epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Маякоўскі

Незвычайная прыгода, што адбылася з Уладзімірам Маякоўскім улетку на дачы

Ў 140 сонц

заход палаў,

ляцела ў ліпень

лета,

гарачыня плыла,

пякла —

было на дачы гэта.

Узгорак

Пушкіна крывіў

Акулавай гарою,

а ніз гары —

ён вёскай быў,

лушчыўся

стрэх карою.

Туды,

за сельбішча якраз,

у ямінку, напэўна,

спаўзала сонца

кожны раз

павольна, але пэўна.

А заўтра

свет святлом зліваць

ізноў

яно ўставала.

І з дня на дзень

мяне злаваць

страшэнна гэта стала.

І раз,

угневаны такі, —

аж зблякла ўсё

ў прыродзе, —

Я люта крыкнуў сонцу:

«Кінь!

Па пеклах

швэндаць годзе!»

Я крыкнуў сонцу:

«Дармаед!

Ляжыш

між хмар кудлатых!

А тут —

ні зім табе,

ні лет —

сядзі, малюй плакаты!»

Я крыкнуў сонцу:

«Слухай, лоб,

ад променяў чубаты,

чым так ляжаць —

няхай зайшло б,

напіліся б гарбаты!»

Што нарабіў я!

Я прапаў!

Сышоўшы ў момант

доле,

шагае сонца

паміж траў

праменнямі па полі.

Хачу не паказаць

спалох —

і адступаю задам,

а сонца

ў сад

ужо ўвайшло,

ужо праходзіць садам.

У вокны,

ў дзверы —

скрозь паўзло,

плыло

гарачай масай,

уплыўшы ж,

дух перавяло

і мне

сказала басам:

«Я ўпершыню

назад агні

пагнала ад стварэння.

Ты зваў?

Гарбату мне гані,

гані, паэт, варэнне!»

На вочы

слёз нагнаў мне жар,

ледзь-ледзь

не асляпіла,

ал я ўсё ж —

на самавар:

«Ну, што ж,

сядай, свяціла!»

Чорт падаткнуў мяне

ужо

нагрубіяніць крыху.

Я сеў

на лаўкі беражок:

«Хаця б

не выйшла ліха!»

Але ад сонца

ўсё плыве

дзівосная яснота,

і я ўжо з ім —

як чалавек,

хоць скрозь і зліты

потам.

Пра справы

гутарку вяду,

кажу —

заела Роста, —

а сонца:

«Добра,

не бядуй,

глядзі на рэчы проста!

А мне,

ты думаеш,

свяціць,

дык гэта лёгка дужа?

А вось ідзеш —

ўзялося йсці,

ідзеш, — і свеціш, дружа».

Сядзелі так

да цемнаты —

ранейшай

ночнай раты.

Які ўжо змрок?

Мы з ім

на «ты»,

зусім за панібрата.

Прыязнасць

ўсё расце мая,

б'ю па плячы яго я.

А сонца мне:

«Вось ты ды я —

мы удваіх з табою!

Ўзляцім арлом, паэт!

Спяём

у света

ў шэрым брудзе.

Я буду сонца ліць сваё,

сваё ты ў вершах будзеш!»

Халодных ценяў

знікнуў лес,

турма начэй

прапала.

Святла і вершаў

куламес

блішчы у што папала!

Прыстала сонца.

Хоча сон

прывесці ночка-сонніца.

Ўзыходжу

я

на ўвесь разгон —

і дзень ізноў трызвоніцца.

Свяціць заўсёды

сонцам слоў

да дзён апошніх донца,

свяціць —

хоць што б там

ні было!

Вось лозунг мой —

і сонца!



Пераклад: Міхась Багун