epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Карпаў

Жывое сячэнне. Маленькая аповесць

1
2
3


Цяпер гэта здаецца бадай што зданнёвым — такое яно багатае на нечаканасці...

Нашу дэсантную групу, пакуль дапусцілі на лётнае поле і дазволілі грузіцца на «Дуглас», з якога спехам знялі падвешаныя бомбы, два тыдні трымалі на хутары. «Калі вам сваіх людзей не шкада, мне сваіх шкада» — паўтарала Грызадубава, якая ўзначальвала тады Унукаўскі аэрадром, і спакойна спасылалася на якую-небудзь прычыну — надвор’е ці небяспеку на трасе.

Не ведаю, як другія, а я проста пакутаваў. Даймалі думкі аб новым незвычайным заданні: мы ляцелі напомніць ворагу,— так, так! — што кроў людская не вадзіца. Не цярпелася спаткацца з таварышамі, якіх не бачыў амаль паўгода. Што там з Матусевічам, Платаісам, Грышам Страшко? Ці жывыя?.. Хоць пра Матусевіча і Грышу я сёе-тое чуў у Маскве, ды гэта яшчэ больш распальвала мяне.

Але нам не шанцавала. Абсалютна. Калі мы падляцелі і далі круг над расчышчанай партызанамі палянаю, выявілася: прызямляцца нельга, навокал ідзе бой. Праўда, выратаваў камандзір «Дугласа» — ён ведаў яшчэ адну лапіну, дзе можна прызямліцца. «Тут рукой падаць, у чэрвеньскіх лясах»,— бачачы нашы выцягнутыя твары, кіўнуў ён на ілюмінатар. Аднак тое, што ў паветры было «падаць рукою», на зямлі выглядала крыху іначай. Ад Лагойшчыны, дзе мы павінны былі асталявацца, нас аддзялялі дзесяткі пакручастых кіламетраў, чыгунка і аўтамагістраль Мінск — Масква, што моцна ахоўваліся.

Да таго ж, з групы я адзін бываў тут раней. Таму план, як пераадолець нечаканыя перашкоды, аказаўся занадта складаным. А як вядома, дзе складанасць — там новыя цяжкасці. Я згараў ад нецярплівасці.

Але ўрэшце, з прыгодамі, мы дабраліся да Руднянскага лесу, дзе знаходзіўся падпольны Лагойскі райком, пераначавалі ў зямлянках. Ранкам, пакінуўшы рукзак, плашч-палатку, я з правадніком — ёсць жа ўсяму канец! — ужо спяшаўся ў Буды, дзе, як сказалі ў райкоме, стаяла спецгрупа, прысланая штабам партызанскага руху, і можна было сустрэць Матусевіча, а магчыма, і Грышу Страшко.

 

1

У брамцы, на якую мне паказалі, стаяў пажылы мужчына ў касаваротцы, з непаслухмянымі, зачасанымі назад валасамі. Заклаўшы нагу за нагу і прытуліўшыся плечуком да шула, ён чытаў газету. Нешта сярдзітае праглядала ў яго бледным твары. На маё пытанне аб Матусевічу ён без цікавасці змераў мяне позіркам і, не сказаўшы ні слова, даў прайсці на падворак.

У чыстай палавіне хаты, дзе ўсё, што можна, было пафарбавана і пабелена, я знайшоў адну жывую душу — жанчыну, якая гаротніцаю стаяла ля акна, упёршыся лбом у пераплёт рамы.

На мой стук яна не адказала, не зварухнулася і калі я без дазволу пераступіў парог.

Я назваў сябе. Не ведаю, ці заўважыла яна маё замяшанне, ці сёе-тое чула пра мяне, але вейкі ў яе як бы ўспырхнулі.

— А-а-а!.. Праходзьце...— запознена прапанавала яна праз сілу.— Ды Алеся няма. Пайшоў з групай пад Мінск... Праходзьце! — паўтарыла ўжо з большай гатоўнасцю даваць тлумачэнні.— Сёння, відаць, вернецца. Хоць нядаўна праязджалі з «Штурмавой»... Палохалі, што нашы, здаецца, трапілі ў бяду.

— Яны што, бачылі?..— пачаў я, здагадваючыся: перада мной Матусевічыха.

— Не. Але чулі страляніну і разрывы гранат у тым баку.

— Ну і што?

— Гэта праўда...— згадзілася яна, папраўляючы прычоску.— Алесь не траціць розуму, як іншыя!

У голасе яе чуліся сярдзітыя ноткі — яна, відаць, належала да людзей, якія злуюць, калі бяда пагражае іх блізкім. Але ёй самой хацелася верыць: з мужам не здарылася нічога кепскага, і, глушачы трывогу, яна стала хваліць яго разважлівасць і вопыт таварышаў, што пайшлі з ім.

— А гэта хто? — спытаўся я пра мужчыну ў касаваротцы, які ўсё стаяў у брамцы.

— Не пазналі? Мурашка. Гэта ж Рыгор Мурашка!..— і зноў загаварыла пра Алеся, называючы яго то дзіцём, то хітрушчым-хітрушчым.

— Праз агонь здолеў прайсці...— уздыхнула яна, змахнуўшы пальцам са шчок слёзы і зноў чуць злуючыся.— Алеська, ты мой Алеська!.. А хіба мог ён пагадзіцца з чужынцамі, калі так даражыў сваім? Не мог і замкнуцца ў сабе — ён жа энцыклапедыя хадзячая.

І вы не здзіўляйцеся! Верце ці не, а гэта праўда... Ёсць людзі, якія ведаюць прыроду, гісторыю свайго краю. Трапляюцца, канечне, знаўцы фальклору, этнаграфіі. А ён усё ведае, ён усяго знаўца. А там, дзе веды,— там любоў...

Успомніце пры ім, калі вернецца, ну хоць бы вопытнае поле на Камароўскім балоце. Пабачыце — адразу як падменяць. Слова ўжо не дасць уставіць. Засыпле скорагаворкаю: і што гэта старэйшая балотная станцыя ў былой Расіі — «у Еўропе нават!», і што перад вайною на ёй тое і тое адкрылі. Нездарма штаб РР — і тут жа расшыфруе: рэйхсляйтара Розенберга — вывез у Нямеччыну разам з вучонымі дзве платформы зямлі з яе асушаных палеткаў і пайшоў, пайшоў...

Хоць увогуле, трэба сказаць, закваска ў яго мірная, і ён, вы, мусіць, прыкмецілі ўжо самі, з маруд. Прыходзіць да рашэння паволі, быццам нехаця. Дый наважыўшыся на што-небудзь, не надта спяшаецца.

Я дзівілася нават: чаму б гэта? А потым дайшло, зразумела. За спінаю ў яго — лясная Тхарніца, калі чулі. Камяністыя палі, як скрозь на Лагойшчыне... Праўда, мала хто з нас не паспытаў пастуховага хлеба. Гэта так. Пастухоўства ва ўсіх у нас — пачатковая прафесія. Але не ўсім пастухоўскае, сялянскае ў кроў пранікла. У Алеся ж яно ўкаранілася. Не вырвеш. Было і калі вучыўся, засталося і калі выбіўся ў журналісты.

Ён, калі хочаце, мяне яшчэ да жаніцьбы змусіў машыністкай стаць. Не знайшлося дзяржаўных курсаў, дык на прыватныя ўладзіў. «Хай у руках нешта будзе...» А пачытайце яго перадваенныя «Агні на балоце», «Пятро Брагінец»... Яны ж усе пра скупую зямлю. Пра тое, што яе трэба прымусіць, каб яна стала шчадрэйшая. І перш за ўсё — наша пакрыўджаная...

А навуку проста грыз. Спярша ў вышэйшай пачатковай. Чыталі пра такую? Настаўнікі там у грамадзянскую і зарплаты не атрымлівалі. Хіба бацькоўскі савет падкіне часам з самаабкладання. І вучоба, канечне, залежала болей ад тых, хто вучыўся, а не вучыў. Але, калі ласка,— паступіў у сямігодку. І не абы-куды — у Мінск! Зрабіла, значыць, сваё тхарніцкая ўпартасць... Ну, а там з такой жа заўзятасцю пісаць пачаў. За старарэжымшчыкаў у лясніцтвах, у зямельных органах узяўся... Аднак першы нарыс, які надрукаваў, называўся «Дзіва на балоце». Во як!.. Ну, а пасля — «Звязда», вучоба на вячэрнім геафаку. На геаграфічным усё ж такі!

Вайна, калі хочаце, і тая застала яго ў камандзіроўцы. Сакратар Акцябрскага райкома паказаў тады яму кавалак солі, здабыты бурам. Рашылі адзначыць, канечне. Але смех — не аказалася чарак. Давялося піць сырыя яечкі і наліваць гарэлку ў шкарлупінне. І пачулі б вы, як пазней расказвалася пра гэтую апошнюю мірную радасць!

Яна змоўкла, каб ціха паплакаць. Але ад гордасці доўга маўчаць не здолела, дый баялася думак, якія гнала ад сябе.

— Знаў ён шмат і пра розных акінчыцаў, што вынырнулі аднекуль,— звяла яна цёмныя бровы, відаць, спахапіўшыся, што дапусціла нешта легкадумнае.— Як міленькіх знаў! З усёй іхняй паднаготнай!

Ведаў і тое, што захопнікам, каб размаўляць з людзьмі, патрэбны адступнікі. Як ты абыдзешся без іх? Хочаш не хочаш — выкалупвай са шчылін, прывозь у абозах.

Ну і прывезлі, выкалупалі. Сталі выходзіць газеты, часопісы. З’явіліся лістоўкі з плакатамі!.. І няма чаго казаць, сваёй хлуснёю шмат у каго адбіралі волю. Таму, калі хочаце, у Алеся і нарадзілася ідэя...

Было тут, магчыма, і жаданне памацаць усё самому, быць сведкам. Ведаеце, які ён?.. Перад тым, як ісці ў выдавецкі ўпраўскі аддзел, з’ездзіў у сваю Тхарніцу, у Мачаны да цёткі. Каб застрахавацца ад неспадзяванасцей, падшукаў кватэру на Пушкінскім пасёлку, дзе нас не ведалі... І таксама спакваля, па-дзелавому...

Прынялі яго ахвотна. Ім было на руку акружаць сябе людзьмі. Далі Алесю, як ён казаў, ровар, наборшчыкаў, вярстальшчыкаў. Абавязалі вазіць адбіткі цэнзару, у рэдакцыю. А як жа? Тэхнічны рэдактар! Садзіся на гэты самы ровар і каці праз увесь горад. Спачатку на плошчу Свабоды, дзе апартаменты Гера Шрэтэра, а потым на Рэвалюцыйную, ці, як па-іхняму, вуліцу Рагнеды — дзе «Беларуская газэта» і кватэра Казлоўшчыка.

Так што ўся кухня адкрылася перад маім Алесем. Вазі ды глядзі. А там ад аднаго гэтага самага Казлоўшчыка вырваць магло.

Пабачылі б, з якой пыхай гэты шляхціц абараняў радкі, што адстаўлялі пры вёрстцы з яго артыкулаў! Як таргаваўся за месца на паласе. «Мае «ўгодкі» падымеш. Во сюды! Хто я табе? А гэтую пісаніну — уніз! Ты кінь мне ўраўнілаўку. Мы яшчэ не ведаем, што ён за беларус... Можа, наогул, прытрымаць трэба...» А пабачылі б, як размяркоўвалі там ганарар, прэміі! Як навыперадкі падхалімнічалі перад Шрэтэрам, усміхаліся, нават стоячы за спінай у яго. Хіхікалі, рагаталі, калі знак падаваў. А потым кожнае кінутае ім слова скланялі. А як жа — устаноўка!.. А што вытвараў Казлоўшчык, каб баяліся яго самога?! Для пісьмовага стала выкапаў недзе мармуровы прыладак, стосы даведнікаў, кніг. Ласку сваю, а значыць, і даброты дарыў адным прыслужнікам. Няхай будзе вядома: ён таксама ўладар і воінскі начальнік. Эліта! А галоўка — як у ката. Што там змесціцца? І, каб падмацаваць сябе, знарок пры супрацоўніках званіў у СД і вёў размовы. «Во з кім маю справу, з самім Шлегелем!» З дапамогай Акінчыца нават Сянькевіча спіхнуў з рэдактарскага крэсла і сеў у яго!..

А той закіпеў, зразумела, стаў у апазіцыю. Але не да гаспадароў. Дзе там! Хоць, помсцячы за няміласць, быццам бы і гуляў у лібералізм. Лез у душу кожнаму — шукаў паплечнікаў ды ахвяр для абвера. «Самакіраванне!— пляскаў па сцёгнах.— Які ім клопат?» Гэта, значыць, пра такіх, як Казлоўшчык. «Дапалі да кармушкі — і здаволіліся!» Нават гразіўся нейкім Тамілам, які толькі загадай, усё зробіць. «Не звяліся яшчэ людзі. Дзеяць трэба, дзеяць!..» Алесь яго саракушам-жуланам называў. Ёсць драпежнічак такі. Умее спяваць ля разбуранага ім жа гнязда. Засвішча, як берасцянка ці чорнагаловая валасянка, і чакае даверлівых.

І так усе. Як клубок змяіны...

У нас пішучая машынка была. «Ундэрвуд». Купілі мы яе даўно, яшчэ маладымі. Помню, тады іх паступіла ў Мінск усяго дванаццаць. І каштавалі яны неймаверна дорага. Прыйшлося ўлезці ў даўгі.

Ну дык... Вярнуўся Алесь пасля адной са сваіх паездак як палатно... Глянула я на яго і ахнула — няўжо не заўважала раней? — сівізна на скронях! Пачаў сівець залацісты мой. Дый бледнасць пры сівізне, калі хочаце, ой якая страшная! Ну, канечне, кінулася з роспытамі, каб засланіць ад небяспекі. А ён і гаварыць не можа. Толькі калі акрыяў патрошку, выправіў Нату з Адачкай: «Пагуляйце там, каля дому». І адно галавой усё круціў.

— Не магу, Рая!.. Яны горшыя за чужынцаў. Сядай! Вышэй сіл маіх!

Калі я выходзіла за яго, блізкія абывацелі палохалі: глядзі — вёска. Зручна ці не зручна, прыйдзецца ўступаць. А я і тады смяялася: «Ці я камандаваць замуж іду або ваяваць з мужам?» І калі ён браўся за што-небудзь з імпэтам, слухалася безагаворачна. Дый верыла яму. А калі верыш, адразу пачынаеш любіць або ненавідзець тое, што ён любіць або ненавідзіць.

Заміраючы, калі з калідора даляталі крокі ці шоргат, села я за машынку і з горам папалам надрукавала лістоўку... Што паробіш? І прызнаюся: тужыла ўпотайкі па начах — здагадвалася, куды ўсё хіліцца, у думках падказвала сёе-тое.

Самі мяркуйце. Зачасціў Грыша Страшко. Таксама журналіст. Падкупаў мяне якой-небудзь выдумкай. Дзяўчатак даводзіў да віску. Падбіваючы чупрыну, спрачаўся з Алесем. Аднойчы на золку завітаў... Але дзе тыя наіўныя, якія паверылі б, што яму прыспічыла ляцець чуць свет проста так? Калі яшчэ каменданцкая гадзіна!.. Прыязджалі з Лагойшчыны. Зіркалі на вокны, шушукаліся. Бывала, і начавалі. Або... Расказы пра Мурашку. Чуць што — Мурашка ды Мурашка. З якой гэта ласкі? Сухі, нашорстаны. І наогул, быццам застыглы на адной якой думцы. Няўжо толькі таму, што ў яго імя? Што планы былі склікаць нейкі пісьменніцкі з’езд?..

І напраўду... Праз некаторы час Алесь прынёс у кішэні шрыфт.

Браў напачатку з даваеннага набору, што пыліўся ў запасных рэалах. А пасля і з кас стаў прыхопліваць. Ды не думайце, адно той, што трапляў пад руку,— з надзеяй пазней разабрацца. Ого! Не будзь то Алесь! Ён і ў апошні дзень жыцця ад раскладу не адступіць.

Ёй зноў не спадабаліся ўласныя словы. Але яна не нахмурылася, як той раз, а ўсміхнулася — хітравата, з лёгкай пагардаю да сябе.

— Але, вядома, слухалася не толькі я...— нібыта згубіўшы думку, праз хвіліну прызналася: — Слухаўся і ён мяне. А маўчалі мы ў такіх выпадках, бо разумелі адно аднаго без слоў. І я раней трошачкі прыбяднялася. Калі бяда на парозе, рупіць прыбядняцца.

Ну, як і трэба было чакаць, за шрыфтамі пайшлі вярстаткі, валікі, пластмаса на абліўку валікаў... У мяне заставаўся адзін клопат — ён, мой Алесь. Як на спружынах стала хадзіць. Прышыла яму патаемныя кішэні ў паліто. Ахоўваючы, як ні пярэчыў, навязала Адачку. Хай бярэ з сабою ў такія дні. Яна ў нас беленькая, мілая — сапраўдны талісман. Узяла на сябе клопат хаваць прынесенае з друкарні.

Дом, дзе мы пасяліліся, драўляны, хоць і двухпавярховы. Каб уцяпліць яго, калісьці насыпалі на гарышча пяску. Дык у ім я і зрабіла схованку. Пажарнай інспекцыі, зразумела, не было, жыхары трымалі на гарышчы розны хлам, сушылі бялізну. Так што возьмеш таз, пакладзеш Алесеў здабытак, кінеш паверх бялізну і лезеш, як па гаспадарчых справах.

І пахваліцца магу — ой, якімі дружнымі мы адчувалі сябе тады! Як хораша размаўлялі, смяяліся! Паглядзім адно на аднаго і смяёмся. Не бянтэжыла нават — ці не ўпустую ўсё! Ці не занадта далёкая мэта пастаўлена? Вайна ж! Дый дзеці!.. А калі адправілі назбіранае багацце ў Манылаўскі лес, цешыліся, быццам самі дзецьмі былі... Ох!..

І ўсё-такі, як аказалася, дасюль яна бадзёрылася — саромелася паказаць слабасць. Але, бачачы, як я слухаю яе, усё больш рабілася сабою.

— Дзе ж тут справядлівасць? Дзе? — выгукнула раптам з надрывам.— Хіба цяпер майму залатому пагібаць?.. Вернецца — не адстану, хоча ці не, няхай бярэ наступны раз з сабой.

 

2

Яе чыста жаночая логіка пераканала мяне больш, чым што. Я рашыў чакаць Алеся — праўду іншы раз прымаеш душою. Дый проста я не меў права рабіць іначай.

Пасцель мне, калі стала змяркацца, паслалі ў гумне, на духмяным, коўзкім сене. Паклаўшы пры баку аўтамат, слухаючы пяшчотны піск ластавак, я настроіўся заснуць. Хораша думалася пра Раісу Сямёнаўну, уяўлялася, як заўтра сустрэнемся з Алесем. Здзіўляла — чаму гэта немцы не чапаюць Будаў?.. Дарэчы, падобнае неразуменне апаноўвала мяне і ў самалёце. Калі мы перасякалі лінію фронту, у цемрадзі, нагадваючы жураўліныя кліны, засвяціліся кастры партызанскіх аэрадромаў. Чаму немцы даюць ім гарэць? Рукі не даходзяць? «Ага!..»

Я ўжо засыпаў, калі пачуў, што нехта сіліцца ўзлезці да мяне на сена.

— Хто там? — спытаўся я наўмысна па-нямецку.

— Свае,— як здалося, непрыхільна азваўся мужчынскі голас.— Захацелася пажупіць, як кажуць у нас на Случчыне.

Раней я не чуў яго голасу, але пазнаў — Мурашка.

— Давайце руку!

Ён узлез, дыхаючы з прысвістам, сеў у нагах. Сабіраўся быў закурыць, але адумаўся.

— Няўжо яны сапраўды напароліся на засаду? — спытаўся, быццам я хаваю ад яго нешта.— Алесь — цяпер самы блізкі мне чалавек. Хоць дружба ў нас не такая даўняя...

Адчувалася: нашорстаны дагэтуль Мурашка, як бы ўспомніўшы — яму варта быць дабрэйшым, паступова мякчэў і сам ужо напрошваўся на споведзь.

— Звяздоўцы заўсёды былі навідавоку,— праз хвіліну загаварыў ён.— І Алесь, зразумела. Па карэспандэнцыях, па рабоце ў сельскім аддзеле. Машыністак ведалі па машынным бюро. Бывала, Раіса Сямёнаўна слухае, што ёй дыктуеш, перамаўляецца з другімі, а як забавішся сам, адразу прыспешвае: «Давайце! Далей! Давайце!» Прыкмячалі нават іхнюю малую Адачку. Чысценькую, з вачанятамі-незабудкамі, з коскамі, шаўкавісцейшымі за кужаль.

Нельга сказаць, каб Алесь лёгка ішоў на збліжэнне. Наадварот, як бы ахоўваў у сабе нешта запаветнае, да якога падпускаюць не ўсіх. Але да мяне цягнуўся...

Ён, бачыце, употай ад жонкі ўсе рэспубліканскія газеты павыпісваў. Богатварыў друкаванае слова. І сваю павагу да яго, зразумела, пераносіў на нашага брата. Чытаў майго «Сына», «Салаўёў святога Палікара», ведаў біяграфію. Дый людзям, відаць, даецца чуццё, якое падказвае, як ставіцца да іншых сабе падобных. Псіхалагічная сумяшчальнасць ці несумяшчальнасць, так сказаць. Яны дзейнічаюць.

У той час я адважыўся і пачаў друкаваць у газеце аповесць «Насуперак лёсу». У аснову яе сюжэта паклаў дзейнасць славутага анархіста на Гомельшчыне. Савіцкага. Чулі, пэўна? Хаваючы між слоў задуманае, распісваў яго экспрапрыяцыі і выдатны талент канспіратара. Разумееце, канспіратара?.. І, сустракаючыся з Алесем у рэдакцыі, мы часцяком гаманілі пра ўвішнасць майго героя.

— «Насуперак лёсу»,— ківаючы галавою, ухмыляўся Алесь.— Па-мойму, прыдасца каму-колечы.

— Я пісьменнік-прафесіянал, у мяне адна песня,— падкуплены, што цябе разумеюць, прызнаўся я.— Задумаў яшчэ рэч — «Таварышы».

— Таксама не шкодзіць напомніць сяму-таму...

Аднойчы мы разам выйшлі на вуліцу. З настаўленымі каўнярамі падаліся да плошчы Свабоды. Я — трымаючы пад пахаю папку з рукапісамі, якую баяўся пакідаць дома, ён — ведучы неразлучны веласіпед.

Па небе насіліся хмары. Над абязглаўленай вежай ратушы са шкілетам гадзінніка кружылі галкі. Прахожых не было. Дарогу перабег толькі жоўты шалудзівы сабака, як шалёны, апусціўшы морду і хвост. Але мы ўсё роўна збочылі ў сквер і селі на лавачку.

Я прывык к Мінску, любіў яго. Разбураны горад прыгнятаў мяне. Рабілася горка, трывожна. Я сказаў пра гэта Алесю.

— Вядома,— згадзіўся ён.— Але затое ёсць дзе хавацца... Як падабаецца вам пісаніна Казлоўшчыка? Знарок спекулюе на самых нізкіх пачуццях. Дзе ў яго сумленне?

— А навошта яно? — спытаўся я, прыняўшы яго шчырасць.— У кішэні пісталет, кніжачка, куды запісвае анекдоты і дадзеныя аб палітычна ненадзейных.

Прыехаў у гарнітуры, перашытым з польскай уніформы, а цяпер, нябось, у доме — як у камеры хавання на вакзале.

Алесь, пэўна, чакаў ад мяне такіх слоў. Ды яны і пераконвалі яго ў нечым. Крутнуўшы педаль веласіпеда, які прыставіў да лавачкі за спінай, задумаўся.

— Ён жа сам сябе ставіць па-за ўсякім законам... А неўзабаве з Берліна прыбудзе яшчэ папаўненне. Яго павадыр прывязе партыю гадунцоў, каб паставіць на ключавых пазіцыях.

Не было сумненняў — Алесь наважыў нешта рабіць або ўжо рабіў: адкуль такая дасведчанасць? Але адначасна і падумалася: дзейнічае ён, хутчэй за ўсё, адзіночкай. І гэта, мабыць, з недавер’я да людзей. З імкнення быць самастойным. Бо бачыў, як і я, правалы. А мо праславутая прабуксоўка колаў — як у паравоза, што мусіць цягнуць цяжкавагавы састаў.

Наіўнасць!.. Мне захацелася памагчы яму, засцерагчы ад скараспелых рашэнняў. Колькі людзей гіне, кідаючыся на ворага стрымгалоў. Усе ахвяры праз гэта. А ў мяне ж сякі-такі вопыт з грамадзянскай. І, каб ліквідаваць недамоўкі, я сказаў:

— Гэты Акінчыц выдаваў нашых людзей, яшчэ калі быў юрысконсультам Грамады. Праўда, яго судзілі пасля разгрому. Далі восем гадоў, але мігам выпусцілі. Спрактыкаваны...

— Ведаю,— ухмыльнуўся Алесь.

— Пасля баёў на Халхін-Голе вербаваць прыхільнікаў у Вільню прыязджалі японцы з консульства. Дык ён і з імі ўстанавіў кантакт! А потым з Казлоўшчыкам ля граніцы залажыў кодла, каб перапраўляць да нас гітлераўскіх паскуднікаў. Буду жыць — напішу.

І ўсё-такі, гаворачы гэта, я раптам адчуў... У мяне з’явілася адчуванне, што я бягу за нечым і адстаю ад яго. Бягу і адстаю...

Праз тыдзень сапраўды прыехаў Акінчыц.

Мы з Алесем якраз сядзелі ў рэдактарскім кабінеце — як і было заведзена пры пісьмовым стале, насупраць гаспадара, які з сур’ёзна-важным тварам высоўваў і засоўваў шуфляды ў стале.

Не заўважаючы яго зіркаў, я маляваў ветракі на палях газеты, што ляжала пад рукамі. Алесь, як потым я здагадаўся, хітра чакаў, што з гэтага будзе. І дачакаўся. Не могучы пераносіць маёй вольнасці, Казлоўшчык чмыхнуў і выхапіў з сярэдняе шуфляды лісток паперы:

— На, малюй, калі не церпіцца!..

І тут жа паружавеў. Усхапіўшыся, крануўся быў ісці з-за стала. Але раздумаў і абапёрся на яго растапыранымі пальцамі.

Я бачыў партрэт Акінчыца ў «Чырвоным сейбіце». Яшчэ ў дваццаць шостым. І, трэба сказаць, ён мала змяніўся. Той жа пануры вузкаваты твар з трагічна ўзнятымі бровамі, тыя ж каротка падстрыжаныя вусы, востры падбародак. Набытымі былі хіба вера ў сябе ды прыхаваная пагарда, што цьмяна свяцілася з вачэй. Высокі, яшчэ дужы, ён выслухаў вітанне, стоячы ў дзвярах, і толькі пасля, гледзячы на аднаго Казлоўшчыка, рушыў да стала-трыбуны і паціснуў працягнутую яму руку.

Трымаючыся на ўзятым парадным узроўні, Казлоўшчык пакланіўся і назваў нашы прозвішчы.

— Матусевіч? — зморшчыў рот Акінчыц, глянуўшы скоса на столь.— Мурашка? Не так даўно чытаў... Аднак не ведаю, каму спатрэбілася навучаць бандытаў і цікаўных разявак правілам канспірацыі. Навошта наогул зараз штурхаць думкі ў гэтым кірунку?

На твары ў яго, пад туга нацягнутай скурай, варухнуліся жаўлакі — ён узбуджаў сябе.

— Хочацца засцерагчы ад правалаў? Бо вызвольнікі ўжываюць крайнія захады? А? — вырак ён.— Інтэлігенцкая слізіна-гнілоцце! Ні больш ні менш. Бо як ты не будзеш страляць у тых, хто не можа ачысціць сябе сам? Што загадаеце рабіць з народамі, якія далі ачмурыць сябе і адмаўляюцца супрацоўнічаць з тымі, хто нясе ім вызваленне, свабоду?

Алесь сядзеў, паклаўшы вузлаватыя, як у селяніна, рукі на калені, і толькі варушыў пальцамі. Літаральна за хвіліну дасюль, пакутуючы, ён расказваў мне пра трагедыю, што спасцігла вёску Паніжэўшчыну — суседнюю з яго роднай Тхарніцай. Эсэсаўцы перабілі там усіх мужчын у сем’ях, з якіх хто-небудзь пайшоў у партызаны. Мелі, бясспрэчна, спісы, нарыхтаваныя памагатымі, але выстраілі паніжэўцаў на вуліцы і наладзілі спектакль. Хадзілі ўздоўж радоў, заглядалі ў вочы і паказвалі пальцам. Во якія, маўляў, пільныя — бачым вінаватых навылёт!

Мне за сорак, я таксама мужыцкі сын, за спінаю не адна гэтая вайна, але мне стала страшна за Алеся. Аднак ніводзін мускул не здрыгануўся на яго твары. Вось як!

А праз дзень Шрэтэр учыніў яму наганяй. Крывячы поўныя вусны, злуючыся, што сам заўважае, як бязбожна нявечыць мову, перакрэсліў усе загалоўкі на першай старонцы.

— Тут!..— застукаў алоўкам па паласе, глытаючы словы, каб неяк прыхаваць сваё бяссілле.— Тут гаворыцца аб зямлі, якую мы... гм, наважылі, вярнуць баўэру... Так? А вы, гм, скупіцеся. Чорт!.. Дзе вялікія літары? Расцягалі?.. І перадайце там, каб гэтым «Насу-у-перак лёсу»... як тут кажуць па-вашаму?., закругляліся. Каб у наступным нумары, гм, друкавалі канец... Ферштейн?..

Калісь я пытаўся ў Алеся: якое, перад усім, пачуццё ён вынесе з вайны? Ён тады адказаў — прагу. Каб спыталіся ў мяне, я адказаў бы іначай — вытрымку і голад. Жылі мы з жонкай цяжка. Спусцілі на таўкучцы, што было можна і няможна. Я разумеў: Шрэтэрава забарона — гэта падазрэнні і новыя выпрабаваннінястачы. Але прыняў факт па-філасофску. Пачуўшы навіну ад Алеся, я, даю слова, засеў за «Таварышаў». І хоць даводзілася лавіраваць, працаваў з трапяткой радасцю. «Ага, разгадалі — дайшло! Значыць, даходзіла і да другіх — каму адрасавалася!» І няхай калісь скажуць: «Друкаваўся бог ведае дзе»,— усё роўна пісаць! У гэтым адна апора, адзінае выйсце. І няхай «Таварышаў» таксама прыкрыюць; мне, можа, удасца хоць словам перакінуцца з тымі, дзеля каго жыву. Я забыўся, што такое свежае паветра...

Сустрэліся мы з Алесем праз некалькі месяцаў. На Камароўскіх вілах, непадалёку ад танка, што стаяў там з пачатку вайны. Вялікі, трохвежавы, ён прабіўся амаль праз увесь захоплены ўжо немцамі горад, але тут знерухомеў, акамянеў. І нямецкія салдаты, якія пасля праязджалі паўз яго, не праміналі выпадку сфатаграфавацца.

Я стаяў і назіраў якраз за адным такім выпадкам. З пад’ехаўшага бронетранспарцёра саскоквалі салдаты. Заліхвацка папраўлялі пілоткі, рамяні на шынялях — рыхтаваліся ўвекавечыць сябе ля некалі грознай машыны. Алесь і вёрткі чупрыністы хлопец падышлі нячутна, і я ўздрыгнуў, калі Алесь дакрануўся да мяне.

— Учора тут адбывалася яшчэ страшнейшае,— дыхаючы мне ў вуха, сказаў ён сіпла.— Вешалі, а потым здымаліся. Любяць яны гіпнатызаваць сябе.

Ён схуднеў зусім. Уваччу паблісквала вінаватае, сярдзітае святло. Знаёмыя мне аўстрыйскі капялюш і дэмісезоннае паліто сядзелі на ім як чужыя.

— А знаеце, што асуджаны крычаў людзям, калі яго цяглі к вісельні? «Чаго вы гледзіцё? Абурайцеся! Чаму вы не абураецеся?»

— Усіх не перавешаюць! — аскірзнуўся хлопец, неяк кулаком, быццам у яго была не рука, а кукса, ускудлаціўшы чупрыну.

— Спакойней, Грыша,— папрасіў яго Алесь.

— А што тут такога?

— А тое, што ў падобных месцах панатыканы вочы і вушы,— не вытрываў я, злуючыся на яго разухабістасць і ўяўляючы перажыванні чалавека, якога валаклі на смерць.

— А як жа тады быць са словамі вісельніка?

— Гэта праўда — усяму ёсць мяжа,— панурыўся Алесь.— Я таксама папярэдзіў рэдакцыю, што кідаю работу і еду настаўнічаць на вёску.

Я адчуў галавакружэнне.

— Зразумела...

— Але па-сапраўднаму зразумеў я сваё і Алесева становішча пазней — калі марозным лютаўскім днём ён, задыханы, прыбег да мяне дамоў.

Я перадрукоўваў «Таварышаў». Спяшаўся скончыць, каб потым, не дакараючы сябе хоць у гэтым, ісці, як мусіў, банкетаваць.

Справа ў тым, што «эліта» парашыла адзначыць выхад сотага нумара «Беларускай газэты». Падвярнуліся і грошы — вялікім тыражом выпусцілі «Каляндар». Ну, а раз так — само сабой напрашвалася бясплатная ідэйная выпіўка з закускай, якая, апроч усяго, на думку яе ініцыятараў, павінна была кансалідаваць сілы, падаць сяму-таму надзею самому выбіцца ў «эліту». Што ж тычылася маёй асобы, то мне наогул не было як адмовіцца — гэта канчаткова дэмаскіравала б мяне. Да таго ж, у Мінск з новай партыяй гадаванцаў і ідэяй стварыць раду зноў завітаў Акінчыц.

Таму, натуральна, словы, якімі Алесь пачаў размову, выклікалі ў мяне прыкрасць.

Адмовіўшыся сесці, ён прыклаў палец к губам. Спытаўся на мігі, ці адны мы, і кінуў знячэўку, як загад:

— Сёння ты, Рыгор, нікуды не пойдзеш.

— Чаму? — не надта ветліва пацікавіўся я.

— Дазволь не тлумачыць...

Я пацепнуў плячыма, крутнуўся і адышоў да акна. Як цяпер помню — убачыў жоўтага сабаку, які з апушчанымі мордай і хвастом перасякаў вуліцу. «Няўжо той самы?» — з прымхлівым страхам цюкнула ў галаву, і я зазлаваў.

Алесь ашчарэпіў мяне за плечы.

— Ну, добра. Слухай!.. Спачатку і мне думалася: яны людзі. Аслеплі ад самаўлюбёнасці, дый мазгі набакір. Цяпер жа ведаю: маразм; і, каб бараніць жывое, патрэбны не адны словы!

Калі мы селі, як змоўшчыкі, схіліўшы галаву к галаве, ён, разумеючы, што значыць зараз для мяне давер’е, палагаднеў. Глухавата ад перажытага ўзрушэння загаварыў пра Сталінград. Пра неабходнасць аддаць столькі энергіі, колькі яе аддаюць на фронце, пра тое, што верхаводы збіраюцца стварыць корпус самааховы — інакш кажучы, развязаць міжусобіцу.

— Разумееш...— сышоў на ледзь чутны шэпт.— Я сустрэўся з чалавекам з Вялікай зямлі, і ўсё неяк стала іначай...— Прызнаўся: жонкі з старэйшай дачкой у горадзе ўжо няма. І, калі пашанцуе, праз колькі гадзін ён сам, Адачка і яшчэ адзін таварыш — «Помніш, ля танка?» — пададуцца следам...

А я слухаў яго і мучыўся — знішчаў сябе і зайздросціў яму. «Аддаць столькі энергіі, колькі яе аддаюць там! — ліхаманкава думаў.— Пара, Рыгор, пара!.. І напісанае як мага хутчэй адпраўляй на святую зямлю. Хай ведаюць, з кім ты... Хоць, безумоўна, вучыць людзей, як захоўваць сябе ў барацьбе, мала... Але ж і канец яшчэ далёка!..»

І вось што атрымалася! Алесь быццам бы не гуртаваў вакол сябе людзей, але тыя, каму даводзілася быць поруч, міжволі ўцягваліся ў барацьбу...— уздыхнуў Мурашка.— Ну, ладна, спіце. А гэта вам газета. Прагледзьце заўтра. Ён яе ў Манылах заснаваў... Ніхто, вядома, думаць не думаў, што гэтая кальчужка таксама будзе яму замалая, што яго пацягне вось сюды, у спецгрупу, і ён адгадуе бараду, набудзе жоўтую скуранку...

 

3

Прыжмурыўшыся, я з прыемнасцю крэкнуў і расплюшчыў павекі. Сям-там страха свіцілася, і ў гумне панаваў сіняваты морак. Непадалёк, на прутку ад паплеціны, шчабятала ластаўка. Святло падала на яе, і было відаць, як трапечацца белая ластаўчына шыйка. Недзе перарывіста ныў «фоке-вульф». Але зусім не верылася, што вайна блізка.

Раіса Сямёнаўна прынесла вады, ручнік. Палівала моўчкі, прыслухоўваючыся да гудзення «фоке-вульфа». За ноч яна, пэўна, не звяла вачэй, асунулася, счарнела. Было аж не па сабе — як гора можа знішчаць чалавека.

— Збіраюцца ісці ў пошукі майго залацістага-серабрыстага,— паведаміла, беручы ад мяне ручнік і цярэбячы яго канец.— Кажуць: калі забілі, кінуць на месцы. Хіба замініруюць толькі. Ох!..

— Не трэба. Ніхто ж не бачыў нават, што яго ранілі.

— Во і па-мойму... Хоць я і папрасілася... Мурашка таксама сабраўся...

Прысутнасць мая станавілася лішняй. Было не да мяне. У словах Раісы Сямёнаўны чуліся адчужанасць, дакор. «Чаго табе яшчэ? — як бы пыталася яна.— Ты жывы, а ён трапіў у засаду і, можа, мёртвы. Чаго ты чакаеш мёртвага? Мала табе, што сам жывы, а ён мо загінуў?»

Пацалаваўшы ёй руку, якую яна не давала падносіць да губ, я адмовіўся ад снедання і пайшоў з Будаў.

Але за ваколіцаю мяне дагнаў Грыша Страшко. Цяжка дыхаючы, абняў, прытуліў галаву да майго пляча.

— Лепей бы мяне... калі гэта абавязкова!..

— Пачакай, што вы як згаварыліся. Алесь не з такіх, каго можна хаваць загадзя,— суняў яго я.— Мне трэба высветліць некаторыя акалічнасці, і ты памажы мне. Можа, захочацца і перайсці да нас.

— Я разумею, разумею...— заспяшаўся Грыша.— Цябе цікавіць банкет? Вядома... Алесь кідаўся як у клетцы. А тут бяда па бядзе — спалілі Тхарніцу, выбілі сям’ю цёткі ў Мачанах, праз якую перапраўлялі друкарскае абсталяванне... І да ўсяго — заданне... не выкананае!..

Я ўзяў яго пад руку і павёў да недалёкай крушні дзікага каменю, сабранага перад вайной з прыдарожнага поля. Пасадзіў, прымасціўся сам.

— Няясна? — вінавата здагадаўся ён.— Ну, я буду спакойней. Бачыш... Калі ўсё падрыхтавалі, Алесь раптам адкрыў нечаканае. Аказалася, каб надаць банкету дэмакратычнасць, на яго запрасілі і проста так. Ясна? Алесь, само сабой, аж жахнуўся... Спадзеючыся, што не ўсё яшчэ прапала, пабег папярэджваць некаторых...

Я, праўда, не падзяляў ні мук яго, ні захадаў. У вайны свае законы. Агонь выклікаюць і на сябе. Але ён слухаць не хацеў.

— На сябе — калі ласка! — бубніў.— У крайнім выпадку — на дзяцей сваіх, як мая Рая. Але не на тых, хто ні ў чым не вінаваты і, значыць, нічога не знае. Дзеля каго ж мы ваюем тады?

І калі ўбачыў за бяседным сталом знаёмую дзяўчыну-наборшчыцу, звяў. Беспаваротна, як сам потым прызнаўся.

Я, канечне, разумею — з яго характарам нялёгка даводзілася... А тут яшчэ банкетаваць з брыдой, піць пад антысавецкія тосты, усміхацца і ведаць: сам упускаеш зручны выпадак, які наўрад ці падвернецца яшчэ.

Дый усё як бы павярнулася яму на злосць. Захмялелы Казлоўшчык неспадзявана загарэўся сімпатыяй. Падсеў, палез з пацалункамі. Угаворваў нікуды не ехаць. А калі разыходзіліся, забыўся на апекуна і пацягнуўся разам. Ішоў і рагатаў ад уласных здрадніцкіх планаў. Уяўляю, што было з Алесем, калі яны параўняліся з «опель-капітанам», які прыслалі твае хлопцы для страхоўкі!

Я маладзейшы. Да вайны зваў Алеся дзядзькам. Яшчэ зялёным газетчыкам, пасля КІЖа, сустракаўся з ім у гасцініцах, на аб’ектах. Але і тады з ім добра было. Карцела большага, лепшага... А ў вайну і гаварыць няма чаго.

Сам я раскіданы трошкі — ёсць грэх. Нават уступіўшы ў барацьбу, браўся то за адно, то за другое. Дый гэта здавалася нейкім несапраўдным. Быццам ёсць і быццам няма. Працуючы ў магазіне, адпускаў падпольшчыкам хлеб на падробленыя карткі. Забяспечваў партызан соллю. Раздабыўшы «Звязду» пускаў па руках. Але і гэта рабіў гуляючы, бо не мог не рабіць.

Не ведаю, што гэта і было. Абмежаванасць? Насланнё?.. Алесь раскатурхаў мяне, пацягнуў за сабой. У мяне, як кажуць, з’явілася другое дыханне. І, можа, таму... я і разышоўся!..

«Вось табе суд! Вось табе кара!» — падумаў. Ён жа, па сутнасці, перакрэсліў усё ранейшае. Парушыў уласнае слова! Адмовіўся ад магчымасці, якую абавязаны быў скарыстаць! І з-за чаго? З-за мяккацеласці. Быццам тыя, што выклікаюць агонь на сябе, заўсёды адны? Быццам не бамбяць захопленых ворагам гарадоў? Не ўзрываюць сваіх электрастанцый? Не пасылаюць салдат на верную смерць?.. Ці не прасцей тут усё? Здрэйфіў і выдумаў прычыну!

Разумеючы, чым гэта можа кончыцца, я, аднак, знайшоў хвіліну і выпаліў яму ўсё ў вочы, хоць з лесу па нас і прыбыў пасланец.

Чакаў, канечне, выбуху, разрыву. Але мой Алесь толькі пакутліва скрывіўся:

— Ладна! Памагай во, няўрымслівы...

Што заставалася рабіць? Мы пагрузілі на сані сякія-такія рэчы, захуталі ў коўдру Адачку... Раісу Сямёнаўну знайшлі ў невялікай вёсачцы Палеткі. Але тут падзеі завіравалі яшчэ хутчэй. Праз гадзіну да нас прыскакаў камандзір атрада «За бацькаўшчыну». Потым са світай — камбрыг «Штурмавой». А на світанні мы ўжо майстравалі касы, сартавалі шрыфты. Знайшоўся самавук-рэзчык, які ўзяўся за загаловак.

Аднак... Ты чуеш? На маю радасць, Алесь і гэтым разам застаўся Алесем. Здорава выйшла. Як па-пісанаму. З Мінска прымчала яго пляменніца і, захліпваючыся, адрапартавала, што ў горадзе арыштоўваюць настаўнікаў. Не, ты слухай, слухай. І вось, каб задаваць у гэтым тон, Акінчыц адтэрмінаваў свой ад’езд. Нават, каб было зручней і ўсё было пад рукамі, перабраўся з гасцініцы да Казлоўшчыка. Во як!.. Прысаромлены, я выбраў момант і папрасіў Алеся ўзяць мяне з сабой. Ён, вядома, бачыў, якімі вачыма глядзеў я на яго пры гэтым, як чакаў яго слоў. Здагадваўся, канечне, і пра тое, што думаў аб ім хвілінку назад. Чуеш? Заўважаў, здагадваўся, але... Мяне аж скаланула, калі ён даў адказ:

— Ладна, паедзем. Ты мне патрэбны... як і Мурашка. Але май на ўвазе: падазрэнні ў іх цяпер могуць быць падмацаваны фактамі. Даходзіць?

Я кінуўся абдымаць яго, але ён не даўся:

— Добра, пасля. Папраў во чуб. Не такая гэта, Грыша, прыемная справа,— дадаў стаічна.— Дый ці пераканаем яшчэ камбрыга. У яго таксама ёсць планы, што і як рабіць...

Выехалі мы ў нядзелю — «на рынак». І ведаеш, што запомнілася? Неба і снег, які трошачкі асадзілі сонечныя промні. Узімку, бачыш, снег адбівае іх. А вось напрадвесні сонца ўжо кранаецца... І, мабыць, гэта і ёсць пачатак усяму.

Прыкметы вясны расчулілі Алеся. Ён проста ўбіраў іх у сябе, і, седзячы спінай да партызана-фурмана і жанчын, якіх усё-такі далі нам для маскіроўкі, не адрываў позірку ад снегу, ад неба на даляглядзе.

Мне надта хацелася стаць упоравень з ім. Але я адчуваў: бракуе нейкай сілы. Ці не той, якую даюць выпрабаванні, пакуты? Мая ж біяграфія пакуль што змяшчалася на лісціку сшытка... Рыпеў снег пад палазамі, фыркаючы, даволі жвава трухала наша кабылка, а мне і гэта здавалася» бадай, несапраўдным, падстроеным — як у дзіцячых забаўках. Не, я часамі ўспамінаў, куды і чаго мы едзем, але хутка забываўся і ахвотней думаў аб сабе, аб тым, як складзецца пасля маё жыццё.

Нешта ад забаўкі бачылася і ў самім нашым плане. Аўтамашыну мы раздабудзем па паролю, які ты некалі даў Алесю. Потым, назаўтра, пад’едзем да дома, дзе жыве спадар Казлоўшчык. Зойдзем да яго ў кватэру, раскідаем падрыхтаваныя лістоўкі з абвінавачваннем і, калі не здасца па-добраму, будзем страляць... І зусім ігнаравалася, што супроць дома — гарадская паліцыя. Што побач з кватэрай Казлоўшчыка — рэдакцыя газеты, а на ніжніх паверхах — кіно «Навіны», салдацкія казармы з каравульнай службай. Стрэлы могуць успалашыць і вартаўнікоў, і салдат, і паліцаяў... Дый нам проста могуць не адчыніць дзверы, бо ў іх даўно прасвідравана вочка. І калі яны сапраўды сабралі факты, ім даволі пазнаць Алеся...

Мінск адкрыўся нам ураз, як толькі ўз’ехалі на пагорак. Я глядзеў на знаёмыя гмахі Акадэміі навук, Дома урада, і сэрца маё шчымела ад замілавання. Я і не думаў, што яны такія дарагія мне!

Перагаворы наконт машыны Алесь вёў з загадчыкам гаража Дома друку — хударлявым, старанна паголеным чалавекам з пустым рукавом, засунутым у кішэню паношанага паліто. Гаварыў той як бы нехаця, словы вымаўляў з прыціскам і аб тым, што ён прыбалт, можна было здагадацца па напружаных рухах губ.

Яго спакойная дысцыплінавасць — ён нават не спытаўся, навошта нам аўтамашына,— зусім акрыліла мяне. Канечне, усё пойдзе як задумана, як павінна ісці! Бо як жа іначай? За нас жа ўсё — і людзі і справядлівасць! І хоць Алесь заставаўся насупленым, быццам рашаў цяжкую задачу, у грудзях у мяне заценькаў зухаваты матыў: «Фіць! Фі-іць!..» І гэты прыўзняты настрой, калі, здаецца, само мора па калені, не пакідаў мяне ўвесь астатак дня і потым у сне.

Калі мы пад’ехалі да злашчаснага будынка, мяне ўжо нішто не бянтэжыла — ні матацыклы з кулямётамі на процілеглым баку вуліцы, ні вартавыя-бобікі ў пад’ездзе.

Пакінуўшы машыну ля ўвахода, мы па драўлянай заследжанай лесвіцы падняліся на трэці паверх. Прыслухаліся. Дом спаў. Толькі на вуліцы, чуваць было, тахкаў матор нашай машыны — шафёр не выключыў.

З гэтага моманту я жыў як у сне, хоць усё заўважаў надзіва востра. З’явілася здольнасць назіраць за сабой як бы збоку, распараджацца сабою, як распараджаюцца другім чалавекам.

Дзверы ў рэдакцыю аказаліся незамкнутыя. Страхуючы адзін аднаго, мы пайшлі па пакоях. Нідзе нікога не аказалася. Але ў рэдактарскім кабінеце наткнуліся на бабульку. Выпнуўшы жывот, яна несла пішучую машынку да прысадзістай тумбачкі.

Магчыма, я памыляюся і гэта прыйшло пазней, але... Мне здалося, што сцены, рэчы ў пакоі, бабулька з перавязанай шчакою — пэўна, балелі зубы — заліты святлом, а сам я ступаю па мяккім дыване.

«Ну, ну»,— падагнаў я сябе і закамандаваў:

— У крэсла, бабуля! Ша! — І, шукаючы, як бы мацней ашаламіць яе, адзначыў сабе, якая яна нечаканая ў гэтым казённым, застаўленым масіўнай мэбляй кабінеце.

Алесь, які, нібы ведаючы, прыхапіў з кватэры, дзе начавалі, нож, перарэзаў тэлефонны шнур, паклаў на пісьмовы стол лістоўкі.

— Цяпер хадзем — рашуча сказаў мне.

Вузкім калідорам мы падаліся да дзвярэй з вочкам.

Паправіўшы капялюш, Алесь націснуў кнопку, і за дзвярыма, як здалося, далёка-далёка дзынкнуў званок.

— Хто-о та-ам? — урасцяжку спытаўся заспаны голас.

Пакуль што ўсё ішло амаль па плану.

— Гэта я, Матусевіч,— азваўся Алесь.— Прывёў, спадар рэдактар, чалавека замест сябе.

— Хвілінку...

Але у дзвярах тут жа пстрыкнулі замкі. Адзін, другі. Бразнуў ланцужок — дзверы, мусіць, адмыкаў нехта іншы.

Мы ўваліліся ў застаўленую шафамі пярэднюю. Перад намі ў цёмна-шэрай піжаме, якая рабіла яго яшчэ вышэйшым, з кіслым ад сну тварам стаяў Акінчыц.

— Які дурань прыходзіць у такую рань? — зморшчыўся ён, відаць, спецыяльна для гэтага настаўлення адчыніўшы дзверы.— Цяжка прывыкаць да парадку? А?

Ён, відаць па ўсім,чакаў, што мы, камечачы шапкі, спынімся ля парога, папросім прабачэння. Ды Алесь, нібы словы адрасаваліся не яму, насунуў глыбей капялюш і прайшоў у пакой.

Мне і раней кідалася ў вочы Алесева ўпартасць. Яна дадавала яму сілы, была нейкай спружынай, ці што. Цяпер жа гэта ўпартасць нібы акасцянела ў ім, выпрастала яго, зрабіла тут гаспадаром.

Гэта адчуў і Акінчыц.

— Назад! — закрычаў ён, кінуўшыся следам.— Дзе вы знаходзіцеся? Уладзік, сюды! А я пазваню...

— Выконвай прысуд, Грыша! З такімі не дагаворышся! — нібы пашкадаваў Алесь.

Выхапіўшы пісталет, я стрэліў. Акінчыц ікнуў, адступіў на крок. Але, зрабіўшы намаганне, стаў падаць не да мяне, куды хіліла, а да Алеся — зразумеў: справа ў ім. Падцягнуўшыся на локцях, схапіў яго за ногі. Алесь стрэліў таксама.

У гэты момант я заўважыў Казлоўшчыка. Трымаючыся за ручкі дзвярэй, ён выглядаў з суседняга пакоя. У руцэ ў яго ўздрыгваў вальтэр. Я зноў ускінуў пісталет і, не цэлячыся, націснуў спуск. Аднак стрэлу не пачуў. Аказваецца, пры падачы перакасіла патрон. Казлоўшчык дробненька заморгаў і, быццам нехта, не даючы пераступіць парог, ірвануў яго назад, ляпнуў дзвярыма з французскім замком...

Рабіць тут больш не было чаго. Раскідаўшы рэшту лістовак, Алесь пацягнуў мяне з кватэры. І ў час. Прашываючы дзверы, за якімі знік Казлоўшчык, у нас паляцелі кулі. Але, чэснае камсамольскае, мне ўжо здавалася, што небяспека мінулася. Я нават прапанаваў захапіць машынку, верачы, што і гэта цяпер абыдзецца...

Грыша ўжо не сядзеў на каменні, а таптаўся перада мной, жэстыкулюючы і грымаснічаючы. Яму не ставала слоў.

— А што Алесь? — паддаўся і я азарту.

— Алесь?.. А-а!.. Выцер пот з ілба і пачаў спускацца па прыступках. Толькі на другім паверсе, па-мойму, сказаў: «Дарэмна Казлоўшчык думае, што схаваўся і што машынку, напраўду, не шкодзіла б прыхапіць. Да яго апетыт прыходзіў, калі еў...

— Пачакай. А як жа салдаты?

— Не чулі, мабыць.

— А паліцаі?

— Думаю, Казлоўшчык не рашыўся страляць у вокны. Рамы падвойныя, разаб’еш шыбы — а на дварэ сакавік. А мо проста не скеміў. Дый наогул не вельмі пуляў — баяўся, мусіць, рэчы папсаваць... Як па-твойму, пашанцуе нашым на гэты раз?

Алесь вярнуўся праз дзень. Ім сапраўды пашанцавала, калі толькі так можна сказаць: трапіўшы ў засаду, група страціла ўсяго аднаго разведчыка, які першы заўважыў небяспеку і па чыім знаку астатнія скаціліся ў кювет і адпаўзлі прэч ад гіблага месца...

На гэтым мне і трэба было б скончыць расказ — круг падзей замкнуўся. Але я — даруй, чытач! — не магу: апрача логікі фактаў ёсць логіка пачуццяў. Алесь выйшаў з выпрабаванняў пераможцам — жывы, цэлы. Гэта так. А вось тыя, што перажывалі за Алеся, што ахоўвалі яго, загінулі. І разведчык, які папярэдзіў таварышаў, і Раіса Сямёнаўна, і Мурашка, і Грыша...

Раіса Сямёнаўна напаткала сваю смерць у час апошняй блакады. У меднастволым бары, сярод гонкіх сосен пры шашы Лагойск — Плешчаніцы. Я тады з таварышамі таксама рваў блакаднае кальцо. І даю слова, каб сустрэўся з ёй, ведаючы яе, астаўся б верным партызанскім законам. «Прыгніцеся! Не глядзіце, што ноч,— крыкнуў бы Раісе Сямёнаўне.— Навошта ісці ва ўвесь рост. І страляйце! Страляйце! Вы гэтым абараняеце сябе...» А калі б куля ўсё-такі знайшла яе, узваліў бы на спіну і, чаго б гэта ні каштавала, схаваў бы ў гушчары, пад вываратнем або яшчэ дзе. Не даў бы і Мурашку кіравацца, куды ён падыбаў,— на хутар. Як можна?! Хутар жа на далоні! І кожны здагадаецца: некаторых, хто не прабіўся праз блакаду, пацягне іменна сюды. Суняўшы кроў, я перавязаў бы яму рану і таксама памог бы знайсці схованку... А Грышу? Грышу б проста забараніў быць бясклопатным, загадаў бы шанаваць сябе...

Але дарогі нашы не скрыжаваліся.

За крыкамі «ўра!», у гарачцы бою, які асвятлялі рэдкія вогнішчы, запаленыя немцамі, ніхто не заўважыў, як упала Раіса Сямёнаўна. А вось карнікі, што пачалі прачэсваць бор, калі развіднела, заўважылі. Зняможаная, жанчына ляжала сярод верасоў, на выжарыне, і немец-аўтаматчык, нешта крыкнуўшы, даў па ёй чаргу.

Параненаму Мурашку спачатку пашанцавала. Ён выпаўз на ўзлессе і ўбачыў хату, дзе напярэдадні дняваў. Аднак тут яму якраз і загадалі ўстаць, падняць рукі. Адны кажуць, што ён не выканаў загаду і быў расстраляны ва ўпор, як і Раіса Сямёнаўна. Другія ж сведчаць іначай: нібыта бачылі, як эсэсаўцы цягнулі яго непрытомнага па турэмнай лесвіцы і за дзень да вызвалення Мінска расстралялі на астрожным двары.

Грыша ж Страшко загінуў, ужо будучы супрацоўнікам «Звязды». Ехаў на грузавіку ў камандзіроўку, і ліхі выпадак падпільнаваў яго. На крутым павароце Грышу вынесла з кузава і ўдарыла аб зямлю галавою...

Як відаць, іх канец не звязаны з Алесем. Але вось дзіва! Калі цяпер я ўспамінаю і гэта, у маім уяўленні паўстае Бярэзіна, якую мы таксама, не прарваўшы блакады, фарсіравалі тады — адыходзячы ў балоты Паліка. Паволі, але магутна імкнула яна ў сваіх нізкіх зялёных берагах, і я, як здаецца мне цяпер, душою адчуў яе пругкі стрыжань, што, трошачкі выпрамляючы плынь, нёс нястомныя воды. Так, так! Нават адчуў яе жывое сячэнне, якое цікавіць людзей, калі яны вызначаюць напор і моц ракі.