epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Набокаў

Музыка

Пярэдняя была закіданая зімовымі політамі абодвух полаў, а з гасцёўні даляталі адзінокія, імклівыя гукі раяля. Адбітак Віктара Іванавіча паправіў вузел у гальштуку. Пакаёўка выцягнулася, павесіла ягонае паліто; яно сарвалася, захапіла з сабою два футры, і давялося пачаць спачатку.

Ужо ступаючы на пальчыках, Віктар Іванавіч адчыніў дзверы, - музыка адразу пагучнела, памужнела. Іграў Вольф - рэдкі госць у гэтым доме. Астатнія - чалавек трыццаць - па-рознаму слухалі, хто падпёршы кулаком скулу, хто пускаючы да столі дым цыгарэты, і няпэўнае святло ў пакоі надавала іх здранцвенню цьмянай маляўнічасці. Гаспадыня дома з выразнаю ўсмешкай паказала здаля Віктару Іванавічу вольнае месца - падобнае на крэндзель крэсліка ў самым цяні раяля. Ён адказаў сціплымі жэстамі, сэнс якіх быў: «Нічога, нічога, магу і пастаяць», - але потым, зрэшты, рушыў у паказаным кірунку і асцярожна сеў, асцярожна склаў накрыж рукі. Жонка піяніста, разявіўшы рот і часта міргаючы, рыхтавалася перагарнуць старонку, - і вось перагарнула. Чорны лес скіраваных уверх нот, схіл, правал, асобная група лётае на трапецыях. У Вольфа былі даўгія светлыя вейкі; вушы свіціліся мяккім пурпурам; ён надзвычайна імкліва і моцна біў па клавішах, і ў лакавай глыбіні адкінутага вечка двайнікі ягоных рук засвойвалі прывідную, складавую і крыху нават блазнерскую міміку. Віктару Іванавічу ўся музыка, якой ён не ведаў - а ведаў ён тузін пашыраных матываў, - была як імклівая гаворка на чужой мове: марна намагаешся вылучыць хоць бы межы слоў - усё слізгае, усё зліваецца, і няспрытны слых пачынае нудзіцца. Віктар Іванавіч паспрабаваў услухацца, аднак неўзабаве злавіў сябе на тым, што сочыць за рукамі Вольфа, за іх бяскроўнымі водбліскамі. Калі гукі пераходзілі ў настойлівы гром, шыя ў піяніста надзімалася, ён націнаў распятыя пальцы і лёгка гакаў. Яго жонка паспяшалася - ён затрымаў старонку імгненным ударам далоні і потым, з недасягальнаю хуткасцю, перамахнуў яе сам, і ўжо зноў абедзве яго рукі шалёна комкалі падатную клавіятуру. Віктар Іванавіч вывучыў яго дарэшты - завостраны нос, казыркі павекаў, след фурункула на шыі, валасы, як светлы пух, шыракаплечы крой чорнага пінжака, - на хвіліну зноў прыслухаўся да музыкі, але ледзь сягнуў у яе, увага яго расплылася, і ён павольна дастаў партсігар, адвярнуўся і пачаў разглядаць астатніх гасцей. Ён убачыў, сярод чужых, некаторыя знаёмыя твары - вунь Качароўскі - такі мілы, круглявы, - кіўнуць яму... кіўнуў, але не патрапіў: пералёт, - у адказ прывітаўся Шмакаў, які, кажуць, ад'язджае за мяжу, - трэба будзе ў яго распытаць... На канапе, паміж дзвюх старых пані, амаль ляжала, прыплюшчыўшы вочы, дзябёлая рудая Ганна Самойлаўна, а яе муж, доктар па гарлавых, сядзеў, абапёршыся на крэсла, і ў пальцах вольнай рукі круціў нешта бліскучае - пенснэ на чэхаўскай тасёмцы. Далей, напалову ў цяні, прыціснуўшы да скроні выцягнуты палец, слухаў, ласы да музыкі, чорнабароды гарбаты чалавек, імя - імя па бацьку якога ніяк нельга было запомніць, - Барыс? не, не, Барыс... Барысавіч? таксама не. Далей - яшчэ і яшчэ твары, - цікава, ці тут Харузіны, - так, вунь яны, - не глядзяць... І ў наступнае імгненне, адразу ж за імі, Віктар Іванавіч убачыў сваю былую жонку.

Ён адразу апусціў вочы, машынальна абтрос з цыгарэты попел, які яшчэ і не паспеў нарасці. Аднекуль знізу, як кулак, стукнула сэрца, выцягнулася і стукнула зноў, - і потым забілася хутка і бязладна, не ў такт з музыкай, заглушаючы яе. Не ведаючы, куды глядзець, ён скасіўся на піяніста, - але гукаў не было, быццам Вольф біў па нямой клавіятуры, - і тады грудзі так сціснула, што Віктар Іванавіч выпрастаўся, глыбей уздыхнуў, - і зноў, спяшаючыся здалёк, хапаючы паветра, набегла і ажыла музыка, і сэрца пачало біцца крыху раўней.

Яны разышліся два гады таму назад, у іншым горадзе (пошум мора па начах), дзе жылі з тае пары, як павянчаліся. Усё яшчэ не падымаючы вачэй, ён, ад наплыву і пошуму мінулага, бараніўся недарэчнымі думкамі - пра тое, напрыклад, што, калі надоечы ішоў, на пальчыках, вялікімі бязгучнымі крокамі, ныраў корпусам праз увесь пакой да гэтага крэсла, яна, вядома, сачыла за ягоным рухам, - і гэта было так, быццам яго засталі знянацку, галышом, або за недарэчнаю пустою справай, - і думка пра тое, як ён даверліва плыў і даваў нырца пад яе паглядам - якім? варожым? кплівым? цікаўным? - думка гэтая перабівалася пытаннямі, - ці ведае гаспадыня, ці ведае хто-небудзь у пакоі, - і праз каго яна сюды трапіла, і ці прыйшла адна, ці з новым сваім мужам, - і як паводзіць сябе - застацца так ці зірнуць на яе? Усё роўна, зірнуць ён цяпер не мог, - трэба было спачатку звыкнуцца з яе прысутнасцю ў гэтай вялікай, але цеснай гасцёўні, бо музыка акаймавала іх агароджай і як бы стала ім турмою, дзе былі абое яны асуджаны сядзець палоннымі, пакуль піяніст не перастане ствараць і падтрымліваць халодныя гукавыя скляпенні.

Што ён паспеў убачыць, калі толькі што заўважыў яе? Так мала - вочы, адведзеныя ўбок, бледную шчаку, чорную кудзерку - і, як цьмяная другасная прыкмета, каралі або нешта накшталт караляў, - так мала, - але гэты няпэўны, недамаляваны вобраз ужо быў ягонай жонкай, гэтая імгненная сумесь зіхоткага і цёмнага была ўжо тым адзіным, што называлася яе імем.

Як гэта было даўно. Ён закахаўся ў яе без памяці ў душны да непрытомнасці вечар на верандзе тэніснага клуба, - а праз месяц, у ноч пасля вяселля, ішоў моцны дождж, ён глушыў пошум мора. Якія мы шчаслівыя. Шаматлівае, вільготнае слова «шчасце», слова, як плёскат, такое жывое, ручное, само ўсміхаецца, само плача, - і раніцай лістота ў садзе ззяла, і мора амаль не было чуваць - млявага, серабрыста-малочнага мора.

Варта было штосьці зрабіць з недакуркам - ён павярнуў галаву, і зноў не ў такт стукнула сэрца. Нехта перамяніў позу і амаль усю яе засланіў, выпала белая, як смерць, насоўка, але зараз пасунецца чужое плячо, яна з'явіцца, яна зараз з'явіцца. Не, немагчыма глядзець. Попельніца на раялі.

Агароджа гукаў была па-ранейшаму высокая і непраглядная, і па-ранейшаму крыўляліся па той бок у лакавай глыбіні рукі. Мы будзем шчаслівыя заўжды - як гэта гучала, як зіхацела... Яна была ўся аксамітная, яе хацелася скласці, - як вось складаюцца ногі ў жарабяці, - абхапіць і скласці, - а што потым, як авалодаць ёю цалкам? Я кахаю тваю пячонку, твае ныркі, твае крывяныя шарыкі. Яна адказвала: «Не кажы паскудства». Жылі не тое каб багата, але і не бедна, купаліся ў моры амаль увесь год. На ветры дрыжаў студзень медуз, якіх выкінула на гальку. Блішчалі мокрыя скалы. Аднойчы бачылі, як рыбакі неслі тапельца - з-пад коўдры тырчалі надзіва босыя ступні. Па вечарах яна варыла какаву.

Ён зноў зірнуў - і цяпер яна сядзела, апусціўшы долу вочы, яна вельмі музычная, - пэўна, Вольф іграе слынную, цудоўную рэч. «Я цяпер не буду спаць некалькі начэй», - думаў Віктар Іванавіч, пазіраючы на яе белую шыю, на мяккі вугал яе калена - яна сядзела, паклаўшы нагу на нагу, - і сукня была чорная, лёгкая, незнаёмая, і зіхацелі каралі. «Але, я цяпер не буду спаць, і давядзецца перастаць бываць тут, і ўсё дарма - гэтыя два гады спроб, намаганняў, і нарэшце амаль супакоіўся, - а цяпер пачынай усё спачатку- забываць усё, усё, што было амаль забытае, але плюс сённяшні вечар». Яму раптам здалося, што яна, паміж пальцаў, пазірае на яго, і ён міжволі адвярнуўся.

Пэўна, музыка канчаецца. Калі з'яўляюцца гэтыя бурлівыя, задыханыя акорды, гэта значыць, што хутка канец. Вось таксама цікавае слова: канец. Накшталт каня і ганца ў адным. Воблака пылу, страшная вестка. Вясною яна дзіўна памярцвела: гаварыла, амаль не расцінаючы вуснаў. Ён пытаўся: «Што з табой?» - «Нічога. Так». Часам яна пазірала на яго і мітурылася неяк невыказна. «Што з табой?» - «Нічога. Так». Да ночы яна памірала зусім - нічога нельга было з ёю зрабіць, - і хоць гэта была маленькая танюткая жанчына, яна здавалася тады важкай, няўклюднай, каменнай. «Ды скажы нарэшце, што з табой». Так цягнулася больш за месяц. Потым, аднойчы раніцай, - так, у дзень яе нараджэння - яна сказала, зусім проста, як быццам гаворка ішла пра пустое: «Разыдземся часова. Так далей нельга». Забегла маленькая дачка суседзяў - паказаць кацяня, астатніх патапілі. Ідзі, ідзі, потым. Дзяўчынка пайшла, было доўгае маўчанне. Ідзі са сваім кацянём, не замінай нам маўчаць. Счакаўшы, ён узяўся павольна і моўчкі ламаць ёй рукі - хацелася зламаць яе зусім, з трэскам усю вывіхнуць. Яна заплакала. Ён сеў за стол і зрабіў выгляд, што чытае газету. Яна пайшла ў сад, але хутка вярнулася. «Я не магу. Мне трэба табе ўсё расказаць». І неяк здзіўлена, як быццам абмяркоўваючы іншую, і дзівячыся з яе, і запрашаючы яго падзяліць сваё здзіўленне, яна расказала, яна ўсё расказала. Гэта быў рослы, сціплы, стрыманы мужчына, які прыходзіў гуляць у вінт і гаварыў пра артэзіянскія калодзежы. Першы раз у парку, потым у яго.

Усё вельмі цьмяна. Хадзіў да вечара па беразе мора. Музыка як быццам канчаецца. Калі я на набярэжнай стукнуў яго па твары, ён сказаў: «Гэта вам абыдзецца дорага», - падняў з зямлі фуражку і пайшоў. Я з ёю не развітаўся. Недарэчна было думаць пра тое, каб забіць яе. Жыві, жыві. Жыві, як цяпер жывеш; як вось цяпер сядзіш, сядзі так вечна; ну, зірні на мяне, я цябе малю, - зірні ж, зірні, - я табе ўсё дарую, калі ж небудзь мы памром і ўсё будзем ведаць, і ўсё будзе даравана, - дык навошта ж адкладаць, - зірні на мяне, зірні на мяне, - ну павярні вочы, мае вочы, мае дарагія вочы. Не. Скончана.

Апошнія гукі, шматпалыя, цяжкія, - раз, яшчэ раз, - і яшчэ на адзін раз хопіць дыхання, - і пасля гэтага, ужо заключнага акорда, які, здавалася, аддаў усю душу, піяніст нацэліўся і з кацінай трапнасцю ўзяў адну, зусім асобную, маленькую, залатую ноту. Агароджа музыкі растала. Воплескі. Вольф сказаў: «Я гэтую рэч не іграў вельмі даўно». Вольфава жонка сказала: «Мой муж, ведаеце, гэтую рэч даўно не іграў». Доктар па гарлавых загаварыў да Вольфа, наступаючы, адціскаючы яго, штурхаючы жыватом: «Чароўна! Я заўсёды кажу, што гэта самае лепшае з усяго, што ён напісаў. Вы, па-мойму, у канцы трошкі мадэрнізуеце гук - я не ведаю, ці зразумела я кажу, але ці бачыце...»

Віктар Іванавіч пазіраў на дзверы. Там маленькая чорнавалосая жанчына, разгублена ўсміхаючыся, развітвалася з гаспадыняй дома, якая са здзіўленнем усклікала: «Ды што вы! Зараз будзем усе гарбату піць, а потым яшчэ будуць спевы». Але госця разгублена ўсміхалася і кіравалася да дзвярэй, і Віктар Іванавіч зразумеў, што музыка, якая напачатку здавалася цеснай турмой, у якой яны абое, з'яднаныя гукамі, павінны былі сядзець адно супроць аднаго на адлегласці трох-чатырох сажняў, - была на самай справе нязнаным шчасцем, чароўнай шкляной выпукласцю, што абагнула і агарнула яго і яе і дала яму магчымасць дыхаць з ёю адным паветрам, - а цяпер усё разбілася, рассыпалася, - яна ўжо знікае за дзвярыма, Вольф ужо зачыніў раяль, - і немагчыма аднавіць чароўны палон.

Яна пайшла. Здаецца, ніхто нічога не заўважыў. З ім павітаўся нехта Бок, загаварыў мяккім голасам: «Я ўвесь час сачыў за вамі. Як вы перажываеце музыку! Ведаеце, у вас быў такі панылы выгляд, што мне было вас шкада. Няўжо вы да такой ступені да музыкі абыякавыя?»

«Не, чаму ж, я не сумаваў, - няёмка адказаў Віктар Іванавіч. - У мяне папросту слыху няма, кепска разбіраюся. Дарэчы, што гэта было?»

«Усё, што пажадаеце, - вымавіў Бок спалохана, шэптам прафана, - «Малітва Дзевы» або «Крэйцарава саната», - усё, што пажадаеце».



Пераклад: Галіна Багданава

Беларуская Палічка: http://knihi.com