epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Саламаха

Азімут

Для нашай здымачнай групы дзень, прама скажам, выдаўся не з лепшых. На кінастудыю вярталіся мы з такімі тварамі, нібы кожнаму з нас, рэжысёру, аператару і мне, надзелі гіпсавыя маскі. Для рэжысёра з сённяшняга дня я стаў чалавекам нікчэмным, бо мае героі, якіх ён «бачыў» у сцэнарыі вясёлымі, дасціпнымі, што ў любой сітуацыі за словам у кішэню не лезуць («Ай-яй, што ж гэта такое? Ды ў вас не сена, а пацяруха». Адказвалі хітравата: «Так, так... Снег белы, ды глядзяць, сена чорнае, ды ядзяць...»), перад камерай былі скаванымі, гаварылі нязвыкла для сябе: «Надвор’е сёлета кепскае, таму мы шырокім фронтам разгарнулі бітву за вялікае сена...»

Рэжысёр лічыў, што я, калі пісаў сцэнарый, пайшоў на падман, павёў не «па азімуту», як ён любіў казаць, бо некалі сам пасля школы хадзіў з геолагамі. Аператар, у сваю чаргу, злаваў на рэжысёра: «Ды ведаеш, колькі я «Кодака» ўгробіў? Ты ведаеш, як гэтую плёнку выбіваць у забеспячэнцаў?..»

Словам...

Дарога, кіламетраў сем ад вёскі, дзе жылі мае героі, якіх сёння мы для сябе назаўжды страцілі — не адкрываюцца яны нам перад кінакамерай пасля нязвыклых для іх слоў «драматургія», «звышзадача», «фінал» — была цяжкай да трасы. Дарога, набрынялая ад дажджоў, лужыны, вада свінцова-шэрая, з масляністымі лапікамі на паверхні. І наш аўтобус ліхаманкава трэсла, у салоне грымелі скрынкі з апаратурай, коўзаліся сюды-туды, але ўсё гэта было нішто ў параўнанні, як я ўжо казаў, з тым, што хавалася пад маскамі на нашых тварах.

Я дакладна ведаў, што больш ніколі мне не быць на адной здымачнай пляцоўцы з гэтым рэжысёрам, чалавекам, як і я, не вельмі сталым, але геніяльным ва ўласным уяўленні пра свае творчыя магчымасці, у поглядах на жыццё, якія ў яго, як і ў кожнага кіношніка ад вахцёра да дырэктара фільма, пацвярджаюцца магічнымі і найважнейшымі словамі — «Я так бачу», быццам усе астатнія людзі нічога не разумеюць і не бачаць. Ведаў, што і аператар, нядаўні выпускнік інстытута кінематаграфіі, не паверыць больш рэжысёру, які перад здымкамі ўсё павучаў: «Ты мне гэтага здымі ў такім ракурсе, а таго ў гэтым...» Такім чынам, наша нетрывалае сяброўства (упершыню працавалі разам) рассыпалася, як разбітае шкло, — кіношнікі яшчэ горш за літаратараў не даруюць .адзін аднаму ні вось такой «здрады», ні чужога поспеху.

То хай!

Хутчэй дамоў, у цёплую ўтульную кватэру, якая бы выратавальны круг ад усялякіх непрыемнасцей, ад такіх вось масак, што ў нас на тварах, ад назолы-дажджу, ад людзей, якія, калі пісаў сцэнарый і працаваў разам з імі на сенажаці, былі такімі шчырымі, па-сялянску памяркоўнымі, а тут раптам перад кінакамерай як звар’яцелі, не спраўдзілі нашых надзей.

А вось і паварот з прасёлачнай дарогі на трасу, мокрую, блішчастую стужку асфальту, раскроеную пажухлай травяной палоскай, і шэры цэментны, задраны няўклюдна ўверх брылёк аўтобуснага прыпынку, прыткнуты якраз на скрыжаванні.

На прыпынку — двое дарослых і дзіця.

Дзядзьку Міколу, нашаму шафёру, чалавеку бываламу, які за свой век пабачыў і такіх «геніяў», як мы, і просты люд, у такіх выпадках загадваць не трэба: прыткнуў аўтобус якраз да белай разлезлай цэментнай акантовачкі прыпынку, упусціў у салон праз расчыненыя дзверы волкі вецер, гукнуў: «Калі ў бок Мінска, дык хутчэй!»

Вядома, хутчэй! Сухенькія старыя рукі падаюць нам у салон дзяўчынку пяці-шасці год, мокрую ў сваёй балоневай куртачцы, як кураня; потым чуюцца ляскат абцасаў аб асфальт, затым у дзвярах з'яўляецца сам іх гаспадар. Ён у грубым, цяжкім чорным плашчы, у скураным капелюшы, акантоўка якога нагадвае азярцо. Бародка ў яго клінком, беленькая. І акуляры. Кругленькія. Дужкі ля вушэй абматаны сіняй ізаляцыйнай стужкай.

За ім — жанчына. Год трыццаці. Ну акурат мадонна з мясаедаўскіх палотнаў. На такую паглядзіш і не ведаеш: зайздросціць мужу або не. Прыгажосць-то прыгажосць, але ж такая можа пры выпадку так ашчаперыць рукамі, што...

Аднак усё гэта, кавалачак натуральнага жыцця, што ўвайшло ў аўтобус, масак з нашых твараў не здымае — са сваёй работай мы не справіліся.

Месцяцца. Светачка, так жанчына, маці, называла дзяўчынку, садзіцца на пярэднім сядзенні тварыкам да нас. Сама жанчына і дзядуля — за намі, на адным сядзенні.

І вось аўтобус ірвануў так, быццам скінуў з плеч гару, толькі шыны шамацяць па мокрым асфальце ды раўчукі на шкле зусім скаселі.

А тут кіламетры праз тры моцны штуршок: спыняемся ля МАЗа, які стаіць на ўзбочыне, запэцканы з бакоў, але зямля пад ім сухая. На вялізным кузаве мокрыя кантэйнеры з надпісам: «Морфлот СССР». Ля машыны двое. Шафёр у прамасленай фуфайцы, чалавек малады, твар заклапочаны, і салдацік у параднай форме дэсантніка, таксама мокры.

— Так! Значыць, загараем,—дзядзька Мікола гупае на зямлю. — Дапамагчы?

— Дзякуй! Вы не дапаможаце. Кардан... — Шафёр нетаропка выцірае рукі анучай, глядзіць на наш паўпусты аўтобус. — У сталіцу?

— Так.

— Тады, баця, падкіньце салдаціка. Спяшаецца, меўся некуды заехаць, мо я і падвёз бы, але ж бачыце, што здарылася. А яму гадзіна — дзень. Сам нядаўна служыў, ведаю. Ён і пазвоніць у аўтабазу, адтуль прышлюць «лятучку».

— Падкіньце, падкіньце... — заўпарціўся салдацік.— Нікуды я не паеду! Адзін тут кукаваць будзеш?

— Ты, служба, па званні ніжэй за мяне. Як-ніяк я сяржант, хоць і запасу. Давай!

«Служба» і шафёр МАЗа моцна паціскаюць адзін аднаму рукі: потым салдацік бярэ з кабіны новенькі чамаданчык і нехаця ўсоўваецца ў аўтобус.

На падлогу з апраткі салдата сцякала вада, ён сумеўся, але дзядзька Мікола падахвоціў:

— Хутчэй! Сагрэйся, ускінь што на плечы. Хлопцы, пашукайце!

Дзядулька, які паспеў-такі ўжо задрамаць, калі ўвайшоў салдат, ажывіўся, апярэдзіў нас, працягнуў таму грубы брызентавы плашч:

— Атулі плечы!

Салдат плашч не ўзяў, нешта прамармытаў няпэўнае, агледзеўся, дзе б гэта сесці, засаромеўся, што на яго звяртаюць увагу.

— Дэмбель? — безуважна спытаў аператар, мабыць, каб што сказаць.

— Не. Так... Ваяж.

— Яфрэйтара Збруева? — паказаў сваю кіношную дасціпнасць рэжысёр. — Ну што ж, і гэта патрэбна.

Тым часам салдат месціўся на пярэднім сядзенні побач са Светкай, якая прыліпла тварыкам да шкла.

— Чаму? — паціснуў плячамі салдат. — Ехаў да сябравых сваякоў, але збіўся з тропу, гляджу, што нікуды не паспею, дык вырашыў заехаць да яго ў горад. Мне яшчэ служыць ды служыць.

Салдацік уладкаваўся, павярнуўся да нас, і тут мы заўважылі, што на грудзях яго побач са значкамі — медаль.

Маскі на нашых тварах прыўзняліся, ва ўсякім выпадку, я бачыў, як ажылі вочы рэжысёра, а аператар украдне нацэліў на салдаціка экспанометр.

— Чакай! — прыўзняўся з месца дзядуля. — Герой!

— Чаму? — здзівіўся салдат.

— Як чаму? Медаль жа... У майго ўнука такі ж, — паважна сказаў стары.

— Ці мала такіх.

— Мала не мала, а ўзнагарода! Ды яшчэ якая!

— А... — салдацік, яфрэйтар, яшчэ больш сумеўся, заёрзаў на месцы, відаць, пашкадаваў, што вось так неабачліва сеў ва ўсіх навідавоку. На яго здаровым загарэлым твары заміргалі вялізныя блакітныя вочы, з’явілася нейкая несур’ёзнасць.

— Подзвіг, значыць? — дапытваўся стары, можа, нават і не разумеючы, што няёмка так адразу.

— Ды не.

— А... Разумею, ваенная тайна. Так і ўнук казаў, я да яго еду.

— Тое, што тайна — дык тайна. А тут ніякай тайны, усё ясна як дзень.

— Няўжо? — не паверыў дзядуля. — І нічога не было. Медаль табе так сабе на грудзі, трымай!

— Чаму? Было.

— Ага, значыць, было... Ты мяне не ашукаеш, хоць я чалавек і не шыбка граматны. Ведаю, фінскую прайшоў, у апошнюю партызанам быў, так што... Калі не тайна, дык выкладвай!

Салдат уважліва паглядзеў на старога, на нас, усміхнуўся.

— Ды ўваж, — сказаў рэжысёр. — Цікава ж. Бачыш, у атца ўнук таксама служыў...

— О, тут здалёку трэба пачынаць.

— А ты здалёку, — сказаў я.

— Ну што ж? Я ў армію з інстытута прыйшоў...

Стары пры гэтых словах насцярожыўся, аж выцягнуўся...

— Але, — працягваў салдат, — як і ўсе, каму падышоў тэрмін служыць, быў прызваны на абавязковую. Да арміі займаўся ў ДТСААФе і нават тры разы з парашутам скокнуў...

— Суччын кот! І наш жа з парашутам скакаў, — сказаў дзядуля, не зважаючы на нявестку ці то дачку, якая лёгенька таўханула яго ў бок, маўляў, людзі чужыя.

— З курса пайшоў служыць не адзін. Выпала мне быць з аднакурснікамі. Не скажу каб у інстытуце мы сябравалі. Звычайна пры сустрэчы: «Прывітанне—прывітанне... Як справы? Нічога...» Але ў майго таварыша неяк адразу ўсё пайшло ладам. Ён табе калі па мішэні страляць, дык за сто метраў цэліць у дзесятку, нібы ўсё жыццё паляўнічым быў. Ён табе і на кросе першы, ён табе і паласу перашкод пераадольвае гуляючы. І работы ніякай не баіцца: на кухню дык на кухню, вугаль разгружаць дык вугаль, адным словам, салдат усё павінен умець рабіць, — працягваў салдат.

— Во-во, — сказаў дзядок. — На тое ён і салдат.

— Дык вось. Гляджу я, а таварышу майму камандзіры адну падзяку, другую... А мяне на кожным кроку папраўляюць, выхоўваюць, значыць. Гэта не так раблю, тое не так. А ён як той цыркач: на турніку «сонца» круціць, гірамі, як мячыкамі, гуляе.

Пры слове «цыркач» Светка адліпла ад акна, падсунулася бліжэй да салдата, утаропілася ў яго.

— Дзядзя, ты з цырка?

— Не, што ты, салдат я, — усміхнуўся ён.

Але Светка не верыла.

— Смала, адчапіся, — сказала маці і растлумачыла: — Гэта ж мы калгасам у цырк ездзілі, дзяцей бралі. Дужа дачцэ спадабалася там.

Салдат зноў усміхнуўся дзяўчынцы, каўзануў руку ў кішэню, дастаў жменьку цукерак.

— Частуйся, Светка.

— А ты?

— Я? Ды салдаты цукерак не ядуць, еш. Іх мне далі салдаты і наказалі, каб я частаваў харошых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія дарослых слухаюцца.

— А я слухаюся. І дзядулю, і маму, і тату. А вот Васька не слухаецца.

— Васька?

— Ага. Як збяжыць з дому, дык да вечара лахае недзе і мяне з сабой не бярэ.

— Васька — гэта брацік, блізняты яны ў мяне, — патлумачыла жанчына.

— Вунь яно што, — сказаў салдат. — Ты, Светка, скажы яму, каб слухаўся. А калі не шкада, дык і яго пачастуй цукеркамі.

— Не шкада, — уздыхнула дзяўчынка, хаваючы колькі цукерак у кішэню куртачкі.

— Так, так, так, — стары патрабаваў працягу расказу.

— Ага... Хутка мой таварыш стаў яфрэйтарам, як я цяпер, такім чынам, маім камандзірам. З таго ўсё і пачалося, сцяна між намі. Скажам, нешта загадваюць рабіць аддзяленню, дык ён усё цаляе, каб цяжэйшае мне выпала, думаў, што знарок. Як жа мне было цярпець такое? З таго ж інстытута таварыш. Прыціснуў я яго: «Вось адслужым, расквітаемся...» А ён: «Дружба дружбай, а служба службай. Так заўжды будзе, пакуль сачка давіць будзеш». Вядома, я пакрыўдзіўся. Але на злосць ці яму, ці сабе пачаў старацца, гляджу — атрымліваецца. Вучэнні былі — вызначыўся я, камандзір падраздзялення нават паабяцаў: калі так пойдзе далей, дык магу і на пабыўку да бацькоў з’ездзіць. Я і пісьмо напісаў, што прыеду...

— І наш пісаў, лёгкі Савачка, — роспачна прамовіў стары, — ды чамусьці тады не пусцілі.

— Ацец, — сказаў аператар, — тут крыўдаваць не трэба. Служба ёсць служба, мала што магло быць.

— Канечне, — пацвердзіў салдат, — армія ж!.. Аднойчы выклікае нас да сябе камандзір узвода, загадвае ляцець на верталёце на адзін запасны пункт, змяніць там двух дзяжурных, заступіць на іх месца, словам, сачыць, каб усё было як след, каб апаратура працавала і ўсё такое. Я ўзрадаваўся. Як-ніяк ад вока камандзіраў далей, ты там сам сабе гаспадар, ні табе адбою, ні табе пад’ёму, адпачывай ад пляца, ад заняткаў, радуйся. Там лес, грыбы, ад часці далёка і якая гадзіна хады да вёскі.

Але камандзір папярэджвае, каб пра паходы ў вёску і не думалі, дзяжурства ж. Мяркую: кажы, таварыш лейтэнант, туды верталёт раз у тыдзень прылятае, хто будзе ведаць, што ты робіш... І зажыў я на новым месцы, як чалавек цывільны, мне ніхто не загад! А таварыш раніцой узнімаецца як у казарме, апратку прасуе, каўнерык прышывае, бурчыць на мяне, але не дужа, як-ніяк мы ўдвух. Аднойчы я надумаў у вёску схадзіць, адпачыць, так сказаць. А ён: «Забараняю! Мы пры выкананні!..»

«Гэта я і сам ведаю, толькі ж усё працуе нармальна, што нам даручылі глядзець, верталёт будзе не хутка, я пайшоў!» На танцы нават трапіў, раніцой вярнуўся, а праз гадзіну верталёт па мяне прылятае, выклікаў таварыш.

— І ты думаеш, што ён зрабіў няправільна? — спытаў стары.

— Вядома, правільна, — пагадзіўся салдат. — Дысцыпліна і свядомасць, як разумею, тады ў мяне не дужа якія былі... Словам, «адпачываў» я колькі дзён на гаўптвахце, пабыўка мая знікла, як сонечны промнік.

— Ты яшчэ дзякуй, што мірным часам жывём, — сказаў стары. — За такое ў нас у партызанах, ведаеш, што б магло быць?

— Чаму ж не ведаю...

— Ацец, — умяшаўся рэжысёр, — час жа другі, сітуацыя не тая, навошта адразу ўжо так?

— Навошта, навошта, таму, міл-чалавек, што служыць трэба як паложана! — аж зазлаваў стары. — Мы тут, панімаеш, працуем-робім, на іх спадзяёмся, а каторы дык як узвей-вецер...

— Я з вамі поўнасцю згодзен, — працягваў салдат... — Я пра другое. Словам, крыўда ў мяне засталася, а яшчэ з дому пішуць: хваліўся, хваліўся, ды нешта не едзеш.

Салдацік змоўк, павярнуў галаву ў акно, доўга ўглядаўся ў мокры асфальт. Светка, прытуліўшыся да яго, спакойна пасапвала. Мне думалася: дарэмна ён пачаў здалёку, ды яшчэ так адкрыта пра сябе, можа, цяпер шкадуе. Вядома, калі мае ўзнагароду, дык няйнакш перамяніўся, навучылі камандзіры, таварышы. Можа, таму і такая адкрытасць. А чаго саромецца?

— Так, так, так, — падганяў яго стары. — А медаль за што?

— Медаль?.. Неўзабаве вучэнне было, панаехала вялікага начальства, словам, мы павінны былі паказаць, чаму нас навучылі ў арміі, на што здатныя мы, учарашнія школьнікі, рабочыя хлопцы, студэнты вось такія, як я. Трывога, яна заўсёды нечаканая. На досвітку трывога. Хапаем зброю, амуніцыю, парашуты. Адразу ў самалёты. Ляцім доўга, а камандзір яшчэ і яшчэ раз кожнаму задачу ставіць. Таварышу і мне — адразу ж у бой, а потым ісці да патрэбнага пункта, абясшкодзіць там радыёстанцыю «праціўніка».

— Па азімуту? — зноў паказаў сваю дасведчанасць рэжысёр.

— Так, па азімуту... З парашутам мне даводзілася многа скакаць, гэта я люблю. Перад кожным скачком пачуццё нейкае незвычайнае, невядомасць, прыгажосць, асабліва на досвітку, як сонца ўзыходзіць, здаецца, так і коціцца па самай зямлі, заўсёды хвалюешся, хоць і не паказваеш гэтага, невядомасць жа... Мне выпала скакаць першым. Шугаю ў люк... Праз нейкі час замест моцнага хлапка — лёгкі, і падзенне каменем не спыняецца... Карацей, зразумеў, што стропы заблыталіся... А ўнізе купалы таварышаў, тэхніка прызямляецца, ужо на зямлі падскоквае. Бачылі, ну хаця б як паказвалі па тэлевізары?

— Нават здымалі, — кажа аператар. — Толькі не з паветра, а з зямлі... Толькі, прабач, нешта ты, браце, блытаеш. Ты ж скокнуў першы, значыць, ляціш першы. Адкуль тады купалы таварышаў пад табой, а?

— Цікава, — усміхаецца салдат, — і сапраўды. Што ж гэта я?

— Так, так, так, — патрабуе стары. — Кажы, кажы!

— Кажу... Здалося тады, што гэта апошні міг жыцця... Але ля самай зямлі нейчыя рукі паспелі ўхапіць стропы майго парашута. Удвух на адным і прызямліліся. Адразу ў бой, праўда, рукі майго таварыша, а гэта быў ён, стропамі крыху параніла, дык дзе ж ты будзеш у такой сітуацыі зважаць на гэта...

Тут я заўважыў, што пры слове «рукі» салдацік незнарок паглядзеў на свае рукі і інстынктыўна прыціснуў іх да сядзення. Але шнары былі... Не, нешта тут не тое. Заўважылі гэта і астатнія, стары сказаў:

— Далей што?

— Далей? Пайшлі па азімуту шукаць патрэбны пункт...

— О! — раптам узняў закарузлы палец стары. — Вось тут я цябе, браток, і спаймаў. Прызнайся, хто табе гэта расказваў?

— Як хто? — шчыра здзівіўся салдат. — Я сам удзельнічаў у гэтай сітуацыі. Чаму вы мне не верыце?

— Чаму? — стары прыўзняўся. — Ды мой унук амаль усё гэта, ну хіба што за некаторымі словамі, расказваў, што гэта было з ім і з яго таварышам. Тыдзень назад заязджаў.

— Унук?.. Даруйце, як яго прозвішча?

— Казыры мы, Пятрок Казыра.

На твары салдата здзіўленне, і раптам:

— Вось і маеш! Дык жа я з Петраком служыў, з намі гэта было! Выходзіць, гэта я да вас, дарагі дзядуля, павінен быў заехаць і перадаць, што Пятрок, можа быць, заявіцца, як здасць іспыты!

— Гэта я цяпер разумею, — сурова сказаў стары,— быў Пятрок, быў. Але ж навошта было яму мяне вадзіць за нос? Ён казаў, што спачатку дрэнна служыў, і я дараваў, прызнаўся ж. Ты мне кажы, хто каго выратаваў.

Выгляд у старога быў разгублены, але разам з тым і рашучы. Жанчына бязгучна смяялася, гледзячы на яго, Светка па-ранейшаму спала, прыхіліўшыся да салдата. У гэты момант маскі з нашых твараў упалі, усміхаліся і мы: ды якая розніца хто каго? Галоўнае, што і той і другі вось у такой вельмі складанай сітуацыі, у адказны для часці момант засталіся сапраўднымі салдатамі, людзьмі без асабістых крыўд, адразу пайшлі ў бой, хай сабе і вучэбны, хай толькі такія баі і будуць... Рэжысёр стараецца ўпэўніць старога, але той не можа суняцца, бо разумее, што менавіта яго ўнук быў тым салдатам, які самавольна хадзіў у вёску, потым «адпачываў» на гаўптвахце: ён, аказваецца, прызнаўся ў гэтым. А тут салдацік расказвае... Ну добра, не захацеў дрэннае гаварыць пра таварыша...

— Эйч! Пачакай, Пятрок, пачакай! Дарма што герой! Вось прыеду ў вучылішча, якраз да яго кіруемся, пры ўсіх таварышах ды камандзірах зніму штаны ды па голым азадку папругай, папругай! Тады і верыў я, і не верыў яму, як расказваў, у нашым родзе абібокаў не было! Бацька яго служыў, дык прывёз фотакартку, дзе зняты ля сцяга палка. Цяпер працуе ў калгасе, на Дошцы гонару красуецца, з намі не паехаў, бо работы многа. Я фінскую прайшоў, у апошнюю нязломак быў і каб хоць раз каго з камандзіраў аслухаўся. А ён!..

— Не ўдасца, ацец, — сказаў рэжысёр. — Пятрок ваш чалавек ваенны, хто вам дазволіць адразу і па азадку? Герой жа ён.

— Гэта цяпер герой, — не сунімаўся стары, — а як служыць пачаў, га? Не, ты мяне, міл-чалавек, не супакойвай. Я спытаю, як гэта ён мой наказ выконваў? Што ён мне скажа.

— Супакойцеся, дзядуля. Ды не Пятрок то быў, я, я... Я пра сябе расказваў, навошта на яго злаваць? Да Петрака я і еду, армія не толькі нас сябрамі зрабіла, а братамі, разумееце?

-—Ты мне не хітры! Вы мне там удвух адказ трымаць будзеце, — сказаў больш лагодна стары. Па яго маршчыністым твары каўзанулася хітраватая прыхаваная ўсмешка. Я разумеў, што як бы там ні было, а цяпер ён ганарыцца ўнукам, і, напэўна, каб не мы, староннія людзі, і не запал, то абняў бы салдата. — Ну добра, — раптам звярнуўся стары да рэжысёра, — гэта я не шыбка граматны, вы, бачу, чалавек вучоны, не просты. Скажыце вы мне, каб абодва дрэнна служылі ці хто адзін і не знайшлі гэты, як яго... азімут, так бы іх і ўзнагародзілі?

— Ды ні ў якім разе! —сказаў рэжысёр. — Вы дарэмна хвалюецеся. Калі ўжо адзін раз знайшлі яго, пайшлі па ім — у жыцці не страцяць.

— І я так думаю, — пагадзіўся стары. — Вось, скажам, Пятрок у інстытуце вучыўся, але ж, мусіць, палюбіў армію, раз цяпер хоча перайсці ў вайсковае вучылішча. У нашым родзе афіцэраў не было, хай будзе... Толькі вось, цяпер думаю, мо не возьмуць, успомняць, што цывільным хацеў быць...

— Прымуць, — сказаў салдат. — У Петрака ад камандавання ўсякія паперы, дзе яго характарызуюць як трэба.

— Ну, Пятрок, Пятрок, — усё паўтараў стары... А мы глядзелі на яго і ўсміхаліся, толькі рэжысёр сказаў мне:

— Вось так, стары, разумееш, у чым наша бяда з нашымі героямі. Хочацца прыгожа сказаць пасля такога выпадку, шляху да іх сэрцаў не знайшлі, не па азімуту пайшлі.

—А хіба позна? — адказаў за мяне аператар.