epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Маякоўскі

Блэк энд уайт

Блэк энд уайт — па-англійску: чорнае і белае

Калі

     Гавану*

           акінуць мігам —

рай-краіна,

           краіна-прынада.

Пад пальмай

            цыбата

                  стаяць фламінго.**

Квітнеюць

         калярыо***

                 па ўсёй Ведадо.****

У Гаванне

         ўсё

             падзелена чотка:

белым долары,

             чорным — пот.

З-за гэтага

            Віллі

                 стаіць са шчоткай

ля "Клэй энд Бэк, лімітэд"***** штогод.

Шмат

    за жыццё

            павымётваў Віллі —

адных пылінак

             цэльны лес, —

таму

     і волас у Віллі

                    вылез,

таму

    і жывот у Віллі

                    ўлез.

Малы яго радасцей цьмяны спектр:

шэсць гадзін сну, каб суняць тугу,

ды хіба што

           злодзей —

                     партовы інспектар,

кіне

     негру

          цэнт набягу.

Ад гэтага бруду дзенешся дзе ты?

Хіба што

        сталі-б

               хадзіць на галаве.

Дык жа

      не зменшыш

                смецця і гэтым:

валоссяў тышчы,

               а ног —

                       дзве.

Побач

      ішла

          распрыбраная Прадо.******

То дзінькне,

            то ўспыхне

                       трохвёрставы джаз.

Дурню здасца,

             што і напраўду

колішні рай

             у Гаванне якраз,

Мала у Віллі

             ў мазгах завілін,

мала ўсходаў,

             мала пасеваў.

Адно

     адзінае

            вызубрыў Віллі

цвярдзей,

         чым камень

                   помніка Масео:

"Белы

      смакуе

             ананас спелы,

чорны —

        ў гнілі мачоны.

Белую работу

            робіць белы,

чорную работу —

                чорны".

Мала пытанняў Віллі тлумілі.

Аднож было

          верхам усіх закарук.

Калі яно

        раптам

              залазіла ў Віллі,

шчотка

      валілася

              з Вілліных рук.

І сталася-ж так,

                што якраз тады

да Энры Клэй —

               караля сігар —

прышоў,

       бялейшы за хмарак гурты,

магутны цукровы кароль — уладар.

Негр

    падыходзіць

               да тушы смела

“Ай бэг эр пардон, містэр Брэг!*******

Чаму так і цукар,

                 белы-белы,

павінен рабіць

              чорны негр?

Чорная сігара

              не да вуса вам, —

яна для негра

             з чорнымі вусамі.

Калі-ж вы

         ўважаеце

                 з цукрам каву,

дык цукар,

          будзь ласка,

                      рабіце самі”.

Такое пытанне

              не пройдзе задарам.

Кароль

      стаў з белага

                    жоўты, як жоўць.

Крутнуўся

         кароль

               адпаведна з ударам,

кінуў пальчаткі ў бок —

                        і пайшоў.

Квітнелі

        наўкола

               дзівы батанікі.

Спляталі

        бананы

              лісцё шатром,

Негр

     абцёр

          аб белыя падштанікі

пальцы,

       з носу падцёршыя кроў.

Негр носам разбітым

                   пасоп на астанне,

шчотку падняў,

              памацаў каўнер.

Адкуль яму ведаць,

                  што з гэткім пытаннем

трэба звяртацца

               у Маскву,

                         у Комінтэрн?

 

5/VII — Гавана.

1925

* Гаванна - галоўны горад вострава Кубы (калонія ЗША), буйнейшы цэнтр сусветнага гандлю цукрам-сырцом і рафінадам і табачнымі вырабамі.

** Фламінга — вялікія забытыя птушкі трапічных краін.

*** Калярыо — кветкі, від кактуса.

**** Ведадо — загарадны квартал гаванскіх багачоў

*****  

"Клэй энд Бэк, лімітэд" — філіял буйнейшай табачнай фірмы "Энры Клэй і Бок".

****** Прадо — галоўная вуліца Гаванны.

******* Ай бэг эр пардон — па англійску: прашу прабачэння



Пераклад: Рыгор Лынькоў

Беларуская Палічка: http://knihi.com