epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Карпаў

Зіма сорак трэцяга. З успамінаў

Цяпер я часта думаю, чаму была трывога, а не страх. Мусіць, таму што вайна ўжо стала побытам. Усе мы жылі на высокай хвалі. Верхалазы, як вядома, не заўважаюць прывычнай вышыні.

Мела значэнне і яшчэ адно...

Праз лінію фронту нас пераводзіла палкавая разведка, якая ведала на сваім участку кожную карчажыну, пень. Праўда, разведчыкі гэтым разам рызыкавалі. Ноч была цёмная, кружыла мяцеліца, і яны рашылі не пятляць хмызнякамі і пералескамі, а ісці проста па лёдзе нядаўна скаванага марозцам возера, што як бы разразала перадавую лінію. Ні мін, ні нямецкіх патрулёў там пакуль што не было, і толькі часам для постраху немцы адкрывалі кулямётны агонь, пускаючы чэргі нізка, над самым лёдам,— кулі нават рыкашэцілі. Але так бывала праз пэўныя інтэрвалы, і мы ўбачылі пацеркі трасіруючых куль ужо за сваёю спінаю.

Таксама шчасліва — дзе на сялянскіх санях, дзе пехатою — мы адолелі сотні кіламетраў. Фарсіраваўшы ў знаёмым месцы чыгунку Віцебск — Полацк, а пад Улаю — Заходнюю Дзвіну, трапілі ў лясы Міншчыны. І мала таго, што трапілі, мы ўстанавілі своеасаблівы рэкорд у часе — не кажучы пра Віцебшчыну, ад Бягомля амаль пад самы Мінск шырокай палосаю пралегла партызанская зона, куды немцы адважваліся паказвацца толькі ў час карных экспедыцый.

Да таго ж я ўжо не хваляваўся наконт сям’і — жонка і сын ўсё-такі перайшлі лінію фронту і цяпер жылі на Урале. Хіба ўсё гэта не прымушала спадзявацца: шчасце нас не пакіне і далей! Дый зусім не верылася, што загнаная ў патроннік цябе чакае твая куля, што цябе могуць схапіць, выкруціць назад рукі, а тады... Няхай нікому не выпадзе такое, што было б тады!..

Не скажаш — другія гінулі, гінуць, але ж пры чым тут ты? У цябе свая і толькі свая зорка. Дый як ты можаш загінуць або трапіць у лапы ворага, калі над табою роднае неба, навокал іскрыцца ў снезе мілая сэрцу зямля, а побач таварышы.

А ўсё-такі?.. Рэчка Вяча і Радашковіцкая шаша, што служылі граніцаю партызанскай зямлі, асталіся ззаду. І хоць ты апрануты нішто — шапка-кучомка, на шыі вязаны шалік, кажушок, парыжэлыя боты. Але ўсё гэта страшэнна чужое, ніколі раней табою не ношанае. У кішэні ж — ліпавыя дакументы, узятыя ў нябожчыка селяніна з «нічыйнай» Гайны (ёсць такая вёска на Лагойшчыне). Дый ступаеш ты зусім не як селянін, а неяк спружыніста, высока задзіраючы голаў.

І ўжо ля Паперні, дзе, прыкрываючы подступы да Мінска, стаяў гарнізон літоўцаў, захутаная ў хустку Соня, якая сядзела ў перадку саней побач з Іванам Луцкім, папярэдзіла:

— Не лічыце зор, Валодзя. Апусціце галаву...

Гэтая дзяўчына наогул глядзіць на людзей крыху іранічна, з выклікам, і разумее іх больш, чым хацелася б ім самім. Цяпер жа яе смуглы твар, гарэзлівыя, крыху раскосыя карыя вочы, здаецца, дрыжаць ад насмешкі і спачування. Луцкі ж, пашморгваючы лейцамі, астаецца спакойны, амаль абыякавы, мусіць, верачы, што ўсё і так будзе добра.

Даў іх у маё распараджэнне слаўны Іван Мацвеевіч Цімчук — цяпер сакратар падпольнага Лагойскага райкома партыі. Праўда, няхай даруюць мне мае таварышы: у вайны свае законы давер’я і недавер’я. Да мяне прыходзіў ваенны вопыт, і я папярэдне праверыў іх — будучых сваіх сяброў, на справе.

З Мінска якраз чакалі аўтамашыну — яна павінна была прывезці гранаты, рулоны паперы, фарбы і шрыфты для райкомаўскай друкарні. Я падахвоціўся паехаць разам з усімі пад Астрашыцкі Гарадок і прыняць гэты скарб. Па дарозе, у кустах ля шашы, і пазней на самой шашы, калі перадавалі падпольшчыкам абсмаленага подсвінка і паспешна згружалі з кузава прысланае багацце, я назіраў за Іванам і Соняй...

І вось я з імі еду ў Мінск.

— Вы лепей сядайце на сані,— ціха папрасіла мяне Соня.

Мы выбралі базарны дзень і праз колькі кіламетраў ехалі ўжо ў абозе. Наперадзе пагойдваўся крыж нашага мышастага сібірачка, а ззаду ківалася і фыркала з заінелымі вачамі і храпаю рыжая конская морда. Рыпела пад палазамі, а абапал іскрыўся, сляпіў снег.

Нечакана і раптам адкрыўся горад. За ўзгоркаватай зіхотнай разлегласцю, аснежаны і далёкі, ён здаўся зусім колішнім. Гэта ўражанне ўзмацнялася яшчэ тым, што найлепш відаць былі сапраўды цэлыя ўскраінныя домікі ў белых садках і знаёмыя абрысы будынкаў Акадэміі навук, опернага тэатра, стромкая вежа чырвонага касцёла і амаль блакітны гмах Дома ўрада.

Палічылі за лепшае мінуць кантрольна-прапускны пункт на Даўгінаўскім тракце. І, збочыўшы ўслед яшчэ за адной падводаю, жоўтым прасёлкам падаліся да Балотнай станцыі, маючы на ліхі выпадак апраўданне: у тым раёне дом Луцкага.

І зноў, як помніцца, амаль не было страху. Былі толькі хваляванне і трывога — як усё пойдзе там, у горадзе, ці ўдасца падабраць патрэбных хлопцаў, пераканаць іх — рабіць тое, што трэба...

Хоць на сцяне доміка Луцкага і сінела шыльдачка «Дабралюбаўскі праезд, 13», стаяў ён наводшыбе, як хутар. Гэта было зручна і нязручна. З вокнаў відно, хто падыходзіў да доміка. Затое і табе пры патрэбе давялося б бегчы па пустцы. Ды на той момант важнейшым здалося першае.

Чыстая палавіна была цёплая, утульная. Пастаўленыя ўпрытык шафы і вясёленькая паркалёвая шырма на дроце падзялялі яе на дзве часткі. У меншай — бакоўцы, стаялі ложкі, у большай — драўляная канапа пры глухой сцяне, фікусы і стол у кутку, каля аднаго з вокнаў — швейная нажная машына. У вокны, на якіх таксама зелянелі вазоны, лілося святло і надавала ўсяму вельмі мірны знаёмы выгляд.

Старыя ў Луцкага паехалі на вёску мяняць транты. Дома асталіся толькі меншая сястра ды брат. І мне падумалася, якім адданым, самаахвярным трэба быць, каб згадзіцца паставіць пад небяспеку не толькі сваё, а і іх жыццё — такіх на выгляд неспрактыкаваных і бездапаможных без бацькоў. Няўжо Іван таксама тады не думаў пра магчымую бяду?

Але як так? Не дужа даўно былі разгромлены друкарня «Звязды», гарадскі партыйны камітэт, райкомы. За якіх некалькі начэй зніклі сотні мінчан — былі і не стала. Зусім нядаўна душагубкі вывезлі новыя тысячы з гета...

Мусіць, сама мужнасць бывае рознай. Праўда, дасюль я бачыў Ваню больш за якім-небудзь мірным заняткам — калі згружалі прывезенае з грузавіка, калі ён кіраваў канём, а потым па-гаспадарску распрагаў яго на сваім двары... І мне здавалася, дый цяпер здаецца, што ён, былы настаўнік, і на свой удзел у падпольнай барацьбе глядзеў як на работу. А сумленныя людзі, як вядома, працуюць не толькі тады, калі ім гэта падабаецца ці выгадна. Ваня, па-мойму, не мысліў, што нешта ў яго жыцці магло быць іначай. Ён рабіў тое, што трэба было рабіць, што рабілі сумленныя людзі. Ён, вядома, добра разумеў: на выпадак правалу яму, яго блізкім угатаваны турма, катаванні, смерць. Але хіба ёсць іншы выхад? І наогул, чым ён лепшы або горшы за другіх? Інакш кажучы, мужнасць ваеннага часу ў Івана Луцкага неяк натуральна вырастала з мужнасці мірных часоў.

Гэта быў працаўнік на вайне.

Я ведаў людзей, здольных на подзвіг. У іх хапала мужнасці, зняўшы вартавога, уварвацца ў каравульнае памяшканне, выхапіць з кішэні «эфачку» і прымусіць ворага адысці ў куток з узнятымі рукамі. Яны маглі сярод белага дня на люднай вуліцы на вачах усіх расстраляць здрадніка. Але яны не былі народжаны для штодзённай, я сказаў бы, цягавітай барацьбы, калі яна кожную хвіліну выпрабоўвае цябе «на разрыў». І не гадзіну ці дзве, а тыдні, месяцы. Такой, напрыклад, здавалася мне Соня — гарэзлівая, крыху бестурботная. Такім здаваўся і Яша Шымановіч — падпольшчык, які пры мне прывёз Лагойскаму райкому гранаты, шрыфт, паперу і з якім я бліжэй пазнаёміўся ў першы ж дзень у Мінску. А вось Ваня мог, як бы не заўважаючы небяспекі, упарта, настойліва рабіць сваё з дня ў дзень.

І яшчэ. Ёсць людзі, якія рызыкуюць, ідуць на подзвіг, нешта маючы на мэце — славу, будучыя аддарункі, прошчаны грэх. Яны вераць: іх подзвіг штосьці апраўдае і будзе адзначаны. А пасля, калі дзеляць здабытае з таварышамі, часамі бяруць сабе львіную долю. Ваня ж належаў да тых даверлівых бессярэбранікаў, якіх выхавалі трыццатыя гады. Ён добраахвотна браў на сябе цяжар, браў, бо нельга было не браць, астаючыся сумленным.

У першы ж дзень над намі навісла бяда — сувязі, што далі нам за лініяй фронту, аказаліся ненадзейныя. Соня, пасланая па адным з адрасаў, дзе я меркаваў асталявацца, вярнулася задыханая, гнеўная.

— Гэта здрадніца чыстай вады, Валодзя! — крыкнула яна з парога, знясілена прытуліўшыся спіною да зачыненых дзвярэй.

Я памог ёй распрануцца, пасадзіў на канапу.

— Супакойся.

— Хацела пазваніць у СД! Нават узялася за тэлефонную трубку. Астудзіў толькі мой пісталет. Ох, як карцела, Валодзя, націснуць курок!..

— Тэлефонны шнур парвала?

— Толькі папярэдзіла. Падвяла да акна і паказала — глядзі, падлюга, гэта ж нашы. А потым пятляла...

Я папрасіў паклікаць Ваню. Ён прыйшоў са двара, пахнучы марозцам і сенам. Заўважыўшы нашу ўзрушанасць, моўчкі ўтаропіўся на мяне шэрымі ўважлівымі вачыма.

— Ну што ж,— выслухаўшы, паціснуў плячыма,— будзеш жыць у нас. Я, між іншым, падрыхтаваў сваіх. Паўлік ужо дзяжурыць.

Мне захацелася абняць Ваню, падзякаваць яму, але я пабаяўся, што маю падзяку прымуць за сентыментальнасць.

Ранейшы план рухнуў. Прыходзілася ўсё пачынаць нанава. З чаго? Лежачы на ложку ў бакоўцы, пазіраючы на далёкае, як здавалася, акно, за якім стаяла мутная цемра, я доўга не мог заснуць.

За падушкамі, на другім ложку, пахрапваў Ваня і спакойна дыхаў Паўлік. Часам далятаў металічны, з падвываннямі, гул самалёта, і, калі ён набліжаўся, у вокнах тоненька трымцелі шыбы.

Уяўляўся горад. Пустыя, знявечаныя, у белай зімовай цемры вуліцы. Рэдкія ўцалелыя гмахі, дзіўныя сярод руін. Замураваныя, з вузкімі амбразурамі вокны ў цокальных паверхах. Прыгорбленыя вартавыя ля пад’ездаў за драцяной агароджаю. Гулкія крокі падкутых патрулёў... У некаторых раёнах, як казаў Ваня, яны стараюцца не паказвацца — баяцца...

Пасля гаворкі, якая адбылася ўвечары з Ванем і Шымановічам, я сяго-таго выбраў — новых, па ўсім надзейных, смелых людзей, якія ўжо праявілі сябе. Так у абставінах, якія склаліся, было найлепш. І заўтра аднаго з іх — Алеся Матусевіча — Соня павінна была запрасіць да мяне. Журналіст, супрацоўнік рэдакцыі «Беларускай газэты» добра зарэкамендаваў сябе, ведаў нацыяналістычныя колы і быў знаёмы з вярхушкаю палітыканаў-спекулянтаў.

Ці прыйдзе ён? А калі прыйдзе, што прынясе з сабою?

Ва ўяўленні паўставаў вобраз элегантнага, крыху іранічнага мужчыны, які ведае нешта такое, чаго не ведаеш ты, які жыве сярод такіх людзей і рэчаў, сярод якіх ты ніколі не жыў і жыць не будзеш. Чужое, варожае абуджае цікавасць. Матусевіч дакрануўся да гэтага чужога і таму, апрача ўсяго, інтрыгаваў сам па сабе. Да таго ж я ведаў: ён пераправіў у «Штурмавую цэлую друкарню — бяры і выдавай .партызанскую газету.

Ён прыйшоў з Соняй гадзін у пяць, калі кароткі лютаўскі дзень хіліўся к канцу. Шыбы, разрысаваныя марознымі лапкамі, ужо не іскрыліся, а сінелі, і пакой пачыналі напаўняць прыцемкі.

Пераможна зіркнуўшы на мяне сваімі мілымі вачыма, Соня счакала, пакуль мы працягнулі адзін аднаму рукі, і нячутна выйшла.

— Ваня,— даляцеў з кухні яе голас,— я пабуду на падворку...

Не, Алесь Матусевіч аказаўся іншым. Кранутая сівізной галава, адкрыты твар, хударлявая, шырокай косці постаць. Больш таго — простанароднае, сялянскае праглядвала ва ўсім яго вобліку. Нават было нешта ад традыцыйнага лерніка, які ўсталяваўся на палотнах нашых мастакоў. І толькі журботны нахіл галавы, старанна расчасаныя на прамы прабор хвалістыя валасы ды праніклівыя вочы, у якіх свяцілася ўвага, выдавалі ў ім інтэлігента.

— Значыцца, вы з-за лініі фронту?.. Гэта добра...— сказаў ён з густым беларускім «г», і стала відаць, што мая адкрытасць яму спадабалася.— Гэта вельмі дарэчы... Такія падзеі! Ста-алінград!.. Нашы спадары забегалі і пры ўсякай нагодзе, як зладзеі, азіраюцца на бакі.

— Кожнаму сваё.

— Зразумела... Нават у канцылярыю СД да Шлегеля радзей сталі бегаць. «Нешта трэба дзеяць,— цвярдзяць,— дзеяць!..» Хоць рукі, як і раней, ад крыві не высыхаюць...

Я чакаў экспрэсіўнага жэсту, бурнай рэакцыі, але Матусевіч бадай што спакойна расшпіліў паліто і, распрануўшыся, пашукаў вачыма вешалку. Я ўзяў з ягоных рук паліто, аўстрыйскую шапку-капялюш, шалік і павесіў іх на цвік, убіты ў вушак. Здагадаўся: новы мой знаёмы ні аб чым не будзе распытваць і пастараецца сам расказваць так, каб не было патрэбы задаваць пытанняў яму. Пранікаючыся ўвагаю да яго нейкай вельмі натуральнай вытрымкі, я сказаў:

— Мусіць, недарэмна Дантэ памясціў іх папярэднікаў на самае дно пекла — у апошні круг.

— Яны ежма елі не толькі другіх, а і адзін аднаго. Грызліся за смачны кавалак, за цёплае крэсла. Гуляючы, зразумела, у прынцыповасць. Праз «прынцып» нават даносілі ў СД — Казлоўскі на Сянкевіча, Сянкевіч на Казлоўскага... А цяпер, напалоханыя Сталінградам, спяшаюцца яшчэ болей. Знайшліся аматары, якія спрабуюць стварыць новую партыю. Нелегальную і з прыцэлам!

Матусевіч нечакана наблізіўся да мяне і ўзяўся за гузік майго пінжака.

— Я разумею, чаго вы чакаеце, і зраблю, што ў сілах. Дарэчы, я ўжо адправіў жонку і старэйшую дачку ў партызанскую зону. Пусціў пагудку — да сваіх у вёску. Верныя людзі таксама ёсць... Рэкамендую Грышу Страшко...

Вайна, магчыма, як нішто іншае, агаляе вартасць чалавека, паказвае цану яго слоў і шчырасці. Гэта — выпрабаванне. Жорсткае, ды амаль беспамылковае. Выпрабаванне страхам, нястачамі, болем і мукамі, правам забіваць другога. Гвалтоўна ўварваўшыся ў жыццё людзей, яна ўсё перайначвае: пераключае падзеі на большую хуткасць, дае страшэнную сілу выпадку, ставіць цябе ў залежнасць ад яго, прымушае па-свойму глядзець на кроў, смерць і заўтрашні дзень. Таму яна гартуе адных і разбэшчвае другіх, узнімае з закарвашак іх душ самае мутнае — такое, што можа ніколі б і не паднялося на поверхню ў мірных умовах.

Раніцою таго дня мне давялося быць сведкам жахлівай сцэны.

Вязні з гета падкупілі паліцаяў, і тыя мірыліся, што каля калючага, у некалькі столак, дроту ішоў гандаль. З горада сюды неслі бульбяныя лушпайкі і бульбу, шурпаты, з мякінаю хлеб і мерачкі круп, а з-за дроту — прымусы, залатыя пярсцёнкі, адзенне. Хоць натоўп віраваў і жэстыкуляваў больш, чым на базарыталкучцы, гандаль-абмен ішоў бясшумна. І ўсё-такі сёння паліцаі адкрылі агонь — мусіць, нехта данёс «па начальству». Натоўп кінуўся ўрассыпную — адны назад за дрот, другія ў бліжэйшыя руіны.

Не скажу — сёй-той з гараджан кіраваўся спагадаю і дарма аддаваў прынесенае. Але другія!.. Яны ж нажываліся на тых, хто быў аддадзены голаду, гвалту і смерці. Што можа быць больш дзікім?! Адкуль гэта магло прыйсці? Значыць, кроў і гразь часта бываюць разам — іншага адказу не знойдзеш. А прыватныя забягалаўкі, дзе пояць ачышчаным дэнатуратам і самагонкаю з бузіны? А картачныя прытоны і тайныя абартарыі, што пачалі адкрывацца ў горадзе?! Хіба гэта не здрада колішняму, хіба няма тут сувязі з тым, што робяць здраднікі-палітыканы?

І вось дзіва: разам з гэтым, насуперак гэтаму — мужная барацьба. Я, відаць, не памылюся, калі скажу: тысячы мінчан мелі да яе дачыненне. І не проста бласлаўлялі яе, з’яўляліся ворагамі ворагаў (такіх была абсалютная большасць), а так ці інакш прымалі ў ёй удзел, рызыкуючы найдаражэйшым.

Я сказаў пра гэта Матусевічу. Той стомлена ўсміхнуўся.

— Вы звярніце ўвагу, амаль кожную ноч недзе нешта ды будзе гарэць...

Мінск!

Я толькі што пакінуў партызанскі край — бязмежны лясны разліў, дзе жыццё аставалася савецкім і, натуральна, барацьбе было падпарадкавана ўсё: і намаганні, і думкі, і побыт. Але і тут, у паланёным горадзе, дзе размясціліся шматтысячны гарнізон ворага, яго армейскія рэзервы, штаб корпуса аховы тылу групы войск «Цэнтр», штаб і войскі карнага корпуса СС, упраўлення войск СД, палявой паліцыі, абвера,— сіла народнага супраціўлення была не меншай. Гэта здавалася неверагодным, але было так. І ні злавесныя засценкі, ні канцэнтрацыйныя лагеры, ні блізкі Трасцянец і далёкі Асвенцім не маглі нічога змяніць. Мінчан вывозілі на катаржныя работы, вешалі на тэлеграфных слупах, у скверах на таполях, на спецыяльна пабудаваных шыбеніцах, расстрэльвалі ў падвалах круглай турмы, на старым астрожным двары, у Тучынцы і пад Койданавам, а супраціўленне нарастала. Што за праява і як назваць яе?

Калі сцямнела, зайшоў Яша Шымановіч.

— Хопіць,— сказаў ён з парога,— трэба перабазіравацца.

— Што? — не зразумеў я.

— Збірайцеся, пойдзем да мяне. Няхай Луцкія хоць ночы дзве паспяць спакойна. А заўтра магу пазнаёміць з латышом і прафесарам. Далібог, спадабаюцца.

Зухаваты, бледны твар яго кранула ўсмешка. Аднак па тым, як хутка ўсмешка знікла, зрабілася ясна: ён не толькі просіць, але і настойвае, бо прывык весці рэй.

— Што ж, можна,— памяркоўна згадзіўся Ваня, прычыняючы за Шымановічам дзверы.— Балазе недалёка...

Мы выйшлі ўдвух.

Ноч была зорная. Удалечыні мігцелі, як толькі мігцяць у мароз,— зырка і зябка,— рэдкія гарадскія агні (немцы светамаскіроўкі яшчэ не ўводзілі).

Здавалася, Яша Шымановіч яшчэ халасцяк. Так незалежна, без асобай аглядкі прымаў ён рашэнні і паводзіў сябе. Аказалася ж, у яго ёсць жонка і дачушка — такая ж, як і маці, бялявая, з вялікімі здзіўленымі вачыма. Кажуць, валасы, як кужаль. Сапраўды, валасы ў дзяўчынкі былі шаўкавістыя, мяккія, як лён, іх цягнула пагладзіць.

— Зіна, гэта Валодзя,— прадставіў мяне Яша жонцы: значыць, усё было абмеркавана загадзя і разам.

Уважліва разглядаючы мяне, тая прывіталася, спусціла з рук дачку, і неўзабаве на стале ўжо дымілася міска тушонай бульбы, стаялі квашаная капуста, гуркі.

— Падсілкуйцеся,— прапанавала гаспадыня.— У Луцкіх не надта густа...

Цяпер, калі пісаліся гэтыя радкі, прызнаюся: я вагаўся, расказваць ці не пра тое, што адбылося далей. Ці варта? Ці не зразумеюць усё гэта па-свойму і не пакрыўдзіцца сёй-той? Ды потым рашыў — трэба. З рознымі людзьмі выпадала сустракацца ў тыя часы і ў розныя трапляць варункі. Значыць, яны таксама пакідалі свой адбітак на падзеях і жыцці. Дый само жыццё, як выяўлялася, было больш складанае.

Не паспеў Яша, у якім ужо ўскалыхнуўся азарт расказчыка, дайсці да галоўнага ў сваіх падпольных прыгодах, як у раму пастукалі. Патрабавальна, з пагрозаю.

Гаспадыня збялела, але тут жа рашуча ўзяла дачку на рукі і падышла да акна. Адхінуўшы фіранку, глянула на двор. Пасля неяк знясілена, відаць, таму, што ад сэрца адлягала, павярнулася да нас.

— Там Саўчык,— кіўнула яна галавою на акно.

Цяпер збялеў Яша. Твар у яго пагрозліва завастрыўся, тонкія ноздры драпежна раздзьмуліся. Ён ляпнуў сябе па кішэні, правяраючы, ці пры ім пісталет, і рынуўся з пакоя.

У раму загрукалі мацней. Пачулася валтузня — спачатку на дварэ, потым у сенцах. Дзверы ў пакой прыадчыніліся і з сілаю зачыніліся.

— Не пус-скаеш?.. Ага! — настыраўся нехта з п’яным натхненнем.— Думаеш, я дарэм-мна табе гранаты цягаў? Трасцы!.. Падзялілі паміж сабой усё мяса, што партызаны прыслалі, а мне вантробы адны. Пусці, праверу!.. Я не менш рызыкаваў!..

Гэта магло кончыцца кепска. Я адчыніў дзверы і стаў на парозе.

Яша за каўнер трымаў нізкарослага чалавека ў кавалерыйскай бекешы і шапцы-вушанцы, а другой рукою стараўся заціснуць яму рот. Чалавек вырываўся і ўсё хацеў нешта крыкнуць яшчэ.

— Ану, годзе! — сказаў я.— Як не сорамна?

...Назаўтра Яша пазнаёміў мяне з Аляксандрам Платаісам — начальнікам гаража ў Доме друку.

Сустрэліся мы з ім проста на Пушкінскай вуліцы. Прывіталіся, як знаёмыя, і нетаропка падаліся да парку Чалюскінцаў, дзелавіта і паціху размаўляючы.

У паношаным дэмісезонным паліто, з пустым левым рукавом (я ведаў, што ў яго калісьці была раздроблена ключыца), худы, высокі, ён зрабіў на мяне моцнае ўражанне. Чым? Хутчэй за ўсё сваім выглядам. Дакладней, неадпаведнасцю гэтага выгляду ўнутранай сіле, што адчувалася і ў перакананасці, з якой ён гаварыў, і ў суровым, нібыта застылым на адной нейкай думцы, вузкім твары. Было відаць, ён належаў да людзей, якія маюць у жыцці свае пэўныя ясныя задачы і паслядоўна здзяйсняюць іх, чаго б ім гэта ні каштавала. Ён не баяўся ні бруду, ні бяды. Піў з немцамі і нават памагаў ім красці ў саміх сябе, толькі каб гэта памагала яму рабіць сваё. І яму верылі свае і чужыя. Калі ж пазней, арыштаванага,— ён усё-такі аказаўся больш масавіком, чым канспіратарам,— гестапаўцы катавалі яго і наўмысна налягалі, ціснулі на раздробленую некалі ключыцу, Платаіс так нічога і не сказаў ім ні пра сябе, ні пра другіх. Мусіць, гэта была яго апошняя задача, якую ён паставіў перад сабою.

Мы падышлі да парку. Пасля разбурэнняў — пячныя бляшаныя трубы дымілі проста з вокнаў і ў будынку Акадэміі навук — парк выглядаў як далёкі некрануты бор.

— Ладна,— згадзіўся Платаіс на развітанне.— Пароль запомніў. Людзі ёсць і будуць. А пры патрэбе, вядома будуць аўтамашыны і гэтак далей. Шкада во — пагаварылі мала...

З паркам Чалюскінцаў аказалася звязанай і другая сустрэча.

Цяпер гэтага доміка няма — згарэў. А тады ён стаяў непадалёку ад увахода ў парк, сярод гонкіх меднастволых сосен. У раскрыжаваным, разбураным горадзе ён здаўся мне казачным — у гурбах снегу, з расчышчанай да ганка сцежкаю, з аснежаным, прысыпаным ігліцаю дахам. А галоўнае — з коміна, зусім як у казцы, віўся блакітны дымок, пахла жытлом, смалой-жывіцаю, і навокал мірна, па-лясному стаялі хвоі.

Праўда, тут жа, за агароджаю, казка канчалася. Амаль насупраць, цераз вуліцу, за недабудаванымі дамамі, размяшчаўся лагер ваеннапалонных і маячылі постаці вартавых. Кожную раніцу лагерныя вароты расчыняліся і з іх выязджалі пакрытыя рагожамі сані (часцей цэлы абоз) — вывозілі тых, хто сканаў за ноч ад бяссілля, марозу і голаду. Але тут, сярод мілых сэрцу сосен, казка ўсё-такі нагадвала пра сябе. Дый хіба многа трэба, каб фантазія чалавека стварыла жаданы свет? Асабліва калі гэтага хочаш...

Жыў у доміку супрацоўнік Акадэміі навук П. І. Фінкевіч, які, прырабляючы на жыццё, рамантаваў газніцы, чайнікі, рабіў вёдры і цынкавыя ночвы. Вось сюды ў домік-майстэрню і павінен быў прыйсці прафесар Дарожкін — біёлаг, вядомы некалі сваімі гатункамі ракаваўстойлівай бульбы.

Сувязь з Мікалаем Апанасавічам адкрывала вялікія магчымасці і была на той час прынцыпова важнай. У Мінску адкрыўся так званы штаб Розенберга, што мусіў арганізавана рабаваць здабыткі нашай навукі. Супольнымі сіламі немцаў і іх прыслужнікаў ладзілася чарговая правакацыя — стварэнне «Беларускага культурнага згуртавання», якое б аб’яднала творчую інтэлігенцыю і «наблізіла сваю культуру да еўрапейскіх культурных асноў». Інакш кажучы, апрацоўвала б народ у патрэбным захопнікам духу і рабіла б як мага больш людзей прама або ўскосна вінаватымі перад роднай уладаю. Таму патрэбна была не адна аператыўная інфармацыя.

Дасюль мы хадзілі з Яшам плячо ў плячо або, падстрахоўваючы мяне, ён назіркам дыбаў ззаду. А тут, у парку, мы як бы забыліся адзін на аднаго.

Калі я зайшоў у дом, Яша, разваліўшыся, сядзеў на тахце, а гаспадар — пажылы, з вялікімі залысінамі мужчына, завіхаўся каля стала, падсунутага ўжо да тахты.

— Мы рашылі гэтую сустрэчу абставіць фундаментальна,— засмяяўся Яша і адкрыта падміргнуў мне.— Балазе адзін заказчык Пятра Іванавіча сёння жыватоўкай расплаціўся. Нават калі хто і зойдзе, дык няхай заходзіць.

Пярэчыць, не пакрыўдзіўшы яго і гаспадара, было позна.

— Вам відней,— сказаў я, бачачы, як ківае ў знак згоды лабатай галавою і шчыра ўсміхаецца Фінкевіч.

Пераняўшы мой позірк, паставіўшы на стол шызыя, закаркаваныя папяровымі затычкамі пляшкі, ён падышоў і ўзяўся рукамі за мае плечы.

— Няўжо з-за лініі фронту? А? — спытаўся дрыготкім голасам.— Паверыце, мо толькі цяпер і адчуваеш, якім яно было колішняе. Давай, Яша, памагай мне...

Я і раней заўважаў, як харашэюць людзі пры ўпамінанні аб Вялікай зямлі. Нават і тыя, што пабойваліся яе або сумняваліся — ці зразумее яна іх пакуты, ці даруе ім, што, можа, не ўсё зрабілі ў вайне, што маглі? Прыме пад увагу варункі, у якія трапілі, або астанецца глухой да ўсяго, апрача анкеты? Бывалі ж выпадкі...

Прафесар Дарожкін прыйшоў не адзін. Узяў з сабой дачку — маленькую кучаравую дзяўчынку, і ў дзвярах спачатку паказалася яго схіленая спіна — ён чакаў, пакуль дзяўчынка, трымаючыся за яго руку, пераступіць парог.

Узяў з сабой дачку!.. Гэта не магло быць проста канспірацыяй. Значыць, ён загадзя прымаў любое заданне і гатовы быў ісці на самыя вялікія ахвяры. Праўда, ва ўсім гэтым мог таіцца і напамінак: «Добра, я згодзен і пайду на ўсё, але пайду не адзін. Не забывайцеся, калі ласка, і на гэта...»

Яшчэ малажавы, з цёмнымі, зачасанымі назад валасамі, са смуглым, чуць усходнім тварам і быстрымі, разумнымі вачыма, ён спыніўся каля дзвярэй, не выпускаючы даччыной рукі.

— Як там Іван Мацвеевіч? — спытаў, прывітаўшыся, і сеў на тахту побач з Яшам. Узяў дачку на калені.

— Наводзіць савецкія парадкі ў раёне, арганізуе самаабарону ў вёсках,— адказаў я.— Прасіў перадаць прывітанне.

— І доўга прабіраліся да нас?

«Выпрабоўвае»,— падумаў я і, падхоплены свавольным пачуццём, выняў з кішэні новенькі «ТТ».

— Бачыце, яшчэ не паспеў заржавець.

Дарожкін узяў пісталет, непрыкметна зірнуў на дату выпуску.

— Але, яшчэ цёплы... Вас, бясспрэчна, цікавяць нашы справы?..

Седзячы за накрытым, як для бяседы сталом мы доўга гаварылі пра дзейнасць розенбергаўскага штаба, пра вучоных, якія асталіся ў Мінску, пра апошнія захады немцаў. А калі дамовіліся аб паролі і яўках, я папрасіў:

— Зрабіце, Мікалай Апанасавіч, так, каб як мага меней каштоўных дакументаў трапляла ў нямецкія рукі. Забірайце іх і хавайце ў тайніках. Яны яшчэ спатрэбяцца нам. Хай будуць на прыкмеце і людзі, якіх варта вывесці з горада. Астатняе пазней — праз сувязных...

Тым часам Іван Луцкі і Соня рыхтавалі новыя сустрэчы. На явачную кватэру па Цнянскай вуліцы — двухпавярховы, барачнага тыпу дом, атынкаваны і знадворку,— Ваня прывёў Лідзію Дзявочку. Яна загадвала аптэкаю па вуліцы МОПРа. У тайніках аптэкі хаваліся не толькі медыкаменты, бінты, назапашаныя для адпраўкі ў лес, але і лістоўкі, міны, атрыманыя адтуль.

Калі я ўвайшоў у пакой, то ўбачыў стройную сімпатычную дзяўчыну з простай, строгай прычоскаю, у сціплым, але з густам пашытым гарнітуры.

Яна сядзела за круглым сталом, што стаяў пасярод пакоя, і гартала кніжку. Убачыўшы мяне, устала і падала вузкую руку.

— Добра, што вы спазніліся,— ухмыльнулася.— Добра, што і гаспадар з Луцкім на пасту.— І без асаблівага пераходу, спяшаючыся, пачала гаварыць: гітлераўцы ў час чарговай блакады наважылі ўжыць атрутныя газы і бактэрыялагічныя сродкі.

— Трэба нешта рабіць, папярэдзіць, таварыш Валодзя!..

Другі раз я сустрэўся з Дзявочкаю праз некалькі дзён. Але ўжо не з адной — яна прывяла з сабою таварышаў: Захара Галу, які працаваў па загаду падпольшчыкаў у гарадскім камісарыяце, і рабочага чыгуначнай таварнай станцыі Вікенція Шацько.

Помніцца, яны здаліся мне таксама прыгожымі не толькі таму, што былі маладыя. Шацько — чубаты, з шырока пастаўленымі, страшнаватымі для дзяўчат вачыма; Гала — з прыемным, тонка акрэсленым тварам, які бывае ў людзей з чулай, паэтычнай душою.

Мы селі за круглы стол. І, бачачы, што ўсе маўчаць, я прапанаваў:

— Ну што ж, таварышы, пачнём. Прашу, расказвайце, калі ласка, якія ў вас навіны.

— У нас? — нахмурыўся Шацько, скідаючы з калена руку друга, які, мусіць, хацеў стрымаць яго.— Чаму мы павінны гэта рабіць?

— Хаця б таму, што вы прыйшлі сюды.

— Два месяцы назад, пасля разгрому, нас таксама спрабавалі сабраць. І таксама «дэсантнікі з-за лініі фронту». Прыляцелі, маўляў, уручаць урадавыя ўзнагароды... Вы, грэшным чынам, не ўзнагароды прывезлі?

— Няхай так...— адказаў я.— Але ж вы ўсё роўна, дарагія таварышы, у маіх руках. Ёсць у гэтым логіка?

У адчайных вачах Шацько палыхнула нядобрае святло: ён не прыняў майго жарту.

— О не! — выгукнуў.— Пакуль вы тут, вы ў нашых! — І палажыў на стол наган.

— Вікенцій,— умяшалася Дзявочка, бачачы, што я таксама кладу перад сабою «ТТ».

— Спакойна! — папрасіў Гала.

Цяжка сказаць, чым бы гэта ўсё скончылася, але ўвайшоў Іван Луцкі і разрадзіў атмасферу. Дый мае паводзіны рабілі сваё. Аднак было ясна: трэба нешта яшчэ, і я загаварыў пра Вялікую зямлю, пра падзеі на франтах. І зноў пачалі мяняцца, расцвітаць людзі.

— Вы не крыўдуйце,— сказаў Гала.— Нядаўна арыштавалі чалавека, які першы з нас тут, у руінах, і на Лагойскай дарозе пачаў вайну. Караў і падрываў... Мы богатварылі яго.

На вачах у Дзявочкі закружыліся слёзы.

— Сапраўды. Вікенцій як ашалеў. Захар ірвецца ў лес. Яму абрыдла гуляць у вернападданага!..

Ні Захара Галы — «Зорыка», ні Вікенція Шацько «Агнёва» няма цяпер у жывых. Зорык і Агнёў!.. Чаго варта, скажам, адна майская аперацыя Вікенція і яго сяброў. Ім удалося на вачах у аховы замініраваць эшалон з авіябомбамі, замаскіраванымі цюкамі сена. Міна была запаволенага дзеяння, і эшалон, як і разлічвалі, дайшоў да станцыі Рудзенск, куды перад гэтым прыбыў састаў з бензацыстэрнамі. І, вядома, вухнула! А юны Зорык, чые аўсвайсы, пропускі дазвалялі і ўдзень і ўначы дзейнічаць падпольшчыкам, разведчыкам і сувязным!.. Аднак тады Шацько і Гала толькі набіралі разгон. Ды мне здаецца, што ўжо і тады ўгадвалася іх слаўная, ахрышчаная агнём і смерцю будучыня.

Зусім не збянтэжаны сутычкаю, быццам яе і не было, Шацько паскардзіўся:

— Немцы насцярожаныя, як восы. З толам упраўляцца нязручна і цяжка. Няўжо мы такія бедныя, што няма «магнітак»? Дайце «магніткі»! Няўжо не даходзіць, што міны тут у сто разоў важаць? А чыгуначнікі выканаюць заданні.

— Гэта праўда — хочацца ў партызаны. Вельмі...— задуменна азваўся Гала.— Але, прызнацца, мне ўсё болей давяраюць. Спадар бургамістр збіраецца нават паслаць у Нямеччыну вывучаць вопыт работы з моладдзю. Бачыце, які гонар... І я, зразумела, астануся. Толькі дайце жывую справу...

Я адыходзіў першы. Развітаўся і ўбачыў, што не аднаму мне сумна ад гэтага развітання.

Справы, здавалася, разгортваліся шчасліва. Сяброў станавілася ўсё больш. І якіх сяброў! Але трывожыла думка: ці ва ўсіх хопіць вытрымкі чакаць — ідзе ж вайна! — пакуль тое, што стваралася, прыйдзе ў рух і ты зоймеш вызначанае табе месца, адчуваючы побач плячо нябачнага, надзейнага друга, а за спіною — цэлую дзяржаву.

На гэтую думку навёў мяне яшчэ Алесь Матусевіч. Я востра адчуў яго прагу да спраў. Ён звязаўся з падпольным Лагойскім райкомам і пасылаў туды разведдадзеныя. Ён устанавіў сувязь з партызанскай брыгадаю «Штурмавая». Шукаючы новых спраў, ён прыйшоў да мяне.

Калі я прапанаваў Шацько і Галу парваць найбольш небяспечныя сувязі, яны задумаліся.

— Гэта можна,— нарэшце сказаў Вікенцій.— Але пры адной умове — калі дазволяць самі справы.

— І сумленне! — выгукнуў Зорык.

Многія з іх, па-мойму, былі перакананы, што ў вайну адна задача — наносіць ваенны ўрон ворагу, што цана людзей пасля вайны будзе вымярацца ў першую , чаргу гэтым. Асабліва тых, хто быў на акупаванай зямлі, хадзіў побач з ворагам і мог дацягнуцца да яго рукамі. Дальнія мэты здаваліся, бадай, нечым эфемерным. Сапраўды, што можна было сказаць роднай уладзе, калі ты не забіў ніводнага немца ці нямецкага паслугача, калі не ўзарваў ніводнага ваеннага склада ці станка ў заводскім цэху. А што даваць такую справаздачу давядзецца, ведалі ўсе — прывучылі тыя ж трыццатыя гады.

Значыць, трэба было нешта рабіць. Больш таго, як паказалі наступныя дні, гэта падсвядома жыло і ва мне.

Жыў я зноў у доміку на Дабралюбаўскім пераездзе.

У першыя ж суткі, як я перабраўся туды, зноў адбылося ЧП, ды не адно... Ужо сцямнела, у правы ўступіў каменданцкі час — той цягучы, трывожны час, калі на вуліцах пуста і іх як бы поўніць чаканне нядобрага. А перад гэтым кружыла яшчэ мяцеліца. Усё замяло снегам. Сумёты грабянямі ўзнімаліся каля платоў, домікаў, выраслі папярок вуліц. Ні саннага, ні чалавечага следу, а за некалькі крокаў — каламуць, імгла.

Ваня ўбег да мяне з варанай бульбінаю ў руцэ: пэўна, вячэраў.

— Нехта, Валодзя, да нас ідзе. Хто б гэта мог? Што сказаць, калі стане пытацца пра цябе? І наогул?..

Гэта быў Алесь Матусевіч. Узрушаны, задаволены, ён аберуч прывітаўся са мной і, ужо сам, як добра знаёмы, распранаючыся, загаварыў:

— Ваш пікет за квартал мяне сустрэў. Здорава!.. Але даруйце, што не вытрываў. Такія справы! Вы толькі пачытайце! Атрымаў пад распіску. Як знарок для вас.

Я ўзяў даволі тоўсты збрашураваны стос паперы, які Матусевіч сунуў мне, і, гартаючы, пачаў праглядаць.

Сапраўды, гэта было цікава. Я трымаў у руках аддрукаваны на шапірографе першы нумар «Бюлетэня», дзе ўрачыста і ўзнёсла абвяшчалася аб стварэнні так званай «Незалежнай партыі». Статут, праграма, хроніка — усё як належыць.

— Звярніце ўвагу на задачы і мэты,— не мог спыніцца Матусевіч.— Барацьба на два франты! Бачыце хроніку—«Нямецкія і савецкія ахвяры»? Што гэта? Правакацыя абвера?

— А можа, трук саюзнікаў.

— Якое вераломства!.. Ведаеце, гэта ж усе яны, Залежскі і незалежнікі, днямі збіраюцца на банкет. Будуць адзначаць соты нумар сваёй «Беларускай газэты», якая верай і праўдай служыць гітлераўцам. Дык як жа так можна? Якая брыда!

Матусевіча пакідала вытрымка. У ім, мірным чалавеку, які да вайны, як я ўжо ведаў, з любоўю аратага толькі і пісаў пра тарфянікі ды асушку балот, абуджалася жорсткасць.

Газнічка мігала. Змрокі ў пакоі ўздрыгвалі. І ў гэтай мігатлівай паўцемры постаць Матусевіча выглядала яшчэ вышэйшай, а твар гнеўна-барвовым.

— Вы маглі б трапіць на іх зборышча? — спытаўся я, сам зараджаючыся азартам.

— На банкет? — перапытаў ён, і мала што змянілася ў ім — таргануліся хіба вусны.— Гіры жаданні, думаецца, мог бы...

Некалі мы з Леанідам Палітаевым таксама спрабавалі расправіцца з местачковымі верхаводамі. Але марна. Для ўдачы, відаць, трэба, каб падобная думка зарадзілася не толькі ў нас адных. Трэба, каб яна жыла ці хоць бы падспудна выспявала ў тых, хто мусіць ажыццяўляць яе. Патрэбны і адпаведны накал у барацьбе. А гэтага ўсяго, відаць, там не аказалася. Галоўны ўрач местачковай бальніцы мог бы перадаваць партызанам розныя лекі, мог бы нават, рызыкуючы, пры выпадку аказаць медыцынскую дапамогу, але на большае тады ён не быў здольны і стаў адступнікам. А тут? Хутчэй за ўсё, тут справа абстаіць іначай. На мяне нахлынулі думкі.

— Слухайце, дарагі Алесь,— дакрануўся я да яго пляча.— А што, калі ўзяць ды шарахнуць гэтую брыдоту? Ці сумленна будзе, калі, маючы такую магчымасць, мы пройдзем міма? Колькі захавалася б жыццяў, душ!..

Цяпер твар у яго, астаючыся спакойным, пачаў усё-такі змяняцца і ўвачавідкі,— Матусевіч нібы худзеў.

— Знішчыць? — спытаўся ён, сярдуючы не то на мяне, не то на самога сябе.

— Але!.. Атрымаеце ўсё, што трэба. Нават аўтамашыну. Хочаце — «опель-капітана», хочаце — грузавік. Пры патрэбе, апрача шафёра, будуць хлопцы.

Запала маўчанне. Стала чуваць, як у другой палавіне закашляўся Ваня Луцкі.

— Ну што ж, я разумею...— прамовіў Матусевіч праз хвіліну.— Ну што ж... Прыйдзецца толькі вывезці меншую дачку і сёе-тое з бібліятэкі...

І вось што кінулася ў вочы: Алесь трымаў сябе ўжо так, быццам заданне мусіў выканаць нехта іншы.

Што гэта было? Хутчэй за ўсё — усвядомленая неабходнасць.

Раніцою па заданне прыйшла Соня. Яна паспела ўжо схадзіць на рынак і купіць сабе кубанку — барашкавую, з яркім донцам, перакрыжаваным нашыўкамі. Стаўшы каля люстэрка, пагардліва кінула хустку на спінку канапы і, радая, што пазбавілася ад яе, надзела кубанку. Свавольна, набакір.

— Дома прышыю чырвоную пасачку. Вось так, наўскос,— паказала яна, хітра гледзячы то ў люстэрка, то на мяне, і стала, горда ўзяўшыся ў бокі.

Паружавелая з марозу, у зухаватай кубанцы, яна падабалася сабе, і гэта весяліла яе, падбівала на свавольства.

— Што новага на базары? — сумеўся я.

Ад адчутай незалежнасці, ад таго, што можа збянтэжыць старшага, Соня павесялела зусім.

— Бачыла спекулянтаў, беднасць. Што яшчэ? Нават аблавы не было...— І раптам пагасла.— Там адзін немец хадзіў. З бутэлькай брандвейна. І ўсё соваў, соваў усім, быццам не прасіў, а загадваў, каб купілі. За каго яны нас прымаюць, Валодзя?..

Але хмарка як хутка набегла, так хутка і рассеялася.

— Мне сёння да Страшко?

— Так.

— Адчаяны ён, Валодзя! Як порах загараецца...

Яна пайшла. Пакрысе разышліся і астатнія. Дазорным астаўся адзін Паўлік.

Падзеі бралі мяне ў палон, падганялі, кружылі галаву. Я адчуваў гэта. Разумеў: у такіх умовах вытрымка асабліва патрэбна. І ўсё-такі прага зрабіць нешта яшчэ і яшчэ большала. Расла і вера ў людзей — вунь якія яны і на што ідуць!

Ноччу я не кончыў чытаць «Бюлетэнь». Адхінуўшы шторку, каб бачыць увесь пакой, схаваў пісталет пад падушку і лёг на ложак.

У пакоі, які я палюбіў ужо за простую ўтульнасць, было цёпла, светла. Цікалі ходзікі, па-мойму, цвыркаў цвыркун — гэтак мірна, з адцяжкаю.

Я чуў, як стукнула брамка і нехта ўвайшоў у сенцы.

«Паўлік»,— падумаў з удзячнасцю. У дзверы пастукалі.

— Уваходзь,— дазволіў я.

На парозе паказаліся двое... бравых, у форме ўкраінскага батальёна. Адзін з вінтоўкаю, другі з ручным кулямётам.

Марудзіць было нельга. Калі яны адны і я апярэджу іх, гэта можа выратаваць. Стрэлаў на вуліцы не пачуюць. А калі і пачуюць, не так страшна: немцы часта страляюць самі — па варонах, па ляпных карнізах руін, па фарфоравых чашачках на тэлеграфных слупах з абарванымі правадамі.

Не спускаючы з няпрошаных гасцей вачэй, я сунуў руку пад падушку.

Але тут здарылася нечаканае. Тыя хуценька паставілі зброю ў дзвярах і адступілі на некалькі крокаў.

— Мы да Полі... Дзе яна?..— заспяшаўся чарнявы, вышэйшы ростам, падазрона і насцярожана сочачы за маёй рукою.

Ён яўна здагадваўся, што пад падушкаю, і баяўся як таго, што я выхаплю пісталет і пачну страляць, так і таго, што проста ўбачыць у маіх руках зброю.

— Сядайце,— прапанаваў я.

Набеглі новыя асцярогі. Небяспека пакуль што мінула мяне. Але потым, калі яны зноў возьмуць зброю? Выйдуць на вуліцу? Убачаць сваіх?

— Даўно знаёмы з Поляй? — пацікавіўся я, каб выгадаць час.

— Не вельмі...— вінавата адказаў чарнявы.— Мы ж са зміёўскага гарнізона. Ведаеце, пад Сёмкавым Гарадком? Сюды па боепрыпасы прыязджаем... Поля нам пра навіны расказвае...

«Ага!..» — ускіпела ва мне, і я пайшоў напралом — іх трэба было ашарашыць. Устаўшы з ложка, я выняў з-пад падушкі пісталет, сунуў яго ў кішэню і ступіў да дзвярэй. Заўважыўшы, як госці бялеюць, кінуў:

— А пра Сталінградскі разгром яна вам расказвала? Чулі? Думалі пра заўтрашні дзень?

Чарнявы закруціўся на крэсле, але другі астаўся сядзець са сцятымі губамі. Ад адчаю нешта рашуча выспявала ў ім.

— Мы пакінем вам патронаў і частку гранат,— сказаў ён, прыкурваючы ад запальнічкі і прагна зацягваючыся дымам.

— Гэтага мала! — не згадзіўся я.— Для вас мала.

— Ён наш камандзір,— падказаў чарнявы.— Ён можа рашаць... Але, відаць, трэба пагаварыць з астатнімі.

Ён пачаў праяўляць ініцыятыву, пэўна, клапоцячыся ўжо аб будучым. Гэта было добра, але хацелася пачуць другога.

— Адказ дазвольце даць заўтра,— здагадаўся той аб маім жаданні.— Хоць шмат хто з нашых шукае спосабаў звязацца з партызанамі.

Ён гаварыў зласнавата, з выклікам, ды яму хацелася давяраць. Было відаць: наўрад ці адступіць ад прынятага рашэння, хоць дужа прагне шчаслівага канца. І таму з ім можна размаўляць начыстату.

— Будуць умовы,— перабіў яго я.— Калі шэф заартачыцца — расстраляць. Казармы спаліць. Усе боепрыпасы, зброю ўзяць з сабой. Пойдзеце з правадніком...

Каюся зноў — я больш думаў пра справу, чым пра сваіх сяброў. Праўда, крыху апраўдвала акалічнасць — я не так ужо многа думаў і аб сабе. Але хіба гэта мяняла сутнасць таго, што я рабіў?

Калі вярнуўся Ваня, я расказаў пра здарэнне і папрасіў падрыхтавацца: яму выпадала самае небяспечнае — прасачыць за выкананнем намечанага плана і адвесці гарыізоншчыкаў у партызанскую зону.

А мне самому? Самому трэба было тэрмінова перабрацца на другую кватэру — на Беламорскую, 48... да Міколы Саўчыка. Чым я кіраваўся? Зноў жа пачуццём, што мацавалася тут, у Мінску. І варта сказаць, яно не падвяло мяне. Я трапіў у сям’ю, дзе панавалі нястачы, беднасць, але з імі — і глыбокая адданасць колішняму.

Яша Шымановіч прыехаў па мяне на «опель-капітане». За квартал шафёр — Уладзімір Некрыш — падняў капот і пачаў корпацца ў маторы, пакуль я не сеў у машыну.

Дасюль я бачыў адны ўскраіны: Старажоўку, Камароўку, Пушкінскі пасёлак, раён Балотнай станцыі, парк Чалюскінцаў... Домікі тут у большасці ўцалелі. Толькі скасабочыліся, паслеплі, ураслі ў зямлю. А ў цэнтры... што тут было!

Па Лагойскім тракце мы выехалі на Савецкую вуліцу. Не, не на вуліцу — яе не было,— а на расчышчаны праезд сярод аснежаных руін, з якіх тырчалі напрэжаныя прэнты. І хоць злева, над імі, на Златай гурцы, маячыў касцёл з адцятай званіцаю, а насупраць — забруджаны камуфляжам дом, усё роўна здавалася: едзеш па нейкіх раскопках — пачатых і пакінутых. Толькі за Свіслаччу можна было з горам папалам пазнаць некалі знаёмае — будынкі, каробкі былых будынкаў, сквер. Затое руіны тут былі яшчэ страшнейшыя. Яны ўзнімаліся знявечанымі грамадзінамі, якія, здавалася, вось-вось рухнуць. Ад былога кінатэатра «Чырвоная зорка» захавалася адна фасадная сцяна. Над чорным дзвярным праёмам навіс балкон. Як ён трымаўся?

Сям-там руіны абваліліся, аселі, сталі курганамі. Па мёртвых кварталах людзі праклалі сцежкі, і яны чамусьці праходзілі якраз па гэтых курганах. Але найбольш уразіла мяне, што патрушчаная цэгла прабівалася праз снег, і сцежкі былі рудыя, быццам з-пад іх праступала ржа ці кроў.

Навокал панавала бязлюддзе. Сустрэліся толькі некалькі аўтамашын ды абоз вялізных крытых фур, што цягнулі крыжастыя біцюгі з хвастамі-куксамі.

Ехалі мы да прафесара Клумава, які загадваў хірургічным аддзяленнем Першай гарадской бальніцы. Калі збочвалі на Ленінскую вуліцу, на рог выйшаў патруль палявой жандармерыі — з аўтаматамі, у касках, зеленкаватых шынялях. У аднаго з жандараў на грудзях вісела бляха-паўмесяц. Яна надавала яму амбітны выгляд. Ён адчуваў гэта і трымаў галаву важна, з гонарам.

Колькі жыццяў падпольшчыкам і партызанам выратаваў Яўген Уладзіміравіч! Чатыры палявыя партызанскія шпіталі абсталяваў ён, забяспечыўшы іх медыцынскімі інструментамі, прэпаратамі, перавязачным матэрыялам — усім неабходным. А той, хто прайшоў праз вайну, ведае цану індывідуальнага пакета або ампутацыйнага нажа, тым больш калі ён замяніў нажоўку ці ржавую лучковую пілу.

Мажны, яшчэ моцны, з пушыстай, кранутай сівізною шавялюраю, Клумаў стаяў перад намі, чакаючы, што мы скажам.

— Я хачу пазнаёміць вас з таварышам Валодзем. Ён з-за лініі фронту, прафесар,— сказаў Яша.— Вы не супраць?

— Ну-ну, цікава,— узняў калматыя бровы Клумаў, не асабліва здзіўляючыся Яшавым словам.— Але спачатку прызнайся, чаму я, па-твойму, магу быць супраць? Хіба гэта не радасць? Твая і мая?.. Ты знаешь, аб чым гэта сведчыць?

— Аб чым, прафесар?

— О-о-о!

Такое было ў навіну. Ні падобнай адкрытасці, ні падобнай адлучанасці ад трывог і клопатаў аб сабе я яшчэ не сустракаў.

Жэстам ён паказаў нам на белыя табурэткі каля белага стала.

— Чытаю Дастаеўскага. Яго «Дзённік». Іншы раз ёсць патрэба разабрацца і ў псіхалогіі ніцшыянства. Але вось цікава, і там адчуваеш — чалавеканенавіснікі асуджаны. Наогул. Што іх жывіць у жыцці? З жывога, вядома. Нічога. А што яны могуць? Могуць зняважыць людзей, прынесці ім пакуты, праліць мора крыві і захлынуцца ў ёй. Усё!.. Таму важна адно — прыспешыць іхнюю пагібель. Хоць, праўду кажучы, хочацца, каб каштавала яна не столькі, колькі каштуе... Ну, а як там матухна Масква?

Я пачаў расказваць.

— Ды іначай не магло быць! — усклікнуў Клумаў.— А ты, друг падпольшчык, пытаешся...— і, нібыта ў тым добрым, што пачуў, ён чэрпаў сілу, стаў напорыста развіваць думкі, як і што, паводле яго меркаванняў, варта зрабіць, каб падзеі разгортваліся больш шчасліва.

Я сказаў, чаго завітаў да яго.

Яўген Уладзіміравіч задумаўся, правёў па твары далоняй і працягнуў руку. Але ў гэтай згодзе я не адчуў нядаўняй рашучасці, хоць ён і паскардзіўся:

— Так, з гэтымі партызанскімі сувязнымі б-бывае ўсякае. Часам за дапамогай звяртаюцца проста ферты, якім мора па калені. «Дайце», «Падрыхтуйце», «Майце на ўвазе»... Вы не дазволіце паказаць вас жонцы? У мяне няма ад яе сакрэтаў. Галя, ідзі сюды!

У дзвярах з’явілася пажылая жанчына ў чорным. На жаль, яна толькі і запомнілася такой — добры твар, сівізна на скронях і чорны ўбор.

— Галя,— пявуча сказаў Клумаў,— паглядзі, Гааля! Гэты таварыш адтуль, разумееш? Паслухай, што гаворыць ён пра Маскву!

У ім, відаць, ускалыхнуліся ўспаміны, туга. Ён падсунуў сваю табурэтку жонцы і стаў ззаду, паклаўшы ёй на плечы рукі. Падняўся быў і я, але Клумаў энергічна заківаў галавою.

— Сядзіце і расказвайце. Расказвайце, калі ласка...

Я, зразумела, не ведаў тады, што ўгатавана гэтым слаўным, мужным людзям, якія мацавалі адно ў адным веру і гатовы былі на ўсё. А ўгатавана было цяжкае...

Доўга затрымлівацца было нельга — набліжаўся каменданцкі час.

— Ну-ну,— уздыхнуў Клумаў.— Вы маеце рацыю... Перадайце там, што я выканаю лю-убое заданне...

Чалавек адчувае мяжу магчымага, за якой — бяда. Гэта пачуццё абвастраецца, калі ходзіш побач з ёю. Калі для ўдачы патрэбны дзесяткі шчаслівых выпадковасцей, то для правалу — усяго адна нешчаслівая. Здавалася, усё павінна быць наадварот: чалавек прывыкае да небяспекі і няўдач. У ім нешта прытупляецца ад іх. Верхалазы, паўтараю, не заўважаюць прывычнай вышыні. А вось адчуванне, што напяты да апошняга выратоўчы пояс, калі ты возьмеш у рукі яшчэ цяжар — парвецца, пэўна, ёсць і ў верхалазаў. Ва ўсякім разе я адчуў — мяжа!

Праўда, многае само прыйшло да свайго лагічнага канца. З задання вярнуўся Ваня Луцкі. Усміхаючыся, далажыў, што раскватараваў гарнізоншчыкаў са Зміёўкі ў лясной вёсцы Якубовічы, і тыя чакаюць мяне. Чакае таксама Цімчук і, здаецца, аддаў распараджэнне падрыхтаваць сякога-такога зелля для сустрэчы. А тут, у горадзе? Алесь Матусевіч адправіў дачку і атрымаў ад нас усё патрэбнае. Шафёру Некрышу перадалі загад у час быць з машынаю на Абойнай вуліцы, паблізу ад доміка, дзе збяруцца прыслужнікі, і вывезці за горад чалавека, які падыдзе з паролем. Я схадзіў да Матусевіча і ў апусцелай кватэры прадыктаваў лістоўку-прысуд. Да таго ж не было сакрэтам — пасля тэрарыстычнага акта ўсе кантрольна-прапускныя пункты закрыюць, і горад будзе блакіраваны. І нарэшце — вось яно прадчуванне! — Платаіс перадаў праз Яшу нямецкі план Мінска і навіну: у СД пачалі паступаць няпэўныя, але сігналы — угадвалася нейкая актыўнасць. Значыць, аставалася або стаіцца і чакаць, або тэрмінова пакінуць Мінск. Платаіс настойваў на апошнім, абяцаў аўтамашыну.

Аднак у прызначаныя тры гадзіны машына не прыйшла. Не было яе і ў чатыры. «Няўжо бяда?..» Збіты з тропу, я загадаў Ваню запрагаць вернага сібірачка. За гэтыя дні ён адпачыў, пасыцеў, поўсць на ім заільснілася.

Гэта чамусьці надавала ўпэўненасці, і мы рушылі ў дарогу даволі бадзёра. Каб мінуць кантрольна-прапускны пункт, Паперню, паехалі паўз Балотную станцыю на Бараўцы.

Як і тады, кіраваў Ваня Луцкі, як і тады, захутаная ў хустку, побач з ім сядзела Соня. Але настрой і думкі былі іншыя. Я ад’язджаў ад небяспекі, ад магчымай бяды, мой ад’езд адводзіў яе і ад другіх, але разам з радасцю ва мне жыў смутак. Было вельмі шкада таго, што пакідаў у Мінску, трывожна за Матусевіча, горка... за многае горка. Непакоіла і прадчуванне — гэта яшчэ не ўсё...

Праз кіламетраў сем дагналі сялянскую падводу. Я саскочыў з саней і, прабегшы, падсеў да дзядзькі. Паклажа яго здалася мне незвычайнай — клумкі, чамадан, кнігі, хатнія рэчы, але я не надаў гэтаму значэння. Папрасіў закурыць.

Сутанела. Сінелі неба, лес на даляглядзе, узгоркаватае снежнае поле. Мацнеў мароз.

У кажуху, кучомцы дзядзька, не ведаючы, як трымаць сябе, насцярожана маўчаў. Не вельмі хацелася гаварыць і мне.

Чаму Ваня не папярэдзіў мяне аб Цнянскім торфазаводзе? Пэўна, забыўся ў клопатах і хваляванні. Але як толькі мы выехалі на адзін з пагоркаў, вячэрнюю ціш разарвала чарга. Над галавою прасвісталі кулі.

— Стой! — пачуўся вокліч.— Злазь з саней! Хутка!

Я штурхануў дзядзьку локцем і папрасіў:

— Гані, гані, браток!

Але ён, нешта буркнуўшы, саскочыў у снег і нацягнуў лейцы. Узняўшы галаву, ззаду спыніўся і наш сібірачок. Хамут у яго палез на вушы.

Толькі цяпер я ўбачыў занесены снегам дзот і чатыры постаці, што выраслі з снегу. Па шынелях і зброі пазнаў — немец і салдаты так званага «ўкраінскага батальёна».

Што адказаў мне дзядзька, я не пачуў і толькі па тону здагадаўся: даваў нейкую параду.

А тыя набліжаліся.

Дзядзька кінуў лейцы і пабег насустрач.

— Сцяпан! — крыкнуў.— Гэта ж я, Сяргей, з Бараўцоў! Няўжо не пазнаў?

— А гэтыя адкуль? — апускаючы вінтоўку, спытаўся Сцяпан.

У галаве раптам усталявалася яснасць. Думкі сталі выразнымі, быстрымі. Такімі быстрымі, якімі, па-мойму, ніколі не былі.

— Мы таксама з Бараўцоў! — гукнуў я і шэптам сказаў сваім: — Без загаду не страляць.

Цяпер карціна выглядала так. Насустрач Сцяпану спяшаўся дзядзька. Двое ахоўнікаў напрасткі шыбавалі да мяне з Ванем. Немец, перавальваючыся шкандыбаў да Соні, вымяркоўваючы падысці, калі абшукаюць нас. Ды ранейшай насцярожанасці ў іх не было.

Астатняе адбылося за хвіліну — гранічна скандэнсаваны прамежак часу, калі падзеі набягаюць адна на адну, адбываюцца паралельна, і цяжка аднавіць іх парадак.

Той, хто падышоў да Вані, аказаўся найбольш вопытным. Ён схапіў яго за жывот і адразу намацаў пад рэменем пісталет. Але ад нечаканасці разгубіўся. Разгубіўся і Ваня. Адмахваючыся ад ахоўніка, як ад прывіду, ён пачаў адступаць.

Бачачы гэта краем вока, я сказаў «свайму» ахоўніку:

— Мы партызаны. Ясна? Хочаш страляцца — давай. Не — паедзем разам... Скажы і таму!..

А той, зрабіўшы некалькі крокаў з працягнутай рукою, успомніў, што ў яго ёсць вінтоўка.

Выбару не было. Не вымаючы «ТТ» з кішэні, я стрэліў. «Мой» ахоўнік ахнуў, схапіўся рукамі за жывот і, скурчыўшыся, асеў на зямлю. Другі ж стрэліў. Але не ў Ваню, а ў мяне, ва ўпор. Я якраз паварочваўся да яго, і куля парвала мне верхнюю губу. Ды болю я не адчуў. Як цяпер помню, вялікі палец у мяне пацягнуўся, каб узвесці курок, але думка: «Навошта? У мяне ж самаўзвод!..» — спыніла палец, і я стрэліў зноў. Ахоўнік з разведзенымі рукамі павярнуўся спінаю, зрабіў крок і выпусціў вінтоўку. Але ўпалі яны разам і пасля таго, як я стрэліў яшчэ раз.

Ужо ад першага стрэлу ўсё прыйшло ў рух. Дзядзькаў конь шарахнуўся ўбок і панёсся па цаліку. Немец, не дайшоўшы да Соні, кінуўся назад. Не ведаю, што сталася з дзядзькам. Бо калі я стрэліў на немцу і той упаў, я ўбачыў аднаго Сцяпана. Узняўшы рукі ўгору, ён няшчадна мацярыўся і бег да дзота.

— Агонь, туды вашу маць! — заходзіўся ён у крыку, не разумеючы, што сам перашкаджае ім страляць па нас.

Мы ўпалі на сані. Я схапіў лейцы, але Соня прымусіла мяне зноў прыгнуцца і прыкрыла сабой.

Сібірачок імчаў пад гару наўгалоп. І калі з дзота застракатаў кулямёт, кулі ішлі ўжо недзе над намі.

Дзядзькаў конь, апісаўшы дугу, таксама выскачыў на дарогу і, калі мы спускаліся ў лагчыну, дагнаў нас. Соня выцерла мне твар хусцінкаю і перасела на другую падводу. Нагамі расштурхала рэчы, якія перашкаджалі ёй зручна прыстроіцца. Хто знаў, што яны — Алеся Матусевіча і што назаўтра яго стрыечны брат прыйдзе па іх да нас у падпольны райком? Дый калі б і зналі, наўрад ці падумалі пра іх. Не ведаю, як каму, а мне — я разумею, гэта жорстка,— хацелася спяваць.

Так, мне шанцавала. Не ведаю, ці вінаваты ў гэтым той, каму шанцуе. Мусіць, трохі вінаваты — значыць, паміж ім і акалічнасцямі ёсць усё-такі згода. У райкоме я даведаўся: на Бягомльскім аэрадроме чакаюць першых самалётаў. Гэта прымусіла мяне спяшацца — я атрымліваў магчымасць хутка трапіць на Вялікую зямлю. У дадатак — Цімчук таксама збіраўся ехаць са справаздачаю ў партыйны цэнтр зоны.

Пакінуўшы сабе для аховы двух знаёмых па Мінску гарнізоншчыкаў, я здаў астатніх, выведзеных са Зміёўкі, у брыгаду «Бальшавік» і разам з Цімчуком рушыў у дарогу.

Выехалі мы на двух вазках. Коні былі рэзвыя, надвор’е мяккае, імглістае, і дарога адразу набыла характар радаснай паездкі ў запаветнае.

Пасля перажытага ў Мінску ўсё наўкол здавалася невымоўна дарагім, родным. Асабліва лес, ляшчэўнік з залацістымі каташкамі і бярозы — нейкія зварушліва стройныя, пранозліва чыстыя на фоне трошачкі па-цямнелага лілаватага неба. У лесе звычайна цяплей. Нават пад’язджаючы да яго ўзімку, ты адчуваеш ласкавыя павевы. Напрадвесні ж у зацішку, пад сонцам, цеплыня тут як бы агортвае цябе, пранікае ў душу. І гэта тады, калі яе вельмі прагнеш.

Захутаўшыся ў чорную доўгую дублёнку, паклаўшы паміж ног жоўтую калодку маўзера, Іван Мацвеевіч сядзеў задумана, сцішана. Ён, пэўна, думаў пра Вялікую зямлю, куды я кіраваўся, думаў пра сябе, і свае заўтрашнія дзелавыя сустрэчы.

— Хораша! — выгукнуў я, калі мы вынесліся на ўзгорак і Цімчукоў ад’ютант — рыжы, з густым засевам вяснушак на твары, маўклівы дзяцюк, які кіраваў канём, даючы нам палюбавацца навакольнай красою,— нацягнуў лейцы.

— Тут недалёка, на шасейцы, мы летась засаду рабілі,— азваўся Цімчук, прадаўжаючы думаць пра сваё.— Абстралялі грузавік. Але, мусіць, агонь аказаўся радкаватым. Многія з немцаў паспелі ўкрыцца ў кювеце... Агрызацца пачалі — галавы не падымеш. Але кулямётчык наш... Паблізу масток быў. Дык ён пад ім прабраўся на другі бок шасейкі і часануў уздоўж кювета...

— Пазнаю почырк,— парадаваўся я партызанскай кемлівасці.

— Ого!..— захоплена ўхваліў Цімчук, жмурачыся ад навакольнага рассеянага святла.— Тым болей што гэтай шасейкай немцы ўжо болей не ездзяць. Вяскоўцы перакапалі яе, перагарадзілі заваламі, спілавалі тэлефонныя слупы.

Твар у Цімчука павесялеў, і ён, як па клавішах, прайшоўся пальцамі па калодцы маўзера.

— Гітлераўцы, па сутнасці, распараджаюцца адно ў райцэнтрах. На астатняй тэрыторыі — савецкія формы жыцця... Бежанцаў-мінчан і тых прымаем у цывільныя лагеры. Можа — працуй у кравецкіх або шавецкіх майстэрнях. Умееш — у гарбарнях або пекарнях. Наладзілі выраб аўчын. Валім валёнкі. Працуюць млыны. Жыхароў цывільных лагераў неўзабаве мабілізуем на сяўбу, а потым — уборку ўраджаю. На паседжаннях райкома камандзіраў і камісараў заслухоўваем не толькі наконт баявой дзейнасці. Расказвай і пра выхаваўчую работу... Плюс інстытут інструктараў. Работа з сакратарамі пярвічных арганізацый. У партыю, браток, прымаем, як у мірны час... І задача цяпер новая — галоўныя ўдары па камунікацыях. Біць іх на дарогах і такім чынам абараняць мірнае насельніцтва... У драматычным яно становішчы пакуль што...

Ёсць людзі, якія жывуць адным. Аб ім не стамляюцца гаварыць. Пра яго толькі турбуюцца, для яго шукаюць лепшага, найлепшага. Астатняе як бы па-за іх увагаю. Але, будучы вось такім апантаным, Цімчук аставаўся багатым у сваіх праявах, бо ягоныя клопаты былі пра вялікае і высокае — дабро другіх.

Мне зрабілася зайздрасна, захацелася ўзяць гэта сабе ад Цімчука — удумлівага, разважлівага, для якога клопаты аб народзе сталі прафесіяй, сэнсам жыцця.

Начавалі мы ў Хадаках, і помніцца: неяк само сабою нехта, пэўна гаспадар, нацепліў нам лазню, і мы ўсмак «папакутавалі» на палку, хвастаючы сябе духмяным бярозавым венікам.

Бягомльскі аэрадром запомніўся начным. Чакаючы самалёта, мы пасяліліся ў бліжэйшай ад аэрадрома вёсцы і ўдзень спалі ў напаўпустой хаце на саломе, накіданай проста на падлогу. Не помніцца, дзе і як мы харчаваліся, з кім я сустракаўся ў той час. У памяці запала толькі, як штовечар, калі пачынала змяркацца, мы адыходзілі з хаты, і як вярталіся назад, калі набліжалася каламутнае, апалавае світанне.

У цемры ўсяго аэрадрома, вядома, відаць не было. Яго прастора адчувалася толькі па тым, як паласкаліся наўкол змрокі і мігцелі цьмяныя кастры.

Прыляцеў самалёт нечакана. Але, калі пачуўся яго рокат і з зямлі ў неба шуганула полымя кастроў, якіх як бы пабольшала, ён і не падумаў зніжацца. Наадварот, даўшы над аэрадромам круг і прывітальна бліснуўшы агеньчыкамі, пачаў аддаляцца. Аднак неўзабаве, праз колькі хвілін, да вушэй даляцеў свіст рассякаемага крыламі паветра — на зямлю рынуўся і сеў планер. Адзін, другі...

Не паспелі госці падысці да кастроў, а ахова адцягнуць цяпер ужо бездапаможных і непатрэбных «птушак» да ўзлеску, як усё паўтарылася. Толькі другі ці трэці планер, што якраз прызямліўся паблізу ад нашага кастра, раптам як бы нырнуў, ударыўся аб зямлю грудзьмі і стаў старчма. З фанерных яго бартоў у розныя бакі сыпанулі рыбападобныя, з наканечнікамі на насах міны розных памераў. І тут жа, а можа, нават перад гэтым, у пакутлівай цішыні разлёгся стогн-крык. Найбольш аператыўныя з нас, падварушыўшы агонь у кастры, кінуліся з палаткаю да планера.

Колькі іх прыляцела ў тую ноч? Не ведаю. Бо я быў сярод тых, хто нёс пілота да санітарнага паста.

І ўсё-такі адзін самалёт сеў — старэнькі двухматорны біплан «Р-5». Ён даставіў людзей у фюзеляжы і прыцягнуў з сабою цэлы поезд планераў. Садзіўся ён апошнім, за планерамі, на пасадку пайшла процьма часу, і яму, замаскаванаму бярозкамі, давялося перабыць дзень на ўскрайку аэрадрома.

З першым крылатым пасланцом выпала ляцець камандзіру брыгады «Жалязняк» Раману Дзякаву, начальніку штаба той брыгады — падпалкоўніку Каваленку, якія накіроўваліся ў распараджэнне Штаба партызанскага руху, мне і цяжкапараненым, якім былі патрэбны складаныя аперацыі.

Калі біплан выруліў на ўзлётную палосу, пачалася пасадка. Надвор’е, праўда, папсавалася. Дзьмуў вецер, па небе несліся рваныя хмары, і з іх паспешліва раз-пораз вынырваў і тут жа хаваўся малады месяц. Але шчаслівымі здаваліся і тыя, хто праводзіў нас.

Садзіўся я апошні. Паціснуўшы рукі сваім ахоўнікам, якія аставаліся ў тутэйшым атрадзе, абняўся з цыганкаватым сімпатычным камандзірам атрада.

— Махнём? — прапанаваў расчулена.

Той, пэўна, чакаў і жадаў гэтага, бо моўчкі заўсміхаўся, сарваў з галавы кубанку і ўзяўся расшпільваць новы, пашыты па фігуры кажушок. Заціснуўшы між ног аўтамат, я таксама зняў вушанку і здабыты яшчэ пад Улаю шынель. Пераапранаючыся, здагадаўся: камандзір чакае ад мяне яшчэ нечага і, можа, праз гэта і пайшоў на абмен, хоць ваенная форма партызанамі цанілася на вагу чыстага золата.

Да зброі прывыкаеш, як да жывой істоты. Але ў тую хвіліну не было шкада нічога. Я пацалаваў прыклад аўтамата і перадаў яго ва ўчэпістыя рукі камандзіра — ні ў паветры, ні за лініяй фронту ён не быў мне патрэбен. Дык няхай служыць тут!

У фюзеляжы гарэла адна электрычная лямпачка. Упокат ляжалі раненыя. Пахла лекамі. Мы — Дзякаў, Каваленка і я — прымасціліся купкаю побач з люкам. Было цесна, нязручна. Нават нельга было выцягнуць ногі. Да таго ж Дзякаў абклаўся мяхамі і ля ног яго, загорнуты ў мешкавіну, ляжаў абсмалены кабанчык — падарунак камандзіру прыфрантавога аэрадрома, які надумаў траляваць зброю і людзей на планерах.

Зараўлі маторы. Самалёт уздрыгнуўся і затрымцеў, гатовы разваліцца. Поўнячыся радасцю, я заўважыў, як крыва ўхмыльнуўся Дзякаў, і выпрастаўся напружаны Каваленка. Я гутарыў перад гэтым з Дзякавым і ведаў яго крыўду — «раней, калі пачыналі, быў патрэбен, а цяпер, калі набралі моц, распатрэбіўся». Ведаў таксама, што ў вярхах палічылі мэтазгоднейшым, каб і Каваленка быў у арміі.

«Новыя задачы..— нагадаліся Цімчуковы словы.— Та-ак новыя!.. Рашаючы іх, мала аднаго гарачага сэрца, як мала і аднаго ваеннага вопыту...»

Перад адлётам Дзякаў выпіў. Яму хацелася пагаварыць, ды рокат матораў, брынчанне фюзеляжа перашкаджалі яму. Але нешта збіралася ў ім, і нарэшце ён не вытрываў. Развязаўшы адзін з мяшкоў, запусціў у яго руку і выцягнуў жмут грошай.

— На, Валодзя, вазьмі! — пакрываючы гул, бразгат і брынчанне, прапанаваў ён.— Згодзяцца!

— Дзякую! — крыкнуў я ў адказ, прыціснуўшы далоню да грудзей.— Але не варта! Дзякую!

— Ат,— махнуў ён рукою.— Хочаш, я і табе дам, падпалкоўнік? З танкавай калонай нічога ад гэтага не станецца. А хто ведае, як там усё выкіруецца! Бяры...

Каваленка адхінуўся і памацаў на пятліцах шпалы — палачкі, абцягнутыя чырвонай матэрыяй. Наогул — разам з тым, як мы набліжаліся да запаветнай пасадкі, ён набіраўся паважнасці і аддаляўся ад нас.

Праўда, ён сабраўся быў усё-такі нешта адказаць, але не паспеў — ва ўсе шчыліны і дзірачкі, што аказаліся ў сценах фюзеляжа, рынула асляпляльнае святло. Сумненняў не магло быць — мы трапілі ў абцугі пражэктараў. Потым пад намі нешта ўзарвалася. Я кінуў позірк на здранцвелага Каваленку і заплюшчыў вочы. Увушшу ў мяне зазвінела. Ніхто не мог падумаць, што мы па той ужо бок фронту, што пражэктары — нашы, а ўзрыў — ракета-сігнал — «Я свой!».