epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Набокаў

Воблака, возера, вежа

Адзін з маіх прадстаўнікоў, сціплы, рахманы халасцяк, выдатны работнік, неяк на дабрачыным бале, наладжаным эмігрантамі з Расеі, выйграў забаўляльнае падарожжа. Хоць берлінскае лета стаяла ў поўным разводдзі (другі тыдзень было мокра, холадна, прыкра за ўсё, што зелянела дарма, і толькі вераб'і не журыліся), ехаць яму нікуды не хацелася, але калі ў канторы таварыства забаў-падарожжаў ён паспрабаваў прадаць свой білет, яму адказалі, што для гэтага патрэбны спецыяльны дазвол ад міністэрства шляхоў зносін; калі ж ён і туды паткнуўся, то выявілася, што спачатку трэба напісаць складанае прашэнне ў натарыуса на гербавай паперы ды, апроч таго, расстарацца ў паліцыі так званае «сведчанне аб нявыездзе з горада ў летні час», прычым высветлілася, што выдаткі складуць трэць кошту білета, г. зн. якраз тую суму, якую праз некалькі месяцаў ён меў надзею атрымаць.

Тады ён уздыхнуў і вырашыў ехаць. Узяў у знаёмых алюмініевую біклажку, паднавіў падэшвы, купіў пояс і фланелевую кашулю вольнага фасону - адну з тых, якія з такой нецярплівасцю чакаюць мыцця, каб збегчыся. Яна, зрэшты, была вялікая гэтаму міламу караткаватаму чалавеку, заўсёды акуратна падстрыжанаму, з разумнымі і добрымі вачыма. Я не магу ўспомніць яго імя і імя па бацьку. Здаецца, Васіль Іванавіч.

Ён кепска спаў напярэдадні ад'езду. Чаму? Не толькі таму, што назаўтра трэба падымацца нязвыкла рана і такім чынам браць з сабою ў сон тварык гадзінніка, які цікае побач на століку, а таму, што ў тую ноч ні з таго ні з сяго яму пачало здавацца, што гэтае падарожжа, навязанае яму раптоўнай фартунай у адкрытай сукенцы, падарожжа, на якое ён адважыўся так неахвотна, прынясе яму знянацку чароўнае, трапяткое, нечым падобнае і на ягонае дзяцінства, і на хваляванне, якое абуджаюць у ім найлепшыя творы расейскай паэзіі, і на нейкі калісьці бачаны ў сне вячэрні далягляд, і на тую чужую жонку, якую ён восьмы год безнадзейна кахаў (але яшчэ большае за ўсё гэта). І, акрамя таго, ён думаў пра тое, што кожнае сапраўднае добрае жыццё павінна быць зваротам да чагосьці, да кагосьці.

Ранак падняўся пахмурны, але цёплы, парны, з унутраным сонцам, і было зусім прыемна трэсціся ў трамваі на далёкі вакзал, дзе быў зборны пункт: у экскурсіі, на жаль, удзельнічала некалькі персон. Хто яны будуць, гэтыя сонныя - як усё яшчэ нам незнаёмыя - спадарожнікі? Каля касы нумар шэсць, у сем раніцы, як было пазначана ў заўвазе да білета, ён і ўбачыў іх (яго ўжо чакалі: хвіліны на тры ён усё ж спазніўся). Адразу вылучыўся цыбаты бландзін у цірольскім касцюме, загарэлы да колеру петушынага грэбеня, з велізарнымі залаціста-аранжавымі валасатымі каленямі і лакіраваным носам. Гэта быў забяспечаны таварыствам важак, і як толькі новенькі далучыўся да групы (яна складалася з чатырох жанчын і столькі ж мужчын), ён яе павёў да схаванага за цягніком цягніка, прычым з пагрозлівай лёгкасцю нёс на спіна свой пачварны рукзак і моцна цокаў падкаванымі чаравікамі. Размясціліся ў пустым вагончыку выключна - трэцяга класа, і Васіль Іванавіч, сеўшы збоку і паклаўшы ў рот мятку, зараз жа разгарнуў томік Цютчава, якога даўно збіраўся перачытаць («Мы слизь. Реченная есть ложь...» - дзівоснае, пра румянкавы вокліч); але яго папрасілі адкласці кніжку і далучыцца да ўсяе групы. Пажылы паштовы чыноўнік у акулярах, са шчацініста шызым чэрапам, падбароддзем і верхняй губою, быццам ён згаліў дзеля гэтай вандроўкі нейкую незвычайна густую расліннасць, зараз жа паведаміў, што бываў у Расеі і ведае трошкі па-расейску, напрыклад, «пацлуй», ды так падміргнуў, згадваючы свавольствы ў Царыцыне, што яго таўстая жонка накідала ў паветры пачатак аплявухі наводмаш. Увогуле, рабілася шумна. Перакідаліся пудовымі жартамі чацвёра, з'яднаныя тым, што служылі ў адной будаўнічай фірме, - мужчына сталейшы, Шульц, мужчына маладзейшы, Шульц таксама, і дзве дзяўчыны з велізарнымі ратамі, задастыя і няўрымслівыя... Рудая, крыху фарсавага тыпу ўдава ў спартыўнай спадніцы таксама сёе-тое ведала пра Расею (Рыжскае ўзмор'е). Яшчэ быў цёмны, з вачыма без бляску, малады чалавек, па прозвішчы Шрам, з чымсьці няпэўным, аксамітна-гнюсным у абліччы і манерах, які ўвесь час пераводзіў гаворку на пэўныя выгодныя бакі экскурсіі і даваў першы знак да захаплення: гэта быў, як высветлілася потым, спецыяльны падагравальнік ад таварыства забаў-падарожжаў.

Паравоз, шпарка-шпарка працуючы локцямі, бег хваёвым лесам, потым - з палёгкай - палямі, і яшчэ толькі цьмяна разумеючы ўсё бязладдзе і жах свайго становішча і, пэўна, спрабуючы ўгаварыць сябе, што ўсё вельмі міла, Васіль Іванавіч злаўчыўся цешыцца імгненнымі дарамі дарогі. І праўда: як гэта ўсё цікава, якую чароўнасць набывае свет, калі яго завесці, як карусель! Якія высвятляюцца рэчы! Пякучае сонца прабіралася да кутка акенца і знянацку аблівала жоўтую лаўку. З шалёнай хуткасцю імчаў кепска адпрасаваны цень вагона па ўтравелым схіле, дзе кветкі зліваліся ў каляровыя радкі. Шлагбаум: чакае веласіпедыст, абапіраючыся адною нагою на зямлю. Дрэвы з'яўляліся партыямі і асобна, паварочваліся абыякава і павольна, дэманструючы новыя моды. Сіняя вільгаць яра. Успамін кахання, які пераапрануўся ў поплаў. Пярэстыя аблокі, накшталт нябесных хартоў. Нас з ім заўжды ўражвала гэтая жахлівая для душы ананімнасць усіх частак краявіду, немагчымасць ніколі дазнацца, куды вядзе вунь тая сцяжынка, - а якая ж спакуслівая глуш! Здаралася, на далёкім схіле ці ў лясным прасвеце з'явіцца і як бы замрэ на імгненне, як затрыманае ў грудзях паветра, мясціна такая чароўная - палянка, тэраса, - такое абсалютнае выяўленне пяшчотнай, зычлівай красы, - што, здаецца, вось бы спыніць цягнік і - туды, назаўжды, да цябе, маё каханне... але ўжо шалёна заскакалі, закружыліся ў сонечным кіпені тысячы букавых ствалоў, і зноў прамаргаў шчасце. А на прыпынках Васіль Іванавіч глядзеў часам на спалучэнне якіх-небудзь зусім нікчэмных прадметаў - пляма на платформе, вішнёвая костачка, недакурак - і казаў сабе, што ніколі-ніколі не запомніць і не згадае больш вось гэтых трох штучак у вось такім іх узаемным размяшчэнні, гэтага ўзору, які, аднак, цяпер ён бачыць да бессмяротнасці выразна; або яшчэ пазіраючы на купку дзяцей, што чакаюць цягніка, ён з усяе сілы імкнуўся нагледзець хоць адзін выдатны лёс - у форме скрыпкі ці кароны, прапелера ці ліры, - і дагледжваўся да таго, што ўся гэтая кампанія вясковых школьнікаў з'яўлялася перад ім як на старым здымку, узноўленым цяпер з белым крыжыкам над тварам апошняга хлопчыка: дзяцінства героя.

Але пазіраць у акно можно было толькі ўрыўкамі. Усім былі раздадзены нотныя аркушы з вершамі ад таварыства:

 

Развітайся з пустой трывогай,

палку тоўстую вазьмі,

ідзі доўгаю дарогай

разам з добрымі людзьмі.

 

Па узгорках краіны роднай

разам з добрымі людзьмі,

без трывогі нелюдзімай,

без сумненняў, чорт вазьмі.

 

Кіламетр за кіламетрам,

мі-рэ-до і до-рэ-мі,

разам з сонцам, разам з ветрам,

разам з добрымі людзьмі.

 

Гэта трэба было спяваць хорам. Васіль Іванавіч, які не тое што спяваць, а нават вымаўляць нямецкія словы як след не навучыўся, скарыстаў неразборлівы роў злітых галасоў, каб толькі крышку разяўляць рот і трошкі пагойдвацца, быццам на самой справе спяваў, - але важак па знаку ліслівага Шрама знянацку рэзка перапыніў агульны спеў і, падазрона мружачыся ў бок Васіля Іванавіча, запатрабаваў, каб ён праспяваў сола. Васіль Іванавіч прачысціў горла, сарамяжліва пачаў, і пасля хвіліны адзіночнай пакуты падхапілі ўсе, але ён ужо не мог выпасці.

У яго было з сабою: улюбёны агурок з расейскай крамы, булка і тры яйкі. Калі надышоў вечар і нізкае пунсовае сонца цалкам увайшло ў завэдзганы, закалыханы, сваім грукатам аглушаны вагон, усім было прапанавана выдаць сваю правізію, каб падзяліць яе пароўну, - гэта тым больш было лёгка, што ва ўсіх, акрамя Васіля Іванавіча, было тое самае. Агурок усіх рассмяшыў, быў прызнаны неядомым і выкінуты ў акенца. З-за недастатковасці паю Васіль Іванавіч атрымаў меншую порцыю кілбасы.

Яго прымушалі іграць у «скат», тармасілі, распытвалі, правяралі, ці можа ён паказаць па карце маршрут арганізаванага падарожжа, - словам, усе займаліся ім, спачатку лагодна, потым з пагрозай, якая нарастала па меры набліжэння ночы. Абедзвюх дзяўчат звалі Грэтамі, рудая ўдава была нечым падобная на самога пеўня-важака. Шрам, Шульц і другі Шульц, паштовы чыноўнік і ягоная жонка - усе яны паступова зліваліся, зрасталіся, утвараючы адзіную зборную, мяккую, шматрукую істоту, ад якой не было дзе падзецца. Яна напаўзала на яго з усіх бакоў. Але раптам на нейкай станцыі ўсе павылазілі, і гэта было ўжо ў цемры, хоць на захадзе яшчэ стаяла даўжэзнае ружовае воблака, і, працінаючы душу, далей на чыгуначным пуці, гарэў дрыготкаю зоркай ліхтар скрозь павольны дым паравоза, і ў змроку цыкалі цвыркуны, і аднекуль пахла язмінам і сенам, маё каханне.

Начавалі ў крывой харчэўні. Мацёры клоп наводзіць жах, але ёсць пэўная грацыя ў руху шаўкавістай ляпізмы. Паштовага чыноўніка аддзялілі ад жонкі, якую размясцілі з рудою, і падарылі на ноч Васілю Іванавічу. Ложкі займалі ўвесь пакой. Зверху пярына, знізу гаршчок. Чыноўнік сказаў, што спаць яму нешта не хочацца, і пачаў расказваць пра свае расейскія ўражанні, падрабязней, чым у цягніку. Гэта была ўпартая і дакладная пачвара ў арыштанцкіх сподніках, з перламутравымі кіпцямі на брудных нагах і мядзведжай поўсцю паміж тоўстымі грудзьмі. Начны матылёк кідаўся па столі, чокаўся са сваім ценем. - У Царыцыне, - гаварыў чыноўнік, - цяпер ёсць тры школы: нямецкая, чэшская і кітайская. Так, зрэшты, кажа мой зяць, які ездзіў туды вырабляць трактары.

На другі дзень з раніцы і да пяці па апоўдні пылілі па шашы, якая ляніва пераходзіла з узгорка на ўзгорак, а потым пайшлі зялёнаю дарогай праз густы бор. Васілю Іванавічу, як найменш нагружанаму, далі несці пад пахаю вялізны круглы бохан. Як жа я цябе ненавіджу, надзённы! І ўсё ж яго каштоўныя, вопытныя вочы прыкмячалі што трэба. На фоне яловай чарнаты вертыкальна вісіць сухая іголка на нябачнай павуцінцы.

Зноў залезлі ў цягнік, і зноў было пуста ў маленькім, без перагародак, вагоне. Другі Шульц пачаў вучыць Васіля Іванавіча іграць на мандаліне. Было шмат смеху. Калі гэта надакучыла, знайшлі добрую забаўку, якою кіраваў Шрам: яна складалася вось з чаго: жанчыны клаліся на абраныя лаўкі, а пад лаўкамі ўжо былі схаваныя мужчыны, і вось, калі з-пад нейкай вылазіла чырвоная галава з вушамі або вялікая, з падспаднічным накірункам пальцаў, рука (яна выклікала віск), то і высвятлялася, хто з кім патрапіў у пару. Тройчы Васіль Іванавіч клаўся ў агідную цемру, і тройчы нікога не было на лаўцы, калі ён з-пад яе выпаўзаў. Яго прызналі пераможаным і прымусілі з'есці недакурак.

Ноч праспалі на саламяных матрацах у нейкім хляве і зранку пайшлі ізноў пешкі. Елкі, схілы, пеністыя рэчкі. Ад спёкі, ад песень, якія трэба было бесперастанку гарлапаніць, Васіль Іванавіч гэтак знямогся, што на паўдзённым прывале адразу заснуў і толькі тады прачнуўся, калі на ім пачалі шлёпаць уяўных аваднёў. А яшчэ праз гадзіну хады раптам і адкрылася яму тое самае шчасце, пра якое ён неяк ці тое памарыў, ці тое падумаў.

Гэта было чыстае, сіняе возера з незвычайным выразам вады. Пасярэдзіне цалкам адбівалася вялікае воблака. Па той бок, на пагорку, густа аблепленым зелянінай дрэў (якая тым паэтычнейшая, чым цямнейшая), высілася проста з дактыля ў дактыль старадаўняя чорная вежа. Вядома, такіх краявідаў у сярэдняй Эўропе колькі хочаце, але менавіта гэты, па невыказным і непаўторным суладдзі яго трох галоўных частак, па ўсмешцы ягонай, па нейкай таемнай цнатлівасці, - каханне маё! паслухмяная мая! - быў чымсьці гэткім адзіным, і родным, і даўно абяцаным, гэтак разумеў сузіральніка, што Васіль Іванавіч нават прыціснуў руку да сэрца, быццам правяраў, ці тут яно, каб яго аддаць.

Наводдаль Шрам, торкаючы ў паветра альпенштокам важака, звяртаў бог ведае на што ўвагу экскурсантаў, якія размясціліся колам на траве ў аматарскіх позах, а важак сядзеў на пні, задам да возера, і закусваў. Ціхенечка, хаваючыся за сваю спіну, Васіль Іванавіч пайшоў берагам і выйшаў да заезнага двара, дзе, прыпадаючы да зямлі, са смехам, старанна біў хвастом, вітаў яго малады яшчэ сабака. Ён увайшоў з ім у дом, рабы, двухпавярховы, з прымружаным акном пад пукатым чарапічным павекам і знайшоў гаспадара, рослага старога, цьмяна інваліднай знешнасці, які так кепска і мякка гаварыў па-нямецку, што Васіль Іванавіч перайшоў па расейскую мову, але той разумеў як скрозь сон - прадаўжаў на мове свайго побыту, сваёй сям'і. Наверсе быў пакой для прыезджых. - Ведаеце, я здыму яго на ўсё жыццё, - быццам бы сказаў Васіль Іванавіч, як толькі ў яго зайшоў. У ім нічога не было асаблівага, - наадварот, гэта быў самы звычайны пакойчык, з чырвонай падлогай, з рамонкамі, намаляванымі на белых сценах, і невялікім люстрам, напалову поўным рамонкавага настою, - але з акенца выразна было відаць возера з воблакам і вежай, у нерухомым і дасканалым спалучэнні шчасця. Не разважаючы, не ўнікаючы ні ў што, толькі бязвольна аддаючыся парыванню, праўда якога зыходзіла з ягонай жа моцы, ніколі яшчэ нязведанай, Васіль Іванавіч у адзінае сонечнае імгненне спасціг, што тут у гэтым пакойчыку з вабным да слёз краявідам у акне нарэшце ж так пойдзе жыццё, як ён заўжды гэтага прагнуў. Як менавіта пойдзе, што менавіта тут здарыцца, ён гэтага, зразумела, не ведаў, але ўсё навокал было дапамогай, абяцаннем і ўцехай, так што не магло быць ніякага сумнення ў тым, што ён павінен тут пасяліцца. Імгненна ён прыкінуў, як гэта здзейсніць, каб у Берлін больш не вяртацца, як выпісаць сюды сваю невялікую маёмасць - кнігі, сіні касцюм, яе фотаздымак. Усё выходзіла гэтак проста! У мяне ён зарабляў дастаткова на сціплае расейскае жыццё.

- Сябры мае! - выгукнуў ён, прыбегшы зноў уніз на прыбярэжную палянку. - Сябры мае, бывайце! Назаўжды застаюся вунь у тым доме. Нам з вамі больш не па дарозе. Я далей не еду. Нікуды пе еду. Бывайце!

- Гэта як так? - дзіўным голасам прамовіў важак, вытрымаўшы невялікую паўзу, на працягу якой павольна блякла ўсмешка на вуснах у Васіля Іванавіча, а тыя, што сядзелі на траве, прыўсталі і каменнымі вачыма глядзелі на яго.

- А што? - прамармытаў ён. - Я тут вырашыў...

- Маўчаць! - раптам на ўсё горла зароў паштовы чыноўнік. - Апамятайся, п'яная свіння!

- Пачакайце, панове, - сказаў важак, - адну хвіліначку, - і, аблізнуўшыся, ён сказаў Васілю Іванавічу: - Вы, пэўна, сапраўды падпілі, - сказаў ён спакойна. - Або звар'яцелі. Вы выправіліся з намі ў падарожжа. Заўтра, як пазначана ў маршруце - паглядзіце ў сябе на білеце, - мы ўсе вяртаемся ў Берлін. Гаворкі не можа быць пра тое, каб хто-небудзь з нас - у дадзеным выпадку вы - адмовіліся ісці з намі ў адну дарогу. Мы сёння спявалі адну песню - згадайце, што там было сказана. Цяпер досыць! Збірайцеся, дзеці, мы ідзём далей.

- Нас чакае піва ў Эвальдзе, - ласкава сказаў Шрам. - Пяць гадзін цягніком. Экскурсіі. Паляўнічы павільён. Вугальныя капальні. Безліч цікавага.

- Я буду скардзіцца, - залямантаваў Васіль Іванавіч. - Аддайце мне мой мяшок. Я маю права застацца, дзе пажадаю. Ды гэта ж нейкае запрашэнне на кару, - быццам дадаў ён, калі яго падхапілі пад рукі.

- Калі трэба, мы вас панясём, - сказаў важак, - але гэта наўрад ці будзе вам прыемна. Я адказваю за кожнага з вас і кожнага з вас дастаўлю назад жывога ці мёртвага.

Яго цягнулі, як у дзікунскай казцы, па лясной дарозе, сціснулі, скруцілі. Васіль Іванавіч не мог нават павярнуцца і толькі адчуваў, як ззянне за спіною аддаляецца, драбніцца дрэвамі, і вось ужо няма яго, і навокал чарнее ўвесь у бяздзейсным гомане гушчар. Як толькі селі ў вагон і цягнік рушыў, яго пачалі біць - білі доўга і даволі вынаходліва. Прыдумалі, між іншым, свідраваць яму штопарам далонь, потым ступню. Паштовы чыноўнік, які ездзіў у Расею, змайстраваў з палкі і рэменя пугу, якою пачаў дзейнічаць, надзіва спрытна. Малайчына! Астатнія мужчыны больш разлічвалі на свае жалезныя абцасы, а жанчыны цешыліся шчыпаннем і аплявухамі. Было вельмі весела.

Па вяртанні ў Берлін ён прыходзіў да мяне. Вельмі змяніўся. Ціха сеў, паклаўшы на калені рукі. Расказваў. Паўтараў бясконца, што змушаны адмовіцца ад службы, маліў адпусціць, казаў, што больш не можа, што моцы больш не мае быць чалавекам. Я яго, вядома, адпусціў.

 

Марыенбад, 1937 г.



Пераклад: Галіна Багданава