epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Набокаў

Terra incognita

Шум вадаспада глушэў, глушэў - нарэшце ён змоўк, і мы рушылі далей у дзікую, лясістую, яшчэ нікім не даследаваную мясцовасць, ішлі даўно, - наперадзе Грэгсан і я, за намі, гужам, восем туземных насільшчыкаў, а ззаду, за ўсімі - Кук, які ные і пярэчыць супраць кожнай пядзі дарогі. Я ведаў, што Грэгсан завербаваў яго па парадзе знаёмага паляўнічага: Кук запэўніваў, што гатовы на ўсё, абы не нудзіцца ў Занракі, дзе паўгода вараць «вонга», а другія паўгода «вонга» п'юць, але засталося цьмяным, - ці ўжо я многае пачынаю забываць, пакуль мы ішлі, ішлі, - хто ён такі, Кук (можа быць, беглы матрос).

Грэгсан ішоў побач са мною, жылісты, цыбаты, з касцістымі голымі каленямі. Ён трымаў, як сцяг, зялёную сетку на доўгім дрэўку. Насільшчыкі, таксама набраныя ў Занракі, рослыя баданцы глянцавітай карычневай масці, з густымі грывамі, з кобальтавай размалёўкай між вачэй, ішлі лёгкаю і роўнаю хадою. Ззаду за ўсімі, руды і азызлы, з адвіслаю губою, цягнуўся Кук, трымаючы рукі ў кішэнях, не нагружаны нічым. Цьмяна мне памяталася, што на пачатку экспедыцыі ён шмат балбатаў і жахліва жартаваў, звычкамі сваімі, сумессю нахабства і ліслівасці нагадваючы шэкспіраўскага блазна, - але неўзабаве ён саслабеў, насупіўся, перастаў выконваць свае абавязкі, у якія, між іншым, уваходзіў пераклад, бо Грэгсан кепска яшчэ разумеў баданскую гаворку.

 

Млосная спёка, аксамітная спёка. Задушліва пахлі перламутравыя, падобныя на гронкі мыльных бурбалак, суквецці Valieria mirifica, перакінутыя цераз высокае вузкае рэчышча, па якім мы з шолахам ішлі. Галлё парфіраноснага дрэва, галлё чарналістай ліліі спляталіся над нашымі галовамі, утвараючы тунель, сям-там перарэзаны дымным промнем; наверсе, у раслінных нетрах, сярод нейкіх яркіх, спушчаных долу пасмаў вычварных цёмных клубняў, цокалі і клекаталі сівыя, як галубы, малпачкі, і мільгала, як бенгальскі агонь, птушка-камета, якая крычала пранізлівым галаском. Я пераконваў сябе, што галава ў мяне такая цяжкая ад доўгай хады, ад спёкі, стракатасці і ляснога галасу, але ўпотай ведаў, што я захварэў, здагадваўся, што гэта мясцовая гарачка, - аднак вырашыў схаваць свой стан ад Грэгсана і напусціў бадзёры, нават вясёлы выгляд, калі здарылася бяда.

«Мая віна, - сказаў Грэгсан, - дарма я з ім звязаўся».

Мы былі цяпер адны. Кук і ўсе восем туземцаў - з палаткай, складной лодкай, прыпасамі, калекцыямі - кінулі нас, бязгучна зніклі, пакуль мы поркаліся ў зарасніках, дзе збіралі найчароўных насякомых. Здаецца, мы паспрабавалі дагнаць уцекачоў - нам гэта не ўдалося. Трэба было вырашыць, ці вяртацца ў Занракі, ці ісці далей праз яшчэ невядомую мясцовасць да пагоркаў Гурана. Нязнанае пераважыла. Мы рушылі наперад - я, ужо ўвесь у ліхаманцы, аглушаны хінінам, але ўсе ж збіраю безыменныя расліны, і Грэгсан, які, зрэшты, разумее небяспечнасць нашага становішча і ўсё ж такі з ранейшай прагнасцю ловіць матылькоў і мух.

І вось не паспелі мы прайсці і паўмілі, як знянацку дагнаў нас Кук - кашуля на ім была падраная, - ён хрыпеў, ён задыхаўся. Грэгсан моўчкі выняў рэвальвер і наважыўся застрэліць нягодніка, але той, качаючыся ў яго нагах і абедзвюма рукамі захінаючы цемя, пачаў прысягаць, што туземцы павялі яго сілком і хацелі яго з'есці, - хлусня, баданцы не людаеды. Думаю, што ён без намаганняў падгаварыў іх, дурных і абачлівых, перарваць сумніцельнае падарожжа, але не ўлічыў, што яму не паспець за магутнай іхняй хадою, і, безнадзейна адстаўшы, вярнуўся. Праз яго зніклі бясцэнныя калекцыі. Яго варта было забіць. Але Грэгсан схаваў рэвальвер, і мы рушылі далей, а за намі - цяжка задыханы, ішоў, спатыкаўся Кук.

Лес патроху радчэў. Мяне мучылі дзіўныя галюцынацыі. Я пазіраў на вычварныя ствалы дрэў, некаторыя з якіх былі абвітыя тоўстымі, цялеснага колеру, змеямі, і раптам, быццам скрозь пальцы, мне прымроілася між стваламі прычыненая люстравая шафа з цьмянымі адбіткамі, але я страпянуўся, я прыгледзеўся, і выявілася, што гэта зманліва паблісквае куст акрыяны - кучаравая расліна з вялікімі ягадамі, падобнымі на тлусты чарнасліў. Праз нейкі час дрэвы разышліся зусім, і неба вырасла перад намі шчыльнай сіняй сцяной. Мы апынуліся на вяршыні стромкага схілу. Унізе мярэсцілася і дымілася вялізнае балота, і далёка за ім была відаць дрогкая града цьмяна-ліловых узгоркаў.

«Прысягаю Богам, мы павінны вярнуцца! - наўзрыд вымавіў Кук. - Прысягаю Богам, мы загінем у гэтай багне, у мяне дома сем дачок і сабака. Вернемся, мы ведаем дарогу назад...»

Ён ламаў рукі, па ягоным тоўстым твары з рудымі трохкутнікамі броваў каціўся пот. «Назад, назад, - паўтараў ён. - Вы досыць налавілі мух. Вернемся!»

Мы з Грэгсанам пачалі спускацца па камяністым схіле. Кук застаўся быў стаяць наверсе - маленькая белая фігура на пачварна зялёным фоне лесу, - але раптам узмахнуў рукамі, крыкнуў, пачаў бокам спускацца за намі.

Схіл як быццам завастрыўся, утвараючы каменны грэбень, які доўгім мысам ішоў у зіхоткую скрозь пару багну. Паўдзённае неба, вызваленае цяпер ад заслоны лістоты, гняло над намі сляпучаю цемрай - так, сляпучаю цемрай, іначай не скажаш. Я стараўся не падымаць вачэй, але ў гэтым небе, на самай мяжы майго зроку, плылі, не адстаючы ад мяне, балявыя тынкаваныя прывіды, ляпныя дугі і разеткі, якімі ў Эўропе аздабляюць столі, - аднак, варта мне паглядзець на іх проста, і яны знікалі, імгненна кудысьці запаўшы, - і зноў роўнай і густой сінню грымела трапічнае неба. Мы яшчэ ішлі па каменным мысе, але ён усё звужаўся, здраджваў нам. Вакол рос залаты балотны чарот, падобны на мільёны аголеных, запаленых сонцам шабель. Сям-там загараліся прадаўгаватыя азерцы, над імі цёмнымі воблачкамі вісела машкара. Вось пухнатай вывернутаю губою, быццам выпацканаю жаўтком, пацягнулася да мяне буйная балотная кветка, родзічка архідэі. Грэгсан махаў сачком, правальваўся да клубоў у парчовую жыжку, і вялізны матылёк, ляпнуўшы атласным крылом, адплываў ад яго цераз чарот, туды, дзе ў мігценні бледных выпарэнняў туманнымі складкамі ападала долу як бы аконная фіранка. Не варта, не варта, - я адводзіў вочы, я ішоў далей за Грэгсанам, то па камянях, то па глебе, што сыкала і чмякала. Мяне зябіла, нягледзячы на аранжарэйную спёку. Я адчуваў, што зараз зусім страчу сілы, што малюнкі і пукатасці, якія прымроіліся мне ў трызненні і прасвечваюць скрозь неба і залаты чарот, зараз цалкам завалодаюць маёю свядомасцю. Мне часам здавалася, што Грэгсан і Кук робяцца празрыстыя і скрозь іх відаць папяровыя шпалеры з падобнымі на чарот, бясконца паўторанымі ўзорамі. Я пераадольваў сябе, лупіў вочы і рухаўся далей. Кук ужо поўз на карачках, крычаў і хапаў Грэгсана за ногі, але той скідаў яго і ішоў далей. Я глядзеў на Грэгсана, на ягоны ўпарты профіль і з жахам адчуваў, што забываюся, хто такі Грэгсан і чаму я з ім разам.

Між тым мы правальваліся ўсё часцей, усё глыбей, багна ссала нас, не магла нассацца, мы выгіналіся і выслізваліся. Кук падаў і поўз, скусаны, апухлы, увесь мокры, - і божа мой, як ён павіскваў, калі браліся нас даганяць, напружваліся і спружыніста праляталі сажань і зноў сажань брыдкія чародкі дробных ярка-зялёных гідроцікавых змеяў, прывабленых нашым потам. Мяне ж больш палохала іншае: злева ад мяне, - заўсёды чамусьці злева, - час ад часу падымаўся з балота, хілячыся сярод чарацін, як бы адбітак вялікага крэсла, а наяве - дзіўная, няўклюдная, шэрая амфібія, назву якой Грэгсан адмовіўся мне сказаць.

«Прывал, - выгукнуў ён знянацку, - прывал». Мы цудам выбраліся на роўны каменны астравок, з усіх бакоў акаймаваны балотнымі раслінамі. Грэгсан зняў заплечны мяшок і выдаў нам туземных праснакоў, якія пахлі іпекакунай, і тузін акрыянавых пладоў. Як мне хацелася піць, як мала мне было скупога, даўкага соку акрыяны...

«Глядзі, - сказаў мне Грэгсан, але не па-ангельску, а на нейкай іншай мове, каб не зразумеў Кук, - мы павінны выбрацца да пагоркаў, але - няўжо пагоркі былі міражом, - глядзі, іх цяпер не відаць».

Я ўзняўся з падушкі, абапёрся на мяккую паверхню каменя, - так, сапраўды, пагоркаў больш не было, - трымцела пара над балотам... І вось зноў усё навокал пачало двухсэнсоўна свіціцца, я адхінуўся і ціха сказаў Грэгсану: «Ты, пэўна, не бачыш штосьці такое ўсё прагне выявіцца...»

«Пра што ты?» - спытаўся Грэгсан.

Я спахапіўся, што кажу глупства, і змоўк. Галаву ў мяне вяло, у вушах было гудзенне. Грэгсан, стаўшы на адно калена, корпаўся ў мяшку, але лекаў там не было, а мой запас увесь выйшаў. Кук сядзеў моўчкі, панура калупаючы камень. Разадраны, адвіслы рукаў кашулі агаліў ягонае перадплечча і дзіўную на скуры татуіроўку: гранёная шклянка з бліскучай лыжачкай - вельмі добра зроблена.

«Вальер хворы, у цябе павінны быць аблаткі», - сказаў яму Грэгсан. Я, праўда, слоў не чуў, але здагадваўся пра агульны сэнс гаворкі, якая рабілася бязладная і нейкая сферычная, калі я ў яе ўслухоўваўся.

Кук павольна павярнуўся, і шкляністая татуіроўка саслізнула з ягонай скуры ўбок, павісла ў паветры і паплыла, паплыла, і я яе даганяў спуджаным паглядам, але яна змяшалася з балотнаю парай і толькі бліснула, як толькі я адвярнуўся.

«Па справе, - прамармытаў Кук. - Няхай... Мы з вамі таксама, - няхай...»

Ён за апошнія хвіліны, дакладней, пэўна, з таго часу, як мы размясціліся на каменным астраўку, зрабіўся нейкі большы, раздаўся, у ім з'явілася нешта здзеклівае і небяспечнае. Грэгсан зняў шлем, выцер бруднаю насоўкаю лоб - аранжавы над бровамі, а вышэй белы, - надзеў шлем зноў, - нахінуўся да мяне і сказаў: «Падцягніся, прашу цябе» (або да таго падобныя словы). «Мы паспрабуем рушыць далей. Выпарэнні хаваюць іх, але яны там... Я ўпэўнены, што каля паловы балота ўжо пройдзена» (усё гэта вельмі прыблізна).

«Забойца», - няголасна прамовіў Кук. Татуіроўка зноў апынулася на ягоным перадплеччы, - зрэшты, не ўся шклянка, а адзін бок, другая частка не змясцілася і адсвечвала, трымцела ў пустэчы. «Забойца, - з задавальненнем паўтарыў Кук і падняў чырвоныя ад стомы вочы. - Я казаў, што мы тут засядзем. Чорны сабака аб'ядаецца падлаю. Мі-рэ-фа-соль».

«Ён блазен, - ціха сказаў я Грэгсану, - шэкспіраўскі блазен».

«Шу-шу-шу, - адказаў мне Грэгсан, - шу-шу, шо-шо-шо... Ты чуеш, - крычаў ён мне ў вуха, - трэба падняцца. Трэба рушыць далей...»

Камень быў белы і мяккі, як пасцель. Я прыўстаў, але адразу ж зноў упаў на падушку.

«Давядзецца яго несці, - сказаў Грэгсан далёкім голасам. - Дапамажы...»

«Ну, ведаеце, гэта дудкі, - адказаў Кук (ці так мне здалося), - дудкі. Прапаную пажывіцца ягоным мясам, пакуль ён не высах. Фа-соль-мі-рэ».

«Ён захварэў, ён таксама захварэў, - выгукнуў я. - Ты тут з двума вар'ятамі. Ідзі адзін. Ты дойдзеш - ідзі...»

«Так мы яго і адпусцім», - вымавіў Кук.

Між тым стрызненыя здані, скарыстаўшы агульнае замяшанне, ціха і трывала станавіліся на свае месцы. Па небе цягнуліся і перакрыжоўваліся лініі тумановай столі. З балота падымалася, быццам падпёртае знізу, вялікае крэсла. Нейкія зіхоткія птушкі лёталі ў балотным тумане і, сядаючы, ператвараліся імгненна: тая - у драўляную шышку ложка, гэтая - у графін. Сабраўшы ўсю сваю волю, я пільным позіркам сагнаў гэтую небяспечную лухту. Над чаротам лёталі сапраўдныя птушкі з доўгімі вогненнымі хвастамі. У паветры стаяла гудзенне насякомых. Грэгсан адмахваўся ад стракатай мухі і адначасна намагаўся высветліць, да якога яна належыць віду... Нарэшце ён не вытрымаў і злавіў яе ў сачок. Рухі ягоныя дзіўна мяняліся, быццам іх нехта тасаваў, я яго адразу бачыў у некалькіх позах, ён здымаў сябе з сябе, як быццам складаўся са шматлікіх шкляных Грэгсанаў, якія не супадалі абрысамі, - але вось ён зноў згусціўся, трывала ўстаў: ён тармасіў Кука за плячо.

«Ты мне дапаможаш яго несці, - выразна гаварыў Грэгсан. - Каб ты не быў здраднікам, мы б не апынуліся ў гэтакім становішчы».

Кук маўчаў, павольна барвовеў.

«Глядзі, Кук, - будзе кепска, - сказаў Грэгсан. - Я табе кажу апошні раз...»

І тут здарылася тое, што наспявала даўно. Кук, як бык, уехаў галавою Грэгсану ў жывот, абодва паваліліся, Грэгсан паспеў выцягнуць рэвальвер, але Кук здолеў выбіць рэвальвер з ягонай рукі, - і тады яны абхапілі адзін аднаго і пачалі качацца ў абдымку, аглушальна дыхаючы. Я бяссільна глядзеў на іх. Шырокая Кукава спіна напружылася, пазванкі свіціліся скрозь кашулю, але раптам замест спіны з'яўлялася на вачах ягоная ж нага, з сіняю жылаю ўздоўж рудой галёнкі, а зверху навальваўся Грэгсан, шлем ягоны зляцеў і пакаціўся. Ён перакочваўся, як палова вялізнага кардоннага яйца. Аднекуль з цялесных лабірынтаў выкруціліся Кукавы пальцы, у іх быў заціснуты ржавы, але востры нож. Нож увайшоў у спіну Грэгсану, як у гліну, але Грэгсан толькі кракнуў, і абодва некалькі разоў перакуліліся, і калі зноў з'явілася спіна майго сябра, там тырчаў тронак і верхняя палова ляза, а сам ён учапіўся ў тлустую Кукаву шыю і з трэскам душыў, і Кук перабіраў нагамі... Апошні раз перакаціліся яны поўным абаротам, і ўжо бачылася толькі чвэрць ляза, - не, пятая доля, - не, нават і гэтага не было відаць: яно ўвайшло да канца. Грэгсан замёр, наваліўшыся на Кука, які сціх таксама.

Я глядзеў і думаў чамусьці (хваравіты туман пачуццяў...), што ўсё гэта бяскрыўдная гульня, што яны зараз падымуцца, аддыхаюцца, мірна панясуць мяне цераз багну да сініх халаднаватых пагоркаў, у цяністае месца, дзе будзе цурчаць вада. Але знянацку, на гэтым апошнім перагоне смяротнай маёй хваробы, - бо я ведаў, што праз некалькі хвілін памру, - дык вось, у гэтыя апошнія хвіліны на мяне найшло поўнае прасвятленне, - я зразумеў, што ўсё, што адбываецца вакол мяне, зусім не гульня хваравітай фантазіі, зусім не вэлюм трызнення, скрозь які непажаданымі прасветамі прабіваецца маё быццам бы сапраўднае жыццё ў далёкай эўрапейскай сталіцы, - шпалеры, крэсла, шклянка з ліманадам, - я зразумеў, што назольны пакой - фальсіфікацыя, бо ўсё, што за смерцю, ёсць у лепшым выпадку фальсіфікацыя, спехам склеены адбітак жыцця, мэбляваныя пакоі нябыту. Я зразумеў, што сапраўднае - вось яно: вось гэтае цудоўнае і жахлівае трапічнае неба, гэтыя бліскучыя чаратовыя шаблі, гэтая пара над імі і таўстагубыя кветкі, што горнуцца да плоскага астраўка, дзе побач са мною ляжаць два счэпленыя трупы. І ўсвядоміўшы гэта, я знайшоў у сабе сілу падпаўзці да іх, выцягнуць нож са спіны Грэгсана, майго правадыра, майго таварыша. Ён быў мёртвы, ён быў зусім мёртвы, і ўсе слоічкі ў ягоных кішэнях былі паразбіваныя, парасцісканыя. Мёртвы быў і Кук, з ягонага рота вылазіў чарнільна-сіні язык. Я расчапіў Грэгсанавы пальцы, я, абліваючыся потам, перавярнуў ягонае цела - вусны былі растуленыя і ў крыві, твар, ужо цвёрды з выгляду, здаваўся кепска паголеным, блакітныя бялкі свіціліся паміж павек. Апошні раз я бачыў усё гэта ясна, на свае вочы, з пячаткаю сапраўднасці на ўсім, бачыў іх абадраныя калені, каляровых мух, што віліся над імі, самак гэтых мух, якія прымерваліся класці яйкі. Няўклюдна арудуючы знясіленымі рукамі, я вынуў з грудной кішэні маёй кашулі тоўсты нататнік, - але тут мяне ахапіла слабасць, я сеў, я панікнуў галавой... і ўсё ж такі перамог гэты нецярплівы туман смерці і агледзеўся. Сінь, спёка, адзінота, і як мне шкада было Грэгсана, які ніколі не вернецца дадому. - Я нават згадаў ягоную жонку, і старэнькую кухарку, і папугаяў, і яшчэ шмат што... а потым я падумаў пра нашыя адкрыцці, пра каштоўныя знаходкі, пра рэдкія, яшчэ не апісаныя расліны і стварэнні, якім ужо не мы дадзім назвы. Я быў адзін. Усё больш цьмяна зіхцеў чарот, бляднела палатно неба. Я пасачыў вачыма за чароўным жучком, які поўз па камені, але ў мяне ўжо не было сілы яго злавіць. Усё навокал блякла, агаляючы дэкарацыі смерці, - праўдападобную мэблю і чатыры сцяны. Апошнім маім рухам было разгарнуць сыры ад поту нататнік, - варта было абавязкова сёе-тое запісаць, - на жаль, ён выслізнуў у мяне з рук, я пашнарыў па коўдры, - але яго ўжо не было.



Пераклад: Галіна Багданава