epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Ліпскі

Мы: аповесць пра нашы прозвішчы

I - ПОШУК РАДАВОДНЫХ КРЫНІЦ
  Як у казцы
  Зямля на злучыне рэк
  Дрыгва і дрыгавічы
  Чуў на свае вушы
  Залатыя мае...
  Хто вы?
II - СВЯТЫЯ АД «А» ДА «Я»
  А. Анціпа ўпарты
  Б. Барысаў камень
  В. Васіль царскі
  Г. Георгій-пераможца
  Д. Дзімітрый — плод зямны
  Е. Еўдакім слаўны
  З. Звонкія імёны
  І. Іераміі святога нашчадак
  К. Кандрат — мой брат
  Л. Лука, які нарадзіўся на ўзыходзе сонца
  М. Малітва Макарыя
  Н. Навумава радня
  П. Пётр і Павел — апосталы
  Р. Раман моцны
  С. На святы Сцяпан кожны сабе пан
  Т. Тарасава доля
  У. Уладзімір — уладар міру
  Ф. Феадосій і Фёдар — Богам дадзеныя
  Х. Калі шанцуе, то й Харытон танцуе
  Ц. Цімафей пачцівы
  Ю. Юстын справядлівы
  Я. Яўстафій непахісны
III - МАМІНА ЧЫСТАЕ ІМЯ
  Мані — лепшыя ў свеце пані
  Кацярынін шлях
  У Любы корань «люб»
  Палініна поле
  Дар’я-пераможца
  Надзя, Надзейна, Надзея
  Галкіны дзеці
  Водгулле матрыярхату
IV - ЧЫЕ ВЫ, АДКУЛЬ?
  Бязродныя Цары, Князі, Графы...
  Неразгаданыя, загадкавыя, «цёмныя»
  Рэчыцкі інтэрнацыянал
V - ПАРТРЭТ
  Дом весці — не барадой трэсці
  Бязрукавы Гузавым таварышы?
  Чарняўскі і К°
  Тоўсты і тонкі
  Усімі колерамі вясёлкі
VI - ХАРАКТАР
  Чыстая
  Круты і Абібок
  Гаварун і маўчун
  «Каханенькі, родненькі...»
  Дзе праўда, а дзе мана?
VII - НА ЎСЕ РУКІ МАЙСТРЫ
  Каваль-кавалёк...
  Хлебная прафесія
  Узнясенне мельніка
  Рыбак — не бядак
  Толькі б не было вайны...
  Піва-дзіва
  У палоне кажуха
  Гандляры — не махляры
  І шавец, і кравец, і кругом маладзец
VIII - АД СЯБРОЎ ЧАЦВЕРАНОГІХ
  Чалавек-мядзведзь
  «Лошадиная фамилия»
  Воўча-сабачая сябрына
  Котавы і Коцуры — радня
  Баранавы — дваране ці сяляне?
  Прыручаныя
  Дзікія
IX - ЛЯСНЫЯ МЕЛОДЫІ
  Пан-Дуб
  Ліпа — маё дрэва
  Бяроза белая
  Дзеці багоў
  Дрэвы твайго лёсу
X - ЛЮДЗІ-ПТУШКІ
  Салаўіныя песні
  Пеўневы танцы
  Бусел і журавель
  Зязюліны дзеці
  Вырай
  З крыламі, а не птушкі
XI - ХАТА
  Хто ў хаце гаспадар
  Калі спявае душа...
  Лапаціна
  Стол і застолле
  Па вопратцы сустракаюць...
  Валюта, якой вымяраецца вечнасць
  Паміж небам і зямлёй
  Ікона на покуці
XII - СЯМЕЙНЫЯ ГЕРБЫ


 

I - ПОШУК РАДАВОДНЫХ КРЫНІЦ

 

 

Сягні ў даўно заснуўшыя сталецці,

Заслону дзён уцёкшых адхілі

І глянь, як сёння твае жывуць дзеці,

Як ты жывеш на прадзедаў зямлі.

 

Янка Купала

 

 

Як у казцы

Пражытае — у казках, легендах, песнях, летапісах.

Сённяшняе — у яве гадоў і дзён, сведках нашага жыцця.

Заўтрашняе — у здогадах, загадках і тайнах пад сямю замкамі.

Каб акрылена жыць сёння і ўпэўнена крочыць у заўтра, трэба ведаць, што было ўчора.

Колькі жыву, увесь час думаю: якой была тысячы гадоў назад наша зямля, дзе я нарадзіўся? Якімі былі людзі, іх побыт, якой тады была прырода? Якой была мова? Як зваліся мае продкі, якія мелі імёны?

І як бы ні заглыбляўся ў мінуўшчыну, якія б мудрыя кніжкі ні чытаў, разумнейшага за вось гэту народную казку нічога не сустрэў. У ёй проста і ясна даводзіцца, як пасяляліся людзі ў нашым Палескім краі.

А было так.

Недзе, не ўказана дзе, жыла сям’я. Вядома толькі, што іх жытло стаяла на вялікай палянцы, між цёмнага лесу. І было ў бацькоў дванаццаць сыноў-малайцоў. Рослыя ды ўдалыя, яны і сталі сямейным скарбам. Жонак займелі, пайшлі свае дзеці. Годна вялі гаспадарку, пакуль сівы, як голуб, бацька камандаваў. А як памёр ён, то і пачаліся ў сям’і нелады, калатнеча.

Усчалася нялёгкая справа — дзяльба. Усё мірна падзялілі, а з-за палянкі-зямелькі ледзь не за чубы ўзяліся. Пасварыліся, ворагамі парабіліся адзін аднаму.

Толькі два малодшыя браты ў згодзе жылі, наймудрэйшымі аказаліся. Не захацелі яны з братамі ваяваць. Змайстравалі вялікія дубовыя сані, залыгалі ў іх ажно шэсць пар валоў, забралі сваё дабро, жонак, дзяцей дый рушылі шукаць новага прытулку. Каровы і дробная жывёла следам за імі пайшлі.

Ці доўга ці мала ехалі яны, у казцы пра гэта не сказана. Відаць, падарожжа іх было далёкім і марудным, бо ў дарозе давялося майстраваць калёсы, пераадольваць малыя і вялікія рэкі, балоты і альсы. І забраліся ў такую пушчу, што і канца ёй няма. Застаўся ў ёй жыць адзін з братоў. З таго часу і яго, і ўвесь яго род пачалі зваць палешукамі.

А другі, дужэйшы, брат працерабіў прасекі, змасціў грэблі і выехаў з цёмнага лесу на паляну. Асеў там, пачаў араць, сеяць. І празвалі яго, увесь яго род палевікамі.

Так і цяпер жывуць у тых мясцінах палешукі і палевікі.

Гэтак у казцы.

Хочацца верыць, гэтак калісьці пасяліліся людзі ў нашым цяперашнім Рэчыцкім раёне. Тут даўней і напраўду былі непраходныя лясы, поўныя птушак і звяроў, дзікія рэкі і рачулкі, у якіх рыба кішэла. Паўсюдна залягалі сонныя, дрымучыя балоты, у якіх вадзіліся чэрці. Толькі дужыя і смелыя людзі маглі тут пасяліцца. Ганаруся: то былі мае продкі-рэчычане. Пра іх нашчадкаў, сённяшніх маіх землякоў, пішу гэту кнігу.

 

Зямля на злучыне рэк

Зазірнём у мудрую кнігу ўсіх часоў і народаў — Біблію. І нагадаем самі сабе, як Бог стварыў свет.

Найперш былі створаны сонца, месяц, зоркі. І Зямля наша асвятлілася. Неба непадуладна чалавеку, таму на ім за тысячагоддзі нічога і не змянілася. Гэта адзіная жывая памяць аб далёкіх продках. Яны бачылі тыя ж зоркі над сабой, якімі любуемся і мы. У нас адно сонца. І хмаркі, і вясёлка, і маланка з громам — усё гэта агульныя сведкі, якія яднаюць нас з пячорнымі родзічамі.

А ўсё, што стварыў Бог у наступныя дні на Зямлі, чалавек імкнецца перарабіць на свой густ, пад свой жыццёвы інтарэс. Можа, адсюль і ўсе нашы беды, катастрофы, стрэсы?

Ды ўсё-такі і цяпер, як бы чалавек ні перарабляў прыроду, у нашым раёне засталіся велічныя помнікі міласэрнага Творцы. Ён загадаў, каб вада на зямлі сабралася ў асобныя месцы. І пацяклі па нашым краі рэкі Дняпро, Бярэзіна, Ведрыч, Днепрык. Ёсць азёры, сажалкі, крыніцы. Нават ад маіх маленькіх Шоўкавічаў пачынаецца шнурок рачулкі Стоўпінкі. У ёй раней вадзіліся шчупакі, плоткі, уюны. Цяпер там гаспадараць бабры.

На трэці дзень стварэння свету з’явіліся на зямлі дрэвы з пладамі, трава, кветкі, агародніна. Дык усё гэта ёсць і па сённяшні дзень. Праўда, не ў такім мностве, як спачатку, але ж пад лясамі амаль палова тэрыторыі. Чвэрць яе — пад ворнай зямлёй. Расцерабілі пушчы палешукі, з’ядналіся з палевікамі.

На шосты дзень Бог стварыў жывёл і звяроў зямных. Напачатку іх было кожнага роду па пары, каб маглі размнажацца. Сёння вы можаце ўбачыць у Рэчыцкім краязнаўчым музеі знаходкі старажытных часоў: сківіцу маманта, зуб насарога. Во якія старажылы вадзіліся ў нашых пушчах!

Але вышынёй майстэрства Божага стаў чалавек. У той жа, шосты, дзень сваёй працы Бог заўважыў, што на прыгожай зямлі не хапае разумнай істоты, гаспадара. І стварыў па вобразу і падабенству свайму чалавека. Зрабіў з кавалка зямлі. Узятыя мы з зямлі і вяртаемся туды на вечны спачын.

У зямлі, менавіта ў гэтым унікальным гістарычным музеі вучоныя робяць свае адкрыцці, набліжаюць нас да разумення продкаў, іх побыту, заняткаў, культуры. Рэчыцкая зямля для археолагаў асабліва «ўрадлівая».

У Горвалі адкапалі стаянку людзей эпохі неаліту. Прасцей сказаць: тут жылі нашы продкі за чатыры тысячы гадоў да нашай эры. Калі вам удасца, як мне, патрымаць у руках знойдзеныя тут крамянёвыя скрабкі, наканечнікі стрэл, ножападобныя пласцінкі, друзачкі керамікі з грабеньчата-ямачным арнаментам, вось тады вы адчуеце, як па целе міжволі прабяжыць маразок. Вы як бы ачуецеся ад сну, і вам шчымліва захочацца ведаць: хто ж быў ваш продак у тысячным калене?

Толькі не ўпадайце ў адчай. Трэба настойліва шукаць свае карані, сваю гісторыю. А найперш — ведаць тое, што ўжо знойдзена, адкрыта і пададзена нам нястомнымі вучонымі на залатой талерачцы з блакітнай аблямовачкай.

Непадалёк ад Горваля — вёска з мілавіднай назвай Мілаград. Там вучоныя адкапалі, такое адкрылі, што ўсе разам знаходкі назвалі мілаградскай культурай, якая ўвайшла ва ўсе падручнікі гісторыі. От каб мы былі грашавітыя, аднавілі б гарадзішча і селішча племені людзей з сівой даўніны. З усяго б свету ехалі турысты, каб зайсці ў зямлянку прашчураў, якой каля дзесяці тысяч гадоў. Можна было б пагрэцца ля агнішча ў авальнай яме. Адчуць смак жытнёвай аладкі. Каб яе здабыць, трэба зжаць палетак жалезным сярпом, змалоць зерне ў зерняцёрцы, самабытных жорнах. А яшчэ было б удачай падчапіць у Дняпры шчупака на самаробную сетку з глінянымі грузіламі. Цікава, а як яны ўжо тады рабілі каменныя сякеры, пярсцёнкі і завушніцы з жалеза, пацеркі са шкла, бурштыну, бронзы? Мілаградскія майстры выраблялі тканіну, ляпілі з гліны посуд, фігуркі жывёл.

Сёння Мілаград — вялікая вёска ў Глыбаўскім сельсавеце. Асфальтавая стужка, як струна, аддзяляе яе ад задумлівага Дняпра. А бліжэй да ракі, сведкі народзінаў мілаградскай культуры, стаіць цяпер дом адпачынку «Мілаград». Пад перашэпт дняпроўскіх хваляў бавяць тут свае адпачынкі кітайцы і германцы, італьянцы і расіяне. Людзі з усіх куткоў Беларусі едуць сюды наталіцца прыгажосцю, папіць крынічнай вады, палюбавацца Дняпром, пакупацца ў яго гаючай вадзе ды выцягнуць з царства Нептуна ліня, язя, акуня, шчупака, а калі пашанцуе, то і сома на два пуды. Ды што казаць пра гасцей, самі рэчычане не могуць нацешыцца мілаградскім раем. Адна адпачываючая пакінула ў гасцявой кнізе такі запіс: «Калі прыехала сюды на выхадныя дні, я паўгадзіны крычала ад шчасця. І шкадую толькі аб тым, што патраціла столькі гадоў на пошукі добрага адпачынку».

Яшчэ праз некалькі кіламетраў ад Мілаграда ў бок Рэчыцы стаіць вёска Глыбаў. Дык тут археолагі адкрылі ажно два жытлы прашчураў з чацвёртага стагоддзя да нашай эры. А ў курганных могільніках знойдзены астанкі, упрыгожанні дрыгавічоў з XII стагоддзя. Стаянкі першабытных людзей розных эпох адкапаны каля вёсак Берагавая Слабада, Борхаў, Заспа, Чорнае, Бязуеў, Гарошкаў, Капань, Левашы, Якімаўка, у гарадах Васілевічы, Рэчыца. Усяго — 48 археалагічных помнікаў у нашым раёне. Яны — доказ старажытнасці рэчыцкіх сямейных родаў, іх высокай культуры і багацця Прыдняпроўскай зямлі.

 

Дрыгва і дрыгавічы

Якуб Колас у навеле «Палессе» малюе абразок жывой прыроды:

«Палеская глуш абхапіла нас з усіх старон. Лес жывою сцяною стаяў паабапал дарогі. Касматыя лапы ялін і хвой густа перапляталіся, абвісалі над нашымі галовамі стрэхаю, праз каторую каса сонца прабівалася густою сеткаю, сатканаю з чорных плям цені і светлых лапін сонца, і ціха шумелі. Пападаўся часамі вяз, граб, блішчалі бярозы белымі сваімі камлямі з патрэсканаю карою ўнізе; віднеўся таўсты прызёмісты дуб...»

Не ведаю, дзе Якуб Колас убачыў такі малюнак. Але ён успрымаецца яскрава, як бы я і сам бываў там. Пейзаж знаёмы, рэчыцкі.

У мяне, праўда, перад вачыма іншы лес. Адразу за нашымі Шоўкавічамі, у бок Вузнажы, пачынаецца гонкі дубняк. У ім пракідаюцца граб, клён, арэшнік. А колькі ж там крамяных баравікоў! Грыбы — што дубы: рослыя, дзябёлыя, моцныя ў каранях, «ствале», шапцы. Шэсць гадоў, дзень у дзень, хадзіў я тым дубняком у Вузнажскую школу. І толькі жывучы ў Мінску, даведаўся, што я браў грыбы ў помніку прыроды, хадзіў праз Шоўкаўскую дуброву, якая ахоўваецца дзяржавай, а кожны дуб мае свой імянны нумар.

Зноў прачытаем колькі радкоў у Коласавым «Палессі»:

«То бродзік, то грэбля, каторая дрыжала кожным сваім бярвенцам, як толькі наязджала на яе цялежка, то пясок, то лагчынкі перасякалі нашу дарогу. Вось пайшлі балоты. І вокам не акінеш іх. Высокая, дзікая трава-асока густа разраслася на гэтых балотах. Па краях разраслася лаза купчастымі кустамі, у каторых тысячы сарок уюць свае гнёзды. Мільёны купін з каржакаватымі (нязграбнымі) хвойкамі рассыпаліся па балоту. Паабапал балот цягнуўся чорны нізкі лес. Другі канец іх прападаў у далёкім тумане...»

Родны малюнак! Старажылы-рэчычане расказваюць кожны раз пра сваё балота, пра свае грэблі, кладкі, брады, па якіх яны не адзін год хадзілі да сваіх суседзяў.

Мае рэчычане называлі балота па-рознаму, як бы малявалі яго ўсімі фарбамі, як бы выпісвалі адметныя, толькі ім вядомыя рысы характару. Вось якім, аказваецца, бывае балота: голае, парослае, іржавае, бруднае, праточнае, застойнае, гнілое, зыбучае, вязкае, альховае (алёс), бярозавае, асаковае, махавое (амшарыны), бязлеснае, выжар (балота, якое гарэла), багна, дрыгва...

Ды ўсю гэту прыродную твань не параўнаць з той, сярод якой жылі нашы далёкія продкі. Нездарма ж усялякія падарожнікі называюць наш край абшарам дзікай прыроды, першабытных краявідаў, непаўторных срэбных туманаў, за якімі, казалі, пачынаўся канец свету. Ёсць яшчэ і цяпер людзі, якія вераць, што мясцовыя балоты вельмі глыбокія, амаль з недасягальным дном, і што яны злучаюцца пад зямлёй з морам.

Гадоў дзвесце назад на нашых землях пачалі праводзіць меліярацыю. Асушвалі балоты, выпрамлялі рачулкі. Гэта «рэвалюцыя» кранула 154 балотныя масівы на Рэчыцкай зямлі. Тут адкрыты радовішчы торфу, а ў іх скарб — 44,5 мільёна тон каштоўнага паліва, унікальнай сыравіны, з якой навучыліся рабіць нават парфуму і лекі.

У нетрах рэчыцкіх адкрыты залежы глін і суглінкаў, прамысловага пяску. Мільёнамі тон вымяраюцца залежы мелу. Кажуць, ёсць у нашай зямлі і каштоўныя металы. Але відавочным багаццем раёна сталі радовішчы нафты. З мая 1965 года Рэчыцу пачалі называць сталіцай нафты. У балотна-лясны пейзаж хораша ўпісаліся буравыя вышкі, помпавыя, нафтапромыслы.

Амаль усе паэты Беларусі пачалі шукаць, падбіраць рыфму да слова «Рэчыца». Адгукнуўся на падзею і народны паэт Беларусі Пятрусь Броўка:

Рэчыца... Рэчыца...

Твае справы свецяцца

З нетраў паўздыманымі

Зыркімі фантанамі...

А ў Міхася Калачынскага атрымаўся свой верш:

Казалі, зямля наша лечыцца,

Прымае глыбінныя ўколы,

Калі буравыя над Рэчыцай

Намацвалі бурамі долы.

Ад былой дзікай дрыгвы, якая дала некалі назву славянскаму племені дрыгавічоў, хутка застануцца толькі ўспаміны. Пра іх баяць старажылы: «О, гэта было даўным-даўно, даўнютка, калі мой прадзед у халасцяках хадзіў...» Пра іх прыгадваюць даўнейшыя летапісы граматы, купчыя, апісанні маёнткаў. Жывымі сведкамі даўніны застаюцца назвы паселішчаў, якія ўлады не паспелі перайначыць на свой густ.

Хіба трэба тлумачыць такія назвы вёсак, як Белае Балота, Пескаполле, Востраў, Заселле, Ляскі, Глінная Слабада, Закрашынскі Мох, Залессе, Бяроза? Іх тапаніміка зразумелая кожнаму, хто жыве тут, хто завітвае сюды на гасцяванне.

З асаблівым трымценнем сэрца ўчытваюся ў назвы вёсак, якіх ужо няма на карце раёна. Там жылі людзі, там нараджаліся дзеці, там кахаліся-любіліся. Ды раптам насунуўся змрочны час, калі людзі адтуль павыязджалі, павыміралі. На месцах паселішчаў цяпер растуць лес, кустоўе, сады. Там аруць, сеюць, убіраюць. Давайце ж хоць прыгадаем назвы некаторых хутароў, пасёлкаў, вёсак, якія адышлі ў нябыт. Прыгадаем і людзей, якія там жылі. Дзе цяпер радня іхняя, якія ім сняцца сны?

Як хатынскія званы, трывожна адгукаюцца ў маёй душы памерлыя паселішчы: Амелькаўшчына... Анісаўка... Баравое... Будзішча... Ветка... Вялікоднішча... Вясна... Гарахавое... Грушаўка... Дворышча... Еўня... Запечча... Капцы... Корч... Кротава Паляна... Ляды... Мядзведка... Нехарань... Пагарэлец... Печкі... Ясная Паляна... Усяго ў мірных буднях згінула сто шэсцьдзесят два паселішчы. Гэта на памяці сучаснага пакалення, якое цяпер ходзіць у дзядах і прадзедах, якое завяршае сваё зямное быццё. Ці ёсць у нас, дзяцей іхніх, час, жаданне і спагада выслухаць споведзь старэйшын, запісаць для гісторыі іх успаміны, іх жыццёвыя назіранні, іх сабраную мудрасць у вулей жыцця?

 

Чуў на свае вушы

З маімі сябрамі-журналістамі Пятром Рабянком і Лёнем Дворнікам мы аб’ехалі багата вёсак. Яны, супрацоўнікі раённай газеты «Дняпровец», прывыклі да адрасных камандзіровак: напісаць пра перадавую даярку, пра героя вайны, адлюстраваць падзею мясцовай важнасці. А са мной ездзіць ім было напачатку крыху дзівакавата, бо я, як толькі ўязджалі ў вёску і сустракалі першага трапіўшага на вочы чалавека, прасіў шафёра тармазнуць.

Помню, неахвотна збочвалі мы з асфальтавай дарогі ў вёску Воўчая Гара. Мае сябры крыху скептычна казалі: «Ну што тут цікавага. Людзі старыя і хаты векавыя. А назва вёскі? Ды яна ад таго, што некалі тут былі лясы дрымучыя ды ваўкі кусачыя...» Але ж першая ваўчагорка ў фуфайцы заінтрыгавала нас сваім сціплым аповедам:

— Ета ж ехалі некалі нашымі мясцінамі казакі, а на іх напалі ваўкі. Дак яны насеклі іх цэлую гару. Ад таго і пайшла назва вёскі — Воўчая Гара. Татаў тата так баяў...

Мясцовай даследчыцы Ганне Покала лёгка верылася. Казакі Багдана Хмяльніцкага гулялі ў свой час па Рэчыцкай зямлі. Ваўкоў сваіх хапала. Пакуль я так разважаў, другая бабця павярнула размову, як кажуць, на сто восемдзесят градусаў:

— Цяпер ваўкі жывуць не ў лесе, а ў вёсцы. О, разбілі мне ўчора акно. Маладыя ваўкі так гулялі...

Насупраць — старэнькая хата бабы Юлі. Ёй — 93 гады. Жыве адна. Хата з круглага бярвення, патрэсканага, парэпанага; як раны, ля ссівелых дзвярэй вісяць дзве саржавелыя лямпы-газоўкі. На цвіках — брызентавыя тапачкі. У сенцах мяўкаў кот. Прасіўся на вуліцу. А мы прасіліся ў хату. Баба Юля не чула нашых стукаў у дзверы, не адчыніла. Шкада, яна б магла сказаць нешта такое, чаго не ведае ў Воўчай Гары ніхто...

У іншых вёсках хаты адчынялі, душы раскрывалі. Мой блакнот поўніўся запісамі легенд пра назвы вёсак.

У Зашчоб’і пачуў такую легенду.

Жыла там некалі сям’я ўкраінцаў. І муж чамусьці часта біў жонку. Людзі збіраліся, як на спектакль. Мужык б’е, а баба не плача ды толькі кудача:

— За шчо б’еш?

Сталі іх хату жартам называць Зашчоб’е. Смяяліся:

— Пайшлі да Зашчоб’яў, парагочам хаця.

— Зноў б’е?

— Ага, бо выпіць не дае...

Так і ўкаранілася назва паселішча Зашчоб’е. Векавыя дзяды ды бабулі прамаўляюць назву вёскі па-свойму — Зашчэб’е. А «шовб», «шоб», «шолб» у дыялектах украінскай мовы азначаюць вяршыню. Калі ўлічыць гэта, то Зашчоб’е — гэта паселішча, якое размешчана за нейкім узвышшам. Можа, яно так і было, калі тут пачалі ладзіць свае хаты перасяленцы, бежанцы з Украіны. Такая міграцыя ўпаўне магла адбыцца падчас казацкіх войнаў, набегаў крымскіх татар, узяцця Кіева манголамі.

Дарэчы, украінскія сляды ў назвах вёсак можна адшукаць і ў іншых паселішчах Рэчыцкага раёна. Скажам, у Ровенскай Слабадзе. Тут, відавочна, пасяліліся некалі людзі з-пад Роўна і атрымалі пэўныя льготы, вызваленне ад павіннасцей. Іх называлі «слабоднымі», вольнымі. Адсюль і іх паселішча — Слабада.

Ёсць і Берагавая Слабада. Назва яе, відаць, ад таго, што паселішча знаходзіцца на беразе Дняпра, на правым яго баку. «Слабодныя» людзі тут жылі задоўга да новай эры, у каменным веку. Гэта засведчылі археолагі, адкрыўшы першабытную стаянку пасяленцаў.

Але не будзем заглыбляцца ў навуку. Не наша гэта справа. Закінем у гісторыю памяці толькі тое, што было пачута на свае вушы ад сціплых і мудрых землякоў.

У Горвалі пазнаёміліся з дзедам Канодам. Каля сваёй вулічнай лавачкі ён збіраў у жменю апалыя, жоўтыя лісты.

— Што робіце? — зацікавіліся мы.

— Ды во надумаліся з бабай хлеб спячы, подклад збіраю.

— От бы пакаштаваць вясковага хлеба! — загарэліся нашы вочы.

Дзед Аляксандр Ульянавіч хітравата ўсміхнуўся:

— Пажартаваў. Даўно ніхто не пячэ. А лісце трохі прыбраў, каб чысцей было...

Той жа горвальскі старажыл завёў нас на ўзгорак, дзе стаяў панскі маёнтак, і патлумачыў:

— Бачыце, унізе цячэ Бярэзіна. Гара і вал вакол яе горлам упіраюцца ў раку. От вам і — Гор-валь. Тут здаўна жывуць людзі. Можа, з тых часоў, калі ўтварыўся свет...

Мясцовы даследчык, як кажуць вучоныя, мае рацыю, бо ў XIV стагоддзі сярод «літоўскіх» гарадоў упамінаецца «Горлаў». Пасля ён мог стаць Горвалем. У 1880 г. — гэта мястэчка са 101 дваром. Тут — пошта, школа, праваслаўная царква, два яўрэйскія малітоўныя дамы, чатырнаццаць гандлёвых лавак. Па тым часе Горваль — сталіца для мясцовага люду!

А на адну версію назвы Горваль узбіўся я сам. Вычытаў у старабеларускім слоўніку, што даўней слова «горвальскі» азначала — з ачышчанага металу. Дык, можа, тут жылі майстры горвальскія, якія ачышчалі выплаўлены ў самаробных печах метал? Можа, гэта іх вырабы пазнаходзілі беларускія археолагі ў нетрах Горваля, Берагавой Слабады, Глыбава, Мілаграда?

Як заманліва цікава ўсё, калі пачынаеш варушыць гісторыю. Трэба толькі цярпенне, жаданне, хаценне. Як і ў нас, калі мы з рэчыцкімі журналістамі Пятром Рабянком і Лёнем Дворнікам калясілі па састарэлых вёсках раёна.

У Холмечы пачулі такую легенду:

— Сюдою, паўз Дняпро, некалі войска ішло. Хто іх ведае якое, мой дзед нават не мог сказаць якое. Адзін салдат узышоў на пагорак, утыркнуў у яго меч дый кажа: «Цетка — холм, а цетка — меч!» Хто там пачаў жыць, дак тое месца назвалі Холмеч. І пацяперака ёсць вёска. Усё пераменьваецца, а наша Холмеч як стаяла, так і стаіць.

У Крынках вераць, што назва іх вёскі ад лясных крыніц і ручаёў, якіх тут некалі было поўна.

Ёсць некалькі вёсак Востраў. Сяліліся людзі на выспе. Вакол — дрымучыя лясы, непраходныя балоты. Ні купец, ні войт, ніякі воін не мог туды зайсці. Казалі: «Не вёска, а нейкі востраў».

Рэвалюцыя 1917 года ўнесла перамены ва ўсё наша жыццё. Нават у назвы вёсак. Была вёска Лясны Востраў, а стала — Чырвоны Востраў. Рэвалюцыйны колер зачырванеў у іншых сучасных найменнях паселішчаў: Чырвоная Слабада, Чырвоны Кастрычнік, Чырвоная Кветка, Чырвоны Мост, Чырвоная Дуброва, Першае Мая, Першамайск, Кірава, Камсамольск, Зара Свабоды...

Дзякуй Богу, што сталіца нашай малой радзімы засталася нязменнай у назве — Рэчыца. Яна ад прытоку Дняпра, рэчкі Рэчыца, па берагах якой і ўзнікла паселішча. Яно і тады, і цяпер — побач з паўнаводным Дняпром. Гэта ж старажытны шлях «з варагаў у грэкі», у Візантыю. Па ім «хадзілі» ўсе гандляры таго часу.

У даўнейшых пісьмовых крыніцах паведамлялася, што горад Рэчыца знаходзіцца пад 52°22' паўночнай шырыні і 48°4' усходняй даўжыні. Ад Санкт-Пецярбурга — 946 вёрст, ад Масквы — 686 вёрст, ад Мінска — 138 вёрст. Горад стаіць на правым беразе суднаходнага Дняпра. Ёсць прыстань, чыгунка. Горад «абдымаюць» Ведрыч і Дняпро. Горад між рэчак — Рэчыца.

Наша Рэчыца згадваецца ў Густынскім летапісе пад 1213 годам. Але верыцца, што тут людзі жылі значна раней, бо побач, у Прыдняпроўскай нізіне, адкрыты першабытныя стаянкі дрыгавічоў.

Рэчыца вядома як горад-крэпасць на Дняпры. Яна была ва ўладанні Валынскага, Чарнігаўскага княстваў, уваходзіла ў склад Вялікага княства Літоўскага, Польскай Кароны, Расіі, СССР. Шмат разоў разбураная і спаленая ў розных войнах, яна зноў аднаўлялася, харашэла. Уздымалася над кручамі Дняпра як помнік непераможным людзям, як сімвал сівой даўніны. Цяпер Рэчыца — раённы цэнтр нашай незалежнай суверэннай Беларусі. Пра яе лунаюць песні на ўсю рэспубліку, пра яе пішуць вершы і паэмы. Упусцім у душу радкі мясцовага паэта Аляксандра Ліхадзеева:

Я тобою, как мамой нежной,

И везде, и всегда горжусь.

Уезжая на время спешно,

С неохотою расстаюсь...

Я таксама ў свой час як бы часова пакінуў малую радзіму, Рэчыцкі край. Але з гадамі яна ўсё болей і ўсё часцей пачынае сніцца. І я пішу гэту кнігу з сыноўняй любоўю і ўдзячнасцю, што меў шчасце з першых хвілін жыцця ўдыхнуць гаючае паветра векавых лясоў, вясёлкавых лугоў. Пад мілагучную калыханку дняпроўскіх хваль упершыню наталяўся маміным малачком у Горвальскай радзільні. А вылюлялі мяне ў Шоўкавічах, у калысцы, зробленай бацькам Сцяпанам.

 

Залатыя мае...

Дзе ж тыя Шоўкавічы, якія адкрылі для мяне дарогу ў жыццё?

Выявіў: мае Шоўкавічы ў XIX стагоддзі лічыліся засценкам, хутарам Горвальскай воласці Рэчыцкага павета. Паводле даных 1870 года, там жылі чатырнаццаць аднадворцаў. А па перапісу 1909 года — ужо трыццаць адна душа «обоего пола». Больш чым удвая павялічыліся Шоўкавічы пад канец стагоддзя. Чым гэта выклікана, што памагло хутару стаць вёскай?

Адказ атрымаў, калі пачаў вывучаць гісторыю Горвальскага маёнтка, у межах якога знаходзіўся і хутар Шоўкавічы з яго ўрадлівымі землямі, сенакоснымі лугамі, грыбнымі дубровамі ды травяністымі лясамі, узлескамі.

Свае мясціны вакол Шоўкавіч добра ведаю. Лясы выхадзіў, вытаптаў, пасвячы ў дзяцінстве кароў, збіраючы грыбы ды ягады. Абышоў і ўсе вёскі наўкол. У Вузнажы вучыўся ў сярэдняй школе. У Чарнейкі, Заходы, Дуброву бегаў на танцы. У Дабужу выйшла замуж сястра Люба. У Святым, Свецкім, Задзірэеўцы жылі мае аднакласнікі.

Горвальскі маёнтак утварыўся яшчэ ў XVIII стагоддзі. Валодаў усімі прыроднымі багаццямі ды жывымі душамі правадзейны тайны саветнік фон Энгель. Пасля яго смерці маёнтак падзялілі родзічы.

Унучцы Марыі Раманаўне Холадавай перапалі Горваль з маёнткам, фальваркі Дзюрдзеў і Балашаўка, вёскі Берагавая Слабада, Чарнейкі, Свецкае, Задзірэеўка, Гавінавічы, Шыбенка, Васількоў, Святое, Вузнаж і хутар Шоўкавічы.

Мяняліся гаспадары нашых земляў: граф Менгдэн, графіня Вера Зубава. Але мяне цікавіць цяпер тое, што ў 1888 годзе ў Шоўкавічах пасяліўся мой дзед Янка — Ліпскі Іван Іванавіч. Яго жонкай, а маёй бабкай стала Праксэда Васільеўна Старжынская. Іх беззямельныя бацькі, відаць, прачулі пра Горвальскі маёнтак, які кавалкамі здаваўся ў арэнду, і набылі для сваіх дзяцей надзел.

А пераехалі Янка і Праксэда ў Шоўкавічы з хутара Куннае, з-пад Шацілак. У іх было ажно дванаццаць дзяцей. Сярод іх — мой бацька Сцяпан. Пра яго напісаў кнігу-споведзь «Бацька. Пісьмы сына». Пра маму Марыю атрымалася таксама хвалюючая аповесць — «Мама. Малітва сына».

Мае бацькі пражылі ў любасці 52 гады. Нажылі нас, шасцёра дзяцей. І перадалі нам у спадчыну ўсё лепшае, што атрымалі ад сваіх бацькоў: чыстае сумленне, любоў да жыцця і прыроды, душэўную дабрыню. Іх запавет: будзь Чалавекам!

За пражытыя гады адкрыў для сябе дзве мудрасці.

Першая: трэба зразумець і палюбіць дзяцей, асэнсаваць свой род, а дзеці-спадкаемцы павінны ад бацькоў, як з чыстай крыніцы, наталіць свой розум багаццем, сэрца — дабрынёй, душу — спагадай, цела — здароўем. Калі гэтага не адбываецца, дзеці ў бядзе.

Другую мудрасць адкрыў, калі пабываў у Амерыцы, Мексіцы, Даніі, Бельгіі, Германіі, Францыі, Швейцарыі, Фінляндыі, Югаславіі, Польшчы, Венгрыі, Балгарыі, В’етнаме, Карэі. Там я зразумеў: лепшай мясціны, чым мае Шоўкавічы, няма ва ўсім свеце. Тут самае зорнае неба. Самыя чыстыя росы. Самыя пявучыя жабы. Самыя шчырыя людзі. Тут мае карані, якія сілкуюць мяне ва ўсе імгненні жыцця, дзе б ні быў, што б ні рабіў.

* * *

Прыснілася ў Боне, што мае Шоўкавічы — пуп Еўропы. Прачнуўся з такой «амерыкай» — і паляцелі думкі ў вёсачку, дзе адкрываў для сябе вялікі свет.

Наша хата чыпурылася якраз жа пасярод вёскі, дзелячы яе на Камзэтаўку і Мацярык. Дык што атрымліваецца? Цэнтр Еўропы пралягае па тым месцы, дзе была наша сядзіба. Вунь чаму насупраць нашага поплава геолагі некалі закапалі нейкі рэпер з палкай-вытыркачкай над зямлёй. А можа, не проста так вырас на нашым агародзе дуб-волат? Мо гэта прыродная антэна пасылала ў высокі космас сігналы чалавечай надзеі?

Слухайце, над нашымі Шоўкавічамі ўпоўдзень затрымліваецца само сонца і доўга-доўга стаіць над хатамі, агародамі. Цяпер толькі здагадаўся, што нябеснае свяціла звярае над маёй вёскай свой компас. Паверце, якраз жа над дахам бацькавай хаты сярод зорнага дывана пралягаў Млечны Шлях. А за нашым прыгуменнем, у кашлатым лазняку цёхкалі самыя галасістыя салаўі. Іх было болей, чым музыкаў у фінбергаўскім аркестры.

Калі вам мала гэтых доказаў, дык ведайце: недалёка ад нашай хаты пачыналася высыпаная жоўтым пяском вулачка, якая за альсом нырала ў гонкі дубняк. Тры кіламетры дарога віляла паміж векавых дубоў і выводзіла ў доўгую вёску Вузнаж, у якой былі школа, магазін, пошта. А за ёй пачыналіся новыя дарогі, якія выпростваліся ажно ў саму Рэчыцу, у наш райцэнтр, сталіцу нафты.

Калі ж ад вулачкі ўзяцца крыху правей, то праз Восаў, Заходы, Залатуху трапіце ў Васілевічы, якія былі некалі то вотчынай княгіні Вольгі, то райцэнтрам, то месцам тарфяных радовішчаў. За Васілевічамі — Глінная Слабада, а там і рукой падаць да сталіцы беларускага гумару Аўцюкоў.

Калі ж ад нашай вулачкі павярнуць на Марыньчыну хату, то за прыгуменнем выйдзеце на лясную сцяжыну, якая выведзе ў Селішчы, Баравікі. А там ужо любы жук даляціць да Шацілак, цяперашняга Светлагорска. З таго горада праз Бабруйск вельмі проста трапіць нават у сталіцу Беларусі.

Хэ, дый гэта яшчэ не ўсё. Праз Камзэтаўку, браткі, полем выйдзеце да могілак. Пакланіцеся там усім шоўкаўцам і кіруйце ў бок Чарнеек, Дабужы. Там — Бярэзіна, у якой Напалеон згубіў свае боты. Шукаць іх марна. Паспрабуйце лепш плыць ракой, якая ўпадае ў Дняпро. Вы адчуеце хараство і таямніцу шляху «з варагаў у грэкі».

А калі проста пераплывяце Бярэзіну, то праз Атрубы, Кабанаўку, Вялікі Лес, Стрэшын апыняцеся ў Жлобіне. З яго чыгуначнага гнязда трапіце і ў Маскву, і ў Санкт-Пецярбург. Адтуль — куды душа пажадае.

Во якія нашы Шоўкавічы! Пуп Зямлі!

І не ўздумайце абвяргаць мой доказ, бо таго-сяго вам удасца пераканаць, што цэнтр Еўропы ў вашым сяле, толькі не мяне. Я жыву з гэтым адкрыццём, яно акрыляе мяне. Хадзема лепш за мной, я пазнаёмлю вас з маімі Шоўкавічамі, гарэтнымі і шаўковымі людзьмі.

* * *

Начую ў Рэчыцы.

Да маёй зямелькі, да маіх Шоўкавіч — рукой падаць. А мне як бы трэба падрыхтавацца да сустрэчы, перавесці дыханне, падцягнуць струны маёй душы.

У ацішэлай гасцініцы не спіцца. Неба зашторылі цёмныя фіранкі. Усё наўкол атулілася таямніцай. Дрэвы згубілі афарбоўку, зрабіліся нейкімі тэатральнымі, муляжнымі.

От бы цяпер у бацькоўскую хату, на цёплую печ, у ласкавыя абдымкі маіх святых Мамы і Таты, як бы моцна, па-дзіцячаму спалася. А тут, у казённым утульным пакоі, не зводзяцца павекі.

Заўтра мой шлях прадоўжыцца да чароўнай зямелькі, якая пеставала ў маленстве. Да якой еду цяпер, як паломнік, каб паспавядацца, каб ухапіць нектару ў свой вулей.

Дабрыдзень, мой родны кут!

* * *

Пачыналася залатая восень.

Я ехаў да сваіх залатых людзей. У свае залатыя мясціны народзінаў. Усе наяўныя шоўкаўцы сабраліся ў хаце майго брата Пятра. Ён сам ужо спачывае у сасонніку. Ён стаў у хаце — партрэтам, на могілках — мармуровым помнікам. Яго новая «хата» абнесена металічнай агароджай. Непадалёк — столік. Калі што ёсць, налівай за вечную памяць.

Радня, дзеці, унукі і праўнукі, усе шоўкаўцы, з якімі мой Пятро араў і касіў, з якімі траляваў лес і драў лазу на лапці, сядзяць у яго хаце. Яму даруюць і мацюкі, і выпіўкі, і курыва. Засталося ў памяці толькі добрае: жыў Пятро сумленна, нікога не падводзіў. Калі нешта абяцаў — рабіў. Падмагаў як мог усім людзям: і мазольнымі рукамі, і словам, і коньмі, якімі доўгія гады ўпраўляў.

Ён усім, можа, й надакучліва, асабліва калі хлёбаў лішнюю чарку, даваў памацаць умяціну на галаве. Тлумачыў: «Гэта мяне Адоля пачаставаў». Так называў Гітлера, супраць войска якога кінулі былі і маладзенькага шоўкаўца Пятра. Паслалі ў бой у чым стаяў: у куфайцы, саматканых штанах, у самаробных боціках. Узброілі ружжом, з якога ён дагэтуль не страляў.

У царстве нябесным мой старэйшы брат. Дрэва яго сямейнае разраслося ў новыя роды людскія: Гвоздзевых, Шафарэнкаў, Бурмялёвых. А кола шоўкаўцаў, з якімі таварышаваў, няўмольна звужаецца. Іх ужо можна пералічыць на пальцах.

* * *

Сядзіць на лавачцы ля свайго маёнтка Сарафіна Іванова. Сівая галава пахітваецца. На ёй усё старэнькае, вылінялае, але чысценькае. І вочы чыстыя, што вымытыя шкліны.

— Валодзька, — жаліцца мне, — бывае, прасяджу дзень на лавачцы, а па вуліцы ніводная душа не прасунецца. Пустой зрабілася наша дзярэўня...

Побач з Сарафінай сядзеў пярэсты кот. Ды раптам пачаў апетытна аблізваць лапу, і на старэчы твар гаспадыні ўскочыла скупая ўсмешка:

— О, мыецца, мо сын завітае...

У яе быў муж з Расіі — Іван Іванавіч Іваноў. Плячысты асілак, дабрак. Пакінуў у Шоўкавічах спадчыну — чацвёра дзяцей. А сам лёг на спачын з карэннымі шоўкаўцамі, як роўны з роўнымі.

Меншанькі сын зноў жа — Іваноў Іван Іванавіч. Мацерын гонар, робіць памочнікам ляснічага ў Вузнажы. Яго, відаць, і прадказваў кот Васіль...

* * *

Ад мяне, як надалызны авадзень, не адставаў Валерык. Рукі ў яго жылістыя, а галава — пуставатая. Жыве як набяжыць. Бабыль. Былі дзве жонкі, ды абедзве і паўміралі. Недзе ёсць дачка Ларыса, але ж калі яны сутыкнуцца нос у нос у горадзе, то Валерык можа і не пазнаць яе. Даўно не бачыліся.

Хваліцца, што ён — паэт. Вершы самі запісваюцца у галаве, а ручкі і паперы ў яго няма. Дый не прыгадае, калі пісаў літары.

— Прачытай свае вершы, — прашу Валерыка.

— Калі ласка, толькі для вас, дзядзька:

Вуліца наша такая,

Ну проста залатая...

Валерык расплыўся ва ўсмешцы, зірнуў на неба, звёў губы ў трубачку, доўга думаў:

—А-а, дзядзька, каб выпіў, шчэ б што прыдумаў, а так не магу.

* * *

Па дворышчы, дзе стаяла наша хата, хлеў, варывенька, поўзае чырвоны трактар-жук. Двума сталёвымі плугамі-зубамі ўразаецца ў восеньскую стомленую зямлю і выварочвае яе. Агаляе. Будзіць. Узворвае. Сівавата-шэрымі паскамі адкрываецца наш агарод.

Рулюе сталёвай канякай былы афганец з Шупеек. Яму што, араць — не страляць. Сядзіць спакойны ў кабіне, пакурвае. А маё сэрца ў ліхаманцы.

Усе радуюцца, што поле аруць: і Пятроў зяць Віктар, які завярнуў сюды афганца, і сусед Адам пагладжвае стараверскую бараду, вочы гараць: «От бы і на мой пляц такога каня!» І Валя Ясішына зайздросціць, як ажывае ад спячкі Сцяпанаў агарод. І малышня вішчыць ад відовішча, хоча пракаціцца на трактары.

Я ж ледзь стрымліваю слёзы. Во, плугі паўзуць па былых маміных градах, дзе сядзелі памідоры, фасоля, капуста. О, заняў новыя барозны. Яны рэжуць зямлю, дзе стаяў наш хлеў, дзе жыла Красуля, карміцелька наша.

Божа, мала хто з зявакаў ведае, помніць наша дворышча. Няўжо ўсё сплыве ў небыццё? Няўжо калі-небудзь нехта ўзарэ і нашу шоўкаўскую вуліцу, і ўсе пляцы, дзе стаялі хаты Ліпскіх, Трацэўскіх, Мілютаў, Маркавых, Казінцоў, Козыраў? Няўжо ў незваротны вырай паляцяць нашы Шоўкавічы?

* * *

У сваім двары, насупраць сенцаў, Адам Мілюта расклаў вогнішча, варыць вялізны чыгун бульбы, падкладвае палянякі ў агонь, пакрэктвае і адпускае пад неба мацюкі. Кляне, відаць, долю сваю. Дзеці разляцеліся. Жонка ляжыць у ложку, квокча. Адзін у двары воін.

Мы ідзём з ім у хату, пераступаем цераз нейкі хлам, мінаем гладышы, макатры, якія стаяць на падлозе. Рухаемся ў самы светлы кут, дзе стол пад абрусам. Адам вывальвае на яго фоткі, паперы, свае франтавыя медалі. І я адкрываю для сябе Адама Іванавіча Мілюту.

— Я, братка, служыў у шэсцьдзесят пятай гвардзейскай арміі Батава. Сувязіст, радыст. Азбукай Морзе валодаў. Кіраваў чатырма радыёстанцыямі...

Божа мой, а я толькі і ведаў, што Адам валам хвасты накручваў. Яго цаліннікам дражнілі, а ён і сапраўды, калі Хрушчоў адкрыў для пакарэння казахскія стэпы, згроб свой сямейны вывадак, чацвёра дзяцей і жонку, і махнуў у невядомую Кзыл-Ардзінскую вобласць.

— Там, братка, дзеці аперыліся і — хто куды. Сын Віктар — у Маскве, сын Вячаслаў — у курганскім горадзе Шатрове. Дачка Аня — у Кзыл-Ардзе. Дачка Рая — настаўніцай у Саратаўскай вобласці. Дванаццаць унукаў у мяне, два праўнукі. А мы са старой дажываем у састарэлых Шоўкавічах. І лепшай мясціны нам не прапануй...

Гарыць агонь у двары былога франтавіка. Палыхае Адамава душа. Жывуць у свеце Адамавы сямейнікі, якія нябачнымі каранямі знітаваны з Шоўкавічамі. Дык мо не забудзецца вёска?

* * *

У Шоўкавічы прыехала аўталаўка. Праляцела па вёсцы, прасігналіла. Хто з кіёчкам, хто згорблены, хто з унукам за руку — усе пацягнуліся да грузавіка. Здаецца, усе каты, куры і сабакі збегліся на тое зборышча.

Бралі хлеб і паўлітэрку. Рэдка хто — каўбасу і селядцы.

Аднаму цюцьку нехта адламаў хлеба. Ён, згаладалы, тут жа, у пяску, наярваў той дармавы наедак...

* * *

Каля хаты Надзі Арынінай заўсёды людна. Побач некалі быў магазінчык, і людзі, відаць, па даўнейшай звычцы цягнуцца ў гэты бок. І ў той дзень на Надзінай лавачцы сядзелі бабы, перамывалі няхітрыя вясковыя навіны. Я сфатаграфаваў іх. А пасля прыкмеціў у Надзіным двары дзяўчынку-прыгажуньку. Яна старанна, чыста зграбала лісце. Унучка Іра завітала з суседняй вёскі Баравікі і вырашыла прыбраць бабін двор.

Божа, калі прыхарошваецца двор, калі над ім чаруе вясновая дзяўчынка, дык будзе жыць хата Надзі Бабіч. Будуць жыць мае Шоўкавічы!

Любая дзяўчынка Ірка, як жа ты ўсцешыла мяне сваім грабеннем, як абнадзеіла! Здароўя табе і даўгалецця!..

З вышыні гадоў прамаўляю сваю штодзённую малітву:

— Дай, Божа, даваць, а не прасіць.

Дай, Божа, заўсёды смяяцца і ніколі не плакаць.

Дай, Божа, каб усё было гожа.

Дай, Божа, з радасцю працаваць і дома начаваць.

Дай, Божа, разам двое: і шчасце і здароўе.

Дай, Божа, усё ўмець, а не ўсё рабіць.

Дай, Божа, чутае бачыць, а вочы, вокны душы, утрымліваць у чысціні.

Дай, Божа, на жыццё, на быццё і на доўгі век.

У імя Айца, і Сына, і Святога Духа. Амінь.

 

Хто вы?

Вось мы і зрабілі маленькую экскурсію па маім родным Рэчыцкім краі. Зазірнулі ў мае Шоўкавічы. А цяпер пачнём галоўнае — антрапанімічныя «раскопкі», заглыбімся ў сэнс і змест імён і прозвішчаў маіх землякоў. Нагадаем: антрапаніміка — навука пра наш старажытны і сучасны іменаслоў, пра нашы старажытныя і сучасныя імёны, пра іх сэнс, грамадскае і культурнае прызначэнне.

Прозвішча, як мне здаецца, — гэта гістарычны, культурны ген пэўнага чалавечага роду. Гэта спадчына наша, мова, духоўны скарб. А калі ўлічыць, што сучасныя прозвішчы паходзяць ад імёнаў, мянушак, то, вывучаючы іх, можна, як археолагам, адкапаць мінуўшчыну, даведацца, якія людзі жылі ў дадзенай мясцовасці.

Шмат гадоў, бываючы ў самых розных раёнах Беларусі, я чытаў тэлефонныя кніжкі. Гэта быў мой любімы занятак у камандзіроўках. Ляжу на казённым ложку, не спіцца, гартаю старонкі дзівоснага падручніка. У ім — тысячы прозвішчаў. І паляцяць думкі ў сям'ю нейкага Паўбацькі. Чаму ў іх такое прозвішча, ад каго? Чаму чалавек Смок? Няўжо ён родзіч самому цмоку? Чаму ён Скоўпень? Тут зразумела мне толькі слова «пень». А што азначае «скоў»? Калі і чаму ў прозвішчы з’явіўся такі дадатак?

І што цікава: у кожным раёне ёсць характэрныя для тых мясцін прозвішчы. Яны адразу кідаюцца ў вочы, запамінаюцца, хочацца іх разгадаць. Галоўнае, што аб’ядноўвае іх, — агульнаславянскі корань беларускай нацыі. У прозвішчах як бы закадзіравана, закансервавана наша гістарычная памяць, якая засталася нам ад прадзедаў «спакон вякоў». У гэтай скарбонцы такое багацце, якога няма ў іншых крыніцах і помніках даўніны — пісьмовых, мастацкіх, архітэктурных, рэчавых.

Прозвішчы, мне падалося, як бы ўвабралі ў сябе даўнейшыя моўныя дыялекты, па якіх можна складваць гістарычны, старабеларускі слоўнік. У гэтым унікальным падручніку мы бачым жывую повязь нашай роднай, беларускай мовы з мовамі суседзяў — расіян, украінцаў, палякаў, літоўцаў. А яшчэ з мовамі старажытных цывілізацый — цюркскай, яўрэйскай, грэчаскай, індыйскай...

Калі прызнаем, што Зямля — гэта кніга, то ў ёй мовай тапанімікі прачытаем усе геаграфічныя назвы, ад кантынентаў да краін, гарадоў, вёсак і хутароў, урочышчаў і пушчаў, рэк і азёр, гор і далінаў. Калі прызнаем, што чалавек — таксама кніга, то ў ёй мовай імёнаў і прозвішчаў заглыбімся ў радаводную гісторыю, у вусную народную творчасць, да якіх мусім ставіцца з пашанай.

Імя — самы старажытны «пашпарт» чалавека. Яно існуе з тых часоў, калі з’явіліся людзі на Зямлі. Першага мужчыну, як вядома, звалі Адам, першую жанчыну — Ева. У іх былі сыны Авель і Каін. Людзі множыліся, нараджаліся ў іх і новыя імёны. Іх прыдумлялі, каб адрозніць адзін аднаго, каб можна было аклікнуць ці даверыць нейкі сакрэт і помніць, што адкрыўся менавіта чалавеку-Дубу, а не чалавеку-Мядзведзю.

Імя, лічылася, вызначае імідж, лёс, характар чалавека. Яно вылучае асобу з натоўпу, робіць яе адметнай, непаўторнай. Імя — жыццёвы знак, радаводны герб. У яго ўкладваўся магічны сэнс. Калі чалавек мяняў свой жыццёвы шлях, то імкнуўся мяняць і імя. Браў псеўданім. Асабліва гэтым карысталіся манахі, паэты.

У XVI—XVII стагоддзях ужо з’яўляецца імя па бацьку. Для сялян аддалі просты суфікс -оў (-аў, -яў, -еў). Іх сыны называліся па бацьку (Пятроў, Сямёнаў, Сяргееў), і не азірайся на больш далёкае мінулае. А вось суфікс -овіч (-евіч) зрабіўся царскім, вызначаў людзей белай косткі.

У М. Някрасава чытаем: «Барын кліча лакея: «Эй, Іван!» А Іван плачацца: «Хоць бы раз Іван Масевіч хто мяне назваў». Эйч, чаго захацеў лакей. Тады, браток, па бацьку-бацюшку велічалі толькі багатых, тытульных, радавітых. Называцца «вічам» быў вялікі гонар. Ім нават узнагароджвалі. У працах гісторыкаў засведчана, што Іван Грозны ў 1582 годзе «пожаловал» купцу Строганову «віча» за тое, што ён вылечыў ад смяротнай хваробы царскага любімца Барыса Гадунова.

Кацярына ІІ сваім царскім указам патлумачыла: «Першыя пяць класаў чыноў (важныя саноўнікі, генералітэт, тайныя і стацкія саветнікі) пісаць-велічаць з -вічам, чыноў 6, 7, 8-га класаў з іменем па бацьку на -оў. Усіх астатніх — без «отчества».

Нездарма яшчэ ў старажытнай рускай песні князь вось так вітаў невядомых віцязяў:

Гой вы еси, добры молодцы!

Скажитесь, как вас по имени зовут.

А по имени вам мочно место дать,

По изочеству можно пожаловать...

Падобна, што толькі ў Расіі надавалі дзяржаўную важнасць імені па бацьку. Французы, англічане дый нашы блізкія суседзі палякі за такімі званнямі не ганяліся. Напалеон Банапарт, відаць, здзівіўся б, каб яго пачалі велічаць па бацьку — Карлавіч.

Прозвішча — найнавейшы з сямейных помнікаў, самы свежы знак радаводу. Прозвішча на Беларусі ўзнікла ў XVII—XVIII стагоддзях. Яго займелі ўсе насельнікі пагалоўна. Людзі як бы апрануліся ў рознае адзенне. Можа, тады і з’явілася знакамітая прымаўка: «Па адзежцы сустракаюць, па розуму праводзяць». Мы ведаем знакамітае сямейства артыстаў Дуравых, ёсць вядомыя акадэмікі, дзяржаўныя дзеячы Дурновы, быў слынны баярскі род Сукіных. У таго ж М. Някрасава ў знакамітай паэме «Кому на Руси жить хорошо» памешчык Гаўрыла Афанасьевіч Аболта-Абалдуеў з гонарам гаворыць пра сябе:

Я роду именитого,

Мой предок Обалдуй

Впервые поминается

В старинных русских граматах

Два века с половиною

Назад тому.

Як бачым, знешняя «вопратка» не заўсёды адпавядае ўнутранаму, духоўнаму багаццю. А вось калі пан з гразі лезе ў князі, пра такога ў нашых Шоўкавічах казалі: «У свінарніку зімуе, а хоча па-панску кашляць».

Прозвішчы — гэта люстэрка і нашай сівой гісторыі, і геаграфіі краю, і фальклору. Гэта тая своеасаблівая зямная вясёлка, якая робіць прыкметным і адметным пэўны кавалак зямлі. Для людзей, якія там жывуць, якія там нарадзіліся, гэта — Радзіма.

Для мяне Рэчыцкая зямля — мая Бацькаўшчына. Там магілы маіх самых дарагіх людзей. Там жывуць родзічы, сябры, таварышы, знаёмыя. Там пастаянна жыве мая душа, хаця я даўно прапісаны ў Мінску. З гадамі ўсё болей веру ў тое, што ўсе рэчычане — мая радня.

Вось чаму мне захацелася напісаць кнігу пра маіх землякоў. Узяўся за тытанічную працу. Надумаў расшыфраваць прозвішчы рэчычан, бо ў іх змяшчаюцца унікальныя звесткі пра выток, крыніцу чалавечага «Я», пра яго сям’ю, род. Прозвішча — гэта падручнік, па якім можна вывучаць чалавека, яго побыт, заняткі, звычкі, яго фізічныя і разумовыя якасці, характар, знешні выгляд, жывёльны і раслінны свет, усю прыроду, сярод якой жыве чалавек.

Хрышчуся перад іконай Багародзіцы і прашу ў Айца, у Сына і ў Святога Духа творчага натхнення, сіл і моцы, душэўнай вытрымкі для стварэння гэтай кнігі. Ад землякоў чакаю спагады і падтрымкі.

Хачу са сваёй кнігай увайсці ў кожную сям’ю. Божа, дазволь здзейсніць задуманае.

 

II - СВЯТЫЯ АД «А» ДА «Я»

 

Марна шукаць між жывых, бо не можа іх быць безыменных:

Толькі яшчэ нарадзіўшыся, кожны, убогі і знатны,

Імя, як дар запаветны, ад родных сваіх набывае...

 

Гамер

 

Дзіця — Божы пасланнік на Зямлі.

Калі яно нарадзілася, значыць, такая воля нябёсаў. Яно патрэбна сярод людзей, на яго ўскладзена нейкая зямная місія. Яно мусіць некага замяніць у нашым свеце.

Першыя хвіліны і першыя дні жыцця Дзіцяці — самыя крытычныя, самыя важныя і адказныя. Яно павінна ўдыхнуць свежага, чыстага паветра, адчуць энергетыку шчырасці і замілаванасці блізкіх людзей, наталіцца маміным малачком.

У першыя дні, а дзіцё звычайна нараджалася дома, трэба было захаваць поўны спакой у сям’і, вакуум. Казалі, нельга ні крычаць, ні лаяцца, ні злавацца, ні буяніць. Нікому нічога не пазычаць, нічога не выносіць, не выкідваць з хаты. Верылі: трэба аберагчы лёс, долю, шчасце нованароджанага, якія ў гэтыя дні шукалі схоў у яго душы...

На першых жыццёвых гадзінах чалавека галоўнай ратавальніцай заўсёды была бабка-павітуха. Яна абразала пупавіну, першай трымала на руках немаўля, купала яго. Тая ж павітуха, мудрая прарочыца, прыдумляла і знакі-абярэгі для дзіцяці: нітачку на ручцы, банцік на пялёнцы, крыжык на падушачцы.

І вось наступаў самы адказны момант абярэгу. Дзіця неслі ў храм, яго хрысцілі, яму давалі імя. З тых светлых хвілін у новага чалавека на Зямлі з’яўляўся галоўны заступнік — анёл-ахоўнік. Дзіця пасля гэтага станавілася як бы роўным сярод людзей, вылучалася ў асобу, з асаблівым жыццёвым знакам — уласным іменем.

Хрысцільнае імя дапамагалі выбіраць духоўнікі, святары. Яны звычайна зазіралі ў святцы, а ў тым рэлігійным месяцаслове былі пазначаны дні памяці ўсіх святых. Калі дзень народзінаў новага зямляніна супадаў з днём памяці святога, то ён і атрымліваў яго імя.

Калі гэта было?

А калі нашы бабкі, прабабкі дзеўкамі былі, калі дзяды, прадзеды хадзілі па Дняпры да Царграда. Адным словам, даўным-даўно, даўненька. Калі рэлігійныя храмы трымалі ў руках сямейную мараль, калі былі вышэйшымі заканадаўцамі над людскімі душамі, пачынаючы ад уладароў краін і канчаючы прасталюдзінамі.

Многія нашы славянскія імёны маюць паходжанне ад грэчаскай, лацінскай, старажытнаяўрэйскай, германскай, скандынаўскай, цюркскіх моваў. Чаму? Ды таму, што яны старэйшыя за нашу, славянскую мову. Ад іх жа, ад больш старажытных цывілізацый, і прыйшло на нашу зямлю хрысціянства. А з ім — імёны святых. Ад імёнаў — прозвішчы.

Сярод святых, якія ўнесены ў царкоўны каляндар, можна сустрэць розныя іх «рангі». Хачу, каб мае чытачы разабраліся ў іх. Бо, разгадваючы сакрэт свайго імені-прозвішча, кожны з нас захоча ведаць як мага болей пра таго, хто даў нам фамільны знак.

Святы мучанік — гэта чалавек, ушанаваны царквой і вернікамі за нясцерпныя мукі, пакуты, нават смерць. Усё гэта ён цярпеў, прыняў за веру ў Бога, за вернасць Яго запаветам. У ліку святых зямлі беларускай — мучанік дзіцятка Гаўрыіл Беластоцкі, мучанікі Антоній, Іаан і Яўстафій Віленскія.

Святы апостал — Божы пасол на Зямлі, вандроўны прапаведнік. У Новым запавеце — дванаццаць вучняў Ісуса Хрыста: Сымон (Пётр), Андрэй, Варфаламей, Іаан, Матфей, Сымон Зілот, Фадзей, Філіп, Фама, Іакаў — сын Алфея, Іакаў — сын Зеведзея, Юда Іскарыёт. Пазней Царква назвала апосталамі яшчэ 70 святых. Сярод іх — Акіла, Ананія, Анісім, Архіп, Арыстарх, Клімент, Лука, Марк, Павел, Сцяфан (Сцяпан), Трафім, Цімафей...

Блажэнны — назва юродзівага святога. Яны мелі дар прарокаў, цудатворцаў, адзначаліся асаблівай увагай Бога. Вядомы і шануюцца царквой святыя Пракопій Усцюжскі (IV стагоддзе), Васілій Блажэнны (XV—XVI стагоддзі).

Праведнік — веруючы, які вядзе праведнае жыццё, ва ўсім праяўляе хрысціянскую любоў, адрокся ад мірскіх спакус. Святымі зямлі беларускай сталі праведная Сафія, княгіня слуцкая, праведная Юліянія, князёўна альшанская, праведны Іаан Кармянскі.

Прападобны — манах, які сваім жыццём прыпадабняецца Хрысту, адракаецца ад «суетных» зямных выгод. У зводзе святых зямлі беларускай — прападобныя Марцін Тураўскі, Елісей Лаўрышаўскі, Генадзій Магілёўскі, Фёдар Астрожскі, прападобная Еўфрасіння, ігумення полацкая.

Свяціцель — прадстаўнік царкоўнай іерархіі; патрыярх, мітрапаліт, біскуп. На Беларусі святымі свяціцелямі кананізаваны Міна Полацкі, Дзіянісій Полацкі, Сімяон Полацкі, Кірыла Тураўскі, Лаўрэнцій Тураўскі, Георгій Магілёўскі.

Свяшчэннамучанік — святар, які загінуў за хрысціянства. Такія святыя на Беларусі — Паўлін, архіепіскап магілёўскі, Мітрафан, архіепіскап астраханскі, Іаасаф, епіскап магілёўскі...

А цяпер, сябры, угледзімся, учытаемся, услухаемся ў імёны святых, вывучым месяцаслоў ды задумаемся: адкуль, ад каго ў нас прозвішча? Чаму яно стала зоркай нязгаснай, спадарожнікам верным не толькі для вас і вашай сям’і, а для ўсяго вашага роду, карані якога — у сівой даўніне? Давайце адгонім ад сябе ляноту, нецікаўнасць, раўнадушша, абыякавасць. Харошыя мае, выключыце тэлевізар — і айда за мною ў найцікавейшае падарожжа па краіне Антрапаніміі. Давайце ўгледзімся ў свае прозвішчы як у люстэрка нашай гісторыі, у геаграфію нашага краю. Адчуем веру і вернасць, культуру і побыт нашых прашчураў, зразумеем іх характар. І на сябе па-іншаму зірнём. Ды прыкінем: ці так жывём, як хацелі нашы прародзічы, ці таго дасягнулі, пра што яны марылі, ці так беражом памяць пра іх, як бы яны таго хацелі?

 

А. Анціпа ўпарты

 

Знай: калі з’явіўся ты на свеце,

Значыць, хтосьці думаў пра цябе...

 

Васіль Зуёнак

 

Вось гэты таямнічы «Хтосьці» пазбавіў мяне сну і спакою, падштурхнуў узяцца за пяро і пісаць гэту кнігу.

«Хтосьці» ёсць у кожнага чалавека. Ён — яго продак. Ён — у каранях радаводнага дрэва. Ён кінуў у жыццёвую раллю свой ген, даў нашчадкам аўру, характар, прозвішча. Хто ён, «Хтосьці»?

У зводзе святых на літару А праваслаўная царква ўшаноўвае 142 імёны. Ад іх — нашы сучасныя прозвішчы. А ў Рэчыцкім раёне жывуць сем’і, у прозвішчы якіх закладзены толькі 32 хрысцільныя імёны.

Ёсць рэдкія іменасловы, ад іх мала і прозвішчаў. Ад мучаніка Арона — прозвішча Аронаў. Ад прарока Аўдзія, слугі Гасподняга, — Аўдзееў, Аўдзеенка, Аўдзейчык. Наша Палессе дало Беларусі заслужаную артыстку Ганну Аўдзеенка. Яна вырасла з мастацкай самадзейнасці, галасістая запявала палескіх песень у Дзяржаўным народным хоры.

У свяціцеля Аверкія толькі адзін дзень памяці ў годзе — 4 лістапада. Каго хрысцілі ў гэту дату, той і атрымліваў імя Аверкій (Аверка, Авяр’ян, Авер) — той, хто ўтрымлівае, аддаляе. Ад яго атрымаліся прозвішчы рэчыцкіх Аверыных, Аверкіных, Авяр'янавых. Шукайце, людзі, свайго продка, які нарадзіўся ў пачатку лістапада.

Аўксенцій (Аксён, Аксенчык, Аксень) у грэчаскай мове азначае той, хто ўзрастае, памнажаецца. Гэта імя ўславілі два святыя мучанік Аўксенцій і прападобны Аўксенцій. Ад іх пайшлі розныя прозвішчы: у расіян — сем формаў, у рэчычан — дзве: Аксёнаў, Аксенцій. Наш зямляк, гамяльчанін Аксёнаў Аляксандр Нічыпаравіч — прызнаны партыйны і дзяржаўны дзеяч Беларусі. Ён быў і камсамольскім лідэрам рэспублікі, і дэпутатам, і міністрам. Доўга працаваў разам з легендарным Пятром Міронавічам Машэравым.

Рэдкае імя Агапій. У грэчаскай мове азначае любоў, любімы. Ад мучаніка Агапія прозвішчы рэчычан Агапаў і Гапееў.

Ад Агея (урачысты, святочны) — Агееў, Агеенка, Агейчанка, Агіевіч. Прарок Азарыя (Божая дапамога) даў жыццё прозвішчу Азараў. А можа, і гарадскому пасёлку Азарычы, што ў суседнім з Рэчыцкім Калінкавіцкім раёне?

Мне хочацца сваім землякам па-добраму падказаць разгадку паходжання іх прозвішча. Падказку, а не ў гатовым выглядзе разгадку. Гатовай, на талерачцы з блакітнай аблямоўкай, можа быць толькі кулінарная страва. А ў гісторыі пошук ісціны доўжыцца гадамі, і яна, тая ісціна, мае права на некалькі варыянтаў. Скажам, ад хрысцільнага імені апостала Акіла (Акула) вучоныя выводзяць прозвішчы Акуленка, Акуліч, Акулаў. З грэчаскай мовы Акіла перакладаецца як арол. А можа, прозвішчы — ад рыбы-звера акулы? А можа, ад мянушкі «акул», што даўней азначала — махляр, хвалько, хлус? (У словазбіральніка Уладзіміра Даля: «Окулить — обмануть, объегорить, надуть, оплести».)

Сярод рэдкіх імёнаў — Алім. Ад яго прозвішча — Алімаў. У яўрэйскай мове «алім» — памазаны. А памазанне — царкоўны абрад блаславення, які, дарэчы, выконвалі пры каранаванні цароў. У рускіх жа гаворках, асабліва ў Разанскай і Уладзімірскай абласцях, словы «алім, алым» — мудры, значны, важны.

Ад Амвросія (неўміручы) — Амбражэвіч, Амбразяк, Абрасімаў. Ад Анціёха (хто едзе насустрач) — Анцюшын. Ад Апалона (згубнік) — Апалонік, Палонскі. У старажытных грэкаў Апалон — бог сонца, святла, мудрасці, апякун мастацтваў, сын Зеўса. Праз карціны і скульптуры ён увайшоў у нашу свядомасць прыгожым юнаком, з лукам ці кіфарай у руках.

Святы мучанік Афоній (шчодры, шматдаравіты) даў прозвішча Афоніму, Афонскаму. Апостал Арыстарх (выдатны начальнік) — Арыстархаву, Арыставу. У летапісе чалавецтва вядомы Арыстарх Самоскі.

Ён жыў (удумайцеся!) за чатырыста гадоў да нашай эры ў Грэцыі. Сцвярджаў, што зямля круціцца вакол сваёй восі. За што яго абвінавацілі і выгналі з Афінаў.

Ад імені прападобнага Ануфрыя ўтварыліся прозвішчы Ануфрыеў, Анапрыенка. Гэта імя згадваецца ў старажытных беларускіх граматах за 1399 год. Вось у якіх гістарычных абсягах трэба шукаць выток сённяшніх прозвішчаў! А яшчэ трэба ўлічыць, што час мяняў не толькі пакаленні людзей, а іх мову, звычкі, уклад жыцця.

Пагадзіцеся, Анціпа — таксама рэдкае імя. Яно ўпамінаецца ў старажытных помніках беларускага пісьменства ажно з 1567 года. У грэчаскай мове, адкуль яно прыйшло да нас, азначае — упарты, моцны, супраць усяго. У Рэчыцкім раёне жывуць Анціпенкі, Анціпіны, Анціпавы. Мне пашчасціла пазнаёміцца з адной моцнай і ўпартай да ўсіх жыццёвых нягод сям’ёй.

Партрэт Сямёна Пятровіча і Сцепаніды Міхайлаўны Анціпавых можна выпісаць адным словам — жыццялюбы. Ад іх я атрымаў тры пісьмы, быў госцем у іх утульнай жоўта-зялёнай хаце ў Рэчыцы. І кожным разам усё болей дзівіўся: адкуль жа ў іх столькі маладой энергіі, душэўнай лагоды і цярпення? Усё гэта чалавечае багацце яны не згубілі, не растрацілі на ўхабістых жыццёвых выпрабаваннях.

Падумайце самі. Сямён Анціпаў у свае 16 гадоў пайшоў добраахвотнікам на фронт. Быў залічаны байцом 299-га артпалка, які вызваляў Рэчыцу. Фронт для Сямёна пачаўся, лічы, ад парога бацькоўскай хаты. Далей вызваленчы шлях палка ляжаў праз Жлобін, «бабруйскі кацёл», Слуцк, Польшчу. Дзень Перамогі рэчычанін Анціпаў сустрэў у Берліне.

Дамоў вярнуўся з такімі «трафеямі»: два ордэны і адзінаццаць медалёў, тры раненні, інваліднасць другой групы. Пачынаўся мірны фронт. Наперадзе былі 46 гадоў працы шафёрам і сталяром. Яго чакала найвышэйшая ўзнагарода: каханая жонка Сцепаніда, пяцёра родных дзяцей.

А ў Сцепаніды Міхайлаўны свая камяністая дарога да шчаслівага замужжа. У вайну яе бацьку Бабко Міхаіла Міхайлавіча расстралялі фашысты. Было яму тады 82 гады. Усё жыццё ён праслужыў лесніком. Усе яго звалі дзедам Лесавіком. Пра яго пісалі ў газетах, пра яго хадзілі байкі, як ён плакаў, калі спілоўвалі дрэвы, калі крыўдзілі звяркоў, птушак. Дзед Міхаіл Бабко ездзіў нават у Маскву на з'езд леснікоў. Сам Калінін уручыў яму радыёпрыёмнік на батарэйках.

Пасля расправы над старым лесніком за сувязь з партызанамі карнікі падступіліся і да яго сям’і. Вывелі ў двор жонку яго Карусю і дачку Стэфу, далі ім рыдлёўкі: «Капайце сабе магілы». Ледзь адмаліліся-адпрасіліся.

А вось нямецкага рабства Стэфе не ўдалося пазбегнуць. Яе вывезлі ў горад Браўншвейг, прымусілі працаваць на цэментным заводзе.

Калі вярнулася дамоў, сустрэлася ў Рэчыцы з франтавіком Сямёнам Анціпавым. Стварылі сям’ю. Сорак пяць гадоў працавала медсястрой у гарадской бальніцы. Нарадзіла пяцёра дзяцей: Валянціна, Мікалая, Таццяну, Алену, Міхаіла.

Дружнай шчаслівай сям’і давялося перажыць вялікую рану. У адзін год трагічна загінулі іх старэйшыя сыны Валянцін і Мікалай. Пакінулі пасля сябе ўдоў, дзяцей, а бацькам — асірацелых унукаў.

Толькі, відаць, ад свайго светлага продка Анціпы, упартага і моцнага, набраліся энергіі Сцепаніда і Сямён Анціпавы. Яны кланяюцца кожнаму новаму дню, умеюць цаніць кожны міг жыцця і шосты дзесятак гадоў захоўваюць у сваіх душах высокае пачуццё кахання адно да аднаго.

Зноў жа прыгадваюцца радкі паэта Васіля Зуёнка:

Кожнаму сваё ёсць прызначэнне,

Помні, што жыццё ёсць дар з дароў.

Не тушы святло ў душы вячэрняй

І ў світальнай распалі наноў.

Я толькі пункцірам вызначыў вузлаваты і ў той жа час вясёлкавы шлях па жыцці рэчыцкіх Анціпавых. Пра адну гэту сям’ю можна пісаць аповесць.

А што, калі раздзьмуць вуголле памяці ў астатніх рэчычан?

Мне застаецца адно: падказаць маім землякам, якім святым яны абавязаны сваім прозвішчам. Ды папрасіць іх саміх разабрацца: ці супадае іх сённяшняе жыццё з тымі вышынямі маралі і святасці, з якімі ўвайшлі ў свет Божай павагі зачынальнікі іх фамільнага радаводу?

Аўраам — бацька шматлікіх народаў. Ад гэтага святога імені жывуць у нашым раёне сем’і з прозвішчамі: Абрамаў, Абрамоўскі, Абрамкін, Абрамцаў, Аўраменка, Аўрамаў, Аўрамчык, Аўрамчыкаў.

Нашы геральдысты зарэгістравалі шляхецкі род Абрамовічаў герба «Вага». Іх родапачынальнік Ян быў ротмістрам харугвы Рэчыцкага павета згодна з граматай караля Уладзіслава IV (1643). Па купчай 1684 года валодаў маёнткам Пятровічы, пакінуў сыноў Антона і Базыля. Апошні і прадаў маёнтак Пятровічы ў 1753 годзе Ляшчынскім. У пятым і шостым калене ад Яна мы знаходзім Абрамовічаў ужо ў Бабруйскім павеце, дзе яго родзічы служылі ў земскім павятовым судзе.

Есць вёска Абрамаўка ў Баршчоўскім сельсавеце. У старажытных пісьмовых крыніцах засведчаны летапіс Аўраамкі (1495). Нейкі Аўраамка ў Смаленску склаў гісторыю Кіеўскай, Маскоўскай Русі, часткова — Вялікага княства Літоўскага. Паказаў барацьбу славян супраць захопнікаў. Хто той Аўраамка?

Агафон — добры, дабрадзейны. Імя лічылася «мужыцкім». Нават Аляксандр Пушкін гэта прыкмеціў: «Сладкозвучнейшие греческие имена, каковы, например, Агафон, Филат, Фёкла и прочие, употребляются у нас только между простолюдинами». Вось чаму ў паўночных гаворках «агафон» азначае прастак. Ад імені свяціцеля Агафона прозвішчы: Агафонаў, Гапонаў, Гапанюк, Гапоненка. Апошняе асабліва шматлікае як у самой Рэчыцы, так і ў вёсках Каравацічы, Баршчоўка, Дварэц, Заселле, Кірава.

Адам — першы чалавек, вылеплены з чырвонай зямлі. Дзень памяці нашага праайца адзначаецца царквой у Нядзелю праайцоў і перад Нараджэннем Хрыстовым. Ёсць яшчэ Адам прападобны з ліку святых манахаў, які сваім жыццём прыпадабняўся Хрысту, адракаўся ад зямной мітусні. Яго дзень — 27 студзеня. У нашым раёне прозвішчы: Адаменка, Адамаў, Адамовіч, Адашкін. У Заспенскім сельсавеце — вёска Адамаўка.

Аляксандр — абаронца людзей. Імя прынята праваслаўнай і каталіцкай цэрквамі. Вядома з XIV стагоддзя. Сярод святых Аляксандраў — свяціцель, свяшчэннамучанік, мучанік, прападобнамучанік, прападобны, дабраверны князь. У іх 87 дзён памяці, амаль у кожным месяцы года. Прозвішчы ў Рэчыцкім раёне: Алекс, Аляксандраў, Александровіч, Александронец, Аляксашын, Санько, Аляксандранкаў, Аляксашкаў, Александроўскі. А ўсяго існуе 36 розных «адценняў» гэтага прозвішча. Імя Аляксандр было ў польскага караля, унука Ягайлы, у трох расійскіх імператараў, у цара Македоніі і Егіпта Аляксандра Македонскага, у князя наўгародскага, зяця князя полацкага Брачыслава — Аляксандра Неўскага...

У Рэчыцкім павеце ў 1784 годзе валодаў маёнткамі Янавічы і Тульгавічы харунжы войска Вялікага княства Літоўскага Міхаіл Александровіч герба «Александровіч». Меў чатырох сыноў. Яго ўнукі Вітальд-Рамуальд і Адольф-Нарцыз удзельнічалі ў паўстанні 1863 года.

Ёсць вёска Аляксандраўка ў Рэчыцкім, Брагінскім, Буда-Кашалёўскім, Веткаўскім, Гомельскім, Ельскім, Жлобінскім, Калінкавіцкім, Нараўлянскім, Рагачоўскім, Светлагорскім раёнах Гомельшчыны.

Аляксій — абаронца. Царква ўшаноўвае сорак дзён яго памяці. Аляксей цёплы, вясновы адзначаецца 30 сакавіка. У гэты дзень чакаюць прылёту буслоў, журавоў. Бусел кажа: «Хоць заб'юся, а на Ляксея з’яўлюся». На Аляксея рыба ідзе на нераст, карова на верас, а бортнік лезе на хвою. Сеюць лён, авёс. Прозвішчы ў Рэчыцкім раёне: Аляксееў, Алексяевіч, Аляксеенка, Аляксей, Аляксюк, Аляксейчык, Алешын, Алесік (у рускім варыянце ёсць Алесик і Олесик). Усяго — 23 прозвішчы.

Вядомы ў геральдыстаў Юзаф Аляшкевіч герба «Сас», ротмістр рэчыцкі ў 1760 годзе. Яго сын Міхаіл прадоўжыў бацькаву службу ротмістра рэчыцкага, купіў у 1799 годзе вёску Бушацін Рэчыцкага павета ў Ксаверыя і Тэклі Валовічаў. Унук Міхаіла Ян быў суддзя гранічны рэчыцкі, а другі ўнук, таксама Ян, служыў пісьмавадзіцелем Рэчыцкага павятовага суда.

Ананія — дар Божы, Боская ласка. Ад яго імёны — Ананій, Ананімка, Анашка, Аношка, Анёха, Анюшка. А ў рэчычан прозвішчы: Ананенка, Ананіч, Ананка, Ананьеў, Ананчанка. Усе гэтыя сем’і могуць прыпісаць у свой радавод выдатнага беларускага разбяра па дрэву Ананія, які жыў на мяжы XV і XVI стагоддзяў. Ён стварыў для пінскага князя Фёдара Яраславіча двухбаковы разны абраз «Премудрость созда себе храм Праздники». Цяпер гэтая рэліквія беларускага майстра захоўваецца ў Рускім музеі ў Санкт-Пецярбургу. Трэба яшчэ ўлічыць, што «ананья» ў наўгародскім дыялекце — ліслівы, угодлівы, ласкавы, але хітраваты чалавек. Там кажуць: «В людях — ананья, а дома — каналья».

Андрэй — мужны, храбры. Імя гэта ў самых розных варыянтах сустракаецца 339 разоў у старажытных беларускіх пісьмовых крыніцах. Імя Андрэй носяць восем святых. У іх 24 дні памяці ў год. У Рэчыцкім раёне ёсць вёска Андрэеўка. А людзі жывуць пад такімі прозвішчамі: Андрэеў, Андрэявец, Андрэенка, Андрэйчыкаў, Андраюк, Андрыеўскі, Андрыенка, Андрыец, Андрыянец, Андрушчанка, Андрушын...

Андранік — пераможца мужоў. Прозвішчы рэчычан: Андропаў, Андрончык, Андросенка, Андрасовіч, Андрасюк. У сяле Андронаўка (Краснаярскі край) даследаваны магільнікі. Адкрыта андронаўская культура — культура аселых сібірскіх плямёнаў эпохі бронзы (пачатак першага тысячагоддзя да н.э.). А на Разаншчыне, на радзіме Сяргея Ясеніна, «пускаць андрона» — хлусіць, ілгаць, выхваляцца. «Андронамі таўстагубымі» называюць тых, хто важнічае і задаецца.

Антоній — пераўзыходзячы ўсіх. Імя вядома з XVI стагоддзя, мае 45 розных вытворных. Прозвішчы рэчычан: Антоненка, Антонаў, Антановіч, Антанюк, Антосік, Антохін, Антошкін, Антошка, Антуськоў. На Гомельшчыне ёсць вёскі Антонаўка, Антонаўская Рудня, Антонава, Антушы. Сярод Антонавых шмат вядомых людзей: Героі Савецкага Саюза, вучоныя, генералы, авіяканструктар славутых Анаў Алег Канстанцінавіч Антонаў і спявак, наш зямляк Юрый Антонаў. А чым уславілі сваю малую радзіму рэчычане Антонавы, які іх радаводны след на зямлі?

Ад Арсенія (мужны, узвышаны) і Арцёма (здаровы, непашкоджаны) прозвішчы рэчычан: Арсенаў, Арцёменка, Арцёмаў, Арцёмчык, Арцём'еў, Арцюшэнка, Арцюшэўскі, Арцюхевіч, Арцюх.

Архіп — начальнік над коньмі. Гэта імя ў двух святых: апостала Архіпа (дні памяці 17 студзеня, 4 сакавіка, 5 снежня) і прападобнага Архіпа (19 верасня). Ад іх прозвішчы рэчычан: Архіпаў, Архіпенка, Архіпавец, Архіпаўцаў, Архіпчанка.

Афанасій — бессмяротны, неўміручы. Імя згадваецца ў старажытных крыніцах — актах, пісцовых кнігах, граматах, слоўніках. Шэсць святых носяць гэта імя. Прозвішчы, утвораныя ад Афанасія: Афанасенка, Афанасьеў, Панасевіч, Апанасюк (у рускім напісанні ёсць Апанасюк і Опанасюк). Вядомы ў гісторыі беларусы Афанасьевы Ларывон, Пётр, Сава, якія ўпрыгожвалі як жывапісцы і ювеліры Маскоўскі крэмль у XVII стагоддзі.

Анісій, Анісім — карысны. Прозвішчы рэчычан: Аніскін, Аніскавец, Аніськоў, Анісенка, Анішчанка, Анішчук, Анісімаў.

Аркадзій — жыхар Аркадзіі, цэнтральнай вобласці Старажытнай Грэцыі. У розных раёнах Беларусі па-рознаму прамаўляюць гэта імя: Аркадзей, Аркадзё, Аркадзь, Аркадзюш, Яркадзій. У Рэчыцы жывуць сем’і з прозвішчам Аркадзьеў.

Вось мы і прыгадалі амаль усе сем’і, якія носяць у сваіх пашпартах прозвішчы ад імёнаў святых на літару А. Пакідаем іх, прачнуўшыхся, у роздуме, пошуку, хваляваннях, а самі рухаемся далей па камяністых таямніцах агульнай гісторыі

 

Б. Барысаў камень

Есць у дзяцей гульня: пішуць слова, а пасля з яго літар складваюць новыя словы. Цікавая гульня!

Пяць літар утвараюць імя Барыс. З іх пры пэўнай ператасоўцы атрымліваюцца вось якія словы: бар, рыс, раб, сыр, рабы, рыса. Можа, тут і знаходзіцца залаты ключык ад разгадкі імені Барыс?

У старажытнасці гэта славянскае імя вымаўлялася крыху інакш — Барыслаў. Ім называўся чалавек, які славіўся сілай, дужасцю, спрытам. Калі ўжо бораўся, то клаў саперніка на лапаткі. Калі браў дзіду ў рукі, то яму не было роўных на полі бою. Калі кахаў, то верна. Калі сябраваў, то без здрады. Як жа інакш, бо іменем злучаны са славаю, слаўнымі, Божымі справамі.

Імя Барыс вучоныя звязваюць са старажытным балгарскім правадыром Барсам. А я крыху іншай думкі. У нас і сваіх слаўных валадароў, якія хрысціліся гэтым іменем, нямала. На свае вочы бачыў вялізны камень-валун, які выцягнулі з Дзвіны і паставілі ля знакамітай Сафійкі ў Полацку. На ім высечаны надпіс: «Господи, помози рабу своему Борису». У радаводзе Полацкага княства знаходзім Барыса Глебавіча, князя друцкага, росквіт якога прыпадае якраз на XII стагоддзе. Сучасны горад Барысаў заснаваны полацкім князем Барысам Усяславічам у 1102 годзе.

Нават у легендах і паданнях засведчаны мудры князь Барыс. Ён мураваў у Полацку царкву. Не хапіла грошай. Ва ўсіх, у каго можна, браў у доўг, пазычаў. Дзе яшчэ ўзяць? Пайшоў да чорта. Схлусіў, што на вайну патрэбны грошы, бо чорт, вядома, на добрую справу не даў бы. Так князь Барыс атрымаў пазыку і закончыў будаваць царкву. У яго хапіла дасціпнай хітрасці і здогаду, каб не аддаць чорту грошы. Вось як народ уславіў у фальклоры свайго любімага князя Барыса.

Царква ўшаноўвае трох святых Барысаў. Сярод іх і дабраверны князь Барыс Тураўскі. Пра яго, на жаль, мы мала чаго ведаем, як, дарэчы, і пра ўсю гісторыю нашай зямлі, беларускай нацыі. Устаноўлена толькі, што святы Барыс быў сынам вялікага князя Юрыя Далгарукага, унукам Уладзіміра Манамаха. Можна толькі здагадвацца, у якіх умовах рос і гадаваўся Барыс. Гэта быў час дынастычнай барацьбы яго бацькі за кіеўскі прастол. Авалодаўшы ім, Юрый Далгарукі выдзеліў у вотчыну свайму сыну Барысу Белгарад, а крыху пазней Барыс стаў князем тураўскім і пінскім. Спачыў ён у 1158 годзе і быў «положен» у царкве святых мучанікаў на Нэрлі ў Кідэкшы, збудаванай яго бацькам. Праз пяць стагоддзяў (!) у грабніцы была засведчана нятленнасць цела князя Барыса Тураўскага.

Адзначаецца памяць гэтага святога дабравернага князя 6 ліпеня. Святы роўнаапостальны Барыс ушаноўваецца 15 мая, а свяшчэннамучанік Барыс — 1 кастрычніка, 23, 25 лістапада, 6, 10 снежня. Калі ў гэтыя дні прыносілі хрысціць дзяцей, то іх называлі іменем святога Барыса. Пазней з гэтага імені ўтварыліся прозвішчы.

У сённяшнім Рэчыцкім раёне жывуць сем’і з прозвішчамі Барысевіч, Барысенка (вельмі шмат), Барысёнак, Барыскін, Барысаў, Барысюк. Хай радуюцца, што маюць святы пачатак свайго радаводу. А вось чаму ў іх прозвішчах розныя суфіксы (-евіч, --енка, -ёнак, -ін, -аў, -юк), то хай гэта стане іхнімі дамашнімі красвордамі, якія цяпер у вялікай модзе. Шукайце свой падмурак, свой Барысаў камень.

Для падказкі ды роздуму можам толькі дадаць, што маскоўскія вучоныя Е. Грушко і Ю. Мядзведзеў выводзяць ад скарочанай формы Барыс акаючы архаічны варыянт імені Барко. Адсюль і рэчыцкія прозвішчы — Баркоў і Баркоўскі.

Яшчэ варта ўлічыць, што ў творах старажытных гісторыкаў Герадота, Страбона, Плінія сённяшняя рака Дняпро пішацца «Барысфен». Чаму яе так называлі? Адкуль у корані назвы ракі з’явілася «Барыс»? Загадкі, рэбусы, галаваломкі...

А яшчэ варта ведаць, што на тэрыторыі Гомельшчыны (не будзем зазіраць у суседнія вобласці ды далёкія землі) існуюць і цяпер паселішчы Барысаўка, Барысаўшчына, Барыскавічы, Барысенкаў Хутар. Можа, не трэба вельмі заглыбляцца ў гісторыю, а пашукаць вакол сябе тых уплывовых, знакавых вашых родзічаў, ад якіх пайшлі назвы вёсак, урочышчаў, палеткаў, рэчачак, плёсаў, азярын?

На літару Б дададзім яшчэ імя Багдан, Богам дадзены, пасланец Божы. Ад яго рэчыцкія прозвішчы — Багдан, Багданаў, Багдановіч. У царкоўным месяцаслове імя Багдан лічыцца калькай ад святога Феадота. Калі так, то ўпішам у скарбонку разгаданых прозвішчаў і Фядотавых.

Парадуемся, што нам, беларусам, Богам дадзены Багдан, ад якога пайшоў Адам Ягоравіч Багдановіч, з сям’і прыгоннага з мястэчка Халопенічы Крупскага раёна. Яго слынны сын Максім Багдановіч стаў класікам беларускай літаратуры.

Гэта ён, малады прарок, абнадзеіў усіх нас натхнёнымі радкамі, ад якіх святлее душа і хочацца жыць:

Беларусь, твой народ дачакаецца Залацістага, яснага дня.

Паглядзі, як усход разгараецца,

Колькі ў хмарках залётных агня...

 

В. Васіль царскі

 

— Вой, у нас етых Васільевых, і па вёсках, і ў Рэчыцы, — поўна.

— Адкуль у іх такое прозвішча?

— Адкулека?.. Мо ад Базыля якога-небудзь...

 

Дыялог са старой рэчычанкай

 

У сэрцах рэчычан і ў дакументах гарадскога музея захоўваецца памяць пра двух мужных нашых землякоў Васільевых. Пётр Іванавіч Васільеў змагаўся з ворагам на тэрыторыі раёна. Былы дырэктар лесакамбіната арганізаваў партызанскі атрад, наводзіў жах на акупантаў, не даваў ім спакою на зямлі Прыдняпроўя. Фашысты жорстка адпомсцілі яму за гэта. Расстралялі яго маці, жонку, пяцёра дзяцей.

А рэчычанін Аляксандр Карпавіч Васільеў ішоў да перамогі франтавымі дарогамі. Ён камандаваў сапёрным аддзяленнем. Не адзін раз жыццё вісела на валаску, але мужнасць і ўмельства перамагалі. З вайны А.К. Васільеў вярнуўся поўным кавалерам ордэна Славы.

У СШ № 4 г. Рэчыцы працуе настаўніцай рускай мовы і літаратуры Вера Клімаўна Васюк. Яе ўрокі — гэта ўрокі дабрыні, узнёслых пачуццяў і прыгажосці мастацкага вобраза, слова.

У раёне добра ведаюць доктара В. Васілевіча і дырэктара цэнтра мастацкай творчасці Т. Васількову. Прабіваецца голас у паэтэсы Кацярыны Васільевай, гарадскога бібліятэкара. Яна прызнаецца, што яе сэрца — алмаз, а за вачыма — «тучи и Гроза». Ад такога «буревестника» можна чакаць паэтычнай буры.

У нас нават ёсць вёска Васількоў, а непадалёк ад яе — горад Васілевічы. Тут жылі людзі ў эпоху бронзы, за дзве тысячы гадоў да новай эры. А першы пісьмовы ўспамін пра Васілевічы засведчаны ў 1560 годзе.

Архівісты захоўваюць інвентарную кнігу казённага маёнтка Васілевічы за 1858 год. У ёй сказана, што тут — 374 двары і 2053 рэвізскія душы мужчынскага полу. У 1878 годзе тут адкрыта адна з першых метэаралагічных станцый на Палессі. Тут самы глыбокі на Палессі тарфянік. А сярод усіх вартасцей паселішча даследчыкі асабліва вылучаюць паравы мукамольны млын, які належаў Берштэйну і Бухману.

Але народныя паданні сцвярджаюць, што на тым месцы, дзе цяпер Васілевічы, на высокім пагорку стаяў некалі млын-вятрак. Млынаром служыў нехта Васілевіч. Вось ад таго гаспадарлівага ўмельца і пайшла назва паселішча. Яна захавалася да цяперашняга часу.

Кажуць, мудры кіруе зоркамі. Хто ж той мудры Васіль, ад якога распладзілася столькі прозвішчаў?

Царкоўны месяцаслоў называе святых Васіліяў васьмі рангаў: свяціцель, свяшчэннамучанік, мучанік, прападобнамучанік, прападобны, дабраверны князь, праведны, блажэнны. У іх — 67 дзён памяці.

Вось ад іх, святых, пайшлі імёны нованароджаных. А яны ў свой час «нарадзілі» прозвішчы. Акадэмік Мікалай Васільевіч Бірыла налічвае ажно 45 варыянтаў прозвішча ад імені Васіль. У Рэчыцкім раёне я адшукаў толькі палову. Гэта — Васілевіч, Васілявіцкі, Васілеўскі, Васіленка, Васілец, Васілішын, Васілоўскі, Васільеў, Васількевіч, Васількоў, Васільцоў, Васільчанка, Васільчук, Васілюк, Васін, Васькевіч, Васькоў, Васькоўскі, Васюк, Васюцін, Васючэнка, Базылёў, Базылевіч, Базулька.

З якой жа крынічкі забруілася гэта адно з самых распаўсюджаных імён?

Можа, ад назвы кветкі — васілёк? Яна блакітным вочкам пазірае з зямлі на неба, як бы перадае ў сусвет сваё хараство. З лісця кветкі можна атрымаць фарбу. Вядома 550 відаў васількоў. Дык, можа, і называлі бацькі сыноў сваіх Васем, Васільком з надзеяй, каб атрымаліся ў жыцці прыгожымі, карыснымі, прывабнымі?

Сярод 19 відаў грыбоў сямейства радоўкавых у хваёвых лясах расце фіялетавая ляпіста, або галубок, ён жа — васілёк. Хто ведае, можа, гэта старажытнае тварэнне прыроды і дало імя сыну чалавечаму, якое размножылася і стала вядомым прозвішчам.

Як бы там ні было, а імя Васіль, якое азначае ў грэчаскай мове — царскі, услаўлена ў гісторыі чалавецтва. Маскоўскімі князямі ў XIV-XVI стагоддзях былі: Васіль І Дзмітрыевіч, жанаты з Соф’яй, дачкой князя Вялікага княства Літоўскага Вітаўта; Васіль ІІ Васільевіч Цёмны, Васіль ІІІ Іванавіч. У Іпацьеўскім летапісе за 1281 год успамінаецца слонімскі князь Васілька. У дванаццатым стагоддзі княжыў у Полацку Васілька, сын Святаслава Усяславіча. Быў князь віцебскі Васілька Брачыславіч...

Паратункам тут можа быць толькі шматкроп’е, бо не пералічыць усіх Васільевых — пісьменнікаў, сцэнарыстаў, ваенных, грамадскіх і палітычных дзеячаў. У кожнага свой лёс, свая біяграфія, як і ў маіх рэчычан Васільевых— Васілеўскіх, хаця ў большасці яны не ведаюць свайго радаводу далей за трэцяе пакаленне.

На літару В можна дадаць імя святога Варфаламея. Назва паходзіць з яўрэйскай мовы — сын радасці, сын узаранай зямлі. Ад яго, калі ўлічыць беларускае і польскае вымаўленне, утвараюцца 27 форм і варыянтаў імені. Адпаведна і прозвішчы: Баўтрэль, Баўтрушка, Баўтрук, Батура (у рускім напісанні — Батура і Батуро), Батурын, Барташэвіч.

Праваслаўнае імя Венядзікт католікамі прамаўляецца Бенядзікт, што азначае ў лаціне блаславёны. Гэта складанае імя святога прападобнага мае 24 формы, згадваецца ў старажытных пісьмовых крыніцах. Ад яго ўтварыліся нечакана-загадкавыя прозвішчы: Бандзюкевіч, Банькоў, Банкоўскі, Банчук, Банчэўскі, Бенедзікчук, Бенза, Бянчук, Бянько.

Валянцін і Валент — роднасныя імёны. У перакладзе з лацінскай мовы азначаюць адно і тое ж — дужы, здаровы, моцны. Ад іх рэчыцкія прозвішчы: Валенцік, Валько, Валькоў.

У размоўнай форме «валько» — той, хто валіць. Валёк маецца і ў возе, як неад’емная частка вупражы. Вальком раней каталі, раскатвалі бялізну. Цяпер, маючы электрычныя прыборы, бялізну прасуюць. У Сібіры «валёк» — рыба горных рэк. От і гадайце, Валькі, адкуль ваш род.

А мы скажам колькі слоў пра імя Віктара-пераможцы. «Авэ віктар!» — так рымляне сустракалі палкаводцаў у дні трыумфу. Тры святыя ўславілі гэта імя: свяшчэннамучанік, мучанік і свяціцель.

У нашым раёне ёсць сем’і Віктараў, Віктаровіч, Віцюк, Віцюкоў. Хачу і жадаю, каб кожны з гэтых сямейнікаў помніў: Вікторыя (Ніка) у антычнай міфалогіі — багіня перамогі. Дык хай жа вас, мае землякі, само неба натхняе на добрыя ўчынкі. Хай кожны дзень прыносіць вам вялікія і малыя перамогі ў жыцці, працы, вучобе, каханні, сяброўстве. І ні на каго не спадзявайцеся, толькі на саміх сябе. Цярпенне і ўменне пераадольваюць усе цяжкасці.

Рызыкуй, дзейнічай — і ўсё будзе!

 

Г. Георгій-пераможца

Адна з беларускіх легенд, а іх звычайна прыдумлялі народныя мудрацы, пачынаецца так: «Гэта цяпер сталі людзі хітрыя да вельма разумныя. Усё яны знаюць, навошта яно й зачым, а не йнак. А даўней людзі былі простыя, працавалі да гаравалі, дак Бог ім усё даваў»...

Даў Бог нашым продкам і святога Юрыя. Казалі, ён нябачны для людзей, выязджае ў поле на белым кані і пасе жывёлу, аберагае яе ад звяроў, бо над імі ўладу мае.

Юр’ева раса лічылася гаючай. Людзі качаліся па ніве, каб самім быць здаровымі, каб зямля радзіла... Прамаўлялі спецыяльную малітву: «Госпаду Богу памалюся і святому Юрыю пакланюся...» Быў звычай абходзіць двары, палеткі і спяваць юр’еўскія песні:

А ўзяў ён ключы залатыя,

Адамкнуў зямлю сырусенькую,

Пусціў расу цяплюсенькую

На Белую Русь і на ўвесь свет.

Святкуецца Юр’еў дзень 6 мая. Прызнаюся, і я нарадзіўся ў гэты вясновы фэст. І быць бы мне Юрачкам па жыцці, але ўмяшаліся старэйшыя сёстры Клава і Люба, запярэчылі бацькам: «Не хочам, каб наш брацік зваўся Юрачкам. У Шоўкавічах ужо ёсць адзін юрлівы Юрачка».

У нас казалі: «Ёсць на свеце два Юр’і, і абодва дурні: адзін галодны, а другі халодны». Галодны — гэта майскі, калі жывёліну ўпершыню выганяюць на пашу, калі гаспадар падлічвае, падсумоўвае ўсе свае запасы, каб жа хаця дацягнуць да летняй спажывы, да восеньскіх умалотаў. А халодны Юр’я наступае з прыходам зімы, 9 снежня. Яго яшчэ называюць Георгій Пераможца. Такое свята ўстаноўлена вялікім князем Яраславам у XII стагоддзі. У сваю пару Барыс Гадуноў адмяніў права пераходу ў гэты дзень сялян ад аднаго пана да другога, замацаваў іх навечна за баярскімі сядзібамі. Вунь адкуль крылатая фраза: «Вось табе, бабуля, і Юр’еў дзень».

На Георгія (Юрыя) зімовага мядзведзь пачынае зімовую спячку, а ваўкі як бы атрымліваюць волю нападаць на хатнюю жывёлу. Кароў ужо не выганяюць на пашу. Гаспадары першы раз кормяць скаціну ў хляве, падразаюць хвасты каровам, падстрыгаюць грывы коням. Прыкмячалі: калі ціха ў студні на дне — будзе цёплая зіма; калі пойдзе снег, то вясной рана вырасце трава.

У адной з народных легенд апісваецца, як Георгій перамог змея-цмока:

Наехал Егорий на змия-горюна,

Но Егорий не ужахался,

Егорий не страхался,

Острым копьем змия заколол...

За гэта Георгій стаў славутым героем-пераможцам. Яго подзвіг услаўлены ў мностве ікон, а з XIV стагоддзя Георгій на кані «ўехаў» у эмблемы Масквы.

Беларускі пісьменнік Уладзімір Юрэвіч, які шмат гадоў творчасці прысвяціў вывучэнню, разгадцы тайнаў жывога слова, так тлумачыць паходжанне свайго прозвішча: «Юрыць — значыць мітусіцца, спяшацца, штурхацца, каб выйсці на юр. А юр у рускай мове — бойкая, людная мясціна, куды збіраліся людзі на торг, на кірмаш, пагутарыць, пашумець, павесяліцца...»

У Рэчыцы ёсць сем'і з рэдкім прозвішчам Юр. Дык мо для іх цікавым будзе даследаванне Уладзіміра Юрэвіча?

А вось акадэмік Мікалай Бірыла выводзіць прозвішча Юрэвіч ад імені святога Георгія (грэч. земляроб). Гэта імя мае 27 розных варыяцый, у тым ліку і Жора, і Юрась, і Юрый, і Ягор. У Польшчы гэта — Ежы, у Чэхіі — Іржы, у Англіі — Джордж, у Францыі — Жорж.

Царква налічвае восем святых Георгіяў, у іх 28 дзён памяці. Часта згадваецца гэта імя і ў старажытным беларускім пісьменстве. А ў нашым раёне жывуць: Ягораў, Ягараеў, Юрасаў, Юрынаў, Юрынскі, Юркевіч, Юркін, Юркоў, Юркавец, Юрэвіч, Юрасаў, Юрчанка, Юрчык, Юр’еў.

Кажуць, хочаш багата ведаць, то слухай уважліва дзядоў. А ў іх ёсць прымаўка: «Не ўсім Даніла, камусьці пападзецца і Гаўрыла». Чаму з такой іроніяй пра Гаўрылу? Мо таму, што імя прачытваецца смешна: Гаў-рыла. На Доне «гаўрык» — гэта хітрунок, хітрэц. На Арлоўшчыне — прасцяк, разявака... Мой брат Мікола сваіх сыноў-падлеткаў называў гаўрыкамі-шчаўлікамі.

Як бы там ні было, ёсць імя Гаўрыіл, якое перакладаецца з яўрэйскай мовы як муж Божы, моц Божая. І ёсць у гісторыі царквы сем святых Гаўрыілаў: архангел, свяшчэннамучанік, свяціцель, мучанік, прападобнамучанік, прападобны, дабраверны князь. А сярод рэчычан: Гаўрыкаў, Гаўрыленка (шмат!), Гаўрыленкаў, Гаўрылін, Гаўрыліца, Гаўрылкін, Гаўрылаў, Гаўрылавец, Гаўрыльчык, Гаўрыш, Гаўрук, Гаўрусёў, Гаўрушоў, Гаўруцін.

Добрым суседам Георгія і Гаўрыіла ідзе па жыцці святы Грыгорый. Вучоныя вызначылі 38 форм і варыянтаў гэтага імені. Сярод іх — Рыгор, Грыгаль, Грынец, Грыц, Грышан. «Цярпі, Грышка, спасён будзеш!» — казалі старыя ды неслі сваіх дзяцей у царкву, давалі такое імя, спадзяваліся, што яно будзе абярэгам для іх.

Вось таму і стала «шматдзетным» прозвішча ад імені святога Грыгорыя. У нашым палескім куце, у самой Рэчыцы, у вёсках Ліскі, Берагавая Слабада, Белая, Пескаполле, Чыжоўка, Васількоў, Завужаль, Будка, Багданаўка, жывуць Грыгарэнкі, Грыгаровічы, Грыгор’евы, Грыгараны, Грынёвы, Грыневічы, Грыненкі, Грынавы, Грынюкі, Грыханавы, Грыцакі, Грыцэнкі, Грыцыны, Грыцкевічы, Грыцковы, Грыцукі, Грыцуновы, Грышаевы, Грышаі, Грышаковы, Грышанавы, Грышачкіны, Грышыны, Грышкевічы, Грышко, Грышковы, Грышкаўцы, Грышманы, Грышчанкі.

Пра рэчыцкіх Грыгор’евых мала ведаю, а вось адных слынных аднафамільцаў магу нагадаць. У XVII стагоддзі працавалі ў Зброевай палаце Маскоўскага крамля беларусы-майстры з простага люду Даніла Грыгор’еў і Самуіл Грыгор’еў. Яны рабілі іканастасы, клірасы, куфры, кафлі і нават цацкі для дзяцей цара Аляксея Міхайлавіча. Веру, што і мае землякі з прозвішчам ад святога Грыгорыя (з грэчаскай мовы — які не спіць) таксама не драмалі ў жыцці, шукалі спадчыннікаў ды бадзёра пазіралі ў заўтрашні дзень.

У сямействе літары Г і Герасім, што азначае — сумленны, шаноўны, паважаны. Імя вядома з XV стагоддзя. Іменаслоў называе тры рангі святых Герасімаў: свяціцель (6, 11 лютага), прападобнамучанік (2, 5 снежня), прападобны (17 сакавіка). Ад іх і сучасныя прозвішчы: Герасенка, Герасіменка, Герасімаў, Герасімовіч, Гераськін, Гераська, Герашчанка, Гарасім, Гарашчанка.

Ад Герасіма, кажуць даследчыкі, пайшло і імя Герастрат. Хто не ведае, падкажу: Герастрат — гэта грэк з г. Эфеса, які ў 356 годзе да новай эры спаліў храм Артэміды Эфескай. Той храм лічыўся адным з сямі цудаў свету. А пайшоў Герастрат на злачынства з адной мэтай — каб увекавечыць сваё імя. Спадзяюся, сярод нашых Герасімаў такіх вар’ятаў не было і няма. Сваё «Я» мае землякі шукаюць і гартуюць чыстым сумленнем.

Ёсць, аказваецца, у нашым раёне прозвішчы і ад не зусім распаўсюджаных імёнаў святых, а часам і зусім рэдкіх. Прыгадаем іх.

Ад Германа (родны, адзінакроўны) пайшлі прозвішчы Герман, Германенка.

Ад Галакціёна (малочны) — Галакціёнаў, Галай, Галайка, Галась.

Ад Гая (зямны) — Гайкоў, Гайковіч.

Ад Глеба (любімец Багоў) — Глебаў, Глебус. Беларусь уганарована гэтымі прозвішчамі. Ва ўсіх на слыху паэт Пятро Глебка, кампазітар Яўген Глебаў, народны артыст СССР Глеб Глебаў, скульптар Аляксей Глебаў.

Ад Гурыя (ільвяня) — Гурын, Гурыновіч, Гурко.

Ад Гардзія (назва старажытнай сталіцы Фрыгіі) — Гардзееў, Гардзеенка, Гардзейчык, Гардзіенка. Даўней гэта імя давалі дзецям багатых. Яно можа быць утворана і ад «гардэля» — шчыгол, пеўчая, прыгожая птушка. У куранаў «гардзей» — злодзей, махляр. Вось і кажуць: што ні край, то свой абычай. Давайце пры гэтым помніць, што ў ружы — калючыя шыпы, але ж яны не чыняць ёй шкоды. Дык будзьце і вы як ружы.

 

Д. Дзімітрый — плод зямны

Чалавек — плод людскі. А людзі жывуць на зямлі. Дык і ўсе мы — плод зямны. Але ж толькі імя Дзімітрый мае такое значэнне ў грэчаскай мове. Калі яно «пакацілася» па свеце, то займела і іншае гучанне: Дзмітрый, Дзмітрук, Змітрок, Зміцер, Міць, Мітруха, Мітко, Міцько, Міцюра.

Адпаведна імёнам утварыліся і прозвішчы: Дзімітраў, Дзмітарчук, Дзмітрашкін, Дзмітрэнка, Дзмітрыеў, Дзмітрыенка, Дзмітроўскі, Дзмітрачэнка, Дзмітрук, Міцін, Міткалёў, Міткевіч, Мітраховіч, Міцькін, Міцюкоў.

Святыя з іменем Дзмітрый маюць 41 дзень памяці. Таму і распаўсюджана гэта імя сярод праваслаўнага люду.

Князь маскоўскі і уладзімірскі Дзмітрый Данскі ўславіў сваё імя тым, што перамог татараў у Кулікоўскай бітве ў 1380 годзе. Яго імяніны святкуе царква 1 чэрвеня і 6 ліпеня.

А вось дабраверны Дзімітрый, царэвіч угліцкі і маскоўскі, не паспеў праявіць сябе, раскрыцца, узрасці. Ён загінуў малалетнім пры Барысе Гадунове. Яго смерць парадзіла шматлікія легенды. Але, відавочна, прычына — у змове прыдворнай знаці, якая не хацела дапусціць да трона Дзімітрыя. І ў восем годзікаў царэвіч прыняў пакутніцкую смерць.

Праз шмат гадоў мошчы благавернага царэвіча Дзімітрыя былі знойдзены нятленнымі. Цяпер яны захоўваюцца ў Архангельскім саборы Маскоўскага крамля. І праславіліся цудатварэннем. Святому царэвічу моляцца ад захворванняў вачэй і слепаты.

У памяць святога мучаніка-дзіцяці ўстаноўлены ордэн благавернага царэвіча Дзімітрыя. Па прадстаўленню Міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў, якую ўзначальвае вядомы расійскі пісьменнік Альберт Ліханаў, гэту ўзнагароду даруе патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі. Ордэн «За справы міласэрнасці» надаецца людзям, якія аддаюць сэрца дзецям-сіротам, дзецям-інвалідам, усім малалетнім Божым пасланнікам, якія маюць патрэбу ў апецы і абароне. Хачу прызнацца перад землякамі, што такую высокую ўзнагароду пад нумарам 8 з рук патрыярха Аляксія ІІ атрымаў і я. Так ацэнена мая пятнаццацігадовая праца ў Беларускім дзіцячым фондзе.

Ісціна, кажуць, у тым, што ісціна ёсць.

І ўсім нам, з любога ўзросту, варта распачаць пошук ісціны свайго прозвішча, свайго радаводнага «Я». Скажам, Дарафей у грэчаскай мове азначае дарунак Бога. Такім дарункам лічылася кожнае народжанае жыццё. У гэта глыбока веру і я. Калі чалавек з’яўляецца на белы свет, значыць, ён патрэбен тут, яго не хапае тут, ён прыходзіць сюды са сваёй, непаўторнай місіяй.

А цяпер давайце пранікнем у сутнасць жыцця свяшчэннамучаніка Дарафея, які быў біскупам у краіне Фінікіі. Яна існавала да нашай эры ў Міжземнамор’і. Кіраваў ён сваёй паствай звыш 50 гадоў. А калі да ўлады прыйшоў імператар Юліян Адступнік, які не прызнаваў хрысціянства, то старца-верніка схапілі і жорстка катавалі. Ва ўзросце 107 гадоў, не вытрымаўшы здзекаў, свяціцель Дарафей памёр. От і задумайцеся, усе Дарафеевы, ці так служыце веры свайго сэрца, ці так любіце сваю Айчыну, ці так любіце сваё жыццё, як вучыў свяшчэннамучанік Дарафей?

Гэта пытанне-роздум не толькі для рэчыцкіх Дарафеевых, а і для ўсіх, хто носіць у сваім прозвішчы святое імя: Дорах, Дорасеў, Дарахавец, Дораш, Дарашэвіч, Дарашэнка, Дарашко, Дарашкоў, Дарошчанка.

Каб дзіця было прыгожым, вераць народныя мудрацы, трэба часцей пазіраць на іконы. Цяпер можна набыць ікону любога святога. Сваю, імянную, варта мець пры сабе і на працы, і ў дарозе. Але напачатку трэба высветліць, вывучыць, хто ваш святы.

Вось іменем Данііл (суддзя Божы) названы і прарок, і свяціцель, і свяшчэннамучанік, і мучанік, і прападобны, і дабраверны князь. У іх — чатырнаццаць імянінных дзён. Шукайце свой і святкуйце. А яшчэ ведайце, што ад Данііла пайшлі прозвішчы: Даніленка, Данілін, Данілкаў, Даніла, Данілаў, Даніловіч, Данілушкін, Данільчанка, Данільчук, Данілюк.

Тое ж можна сказаць і пра святога Давіда (Давыда) — любасны, улюбёны. Гэта ледзь не самае старажытнае ва ўсіх мовах і ва ўсіх народаў імя парадзіла сучасныя прозвішчы: Давідовіч, Давідзьянц, Давыдзюк, Давыдзенка (вельмі шмат), Давыдкоў, Давыдкоўскі, Давыдаў, Давыдовіч, Давыдоўскі, Давыдчык. Сярод іх ёсць мастакі, акцёры, генералы, рабочыя і хлебаробы. А даўнейшыя Давыды ўшанаваны яшчэ больш высокімі званнямі: Давыд Будаўнік (1073—1125) быў грузінскім царом; Давыд Расціславіч у XII ст. — першы віцебскі князь, заснавальнік Мсціслава; Давыд Усяславіч княжыў у Полацку, а Давыд Гарадзенскі ў XIV ст. быў палкаводцам і дзяржаўным дзеячам Вялікага княства Літоўскага, жанаты з дачкой Гедыміна. Выбірайце, рэчычане, сабе слыннага родзіча ды самі ніколі не губляйце надзеі злавіць сваю адзіную, жаданую сініцу шчасця.

Ёсць у святцах вельмі рэдкія імёны. Сённяшнія бацькі наўрад ці карыстаюцца імі, а хаця б сабе і па рэкамендацыі царкоўнікаў. Але яны існавалі, і ад іх засведчаны прозвішчы. Ад Дады (лучына, паходня) — Дадонаў, Дадуш, ад Дасія (калматы) — Дасько, ад Далмата (з Далмаціі) — Далматаў, ад Домна (спадар) — Домніч, Домненка, Дамкоўскі, ад Даміяна (які належыць багіні Даміі) — Даманскі, Даманікаў, Дамасевіч, Дамашкевіч, Дзем’янкоў, Дземянок, Дземянцей, Дзяменцьеў, Дземянцюк, Дземянчук, Дземяшкевіч, Дзямешка, Дземчанка, Дзямчук, Дзям’яненка, Дзям’янчык, Дземяненка, Дзёмкін, Дзёмін, Дзёмачка, Дземскі.

А яшчэ — Дзій (Божы), ад яго — Дзяйкун (па-руску Дейкун). Сем’і з такім прозвішчам жывуць у Васілевічах, Рэчыцы, у Каравацічах.

Ад Дзіяміда (парада Божая) — Дземідзенка (шмат), Дземідкоў, Дзямідаў, Дземідавец, Дземідовіч, Дземідчук, Дземідок.

Святы Дзіянісій, а ў свеце міран Дзяніс, Дзянішчык, Дзенісюк, «парадзіў» прозвішчы Дзенісенка, Дзянісік, Дзянісаў, Дзенісавец, Дзенісоўскі, Дзенісюк.

З усяго гэтага радаводу ведаю і душэўна шаную вузнажскага фельчара Аляксандра Дзмітрыевіча Дзенісенку. Больш за паўвека ён лячыў усіх маіх шоўкаўцаў, усіх навакольных вяскоўцаў.

Бываў і ў нашай хаце, калі нехта занядужае. Яго мілая ўсмешка, бадзёры голас, яго ўпэўненасць у тым, што прапісваемыя ім лекі абавязкова падымуць з ложка любога хворага, дапамагалі лепей, чым таблеткі. Божа, як я ўдзячны фельчару Дзенісенку за неаднаразовае выратаванне маёй Мамы. Схіляю галаву перад ім за Бацьку, за ўсіх маіх землякоў. А параду Аляксандра Дзмітрыевіча запомніў на ўсё жыццё:

— На Дзяніса, 16 кастрычніка, сцеражыцеся ліхога вока. Глядзіце, каб у двор з балота не заляцелі ні Ламіха, ні Агніха, ні Трасучыха. Калі вытрымаеце гэта, то і мяне радзей будзеце клікаць...

 

Е. Еўдакім слаўны

Прозвішча, паўторым, утворана ад радаводнага імені. Яно — калектыўнае, належыць не проста пэўнай сям’і, а цэламу роду, клану. А ў гэтай мазаіцы, суполцы людзей якіх толькі партрэтаў не сустрэнеш, якіх толькі характараў не ўбачыш!

Але многія, на жаль, ужо даўно ў вечнасці, і мы ніколі не даведаемся пра іх знешні выгляд, лёс, біяграфію, жыццё. Дык давайце ж хаця мы, жывыя, паклапоцімся пра сваю спадчыну: што перададзім дзецям, унукам, што раскажам пра свой род?

Жыццё часам вымушае чалавека надзяваць маску. Іншы так да яе прывыкае, звыкаецца з ёй, што сам сябе не пазнае. Давайце скінем маскі, зазірнём у нетры гістарычнага радаводу: ці той дарогай ідзём, на якую скіравалі нас нашы прашчуры, ці той малітвы трымаемся, якой нас бласлаўлялі ў свет жывых?

Вось жывуць-пажываюць у Рэчыцкім раёне сем’і Елісеевых, Елісеенкаў, Алісейкаў. Пра кожнага з іх, відаць, можна пісаць асобную аповесць. А ці ведаюць яны, што носяць прозвішча дзякуючы свайму далёкаму продку, якога пры нараджэнні назвалі у гонар святога Елісея (уратаваны Богам)?

Ёсць святыя: Елісей-прарок (27 чэрвеня), Елісей-свяшчэннамучанік (20 жніўня), Елісей-прападобны (19, 27 чэрвеня, 5 лістапада). Якому Елісею дзякаваць за ваша радавое імя? Я ж магу толькі падказаць, што Праваслаўная царква Беларусі ўшаноўвае памяць прападобнага Елісея, ігумена Лаўрышаўскага. Святкаванне памяці — 5 лістапада.

Што ведаем пра гэтага святога?

Жыў ён у першай палове XIII стагоддзя. Па адной з гістарычных версій, займаў высокую пасаду пры двары вялікага князя Міндоўга. Але, стаўшы хрысціянінам, вырашыў пакінуць суетнасць будзённага жыцця. Ён заснаваў свой манастыр-лаўру, якая ўвайшла ў нашу культурную спадчыну як Лаўрышаўскі манастыр. Жыццё прападобнага Елісея закончылася трагічна. Ён быў забіты. Праз нейкі час высветлілася, што яго мошчы цудатворныя, вылечваюць людзей. Праз тры стагоддзі Елісей Лаўрышаўскі кананізаваны мітрапалітам Іосіфам Солтанам на Віленскім саборы ў 1514 годзе.

А вось яшчэ адзін праведны — Еўдакім. У грэчаскай мове ён — слаўны, славуты, умее добра славіць сябе. Ад гэтага імені ў нашым раёне прозвішчы: Еўдакіменка, Еўдакімаў, Еўдакімчык, Аўдонін, Яўдасеў.

Едзем з Валодзем Еўдакіменкам у Воўчую Гару. Ён рулюе, а я ў роздуме, каго і што сёння «ўпалюю» для сваёй кнігі. Ды раптам думаю: «А во ж побач загадкавы чалавек, чаму б не распытаць яго?»

На жаль, Валодзя нічагусенькі не ведаў пра далёкі свой радавод. Адно толькі і сказаў:

— Можа, ад якога Еўдакіма ўсе мы...

Маўчалі доўга. Маўчаннем, аказваецца, можна таксама гаварыць. А слоў не было ў нас таму, што няма чаго сказаць. Адны пытанні ды ўздыхі: дакуль жа будзем бяспамятнымі, калі рэанімуем мінулае?

На шостую літару беларускага алфавіта Е выпадае і імя Ермалай (Ярмола, Ярмак). У перакладзе з грэчаскай мовы — абвяшчальнік народу. Па іншай версіі, імя паходзіць ад бога пастухоў і падарожнікаў Гермеса. А можа, ад цюркскага слова «Ярмак» — грошы. На сувязь Ярмолавых з Залатой Ардой указваюць тры «залатаардынскія», пяціканцовыя зоркі ў іх гербе.

Царква адзначае імяніны свяшчэннамучаніка Ермалая 8 жніўня. У гэты дзень, кажуць, травы набіраюць гаючую моц. Росы іх абмываюць, пыл зводзяць. І набіраюць травы магутную лекарскую тайну.

І хай на сабе правераць яе ўсе, хто носіць прозвішчы: Ермалаеў, Ярмоленка, Ярмолаў, Ярмольчык, Ярмаш, Ермачэнкаў, Ермачэнка, Ерманок, Ермаліцкі, Ермакоў, Ярмола.

Хораша ўслаўляе сваю малую радзіму выхаванец Рэчыцы, кампазітар, прафесар Беларускай акадэміі музыкі Генадзь Аляксандравіч Ермачэнкаў. Са сваім дзецішчам, аркестрам народных інструментаў «Ведрыца», ён пабываў у многіх краінах свету. Але заўсёды з вялікім хваляваннем прыязджае з творчымі канцэртамі да сваіх землякоў. Прыгажосць роднага краю і бязмежная любоў да яго гучаць у музычных творах кампазітара.

А далей пункцірам вызначым тайну іншых прозвішчаў на Е, бо наперадзе чакаюць разгадкі яшчэ пятнаццаць тысяч прозвішчаў рэчычан.

Ад святога Елізара (Божая дапамога) пайшлі нашы Елізаранкі, Елізаравы, Елізар’евы, Алізарчыкі.

Ад Еміліяна (ліслівы, прыемны ў словах) — Емяльяненка, Емяльянаў, Ямеленка, Амяленка, Амельчанка, Амяльянчык, Мелех, Мелехавец, Мялешка, Мялешчанка, Мельчанка. Царква ўганаравала чатырох святых Емяльянаў. А мы яшчэ ведаем казачнага Ямелю-лапцюжніка, народнага бунтара Емяльяна Пугачова. Уславіў беларускую навуку і наш зямляк-гамяльчанін, вучоны-хімік, доктар навук Несцер Емяльянаў.

Ад Епімаха (ваяўнічы) пайшлі рэчыцкія прозвішчы Машкоў, Машкоўскі, Машукоў. Справа ў тым, што імя Епімах нарадзіла ў розныя часы, у розных народаў новыя варыянты: Апімах, Махно, Машко, Машчук, Машук, Машутка. Адсюль і розныя, часам нечаканыя прозвішчы.

Ад Епіфанія (відны, знакаміты) — Епіфанаў.

Ад Елеўферыя (Аліфер, Аллер) — Аліфірэнка, Алефярэнка. Гэта імя азначае вольны. Яго носяць свяшчэннамучанік, прападобнамучанік, чатыры мучанікі. У іх шэсць дзён памяці. Напружце, рэчычане, і вы сваю памяць. Задумаемся, па якой загадкава-гістарычнай зямлі робім мы свае штодзённыя крокі.

 

З. Звонкія імёны

Гук З сапраўды выклікае звон, зык, пэўную весялосць, бадзёрасць. Відаць, калі бацькі надавалі сваім дзецям звонкія імёны, малілі Бога, каб ён дараваў ім спеўнае, лёгкае, бязбеднае існаванне на белым свеце.

Аднак жыццё заўсёды карэкціруе ўсе пажаданні. Ніхто не ведае, калі пачнецца вайна, калі загарыцца хата, калі чалавек упадзе на выбойнай дарозе, калі грымне гром ясным днём. Помню да бубачкі, сядзіць у маёй памяці кожнае славечка споведзі шоўкаўскай бабы Кірыліхі:

— Я ж, ета, замуж выходзіла за Кірылу Захарэнку. Тады зіма вельмі марозная ўдалася. Мой Кірыла ледзь пальцы не абмарозіў. Пад’ехалі да яго хаты, сустракаюць нас чын чынам, а тут раптам гром з неба. Усе ахнулі: зімою — гром! Старыя пачалі хрысціцца.

Казалі, нядобрая прыкмета. Аж праз які год ці два — вайна... Забралі майго Кірылу на хронт. Адтулека і не вярнуўся. Ніводненькага пісьма не перадаў. Толькі ізвяшчэнне атрымала... Божа мой, Божа, ён жа не ведаў, як трэба ваяваць. Адзін камандзір кажа: «От, вайна для ўсіх, няхай і ён паваюе...» Кухвайку ўсцягнуў на сябе, нейкія боты знайшлі, во так і пайшоў ваяваць... Мала я з ім пакрасавалася. Двое дзетак спехам атрымаліся. Ніводнага не ўратавала. Во, ета такая жызня ў мяне. Вот табе і гром зімою...

Кірыліхай жыла і памерла наша шоўкаўка Таццяна Захарэнка. А прозвішча любага мужа захавала і ў пазашлюбным сыне Алегу. Цяпер дружная сям’я Захарэнкаў жыве ў Рэчыцы. У ёй ужо ёсць і дзеці, і ўнукі. Усе шануюць сваё прозвішча, але ніхто не мог патлумачыць, адкуль яно ўзялося.

Дык ведайце, Захарэнкі, ваша радаводнае званне пайшло ад імені святога Захарыі, якое ў яўрэйскай мове азначае памяць Гасподняя. Імя гэта вядома з XIV стагоддзя, згадваецца ў старажытных пісьмовых крыніцах.

А ў царкоўным іменаслове шануюцца чатыры рангі святых: прарок Захарыя (21 лютага), свяшчэннамучанік Захарыя (22 верасня), прападобны Захарыя (6 кастрычніка, 10 верасня, 18 снежня), праведны Захарыя (18 верасня).

У Рэчыцы і раёне жывуць розныя сем’і, прозвішчы якіх утвораны ад Захарыі. Па меншай меры я налічыў іх дзесяць: Захарэвіч, Захарэўскі, Захаранка, Захарэнкаў, Захарык, Захарын, Захарка, Захараў, Захарчанка, Захарчук.

Усім гэтым «аднакараннікам» дам для ўцехі гістарычную даведку: Захар’евы — рускі баярскі род, які зачаўся яшчэ ў пятнаццатым стагоддзі. Пасля ён раздзяліўся на дзве галіны — Захар’евых-Якаўлевых і Захар’евых-Юр’евых. Ад апошніх пайшла царская, імператарская дынастыя Раманавых. З гэтага роду і Анастасія Раманава — першая жонка Івана Грознага, прыгажуня і, відаць, адзіная каханая самадзержца.

Ёсць яшчэ звонкае імя Зіна (Зінко, Зінько, Зінюк, Зінак, Зінь).

Вучоныя тлумачаць, што яно прыйшло да нас з грэчаскай мовы, дзе ўтворана ад імені міфічнага бога Зеўса, і азначае Божы. Напачатку імя было чыста мужчынскае, а далей, як многае іншае (прычоску, штаны, біцэпсы), жанчыны ўпадабалі і гэта імя. Зінамі пачалі называць дзяўчынак. Цяпер вось разгадай, ад каго пайшлі прозвішчы: Зінін, Зінатулін, Зінкевіч, Зінкоў, Зінавенка, Зіновіч, Зінчанка, Зінчук, Зінькоў?

Ад каго, ад апостала Зіны ці ад Божай мучаніцы Зінаіды Тарсійскай? Ва ўсялякім разе імя Зіна — звінячае. Магчыма, адсюль яго энергетыка, напорыстая і вострая. У гэтых людзей — цвярозы розум, прабіўныя здольнасці. Знак задыяка — Цялец, а планета — Марс.

Вельмі блізкія да Зіны імёны Зінон (свяшчэннамучанік, мучанік, праведны), Зіновій (свяшчэннамучанік) і Зянон (прападобны). Ад іх прозвішчы: Зіноўеў, Зянько, Зенчанка, Зянкевіч, Зяневіч, Занкевіч.

Рэдкасныя імёны Засім (жыццёўны) і Зотык (жыватворны). Яны «нарадзілі» рэчыцкія прозвішчы Зосімаў, Зоцікаў, Зотаў, Ізотаў. Зотавы, як вядома з гісторыі, — графскі, дваранскі роды. У Пятра Вялікага настаўнікам быў Мікіта Майсеевіч Зотаў. Кім былі, кім ёсць нашы Зотавы, хай самі задумаюцца, а захочуць, раскажуць пра сябе людзям. Для гэтага ў Рэчыцы ёсць свае газеты, радыё, телебачанне. Адгукайцеся.

 

І. Іераміі святога нашчадак

 

Дзень добры, Рэчыца —

Любоў і маладосць...

 

Уладзімір Верамейчык

 

Баба Маня з вёскі Восаў сказала ісціну: «Нашы Іваны на кожным кроку закапаны».

І праўда, ад імені Іван толькі ў Рэчыцкім раёне жывуць людзі з добрай паўсотняй прозвішчаў. Паспрабуем пералічыць: Іваненка, Іваніцкі, Іванкоў, Іваннікаў, Іваноў, Іваноўскі, Іванчанка, Іванчыкаў, Іванішын, Іванека, Іванюк, Іванюценка, Іванешка, Іванюшка, Івахненка, Івашын, Івашкевіч, Івашка, Івашкоў, Івашчанка, Вашэчка, Вашкевіч, Вашкоў, Вашчанка, Вашчыла, Вашчынскі, Ванечкін, Ванешын, Ванковіч, Ванькоў, Ванюрыхін, Ванюхін.

Рэчычанін Яўген Канстанцінавіч Іванешка ўславіў сваё імя і наш край як вядомы беларускі жывапісец. Вучыўся ў Ленінградзе, член Саюза мастакоў пры міжнароднай арганізацыі ЮНЕСКА. На прадстаўнічых выстаўках пабывалі яго палотны пра Вялікую Айчынную вайну «Старыя акопы», «Трывожнае лета», «Памяці бацькі». Цыкл пейзажаў Іванешкі «Мой родны кут» створаны ў маляўнічых мясцінах Мілаграда, Глыбава, Горваля. Сваёй малой радзіме мастак прысвяціў карціны «На радзіме маіх дзядоў», «Мая зямля», «Край, дзе нарадзіўся».

Калі ўлічыць, што Іван у беларусаў і палякаў — Ян, Ясь, то ў гэту абойму прозвішчаў уліваюцца сем’і: Янко, Янкоў, Янкавец, Янковіч, Янкоўскі, Яновіч, Яноўскі, Янушкевіч, Яначкін, Янчанка, Янчык, Янчыленка, Янчук, Янчуркін, Янюк, Ясь, Ясько, Ясенка, Ясенавец, Ясенскі, Яскевіч, Ясковіч (тут «згубілі» мяккі знак).

Ёсць нават прозвішчы, утвораныя як бы ад паловы Іванаў: Палуян, Палуяновіч, Палуянчык.

Жыў некалі ў Рэчыцкім павеце прыгонны селянін Рыгор Палуян. Можа, яго бацька ці дзед і зваліся Паўянамі, не дацягвалі па свайму «статусу» да поўнага Яна. А вось ужо сын таго Рыгора Палуяна Іван, хаця і нарадзіўся і пачынаў свядомае жыццё прыгонным, але пазней, пасля адмены прыгоннага права, стаў мешчанінам Рэчыцы. Сын яго Епіфан, сабраўшы ўвесь прыбытак, запасы, жончын пасаг, купіў кавалак зямлі ў маёнтку Крышычы Рэчыцкага павета і стаў першым уласнікам, амаль што панам у родзе Палуянаў.

Дык вось у таго шматдзетнага Епіфана Палуяна нарадзіўся сын Сяргей, які пражыў усяго дваццаць гадоў, а ўвайшоў у гісторыю Беларусі як пісьменнік, змагар за адраджэнне роднага краю. Сяргею Палуяну прысвяціў свой паэтычны зборнік «Вянок» Максім Багдановіч, а Янка Купала — паэму «Курган». У вершы, прысвечаным Сяргею Епіфанавічу Палуяну, наш класік Максім Багдановіч напісаў прарочыя словы:

Усё праходзіць, знікае, як дым,

Светлы ж след будзе вечна жывым.

Яўрэйскае імя Іоханан перакладаецца як міласць Божая. Спачатку яго ўзялі для ўжытку грэкі — Іааніс. А ў стараславянскую мову імя прыйшло як Іаан. І стала ў славянаў іменем нумар адзін. Увесь свет ведае, што нашы хаты на Іванаў багаты.

Імя Іван ушанавана царквой ажно ў дванаццаці рангах святых: прадцеча, апостал, свяціцель, свяшчэннамучанік, мучанік, прападобнамучанік, прападобны, бяссрэбранік, праведны, святы, блажэнны, дабраверны князь. Усе яны святкуюцца царквой у 168 днях памяці. Калі ў гэтыя дні хрысцілі дзіця, то яно абавязкова атрымлівала імя ад Іаана. У рускіх — Іван, у беларусаў — Ян, у французаў — Жан, у англічан — Джон, у немцаў — Іаган, у грузін — Іванэ, у фінаў і эстонцаў — Юхан.

Іван Удовін сын, Іван-царэвіч, Івашка — белая рубашка, Іванушка-дурань ды іншыя Іваны-разумнікі занялі прыстойнае месца ў народных казках, фальклоры. Ёсць нават вёскі Іванаўка і Янаўка ў Рэчыцкім раёне. А на Гомельшчыне цэлая плойма падобных паселішчаў: Іванішчавічы, Іванкаўшчына, Іванкі, Іванполе, Іванькоў, Іванькін, Івашкевічы, Янава, пасёлкі Яначкаў, Івашкоў.

Пра адных рэчыцкіх Іванаў-Івановых можна напісаць кнігу. Але ж на літару І ёсць у раёне яшчэ шаснаццаць святых імёнаў.

Іаакім — Божы стаўленік. Ад яго прозвішчы: Акімкін, Акімаў, Якімовіч, Якіменка, Якімцаў, Якімюк, Якімаў, Якімчык. Непадалёк ад Рэчыцы ёсць вёска Якімаўка, а ў раёне — вёска Якімава Слабада. Даўней імя Якім увасабляла сабой прастадушнасць, прастату чалавека. Нават Чычыкаў у «Мёртвых душах», калі задумаў сабраць капіталец на памерлых, усклікнуў: «Эх, я, Акім-прастата! — шукаю рукавіцы, а абедзве за поясам».

Іаанікій — непераможны. Ад яго прозвішчы: Анікееў, Анікеенка, Анікеіч, Анікейчанка.

Іакаў — той, хто ідзе па следу. Ад яго прозвішчы: Якавенка, Якавец, Яковін, Якаўлеў, Якаўцоў, Якаўчук, Яканюк, Яксовіч, Якубенка, Якубаў, Якубовіч, Якубоўскі, Якуш, Якушаў, Якушкевіч, Якушкін, Якутовіч.

Ігнацій — невядомы. Ад яго прозвішчы: Ігнатовіч, Ігнаценка, Ігнатаў, Ігнацьеў, Ігнашэвіч, Ігнатка, Ігнатчык, Ігнацюк, Ігнаценка.

Іерафей — асвячоны Богам. Ад яго прозвішчы: Ярафееў, Ярошкін, Ерашонак, Ярац (звыш ста сем'яў у Рэчыцы, вёсках Лазараўка, Перавалока, Чырвоны Мост, Каравацічы), Яраш, Ярашэвіч, Ярашэнка, Ярошык, Ярошка, Ярашонак, Ярашкін, Ерашко.

Іларыён — ціхі, радасны. Ад яго прозвішчы: Ларын, Ларыёнаў, Ларкін, Ларкоў (па-руску пішуцца Ларьков і Ларков), Ларчанка (магчыма, і ад «ларь» — скрыня).

Ігар — ваяўнічы (імя скандынаўскага паходжання). Дні памяці 18 чэрвеня і 2 кастрычніка У Рэчыцы жывуць Ігаравы.

Ілія — моц Гасподняя. Ад яго прозвішчы: Ільеў, Ільенка, Ільянкоў, Ільін, Ільінаў, Ільніцкі, Ільноўскі, Ільюкевіч, Ільюхін, Ільюшэнка, Ільюшчанкаў, Ільяшэнка, Ільяшык.

Іерамія — узвышаны Богам. Ад яго прозвішчы: Верамееў, Верамеенка, Верамейчык, Верамейка, Ерамееў, Ерамейчык, Яроменка, Ярэміч, Ярэмчык, Ярамчук.

Іеранім — святаімяніты. Ад яго прозвішчы: Яронаў, Геранін — магчыма, нехта некалі згубіў у канцы «м» і падставіў «н». Імя згадваецца ў старажытных летапісах у форме Еранім, Яранім, Геранім, Еранок.

Іосіф — памножаны Богам. Ад яго прозвішчы: Асіпенка, Восіпкаў, Восіпаў, Асіпцаў, Есіпавец, Есіповіч, Юзэповіч, Юзэпчук, Юзэфовіч, Юзюк, Езяпчук, Езыпчук. Іосіф Праведны, абручнік Прасвятой Багародзіцы, ушаноўваецца ў Нядзелю праайцоў (у нядзелю пасля Нараджэння Хрыстовага).

Іпацій — высокі. Мае сем дзён памяці ў царкоўным календары і два прозвішчы ў рэчычан — Пацейка, Пацеенка.

Іаў — ворагам зненавіджаны. Ад яго — Іовенка (раней пісалася Іёвенка). Сюды, відаць, з нацяжкай можна аднесці прозвішчы Іўковіч, Іўлеў.

Ісаак — смех, ён будзе смяяцца. З такім іменем ёсць два святыя — мучанік і прападобны. Імя вядома з XVI стагоддзя ў старажытных летапісах. Ад яго прозвішчы: Ісакаў, Ісачанка, Ісачэнкаў, Ісачоў...

У Рэчыцы выспеў неардынарны талент мастака Аляксандра Ісачова. Ён нарадзіўся пасля вайны ў вёсцы Азарычы. Трохгадовым застаўся без бацькі. Тады маці і пераехала на жыхарства ў Рэчыцу.

Аляксандр зведаў казённае жыццё ў школе-інтэрнаце. Перажыў выгнанне з Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчаму мастацтву. Вучыўся ў вячэрняй школе і зарабляў на хлеб у рэчыцкай брыгадзе рамонтнікаў.

А ў душы нараджаўся Мастак. Не прызнаны. Не ўшанаваны. Не зразуметы на радзіме. Яго прыкмецілі ленінградскія творцы. Там, у велічным горадзе на Няве, яго карціны ўпершыню абнародаваны на прэстыжных выстаўках.

Аляксандр Ісачоў пражыў 32 гады. Стварыў звыш пяцісот карцін на вечныя тэмы быцця, якія закладзены ў Бібліі. І амаль нічога са спадчыны не засталося ў Рэчыцы, у сям’і. Яго творы — у замежных музеях і прыватных калекцыях. У памяць аб ім Віктар Дашук і Анатоль Алай стварылі фільм «Не плачце па мне». Паспелі запісаць споведзь Мастака, пацалаванага Богам.

Я жемчуг, в раковине скрытый.

Я мост, ведущий в ад и в рай...

Гэта радкі пра Аляксандра Ісачова, нашчадка святога Ісаака. Ён строга пазірае на нас з аўтапартрэта. Ён устрывожаны за нас і ў райскіх сваіх нябёсах.

Над кожным рэчыцкім прозвішчам можна прыпыняцца, задумвацца, шукаць у іх носьбітаў свае жамчужыны. Але трэба рухацца далей.

Ісаія (Ісай, Сай, Сайчык, Сайко) — збавенне Гасподняе. Ёсць Ісаія прарок, свяціцель, мучанік, прападобны. Ад яго прозвішчы: Ісаеў, Ісаенка, Ісайчыкаў, Сайгін, Сайдак, Сайкін, Сайчын.

Ісідар — дар Ісіды, багіні земляробства ў Старажытным Егіпце. Ад яго прозвішчы: Сідарэйка, Сідарэнка (багата ў Горвалі, Камсамольску), Сідарэнкаў, Сідорын, Сідоркін, Сідарковіч, Сідараў, Сідаровіч, Сідарок, Сідорскі, Сідорчык, Сідарук.

Іуда (Юда) — слаўны, жыхар Іудзеі. Ад яго прозвішчы: Юданаў, Юдашкін, Юдзенка, Юдзянкоў, Юдзянок, Юдзін, Юдко.

Я ведаў нашчадка Іераміі — паэта Уладзіміра Верамейчыка. Ці ён ад Іераміі-прарока, ці ад Іераміі-мучаніка, ці ад Іераміі-прападобнага, але веру, той загадкавы, таямнічы Іерамія з сівой даўніны, які даў зямное прозвішча Уладзіміру Верамейчыку, быў чалавекам-волатам, чалавекам з сонечнай душой. І сам Уладзімір, мой духоўны брат, жыў гэткім самабытным Мікулам Селянінавічам. Далоні шырокія. Позірк ясны. Плячысты. Статны. Усмешка маладзіковая. Голас важкі: скажа — звяжа. Незалежная, вольная асоба! Любіў бязмежна і шанаваў сваю Айчыну, як верны сын яе, араты і Паэт.

Сядзім у Доме літаратара. Слухаем некага з пісьменнікаў, які за трыбунай пра нешта мудра «песнь заводит», а Валодзя выцягвае з кішэні самаробны палатняны капшучок і частуе нас, хто вакол яго, сушанымі чарніцамі. І сабе ўкіне жменьку ў рот. Задаволены! Хрумсцяць гарадскія хлопцы ведрыцкімі гаючымі ягадамі, прыгадваюць свае вёскі. А Валодзю не трэба прыгадваць, ён жыве там, вучыць дзяцей у школе, а вечарам, «пакуль сагрэта душы ралля», пакутна шукае паэтычнае слова:

За лёгкай не ўлягаў удачай.

Як за начальствам падхалім, —

Я над радком штоноч батрачыў,

Цягнуў яго гарбом сваім...

Цяпер, у зале Дома літаратараў, можна і адпачыць з сябрамі, можна падпусціць да выступоўца і «пеўня» ведрыцкага: «На бяду, то і курыца перне». Мы смяёмся, а Валодзя падкідвае нам народную загадку: «Ідзе баба на кут, цягне дзеда за пуп. Што гэта?» І тут жа выручае задумлівых суседзяў-пісьменнікаў: «Не ламіце, хлопцы, галовы, гэта — дзверы».

Валодзя «выседжваў» сваё паэтычнае слова ў вёсцы Ведрыч, дзе трыццаць пяць гадоў быў настаўнікам і дырэктарам мясцовай школы. Яго паэзія змясцілася ў зборніках «Прыпяць», «Яснасць», «Люблю!», «Клянуся Прыпяццю», «Ліхаўня», «Магарыч». А яго роздум пра дзяцей, школу, педагогіку застаўся ў шматлікіх артыкулах і нарысах, раскіданых у розных выданнях перыёдыкі. Цяпер, калі няма сярод нас Уладзіміра Міхайлавіча, яго думкі гучаць як афарызмы:

• Мы не рушым у нашых планах ні на пядзю, пакуль не возьмем у саюзнікі бацькоў.

• Давайма не спяшацца закрываць маленькія школкі. Гэта смяротны прыгавор вёсцы. Школа — крынічка, якая яе жывіць.

• Галоўнае — падрыхтаваць душу дзіцяці да барацьбы са злом, рукі — для нястомнай працы, сэрца — для захаплення прыгажосцю жыцця. Бацькі, хоць тры гадзіны ў дзень — дзецям!

Мне пашчасціла бываць у Ведрыцкай школе, якая цяпер носіць яго імя. Быў у хаце Паэта, у яго лазні. Сядзеў з ім за яго абедзенным сталом. Яго сяброўскае прызнанне вясновай птушкай уляцела ў маю душу:

Чым большае у нас гарэнне,

Тым больш людское прыцягненне...

Уладзімір Верамейчык быў чалавекам-магнітам. Ён прыцягваў да сябе дабракоў, шчыракоў, весельчакоў. А на бязмене продкаў вымяраў галоўную каштоўнасць: як ты любіш зямлю, на якой нарадзіўся і жывеш, як цэніш паветра, якім дыхаеш, як шануеш Бацькаўшчыну, напоеную потам і крывёю бацькоў нашых.

Я ў дзесяць год

Адчуў хаду вякоў —

Барозны гнаў

І руйнаваў акопы,

Па медалях

Маўклівых землякоў

Вучыў я

Геаграфію Еўропы.

Уладзімір Верамейчык любіў сваю малую радзіму, яе людзей. Ён сумленна ішоў па зямлі, нястомна шукаў сваіх слоў. І заўсёды правяраў, вывяраў, вымяраў паэтычны радок сваім чуйным сэрцам:

Дзень добры, Рэчыца — любоў і маладосць,

Дзень добры, хмель маіх гадоў зялёных!

Скрыпіць, грыміць зямнога шара вось.

А я стаю, з табою заручоны...

Красуйся, Рэчыца, старой і маладой.

Сама ты — шчасце на Дняпры шырокім.

Ідзеш удалеч цвёрдаю хадой.

Хай мірныя к табе плывуць аблокі...

Вёска, людзі яе, птушкі, зорнае неба і Прыпяць-каралева — яго ноты, рыфмы, пацалункі, храм юнацтва. Яго выток і вусце, яго пачатак і працяг. Ён, як дзіцё, радаваўся ўсяму, чым славіўся родны край:

Стрыножаная нафта б’е чалом Зямлі маёй,

А будзе так навекі...

Пішу без лямпы за сваім сталом,

Што мы —

«Палешукі... і чалавекі».

За ўсіх святых, якія жылі і жывуць, за ўсіх добрых і сціплых маіх рэчычан узносіць малітву ў нябёсы Іаан Златавуст:

«Госпадзі, не пазбаў мяне нябесных Тваіх даброт.

Госпадзі, збаў мяне ад вечных мук.

Госпадзі, розумам ці думкаю, словам ці ўчынкам саграшыў я, прабач мне.

Госпадзі, збаў мяне ад ўсякага няведання, і забыцця, і маладушнасці, і скамянелае нячуласці.

Госпадзі, збаў мяне ад усякае спакусы.

Госпадзі, пашлі благадаць Тваю ў дапамогу мне, каб я праславіў імя Тваё святое.

Госпадзі, акрапі сэрца маё расою благадаці Тваёй.

Госпадзі, ахавай мяне ад ліхіх людзей, і ад дэманаў, і ад страсцей, і ад усякае іншае неналежнае рэчы. Амінь».

 

К. Кандрат — мой брат

Мама казала: «Кандрат не вінават, а вінавата хата, што ўпусціла Кандрата».

А яшчэ помню бацькаву загадку: «Кандрат — мой брат, праз сцяну прайшоў, нічога не знайшоў». Ён не засмучаўся, што я не ведаў адгадку, а браў свой сталярскі інструмент свярдзёлак і паказваў, як яго кандрат-брат праходзіць праз дошку-сцяну.

Імя Кандрат (з грэчаскай — чатырохкутнік) — даўнейшае, старажытнае, цяпер так дзяцей рэдка называюць. А пасля хрышчэння славян, калі яны з паганцаў ураз зрабіліся праваслаўнымі, багата новых імёнаў нам падаравала Візантыйская царква. Сярод іх і быў святы мучанік Кандрат. Яго дзень адзначаецца вясной, 28 красавіка. На Кандрата ганчары гліну мацалі: добрая ці не? Посуд рабілі, хлебнае зерне ў гліну замешвалі, каб вада ў такім посудзе не застойвалася, каб смачная ежа не закісала.

У гэты ж дзень народжаным хлопчыкам давалі імя Кандрат. Пасля іх дзеці ўжо былі Кандратавы. У нашым раёне і цяпер жывуць сем’і з рознымі прозвішчамі, утворанымі ад гэтага імені: Кандраценкі (у Рэчыцы, у вёсках Раманаўка, Каравацічы), Кандратавы, Кандратовічы, Кандрацьевы, Кандрацюкі, Кандрачанкі, Кандрашовы, Кандрашкіны, Кіндраты (Кандрат па-украінску — Кіндрат). А ўсяго налічваецца звыш дваццаці варыянтаў гэтага прозвішча.

Кананічныя, узаконеныя імёны падарожнічаюць за чалавекам з роду ў род, надаючы ім у пэўных жыццёвых традыцыях ці сітуацыях адметнае гучанне, пэўны каларыт. Скажам, ад Канстанціна (лацінскае цвёрды, пастаянны) утворана 29 розных прозвішчаў. У Рэчыцкім раёне я адшукаў толькі адзінаццаць: Канстанцінаў, Кастко, Касцюк, Касцюкевіч, Касцючэнка, Касцюхін, Касцяневіч, Кастэнка, Касцянок (шмат у вёсках Грудскае, Новы Барсук), Кастэцкі, Касцярэнка.

Гэта імя ўславіў кананізаваны ў святыя роўнаапостальны цар Галіі і Брытані Канстанцін. Яго так называюць, бо заслугі адпавядаюць узроўню ўчынкаў апосталаў Хрыстовых. Гэта ён загадаў пабудаваць храм Уваскрэсення Хрыстовага. Па яго ўказанню штотыднёвым святочным днём стала нядзеля і заснавана адно з галоўных хрысціянскіх святаў — Нараджэнне Хрыстовае.

Нашы дзяды лічылі Канстанціна ахоўнікам лёну і агурочных град. У яго дзень апраналі чыстую вопратку, каб «чыстымі» былі пасевы, і, памаліўшыся, пачыналі працу.

Ад святога Калініка (Каліна, Каленік) таксама шмат прозвішчаў. Праўда, яны маглі ўтварыцца і ад назвы куста каліна. Хай самі разбіраюцца, ад каго ці ад чаго нашы рэчычане маюць такія прозвішчы: Каленік, Каленікаў, Калянчук, Каляніцкі, Каляністаў, Калінічэнка, Каліноўскі, Калінчук, Калінаў, Калінін, Калінінскі.

Сярод святых увекавечаны свяціцель Калінік (5 верасня) і мучанікі Калінікі (6 чэрвеня, 11 жніўня, 20 лістапада, 27 снежня). У пісьмовых крыніцах гэта імя сустракаецца пачынаючы з XVI стагоддзя.

Раней модным было імя Карнілій (Карніла, Карней, Карнапі). Тры святыя Карніліі, свяшчэннамучанік, прападобнамучанік і прападобны, занесеныя ў царкоўны іменаслоў, і далі народзіны сучасных прозвішчаў: Карніенка, Карнееў, Карнеявец, Карняенка, Карнейкаў, Карнейчык, Карніевіч, Карніенкаў, Карніец, Карнілаў, Карнілюк, Карніцкі, Карнішын, Карнушэнка.

Карнілій у перакладзе з лацінскай мовы азначае дужы. І сапраўды, у гэтым імені, у прозвішчах ад яго чуецца нешта моцнае, карэнішчавае, карэннае, надзейнае, жывільнае. Хай жа будуць такімі ўсе сем’і, іх зялёныя парасткі — дзеці, унукі, праўнукі.

У свеце нічога адназначнага няма. Вось прозвішча рэчычаніна Карпаў. Ад чаго ці ад каго яно ўтворана? Есць святыя па імені Карп: апостал (17 студзеня, 8 чэрвеня), свяшчэннамучанік (24 верасня), мучанік (26 кастрычніка), праведны (6 ліпеня). А ў грэчаскай мове «карпас» — гэта плод. Які плод, ад чаго, ядомы ці не? Дык жа ёсць і рыба карп — любіміца рыбакоў і байкапісцаў. Калі ўлічыць, што ўсё жывое, ды і сам чалавек выйшлі з вады, то, можа, якраз рыба карп і ёсць разгадка чалавечага імені Карп? От цяпер і чашыце чубы, Карпенкі з вёсак Перасвятое, Горваль, Красналессе, адкуль у вас такое прозвішча. Ёсць над чым задумацца і Карпезам, і Карпекам, і Карпечанкам, і Карпешам, і Карповічам, і Карпушыным, і Карпушанкам, і Карпаўцам.

Карпавы — старажытны дваранскі род, вельмі вядомы, шматлікі. А мы ўшаноўваем Акіма Паўлавіча Карпенку, выхадца з Рэчыцкага павета, Героя Савецкага Саюза, штурмана авіяэскадрыллі, які ў вайне з гітлераўцамі зрабіў 236 баявых вылетаў.

У Рэчыцы, на лесапільні, працаваў у свой час рускі хлопец з Волгі Уладзімір Барысавіч Карпаў. На Гомельшчыне яго заспела вайна, партызаніў. Пасля стаў вядомым беларускім пісьменнікам, аўтарам раманаў «Нямігі крывавыя берагі», «Сотая маладосць».

А яшчэ трэба адзначыць, што сярод беларускіх вёсак ёсць Карпаўкі, Карпаўцы, Карпекі, Карпавічы. Якія Карпы некалі іх засялялі?

Аднойчы я быў у Рэчыцы, калі мясцовыя ўлады, газета «Дняпровец» віншавалі ветэрана вайны Адама Васільевіча Кузьмянкова. Яму тады было ўжо дзевяноста гадоў. На святочным пінжаку вісела безліч узнагарод, сярод якіх — ордэны Айчыннай вайны, Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны». Мужны твар, позірк арліны, у словах перакананасць і вера - усё гэта прыкметы паважанага, загартаванага жыццёвымі выпрабаваннямі земляка. Ён, здаецца, усё ведаў, апроч аднаго, адкуль, ад каго ў яго прозвішча Кузьмянкоў.

Аказваецца, імя святога Касмы (у грэчаскай мове — упрыгажэнне) падаецца ў розных варыяцыях: Кузьма, Кузей, Кузя, Кузёна, Кузюма, Кузяха. Ад іх — больш за трыццаць прозвішчаў. У Рэчыцкім раёне — дваццаць адно. Найбольш распаўсюджаныя — Кузьменка, Кузьмянок, Кузьмін. Ёсць яшчэ: Кузьмянкоў, Кузько, Кузьмянчук, Кузьмініч, Кузьмінскі, Кузьмічоў, Кузякін, Кузін, Кузік, Кузянёк, Куземка, Куземкін, Кузевіч, Кузар, Кузан, Куза, Казьма.

У вёсцы Кузьмінка Вышамірскага сельсавета сваіх Кузьмічоў няма, але прымаўкі пра Кузьму жывуць: «Бог ведае, ці будуць у нашага Кузьмы грошы», «Кузьма — бесталанная галава».

Свяціцель Кірыл (уладар, малы гаспадар), архіепіскап Александрыйскі, пакінуў пасля сябе шмат багаслоўскіх прац, быў знакамітым айцом, настаўнікам Царквы. Ён жыве з 444 года новай эры ў імёнах нашых суайчыннікаў. У рускіх — Кирилл, на Украіне — Кіріло, у грэкаў — Кюриллос, у беларусаў — Кірыла (Кіруха, Курыла). Адсюль і прозвішчы: Кірыленка, Кірыленкаў, Кірылін, Кірылкоў, Кірылаў, Кірыльчук, Кірылюк, Курыленка, Курыла, Курыловіч.

Вучоныя дадаюць сюды варыянты прозвішчаў на «чур» (кір-кур-чур): Чуранаў, Чурылаў, Чурын, Чуркін, Чурсін, Чурносаў. Тут трэба мець на ўвазе, што крыніцай прозвішча Чуркін магло быць слова «чурка», якое ў розных мясцінах мае розныя значэнні: то чалавека не вельмі разумнага, то народжанае па-за шлюбам дзіцё.

Ды ўсё-такі ўся радня ад Кірылы павінна ганарыцца тым, што славянскі асветнік Кірыла разам з братам Мяфодзіем стварыў для нас кірыліцу — азбуку, якой мы карыстаемся па сённяшні дзень. А свяціцель Кірыла, біскуп Тураўскі, уславіў нашу зямлю беларускую сваімі «Словамі»-пропаведзямі, прытчамі пра душу і цела, усім сваім праведным жыццём.

Блізкія да Кірылы імёны святых Кір (у перакладзе з грэчаскай — спадар, з яўрэйскай — сонца), Кірык (веснік), Кірын (курган у Рыме). Іх «спадчыннікамі» можна лічыць сем’і з прозвішчамі: Кірэй, Кірэйчук, Кірыенка, Кірэенка, Кірэеў, Кіршанаў, Кір'янен, Кір’янаў, Кірушкін, Кірчанка, Кіршчын, Кірычэнка, Кірынскі.

Прападобны Касьян Рымлянін (пусты, парожні) уславіў сваё імя святасцю жыцця, настаўніцкай мудрасцю. Ад яго пайшлі прозвішчы: Касьянчык, Касянкоў, Касько, Касьянаў.

Але чамусьці ў народзе пра Касьяна складваюць быліны як пра нялюбага, няміласцівага, нядобразычлівага. Адна з іх апавядае вось пра што.

Рана, чуць свет на зорачку, сышлі з неба на зямлю святы Касьян і Мікола-цудатворац. Ідуць яны сабе па дарозе і бачаць, што мужык завяз у гразі з возам дроў. Убачыў мужык святых угоднікаў, бух ім кулём у ногі: «Святы Касьян, угоднічак Божы, вызвалі! Свечку табе пастаўлю». А Касьян кажа: «Ат, буду я радзі цябе сваю райскую адзежу мараці». Пашкроб мужык патыліцу, бачыць, што з Касьянам рады няма, павярнуўся к Міколу-цудатворцу, а ён слыў мужыцкім заступнікам, і адзежа на ім была мужыцкая. «Мікалай, угоднічак Божы, заступнік ты наш, найвышні, аслабані», — узмаліўся мужык. Паслухаў Мікола мужыка. Закасаў світку і палез у гразь і выцягнуў воз мужыцкі. Пахадзілі ўгоднікі яшчэ там колькі па зямлі, прыходзяць на неба. Убачыў іх Бог і пытае: «Ну што, Мікалай-угоднік і святы Касьян? Дзе былі, што бачылі, што чувалі?» Касьян кажа: «Былі мы, Госпадзі, на зямлі, бачылі, як мужык вёз на базар дровы да ў гразь угруз». «І хто ж з вас дапамог мужыку?» — пытаецца Бог. Касьян адказаў, што пашкадаваў мараць сваю райскую адзежу, а адзежа Міколы была ўся запэцканая. Тады Бог сказаў: «Дзякаваць табе, святы Мікола, людзі заўсёды будуць і святкаваць два разы ў год, а табе, святы Касьян, у чатыры гады раз...»

А гэта бывае якраз 29 лютага, у высакосны год, праз кожныя чатыры гады. Гэты дзень у народзе лічыцца адным з самых небяспечных. Некаторыя людзі нават не выходзілі з хатаў, баяліся «Касьянавага вока», казалі: «Касьян на што ні гляне — усё звяне», «Касьян усё касой косіць». Старыя асабліва баяліся за сваіх унукаў, маліліся да зары, пакуль малыя спяць: «Госпадзі, Айцец Нябесны, сіла Твая і воля Твая. Уратуй і зберажы ва ўсіх шляхах-дарогах, ва ўсіх справах маіх унукаў. Вочкі іх ясныя, ножкі іх гарэзлівыя, душы іх анёльскія. Уратуй, зберажы іх ад бяды ліхой, ад жыцця дрэннага, ад усіх хвароб, ад вады і агню, ад кулі і нажа. Адвядзі, Госпадзі, злых людзей. Госпадзі, памілуй, пашкадуй. Уратуй і зберажы раба Божага (імя). Амінь».

Сярод Купрыянаў — пяць рангаў святых: свяціцель, свяшчэннамучанік, мучанік, прападобнамучанік, блажэнны. У іх дзесяць дзён памяці. А прозвішчы ад іх такія: Купрэеў, Купрэенка, Купрэенкаў, Купрэйчык, Купрыенка, Купрыкаў, Купрыян, Купрыянік, Купрыянчык, Купрыленка, Купрын, Купрыянаў, Купрыяшчанка.

Вядомы са школьных падручнікаў рускі пісьменнік Аляксандр Купрын сцвярджаў, што яго прозвішча паходзіць ад назвы рэчкі Купры на Тамбоўшчыне. Так што кожны мае права на сваю версію ўласнага прозвішча.

Хай жа мае землякі Капітонавы вывучаць жыццё святога мучаніка Капітона ды задумаюцца, чаму гэта слова ў лацінскай мове азначае з вялікай галавой.

Прападобны мучанік Конан (працоўны), відаць, захоўвае ў сабе сакрэт прозвішчаў Кананенка, Кананенкаў, Конанаў, Кананок, Кананцоў, Канахін, Конаш, Канаш, Канашэвіч, Канонік, Канановіч, Кананкоў. А святы Клімент (міласцівы) — прародзіч прозвішчаў: Кліменка, Клімянкоў, Клімянок, Клімковіч, Клімаў, Клімавец, Клімовіч, Клімаўцаў, Клімаўскіх, Клімко, Кляменцьеў, Клімук, Клімуць, Клімята, Клімчук. У дні святых Кліментаў, а іх чатыры, схадзіце, людзі, у царкву альбо дастаньце сямейныя альбомы і ўспомніце добрым словам сваіх бацькоў, дзядоў, прадзедаў. Ваша памятлівая міласць адгукнецца ў маладых сэрцах, якім вы завялі спружыну жыцця.

 

Л. Лука, які нарадзіўся на ўзыходзе сонца

Апостал Лука, як вучань і паслядоўнік Хрыста, пакінуў нам сваю аповесць пра нараджэнне, жыццё на зямлі, смерць і ўзнясенне Сына Божага. Гэтыя падзеі ён па-свойму прапусціў праз свой светапогляд. Неяк па-новаму гучаць павучанні, запаветы, папярэджанні Хрыстовы ў апісанні святога Лукі. Нагадаем іх і задумаемся ў прарочы сэнс нязгаснай мудрасці:

• Нікога не крыўдзіце, не паклёпнічайце і будзьце задаволены тым, што маеце.

• І ніхто, п’ючы старое віно, не захоча адразу маладога, бо перакананы: старое лепшае.

• Гора вам, калі ўсе людзі будуць гаварыць пра вас добра. Бо так паступалі з ілжэпрарокамі бацькі іх.

• Благаслаўляйце праклінаючых вас і маліцеся за тых, хто крыўдзіць вас.

• І як хочаце, каб з вамі паступалі людзі, так і вы паступайце з імі.

• Не судзіце, і не будзеце судзімы; не асуджайце, і не будзеце асуджаны; даруйце, і памілаваны будзеце.

• Хто хоча душу сваю зберагчы, той страціць яе; а хто страціць душу сваю дзеля Мяне, той зберажэ яе.

• Дзе скарб ваш, там і сэрца ваша будзе.

• Каму дадзена многа, многа і патрабуецца; і каму многа даручана, з таго болей і спагоняць.

• Ёсць апошнія, якія будуць першымі, і ёсць першыя, якія будуць апошнімі.

• Усякі, які ўзвышае сам сябе, уніжаны будзе, а той, хто ўніжае сябе, ўзвысіцца.

• Хто не прыме Царства Божае, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго.

Апостал Лука карыстаўся ў вернікаў вялікай павагай і пашанотай.

У яго гонар называлі немаўлят. Сёння родзічамі святога Лукі можна назваць рэчыцкія сем’і з прозвішчамі: Луканоўскі, Луканчэнкаў, Луканюк, Лукашоў, Лукашэвіч, Лукашэнка, Лукашонак, Лукашык, Лукін, Луконін.

Імя Лука (Лукаш) (які нарадзіўся пры ўзыходзе сонца) згадваецца ў пісьмовых крыніцах XIV стагоддзя. Апроч апостала Лукі, царква ўшаноўвае свяціцеля Луку (11 чэрвеня), мучаніка Луку (11 лютага), прападобнамучаніка Луку (5 сакавіка), прападобнага Луку (20 лютага, 20 верасня, 11 кастрычніка, 19 лістапада, 24 снежня).

На Луку мае палешукі прыкмячалі надвор’е. Казалі: «Хто сее азімыя да Лукі, той не будзе мець ні хлеба, ні мукі». У гэты дзень добра хадзіць у сваты: «На Лукаша — дзеўка наша».

Блізкае да Лукі імя Лукіян (Лук’ян). Яны ў лацінскай мове маюць адно вызначэнне — светлы. Ад святога Лукіяна пайшлі нашы Лук'яненка Лук’янавы, Лук’янцавы, Лук’янчукі, Лук'янюкі. У Мядзельскім, Буда-Кашалёўскім, Добрушскім, Рагачоўскім раёнах ёсць вёскі Лук’янавічы, Лук’янаў, Лук’янаўка, Лук’янаў Рог. Магчыма, некаторыя рэчычане цягнуцца каранямі адтуль, але яны і самі таго не ведаюць. Тады хай шукаюць сваяцкасць у грэчаскага пісьменніка Лукіяна, які жыў на пачатку новай эры, у 2-ім стагоддзі. Ды хай пачытаюць яго творы «Праўдзівая гісторыя», «Аматар хлусні, ці Нявер».

Папулярным і па сённяшні дзень з’яўляецца імя Леанід. Царква ўганаравала чатыры святыя імёны, якія маюць у грэчаскай мове блізкія значэнні: Леў, Лявонт (Лявон) — звер леў, Леанід — падобны на льва і Лявонцій — ільвіны. Сярод святых з такімі імёнамі ёсць і свяшчэннамучанікі, і мучанікі, і свяціцелі, і прападобныя, і прападобнамучанікі.

Вядомасць гэтаму імені, а пазней і прозвішчу надалі такія знакавыя чалавечыя постаці, як рускі пісьменнік Леанід Лявонаў, аўтар раманаў «Барсукі», «Злодзей», «Соць», «Рускі лес», «Воўк», як Аляксей Лявонаў, лётчык-касманаўт, як Васіль Лявонаў, акадэмік, заснавальнік беларускай школы педыятраў, як Аляксандр Леўчанка, які ў вайну праявіў смеласць і адчай каля вёскі Ганчароў Падзел Рэчыцкага раёна і стаў Героем Савецкага Саюза. Гэта імя ўслаўлена ў заліхвацкім танцы «Лявоніха», які ведаюць і любяць ці не ва ўсім свеце: «А Лявоніху Лявон палюбіў, Лявонісе чаравічкі купіў...»

Ад Леаніда, Лявонта, Лявонція, Льва ў Рэчыцкім раёне жывуць сем’і з прозвішчамі: Лявонаў, Лявоненка, Леванавец, Левановіч, Лявончык, Лявончыкаў, Леанюк, Лявоненка, Леванчук, Леванькоў, Лявонт, Левандоўскі (можа, раней быў Левантоўскі?), Леўцік, Леўчанка, Леўчын, Ляўчук, Лянько, Лянкоў (два апошнія, магчыма, ад «лён»). Безумоўна, гэта далёка не ўсе формы прозвішчаў, якія існуюць на Беларусі, але пра тыя, іншыя, хай згадае новы летапісец.

У нашым раёне ёсць вёска Лазараўка. Яе гісторыю ніхто сур’ёзна не даследаваў. Таму ніхто і не ведае, ад якога Лазара (дапамога Божая) пайшла назва іх паселішча.

Можна толькі з пэўнай яснасцю сказаць, што жылі на белым свеце святыя Лазары: свяціцель, прападобны, дабраверны князь. Гэта імя і парадзіла прозвішчы людзей, якія і цяпер жывуць у Рэчыцы: Лазараў, Лазарэвіч, Лазарэнка, Лазарчук, Лазар (у рускім напісанні ёсць Лазар і Лазарь). Збярыцеся, усе сыны Лазаравы, ды памяркуйце: чые вы, адкуль, якую духоўную спадчыну падрыхтавалі сваім нашчадкам?

Непрыкметнымі, нямоднымі сталі цяпер імёны Лаўр, Лаўрэнцій Але ж некалі бацькі хрысцілі сваіх дзяцей пад такім знакам, які ў лацінскай мове азначае перамога, урачыстасць; лаўровы. Лаўры — гэта вянок з галінак вечназялёнага дрэва лаўра, як знак ці сімвал перамогі, трыумфу. Грэкі і рымляне ўшаноўвалі імі сваіх герояў. Адсюль і назва «лаўрэат». А спачываць на лаўрах — супакоіцца, заленавацца, заганарыцца, супыніцца ў развіцці.

Ці спакойна жывуць нашы Лаўровы, Лаўрусенкі, Лаўрэнавы, Лаўранцюкі, Лаўранчукі, Лаўрыненкі? Прыклад ім ёсць з каго ўзяць. А хаця б з Лаўрэнція, епіскапа тураўскага, пераемніка Кірылы Тураўскага, уведзенага ў сан святога. Яго дзень памяці — 11 лютага. А яшчэ — з манаха Лаўрэнція, які ў XIV стагоддзі, будучы ў манастыры Ніжняга Ноўгарада, перапісаў помнікі пісьменства «Аповесць мінулых гадоў», «Павучанне Уладзіміра Манамаха», «Жыціе Аляксандра Неўскага», «Паданне пра Рагнеду». Выдавецкая дзейнасць манаха ўвайшла ў гісторыю культуры чалавецтва пад назвай «Лаўрэнцьеўскі летапіс». Во якімі меркамі можа вызначацца і ацэньвацца жыццё чалавека на зямлі!

Яшчэ больш рэдкімі сталі цяпер даўнейшыя імёны Лін, Лонгін, Лісімах. Імі амаль не называюцца сучасныя дзеці, ва ўсялякім разе ў нашым Рэчыцкім раёне. У памяць аб іх засталіся толькі прозвішчы.

Пра імя Лін склаў сваё меркаванне пісьменнік Уладзімір Юрэвіч: «Было ў грэкаў мужчынскае імя Лінас, утворанае ад гэткага ж слова «лінас», што азначае — журботная, сумная песня. Выканаўцаў такіх, поўных журбы, смутку, песень называлі лінасамі. Прыйшоўшы да нас, імя Лінас займела самабытнае напісанне і гучанне — Лін. Адпаведна ўтварылася і жаночае імя «Ліна» Так гэта ці не, а сярод нас жывуць Лін, Ліневіч, Лінец, Лініч, Лінічэнка, Лінкевіч, Ліннік, Лінскі. Ды зноў жа не будзем катэгарычнымі, бо апроч імені Лін ёсць рыба лінь, а ў нашым, шоўкаўскім, вымаўленні — лін. У маракоў вельмі моцны тонкі канат называецца «лінь». Прозвішча Ліннік, магчыма, утворана ад слова «ліняць». Бачыце, зноў набіраецца мноства здогадаў, хаця мы «ехалі», здавалася б, па роўнай дарозе.

Лонгін (Логвін), што азначае ў лаціне доўгі, даў жыццё прозвішчам: Логвін, Лагвіненка, Лагвінец, Логвінаў, Лагвінюк, Логінаў. Сярод нашых землякоў добра ведаю аднаго Логвіна — Валерыя Мікалаевіча, які доўгі час быў галоўным рэдактарам «Гомельскай праўды», а ў Мінску стаў дэпутатам Нацыянальнага сходу, узначаліў рэспубліканскую «Народную газету».

У Лісімаха (Лісіма), які спыняе бітву, ёсць у Рэчыцы родзіч — Лісіменка. Дзень памяці святога Лісімаха-мучаніка — 22 сакавіка. На гэты дзень выпадае свята саракі. Сорак птушак вяртаюцца з выраю. Дзень з ноччу сілай мераецца. Вясновае раўнадзенства абуджае прыроду ад сну.

 

М. Малітва Макарыя

Прымаўка кажа: «Не ўсялякаму можна птушкаю быць». Але ж хацець лятаць ніхто не забараняе, жадаць гэтага — ужо адчуваць сябе на вышыні. Дык ляцім да тайнаў свайго радаводу, бо хто тайну знае, той усё мае.

Вось надумаў падмагчы рэчычанам, якія маюць у аснове свайго прозвішча імёны святых на літару М, і за галаву схапіўся. У гэты раздзел просяцца 22 імёны, звыш 150 прозвішчаў. Каб ва ўсіх пагасцяваць па дню, трэба некалькі гадоў. Пра сем'і на М можна пісаць асобную кнігу. І я вымушаны пакуль што скласці толькі хроніку іх гістарычнага радаводу.

Маісей (Майсей) мае дзесяць форм імені. Назва паходзіць са старажытнаяўрэйскай мовы — з вады ўзяты, выратаваны з вады. Царква ўшаноўвае прарока Майсея (17 верасня), прападобных Майсеяў (27 студзеня, 8 сакавіка, 29 чэрвеня, 8, 10 жніўня, 10 верасня, 11 кастрычніка) і свяціцеля Майсея (7 лютага). У народзе лічаць, што святы Маісей — абаронца ад запойнага п’янства. Гэты імянінны дзень вельмі шанавалі жанчыны.

У нашым раёне жывуць сем'і: Майсеенка (у рускім варыянце пішуцца Майсеенко і Моисеенко), Майсееў, Майсюкоў, Масяйкоў, Масяйчук.

Макей у грэчаскай мове — насмешнік. Два святыя ўславілі гэта імя — мучанік і свяшчэннамучанік. Іх імяніны — 24 мая, 11 лютага, 16 ліпеня. На Макея нашы продкі прадказвалі надвор’е на лета: «Мокра на Макея — і лета не перасушыць, а сухім Макей прыйшоў — і лета не намочыць». Цікава, а якое «надвор’е» ў рэчыцкіх Макеяў, Макеенкаў, Макейкавых?

Максім у лацінскай мове — найвялікшы. Старажытныя рымляне казалі: «Максімус натус сум!» Гэта азначала: «Я — найвялікшы, вялікі па нараджэнню, я — старшы!» Імя мае шэсць святых: свяціцель, свяшчэннамучанік, мучанік, прападобны, прававерны і блажэнны. У іх — дваццаць імянінных дзён, а па-іншаму — дзён Анёла-ахоўніка. Існуе зварот да Анёла, які варта б ведаць не толькі ўсім Максімам: «Прыйдзі да мяне, мой Анёл-ахоўнік, і ніколі мяне не пакідай, куды б я ні пайшоў (пайшла). Амінь». У Рэчыцкім раёне жывуць сем'і з прозвішчамі: Максіменка, Максімаў, Максімчук, Максімюк. А калі ўлічыць, што ад Максіма вучоныя выводзяць імёны Макс, Махно, то сюды прыпішам і прозвішчы Максакаў, Махнёў, Маханько. Святкуйце, усе Максімавы, дзень Максіма ды звярайце свой настрой з прыродным надвор'ем: «Калі на Максіма надвор’е яснае — будзе ранняя вясна, калі ясны золак — чакай марозаў».

Ад Малахія пайшлі нашы прозвішчы: Малахаў, Малахоўскі, Малахоткін, Малашэнка, Малашкоў, Малашчанка. З яўрэйскай мовы імя Малахій (Малах, Малаш, Малафей, Молаш) — пасланец Божы. Імяніны святога прарока Малахія 16 студзеня. У гэты дзень даўней звалі знахароў, каб вылечыць хворых. Вартавалі кароў, бо ў гэты дзень, казалі, ведзьмы, вяртаючыся з гуляння, задойвалі кароў да смерці. Ёсць на Гомельшчыне вёскі Малахоўскае, Малашкавічы, Малашкі.

Мамант (Мамон) — святы мучанік, імя ў грэчаскай і лацінскай мовах азначае маці, карміліца. Яго дні — 15 верасня, 20 лістапада. Ад імені і сучасныя прозвішчы — Мамонаў, Мамантаў. Прозвішча можа паходзіць і ад старажытных жывёлін мамантаў, якія некалі гулялі па лясах і пушчах Прыдняпроўскага краю. Нездарма ж, відаць, існуе слова «мамон», што ў пераносным сэнсе азначае — абжора, есць, як мамант: «Мамон гнетет, так и сон не идет». У Пензенскай вобласці «мамоніць» — спакушаць, вабіць, зачароўваць, а ў некаторых іншых мясцінах Расіі «мамоніць» — аб’ядацца, піць за чужы кошт. А ў Беларусі вядомы браты Мамонічы — Кузьма, Лукаш, Лявон, якія некалі не пашкадавалі грошай на асвету людзей. На іх сродкі Пётр Мсціславец заснаваў друкарню і выдаў на беларускай і царкоўнаславянскай мовах «Буквар», «Граматыку славянскую», «Статут Вялікага княства Літоўскага» (1588). Славім мы і сёння тых шчодрых братоў Мамонічаў.

Ад святога Мануіла (вызначэнне Божае) пайшлі прозвішчы Мануілаў, Мануйлін, Мануйлаў, Манойленка, Манойла. Усяго налічваецца 15 форм прозвішча. Дні святых імянін — 4 лютага, 9 красавіка. А вось 30 чэрвеня ўшаноўваецца памяць не толькі Мануіла, а і яго братоў Савела і Ісмаіла. Летапісцы сведчаць пра іх: «Яны паходзілі з вядомага персідскага роду. Дзяцей выхоўвала маці ў цвёрдай веры Хрыстовай. Калі яны былі на ваеннай службе, іх накіравалі ў якасці паслоў для заключэння мірнага дагавора з імператарам Юліянам Адступнікам. Ганарлівы і самаўпэўнены Юліян прыняў іх з належнай пашанай. Аднак за тое, што яны адмовіліся прыняць удзел у ахвярапрынашэнні, разгневаны Юліян загадаў пасадзіць іх у вязніцу як злачынцаў, хаця яны былі мірнымі пасланцамі чужой краіны. На допыце ён сказаў ім, што калі яны не паважаюць ганаруемых ім багоў, то не можа быць паміж іх краінамі ні згоды, ні міру. Зразумеўшы, што вера братоў цвёрдая, імператар загадаў іх жорстка катаваць. Святых мучанікаў падвесілі, цвікамі прыбілі рукі і ногі да дрэва, прабілі галаву, пад пазногці загналі вялікія спіцы. Святым мучанікам адсеклі галовы. Астанкі іх Юліян загадаў спаліць, аднак у гэты час нечакана адбыўся землятрус, «зямля раскрылася і прыняла ў свае нетры рэшткі святых мучанікаў». Праз два дні пасля працяглых малітваў хрысціян зямля вярнула іх рэшткі. Многія з тых, хто стаў сведкам здзейсненага цуду, паверылі ў Хрыста і прынялі хрышчэнне. З вялікай пашанай хрысціяне пахавалі святыя мошчы. Даведаўшыся аб забойстве сваіх паслоў, персідскі цар выступіў супраць Юліяна Адступніка. Адбылася вялікая бітва, у якой персы перамаглі грэкаў, імператар быў забіты». Ёсць павер’е, што людзі, якія нарадзіліся 30 чэрвеня, як і мучанік Мануіл, надзейныя ў жыцці і працы, ніколі не дадуць сябе ў крыўду. Быць іх сябрам вялікі гонар.

Прападобны Мар (Марута, Марэй, Марук, Марэш) — рука — у дзень свайго Анёла (7 лютага) «даваў» імёны нованароджаным. А разам з іменем і надзею — быць цвёрдай, вернай рукой у жыцці. Ад імені і сучасныя прозвішчы — Марук, Марэш.

Міратачывыя Міраны (Мірон, Міраш), свяціцель і мучанік, далі жыццё прозвішчам Міранкоў, Мірановіч, Мірыновіч, Міркін, Міроненка, Міронаў, Мірончык, Мірашнікоў, Мірашнічэнка.

Марк (сухі, вялы) — больш распаўсюджанае імя. Яго ўславілі, увекавечылі святыя чатырох рангаў: апостал, свяціцель, мучанік, прападобны. У іх — пятнаццаць дзён-імянін і вялікі, аб’ёмны ланцуг прозвішчаў: Маркаў, Маркавец, Марковіч, Маркоўскі, Маркаўцоў, Марчанка, Марчанкаў, Марчык, Маркевіч, Маркін, Маркітан. На Марка (24 сакавіка), кажуць людзі, зязюлька свой голас падае, штодзённа пасля кукуе. Гэта засведчана і ў народных спевах:

Як вылецела зязюля

З шчырага бору на поле:

— Во цяпер я тута палятаю,

З крынічкі вадзічкі нап’юся,

А й тута кукаваць навучуся...

У мучаніка Марына (марскі) свае радаводныя прозвішчы — Марынчык, Марынчук. У Маўра (цёмны) — Маўрын. У Мілія (яблычны) — Мілюта, Мільто. У Меркурыя (Мяркула) (купец) — Мяркулаў, Мяркур’еў. У прарока Міхея (падобны Богу) — Міхееў. У клапатлівага Мялеція (Мяленція) — Мяленцьеў, Мелянец. У свяціцеля Мяфодзія (упарадкаваны) — Міхед, Міхедзька, Мяхедаў, Няфёдаў.

А вось Марцін мае 22 формы імені і 33 формы прозвішча. І сярод святых зямлі беларускай ёсць прападобны Марцін Тураўскі. Дзень яго імянін 10 ліпеня. Ён служыў поварам у біскупаў тураўскіх — Сімяона, Ігнація, Іаакіма, пасля пасяліўся ў Барысаглебскім манастыры, меў асобную келлю. Жыццяпіс святога Марціна адносіцца да пачатку далёкага XII стагоддзя. Пра яго ёсць «Слова» самога Кірылы Тураўскага. «Родзічаў» Марціна поўна і ў нашым раёне: Марціновіч, Мартыненка, Мартынкевіч, Мартынаў, Мартыновіч, Мартынюк, Мартынок, Марцьянаў, Марцынкевіч, Марцынкоўскі, Марцуль.

Матфей (Мацвей, Мацей) у яўрэйскай мове азначае чалавек Божы. Пяць рангаў святых уславілі гэта імя. У народным ужыванні мае формы: Мацей, Мацяш, Мацеша, Мацяюк, Мац, Мацко, Мацько, Мацур, Мацэль, Мацэша, Мацюш, Мацюк, Маценя. Гэта імя вядома ў пісьмовых крыніцах ужо з XIII стагоддзя. А ўмацавана ў самых розных прозвішчах, у тым ліку і ў нашых рэчычан: Мацвееў, Мацвеенка, Мацвяйкоў, Мацвейчыкаў, Мацвіенка, Мацейка, Мацюх, Мацюхоў, Мацюшоў, Мацюшэнка, Мацюшын, Мацюшчанка, Мацяшоў, Мацкевіч, Мацура, Мацуеў. «Танцуй, Мацей, не шкадуй лапцей». Хай кожны родзіч Мацвея па-добраму ўпусціць у сваю душу, у свой характар гэту вельмі яскравую прымаўку-заклік.

Сёння нават сучасныя дзетсадаўцы ведаюць, што міна — гэта зброя. Ведаюць і «міннае поле», і «мінашукальнік», і «мінёр». А вось што даўней хлопчыкам давалі імя Міна (месяцовы), яны дакладна не ведаюць. Яго надавалі немаўлятам у гонар маладзіка нябеснага, каб яны заўсёды былі маладымі, яснымі, прывабнымі. Увекавечылі гэта імя святыя: свяціцель Міна, біскуп полацкі, не без яго ўдзелу ўзрасла Еўфрасіння Полацкая (З ліпеня), мучанікі (2 сакавіка, 24 лістапада, 23 снежня), прападобнамучанікі (25 красавіка, 4 лістапада), прападобны Міна (18 студзеня). «Сведкамі» гэтага светлага імені, яго носьбітамі, прадаўжальнікамі з’яўляюцца рэчычане, якія маюць прозвішчы: Мінаеў, Мінакоў, Міналькін, Міненка, Мінянкоў, Мінін, Мініч, Мінкоў, Мінаў, Мінцюкоў, Мінчанка, Мінчук, Мінькоў, Мінюхін. Ці помняць, ці шануюць гэтыя людзі тое радзільнае, анёльскае імя, якое носяць у сваім пашпарце?

Свяціцель Мітрафан, патрыярх канстанцінопальскі, пражыў 117 гадоў. За сваю шчырасць і пакорлівасць атрымаў ад Госпада дар прадбачання. Дзень яго імянін — 16 чэрвеня. У Шоўкавічах старыя казалі: «З Мітрафана грэчку сей, тады будзеш мець ураджай». Але, на жаль, старшыня прыслухоўваўся болей да ўказанняў з раёна. І мы рэдка елі грэчневую кашу. У Рэчыцы жывуць Мітрафанавы, спадчыннікі нейкага Мітрафана, названага ў гонар святога Мітрафана, мошчы якога знаходзяцца ў Канстанцінопальскім храме.

А самае распаўсюджанае імя — Міхаіл. Яно ўганаравана ў царкоўным іменаслове дзесяццю (!) рангамі святых, сярод якіх ёсць нават архангел Міхаіл. Яго імяніны 19 верасня, 21 лістапада. Гэта імя ў яўрэйскай мове азначае роўны Богу, як Бог. А цяпер парадуемся, што сярод нас жывуць вельмі шмат людзей, прозвішчы якіх паходзяць ад святога Міхаіла: Міхаленка, Міхайлаў, Міхайлоўскі, Міхайленя, Міхайлюк, Міхайлік, Міхайлічэнка, Міхалап, Міхалёў, Міхалеўскі, Міхаленка, Міхаленкаў, Міхалёнак, Міхалевіч, Міхалка, Міхалкін, Міхалько, Міхалькоў, Міхальцоў, Міхальчанка, Міхальчук, Міхасёў, Міхед, Міхедаў, Міхядзенка, Міхедзька, Міхасенка, Міхлін, Міхнеў, Міхневіч, Міхалюк, Міхно, Міхнавец, Міхута, Мішакоў, Мішын, Мішонаў, Мішуцін, Мішураў, Місько, Місючэнка, Міхніцкі. Усе яны хай падумаюць, ці заўсёды жывуць так, як жылі архангел Міхаіл, роўнаапостальны Міхаіл, свяціцель Міхаіл...

І найлепш пра гэта задумацца ў дзень Міхайлы (21 лістапада), калі нельга нічога рабіць, каб гром не біў нас. Нельга ні сякерай, ні нажом працаваць, ні кросны ткаць, каб не пакрыўдзіўся Міхайла. У гэты дзень нават мядзведзі ідуць на спячку. Калі на Міхаіла на сцёках лёд, то будзе ў пчалаводаў мёд. Міхайла масты мосціць, праязджае на белым кані. Зіма куе марозы. Жывёлу ставяць на зімовы корм. Калі на Міхайла іней — чакай снежнай зімы, калі туман — будуць адлігі. У Міхайлаў дзень унукі наведвалі сваіх бабуль, дзядуляў. Чаго жадаем і сённяшнім камп’ютэрна-тэлевізарным унукам, бо ім жа несці далей слаўныя фамільныя скарбы.

А мы прыгадаем яшчэ адно святое імя — Макарый (Макар). Грэчаскае слова «макарыёс» — шчаслівы, блажэнны. Ад яго ў нас прозвішчы: Макарэвіч, Макаранка, Макарэц, Макараў, Макарушка, Макар'еў. Давайце разам са святым Макарыем прамовім малітву БогуАйцу, упусцім яе ў наша сэрца:

«Божа вечны і Цару ўсяго стварэння, Ты спадобіў мяне дажыць да гэтай гадзіны; прабач мне грахі, што я зрабіў у гэты дзень учынкам, словам і думкаю, і ачысці, Госпадзі, прыгнечаную маю душу ад усякай нечыстаты плоці і духу. І дай мне, Госпадзі, у гэту ноч спакойны сон, каб, устаўшы з майго ўбогага ложа, я рабіў угоднае прасвятому імені Твайму ва ўсе дні жыцця майго і перамагаў ворагаў, якія нападаюць на мяне, плоцкіх і бясплотных. І пазбаў мяне, Госпадзі, ад марных думак, якія апаганьваюць мяне, і ад кепскіх жаданняў. Бо Тваё ёсць Царства, і сіла, і слава — Айца, і Сына, і Святога Духа цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь».

 

Н. Навумава радня

Святы Навум (суцяшальнік) парадзіў прозвішча Навуменка. Такіх сем’яў толькі ў Рэчыцкім раёне больш за сорак. А сярод ўсіх Навуменкаў найбольш вызначыўся Іван Якаўлевіч Навуменка з Васілевіч.

Мажны, шырокі ў плячах, чалавек-волат, ён і ў жыцці, і ў працы гэткі ж прыкметны, важкі, маштабны. Сын чыгуначніка, Іван Навуменка выпрабаваў свой характар падчас вайны. Быў падпольшчыкам, партызанам, ваяваў на Ленінградскім і 1-ым Украінскім франтах, на Кольскім перашыйку, у Сілезіі. Усё ўбачанае і перажытае лягло ў яго раманы «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах», «Сорак трэці», «Смутак белых начэй». З-пад таленавітага пяра Івана Навуменкі выйшла багата кніг мастацкай прозы і навуковых манаграфій.

І як вынік — шырокае прызнанне яго таленту: народны пісьменнік Беларусі, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук, заслужаны дзеяч навукі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі рэспублікі.

— А мог быць Навуменка і з іншым прозвішчам, — каменціруе наш зямляк, знакаміты вучоны, пісьменнік Сцяпан Лаўшук. — У Навуменкаў мянушка Калкі. Яго бацька Яшка Калкоў прывёў жонку з Бабіч, шырокай косткі баба. А ён — чысцейшай вады Калок, вузкі, сутулы...

Але прозвішча Навуменкі (гэта дакладна!) ад нейкага продка Навума, які атрымаў сваё імя ці то 14 снежня, у імянінны дзень прарока Навума, ці то 11 лістапада, у імянінны дзень мучаніка Навума. Ад гэтага святога імені ў нашым раёне жывуць сем’і з прозвішчамі Наумік, Навумаў, Навумовіч, Навумчык.

Імя Нікалай (Мікалай) — адно з самых распаўсюджаных. Так завуць і вядомага беларускага гумарыста, сатырыка Вяршыніна:

У мяне імя — Мікола,

І таму я вельмі рад.

Не сумую з ім ніколі

І ў пашане у дзяўчат.

Як узімку, так і ўвесну—

Весялюся я ўдвая,

Вершы лепшыя і песні

Пра Міколу чую я...

А яшчэ Мікола Вяршынін ганарыцца тым, што яго імя ў пашане ў насельнікаў іншых краін. Толькі там яно вымаўляецца па-свойму: Нікалас, Нікколо, Нік. Аб’ядноўвае іх слова «Ніка» — перамога.

Так, Мікалай — пераможца народаў; народны герой. Царква святкуе імяніны семярых святых Міколаў. У іх — 77 хрысцільных імёнаў.

Пашанцавала людзям і на прозвішчы ад Міколы. Яны, самыя розныя, ёсць і сярод рэчычан. Вельмі распаўсюджанае — Нікалайчык. Жывучыя і трывалыя яшчэ такія: Нікалаеў, Нікалаевіч, Нікалаенка, Нікалаенкаў, Нікалайчук, Нікалюк, Нікулін, Нікульшын, Мікалюк, Мікула, Мікулінскі, Міклаш, Колік, Колікаў, Кольчаў.

Цікава, што яшчэ шэсць імёнаў аб'ядноўвае грэчаскае слова «перамога». Гэта — Нікан (пераможца), Нікадзім (пераможца народа), Нікіфар (Нічыпар) (перамаганосец), Нікіта (Мікіта) (пераможца), Ніканор (той, хто сузірае перамогу), Нікандр (чалавек перамогі). У кожнага імені — свае святыя, свае святы. Іх павінны ведаць Ніканы, Ніканенкі, Ніканавы, Ніканчукі, Ніканоравы, Нікіценкі, Нікіценкавы, Нікіціны, Нікіцюкі, Мікіценкі, Мікіцюкі, Нікіфаравы, Нікіфаровічы, Нічыпаровічы, Нічыпарковы...

Хрысцільнае імя Нія (чорны, каламутны) ажыло ў прозвішчы Нілаў. Святы Назарый (Назар) (прысвечаны Богу) як бы адраджаецца ў прозвішчах маіх землякоў Назарэвіч, Назарэнка, Назарка, Назараў. Але і гэтых простых ісцін людзі, на жаль, не ведаюць. Піша мне з вёскі Маканавічы Назаранка Соф’я Піліпаўна: «Цяпер я Назаранка, а дзявоцкае прозвішча — Кандраценка. Адкуль пайшлі гэтыя фаміліі, я не знаю. Мянушка наша ў вёсцы — Туркі. Бабуля некалі паведала, што мой прадзед ваяваў у Турцыі і прывёз сабе жонку-турчанку. Дзеці іхнія сталі Туркамі... Прабачце, мо дрэнна напісала. Дрэнна ўжо бачу, рукі трасуцца. У мяне вельмі складанае і цяжкае жыццё было. Можна з яго пісаць цэлую аповесць...»

Імя Нестар (Несцер) уславілі святыя Нестары — свяшчэннамучанік, мучанікі, прападобныя.

Гэта імя, якое ў грэчаскай мове азначае той, хто вярнуўся дадому, на радзіму, вяртанец, насіў і вядомы старажытнарускі пісьменнік, гісторык Нестар. Подзвіг манаха Кіева-Пячэрскага манастыра ўвекавечаны ў «Чытаннях пра жыццё і гібель Барыса і Глеба», у «Жыціі Феадосія Пячэрскага». Ён — заснавальнік летапіснага жанру на Русі.

У Беларусі ёсць любімы герой казкі Несцерка. Разумны, спрытны, хітры, мудры і вясёлы хлопец-бядняк. Даў яму доўгае літаратурнае жыццё вядомы пісьменнік Віталь Вольскі.

Нашы рэчычане ад імені Нестар маюць адпаведныя прозвішчы: Несцер, Несцярэнка, Несцяркоў, Несцераў, Несцяровіч, Несцярук, Несцярчук. Дзе, у якіх геаграфічных мясцінах ці краінах яны займелі свае суфіксы і свае канчаткі, пры якіх абставінах і калі іх род атрымаў такое прозвішча? Усе гэтыя ды шмат іншыя пытанні — дамашняе заданне, кантрольная з невядомым, неразгаданым лікам «ікс». Галоўнае, каб мае землякі задумаліся аб гісторыі сваёй сям’і, каб ім было што перадаць у духоўную спадчыну сваім дзецям.

 

П. Пётр і Павел — апосталы

У царкоўным календары семдзесят восем імянінных дзён святога Пятра. Кожны тыдзень згадваецца гэта імя на набажэнствах, кожны тыдзень (так было даўней) у дзень святога Пятра нованароджаныя беларусікі атрымлівалі ў спадчыну яго імя.

Пятроў дзень увайшоў у фальклор, у народны каляндар. Мужыкі ведалі: 3 студзеня, у дзень Пятра, палова зімовых запасаў ужо з’едзена. Верылі, калі гэтым днём снегу надзьме, то хлеба прыбудзе, сена нарыхтуецца. Калі дзень сухі, марозны — чакай сухога лета. У чэрвені пачынаецца загавенне на Пятроўскі пост. У гэтым летнім месяцы адзначаецца і Пётр-Капуснік. Ад яго дня сонца пачынае паварот на зіму, а лета — на гарачыню. Сонца сцішвае свой ход, а месяц на прыбытак ідзе. Выпадаюць вялікія росы. 12 ліпеня зноў дзень Пятра. Пра яго казалі: «Прыйшоў Пятрок — апаў лісток». Дажджлівы Пятроў дзень — ураджай багаты. Да гэтага дня заціхаў салавей, змаўкала зязюля. На восеньскага Пятра (23 верасня) пачыналі рваць рабіну ды прыкмячалі: «Рабіна з буйнымі гронкамі — зіма з маразамі звонкімі». У гэты час сонца ўступае ў сузор’е Шаляў, пачынаецца асенняе раўнадзенства.

Во якія прыкметныя Пятровы дні. Іх падаравалі нам святыя дзесяці рангаў: апостал, свяціцель, свяшчэннамучанік, мучанік, прападобнамучанік, прападобны, святы, дабраверныя цар і князь. Імя прыйшло да нас з Грэцыі. Там яно азначала — камень, каменная глыба, скала, уцёс. Такім маналітам уяўляўся і чалавек Пятро, асоба адметная, руплівая, гаспадарлівая. Відаць, ад яго і пайшлі па нашай Гомельшчыне заселішчы Пятроў: вёскі Пецькаўшчына, Пятровічы, Пятроўшчына, пасёлак Пятроў, горад Петрыкаў.

Ад гэтага святога імені ўтворана некалькі дзесяткаў прозвішчаў. У Рэчыцкім раёне жывуць Петракоўскі, Петрачоў, Петрашэвіч, Петрашэнка, Петрашкевіч, Пятрэнка, Петранкоў, Петранок, Петраў, Петрыенка, Петрык, Пятроў (дваццаць дзве сям’і), Петравец, Пятровіч, Пятровічаў, Пятроўскі, Петрачэнка, Пятрук, Петрукевіч, Петруковіч, Петрусёў, Петрусевіч, Пятруцік, Петручэнка, Петрушэнка, Петручэня, Петыш, Пяцякін.

Ад усіх іх памолімся малітваю Пятра Судзійскага да Прасвятой Багародзіцы:

«Няхай будзе воля Сына Твайго і Бога Майго: няхай Ён мяне збавіць, і наставіць на розум, і дасць благадаць Святога Духа, каб ад гэтага часу я пакінуў ліхія справы і далей жыў па запаведзях Сына Твайго, якому належыць усякая справа, пашана і ўлада з Беспачатным Яго Айцом, і Прасвятым, і Добрым, і Жыватворным Яго Духам цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь».

Імя Павел у перакладзе з лацінскай мовы — малы, ростам кароткі. Мо пра такіх прымаўка: «Малы залатнік, ды дарагі»?

Сярод зямных Паўлаў многа асоб кананізавана ў святыя. У іх — сорак чатыры імянінныя дні. 12 ліпеня адзначаецца дзень апосталаў Пятра і Паўла: вырасла трава, касіць пара!

У Паўла магутнае фамільнае дрэва, больш за шэсцьдзесят разгалінаванняў. У нашым раёне жывуць Паўленкі, Павельчукі, Паўлянковы, Паўлянкі, Паўлавы, Паўлаўцы, Паўловічы, Паўлоўскія, Паўлушкіны, Паўлыкі, Паўлюкі, Паўлюковы, Паўлюкаўцы, Паўлючэнкі, Паўлючковы, Паўлюшчанкі, Пашыны, Пашынскія, Пашэннікі, Пашкевічы, Пашкоўскія, Пашкі, Пашнікавы, Пашукі.

Уся Беларусь ведае нашых землякоў акадэміка-хіміка Паўлючэнку Міхаіла Міхайлавіча і пісьменніка, дзяржаўнага дзеяча, родам з Ямпаля, Паўлёнка Барыса Уладзіміравіча. У яго ёсць раман «Сяброў не выбіраюць». Гэтак жа можна сказаць і аб прозвішчах. Іх не выбіраюць, яны прыходзяць да нас па спадчыне. Усё астатняе залежыць ад нас, крыху ад абставін і часу, у якіх нам выпадае жыць.

Шмат прозвішчаў парадзіў і святы Парфеній (Парфён, Пархім, Пархом, Паршута) — цнатлівы. Гэта імя вядома ў беларускіх дакументах з XVI стагоддзя. Пераўтварылася ў прозвішчы рэчычан: Парфянкоў, Парфёнаў, Парфёнцаў, Парфянок, Пархімовіч, Пархоменка, Пархомцаў, Пархомчык, Парханчук, Пархута, Пархацкі, Пархяйчук, Паршакоў, Паршуткін.

Святы Пракопій (Пракоп, Пракофій) — які пераганяе, паспявае увекавечыў сваё імя ў прозвішчах Пракапенка, Пракопаў, Пракопчык, Пракоп’еў, Пракоф’еў, Пракапчук. У кожнага з іх свой дзень нараджэння, а ёсць і імянінныя, кананізаваных Пракопіяў. Іх варта помніць: 3 студзеня, 12 сакавіка, 13 красавіка, 21 ліпеня, 23 лістапада.

На перазімніка Пракопа кажуць: «Ну што, загнаў Пракоп і цябе ў гурбу?» А на летняга Пракопа спявалі.

Дай нам, Божа, пагодачку

Ды на нашу работачку.

Мы работку рабіць будзем,

Мы пагодку хваліць будзем.

 

Жывуць нашы Процкі, Процкіны і не ведаюць, што іх прозвішчы паходзяць ад святога Пратасія (прадвадзіцель). У народзе яго імя мае больш за дзесяць іншых форм, у тым ліку — Пратас, Проц. Ад іх і ўтвораны прозвішчы рэчычан Пратасаў, Пратасенка, Працэнка, Процык, Процка, Працко, Пратасюк, Пратасавіцкі. Як бачыце, і ў нашым раёне жывуць героі слыннай камедыі Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта» — Пратасавіцкі і Ліпскі. А што здзіўляцца? Мы ж таксама палешукі, у нас таксама гуляе кроў і мужыцкая, і шляхецкая. Ды хто ведае, якая яшчэ!

У перакладзе з грэчаскай мовы Прохар — начальнік хору, запявала. Ёсць Прохар-апостал (17 студзеня, 10 жніўня), Прохар-мучанік (24 красавіка), Прохар-прападобны (28 студзеня, 28 лютага, 6 ліпеня, 11 кастрычніка). Ад іх нашы прозвішчы: Прахарэвіч, Прахарэнка, Прохараў, Прошкін. У энцыклапедыю ўвайшоў ураджэнец Рэчыцкага павета Іван Дзянісавіч Прахарэнка, доктар эканамічных навук, прафесар, заслужаны работнік вышэйшай школы.

Рэдкае імя Паліен (Палуян) (шматхвальны) дало народзіны прозвішчу Палуян. А ў нашым раёне — Палуянчыкам.

Ад Памфіла (Панфіла) пайшлі Панфіленкі. У грэчаскай мове Памфіл — усім мілы. І сярод нашых старажылаў жыве такая прымаўка: «Пры грашах Панфіл усяму свету міл, а без грошай Панфіл — нікому не міл».

Святы Панкрацій (усёмагутны) даў прозвішча Панкратавым. Уладар усіх Пасікрат (Пасій, Пас, Пасюта) — Пасютам, Пасавым. Пахомій (шырокі ў плячах) — Пахомавым. Мучанік Піна (пярліна) — Пінаевым. Прападобны Пуплій (народны) — Пупачам.

Ад святога Панцеляімана (Панцялея) выводзяцца прозвішчы Панцялееў, Панцялеенка, Панькоў, Панькіў, Панчанка. Магчыма, некаторыя з іх і ад «пана» ды «паншчыны», якія квітнелі ў эпоху феадалізму. Нашы продкі тады адбывалі паншчыну: два дні ў тыдзень бясплатна гарбелі на пана, выходзілі па яго загаду на талокі, гвалты, плацілі грошавы аброк (чыншы) і аброк натурай.

Патапій (Патап) у грэчаскай мове азначае літаральна шкоднік, які топча працу нагамі. Ёсць хрысцільнае імя святога прападобнага Патапія (21 снежня). А Патапам народ называе мядзведзя, Мішку-Патапыча. От хай цяпер і думаюць усе нашы Патапенкі (больш за трыццаць сем’яў), Патапавы, Патаповічы, Патапчанкі, Патапчыкі, адкуль, ад каго ў іх такія прозвішчы. Ці топчуць яны працу (сваю, чужую) нагамі, ці прадаўжаюць добрыя ўчынкі святога Патапія?

Пімена (пастыр) увекавечыў А. Пушкін у «Барысе Гадунове». Піменам называўся патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі. Пімена Панчанку, народнага паэта Беларусі, я бязмежна люблю і веру, што такія пачуцці ў шматлікіх прыхільнікаў яго таленту. Хай жа такой любоўю будуць агорнуты і нашы сем’і Піменаў, Пімашэнкаў, Піманаў.

Платон (Плат, Платун) у грэчаскай мове — шырокі. У царкоўным іменаслове адзначаюцца Платон-свяшчэннамучанік (14 студзеня), Платон-мучанік (1 снежня), Платон-прападобнамучанік (15 жніўня), Платон-прападобны (18 красавіка). А сярод рэчычан ёсць Платонавы, Платавы. Ад каго іх прозвішчы: ад святога Платона ці ад Платона-філосафа, вучня Сакрата, які жыў задоўга да новай эры? Для ўсіх нашых сучаснікаў укінем у памяць некалькі парад старажытнага мудраца Платона:

• Быць ніжэй за самога сябе — гэта не што іншае, як невуцтва, а быць вышэй за самога сябе — не што іншае, як мудрасць.

• Трэба правяраць чалавека ў цяжкасцях, небяспецы і радасцях.

• Пазбегнуць смерці прасцей, чым пазбегнуць сапсаванасці. Яна наганяе імклівей як смерць.

• Усё сваё жыццё трэба з глыбокай пашанай ставіцца да сваіх бацькоў.

• Усё золата, што ёсць на зямлі і пад зямлёй, нельга параўнаць з дабрачыннасцю.

 

Р. Раман моцны

У народнай песні Раман выводзіцца зухаватым, смелым хлопцам. Дзяўчына просіцца ў яго: «Раман, Раман, Раманіку, пусці мяне да доміку. Я не родну маці маю, будзе біці — добра знаю». Але ж дзяўчына сама прызнаецца маме, што з Раманам кахаецца. Відаць, моцнае было пачуццё, бо яна даводзіць далей, што з іх «будзе пара адпаведна», хаця Раман высокі, а яна — нізка, ён багаты, а яна — бедна, ён чарнявы, а яна — бялява.

Такія вось Раманы-мацакі (у грэчаскай мове — моцныя). Гэта імя даўней было вельмі папулярным. Нездарма дынастыя цароў і імператараў Расіі з 1613 па 1917 год паходзіць з баярскага роду Раманавых. А той род, даказваюць вучоныя, мае літоўска-беларускія карані. У гэтым магутным радаводным дрэве і жонка Івана Грознага Анастасія.

На нашай Гомельшчыне нямала паселішчаў, якія названы ў гонар Рамана: вёскі Раманаўка, Раманава, Раманішчы, пасёлак Раманаў Лес, Раманчыкаў Хутар. А рэчычане носяць гэта імя ў сваіх прозвішчах: Раманенка, Раманаў, Раманавец, Рамановіч, Раманоўскі, Раманцоў, Раманчанка, Раманчук, Раманькоў, Раманюга, Раманюк, Рамашкевіч, Рамашка, Рамашчанка.

Для падказкі нагадаем ім усім, што царква ўшаноўвае чатыры рангі святых Раманаў: мучаніка (11 лютага, 23 жніўня, 1 верасня), прападобнага (6 ліпеня, 14 кастрычніка, 10 снежня), святога (8 верасня), дабравернага князя (16 лютага, 15 мая, 1, 6 жніўня). А яшчэ ёсць літаратурны твор раман, у якім, як правіла, апісваюцца незвычайныя, лірычна-драматычныя, камічна-рамантычныя, гістарычна-трагічныя адносіны паміж дзяўчынай і хлопцам, жанчынай і мужчынам. У побыце гэта называецца прасцей — круціць раман, закахацца па вушы. Можа, і наш Раманец паходзіць не ад святога Рамана, а ад мянушкі, дадзенай яго продку за тое, што некалі трапіў ў раман-раманец.

З асаблівай пачцівасцю стаўлюся да святога Радыёна. У грэчаскай мове гэта герой, гераічны чалавек, воін. Царква кананізавала апостала Радыёна (17 студзеня, 21 красавіка, 23 лістапада) і прападобнага (11 кастрычніка).

Ад гэтага святога імені ўтворана 44 варыянты прозвішчаў. Сярод іх блізкія майму сэрцу тры: Радзюкевіч, Радкевіч, Радзікевіч.

Нашы рэчычане носяць і іншыя прозвішчы ад святога Радыёна: Родзін, Радзанаў, Радзінін, Радзевіч, Радзіеўскі, Радзіёнаў, Радковіч, Радцэвіч, Радчанка, Радчыкаў, Радчук, Радзько, Радзькоў, Радзьковіч, Радзюк, Радзюшка.

Пісьменнік Уладзімір Юрэвіч даводзіць, што Радзюкі паходзяць ад слова «рад», шнур. Будаваліся, маўляў, радамі, пад шнур. Відаць, ёсць падставы і для такога меркавання.

Імя Рыма (Рымка, Рымша) таксама святое. У лацінскай мове азначае — кінуты. Кім і за што кінуты? З гэтым хай разбіраюцца нашы Рымшы, Рымарчукі, Рымашэўскія, Рымкевічы, Рымкі, Рымеры, Рыманенкі.

Для падказкі нагадаем, што рымар у беларусаў — гэта майстар, які займаецца вырабам раменнай збруі. Дарэчы, у Мінску ёсць невялікая вуліца Рымарская, яна якраз па дарозе ў маю «Вясёлку». На ёй часам экзаменую маладых людзей: чаму вуліца мае такую назву? Пацепваюць плечукамі. Ім лягчэй адказаць, што новенькага з’явілася на інтэрнэтаўскім сайце Майкла Джэксана.

Рымша — герой беларускай казкі «Пану навука». Ён жыў на Рымшавай гары ў Мазырскім павеце і помсціў пану-самадуру за ўсе людскія слёзы. Рымша, хаця і сірата, выводзіцца ў казцы здатным, удалым, гордым хлопцам. Хай гэтыя чалавечыя рысы выхоўваюць у сабе нашчадкі Рымшавага імені.

І зусім рэдкае імя Рафаіл. На яго можна было б не звярнуць увагі, але ж ёсць архангел Рафаіл. Яго імянінны дзень 21 лістапада. У Польшчы гэта імя вымаўляецца па-свойму — Рафал. Яно вядома з XII стагоддзя. А ў нашай Рэчыцы жывуць Рафальскія. Якое дачыненне яны маюць да Рафаіла — ацалення Божага?

 

С. На святы Сцяпан кожны сабе пан

Пазіраю ў неба. Нада мной самалёт выпісвае белую стужку. Яна плыве ўгору, туды, дзе космас, дзе царства нябеснае. Там і мой бацька Сцяпан, лапцюжны пан. Колькі ў вечнасці Сцяпанаў, якія панеслі з сабой і тайну імені свайго, і голас душы, і сакрэты побыту! Яны ўжо нічога не раскажуць. Давайце ж мы, хто на зямлі, паспеем нагаварыцца, паспавядацца, задумацца.

У грэчаскай мове ёсць слова стэфанос, па-нашаму — вянец, вянок. Гэты першасны сэнс і ўкладвалі бацькі ў імя сваіх дзяцей. Ім хацелася, каб яны склалі свой вянец бярвёнаў у зруб радаводу, каб займелі свой лаўровы вянок як адзнаку перамогі, узнагароды, трыумфу.

Прыкладам для ўсіх Сцяпанаў былі святыя шасці рангаў з такім іменем: апостал, свяціцель, свяшчэннамучанік, мучанік, прападобнамучанік, прападобны. У іх — 28 імянінных дзён.

Заяўлялі пра сябе і Сцяпаны-грэшнікі. Гэта імя згадваецца ў старажытных беларускіх дакументах з 1528 года. Ёсць напамін пра нейкага Стэфана Мыкініна з Мсціслава, Стэфана Радковіча са Слоніма, Сцяпана Гаўрыловіча з Навагрудка.

Дарэчы, імя Сцяпан мае каля трыццаці розных форм — Сцёпа, Сцяпук, Сцец, Сцяшко... У палякаў сваё вымаўленне — Стэфан, Шчэпан, Шчэфан. Усё гэта і паўплывала на ўтварэнне самых розных (37!) прозвішчаў ад імені Сцяпан. У нашым раёне яны амаль усе і сустракаюцца. Найбольш распаўсюджанае — Сцепаненка. А далей пайшлі вытворныя: Сцепанец, Сцяпанаў, Сцепанцоў, Сцяпанчанка, Сцепанькоў, Сцепанюк, Сцёпічаў, Сцёпкін, Сцепаў, Сцепуценка, Сцепанчук, Сцяпанчанка, Сцепашчук, Сцёпін, Сцяпкоўскі, Сцяпук, Сцяпура, Стэфанаў, Стэфановіч, Стэфаноўскі, Стэфанькін, Стэфанчук, Сцяцко, Сцяшэнка, Сцяшковіч.

Наш раён мае нават вёску Сцяпанаўку ў Заспенскім сельсавеце. Пасёлак Сцяпанаў ёсць у Добрушскім раёне, вёска Сцяпы — у Жлобінскім, вёскі Новы і Стары Сцяпанаў — у Брагінскім раёне. Як бачым, след нашых мудрых Сцяпанаў застаецца ў сямейных прозвішчах, у душах людзей, у зямных помніках.

У шырокім ужытку нашых сем’яў і прозвішчы ад хрысцільнага імені Сімяон (Сымон, Сямён, усяго 47 форм), у перакладзе з яўрэйскай — чутнасць. Найбольш уславіў гэта імя біскуп полацкі. Ён з роду князёў полацкіх, жыў у XIII стагоддзі. Атрымаў добрую адукацыю, заснаваў Нікольскі манастыр за Полацкам, у Лучне. Ён кананізаваны ў святыя свяціцелі, як «учительный, добродетельный, милостник нищнх, сирот и вдов, заступник обиженных, спаситель насилуемых».

У кнізе «Путь не печален» апавядаецца пра размову полацкага князя Канстанціна, празванага Бязрукім, са свяціцелем Сімяонам. Падчас аднаго з княжых піроў, жадаючы зняважыць свайго цівуна перад духоўным айцом, князь Канстанцін спытаў у біскупа: «Дзе будзе цівун на тым свеце?» «Там, дзе і князь», — адказаў Сімяон. «Але ж гэта цівун, — абурыўся князь. — Ён творыць несправядлівы суд, бярэ мзду, людзей прадае, мучае, ліхадзейнічае. Пры чым тут я?» Мужны, справядлівы Сімяон патлумачыў: «Калі князь добры, богабаязны, людзей мілуе, праўду любіць, тады і цівуна прызначае добрага, які мае ў сабе Божы страх, разумна, праведна творыць суд і жыве па Божых законах; тады і князь, і цівун у раі будуць. Калі ж князь Божага страху не мае, не любіць хрысціян, не мілуе сірот, не шкадуе ўдоў — тады прызначае ён і цівуна злога, які не баіцца Бога, не ведае закона Божага, а клапоціцца толькі, каб князю дагадзіць, людзей не шкадуючы. Такі князь усё роўна што на людзей напусціў вар’ята, даў яму меч, бо надзяліў уладай злоснага; такі князь з цівуном будуць у пекле».

Вось такога свяціцеля Сімяона дала нам Полацкая зямля, якая па тым часе і ўяўляла сабой Беларусь сягонняшнюю. А ці такія ж смелыя, адкрытыя, дабрачынныя паслядоўнікі святога Сімяона, носьбіты яго імені? Хай пра гэта задумаюцца нашы рэчычане: Сямак, Семакоў, Сямашкін, Семяненка, Семянец, Сяменнікаў, Сямёнаў, Семяновіч, Семянцоў, Семянчук, Семянюк, Семяняка, Семянячанка, Сёмкін, Сёмкаў, Сёмаў, Семукоў, Сямуткін, Семчанка, Семчанкаў, Сямчук, Сямякін, Сенечка, Сенін, Сянчук, Сенькін, Сянько, Сенюшкін, Сянкевіч, Сеннікаў, Сінкевіч, Сінькевіч, Сінюк, Сінюкоў.

Да Сімяона блізкае па гучанню яўрэйскае імя Сіман (паслухмяны). А вучоны М. Бірыла асобна вылучае яшчэ імя Сім, ад яго — прозвішча Сімакоў. А ад Сімана (Сымона, Шымона) — Сімончык, Сіманаў, Сіманенка, Сіманькоў, Сімановіч, Сіманін, Шыман, Шыманоўскі, Шымаў, Шымуратаў, Шымчук.

Вельмі распаўсюджаны сярод рэчычан прозвішчы ад святога Сергія (высокі, шаноўны). У яго сорак тры імянінныя дні. Можна толькі здзіўляцца, колькі новых Сяргеяў, Сяргейчыкаў, Сержукоў з’яўлялася штогод у нашых паселішчах. Ёсць нават вёска Сяргееўка ў Новабарсуцкім сельсавеце. А памяць пра святых Сергіяў (свяшчэннамучаніка, прападобнамучаніка, мучаніка, прападобнага) носяць у сваіх прозвішчах нашы грэшныя і праведныя рэчычане: Сяргееў, Сяргеевічаў, Сяргеенка, Сяргеенкаў, Сяргей, Сергіевіч, Сергіенка, Сергіенкаў, Сергін, Сяргунін, Сяргутка, Сярогін.

Нашы сучаснікі праносяць па жыцці прозвішчы і не задумваюцца, што ў іх захоўваецца памяць пра святых з рэдкімі, цяпер не зусім моднымі імёнамі. Напрыклад, роўнаапостальны Сава даў жыццё прозвішчам Савенка, Савянкоў, Савянок, Савін, Савіных, Савіцкі, Савіч, Савішнікаў, Саўкін, Саўко, Саўкоў, Саўчак, Саўчанка, Саўчанкаў, Саўчык.

Святыя Савацій (суботні) і Савел (цяжкая праца) маюць сваіх нашчадкаў у рэчычанах Савацеевых, Савельевых, Саўлевічах. Выратавальнік Сазонт (Сазон) увасобіўся ў прозвішчы Сазонаў, Сазанавец, Сазанчук. Раней былі нават такія імёны: Сакердон (Сак, Сакура) (святар), Салахон (Салоха) (забойца камянямі), Сігіп (Сіг) (у адно месца зліты), Сяліній (Сялін, Сел) (месяцовы). Сярод носьбітаў іх аб’явіліся святыя. Яны і ўвекавечылі сваё імя ў прозвішчах нашых сучаснікаў: Сак, Сакаль, Сакір, Саковіч, Сакоўскі, Сакарчук, Сакун, Салохін, Салошык, Сігай, Селін, Сяленчык, Селянкоў.

У імені Садок (Садко, Садонік, Сад) хочацца чуць і адчуваць пошум садовых дрэваў, пах крамянай садавіны. Можа, гэта і ёсць той рай з яблыкамі, на якія спакусілася Ева? Але пошукі падказваюць іншае. Было імя Садок, у персаў гэта — царскі сябра. Мо той сябра і разводзіў для цара сады? Мо той Садко і стаў героем былін, які пабываў у харомах марскога цара? Так ці не, але нашы рэчычане і па сёння носяць прозвішчы Садко, Садкевіч, Садчанка, Садошанка, Садоўскі, Садоўнікаў, Садовы. І не заўсёды ідуць у царкву 5 сакавіка, 1 лістапада, калі там святкуюцца імяніны свяшчэннамучаніка Садко.

Здавалася б, ёсць два святыя, імёны якіх вельмі роднасныя: Сафонія і Сафроній. Але першае імя паходзіць з яўрэйскай мовы (Гасподзь захоўвае), а другое — з грэчаскай (з цвярозым розумам). У іх свае лёсы, свае біяграфіі, свае імянінныя дні. Як і ў рэчычан з прозвішчамі ад іх імёнаў: Сафонаў, Сапоненка, Сапончык, Сахончык, Сахонцаў, Сафроненка, Сафронаў, Супрановіч, Супранок, Супрончык, Супрунюк.

Прачніцеся, святыя моцныя Самоны і сонечныя Сампсоны, пастукайце ў душы нашых Самонаў, Самончыкаў, Саманенкаў, Самсоненкаў, Самсонаў. Хай ведаюць вашы імянінныя дні — 5 сакавіка, 10 ліпеня, 28 лістапада. Хай зацікавяцца вашым праведным жыццём на пакутнай зямлі.

Святы Самуіл (пачуты Богам) даў прозвішча знакамітаму беларускаму пісьменніку Эдуарду Самуйлёнку, які пакінуў нам у спадчыну свой раман «Будучыня», шматлікія апавяданні і аповесці. Ёсць людзі з такім прозвішчам і ў Рэчыцы. Што яны зрабілі для будучыні? Гэта ж пытанне можна задаць і ўсім тым, прозвішчы якіх паходзяць ад святога Самуіла: Самусеў, Самусевіч, Самусенка, Самушчэнка, Самохін, Самойлаў, Самойленка, Самайловіч.

. Славянскае імя Святаслаў уславіў дабраверны князь Святаслаў. Ён загінуў у баі з печанегамі каля дняпроўскіх парогаў. А Днепр — гэта і наша, рэчыцкая, рака. Царква кананізавала князя і святкуе яго дзень 6 ліпеня. У гэты дзень з раніцы ўсе хадзілі ў лазню, каб падмацаваць свае сілы. У гэты дзень салавей заканчваў свае гастролі. Лекавыя травы, сабраныя ў гэты дзень, мелі гаючую сілу, вылечвалі ад самых розных хвароб, прыварожвалі каханых. Можа, той, каго называлі Святаславам, умеў славіць святы, абвяшчаў, аб’яўляў, праводзіў, арганізоўваў іх? Такія завадатары шанаваліся людзьмі. Ёсць і ў нас свае Святаслаўскія. Хай самі вырашаць, ці апраўдана іх жыццё на зямлі.

Годны пашаны Севасцьян увасобіў сваё імя ў святых мучаніку і прападобным. Ад яго нашы прозвішчы: Савасцеенка, Савасценя, Савасцьянаў, Савашчук, Савончык.

Ёсць імёны святых, як бы вельмі зразумелыя, — Севярын, Сіла. Але Севярын у лацінскай мове азначае — строй, а Сіла — маўчанне, спакой. Гэтыя імёны вядомы ў даўнейшых рукапісах з XVI стагоддзя. Севярын-мучанік святкуецца 17 чэрвеня, а Сіла-апостал — 17 студзеня і 12 жніўня. Ад іх, святых, нашы прозвішчы: Севярын, Северанчук, Севярынец; Сілін, Сіліч, Сілкін, Сілко, Сільчанка.

У вёсцы Унорыца я сустрэў Севярынца Мікалая Васільевіча. Яго споведзь не раскрывае тайну прозвішча, але цікавая:

— Клічка мая Лізовіч. Маці звалі Лізай. Жонка мая Жэня, а дзеці — Рэнічыхі. Тутка і бацька Васіль жыў і дзед Мікола. А чаму мы Севярынцы? Бог ведае...

Некалі ў Рэчыцкім павеце жыла землеўласніца Северава. Мела 376 дзесяцін зямлі. Батрачылі на яе многія рэчычане. Можа, некага з іх і звалі Северавы?

Сілван (лясны) вядомы як бог лясоў, палёў і статкаў і ўшанаваны як святы апостал (17 студзеня, 12 жніўня). Яшчэ ёсць селіван — расліна быкоўнік. Думайце, адкуль вы, ад каго, Сільвановічы, Сілівончыкі, Сілівані, Сіліванавы, Сілівоны, Селівонцы.

Сільвестр у лацінскай мове — таксама лясны. Ёсць святыя Сільвестры свяціцель, свяшчэннамучанік, прападобнамучанік, прападобны. А ў Рэчыцкім раёне жывуць сем’і Сільвестравых.

У нашых Шоўкавічах жыў некалі Спірыдон Бабіч. Любіўся з Арынай. У іх дзеці — Міша, Надзя, Ларык, Люба, Саша. Іх я ведаў, сябраваў з імі. І ніколі не думаў, што Спірыдон — імя святое. Ёсць свяціцель Спірыдон (12 верасня, 25 снежня), мучанік Спірыдон (7 кастрычніка), прападобны Спірыдон (І І кастрычніка, 13 лістапада). Спірыдон (кошык) па-іншаму — Свірыд, Свірка. Адсюль і прозвішчы: Спірыдонаў, Свірыдзенка, Свірыдаў, Свірыдовіч. У Рэчыцкім раёне ёсць сельсавет Свірыдавіцкі і вёска Свірыдавічы.

Стахій (колас) — апостал, мае дні памяці 17 студзеня і 13 лістапада. Ад яго прозвішчы: Стахоўскі, Стахоўцаў, Стахміч, Сташук, Стахееў.

І на закуску я пакінуў імя Сісой, у яўрэйскай мове — шосты. Царква ўшаноўвае прападобных Сісояў 19 ліпеня, 10 верасня, 11 кастрычніка, 6 лістапада. Ад святога імені нашы, рэчыцкія, прозвішчы — Сысоеў, Сысой, Сыскоў, Сыс.

У вёсцы Гарошкаў нарадзіўся паэт ад Бога — Анатоль Сыс. Мне вельмі хацелася пабываць у яго хаце. І аднойчы мы пакіравалі ў яго вёску. Ехалі праз Заспу, Жмураўку, Броннае. У Гарошкаве ўбачылі на вуліцы дзвюх дзяўчынак, спыталі:

— Дзе хата Анатоля Сыса?

— Не ведаем...

Стала ніякавата на душы. Суцешыў сябе толькі тым, што ў Толі вулічная клічка Цішка. Можа, тыя дзяўчынкі ведалі яго толькі па мянушцы?

Хата паэта сустрэла нас замком на брамцы, зашторанымі вокнамі. У роздуме стаялі маўклівыя вартаўнікі — клён і ліпа. І мы з шафёрам маўкліва пазіралі на хату Паэта.

Праз нейкі час я прачытаў у газеце «Літаратура і мастацтва» і вывучыў на памяць новы Сысаў верш «Пчаліная матка»:

Начаваў я ў вуллі

пад крылом

у пчалінае маткі

пчолы казкі гулі

трутні ноч казыталі мне пяткі

а пад раніцу твар спаласнуўшы пчаліным гавенцам

дзе мядовы аўтар перад маткаю стаў на каленцы

каб дазволіла мне

пад крылом да вясны зімаваці

Маці ўмёрла ў мяне

Хоць на зімку пабудзь маёй маці

 

13 лістапада, 2003 в. Гарошкаў

 

 

Т. Тарасава доля

Ці знаў хто, братцы, з вас Тараса,

У палясоўшчыках што быў?

На Пуцявішчы, у Панаса,

Ён там ля лазні блізка жыў.

Што ж? Чалавек ён быў рахманы,

Гарэлкі ў губу ён не браў!

Затое ж ў ласцы быў у пана,

Яго пан дужа шанаваў...

 

Пра гэтага Тараса мы ведаем з народнай паэмы «Тарас на Парнасе». А вось ад якога Тараса пайшлі нашы рэчычане Тарасевіч, Тарасенка, Тарасенкаў, Тарасік, Тараскін, Тарасаў?

«Аднафамільцамі» Тарасава лічацца Таран, Таранаў, Таранец, Тарапушчанка. Утвораны яны ад памяншальных і ласкальных форм імені Тарас.

Вядома, што імя Тарас паходзіць са Старажытнай Грэцыі. Там яно азначала ўсхваляваны, бунтоўны, трывожны. Сярод святых ёсць два Тарасіі — свяціцель (10 сакавіка) і праведны (22 сакавіка).

А сярод людзей, землякоў-беларусаў, таксама нямала знакамітых сыноў. Яшчэ ў XVIII стагоддзі ўславілі свае імёны беларускія гравёры браты Аляксандр і Лявонцій Тарасевічы. Яны працавалі не толькі на радзіме, але і ў Маскве, Кіеве, Вільні. Яны сталі першапраходцамі ў тэхніцы афорта, разцовай гравюры. Рабілі гравюры да кніг, да «Псалтыра», «Евангелля», выканалі партрэты рускай царэўны Соф'і, польскага караля Яна ІІІ Сабескага, князёў Радзівілаў...

З нашых сучаснікаў варта прыгадаць пісьменнікаў Валянціна Тараса, Канстанціна і Сяргея Тарасавых, паэтэсу Любоў Тарасюк, акцёра Віктара Тарасава. У кожнага з іх, як і ў маіх рэчычан, свая доля, свой лёс, непаўторная біяграфія.

У гэтых прозвішчах могуць быць не толькі святыя матывы, а больш празаічныя, зямныя. Даўней тарасамі называлі падкатныя зрубы для нападзення на ўмацаваны сценамі горад. У наўгародцаў тарасы — гэта берагавыя і маставыя ўстоі на сваях, інакш — «на быках». На Камчатцы тарасамі называюць лядовыя горкі на рацэ, на дарогах.

У Трыфана таксама ёсць «падводныя рыфы». Гэта імя перакладаецца з грэчаскай мовы як жыць у раскошы, шыкаваць у жыцці. Такіх людзей заўсёды меней, чым бедных. Іх звалі Трыфанамі, зайздросцілі ім, слугавалі ім, пабойваліся іх.

Але найбольш верагоднае паходжанне нашых Трыфанавых, Трышкаў, Труфанаў, Трухіных, Трушыных, Труханаў ад імені святога Трыфана. Яго дні святкуюцца 14 лютага, 2 мая, 21 кастрычніка, 28 снежня.

Рэчыца ўшаноўвае ў сваёй памяці мужнага земляка Героя Савецкага Саюза Трыфанава Феакціста Андрэевіча, які загінуў у 1943 годзе каля вёскі Раманаўка і пахаваны ў райцэнтры. Гераічны лейтэнант камандаваў батарэяй, хацеў бачыць наш край вольным і мірным. Ці маем права забыць яго?!

Трафім (Трахім,Трышка, Атрахім, Атрох, Атроша) мае грэчаскае значэнне выхаванец. Імя ўславіў апостал (17 студзеня, 28 красавіка), свяшчэннамучанікі (14 студзеня, 29 сакавіка), мучанікі (31 сакавіка, 5 жніўня, 2 кастрычніка). У старажытнай літаратуры гэта імя згадваецца з XVI стагоддзя. Існуюць дваццаць чатыры варыянты прозвішча ад Трафіма. У нашым раёне — Трафіменка, Трафімаў, Трафімовіч, Трахімовіч, Трошын, Трошка, Атрашэўскі, Атрошка, Атрошчанка (у рускім варыянце ёсць Отрошенко і Атрошенко).

На гэтым можна было б і ставіць кропку. Але я нечакана адкрываю «Старабеларускі лексікон» і на старонцы 156 чытаю: «Трафунок — выпадак, здарэнне, прыгода». А я думаў, Трафунок — памяншальнае ад Трафіма. Вытокі прозвішча трэба шукаць у некалькіх кірунках.

 

У. Уладзімір — уладар міру

Мне, Уладзіміру, прыемна, што маё імя мае старажытнаславянскія карані. Утворана яно ад слоў «валодаць» і «мір». Мірам раней называлі грамаду, суполку людзей, якія жыхаравалі ў адным або некалькіх паселішчах. Сход грамады выбіраў мірам, усе разам, старэйшыну. Ён фактычна быў для іх і прэзідэнт, і генеральны пракурор, і вярхоўны суддзя, і сакратар ЦК па ідэалогіі, і міністр фінансаў. Чалавеку, які кіраваў грамадой, мірам, давалі імя Уладзімір. Як я ўдзячны бацькам, што выбралі і мне такое прыстойнае імя!

Пазней, калі былі кананізаваны некаторыя Уладзіміры, дзецям, народжаным у дні іх памяці, давалі імя Уладзімір. Цяпер царква ўшаноўвае пяць рангаў святых Уладзіміраў: роўнаапостальны (28 ліпеня), свяшчэннамучанік (24, 31 студзеня, 7, 10, нядзеля пасля 7 лютага, 7 сакавіка, 6 красавіка, 27 жніўня, 7, 15 верасня, 1, 9 кастрычніка, 3, 4, 5, 16, 25 лістапада, 3, 15, 22, 26, 29, 31 снежня), мучанік (4, 28 кастрычніка), прападобнамучанік (16 лютага, 25 сакавіка), дабраверны князь (4 чэрвеня, 6 ліпеня, 17 кастрычніка). І сённяшнія рэчычане носяць у сваіх прозвішчах хрысцільную адзнаку сваіх продкаў: Уладзіміраў, Уладзімірскі, Валодзін, Валадзько, Валодзькін.

Цікавая гісторыя і ў паселішчаў, якія названы ў гонар нейкага Уладзіміра. А можа, там жылі, кучкаваліся адны Уладзіміры Уладзіміравы? Чакае сваіх даследчыкаў вёска Уладзіміраўка ў Буда-Кашалёўскім раёне, вёска Вовін у Акцябрскім раёне (спалена фашыстамі, не адноўлена), пасёлак Уладзімірскі ў Брагінскім раёне (спалены фашыстамі, не адноўлены).

3 іншых святых на гэту літару рэчыцкі след маюць Уласій (Аўлас, Улас) (невук) і Уар (Увар) (цяжкі, крываногі). Ад іх пайшлі нашы сучаснікі з прозвішчамі Уласенка, Уласік, Уласко, Уласаў, Уласюк, Уласевіч, Уараў, Увараў.

У Буда-Кашалёўскім раёне, ля ракі Уза, стаіць пасёлак Уваравічы, які ў 1566 годзе ўваходзіў у Рэчыцкі павет. А ў Хойніцкім раёне ёсць вёска Уласы. Ці ведаюць мясцовыя краязнаўцы гісторыі гэтых паселішчаў? Ці не з іх рассяліліся па нашых вёсках і гарадах продкі Уласа і Уара?

 

Ф. Феадосій і Фёдар — Богам дадзеныя

Жывуць у розных хатах і кватэрах рэчыцкія Федасеенкі, Фядосенкі, Федасенкі, Фядосавы, Ходасы, Хадасевічы, Ходусы, Хадоскіны і, напэўна, не ведаюць, што ўсе яны радня. Усе яны займелі радаводнае прозвішча ад імені святога Феадосія.

Хто ж гэты таямнічы Феадосій, у памяць пра якога царква надавала дзецям пры хрышчэнні яго імя?

Кожны з нас нешта чуў пра Кіева-Пячэрскую лаўру. Каму пашанцавала, бываў у той святыні, якая існуе на зямлі з ХІ стагоддзя. Яна створана малітоўным подзвігам Антонія і Феадосія Пячэрскіх. Пра ігумена Феадосія сказаў сваё слова Нестар-летапісец: «Быў ён сапраўды чалавекам Божым, свяцілам, усяму свету любімым і прыкладам для ўсіх манахаў: у пакоры, у розуме, у послуху».

Нарадзіўся святы Феадосій у мястэчку Аасілеве, пад Кіевам. З малых гадоў быў схільны да аскетычнага жыцця, хаця яго бацька служыў княжым цівуном. Феадосій насіў адзенне рабоў і разам з імі выходзіў на працу. Для духоўнай барацьбы са страсцю насіў на целе жалезны пояс. Отрак душой адчуў, што народжаны служыць Богу. І гэту веру пранёс праз усе дні свайго зямнога жыцця.

Дзень памяці святога Феадосія — 16 мая. Ён, пішуць, зараней прадказаў дзень свайго скону, прызнаўся вучням сваім: «Абяцаю вам, што я адыходжу ад вас целам, а душой сваёй заўсёды буду з вамі».

Хай жа і ў душах нашых рэчычан, якія ў прозвішчах носяць імя прападобнага Феадосія, жыве гэты святы вобраз слыннага манаха.

Як Феадосій, так і Фёдар у грэчаскай мове маюць адно значэнне — Богам дадзены, дараваны Богам, Божы дар. Значыць, яны ў пэўнай ступені радня, блізкія духам і вераю. Хай жа так будзе і ў сучасным жыцці.

Сёння ў гарадах, пасёлках, вёсках Рэчыцкага раёна жывуць продкі святых Фёдараў. А іх царква налічвае ажно сем і святкуе 63 дні памяці.

Ад імені Фёдар вучоныя налічваюць каля сарака вытворных імёнаў. Беларусам найбольш даспадобы Тодар, Хведар, Ходас. Адсюль і прозвішчы: Фёдараў, Федаровіч, Федароўскі, Фядорчанка, Федарэнка, Федзічаў, Федзін, Федзечкін, Фядун, Фядураў, Федчанка, Фядзюшын, Фядзюшка, Фядзянін, Фідрусь, Хадарэнка, Хадоркін, Хадаровіч, Тодараў, Тадароўскі, Тодрас.

Знакамітых Фёдаравых на Беларусі багата. Дастаткова нагадаць пісьменніка Янку Маўра, кнігі якога ведаюць усе школьнікі. Усе, хто больш, хто менш, выхаваны на яго «Палескіх рабінзонах», «ТВТ», «Амок», «У краіне райскай птушкі», «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага». Толькі не ўсе ведаюць, што Янка Маўр — гэта псеўданім пісьменніка, а яго сапраўднае прозвішча Фёдараў Іван Міхайлавіч. Яго прозвішча ўславіў сын Фёдараў Фёдар Іванавіч, вядомы фізік, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук.

Людзі Рэчыцкага раёна ў свой час карысталіся шаснаццаццю імёнамі святых на літару Ф. Сярод іх, апроч згаданых, найбольшую папулярнасць у маіх землякоў мелі блізнец Фама (Хама, Тамаш), любімы Філімон (Халімон) і аматар коней Філіп (Піліп). Кожнае гэта імя ўслаўлена людзьмі, якія кананізаваны ў святыя. Сярод іх — апосталы, свяшчэннамучанікі, мучанікі, прападобнамучанікі, прападобныя. Ад іх і пайшлі рэчыцкія прозвішчы: Фамін, Фамянок, Фаменка, Фамінскі, Фомчанка, Тамашэвіч, Тамашэўскі, Тамілаў, Томка, Тамчук, Хомчанка, Хомчык, Хамоўскі, Хамлюк, Хоміч, Хамец, Хама, Хаменка, Хамянкоў, Хамянок, Хаменя; Філімоненка, Філімонаў, Філімонцаў, Філіманюк, Філей, Філюта, Філон, Філоненка, Філонаў, Філончык, Фількоў, Філютчык, Хіль, Хількевіч, Хілько, Хілюк, Хілімончык; Філіпенка, Філіпкоў, Філіповіч, Філіпаў, Філіпушка, Філіпчанка, Філіпчык, Піліпенка, Піліпаў, Піліповіч, Піліпончык, Піліпейка, Піляк, Пілякоў, Піліпчак, Піліпчук. Хто з іх якому богу моліцца, я не ўдакладняў. Веру толькі, што мае карэнныя рэчычане, выхаваныя на берагах Дняпра, Бярэзіны, Ведрычы, залюляныя гаямі, баравінамі, дубравамі, не могуць, не маюць права парушаць Божыя запаветы.

Гэта ж магу, не правяраючы, сказаць пра Фадзеевых, якія пайшлі ад святога Фадзея (хвала), пра Фалькоўскіх, Халаеў, Халалеенкаў, Халецкіх, Халько, Хальчанкаў, Хальчэняў, якія паходзяць ад Фалалея (квітнеючая масліна).

Святы Феакціст (Богам створаны) даў жыццё роду Феакціставых; Ферапонт (слуга) — Ферапонтавым; Фяспесій (прароцкі) — Фяськам, Фяськовым, Фескаўцам, Фясенкам, Хвясюкам; Фірс (жэзл, абвіты вінаграднымі лозамі) — Фірсавым; Флор (квінеючы) — Флёркам, Фролам, Фролкіным, Фролавым; Фока (цюлень) — Фокіным; Фоцій (светлы) — Фацеевым.

Філатавы, даводзіць акадэмік Мікалай Васільевіч Бірыла, паходзяць ад святога Філарэта (Філата, Пілата). У грэчаскай мове гэта імя азначае аматар дабрачыннасці. Мы ж, сучаснікі адраджэння духоўнасці, звязваем згаданага святога з вобразам праваслаўнага царкоўнага дзеяча Філарэта, Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Гэта па яго старанню і руплівасці на Беларусі адноўлены манастыры, старажытныя епіскапскія кафедры, заснавана першая ў рэспубліцы праваслаўная духоўная акадэмія, узноўлены Крыж прападобнай Еўфрасінні Полацкай.

 

Х. Калі шанцуе, то й Харытон танцуе

Харытон у грэчаскай мове азначае дабрадзейны, шчодры, не скнара. Адным словам — чалавек надзейны. А вось у нашых мясцінах пра Харытона ходзяць не вельмі благапрыстойныя прымаўкі: «Нашаму Харытону няма нідзе прытону (прытулку)». Можа, гэта пайшло ад Міхася Харытонава, паплечніка Сцяпана Разіна, які ўзначальваў буйны атрад паўстанцаў? З таго часу ўсім Харытонам няма «прытону».

Але гэта ўсяго толькі меркаванне. А вось святыя Харытоны, мучанікі (14 чэрвеня, 22 верасня) і прападобны (11 кастрычніка), уславілі гэта імя. Даўней ім часта называлі дзяцей. І клікалі па-рознаму, у залежнасці ад мясцовасці, гаворкі, адукацыі. У Рэчыцы, напрыклад, жывуць сем’і з адным і тым жа прозвішчам, але ў рускім варыянце пішуць яго хто Харитонович, хто Хаританович. А яшчэ ў нас ёсць Харытоненкі, Харытонавы, Харытончыкі. На Украіне Харытон вымаўляецца як Харко. Дык, можа, нашы Харкевічы, Харкаўцы, Харко, Харковы маюць украінскія карані? Яны блізкія і беларускім. Гэтыя прозвішчы могуць паходзіць і ад хрысціянскага імені Харысім (найпачцівы).

Святым стаў Харлампій — ззяючы ад радасці. Святкуецца яго дзень 23 лютага. Ад яго і пайшлі нашы Харламавы, Харланы, Харланчукі.

Імя Хрыстафор, магчыма, нарадзілася разам з хрысціянствам. Спачатку ў Рымскай імперыі, а пасля і на Русі. Яно азначае — Хрыстаносны. Той, хто насіў гэта імя, павінен быў несці па жыцці крыж веры, святасці, высокай духоўнасці. Чатыры Хрыстафоры — свяшчэннамучанік, мучанікі, прападобны — кананізаваны. Іх дні — 2, 22, 26 мая і 12 верасня. І ад іх пайшлі прозвішчы рэчычан Хрысціянаў, Хрысцін, Хрысцюк.

 

Ц. Цімафей пачцівы

Пра Цімоха чуў ад нашых шоўкаўцаў такі нагавор: «Цімох захаваўся ў мох, ды не схаваў ног. Ото ж дам кіем, кіем — мах, мах, ды па нагах, па нагах».

Праўда, Цімоха ў нашай вёсцы за маёй памяццю не было. Можа, даўней жыў і даўся ў знакі сваімі выбрыкамі. І мне гэты чалавек з такім іменем, сказаць праўду, заўсёды ўяўляўся насмешнікам, жартаўліўцам, пацешнікам («Цімох набраўся блох, ох, ох»).

А вывучаючы прозвішчы, даведаўся, што Цімафей (Цімох, Цімошык, Цімка, Цішка) — імя святое. Яго падарылі нам грэкі, на іхняй мове яно азначае пачцівы да Бога.

Сярод святых Цімафеяў вылучаюцца: апостал (17 студзеня, 4 лютага), свяшчэннамучанікі (16 лютага, 23 чэрвеня), мучанікі (І студзеня, 6 лютага, 16 мая, 1 верасня), прападобны (6 сакавіка), дабраверны князь (2 чэрвеня). У гонар іх багата названа хлопчыкаў. Нямала ўтворана і прозвішчаў. Толькі ў нашым раёне ажно дзесяць: Цімох, Цімохін, Цімахаўцоў, Цімашэнка, Цімашэнкаў, Цімошын, Цімашкоў, Цімошак, Цімошчанка, Цімчанка.

Сярод рэчычан найбольш услаўлены ў гісторыі Іван Архіпавіч Цімашэнка. Дарэчы, гэта прозвішча даволі шырока распаўсюджана ў раёне. А Іван Цімашэнка вызначыўся ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Быў механікам-вадзіцелем танка. Вярнуўся з вайны кавалерам ордэнаў Славы трох ступеняў.

Блізкае да Цімафея імя Ціман. Яно таксама грэчаскае і мае тое ж значэнне — пачцівы. Імя святога апостала Цімана давалі хлопчыкам, якія нарадзіліся 12 студзеня і 10 жніўня. Ад гэтага імені і пайшлі прозвішчы нашых рэчычан — Цімановіч, Цімонін, Цімакоў. А ў Клімавіцкім раёне, на Магілёўшчыне, ёсць нават вёска Ціманава. Можа, там і жыў прародзіч нашых згаданых землякоў?

Ціт (Ціток, Цітко) зноў жа, як і Цімох, «засвяціўся» ў фальклоры: «Ціт, ідзі малаціць». — «Жывот баліць». — «Ціт, ідзі есці». — «А дзе мая вялікая лыжка?..»

Грэкі так не насміхаліся са свайго Ціта. Ён у іх — паважаны. А царква вылучыла ў святыя апостала Ціта, прападобнамучаніка Ціта, прападобных Цітаў. У іх — сем імянінных дзён. Ад іх імені ўтвораны прозвішчы Ціткоў, Цітоў, Цітавец. Апошняе найбольш распаўсюджана сярод рэчычан. Цітаўцы ёсць у вёсках Рэбуса, Май, Чырвоны Мост, Свірыдавічы, Чырвоная Слабада.

Шкада, у нашым раёне няма прозвішча Цітовіч. Але ў Рэчыцы, Азершчыне ды багата яшчэ ў якіх вёсках Палесся бываў знакаміты этнамузыказнавец, выдатны дзеяч харавога мастацтва, таленавіты дырыжор, народны артыст СССР і проста чароўны душэўны чалавек Генадзь Іванавіч Цітовіч. Дзякуй святому Ціту, што «нарадзіў» такога слыннага земляка!

Ціхан (Ціхон, Цішка, Ціх) — шчасце. Імя таксама шчаслівае. Ад яго пайшло ажно дваццаць пяць прозвішчаў! У нашых паселішчах я адшукаў толькі дзесяць: Ціхановіч, Ціханенка, Ціханаў, Ціханчук, Ціханюк, Цішкевіч (трыццаць сем’яў), Цішкін, Цішкоў, Цішкавец, Цішчанка. Ад якога яны святога? А хай самі робяць радаводныя раскопкі. Паведамім толькі, што ёсць чатыры рангі святых Ціханаў: свяціцель (нядзеля пасля 7 лютага, 7 красавіка, 29 чэрвеня, 26 жніўня, 9 кастрычніка), свяшчэннамучанік (9 студзеня, 17 кастрычніка), прападобнамучанік (5 сакавіка, 2 жніўня), прападобны (29 чэрвеня, 9 ліпеня і ў першую нядзелю пасля 12 ліпеня).

Рэчычане Цярэнцьеў, Цярохін, Церахаў, Цярэшка, Цярэшкаў, Церашкавец, Церашонак, Цярэшчанка, Церашчук абавязаны сваім прозвішчам святым Цярэнціям (які паліруе, расцірае). Іх чатыры — свяшчэннамучанік (4 ліпеня) і мучанікі (26 сакавіка, 23 красавіка, 10 лістапада). Калі вы і гэтага не ведаеце, то запомніце, што на Цярэнція (26 сакавіка) мядзведзь пацягваецца ў бярлозе. Узгоркі ўзмоклі, зямля чакае не дачакаецца, калі снег у нізіны сыдзе. А яшчэ пабывайце ў Церахоўцы, якая некалі была падаравана рускім урадам у Гомельскі маёнтак генерал-фельдмаршала П.А. Румянцава. Можа, там вашы карані? А можа, яны ў вёсцы Цярэшкавічы, што ў Гомельскім раёне, ці ў вёсцы Цярэшкі на Вілейшчыне?

 

Ю. Юстын справядлівы

У Рымскай дзяржаве хадавым было імя Юстынус. Яно ўтварылася ад слова «юстус» — справядлівы.

Як жа хацелася бацькам, каб іх дзеці раслі, гадаваліся, выходзілі ў вялікі свет справядлівымі, сумленнымі, чыстымі душой, думкамі, памкненнямі! Таму і давалі гэта імя і хлопчыкам і дзяўчынкам. От і жылі-былі Юстын ды Юстына. А беларусы прынялі гэта імя ў сваім, «лягчэйшым» вымаўленні — Усцін і Усціння. У іншым варыянце — Усцім і Усціма. Сярод іх царква вылучыла святога мучаніка Усціна. Яго дзень — 14 чэрвеня («На Усціна лета ўдаецца — жыта добрым коласам нальецца»). Ёсць і святая мучаніца Усціння (25 красавіка). Ад іх і пайшлі нашы рэчычане Усцінаў, Усціновіч, Усцянкоў, Усціменка. Старэйшае пакаленне звязвае гэтыя прозвішчы з памяццю пра міністра абароны СССР Маршала Савецкага Саюза Усцінава Дзмітрыя Фёдаравіча, а таксама з іменем народнай артысткі СССР, балетмайстра слыннага рускага хору імя Пятніцкага Таццянай Аляксееўнай Усцінавай.

Літара Ю не багатая на імёны святых. Яна хаця і галосная, але не вельмі галасістая і прыдатная для ўтварэння імёнаў. У зводзе святых налічваецца ўсяго восем мужчынскіх і пяць жаночых імёнаў. У нашым раёне, апроч згаданага Усціна, сустракаюцца прозвішчы ад святога Юльяна (Ульяна).

Царква вылучыла ў святыя чатыры рангі Юліянаў: свяціцеля (26 ліпеня), свяшчэннамучаніка (16 чэрвеня, 26 верасня), мучаніка (21 студзеня, 11,19 лютага, 1, 29 сакавіка, 4 ліпеня, 10, 22 жніўня, 17, 25 верасня, 20 кастрычніка), прападобнага (4 ліпеня, 31 кастрычніка).

Пад знакам святога Юліяна (Ульяна) у Рэчыцкім раёне жывуць-пажываюць Ульяновіч, Ульянскі. Хаця вытворных прозвішчаў ад гэтага імені цэлая плойма. Узяць хаця б таго ж Ульянава-Леніна, народнага артыста Міхаіла Ульянава. Існуюць яшчэ прозвішчы Ульянка, Ульяненка, Ульянін, Ульянінскі, Ульянус. У Брагінскім ды Ельскім раёнах ёсць нават вёскі Ульянаўка. Шукайце адзін аднаго, рэчычане, радніцеся.

 

Я. Яўстафій непахісны

Вось мы і дапісаліся да літары Я. Гэта ў алфавіце яна канцавая. А для кожнага чалавека — першая, бо сваё, асабістае «Я» — гэта і лёс, і характар, і тое месца пад сонцам, якое адведзена кожнаму з нас.

На літару Я царква ўшаноўвае дваццаць пяць святых. У нашым раёне прасочваецца след адзінаццаці святых імён, ад якіх утворана 57 прозвішчаў.

Найбольш распаўсюджаным у нас аказалася імя Яўстафій, у іншых варыянтах — Астап, Стах, Астах, Асташ, Астафей. Яно прыйшло да славянаў з грэчаскай мовы і азначае цвёрдаўстойлівы, грунтоўны, непахісны. Такімі хацелі бачыць сваіх дзяцей бацькі, калі з падказкі святароў выбіралі ім святое імя. Яно зарэгістравана ў старажытных пісьмовых крыніцах у XVI стагоддзі. Дык вунь адкуль карані сучасных Яўстаф’евых, Ястахаў, Астапенкаў, Асташкаў, Астапавых, Астаповічаў, Астаф’евых, Астахіных, Астахновічаў, Астахаў, Асташыных, Асташовых.

Асабліва шмат у нашым раёне Астапенкаў. Яны жывуць і ў райцэнтры, і ў Лісках, і ў Будцы, і ў Старакрасным.

Каля сельскага клуба ў в. Ліскі стаіць чорная мармуровая пліта. На ёй высечана 57 прозвішчаў «Астапенка». Усе загінулі ў вайне з германскімі фашыстамі. У кожнага свае ініцыялы, было сваё жыццё. Насупраць школа, гуляюць дзеці ў даганялкі. Ці будуць помніць вірлівыя мурашачкі гэтых усіх Астапенкаў, ці захочацца ім калі-небудзь расшыфраваць іх лёс, ажывіць партрэты? Ці знойдзецца летапісец, які разгадае сучасныя клічкі-мянушкі ліскаўцаў Цэтлік, Чупрак, Мельнік, П’яса, Бондар? За імі ж стаіць адно прозвішча ў розных людзей — Астапенка.

Яраслаў — адно з нямногіх старажытнаславянскіх імён, якое стала хрысцільным. Яно азначае даслоўна: той, хто славіць бога ўрадлівасці Ярылу (моцны, слаўны, вясновы). Царква ўшаноўвае дабравернага князя Яраслава 3 чэрвеня і свяшчэннамучаніка Яраслава 8 снежня. А ў Рэчыцы жывуць-пажываюць Яраслаўцавы. Іх прозвішча — далёкі напамінак таго, што ў дзень святога Яраслава нарадзіўся іх прашчур.

Міласцівы Яўменій «нарадзіў» нашых Яўменаў, Яўмененкаў. Дабраветлівы Яўтроній (Антроп) — Антропавых. Усе мы звязваем гэта прозвішча з колішнім старшынёй КДБ, а пасля генеральным сакратаром ЦК КПСС Юрыем Уладзіміравічам Андропавым, які так апантана ўзяўся наводзіць дысцыпліну ў краіне, але вельмі ж хутка дагарэла яго жыццёвая свечка. Ды ўсё-такі нашы Андропавы — ад святых Яўтропіеў. А іх — два мучанікі (16 сакавіка, 29 чэрвеня) і бяссрэбранік (30 кастрычніка).

Ад пабожнага Яўсевія (Аўсей, Яўсей) пайшлі Аўсеенкі, Яўсеевы, Яўсеенкі, магчыма, і Аўсянікі, Аўсянікавы. Хаця аўсянікам называлі раней і хлеб з аўсянай мукі, і мядзведзя, які знішчаў аўсы, і птушку («Аўсянка запела вяснянку: пакінь санкі, вазьмі воз»).

Добры воін Яўстрацій (Алістрат, Яўстрат, Лістрат) займеў у нашым раёне «родзічаў» Яўстратавых, Лістраценкаў, Істратавых. Імяніны іх святых выпадаюць на 26 снежня (мучанік), 22 студзеня (прападобны), 10 красавіка, 11 кастрычніка (прападобнамучанік). У Гомельскім раёне ёсць вёска Ястратаўка. Можа, адтуль карані нашых землякоў?

Шчаслівы Яўціхій (Аўтух, Еўціхей, Яўтух) парадзіў нашы прозвішчы Аўтухоў, Аўтушэнка, Еўтухоў, Еўтуховіч, Еўтушэнка, Еўцюшэнкаў.

Дабрадушны Яўфімій (Аўхім, Яўхім, Юхно, Юшко) «жыве» ў прозвішчах Ефіменка, Яфімаў, Яфімчык, Юхневіч, Юхнік, Юхно, Юхцэнка, Юшкевіч, Юшчанка. Усяго вучоныя налічваюць сорак два прозвішчы ад святых Яўфіміяў (свяціцель, свяшчэннамучанік, мучанік, прападобнамучанік, прападобны). Усе яны маюць шаснаццаць імянінных дзён, у якія царква моліцца за іх.

Святы Яўграф (Яўгран, Гран, Граня) пакінуў нам у спадчыну рэчыцкія прозвішчы Гранаў, Грань. А магчыма, і Графаў. Толькі ці ад імені свяшчэннамучаніка гэта прозвішча, ці ад «сіяцельства», для нас загадка. Хай разгадваюць яе самі Графавы.

Дабрасветлы Яўлампій (Алампій, Яўлам) — святы мучанік. Гэта імя сустракаецца ў пісьмовых крыніцах у форме Евлан, Евлаш. Можа, ад яго і пайшлі нашы Яўланавы, Еўлакоўскія, Еўлашы?

Пладавіты Яфрэм (Ахрэм, Ахрамей) — прародзіч прозвішчаў Яфрэменка, Яфрэмаў, Ахраменка, Ахрамовіч, Ахрамчук, Ахраменка, Ахрамшоў, Ахрамецкі. У старажытных летапісах згадваецца нейкі Ахрэм Рэчыцкі (1704). А вытокі прозвішча ўсё-такі трэба шукаць у тых родзічаў, якія першымі займелі імя святых Яфрэмаў — свяціцеля, свяшчэннамучаніка, прападобнага. І было гэта так даўно, што толькі хвалі Дняпра маглі б згадаць, зоркі над Рэчыцай маглі б расказаць. Але яны — маўклівыя, як і наша, на жаль, памяць.

* * *

Перад намі, як салдаты на парадзе, прайшлі імёны людскія, характэрныя для славян-еўрапейцаў, якія прытрымліваюцца праваслаўнай веры. Яна і для ўсёй Беларусі, і для нашага раёна з’яўляецца найбольш распаўсюджанай.

Але ж у зямным свеце жывуць іншыя рэлігіі: каталіцызм, іслам, іудаізм, пратэстантызм. Ёсць людзі гэтых вераванняў і ў Рэчыцкім раёне. Яны ў роўнай павазе ва ўлады, перад законамі нашымі, на працы, у сяброўстве, суседстве. Хаця кожны з іх мае свае, прадыктаваныя рэлігіяй звычкі, традыцыі. Усё гэта адбіваецца і ў прозвішчах.

Каталіцкая царква, верхавенства якой аддадзена папе рымскаму, мае тысячы сваіх святых. Напрыклад, у чэрвені 1999 года ў Варшаве папа Ян Павел ІІ абвясціў «да хвалы алтароў» сто восем мучанікаў другой сусветнай вайны. Сярод іх — благаславёныя з Беларусі: Мечыслаў Багаткевіч, Генрых Глябовіч, Інацэнт Гуз, Уладзіслаў Мацькавяк, Ахілес Пухала, Станіслаў Пыртак, Карл Стэмпень...

Імёны ў іх крыху адметныя ад нашых. Ад іх утвораны і адпаведныя прозвішчы.

У польскім Косіне стаіць касцёл Святога Станіслава-біскупа. Мы мала ведаем пра гэтага верніка, але нават у Рэчыцкім раёне знаходзім людзей, якія носяць у сваіх прозвішчах адзнаку імені каталіцкага святога: Станілевіч, Станеўка, Станкевіч, Станкоў, Стасевіч, Стасенка, Стасянок, Стась, Стасько, Стасюк, Стасюкевіч.

Славянскае імя Станіслаў азначае слаўны, моцны, рухавы. Колер яго імені па гараскопу — салатавы, светла-чырвоны, камень-талісман — хрызапрас, малахіт, яшма. У іх родавая, сталая слава, яны стойкія перад жыццёвымі выпрабаваннямі.

У Глыбаўскім сельсавеце Рэчыцкага раёна ёсць вёска Стасеўка. Адкрыўшы тайну яе назвы, мы б, відаць, разгадалі пэўны род забытых намі Станіславаў. Але ж хто возьмецца за гэтыя раскопкі, каго натхніць Бог на такую самаахвярнасць?

Ад святога Францішка (з племені франкаў) нашы прозвішчы Франчанка, Францысаў, Пранкевіч, Пронін, Пранюк, Пронькін, Прануза, Праноза. Ад Казіміра — Казіміраў, Казмярчук, Казімаў. Гэта імя было раней вельмі ўжывальным. Прыкметай таму — вёскі Казімірава, Казіміроўская Слабада ў Жлобінскім раёне, Казіміраўка — у Ельскім, Казіміроў — у Кармянскім, Казіміраўская Буда — у Мазырскім раёне.

Яўна польскі «след» маюць нашы рэчычане Жыгман, Вацура, Вайцяховіч, Вайцёхін, Вайцяхоўскі, Балцэвіч, Бярнадскі, Крыштопаў, Каспрук, Кашпур, Кашперка, Кашпірка, Людвік, Людвікаў, Людвічэнка, Людчык, Тамашук, Самусеў, Юневіч, Юнах, Яцко, Яцэнка, Яцкевіч, Яцковіч, Яцутка, Яцютка.

У нашым раёне ёсць вёска Балашаўка. Да вайны гэта — цэнтр сельсавета. Жывуць і сем’і з прозвішчамі Балашоў, Балашчанка. Ад якога Балаша, Балашкі паходзяць яны?

У кнізе М. А. Баскакава «Русские фамилии тюркского происхождения» чытаем: «Фамилия Балашов происходит из обшетюркского слова бала, заимствованного предположительно из санскритского языка со значением «дитя, ребенок, сын». Там жа даведваемся, што ў 1741 годзе снежня 31 дня гасударыня імператрыца Елізавета Пятроўна «всемилостивейше пожаловала» дваранскае званне Казьме Балашову, яго законным дзецям і «впредь рождаемым».

Як бачыце, я толькі крышачку прыадкрыў заслону новых таямніц у прозвішчах, якія існуюць у нашых зямных рэлігіях. Знайдзіце ў сабе жаданне зрабіць новы крок да тых адкрыццяў. А я павяду свайго чытача далей па складзенаму мной сюжэту аповесці «Мы». І бяру ў дарогу Божы запавет: «Не аставайцеся віннымі нікому нічога, апрача ўзаемнай любові».

 

III - МАМІНА ЧЫСТАЕ ІМЯ

 

Вочы твае

Нада мной узышлі

Сузор’ямі цішыні,

Сусветамі дабрыні,

Пакуль ёсць яны —

Мне на зямлі

Светла,

Мама...

 

Рыгор Барадулін

 

Даўно і глыбока перакананы: жанчыны — ад Бога. Яны ўвасабляюць у сабе дабрыню, пакору, пяшчоту, ласкавасць, моц і чысціню. Усё гэта патрэбна ім, каб абараніць мацярынства, каб у чалавецтва быў заўтрашні дзень. Каб захаваць усё гэта, яны ідуць на неймаверныя мукі і пакуты. Яны гатовы на любыя выпрабаванні. Можа, таму яны застаюцца загадкавымі, непрадказальнымі.

Мой сябар вядомы ўкраінскі паэт Багдан Чалы з уласцівым яму народным гумарам сцвярджае:

— Бабы, Валодзя, — непазнаныя лятаючыя аб’екты, іншапланецяне.

Была Ева — першажыхарка жаночага семені. Яна спакусіла Адама пакаштаваць забаронены плод. Дзякуй ёй, мы цяпер ведаем, як атрымліваюцца дзеці, імкнёмся прадоўжыць род чалавечы на Зямлі.

Быў матрыярхат — першая грамадская ўлада ў чалавечым, першабытным асяродку. Жанчыны паказалі і даказалі, як трэба верхаводзіць, каб былі парадак, сытасць, законнасць.

Кажуць, і цяпер у некаторых землях Афрыкі імя дзіцяці запісваюць не па бацьку, а па маці. Я б у іх быў не Сцяпанавічам, а Манькавічам ці Уладзімірам Марыевічам.

Праваслаўная царква ўнесла ў святцы 240 святых жанчын. Яны кананізаваны. На іх прыкладзе можна вучыцца і вучыць. Іх імёнамі маладажоны называюць сваіх дзяцей, бацькі мараць і жадаюць, каб і іх нашчадкі свята крочылі па жыцці. Ад імёнаў святых жанчын пайшлі шматлікія прозвішчы. Ёсць яны і ў Рэчыцкім раёне.

 

Мані — лепшыя ў свеце пані

Царква ўшаноўвае ў сваім календары сем святых званняў Марый: роўнаапостальную, праведную, мучаніцу, прападобнамучаніцу, блажэнную, прападобную, дабраверную княгіню. Святары прапануюць дваццаць пяць дзён памяці па іх. Усе яны асветлены імем Маці Божай, якую яшчэ называюць Каралевай нябёсаў, Ранішняй Зоркай, Каралевай прыгожага маю.

Марыі, Мар’і, Марылі, Марысі, Марусі, Манькі маёй рэчыцкай радзімы, ці ікаецца вам тымі набожнымі днямі? Ці зведалі вы сапраўдныя святы ў сваім жыцці? Царква ўшаноўвае ваша імя, а як шануюць вас у сем’ях, вашы мужы і дзеці, вашы сябры і суседзі, начальнікі і законнікі?

Імя Марыя ўвайшло ў наша жыццё са старажытнаяўрэйскай мовы. Яно нясе, утойвае ў сабе сімвал спадарыні, пані, якая супраціўляецца, адхіляе, адпрэчвае ўсё непрыемнае. А па другой версіі яна — не прынятая, не прызнаная, сумная.

Я адкрыў для сябе яшчэ адну святую, сваю Маму Марыю. Яна звекавала ў Шоўкавічах і прысвяціла сябе дому, мужу і нам, шасцярым дзецям.

Мая Мама — святая. З гэтым адкрыццём жыву. Пра гэта напісаў кнігу «Мама. Малітва сына». Я і цяпер (кожны дзень!) кладуся спаць і ўстаю з яе імем. І са споду душы кажынным разам вылятаюць словы ўдзячнасці, падзякі, споведзі і акрыленай любові:

Чыстая, святая Мама!

Блаславі мяне, найменшанькага. Збаў ад бедаў і ратуй ад душэўнай непагадзі. Злітуйся над тымі, хто зайздросціць мне і хто крыўдзіць мяне. Дай веры і здароўя маім дамашнім і ўсім беларускім пакутнікам.

Абаронца мая любая!

Шаную цябе і бязмежна люблю сёння, увесь час і на векі вякоў. Амінь.

Ніхто ніколі не падлічваў, колькі Марый жывуць у Рэчыцкім раёне. Да кожнай хацелася б завітаць, пагасцяваць, кожную выслухаць, распытаць пра долю ды скласці (пра кожную!) сваю песню. А можа, праспяваць з ёй даўнейшую мелодыю, яе любімую. А хаця б такую, якую помніць, запусціла ў сваю душу Ганна Лявоненка з Азершчыны:

Пасею я жыта

Паміж асакою.

Ой, жалка мне, мамка,

Расстацца з табою...

Але ж, даруйце, усе Марыі, я зайду толькі да тых, прашчуры якіх паклалі іх імя ў глебу радаводнага дрэва. І цяпер у нашым раёне жывуць сем’і з прозвішчамі ад святой Багародзіцы Марыі: Марыеўскія, Марусевы, Машкіны, Машыны, Машэчка, Машэўскія. Яшчэ ёсць — Манько, Манькоў, Манькоўскія. Праўда, іх прозвішчы акадэмік Бірыла выводзіць ад мужчынскага імені Мануіл. А мне хочацца верыць, што яны ўтварыліся ад Марыі. Даўней яны, відаць, і пісаліся не Манько, а Манька, не Манькоў, а Манькаў. Што думаюць пра гэта рэчычане?

Аляксандра Рыгоравіча Манько чым-небудзь здзівіць ужо цяжка. Яму — 75 гадоў. Бачыў-перабачыў усяго. А жыццё, як у таго вераб’я, кароткае і цяжкое. Але майму пытанню здзівіўся:

— Чаму я Манько?.. Як жа іначай?.. Нарадзіўся Манько. З такой фаміліяй і жыву. Бацька і дзед былі Манькамі...

Мой субяседнік загадаў унуку: «Выключы телевізар!.. Не чутно, што чалавек пытае...»

Я парадаваўся: адарваў Аляксандра Рыгоравіча і яго дамачадцаў ад заманлівай скрыні і зацікавіў размовай.

— Марыі былі ў вашым родзе?

— А як жа... Мая жонка Марыяй звалася. Памерла... Сястра ў мяне — Марыя. З ёй у азарыцкім пляну былі. Мы выжылі, а мама Лізавета не вытрымала...

Божа мой, хто сустрэўся на маім шляху! У маёй памяці, у маім сэрцы сядзяць фоткі з кніжкі пра Азарыцкі лагер смерці. Напрадвесні 1944 года гітлераўцы сагналі ў Азарычы звыш пяцідзесяці тысяч насельнікаў з наваколля. Абнеслі забалочаную зямлю калючым дротам. Падходы замініравалі. Вакол паставілі кулямётныя вышкі. Людзі жылі на заснежанай зямлі. Іх не кармілі, не давалі вады. Жывыя і мёртвыя ляжалі побач.

Прыгадвае Аляксандр Рыгоравіч Манько:

— Калі пацяплела, вада даходзіла да каленяў. Глытаеш ваду, а побач плыве мярцвяк... Аднойчы вялі ў лагер новую калону людзей. Ішла маці з трыма дзеткамі. Малыя стаміліся, пачалі адставаць, плакалі. Тады ахоўнік-фашыст расстраляў ва ўпор дзяцей на вачах у маці і ўсміхнуўся ёй: «Цяпер табе будзе лёгка ісці».

Быў у тым пекле і Сашык Манько з вёскі Мёдзведаў. Ён даўно ўжо Аляксандр Рыгоравіч, мае паважлівы ўзрост, але ж — Манько. Так і хочацца сказаць: «Маньчын хлопчык». Хочацца чамусьці пашкадаваць яго. От бы даведацца пра тую таямнічую Марыю, якая дала сваё імя ў прозвішча добрых і цярплівых людзей!

Новым маім знаёмцам стаў Міхаіл Лукіч Манькоў. Дабрадушны і мілы чалавек, ён без аглядкі, без лішніх роспытаў пачаў апавядаць пра сябе:

— Я родам з вёскі Пракісель. Як далі мне такую фамілію Манькоў, так і нашу яе.

— А можа, вы Манькаў, а не Манькоў?

— Цікава, мо так і задумвалі звацца мае продкі?.. Хто ж цяпер установіць... Маці памерла — не распытаеш. Бацька вярнуўся з вайны з асколкам пад сэрцам. Хацелі дактары дастаць, дак не змаглі. З асколкам і пахавалі... Хто цяпер раскажа?..

Веру, пасяліў у душы Міхаіла Лукіча Манькова таямніцу. Будзе цяпер вечарамі гаманіць пра яе са сваімі дочкамі Ленай і Воляй. І мне ад гэтага робіцца ўсцешна.

Машын — прозвішча рускае. Радзіма яго — Забайкалле.

А было так. Гасцявала Вольга Бабкова з Горваля ў тым далёкім краі. Сястра яе жыла там за ваенным. І пазнаёмілася беларуска Вольга з рускім хлопцам Васілём Машыным. І перацягнула яго на сваю радзіму. Пасяліліся ў Рэчыцы, нарадзілі трох сыноў — Алега, Аляксандра, Генадзя. Ад іх пайшлі свае дзеці. Так і расквітнела ў Рэчыцы Машына дрэва. Усе яны, кажуць, разумныя, спакойныя і паслухмяныя.

Унучку Лену ў школе звалі Машай. Крыўдавала. Можа, і дарэмна. Можа, тая Маша, Марыя, ад якой прозвішча, і была святой жанчынай. І не крыўдаваць, а ганарыцца трэба, што сямейны код звязаны з іменем маці самога Ісуса.

Пры знаёмстве Мікалай Іванавіч Марусеў прадставіўся коратка:

— Бурыльшчык.

— Адкуль у вас прозвішча Марусеў? — зрабіў я націск на «у».

Мікалай Іванавіч патлумачыў:

— Да дзевятага класа я быў Марусёў. Настаўніца падправіла, і я стаў — Марусеў. Такую фамілію і ў пашпарт запісалі. Ніколі не задумваўся, хто нам даў такое званне.

— І дзеці вашы не хочуць ведаць?

— Прызнаюся, мяне ў вёсцы дражнілі «Марусяй». Сына Андрэя так звалі, як вучыўся ў школе. І дачку Наташу ў класе клічуць «Маруся». Дак мо паетаму яны і не хочуць ведаць, адкуль іх прозвішча?..

Мікалай Іванавіч крыху падумаў, сказаў галоўнае:

— Трэба заставацца чалавекам на зямлі, хто б ты ні быў па пашпарту!..

Шукайце адзін аднаго, нашчадкі святой Марыі, шануйце Божыя запаветы, сябруйце сем’ямі. А можа, вашы карані на хутары Манькоў у Ліскаўскім сельсавеце? Магчыма, у вёсцы Манькі на Рагачоўшчыне ці ў вёсцы Манчыцы на Лепельшчыне? А раптам у вёсцы Мар’іна ў Добрушскім раёне або ў пасёлку Мар’іна Поле ў Буда-Кашалёўскім раёне?..

Калі стане невыносна цяжка ў жыцці — паклічце на падмогу святую Марыю. Прыгадайце і сваю зямную цярплівіцу. Гэтак жа рабіце, калі падступіцца да вас навала грэшнай спакусы, пыхі, зайздрасці, амбіцый. Калі агарнулі вас нязведаны сум, роспач, цяжар віны, паглядзіце на светлы вобраз Марыі, перахрысціцеся перад ёй. Шануйце святую Марыю і сваю верную зямную спадарожніцу — і вы не заблудзіцеся, не будзеце ашуканымі. Яе міласэрнасць падыме вас, калі будзеце падаць. Яе святая моц падможа дайсці вам да жадаемых вышынь.

 

Кацярынін шлях

Сярод кананізаваных жанчын багата з рэдкімі імёнамі: Агафаніка, Вівея, Гаафа, Епіхарыя, Ія, Каліста, Манефа, Нунехія, Паліксенія, Сасіпатра, Філіцата, Хіанія, Яўланія...

Магчыма, старажытныя імёны некалі былі гэткімі ж ходкімі, як цяперашнія Святланы, Анжэлікі. Але тыя, у адрозненне ад нашых, — святыя. У пэўныя дні ўсе цэрквы абуджаюцца гімнамі сваіх званоў у гонар слаўных жанчын, а вернікі моляцца за іх вечнасць у царстве зямным і нябесным.

* * *

Есць імёны, якія вытрымліваюць выпрабаванні стагоддзяў. Застаюцца моднымі і запатрабаванымі ва ўсе часы, усімі пакаленнямі людзей.

Такая — Екацярына (Кацярына).

Яе імя прыйшло з грэчаскай мовы і азначае вечна, заўсёды чыстая. У гісторыю хрысціянства ўвайшла святая дзева велікамучаніца Кацярына Александрыйская (імяніны 7 снежня) і прападобнамучаніца Екацярына (імяніны 5 лютага).

Даўней, калі яшчэ ў нашых хатах не было «чорта з рагамі» (так абазвала тэлевізар адна рэчыцкая бабця), 7 снежня лічылася святам — днём Кацярыны. Вечарам дзяўчаты наладжвалі варажбу. Перад тым прамаўлялі: «Без сонейка нельга прабыць, без мілага нельга пражыць». Клалі пад падушку акраец хлеба і загадвалі: хто ж стане суджаным, адзіным?

У дзень Кацярыны ўсёй вёскай, старыя і малыя, каталіся на санках. Збіраліся звычайна на горцы і на пагорку. Былі зухі-ездакі, а былі балельшчыкі. Дзяўчаты прыглядваліся да жаніхоў, ацэньвалі іх малайцаватасць, адвагу. Як хочацца часам вярнуцца ў тую казку, калі чалавек і прырода з’ядноўваліся ў зайздросным, цнотным шлюбе!

Пра ўсё гэта і багата яшчэ пра што іншае жадаў распытаць у рэчычан, якія носяць прозвішчы, утвораныя ад імені Кацярына. Дарэчы, гэта імя згадваецца ў старажытных пісьмовых крыніцах пачынаючы з 1567 года. У летапісах зарэгістраваны: «Катерина Коза, Катерина Щурская Огаповна, Катуша Левоновая».

А ў Рэчыцы жывуць сем’і Екацярынчавых, Кацярынічаў, Кацяронкаў. І я няпрошаным, нечаканым ветрам урываюся ў іх памяркоўнае жыццё з віхурным допытам: «Адкуль, ад каго ў вас такія прозвішчы?»

Маленькі дыялог з настаўніцай рускай мовы Аленай Міхайлаўнай Екацярынчавай:

— Мая мама ездзіла на БАМ. У Омску сустрэла Міхаіла Екацярынчава. Пажаніліся. Мяне там нарадзілі. І пераехалі мы ў Рэчыцу жыць. Тут ціха, добра...

— А чаму ў вас прозвішча ад Кацярыны?

— Дзед казаў, як служыў, дык яму пісар ваенны падправіў адну літару: быў Екацярынычаў, стаў — Екацярынчаў. Казаў, жылі пад Масквой, у вёсцы Пашкова, а там некалі ўладарыла яго прабабка Каця. Шмат дзяцей мела. Валявая была, як і царыца. Дык от ад яе і ўся радня стала пісацца — Екацярынычы...

На мой тэлефонны званок Нэля Антонаўна Кацярыніч насцярожылася:

— Хто вы?.. Дзе ўзялі наш тэлефон?.. Навошта гэта вам?..

Свет ясны! Людзі згубілі давер адзін да аднаго. Не так жылі нашы бацькі, дзяды. У нашай хаце ў Шоўкавічах мелася завядзёнка: накарміць, абагрэць чалавека з дарогі, а тады ўжо распытваць яго.

Урэшце, калі я цярпліва давёў Нэлі Антонаўне мэту сваёй цікаўнасці, яна палагоднела, расказала, што ведала:

— Дзела вот у чом, Кацярынічаў багата жыве на Брэстчыне. І мой Андрэй з Драгічынскага раёна, я — з Петрыкаўскага, — Пашчынская. А дзеці, унукі — рэчыцкія. Мешанкі мы ўсе...

— Ці ведаеце, ад якой Кацярыны пайшло ваша прозвішча?

— Не-а... Так во і жывём і не задумваемся пра фамілію...

 

У Любы корань «люб»

Каб сабраць усё разам, што напісана пра любоў, каханне, то ніводзін бы цягнік не скрануў з месца. Якіх толькі слоў не прыдумалі паэты, філосафы, каб вызначыць найвышэйшае пачуццё паміж людзьмі! Якіх толькі мелодый не склалі кампазітары пра каханне! Колькі фільмаў знята пра Божае пачуццё!

А сыдуцца новыя закаханыя пад ясным месяцам, і ў іх знаходзяцца адметныя, непаўторныя словы пра свае пачуцці. З узвышанай любоўю выводзяць маладажоны на арбіту сваіх сем’яў жаданых спадарожнікаў — Дзяцей. І ў парыве эмоцый надаюць дочкам сваім, будучым мамам, шчымліва-дарагое імя Люба, Любоў, Любаша.

Хаця трэба прызнаць, што да XIX стагоддзя існавала і мужчынскае імя Любім. Аднаго з герояў у п’есах Астроўскага звалі Любім Тарцоў. Ад гэтага імені памяншальныя формы — Любімка, Люба. Пазней гэта імя канчаткова забралі жанчыны. Чаму? Асабіста я жыву з верай у тое, што менавіта жанчына — ахоўніца, вартаўніца, калі хочаце, начальніца любові, кахання, гэтага хісткага агеньчыка і ў той жа час нязгаснага душэўнага полымя.

Агульнаславянскае імя Любоў, Любава ўвайшло ў наша жыццё разам з праваслаўем. Царква ўшаноўвае святую мучаніцу Любоў Рымскую. Яе дзень — 30 верасня, усеагульнае жаночае свята, жаночае галашэнне. Трэба, кажуць, паплакаць за сябе, за родных і блізкіх. Выгаласіцца, каб стала лёгка на душы. Рускія называюць гэты дзень «всесветлыми бабьими именинами». Услаўляецца не толькі Люба, а і Вера, і Надзя, і іх маці Соф’я.

У нашым раёне жывуць сем'і з прозвішчамі: Любін, Любавін, Любімаў, Любімцаў, Любінскі, Любавіцкі, Любачка, Любезны, Любецкі (гэта прозвішча хутчэй за ўсё ад спадчыннага ўладання Любеч), Любіцкі, Любічаў, Любулін, Любушкін, Любцоў, Любчанка.

Ёсць нават Нялюбін, Нелюб, Нямілы. Ды хто асмеліцца сказаць, што любоў-каханне для іх не галоўнае? Публічна, у «Дняпроўцы», Наташа Нялюбій, студэнтка і спартсменка, прызналася:

— Мой закон жыцця: ісці дарогай любові!

У карме імені Люба закладзена вялізная энергетыка. Яна можа не толькі сагрэць, але і апячы, змучыць чалавека, а найперш — саму сябе. Цвёрдая і страсная мелодыя імені робіць яе носьбітку цярплівай, стрыманай, прыветлівай, добрай. Але не чапайце яе самалюбства, бо можа адбыцца атамны выбух. У Любы звычайна моцная воля, ёй лёгка паддаюцца навукі, паэзія, розныя рамёствы. Вельмі працавітая. У народзе пра такіх кажуць: «Працаголік». Гаспадыня вынаходлівая, эканомная, уладарная, а гэта часам правакуе сямейныя скандалы.

Якія ж людзі з чароўным коранем «люб» жывуць у Рэчыцы і раёне?

Іна Вячаславаўна, дачка Любіных, тлумачыць:

— У Арлоўскай вобласці ёсць раён Змяёўка. А ў тым раёне ёсць сяло Крыўцоўка. Там усе — Любіны. І бацька мой адтуль. Ён — дзетдомавец. А мама мая — Зюзькава, з вёскі Чырвоны Камень. Вось так і з’явілася сям’я Любіных у Рэчыцы. Адна такая сям’я!..

— А чаму Любіны?

— Чаму?.. Мо таму, што любім жыць? А мо нейкая важная Люба была ў татавым родзе? Але ж ён сірата, нічога не ведае пра радню...

Сям’я Любімавых у Рэчыцы таксама з Расіі.

Сям’я Любімцавых — з Каўказа, з кубанскіх казакоў.

Любавіны — з Сібіры.

Можа, таму і Валодзя Любінскі лічыць, што іх прозвішча паходзіць ад нейкай геаграфічнай кропкі. Ёсць жа — Гомельскі, Мінскі, Смаленскі...

А Любінскія пайшлі з вёскі Плескавічы, што пад Жлобінам. Жыў там некалі дзед Максімілян, «прымаком» звалі. Адкуль ён родам, ніхто не ведае. Але корань яго на Беларусі глыбокі. У Рэчыцы жывуць унукі, праўнукі. Адзін з іх, цяпер мінчанін, Уладзімір Фёдаравіч Любінскі быў салістам Дзяржаўнага тэатра оперы і балета. Вось так!

Усім рэчычанам з прозвішчам на «люб» дала ацэнку Ніна Раманаўна Любавіцкая:

— Добрыя людзі! Не бандзіты і не зладзеі. Умеюць любіць, бо ведаюць, дзе заканчваецца любоў, там пачынаецца гразь...

А прапраўнук Максіміляна мінчанін Ягор Любінскі склаў свой гімн каханню:

Прижмись щекой к моей ладони,

И ты почувствуешь сама,

Как сердце кровь по венам гонит,

Когда ты рядом, жизнь моя.

Пусть догорю, как луч заката,

Но помни, нежная моя,

Моя любовь, вся без остатка,

Навек с тобой, душа моя.

 

Палініна поле

Некалькі разоў перачытаў, перагледзеў, «пералапаціў» усе прозвішчы рэчычан. Шукаў сярод іх утвораныя ад імён святых жанчын. І яшчэ раз пераканаўся: хто шукае — той знаходзіць, хто дбае — той мае.

У Рэчыцы жывуць Полін А. Т. і Полін Е. А., а ў іх — свае сем’і, і ў кожнай — свой лёс. У аснову прозвішча, відавочна, закладзена імя святой, прападобнай Апалінарыі (Паланеі, Паліны, Полі). Царква адзначае яе дзень 18 студзеня. Відаць, у гэты дзень многія дзяўчынкі атрымалі імя гэтай святой.

Апалінарыя ў першасным значэнні — якая належыць Апалону. У грэкаў імя бога сонца Апалона азначала свяціла, якое пячэ неміласэрна, спальвае ўсё. Вось і Апалінарыя ў грэчаскай мове — гэта тая, якая знішчае вайной. Але сучасныя тлумачальнікі імёнаў сцвярджаюць, што энергетыка і карма Паліны ўраўнаважана паміж сур’ёзнасцю і весялосцю. Кажуць, яна можа быць полем бітвы і полем для гульні. Усё залежыць ад абставін і выхавання, якія і выпрацоўваюць характар Паліны. Яна схільная і да шчаслівага сямейнага жыцця, і да кар’еры. Працавітасцю і цярпеннем здабывае Паліна сваё шчасце. А ці так жывуць рэчыцкія Паліны?..

 

Дар’я-пераможца

Святая мучаніца Дарыя (Адарыя, Дар'я, Даша), што азначае ў персідскай мове — моцная, пераможная, дала жыццё сучасным прозвішчам: Дар’ін, Дашкевіч, Дашкоўскі, Дашук. Такія сем’і жывуць і ў Рэчыцкім раёне. У кожнай з іх свая гістарычная біяграфія. Хай жа дзеці і ўнукі шукаюць тую адзіную, зямную Дар’ю, з якой пачаўся іх радавод. Мы можам толькі пацвердзіць, што ў Дар’і звонкае, жыццярадаснае імя. Яна — цвёрдая, імпульсіўная натура. Яе знак задыяка — Дзева, планета — Марс, колер знакавы — карычневы, стальны, густа-чырвоны.

У пэўнай ступені «родзічкай» усіх Дар’іных можна залічыць вядомую рускую княгіню Дашкаву Екацярыну Раманаўну (1744-1810). Менавіта яна ўдзельнічала ў дзяржаўным перавароце і памагла Кацярыне заняць імператарскі трон. Пасля паміж сяброўкамі прабегла чорная кошка. Дашкава правяла звыш дзесяці гадоў за мяжой: у Францыі, Германіі, Англіі. Сустракалася з такімі знакамітасцямі, як Вальтэр, Д. Дзідро, А. Сміт. Пазней імператрыца Кацярына прыняла княгіню Дашкаву на радзіме. Даручыла ёй быць першым прэзідэнтам Расійскай акадэміі навук і дырэктарам Пецярбургскай акадэміі. Яна згуртавала вакол сябе лепшых літаратараў: Дзяржавіна, Фанвізіна, Капніста, Княжніна, Крылова. Выдала творы Ламаносава ў шасці тамах. Натхніла вучоных стварыць «Словарь Академии Российской», які высока ацаніў Аляксандр Пушкін. А Карамзін вось як пісаў пра гэту выдатную навуковую працу: «Полный словарь, изданный академиею, принадлежит к числу феноменов, коими Россия удивляет внимательных иноземцев... Мы зреем не веками, а десятилетиями».

Княгіня Дашкава напісала і свае знакамітыя «Запіскі» — пра асабістае і сямейнае жыццё, пра сваё замужжа ў 16 гадоў, пра дварцовы пераварот і пра кіраўніцтва акадэміямі. Заканчвае запіскі так: «Я могу сказать со спокойной совестью, что сделала все добро, какое было в моей власти, и никогда никому не сделала зла; я отомстила забвением и презрением за несправедливости, интриги и клеветы, направленные против меня; я исполнила свой долг по мере сил и понимания; со своим чистым сердцем и честными намерениями я вынесла много жгучего горя, которое вследствие моей слишком большой чувствительности свело бы меня в могилу, если бы меня не поддерживала моя совесть, свидетельствовавшая о чистоте моей жизни; я без страха и тревоги, бестрепетно и спокойно смотрю в глаза приближаюшейся смерти».

Мемуары Кацярыны Дашкавай выдадзены маскоўскім выдавецтвам «Правда» ў 1990 годзе. Іх бы варта прачытаць усім маім рэчычанам, а найперш — Дар’іным, Дашковым, Дашкоўскім.

А перачытаць іх, пераканаўся, ёсць каму. Вось якая паэтка Ірына Дар’іна ўздымаецца з рэчыцкага Алімпа:

Как в бесконечности время растянуто!

В миг проживешь в нем целую жизнь.

Смыслом наполнено, чувством обмануто,

Перетекает в небесную высь...

 

Надзя, Надзейна, Надзея

— Када-та ў нашых Язёрах, на Магілёўшчыне, жыў нейкі пан. І служыла яму дзяўчына Надзея. А калі адмянілі паншчыну, дак пан запісаў тую служанку на прозвішча «Надзькіна». От такую байку перадалі нам дзед Лёўка і баба Ксюта. Мы ўсе пайшлі ад іх сваімі галінамі, — так пачаў прызнанне-спавяданне Аляксандр Аляксандравіч Надзькін.

Адчувалася, нафтавіку падабаецца яго прозвішча. Ён з імпэтам паведаміў, што ў яго і жонка — Надзя Надзькіна. І сястра — Надзя.

— У мяне трое дзяцей, тры ўнукі. І ўсе — Надзькіны. Бацька хацеў, каб не звялася фамілія. Я не падвёў яго. Ён у вайну да Берліна дайшоў. Дамоў вярнуўся і памёр. За нас ваяваў, каб Надзькіны жылі...

У Старажытнай Русі існавала імя «Надежа». У цяперашняй яве — «Надежда». А па-беларуску гэта імя гучыць далікатна, пяшчотна — Надзея, Надзейка, Надзя. «Усё будзе добра!» — вось яго апафеоз.

Усе мы, асабліва людзі старэйшыя, помнім і любім песню, у якой ёсць запамінальныя словы: «Надежда — мой компас земной». Гэтым «компасам» можна праверыць і пачуццё надзеі, якое, кажуць, памірае апошнім, і нашу спадарожніцу жыцця — Надзею.

Мы мала ведаем пра святую мучаніцу Надзею Рымскую, дзень памяці якой — 30 верасня. Але гараскопы сцвярджаюць, што Надзея — натура цярплівая, сур’ёзная, упартая, а ў той жа час — эмацыянальная, хаця не ўсе і не адразу могуць гэта заўважыць і ацаніць. Сваё будучае імкнецца здабыць і наблізіць сама. На гэтай камяністай дарозе праяўляюцца яе лепшыя рысы характару, без размену на дробязі. І гэта не могуць не ўлічваць усе кавалеры, а тым больш — муж.

А яшчэ рэчыцкім Надзькіным варта было б пашукаць свае карані ў былым пасёлку Надзежда на Жлобіншчыне, у вёсках Надзежда, Надзеждзіна, Надзейкавічы, якія «жывуць» і цяпер у Добрушскім, Буда-Кашалёўскім, Рагачоўскім раёнах.

 

Галкіны дзеці

У Рэчыцы і вёсцы Горнаўка — вялікае «гняздо» сем’яў з прозвішчамі ад імені Галіна (Галя, Галка): Галіна, Галіноўскі, Галка, Галкін, Галко.

Магчыма, імя паходзіць ад птушкі галкі з сямейства крумкачовых, атрада вераб’іных. Народныя назіранні за галкамі прывялі нашых продкаў да пэўных меркаванняў: галкі ў чародкі злятаюцца і крычаць — да яснага надвор’я; галкі перабіраюць пер’е — да непагоды. Нешта іншае падабалася людзям у гэтай птушцы. Можа, яны хацелі бачыць такімі сваіх дзяцей — акрыленымі, здаровымі, чарнявымі, прадказальнымі. І давалі ім імёны па назве дзюбатай, у пер’ях, Божай істоты.

Галіна ёсць і ў дрэў. Гэта бакавы парастак на ствале, зялёнае вецце, як сямейныя спадчыннікі — дзеці. Хто ведае, можа, і гэта асацыяцыя падштурхоўвала бацькоў называць сваіх дачок Галінамі? У надзеі, што яны разрастуцца, упрыгожаць, ажывяць само сямейнае дрэва.

А яшчэ «галэ, гала» азначаюць «голае месца», чыстае, не парослае лесам. А галяк — гэта бядняк. Мо і тут трэба шукаць разгадку імені Галі?

Ды ўсё-такі мне бліжэй імя святой мучаніцы Галіны Карынфскай, ад якой і пайшлі праваслаўныя імёны. Галіна ў грэчаскай мове азначае цішыня, спакой, мора без ветру. Відаць, народжаным у гэтую пару і давалі такое імя.

Магчыма, радзіма ўсіх Галь — Галіччына, украінская і польская зямля, якая ўваходзіла некалі ў Галіцка-Валынскае княства. Магчыма, пупавіна нашых, беларускіх Галін — у вёсцы Галічы, якая ў Клімавіцкім раёне, ля ракі Сураў, ці ў вёсцы Галкі, у Брагінскім раёне.

Царква адзначае святую Галіну 23 сакавіка і 29 красавіка. Хай бы і ўсе рэчыцкія Галіны помнілі гэтыя дні. І не абавязкова ісці ў храм. Важна зрабіць свята сваёй душы і блізкім людзям. Ды не пашкодзіць запомніць, якое будзе навор’е гэтымі днямі. Калі 23 сакавіка туман імглісты, будзе лён валакністы. А 29 красавіка можна сеяць капусту на расаду. Прыкмячай: калі маленькія яры «зайграюць», зноў замерзнуць, чакай перашкоды на ўраджай.

Амаль нічога не ведаю пра рэчыцкіх Галіных, Галіноўскіх, Галкіных, Галко. Але з прыемнасцю нагадваю ім, што іх аднафамільцы занялі прыстойнае месца ў Беларускай Энцыклапедыі. Галіноўская Ніна Васілеўна са Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці — дзіцячая паэтэса, яе вершы напісаны вобразнай мовай, з любоўю да маленькіх чытачоў, з дабрынёй разумнага настаўніка. Галкоўскі Канстанцін Міхайлавіч, вядомы літоўскі кампазітар, па паходжанню — беларус. Шмат твораў напісаў на вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Канстанцыі Буйло...

Адзін рэчыцкі Галін мудра прыкмеціў: «Галоўнае не боты наваксаваць, а ногі чыста памыць». І я разумею яго. Люблю і шаную сціпласць і мудрасць маіх рэчычан. Яны не гоняцца сляпцом за славай, а шчыруюць, каб захаваць для сваіх дзяцей чыстае імя.

 

Водгулле матрыярхату

Мае новыя «раскопкі» сярод прозвішчаў рэчычан вывелі на сляды матрыярхату. Хоць гэта і вельмі-вельмі далёкі перыяд жыцця нашых прашчураў, але мне ён уяўляецца светлым і справядлівым. Жанчына давала жыццё дзецям, новым пакаленням. Яна і была кіраўніком пячоры, заканадаўцам. Яна, як і пчаліная матка, давала працу і пчолам, і трутням-мужыкам, а калі надыходзіў час, выводзіла рой, сям’ю на волю, згуртоўвала новую абшчыну.

Адтуль, з той старажытнай пары, калі ў руках жанчыны была ўлада, і засталася павага да Божых пасланніц — дзяўчат, жанчын, мам. Адна з добрых традыцый — захоўваць імя родапачынальніц у сямейных прозвішчах.

У Рэчыцкім раёне сустракаюцца прозвішчы Аннін, Тамараў, Варварын, Дуняшаў, Дунюшкін, Дунько, Дуньковіч, Нінічук, Нінчук, Сафійская, Сафіна, Фядорын, Фядорынаў. Відавочна, што гэтыя прозвішчы ўтвораны ад жаночых імёнаў. Але не трэба спяшацца ставіць кропку. Тут якраз мусім трымацца мудрасці: сем разоў адмерай, адзін раз адрэж.

Скажам, у прозвішчах Зінін, Зінкевіч, Зінчук, Зіновіч, Зіноўеў, Зінкоў, Зінчанка, Зіненка, Зінавенка якому полу аддаць перавагу? Царква кананізавала апостала і мучаніка Зіна, свяшчэннамучаніка Зіновія, мучаніка, прападобнага і праведнага Зінона. Яны — Божыя людзі, пабожна жылі. У іх — 15 дзён памяці. Дык ёсць жа і святыя жанчыны з падобнымі імёнамі. Мучаніца Зінаіда (Божая) мае дзень памяці 24 красавіка, а мучаніца Зіновія (якая пабожна жыве) — 12 лістапада. Ад каго прозвішчы ў рэчычан?

У святцах ёсць мучаніца Акіліна. Імя з грэчаскай мовы — арліная. У беларусаў гэта імя прамаўляецца як бы прасцей, выразней — Акуліна, Куліна. А мае землякі носяць прозвішчы Кулініч, Куліненка, Кулінкін. Беларускі паэт Эдуард Акулін, які распачынаў сваю працоўную і творчую біяграфію ў в. Дуброва Рэчыцкага раёна, выводзіць сваё прозвішча таксама ад нейкай загадкавай Куліны, Акуліны. У кнізе «Пяшчота ліўня» прысвяціў ёй, радаводнай, свой верш.

Давайце і мы навучымся берагчы і ўзвышаць усё тое, што маем, што атрымалі ў спадчыну, з чым ідзём па жыцці. Разгадваючы тайны свайго прозвішча, давайце навучымся ганарыцца ім, дбаць найперш пра тое, каб вы і ваша прозвішча былі не замурзанымі, а каб нечым добрым увайшлі ў гісторыю.

А яшчэ давайце парадуемся, што ўсе мы ўжо маем прозвішчы. Яны ўстойлівыя і мяняюцца толькі пры замужжы. Мяняюцца, а не ўтвараюцца новыя. Бо як, скажам, утварыць прозвішчы ад модных савецкіх імёнаў, якія давалі сваім дзецям рэвалюцыйныя бацькі?

Дзяўчынак, бывала, называлі Электрыфікацыя, Хімізацыя, Акцябрына, Трактарына, хлопчыкаў — Дагнат-Перагнат, Днепрагэс. Гэту бяздумшчыну, гэты здзек з дзяцей хораша высмеяў Самуіл Маршак:

Удружнить хотела мать

Дочке белокурой,

Вот и вздумала назвать

Дочку Диктатурой.

 

А другой оригинал,

Начинен газетой,

Сына Спутником назвал,

Дочь назвал Ракетой.

 

Пусть поймут отец и мать,

Что с прозваньем этим

Век придется вековать

Злополучным детям.

 

IV - ЧЫЕ ВЫ, АДКУЛЬ?

 

А часу сутнасць? Мы!

Бо толькі мы прыходзім,

Мы сходзім, як дымы...

 

Георге Водэ, малдаўскі паэт

 

 

Бязродныя Цары, Князі, Графы...

Званю Царовым, якія атабарыліся на вуліцы Юбілейнай. Тэлефон падказвае — няма дома. Паклаў трубку, усміхнуўся сам сабе: «Эйч, захацеў адразу дазваніцца да Царовых. Яны мо ў загарадняй рэзідэнцыі? Мо пайшлі збіраць апенькі? Мо на Канарах?..»

У нашым краі ёсць сем’і з прозвішчамі Цароў і Цараў, Царанок, Царэня, Царык, Царыкевіч, Царук, Царагародцаў. Як да іх падступіцца?

Да адных Царовых усё-ткі дастукаўся. Узялася расказаць пра свой род студэнтка Гомельскага універсітэта, будучы эканаміст і ўпраўленец Вольга Царова:

— Дзед Іван расказваў, што яго бацька, мой прадзед Нікіфар, выкупіў некалі царскую зямлю за тры залатыя манеты. Кажуць, у яго было прозвішча Волкаў, а тады ўжо Царовым запісаўся. Брагінскі дзед пісаўся «Царев», а ў нас прозвішча «Царов». Гэта пашпартысты-грамацеі так зрабілі. Каб яшчэ ў канцы «ў» паставілі, дык прозвішча было б чыста беларускае.

— Пра дзеда Івана што ведаеш?

— Усё жыццё працаваў трактарыстам. Ваяваў. У палон бралі, уцёк. У Берліне закончыў вайну. Усе свае ўзнагароды ў школьны музей аддаў. Амаль дзевяноста гадоў пражыў. Апошнія гады — у Рэчыцы, у нашай сям'і. Мама забрала яго...

— Намалюй партрэт дзеда-Цара.

— Вельмі добры. У целе чалавек. Не лысы. Прыемная сівізна. Вочы блакітныя. Усмешка адкрытая. Дзеці любілі яго, хаця і пабойваліся. У нас царскае прозвішча! Яно як бы абавязвае прыстойна жыць і годна паводзіць сябе...

О, мая Рэчыцкая зямля не пакрыўджана тытулаванымі прозвішчамі. Каб меў час, пастукаўся б кожнаму ў хату. Гэта ж не тое, што высокія цяперашнія чыноўнікі. Да іх на прыём трэба запісвацца, прайсці праз допыт памочнікаў, сакратароў, намеснікаў. А да маіх землякоў заходзь, звані ў любы час сутак. І я набіраю нумар Князевых па вуліцы Грыбаедава. Падымае трубку Анатоль Мікалаевіч:

— Так, мой бацька Князеў. Пасвіў кароў да вайны. Ваяваў. Пасля шафёрам рабіў...

— А вы, Князева Мікалая сын, да якіх вышынь узняліся?

— Я — рэчыцкі нафтавік! І спецыяльнасць прэстыжная, і прозвішча зайздроснае. Пра мінулае лепш маму распытайце...

Лідзія Міхайлаўна Князева патлумачыла:

— Мужанёк мой ужо даўно спіць у рэчыцкай зямельцы. А родам — з Расіі, з беднай сям’і. Тут усё жыццё «княжыў» над машынай, баранку круціў, шафёрыў. Чаму іх Князевымі празвалі?

Лідзія Міхайлаўна, сама таго не ведаючы, амаль што адказала на сваё пытанне. Відаць, так і было — празвалі некага Князем з далёкага роду яе мужа. Мо ён быў фанабэрысты? Мо крышку выбіўся ў начальнікі і ганарыўся тым? Кажуць жа пра такіх: «З гразі ў князі». А ў нас пра аднаго вузнажца жартавалі: «Князь, у цябе вілы, якімі гной накідаў, з воза ўпалі».

А яшчэ ходзіць павер’е, што бацькі даўней знарок называлі дзяцей Царом, Князем. Верылі, гэта імя прынясе яму славу і багацце. Ды ўсё-ткі таямніцы застаюцца: чаму на Гомельшчыне ёсць вёскі Князь-Бор, Княжыца, Княжына, Княжабор’е? Адкуль пайшлі назвы цар-трава, царок-ластаўка, цар-звер, цар-звон?

Не пашанцавала мне сустрэцца з Графавымі. Ні ў адной з сем’яў не адказваў тэлефон. Адна з іх суседак патлумачыла: «Мо валяць дзе бутэльку... Я сарамаціла: «Што ж вы няславіце ганаровае прозвішча». А яны не могуць утрымаць гонар. Паслабелі ў каленцах...»

Нешта падобнае сказала мне і Ала Андрэеўна, якая носіць прозвішча мужа Кароль:

— Не пашанцавала мне з Каралём. Перайшоў «касіць сена» ў іншы агарод. Стройнасць думкі, якая вітае ўва мне, падказвае, што ён не з дваранскай крыві. Вось мая бабуля Ганна — з Велічкоўскіх. У яе закахаўся быў панскі сын. Шчасліва, у любові нажылі сямёра дзяцей. І я таго роду...

Іншыя рэчыцкія Каралёвы маюць магілёўскія карані. Дзед іх, кажуць, жыў у Крыме. Нешта натварыў там, уцёк на ўскраек Расіі, якім былі раней і Магілёўская губерня, і Рэчыцкі павет.

— Усе за воблакамі, — прызнаецца Ягор Нікіфаравіч Каралёў. — І бацькі ўжо там, і дзяды. Каго распытаеш? Ні фота, ні памяці.

Я разумею сум і скруху Ягора Нікіфаравіча. Да яго дайшла трывога, задумаўся, якую памяць пра свой род перадаць сыну і дачцы. А вось Юлю Каралёву з вуліцы Маладзёжнай не разумею. Дазваніўся. Дзяўчына падняла трубку. Расказаў пра сябе, патлумачыў свой клопат пра новую кнігу і спытаў:

— Ці ганарышся, што ты Каралёва?

— Ага, — адказала Юля і паклала трубку.

«Пі, пі, пі...» — панеслася ў сусвет. Як таямніца: а ці ёсць жыццё на Марсе? Як загадка: з якога роду-племені нецікаўная да сваіх каранёў Юля Каралёва?

Ёсць у Рэчыцы і раёне Кароль і Каралёў, Караленка і Каралькоў, Каралюк і Каральчук. Хочацца разбудзіць іх ды зацікавіць на разгадку загадкавых прозвішчаў. Чаму ў іх корань каралеўскі? Гэта ад улады, пакоры, прыслугі, зямлі? Ці гэта ад мірскога імені Кароль? А мо ад назвы птушкі каралёк, у якой на галаве прыгожы венчык з пярынак?

У маім дасье на землякоў шмат яшчэ прозвішчаў ад важных некалі асобаў: Атаман і Атаманчук, Баярын і Баярынаў, Шляхціц і Шляхтаў, Паноў, Панкоў, Панічаў, Панеў, Панькоў, Панчанка, Васпан і Ягамосць.

Пра нашых, ды не толькі нашых паноў ходзяць і па сёння сур’ёзныя і не вельмі, былі і небыліцы, прымаўкі і прыказкі. Яшчэ з маленства сядзяць у памяці такія кпіны з вясковай шляхты: «Кашляй, паночак, табе можна», «Без пана не было б і хама», «Пан харошы, ды не мае грошай». Ай, што б ні плявузгалі пра паноў, а яны былі і ёсць. Жывуць сабе прыпяваючы пад рознымі прозвішчамі.

А як жа адчуваюць сябе рэчычане, у пашпарце якіх пазначана, што яны панскага звання?

Тамара Мікалаеўна Панова, былая ткачыха, спавядаецца:

— Дзед у нас суровы быў, багаты. Памёр сваёй смерцю. А бацьку новая ўласць палічыла зажытачным. Расстралялі. Два сыны нашы, Аляксандр і Ігар, панясуць далей наша прозвішча — Пановых. Якая доля іх чакае, хто ж ведае...

Некаторыя рэчыцкія Пановы маюць зачатак расійскі. Нашы дзяўчаты пераманілі хлопцаў з Расіі дый гадуюць тут сваё інтэрнацыянальнае дрэва. Як, напрыклад, Людміла Рыгораўна Панова:

— У Рэчыцы некалі служыў салдат з Іванаўскай вобласці Анатоль. Пазнаёміліся. Ён тут і застаўся. Амаль трыццаць гадоў з ім пражыла, а ніколі і ў думках не было, чаму такое прозвішча. Ён — Паноў, я — Панова. Жылі сабе, і ўсё тут. Мой Паноў добры быў ва ўсіх адносінах. Сям’я не апазорана нічым. Гэта галоўнае!

Людміла Панова перавяла дыханне, як бы пераключыла кнопку радыёпрыёмніка:

— А дзяўчынай я была Анціпенка, з Воўчай Гары. Род наш ад нейкага святога Анціпы. А як ён у нашай Воўчай Гары аказаўся?..

Тут, кажуць, была некалі высокая гара, лясная. Там пладзіліся ваўкі. Збіраю неяк грыбы. Зірк — а ўперадзе стаіць шэры, яршысты. Я на яго пазіраю, ён — на мяне. А далей падціснуў хвост і далей ад бабы, думае, ці мала што ў яе ў галаве. Я тым часам кош у рукі і шурнула дахаты...

Какое барина различье с мужыком?

И тот, и тот — земли одушевленный ком...

Достоин я, коль я сыскал почтенье сам,

А если ни к какой я должности не годен,—

Мой предок дворянин, а я не благороден.

Вось так вызначыў кошт чалавечаму жыццю паэт А. Сумарокаў у 1771 годзе.

І сярод людской мудрасці шмат сабралася скептычнага да розных званняў, прывілей, якія часцяком даваліся не за розум, талент і здольнасці, а пераходзілі з рук у рукі, з сям’і ў сям’ю, як фанцікі, як нешта геннае і абавязковае. Вось і казалі: «Такі-сякі баярын, а ўсё-ткі не мужык», «Прапалі нашы галовы за баярамі голымі», «Прабаярыў вотчыну». А стан у баярскім двары вызначалі так: «Стоячы дрэмлюць, седзячы спяць, між іншым ядзяць, ножкі баляць, а сесці не вяляць».

Шукаць Атаманаў, Атаманчукоў еду ў Салтанова. Сказалі: «Там імі хоць запруду рабі».

Пашчасціла сустрэцца з Захарам Яфрэмавічам Баярынам. Ён толькі вярнуўся «падрамантаваны» з бальніцы. Настрой меў добры, памяць вострую.

— Тут некалі пасяліўся пан Абуховіч. Прывёз з сабой трох парабкаў — Баярчука, Атаманчука і Кухара. Аднаго выйграў у карты, аднаго купіў, аднаго выменяў на сабаку. Можа, і наша прозвішча Баярын ад таго Баярчука. А пан палячок быў. Я маёнтак яго драўляны помню. Пакаёўку Зосю помню. Хату яго вялікую зламалі, як рэвалюцыя дакацілася да Салтанова, Зося памерла, пан уцёк. А мы тут засталіся і жывём. Як казаў адзін наш салтанаўскі, жыць добра, да некалі.

— Як ваш, Баярына, лёс склаўся?

— Я што, сапляком пачаў рабіць, хацеў хлеб есці. Да вайны на спіртзаводзе зарабляў на яду. Пры немцах у турме пабываў, у лагеры ў Жлобіне. Уцёк адтуль. У арміі служыў. Жартую: мае рукі завідушчыя, а вочы заграбушчыя. Усяму хачу навучыцца, усё хачу здолець зрабіць. Я і цясляр, і шорнік, і сталяр, і пячнік, і повар. Любая работа не падае з рук. Некалі першым у вёсцы купіў матацыкл, асвоіў яго. Тэлевізары з’явіліся — купіў. Рамантаваў свой і ў людзей...

Намеснікам старшыні райвыканкама працуе сын Захара Яфрэмавіча Міхаіл. Мы сустракаліся з ім, мажным і важным, з павагай гаварылі пра рэчыцкі люд. Міхаіл, адчувалася, ганарыўся сваім бацькам — Баярынам. Як гэта па-божы справядліва, калі бацькі спаўна пераліваюць сваю энергію ў дзяцей, а дзеці спраўджваюць іх надзеі.

Калі разабрацца, то ў нашым раёне жывуць цяпер прадстаўнікі ўсёй былой знаці. Апроч ужо згаданых высокіх «чыноў» тут гадуюць сем’і Войт, Войценка, Войтка, Войтаў, Вайтовіч ды нават Старавойтаў і Пуставойтаў. А войт, як вядома, у старажытнай Беларусі быў вялікай «шышкай». Начальнічаў у гарадскім пасяленні. Яго прызначаў сам князь. А пазней войтамі называлі наглядчыкаў за прыгоннымі. Іх прызначалі памешчыкі.

Сярод нас жывуць Гетманскія. Хай даведаюцца хаця б для сябе, якія іх родзічы, якому гетману служылі: ці начальніку казацкага войска, ці вярхоўнаму прадвадзіцелю Украіны, ці камандзіру войска ў Вялікім княстве Літоўскім.

Шах — тытул манарха ў краінах Усходу. Шах ёсць у старажытнай шахматнай гульні. Махляроў звалі шахерамі-махерамі. Шахам даўней клікалі майстра-віртуоза, які плёў хітрамудрыя рыбалоўныя сеткі. А з якіх крыніц гісторыі рэчыцкія Шахі, Шахновы, Шахавы, Шахоўскія, Шахоцькі, Шахаўцы?

Сярод жыхароў раёна ёсць нават Бек, Ваяводзін, Барынаў, Сенатараў.

Уяўляеце, колькі ахвотнікаў сярод нашых сучаснікаў стаць дэпутатамі, сенатарамі, хадзіць пры значках, мець уладу і прызнанне? А нашы, рэчыцкія Сенатаравы маюць пажыццёвы статус, перадаюць яго з пакалення ў пакаленне. Ім не трэба перажываць выбары, стрэсы, не трэба выслугоўвацца. Адно старацца, каб доўжыўся, не знік іх сямейны род. Ды не быць абыякавымі да саміх жа сябе, як Шляхтавы з вуліцы Карла Маркса. Калі я пазваніў ім, а яшчэ быў «дзіцячы» час, крыху насцярожаны голас абарваў мой эмацыянальны настрой:

— Ізвініце, пісацель, мы кладземся спаць...

Шляхта разам з курамі адыходзіла на адпачын. А што было рабіць мне, двараніну, які ўзваліў на сябе абавязак будзілы? Думалася яшчэ вось пра што: калі «знаць» амаль нічога не ведае пра свой род, то чаго чакаць ад «прасталюдзінаў». Хаця ў жыцці ўсё якраз бывае наадварот.

«Багаты, як даюць зарплату...»

У маіх руках архіўны дакумент — «Спіс землеўласнікаў Рэчыцкага павета, 1890 год». Ад А да Я — 238 багацеяў. Яны мелі ў сваіх абшарах 514 640 дзесяцін зямлі. Нагадаю: дзесяціна — даўнейшая зямельная мера плошчы, раўнялася 1,0925 га.

Адразу кідаецца ў вочы прозвішча Зубаў. Няўжо гэта той самы Зубаў, які быў апошнім фаварытам імператрыцы Кацярыны? Зазіраю ў энцыклапедыю — ён! Платон Аляксандравіч, граф, праваслаўны, меў у сваім уладанні 35 759 дзесяцін рэчыцкай зямлі. Ды дзе! У маіх Шоўкавічах, у Горвалі, Дзюрдзеве, Балашаўцы, Дабужы, Свідэры...

Хто ж ты, наш уладар?

Аказваецца, гвардзейскі афіцэр Платон Зубаў выбіўся ў дзяжурныя дварцовых палатаў. Пішуць гісторыкі, што ён быў малога росту, не зусім прыгожы, не вельмі вылучаўся і розумам. Але насіў імя знакамітага філосафа Платона, гэта, магчыма, і прыкмеціла Кацярына. Жартавалі, што царыца на старасці «обратилась к платонической любви».

Як бы там ні было, але дзяжурны афіцэр Платон Зубаў у хуткім часе стаў святлейшым князем Платонам Аляксандравічам, прымаў удзел у вырашэнні лёсаў Расіі, яе зямель і яе людзей. Кажуць, менавіта граф Зубаў учыніў другі падзел Рэчы Паспалітай у 1793 годзе. Цэлых сем гадоў трымаліся Зубаў і яго браты ў міласці Кацярыны, і толькі канчына царыцы завяршыла іх масленіцу.

Як вядома, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Расіі падчас другога падзелу. Відавочна, фаварыт не пакрыўдзіў і сябе, прыхапіў ва ўладанне больш за трыццаць пяць тысяч дзесяцін «свежых» зямель каля Дняпра.

Ды, у рэшце рэшт, Бог з ім, з гэтым графам Зубавым. Ён параяваў на зямлі, зарабіў пасля смерці званне «архіплута і разбойніка» ды ўжо даўным-даўно небажыхар. А ў Рэчыцкім павеце прадаўжалі валодаць зямлёй яго нашчадкі. І адзін з іх таксама быў Платон Аляксандравіч Зубаў.

Мяне ж цікавіла, ці ёсць сёння сярод маіх рэчычан Зубавы, хто яны, як адчуваюць сябе на пачатку трэцяга тысячагоддзя. Пачаў вывучаць спісы насельнікаў. Сустрэў Зубаравых, Зубараў, Зубялевічаў, Зубікавых, Зубко, Зубковых, Зубовічаў, Зубкоў. Іх прозвішчы, хутчэй за ўсё, ад мянушкі, якая надавалася ад знешняга выгляду, ад памеру, формы, велічыні зубоў. Ад тых характарыстык, якія адрасаваліся зубастым, зубатым, зубаскалам, аб якіх можна было абламаць зубы, мець на іх зуб, у якіх зуб гарыць і яны нікому не глядзяць у зубы.

Ды вось жа і рэчыцкія Зубавы!

Набіраю нумар тэлефона Зубава па вуліцы Нафтавікоў. Падымае трубку вясёлы ці падвяселены чалавек, гаворыць па-руску:

— Зовут меня Алексей Игоревич... Граф Зубов жил в Питере, в Москве, а я — в Речице, простой человек... Никакого отношения к фавориту к его наследию...

На гэтым размова і закончылася. Доўга пазіраў на пакладзеную трубку. Яна маўчала, а душа мая кіпела абурэннем: не цікавімся сваім радаводам, не хочам ведаць мінулае, мала задумваемся пра заўтрашняе. Мо таму і маем, што маем?

Сям’ю Зубавых з вуліцы Дастаеўскага прадставіла Света Зубава, нядаўняя выпускніца школы, малады повар:

— Што я ведаю?.. Ваабшчэ нічога... Бацькі Іра і Віця — з Рэчыцы. Дзед Іван з Жыткавіцкага раёна, памёр...

Пра графа Зубава, пра яго землі ў Рэчыцкім павеце Света нічога не ведала, ніколі не чула і сноў пра гэта не сніла.

Заставаўся ў мяне яшчэ адзін тэлефон Зубавых. Ахвота званіць прападала. Не хацелася яшчэ раз сутыкнуцца з раўнадушшам, абыякавасцю, глухатою. Ды ўсё-такі я набраў пяць новых лічбаў. Падняў трубку гаспадар Віктар Васільевіч Зубаў, выслухаў мяне і ажывіўся:

— Я сам з Расіі. Тут некалі служыў, сустрэў беларуску Надзю. Яна з вёскі Чорнае. Ёсць ужо нашчадкі Зубавы ў Рэчыцы...

— А продкі хто вашы?

— Бацька Васіль Пятровіч з Мардовіі. Можа, і звязаны якой ніткай з графам Зубавым, бо мама Елізавета Андрэеўна — з Апраксіных. Яе брат Сяргей — Герой Савецкага Саюза, лётчык, пачынаў вайну з Брэста. А вось іх бацька Андрэй, ротмістр, служыў у асабістай ахове Мікалая ІІ. Пасля рэвалюцыі пайшоў за чырвонымі. Больш нічога не ведаю...

— Кім працуеце?

— Я — вышкамантажнік у нафтавікоў. Дваццаць тры гады бурым рэчыцкую зямлю, шукаем «чорнае золата»...

Вось такія цяперашнія Зубавы.

А самым багатым па тым часе быў у Рэчыцкім павеце дваранін рымскакаталіцкага веравызнання Канстанцін Мечыслававіч Прозар. Ён валодаў 51 534 дзесяцінамі зямлі. Яго бацька Мечыслаў служыў павятовым прадвадзіцелем дваранства ў Рэчыцы. У 1861 годзе ўціхамірваў хваляванне сялян у маёнтку Салтанова памешчыка Мікалая Ланеўскага-Ваўка. Даведзеныя да адчаю мужыкі заявілі: «Ды годзе ўжо панам па нас ездзіць!» Тымі смельчакамі былі Рыгор Ткач, Мікола Лаўскі, Васіль Шапулін, Янка Тарасаў, Іван Бондар, Рыгор Пінчук, Якаў і Іван Пашкоўскія. Кожны з іх атрымаў розгаў, хто дзесяць, а хто і ўсе сорак.

Рэчыцкія Прозары-землеўласнікі маюць карані тых Прозараў, якія ўвайшлі ў гісторыю Вялікага княства Літоўскага як дзяржаўныя дзеячы з баярскага роду. Сярод іх найбольш вядомы Юзаф, генерал-маёр, пасол на сеймы, дэпутат трыбунала ВКЛ, ваявода. Яго сын Кароль служыў маршалкам трыбунала ў Літоўскім княстве. Прызначаны Т. Касцюшкам начальнікам узброеных сіл на Украіне, Палессі, Падоллі. Тытулаваў сябе графам у Рэчыцкім павеце.

Вось такія ўладары рэчыцкіх зямель, якім служылі нашы дзяды і прадзеды. Слугавалі потам, мазалямі, сваім здароўем. Яны перадалі ў спадчыну нашчадкам працавітасць, пакору, цярпенне.

А Прозары? Іх садзьмуў з нашай зямлі вецер Кастрычніцкай рэвалюцыі. І сярод сённяшніх рэчычан ніхто не носіць гэта прозвішча. Тыя, хто служыў Прозарам, ужо нічога не раскажуць з маўклівых нябёсаў.

Крутымі круцялямі жыло ў Рэчыцкім павеце і сямейнае гняздо дваран Горватаў — Отан Ігнатаў, Аляксандр Ігнатаў, Аляксандр Аляксандраў, Маўрыкій Данілаў, Артур Данілаў. Усе разам яны мелі ў нашым краі 102 673 дзесяціны зямлі. Спрасаванае сена з рэчыцкіх лугоў вывозілі ў Адэсу, а мяса — у Пецярбург.

У сённяшніх рэчыцкіх Горватаў, а іх дзве сям’і, зямлі хіба што пеўню на добрае грабанне. Але ёсць і свае прывілеі. Яны маюць тэлефоны, тэлевізары, халадзільнікі, пральныя машыны, пра што багатыя Горваты і не марылі.

А гісторыі сваёй сям’і, сваіх родаў рэчыцкія Горваты, на жаль, не сабралі. Адказ адзін:

— Нічоганькі мы не ведаем...

Я ж згатаваў вось які вінегрэт успамінаў ад іншых аднафамільцаў былых рэчыцкіх землеўласнікаў.

Івашкевіч: — Дзеда нашага Карла забралі, і канцы ў ваду. А бабка Марыя з трыма дзецьмі ўцякла з той ссылкі. Іх тут лавілі, зноў адсылалі ў Сібір. Лепш не варушыць усяго...

Ляшчынская: — Сама я Міроненка, рэчыцкая. А муж з палячкоў. Не атрымалася з ім жызні...

Краўчанка: — Я — з Турава, па прозвішчу Гаршкалёп. А муж з Маканавіч. Дак от нядаўна памёр. Яны ўсе адтуль, і бацька яго, і дзед. Млын трымалі, дак от і выслалі некуды далёка. А ці мелі яны поўна зямлі, хто іх ведае. У мяне сваёй пяць сотак. Хапае! Цяпер багаты, хто мае зарплату...

У Рэчыцы і вёсках Калочын, Якімаўка, Смагорын, Артукі жывуць звыш ста пятнаццаці сем’яў Краўчанкаў. Хто з іх ад Пракофія і Мікалая Краўчанкаў, якія мелі 278 дзесяцін зямлі ў Глыбаве, хай самі кумекаюць. Ды кожны хай задумаецца, ад якога краўца-майстра паходзіць яго прозвішча.

Чаплінская: — Дваране перавяліся. Цяперашнія іх родзічы толькі і шукаюць, каб выпіць. От і мой Барыс Ігаравіч думаў — усю перап’е. Ды толькі асіраціў мяне і дзяцей...

Аскерка: — Бог з імі, з тымі дваранамі Аскеркамі. Яны пажылі-пажылі дый паўміралі. Цяпер мы неба копцім. Багатыя — не нашы родзічы. Нам бы толькі сумленне сваё не страціць. Помню, была ў Ведрычах. На дзвярах магазіна вісела фотка жанчыны Аскерка, якая нешта ўкрала. Чамусьці гэта помніцца...

Рэчычанка Аскерка паклала трубку. І мне зрабілася ніякавата. Сонныя мы ўсё-такі, не хочам раздьмуць попел мінуўшчыны ды пагрэцца ўспамінамі. А род тых жа Аскеркаў герба «Мурдэлія» цікавы не толькі іх багаццем, а прыкметнай духоўнасцю, якую яны сеялі на беларускай зямлі некалькі стагоддзяў. Род іх выводзіцца з Полацкага ваяводства. Сярод Аскеркаў ёсць высокія ваенныя чыны, якія ўдзельнічалі ў войнах з Расіяй, Швецыяй, Турцыяй, вызвалялі ад шведаў Мірскі і Нясвіжскі замкі. У чацвёртым калене вылучыўся Стэфан Аскерка. Ён быў міністрам Каралеўства Прусія. Яго брат Багуслаў служыў харунжым мазырскім па прывілеі караля Аўгуста ІІІ. У Рэчыцкім павеце прыкметны след пакінуў Ігнаці Аскерка, падкаморы рэчыцкі (1787), дэпутат галоўнага трыбунала Вялікага княства Літоўскага. У шостым калене — Ігнаці-Павел Аскерка служыў прэзідэнтам Рэчыцкага земскага суда, а пазней — засядацелем Мінскага галоўнага суда. Яго жонка Яленская — дачка старосты мазырскага. Яго родзіч Эразм-Антоні валодаў маёнткам Муціжары Рэчыцкага павета. Іншыя родзічы валодалі маёнткамі Вадовічы, Рудакоўка, Вужынец. Пра дзевяць каленаў Аскеркаў, выведзеных геральдыстамі, можна пісаць асобную кнігу.

У архіўным спісе вельмі мала жанчын-землеўласніц. Дваранка Скальская Аляксандра Юльянаўна валодала 1216 дзесяцінамі зямлі ў маёнтку Забалоцце Якімаслабадской воласці. Няўжо ў яе няма спадчыннікаў?

У Рэчыцы знаходжу адну Скальскую. Жыве па вуліцы Турчынскага. Жанчына зацікавілася сваёй прародзічкай, ахвотна падзялілася ўспамінамі. А на сустрэчу са мной прыйшла з дзецьмі Волькай і Ігарам, прынесла унікальныя здымкі. Паслухаем Таццяну Эдуардаўну:

— Мой прадзед меў млын, сукнавалку, зямлю. І калі яго сын, а мой ужо дзед Баляслаў закахаўся ў Глафіру, дачку мясцовага дзяка, то яму не дазвалялі жаніцца. Дык вось на фота (паказвае) яго родзічы вытравілі твар дзяўчыны. А яны тайна абвянчаліся. І нарадзілі восем дзяцей. Адзін з сыноў Эдуард — мой бацька. Ён быў першынцам, любімцам, гонарам сям’і.

— Як склаўся яго лёс?

— Усё паўтарылася. Закахаўся ў медсястру Валю, а бацькі лічылі, што яна не пара яму. Тады ён, франтавік, кадравы ваенны, рашуча заявіў: «Яна ці ніхто!» Так і ажаніўся з Валяй. У канцы жыцця прызнаўся нам, дзецям: «Лепшае, што ў мяне было ў жыцці, — жонка!»

— А як жывецца праўнучцы дваран?

Таццяна Эдуардаўна махнула рукой:

— Выхавана ў сям’і, у якой пастаянна жыло каханне. І я шукала ўзвышаных, светлых пачуццяў. Позна выйшла замуж, нарадзіла сына і дачку. З мужам у разводзе. Лепш я пачытаю вам свае вершы. У іх усё...

Таццяна Эдуардаўна, начальнік лабараторыі «Рытма», з хваляваннем прыгадала вершы пра маму, жанчын, сябровак. Асабліва ўзнёслыя радкі ў строфах, прысвечаных сэрцу, якое плача, мужчыну, які «умер во мне», і стану зраненай душы:

Неотправленное письмо

Опоздало к адресату...

Горько с медом,

Сладко с перцем,

То черно, то полосато.

Мерзну я с остывшим сердцем...

 

Неразгаданыя, загадкавыя, «цёмныя»

Якія людзі жылі на рэчыцкіх землях тысячу, пяць тысяч гадоў назад? Якая ў іх была мова? Як называлі адзін аднаго? Як хочацца ўсё ведаць!

Вучоныя з гадамі сёе-тое прасвятляюць. Сваё слова гавораць гісторыкі, археолагі, пісьменнікі. Важкі ўзнос і філосафаў. У Беларусі ўжо з’явіўся шматтомнік «Гістарычны слоўнік беларускай мовы», «Слоўнік мовы Скарыны», зборнік «Даўнія запазычанні беларускай мовы», пяцітомнік «Тураўскі слоўнік»...

З іх даведваемся, што «абэцадла» — гэта алфавіт, «абсалюцыя» — адпушчэнне грахоў, «выступца» — злачынец, «квінціль» — ліпень, «кламца» — ілгун, «лада» — муж, «правіца» — правая рука...

Дык, можа, з таго далёкага лексікону, ад нашых прашчураў дайшлі да нас і «цёмныя» прозвішчы, якія не паддаюцца разгадцы самай узнёслай фантазіі?

Ну, скажам, жывуць у Рэчыцы людзі з прозвішчам Авіжац. Не ведаю, ці задумваліся яны калі-небудзь пра змест свайго радаводнага наймення. А мне страшэнна цікава: з чаго ўзялося такое дзівоснае прозвішча? На ўсё ж ёсць свой довад. Без дай прычыны, кажуць, і певень не кукарэкне.

Лезу ў слоўнікі, даведнікі, старыя пісьмовыя крыніцы, якія захоўваюцца ў аддзелах рэдкіх кніг сталічных бібліятэк. Што знаходжу? «Авізія» — так раней называлася паведамленне, данясенне. Дык, можа, авіжац і быў тым чалавекам, які дастаўляў важныя данясенні. За ім замацавалася гэта мянушка, якая пазней і стала прозвішчам. Я гатовы памыліцца, папрасіць выбачэння ў Авіжацаў, калі гэта не так, але буду рады, калі мая версія не пакіне іх раўнадушнымі.

Чаму ў чалавека прозвішча Аланьеў?

Знаходжу два вызначэнні. Алань — гэта горка, узгорак, бугор. Алань — гэта прадстаўнік старажытнага сармацкага племені. Сарматы ў трэцім стагоддзі да нашай эры былі блізкія скіфам па мове і звычаях. Паводле Герадота, у гэтым племені галоўную ролю адыгрывалі жанчыны. Сарматы былі вандроўнікамі, аселыя займаліся земляробствам. Няўжо з той далечы наша прозвішча Аланьеў?

У прозвішчы Ардамацкі магу патлумачыць толькі першую частку слова. Арда — гэта зборышча, натоўп, полчышча. Можна яшчэ патлумачыць як стаянка, качэўе. А што азначае «мацкі»?

Базак? Раней «базан» — гэта фазан. Базанам маглі назваць крыкуна, хвалька. Магчыма, нейкі пісарчук замест «н» у канцы калісьці напісаў «к», так і атрымалася прозвішча Базак.

Хочацца аб’яднаць у адну «сям’ю» Басая, Басалава, Басількевіча, Баско, Басыгіна, Басюка, Басюля і спытаць у іх: «Хлопцы, чые вы будзеце?» Таго, хто меў бас — нізкі, густы голас? Хто іграў на духавым ці струнным інструменце? Значыць, прародзіч ваш спявак ці музыка? А можа, босы бядняк, проста басяк — гарэза, свавольнік ці басалай — пахабнік, жартаўнік, залётнік?

Бітаў — хто гэта? Хто быў біты ці сам біўся? У літоўцаў «біта» — пчала, а «бітны» — пчаляр, хто мае ці даглядае пчол. У старажытным беларускім лексіконе «бітны» — смелы, мужны. От і вырашайце цяпер, Бітавы, хто вы, якога паходжання.

У Вузнажы жывуць Боблы. Адзін з іх, Іван Мацвеевіч Бобла, выйшаў у людзі. Мы сустракаемся з ім у Мінску, сябруем. Ён амаль сорак гадоў працуе ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце. Дацэнт, кандыдат навук. Выкладае Бобла дэфекталогію. А «баблівы» ў старажытным слоўніку — які не зусім зразумела гаворыць. І вузнажскія Боблы гавораць, як стракочуць, пра такіх кажуць: «заводзіцца з паўабароту».

Сам жа Іван Мацвеевіч гаворыць паважна, удумліва, умела расстаўляе лагічныя націскі:

— Каб я ведаў, чаму мы Боблы, расказаў бы. Мой бацька Мацвей, дзед Іван і прадзед Адам — з Вузнажы. Адкуль яны з’явіліся ў нашай вёсцы, ужо ніхто не раскажа. Чытаў, што Блок і Мендзялееў жылі ў маёнтку Боблава пад Масквой. А мой дзед, як паміраў, казаў: «Ты не думай, мы — з роду Раманавых!..»

«Радня» Боблам, як ні дзіўна, могуць быць Брусілоўскія. У старажытным лексіконе «брусіць» — гаварыць неразборліва, коснаязычна, а «брусіла» — хто гаворыць абы-што, лухту, хто заікаецца. Але гэта не пашкодзіла зацвердзіцца на Русі старажытнаму дваранскаму роду Брусілавых. Іх росквіт адбыўся ажно ў XV стагоддзі.

Бучынскі ад чаго? Буча — шум, скандал, перапалох. А буч — рыбалоўны вузкі кош з лазовых дубцоў, нерат.

Вакульчук? Вакула, памяншальнае вакульчык, — у добрым сэнсе падманшчык, выдумшчык, заўсёды хоча нечым здзівіць.

Варэпа, па-руску Ворепа. Чамусьці хочацца гэта прозвішча раскласці на два словы і ўсклікнуць: «Во!.. Рэпа!..» Можа, так і было: жыў чалавек на зямлі, умеў вырошчваць рэпу і не сорамна было пахваліцца. А мо з яго і спісана народная казка «Пасадзіў дзед рэпку...»? І вырасла рэпка такая, што яе цягнулі і дзед, і баба, і ўнучка, і Жучка...

Мне здаецца, слова, як і цукерку, можна ўзяць у рукі, пацешыцца, разгарнуць абгортку і пакаштаваць. Вось бяру «на зуб» новае прозвішча — Гайдамовіч. З розных крыніц чэрпаю розныя звесткі: гайда — залётнік; гайда — пастушкова жалейка, валынка; гайда — дрэнны сабака, нягоднік; гайдай — чалавек, якога наймаюць для перагону жывёлы; у літоўцаў гайдай — спявак. А цяпер рэчыцкія Гайдамовічы хай самі вырашаць, якая версія ім бліжэй. Хай адчуюць дух продкаў.

Гарцуеў, Гарцуноў. У Елізаравічах пачуў: «Гарцуе, як конь», «Годзе, дзеці, гарцаваць, пасядзіце, дайце з чалавекам пагаманіць». А ў Дабужы, вакол якой азёры, кажуць: «Рыба гарцуе». У нашых Шоўкавічах ведаюць, што гарцаць — гэта скакаць, падскокваць. От і гадай, ад чаго ў чалавека прозвішча Гарцуеў.

Ёсць у Рэчыцы і Дзевіны. У іншых раёнах Беларусі — Дзевушкін, Дзеўкін, Дзявахін. Адзін з герояў аповесці Фёдара Дастаеўскага «Бедныя людзі» — Макар Дзевушкін, чалавек рэдкай дабрыні, маральнай чысціні, чалавекалюбства. Ёсць задыякальны знак, шосты з дванаццаці знакаў, — Дзева. Можа, усё гэта паўплывала на ўзнагароду мянушкай Дзевін, якая пазней і стала прозвішчам.

Язерскі (па-руску Езерский) — дзе шукаць адгадку? Напэўна, у старажытным слове «езеро» — возера. Калі ўлічыць, што наш Палескі край азёрны, то Язерскія — гэта якраз тыя пасяленцы, якія жылі каля возера альбо ў вёсцы Возера.

Прозвішча Зэкаў адразу, без роздуму асацыіруецца з тым чалавекам-зэкам, парушальнікам законаў, які неаднаразова бываў за кратамі. Але ж хто пазбаўляе права падумаць, што зэк «зрабілася» ад «зык» — гук, крык, шум, гуд? А мо ад «заіка», «зайко»?

Наш зямляк вядомы паэт Анатоль Зэкаў спецыяльна для маёй кнігі напісаў легенду пра сваё прозвішча і прысвяціў яе свайму сыну Сяргею:

Няхай у прозвішчы маім і корань «зэк», усё ж,

аднак,

яно не звязана зусім з тым, хто асуджаны, ніяк.

Бо гэта прозвішча было й да 37-га,

калі

скуранкі чорныя ў сяло па дзеда ўпоцемку прыйшлі.

Аж сем гадоў адбухаў дзед!

Каб знаць, за што.

І ўсё ж (о лёс!) дзед з гэтым прозвішчам сядзеў, а не адтуль яго прынёс.

Адкуль жа прозвішча?

Нібы

(паспеў я дзеда распытаць)

магчыма, што пазней,

аднак,

дыфтонг «аі» з Заікі ў «э» і перайшоў.

Так ці не так, ды Зэкавым мой продак стаў — і прозвішча панёс у свет.

Я дзеда шмат пра што пытаў.

Сказаў пра ўсё, што ведаў, дзед.

Ды пра адно маўчаў, бядак: пра тэрмін той

(дзе й як сядзеў), як ні распытваў я,

аднак

не заікнуўся зэк — мой дзед.

Сённяшнім маладым не зусім зразумела слова «кабала». А гэта — від рабства на Русі ў ХІV-ХVІ стагоддзях, пажыццёвая асабістая залежнасць ад уладара. Закабаліць чалавека можна было за нявыплату пазыкі, нядоімкі. Адным словам, кабала — гэта няволя. Магчыма, і сённяшні Кабалоўскі — гэта не проста прозвішча, а старонка гісторыі нашых прапрадзедаў, якую трэба ведаць.

Калюжны, Калюгін маглі атрымаць такую мянушку ад таго, што іх хаты стаялі каля калюгі — ямы, выбітай коламі. У ёй звычайна вада з граззю трымаецца ўсё лета, не кажучы ўжо пра вясну і восень. Калюгай можна назваць і забалочаную нізіну, багну, балота. Чаму чалавека абзывалі Калюгам?

Мая сястра Люба жыве ў вёсцы Дабужа, была замужам за Іванам Корбутам. Мяне ўсё падначвала: «Іншых прозвішчы паразгадваў, а маё?» Так мне хацелася ёй паспрыяць. Вычытаў у Даля, што корбан — малы, нізкарослы, карантыш. Дык жа і Любін Іван быў малога росту. Мо калі хто, гледзячы на яго рост, і запісаў «Корбан», а яшчэ адзін пісарчук замяніў «ан» на «ут»? У рускіх корба — сырая нізіна пад ельнікам. Хто там жыў, мог называцца Корбут. А Дабужа, котлішча Корбутаў, якраз і стаіць на балоцістым месцы, наўкол лугі, азёры, канавы, рэчачкі і сама Бярэзіна. Таежны тупік!

Цікавай і нечаканай можа быць разгадка прозвішчаў Кударэнка, Кударонак. Ёсць людзі, якія ў сваёй мове ўжываюць словы-паразіты. Ведаю вузнажца, у якога такім словам з’яўляецца «куда»: «Куда як харош», «Куда ноч, туда і дзень», «Едзь хоць куда, усюды доля худа», «Куда маці, туда і дзіця». Яму, бывала, адказвалі: «Пятро, не кудакай, шчасця не будзе». Вось такім маглі даваць мянушкі Кудыкін, Кударэнка, Кударонак, якія і замацаваліся ў прозвішчах.

З гэтай жа прычыны магло ўзнікнуць і прозвішча Надысеў. Ёсць слова-прыліпайла «надысь», што азначае «нядаўна, надоечы». «Надысь прыходзіць да мяне Прося...», «Надысь быў я ў лесе, надраў луцця...»

Асмалоўскі — прозвішча ад прафесіі. Людзі, якія асмальвалі або абвуглівалі бярвенні, так называліся. Так апрацаваць бярвенне, каб яно было надзейным падмуркам для хаты, каб не згніло ў зямлі, маглі толькі асмалоўскія.

Спраўцаў — таксама прозвішча ад нейкага службіста. Раней аканома называлі спраўцам дома, спраўца на мытні — зборшчык падаткаў. Спраўцам маглі называць распарадчыка, упраўляючага.

У Восаве жыў Папуша. Яшчэ ў дзяцінстве я верыў, што яго прозвішча ад пушчы, ад густога лесу, за якім ён жыў. Але ж бацька мой вырошчваў свой табак і называў яго папушай. Я смяяўся з яго, бо думаў, што ён тытунь называе «папам, папушам», бо вельмі ж любіў яго. І толькі пазней даведаўся, што «папуша» — адзінка колькасці тытуню, скрутак тытунёвага лісця.

Рэуты, Рэутавы маглі атрымаць такое званне ад таго, што іх продак некалі быў майстрам-званаром, бо па-руску «реут» — самы вялікі звон на званіцы. Мянушкай такой маглі ўзнагародзіць і чалавека, які меў моцны голас, бас.

Для мяне зразумела і прозвішча Усхопаў. Яно падыходзіць да кожнага селяніна. Усе ў вёсках усхопы, рана ўстаюць са сваіх ложкаў. Прачынацца доўга няма калі, бо спалі, як кажуць, на адно вока. Усхопліваліся з першымі пеўнямі, і пачыналася таўкатня ля печы, у двары, у хляве, на агародзе, у калгасным полі. І так — з дня ў дзень, з году ў год.

Прозвішчы Чыгрын і Чыгрынаў пісьменнік Уладзімір Юрэвіч тлумачыць так: «Ішоў чалавек у войска, быў Чыгрын (ад татарскага слова чыгір — прыстасаванне, якім даставалі ваду з калодзежа ці крыніцы, каб паліваць пасевы). Вайсковы пісар дадае нашаму Чыгрыну для гучання канчатак «аў». Вяртаецца ў вёску салдат і ўжо — Чыгрынаў».

Наш зямляк з в. Дуброва Мікола Чырык стаў заслужаным артыстам Беларусі, вельмі доўга быў вядучым дыктарам Беларускага радыё. Багата пра што расказваў людзям рэспублікі кожны дзень, а пра паходжанне свайго прозвішча не ведаў.

— Можа, ад птушкі чырок? Невялікая дзікая качачка вадзілася ў нашых балотах... — Мікола Максімавіч сцепануў плячыма, упершыню сур’ёзна задумаўся.

І мы пачалі гадаць: мо ад «чырыкаў» — чаравікоў, башмакоў; мо ад слова «чырыкаць», што ўмеюць рабіць вераб’і; мо ад «чирей» — скула, фурункул? Ды раптам мой сябар прызнаўся:

— А ведаеш, якая клічка ва ўсіх нас, Чырыкаў?

— Якая?

— Матрос!.. Дзед мой быў мараком. Дык і бацька — Матрос, і маці — Матросіха, і я — Матрос.

Вось так, дзве клічкі-мянушкі носіць наш зямляк: адну ў прозвішчы Чырык, другую — ад дзеда, які служыў на моры.

Шмат нашых рэчычан разбрылося па свеце. Іх можна сустрэць амаль у кожным раёне Беларусі. У сталіцы мы пазнаёміліся і пасябравалі з вузнажцам Аляксандрам Фёдаравічам Яленічам, хаця вучыліся ў адной школе, праўда, у розныя гады, а нашы вёскі — праз трохкіламетровы дубняк адна ад адной.

Аляксандр Яленіч — майстар спорту па барацьбе, вядомы ў Мінску прадпрымальнік, заснаваў сваю друкарню. У ёй, пахвалюся, надрукавана і мая кніга «Бацькі і дзеці».

Шмат паездзіў па свеце Аляксандр Яленіч, лёс не заўсёды быў для яго мёдам. Але ён заўсёды натхнёны, спартыўны, аптымістычны. Пра свой радавод толькі мала што ведае. Чамусьці ўрэзаліся ў памяць словы дзеда Івана: «З Югаславіі мы прыйшлі». Чаму адтуль і ажно ў рэчыцкую Вузнаж? Чаму яны Яленічы?

Пісьменнік Уладзімір Юрэвіч сцвярджае, што гэта прозвішча — ад жаночага імені Алена, Лена, Ялена. Дзяцей аўдавелай Ялены маглі зваць Аляневічы, Еляневічы. А пры розных перапісах, запісах, выдачах дакументаў гэта дражнілка перакруцілася ў Яленічавы, Яленіч. Сам жа Аляксандр Фёдаравіч думае, што яго прозвішча ад назвы дзікага аленя. Можа, яго продкі былі паляўнічымі ці лаўцамі аленяў і іх звалі — Аленічы, Яленічы.

Як бачыце, да некаторых загадкавых прозвішчаў можна знайсці такія-сякія тлумачэнні. Але ж у нашых рэчычан ёсць зусім «цёмныя» прозвішчы, з якімі яны звыкліся, не задумваюцца пра іх. А калі зірнуць свежым вокам, калі пачуць іх абвостраным слухам, то здзіўленню няма мяжы. Сапраўды, з якой крыніцы, што азначаюць вось гэтыя прозвішчы: Бер, Бетц, Біль, Бова, Бунь, Гасс, Гелі, Гуц, Дац, Ецнер, Ефцень, Капба, Кяян, Кмец, Куза, Курц, Куят, Лега, Луц, Міц, Мосур, Няйко, Падко, Райф, Ро, Сус, Цыб, Чача, Чуй, Шчак, Яж?..

Уладзімір Даль, рускі знакаміты збіральнік слоў, складальнік слоўнікаў, пісаў: «Мова — гэта бачная, адчувальная сувязь, звяно паміж целам і душой, духам і плоццю. Без слоў няма свядомай думкі, а ёсць толькі пачуццё і мыканне».

Усе нашы прозвішчы складваюцца са слоў, якія былі ва ўжытку нашых прашчураў. Дык давайце навучымся разгадваць закадзіраваны ў іх сэнс, тады і наступіць свядомасць думкі, тады мы і адчуем,што маем духоўную спадчыну, якой няма роўных сярод самых дарагіх скарбаў свету.

 

Рэчыцкі інтэрнацыянал

Пасля патопу тры сыны Ноя раздзялілі зямлю: Сіму — багацце ўсходу, Хаму — край поўдня, Афету — поўнач і захад. Ад племені Афетавага і пайшоў славянскі народ. Ён асеў па берагах Дуная, Маравы, Віслы, Дняпра, Прыпяці, Дзвіны, Палаты.

Князь кіеўскі Яраслаў, сыны якога хадзілі захопніцкім паходам на Полацкае княства, даў ім перад смерцю такі запавет: «Дзеці мае, любіце адзін аднаго, таму што вы дзеці аднаго бацькі і адной маці. Калі будзеце жыць у любові адзін да аднаго, то Бог будзе сярод вас...»

Як мы выконваем жаданне продкаў?

Якія мы сёння, нашчадкі племені Афетавага?

Па перапісу насельніцтва 1999 года, у Рэчыцкім раёне пражывала 111,2 тысячы жыхароў, у самой Рэчыцы — 53 899 беларусаў, 9717 рускіх, 2041 украінец, 340 яўрэяў, 48 цыганоў, 123 палякі, а ўсяго 47 нацыянальнасцей.

Гэта статыстыка.

І яна яскрава сцвярджае той факт, што на зямлі пасля Ноя, як бы ні дзяліліся людзі на краіны, плямёны, народнасці, карані іх усё роўна сягаюць у сівую даўніну, прадаўжаецца роднасная міграцыя, сваяцкае збліжэнне. І ў нашай Рэчыцы багата змешаных сем’яў. Тут займелі аселае жыццё прадстаўнікі ці не ўсіх народаў планеты. Цяпер ля дняпроўскіх плыняў жывуць Абрахманаў, Абдэль-Хамід, Байрамаў, О’Райнен, Вайцекаўскене, Галізаў, Джумбаеў, Жэглайціс, Зелікман, Ібрагімаў, Кудухашвілі, Магамедаў, Нагі-Задэ, Пінкаўскіс, Рубінштэйн, Стрэйзман, Тызенгаўз, Файзулаеў, Эмірханаў, Шулькленер, Фрыцлер, Хайкін, Цхвітарыдзэ, Чыргадзэ, Шважас...

Паходжанне ў іх яўна не паляшуцкае, але яны сярод нас, славянаў, — аднадумцы, землякі. І назва ў нас адна — рэчычане.

Прозвішчы дапаўняюць сухія лічбы статыстыкі, як бы расшыфроўваюць іх, раскрываюць, як кажуць, момант ісціны.

На вуліцы Будаўнікоў у райцэнтры я пазнаёміўся з Ларысай Ігараўнай Кім. Бацька яе з Расіі, мама — полька, муж — карэец, а дзеці — грамадзяне Беларусі, рэчычане.

Як вядома, наша Рэчыцкая зямля і яе насельнікі доўгі час былі ў складзе то Вялікага княства Літоўскага, то Расіі, то Рэчы Паспалітай. І гэтыя вехі гісторыі як бы адліты ў прозвішчах сучаснікаў.

Раней, напрыклад, ліцвінамі (літвінамі) называлі жыхароў ВКЛ, вось і пайшлі адсюль нашы Літвіны, Літвіненкі, Літвінавы, Літвінюкі. Жывуць у нас і Жамойдзіны. Ці ведаюць яны, што жамойдзінамі, жмудзінамі звалі жыхароў Жамойціі (сённяшняй Летувы)?

Палякаў часам клікалі ляхамі. На зары савецкай улады ў нас быў нават польскі сельсавет — у Балашоўцы. Так што лёгка патлумачыць паходжанне прозвішчаў Ляхаў, Ляховіч, Ляшэнка, Ляхавец, Ляхновіч, Ляхнавец, Поляк, Палякоў, Польскі, Полька, Полюк, Варшаўскі.

Паўночна-ўсходнюю частку Польшчы насяляюць этнаграфічныя палякі — мазуры. А ў нас ёсць людзі з прозвішчамі Мазур, Мазурэнка, Мазурык, Мазурко, Мазураў, Мазурок. Праўда, усіх іх нельга адназначна лічыць выхадцамі з Мазоўшы. Мазурыкам народ называў і злодзея, і махляра, і ашуканца, і мурзатага. У Даля мазур — дрэнны маляр. А яшчэ ёсць палявы верабей мазурок.

Да «польскіх» прозвішчаў маюць стасунак Кашубы (кашубы жывуць у польскім Прымор’і), Карунныя (карунны ў палякаў — які належыць каралеўству).

З рускімі мы аднаго кораня, аднаго племені — славянскага. Гісторыя ў адно спляла нашы лёсы. І гэта не магло не адлюстравацца ў прозвішчах рэчычан, якія са сваімі землямі не адзін раз уваходзілі ў склад Расіі. Тут і цяпер жывуць Маскаленкі, Маскалёвы, Маскалюкі. Маскалямі даўней называлі ўсіх падданых Маскоўскай дзяржавы. Сярод нашых рэчычан ёсць Масквіны, Масквічовы, Маскавіны, Маскоўскія, Рускія, Русіны. Тут мусім прыпыніцца і нагадаць, што Русін было мірское імя. А ў даўніне русінам звалі любога, хто належаў да славянскіх плямёнаў.

Ёсць нашы людзі, якія носяць у сваіх прозвішчах адзнаку асобных расійскіх мясцін: Астраханцаў, Кастрама, Крамлёў (а мо ад крэменя?), Валынец, Наўгародскі, Наўгародцаў, Наўгародаў, Калуга, Калугін (у Даля калуга — багна, балота), Тулякоў (у беларусаў туляга — бадзяга, баязлівец), Калмыкоў, Калмычэнка, Калмычкоў, Пермякоў, Вяткін, Мардвінаў, Полумардвінаў, Самарын, Самарцаў (самарай называлі балахон, які надзявалі інквізітары на ерэтыка, асуджанага на спаленне ў кастры), Смаленскі, Калмагорцаў, Якутовіч, Чувашоў, Камчатны.

А вось рэчычанка Маргарыта Піцерская стала ў 2003 годзе «Міс«Дняпровец». Строгая і прывабная, акрыленая і вясновая, яна прызналася ўсяму свету: «Я — аптымістка і веру ў дабро. Заўсёды імкнуся дапамагаць людзям. Яшчэ люблю гатаваць што-небудзь смачненькае для сына, мужа, сяброў. Увесь вольны час хачу быць на прыродзе, у свеце Божай прыгажосці».

Наша суседства і роднасць з сястрой Украінай відавочна і ў прозвішчах: Украінцаў, Украінец, Хахлоў, Хахол, Хахлоўскі, Запарожац, Жытомірскі.

Нашы прозвішчы сягаюць і ў больш далёкія зямныя межы: Грэк, Грэкун, Бесараб, Волах, Валохін, Валаховіч (волах — старажытная назва румын і малдаван, у іншых вызначэннях волах — белы конь, пакладны баран, назва расліны), Еўраінаў, Жыдовіч, Жыдко, Латышоў, Латышонак (у Латвіі жывуць латышы, а ў пскоўскіх і цвярскіх краях латышаць — картавіць, шамкаць), Сербін, Немец, Немцаў, Немчанка, Нямкевіч (так маглі называць не толькі таго, хто паходзіць з Нямеччыны ці бываў там, а і нямога чалавека), Татарын, Татарынаў, Татарынцаў, Кітаеў, Турак, Цыган, Цыганкоў, Цыганаў, Цыганок, Чаркасаў, Чэркас, Швед, Шведаў, Зыранаў (зыране — угра-фінскае племя), Вітэнбергскі, Канарскі, Маўрын, Бярлін, Бярліна, Венскі, Віленскі, Габраў (радня нашым аўцюкоўцам-жартаўнікам), Данец, Узбекаў, Ферганец, Фінаў. Адным словам — Чужыкавы, Прыбышы, Нярусавы, Прышэльцы, Прыходзькі, Прыхожавы, Захожавы, Іназемцавы, Земляковы, Навасады, Навасадавы, Навасёлавы, Наважылавы, Новакі, Навацкія, Новікі, Навіцкія, Новінькавы, Асадчыя, Асадчавы, Асадчанкі, Асадчыкі, Асядачы — усе, хто асеў на нашых землях.

Ды што казаць пра інтэрнацыянал, па нашых рэчычанах можна вывучыць геаграфію Беларусі: Брэскі, Брагін, Брагінскі, Быхаўцаў, Быхаўскі, Віцебскі, Гомельскі, Лукомскі, Мінчук, Мінчукоў, Мінчык, Пінскі, Пінчук (пісьменнік Аркадзь Фёдаравіч Пінчук, родам з Васілевіч, услаўляе наш край у Санкт-Пецярбургу. Аўтар некалькіх раманаў, кінасцэнарыяў, лаўрэат шматлікіх прэмій, штогод робіць справаздачы перад землякамі), Пінчукоў, Ашмян, Слуцкоўскі, Лагойскі, Кобрынскі, Каленкавіцкі, Глускін, Полацкі, Палачанін, Шклоўскі, Слонімскі. А ўсе астатнія — Гаражанкіны, Гарадзішчавы, Гарадоўскія, Гародныя, Слабодскія.

Кожная тапанімічная назва, безумоўна, мае сваё тлумачэнне. Яно, магчыма, і было вызначальным у мянушцы, а пазней і ў прозвішчы чалавека. Ды ўсё-такі хочацца верыць, што назвы старажытных нашых паселішчаў кроўна зліліся з прозвішчамі рэчычан. У іх засведчаны нават назвы вёсак: Дземяхоўскі, Міхнавец, Ляскавец, Вялікаборац, Глыбаўцаў, Глыбоўскі, Гавенавіч (у Глыбаўскім сельсавеце да 15 лютага 1935 года была вёска Гавенавічы, цяпер — Валадарск), Гаравец, Кругавец, Шолкавіч, Шалкоўскі. Два апошнія мяне вельмі цікавяць, бо назву сваёй вёскі Шоўкавічы, як варыянт, я звязваю з дваранскім родам Шоўкаўскіх, які кусціўся, множыўся і на Палессі.

Здаецца, каб у маіх сілах, сабраў бы на пясчаны бераг Дняпра ўсіх рэчыцкіх Старажылаў, Свяжынкіных, Навасёлавых. Хай бы пачулі ўлюбёнае прызнанне паэтэсы і кампазітара Вольгі Уладзіміраўны Волах, якая сорак гадоў аддае сваё сэрца дзетсадаўцам Рэчыцы:

Родины красивей на свете не найти!

Города теплее не встретишь на пути!

Маленькая Речица, уголок родной,

Пусть поют весенные птицы над тобой!

Музыку о Речице я еще сложу,

О любимом городе сказку расскажу.

Древнюю сторонушку родиной зовем,

Песны задушевные мы о ней поем.

 

V - ПАРТРЭТ

 

Для тых, хто вас не бачыў, вы — партрэты

Адстартаваўшых год. А для мяне —

Вы назаўжды майго юнацтва леты,

Што не падставяць скроняў сівізне.

Аркадзь Куляшоў

 

 

Дом весці — не барадой трэсці

Назавём імя кампазітара Аляксандра Барадзіна, і міжволі ўзнікаюць у памяці два словы: «Князь Ігар». Яго знакамітая опера, пастаўленая больш за сто гадоў назад, уславіла імя музыканта. Але ж ён яшчэ і вучоны-хімік, і акадэмік Медыка-хірургічнай акадэміі.

Але ніколі Барадзін не насіў барады. Прозвішча меў як прыдатак да спадчыннасці, як прыкмету нейкага далёкага продка, які любіў валасаты твар.

А мне здаецца, гэта «любоў» да барады, роўна як і да вусоў, звязана найперш з бытавымі ўмовамі. Жылі мужыкі ў пячорах, буданах, хатах. Ні брытваў, ні электрычнасці. Чым пагаліцца? Праўда, паказвалі нядаўна па тэлебачанні, як адзін афрыканскі цырульнік падраўноўваў валасы на галаве кліенту вялікімі палаючымі запалкамі. Але ж гэты метад вельмі рызыкоўны.

Вось і хадзілі нашы продкі, ад селяніна да баярына, з бародамі. Хадзілі, пакуль не аб’явіўся цар-рэфарматар Пётр Вялікі, які пачаў уводзіць еўрапейскія парадкі. Загадаў усім галіцца, каб ні барады, ні вусоў, ні на галаве валасоў. Бараду насілі для гонару, а навошта ён усім, калі дастаткова мець гонар толькі цару? А яшчэ казалі: «Не будзь вельмі цікаўны, бо хутка барада вырасце». Дык навошта правіцелю цікаўныя, з бародамі?

Так ці не так думаў Пётр Першы, калі пачынаў вайну з бародамі, але мужчыны і па сённяшні дзень захавалі цікаўнасць да барады, шмат хто носіць яе з асалодай. А ў спадчыну ад усіх барадачоў засталіся провішчы. Нават у нашым раёне жывуць сем’і Барадаценкаў, Барадзёнкаў, Барадзіных, Бародзічаў, Бародкаў, Бародзькаў, Бародкіных, Бародзіных, Барадаяў.

Цяжка ўдакладніць цяпер, чаму ў гэтых прозвішчах розныя суфіксы. Хай гэтым займаюцца вучоныя, даследчыкі, фалькларысты. Мы ж адзначым толькі тое, што можна ўспрыняць без сумненняў. Барадзін — такую мянушку мог мець высокі чалавек з вялікай барадой. Нібыта бачу такога велікана на вясковай вуліцы і чую нейчы голас: «Глядзі, вунь Барадзін пайшоў».

Барадулем маглі клікаць мужчыну, у якога не расла барада, была рэдкая, замест барады, казалі, у яго дуля. Чалавек з прозвішчам Майбарада, відаць, хваліўся ўсім: «Мая барада, якая ў мяне барада!»

Ёсць сярод маіх землякоў Безбародзька, Галабародзька, Белабародзька, Вострабародзька. От бы сабраць калі-небудзь на раённы сход усіх аднафамільцаў, «родзічаў» барадзе, ды наладзіць жыццёвыя, творчыя, сямейныя агледзіны пад дэвізам: «Дом весці — не барадой трэсці!» Можа, калі дажывём і да такіх сямейна-абрадавых традыцый.

А мы пакуль што дадзім у партрэт барадачоў вось такія «фарбы» — прозвішчы знешняга выгляду галавы нашых рэчычан: Брытаў, Брыцік, Брыцько, Лахмакоў, Лахман, Лахманенка, Лахманаў (сам калматы, ці насіў лахманы?), Валасевіч, Валасенка, Валаснікоў, Валасюк, Стовалосаў, Нячосаў, Нячоса, Касмач, Касмыкін, Касмачкоў, Кашлач, Каўтун, Каўтуненка, Каўтуноў, Махнаткін, Чубала, Чубанаў, Чубараў, Чубар, Чубянок, Плехаў, Пляхноў, Пляханаў, Пастрыгаль, Лысак, Лысы, Лысенка, Лысянкоў, Лысянок, Лысікаў, Лыско, Лысоў, Лысякоў...

Пра кожнага з гэтай галерэі партрэтаў ёсць народныя прымаўкі, прыказкі, пэўныя азначэнні. Але ж яны агульныя і тычацца толькі канкрэтных людзей: «Да лысіны дажыў, а розуму не нажыў», «Дажыў да сівых валасоў», «Рве на сабе валасы», «Валасы становяцца дыбарам», «Вісець на валаску», «Калі расчэсваешся, не кідай нідзе валасы, бо возьме іх птушка на кубло, будзе каўтун», «Пазайздросціў пляшывы лысаму».

Дзвюх жанчын з той «галерэі» ведаю асабіста. Пра кожную можна складваць песні, пісаць аповесці. Прозвішчы яны ўпрыгожылі сваім жыццём.

Святлана Іванаўна Нячосава атрымала прозвішча ад бацькі-расіяніна. Ваяваў, вызваляў Беларусь. Пазнаёміўся з беларускай медсястрой Кларай. Яна, холмецкая дзяўчына, і прыпісала на Рэчыцкай зямлі Івана Нячосава. А дзявочае прозвішча Клары — Саматкан. Яе бацька Іван быў майстар на ўсе рукі. Пра такога кажуць: «І шавец, і касец, і на дудзе ігрэц». А восем цётак — усе як на падбор, кучаравыя ды прывабныя. Прыгажуні кругом!

Святлана Нячосава ў іх удалася. Прыемную ўсмешку мае, а душу — заўсёды вясновую, напоўненую да краёчкаў дабрынёй, спагадай, далікатнасцю і прыроднай мудрасцю. Яна ўжо некалькі дзесяткаў гадоў працуе бібліятэкарам у Цэнтральнай раённай бібліятэцы. У Рэчыцы яе ведаюць і любяць аматары кніг ад школьнікаў да пенсіянераў. Кніжніца Нячосава нястомна, як алтарную свечку, нясе да людзей, прапагандуе, тлумачыць творы літаратуры. І ўсё гэта адгукаецца ёй ласкавай узаемнасцю.

Пра Валянціну Міхайлаўну Коўтун (дзявочае Новік) гісторыкі літаратуры створаць асобную кніжку. Яна нарадзілася ў сям’і настаўнікаў з вёскі Дземяхі. Скончыла школу, універсітэт. Працавала настаўніцай. А займела вядомасць у рэспубліцы і за яе межамі як паэтэса, празаік, крытык, кандыдат філалагічных навук. Яе кнігі паэзіі «Каляровыя вёсны», «На ўзлёце дня», «На зломе маланкі», «Метраном», «Лісты да цябе» не залежваліся ў кнігарнях. Раман «Крыж міласэрнасці», прысвечаны вернай дачцэ Беларусі паэтцы Алаізе Пашкевіч (Цётцы), займеў шырокую чытацкую аўдыторыю. Па ім зняты чатырохсерыйны мастацкі фільм.

Мне асабліва імпануе грамадзянская пазіцыя таленавітай зямлячкі Валянціны Коўтун. Яна — прынцыповы чалавек ва ўсім: на працы, у сям'і, у творчасці, у сяброўстве. Яна не можа цярпець нецярпімае. Яе душа наросхрыст да праўды і справядлівасці. Вось такая асоба ўзначальвае Міжнародны жаночы фонд святой Еўфрасінні Полацкай.

А калі вясна атульвае душу паэтэсы Валянціны Коўтун, тады і нараджаюцца строфы пра адвечны сум па малой радзіме, пра нязменную любоў да роднай матулі:

Птушыны сум —

гняздо радзімы —

З маленства ў сэрцы я нашу...

Пяром зялёнае шыпшыны

Я да матулі ліст пішу...

 

 

Бязрукавы Гузавым таварышы?

— Чаго сядзіш у балоце?

— Бо прывык.

Такі дыялог можна пачуць сярод старых рэчычан. Іх няцяжка зразумець. Звыкаецца чалавек з усім: і з балотам вакол свайго жытла, і са звяглівым суседам, бо на Месяц ад яго не пераселішся, і з нядоляй, і з дзецьмі, якія не заўсёды слухаюцца. І з прозвішчам, якое носім.

Сустракаў у раёне людзей з прозвішчамі Бязрукаў, Бязручка. Пытаюся:

— Адкуль, ад каго ў вас такое званне?

— Хто яго ведае? — пацепваюць мужыкі плячыма. — У нас во — рукі на месцы...

Задаю загадку:

— Без рук, без ног, а ваюе. Што б гэта было?

Адгадка простая: вецер.

Дык мо той, каго ўпершыню абазвалі Бязрукім, і быў шустрым, як вецер, нечаканым і гуллівым?

А яшчэ ёсць устойлівыя выслоўі з глыбокім падтэкстам: «Быць пад рукой», «Справа яго рук», «Звязаны па руках», «На хуткую руку», «Даць волю рукам», «Валасатая рука»... Можа, гэта мудрасць і адгукнулася ў мянушцы таго, каго некалі абазвалі Бязрукім? Не меў чалавек падтрымкі, не ўмеў нічога рабіць, усё валілася з рук.

Не выключана, што так маглі называць і чалавека з фізічнымі недахопамі. Гэтак жа, як і сухарукага, з адной рукой. Ад яго сярод рэчычан і па сёння жывуць Сухарукавы. А Шастапалы пайшлі ад продка з шасцю пальцамі на руцэ.

Па прыкметах чыста знешніх можна вымаляваць агульны партрэт палешука. Людзі не праміналі аніякай заганы. І калі нейкае слова прыліпала да яго, то ўжо гэты «падарунак» перадаваўся і дзецям, і ўнукам, і праўнукам. Вось як гэту з’яву ўвекавечыў Мікалай Гогаль у «Мертвых душах»: «Выражается сильно российский народ! И если наградит кого словцем, то пойдет оно ему в род и потомство, утащит он его с собой и на службу, и в отставку, и в Петербург, и на край света... ничто не поможет: каркнет само за себя прозвише во все свое воронье горло и скажет ясно, откуда вылетела птица».

Жыве, скажам, чалавек Балбукоў і ніколі не задумваецца, чаму ў яго такое прозвішча. Жэніцца, і жонка Балбукова пішацца. З’явіліся дзеці — яны Балбуковы.

А вось Іван Іванавіч Насовіч, нястомны збіральнік беларускіх слоў, так тлумачыць слова «балбука» — падскураны нараст на целе ці на драўнянай кары. Уладзімір Даль у сваім «Толковом словаре» дае ў дадатак да сказанага новае азначэнне: «Балбука — это волдырь на воде, водяной пузырь».

Цікава, чаму нашага рэчычаніна некалі празвалі Балбукам?

Ёсць у нас Гогаль, Гагаленка, Гаголін. Кажуць, раней гогалем называлі смелага, адважнага чалавека. А гагальком — франта, фарсуна. Але ж гогалем называюць і дзікую качку. У нас нават ёсць вёска Гагалі на Бярэзіне. Там, відаць, даўней ад гэтых качак вады не было відаць. Цяпер ужо гогаль занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Рэдкім стала і прозвішча Гогаль.

Хто з нас у дзяцінстве не набіваў гузоў, гузакоў на лбе? Ды што ў дзяцінстве! Расказвалі, дзядзька з Чарнеек ішоў па Рэчыцы, загледзеўся на гарадскіх маладзіц і сярод белага дня ўрэзаўся галавой у слуп. Да бабы вярнуўся з гузаком. Мо такія разявакі былі і даўней? Мо таму іх і клікалі Гузамі, бо вечна некуды ўлазілі? Хаця «гуз, гузей» некаторыя фалькларысты тлумачаць як «павольны, няспрытны, нерухавы, някемлівы». Можа, таму гузыром называюць тупы канец снапа, а яшчэ — вузел, завязаная верхняя частка мяха.

Як бы там ні тлумачылася гэта слова, а ў нашым раёне спакойна жывуць і ў вус не дзьмуць сем’і з прозвішчамі Гуз, Гузаў, Гузнянок.

Мне давялося пагаварыць з мілаградскім Гузавым Андрэем Дзмітрыевічам. У свае семдзесят сем ён і ў настроі добрым, і пры вострай памяці:

— Што я скажу, Гузы і Гузавы — рэчыцкае кодла, а Гузнянкі — з Урала прыехалі. Нашы ўсе Гузавы з Горнаўкі, кароў некалі пасвілі ў паноў Караткевічаў. Дак дзед Міхаль, яго па-народнаму звалі Мітра, навучыўся скуры вырабляць на хром, так і ў людзі выбіўся. Тады, браток, людзьмі лічыліся тыя, хто меў сваю зямлю. Вось дзед Мітра выкупіў кавалак ворнай зямлі. Я цяпер на гэтай купчай жыву. О, Гузавы — моцнае племя, сілачы ўсе. Калі Гузаў дасць каму ў лоб, то той доўга будзе насіць гузак. Прадзед пражыў сто два гады, а дзед Міхаль — каля ста.

— Як ваш склаўся лёс?

— Ай, не пытай, браток. На перадавой быў паўтара года. Вучыўся ў Горацкай акадэміі, у Маскоўскім інстытуце геадэзіі і картаграфіі. Працаваў у Гомелі, Брэсце, вывучаў Палескую нізіну. А цяпер во адзін кукую ў старажытным Мілаградзе. Жонка доўга хварэла, ляжачая была. Карову даіў дваццаць гадоў, выходжваў жонку. Дзеці разляцеліся па свеце...

Вось так і жыве ў Мілаградзе Гузаў Андрэй Дзмітрыевіч. Замест знаёмства адбыўся такі дыялог:

— Як жывецца вам?

— Жыву ў сярэднім.

— Як разумець?

— Я — ў сярэдзіне, а па баках — торбы жабрацкія, старасць і хваробы...

 

Чарняўскі і К°

Перад сустрэчай з кіраўніком калгаса «Новы шлях» я паспрабаваў зазірнуць у тайну яго прозвішча. Чарняўскі: адкуль, чаму, ад чаго і ад каго такое званне?

Здогад прыходзіць і без вучоных высноў. Прозвішча ў старшыні ад мянушкі Чорны. Але чаму яго прашчура звалі чорным? Ён быў чарнявы знешне? Ён, як чорны вол, працаваў на зямельцы? Лёс яго быў змрочным, беспрасветным, цяжкім? Пытанняў больш, чым адказаў.

Зазірнуў у спісы жыхароў Рэчыцкага раёна і «вылавіў» дваццаць восем адценкаў «чарнаты» ў прозвішчах. Сярод маіх землякоў ёсць Чарны і Чорны, Чарнейка і Чарненка, Чарненкаў і Чарнецкі, Чарняцоў і Чэрнікаў, Чарнічэнка і Чарноў. Ёсць цэлыя радаводы, якія носяць адметныя рысы: Чарнабай, Чарнаброўкін, Чарнагораў, Чарналеўскі, Чарнаносаў, Чарнавокі, Чарнавусаў, Чарнашэй, Падчарняеў. Ну, з гэтымі прозвішчамі больш-менш зразумела. Што мелі, тое і атрымалі. Так іх і ахрысцілі, калі мянушкі пераводзілі ў прозвішчы, калі ўзаконьвалі іх дакументамі.

А мой незнаёмец — Чарняўскі.

Кажуць, колер сажы самы цёмны з усіх колераў. Дык у такой падфарбоўцы маглі быць усе нашы продкі, якія даўней жылі ў курных хатках. Печы майстравалі без каміноў. Дым, абкурваючы людзей, выходзіў у неба праз шчыліны. Клопаты аб хлебе надзённым трымалі прапрародзічаў «у чорным целе». Яны мелі чорную працу, чорныя гадзіны і дні. Ім часта перабягаў дарогу чорны кот. Што й казаць, чорна і горка жылося. З той сівой даўніны дайшло да нас непрыязнае пажаданне: «Каб табе чорна, каб табе млосна». А яшчэ і павучанне: «Як чорны вол на нагу наступіць, то знацьмеш усё» (гора ўсяму навучыць).

У Рэчыцкім раёне ёсць нават вёска Чорнае. А раней існаваў і пасёлак Чорная Зямля. Накірунак жа нашай машыны ляжаў у вёску Ліскі, да старшыні калгаса Мікалая Мікалаевіча Чарняўскага. Я пранікнуўся тайнай яго прозвішча. І ведаў пра свайго земляка толькі адно: нядаўна ён вярнуўся з рэспубліканскіх Дажынак, і Прэзідэнт уручыў яму, пераможцу ўборкі, новенькую легкавую машыну.

Першае ўражанне, кажуць, самае праўдзівае. Што я адчуў, калі парукаліся з Мікалаем Мікалаевічам? Рука моцная, сялянская. Высокі, статны. Твар маладжавы і натхнёны. Мой Чарняўскі — чарнявы, з кароткай, сучаснай стрыжкай. Калі я давёў яму пра сваё адкрыццё, што жыве ён у раёне-гняздзе з Чарнухамі, Чарнушэвічамі, Чарнышамі, Чарняхамі, Чарняхоўскімі, старшыня калгаса бадзёра ўсміхнуўся:

— Ды я, лічыце, у Рэчыцкім раёне — прымак. Вучыўся ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі разам з рэчычанкай Таццянай Шабаліной. На апошнім курсе ажаніўся. Перацягнула да сябе. Пусцілі тут сямейныя карані — дачку і сына.

— А ваша пупавіна дзе закапана?

— У маленькай вёсачцы Соньчын Рог на Ушаччыне. Ля нашага паселішча — возера сцелецца рогам. І нейкая Сонька першай усчала тут жытку. Вось і назва адсюль.

Мікалаю Мікалаевічу падабалася, што размова пайшла пра яго карані, дзяцінства, і ён, зняўшы насцярожанасць ад нечаканай сустрэчы, расшчодрыўся на ўспаміны:

— У школу хадзіў за дванаццаць кіламетраў. Пасля, як збудавалі ў цэнтры, — за пяць. Кожны дзень пераадольваў гэты шлях. І ў завею, і ў слоту, і ў спякоту. Пасля школы адразу паступіў у акадэмію. Закончыў з чырвоным дыпломам. Прапаноўвалі ісці ў навуку. Выбраў практыку жыцця...

— Што ад бацькоў узялі ў жыццёвую дарогу?

— Мае бацькі, Мікалай Арсенцьевіч і Марыя Міхайлаўна, якраз з тых Чарняўскіх, хто не палохаецца чорнай працы, хто потам здабывае хлеб. Нас, дзяцей, шасцёра ў сям’і. Першымі былі мы, чацвёра хлопцаў. Дык усяму навучыліся з дзяцінства: карову даілі, за плугам хадзілі, касой махалі нараўне з дарослымі. Помню, памыем падлогу, а маці вернецца з поля, разуецца і босая пройдзе па маснічынах. Правярала, ці чыста выдраілі...

— А яшчэ якія бацькоўскія ўрокі запомніліся?

— Каб да людзей паважлівымі былі, каб шанавалі старасць, не ўпускалі ў сябе ляноту, каб зямлю любілі.

— Дапамагае навука бацькоў у сённяшняй працы старшыні калгаса?

— Нараўне з дыпломам агранома, — цешыцца Чарняўскі, і я адчуваю, што паміж намі ўжо няма недаверу, мы спадабаліся адзін аднаму, толькі па нейкай выпадковасці не сустракаліся раней.

Мой субяседнік, як распалены касцёр, разгарэўся полымем успамінаў. І мне толькі заставалася адно: своечасова падкідваць у агонь размовы сухія паленцы-пытанні.

— Хто сёння для людзей вёскі старшыня калгаса: начальнік, гаспадар, бацька, настаўнік, выхавацель?

— Ва ўсіх іпастасях даводзіцца быць, хаця старшынёй «Новага шляху» стаў у дваццаць сем гадоў. Самы малады быў старшыня калгаса ў раёне. І ўжо шаснаццаць гадоў рулюю, — Мікалай Мікалаевіч на міг змоўк, як бы папярхнуўся, і паправіў самога сябе: — Руляваць, праўда, лёгка машынай. Запрэжаным канём можна кіраваць. А на людзей управа іншая — сэрцам і рублём. Звяртаецца да мяне чалавек, і я заўсёды прыгадваю маму, от яна пайшла б да кіраўніка і той адмахнуўся б ад яе, як ад мухі. З якімі пачуццямі вярталася б яна ў наш Соньчын Рог? Вой, усяго было: і сямейнікаў мірыў, і п'янтосаў уціхамірваў, і зладзеяў лавіў, і ветэранаў ушаноўваў, і пераможцаў на жніве ледзь не на руках насіў...

— Усё гэта і вывела ваш калгас на першае месца ў рэспубліцы па ўборцы збожжавых?

— Вынік нас усцешвае, — не хавае радасці Мікалай Чарняўскі. — Па пяцьдзесят з паловай цэнтнераў з гектара атрымалі. І гэта пры тым, што ў нас бал пашні толькі дваццаць пяць і шэсць дзесятых. Ёсць жа гаспадаркі, дзе гэты бал удвая большы, урадлівасць глебы ўдвая вышэйшая, а збіраюць толькі па пятнаццаць цэнтнераў.

Віншую Чарняўскага-пераможцу, і хочацца ведаць сакрэт поспеху. А ён яго і не хавае, усё навідавоку:

— Мы людзей сваіх залатых шануем. Склаліся дынастыі ліскаўцаў, якія прысягнулі зямлі: Віктар Коцур, Міхаіл Новік, Сяргей Новік, Васіль Астапенка... Іх жонкі і дзеці на калгаснай вытворчасці. Гэтым людзям можна па два разы не паўтараць. Даў заданне, яны і шчыруюць, як у сваім агародзе. Працуем з імі, я і спецыялісты, на поўным даверы. Наша задача, каб калгаснікі спаўна атрымалі за свае клопаты пра ўраджай, тэхніку, надоі...

— І атрымліваюць?

— Падчас уборкі механізатары зараблялі больш за мільён рублёў. А сярэдняя зарплата па калгасу за дзевяць месяцаў склала дзвесце тысяч рублёў. Людзям трэба плаціць па іх працы!

— А калгас за сваю прадукцыю атрымлівае па справядлівасці?

— Каб жа... — Мікалай Мікалаевіч узводзіць свае пачуцці на новую хвалю. — Малако наша вышэйшага сорту каштуе дзяржаве трыста пятнаццаць, рублёў за кілаграм. А вы ў магазіне за колькі купляеце? А колькі за мінералку «Дарыду» выкладваеце? Цэны на зерне тры гады не мяняліся. Вось і атрымліваецца, што працуем добра, а тэхніку новую купіць не можам. У банках такія крэдыты, што возьмеш грошай на два трактары, а трэба вярнуць, як за тры. Не так трэба ставіцца да вёскі, якая корміць усіх...

— Што яшчэ непакоіць перадавога старшыню калгаса Чарняўскага?

— П’яніцы, бамжы, ляніўцы. Раней на іх быў закон аб дармаедстве. Пасылалі на прымусовае лячэнне. Цяпер управы на іх аніякай.

— І шмат такіх у калгасе?

— Ды больш за паўсотню набярэцца. Бадзяюцца па вуліцы, выпіўкі шукаюць. І я, старшыня, і сельсавет ніякай улады над імі не маем. Сумленне страцілі гэтыя людзі. А на іх моладзь пазірае. На такіх трэба жорсткі закон!

— Нашы продкі вучылі: «Памірай, а жыта сей!»

— Правільна, і мы жывём па іх запавету. Штогод засяваем і ўбіраем.

— А што робіць старшыня калгаса Чарняўскі, каб не згаслі ў сялян любоў і павага да зямлі?

Мікалай Мікалаевіч падняўся з крэсла, падышоў да акна:

— Бачыце, праз дарогу ад нашай канторы — сярэдняя школа. Я там — старшыня бацькоўскага камітэта. Стыпендыю выдатнікам плацім. Першымі ў раёне нашы вучні атрымалі ад калгаса камп’ютэры. Сярод іх гадуюцца будучыя гаспадары нашых палеткаў і фермаў. Мы для іх праводзім сустрэчы з ветэранамі, запрашаем летам на заробкі, а першага верасня ўручаем важкія канверты...

— Колькі ж гадзін доўжыцца рабочы дзень старшыні калгаса?

— Досвіткам я ўжо на нагах. Кожны дзень (!) у сем трыццаць у гаражы — планёрка. Абмяркоўваем новы рабочы дзень: хто, куды, што рабіць. Пасля — разборкі з паперамі ў канторы. І далей — пайшоў калясіць па калгасу, пакуль не сцямнее.

— Усіх людзей у Лісках ведаеце?

— І ў твар, і па прозвішчу, і па мянушках. Сваю тэхніку па гуку пазнаю. Па зламаным дрэўцы каля фермы смуткую. Мама некалі за знішчаную галінку з дрэва лупцавала нас. І я, здаецца, каб падлавіў таго, хто нішчыць пасаджанае, даў бы яму «бярозавай кашы».

Ля адной з лавачак, на якой грэліся бабіным летам бывалыя, амаль стогадовыя ліскаўцы, пачуў такую мудрасць: «Шыхуе таму дому, дзе гаспадар не цураецца чорнай працы, не баіцца чорнага ката, які перабягае яму дарогу».

Такім гаспадаром, якому шанцуе на высокія прэзідэнцкія прэміі, і з’яўляецца гаспадар калгаса Мікалай Мікалаевіч Чарняўскі. На развітанне задаю яму кароткае пытанне:

— Ці знайшоў старшыня «Новага шляху» свой шлях у жыцці?

— Думаю, знайшоў, — адказаў Мікалай Мікалаевіч, крыху падумаў і дадаў: — Толькі ён не зусім новы. Я прадоўжыў шлях бацькоў. Я служу зямлі, на якой жыву!..

Партрэт Мікалая Чарняўскага хачу закончыць натхнёнай страфой паэткі Ніны Чарнейка з вёскі Перавалока:

Я падам на далоні агонь,

ты не бойся, не бойся пагрэцца,

дакраніся душой да яго,

цеплынёю сагрэй сваё сэрца.

 

 

* * *

У партрэтах маіх рэчычан мноства іншых колераў. Не трэба іх прыдумляць, вышукваць, ствараць. Яны прачытваюцца, бачацца ў саміх прозвішчах. Мы толькі што пераканаліся: колькі адценняў у колеры чорным, колькі вобразаў і характараў людскіх «намалявана» ім!

Следам (а можа, на першым месцы) стаіць колер белы. Пра яго ёсць у Ніны Мацяш, маёй духоўнай сястры, пранікнёныя радкі:

Мама, мама! Мяне не міне

Маё шчасце,— ты гэтак хацела!

Белы свет падарыла ты мне.

А вясёлка ж у колеры белым!..

Сапраўды, белым колерам вызначаюць і беларуса, і белага лебедзя, і белую акацыю, і белыя ночы. У нашай мове з пэўным, зразумелым адценнем ужываюцца такія паняцці, як «белая костка», «белае мяса», «белы верш», «белы лён». У вёсцы Гарывада адна векавуха кінула запамінальную фразу: «У нашым калодзежы бела вада, чыста, як у струмені, як у крыніцы». А ў Заходах на вясёлых дажынках пачуў: «Не бачыла баба белага, дак і шэраму рада».

Што ж гэта за колер такі, у якім схавана ўся вясёлка?

Ён, хочацца верыць, нясе ў сабе паняцце раскошы, багацця, вольнасці, пэўнай узвышанасці, акуратнасці. За савецкім часам сказалі б: «Белы колер — знак якасці».

Але ж гэтым высакародным словам можна і паставіць чалавека на месца: «Ён з-за гарэлкі свету белага не бачыць», «Расказвай казку пра белага бычка», «Не рабі белае чорным», «Уся твая справа шыта белымі ніткамі».

Можа, усе гэтыя шматлікія якасці, укладзеныя людзьмі ў белы колер, і меліся на ўвазе, калі чалавек атрымліваў пэўную мянушку?

Прозвішчы маіх рэчычан пацвярджаюць гэту думку. Я налічыў пяцьдзесят тры формы «белых» прозвішчаў. Тут — Белагрывы і Белагубы, Белагалоўскі і Белакапыцкі, Белакур і Белакураў, Беланогаў і Беланожкін, Белавус і Белавусаў, Белахвостаў і Белабокаў. А слова «белы», як у калейдаскопе, у самых розных праявах: Белы, Белянец, Белянок, Беленькі, Бялоў, Бяліцкі, Бялко, Бялкоўскі, Бялацкі, Бялоцкі, Бялько, Бялькоў, Бялькевіч, Белькаўцоў, Бельскі, Бельцаў, Бяляўскі, Бялаўскі, Бяляеў, Бялей, Белякоў, Бялян, Белянок, Белянкоў, Белых, Бялан, Беланоўскі, Беланюк...

Пагадзіцеся, у кожнага прозвішча свая гісторыя. Пачатак хаця і аднолькавы, ды канец, канчатак у кожнага свой. Як і ў жыцці. Нараджаюцца ўсе аднолькава. А лёс пляцецца ў кожнага адметны, непаўторны. І смерць розная. І памяць па кожным свая. Задумаемся пра гэта, разгадваючы свае прозвішчы.

Не ведаю, што думаюць пра сваё прозвішча рэчыцкія Белуны, Белуновы, але ёсць у язычніцкай гісторыі беларусаў добры бог Бялун. Ён — бацька неба, Белбог. Казалі: «Без Белуна цёмна ў лесе». Ён ходзіць толькі ўдзень, можа вывесці любога, хто заблудзіцца ў дзікай пушчы. Дык чаму падобнага дабрадзея не магло быць сярод людзей? Можа, яго гэтаксама пачціва называлі — Бялун?

Што, напрыклад, могуць азначаць прозвішчы Белазёраў, Белазёрскі?

У Тураве «белазоры» — блізарукі. На Украіне «білозорий» — які мае светлыя вочы.

Але ж ёсць і горад Белаазёрск. А можа, чалавек некалі жыў каля белага, чыстага возера. Чаму б не Белазёраў? А тое, што нейкай літары не хапае, дык спішам яе на «ўсушку», на «ўтруску», якія адбываюцца ў гістарычных стагоддзях.

Толькі на нашай Гомельшчыне я налічыў звыш двух дзесяткаў паселішчаў, у аснове назваў якіх закладзены белы колер. У Рэчыцкім раёне — Белае Балота і Белае (да 1932 года). А далей — трымайце фантазію на вышыні: Белалескае, Белабярэжская Рудня, Белая Ветка, Белая Сарока, Белы Бераг, Беліца, Белы Калодзеж, Белы Морг, Белы Пераезд, Белякі, Белянкоў, Бялёў, Бяляеўка... Прыкіньце, як завуць жыхароў гэтых вёсак. Уявіце, якую новую вясёлку людскіх званняў нясуць гэтыя вёскі.

Для роздуму чытачоў пускаю ў белы свет яшчэ некалькі белых навін. У цюркскіх мовах «ак» — белы, «кара» — чорны. У старажытнасці лічылі: хто жыве на поўначы — чорны, на поўдні — чырвоны, на ўсходзе — блакітны, на захадзе — белы.

А на заключэнне амаль дзіцячыя, але вельмі сур’ёзныя загадкі: чаму белы дзень можа стаць чорным днём; ці бываюць чорныя людзі бялейшымі за белых; як вы ставіцеся да белых рук, чорных спраў, белай паганкі, чорнай працы? Скажаце, пры чым тут што? А вы паспавядайцеся перад сваім белым прозвішчам.

Партрэт маіх рэчычан дапаўняе колер буры. Ад яго і прозвішчы: Буры, Бурыкін. Есць яшчэ Буркоў, Буркоўскі. Яны, магчыма, утвораны ад «бурко» — памяншальная форма «буры», а можа, ад слова «буркаць» — бурчаць, буркатаць. Адным словам, як кажуць у маіх Шоўкавічах: «Валі на бурага, буры павязе».

Зялёны колер у Зяленіных, Зелянкевічаў, Зелянкоў, Зелянкоўскіх, Зяленскіх, Зялёных, Зеленюкоў. Які сэнс уклалі продкі ў гэты радаводны знак? Раслінны свет вясны і лета? Малалецтва, зялёнасць гадоў? Прыгажосць зеляняка — залатога жука? Ці адзін з колераў сонечнага спектра вясёлкі? Можа, «зяло» — назву восьмай літары царкоўнаславянскай азбукі? Магчыма, разгадку прозвішча трэба шукаць у «зялёнай» тапаніміцы? Толькі на Палессі я сустракаў вёскі Зялёная, Зялёнка, а яшчэ — Зялёная: Даліна, Паляна, Рунь, Хвоя; Зялёны: Бор, Востраў, Дварок, Гай, Дуб, Крыж, Мох, Рог, Сад; Зялёныя Лукі...

Сем дзесяткаў гадоў нас прывучалі, што чырвоны колер — гэта найпершая прыкмета рэвалюцыі, барацьбы, пралітай крыві за справу бальшавікоў. Але чырвань на твары (у меру, канешне) — гэта прыкмета здароўя, прыгажосці. «Красна девица» — гэта і разумная, і прывабная, і з добрымі манерамі, і багатага роду. Ды ўсё-такі казалі: «Не радзіся красным, а радзіся шчасным». Вось такі камертон задаём мы людзям, якія носяць прозвішчы Красноў, Красніцкі, Красоўскі. У Рэчыцы яшчэ жывуць Краснажуцкія і Краснаяравы. Хай шукаюць продкаў, якія мелі па нейкай прычыне «жуткую», жудасную чырвань на целе, альбо жылі за красным, прыгожым ярам, кручай, стромай.

У агульны партрэт дададзім шэрую фарбу: Шарай, Шараеў, Шараевіч, Шарак, Шарэцкі, Сярак, Серакоў. Мастакі сцвярджаюць, што шэры колер атрымліваецца ад змешвання чорнага і белага. Шэрасць — прыкмета хмурага дня, дрэннага настрою, някідкай знешнасці. Гэтыя якасці, відаць, былі ў аснове мянушкі, якую насіў пэўны чалавек. А пасля яна неўпрыкмет перайшла ў прозвішча. Але добрым ды вясёлым людзям яна не шкодзіць заставацца жыццялюбамі.

 

Тоўсты і тонкі

Цікаўлюся ў аўцюкоўскіх братоў-блізнятаў:

— Чаму адзін з вас тоўсты, другі — тонкі?

Старэйшы з іх на дзесяць хвілін тлумачыць:

— Я люблю сала тоўстае, а брат — тонкае.

У Антона Паўлавіча Чэхава свая версія, псіхалагічная. У апавяданні «Тоўсты і тонкі» ён выводзіць таўстуна чалавекам забяспечаным, якому лёгка даюцца і званні, і зоркі. У тоўстага нават губы «лоснились, как спелые вишни». А тонкі — паслужлівы. У яго ўсё тонкае: і твар, і губы, і манеры. Як даведаўся, што сябар яго дзяцінства, тоўсты, выбіўся ў высокія начальнікі, тут жа «застегнул все пуговнцы своего мундира», гатовы пераламацца ў паясніцы перад ім: «Помилуйте... Что вы-с... Милостивое внимание вашего превосходительства...»

Як бачым, у тоўстых і тонкіх свая фізіялагічная вага, свае адметныя рысы характару. І гэта натуральна, бо кожны чалавек — адметная асоба ва ўсім. А ўсё-такі, які код заклалі продкі ў прозвішчы Тоўсты і Тонкі?

У Рэчыцкім раёне жывуць сем’і з прозвішчамі Тоўсцікаў, Талстой, Талстых. У рускім варыянце ёсць нават Товстой. Што ў іх прапрадзедаў было галоўным: ці мажная, паўнацелая фігура, ці тоўсты кашалёк, ці густы, тоўсты голас, як у мядзведзя? А можа, пасада, як у чэхаўскага таўстуна, якому кланяюцца ўсім тулавам?

У нашых Тонкіх, Танковічаў не меней пытанняў. Іх прозвішчы ад даўнейшых мянушак родзічаў, у якіх што было галоўным: тонкія косткі, тонкі розум, тонкі зрок, тонкі слых, тонкі жарт ці тонкая кішка?

Я сабраў эпітэты, якімі ў нашых мясцінах па-іншаму называюць тоўстых людзей. У іх адрас могуць запусціць такое: «Мячык ты, пышны-пухляк, сочны, круглавіды», «Стаў гладкі, укормлены, што ў дзверы ледзь прасоўваецца», «Наеў сабе бруха, то й ног не бачыць», «Прыехаў худзенькі, а здзелаўся поўны тутака», «Пузач ён стаў, за адзін прысест уплятае кавалак сала і булку хлеба».

Дык вось, калі ласка, і сярод нашых прозвішчаў — водгулле гэтых мянушак: Бруханаў, Брушко, Круглянкоў, Круглікаў, Круглоў, Круглякоў (праўда, круглым можа быць і стол, і выдатнік, і дурань, і сума грошай, а яшчэ круглікам маглі называць чалавека, які выпякаў на продаж слаёныя круглыя пірагі-круглікі), Мячыкаў, Мячык, Пузанаў, Пузан, Пузакоў, Пузевіч, Пузянкоў, Пузік, Пузына, Пузынкін, Пузырэўскі, Пузыркін (рускі фалькларыст Уладзімір Даль называе тоўстых, пузатых — букатымі, тут і ёсць разгадка прозвішчаў Букат, Букаты, Букатаў, Букацкі), Шар, Шараў, Шарын, Шарыкаў, Пышны, Поўны, Сочнеў, Шырко, Шырынаў, Шырнін, Шырокі, Шырокін, Шыраеў (шыракаплечы, дзябёлы), Гладкі, Гладкоў, Гладчанка, Жырыкаў, Жыраў, Жыраваў, Жырноў, Жыркоў, Жыронскі, Жырыленка.

Гняздо Поўных даўно звіта ў Заспе. Кажуць, тут некалі жыў глуханямы Аляксей Поўны. У яго было багата жонак і цэлая плойма дзяцей. Жыў той глуханямы, відаць, па прынцыпу: што ўмею, тое і раблю. Па вуліцы Чапаева і цяпер жыве адзін з яго ўнукаў — Фёдар Поўны, удзельнік вайны, мае высокія ўзнагароды. Яго сын Васіль Поўны — трактарыст. Маё пытанне да іх пра прозвішча засмуціла мужыкоў.

— Мы Поўныя, а на самай справе — худыя. Поўнымі мо калі былі паны якіясь. Нам не да жыру, застацца б жывымі...

А ці ёсць «родзічы» ў тонкіх?

Да іх звычайна прыпісваюць худых, малых, кароткіх, бледных. Дык жа ёсць і такія прозвішчы: Малы, Малевік, Маленка, Мал, Малаў, Малянкоў, Мальчыкаў, Малец, Малікін, Малікаў, Малін, Малкін, Малуха, Малуцін, Малысін, Малый, Малыкін, Малыхін, Малых, Малыш, Малышаў, Малка, Малкаў, Малышэўскі, Малышка, Малько, Малькоў, Мальцаў, Мальшакоў, Малюк, Малюцін, Чупуркін (нізкарослы), Мухартаў, Мухортаў (мухорт — нязграбны, маларослы). Просяцца ў гэту «кампанію»: Драбкоў, Драблянкоў, Драбушэвіч, Дробыш, Дробат, Драбаценка, Драбатун, Дробышаў, Драбышэўскі, Драбніца, Драбязка (малы, дробны, гаварыў неразборліва, хадзіў дробненька, мелкімі крокамі). Было раней мірское імя Дробыш. Можа, ад яго гэтыя прозвішчы?

Малы і дробны, ён жа яшчэ і кароткі, нізкі. Адсюль — Кароткі, Кароціч (украінскі варыянт), Карацееў, Караткевіч, Кароткін, Караткоў, Каротчанка, Каратчэня, Кучук (малы, дробны, дзіця). Фурсікам называлі чалавека невялікага росту, недаростка. Можа, ад гэтай клічкі і пайшлі прозвішчы: Фурс, Фурса, Фурсееў, Фурсікаў, Фурсін? А яшчэ — Бадзюля (маленькі, як зярнятка), Капшай (худы, маларослы).

Пра худых сярод рэчычан шмат прымавак: «Яна такая худа, куды ж вона варта!», «Не ўмрэ, хто худ, а хто суд», «У нас е такія хударлявыя, як пеўні», «Худы на слова — то сурочлівы». А яшчэ худымі называлі бедных. От і пайшлі ў свет, і жывуць-пажываюць па сённяшні дзень Худзенкі, Худзіевы, Худалеі, Худалеевы, Худзяковы, Худневы, Худніцкія, Худыя.

Худога, сухарлявага, хваравітага, а таксама пазбаўленага душэўнага цяпла, эмоцый, жывасці, які ўмеў выйсці сухім з вады, маглі называць Сухаў, Сухінін, Сухабок, Сухарэнка, Сухараў, Суханкін, Сухамераў, Сухоцкі, Сушанок, Сушанцоў, Сушынскі, Сушкін, Сушко, Сухавей, Сухаверхі, Сухадольскі, Суханаў, Суханіцкі, Сухоцька, Сухін, Суша, Сушнякоў, Сухамлін (можа, меў сухамлын — вятрак?). Нехта з іх атрымаў мянушку за тое, што жыў на сушы, у сухой, бязводнай даліне. Ёсць мучанік Сухій (28 красавіка), паходжанне імені грузінскае.

Зазірнём яшчэ раз у канцоўку апавядання «Тоўсты і тонкі». У ёй Антон Паўлавіч Чэхаў, густоўны знаўца сваіх герояў, дае тонкі намёк на тоўстыя абставіны. Вось як у яго паводзяць сябе тонкі чалавек, яго жонка і сын Нафанаіл, калі даведваюцца, што тоўсты служыць тайным саветнікам і мае дзве зоркі: «Тонкий пожал на прощание толстому три пальца, поклонился веем туловищем и захихикал, как китаец: «Хи-хи-хи». Жена улыбнулась. Нафанаил шаркнул ногой и уронил фуражку. Все трое были приятно ошеломлены».

А як жывуць, паводзяць сябе рэчыцкія тонкія, худыя, сухія, кароткія, дробныя, малыя? Усім ім хочацца пажадаць, каб у любых жыццёвых сітуацыях яны заставаліся Людзьмі. Хай і ім прыдасца пажаданне рэчыцкаму Пятру Міхайлавічу Талстому, удзельніку Вялікай Айчыннай вайны, з нагоды яго 80-годдзя, якое адрасавалі праз газету «Дняпровец» яго жонка, дзеці, унукі, праўнукі, сябры:

Хоть седину уже не спрячешь,

Но тем ведь жизнь и хороша,

Что возраст Ваш не много значит,

Когда не старится душа.

Пусть будут счастье и здоровье

И пусть на труд хватает сил,

И каждый день обычной жизни

Чтоб только радость прыносил.

 

Усімі колерамі вясёлкі

Вучоны А.К. Кіркор напісаў у «Живописной России» (1882): «Наружностью белорусы отличаются как от великороссов, так от литовцев и латышей. Они среднего роста — от 2 аршин 3 вершков до 2 аршин 7 вершков. Волосы русые, лицо большей частью круглое...» Калі ўлічыць, што аршын — усяго 71 сантыметр, то можна ўявіць сабе нашых нізкарослых продкаў, якімі яны ўбачыліся заезджым падарожнікам.

А на самай справе мы прачытваем у прозвішчах палешукоў іншы змест, закладзены не цяпер, а яшчэ тады, калі вучоны Кіркор пехам пад стол хадзіў.

Дык вось якія нашы землякі (называю адразу прозвішчы, а не прыкметы, па якіх яны атрымалі іх):

Высачанскі, Высоцкі, Дзыгун (высокі, з доўгімі нагамі), Гойка (гой, гойка, гойчык — рослы, храбрэц, герой).

Здараўцоў, Здаравеннаў.

Валатоўскі, Валаткоўскі, Валатковіч. А яшчэ — Батура. Выхадзец з Залатой Арды батур, батыр — багатыр. Праўда, батурам сям-там называлі ўпартага непаслухмянца.

Велікановіч, Вялікі, Вялікіх, Веліканаў, Вялічка, Велічкоўскі, Вялічкін, Бальшукоў, Бальшуноў, Велігура (велікан, у палякаў «гура» — гара), Рослікаў.

Даўгель, Доўгацялес, Даўгалёў, Даўгулевіч, Даўжэнка, Даўжанок, Доўжык, Доўгі, Даўгалапцеў (асабліва шмат у Глыбаве, Гарывадзе, Мілаградзе), Даўгаль, Даўгалёнак, Даўгань, Даўгун, Даўгуненка. Паплечнікам і даверанай асобай Пятра Першага быў Якаў Фёдаравіч Далгарукаў. Яму належыць афарызм: «Цару праўда — лепшы слуга. Служыць — дык не картавіць, картавіць — дык не служыць».

Жылін, Жылінскі, Жыліцкі, Жыліч, Жылко, Жылкоў, Жыльскі (сухарлявы, моцны, жылісты), Шамякін (у даўнейшай гаворцы «шеемяка» — хто мне шыю іншаму, чалавек волатаўскай сілы).

Жалязінскі, Жалезка, Жалезнікаў, Жалязноў, Жалезны. Так маглі называць чалавека вынослівага, вытрыманага, моцнага, як жалеза. Магчыма, такая мянушка звязана з працай на рудні, дзе выплаўлялі жалеза («Жалезам і золата здабуду»), або службай на чыгунцы — «жалезцы».

Магучаў.

Маладых, Малажаўскі.

Цыб, Цыбан, Цыбін, Цыбук, Цыбукоў.

І быў той наш зямляк ні багаты, ні бедны, а такі, як усе: Гарны, Гошка, Гожка («Не той харош, хто тварам прыгож, а той харош, хто на справу гож», «Даў Бог ёй гожую касу!», «Чыя жонка гожа, языком дзяжу гложа»), Маляваны, Красаўцоў, Красуля, Красуна, Красоўскі, Красюк («Не радзіся красным, а радзіся шчасным»), Мілаў, Міляўскі, Мілохін, Румянцаў.

У вёсцы Крапіўня (годная назва для Палесся!) жывуць прыгожыя людзі Гошкі, браты Міхаіл і Віктар. Тут іх бацька Савелій звекаваў. Зямлі прысягнуў навек. За яе хадзіў на вайну з немчурой. Вярнуўся дамоў з ордэнам Чырвонай Зоркі. І сыны ў Крапіўні пусцілі глыбокія карані. Лепшыя механізатары ў саўгасе «Камсамольскі». Здаецца, яны ўсім сваім жыццём імкнуцца апраўдаць гожае прозвішча Гошкі.

А цяпер, сябры, для аб’ектыўнасці зірнём на іншыя «фарбы» партрэта. Мы і ў іх пазнаем нашага земляка, як каханка хлопца ў сваёй споведзі:

Я з-пад лесу і з-пад гаю

Свайго мілага пазнаю —

Ногі доўгія, крывыя,

Порткі гразныя, рабыя.

Ой, які ж ты даўганосы,

Які ж ты нехарошы.

Калі б быў такі, як я,

Ўжо б даўно была твая...

Гэтак у прыпеўках. А ў жыцці часцяком не ўзіраюцца, якія ногі, які нос. Маладыя перш за ўсё вывяраюць свае душы, прыслухоўваюцца да сэрца. І ладзяць шчаслівыя сем’і, хаця некалі нехта ўзнагародзіў радаводнае прозвішча мянушкай, якая і была галоўнай «фарбай» яго партрэта. Што ж, угледзімся ў гэты знешні воблік нашых землякоў:

Біндзель (бінда, біндзель — чалавек з тоўстымі губамі), Салагуб, Салагубаў (чалавек з тоўстымі, заўсёды мокрымі губамі, на Украіне салагуб — гандляр, мешчанін).

Варапай, Варапаеў (сляпы чалавек. «Ды пытаецца каравай у перапечы: «Ды куды сцежка да клеці?» — «Ах ты, караваю-варапаю! Часта ў клеці бываеш, сцежкі-дарожкі пытаеш...»), Слепакоў, Слепянок, Сляпнёў, Слепчанка, Аднавочка, Ачкан (хто хадзіў у акулярах).

Касы, Касых, Касуха, Касоўскі, Касяк, Касабуцкі (касавокі, насмешлівы).

Дыба, Дыбко, Дыбаў (дыбаць — ісці размерна і важна або нязграбна; дыба — сярэдневяковая прылада для катаванняў; у Даля дыба — рыштаванні для пад’ёму цяжару; дыбам — тарчма, старчаком).

Безбарадаўка.

Бяспалаў (бяспальцы), Куцалап, Куцалапаў, Куцапаленка (з адрэзаным пальцам), Куцеба (з куксай), Кукса, Куксачоў, Куксянкоў, Куксіч.

Віславух, Вастрывухаў, Вастравушка.

Галаванаў, Галавань, Галаваценка, Галавацкі, Галавач, Галавачоў, Галавачанка, Галавенка, Галавін, Галавінскі, Галаўко, Галаўнёў, Галоўчык. Што ў гэтых прозвішчах: вялікая галава ці вялікі розум, галава-начальнік ці галавешка ў печы, якая не хоча гарэць? Галава разумная ці галава садовая? Галаварэз ці галавацяп? Бедная ці гарачая галава?

Гразноў.

Гарбаты, Гарбаль, Гарбань, Гарбатаў, Гарбатоўскі, Горбач (багата ў Будцы, Багданаўцы, Лазараўцы, Ровенскай Слабадзе), Гарбун, Гарбачоў, Гарбачэўскі, Гарбачэнка, Горбін, Гарбукоў, Гарбаценка, Гарбацюк, Гарбацэвіч, Гарбель, Гарбелік, Гарбенка. Фізічны недахоп мелі нашы людзі ад таго, што сваім гарбом здабывалі хлеб надзённы, дзень і ноч горбіліся на зямлі, ад працы не багацелі, а гарбацелі. Пажаданне: «Каб ты гарбацеў (гарбацела) сперадзі».

Глухаў, Глухенскі, Глушак, Глушакоў, Глушанок, Глушэнь, Глушко, Глушкоў, Глушчанка, Глушчэня, Мамонька (мамон — глухі, маўклівы), Курловіч, Курленка, Курлянчык («курла» ў літоўцаў — глухі).

Гарэлік, Гарэлікаў, Гарэлаў, Гарэлы, Пагарэлаў, Пагарэлы (пагарэлец ці насіў след апёку ад пажару?).

Голік, Галянкоў, Галыш, Галышоў, Галота (бедны, голь несусветная. «Гол як сакол», «голы як бізун, як бубен, як стары венік»).

Губанаў, Губар, Губараў, Губін, Губа, Губко, Губскі, Губчык, Губарэвіч, Губкоў, Грыбанаў («Чаго губы надзьмуў?»).

Дрыга, Дрыжай, Дрыжын (дрыгота, дрыжыкі. «Цэлу ноч кідала ў дрыгу, хвароба нека», «Кажух ляжыць, а пан дрыжыць»). У гэту «кампанію» просяцца Чашун ды Чмыхун.

Зуеў, Зуй, Зуёнак (зуй — рослы хлопец з паводзінамі дзіцяці).

Заіка.

Зыбайла, Зыбін.

Зубаў, Зубаіраў, Зубараў, Зубар, Зубей, Зубялевіч, Зубікаў, Зубко, Зубкоў, Зубовіч, Зубок, Зубчэўскі, Зуб, Зубаль, Зубарык, Зубаркоў, Зубаха, Зубянкоў, Зубец, Зубковіч, Зубкоўскі. А вось Корзун — ад рускага «карзун» (без пярэдніх зубоў). Такога маглі называць яшчэ Шчэрба, Шчарбак, Шчарбакоў, Шчэрбік, Шчэрбін, Шчарбінскі, Шчарбітаў. Хаця шчэрба — і знак воспы на твары, і гарачая поліўка, і хцівец, скнара. Пра зубы шмат прымавак, прыказак: абламаць зубы, вастрыць зуб, вырваць з зубоў, зуб за зуб, зубы загаворваць, класці зубы на паліцу, лезці к чорту ў зубы, не па зубах, праз зубы, скаліць зубы, трымаць язык за зубамі, узброены да зубоў...

Зобаў.

Жмурко.

Жовак.

Жаўцілаў, Бледны, Сізы, Сізаў, Сізянкоў, Сінякоў, Серы, Русы, Русанаў, Русецкі, Шаркевіч, Шарко, Шараглазаў.

Колчын (колча — кульгавы, крываногі), Кандыба, Кандыбовіч, Кандыбін, Кандыбаў, Кандыбенка, Шалаеў, Шаўгеня, Шаўлоўскі (у Даля «шавлять» — шапялявіць, картавіць).

Качала, Качалаў, Калаванаў, Калыхан, Калышкоў.

Картавенка, Картаўцоў.

Кісла, Кісленка, Кісліцын, Кіслоў, Кіслоўскі, Кіслюк (маркотны, панылы, кіслы; марнець, сумаваць, нудзіцца). У такога і ўсмешка кіслая, а на губах заўжды смак лімона. Бываюць такія людзі. Ды не толькі Кісловы.

Карабанаў (карабаты, скрыўлены, пагнуты).

Ніцыеўскі, Ніцко, Ніцэнка (скрыты, нябачны, хітры).

Крывянкоў, Крывіцкі (у аповесці Алеся Якімовіча «Пярэварацень» адзін з герояў так тлумачыць слова «крывічы»: гэта тыя, хто з’яўляецца родным па крыві. Некаторыя слоўнікі тлумачаць: крывіч — кроўны сваяк. Дасведчаныя аўтары сцвярджаюць, што назву племені «крывічы» дало ўласнае імя родапачынальніка — Крыва, утворанае, хутчэй за ўсё, ад прыметніка «крывы»), Крывуляк, Крывянчук, Крываў, Крыўцоў, Крыўчанка, Крыўчук, Крывалапаў, Крывалап, Крываногаў, Крываножанка, Крываротаў, Крываручка, Крывашэеў, Крывашэін, Крывуляк, Крывашын, Крывашнёў, Крыварубскі, Крываконь, Крываль, Крывашапка, Храмянкоў, Храмко, Храмовіч, Хромчанка, Хромаў (хром яшчэ — сорт мяккай, тонкай скуры), Набокі, Набок. «Крывы з прамога смяецца» — прымаўка. «Абы толькі не крывая душа», — павучала наша шоўкаўка Арына. А ў дзённіках Антона Чэхава чытаем: «У меня есть знакомый: Кривомордый. И — ничего! Не то чтоб Кривоногнй или Криворукий — Кривомордый. И женат был, и жена любила». «На Руси есть такие фамилии, что только плюнешь да перекрестишься, коли услышишь».

Кашлеў, Кашлінаў, Кашаль, Кашалеў.

Карэлікаў.

Ляўшук, Ляўшуноў, Левашэнка, Левы, Леўкавец, Ляўковіч, Ляўковічаў, Ляўкоўскі, Лявыкін, Лявіцкі (у Заспенскім сельсавеце ёсць вёска Левашы. Няўжо яе заснаваў ляўша?), Шульга, Шульжэка, Шульжанок (Уладзімір Даль даводзіць, што шульга — гэта ляўша, левая рука).

Лобан, Лабан, Лабанаў, Лобач, Лабачоў, Лабко, Лабажэвіч, Лабуш, Лабушаў, Лабоха, Лабецкі, Лабынёў, Лабко, Лобаў, Лабаеў, Лабай, Лабановіч, Лабаноўскі, Лабанок, Лабатнёў (у Свірыдаўскім сельсавеце — пасёлак Лабкі). Лабанаў — чалавек кемлівы, разумны, здагадлівы, мудры. Лоб «нарадзіў» мноства выслоўяў: адкрыты лоб; аж вочы на лоб вылезлі; браць, даць у лоб; закрыць лоб; ілбом сцяны не праб’еш; запісаць на лбе; падставіць лоб; лоб шырокі, а ў галаве цесна; багаты з рублём, бедны з ілбом. А яшчэ ёсць прозвішчы Лазбень (чалавек з вялікім ілбом) і Чарапанаў, Чэрапаў.

Ламанос, Ламаносаў (забіяка, задзіра, а ў той жа час Ламаносаў Міхаіл Васільевіч — першы рускі вучоны з сусветным іменем, паэт, заклаў аснову сучаснай рускай мовы, мастак, гісторык, энцыклапедыст), Крыванос, Кірпа, Чурносаў, Насевіч, Насач, Носенка, Насульчык, Носаў, Носаль («У чужое проса не суй свайго носа»), Няклюдаў (хто мае нязрабную фігуру, пазбаўлены зграбнасці).

Мурзін, Мурзінаў («На тваёй мордзе столькі гразі, хоць рэпу сей»).

Мазоль, Мазолеў, Мазалеўскі, Мазалюк.

Мігай, Мігуноў, Мігаленка, Мігонька, Маргун, Марголін, Маргуноў.

Мачульскі (няскладны чалавек, мяла; мачулішча — месца, дзе мочаць лён, каноплі).

Надуеў, Някрасаў, Некрашэвіч (некрас — непрыгожы чалавек), Нялепенка, Падабаеў, Кірпа, Хітун.

Нямкевіч, Нямыкін.

Пархацкі, Пярхулі (пярхайла, хто перхае, хто мае сухі кашаль), Свішчэўскі.

Пісюк, Надуеў, Сапліцкі.

Рылаў, Рылік, Рылякоў, Рожын. Прымаўкі: «Рылам не выйшаў», «Калі не міла — адварочвай рыла».

Рабянок, Рабкін, Рабушок, Рабчэўскі, Рабчанка, Рабчонак, Рабікаў, Рабкоў, Рабаў, Рабаконь, Рабцоў, Рабчанкаў, Рабчыненка. Прозвішча Рабянок па-руску рэчычане пішуць: Робенок, Рабенок, Ребенок. Мой сябар Пётр Рабянок, журналіст, пісьменнік, гісторык, нават ён не змог разгадаць свайго прозвішча. Дзед Логвін быў сляпы. Памёр да вайны. Другі дзед Сільвестр служыў лесніком у пана. Быў строгі. Лес аберагаў як зрэнку вока. За кожным словам паўтараў: «Цвёрда знаць». Што гэта азначала? Што ён хацеў цвёрда знаць? Вось і ўнук Пётр Піліпавіч Рабянок цвёрда хоча ведаць пра свой радавод. Застаецца толькі нагадаць яму ды ўсім яго «аднафамільцам» народныя выслоўі: «Рабая дзеўка, уся ў вяснушках», «Рабы, нібы чэрці па твары скакалі, нібы гарох на ім малацілі», «Ён зусім парабеў ад воспы», «Воспа ходзіць на нагах, з савінымі вачыма, з жалезнай дзюбай». Замова ад воспы: «Даруй мне, воспіца, даруй, Афанасьеўна, чым я перад табой згрубіла, чым правінавацілася...» Да гэтага прозвішча пасуюцца: Шадрын (шадра — прыродная воспа), Шрам, Шрамаў.

Сівы, Сівак, Сівакоў, Сівашоў, Сівянкоў, Сівіцкі, Сіўко, Сіўкоў, Сівадзед, Сівадзедаў, Сівалоб, Сівуха, Сядоў, Сядых. Сівухай, чуў, называлі старую дзеўку, балотную траву, самагонку. Сівун — стары хлопец. «Сівы як голуб», «Тады гуляць перастане, як галава сівая стане», «Сівізна ў скроні, а чорт — у рабрыну».

Старык, Старыкоў, Старычэнка, Старушэнка, Старчанка, Слабкоўскі. У гэту сям'ю, відаць, можна прапісаць Старажылаў, Старажэнкаў, Старасельцаў і Сталетавых. Часам старых апраўдваюць перад маладымі: «Стар — да петух, молод — да протух». Ёсць над чым задумацца.

Стрыжак, Стрыга (мо так раней называлі цырульніка, а мо таго, хто стрыг авечак? А мо аматар кароткай стрыжкі меў такую мянушку? А яшчэ стрыгам называлі каня...). Людзі з такімі прозвішчамі жывуць у Горнаўцы, Салтанове, Чырвоным Мосце, Заспе. Да іх хочацца «падсяліць» Камлачага, Чубарава, Чубара, Чубянка, Чубанава, Чубала. Хай чубяцца-любяцца!

Пра аднаго Стрыжака, нашага земляка з Заспы, варта прыгадаць. Паэт Віктар Стрыжак пражыў усяго сорак гадоў, выдаў адну кніжку «Рэха журбы». Але яго светлы вобраз жыве ў памяці сучаснікаў. Кажуць, яго твар, як бы цяжка яму ні было, заўсёды свяціўся дабрынёй. Ён верыў і давяраў людзям. Жыў надзеяй на дабро, цярпліва чакаў яго і быў безабаронны перад тым светам, у якім жыў. Ён верыў у лепшае, Божае:

Ёсць іншы свет,

Ёсць светлы свет...

Сапачоў, Сапега, Сапяжынскі, Сапешка, Сопат, Сопікаў, Сапіцька. Усе мы сапім, але чаму ў гэтых людзей такія прозвішчы? Хто ў іх родзе быў сапатым, кім ён быў?

Трасуноў, Шавяленка. Пра аднаго, хто меў звычку без дай прычыны трэсціся, калаціцца, шавяліцца, казалі: «Яго яшчэ й даўбешкай не заб’еш».

Вось такі атрымаўся вясёлкавы партрэт рэчычан. У ім — усе людскія «фарбы». А калі ўлічыць, што мастакі, змешваючы фарбы, дабіваюцца ўсё новых і новых адценняў, то партрэт маіх землякоў зіхаціць усімі магчымымі колерамі.

 

VI - ХАРАКТАР

 

Да мяне ўжо хтосьці гэта зведаў Поўнай мерай,

Поўнаю цаной.

Водгулле далёкіх запаветаў Патрабуе вернасці маёй.

Аляксей Пысін

 

 

Чыстая

«Добры дзень, Уладзімір Сцяпанавіч! Піша ваша зямлячка Чыстая Ліля Апанасаўна. Я нарадзілася ў 1937 годзе ў вёсцы Балашаўка. Маё дзяцінства прайшло ў вайне...»

Прыпыніўся чытаць пісьмо. Думкі-развагі агарнулі: Чыстая... 1937 год... Дзіця вайны...

Многім рэчычанам паштары ўкінулі ў скрыні мой зварот да землякоў: «Мае шаноўныя, дапамажыце мне. Не палянуйцеся ўзяць паперу і напішыце, што ведаеце пра сваё прозвішча, адкуль яно пайшло, ад якога продка, ад якой мянушкі? Напішыце крыху і пра сябе, пра сваю сям’ю, пра долю і жытку. Можа, прыгадаеце нейкія сямейныя прымаўкі, прыкметы, байкі, былі і небыліцы. Падзяліцеся са мной сямейнымі здымкамі. Вашы цікавыя звесткі ўвойдуць у кнігу, якая, хочацца верыць, будзе запатрабавана кожнай сям’ёй.

Мае харошыя, выключыце на адзін вечар тэлевізар і складзіце мне пісьмо. Паверце, Вашы словы могуць застацца ў гісторыі».

Не магу сказаць, што землякі завалілі мяне пісьмамі, але першай адгукнулася Чыстая. Прозвішча рэдкае, светлае, бруістае, з яго, як з прыроднай крынічкі, хочацца наталіць смагу. І я з асалодай учытваўся ў кожнае слова чыстай споведзі.

«...З маленства спазнала холад, голад, хваробы. З-за іх і стала інвалідам дзяцінства. Але ж я закончыла кааператыўны тэхнікум і ўсё жыццё прысвяціла гандлю, у якім адпрацавала сорак гадоў. Была і загадчыцай магазіна, і тавараведам, і загсяльпо. Вельмі люблю вяскоўцаў, хацелася неяк упрыгожыць, аблегчыць іх працу. Пабудавала трыццаць магазінаў. Я ж абслугоўвала ажно пяць сельсаветаў. Аб'ехала не адзін раз усе вёскі, праводзіла там сходы, сустракалася з пакупнікамі. З павагай ставілася да людзей, з сумленнем да сваёй працы, дык за гэта маю ганаровыя граматы, нават ордэн, а яшчэ — значок «Ударнік камуністычнай працы...»

Чыстая мая, празрыстая Ліля Апанасаўна, як я ўдзячны вам за шчырыя прызнанні! Здаецца, бачу, як вы складаеце гэта пісьмо, пачынаю пазнаваць у вас маіх шоўкаўцаў, такіх жа непасрэдных, як дзеці, мазольна-працавітых, нястомных у зямных клопатах і не бунтоўных з законамі. Пачынаю верыць, што ўсе мае рэчычане гэткія дабрадзеі.

«...Мой бацька Апанас Багданаў быў кавалём у калгасе. Працаваў ад першай світальнай зоркі да змяркання. Мая мама Фруза сярпом выжынала столькі, колькі цяпер камбайнам. Хадзілі на працу з песнямі. Во якія легендарныя людзі ў нашым Камсамольскім сельсавеце. Яны з папялішчаў узнялі вёскі, паднялі калгасы. І жывуць!..»

Я быў удзячны зямлячцы, што ўзялася за ручку і напісала пісьмо. Але ж яна мала што паведаміла пра сваё прозвішча. Адшукаў яе тэлефон і пазваніў з Мінска ў вёску Свідэра. Вось што патлумачыла Ліля Апанасаўна:

— Муж мой Мікалай — Чысты, і бацька яго Савелій — Чысты. І я — Чыстая. Кругом чыстая — і душой, і целам. Ад гэтага і радасць... Муж некалі казаў, што Чыстыя паходзяць каранямі з Чэхіі. Адкуль ён гэта ўзяў? Тады на розум не ўзяла, а цяпер няма ў каго перапытаць. Але род прадаўжаецца. У нас ёсць сын Ігар, а ў яго свой сын — Андрэй. Усе — Чыстыя!..

У сваіх новых пісьмах Ліля Апанасаўна даслала мне прымаўкі, прыказкі, прыкметы, якія жылі ў іх сям’і. А мо назбірала па Свідэры? Некаторыя мне падаліся кніжнымі, занадта вядомымі, асобныя ж захацелася ўкінуць у памяць:

• На хворае вока і парушынка ляціць.

• Жонка — прафесія, а муж — хобі.

• Дзе не было пачатку, не будзе і канца.

• Не пачаўшы — думай, а пачаў — рабі!

• Багата спаць — мала жыць.

• Хто людзей весяліць, за таго ўвесь свет стаіць.

• Галава ў ног розуму не просіць.

• Лепш спатыкнуцца нагою, чым словам.

• Якая яда, такая і хада.

• Хай хвойку жую, ды на волі жыву.

• Бабы каюцца, а дзеўкі замуж збіраюцца...

Ліля Апанасаўна Чыстая не ведала, што ў раёне жывуць яшчэ Чысцікі, Чыстовы, Чысцяковы. Магчыма, ўсе яны паходзяць ад продкаў, якіх навакольны люд называў чысцюлямі, франтамі, пестамі незабруджанымі, ахайнымі, дагледжанымі, гладкімі, без рабаціння. А мне ўсё-такі хочацца верыць, што людзі мелі мянушку Чысты за тое, што жылі маральна бездакорна, сумленна, без брудных, карыслівых думак і дзеянняў. Нават у прыродзе ёсць расліна чыстацел, якая не толькі прыгожая, а і лекавая. Так і сярод людзей ва ўсе часы ў асаблівай цане і пашане — чыстыя людзі. Нездарма ж старыя рэчычане кажуць: «Чыста бацька, у бацьку ўдаўся». А яшчэ ведаюць глыбінны сэнс прымавак: «вывесці на чыстую ваду», «выйсці чыстым», «прыняць за чыстую манету». Вось чаму мне захацелася азначэнне «чысты» ўпісаць не ў знешні партрэт людзей, а ў іх характар, як самую адметную іх рысу, ды разам з тураўцамі ўсклікнуць: «Якая чышчыня кругом!»

 

Круты і Абібок

Ад слова «круты» (памяншальнае — «круцік») утвораны прозвішчы: Круты, Круцько, Крутцоў, Крут, Крутаў, Круцялёў, Круцік, Круцікаў («Бог — не цяля, бачыць круцяля»).

У цяперашнім разуменні Круты — гэта грашавіты чалавек, у яго і машына шыкоўная, і кватэра абклеена доларамі, і фазэнда з ліфтам і басейнам. Але часцей за ўсё такіх новых беларусаў народ высмейвае ў сваіх жартах, анекдотах, прыпеўках. Яны малююцца сквапнымі, неміласэрнымі, з абмежаваным розумам, не надзеленымі дабрынёй. Жывуць па прынцыпу: «За грошы і дурань харошы». А ў Бібліі сказана: «Гора вам, багатыя, бо вы ўжо атрымалі свае ўцехі». І яшчэ: «Жыццё чалавека не залежыць ад багацця яго маёнтка».

Але ж прозвішчы простых людзей складваліся, утвараліся, фарміраваліся гадоў дзвесце-трыста назад. Чаму ў той час некаторых людзей таксама называлі крутымі, круцялямі?

Відаць, такую мянушку атрымліваў чалавек з крутым норавам, які ў гарачай вадзе купаўся. З такім, кажуць, да трох не гавары — перапыніць, уставіць сваё слова. Хоча, каб было ўсё па-ягонаму. Круты — значыць рэзкі, жорсткі, рашучы, суровы, упарты. У тураўцаў свой адценак: «Вон добры крут, такі круцяшчы чалавек». Крутачом у нас называлі вертуна. У адной з рэчыцкіх вёсак пачуў ад векавухі ацэнку суседа: «Круты чалавек, вады халоднай не дасць уполетку, а зімою — лёду».

А вось зусім нечаканае тлумачэнне: «Мяса ў лася крутэ, як лаза дзярэцца». І яшчэ: «Посна без сала і мяса — гэта крута».

Бываюць крутыя горы, іх не адразу пакорыш, як і крутога чалавека. Круты вузел не кожнаму пад сілу разблытаць. Крутую часіну не ўсялякі вытрымае, перажыве прыстойна. Крутое яйцо не ўсе любяць. Бываюць крута звітыя ніткі, крутое цеста. У Чачэрскім раёне ёсць нават вёска Крутое.

Так што людзям, якія носяць прозвішча Круты, Круцікаў, ёсць з чаго выбіраць тлумачэнне. Дададзім яшчэ, што на Разаншчыне «круцік» — кафтан ці фарба; на Урале — уцёс, абрыў, скала; у горадзе Асташкаве і ваколіцах — пяньковая вяроўка; на Паволжжы — лягчаны баран; на Смаленшчыне — махляр, ашуканец, хітрун, шэльма. От і думайце: які продак падараваў вам такое прозвішча? Што ў вас ад яго, а які набытак новага стагоддзя?

Тут трэба яшчэ ўлічыць, што нашы продкі верылі забабонам, прымхам, баяліся «вока», таму і давалі імёны, клічкі, дражнілкі сваім дзецям знарок крыўдныя, смешныя і часам злосныя, каб злыя духі не прыкмецілі іх дзяцей. Гэта былі імёны-абярэгі. Такім іменем, магчыма, і было напачатку Круты, Круцель, якое пазней стала прозвішчам.

У сям’ю «абярэгаў» можна аднесці Абалдуева, Бяку, Балванава, Балдоўскага, Болдзіна, Боўду, Гадзючку, Дакучаева, Дулькіна, Дуркіна, Дурава, Дзікуна, Дзікарова, Дзікунова, Змеева, Кіслага, Негадзяева, Плаксіна, Нуднова, П’яўку, Пісюка, Пусцякова, Пасіўніча, Пацехіна, Ратазеева, Тупіцу, Талдыкіна, Трапачова, Тумакова, Храноўскага, Хлюпіна, Шальнова, Шалунова. У кожнага з іх продкаў, канешне, былі свае «вартасці», якія, відаць, і падштурхнулі для атрымання такой мянушкі, але, паўторымся, самі бацькі часам знарок абзывалі сваіх добрых, здаровых, прыгожых дзяцей імёнамі, якія, па іх вераванню, аберагалі малых ад чараў, хвароб, напасцяў.

Даўно ведаю і паважаю старшыню Камсамольскага сельсавета Абібака Міхаіла Іванавіча. Слоўнікі даводзяць, што абібок — гэта лежабока, гультай, лодар. Ну які ж Мікалай Іванавіч лежабока, калі ён усё жыццё ў клопатах? Быў брыгадзірам, заатэхнікам і вось ужо два дзесяткі гадоў — старшыня сельсавета. Яго цяжка заспець за начальніцкім сталом, ён там, дзе людзі, — у полі, на ферме, у школе, у клубе. Ён не палохаецца закавырыстых пытанняў, робіць усё, каб вяскоўцы адчулі палёгку, помач, падтрымку. Сам ён родам з Петрыкаўскага раёна, з вёскі Конкавічы. Старажылы распавядаюць, што з іх лясоў вазілі бярвенне да Прыпяці, на сплаў. Праклалі дарогу-конку. А паселішча лесарубаў каля конкі назвалі Конкавічы. І Абібакі былі лесарубамі, з сякерай і пілой не вельмі палодарнічаеш, палежабочыш.

— Я адгукаюся на Абібак і на Абібок, — смяецца Мікалай Іванавіч.

Ён ведае сябе, няўрымсу і працаголіка, таму ўсё роўна, як назавуць. Хата і двор у яго дагледжаны, як у прыстойнага гаспадара. Дачка Таня — паштальён, сын Васіль — настаўнік. Гадуюцца тры ўнукі. Вось такі Абібак-Абібок жыве ў в. Камсамольск. Дай Бог, каб былі такімі ўсе рэчыцкія Бібікі, Бібікавы (бібікі біць — гультаяваць, лодарнічаць), Драмачы, Завялавы, Калупаевы, Карпухіны, Карпушыны, Карпушанкі, Кашмаравы, Наглоўскія, Нахабцавы ды шматсямейныя Гулякі, Пагуляевы, Гулевічы, Гулянковы, Гулікі, Гульчанкі, Гулюты, Разгуляевы...

 

Гаварун і маўчун

Характар, кажуць, перадаецца па спадчынных генах. Ён можа праявіцца ва ўчынках і паводзінах чалавека, у яго мове. Каб здзейсніць учынак ці праявіць паводзіны, патрэбен вывераны час, а мова — во яна, адскоквае ад языка. Слухай ды прыкідвай, які чалавек з табой побач. Вось і пайшлі гуляць з веку ў век народныя прыказкі і прымаўкі:

• Хто гаворыць — сее, хто маўчыць — жне.

• Не ўсё тое кажы, што на рот лезе.

• За яго языком не паспееш і басяком.

• Хоць ты яму на язык стань.

• З ім гаварыць, то трэба ўперад жалезнага бобу наесціся.

• Язык у роце, як чорт у балоце.

• Рукі залатыя, а рот дзіравы.

• Гаворыць, як пяець, а слухаць нечага.

Мае аўцюкоўцы любяць казаць: «Можаш не слухаць, а брахаць не мяшай».

Адметная якасць характару, якая праяўляецца ў мове, засведчана ўжо ў старажытных беларускіх пісьмовых крыніцах. Там сустракаем прозвішчы нашых землякоў, у якіх, хочуць таго сучаснікі ці не, зарэгістраваны пэўныя рысы іх продкаў. У дакументах XVI стагоддзя прыгадваюцца Грышка Брахун, Азар Гаварушка, Андрэй Гоман, Хама Трапач, Васілей Хлус, Пятрок Сакатуха, Зенка Піскун, Хведар Маўчун, Іван Картавы...

А хто ж сёння з рэчычан падтрымлівае генную спадчыну Гаваруноў і Маўчуноў?

«Раскопкі» сярод тысяч прозвішчаў выявілі нямала цікавых радаводаў. Адны лёгка разгадваюцца. Над іншымі, як над рэбусам-красвордам, трэба паламаць галаву, пашукаць адгадку ў мудрых кніжках.

Скажам, жывуць сярод нас Гаварун, Говар, Гавароўскі, Гоман, Гаманкоў, Гутараў, Краснабай, Краснабаеў. Дык хай яны што хочуць расказваюць пра сваё паходжанне, лёс, а ўсё-такі жыў-быў некалі іхні продак, які вылучаўся вёрткім языком, умеў і любіў красна баяць, гаманіць складна. Вось і атрымаў пэўную мянушку. А яго нашчадкі носяць гэту адмеціну і ў XXI стагоддзі.

Лёгка патлумачыць і паходжанне прозвішчаў Балабан, Балабанаў, хаця носьбіт яго далёка не заўсёды пустамеля, балбатун, пустазвон, гультай. У Рэчыцы некалі служыў стольнікам Савелій Балабанаў. А ў Азіі балабанам называюць сокала, прыручанага для палявання на зайцоў.

Уявім на хвіліну даўнейшую жытку. Вакол глухія лясы. Ні дарог, ні тэлефона, ні пошты. Калі нешта здаралася, трэба крычаць, клікаць на падмогу суседа, які на сваім хутары, на сваёй паляне, грыве, востраве. Да такіх крыкуноў прыліпала клічка Грамыка — гучны голас мае, не гаворыць, а грыміць, грамы пускае. Пазней укаранілася такое прозвішча. Яго ўславіў наш Грамыка Андрэй Андрэевіч, вядомы на ўвесь свет дыпламат, Герой Сацыялістычнай Працы. Свой важкі ўзнос уклаў у беларускую культуру пісьменнік і вучоны Міхайла Грамыка з вёскі Чорнае Рэчыцкага раёна. Гэта ён шукаў мармур для Маўзалея У.І. Леніна, пісаў вершы і прадказаў: «Нафту трэба шукаць ля вёскі Гарывада».

Раднёй Грамыкі можна лічыць прозвішчы Гром, Грамакоўскі, Грамянкоў, Грамкоў, Громаў, Громчанка. А яшчэ — Гарлан, Гарлачоў, Гарленка, Гаркуша. У рускіх гаркуша — крыкун, гарлапан, бярэ горлам, умее драць горла, пець ва ўсё горла. Украінцы называюць гаркушай варону. Ёсць яблыня гаркуша, грыбы гаркушы.

Свой характар, звязаны з языком, мовай, гаворкай, маюць Баеў, Баянкоў, Баюк, Баюхін, Байкін (гаварун, пустамеля, казачнік, у кіргізаў — багаты чалавек); Барабаш, Барабашын (хто хутка гаворыць); Зыкун, Зыкаў, Крыкун, Крыклівы (мае звонкі, зычны голас. Зыкавы — дваранскі род у XV стагоддзі, сярод іх — думныя дваране, ваяводы, акольнікі); Лухцееў (гаворыць лухту, бязглуздзіцу); Маніла, Манько, Манькоў, Манькоўскі, Манюш, Манюкевіч («Гаворыць — гародзіць, а на праўду не выходзіць»). Да гэтай кагорты можна аднесці Хлуса, Хлусевіча, Хлусава («Меншы грэх за тое, што ў рот, чымся за тое, што з рота»); Пахвалава і Самахвалава, Сваркоўскага і Спорышава, Свістовіча, Свістуненку, Свістака і Свістунова («Скажы адной курыцы, а яна ўсёй вуліцы»), Астрэйку (вострага на язык), Бяседзіна, Брахуна, Брахунова, Брахунчанку, Балакіна, Антымонава.

Асобнай увагі патрабуюць Маўчуны, Ціхуны, Ціхіні, Ціхаміравы. Васіль Шукшын у апавяданні «Тры грацыі» вывеў вобраз адной Ціхушніцы. Яна ва ўяўленні пісьменніка: «Тихая с виду, в очках, коротконогая. Лет тридцати с гаком. Говорит негромко. Одинокая, но заявляет, что «они от меня никуда не уйдут». Идет, переваливается уточкой. Вообше-то лапочка...»

Пра рэчыцкіх Ціхуноў сказаць нічога не магу. Не выпала сустрэцца, пазнаёміцца. Ведаю толькі адно, што мае землякі ціхія, добрыя законапаслухмянцы, не бунтары. Яны — Праўдзіны, Праўдзікавы, Шчыраковы, Харашкевічы, Харошавы, Цярпігоравы, Мудраковы, Спасібенкі.

Некаторыя прозвішчы патрабуюць тлумачэнняў. Чалавека, які не маргнуўшы вокам наводзіць плёткі, гаворыць няпраўду, мы ведаем як абазваць. Толькі не бакулам. А вось якраз бакула ў слоўніку беларускай мовы Івана Насовіча (1870) і разгадваецца, як ілгун, хлус, ашуканец, шэльма («Мала што гаворыць гетый бакула»). Не крыўдуйце на мяне, рэчыцкія Бакуліны, не я ж даваў вам прозвішча.

Бахараў, Бахароўскіх, Бахарэўскіх адпраўляю да Уладзіміра Даля. Славуты збіральнік рускіх слоў тлумачыць: «Бохорить — болтать, беседовать, гуторить, говорить лишнее, бахвалить». Кажуць, туркі пад словам «бахар» разумеюць вясну, маладосць. От і ведай, каму верыць.

Дзюкавым даю падказку: у слоўніку Уладзіміра Даля люка — маўклівы ці пануры чалавек, адным словам — бука (рус.), насупа.

Галдзіным, Галдзянковым раю расшыфраваць слова «галдзець». У рускіх і беларусаў — гэта шумна гаварыць, крычаць, клікаць, спрачацца, лаяцца («Голдить, так всем голдить, а одному голдить, так пропадешь»). Ва ўкраінцаў голда — хабар.

Чваркоў — ад чвэра (гаварун, надакучлівы).

Мудрацы вучаць: «Пачці гордага паклонам, сунімі сварлівага перазвонам, падмаж скрып варот, заткні сабаку хлебам рот — і ўсе чатыры замоўкнуць». Нам жа трэба, наадварот, не маўчаць, а шукаць у сабе вугольчыкі такой цікаўнасці да свайго радаводу, каб занялося полымя неўтаймоўнасці, пошуку таямніц нашага «Я», якія пакуль за сямю замкамі.

 

«Каханенькі, родненькі...»

Сцяпан Крыніцкі, засцянковы шляхціц з камедыі Янкі Купалы «Паўлінка», амаль за кожным словам паўтарае сваю замаўлянку: «Каханенькі, родненькі...»

Ды што казаць пра герояў знакамітых твораў, калі ўсе мае землякі не спускаюць з языка размову пра любошчы, каханне, залёткі. У розных вёсках раёна чуў такія прызнанкі, якія самі заляталі на спод душы:

• Не піла б, не ела б, а на любага глядзела б.

• У нас любові поўна хата (пра дзяцей).

• Пайшла вона шукаць любчыкаў.

• Каханне і кашаль не схаваеш.

• Сэрцу не загадаеш, каго любіць.

• Няхай мяне той чапае, хто каханне ў сэрцы мае.

• Не шукай красаты, а шукай дабраты.

• З ліца не спячэш блінца...

У нашых рэчычан ёсць нават прозвішчы, у якіх зарэгістраваны высокія пачуцці іх продкаў: Каханаў, Кохан, Кохна, Кахно, Каханоўскі (у рускім варыянце пішуцца Кохановский і Кохоновский).

Каханыя звычайна звяртаюцца адно да аднаго ласкавымі словамі. Яны, як у люстэрку, высвечаны ў прозвішчах: Мілаў, Мілохін, Любімаў. У Глыбаўскім сельсавеце ёсць вёска Мілаград, а ў Лельчыцкім раёне — вёска Мілашавічы. Колькі ж там людзей, якія адпавядаюць высокаму званню «мілы»?

У фальклоры нашых рэчычан багата прыпевак, баек пра каханне. На нашых лугах растуць зёлкі любішчык (слёзкі), якія раней часта ўжывалі для любоўных чараў. Наш славуты зямляк Часлаў Пяткевіч, які пакінуў у спадчыну сваю манаграфію «Рэчыцкае Палессе», прыгадвае аповед, як дзеўка з дапамогай зелля вярнула да сябе жаніха.

Знахар папярэдзіў: «Пакладзі ацэта зелле ў гаршочак, няхай грэецца. Яму, дзе ён е, зробіцца нудна, дак зараз і прыйдзе, толькі глядзі, каб зелле не закіпела, бо будзе ліха». Дзеўка зрабіла, як навучыў чараўнік, але ў гэты час да яе завітала суседка. Загаманіліся. І толькі тады ачомаліся, калі пачулі на вуліцы крык. Зелле выкіпела, а на агародзе ў любай ляжаў яе каханы. Ён бег да яе, яму зрабілася пагана, і ён упаў...

Мне здаецца, аўтарства самых пяшчотных слоў належыць каханым. Гэта яны прыдумалі, што каханы (каханая) — само сонейка, што яны самыя салодкія, смелыя, добрыя, гарачыя, вясёлыя, лагодныя, сціплыя, смірныя. Усе гэтыя якасці характару адлюстраваны ў прозвішчах рэчычан: Сонцаў, Весялоў, Весялоўскі, Вясельскі, Гарачаў («У яго гарачыя галава і кроў, але пад гарачую руку яму не трапляйся»), Дабрынскі, Дабранскі, Даброў, Дабрыдзенеў, Далікатны (дванаццаць сямей жывуць у вёсцы Май), Лагодны, Лагодзіч, Малайчук, Маладзец, Пацалуеў, Цалуйка (у XV—XVIII стагоддзях цалавальнікам называлі службоўца, які выконваў фінансавыя ці судовыя абавязкі, цалаваў крыж, кляўся сумленна працаваць; пазней так называліся прадаўцы ў казённых вінных лаўках), Скромны, Святочны, Салодкі, Салодкін, Саладуха, Смелаў, Смірноў, Рахманаў (такіх багата ў раёне, не злосныя, не дзікія, а рахманыя, добрыя, спакойныя, ціхія. Іх прымаўка: «Жыві смірней, дак усім будзеш мілей»).

Усё ў свеце складваецца з дзвюх палавінак: сям'я — з яго і яе, суткі — з дня і ночы, доля — з дабра і зла. А каханне — з любові і нянавісці. На процілеглым баку высокіх пачуццяў арудуе нячысцік, надзяляючы людзей адмоўнай энергіяй. Тады да іх прыліпаюць крыўдныя мянушкі. А сучаснікі павінны цярпліва несці гэту адзнаку ў сваіх прозвішчах. Прымем іх такімі, якія яны ёсць у людзей: Абідзін, Бадзяка, Бадзей, Бандзюкоў (бадзяецца, як прымак, з вёскі ў вёску), Бахурэвіч (залётнік, валацуга, пазашлюбнае дзіця), Бескаравайны, Блатун (валакітчык, бабнік), Лапыроў (лапаць, хапаць), Глумаў (насміхацца, здзекавацца), Ліхадзіеўскі, Ліхадольскі, Ліхаманаў, Негадзяеў, Пагуляеў, Развіцкі, Скучылін, Хахелька, Хацько, Хоцкі, Вялікахацько, Франтаў, Шалыгін (ашуканец, круцель, ілгун, а яшчэ — бізун: «Ты пристяжную подшалыгивай!»), Чапурын, Шлюхін, Шмыгалёў...

Прызнаем: каханне — самы вялікі экзамен у жыцці чалавека. Хто вытрымаў яго — узнагароджваўся павагай людзей і самога Бога. Хто хібіў, залётнічаў з любоўю, хто глуміўся з яе — атрымліваў тое, на што расшчодрыўся нячысцік. Прыслухаемся да пачуццяў паэта Мар’яна Дуксы:

Праз смех і слёзы

мусім выжыць, каб —

пакахаць і палюбіць.

Лічы сябе шчаслівым смела,

хоць часта быў і без граша,

калі хоць раз спявалі

цела

і закаханая душа.

 

Дзе праўда, а дзе мана?

Пісьменнік Уладзімір Юрэвіч у сваёй кнізе «Слова жывое, роднае, гаваркое...» згадвае: «У трыццатыя гады газеты стракацелі калонкамі прозвішчаў тых, хто хацеў вызваліцца ад малапрыемных, а часам і вульгарных прозвішчаў. На Гомельшчыне селянін Грамыкін мяняў сваё прозвішча на Радасцін, на Віцебшчыне — Чарнапузы на Чырвонцаў. Замест Троцкі прымалі Троіцкі, каб хоць трохі аддаліцца ад першаасновы. Саплякоў станавіўся Сонцавым, Няпейпіва прымаў прозвішча Няміра. Самадзейнасць была поўная: Гнаявік станавіўся Залатніком, Гніда — Пчолкам, Брахунец — Маўчуном...»

Цяпер разбярыся: дзе праўда, а дзе мана?

Я ж вырашыў, без доказаў і праверак, захаваць у гэтым раздзеле наяўныя прозвішчы рэчычан, якія ў пэўнай ступені, усе разам, вымалёўваюць агульны характар маіх землякоў. Хай пазайздросцяць майстры слова, якімі эпітэтамі надзелены нашы палешукі ў прозвішчах.

Антымонаў (разводзіць антымонію — весці пустыя, непатрэбныя размовы).

Бабакоў (бабак — дурань, безгаловы чалавек, непаваротлівы, марудны, гультай).

Баглай (лежабок, дармаед).

Байдаў, Байдак, Байдалюк (байды біць — нічога не рабіць, хадзіць без справы).

Бадракоў, Бяссонаў, Будзіла, Будзько.

Буйневіч, Буйноў, Буйніцкі, Буйко, Буянаў, Бузель, Бузанаў (чалавек буйнага складу, буйны ростам; умее і любіць пабуяніць). Яго родзічы — Бушуеў, Бушан, Бучук, Бучко, Бучанкоў, Бучынскі (буча — шум, крык, сварка).

Башылаў, Башынскі (свавольнік, гарэза, балаўнік).

Быстрык, Быстроў, Быстрыцкі, Быстрыкаў, Быстранкоў. Булгакаў (булга — звадка, сварка, мітусня, у цюркскіх мовах — узбуджаны, мяцежны).

Грубы, Грубман («Як плясну па мордзе, дак з вачэй іскры пасыплюцца»).

Герцык (марнатравец, хітрун, ашуканец).

Гудзь, Гудзін, Гудкоў.

Гардуноў (горды, напышлівы, фанабэра).

Гаруноў (гаротнік).

Гатальскі (гаталяй — гультай).

Глеўкі, Глеўскі (вязкі, ліпкі).

Верткін, Вароўскі, Верхатураў, Варашылін, Варажун, Варажбітаў.

Вырва (вісельнік, сарвігалава).

Дзівачэнка, Дзівак, Дзівакоў, Дзівін, Дзіўчук.

Дабрадзей, Даброў, Дабранскі, Дабрынскі, Дабрамыслаў, Даўгамыслаў, Дабравольскі.

Дзялец, Дабычын, Добыш.

Дагодзькін, Дралаў, Дрэнь.

Дзюндзікаў, Дзюндзін (п’яніца, гультай, нізкарослы).

Жарун, Жываглод, Жывадзёраў, Жосткін, Жлоба, Жмочанка. Жыговіч, Жыгуноў (жвавы, спрытны, борздкі).

Задзірака, Засекін, Зарубайка, Зарубін, Заразаеў, Заразака. Задумін, Зацюка.

Звягін, Звягінцаў.

Забіран (шмат у вёсках Ветхінь, Бязуеў, Грудское, Вазнясенск. Куды, каго, калі і навошта забіралі?).

Зубрэй, Зубрык, Зубрылін, Зубрыцкі.

Запаяска, Запертаў, Задораў, Зладзенны, Змушка (змушаць, прымушаць).

Зюзькоў, Зюзікаў (п’яніца, разява, хто баіца холаду, плакса).

Купіеў (мо як цяперашні камерсант «купі-прадай»?).

Кацуба (той, у каго ўсё з рук валіцца).

Кабалоўскі (кабала — рабства ў XIV—XVI стагоддзях).

Карпечанка, Карпека (той, хто над нечым карпее).

Калупаеў (маруда, капун), Кулыгаеў (скупердзяй).

Калацэй, Калацілаў, Калатаеў (хваткі, спрытны).

Коўзан, Коўзік, Капанскі.

Картачнік.

Каюк, Каюкаў, Каюкала (каюк — канец, каюка — прастак, бядняк, каюкаць — балбатаць, калякаць).

Ліхач (зух, удалец).

Ленавец, Ляной, Лянкоў.

Лагунцоў, Лагуцін, Лагутка, Лагута (дурнаваты, калека, прастак).

Ласоўскі («Ласы на чужыя каўбасы», прагны, сквапны).

Лазуткін, Лазько, Лазянік (пралаза, прайдоха).

Лега (лежабок, гультай).

Ляўшун, Ляўшэня, Ляўшоў, Левы, Левых.

Лёгкі, Лёгенькі (такіх сем’яў вельмі шмат сярод рэчычан. Ці яны ад слова «худзенькі», ці лёгкія на пад’ём, ці лёгкія, добрыя ў працы, сяброўстве?).

Мазепін (мазепа — запэцканы ў што чорнае, чорны ад прыроды, на Украіне — мурза, неахайны, грубаваты).

Мацюк.

Мандрык, Мандрыкаў, Мандрыкін (мандраваць — вандраваць).

Матлахоў, Матлаш (неўраўнаважаны, ветраны, несур’ёзны, мотлух — рыззё, рвань).

Марчанка, Марчанкаў, Марчык, Марчук (марчыць — мучыць тугою, марнаваць, марнатравіць).

Мерзін, Мярзлікін, Мерзлякоў (Аўцюкоўцы скардзяцца: «Мерзнем!» Чаму? Аказваецца, няма напільнікаў, не могуць навастрыць пілу, не нарэзалі дроў).

Маторын, Маторны.

Мягкі.

Няміра, Неміроўскі (задзіра, не можа мірна жыць).

Нязнаеў, Нечытала, Нявежын, Нятрусаў, Недабой, Недасек, Недабор, Нюхцікаў, Нюхняеў.

Налягач (больш за пяцьдзесят сем’яў. Веру, налягалі болей на касу, плуг, цэп, ступу, жорны, а не на гулі, прысмакі, кніжкі).

Наліваеў, П’янкоў.

Нямлей (млець — траціць прытомнасць, свядомасць, абміраць, нямець, заміраць ад пачуццяў).

Несмыслоў, Несудзімаў, Нятрэбскі, Нудноў, Няўдачанка, Няўдобнаў, Няўстроеў.

Нячай, Нячаеў (сумненне, адчай, хто не спадзяваўся, не чакаў).

Піскун, Піскуноў, Пішчык, Пішчыкаў, Пішчук.

Пакусаеў, Пагібальны, Пляўкоў, Паклонскі, Паднясенскі, Падорван, Палітыка.

Пяшкун (бесконны, бядак. А мо хадзіў з жабрацкай торбай ад вёскі да вёскі?).

Пячэрскі, Пячорын, Пячэрын, Прастоў, Прастакоў.

Прачуханаў («Даў яму прачуханца!» — пацягнуў дзягай ці словам).

Пасіўніч, Пасмурцаў, Пляскач, Плескачэўскі.

Пырх (хто пырхае з месца на месца, непаседлівы. У раёне звыш ста сем’яў. Ёсць у вёсках Адамаўка, Яноўка, Ямполь, Смагорын).

Пляскуноў, Позін, Пакаціла, Продан, Праданец, Пацёмкін.

Папраўкін (ёсць «грамацеі», любяць кожнага паправіць. А самі?..), Правасуд, Правілаў, Праведны.

Равянкоў, Равенка, Раўкоў, Рэўзін, Рэвін (равун, крыкун, плакса), Ропат (нараканне, папрокі).

Разумаў, Разумец, Разуменка, Разумейка, Разум, Мыслік, Мыслін.

Расказ.

Радзін, Радко, Радзько, Радзец («Чым багаты, тым і рады»; рад акон, дамоў, зубоў).

Разувай, Разуваеў, Разуванаў (мо гэта прафесія?).

Раўнейка, Роўны.

Райчонак (даваць парады).

Рассыпны.

Сядак, Седзька (дамасед), Скакун, Скачок, Скачко, Скокла, Пераскокаў.

Смякалін, Смышляеў, Скорыкаў.

Славуцін (!).

Салоненка, Саланец, Салановіч.

Сувораў (суровы, злосны, упарты), Строгі, Строганаў, Сярдзюк, Сердзюкоў (зласлівы, гняўлівы, а яшчэ — казахі ў маларасійскім войску, на аплаце).

Смехаў, Смяян, Перасмехін (запрашаю іх на Усебеларускія фестывалі народнага гумару ў Аўцюкі!).

Скаромнік.

Скорабагаты, Скараходаў, Скараход, Скарадумаў.

Сюськін (сюсюкае пры размове, празмерны апякун).

Торап (сумятлівы, паспешлівы).

Трэшчына, Талкач, Талкачоў, Талкуноў, Таўкач, Ператачын, Трахаеў, Трахановіч.

Талантаў (!).

Таміла, Тамілін, Тамільчык, Тамілаў, Тужак, Тужыкаў.

Траскуноў.

Трус, Трусаў.

Тузаў, Тузікаў.

Тындык (бамбіза, неахайны чалавек), Тубальцаў (прайдзісвет, праныра).

Удалаў, Удальцоў, Усхопаў.

Хадыка, Ходзька, Пераходзька, Хадановіч, Хадакоўскі, Ходар, Хадарэнка, Хадоркін, Хадаровіч (хадак — чаравік, пасыльны, ганец, пешаход, хадатай па справах; ходыр — надуты, важны: «Певень ходзіць ходырам»).

Храпуноў, Храпіцкі, Храпко, Храпавіцкі, Храпаў.

Холад, Холадаў, Халадзілін, Халадовіч, Халодны (у Калінкавіцкім раёне ёсць вёска Халоднікі).

Цвіль, Цвілікаў.

Цуранкоў (адракацца, цурацца, выракацца).

Цацарук, Цацура (цаца, штучка).

Чарток (але ж не чорт), Чмуроў, Чухманаў.

Шаўковы (можа, родапачынальнік нашых Шоўкавіч ці іншай шоўкавай мясціны?).

Швыдкоў (шустры, хуткі).

Шаціла, Шацілаў, Шаталаў, Шатуненка, Шатон, Шатонаў, Шатохін, Шатуноў, Шатуха, Шалаеў (хістун, блукач, бадзяга).

Шмыга, Шмагалёў.

Шавырын, Шавыра (лазіць, дзе не трэба, пераварочвае ўсё).

Шкрабаў, Шкрабкоў, Шарун, Шлепаноў.

Шаламіцкі, Шэмет, Шамяткоў (мітуслівы), Шыбіцкі (шыбкі, хуткі).

Шупан, Шупік, Шупікаў, Шупейка, Шупенька (шупіць, кеміць, разумее, цяміць).

Шабуневіч (жартаўнік, весялун).

Шкода, Шкадзенка.

Шанец, Шанцаў, Шанцавалаў, Шчаслівенка, Шчасны (!).

Язвінскі.

Яркоў (вогненны, гарачы, запальчывы, рэзкі, моцны, вясновы, яравы, малады, поўны сіл).

Божа, колькі эпітэтаў, якія характарызуюць маіх землякоў, захавана ў прозвішчах! Хочаш — бяры ручку і чыстую паперу, хочаш — бяры пэндзлік і фарбы ды малюй ці то Шабуневіча-веселуна, ці то Яркова вясновага, ці то Хадыку-непаседу, ці то Смехава з Плясуновым, ці Смякаліна з Нязнаевым...

З такім роздумам-настроем заходжу да загадчыцы Рэчыцкім загсам Вольгі Канстанцінаўны Сталетавай. У яе ў самой прозвішча бадзёрае. Сталетавай лёгка жадаць даўгалецця, прыемна ёй спяваць польскае пажаданне «сто лят». Вольга Канстанцінаўна тлумачыць:

— Гэта ж муж узнагародзіў мяне і маіх сыноў такім прозвішчам. Бацька яго родам з Карэліі, а я — рэчыцкая. У дзеўках была Казека.

— Ці часта людзі прыходзяць да вас, каб змяніць прозвішча, апроч, безумоўна, маладажонаў? — цікаўлюся, бо вельмі ж карціць ведаць, ці робіцца цяпер так, як апісаў Уладзімір Юрэвіч пра трыццатыя гады.

Вольга Канстанцінаўна разгортвае паперы, адкрывае зусім не сакрэтныя тайны:

— Сусла падаў заяву. Хоча стаць Суславым. Пузік памяняў прозвішча на Гарадзецкі, Лысая — на Драгун, Дворнік — на Крукава, Бруханаў — на Карняйкова. Дулькін цяпер будзе пісацца Грыцковым, Хулуп — Стральцовым... Бывае, што мяняюць асобныя літары. Пшаноў захацеў стаць Пшеновым, Говар — Говором, Галушка — Голушко, Мельнік — Мельнікавым, Шапавал — Шапавалавым...

— Якія дакументы трэба мець, каб замяніць прозвішча?

— Заява, заключэнне міліцыі і грашовы ўзнос. Сваё рашэнне мы даводзім да ўпраўлення юстыцыі Гомельскага аблвыканкама.

Пасля сустрэчы ў загсе мне стала ніякавата. Дык дзе ж праўда ў прозвішчы, а дзе — мана? Калі яно прынята і ад каго? Мянялася яно ў сучаснай гісторыі за грашовы ўзнос ці мае карані продкаў?..

 

VII - НА ЎСЕ РУКІ МАЙСТРЫ

 

Дзед...

Ён чэсна касіў і араў, Надрываў свае грудзі і рукі

І маліўся, калі паміраў:

— Хай маё дажывуць унукі...

Генадзь Бураўкін

 

 

Каваль-кавалёк...

Змалку чулі мы ад матуль вясёлую забаўлянку:

 

Кую, кую ножку,

Паеду ў дарожку.

Трэба каня падкаваць,

Штоб далёка начаваць...

 

Пра каваля-асілка складзены народныя казкі, фальклорныя песні. «Каваль куе, а каваліха пяе»:

Кавалю Марціну,

Падкуй ты мне свінню,

Бо зіма падходзіць,

Свіння боса ходзіць...

І ў людскіх прозвішчах прафесія «каваль» ахрышчана ў самых розных варыянтах. У раёне я налічыў звыш ста сем’яў з прозвішчам Кавалёў. Яны жывуць і ў Рэчыцы, і ў вёсках Падалессе, Мілаград, Чыжаўка, Горваль.

А вось Каваленкі групуюцца ў вёсках Янаўка, Маскалі, Ровенская Слабада, Борхаў, Васількоў, Рэбуса, Бязуеў, Якімаўка. Жылі некалі Каваленкі і ў нашых Шоўкавічах. Бацька іхні Дарафей не вярнуўся з вайны, а сыны яго Васіль, Пятро, Коля былі любімцамі вясковай моладзі. У іх хаце часта ладзіліся вечарынкі, спектаклі, гулі ў фанты.

Але найбольш уславіў усіх Анатоль Якаўлевіч Каваленка з в. Якімаўка. Усю вайну 1941 — 1945 гадоў ён служыў лётчыкам разведвальнага авіяпалка. На яго баявым рахунку 173 рызыкоўныя вылеты, сем збітых самалётаў праціўніка, шаснаццаць знішчаных на зямлі. Пад яго трапным прыцэлам аказваліся танкі, гарматы, вагоны, аўтамашыны, агнявыя кропкі, аэрадромы, пераправы. Сем разоў гарэў у самалёце, некалькі разоў паранены. За тры месяцы да заканчэння вайны наш зямляк атрымаў званне Героя Савецкага Саюза.

На трэцім месцы прозвішча Каваль.

Сярод усіх рэчыцкіх Кавалёў найбольш прыкметнай асобай стаў Мікалай Мікалаевіч Коваль. Кажуць, у яго жалезны характар. І свой лёс ён выкаваў сам. Звыш сарака гадоў ён кіруе адным з лепшых калгасаў у раёне. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, кавалер высокіх ордэнаў, ганаровы грамадзянін раёна.

Ёсць яшчэ сем’і з прозвішчамі Кавалевіч, Кавалёк, Кавалец, Кавалішын, Кавалькоў, Кавальскі, Кавальчук. Жывуць сем’і і з рускім прозвішчам Кузняцоў. У Горвальскай школе ў свой час дырэктарам быў Кавалёў, а завучам — Кузняцоў. Са Сцяпанам Мітрафанавічам Кузняцовым мы пазнаёміліся ў Мінску. Ён прайшоў вялікія выпрабаванні. Жыццё кавала яго пры высокіх тэмпературах. А Горваль, тутэйшая прырода і людзі засталіся ў душы настаўніка Кузняцова на ўсе гады. Свае пачуцці ён давярае паэтычным строфам:

Давно размыты берега

У той реки, где мы встречались,

Прошла заветная пора,

И лишь любовь осталась...

З чым жа звязаны глыбінныя палескія карані Кавалёвых—Кузняцовых? Няйначай як з жалезным векам у нашай гісторыі, пачатак якога выпадае на 7—6-ае стагоддзі да новай эры. Першымі асвоілі жалеза на Беларусі славянскія плямёны, якія жылі ў рэчыцкім Прыдняпроўі, на тэрыторыі сённяшняй вёскі Мілаград. Жалезныя знаходкі, зробленыя тут, адкрылі цэлую мілаградскую культуру. Канешне, здабывалі жалеза з жалезнякоў і ў басейне Прыпяці. Знойдзены домніцы, сырадутныя печы каля Заслаўля, Суража, Свідна...

Стаўлю шматкроп’е, бо далейшае даследаванне можа адхіліць ад нашай тэмы. Нехта пачне даказваць, што каля іх вёскі выплавілі першае жалеза. Хай сабе і так. Мяне ж усцешваюць доказы вучоных аб тым, што мае землякі, рэчычане, сярод славянскіх плямёнаў актыўна асвойвалі жыццёва важны метал. І найперш сярод іх з’явілася прафесія рудакопа. Гэта, відаць, была пякельная праца. Яна мяняла нават знешні воблік чалавека. Твар, валасы, цела набывалі рудаваты адценак. Тыя, хто здабываў руду балотную, хто яе перапрацоўваў у жалеза, рудзянелі ад руды, мелі пэўныя мянушкі, званні, клічкі, якія пазней пераплавіліся ў прозвішчы. Іх носяць і сённяшнія рэчычане: Рудак, Рудакоў, Рудакоўскі, Руданоўскі, Руды, Рудзянец, Рудзенка, Рудзянкоў, Рудзянок, Рудзінскі, Рудзішкін, Рудкоўскі, Руднеў, Руднік, Руднікаў, Руднікевіч, Рудніцкі, Рудаў, Рудскі, Рудчанка, Рудый, Рудзь, Рудзько.

Трэба мець на ўвазе, што ў старажытнасці нашы продкі рудою называлі кроў. Казалі: «Разбіў нос да руды». Так што рудым маглі клікаць і чалавека, які меў чырванавата-рыжы твар. Тут, відаць, можна шукаць разгадку прозвішчаў Рыжакоў, Рыжанкоў, Рыжко, Рыжэўскі. У нас казалі: «Чым рыжэй, тым даражэй». А вось Часлаў Пяткевіч, збіральнік палескага фальклору, піша: «Рудога, рыжага чалавека трэба асцерагацца, бо хацеў бы ён ці не хацеў зрабіць зло, то яно ад яго само зробіцца». Гэта выснова — не аксіёма. Яна, як любое павер’е, тлумачыцца дваяка: калі не пойдзе дождж, то будзе ясны дзень.

Гэта цяпер ёсць металургічныя камбінаты, мартэнаўскія печы. Нават песня ўслаўляе гэтых гігантаў: «Горят мартеновские печи. И день и ночь горят они...»

Якія ж песні спявалі мае землякі, калі каменнымі кіркамі, драўлянымі лапатамі здабывалі з балотных нетраў руду? Уяўляю, колькі людзей палягло, каб дастаць з-пад дзірвана жалязняк, пасля «зварыць» яго ў саматужнай печы. А спачатку трэба тую печ зляпіць з гліны і мелу. А яшчэ вырабіць драўнінны вугаль. Пілавалі лес, чурбакі абкладвалі дзёрнам і палілі. Увесь час сачылі, каб не прарывалася полымя, бо якасць вугалю будзе дрэннай. Пасля ў печ пластамі засыпалі вугаль і руду. Вугаль падпальвалі. І праз соплы ўдзьмухвалі ў печ «сырое» паветра. Дык мо той, хто гэтым займаўся, і зваўся Сапліцкім? Ёсць у нас і такое прозвішча.

Уяўляеце, у той самаробнай печы сапліцкія і рудніцкія ўздымалі тэмпературу да 1200 градусаў. Чалавек вытрымліваў каля такой пякельні, а руда плавілася, ператваралася ў жалезнае «мяса» — крыцу. Вось з гэтых балванак у кузні і рабілі ўсё, што трэба было для міру і вайны: сякеры, сярпы, падковы, стрэлы, штыкі, дзіды...

Мне здаецца, і ў гербе Рэчыцы, які «покорнейше пожалован» гораду імператарам Мікалаем Першым у 1845 годзе, засведчаны не проста воін-коннік. Нашы продкі не ваяўнічыя, не агрэсары. Яны хутчэй абаронцы. А што для бяспекі воя патрэбна? Надзейныя латы, меч, шчыт, шлем. Усё гэта ёсць у гербавага вершніка. І хочацца верыць, даспехі для абаронцы выплавілі, выкавалі рэчыцкія майстры. Можа, іх вырабы і дэманструе коннік на падкаваным кані? Можа, у гербе Рэчыцы і ўслаўляецца майстэрства нашых умельцаў?

Каваль нават у маім падлеткавым уяўленні — галоўны чалавек на вёсцы. Наш каваль Іван Сыцька, як помню, хадзіў павольна, вяльможна. Гаварыў мала. Нехта ляпеча, просіць-моліць, каб зрабіў нейкую патрэбную рэч у гаспадарцы: ці кручок, каб падвешваць вядро з вадой, ці завесы, ці скобы. Дзядзька Сыцька слухае-слухае, пазірае як бы ў сябе, ды раптам і скажа адно слова: «Зраблю».

У яго кузні на калгасным двары заўсёды звінеў метал, як бы спяваў песню. Там было горача ад чырвонага вугалю і сіняга полымя над ім. Але мы, пацанва, любілі бегаць у кузню, бо дзядзька каваль быў мяккі, як разагрэты метал. Даваў нам падзьмухаць мехам на вуголле. Давяраў молат, і мы гахалі ім па накавальні, на якой ляжаў разамлелы, чырвоны блін жалеза.

Такія майстры, як наш Сыцька, былі амаль у кожнай вёсцы. Іх раней, калі яшчэ не было прозвішчаў, клікалі не іначай як Каваль. Усё, што яму належала, было Кавалёвым, вучні яго — Кавалькі, сын — Кавалёнак. Вось так і размножыліся розныя варыяцыі сучасных прозвішчаў. Да іх радні можна дапасаваць і Катляра, Катлярэнку, Катлярова. Гэта каваль, які рабіў катлы, кацельшчык. І ўсіх Смітаў, што па-англійску азначае «каваль».

Прафесія каваля, якая з’явілася яшчэ да нашай эры, засведчана ў назвах нават сённяшніх паселішчаў. На Гомельшчыне ёсць вёскі і пасёлкі Кавалёва, Кавалёў, Кавака, Кавалі, Кавалькі. А Рудняў — незлічона. Ды ў іх яшчэ і свае спадарожнікі — Рудзенка, Рудзенька, Рудзянец, Рудзянцова, Руднае, Рудніца, Руднішча. У Рэчыцкім раёне — Рудзец. Яны звычайна зачыналіся каля рэк, каля радовішчаў жалезнай руды, дзе мелася драўніна для выпальвання вугалю.

У гэтых вёсках можна і цяпер пачуць ад старых людзей «кавальскую» мудрасць:

• Жалеза куе не малаток, а каваль-кавалёк.

• Кавалю, што казлу, — усюды агарод.

• Каму Бог розуму не даў, таму каваль не прыкуе.

• Муж — каваль, жонка — барыня.

• Прывёў каня падкаваць, калі кузня згарэла.

Перад тым як Кавалёвы з Кузняцовымі намерацца прыняць канчатковае рашэнне аб паходжанні свайго прозвішча, хай улічаць, што «каваць» можа і зязюля. А «каваль» у тураўцаў — вялікі кавалак сала, «кузенька» — невялікая пасудзіна з кары для збірання ягад.

 

* * *

Нашым любімым настаўнікам у Вузнажскай школе быў Рудзішкін Міхаіл Мікітавіч. Зусім не руды знешне, а чарнявы, пад цыгана. Твар добры, крыху жаноцкі. Усмешка стрыманая, але шчырая. У яго смяяліся адначасова вусны і вочы.

Па службовых абавязках Міхаіл Мікітавіч вучыў нас рашаць задачы па алгебры, папулярна тлумачыў геаметрычныя формулы, даходліва даводзіў задачы па фізіцы. Але наш настаўнік быў з той таленавітай кагорты педагогаў, якія лічаць сваю прафесію Божым прызваннем, а дзяцей любяць бязмежна. Без іх няма жыцця, як без паветра, якім дыхаюць.

Міхаіл Мікітавіч сцвердзіў самы галоўны запавет педагогікі: каб надоўга заставацца цікавым і карысным сваім вучням, трэба штодня муштраваць, шліфаваць сябе. І наш настаўнік бездакорна ведаў не толькі спецпрадметы. Ён умеў выдатна маляваць. Вучыў нас бачыць вакол сябе прыгажосць, валодаць пэндзлем і падбіраць фарбы. Ён любіў фатаграфаваць і далучаў нас да гэтага мастацтва. Фотакарткі, зробленыя ім і пад яго наглядам, — цяпер нашы рэліквіі, якія засведчылі нас у школьныя гады. Ён іграў на гітары, мандаліне і хацеў, каб усе сталі музыкамі.

Ад Міхаіла Мікітавіча мы ўзялі першыя ўрокі па шахматах, рыбалцы, паляванню, паэзіі. У яго вучыліся дабрыні, пераймалі яго тактоўнасць, далікатнасць, мяккую паходку. Сваім пільным і лагодным позіркам ён, здаецца, бачыў нас навылёт. Але мы не страшыліся яго, а паважалі. Нам заўжды было цікава з ім: і на ўроку, і ў паходзе, і на вечары адпачынку, і на бульбяным палетку.

Аднойчы нашу Вузнажскую школу абляцела нечаканая навіна: настаўнік Міхаіл Мікітавіч Рудзішкін кахаецца з піянерважатай Любай Смалян. Калі ўлічыць, што ў Вузнаж хадзілі вучыцца дзеці з вёсак Шоўкавічы, Задзірэеўка, Чарнейкі, Заходы, Дуброва, Рудня, Восаў, Пажыхар, Какуевічы, Яланы, то можна ўявіць, якое шырокае наваколле абляцела гэта стракатая чутка. А Міхаіл Мікітавіч і не ўтойваў свайго пачуцця ні ад сына Лёні, з якім мы разам вучыліся, ні ад усіх астатніх школьнікаў і сваіх калегаў.

Закаханыя пераехалі ад Вузнажы за пяць кіламетраў у вёску Дуброва. Збудавалі там хату. Займелі двух сыноў-малайцоў. Вырасцілі сад. У любасці і каханні звекавалі. І ўсё жыццё настаўнічалі.

Для нас Міхаіл Мікітавіч Рудзішкін назаўжды застаўся настаўнікам. Мы з радасцю наведвалі, хаця і рэдка, яго сядзібу ў Дуброве. А ён, пакуль меў сілы, ездзіў у Мінск. Яму, адчувалі, было прыемна пачаставаць нас, былых сваіх вучняў, крамянымі яблыкамі са свайго саду, духмяным мёдам ад сваіх пчол, самаробнымі каўбасамі, прасоленым салам.

Усё часцей і часцей ён давяраў нам свае сшыткі, блакноты з паляўнічымі навеламі, апавяданнямі, вершамі, байкамі. Мы адчулі: грэшна насіць назапашаную творчасць у партфелі. Так з'явіліся першыя публікацыі паэта і празаіка Міхаіла Рудзішкіна ў часопісах «Вясёлка», «Бярозка», «Вожык», у «Настаўніцкай газеце». Прагучалі вершы настаўніка з Дубровы і па Беларускім радыё.

З вершамі і байкамі Міхаіла Рудзішкіна пазнаёміліся вядомыя паэты Анатоль Грачанікаў, Артур Вольскі, Мікола Маляўка, Мікола Чарняўскі, Нэля Тулупава. Так з’явілася ў свет яго кніга «Дзед Апанас і радыяцыя». Пазней яго вершы друкаваліся ў калектыўным зборніку «Цвіце верас».

У беларускую літаратуру ўпэўнена ішоў настаўнік-пісьменнік Міхаіл Мікітавіч Рудзішкін. Яго хвалявала ўсё: чаму перасталі свістаць перапёлкі, да якога часу будзе бражнічаць сусед Ціт, адкуль у вёсцы зладзеі, калі перастануць здзекавацца з сялян прадаўцы? Найбольш хвалявала франтавіка, што на родную нашу Гомельшчыну выпалі чарнобыльскія радыяцыйныя хмары. «Замініраванымі» аказаліся векапомныя дубровы, у якіх Міхаіл Мікітавіч любіў збіраць баравікі і «паляваць» з фотаапаратам. З лугу нельга прынесці букет жывых кветак мілай жонцы Любе. Нельга дзяцей і сяброў пачаставаць ляснымі ягадамі...

Апошнія шэсць гадоў Міхаіл Мікітавіч цяжка хварэў, не пакідаў сваёй дамоўкі, сваёй вёскі Дуброва. І вось адтуль прыляцела цяжкая вестка — наш Настаўнік перасяліўся ў вечнасць, пакінуў зямны свет, які бязмежна любіў.

Але настаўнік, верым мы, памерці не можа. Ён застаецца жыць у сэрцах і памяці сваіх вучняў, у іх справах. Настаўнік, як чалавек і творца, прадаўжае жыць ва ўсіх людзях, каму паспеў перадаць сваю душэўную і духоўную спадчыну, у сваіх дзецях, жонцы, радні.

Шкадую вельмі: не паспеў распытаць у Міхаіла Мікітавіча пра яго радавод, чаму, адкуль у яго прозвішча Рудзішкін? Веру, ён бы прыдумаў арыгінальную версію. А можа, ён ведаў праўду?

 

Хлебная прафесія

 

О Беларусь!

З якога цеста

Узыходзіш ты?

З якой дзяжы?

Ты пачынаешся не з Брэста,

Ты пачынаешся з душы.

Анатоль Майсеенка

 

Хто першым аб’явіўся ў славян: бондар ці каваль?

Па простай логіцы — бондар. Бо чалавек з свайго зародку жыў сярод дзікай прыроды, у акружэнні лясоў, у лесе. А драўніна і ёсць рабочы матэрыял для бондара.

Але ж для таго, каб зрабіць бочку, дзежку, цэбар, трэба спілаваць ці ссекчы дрэва, настругаць з яго клёпак. Патрэбен востры, з жалеза інструмент, які рабіў каваль.

Не будзем гадаць, што першым з'явілася: курыца ці яйка. Прызнаем як ісціну, што каваль і бондар — галоўныя прафесіі нашых продкаў. Яны звычайна былі самавукамі-самародкамі. З'яўляліся па прынцыпу: возьме голад — праявіцца і голас.

Баба Фёкла Бобла з Вузнажы расказала фалькларыстам, а тыя запісалі яе словы ў кнігу «Фальклорна-этнаграфічная і літаратурная спадчына Рэчыцкага раёна» наступнае павер’е: «У кожнай гаспадыні — свая дзяжа з дубу ці з клёну для выпечкі хлеба. Нельга пазычаць, бо сапсуецца. Гэта грэх, і ніхто не пазычаў. А калі ішлі замуж, садзілі нявесту на дзяжу, каб была хазяйкай і ўмела добра рабіць».

Умелі ўсё рабіць і бондары. Увесь драўляны посуд, які патрэбен быў для чалавека і для худобы, майстравалі ўмелыя рукі бондара. Яго прафесія ўвайшла ў фамільную спадчыну. І сёння рэчычане жывуць пад прозвішчамі: Бондар, Бондараў, Бандарэнка, Бандарэц, Бандарчук. Іх можна сустрэць у горадзе і амаль што ва ўсіх вёсках. Мне, напрыклад, Бандарэнкі сустракаліся ў Першамайску, Роўным, Аколіцы, Мілаградзе, Краснаполлі, Яноўцы, Горвалі,Камсамольску.

Як сказала баба Фёкла, дзежкі былі ў кожнай хаце. А хат жа ў раёне тысячы. Колькі ж трэба было майстроў, каб задаволіць патрэбы гаспадароў!

Сённяшнія Бандарэнкі і Бондары «бандараць» у іншых прафесіях. Мне расказвалі пра заслужаную настаўніцу Беларусі з Дземяхоўскай сямігодкі Зінаіду Захараўну Бондараву, пра глыбаўца, былога камандзіра партызанскага атрада імя П. Панамарэнкі Івана Іванавіча Бандарэнку, пра нафтавіка-ветэрана Яўгена Ігнатавіча Бондара.

Аднойчы я сеў у цягнік Мінск — Калінкавічы, а ў купэ аказаўся рэчычанін Уладзімір Бандарэнка. Мы неяк адразу даверыліся адзін аднаму. Я прызнаўся пра сваю літаратурную працу над прозвішчамі. Мой субяседнік зацікавіўся гэтай тэмай. І мы пачалі складваць схему яго радаводу. Так і прагаварылі ўсю дарогу.

Толькі цяпер Уладзімір Бандарэнка ўсур’ёз задумаўся пра сваё прозвішча:

— Чаму мы Бандарэнкі?.. Бацька мой Мікалай трактарыстам быў, усё ўмеў рабіць... Хату збудаваў... А дзед Радзівон майстар-кравец. Шапкі рабіў, валёнкі валяў, кажухі шыў...

— А вы што ўмееце? — спытаў я ў падарожніка.

— Вучыўся ва універсітэце на настаўніка фізкультуры. Працаваў у спартыўнай школе. Кандыдат у майстры спорту. Цяпер служу ў Рэчыцкім нафтаздабываючым упраўленні. А па выхадных цягне ў Капань, дзе нашы дачныя соткі. Рукі просяць сякеры, пілы, гэбліка. Можа, адгукаецца ген далёкага продка-бондара?..

Людзі розных прафесій не заўсёды задумваюцца, ад каго яны носяць прозвішча. Яно перадаецца ім у спадчыну, як талісман. І яны звычайна забываюць «разгарнуць» і зірнуць, што носяць пры сабе пастаянна.

Раней казалі: «Які бондар, такая і дайніца». Можа, і нам, сённяшнім, варта было б помніць галоўныя жыццёвыя прынцыпы продкаў, іх мараль, іх душэўную чысціню.

Прыгадаем паэму Янкі Купалы «Бандароўна». Помніце, у слаўнага Бандарэнкі была дачка Бандароўна, «пашукаць — паненка». У яе губкі — маліны, твар — лілея, вочы — дзве зоркі. «Гляне — свет яснее». Хацеў яе пан Патоцкі пазбавіць дзявоцтва. Дык што адказала яму гордая Бандароўна?

Пі, гуляй з сваёй раўнёю,

Покі ваша сіла, —

Бандароўне больш да твару —

Чымся ты — магіла.

Не прадасць яна дзявоцтва,

Як ты, пан, сумленне;

Твае грозьбы ёй не страшны,

Не страшна цярпенне.

Дужы ты з сваім багаццем,

А я сілы большай, —

За мной праўда і народ мой,

За табой жа — грошы!..

Загінула Бандароўна, а бацька яе Бандарэнка дачкою ганарыцца, «сходы кліча», «войска сільнае збірае», хоча з панам паквітацца.

Дык вунь з якой даўніны гэта прозвішча — з народных песень, казак, паданняў. А ў беларускіх пісьмовых дакументах, пачынаючы з XVI стагоддзя, згадваюцца самыя розныя Бондары і Бандоркі — Агапон, Гаўрыла, Васка, Стэфан, Карп, Пятрок, Якуш.

Калі ўлічыць, што бондара часам называлі бачаром, то ў гэта сямейства можна дадаць і прозвішчы Бачкароў, Бочкаў, Бачэрнікаў, Бачура.

Відаць, не стане вялікай памылкай, калі ў гэтым раздзеле пра бондара мы прыгадаем майстроў, якія рабілі лыжкі. Ад іх і прозвішчы — Ложкін, Ложачкін. (Казалі старыя людзі, што некалі, калі дзеўка хацела ўлюбіць у сябе хлопца, то выкрадала ў яго лыжку і закопвала яе ў зямлю.)

Звычайна бондары бандарылі начамі, як мой бацька, а ўдзень на зямельцы працавалі. Электрычнасці тады не было, вось і палілі лучыну ў пячурках або ўстаўлялі лучыну ў лучнікі. Можа, і быў нехта з памочнікаў бондара, які падтрымліваў святло і называўся лучанком? Так гэта ці не, але сярод рэчычан і сёння ёсць Лучанкі, аднафамільцы нашага знакамітага кампазітара Ігара Міхайлавіча Лучанка.

Бондары былі майстрамі на ўсе рукі. Яны маглі быць і цеслярамі, і сталярамі, і дойлідамі. У рускіх ёсць пра іх прыпеўка:

Столяры да плотники

От Бога прокляты.

А за то их прокляли,

Что много лесу перевели!

 

Ва ўсялякім разе ад іх пайшлі гуляць прозвішчы: Цесля, Цяслюк, Цясленка, Плотнікаў, Сталярэнка, Сталяроў, Сталярчук, Сталярук, Дайлід, Далідовіч (пры выпадзенні «й»). Добра пасуюцца ў гэту «кампанію» і прозвішчы Найман, Шабашкін, Кармільцаў, Тачыленка, Тачылкін, Пільнік, Пільчанка, Пільшчыкаў, Майстрэнка, Майстровіч, Майструк.

Хлеб кажа: «Кінь стрэльбу і вуду, тады і я ў цябе на стале буду». Гэту прымаўку маглі прыдумаць бондары, бо мелі хлебную прафесію. Яны, іх сем’і заўсёды былі з хлебам. Можа, нездарма ў старабеларускім лексіконе ўжывалася слова «бонда», што азначала — маёмасць, грошы, збожжа.

 

Узнясенне мельніка

Пра млын і млынара ў народным фальклоры столькі ўсяго назапашана, хоць воз загружай.

Я сваю саперніцу

Пакладу пад мельніцу,

Мялі, мялі, мельніца,

То мая саперніца.

Гэта прыпеўка запісана ў в. Гарошкаў ад Наталлі Ігнатаўны Пяшкун.

Як бачыце, млынам нават страшылі. Ды не толькі супернікаў, зласліўцаў, грэшнікаў, а і ўсіх, хто верыў у нячыстую сілу. У многіх народных байках, паданнях, легендах распавядаецца пра тое, як пасяліліся на млыне чэрці, як яны палохалі людзей, як штукарылі з млынарамі.

Ды што казаць, ад млынароў і млыноў паходзяць шматлікія назвы паселішчаў. Вёскі Млынок ёсць у Брагінскім, Добрушскім, Ельскім, Жыткавіцкім, Мазырскім, Петрыкаўскім раёнах Гомельскай вобласці.

А вось назва вёскі Салтанава, што пад Рэчыцай, кажуць, пайшла ад імені палоннага турка. Аднойчы на хутар, дзе цяпер Салтанава, прыблудзіў адпушчаны на волю малады турак Салтан. Багаты гаспадар наняў яго на касьбу, а тады і назусім пакінуў у сваіх парабках. Той весялун узяў ды закахаўся ў дачку-прыгажуню хутараніна. Але бацька яе паставіў умову перад ухажорам: «Здолей разбагацець, тады і аддам за цябе дачку адзіную».

Папрасіў Салтан у гаспадара кавалак зямлі на вяршыні пясчанага ўзгорка і пабудаваў там ветраны млын. І павезлі людзі да Салтана малоць зерне. Назбіраў кемлівы хлопец грошай і пабудаваў новы млын, з моцнымі жорнамі, размахам крылаў аж у дзесяць метраў.

Яшчэ больш людзей паваліла да Салтана. Так ён і разбагацеў. І ўзяў дачку гаспадара ў жонкі. У іх пайшлі дзеці, пачалі сяліцца побач. А калі млынаром стаў Салтанава сына сын, то і безыменны хутар стаў вёскай, і назвалі яе Салтанава.

Млынар у свой час быў вельмі запатрабаваны работнік. «Хлеб усяму галава» — гэта прымаўка з далёкай даўніны. А можа, яе прыдумаў першы вынаходца ручных жорнаў? Пасля ў побыт увайшлі ветраны, вадзяны, паравы млыны. А пазней амаль кожны райцэнтр меў свой мельзавод. Хлеб і цяпер лічыцца галавой усяму. Кажуць: «Будзе хлеб, будуць і песні».

Млынар заўсёды служыў важным пасрэднікам паміж полем і печчу. У полі вырошчвалі зерне, у печы пяклі хлеб. Але калі зерне не змеле млынар, то дарэмнай акажацца праца ў полі, непатрэбнымі стануць і пякарні.

От і жыве здаўна прымаўка: «Шмат зерня — трымай свіней, а шмат грошай — заводзь млын». Яшчэ казалі: «Мельнік — не бяздзельнік, мельнік — не злодзей. Ён не крадзе, яму самі прыносяць».

Адным словам, прафесія млынара, мельніка, мукамола заўсёды была ганаровай, пачэснай і вельмі патрэбнай. Гэта толькі як грымнула Кастрычніцкая рэвалюцыя, то мельнікаў палічылі багацеямі і пачалі раскулачваць, ссылаць у Сібір ды расстрэльваць, як ворагаў народа.

І ўсё-такі мельнікі ўзнесены ў гісторыі. Памяць аб іх удзячнай прафесіі носяць у сваіх прозвішчах і нашы рэчычане: Мельнік, Мельнікаў, Мельніковіч, Мельнічэнка, Мельнічук, Мукамел, Пыталь (вышэйшы гатунак памолу, хто рабіў гэта, хадзіў у званні мельніка першага класа).

Канечне, прозвішчаў, звязаных з гэтай важнейшай чалавечай прафесіяй, значна больш. У іншых раёнах Беларусі я сустракаў Мялеўскіх, Мяльніцкіх, Мельнічанскіх, Мельнічатаў, Мельнічыхіных, Мельшчыкаў.

Вучоныя адносяць да гэтай сям’і і прозвішча Мележ. А гэта ж наш любімы і славуты зямляк з в. Глінішча Хойніцкага раёна, народны пісьменнік Беларусі, аўтар знакамітага рамана «Людзі на балоце» Іван Паўлавіч Мележ.

Каб зусім не заганарыліся ўсе нашы Мельнікавы, нагадаю для роздуму народныя прымаўкі: «Пусты млын меле, а памолу няма», «Век меле, а пасыпаць не ўмее», «Млын меле — мука будзе, язык меле — бяда будзе». Ад сябе дададзім: мялі, Ямеля, ды розум не губляй, не лі ваду на пусты млын, помні свайго працавітага, шаноўнага прародзіча, ад якога ў цябе пажыццёвае прозвішча.

Да прафесіі млынара вельмі блізкія, амаль «радня», іншыя даўнейшыя спецыяльнасці. Скажам, чалавек, які рабіў і насякаў жорны з каменя-валуна, называўся жарнасек. Ад яго пайшлі прозвішчы — Жарнасек, Жарнасенка.

Пры млынах звычайна прымайстроўвалі і крупадзёрку. Хто яе абслугоўваў — крупадзёр. Ад яго сучаснае прозвішча — Крупадзёраў. А вось Рушкіны, відаць, здзівяцца, што я назаву іх у гэтым раздзеле. Дык ведайце: рушаць крупу — гэта і ёсць драць, малоць, драбіць, адсюль крупадзёрку называлі яшчэ рушалкай ці рушанкай, а рушко — прасяныя крупы.

Усе, хто вырабляў крупы, хто іх вазіў, захоўваў, прадаваў, ды і сам любіў ласавацца блюдамі з гэтага каштоўнага і абавязковага прадукту ў сялянскім побыце, мелі самыя розныя мянушкі. Пазней яны замацаваліся ў прозвішчах: Крупацін, Крупейчанка, Крупеніч, Крупенка, Крупеня, Крупіца, Крупскі, Крупянка.

Мельнікаў часам называлі пруднікамі, бо іх гаспадарка ладзілася на сажалках, па-руску — прудах. Адсюль і новыя прозвішчы: Пруднік, Пруднікаў. Але так маглі называць і простых людзей, якія жылі каля прудоў, сажалак, ды майстроў, якія будавалі запруды.

Як добрыя пажаданні маім землякам хай прагучаць даўнейшыя «мельніцкія» прымаўкі: «Каму што, а мельніку — спадарожны вецер», «Добрыя жорны ўсё перамелюць», «Калі змалоў, нясі дамоў, спажывай здароў».

 

Рыбак — не бядак

Рыбакамі, відаць, былі пакрысе ўсе. Хто лавіў невадам, таптухай, вудай, а хто рукамі ці відэльцам з патэльні.

Пра рыбу і рэчку поўна прыпевак, забаўлянак, баек у народным фальклоры. Праскоўя Хмяльніцкая з Зашчоб’я праспявала:

Цячот рэчанька невялічкая,

Скочу, пераскочу.

Аддай, маменька, аддай, родная,

За каго я хочу.

У Праскоўі Львоўны ёсць песня і пра хлопца, які шукае сваю долю, сваю дзяўчыну Волю. Ды зноў жа яго сцежкі вядуць да рыбакоў:

Не найшоў я долю,

Найшоў рыбалоўцаў.

— Хлопцы-рыбалоўцы,

Закідайце сеці.

Закінулі сеці

На быстрыя рэкі

Дай паймалі шчуку

Хлопцу на разлуку...

Рака і рыба часта бачацца маім рэчычанам у снах. І тады яны шукаюць разгадку ў народных сонніках: рыбу лавіць — адліга, рыбу вялікую бачыць — дождж, калі рыба жывая — усе здаровыя будуць, свежую рыбу бачыць — што-небудзь пачуеш. Кажуць, калі цяжарная маладзіца прысніць ліня, шчупака, то ёй Бог дасць сына, а як убачыць рыбку маленькую — дачка будзе. Бачыць у сне акуня, шчупака, ментуза, печкура — грошы, прыбытак. Рыбу лавіць у мутнай вадзе — хвароба, непагадзь.

Аднойчы, помню, нашы шоўкаўцы ўсе ўраз сталі рыбакамі. Рэчачка Стоўпінка разлілася вясною па сенакосе. І шчупакі падвалілі сюды ажно з самай Бярэзіны. Плюхаюцца ў лазняку, у траве, нерастуюць. От жа мае вяскоўцы і паляцелі лавіць тых рыбін: хто кашом, хто віламі, хто рукамі. Уявіце сабе сенажаць заліўную, а ў ёй плюхаюцца нямоглыя дзяды і мужыкі дзябёлыя, бабы і дзеўкі ды мы, пацанва-малеча. Удачлівымі аказаліся шустрэйшыя, яны вярталіся дамоў з вёрткімі шчупакамі. Па ўсіх Шоўкавічах тым днём разносіўся пах смажанай рыбы. Частаваліся ўсе!

Гэткую вялікую радасць прынесла наша маленькая Стоўпінка. А ўяўляеце, якую ваду выліваюць з сябе вясною Днепр, Бярэзіна, Ведрыч! Уся наша Рэчыцкая зямля, як жыллем, знітавана рэкамі, рэчачкамі, канавамі. Багата на ёй азярцоў, сажалак, копанак, балацянак. Дык не цяжка і паверыць, што рыбакамі-аматарамі былі і ёсць усе мае землякі. А многія мелі прафесію, спецыяльнасць — рыбак. Яна, як спадчына, перадавалася з роду ў род. Казалі: не вучы рыбу плаваць, не вучы рыбака рыбу лавіць.

За некаторымі лаўцамі-прафесіяналамі, якія здабывалі рыбу не толькі для сябе, а і на продаж, як кажуць, жылі з яе, дык за імі замацоўваліся клічкі-мянушкі Рыбак. От і па сённяшні дзень жывуць у нас сем’і: Рыбак, Рыбік, Рыбакоў, Рыбальчык, Рыбалоўскі, Рыбалка, Рыбачэнка, Рыбенчанка, Рыбін, Рыбко, Рыбчанкоў, Рыбянкоў, Рыбнікаў, Рыбчук. Кожны з іх ловіць сваю рыбку жыцця ды імкнецца жыць адзін з адным, як рыба з вадой.

Ведаў я Кірылу Рыбака з Вузнажы. Яму ўсё не было калі. Не тое што рыбу лавіць, высмаркацца толкам не меў часу. Усё калектывізацыяй займаўся, хацеў, каб землячкі вошай не пладзілі, каб уволю хлеба елі. Ён, малаадукаваны, але апантаны, быў выбраны, а правільней сказаць, прызначаны старшынёй мясцовага калгаса. Неяк, гартаючы даваенную «Рэчыцкую праўду», я сустрэў заметку, у якой нашага Рыбака крытыкавалі за тое, што ён, «не ўсвядоміўшы важнасці пашырэння сяўбовага кліну, імкнецца яго скараціць на 10 га». Набліжаўся 1938 год, год «хапуна», калі чалавека маглі за нішто аб’явіць ворагам народа. І старшыні калгаса «12-годдзе Чырвонага Кастрычніка» Кірылу Рыбаку падвесілі ярлык «праваапартуніст». Але яго неяк абмінула карніцкая тройка. Аднойчы я зімаваў у тых Рыбакоў, бо хварэў і не мог хадзіць з Шоўкавіч у Вузнажскую школу. Помню, як «апартуніст» калоў дровы, як паліў у печы, як міла любіўся са сваёй Параскай. Запомніў іх хлопцаў-малойцаў Сяргея і Колю. Нашу па жыцці цяпло Рыбаковай хаты і дабрыню душы яе гаспадароў. От каб былі жывыя яны, здаецца, узняў бы крылы і паляцеў у Вузнаж, каб распытаць, ад якіх рыбакоў-профі іхняе прозвішча, якую рыбу лавілі іх прашчуры на блакітных дарогах Рэчыцкага краю.

Адказы на гэтыя пытанні знаходжу ў саміх прозвішчах маіх рэчычан. Сама болей прозвішчаў ад ляшча: Лешчанка, Лешчанок, Ляшчынскі, Ляшчук, Лешчуковіч, Ляшчоў, Ляшчышын, Ляшчун, Ляшчэнка. Мо гэтай рыбай кішэлі нашы рэчкі? А мо яна была самым любімым наедкам маіх землякоў?

У Заходах, сярод карэнных Шафарэнкаў, верхаводзіць усімі кіраўнік калгаса Лешчанка Леанід Барысавіч. Я быў у іх на сходзе, на якім з дакладам выступаў старшыня. Гаварыў не па-напісанаму, а сваімі словамі, чым пакарыў ураз:

— Таварышы! У нас сёння ў адной кучы тры святы — Міхайла, Дажынкі і Палучка. Гаварыць буду адзін я, і мне можаце задаваць пытанні...

Сваё пытанне я прызапасіў да вячэры, калі дакладчык расслабіўся:

— Скажыце, вы Лешчанка, а як вы спраўляецеся з Сомавым, Мальковым?

Леанід Барысавіч дзівакавата зірнуў на мяне:

— А што, як з усімі калгаснікамі...

Папрасіў яго ўявіць: у адным азярцы жывуць лешч, сом і малёк, як яны ладзяць паміж сабой?

— Хэ, дак то ж у вадзе, — усміхнуўся Лешчанка. — У нашай вёсцы свае законы...

Сапраўды, па сваіх, чалавечых законах жывуць у нашым раёне Сомаў, Самовіч, Самок. Пра гэтых людзей нічога сказаць не магу, бо не сустракаўся з імі, а пра рачнога сома ў нас кажуць: «Галавішча добрая, рацішча наглэ. Во этазны!»

Дык падобнае можна сказаць і пра шчупака. А вось чаму людзей называлі іменем гэтага рачнога гаспадара, хай разгадаюць самі Шчукі, Шчукіны, Шчучонкі, Шчучкі.

Ёсць сярод рэчычан Яршоў, Карасёў, Карасік, Карась, Сазанаў, Сазанчук, Мянькоў, Уюноў, Печкуроў, Язікаў. Дзіўна, але няма Акунёвых, Плоткіных, хаця гэта рыба бярэцца на любы кручок у любой рацэ, пратоцы.

Археолаг А. Арцыхоўскі адкрыў, што ў старажытным Ноўгарадзе жыла рыбная дынастыя. Бацька — Лін, а сыны — Сом Лінёў, Ёрш Лінёў, Акунь Лінёў, Судак Лінёў. У нашых краях не чуваць такіх дзівосаў, але «лінёвыя» сем’і ёсць: Лінькоў, Лінец, Ліневіч.

Рака заносяць у сямейства беспазваночных, панцырных, прэснаводных жывёлін. Уладзімір Даль называў яго вадзяным насякомым, прыдатным да яды. На бязрыб’і, кажуць, і рак — рыба. Ад яго і пайшлі прозвішчы: Рак, Ракевіч, Ракаў, Ракусевіч, Ракусаў, Ракуць, Ракоўскі, Рачкоўскі, Рачэўскі, Рачынскі, Рачкоў. Цяпер вось і гадайце: чаму, ад чаго ў людзей былі такія мянушкі? Мо былі марудныя па характару, а мо падобныя на рака, а мо чырванелі, як вараны рак? А мо ад іх пайшлі выслоўі: «стаў, як рак на мелі»; «калі рак свісне»; «пазнаеш, дзе ракі зімуюць»?

Новая загадка: адкуль «прыплылі» да нас Асятровы, Акулавы, Балыковы, Бялугіны, Судаковы, Селядцовы, Таранавы, Таранцы? Хаця чаму здзіўляцца, хіба мы ведаем, якім быў Днепр дваццаць тысяч гадоў назад, хто жыў у яго водах, на яго берагах?

Вядома толькі, што сама назва ракі мянялася дзесяткі разоў: у глыбокай старажытнасці — гэта Данапром, гоцкі гісторык Іярдан называў нашу раку Данапрус, скандынавы — Данпар, старажытныя славяне — Дьнапр. На сярэдневяковай карце напісана Непер. У заходнееўрапейскіх падарожнікаў XVI ст. — Динпер, Днипер, Данамбер. Застаецца толькі паўтарыць за Мікалаем Гогалем: «Чуден Днепр при тихой погоде!»

Гаспадары некаторых рыбных прозвішчаў, напэўна, і не здагадваюцца пра свой «радавод» ад вадзяных істот. Сліж, аказваецца, — гэта рыба галец. Дык ёсць у Рэчыцы і прозвішча Сліж. Пячкур называўся «бабыр». Ёсць сем’і Бабыровы. Праўда, у кіргізаў бабыр — гаварун, у туркменаў — пантэра. Якія моўныя кантрасты!

Галеевы могуць шукаць выток свайго прозвішча ад рыбы галей. Гэта — безыкровы селядзец. Сушчоў, Сушчэвіч — ад сушч, сушчык, сушаная дробная рыба.

У прозвішчах зафіксаваны нават розныя рыбалавецкія прылады, якімі мае землякі здабывалі сабе харч з вады. Давайце збяром разам Неваднічэнкаў, якія ці то лавілі невадам рыбу, ці то выраблялі, плялі невады. Да іх прысуседзім Таптухіных, якія лазовай ці вяровачнай таптухай заганялі рыбу ў мелкаводдзі. А яшчэ — Брэдневых, Трыгубцоў, Шыцікавых. На шыцікаў вельмі ж добра ловіцца плотка. Але сям-там шыцікам называлі гарэзу, свавольніка. У Даля «шыцік» — невялікае рачное судна, лодка.

Усе рыбакі маглі быць Зарэцкімі, Зарачанскімі, Двурэчанскімі, Дунайскімі, Дунаевымі, Дняпроўскімі. Усе яны сёння — рэчычане, любяць свой горад, спяваюць пра яго песню:

Пройдут года, вода днепровская

Течет по-прежнему, как в юности тогда,

И где бы ни были, забыть не сможете

Наш старый парк и нашу юность никогда...

 

Толькі б не было вайны...

Усе хлопцы, мужчыны панюхалі пораху. Хто быў на вайне, хто служыў у мірным войску, хто прымаў удзел у вучэннях. «Труба зовет!» - гэты заклік знаёмы абаронцам Айчыны.

І як бы мы ўсе ні імкнуліся да міру, порах трымаецца сухім, утрымліваюцца арміі. Існавалі і існуюць вайсковыя службы, прафесіі, званні. Усё гэта зноў жа мае свой адбітак у прозвішчах.

Сярод нашых рэчычан жывуць рознага роду вайскоўцы: Салдатаў, Салдаткін, Салдаценка, Сяржант, Капітанаў, Маёр, Маёраў, Палкоўнікаў, Генералаў, Маршалаў, Дывізіённы... Адкуль, ад чаго гэтыя прозвішчы? Ці напраўду нашы землякі бывалі ў такіх званнях, ці то ў насмешку ім давалі падобныя мянушкі? У Аўцюках, напрыклад, аднаго мужыка клічуць Карэйцам. Ён ніколі не бываў у той далёкай краіне, зусім не падходзіць да жоўтай расы. А як была вайна ў Карэі, то выходзіў штодня на вуліцу з газетай і ўсім прахожым чытаў пра трывожныя падзеі. Вось і атрымаў мянушку Карэец. Можа, па нейкай падобнай аналогіі чалавек стаў Генералавым, Маршалавым?

Багата нашых людзей носяць прозвішчы Казак, Казакоў, Казакоўцаў, Казачэнка, Казачыхін, Казачкоўскі, Казачок, Казачук. А калі ведаць, што Сердзюкамі ў Маларосіі называлі казакоў, якія служылі ў сярдзюцкіх пяхотных палках атамана, то і рэчыцкіх Сердзюкоў можна далучыць да казакоў.

Адкуль жа ў нас такое прозвішча? Калі хочаш дакапацца да ісціны, трымайся прымаўкі: «Цярпі, казак, атаманам будзеш!»

Вядома, што казак па-турэцку азначае «разбойнік», на мове полаўцаў — «вартавы», у славян — гэта вольны чалавек, зух. Гісторыя казацтва пачынаецца з XV стагоддзя, калі ў нізоўі Дняпра на нічыйных землях пачалі гуртавацца беглыя сяляне з Украіны, Беларусі. Для абароны яны авалодвалі зброяй, набывалі коней («Без каня казак кругом сірата», «Казак галодны, а конь сыты»). Пазней удзельнічалі ў рабаўнічых набегах, войнах. Іх пачалі запрашаць на дзяржаўную службу. Яны былі добрымі ганцамі, коннымі рассыльнымі. Мужна абаранялі межы Расіі ад туркаў, персаў, палякаў. Казацтва адраджаецца цяпер. Ёсць арганізацыя казакоў і ў Беларусі.

У прозвішчах закладзена шмат якіх даўнейшых званняў. Нашы Гайдукі, Гайдуковы, Гайдуковічы, можа, ніколі і не задумваліся, што паходзяць ад назвы «гайдук» — лёгка ўзброены пешы воін, у Венгрыі — гэта паўстанец-партызан, а ў часы прыгону — выязны лакей, слуга-паганяты, які бізуном гнаў сялян на працу: «Гайда!» Такую ж функцыю выконваў цівун. Ад яго — Цівуноў, Цівунчык.

У вёсках Дварэц, Сведскае, Чарнейкі жывуць Драгуны, Драгуновы. У Рагачоўскім раёне ёсць вёска Драгунск. Там кажуць: «Драгун бяжыць — зямля дрыжыць». Вядома, што драгуны раней служылі ў кавалерыйскіх часцях расійскага войска. Адкуль пайшлі рэчыцкія Драгуны, трэба высвятляць.

Нашы прозвішчы захоўваюць шмат загадак. Ад каго паходзяць Ратнікавы, Гусаравы, Уланавы, Уланоўскія (у Лермантава чытаем: «Драгуны с пестрыми значками, уланы с конскими хвостами...»), Жандаравы, Жаўнярэнкі, Гайдамакі, Камендантавы, Дзеншчыковы, Пяхоты, Паставыя, Сотнікавы, Абозныя, Ротмістравы, Капралавы, Дазорцавы, Штабныя, Апалчэнцавы, Запаснікавы, Запявалавы, Трубянёвы, Трубянкі, Трубілы?

Калі тут яшчэ можна знайсці нейкія тлумачэнні, бо гэтыя званні не з вельмі далёкай гісторыі, то як патлумачыць існаванне сярод нас прозвішчаў Панцыраў, Мечнік, Рындзін, Булава, Булацкі, Булатаў, Калчанаў? Панцыр — адзенне старажытнага воіна, зробленае з пераплеценых дробных металічных кольцаў. Мечнікам называлі ў сівой даўніне воіна альбо рамесніка, які рабіў такую цяжкую, вострую зброю. Рында — збраяносец, целаахоўнік. Калчан — скураная або драўляная сумка, чахол для стрэл. От і гадайма: чаму прозвішчы нашых палешукоў звязаны з такімі старажытнымі званнямі, рэчамі?

У нашым раёне мора няма, а людзей з марскімі прозвішчамі нямала: Матросаў, Матрос, Марскі, Марскоў, Маракоўскі, Марачук, Марачкоўскі. У гэтую кампанію з поўным правам падыходзяць Кок, Боцман.

У прозвішчах рэчычан сустракаем самыя нечаканыя вайсковыя адзнакі, прыкметы, дзеянні: Саблін, Шаблін, Шашкін, Парахоўнік, Карабіна, Пушкароў, Пушкарэнка, Пушкарскі, Пушкар (артылерыст, пушачнік), Асколкаў, Лазарэтаў, Набатаў, Войнаў, Ваінкоў, Вайналовіч, Боеў, Баявы, Бойка, Байцоў, Стральцоў, Стралкоў, Стрэльнікаў, Стрэльчанка (шмат!), Стральчэня, Пабядзенка, Пабядзінскі.

Прозвішчамі мы як бы пагаварылі пра вайну, войска, армейскія рэгаліі, як бы прыадкрылі заслону гісторыі і ўбачылі, кім былі нашы продкі-воіны, чым ваявалі. Пажадаць хочацца аднаго: каб ніколі болей не было вайны! Да гэтага заклінання далучым голас вядомай беларускай паэтэсы Еўдакіі Лось:

Слаўна вам сеяць і гадаваць,

Горкае век не зазнаўшы прынукі,—

Зброі б вось толькі зусім не трымаць

Вам, залатыя мужчынскія рукі!

 

Піва-дзіва

Гарэлку, кажуць, пачалі рабіць даўным-даўно. Хіба, можа, толькі першародны Адам не каштаваў гэтага зелля. А яго дзеці спатыкнуліся на той наркоце, бо не паверу, каб на цвярозую брат забіў брата, Каін Авеля. Адтуль выток сённяшняй распусты.

Нашы продкі доўга верылі ў бога Бахуса, сына Зеўса і Сямелы. Ён «курыраваў» вінаградарства і вінаробства. Бахуса вельмі любіў просты люд, яму прысвячаў свае вясёлыя святы. Яны спраўляліся па заканчэнні збору вінаграду, у гонар разліву віна. Адзначалася свята ў кожнай хаце, а пасля людзі ішлі да храмаў, маліліся перад алтаром Бахуса, на вуліцы ладзілі жартаўлівыя гульні, спявалі песні. Пераможца атрымліваў мех, напоўнены віном.

А яшчэ чуў байку, што спіртное людзі прыдумалі і ўжывалі напачатку як лекі. Занядужае чалавек, прастудзіцца, аслабне — яму і накапваюць у лыжку гарэлкі, кажуць: «Выпі на здароўе». Пазней людзі рассмакавалі тое зелле, пачалі піць чаркамі, шклянкамі. І лячэбнае пажаданне «На здароўе» стала самым папулярным тостам ва ўсіх застоллях і нечарговых выпіўках.

У розныя часы правіцелі розных народаў аб’яўлялі барацьбу з п’янствам. Але справа Бахуса жывучая. Многія страчваюць кантроль над сабой, і гарэліца-сяброўка даводзіць да хвароб, распусты, злачынстваў, рана асірочвае дзяцей. Пабывайце ў Рэчыцкай і Васілевіцкай школах-інтэрнатах для сірот, у Бабіцкай дапаможнай школе, у Маканавіцкім доме-інтэрнаце — і вам стане жудасна, вы зразумеце, на якое дно апускае гарэліца чалавека. Хіба ж для гэтага даецца жыццё?!

Некаторыя нашы рэчычане носяць па жыцці, перадаюць у спадчыну сваім дзецям вінна-гарэлачныя прозвішчы. Можа, яны і былі калі-небудзь у некага крыўднай, ганебнай мянушкай, але верыцца, яны даваліся найперш майстрам сваёй працы. Ад іх і пайшлі нашы прозвішчы Вінакур, Вінакураў, Півавар, Півавараў. Адзначаны і тыя, хто любіць гэта пітво, — Півуновы. Пра іншых у Тураве кажуць: «От півак, адзін коўць — і даволі». Чуў у Заспе такую мудрасць: «Піў ці не, а калі двое скажуць, што п’яны, ідзі спаць». А ў майго бацькі Сцяпана была свая прымаўка: «Не дорага піва, дорага дзіва». Ён мог дазволіць сабе чарчыну пасля працы на марозе, пасля завяршэння нейкай справы, у святы, але ніколі не піў без дай прычыны, не уваходзіў у запой. У яго было шмат клопатаў па гаспадарцы, у полі. Ён насіў у сабе вялікую бацькоўскую адказнасць перад жонкай і дзецьмі.

Другі род спіртных прозвішчаў звязаны з гандлярскай прафесіяй. Прадавец віна меў мянушку Віннік. Пазней яна ператварылася ў прозвішча Віннік, Віннікаў, Віннічык, Вінцэвіч, Вініцкі. Іх калегамі былі Шынкаровы, Шынкары, якія ў свой час мелі шынкі альбо працавалі ў іх.

След старажытнасці прасочваецца і ў прозвішчах Брагін, Брагінскі, Бражнікаў. Даўней брага была адным з любімых хмяльных напояў. Той, хто яго любіў ці вырабляў, і насіў падобную мянушку.

У гэта «гняздо» прозвішчаў можна аднесці Сыціных, Сытко (сыта — мядовы завар), Мядоўнікаў, Мядоўскіх, Сусліных, Суславых, Суслаў, Сусло (сусла — адвар крухмалістых і цукрыстых рэчываў у стане бражэння, які ідзе на выраб піва і квасу). У такую кампанію просяцца Расолавы, Квасавы, Кваснікавы, Налівайкі.

Усім ім, ды і ўсім нам нагадаем мудрыя радкі вядомага горца Расула Гамзатава:

Пить можно всем,

Необходимо только

Знать: где и с кем,

За что, когда и сколько.

 

У палоне кажуха

Нашы дзяды насміхаліся з небаракі: «Ад зямлі адарваўся і да неба не дастаў». Гэты кпін кідалі таму, хто пачынаў грэбаваць сялянскімі рамёствамі, хто пыжыўся, як кажуць, лез у бутэльку, каб даказаць тое, чаго ў яго няма, на што ён не здатны.

Мудрацы раілі: рабі тое, што ўмееш, на што вартыя твае рукі і галава. Вось і вылучаліся сярод сялян майстры, якія адыходзілі ад земляробства і пачыналі займацца справай, вельмі запатрабаванай у вяскоўцаў.

Скажам, у кожным двары ад спажыўнай жывёлы збіраліся шкуры. Куды іх падзець? Неслі кажамяку, майстру, які іх вырабляў. Гэта прафесія і парадзіла прозвішчы Кажамякін, Кажамяка.

У асобны занятак, вельмі важны і адказны, вылучыліся спецыялісты па дубленню шкур — кажадубы. Яны вымочвалі шкуры ў спецыяльных растворах, рыхтавалі матэрыял, прыдатны для пашыву кажухоў, футраў. Гэта прафесія засведчана ў рэчыцкіх прозвішчах Кажадуб, Кажадубаў.

Я распытваў вядомага пісьменніка Алеся Кажадуба пра яго радавод, але і ён не дакапаўся да вытокаў, хаця шмат і ведае:

— Дзед мой Аляксандр Мінавіч Кажадуб родам з Чарнігаўшчыны, а жыў у вёсцы Велін Рэчыцкага павета. Пілаваў бярвенне. Хату сабе паставіў. Вядомы народны лекар, травамі ратаваў людзей. Браўся вылечыць нават поліяміэліт, каўтун лячыў. А смерць сустрэў недарэчную: бугай сарваўся з ланцуга і забіў дзеда. Тры яго сыны — Васіль, Дзімітрый і Канстанцін — панеслі далей прозвішча Кажадуб. Дзмітрый загінуў пад Кёнігсбергам. Васіль вярнуўся з вайны ў ордэнах і медалях. Пра яго мае апавяданні «Даўгі нашы», «Камендант». А Канстанцін, бацька мой, усё жыццё працаваў бухгалтарам. Так што шкуры ніхто не кажадубіў. Дый у гэтым цяпер няма патрэбы...

Што ж, Алесь Кажадуб праўду сказаў, цяпер усім займаюцца прамыслоўцы. Заходзь ва універмаг і выбірай, што душы заўгодна, абы твае грошы. А напамінкам пра даўнейшыя заняткі нашых продкаў-рамеснікаў засталіся рэчыцкія прозвішчы: Шкуратаў, Шкурэнка, Шкурын, Шкурко, Шкурапацкі, Шкурук, Кажэўнікаў, Скуратоўскі, Скуронак. Шкурнікамі, кажэўнікамі называлі гандляроў — скупшчыкаў шкур. А яшчэ шкурнікам, шкуратам абзывалі чалавека, які жыў уласнымі інтарэсамі. Гэта звычайна — задзіра, прыставала. Пра такіх народ склаў нямала прымавак: «Дрыжыць за сваю шкуру», «Воўк у авечай шкуры», «Дзярэ з людзей шкуру», «З аднаго вала хоча садраць дзве шкуры».

У гэтым ланцугу рамеснікаў былі гарбар, кушнер, аўчыннік. Ад іх прозвішчы: Гарбар, Кушнер, Кушнярэнка, Кушняроў, Кушнір, Кушнірэнка, Аўчыннікаў. Хай добрым напамінкам пра іх умелыя рукі стане верш народнага пісьменніка Беларусі Пімена Панчанкі:

Чуў увосень ён выццё ваўчынае,

А вясной — паводак срэбны звон.

Ляжа спаць, укрыецца аўчынаю,

Ад самотных дум знікае сон...

 

Калі сырамятныя шкуры выраблены, апрацаваны, ператвораны ў кравецкі матэрыял, за справу браліся шубнікі. Яны шылі футры, кажухі, паўкажухі. Ад іх і пайшлі прозвішчы Шубянок, Шубін, Шуба. Хаця маглі так празваць і заможніка, які меў багаты ўбор і выгадна вылучаўся сярод галадранцаў.

Беларускі кажух у рускіх называецца тулупам. Што ж, і Тулупавы жывуць у Рэчыцкім раёне. Адна з іх, Нэля Тулупава з в. Капань, уславіла сваё імя на ўсю Беларусь. Яе кнігі «Станцыя надзей», «Дабрадзея» «Боская цішыня», «Гарывада», «Сонца ў хату», «Скажыце ўсім», «Я чакаю цябе...» вядомы сярод аматараў паэзіі рэспублікі. Яе чуйная душа прыкмячала, адзначала, бачыла ўсё тое, што было непрыкметным, як бы нязначным. Але ў паэтэсы ажывала ўсё наваколле, ажываў увесь свет. Яна магла адчуць, што «гадзіннік не з боем, а з болем», што ў год чарнобыльскай аварыі ў вёску яе маленства Капань не вярнуліся з выраю ластаўкі («Скажыце ўсім, што я чакаю ластавак!»). Яна хацела паглядзець на лісіныя норы, аддаць лісцы свой каўнер.

Нэля Тулупава вельмі рана адляцела ў Нябеснае царства. Шмат тайнаў панесла яна з сабой, шмат ненапісаных вершаў. Цяпер толькі ў яе высокай паэзіі можна шукаць адказы на ўсе загадкі, таямніцы яе жыцця:

Пра нас напішуць

Цэлыя тамы.

На свет праб'ецца

Ўсё, што закапана.

Мы ўратаваны!

Ўратаваны мы.

Я сведчу вам,

Анэля, што з Капані.

Я слоўца наша

Песціла змала.

З улоння маці

На яго я маю права.

Як доўга я Тулупавай была

У палоне, ў кажусе

Сваім дзіравым...

 

Дачка Алеся, унучка Лера сабралі і выдалі зборнік песень «Світальная сініца» сваёй мамы і бабулі. А на словы Нэлі Тулупавай пісалі песні вядомыя нашы кампазітары Юрый Семяняка, Ігар Лучанок, Эдуард Ханок, Уладзімір Буднік, Эдуард Зарыцкі. І гучаць па ўсёй Беларусі, як голас самой паэтэсы, яе песні «Салаўі Хатыні», «Дабрыня», «Чараўніца», «Ягадка», «Ліст да маці», «Прызнанне»...

Да Тулупавых, Кажуховых, Шубнікаў можна прышпіліць Краўцоў, Краўчанкаў, Краўчукоў, Партновых, Кройнікаў, якіх багата ў Старакрасным, Артуках, Краснаполлі, Якімаўцы, Калочыне, Смагорыне, Берагавой Слабадзе. У гэту кампанію просяцца Красільнікавы, Красілавы, Ігольнікі, Іголкі. Блізкія да іх па прафесіі шапавалы, ад якіх пайшлі нашы Шапавалы, Шапаваленкі, Шапавалавы, Шапашнікавы, Шляпіны. Тыя, хто вырабляў валеннем шэрсці магеркі, капелюшы, можа, і прыдумалі для нас такія парады: «Не кладзі шапку на стол, бо век будзе галава ў клопаце», «Скінь шапку, як ясі, бо будзе цешча глухая», «На злодзеі шапка гарыць», «Спахапіўся пра шапку, калі галавы не стала», «Без жонкі, як без шапкі».

 

Гандляры — не махляры

Ездзіў некалі па нашых Шоўкавічах рэчыцкі анучнік Зусь. Як цяпер помню: тоўсты, барадаты, з тварам колеру пераспелых журавін. На яго возе, а зімою на санках, стаяў драўляны куфэрак. У ім — чаго толькі пажадае душа вяскоўца!

На анучы, старое рыззё мама выменьвала ў яго іголкі, ніткі, гузікі, грабеньчыкі, заколкі. З «даплатай» (яйкі, сыр, сала) магла выкупіць хустку, кавалак матэрыялу. У цане былі ліпучка ад мух, марля для даёнак, кноты для газавых лямпаў, свечкі і запалкі.

Хто быў той Зусь для шоўкаўцаў? Амаль што цар, бо яго чакалі, паважалі і слухаліся. Ён быў жаданы госць у любой хаце, бо за пачастунак даваў нешта з свайго чароўнага куфэрка. Ён жыў у горадзе, бліжэй да ўлады, ездзіў па вёсках, таму і валодаў навінамі, якіх мае шоўкаўцы не чулі.

А на самай справе той Зусь — дробны гандляр, мяняла, анучнік. Яго прафесіяй патроху валодалі ўсе мае шоўкаўцы. Адзін прадаваў мёд, другі — садавіну. Нехта выменьваў за зерне кавалак сала, за сена — бульбу. Мой бацька бандарыў начамі, а нейкім днём грузіў на воз дзежкі, цэбры, маслабойкі, блінніцы, ехаў у знаёмыя вёскі за раку і там станавіўся, як Зусь, гандляром-мянялам.

Дык вось і атрымліваецца, што гандляр — прафесія з сівой барадой. На яе «хварэюць» усе людзі. Калі чалавек не гандлюе сам, то ўсё роўна ўцягнуты гандляром у яго працэс, бо становіцца пакупніком. І гэта праўда засведчана ў прозвішчах маіх рэчычан.

Жыве сярод нас Базараў. От жа цікава, ад каго ён займеў такое званне: ад таго, хто вечна гандляваў на базары, ці ад таго, хто любіў пабазарыць, пакуціць падчас гандлю?

Базарным называлі чыноўніка, які сачыў за парадкам на рынку. Базарнае — падатак, які «дралі не ў меру». Базарнік — служка, які назіраў за правільнасцю вагаў. А базарынка — гэта гасцінец з базара. Ад чаго ці ад каго наш Базараў?

На базары, як і ў анучніка Зуся, з рога ўсяго многа. Там можна сустрэць гандляра-махляра, ашуканца, булыча. Дык і сярод нас жывуць Булычовы. Але хай яны не засмучаюцца сваім прозвішчам. Сам Іван Грозны трымаў у верных слугах Булыча Хірына. А ў Раданежы жыў у XV стагоддзі вядомы манах Сямён Булычоў.

На базар зазіралі са сваім таварам розныя майстры, у тым ліку і берднікі. Гэта тыя, хто вырабляў і гандляваў бёрдамі, вельмі важнымі прыладамі ў самаробных ткацкіх станках. Ад тых майстроўгандляроў і пайшлі нашы Берднікі, Берднікавы.

Барышнікамі сярод гандляроў называлі тых, хто атрымліваў ад продажу, скупкі-перакупкі прыбытак, барыш. Гэта трэба было ўмець, гэтаму трэба было навучыцца. Адзнакай такіх майстэрскіх здольнасцей і засталіся прозвішчы Барышнікаў, Барышны. Пасрэднік пры продажы-куплі называўся маклак («За магарыч маклюецца»). Ад яго пайшло прозвішча Маклюк.

А што за гандаль без карабейнікаў, якія ўслаўлены ў народных песнях?

Ой, полным-полна моя коробушка

Есть и ситец, и парча...

Дык жывуць сярод нас і Карабейнікі, і Корабавы, і Каробачкі, і Карабчукі. Праўда, корабам маглі абзываць чалавека тоўстага, заможнага. А мо ён такім стаў ад удалага гандлярства?

Карабейніка часам называлі крамнікам, крамарам. Відаць, у гэтым накірунку трэба шукаць разгадку тайны прозвішчаў Крамараў, Крамнік.

Мяснік у гандлі — прафесія неабходная. Ён займаецца забоем жывёлы, раздзелкай туш. Пра яго віртуознасць прымаўка: «Пер’е засталося, а мяса паляцела». Ад гэтай даўнейшай прафесіі — цяперашняе прозвішча Мяснікоў. Нашчадкі ганляра салам — сальніка — носяць прозвішча Сальнік, гандляра соллю — Салянік.

Прасолавы хочуць ведаць, адкуль іх прозвішча. Дык ведайце: прасолем даўней называлі скупшчыка мяса і рыбы для рознічнага гандлю. На Тамбоўшчыне гэта — гандляр жывёлай, у Курску — закупшчык па вёсках палатна, пянькі, шчаціння. А на Украіне, хто вазіў і гандляваў рыбай, соллю, называўся чумаком. І ў нас жывуць Чумакі, Чумаковы.

Ёсць прозвішчы, якія відавочна суадносяцца з гандлярствам і не патрабуюць тлумачэнняў. Гэта — Тарговец, Таргоўцаў, Таргашын, Таргоня, Купцоў, Ларкоў (па-руску пішуцца Ларков і Ларьков). Хаця апошняе прозвішча, магчыма, утварылася ад імені Іларыён, Лар.

На рэчыцкім базары пачуў ад бабулі, якая гандлявала гарбузікамі: «Лепш, сынок, гандляваць, чым красці». Згодзен, мілая, таму і ўслаўлена гэта прафесія ў прозвішчах. Прызнаем яшчэ адну ісціну: у кожным з нас сядзіць свой гандляр. Давайце разбяромся, як ён уплывае на дабрабыт, на наша сумленне.

 

І шавец, і кравец, і кругом маладзец

Пра людзей з залатымі, умелымі рукамі казалі: «За што ён ні возьмецца, усё яму ймецца».

Жыццё ў вёсцы, на зямлі прымушала чалавека ўмець усё рабіць. Ну, не гэтак жа, як цяпер. Сельскі чалавек ідзе ў магазін купляць хлеб, які спрадвеку сам выпякаў, едзе на базар па кураняты, якіх яму выводзіла дамашняя нясушка, набывае лыжкі, якія раней былі самаробнымі.

У цане былі майстры-самавучкі. Іх любілі, паважалі. Іх ветліва называлі па прафесіі. Умеў чалавек рабіць алей, выціскаць тлушч з насення раслін, дык яго і звалі Алейнік. Гэта званне перайшло ў прозвішчы Алейнік, Алейнікаў. Па-руску нашы рэчычане пішуць прозвішча і Олейник, і Алейник.

У Рэчыцы жыве Бляхер. Я не ўдакладняў яго цяперашнюю прафесію, але ж відавочна, што яго продак быў майстар, які вырабляў рэчы з бляхі, крыў бляхаю дахі.

На Беларусі называлі башмачнікам таго рамесніка, які рабіў абутак. У рускіх гэта — сапожнік, у татар — чабатар. А ў нашым раёне жывуць сем'і: Башмак, Башмакоў, Сапожнікаў, Сапажынскі, Сапагоў, Чабатар. Пагадзіцеся, іх прозвішчы не ад таго, што чалавек насіў башмакі, бо ўсе былі б Башмаковымі. Яны — ад рамесніцтва, якое цанілася сярод людзей.

Археолагі знаходзяць у зямных пластах прыкметы далёкіх цывілізацый — чарапкі гліняных вырабаў. А гэта азначае, што ганчарства было запатрабаваным рамяством ужо ў сівой даўніне. І гэта пацвярджаецца ў нашых прозвішчах: Ганчар, Ганчарэнка (шмат!), Ганчароў, Гаршкоў, Глінскі, Чарапанаў, Гаршэчкін. У Рэчыцкім раёне ёсць нават вёска Ганчароўка, раней называлася Ганчароў Падзел.

Хто гнаў дзёгаць, гандляваў ім, называўся дзегцяром. Рамяство складанае, бруднае, але вельмі патрэбнае. З бяросты, драўніны, торфу агнём «курылі» смалістую, чорную вадкасць. Ёю змазвалі боты, восі ў колах. Жартавалі: «Маж мужыка маслам, а ён дзёгцем пахне». Надзённай застаецца старая прымаўка: «Лыжкай дзёгцю можна сапсаваць бочку мёду». Памяць пра цяжкое рамяство захавана ў прозвішчах: Дзегцяроў, Дзегцярэнка, Дзегцераў, Дзягцяр.

Раней конь быў галоўнай і цяглавай, і транспартнай адзінкай. Нездарма і цяпер магутнасць машын вымяраецца колькасцю конскіх сіл. Майстры, якія выраблялі колы, калёсы, санкі, пазней займелі прозвішчы: Калеснік (шмат у в. Левашы), Калеснікаў, Колесаў, Саннікаў, Цялегін, Палазнік. Старабеларускі слоўнік даводзіць, што стальмах, стэльмах — гэта таксама рамеснік, які робіць калёсы, сані, экіпажы, карэты. Дык у нас і сёння жывуць Стэльмакі, Стэльмашкі ў вёсках Май, Будка, Чырвоны Мост, Залессе, Гарошкаў. Во дзе, відаць, кучкаваліся ўмельцы, якія склалі пагаворку: «Калёсы рыпяць: «Прадай валы, купі штаны».

Родзічамі гэткіх майстроў можна назваць Фурмана, Кучара, Кучарава, Вазовіка, Вазнюка, Вазюру, Перавознікава, Перавозчыкава, Лімарэнку (лімар, рымар вырабляў раменную вупраж), Рымарава, Рымарэнку, Рымарчука, Коламойца, Коламойцава, Коламойчанку.

Той, хто вырабляў сёдлы, сядзёлкі, на Беларусі займеў прозвішча Сядляр, на Украіне — Сідлераў. Абодва «родзічы» жывуць цяпер у Рэчыцы. І, відаць, не здагадваюцца, што маюць у радаводным корані аднаго прародзіча-майстра.

А хіба маглі гаспадары хат, дамоў абысціся без муляраў, маляроў? Калі ласка, сярод нашых рэчычан ёсць Муляр, Мулярчык, Печка, Пячкоўскі, Печнікаў, Камінскі, Каменшчыкаў, Камянчукоў, Кірпічнікаў, Кірпічоў, Саманчук (хто вырабляе саман, цэглу-сырэц з гліны, гною, сечанай саломы), Малярэнка, Малярчук.

Мулярам часам называлі і печніка. Адсюль і прозвішчы, і прымаўкі: «Хлебам не кармі, толькі з печы не гані», «Кармі дзеда на печы: і сам будзеш там».

Цяпер я назаву рэчыцкія прозвішчы, якія гавораць самі за сябе: Агароднікаў, Знахарэнка, Варажун, Косараў («Каса вастра, трава дабра»), Кроваль, Пастухоў, Пастушэнка, Чабан, Чабанаў, Аўчар (авечы пастух), Стадніцкі (даглядчык статка), Згоннікаў («Пастухі за чубы, а ваўкі — за авечак»), Леснікоў, Лягчыла (вельмі каштоўны спецыяліст у вёсцы), Пасечнік, Пякарчык, Пекарскі, Пірагоў, Кашавар, Кашавараў, Кухараў, Кухарэнка, Піражкоў, Калашнікаў (хто выпякае і прадае калачы), Паліванаў, Палівач, Паштароў, Паштарэнка, Пралкін, Пралюк, Прахін, Тонкапрадчанка, Ткач, Ткачоў, Ткачэнка, Расшывалаў («Сем гадоў прала, сем гадоў ткала, тры дні шыла, а да абеду знасіла»), Сторажаў, Старажэнка, Садоўнікаў, Садоўскі, Шчоткін, Шклярэнка.

Асобна хочацца вылучыць дзве прафесіі, якія былі запатрабаваны нашымі продкамі, — скамарох і шут. Скамарох — гэта вандроўны акцёр. Аб ім згадвае ў пропаведзях Кірыла Тураўскі. Гэты весялун умеў іграць на дудачцы, валынцы, гуслях, спяваў, жартаваў, паказваў фокусы. Шутоў, якія прамышлялі жартамі, смехам, пацехамі, наймалі ў свае палацы вяльможы. Хатні дуралей, шут гарохавы падмагаў уладарам разабрацца ў саміх сабе, у справах дзяржаўных. Ці былі некалі мае рэчычане скамарохамі, шутамі, удакладніць не ўдалося, але прозвішчы ад гэтых прафесій носяць, перадаюць сваім дзецям, унукам. Так і жывуць сярод нас Скамарохі, Шуты, Шутаны, Шутэнкі, Шутавы.

У нашых прозвішчах «высвечаны» і больш познія прафесіі, калі рамеснікі-кустары пачалі гуртавацца ў арцелі ды працаваць на фабрыках, заводах. От адтуль і бяруць пачатак сваіх званняў нашы Брыгадзіны, Гутнікі (гута — даўнейшая назва шклозавода), Механікавы, Маставікі, Меднікавы, Медзіны, Машыністы, Кацельнікавы, Мытнікавы, Мыльнікавы (мылавары), Васкалеі (хто працаваў на васкабойні), Слесаравы, Слесарэнкі, Слесары, Сыраваравы, Сніцарэнкі (разбяры, гравёры), Смаляры, Смолічы, Смалянчукі, Токары, Токаравы, Такарэнкі (а можа, гэта «птушынае» прозвішча?), Рашэтнікавы, Рэшатавы, Цырульнікі, Цырульнікавы, Цукаравы, Фабрычкіны, Шабашкіны, Гарняковы, Гарнякі, Шахцёры, Заводскія.

Сярод прамыслоўцаў сустракаем ужо і прозвішчы людзей адукаваных, «белай косткі». Яны, відаць, самі і прыдумалі: «Хто сам за сябе не дбае, той трасцу мае». Да гэтага класа можна аднесці прозвішчы: Азбука, Мяшчанскі, Мешчанок, Пісараў, Пісанік, Пісанка, Пісарэнка, Пісарык, Пісенка, Пісчык, Пісменаў, Пісьменны, Пісьменскі, Пісьменнікаў, Камісарэнка, Камісараў, Засядацелеў, Судзілоўскі, Талмачоў (тлумач, перакладчык), Шафарэнка (шафар — распарадчык, касір, справавод), Старасценка (стараста абшчыны, арцелі), Юсаў (юс — канцылярскі чыноўнік, знаток судовых законаў), Ярыгін, Ярыжка (ярыга ў ХУІІ-ХУІІІ стагоддзях — ніжэйшы служыцель паліцыі, пасыльны). Да такіх звярталіся паважліва, перад імі здымалі шапку («Кашляйце, паночкі, вам можна»). От і пайшлі «гуляць» па свеце Васпаны, Ягамосці, Сударыкавы, Паньковы, Пановы, Панчанкі, Панкевічы («Без хама не было б і пана»), Дзяржаўцавы.

У прозвішчах маіх рэчычан я налічыў звыш ста сарака старажытных прафесій. Сапраўды, яны былі на ўсе рукі майстры. Веру, іх спадчыннікі перанялі рамяство, і гэта відавочна: з якой любоўю выштукаваны аканіцы, брамкі ў рэчыцкіх хатах, якія народныя промыслы выстаўляюць нашы ўмельцы на гарадскім базары! Паверым у пераемнасць добрых традыцый, у творчую здольнасць, якая перадаецца амаль што па радаводных генах. Але пры гэтым будзем самакрытычнымі і прачытаем гумарыстычнае апавяданне Міхаіла Зошчанкі «Какие у меня были профессии». Яго герой не без іроніі аб’яўляе: «И вот перед вами человек, который испытал на себе пятьдесят профессий». Ён быў і доктарам, і міліцыянерам, і інструктарам па кураводству, і агентам крымінальнага вышуку, і шафёрам, і дэгустатарам («пробольщиком») масла, сыра, віна. Дачытаўшы апавяданне, я падумаў: калі б гэтаму чалавеку давалі прозвішча па прафесіі, якое б яно было ў яго? Якой складанасці, даўжыні? Можа, як у іспанца: Дон Санха Алфонс Рамір Пэдра Карлас Францыск Дамінік Стуніга?

Давайма і мы, землякі, простыя ісціны падвяргаць сумненню, дакопвацца да праўды вякоў. Хто шукае, той знаходзіць. Хто не падае духам, той уздымаецца на вызначаную вяршыню. Дык не стомімся ў пошуку, у хадзе!

 

VIII - АД СЯБРОЎ ЧАЦВЕРАНОГІХ

У кожнага конь свой: чырвоны, ці чорны, ці белы.

Хто ведае, дзе ён, хто скажа, якой жа ён масці?

 

Анатоль Грачанікаў

 

 

Чалавек-мядзведзь

Было гэта даўным-даўно. Так даўно, што ніхто ўжо і не раскажа, калі.

Толькі далёкае рэха-легенда дакацілася да нас.

Адно ясна: і тады людзі гаравалі-мардаваліся, каб здабыць хлеба. Часта, мабыць, пазіралі на яснае сонейка, на зіхатлівыя зоркі ў небе. Хацелася ім узняцца туды, сустрэць самога Бога ды паплакацца яму пра ліхую жытку на зямлі. Але паколькі ўсё гэта было нязбытным, то часам мужыкі і глыталі «жывую» ваду, напіваліся, каб крыху развесяліць маркотную душу.

Кажуць, сам чорт прыдумаў гарэлку. Ён заманьвае мужыкоў да сябе, хмеліць і адымае розум. Яму — смех, а чалавеку ад Бога — грэх.

Дык і ў той раз было так. Напіўся адзін мужык да чорцікаў. Ідуць старцы па вёсцы. Маладыя цяпер і не ведаюць, хто такія. А я помню іх. Пасля вайны яны прыходзілі і ў нашы Шоўкавічы. Аброслыя, змучаныя, хударэбрыя, скалечаныя, яны прасілі хлеба і вады. Калі перападала бульбіна ці скварка, кланяліся да зямлі.

Ага, а той старажытны п’яны мужык, пра якога бае легенда, што ўтварыў. Вывернуў кажух уверх поўсцю, нацягнуў на сябе і пабег палохаць незнаёмцаў. А то былі не проста старцы, а сам Бог з анёламі. Яны зірнулі на п’янага няўклюду і ператварылі яго ў мядзведзя. Кажух прырос да цела. Пачаў мужык рыкаць, прасіць у людзей спагады, а яны з перапалоху паўцякалі ад яго.

З таго часу і цягаецца мядзведзь па лесе. Летам брусніцы, мёд збірае. А зімою ляжыць у бярлозе ды смокча сваю лапу.

Ёсць і іншая версія.

Вы ж чыталі ў Бібліі, як Бог стварыў свет. Ён пусціў на зямлю ўсялякай жыўнасці па пары, каб множыліся. Сярод розных звяроў быў і мядзведзь. Вучоныя пішуць, што ў старажытнасці мядзведзь служыў сямейнай хатняй жывёлінай. Продкі называлі яго «бер» ці «бэр». Ад слова «бярлога». У немцаў і цяпер «бэр» — мядзведзь. І Берлін, сталіца Германіі, гучаў бы па-нашаму «Мядзведзеўск». Нездарма сімвалам горада з’яўляецца гэты знешне няўклюдны звер.

Ён толькі вонкава крыху падобны на п’янага ў вывернутым кажусе мужыка, на самай справе мядзведзь — хітры, пацешны ласун. Любіць мёд, мурашыныя яйкі, абсмоктвае аўсяныя мяцёлкі. А ў цырку — сапраўдны артыст. Паслухмяны, ласкавы, вёрткі. Можа, таму ў яго шмат чалавечых імёнаў: Мішка, Міхаіл Іванавіч, Іван Іванавіч, Іван Патапыч, Таптыгін, Касалапы. У нашых суседзяў літоўцаў ёсць прозвішча Мешкас, што азначае — мядзведзь.

У Рэчыцкім раёне і да сёння жывуць людзі, у якіх прозвішчы: Мядзведзеў, Мядзведскі, Мядзведзь, Медзвядзюк, Медзвяжэнка, Мядзвецкі. Есць Нядзведскі. Недзе нехта некалі замяніў «М» на «Н». Ёсць нават прозвішча Дзяржымішка. Мне, на ажаль, не давялося пабываць у гэтай сям’і, але карціць прыдумаць нешта вясёла-жартоўнае пра такое прозвішча. Хто, калі і якога Мішку трымаў. А мо наадварот, Мішка ўтрымліваў некага ў бярлозе, як заложніка. Не дапускаў пчаляр мядзведзя да сваіх борцей, вось ён яго і сцапаў, «дзяржаў» на гаўптвахце.

Усё гэта, канешне, здогады, фантазія. Але праўда ў тым, што ў нашых лясах вадзілася шмат дзікіх пчол. Бортніцтва, лясное пчалярства, было заманлівай, далікатнай, старажытнай прафесіяй. Нават па сёння захаваліся ў нашым раёне прозвішчы — Бортнік, Бартнеўскі, Барткоўскі. У Калінкавіцкім раёне да нядаўняга часу была вёска Пчальнікі, а ў Добрушскім — Пчолкі. У нашых Шоўкавічах ёсць дубняк, які называюць Пчалярнікам. Кажуць, там на кожным дрэве вісела даўней па некалькі калод-вуллёў. Тое ж могуць сказаць і ў іншых лясных вёсках. Асабліва ў Мядзведным, Мядзведні, Мядзведжы, Мядкове, Мядзведжым Лузе...

Аднойчы мне пашчасціла пабываць на Поўначы, у Мурманскай вобласці. Там жыве старажытнейшы народ — саамцы. Іх мала, але яны маюць сваю мову, свой буквар, захоўваюць свае традыцыі. Яны сур’ёзна мне расказвалі, што мядзведзь можа чуць і разумець нас, бо мае «дванаццаць сіл чалавечых» і «дзесяць розумаў мужычых». У іх нават ёсць народныя гулянні, на якіх вызначаецца самы дужы, самы лоўкі. Такому надаецца званне «мужчына-мядзведзь». Вялікі гонар — атрымаць такі «тытул».

Відаць, нашы прародзічы яшчэ ў далёкім язычніцтве, надаючы свайму дзіцяці імя Мядзведзь, прарочылі яму быць здаровым і моцным, жыць доўга і салодка.

 

«Лошадиная фамилия»

Усё ўсчалося з таго, што ў адстаўнога генерала Булдзеева разбалеліся зубы. Яму лекавалі іх народнымі сродкамі, выклікалі доктара, а зубы не давалі жыцця. Тады аканом Іван Яўсееў параіў уціхамірыць зубы замовамі. Прыгадаў замоўшчыка Якава, які жыў у Саратаве ў цешчы. Вырашылі паслаць яму дэпешу. Але тут усё і ўсчалося. Аканом не мог згадаць яго прозвішча. Адзінае, што ўцяміў: «У него простая фамилия... словно как бы лошадиная».

Назвалі, здаецца, усе вытворныя прозвішчы ад гэтай мудрай жывёліны: Кабылін, Жарабцоў, Жарабятнікаў, Кабыліцын, Кабылятнікаў, Кабылёў, Жарэбчыкаў, Лашадзілін, Жарэбкін, Кабылкін, Каранны, Жарабенка, Кабылянскі, Каняўскі, Табуноў, Каненка, Мерынаў, Гнядоў... Ды так і не натрапілі на сапраўднае. Давялося генералу зноў выклікаць доктара, які і вырваў яму хворы зуб.

І толькі тады асяніла аканома. Ён успомніў прозвішча акцызнага, які лячыў замовамі, — Аўсоў. Радасны Іван Яўсееў прыляцеў да генерала з добрай навіной, але той сунуў яму ў твар дзве фігі: «Накося! Не нужно мне теперь твоей лошадиной фамилии! Накося!»

Гэта апавяданне Антона Паўлавіча Чэхава ўсплыло ў памяці і неадступна хадзіла за мной, пакуль я вышукваў «лошадиные» прозвішчы сярод маіх рэчычан. Агаваруся адразу, я і чакаў, што мае землякі паб’юць рэкорд Чэхава ў веданні конскіх прозвішчаў. Яны для іх, як і сам прыручаны некалі дзікі конь тарпан, не забава, не прыдумка, а яскравая прыкмета жыцця, яднанне з прыродай, яе жывёльным светам.

Цяжка ўявіць гаспадара ў вёсцы, селяніна, земляроба без каня. Конь увайшоў у народную мудрасць, фальклор, песні і прыпеўкі. Конь у гаспадарцы лічыўся бацькам. Без яго поле — чужое. Яго цанілі за тое, што ён у балота не ўцягне, а з балота выцягне. Каня не дагледзіш — далёка не заедзеш. Кармі каня не пугай, а сенам з лугу. Вось так!

У даваеннай «Рэчыцкай праўдзе» амаль у кожным нумары пісалі пра каня. Загалоўкі, як кажуць, расказвалі самі за сябе: «За здаровага каня», «Рыхтаваць каня», «Не забывацца пра каня», «Каня — у цэнтр увагі», «Краіна павінна мець моцнага каня для сацыялістычных палёў».

Райгазета друкавала нават інструкцыю, як даглядаць каня. Нельга паіць, як ён толькі паесць авёс, а яшчэ — адразу пасля работы. Запрагаць праз гадзіну, як з’есць корм. Каня, які адмаўляецца есці і сумны, трэба паказаць ветэрынару. Ачышчаць штодзённа капыты. Раз у суткі купаць у праточнай вадзе. Чысціць шчоткай і своечасова чыніць збрую.

У пашане былі конскія цягавітасць, вернасць, разумнасць. У маіх Шоўкавічах жыло павер’е, што конь бачыць і адчувае болей, чым чалавек. Казалі, ехаў аднойчы Мішчук па лесе, і раптам конь стаў як укапаны — і ні з месца. Людзі верылі, што гэта ён убачыў перад сабой нячыстую сілу, яна заступіла яму дарогу. У такім выпадку трэба кінуць уперад жменю сена і ўзяць каня за аброць, вывесці яго з таго чортавага месца.

У суседняй вёсцы Вузнаж на «бабскай» лавачцы пачуу такі жарт. Мацвей згубіў кабылу. Стаіць на лузе і роспачна спавядаецца: «Каб знайшлася мая кабыліца, паставіў бы Богу свечку з кабыліну нагу». Азірнуўся наўкол, убачыў згубу ды як мацюкнецца: «От, маць тваю, падла, праз цябе ледзь не зглуміў воску болей, чым ты варта».

Пра каня можна было б сабраць па вёсках раёна цэлую кнігу быляў, павер’яў. Я ж вышукваў людзей, у прозвішчах якіх закладзена, закадзіравана радаводная мудрасць, якая ідзе ад павагі і ўслаўлення чалавечага сябра і памочніка — каня.

Знаёмцеся адзін з адным, разгадвайце, ад якога продка і чаму ў вас сёння такое прозвішча: Конеў, Канёк, Канявец, Канькоў, Каняеў, Канякін, Каняхін, Канюшэнка, Жарабцоў, Жарабкоў, Кабылін, Лашак, Лашакоў, Лашук, Лашкевіч.

Коні, як і людзі, маюць сваю «масць», нораў, характар. Адсюль і новыя прозвішчы ў рэчычан: Буланаў, Рабаконь, Сіўко, Сіўкоў, Скакун, Саўрас, Саўрасаў, Сяркевіч, Серкін, Гнядзько, Гнядоў, Палавец, Варанюк, Варанчук.

Увесь Горваль ведае сям’ю Варанчукоў. У вайну праявіў геройства Андрэй Якаўлевіч Варанчук. Ён, афіцэр-артылерыст, з баямі прайшоў па Курскай зямлі, Украіне, Беларусі. Франтавая газета «Баявы сцяг» пісала: «Калі батарэя пераправілася на заходні бераг Дняпра, у раёне Лоева, камандзір батарэі Андрэй Варанчук стаў на калені, узяў кавалачак зямлі, пацалаваў яе, сказаў: «Дзень добры, родная мая матуля — Беларусь!..» У кастрычніку 1943 года Варанчуку было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Вось такія нашы вараныя Варанчукі!

Каня, які ледзь шавеліць нагамі пры хадзьбе, называюць кляча, шаўлюга. Дык што грэх утойваць, такія ёсць і сярод людзей: шаўліць — шлёпаць, шоргаць нагамі пры хадзьбе. Вось і жыве па сёння сярод рэчычан прозвішча Шаўлюга. Але ж часам і кляча далёка заскача.

Татары называюць маларослага стэпавага каня бахметам. Ёсць і прозвішча Бахметаў. На Украіне стрыбук — гэта конь-скакун. Дык мо ўсе людзі Стрыбукі павінны шукаць сваё паходжанне ў гэтым кірунку? А вось у туркаў жвавы, гарачы конь — Шарамет. У Рэчыцы таксама ёсць Шараметы.

Частка прозвішчаў рэчычан пайшла ад тых прафесій, спецыяльнасцей, якія ўзніклі сярод людзей з паяўленнем ў іх гаспадарках, у іх побыце коней. Вядомы, напрыклад, вялікі конь-ламавік, можа, як цяперашні самазвал. І каня такога, і яго гаспадара звалі вазавіком. Пазней гэта назва замацавалася ў прозвішчах — Вазавік, Вазнюк, Вазюра. І возяць сучасныя рэчычане грузы сённяшніх сваіх клопатаў і грузы невядомага радаводу сваіх продкаў.

Раней былі ў пашане канавалы, лекары коней. Яны звычайна не мелі ветэрынарнай адукацыі, але ўмелі ратаваць жывёл. Адсюль і пайшлі прозвішчы — Канаваленка, Канавалаў, Канавальчанка, Канавальскі, Канавальчык, Канавалюк. Такія сем’і жывуць і цяпер у вёсках Чорнае, Валадарск.

У в. Чорнае і запісана ад Любові Смальцар гэта фальклорная песня:

— Дзевачка мая,

Напаі майго каня,

3 рублёнай чыстай крынічанькі,

З чыстага вядра.

— Напаіла б я твайго каня,

Еслі б я знала, да красна дзевачка,

Што я буду твая...

Вандруючы па вёсках майго Рэчыцкага краю, я нярэдка сустракаў людзей з «конскімі» прозвішчамі. Ніхто з іх ніколі глыбока не задумваўся аб паходжанні сваіх прозвішчаў. Як і Аляксандр Аляксандравіч Канякін, патомны хлебароб, старшыня калгаса «Савецкая Беларусь». Яго бацька некалі трапіў з Царыцына ў беларускі прытулак для сірот. Выгадаваўся і ўжо ў 1929 годзе арганізаваў калгас. А яго сын Аляксандр у дваццаць тры гады таксама ўзначаліў калгас у Рэчыцкім раёне.

Мы сядзелі з ім ва ўтульным кабінеце. Я слухаў яго грунтоўны, заклапочаны аповед пра гаспадарку, хацелася ўсё занатаваць у блакнот. Лічбы і паказчыкі такія, што выводзяць калгас Канякіна ў перадавікі. Ды не толькі ў раённыя, а бяры вышэй — у абласныя, рэспубліканскія. Мне падабаліся развагі Аляксанда Аляксандравіча пра будучае дзесяці вёсак і сямі тысяч гектараў калгаснай зямлі. Пры ўсім наступе механізацыі сялянскай працы конь-цяглавік быў і застаецца важкім памочнікам на вёсцы. У калгасе «Савецкая Беларусь» іх — сто адзін, а ў падвор’ях — шэсцьдзесят.

У канцы размовы з Канякіным я запісаў у сваім блакноце магчымы загаловак будучага нарыса аб ім — «Цягне, як конь!». Але хто цягне, таго і паганяюць. У наступны мой прыезд у Рэчыцу я даведаўся, што Канякіна нечакана для яго самога і для ўсіх яго калег знялі з пасады. Папярэджвалі ж даўнейшыя мудрацы: і конь праз сілу не возьме...

 

Воўча-сабачая сябрына

Рускія гісторыкі засведчылі, што падчас апрычніны пад Волагдай быў забіты нехта Волкахішчная Сабака Фёдар Андрэевіч Нашчокін.

Дзіва! Чаму той Нашчокін зваўся Сабакам, ды не абы-якім, а Волкахішчным? Беларусы б сказалі: «Сабака ты, воўк ты драпежны».

Вядома, што воўк бадзяецца па лясах. Час ад часу робіць налёты на дамашнюю жыўнасць, як бы бярэ даніну з кожнай сялянскай хаты, помсціць за нейкую адвечную крыўду. Трапіцца на шляху шэрага разбойніка яго родзіч-сабака, ён і яго ўскіне за загрывак, адбяжыць з ім у гушчар ды апетытна паснедае. Адзін знаёмы паляўнічы расказваў, бажыўся, што не брэша, як аднойчы ваўкі сцягнулі яго ланцужнага сабаку разам з будкай. Во якая нянавісць існуе паміж звяр’ём, калі адзін застаецца на волі, а другі пачынае слугаваць гаспадару.

Зазірнём у цемру стагоддзяў. Бачыцца такі малюнак: чалавек і воўк — супернікі. Яны выходзяць на паляванне з адзіным жаданнем — здабыць ежу для сябе і для сваёй сям’і, свайго вывадка. І найчасцей яны палююць на аднаго і таго ж звера, на ім, кажуць, сыходзяцца іх інтарэсы і сцяжыны.

Пазней разумны чалавек вырашыў прыручыць ваўка, расцяпліць яго дзікае сэрца, пасябраваць з ім. Так каля сядзібаў з’явіўся адамашнены воўк з новым іменем — сабака. Падтрымку гэтай версіі знаходжу ў народным паданні.

Было, сцвярджаюць продкі, так. Засталіся ў адной сям’і дзеці-сіроты. Бацькі не запілі, як цяпер, а паўміралі з голаду. Не было каму дзяцей карміць і даглядаць. Тады Бог пашкадаваў іх і даручыў ваўкам глядзець тых дзяцей. Ваўкі давай цягаць з людскога статка жывёлу, каб чалавечыя дзеці не галадалі. Людзі адчуваюць — паратунку няма, вырашылі наняць пастухоў. І тых сірот, што жылі ў ваўкоў, нанялі. Сталі яны ахоўваць статак. А ваўкі і пайшлі адгэтуль. Дык з таго часу выхаваныя ваўкамі сіроты і служаць людзям і пастухамі, і паляўнічымі, і вартаўнікамі. Яны ўмеюць і слугаваць, і абараняць, і сябраваць. Верна зазіраюць у вочы гаспадару, выконваюць усе яго прымхі. А імя ў адамашненага ваўка — сабака.

І сярод людзей з’явіліся імёны Воўк і Сабака. Ад іх пайшлі прозвішчы. Сённяшнія рэчычане носяць, не вельмі задумваючыся пра гэта, воўча-сабачыя прозвішчы: Волкаў, Валчуга, Валчкоў, Валковіч, Волчак, Волчэк, Волчанка, Ваўкагон, Воўк, Волк.

Відаць, бацькі ў пару язычніцтва знарок давалі імя сыну Воўк, каб ахаваць яго ад нячыстых сілаў, каб быў такім жа, як воўк, моцным, смелым, хітрым, мудрым. Нездарма ж з’явіліся народныя прыслоўі: стары воўк знае толк, воўк у авечай шкуры, ваўка ногі кормяць.

Калі ўлічыць, што «воўк» па-польску «Вілк», то сюды прыпішам яшчэ Вількіцкіх, Вілкаў. А калі ведаць, што адзінокі воўк — гэта бірук, то зразумелымі становяцца прозвішчы Бірук, Бірукоў. Магчыма, так называлі некалі адзінокіх, нелюдзімых асобаў, якія жылі воддаль ад усіх, не сябравалі ні з кім.

Ваўкам прысвечаны многія народныя байкі, павер’і, казкі, былі і небыліцы. Нават гісторыя італьянскай сталіцы Рым звязана з добрай ваўчыхай. Гэта яна, увекавечаная цяпер у гербе горада, у шматлікіх помніках і сувенірах, выкарміла сваім малаком Ромула і Рэма, якія заснавалі Рым. І было гэта яшчэ ў пятым стагоддзі да новай эры.

У некага з паэтаў вычытаў, аселі ў памяці радкі пра рымскую ваўчыху з сумнымі вачыма:

Думае славутая ваўчыха,

Што за многа-многа год

Выкармлены ёю

Ўвесь наш чалавечы род...

Малако чужое ў нас бушуе,

Ад яго не збавімся ніколі.

Мы — заложнікі ваўчынай долі...

Сусветна вядомы парыжскі Луўр таксама мае ваўчыныя «карані». «Лу» па-французку — воўк, а «луў» — ваўчыца. Луўр, які раней быў каралеўскім палацам, а цяпер — музей, даўней меў назву «Воўчае логава». Воўк па-нямецку — вольф. Дык імя Гётэ Вольфганг перакладаецца не інакш як «воўчы ход».

А вы, рэчыцкія Волкавы, пашукайце тлумачэнні свайго радаводу. Ды помніце пры гэтым павучанні продкаў: «Палохацца зла ці думаць пра яго — значыць наклікаць зло на сваю галаву. Калі я чысты, сумленны ва ўсім, што раблю, я ніколі не адчуваю страху».

Ці ёсць жа прозвішчы ад прыручанага ваўка — сабакі? Безумоўна, іх безліч, і самых розных. А вось непасрэдна ў нашым раёне жывуць Шчанёў, Кобелеў, Кабяляцкі, Сучака (па-украінску «шчаня»), Кундзелеў (кундзель — сабака-аўчарка на Украіне). Сюды давайце прыпішам і прозвішчы, якія ўтварыліся ад «лапы»: Лапіч, Лапко, Лапіцкі, Лапін, Лапанаў, Лапацік. Просім, бывае, у сваіх меншых братоў: «Дай лапу, друг». І даверлівы, службісты сабака пазірае нам у вочы і працягвае лапу на сяброўства. Момант ісціны!

Хвост у ваўка і сабакі — вельмі важны аб’ект. Ім можна і руляваць, і вітацца, выказваць пакору, падзяку. Хвастом можна дэманстраваць страх, боязь, вінаватасць. Можна адкінуць хвост, вісець на хвасце, даць у хвост і ў грыву, круціць хвастом, наступіць на хвост, насыпаць солі на хвост, быць маміным хвосцікам, паказаць хвост, пусціць сабаку пад хвост увесь свой скарб, хвастом накрыцца, трымаць хвост пісталетам тады, калі цяжка з грашыма, калі няўтульна на душы. Як бачыце, усе гэтыя вызначэнні падыходзяць і да пэўных людзей. І не абавязкова да людзей, якія і сёння маюць пашпарты на прозвішчы Хвост, Хвасцёнак, Хвастоў.

 

Котавы і Коцуры — радня

Мікола Котаў родам з Рэчыцы. Бацька Конан з Борхава, маці Параска з Гарывады. Нарадзіўся праз чатыры месяцы, як бацька пайшоў на вайну. Толькі нядаўна адшукаў брацкую магілу ў Баранавічах, устанавіў, што і яго Конан там пахаваны.

Выхоўвала Міколу маці Праскоўя Якаўлеўна. Брала малога на вячоркі. І ў яго душы аселі тыя спеўныя гулі, народныя мелодыі, танцы, жарты, мудрая гаворка.

Хаця Мікола Котаў і пачынаў самастойную працу грузчыкам, сталяром у Рэчыцы, трактарыстам на цалінных землях Казахстана, але жыццё вывела яго на шлях народнай культуры, якой напоўнілася душа змалку.

Цяпер пра Міколу Конанавіча ведае ўся Беларусь. Яго бачылі і чулі ў Амерыцы, Германіі, Эфіопіі, Францыі, Японіі, Венгрыі. Пра яго пішуць у кнігах. Ён і сам напісаў кнігі, у якіх засведчыў свае літаратурна-мастацкія набыткі: «Закукуй, зязюленька...», «Беларускія традыцыйныя калядныя святы», «Сэрца на тым беразе», «Хлеб — жыццё», «Жыццё — хлеб», «Пяцьдзесят мужчынскіх і пяцьдзесят жаночых прыпевак». У прыпеўках услаўлены і сам Мікола:

Я любіла Колю, Колю

І цукерак ела ўволю,

А цяпер люблю я Йваню

І зубамі барабаню.

Самародкам назваў Міколу Котава стваральнік першага ў Беларусі фальклорнага тэатра «Жалейка» Мікола Макарцоў. І гэта пацвердзіў сваім жыццём наш зямляк — дзіця Палескага краю. У старажытным Тураве ён стварыў ансамбль танца «Прыпяць», які стаў народным. Тут, на Палессі, зведалі яго гасціннасць Уладзімір Мулявін, Ігар Лучанок, Васіль Купрыяненка, Віктар Тураў, Віталь Чацверыкоў. Ён шчодра дзяліўся з імі творчымі набыткамі, фальклорным багаццем самабытнага краю.

Яшчэ тры самадзейныя калектывы — «Верасок», «Ніва», «Кола» — вывеў Мікола Котаў у народныя. Ён стаў вядомы на ўсю рэспубліку як балетмайстар, даў жыццё танцам «Тураўская полька», «Ку-ка», «Запясочынскія скокі», «Карагод на Прыпяці», «Юр’я»... Апошнім часам праявіў сябе і як рэжысёр-пастаноўшчык каляндарна-абрадавых святаў і прысвяткаў.

Пра Міколу хораша сказаў народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору імя Г. Цітовіча Міхась Дрынеўскі: «У асобе Міколы Котава мне бачыцца чалавек ад зямлі, які свеціцца промнямі народнай харэаграфічнай культуры».

А што ж у Котава ад ката?

Мікола такі ж добры і ласкавы, яго хочацца гладзіць «па шэрсці», і ён будзе ўсміхацца, «мурлыкаць».

Мікола гэткі ж цярплівы, гатоў сядзець каля норкі «мышы» доўга-доўга, пакуль не зловіць за хвост сваю здабычу.

Мікола гэткі ж шустры і хуткі. На свяце «Вясёлкі» ў Доме літаратара ў свае шэсцьдзесят з гакам адбіваў абцасамі «Рытмічны вальс», а пасля пусціўся ў пляс, закідваў нагу вышэй галавы ды злёту, на шпагаце, апусціўся на сцэну.

Дай жа табе, зямляча, даўгалецця, творчага і фізічнага!

У Рэчыцы адной Міколавай радні, Котавых, сем чалавек. А яшчэ ёсць прозвішчы: Кот, Коцік, Коцікаў, Каток, Котчанка. У Самуіла Маршака ёсць такая фраза: «Не назвать ли нам кошку — кошкой?» Вось і нашы людзі нясуць па стагоддзях радаводную клічку, узятую ад гэтай мілай свойскай жывёліны. Праўда, ад кошкі ўтворана сваё прозвішча — Кашурын, Кошкін. А вось Кашкар — гэта гандляр, які ездзіў па вёсках, мяняў тавар на кошак, катоў, з якіх выраблялі футра. Курноў — ад «курна», кацінае мурлыканне.

Па-ўкраінску «коцур, кацура» — кот. А вось дырэктар Камсамольскай сярэдняй школы, фізік-аналітык Уладзімір Дзмітрыевіч Коцур пра гэта не ведаў, прызнаўся:

— Паняцця не маю, чаму я — Коцур. У нашых Крынках большасць Коцуры. Можа, яны і радня паміж сабой, але пра гэта ніхто не ведае...

От і гадай, адкуль у тых крынкаўцаў украінскі корань у прозвішчы. А людзей з такім паходжаннем ва ўсім раёне вельмі шмат. Коцураў і Кацураў, па маіх падліках, — па сто сем’яў. Не магу напісаць пра ўсіх, не ведаю іх лёсаў, характару. А вось адну каціную гісторыю хачу нагадаць. Яе апісаў Сяргей Ясенін у аповесці «Яр».

«Мне рассказывал Иенка, как один раз он ехал на мельницу. «Еду, говорит, гляжу, кошка с котом на дороге. Я кнутом и хлыстнул кота. Повернулся мой кот, бежит за мной — не отстает. Приехал на мельницу — и он тут. Пошел к сторожу — и он за мной. Лег на печь и лежит, а глаза так и пышут. Спугался я, подсасывает сердце, подсасывает. Я и откройся сторожу — так, мол, и так. «Берегись, грить, человече; постелю я тебе на лавке постель, а как стану тушить огонь, так ты тут же падай под лавку». Когда стали ложиться — то я прыг да под лавку скорей. Вдруг с печи кот как взовьется и прямо в подушку, так когти-то и заскрипели. «Вылезай», — кличет сторож. Глянул я, а кот с прищемленным языком распустил хвост и лежит околетый».

Быль гэта яшчэ даводзіць простую ісціну: нельга крыўдзіць ні жывёліну, ні чалавека. Богам створаны свет, каб у ім панавалі згода і дабрыня.

 

Баранавы — дваране ці сяляне?

Адзін гомельскі Баранаў так патлумачыў сваё прозвішча:

— Мой дзед расказваў во якую байку. Прынеслі некалі ў царкву хрысціць дзіця. Бацюшка глухаваты. Пытае: «Як прозвішча?» Хрысцільшчыкі кажуць: «А-а, гэта крывога Ігната дзіця». Бацюшка і запісаў па мянушцы — «Крывы». Правільнае прозвішча было — Баранаў. З таго часу і пайшлі па свеце Крывыя. Цэлы род. А Баранавы звяліся...

У Рэчыцкім раёне жывуць Баранавы, Бараны, Бараноўскія, Бараненкі, Баранчукі, Баранкі, Барашкі. Яны ёсць у райцэнтры, у вёсках Аколіца, Вішнёўка, Лазараўка, Падлессе, Молчаны. У гэту сям’ю далучым Архаравых (архар — дзікі чорны баран у Цэнтральнай Азіі, архаравец — буян, свавольнік), Скопічаў (скоп на Украіне — пакладаны баран), Авечкін, Воўна.

У кожнага з іх свой лёс, свая біяграфія. З пасёлка Баранаўка загінулі ў вайну тры хлопцы Бараноўскія — Іван, Сцяпан, Ціт. Два браты Аляксей і Мікалай Баранавы з Борхава пахаваны на Харкаўшчыне. Каля Вузнажы ёсць магілка Пятра Баранава, партызана Рэчыцкага атрада імя Варашылава. Расстраляны Вольга і Ганна Бараноўскія з в. Бязуеў. Вечная слава героям!

Іх імёны ў памяці ўдзячных землякоў. І нікому не прыходзіць на розум параўноўваць іх прозвішчы з бараном, упартай рагатай жывёлінай. Хаця гэтыя якасці ў шматлікіх афарызмах пераносяцца на людзей: «Глядзіць, як баран на новыя вароты»; «Упёрся, як баран»; «Паводзіць сябе, як баран у аптэцы»; «Мужык, як баран: астрыжы, то ён зноў адрасце». Пра тупога, някемлівага чалавека вобразна сказаў Кандрат Крапіва:

Другі баран — ні «бэ», ні «мя»,

А любіць гучнае імя...

Гісторыя сведчыць, што старажытны дваранскі род Баранавых пайшоў ад крымчаніна мурзы Ждана па празванню Баран, а па хрышчэнню Даніла. Ён, як паведамляецца ў «Агульным гербоўніку дваранскіх родаў Усерасійскай імперыі» (том IV, ст. 38), выехаў к вялікаму князю Васілю Васільевічу Цёмнаму ў 1430 годзе з Крыма і служыў яму пакаёвым. Сын таго Ждана Афанасій Данілавіч за заслугі ў вайне з татарамі і пры заваёве Казані атрымаў ад цара і вялікага князя Івана Васільевіча вотчыну. Нашчадкі Баранавы верна служылі Расійскаму трону. Сярод іх былі графы. Баранаў Аляксандр Андрэевіч (1746—1819) стаў першым управіцелем рускіх пасяленцаў у Амерыцы. Яго іменем названы востраў у штаце Аляска. У адной з старых эстонскіх цэркваў ёсць магільны склеп з гербам і надпісам: «Господин граф фон Баранов».

І хто ведае, можа, згадваемыя ў старажытных беларускіх пісьмовых крыніцах Кандрат Баран (1684), Карніла і Касцюк Бараны (1717) і былі нейкімі далёкімі родзічамі крымскага Ждана Барана? Можа. усе нашы рэчыцкія Бараны, Баранавы маюць тыя знакамітыя дваранскія карані? На гэтых галаваломках хай яны самі паламаюць галовы, а мы тым часам падкінем ім для роздуму новых гарачых вугельчыкаў.

Калі нехта думае, што гэтыя прозвішчы паходзяць ад назвы самца авечкі, што ў ім закладзены характарыстыкі карыснай жывёліны і яны адбіліся на характары людзей, то ён будзе не зусім аб’ектыўным. Прозвішчы Баран, Баранаў маглі нарадзіцца і ад прафесіі продка. Баранам, напрыклад, называлі старажытную сценабітную гармату. Яна ўяўляла сабой бервяно з моцнага дрэва, скаванага металам у адным канцы. Пазней такі інструмент прымянялі для драблення камянёў, солі. Хто рабіў яго, быў Баран, а дзеці яго — Баранавы.

Дык жа баранам называлі яшчэ насавы ці кармавы стаяк судна, пад’ёмнік бярвенчаты для пад’ёму хаты пры замене вянцоў, рычаг для падвескі жорнаў, род санак з ручным калаўротам, двухручны рубанак для стругання дошак, пячную юшку-засаўку.

Баран-баранчык — гэта балотная птушка з сямейства кулікоў, бакас. Сярод раслін ёсць баранчыкі. Барашкамі называюць гайкі з вусікамі для завёрткі ўручную. Авен, Баран — астранамічны знак задыяка.

Раней казалі: «Падчышчаць барашкі». Гэта азначала — забраць астатніх хлопцаў у рэкруты. З словам «баран» народ прыдумаў шмат мудрагельных загадак: «Баран у хляве, нага ў сцяне» (дзвярны кручок), «Ляжыць баран, не столькі шэрсці на ім, колькі ран» (калода, на якой колюць дровы), «Устану я рана, пайду к барану, к пустой галаве» (гліняны рукамыйнік).

Нашы палешукі ўвекавечылі барана ў назвах вёсак Баранаўка, Бараноў Рог, Баранцы, Барашоўцы. У гэтых вёсках, ды і не толькі ў іх, можна пачуць такія фразы: «Бараном чышчаць дошкі на падлогу», «Манька любіць насіць хустку бараном» (вакол галавы і завязаць), «Бярэ дзед мяне на барана ды нясе» (на плечы, на ашыек), «Мне гавораць, а я стаю, як муты баран» (спакойна, панура).

Дык хто ж нашы Баранавы, дваране ці сяляне? На гэта пытанне адказаў старшыня Рэчыцкага райвыканкама Аляксандр Васільевіч Баранаў:

— Наш раён чацвёрты год запар заваёўвае першыя месцы ў рэспубліканскім спаборніцтве па вытворчасці зерневых і зернебабовых культур. Нарошчваюць тэмпы нашы нафтавікі, прамыслоўцы. Есць поспехі ў работнікаў культуры, адукацыі. Прыстойнасць і ўменне трымаць слова — галоўныя якасці нашых кадраў, усіх рэчычан. І яны, гэтыя якасці, перадаюцца ад продкаў да нашчадкаў, і не мае значэння, у якой сям’і яны закладзены — у дваранскай ці сялянскай...

Сам Аляксандр Васільевіч Баранаў з сялянскай сям і. Нарадзіўся на радзіме народнага патрыёта дзеда Талаша. Вучыўся ў Буда-Кашалёве, Горках, Мінску. Працаваў у розных раёнах Гомельшчыны. Прайшоў шлях ад аўтамеханіка, старшыні калгаса да старшыні райвыканкама аднаго з буйнейшых раёнаў Гомельскай вобласці — Рэчыцкага.

 

Прыручаныя

У адной з вёсак раёна пачуў такую байку пра казла:

— Коз даўней багата хто трымаў. Чэргаю пасвілі. А ў Івана казёл жыў. Лоўкі быў казёл! Усіх коз любіў. За Іванам хадзіў, як сабака які. Да магазіна сходзіць, у клуб зазірне. Зойдзе туды, дзе кніжкі чытаюць...

Мне расказалі пра нейкага мудрага казла. А ўвогуле пра гэта адроддзе ходзяць не вельмі пахвальныя чуткі: «З цябе карысці, як з казла: ні воўны, ні малака». У народных легендах існуе павер’е, што ў казле ўвасоблены сам нячысцік, з бародкай, рагамі, шклянымі вачамі. Пра «жонку» казла складзены больш прыстойны фальклор. Анастасія Краўчанка з Ровенскай Слабады праспявала калядку:

Дзе каза рогам,

Там жыта стогам.

Дзе каза капытом,

Там жыта кустом.

Каза і казёл даўно прыручаны чалавекам. Яны жывуць побач. І на працягу стагоддзяў паміж імі склаліся свае адносіны. Гэта адбілася, як пячатка гісторыі, у людскіх прозвішчах: Казёл (Козел), Казелька, Казярог, Козін, Казімярчук, Казінец, Казінцоў, Козіч, Казленка, Казлёнак, Казлоў (шмат!), Казловіч, Казлоўскі, Казлоўцаў, Казіцкі, Казленя, Казадзёраў, Казарэзаў, Казалупаў, Казярожац, Казадой. Што ў гэтых прозвішчах: мірское імя Казёл ці вясковая мянушка, прафесія ці дражнілка, ласкавасць ці грубасць?

У казліную сям’ю прыпішам Кечкаў (іх нямала ў раёне), бо кечка па-цюркску і ёсць каза. Калі ўлічыць, што козы любяць бадзяцца па чужых агародах і бадацца, то да казлінай радні далучым Бадзеяў, Бадзілоўскіх, Бодзіных, Бодзькаў, Рогаў, Рагалевічаў, Рогавых, Рагаўцоў, Рагоўскіх, Рагоўцавых, Рогаляў, Капыткаў, Капытковых.

Вось так мы плаўна, праз рогі ды капыты, перайшлі да новых жывёл, якіх прыручыў для сваёй карысці чалавек. Ад іх і пайшлі новыя прозвішчы: Каровін, Кароўкін, Кароўчанка. Чаму такія званні атрымалі нашы продкі? Той далёкі нехта быў каровіным лекарам ці каровіным пастухом? Адкуль, ад чаго такая ласкавасць — Кароўкін? Чаму Кароўчанка?

Ясна адно: карова ў гаспадарцы — свой малаказаводзік. Яна дае здаровы харч для дзяцей, усіх сямейнікаў. Яна і лекарка, і ратавальніца, і прадказальніца. Карову ў сне бачыць — прыбытак ад незнаёмых людзей; карову даіць — дабрабыт, будзе нешта добрае; карову пасвіць — быць у людзях, у гасцях. Адным словам, карова — падмурак у гаспадарцы. Калі яна страчваецца, чалавек роспачна выгукае пракляцце: «Узяў чорт кароўку, няхай бярэ і вяроўку».

У каровінай сям і — бугай, бык, вол. Дык жа і чалавечыя сем’і носяць яўныя прыкметы гэтых прыручаных жывёл. Можа, Бугаёў, Бугаенка ад таго і маюць такія прозвішчы, што іхні продак быў здаравяк, меў круты нораў, любіў жанчын, плодны быў на дзяцей?

Сярод рэчычан ёсць Быкаў, Быкоўскі (шмат!), Бычак, Бычынскі, Бычко, Бычкоў, Бычкоўскі, Бычын, Бысенка, Бысянкоў. Імя ад гэтай жывёліны давалася чалавеку натурыстаму, упартаму, дужаму, з моцнай воляй. Імя пайшло ў мінуўшчыну, а прозвішчы захаваліся. Не-не дый скажуць пра такіх людзей: «Упёрся, як бык. Здаровы, як бык».

У вала ніякіх радасцей у жыцці. Ярмо на шыю, і цягай то плуг, то калёсы, то санкі, кары. І пра чалавека-працаголіка кажуць: «Гаруе як чорны вол». Адна ўцеха: «Стары вол баразну не сапсуе». Ад тых, хто працаваў на валах, хто гадаваў, даглядаў валоў, хто ў нечым быў падобны на іх, і пайшлі прозвішчы Валавікоў, Валавік, Волікаў, Валовіч, Валоўнік, Валавецкі. У асобную катэгорыю вылучаны белы вол. Ад яго — Белаволаў. Пажаданне кума на хрэсьбінах: «Даю вам на закуску вала, каб наша Манька здарова была».

У гэту сямейную касту дапішам Цяляценку, Цялішчава, Целюка («Ласкавае цялятка дзвюх матак ссе»). А яшчэ — Пысікава, Пысіна, Пойлева, Лыгача (лыгаць — накідваць вяроўку на рогі вала), Рыкоўскага, Рычыка, Леташкова (пералетак), Карытку.

З іншых прыручаных жывёл у прозвішчах увекавечаны: Кабан, Кабанаў, Кабанюк, Кабанцаў, Кнораз, Кнырко, Гуц, Гуцко (гуц — кастрыраваны кабан), Парасюкоў, Дзюдзін, Рахленка.

У Мінскім дзяржаўным цырку я глядзеў дрэсіраваных свіней. Якія ж яны мудрыя, паслухмяныя, рухавыя! Зусім не такія, як ля сялянскага карыта. Гэта, відаць, улічвалі старажытныя кіроўцы, калі строілі войска баявым клінам-свіннёй, ішлі ў наступ і перамагалі.

 

Дзікія

Калі ідзеш у лес, паляшук папярэдзіць:

— Не вер, бо там звер. Калі не ўкусіць, то спужае.

Але ж ёсць звярына, якая ходзіць дзвярыма. Гэта пра чалавека. І не толькі хто носіць прозвішча Звераў. Бацькі даўней, калі верылі ў цёмныя сілы, каб ашукаць іх, знарок давалі сваім дзецям звярыныя імёны. Напрыклад, ваявода кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча называўся Воўчы Хвост. Ён прыходзіў па даніну і ў нашыя землі.

Для поўнага, надзейнага абярэгу дзяцей давалі ім імёны звяроў драпежных, кіпцюрастых, іклатых: Леапардаў, Львоў, Львоўскі (Фёдар Дастаеўскі ў «Ідыёце» вывеў героя Льва Мышкіна, тут спалучэнне неспалучальнага: сілы і слабасці), Рысін, Дзік, Вепрык, Турын, Туркоў, Тураў, Турцэвіч (тур — першабытны дзікі бык).

Пры ўездзе ў Гомель з боку Рэчыцы ўстаноўлена двухтонная чыгунная рысь. Яе выява са старажытных часоў упрыгожвае герб абласнога цэнтра. Драпежны звер, якому, відаць, раней вельмі была даспадобы палеская глуш, цяпер на п’едэстале, аберагае спакой усёй Гомельшчыны.

Лісу і зайца чамусьці не хочацца называць дзікімі. Яны так прыжыліся ў казках, мульціках, жартах, што ўспрымаюцца і рахманымі, і мудрымі, і хітрымі, і спрытнымі. Зусім як людзі. Можа, гэтыя якасці і ўкладваліся ў звярыныя мянушкі, якія пазней сталі прозвішчамі? Хай жа пра гэта задумаюцца ўсе нашы Зайцавы, Зайко, Зайкоўскія, Зайчанкі, Зайцы, Заевы, Русакі, Русаковы, Лісіцы, Лісы, Лісаковічы, Лісянковы, Лісецкія, Лісіцыны, Ліскавы, Лісаўцы, Лісовічы, Лісоўскія (больш за сто сем’яў, ёсць у Красным, Чырвонай Кветцы, Капараўцы). На Палессі, відаць, вадзілася процьма лісаў, шмат хто прамышляў на іх. У нашым раёне ёсць вёска Ліскі, а наогул на Гомельшчыне — Лісава, Лісіны Лог, Ліскаўская Слабада, Ліснае.

Адкуль пайшлі бабрыныя прозвішчы?

Мо чалавек меў цёмныя валасы, падобныя на футра бабра? Жыў ля вады? Меў зубы бабрыныя, яго павадкі? Такога маглі называць Бобр, Бабронак, Бобрык. Яго дзеці — Бабровы, Баброўскія. Лаўцы баброў — Бабравенкі, Баброўнікі, Баброўнікавы, Бабраўнічыя.

Пасяліліся бабры і на нашай сажалцы ў Шоўкавічах. На свае вочы бачыў вольху, якую яны спілавалі, паклалі на зямлю. Відаць, дрэва спатрэбілася ім для ўмацавання сваёй хаты. А бабыль шоўкаўскі перацягнуў тое дрэва сабе ў двор, на падпал у печы. Жартавалі мае землякі:

— У вёсцы з’явіліся лесарубы. Няма каму дапамагчы старым, дак звяркі стараюцца...

А ў Амерыцы бабры знайшлі на беразе возера пачкі долараў, схаваных зладзеямі, уцяплілі імі сваю хату. Гэту сенсацыю перадалі амаль усе тэлевізійныя каналы свету.

Якія б гісторыі пра свае прозвішчы, пра свой жыццёвы лёс маглі б расказаць нашы Бабры, Бабровы, Баброўскія? Можа, пачуем калі-небудзь. Раіў бы ім даследаваць гісторыю ўзнікнення назваў вёсак Бобрык, Бабры, Бабровічы, Бабраняты, Бабрэчча, якія паўсюдна ёсць на нашай Гомельшчыне і па ўсёй Беларусі.

А цяпер давайце па наяўных прозвішчах даведаемся, якія яшчэ звяры вадзіліся ў нашых лясах. Не забудзем пры гэтым, што для іх межаў дзяржаўных няма.

Найбольш распаўсюджанымі з’яўляюцца прозвішчы, якія паходзяць ад лася: Лосеў, Ласянкоў, Лосік, Лосіч, Лось, Ласенка.

У Рэчыцы і раёне добра ведаюць хірурга Ганну Канстанцінаўну Лосеву. Не адну сотню людзей яна выцягнула, як кажуць, з таго свету. Любіць сваю прафесію. Тлумачыць свой выбар тым, што з дзяцінства прывучана была да мужчынскай працы. У бацькі не было спадчыннікаў, і Ганне давялося і касіць, і дровы калоць, і верхам на кані ездзіць, і матацыклам кіраваць.

Пра паходжанне свайго прозвішча Ганна Канстанцінаўна Лосева глыбока не задумвалася. А вось акадэмік, пісьменнік, наш зямляк з Васілевіч Сцяпан Сцяпанавіч Лаўшук паспрабаваў расшыфраваць сваё прозвішча:

— Відаць, раней нас пісалі Лашукамі, Ласюкамі. Па-руску Лосюк, а можа, Лосик. Адным словам, нехта з продкаў ці то паляваў на ласёў, ці гадаваў лосікаў. А «ў» у сучасным прозвішчы Лаўшук — гэта наша набыццё, палескае...

Собалі, пясцы, здаецца, нарадзіліся для зімы. Яны цёпла і прыгожа апрануты, багатыя. Мо такімі і ёсць нашы Собалевы, Сабалеўскія, Собалі, Пясецкія?

Ёсць сярод людзей і Гарнастай, і Зубрыцкі, і Куніцкі (каштоўнае футра куніцы служыла некалі грашовай адзінкай куна), і Ласіца, Ласкоў, Ласкін, і Белкін, Вевяроўскі (вевер па-польску — вавёрка), і Ёжыкаў, Яжоў (вожыкі спяць беспрабудна да вясны), і Касульнікаў («касуля» — не толькі лясная каза, але і саха, лёгкі плуг. У Някрасава чытаем: «Тянет косулю клячонка, с голоду еле жива». Касульнікаў мог быць майстрам, які рабіў касулі).

У «звярыную» сямейку запішам Байбакова (байбак — сурок), Барсука, Барсукова (у народзе барсук імянуецца язвай; язвіны норы. Можа, адсюль і прозвішчы Язвін, Язвінскі?), Бабучэнку (бабук — земляны заяц, тушкан), Кажанава, Кажаноўскага (кажан — лятучая мыш), Крота, Кротава, Кратовіча, Крацянка, Корсакава (Корсак — стэпавая ліса), Крысенку, Крысевіча, Крыса, Крысько (а яшчэ Крысін — рэдкае хрысцільнае імя), Хамякова, Грызунова.

Пабываў у рэчыцкіх вёсках Стары Барсук і Новы Барсук. Шукаў людзей-Барсукоў. Дарма шукаў. Тут атабарыліся Майсеенкі, Кечкі, Курачовы, Пшановы, Антосікі, Жаўновы...

Гісторыя вёсак такая. Пасля адмены прыгоннага права ў гэтыя мясціны панаехалі сяляне з Магілёўшчыны. Тут былі суцэльныя лясы. Барсукі вадзіліся. Людзі плацілі за дзесяціну зямлі 14 рублёў і сяліліся дзе хацелі. Былі вуліцы Самадумаўка (цяпер Калініна), Аднабочка, хаты стаялі на адным баку (цяпер Савецкая).

У Старых Барсуках запомніліся Рыгор Ільёнавіч і Пелагея Пятроўна Кірычэнкі. Па-вулічнаму — Крупнікі. Рыгор — інвалід «на ногі». Кароў пасвіў трыццаць пяць гадоў. Ні разу не бачыў барсука ў лесе. А Пелагея — інвалід «ад грому». Ударыла ў полі, ледзь прыпаўзла ў хату. Па-дзіцячы даверліва яны паказвалі сваё дворышча, хваліліся ўраджаем. А маё сэрца ўвесь час выстуквала: «Мілыя мае Крупнікі, дай Бог вам спажыць гару гарбузоў, усю бульбу».

У Вышаміры сустрэў цэлае котлішча Кратоў. Тамара Мікалаеўна Кротава, настаўніца-краявед, патлумачыла:

— Наша вёска мае назву ад пана Вышамірскага, які валодаў нашымі землямі. Той пан купіў на Лоеўшчыне, у вёсцы Міхалёўка, парабка па мянушцы Крот. Можа, ён і ёсць прашчур усіхніх нашых Кратоў, Кротавых? Але яны не прызнаюцца, што радня. Мянушкі ў іх розныя: Казлы (наравістыя), Барысы (любілі борацца), Святыя (хрысцілі дзяцей у царкве). Корпаліся ўсё жыццё ў зямельцы, вось і краты...

А цяпер самы час задумацца: ці ўсе нашы людзі з прозвішчамі звяроў і звяркоў сапраўды дзікія? Калі не, то якія, што нясуць яны па жыцці, якія святыні перадаюць у спадчыну сваім дзецям?

 

IX - ЛЯСНЫЯ МЕЛОДЫІ

 

Беларусь мая родная!

Як жа я рвуся яшчэ раз

Пеша ўсю цябе змераць,

Увесь і чабор твой, і верас!

 

Аркадзь Куляшоў

 

 

Пан-Дуб

 

— Чаму ў вас прозвішча Дубіна?

— А святы Бог ведае...

Дыялог з Рыгорам Іванавічам у в. Гарывада

 

Ля весніц стаяў мужчына і курыў. Вакол яго, як балярыны ля спевака на сцэне, круціліся куры. Раптам белы певень заспяваў, можа, вітаў нас, дзякаваў, што падышлі да яго гаспадара.

— Весела Пецьку, — замест здароўкання адзначыў я.

— Ага, весела. Жонак багата, а цешчы няма.

— Чаму ж вы сумны?

— Жыву без хадзяйкі. Пасадзіў во ў яе памяць бярозку, паліваю штодня, цыгарку тут выкурваю.

Пра свой радавод ведаў мала.

— Мой дзед Павел і бацька Іван звекавалі тутака. Пісаліся «Дубіна». І я пад такой фаміліяй пражыў. Во, за агародамі дубы-дубы раслі. Цэлы дубняк, а старыя называлі гэты лес Дубіна, націск на «а». Можа, дзед майго дзеда ў той Дубіне жыў, дак яго так і празвалі?..

— А вам гэта прозвішча не шкодзіла ў жыцці?

— Ані Божа мой. Я рабіў кінамеханікам. Аб’ехаў увесь райвон, усе вёскі. Усе чакалі мяне з радасцю.

— Якія вам фільмы запомніліся?

— «Падзенне Берліна» і «Смелыя людзі». Я іх мо па сто разоў глядзеў... .

Тым днём наша легкавушка накруціла на колы багата кіламетраў.

І неяк па-асабліваму кідаліся ў вочы дубы. Яны, як вартаўнікі вечнасці, стаяць спакойна, упэўнена. Быццам волаты-ваяры на спачыне, прыгадваюць былое, усё бачаць і разумеюць, што робіцца сённяшнім днём, разважаюць пра будучыню.

Ёсць у Белавежскай пушчы цар-дуб. Да яго едуць турысты на паклон, захапляюцца прыгажосцю волата. Але ж яму толькі чатыры сотні гадоў. А ёсць цары-дубы яшчэ старэйшыя. Іх вам пакажуць і ў вёсцы Дубічна ў Маларыцкім раёне, і ў вёсцы Малыя Аўцюкі ў Калінкавіцкім раёне.

А нашых, рэчыцкіх дубоў ніхто, відаць, ніколі не «распытваў» пра ўзрост. Яны жывуць сабе і жывуць, адзінокія і сем’ямі, цэлымі родамі, дубнякамі, дубравамі. «Дуб, — сказала рэчычанка Надзея Скромная, — лічыцца ў нас самым старшым дзеравам, бо ён жыве даўжэй за ўсіх». І праўда, кашлаты дуб на нашым агародзе ўжо перажыў маіх прадзеда, дзеда, бацьку. Каля яго пазасыхалі сасна, груша дзікая, а ён з кожным годам усё больш мацнее, убіраецца ў сілу.

Дубоў і дубнякоў багата ў нашым раёне. Уяўляю, колькі іх было дзесяткі гадоў таму назад. Можа, таму і вёсак шмат, у назве якіх корань «дуб». І людзей нямала з «дубовымі» прозвішчамі. Бо дуб — любімае дрэва рэчычан. З яго рабілі раней увесь драўляны посуд. Лісце заварвалі як чай і пілі пры інфекцыйных захворваннях. Адварам кары лячылі горла, страўнік, прамывалі раны на целе. Жалудамі лячыліся і гатавалі з іх смачныя аладкі, каву, кашу, торт. З «яблычкаў» на лісцях мы, пасляваенная пацанва, выціскалі сок, а калі ён чарнеў, прымянялі як чарніла.

Можа, усе «дубовыя» вартасці і ўлічвалі бацькі, калі надавалі імя сваім сынам. Ды мне ўсё-такі верыцца, што яны перш за ўсё звязвалі з ім моцнае здароўе дзіцяці. А мянушку Дуб, Дубіна звычайна атрымлівалі мужчыны-волаты, дужыя і смелыя, рослыя ды плячыстыя. Вось і атрымліваецца, што дрэва дуб парадзіла мноства цяперашніх прозвішчаў: Дубаневіч, Дубень, Дубенька, Дубік, Дубіноўскі, Дубін, Дубінін, Дубінскі, Дубінцаў, Дубінчэнка, Дубіцкі, Дубнавіцкі, Дубавец, Дубовік, Дубавіцкі, Дубадзел, Дубаў, Дубоўскі, Дубаўцоў, Дубакоўскі, Дубанос, Дубаненя, Дубарэзаў, Дубарэнка, Дубкоў, Дубніцкі, Дубняк, Дубравец, Дубадзелаў, Дуброва, Дубулт, Дубчак.

У кожным з гэтых рэчыцкіх прозвішчаў ёсць корань «дуб» — як аснова, падмурак слова. А ўсе астатнія словаўтваральныя часткі пэўным чынам і раскрываюць галоўны сэнс прозвішча. Дубняк — гэта малады дубовы лес. Хто ў ім жыве — Дубняк. Дуброва — лес, у якім растуць адны дубы. Калі побач з гэтым лесам альбо у ім сяліўся чалавек, то яго маглі называць Дубровін, Дуброўскі. А вось дубас — безрукаўны рабочы сарафан, доўбленая лодка. У Пскове дубасам называлі задзіру, забіяку. Вось і гадай, адкуль пайшлі Дубасы, Дубасавы: ад «дуба» ці ад названых вызначэнняў?

У радавод гэтага дрэва можна аднесці прозвішчы Паддубны, Паддубняк, Паддубскі, Паддубцаў, Старадуб, Старадубцаў, Старадубаў. Сюды ж просяцца Жолудзеў, Жолудзь, Жалудкоў, Жалудкін.

Слушна заўважыў паэт:

Лепш кінуць у глебу жолуд спелы,

Чым злое слова ў гурт людскі...

Вось і мне хочацца кінуць у глебу памяці саспелыя думкі. Хай жа яны прарастуць у маіх землякоў нясцерпным жаданнем разгадаць тайну свайго прозвішча.

І давайма, людзі, не забываць простую сялянскую мудрасць: калі не кінуць у глебу зярняты, калі не дбаць пра іх выжыванне, пра іх плады, то не мінуць нам бяды. З сумам і смуткам нагадаю землякам, асабліва маладым, што апошнім часам зніклі з карты раёна пасёлкі Дубавец, Дуброва, Дубіна, хутары Дубоўскія (у 1928 годзе тут было 163 жыхары), Дубовае, Дуброва, Дуброўскі. Не дапусцім, каб знікалі нашы радаводныя прозвішчы!

 

Ліпа — маё дрэва

 

Калі марнею ад нягод

І сэрцу цесна,

Я ўспамінаю радавод

І продкаў песні.

 

Алесь Пісьмянкоў

 

Старыя, як што хочуць прыгадаць, звычайна кажуць:

— Даўно було, не за маёй шчэ памяццю. Дзяды расказвалі... Вось з іх вуснаў і вылілася такая байка.

Некалі пры дарозе стаяла старая ліпа. Але ж дарма што старая, але кожную вясну галіны яе кучаравіліся густой лістотай.

Аднаго разу біліся пад той ліпай якіясьці войскі. Бачыць военачальнік, што яго войска пахіснулася, пабегла. Ён хуценька закапаў пад ліпай абкаваны жалезам куфар з грашыма і сам даў дзёру. Але непрыяцелі захапілі яго з салдатамі ў палон.

Міналі гады. Ліпа сабе расла, людзі пачалі каля яе сяліцца. Іх Ліпскімі пачалі называць.

Ды аднойчы панаехалі сюды чужыя людзі і давай капаць зямлю вакол ліпы. А што яны шукалі?

Паміраў той военачальнік на чужыне і перадаў спадчыннікам запавет, напісаў у ім прызнанне. Так, маўляў, і так, закапаў я куфар золата ў тым месцы, куды дастае цень ліпы.

Капаюць яго родзічы, дзе цень, а там нічога няма. Бачаць, цень ужо ў іншым месцы. Валяць ямы ў свой рост, а там — пуста. Так бегалі яны за ценем цэлы тыдзень, перарылі ўсё наўкол, а золата не знайшлі. І зразумелі яны, што скарб не знойдуць, бо ў запавеце не сказана, у якую пару года, у які дзень хавалася тое багацце.

Ад старасці ліпа зусім засохла і звалілася. А на тым месцы Ліпскія высадзілі маладыя ліпкі.

Людзі здаўна, са сваёй гістарычнай маладосці, любяць, шануюць гэта дрэва. З яго кветак пчолы збіраюць самы гаючы мёд. Лісцем ліпы людзі лечаць прастуду, мацуюць здароўе. З кары робяць лубяныя каробкі, кубарыкі, а з лыка плятуць лапці. З драўніны атрымоўваюцца шыкоўныя лыжкі, місы, кубкі, іншы посуд. Ліпавымі дошкамі абшываюць лазні.

Вось каля такіх Божых дрэў жылі мае продкі Ліпскія. Ды хіба толькі мае? Ад «ліпы» ў нашым раёне ёсць яшчэ прозвішчы: Ліпаў, Ліплянскі, Ліпінскі, Ліпоўскі, Ліпоўскіх, Ліпчанскі, Ліпко, Ліпасаў, Ліпатаў, Ліпатнікаў, Ліпін. Сюды ж у «аднафамільцы» можна аднесці і Лугавых, і Лутчанкаў, і Лыкавых, Лыкасаў, і Падліпскіх, і Падліпенскіх.

Пра ўсіх не магу расказаць, а вось калі ўсе крыху болей даведаюцца пра аўтара гэтай кнігі Ліпскага, то, думаю, гэта будзе справядліва. Але, мае дарагія, знаёмцеся з маім радаводам ды думайце пра свой, не стамляйцеся шукаць скарб продкаў, які яны схавалі «ў тым месцы, куды дасягае цень ліпы».

Я, Ліпскі Уладзімір Сцяпанавіч, у мінулым жыцці ўжо нараджаўся. Было гэта ў 925 годзе, у панядзелак. Як сцвярджае гараскоп, я ўбачыў свет на поўначы Новай Зеландыі.

У цяперашнім жыцці я нарадзіўся б мая 1940 года ў маленькай балотнай вёсачцы Шоўкавічы, што на Палессі, у Гомельскай вобласці, Рэчыцкім раёне.

Нарадзіўся, як і ў першы раз, у панядзелак. Стаяў сонечны вясновы дзень. Пяцёра дзяцей да мяне — трох сясцёр і двух братоў — мама раджала дома, у сваёй хаце. Мяне не рызыкнула. Ёй тады было ўжо 42 гады. Бацьку — 49.

Так што я адзіны з сям’і карыстаўся дапамогай акушэркі, паслугамі бальніцы. І адбылося гэта ў мястэчку Горваль, пад Рэчыцай, за 14 кіламетраў ад Шоўкавічаў. Сястра Клава, якой тады споўнілася 18 гадоў, прыгадвае:

— Я страшна гневалася на маму, нават сарамаціла яе, калі яна хадзіла цяжарнай: «Што надумаліся, мама, я ж барышня ўжо...» А як трэба было забіраць з бальніцы, папрасілася ехаць з бацькам. Запрэглі коніка, пакацілі. У палаце мне падалі беленькі скрутачак. Гляджу, а там кругленькі тварык дзіцяткі, нос бульбінкай, зірнуў на свет мой брацік і ўсміхнуўся... У Шоўкавічах амаль усе вясковыя жанчыны прыйшлі ў водведы. Згулялі хрэсьбіны. Цётка Раіна Ліпская і старшыня калгаса Раман Маркаў сталі хроснымі бацькамі. Вазілі ў Баравікі да бацюшкі...

У Горвалі я бываў багата разоў, але ўсё праездам, нахапкам, спехам. Аднаго разу папрасіў прытармазіць машыну каля лавачкі, на якой сядзеў, як высветлілася, мясцовы ветэран Канода Аляксандр Ульянавіч. Ён аказаўся гаваркім, даверлівым і ў першыя ж хвіліны знаёмства паспеў сказаць багата чаго:

— Майго дзеда прозвішча Капшай. Пражыў дзевяноста пяць гадоў. Казаў: «Выдумкі, што зубы баляць. Яны ж касцяныя. Як могуць балець?» От і мяне ў вёсцы клічуць Капшаём. А ў арміі звалі Канада. А хоць сабе Аляскай хай называюць, галоўнае, каб матор рабіў і галава каб не дурнела...

Я папрасіў дзеда паказаць месца, дзе была да вайны горвальская бальніца. Ён ахвотна пагадзіўся. Садзіўся ў машыну і усё крактаў:

— От, жытуха. Маладым з парашутам прыгаў, а цяпер во ў легкавушку нага не падымаецца...

Едзем па галоўнай вуліцы, паварот налева. Каля крайняй хаты збочваем на палявую дарогу, якая вядзе ў лес. Ля гушчара з высокіх акацый прыпыняемся.

— Во, на етым месцы і была бальніца,— расказвае дзед Канода. — З дрэва былі будыніны... Тут во — радзільня. Там далей — сталоўка, калодзеж, канюшня... Дак жа ўсё немцы спалілі... І акушэрку Качаноўскую спалілі...

Госпадзі! Не дай задыхнуцца на свежым паветры. Я стаю на ўтравелым падмурку радзільні, дзе некалі была парадзіхай мая Мама Марыя, дзе я першы раз удыхнуў паветра, дзе першы раз кугікнуў, дзе першы раз убачыў неба. Вакол акацый стаяць маўклівыя сосны. З Бярэзіны, якая непадалёку, цягне лугавым водарам. Лес пахне грыбамі...

У кнізе «Памяць» (Рэчыцкі раён) на старонцы 281 вычытаў сярод ахвяр вайны прозвішча маёй акушэркі: «Качаноўская Марыя Кузьмінічна, 60 гадоў, расстраляна 4.06.1943 г.».

А вось што патлумачыла мне Наталля Іванаўна Сідарэнка, былы сакратар Горвальскага сельсавета:

— Было так. У Горваль прыбыў карны атрад. Фашысты сагналі ў вялікую яўрэйскую хату семдзесят два чалавекі. Там была і акушэрка Качаноўская. Дзверы зачынілі і давай падпальваць. Нейкім чынам з хаты выскачыла настаўніца нямецкай мовы і перадала просьбу людзей: «Пастраляйце нас, а тады паліце». Карнікі прапанавалі настаўніцы ісці дадому, але яна пайшла ў хату, дзе былі ўсе вяскоўцы, дзе быў яе муж, адкуль чуліся крыкі, стогны, плач. Так загінулі горвальцы. Так загінула акушэрка Марыя Качаноўская. Яна была прыгожай, нізкага росту, вельмі добрая. Кожнае народжанае дзіцё брала на рукі і казала: «Дапамажы табе, Божа, усюды і ва ўсім». Так яна прагаварыла і Вам, Валодзю Ліпскаму...

Было гэта 6 мая 1940 года. У гэты дзень сонца ўзышло ў 5 гадзін 35 хвілін. Дзень доўжыўся 15 гадзін 45 хвілін. На неба ўзышоў малады месяц.

Буяла ў прыродзе вясна. Яе люблю пажыццёва. І лічу сваёй самай натхнёнай парой года. Вясной бачыцца светла і далёка, дыхаецца лёгка, хочацца спяваць і кахаць.

Тым далёкім маем, калі я смактаў маміна малачко, адсыпаўся пасля цяжкіх родаў, на Беларусі і ў свеце адбываліся падзеі, якія засведчаны ў гісторыі і памяці людской.

Правадыр беларускага народа Панцеляймон Панамарэнка на XVIII з’ездзе камуністаў рэспублікі хваліўся: «Мы вырабляем трэць усяе фанеры ў Савецкім Саюзе, амаль столькі ж запалак, дражджэй, дзесятую долю маргарыну і торфу...»

Газеты паведамлялі, што 6 мая 1940 года калоны студэнтаў і рабочых выйшлі на будаўніцтва Мінскага мора. У гарадскім Палацы піянераў пачаўся чарговы агляд дзіцячай творчасці. Мае землякі, гамяльчане, святкавалі дзесяцігадовы юбілей «Гомсельмаша». У кінатэатрах паказвалі фільмы «Волга-Волга», «Чароўная Васіліса».

А на першамайскім парадзе ў Маскве маршал Клімент Варашылаў заявіў: «У дадзены час міжнародная абстаноўка заблытана да крайнасці. Другая імперыялістычная бойня разгараецца ўсё мацней. Падпальшчыкі яе будуць імкнуцца ўцягнуць нас у гэту крывавую кашу. Патрэбна быць гатовымі заўсёды і да ўсяго. Трэба падвоіць нашу пільнасць...»

Я ж па тым часе пільнаваўся толькі мамінай цыцкі і рэгулярна тушыў, чым мог, пажар сусветнай бойні, якая разгаралася. Мой цягавіты, як вол, бацька разам са старэйшымі дзецьмі Лідай, Клавай, Пецем шчыравалі на палетках калгаса імя Молатава. А меншыя, сястра Люба і брат Коля, дапамагалі маме па гаспадарцы. Глядзелі мяне. Так вось распачалося жыццё новага Лапташа.

Да нашай сям’і здаўна была прышчэплена мянушка Лапташы. Відаць, таму, што жылі бедна. Бацька плёў лапці ўсім дзецям. І сам не здымаў гэты танны і просты абутак. Лапці з лазовай кары лічыліся будзённымі, для працы. За тыдзень зношваліся дзве пары. А лапці, сплеценыя з кары маладзенькіх ліпак, абувалі па святах, нават на вечарынкі.

Адкуль жа з’явіліся ліпавыя, лапцюжныя Ліпскія ў вёсцы Шоўкавічы? Хто яны? Якога роду-племені?

Гэтыя пытанні задаў сам сабе вельмі запознена, калі ўжо амаль не было нікога з жывых сведак мінулага стагоддзя. Памерлі мама і бацька, усе дзядзькі і цёткі, адышлі ў вечнасць старажылы Шоўкавічаў. Усе тайны яны забралі з сабой у дамавіны. Бездапаможна плакаў на вясковых могілках ля здзірванелых земляных пагорачкаў і прыгадваў усіх і ўсё, што асела ў памяці. Так нарадзілася кніга пра шоўкаўцаў «Адпяванне жывых».

А далей пайшлі бяссонныя ночы і клопатныя дні ў пошуку радаводу. Пачаў шукаць Ліпскіх у жыцці, у архівах, у перыёдыцы і кнігах. У муках нараджаліся старонкі. Як дзіця, радаваўся нават маленькаму адкрыццю. У кожным Ліпскім шукаў радню.

Пачаў цярпліва дакопвацца, адкуль і калі прыйшлі Ліпскія ў Шоўкавічы. Так нарадзілася мая кніга «Я. Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод».

Аднойчы я знайшоў у архівах пісьмо Яна Якава Ліпскага, якое ён склаў у верасні 1825 года. Вось што паведаміў пра свой род шляхціц з засценка Воўчы Бор Бабруйскага павета:

«Прозвішча наша Ліпскі існуе з даўніх часоў пад гербам «Граблі». Мае доказы дваранства першапачаткова адхілены таму, што ў спісах рэвізскіх сказак была блытаніна ў імёнах. Я хачу растлумачыць. Спіс 1795 года складваў уладальнік маёнтка Фларыян Корсак, на зямлі якога арэндным правам жылі Ліпскія. Не ведаючы дастаткова іх род, ён запісаў нашы імёны, як яму прадыктавалі, без усялякага парадку. Ліпскія прасілі, каб ён паправіў, хаця б на той старонцы, дзе пісалася па-польску, а ён гэтага не зрабіў. Мы выправілі самі, а магчыма, гэтага нельга было рабіць, і ўзніклі сумненні ў нашым шляхецкім паходжанні. Ды і ёсць жа яшчэ нашы пасямейныя спісы, зробленыя ў 1811, 1816 гадах, якія чыніліся мінскім скарбнікам і барысаўскім павятовым маршалкам. У першым калене наш продак называўся Францішкам Ліпскім, які карыстаўся шляхецкімі правамі і валодаў маёнткам земскім у Ашмянскім павеце, называным Галынка...»

Божа мой, Галынка! Дык гэта ж адзін з маёнткаў Гераніма Ліпскага, сына ромістра Івана Ліпскага, які некалі стварыў атрад народнай кавалерыі і абараняў беларускія землі ў вайне з Расіяй. Галынка — гэта ж той маёнтак, які хацелі вярнуць сабе Галабурды, радня жонкі Гераніма. А Геранім — гэта той паслухмяны сын ротмістра, які быў у атрадзе разам з бацькам. Францішак, выходзіць, унук Гераніма!

Дык вось каго мае Ліпскія называлі родапачынальнікам! Ён, полацкі падстольнік (службовая асоба ў Вялікім княстве Літоўскім, намеснік стольніка. З XVI стагоддзя ганаровы тытул, які надаваўся магнатам, феадалам, шляхціцам; былі падстольнікі земскія і павятовыя), пасля спадчыннай Галынкі купіў частку маёнтка Германішкі ў тым жа Ашмянскім павеце, набываў іншую нерухомасць. Але найгалоўнейшы яго жыццёвы здабытак — сын Якаў. Ад яго пайшлі сыны Іван і Войцах. Ад Івана — пяць сыноў, сярод іх — яшчэ Іван. У Івана — чатыры сыны, і зноў — Іван. Гэты Іван, у пятым калене, займеў шэсць сыноў і аднаму з іх надаў спадчыннае імя — Іван, таму, каторы нарадзіўся 15 мая 1837 года. Гэта і ёсць мой прадзед.

А дзед Янка, Іван Іванавіч, — шосты ў радаводнай лесвіцы. З жонкай Праксэдай Старжынскай жыў у вёсцы Шоўкавічы.

Што ведаю пра бабчын род? Хто такія Старжынскія? Адкуль яны ўзяліся на Беларусі?

У падмурку роду — Гаўрыла Старжынскі. Ён меў прывілей караля Зыгмунда ІІІ на маёнтак Калугу, выдадзены 13 студзеня 1588 года. Сыну яго Фаме ў 1659 годзе князь Карл Радзівіл выдзеліў фальварак Абчын з васьмю сялянамі ў Слуцкім княстве Мінскага ваяводства.

У 1852 годзе ў спісах былой польскай шляхты знаходзім Старжынскіх у Бабруйскім, Ігуменскім, Слуцкім паветах. Лінія маёй бабкі Праксэды пайшла на Рэчыцкі павет. Ад Фамы, сына Гаўрылы, пайшоў Мацвей, пасля — Іван, Васіль, Кузьма, Мартын, Васіль, які і ёсць бацька маёй бабкі Праксэды.

Што ведаю пра дзядзькоў і цётак па бацькавай лініі?

Вельмі мала, той загадкавы мізер, які пастаянна мучыць мяне. Былі-жылі людзі і зніклі, як сон, як ранішні туман. І ўжо ніхто ніколі не пачуе іх галасы, не прачытае іх кнігу душы. А тыя нямногія іх аднагодкі, якія і летам грэюць спіны на печы, упарта адмоўчваюцца. Адны не помняць. Іншыя ўзялі рот на замок яшчэ ў часы берыеўшчыны, і вітае над імі дух чорнага нячысціка да апошняга ўздыху. Горкая ява.

У Гомельскім абласным архіве знайшоў «Акладны ліст № 52 падаткаў на лён і каноплі па вёсцы Шоўкавічы за 1921 год». Сельсаветчыкі склалі дакумент, па якім «засвяціліся» мае аднавяскоўцы. Усяго сем’яў — 32, у іх едакоў — 169. Для падтрымкі рэвалюцыі яны абавязаны былі здаць дзяржаве 167 фунтаў ільнянога і 257 фунтаў канаплянага семені. Па іншых «цвёрдых накладных» павінны былі плаціць падаткі за жыўнасць і нерухомасць, за яблыні і грушы, за дым з коміна і за месца пад сонцам.

Па тым часе мой дзядзька Тодар Ліпскі меў шэсць едакоў і пяць дзесяцін ворнай зямлі, сенакосу. Пры хадзьбе накульгваў, насіў вусы. Быў у прымах у Анюты Корзун. Лічыўся актывістам у сельсаветчыкаў. А як пачалі людзей зганяць у калгас, не захацеў абагульваць сваю зямлю, не павёў у агульны статак сваіх двух валоў і дзвюх кароў. Кажуць, на сход, дзе начальства прымусова запісвала жадаючых, прыйшоў Тодар з вяроўчынай і сказаў: «Вядзіце мяне на гэтай вяроўчыне ў калгас. Калі не парвецца, запішуся ў арцель. А парвецца — выбачайце!..»

Праз некалькі дзён да хаты крывога Тодара пад’ехаў «чорны варанок». І павезлі шоўкавіцкага селяніна аж у Архангельск. Адтуль і не вярнуўся. А дочкі яго Марылька, Саша, Раіна пражылі жыццё пад гнётам падвоеных падаткаў і вечнага кляйма, што бацька — «вораг народа».

Дзяцька Мікалай пражыў мала, усяго трыццаць сем гадоў. Прастудзіўся, займеў туберкулёз. Сваёй жонцы Ганне пакінуў хату з саламяным дахам ды дваіх дзяцей — Валю і Ваціка. Яны ўжо пенсіянеры. Жывуць у Рэчыцы.

Дзядзька Іван выбіўся ў старшыні шоўкавіцкага калгаса імя Молатава. Яго ўсе клікалі — Думка. Дзе трэба, дзе не вельмі, ён казаў: «У мяне ёсць думка. Трэба падумаць...» Ажаніўся з Марыяй Трацэўскай з багатай Якубавай сям’і. Меў тры з паловай дзесяціны зямлі і пяць едакоў. А памёр ад ліхога янота.

А як было? Ішоў дзядзька Іван па Шоўкавічах, а з лесу выскачыў звярок. Нашы Шоўкавічы акружаны непаўторным лесам. У бок Вузнажы — дубняк, дрэвы з небам гамоняць. Як ісці ў Свецкае і Святое — сасоннік, грыбныя ды ягадныя баравіны. Па накірунку да Селішчаў — балота, алёс. У бок Заходаў, Восава — бярозавы гай. Звяр’я ў лесе заўсёды кішэла, а пасля вайны яно ніяк не магло змірыцца, што людзі вярнуліся на папялішчы і выстукваюць, ладзяць сабе новае жытло. Вось і той шалёны янот, які перад дзядзькам перабягаў вуліцу, узяў ды пакусаў Думку, самога старшыню калгаса. Тады ж не было моды бегаць па дактарах. Не дадумаўся схадзіць да фельчара і дзядзька Іван. А праз некалькі дзён зачыніўся ў хаце. Пачаў выкрыкваць бальшавіцкія лозунгі. Не прызнаваў жонку, дзяцей. Вось тады ў Шоўкавічы ўпершыню прыехала з раёна машына «хуткай дапамогі».

У пецярых маіх цётак не было шчасця. Анэта выйшла замуж за Самуся Мажэйку з Куннага, адкуль Ліпскія і Старжынскія. Нажыла бядовая цётка трох дзетак дый адразу ж страціла мужа. Сын Жэня вучыўся на лётчыка, але вельмі хутка згарэў ад туберкулёзу. Дачку Таню пагналі на лесанарыхтоўкі. Там яе прыбіла дрэвам. І цётка Анэта да сваёй смерці гадавала асірацелых унукаў — Надзьку і Шурыка.

Цётка Марыля, кажуць, жыла з Чэчатам няўлюбкі. Ён часта прыходзіў з вузнажскай карчмы ў адных падштаніках. Грошы прапіваў, вопратку аддаваў у заклад. Дваіх дзяцей займелі. Паўлік малым памёр. А Холька, дачка, у сваім замужжы нарадзіла багата сыноў. Памірала цяжка: параліч не памілаваў яе рук, ног, мовы, зроку.

Цётка Жэня выйшла замуж за Лазоўскага ў Загуменне, памерла, як насіла пад сэрцам першынца.

Дзве цёткі, Раіна і Каця, памерлі з голаду. Здарылася гэта ў 1947 годзе. Бясхлебіца панавала наўкол. Пуста і гола ў засеках вясной. А цёткі аб’явілі пост перад Вялікаднем. Шчыравалі ў працы, дома і ў калгасе, галодныя і аслабелыя. Святочным днём, як Хрыстос уваскрос, яны разгавеліся, паелі першы раз скаромнага пасля посту. Іх і вынеслі адну за адной у сасоннік, на вясковыя могілкі, дзе ўжо спачывалі іх бацькі...

Там, дзе раней жылі Ліпскія ў Кунным, пасадзілі хмель, садовыя дрэўцы. Сеткай абгарадзілі. Ад зайцоў і ад людзей. Сад як помнік шчырым, мазольным зямлянам.

А ў Медзведаве, дзе жылі Старжынскія, цяпер атабарыліся чарнобыльцы, перасяленцы з Хойніцкага раёна. Для іх пабудавалі пяцьдзесят дамкоў, школу, падвялі газ, ваду. Абкараняйцеся, падсечаныя пад корань.

Мама мая Марыля з дваранскага роду Янушэўскіх, герба «Дамброва». Заснавальнік дрэва Казімір набыў маёнтак Заблаўшчызну ў Ашмянскім павеце 2 лютага 1741 года, з шасцю сялянскімі хатамі, у землеўласніка Станіслава Вайцяхоўскага. Адсюль і пачаўся радаводны ланцужок Янушэўскіх. Ён знітаваў Мазырскі, Рэчыцкі, Бабруйскі паветы, Магілёўскую, Чарнігаўскую, Курскую губерні. Сярод Янушэўскіх сустракаем калежскага рэгістратара, губернскага сакратара, унтэр-афіцэра, паручніка Літоўскіх войск, пісара, свяшчэнніка мінскага Свята-Духава манастыра.

Мая мама з сям’і арандатара Адама Фларыяна Янушэўскага. Кажуць, разумны вельмі быў. Умеў чытаць газету. Людзей любіў. Пойдзе па вуліцы, прывядзе ў хату на начлег цыгана ці яўрэя.

Хату збудаваў у вёсцы Вялікі Лес, каля Стрэшына. З жонкай Пелагеяй Караткевіч нарадзілі шасцёра дзяцей: Анюту, Агату, Марылю (маю маму), Паўла, Юзіка, Любу (памерла маленькай).

Паўла забралі берыеўцы ў той жа дзень, як яго жонка Арыша нарадзіла дзіцё. Яна не змагла нават падняцца з ложка, каб развітацца. Павезлі і расстралялі ў Гомелі як шпіёна буржуазнай Польшчы. А ён ствараў калгас і ладзіў моцную сям’ю.

Юзік памёр маладым. Быў сакратаром камсамольскім. Хавалі з аркестрам і «Інтэрнацыяналам».

Цётка Анюта, Бабічыха, жыла ў Шоўкавічах. Вучылася ў школе ўсяго сем месяцаў. А розуму і этыкету ні ў кога не пазычала. Гжэчная ўдалася цётка. Уважлівая да ўсіх, шчодрая. Любіў бегаць да яе на гулянкі, бо заўсёды чым-небудзь смачным частавала. Сустрэліся мы з ёй за некалькі месяцаў да яе смерці. Ёй, адчувалася, хацелася выгаварыцца, даверыць свае таямніцы, і я асмеліўся спытаць:

— Што больш запомнілася вам за восемдзесят тры гады жыцця?

— Ох, Валодзечка, двух мужоў пахавала. Сына з вайны не дачакалася. На чацвёра дзяцей выходзіла замуж. Сваіх трое нарадзіла. Дваццаць гадоў удавой пражыла. А ніколі не забывала першага кавалера Васіля Пакаева. На ім усё гарэла. Як загаворыць ды заспявае — млею. Сватаўся. Гарэлку пілі. А бацькі не аддалі мяне. Сказалі: твой Васіль — мужык, табе не раўня. Я ж яго і цяпер люблю!..

Цётка Агата жыла ў Мінску. Яна мяне прытуліла, калі пасля заканчэння школы прыехаў да іх у Сцяпянку. Вельмі дзівавалася, што я з цяжкім чамаданам ішоў поначы і распытваў у цыганоў дарогу. А калі раскрыў абшарпаны чамадан, яшчэ больш здзівілася. Там ляжалі адны падручнікі і брусок сала. Мы тады прагаварылі з ёй да раніцы. Яе цікавіла ўсё. у каго штаны пазычыў, каб ехаць у сталіцу вучыцца на журналіста, як здароўе маёй мамы, ці нясуцца куры што расце ў агародзе...

Са мной цётка Агата гаварыла як з роўным, і за гэта яе паважаў усё жыццё. Пасля пераканаўся: больш гасціннай і хлебасольнай цёткі няма ва ўсім свеце. Яна замяніла мне маму, калі тая памерла. А калі пахавалі і цётку Агату, я адчуў сябе круглым сіратою.

Мама спявала нам калыханкі. Кожнага ўволю напаіла сваім малачком. Умела гатаваць і частаваць. Як прыгадаю яе мачанку, бліны, сырніцу, крывянку, каўбасу, дык аж слінкі цякуць. Зімою — прала і ткала. З вясны і да восені — у полі і агародзе. Адзіную ўзнагароду мела — «Медаль мацярынства» другой ступені.

У архіўных дакументах Вузнажскага сельсавета за 1925 год сустрэў спіс шоўкаўцаў, якія праходзілі курсы па вывучэнню азбукі. «Курсанткай» запісана і мая мама Ліпская Марыя Адамаўна. Па тым часе ёй было ўжо трыццаць гадоў. А на руках — трое дзяцей: Лідзе — шэсць, Клаве — тры, Пецю — адзін год.

Тады мама і навучылася распісвацца. А перад смерцю прыслала мне ў Мінск пісьмо. Літарка за літаркай складвала словы. Іх вывучыў, як малітву:

«Мае дарагія сынок Валодзя, нявестка Ніна, унучак Ігарок, хачу вас сустрэць гэтым пісьмом у добрым здароўі і вясёлым настроі. Жыццё наша ідзе па-старому. Здароўе дрэннае. То я хварэю, то бацька ваш. Залезем на печ удваіх, а кот трэці — грэемся. Чакаем, каб хутчэй вясна. Да спаткання. Моцна цалую вас усіх. Ваша мама Марыя Ліпская».

Следам прыляцела пісьмо ад сястры Любы: «Я толькі ад мамы. Яна вельмі слабая. Папрасіла мяне напісаць вам, каб не перажывалі і не палохаліся. Хацела пабываць у вас, але, сказала, ужо не давядзецца, моцна стукае ў грудзях. Прасіла, каб не плакалі...»

15 чэрвеня 1972 года пад поўнач я атрымаў тэлеграму ад брата Пеці: «Прыязджай тэрмінова. Мама памерла».

У чэрвені — самыя кароткія ночы. А тая доўжылася вечнасць. Яна была самай балючай за ўсё жыццё. Цягнулася так марудна, так цяжка ціснула на мяне, думаў, не дажыву да рання. Не верыў тэлеграме. Не мог змірыцца, што мама не загаворыць больш са мной, што не напячэ мне пульхных аладак. Няпраўда, што ў чэрвені кароткія ночы.

З узыходам сонца паляцеў на вакзал. Ехаў да мамы на апошняе спатканне...

Пракацілася пасля той трагедыі багата гадоў, а я штодня прыгадваю маму, перад яе партрэтам малюся і спавядаюся.

Бацька перажыў маму на пяць гадоў.

Не мог паверыць вачам сваім, што ў труне ляжаў волат, цягавіты, як вол, чалавек. На грудзях — пабялелыя рукі. Яны ўмелі рабіць усё: бочкі, цэбры, рамы, санкі, калёсы, верацёны, самапрадкі. Умелі касіць і араць, збіраць грыбы і няньчыць дзягай дзяцей. Бацька курыў, выпіваў і мацюкаўся, а дзецям гэтага ўсяго не дазваляў. Быў стаханаўцам у калгасе і аднойчы атрымаў прэмію — картовы касцюм.

У свае восемдзесят чатыры гады ён стаў слязлівым, чуллівым. З пенсіі сабраў кожнаму з нас, дзяцей, па пяцьсот рублёў. А мне ў спадчыну перапалі яго сшыткі, у якіх ён штодня старанна запісваў, што рабіў у калгасе. Тыя сшыткі натхнілі мяне напісаць аповесць «Лаўрэнавы працадні».

Маё жыццё, як і лёс усёй нашай сям’і, маіх братоў і сясцёр, вымяраецца, ацэньваецца вайной. Яна — адлік усіх бедаў, слёз і пакут.

Бацьку па старасці на фронт не ўзялі. Дапамагаў, як мог, партызанам. Служыў у іх сувязным. І, як медалі, усё жыццё беражліва захоўваў паперкі ад камандзіраў партызанскіх атрадаў, у якіх яны дзякавалі шоўкавіцкаму памагатаму за сабраны хлеб, за начлег, за сухія анучы. У Нацыянальным архіве ляжыць даведка: «Ліпскі Сцяпан Іванавіч, 1891 года нараджэння, лічыцца сувязным партызанскага атрада № 108 імя Катоўскага 1-ай Буда-Кашалёўскай брыгады Гомельскай вобласці».

Брат Пеця вярнуўся з вайны паранены, з інвалідскім дакументам.

Сясцёр Клаву і Любу вайна загнала ажно ў польскі горад Пулавы. З франтавым шпіталем № 3650 яны прайшлі цяжкімі дарогамі вайны, падбіраючы і ратуючы байцоў. Адрас аднаго з іх санітарка Клава прывезла дамоў, у Шоўкавічы. А следам прыехаў у вёску і пярмяк Угліцкіх Аляксандр Сцяпанавіч. Бацька зарэзаў козліка, згулялі вяселле. Было гэта 14 лютага 1946 года, у зямлянцы.

Сваё франтавое каханне маладыя загартавалі пяццюдзесяццю гадамі сумеснага жыцця.

Сястра Люба пра сваё маленства:

«У школу бегала ў лапцях. Задачкі добра рашала, а пра цароў нічога не лезла ў галаву. Помню, бегалі ў Восаў, ад нашых Шоўкавічаў мо кіламетраў сем, сустракаць Алісея і Піліпа Зайцавых, якія вярнуліся ад Сталіна. У Алісея было васемнадцаць дзяцей, а Піліпу далі ордэн Леніна за парасяты. Для сустрэчы пабудавалі трыбуну пасярод вёскі. Алісей узышоў і сказаў: «Я даў абяцанне Сталіну, што будзе дваццаць дзяцей». Гэта было ў маі сорак першага. Праз месяц над нашай хатай праляцеў чорны самалёт са свастыкай. Вельмі ж страшна гудзеў...»

Як гудзеў варожы самалёт, здаецца, помню і я, хаця мне тады было толькі год з невялікім «хвосцікам». А сястру Любу, як і сястру Клаву, запомніў, як вярнуліся дамоў з фронту. Прывезлі цукерак, якіх я ў вочы не бачыў, ды магазінныя штонікі. Першыя ў жыцці!

Мой брат Коля, які нада мной, старэйшы за мяне на восем гадоў. Люба ўсім расказвае, як яна падгледзела Колева нараджэнне. Залезла ў падушкі, а побач, на ложку баба Праксэда бабіла маму, прасіла парадзіху: «Маня, дуй у бутэльку...»

Колю, як і Пятру, Клаве, Любе, вайна пераблытала вучобу. Закончыў шэсць класаў, курсы трактарыстаў. Доўгія гады працаваў у эмтээсе, на падсочцы, у геадэзістаў. Ён купіў некалі мне першы ў жыцці касцюмчык, і я ўдзячны яму за гэта заўжды.

Працавіты, з умелымі рукамі, сялянскі хлопец Мікола Ліпскі дапусціў у жыцці адну памылку. Паехаў жыць у Гомель. Жонка Ніна зманіла туды. А вясковы прышчэп не прырос да гарадскога. Разышоўся з жонкай. Сыны Косця, Віця, Юрась разбрыліся па свеце. І застаўся мой брацік адзінокай былінкай у старасці. Да таго яшчэ з хворымі нагамі, якія давялося ампутаваць. Цяпер і ён ужо ўлёгся на вечны спачын каля бацькоў на шоўкаўскіх могілках.

Калі ўзяць толькі адну нашу сям’ю, то ў яе радаводны клубок уплецены прозвішчы: Ліпскі, Угліцкіх, Корбут, Сыцька, Караткевіч, Янушэўскі, Старжынскі, Яленскі, Мажэйка, Шумілкін, Бабіч, Чаплінскі, Паўловіч, Пракаповіч, Пракапенка, Чэчат, Лазоўскі, Браткоўскі, Радзюкевіч, Ханеўскі, Гвоздзь, Бурмялёў, Шафарэнка, Паташка, Старажэнка, Юркевіч, Дудар, Захарэнка, Міцін, Камароў, Лось, Савошка, Мікіценка, Мурашка, Сушко, Яновіч, Пылінскі, Жарын, Кашавар, Трацэўскі, Каламіец, Рэўтовіч...

Гэты невад прозвішчаў прымушае пільна ўгледзецца наўкол: ці не з родзічам ходзім па адной вуліцы і не здароўкаемся, ці не радні топчам ногі ў аўтобусе, ці не з блізкімі людзьмі жывём чужакамі?..

Вайна адабрала дзяцінства і ў мяне.

З таго часу страшна перажываю, калі крыўдзяць дзяцей. Сэрца разрываецца на друзачкі, калі бачу слёзы на бязвінных тварыках. Душа баліць за нашых дзяцей — заложнікаў Чарнобыля.

І ўсё-такі я шчаслівы, бо ўсё сваё свядомае жыццё прысвяціў дзецям.

Як галоўны рэдактар рэспубліканскага часопіса «Вясёлка», усё раблю, каб часопіс быў патрэбны і карысны нашым дзецям.

Як старшыня праўлення Беларускага дзіцячага фонду, абараняю правы дзяцей, дапамагаю сіротам, інвалідам, хворым.

Як бацька, разам з жонкай Нінай Іосіфаўнай выгадавалі двое дзяцей — сына Ігара і дачку Марыну. Унук Антон, унучка Маша вучацца ў школе.

Галоўны прынцып майго жыцця: што аддаў — тое і тваё!

Раптам здарыцца, што калі-небудзь нараджуся ў нейкім новым стагоддзі, а мо на іншай планеце, то хацеў бы і ў тым вымярэнні застацца Чалавекам.

 

Бяроза белая

Мой сябар, знакаміты паэт Казімір Камейша, маленства якога прайшло ў Налібоцкай пушчы, так напісаў пра хараство лесу: «Нідзе ў свеце няма столькі лясоў, як у нас, і нідзе, як у нас, яны не маюць такой прыгажосці. Лес наклаў свой адбітак і на характар беларуса, надаўшы яму памяркоўнасці, лагоды і пяшчотнасці, рысаў чыста паэтычных...»

Прыпынімся каля бярозы.

Яна вабіць да сябе сваёй белізной-чысцінёй, даверлівай рахманасцю, дзявоцкай цнотай, зачароўвае прыгажосцю. Бяроза — жаночага роду. Дык жа і сярод жанчын ёсць такія вясновыя чараўніцы: з гнуткім станам, з доўгімі косамі, прывабныя і гаючыя, у якіх хочацца закахацца па вушы.

Пад бярозай лёгка адпачываць. Ёю можна бясконца любавацца. Яна — як бы сімвал Беларусі і прыгажосці беларуса.

Бярозу называюць дрэвам жыцця. Яна жыве па 100—120 гадоў.

Яна дае чалавеку свой жывільны сок, які ўмацоўвае імунную сістэму. П’ючы сок, прыгаворвалі: «Свяжынка ў раток, здароўе ў жываток, хуткасць зайца, моц мядзведзя, спрыт ваўка». Бяроза дарыць венікі для лазні. Яе лісце лечыць скуру, ачышчае нават ад экземы. Вугаль з бярозы ідзе на выраб пораху, ачыстку спірту. З бярозавай кары вырабляюць дзёгаць, які ўваходзіць у мазі для лячэння рэўматызму, печані. А яшчэ з кары можна зрабіць карабы, кузаўкі, кошыкі. Настоі, адвары з пупышак, лісця бярозы заўсёды былі ў хатніх аптэках нашых продкаў.

З салодкіх слёз любімага дрэва выраблялі нават бярозавае віно. Хочаце рэцэпт? Тады матайце на вус: у 30 літраў соку пакладзіце 1,5—2 кілаграмы цукру і выпарце вільгаць на адну трэць; астудзіце да 40—50 градусаў і кіньце туды два ачышчаныя лімоны; калі тэмпература вадкасці стане 25—30 градусаў, пакладзіце ў яе 10—15 грамаў дражджэй. Дайце перабрадзіць гэтаму пітву, майце цярпенне, не прыспешвайце працэс «гульбы». І ўрэшце вы атрымаеце віно з прыемным кіславатым смакам. Гэта вам не сівуха, а напой матухны Прыроды.

Бачыце, што азначае бяроза, чым служыць яна нам, людзям? Пра яе складваюць песні. Перад ёй можна паспавядацца, паплакацца:

На высокай на гары

Стаяць дзве бярозы.

Я забылася, калі

Быў мой дзед цвярозы.

Каля кожнай сядзібы заўсёды садзілі бярозу. Верылі, яна прыносіць шчасце.

Пра бярозу складзена шмат баек. Адна з іх даводзіць, што рака Бярэзіна, якая працякае і па Рэчыцкім раёне, пачалася ад бярозы, што расла проці млына за Докшыцамі. Аднойчы пад ёй свіння рылася і дарылася да вадзяной жылы. Дык тады і чухнула рака. Яе пагэтаму і назвалі Бярэзінай.

А вось рэчыцкая легенда. Не буду называць вёску, дзе пачуў, і чалавека, які расказаў, бо знойдуцца людзі, якія пачнуць вылічваць, пра каго гэта байка.

Дык вось, жыў сабе мужык з бабай. Мужык быў хударлявы і працавіты, а яна — тоўстая, лянівая і гуляшчая. Аднойчы няверная жонка з палюбоўнікам забіла свайго мужа. З’явіўся Бог і пакараў іх: жонку зрабіў бярозай, каб стаяла на адным месцы і штовясну плакала над сваім злачынствам, а палюбоўніка ператварыў у асіну, якая ўвесь час трасецца са страху.

Ад гэтай байкі ці не ад гэтай, а можа, проста ад таго, што бярозы і асіны добра пачуваюць сябе на Палессі, дык на Гомельшчыне і па сёння ёсць вёскі Бярозы, Бярозкі, Бярозаўка, Бярозавае Балота, Бярозавы Гай, Асінавіца, Асінаўка, Асіннік, Асіннікі, Асінавая Гута.

Ад гэтых любімых у народзе дрэў і пайшлі нашы прозвішчы: Бярэзін, Бярозка, Бярозкін, Беразняцкі, Беразоўскі, Беразюк, Асіна, Асінцоў.

Бярозавая кара — бяроста. Як вядома, на ёй нашы прашчуры пісалі пісьмы, пасланні. Бяростай апальвалі гаршкі. З бяросты мы ў дзяцінстве рабілі кубарыкі і збіралі ў іх лясныя суніцы. Дык вось і адгадка для разгадкі прозвішчаў Берасцень, Бераснёў, Берастнёў, Берастаў.

Яшчэ ёсць у нас прозвішча Трутко. А трут, памяншальнае трутко, — гэта бярозавая губа, якую выкарыстоўваюць пры распальванні агню. Гэтаксама называлася і абвугленая тканіна для той жа мэты.

Колькі ж нам трэба папацець, каб дайсці да ісціны свайго прозвішча!

 

Дзеці багоў

У пісьмовых крыніцах XVI стагоддзя грыбы называюцца дзецьмі багоў. І ў гэта лёгка паверыць. Сто пяцьдзесят тысяч відаў грыбоў рассяляюцца па ўсёй Зямлі, як лясны падарунак чалавеку, як ежа і лекі яму. Гэта дар Божы.

А тое, што грыбы ратуюць нас ад хвароб, дык і навукоўцы даказалі, і самі людзі пераканаліся. Грыбы дапамагаюць знішчаць вірусы. Дзякуючы ім з’явіўся пеніцылін.

Народныя лекары сцвярджаюць, што сырыя маладзенькія рыжыкі, жоўценькія сыраежкі, падсоленыя і з хлебцам, адганяюць рак, і чалавек пры здароўі можа жыць да ста гадоў. Лекавымі могуць быць мухаморы, грыб вясёлка.

Ды што хадзіць у далёкія пошукі, мая сястра Люба з вёскі Дабужа выратавала сына Валодзю ад рака. Пра гэту сенсацыю пісала «Народная газета» 15 кастрычніка 1992 года ў артыкуле «Исцеление».

Так атрымалася, што Валодзю Корбуту, экскаватаршчыку з Заслаўя, дактары вынеслі смяротны прыгавор, чорным па беламу напісалі: «Рак страўніка з метастатычным паражэннем пячонкі». Яму далі першую групу інваліднасці і спісалі з ліку жывых.

Не пагадзілася з прыгаворам толькі маці. Яна забрала сына ў рэчыцкую Дабужу, у вёсачку з васьмю хатамі, акружаную лясамі, лугамі, азёрамі, і пачала ратаваць спадчынніка. Давайце паслухаем Любоў Сцяпанаўну Корбут:

— Я ад слёз сцежак не бачыла, але пайшла да сваіх вяскоўцаў на раду. Усе ў адзін голас прыпісалі майму Валодзю грыб вясёлку. Па-нашаму — смярдзючы грыб. Ён расце пад арэшнікам, і пах ад яго далёка чуваць. Светлая ножка ў яго, шапачка шэрая, а ўнізе — тры-чатыры яйкі, як курыныя. Знайшлі мы той грыб, не мылі, абцерлі толькі, паклалі ў шкляны слоік, залілі гарэлкай. Казалі, трэба настойваць дзесяць дзён, а я ўжо праз тры дні паіла ім Валодзю з лыжачкі. Тры разы ў дзень давала. Вой, чаго толькі не давала яму! І настойку з мухамора, і алоя, і сырыя яйкі, і мёд, і тлушч дзіка. Лячыла сама, па свайму разуменню. І так два гады!..

Калі Валодзя Корбут прыйшоў на ВТЭК здымаць групу інваліднасці, дактары паглядзелі дакументы і не паверылі: «Вы — не Уладзімір Корбут...» А на працы сябры былі больш адкрытымі: «Корбут, а чаго ты тут ходзіш? Казалі, што ты ўжо памёр...»

Уладзімір Іванавіч Корбут жывы-здаровы. І па сённяшні дзень працуе на экскаватары. Вось такая незвычайная гісторыя. Цуд дый толькі!

У новым інтэрв'ю «Народной газете» наша Люба, як ужо прызнаная лекарка, дала параду ўсім нам:

— Галоўнае, людзі, не губляйце надзею. Калі ратавала сына, не спала начамі, траціла апошнія сілы, але не здавалася перад бядой. Як можна маці прымірыцца з тым, што дактары «спісалі» сына?! Галоўнае — не разгубіцца, не апусціць рукі. Давайце навучымся берагчы нашых дзяцей. Моладзь не трэба вучыць сексу. Нашы дзяды і прадзеды гэтаму не вучыліся, а дзяцей багата мелі ды ўсе былі здаровыя. Гэта «навука» даецца Богам, прыродай. Лепш бы дзяцей вучылі і школа, і газеты, і тэлебачанне, што азначае кожная травінка, кожны грыб, кожны карэньчык, якую карысць яны нясуць чалавеку. Прывіць любоў да матухны-зямлі, да ўсяго жывога — вось задача бацькоў і школы. Калі гэтага не зробім, то секс будзе, а дзяцей не будзе...

Нашу Любу празвалі Вясёлкай. Ад назвы грыба, якім яна выратавала сына. Каб гэта даўней, калі ў людзей не было сваіх прозвішчаў, то гэта мянушка магла б замацавацца за радаводам, а пасля і была б запісана ў пашпарце як прозвішча.

У Рэчыцкім раёне, на жаль, няма Вясёлкавых сем'яў, але ў прозвішчах засведчаны назвы грыбоў, якія родзяць у нашых лясах. У вёсках, гарадах і пасёлках жывуць Баравікі, Баравіковы, Груздовы, Груздзевы, Апенькі, Махавіковы, Рашэтнікі, Рашэтнікавы, Сыраежкіны, Смаршковы, Рыжыкавы, Абабкавы. Па-польску «рыдз» — рыжык, дык вось вам і разгадка прозвішча нашых Рыдзеўскіх: грыб адзін, а корань яго розны ў краінах-суседках.

Пра грыбы народ склаў нямала прымавак. Найбольш хадавыя для пажаданняў: калі не грыб, то не лезь у каробку; еш боршч з грыбамі ды трымай язык за зубамі; расці, як грыбы пасля дажджу. Пра гэта, відаць, помняць усе нашы людзі з прозвішчамі Грыб, Грыбкоў, Грыбаў, Грыбоўскі, Сінегрыбаў, Сінігрыбаў.

 

Дрэвы твайго лёсу

Па дарозе Мінск—Нясвіж стаяла некалі «закаханая пара» — дуб і сасна. Яны моцна туліліся адно да аднаго, трымаліся рукамі-галінамі, былі пераплецены каранямі.

Аб чым яны ціха шапталіся?

Калі верыць легендзе, то было гэта яшчэ за князем Радзівілам. У нясвіжскага князя была прыгожая дачка, і пакахала яна пастуха. І пастух яе моцна пакахаў. Але аб жаніцьбе князь і слухаць не хацеў. Закаханыя вырашылі ўцячы ў лес, схавацца там. Служкі князевы дагналі іх, пазбавілі жыцця і дзяўчыну, і юнака. На тым месцы і выраслі дуб і сасна.

Да тых лясных улюбёнцаў прыязджалі ўсе маладыя пары з Нясвіжскага раёна, каб даць клятву вернасці адно аднаму на ўсё жыццё.

Цікава, ці быў такі выпадак, каб да таго ляснога помніка, які ахоўваўся дзяржавай, пакуль яны не «памерлі», пад’язджалі калі-небудзь маладажоны Дубоўскі і Сасноўская? Відаць, было такое, бо гэтыя прозвішчы распаўсюджаны гэтак жа, як дуб і сасна, па ўсёй нашай зямлі.

Пра дуб і яго аднафамільцаў мы ўжо пісалі. А вось прозвішчы — родзічы сасне: Сасноў, Сасноўскі, Саснок, Хвайніцкі. Шмат на Палессі і паселішчаў, якія сваёй назвай «удзячны» дрэву мараплаўцаў, бондараў, цесляроў. Сярод іх: Сасновы Бор, Сасноўка, Хвойная Паляна, Хвойнікі, Хвойня, Хвойка, Хвойнае.

Часам, прагульваючыся па лесе, задумаешся: усе лясныя «жыхары» маюць сваіх прататыпаў сярод людзей.

Вось стаіць каля балотца вольха. Счарнелая, змарнелая. Лісты ліпкія. Драўніна пад карой ружаватая, як бы кроў выступае ці чырвань. Кожны раз узнікае пытанне: за якую правіннасць гэта дрэва расце ў альсе?

Максім Танк, народны паэт Беларусі, апісаў сваю, нарачанскую алешыну. Яму шкада, што яна заўсёды сумная, але паэт радуецца, што яна жывучая, выстаяла, «хоць бура згінала яе разоў сто». Просіць невядомага земляка:

Калі будзеш ты на радзіме маёй,

Прышлі хоць лісточак алешыны...

Вольха, а мне чуецца Вольга. І міжволі ўяўляецца нейкая бядовая жанчына, маўклівая, як і дрэва, крыху дзікаватая, негасцінная, за нейкія правіны пакараная, жыве на ўскрайку вёскі, каля балацянкі.

Ды ўсё гэта асацыяцыі. А ў жыцці, бывае, раскашуюць на прэстыжных пасадах, у шыкоўных кватэрах Альшанскія, Альховікі і ніколі не задумваюцца, якую вільготу смакталі іх карані-прашчуры. У сям’ю вольхі дададзім яшчэ рэчыцкія сем’і Альханоўскіх, Вольхаў, Альхоўскіх, Альшэўскіх.

Граб у мяне выклікае асацыяцыю са словам «граф». Гэта дрэва крыху ганарыстае, як бы ведае сабе кошт, як бы прымушае сябе паважаць. Ведаю адну мясцінку, дзе праз грабавы лес праклалі асфальтавую дарогу, а галінамі дрэвы перапляліся над дарогай. І кожны раз машына як бы ўскоквае ў зялёны, зачараваны тунель, і сэрца замірае ад прыгажосці.

Жадаю, каб так усхвалявана-радасна мы сустракалі ў жыцці ўсіх Грабоўскіх, Грабцэвічаў, Грабкоў. А самім носьбітам гэтых прозвішчаў варта разгадаць, ад чаго іх прозвішчы: ад дрэва граб ці ад прафесіі — грабец, вясляр на лодцы, грабец, які працуе з граблямі? А можа, Госпадзі беражы, ад заганнай спадчыны, ад слова «грабіць»?

Цяпер адгадайце тутэйшую загадку пра плод аднаго з нашых лясных жыхароў: «Тонка стаіць, слабка вісіць, кругом кашлаты, а канец лысы».

Ды гэта ж арэх!

Божа, колькі арэшніку вакол нашых Шоўкавічаў! У маленстве я ведаў кусты, дзе раслі ранняспелыя арэхі, лузанчыкі, буйныя, як лескавыя яблыкі, і прадаўгаватыя, як жалуды. Выйдзеш за прыгуменне, нагінай галіну і напаўняй палатняную кайстру хрусткімі пладамі. Цэлыя мяхі гэткіх дароў лесу мела кожная хата. Усю зіму шчоўкалі іх, ласаваліся імі.

Толькі пазней даведаўся, што жыхары Старажытнай Грэцыі лічылі лясны арэх сімвалам бессмяротнасці. Гэта цяпер стала вядома, што ў арэхах шмат вітамінаў, у іх ёсць жалеза, медзь, кобальт, нікель, ёд, фосфар, кальцый, магній. Арэхі карысныя для лячэння атэрасклерозу, крывяносных сасудаў, зажыўляюць язвы страўніка.

А вось «арэхавых» прозвішчаў у нас не было. Іх сустрэў у іншых рэчыцкіх вёсках, і асабліва ў горадзе асфальтаваным, дзе арэхі толькі магазінныя, прывазныя і называюцца «фундук». Купляюць іх Арэхавы, Арахоўскія, Арэшыны, Арэшкі, Арэшчанкі, Арэшчанкавы, Арэхі. Усім ім варта ведаць, што раней існавала хрысцільнае імя Арэфій — земляроб. А ў арабаў «арэфа» — гэта араты, арол. Шукайце свае вытокі, здабывайце з руды памяці сваё «золата».

Расце ў лесе каліна, пра якую і песні спяваюць, і байкі складваюць, і паэты яе ў вершах славяць. А ёсць імя святога мучаніка Калініка, у прастамоўі — Каліны. З грэчаскай мовы перакладаецца — добры пераможца. У Аўцюках, дзе праходзяць Усебеларускія фестывалі народнага гумару, усіх жанчын, ад дзяцей да старых, называюць Калінкамі. Вось і гадайце-разгадвайце, адкуль прозвішчы нашых сучаснікаў: Каліна, Калінін, Калінінскі, Калінкін, Калінаў, Каліноўскі, Калінчук?

Тое ж пытанне можна адрасаваць Елкіным, Яловым, Ельніцкім, Еліным, Яленічам, Еляневічам. Ці іх радаводнае прозвішча ад лясной вечназялёнай прыгажуні елкі, ці ад аленя, ці ад хрысцільнага імені на «ел» — Елісей, Елізар? А яшчэ кажуць нашы рэчычане: «Ялоха — прайдоха, жыве няплоха». Гэту якасць трэба таксама ўлічваць тым, хто выправіцца ў таямнічыя пошукі свайго «Я».

«Будзь здароў, як вада, і расці, як вярба» — так прымаўляюць пры асвячэнні галінак вярбы ў Вербную нядзелю, такое пажаданне бацькоў дзецям. У словы «расці, як вярба», відаць, укладвалі такое разуменне: будзь прывабным, прыгожым, прыладкуйся каля вады, тады не будзеш ведаць бяды. Адсюль і пайшлі прозвішчы: Вярбіцкі, Бязвербны, Івіцкі.

Да лясных мелодый прыпішам сем’і з прозвішчамі: Вязоўскі, Кленавіцкі, Тапольскі, Топалеў, Таполя, Яворскі, Кедраў, Лазоўскі, Лозька, Лазавы, Лазавікоў, Лазовы, Лозін, Лазовік, Ракіта, Ракіцін, Ракіцкі, Бук, Буко, Букаў, Рабінін, Сокараў, Сакурэнка (украінскае «сокір», «осокір» — ясакар, род таполі).

У лясныя «трафеі» дададзім і такія прозвішчы: Камлёў, Камлёнак, Карчага (вялікі корч ці скручаная нага), Карчэўскі, Карчэўны, Корчак, Корань, Караневіч, Каранеўскі, Корнеў, Карнявы, Каранюк (глядзі ў корань!), Гуткін, Гуткоўскі (гутко — крывое, сукаватае дрэва), Какора, Кокараў, Кокаравец (какора — бервяно, дрэва з коранем), Кражэўскі, Кражаў («кряж» калода), Целеш, Целяшоў (калода, кругляк), Карака, Каракін, Карачэнкаў («коряка» — раздвоенае ў два ствалы крывое дрэва, разваліна; так называюць і незгаворлівага, з «мухамі» чалавека, які гаворыць адно, а робіць іншае), Шышкін, Шышко, Шышкоў («шышкай» можа быць і важная асоба, і гузак на лбе), Баравы, Бароўскі, Гаеў, Гаеўскі, Залескі, Мохаў, Махаўцоў, Верасаў, Верас, Кустаў, Калакустаў, Дзераўкоў, Дзеравяга, Дзеравянка (так маглі называць чалавека аднаногага, з драўлянай нагой. Пра такога бедака-інваліда, мабыць, і прымаўку склалі: «На крывое дрэва і козы скачуць»).

З дрэў і кустарнікаў акультураных, прыручаных, дамашніх пайшлі рэчыцкія прозвішчы: Яблакаў, Яблачкін, Яблонскі, Грушэўскі, Грушанаў, Грушын, Грушэцкі, Грушыцкі, Грушко, Вінаградаў, Вінаградзенка, Маліноўскі, Слівец, Вішнеўскі, Вішанька, Вішняк.

Пётр Сцяпанавіч Вішняк напісаў словы, а кампазітар М. Коншын — музыку, і гучыць далёка за нашым краем «Рэчыцкая лірычная»:

Колькі стрэч загаданых знае маладосць!

Прыгажэй за Рэчыцу’ ці мясціна ёсць?

Хваляй Днепр гулліваю мые берагі,

Тут каханне ладзіцца моцна, на вякі...

Кожнае дрэва мае сваю пэўную лекавую ці вампірную энергію, свае якасці. Таму кожны чалавек павінен ведаць «сваё» дрэва. А гэта лёгка вызначыць з народнага календара, помнячы, безумоўна, свой дзень нараджэння.

Студзень: 1 — бяроза, яблыня; 2—11— елка; 12—24 — вяз; 25—31 — кіпарыс.

Люты: 1—3 — кіпарыс, граб; 4—8 — рабіна, ліпа; 9—18 — кедр; 19—29 — сасна.

Сакавік: 1 — 10 — вярба; 11—20 — клён; 21—31 — арэшына.

Красавік: 1 — 10 — рабіна; 11—20 — клён; 21—30 — грэцкі арэх.

Май: 1 — 14 — таполя; 15—24 — каштан; 25—31 — ясень.

Чэрвень: 1—3 — ясень; 4—13 —граб; 14—23 — інжыр; 24 — бяроза; 25—30 — яблыня, клён, інжыр.

Ліпень: 1—4 — клён, яблыня; 5—14 — елка; 15—25 — вяз; 26—31 — сасна, кіпарыс.

Жнівень: 1—4 — ліпа, кіпарыс; 5—13 — таполя; 14—23 — сасна; 24—31 — яблыня, грэцкі арэх.

Верасень: 1—2 — грэцкі арэх, арэшына; 3—12 — іва, вярба; 13—22 — ліпа; 23 — сліва; 24—30 — дуб, ліпа.

Кастрычнік: 1—3 — грэцкі арэх, арэшына; 4—13 — рабіна; 14— 28 — клён; 29—31 — грэцкі арэх.

Лістапад: 1 — 12 — елка; 13—21 — каштан; 22—30 — ясень.

Снежань: 1 — кіпарыс, ясень; 2—11 — граб, таполя; 12—21 — інжыр; 22 — бук; 23—31 — бяроза, яблыня.

Калі вам не «пашанцавала» на дрэва, то ведайце, што бяроза і дуб шчодра дзеляцца энергіяй літаральна з кожным чалавекам. Прыхініцеся да ствала спінай, тварам на ўсход. Правую руку пакладзіце на сонечнае спляценне, левую тыльным бокам ззаду — на ныркі, а далонь павінна дакранацца да кары дрэва. І прасіце-маліце ў дрэва спагады і помачы, каб яно падзялілася з вамі сваёй энергіяй. Тут усё залежыць ад душэўнасці вашай і ласкавасці слоў. Затым некалькі хвілін пабудзьце ў стане спакою, расслабцеся.

Хай вам дапаможа энергія дрэва.

Хай вам падможа сам Бог!

 

 

X - ЛЮДЗІ-ПТУШКІ

 

 

Мне па душы глухія пушчы,

Лістоты замець на дварэ.

Я непрыручанаю птушкай

Жыву між сполахаў і дрэў.

Яўгенія Янішчыц

 

 

Салаўіныя песні

У кароткім жыцці знакамітага нямецкага кампазітара Фелікса Мендэльсона быў такі выпадак. Будучы студэнтам, ён пакахаў адну дзяўчыну. А яна выйшла замуж за яго сябра. У беднага студэнта Мендэльсона не было грошай на падарунак, і ён падарыў маладым на вяселле свой марш, які напісаў перад іх вянчаннем. Не ведаў тады кампазітар, што падарыў музыку нявестам усяго свету. Чароўны «Марш Мендэльсона» гучыць цяпер на ўсіх шлюбных урачыстасцях.

Мне чамусьці хочацца параўнаць гэту мелодыю з салаўінымі спевамі. Іх выводзіць салавей-кавалер. Ён свішча, шчоўкае, булькае, выбівае дроб, выводзіць трэлі, заліваецца, узвышае голас да нябёсаў, каб адгукнулася, прыляцела да яго нявеста, каб паверыла яму, каб захацела з ім звіць сваё гняздзечка. Кажуць, салавей спявае побач са сваёй каханай да таго часу, пакуль не з’явяцца птушаняты. Нап’ецца расы з бярозавага ліста і зноў хваліцца на ўсё наваколле пра свае пачуцці. У больш галасістага, адзначаюць арнітолагі, і яек болей. Калі ж з’яўляюцца дзеці, салавей-бацька змаўкае. Няма часу на гулі. Трэба карміць і даглядаць нашчадкаў.

У сваёй кнізе «Рэчыцкае Палессе» хораша напісаў наш зямляк Часлаў Пяткевіч: «Салавейка — ета наймілейшая Богу птушка, бо ён перш за ўсіх кажа: «Хрыстос васкрэс!» Няхай якая будзе халаднеча ў Красную суботу, то ён заўсёды на ўсеначнай хоць крышачку запяе. Салавейка ўбіць — то вялікі грэх, як убіць чалавека».

Сярод людзей таксама ёсць салаўі. Па характару, нораву, звычках, таленту. Можа, па гэтых якасцях і надзялялі іх імёнамі, прозвішчамі спеўнай птушкі? У навагрудскіх, магілёўскіх дакументах сустракаем запісы: «Соловей збратьею с Тимошем, с Ываном, с Ханем, с Опанасом, з Гринем» (1528), «Сергей Илинич Соловей» (1683), «Гришка Соловей» (1746).

Ад тых ці ад іншых Салаўёў, але і сярод нашых рэчычан «водзяцца» свае Салаўі, Салаўёвы, Салаўянчыкі, Салаўянавы.

Відаць, дужа шанавалі іх продкі гэтую салодкагалосую птушачку. Ды і ў народным фальклоры засведчана: «Салаўём спявае, сябе пацяшае», «Салаўя байкамі не кормяць», «Песні салаўіныя, а промыслы вераб’іныя» (пра злодзея), «Спаць салаўіным сном» (будка).

Рэчыцкія Салаўі, з якімі мне пашанцавала пагаварыць, унеслі ў фальклор сёе-тое сваё. Валянціна Іванаўна Салаўёва прызналася:

— Мой Салавей быў мімалётным. Прыляцеў з Добруша. Гарэлачку любіў. Яна яго са свету і звяла. Прозвішча мне на памяць пакінуў. А дзеці ад першага шлюбу — Лямешкі. Вось такая невясёлая салаўіная песня мая...

Паліна Іванаўна Салавей з вуліцы Маладзёжнай абвергла довад, што ў маўклівых салаўёў шанцаў знайсці жонку мала:

— Мой Вікенцій аж з Гродна прыляцеў да мяне. Бурыльшчыкам рабіў. Голасу не мае, не спявак, але ж двое дзетак маем — Сашу і Наташу. Сваю дарогу працярэбліваюць, свае песні жыцця складаюць...

Цікава, а што б расказаў нам усім слесар Рэчыцкага мукамольнага завода Салавей Фёдар Антонавіч, якога летам 1938 года арыштавалі, зняволілі і толькі праз дваццаць гадоў рэабілітавалі?

Рана абарвалася жыццё Салаўёвай Ніны Аляксееўны, рабочай запалкавай фабрыкі ў Рэчыцы. Яна расстраляна ў 1943 годзе як член партызанскай сям’і. На другім годзе жыцця скончылася салаўіная песня і яе сына Віктара.

Недзе ў Латвіі магілка нашага рэчычаніна з вёскі Хацецкае Салаўёва Міхаіла Ягоравіча. Дзям’ян Салаўёў і Павел Салаўёў з Рэчыцы ў вайну прапалі без вестак.

Дык спяшайцеся, жывыя Салаўі—Салаўёвы, скласці сваю мелодыю, каб яна падабалася вам самім, каб яе хацелася слухаць вашым дзецям, унукам і праўнукам, каб яны прадоўжылі яе. А калі пашанцуе, то сягніце і ў больш далёкую будучыню — да вашых прапранашчадкаў. Бярыце прыклад з прыродных салаўёў. Ды ўслухайцеся ў філасофскія радкі знакамітага рускага паэта Мікалая Асеева, якія ён склаў пра маленькага салаўя з вялікім голасам:

Песне тысячи лет, а нова:

будто только что полночью сложена;

от нее и луна, и трава,

и деревья

стоят завороженно.

 

Песне — тысячи лет, а жива:

с нею вольно и радостно дышится;

в ней почти человечьи слова,

отпечатавшись в воздухе, слышатся.

Паэт правільна прыкмячае, што стары спявак-салавей услаўляе бяссмерце пачуццяў. І не дай жа Бог сціхне гэта песня, тады нашы сэрцы разаб’юцца, закамянеюць. Хіба выжыве свет, калі душы людскія не будуць крылатымі?

 

Пеўневы танцы

Едзем у Заходы.

У машыне — вясёлая кампанія. Здаецца, легкавушка не каціцца па асфальце, а ляціць паміж строяў дубоў, сярод зялёнай руні, па вясковых вуліцах. Завадатар гаворкі — чарнявы чалавек, як бы не з тутэйшых. Ён, дырэктар прадпрыемства Рэчыцкіх электрасетак, нібыта ўлавіў маё сумненне, паспавядаўся для знаёмства:

— Родам я з Рудабелкі. Чатыры браты ў мяне. І кожнага бацька ўзнагародзіў сваім прозвішчам — Пятух. Ніхто з нас не петушыцца. У інстытуце мяне ўсё блыталі. Называлі то Пётух, то Пятух. Цярпліва тлумачыў усім: «Я — Пятух».

Аляксандр Аркадзьевіч залівіста смяецца, ад чаго твар яго робіцца яшчэ маладзейшым, і далей прызнаецца:

— Дзве мае дачкі крыху саромеліся прозвішча, як вучыліся ў школе. Я іх супакойваў: «Мужы памяняюць вам прозвішчы, а Пятух — гэта маё да скону...»

Мне прыемна было, што чалавек даражыць сваім прозвішчам, нават ганарыцца ім. Мы ўсе разам пачалі думаць-гадаць: чаму ў нашага спадарожніка такое прозвішча? Можа, яго продак быў задзірысты, як певень? Мо гэткі ж прыгожы, галантны, меў багата каханак, танцаваў каля іх? Можа, той далёкі чалавек-певень быў будзілам-будзільнікам для сяльчан, не прасыпаў ранішнюю зорку, меў багата дзяцей? Можа, сівы продак быў такім панам, пра якога казалі: «На сваім сметніку і певень — пан»? Можа, біўся, як певень, за сваіх хатніх курчат?

Галоўнае, што сённяшняга Петуха паважаюць і любяць саслужыўцы, родзічы, сябры з усяго раёна. У дзень юбілею Аляксандра Аркадзьевіча яны праз газету «Дняпровец» выказалі яму сваю пашану:

Вас поздравляем с торжеством,

Желаем радости и счастья!

Пусть будет полной чашей дом,

Погода в доме — без ненастья.

Пусть каждый день добро несёт

И радость будет безграничной,

Всегда, везде, во всём везёт

И будет всё отлично!

Далучым да родзічаў Петуха рэчыцкіх Пеўневых, Пеўняўцоў, Петуховых, Петушэнкаў. Сюды просяцца Какашэнкі, Кочатавы, Качатковы (кокат, кокаш, кочат — певень). А яшчэ — Галаган, Галаганаў (галаган — назва пароды курэй з цыбатымі нагамі).

Певень не быў бы такім галантным, фізкультурным, напеўным, каб не яго каханкі-куры. Паміж імі, кажуць, як знесена яйка, адбываецца такая размова:

— Цяпер хоць куды, куды, куды! Хоць куды!

— Толькі тае бяды! Толькі тае бяды!

— Цяпер хадзем шукаць якога зярняці!

— Усе ку-рач-кі ту-та-ка?

— Сце-ра-жы-це-ся!

— Ніякага чорта няма, дак чаго ж вы баяліся? Ку-ка-рэ-ку-у-у!..

Мне асабліва падабаецца, як певень ухажорыць каля курыцы. Пастуквае крылом каля нагі, фарсіста прытанцоўвае. Маўляў, зірні, які я кавалер, моцны і прывабны. Можа, ад гэтага незвычайнага заляцання, якое даспадобы многім мужчынам, хлопцам, і пайшлі мянушкі-прозвішчы: Курач, Курчын (курча — куранё), Курчанаў, Курачкін, Курленка, Куркаеў, Курык, Куратнікаў, Курачоў (курач — курыца, якая не нясецца і мае выгляд пеўня), Куркоў, Курковіч.

Толькі не падумайце, што я даў вам яечка, ды яшчэ і аблупленае. У кожнага прозвішча — свая легенда, гісторыя, сваё адценне, свой шлях ад вытоку да сучаснай плыні. Курык, напрыклад, нібыта паходзіць ад мянушкі, звязанай з курой, куркай. А маскоўскі аўтар Тамара Фёдараўна Ведзіна даводзіць, што Курык, Курыкаў паходзяць ад імені Кірыла, Курыла. От і думайце, гадайце, хто ад каго ці ад чаго ўзнагароджаны сваім прозвішчам.

Цецерукоў называюць дзікімі пеўнямі. Можа, таму яны не такія абачлівыя, як свойскія пеўні. Калі цецярук кідаецца ў любошчы, то забываецца пра небяспеку, глухне ад пачуццяў. От, бывае, і кажуць на чалавека: «Глухі, як цяцера». У раёне ёсць людзі: Цяцера, Цецераў, Цяцерын, Цяцерыч, Цяцернік (хто ловіць цяцер), Цяцернікаў.

Хораша ўславіў рыцарства цецерука паэт Васіль Зуёнак:

Нотным кавалерам

Ходзіць па чысціку,

Ля малодкі шэрай

Сцелецца лісцікам:

О з цяцер цяцера, перад боем

Прысягаю пер'ем:

Станеш маёю!..

У сям’ю курыных птушак прыпісваюць апроч цецерукоў і глушцоў яшчэ і рабчыкаў, і перапёлак. Ад іх рэчыцкія прозвішчы: Перапёлка, Перапёлкін; Рабчыкаў, Рабчанкаў.

Пішу гэтыя радкі, а да нас стукаецца ў дзверы новы год — год Пеўня. Як толькі не называюць яго: і цар-птушка, і сонца-будзільнік, і ахоўнік-вартаўнік, і воін-храбрэц. У Кітаі чырвоны певень — упрыгожанне сцен дома, талісман, абаронца ад пажару. У некаторых індускіх плямёнах Цэнтральнай Амерыкі лічаць, што душы мужчын і жанчын пасля заканчэння зямнога жыцця перасяляюцца ў пеўня і курыцу. Славяне лічаць, што без пеўня не будзе ладу ў гаспадарцы. Вось і называлі яго гаспадаром: «Ходзіць князь па гародзе», «Ходзіць цар па градзе».

Дык радуйцеся, людзі, што сярод вас жыве Певень, Пятух, што вы працуеце, сябруеце з ім. А вы, Пеўневы, трымайце гонар цар-птушкі!

 

Бусел і журавель

— Калі бурылі гнёзды буслоў, то ў тых людзей быў вялікі пажар, — сцвярджае Любоў Восіпаўна Міхалка з в. Чырвоная Дуброва.

— Калі бусел ляцеў, у яго пыталіся пра надвор’е: «Бусел, бусел-калода, што заўтра будзе — дождж ці пагода?» Калі ён пачынаў махаць крыламі, спадзяваліся на ападкі, а калі лунаў над зямлёю, нерухома распасцёршы крылы, гэта значыла ясную пагоду, — у гэта верыла і Надзея Сцяпанаўна Скромная з Рэчыцы.

У нашых Шоўкавічах казалі:

— Дзе бусел гняздзіцца, там заўсёды дабро вядзецца. Бусла грэх убіваць, бо ён быў калісь чалавекам.

Бусел, адным словам, — свойская птушка, сімвал нашай краіны. Каля людзей жыве, сямейнай вернасці іх вучыць. Дзяцей любіць, дзеля іх гадзінамі ходзіць па балоце, шукае, ловіць для іх далікатэсы — жаб, яшчарак, вужоў. Маўклівы, цярплівы, рахманы. Калі радасна яму, закіне галаву на плечы, убачыць высокае неба і клякоча: для сябе, для бусліхі, для буслянят.

Можа, калі такімі якасцямі валодаў чалавек, то яго клікалі Буслом? Ад мянушкі і пайшлі рэчыцкія прозвішчы: Бусел, Буслоў, Бусько, Бацян, Бацяноўскі, Буцько, Буцькавец (буцька па-ўкраінску — бусел).

Братам буславым я б назваў жураўля. Гэткі ж даўгалыгі, цыбаты. Толькі ў касцюмчыку з іншага атэлье. Бусел адзяецца ў чорна-белае, у чырвоныя боты, каб людзі здалёк прыкмячалі яго. А журавель, наадварот, ва ўборы шэра-чорным, пад глухія балоты, альсы, у якіх ён гняздуецца. Голас у яго звонкі, трубны. Курлыкае на ўсё наваколле: «Кірыла!.. Кірыла!.. Скры-віў-віў-віў!..» Кажуць палешукі, журавель як пачне крычаць, дык усякае Божае стварэнне пачынае варушыцца ў балотных нетрах.

Ад жураўля, думаецца, пайшлі прозвішчы: Жур, Жура, Журэнка, Журкін, Жураў, Журавель, Жураўкоў, Жураўлёў, Жураўлевіч, Жураўскі, Журко, Журкоў, Журо, Журавін, Журовіч, Журок, Журакоўскі.

Адны лічаць, што Жур, Жура, Журкін, Журэнка — ад памяншальнага журавель, другія, што ад украінскага жура, джура — казацкі слуга-збраяносец. Пісьменнік Уладзімір Юрэвіч мае сваю думку: «Жур, Жура — ад слова жур, што азначае кісель ці страву ў выглядзе крышанага хлеба ў сырой вадзе, па-руску «тюря».

Як бы там ні было, яшчэ раз хочацца адзначыць: бусел і журавель — птушкі-радня. Яны, бывае, радняцца і ў людзях.

У Рэчыцы я сустрэў майстра спорту Наталлю Аляксандраўну Жураўлёву, якая вучыць дзяцей плаванню ў басейне «Алімп». І першае, што мне закарцела спытаць:

— А ці ўмеюць жураўлі плаваць?

Жураўлёва задумалася:

— Відаць, могуць. У іх лапы шырокія. У балотах гаспадараць, там глыбока...

І раптам Наталля Аляксандраўна прызналася:

— Я ж у бацькоў Буслам была.

— Як?

— Бацька Аляксандр і дзед Цімафей — з Вятхіня, прозвішча ў іх — Бусел. Дзед вельмі хацеў «аперыцца», займець сваё гняздо. Ездзіў нават у Амерыку зарабляць грошы. Пасля млын-вятрак збудаваў. З-за яго і загрымеў далёка ад дому...

— А як жа вы Жураўлёвай сталі?

— За Сяргея Жураўлёва замуж выйшла. Ён добры, але не сямейнік. У небе лётаў, у марах, пасля і зусім зляцеў у вырай. У мяне, Бусла, сына Жураўлёва пакінуў...

Скажам шчыра, у птушак прыродных так не бывае. Яны трымаюцца сваёй сям’і, сваёй чарады, верныя ў пачуццях і свайму радаводу, свайму клану. Помню маміну байку пра лебядзіную вернасць. Па нейкай прычыне загінула лебядзіха. Яе закаханы смяртэльна засумаваў. Некалькі дзён сядзеў ля возера. Не браў яды. Пасля шырока ўзмахнуў крыламі, узняўся ў неба. Упаў адтуль каменем і разбіўся.

Якія аповесці кахання і жыцця склалі нашы Лебедзевы, Лебядзевічы, Лябёдкіны, Лябедзькі, Лябедзькавы? Адкрыйцеся хаця б сваім дзецям. Хай зразумеюць урокі радні. Хай дойдуць да іх мудрыя пажаданні балгарскага паэта Андрэя Германава, якія ён паслаў адсталаму ад выраю буслу:

Ляці з раднёй! Праз боль пакут крыляй бязмежжа сіняга прасторы!

Зваліся каменем, разбіся ў моры,

але — ляці!..

 

Зязюліны дзеці

Жывуць у Рэчыцы Зязюля і Зязюлін (у рускім напісанні Зезюлин и Зязюлин). Відавочна, што яны нашага, палескага паходжання. Але ж у Расіі наша зязюля называецца кукушкой, а ў асобных рэгіёнах — загоской, зегзицей, зозулей. У Татарстане — кеккух. Адсюль і прозвішчы: Загоскін, Загоскаў, Зягзіцаў, Зазулеў, Зазулік, Зазуля, Кукушэўскі, Кукушачкін, Кукушкін, Кекух. Гэты букет прозвішчаў далёка не поўны, бо ў прыродзе існуе каля 150 відаў зязюлепадобных птушак. І ніхто яшчэ ніколі не збіраў усе іх назвы, якія існуюць у розных народаў.

Вядома, што зязюля — прызнаная гераіня фальклору, розных баек і небыліц. Мне падабаецца легенда, як аднойчы птушыны цар Кук не вярнуўся ў сваё гняздо. Ён быў абаронца ўсіхны. Што ж цяпер рабіць?

Рашылі птушкі адправіць зязюлю шукаць свайго заступніка, бо ў яе і гнязда няма, і дзяцей няма. Спалохалася зязюля і знесла яечка. Стала жаліцца:

— Куды ж мне яго цяпер? Не магу ляцець ў далёкую дарогу.

— Пакладзі сваё яечка ў любое гняздо, — вырашылі птушкі. — Хто будзе сваіх птушанят гадаваць, той і тваё дагледзіць.

З таго часу і лётае зязюля па лесе, шукае, кліча птушынага цара Кука:

— Ку-ку!.. Ку-ку!..

Да яе крыку, да яе спеваў людзі прывыклі. І як толькі пачуюць, пачынаюць лічыць сабе гады. Просяць, каб паболей накукавала. А дзяўчаты варожаць з дапамогай зязюлі. Як да пары кукуе, то тая, якая слухала і лічыла, можа выйсці замуж, а як жа не да пары, то яшчэ пасядзіць у дзеўках.

Часлаў Пяткевіч у сваёй кнізе «Рэчыцкае Палессе» піша: «Як толькі ўвесну пачуецца голас зязюлі, нічога на двары нельга есьці, бо захварэеш на ліхаманку. Тыя, хто жадае на працягу года мець грошы, носяць увесну некалькі медзякоў у кішэні, і калі зязюлька адзавецца, пазвоньваюць імі».

Зязюліна кукаванне пераасэнсоўваецца і ў чалавечых адносінах. Кажуць небараку: «Будзеш ты кукаваць... Закукуеш, як воўк з’есь астатнюю кабылу, як у дарозе зломіцца кола, як хата згарыць...»

Чуў у Сведскім такое прызнанне: «Чалавек памёр, а бедная ўдава кукуе з дробнымі дзеткамі».

Можа, ад такіх жыццёвых хібаў і прыліпала да пэўнага чалавека клічка Зязюля. А яго дзеці ўжо зваліся Зязюліны.

Але, відаць, галоўным вызначэннем пры назве чалавека Зязюлем было тое, што самец кукуе, а самка тым часам падкладвае ў чужыя гнёзды свае яйкі. Вучоныя падлічылі, што зязюля-гулёна выкарыстоўвае для сваіх яек гнёзды каля ста відаў птушак. Сярод іх — белая сітаўка, лясны свірстун, малінаўка.

А ў жыцці?

Беларускія бацькі-зязюлі напладзілі звыш сарака тысяч дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў. Гадуе іх дзяржава ў школах-інтэрнатах, дзетдомах, дамах дзіцяці. Толькі ў Рэчыцкім раёне такіх школ сем. Сацыяльныя сіроты — наш усеагульны боль і сорам.

Вядома, што акрамя зязюль яйкі ў чужыя гнёзды падкідваюць многія качкі: чубаты нырок, нырок-сівак, качка-крыжанка... Дык дапішам у зязюліны сваякі Качара, Качуру, Качурына, Качурынскага, Качэню, Качэнава (качаня па-ўкраінску — качэня), Селязнёва, Уткіна, Чыркова, Чыркуна.

А цяпер паслухаем песню Таццяны Белавус з вёскі Будка ды пра многае-многае падумаем:

Завівала мяне мамка, завівала,

Ды ў лузе зязюлечка, ох, да кукавала,

Кукавала, ды што ж яна, кукуючы, гаварыла?

Што не будзе так у свёкра, як у мамкі,

Як у таткі, да не будзе ў свякрухі.

Ох, як у мамкі...

 

Вырай

У краіну чалавечых прозвішчаў, як у вырай, прыляцелі шматлікія птушкі. Вырай іхні аказаўся вечным, як радаводы людскія. А па іх, птушыных прозвішчах, мы цяпер даведаемся, якія пярнатыя жылі і жывуць у нашых лясах, балотах, каля азёр, рэчак, у дворышчах нашых. Ды яшчэ мучаемся ў здагадках: чаму нашы людзі займелі некалі птушыныя прозвішчы? Яны што, былі падобныя на іх? Вялі вобраз жыцця птушыны? Мелі іх звычкі, нораў?

Здогады, відаць, так і застануцца здогадамі. А мы толькі падсумуем, якія птушкі аселі ў выраі прозвішчаў рэчычан.

Пра чалавека-гусака, які мае нетаропкую хаду, валюханне, можна сказаць: «Гусь лапчаты». Мы ведаем народныя выслоўі: «Сэрца, як у гусака, маленькае, а пячонка вялікая», «Сёмка ўкраў парасёнка, а сказаў, што гусёнка», «З цябе бяда, як з гуся вада». Не ведаю, ці можна так сказаць пра нашых Гусакоў, Гусаковых, Гусевых, Гуськовых, Гусёнкаў, Гусяцкіх, але ж яны сярод нас, частка нас, яны з намі.

Пра індыка ёсць дражнілка: «Індык-булдык спусціў кішку ў гладышку». Кажуць, калі такое сказаць птушцы, яна злуецца, нешта балбоча, можа пагнацца за крыўдзіцелем. Што тады гаварыць пра чалавека Індзярэкіна, Індучнага, калі ён пачуе пра сябе такія крыўдныя словы? У гэту сям’ю птушак просяцца Пырко, Пырковы (у Даля пырка — індык), Труханы, Трухановічы, Труханоўскія (бо індык па-украінску — трухан). А можа, гэтыя прозвішчы ад мянушкі чалавека жвавага, хуткага, рухавага, які хадзіў подбегам, трухаў?

На нашых рэчыцкіх балотах раней было процьма бакасаў (па-іншаму — чапец), кулікоў, гогалеў (самцы дзікіх качак), дзеркачоў, чапляў. Яны нарадзілі прозвішчы: Бекасаў, Чэпік, Кулічок, Кулік, Кулікоў, Кулічкоўскі, Гогаль, Драчоў, Дзяркач, Дзеркачоў, Чапля, Чаплін, Чаплінскі. Кожны з іх, як і кулік, сваё балота хваліць, кожны па-свойму «абжыў» сваё прозвішча. Пра Гогаля добра сказаў яго сябар Павел Нашчокін:

— Если вы и птица, Николай Васильевич, то — небесная!..

Варон і вераб’ёў сустракаў ва ўсіх краінах, далёкіх і блізкіх. Яны жывучыя, жвавыя, як бы ў пастаянным пошуку наедку. Але гэта толькі на першы погляд. Вучоныя ведаюць, што вароны валодаюць больш як ста рознымі закадзіраванымі гукамі, якімі яны размаўляюць паміж сабой і з іншымі легкакрылымі. От і кажуць: «Бывала, што й варона кукавала...» А верабей, па-народнаму — канаплянік, увесь час чырыкае: «Жыў, жыў, жыў!..» Як бы не можа нарадавацца Божаму дню.

Ад гэтых птушак і прозвішчы нашы пайшлі: Варона, Вараненка, Варанец, Варонкін, Воранаў, Варановіч, Варанцоў, Варанюк, Варонін. У Расіі даўней лічылася дваццаць два дваранскія роды Вароніных. Існавала і мірское імя Варона. Яно магло стаць мянушкай якога-небудзь пустабрэха, разявы, як у байцы І.А. Крылова «Варона і Ліса».

Верабей парадзіў свае прозвішчы: Верабей, Вераб’ёў (шмат у вёсках Камсамольск, Першамайск, у пасёлках Гарадок, Аколіца), Канаплянік, Канаплянікаў. Да гэтага сямейства прыпісваем Гаўрона (гаўрон у старажытнай мове — крумкач), Урублеўскага (врубел у Польшчы — верабей).

Пра голуба шмат чаго напісана. Яны ёсць дзікія і амаль ручныя. Яны і артысты ў цырку, і паштальёны. У час вайны галубы верна служылі ў разведцы англійскіх войскаў. Нацысты нават рыхтавалі спецснайпераў па адстрэлу гэтых разумных птушак. Для галубоў быў устаноўлены медаль за храбрасць. Сучасныя калекцыянеры ацэньваюць іх у 17 тысяч долараў. Хай ведаюць пра ўсё гэта нашы Голубы, Голубевы, Хулупы, Хулапы, Хулупавы (хулап — рэгіянальная назва палявога голуба).

У нас ёсць Дзятлаў і Жаўноў. Ці ведаюць усе, што яны радня. Кажуць: «Чорт бы дзятла знаў, каб не яго нос». Грыміць, стукае на ўвесь лес. На сябе наводзіць зявак, паляўнічых. Калі звычайны дзяцел чорна-бела-чырвоны, то жаўна — гэта чорны дзяцел. Ёсць беларускае паданне. Бог ператварыў чалавека-бортніка ў такую птушку за тое, што той не святкаваў у нядзелю, а выдзёўбваў у сасне борць для пчол.

Некаторыя птушыныя прозвішчы можна падаць без каментарыяў: Дрозд, Драздзецкі, Драздоў, Гракун, Галка, Галкін, Гракаў, Ластаўка, Касаткін, Сарокін, Сарока, Снягір, Снігіроў, Снегур, Гіль, Гілеў (гіль па-ўкраінску — снягір), Удодаў, Чыж, Чыжэўскі, Чыжык, Чыжук, Чыбісаў, Чайка, Чайкін, Чайкоў, Чайкоўскі, Шпак, Шпакевіч, Шпакаў, Шпакоўскі, Скварцоў, Шчаглоў, Шчаглакоў, Шчыгельскі.

У сініцы свой адметны радавод: Сініца, Сініцын, Сініцкі, Сінічкін, Кунцэвіч (у рускіх кунца — сініца), Сікорскі (сікорка па-ўкраінску — сініца), Рэмез (рэмез — птушка з роду сініц).

У радаводзе нашага вядомага вучонага-земляка з Ровенскай Слабады Віктара Уладзіміравіча Чэчата адны кавалі. Прадзед Сцяпан дасканала ведаў кавальскую справу, майстраваў знакамітым людзям замкі, куфры, зброю. Дзед Мікалай валодаў больш як пятнаццацю працоўнымі рамёствамі. Асноўнае — кавальская справа. Яе ён дэманстраваў на фордаўскім заводзе ў Амерыцы ў 1912—1914 гадах. Бацька Уладзімір — каваль, пячнік, шкляр, цясляр, садавод, пчалавод. А прозвішча Чэчат яны займелі ад назвы птушкі «чечет» (У. Даль), з сямейства вераб’іных. У Беларусі лічыцца рэдкай, залётнай птушкай. Жыве і гняздуецца ў Скандынавіі, Сярэдняй і Цэнтральнай Азіі, у Кітаі, Японіі. Але ж нашы Чэчаты звекавалі ў Ровенскай Слабадзе. Гэту вёску ўслаўлялі кавалі, а іх нашчадак Віктар Уладзіміравіч Чэчат — доктар педагагічных навук.

У радню да чэчатаў просяцца Чэчыкі і Чэчыкавы. Яны, відаць, маюць украінскія карані, бо па-ўкраінску чечик — тое ж, што па-руску чечет.

У выраі чалавечых прозвішчаў ёсць і птушкі-драпежнікі. Што ўзбудзіла людзей узяць сабе іх жыццёвыя знакі, прыкметы, рысы характару? Мо яны, як і тыя птушкі, хацелі быць моцнымі і непераможнымі, дужымі і хітрымі?

Памятаю з дзяцінства такі малюнак. Высока ў небе як бы завіс над нашым дваром шэры каршун. Куры з перапуду бягуць у хлеў, квактуха з куранятамі — у бульбоўнік, певень падае трывожныя сігналы і выбірае сабе схованку. А мы, дзятва, шлём драпежніку свае праклёны, пускаем у яго каменьчыкі з рагатак. Каршун-хітрун бачыць, што яго засеклі з зямлі, тут жа кіруе ў бок дубняку. Я тады яшчэ не ведаў, што сярод людзей ёсць прозвішчы Каршак, Каршакоў, Каршуненка, Коршукаў, Шуляк, Шулякоўскі (шуляк — каршун), Ястраб, Сакаленка, Сакалінскі, Сакалоў, Сакалоўскі, Сакалюк, Арлоў, Арлянкевіч, Арлоўскі.

У Рэчыцкім павеце ў XIX стагоддзі жылі нашчадкі Арлоўскіх герба «Юноша». У іх родзе ў свой час былі ротмістр харугвы пазнанскай, аканом, стражнік ВКЛ, калежскі асэсар, настаўнік Ноўгарад-Северскай губерні.

У сям’ю «драпежных» упішам: Кобецаў (кобец на Украіне — кобчык, шулёнак, невялікая птушка сямейства сакаліных), Лунь, Лунькоў, Лунёк, Лунін, Лунцэвіч, Сарычаў (лунь, сарыч — з сямейства ястрабіных), Пугач, Пугачоў («Ноччу дзіка вухкаў пугач»), Соўка, Сава, Савенка, Савянкоў, Савянок, Савін, Савянчук, Савіных («Пабачыў у жыцці саву смаленую»), Сыч, Сычоў, Сычыкаў, Сычэўскі, Сычкоў, Куган.

У радню да людзей-птушак просяцца: Пяровы, Пяроўскія, Поклады, Дзюбкіны, Дзюбко, Клюевы, Клюі, Клюйко, Крыловы, Крыльцовы, Крылатавы, Птушко, Пташнікі, Пцічнікі.

У Аляксея Пысіна чытаем:

Ляцелі жураўлі ад цёплых плёсаў,

Раняючы то крыкі, то пяро...

Птушкі падаравалі нам, людзям, свае імёны. Мы носім іх у прозвішчах. І нам, а не птушкам, вырашаць, хто мы, якія мы, што нясём у свет, бо мы ж людзі!

 

З крыламі, а не птушкі

Сярод рэчыцкіх прозвішчаў нямала такіх, якія паходзяць ад насякомых. Не хацелася іх вылучаць асобна, хай будуць у гэтым раздзеле. Падумаў, яны амаль усе, як і птушкі, маюць крылы, лятаюць. Памерам, намерамі не сыходзяцца, дык што ж, усё у белым свеце неардынарнае, усё пад Божым наглядам.

Вучоныя налічваюць за трыста тысяч розных відаў жукоў. Сярод іх — хрушч, красацел, вадалюб, насарог, скакун, карапузік, святляк, шчаўкун, маруднік, златка, блішчанка. Іх прыкметы, якасці ўкладваліся ў пэўныя мянушкі людзей. Так і атрымаліся людзі з прозвішчамі Жук, Жукевіч, Жукаў, Жукоўскі, Жукаўчэня, Жукатанскі, Жукавень, Жукавец, Жуковіч, Жучкоў.

Жук, Жукаў уваходзяць у сотню самых ужывальных прозвішчаў. Непадалёк ад іх стаіць прозвішча Камароў. Можа, таму, што жукі і камары ці не самыя распаўсюджаныя насякомыя на зямлі?

Па камарах людзі распазнаюць надвор’е. Калі яны таўкуць мак — распагодзіцца. Калі камары сляпцом лезуць у вочы — будзе дождж.

Камары найбольш вядомыя як надалызы. І перш за ўсё сваімі спевамі. Як хоча напіцца крыві, то нястомна, жаласна просіць: «Дзядзечка, цётачка, дай, дай, дай!..» А напіўшыся, кажа: «Бзду-у-у-ун...»

Не ведаю, ці маюць такі характар нашы Камары-Камаровы, але сярод іх шмат прыстойных, добрых людзей. Гэта насякомае ўслаўлена ў прозвішчах Камарэнка, Камарынскі, Камарніцкі, Камароўскі, Камаровіч, Камарыкаў, Камарыцкі, Камарнікаў, Камарскі.

Муха таксама «напладзіла» шмат прозвішчаў: Муха, Мухін, Мухо, Мушык, Мушко, Мушкоў, Мушкавец. Але не думайце, што з гэтым насякомым усё так проста. Напрыклад, у некаторых рускіх рэгіёнах вялікую пакаёвую муху называюць паплеўкай. Дык у нашай в. Заходы жывуць Паплеўкі. У народа комі Мухін — гэта Гутаў. А ў Рэчыцы жывуць Гутоўскія. Цікава, які іх радавод, як яны расшыфроўваюць сваё прозвішча?

Заўважым, у нас часта суседнічаюць беларускае і рускае вымаўленні прозвішчаў. Гэта яшчэ раз сведчыць, што лёсы двух славянскіх народаў пераплецены і каранямі, і галінамі. Калі ласка, у нас ёсць Прус, Прусенка і Таракан з Тараканчыкавым. Ёсць Чмель, Чмялінскі і Шмялёў, Шмялеўскі, а яшчэ Шчэмелеў (у слоўніку У. Даля шчэмель — чмель).

Не ўсе, відаць, Бугароўскія, Здрокі, Буты, Бутовічы, Бутоўскія, Буткоўскія ведаюць, што яны радня. У розных народаў бугор, бут, здрок — гэта авадзень. Ці здагадваюцца Камашкі з в. Сведскае, што камашка ў рускіх — гэта мошка, казюрка? Радніцеся з Камашнікавымі, Казюлічавымі, Казекамі, Мошкінымі, Машковымі.

Яшчэ некалькі насякомых увекавечаны ў прозвішчах рэчычан. Яны не патрабуюць тлумачэнняў: П’яўка, Казяўкін, Мураўёў, Муравейнікаў, Мурашкін, Мурашкевіч, Свярчкоў, Саранча, Саранчук, Клешч, Кляшчоў, Клешчанка, Клешчанок.

Самабытны фалькларыст Часлаў Пяткевіч піша ў «Рэчыцкім Палессі»:

«Паляшук, узвышаючы пчалу над усімі насякомымі і птушкамі-вяшчункамі, даходзіць амаль што да яе культу. Забіць якую-небудзь прывілеяваную птушку толькі грэшна ці вялікі грэх, але наўмыснае забойства пчалы — гэта вельмі вялікі грэх; нават ненаўмысна забіць пчалу лічыцца злачынствам.

Пчолка разумнейшая за ўсякую муху да за ўсякую казяўку, якія толькі есьцека па сьвеце. Хаць як далёка няхай паляціць за мёдам, то ніколі не заблудзіць да заўсёды вернецца ў свой улей, да не ў чужы, хаць няхай іх будзе Бог знае сколькі.

Грэх казаць, што пчолка здохла. Пчолка памірае. Пчала дае воск на сьвечкі, якія запальваюцца перад абразом у хаце і, што яшчэ больш важна, у царкве».

Помніце пра гэта, нашы дарагія рэчычане Пчолкіны, Пчоліны, Пчольнікавы!

 

XI - ХАТА

 

Стаіць пад вярбою старэнькі дамок — Маленства далёкага хата.

Цячэ ручайком над страхою дымок.

Гляджу і маўчу вінавата.

Уладзімір Мазго

 

 

Хто ў хаце гаспадар

Чытаў у архівах «Рэвізскія сказкі». Яны ўяўляюць сабой ведамасці паселішчаў, якія ўваходзілі ў склад панскіх маёнткаў. Не паверыце, тыя паперы падаліся мне сапраўднымі казкамі. Па іх можна даведацца, хто жыў, скажам, у вёсцы Крапіўня сто пяцьдзесят гадоў назад. Стараннай рукою пісара засведчаны ўсе сямейныя вывадкі: колькі ў хаце было людзей, іх узрост, іх роднасныя адносіны адзін да аднаго. Па тых дакументах можна вывучаць генеалогію родаў: хто каму швагер, дзевер, залоўка, браціха, дзядзіна.

Падобную радасць перажыў, калі вывучаў прозвішчы маіх рэчычан. У іх, як энергетычны код, зафіксаваны і захоўваюцца вякамі ўсе сваяцкія повязі. Бліжыцай называюць мае землякі сваячку. Дык вось, у нашых прозвішчах — пячатка міжродавай сваяцкасці, нашых кроўных адносін. Усе мы радня, родныя, аднаго роду-кораня. І гэта аксіёма засведчана ў прозвішчах Радноў, Родзін, Родзіна, Родзіч, Бязроднаў.

Баба, бабуля — адна з паважаных асоб у сямейным клане. Але бабай называюць і маладую жонку, і тую жанчыну, якая бабіць, прымае роды. А калі ў самой павітухі з’яўлялася дзіцё, то яго звалі бабічам. Бабскім абзывалі мужыка нядужага, слабага. Бабінія — рэзідэнцыя султана. Пра бабу шмат прымавак у народным фальклоры: «Дзе чорт нічога не зможа, туды бабу пашле», «Бабу не перагамоніш, яе і сабакі не перабрэшуць», «Козы — не тавар, а бабы — не людзі». Ды як бы там ні казалі, а без бабы няма жыцця на свеце. Гэта могуць пацвердзіць усе мае рэчычане, якія носяць прозвішчы Бабанаў, Бабась, Бабенкаў, Бабенка, Бабіцкі, Бабіч, Бабічаў, Бабкін, Бабушкін, Бабчонак, Бабін, Бабанкоў, Бязбабіч, Каргін (карга — старая баба).

У адным рангу з бабай стаіць дзед. Праўда, дзедам маглі зваць і занадта сур’ёзнага, не па гадах разумнага хлопца, альбо з белымі валасамі, ці буркатлівага, як дзед. На Урале дзед — знахар, а на поўдні Расіі — жабрак: «Вот дед придет, в мешке унесет». А хто нашы Дзедзікі, Дзедзікавы, Дзядковы, Дзедавы, Дзядовічы, Дзядулі?

Муж і жонка, хто складвае аснову сям’і, таксама засведчаны ў нашых прозвішчах. Але ж трэба ўлічыць, што яны адначасова і бацька, і маці. Адсюль і прозвішчы: Мужэнка, Бацюк, Бацічкін, Бацюня, Бацькоў, Татульчанка, Папінаў, Папін, Папенкаў, Матачкін, Матчанка, Жонкаў, Траянскі, Траянаў (бацька траіх блізнят).

Ёсць нават Безмацерных (мо не толькі жыў без маці, а і без мацюкоў?) і Паніматка (ці гэта чалавек багата «панімаў», разумеў, ці слова пайшло ад паважлівага звароту да мамы — пані Матка?). А ў Буда-Кашалёве я сустракаў чалавека з таямніча-загадкавым прозвішчам Паўтарабацька.

Асобымі азначэннямі праходзяць у прозвішчах дзеці. Якой толькі пяшчоты не выказваюць бацькі ў адрас сваіх нашчадкаў! Здаецца, усе іх сардэчныя словы ўвекавечаны ў самых надзейных сямейных архівах — прозвішчах: Асеннікаў (дзіцё, якое нарадзілася восенню), Адзінец, Адзінцоў (адзінае дзіцё ў сям’і), Першын, Пярштук, Втарушын, Другай (другое дзіцё ў сям’і) і далей па ліку — Трацяк, Трацякоў, Пяткевіч, Пяткун, Шастак, Шастакоў, Шаставец, Семакоў, Дзевяцяроў, Дзевяцін, Дзевяткін, Дзевяшын, Дзесятаў.

Сем’і некалі былі шматдзетныя, не тое, што цяпер. От і прыдумлялі дзецям мянушкі, якія пазней сталі іх прозвішчамі: Меншых, Мяньшоў, Меншыкаў, Меншыкін, Мезенцаў, Ніжнік, Свяжынкін, Хлопчык, Прынеслі, Позднеў, Пазняк, Пазднякоў, Паздноў, Ранні, Азімаў (нарадзіўся перад зімой), Зімніцкі, Зімоўскі, Пястун, Пестуноў, Здольнік, Здольнікаў, Чэкан, Жадан, Ждан, Жданаў, Хацян, Хацюхін, Хацянцоў. Усе яны — жаданыя ў сям’і, іх чакалі, хацелі, ім наканоўвалі, прадказвалі сваю долю. Таму ёсць і па сённяшні дзень людзі з прозвішчамі Долін, Далінскі, Далінчук, Доля.

У народзе кажуць: адзін бацька гадуе пяць сыноў і не скардзіцца, а пяці сынам цяжка даглядаць аднаго бацьку. От з такіх сыноў і выходзілі Бяздомнік, Блатун, Бязлюдаў, Бяспомачнаў, Беспразваных, Тукач.

Прымака ў гумарных Аўцюках называюць прыблудам, навалаччу. У прозвішчах маіх рэчычан гэты родзіч вызначаны па-свойму: Прымачэнка, Зяцікаў, Галяк, Галыш, Галапятаў, Брадзягін, Прыходзька, Прывалаў, Сяміжон. З такіх насміхаюцца: «Іван, твая хата гарыць». — «Хай гарыць, пайду жаніцца ў суседнюю вёску». Пацвельваюць з прымака: «Пайшоў бы да сваёй мілай, да не знаю, дзе жыве...»

А вось мае рэчычане абвяргаюць усе нагаворы на прымакоў. Мікалай Сяргеевіч Прымак працуе вадзіцелем ужо амаль два дзесяткі гадоў. Падчас уборкі перавозіць да тысячы тон зерня. Удзельнік свята «Дажынкі». Яго, статнага і моцна складзенага, ахвотна фатаграфуюць карэспандэнты. Ён — прыкладны сем’янін.

Ёсць прозвішчы, у якіх вызначаны іншыя роднасныя стасункі: Сынаў, Мачахін, Дзеткаў, Дзяцінкін, Шурыкаў, Блізнец, Блізняцоў, Блізнюк, Унукаў, Унукоўскі, Братчук, Браткоўскі, Братачкін, Семібратаў, Братухін, Братусь, Брацянкоў, Брацікаў, Брацішчаў, Дзядзюля, Дзядзюхін, Дзядзькаў, Дзядзюн, Дзядзель, Кардаш, Кардашоў (у татар — равеснік, аднагодак, брат), Недалучын, Паненка, Удавенка, Удовін, Отчын.

У асобую катэгорыю вылучаны людзі з сіроцкай доляй, з сем’яў палавінчатых, пазашлюбныя дзеці. У прозвішчах закладзены і гэты адбітак чалавечых лёсаў: Палавінкін, Палавінка, Почапень, Дзевін, Сіроцін, Сіроткін, Сіротка, Сірата, Васпітанік, Байбусынаў, Апякун, Бахурэвіч (бахур — пазашлюбнае дзіця), Знайдзёнаў, Найдзенка, Найдзен, Найдзяновіч, Найдзёнаў, Бяздзетка, Няпомняшчы. Ёсць сярод рэчычан нават Саракалетаў, Сталетаў, Бессмяротны. Вось так!

 

Калі спявае душа...

За акном цярушыць сняжок. Павольна гуляюць сняжынкі ў паветры і апускаюцца на ўжо белую зямлю. Гаспадарыць зіма. А мне хочацца зазірнуць у тую далёкую-далёкую вясну, калі нашы прашчуры вырашылі пакінуць свае першабытныя пячоры і пасяліцца сем’ямі, займець сваю гаспадарку.

Дзе будавалі хаціны нашы продкі?

Адзін на пяску, другі — за лесам, трэці — за балотам, за бродам, чацвёрты — каля вады, пяты — за гарой ці каля гары. Хочацца верыць, што першыя прозвішчы і ўтвораны па назве той прыроднай мясцовасці, якую аблюбаваў новапасяленец. Вось і жывуць сярод нас у XXI стагоддзі Пяскоўскі, Бугроў, Балоцін, Балотны, Балоцкі, Забалоцкі, Забродскі, Забродзін, Сеглін (сегла — дрыгва), Пучынскі, Вадзяніцкі, Вадап’янаў, Ямаў, Ямачка, Гарыцкі, Гаралёў, Загароўскі, Загарук, Загорскі, Загорцаў, Нагорны, Падгорны, Падыпрыгара, Гураўскі, Гураў, Гурскі (гура па-польску — гара), Палявы, Палевікоў, Палевічэнкаў, Палянскі, Курган, Курганаў, Курганскі, Лугін, Лугінец, Лугінін, Лугоўскі, Лугаўскі, Лужанкоў, Лужкоў, Паплаўны, Паплаўскі, Нізоўскі, Каменеў, Каменка, Камнеў, Камянчукоў, Далінскі, Далінчук, Палясны...

Збіраліся, бывала, вось такія Селюкі, Селюковы, Сяліцкія, Селіны, Старасельцавы з Малаземавымі, Землянымі, Зямлянскімі, Глебавымі, і паміж імі, відаць, адбывалася такая гаворка:

— Што чутно?

— Хваліць Богу, не горш, як было.

— Як маешся?

— Сяк-так перакідаемся з дня ў дзень.

— Як дзеці?

— Слухаюцца, а куды дзенуцца.

Нашчадак адных з тых Запольскіх уславіў і Беларусь, і наш Рэчыцкі раён. На нейкім этапе жыцця іх род займеў яшчэ прыстаўку Доўнар. З ёй і ўвайшоў у гісторыю Доўнар-Запольскі Мітрафан Віктаравіч (1867—1934). Ён нарадзіўся ў Рэчыцы, вучыўся ў Кіеве, працаваў у Маскве, Харкаве, Баку, Мінску. Заснаваў і стаў дырэктарам першага ў Расіі эканамічна-адукацыйнага камерцыйнага інстытута. Стаў прафесарам, доктарам гістарычных навук. Напісаў кнігу «Гісторыя Беларусі», у якой упершыню абгрунтаваў канцэпцыю гістарычнага развіцця беларускага народа, падняў праблему неабходнасці нацыянальнага адраджэння Беларусі.

Цікава, якія продкі Запольскага натхнілі яго на навуковую працу, хто з іх перадаў яму па генах светлы розум, прагнае жаданне зазірнуць у сівую мінуўшчыну, калі людзі толькі-толькі станавіліся Запольскімі, Загорскімі, Забродскімі, Забалоцкімі? На гэтыя пытанні могуць адказаць гісторыкі, археолагі, архівісты. Мы ж, датыкаючыся да таямніцы прозвішчаў, паспрабуем убачыць тое жытло, дворышча, двор, селішча, сяло, гарадзец, гарадзішча, засценак, дзе атабарваліся нашы прародзічы. Там жылі Батракоў, Бязвуглы (не меў свайго вугла), Беднякоў, Арандатараў, Канцавы, Краеў, Пячэрскі, Пячэрны, Курэнскі, Шатроў, Шатровіч, Загародзька, Загародны, Загародкаў, Плятнёў, Буданок, Будноў, Будкаў, Куцень, Куценка (хто меў кут для жылля ў чужым доме), Куц, Куцко, Куцэнка, Куцэнкаў (куца — шалаш, хаціна), Хаткевіч, Хаткоўскі, Хатэнка (хто меў сваю хату, хто хацеў яе мець), Гародні, Гародны, Гаражанскі.

Леанід Пятровіч Дворнік, фотакарэспандэнт «Дняпроўца», паэт, кампазітар, спявак і ўвогуле добры чалавек, лічыць, што ўсе Дворнікі і Дворнікавы паходзяць ад яго дзеда Іосіфа. Тлумачыць:

— Разумееш, дворнік — гэта дваровы чалавек, музыкант, слуга. Ён жыў і працаваў пры багатым двары. А туды траплялі людзі здольныя, умелыя. Абы-каго не бралі, разумееш? Мой дзед служыў капельмайстрам у ваенным царскім аркестры. Быў маёрам. А бацька Пятро без левай рукі граў на баяне. Во якія Дворнікі!..

Каранасты, як крамяны грыб у дубняку, Лёня Дворнік пакратаў свае вусы, у якія закрадваецца сівізна, і сказаў з гонарам:

— У мяне таксама нешта ёсць ад дзеда і бацькі. Сотні песень напісаў для турыстаў. Была б гітара, агучыў бы...

У нашым раёне, пераканаўся, можна сустрэць прозвішчы, як кажуць, на любую тэму. Вось мы пабывалі ў розных людскіх паселішчах. А цяпер зазірнём у канкрэтны двор і вызначым, што адметнае ў ім ёсць. Зноў жа клічам у падмогу прозвішчы. У кожнага дварышча ёсць мяжа. Дык ёсць і людзі — Мяжэвічы, Загародзькі.

Кожны гаспадар мае патрэбу ў калодзежы. А вось і прозвішчы — Калодзежны, Калодзезны.

У двары абавязкова рабілі паветку (Паветка), лазню (Банько, Банькоў, Банчук, Банны, Баннік, Банюшка), пуню (Пунічаў), гумно (Гуманенка, Гуменнікаў, Гуменны), катух (Катухоў), пограб, падвал (Паграбіцкі, Падвальнік, Падвальнікаў).

У самой хаце ёсць важныя прадметы для зручнасці жылля. І яны адзначаны, увекавечаны: Акенчыц, Акінчыц (М. Бірыла дае гэта прозвішча з агаворкай: пры ўмове, калі «е» пераходзіць у «і»), Печка, Пячкоўскі, Печнікаў, Комін, Камінскі, Жарын, Жаркоў, Жараў, Пячуркін, Пячурын, Лаханскі, Лаханько (лахань — балея для мыцця адзення).

Мае палешукі любяць чысціню, прыгажосць. Помню, насупраць нас у Шоўкавічах жыла бабка Анэта. Удавой звекавала. А на старасці займела пажыццёвую рану. Дрэвам забіла яе дачку-прыгажуню Таню. Яе дзяцей-сіротак Шуру і Надзьку бабка падымала на ногі адна. Бедна жылі, амаль па-жабрацку. Але ўсё лета, да глыбокай восені ў агародчыку бабы Анэты цвілі самыя розныя кветкі. Мне запомніліся жоўтыя вяргіні.

А ўявіце: каля кожнай хаты — кветкі! І сярод людзей ёсць Квяткоўскі, Краскоў, Краскоўскі, Цвяткоў, Фіялкоўскі, Ружыцкі.

Прыгажосць, зробленая рукамі чалавека, прыгажосць прыродная акрыляюць чалавека, і тады яму хочацца спяваць, іграць, танцаваць. Добры настрой, як зерне, прарастае ў яго душы, і чалавек пачынае гуляць. Заўзятыя гулякі і ўзнагародзілі нашчадкаў прозвішчамі: Пагуляеў, Гулевіч, Гуляд, Гулідаў, Гулік, Гульчанка, Гулюга.

Сярод гулякаў вылучым: Співакова, Спевака, Пяўцова, Песенку, Баса, Басава, Танцурына, Танчыка, Музыкіна, Музычэнку, Музычку, Музычука.

А без дудкі, без дуды

Ходзяць ножкі не туды,

А як дуду пачуюць,

Тады самі танцуюць.

Так у фальклорнай песні ацэнены даўнейшы, любімы ў народзе музычны інструмент дудка, дуда. Той, хто рабіў дудку, хто ўмеў іграць на ёй, і перадаваў у спадчыну прозвішчы: Дударэнка, Дудзёнак, Дудзенка, Дудзік, Дудзін, Дудкін, Дудко, Дудаў, Дудараў Дудзяноў, Дудар, Дудкоўскі, Дуднік, Дуднічэнка, Дудчык, Дудзянаў, Трасцянка, Трасцянок (трасцянка — дудка з чароту; так называецца яшчэ і птушка).

Ёсць яшчэ музычныя прозвішчы ў маіх рэчычан: Скрыпка, Скрыпнікаў, Скрыпчанка (больш за трыццаць сем’яў), Смыкаў, Смык, Смычкоў, Бубен, Бубноў, Бубіч («Голы як бубен», «Даць бубна каму», «Як у бубен біць»); Сурма, Сурмач; Цымбал, Цымбалаў; Кабзар Кабзісты; Трубянёў, Трубянок, Трубіла, Трубіцын, Трубнікаў; Гусельнікаў.

Песня, душэўная мелодыя — ад Бога. Давайце ж, землякі, разам з прозвішчамі будзем берагчы Божы дар. Давайце будзем ісці па жыцці з узнятым настроем, аптымістычна. Навучымся гэтаму самі і перададзім дзецям нашым і ўнукам у спадчыну радасць жыцця.

 

Лапаціна

Лапата, рыдлёўка, жалязняк — неабходная «зброя» любога гаспадара. Пад лапату бульбу садзяць, лапатай грады робяць, даўней ёй канавы, каналы, сажалкі капалі. Шмат людзей з лапатай хадзілі ў заробкі, гэта была іх прафесія. Такія лапатнікі і ўзнагародзілі нашых сучаснікаў прозвішчамі: Лапата, Лапацін, Лапато, Лапатаў, Лапаценка, Лапацік, Лапатко, Лапаткін, Жалязняк, Жалезнякоў.

Пра аднаго з горыччу могуць сказаць: «Лапата быў, лапатай і застаўся». У іншага, калі ў нечым праяўляў сябе, і прозвішча як бы набывала новы сэнс.

Уславілі сваё прозвішча ў баях за Беларусь у Айчынную вайну і сталі Героямі Савецкага Саюза расіяне Георгій Дарафеевіч Лапацін, Антон Іванавіч Лапацін, Пётр Рыгоравіч Лапацін. Прызнаным вучоным-біёлагам стаў Ігар Канстанцінавіч Лапацін, выкладчык Беларускага дзяржаўнага універсітэта. З нашай вёскі Азершчына, што пад Рэчыцай, увайшлі ў энцыклапедыю Георгій Паўлавіч Лапато і Таццяна Карнееўна Лапаціна. Першы з іх, кандыдат тэхнічных навук, вызначыўся пры стварэнні сям'і універсальных электронных вылічальных машын і быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР.

Пра Таццяну Карнееўну Лапаціну пісалі ці не ўсе газеты Беларусі і Савецкага Саюза. Яе, простую сялянку, называлі самародкам, самабытным кампазітарам-аматарам, дзеячам самадзейнага мастацтва, кіраўніком Азершчынскага народнага хору. Яе голас даляцеў ажно да Масквы. Лапаціна спявала ў Крамлі. Атрымала высокае званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, была ўзнагароджана ордэнам «Знак Пашаны».

А дзед яе Яўхім і бацька Карней насілі прозвішча Лапата. Дзед звекаваў з ім, як і з лапатай, якой шчыраваў на зямлі ўсё сваё доўгае жыццё. Бацька Карней выбіўся быў у плытагоны. Ганялі дубы па Дняпры аж да Херсона. Адтуль, каб не плаціць тры рублі за поезд, ішлі пешшу. Некалькі пар лапцей стоптваў, пакуль вяртаўся ў Азершчыну. Усё бедаваў: «У што абувацца буду, калі ва ўрочышчы Сабычаў луцце закончыцца?»

Аднойчы плытагон Карней вярнуўся дамоў з прозвішчам Лапацін. Так яго запісалі ў арцелі. Нейкаму начальніку падалося, што Лапата гучыць абразліва для плытагона. Лапацінымі сталі дзевяць яго дзяцей. А ў тых дзяцей — пад тры дзесяткі сваіх дзяцей. Вось з іх Таццяна Карнееўна Лапаціна і арганізавала знакаміты Азершчынскі хор. Пазней у ім спявалі ўсе таленты вялікай прыазёрнай вёскі.

Расказвае дачка Лапацінай, адзіная яе спадчынніца Зінаіда Міхайлаўна Згурская:

— Натхніў мамачку спяваць яе бацька Карней. Загоняць плыты на Украіну, адтуль вяртаецца з новымі песнямі. Прадуць жанчыны кудзелю і падпяваюць Карнею «Слаўнае мора», «Стэп ды стэп кругом», «Кацілася зорка з неба». Прыпевак багата ведаў, народных мелодый. Усё гэта песеннае багацце, як самую дарагую спадчыну, перадаў сваёй дачцэ, а маёй мамачцы, Таццяне. Я аднойчы ўзялася прыгадаць песні, якія спявалі ў хоры Лапацінай. Налічыла больш за сто, а іх было — ажно за трыста...

Частымі гасцямі, як членамі сям’і, як раднёй блізкай, наязджалі да Лапаціных вядомыя беларускія кампазітары Рыгор Пукст, Мікалай Чуркін, Несцер Сакалоўскі, музыказнавец, этнограф і харавы дырыжор народны артыст СССР Генадзь Цітовіч. Яны называлі Таццяну Карнееўну Лапаціну дачкой свайго народа, прызнавалі яе талент, цанілі яе ўклад у росквіт самадзейнай песеннай і харавой культуры Беларусі.

Пра Лапаціну з Азершчыны, веру, будзе напісана асобная аповесць. І гэта трэба зрабіць у імя маладых спадчыннікаў, якія часам не ведаюць, якія таленты, якія шчыруны беларушчыны рыхтавалі ім духоўны скарб.

* * *

Праз слынную Лапаціну і яе дзеда Лапату мы згадалі пра вельмі неабходны інструмент у гаспадарцы — лапату. А калі ўчытаемся ў прозвішчы нашых рэчычан, то адкрыем цэлы арсенал рэчаў першай неабходнасці. Як у сельскай краме з адмысловай назвай «Тавары паўсядзённага попыту».

У самой хаце, ва ўсіх яе пакоях, сустрэнем Качэргіна, Бязмена, Вядзерчыка, Качэлі, Вераценнікава, Кастылёва, Кульбанава, Клюкіна, Кійкова, Палкіна, Кубышкіна, Ложкіна, Палонікава, Мятліцкага, Мятлушку, Паперку, Кнігу, Сталовіча, Чарпакова, Стаканава, Чакушку, Сундукова, Скрыпніка, Трапкіна, Трапачкіна, Торбу, Тарбенку, Чамаданава, Гладышчука, Крыначкіна, Куўшынава, Крэсла, Лейкіна, Скавародзіна, Скавародку, Скавародчанку Гаршкова, Чыгуннікава, Каўрова, Піпчанку, Піпчанкава (піпка — невялікая люлька), Грабенкіна, Грабянчука, Грабнёва, Грабянка, Шылава, Шыловіча, Шылюка, Шылкоўскага, Шылянка. А яшчэ — Шыдлоўскага (шыла па-польску — шыдло).

Сёе-тое трэба і патлумачыць.

Нашы Какоўкі павінны ведаць, што какоўка — гэта палка-крывуля, кульба, кульбака. Кацубы, можа, і не чулі, што ў некаторых мясцовасцях кацубай называюць качаргу.

Карнач — нож з адламаным канцом. Чамусьці некаторыя нашы рэчычане носяць прозвішчы Карнач, Карначоў.

Крукі, Крукоўскія, Крукавы, Кручковы думаюць, што іх прозвішчы паходзяць ад крука, драўлянага ці металічнага. Можа, іх продкі гнуліся крукам, у крук перад начальствам, перад бядой, прыроднай і жыццёвай. Можа, сядзелі крукам на зямлі, свету белага не бачылі. Але ж крукам беларусы некалі называлі крумкача, гругана, па-руску — ворона.

У нас жывуць нават Пушкіны. Яны, відаць, думаюць, што недзе далёка-далёка іх прапрародзічы перасякаліся раством з Аляксандрам Сяргеевічам Пушкіным. Магчыма, і так, але ж мы ведаем, што пушка — гэта па-даўнейшаму скрыначка з дрэва ці кардону. І Пушкіным маглі называць таго, хто меў такую скрыначку альбо ўмеў яе рабіць.

Суднік — шафа для кухоннага посуду і харчовых запасаў. Падказка для нашых Судніковічаў, Суднейкаў.

Табала, табула, табола — сумка, торба, каліта, кайстра. А чаму нашы рэчычане носяць прозвішчы Табалін, Таболіч, Табула? У рускіх табалыга — бездельник, па-нашаму — гультай, лодар, нядбайнік.

Ражка — цэбрык, з якога кормяць жывёлу. Можа, таму і кажуць пра мардатага: «Во, наеў ражку».

Хатыль — кошык з бяросты, торба, клунак. А чаму ў людзей прозвішча Хатылёў?

У дбайнага гаспадара шмат патрэбнага і ў сенцах, і ў кладоўцы, і ў склепе, і ў падпавеці, і на дрывотні, і ў хляве.

Па прозвішчах даведваемся, што сеяў-садзіў селянін на зямлі, што захоўваў на дзень бягучы ды на чорны дзень.

З гародніны: Агурэчнікаў, Бурак, Буракоў, Бурачэнка, Бурачонак, Буракоўскі, Буракевіч, Бурачэнкаў, Арбузоў, Арбузнікаў, Гарбуз, Гарбузоў, Кавун («Без акон, без дзвярэй поўна хата людзей»), Буркан (у рускіх дыялектах буркан — морква), Капусцін, Капусцік, Капусняк (было мірское імя Капуста: «Капуста лихого не попустит»), Качан, Качанаў, Качанко, Качаноўскі, Рэдзька, Радзькоў, Радзько, Рэпіч, Рэпчанка, Рэпнікаў, Рэпін, Бульбін, Бульбакоў, Бульбанюк, Цыбулька, Цыбульскі (больш за 60 сем'яў), Бобаў, Бабкоў, Бобчанка, Бабовіч (боб любілі фараоны, цэзары і князь Яраслаў Мудры), Часнакоў, Пярцоўскі.

З таго, што вырошчвалася ў полі, агародзе, садзе пра запас рыхтаваліся: грэчка (Грачанікаў, Грачышкін, Грэчка, Грэчкін, Грэчны); гарох (Гарохаў, Гарахоўскі, Гарошка, Струк («По Гороховой я шел, да гороха не нашел»); жыта (Жытнік, Жытнікаў, Жыткоў, Жыцько, Снапок, Снапкоў, Саломка, Саломенны, Акалатовіч (акалот — сноп, абмалочаны без развязвання), Колас, Коласаў, Каласоўскі, Каласок, Аржанаў, Аржаноўскі, Азімак (азімая пшаніца); сачыўка — старажытная зернебабовая расліна (Сачыўкін); ячмень (Ячменеў, Ячнік); каноплі (Канаплёў, Канапліцкі, Канапелька, Канаплін, Канопліч, Кастрыца, Кастрыцын); ягады (Ягада, Ягадзін, Ягадка, Журавіна, Маліна, Малінаў, Малінін, Малінковіч, Маліноўскі, Смародзін, Смародскі, Буякевіч); хмель (Хмялёў, Хмялеўскі, Хмяльніцкі); мак (Макавенка, Макоўскі, Макаед, Маковіч, Макагон, Макаёнак).

Па прозвішчах даведваемся, што гаспадар меў на сваім дварышчы, што вывела яго да мянушкі, а пасля — і ў людзі. Слухаем ды на вус матаем, а можа, наадварот, размотваем клубок таямнічнасці нашага прозвішча.

Ашуркаў (ашурак — рвань, анучы).

Булах, Булахаў (у кіргізаў булаха — плашка, тоўстая дошка).

Бураўчанкаў, Бураўцоў (свярдзёл, бураўчык).

Бічан, Біч, Бічаў (біч — ударная частка цэпа; бізун сплецены з дробных раменьчыкаў), Пугін, Цапко.

Багай (багай — жалезны лом, якім вымаюць цвікі).

Балтоўскі (чалавек-болт, выкручваецца, закручваецца).

Века, Вякленка (века — верхняя частка скрынкі, накрыўка; тое, што і павека).

Вярыга (вярыга — ланцуг), Вяроўкін, Повад.

Вядзерчык, Гірач, Гірыч.

Гвоздзеў, Гваздкоў, Гвоздзь, Цвікілевіч.

Доўбыш, Дрынькевіч, Дрынеўскі, Дрынаў, Друк.

Жолабаў.

Каткоў, Каток, Помазаў, Помаз.

Калодкін, Каладкоў, Паленаў, Палянок, Клінаў, Клінавіцкі, Клінцоў, Клініцкі.

Капылоў, Капылкоў, Капыловіч («Гнуць на свой капыл», «Зубы — копылья, губы кобыльи»).

Лямех, Лямеха, Лемеш, Лемяшэўскі, Лямешка, Лямешчанка (лямеш — частка плуга, якая падразае пласт зямлі знізу).

Малаткоў, Молатаў, Клявец (клявец — малаток для насякання млынавых камянёў, для кляпання кос).

Мехаў, Мяшэчак, Мяшэчка, Мяшко, Мяшкоў.

Патароча (патароча — здань, пудзіла. «Цябе агорне полаг ночы // Ты смех пачуеш патарочы». Я. Колас).

Тапаркоў, Сякач, Абухоў, Абушкоў, Абушэнка, Абуховіч. Шляхціц Ян Абуховіч герба «Абуховіч» жыў некалі ў Рэчыцкім павеце. Меў трох сыноў. Мікалай быў ураднікам Рэчыцкага павета ў 1801 годзе. А яшчэ трэба ведаць, што мянушку, звязаную з абухом, давалі леснікам, бо яны за поясам заўсёды трымалі сякерку з абушком. Ёю выстуквалі дрэвы, сухастойныя і хворыя.

Стругавец, Скоблаў, Скабелін, Скобелеў.

Серпікаў.

Свердлік, Свярдлоў, Свердлін.

Швайкоў (швайка — плоскае шыла, якім колюць свіней).

Хамутоў, Хамутоўскі.

Ралько, Ралінскі (рало — арала, саха, плуг).

Ступін, Ступкін («Таўчы ваду ў ступе»).

Можа, і я крыху залішне натоўк у ступе самых розных прозвішчаў. Але, здаецца, яны, «стоўчаныя» ў адзін раздзел, яшчэ раз пераконваюць, што людскія прозвішчы — гэта кніга, даведнік, слоўнік, падручнік, метадычка, па якіх можна вывучаць і чалавеказнаўства, і наш учарашні дзень. Можа, і з’явяцца ў будучым новыя прозвішчы, ад новых рэчаў, з якімі цяпер знітоўваецца чалавек: Мабільнікаў, Камп’ютэршчыкаў, Інтэрнэтны? Але не забудзем і ўшануем сённяшніх Лапаціных, Бязменавых, Качэргіных, Вераценнікавых, Снапковых, Хамутовых, Серпікавых, Ступіных! У іх — наша гісторыя і ўсе мы, у якім бы высокім стагоддзі не жылі.

 

Стол і застолле

Казалі даўней: «Ніхто не ведае, як хто абедае». А калі ўжо і прызнаваліся, то сціпла, каб не наклікаць зайздрасці, суроцтва: «Часам з квасам, а парой — з вадой».

Пра яду, наедкі, сняданкі ды абедкі народ склаў багата прымавак, прыслоўяў: «Каб не дзірка ў роце, хадзіў бы ў залоце, так наеўся, што аж стол пузам адсунуў», «Наеўся, аж кішка прутам стала», «Як хто есь, так і робіць», «Калі дома пад’ясі, то і ў гасцях накормяць», «Хто, паабедаўшы, не аддыхне, таго бог у свінні запіша».

Як бы ні развівалася грамадства, у якое б новае і навейшае стагоддзе мы ні пераступалі, галоўным было і застаецца ў нашым побыце — абедзенны стол, ці то будзённы, ці то святочны, і харчы на кожны дзень. Гэта разумеюць нават нашы сучасныя дзеці, камп'ютэрныя, інтэрнэтныя. На конкурсе «Вясёлкі» «Самая дарагая рэч у вашай хаце» перамог трэцякласнік з Гомельшчыны. Ён паведаміў, што ў іхняй хаце самая каштоўная рэч — абедзенны стол. За ім штодня збіраецца сям’я: мама-даярка, бацька-механізатар, дзеці-вучні. Вядуцца цікавыя гаворкі пра перажытае, надзённае, будучае.

Ды ўсё-такі застаецца пэўнай тайнай, як хто абедае, якія стравы на стале, чым ласуюцца гаспадары, іх сямейнікі, госці. І калі гэта загадка пра цяперашні стол, то меню нашых продкаў — за сямю замкамі. Адкрыць іх дазволяць «раскопкі», якія мы правялі сярод прозвішчаў нашых рэчычан. Выкарыстоўваючы знаходкі, я склаў вось гэты аповед пра даўнейшы абед.

Селі неяк за гасцінны стол Ядомскі, Жуйкоў, Госцеў, Нішчыменка, Поснікаў, Смакаў, Смагін, Сярбулаў. Сярбулаў прыгадаў верш паэта Анатоля Сербантовіча:

... Прозвішча наша

Мой прадзед калісьці ў застоллі прыдбаў,

Калі ён са смакам сярбаў сыраквашу,

Капусту гарачую гучна сярбаў.

Падышлі да гасцей Страпушкін, Наліваеў і Налівайка:

— Што будзем есці, піць?

Першым азваўся Ядомскі:

— Хачу наесціся, як пальцам дастаць. Прынясіце мне Букату (булку хлеба), Бліноў, Блінкоў, Блінцоў з Верашчакай! — Сябрам патлумачыў: — Мой бацька быў мельнікам і штодня прымушаў жонку пячы яму блінцы. Дык празвалі яго Блінок.

— А мне падайце, — сказаў Жуйкоў, — што-небудь пажаваць.

Кухар Страпушкін пачаў пералічваць наяўныя стравы:

— Ёсць у нас Калач, Калачоў, Калачок, Калачэнка, Корж, Каржанеўскі, Каўбаскін, Каўбасаў, Каўбасін, Пірагоў, Піражкоў, Пернікаў, Сухарэнка, Сухарнікаў, Каўрыга.

— Нясі ўсё, — загадаў Страпушкін. — У мяне гэта будзе Падабед.

Сыты Госцеў па празванню Сыцька доўга ўчытваўся ў спіс наяўных страў і папрасіў, каб прынеслі яму Булку, Булкіну, Булачку, Галушкіна, Галушку, Галушачку, Сметанчука, Смятаніна, Смятаннікава, а яшчэ — Салаева, Сала, Салко з Ляпёшкіным.

Дарэчы, Булка Валянціна Фёдараўна працуе дырэктарам саўгаса «Камсамольскі», у які ўваходзіць і мая вёска Шоўкавічы. Яе, прывабную руплівіцу, мае землякі называюць працаголікам. У яе хапае часу, цярпення і хібету, каб кіраваць вялікай сельскай гаспадаркай, упраўляцца ў сваім дворышчы, выхоўваць двух сыноў і дачку.

Сярбулаў не мог дачакацца, пакуль падыдзе яго чарга заказваць. Ён папрасіў падаць яму Боршч, Баршчэўскі з Забелавым і аўсянымі блінамі — Аўсянікамі, Аўсянікавымі, Аўсянкінымі. На запіўку — Саладуху, Мядоўнік, Мядоўскага.

Як бы на такі заказ зрэагаваў Аляксандр Аўсяны герба «Астоя»? Ён, мечнік ваўкавыскі, уступіў у 1760 годзе спадчынны маёнтак Аўсянікі ў Ашмянскім павеце сваяку Антону Аўсянаму. А яго сын Пётр Аўсяны валодаў маёнткам Калеснікі Рэчыцкага павета па прывілею караля Станіслава Аўгуста. Унук Пятра Карл-Іосіф Аўсяны служыў пры штабе Бабруйскай крапасной артылерыі, тытулярны радца, калежскі асэсар, кавалер бронзавага медаля ў памяць вайны 1853-1856 гг. З жонкай Фларыянай Абрамовіч меў чатырох сыноў і дзвюх дачок.

Але вернемся зноў да нашага незвычайнага застолля. Нішчыменка доўга думаў, што б яму перакусіць, і прыдумаў:

— Мне, калі ласка, Вадзяніцкага, Воднева, Бубліка, Бублікава, Кашына, Кашыцкага, Кашыцына, Кашкіна без Алеева, Лоя і Лаеўскага, Лайкова, Маслава, Маслякова, але з Прасняковым.

Поснікаў азваўся:

— Мне таксама Праснякова. А ў дадатак — Хлябец, Хлебава, Хлебнікава з Чаюком і Прасвірава. Помню з дзяцінства: «Мама, дай хлеба». — «А ты скокні да неба». Цяпер у неба прашу апетыту і здароўя.

Пераборлівы Смакаў пажартаваў:

— Хто з языком, той з пірагом. Дык вось што. Кашавары, Кухарэўскія, падрыхтуйце мне Аладкі без Прыгары, Варэнікі, Варэнікавы, Здобіну, Караваева, Каравацкага з Кісялёвым, Кісялеўскім, Кісялём, Кісельчуком. Ды не забудзьце Цукарава пакласці.

Смагін не мог дачакацца, пакуль дойдзе яго чарга заказваць, таму амаль што закрычаў:

— Бягом нясіце мне ўсё, што праганяе смагу!

Налівайка прапанаваў:

— Вазьміце Брагіна, Кісляк, Кіслякова, Квашніна, Кваснікава, Квасава, Малаковіча, Півунова, Расолава, Супеева, Супічэнку, Сураўца, Сураўцова.

— А што такое суравец?

— Гэта сыры квас, не хлебны, а мучны.

Смагін загадаў прынесці ўсё пералічанае, а сябрам прызнаўся:

— Я аднаблюдаў. Люблю тое, што жаваць не трэба, што само ў чэрава заліваецца...

Пакінем у застоллі нашых едуноў, а самі зазірнём у меню: што засталося там ў «рэпертуары» даўнейшых кухараў, якія стравы падштурхнулі некалі людзей да іх прозвішчаў? Дарэчы, з Рэчыцкага павета пайшоў знакаміты род Стравінскіх, які ўславіў слынны оперны спявак (бас) Фёдар Ігнатавіч Стравінскі. Ён нарадзіўся ў маёнтку Новы Двор, скончыў гімназію ў Мазыры, пасля Пецярбургскую кансерваторыю.

Некаторыя «кухарскія» прозвішчы здаюцца простымі (хаця нічога простага ў жыцці не бывае), і іх мы пададзім без каментарыяў. Хай самі іх носьбіты задумаюцца: чаму яны Гушчы, Перажогіны, Пераварухі, Перапечы, Жывапекавы, Наварычы, Невары, Лусты, Скібіцкія, Нікіпелавы, Мякішы, Макухі, Пшонкі, Рошчыны, Салаты, Кусянковы, Комавы, Лапшыны, Паўбатонавы, Чаркіны, Чакушкіны, Колбіны, Семачкіны?

А вось сёе-тое маладым трэба і патлумачыць, бо яны каштавалі ўжо шмат заморскіх ласункаў, пра наедкі ж дзядоў-прадзедаў маглі і не чуць. Напрыклад, чалавек носіць прозвішча Какурын, а не ведае. што раней какурай называлі вясельны праснак, абаранкі. Гэта звестка можа быць пэўным ключом для адкрыцця тайны прозвішча.

Раней любілі есці кулагу — страву з мукі, у іншых застоллях — аўсяны кісель. Дык ёсць у нас людзі Кулага, Кулагін, Кулагаў, Кулажэнка, Кулажскі. Праўда, Кулагам маглі называць і непаваротлівага, няскладнага, марудлівага ў працы.

Куляшы цяпер наўрад ці варацца не тое што на гарадскіх газавых плітах, а і ў вясковых печах. А раней гэта была любімая страва — рэдкая мучная каша з салам. Можа, заядлых едуноў куляша і празвалі Куляшамі, Кулешамі, Куляшовымі? А вось густы, перавараны кулеш украінцы называюць кулеба, кулябка. У нас гэта прадаўгаваты, вялікі пірог, начынены рыбай, мясам. Ёсць і прозвішчы Кулябка, Куляба.

Адкуль прозвішча Клыга? Раней называлі клыгай брагу, дрэннае піва. Казалі: «Клыгае абы-што, як дурань».

А вось Саламахі, Саламахіны павінны ведаць, што саламаха ў розных мясцінах Беларусі мела сваё значэнне: негустая каша ці густы кісель, зацірка, каша з кукурузы, варэнне з чарніц з дабаўкай мукі, салодкі, хмельны напітак з гарэлкі, мёду, сліў і вішань. Саламахай часам называлі вялую, непаваротлівую жанчыну.

Ежу з бацвіння, з лебяды называлі баланда. Людзі, якія яе елі, на пытанне: «Як жывяце?» — адказвалі: «Папалам з горам, то бокам, то скокам, то скачучы, то плачучы». Баланды даўно ўжо ніхто не варыць, не есць, а прозвішчы засталіся — Баландзін, Баланда, Баландзенка. Блізкія ім прозвішчы — Бурдукоўскі, Бурдзінскі, Бурда (страва з аржаной мукі, мучная каша, кіслае цеста, пойла для жывёлы).

Кабушкавы, Кабушкіны, відаць, і не здагадваюцца, што кабуш, памяншальнае кабушка, — гэта круглы сырок, шарык з сыру і тварагу. А Кежы павінны ведаць, што кежа — пітво з аўсянай мукі на халоднай вадзе. Літоўцы, праўда, кежам называюць сыр, тварог, а ў кіргізаў кеж — крывы.

Кныш у беларусаў і рускіх — здобная булачка, маларослы чалавек. Украінцы кнышам, кулыбкай называюць род хлеба. А нашы Кнышы, Кнышавы, Кнышэўскія, Кулыбы хай самі вырашаць, адкуль у іх такія прозвішчы.

Клёцкі з дзёртай бульбы альбо грэцкай мукі — палюхі. Дык ёсць у нас і Палюхіны. Ёсць і Шафранаў, Шафрынскі, а шафран — гатунак яблыкаў, яшчэ ёсць шафран — культурная расліна, з якой робяць вострыя прыправы. Дык хай рэчыцкія Шафранавы і вырашаць самі, салодкія яны, як яблык-шафран, ці вострыя, як прыправа хрэн? Дарэчы, нашым Хрулям, можа, і не снілася, што раней хрулямі называлі суп на вадзе з бульбянымі клёцкамі. А Пізавы наўрад ці ведаюць, што піза ў рускіх лапша. Украінцы ў слова «пізіцца» укладваюць свой сэнс — надзімацца, важнічаць. Дык так думаюць і мае рэчычане. Не трэба, землякі, пізіцца, давайце нястомна аднаўляць гісторыю нашых родаў, сем’яў, агульную гісторыю нашай мілай Беларусі, тады і дзеці нашы стануць больш паважлівымі да нас, бацькоў, сэрцам палюбяць зямлю, на якой мы ўсе жывём.

 

Па вопратцы сустракаюць...

У старажытнасці мелася звычка даваць людзям мянушкі па назвах частак цела чалавека. У асобнай цане лічылася галава. Былі «галовы» стралецкія, абозныя, мытныя, пісьменныя, саляныя, адным словам важныя. Яны і цяпер ёсць: «глава» калгаса, раёна, дзяржавы. Пра галаву шмат мудра-перасцерагальнага складзена: «Абы галава, то вошы будуць», «З-за дурной галавы нагам бяда», «Галава, за што валяешся?» — «За язык».

На галаве, у галаве — жыццёва важныя «інструменты». І іх мелі на ўвазе нашы продкі, калі называлі дзяцей. Сучасныя прозвішчы таму пацвярджэнне. З іх можна скласці пэўны фізіялагічны «партрэт»: Главінскі, Главацкі, Башкіраў (у татараў баш — гэта галава), Чэрапаў, Чарапок, Мардас, Мардачоў, Мардашоў, Мардаўчанка, Марданаў. Але што б ты ні меў, галаву ці башку, чэрап ці морду, галоўнае, каб мазгі былі спраўнымі ў тых, хто іх мае, хто носіць іх у сваім прозвішчы, ды каб меў усё астатняе, што на галаве, што робіць яе і прыгожай, і мудрай: Мазгоў, Мазго, Мазгавы («пайшоў к галаве па розум»), Розум, Розумаў, Розумцаў, Разумоўскі, Разумейка, Глаз, Глазаў, Глазкін, Глазкоў, Глазуноў, Глазянкоў, Зянько (зенка, зрэнка ў воку), Чарнавокі, Шараглазаў («Добрыя вочы дыму не баяцца»), Загубенка, Лізагуб, Зубаў, Шчарбітаў («Яды — на адзін зуб»), Роцька, Ротаў, Шчокін, Броўкін, Броўка («Бровы навіслі — думка на мыслі»), Сівалоб, Сівалобаў, Красналобаў, Падлобнікаў.

Найбольшую павагу мелі нос і вушы — Курносаў, Курносікаў, Краснанос, Дубанос, Лапаносаў, Суханосаў, Клепаносаў, Гарбаносенка, Чарнаносаў, Ноздрын, Уханаў, Ушакоў, Ушаў, Ушкін, Карнавухаў, Карнавушанка, Скарнавухін, Таўставухаў, Поўх.

Упрыгожаннем галавы была і ёсць прычоска. Над ёй працуюць майстры-цырульнікі, праходзяць міжнародныя конкурсы. От бы запрасіць на такія агледзіны людзей з пэўнымі прозвішчамі! Ад нашага раёна маглі б паехаць Грывы, Кудранкі, Кудрэнкі, Кудрыны, Кудрыцкія, Кудраўцы, Кудраўцавы, Кудрашовы, Кудлеі, Кудласевічы, Кудлаевы, Загрывы, Вусачовы, Седавусавы, Седавусы, Чарнавусавы, Стовалосавы.

З астатніх частак цела найбольш ушанаваны кулак. Відаць, калі не ўдавалася выкарыстаць галаву, розум, уступала ў разборкі сіла: «Маўчы, бо заеду кулаком па мухаедах». Кулаком называлі і заможнікаў, хто ноч і дзень мардаваўся на сваёй дзялцы, каб дзеткі былі з жытам, склеп — з бульбай, стол — з наедкам. Вось і па сёння ёсць сярод рэчычан Кулак, Кулакевіч, Кулакоў, Кулакоўскі, Кулай (украінцы так называюць вялікі кулак), Корхаў (корх — мера велічынёй з кулак).

З іншых частак цела васпанаў «ушанаваны»: грудзіна (Грудзін, Грудзінкін, Грудзінскі), жывот і кішкі (Жываткоў, Паджывотаў, Трыбушэўскі, Чарэвака, Чарэва, Кішкарэнка, Кішко, Кішчанка), косткі (Костач, Костачка, Костачкін, Косцеў, Касцялей, Касцянок, Касценка, Касцянкоў, Касцецкі), кожа (Кажанкоў, Кожанаў, Кажурэнка, Кажура, Чарнаскураў).

Казей, казейка — гэта, па У. Далю, шчыкалатка, костачка нагі. А ў нас ёсць людзі Казей, Казейка. Ёсць Локцевы, Маслакі, Маслаковы, Пальчыкі, Пальчыкавы, Пальцавы, Мезенцавы, Ручкі, Сухарукавы, Нагаевы, Дабраножанкі, Таўстаногі, Пячонкіны, Рабровы, Шчокіны, Бокавы, Бакаўцы і нават Цыцуры, Цыцкевічы моцнага і слабага полу.

Усе людзі, пачынаючы з пячорнай жыткі, пачалі задумвацца, як і чым прыкрыць свае саромныя месцы, як і чым уцяпліць, упрыгожыць сваё цела. Так у кожнай пячоры, на кожнай жылой стаянцы, а пазней і ў кожнай краіне з’явілася свая вопратка. Яна была як бы адна і тая ж, з адным і тым жа прызначэннем, але выраблялася па-рознаму і называлася ў розных мясцовасцях па-свойму.

Недзе жывуць Атласавы, Бархатавы, Сукновы, Палатновы, Халстовы. А ў нашым палескім краі — Анучыны, Лапцевы, Лапцейкіны. Лапцейчукі, Лапцікі, Даўгалапцевы, Аборавы, Лыкавы, Пасталакі, Пасталоўскія (пасталы — скураныя лапці).

І я ўмею плесці лапці (нездарма ж нашу сям’ю ў вёсцы клікалі Лапташамі). О, гэта цэлая навука. Трэба ўмець кроіць дзяжкі з лыка, умела распачаць пляценне, закругліць насок, вывесці пятку, зрабіць роўнымі вушкі, куды ўцягвалася самаробная вяроўка. Можа, майстар-лапцюжнік пазней і займеў для сябе, для ўсяго свайго роду прозвішча Лапцеў, а хто віў аборы, стаў Аборавым? Вытокі прозвішча маглі быць зусім у іншым. Разгадка, можа, і закадзіравана вось у гэтых вымоўях: «Усе мае ўборы — лапці ды аборы», «Адзін лыка не вяжа, другі — не лыкам шыты».

Раней казалі, ногі трэба трымаць у цяпле, жывот — у голадзе, галаву — у холадзе. Дык у гардэробе нашых продкаў быў і іншы абутак. Пра гэта, відаць, здагадваюцца Башмаковы, Башмакі, Тапкавы, Халяўкіны, Халяўкі, Баталавы (батал — вялікі бот), Буцэнкі, Буцы (чаравікі з шыпамі на падэшвах), Шлапакі (старыя чаравікі не па назе).

Ногі, здаецца, мы крыху ўлагодзілі абуткам. А што насілі раней на галаве, што носяць і цяпер? Адказы зноў жа знаходзім у прозвішчах: Каптурэўскі (каптур — жаночы і дзіцячы галаўны ўбор), Капуза (вялікая шапка), Брыль, Брылёў, Брылевіч, Брылеўскі (брыль — саламяны капялюш або заслончык ад сонца, прышыты да звычайнай шапкі). Ёсць шмат прозвішчаў Брэль. Можа, пры нейкіх жыццёвых абставінах у іх «ы» перайшло ў «э»?

Жывуць у нас Шапкін, Шапко, Шапаваленка, Шапашнікаў, Капялюш, Каўпакоў, Башлыкоў, Картуз, Картузаў, Шлыкаў (шлык — востраканечная войлачная шляпа, каўпак. «По Сеньке шлык, коли косенько сшит», — гаварылі ў часы А. Пушкіна), Магер, Магірка (магер — шапка ці капялюш з лямцу).

Чым прыкрывалі іншыя часткі цела, у чым фарсілі раней нашы рэчычане? Безумоўна, найпершыя аўтарытэты тут — археолагі са сваімі знаходкамі і меркаваннямі. А мы з нашых прозвішчаў робім свае адкрыцці.

У музеях цяпер можна сустрэць старадаўнюю сялянскую верхнюю світку з тоўстага саматканага сукна. Яна называлася армяк. А сярод рэчычан ёсць людзі Армяковы, Саматканы, Кудзеліны, Кужалёвы. Хай ведаюць Шугаі, Шугаевы, што ў часы Івана Насовіча словом «шугай» называлі армяк з шырокімі і доўгімі крысамі для мужчын і жанчын.

Не ў глыбокіх таямніцах, здаецца, і разгадкі прозвішчаў: Балахонаў, Балахонцаў, Бурка, Тулупаў, Карманаў, Папругайла, Раменчык, Рамнёў, Рубашкін, Рубаха, Рубец, Рубцоў («Да рубца падралася кашуля»), Сарафанаў, Юбка, Штаненак, Шлейкаў, Халатаў, Шубянок, Шубін, Шуба, Шубараў, Шубадзёр.

Руская назва «шуба» паходзіць ад арабскага «жюба» — адзежына зімовая з доўгімі рукавамі, з багатым на футра каўняром. Беларусы больш фарсілі ў кажухах (тулупах). Іх рабілі на розныя густы, для розных патрэб: у дарогу, для лесу, дому. Кажух лічыўся вопраткай для бедных — скурай наверх. Гэта пазней пачалі здзіўляць адзін аднаго. Пачалі шыць футра «на бабрах», з лісаў, вавёрак, куніц, з каракулевым каўняром, а шапкі з ваўчыны. Можа, такога модніка і празывалі Шубадзёрам, Шубянком?

Не ведаю, як цяперашнія Камзолавы ставяцца да камізэлек, камзолаў, а іх продкі, відаць, любілі насіць гэтыя кароткія адзежыны без рукавоў і каўняра.

Камзолы аздаблялі залатым шытвом, вышываннем шоўкам. Упрыгожвалі гузікі каштоўнымі камянямі. Жанчыны ў XVIII стагоддзі любілі насіць камзол з доўгай спадніцай.

Кажарскім нагадаем, што кажары — кароткі кажух.

Капоты хай на ўсялякі выпадак ведаюць, што капотам даўней называлася жаночае хатняе плацце шырокага пакрою з рукавамі і разрэзам спераду, доўгі кафтан. Уладзімір Даль даводзіць, што карцель — гэта летнік з футравай падшыўкай на зіму. Ці ведаюць пра гэта нашы Карцялі, Карцялёвы?

Гарус — кручаная мяккая каляровая шарсцяная пража. З яе, панове Гарусавы, ці ёсць у вас адзенне?

А мае палешукі, бывала, называлі сваё адзенне лахманамі, рыззём. Ёсць нават прозвішча Лах і клічка Лох. Мае землякі не крыўдлівыя. Яны добра ведаюць, што па адзежы сустракаюць, а па розуму праводзяць. У чым бы ні былі яны адзеты-апрануты, яны вялікі гонар маюць людзьмі звацца.

 

Валюта, якой вымяраецца вечнасць

Адна бабуля з вёскі Заспа хавала сваю валюту ў трохлітровым слоіку. Знайшла патаемнае месца на агародзе і час ад часу наведвала капілку, падкладвала ў яе свае грошыкі. Так назбірала ажно мільён рублёў. Але аднойчы бабуліну схованку нехта рассакрэціў, забраў яе клад.

Валюта, вучыць гісторыя, — гэта не грошы, а час. Менавіта яго трэба навучыцца цаніць, збіраць і ўмела карыстацца ім. У часе — наша вечнасць, памяць, багацце. Яго вымярэнні сягаюць ад секунды да дня, тыдня, месяца, года, стагоддзя... Нашы прозвішчы таму доказ: Серада, Серадніцкі, Пятніцаў, Пятніца, Пятніцкі, Субоцін, Суботаў, Субоцкі, Субат, Васкрасенскі, Нядзелін, Нядзелька, Месяцаў, Маеўскі, Лістападаў, Лістапад, Люты, Зімін, Студнеў, Асеннікаў...

У іншых народаў гэтыя ж найменні складзены з іншых літар. Ва узбекаў пятніца — жума, джума. Адсюль і прозвішчы Джум, Джумабаеў, Джуманязаў. Восьмы месяц у мусульманскім календары — шабан. Дык ёсць у Рэчыцы і Шабаны, і Шабанавы.

Не толькі ў прозвішчах, а і ў народных спевах, прымаўках, выслоўях засведчаны дні тыдня. Ды не проста так, а з глыбокай назіральнасцю і мудрасцю:

Пятніца — пачынальніца,

Субота — каравайніца,

Нядзеля — вянчальніца,

А ты, святы панядзелку,

Загубіў нам дзеўку.

Пасадзілі пад паліцаю,

Нарадзілі маладзіцаю.

Вераць мае рэчычане ў такую прыкмету: хто ў пятніцу вельмі вясёлы, той у нядзелю адплача. Кажуць: «Скрывіўся, як серада на пятніцу». Вучаць: «У пятніцу нічога нікому не пазычай». Прыгадваюць мінулае, параўноўваюць з сённяшнім: «Што багаты з’есь у пятніцу, бедны не з’есь і ў нядзелю».

Вельмі ж добра выказалася пра час вядомая на ўвесь свет дабрачынніца маці Тэрэза з Калькуты:

Трэба знайсці час на ўсмешку, бо гэта музыка душы.

Трэба знайсці час на забаву, бо гэта сакрэт нястомнай маладосці.

Трэба знайсці час на сяброўства, бо гэта шлях да шчасця.

Трэба знайсці час на міласэрнасць, бо гэта ключ да неба.

Скажам так: у сваім часе кожны з нас павінен спазнаць сябе, раскрыць свае здольнасці, адчуць музыку душы і наталіцца ёй поўнай мерай.

Мера душы — гэта, можа, галоўнае вызначэнне чалавечай годнасці, яго якасці і ўзроўню багацця. А іншыя меры — як бы толькі падсобнікі, па якіх кожны гаспадар хаты вызначае свае прыбыткі, сваю рухомасць і нерухомасць. Часам нават супакойваючы самога сябе: «Не журыся, што ў мяне грошай няма, дасць Бог, што і ў цябе не будзе».

З далёкіх часоў як бы застыла ў прозвішчах розная грашовая мера: Алтынаў (алтын — руская манета ў тры капейкі), Дзеньга, Сярэбранікаў, Пенязь, Шэлег (у рускіх шэлег — восьмая частка меднай капейкі, старажытнае пенязь — грошы), Петачэнка, Капейкін, Шкіль, Шкільны (шкіль — замежная манета. А што, мае землякі лыкам шытыя?!), Чырвонцаў (чырвонец — руская залатая манета). Медзякоў, Сямітка (дзве капейкі), Міліёнаў, Гатоўцаў (гатоўка — наяўныя грошы).

Можна нагадаць маладым сучаснікам іншыя меры, якімі карысталіся нашы продкі: аршын, бочка, валока, гонь, капа, крошня, кубель, медніца, морг, прут, сажань, фунт, стапа. У нашых жа прозвішчах «замураваны» такія старажытныя меры: Чацвяртны (чвэрць — даўняя мера сыпкіх рэчываў), Бекарэвіч (бекар — мера вагі ці аб'ёму), Аршынаў, Корхаў, Карховіч (корх — кулак, мера, велічынёй з кулак), Вяршкоў (вяршок — мера даўжыні 4,4 см), Кускоў, Ланін, Ланчук (лан — мера ворнай зямлі), Фунт («Па чым фунт ліха?» Усяго — 409,5 грама).

Мы самі таго не ведаем, якую дарагую спадчыну носім у сваіх прозвішчах. Ёю трэба даражыць і Даражэнкам, і Дармакоўскім, і Дармахвалам. Тады ўсе мы станем радавітымі, вядомымі ва ўсім свеце.

 

Паміж небам і зямлёй

Я рэдка бачыў, як мае мама і тата прачыналіся. Уставалі раненька, досвіткам, з першымі пеўнямі. Гэтым часам у дзяцей самы соп. Але тыя рэдкія раніцы, калі падхопліваўся з ложка разам з бацькамі, урэзаліся ў памяць. Праўду кажуць: толькі як прачнешся, зразумееш, што спаў.

Вось цяпер, «прачнуўшыся», бачу маму ў двары. Яна стаіць басанож у роснай траве, рукі яе ўзняты ўгору, выпрошвае ў неба дожджыку, бо сохнуць грады, вяне бульбоўнік, парудзеў агурочнік.

Іншай раніцай бацька пазіраў у неба, шапку ажно зняў, вымольваў сваю просьбу: «Дай жа, Божа, сонца, трэба сена ўладзіць у стажок».

Стаіць чалавек на зямлі, якая яго корміць, а просіць у неба падмогі. Адтуль, з нябёсаў, дзе ўсе таямніцы, дзе сам Бог і Святы Дух, даюцца зямлянам і сілы, і надзея, і радасці будзённыя. Паміж небам і зямлёй адбываюцца вечныя заручыны, сватаўство, вяселлі. А людзі слугуюць гэтаму шлюбу.

Вось чаму, мне здаецца, шматлікія людскія прозвішчы і паходзяць ад з’яў прыродных, якія дзеюцца паміж небам і зямлёй, паміж хатай і воблакам, у Божай прасторы.

Ну скажыце, чаму сярод нашых рэчычан ажно па сто сем’яў Мароз, Марозаў, Маразько? Даўся ж ім той мароз, які хапае за нос. Пра яго, калянага, які прыходзіць зімой, народ песні склаў:

Ой, чаго ж, зімачка,

Ой, чаго, лютая,

Раненька настала?..

Кажуць: уздумай дванаццаць лысых, то і мароз прападзе. Мароза і чакалі, і клялі яго. Марозам палохалі. З ім жартавалі: «У мароз і холад дык і стары молад», «З мужыком у мароз дзіўнае дзеецца: бяжыць ды грэецца».

Шматлікія народныя прыкметы вызначаліся па марозу: калі сухі, марозны снежань, то зіма і лета будуць сухімі; мароз трашчыць — моцны холад кліча; у лютым моцны мароз — кароткая зіма...

Вось і называлі бацькі свайго сына — Мароз, каб улагодзіць нябеснае, калючае насланне. А да шматлікіх Іванаў мароз прыліпаў мянушкай. Можа, сцюдзёнай парой нарадзіліся, можа, мелі характар траскучы, позірк халодны? Дык ёсць жа прозвішчы і Холад, і Халадзілін.

Падобнае меркаванне і пра прозвішчы Гром, Грамакоўскі, Грамянкоў, Грамкоў, Громаў, Громчанка, Грамыка, Грамовіч. Называлі дзяцей Громам, каб грому не баяліся. А мянушкай Гром абзывалі тых, хто моцна, раскаціста гаварыў. Пра такіх нават прымаўку склалі: «Рыкае, як вол, за многа сёл».

Хто яшчэ гаспадарыць паміж небам і зямлёй? Тут, ведаем, рабочае месца былых язычніцкіх бажкоў — завірухі, мяцеліцы, ветру, сухавею, буры. І іх уважылі мае рэчычане ў сваіх прозвішчах. Носяць сабе ва ўцеху, і не вельмі іх турбуе, чаму яны Завірухіны, Мяцелі, Мяцельскія, Ветравы, Вятрэнкі, Ветрыкавы, Сухавеевы, Буравы, Бураўцовы. Уяўляеце, каб усе яны схеўрыліся ў адзін ансамбль ды пайшлі ў плясы, ды заспявалі на ўвесь Млечны Шлях:

На дварэ мяцеліца гудзе.

Мужык жонку за шыварат вядзе.

А ў мужыка кудры трасуцца,

А з-за жонкі хлопцы дзяруцца...

У карагодзе «прыродных» прозвішчаў мае рэчычане ўшанавалі вечар (Вячэрскі, Вячорка), град (Градаў), зару-заранку (Заранік. Заранок), хмару (Хмара, Хмарук, Хмарун), парошу (Парошын). цяпло (Цяплоў, Цяплушанка), расу (Росаў, Роскін, Расюк, Расянка), надвор’е (Пагодзін, Пагодзіч)...

У кожнага свой шлях да імені, мянушкі, прозвішча. Відаць, Заранік, Заранок атрымаў клічку ад таго, што ўставаў зарана, яшчэ да ўзыходу сонца, на золку, на зары. Такога працавітага, стараннага шчыруна суседзі-пасяленцы называлі Заранікам. Крыху зайздросцілі яму, але любілі і паважалі, бо ў яго ўсяго было ўдосталь.

Вось такія цуды схаваны ў нашых прозвішчах. Больш таго, само слова «цуд» з яго глыбокім сэнсам закладзена ў прозвішчах рэчычан Чудзеса, Чудноўскі, Чудаў. Якімі ж цудоўнымі рысамі валодалі іх продкі? Якія цуды здзяйсняюць сённяшнія Чудоўскія?

 

Ікона на покуці

У нашай хаце было дзве іконы.

Адна вісела ў пярэднім пакоі, каля абедзеннага стала. Бывала, мама ці тата змахнуць на сабе крыжык, нешта прашэпчуць, толькі тады садзяцца есці. Нас, дзяцей, не прымушалі гэта рабіць, бо як жа, мы — піянеры, камсамольцы, а значыць, бязбожнікі.

Як цяпер разумею, гэта ікона была быццам будзённай. У Бога, а гэта, як высветлілася пазней, быў яго сын Ісус, мае бацькі прасілі надзённага, самага неабходнага для сям’і. Абрыўкі іх малення гучаць і цяпер у маіх вушах: «Дай, Божа, усяго даволі — і хлеба, і солі», «Няхай Бог крые і заступіцца», «Хай Бог мілуе нас і нашых дзетак», «Зрабі, Божа, каб мы век давалі, а самі ніколі не прасілі».

У святліцы, у якой было чатыры акны, грубка, два ложкі, а на сценах у рамках віселі фоткі, на покуці, за беленькай марлевай шырмачкай, за ўсімі намі нястомна сачылі добрыя вочы Маці Божай. Як я страшыўся яе позірку! Мне здавалася, святая жанчына ўсё бачыць, усё ведае і, калі спатрэбіцца, раскажа самому Богу. Тут, у чыстым пакоі, дзе заўсёды былі памыты маснічыны, а на іх ляжалі маміны саматканыя палавікі, адбывалася як бы ачышчэнне душы. Тут шчыра пра ўсё гаварылі. Тут прымалі жаданых гасцей, на святы частаваліся. Тут, бывала, і вечарынкі спраўлялі, тады не толькі мая мама, а і Маці Божая бачылі, з кім і як я танцую, як вяселіцца наша, шоўкаўская, моладзь.

Іконы на покуці віселі ва ўсіх хатах. Па вялікіх святах іх беражліва здымалі, перахрысціўшыся перад гэтым, асцярожна змахвалі з іх пыл. Але што мне ўрэзалася ў памяць: на іконах нібыта і пыл не садзіўся, і павукі за ёй не развешвалі свае гушкалкі, і мухі не пакідалі там сваіх аўтографаў. Святое месца аберагалася, трымалася ў чысціні ўсімі насельнікамі хаты.

Ай, ды што казаць, пра свае іконы ў сваіх хатах кожны рэчычанін можа прыгадаць сваю гісторыю. Цікава, а што б расказалі людзі, якія носяць прозвішчы Іконнікаў, Іконкен, Абразоў, Хрысціянінаў, Хрысцін, Хрысцюк, Новахрышчонаў?

Які б лад жыцця ні навязвалі народу зямныя бажкі, людзі заўсёды пакідалі ў душы месца для святой веры. А тады, калі нашым палешукам, як гузікі, «прышывалі» прозвішчы, царква была ў вялікай пашане, павазе, скажам больш — у законе, пры ўладзе. Відаць, лічылася вялікім гонарам захаваць у сваім прозвішчы прыкметы набажэнства, служэння Цару Нябеснаму і храму зямному. Таму і па сённяшні дзень нашы рэчычане носяць гэту спадчыну ў прозвішчах, не заўсёды задумваючыся, чаму яны Храмавы, Манастыровы, Багамолавы, Вернікі, Вернікоўскія, Амінавы, Званаровы, Званковічы, Бажковы, Бажэнкавы і Небажэнкі.

У начальніка раённага вузла паштовай сувязі прозвішча Папоў. Журналісты любяць браць у яго інтэрв’ю, бо яго вузел лепшы на Гомельшчыне, і начальнік не ляжыць на пасадзе, а працуе. Я ж прыйшоў да Вячаслава Георгіевіча з нечаканым пытаннем:

— Чаму ў вас прозвішча Папоў?

— Я — урупінскі,— сцепануў плячамі Вячаслаў Георгіевіч, задумаўся. — Мама і цяпер ва Урупіне жыве. Дом наш — на манастырскім падвор’і. Сцены метровыя, даўнейшыя. Баба і дзед там жылі. А хто з родзічаў папом служыў — ніхто не ведае. Але ж проста так прозвішча не давалі...

Сапраўды, нічагуткі з нічога не бывае. Таму і ёсць у Рэчыцы не толькі Паповы, а і Паповічы, Папкі, Папковы, Папыпанавы. Нехта з іх усур'ёз атрымаў у спадчыну прозвішча, бо прашчур быў святаром. Да некага гэта мянушка, а пасля і прозвішча, прыклеілася як бы жартам. Пра такіх казалі: «Поп і певень і не еўшы спяваюць», «Хто любіць папа, хто пападдзю, а я, дурачок, — паповых дачок».

У нашых прозвішчах зафіксавана нямала царкоўных пасад, прафесій. Сярод рэчычан ёсць Уладыка, Уладыкін, Уладыкоўскі, Дзякаў, Дзяканаў, Дзячкоў, Дзячэнка, Дзячок, Панамар, Панамароў, Панамарэнка, Ігуменаў, Канонік, Каплан, Ксёндз, Ксенджык, Ксёндзаў, Манахаў, Трапезнікаў, Свечнікаў, Прасвіраў, Цітарэнка...

Да гэтага простага пераліку дадзім некаторыя каментарыі. Уладыка гэта — архірэй. І гэта зусім не азначае, што продкі маіх рэчычан насілі такі высокі царкоўны сан. Уладыкінымі маглі называцца і сяляне, якія жылі на землях архірэя. Вядома, што дзяк — ніжэйшы царкоўны служыцель у праваслаўнай царкве, псаломшчык. Але ж у старажытнасці дзякам называўся пісец у князя. У ХІУ-ХУІІ стагоддзях — гэта службовая асоба ў дзяржаўнай установе. У рускіх дзяк — панамар. А вось прозвішча Ігуменаў загадкавае. Ігумен — настаяцель мужчынскага манастыра. Ён не меў права жаніцца, значыць, прозвішча магло з’явіцца ў людзей, якія былі прыпісаны да манастыра. Цітарэнкі павінны ведаць, што цітар у рускіх і ўкраінцаў — гэта царкоўны стараста. Каплан (капелян) у каталіцкай і англіканскай цэрквах — гэта святар пры капліцы або пры дамашняй царкве. Пісьменнік Васіль Хомчанка даказаў, што Фані Каплан, якая страляла ў Леніна, нарадзілася ў Рэчыцы, у сям’і яўрэйскага настаўніка.

Мае рэчычане прысягалі рознай веры, але ставіліся да Стваральніка свету з любасцю, пачцівасцю. І тое, што ў нашых прозвішчах зафіксавана шмат царкоўнай «атрыбутыкі», яскравае пацвярджэнне таму. Давайце проста нагадаем гэтыя прозвішчы ды задумаемся пра іх вытокі: Ангел, Ангельцаў, Апосталаў, Скітовіч (скіт — жыллё для манахаў), Грашкоў, Граховіч, Багамаз, Багамазаў (іканапісец, гандляр іконамі, а яшчэ — няўдалы мастак), Кандакоў (кандак — хвалебная песня ў гонар Хрыста, Багародзіцы ці іншага святога), Каранаў (Каран — свяшчэнная кніга мусульман), Каляда, Калядзенка, Пастоў, Посахаў (посах — жазло ў святароў), Пустэльнікаў (пустэльнік — чалавек, які з рэлігійных меркаванняў пасяліўся ў бязлюдным месцы; так можна назваць і звычайнага чалавека, які жыве ў адзіноце), Рамазанаў (рамазан — дзевяты месяц мусульманскага календара, у гэту пару вернікі пасцілі ад усходу да заходу сонца). Не паверыце, але ў нашым раёне ёсць свае райскія, нябесныя людзі. У іх прозвішчы — Рай, Райко, Нябесны. Ёсць яшчэ Райкевіч, але такое прозвішча, відаць, ад слова «райко», дарадчык. Гэта, можа, якраз быў той, хто выдаваў парады-прысуды: каму ў рай, а каму ў пекла?

Але давайце не будзем шукаць такога прыслужніка. Станем перад іконай, помнячы, што з паклону галава не баліць нікому, і прачытаем малітву святога Іаана Залатавуста:

«Божа, аслаб, адпусці, прабач мне саграшэнні мае, якімі я перад Табою саграшыў або словам, або ўчынкам, або думкаю, вольна ці міжвольна, свядома ці несвядома, усё мне прабач, бо ты Добры і Чалавекалюбны, і па малітвах Прачыстай Тваёй Маці, духоўных Тваіх служыцеляў і святых Сіл, і ўсіх святых, якія адвеку Табе дагадзілі, паспрыяй, каб я неасуджана прыняў Святое і Прачыстае Тваё Цела і Пачэсную Кроў для ацалення душы і цела і для ачышчэння ад злых маіх думак, бо Тваё ёсць Царства, і сіла, і слава — Айца, і Сына, і Святога Духа — цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь».

 

XII - СЯМЕЙНЫЯ ГЕРБЫ

 

Мне маці ў дзяцінстве казала:

«Як пойдзеш у людзі, сынок,

Ты помні пра вёску, дзе вас я люляла,

Ты помні пра родны куток...»

Мікалай Чырык

 

Дзяды так жартавалі з саміх сябе: «Прыйшоў хтось, узяў штось дай пайшоў кудысь. Пайшоў бы і я за ім, да не знаю за кім». Усе мы, хрысціяне-славяне, гэткія ж. Нехта некуды нас заўсёды вядзе, толькі паверым яму — аказваецца, не туды ідзём. От і атрымліваецца: то знаходзім, то страчваем. А пакаленні мяняюцца, і кожнаму хочацца ведаць, што было, што мелі продкі.

Напрыклад, нашы продкі на Беларусі мелі некалі сямейныя гербы, ганарыліся прыналежнасцю да шляхты. З ІХ стагоддзя развівалі, замацоўвалі саслоўныя званні, даражылі пэўнымі манерамі, этыкетам, традыцыямі. Пасля Гарадзельскай уніі 1413 года адбылося гербавае пабрацімства паміж шляхтай Вялікага княства Літоўскага і Польскага Каралеўства. На пачатку ХХ стагоддзя беларуская шляхта карысталася звыш 700 родавымі гербамі. Але наляцеў рэвалюцыйны 1917 год, і дэкрэтам Народных Камісараў былі скасаваны дваранскія, шляхецкія саслоўі і іх арганізацыі. Дык жа гэтага было мала. Пачаліся разборкі, хто белы, а хто чырвоны. І людзі надоўга замоўклі, рызыкоўна было згадваць пра свой радавод. Загінулі ў агні асабістых печаў многія рэдкія дакументы: дваранскія, шляхецкія пасведчанні, метрыкі, купчыя, радаводныя схемы, гербы...

Цяпер з дапамогай архівістаў, старажытных пісьмовых крыніц, а часам з успамінаў векавых людзей пачынаем узнаўляць страчаныя каштоўнасці. Ужо і гісторыкі з прыемнасцю пішуць у падручніках, што са шляхецкага асяроддзя выйшлі знакамітыя людзі нашай зямлі: віленскія ваяводы Мікалай Янавіч Радзівіл, Мікалай Крыштоф Радзівіл (Сіротка), Ян Кароль Хадкевіч, канцлеры Астафі Валовіч, Леў Сапега, вялікія князі Канстанцін Астрожскі, Грыгоры Хадкевіч. Мы ўслаўляем дзеячаў духоўнай культуры са шляхты — Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Мялеція Сматрыцкага. Са шляхецкага асяроддзя і вядомыя ўдзельнікі, кіраўнікі нацыянальна-вызваленчага руху на Беларусі, і багата хто з заснавальнікаў літаратуры, мастацтва, культуры. Сярод іх — Тадэвуш Касцюшка, Якуб Ясінскі, Міхал Валовіч, Валер Урублеўскі, Кастусь Каліноўскі, Ігнат Дамейка, Уладзіслаў Сыракомля, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч...

Вярнуць гістарычную памяць — гэта і ёсць адна з ідэалагічных дзеяў нашай сучаснай Беларусі. З радасцю і настроем хочацца і мне паспрыяць сваім землякам, каб ведалі праўду ўчарашняга дня.

Аб’ехаў, здаецца, увесь Рэчыцкі раён, а ніхто, ніводная душа не ведаюць нічоганькі пра свой сямейны герб. Безумоўна, яго мелі найперш шляхта ды дваране. Але ж сёння ўсе так зраўняліся, выпраміліся, падраўняліся, што мала хто ведае, якога «звання» яго прозвішча, ці было яно калісьці ў гонары, павазе.

Герб паходзіць ад нямецкага слова «ЕгЬе» — спадчына. Ён, як і прозвішча, — набытак фальклору. У яго няма аўтара, але калі і быў, то ўжо ніколі не даведаемся пра яго.

Герб — гэта эмблема, пэўная сімволіка, якая прадстаўляе асобу, род, сям’ю, падкрэслівае іх адметнасць. Радаводныя гербы знаходзім на старажытных манетах, кнігах, пячатках, будынках, зброі.

Герб — як эпіграф да роду, біяграфіі. Заснавана асобная навука геральдыка, якая вывучае гербы. А ў Расіі, куды некалі ўваходзіла і Беларусь, дзейнічаў пры сенаце Дэпартамент герольдыі.

У свой час, працуючы над кнігай «Я. Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод», мне пашчасціла адшукаць і герб нашых Ліпскіх. Цяпер яго выява ў рамцы ўпрыгожвае і маю кватэру, і кватэры маіх дзяцей. Герб называецца «Граблі». У залатым полі, на зялёнай мурожнай траве ўторкнуты сямізубыя сярэбраныя граблі. Божа мой, дык гэта ж яскравы сімвал нашай радаводнай прыналежнасці да зямлі, да сялянскай працы! Усе мы загартаваны імі. Але ж у выяве герба ёсць і іншыя элементы: карона, пяць страўсавых пярын, рыцарскі нагруднік з нейкай узнагародай ці каштоўнасцю. Усё гэта дае падставу меркаваць, што мае Ліпскія, якія зарэгістравалі гэты герб У XIII стагоддзі, не такія ўжо і прастакі. Былі сярод іх, як пазней высветліў, і канцлер, і харунжы, і кардынал, і памешчык, і мэр Мінска, і пасол, і ротмістр, і возны. ...

Мае пошукі ў беларускіх, расійскіх і польскіх архівах і кнігах, дапамога маёй жонкі Ніны, якой бязмежна ўдзячны, прывялі да знаходак сямейных, радаводных гербаў сучасных рэчычан. Няхай гэта сціплая праца натхніць вас, мае шаноўныя землякі, на новыя адкрыцці сваіх спадчынных радовішчаў. Пад кожным гербам даюцца прозвішчы толькі тых рэчычан, якія сёння жывуць у раёне, прозвішчы, якімі карысталіся іх продкі.

Герб «Ахінгер»: Ігнатовіч, Рыжэўскі.

Герб «Абданк»: Абрамовіч, Абрамоўскі, Асоўскі, Багуслаўскі, Бароўскі, Баравы, Бярнацкі, Волчак, Вярпоўскі, Гаеўскі, Галецкі, Ганкевіч, Грамыка, Грахольскі, Гурскі, Дамарацкі, Дваракоўскі, Дэлінскі, Завадскі, Закрэўскі, Кабылінскі, Кавальскі, Кальчэўскі, Канарскі, Кандратовіч, Касоўскі, Крыжаноўскі, Куніцкі, Ліпскі, Ляшчынскі, Малышка, Мілеўскі, Пятроўскі, Рагазінскі, Рагоўскі, Раеўскі, Рудскі, Русецкі, Салава, Слупскі, Сухадольскі, Трачэўскі, Халецкі, Хамец, Хмяльніцкі, Чалядка, Чэрнік, Юневіч.

Герб «Алява»: Граеўскі, Дабравольскі.

Герб «Асорыя»: Альшэўскі, Богдан, Быліцкі, Глінскі, Гурскі, Канарскі, Красоўскі, Курскі, Пяскоўскі, Русецкі, Стадніцкі, Стрыжэўскі, Яноўскі.

Герб «Астоя»: Багуслаўскі, Бараноўскі, Браткоўскі, Вольскі, Высоцкі, Гаеўскі, Глеўскі, Дамарацкі, Дароўскі, Дварэцкі, Дудкоўскі, Забароўскі, Завадскі, Загорскі, Ількоўскі, Кавальскі, Камароўскі, Качаноўскі, Козак, Комар, Кураш, Курч, Маркевіч, Масальскі, Масціцкі, Мядзведскі, Мяцельскі, Нагорскі, Нос, Нядзведскі, Патаповіч, Патоцкі, Рафальскі, Самборскі, Слупскі, Сташэўскі, Сядлецкі, Толкач, Урублеўскі, Хаткоўскі, Чэчат, Янішэўскі.

Герб «Адравонж»: Асоўскі, Бараноўскі, Бяляўскі, Валігурскі, Вольскі, Высоцкі, Галка, Загорскі, Іваноўскі, Кавалеўскі, Каменскі, Кушэль, Міклаш, Мінкевіч, Паўловіч, Сядлецкі, Чахоўскі, Яленскі, Ярчынскі.

Герб «Адвага»: Канапацкі, Касоўскі, Мілеўскі.

Герб «Агеньчык»: Акулевіч, Бароўскі, Барысевіч, Булацкі, Бутовіч, Весялоўскі, Вольскі, Высоцкі, Градзіцкі, Гурэцкі, Джавецкі, Каменскі, Карэцкі, Клачко, Конча, Кончыц, Кучынскі, Кушэль, Лісоўскі, Макоўскі, Навацкі, Пяткоўскі, Пятровіч, Сакалоўскі, Сакоўскі, Сідаровіч, Стахоўскі, Такарскі, Твардоўскі, Фалькоўскі, Хмялеўскі, Якімовіч, Янкоўскі, Ясевіч, Яраш.

Герб «Беліна»: Баркоўскі, Вягерскі, Ляшчынскі, Тараноўскі, Стаўскі, Чахоўскі, Шпакоўскі.

Герб «Бэлты»: Пазняк, Пылінскі.

Герб «Біберштэйн»: Блонскі.

Герб «Бялыня»: Жызнеўскі, Лаўрыновіч.

Герб «Багорыя»: Закрэўскі, Тарноўскі, Тур.

Герб «Бойча»: Бараўскі, Драздоўскі, Ляснеўскі, Мазалеўскі, Мадзелян.

Герб «Бонча»: Банькоўскі, Бачынскі, Богдан, Грахоўскі, Катарскі, Кракавецкі, Кулікоўскі, Куніцкі, Лісоўскі, Маркоўскі, Раманоўскі, Руткоўскі, Тамашэўскі, Шаблоўскі.

Герб «Божая воля»: Банькоўскі, Раманоўскі.

Герб «Божы дар»: Рымкевіч, Шварц.

Герб «Брохвіч»: Зухта, Зялінскі, Лявінскі, Шыдлоўскі.

Герб «Бродзіц»: Бараноўскі, Бародзіч, Завадскі, Ліпінскі, Пінскі.

Герб «Вадвіч»: Барэйша, Волчак, Рашкевіч.

Герб «Варня»: Зажэцкі, Зарэцкі, Носаль, Турскі.

Герб «Вуж»: Амбражэвіч, Падалецкі, Пясецкі, Сядлецкі, Фурс, Ціхоцкі, Шэмеш.

Герб «Вчэле»: Галецкі, Герман, Гняздоўскі, Карніцкі, Качаноўскі, Шаманскі.

Герб «Вянява»: Вягерскі, Грабоўскі, Гулевіч, Касоўскі, Ляшчынскі, Міхалоўскі, Хмялеўскі.

Герб «Верушова»: Бельскі, Кавальскі, Міхалоўскі.

Герб «Вербна»: Граноўскі, Паўлоўскі.

Герб «Гуска»: Будзько, Вадзінецкі, Забароўскі, Шыдлоўскі.

Герб «Гералт»: Пятроўскі, Рагоўскі, Урублеўскі.

Герб «Гадземба»: Бартэль, Бутовіч, Вольскі, Высоцкі, Главінскі, Даніловіч, Залескі, Ігнатовіч, Кавалеўскі, Кратовіч, Кухарскі, Малішэўскі, Малышка, Паўлоўскі, Радзецкі, Русіновіч, Сасноўскі, Фалькоўскі, Чыж, Юкоўскі, Юшкевіч.

Герб «Газдава»: Азарэвіч, Апановіч, Багдановіч, Багушэвіч, Балцэвіч, Баль, Бароўскі, Буц, Івашкевіч, Карповіч, Краснеўскі, Ліпінскі, Мачульскі, Мікуліч, Неміровіч, Няміра, Паўлоўскі, Пац, Пясецкі, Пятроўскі, Рашкевіч, Рэут, Сакалоўскі, Сокал, Ставіцкі, Стрыжэўскі, Сяўрук, Трызна, Федаровіч, Хлусовіч, Хмялеўскі, Храпавіцкі.

Герб «Граблі»: Арцюхоўскі, Дабравольскі, Даманскі, Гурэвіч, Заруцкі, Касінскі, Ліпскі, Шчука.

Герб «Грыф»: Асавецкі, Асоўскі, Астроўскі, Багатка, Бельскі, Браніцкі, Быкоўскі, Бяліцкі, Градзіцкі, Грамыка, Граноўскі, Грынкевіч, Вярбіцкі, Вяржбіцкі, Дамарацкі, Жукоўскі, Загорскі, Задарожны, Зазерскі, Зянько, Кавалеўскі, Канарскі, Камарніцкі, Квяткоўскі, Крукоўскі, Ліпоўскі, Ляснеўскі, Макоўскі, Малахоўскі, Марцынкоўскі, Мілецкі, Пабядзінскі, Ракоўскі, Рожын, Сакалоўскі, Серакоўскі, Турскі, Хамец, Чайкоўскі, Яворскі, Янцэвіч.

Герб «Грымала»: Астроўскі, Бараноўскі, Баркоўскі, Вішнеўскі, Высоцкі, Герцык, Гофман, Грабоўскі, Грудзінскі, Длускі, Забароўскі, Залескі, Зяленскі, Івінскі, Казлоўскі, Каменскі, Камінскі, Ласоўскі, Лашэўскі, Літвінскі, Ляснеўскі, Майзінгер, Малахоўскі, Масціброцкі, Машчынскі, Мілецкі, Мураўскі, Няміра, Падольскі, Пячкоўскі, Пяткоўскі, Сядлецкі, Турчынскі, Чапскі.

Герб «Гіпацэнтаўр»: Альшанскі, Гарнастай, Здановіч, Свірскі.

Герб «Галобак»: Біруля, Браніцкі, Клапаток, Ліпніцкі, Ліпскі.

Герб «Дуб»: Збароўскі, Шульц.

Герб «Дуброва»: Багута, Бачкоўскі, Жукоўскі, Кабылінскі, Карась, Карніцкі, Кішка, Костка, Лось, Струміла, Яблонскі, Якімовіч, Янушэўскі.

Герб «Дэнбна»: Карэйва.

Герб «Даліва»: Бабіцкі, Гузоўскі, Дробат, Зялінскі, Ліпскі, Лукомскі, Радзецкі, Рыкоўскі, Сакалоўскі, Старжынскі, Стравінскі.

Герб «Даленга»: Альшэўскі, Асецкі, Асоўскі, Бабіцкі, Барэйка, Быхаўскі, Грабоўскі, Закрэўскі, Залескі, Зелянеўскі, Кавалеўскі, Камароўскі, Камінскі, Касоўскі, Крэтовіч, Левандоўскі, Лукоўскі, Макавецкі, Мастоўскі, Несцяровіч, Нізкі, Радзімоўскі, Турскі, Шчарбінскі, Шышко.

Герб «Драгамір»: Кулікоўскі, Садоўскі.

Герб «Дрыя»: Акуліч, Барысевіч, Высоцкі, Галецкі, Градзіцкі, Дрынькевіч, Лісецкі, Лукомскі, Радзецкі, Чыжэўскі.

Герб «Дрэвіца»: Васілеўскі, Грань, Джавецкі, Лугоўскі, Марціноўскі, Маркоўскі, Сакалоўскі, Чаплінскі.

Герб «Дзялоша»: Волчак, Рагоўскі, Рудакоўскі.

Герб «Вожык»: Ласоўскі, Лісоўскі.

Герб «Забава»: Пясецкі.

Герб «Задора»: Бук, Быхоўскі, Ліпінскі, Маеўскі, Пашкоўскі, Пясецкі, Стрык.

Герб «Заглоба»: Багуслаўскі, Богуш, Грабоўскі, Дубіна, Кухарскі, Смаленскі, Соха, Ярашэўскі.

Герб «Зарэмба»: Бяляўскі, Грабоўскі, Каліноўскі, Манькоўскі.

Герб «Зэрвікаптур»: Грабоўскі.

Герб «Кердэя»: Гоцкі, Губчык, Катоўскі, Крывіцкі.

Герб «Кетліч»: Кішка, Паўлоўскі, Цыган.

Герб «Клямры»: Варановіч, Губарэвіч, Крупецкі, Некраш, Некрашэвіч, Неміровіч, Сіліч, Таркоўскі, Тарлецкі.

Герб «Копач»: Белашыцкі, Градзіцкі, Дзядовіч, Руцкі, Тамковіч, Чахоўскі, Якубоўскі.

Герб «Капасіна»: Будкоўскі, Пятроўскі, Сікорскі.

Герб «Кораб»: Асоўскі, Астроўскі, Багуслаўскі, Вайцяхоўскі, Вягерскі, Галецкі, Глушкоўскі, Драздоўскі, Кавальскі, Карчэўскі, Качаноўскі, Кухарскі, Лабецкі, Маліцкі, Марскі, Машчынскі, Паўлоўскі, Пяткоўскі, Русецкі, Сакалоўскі, Фалінскі, Чайкоўскі, Чарнецкі, Янкоўскі.

Герб «Корчак»: Астроўскі, Багдановіч, Балабан, Бартноўскі, Браніцкі, Бярнацкі, Варкоўскі, Вашчынскі, Волк, Гаеўскі, Гацкі, Гінько, Глінскі, Далінскі, Дуброўскі, Есьман, Збароўскі, Ільюкевіч, Камароўскі, Каравай, Катовіч, Комар, Корбут, Корчак, Костка, Крупскі, Лаўрыновіч, Ліпскі, Ляшчынскі, Марахоўскі, Міхалеўскі, Мышка, Мялешка, Нявельскі, Паўловіч, Пракаповіч, Сава, Сачко, Сасноўскі, Сівіцкі, Сіліч, Стаўскі, Сялецкі, Сяліцкі, Труханоўскі, Тур, Чурыла, Яленскі.

Герб «Корвін»: Альшэўскі, Бараноўскі, Бачкоўскі, Гацкі, Далінскі, Дваракоўскі, Драздоўскі, Каліноўскі, Каханоўскі, Крук, Лісоўскі, Маліноўскі, Мачульскі, Мяцельскі, Навіцкі, Паўлоўскі, Пятроўскі, Саковіч, Урублеўскі.

Герб «Кос»: Александровіч, Кабылінскі.

Герб «Касцеша»: Александровіч, Альшэўскі, Барэйка, Валадзько, Валковіч, Вашкевіч, Верашчанка, Ваўковіч, Волк, Вольскі, Гадлеўскі, Далінскі, Дарашкевіч, Ермаловіч, Залескі, Каленька, Касоўскі, Клімовіч, Кулакоўскі, Муравіцкі, Правецкі, Ракоўскі, Рудаўскі, Савіцкі, Таргонскі, Таркоўскі, Хаткоўскі, Ходзька, Цыбулька, Шымкевіч, Шымковіч, Якубовіч, Яноўскі, Ярмола.

Герб «Кот марскі»: Кот, Ліпскі.

Герб «Катвіца»: Барташэвіч, Баршчэўскі, Камінскі, Яблонскі.

Герб «Котвіч»: Галіцкі, Длускі, Згурскі, Камароўскі, Кучук, Лянкевіч, Мікоша, Скібінскі, Смоліч, Толкач.

Герб «Коўня»: Дамарацкі, Тур, Хадаровіч.

Герб «Крыўда»: Гоцкі, Грахоўскі, Дабравольскі, Кабылінскі, Лазоўскі, Санкоўскі, Сашыцкі, Сухадольскі, Тарасевіч, Урублеўскі.

Герб «Кушаба»: Бяліцкі, Гароўскі, Грахоўскі, Івіцкі.

Герб «Лярыша»: Даманскі, Думанскі.

Герб «Ляліва»: Абрамовіч, Адамовіч, Акушка, Аляхновіч, Бачкоўскі, Блоцкі, Бялоўскі, Васілевіч, Вольскі, Высоцкі, Данілевіч, Дашкевіч, Дзюбінскі, Душкевіч, Граноўскі, Грахоўскі, Гурка, Гурноўскі, Жарскі, Завадскі, Зяньковіч, Казіцкі, Каленік, Карчынскі, Каханоўскі, Лаўрыновіч, Ліпінскі, Лісоўскі, Мартыновіч, Міхалоўскі, Паеўскі, Палонскі, Полацкі, Паплаўскі, Парыс, Паўлоўскі, Пачына, Пашкоўскі, Пяткевіч, Пятровіч, Петрашэвіч, Пілецкі, Попел, Прушак, Рагазінскі, Рагоўскі, Рамашка, Рыкоўскі, Скочэк, Станевіч, Станілевіч, Сянкевіч, Тамковіч, Тарноўскі, Тышкевіч, Хмялеўскі, Чапкоўскі, Чапскі, Чаховіч, Чахоўскі, Чэркас, Шымкевіч, Юзафовіч, Юшкевіч, Яцкевіч.

Герб «Лешчыц»: Асоўскі, Астроўскі, Багуслаўскі, Байкоўскі, Гутоўскі, Дабравольскі, Залескі, Калявецкі, Касоўскі, Касцецкі, Лукоўскі, Нагорскі, Русецкі, Стаўскі, Яноўскі.

Герб «Леварт»: Дуброўскі, Канарскі, Лявінскі, Львоўскі.

Герб «Ліс»: Альшэўскі, Бароўскі, Вайцяховіч, Ваньковіч, Варановіч, Вароўскі, Вольскі, Верашчака, Глінскі, Дабравольскі, Даніловіч, Дарашкевіч, Завадскі, Залескі, Заяц, Казлоўскі, Камароўскі, Каржанеўскі, Карніцкі, Касінскі, Кульчыцкі, Ліс, Лісецкі, Лісоўскі, Лукашэвіч, Ляцецкі, Міхневіч, Немчыновіч, Парцэўскі, Пятровіч, Пятроўскі, Рудніцкі, Самсановіч, Сапега, Свірскі, Сікорскі, Сіповіч, Слупскі, Страшэўскі, Урублеўскі, Філіповіч, Чахоўскі, Чыж, Юшкевіч.

Герб «Любіч»: Абрамовіч, Адамовіч, Арлоўскі, Асоўскі, Баброўскі, Байкоўскі, Баканоўскі, Багдановіч, Бароўскі, Барташэвіч, Бучынскі, Баркоўскі, Бярнацкі, Вайцяхоўскі, Вольскі, Высоцкі, Гадлеўскі, Галаўко, Гарадзецкі, Галецкі, Герцык, Глінскі, Грабоўскі, Градзіцкі, Грахоўскі, Грушэцкі, Гузоўскі, Гурскі, Грыневіч, Грынцэвіч, Давідовіч, Джавецкі, Жакоўскі, Жыдовіч, Жылінскі, Жыліч, Заленскі, Залескі, Казлоўскі, Канарскі, Капінскі, Качаноўскі, Копат^ Красніцкі, Красоўскі, Крыцкі, Кухарскі, Лапа, Лапацінскі, Лапінскі, Лях, Лашэўскі, Ліпскі, Лісоўскі, Лугоўскі, Лявіцкі, Макавецкі, Манькевіч, Мацкевіч, Мілаш, Маеўскі, Мрачкоўскі, Навацкі, Навіцкі, Нятрэбскі, Патоцкі, Пячкоўскі, Пінскі, Пісанка, Ракіцкі, Ракоўскі, Рамановіч, Рачэўскі, Рудніцкі, Рымкевіч, Савіцкі, Садоўскі, Свірскі, Ставіцкі, Стаўскі, Тупік, Урублеўскі, Хахлоўскі, Ціхоцкі, Чаховіч, Шантыр, Шпакоўскі, Шыдлоўскі, Юрэвіч, Янкоўскі, Янушкевіч.

Герб «Лебедзь»: Балбас, Баркоўскі, Бельскі, Буйніцкі, Бярнацкі, Ваенскі, Вольскі, Галавінскі, Гарбачэўскі, Градзінскі, Граеўскі, Грудзінскі, Грышкевіч, Гурковіч, Гурскі, Жукоўскі, Залескі, Казіцкі, Камароўскі, Козіч, Куніцкі, Кунцэвіч, Лабецкі, Ліпскі, Маеўскі, Мажэйка, Маркевіч, Марцінкевіч, Мяшчанскі, Палацкі, Петрашкевіч, Пілецкі, Сакалоўскі, Сямашка, Урбановіч, Шостак, Юневіч.

Герб «Лада»: Багдановіч, Барташэвіч, Бачкоўскі, Валіцкі, Война, Высоцкі, Завадскі, Залескі, Кабылінскі, Кавалеўскі, Камінскі, Капанскі, Катоўскі, Лазоўскі, Лаханскі, Ліпскі, Мажароўскі, Мазарскі, Міхалоўскі, Сабалеўскі, Хадакоўскі, Цыбульскі, Янкоўскі, Янушэўскі.

Герб «Лагода»: Вернік, Вернікоўскі.

Герб «Ладдзя»: Бараноўскі, Былінскі, Высоцкі, Вягерскі, Герман, Глінскі, Гурка, Гурскі, Іваноўскі, Івінскі, Кабылінскі, Камарніцкі, Касоўскі, Лабецкі, Машчынскі, Пяткоўскі, Рачкоўскі, Слабкоўскі, Слупскі, Янкоўскі.

Герб «Лук»: Багдзевіч, Богуш, Галькевіч, Забалоцкі, Казіцкі, Камінскі, Круковіч, Лукашэвіч, Радзевіч, Тур.

Герб «Мандросткі»: Лісоўскі.

Герб «Мора»: Мора, Скальскі.

Герб «Набрам»: Рагоўскі, Сасноўскі.

Герб «Наленч»: Астроўскі, Баброўскі, Банюшка, Бараноўскі, Бачкоўскі, Блонскі, Браткоўскі, Вайцяхоўскі, Война, Вольскі, Гладкі, Дабравольскі, Дароўскі, Дворнік, Джавецкі, Длускі, Камарніцкі, Камароўскі, Каменскі, Касцецкі, Качан, Качаноўскі, Кулікоўскі, Лавіцкі, Ліпка, Лукомскі, Львоўскі, Ляшчынскі, Маеўскі, Малахоўскі, Малыцкі, Марцінкоўскі, Машынскі, Машчынскі, Мрачкоўскі, Непакойчыцкі, Падольскі, Попел, Петрашкевіч, Рачынскі, Рудніцкі, Садоўскі, Сасноўскі, Саха, Струміла, Тапольскі, Тушынскі, Хадакоўскі, Хмель, Цехановіч, Чэх, Язерскі, Якуш, Яленскі, Яноўскі.

Герб «Нячуя»: Абрамоўскі, Астроўскі, Ахрамовіч, Віткоўскі, Высоцкі, Вяржбіцкі, Дабравольскі, Дземяшкевіч, Загароўскі, Кахоўскі, Лукоўскі, Нагорскі, Смаленскі, Уланоўскі, Чахоўскі, Юркевіч.

Герб «Навіна»: Багуслаўскі, Баркоўскі, Віткоўскі, Война, Вольскі, Глінскі, Грабоўскі, Граеўскі, Грышкевіч, Гулевіч, Дабравольскі, Доўнар, Ігнатовіч, Кавалеўскі, Казакевіч, Канапацкі, Квяткоўскі, Козел, Косла, Лісоўскі, Лявіцкі, Макоўскі, Машэўскі, Навакоўскі, Навіцкі, Савіцкі, Хмялеўскі, Чорны, Фалінскі, Шчыгельскі, Шварц, Язерскі, Янкоўскі.

Герб «Окша»: Астроўскі, Аржахоўскі, Арахоўскі, Багуслаўскі, Грабоўскі, Грушэўскі, Наглоўскі, Партыка, Тапольскі, Чарвякоўскі, Чахоўскі, Шумскі, Яворскі, Якубоўскі.

Герб «Орля»: Арлоўскі, Быкоўскі, Грабоўскі, Губчык, Рагоўскі.

Герб «Пелікан»: Гофман.

Герб «Пярхала»: Бяліцкі, Главінскі, Гурка, Клімовіч, Кунцэвіч, Лукомскі, Паўлоўскі, Пясецкі, Такарскі, Тураўскі, Урублеўскі.

Герб «Пілява»: Бароўскі, Дмітроўскі, Драздоўскі, Загорскі, Кот, Маслоўскі, Мысткоўскі, Мышкоўскі, Нагорскі, Патоцкі, Пец, Твардоўскі, Яноўскі.

Герб «Побуг»: Альхімовіч, Альшэўскі, Бельскі, Быліцкі, Бяліцкі, Вольскі, Горват, Грабоўскі, Гурскі, Душэўскі, Жураўскі, Зажэцкі, Зарэцкі, Запольскі, Кабылінскі, Камароўскі, Касабудскі, Мазуркевіч, Маліноўскі, Мядзведскі, Несцяровіч, Нячай, Радкевіч, Расоўскі, Рудкоўскі, Рымашэўскі, Сухадольскі, Талочка, Тарайкоўскі, Урэцкі, Федаровіч, Цехановіч, Чыжэўскі, Шантыр, Шыдлоўскі, Якубовіч.

Герб «Пагоня»: Залескі, Залуцкі, Пацёмкін, Семяновіч, Шварц.

Герб «Помян»: Альшэўскі, Багатка, Глінскі, Грабоўскі, Грахоўскі, Вольскі, Дуброўскі, Калкоўскі, Камінскі, Катоўскі, Лявінскі, Макавецкі, Мілеўскі, Пяткевіч, Сакалоўскі, Саковіч.

Герб «Порай»: Бярнацкі, Вільчынскі, Віткоўскі, Вернер, Вягерскі, Галіцкі, Голак, Гурэцкі, Дуброўскі, Каменскі, Ліпінскі, Ліпніцкі, Лісоўскі, Макоўскі, Маліна, Мацкевіч, Міхайлоўскі, Навіцкі, Падольскі, Патоцкі, Пятроўскі, Рачкоўскі, Рудніцкі, Ружыцкі, Сакалоўскі, Скальскі, Сухоцкі, Сялецкі, Хоміч, Шчэрбіч, Якімоўскі, Якубоўскі, Янкоўскі, Яновіч.

Герб «Паўкозіч»: Бобрык, Богуш, Ваенскі, Волчак, Вольскі, Гутоўскі, Длускі, Кукель, Ліпніцкі, Паўлоўскі, Радзіеўскі, Смок, Хмялеўскі.

Герб «Праўдзіч»: Альшэўскі, Бараноўскі, Браткоўскі, Вольскі, Волчак, Высоцкі, Галецкі, Гароўскі, Грэк, Залескі, Зарэмба, Зубчэўскі, Карлоўскі, Курскі, Кухарскі, Лашэўскі, Левандоўскі, Лукомскі, Манькоўскі, Парыс, Руцкі, Рымашэўскі, Сакалоўскі, Салагуб, Цыбульскі.

Герб «Прус І»: Асоўскі, Балдоўскі, Бароўскі, Вевяроўскі, Вішнеўскі, Вольскі, Главацкі, Глушынскі, Драздоўскі, Зайкоўскі, Залескі, Ісакоўскі, Кабылінскі, Лісецкі, Прус, Пятух, Рачкоўскі, Рудакоўскі, Ярашэвіч.

Герб «Прус ІІ»: Бялоўскі, Глухоўскі, Забароўскі, Кабылінскі, Касцецкі, Лісіцкі, Малахоўскі.

Герб «Прус ІІІ»: Глухоўскі, Давыдоўскі, Гуркоўскі, Залескі, Зяленскі, Зялінскі, Кабылінскі, Кавалеўскі, Кубліцкі, Мрачкоўскі, Патоцкі, Пётух, Рудаўскі, Рудзінскі, Стэпкоўскі.

Герб «Прэгіня»: Браткоўскі, Губа, Дамарацкі, Звяртоўскі, Лісоўскі.

Герб «Пшэрова»: Балабан.

Герб «Прыяцель»: Грабоўскі, Грыневіч, Кудзіновіч, Ладзінскі, Лінеўскі, Ліпінскі, Лісецкі, Мацкевіч, Нятрэбскі, Паўловіч, Раманоўскі, Стравінскі, Тамковіч, Юроўскі, Яновіч.

Герб «Пухала»: Катоўскі, Мысткоўскі.

Герб «Радван»: Акушка, Браніцкі, Валадковіч, Вярбіцкі, Вяржбіцкі, Глінскі, Глухоўскі, Жарскі, Кавалеўскі, Канановіч, Комар, Крукоўскі, Ладзінскі, Лукаўскі, Ляшчынскі, Пашкевіч, Ракоўскі, Русецкі, Семяновіч, Страшэўскі, Фядзюшка, Чапля, Шчыт, Юдыцкі, Яновіч.

Герб «Равіч»: Альшэўскі, Астроўскі, Банкоўскі, Бараноўскі, Бельскі, Варшаўскі, Вольскі, Высоцкі, Забароўскі, Залескі, Казіцкі, Каменскі, Касоўскі, Кохан, Красніцкі, Крукоўскі, Кураш, Ліпінскі, Ліпскі, Лявіцкі, Ляснеўскі, Магер, Маліна, Манько, Пясецкі, Ракіцкі, Рудзінскі, Русецкі, Стахоўскі, Сухадольскі, Сядлецкі, Хадынскі, Шантыр, Шчэрба, Шыдлоўскі, Яроцкі, Ясенскі.

Герб «Рагаля»: Астроўскі, Баеўскі, Блонскі, Буткоўскі, Васілеўскі, Венскі, Высоцкі, Забароўскі, Завадскі, Загорскі, Іваноўскі, Каменскі, Касінскі, Красоўскі, Кураш, Ліпскі, Навіцкі, Паплаўскі, Пачкоўскі, Ракіцкі, Сакалоўскі, Скальскі, Хадзынскі, Турскі, Шчыгельскі, Язерскі.

Герб «Роля»: Асоўскі, Вегерскі, Вольскі, Гаеўскі, Залескі, Іваноўскі, Кабылінскі, Камароўскі, Каменскі, Канарскі, Кот, Кухарскі, Марціноўскі, Рагоўскі, Роліч, Садоўскі, Сакалоўскі, Святаслаўскі, Скібіцкі, Тарноўскі, Харкоўскі, Чарняўскі, Яніцкі, Ярашэўскі.

Герб «Самсон»: Баркоўскі, Бяліцкі, Градзіцкі, Завадскі, Карчэўскі, Лінскі, Маскоўскі, Маслоўскі, Самсановіч, Халецкі, Яблонскі.

Герб «Сас»: Банкоўскі, Беразоўскі, Браткоўскі, Білінскі, Бярнацкі, Вінніцкі, Віткоўскі, Высачанскі, Гарадзецкі, Даніловіч, Далінскі, Завадскі, Зялінскі, Ільніцкі, Кабылінскі, Казлоўскі, Камарніцкі, Камароўскі, Камінскі, Карбоўскі, Карчынскі, Красніцкі, Красоўскі, Кульчыцкі, Куніцкі, Левандоўскі, Ладынскі, Ляшчынскі, Луцкі, Марахоўскі, Маткоўскі, Навакоўскі, Паслаўскі, Попел, Рудніцкі, Серадніцкі, Сялецкі, Такарскі, Тарлецкі, Тарноўскі, Турчынскі, Фалінскі, Харэвіч, Чайкоўскі, Шпакоўскі, Яворскі, Янішэўскі.

Герб «Саколя»: Сакалоўскі, Сокал.

Герб «Стары конь»: Завадскі, Маеўскі, Цыбулька.

Герб «Стрэмя»: Бучынскі, Высоцкі, Забароўскі, Загароўскі, Кулеўскі, Пячкоўскі, Рудніцкі, Янішэўскі, Яноўскі.

Герб «Сухэкамнаты»: Ліпінскі, Пянькоўскі, Рыдзеўскі, Скальскі, Славікоўскі.

Герб «Суліма»: Баркоўскі, Браткоўскі, Вольскі, Гаеўскі, Гарбоўскі, Даніловіч, Залескі, Камінскі, Попел, Савіч, Самайловіч, Стравінскі, Суліма, Шаўлоўскі.

Герб «Сыракомля»: Банькоўскі, Вайніловіч, Васілевіч, Васілеўскі, Вырвіч, Вялічка, Ганецкі, Голуб, Грахольскі, Заяц, Кандратовіч, Карніцкі, Пуцята, Салагуб, Стэфановіч, Стэфаноўскі, Халецкі, Чаховіч, Яноўскі.

Герб «Слепаўрон»: Альшэўскі, Багуслаўскі, Банькоўскі, Браніцкі, Браткоўскі, Буйніцкі, Буйно, Бучынскі, Вольскі, Вярбіцкі, Вяржбіцкі, Гарбоўскі, Глінскі, Глухоўскі, Гутоўскі, Дароўскі, Дваракоўскі, Дуброўскі, Жук, Завадскі, Залескі, Зяленскі, Кабылінскі, Казлоўскі, Каліноўскі, Каменскі, Каханоўскі, Каховіч, Кракоўскі, Красоўскі, Крукоўскі, Лапацінскі, Лісоўскі, Макоўскі, Маліноўскі, Мілеўскі, Навакоўскі, Паклонскі, Паплаўскі, Паўлоўскі, Пятроўскі, Рагоўскі, Рачынскі, Сабалеўскі, Савіцкі, Сакалоўскі, Саковіч, Сухадольскі, Чайкоўскі, Шыманоўскі, Юшкевіч, Язерскі, Яноўскі.

Герб «Свінка»: Багуслаўскі, Браткоўскі, Зялінскі, Пятроўскі.

Герб «Тарнава»: Крупа, Петрык, Сініцкі.

Герб «Тапор»: Александроўскі, Бокша, Бяліцкі, Вольскі, Грабоўскі, Грахольскі, Залескі, Камінскі, Канарскі, Лавянецкі, Лукоўскі, Марскі, Марцінкоўскі, Мядзведскі, Неміровіч, Нос, Пілецкі, Ракоўскі, Рачынскі, Рыкоўскі, Слупскі, Тарлецкі, Шыманоўскі, Яблонскі, Язерскі, Якубовіч, Яноўскі.

Герб «Трубы»: Адзінец, Война, Вінярскі, Волк, Давідовіч, Далінскі, Івашкевіч, Канкоўскі, Крукоўскі, Лукашэвіч, Мажэйка, Пянькоўскі, Пяткевіч, Пшонка, Сокал.

Герб «Траска»: Альшэўскі, Бельскі, Богуш, Будкевіч, Длускі, Дуткевіч, Залескі, Катоўскі, Лашэўскі, Міхалоўскі, Неміроўскі, Паплаўскі, Пяткоўскі, Сакалоўскі, Цішка.

Герб «Трыўдар»: Палятыла, Рагінскі, Ракоўскі.

Герб «Халява»: Каменскі, Мачульскі, Машэўскі, Навакоўскі, Пяшкевіч, Раеўскі, Савіцкі, Сакалоўскі, Тарлецкі, Шаўлоўскі.

Герб «Хелм»: Адамовіч, Антановіч.

Герб «Хербурт»: Козел, Навіцкі.

Герб «Хамут»: Арлоўскі, Залескі, Хоміч.

Герб «Цёлак»: Баркоўскі, Бычынскі, Джавецкі, Хадзінскі, Цэціс.

Герб «Шранява»: Александровіч, Бельскі, Богун, Бер, Вярыга, Гарбоўскі, Дароўскі, Кміта, Красоўскі, Кухарскі, Ліпскі, Лапка, Лісецкі, Лохман, Мядзведскі, Мрачкоўскі, Патоцкі, Рагоўскі, Ржэцкі, Слупскі, Стадніцкі, Стаўскі, Сядлецкі, Тураўскі.

Герб «Шэліга»: Гурэцкі, Гурскі, Каменскі, Лукомскі, Магер, Маркоўскі, Назарэвіч, Патоцкі, Пяткоўскі, Семяновіч, Стравінскі, Шалкоўскі.

Герб «Юноша»: Арлоўскі, Банькоўскі, Баран, Бараноўскі, Баркоўскі, Бароўскі, Вольскі, Галецкі, Глінскі, Галіцкі, Грахоўскі, Дабравольскі, Домін, Жакоўскі, Жукоўскі, Завадскі, Залуцкі, Кавалеўскі, Казак, Камарніцкі, Каменскі, Канапацкі, Крыцкі, Лаеўскі, Ліпніцкі, Лісоўскі, Лугоўскі, Маліцкі, Падольскі, Палхоўскі, Патоцкі, Паўлоўскі, Пянькоўскі, Пяскоўскі, Пятроўскі, Радзіеўскі, Ражанскі, Слуцкоўскі, Стравінскі, Стэпкоўскі, Стэфаноўскі, Сухадольскі, Траян, Шыманоўскі, Яблонскі, Яворскі, Янішэўскі, Янкоўскі, Якубовіч.

Герб «Юнчык»: Болбас, Васкевіч. Герб «Яніна»: Браніцкі, Бяліцкі, Валіцкі, Вінярскі, Губарэвіч, Завадскі, Лабецкі, Ліпніцкі, Ліпскі, Нараеўскі, Патоцкі, Пшонка, Пясецкі, Савін, Сухадольскі, Тарнаўскі, Турскі, Яворскі, Яноўскі, Ярашэўскі.

Герб «Ясеньчык»: Абуховіч, Бельскі, Буцкі, Граеўскі, Ждан, Збароўскі, Кавальскі, Карчэўскі, Маркоўскі, Міхалоўскі, Паўловіч, Фаліцкі, Яблонскі.

Герб «Ястрабец»: Абрамоўскі, Альшанскі, Арлоўскі, Асецкі, Баброўскі, Багуслаўскі, Бараноўскі, Бароўскі, Барташэвіч, Барэйка, Беластоцкі, Богуш, Будзько, Будкевіч, Будкоўскі, Буднік, Буткоўскі, Бялкоўскі, Бяляўскі, Вайцяхоўскі, Валіцкі, Валовіч, Вольскі, Высоцкі, Гамолка, Глінскі, Гогаль, Грабоўскі, Грудніцкі, Дабравольскі, Даманскі, Дамарацкі, Драздоўскі, Жарскі, Жыткевіч, Завадскі, Загорскі, Залескі, Збароўскі, Здановіч, Зуб, Зубовіч, Зялінскі, Кабылінскі, Кавалеўскі, Казлоўскі, Каменскі, Канарскі, Капанскі, Кміта, Карачэўскі, Кацюбінскі, Кашчэеў, Козік, Красоўскі, Квяткоўскі, Кухарскі, Кучук, Лабаноўскі, Ліпоўскі, Луковіч, Лукомскі, Лукоўскі, Ляшчынскі, Маеўскі, Майер, Макоўскі, Манькоўскі, Масакоўскі, Маскоўскі, Маціеўскі, Машкоўскі, Мятліцкі, Міхневіч, Мысткоўскі, Мышкоўскі, Мяцельскі, Неміровіч, Несцяровіч, Няміра, Паўлоўскі, Паплаўскі, Пшонка, Пятроўскі, Рагоўскі, Радзецкі, Раткевіч, Рачынскі, Рудніцкі, Руткоўскі, Руцкі, Савіцкі, Сакалінскі, Сасіноўскі, Смольскі, Ставіцкі, Стаўскі, Сумоўскі, Урублеўскі, Шаманскі, Шантыр, Шваб, Шумскі.

Герб «Яліта»: Антановіч, Бельскі, Бяляўскі, Бялецкі, Вайцяхоўскі, Віткоўскі, Вольскі, Гаеўскі, Драздоўскі, Жалязінскі, Жураўскі, Залескі, Зялінскі, Карытка, Касоўскі, Козел, Красоўскі, Лапінскі, Літвінскі, Макоўскі, Марцінкоўскі, Масальскі, Місевіч, Міхалоўскі, Мяцельскі, Пятух, Рафальскі, Садоўскі, Слупскі, Тарноўскі, Шыдлоўскі, Яворскі.

Герб «Язера»: Багуслаўскі, Драздоўскі, Лаеўскі, Няміра, Чорны, Шыманоўскі.


2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: Ліпскі, Уладзімір Сцяпанавіч. Мы : аповесць пра нашы прозвішчы / Уладзімір Ліпскі. - Мінск : Беларусь, 2006. - 262с.
Крыніца: скан