе, асцерагаючыся, што не стрымаецца, стукне кулаком па стале і дзіка закрычыць. А яна, распальваючыся, усё падступала бліжэй і ўзнімала голас.

— Цішэй ты хоць,— усё ж папрасіў ён.— У калідоры чуваць.

— А мне пляваць на іх! — завішчала яна, быццам толькі і чакала гэтых слоў.— Начхаць! Няхай слухаюць. Мне няма чаго хаваць ад другіх!

— Ды сціхні ты!

— Ага, баішся? Я, Васіль, загадзя табе кажу: калі што, дык ведай — я сябе не пашкадую. Я зняслаўлю цябе, рукі на сябе налажу. Паспрабуй тады пажыві... Адальюцца табе мае слёзы... І скажы ўсё-такі, хто такая Верас...

 

5

Хто такая Верас?..

 

Быў абедзенны перапынак, і ў рэдакцыі стаяла цішыня.

На сваім стале Валя знайшла запіску ад Лочмеля. Той пісаў: паехаў на аўтамабільны завод. Паведамляў, што матэрыял у машынным бюро, і прасіў асабліва ўважліва вычытаць Сталінградскую падборку, якую перакладалі самі машыністкі. «З прыдзіркамі прачытайце і мой артыкул, дзе салідарызуюся з Юркевічам. Калі ёсць вострыя фармуліроўкі, па магчымасці змякчыце...»

Толькі Валя сабралася схадзіць у машыннае бюро, як у дзверы пастукалі і ў пакой бокам, нібыта нельга было шырока адчыніць дзвярэй, увайшоў юнак, у новых картовых штанах, у каўбойцы на «маланках», з шапкаю ў руцэ. Непрыхільна агледзеўшы пакой і не ўбачыўшы нікога, апрача Валі, ён ступіў да яе стала.

— Заметку прынёс,— сказаў ломкім баском.— Рашылі от надрукаваць у вас.

— Хто гэта рашыў? — не ўсміхнулася Валя.

Хлопец пераступіў з нагі на нагу і нахмурыўся.

Бровы ў яго амаль сышліся на пераноссі.

— Хто рашыў? Мы,— з адкрытым выклікам адказаў ён. Пацягнуў за замочак «маланкі» і выняў з бакавой кішэні акуратна складзеную паперку.

— Пачакай! — хутка сказала Валя, прыўзняўшыся. Нешта да болю знаёмае ўгадвалася ў яго твары, у яго высокім, чыстым ілбе і асабліва ў нахмураных брывах.— Пачакай! Ты, часам, не Цімка?

Хлопец асалапеў, і тое, што хаваў пад напускной сур’ёзнасцю, раптам вырвалася вонкі — ён пакутліва пачырванеў, па-хлапечы, да поту.

— Ну і што тады? Цімка,— збіты з тропу, прамовіў ён і схаваў паперку назад у кішэню.

— Як што? — Валя нахілілася да яго цераз стол і, схапіўшы за плечы, страсянула.— Я ж Валя!.. Няўжо забыўся?..

Так, гэта быў ён, шорсткі, увішны падлетак, якога Валя бачыла ўсяго два разы — у бальніцы, ля ложка ў Волечкі, і тады, уначы, каля руін кінатэатра.

— Дзе гэта ты прападаў? Як жыў? Расказвай,— папрасіла яна.— Столькі вады сплыло. Ну!

— Як жыў? Па-рознаму. Хоць уся біяграфія, як у вас у газеце пішуць, тут, на вачах.— Цімка паказаў на шапку са значком школы ФЗН.— Вучыўся. Скончыў. Цяпер працую — спадабалася на верхатур’і. А вы?

— І я таксама: вучылася, скончыла... і вось працую,— адказала Валя, здагадваючыся — Цімка не вельмі хоча гаварыць пра сябе.

Яна амаль сілком пасадзіла яго на крэсла і ўсё такі прымусіла адказаць на пытанні — ці сустракаецца з Волечкаю, дзе жыве, колькі зарабляе, што мяркуе рабіць далей.

Ці сустракаўся ён з Волечкаю? Цімку ўявілася першая пасля разлукі сустрэча з сястрою. Моргаючы вялікімі ад спалоху вачыма, яна з хвілінку не магла ні гаварыць, ні асмеліцца на што-небудзь. Ашаломленая дзяўчынка стаяла, трацячы сілы. Калі ж ён працягнуў ёй, як дарослай, руку, ірванулася да яго і, абняўшы, затрэслася ў плачы. «Ты, Цімка, ты вырас! — усхліпваючы, загаварыла яна таропка.— Які ты вялікі, Цім!» І ён, пакутуючы ад жалю і любві к дарагой, але ўжо не зусім знаёмай сястрыцы, ніяк не мог нешта дараваць Зімчуку, які стаяў на адлегласці.

Што думае ён рабіць далей? Ды хіба адкажаш пра гэта вось так адразу... Многа, дужа многа думае ён рабіць.

— Ой-йа! — неспадзеўкі спахапіўся Цімка.— Мяне ж ля пад’езда таварыш чакае. А гэта,— ён зноў выняў з кішэні паперку,— пра нашага брыгадзіра. Мы разумеем... Нас жа, паверыце, аж тэмпературыла першыя дні. Другому скажы — смяяцца будзе: ад работы тэмпературыла. А ён здагадваўся. Ставіць упоравень з сабою і прывучае. Спачатку невялікую частку захваткі даваў, а потым прыбаўляў па цагліне. У тэмп, значыць, уводзіў...

— А нормы? — нешта пераймаючы ад Лочмеля, механічна спыталася Валя, прабягаючы вачыма заметку.

Цімка варухнуў крутым брывом.

— Нормы? Вось, сапраўды, дылема! Але яны, таварыш Валя, нікуды не дзенуцца. Важна майстрам стаць.

— Значыць, не выконваеце?

— Не, вядома.

— Ну, тады, мусіць, і з заметкаю пачакаць давядзецца. Славу, бачыш, у аванс не даюць. Праўда? — І, каб нечым згладзіць няёмкасць, пацікавілася : — А хто ж гэты ваш брыгадзір? Няма тут, у допісу.

— Хто брыгадзір?.. У нас скрозь так... Урбановіч яго прозвішча. Чулі, відаць?

Не заўважыўшы Валінага здзіўлення, паабяцаўшы скорагаворкаю зайсці другім разам, Цімка выскачыў з пакоя, а Валя, не адразу скеміўшы, што нельга было яго так адпускаць, асталася сам-насам з абуджанымі ўспамінамі.

«Як ляціць час! Мінулае трэба ўспамінаць, як некалі прачытанае ў кнізе...»

Людзі па-рознаму ставяцца да свайго ўчарашняга дня. Адны ганарацца ім, другія баяцца, як небяспечнага сведку. Адны пераацэньваюць яго, другія — пагарджаюць ім. Для адных ён уцеха, прыгожае слоўца, для другіх — цяжар і боль. Над некаторымі ён вісіць чорным, ліхім праклёнам, атручваючы жыццё, для другіх, наадварот, азарае гэтае жыццё дзівосным святлом і памагае карыстацца яснотамі сённяшняга дня. Але, бадай, усіх ён вучыць і ўзбагачае мудрасцю.

Валіна мінулае, як яно ўяўлялася ёй, пачыналася з вайны. Да гэтага было дзяцінства і першыя гады юнацтва, што, як здавалася Валі, смешна лічыць такой сталай і пэўнай парою, як мінулае чалавека. Такім чынам, выходзіла: Валіным мінулым была вайна і тое, што прыйшло за ёю. Гэта і вызначала адносіны Валі да свайго мінулага. Яна перш за ўсё адчувала яго значнасць. І сапраўды, самі маштабы тагачасных падзей былі надзвычайныя. Вайна ахапіла свет, руйнавала дзяржавы і гарады. У яе завірусе гінулі мільёны жыццяў — ад куль, голаду, ад бяссілля, агню. У той жа час гэта былі гераічныя гады. Вайна прывяла ў рух народы, і праз кроў і смерць узняліся да жыцця новыя вольныя краіны. Яна сцвердзіла непераможнасць радзімы, і, нягледзячы на тое, што краіна ляжала ў руінах, што абнясілелі не толькі людзі, але і метал, радзіма, як здавалася, была бліжэй да камунізма, чым дагэтуль.

Хто ведае, можа, гэта пачуццё, якое жыло ў Валі, таксама хіліла яе да Васіля Пятровіча. Ён як бы прыходзіўся ў масць. З навакольных людзей у ім найбольш яскрава, здавалася, гарэў агонь, што ўспыхнуў у людзях з перамогаю. Ён упарта ішоў да сваёй мэты. І мэта яго была высокая, вартая гэтай перамогі. Як было б добра стаць поруч з ім, зірнуць на рэчы яго вачыма і напісаць бы пра гэта... У яго мужны характар, прыгожы, імклівы профіль, асабліва калі Васіль Пятровіч жмурыцца, наважыўшыся пра нешта сказаць.

На стале ў Лочмеля зазваніў тэлефон.

Спачатку Валі здалося, што звоніць іменна ён, Васіль Пятровіч.

Але гэта хутчэй спалохала, чым узрадавала яе, і яна не адразу ўзяла трубку.

Аднак званіў Зімчук.

— Ты? — спытаўся ён, быццам не давяраючы.— Прывітанне. Я з табою яшчэ на сходзе ў гарсавеце хацеў пагаварыць, ды не выпала. Ведаеш, Цімка знайшоўся! У нашага Урбановіча працуе. Праяві, калі ласка, ініцыятыву. Падтрымай пяром.

Валя асцярожна палажыла трубку і, збянтэжаная, выбегла з пакоя. Але ні ў калідоры, ні ля пад’езда Цімкі ўжо не было — ён, відаць, меў здольнасць з’яўляцца і знікаць раптоўна.

 

6

Аляксей з першага позірку заўважыў: брыгада не старалася так зроду. Праўда, узяты тэмп хлопцы ледзь утрымлівалі. І хоць было халаднавата, Цімка неўзабаве пачаў выціраць пот з твару і, беручы цагліну, пакашліваў, каб аднавіць дыханне. Ён яўна надрываўся. Цагліны ў яго клаліся не зусім роўна, раствор вылазіў з пазоў.

Будынак падняўся ўжо на пяць паверхаў, вуліца з падмосцяў была відаць як на далоні, і звычайна Цімку цікавіла ўсё, што рабілася ўнізе, на праспекце.

Сёння там саджалі ліпы. Гэта было займальна. Ліпы прывозілі на грузавіках па адной, з карэннямі, старанна ўпакованымі ў вялізныя скрыні. Самаходны кран падымаў іх і беражліва ставіў долу, каля падрыхтаваных ям. Апушчаныя на зямлю, ліпы чамусьці меншалі, у вочы кідалася быццам прыхопленае агнём, але ўсё яшчэ зялёнае лісце.

Але грузавік ад’язджаў, каля ліп пачыналі завіхацца рабочыя, зноў іх падымаў учэпісты кран, і праз колькі часу ўжо здавалася: дрэўцы раслі тут даўно. І так выстройваючыся ў рад, ліпы ўсё далей адыходзілі да Цэнтральнай плошчы, надаючы абжыты выгляд праспекту.

Аднак Цімку было не да гэтага. Ён працаваў, ахоплены жаданнем давесці сваё хоць сёння. Думалася: сустрэчы з Валяй заўжды прыносілі змены ў яго жыцці.

Сапраўды! Як толькі за Валяй тады зачыніліся дзверы ў палату, ён хмура развітаўся з Волечкаю і, нібы за ім гналіся, пабег між ложкаў па бальнічным калідоры. Куды? Чаго? Наўрад ці разумеў ён і сам. Але добра ведаў: уцякае і павінен уцячы ад таго, што рыхтаваў яму Зімчук. Валіна спачуванне падагнала яго ўпартую рашучасць. Дзіцячы дом уяўляўся няволяй — дзе ўсё чужое, аднастайна-шэрае, дзе нават дзяўчатак падстрыгаюць, як хлопчыкаў. Няхай ужо лепей калеюць ад холаду рукі, няхай лепей голад, чым гэтае паднагляднае жыццё. Жыў у вайну, пражывём і цяпер! Затое рабі што хочаш, ідзі куды душа прагне. Сам сабе камандзір і старшыня гарсавета.

Так трапіў Цімка да беспрытульных. Раздабываў ежу на рынках, адаграваўся на вакзале, спаў дзе папала. Шанцавала, калі быў настойлівы і ўвішны. Трапляў у бяду, калі вагаўся і не ставала веры ў сябе. І пакрысе ўсталёўвалася перакананне: на свеце ўсё вырашае ўвішнасць і яна — мерка вартасці тваёй і тваіх «карашкоў». Усё добра, што добра зроблена. І ўсё пагана, што пагана канчаецца. А што будзе заўтра? Няхай думаюць коні: у іх галовы вялікія. Разам з гэтым нараджаўся азарт. А галоўнае — незалежнасць і воля! Спадзяваўся, так будзе скрозь. Але вось выйшаў на сур’ёзную «аперацыю» — і на табе, усё перавярнулася. Назіраючы за вуліцаю і ахоўваючы хаўруснікаў, якія набліжаліся да сваёй ахвяры, ён пазнаў Валю. Кроў балюча застукала ў скроні. Ён жахнуўся з таго, што рабіў.

У хеўры былі свае законы, і гора таму, хто парушаў іх. Асабліва бязлітасна каралі «ссучыўшыхся». Але ён знайшоў у сабе рашучасць парваць з усім і паехаць з Мінска. З паўгода раз’язджаў па другіх гарадах, жабраваў, абдурваў даверлівых, спакушаючы згуляць «у тры лісцікі». Ды ўсё-такі глыбокай восенню трапіў у... дзіцячы дом. І здарылася так, што побач з вобразам Волечкі ён стаў зберагаць у памяці і Валін вобраз, які звязваўся ў яго з нечым светлым, добрым.

Кладучыся ўчора спаць, Цімка сказаў свайму неразлучнаму рыжаму сябруку, ложак якога стаяў побач:

— Ведаеш, Віця, хто нас адчытаў у рэдакцыі? Верас. Памятаеш, расказваў? Ірвануць трэба. З ініцыятывай. Ты пагавары з хлопцамі. Няёмка мне перад ёй. Яна адумацца можа і прыйсці заўтра...

— Ладна,— згадзіўся Віктар, нацягваючы на галаву коўдру.

Цімка адчуваў, як непрыемна дрыжаць рукі і паступова дранцвее спіна. Хацелася разагнуцца, выпрастаць плечы. Але ён хутчэй даў бы раскрыжаваць сябе, чым паказаў бы сваю слабасць.

Аляксей счакаў, калі хлопец выбіўся з сіл, падышоў. Было шкада яго і ў той жа час крыўдна за сябе.

«Згары ты, такая работа, агнём!..»

Але, каб даць Цімку адпачыць, Аляксей, быццам бы збіраючыся нешта паказаць, узяў з яго рук кельму і адразу заўважыў, што апошнія рады кладкі скрыўлены, раствор да краёў запаўняе пазы ў надворным радзе.

— А ну, правер, што агламэздаў,— зняважаны, загадаў ён.

Цімка ўзяў рэйку з ватэрпасам, прыклаў да сцяны і ледзь не выпусціў з рук. Тры верхнія рады навісалі над ніжнімі.

— А пазы дзе? — ужо напаў на яго Аляксей.— Разабраць!

Астатнія хлопцы таксама кінулі работу і сталі прыслухоўвацца.

Аднекуль проста перад Аляксеем вырас Віктар. Ускудлачаны, смешны ў сваім самаахвярным жаданні абараняць таварыша. Са сціснутымі кулакамі стаў перад брыгадзірам, гатовы і заплакаць і кінуцца ў бойку. У яго рыжаватых вачах палыхала роспач. Веснушкаваты твар пагрозліва пашарэў.

— Вы не крычыце! — сказаў ён. І ад таго, што горла перацяла спазма, голас у Віктара сарваўся. Ён аж падняўся на пальчыкі.— Вы не маеце права!.. Што ён адвільваў? Абдурыць хацеў? Ці знарок так зрабіў? Чаго ты маўчыш, Ціма? Скажы яму.

Іх акружыла ўся брыгада. Аляксей узвышаўся сярод хлопцаў на цэлую галаву, і яны глядзелі на яго знізу ўверх. Гэта кранула Аляксея. Ён ніякавата нахмурыўся і, здагадваючыся аб планах хлопцаў, згадзіўся:

— Няхай па-твойму будзе. Толькі ты сам на мяне не крычы. Лепей памажы разабраць дружку.

Ваяўнічасць у Віктара пагасла. Ён пераступіў з нагі на нагу, шмаргануў носам і прыгладзіў рукою свае агніста-рыжыя валасы.

У гэты момант — во яшчэ новы клопат! — Аляксей убачыў жонку і Валю, якія, усміхаючыся, падымаліся на памост.

Ён атарапела зірнуў на Цімку, на Віктара, які шэптам нешта пытаўся ў сябра, плюнуў і пайшоў насустрач.

«Чаго гэта яна? — злосны ад збянтэжанасці, падумаў пра Зосю.— Гэтага яшчэ не хапала! Няўжо і тут пачне выгаворваць?»

— А добра ў вас. Увесь горад, як з парахода, відаць,— абвяла рукою далягляд Валя, здзіўленая, аднак, Аляксеевай варожасцю.— Кажуць, у цябе тут цэлы вучэбны камбінат. Праўда?

Аляксей ужо ведаў, як гасіць такі энтузіязм.

— Гэта нехта па злосці нагаварыў,— дэманстрацыйна не заўважаючы Зосі, адказаў ён.— Мы, апроч браку, пакуль што мала чаго рабіць умеем. Сяк-так накасяк, абы не па-людску. Вунь, калі ласка, палюбуйся на мароку. Усе верхнія рады прыйдзецца разбіраць.— І, каб канчаткова ашаломіць Валю, адрэзаў:— А ну, малайцы, пачынай!.. А ты чаго, Зось?

— Валю сустрэла і хлопцаў тваіх прыйшла паглядзець. Можа памагу...

— Чым? У іх цяпер іншая навука! Бачыш? — паспрабаваў узяць і яе ў абарот Аляксей і зноў крыкнуў: — Пачынайце, кажу!

Хлопцы не зварухнуліся. Цімка стаяў панура, з апушчанымі рукамі, гатовы праваліцца. І толькі ўпартая грымаса, якая застыла на твары, выдавала, што за агонь бушуе ў ім.

— Навошта ты так з імі? — асцярожна заступілася Валя.— Ну, навошта? Давай лепш расказвай, як і што ў вас тут.

— Я ж табе сказаў: апроч, як брак даваць, мы ўвогуле нічога не ўмеем. Дый табе раю не дужа затрымлівацца. Прараб нядаўна спавядаўся мне, што некаторых архітэктараў даўно ўжо на мушку ўзяў...

— Лёша! — не дала яму гаварыць далей Зося.

— Што «Лёша»? Га? — вызверыўся быў ён.

Але яго ўпартасць ужо спадала. Аляксей зірнуў на хлопцаў, і Валя заўважыла, як вочы ў яго чуць падабрэлі. Цімка таксама адчуў гэта. Ускінуўшы галаву, як бы адкідваючы назад валасы, узяў рыдлёўку

 

Частка чацвёртая

 

РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ

 

1

Зіма пачалася звонкімі марознымі ранкамі.

Потым лёг снег. Ён лёг на скаваную зямлю, і ўжо ў сярэдзіне снежня, як сказала Васілю Пятровічу Валя, цецерукам прыходзілася харчавацца бярозавымі пупышкамі. Пасля рэдкіх снежных адліг ліпы на праспекце ўкрываліся калматай шэранню або тонкім лёдам. І тады іх галінкі звісалі, быццам шкляныя, і, пагойдваючыся, мілагучна звінелі. Ледзяная скарынка паблісквала, іскрылася, і паветра здавалася вельмі чыстым.

У студзені снегу дадало. Неба спусцілася ніжэй, вуліцы павузелі. Амаль штодзень гуляла завіруха, намятаючы сумёты ўпоперак тратуараў і каля будаўнічых агароджаў, на якіх былі наклеены яркія перадвыбарныя плакаты. Дворнікі клялі гэтую шчодрасць прыроды. Грузавікі і самазвалы не ўпраўляліся вывозіць снегу. На бульварах ён ляжаў вялізнымі гурбамі. Часам выдаваліся туманныя марозныя раніцы, узыходзіла сонца, мароз мацнеў, туман жа не толькі не знікаў, а рабіўся гусцейшы і ажно сівы. Дым з комінаў не падымаўся ўгору, а вісеў над дахамі, змешваўся з туманам. Сонца тады нагадвала медны дыск. Халоднае, яно не сляпіла і не кідала промня. А потым зноў пачынаў сыпацца дробны сняжок.

Васіль Пятровіч прачнуўся, як прачынаўся ўжо каторы дзень, ад шоргату лапат — дворнік гасцініцы чысціў вуліцу. Асцярожна, каб не разбудзіць сына і жонкі, адзеўся, падышоў да акна. На вуліцы было пуста, бела. Вокны з восені заклеілі дрэнна, са шчылін дзьмула. Васіль Пятровіч адчуў пах свежага снегу. Можа, гэта быў і не пах, а толькі адчуванне свежасці, але ён з прыемнасцю некалькі разоў уцягнуў паветра праз нос. Не, снег усё-такі пахнуў.

Укрыўшыся з галавою, скруціўшыся абаранкам, на атаманцы спаў Юрка. Коўдра ў нагах збілася, і з-пад яе вытыркалася ружовая пятка. Побач, на спінцы крэсла, вісела вопратка — нядаўна купленыя штонікі з рэменем, клятчастая каўбойка, джэмпер і панчохі з падвязкамі. Васіль Пятровіч падышоў да атаманкі, паправіў коўдру і зірнуў на жонку. Тая спала спакойна, з горда адкінутай галавою. Пад Новы год яна падстрыглася і зрабіла завіўку, што маладзіла яе і было да твару. Але адначасна ў яе вобліку з’явілася нешта незнаёмае, чужое. І гэта раздражняла.

Божа мой, няўжо некалі ён не чуў у ёй душы? Няўжо яе капрызы, эгаізм, знявага да другіх маглі здавацца яму мілымі дзівацтвамі? Даволі ж было пашавяліць мазгамі, углядзецца... Нават у авале лба, у абрысе губ выступае халоднае самалюбства... Дык што ж рабіць? І далей гвалціць волю, жаданні? Прыкідвацца, хлусіць? Але дзеля чаго?..

І ўсё-такі Васіль Пятровіч адчуваў: ён бяссільны што-небудзь змяніць. Бяссільны, бо сям’я — святое. Яе ахоўваюць закон, навакольныя людзі, партыйны абавязак. Тым больш што табе наогул не шанцуе, і кожны дзень — самыя нечаканыя непрыемнасці.

Васіль Пятровіч другі раз падышоў да акна і прыпаў ілбом да халоднай рамы...

Ён памятаў заўвагу Міхайлава аб рэзервных тэрыторыях, ведаў, што прыйдзецца павялічваць раён капітальнай забудовы, і па-ранейшаму са скрыпам выдзяляў участкі індывідуальным забудоўшчыкам. «Усё роўна калі-небудзь давядзецца раскідаць гэтыя катухі!..» Кіруючыся нейкімі сваімі меркаваннямі, Шурупаў падаў думку выкройваць такія ўчасткі з вялікіх сядзіб домаўласнікаў — садоў, гародаў. Васіль Пятровіч, зразумела, згадзіўся. Але як толькі небяспека навісла над многімі, пасыпаліся скаргі.

«Давядзецца паехаць і паглядзець самому. Асабліва сады...» — парашыў учора Васіль Пятровіч.

Аднак нечакана-нягадана заявіўся Понтус і пераблытаў усе планы. У заінелым янотавым футры, аб якім расказвалі анекдоты, ён уваліўся ў кабінет і, стоячы ў дзвярах, як у рамцы, прывітальна падняў руку.

— Я да вас,— паведаміў ён, нібы тут апрача Васіля Пятровіча быў яшчэ нехта.

Не спяшаючыся, падышоў да стала і стаў разглядаць рысункі архітэктурных дэталей, расстаўленыя на падлозе ўздоўж сцяны. Потым расшпіліў футра і прысеў на падлакотнік крэсла, адкінуўшы крысо.

Васіль Пятровіч заўсёды трошкі тушаваўся перад апломбам і толькі пазней, лаючы сябе, знаходзіў адпаведнае слова і ход. Понтус ведаў гэтую рысу яго характару. Узяўшы са стала некалькі заяў аб садах, прагледзеў іх, павярцеў у руках і кінуў назад.

— Скаргі, ска-аргі,— працягнуў з гідлівым спачуваннем і без звычайнага ўступу пачаў прасіць пашукаць участка для катэджа, які сабраўся будаваць кіраўнік рыбтрэста.— Памятаеце па Гомелю? Партызан, душа наросхрыст. Некалькі танкаў падарваў! Ён нам такі палац адгаблюе, што цэлы квартал упрыгожыць! Герой!

«Чарговае пратэжэ або Зорын даручыў яшчэ раз празандзіраваць»,— падумаў Васіль Пятровіч і, мяркуючы, што пра ўсё, безумоўна, будзе дакладзена Зорыну, панура папярэдзіў:

— Магу толькі на Беларускай. А пра Круглую няхай і не заікаецца.

— Справа ваша,— іранічна скрывіўся Понтус.— Пойдзем за адным скрыпам. Ён чакае вас.

Апрануўшыся, Васіль Пятровіч неахвотна выйшаў на вуліцу. Каля пад’езда стаяла цёмна-сіняя «Пабеда». Васпаваты мужчына, што сядзеў за рулём, моўчкі адчыніў заднія дзверцы.

Ён быў у жоўтай скуранцы з футравым, як у лётчыка, каўняром і такой сама шапцы, надзетай крыху набакір. Пабіты воспаю твар у яго, з вострым носам, які сустракаецца ў васпаватых, быў халодны.

— Калі на Круглай нельга, прашу вось тут побач,— сказаў ён, спыніўшы машыну на Беларускай вуліцы, дзе пакуль стаяў адзін, за высокім плотам, белакаменны катэдж з ярка-зялёным дахам.

— На гэты ўчастак ужо ёсць заяўка,— запярэчыў Васіль Пятровіч.— Можна толькі вунь там, каля руін. Але майце на ўвазе, што і там трэба праект.

Мужчына, як відаць, не надаўшы значэння яго словам, вылез з «Пабеды» і закурыў. Аднаму аставацца ў машыне было няёмка, і Васіль Пятровіч вылез.

— Неўзабаве тут вырасце ціхая зялёная вуліца,— прамовіў, жмурачыся ад святла.— Праекціроўшчык, калі згодзіцеся, няхай абавязкова прыйдзе сюды і паглядзіць. Я таксама магу сёе-тое падказаць.

— Дзякую. Але я хачу іменна тут, побач,— настойліва сказаў мужчына і, моршчачыся ад дыму, крывячы губы, палез ва ўнутраную кішэню скуранкі.

Выцягнуўшы нейкі пачак, загорнуты ў газету, падкінуў яго ў руцэ...

Васіль Пятровіч уварваўся да Понтуса, пазбаўлены здольнасці гаварыць. Сцены кабінета, масіўны пісьмовы стол, за якім сядзеў Понтус, для саліднасці акружаны даведнікамі, тамамі экцыклапедыі і кнігамі ў вокладках з залатым цісненнем — усё зыбалася як у тумане. Начальнік архітэктурнага ўпраўлення любіў пастаянства, парадак. Даведнікі, тамы энцыклапедыі былі акуратна складзеныя ў стосы. На адным з іх,— гэта Васіль Пятровіч ужо ведаў,— строга пабліскваючы шкельцамі, ляжалі вялікія акуляры — у рагавой аправе, з масіўнымі дужкамі.

— Вы!.. Каго вы мне падсунулі? — уперыўшы вочы на акуляры, выдыхнуў Васіль Пятровіч.

У расшпіленым паліто, з кашнэ, якое падала па дарозе і якое заматаў на шыю проста так, абы заматаць, Васіль Пятровіч выглядаў і страшным і вартым жалю. Зараз ён мог з усяе сілы грымнуць кулаком па стале, але мог і пачаць скардзіцца, мог даць аплявуху і мог заплакаць, як пакрыўджанае дзіця.

Понтус збялеў, але стараючыся не траціць гонару, падняўся з крэсла і, узяўшы акуляры, адступіў на крок.

— Гаварыце ясней, я вас не разумею,— пакруціў ён акуляры.

Так яны стаялі некалькі секунд, і кожны стараўся вырашыць сабе, што рабіць далей. Понтусу было важна перавесці размову ў мірнае рэчышча. І час працаваў на яго. Васіль жа Пятровіч прагнуў помсты і бег сюды, каб выліць сваё абурэнне. Але ён не ведаў меры Понтусавай віны, не быў перакананы, ці ёсць яна за ім, і таму час гасіў яго парыў.

— Я гавару пра таго... вашага пратэжэ!.. Вы добра знаёмы з ім? — усё яшчэ не сваім голасам спытаўся ён.

— Ціха, ціха! Растлумачце спачатку, што здарылася!

— Ён... мм... збіраўся ўперці мне грошы!

— Значыць, вы не ўзялі іх?

— Мм...— Понтус наблізіўся да стала.

— У такім разе, я не разумею, чаго вы хочаце? — Ён прыходзіў у норму і, грузна абапершыся на кнігі, ужо смела нахіліўся да Васіля Пятровіча.— Трэба, апрача ўсяго, быць хоць трохі філосафам і глядзець на рэчы аб’ектыўна. Ну, хто вам, напрыклад, паверыць, калі няма ніякіх рэчавых доказаў. Дый наўрад ці змянілі б што і грошы. Сведак жа не было. Не памагу, канешне, і я...

Ён не стараўся ацаніць факта самога па сабе. Не імкнуўся адшукаць, як бы выкрыць і пакараць агідніка. Ён адно сцвярджаў: гэтага зрабіць не ўдасца, бо няма доказаў, няма сведак. Дый наогул выходзіла, што само злачынства існуе толькі ў тым выпадку, калі справе можна і варта даць ход.

Дэманстратыўна націснуўшы кнопку званка, даючы зразумець, што размаўляць больш няма аб чым, Понтус счакаў, пакуль увайшла сакратарка, і надзеў акуляры.

— Таварыш Макрыцкая, вось шэсцьдзесят рублёў, заплаціце, калі ласка, мае прафузносы,— папрасіў ён.— І напомніце апарату пра перавыбарчы сход...

І цяпер, гледзячы ў акно на пустую белую вуліцу, Васіль Пятровіч пакутаваў ад агіды і няпэўнасці. Шоргат лапаты перашкаджаў засяродзіцца. Але адно рабілася відавочным: Понтус — небяспека, і калі нават не вінаваты ні ў чым, ён і толькі ён зрабіў так, што злачынства стала магчыма.

Дасюль Васіль Пятровіч думаў: побач з Понтусам можна працаваць. Прынята было лічыць — і Васіль Пятровіч згаджаўся з гэтым — Понтус правераны, спрактыкаваны работнік. У яго простая натура. І хоць ён без асаблівых здольнасцей і не вельмі гарыць на рабоце, работу цяжка ўявіць без яго — дысцыпліна, парадак звязваліся з ім. Значыць, працаваць пад яго начальствам было можна. Варта толькі не саступаць там, дзе ён яўна парушаў праўду, і рабіць па-свойму. А вось выходзіла — нельга. Ужо ад таго, што ён будзе поруч, табе і тваёй справе пагражае небяспека. Тым болей, што ў цябе ёсць памылкі і слабасці.

 

2

Неяк Барушка выказаў думку аб праве чалавека на памылкі. Нельга сказаць, каб Васіль Пятровіч згадзіўся з ім. Але нічога заганнага ў гэтым не знайшоў і не ўразумеў, чаму Зімчук абурыўся, калі ён расказаў яму пра размову з Барушкам: хто можа адмаўляць, што ўсякім пошукам амаль непазбежна спадарожнічаюць памылкі і промахі? Ніхто! І таму забараніць чалавеку памыляцца — тое ж самае, што забараніць шукаць і рызыкаваць. Васіль Пятровіч не ўлаўліваў здрадлівай розніцы ў паняццях — «даць права на памылкі» і «забараніць памыляцца».

І вось цяпер, пасля выпадку з кіраўніком рыбтрэста, Васіль Пятровіч міжволі ўспомніў пра гэта і як бы нанава ўгневаўся і на Барушку і на сябе. Не, пакуль жывуць побач такія тыпы, памыляцца няможна! А калі ўсё-такі памыліўся, пастарайся ўсвядоміць гэта і як мага хутчэй выправіць промах. Інакш цябе аблытаюць і з памылкі вырасце злачынства, якое запляміць усю тваю справу.

У той жа дзень Васіль Пятровіч дабіўся, каб Кавалеўскі прыняў яго, і расказаў пра выпадак з хабарам.

Праўда, ад размовы з ім ён вынес дваістае ўражанне. З аднаго боку, было відаць: Кавалеўскі не супроць памагчы, сімпатызуе яму. Каб паказаць гэта, паведаміў, што гарком рэкамендуе яго ў дэпутаты гарсавета. Але адначасна і як бы ўстрымаўся ад адкрытай падтрымкі — хацеў, каб яна аставалася ўскоснаю. Безумоўна, гэта таксама значыла шмат. Папярэджвала праціўнікаў — асабліва не распяразвацца, а тых, хто заўсёды гатовы быў кінуцца ў бойку,— што вялікай патрэбы ў гэтым няма...

Аднак такая пазіцыя пакідала ў напружанні і самога Васіля Пятровіча. Перасцерагала: ты замахнуўся на сур’ёзнае, у цябе моцныя праціўнікі, дый маеш ты рацыю не ва ўсім. Давай паваюй, тады стане ясней.

Гэта было ў суботу. А ў панядзелак, як толькі схлынуў першы прыліў тэлефонных званкоў, Васіль Пятровіч падаўся ў сектар адводу зямель — бавіцца было небяспечна.

Шурупаў сядзеў за сталом і перабіраў паперы. Убачыўшы галоўнага архітэктара, адсунуў іх ад сябе, змахнуў з лічыльнікаў адкладзеныя костачкі і ўстаў.

— Я слухаю вас!

— Вы знойдзеце для мяне вольную гадзінку?

— А як жа! Калі ласка,— паслужліва сказаў Шурупаў і падняў на лоб акуляры.

— Вы, магчыма, спытаецеся спачатку, навошта мне гэтая гадзіна спатрэбілася.

— Калі не сакрэт.

— Паедзем выпраўляць памылкі.

— Якія, Васіль Пятровіч? — зрабіў здзіўленыя вочы Шурупаў і, спусціўшы акуляры на нос, паглядзеў на супрацоўнікаў, мяркуючы, што шэф устрымаецца ад далейшай размовы.

Васіль Пятровіч зашпіліў паліто на ўсе гузікі і пачаў надзяваць скураныя пальчаткі.

— Дапусцім, фармальны падыход да справы,— голасна сказаў ён.— Аднак пабачым...

«Масквіч» спыніўся ў вузенькай вулачцы, якой, здавалася, і не магло быць у горадзе. Вулачка танула ў снезе і выглядала закінутай. На снежнай цаліне не было следу ні ад машын, ні ад саней. Толькі паўз платы і рэдкія домікі вілася глыбокая пакручастая сцежка. Снег шапкамі ляжаў на платах, на варотах, звісаў, як з казачных хатак, з дахаў дамоў.

— Тут,— сказаў Шурупаў і, вылезшы з машыны, накіраваўся да вялікага аснежанага саду, адгароджанага ад вулкі частаколам. Сад, як і ўсё наўкол, стаяў зачараваны. Укрытыя інеем яблыні, якія ўгрузалі па калена ў снезе, былі быццам у белай вясновай квецені.

— Ажно дзесяць сотак,— нарыхтаваў аловак і блакнот Шурупаў.— Належаць інваліду...

— Дзе ў вас яшчэ?

— Недалёка.

Па сцежцы яны моўчкі падаліся ў другі канец вулачкі. Адсюль відаць была чыгунка, за ёй стужка шашы і новы пасёлак — жоўтыя лялечныя домікі. Яшчэ далей — поле і сіні лес. Горда пыхкаючы параю, прамчаў цягнік. У вокны вагонаў глядзелі цікаўныя пасажыры.

— Бачыце? — усхвалявана паказаў Васіль Пятровіч.— Глядзяць! На каго? Думаеце, на нас з вамі?.. Вы мне... мм... вось зараз скажыце, няўжо хто вырашыў дазвання знішчыць гэтую красу?

— Быццам вы не ведаеце...

З бліжэйшага дома выйшла бабулька ў валёнках, кажушку, у вялікай суконнай хустцы. Мусіць, яна здагадалася, хто гэта, бо адразу падышла і, уздыхаючы, пачала тлумачыць: калі ўжо так, то згодна, каб палова яе саду была адрэзана пад сядзібу пляменніку. Старая гаварыла, выціраючы слёзы, што набягалі на яе правае вока, уздыхала і ўздыхала.

— А яблыні? — шкадуючы яе, нарэшце перапыніў старую Васіль Пятровіч.

— Можа мы вырашым гэтае пытанне камеральна? — з неўласцівай яму настойлівасцю забег наперад Шурупаў.

— Чаму камеральна? Вы маеце прапанаваць што-небудзь такое, што будзе цешыць вока не менш, чым гэты сад? Давайце тады...

З пачуццём крыўды на сябе ступіў Васіль Пятровіч на двор Урбановічаў.

Праходзячы па начных вуліцах і пазіраючы на асветленыя вокны дамоў, ён часта думаў, што за кожным з іх свой лёс, свае клопаты, свая ўтульнасць. Але мала дзе так выяўляўся характар гаспадароў, як тут, у дварэ Урбановічаў. Старанна дагледжаны дом-мураванка нядаўна пафарбаваны ў салатавы колер. На вокнах вазоны. Пры доме палісаднік — зацярушаныя снегам кусты агрэсту і дзве рабіны, сіратлівыя і самотныя. Ад веснічак да ганка і да маленькага складзіка расчышчана сцежка. Ля складзіка шурка па-гаспадарску складзеных дроў, самаробны варштат і новая прыбудоўка з жалезным бакам наверсе — душ. А далей — малады ў інеі сад. Утульнасць тут толькі ўсталёўвалася. Простая, няхітрая.

Нешчасліваму ў сямейным жыцці і таму часта адзінокаму, Васілю Пятровічу ўсё гэта раптам здалося такім патрэбным і прывабным, што вочы сталі вільготнымі. Нечакана спадабаўся і сам домік — акуратны, з высокім вострым дахам. Увіты павоем, абсаджаны дрэвамі, ён мог бы ўпрыгожыць любую зялёную вуліцу. Можа, толькі замест сянец варта было б пабудаваць веранду, крыху пашырыць вокны ды іначай спланаваць двор. Архітэктура такіх домікаў, як ні дзіўна, амаль не распрацоўваецца. Помнікі манументальнай нацыянальнай культуры загінулі. Але затое ў будаўніцтве драўляных дамоў ёсць багатыя традыцыі. Дык чаму б не скарыстаць іх?

Стала ясна, чаго ён ехаў сюды. Не аглядаць сад, не супакойваць Аляксея... Яму неабходна было пабываць у Урбановічаў. Ён ведаў, што, нягледзячы ні на што, як некалі ў Прыбытковых, абавязкова нешта глыбей усвядоміць тут і ўмацуецца ў нечым вельмі патрэбным. І, здаецца, ён не памыліўся...

На ганку іх сустрэла Зося. Крыкнуўшы на Гомана, які вытыркнуўся быў з будкі, запрасіла зайсці ў дом. Васіль Пятровіч вельмі даўно не бачыў Зосі, але бадай што не заўважыў у ёй асаблівых змен. Пабольшала самавітасці ў твары, у постаці, спакайнейшым стаў позірк мілых, крыху ўсходніх вачэй. Час не кранаў яе, і яна, астаючыся такой, як была даўней, толькі ярчэй расцвіла. Сунуўшы рукі пад фартух, Зося пастаяла, пакуль госці, тупаючы нагамі, уваходзілі ў сенцы, і пайшла следам.

Аляксей у кухні, стоячы на адным калене, глінаю замазваў шчыліны ў пліце.

— Ну што, рэзаць прыйшлі? — з’едліва спытаў ён, распрастаўшы плечы, і пачаў мыць рукі, паліваючы над тазам сам сабе з конаўкі. Сварыцца з чужымі людзьмі ў сваёй хаце было няёмка, але другіх слоў у яго пакуль не знаходзілася.

Выратавала Зося.

— Праходзьце,— запрасіла яна і з незалежным выглядам прайшла ў сталовую. Там стала каля грубкі, прытулілася да яе спінаю і зноў схавала рукі пад фартухом. І тады зрабілася прыкметна: фартух завязаны на ёй крыху вышэй, чым трэба, і рукі Зося трымае пад ім не так сабе.

Гэта чамусьці нагадала Валю.

Уважлівы позірк яе шэрых вачэй ужо не даваў спакою Васілю Пятровічу. Ён часам нават азіраўся, чакаючы, што ўбачыць Валю, і часта прымаў за яе другіх.

Нядаўна, будучы ў Маскве, ён апынуўся ля Манежа і глядзеў на галубоў. Галубы даверліва бегалі па снезе і падбіралі кінутыя кавалачкі хлеба, мірачыся з нахабствам вераб’ёў, якія не-не дый выхоплівалі ў іх з-пад самай дзюбы здабычу. І раптам Васіль Пятровіч убачыў на снезе поруч са сваім ценем цень дзяўчыны. Убачыў і доўга стаяў, перш чым асмеліўся паглядзець на суседку...

Яму і цяпер здалося, што недзе, у суседнім пакоі, абавязкова знаходзіцца Валя. Схавалася і сочыць за тым, што адбываецца тут. Ён нават агледзеўся.

«Не, не,— падумаў ён,— пара канчаць і з гэтым...»

Каб змякчыць грубасць мужа, Зося сказала:

— Сёння мы ў школе, Васіль Пятровіч, вылучылі вашу кандыдатуру ў гарсавет. Будзеце нашым дэпутатам.

— Калі не забалатыруюць,— азваўся з кухні Аляксей.

— Дзякую,— схіліў перад Зосяй галаву Васіль Пятровіч і, хоць ужо ведаў пра гэта,— павіншаваў па тэлефоне Зімчук — нанава перажыў радасць.

— Яго таксама будаўнікі ў райсавет вылучаюць,— кіўнула Зося ў бок кухні.

— Віншую.

— Таксама рана,— зноў гукнуў Аляксей і ўвайшоў у сталовую.— А калі і выберуць, можа, і не да віншаванняў будзе. Я, напрыклад, наконт садоў зусім іначай думаю. Іх не высякаць, а загадзя расціць трэба. Каб сад ужо квітнеў, пакуль дом будуюць.

Тое, што сказала Зося, а потым і Аляксей, запала ў душу. І хоць іх словы былі розныя, яны набліжалі Зосю і Аляксея да Васіля Пятровіча, звязвалі агульнымі справамі і турботамі.

— Мы, Урбановіч, высякаць садоў, мусіць, і не будзем,— лагодна сказаў ён.— Толькі і вам цяпер прыйдзецца клапаціцца не аб адным сабе...

Шурупаў, які стаяў ззаду, адкашляўся ў кулак, зрабіў крок наперад і прыглушаным голасам сказаў:

— Гэта немагчыма, Васіль Пятровіч. У многіх выпадках новыя ўчасткі ўжо аформлены.

Васіль Пятровіч здзіўлена паглядзеў на яго, быццам толькі цяпер успомніў, што ён тут:

— І ўсё-такі нічога не папішаш. Вырашаць горадабудаўнічыя праблемы за кошт кагосьці — не лепшае выйсце... Ага, вось вам, дарэчы, і дакладнае азначэнне таго, пра што вы пыталіся. Адчуваеце, Хведар Іванавіч, што за крымінал?

— Незадаволеныя будуць заўсёды...

— Ды распраніцеся вы, калі ласка,— папрасіла Зося, вачыма гаворачы мужу, што і яму нядобра маўчаць.

Трэба было ехаць: чакалі справы, але ісці адсюль не хацелася.

— А што, калі, на самай справе, пасядзець трошкі? — расшпільваючы паліто, азірнуўся Васіль Пятровіч на Шурупава.

Але той, узяўшы шапку пад паху, сумеўся, і Васіль Пятровіч так і не зразумеў, што гэта было — пратэст, знявага да гаспадароў або пакорнасць перад начальствам.

 

3

Яны сустрэліся ў час перапынку на перадвыбарчым сходзе. Васіль Пятровіч усяго трэці раз у жыцці вось так расказваў пра сябе — калі прымалі ў камсамол, у партыю і вось цяпер — і таму сышоў са сцэны ўсхваляваным.

Агітпункт знаходзіўся ў школе, і сход праводзілі ў невялікай актавай зале. Сцэна была ўпрыгожана лозунгамі і рознакаляровымі сцяжкамі. На сценах віселі партрэты пісьменнікаў, вучоных. Ад кутоў да люстры таксама цягнуліся гірлянды сцяжкоў. Гэта настройвала на пэўны лад і клала адбітак на адносіны паміж прысутнымі.

Выціраючы хустачкаю шыю, Васіль Пятровіч пайшоў па праходзе, усмешкаю адказваючы тым, хто звяртаўся да яго. Толькі што некаторыя з іх упікалі яго за недагляды, але Васіль Пятровіч ніколі не адчуваў такога жадання служыць людзям, як цяпер.

Ён убачыў Валю, якая сядзела на перадапошнім радзе, вольнае месца побач і, хоць унутраны голас папярэдзіў: «Не трэба. Што ты робіш?!» — пайшоў да яе.

— Вось як прачысцілі,— сказаў ён, сядаючы поруч.— Вы, спадзяюся, у справаздачы не вельмі будзеце мяне біць?

На іх пазіралі, да іх прыслухоўваліся, і гэта перашкаджала быць ім непасрэднымі.

Валя сядзела нахмураная, строгая і рэдка ўзнімала вочы, хоць румянец выдаваў дзяўчыну — сустрэча ўзрадавала яе. Запісваючы прамову даверанага, выступленні выбаршчыкаў, яна раз-пораз вярталася да думкі: заўважыць яе Васіль Пятровіч ці не, а калі заўважыць, ці прыйдзе? Яна хацела, каб ён падышоў, і баялася гэтага, добра ведаючы, што сама падысці да яго не здолее і пойдзе адсюль адна, несучы крыўду і на сябе і на яго.

З той прагулкі на возера мінула шмат часу, але пасля яны сустракаліся ўсяго некалькі разоў. І кожны раз сэрца знемагала ад бяссілля што-небудзь змяніць — не пераступаць жа цераз чужыя пакуты.

Святло пагасла, і пачалася мастацкая частка. Пад гукі марша на сцэну ў спартыўных гарнітурах выйшлі дзяўчаты. Іх сустрэлі воплескамі, гоманам. І ў зале адразу запанаваў прыўзняты настрой. Дзеці ў гэтым узросце амаль не бянтэжацца. Дзяўчаты з самай сур’ёзнай вераю ў поспех прамаршыравалі па сцэне, потым рассыпаліся па ёй і дружна, як па камандзе, сталі. Толькі адна, вастраносенькая, з радасным худзенькім тварам і вялікім бантам на галаве, не пераставала тупаць на месцы, захопленымі вачыма шукаючы некага ў зале.

— Вольга, стой! — пачулася з-за сцэны.

Дзяўчынка здзіўлена агледзелася, зразумела, чаго ад яе патрабуюць, і важна стала. Зала грымнула апладысментамі. Гэта кранула Васіля Пятровіча. Ён зірнуў на Валю і таксама заапладзіраваў.

— Рабі — раз! — пачулася з-за куліс.

Васіль Пятровіч перавёў туды позірк і ўбачыў Зосю. Яна стаяла, трымаючыся рукою за палотнішча, і пільна, быццам яе вучаніцам пагражала небяспека, як бы гіпнатызавала іх. Прычэсаная гладка, на прамы рад, у простым цёмным плацці з буфамі і высокім каўнерыкам, Зося нечым нагадвала настаўніцу-нарадаволку. Дзяўчаты пабудавалі піраміду і звонка выгукнулі лозунг.

Заслоны не было, і ўсе бачылі, як яны пад воплескі ў нагу ішлі са сцэны і зіхотнымі вачыма глядзелі на настаўніцу, чакаючы пахвалы, як Зося абняла апошнюю, Волечку, і выйшла ў бакавыя дзверы, нешта гаворачы ёй, як прыяцельніцы, на вуха.

«Ёй, нябось, усё лёгка і проста»,— з зайздрасцю падумаў Васіль Пятровіч пра Зосю, востра адчуваючы і пакутуючы ад таго, што пры дотыку да Валінага пляча яно апякае яго, хоць цеплыні ён і не адчувае.

«Якая злая іронія лёсу! Вось бясконца жаданы чалавек, а ёй нельга нават сказаць, што яна табе падабаецца. Вось яна побач, а яе можна абажаць толькі здалёку. Табе хочацца ўзяць яе рукі ў свае, падыхаць на іх, сагрэць, а ты мусіш прыкідвацца і робіш выгляд, што яна для цябе проста знаёмая...»

Як чалавек, які апынуўся перад неадольнай перашкодаю, Васіль Пятровіч пачаў у думках шукаць выйсця. У такіх выпадках гавораць: «Няма ліха без дабра». У Васіля ж Пятровіча думка пайшла крыху ў іншым кірунку. Яму нечакана здалося: ліха — таксама дабро. Хіба ён не шчаслівы, што абажае Валю, што мае магчымасць бачыць яе, сядзець вось так, поплеч, адчуваць яе дыханне? Няхай толькі яна не здагадваецца ні аб чым, яму даволі таго, што яна ёсць, што яе можна бачыць.

Наіўнік! Ён думаў, што Валя дзіця і што пакутуе і шукае выйсця ён адзін.

Даглядзець праграму не ўдалося: справаздача пра сход была патрэбна для заўтрашняга нумара газеты. Нязграбна падняўшыся, Васіль Пятровіч пайшоў следам за Валяй і пачуў, як на апошнім радзе нехта насмешліва кінуў: «А ён, мабыць, не толькі горад будуе... Нішто сабе...»

На вуліцы кружыла мяцеліца. Вецер гнаў па тратуарах снег, свістаў у правадах і пагойдваў на слупах электрычныя ліхтары. Яны мігалі, і святло ад іх клалася то ў адзін, то ў другі бок. Але неба было чыстае, усыпанае халоднымі зорамі, з незлічоным Млечным Шляхам, падобным на снежны россып.

Вецер дзьмуў у твар, снегам зацярушвала вочы. Ісці было цяжка. Валя хуталася ў паліто і прытрымлівала настаўлены каўнер рукою. Васіль Пятровіч хацеў быў узяць яе пад руку, але, успомніўшы, як летам, пасля дажджу, Валю адводзіў Алешка, раздумаў... Валя і Алешка? Ён, вядома, трымаў яе за плечы, абдымаў і, пэўна, цалаваў. Ён казаў ёй пяшчотныя словы, называў сваёю. І як ты будзеш абажаць яе, калі ведаеш, што нехта абдымае і цалуе яе! Гэта немагчыма і не пад сілу чалавеку. Нават дружба — перш за ўсё чысціня, узаемная вернасць. І ўсё, што там гавораць пра каханне здалёку — ганьба і кара! Непадзеленае каханне — не каханне.

Захлынаючыся ад ветру, Валя крыкнула, павярнуўшыся да Васіля Пятровіча:

— Якія вы сузор’і ведаеце? Пералічыце.

Ён паныла махнуў рукою.

— Мядзведзіцы, Вісажар... Здаецца, усё.

— Гэтага мала.

— Мм...

— Людзі некалі паляцяць да іх.

— Калі-небудзь — магчыма. А пакуль няхай разбяруцца са справамі на зямлі... Вось, напрыклад, адзін падлюга нядаўна мне хабар прапанаваў. Але самым дзіўным было тое, што ўсё гэта было кімсьці падстроена для праверкі. Ці не клюну? Ці сумленна працую?

— Не веру! — амаль крыкнула Валя.

— Ну і добра, што не верыце.

— Хоць у нас у рэдакцыі таксама ёсць адзін добры чалавек. У ім таксама некаторыя бог ведае што бачаць... Абмовіўся неяк, што ў вайне загінула людзей больш, чым трэба, і — усё. Калі раней цураліся, цяпер прыслухоўваюцца.

— Ці не Лочмель гэта?

— Ага. Але адкуль вы яго ведаеце?

— На нарадзе пазнаёміліся. Дый артыкулы яго чытаў. Праўда, больш абцякаемыя ўсё.

— Ён паклоннік ваш.

— Ну? Значыць, тайны.

— А ўчора нарэшце мне свой верш прачытаў. Пра шапку. Што носіць яе і набакір, і на патыліцы, і ссунутай на лоб. Увогуле, «як хачу нашу я шапку».

— Таксама не надта смела... Але не ў гэтым справа... Не ведаю... як наконт вайны... Наўрад ці хто можа вызначыць — якія ахвяры ў ёй мэтазгодныя... Але вы сказалі «таксама добры»?

— Ага.

— Вось за гэта дзякую...

На вуліцы Карла Маркса ліхтары віселі на напятых дратах пасярод вуліцы, і па іх можна было прасачыць, як ідзе вуліца — дзе роўна, а дзе ўзбягае на ўзгорак. Шары-ліхтары гойдаліся, і бліжэйшыя з іх нагадвалі касцельныя званы,— у іх білі нібы ў набат. Побач — з бляшаным скрыпам — матляліся круглыя дарожныя знакі: то перакрэсленыя «Р», то галава каня. Пад імі віхрылася замець. Толькі вокны дамоў свяціліся ярка, мірна, і адсюль, дзе гуляў вецер, здавалася, што за імі абавязкова шчасце, яго прытулак.

З такім адчуваннем, развітаўшыся з Валяю каля аўтобуснага прыпынку, не заўважаючы, што нехта, таксама з настаўленым каўняром, неадступна назіркам ідзе за ім, Васіль Пятровіч падыбаў да гасцініцы. Перад парадным, унікаючы глядзець на свае вокны, са шкадаваннем абабіў з сябе снег шапкаю і нехаця ўвайшоў у вестыбюль.

У пакоі быў адзін сын. Ён сядзеў за абедзенным сталом і рашаў задачы. Убачыўшы бацьку, чмыхнуў носам і ўнурыўся ў сшытак.

— Дзе мама? — спытаўся Васіль Пятровіч, тручы азябшы твар.

Юрка ўваткнуў ручку ў чарнільніцу невылівайку і прамакнуў напісанае ў сшытку. Вочы ў яго сталі кпліва-насмешлівыя, як у дарослага.

— Ты чуеш?

— Чую,— адказаў ён, зусім замыкаючыся.

Але яго нешта тачыла. Ён не вытрымаў, з вачэй пырснулі слёзы.

— Не хачу я вас, не хачу! — надрыўна выкрыкнуў.— Мне не трэба вас! Вось памру, тады пабачыце!..

Васіль Пятровіч падбег да яго, страсянуў. Але Юрка вырваўся, закрыў, быццам яго білі, твар рукамі і ўсляпую кінуўся да ложка. Гэта яўна быў пратэст — міжвольны, але вынашаны, з дзіцячай гразьбою памерці, каб потым каяліся і шкадавалі. Васіль Пятровіч пагладзіў сына па галаве.

— Хто, сынок, пакрыўдзіў цябе, раскажы.

Юрка падняў з падушкі стрыжаную, з акуратнай грыўкаю галаву і стаў бокам да бацькі. На яго заплаканым твары застыла ўпартасць.

— Не любіце вы мяне,— сказаў ён, ледзь варушачы ўспухлымі губамі.

— Што ты!

У гэтую хвіліну ў пакой увайшла Вера. Яна спяшалася. Модны вялюравы капялюшык з белым пушком збіўся набок, да мокрай ружовай шчакі прыліпла пасма валасоў. І ўся яна была нібы пасля палёту — імклівая, узрушаная.

— Што такое? — выгукнула яна на хаду, з вялікімі, круглымі вачыма падбягаючы да сына. Але Юрка ўчапіўся за бацьку і затупаў нагамі.

— Не хачу я цябе! Не хачу! — залямантаваў.— Адыдзі!

Вера пабялела і ашаломлена адступіла на крок. Але тут жа па шчоках у яе пайшлі чырвоныя плямы. Яна кінула на Васіля Пятровіча знішчальны позірк і, схапіўшы Юрку пад пахі, ірванула да сябе.

— Я табе дам «адыдзі», паршывец! Ты каму гэта гаворыш?

— Пусці яго! — загадаў Васіль Пятровіч, адчуваючы, што яму робіцца агідна ўсё: і Вера, і старанна прыбраны ёю пакой, і крыштальная вазачка з васковымі кветкамі на стале, і, можа, нават... сын.

«Вось, здаецца, сям’і і няма»,— падумаў ён стомлена.

 

4

Як і раней, непрыемнасці Васіль Пятровіч тапіў у рабоце. Ён днямі прападаў ва ўпраўленні, у майстэрні, удзельнічаў у нарадах, сустрэчах з выбаршчыкамі. Дамоў вяртаўся позна, ставіў пасярэдзіне пакоя раскладушку і, стомлены, імгненна засынаў. Раніцою ўставаў першы і, калі сын і Вера яшчэ спалі, ішоў у майстэрню. Снедаў у буфеце, абедаў у сталовай, вячэраў наогул рэдка — часцей за ўсё ў майстэрні. Ад марокі ён пахудзеў, на скронях засерабрылася сівізна.

Ён быццам гарэў і згараў. Яго пабойваліся і раней. Але толькі, калі ішлі да яго са справаю. За вочы ж пакеплівалі як з чалавека дзівакаватага і непрактычнага. Цяпер жа, заўважаючы яго бязлітаснасць да сябе, навакольныя міжволі прасякаліся спачуваннем. З другога боку, сам Васіль Пятровіч стаў больш уважлівы. З людзьмі трэба было лічыцца. Бо хочаш гэтага ці не, а горада наогул, выдуманага табою, будаваць нельга! Яго будуюць вось гэтыя людзі, будуюць вось у гэтых умовах, са сваімі пэўнымі задачамі. Прыгажосці «наогул» таксама няма. Бо яна... мм... будзе прыгажосцю толькі, калі ўбярэ ў сябе ўяўленне многіх людзей аб дасканалым. Служачы высокаму, смешна загадваць людзям: «Вы павінны мяне зразумець». Не, ты сам павінен знайсці такое, каб цябе зразумелі!..

Гэта не схавалася ад Зімчука, цешыла і непакоіла яго. Цешыла, бо заўсёды прыемна бачыць чалавека, які працуе да самазабыцця. Непакоіла, бо ў хапатлівасці Васіля Пятровіча адчуваўся надрыў. Часам ён замаўкаў на паўслове, рабіўся глухі, і ў яго вачах адкрывалася пустата.

У дзень выбараў, сазваніўшыся, яны пайшлі галасаваць разам. Да таго ж Кацярына Барысаўна, як член выбарчай камісіі, пайшла з дому яшчэ зацемна. Волечка павінна была выступаць з вучнёўскім хорам на выбарчым участку і таксама рана пабегла ў школу.

Выпаў сонечны марозны дзянёк. Зверху лілося столькі святла, што на неба можна было глядзець, толькі прыклаўшы руку да лба. Нават цяжка было вызначыць, якога яно колеру — не то светла-блакітнае, не то светла-ружовае. Снег на дахах і на зямлі зіхацеў, іскрыўся. Дамы, вуліца, якая імкнула некуды ў зіхотную прастору, выглядалі дужа чыстымі, а ліпавыя прысады — празрыстымі.

На праспекце яны трапілі ў людскую плынь. Сюды быццам высыпаў увесь горад. Ішлі купкамі. Вялі за рукі дзяцей з чырвонымі сцяжкамі, самых малых везлі ў саначках.

— Любата,— сказаў Васіль Пятровіч, азіраючыся на бакі.— Не за гарамі, калі на Цэнтральнай плошчы свой Парфенон узнімем.

Зімчук ухмыльнуўся.

— Як у Афінах, вядома? Але вось закавыка — грэкі яго для багоў будавалі. А багі, як вядома, на Алімпе жылі і ані не мелі патрэбы ў жылплошчы.

— Дапусцім... Але крыўдна, Іван, што ты прыкладна гэтак жа разважаў, калі ўзрывалі каробкі. Ты, як і Понтус, касцянееш у сваёй пазіцыі. І калі хваліш ці ганіш, то за адно і тое ж аднымі і тымі ж словамі.

— Пачакай! А што ў прынцыпе змянілася? Хіба пабагацелі трошкі.

— Ну, прабач! — пакрыўджана засоп Васіль Пятровіч.— Змянілася хоць бы тое, што ты ўжо не надта блакіруешся са сваім Понтусам.

— У цябе з ім таксама не ўсё асобна было.

— Не бойся, я неўзабаве дам яму бой... Хоць нехта скалою і падпірае яго, і мне, як нашым спартсменам за граніцай, неабходна чыстая перамога. А то ўсё роўна не залічаць...

— Аднак не думай, што на вашага брата з фантазіямі Понтусы ўжо не патрэбны. Будаўніцтва — можа, самае слабае месца ў нас. Няўвязкі, пралікі. А тут яшчэ вы. Ведамствы намецілі нешта недзе будаваць. Патраціліся на праектаванне. А сунуліся да вас — вета. Вы, аказваецца, перадумалі або там у вас іншае запланавана. Ну і плачуць народныя грошыкі.

— Вось бачыш!.. Ты і цяпер пераконаны — мы з Понтусам не выключаем адзін аднаго. Павер, тут больш складаная справа!

— Тады загадзя вярбуй галасы.

— І гэтага рабіць не буду. Барацьба пойдзе ў адкрытую. Інакш — навошта яна?.. Хоць сёе-тое, навучыўся, астанецца пры мне...

Падышлі да бібліятэкі імя Леніна, дзе змяшчаўся выбарчы ўчастак. На паўкруглым ганку, між чатырохвугольных калон, тоўпіліся людзі. З кузава грузавіка, праз борт, на тратуар саскаквалі расчырванелыя дзяўчаты і хлопцы. Саскочыўшы, разгладжвалі складкі на чорных шынялях, падцягвалі рамяні і, зусім як салдаты, дзвюма рукамі папраўлялі шапкі. Некаторых былых рамеснікаў Зімчук пазнаў. Убачыў Цімку. Той дзелавіта скруціў сцяг і саскочыў апошнім. Заўважыўшы Зімчука, часта заморгаў заінелымі векамі і, паправіўшы рэмень, падышоў.

— Мы прама з інтэрната сюды. Гуртам,— растлумачыў ён.— Як там Волечка?

— Чаму сам рэдка заходзіш?

— Чаму рэдка? — па звычцы перапытаў Цімка, пазіраючы на наскі чаравікаў і калупаючы імі снег.— Няма калі.

Зімчуку захацелася страсянуць хлопца за плечы, сказаць, што досыць крыўдзіцца і на яго і на сябе.

У жыцці і так усякай усячыны хапае. Але ён ведаў: у Цімкі і яго таварышаў сваё разуменне дазволенага і прыстойнага. Таму хлопцу будзе сорамна, гэта аддаліць канчатковае прымірэнне, і Зімчук стрымаў сябе. Ды Цімка адчуў яго парыванне.

— Мы да працоўнай вахты рыхтуемся. Вось пасля хіба прыйду...— паабяцаў ён і падняў руку.— Пайшлі, таварышы!

Хлопцы і дзяўчаты, якія з цікаўнасцю назіралі за ім і Зімчуком, рушылі следам па паўкруглых прыступках, як бы штурмуючы ўваход.

Грузавік завярнуўся і спыніўся на супрацьлеглым баку вуліцы. На дзверках ягонай кабіны было напісана: «За стотысячны прабег» і намалявана восем белых зорак.

— Хоча пераможцам заявіцца,— сказаў пра Цімку Зімчук.— Пайшлі, Васіль, і мы...

У вестыбюлі таксама стаялі людзі і няголасна размаўлялі. Аднекуль плыла ціхая музыка.

«Як там на маім участку?» — падумаў Васіль Пятровіч, якому раніцою вельмі карцела схадзіць туды.

Зайшоўшы ў залу для галасавання, ён стаў шукаць стол з літараю «Ю». Знайшоў у самым канцы і міжвольна сумеўся — за сталом сядзела Зося. Ззаду яе было вялізнае, пад самую столь, акно з размаляванымі марозам шыбамі. Акно пранізвала іскрыстае святло, і ў ім схіленая Зосіна постаць здавалася лёгкай.

Людзей каля стала не было, і яна нешта падлічвала ў спісках выбаршчыкаў, як вучаніца варушачы губамі. Васілю Пятровічу здалося, што і Валя абавязкова павінна быць тут, і ён, затаіўшы дыханне, азірнуўся. А калі зноў паглядзеў на Зосю, то сустрэўся з ёю позіркам. Яна паправіла валасы, з усмешкаю ўзяла яго пашпарт і акуратна паставіла адзнаку ў спісе.

— Пазнавата,— упікнула, выдаючы бюлетэні і ўсё ўсміхаючыся.— За вас, мусіць, актыўней галасуюць...

Не заходзячы ў кабінку, ён апусціў бюлетэні ў урну, над якой звешваліся важкія аксамітныя сцягі, і пачаў чакаць Зімчука, які забавіўся.

У буфеце панавала стрыманая цішыня. Яны знайшлі вольны столік, заказалі па бутэльцы піва, салёнай саломкі і, чокнуўшыся кубкамі, выпілі.

За суседнім сталом спрачаліся двое: грузны, круглатвары, з адвіслымі ўкраінскімі вусамі, і шчуплы вузкаплечы, які сядзеў да Васіля Пятровіча спінаю, так што былі відаць толькі яго каракулевы каўнер і галава з ранняй лысінаю, што ў народзе называюць «ксяндзоў плеш». Рэдкія валасы ў яго на макушцы стаялі дыба, як ад страху, і, ведаючы гэта, ён часта прыгладжваў іх.

Выцершы сурвэткаю губы, узяўшы саломку, Зімчук параіў:

— Ты, Васіль, усё-такі скажы, што мучыць цябе. А то гнём сваё цішком, і бог ведае, што атрымоўваецца... Нядаўна заходзіла Валя. Дзесяць разоў пачынала гаварыць пра цябе, але так нічога і не сказала толкам. У чым справа?

«Валя?!»

Праз яго пакутуе Валя! Яму стала страшэнна балюча.

Толькі аднойчы Васіль Пятровіч адчуваў такі боль у сэрцы, калі ляжаў хворы. Тады ўсё ў ім млела, і рабілася нясцерпна нават ад таго, што над гасцініцаю пралятаў самалёт.

Перамагаючы боль, ён прызнаўся:

— Мм... Ці не занадта мы азіраемся на ханжаў, Іван? Ты даруй мне, я, здаецца... кахаю яе!..— І, каб не здалося — раскіс, пачаў расказваць пра Валю, пра свае сумненні, жонку, Понтуса — аб чым раней баяўся думаць і што неспадзеўкі стала відавочна. Але паводле яго слоў, усё яшчэ выходзіла так: вінаваты ва ўсім, бадай, ён сам. Так, Понтус страшны чалавек. Жонка — няверная і, можа быць, нават прагная да ўцех. Так, ён кахае Валю і не можа аставацца ўжо самім сабою. Але як быць з сынам? Праўда, сям’і няма, але як ты растлумачыш другім, што камуніст не збярог яе і не хоча, каб у яго сына была маці?..

А Валя? Яна далёкая, як зорка... А тут яшчэ Зорын. Праўда, ён ужо не навязвае сваёй ідэі. Але затаіў непрыязнасць, не спускае з вачэй. Таму ходзіш як па канаце, ведаючы: ступіш няправільна — і бяда! З табою ж скампраметуюць і тваю справу...

Зімчук слухаў яго і мучыўся сам: цяжка раіць у такіх выпадках. Але Валя зрабіла выбар. Так, прынамсі, яму здалося... Ці сказаць хоць пра гэта?

І, адчуваючы, што пачынае злаваць на сябе, Зімчук усё-такі загаварыў, і выходзіла неяк — гэты ўрачысты дзень становіцца яму дакорам.

 

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ

 

1

Позна ноччу Аляксей прыйшоў па Зосю. Камісія яшчэ падлічвала галасы, і ён доўга сноўдаўся па пустых калідорах бібліятэкі. Чытаючы і перачытваючы таблічкі на дзвярах, са смуткам думаў, як многа тут, мабыць, кніг і як мала ён іх ведае. Тэхнічную літаратуру Аляксей чытаў,— праўда, больш брашуры з «Бібліятэкі наватара», да мастацкай жа ставіўся чуць скептычна. Але кнігу наогул паважаў: колькі трэба розуму, каб напісаць яе! І калі Зося чытала ўголас, уважліва слухаў. Цяпер, уяўляючы, якая безліч кніг — на паліцах, у шафах, на сталах, у стосах — ляжыць побач, за сцяною, ён хацеў зірнуць у гэтыя кніжныя сховы. Гэта нагадвала б страшнаваты сон: ён адзін, а кніг тысячы, у пакоі ён, кнігі і — больш нікога. Кнігі пабліскваюць вокладкамі і, ведаючы сваё, маўчаць. Аляксей нават узяўся за ручку адных дзвярэй і праверыў, ці замкнутыя.

— Што, засумаваў? — падышла нарэшце да яго Зося, трымаючы ў руках хустку, якая мяла падлогу.— Пачакай, я зараз вазьму паліто.

Яна пайшла ў канец калідора і вярнулася назад з Валяю.

— Прагаласаваў за Юркевіча,— сказаў Аляксей, да нечага раўнуючы жонку.— Вось як часам атрымліваецца. Га? Хацеў быў напісаць на бюлетэні, каб ведаў, ды ліха з ім.

— Цяжкі ты чалавек,— уздыхнула Валя, вызвалілася з Зосіных абдымкаў і, узяўшы вышываныя зялёныя рукавічкі ў зубы, пачала надзяваць вязаны, такога ж колеру капар.— Розуму не дабяру, што ты наогул мог напісаць?

— Не бойся, мог,— упарта сказаў Аляксей.— Галасую, маўляў, не за цябе, а за партыю. Памятай!

— А сумленне?

— Што сумленне? Проста былі б квіты. Я ад яго ласкі не меў... наогул, чаго ты гвалт узнімаеш? Не напісаў жа я,— нечакана палагаднеў Аляксей і толькі тады заўважыў, што Зося робіць яму знакі.

— Так у цябе рука і на Івана Мацвеевіча падымецца.

— А што ты думаеш. Ён таксама таго... Спрабуе і не можа пераступіць цераз нешта. Ды ладна. Пойдзем лепей адсюль. Пара і вартаўнікам адпачываць.

Валя непрыкметна выцерла канцом капара вочы, наставіла каўнер і ўзяла Зосю пад руку. Прытулілася, як да чалавека, які, пэўна, уведаў яе таямніцу, і дробненька затупала ўслед за Аляксеем, што ступаў метровымі крокамі.

Правёўшы Валю, яны пехатою пайшлі дамоў, хоць над Першамайскай вуліцаю ўжо ўспыхвалі блакітныя сполахі і пазвоньвалі трамваі.

І Аляксей і Зося пражылі памятны дзень — яна ў дзейнасці, сярод людзей, ён — у незнаёмым хваляванні. І гэта радніла іх. Даўно ён не ішоў з ёю так мірна. Час прыглушыў крыўду. Ад колішняга абурэння асталіся толькі абвостраная ўвага ды некаторая насцярожанасць.

У пачатку зімы Зося хварэла. Неяк аднаго разу ён спыніўся ў дзвярах спальні і ўбачыў — яна ляжыць з заплюшчанымі вачыма. На табурэтцы каля ложка стаяць пляшачкі з лекамі і электрычная лямпа-грыбок. Святло не падала на Зосін твар, і ён у паўзмроку быў шэры. І тады Аляксею на міг здалося, што жонка не дыхае. Ён пахаладзеў. Страціць Зосю? Божа ты мой! Страціць Зосю? Як жа тады жыць? Аднаму! Без яе! Цяпер і то моташна, хоць сам добраахвотна асудзіў сябе на адзіноту.

Нават у разгар сямейнай калатні ён раніцамі цікаваў за ёю. Зося не здагадвалася пра гэта і паводзіла сябе як сам-насам. У начной кароткай сарочцы падыходзіла да люстра, спрытна збірала рассыпаныя валасы і закручвала іх у куксу на патыліцы. Потым прыдзірліва аглядала сябе, праводзіла рукамі па грудзях, па сцёгнах і нейкі момант стаяла з апушчанымі рукамі. А ён удыхаў яе цеплыню і, заходзячыся салодкім болем, глядзеў на моцную Зосіну постаць, на акруглыя голыя плечы, на прыгожую галаву. І гэтак заўсёды, з неспатоленай прагаю.

Цяпер яны чакалі другога дзіцяці — сына. Аляксей рашыў: дасць яму сваё імя. Няхай нясе далей не толькі прозвішча. Калі нарадзілася Святланка, пачуццё бацькоўства напоўніла яго. З’явілася новая мэта — ахоўваць заўтрашні дзень дачкі. І калі насоўвалася якая-небудзь бяда, ён перш за ўсё непакоіўся: а ці не закране яна яго Святланкі? Што тады будзе са Святланкаю? І быў гатовы пайсці на пакуты, каб толькі нічога не здарылася з ёю. І зноў гэтае пачуццё неяк звязвалася з Зосяю, рабіла яе неабходнай. Хутчэй за ўсё яно і памагло Аляксею перамагчы непрыязнасць да былых рамеснікаў. «Дзеці горкія»,— паўтараў ён і пачаў з таго, што стаў апекаваць іх.

Што ж да яе, Зосі, дык яна душы не чула ў дзецях. З вучнямі, са Святланкаю яна не заўважала, як бяжыць час. Кажуць, чалавек, які любіць дзяцей,— добры чалавек, і з ім добра другім. Мусіць, гэта так. Назіраючы, як забаўляецца жонка з дачкою, Аляксей адпачываў душою.

— Як там Свецік без нас? — спыталася Зося, калі яны перайшлі мост цераз Свіслач.

— Спіць — і ўсё, вось як,— пасміхаючыся, адказаў ён, задаволены, што яны думаюць пра адно.— Ты давай лепей пра мяне спытайся. Я мо ўжо дэпутат, га?

— Не хвалюешся?

— А чаго там... Не было яшчэ выпадку, каб забалаціравалі. Дый мяне варта выбраць. Я, Зось, апраўдаю...

— Ой, апраўдай, Лёша!

Гэта не спадабалася Аляксею.

— А ты як думаеш? Зімчук надысь і той гаварыў, што верыць у мяне. Закваска, кажа, крутая, але чалавечая. Бачыш, якія словы!

— Я таксама веру.

— Ну і правільна. Мы ж родныя. А што часам зрываюся, дык, значыць, зноў жа — ёсць адкуль зрывацца. Дый ты за нешта любіш, га?

— Няўжо ж не люблю? — прыціснулася да яго плячом Зося.

Дзверы ім адчыніла цётка Анця, якая са ўчарашняй раніцы гаспадарыла ў іх і глядзела Святланку. Старая, як гасцей, прапусціла Зосю з Аляксеем наперад, замкнула за імі дзверы і зайшла ў дом апошняй, шлёпаючы галёшамі, надзетымі набасанож.

— Пазней не маглі прыйсці? Прастыла ўсё, халоднае,— бурчала яна.— Няўжо дасюль няможна было нагаласавацца?

— Чаму не, цётачка,— радуючыся, што яна нарэшце дома і што Анця бурчыць як заўсёды не злуючыся, адказала Зося.— Але ж я ў камісіі. Трэба было ўсё падлічыць.

Яна так стамілася, што кінула паліто на канапу і села з заплюшчанымі вачыма побач, не зняўшы з галавы хусткі і блазнавата ўсміхаючыся. Аляксей развязаў хустку, узяў кінутае паліто і сам панёс іх у пярэднюю. Калі ён вярнуўся, Зося прыкінулася, што спіць, і ледзь сапраўды не заснула, толькі бразгат пасуды — Анця ставіла яе на стол — адганяў ад Зосі салодкае забыццё, ад якога зліпаліся павекі.

— Вы ешце, а я паляжу трохі. Пагляджу на вас,— папрасіла яна.— Еш, Лёша, еш... Табе ж на работу сёння. Праўда?.. І не бойся, я не засну... А наша школа не працуе... Участак выбарчы... пакуль прыбяруць...

Яе словам не ставала выразнасці. Зося адчувала гэта, але нічога ўжо не магла зрабіць. Уласныя словы даходзілі да яе, як чужыя, і яна, яшчэ нешта прамармытаўшы, заснула.

Аляксей паслаў пасцель, потым, як дзяўчынку, узяў Зосю на рукі і занёс у спальню.

— Дзякую, Лёшачка,— адно здолела прамармытаць яна.

Аляксею спаць не хацелася. За вокнамі сінела, і неўзабаве трэба было ісці на работу. Успомнілася, як у час карнай экспедыцыі, замініраваўшы выспу, дзе размяшчаўся шпіталь, ён, нябожчык Рунец і Зося пляліся на злучэнне з атрадам. Мінулі балота, пайшлі лесам і наткнуліся на ручай. І хоць гэтага можна было не рабіць — яны ўжо мясілі балотную твань і вымаклі па пояс — Аляксей узяў Зосю на рукі і панёс, шкадуючы, што ручай нешырокі і яе хутка прыйдзецца пусціць. Непадалёку грымеў бой, чуліся ружэйна-кулямётная страляніна, выбухі мін. За кожным кустом таілася небяспека, а ён, беражліва несучы на руках дарагую ношу, ні мала ні многа лічыў сябе найшчаслівейшым чалавекам...

Аляксей сеў на сагрэтую Зосяй канапу і задумаўся.

— Ты хоць бы зайшоў калі,— сказала яму цётка Анця, завіхаючыся з закасанымі рукавамі каля стала.— А то забыліся на нас, старых. Быццам мы і не свае. Мой кажа: «За сённяшнім светам ужо так і павялося, свой ці не свой — аднолькава». Але гэта ж блага. Так, пэўна, і ад маці можна адцурацца.

— Няпраўда, мы вас не цураемся,— запярэчыў Аляксей, паступова ўваходзячы ў клопаты наступаючага дня і думаючы, што будзе рабіць сёння...

— Нешта не вельмі відаць.— Анця выцерла цыратку на стале мокрым вехцем, занесла яго на кухню і, вярнуўшыся, заслала стол абрусам.— Хіба ты, да прыкладу, ведаеш, што цяпер турбуе Сымона ці чым яго галава занята? А ён жа ж любіць і цябе, і Зосю. Ён вам свой...

— Ладна, прыйду,— паабяцаў Аляксей, пачынаючы крыху трывожыцца.

— А гэта як хочаш сабе! Мы кланяцца не будзем. Палічыш патрэбным — прыходзь, а не — не прыходзь...

У вокнах пачало віднець.

 

2

Аляксей забыўся на сваю размову з цёткаю Анцяй. Дый, кажучы праўду, не надаваў яе словам асаблівага значэння: «Ат, старэе — вось і трывожыцца. Усім, да каго завітала старасць, здаецца, што імі мала цікавяцца. Старасць заўсёды раўнівая і крыўдлівая...» Але праз дзень, па нейкай сувязі ўспомніўшы дакор, занепакоіўся: «А што, калі сапраўды што-небудзь здарылася?..» І як толькі выпала вольная часіна, сабраўся і пайшоў.

Домік з белымі аканіцамі, здавалася, паменшаў. Аляксей агледзеў яго і асцярожна, нібы брамка магла сарвацца з завесаў, адчыніў яе.

Сымон сядзеў на калодцы каля кафельнай грубкі, у якой весела трапяталася полымя, і ладзіў масцярок.

— От якія справы, Ляксей. Не куецца, а плешчацца,— паскардзіўся ён.

— Чаго гэта? — заўсміхаўся Аляксей, ведаючы, што стары можа з самым сур’ёзным выглядам гаварыць і пра драбязу.

— Я, брат Ляксей, усякае пабачыў на вяку,— пакруціў ён перад сабой масцярок, быццам збіраўся нешта прачытаць калі не на гэтым, то пэўна на другім яго баку, і ляпнуў плазам па далоні.— Верыш?

— А чаму ж не?

— Розныя давялося павароты перажываць. Быў і на кані і пад канём — усяк. Мне, брат, з бацькам рамантаваць палац графа Чапскага даводзілася. І на фасадзе Дома ўрада працаваў. Пабываў і на Урале, і ў Запарожжы. Каб мае марш-ру-ты на карту нарысаваць, дык усю карту прыйшлося б пакрэсліць.

Чуваць было, як цётка Анця ў суседнім пакоі, дзе калісьці жыў Аляксей, перасоўвала нейкія рэчы. Аляксей падумаў, што вось зараз пачуецца яе: «Годзе табе!» — але памыліўся.

— Праўда, Аляксей, праўда! — падтрымала яна з-за сцяны і перастала перасоўваць рэчы.

— От бачыш, нават мая згаджаецца,— кіўнуў у той бок Сымон, астаючыся, аднак, сур’ёзным.— А ў нас рэдка мір. Усё болей па-ле-мі-ку разводзім.

— Пачаў ужо!

— Дык во я і кажу, якіх толькі людзей не даводзілася бачыць. Ведаў і падрадчыкаў, і дзесятнікаў, і брыгадзіраў. А ў дваццатым дык печкалёпам па вёсках хадзіў. Так што і кулакоў, і хутаранцаў, і шляхцюкоў — усіх пабачыў. От што, Ляксей, я хачу сказаць. Дзе ні працаваў, заўсёды мяне паважалі за рукі.

— А я што кажу,— ахвотна згадзіўся Аляксей.

Стары ўстаў, палажыў масцярок на камоду. Трымаючы на салдацкі манер кісет пад пахаю, пачаў скручваць цыгарку. Пакусаўшы край паперы роўнымі, зусім не старэчымі зубамі і паслініўшы яго, спрытна прапусціў цыгарку паміж указальным і вялікім пальцамі.

— А некаторыя іначай мяркуюць. У нас і так бывае: закарцела чалавеку праявіць сябе, а працаваць не надта каб умеў — ну от і давай мудраваць. Прыемна ж, калі пра цябе гамоняць. Дый ведае таварыш, што ў нас новаму — дарога, яго падымаюць.

— А я думаю, што не так ужо і лёгка гэтаму новаму,— запярэчыў Аляксей, хоць бачыў: Сымон пачынае сердаваць.— Вунь у нас у трэсце і то часцей усё наўздагад робяць. А бо так, як некаму захочацца.

Прагавіта зацягнуўшыся, Сымон, які ўсё стаяў ля камоды, натужна закашляўся.

— Ты паслухай, Аляксей, паслухай,— азвалася цётка Анця і адразу паявілася ў дзвярах.

— Ідзі адсюль, богам прашу,— напаў на яе Сымон, нібыта ў жончынай падтрымцы было нешта непрыстойнае.— Мы ўжо неяк самі разбяромся, без кіруючых указанняў.

Ён глядзеў на жонку, аж пакуль тая не прычыніла за сабой дзвярэй, потым адышоўся да стала і сеў на крэсла, узрушана сапучы носам.

— Вось, скажам, растворамёт,— пачаў з раздражненнем.— Усяго і хітрасці, што да фарсункі лейку прымацавалі. Яно, вядома, для няўмек спакусліва — накінуць роўна раствор на сцяну слабо, а тут, думае, узяў гэтую дурніцу ў рукі і давай. А што палова на падлозе будзе — клопат вялікі. Каму гэта трэба? Хіба што дзядзьку з хранометрам, які тут жа заявіцца.

У голасе Сымона чулася крыўда.

— Кажуць,— адвёў ён ад Аляксея позірк, нездаволены, што Аляксей маўчыць,— вунь у Егіпце грабніцу фа-ра-онаў-скую ўскрылі і знайшлі там клапоў. А калі змясцілі іх у пажыўнае рэчава, тыя ўзялі дый ажылі. Бачыш, якія трывалыя паразіты. Болей за паўтары тысячы гадоў прайшло, а яны ўсё жывыя. Колькі ж трэба гадоў, каб паразіты наогул вымерлі?

Цяпер Аляксею стала ясна, што непакоіць Сымона. Прадузятасць перашкаджае старому паверыць у тое, што прыходзіць на будоўлю. Абурае ўжо сам факт, што ён, майстар, які праз гады ішоў да пазнання любімай прафесіі, страціць сваё высокае месца, сваю незамянімасць. Пахіснецца слава залатых рук, і іх заменіць «дурніца» — няхітрая штука, даступная ўсім. Трывожаць і нормы...

Не ўпершыню пазнаваў Аляксей сябе ў другіх. Нешта ад сябе ўбачыў ён і цяпер у перажываннях Сымона. Але прызнацца ў гэтым было сорамна, і ён запярэчыў:

— Вы дарэмна так трывожыцеся. Рукі заўжды будуць рукамі, хоць і растворамёт будзе.

Сымон паматаў галавою, ухмыльнуўся.

— А от, Кухта іначай разважыў. Ты, Ляксей, хітры, цябе не дарма дэпутатам зрабілі, а ён яшчэ хітрэйшы. Ён, брат ты мой, такую штуку прыдумаў... Ну, ладна, загаварыўся, што і стагнаць забыўся...

 

3

Кухта, сапраўды, зрабіў Сымону не зусім звычайную прапанову.

План будаўніцтва з году ў год павялічваўся, і выконваць яго рабілася ўсё цяжэй. Дый самі цяжкасці сталі іншыя. Раней не хапала цэглы, будаўнічых дэталей, металу. Цяпер жа не матэрыялы, а людзі пачалі больш турбаваць Кухту. Палову рабочых Галоўмінскбуда складала моладзь. Патрэбна была дасканалая арганізацыя працы, механізацыя будаўнічых работ. І вось тут, як ні дзіўна, ваяваць давялося з тымі, на каго Кухта абапіраўся — з заслужанымі майстрамі, з умельцамі. Але ён дужа паважаў гэтых мастакоў сваёй справы, каб ламаць іх волю загадамі. Дый ці зламаў бы? Тады Кухта прапанаваў спаборніцтва.

Прапанова збіла з панталыку Сымона, але ён выгляду не падаў — прыкінуўся, што не разумее схаванага ва ўсім гэтым сэнсу.

— Ну што ж, можна, пацягаемся,— згадзіўся.— Кажаце, мне з масцярком і сокалам, Васілю з каўшом і іншымі прычындаламі, а гэтаму...

— Зуеву,— падказаў Кухта, разумеючы — Сымон наўмысна забыўся на прозвішча трэцяга.

— А... Зуеву з растворамётам? Ну што ж, няхай! Цікавы спек-такль атрымаецца.— І раптам, каб трывожыўся не толькі ён сам, запытаўся: — А што, Павал Ігнатавіч, калі я перамагу? А я, дальбог, пастараюся. Вазьму і перамагу. І па якасці і па колькасці. Што тады? Мы ж таксама з гонарам.

Як і адгадаў Сымон, Кухта пра такі варыянт не думаў і трохі стушаваўся.

Спаборніцтва павінна было праходзіць у будынку школы, у будучых класах. Калі Аляксей прыйшоў туды, у калідоры ўжо сабралася чалавек дваццаць. Стаялі каля шырокіх акон, нешта ажыўлена абмяркоўвалі. У самай вялікай групе Аляксей заўважыў Сымона. Той сядзеў на падаконніку і ўважліва слухаў, што яму казалі.

— Наша вам! — прывітаўся Аляксей.— Усё гатова?

Перад ім расступіліся.

— А як жа! От правер,— паказаў Сымон яму рукі. Але зрабіў гэта з выклікам, як бы помсцячы на ўсякі выпадак за магчымае сваё паражэнне.

— Дзядзька скажа! — засмяяліся наўкол.

— Будзь упэўнены!

— А куды, дзядзька Сымон, матор прыключаць будзем?

Аляксей хваляваўся траха не мацней за Сымона і таму змоўчаў. Праўда, ён злаваў на старога — за яго ўпартасць, за тое, што паставіў пад такую рызыку годнасць і аўтарытэт майстра, але перамогі жадаў толькі яму.

Сымон сядзеў з апушчанымі плячыма, ссутулены, паклаўшы на калені моцныя, яшчэ не старыя рукі. Святло не падала на яго заклапочаны твар. Ды Аляксею здавалася, што твар асветлены. Ён нават здзівіўся: як раней не звяртаў увагі на гэтыя вялікія, разумныя вочы, на правільныя, выразныя, як на гравюры, рысы твару?

— Пачнём,— сказаў Кухта, зірнуўшы пад рукаў, на гадзіннік.

Сымон саскочыў з падаконніка, немаведама чаму абтрос штаны і закрочыў у «свой клас». За ім рушылі астатнія. Хада старога зноў здалася Аляксею амаль незнаёмай: ступаў цвёрда, як ходзяць вельмі моцныя людзі, як хадзіў сам Аляксей.

Пачуўся звонкі ўдар у рэйку. Адзін, другі, трэці.

— Ні пуху ні пер’я,— пажадаў Кухта.

— К чорту,— букнуў здаволены Сымон, узлез на падмосці і ўзяў масцярок.

Лёгкім, прыгожым рухам ён кінуў на сцяну першую лапатку раствору, потым другую і ўвесь аддаўся працы. Аляксею было прыемна глядзець на яго, і ён на нейкі момант забыўся, што ў суседніх класах працуюць супернікі. А ўспомніўшы, непрыкметна падаўся туды.

Тынкоўшчык, які працаваў каўшом, быў прысадзісты, шыракаплечы здаравяка. Апрануты ў камбінезон, ён здаўся Аляксею грузнаватым, непаваротлівым. Зачарпнуўшы са скрыні раствор і як бы замахнуўшыся, ён падносіў да сцяны коўш і паварочваў яго. Потым, крыху аднёсшы ўбок, нібы дакрануўшыся да нечага гарачага, адхопліваў руку, і раствор паслухмяна клаўся на сцяну. Але ў гэтым непаспешлівым, размераным рытме Аляксей і адчуў пагрозу.

«Туга прыйдзецца дзядзьку»,— падумаў Аляксей і, не ўтрымаўшыся, пайшоў глянуць на Зуева, якога таксама ведаў слаба.

Гледачоў тут тоўпілася больш, чым дзе. Заднія, што былі ад расчыненых класных дзвярэй далекавата, выцягвалі шыі і прыўзнімаліся на дыбачках. Але Аляксей, які на галаву быў вышэйшы за другіх, адразу ўбачыў Зуева. У новым камбінезоне, падагнаным па фігуры, у брызентавых рукавіцах, у кепцы, надзетай казырком назад, у ахоўных акулярах, якія, як маска, закрывалі яго вочы, Зуеў нагадваў матацыкліста-гоншчыка. Гэтае ўражанне ўзмацнялася яшчэ тым, што растворамёт уздрыгваў і дрыжанне перадавалася рукам. Раствор з сілаю, як вада з брандспойта, вырываўся з растворамёта і клаўся на сцяну. Зуеў, упэўнена водзячы ім, то наступаў, то рабіў кароткі крок назад.

Гэта была простая аперацыя. У ёй не было лёгкай, бадай артыстычнай прыгажосці, як у Сымона, не было і строгай рытмічнасці, як у рабоце тынкоўшчыка з каўшом. І ўсё-такі яна паланіла ўвагу прысутных. Амаль кожны раней сустракаўся з Зуевым — малапрыкметным, сарамяжлівым мужчынам, якога рэдка было чуваць. А вось стаў ён на памост, крыху расставіў ногі, узяў у рукі растворамёт і адразу падужэў, выпрастаў плечы. І не Зуеў гэта цяпер ужо, а нейкі асілак, які ўсё можа.

— Ну як? — пачуў Аляксей ля самага вуха насмешлівы голас Кухты.

— Няблага,— пахваліў Аляксей.— А калі б растворамёт быў не такі цяжкі, было б зусім добра. Мабыць, трэба, каб раствор падаваўся па шлангу.

— Правільна,— пацвердзіў Кухта.— Інжынеры гарбеюць і над гэтым.

З нядобрым, раздвоеным пачуццём вярнуўся Аляксей да дзвярэй класа, дзе працаваў Сымон. Але стары рабіў цуды.

Грунт ужо быў нанесены на палову сцяны, і Сымон разроўніваў яго правілам. Рабіў гэта без напружання, прыгожа праводзячы правілам адмысловыя зігзагі. Пад ім нібыта праступала вільгаць, грунт цямнеў, але хутка шарэў высыхаючы...

Так прахадзіў Аляксей ад дзвярэй да дзвярэй некалькі гадзін, захапляючыся Сымонам, шкадуючы яго і ўжо не ведаючы, за каго ён перажывае...

Калі ж Сымон першы выйшаў з класа, калі яго акружылі і зняслаўлены Кухта пачаў віншаваць, Аляксей бадай што не ўзрадаваўся, хоць аблапіў старога і пацалаваў. Было нешта крыўднае, несправядлівае ў гэтай перамозе. Ад яе выйграваў толькі Сымон, толькі ён адзін. Нават больш — яна рабіла шкоду справе: за яе, як за шчыт, маглі хавацца выскалякі, нядбайныя. І таму, калі Аляксей пайшоў праводзіць старога дамоў, ён не вытрываў:

— Кухту не варта было вас ставіць па адным. Хто так цяпер працуе?

— Што, не задаволены? Круціш? — ухмыльнуўся Сымон.

— Калі б працавалі брыгадамі, атрымалася б іначай...

Ён чакаў, што стары зазлуе, ускіпіць, але той змоўчаў: відаць, і сам думаў пра нешта нядужа вясёлае. Клыпаў быццам нехаця, адставаў, і Аляксею даводзілася часта прыцішаць крокі. У трамваі ж, сеўшы на лаўку, нечакана, адводзячы вочы, вярнуўся да пачатай размовы:

— Ты пачакай, Ляксей, пачакай, гэта яшчэ не ўсё...— і ў вочы кінулася, што твар у Сымона пачаў бялець ад старасці.

Цётка Анця, якая сустрэла іх ля брамкі, памагла Сымону ў пярэдняй зняць пінжак, наліла ў рукамыйнік вады, кінулася распальваць прымус. Прымус зашыпеў, і, прыслухоўваючыся да яго звыклага, хатняга шыпення, Сымон скончыў сваю думку:

— Пайду, Ляксей, да фабзайцаў. Каюк... Непярэліўкі, значыцца. Буду вучыць. Мы і на такія заробкі пражывём. Мая ўмее. Так што пазвані Кухту і перадай: заўтра, мабыць, не здолею выйсці на работу — рукі і спіна баляць. І аб прэміі няхай не клапоціцца...

Не, не ўсякая перамога прыносіць радасць.

 

4

Назаўтра Аляксей пазваніў Кухту і перадаў Сымонавы словы. Пачуўшы ў адказ амаль радаснае «так, так!», ухмыльнуўся сам сабе, а калі павесіў трубку, з прыемнасцю адчуў: гэтая кароткая размова вярнула колішнюю згоду паміж ім і кіраўніком Мінскбуда.

Яшчэ напярэдадні кастрычніцкіх свят мінскія будаўнікі па радыётэлефоне размаўлялі са сталінградскімі.

З адчуваннем, што субяседнікі твае бог ведае як далёка, можа, за зорнымі вышынямі, слухаў Аляксей сталінградцаў, і яму здавалася, што галасы іх прабіваюцца праз свіст і скавытанне ветру. Ён нават не мог уявіць сабе чалавека, з якім размаўлялі — той упарта аставаўся далёкай кропкаю.

Але так было, пакуль не загаварыў Кравец. У дынаміку пстрыкнула, і голас Краўца раптам выразна прамовіў: «Здароў, дружа Лёкса! Прывітанне!» І Аляксею імгненна ўявілася, як, выцягнуўшы шыю і падаўшыся да мікрафона, недаверліва ўсміхаецца Кравец. «Здароў, Мікола,— нечага палохаючыся, адказаў Аляксей, але адчуванне бясконцай адлегласці і зорных вышынь знікла.— Дзякую за тэлеграму... І мушу сказаць, што ў мяне таго... горай. Так што, прыём...»

Ён даў магчымасць больш гаварыць Краўцу, не могучы пагасіць у сабе крыўднага падазрэння, што і вылучылі яго размаўляць са сталінградцамі дзеля Краўца, якому трэба было расказаць пра сваю работу.

«Але нічога,— упарта думаў тады Аляксей,— нічога!» Толькі на што зрабіць стаўку? Хлопцы авалодваюць майстэрствам. Але тут паспяшыць — людзей насмяшыць. Майстар — гэта залатыя рукі. А каб яны сталі залатымі, патрэбен час. Няма ў хлопцаў і сапраўднага гарту. Націснеш — выйдзе яшчэ горай. Вышэй сябе не скочыш. Аднаго жадання мала. Трэба ўмець і мець. А калі тое будзе?

Неўзабаве месца Краўца заняў вядомы прараб Дзядаеў. Ён раіў укараніць метад нізавога вытворчага планавання. «Няхай бы Алешка паслухаў. Мо розуму крыху набраўся б, ліха на яго...» — абурыўся Аляксей і ўздыхнуў: парады Дзядаева маглі спатрэбіцца і яму самому. «А што, калі?..» Праўда, усё гэта аставалася цьмянай здагадкаю, хоць і завалодала Аляксеем.

Зося, якая прывыкла бачыць мужа за работаю, заўважаючы, як ён з далёкімі, пустымі вачыма падоўгу праседжваў на канапе, а ўночы варочаўся і крактаў у пасцелі, нават пачала непакоіцца...

І вось гэтае цьмянае, няўлоўнае, што ніяк не давалася ўхапіць, неспадзеўкі, пасля размоў з дзядзькам Сымонам і Кухтам, стала ідэяй. «Калі б працавалі брыгадамі, выйшла б іначай...» Вядома! Справа не толькі ў тым, каб кожны добра працаваў. Не меней важна і зладжанасць!

Як ні дзіўна, заручыцца падтрымкаю Алешкі яму ўдалося даволі лёгка. Праўда, слухаючы, той глядзеў у падлогу, і яго няголены твар з мяшкамі пад вачыма аставаўся чужым, быццам словы Аляксея не даходзілі да свядомасці.

— Ну што ж, пастарайся,— кіўнуў ён праз хвіліну, прымушаючы сябе пазяхнуць.— Я таксама яшчэ раз паспрабую. Чым рай далей, тым мацней цягне ён часам... Бу зроблена...— І загарэўся: —Вось дык дзядзька Сымон! З мазгом стары. Узяў і даказаў — ведай нашых!..

Гадзіны дзве ён лётаў па будоўлі, пакрыкваў на ўсіх і весела размахваў блакнотам. Але на будоўлю заехаў нехта грозны з трэста, высветліў, што не падвезлі шчытоў для падмосткаў, накрычаў, і Алешка ўвачавідкі пачаў астываць.

Аляксей бачыў: з Алешкам рабілася нядобрае. І хоць на будоўлі, саромеючыся хлопцаў, асабліва Цімкі, пад чаркаю ён ужо не паяўляўся, часта быў з пахмелля. Навокал яго расла нядобрая слава — біў вулічныя ліхтары, бузіў у «забягалаўцы», задзіраўся з ваеннымі і, палохаючы ўсіх, што ў яго нібыта ёсць пісталет, хапаўся за заднюю кішэню. У яго з’явілася манія выдаваць сябе за героя. Ён прыставаў да незнаёмых з расказамі пра вайну, хаміў, выхваляўся, магчыма, і сам верачы ў тое, чым выхваляўся. Паводзіны Алешкі абмяркоўваліся на пабудкоме. Аднак і настаўлялі яго неяк вяла: не хочаш — не трэба, ліха з табою, невялікая страта, ёсць і без цябе за каго, больш вартага, змагацца.

Нягледзячы на тое, што іх збліжала мінулае, Аляксей не разумеў Алешкі. Сваёй абыякавасцю да будоўлі ён абражаў у Аляксея пачуццё майстра. Яму агідны былі беспрадметны Алешкаў бунт, разбэшчанасць, і ў галаву не прыходзіла, што той мучыцца, абражаючыся нават тым, што яго не караюць, як другіх.

Знайшоў яго Аляксей ля самазвалаў, якія згружалі пясок. Размахваючы рукамі, прараб лаяўся з шафёрамі. Счакаўшы, калі машыны паехалі, і пазіраючы, ці няма каго паблізу, Аляксей узяў яго за ражок каўняра і прытрымаў. Збоку гэта выглядала амаль далікатна, толькі чуць па-панібрацку, але Алешка адчуў усю лютую ўчэпістасць брыгадзіравай рукі.

— Чаго табе? — спытаўся ён, і тонкія ноздры ў яго па-драпежніцку раздаліся.

— Што ты думаеш сабе? Ты ж абяцаў...— ціха сказаў Аляксей, адчуваючы, што не можа далей, каб не пасварыцца ўшчэнт.— Ці не назнарок ты? Га? Тады лепей злазь са званіцы і не дуры нам галавы!

— Гэта мая справа,— ірвануўся Алешка, але Аляксей не выпусціў яго каўняра.— Пусці! І нікога, нават дэпутатаў новавыбарных, гэта не датычыць. Ха-ха! Ідзі, калі хочаш, скардзіся. Цяпер табе павераць ужо.

— Скардзіцца я пакуль не пайду. Глядзі, каб сам не пайшоў! Хлопцы заўтра «баявы лісток» выпускаюць, аб працоўнай вахце мараць... Скажы дзякуй, што падпольнічаў.

Аднекуль вынырнуў Цімка. Ён, мусіць, нешта ўсё ж заўважыў, бо з рашучым тварам стаў поплеч з брыгадзірам і сунуў рукі ў кішэні.

— Дык ты таго...— быццам нічога не здарылася, загаварыў Аляксей.— Тэрмінова сплануй на тыдзень. Дый не скупіся. Разлічвай не меней як на дзве нормы.

— Ідзі ты! — ужо прагнучы пакут, не прыняў яго дыпламатычных ходаў Алешка.

— Што значыць, ідзі? — смешны ў сваім сур’ёзным пратэсце баском спытаўся Цімка.

— Цябе яшчэ тут не ставала. Апсік!

— Ладна. Але я даўно вам сказаць збіраўся. Думаеце, мы не бачым... А я ў вайну маліўся на вас! Падобным стараўся быць. Як вам не сорамна?..

Яго словы агарошылі Алешку.

— Добра, добра, прыкіну,— нечакана здаўся ён, і куток рота ў яго тузануўся.— Калі, вядома, якія-небудзь новыя шышкі на галаву не пасыплюцца. Любяць яны мяне, таварышы-дабрадзеі...

 

5

Калі было цёпла, на абедзенным перапынку хлопцы часцей за ўсё адпачывалі разам — проста на рыштаваннях, на сонцы. Непаспешліва, як гэта звычайна робіцца ў час адпачынку, абмяркоўвалі падзеі дня, інтэрнацкія справы, дружна смяяліся з чыіх-небудзь залётаў, дамаўляліся, як правядуць вечар. Часам Цімка ўголас чытаў газеты. Заядлы ігрок Віктар Марціновіч прыносіў з сабою шашкі, і тады цэнтрам усяго была шашачная дошка. У макрэчу і сцюжу стала горш. Рабочае месца было адкрыта ўсім вятрам. Цэгла, здавалася, набрыняла холадам. Мерзлі плечы, ногі, сівераў твар. Цягнула куды-небудзь пад дах, дзе цёпла. Але і цяпер, перакусіўшы спехам, хлопцы часта збіраліся ў зацішным кутку.

Аляксей паважаў гэтыя традыцыі і ўсяляк падтрымліваў іх.

Сёння ён падышоў, як і заўсёды, ведаючы, што яго прысутнасць заўважаць і яна будзе прыемная хлопцам. Тыя сядзелі цеснай кучкаю, курылі. Стаяў толькі Цімка.

— Вы думаеце, у нас лепей? — махаў ён газетаю.— Нават работы не прымае ў канцы дня. На вока ўсё: «Слухай, правер нарад — можа я чаго не ўлічыў». Ліберал нейкі!

— Колькі разоў абяцаў,— уставіў Віктар, які прыйшоў сюды, відаць, не паспеўшы пад’есці, і цяпер піў чай з бляшанай конаўкі.— І хоць не крадзе, як некаторыя, усё адно адвільвае ад чаго можна і няможна. Сілы эканоміць для халтурак. Трэба ж яшчэ прыёмнікі ці машынкі рамантаваць.

— Памятаеце, як надоечы не тыя памеры акон даў!

— Ходзіць тут і хаўкае, як сабака ў каноплях.

Не разумеючы, чаму іменна сёння выбухнуў бунт і кожны, апалчыўшыся, наперабой стараецца выказаць сваё абурэнне, Аляксей стрымана спытаўся:

— Чаго гэта вы раптам? Га?

Сапраўды было дзіўна — чаго? Змена пачалася ўвогуле добра. Да абедзеннага перапынку зрабілі больш, чым раней за дзень.

— Мала што лынды б’е, дык абражае яшчэ,— сярдзіта пачухаў вуха аб плячо Віктар і, выліўшы недапіты чай з конаўкі, рашуча дадаў: — Што, мы яму дачу будуем? Я яму вось гэту заметку паказаў, а ён, як убачыў, што яе Верас напісала, так і ўсхадзіўся. Горла ж лужанае. Выгнаў нават!

Віктар падхапіўся і ступіў у адзін бок, потым у другі, чырвоны і задыханы ад абурэння.

— Хадзем,— сказаў Аляксей, загараючыся сам.

Яны зайшлі ў кантору ўтрох: Урбановіч, Віктар і Цімка. Алешка стаяў ля акна, лушчыў сланечнік і пляваўся шалупіннем проста ў шыбы. У акно лілося белае святло, і твар у Алешкі выглядаў як вымачаны. Ён, пэўна, здагадаўся, чаго прыйшлі муляры, і, не зірнуўшы на іх, адразу зайграў жаўлакамі.

— Хто табе дазволіў абражаць хлопцаў? — глуха запытаўся Аляксей.

Алешка павярнуўся ўсім корпусам. Вочы ў яго падзічэлі, і здалося, што на іх ад носа, як у курыцы, пачала наплываць шараватая плеўка.

— А з мяне хто дазволіў здзекавацца?

— Я толькі памагчы хацеў...— кінуў Віктар.

— Так памагаў рак жабе, што і вочы выеў, ха-ха-ха!

Яго смех, недарэчны, вар’яцкі, выклікаў у Аляксея не столькі гнеў, колькі жаль.

— У цябе, Кастусь, мазгі звіхнуліся,— сказаў ён, праганяючы няпрошанае спачуванне і трошкі палохаючыся за такога Алешку.— Але як бы не пераварочвалася ў тваіх вачах, кінь! Апошні раз гавару: у людзей апроч тваіх перажыванняў свае ёсць.

Аляксей узяў у Віктара газету, шпурнуў яе на стол і зрабіў хлопцам знак, каб яны ішлі следам.

Пасля паўдня мароз памацнеў. Павярнуў і вецер — стаў дзьмуць сівер. Але брыгада працавала суладна, злосна, быццам сутычка з Алешкам надала хлопцам сілы.

Раптам усе заўважылі: перастаў парыпваць пад’ёмнік.

Выйшаўшы з сябе, Аляксей чартыхнуўся і пабег туды, дзе з пустымі тачкамі, чакаючы чарговага каўша з растворам, сядзелі падсобнікі.

— Што там, Швагер, у цябе? — гукнуў уніз, заўважыўшы, што растворамяшалка таксама не працуе.— Зноў току няма?

— Толку няма! — азваўся знізу матарыст.— Пясок кончыўся.

Гэта было неверагодна! Магло не хапіць цэглы, вапны, цэменту, але каб не хапіла пяску?

«Усё — да ручкі дайшоў,— падумаў Аляксей.— К чорту! Пайду заўтра ў пабудком і пастаўлю пытанне рубам. Перашкаджае толькі!»

Важка ступаючы па сходцах, ён спусціўся ўніз, чуючы, што за ім тупаюць яго хлопцы.

Яны перанялі Алешку каля варот будоўлі і акружылі яго.

— Ведаю, ведаю,— заспяшаўся той, не хаваючы сваёй варожай разгубленасці.— Не паднімайце толькі бучы. Вось бягу. Зараз будзе...— І наважыўся быў пайсці, але Цімка перагарадзіў яму дарогу.

— А чаму ўсё-такі дагэтуль не было?

— Таму, што канчаецца на «у».

— Не, ты адкажы, Кастусь! — выступіў наперад і Аляксей.— Я цябе ўжо афіцыйна пытаюся.

— Вось так і сказаў бы. А то кругом ды навокал...

Калі б тут быў не Урбановіч, не Цімка, магчыма, гэтага і не здарылася б. Падбародак у Алешкі ўздрыгнуў, і, каб не даць волю слабасці, ён уцягнуў у сябе паветра і сцяў зубы. Потым схапіў Аляксея за рукаў і, не маючы сілы гаварыць, пацягнуў з круга.

— Свет не мілы, Лёша!.. Маці маёй дрэнна. Вельмі дрэнна... Гіну, браток... Адзін,— прыдушана залапатаў ён.— Няўжо думаеш, сам нічога не бачу?

 

6

Увечары да яго зайшлі Шмакаў з Эдзікам. І хоць Алешка даў сабе слова нікуды сёння не хадзіць, не выстаяў — Шмакаў успомніў пра былое-партызанскае.

Было холадна. Па вуліцах гойсаў вецер. І, як трэба было чакаць, яны неўзабаве збочылі ў бліжэйшы «шалман». Цяжка было сказаць, хто завярнуў першы. Проста блазнавалі, убачылі асветленае акно, у ім — знаёмую, накрытую цыраткай стойку, прадаўшчыцу ў белым халаце, якая пампавала піва,— і, не перастаючы балакаць, збочылі агулам.

У піўной было людна, накурана. У нос біла саладжавым пахам разлітага піва, падсмажанай на алеі рыбы і нечым вострым, што дурманіла і выклікала лёгкую моташнасць. Падзьмуўшы на пену, Алешка залпам асушыў куфель і адразу адчуў, што тут не так ужо і блага.

— Частуй хто-небудзь! — ускінуў руку з пустым куфлем.— Я праз тры дні таксама князь, ха-ха-ха! А тут, калі папрасіць, знойдзецца і сто з прыцэлам...

Аднак, калі апоўначы Алешка, хістаючыся, падняўся на сваю пляцоўку і, выняўшы з кішэні ключ, успомніў аб тым, што адбылося на будоўлі, сэрца ў яго заныла ад безвыходнасці. Як мага асцярожней ён адамкнуў дзверы і, насуперак прывычцы, на дыбачках падаўся ў свой пакой. Але маці не спала.

— Хадзі сюды, Косцік,— слабым голасам паклікала яна.

Ён недарэчна ўхмыльнуўся, пагразіў сабе ў люстра кулаком і, намагаючыся ступаць цвёрда, падышоў да ложка.

— Сядай,— папрасіла яна, бяссільна варухнуўшы пальцамі.

Кастусь паслухмяна падсунуў табурэтку, на якой звычайна ў п’яным забыцці спавядаўся, і, нудзячыся, сеў.

Маці ляжала сцішаная, нібыта прыслухоўваючыся да самой сябе. Худы, завостраны твар у яе быў застыглы, маршчыны на лбе разгладзіліся, і яна здавалася памаладзелай. Але рукі... Старэчыя, спрацаваныя, яны бяссільна ляжалі выпрастаныя паверх коўдры, і пальцы на іх трывожна варушыліся, быццам маці намагалася за нешта ўхапіцца, але не магла — яны не слухаліся. Заўважыўшы гэта і гледзячы ўжо толькі на рукі, Алешка спытаўся:

— Вам дрэнна, мама? Можа, паслаць па доктара?

— Не трэба, сынок. Пабудзь са мною...

Аднак яе словы, якія павінны былі заспакоіць, нечакана скаланулі Алешку. Прыйшла здагадка: спакой маці вонкавы, а сама яна ўстрывожаная. Баіцца астацца адна, і гэта, відаць, страшней для яе, чым невядомасць, чым чаканне найгоршага. Або, наадварот, любячы яго, яна верыць, што пры ім з ёй нічога благога не здарыцца. Кастуся ахапіў жаль. Як яна прагне, каб ён быў з ёю, і як адначасова стараецца, каб не турбаваць яго!

Яна доўга не прызнавалася, што пачынае слепнуць. І пра гэта ён даведаўся выпадкова. Маці аднойчы папрасіла запаліць святло, калі ён толькі што ўключыў яго. Яна не магла пагадзіцца, што навакольны свет назаўсёды адыходзіць ад яе ў цемру, спадзявалася: усё абыдзецца, а галоўнае, лічыла — не трэба раней часу засмучаць яго. Жывучы ім, яна ахоўвала яго спакой. Усё сваё жыццё маці прысвяціла яму — служыла, рабіла так, каб было добра. А ён? Чым ён аддзякаваў ёй?

Стаіўшы дыханне, каб не дыхаць перагарам, Кастусь схіліўся над маці.

Ён цверазеў, але хмельная чуллівасць аставалася, і Алешку ўсё мацней ахоплівалі спачуванне і раскаянне. Ён усхліпнуў і закрыў кулаком вочы, гатовы катаваць сябе.

— Што з табою, Косцік? — занепакоілася маці.— Чаго ты? Усё будзе добра. Ты не думай. Ты ў мяне харошы, здольны, сынок. Усё ў цябе наперадзе...

За сінім, іскрыстым ад марозных лапак акном скавытаў вецер. Яго тугія павевы ўдараліся ў шыбы, і разам з імі па шыбах білі снежныя крупы.

Ад слёз стала лягчэй.

Кастусь перастаў плакаць і, прыслухоўваючыся да перарывістага дыхання маці і завывання ветру за акном, заціх у здранцвенні. Але калі яна сказала: ёй лягчэй і няхай ён кладзецца спаць, паслаў пасцель каля яе ложка, на падлозе, і, не гасячы святла, вінавата лёг і амаль адразу праваліўся ў мяккую чарнату.

Прачнуўся ён ад невыцерпнай тугі і знямогі. Галаву ламала, на грудзі ціснуў цяжар. Кастусь ледзь расплюшчыў вочы і, не здагадваючыся, дзе ён, разгублена агледзеўся навокал. І толькі калі позірк спыніўся на ложку, на матчынай руцэ, якая, здавалася, так і не зварухнулася, хутка ўсхапіўся.

Спачатку яму здалося, што маці спіць. Ён хацеў быў выключыць электрычнасць, але, заўважыўшы — па твары ў маці прабегла грымаса болю, застыў з працягнутай да выключацеля рукою.

— Косцік! — паклікала яна, ледзь варушачы бяскроўнымі вуснамі.

Яму здалося, што голас да яго дайшоў здалёк, а ў пакоі было залішне святла і сам пакойчык, беленькі, ахайны, выглядаў недарэчна святочным.

Прайшло, мусіць, усяго некалькі гадзін, калі ён размаўляў з маці, але як тая змянілася, як пахуднела. Большым, незнаёма строгім стаў лоб, і ўся яна стала інакшая, строгая, з нечым прыміраная. Рукі ляжалі нерухома. Зрабілі ўсё, што маглі, і супакоіліся... Ім зараз трэба было аднаго — адпачынку. І гэта якраз і спалохала Алешку.

— Я, мама, вады халодненькай прынясу,— прапанаваў ён, хапаючыся за гэту думку як за паратунак.

Маці адмоўна паківала галавою.

— Не хачу... Не трэба... Вох, Косцік, жывой жа вады ўсё роўна няма... Няма, сынок, і не было...

Ён жахнуўся і анямеў. Жахнуўся таму, што яна сказала, і анямеў ад таго, што ніколі яна не размаўляла з ім так бязлітасна, адкрыта. Няўжо — усё, і нішто не паможа?

Можа ўпершыню Алешка падумаў аб ёй і толькі аб ёй. Раней заўсёды неяк выходзіла так, што ў сваіх адносінах да другіх ён адно лічыўся з сабою. І другія часта былі дарагія або ненавісныя яму таму, што яны аказваліся патрэбнымі для яго або перашкаджалі. Так было з маці, з Валяю, з Зімчуком, з Урбановічам. Яны амаль не цікавілі яго самі па сабе, ён не імкнуўся зразумець іх. І калі б клапаціўся аб маці, ахоўваў яе здароўе і спакой, як яна ахоўвала яго, хіба давялося б цяпер чуць страшныя словы? Ёй жыць ды жыць бы. А вось страціўшы Валю, ён можа страціць і маці, якая аддавала яму сябе... Але ён яшчэ спадзяваўся, што ласкамі, пяшчотнымі словамі любві і адданасці — тым, чаго раней не мела і прагнула маці, можна вярнуць ёй сілы.

— Не кажыце так, мама,— папрасіў ён, не адважваючыся, аднак, дакрануцца да яе.— Мы яшчэ будзем жыць з вамі...

— Вось і добра, Косцік,— сказала яна і быццам забылася на яго.

Але надзея ўсё яшчэ жыла ў Алешкі, жыла і вера ў свае словы.

— Даруйце мне, мама...— загаварыў ён, баючыся, што маці не захоча яго выслухаць.— Я абяцаю вам... І не думайце, што мне лёгка... Людзі бачаць ва мне гуляй-рызыканта, ганяць, павучаюць, а я хачу, каб мяне разумелі, каб прыхінулі нават вінаватага... Бо я і цяпер гатовы аддаць сябе, за што аддаваў. Я ж да смерці горад люблю...

Маці не адказала.

Не дыхаючы, Алешка замёр каля ложка, не ведаючы, што рабіць далей, хоць у вокнах ужо святлела, і гэта мацавала надзею. Думкі бязладна мітусіліся ў галаве. Нарэшце ён спыніўся на адной — трэба бегчы ў амбулаторыю і паклікаць урача. Кастусь выйшаў у пярэднюю і, не трапляючы ў рукавы, пачаў апранацца. Але нешта загадала яму вярнуцца і яшчэ раз зірнуць на маці. Ён вярнуўся да дзвярэй і затрапятаў ад радасці. Прыўзняўшыся на локцях, маці глядзела проста на яго, і вочы ў яе былі поўны даўно нязнанага святла.

— Я бачу, Косцік! — здзіўлена прашаптала яна, але тут жа ў знямозе ўпала на падушку.— Канец, Косцік... Адмучылася!..

Яна ўздрыгнула, як уздрыгвае чалавек у сне, калі, як кажуць, ён расце, і выпрасталася. З левага вока, праціснуўшыся праз вейкі, выкацілася сляза.

Алешка застагнаў і, як шалёны, кінуўся да глухой сцяны. Прыпаўшы да яе грудзьмі і шчакою, роспачліва застукаў, клічучы суседзяў на дапамогу.

 

РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ

 

1

З пахавання Алешку, Прыбыткова і Зімчука Аляксей пацягнуў да сябе. У Алешкавай кватэры два дні не палілі, і ў пакоях было холадна, як на вуліцы. Дый яго нельга было пакідаць аднаго. У сваёй безуважлівасці да ўсяго ён мог рабіць цяпер толькі тое, што яму падказвалі. Пахаванне было малалюднае. Апрача Аляксея прыйшлі хлопцы з яго брыгады. Сурнач, Зімчук, Прыбыткоў з жонкаю і яшчэ некалькі бабулек, якія і кіравалі ўсім.

Будтрэст прыслаў два грузавікі. На адзін паставілі труну, лаўкі ля бартоў і чырвоную пірамідку, паклалі на кабіну вянок з сасновых лапак і, маўклівыя, з непакрытымі галовамі, рушылі за грузавіком, што чамусьці ўсё страляў з выхлапной трубы.

Калі павярнулі на Савецкі праспект, да працэсіі далучылася Валя. Яна, мусіць, чакала тут або назіркам ішла дасюль, не адважваючыся падысці. Прыбітая, пайшла поплеч з Цімкам, ніяк не могучы стаць непрыкметнай, як усе. Цімка ж ажывіўся. Яму цяжка было быць засмучаным, бо смутку не было і ўсё здавалася натуральным — такім, якім павінна быць. Па праспекце, сігналячы, праносіліся аўтамашыны, на перакрыжаваннях, прыгожа махаючы паласатымі, падобнымі на клічнікі, жэзламі, стаялі падцягнутыя міліцыянеры, з рэпрадуктараў лілася бравурная музыка, і Цімка крочыў, як на дэманстрацыі.

На Круглай плошчы працавала снегаачышчальная машына. Загледзеўшыся на яе, ён прыцішыў крокі і, можа, нават спыніўся б, калі б Прыбыткоў не падштурхнуў яго ззаду. Прамы, урачысты муляр крочыў, усім выглядам выказваючы, што выконвае неабходны абавязак перад чалавекам, якога паважаў і з якім ніколі ўжо не сустрэнецца, абавязак, што некалі выканаюць і перад ім.

Аляксей ішоў з Алешкам і, апанаваны сваімі клопатамі, падтрымліваў яго пад руку, не асабліва звяртаючы ўвагу на ўтрапёнасць таварыша.

«Старая памерла, і яе не вернеш,— думаў ён.— Чалавек родзіцца, жыве і, зрабіўшы сваё, саступае месца другім. Важна толькі пакінуць пасля сябе добрую памяць. І някепска, калі кожны пражыве столькі, з яе. Ці зразумее гэта Кастусь? Зап’е, бадзяга, задурыць і можа звіхнуцца зусім...» — і думкі яго скіроўваліся на будоўлю, на брыгаду.

Усе бліжэйшыя могілкі былі закрыты — адны збіраліся пераносіць, другія, пакідаючы так, як ёсць, добраўпарадкоўвалі, і хаваць можна было толькі на дальніх — за горадам, каля абсерваторыі. Таму, дайшоўшы да Камароўкі, спыніліся і пачалі садзіцца на грузавікі.

Выпала так, што Валя трапіла на першы і села паміж Аляксеем і Цімкам, якраз насупроць Алешкі. Той увесь час ішоў, утаропіўшы позірк у зямлю, і заўважыў яе толькі, калі яна села. Ён імгненна адвёў убок вочы, якім ад гневу зрабілася горача, і яны сталі сухія, калючыя. Валя апусціла вочы і пачала глядзець на нябожчыцу, што ў труне, у вяночку папяровых кветак, з рукамі, складзенымі на грудзях, выглядала пакрыўджанай і меншай, чым пры жыцці.

Смерць блізкага прымушае задумацца аб уласным жыцці. Валя ішла на пахаванне з жаданнем стаць лепшай, магчыма, нават памірыцца з Алешкам, прапанаваць яму дружбу. Але, як выявілася, гэта было немагчыма і цяпер...

Могілкі нагадвалі вясковыя. Магіла была выкапана пад старой ніцай бярозаю. Зімчук, Прыбыткоў, Аляксей і Цімка ўзялі на плечы труну і, выбіраючы дарогу сярод заснежаных магільных узгорачкаў, пайшлі за далакопам, які паказваў, куды ісці.

Следам пасунуўся і Алешка, адзін, як і раней, гледзячы сабе пад ногі. Спыніўшыся ля выкапанай ямы, ён агледзеўся і кінуў позірк на вяршаліну бярозы, ніцыя галіны якой чуць пагойдваліся. Па небе плылі па-зімоваму рваныя, як кавалкі ваты, воблакі, і яму на міг здалося, што бяроза падае. Алешка адступіў назад і, стараючыся не слухаць жаласлівых прычытанняў і прышэптванняў бабулек, з халоднай выразнасцю адчуў, што астаўся адзін, зусім адзін. Нахіліўшыся, амаль механічна, ён узяў камяк замерзлага глею і кінуў у магілу. Камяк ударыўся аб труну, і гэты ўдар водгуллем аддаўся ў Алешкавых грудзях — трэба было пачынаць жыццё нанава. Як?.. А ў магілу ўсё сыпалася і сыпалася зямля, і чым больш яе станавілася ў яме, тым вальней і прасцей рабіліся людзі.

Арудуючы рыдлёўкаю, Зімчук з тугою думаў пра спрадвечны, няспынны працэс абнаўлення, без якога няма жыцця і які не можа быць без смерці. Праўда, у прыродзе ён больш натуральны і справядлівы. Там, калі смерць не гвалтоўная, памірае тое, што зжыло сябе і само паволі ператвараецца ў нішто. Чалавек жа, паміраючы, нясе з сабою накоплены вопыт, веды, непаўторныя якасці. Да таго ж яго любяць. Адсюль крыўда і смутак... Аднак чалавеку не дадзена права на бяссмерце. І задача ў тым, каб вычарпаць сябе да астатку, перадаць набытае табою другім і такім чынам астацца жыць у іх.

Зімчуку рабілася горача. І хоць зямля падмерзла толькі зверху, працаваць рыдлёўкаю без прывычкі было нялёгка. Але ён працаваў, аж пакуль над магілаю не вырас узгорак.

Ён бачыў, як цяжка перажывае Алешка смерць мацеры, заўважаў яго азлобленую непрымірымасць да Валі і разумеў: самае галоўнае цяпер для яго — не нарабіць новага глупства, якое можа стаць пагібельным. І таму, пачуўшы, як Алешка буркнуў Валі, якая ўзялася была памагаць устанаўліваць пірамідку: «Ты ж не чалавек. Ідзі адсюль!» — падышоў да яго і ўжо не адыходзіў... І чым далей Зімчук назіраў за ім, тым выразней адчуваў... віну. Сваю віну. Як сапраўды мог ён узяць пад сумненне Алешкіну сумленнасць, а потым паверыць у яго непапраўнасць? Як мог дазволіць другім у нечым падазраваць яго? Дый ці ўсумніўся? Проста палічыў за лепшае не ўмешвацца ў накладную, не тваёй кампетэнцыі справу. Таму на ўсё, што рабіў той, глядзеў прадузята і нават у душы хваліў сябе за гэта. Фармальна ён меў падставы... Алешка адносіўся да ўсяго безадказна, малоў языком, дапускаў лішняе. Працаваў як уздумаецца. Але прымусіўшы сябе бачыць у Алешку бесшабашнага ветрагона, які ў мінулым мог недзе і спаткнуцца, зусім ігнараваў у ім чалавека. А чалавек — складаная істота. Ён хоча, каб яго не толькі шкадавалі або ганілі, а і лічыліся з ім. Вунь як расце Урбановіч... Чаму? Толькі таму, што яго акружылі ўвагаю, паверылі. А інакш што было б?..

 

Аляксей, бы хворага, пасадзіў Алешку за стол, не ведаючы, як паводзіць сябе і пра што з ім гаварыць. Але выратаваў сам Алешка.

— Калі згубіш, тады і спахопішся...— прызнаўся ён, беручы ў руку відэлец і зноў кладучы яго на стол.— Бывала, застрамлю нагу, гуз прынясу — ахкае-войкае. Сарвуся з трамвайнай каўбасы, наб’юць хлопцы з суседняй вуліцы — таксама перажывае.

І страхі, страхі. Не спіць, уздыхае.

— Табе зараз, гэта самае, мужчынам трэба быць,— зразумеўшы яго стан, кінуў Прыбыткоў.— Піць кідай і на Валю не надта злуй...

— Вы ўсе ведаеце вераснёўскі правал сорак другога,— не прыняўшы прапанаванай гаворкі, пакасіўся Алешка на Зімчука, які, унурыўшыся, стаяў ля акна.— У Тэатральным скверы на адным суку абрывак вяроўкі да самага вызвалення матляўся... Ну, вядома, прыйшлося мяняць кватэры, пашпарты. Каб звязваць мяне са сваімі, маці стала на рынку гандляваць піражкамі з лівернай начынкай. Дык вось яна таксама, дарагія таварышы, гэтай смакатою старалася ад усіх непрыемнасцей ратаваць, пакуль саму не прывезлі без памяці...— І раптам папрасіў: —Вы даруйце, хочацца аднаму пабыць на свежым паветры...

 

2

Дамоў Валя вярнулася ўшчэнт расстроеная. Пакойчык, які яна з дапамогаю рэдакцыі нядаўна атрымала ў новым доме, быў на трэцім паверсе. Сцены лесвічнай клеткі пахлі фарбаю, і, падымаючыся да сябе, Валя ўдыхала гэты пах з вельмі цяжкім пачуццём — гэтак жа пахла пірамідка, што паставілі на магіле Алешкавай маці.

Неахвотна распрануўшыся, яна кінула паліто на спінку крэсла і доўга не магла ні за што ўзяцца. Балела галава. Але ўсё ж трэба было нешта рабіць. Валя ўзяла ручнік і паплялася ў ванную.

Пачуўшы шум вады, у калідор выйшла суседка,— поўная, раскудлачаная, з заспаным тварам.

— Я думала, зноў кран не закруцілі,— дакарыла яна невядома каго.

Горад усё яшчэ абслугоўвала адноўленая ў першыя дні вызвалення старэнькая, даваенная вадакачка, і вады, асабліва ўдзень, калі працавалі прадпрыемствы, не хапала. Гэта часта прыводзіла да непаразуменняў. То хлынуўшы знячэўку, яна будзіла ўсіх сярод ночы, то, перапоўніўшы ракавіну, залівала кухню, і з другога паверха прыбягалі абураныя жыхары, то пачынала капаць са столі, і прыходзілася званіць аж на службу работніку гарадской пракуратуры, які жыў на чацвёртым паверсе і чыя кватэра была амаль заўсёды замкнёная. Валя ставілася да ўсяго гэтага, як да пацешных выпадкаў, і гэта псавала яе адносіны з суседкаю, якая вымушана была ўзяць на сябе клопат сачыць за вадою.

— Не, гэта я, Тацяна Цімафееўна,— адказала Валя, хоць дзверы ў ванную былі адчынены і суседка бачыла яе.

Тая пільна агледзела дзяўчыну з ног да галавы і моўчкі падалася да сябе, а Валя, таму што была пакрыўджаная і расстроеная, успомніла, як аднойчы, склаўшы губы трубачкаю, быццам насвістваючы, гэтая дзябёлая жанчына танцавала на сваіх імянінах, а потым ужо за сталом, некалькі разоў, укладаючы ў словы свой сэнс і лічачы іх дасціпнымі, паўтарала, што з мужчынскіх рук нават чай здаецца смачнейшы.

Валя хуценька ўмылася і, на хаду выціраючы твар ручніком, вярнулася ў пакойчык. З галавы не выходзілі пахаванне, Алешка.

Чаму адносіны паміж людзьмі такія складаныя? Чаму яны залежаць ад умоўнасцей, над якімі абавязкова трэба было б узняцца? Чаму чалавек часта робіцца нявольнікам самога сябе? Няўжо яны з Алешкам не могуць астацца сябрамі? Ну няхай каханне ў іх не атрымалася, але гэта зусім не азначае, што яны павінны быць ворагамі. А выходзіць,— ворагі! І цераз гэта наўрад ці пераступіш.

Як ён зірнуў на яе! З якой лютай нянавісцю буркнуў: «Ідзі адсюль!» Ён, вядома, лічыць: яна вінаватая не толькі ў яго пакутах і ўніжэннях, але і ў тым, што памерла маці. Каб апраўдаць сябе, людзі любяць іншы раз рабіць падобныя маніпуляцыі. Але ж гэта не справядліва. Яна, калі і вінаватая, дык толькі ў адным — не здолела назаўсёды пакахаць яго. Пакахаць так, каб зрабіць якім хочацца... Але тут жа прыходзілі і сумняванні — а ці толькі ў гэтым? Ці не лавіла яна сябе, што рада свайму разрыву з Алешкам, рада, што знайшлася прычына? Хіба стала яна на яго абарону? Ёй наогул не стае ўдумлівых адносін да жыцця, пераконанасці. Яна мала думае аб жыцці, занадта лёгка, бясклопатна ставіцца да яго, і ўсё ёй здаецца нібыта спецыяльна зробленым для яе. Відаць, вінавата і Зімчукова апека, што быццам бы ставіла задачу спрашчаць жыццё і затушоўваць у ім негатыўнае. Не, Зімчук не ашукваў ні сябе, ні Валі. Але яго праўда была нейкая звужаная і «працавала» на злобу дня, а не жыла самастойна і незалежна, як толькі і можа жыць праўда. А галоўнае,— падпарадкоўваючыся сам нейкай вышэйшай волі і мудрасці, якія, як верыў, стаялі над ім і навакольнымі людзьмі, ён непрыкметна навязваў ёй, Валі, сваё разуменне дабра і зла, шмат у чым прымітыўнае і ўжо таму трошкі жорсткае. І яшчэ. Валя ўспрымала навакольнае вонкава. Аб людзях меркавала па іх паводзінах на сходах, аб працэсах у жыцці — па кіно і кнігах. Адсюль у яе ўяўленнях было надта многа ілюзорнага. Таму яна наўрад ці можа даваць шчасце другім і быць па-сапраўднаму шчаслівай сама. Валі захацелася плакаць. Наўзрыд.

З гэтага стану яе вывеў стук у дзверы. Здзіўленая, што нехта прыйшоў да яе ў такі час, яна ўсё ж дазволіла зайсці.

Дзверы адчыніліся, і на парозе паявілася... Вера Антонаўна. За ёю Валя заўважыла выцягнуты ад цікаўнасці твар суседкі. У Валі пахаладзела спіна.

Вера Антонаўна прыпадняла з ілба вуальку з мушкамі, ацэньваючы, акінула пакой і бесцырымонна ўставілася на Валю.

— Выбачайце, я хачу адрэкамендавацца,— голасна прамовіла яна.— Ці вы ўжо ведаеце мяне? Я жонка вашага палюбоўніка...

Валя адхіснулася і, адчуваючы, як дрыжаць і слабеюць ногі, адступіла да стала. Узяўшыся за край, застыла, не маючы сілы ўсвядоміць, што адбываецца.

— Так, так,— правяла па сваіх баках Вера Антонаўна.

Пра яе Валя — як гэта не сорамна? — думала рэдка. І хутчэй за ўсё таму, што не зазірала ў заўтрашні дзень сваіх адносін з Васілём Пятровічам. Яны ўяўляліся ёй бязгрэшнымі, да якіх нікому няма справы і якія нікога не абыходзяць. Неяк атрымлівалася, што Васіль Пятровіч існаваў для Валі сам па сабе, а яго жонка, як казала Зося, ганарыстая пустая жанчына,— сама па сабе... Цяпер жа яны — і гэта Валя раптам зразумела — сустрэліся як суперніцы. Як гэта неразважліва, пошла і непрыстойна! Згараючы ад сораму, Валя, аднак, намаганнем волі ўзяла сябе ў рукі і рэзка, каб адразу пакласці канец ганебнай размове, спыталася:

— Каторага палюбоўніка? У мяне іх многа.

— Вы жартуеце?

— Ані.

Гэта было нечакана, і Вера Антонаўна разгубілася.

— Вы павінны мяне ведаць...

— Ну добра, няхай павінна. Чаго вам трэба?

— Мужа! Я прыйшла папярэдзіць, што не дазволю нікому адабраць у майго сына бацьку. А калі хто ўсё ж асмеліцца, я...

— Пра гэта вы скажыце яму... мужу.

Першапачатковы план Веры Антонаўны зрываўся. Разлікі на тое, што Валя таксама пачне крычаць або апраўдвацца, не спраўдзіліся. Пабляднеўшы, Валя стаяла, абапіраючыся на стол, і строга глядзела на Веру Антонаўну, якая дарэмна старалася навязаць скандал. Яна нават прыняла выклік, каб размова ішла пры сведку, які за дзвярыма, пэўна, убіраў у сябе кожнае іх слова, і адказвала голасна, не робячы з размовы сакрэт. Патрэбны былі новыя захады.

— Мне цяжка ганіць Васіля,— як бы з другога боку падступіла да яе Вера Антонаўна.— Але вы разумная і ведаеце яго, мусіць, крыху горш, чым я. У яго нясталы характар, ён паддаецца чужому ўплыву, яго лёгка аблытаць і павесці за сабой. Але ці надоўга! Ён легкадумны: жыве з вамі і са мною.

— Вы злая, нікчэмная,— перапыніла яе Валя,— і мне шкада Васіля Пятровіча.

Сэрца ў яе сапраўды рвалася ад кахання і жалю да Васіля Пятровіча, ад агіды і беспрасветнасці.

— Я яшчэ раз пытаюся: што вам трэба ад мяне?

— Не ламайце камедыі! Пакіньце яго ў спакоі. Муж мне расказвае літаральна ўсё. Я ведаю ўсё, пачынаючы ад вашых сустрэч у яго кабінеце да пагулянкі на возера. Вашы імёны скланяюць супрацоўнікі. Ідуць плёткі. Работа валіцца ў яго з рук. Нядаўна ён плакаў над сынам і прасіў, каб мы даравалі...

Яна паклёпнічала, хлусіла. Ёй важна было забрудзіць усё, што звязана з Васілём Пятровічам. Каб адзін успамін аб ім выклікаў страх. Прыкінуўшыся няшчаснай, Вера Антонаўна цёрла хустачкаю вочы і, улучыўшы момант, прысела побач на крэсла, на спінцы якога ляжала Валіна паліто.

Настала маўчанне. Чулася, як у абагравальных батарэях пералівалася вада. У калідоры заскрыпела масніца: мусіць, суседка, палічыўшы, што размова скончана, паклапацілася, каб яе не засталі знянацку.

Не дачакаўшыся і на гэты раз слова ад Валі, Вера Антонаўна ўстала. Пара было паставіць на кон апошняе.

— Як я бачу, вы не хочаце быць разважлівай,— пагрозліва сказала яна, гнеўна прыжмурыўшыся.— Няхай! Але гэта для вас горш. Раней распусным дзеўкам мазалі дзёгцем вароты. Цяпер таксама ёсць свае сродкі...

— Ідзіце прэч!

— Глядзіце, каб не сталі каяцца.

— Нам няма пра што гаварыць.

— Добра! Але я папярэдзіла вас. Бывайце!..

Вера Антонаўна выйшла. Аднак і Валя больш не магла аставацца тут. Гэтая жанчына дыхала паветрам яе пакоя, стаяла вось тут, каля павешанага на сцяну, пакрытага прасціною адзення, сядзела вунь на тым крэсле... Спяшаючыся, Валя апранула паліто, схапіла капар, рукавічкі і выбегла. У калідоры, ля сваіх прыадчыненых дзвярэй, стаяла суседка. Убачыўшы Валю, яна грэбліва фыркнула і адвярнулася.

 

3

Было такое адчуванне, што яна запэцкалася ў смуроднай жыжцы. Гідка было дакрануцца рукамі да твару — рукі здаваліся бруднымі.

Валя двойчы падыходзіла да доміка Урбановічаў, прайшлася паўз брамку Зімчукоў, але так і не зайшла ні да тых, ні да другіх. Цяпер ёй не маглі памагчы і там, нават калі б хапіла мужнасці расказаць пра ўсё. Ёй была агідна Вера Антонаўна, ненавісны Васіль Пятровіч, яна сама сабе была брыдкая. Свяціла сонца, кучыліся воблакі, патыхала недалёкім прадвеснем. Ішлі людзі, праязджалі машыны, на пачарнелых дрэвах ашалела крычалі галкі. Але Валі яны былі непатрэбны, яны не існавалі для яе.

Перасякаючы плошчу Свабоды, Валя ледзь не трапіла пад машыну. Шафёр, спыніўшыся, апусціў бакавое шкельца і сярдзіта закрычаў на яе. Яна папрасіла прабачэння, але крокаў не паскорыла.

Вярнулася дамоў замёрзлая, выматаная. Падумаўшы, што можна захварэць, амаль узрадавалася — гэта было якое-ніякое выйсце.

З жаданнем адразу легчы ў пасцель яна ўвайшла да сябе ў пакой і аслупянела — ля акна, павярнуўшыся на скрып дзвярэй і гледзячы на яе бліскучымі вачыма, з кнігаю ў руках стаяў Васіль Пятровіч.

— Вы? — спалохана прашаптала Валя, не адважваючыся адпусціць ручку дзвярэй.

— Даруй, што так... без дазволу. Мяне запрасіла зайсці суседка,— загарнуўшы кнігу, ступіў Васіль Пятровіч да Валі.— Учора разоў пяць званіў да цябе ў рэдакцыю... І ўсё дарэмна...

— Я была ў лекторыі,— разгублена адказала Валя, разумеючы, што гаворыць не тое, што трэба і што збіралася сказаць.

Яшчэ нядаўна без душэўнага трапятання яна не магла ўспамінаць аб ім. Марыла, размаўляла з ім у думках, старанна падбіраючы словы. Верылася: яе каханне ахоўвае яго, памагае ёй самой. Карцела зрабіць для Васіля Пятровіча нешта значнае. Думалася: няхай нават здарыўся б ліхі выпадак, толькі каб можна было пасля праявіць адданасць і самаахвярным учынкам адхіліць бяду. Хацелася памагаць яму ва ўсім і на колькі хапала сілы... А вось цяпер усё гэта стала недарэчным. Няхай нават тое, што яна пачула ад Веры Антонаўны, хлусня, злыя нагаворы, але яе словы раскрылі другі бок адносін з Васілём Пятровічам, паказалі, якімі яны могуць паўстаць у вачах другіх. «А яшчэ пісаць марыш!..» — мучылася Валя.

Некалькі дзён назад яна забягала да Зосі — проста так, пагутарыць, адвесці душу. Там аказалася і цётка Анця. Памагаючы Зосі нацягваць на пяльцы палатно, цётка расказвала ёй гісторыю — адну з тых, што звычайна канчаюцца страшным. «І трэба ж, каб яна, дзяўчына, згадзілася пайсці з жанатым! — казала Анця, журботна ківаючы галавою.— Хіба можна? У іх жа ўсё сваё...» Яна бачыла непрыстойнае і небяспечнае ўжо ў тым, што дзяўчына асталася адзін на адзін з жанатым мужчынам. Зося старалася перавесці гаворку на іншую тэму, але старая ўпарта вярталася да павучальнай гісторыі і бясконца паўтарала: «У жанатага свае адносіны да жанчын, і глядзіць ён на ўсё прасцей. Хто гэтага не ведае?»

Валя тады пастаралася не надаваць значэння Анціным прытчам. Ды словы — страшэнная сіла, і цяпер яны ляглі на Валю цяжарам. І ўсё-такі, зрабіўшы намаганне, хочучы ў нечым пераканацца, яна ўзняла на Васіля Пятровіча насцярожаны, амаль варожы позірк.

Аднак той не зразумеў яе. Ён ужо кепска валодаў сабою і не ведаў, на што адважыцца ў наступны момант. Яму трэба было пэўнасці, і ён не мог ужо стрымацца, каб не ісці да яе. Перад ім стаяла дзяўчына,у якой усё было дарагое. Усё! — ад упартага, па-дзіцячы крутога лба да лёгкай хады. Але зараз сэрца ў Васіля Пятровіча прагнула не столькі яе, колькі слова ад яе, пэўнасці. Размова з Зімчуком абудзіла надзею. Надзея — нецярплівасць, раскаянне, рашучасць. І хоць Васіль Пятровіч бачыў, што Валю напалохаў і абразіў яго няпрошаны прыход, ён нічога ўжо не мог зрабіць з сабою.

— Вы даруйце мне! — раз’юшана крыкнуў пераходзячы на «вы».— Я, хутчэй за ўсё, абражу вас... Але ўсё роўна скажу... мм... Я кахаю вас, Валя!

— Не, не!.. Не трэба,— запратэставала яна, жэстам рукі забараняючы яму набліжацца і гаварыць далей.— Вы не маеце права!..

Ён адразу звяў, горка ўсміхнуўся.

— А вось Зімчук нядаўна ўпікаў у іншым. На рабоце, маўляў, спрытны, а ў жыцці не стае сталасці на самае элементарнае.

— Вы яшчэ жартуеце!.. Я прашу вас...

Але ён усё-такі падышоў да яе.

Яны стаялі побач. Валін капар, на якім паблісквалі дробныя расінкі ад расталых сняжынак, ледзь не кранаўся шчакі Васіля Пятровіча, і ён адчуваў яго халаднаватую свежасць. На Валю дыхнула таксама нечым знаёмым і дарагім.

— Вы павінны зараз жа пайсці,— з маленнем папрасіла яна.— Я не магу. Няўжо вы не бачыце?

— Ды скажыце хоць, у чым справа?

— Пра гэта калі-небудзь пасля...

Валя знешне супакойвалася, хоць унутры ў яе ўсё камянела і станавілася не сваім. Яна стомлена зняла капар, паліто, павесіла іх на вешалку і, нібы тут, апрача яе, нікога не было, узялася наводзіць у пакойчыку парадак. Рабіла гэта, як у сне — паволі, не ведаючы, для чаго робіць... І больш, як ні дамагаўся Васіль Пятровіч, не прамовіла ні слова. Толькі калі ён выйшаў, забыўшы пальчаткі, схапіла іх і пабегла да акна. Сціскаючы ў халодных руках, пачакала, пакуль той не паказаўся на процілеглым баку вуліцы, хацела была — а яна ведала, што ён абавязкова азірнецца,— паказаць яму іх, але тут жа адвярнулася і заплакала.

Яна не чула, як у калідоры суседка на пальчыках наблізілася да яе дзвярэй і прыпала да іх вухам. Ды каб і чула, мусіць, не звярнула б увагі: ні жыць, ні даводзіць свайго не хацелася — не ставала сілы.

 

4

Усё-такі Васіль Пятровіч, відаць, быў моцны чалавек. Гэты адказ — а хутчэй за ўсё разрыў! — не забіў яго. Нават не прыбіў. Хіба толькі, адабраўшы надзею, неяк разлютаваў. Абудзіў асаблівыя — лютыя сілы.

Не, гэта не быў адчай, які таксама можа ўзняць чалавека на вялікае. Не быў ужо таму, што адчай робіць сваё толькі на нейкае імгненне. Ён звычайна сляпы і помслівы. Гэта — успышка, за якой пагібель або прастрацыя.

Праўда, ва ўтрапенні, што апанавала Васіля Пятровіча, відаць быў і адчай. Але ўтрапенне збірала сілу ў фокус. Васіля Пятровіча быццам падхапіў нейкі парыў. І нібыта прабіраючыся па цёмнай, вузкай цясніне на агеньчык, ён нічога не ведаў і ведаць не хацеў, апрача гэтага агеньчыка. І не было ні стомленасці, ні маладушнасці.

Нават наадварот. Толькі часам уздрыгваў у душы: «Няўжо так будзе заўсёды?» Аднак і падобнаму сумненню ён не даваў укараніцца — знаходзіў сілы гнаць яго.

 

5

У кабінеце гэтым разам было асабліва цесна і шумна. Гаварылі адразу ўсе. Жартавалі. Спрачаліся аб розным, хоць гутарка ішла пра адно — будынкі, вуліцы, горад.

— Мудраваць тут няма чаго,— галасней за астатніх разважаў гаваркі Кухта, які па плечы патануў у мяккім скураным крэсле.— Ансамбль — рэч зразумелая. Паважай свайго папярэдніка і суседа — вось табе і ансамбль. Што, не? А выйдзі на перакрыжаванне Камсамольскай і Карла Маркса, паглядзі, як кажуць, на ўсе чатыры бакі, і няма чаго грахі таіць — што ні рог, то свой бог.

— Трапна! — ухваляў начальнік архітэктурна-будаўнічай канторы жвавы, ружовашчокі мужчына, які прымасціўся на падлакотніку крэсла і кароткія ногі якога ледзь даставалі да падлогі.

— А рэцэпт жа просты — часцей у трамваях ездзіць і таблічкі чытаць.

— Ну-ну!

— Ды іх усе ведаюць: не высоўвацца і не займаць пярэдніх месц, якія для пасажыраў з дзецьмі.

Начальнік архітэктурна-будаўнічай канторы, закінуўшы, як бусел, назад галаву, заразліва зарагатаў і штурхнуў локцем Барушку, запрашаючы таксама пасмяяцца.

Барушка з незалежным выглядам стаяў побач, прыхінуўшыся спінаю да сцяны. Пераводзячы позірк з аднаго на другога, ён думаў, хто з прысутных будзе паплечнікам, хто праціўнікам. А што будуць і тыя і другія, ён не сумняваўся. Нават прадумаў, як бараніцца. Крайні метад даводзіць правату быў у яго выпрабаваны — давай здачы, крычы як мага гучней, абвінавачвай праціўнікаў ва ўсім, што прыйдзе ў галаву, дай зразумець: каб давесці сваё, ты гатовы на ўсё, і няхай лепш не звязваюцца. Вось і цяпер, ні з таго ні з сяго, адчуўшы ў словах Кухты намёк на ўласныя праекты, Барушка злосна пачырванеў і вырачыў вочы.

— Калі чалавек чаго-небудзь не ўмее рабіць сам,— кінуў,— ён абавязкова стараецца вучыць гэтаму другіх. Добра было б паслухаць, хто ў вашым Галоўмінскбудзе высоўваецца і займае першыя месцы. Аматары такія не вывеліся, па-мойму, і там.

— Гэта вы сур’ёзна? — здзівіўся Кухта.

— А вы як думалі! Дрэнь — яна жывучая...

Васіль Пятровіч пазіраў на прысутных — членаў архітэктурнага савета, аўтараў праектаў, што разглядалі сёння, прадстаўнікоў зацікаўленых ведамстваў — і нецярпліва чакаў, калі скончыцца перапынак і трэба будзе даваць бой... Вера і сёння набралася смеласці прасіць за Понтуса. Але пралічылася ў сваёй гульні — раззлаваная маўчаннем мужа, пусціла ў ход апошні козыр, здзекліва паведаміўшы, што хадзіла да «ягонай кралі». Гэта ашаламіла Васіля Пятровіча. Крыкнуўшы, каб яна не чакала яго, ён бразнуў дзвярыма і выбег з нумара. Крочачы ж ва ўпраўленне, абурыў лютасць душы чамусьці не так на Веру, як на Понтуса.

З цяжкасцю Васіль Пятровіч правёў абмеркаванне двух першых пытанняў — праектаў ачысткі і паглыблення возера і дэталёвай забудовы адной з новых вуліц. Понтуса на абмеркаванні не было, і Васіль Пятровіч з прыкрасцю ўжо думаў, што той, прыслаўшы Барушку, сам не прыйдзе. Але ў час перапынку Понтус з'явіўся, мусіць, папярэджаны некім па тэлефоне, і з выглядам, што робіць паслугу ўжо тым, што прысутнічае тут, рассеўся на канапе. Яму прапанавалі сесці бліжэй да стала, але ён адмовіўся.

Часова выконваючы абавязкі вучонага сакратара савета, Шурупаў прынёс новы стос папак з праектнай дакументацыяй, павесіў у прасценку між акон лісты з перспектываю ансамбля, і гэта паслужыла своеасаблівым сігналам. Гоман сціх, і прысутныя, падсоўваючы да сталоў крэслы, пачалі займаць свае месцы. Толькі Барушка астаўся стаяць, іранічна паводзячы брывом і аблізваючы губы.

— Будзем працягваць работу,— сказаў Васіль Пятровіч.

Як відаць, палічыўшы за лепшае пакуль быць у ценю або ў рэзерве, Понтус маўкліва паказаў на Барушку і, сашчапіўшы рукі на жываце, з сумным тварам закруціў вялікімі пальцамі.

Не мяняючы паставы, Барушка выняў з бакавой кішэні акуляры з залатым абадком і непаспешліва надзеў іх. Загаварыў упэўнена, са звычайным апломбам, для прыліку зазіраючы ў запісную кніжачку, якая паявілася ў яго руках. Часта спасылаўся на вопыт архітэктараў Масквы, Ленінграда, Кіева. З яго слоў вынікала: у сваёй рабоце Понтус і ён, як і ўсе сапраўдныя архітэктары краіны, выходзілі перш за ўсё з агульнай задачы — скарыстоўваючы класічную і нацыянальную спадчыну, выявіць у архітэктурных формах дух часу і ўвекавечыць нашы дні.

— Вось так...— з прыціскам сказаў ён і зняў акуляры, у якіх яго рэдка хто бачыў.— Хоць магу прызнацца: нягледзячы на патугі сяго-таго, у сваіх пошуках мы не маглі мінуць архітэктуры рэнесансу, высока ацэненага заснавальнікамі марксізма, і, наадварот, рашуча адкінулі касмапалітычныя опусы.

Падняўся Шурупаў і, прыцмокваючы языком, нібыта смакаваў нешта кісла-салодкае, пачаў дакладваць пра заключэнні вертыкальшчыка і падземшчыка, прэтэнзій у якіх не аказалася, бо вертыкальная пасадка будынкаў і размяшчэнне ўваходаў, пракладка падземных камунікацый іх задавальняюць. Задавальняюць і планы паверхаў...

Яго выступленне зусім вывела з сябе Васіля Пятровіча. І не толькі таму, што Шурупаў мямліў і фразы яго былі плоскія, даўным-даўно чутыя, але і таму, што ён аддана і захоплена раз-пораз пазіраў на Понтуса, быццам прасіў прабачэння, што хваліць яго.

У кабінеце накурылі. Над галовамі плаваў шызы дым. Васіль Пятровіч устаў, падышоў да акна і адчыніў фортку. Дым закалыхаўся і пасмамі пацягнуўся да форткі.

— У каго ёсць заўвагі? — спытаўся ён.

— Ці думалі вы пра тых, хто будзе жыць тут? — не паварочваючыся, паказаў Кухта на праект.

Понтус задрыгаў нагою.

— Дзень і ноч.

— Дык чаму тады ў дамах, што стаяць на рагу, двухпакаёвыя кватэры сарыентаваны або на поўдзень, або на поўнач?

— Мы асвятляем жыллёвую плошчу, Павал Ігнатавіч.

— Але жывуць у кватэрах...

— Гэта лёгка паправіць,— умяшаўся начальнік архітэктурна-будаўнічай канторы.— Трэба толькі памяняць крыллі дома, бо ў адным кватэры трохпакаёвыя.

Пачаўшы пісаць, Шурупаў адклаў ручку і ў чаканні ўтаропіўся на Понтуса.

Той кашлянуў, падняўся і, з падцягнутым жыватом лавіруючы паміж крэслаў, стаў прабірацца да прасценка з перспектываю.

— Нельга, таварышы, без хвалявання глядзець у будучыню,— пачаў ён на хаду.— І нам нельга забывацца на гэта. Будучыня заўсёды павінна быць перад намі. Павінна падказваць рашэнні, вызначаць іх...

На заўвагу Кухты прысутныя рэагавалі па-рознаму. Адны рабілі выгляд, што недачулі яго слоў, другія — што адмяжоўваюцца ад іх, як ад нечага бястактнага, трэція заклапочана разглядалі свае пальцы і стараліся не глядзець адзін аднаму ў вочы. Халодны ж пафас Понтусавай прамовы як бы вярнуў упэўненасць, што, паводзячы сябе так, яны не крывяць душою. І калі Дымок дабрадушна заўважыў, што і тут крыху «порцік падпорціў», зашыкалі. Аднак як ні дамагаўся Васіль Пятровіч, выступаць ніхто не схацеў. Толькі Шурупаў голасна сказаў:

— Па-мойму, ясна і так.

Гэта перапоўніла чашу цярпення. Скамячыўшы паперу, на якой занатаваў думкі, Васіль Пятровіч, ужо не стрымліваючы сябе, напаў на яго:

— Што ясна? Што вам ясна?

Шурупаў разгублена заморгаў вачыма.

— Праект Ільі Гаўрылавіча, Васіль Пятровіч...

— А мне вось няясна! І ў прыватнасці навошта спатрэбілася ствараць свой мінскі рэнесанс?

— Пачынаецца...— ухмыльнуўся Понтус, робячы выгляд, што, калі Васіль Пятровіч не адумаецца, ён устане і пойдзе.— Раней, здаецца, нават вы былі літасцівейшыя! Я папрасіў бы абнародаваць прычыну вашай раптоўнай метамарфозы.

— Прычына адна,— упарта прыжмурыўся той,— вашы праекты. Вы паглядзіце самі! Тут жа ўсё прыйшло ў непрымірымыя супярэчнасці. І мастацтва, і карысць, і разумны сэнс. Хіба гэтыя расквечаныя фасады адпавядаюць таму, што нагароджана ўнутры?

— Як Крывакаленны завулак у Маскве,— хмыкнуў Кухта.

— А чаму? Ды таму, што вам важна было камусьці патрапіць, як мага гучней пракрычаць пра сябе. І я прапаную не толькі адхіліць праекты, а і зазначыць шкоднасць падобных мяшчанскіх патуг.

У кабінеце стала ціха.

Але Васіль Пятровіч, быццам сунімаючы шум, пастукаў алоўкам па пісьмовым прыладку.

— Ёсць другія прапановы? — І пайшоў напралом: — Калі няма, галасую. Хто «за»?

Ён першы падняў руку і аглядзеў членаў архітэктурнага савета. Тыя сядзелі нерухома, апусціўшы вочы. Галасаваў толькі непрыкметны Дымок. І тады, раптам аб нечым здагадаўшыся, Васіль Пятровіч прапанаваў зноў:

— Ну што ж, калі так, прашу галасаваць за ўхвалу праекта са змяненнямі, пра якія тут гаварылі.

Але і цяпер ніхто не падняў рукі.

— Запішыце,— загадаў Васіль Пятровіч Шурупаву і падумаў: да свайго можна ісці і так.

 

6

Гэта, здаецца, быў правал. Няхай бы ў праектаў знайшлося яшчэ больш дамарослых праціўнікаў. Няхай бы ўсе гэтыя Лочмелі, Юркевічы, Кухты знайшлі яшчэ большыя заганы. Гэта не страшна! Праекты адпавядаюць патрабаванням часу, іх хвалілі ў Акадэміі архітэктуры. Іх можна з поспехам прапусціць праз Савет пры сваім упраўленні. Можна, урэшце, сёе-тое паправіць, калі з’явіліся новыя павевы. Бо, калі казаць зусім шчыра, у свае праекты Понтус верыў пастолькі, паколькі, як здавалася яму, яны адпавядалі тым устаноўкам, якія ён, Понтус, атрымліваў, чуў ці падхопліваў на ляту. Дарэчы, у гэтым ён наогул бачыў адзнаку сваёй вытрыманасці і сцвярджаў сябе ва ўласных вачах.

Праўда, заўвага Юркевіча аб неадпаведнасці фасаду ўнутранай планіроўцы насцярожыла: абвінавачванне грунтавалася на непахісным палажэнні аб форме і змесце. А гэта ўжо нагадвала становішча, пры якім твае памылкі выкрываюць цытатаю з класікаў. І ўсё ж тут можна яшчэ спрачацца. Архітэктура — мастацтва, і нікому не прыйдзе ў галаву крытыкаваць, ну, скажам, арку — уваход на стадыён — за вышыню, хоць можна было, канешне, яе зрабіць у два разы ніжэй: людзі ўсё роўна праходзілі б пад ёй, не стукаючыся аб скляпенне галовамі. А прэміі!.. І як ён не здагадаўся прымусіць Кухту, Юркевіча перад усімі адказаць, ці лічаць яны праекты, што атрымалі прэміі, лепшымі? Няхай бы адважыліся адказаць!

Не, тое, што яны адкрыта выступілі супроць яго,— паўбяды. Бяда ў тым, што астатнія адмовіліся выказаць сваю думку. Значыць, ён, Понтус, заціскае крытыку! Вось гэта ўжо крымінал!

Понтус разумеў: ехаць у машыне з Барушкам не варта — той абавязкова пачне гарлапаніць і нагаворыць немаведама чаго пры староннім сведку — шафёру. А ёсць рэчы, якія прызначаны толькі для ўнутранага ўжытку... Пакінуць жа Барушку і паехаць таксама не выпадала: гэта кінецца ў вочы, і яго ўчынак вытлумачаць як прызнанне, што змагацца далей бескарысна. Наогул, ён быў цяпер ні выплюнуць ні праглынуць.

Адпусціўшы машыну, Понтус пайшоў пехатою, хутаючыся ў футра і злуючыся, што Барушка забягае наперад і, махаючы, як вятрак, рукамі, бясконца гаворыць.

— Супакойцеся вы, радзі бога! — папрасіў ён.— Чуваць, мусіць, на другім баку вуліцы.

— А мне што! — агрызнуўся Барушка.— Падумаеш, геній! Што ён стварыў сам такога, каб мець права перакрэсліваць чужую работу?

— Ды цішэй вы...

— Сам, нябось, ужо на другую чаргу праспекта лапу наклаў, рады быў бы ўсіх на тыповыя праекты пасадзіць. Я, маўляў, тварыць буду, а над стандартнымі дамкамі гарбейце вы. Ведаем мы такіх абаронцаў народных! Самі з вусамі!

Было ясна: Барушка цяпер будзе толькі замінаць. Яго мінулае, якое ацэньвай як хочаш, можа кінуць цень на ўсё. Нявытрыманасць і назойлівасць таксама нашкодзяць не менш. Барушку не любяць у асяроддзі архітэктараў, насцярожана ставяцца і там, наверсе. Нездарма ж да трыццацігоддзя рэспублікі ён нічога не атрымаў. Ды ці мала яшчэ чаго...

— Мяне прасілі зайсці ў архітэктурна-будаўнічую кантору,— сунуў яму руку Понтус.

Барушка спыніўся, фыркнуў і развітаўся. Калі ж Понтус схаваўся ў пад’ездзе, фыркнуў зноў і вылаяўся. Ён даўно не верыў ні ў што святое, у тым ліку і ў людскую шчырасць — Юркевіч і Понтус былі яму амаль аднолькава чужыя. Толькі абставіны склаліся так, што з першым ён ваяваў, а да другога прыжыўся. Але ва ўчынках як аднаго, так і другога бачыў здрадлівыя захады людзей, якія нешта вымяркоўваюць для сябе. А калі гэта так, значыць, трэба мець свой хітрэйшы ход, і тады ўсё будзе ў парадку. Барушка разумеў: яго мінулае вісіць над ім і яму наўрад ці ўзляцець.

Бачыў: людзі менш таленавітыя, але не заплямленыя памылкамі, адчуваюць сябе па-гаспадарску, проста і таму робяць больш. Ён жа гібее, ператвараецца ў няўдачніка, страшнага ў сваёй зайздрасці. На якое ліха здаўся б яму Понтус, каб ён быў вольны, як усе! А так — гібей. І таму, шкадуючы і ненавідзячы сябе, ён рабіў усё як чалавек, якому няма чаго траціць.

«Халуй, понтусаўскі халуй! — вылаяў ён сябе.— Так табе і трэба, халуй!»

У кабінеце начальніка канторы, як Понтус і меркаваў, нікога не было. Пазіраючы на дзверы, ён зняў тэлефонную трубку і таропка набраў нумар гасцініцы. Калі ў трубцы пачуўся Верын голас, назваў сябе. Але Вера спалохана ахнула і, мусіць, націснула на рычаг. У трубцы загуло, толькі адрывіста, хапатліва.

— Ну і чорт з табою! — абурыўся Понтус, адчуваючы, што гудкі як бы працінаюць яго.

Забыўшыся надзець шапку, ён выйшаў з канторы і схамянуўся толькі на ганку. Наглуха зашпіліў футра і ўжо важна, непаспешлівай, поўнай самавітасці хадою, закрочыў да сябе ва ўпраўленне.

Выйсце трэба было знайсці, і ўсё тут. Інакш — правал. Хто-хто, а ён добра ведае, што ў такіх справах даволі каб пачалося, а там адкуль што будзе брацца — пасыплецца, як з кораба, толькі азірайся. К чортавай матары паляціць і дабрабыт, і людская павага, да якой паспеў ужо прывыкнуць, як да неабходнай рэчы.

Што значыць з трэскам зняты работнік? Яму не адказваюць на прывітанні, на яго не глядзяць, нават размаўляючы з ім. Гэта — непрыемны ўспамін, прыкрая перашкода, якую пераступілі.

Добра, канешне, калі здымаюць з дыпламатычнай фармуліроўкаю: «У сувязі з пераходам на другую работу». Віна астаецца вядомай нямногім. А гэта дужа важна, калі навакольныя не ведаюць тваёй канкрэтнай віны. Важны і словы «з пераходам на другую работу». Якую? Канешне, не самую нізавую. На яе не пераводзяць, а ты ўладжваешся сам. Горш, калі гаворыцца, што «тав. Н. не справіўся з даручанай работаю». Горш, бо тут цень кладзецца на тваю дзелавую рэпутацыю. Але затое ты ўсё-такі астаешся незаплямлены ў іншых адносінах. Да таго ж тут няма нічога, што казала б, што ты не справішся з другой і нават адказнай работаю. Але магіла, калі запісана: «За шкодную палітыку ў галіне такой-та, за заціск крытыкі, за... зняць з пасады...» У гэтым выпадку могуць і прыпомніць, што сям’я была ў акупацыі, і перад прозвішчам не будзе стаяць звычайна не прыкметнае, але вельмі важнае ў такіх дакументах, скарочанае слова «тав.». Не, гэтага дапусціць было нельга... Ды, уласна кажучы, у чым яго віна? Заціск крытыкі?

Раптам ён спатыкнуўся, агледзеўся наўкол.

Стаяў шэранькі дзень, які можа быць толькі напрадвесні. Не было яркіх фарбаў, не свяціла сонца, вуліца, дамы, неба зацягнула шызая смуга. Але ва ўсім таілася блізкае абуджэнне. Студзень дый увесь люты, як вядома, пара белых сцежак і сіняга лёду. Зараз жа навокал ужо не было ні таго, ні другога. Снег пабурэў, на тратуарах паявіліся жоўтыя плямы, ліпы, што на гэтай вуліцы ўцалелі ад вайны або былі пасаджаны летась, пачарнелі. Дый прахожыя ідуць вольна, не горбячыся, як зімою.

Понтус ледзь не пляснуў сябе па лбе. У Барушкі, як адзнака самотнасці, была звычка размаўляць з сабою. Пераймаючы чамусьці яе, Понтус узбуджана замармытаў:

— Во сапраўды... Канешне, так, толькі так! За яго прапанову галасавалі два чалавекі — ён сам ды падхалім. Рука руку мыла, хоць абедзве і брудныя... Астатнія ж не галасавалі — ні за праект, ні супроць яго. Значыць, заціскае крытыку і стараецца адыграцца вунь хто!

Ажыўшы духам, ён увайшоў у ліфт, перакінуўся — чаго ніколі не было — жартамі з ліфцёркаю, а ідучы па доўгім калідоры да сябе, за руку прывітаўся з малазнаёмым супрацоўнікам Міністэрства аховы здароўя.

Праўда, неспакой усё яшчэ аставаўся. Але цяпер ён не прыгнятаў яго, а прымушаў дзейнічаць. Трэба было апярэдзіць Юркевіча і першаму прыняць захады. Няхай абараняецца і даводзіць сваю невінаватасць ён, калі пачаў капаць яму.

Сказаўшы сакратарцы, што заняты і можа прыняць толькі загадчыка сектара адводу зямель з упраўлення галоўнага архітэктара, Понтус пазваніў Шурупаву і папрасіў зараз жа прыйсці. Затым сеў пісаць дакладную ў гарком і ЦК.

 

РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ

 

1

З адчуваннем, што адносіны з Алешкам напэўна пераменяцца, Аляксей адпрацаваў змену і на трэстаўскім грузавіку, які ў канцы дня прыязджаў па хлопцаў, паехаў у інтэрнат — трэба было пацікавіцца і імі.

Дагэтуль ён там не быў і таму абышоў амаль увесь барак, прыдзірліва прыглядаючыся да ўсяго. З прыемнасцю адзначыў: у пакойчыку, дзе жылі Цімка, Віктар і яшчэ два хлопцы, бадай, як у дзяўчат, было чыста і ўтульна. Ложкі акуратна засланы. На сценах плакаты па тэхніцы бяспекі, рэпрадуктар. На тумбачках кнігі, і на адной з іх... дзесяцірублёвая паперка. Гэта было добра: Аляксей чуў пра выпадкі, калі з інтэрнатаў знікалі просціны, электрычныя лямпачкі, вёдры.

— Чые гэта грошы, га? — пацікавіўся ён.

— Грошы? — перапытаў Цімка. — Па-мойму, Віцькіны. Твае, Віця?

І тое, што яны не надалі значэння яго пытанню, спадабалася Аляксею.

Ён яшчэ раз заглянуў у чырвоны куток, у кухню, кубавую, праверыў, ці ідзе вада з кранаў, і потым доўга выгаворваў каменданту — пажылому, з птушынымі вачыма і носам мужчыну ў ваенным шынялі з чужога пляча,— здзіўляючы хлопцаў, што заўважыў і памяты бляшаны чайнік, якім карысталіся яны, і брудную падлогу ў чырвоным кутку, і тое, што спяцоўку даводзіцца вешаць у адну шафу са святочнымі гарнітурамі.

— У нас на будоўлі працаваць лягчэй, чым у вас тут адпачываць. Дзверы ў пральню і на замок замкнулі, і цвікамі забілі,— пералічваў ён, загінаючы пальцы.— Чаму? Гарачай вады, вядома, таксама не хапае. Бакі і цяпер пустыя, а хлопцы ж з работы прыйшлі.— І калі ўсе пальцы былі загнуты, падняў абодва кулакі.— Дроў, кажаш, мала? Глядзі, браток, каб цябе самога на трэскі шчапаць не давялося! Не можаш без наганяя...

Ён пайшоў з інтэрната, пакінуўшы развяселеных хлопцаў і разгубленага, з грымасаю болю на твары, каменданта, які ніяк не мог разняць пальцаў на правай руцэ, што зліпліся ад Аляксеевага поціску.

У такім баявым настроі ён прыйшоў на другі дзень і на работу.

На працоўную вахту брыгада Урбановіча вырашыла стаць на будоўлі новага жылога дома, падмурак якога ўжо быў закладзены. Ад растворамяшалкі да рабочых месц праклалі найкарацейшыя тачачныя ходы. Знайшлі найбольш зручныя месцы для цэглы і скрынь з растворам — па некалькі для кожнага муляра. Цэглу ў метровых клетках укладвалі на рабро, каб падсобнікі маглі зручна браць і падаваць яе проста пад рукі муляру.

Выдалася пагодлівая, звонкая раніца. Над галавою ланцужком плылі ружовыя воблачкі, што пачалі ўжо кучаравіцца. Пад нагамі пахрумстваў тонкі, як шкло, з белымі паветранымі пузыркамі, лядок, пад якім не было вады. Але ўсё чакала ласкавага дня, асабліва ліпы за агароджаю, якія быццам пакурчваліся ад нецярплівасці.

Абышоўшы фронт работ, Аляксей спыніўся ля клеткі цэглы, успёрся на яе грудзьмі, локцямі і нецярпліва пачаў чакаць прыезду хлопцаў. Думкі цяклі дзелавіта, хоць і не хацелі ні на чым затрымлівацца. То ўспаміналася Зося, то Сымон і яго сумная перамога, то Кухта і яго словы: «Нам, Урбановіч, патрэбен не рэкорд, а прыклад», то паўставала пытанне, ці вытрымаюць хлопцы.

На колькі ён збіраецца перакрыць норму, Аляксей не сказаў нават Алешку і адно папрасіў, каб той не скупіўся на матэрыял. Сам жа сабе вырашыў: «Дам што трэба!» Але для гэтага, як падлічыў Аляксей, кожны муляр павінен быў укласці каля сотні тон цэглы.

«Ці вытрымаюць? Сто тон — дзевяць вагонаў!»

Ён задумаўся так, што не адразу заўважыў, як яго акружылі хлопцы.

Завуркатала растворамяшалка.

Будоўля ажыла. Пачуўся голас Алешкі, які пачаў ужо некага распякаць на ўсе лады.

Адчуваючы, як абуджаецца хмяльная сіла, Аляксей махнуў хлопцам і павёў іх на месцы. Яны рушылі за ім, стараючыся быць як мага бліжэй. Толькі Цімка, Віктар і яшчэ трое, што сёння ўзначальвалі звенні, пайшлі ззаду, абмяркоўваючы, што і як будуць рабіць.

«У гэтых — ужо гонар,— заўважыўшы, як спаважна крочаць яны, не пакрыўдзіўся Аляксей.— Ну і добра. Майстар якраз і пачынаецца з гэтага...»

Работа пайшла зладжана. Вуркатала растворамяшалка, паскрыпвалі тачкі, пераклікаліся рабочыя. Прыехаў грузавік з рыштоўкаю, шафёр прасігналіў так, што выйшла зухаватая мелодыя: «пі, пі-пі-пі, пі-пі». Каля растворамяшалкі засмяяліся. Мелодыя аказалася навязчывая, запала ў памяць, і Аляксей некалькі разоў паўтарыў яе сам сабе.

Першая падсобніца каўшовай лапатаю падавала раствор. Прагна ўдыхаючы востры пах, Аляксей узмахам кельмы рассцілаў раствор па сцяне. З’явілася жаданне прыгаршчамі зачарпнуць яго і доўга нюхаць.

Другая падсобніца плазам, пад кутом, лоўка ўкладвала цэглу. Не спыняючыся, Аляксей энергічным рухам даваў ім патрэбнае месца, і гэта таксама неяк бадзёрыла, узнімала сэрца. Ведучы за ім забутоўку між знадворнай і ўнутранай вярстою, завіхаўся падручны. Другі рад — тынковы — Аляксей укладваў сам, а ў гэты час падручны памагаў падсобніцам...

Употай назіраючы за астатнімі, Аляксей цвёрда наважыў даць ім волю, няхай самі ўстанаўліваюць маякі, закладваюць вуглы. Радасць, як і вера,— сіла. Шчаслівы ў гэтую хвіліну, Аляксей хацеў, каб шчаслівыя былі і яго хлопцы.

Недзе перад абедзенным перапынкам падышоў Алешка. Зняўшы кепку і калмацячы пяцярнёю чупрыну, з найгранай іроніяй паведаміў:

— Гэй, настаўнік, Зімчук з Кухтам званілі. Прасілі ў абед далажыць.

Гэта не асабліва здзівіла Аляксея; не новым было, што на яго работу звяртаюць увагу. Але раней людзей цікавіла яго сіла, спрыт, тое, на што яшчэ здатны. «Працуйце, як брыгада Урбановіча!» — некалі заклікала палотнішча. Але тады ў брыгадзе былі адны спрактыкаваныя майстры. Іх прыклад быў амаль недасягальны. Ім можна было захапляцца, але яго нельга было пераняць. І, трэба сказаць, будаўнікі, паважаючы, не дужа любілі Урбановіча. Калі ж яго ставілі ў прыклад, сердавалі. Разважалі прыкладна так: добры ў чалавека голас і спявае добра, ну і на здароўе — ты ж сам ад гэтага не будзеш спяваць лепей. Мусіць, гэта менавіта меў на ўвазе Зімчук, калі ў скверы гаварыў Зосі, што Аляксеева брыгада перажыла сваю славу... Зусім іншая рэч з сённяшняй вахтаю. Аляксей пракладаў шлях у перадавыя і сабе і другім. Нават не так сабе, як другім. Бо тое, што здолеюць зрабіць яго хлопцы, здолее зрабіць кожны. І гэта Аляксей разумеў.

Выцершы рукавом ватоўкі потны лоб, ён параіў Алешку:

— Ты хлопцам пра гэта перадай. А Зімчуку і Кухце адрапартуеш сам...

Ужо седзячы дома, апетытна сёрбаючы капусту і размаўляючы з Зосяю, Аляксей раз-пораз вяртаўся ў думках да адшумеўшай вахты. Атрымалася здорава! Але і пашанцавала — калі сцены ўзняліся настолькі, што трэба было рабіць рыштаванні, падаспеў абедзенны перапынак, і цесляры ўзяліся за справу, калі брыгада адпачывала. А каб не быў перапынак? Зноў прыйшлося б марнаваць час, і ўсё паляцела б к чортавай матары. Значыць, нешта не так, і трэба дадумаць... Магчыма, рыхтаваць адразу два фронты работ. Каб можна было пераходзіць з аднаго на другі...

Насупроць са Святланкаю на каленях сядзела Зося і, чакаючы, глядзела на Аляксея.

— Не, ты па парадку, Лёша,— прасіла яна.— Ну, ты прыйшоў, а далей?

— Ну, прыйшоў,— паўтарыў ён, думаючы пра сваё і радуючыся сваёй знаходцы.— Потым пачалі працаваць... Адстань...

— А хлопцы?

— І хлопцы. Любяць людзі, калі клеіцца. Алешка знарок, калі кончылі работу, з дома праз новыя дзверы выйшаў — няхай ведаюць, з кім маюць справу. Умее ўсё-такі быць чалавекам...

Зося спусціла дачку з каленяў і падышла да яго.

— Ты незадаволены нечым? — абняла яна мужа за шыю.

— Не трэба, дурненькі! Столькі яшчэ ўсякага наперадзе. Мы ж цяпер утрох-чатырох...

Ён схамянуўся, адклаў лыжку і ўзняў на Зосю недаверлівыя вочы.

 

2

Кажуць, бяда не ходзіць адна. Але здараецца і наадварот: чалавек трапляе ў шчаслівую плынь, і тады харошае само спяшаецца яму насустрач. У такую плынь трапіў і Аляксей. Назаўтра брыгада паўтарыла рэкорд, хоць працавала спакайней. Абмеркаваўшы вынікі працоўнай вахты, партбюро трэста ўхваліла пачын. На будоўлю завітаў кінааператар і, то прыпадаючы на калена, то падымаючыся на дыбачках, хвілін дзесяць цэліўся камераю ў Аляксея, у хлопцаў, Алешку. Да брыгады вярталася былая слава, так неабходная зараз: мінчане праз месяц збіраліся ехаць у Сталінград падсумоўваць вынікі спаборніцтва.

Вярнуўшыся перад выхадным днём з работы, Аляксей убачыў на дзвярах замок. Здзіўлены, абышоў навокал дома, зазірнуў у кожнае акно. Але і ў доме не было нікога. Занепакоены, ён зноў падышоў да дзвярэй і толькі тады заўважыў засунутую за клямку паперку. У ёй Зося пісала, што дачка ў суседзяў, а сама яна, мусіць, будзе ў клінічным гарадку, і падрабязна тлумачыла, дзе шукаць вячэры і што гатаваць на снеданне заўтра. Забыўшыся забегчы да суседзяў, Аляксей кінуўся да трамвайнага прыпынку.

У прыёмным пакоі дальняга корпуса бальнічнага гарадка, куды ён трапіў пасля доўгіх роспытаў, яму, нясмеламу, паведамілі, што Зося Урбановіч нарадзіла сына — мацака на чатыры з лішнім кілаграмы.

Некалькі дзён ён насіў Зосі перадачы і перапісваўся з ёй. Потым, пасля дыпламатычнай размовы з медсястрою — белатварай, здаровай жанчынаю, якой, здавалася, толькі і працаваць у раддоме, убачыў жонку ў акне другога паверха. У шэрым бальнічным халаце з жоўта-карычневымі адваротамі, якія яна прытрымлівала на грудзях, Зося цягнулася да яго і варушыла вуснамі, быццам у нямым кіно. Ён таксама падняў рукі і сашчапіў іх, нібы вітаючыся сам з сабою...

У прыёмны пакой Зося выйшла з той жа белатварай сястрою. Аляксей ірвануўся спачатку да Зосі, пацалаваў яе ў паблеклыя губы, потым узяў у медсястры сына і, баючыся за яго, быццам ён быў такой кволай рэччу, што яму мог пашкодзіць дотык, баючыся за жонку, якую чамусьці лічыў страшэнна слабой і кволай, выйшаў на двор, дзе іх чакала «Пабеда», прысланая Кухтам. Ад Зосі і сына пахла лекамі, бальніцаю. І, удыхаючы гэтыя пахі, Аляксей аж заходзіўся ад жалю. Зосі таксама — невядома за што — было шкада яго. Яна тулілася да Аляксея плячом і, каб супакоіць, калі машына кранулася, не саромеючыся шафёра, пачала расказваць, што перажыла, бачыла.

— І смех і грэх! — гаварыла яна, пабліскваючы вільготнымі вачыма.— Са мной адна жанчына ляжала. Пажылая, занудзістая. З тых, што заўсёды ныюць: «Сядзёлка, а сядзёлка, судно прынясі...» Гэта яна так да няні, сядзелкі. А ўчора — гісторыя. З Далёкага Усходу лётчык прыехаў. Падпалкоўнік. Жонка яго ў суседняй палаце ляжала. Не бачыліся з паўгода. Ну, вядома, галоўны ўрач дазволіў пабываць у яе. Растлумачылі, дзе жончын ложак стаіць, а палаты пераблыталі. Ён як увайшоў прыцемкамі да нас, адразу да гэтай ныючай. З цукеркамі, кагорам. Рукавы халата — па локці! Абняў і давай цалаваць. Жанчына ўпёрлася яму рукамі ў грудзі, але дзе там.

— І не разнёс ён вас усіх? — чамусьці пакрыўдзіўся за лётчыка Аляксей.

— Не. Толькі выскачыў у калідор,— засмяялася Зося,— схапіў графін з вадою са століка і аб сцяну.

На вочы ў яе набеглі слёзы. Аляксей зразумеў: не ад смеху, а ад слабасці, ад таго, што ён блізка, побач. Ён разглядаў сына яшчэ там, у прыёмным пакоі, але яму зноў захацелася глянуць на яго — на каго больш падобны? — і Аляксей адхінуў карункавы ражок, што закрываў тварык. Сын спаў...

Іх сустрэлі адразу ўтраіх: цётка Анця, Валя, Сымон. Адабралі дзіця, расцалавалі Зосю і павялі яе ў дом пад рукі, як хворую. Распрануўшыся, яна першая ўвайшла ў сталовую, апусцілася на канапу, адкінула на спінку галаву і шчасна заплюшчыла вочы.

— Як хораша дома! — уздыхнула яна на поўныя грудзі.— Ціха.

— Дома — не ў гасцях, вядома,— ахвотна падтрымаў яе Сымон.

— А туды і вашы будаўніцы трапляюць,— зноў пачала Зося расказваць, не расплюшчваючы вачэй.— Маладзенькія такія, беззамужнія. Самі дзеці. Некаторых нават непрытомнымі прывозяць.

Яна села раўней і паклала рукі на калені.

— А ўжо ж,— закудахтала цётка Анця.— Прыедзе з вёскі, жыве без бацькоў, куды хіліць, туды і гнецца. А радасці той не так ужо многа. І нявечыць сябе пасля.

— А што вы думаеце! — згадзіўся Сымон.— Гэта, брат ты мой, ды-я-лек-ты-ка, як той казаў. У каго раней больш за ўсіх дзяцей было? У самых што ні на ёсць беднякоў, гаротнікаў няшчасных.

— Ну, тады я зусім жабраком буду,— кінуў Аляксей, які як спыніўся ў дзвярах, так і стаяў, трымаючыся за вушакі рукамі.

— Годзе вам, пачалі ўжо,— засердавала цётка Анця, прысаджваючыся да пляменніцы.

Зося не зварухнулася: яна ўся яшчэ жыла недалёкім мінулым.

— Не трэба,— папрасіла яна Валю, якая, ускалыхваючы дзіця, хадзіла па пакоі,— прывыкне. Потым без рук астанешся... А гэта не жарты, Лёша. Бачыла я, якой адна выпісвалася. Здаецца, пачні яе рэзаць — і не гляне на цябе. Усякае адчуванне страціла. А калі б і адчувала, дык ёй усё роўна сябе не шкада. Яна ж высмаленым дрэвам стала. Пакуль адыдзе, пакуль вера тая ў сябе вернецца... Дый ці вернецца?

— Ніхто іх не прымушаў! — нечакана зазлаваў Аляксей. Але прыглушыўшы раздражненне, пальцам паклікаў Сымона і разам з ім падаўся гаспадарыць на кухню.

— А твае справы, Валюша, як? — спыталася Зося, калі мужчыны выйшлі.

Валя зразумела, чаму сяброўка ўспомніла аб ёй менавіта цяпер, пачырванела і разгублена зірнула на дзіця. Тое не спала і ўважліва глядзела на яе нерухомымі вачанятамі-гузікамі. Невядомае ёй пачуццё, падобнае на зайздрасць, агарнула Валю.

— А ніяк,— шчыра і сумна адказала яна.— Вось гляджу на твайго Лёшку... Лёшка ж, так? І шкадую, што не маю свайго. Дый ці будзе ён калі ў мяне? Помніш блакаду?..

— З Кастусём сустракаешся?

— Што ты!..

— А з Васілём Пятровічам?

— Не гавары мне пра яго! — раптам крыкнула Валя, забываючыся, што трымае на руках жывую істоту.— Я ненавіджу яго!

Цётка Анця падхапілася і адабрала ад Валі дзіця, і тая хутка захадзіла па пакоі.

— Ідзі да мяне,— сказала Зося, працягваючы рукі.

— Ён мне агідны! — не сунімалася Валя, нібыта Зося ўгаворвала яе, а яна не згаджалася.— Зацягнуць у такі бруд... Няўжо ты магла зразумець іначай? Я ж тады ўзненавіджу сябе яшчэ мацней!

Не вытрымаўшы, з кухні прыйшоў Аляксей.

— І я з ім спрэчку яшчэ не скончыў,— буркнуў абурана.— Мы з хлопцамі стараемся, з скуры вылузваемся. А яны? Га? Што яны робяць! Адзін іх выбрык, які каштуе болей, чым тое, што мы за месяц сэканомім. Не кажучы ўжо, што на гэтых выбрыках не толькі перакрыць, але выканаць нормы немагчыма.

— А ты навошта свой дом пафарбаваў? — нечакана ўскіпела Валя, не заўважыўшы, як усміхнулася Зося.— Навошта чарапіцу рознага колеру падабраў і выпісаў, у якім годзе пабудаваў палац свой?

— Але я, фарбуючы і падбіраючы, не забываўся, колькі гэта каштаваць будзе. Ты думаеш, фарбаваў — і ўсё? Я, дарагая мая, спачатку падлічыў. Усё, да капеечкі. І сёння ж пісьмо ў ЦК напішу. Вось пабачыш!

— Ты ідзі, гатуй, гатуй,— перапыніла яго Зося і, калі Валя села побач, прыгарнула яе да сябе.

Усе змоўклі, і стала чуваць, як на кухні Сымон пачаў шчапаць лучыну.

— А ведаеш, Лёша, што далей з тым лётчыкам было? — гукнула Зося яму ўслед.— Калі прывялі яго да жонкі, дык ён, пакуль не разгледзеў, нават не прывітаўся з ёю.

Яна ціха засмяялася.

 

3

Твар, постаць у Зосі папаўнелі, наліліся жаночай сілаю. Але яна ведала: Аляксею пачынаюць падабацца поўныя жанчыны, і не засмучалася, што траціць сваю дзявочую зграбнасць. Калісьці, стоячы перад ім, як перад люстрам, яна з гордасцю прапаноўвала:

— Правер, Лёша, правер... Ты думаеш, я хлушу? Ну, калі ласка!

Яна крыху падцягвала жывот, а Аляксей, перахапіўшы пальцамі яе стан, стараўся, каб пальцы сышліся. Гэта было неверагодна, але пальцы сыходзіліся. Цяпер жа Зося хвалілася інакш: яна як бы з выклікам станавілася перад мужам, капрызна тупала нагою і каралеваю адплывала ад яго, дазваляючы любавацца сабою.

Аднак адчуванне маладосці не пакідала яе. Гавораць, мужчыну столькі гадоў, колькі ён адчувае сам, жанчыне ж — на колькі яна выглядае. Можа, гэта і праўда. Але, нягледзячы ні на што, Зося аставалася па-дзявочы непасрэдная. Перамены хіба былі ў тым, што яе пачыналі турбаваць і справы, якія не мелі да яе непасрэдных дачыненняў.

Неяк аднаго разу, пасля палучкі, Аляксей папрасіў жонку прайсціся з хлопцамі ў магазін.

— Яны ж калі і купяць самі, дык не будзе на што глядзець. А ты ўмееш...

Яна выбрала Цімку гальштук, блакітную кашулю, бурштынавыя запанкі; Віктару, які дасюль хадзіў у форме рамесніка або ў спартыўным мультановым гарнітуры,— сіні шавіётавы гарнітур; другім — каму што. Сама перашыла на Віктаравым пінжаку гузікі, падагнаўшы яго да фігуры, замяніла плечыкі. Наведваючы інтэрнат, завяла там свае парадкі. І з той пары Зося стала клапаціцца аб хлопцах.

Праўда, яна ніколі не высыпалася і засынала імгненна, як толькі зводзіла павекі. Але затое гэтак жа імгненна прачыналася, калі ў калясачцы пачынаў варушыцца і крактаць маленькі Лёшка.

Аднойчы Зося памагала хлопцам, якія вучыліся ў вячэрняй школе, рыхтавацца да кантрольнай работы — канчалася трэцяя чвэрць — і вярнулася дамоў позна. Дома, як звычайна без гаспадыні, ужо назбіралася процьма неадкладных спраў. Прыйшлося ўзяцца за іх, нягледзячы на тое, што гэта Аляксею было непрыемна. Наогул ён не любіў, калі Зося ўночы бралася, скажам, мыць бялізну ці падлогу, і кожны раз пратэставаў, быццам назаўтра ўсё гэта магло зрабіцца само сабою.

Яны паспрачаліся. Аднак Зося, непадатлівая ў такіх выпадках, не саступіла і, паклаўшы дзяцей спаць, памыла падлогу, а потым узялася прасаваць распашонкі, сарочкі. Яна ведала: Аляксей сярдуе, шкадуючы яе, але, як толькі яна скончыць работу, даруе ўсё, і таму не вельмі непакоілася. Наадварот, ёй гэта падабалася. У доме панавала цішыня, распашонкі і сарочкі пад прасам пахлі нечым прыемным, у суседнім пакоі мірна спалі дагледжаныя дзеці, а ў сталовай чакаў яе любы чалавек. Што яшчэ трэба было на гэты момант простай, адданай Зосі, да якой прыходзіла сталасць? Бадай нічога. Будзённыя клопаты яе ўжо не хвалявалі, і над усім панавала адчуванне, што цябе любяць і сам ты маеш каго любіць.

Калі яна прыйшла ў спальню, Аляксей ужо ляжаў у пасцелі. Зося таксама лягла і, тулячыся, стала гаварыць пра яго хлопцаў.

— Цімка па аўтамашынах памірае, вадзіць ужо навучыўся,— расказвала яна, ведаючы, што яе гаварлівасць злуе Аляксея і томіць яго.— Хваліцца, што гэта цяжэй, чым доктарам быць. Хворы доктару раскажа, што і дзе ў яго баліць, а машына нямая, сам пра ўсё здагадвайся, калі што.

Яна гаварыла і гаварыла, пакуль нездаволены Аляксей, храпянуўшы, не замармытаў, павярнуўся спінаю і задыхаў роўна. Зося заплюшчыла вочы і гэтак жа, як Аляксей, нечакана заснула.

Прачнулася яна ад таго, што варушыўся і сярдзіта пасопваў Лёшка. Не запальваючы агню, спрытна перапавіўшы сына, узяла яго да сябе на ложак і пачала карміць. Цёпленькі, ён ляжаў побач, а яна слухала, як ён цмокаў губамі.

Раптам Зосю працяў жах. Ёй здалося: нешта, ускрыкнуўшы, скацілася з ложка і пляснулася на падлогу. Анямелая ад страху, але не ўстаючы, яна скасіла вочы, каб зірнуць на Лёшку. Выпрастаная рука, якой яна абдымала яго, ляжала на падушцы,— сына на ёй не было. «Упаў і маўчыць! Божа мой!»

Каля ложка, як выцягнуць руку, стаяла калясачка. Падаючы, ён мог стукнуцца аб яе колы. «А што, калі скроняю?! Ці многа яму трэба?..» Яна ўскочыла з ложка як не свая, намацала на падлозе дзіця, падняла яго і прыклала вуха да грудзей. Не, Лёшка дыхаў.

У пакоі было цёмна — вокны спальні выходзілі ў сад, за іх шыбамі пагойдваліся голыя галінкі яблынак. Святло ішло толькі ад нерасталага снегу, які сям-там ляжаў на чорнай зямлі. Сынаў тварык бялеў невыразна, і Зося нічога не магла на ім разглядзець. Тады новыя страхі агарнулі яе. Але запальваць электрычнасці Зося не адважылася. «Што, калі раптам?..»

Асцярожна, каб не разбудзіць ні Аляксея, ні дзіцяці, яна зноў палажыла яго да сябе на падушку і лягла сама. Углядаючыся ў сына, не сплюшчвала вачэй, аж пакуль не пачало брацца на дзень. Калі ж сумненняў, што ўсё абышлося добра, ужо не магло быць, яна паспрабавала заснуць. Стала добра. І гэта, можа, якраз таму, што былі начныя страхі і што яны мінуліся.

Але спаць ужо Зося не магла. Яна асцярожна раскатурхала Аляксея, які з хвіліну, не разумеючы, чаго ад яго хочуць, лыпаў павекамі, стала гаварыць пра сына.

З яе бязладных слоў вынікала, што той абавязкова павінен быць шчаслівы. Для гэтага толькі трэба, каб ён быў здаровы, як мага больш чаго ўмеў і чым-небудзь захапіўся.

Аляксей глядзеў на жонку і, заражаючыся яе хваляваннем, пачынаў раўнаваць, сам не ведаючы да чаго, хоць бачыў: Зося, здаецца, трошкі і абабіла ся ўжо.

— Мо ўставаць будзем, га? — спытаўся нарэшце, выслухаўшы яе.— Мабыць, пара ўжо. У мяне сёння работы-работы.

 

4

А Валі было не да шчасця, хоць раней яна легкадумна і сцвярджала: ніхто і нішто не перашкодзіць ёй мець яго цэлае мора.

— А ці не замнога? — з усмешкаю дарослага, які глядзіць на дзіця,— пярэчыў Лочмель.— У жыцці яно ліміціраванае. Добра, што дарога да шчасця, Валя,— таксама ўжо шчасце...

І сапраўды, яна дасюль адчувала сябе амаль шчаслівай, хоць і думала, што самае галоўнае наперадзе. Але вось далягляды зацягнула, і колішняе адчуванне саступіла месца безвыходнасці.

Трэба было ад шмат чаго адмовіцца. У гэтым Валя бачыла адзінае выйсце. Нават калі Зося паведаміла ёй, што Васіль Пятровіч кінуў сям’ю і зноў перайшоў да Сымона, гэта нічога не змяніла: сёння перайшоў — заўтра вернецца. Ці мала такіх выпадкаў... Ён сапраўды чалавек хвіліны, і сам не ведае, на што наважыцца заўтра. Дый, наогул, усё гэта было агідна, зневажала.

Але калі Лочмель паведаміў ёй, што ў рэдакцыю паступілі карэспандэнцыі, у якіх супроць галоўнага архітэктара высунуты сур’ёзныя абвінавачванні, Валя захвалявалася.

— Пакажыце,— пасля вагання папрасіла яна.

Лочмель, прыгнечаны, выняў з шуфляды два канверты і, парыпваючы пратэзам, падышоў да Валінага стала. Потым узяў кавеньку, сказаў, што яму трэба ў машыннае бюро, і пачыкільгаў з пакоя.

Гэта нагадвала ўцёкі. Валя дрыжачымі пальцамі выняла з канверта паперы і ўпілася вачыма ў надрукаваны на машынцы тэкст. Не дачытаўшы да канца, нецярпліва адгарнула апошнюю старонку і паглядзела на подпіс — прозвішча было незнаёмае.

У лісце Васіль Пятровіч абвінавачваўся ва ўсіх смяротных грахах: і ў няправільным разуменні задач, што стаяць перад горадабудаўнікамі, і ў імкненні вырашаць горадабудаўнічыя праблемы за кошт насельніцтва, і нават у касмапалітызме і хабарніцтве.

Другая карэспандэнцыя была больш памяркоўная. Аўтар падрабязна апісваў апошняе пасяджэнне архітэктурнага савета і рабіў вывад, што крытыка там не ў пашане, воля членаў савета звязаная і ўсё вырашае капрыз галоўнага архітэктара. Успамінаўся і даўні Валін артыкул, на які Юркевіч не адказаў. «Відаць, сігналы, што падае грамадскасць, не існуюць для такіх кіраўнікоў...»

І ўсё-такі гэта мала было падобна на Васіля Пятровіча.

«Шурупаў, Шурупаў»,— пакутліва ўспамінала Валя, упэўненая, што недзе чула прозвішча.

Вярнуўся Лочмель і, як неверагодную навіну, паведаміў яшчэ ад дзвярэй:

— Рэдактар, Валя, згодзен. Ідзі і расследуй. Юркевіч варты гэтага. А заадно забяжыш на прамысловую выстаўку...

— Я? Чаму я? — здзівілася Валя, хоць ведала: прынцыповасць Лочмеля часамі была своеасаблівая.

— На жаль, мне нельга. Трэцяе пісьмо — пра мяне... А гэта, як-ніяк, твой канёк,— узняў Лочмель бровы, ад чаго на лбе ў яго сабраліся глыбокія складкі.— Праўда, ва ўсім гэтым не так ужо шмат ад горадабудаўніцтва. І таму не спяшайся, калі ласка. Помні, за тое, што мы выкрэсліваем у сябе ці другіх, не пападае... Хоць аддаць на з’ядзенне Юркевіча, вядома,— бяда...

План у Валі ўзнік сам сабою — спачатку яна зойдзе да сакратара партарганізацыі, потым загляне да Зімчука і толькі тады пойдзе да Юркевіча. Але ні першага, ні другога Валя не застала — яны былі ў гаркоме на нарадзе. Збітая з тропу, яна ўсё ж накіравалася ва ўпраўленне.

«Пагутару з імі пазней,— вырашыла,— а цяпер збяру факты і пастараюся пазнаёміцца з аўтарамі допісаў».

Разгубіўшыся, Васіль Пятровіч пасадзіў Валю ў крэсла, але сам сесці не здолеў і захадзіў па кабінеце, раз-пораз зачэсваючы назад валасы. Пачырванеўшы, як толькі Валя паказалася ў дзвярах, ён раптам збялеў. І Валя, хоць яе думкі былі занятыя іншым, усё ж заўважыла гэта і здзівілася, як доўга чалавек можа быць такім бледным.

— Якому цуду я абавязаны, што вы прыйшлі? — нарэшце спытаўся ён, нязграбна і па-старамоднаму будуючы сказ.

— Рэдакцыю газеты цікавяць некаторыя факты.

— А-а...

— Раскажыце, калі ласка, якія пытанні разглядаліся на апошнім пасяджэнні архітэктурнага савета?— сказала Валя, не гледзячы на Васіля Пятровіча.

— Вам лепш пагутарыць пра гэта з вучоным сакратаром савета. З Шурупавым.

— З Шурупавым?

Ён падняўся і падышоў да крэсла, у якім з блакнотам і аўтаручкаю сядзела Валя.

— Значыць, гэта ўжо расследаванне? Але навошта вы? — перайшоў ён на шэпт: —Валя, я прашу вас. Я малю... У імя ўсяго святога, не ўмешвайцеся ў гэтую справу! Вы нават не ўяўляеце сабе... У Понтуса сувязі... Гэта сіла. Калі хочаце ведаць, нават вашаму Лочмелю праз яго пагражаюць непрыемнасці.

— Я абяцаю, нягледзячы ні на што, быць аб’ектыўнай.

— Ды хіба я пра гэта!

Яна сядзела, трошкі схіліўшы галаву, і ён бачыў яе шыю з залацістым лёгкім завітком і прычоску — расчэсаныя на прамы рад попельныя валасы, з дзявочай стараннасцю заплеценыя ў косы. І Валя здалася яму падлеткам.

— Я ніколі не дарую сабе... Мне будзе вельмі горка, калі непрыемнасці закрануць вас.

— Мяне ці каго другога — гэта ўсё роўна. Мы занадта баімся гэтых непрыемнасцей.

— Ну добра,— адступіў ад крэсла Васіль Пятровіч,— вы маеце рацыю. Справу я ўсё роўна даводжу да ЦК. Іншага выйсця не бачу. І таму, калі ласка...— Ён выйшаў на хвіліну з кабінета, вярнуўся са скруткам ватману і з халоднай жорсткасцю пачаў выкладаць свае думкі.

Пагутарыўшы затым з Шурупавым, Валя накіравалася да Понтуса.

Шырока, быццам для абдымкаў, расставіўшы рукі, той сустрэў яе, стоячы перад пісьмовым сталом.

— А-а, прадстаўнік друку! Прашу,— па-дружбацку, фамільярна прывітаў Валю.— Голас прэсы — голас божы!

Не было сумнення: Понтус шчыра здаволены Валіным прыходам, з нечага цешыцца і з адкрытай цікаўнасцю разглядае дзяўчыну. Прапанаваўшы ёй зняць паліто, ён пазваніў у буфет і заказаў дзве шклянкі чаю з лімонам.

— І салодкага чаго-небудзь! — гукнуў у тэлефонную трубку з выглядам, нібыта заказваў Валі шчасце, якое было ў яго напагатове, і пачаў жартуючы распытваць пра работу ў рэдакцыі, пра асабістыя планы.

Ціхенька з падносам зайшла афіцыянтка ў маленькім паўкруглым фартуху, у какошніку, падобным на карону, моўчкі паставіла на стол чай, пірожныя і, кінуўшы на Валю пільны позірк, знікла.

Сталі гаварыць пра справу.

— Юркевіч — блытанік, і таму адстае,— шматзначна прамовіў Понтус, сёрбаючы чай і шнырачы вачыма.— Блытанік ва ўсім. Вы разумееце мяне?.. Хоць, можа, гэта не віна яго, а бяда. Але што зробіш. Час абганяе яго. Рэспубліка выйшла на міжнародную арэну. Галасы нашых дэлегатаў гучаць з трыбуны арганізацыі Аб’яднаных Нацый. А ён упарта не хоча зразумець, што ўсё гэта мае непасрэднае дачыненне да архітэктуры, да таго, якой павінна быць сталіца рэспублікі. Да нас ужо прыязджаюць зарубежныя дэлегацыі.— Ён яўна падказваў ёй тэзісы для будучага артыкула.— І, натуральна, горад мы будуем і для іх.

— Не, горад мы будуем для сябе,— амаль спакойна запярэчыла Валя, але як дорага, ой, як дорага каштаваў ёй гэты спакой.

— Канешне. Нам таксама патрэбна прыгажосць.

Трываць далей Валі было не пад сілу.

— На колькі мне вядома,— адсунула яна ад сябе недапіты чай,— Юркевіч зусім не супроць прыгажосці. Ён толькі не хоча, каб у ёй нешта нагадвала пацёмкінскія вёскі.

— Так? Вам вядома? — са здзеклівай прыстойнасцю прыжмурыў вочы Понтус.— Я сапраўды забыўся, што вы мелі некаторую магчымасць і ведалі яго сакрэты...

— Вы не смееце цяпер гаварыць пра гэта!

— Я наменклатурны работнік. Зразумела? — ужо насядаў Понтус.— Як старшы, я лічу неабходным папярэдзіць вас яшчэ і ў адносінах апекуна па рэдакцыі.

— Лочмеля?

— Во-во. Ён занадта любіць заграбаць жар чужымі рукамі. Дый пыса ў пушку...

Па Валінай гатоўнасці пярэчыць Понтус зразумеў: крымінал у такой справе не крымінал, калі яму не надаць палітычнага гучання. Абвінавачванні толькі тады будуць важкія, калі іх сфармуляваць палітычнай моваю, і ён дадаў:

— Класавая барацьба ішла, ідзе і будзе ісці. І дарогі яе не такія простыя. Асабліва калі маеш справу з касмапалітам або з элементамі, якія жылі на акупаванай тэрыторыі. Што рабіў Юркевічаў ціхоня пры немцах? Вы ведаеце?

— Як вам не сорамна?!

— Не стройце з сябе наіўніцу. Вы самі цудоўна разумееце, што я праўду-матку рэжу. А калі паглядзіце на сябе з боку, убачыце і матывы, якія прымушаюць вас абараняць Юркевіча... Вам вядома, напрыклад, што ён, камуніст, праз вас распачаў справу аб скасаванні шлюбу?..

Валя выйшла з кабінета знясіленая дазвання. І пакуль дабралася па даўжэзным калідоры да лесвіцы, па якой трэба было спускацца, ёй здалося: мінула цэлая вечнасць.

 

5

За белай штыкетнаю агароджай з чырвонымі сцяжкамі бурліла людское мора. Як і ўчора, асабліва многа людзей віравала каля экспанатаў аўтамабільнага, трактарнага і веласіпеднага заводаў.

Выстаўка адкрылася тры дні назад, і Валя некалькі разоў управілася пабываць тут. Яна прыходзіла сюды і тады, калі яшчэ толькі разроўнівалі, разбівалі пляцоўкі, будавалі павільёны, а потым расстаўлялі экспанаты, пасыпалі дарожкі пяском, фарбавалі станкі і прымацоўвалі да іх таблічкі. Валя спісала тут цэлы блакнот. Яе замілоўвала, што ўсё гэта зроблена сваімі рукамі, што на шэра-зялёных грузавіках і самазвалах красуецца эмблема Мінскага аўтазавода — магутны, крутахібы зубр, што агніста-чырвоны прыгажун трактар носіць назву «Беларусь», што Мінскі велазавод выпускае веласіпеды не толькі для дарослых, і яго «Ластавак» і «Арлят» хочацца пакратаць рукамі...

Трэба было сабрацца з думкамі, прыняць рашэнне, і абражаную Валю пацягнула ў гэты людскі вір. Увайшоўшы на тэрыторыю выстаўкі, яна пачала прабірацца да пляцоўкі, дзе стаялі трактары.

Мускулісты мужчына, у расшпіленай кашулі, з закасанымі вышэй локця рукавамі саджаў на сядзенне трактара русавалосую дзяўчынку, мусіць, дачку, і тая нясмела бралася за руль. Валі гэта спачатку здалося залішне вольным. Але заўважыўшы, што дзяўчынку фатаграфуе хлопец з «Лейкаю», яна ўсміхнулася сама.

Непадалёку ўзвышаўся вялізны дваццаціпяцітонны самазвал «МАЗ-205». Ён нечым быў падобны на паравоз. Нават доўгі шасціметровы цягач з паўпрычэпам выглядаў побач з ім маленькім.

Каля павільёна Галоўпромбуда Валя заўважыла Лочмеля і ўзрадавалася: з ім можна было параіцца. Баючыся згубіць з вачэй, стала прабірацца да яго, хоць яе і штурхалі, адціскаючы ўбок.

Лочмель уважліва разглядаў экспанаты: зборныя будаўнічыя канструкцыі, растворапомпы, тачкі-паўаўтаматы, узоры штучнага мармуру — светла-ружовага, зялёнага, блакітнага. Валя ўзяла яго за рукаў.

Ён уздрыгануў, але, убачыўшы яе, пасвятлеў.

— Якія багатыя колеры! — сумна кіўнуў ён на пліты мармуру, упэўнены, што Валі гэта спадабаецца.

— Багатыя,— абыякава паўтарыла яна, цяжка ўздыхаючы.— Але гэта, на жаль, толькі выстаўка, Ісак Якаўлевіч...

Ён заглянуў ёй у твар.

— Давайце абыдзем круг і пойдзем,— папрасіла Валя.— Мне неабходна параіцца з вамі.

Не спыняючыся, яны мінулі пляцоўку станкабудаўнічых заводаў, дзе, адгароджаныя чырвоным шнурам, нацягнутым на рэдкіх слупках, стаялі шэра-блакітныя станкі самых розных канструкцый. На хвіліну спыніліся каля стэндаў дыванова-плюшавага камбіната. Яркія дываны — набіўныя і жакардавыя — здавалася, гарэлі. Пераважалі кармінавыя, аранжавыя фарбы, і гэта нагадвала бабіна лета, залатую восень.

— Як можна было б хораша жыць,— сказала Валя і падалася назад: сярод людзей, якія тоўпіліся каля невялікай эстрады, дзе манекеншчыцы дэманстравалі апошнія фасоны плаццяў, ёй здалося, мільганула постаць Васіля Пятровіча. Спалохана ўхапіўшыся за Лочмеля, Валя амаль сілком пацягнула яго да выхада.

— Ну, я была там,— усхвалявана загаварыла яна за варотамі выстаўкі.— Шурупаў — нагаворшчык. Нейкі ліпучы і зусім не можа глядзець у вочы. Понтус — надзьмуты містыфікатар. Ён, безумоўна, пачне страчыць «па ўзыходзячай». Хоць яго дачыненне да заметак устанавіць і не ўдалося. Але не ў гэтым рэч.

— У чым жа? — не то сумеўся, не то здзівіўся Лочмель.

— Я азнаёмілася з яго праектамі... Справа ідзе аб архітэктуры — якімі павінны быць дамы, вуліцы...

Асцярожна дакрануўшыся да Валінага локця, Лочмель прытрымаў яе і пайшоў, мацней чым звычайна накульгваючы на пратэз.

— Нам, газетчыкам, супроцьпаказана памыляцца,— сказаў тужліва.— Сем разоў прымер і толькі тады рэж — гэта спецыяльна для нас прыдумана. Галоўнае зараз апраўдаць Юркевіча, Валя... Дый газетчык, відаць, наогул павінен больш любіць, чым ненавідзець...

Ёй захацелася крыкнуць яму, што ён ані нічога не ведае. Нават таго, што плятуць пра яго. Ён як загіпнатызаваны. А гэта толькі на руку падлюгам і кар’ерыстам, памагае ім дамагацца свайго. Тым больш калі ў іх мёртвая хватка... Але словы захраслі ў яе горле, і, не даслухаўшы Лочмеля, яна кінулася на другі бок вуліцы.

— Куды вы? Валя! Пачакайце! — з надрывам крыкнуў ён, узнімаючы рукі да неба і чыкільгаючы следам.— Выслухайце хоць спачатку. Пытанне аба мне пастаўлена ўжо на партбюро. Паднялі жончыну справу! Знаходзяць нейкую сувязь ва ўсім. Я ж касмапаліт, аказваецца. Вы чуеце?

Але Валя ўжо не чула яго. Ды ёй і ў галаву не прыходзіла, што над Лочмелем могуць згусціцца хмары і яна не хутка ўбачыць яго...

 

Яна пісала да світання.

«Лочмель — сумленны работнік. Ён рэдка памыляецца,— супакойвала яна сябе, успамінаючы размоўку, але адразу ж загаралася зноў: — Сумленны! А хіба каму лягчэй ад гэтага? Хіба праўда ў яго не абцякаемая? А чаго варты яго самаўніжэнне, жаданне, зажмурыўшыся, абысці зло?!.»

Часам у калідоры чулася шлёпанне тапачак — хадзілі суседзі. Гэта напамінала пра Веру Антонаўну, пра Васіля Пятровіча, і гнеў яе ўжо абрушваўся на самаё сябе.

Якая блізарукасць! Няма чаго ашукваць сябе — ва ўсім тут вінавата яна! Яе адносіны да Васіля Пятровіча з самага пачатку былі ганебныя.

Чаго яна дамагалася?

Дружбы? Але хто не ведае, што за дружбаю дзяўчы з мужчынам непазбежна стаіць нешта большае?

Дык што ж асляпіла яе?

Ці не тая самая ружовая бяздумнасць, у якой некалі ўпікаў яе Васіль Пятровіч? Ці не тая ружовая вера — усё павінна ісці і прыйдзе да лепшага? Валя мучылася, але пісала і пісала, хоць адно рабілася відавочна — з мінулым трэба рваць, рашуча, беззваротна. Так будзе лепш ёй, а галоўнае Васілю Пятровічу.

 

РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ

 

1

Ночы сталі халодныя, зорныя, а дні шэранькія, цёплыя — такія, якія бываюць дружнай, імклівай вясною. Сонца не відаць, яно толькі адчуваецца, але навокал усё ліецца, цурчыць. На вуліцах шмат ласкавага, рассеянага святла. У скверах пахне адталай зямлёю і мокрай карою дрэў. У лужынах купаюцца ўскудлачаныя вераб’і.

Вобліск гэтага абуджэння кладзецца на ўсё: на дахі дамоў, на цагляныя сцены з аконнымі праёмамі, праз якія відаць дымчатае, з перламутравымі прасветамі неба, на новыя жоўта-васковыя і старыя, пафарбаваныя яшчэ да Кастрычніцкіх свят, будаўнічыя агароджы. Нават вежавыя краны нагадваюць буслоў, што застылі на адной назе. Да таго ж неспадзеўкі выяўляецца: і характары ў іх розныя. Адны стаяць або важна паварочваюцца з горда паднятай стралою; другія дзелавіта пазіраюць уніз, на дом, які пачынае расці пад імі, і ў кожную хвіліну гатовы зрабіць, што загадаюць; трэція, стомлена схіліўшы стралу, чакаюць толькі аднаго — калі можна як след адпачыць. Мілыя жалезныя птахі!..

Васіль Пятровіч, які тонка адчуваў хараство гарадской вясны, у гэтым годзе быў глухі да яе гукаў і сляпы да яе фарбаў. Асабліва засмучала: у калатню з Понтусам уцягваліся ўсё новыя людзі.

Амаль адкрыта на бок Понтуса ўстаў Зорын. Гэта заўважылі многія і пры ім, каб не наклікаць бяды, пазбягалі размаўляць з Васілём Пятровічам — а раптам створыцца ўражанне, што ты блакіруешся або скрытнічаеш з непажаданым чалавекам. Дый сам Зорын пры выпадку выглядам і словам пацвярджаў: гэтак толькі яно і будзе ўспрымацца. А самі многія? Дапусціўшы раз-два такое хамства, міжволі пачыналі супрацьстаяць Васілю Пятровічу — ім жа таксама трэба было апраўдацца ва ўласных вачах. Чым? Вядома, адным — прыкінуцца і загаварыць саміх сябе: ты, маўляў, усё гэта робіш не праз рабалепства, а праз прынцыповасць. Куды цягне Юркевіч? Вядома, да прымітыўнага утылітарызму. Ён супроць творчых пошукаў таго, каб была ўслаўлена эпоха! Замахваецца на творчую нацыянальную інтэлігенцыю!..

Понтус, з свайго боку, таксама прымаў захады. Разумеючы — цяпер вельмі важна, каб навокал Васіля Пятровіча расла пустата, ён цкаваў упартых, пахвалою заваёўваў нейтральных. Галоўнае ж, палохаючы, падводзіў пад усё палітычныя абвінавачванні...

А тут яшчэ крах сям’і!

Не, распачынаць развод пры гэтакіх акалічнасцях было надзвычай неразважна. І толькі ён, Васіль Пятровіч, які і дасюль не навучыўся заключаць хаўрус з сумленнем і часта кідаў выклік лёсу, мог пайсці на такое.

Перад самым уваходам у будынак народнага суда ён пачуў фразу, якая прыцягнула яго ўвагу. Пажылы селянін у шапцы-кучомцы, у кажушку і ў валёнках з бахіламі, з кайстраю цераз плячо, казаў свайму субяседніку:

— Мая ўжо хлопцаў гукае. Вось яно як...

Гэта было сказана з бацькоўскім гонарам, з захапленнем: жыццё ідзе сваімі мудрымі і добрымі шляхамі і вунь як выкіроўваецца.

«Хлопцаў гукае»,— у думках паўтарыў Васіль Пятровіч, і яму нагадалася паездка з Валяй на возера, дзяўчына ў квяцістым плацці, якая выйшла з барку, яе заклік: «Вало-о-дзя!» і рэха, што падхапіла яго, крыху змяніўшы — «Ло-о-одзь-а-а!». І адразу, праўда, на міг свет паўстаў перад ім такім, якім быў — поўным таямніц і радасцей абуджэння.

Прыпыніўшыся на ганку, Васіль Пятровіч праводзіў позіркам селяніна з яго субяседнікам і ўвайшоў у калідор суда.

І ўсё-такі важным стала, ці ёсць у зале пасяджэнняў знаёмыя. Васіль Пятровіч прыадчыніў дзверы і зазірнуў у залу. На лаўках, што стаялі радамі, як у клубе, сядзела чалавек дваццаць незнаёмых мужчын і жанчын. А ў дальнім кутку, каля акна, стаяла Вера Антонаўна з Юркам.

Яна ўзяла Юрку! Навошта? Каб помсціць ці шукаць прымірэння? Але хіба можна быць хлопчыку сведкам таго, што павінна адбыцца тут? Хто і калі зрабіў яе такой здрадлівай і бессаромнай? Як наогул ён мог кахаць такую жанчыну?

Робячыся жорсткім, Васіль Пятровіч сеў на пустую лаўку і дастаў з партфеля газету. Але чытаць не здолеў, як ні прымушаў сябе.

Выбраўшы момант, калі ззаду нехта голасна закашляў, Васіль Пятровіч азірнуўся і глянуў у дальні кут. Апранутая нязвыкла проста, у пуховай хустцы, заколатай шпількаю пад падбародак, Вера ўжо сядзела на лаўцы, згорбленая, пакорная і ціхманая. Побач круціўся і матляў нагамі Юрка. Ён таксама заўважыў бацьку і, мусіць, просячы дазволу схадзіць да яго, тузаў маці за хустку. Васілю Пятровічу захацелася пагутарыць з сынам, прыгалубіць яго, без віны вінаватага і пакаранага.

— Юрок, хадзі сюды,— паклікаў ён так, каб было чуваць у дальнім кутку.

Хлопчык падхапіўся, але Вера прытрымала яго за руку.

Аднак праз некалькі хвілін Юрка ўсё ж падышоў. З сумнымі вачыма спыніўся перад бацькам, не ведаючы, што гаварыць і як трымаць сябе.

— Чаго ты тут?

— Мам, та...— паспрабаваў растлумачыць ён і ледзь не заплакаў.— Я даўно не бачыў цябе, тат.

— Ты, значыць, сам папрасіўся сюды?

— Не, мам...

Было відаць: многія з прысутных пазналі Васіля Пятровіча і назіраюць за ім. І ўсё-такі ён, які ночы не спаў перад тым, як апублікаваць у газеце аб’яву аб скасаванні шлюбу, забыўся на ўсё. Прыгарнуўшы да сябе сына, прыпаў да яго галавы шчакою.

— Суд ідзе. Устаць! — зычна абвясціў нехта, як здалося Васілю Пятровічу, над самым вухам.

Ён падняўся, аднак, не выпусціўшы Юркі.

З бакавых дзвярэй выйшла жанчына, двое мужчын, і, калі селі за накрыты чырвоным сукном стол, які стаяў на невысокім падмостку, аказалася: жанчына — суддзя, а мужчыны — народныя засядацелі. Жанчына, адзетая ў строгі, амаль мужчынскага крою касцюм, была яркая брунетка з маладым свежым тварам. Але, мусіць, таму што твар у яе выглядаў свежа, з першага позірку заўважалася сівізна ў валасах. Направа ад яе сеў грузны лысы стары ў гімнасцёрцы з вялікімі накладнымі кішэнямі, у фіялетавых акулярах, што падкрэслівалі старэчую бледнасць твару, на якім застыў пакутлівы выраз. Другі мужчына быў шыракаплечы, вусаты. Ён важна апусціўся на крэсла і паклаў свае вялікія кулакі на стол, нібыта гаворачы: «Ну што ж, давайце паслухаем».

«Гэты зразумее»,— чамусьці рашыў Васіль Пятровіч, і сорам, які ахапіў яго, калі паявіліся суддзі, пачаў праходзіць. Нарадзілася нават адчуванне: ён сапраўды ў звычайным рабочым клубе, дзе партрэты, заклікі, за сталом прэзідыум... Але з ім быў Юрка. Хлопчык уздрыгваў і са страхам пазіраў то на бацьку, то на тых, хто сядзеў за чырвоным сталом. Калі б можна было забраць яго да сябе! Як бы ён глядзеў тады сына, як бы засцерагаў ад будучых памылак... Але як ты гэта зробіш, калі вунь яна — некалі любімая, а цяпер чужая — шалёна падае знакі, каб сын неадкладна вяртаўся да яе?..

Першай разглядалася справа цэлай групы прайдзісветаў. Газеты рэдка друкавалі судовыя хронікі, і Васіль Пятровіч, хоць яго і мучыла ўласнае становішча, быў уражаны тым, што пачуў. Заняты работаю, ён бадай што і не падазраваў аб існаванні такога боку жыцця. І што асабліва было непрыемна — гэтыя прайдзісветы махлявалі, кралі, агіднічалі, каб быць па-свойму шчаслівымі. Шчаслівымі за кошт другіх! А ён? Ці не хоча ён, па сутнасці, пабудаваць сваё шчасце на няшчасці свайго дзіцяці?

Мучаючыся, ён пачуў спакойны голас жанчыны-суддзі, якая абвясціла, што суд пераходзіць да разгляду справы аб скасаванні шлюбу Васіля Пятровіча і Веры Антонаўны Юркевічаў.

За вокнамі пацямнела, у зале запалілі электрычнасць. Паменшала і людзей. Пасля фармальнасцей, якія Васілю Пятровічу здаліся недарэчнымі, жанчына зачытала яго заяву. І ўласная заява здалася яму недарэчнай: яна ані не перадавала таго, што стаяла за ёй.

— Магчыма, вы, грамадзянін Юркевіч, возьмеце сваю заяву назад? — спыталася суддзя, стомленым рухам рукі папраўляючы цёмныя пышныя валасы.

— Навошта? — не зразумеў ён і падумаў, што ёй няёмка называць яго грамадзянінам, што ў яе таксама ёсць муж, дзеці, і, магчыма, яна якраз успомніла пра іх.

— А што скажаце вы?

Вера ўстала і правяла далонню па твары, як бы здымаючы з яго павуцінне.

— Маёй заявы ў судзе няма, хоць вялікага шчасця я з мужам ніколі не мела.

— Значыць, вы дасюль мірыліся — і толькі? — сярдзіта бліснуў фіялетавымі акулярамі стары, але пакутлівы выраз яго бледнага твару не змяніўся.

Задаў ён сваё пытанне тым жа яхідным тонам, якім размаўляў перад гэтым з прайдзісветамі, і Васілю Пятровічу здалося: стары і на яго глядзіць, як на падсуднага.

«Што дае яму права? — падумаў Васіль Пятровіч.— Які артыкул крымінальнага кодэкса я парушыў? Якая лухта!..»

— Ён не можа ўпікнуць мяне ні ў чым! — з выклікам зірнула на мужа Вера і палажыла руку на галаву сыну.

— Вы сапраўды ўзважылі ўсё, таварыш Юркевіч? — пацікавіўся шыракаплечы вусач.

У заяве Васіль Пятровіч пра многае не пісаў. Гонар, агіда не дазволілі яму зрабіць гэтага. Ён спасылаўся на адно — жонка была для яго спадарожніца, а не друг. Яна пакінула яго ў цяжкую хвіліну і, вярнуўшыся зусім чужой, прынесла пакуты. Яны спусташаюць яго, не даюць ні жыць, ні працаваць. Ёсць жонкі-прыжывалкі. Ёсць і такія, якія лічаць, што, паспаўшы з мужам, яны гэтым самым зарабілі і на пражыццё і на права распараджацца ўсім у сям’і. Ёсць жонкі-суперніцы, якія вядуць бясконцую вайну за ўсё і немаведама за што. І Васіль Пятровіч даводзіў: тая, з якой ён жыў, увабрала ў сябе патроху ад першай, ад другой і ад трэцяй. Але пра сваё каханне да Валі і жончыну здраду ён прамаўчаў... І вось яе дзіўныя словы. Яму стала ясна, для чаго Вера ўзяла Юрку. Ведаючы натуру мужа, спадзявалася: гэтым прымусіць яго маўчаць і надалей.

— Так, узважыў,— адказаў Васіль Пятровіч, пазіраючы ўвесь час на жанчыну-суддзю, быццам апраўдваючыся перад ёю адною.— Я, дапусцім, таксама вінаваты. Але калі б людзі ведалі, як і з чаго пачынаюцца іх няшчасці! Яны, пэўна, прымалі б меры. Але ці трэба было б іх прымаць?..

— А ці не можаце вы канкрэтней? — у тон яму перапыніў стары.

— Мне здаецца, я гавару зразумела. Па-мойму, сям’я развалілася і найлепш пакончыць з ёй.

— Чаму? — бліснуў фіялетавымі акулярамі стары і, хочучы лепш пачуць адказ, прыклаў руку да вуха.

— Ды таму, што яна атручвае жыццё, не дае быць сумленным...

— Вы чамусьці ўпорна не хочаце гаварыць з судом адкрыта.

Васіль Пятровіч перавёў позірк на вусача, які сядзеў, падпёршы скроню кулаком, і, не знайшоўшы ў ім спачування, упрашальна зірнуў на суддзю.

— Вам перашкаджае сын?

Вера падхапілася з лаўкі і, узяўшы Юрку за руку, прымусіла ўстаць і яго. Бледная, з грымасаю пагарды, выгукнула драўляным, не сваім голасам:

— Я не маю нічога супроць! Ён таксама абрыднуў мне, я ненавіджу яго. Я даю яму поўную волю!

З будынка суда ён выйшаў, хістаючыся, як п’яны. Мінуў кварталы са два і толькі тады са здзіўленнем заўважыў, што ідзе куды трэба.

На вуліцы ўжо гарэлі ліхтары. Тратуары па-вячэрняму былі мнагалюдныя. На рагу праспекта і Камсамольскай, дзе цяпер узвышаўся пяціпавярховы гмах з паўвежаю і гарадскім гадзіннікам, ён, халадзеючы, убачыў Валю. Яна ішла з незнаёмымі яму хлопцамі. Хлопцы смяяліся, а яна згодна ківала галавою. Параўняўшыся з Васілём Пятровічам, глянула на яго і прайшла міма з утаропленымі перад сабою вачыма.

А навокал гаспадарыла вясна. І хоць неба, як усе апошнія ночы, было чыстае, зорнае, недзе капала, хлюпала і цурчала.

 

2

Цяпер асталося адно чакаць і працаваць.

Абласны суд скасаваў шлюб, і Вера катэгарычна забараніла Васілю Пятровічу сустракацца з сынам. Каб не рваць яго сэрца напалам, Васіль Пятровіч паслухаўся і, баючыся сустрэць Юрку выпадкова, стараўся абходзіць гасцініцу. Але, калі пачуў: Вера ад’язджае ў Маскву, усё ж паехаў на вакзал развітацца. Ходзячы між мармуровых калон вестыбюля, аднак, так і не адважыўся падысці да Веры і Юркі, якія да прыходу поезда бавілі час у зале для чакання. Каля іх стаялі знаёмыя чамаданы ў парусінавых, з чырвонай акантоўкаю чахлах. Юрка двойчы бегаў да буфета піць газіраваную ваду з сіропам, і ўсё гэта чамусьці было Васілю Пятровічу балюча.

Ён, магчыма, наогул не падышоў бы, каб ля іх не паявіўся Понтус. Пацалаваўшы руку Веры і паляпаўшы Юрку па спіне, Понтус стаў нешта горача гаварыць. У гэты момант дыктар стомлена, у нос, абвясціў па радыё, што цягнік Вільнюс — Масква прыбывае і будзе стаяць на першым пуці. Купіўшы перонны білет, Васіль Пятровіч разам з пасажырамі выйшаў на платформу.

Вера і сын стаялі ўжо ў чарзе каля вагона. Пры іх, з чамаданамі ля ног, быў і Понтус. Падагрэты яго прысутнасцю, Васіль Пятровіч падышоў да сына, узяў яго за руку і моўчкі адвёў убок. Ён выглядаў занадта рашуча, і Вера не асмелілася запярэчыць, а толькі дэманстратыўна павярнулася да Понтуса і загаварыла з ім, нібыта нічога не здарылася.

Калі поезд пайшоў і Васіль Пятровіч накіраваўся дамоў, на Прывакзальнай плошчы яго нечакана дагнаў Понтус.

Што на гэта штурхнула яго, спрактыкаванага і разважлівага? Парыванне? Адчутая нанава небяспека, якая цягне да сябе, як прорва? Думкі, што цяпер, калі паехала Вера, прымірэнне стала больш магчымым? Стаўка на ідэалізм і наіўнасць праціўніка? Бессаромнае жаданне праверыць яго нервы і апошнія намеры? А можа быць, тупая пераконанасць — прыстрашыць і папярэдзіць ніколі не шкодзіць?..

— Паслухайце,— сказаў ён, крыху забягаючы наперад,— я даўно хацеў пагутарыць з вамі тэт-а-тэт. Давайце будзем мужчынамі! Справа ж мінулая.

— Чаму? — пытаннем адказаў Васіль Пятровіч, не спыняючыся.

— Цяпер нам няма чаго дзяліць.

— Хто вам сказаў?

— Вы паставілі сябе ў цяжкае становішча. На што вы яшчэ спадзяецеся?

— На праўду.

— Пасля ўсяго?

— Вось іменна! — урасцяжку сказаў Васіль Пятровіч і адчуў, што калі Понтус не адчэпіцца, ён кінецца на яго з кулакамі або зробіць якое-небудзь іншае глупства.

Гэта неяк перадалося Понтусу. Ён грэбліва скрывіўся і з выглядам чалавека, вольнага ў сваіх учынках, крута павярнуў да сваёй машыны, што ехала следам за ім.

Меў Васіль Пятровіч размову і з Валяй.

Харчаваўся ён цяпер у сталовых. Часцей за ўсё хадзіў у гарсаветаўскі буфет, дзе можна было паабедаць. Буфет някепска забяспечваўся, яго наведвала не надта многа людзей. Васіль Пятровіч нагледзеў сабе і месца — у кутку, каля шыракаліснага фікуса са зрэзанай верхавінаю. Ён нечым імпанаваў яму, дый стол у кутку часта аставаўся вольны. Гэтым разам Васіль Пятровіч, як і звычайна, сядзеў і чытаў газету. А калі адклаў яе ўбок і ўзяўся за лыжку,— афіцыянтка прынесла страву,— раптам насупроць сябе ўбачыў Валю. Адкрыўшы сумачку, тая капалася ў ёй.

Ён чакаў: Валя збянтэжыцца або, ва ўсякім разе, здзівіцца. Але яна паспешліва засунула назад блакнот, што была выцягнула з сумачкі, і, павесіўшы яе на спінку крэсла, спакойна прывіталася.

— Вунь дзе вы, аказваецца, абедаеце...

Буфет быў у цокальным паверсе. Святло скупа пранікала сюды, і тут заўсёды гарэла электрычнасць.

Святло залаціла попельныя Валіны косы і мякка адцяняла яе твар. Навокал лунаў прыглушаны гоман. За буфетнай стойкаю ля касы, што вурчала пры кожным павароце ручкі, у вышыванай блузцы і карункавым какошніку стаяла буфетчыца. На зашклёных паліцах былі выстаўлены бутэлькі шампанскага з серабрыстымі галоўкамі, каробкі цукерак, круглыя бляшанкі з халвою, пліткі шакаладу. І гэта як бы клала на Валю свой водблеск. А магчыма, усё гэта было проста фантазіяй Васіля Пятровіча — чалавека не асабліва ўдачлівага, але прагнага ў імкненні адкрываць хараство.

Ён ніколі сам-насам не сядзеў за адным сталом з Валяй. Яго многія не зразумеюць, але мужчыны, якім за сорак, пэўна, падзеляць яго адчуванне — на Васіля Пятровіча павеяла сямейнай утульнасцю.

— Кажуць, тут смачна гатуюць і няма чаргі. Праўда? — спыталася Валя.— Мне вельмі зручна сюды хадзіць. Зусім блізка.

— Я даўно хацеў падзякаваць вам за артыкул,— сказаў Васіль Пятровіч, ніяк не могучы прымусіць сябе пачаць есці.

Яго словы спалохалі Валю. Напалохалі тым, што яна раптам не вытрывае і ён здагадаецца: ёй хочацца засланіць яго сабою, узяць адказнасць за добрыя адносіны з Лочмелем на адну сябе і давесці гэтым, што Васіль Пятровіч тут ні пры чым. Дый наогул ніякіх блізкіх адносін у яе з Васілём Пятровічам няма і не было. Яны чужыя людзі. І калі трэба каго караць, дык толькі яе.

Але як ты гэта зробіш, калі Васіль Пятровіч выкрые яе гульню? Хіба ён згодзіцца на гэта? Хіба ў крыўдзе і лютасці не наробіць глупстваў, якія будуць на руку Понтусу і яго сябрам?.. Не, не! Няхай лепш ужо думае, што яна адвярнулася ад яго ў цяжкую хвіліну. Можа быць, калі-небудзь і зразумее...

— Але ж артыкул не надрукавалі,— як пра нешта нязначнае сказала яна.

— Затое пераслалі ў ЦК. А гэта, дапусцім, таксама важна.

— Мне падабаецца тут у вас. Глядзіце, нясуць і мне,— не даўшы яму гаварыць далей, паказала Валя на афіцыянтку, якая выходзіла з падносам з кухонных дзвярэй.

Нішто — ні Валіна варожасць, ні яе абурэнне або гнеў — не ўразілі б так Васіля Пятровіча, як гэтая лёгкая, як здавалася яму, абыякавасць.

«Значыць, канец,— падумаў ён.— Няўжо канец?..»

Аставалася толькі адно — работа.

Горад рос, прыгажэў, і Васілю Пятровічу здавалася: вось-вось — яшчэ крыху намаганняў, вытрымкі — і можна будзе з палёгкаю ўздыхнуць. Цябе зразумеюць, і здрадлівыя захады непрыяцеляў стануць нястрашныя — на іх можна будзе глядзець з вышыні дасягненняў. Можа быць, зразумее і Валя. Толькі хутчэй, як мага хутчэй трэба дасягнуць гэтай запаветнай мяжы, за якой пачынаецца сапраўдная творчасць, а значыць, нягледзячы ні на што,— і шчасце. І хоць ён, Васіль Пятровіч, нехлямяжы і няспрытны шмат у чым, яно абавязкова прыйдзе. Толькі неабходна зрабіць яшчэ гэта і гэта... Не можа ж так вечна цягнуцца... І Васіль Пятровіч спяшаўся, беручы пад асабісты кантроль нават будоўлі.

 

3

Аднак часамі яму рабілася страшна. А што, калі акалічнасці акажуцца мацнейшымі за яго? Тады і зробленае пойдзе ў глум, прахам. Замест цябе паявіцца які-небудзь дзядзька і, здзекаваючыся, даводзячы, што ты і твае задумы — нішто, пачне перарабляць усё па-свойму. Ён абавязкова стане так рабіць ужо таму, што яму трэба будзе сцвердзіць сябе. Таму што — ужо так павялося! — усякае сцвярджэнне пачынаецца з адмаўлення папярэдніка, які пацярпеў паражэнне...

Падымаючыся па сходцах, Васіль Пятровіч заўсёды адчуваў непакой. Яны здаваліся яму ненадзейнымі, як і наспех зробленыя поручні, за якія прыходзілася трымацца. Само ўсведамленне, што пад нагамі хісткія дошкі, было непрыемнае. Не любіў ён і глядзець з вышыні, баяўся яе: глыбіня, як магнітам, цягнула ўніз. І калі Алешка ўзлез на сцяну, павярнуўся спінаю да вуліцы, разгарнуў папку і пачаў тлумачыць, як ідуць работы, Васіль Пятровіч папрасіў:

— Злезьце, калі ласка, злезьце...

Алешка іранічна прамаўчаў, прайшоўся туды-сюды па сцяне і нечакана зарагатаў:

— Мы звыклыя, таварыш архітэктар, нашы кабінеты на рыштаваннях!

Думаючы аб сваім пераемніку-пераможцу, Васіль Пятровіч падышоў да сцяны і глянуў уніз. На зямлі завіхаліся рабочыя. Іх рухі і самі яны здаліся яму нязграбнымі: той, хто ішоў, неяк на бакі выкідаў ногі, а хто працаваў стоячы, смешна ўзмахваў рукамі.

— Злезьце, я прашу вас,— паўтарыў ён, са здзіўленнем здагадваючыся, што Алешка хоча паздзекавацца з яго: «І гэты туды ж...»

Алешка цераз плячо таксама зірнуў уніз і, як бы робячы спартыўнае практыкаванне, пачаў прысядаць на адной назе, выцягнуўшы ўперад рукі з папкаю.

— Спыніце камедыю! — не верачы ўжо ў сілу сваіх слоў, абурыўся Васіль Пятровіч.

Алешка саскочыў на падмосце і з паднятай галавою стаў перад ім.

— А чаго, уласна, вы на мяне крычыце? — ашчэрыўся, не хаваючы варожасці. Смуглы твар у яго стаў нездаровы — такі, як бывае ў загарэлых людзей у туманныя дні.— Тут не ваша вотчына, а я не Валька!

— Не кажыце глупства,— апешыў Васіль Пятровіч.— Як я магу крычаць на Верас?

— Мы, мора шырокае, не хлапчукі,— ухмыльнуўся Алешка,— разумеем тое-сёе. І калі хочаце, я прызнаюся вам... Мне калісьці надта хацелася сустрэцца з вамі без сведак. Я нават па вуліцах сланяўся. Але то вас не было, то я быў цвярозы.

Словы пра Валю заўжды рабілі ўплыў на Васіля Пятровіча. Алешкіны ж словы проста ўразілі яго. Уразілі так, што ён прапусціў па-за ўвагаю іх абразлівы сэнс. Хлопец адкрыта загаварыў пра сваё колішняе, а можа быць, і цяперашняе каханне!

— Ну, ну...— падагнаў яго Васіль Пятровіч, уздыхнуўшы.— Але я мушу сказаць, што вы спазніліся...

— Паданне свежае, вядома... А зрэшты, і любіць яе няма за што. Думаеце, чысціня ў ёй ёсць? Мура. Нехта выдумаў яе, а яна падслухала, як выдумлялі, і іграе сябе такой... Каму не хочацца, каб у яго ўсё добра было? Няма такіх дурняў. А паспрабуй, каб у маім становішчы так было. Таму і цягнуўся да яе...

Ён разгарнуў папку і тут жа, нешта пераадолеўшы ў сабе, рэзкім рухам бахнуў ёю, як хлапушкаю.

— Давайце лепш пра работу пытайцеся, пакуль ахвоту не адбіла і я трымацца яшчэ магу.

Падышоў Аляксей, прывітаўся. Убачыўшы, што яны маўчаць, з іроніяй загаварыў сам:

— У мяне да вас, таварыш Юркевіч, пытанне ёсць. Вось вы праектуеце дамы, а мы іх будуем. Але чаму вы не думаеце аб нас? Я, скажам, мурую сцены. У мяне, вядома, свая задача. Але мы не забываемся і на тынкоўшчыкаў, якія пасля нас будуць тут завіхацца. Іначай гэта дорага СМУ абыдзецца.

Прахрыпеў сігнал вежавага крана. Кран горда зрушыўся з месца, і страла яго пачала паволі паварочвацца. Кантэйнеры з цэглаю паплылі ў паветры, апісваючы прыгожую дугу.

— Дапусцім,— адказаў Васіль Пятровіч, назіраючы за стралою і думаючы аб Валі.— Але ў людзей апрача агульных ёсць яшчэ і свае інтарэсы, Аляксей.

Не, ён не мог, як Алешка, адмовіцца ад Валі, не мог і забыць яе. Валін вобраз жыў у ім, мучыў, памагаў і перашкаджаў жыць. Цяпер ужо недарэчнымі здаліся і ўласныя думкі пра непадзельнае каханне, якія мучылі ў той мяцельны вечар, калі яны з Валяю вярталіся з перадвыбарчага сходу. Кахаць можна і здалёк! Можна не сустракацца з каханай, і наогул не бачыць яе, абы толькі ведаць, што яна ёсць, жыве, што некалі ты яе ўбачыш. Яна будзе радніць цябе з навакольным светам, дзякуючы ёй ты мацней адчуваеш яго хараство. Свет абяднеў бы, каб пагасла зорка Венера, хоць яна нікога не грэе і ніколечкі не прыбаўляе святла на Зямлі. Дый жыць стала б цяжэй, калі б пагасла яна... Каханне ўжо само па сабе — найвялікшае шчасце, якое якраз, можа, і заключаецца ў самаадрачэнні, у служэнні вялікаму...

Праверыўшы, ці няма адхіленняў ад праекта і ці не парушаны тэхнічныя нормы, не заўважыўшы нейкага хітра ўрачыстага настрою ў Аляксея, Васіль Пятровіч пайшоў з будоўлі ўсхваляваны. Крочыў шпарка, махаючы партфелем, не выбіраючы сушэйшай дарогі. Другім разам ён абавязкова спыніўся б каля пусткі, дзе разбівалі сквер, пастаяў бы, паглядзеў. Тым больш, здаецца, гэта быў суботнік і працавалі служачыя нейкай установы: вельмі ўжо стракатае было адзенне, хапатлівыя рухі, многа гоману і мала парадку. Але цяпер, калі, як хацелася верыць, перад ім адкрылася новае выйсце і жыццё набыло новы сэнс, яго нястрымна цягнула ісці і ісці. Узрушанаму чалавеку, як вядома, лягчэй думаць на хаду.

Калі ён прыйшоў да сябе ва ўпраўленне, сакратарка, быццам па сакрэту,— а так яна паведамляла толькі пра важнае,— перадала яму, што званілі з ЦК і прасілі заўтра ў чатыры нуль-нуль быць у Першага.

У гэтым не было нічога незвычайнага — у ЦК рыхтавалася пастанова аб будаўніцтве і добраўпарадкаванні Мінска,— але Васіль Пятровіч заўважыў трывогу ў вачах сакратаркі.

«Значыць, мая справа. Ніна не памыліцца...» — сумеўся ён і палічыў патрэбным супакоіць яе.

— Нічога, Ніна Сямёнаўна, усё к лепшаму. Паверце мне...— Але хто ведае, магчыма, супакойваў ён самога сябе, бо ўспомніўся Зорын, а з ім і падзеі апошніх дзён. Апрача таго, было ясна: толькі там можа быць сцверджана яго перамога або паражэнне. Толькі там вырашаліся падобныя канфлікты.

 

4

Васіль Пятровіч увайшоў у кабінет сакратара ЦК і здзівіўся: у кабінеце сядзелі Понтус, Зімчук і Урбановіч.

«Понтус і Зімчук — зразумела, але чаму Урбановіч?»— здзіўляючыся ўсё больш, падумаў Васіль Пятровіч і, каб не вітацца з начальнікам упраўлення за руку, пакланіўся ўсім.

Сакратар размаўляў з Аляксеем і, не спыняючы гутаркі, адышоў бліжэй да пісьмовага стала — не захацеў стаяць спінаю да Васіля Пятровіча.

— Вы кажаце, эканоміць? — пытаўся ён, пасмоктваючы люльку і прыглядаючыся да Аляксея.— Эканоміць дзеля другіх?

— А няўжо ж не,— узмахнуў той рукамі, якія дагэтуль напружана трымаў на каленях.— Ты муруеш сцяну, не пільнуеш вертыкалі. Тынкоўшчыку тады, каб выраўняць яе, разы ў два болей трэба пакруціцца. Гэтак жа і нам, калі заводы нестандартную цэглу даюць...

Понтус сядзеў моўчкі і, здаецца, не бачыў, што адбывалася перад ім. Але Васіль Пятровіч адчуў, якіх намаганняў каштуе яму гэтая пачцівая здранцвеласць. Парадзелая пасма валасоў, што ўкрывала яго лысіну, быццам прыліпла да яе. На скронях маршчынілася пабабленая скура, твар асунуўся, памярцвеў. Толькі пальцы на правай руцэ, якія ўвесь час варушыліся, нібы нешта сціскаючы, сведчылі: ён імкнецца быць ранейшым.

О, як ненавідзеў яго Васіль Пятровіч! Ягоную вытрымку, спрактыкаванасць. Ён не пашкадаваў бы сябе, каб толькі вывесці яго на чыстую ваду.

— Яно сэканомілі б і яшчэ больш,— гаварыў далей Аляксей.— А то прыдумваеш, вынаходзіш, а наткнешся на які-небудзь выбрык, і стоп машына. Па руках і нагах звязваюць. Колькі гэта каштуе нам! А дзяржаве! Няўжо тут узгадніць нельга?

— Гэта вы ў архітэктараў спытайцеся,— усміхнуўся сакратар, сядаючы за пісьмовы стол.

Усе адразу сталі афіцыйнымі, як на нарадзе. Сакратар заўважыў гэта і зноў устаў.

— Ну,— звярнуўся ён да Понтуса,— адкажыце, калі ласка.

— Архітэктура — мастацтва,— прамовіў той прастуджаным голасам, аднак шматзначна моршчачы пераноссе.

— Але робяць гэтыя творы мастацтва яны,— сказаў Зімчук, паказваючы на Аляксея.— І ў іх жывуць!

— Аднак архітэктурныя творы ўсё роўна астаюцца мастацкімі...

— А вы як думаеце? — павярнуўся сакратар да Васіля Пятровіча.

— Па-мойму,— пачынаючы разгадваць новы манеўр Понтуса, адказаў той,— агульныя фразы заўсёды астаюцца фразамі.

— І тады, калі называюцца перакананнямі? — не маргнуў вокам Понтус.

Ён яўна нацягваў на сябе тогу барацьбіта за ідэю. Гэта было выгадна ва ўсіх выпадках: пры перамозе падымала яго на яшчэ вышэйшы п’едэстал, пры паражэнні — зводзіла віну да тэарэтычных памылак. Чалавек трапіў у палон ідэі, захапіўся, ну і... Выходзіла, што такога чалавека трэба караць — калі толькі варта караць — за яго неабачлівае захапленне. З другога боку, ён як бы падкрэсліваў гэтым, што яго думкі не толькі ягоныя, а вырастаюць з непахісных, асвячоных практыкаю думак, падымаць руку на якія могуць адны безадказныя людзі.

— Я папрасіў бы Юркевіча адказаць,— дадаў Понтус, нібыта ўсё, што казаў той, не датычыла яго,— як ён ставіцца да праектаў, адзначаных прэміямі.

— Як?..— падняўся Васіль Пятровіч, забываючыся на этыкет (яму ўсё станавілася хоць бы што).— На жаль, шмат у чым ёсць і мае віны...

— Вось і набярыцеся мужнасці, раскажыце, як блыталі і пятлялі.

Понтус таксама быў асмеліўся ўстаць, але спахапіўся і зноў скамянеў у пачцівай позе. Яму важна было захапіць ініцыятыву, каб самому накіроўваць спрэчку, нічым не выказваючы, як халадзее, трымціць і ные нутро.

Аднак сакратар разгадаў яго.

— Я пазнаёміўся з вашымі, Ілья Гаўрылавіч, праектамі і дакладной,— запыхаў люлькаю, папраўляючы нагою дарожку.

Понтус крыху ажыў.

— Я не лічу свае праекты дасканалымі.

— Гэта ўжо абнадзейвае. Але справа тут больш сур’ёзная. Ваша прыгажосць не ў ладах са многім.

Яна, бачыце, перашкаджае людзям змагацца за дабрабыт — свой і другіх.

— Во-во! — горача падтрымаў Аляксей.

— Яна не ў ладах з карысцю, з сучаснымі формамі арганізацыі працы на будоўлях. Гэта значыць — перашкаджае дыхаць. Дык якая гэта прыгажосць?

Твар у сакратара наліваўся гневам. Васіль Пятровіч здзіўлена глянуў на яго і міжвольна адступіў на крок. Ён чакаў: гэты гнеў зараз абрушыцца і на яго. Ды ні страху, ні слабасці не адчуў.

«Няхай,— з нейкім нядобрым пачуццём, адрасаваным сабе, падумаў.— Важна, што Понтус, здаецца, ужо не выкруціцца...»

Твар у сакратара пылаў яшчэ абурэннем, калі ён павярнуўся да Васіля Пятровіча.

— Лягчэй зразумець чалавека,— сказаў чуць спакойней,— які, вярнуўшыся ў родны горад, жахнуўся з таго, што ўбачыў, а потым загарэўся — краіна прапанавала яму збудаваць горад нанава. Як яго будаваць? Безумоўна, каб ён быў найпрыгажэйшы, куды лепшы, як раней. Бо раней у яго не было і подзвігу, роўнага таму, што зрабіў ён у вайне. Горад павінен быў як бы стаць помнікам славы сваёй і народнай. І — што там праца, што там выдаткі! Хіба можна іх шкадаваць дзеля такога? Праўда, людзі туляцца ў сутарэннях, у зямлянках. Не хапае ні святла, ні вады. Але хіба прывыкаць нашым людзям да цяжкасцей. Перажывуць, вытрымаюць. Затое потым!.. Не ўлічыў чалавек і яшчэ аднаго: калі ўжо ўзвялічваць мінулае, дык узвялічваць яго не ў камені, а ў шчасці жывых...

Было ясна: сакратар гаварыў пра яго, Васіля Пятровіча! Іменна адсюль пачыналіся ягоныя нягоды і сумненні. Але праз горыч усведамлення гэтага прабівалася і радасць: ён усё-такі, здаецца, ішоў да ісціны. І доказ гэтага — яго барацьба з Понтусам.

— Гэта праўда,— прызнаўся ён, не баючыся ўжо здацца нясціплым і не саромеючыся сваёй радасці праз тое, што небяспека, хутчэй за ўсё, мінулася.

— Цікава было б паглядзець, што робіцца ў іншых гарадах,— падказаў Зімчук, разумеючы — пытанне яшчэ не вырашана.

— Слушна,— згадзіўся сакратар.

— Дарэчы, неўзабаве ў Сталінград едуць нашы будаўнікі.

— Тым лепш...

Выйшаў Васіль Пятровіч з кабінета разам з Аляксеем. Спускаючыся па лесвіцы, штурхаў яго плячом, крочыў поруч без звычайнай няёмкасці. Выходзіла надта цікава: іх спрэчкі паміж сабою ўдарылі па трэцім, а яны самі апынуліся як бы ў адным лагеры.

На ганку будынка ЦК ён рассмяяўся і сціснуў локаць Урбановіча.

— Вось як можа ўсё выйсці, Аляксей! Бачыш, як сілы пераразмеркаваліся. Дзіўна нават...

На рагу разбіралі белую мураванку, дзе яшчэ ўчора змяшчаліся бюро прапускоў ЦК і камітэт Чырвонага Крыжа.

Дах, столь ужо былі разабраны, і рэшту іх грузілі на машыны. Побач стаяў і вуркатаў экскаватар. Калі адна з машын пад’ехала бліжэй, ён падняў стралу і кінуў яе ўніз — пад падмурак. Потым намогся, скрыгатнуў зубастым каўшом па цэгле, і сцяна, нахіліўшыся, пачала валіцца. Але як яна ўпала, ні Васіль Пятровіч, ні Аляксей не ўбачылі — схаваў руды клубкаваты пыл, што быццам выбухнуў насустрач.

 

РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ

 

1

Прыйшлося адмовіцца ад заўсёдашняга партфеля і ўзяць чамадан. Паездка магла заняць з тыдзень: тры-чатыры дні на дарогу і столькі ж на агляд горада, на сустрэчы са сталінградскімі архітэктарамі. Апрача асабістых рэчаў трэба было захапіць альбомы з фотаздымкамі Мінска, матэрыялы, патрэбныя для заключэння дагавора, і давялося браць чамадан.

Паездка мелася быць цікавай. Васіль Пятровіч пабывае ў горадзе, авеяным славаю. Пазнаёміцца з новымі людзьмі, з іх работаю, планамі. Здолее многае супаставіць. Добра і тое, што ён едзе з будаўнікамі, будзе хадзіць з імі на будоўлі. Некалі яму таксама здавалася: паміж людзьмі розных прафесій існуе непрымірымасць. Непрымірымыя шафёры і аўтаінспектары, хірургі і тэрапеўты, архітэктары і будаўнікі. А хіба гэта непазбежна? Не, згода можа быць, толькі неабходна адкінуць прафесійныя забабоны, падняцца над імі. Бо мэта ва ўсіх адна. Чалавеку трэба быць універсальным. Шафёр павінен умець паставіць сябе на месца аўтаінспектара, хірург — тэрапеўта. Тады б людзі менш памыляліся, лепш працавалі. Служылі б не сабе, не сваёй прафесіі, а народу. І ён, Васіль Пятровіч, будзе паслядоўны ў гэтым... А Волга! Ён убачыць яе, магутную. Кажуць, шалёныя ліўні і тыя бяссільныя падняць узровень на які міліметр!

Склад дэлегацыі будаўнікоў Васіль Пятровіч ведаў. У Сталінград ехалі Урбановіч, Прыбыткоў, тынкоўшчык Зуеў, галоўны інжынер першага трэста і прадстаўнік БРК прафсаюзаў. Хто, цікава, трапіць у яго купэ, апрача Дымка? Лепш, каб хто-небудзь спакайнейшы і сталы. Дарога — падарожжа ў новае. Нідзе чалавек так шмат не ўбірае ў сябе, як у дарозе. Няхай толькі ў цябе будзе прагнае сэрца ды нешта накопленае раней...

Сустрэўшыся з Дымком на пероне, Васіль Пятровіч, узбуджаны, увайшоў у вагон. Бокам пачаў прабірацца па вузкім калідоры, несучы перад сабою чамадан, перакінуты цераз руку пыльнік і не зусім ахвотна прапускаючы тых, хто праводзіў знаёмых і цяпер спяшаўся выйсці.

Іх купэ, як выявілася, было апошняе. Васіль Пятровіч прайшоў у канец вагона і з цікаўнасцю зазірнуў у прыадчыненыя дзверы. Але тое, што ён убачыў, прымусіла яго паставіць чамадан на падлогу: ля століка стаяла Валя, а на лаўцы, справа, сядзеў барадаты Прыбыткоў. Валя цягнулася да акна і некаму ўсміхалася, ад чаго губы яе прыадкрыліся і сталі відны роўныя белыя зубы, якія ён так любіў. Дый уся яна, з упартым ілбом, ружовым маленькім вухам, з густымі, завязанымі ў вузел валасамі, у лёгкім дарожным плацці, здавалася яму асаблівай — такой, якой бываюць закаханыя. Васілю Пятровічу захацелася пабачыць, каму яна так усміхаецца. Але для гэтага трэба было стаць з ёй поруч, крануцца яе, магчыма, спалохаць...

Здагадаўшыся, што ён перажывае, Дымок сам унёс рэчы ў купэ, узяў з яго рук капялюш, пыльнік і недзе іх схаваў, пачаў знаёміцца з Прыбытковым.

Словы Дымка звярнулі ўвагу Валі. Яна махнула рукою ў акно і павярнулася. І зноў дзяўчына здалася незвычайнай. Але нешта і ўзмацняла гэтае ўражанне. Васіль Пятровіч падумаў аб гэтым і здагадаўся: на Валіных грудзях вісеў ордэн Чырвонага Сцяга.

— Я з вамі спецкорам,— растлумачыла яна, падаючы руку, абцягнутую вузкім манжэтам ля самага запясця.— Памог нехта, і вось паслалі...

Молада загудзеў паравоз. Бразнулі буферы, і поезд плаўна крануўся з месца. Па другім пуці праходзіў сустрэчны таварны, ад якога неслася навала гукаў. Праз адчыненыя дзверы і акно ў калідоры Васіль Пятровіч убачыў імклівыя, чырвоныя вагоны, і яму здалося: рухаюцца толькі яны, а іх поезд, як і раней, стаіць... Васіль Пятровіч перавёў позірк на Валю. Яна ўсё яшчэ цягнулася да акна. Міма праплыў будынак вакзала. Але ўражанне, што поезд стаіць, не знікала — адплываў вакзал, а поезд стаяў.

З гэтага моманту Васіль Пятровіч страціў звычайнае адчуванне рэальнага. Ён усведамляў, што адбывалася навокал яго, сачыў за гэтым, але, як глухі, не ўсё разумеў. Прыйшла правадніца, паслала на верхняй лаўцы пасцель, і Прыбыткоў, крэкчучы, палез туды і адразу павярнуўся тварам да сцяны. Васіль Пятровіч заўважаў увогуле ўсё, што рабіў Прыбыткоў,— і як распранаўся, і як залез на лаўку, і як крактаў, нават заўважыў, што ў яго валасатыя грудзі,— але ніяк не мог уцяміць, як Прыбыткоў мог усё гэта рабіць цяпер.

Зноў прыйшла правадніца, прынесла чатыры шклянкі чаю ў латунных падшклянках, пачак пячэння ў празрыстым цэлафане, і Дымок адразу пачаў выцягваць са свайго чамадана загорнутыя ў газету пакуначкі. Запрасіў паспытаць Васіля Пятровіча і Валю хатніх прысмакаў, а калі тыя адмовіліся, не спяшаючыся, з апетытам узяўся знішчаць смакату сам. Гэтага Васіль Пятровіч таксама не мог уцяміць, хоць Дымок і растлумачыў: «Я ў дарозе ем, як вол, да адвалу».

Пасля ў купэ заявіўся Аляксей Урбановіч і прапанаваў згуляць у карты. Усе згадзіліся. Дымок і Аляксей палажылі на калені чамадан. Васіль Пятровіч часта памыляўся. Гэта смяшыла Валю, з якой Васіль Пятровіч гуляў на пару, і цешыла Аляксея, які моцна пляскаў картамі па чамадане, некалькі разоў выцяўся пальцамі аб яго край і потым смешна дзьмуў на руку. Але тут жа зноў загараўся азартам, хапатліва зграбаў біткі і бясконца выгукваў адно і тое ж: «Зараз вы будзеце выглядаць бледна!», «Мазілы!», «Дазвольце праверыць вашы дакументы!»

Пстрыкнула ў рэпрадуктары, схаваным у падстаўцы настольнай лямпы. Дыктар, прывітаўшыся, строга сказаў:

— Грамадзяне пасажыры, вагон — ваша часовае жыллё...

Гэтыя словы і музыка, якая раптам напоўніла купэ, прымусілі Васіля Пятровіча схамянуцца. Кранула не строгая дыктарская добразычлівасць, не бравурны марш і не словы «ваша жыллё», а азначэнне «часовае». Так, усё гэта часовае. Ёсць і хутка мінецца.

— Хопіць, таварышы,— сказаў ён і, як яго ні ўгаворвалі, адсунуўся ў куток. Расхінуўшы аранжавыя фіранкі, са смуткам стаў глядзець у акно.

Пад аднастайны перастук колаў за акном праносілася даўно-даўно знаёмае: суцэльная стужка падстрыжаных елак і тэлеграфныя слупы, якія адбягалі быццам аглядаючыся. Яны то ўзнімаліся, то апускаліся ўпоравень з насыпам, і драты іх лінавалі то неба, то зялёную агароджу з елак. Часам агароджа перарывалася, і тады развінаўся прастор — узгоркаватае поле, зялёны поплаў з ручаём, аброслым купчастай лазою, далёкі і блізкі лес.

— Прыедзем у Сталінград,— гаварыў Дымок,— пакланюся яму і перш-наперш пайду па вуліцах адзін. Пагляджу, пастараюся зразумець. Так? Расказваюць, што пасля баёў там доўга не было ні галак, ні вераб’ёў. Птушкі пакінулі горад! Вы ўяўляеце?

— Ага,— пацвердзіла Валя.

— Людзі, якія аднаўлялі трактарны, жылі ў палатках перад заводскімі варотамі. Але спалі часцей там, дзе працавалі. Зімовымі халадамі ў наспех збудаваных цэхах раскладалі вогнішчы. Яны гарэлі днём і ноччу. За копаццю, дымам амаль не было відаць электрычных лямпачак. Так?.. На аднаўленчыя работы ў цэхі «Чырвонага Кастрычніка» — ёсць там такі металургічны гігант — хадзілі па сцежках, азначаных сцяжкамі, бо ўсё навокал было замініравана. Вы ўяўляеце?

Васіль Пятровіч не вытрымаў і паглядзеў на Валю. Яна сядзела, заціснуўшы складзеныя лодачкай рукі паміж каленяў.

— Як усё гэта можна назваць? — пасля некаторага маўчання спыталася, шырока расплюшчыўшы вочы.

— Не ведаю,— задуменна адказаў Дымок.

— Так і назваць,— неазначальна варухнуў пальцамі Аляксей.— Хіба важна, як назваць? Га? Важна, што зрабілі і яшчэ зробім.

«Сапраўды, як назваць? — думаў Васіль Пятровіч, калі апоўначы, выключыўшы святло, усе палеглі спаць.— Мабыць, подзвігам народа на яго нялёгкім шляху да шчасця».

Пахропваў Прыбыткоў, нячутна спаў Дымок, і роўна, спакойна дыхала зусім блізка Валя. А ён, як ні намагаўся, ніяк не мог заснуць і ўсё думаў і думаў...

Раніцою яго пабудзіў Прыбыткоў. Памыты і старанна прычэсаны, ён выглядаў урачыста. Дымок і Валя стаялі ўжо каля акна.

— Хутка Барадзінскае поле,— паведаміў Прыбыткоў.— Можа, гэта самае, цікавіцеся. Вось зараз. За тым хмызнячком,— і паказаў пальцам у акно.

Васіль Пятровіч падхапіўся і стаў ззаду Дымка, абапершыся на яго плечы. Барадзінскае поле ён бачыў неаднойчы і таму адразу знайшоў славуты помнік. Заліты яшчэ косымі праменнямі сонца, на зялёным узгорку выразна акрэсліваўся пастамент з арлом. Арол узмахнуў крыламі і як бы застыў у палёце. А за ім, далёка, у шызай смузе, сінеў лес і ружавела неба.

 

2

Валя была падрыхтавана да таго, што можа ўбачыць. Але Сталінград усё роўна ўразіў яе — разбурэннямі, размахам будаўнічых работ, сваёю непаўторнасцю. Гісторыя тут напамінала аб сабе на кожным кроку. Руіны і тыя былі асаблівыя. У Мінску яны ўзвышаліся, як рэшткі таго, што асталося пасля выбухаў і агню. Стаяў будынак — трапіла бомба, і тое, што не магла раскідаць, падняць у паветра, асталося камянець, аддадзенае на ласку дажджам, ветру і часу. Тут жа руіны, як і людзі, стаялі насмерць да апошняга. Самай неверагоднай формы, яны былі зрашэчаны — куля ў кулю, асколак у асколак. Гісторыя лунала над плошчаю Загінуўшых барацьбітоў, над грозным валам Абароны, які быў азначаны танкавымі вежамі на масіўных пастаментах, што крочылі ад Волгі да Мамаева кургана.

Абпалены сонцам, гарачым дыханнем блізкага стэпу, горад жыў сваім будзённым жыццём. На кожным рагу жанчыны ў белым прадавалі «газваду». Не саступаючы дарогі машынам, па вуліцах важна крочылі вярблюды. Непадалёку ад цэнтральнага, па-ўсходняму шумлівага рынку круціліся запыленыя каруселі. Ад Волгі даляталі гудкі параходаў. Не спыняючыся на станцыі, праносіліся саставы з шызымі, як лясныя галубы, трактарамі на платформах. Са шматлікіх заводскіх каміноў да пякучага сонца цягнуліся чорныя, жоўтыя, блакітныя дымы... Але і гэта здавалася Валі значным, незвычайным. Ёй захацелася як мага больш запомніць. Яна фатаграфавала гістарычныя месцы, мемарыяльныя дошкі, запісвала назвы вуліц, прозвішчы людзей, з якімі сустракалася, расказы Алесі Зімчук, у якой пасялілася, хоць астатнія атабарыліся ў гасцініцы «Інтурыст», пакуль што адзінай у горадзе.

Першае, што прыцягнула ўвагу Валі, калі яна знаёмілася з Алесяю, была яе стрыманасць. Не, пэўна, не стрыманасць, а хутчэй за ўсё стан стомленага чалавека, якога не пакідае нейкая думка. Яна рабіла яе рухі запаволенымі, свяцілася на яе энергічным хударлявым твары, у прыгожых вачах. І ці знаёмілася яна з Валяю, ці слухала яе, або размаўляла па тэлефоне, думка, якая была далёка ад усяго гэтага, снавала і снавала.

Гаварыла яна пра сябе неахвотна, кепска памятала лічбы, даты, так патрэбныя Валі, часамі нават блытала назву вуліцы, дзе паводле яе праекта будаваўся дом. І толькі ўночы, калі яны ляглі ў пасцель, адчулі цеплыню адна адной, Алеся раптам зрабілася ахвочай на словы. Але загаварыла яна не пра горад і сваю работу, а пра бацьку.

— Тата мне піша ўсё,— пачала не па ўзросту наіўна.— Ён добры і са мною больш адкрыты, чым з мамаю. Думае, што яна, можа, і не зразумее яго, а я зразумею.

— Пазнаю Івана Мацвеевіча...— сказала Валя, успамінаючы ў той жа час, як пайшла з Зімчуковага дома, калі меліся прыехаць Алеся і яе маці.

— Ты часта бываеш у нашых?

— Неяк не даводзіцца.

— Але бачыла чэрап на этажэрцы?

— Вядома.

— Гэта я знайшла яго, калі ездзіла ў Бухару... Але я хацела сказаць не пра тое. Ты, пэўна, крыўдзішся на нашых. Не трэба. Тата хоча быць добрым, але акалічнасці не заўсёды дазваляюць яму...

Яна абняла Валю і пацалавала. Валя не павярнулася, калі тая сціснула яе ў абдымках, і пацалунак прыйшоўся ў вуха. У вуху зазвінела.

— Тата пісаў і пра Юркевіча. Харошы ён. Яго паездка к нам — таксама не так проста, а папярэджанне сяму-таму... Але да поўнай ухвалы яшчэ ого-го!..

Стуліўшыся ў камячок, Валя прамаўчала і здалася сама сабе маленькай, бездапаможнай. А Алеся ўсё гаварыла, вярэдзячы душу і палохаючы.

Назаўтра дэлегацыю павялі па новабудоўлях. Тлумачэнні давалі Алеся і інжынер Рыбакоў, які некалі прыязджаў у Мінск. Агледзелі вялікі будаўнічы комплекс на Саратаўскай вуліцы, будынак абласной партшколы на плошчы Загінутых барацьбітоў — вытрыманы ў простых, ясных формах. На ім як бы адбіліся мінулае горада і яго будучыня. Першыя паверхі былі стрыманыя, бадай што суровыя і нагадвалі цытадэль. Але вышэй — лініі паступова набывалі лёгкасць. А ляпныя дэталі, прыгожы карніз і ажурны парапет ужо выклікалі адчуванне ўзлётнасці.

Валя зноў фатаграфавала, запісвала, але старалася трымацца далей ад Васіля Пятровіча і як мага бліжэй да Аляксея і Прыбыткова. Страх, абуджаны Алесяю, жыў у ёй, большаў, і яна як бы шукала абароны ў таварышаў. Калі пераходзілі ад аднаго будаўнічага аб’екта да другога, брала Урбановіча пад руку, рабіла выгляд, што занятая размоваю з ім, і намагалася не заўважаць кінутых ненарокам позіркаў Васіля Пятровіча. Алеся ж рабіла ўсё, каб яны апынуліся разам, і старалася завязаць агульную размову.

Гадзін пад тры дня прапанавалася з’ездзіць на Бакалду, за Волгу. На небе не было ні хмурынкі. Сонца пякло няшчадна. Пад яго праменнямі ў скверах прывялі кветкі, яшчэ больш павузела лісце канадскага клёна, вераб’і на дарожках не скакалі, а, неяк бокам, падскоквалі з разяўленымі дзюбамі. Усім надакучыла піць газіраваную ваду, усе абліваліся потам, і Аляксей не адзін раз выкручваў сваю насоўку, а потым, трымаючы яе за ражок, нёс у руках, каб прасохла. Таму дружна згадзіліся паход на Мамаеў курган перанесці на заўтра.

Прывольная Волга цякла плаўна, велічна, і Валя падумала, што ў гэтай велічнай павольнасці і тоіцца, відаць, яе краса. Неабсяжны плёс Волгі пабліскваў, але не пераліваўся, не зіхацеў, а быццам ашклянеў у імклівым бегу. Далёка, амаль пасярэдзіне, ужо здаючыся лялечным, чорны, як жук, буксір цягнуў даўжэзную стужку плытоў. У розных напрамках шыбавалі лодкі. Развярнуўшыся, да прыстані падыходзіў беласнежны параход.

Спусціліся да прыстані, купілі білеты і подбегам рушылі да параходзіка, які павінен быў вось-вось адчаліць.

І зноў, калі рассаджваліся на белай крытай палубе, Алеся, як бы ненарокам, вымеркавала так, што Васіль Пятровіч сеў побач з Валяю.

Ён сядзеў стрымана, закінуўшы нагу на нагу і паклаўшы на калена рукі. На столі трапяталі плямістыя водсветы, а за бартом плёскалася вада, твар лашчыла свежасць, а ў Валі гарэлі шчокі і гарачыя, сухія былі вочы. Яна баялася варухнуцца, глыбока ўздыхнуць, і таму вельмі хацелася змяніць позу, дыхаць на ўсе грудзі.

— Ну, як наш горад? — вывела з няёмкага становішча Алеся.

Параходзік загуў, за бартом зашыпела пара. Паволі пачала адплываць прыстань. Над галавою пачулася каманда, і тут жа зачохкалі колы.

— Горад добры,— як за паратунак, ухапіўся за яе пытанне Васіль Пятровіч.— Нам варта павучыцца, як паважаць гісторыю. Выдатна, што захоўваеце некаторыя руіны. Нябось, трэба, каб перад вачыма было не толькі светлае будучае...

Параходзік ужо кіраваўся да процілеглага берага, увесь час беручы супроць плыні. Насустрач плыла доўгая, як чаўнок, самаходная баржа. Параўняўшыся, адсалютавала гудком і схавалася за кармою параходзіка. На беразе сталі відаць хаты, калодзежныя жураўлі, якія здалёку нагадвалі зеніткі.

— Спадабаліся і зялёныя паясы навокал заводаў,— чамусьці ахвотней загаварыў Васіль Пятровіч.

— Ну, а галоўнае? — хітра прыплюшчылася Алеся.

— А ў галоўным, бадай, гэтак жа, як і ў нас. Мм... больш чым трэба бачнасці. Многа на адзін капыл, нібыта рабіў... гэтакі шчодры не на свае грошы шырокамаштабнік...

— Божа, як правільна! — вырвалася ў Алесі.— І як цяжка давесці гэта. Як цяжка пераканаць, што прыгажосць — прастата. Што ў архітэктуры яе не аддзеліш ад сучаснай тэхнікі. У мастацтва прыйшла такая сіла, як машына. І трэба, каб яна мела сваю работу. Не памагала б штампаваць творы архітэктурных саматужнікаў, а ажыццяўляла б такія мастацкія архітэктурныя задумы, якія па сіле толькі ёй. І калі старажытныя з іх каменнымі прыладамі працы маглі з такім пафасам выявіць свае думкі і пачуцці, то якую ж архітэктуру можна стварыць пры дапамозе машын.

— Ну, да гэтага і я, дапусцім, не дарос,— несур’ёзна прызнаўся Васіль Пятровіч.— Хоць і зразумеў: трэба больш пакладацца на сябе і весці сваё...

Уткнуўшыся носам у пясок, параходзік спыніўся. Матросы з вяроўкамі саскочылі на абвалісты бераг. Паклалі хісткія сходцы.

Гуртам, жартуючы і смеючыся, увайшлі ў зялёную дуброву. Алеся ўзяла Васіля Пятровіча і Валю пад рукі і павяла ўсіх усцяж берага па дарожцы, якая сюд-туд разгаліноўвалася і вузела. Абапал яе стаялі ярка размаляваныя ларкі і накрытыя абрусамі столікі з батарэямі бутэлек, з куфлямі, з талеркамі вусатых чырвоных ракаў.

Што рабілася з ёю, Валя наўрад ці магла сама сказаць. Страх перад Васілём Пятровічам знікаў, знікала і жаданне прытварацца, іграць. Хіба праўда, вялікая, патрэбная, не на іх баку?.. І пачуццё крыўды, абражанага самалюбства, жаданне помсціць за нешта саступілі месца жалю. Ёй стала шкада Васіля Пятровіча — разумнага, далікатнага чалавека, якому нялёгка даводзіцца ў жыцці. Нашто ж яна дэманструе сваю абыякавасць, калі ўдваіх ім было б намнога лягчэй і абараняцца і наступаць? Хіба яны не павінны аставацца сябрамі без аглядкі — І ў радасці і ў бядзе? Яны згодны ў галоўным — у адносінах да жыцця. Дык навошта хаваць гэта? Быць не сабою — злачынства! Лічыць другога баязліўцам — таксама не лепш. А Валя, як дзяўчынка, увесь час клапацілася толькі пра тое, як быць ёй самой. Абараняючы яго, яна ані не думала аб ім — чалавеку, якому нявечыць жыццё... Божа, як гэта наіўна і жорстка!

— Мне трэба ў вас нешта спытаць,— нечакана для сябе адчаілася Валя, не заўважаючы, як палатнее твар у Васіля Пятровіча.— Вы не крыўдзіцеся на мяне?

— За што... мм... Валя?

— Я была вельмі і вельмі несправядлівая...

Ёй у той жа момант стала лягчэй, ад сэрца адлягло. Не чакаючы адказу, яна хуценька, смеючыся, загаварыла пра Волгу, пра шчасце бачыць яе, пра тое, што раней і не ўяўляла такога паўнаводдзя.

— Яе і ракою назваць сорамна...

— Што гэта з табою? — быццам спалохаўся Аляксей.— Га?

— З імі здараецца, мілы,— насмешліва заўважыў Прыбыткоў.— Гэта самае, і на маю часамі находзіць.

Але ні жарты, ні смех не збянтэжылі Валю. Яны нават палесцілі яе. Яна адчула: каб паміж ёю і гэтымі людзьмі не было блізкасці, з яе б не жартавалі і не смяяліся.

Выбралі менш людны куток пляжа, сонечнага, залацістага. Тут Волга, падзяліўшыся на рукавы, абмывала востраў і была нешырокай. Бераг быў роўны, пясчаны, і ногі грузлі па костачкі.

Адышоўшы ўбок, да куста вербалозу з падмытымі карэннямі, дзяўчаты пачалі раздзявацца. Валя рабіла гэта сарамліва, няўпэўнена. Алеся — нібыта была адна. Валя ўпотай паглядала на гнуткую постаць сяброўкі і міжвольна параўноўвала з сабою. Цяпер ёй вельмі хацелася быць прыгожай. З’явілася жаданне — няхай такой, у купальніку, яе ўбачыць Васіль Пятровіч. Няхай! І гэтая думка адцясніла астатняе.

Яна першая падбегла да вады і, распырскваючы яе, упала на грудзі. Яе прасілі пачакаць, але яна плыла і плыла. Нарэшце дасягнула забароненай мяжы — лініі паласатых буйкоў, злучаных паміж сабою дротам,— і ўхапілася за дужкі, убітыя ў буёк. Плынь пацягнула яе за сабою, і вада, абцякаючы, зажурчала і справа і злева. Трымаючыся на выцягнутых руках, Валя зажмурылася, і ёй здалося, што яна нясецца супроць плыні.

«Ён абавязкова падплыве»,— пераконвала яна сябе.

Моцна ўзмахваючы рукамі, Васіль Пятровіч падплыў разам з Прыбытковым. Валасы на галаве і барада ў таго былі мокрыя, што рабіла яго незнаёмым, страшнаватым. І, можа, таму Васіль Пятровіч побач з ім здаўся Валі надзвычай блізкім, сваім, іменна сваім...

Пасля купання яны нечакана асталіся адны. Як гэта здарылася? Здаецца, разам з усімі ішлі піць ліманад, разам з усімі падыходзілі да ларка, але калі, расплаціўшыся, агледзеліся, паблізу са сваіх нікога не было. Упэўніўшы адно аднаго — трэба неадкладна шукаць іх, Васіль Пятровіч з Валяю таропка падаліся па сцежцы між дрэў. Паблукаўшы па зялёнай дуброве і не знайшоўшы нікога, зноў выйшлі на бераг. І дзіўна — тое, што яны асталіся адны, іх ужо не турбавала. Наадварот, гэта стала агульнай радасцю, і яны доўга глядзелі на Волгу.

— Я заўсёды буду помніць яе,— бліснуў вачыма Васіль Пятровіч.

— І я... Мне многа адкрылася тут...— паслухмяна падтакнула Валя. І чым больш глядзела на Волгу, тым больш поўнілася чаканнем страшнага і жаданага. Валіна істота прасіла яго, патрабавала. І гэтыя просьба, патрабаванне былі скіраваны да Васіля Пятровіча, хоць Валя не адважвалася глядзець на яго і бачыла толькі краем вока.

 

3

Курган быў ускапаны і выглядаў дзікім. Схілы парэзалі раўчакі і апяразалі валы, падобныя на жоўтыя хвалі, што накатваюцца на марскі бераг у час прыбою. Толькі сям-там млелі ад гарачыні чэзлыя кусцікі. Пад нагамі хрупала зацягнутая патрэсканай скарынкаю шакаладная гліна. Скарынка раструшчвалася, і з-пад падэшваў каціліся кавалачкі гліны. Паднімацца было цяжка.

Аляксей ішоў за Краўцом і, гледзячы на яго запыленыя носкія боты, думаў, як нечакана ўсё павярнулася. Ён лічыў: усё скончана, а выявілася — не, і трэба многа дадумаць. За спінаю чуліся галасы астатніх. Аляксей не прыслухоўваўся да іх і, назіраючы, як з-пад Краўцовых ботаў абсыпаліся кавалачкі гліны, думаў.

— Вось табе, Лёкса, і Мамаеў курган,— казаў Кравец, не азіраючыся.— На яго ўзысці цяжка, не тое што штурмам адбіваць. І калі загрыміш кулём, то загрыміш...

— Але-е,— згаджаўся Аляксей, мала зважаючы на яго словы.

Усе гэтыя дні ён прагна прыглядаўся да работы сталінградскіх калег. Бачыў шмат цікавага. Але вера ў сябе ў яго большала, і сваё здавалася нават лепшым. Да таго ж некаторыя паказчыкі ён меў вышэйшыя, чым Кравец... Аднак так было, пакуль Аляксей не пабываў у яго дома.

Ён ішоў нарыхтаваны кпіць з жактаўскай кватэры, з утульнасці, зробленай чужымі рукамі, з пятага паверха, дзе той абавязкова павінен быў жыць. «Скажу, што на Мамаеў курган, мабыць, лягчэй падняцца»,— падрыхтаваў ён жарт у думках.

Але ўсё аказалася не так, як уяўляў Аляксей.

Кравец жыў у белым саманным доміку, абсаджаным кусцікамі акацыі. Сярод старанна падмеценага двара жаўцела складзеная з цэглы-сырцу нізенькая пліта, на якой у чыгунках нешта варылася. За драцяной сеткаю ў клетках сядзелі чырванавокія трусы. У агародзе, што прымыкаў да двара, лапушыліся памідоры, шапацела кукуруза, спелі паласатыя кавуны, і на ўсім былі сляды дбайных рук.

Іх сустрэла маладая ветлівая жанчына і, правёўшы ў дом, тут жа пайшла, пэўна, упраўляцца па гаспадарцы. Гэта заспакоіла Аляксея і настроіла на большую прыязнасць да Краўца. Ён паблажліва ўсміхнуўся і, не пытаючыся дазволу, пайшоў аглядаць пакоі.

У пярэдняй, у кухні, у сталовай стаяла незвычайная, белая мэбля.

— Чэхаславакі, Лёкса, падарылі,— сказаў Кравец, ідучы следам.— Летась прыязджалі. Умеюць, браце, рэчы рабіць.

— На бальніцу падобна,— ухмыльнуўся Аляксей.

Але апошні пакой здзівіў яго зусім. Гэта была не то спальня, не то кабінет. На ўсю глухую сцяну на самаробным стэлажы стаялі кнігі. Праз нешырокае акно ў пакой лілося сонца. Яго касаватыя праменні не падалі на стэлаж, а як бы адгароджвалі Аляксея ад яго і палосаю клаліся на падлогу.

Аляксей, нібыта перад ім быў ручай, пераступіў цераз сонечную паласу і, як сляпы, дакрануўся да стэлажа.

— Вучышся?

І тут Аляксея напаткала новая нечаканасць. Падышоўшы да пісьмовага стала і жмурачыся ад сонца, ён сеў у крэсла і ўзяў са стала фотакартку ў рамцы, якая стаяла на шкляной падстаўцы побач з чарнільным прыладкам.

— Жонка?..— пакруціў у руках. І раптам асёкся: на яго з пажаўцелага здымка глядзела Зося.

У партызанскім кажушку, некалі падораным ім, у кубанцы з прышытай наўскасяк стужкаю, яна стаяла, прытуліўшыся да сасны, а за ёй віднеліся добра знаёмыя шпітальныя зямлянкі...

— Памяць,— сказаў Кравец, чырванеючы.

З грукатам адсунуўшы ад сябе крэсла, Аляксей падняўся і, цяжка дыхаючы, дрыжачымі пальцамі пачаў вымаць фотакартку з рамкі.

Але Кравец рашуча спыніў яго.

— Гэта, Лёкса, маё! Няхай стаіць.— І па-гаспадарску, з намерам гукнуў у суседні пакой: — У цябе гатова, сястра? Завіхніся там!

— Па якому гэта праву тваё?

— Прашу цябе, Лёкса, пастаў, калі ласка. Я ж сказаў, што гэта памяць...

Аляксей плёўся за Краўцом, адчуваючы слабасць у нагах і знарок стараючыся наступаць на большыя кавалачкі гліны, што каціліся з-пад ботаў таварыша.

«Вучыцца і філасофствуе,— панура думаў.— І фотакартка гэта таксама... Лес цёмны...»

Падняўшыся на вяршыню кургана, спыніліся ля пастамента з танкавай вежаю.

Паблізу, зарыўшыся носам у бурую зямлю, іржавелі нямецкі танк з белымі крыжамі на бартах і знявечаны бранявік з дзіўнай эмблемаю — у паўкрузе сілуэт конніка, які бярэ бар’ер.

Тут жа, пад чэравам браневіка, шарэлі чалавечыя косці — узяў! У недалёкім сухадоле валялася прысыпанае пяском жалезнае ламачча.

Аляксей падышоў да танка, правёў рукою па нумары— 833; зазірнуў у адчынены люк, з якога патыхала тленам і пылам.

— А прастор які неаглядны! — пачуў голас Дымка.— Які прастор!

— Ого-го-го! — гукнула Валя, каб пачуць рэха, але навокал была такая разлегласць, што яно не прыляцела.

Вачам адкрываліся горад, Волга. На тым яе беразе ў засмучанай далечыні відаць былі заліўныя лугі, сінія старыцы, лес. На гэтым — нафтавыя бакі, гмахі заводскіх карпусоў, рабочы пасёлак.

У некалькі радоў ляжалі чыгуначныя пуці. Па іх ішлі цягнікі — агіналі курган, беглі ўздоўж Волгі, кіраваліся да «Чырвонага Кастрычніка».

Аляксей рэдка задумваўся над уласнымі ўчынкамі. Цяпер жа, стоячы тут, на Мамаевым кургане, неяк надзвычай балюча адчуў: яму трэба быць лепшым.

Маўклівае, адданае каханне Краўца, яго вучоба, бясспрэчна, нялёгкая, і ўсё, што ён убачыў тут, патрабавалі ад Аляксея гэтага.

«Вучыцца, таксама вучыцца! — паўтараў ён.— Вучыцца хоць бы дзеля таго, каб жыць, як пачаў...»

Ён не пачуў, калі да яго, па-змоўніцку перашэптваючыся, на дыбачках падышлі Зуеў, Кравец і Валя.

— О чем задумался, детина? — праспяваў Зуеў, і яны ўтраіх паклалі рукі на Аляксеева плячо.

«Калі пойдзем назад, зайду на пошту і дам тэлеграму Зосі,— уздрыгануўшы, вінавата ўсміхнуўся ён.— Як гэта я не ўспомніў раней! Прыбыткоў жа даваў сваім. Дый пісьмы Зімчуку з Алешкам напісаць трэба...» — І яму адразу стала так, быццам ён скінуў з сябе вялізны цяжар.

 

 

ЭПІЛОГ

Стары вылучаўся сярод дэлегатаў сваім ростам, не зусім ладна скроенай фігураю, доўгімі, зачэсанымі назад валасамі. Апрануты ён быў прасцей за астатніх — шэры ў ёлачку пінжак, светла-карычневыя вузкія штаны — і адзін толькі быў без цёмных акуляраў... І Васіль Пятровіч, адказваючы на пытанні, якімі праз перакладчыка засыпалі яго, міжволі звяртаўся да гэтага высокага старога. Той ішоў, трымаючы капялюш і кій у правай руцэ і з сумнай увагаю пазіраючы на бакі. На Траецкай гары, каля Опернага тэатра, папрасіў спыніцца.

Гэта было дарэчы, бо Васілю Пятровічу самому захацелася паглядзець адсюль на горад — успомнілася, як некалькі год таму назад тут жа стаяў з Валяй, з Зімчуком, студэнтамі.

«Што яна робіць цяпер? — падумаў ён, забываючыся на дэлегатаў.— Бегае па новабудоўлях? Ці сярдзітая сядзіць над рукапісам Урбановіча «Вопыт маёй брыгады» і, нябось, лае сябе і яго? А можа, упарта звоніць таму ж Зімчуку або Кухту — самым цяжкім аўтарам, якія ніяк не могуць здаць артыкулаў пра спаборніцтва сталінградскіх і мінскіх будаўнікоў?.. Увечары, як заўсёды, прыйдзе стомленая, пабляднелая, падставіць для пацалунку шчаку, а пераадзеўшыся, забярэцца з нагамі на канапу і заціхне, як сурок. Потым схамянецца, пазаве да сябе пальцам, каб памог устаць, і яны разам пойдуць на кухню гатаваць вячэру... Яна казала, што нядаўна таксама прыходзіла сюды, паглядзець, успомніць... Як усё, сапраўды, змянілася тут!..»

Прывольна спускаецца да Свіслачы малады парк. Як бы пераскочыўшы яе, падыходзіць да самага праспекта.

Направа на цэлы квартал цягнецца строгі будынак сувораўскага вучылішча, увенчаны скульптурамі. Там, на другім паверсе, некалі асталяваўся і жыў Алешка.

«Дзіўны, няўрымслівы хлопец, якому не шанцавала, але які сам блытаў другіх і сябе,— падумаў Васіль Пятровіч.— Дзе ён цяпер? Нехта, здаецца Аляксей Урбановіч, казаў, што ўзяў адпачынак і трымае іспыты ў Політэхнічны. Добра, калі б паступіў. Яму больш, чым каму, патрэбны ўдачы...»

Побач з сувораўскім вучылішчам узвышаюцца яшчэ не атынкаваныя камяніцы — былыя каробкі. Лявей ад іх, у бэзавай смузе, маячаць каменныя ўзлёты і відаць Цэнтральная плошча.

Электрастанцыі, што нагадвала сярэдневяковы замак, ужо амаль не відно. Яе закрыў падняты на некалькі метраў праспект. З-за насыпу і ліп бялее толькі яе верх. Далей — новы мост з узорыстымі парэнчамі, з ліхтарамі, падобнымі на каштанавыя свечкі. Яшчэ далей — Круглая плошча. Акаймаваная ліпамі, яна набыла сваю форму. У цэнтры, узнёсшыся ў неба, стаіць абеліск, апрануты ў рыштаванні. Ад светлых паўкруглых будынкаў, што замыкаюць плошчу, да моста выстраіліся прыгожыя дамы. Дакладна насупроць будуюцца іх двайняты.

«Недзе там працуе Аляксей»,— успамінае Васіль Пятровіч і з цяжкасцю адрываецца ад сваіх думак.

З’явіўшыся з-за павароткі і плаўна абагнуўшы плошчу, па праспекце да моста імчаць сінія, шэрыя, пясочныя машыны. Пабліскваючы, ідуць аўтобусы з чырвонымі палосамі на светла-жоўтых баках. Паважна, бліжэй да тратуараў сунецца тралейбус, і над ім, калі ён агінае плошчу, як некалі над трамваем, успыхваюць фіялетавыя іскры.

— Скажыце, калі намечана скончыць будаўніцтва горада? — пытаецца, уздыхнуўшы, стары немец.

— Калі? — здзіўляецца Васіль Пятровіч і крыху іранічна, успомніўшы зноў Валю, адказвае: — Горад будзе будавацца вечна!.. Так, так, вечна...

Мінск,

1952 — 1956


1952-1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Карпаў У. Збор твораў. У 5-ці т. Т.2. За годам год: Раман. Другая кніга з цыкла "На перавале стагоддзя". - Мн.: Маст., літ., 1984. - с. 5-446
Крыніца: скан