epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Набокаў

Казка

Фантазія, хваля, воплеск фантазіі... Эрвін добра гэта ведаў. У трамваі ён садзіўся заўжды з правай рукі - каб бліжэй быць да тратуара. Штодня, двойчы на дзень, у трамваі, які вёз яго на службу і са службы назад, Эрвін пазіраў у акно і збіраў гарэм.

Адзін тратуар ён распрацоўваў раніцай, калі ехаў на службу, другі - пад вечар, калі вяртаўся, - і спярша адзін, потым другі купаўся ў сонцы, бо сонца таксама ехала і вярталася. Варта мець на ўвазе, што толькі раз за сваё жыццё Эрвін падышоў на вуліцы да жанчыны, і гэтая жанчына ціха сказала: «Як вам не сорамна... Ідзіце прэч». З таго часу ён пазбягаў гаворкі з імі. Затое, аддзелены ад тратуара шклом, прыціснуўшы да рэбраў чорны партфель і выпрастаўшы нагу ў задрыпанай пасястай калошы пад лаўку насупраць, - Эрвін смела, вольна пазіраў на жанчын, што праходзілі за акном, - і раптам закусваў губу; гэта значыла - новая паланянка; і зараз жа ён пакідаў яе, і яго імклівы позірк, што скакаў, як компасная стрэлка, ужо вышукваў наступную. Яны былі далёка ад яго, і таму панурая баязлівасць не дамешвалася да асалоды выбару. Калі ж здаралася, што мілавідная жанчына сядала насупраць яго, ён выцягваў нагу з-пад лаўкі з усімі прыкметамі прыкрасці - не ўласцівай, зрэшты, яго вельмі маладым гадам, - і потым не мог наважыцца зірнуць у твар гэтай жанчыне, - вось тут, у лобных касцях, над бровамі, так і ламала ад баязлівасці, - быццам сціскаў галаву жалезны шлем, не даваў узняць вочы, - і якая гэта была палёгка, калі яна падымалася і ішла да выхаду. Тады, напусціўшы няўважнасць, ён паварочваўся, хапаў позіркам яе вабную патыліцу, шаўковыя лыткі і далучаў яе да свайго неіснуючага гарэма. І потым зноў ліўся паўз вокны сонечны тратуар, і Эрвін, выпрастаўшы адну нагу, павярнуўшы да шкла тонкі, бледны нос, з заўважнаю выемкай на кончыку, выбіраў нявольніц, - і вось што такое фантазія, хваля, воплеск фантазіі.

Аднойчы ў суботу, лёгкім травеньскім вечарам, Эрвін сядзеў у адкрытай кавярні і пазіраў, зрэдку хапаючы разцом ніжнюю губу, на вячэрніх прахожых. Неба было скрозь мякка-ружовае, і ў сутонні нейкім незямным агнём свяціліся ліхтары, лямпачкі шыльдаў. Высокая пажылая дама ў цёмна-шэрым касцюме, цяжка гуляючы клубамі, прайшла між столікаў і, не знайшоўшы ніводнага вольнага, паклала вялікую руку ў бліскучай чорнай пальчатцы на спінку пустога крэсла насупраць Эрвіна.

- Так, калі ласка, - з лёгкім нырцом сказаў Эрвін. Такіх буйных пажылых дам ён не вельмі баяўся.

Яна моўчкі села, паклала на стол сваю сумку - прамавугольную, хутчэй падобную на невялікі чорны чамаданчык, і заказала порцыю кавы з яблычным тортам. Голас у яе быў густы, хрыплаваты, але прыемны.

Велізарнае неба, налітае мякка-ружовай муццю, цямнела, міргалі агні, прамахнуў трамвай і заплакаў наўзрыд райскім бляскам у асфальце. І праходзілі жанчыны.

- Добра б вось гэтую, - кусаў губу Эрвін. І потым, праз некалькі хвілін: - І вось гэтую.

- Што ж, гэта можна наладзіць, - сказала дама тым самым павольным цьмяным голасам, якім гаварыла з лёкаем.

Эрвін ад здзіўлення прыўстаў. Дама глядзела проста ў вочы, павольна расшпільваючы і сцягваючы з рукі пальчатку. Яе падтушаваныя вочы, як яркія фальшывыя камяні, зіхцелі абыякава і цвёрда, пад імі распухалі цёмныя мяшочкі, знятая пальчатка выявіла вялікую зморшчаную руку з міндалепадобнымі, выпуклымі, вельмі вострымі пазногцямі.

- Не дзівіцеся, - усміхнулася дама - і потым, глуха пазяхаючы, дадала: - Справа ў тым, што я - чорт.

Спужаны Эрвін прыняў быў гэта за алегорыю, але дама, сцішыўшы голас, прадаўжала так:

- Дарма мяне ўяўляюць у выглядзе мужчыны з рагамі ды хвастом. Я толькі раз з'явілася ў гэтым абліччы і папраўдзе не ведаю, чым менавіта гэты вобраз заслужыў такі доўгі поспех. Я нараджаюся тры разы на два стагоддзі. Апошні раз была каральком у афрыканскай глушы. Гэта быў адпачынак ад больш адказных увасабленняў. А сёння я пані От, тры разы была замужам, давяла да самагубства некалькіх маладых людзей, вымусіла вядомага мастака змаляваць з фунта вестмінстэрскае абацтва, падгаварыла дабрачыннага сем'яніна... зрэшты, я не буду выхваляцца. Як бы там ні было, гэтым увасабленнем я ўвогуле здаволілася.

Эрвін прамармытаў нешта і пацягнуўся па капялюш, які ўпаў пад стол.

- Не, чакайце, - сказала пані От, укручваючы ў эмалевы цыбук тоўстую цыгарэту. - Я ж вам прапаную гарэм. А калі вы яшчэ не верыце ў маю моц... Бачыце, вунь там праз вуліцу пераходзіць пан у чарапахавых акулярах. Няхай на яго наскочыць трамвай.

Эрвін, міргаючы, паглядзеў на вуліцу. Пан у акулярах, дайшоўшы да рэек, выняў па дарозе насоўку, хацеў у яе чыхнуць - і ў гэтае імгненне бліснула, грымнула, пракаціла. Людзі ў кавярні ахнулі, паўскоквалі з месцаў. Некаторыя пабеглі праз вуліцу. Пан, ужо без акуляраў, сядзеў на асфальце. Яму дапамаглі падняцца, ён круціў галавою, цёр далоні, вінавата азіраўся.

- Я сказала: наскочыць - магла сказаць: раздушыць, - холадна вымавіла пані От. - Гэта прыклад.

Яна выпусціла праз ноздры два шэрыя іклы дыму і зноў утаропілася Эрвіну проста ў вочы.

- Вы мне адразу спадабаліся. Гэтая нерашучасць... Гэтая смелая фантазія... Сёння мой перадапошні вечар. Становішча жанчыны, якая старыцца, мне досыць надакучыла. Ды апроч таго я так начаравала на днях, што лепш як найхутчэй выбрацца з жыцця. У панядзелак на досвітку мяркую нарадзіцца ў іншым месцы...

- Такім чынам, мілы Эрвін, - прадаўжала пані От, узяўшы кавалак яблычнага торта, - я вырашыла нявінна пазабаўляцца, і вось што я вам прапаную: заўтра, з поўдня да поўначы, вы можаце адзначаць позіркам тых жанчын, якія вам падабаюцца, і роўна апоўначы я іх усіх збяру вам у поўнае вашае веданне. Як вы гледзіце на гэта?

Эрвін апусціў вочы і ціха вымавіў:

- Калі ўсё гэта праўда, то гэта вялікае шчасце...

- Ну вось і добра, - сказала пані От. - Аднак я павінна паставіць вам адну ўмову, - казала яна, злізваючы крэм з лыжачкі. - Не, не тое, што вы думаеце. Я ў свой час ужо прыдбала чароўную душу для наступнага майго ўвасаблення. Вашай душы мне не трэба. А ўмова вось якая: лік вашых выбранніц павінен быць няцотны. Гэта - абавязкова. Інакш я вам нічога наладзіць не магу.

Эрвін кашлянуў і амаль шэптам папытаўся:

- А... як жа мне ведаць... Ну, напрыклад, я адзначыў - што далей?

- Нічога, - сказала пані От. - Вашае пачуццё, вашае жаданне - ужо загад. Зрэшты, для таго, каб вы ведалі, што пагадненне выконваецца, што я згодная на пэўны выбар ваш, я кожны раз вам дам знак: выпадковую ўсмешку самой жанчыны або проста слова, сказанае ў натоўпе, - вы ўжо зразумееце.

- Але, вось яшчэ, - сказаў Эрвін, шоргаючы пад сталом падэшвамі. - Дзе ж гэта будзе - ну - адбывацца? У мяне пакой маленькі.

- Пра гэта не турбуйцеся, - сказала пані От і, рыпнуўшы гарсэтам, паднялася. - Цяпер вам пара дамоў. Не шкодзіць добра выспацца. Я вас падвязу.

І ў адкрытым таксаматоры, у стрэчнай плыні цёмнага ветру, між зорным небам і зорным асфальтам, Эрвін адчуў, што шчаслівы надзвычайна. Пані От сядзела вельмі роўна, вострым вуглом перакінуўшы нагу на нагу, - і ў яе цвёрдых бліскучых вачах мільгалі начныя агні горада.

Вецер спыніўся.

- Ну вось і ваш дом, - сказала яна, крануўшы Эрвіна за локаць. - Да пабачэння.

 

Ці мала якія мары нагоніць куфаль чорнага густога піва, праколатага маланкаю каньяку? Прачнуўшыся назаўтра раніцай, Эрвін так і падумаў, - што быў п'яны, што сам нафантазіраваў размову з пажылою дзіўнай дамай у кавярні. Але паступова згадваючы ўсялякія дробязі ўчарашняй сустрэчы, ён зразумеў, што адною фантазіяй усяго гэтага не вытлумачыш.

Выйшаў ён на вуліцу каля паловы першай. І таму, што была нядзеля, і таму, што вакол будана прыбіральні на рагу ліловаю бурай кіпеў персідскі бэз, Эрвін адчуваў дзівосную лёгкасць, - а лёгкасць гэта ж амаль палёт. Пасярод сквера ў квадратнай яміне дзеці, падняўшы маленькія фланелевыя зады, ляпілі дзівосы з пяску. Глянцавітае лісце ліп трымцела, цёмныя сэрцайкі іх ценяў трымцелі на гравіі, уздымаліся лёгкай чародкай па штанах і спадніцах прахожых, узбягалі, рассыпаліся па твары і плячах - і ўсёю чародкай слізгалі зноў на зямлю, дзе ледзь варушыліся, чакалі наступнага прахожага. І, ідучы па скверы, Эрвін убачыў дзяўчыну ў белай сукенцы, якая сядзела на кукішках і двума пальцамі тармасіла тоўстага пухнатага шчанюка са смешнымі бародаўкамі на пузе. Яна нагінала галаву - ззаду агалялася шыя - пераліў хрыбта, светлы пушок, круглявасць плеч, падзеленых мяккаю выемкай, - і сонца знаходзіла пякучыя залацістыя кудзеркі ў яе каштанавых валасах. Не спыняючы гульні са шчанюком, яна паднялася з кукішак і, пазіраючы ўніз на яго, пляснула ў ладкі, - і шчанюк перакуліўся на зямлі, адбег убок, мякка ўпаў на бок. Эрвін прысеў на лаўку і імгненным, баязлівым і прагным позіркам акінуў яе твар. Ён убачыў яе так ясна, так пранізліва, з такою абсалютнай паўнатой успрымання, што, можа быць, доўгія гады блізкасці нічога не маглі б адкрыць яму новага ў гэтых рысах. Яе няяркія вусны ледзь варушыліся, быццам паўтараючы ўсе дробныя, мяккія рухі шчанюка, варушыліся яе вейкі - такія зіхоткія, што здаваліся тонкімі промнямі яе гуллівых вачэй, - але, мусіць, самы вабны быў выгін шчакі - трошкі ў профіль, - гэтага выгіну, вядома, ніякімі словамі не намалюеш. Яна пабегла, замільгалі яе гладкія ногі, - за ёй пакаціўся пухнатым камячком шчанюк. І раптам Эрвін успомніў, якая ўлада яму дадзена, - і, зацяўшы дыханне, пачаў чакаць знака, і ў гэтае імгненне дзяўчына на бягу павярнулася і бліснула ўсмешкай на жывы камячок, які ледзь паспяваў за ёю.

«Першая», - сам сабе сказаў Эрвін і падняўся з лаўкі.

Шоргаючы па гравіі ярка-жоўтымі, амаль аранжавымі чаравікамі, Эрвін выйшаў са скверу. Яго позірк пастрэльваў па баках, - але, ці таму, што дзяўчына са шчанюком пакінула ў ягонай душы сонечную лагчыну, - ён усё не мог знайсці жаночы твар, які б яму спадабаўся. Неўзабаве, аднак, гэтая сонечная шчыліна зацягнулася, і вось, ля шклянога слупа з раскладам трамвая, Эрвін заўважыў дзвюх маладых дам, - мяркуючы па падабенстве, сясцёр, - якія звонка абмяркоўвалі маршрут. Абедзве былі худзенькія, у чорным шоўку, трошкі падфарбаваныя, з жывымі вачыма.

- Табе трэба сесці вось у гэты нумар, менавіта вось у гэты, - гаварыла адна.

«Абедзвюх, калі ласка», - хуценька папрасіў Эрвін.

- Ну так, як жа інакш... - адказала другая на словы сястры.

Эрвін сышоў з тратуара, прайшоў праз плошчу. Ён ведаў усе мясціны, самыя прыбраныя, дзе больш магчымасцей.

«Тры, - сказаў ён сам сабе. - Няцот. Пакуль, значыць, усё добра. І каб цяпер была поўнач...»

Яна сыходзіла па прыступках пад'езда, гайдаючы ў руцэ сумку. За ёю выйшаў, распальваючы цыгару, высокі пан, з сінімі ад галення шчокамі і моцным, як пятка, падбароддзем. Дама была без капелюша, яе цёмныя валасы, падстрыжаныя па-хлапечы, роўным шлячком закрывалі лоб. На адвароце жакеткі пунсавела вялікая падробная ружа. Калі яна прайшла, Эрвін заўважыў, ад дзвярэй злева, цыгарэтную рэкламу - светлавусы турак у фесцы і буйное слова: Так! - а пад ім драбней: «Я куру толькі Ружу Ўсходу».

Адчуўшы прыемны халадок, ён накіраваўся ў танны рэстаран, сеў у глыбіні, каля тэлефоннага апарата, агледзеў тых, хто абедае. Ніводная з дам не вабіла яго. «Можа быць, гэтая. Не, павярнулася - старая... Ніколі не трэба меркаваць па спіне».

Лёкай прынёс абед. Да тэлефона побач падышоў мужчына ў кацялку, выклікаў нумар і пачаў узрушана крычаць, як сабака, што натрапіў на свежы след зайца. Блукаючы, позірк Эрвіна папоўз да стойкі і знайшоў там дзелавітую дзяўчыну, якая ставіла на разнос толькі што вымытыя піўныя куфлі. Ён слізгануў па яе аголеных руках, па бледным, крыху рабым, але надзіва мілавідным твары і падумаў: «Ну што ж - і вось гэтую».

- Так! Так! Так! - узрушана гаўкаў мужчына ў тэлефонную трубку.

Паабедаўшы, Эрвін пацяжэў - вырашыў, што добра б падрамаць гадзінку. Праўду кажучы, аранжавыя чаравікі ціснулі вельмі балюча. Было душна. Велізарныя спякотныя аблокі белымі купаламі ўздымаліся і адціскалі адно аднаго. Народу на вуліцах паменшала, - затое так і адчувалася, што дамы поўныя да краёў густым пасляабедзенным храпам. Эрвін сеў у трамвай.

Вагон ірвануўся і, крэкчучы, паехаў. Эрвін, павярнуўшы да шкла бледны запацелы нос, лавіў позіркам жаночыя твары, што мільгалі за акном. Калі плаціў за білет, ён заўважыў, што злева ад праходу сядзіць, павярнуўшыся да яго чорным аксамітным капелюшом, дама ў лёгкай сукенцы, размаляванай жоўтымі кветкамі, якія перапляталіся на мякка-ліловым, амаль празрыстым фоне, скрозь які свіціліся светлыя лініі станіка, - і буйная зграбнасць гэтай дамы абудзіла ў ім жаданне зірнуць на яе твар. Калі яе капялюш нахінуўся, чорным караблём пачаў паварочвацца, - ён па сваёй звычцы адвёў вочы і наўмысна безуважна зірнуў на хлопчыка, што сядзеў насупраць, на чырванашчокага дзядка, які драмаў у глыібіні, - і атрымаўшы такім чынам пункт апоры, апраўданне для далейшага даследавання - пазіраю, маўляў, па баках, - Эрвін, гэтаксама безуважна, перавёў позірк на даму. Гэта была пані От. Ад спёкі цагляныя плямы расплыліся па яе нясвежым твары, чорныя густыя бровы рухаліся над светлымі вострымі вачыма, усмешка падымала куточкі сціснутых вуснаў.

- Дзень добры, - сказала пані От сваім мяккім хрыплаватым голасам. - Перасядзьце сюды. Добра. Цяпер мы можам пагаварыць. Як вашыя справы?

- Усяго пяць, - збянтэжана адказаў Эрвін.

- Цудоўна. Няцотны лік. Я вам параіла б на гэтым і спыніцца. А апоўначы... Добра, я, здаецца, вам яшчэ не сказала... Апоўначы прыйдзеце на вуліцу Гофмана - ведаеце, дзе гэта? Там адшукаеце нумар трынаццаты. Невялікая віла з садком. Там вас будуць чакаць вашыя выбранніцы. Я ж сустрэну вас каля брамкі, - але, вядома, - дадала яна з тонкаю ўсмешкай, - я не буду вам замінаць... Адрас запомніце?

- Вось што, - сказаў Эрвін, набраўшыся храбрасці, - калі ласка, няхай яны будуць у тых самых сукенках, і няхай яны будуць адразу вельмі вясёлыя, вельмі ласкавыя...

- Ну, вядома, - адказала пані От. - Усё будзе менавіта так, як вы жадаеце. Інакш не варта распачынаць гэтую гісторыю, ці не праўда? А прызнайцеся, мілы Эрвін, што вы ледзь-ледзь і мяне не выбралі ў ваш гарэм? Ах, не, не бойцеся, - я ж добра ведаю... Я проста жартую... Вам трэба выходзіць? Дадому? Гэта правільна. Пяць - лічба няцотная. Лепш трымайцеся за яе. Такім чынам - да поўначы.

Эрвін, не гледзячы па баках, вярнуўся да сябе, разуўся і, вусцішна ўздыхнуўшы, выцягнуўся на пасцелі. Прачнуўся ён пад вечар. Святло на дварэ было раўнейшае; непадалёк мядовым тэнарам заліваўся суседскі грамафон.

«Першая - дзяўчына са шчанюком, - пачаў успамінаць Эрвін, - гэтая самая просценькая. Я, здаецца, паспяшаўся. Ну, усё роўна. Потым - дзве сястры каля трамвайнага слупа. Вясёлыя, падфарбаваныя. З імі будзе прыемна. Потым - чацвёртая - з ружай, падобная на хлапчынку. Гэта зусім добра. І нарэшце: дзяўчына ў рэстаране. Таксама нічога. Але ўсяго толькі пяць - замала».

Ён паляжаў, закінуўшы рукі пад патыліцу, паслухаў грамафонны тэнар.

- Пяць... Не, замала. Ах, розныя яшчэ бываюць... Чароўныя...

І Эрвін раптам не стрываў. Ён спяшаючыся прывёў да ладу свой касцюм, прылізаў валасы і, хвалюючыся, выйшаў на вуліцу.

Гадзін да дзевяці ён набраў яшчэ дзвюх. Адну ён заўважыў у кавярні: яна гаварыла са сваім спадарожнікам на незнаёмай мове - па-польску ці па-расейску, - і вочы ў яе былі шэрыя, крыху раскосыя, нос тонкі, з гарбінкай, моршчыўся, калі яна смяялася, зграбныя святочныя ногі былі відаць да каленяў. Пакуль Эрвін скоса пазіраў на яе, яна ў сваю шаматлівую гаворку ўставіла выпадковую нямецкую фразу, - і Эрвін зразумеў, што гэта знак. Другую жанчыну, сёмую па ліку, ён сустрэў каля кітайскае брамы парку забаў. На ёй была чырвоная блузачка і зялёная спадніца, яе голая шыя ўспухала ад гуллівага віску. Два грубыя жыццярадасныя юнакі хапалі яе за бакі, і яна локцямі ад іх адбівалася.

- Добра - я згодная! - выгукнула яна нарэшце.

У парку забаў рознакаляровым агнём міргалі слоеныя ліхтарыкі. Ваганетка з крыкам імчала ўніз па пакручастым латаку, знікала між крывых сярэднявечных дэкарацый і зноў давала нырца ў бездань з тым самым немым крыкам. У невялікім будане, на чатырох веласіпедных сёдлах - колаў не было, толькі рама, педалі і руль - сядзелі верхам чатыры жанчыны ў кароткіх штанах - чырвоная, сіняя, зялёная, жоўтая - і на ўсю працавалі голымі нагамі. Над імі быў вялікі цыферблат, па ім рухаліся чатыры стрэлкі - чырвоная, сіняя, зялёная, жоўтая, - і спачатку гэтыя стрэлкі ішлі шчыльным рознакаляровым пучком, потым адна падалася наперад, другая абагнала яе, трэцяя тугімі штуршкамі перагнала абедзвюх. Побач стаяў чалавек са свістком.

Эрвін паглядзеў на моцныя голыя ногі жанчын, на гнутка схіленыя спіны, на разгарачаныя твары з яркімі вуснамі, з сінімі фарбаванымі вейкамі. Адна стрэлка ўжо скончыла круг... яшчэ штуршок... яшчэ...

«Яны, мусіць, добра танцуюць, - кусаючы губу, падумаў Эрвін. - Мне б усіх чатырох».

- Ёсць! - выгукнуў чалавек са свістком, - і жанчыны выпрасталіся, паглядзелі на цыферблат, на стрэлку, якая прыйшла першая.

Эрвін выпіў піва ў размаляваным павільёне, паглядзеў на гадзіннік і паволі накіраваўся да выхаду.

«Адзінаццаць гадзін і адзінаццаць жанчын. Пара спыніцца».

Ён прымітурыў вочы, уяўляючы будучую ўцеху, з асалодаю падумаў, што сёння бялізна на ім - чыстая.

«Мая пані От, пэўна ж, будзе падглядваць, - пасміхнуўся ён сам сабе. - Ну што ж, нічога. Гэта будзе, так сказаць, перац...»

Ён ішоў, пазіраючы сабе пад ногі, зрэдку толькі правяраючы назвы вуліц. Ён ведаў, што вуліца Гофмана далёка, за Кайзердамам, але заставалася каля гадзіны, можна было не вельмі спяшацца. Зноў, як учора, неба кішэла зоркамі і зіхцеў, як гладкая вада, асфальт, адбіваючы, падаўжаючы, убіраючы ў сябе чароўныя агні горада. На рагу, дзе святло кінематографа аблівала тратуар, Эрвін пачуў кароткі выбух дзіцячага смеху і, падняўшы вочы, убачыў перад сабою высокага старога ў смокінгу і дзяўчынку, што ішла побач, - дзяўчынку гадоў чатырнаццаці ў цёмнай святочнай сукенцы, вельмі адкрытай на грудзях. Старога ўвесь горад ведаў па партрэтах. Гэта быў вядомы паэт, лядашчы лебедзь, які адзінока жыў на ўскраіне. Ён ступаў з нейкай важкаю грацыяй, валасы, колеру бруднай ваты, спадалі на вушы з-пад мяккага капелюша, міргаў агеньчык пасярод крухмальнага выраза на грудзях, і ад доўгага касцістага носа ценявая пляма коса падала на тонкія вусны. І Эрвінаў позірк варухнуўся і перайшоў на твар дзяўчынкі, што дробненька тупала побач, - нешта было ў гэтым твары дзіўнае, дзіўна слізгалі яе занадта бліскучыя вочы - і каб гэта была не дзяўчынка - унучка, пэўна, старога, - можна было падумаць, што яе вусны кранутыя кармінам. Яна ішла, ледзь-ледзь паводзячы клубамі, шчыльна перастаўляючы ногі, яна пра нешта звонка пыталася ў свайго спадарожніка, - і Эрвін нічога ў думках не загадаў, але раптам адчуў, што яго таемнае імгненнае жаданне выканана.

- Ну, вядома, вядома, - лісліва адказваў стары, нахінаючыся да дзяўчынкі.

Яны прайшлі. Павеяла духамі. Эрвін павярнуўся, потым пайшоў далей сваёю дарогай...

- Аднак, - раптам спахапіўся ён. - Дванаццаць - лічба цотная. Трэба яшчэ адну, і трэба паспець да поўначы...

Яму было прыкра, што даводзіцца яшчэ шукаць, - і разам з тым прыемна, што ёсць яшчэ адзін шанец.

«Па дарозе знайду, - суцяшаў ён сябе. - Несумненна знайду...»

- Можа стацца, гэта будзе лепшая з усіх, - услых сказаў ёп і пачаў пільна ўглядацца ў зіхоткую цемру.

І неўзабаве ён адчуў знаёмы салодкі сціск, халадок пад лыжачкай. Перад ім імкліва і лёгка ішла жанчына. Ён бачыў яе толькі са спіны, - ён не здолеў бы растлумачыць, што менавіта так узрушыла яго, чаму з такой пакутнай прагнасцю яму захацелася яе абагнаць, зазірнуць ёй у твар. Можна было б, вядома, выпадковымі словамі апісаць яе хаду, рух плеч, абрыс капелюша - але ці варта? Нешта па-за бачнымі рысамі, нейкае асаблівае паветра, паветранае хваляванне, - вабіла за сабою Эрвіна. Ён ішоў шпарка, але ўсё ж не мог параўняцца з ёю, у вачах мільгаў вільготны бляск начных адбіткаў, жанчына ішла роўна і лёгка, і яе чорны цень раптам узмахваў, трапіўшы ў царства ліхтара, і, узмахнуўшы, слізгаў па сцяне, перагінаўся на выступе, знікаў на перакрыжаванні.

- Божа мой, але ж мне трэба бачыць яе твар, - хваляваўся Эрвін. - І час ідзе.

Але потым ён на час забыўся. Гэтая дзіўная, маўклівая пагоня па начных вуліцах ап'яніла яго. Ён паскорыў хаду, абагнаў, далёка перагнаў жанчыну, але з-за баязлівасці не наважыўся азірнуцца, - толькі зноў затрымаў крок, і яна, у сваю чаргу, яна перагнала, ды так імкліва, што ён не паспеў разгледзець. Зноў ён ішоў у дзесяці кроках за ёю - і ўжо ведаў, нягледзячы на тое, што твару яе не бачыў, што гэта ёсць найлепшая ягоная выбранніца. Вуліца свяцілася, перарывалася цемрай, зноў свяцілася, разлівалася бліскучай чорнай плошчай, - і зноў жанчына лёгкім штуршком абцаса ступала на панель, - і Эрвін за ёю, разгублены, бязважкі, ахмелены туманам агнёў, начной прахалодай, пагоняй...

І зноў ён перагнаў яе, і, зноў збаяўшыся, не адразу павярнуў галаву, і яна прайшла далей, і ён, аддзяліўшыся ад сцяны, кінуўся ўслед, трымаючы капялюш у левай руцэ і ўзрушана варушачы правай.

Не хада, не аблічча яе... Нешта іншае, чароўнае і ўладарнае, нейкае напружанае мігценне паветра вакол яе, - можа быць, толькі фантазія, хваля, воплеск фантазіі, - а можа быць, тое, што змяняе адзіным божым узмахам усё жыццё чалавека, - Эрвін нічога не ведаў, - толькі ішоў па тратуары, які таксама зрабіўся быццам бы бязважкі ў начной бліскучай цемры, толькі пазіраў на тую, што імкліва, лёгка і роўна ішла перад ім.

І раптам дрэвы, веснавыя ліпы, далучыліся да пагоні - яны ішлі і шушукаліся, па баках, зверху, паўсюдна, і чорныя сэрцайкі іх ценяў перапляталіся ля падножжа ліхтара; іх мяккі ліпучы пах бадзёрыў, штурхаў наперад...

І трэцім разам Эрвін пачаў набліжацца. Яшчэ крок... Яшчэ. Зараз абгоніць. Ён быў ужо зусім блізка, калі знянацку жанчына спынілася каля чугуннай брамкі і бразнула ключамі. Эрвін з разгону ледзь не наскочыў на яе. Яна павярнула да яго твар, і пры святле ліхтара ён пазнаў тую, якая раніцай, у сонечным скверы, гуляла са шчанюком, - і адразу ўспомніў, адразу зразумеў усю яе вабнасць, цяпло, каштоўнае свячэнне.

Ён стаяў, пазіраў на яе і пакутна ўсміхаўся.

- Як вам не сорамна... - сказала яна ціха. - Ідзіце прэч.

Брамка расчынілася і з грукатам ляпнула. Эрвін застаўся адзін пад маўклівымі ліпамі. Пастаяў, потым надзеў капялюш і павольна адышоў. Прайшоўшы некалькі крокаў, ён убачыў дзве вогненныя бурбалкі, - адкрыты аўтамабіль, што стаяў каля панелі. Ён падышоў, крануў за плячо нерухомага шафёра.

- Скажыце, якая гэта вуліца, - я заблудзіўся.

- Вуліца Гофмана, - суха адказаў шафёр.

І тады знаёмы, мяккі, хрыплаваты голас пачуўся з глыбіні аўтамабіля:

- Прывітанне, гэта я.

Эрвін абапёрся далонню аб край дзверцаў, млява адказаў:

- Прывітанне.

- Я сумую, - сказаў голас. - Чакаю тут майго прыяцеля. Мы з ім павінны выправіцца на досвітку. Як маецеся?

- Цот, - пасміхнуўся Эрвін, водзячы пальцам па запыленых дзверцах.

- Ведаю, ведаю, - абыякава адказала пані От. - Трынаццатая сталася першая. Так, у вас гэтая справа не выйшла.

- Шкада, - сказаў Эрвін.

- Шкада, - адгукнулася пані От.

- Зрэшты, усё роўна, - сказаў Эрвін.

- Усё роўна, - пацвердзіла яна і пазяхнула.

Эрвін пакланіўся, пацалаваў яе вялікую чорную пальчатку, напханую пяццю распятымі пальцамі, і, кашлянуўшы, павярнуў у цемру. Ён ішоў важка, нылі стомленыя ногі, прыгнятала думка, што заўтра панядзелак і што падымацца будзе цяжка.



Пераклад: Галіна Багданава