epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Карпаў

Жан. Апавяданне

Чаму вы так глядзіце на мяне? Вывучаеце? Хочаце зразумець? Ну, што ж, калі ласка. Але я клянуся, нічога не збіраюся таіць.

Навошта? У ім усё было і застаецца мне дарагім. Позірк, я яго, паверыце, адчувала спінаю. Мяне калаціла, калі я думала, што ён глядзіць на мяне. Цягнула накінуць хустку, захутацца. Сястра Эльза аж злавала...

Праўда, я ведала: высокі, гожы, ён падабаецца не мне адной. Яго, па-мойму, і з лагера ваеннапалонных выбавіла кабета — выдала за мужа. Вы ведаеце, што ў час бамбёжак есці хочацца? Так і ў нас, жанчын, у вайну вырастае прага да радасцей. Няхай хоць якія-небудзь ды будуць. Няхай хоць адчуеш, што ў цябе ёсць жыццё, што яно тваё і яго пакуль не адабралі.

Я не ведаю, ці разумеў гэта Жан. Наўрад. Тады навошта гавару? Проста так, бо карціць. Бо ўпотай мучылася гэтым. Яму занадта шанцавала... Гестапаўцы ў час вераснёўскага правалу выкрылі і яго кватэру... Ён не раз трапляў у аблавы. У яго стралялі і на вуліцы... А як з кватэрамі шанцавала! Ён мяняў іх амаль штомесяц і звычайна выбіраў, дзе гаспадарыла жанчына. І за каго б ні выдаваў сябе — за цырульніка, за гадзіннікавага майстра, прадаўца з камісійнага магазіна — яго прымалі. Прымалі, хоць ніхто не ведаў ні яго сапраўднага прозвішча, ні з якіх ён мясцін і хто ягоныя бацькі.

Асабліва ўражалі яго вочы. І цяпер не ўмею, як апісаць іх... Блакітныя, глыбокія. Валасы ён фарбаваў, і я не скажу, які іх натуральны колер. Але вочы!.. Я здзіўлялася: як можна захаваць іх такімі спакойнымі, чыстымі? Ён жа рызыкаваў і забіваў, можа, больш, чым хто ў Мінску. У сорак першым, калі звязацца з лесам захацеў, адзінаццаць чалавек у ноч паслаў.

А летась аб’явіўся нейкі Іван Іванавіч. Назваўся падпалкоўнікам. Вербаваў мінчан у партызанскія атрады. Збіраў людзей на Ваенных могілках, саджаў у грузавік і вёз прама ў турму. Дык яго заманілі ў магільны склеп на тых самых могілках і аглушылі малатком... Жан наогул, як сам казаў, дзейнічаў «чыстай зброяй» — пісталетам, фінкай. Уначы — на вуліцах, днём — у руінах. З напарнікам, а то і адзін.

Мінск жа разбураны. Вам і ўявіць цяжка. У цэнтры — адны руіны, высмаленыя каробкі. Як з зямлі раскапаныя. І хавацца можна, як у раскопках або ў закінутых катакомбах. Генерал фон Шперлінг нядаўна на пахаванні — яны іх пышна адзначаюць — прызнаўся, што ў гэтых руінах лягло больш за тысячу шэсцьсот акупацыйных чыноў і іх памагатых. А Жан... ён жа спецыяльную аператыўную групу гаркома ўзначальваў... Я адхіляюся? Ну, добра, буду больш пра сябе, толькі не хмурцеся, калі ласка. Ён жа прасіў мяне. Мне трэба як мага падрабязней. Бо іначай не будзе пакою...

Той раз я хадзіла ў атрад «Смерць фашызму». Управілася хутка. Перадала спісы здраднікаў, разведданясенне, а назад мне далі лістоўкі і кароценькую запіску: «Жан! Дастань, калі ласка, патронаў да «парабелума». Запіска, як бачыце, пустая. Без подпісу. Але на душы было хораша: як-ніяк, а яна — яму! Асабіста. І перадаваць яе, зразумела, буду не так, як лістоўкі.

Дакументы ў мяне — хо-хо! Я з немцаў, якія аселі ў Беларусі ў дваццаць другім. Ехалі паводле нейкага пагаднення з Паволжа ў Германію, дабраліся ледзь не да самай граніцы, але пагадненне ўзялі ды скасавалі. Ведаеце, як бывае. І мы аселі, бо вяртацца ўжо не было як. Мову родную, натуральна, ведаю не горш за рускую або беларускую. Выгляд, бачыце, таксама арыйскі. Адна залацістая скура з рыжымі космамі чаго вартыя. Так што не дужа і хавала сваю пошту. Запіску завязала ў насоўку, лістоўкі паклала ў кошык з мякінай і яйкамі.

Пашанцавала без прыгод пераехаць рэчку Вячу, якую ў кас граніцай называюць, мінуць Паперню. Там гарнізон стаіць. Гадкі такі, з прыдзірлівымі бобікамі. Але праехалі і яго. Удалечыні ўжо Мінск паказаўся. І тут нас спынілі. Не ведаю, адкуль і ўзяліся. Чалавек шэсць. Ну, няхай бы немцы ці папернскія службісты. Для іх хоць дакументы што-небудзь значаць. З імі пацвяліцца можна. А то нашы, калі меркаваць па гаворцы, з Заходняй. Ім, што я немка,— нават, за радасць. У навіну паказваць сябе пры такіх акалічнасцях. Які халуй адмовіцца беспакарана паздзекавацца з таго, хто нагадвае яму гаспадара? Няма такіх халуёў. Загадалі злезці з саней, адысці на крок. Ператрэслі сані, выбралі яйкі з кашолкі, высыпалі мякіну на снег і, вядома, знайшлі лістоўкі.

У мяне яшчэ тлела вера ў свае чары.

— Хо-хо! — пачала я.

Але яны звалілі мяне з ног і пачалі біць. Шчыраваў асабліва адзін — вёрткі, з губамі-нітачкамі. Ён мяне і ўдарыў першы. Абшукваючы, прымусіў разуцца, сабраўся быў падраць панчохі, але не здолеў — яны ў мяне шарсцяныя — тыцнуў мне імі ў твар, шпурнуў у сумёт. І ўсё з расцягнутымі губамі, з ухмылачкаю: знай, сучка, нашых! А потым звязаў рукі дзягай мне, возніку і пагнаў перад сабой. А астатнія, свіснуўшы каню ў вуха, абселі нашы сані і памчалі да Паперні як на фэст.

Жан неяк папярэджваў: калі давядзецца туга, самае важнае не патураць сваёй слабасці. Бо папусціўся ў малым, папусцішся і ў большым. Рашучасць гэтак жа выспявае ў чалавеку, як і перакананні. Першае слова тут — гук, пададзены камертонам.

Але здарылася, што ў мяне, як наліха, ніхто і не пытаўся ні аб чым. Не вымушаў ні хітраваць, ні прызнавацца. Мяне проста збілі. Пасля церлі снегам твар, скроні. Потым звязалі рукі і павялі — расхрыстаную, у чаравіках набасанож, і я толькі і думала, як бы зашпіліцца, як завязаць на чаравіках матузкі, на якія раз-поразу наступала... Разумееце, мяне пазбавілі патрэбы абараняцца. Я апынулася ва ўладзе сляпой сілы. Яна ненавідзела мяне, выкрыла і вяла знішчаць. Што я магла зрабіць? Пачаць зноў какетнічаць або прасіць літасці? Паспрабаваць падкупіць? Прыгразіць будучай расплатай? Ну што? Я ж ведала: усё гэта дарэмна, ды апрача пустачы, холаду нічога не адчувала і калі што бачыла, дык хіба сляпую бель бяскрайнюю. Снег, снег! Пад нагамі, абапал, наперадзе...

У СД мяне дапытваў сам Фройлік. Дакладней, не дапытваў, а... не ведаю, як і сказаць. Я была загаварыла па-нямецку, але ён прыжмурыўся і, гідзячыся вымавіць у адказ слова, адно губамі і вачыма паказаў ахове на мае рукі — ён, як здалося, навылёт мяне бачыў!

У цёмным, смярдзючым закутку з мяне сарвалі вопратку. У сарочцы пасадзілі на нейкае крэсла з падведзенымі рознакаляровымі правадамі. І зноў, бачачы, як спрытна, натрэніравана бяруць мае рукі, ногі ў заціскачкі, я зжахнулася ад уласнай асуджанасці, сораму, ад усведамлення марнасці што-небудзь рабіць: задача і ў гэтых катаў заставалася тая самая — знішчыць мяне. Праўда, дадалося яшчэ адно — жаданне абняславіць як блудную немку.

Калі мяне адлілі вадою, то зноў павялі да Фройліка. І зноў ён не словамі, а грымасай загадаў сцягнуць з мяне сарочку і біць, мяняючы бізуны. Яны ў іх былі розныя — гумавыя, плеценыя з дроту, раменныя, са свінчаткай на канцы...

Назаўтра ўсё паўтарылася. Мяне зноў білі. Рабілі перакур і зноў білі. Толькі я ўжо ведала, што запіскі, адрасаванай Жану, у маёй насоўцы няма. Гэта спалохала як бы нанава. Наконт лістовак я магла схлусіць — знайшла і несла ў горад, каб пахваліцца. А што выдумаеш наконт запіскі? Яе, зразумела, належала перадаць. Каму? Калі? Дзе? Ва мне закіпала бяссільная крыўда. Якое глупства! Якая раўнадушнасць! Ці не таму гэта, што і ў лесе я не зусім свая? Навошта было пасылаць недарэчную пісульку? Хіба я не магла сказаць пра злашчасныя. патроны вусна?.. Добра ім там!..

Але і гэтым разам Фройлік, які вырастаў у маіх вачах у злога духа, не патрабаваў прызнання. Наадварот. Перш чым пытацца, распарадзіўся, каб мне запхалі ў рот кляп. Я разумею цяпер: ён не хацеў, каб я пачала выкручвацца, настойваць на сваім, каб разлютавалася. Гэта праўда: першае слова — само па сабе сіла.

На трэці дзень я амаль звар'яцела. Ад болю, ад сваёй бездапаможнасці. Я кляла аўтара запіскі, Фройліка, катаў, кляла лёс. Нават думкі пра Жана абуджалі злую прыкрасць. Памяць падсоўвала двухсэнсавыя сцэны. Жанава вытрымка здавалася езуіцкай. І калі каты, схапіўшы мяне, сталі заганяць пад пазногці іголкі, я, поўная агіды да сябе і ўсіх, пачала выкрываць, дзе і калі заўтра можа адбыцца яўка.

Ноч я не спала — стыла на нарах. Дранцвела, мучылася. Верылася, што Жана, як заўсёды, выратуе выпадак. Ён куды-небудзь з’ехаў з горада — падаспела тэрміновая справа... Захварэў... А можа, хто-небудзь бачыў, як вялі мяне па вуліцах, або заўважыў, як гестапаўцы ставілі засаду... Але раны шчымелі, сукравіца, запякаючыся, прысыхала да сарочкі, і варта было, забыўшыся, сцепануць плячыма, паварушыцца, як востры боль перасмыкаў цела, і ад надзей не заставалася звання.

«Госпадзі, я падвяла Жана! Госпадзі!..» Уяўлялася, як яны схопяць яго ў нашым цемнаватым калідоры, як выкруцяць рукі, пацягнуць у машыну, і я стагнала, кусала пальцы.

І ўсё-такі я, мабыць, на нейкі час забылася. Бо дзень нахапіўся знячэўку — не было і раптам засвяціліся шчыліны ў дзвярах, пад дзвярыма. Я правяла ў сутарэнні СД, у сваім катуху, ужо трэцюю ноч, але толькі цяпер заўважыла, што ён вузкі, як склеп, што падлога ў ім цэментная, смярдзіць мачой, хлоркаю.

Стала страшэнна агідна. Нават брыдка дакрануцца да сябе...

Калі мяне праз нейкі час прывялі да Фройліка, я нават не адразу заўважыла, што ў пакоі ёсць яшчэ нехта. Увайшла, упяла вочы ў Фройліка: «Што лабаты надумаў?» Гляджу. А ён, счакаўшы хвіліну, нечакана закруціў галавою і кісла скрывіўся. Быццам бы яго расчараваў мой выгляд.

— Ну? — звярнуўся да мяне па-руску.— Не спалася, Эма? Шкада. Але, спадзяюся, цябе пакармілі сёння? З Эльзай яшчэ не бачылася? — І, нібы жадаючы нечым пацешыць, скасіў лупатыя вочы.

Вось толькі тады, прасачыўшы за яго позіркам, я і ўбачыла Жана. Трымаючы закладзеныя за шыю рукі, той стаяў тварам да сцяны.

— Павярніцеся,— дазволіў яму Фройлік.

Жан апусціў рукі і павярнуўся. Я чакала, што ён заварушыць жаўлакамі, апячэ мяне позіркам, плюне. Але ў ім нішто не здрыганулася. Ён пакратаў пальцамі занямелых рук і, дастаўшы з кішэні грабеньчык, зачасаў свае хвалістыя валасы. Яго, відаць, толькі што прывялі, і ён дыхаў здароўем, сілаю. Што будзе з ім праз якую гадзіну, дзве?..

Мяне апанавала роспач. І паверыце, не таму, што пятля на шыі зацягвалася, што праз мяне арыштавалі сястру, значыцца, смяртэльная небяспека павісла і над ёй. Не!..

Жан стаяў са спакойным, мо нават прасветленым тварам, і сэрца маё знемагала ад жалю, прасілася служыць яму, гарнулася да яго... Ні пра што іншае я ўжо не думала. Не, думала. Але толькі ў сувязі з ім, думаючы пра яго. Я бачыла, што Жанаў позірк слізгануў па мне, як па чужой, і зноў спыніўся на Фроліку. Гэта было горш за ўсё. І, можа, толькі тады да мяне зусім выразна дайшло, што я натварыла!

Не памятаючы сябе, жадаючы хоць гэтым адпомсціць следчаму — на, глядзі, мне нічога не страшна! — я ўсхліпнула і кінулася да Жана. Укленчыўшы, абхапіла ягоныя ногі, прыпала да іх і пачала цалаваць.

Апамятацца памог мне Фройлік. Стукаючыся патыліцаю аб высокую спінку крэсла, паказваючы кароткім пальцам на Жана, Фройлік зарагатаў. Твар у яго азыз, яму не хапала паветра, а ён усё тыцкаў пальцам-карантышом у Жана і не спыняўся — рагатаў.

Ненавідзячы яго ўсімі фібрамі душы, упэўненая, што гэта здзек з маёй любві, слабасці, з майго раскаяння, я перакрывіла яго і высалапіла язык.

— Жан, даруй мне! — выгукнула ў роспачы.— Я богам прашу!..

Так я другі раз выдала Жана.

Вам цікава, як павёў сябе Жан?.. Ён ніколі ні ў чым не быў дробязны. Застаўся такім і тут. Адно адступіў ад мяне, паківаў галавой:

— Якая ты ўсё-такі нікчэмна-наіўная, Эма. Як я не бачыў раней? Ты, па-мойму, і тут ні разу не ўспомніла ні радзімы, ні блізкіх. Як ты можаш так? Ты нават памерці не ўмееш па-людску.

Гэта, вядома, быў прысуд. І вынес мне яго не Фройлік, а самы найдаражэйшы чалавек, чыёй блізкасці я прагла... Але, але, іменна — нікчэмная, нявартая жалю істота! І ў барацьбу я — правільна, правільна! — уступіла не надта дашукваючыся яе сэнсу, а так, праз сваю экзальтаванасць, без рашучасці пайсці на ўсё. Дый уступіла перад усім, каб слухаць і слухацца Жана.

І вось, калі ласка, на — я страціла і яго. Беззваротна. Дый не страціла, а сама адмовілася, аддала на гвалт і знішчэнне. Дык навошта тады жыць? Навошта?

Ці адчуў мой настрой Фройлік? Не ведаю. Але перш чым выправадзіць з пакоя, перавальваючыся, па нейкай адмысловай дузе наблізіўся да мяне і паблажліва паляпаў па плячы.

— Не бядуй, Эма, парадак...

І ўсё-такі я, пэўна, яшчэ хітравала сама з сабою. У паўзабыцці я цалавала Жану рукі, прасіла зрабіць сваёй. У закутках душы тлела надзея памерці дараванай. Ахвяраю. Здавалася, што смерць не страшная, што я прымірылася з ёй. Што яна — збавенне ад жахаў, ад блытаніны, у якую я трапіла. Хай усё гэта будзе, але... але толькі пры ўмове... Каб я сваёй смерцю што-небудзь зрабіла для яго! Каб ён дараваў мне хвіліннае пацямненне розуму! Зразумеў! Ну, якая я здрадніца, што змянілася ва мне? Тыя самыя думкі, тое ж каханне, тая самая гатоўнасць выконваць ягоныя заданні. Адно хіба — пасталела і ў думках, і ў каханні, і ў жаданні змагацца. О калі б ён зразумеў!..

Аднак для гэтага трэба было хоць бы яшчэ раз сустрэцца з ім. І я пачала шукаць спосабаў.

Вам зноў не падабаецца, як і што я расказваю?.. Падобна на завучанае? Гэта, пэўна, таму, што я дзесяткі разоў перабірала ўсё ў галаве, у думках расказвала самой сабе, размаўляла і з Фройлікам і з Жанам... Казаць далей?.. Добра...

Час для мяне цягнуўся, амаль не дзелячыся на дні і ночы. Пра тое, што надыходзіў дзень, я здагадвалася больш па светлых шчылінах і гуках. У калідоры часцей тупалі падкутыя боты, часцей чуліся крыкі, валтузня, стогны. Скрыгатаў замок на маіх дзвярах — прыносілі баланду, як здань, з’яўлялася прыбіральшчыца плёхаць вадою — мыць падлогу: немцы дужа баяліся эпідэмій.

На пятыя ці шостыя суткі я праз шчыліну ў дзвярах папрасіла наглядчыка перадаць Фройліку, што маю яшчэ нешта сказаць яму.

Ён сустрэў мяне без асаблівай цікавасці. Кончыўшы нешта пісаць, замыліў губы, нахмурыўся, тыцнуў аўтаручку ў нагрудную кішэню, задаволена паглядзеў на яе. І, паверце, гэтая правінцыяльная звычка — насіць аўтаручку ў нагруднай кішэні, каб яе бачылі, яго прыказчыцкае самалюбаванне, як бы знялі павязку з маіх вачэй — кат, які строіў з сябе супермена, быў проста грубы, пасрэдны чалавек і, апрача жорсткасці ды здрадлівай хітрасці, выхаванай на службе, нічога не меў.

Калі я сказала, што хачу назваць месца дыслакацыі атрада, куды хадзіла, а таксама прозвішча чалавека, які пісаў запіску, Фройлік важна варухнуўся і пачухаў мезенцам лысае цемя.

— Ну-ну,— пацікавіўся ён, як цікавяцца дзіцячай лухтой.

Але дзынкнуў тэлефон. Рэзка, коратка, і Фройлік змяніўся. Шчокі ў яго абвіслі, ён ператварыўся ў слых. Нават вылецела з галавы, што варта шчыльней прыціснуць да вуха тэлефонную трубку...

— Ну, чаго вылупілася? — відаць, скеміўшы нарэшце, што я разумею па-нямецку, загарланіў ён, калі асцярожна паклаў трубку на рычаг.— Ты чула што-небудзь? Кажы, свіння!

— Але,— прызналася я, ужо не дужа баючыся, што ён пачынае шалець.

Аднак Фройлік нібы наткнуўся на нечаканую перашкоду.

— І наконт сябе чула? — спытаўся ашаломлена.

— Але.

— І што скажаш?

— Мне трэба падумаць.

— Не бойся, твой святы даўно раскалоўся і сыпле як з меха. Згадзіўся нават выступіць у друку. Паказаць? Дый усё роўна — пустата, капут.

Назаўтра, як я і чакала, ён выклікаў мяне на новую вочную стаўку. І, божа мой, што я перажывала! Ішла з закладзенымі назад па-арыштанцку рукамі, але быццам на спатканне — няхай апошняе, горкае, але ўсё-такі спатканне.

Жан стаяў пасярод пакоя. Праўда, рукі яму таксама загадалі трымаць за спіною, але гэта надавала ягонай паставе незалежны, бадай што, горды выгляд. Заўсёды бездакорны гарнітур на ім быў яшчэ амаль не пакамечаны. Толькі не было гальштука і расшпілены каўнер. Нават тое, што Жан аброс светла-каштанавай шчэццю і пад вачыма, на шчоках ляглі цені, рабіла яго падзвіжнікам.

— Падыдзі к свайму хаўрусніку,— урасцяжку сказаў Фройлік.

З сэрцам, якое нібы вырасла, наблізілася я да Жана. Супроць нас было акно, святло падала Жану на твар, і худзізна яго стала яшчэ прыкметнейшая. У вочы кінуліся пачарнелыя, парэпаныя вусны. Значыць, яго не білі — марылі голадам і не давалі піць!

Ён не паглядзеў на мяне, аблізаў сухім языком засмяглыя губы і ўтаропіўся ў акно, дзе сінела неба і плылі пашматаныя аблачынкі. У мяне навярнуліся слёзы. І што за насланнё? — мне здалося, што на грудзях у Жана нешта бліснула. Няўжо крыж? Адкуль Жан узяў крыж? Навошта надзеў?.. Каб не так катавалі? Каб гэта абярнулася дакорам мне? А мо захацелася паказаць, што пакутуе за высокае? А мо ўспомніў маці і пацягнула стаць бліжэй да яе, пачэрпнуць у гэтым сілу? Уявілася і сама маці, відаць, здаровая, чыстая,— жанчына-працаўніца, карміцелька... Божа мой!..

Але тут, як і той раз, дзынкнуў тэлефон.

Фройлік падазрона зірнуў на мяне, на Жана.

— К сцяне! — вяла распарадзіўся.

Мы адышліся да сцяны і, узняўшы рукі, абаперліся на яе. Адчуваючы Жанава дыханне, блізка бачачы яго профіль, баючыся зірнуць яму на грудзі, я вымавіла аднымі губамі:

— Рыхтуецца правакацыя, Жан. Вялікая правакацыя!.. Яны намыслілі выпусціць ад твайго імя лістоўку. А мне прапанавалі даць падпіску і адправіцца ў лес. Узялі заложніцай сястру. Як быць — згаджацца? Узняць бунт?

Я разумела, гэта дзіка. Здрадзіла, выдала чалавека, а цяпер у яго ж прашу парады. Але мне трэба было яго слова! Трэба было паказаць, што я гатова страшнай ахвярай апраўдацца перад ім, паспрабаваць уратаваць яму жыццё, адвесці чорны паклёп.

Ён прыкрыў вочы.

— А як жа з Эльзай?

— Усё роўна... Іншага выйсця няма!

— Увогуле ты маеш рацыю...— праз момант бліснуў ён вачыма, і плячо яго кранулася мяне.— Але ўжо — ні грана хітрасці, Эма! Гэта — умова. Загад. Раскажаш там праўду. Яна зараз патрэбна не менш, чым мы з табой.

— Таму і крыж? — баючыся, што ён засярдуе, усё-такі спыталася я.

— Які крыж? А-а! Не, да гэтага яшчэ не дайшло...— крыху разгубіўся ён.— Але што ты думаеш? З такім вылюдкам, як Фройлік... можа, і варта — сярод д’яблаў — пабыць праведнікам. Хоць у аднаго мексіканскага мастака, як мне казалі, сам Хрыстос крышыць гэты крыж молатам...

Вось, бадай, і ўсё... Наспех падлячыўшы ў турэмнай бальніцы, мяне выправадзілі ў дарогу. У атрадзе таксама чамусьці спяшаліся. І, калі на Бягомльскі аэрадром з-за лініі фронту прыляцеў самалёт, адразу адправілі з ім. Астатняе, таварыш следчы, вам вядома... Грамадзянін? Ну, што ж. Я само сабой, разумею, што кругом вінаватая...