epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Саламаха

Напрадвесні

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28


1

У гэтым старым цагляным будынку лесвіца была вузкая. Яе акантаваныя алюмініем прыступкі былі высока адна ад другой, і, узбіраючыся на трэці паверх, дзе размяшчалася рэдакцыя раённай газеты, Васіль Федаровіч трымаўся рукой за сінія, месцамі з паадставанай, нібы лушпінне, фарбай, парэнчы.

Злева ад яго на сцяне паўз лесвіцу красаваліся графікі, дыяграмы, стэнд «Лепшыя людзі гаспадарчай часткі» адной установы, якая займала два ніжнія паверхі будынка, справа, пад парэнчамі, былі падвешаны вазоны з кветкамі, якія прыдавалі ўсяму экзатычнасць.

Калі Васіль параўняўся са стэндам, шэрыя плямы фотаздымкаў на іх набылі выразныя абрысы. З-пад шкла на яго, нібы пытаючы, што тут патрэбна гэтаму юнаму чалавеку, пазіралі пажылыя мужчыны і жанчыны і потым праводзілі Федаровіча да патрэбнага яму трэцяга паверха.

На двух ніжніх паверхах панавала цішыня. Васіль чамусьці падумаў, калі нават ён пачне працаваць у рэдакцыі, наўрад ці знойдзе тут сабе сябра — ён жа такі малады.

На трэцім паверсе на лесвічнай пляцоўцы меўся невялікі ўтульны хол. Тут стаяў нізкі столік для часопісаў, мяккія зялёныя крэслы: з попельніцы на століку віліся пасмы шызага дыму — відаць, толькі што курылі хлопцы з рэдакцыі, але іх перапынілі і некуды тэрмінова паклікалі.

Васіль ступіў у цемнаваты калідор, прайшоў па мяккім варсістым дыване і сумеўся — таксама ні душы.

Звычайна, калі яшчэ школьнікам ён прывозіў у рэдакцыю заметкі, ужо на калідоры сустракаў супрацоўнікаў: хто хадзіў узад-уперад, нешта абдумваючы, хто курыў, раз-пораз ляпалі дзверы пакояў — яму здавалася загадкавай рэдакцыйная мітусня.

Цяпер цішыня насцярожвала. Федаровіч падышоў да вялікіх дубовых дзвярэй, на якіх было напісана «прыёмная», асцярожна, нібы па шкле, ціхенька, як баючыся, пастукаў.

Яму не адказалі. Васіль патаптаўся на месцы. Вырашыў пайсці назад, не ведаючы, ці хопіць у яго смеласці вярнуцца сёння сюды, але падумаў, што яму няма дзе бавіць час у райцэнтры — знаёмых тут у яго не было, а шлындаць па раскіслых ад дажджоў вуліцах не хацелася, і ён нечакана для сябе піхнуў дзверы. Магчыма, яму трэба было пераканацца, што ў пакоі нікога няма, тады ён пашыбуе на аўтастанцыю, купіць білет на аўтобус да Масткоў, а дома вырашыць, ісці працаваць на лесаўчастак ці не.

Дзверы рыпнулі, адчыніліся лёгка, і ён зусім сумеўся, нібы расчараваўся ў яшчэ не вырашаным для сябе — пайсці назад або застацца, — ля акна за сталом, знізу якога быў прымацаваны вялізны аркуш ватмана, сядзела сакратарка і вязала.

— Даруйце, — сказаў ён, — мяне сёння выклікаў Ігнат Сяргеевіч.

Сакратарка пакінула свой занятак, уважліва паглядзела на яго, потым усміхнулася.

— Праходзьце, праходзьце.

— У мяне позва ад яго.

Васіль каўзануў руку ў кішэню плашча.

— Не хвалюйцеся, я ж сама яе друкавала. Федаровіч?

— Федаровіч... Васіль.

— Дык вось вы які. А я падшываю нашу газету, амаль у кожным нумары бачу ваша прозвішча, во, думаю, нехта сталы з Масткоў піша, а вы вось які...

— Але...

— Падабаюцца мне вашы заметкі. Нашы ж хлопцы як пішуць? Нехта прывёз на поле сем вазоў гною, раўняйцеся на яго... Ды і тарфакрошка на зубах. А ў вас і сонца, і трава, і вецер, і фіранкі трапечуцца на акне, нібы ўсё на свае вочы бачыш.

— Дык жа ўсё адно крэсляць,—сказаў ён.

— Правяць? — нібы не паверыла яна. — А «Крокі да мары» за вас ніхто не перапісваў?

— «Крокі да мары»? — паціснуў ён плячыма. — Ат, не памятаю, — не прызнаўся ён і апусціў галаву.

— А што крэсляць, асабліва калі рэдактар, дык нічога. Я вам скажу, з кім не было? Добра, калі ёсць што і выправіць, горш, калі няма. Гэта не сорам. У нас многа добрых хлопцаў працавала. А цяпер, глядзі ты, адзін — старшыня калгаса, другі ў Мінску, у акадэміі, а Венядзікт Палікарпавіч у райкоме. Вось...

Жанчына гаварыла ветліва, усміхалася, у такт гаворцы ківала галавой.

— Прабачце, — сказаў ён, — як мне зайсці да Ігната Сяргеевіча?

— Пачакайце. Ён паклікаў усіх на лятучку. Вы ведаеце, што гэта такое.

— Чуў.

— Але, лятучка — гэта чысцільня. А калі яшчэ нечарговая, калі з некага здымаюць стружку, аж пыл курыцца, як сёння з фотакарэспандэнта Гайдука, дык вельмі павучальная для іншых... Гляджу на вас — не думаю, што калі-небудзь і новы супрацоўнік трапіць у чысцільню.

— А калі б і трапіў, дык нічога, жывы б застаўся, — сказаў ён, — гэта ж не хімічная.

— Яшчэ горш... Ведаеце, па сакрэту, людзям выдаюць рэдакцыйныя пасведчанні, а яны імі размахваюць, дзе б вы думалі? У піўной, як...

Жанчына не дагаварыла. За дзвярамі, абабітымі чорнай цыратай, якія былі ў левай сцяне прыёмнай, раптам загрукалі крэслы. Сакратарка таропка пачала друкаваць на машынцы.

Дзверы адчыніліся. З пакоя рэдактара, нібы хто яго выштурхнуў, выскачыў фотакарэспандэнт Гайдук, чырвоны як мак, пасміхаючыся, выйшлі супрацоўнікі.

Гайдука Васіль добра ведаў. Віктар колькі разоў прыязджаў у Масткі, заходзіў у школу, размаўляў з ім. Гайдук фатаграфаваў для газеты лесарубаў, пра якіх пісаў Васіль.

Віктару было гадоў сорак. Хадзіў ён у саламяным рыжым капелюшы. Высокі, лысаваты, калі здымаў капялюш, неяк смешна, кругамі, загладжваў лысіну, тым самым больш яе адкрываючы. Здавалася, Віктар быў наіўным: убачыць дзяцей на вуліцы, пачне фатаграфаваць, доўга пстрыкае апаратам, аж пакуль тыя не разбягуцца. Гайдук ніколі не намякаў, як гэта рабілі — яны таксама наведваліся ў Масткі — Панкевіч і Кудлацін, што не шкодзіла б паабедаць, узяць чарачку.

Таму, пачуўшы ад сакратаркі пра Гайдука, які нібыта выкінуў коніка ў піўной, Васіль здзівіўся. Калі б так сказалі пра Панкевіча ці Кудлаціна, справа іншая.

— Чаму мне ніхто не верыць? — крычаў Гайдук, размахваючы рукамі, — я за людзей заступіўся. Ім не было чым разлічыцца. Ну, заплаціў я за іх грошы, што тут такое?

Панкевіч і Кудлацін пасмейваліся.

— Ат! — Гайдук у роспачы ляпнуў дзвярыма, аж зазвінелі шыбы. На грукат выйшаў рэдактар, сказаў яму ўслед:

— Вы гэта кіньце!..

Супрацоўнікі, вітаючыся з Васілём, адзін за адным пакінулі прыёмную.

Васіль стаяў ля дзвярэй, не ведаў, што рабіць. Рэдактар крутнуўся на месцы і толькі цяпер заўважыў Васіля.

— А, Федаровіч, — сказаў ён, — я вас чакаў.

— Добры дзень...

Васіль зніякавеў: чалавек яго чакаў, а ён толькі цяпер, перад абедам, з’явіўся.

— Ведаеце, раніцой аўтобуса не было, я чакаў спадарожную, пакуль трапілася.

— Але, — рэдактар паглядзеў на гадзіннік, — абедаць пара. Давядзецца пачакаць.

Васіль сеў у крэсла.

Рэдактар павярнуўся да дзвярэй і моўчкі прашоргаў вялізнымі, ці не сорак апошняга памеру, чаравікамі ў калідор.

— Ну вось, — спачуваючы Васілю, сказала сакратарка,— цяпер давядзецца чакаць.

— Нічога, — знарок заспакоена сказаў Васіль. — Пачакаю.

Васіль разглядаў пакой. Прасторны, чысты, блішчыць паркетная падлога, ладнае акно на галоўную вуліцу гарадка, у куце доўгі стол, на ім падшыўкі газет.

З калідора расчыніліся дзверы, у прыёмную нечакана ўвайшоў рэдактар.

— Заходзьце, — сказаў ён, — што з вамі зробіш?

Рэдактар прапусціў яго наперад, прапанаваў сесці.

Васіль прыткнуўся на край крэсла ля сцяны. Рэдактар паглядзеў на яго з прыхаванай усмешкай.

— Вось што, шаноўны, даю вам першы журналісцкі ўрок. Для журналіста ці сталічнай, ці раённай газеты не павінна быць дзвярэй, якія б ён не мог адчыніць. — Рэдактар узняў указальны палец правай рукі. — Вас не прымаюць, а вы павінны дабіцца, каб прынялі. Вас не пускаюць у дзверы, лезьце праз акно, праз комін, калі ён ёсць. Вас выкідваюць за каўнер, пакіньце каўнер у тых руках, а свайго дамагайцеся.

«Жартуе або кажа сур’ёзна?—думаў Васіль. — І што гэта за прынцыпы, няўжо ёсць людзі, якія пазбягаюць газетчыка?»

— А калі...

— А калі, — перахапіў яго думку рэдактар, — для газетчыка не існуе. Ён павінен заўсёды быць там, дзе трэба, хоць памры! Вы ж прыехалі за столькі кіламетраў не разглядаць мой пакой, а вам трэба быць у мяне. Дык вось, заходзьце, нават калі я і моцна заняты. Бо справа газетчыка не належыць асабіста вам, гэта справа газеты. А яе выхаду чакаюць людзі. Ім жа не скажаш, чаму ў газеце не напісана пра тое, што іх хвалюе, чаму яны не ведаюць пра тое, што павінны ведаць. Хіба вы будзеце тлумачыць людзям, што не ўзялі матэрыял, бо вас вытурылі, што з вамі не захацелі гаварыць? Калі б гэта была ваша асабістая справа — спіце ў шапку, а так...

— Але ж я прыйшоў па асабістай справе.

— Не зусім. Якая ж гэта асабістая справа, калі вас бяруць на работу ў газету? А можа, я павінен даць вам адразу заданне, можа, сёння ў мяне няма чалавека, каб паслаць, скажам, на маслазавод? Там малако сапсавалася. Ужо не першы дзень яго несвоечасова прывозяць у магазіны. Што скажуць людзі? Што ў нас няма малака? А яно ёсць! Згублена праца многіх людзей, якія досвіткам ішлі на фермы, якія спяшаліся прывезці малако ў горад. А хто вінаваты? Магчыма, адзін-два чалавекі на заводзе.

Рэдактар узняўся з крэсла, прайшоў узад-уперад па пакоі, нібы прыслухоўваўся да сваіх слоў, спыніўся ля акна. Твар яго быў сур’ёзны.

— І тады кожны чалавек на сваім месцы: ля станка ці на будоўлі, за рулём машыны ці ў зубапратэзным кабінеце — успомніць гэта і падумае: а калі я буду працаваць праз пень-калоду? І дос! Яму варта толькі так падумаць, і, паверце мне, малады чалавек, сумленне яму не дазволіць дрэнна працаваць! І тады вы зразумееце, што мелі права грукаць у дзверы, якія нехта зачыніў, ледзь не прышчаміўшы вам нос, грукаць да таго часу, пакуль той, хто сядзіць за тымі дзвярыма, не пачне глытаць анальгін, хапацца за галаву, пакуль не зразумее: калі будзе дрэнна выконваць свае абавязкі, яго пратураць адсюль, што галоўнае — дзяржаўнае, наша народнае, а потым ужо — сваё.

— Прабачце, Ігнат Сяргеевіч, — сказаў Васіль,— мне здаецца, што гэта павінен разумець кожны, ды і разумее.

Рэдактар прыжмурыў вочы, доўга глядзеў на Васіля, потым вярнуўся на месца, сеў у крэсла.

— На жаль, ёсць і такія, хто не хоча разумець гэта.

— Дык што, у газетчыкаў нібыта няма нічога асабістага?

— Ёсць, ёсць! Гэта шырокае паняцце, асабістае. Калі браць больш вузка, для нас, напрыклад, — радасць. Так, так, звычайная чалавечая радасць і разуменне таго, што ты карысны грамадству... Колісь я напісаў першую заметку. Калі даведаўся, што яе надрукуюць, то ноч прастаяў пад вокнамі друкарні. Я ўдыхаў церпкі пах фарбаў, які даносіўся з прачыненых фортак, а раніцой у кіёску скупіў усе газеты. А допіс той — сем радкоў.

Васіль не разумеў, што гэтым хоча сказаць Ігнат Сяргеевіч: ці ён ужо такі вялікі журналіст, ці як ніхто ўмее радавацца зробленаму? Дык у газеце, колькі сябе памятае Васіль, Ігнат Сяргеевіч не надрукаваў ні радка. Радасць ад свайго першага надрукаванага верша Васіль таксама памятае. Так, пакуль што найвялікшая радасць у жыцці, пакуль яшчэ невялікім... Шосты клас. У піянерскай газеце на першай старонцы восем радкоў пра вясну і подпіс: «Васіль Федаровіч, піянер Масткоўскай школы». Вучні ўсёй школы паглядалі на яго з зайздрасцю. А старшакласнікі на перапынках заглядвалі ў клас, каб паглядзець на паэта...

— Ці яшчэ, — перабіў яго думкі рэдактар, — калі я вучыўся ва універсітэце, там выкладаў чалавек, які не прамінаў пахваліцца, што надрукаваў чатырнаццаць карэспандэнцый. Якая дакладнасць! Далей гэтага ён не пайшоў, але я цяпер разумею, што з яго выкладчык дрэнны, ды, мабыць, горш было б, калі б ён быў дрэнным журналістам. Выкладчык — жыццё...

Рэдактар гаварыў доўга, гэта стамляла, у галаве ўсё блыталася, словы яго ўжо былі для Васіля, як гарох аб сцяну, таму, калі на стале зазваніў адзін з трох тэлефонаў і Васіль не ўцяміў, якім чынам Ігнат Сяргеевіч беспамылкова ўзяў патрэбную трубку, паднёс да вуха, ён уздыхнуў з палёгкай.

Рэдактару нешта казалі, ён смяяўся, з нечым згаджаўся, ківаў галавой, быццам яго бачылі на другім канцы дроту, і Васіль баяўся: раптам тэлефонная размова скончыцца, зноў пачнуцца павучанні, ад якіх кружыцца галава. І размова скончылася.

Ігнат Сяргеевіч асцярожна паклаў трубку — няйнакш як гаварыў з начальствам, падумаў Васіль, — сказаў:

— Другі ўрок. Я вам нагаварыў вядро дыму. А там жа на дне вугольчыкі. Вы, як газетчык, і выберыце з яго адзін-два, якія вам спатрэбяцца. А астатняе — міма... Пішыце заяву.

Ён падаў Васілю чысты аркуш паперы.

 

2

Выйшаўшы з кабінета рэдактара, Васіль развітаўся з сакратаркай, — яна павіншавала яго з тым, што залічылі ў штат газеты, — весела заскакаў па прыступках лесвіцы ўніз. Што ні кажы, а яго, Васіля Федаровіча, сына лесаруба, запрасілі на сталую работу, не абы-куды, а ў газету. «Во будзе дома гаворкі, — думаў ён, — ды і з бацькам я яшчэ паспрачаюся».

Бацька не ўхваляў захаплення сына — пісаць у газету. Мабыць, таму, што паштарка два разы ў месяц прыносіла ганарары, хай і невялікія, за надрукаваныя Васілёвы допісы. Калі Васіль аддаваў грошы маці, бацька казаў:

— А ты падумаў, сын, што людзі скажуць? Гэта ж каб ты іх, грошы, зарабіў сякерай, мазалём, а то сеў і за паўгадзіны напісаў... Сонца, лісточкі, назбіраў сяго-таго па слову. А я, можа, як працую, дык і не бачу гэтых лісточкаў, мне план трэба рабіць.

— Парфен, — заступалася за Васіля маці, — не дужа хто і напіша, як ён.

— Не дужа, — не згаджаўся бацька, — даўней дзяк пісаннем таксама карміўся. А людзі пра яго як казалі?

— Дык жа Васіль не дзяк. А пра дзяка казалі ўсялякае. Хто і зайздросціў. А хто і...

— А я — праклінаў. Некалі хлапчуком, ад малодшых, ад сям'і адарваўшы, насіў дзяку ў шапцы яйкі, каб ён майму бацьку на вайну ліст напісаў.

— Збіраеш мох з балота. Колькі вады ўцякло? Тады ж усе цёмныя як ноч былі. А цяпер — вучыся і не хачу.

— А ведаеш, тата, — смялеў Васіль, разумеючы, што маці на яго баку, — ты сякерай на жыццё зарабляеш, напрыклад, а журналісты і пісьменнікі пяром. І кожны на сваім месцы павінен рабіць, галоўнае, каб добра рабіў.

— Што ты мяне вучыш? То ж пісьменнікі і журналісты, — з павагай казаў бацька і выпрамляўся, уздымаў галаву, паглядаў на сына быццам звысака, — яны вучаць людзей, як жыць, працаваць. Хіба яны раўня табе, сталыя людзі? Што ты бачыў, акрамя школы?

— Чаму што? Вунь усё лета пасля дзевятага класа працаваў на дарозе, — заступалася за сына маці.

— Во, во, лета папрацаваў і ўжо ўсё ведае, — не згаджаўся бацька. — Што працаваў — добра, а то ў такія гады розум як бачыш выветрыцца ад гуляў. Ты ж паглядзі, Марыя, якія дзеці шкоду робяць па завуголлі? Тыя, што палец аб палец не ўдараць, летам выгульваюцца, шлындаюць абы-дзе. Ды хіба адзін Васіль рабіў? Хількава дзяўчына таксама, хлопец Вяргейчыка Ладзімера, Віталь... Рабіць — не красці, грэху няма... Ну пішы, калі ўжо так. Толькі каб гэта... каб не дужа павучаў, ды каб грошы не прысылалі.

Васілю і самому стала няёмка з-за тых грошай. Вунь бацька як працуе, а калі прыносіць у хату прэмію, дык столькі радасці ў яго, столькі гаворкі пра гэта. А прэмія тая — Васілёў ганарар за месяц.

Васіль ведае, што справа не ў грашах для бацькі, а тым, што ён робіць не горш за другіх.

— Тата, — пытаў Васіль, — табе прыемна, што далі прэмію?

— А як жа?

— Мне таксама, што прыслалі ганарар. Можа, гэта мая прэмія.

— Хай будзе так, — нарэшце згаджаўся бацька,— толькі зноў прашу, не дужа людзей вучы. Каб самому вучыць другіх, трэба многа ведаць...

Цяпер Васіль вырашыў зайсці ў кнігарню, купіць падручнікі па журналістыцы. Вядома ж, калі ў Мінску ва універсітэце ёсць факультэт журналістыкі, дзе вучаць пісаць, то павінны быць і дапаможнікі.

Кнігарня, новы вялікі аднапавярховы будынак, абліцаваны блакітнымі блішчастымі пліткамі, размяшчалася на суседняй вуліцы. Калі з рэдакцыі ісці туды вуліцай, то далекавата, мінут дваццаць хады. Калі ж праз рынак, то як бачыш будзеш там. Праўда, праз рынак няёмка — трэба пералазіць праз плот. Ды, урэшце, усе так робяць. Васіль неаднойчы на свае вочы гэта бачыў. Ён скіраваў праз рынак.

На рынку за доўгімі пачарнелымі драўлянымі сталамі сядзелі пажылыя жанчыны і бабулькі. Перад імі ляжалі грудкамі крамяныя сакаўныя яблыкі, але пакупнікоў было мала. Бабулькі цікавалі ці не за кожным, хто праходіў міма, запрашалі пакаштаваць, той-сёй браў малюсенькі, як зубок часнаку, скрылік яблыка і, пакаштаваўшы, купляў.

У канцы рынку прадавалі гусей, качак, курэй, індыкоў. Тут стаяў гармідар ад гэгату, кудахтання, людзей тут было больш.

Мужчына ў белай кашулі, пры гальштуку, у скураным капелюшы трымаў за бліскучы ланцуг вялізнага індыка. Васіля здзівіла — на такі ланцуг звычайна навязваюць сабак, а тут прывязаны за нагу індык. Мусіць, мужчына, купіўшы яго жывога, не ведаў, як данесці да кватэры. Індык распускаў хвост і нагадваў казачную птушку.

— А вы вазьміце жар-птушку пад паху. Калі будзеце моцна трымаць, ваша шчасце не ўцячэ, — весела параіў яму Васіль.

— Дзе ты яго ўтрымаеш, шчасце гэта? — сказаў сур’ёзна мужчына. — Індыка б забіць, ды ў мяне рука не ўзнімаецца.

Васіль ужо хацеў ісці далей, але мужчына затрымаў яго:

— Слухай, хлопец, а можа, ты гэта зробіш? Я заплачу.

— Ды вы што? — адступіў далей Васіль, — навошта мне вашы грошы?

Васіль заспяшаўся прэч, а перад вачамі яшчэ доўга бачыўся разгублены твар мужчыны і самотны індык, нагу якога моцна абвіваў ланцуг.

У кнігарні яму сказалі, што кніг па журналістыцы ў раён не завозяць, бо ніхто не цікавіцца, супакоілі, што ўвогуле іх хоць адбаўляй, калі верыць выдавецкім планам, якія ляжаць на століку.

Васіль не стаў гартаць планы, ён падышоў да раздзела беларускай літаратуры і сярод некалькіх дзесяткаў кніг знайшоў зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў па сучаснай прозе, купіў яго. Яму здавалася, што нічога, акрамя падручнікаў, не дапаможа ў будучай газетнай рабоце.

Але на аўтастанцыі, чакаючы ў Масткі аўтобус, Васіль уважліва прагледзеў некаторыя артыкулы і разгубіўся. У артыкулах было столькі цытат, як у непрасееным просе чорных зярнят.

 

3

У Масткі Васіль прыехаў пад вечар. Ён выйшаў з аўтобуса ля аўтастанцыі і сцепануўся. Было холадна. Па небе плылі цяжкія шэрыя хмары, здавалася, што яны перакочваюцца па цёмна-чырвоных вяршынях старых асін, якія гаем раслі адразу ля аўтастанцыі і дугой падступалі да пасёлка.

Было гразка, месцамі чарнелі калюжыны, учора цэлы дзень дажджыла, а сёння з раніцы сонца паказалася ўсяго на нейкую гадзіну, і, напэўна, пакуль ён ездзіў у раён, тут зноў церусіў дожджык.

Недалёка ад аўтастанцыі знаходзіўся машынны двор лесаўчастка. Там пад адкрытым небам стаялі МАЗы з доўгімі прычэпамі. Машыны гулі, вярталіся з рэйсаў, было чутна, як нехта стукае ў рэйку — Васіль ведаў, гэта азначае, што рабочы дзень скончыўся і праз некалькі мінут людзі пойдуць дадому.

На машынным двары, дакладней, у рамонтнай майстэрні, цяпер працавалі яго аднакласнікі Іван Шапаткевіч і Пятро Гардзейчык. Васілю не хацелася з імі сустракацца. Пачнуцца роспыты пра яго справы, а што яму казаць, калі ён нібыта ў чымсці вінаваты перад хлопцамі, ну хаця б у тым, што яны прыходзяць з работы запэцканыя, у майстэрні нават няма дзе памыцца, а ён будзе сядзець, як кажа маці, у чыстым, у добрым.

Таму Васіль адразу не накіраваўся дахаты — трэба было мінаць двор лесаўчастка, — а, перайшоўшы шашу, заспяшаўся ў асіннік, а там — на школьны стадыён.

Лісцё, якое паспела апасці з дрэў, пажухла-карычневае, ліпкае, спыніла яго ўвагу, і ён падумаў, калі б раптам выйшаў сюды памаляваць акварэллю, то не знайшоў бы адпаведных фарбаў для гэтай пары восені — быццам наўкола ёсць святло, а калі прыгледзецца, дык яно цяжкое і яго трэба перш-наперш адчуць не зрокава, а душой, а потым ужо думаць, якія фарбы браць.

Да стадыёна сёння ён ішоў як ніколі доўга, абмінуў кусты, на якіх холадна блішчэла раса — зачапі апраткай, вымакнеш. Калі ж выйшаў на стадыён, то здзівіўся халаднавата-зялёнаму бляску травы.

З аднаго боку стадыён апяразваў асіннік, з другога — пасляваеннай пасадкі сасоннік.

Сасоннік рос на Яўменавай гары — так у Мастках называлі грудок, ля якога некалі была ладная паляна. Калі ў Мастках адкрылі сярэднюю школу, вакол паляны выкарчавалі добры лапік хмызняку, зрабілі футбольнае поле, адсюль да школы рукой падаць.

Гару ён добра ведаў. Яшчэ хлапчуком, калі хадзіў у пачатковую школу, Васіль разам з сябрамі летам гуляў тут у вайну, з тымі ж Пятром і Іванам. Зімой коўзаўся з гары на саначках. Калі яму трэба было ісці ў пяты клас, падэшву гары прыраўняў бульдозер, і рабочыя лесаўчастка зрабілі тут стадыён.

У той год лесаўчасткаўскае кіраўніцтва аддало пад школу вялізны драўляны будынак інтэрната, які пуставаў, бо да таго часу ўсе рабочыя ўжо мелі свае дамы.

Будынак стаяў якраз ля сасонніку, таму, калі настаўнікі думалі-гадалі, дзе зрабіць стадыён, начальнік лесаўчастка выдзеліў бульдозер і загадаў трактарысту расчысціць паляну.

Паляна пасля таго шырэла кожны год — на ўроках фізкультуры вучні старэйшых класаў ссякалі кусты, зразалі рыдлёўкамі купіны, засыпалі пяском ямкі, пакуль аднойчы ў школу не прыбег ляснік і дужа сварыўся ў настаўніцкай, пагражаў усіх аддаць пад суд.

У той жа дзень, а было гэта перад выпускнымі экзаменамі, ля школы спынілася пажарная машына, з яе выйшаў начальнік лесаўчастка і доўга гаварыў з дзесяцікласнікамі.

Дзесяцікласнікі тады засталіся пасля ўрокаў. У клас прыйшоў дырэктар школы Карней Іванавіч. Уладзімір Мікалаевіч, начальнік лесаўчастка, пачаў здалёк. Ён расказаў гісторыю пасёлка, якую ўсе добра ведалі. У сорак пятым сюды, у лес, прыехала група былых франтавікоў, якія будавалі лесаўчастак. Усе яны былі бацькамі гэтых хлопцаў і дзяўчат, якія цяпер сядзелі перад дырэктарам і Уладзімірам Мікалаевічам. Цяпер аказалася, што праз колькі год іх бацькі пойдуць «на заслужаны адпачынак», а як жа справа?

Гэта ўзрушыла ўсіх, Васіля таксама. Ён ніколі не думаў, што справы бацькоў зачахнуць, калі тыя пойдуць на пенсію, таму, не чакаючы, пакуль Уладзімір Мікалаевіч скончыць, падаў голас з месца:

— Дык што нам рабіць? Хто ў гэтым вінаваты, мы?

Вакол зашумелі, загаварылі, не слухаючы адзін аднаго. Уладзімір Мікалаевіч уладна паляпаў пяцярнёй па стале, сказаў працяжна, калі пацішэла:

— Усяму вашаму класу застацца працаваць на лесаўчастку, бацькоў замяніць.

Гэта было нечакана — колькі разоў з класа ў клас, з году ў год той-сёй з настаўнікаў, калі хто дрэнна вучыўся, распякаў вучня, што з такімі ведамі яму жыцця сапраўднага не бачыць, прарочыў сякеру, працу лесаруба, у лепшым выпадку рычагі трактара або руль лесавоза. Гэта ўчэпіста заставалася ў іх свядомасці, занятак лесаруба станавіўся нібы абразлівым, а тут на табе!

— Навошта тады мы вучыліся дзесяць гадоў, — узняўся з месца Валера Іваноўскі, — каб ссякаць з хлыстоў голле, хадзіць у камбінезоне ці круціць гайкі?

Валера быў выдатнікам. Гаварыў заўсёды, што думаў, не баяўся спрачацца з настаўнікамі.

— Чаму ж так? — здзівіўся Уладзімір Мікалаевіч.— Усякая работа патрэбна. І ты дарэмна так кажаш. Твой бацька разам са мной прыйшоў сюды, у лес, жыў у зямлянцы, недаядаў і недасыпаў, але не патрабаваў за свае ваенныя заслугі высокую пасаду, лесаруб ён.

— Тады быў такі час, тады не да вучобы было. Чаму, скажыце, Уладзімір Мікалаевіч, я павінен ісці ў лесарубы, калі я хачу далей вучыцца?

— На каго?

— На ляснічага, напрыклад.

— Вось бачыш, на ляснічага. Калі ты пойдзеш на лесаўчастак, то праз два гады мы цябе накіруем на вучобу. Скажу табе, што і выдатнікі не ўсе пасля школы паступаюць.

— Дзякуй, праз два гады будзе позна, — працягваў Валера.

— Чаму?

— Настане час выканаць свой салдацкі абавязак. Гэта яшчэ два гады. А раптам я пасля службы ажанюся?

Апошняе ён сказаў жартуючы. Усе засмяяліся.

— Ціха, ціха! —стараўся суняць вучняў дырэктар. — Ну, хіба не дзеці? Хіба з вамі можна гаварыць сур’ёзна?

— Можна, — уставіў слова Пятро. Ён сядзеў на апошняй парце, на год быў старэйшы за таварышаў, два гады «вывучаў» праграму сёмага класа, з ім лічыліся.

— Дык вось, — зноў узняўся з месца Уладзімір Мікалаевіч,— калі ажэнішся, дык мы цябе не кінем, хату табе паставім, жонку ўладкуем на працу.

— Куды, у лесарубы? Яна ж сякеру не пацягне.

— Не, навошта ёй у лесарубы? Ты будзеш добра зарабляць, знойдзем ёй месца ў канторы, напрыклад.

— Дзіўна...

— Зразумейце, хлопцы і дзяўчаты, мы нецікава жывём. У газетах пішуць, што ў многіх вёсках выпускнікі застаюцца працаваць у родных калгасах, а вы на родным прадпрыемстве будзеце. Гэта ж здорава!

— Прабачце, а чаму абавязкова ўсім трэба заставацца? — не стрымаўся Васіль. — А можа, хто не хоча?

Уладзімір Мікалаевіч выцер узмакрэлы лоб, спытаў:

— Падыміце рукі, хто не хоча?

Вучні паглядзелі адзін на аднаго, быццам чакалі, хто гэта зробіць першы, але ніхто так і не ўзняў, хаця Васіль разумеў, што амаль ніхто не згадзіўся з начальнікам лесаўчастка.

— Ніхто, — з палёгкай уздыхнуў Уладзімір Мікалаевіч, — ну і добра. Клас — гэта калектыў.

— Дык, можа, закрыць школу? — здзекліва спытаў Васіль.

— Навошта? Мы не для гэтага яе адкрывалі, а адкрывалі за кошт леспрамгаса, думалі, вы аддзячыце, а вы вось якія...

— Якія? — Васіль усхапіўся з месца. — Няўдзячныя? Дарэмна вы нас гэтым папракаеце. Мы будзем вучыцца або працаваць, пачнём прыносіць карысць Радзіме не меншую, чым гэта рабілі б тут, а можа, нават і большую.

— Ты не маеш рацыі, Васіль, — перабіў яго Уладзімір Мікалаевіч, — я лічу, што найбольшую карысць вы прынясеце тут. Вы ведаеце лес, тут працуюць вашы бацькі. Яны пачыналі, як кажуць, з голага месца. Хутка яны пойдуць на пенсію. Няўжо вам усё роўна, што будзе з пасёлкам?

— Не, — сказаў Васіль, — але што нас тут чакае?

Уладзімір Мікалаевіч павесялеў, пачаў пералічваць на пальцах:

— Зарплата амаль утрая большая, чым вы будзеце атрымліваць пасля інстытута — раз, жыць дома, калі так сказаць, на ўсім гатовым — два, кватэра таму, хто ажэніцца — тры, уласная машына без усялякай чаргі — чатыры... Мала?

— Хопіць, Уладзімір Мікалаевіч, — Васіль усё больш пратэставаў, — нас у школе вучылі другому. Вы ж нас схіляеце да дабрабыту, абяцаеце залатыя горы. А мы не хочам чужых залатых гор, асабіста я хачу да ўсяго сам дайсці.

— А я, скажыце, кім тут буду? — спытаў Іваноўскі. — Лесарубам?

— Вядома, прастойвае новая тэхніка. А яна складаная, калі хочаш ведаць, тут адукацыі і дзесяці класаў не хопіць.

— Зразумейце, — Валера пастукаў сябе ў грудзі, — я даглядаць лес хачу, а не знішчаць яго.

— Чаму знішчаць?

— Таму што знішчаць. Яшчэ тры-чатыры гады назад вакол Масткоў якія лясы шумелі, а цяпер зеўраюць чорныя лысіны. І хоць бы дзе пасадку зрабілі, усё рэжам, рэжам. А я Леаніда Лявонава чытаў. Ён піша, што ў прыродзе павінна быць гармонія — лесу можна нарыхтоўваць не больш не менш, чым яго вырастае за год.

— Ну вось і табе справа знойдзецца, нас розуму навучыш, а то мы нічога не ведаем, — скептычна ўсміхнуўся Уладзімір Мікалаевіч.

Іваноўскі гэтага не прыкмеціў.

— Пераканалі, я згодзен, — сказаў ён. — Хто яшчэ?

Ён павярнуўся да аднакласнікаў.

— Чакай, — сказаў Васіль, — мне здаецца, што гэта неразумна — увесь клас агітаваць у лесарубы. А калі вось Віталь, напрыклад, — ён паглядзеў на сябра Віталя Судзілоўскага, з якім сядзеў за адной партай, — лётчыкам хоча быць, дык яму што, на гэта махнуць рукой? Ды я ўпэўнены, што ён там больш патрэбен будзе.

Віталь піхнуў Васіля ў бок, маўляў, хто цябе пытае.

— Васіль, — сказаў дырэктар, — ты быццам разумны хлопец, у газету пішаш. Зразумей простую ісціну, такіх, як Віталь, у вучылішча на адно месца дзесяткі, яшчэ невядома, ці паступіць менавіта ён. А тут ужо яго чакае справа.

— Не, — усхапіўся з месца Віталь, — я буду лятаць, нават калі адразу не паступлю. Паглядзіце колькі касманаўтаў, напрыклад, не адразу свайго дабіваліся. Я паважаю ўсіх, хто працуе, але я хачу быць лётчыкам. Ці вазьміце Васіля, — ён паглядзеў на сябра, — раней ён быў гонарам нашай школы. Вучыўся добра, у газету піша, а як малюе. А можа, з яго атрымаецца пісьменнік ці мастак, і мы будзем ганарыцца, што ён нарадзіўся сярод лясоў нашых...

— Ды кінь ты! — зазлаваў Васіль.

— Чаму кінь, чаму? У цябе здольнасці, і менавіта іх ты павінен развіваць.

— Ну вось,—сказаў незадаволены дырэктар, — тут жа размова не пра асабіста кожнага з вас, а пра далейшы лёс пасёлка. А пасёлак — гэта гісторыя.

— Вы хочаце сказаць, што мы эгаісты? — спытаўся Васіль.

— А лічы, што так, — дырэктар адвярнуўся ад яго да акна.

— Васіль, ну скажы ты! — Віталь, мабыць, вычарпаўшы ўсё, што думаў, сеў на месца, грукнуўшы партай.

— Ды што казаць, — сказаў Васіль, — я сёння ж напішу пра гэта ў газету.

Васіль і сапраўды пра ўсё напісаў. Але потым хадзіў, як подмазку з’еўшы. Яго матэрыял зусім не быў падобны на тое, пра што ён пісаў. І назва чужая: «Крокі да мары». І пісалася там пра тое, што больш паловы дзесятага класа Масткоўскай сярэдняй школы вырашыла застацца працаваць на родным прадпрыемстве. Тады чамусьці Васілю здалося, што ў газеце памыліліся, пад чужым матэрыялам паставілі яго прозвішча.

Але на наступны дзень ён сустрэў Уладзіміра Мікалаевіча ля клуба. Уладзімір Мікалаевіч паляпаў яго па плячы.

— А ты, Васіль, аказваецца, разумны хлопец, дзякуй. Ты так дапамог сваім матэрыялам! Цяпер увесь раён ведае пра нашых хлопцаў. І я табе кажу, ужо ніхто з іх не адступіцца ад свайго рашэння.

— Чаму?

— Сорамна будзе... А ты яшчэ не рашыўся?

— Рашыўся, — сказаў Васіль.

— Дык прыходзь хоць заўтра, пішы заяву.

— Дзякуй, я еду вучыцца.

— Куды?

— Куды-небудзь.

Васіль павярнуўся і пасунуўся ў роспачы прэч.

 

4

Рашэнне ісці вучыцца «куды-небудзь» з’явілася ў Васіля нечакана, калі размаўляў з Уладзімірам Мікалаевічам, пасля таго як у раённай газеце надрукавалі матэрыял «Крокі да мары» за яго подпісам.

За гады вучобы ў школе Васіль, нягледзечы на тое, што яго часта друкавалі ў газеце, так і не вызначыў для сябе, кім быць. Пісалася яму лёгка, бацька да гэтага занятку сур’ёзна не ставіўся. Паспрабаваць паступіць ва універсітэт на журфак? Але хлопцы з раёнкі казалі, што там прыхільна ставяцца да тых, хто мае стаж работы па спецыяльнасці. Паступаць жа на філфак не хацелася, хоць, сочачы за часопісамі, Васіль прыкмеціў, што ў асноўным літаратурная моладзь — філфакаўцы. А раптам ён не здольны пісаць па-сапраўднаму, пісьменнікам не стане, тады давядзецца ўсё жыццё карпець над сшыткамі. Заставацца працаваць на лесаўчастку было няёмка: сам спрачаўся з Уладзімірам Мікалаевічам, казаў, што не трэба, каб увесь клас заставаўся ў Мастках, а трэба, каб выпускнікі шукалі справу па душы. Не. Што б там ні было, а ён паедзе з Масткоў. Ды і хлопцы, якія пайшлі на лесаўчастак, пасля заметкі «Крокі да мары» цяпер не зважалі на Васіля. Таму ён, не раздумваючы, назаўтра адправіў дакументы ў абласны педінстытут. Чамусьці яму вельмі хацелася, каб дакументы спазніліся, каб іх вярнулі. Але з інстытута прыйшла позва.

І ён паехаў у горад. У спісе абітурыентаў, якія паступалі на гістарычны факультэт, ён знайшоў і сваё прозвішча. «Трэба здаваць, — вырашыў ён, — а там будзе бачна».

Ён адмовіўся ад месца ў інтэрнаце, — у Магілёве, на ўскраіне, жыла цётка, родная сястра яго бацькі, і Васіль пасяліўся ў яе. Да цёткі прыехаў у адпачынак яе адзіны сын Хведар, які толькі што скончыў марское вучылішча і хадзіў у новенькай форме афіцэра.

— Ну і прафесію ты сабе выбраў, — смяяўся Хведар,— гісторык... Хлопцы цяпер імкнуцца ці ў неба, ці на ваду, а ты будзеш варушыць пыл егіпецкіх пірамід.

— Ды не хацеў я, разумееш, не хацеў, — казаў роспачна Васіль, — атрымалася так.

Ён расказаў Хведару пра ўсё.

— Дзівак, тады плюнь на ўсё і не ідзі здаваць экзамены.

— А што скажуць у Мастках? Вучыўся-вучыўся, паехаў на экзамены і не здаў.

— Думаеш, што лепш будзе, калі ты паступіш у педінстытут, супакоіш бацькоў, сябры пазайздросцяць, а потым усё жыццё будзеш кусаць локці. Няма нічога горш, чым займацца нелюбімай справай. Ты ж пішаш?

— Але.

— Дык і пішы.

— Пра што пісаць, калі я ўжо не ў Мастках? Тут жа для мяне ўсё чужое.

— Вось і едзь дадому. Ты ж сам пісаў мне яшчэ зімой, што ў газету хочуць цябе забраць.

Хведар, гаворачы так, усміхаўся:

— На флот бы цябе, там бы зразумеў, што такое жыццё. Зялёны ты нейкі, і целам і душой.

Васіль не крыўдаваў. Ён і сам разумеў гэта.

— Хутчэй бы хоць і на флот.

— Але ж да службы два гады, — сказаў Хведар.— Трэба мець нейкі занятак.

— Ды кінь ты, Хведар... А можа, усё-такі мне паспрабаваць, разумееш, для сябе, здаць экзамены?

Хведар згадзіўся, і Васіль пайшоў на экзамены. Тры экзамены ён здаў паспяхова, а перад чацвёртым забраў дакументы. Чацвёртым было сачыненне.

— Ёлуп! — крычаў на яго Хведар. — Быць на парозе інстытута і такое калена выкінуць!

Васіль быў упэўнены, што сачыненне ён напісаў бы калі не на «выдатна», то на «добра», але каб Хведар больш не сварыўся, сказаў:

— У тым і загваздка, што не напісаў бы. Памылкі раблю. Ведаеш, як у газеце правяць?

— Невук, — сказаў Хведар, — але нешта ў пісьмах тваіх памылак няма.

— Гэта ж мне хлопцы іх правяралі, — паспрабаваў схлусіць Васіль, але Хведар гэта зразумеў, глянуў на яго, позіркі іх сустрэліся. Яны зарагаталі.

— Ат, — сказаў Хведар, — яно так, можа, і лепш...

І вось цяпер ён быў на школьным стадыёне. Хлопцы, мабыць, пайшлі ўжо з гаража. У іх ёсць занятак, працуюць на лесаўчастку некалькі месяцаў. А ён увесь гэты час бадзяўся, як непрыкаяны, то ў Магілёве з Хведарам, то сядзеў на гарышчы дома, чытаў кнігі, пакуль учора не прыйшоў ліст з рэдакцыі.

 

5

Васіль першы дзень прыехаў на работу на гадзіну раней. Ён ведаў, што будзе працаваць у аддзеле пісьмаў, і гэта яго не палохала. Але ён хваляваўся, адчуваючы адказнасць. Адна справа пісаць матэрыялы ў газету, другая— працаваць там.

У холе ён убачыў Гайдука. Той сядзеў за столікам, курыў, разглядаючы кіпу фотаздымкаў.

— Прывітанне! — узняўся насустрач Васілю Гайдук. — На работу неабавязкова хадзіць так рана.

— Другім аўтобусам я спазнюся, — адказаў Васіль, паціскаючы яму руку, — а вы таксама рана, як бачу. Не спіцца?

— Чаму ж? Паспаць я люблю. Толькі гэта невясёлая гісторыя. Я жыву на кватэры, і мая гаспадыня ў пяць гадзін раніцы пачынае гатаваць свайму Лёвачку сняданак. Яна так дубасіць малатком, адбіваючы катлету, што мёртвага разбудзіць. Які ж сон пад грукат? Я прыходжу заўсёды рана. Ды пакуль нікога няма, можна ў лабараторыі здымкі зрабіць, бо, як усе збяруцца, адрываюць ад справы.

— Чаму?

— А хіба ты ўчора не зразумеў? У нас на дні па тры лятучкі, я іх называю «ранішнікамі».

— Відаць, клопаты.

— Каб жа, а то на «ранішніках» вучаць, як сябе паводзіць. Учора мяне вучылі.

— Няўжо без прычыны? — шчыра здзівіўся Васіль. — Усё-ткі пасведчанне — дакумент.

— Ды не вінаваты я, разумееш?.. Гэта ўсё хлопцы падрабілі, Кудлацін з Назарэвічам. Я ж не адмаўляўся, што заходзіў у піўную.

— А хіба гэта забаронена?

— Рэдактара не пераспрэчыш. ён лічыць, што газетчыка ўсе ведаюць, калі табе захочацца выпіць куфаль піва, дык хавайся дома пад коўдрай.

— Глупства. Чаму так?

— Я ж кажу, каб ніхто не бачыў. А ў мяне няма сваёй кватэры і нават коўдры... Ну, зайшлі мы з Кудлаціным смагу прагнаць, не піва выпіць, мінералкі. А ў піўной гвалт. Што здарылася? — пытаю. Аказваецца, нейкі дзядзька з вёскі сустрэўся з сябрам, таксама вяскоўцам. Некалі разам партызанілі. Слова за словам, узялі яны пляшку каньяку. А як разлічыцца, дык вачамі лыпаюць. Адзін кажа, думаў, што частуе другі, а другі, што першы. Ні ў таго, ні ў другога ў кішэні ні рубля. А тут прадаўшчыца лямантуе, міліцыю выклікаць збіраецца. Я па кішэнях ляп — і ў мяне капейкі. Кажу Кудлаціну, пазыч. А ён: «Грошай няма». Ведаю ж, ёсць, раніцою ганарар са сталіцы атрымаў. Ён мне параіў пакінуць сваё пасведчанне, а потым прынесці грошы. Пакінуў, ледзь паспеў прыйсці ў рэдакцыю, як Ігнат Сяргеевіч выклікае. Астатняе ты ведаеш.

— Трэба было растлумачыць, як усё атрымалася,— параіў Гайдуку Васіль.

— Спрабаваў, ніхто слухаць не хоча.

— А Кудлацін што?

— Смяецца. Я табе чэсна кажу, яго работа. Ну, можа, не зусім яго, а Назарэвіча. Яны — сябры. Адзін з іх данёс рэдактару. Ведаеш, сапсаваны тэлефон гэта называецца.

— Не разумею, няўжо іншага занятку ім няма? — здзівіўся Васіль. Яму хацелася верыць Віктару.

— Выходзіць, што няма. Дарэчы, ты будзеш працаваць у Кудлаціна, — нібы між іншым сказаў Гайдук,— трымай вуха востра. Ведаеш, я неяк затрымаўся ў камандзіроўцы, дык яны недзе знайшлі мой партрэт і павесілі яго ў чорнай рамцы ў калідоры.

— Ну гэта зусім... Ва ўсякім выпадку, я пастараюся трымацца ад такога далей... А можа, гэта жарты?

— А што яшчэ.

Гайдук дастаў з кішэні пачак цыгарэт, спрытна пстрыкнуў пальцам.

— Куры.

Васіль не курыў. Закурваў два-тры разы, калі здаваў экзамены ў педінстытут.

Цяпер ён украдне паглядаў на Гайдука. Той не жартаваў. Відаць Віктар перажываў — яму ж не паверылі. Хацелася хоць як дапамагчы Віктару, узяць сабе хоць кроплю яго пакуты.

Закурылі: Віктар — глыбока зацягваючыся і пускаючы ў паветра кольцы дыму, Васіль — асцярожна, быццам хаваўся ад каго.

Гайдук згроб фотакарткі, паклаў іх у мяшэчак з чорнай паперы.

— Ведаеш, ты, напэўна, сёння занятку мець не будзеш. Пасноўдаешся з пакоя ў пакой, пазнаёмішся з работай, пакуль прыгледзішся — дзень праміне. Паедзеш са мной на раён?

— Калі Ігнат Сяргеевіч пусціць.

— Пусціць. Я папрашу. Ды і пачынаць аднаму, па сабе ведаю, няёмка. Мы зробім рэпартаж — гадзіна ў дарозе. Ёсць такая ў мяне думка. Людзі скардзяцца, што аўтобусы дрэнна ходзяць, а той-сёй з вадзіцеляў білеты не адрывае. Гэта ж па вашым аддзеле. Я б адзін узяўся за гэту справу, ды не напішу, як ты. Мая справа — фота.

— Я што, — паціснуў плячамі Васіль, — хоць цяпер.

 

6

Васіль быў задаволены, што ў сваю першую паездку па раёне накіраваўся разам з Гайдуком. Гайдук паводзіў сябе ў дарозе звыкла і проста. У яго было шмат знаёмых у гарадку. Пакуль яны ішлі ад рэдакцыі да аўтастанцыі, Гайдук з кім-небудзь вітаўся, распытваў пра жыццё-быццё. Амаль з усімі ён быў на «вы», і тым не менш Васіль зразумеў, што Віктара тут добра ведаюць. Хто запрашаў яго сфатаграфаваць сям’ю, хто ў госці, а нейкая пажылая жанчына, паглядзеўшы на Васіля, папрасіла прабачэння, адвяла Гайдука ўбок і хацела неўзаметку торкнуць Віктару грошы.

— Не трэба — што вы! — саромеючыся, аднекваўся Гайдук.

— Як жа, за работу, — разгубілася жанчына, — цяпер за так ніхто на руку не ўсплюне. Вы ж траціліся.

— Не, не, — пачырванеў Гайдук.

Калі жанчына пайшла, Віктар сказаў:

— Мне здаецца, што Кудлацін і Назарэвіч мяне недалюбліваюць. Яны лічаць, што я бяру грошы з людзей, якіх фатаграфую.

— Дык вы б сказалі ім, што гэта не так.

— Яны гэта з зайздрасці. Ты яшчэ ўбачыш, як у канцы месяца яны пералічваюць радкі пад будучы ганарар.

Гайдук, смуглы, загарэлы, у капелюшы і белых штанах, збоку выглядаў дзіваком. Ішоў ён шпарка, размахваючы рукамі, на плячы ў яго матляліся тры фотаапараты — навошта столькі? Ён раптам пачынаў гаварыць, часам па два разы паўтараў адно і тое, быццам Васіль не разумеў, тады яшчэ больш размахваў рукамі, то надоўга замаўкаў, твар яго рабіўся сур’ёзны. Васіль час ад часу заглядваў яму ў вочы, стараючыся зразумець, шчыра кажа Віктар ці не, і не мог яго зразумець. Вочы ў Гайдука былі гуллівыя, нават тады, калі ён расказваў пра свае непрыемнасці, якраз як у чалавека, якога ўвесь час крыўдзяць, але ён не паказвае, што яму балюча. Калі ж ён маўчаў, то здавалася, што нічога ўперадзе не бачыць. Ён мяняўся, як надвор’е на пачатку восені.

Урэшце, калі яны прыйшлі на аўтастанцыю, Віктар зняў фотаапарат і сфатаграфаваў будынак, жоўтыя бярозавыя прысады, Васіля, дзяўчат, што стаялі тут, не пытаў дазволу.

Дзяўчаты заўважылі, заўсміхаліся, і Васіль не зразумеў, нашто Віктар гэта робіць. Ён падумаў, што так Гайдук, мабыць, знаёміцца з людзьмі. Сам жа Васіль на першым часе саромеўся людзей, цяжка пакутаваў ад гэтага.

І сапраўды, праз пяць мінут Віктар стаяў ля дзяўчат і пытаў, куды яны едуць.

— У Зарэчча. І вы з намі? — весела засмяяліся дзяўчаты. Гайдук не сумеўся:

— У Зарэчча дык у Зарэчча, толькі вы аўтобусам, а мы — спадарожнай.

— А што вы там робіце? — спыталі дзяўчаты. — Мы вас там не бачылі. Мо хлусіце?

— Паглядзім, хто хлусіць. Вы ці мы, — смяяўся Віктар.— А што будзем рабіць — сакрэт.

— А можа, да дзяўчат едзеце? — не сунімаліся спадарожніцы.— Дык іх там няма.

— Шмат будзеце ведаць — замуж ніхто не возьме.

Дзяўчаты былі Васілёвага ўзросту, напэўна, пра замужжа яшчэ не думалі. Толькі адна, невысокага росту, тоненькая, з белымі доўгімі валасамі, якія варушыў вецер, смяялася.

— Што нам у Зарэччы рабіць? — насцярожыўся Васіль.— Кудлацін раіў ехаць у Чырвоны Бераг, ды і рэдактар казаў пра гэта.

— Дзівак, там ужо нас чакаюць. Павер мне, як толькі мы выйшлі з кабінета, Кудлацін пазваніў на вакзал, папярэдзіў. У яго там сусед працуе. А ў Зарэччы пра наш прыезд не ведаюць. Ды праз Зарэчча праходзяць некалькі аўтобусаў у другія вёскі.

Яны выйшлі на шашу. Па шашы безупынку праносіліся машыны з цэглай, з мяшкамі, паражняком.

Чакалі нядоўга. Першая ж машына, як толькі Гайдук «прагаласаваў», зарыпела тармазамі, спынілася.

— Вось што значыць фотаапараты, — усміхнуўся Гайдук.

Яны выйшлі з машыны на разгалінаванні дарогі, не даязджаючы да Зарэчча. Адсюль добра бачны вясковыя хаты, жоўтыя кроны дрэў, воданапорная вежа, было чутно, як недзе вуркоча трактар і ахрыпла крычаць пеўні.

— Гэта Зарэчча, — сказаў Гайдук, — а там — Рудня.

Васіль паглядзеў у той бок, куды паказваў Гайдук, але вёскі не ўбачыў, яна хавалася за пагоркам.

— А гэта знак супынку, — сказаў Васіль, разумеючы, да чаго хіліць гаворку Гайдук, і паказаў на белы слупок на ўзбочыне.

— А гэта — аўтобус, — сказаў Віктар, — хаваючыся ў кусты. — Паспрабуй супыніць. Табе, напрыклад, трэба ў Нямкі, а трапіць з Рудні туды ты можаш толькі гэтым аўтобусам і з гэтага прыпынку, зразумеў?

Васіль узняў руку. Аўтобус, пакідаючы за сабой лёгкі пылок, праехаў міма.

— Вось так, — выскачыў з алешніку Гайдук, размахваючы фотаапаратам, — чалавек не трапіў на працу ў Рудню, а можа, і ў медпункт. Яго проста не ўзялі. А тут жа прыпынак.

— Тады чаму не ўзялі?—здзівіўся Васіль.

— Таму што быў адзін. А хто супыніцца, калі ты заплаціш пяць капеек, нават калі вадзіцель забудзецца адарваць білет?

— Думаю, што многія. Ва ўсякім разе, павінны.

— Многія, але не Крывец. Ён не спыняецца.

— Гэта хто?

— Шафёр, які гэтым маршрутам ездзіць і часта, як нам скардзяцца людзі, блытае дзяржаўную кішэню і сваю... Ты нумар помніш?

— Не паспеў, ды неяк і не падумаў. Я ж не з міліцыі.

— Трэба памятаць. 22—19, рэйс на 15.30, а ўвогуле — усё тут.

Гайдук паляпаў рукой па фотаапараце.

— А можа, не трэба? — засумняваўся Васіль. — Ну не заўважыў, праехаў міма.

— Ні ў якім разе! — не згадзіўся Гайдук.— Колькі твой бацька зарабляе?

— Многа. А што?

— У яго ёсць машына?

— У бацькі? Адкуль?

— А вось у Крыўца ёсць. Ды і не ў машыне справа. Хай купляе. Але чэсна, за свае грошы, а не за тыя, што павінны ісці ў дзяржаўную кішэню.

— Тады, мне здаецца, мы павінны былі пачаць не з яго, Крыўца, а з аўтабазы, з кантролю.

— Так цяжэй. Кантралёры працуюць. Іх не ўпікнеш у нядобрасумленнасці. Але звычайна яны на маршрутах, дзе вялікія аўтобусы, дзе людна. Сюды ж ім нават заехаць цяжка, ды і шафёру лягчэй выкруціцца, білеты ж у яго.

— Дык што вы прапаноўваеце, Віктар?

— Ісці ў Зарэчча, паспрабаваць сесці, вядома, табе аднаму ў гэты аўтобус да райцэнтра і паглядзець, з якога супынку табе дадуць білет. А потым напісаць матэрыял. Разумееш, колькі ў аўтобусе пасажыраў за дзень бывае. А памнож на тыдзень, месяц, год. І стане зразумела, адкуль машына, дача, а галоўнае, адкуль хціўства і чэрствасць у асобных людзей.

— Але гэта прыватны факт...

— А ты што, хочаш, каб ён, як пухліна, разрастаўся, каб заражаў другіх?

— Не, я, безумоўна, супраць гэтага. А раптам нашы доказы можна будзе лёгка абвергнуць?

— Вядома, калі мы адступімся. Але ж мы ўдвух і клапоцімся не пра сваё ўласнае. Мы выкрываем факт, дакладней, мы называем яго. Павер, усё гэта зацікавіць адпаведныя арганізацыі, грамадскасць. Табе толькі здаецца, што ўсё дробязь. Калі вось на такія дробязі не зважаць, яны могуць стаць з’явай. Вось тады змагацца будзе цяжэй.

Васіля здзіўляла Гайдукова непрымірымасць, яго ўзрушанасць, ён разумеў, што Віктар разважае лагічна. Урэшце, яны абодва сёння выехалі з рэдакцыі, не працуюць. Калі іх паездка атрымаецца марнай, то яны самі будуць падобны на людзей, пра якіх казаў Гайдук. Ды колькі разоў Васіль на свае вушы чуў, як юнак або дзяўчына, уладкаваўшыся ў горадзе, хвалілася, што зарабляюць добра, а работа тая не бі ляжачага. І многія ім зайздросцяць.

Васіль сказаў гэта Гайдуку.

— Я таксама не разумею, чаму так іншы раз бывае ў жыцці, — прызнаўся Гайдук. — Атрымліваецца, што такія юнакі і дзяўчаты абыякавыя да ўсяго, што дорага бацькам. Можа, бацькі ў гэтым вінаваты?

— Сумняваюся. Калі меркаваць па масткоўцах, якіх я ведаю, дык не, — сказаў Васіль. — Мой бацька лесарубам працуе. Ён кажа, што ў брыгадзе не палайдачыш. Цябе проста вытураць, з табой ніхто не будзе лічыцца. Там чалавек павінен паказаць другім, чаго ён варты. Тады цябе будуць паважаць. Тады і зарабляць будзеш добра.

— Яно так. Але ж не за заробкам твой бацька ды і астатнія твае землякі пасля вайны ехалі ў глыбіню лясоў. Яны ж тады маладыя былі, у зямлянках жылі. Цяпер, вядома, жывём мы ўсе як людзі. А чаму ж тады сярод нас сустракаюцца такія, як Крывец? Чаму тады дзеці тых жа лесарубаў хваляцца, што маюць лёгкі заробак?

— Скуль мне ведаць? Я не магу зразумець Уладзіміра Мікалаевіча нават. Ён жа столькі сіл аддаў, каб Масткі пабудаваць, каб людзі добра жылі, каб школа ў нас свая была. А на лесаўчастак нас запрашаў, нібы купляў, абяцанкамі. І многія мае таварышы пайшлі, бо выгаду для сябе ўбачылі.

— Але ж ёсць і такія, што не згадзіліся? — спытаў Гайдук.

— Ёсць. Вунь Віталь Судзілоўскі так і сказаў: «Я сваю мару за грошы не прадам». І я яму веру. Гэты, як кажуць, будзе самалётам хвасты заносіць усё жыццё, каб толькі бачыць, як яны ўзлятаюць... Ды і вы, Віктар, сёння нібы з дробязі пачалі дзень, а аказваецца, не дробязь гэта.

— Пра мяне не трэба, — паморшчыўся Гайдук,— пойдзем у Зарэчча?

— Пара, — адказаў Васіль.

 

7

Гайдук меў рацыю, калі казаў, каб Васіль з Зарэчча ў гарадок ехаў адзін.

У вёску яны прыйшлі апоўдні. Аўтобус, калі верыць раскладу, прымацаванаму на пахіленым слупку сярод вёскі, павінен вяртацца з Нямкоў праз гадзіну.

Зарэчча, невялікая вёска, патанала ў садах, ужо аголеных, але яшчэ з неабабранымі познімі яблыкамі, якія аж свяціліся на сонцы.

Яны ішлі каляіністай вуліцаю, абыходзілі паўз пахілыя платы лужыны і гразь. Васіля насцярожвала: праз дзве-тры хаты агароды зараслі палыном. Хаты ж, да якіх прылягалі такія агароды, стаялі з крыж-накрыж забітымі вокнамі.

Гайдук, вядома ж, Зарэчча наведаў не раз, і калі Васіль сказаў, што не шкодзіла б падсілкавацца, Віктар павёў яго да магазіна.

Калі яны ўвайшлі ў магазін, спачатку ад нечаканасці разгубіліся. За прылаўкамі ў белых халатах стаялі дзяўчаты, з якімі Васіль і Гайдук сустрэліся на аўтастанцыі.

— Вось дык сустрэча! — развёў рукамі Віктар. — Вы тут працуеце, аказваецца.

— Але, — заўсміхаліся дзяўчаты, — калі гэта можна назваць сапраўднай працай. Паглядзіце, акрамя вас, пакупнікоў няма. Цяпер зрэдку хто заходзіць, клопатаў на палетках хапае.

— Дык жа, напэўна, нязручна кожны дзень з гарадка ездзіць сюды, — сказаў Васіль.

— Што зробіш, трэба ж недзе працаваць, — усміхнулася дзяўчына, на якую ён на аўтастанцыі звярнуў увагу, паправіла рукамі белыя валасы. — Вучыліся на прадаўцоў, а ў горадзе не ўладкавацца з-за вясковых. Яны ў горад — мы ў вёску.

— А хіба тут нельга наняць кватэру? — працягваў Васіль. — Вунь колькі хат пустуе.

— Чаму ж, можна,—дзяўчына ўздыхнула, паглядаючы ў акно на вёску, — ды толькі тут закукуеш. Няма моладзі, таму і пустуюць хаты.

— Але ж нехта ездзіць на аўтобусах з вёскі ў горад і наадварот, — сказаў Гайдук.

— Мы ж і кажам, у асноўным у горад на работу ездзяць ды пенсіянеры на рынак, — растлумачыла тая ж дзяўчына. — З-за іх раніцою ў аўтобус не ўшыцца. Ды яшчэ сварацца пенсіянеры, калі што скажаш. Мала таго, што зранку едуць, дык і ў абед, пад вечар.

Гайдук і Васіль купілі ў магазіне кансерваў і хлеба, выйшлі з магазіна.

Потым яны спусціліся ў яр, аблюбавалі месца пад бярозкамі, падсілкаваліся.

Прыемна было пад бярозкамі, з якіх злятала жоўтае лісце. Падхопленае лёгкім павевам ветру, яно доўга кружыла ў паветры, потым мякка асядала на рыжы каляны сівец і доўга трапятала на ім. Здавалася, тысячы мятлушак збіраюцца ўзляцець, але не асмельваюцца.

Пахла грыбамі, напэўна, у яры раслі абабкі, чутно было, як у вёсцы ў брэху заходзіцца сабака, парыпваюць ля магазіна калёсы і гучна гамоняць недзе ў гушчары мужчыны.

Па небе плылі аблачынкі, далёка адна ад адной, быццам нехта высока рассыпаў пух і ён цяпер ападаў за далягляд. Сонца, жоўтае, велікаватае, ужо не так сляпіла вочы, як летам, калі раптам захочацца на яго зірнуць. Васіль падумаў, гэта таму, што яго святло і цяпло перадалося лісцю дрэў, траве, садам, зямлі.

У яго было такое пачуццё, нібы кроплі гэтага цяпла і святла ўліліся і ў яго, і ўсё, што ён цяпер робіць, не можа быць асуджана другімі, і ён ведае, як жыць далей, як паводзіць сябе між людзей.

— Добра тут, Віктар, — сказаў ён.

Гайдук думаў пра нешта сваё. Ён доўга маўчаў, потым пільна паглядзеў на Васіля, прамовіў:

— Думаю, што нам з табой паспрабуюць сапсаваць настрой. Але не трэба баяцца... Час ісці. Ты — на аўтобус, я — на спадарожную.

Што гэтым хацеў сказаць Гайдук, Васіль не зразумеў.

— Спадарожныя ж рэдка ходзяць, — сказаў ён.

— Не прывыкаць, дачакаюся.

Яны ўзняліся з месца, атрэсваючы з апраткі лісце, пачалі ўзбірацца наверх па схіле яра.

Аўтобус прыйшоў па раскладу. Ля прыпынку тоўпіліся бабулькі і дзядкі. Кожны трымаў у руках кошык, абвязаны ці марляй, ці хусткай. Па грудках можна было здагадацца, што ў кашах яблыкі.

Зарэчанцы, калі спыніўся аўтобус і адчыніліся дзверы, заспяшаліся ў салон, піхаючы адзін аднаго.

Васіль зайшоў апошні.

Праход быў застаўлены кашамі і клункамі, і Васіль застаўся стаяць ля дзвярэй, трымаючыся за парэнчу.

Перад шафёрам ляжала шапка, і пасажыры кідалі туды капейкі, якія пазвоньвалі.

Шафёр кожнаму адрываў білет, але не за трыццаць капеек, колькі каштаваў праезд ад Зарэчча да райцэнтра, а за дзесяць.

Васіль падаў грошы шафёру. Той бліснуў вачамі на яго, памарудзіў, адарваў білет, як і належыць.

Васілю хацелася сказаць Крыўцу, каб ён усім даў такія ж білеты, але падумаў, што тады яны з Віктарам нічога не напішуць. У іх не будзе фактаў, таму ён адвярнуўся, стаў глядзець у акно.

Ён так і даехаў да райцэнтра, не пазіраючы на Крыўца, нават не разгледзеўшы яго твару.

У той жа вечар у рэдакцыі яны ўдвух з Гайдуком напісалі заметку, у якой расказвалі пра парушэнні шафёраў на маршруце, сведкамі якіх былі.

 

8

Матэрыял быў надрукаваны ў наступным нумары. Ён называўся «Гадзіна ў дарозе». Гэты загаловак «падарыў» ім адказны сакратар Паўлючэнка.

Раніцаю Кудлацін прынёс з друкарні стос газет з тым матэрыялам, хадзіў па пакоі, трымаючы перад сабой раёнку, безупынку паўтараў:

— Цяпер растлумач людзям, гадзіна ў дарозе ці гадзіна.

Васіль сядзеў за сталом, яму ад слоў загадчыка было няёмка.

Кудлацін сеў за свой стол, адкінуўся на спінку крэсла. Цяжка было зразумець, што ён думае: яго маленькія чорныя вочы глядзелі з-пад густых чорных броў, пальцы выстуквалі па карычневым паліраваным стале нейкі марш.

Кудлацін быў ненамнога старэйшы за Васіля. Яго запрасілі ў газету пасля заканчэння сельскагаспадарчага тэхнікума, але чамусьці паставілі загадчыкам аддзела пісьмаў, хаця загадчык сельгасаддзела па адукацыі быў гісторык і, як зразумеў з першага дня Васіль, не вельмі разбіраўся ў газетнай справе.

— Урэшце, — запярэчыў Васіль, — хто з чытачоў дадумаецца ставіць націск на слове так, каб змяніўся сэнс?

— Дадумаецца, чакай, — усміхнуўся Кудлацін, — не кожнаму ж растлумачыш...

На стале загадчыка зазваніў тэлефон.

— Алё? — Кудлацін узяў трубку. — Не, не... Так, я загадчык аддзела. А нічога пра гэта не ведаю. І не маю да матэрыялу ніякага дачынення.

«Ну вось, пачалося, — падумаў Васіль, — напэўна сам Крывец звоніць, інакш чаму аднекваецца Кудлацін?»

Васіль адчуў, што ў яго дрыжыць рука, нібы ён у нечым вінаваты, перамог сябе, не чакаючы, пакуль загадчык перадасць трубку, выхапіў яе з яго рук:

— Алё, слухаю, так, Федаровіч.

Мужчынскі грубы голас казаў:

— Добры дзень вам. Гэта турбуюць з народнага кантролю. Мы толькі што прачыталі матэрыял «Гадзіна ў дарозе», таму вырашылі вам пазваніць...

Чалавек, з якім Васіль гаварыў па тэлефоне, правільна паставіў націск на слове, з-за якога дапякаў Кудлацін.

— Нам паведамлялі ўжо, што асобныя вадзіцелі аўтобусаў махлююць з білетамі, — сказаў мужчына. — Таму нам хацелася б, каб вы разам з намі правялі рэйд па аўтобусных маршрутах, паглядзелі, што там і як... Прабачце, маё прозвішча Хроль. Я вам яшчэ пазваню, згода?

— Згодзен, — сказаў Васіль.

— Да сустрэчы.

— Да сустрэчы.

Васіль з палёгкай уздыхнуў, паклаў трубку, заўсміхаўся.

— Ну што? — спытаў асцярожна Кудлацін.

— Нічога, усё добра.

— Гэта ён званіў?

Васілю захацелася пажартаваць.

— Ён.

— А на што ты згадзіўся? Даць абвяржэнне?

— Не, сустрэцца.

— З Крыўцом? Дзе? — аж падскочыў Кудлацін.

— Дзе-небудзь, хаця б ля рэстарана... Народны кантроль там!

— Там... Але ты мне — гэтыя жартачкі, глядзі. Хроль званіў?

— Хроль.

— Ну, браце, завязаў ты вузел, — нібы пашкадаваў яго загадчык, — прызнайся, цябе Гайдук на гэта падбухторыў?

— Чаму?

— Гэта ён у нас усё праўду шукае. Глядзі, сам закапаецца і цябе за сабой пацягне.

— Я гэтага не баюся. Усё на свае вочы бачыў. — сказаў Васіль, — ды і народны кантроль нас падтрымлівае.

Васіль хацеў сказаць, што яго нават запрасілі ў рэйд, але прамаўчаў, яшчэ падумае, што выхваляецца, ганарыцца.

Зноў зазваніў тэлефон.

На гэты раз трубку зняў Васіль. Званілі з аўтакалоны. Нейкая жанчына паведаміла, што іх начальства таксама прачытала артыкул і не верыць, бо Крывец — добры работнік. Ён, як другія, не «рвецца» на выгадныя: маршруты, а ездзіць ахвотна па прасёлках, куды не кожны згаджаецца. І яшчэ, Крыўца трэба запрасіць у рэдакцыю, бо кіраўніцтва хоча, каб ён пагаварыў з аўтарамі, тым больш што Гайдука шафёр не бачыў.

— Калі так, хай прыходзіць, — сказаў Васіль, — а Гайдук ужо даўно ведае Крыўца. Асабіста мне з Крыўцом гаварыць няма пра што.

Васіль развітаўся, паклаў трубку, сеў на сваё месца.

— Не разумею цябе, Васіль, — сказаў Кудлацін, — навошта ўсё ж ты ўвязаўся ў гэтую гісторыю? Не абярэшся клопатаў, як ваўчкоў. І наогул, ты працуеш толькі першыя дні. Я ўжо — год, нешта разумею ў нашай справе. Калі далей так будзеш старацца, апячэшся.

У пакой зайшоў Назарэвіч, карэспандэнт аддзела сельскай гаспадаркі.

— А, выкрывацель хціўцаў, — засмяяўся ён, падаючы руку, — чытаў, чытаў. Цікава напісана, толькі ў «Вожык». — Ён узяў газету, працытаваў: «Калі вам трэба трапіць на работу, напрыклад, з пункта «А» у пункт «Б», то не трацьце марна часу. Мы раім не чакаць аўтобуса нумар 22—11, за рулём якога вадзіцель Крывец М. К. Не, не таму, што аўтобус у пункт «А» не прыедзе. Ён будзе, толькі не спыніцца, калі гэта не выгадна Крыўцу...»

— Хопіць, — Васіль зазлаваў, выхапіў з яго рук газету,— мы напісалі праўду! Дарэчы, — звярнуўся ён да Кудлаціна, — хто перапісаў маю заметку пра дзесяцікласнікаў Масткоўскай школы, якія нібыта вырашылі застацца працаваць на лесаўчастку, і назваць яе «Крокі да мары»?

Назарэвіч стаяў разгублены, пачырванелы.

— Я, — сказаў Кудлацін, — я.

— Але ж я не пра гэта пісаў. Я парады пытаў, ці можна такім макарам, як пасула грошай, стварэнне цяплічных умоў, заманьваць моладзь?

— А чаму ж не? — здзівіўся Кудлацін. — Дужыя рукі нам патрэбны ўсюды, моладзь патрэбна. Ты супраць?

— Так, патрэбны. Але мы не павінны, як мне здаецца, дзеля таго каб прыкрыць грахі нечай работы, выхаваўчай, не лічыцца з жаданнямі кожнага асобнага чалавека. Мара ж адна, як жыццё...

— Ты няправільна кажаш, — сказаў Назарэвіч,— жыць не проста. Жыццё вельмі і вельмі складанае. Яно аднаму дарогу спраміць, другому скрывіць. Зразумей, жаданні жаданнямі, а з абставінамі трэба лічыцца. Ты вось, можа, у нас таму і працуеш, што так абставіны ў тваім жыцці склаліся. Ты не паступіў у інстытут. Але ж ты і не пайшоў з аднакласнікамі на лесаўчастак. Табе пашанцавала. Ты крыху пісаў у газету, а ў нас было незанятае месца.

—Я пра сябе маўчу, — абараняўся Васіль, — мне яшчэ не было часу разабрацца ва ўсім, што са мной здарылася. Але калі я зразумею вось так проста, як вы, сэнс усяго таго, што вы называеце абставінамі, пастараюся разарваць гэтыя путы. Толькі не ўсе пайшлі на лесаўчастак па сваім перакананні. Таго-сяго зацікавілі абяцанкамі. А калі заўтра тым жа маім аднакласнікам кіраўнік суседняга прадпрыемства паабяцае больш?

— Гэта не нам вырашаць, — запярэчыў Кудлацін, — у кожнага свой падыход да чалавека. Што ж датычыць заметкі, то яе, павер, можна было надрукаваць толькі так, як я перапісаў. Цяпер ад яе — карысць, а так была б толькі шкода. Калі кожны пачне рабіць на свой капыл, то нічога людскага не будзе. Няўжо цябе ў школе не навучылі гэтым простым, як свет, ісцінам?

— Толькі што гаварылі, што свет няпросты, — узбурыўся Васіль. — І я хацеў, каб мне дапамаглі разабрацца ў яго складанасцях.

— Людзі ўжо даўно ва ўсім разабраліся, — сказаў Назарэвіч, — і дзіўна, раптам з’яўляецца нехта, хто не прымае ісцін, якія даўно вядомы.

Назарэвіч памаўчаў, потым на яго твары з’явілася здзіўленне:

— Слухайце, хлопцы, а можа, гэта і добра?

Васіль адразу не паверыў. Няўжо жартуе? Так вось проста адмовіцца ад сваіх слоў...

— Я лічу, што добра. Добра, калі нечага не ведаеш, а потым сам дойдзеш да сутнасці, — сказаў Васіль.

— Сам ты ніколі ні да чаго людскага не дойдзеш,— катэгарычна сказаў Кудлацін і дадаў: — Без людзей.

— Вось-вось, — злавіў яго на слове Васіль, — без людзей. Толькі людзі павінны дапамагаць адзін аднаму, а не вілюжыць, як ты, Кастусь, калі мне пазванілі з народнага кантролю.

— А чым я мог табе дапамагчы? Прозвішча сваё пад матэрыялам падставіць? Не, памянеш маё слова, на гэтым усё не скончыцца.

— Ды не трэба мне тваё прозвішча, мне ўпэўненасць твая патрэбна, — сказаў Васіль і выйшаў з пакоя, грымнуўшы дзвярыма.

 

9

Мінула восень. З дажджамі і сонечнымі днямі. З самотнымі жураўлінымі ключамі і журботным трапятаннем залацістых бярозак.

Прыйшла зіма са снягамі, якія амаль штодзень ухутвалі зямлю, дамы, дрэвы мяккай белай коўдрай, якая іскрылася, аж да болю ў вачах у сонечныя дні, рабілася сіняй, калі па небе плылі шызыя хмары.

Восенню ў Васіля на рабоце было больш непрыемнасцей, чым радасці. І зіма, асабліва першы снег, змены ў прыродзе нібы лагодзілі душу. Так бывае, калі звыкнешся з пякучымі маразамі, з бухматым інеем на дрэвах, калі доўга чакаў змены пары года і яна наступіла.

Васіль цяпер працаваў ахвотней. Яму падабалася ездзіць па раёне, сустракацца з людзьмі, ён па-дзіцячаму радаваўся, калі трымаў у руках свежы нумар газеты, у якой друкавалі яго матэрыял.

Заметку, якую ён пісаў з Гайдуком, абмяркоўвалі ў камітэце народнага кантролю. Гайдука і Васіля хвалілі там. Хваліў і рэдактар, нават ставіў у прыклад. Гайдук прапанаваў на лятучцы, каб у рэдакцыі ў канцы месяца не падлічвалі, хто колькі за гэты час напісаў радкоў, а лічылі галоўным вартасць напісанага.

Кудлацін і Пасюкевіч не згаджаліся з гэтым. Але Ігнат Сяргеевіч прапанову прыняў.

Калі раней Кудлацін і Пасюкевіч адседжваліся ў рэдакцыі, перапісваючы допісы рабселькораў і іх радкі залічвалі сабе або, пагутарыўшы па тэлефоне з механізатарамі, даяркамі ці брыгадзірамі, як казаў Гайдук, «левай нагой пісалі за іх выступленні», то цяпер яны былі вымушаны часта ездзіць па раёне.

Артыкулы і карэспандэнцыі сталі намнога карацейшыя і цікавейшыя. Непрыкметна пасля таго як газета надрукавала матэрыял Васіля і Гайдука пра непаладкі на аўтобусных маршрутах, паштарка пачала прыносіць у рэдакцыю больш пісьмаў.

Ігнат Сяргеевіч казаў, што калі раней крытычныя пісьмы былі без подпісаў і іх даводзілася перасылаць у арганізацыі, каб там разабраліся, то цяпер амаль пад кожным стаяла прозвішча. Праверыўшы такія допісы, стараліся друкаваць.

Васіль пісаў шмат і з натхненнем. Рэдактар іншы раз правіў яго матэрыялы, выкрэсліваючы апісанні прыроды, надвор’я, характараў людзей.

— Вы павінны больш пісаць, — казаў рэдактар, — і не крыўдуйце, калі нешта я выкідваю.

Васіль часта заставаўся пасля работы, зноў і зноў перапісваў матэрыял, выходзіў з рэдакцыі позна вечарам, спяшаўся на аўтастанцыю, каб не спазніцца на апошні аўтобус у Масткі. Калі ж, здаралася, пазніўся, тады бег на шашу, чакаў з лесакамбіната парожні масткоўскі лесавоз.

Усе шафёры з Масткоў Васіля ведалі, нават калі ён не ўзнімаў рукі, спынялі машыны.

Хлопцы з рэдакцыі раілі Васілю пайсці ў гарадку на кватэру, спачувалі, што цяжка кожны дзень праязджаць у адзін і другі бок па трыццаць кіламетраў, асабліва цяпер, зімой, але Васіль не прыслухоўваўся да іх парад. Ён па-ранейшаму жыў з бацькамі ў Мастках і думаў, як пагаварыць з аднакласнікамі, якія працавалі на лесаўчастку, бо адчуваў сябе ў нечым вінаватым перад імі.

 

10

Неяк ён ледзь наспеў на апошні аўтобус. Ускочыўшы ў яго, Васіль пачуў з апошняга сядзення:

— Васька, сябар, вось не чакаў, што сустрэнемся з табой у дарозе!

Ну вядома ж, гэта Віталь!

У паўзмроку, пераступаючы сумкі, клункі, што былі згрувашчаны ў пераходзе, трымаючыся за парэнчы, Васіль праціснуўся да сябра. Яны абняліся, нібы не бачыліся многа гадоў.

Апошні раз яны былі разам перад Віталевым ад’ездам на экзамены ў лётнае вучылішча. Васіль з лістоў сябра ведаў, што той не паступіў, у яго знайшлі нейкае захворванне, якое нібыта пры працяглых трэніроўках можна вылечыць.

Віталь уладкаваўся на завод у тым горадзе і, як пісаў Васілю, вяртацца ў Масткі не думаў: што ён там не бачыў?..

— Ты што, так хутка атрымаў адпачынак? — здзівіўся Васіль, вырваўшыся з яго абдымкаў.

— Не, — уздыхнуў Віталь, — звольніўся я... Разумееш, там горад, завод. Там усё ёсць, спортзал, стадыён. Але там не такое, як у нас, паветра. Я вырашыў, што буду трэніравацца на школьным стадыёне. Цяпер зіма, можна заліць каток.

— Адзін ты гэта не зробіш.

— Чаму адзін? — здзівіўся Віталь. — Колькі нашых жыве ў Мастках. Пятро, Іван, дзяўчаты... Няўжо не дапамогуць? Уяўляеш, правядзём на стадыён электрычнасць, павесім лямпачкі. Вечарам пасля работы выйдзеш на лёд... Ён блішчыць, іскрыцца снег на галінках, і цёмнае неба... Ды і ты ж дома, хіба не паможаш нашых зацікавіць?

Эх, Віталь! Наіўны летуценнік. Да чаго дадумаўся, каток ля Яўменавай гары, быццам высакагорны каток «Медэа»... Нябось нагледзеўся ўсяго ў вялікім горадзе, часу хапала. Адрабіў восем гадзін, і ніякага клопату. Гэта не тое што ў яго, Васіля, кожны вечар заняты, трэба ж пісаць не толькі для газеты, але яшчэ і для рэдактарскага кошыка. А паездкі па раёне? Ці адзін раз затрымліваўся да паўночы? То дарогі перамецены снегам, то патрэбнага чалавека шукаеш па ўсіх брыгадах. Гэта яшчэ нічога. З гэтым можна мірыцца. Можна, вядома, выкраіць суботу, нядзелю. Але як быць з хлопцамі? Яны ж, здаецца, усё яшчэ на яго крыўдуюць. За колькі месяцаў ніхто ў хату не паказаў вачэй...

— Віталь, — сказаў Васіль, —ты ж ведаеш, што зрабілі ў газеце з маім матэрыялам пра нашы спрэчкі з Уладзімірам Мікалаевічам. Мне здаецца, што пасля гэтага між мной і ўсімі нашымі — сцяна. Сказаць табе шчыра, я ніяк не магу яе праламаць, бо атрымліваецца, што я здраднік. Яны на лесаўчастку, а я ў газеце. Яны там, а я — тут. А самі хлопцы не ідуць да мяне.

— І правільна робяць, — сказаў Віталь, — калі б я не ведаў праўды, калі б ты не напісаў мне пра ўсё, я таксама, на іх месцы, да цябе не пайшоў бы. Таксама мне, цаца. Тут ужо так: калі настойваў на сваім, то як хлопцы лічаць, напэўна, трэба да канца быць цвёрдым. А так атрымліваецца, што ты пакрывіў душой.

— Я гэта разумею. Таму і пакутую.

— Чаму тады не сказаў ім праўду? Няўжо думаеш, што цябе не зразумелі б? Сорамна было прызнацца, што цябе, чалавека, які друкуецца ў газеце, перайначылі?

Не, ніхто ніколі не разумеў так Васіля, як Віталь. Дзесяць гадоў за адной партай. І біліся, і мірыліся, і марылі разам, і нават разам на веласіпедах ездзілі нейкі час да адной дзяўчыны, аднакласніцы Нэлі, прастойвалі з ёю ля гаю на хутары да поўначы.

— Так, Віталь, мне лягчэй перажыць іх крыўду, чым прызнацца, што ў газеце са мной не палічыліся.

— Дзівак, перад кім сорамна? Перад хлопцамі... Памятаеш, на выпускным вечары гаварылі, што ніколі адзін аднаго не падвядзём, дзе б мы ні былі, чым ні займаліся б. Ты першы так казаў... Ганна Кузьмінічна, ты ж яе любімчык, бо яна за літаратуру душу аддасць, наперад ведала, што раз’едземся і, як гэта бывае заўжды, забудзем адзін аднаго, яе таксама. Памятаеш, яна тады сумна ўсміхалася з тваіх слоў?

— Памятаю... Я ўсё памятаю, Віталь. Я нічога не забыўся...

— Гэта словы. Забыць чалавека, сяброў можна памятаючы іх, зразумей...

— Што тут незразумела?

— Вось чаго бойся: сам казаў адно, а робіш па-другому... Мы разам пойдзем да хлопцаў.

— Дзякуй за падтрымку. Але я падумаю...

Згушчалася цемра. Удалечыні за аўтобусам беглі залатыя ланцужкі ледзь улоўных агнёў вёсачак, фермаў, два лязы святла разразалі перад аўтобусам цемру.

Васіль быў бязмежна рады, што сустрэў Віталя. Ён і разважлівы, нібы многа пражыў, і летуценнік, наіўны, часам аж да смешнага. Усё ў адным чалавеку. Як так можна? Ну хто, як не Віталь, у сёмым класе зрабіў з брызенту парашут, прывязаў яго вяроўкамі да тазіка, а потым скокнуў з вільчыка хлява? І таму ж Віталю першаму прыйшла думка ў дажджлівае лета пасля дзевятага класа пайсці працаваць у дарожнікі — засыпаць пяском яміны, каляіны, каб МАЗы без затрымкі вывозілі з дзялянак лес. Уладзімір Мікалаевіч тады і слухаць не хацеў пра іх, казаў, што не мае права браць непаўналетніх на работу, што яму за такую самадзейнасць галаву здымуць, а яна яму во як патрэбна. І ніхто не мог яго ўлагодзіць, акрамя Віталя. Ён тады сказаў простае і цяпер зразумелае яму, Васілю: «Добра, Уладзімір Мікалаевіч, вы не хочаце, каб мы крыху папрацавалі, дапамаглі бацькам. Наступіць час, вы нас прасіць будзеце, каб прыйшлі на лесаўчастак. А як ісці, калі нашы рукі мазалёў не ведаюць, калі бацькавы мазалі нас пужаюць?»

«Ты мне глядзі, — паківаў тады пальцам Уладзімір Мікалаевіч, — калі ўздумаеце на рабоце жартаваць з інструментам, паадрываю рукі з коранем», — і засмяяўся...

— Васіль, ведаеш, што я надумаў? — спытаўся Віталь.

— Цікава, што ты надумаў, мабыць, зноў скакаць у тазе са страхі? — напомніў ён сябру пра грэх дзяцінства,

— Навошта? Гэта глупства. Усё вось тут... — Віталь паляпаў рукой па партфелі, які трымаў на каленях. — Тут разлікі. Я змайструю дэльтаплан і палячу на ім з Яўменавай гары.

— Не ўзляціш. Яна ж маленькая. Ты бачыў, ну хаця б па тэлевізары, з якіх гор лятаюць? Не роўня нашай.

— Не толькі бачыў, я лятаў. І пасля гэтага дарогі мне назад ужо няма. Разумееш? Я сам лятаў. Як працаваў на заводзе.

— Глядзі, нос расквасіш, — усміхнуўся Васіль,—тады цябе і сапраўды не возьмуць у авіяцыю.

— А цябе ў вялікую газету, калі не можаш адказваць за свае паводзіны. Чалавек павінен быць па-чалавечы мужным. А ты — сцяна, сцяна... вінаваты, дык знайдзі сілы, — зноў вярнуў Віталь да пачатку размовы, — прызнайся.

— Пастараюся, — сказаў Васіль няпэўна.

 

11

Масткі мелі сваю гісторыю.

Да вайны на месцы цяперашняга пасёлка было ўрочышча, дзе жыў з сынамі ляснік Яўмен. Яго хата стаяла на гары, якую людзі потым назвалі Яўменавай. Хто ж першы ахрысціў урочышча Масткамі, невядома. Ды і масткоў тут ніякіх не было. Адно гравійная дарога, якая злучала два гарады, і лес, векавы, непралазны, густы.

Па лесе ў дваццатыя гады бадзяліся бандыты. Ля гары яны супынялі пешага і коннага, рабавалі.

Па навакольных вёсках ішла дрэнная слава пра ўрочышча. Нехта назваў яго чортавымі масткамі між жыццём і смерцю. З таго часу і пайшло: Масткі, Масткі.

У Яўмена былі два сыны, ужо дарослыя. І людзі кажуць, што былі яны неймавернай моцы. Даніла, старэйшы, дык таму ці каня паваліць, ці ўскінуць на плечы два мяшкі зерня — адно і тое, а Ігнат, калі некалькі мужчын, як абернецца воз, не маглі падняць камель сасны, адзін паднімаў яго. Хадзілі чуткі, што бандыты якшаліся з Яўменам, бралі ў яго хлеб, скварку. Ці так гэта было, ці не, людзі не ведаюць. Толькі аднойчы, калі доўга ніхто нідзе не сустракаў лесніка і яго сыноў, людзі зайшлі да яго ў хату. Дзверы былі расчынены, павыбіваны вокны, а ў хаце, хто за сталом, хто на падлозе ля парога, ляжала пяцёра бандытаў, Яўмен з прастрэленай галавой, Даніла з ранай у грудзях і сцёкшы крывёю, ледзь жывы Ігнат.

Пакуль вяскоўцы ратавалі яго, пыталіся, што тут адбылося, Ігнат, ледзь вымавіўшы: «Жывіце цяпер смела», сканаў.

Бандытаў закапалі недзе ля гары, а лесніка і яго сыноў завезлі на могілкі ў бліжэйшую вёску і пахавалі, справіўшы па іх жалобны абед. З таго часу пра бандытаў ніхто не чуў, людзі нават забыліся, што некалі ля Яўменавай гары іх падсцерагала небяспека.

Ляснічоўка ў вайну згарэла. Немцы тут натрапілі на партызанаў. Багата палегла і нашых, і немцаў.

Наогул вакол Масткоў па лясах нямала пасля вайны было магілак партызанаў, і ўжо ў сорак пятым, калі будаваўся лесаўчастак, людзі надумалі звесці астанкі байцоў у адно месца, паставіць абеліск.

Тады, у сорак пятым, сюды прыехалі былыя франтавікі, у асноўным людзі за трыццаць год, жанатыя і нежанатыя, пачалі адразу і будаўніцтва і лесанарыхтоўку.

Жылі яны ў зямлянках, у зямлянках і зімавалі, пакуль, збудаваўшы прадпрыемства, узяліся ставіць сабе хаты. У зямлянках і нараджаліся першыя дзеці масткоўцаў, і ўвесь дзесяты клас першага выпуску мясцовай школы быў з тых дзяцей.

Спачатку масткоўскія лесарубы тралявалі дзерава на конях, вывозілі яго з дзялянак да шашы, тут ужо грузілі на старэнькія палутаркі і ЗІСы. Пазней на лесаўчастак прыгналі некалькі «студэбекераў» і газагенератарных машын. Гэта тэхніка была больш моцная. Яна ужо заязджала на дзялянкі.

Васіль памятаў, як з мацераю хадзіў на лесаўчасткаўскі двор і разам з дзецьмі будаваў домікі з бярозавых калодачак. Калодачкі секлі жанчыны. Цэлыя горы калодачак ляжалі пад павеццю. Іх засыпалі ў бункеры газагенератарных машын, і калі хто з шафёраў катаў дзяцей па двары, у кабіне было горача, не прадыхнуць. Пазней ужо, як у Мастках здарылася няшчасце, — зімой, забуксаваўшы ў лесе на газагенератарнай машыне, атруціўся газам Іван Пехцяроўскі, масткоўскі шафёр, — дзяцей браць у кабіну забаранілі.

Пехцяроўскі прайшоў усю вайну шафёрам, як казалі пра яго на пахаванні франтавікі, быў сапраўдным байцом, мужным чалавекам. Пахавалі яго побач з брацкай магілай, з партызанамі, рэшткі якіх масткоўцы перавезлі з лясоў у цэнтр пасёлка.

Масткоўскія школьнікі даглядалі брацкую магілу, а рабочыя лесаўчастка кожны год у Дзень Перамогі праводзілі тут мітынг. Трактарысты, шафёры, вальшчыкі лесу, абрубшчыкі, рамонтнікі начэплівалі медалі і ўспаміналі суровы час вайны, баявых сяброў, партызанаў, а потым ішлі ў школу і расказвалі дзецям пра былое.

Так з году ў год вырасталі дзеці, шырыўся пасёлак, мацнела прадпрыемства.

Цяпер яно мела магутную тэхніку, клуб, медыцынскі пункт, магазін, бібліятэку, грамадскую лазню і кожны лесаруб жыў у сваім доме. Праз многа год з аднаго боку Масткі паступова старэлі — лесарубы ішлі на пенсію, адзін за адным, з другога — маладзелі, выраслі іх дзеці першага пакалення, падрасталі малодшыя.

Прадпрыемства лічылі магутным. За мінулы час тут нарыхтавалі больш мільёна кубаметраў драўніны, і разам з тым на машынным двары прастойвалі МАЗы, новая тэхніка — не хапала людзей.

Васілёвым аднакласнікам, што цяпер працавалі на лесаўчастку, вядома, тэхніку яшчэ не давяралі, бо мелі хлопцы па семнаццаць гадоў. У такім узросце яшчэ нельга працаваць на цяжкіх лесанарыхтоўчых работах.

Дзяўчаты ж ездзілі з лесарубамі ў лес, кухарылі там. Хлопцы хадзілі пакуль у вучнях рамонтнікаў і адначасова вывучалі вечарамі ў клубе аўтасправу, чакалі таго часу, калі атрымаюць правы вадзіцеляў, каб сесці за руль лесавозаў. Бо на прадпрыемстве цяпер найбольш не хапала іх. На дзялянках скоплівалася багата драўніны. Лес рэзалі цяпер усё далей і далей ад Масткоў, за некалькі дзесяткаў кіламетраў, кожная дзялянка — новыя дарогі, а яны ў лесе вядома якія: праз балоты, нізіны, праз рачулкі. Вось і атрымлівалася, што шафёры тут былі, як кажуць, на кошт золата. І мясцовае кіраўніцтва, запрашаючы дзесяцікласнікаў пайсці на працу на лесаўчастак, найбольш спадзявалася на хлопцаў, чым на дзяўчат. Але, вядома, калі не застануцца дзяўчаты, то хлопцаў тут таксама не ўтрымаеш. Таму тут стараліся знайсці дзяўчатам хоць які занятак.

Усе, хто застаўся ў Мастках пасля школы, знайшлі сабе работу на лесаўчастку, апрача Васіля, які працаваў у раённай газеце, і Віталя, які, не паступіўшы ў лётнае вучылішча, крыху пажыў у горадзе і вярнуўся ў пасёлак.

 

12

Раніцай у нядзелю рыпнула брамка ў двары Васілёвых бацькоў. Прыйшоў Віталь.

— Уставай, соня, — сказаў ён, грукаючы ў Васілёў пакой, — жыццё праспіш... Ці ты працуеш ужо?

— Ад жыцця не схаваешся, — адказаў разважліва Васіль.

Ён сядзеў за сталом і чытаў кнігу.

Маці заглянула да іх, сказала, што згатавала сняданак, і дадала нязлосна:

— Адзін на той бок начы ўстаў, а другі прыйшоў ні свет ні зара. І сну на вас няма. Васіль вунь аж схуднеў.

— Нічога, цётка Марыя, — сказаў Віталь, — хопіць яшчэ часу адпачыць, ці ж век маладымі будзем?

— Але, як вы выраслі, — нібы здзівілася маці, — такімі, як цяпер, ці будзеце, а старымі — ужо ж. Ды толькі не ўсякая старасць супакойвае. Вунь бацька ці не проці начы ўсхапіўся, на дзялянку паехаў.

— А хто яго выпраўляў? — сказаў Васіль. — Хай бы сядзеў дома.

— Ён Лазару Печаню набіўся дровы грузіць. У Лазара ж адны дзеўкі, няма ад каго чакаць дапамогі, хоць і нявесты ўжо.

— Малыя яшчэ, — хмыкнуў Віталь, — якія ж дзеўкі? Адна ў сёмы, другая ў восьмы ходзіць.

Паўгода самастойнага жыцця, як лічылі хлопцы, давала ім права так думаць пра малодшых. Яны нават здзіўляліся, што нейкі год-два назад былі такімі ж. Але тады яны прыглядаліся ўжо да дзяўчат. Ды мала хто з іх класа не сябраваў з дзяўчынай. Віталю падабалася Нэля з хутара, і Васіль часта пасля ўрокаў разам з сябрам праводзіў яе дадому.

Звычайна яны ўтраіх ехалі на веласіпедах: Васіль паперадзе, за ім Нэля, Віталь апошні.

Хутар быў кіламетраў за сем ад пасёлка. Сцежка, якой ехалі, бегла сярод рудога арэшніку, шамацела пад коламі сухое лісце, шпокалі ў траву арэхі-лузанчыкі, і недзе крычалі журавы.

Васіль не чуў, пра што гаварылі між сабой Нэля і Віталь, ён у гэты час думаў пра Насцю, якая цяпер сядзіць дома і вучыць урокі. Насця вучылася выдатна, падабалася Васілю.

Калі даязджалі да хутара, Васіль казаў, каб яны пачакалі яго дзе-небудзь на ўзлессі, а ён паездзіць яшчэ, паглядзіць, ці ёсць ужо на старых карчах апенькі, або нагледзіць гаёк нечапанага арэшніку.

Нэля і Віталь згаджаліся, рабілі выгляд, што і сапраўды яны яму вераць, і Васіль мацней націскаў на педалі.

Звычайна ён нікуды далёка не ехаў. Ад’язджаў крокаў за трыста ў кляновы гай — то быў цуд з цудаў, чырвоныя, нібы толькі што з полымя медзь кружыла ў паветры, іскры, тысячы залатых іскраў на вяршынях дрэў, лёгкі пах позніх кветак і сярод усяго гэтага ён, Васіль.

Ён ляжаў на цёплым, нагрэтым за дзень лісці, глядзеў у блакітнае, месцамі як падрапанае белым, у рэдкіх воблачках неба і думаў пра Насцю. У яго думках не было яснасці, больш яму ўяўляўся яе твар, нібы яна была тут, побач з ім, побач з гэтай чырвонай меддзю кляновага лісця, між пахаў зямлі.

Ён ніколі не прызнаваўся ёй у сваіх пачуццях. Насця, здавалася, чамусьці на яго заўсёды злавала, калі ён з ёй загаворыць. Але яна ахвотна спісвала ў яго кантрольныя па матэматыцы — яны рашалі адзін варыянт, і ўсё-ткі Васіль разумеў, што ў Насціным сэрцы ёсць месца для яго.

—...Малыя дужа-такі, — сказала маці, — ці даўно вашы сяброўкі Нэля і Насця былі такія? —І адкуль мацяркі ўсё ведаюць? — А цяпер ужо глядзі, нявесты, —усміхалася яна хітра.

— Толькі не для нас, — адказаў за сябе і за Васіля Віталь, — гэта ўсё юнацкае, — дадаў ён паважна.

— Чаму ж, дзеткі?

— Мама, ты можаш нас так не называць? — спытаў Васіль.

— Не буду, не буду, — усміхнулася яна, зразумеўшы, што такімі словамі крыўдзіць хлопцаў, — але чаму?

— У нас розныя дарогі,— растлумачыў Васіль, — нам не пашанцавала. Але гэта пакуль... Пакуль мы будзем ісці да свайго, многа вады сцячэ. Мы можам чакаць свайго многа год. А дзяўчаты — не!

— Чаго гэта свайго? — спытала маці.

— Не дзяўчат жа, — адказаў Васіль, — таго што непакоіць, пра што думаем. Віталь, напрыклад, неба...

— А Васіль — імя, — дадаў за сябра Віталь.

— А хіба ж імя ў яго няма? Што гэта значыць? — насцярожылася маці.

— Ёсць, але разумееце, цётка Марыя, як вам сказаць?.. — стаў падбіраць Віталь словы. — Імя — гэта калі ён журналістам стане або пісьменнікам, калі зробіць багата добрага для людзей, калі шмат напіша.

— Не зусім разумею вас, дзеткі. Можна ж багата добрага зрабіць для людзей і нічога не напісаўшы. А што імя?

— Што ж тут разумець? Ну, напрыклад, для нашага былога дзесятага класа, — сказаў Віталь, —імя ўжо ёсць, у тых жа Нэлі і Насці. Яны толькі ўдзвюх з дзяўчат паступілі вучыцца. І не абы-куды, а ў машынабудаўнічы інстытут. Цяпер пра іх увесь пасёлак гаворыць. Вось яно што.

— Праўда, — згадзілася маці, — кажуць, добра яны вучыліся.

— Добра-то добра, — сказаў Віталь, — але яны ў тэхніцы ні бельмэ, ім усё адно было, куды паступаць, абы паступіць.

— Віталь, не кажы так, — супыніў яго Васіль, — ты нічога не ведаеш.

— Ведаю. Пакуль ты ўчора вечарам карпеў над сваёй будучыняй, пісаў, дык я з імі шпацыраваў па шашы. Не пазнаць іх, так заварочваюць на гарадскі капыл, усяму здзіўляюцца ў Мастках, як бы першы раз сюды прыехалі. Брыдка.

Віталь паморшчыўся, нібы праглынуў лімон.

— А чаго было ісці? — Васіль асуджальна паглядзеў на сябра. — Пад месяцам з дзяўчатамі гуляў я... Так?

Ён артыстычна развёў рукі, схіляючыся перад Віталем, нібы выпрошваў апладысменты.

— Таксама артыст, — сказаў Віталь, — чаго ты надзьмуўся, што бурбалка? І ты пойдзеш. А не—завалаку да іх! Я таму і прыцёгся рана. Мы надумалі сёння схадзіць на лыжах да рэчкі. Ну што ты пазіраеш на мяне, як баран на новыя вароты? Апранайся.

— «Апранайся», — перадражніў яго Васіль. — Ужо ж, калі прыйшоў... І вечна ты калена выкінеш.

Васіль нехаця пачаў апранацца: ён не ведаў, радавацца яму ці не, ён не чакаў, што так хутка прыйдзецца глядзець у вочы сваім былым аднакласнікам.

 

13

Трымаючы пад пахамі лыжы, подбегам спусціліся з гары на стадыён, дзе сабраліся ўжо хлопцы і дзяўчаты. Убачыўшы іх, Віталь замест прывітання сказаў сваім былым аднакласнікам:

— Калі гара не ідзе да Магамета, то Магамет ідзе да гары!

— Мяне дагары не вучылі хадзіць, я не ў цырку, — зазлаваў Васіль.

— О, з’яўленне Хрыста народу! — сказаў Пятро.

Ён глядзеў на Васіля звысака, прыўзняўшы галаву.

Яго вочы пасміхаліся, а верхняя губа, над якой чарнеў лёгкі пушок, грэбліва скрывілася. Відаць, ён не вельмі радаваўся, што Віталь прыйшоў з Васілём, і, мабыць, не чакаў, што так будзе.

Сказаўшы, Пятро саступіў убок, чамусьці пачаў мясіць ботам сыпкі сіняваты снег, быццам шукаў сабе занятак.

— Дык хто я, Магамет ці Хрыстос? — спытаў Васіль, пазіраючы на гурт. Ён нават быў памкнуўся да Пятра, зняў пальчатку, хацеў яму першаму падаць руку, працягнуў яе, але той, нібы не заўважыўшы, адвярнуўся.

Васіль нейкі час так і стаяў, трымаючы перад сабой сагнутую ў локці, працягнутую да Пятра руку, адчуваючы, як чырвань залівае твар.

— І не Магамет, і не Хрыстос, — адказаў, не пазіраючы на яго, Пятро, — а чалавек без сумлення.

Пятро, апрануты ў цёплую лесарубаўскую куртачку, павярнуўся раптам, бліскаў на яго вачамі з-пад шэрай заячай шапкі, даючы зразумець, што ён не пашкадуе, калі Васіль пойдзе туды, адкуль прыйшоў.

На іх глядзелі.

Васіль разумеў, што яго асуджаюць, таму адчуваў сябе чалавекам, які павінен нешта некаму даказаць, нават абражаючы.

— Я супраць свайго сумлення нічога не рабіў, як нехта!— сказаў ён, робячы крок да Пятра.

— Сышліся, пеўні! — гэта Насцін голас. У ім — не то асуджэнне, не то абыякавасць да ўсяго. І як ён не заўважыў, калі спускаўся з гары? Цяпер яна стала між ім і Пятром, пазірала то на аднаго, то на другога. Хаця б смяшынка прабегла па яе халодным белым твары.

Апранутая ў сіні тоўсты караткаваты світэр, Насця раз-пораз абцягвала яго, быццам ён адкрываў яе гнуткі стан. На галаве ў яе была беленькая, таксама самавязаная шапачка, з-пад якой выбіваліся і ледзь варушыліся на ветрыку завіткі каштанавых валасоў. Вейкі ў Насці былі пафарбаваны ў чорны колер, занадта ж доўгія, аж закручваліся.

Васіль, гледзячы на яе, сціснуў вусны, яго даймала крыўда на сябе і Віталя, ён шкадаваў, што прыйшоў сюды, хацеў павярнуцца і пайсці, але раптам у цёмнасініх, як вір, Насціных вачах праяснілася, яны памякчэлі, лёгкая ўсмешка кранула яе вусны:

— Узірайся, узірайся, калі не пазнаеш.

Ён забыўся на крыўду, сэрца гулка затахкала, цела налілося млявасцю, ён адчуў, што перасохлі вусны, як праз сілу вымавіў:

— Можа, каб дзе сустрэў, то і не пазнаў бы... Змянілася ты.

Яна паволі, быццам раздумваючы, ці варта так рабіць, падышла да яго, нібы саромячыся, падала маленькую, вузенькую, як лодачка, руку.

Ён паспешна дакрануўся да яе рукі сваёй, адчуваючы халадок яе тонкіх пальцаў, лёгенька паціснуў.

Цяпер ужо Насця не стрымалася, заўсміхалася, потым адышла далей, пачапіла на нос двухкаляровыя акуляры.

Нэля, якая стаяла воддаль і пазірала на іх, таксама заўсміхалася, і калі Васіль знайшоў яе паглядам, паспешліва начапіла такія ж акуляры.

Снег вакол быў прытаптаны, на цаліку ляжалі лыжы, блішчалі на сонцы алюмініевыя палкі.

Васіль зразумеў, што цяпер яму нельга ісці адсюль. Аднакласнікі, нібы змовіўшыся, маўчалі. Было чуваць, як недзе на сасне гулка стукае дзяцел.

— А вось і Іван сунецца, — парушыў маўчанне Пятро, паказваючы на гару.

Усе паглядзелі туды.

Іван, трымаючы пад пахаю калматую барановую шапку, і сапраўды сунуўся з гары. Ён сядзеў на кавалку фанеры, мусіць, знойдзеным па дарозе, і з’язджаў з гары, узнімаючы іскрысты снежны пылок, які клубіўся за ім. На каленях Іван трымаў ёмісты, напакаваны нечым мяшок, галёкаў ад задавальнення, вецер шкуматаў яго доўгія белыя валасы. На выбоінах фанера падскоквала, падкідаючы Івана, тады чуўся шкляны звон з мяшка.

Ужо ля самага нізу фанера ўрэзалася ў грудок, Іван перакуліўся і пад смех і гоман хлопцаў і дзяўчат паляцеў у снег.

На яго расчырванелым твары раставаў снег, сцякаў да куточкаў вуснаў тоненькімі раўчукамі.

— Ты як на колькі дзён сабраўся, — сказаў Віталь, — напакаваў торбу як падняць.

Віталь падняў са снегу мяшок, узважыў.

— Я не хачу, каб хто сканаў у дарозе з голаду, — сказаў Іван. — Гэта называецца — клопат пра людзей... У нас жа не ўсе пра іх клапоцяцца, — дадаў ён.

— З глузду з’ехаў, — сказала Насця, — трэба было нам сказаць, мы б таксама ўзялі б нешта з дому.

— Дзе ты чула, каб рабочы чалавек разлічваў на беднае студэнцтва? — усміхнуўся Іван. — Паглядзі, колькі нас тут, рабочых, на дзвюх студэнтак.

— Ты кажаш так, нібы мы вінаватыя, што больш ніхто не паступіў? —сказала Насця.

— Дакладней, — усміхнуўся Іван і падміргнуў Васілю,— было б сказаць, што больш ніхто не паступаў, акрамя вас і Федаровіча. Толькі ён вярнуўся з інстытута як мыла з’еўшы. Не атрымалася ў яго...

— А ты скуль ведаеш? — не ўцярпеў Васіль. — Атрымалася! Ты ж у мяне экзамены не прымаў. Не схацеў я сачыненне пісаць.

— Цяпер можна сказаць што хочаш, — не сунімаўся Іван.

— Я не збіраюся апраўдвацца перад табой. Думай як хочаш. І ты, і Пятро, ды і ўсе дарэмна на мяне злуяце... Так, я быў супраць таго, каб увесь клас ішоў на лесаўчастак, бо ведаў, што з нашымі жаданнямі там лічацца, як з леташнім снегам. І яшчэ, кожны павінен займацца той справай, якая яго цікавіць, развіваць тыя здольнасці, якія ў яго ёсць... Не ведаю, можа, цяпер што змянілася на лесаўчастку?

— Калі цябе гэта вельмі цікавіць, можаш даведацца, як карэспандэнт, табе проста, — сказаў Іван. Ён прыклаў рукавіцу да вуха. — Алё? Гэта лесаўчастак? Так-так... З вамі гаворыць Федаровіч. Што?.. Але, з газеты. Не ведаеце? Ды той, што напісаў «Крокі да мары». Як там мае героі працуюць?

Іван кпіў. Напэўна, ён думаў, што ўсе пачнуць смяяцца. Але ніхто не смяяўся, наадварот, хлопцы і дзяўчаты насцярожыліся, чакаючы, што будзе далей паміж імі.

— Я табе зараз як трэсну па чэрапе, аж маланкі заскачуць у вачах! — ледзь стрымліваючы сябе, пагрозліва сказаў Васіль, ступаючы наперад.

— Не трэснеш!

— Чаму?

— Права не маеш. І наогул да крытыкі разумныя людзі раяць прыслухоўвацца... Ды хто ты такі, хто цябе сюды зваў?

Убачыўшы, што Васіль разгубіўся, Іван наступаў, ён нават увабраў галаву ў плечы, сціснуў кулакі.

Гэта было задужа. Але чаму ўсім верхаводзяць Пятро і Іван? Няўжо, калі Васіль не працуе на лесаўчастку, яны маюць права з яго здзекавацца? Не да іх жа асабіста ішоў сюды Васіль. Ён ішоў, каб убачыць тых, з кім дзесяць год вучыўся, з кім сустракаў світанне на рэчцы пасля выпускнога вечара. Вось яны перад ім, Насця, Нэля, Мікола, Валік, Грыша Трацэўскі, Анатоль... Як ставяцца да яго Насця і Нэля, ён ужо ведае. Глядзяць звысака праз акуляры, быццам пасміхаюцца, а можа, шкадуюць. Паспрабуй зразумей іх.

Мікола, дык той чыркае запалкай, усё ніяк не можа закурыць, вачэй на яго, Васіля, не ўзнімае, напэўна, чакае, пакуль Пятро і Іван вырашаць нешта. Наогул з Міколам Васіль не асабліва сябраваў. Ціхмяны, у малодшых класах яго нават дзяўчаты крыўдзілі, тузалі за віхорысты чуб. Ува ўсіх чубы як чубы, а ў яго — віхрам. Цяпер, мабыць, Мікола ганарыцца гэтым, прыйшоў без шапкі, валасы на галаве як дрэнна скіданы стог, вушы вялікія, як расціснутыя, аж прасвечваюцца, такія чырвоныя. Відаць, прыхапіла іх марозам, убірае галаву ў плечы, усё лучыць затуліць вушы шалікам.

А Валік? Яму таксама, здаецца, не да Васіля. Стаіць, абапёршыся на палкі, толькі бровы на пераноссі то сыходзяцца, то разыходзяцца, густыя, як шчоткі. Незразумела, слухае, пра што тут гавораць, ці не.

Толькі Грыша Трацэўскі зіркае то на Васіля, то на хлопцаў, прыадкрыўшы рот. Вейкі ў Грышы ўздрыгваюць. Але ён таксама маўчыць.

— Ты чаго, нібы бык, шыю напружыў? — раптам падскочыў да Івана Віталь. — Я запрасіў Васіля, і калі ты з Пятром не хочаш яго бачыць, то завяжыце сабе вочы або ідзіце адсюль прэч. І не гаварыце за ўсіх. Можа, хто мае на гэты конт сваю думку... Мы ўсе Васіля паважалі, ты ж гэта ведаеш...

— А як жа, разумны! — сказаў Іван. — Не тое што мы. Замурзаны не ходзіць. Усё з партфелікам.

— Але, разумны. І, мабыць, разумнейшы, па-чалавечы, за многіх.

— Ты не дужа!

— Але ж вы інакш не разумееце... Не пісаў Васіль так пра наш клас, як надрукавалі ў газеце, не пісаў!

— А чыё прозвішча пад артыкулам?

— Так, яго. Але няма Васілёвай віны. Вінаваты той, хто ў рэдакцыі перапісаў яго допіс.

Не, пасля таго што адбылося, Віталь не павінен быў гаварыць так. Гэта прыніжала Васіля. За яго просяць літасці!

— Бывайце, — сказаў Васіль, беручы лыжы.

— Пачакай! — уладна спыніў яго Насцін голас. — Цяпер ты не маеш права ісці... Зразумей, яны толькі і чакаюць гэтага, каб пераканацца, што ты здраднік.

— Васіль, гэта праўда? — адначасова пачуліся галасы.

— Цяпер гэта не мае ніякага значэння...

— Мае, — сказаў Пятро.

— Праўда. Я пісаў тое, што казаў, калі Уладзімір Мікалаевіч запрашаў на лесаўчастак. Пісаў, што так нельга рабіць, агулам. І яшчэ, што той-сёй пужаў нас цяжкой лесарубаўскай работай, і раптам... Вось што турбавала мяне і турбуе... А мой ліст перапісалі. Ніякага канфлікту, ура! ура! Выпускнікі школы засталіся на лесаўчастку! Бярыце прыклад!

— Але не з цябе, — сказаў Пятро. — Ты ж — эгаіст!

Паставіў сябе асобна, у цябе язык не павярнуўся сказаць нам праўду.

— Чакай, Пятро, — перабіў яго Іван, — ты, здаецца, гаворыш за ўсіх. А ты спытаў нас?

— Не трэба пытаць, — абудзіўся Мікола. — Цяпер нам усім нялёгка. Мы павінны быць разам, падтрымліваць адзін аднаго. Ды ніхто з нас цяжкасцей не баіцца. Але крыўдна, што нас ніхто не ўспрымае ўсур’ёз, той жа Уладзімір Мікалаевіч... Васілю я дарую. Ён памыліўся...

— Так, Мікола, я памыліўся, — згадзіўся Васіль,— але не толькі ў гэтым. Я памыліўся, паступаючы ў інстытут, у спрэчках памыліўся, многа ў чым... На рабоце ў мяне не ўсё добра, больш пішу для рэдактарскага кошыка, чым для газеты. Мне здаецца, што я не ведаю жыцця, ды наогул цяперашняе маё жыццё, як і ваша, абмежавана.

— А нам лёгка кожны дзень гайкі круціць?—сказаў Пятро. — За дзень напрацуешся, што вечарам на занятках па аўтасправе засынаеш.

— Каб жа толькі гэта, — сказаў Іван. — Побач з табой працуе які дзядзька, кпіць: «Ці ў мяне чатыры зімы школы, ці ў цябе дзесяць — а робім адно». А маці, як прыпляцешся дахаты, грэючы ваду, дзяўбе: «Глядзі вучыся, а то будзеш, як старэйшы, гайкі круціць. А дзяўчаты, Нэля і Насця, разумнейшыя, далей вучацца».

— Мацеру можна зразумець, — зноў ажывілася Насця. — Хто не хоча бачыць сваіх дзяцей уладкаванымі? А вось настаўнікі... Успомніце, што нам казалі Альбіна Пятроўна і Кузьма Васільевіч. Ледзь што — лесаўчасткам палохалі. Ажно і цяпер страх бярэ.

— Мне здаецца, — сказаў Васіль, — яны не любілі сваю прафесію і, магчыма, трапілі ў педагагічны так, як я мог трапіць...

— Ці дзяўчаты ў машынабудаўнічы, — дадаў Віталь. — Не крыўдуйце, Нэля і Насця. Што вы разумееце ў тэхніцы?

Дзяўчаты пакрыўдзіліся, скрывілі вусны.

— Віталь, так не трэба, — заступіўся за іх Пятро,— а раптам яны стануць добрымі інжынерамі?

— Не, Пятро, — сказала Насця, — мы тут усе свае. Я ведаю, што добрага інжынера з мяне не атрымаецца. Там ва ўсім разбірацца патрэбна, а не зубрыць, ды і не цікавіць мяне гэта работа.

— А я, хлопцы, — сказаў Віталь, — папрашуся на лесаўчастак, цяпер мне няма куды падзецца. У вучылішча не залічылі, трэба мускулатуру накачаць. Працаваў у горадзе, там шафёрскае пасведчанне атрымаў, я ж старэйшы за вас.

Апошняе ён сказаў з гонарам. Ён і сапраўды быў на год старэйшы за хлопцаў і ганарыўся, што раней іх сядзе за руль машыны.

— Ніхто нам не паможа, — раптам сказаў Васіль, звяртаючыся да тых, хто працаваў на лесаўчастку, — вы, ды і я, як тыя абымшэлыя камяні. А пад ляжачы камень вада не цячэ. Дзейнічаць трэба. Вось Віталь два дні назад мне кораб усяго нагаварыў. Каток, электрычнасць, музыка...

— І будзе, — перабіў яго Віталь.

— Ой, хлопчыкі, страшна ўсё гэта, — пахітала галавой Нэля. — Не ведаю, ці змагла б я цяпер жыць у Мастках. Сумна тут. А ў горадзе другое жыццё. Яно і чужое быццам, і разам з тым так цягне да сябе, як вір.

— Глядзі, не захлыніся, — падкалоў яе Пятро.

— Не захлынуся. Там танцы, тэатр, там усё-ўсё. А вы тут нейкія праблемы вырашаеце. І ніколі не вырашыце. За сцяной вы...

— Ты яе бачыш праз свае каляровыя акуляры? — не сунімаўся Пятро.

— Хіба справа ў акулярах? — не пакрыўдзілася яна.

— Вядома, не, — кажа Васіль, — толькі як я разумею, ніхто з нас дакладна не ведае, у чым справа.

— А можа, мы нікому не патрэбны?

Пятро сказаў так, разгублена паціснуў плячыма.

— Патрэбны, Пятро, патрэбны. Калі не Урублеўскаму, які надзіва хутка забыўся пра нас, то Масткам, зямлі нашай, — сказаў Іван.

Яны яшчэ доўга спрачаліся. І чым далей, тым больш было незразумелага, бо ўсё глыбей і глыбей у жыццё, не зведанае імі, скіроўваліся іх думкі. Няўжо наступіць час, калі ўсё будзе зразумела і проста? У трыццаць, сорак, пяцьдзесят гадоў? А калі ён не наступіць ніколі, ды і наогул, ці наступае такі час для чалавека, ніхто не ведаў...

— Лыжні няма, — сказаў Пятро, калі ўсе выказаліся і зразумелі, што час ісці.

— Пойдзем адзін за адным, — прапанаваў Віталь,— будзем па дарозе мяняцца.

— Пачнём з мяне? — спытаўся Васіль.

 

14

Глыбокі і пульхны снег укрываў зямлю. Ён блішчаў на сонцы і сляпіў вочы.

Ідучы па цаліку, наперадзе ўсіх, Васіль правальваўся па забарсні чаравікаў. Сябры, якія ішлі па пракладзенай ім лыжні, наступалі на пяткі, падганялі. Ім было лягчэй.

Васіль трымаў кірунак да рачулкі. Ён беспамылкова арыентаваўся па соснах, узгорках і нізінах, мінаў узбалоткі, якія хоць і замерзлі, стваралі перашкоду. Часта трапляліся купіны, прыцярушаныя снегам яміны, што застаюцца пасля ўзрыву карчоў аманалам.

Ідучы раніцою на сустрэчу з былымі аднакласнікамі да Яўменавай гары, Васіль адчуваў сябе няёмка. Ён стараўся не думаць пра тое, што хлопцы не хочуць з ім сустракацца. І тое, што ўрэшце яны даравалі яму «грэх», з якім ён не пагаджаўся, цяпер не вельмі заспакойвала Васіля. Ён не ведаў, ці ўсе пра яго гаварылі шчыра. Можа, яго хто ўсё ж не разумеў? Можа, хто крывіў душой?..

Пасля выпускнога вечара яны таксама ішлі да рачулкі, каб разам сустрэць усход сонца. Што так робяць выпускнікі школ, яго аднакласнікі ведалі з газет, з кінафільмаў, у кнігах чыталі. Як тады здавалася, гэта рытуал павінен шмат чаго кожнаму праясніць у жыцці: яны адны, побач ні бацькоў, ні настаўнікаў, спрачайся, гавары, што думаеш, цябе ніхто не супыніць.

Лета тады было. Сосны ў ранішняй смузе здаваліся велічнымі. Іх нібы адлітыя з пачарнелай медзі ствалы чакалі абуджэння. І яно з’явілася, калі на ўсходзе загулялі першыя промні. Птушыныя галасы, раса, нібы з бурштыну на верасе і на галінках маладых сасонак, у лодачках чаромхавых лісточкаў, што пачала трапляцца бліжэй да рачулкі, — усё гэта ўзбадзёрвала.

Амаль усе аднакласнікі разбіліся на пары, побач з цёмнымі хлапечымі гарнітурамі між дрэў бялелі святочныя сукенкі дзяўчат. Васіль, Насця і Віталь з Нэляй ішлі апошнія. Яны прыслухоўваліся да гукаў, прыглядаліся да фарбаў, якія ўвачавідкі мяняліся навокал, і здавалася, што прыгажосць лесу ўпершыню адкрывалася ім у невядомай дасюль яснасці.

Васіль параўноўваў навакольны свет са светам вялікага жыцця, якому яго вучылі кнігі. Чытаючы іх запоем, ён часта па некалькі разоў, нібы ўзважваючы кожнае слова, перачытваў месцы, дзе апісвалася прырода, блізкая героям і аўтарам. Яго здзіўляла, нават калі пісьменнікі выпісвалі раніцу ў беларускім лесе, у кожнага было сваё бачанне і разуменне. І разам з тым, ён адчуваў, што яны вельмі любілі і добра ведалі тое, пра што пісалі. Напэўна, думаў ён, яны адчуваюць роднасць з сваёй зямлёй, як роднасць з мацераю, бацькоўскім домам.

Ён яшчэ такой роднасці не адчуваў. Ён не ведаў, якое месца прызначана яму ў жыцці, але гэта ўжо хвалявала яго, хоць ён і разумеў — пакуль не нясе перад людзьмі сапраўднай адказнасці за сваё існаванне.

Тады яны спыніліся на беразе рачулкі ля старога вадзянога млына, абрысы якога, адбіўшыся ў вадзе, павольна пакалыхваліся, нібы раствараліся.

На беразе панавала ўжо бязладная гамана, патрэскваў агеньчык.

Анатоль Тарашкевіч, угледзеўшы Васіля і Віталя з дзяўчатамі поручкі, заглушаючы салаўіны пошчак, заспяваў па тым часе модную песеньку, дзе гаварылася, што любоў кальцо, у якога няма пачатку і няма канца...

Салавей, напэўна, яго спужнулі, змоўк. І Віталь, сумеўшыся, сказаў хрэстаматыйнымі словамі: «Дурак, песню испортил...»

— Я гэтаму драчу пакажу! — сумелася Насця і заспяшалася да Анатоля, каб надаваць кухталёў.

Сонца выплыла неяк хутка. На спавольнай плыні густа, як хто насыпаў, залацілася луска хваль. Кусты чаромхі і ракіт серабрыліся, здавалася, у іх голлі заблытаўся вецер, яно варушылася.

А потым яны гаварылі, спрачаліся. Там, ля рэчкі, хлопцы і дзяўчаты адчувалі сябе дарослымі, і можна было думаць, што ніхто з іх ніколі не саступіць з дарогі, якая вядзе да мары. А марыў кожны.

Дык чаму цяпер, пасля школы, так сталася, што яны нібы не думаюць пра будучыню? Чаму цяпер у іх столькі расчараванняў? Чаму многія глядзяць на жыццё не так, як раней? Што іх палоніць?

Паступова, ідучы наперадзе, Васіль стаміўся. Здавалася, ён адчуваў на сваім карку гарачае дыханне Віталя, які ўвесь час лыжамі наступаў на яго лыжы.

Віталь маўчаў, не патрабаваў, каб Васіль саступіў яму дарогу, прызнацца самому, што цяжка ісці па цаліку, у яго не хапала смеласці.

І калі яны прайшлі амаль палову шляху, Віталь, нібы ў яго адкрылася другое дыханне, крыкнуў: «Лыжню!» Васіль саступіў убок.

Ля яго, узнімаючы лёгкі снежны пылок, прабягалі хлопцы і дзяўчаты, а ён стаяў, цяжка дыхаў, пазіраў ім услед, лучыў момант, каб стаць на лыжню апошнім.

 

15

У панядзелак, пасля лыжнага паходу да рэчкі, Васіль амаль на гадзіну спазніўся на працу — не патрапіў на першы аўтобус у райцэнтр.

У рэдакцыі, здаецца, яго спазненне не заўважылі. Калі ён закахканы ўбег у пакой, Кудлацін нават не ўзняў на Васіля вачэй, ён сядзеў за сталом і размашыста распісваўся на лістках паперы, якая ляжала перад ім. Была такая завядзёнка ў загадчыка — у вольны час удасканальваць свой подпіс.

Васіль павітаўся, хуценька распрануўся і цёпнуў у крэсла. Ён пісаў нарыс пра дзяўчыну, якая пасля школы пайшла да бацькоў працаваць на ферму свінаркай.

Не паспеў Васіль напісаць абзац, як у пакой зайшла сакратарка.

— Федаровіч, да рэдактара, — сказала яна і развяла рукамі, маўляў, не ведаю чаго.

Васіль дапытліва паглядзеў на Кудлаціна.

— Чаго глядзіш? — адарваўся той ад занятку. — Я нікому не казаў, што ты спазніўся.

Васіль перавярнуў напісанае, накрыў чыстым аркушам паперы. Яму не хацелася, каб Кудлацін, пакуль ён будзе ў рэдактара, усунуў нос у напісанае. Такая звычка у загадчыка аддзела наглядалася: варта было Васілю на хвіліну выйсці з пакоя, потым прыйсці, як Кудлацін, папыхваючы цыгарэтай, пачынаў цытаваць асобныя яго радкі. І рабіў ён гэта чамусьці ўсякі раз, калі ў пакой хто заходзіў з супрацоўнікаў.

— Які настрой у шэфа? — спытаў Васіль у сакратаркі.

—Не вельмі, — адказала яна.

Васілю не хацелася ісці да рэдактара, не ведаючы, які ў таго настрой. Рэдактар рэдка выклікаў да сябе паасобку супрацоўнікаў. Хіба што калі забракоўваў напісанае, павучыць розуму. Заданні ж ён звычайна даваў на лятучках, патрабаваў, каб на іх кожны прыходзіў з блакнотам і запісваў.

— Хопіць! — сказаў рэдактар, калі Васіль увайшоў у яго кабінет. — Час брацца за справу.

Перад гэтым рэдактар адхіліў яго карэспандэнцыю з ільнозавада пра эканомію энергарэсурсаў.

«Ну вось, пачынаецца», — падумаў Васіль.

— Паўгода вы пісалі амаль пароўну і для газеты, і для кошыка,—сказаў рэдактар, паклаўшы перад сабой рукі і гледзячы на Васіля, — і скажу вам, што гэта мяне задавальняла. Як казаў паэт: «Тысячы тон слоўнай руды дзеля аднаго слова...»

Рэдактар любіў цытаваць класікаў, але недакладна, па-свойму.

— Не атрымліваецца так, — сказаў Васіль, — пісаць і кожны раз думаць, што матэрыял трапіць у кошык, не вельмі прыемна.

— А я як пачынаў? — аж прыўзняўся рэдактар.— Мяне яшчэ больш крэслілі, і лічу, што так і трэба было рабіць... Я многіх здольных хлопцаў вывеў у людзі.

Васіль зразумеў, што сёння размова з рэдактарам не мае ніякага дачынення да яго карэспандэнцыі з ільнозавода і тым больш да спазнення.

— Так, але гэта былі здольныя хлопцы, — сказаў ён, думаючы, што рэдактар пачынае нейкую гульню і яе варта падтрымаць хаця б для таго, каб даведацца пра сапраўдныя адносіны Ігната Сяргеевіча да яго.

— Вось, вось, здольныя. Я таму і запрасіў вас на работу, бо лічыў і лічу, што ў вас ёсць здольнасці. Вы чытаеце часопісы?

— Чытаю.

— Звярніце ўвагу на біяграфіі маладых аўтараў. Цяпер больш друкуюць тых, каго называюць філалагічным пакаленнем. Чаму больш іх, тлумачу: яны маюць спецыяльныя веды, ведаюць жыццё. У вас пакуль нічога гэтага няма. У таго, хто піша, павінна быць біяграфія. Журналісты, пісьменнікі...

— Даруйце, я не лічу сябе ні першым, ні другім. Але я не вінаваты, што, акрамя школы, у мяне нічога няма за плячыма.

— Менавіта таму я вас і выклікаў, — усміхнуўся аднымі вуснамі рэдактар. — Вы зусім не думаеце, калі пішаце, для каго.

— Вядома для каго. Для чытача.

— А ён — розны. Увогуле, ён адзін, той, хто чытае газеты і кнігі. Вы пішаце для газеты, а атрымліваецца, што спрабуеце пісаць прозу. А яна ў вас не атрымліваецца, вы гэта не разумееце, і не атрымліваецца таму, што вы не ведаеце галоўнага.

— Як пісаць? Галоўнае, калі ў некага ёсць талент.

— Не, не як пісаць. Вы не ведаеце жыцця. Яно ў вас прыдуманае, прыгожае, правільнае... А вось, напрыклад, калі ішлі да мяне, пра што вы думалі?

— Ды так... Пра тое мы не гаворым.

— Кіньце. Вы думалі, што я буду вас лаяць за карэспандэнцыю або за спазненне.

— Скуль вы здагадаліся?

— Вопыт, веданне жыцця, — пахваліўся рэдактар.— Пра карэспандэнцыю я з вамі гаварыў?

— Гаварылі.

— Калі б я гаварыў яшчэ раз пра карэспандэнцыю, гэта вас, як чалавека, прынізіла б. Ці не так?

— Магчыма, Ігнат Сяргеевіч.

Васіль апусціў галаву.

— Вось вам і жыццё...

— Даруйце, я мала гаварыў з вамі адзін на адзін. На лятучках вы нейкі...

— Не такі?

— Не такі.

— Дзякуй за шчырасць. Перш за ўсё я — кіраўнік. А ўжо як буду гаварыць з кожным, гэта таксама залежыць ад мяне, ад маіх чалавечых якасцей...

— Зразумела.

— Дык вось, хопіць. Хопіць вам карпець над пісьмамі. З сённяшняга дня вы будзеце працаваць у аддзеле сельскай гаспадаркі. Вам трэба вывучаць жыццё, больш сустракацца з людзьмі.

Васіль узняўся з месца, разумеючы, што размова закончана.

— Чакайце, — спыніў яго рэдактар.

Васіль ужо ад дзвярэй павярнуўся:

—Як вам падабаецца калектыў?

— Вы ж ведаеце, гэта першы калектыў, у якім я працую. Напэўна, калектыў як калектыў, — паціснуў ён плячамі.

— А Кудлацін, Гайдук, астатнія?

— Пра Кудлаціна і астатніх я нічога не магу сказаць. А вось Гайдук мне падабаецца. Як чалавек і таварыш.

— Але, — пільна паглядзеў на яго рэдактар, — вы нічога не заўважалі ў ім такога... Ну, скажам, што ён у некага браў, пазычаў грошы?

— Ігнат Сяргеевіч, я вас не разумею...

— Гэта так... Скардзяцца на яго.

— На Гайдука? Хто?

—Гэтага я пакуль не магу сказаць. Толькі таксама не веру. Хаця мне многае не падабаецца ў яго паводзінах. Ведаеце, быць дзіцём у такім узросце. Тады з пасведчаннем, цяпер...

— Прабачце, я магу ісці?

Васілю было непрыемна, што рэдактар выпытваў у яго пра Гайдука.

Рэдактар кіўнуў галавой.

 

16

Так, Гайдук падабаўся Васілю як чалавек. Яны нават пасябравалі. Неаднойчы ўдвух ездзілі па раёне. Васіль часта бываў у яго на кватэры, некалькі разоў Віктар быў дома ў Васілёвых бацькоў. Гайдук падабаўся таксама бацькам. Ён умеў кожнага выслухаць, з бацькам пагаварыць пра лес, з мацераю пра ўсё: ад каровы, якая ў гэтым годзе рана запусцілася, да зёлак, якіх было многа назапашана.

Маці часта казала Васілю:

— Ты, сынок, такіх людзей трымайся. Ім чужога ні каліва не трэба, яны сваё да крошкі аддадуць, дарэмна чалавека не пакрыўдзяць.

— Скуль ты ведаеш? — пытаўся Васіль, радуючыся, што маці паважае яго старэйшага сябра. — Ці ты з ім працуеш? А можа, чалавек толькі на словах такі?

— А што ж, няпраўда? — падтрымліваў мацеру бацька. — Іншы тры кошыкі нагаворыць, і бачна, што няшчыра. Мякка сцеле, ды мулка спаць. А гэты і гаворыць багата, ды ўсё па-людску. Я табе кажу, сын, у яго душа па ўсім баліць. А ты не думаў, чаму ён з табой сябруе?

— Сябруе, і ўсё.

— Не, мне здаецца, што ён цябе ад некага асцерагае там у рэдакцыі, спачувае табе, не хоча, каб ты аступіўся.

— Ды яго самога трэба асцерагаць, — не згадзіўся Васіль.

— Яго ўжо не трэба, яго ўжо нішто не зменіць. Праўда, і яму хітрэйшым трэба быць, а то не знай не ведай чалавека, адкрываецца.

— Значыць, верыць людзям.

— Гэта добра, што верыць.

Васіль і сам неяк падсвядома разумеў, што верыць чалавеку трэба.

Аднойчы, калі яны пасля работы сядзелі ў фоталабараторыі і пры слаба-чырвоным святле праяўлялі фотакарткі — Васіль упершыню бачыў, як на чыстай паперы нібы самі па сабе вымалёўваюцца рысы, потым твары людзей, Віктар сказаў:

— Падабаецца мне, як ты пішаш. Малаток! Так і трэба... Нібы хочаш у душу зазірнуць.

— Дык жа крэсляць, — паскардзіўся Васіль.

— Хай, газеце, асабліва раённай, гэта непатрэбна. Але калі ты не адступішся і калі-небудзь паспрабуеш сур’ёзна, гэта спатрэбіцца. Толькі, як я разумею, лепш было б, каб цябе не ўзялі ў газету.

— Чаму? — пакрыўдзіўся Васіль.

— Газета — сушыць. Па сабе ведаю. Я некалі вершы пісаў, праўда, не друкаваў. У мяне аднакласнік пісьменнік, у Мінску жыве. Дык ён чытаў, казаў, каб я збіраў на зборнік.

— Пісьменнік? — здзівіўся Васіль. — Жывы пісьменнік аднакласнік!

— Але, — усміхнуўся Гайдук, — толькі я цяпер разумею, што не хацеў ён мяне крыўдзіць. Дрэнна я пішу... Ну выдаў бы кніжачку з яго дапамогай, а далей што? Шэранькі аўтар, шэранькія вершы. Ні ўзад ні ўперад... А ты пішы.

— Я ўжо гэта чуў ад рэдактара, Віктар. Пра што пісаць, калі я нічога не ведаю. Адкажы?

— Пра жыццё... А ты думаеш, я яго ведаю? Толькі знаю, седзячы ў рэдакцыі, жыццё не пазнаеш.

— Мяне больш за ўсё гэта і хвалюе. Кожны дзень адно і тое, кожны дзень думаеш: ухваляць матэрыял ці не. Іншы раз здаецца, што ты недзе за мяжой сапраўднага жыцця, глядзіш на яго, нібы праз акуляры. А вось дома я сустракаўся з аднакласнікамі, дык іх нешта турбуе, у іх свае праблемы, надзеі... Ведаеш, адзін дзівак нават марыць перайначыць жыццё ў пасёлку, каток заліць сярод лесу, правесці электрычнасць і нават пабудаваць дэльтаплан.

— Дэльтаплан? — здзівіўся Віктар. — Гэта ж цудоўна. Толькі лятаць адкуль?

— Не ведаю.

— Калі пабудуе, павінен паляцець... А ты чаму пра гэта маўчыш, ты што — не з імі?

— Цяпер з імі. Але было, даўняя гісторыя...

—Тады не трэба, калі не хочаш. Толькі б я быў з імі, разумееш?

— Разумею. Хаця мне было раней зрабіць гэта вельмі цяжка, быць з імі.

— Гонар? — дапытліва паглядзеў на яго Гайдук.

Васіль не адказаў.

 

17

Такой бурнай лятучкі Васіль яшчэ не бачыў. Рэдактар стаяў за сталом, трымаў у руках два аркушы тэксту, аддрукаванага на машынцы, і трос ім перад супрацоўнікамі, тыя сядзелі ўздоўж доўгага стала.

— Гэта ананімка, — сказаў рэдактар, — яе мне пераслалі з райкома, прасілі разабрацца. Калі тое, пра што тут гаворыцца, праўда, то вы, таварыш Гайдук, павінны будзеце падаць заяву аб звальненні. Калі ж не, калі гэта паклёп, мы павінны ўсе разам падумаць пра прычыну яго з’яўлення. Нам важна не толькі выявіць факт, які б ён ні быў, а ўсебакова прааналізаваць яго.

Гайдук сядзеў моўчкі, пазіраў у акно і, здавалася, нічога не чуў. Кудлацін міргаў маленькімі вочкамі, пад Назарэвічам рыпела крэсла.

— Дык вось, — працягваў рэдактар, — тут пішуць, што Гайдук на рэдакцыйных фотаматэрыялах робіць здымкі і за гэта бярэ хабар. Калі ж падлічыць, колькі грошай ён паклаў у сваю кішэню за пяць гадоў такой дзейнасці, то атрымаецца значная, вельмі значная сума.

— Гэта вельмі проста праверыць, — сказаў Паўлючэнка,— трэба паглядзець паперкі, колькі кожны год ён атрымлівае фотаматэрыялу і колькі здымкаў было надрукавана ў газеце.

— Можна, — згадзіўся рэдактар, — сам факт праверкі пасля такога пісьма павінен быць. Асабіста мяне хвалюе другое. Будзем, напрыклад, лічыць, што факты пацвердзяцца, што Гайдук вінаваты, тады ён панясе пакаранне. Я першы буду супраць яго, не буду шкадаваць яго як чалавека. Калі ж мы памылімся, калі Гайдук не такі, падумайце — мы яго як асобу абразім. Усе разам.

— Я не згодзен, — сказаў Кудлацін, — факт трэба праверыць, неадкладна.

— Я не супраць праверкі фактаў, — сказаў рэдактар,— але мяне здзіўляе, і, мабыць, я больш чым хто з вас, як кіраўнік, вінаваты, што мы Гайдука па-сапраўднаму не ведаем. Як чалавека. Ды і наогул, хто з вас можа сказаць, што Гайдук невінаваты? Вы, Паўлючэнка, вы, Назарэвіч, Кудлацін?

Паўлючэнка паціснуў плячамі:

— Такой адказнасці я на сябе не бяру.

— А чаму я? — спытаў Кудлацін. — Ён не ў маім аддзеле.

— Я б яшчэ падумаў, — сказаў Назарэвіч. — Але я падтрымліваю Кудлаціна, давярай, як кажуць, ды і правярай.

— Можна мне? — спытаў Васіль і, не чакаючы дазволу, пачаў: — Я мала ведаю Гайдука, усяго паўгода. Але я яму веру. Не мог Віктар браць хабар...

— А ты доказна, доказна!—супыніў яго Кудлацін.

— Як жа доказна, чым я магу даказаць? Гэта ж не тэарэма. Я яму веру... Дарэчы, Ігнат Сяргеевіч,— Васіль узняўся з месца, — памятаеце выпадак з пасведчаннем? І Кудлацін, і Назарэвіч ведалі, што Гайдук за людзей свае грошы заплаціў, заступіўся. І, як я разумею, пра гэта яны нікому не сказалі, а пасміхваліся з яго.

— Чакай! Ты варушыш старое, — сказаў Кудлацін. — А між іншым, тады ён заступіўся за п’яніц. Ты гэта ведаеш?

— Ды не п'яніцы яны, не абражай людзей! — амаль крыкнуў з месца Гайдук. — І я не буду цябе пераконваць у гэтым... Ваявалі яны разам, доўга не бачыліся.

Гайдук махнуў рукой, змоўк.

— Добра, — сказаў рэдактар, — давайце з другога боку паглядзім. А хто з вас можа сцвярджаць, што Гайдук бярэ хабар?

Ніхто ні слова, нібы не пачулі.

— Дазвольце? — Гайдук узняўся з месца. — У пісьме амаль усё праўда.

Васіль бачыў, як пачырванеў рэдактар, як заўсміхаўся Кудлацін, а Назарэвіч развёў рукамі.

— Праўда, што я раблю людзям здымкі. І заўважце, не па адным, а па дзесятку. Праўда, што я праяўляю іх у нашай лабараторыі, бо сваёй асабістай у мяне няма, а гаспадыня шкадуе электрычнасць. І грошы мне прапаноўваюць. І я нават раблю канкурэнцыю мясцоваму быткамбінату.

«Віктар, навошта ты на сябе нагаворваеш?» — думаў Васіль.

— Але няпраўда, што я бяру грошы, няпраўда, што раблю за рэдакцыйныя сродкі. Я ўсё патрэбнае купляю сам, і гэта маё права, каго і як фатаграфаваць. Мне прыемна, калі людзі радуюцца. І прыемна перш за ўсё таму, што я здымаю іх такімі, як хачу, як бачу, як яны хочуць. Акрамя Васіля, мне ніхто не верыць...

— Чакайце! — перабіў яго рэдактар. — Вы гэта кіньце! Як больш ніхто? Можа быць, я першы вам паверыў і не веру таму, хто пісаў! Гэта не суд, наша размова. Я хачу, каб у нас у калектыве былі шчырыя адносіны між людзьмі. І вы не станавіцеся ў позу пакрыўджанага.

— Ды што казаць, — абурыўся Паўлючэнка, — замест таго каб працаваць, мы разбіраем паклёп. Ананімка, яна і ёсць ананімка!

— Тут ёсць подпіс,—сказаў рэдактар.

— Як? — амаль адначасова ўскрыкнулі Паўлючэнка і Васіль. — Чаму ж вы тады?..

— Подпіс тут застаўся выпадкова. На другім баку аркуша. Той, хто пісаў, напэўна, не прыкмеціў. І гэты чалавек тут...

Рэдактар змоўк, адвярнуўся да акна, здавалася, што яму сорамна глядзець у вочы супрацоўнікам. Тыя сядзелі і таксама пазіралі адзін на аднаго. Толькі Кудлацін хрыплым голасам сказаў:

— Подпіс можна падрабіць...

— Ігнат Сяргеевіч, — сказаў Гайдук, — я вельмі прашу вас, не называйце прозвішча. Хай ніхто яго не ведае. Як тады працаваць разам?

— Віктар, не даруй, — сказаў Васіль, — чуеш?

Гайдук сумна ўсміхнуўся, нічога на гэта не адказаў.

— Дык што, пісьмо парваць? — спытаў рэдактар.

— Парвіце, парвіце, — параіў Кудлацін, — Гайдук сам просіць... А подпіс можна падрабіць.

Рэдактар парваў пісьмо на дробненькія кавалачкі.

Першы выйшаў з кабінета Гайдук.

Супрацоўнікі, выходзячы, стараліся не глядзець адзін на аднаго.

 

18

Звычайна, калі ў Васіля былі непрыемнасці на рабоце і дрэнны настрой, яму чамусьці ўспаміналася дзяцінства. Успаміны, нібы шырокая ціхая плынь, у якую ўваходзіш паступова і якая як рукой здымае здарожанасць, авалодвае ім. Ён забываўся на ўсё. Лагоднае сэрца, нібы ўсё у яго жыцці было добра і проста.

Успаміналася лета, калі бацька паставіў хату і сям’я перабралася з хлеўчука ў прасторную, тады яшчэ без перагародак, будыніну. Ён ездзіў па хаце на трохколавым веласіпедзе, цягаў за сабой якую галіну — хлыст.

Ад колаў на падлозе заставаліся пісягі. Маці не сварылася, бо бацька збіраўся фарбаваць падлогу—хай дзіця цешыцца. І яно цешылася, думаючы, што гэта хата ніколі не стане для яго маленькай.

Потым падворак, на якім пахла смалой і трэскамі, якія грудкамі ляжалі ля сцяны хаты. Зялёная траўка і гусі. Вялікі шэры гусак выцягвае доўгую шыю, каб ушчыкнуць яго, Васіля. Васіль спуджана заве маці. Яна выходзіць з гародчыка нясе ў прыполе гуркі, бярэ ў рукі дубчык, гоніць гусей на лужок за шашу. Ён, трымаючыся за яе спадніцу, пляцецца побач. Нагрэты за дзень пясок прыемна казыча босыя ногі, у чыстым, дзе-нідзе аблачынка, небе вісіць сліпучае сонца.

Ужо загнаўшы гусей і вяртаючыся назад, яны з маці заўважаюць ля аўтобуснага прыпынку згорбленага дзядка з пустым мяшком у руках. Дзядок смокча скарыначку хлеба, бародка яго, рэдзенькая і сівая, трасецца, і ад гэтага на твары ламаюцца маршчынкі.

— Скуль вы будзеце, дзядзька? — супыняецца побач маці.

Дзядок доўга глядзіць на мацеру, потым узнімаецца з травы, гладзіць Васіля па галаве. Рука ў старога дрыжыць, маленькая, як высахлы падарожнік.

— Здалёку, мая таечка. Аж з Убалацця.

— Аж з Убалацця, — здзіўляецца маці. — Што ж вас, чалавеча, у такую дарогу вымусіла?

— Ат, не пытайся, маладзічка. Людзі наказалі, што ў гарадку гэтай парою прадаюць малочных недарагіх кабанчыкаў, дык я і паехаў. Во са старой крыху грошай сабралі. Чакаю, чакаю, ажно аўтобуса нямашака.

— Яго цяпер доўга не будзе, хіба што вечарам, дык жа куды вам, на ноч гледзячы?

— А што ж рабіць мне? Не ехаць жа назад.

Дзядок уздыхае.

— Назад не, — кажа маці, — хадземце, у нас пераначуеце, а заўтра раніцою паедзеце ў гарадок. Павячэраем, я гурочкаў выбрала...

Дзядок часта міргае вачамі.

— А мая ты таечка, хай табе, і тваім дзецям, і твайму чалавеку здароўе будзе! Няёмка, але свет не без добрых людзей...

Дзядок начаваў у іх, вячэраў разам з усімі ў новай хаце, і чамусьці бацька, які звычайна хутка еў, на гэты раз доўга сядзеў за сталом. А Васіль, пад’еўшы, глядзеў, як дзядок бяззубым ротам жуе хлеб, як у яго дрыжыць рука, калі нясе да рота лыжку.

Тады гэтае «свет не без добрых людзей» Васілю было незразумелым, але запала ў памяць, не сцерлася там, і ўжо цяпер, працуючы ў рэдакцыі, ён разумеў сэнс слоў старога. Не, не таму на свеце багата добрых людзей, што нехта з некім дзеліцца апошнім кавалкам хлеба, нехта некага падтрымлівае ў цяжкую хвіліну, а яшчэ, мабыць, і таму, што большасць людзей жыве сумленна, верыць людзям, можа распазнаць фальш і падман, як, напрыклад, у выпадку з Гайдуком рэдактар. А добры свет, мабыць, і складаецца з мільёнаў крупінак дабраты і чалавечнасці, і не трэба тут адбіраць зерне вялікай дабраты ад дабраты.

Дзядуля той назаўтра паехаў. Больш Васіль яго не бачыў. Але яму неяк падсвядома было добра і радасна за маці і бацьку, і на гусей ён больш не крыўдаваў.

Падросшы, Васіль хадзіў з маці ў лес варушыць і грэбці сена. Звычайна, як і ўсе лесаўчасткаўцы, бацька касіў ля балотцаў, між кустоў, і гэта пара засталася ў яго памяці як своеасаблівае свята, як нешта светлае і па-чалавечы вялікае.

Калі сонца ўзнімалася высока і яго звіркія промні прабіваліся праз густыя галінкі дрэў, ён з маці садзіўся пад кусцік адпачыць. Тады паступова забывалася вуліца, па якой таварышы коцяць абручы, уздымаючы клубы жоўтага пылу, маленькая рачулка, на беражку якой прыемна загараць, вайна ля Яўменавай гары — забываліся тыя дзіцячыя бесклапотнасць і весялосць, якія кожны перажывае ў дзяцінстве, і невядомы дасюль свет жыцця звяроў і птушак, людзей і дрэў уваходзіў ў яго душу словамі маці.

Не, яна расказвала яму не казкі, яна расказвала аб жыцці рэальным, якое было вакол яго і аб якім ён нават не падазраваў: зорка падала ў траву таму, што яе каханы знайшоў над зямлёю вялікую зорку Венеру, лісце жаўцела таму, што сонца аддавала яму сваё цяпло і гэтае занадта шчодрае спагадлівае святло несла бяду дрэвам, а бусел — была птушка з душой чалавека, якая навечна павінна была несці свой цяжкі крыж за правіннасць перад людзьмі. Толькі ж ці была яе правіннасць у тым, што будучы чалавекам, яна развязала мех з гадамі, і тыя распаўзліся, ды наогул як сумясціць яе цікаўнасць і віну за гэта? Тысячы «чаму», якія ён павінен разгадаць, хвалявалі яго розум, і калі ён пачынаў шукаць адказы на гэтыя «чаму», іх станавілася ўсё больш і больш. Тады зараджалася неспатоленая прага некаму выказаць усё, што думаеш, можа, таму ён і пачаў пісаць у газету. Яго фантазіі было мала прасторы ў школьных сачыненнях...

Ганна Кузьмінічна... Яна чытае перад класам яго сачыненне, васьмікласнікі слухаюць уважліва і не вераць, што ён пісаў. Масткі нібы маюць сваю душу, сады ў пасёлку — таксама, хаты падобны на сваіх гаспадароў, пазіраючы ў свет іх вачамі... І раптам голас: «Няпраўда, так збрахаць!..»

Ганна Кузьмінічна нібы спатыкнулася, на мінуту змоўкла, ён паварочвае галаву—Насця! Ды як яна магла так сказаць пры ўсіх, што ён манюка! І глядзіць на яго, не адводзячы вачэй, у якіх скачуць гарэзныя агеньчыкі, хаця б міргнула!

Яму сорамна, ён адчувае сябе нейкім псялыжнікам, твар яго заліваецца чырванню, тахкае ў скроні, ён узнімаецца з месца, каб, пасаромлены, выбегчы з класа, але Ганна Кузьмінічна надзіва спакойна кажа:

— Праўда ўсё гэта... Вы зразумееце гэта, хто раней, хто пазней. Васіль — таксама.

Цяпер ён упэўнены, Насця так сказала знарок, каб увесці яго ў чырвань, пакрыўдзіць. А тады пасля ўрокаў ён перастрэў яе на вуліцы, схапіў за руку.

— Пачакай, яшчэ паглядзім, ці зманіў я. Я — дакажу...

— Што ты дакажаш? — яе гуллівыя вочы насміхаюцца.— Дакажы, толькі мне адной. Выскачка!

Яна паказала яму язык, ён адпусціў яе руку, адбеглася.

— Чаму толькі табе адной? — не зразумеў ён.

— Я так хачу, чуеш?!

Ён да поўначы пісаў нешта накшталт апавядання пра нешчаслівае каханне, а назаўтра паслаў напісанае ў часопіс.

Адказ прыйшоў неўзабаве, напісаны ад рукі пісьменнікам, чые кнігі Васіль чытаў. Пісьменнік пісаў, што яго работу надрукаваць нельга, тлумачыў чаму і ў канцы абнадзейваў: «пры пэўнай рабоце вы, спадзяюся, дасягнеце поспеху. Вывучайце жыццё...»

Ён, паклаўшы ў кішэню картовага пінжачка, доўга насіў ліст з сабой, пакуль на ўроку фізкультуры не ўлічыў момант, калі застаўся вока на вока з Насцяй — настаўнік усіх адпусціў збіраць сон-траву ў сасонніку за стадыёнам,— паказаў ёй.

— Гэта не доказ, — засмяялася яна, узіраючыся ў ліст, — там жа ўсё у будучым часе. А калі гэта будзе яшчэ віламі па вадзе пісана!

Ён выхапіў з яе рук ліст, крутануўся на месцы, потым кінуўся прэч у лес.

Ён не адчуваў, што галінкі балюча сцябаюць па руках, твары, па грудзях. Яму хацелася праваліцца праз зямлю, памерці, толькі б не бачыць яе насмешлівага погляду, ён шкадаваў сябе і адчуваў, што няшчасны.

І разам з тым яму нясцерпна хацелася хутчэй вырасці, пражыць жыццё, сустрэцца з Насцяй, калі ў яе будуць унукі, падарыць ёй усё напісанае і сказаць: «Ну што, ці твая праўда?»

— Васіль, пачакай, во нейкі малахольны, — пачуў ён услед, — нічога яму не скажы, крывое кола, не крані ты яго!

Ён спыніўся.

— Даруй, — падбегла яна да яго, — я пажартавала! Веру, не крыўдуй, добра?

Хіба мог ён пасля гэтага крыўдаваць? Ён усміхнуўся, яму зрабілася добра.

Цяпер ён часта думаў: добра, што ў чалавека ёсць памяць. Іншы раз яна, як сонечны промень, сагравае сэрца...

Ён не разумеў, чаму так думае, ён не разумеў яшчэ, што памяць нібы паходня, якая асвятляе чалавеку шлях наперад.

 

19

У Васіля на рабоце быццам усё было добра. Матэрыялы яго па-ранейшаму друкавалі часта, па-ранейшаму рэдактар іх правіў, але быццам не так прыдзірліва. Тым не менш сапраўднага задавальнення ад работы ў яго не было. Васіль разумеў, што трэба глыбей вывучаць жыццё, якога ён не ведаў, трэба вучыцца, не толькі чытаць кнігі, а, прыглядаючыся да ўсяго, што адбываецца вакол яго, аналізаваць, асэнсоўваць.

У яго было адчуванне нібы ў кватаранта, які жыве ў чужой кватэры, не ведаючы па-сапраўднаму яе гаспадароў.

Ён хоць па-ранейшаму жыў з бацькамі ў Мастках, але дрэнна ведаў, што адбываецца ў пасёлку, ён нібы абыходзіў клопаты пасялкоўцаў, не заўважаючы іх.

Пасля прымірэння з хлопцамі, якія працавалі на лесаўчастку, ён сустракаўся з імі то на стадыёне, ходзячы на лыжах, то вечарамі у клубе.

Яны казалі, што Віталь, Пятро, Іван і некалькі старшакласнікаў расчышчаюць стадыён ад снегу, каб заліць каток.

Гэта было нялёгка. Вечарамі пасля работы яны бралі фанерныя рыдлёўкі, спускаліся з Яўменавай гары, адкідвалі з пляцоўкі снег, а ноччу або раніцой яе зноў засыпала, прыходзілася пачынаць усё спачатку. Урэшце ўсталяваліся ясныя марозныя дні, нахапкамі хлопцы давялі пляцоўку да ладу, заставалася толькі заліць вадой.

— На лесаўчастку ёсць пажарная машына,—сказаў ім Васіль, — трэба папрасіць яе — і ўвесь клопат.

— Урублеўскі табе дазволіць? — дзівіўся Пятро. — Чакай Пятра, сыру з’ясі. Я неяк быў заікнуўся пра машыну, дык ён замахаў рукамі, як вятрак крыламі: а раптам у гэты час што загарыцца?

— Давайце нальём у бочкі вады ды прывязём, — сказаў Васіль.

— Ты як з месяца зваліўся, — сказаў Віталь, — хто ж так каток залівае? Трэба, каб усюды аднолькава роўна, шлангам трэба, як у горадзе. Я на свае вочы бачыў, як гэта робіцца. Толькі машына пажарная патрэбна.

— Заладзіў: машына, машына, — перадражніў яго Іван. — Кажуць табе, што не бачыць яе нам як сваіх вушэй! Шкада, што столькі сіл патрацілі...

Іван са злосцю шпурнуў рыдлёўку далей ад сябе, зняў рукавіцы, выцер рукой узмакрэлы лоб.

— Хіба што Васіль папросіць, — разважаў Пятро.

— Я? Ды ён касавурыцца, калі мяне бачыць, — адказаў Васіль. — Мы з Уладзімірам Мікалаевічам нібы што не падзялілі, ворагі.

— Не адгаворвайся, — не сунімаўся Пятро, — ты працуеш у газеце, растлумачыш: так і так, моладзь павінна адпачываць пасля работы, не ўсё ж хадзіць мурзатымі.

Хлопцы з надзеяй глядзелі на Васіля, ён разумеў: калі адмахнецца — не даруюць.

 

20

Васіль доўга гаварыў з Уладзімірам Мікалаевічам. Той стаяў на сваім.

— Не маю права, — казаў ён, уздыхаючы і пазіраючы міма Васіля, — а раптам што загарыцца ў пасёлку? Ты ж адказваць не будзеш, сеў на аўтобус ды ў горад.

Урэшце Васіль зразумеў, што воза яму не зрушыць.

Уладзімір Мікалаевіч, здаецца, знарок не дазволіў узяць машыну. Да ўсяго ж, на ёй Урублеўскі ездзіў на дзялянкі, яна часта прастойвала ля яго хаты, выкарыстоўваў як сваю.

— Калі машына прымярзае да дарогі ля вашага дома, дык вы пра пажар не думаеце, — уеў яго Васіль, — а тут усяго на паўгадзіны работы.

— Яйка курыцу вучыць! — абураўся Урублеўскі.— Будзеш на маім месцы, тады загадвай!

— Мне ваша месца не трэба! Раней чаго толькі не абяцалі нам, каб у Мастках засталіся! А цяпер і вухам не вядуць. Хлопцам нават няма дзе адпачыць.

— Як няма? А клуб?

— А што там рабіць? Ён увесь час на замку, адчыняецца толькі, калі кіно прывязуць.

— Арганізуйце работу. Але, я перад вамі скакаць буду ці твой бацька? Рассыплемся, як порхаўкі. Арганізуйце самадзейнасць.

— Пацеха з пустога меха. Кіраўніка няма... Ды і як гэта толькі мы самі?.. Цяпер прафесійныя артысты ў раённы Дом культуры кожны тыдзень прыязджаюць. Лепш наведвацца туды.

— Вось што. Ты за сябе кажы. Хлопцаў не чапай! Ім працаваць трэба, гэта ў цябе ў галаве гулі.

— Уладзімір Мікалаевіч, — стрымліваючы сябе, каб не сарвацца і не сказаць што абразлівае, мовіў Васіль, — калі вы будзеце так, як цяпер, ставіцца да моладзі, пенсіі дачакаецеся адзін.

— Ну, ведаеш, дэзерціры былі і раней. Слабакі заўсёды ўцякалі ад цяжкасцей, але жыццё ішло наперад.

Уладзімір Мікалаевіч паправіў каўнер кажуха, паглядзеў у бок машыннага двара, даючы зразумець, што размова скончана. Яго кароткія сівыя вусы аб’інелі.

— Так, былі, — затрымаў яго Васіль, саступаючы з пратоптанай сцяжынкі, якая вяла ад канторы на машынны двор, у снег, — але тут не слабыя. І чаму адразу хапацца за гэта? Ёсць жа магчымасць, каб добра адпачываць. Усё рабіць ды рабіць — сумна так. Толькі скажу, і раней я быў перакананы, што да работы трэба рыхтаваць са школьнай парты людзей, вы гэта ведаеце. А не падманам браць сабе замену, як вы зрабілі... Прабачце, Пятро, Іван, хлопцы, Віталь, ды ўсе, пасля арміі да вас не прыйдуць. Мала таго, яны другім закажуць, каб вас абыходзілі... Хлопцам дапамога ваша патрэбна, а вы...

— Кажы, кажы... Нібы па пісаным. Ці я менш цябе разумею ў жыцці?

— Гэта я не кажу, толькі не трэба нас гэтым папракаць. Наша пакаленне сваё пакажа. Яно дарогі будуе, заводы, хопіць яму. Так і павінна быць. Але нам справа патрэбна і магчымасці для адпачынку.

— Справа, каток! — усміхнуўся Уладзімір Мікалаевіч. — Не дам я машыны, дос!

Ён павярнуўся, пад яго фетравымі, з закасанымі халявамі валёнкамі зарыпеў снег.

— Тады мы возьмем самі, — кінуў услед Васіль.

— Як гэта самі? — снег перастаў рыпець, Уладзімір Мікалаевіч спыніўся як укопаны. — Ды я вас, смаркачы, пад суд аддам!

«Ну вось, звязаўся», — падумаў Васіль і пасунуўся ў бок гары.

 

21

Калі Васіль расказаў хлопцам пра сваю гутарку з Уладзімірам Мікалаевічам, тыя яго не пахвалілі.

— Ты пераначаваў, партфелік у рукі ды паехаў,— сказаў Пятро, — а нам жа тут працаваць, падумае, што мы цябе падбухторылі. Ды і абяцаў мне і Івану даць накіраванне ў лесатэхнічны інстытут. Цяпер думай...

— А што думаць?—здзівіўся Віталь, — мы ж не на яго ўласным прадпрыемстве працуем. А калектыў?

— Калектыў, калектыў, — сказаў неахвотна Пятро, — ты, Віталь, без году тыдзень з намі, а мы ўжо даўно навучаныя. Ніхто з намі не лічыцца, за дранае лыка не вядзе...

— Будуць лічыцца, — нібы паабяцаў Віталь. І да Васіля: — Пад суд, кажаш? Хай паспрабуе. Толькі, хлопцы, нельга нам адступаць. Цяпер адступім — наступны раз нават размаўляць не стане.

—А што ты зробіш? — спытаў заклапочана Іван. Відаць, ён таксама не згаджаўся з Васілём і лічыў, што не трэба было злаваць Уладзіміра Мікалаевіча.

— Зраблю! — Вочы Віталя па-блазенску заблішчалі.— Сам вазьму машыну.

— Шыро-ока адчыніць табе вароты вартаўнік, — сказаў Пятро.

— Навошта? Уладзімір Мікалаевіч ездзіць на машыне на абед?

— Ну?

— Эх-ма! — узрадаваўся Віталь. — Заўтра пасля работы ўсе на каток з канькамі. Чуеце?!

— Бяжым, аж гай шуміць, — сказаў Пятро.

 

22

Васілю расказвалі, што такога шуму у Мастках яшчэ не было. Апоўдні на другі дзень ад свайго дому бег па вуліцы да Яўменавай гары Уладзімір Мікалаевіч. Быў ён без шапкі, у касцюме, твар чырвоны, злосны, рукі матляліся ўзад-уперад.

Жанчыны, Васілёва маці таксама, якія стаялі ля магазіна, чакаючы з горада машыну з прадуктамі, убачыўшы такім Урублеўскага, увязаліся следам.

Уладзімір Мікалаевіч выбег з пасёлка, скіраваўся па дарозе да школьнага стадыёна.

Жанчыны не адставалі. Выбеглі на стадыён, спыніліся, нічога не разумеючы. Тут стаяла пажарная машына, вакол яе, трымаючы ў руках доўгі рабрысты рукаў, круціўся Віталь, заліваючы каток.

Варта было толькі Уладзіміру Мікалаевічу наблізіцца да машыны, як шлейф вады пачынаў падаць у напрамку да яго.

Урублеўскі нешта крычаў, гразіўся, а Віталь рабіў сваю справу. Урэшце, крыху супакоіўшыся, Уладзімір Мікалаевіч крыкнуў:

— А каб жа цяпер што загарэлася ў пасёлку!..

Пачуўшы гэта, Віталь выключыў матор, кінуў шланг, падышоў да Урублеўскага, падаў ключы, моўчкі паківаў галавой.

— Божухна! — успляснулі рукамі жанчыны. — Пажылы чалавек, а так сябе паводзіць. І не сорамна?

— Яму не сорамна, — вымавіла Васілёва маці, пачуўшы пажаданне Уладзіміра Мікалаевіча...

— Цяпер ён табе жыцця не дасць, — сказаў Пятро. Гэту гісторыю мо дзесяты раз расказваў хлопцам Віталь, майструючы ў сваім хляве дэльтаплан. Хлопцы прыйшлі да Віталя вечарам, яны ўжо чулі, што той утварыў па Яўменавай гары.

— Пабаіцца, — упэўнена сказаў Віталь, мацуючы дроцікі на тонкае мацерчатае вялікае — яно ледзь умяшчалася ў хляве — крыло. — Я ж не ўзяў машыну з гаража без дазволу, а паехаў ад яго хаты. Ён жа выкарыстоўвае яе для асабістых патрэб.

Васіль усміхаўся, пазіраючы на Віталя. Хто б як не ён да такога дадумаўся? Але ж каток заліў, цяпер вось майструе апарат, ды так сур’ёзна, быццам верыць, што паляціць.

— І вада не замерзла, а такі мароз быў? — пытаў Іван.

— Не замерзла, — усміхнуўся Віталь. — Раніцой, калі ў радыятар залівалі гарачую ваду, я сказаў старому Няфёду, каб у цыстэрну наліў таксама гарачай. Няфёд яшчэ на мяне недаўменна зірнуў, але я спаслаўся, што так загадаў Урублеўскі.

— Ты ж чалавека падвёў, — сказаў Васіль.

— Не без гэтага. Але стары пасля здарэння, калі я прыйшоў павініцца, смяяўся. Ён жа загад выконваў, яму што.

— Не, Віталь, ты цяпер за руль не сядзеш, — паспачуваў Пятро.

— Чаму? Узрост дазваляе, машыны прастойваюць. Трэба ж некаму лес валіць, — сяду.

У хляве было холадна. Вецер намёў з-пад дзвярэй снегу, ён ляжаў на доле сінімі купкамі. Цьмяна гарэла электрычнасць. У агароджаным катушку рохкаў вяпрук..

— Як ты тут майструеш? — здзівіўся Пятро.

— Так і майструю. Цесна, але нічога. Маці не сварыцца. А то быў распачаў у хаце, дык планкі для крылаў хацела на падпалку пасячы.

Васілю здавалася, што ён ніколі не змог бы зрабіць таго, што зрабіў сябра. Гэты, калі што ўзяў у галаву, не адступіцца, хоць ты яго рэж. Вось і дэльтаплан майструе, нібы няма ў яго якога другога занятку. Усё яму зразумела, што рабіць, як сябе паводзіць. Не, у Васіля, здаецца, усё няпэўна, неакрэслена.

 

23

Васіль ніяк не мог закончыць нарыс пра маладую свінарку. Загадчык сельгасаддзела Старавойтаў, мужчына трыццаці год, высокі, хваравіты з твару, двойчы планаваў Федаровічаў нарыс у нумар, але кожны раз Васіль казаў, што напэўна, трэба яшчэ падумаць над тым-сім.

Старавойтаў, хоць і патрабаваў, каб матэрыялы своечасова здавалі, але Васілю сказаў:

— Калі ты лічыш, што не зрабіў як след, то патрымай. Навошта спяшацца, не гарыць.

— Мне, Гарасім Сямёнавіч, здаецца, што я танцую, як кажуць, ад печы... Нешта хочацца знайсці такое... зразумець, чаму ўсё ж дзяўчына вярнулася з горада ў вёску. Вёска тая маленькая, брыгада, нават не цэнтр калгаса. Ферма старая, скасабочаная, клуба няма. аднагодкаў мала, у асноўным хлопцы-трактарысты, якія па восем класаў скончылі, вучыцца далей не дужа імкнуліся.

Гарасім Сямёнавіч здымаў акуляры, паглядаў на Васіля, старанна праціраў шкло, нібы яно запацела.

— Складана ўсё гэта, Васіль. А калі складана, то цікава. Мне падабаецца, што ты стараешся паглыбіцца ў з’яву, разабрацца ў сітуацыі. Без гэтага нельга ў нашай справе.

Васілю было прыемна, што Гарасім разумее яго, адносіцца да яго, як старэйшы сябра, раіцца з ім, як з роўным. У сельгасаддзеле ён адчуваў сябе свабодна і проста, нібы многа гадоў ведаў Старавойтава. Гэта падбадзёрвала, і хацелася як ніколі працаваць. Да ўсяго Гарасім быў без хітрыкаў і ніколі не кпіў з Васіля, наогул паводзіў ён сябе заўсёды тактоўна. Для яго не існавала аўтарытэтаў у залежнасці ад займаемай чалавекам пасады, што нельга было сказаць пра Кудлаціна.

Гарасім параіў яму яшчэ раз з’ездзіць у вёску, сустрэцца з дзяўчынай і нават пераканаў рэдактара дазволіць Федаровічу ехаць на рэдакцыйнай машыне.

Рэдактар прайшоўся па пакоі, шаркаючы вялікімі чаравікамі, паморшчыўся, нібы яму яны мулялі, але дазволіў. Ігнат Сяргеевіч патрабаваў, каб супрацоўнікі дабіраліся ў калгасы на аўтобусах або на спадарожных, пры гэтым падкрэсліваў, што сам у маладыя гады пехатою абышоў увесь раён. Калі ён цяпер пахваліўся гэтым, Гарасім сказаў, што дарэмна, бо ні Горкага, ні Салаухіна з Ігната Сяргеевіча не атрымалася. Ігнат Сяргеевіч заўвагу палічыў за жарт, доўга і гучна смяяўся, хаця Васіль смешнага тут нічога не бачыў. Рэдактар праз сакратарку выклікаў шафёра, той прыйшоў пакамечаны, заспаны, і Ігнат Сяргеевіч сказаў яму, каб ехаў з Федаровічам.

Шафёр здзівіўся — машына больш прастойвала ў гаражы, чым ездзіла. Зрэдку ў яе садзіўся Ігнат Сяргеевіч, калі яго выклікалі на якую нараду ў вобласць ці ў Мінск.

Дарога была няблізкая, патрэбная Васілю вёска знаходзілася амаль на мяжы двух раёнаў. «Газік» доўга ехаў, спачатку па перамеценых снегам палявых дарогах, часам машына буксавала, тады Васіль вылазіў з яе і штурхаў ззаду плячом. Калі машына выскоквала са снегу, ён бег следам, пакуль яна не спынялася на чыстым. Потым пайшла лясістая мясцовасць, снегу тут было менш, ды і дарогу расчысцілі бульдозерам.

Яны міналі вёскі, Васіль любаваўся аб’інелымі дрэвамі на вуліцах, старымі садамі, якія таксама ў інеі, і толькі дзе-нідзе бачыўся малады сад, дрэвы якога былі абвязаны яловымі лапкамі.

У кожнай вёсцы сярод новых цагляных дамоў чарнелі пахілыя старыя хаткі з забітымі вокнамі, звычайна ад такіх двароў не былі пратаптаны сцежкі на вуліцу.

— Няўжо ў гэтых хатках няма жывой душы? — спытаў Васіль у шафёра, пільнага пажылога мужчыну.

— Можа, і няма, — адказаў той, не адрываючы ад дарогі вачэй, — тут жа ў вайну багата людзей пабілі-папалілі. А хто ўцалеў, мабыць, памерлі, параз’ехаліся. Быў жа час, калі людзі накідалі наседжаныя месцы.

Хаця, — уздыхнуў ён, — лёгкага хлеба нідзе не знойдзеш... Некалі ж у калгасе на працадзень выдавалі прыгаршчу зерня. А што ты зробіш, час такі быў. Пачыналі ўсё пасля вайны на голым месцы, я іншы раз падумаю: каб не вайна, жылі б мы намнога лепш, чым цяпер.

— Вядома.

— А ёсць жа яшчэ людзі, — шафёр глянуў на Васіля, ізноў утаропіўся на дарогу, — якія не хочуць разумець гэтага. Ім падавай усё на талерачцы, ім усяго мала. А вось спытай у такога чалавека, што ён даў людзям.

— Будзе маўчаць, як вады ў рот набраўшы.

— Не, — не згадзіўся шафёр, — такія людзі не маўчаць, у іх рот не закрываецца, яны ўсім незадаволены, усё патрабуюць, чужымі рукамі яны і жар заграбалі б... Вось ты, малады, працуеш. Ведаю, нялёгка табе. А паглядзіш на цябе, на другога, на трэцяга і радуешся, нездарма мы ваявалі, нездарма недаядалі, недасыпалі, нехта ж прадоўжыць нашу справу, таму і радасна. Вось цябе трывожыць, што хаты з забітымі вокнамі... Каб жа быў пустальга, то не трывожыла б.

Васіль ніяк не мог знайсці сувязь між тым, што казаў шафёр, але словы яго краналі, прымушалі задумацца. Напэўна, гэтыя амярцвелыя хаткі не толькі адгалоскі вайны. Напэўна, ёсць ці былі іншыя прычыны, чаму людзі пакідаюць зямлю. Яна ж без чалавека, без яго рук — нічога не значыць. Вось яго гераіня, яна, напэўна, разумее гэта. Людзі ствараюць вёскі, у вёсках нараджаюцца людзі, няўжо наступіць час, калі з вясковых каміноў не ўзаўецца дымок, не будуць гарлапаніць раніцою пеўні, адзічэюць сады? Можа, гэта больш за ўсё і хвалюе яе, а ён абышоў гэта ў сваім нарысе. І няўжо да гэтага ніхто не дадумаўся ў Мастках, ні яго сябры, ні бацькі, ні настаўнікі, ні той жа Уладзімір Мікалаевіч? Сярод лесу будавалі некалі Масткі, мінула не так: багата гадоў, і калі задумацца, калі ў пасёлку ўсё будзе па-ранейшаму, як цяпер, перад ім востра стане праблема аднаўлення. Яна, мабыць, мае глыбокія карані: аднаўлення не толькі ў сэнсе адбудовы, аднаўлення працоўных рэсурсаў, замены аднаго пакалення другім. Бо ў Мастках яго, Васілёва, пакаленне, мяркуючы па ўсім, не затрымаецца. А магло б...

Ён разважаў так і раптам спыніўся на думцы, што раней яго гэта не турбавала: вучыўся як вучыўся, жыў як жыў, працу паважаў, адносіўся да яе як да самага неабходнага, не баяўся набіць на руках мазалі і ніколі не думаў, што ў жыцці столькі супярэчнасцей, столькі незразумелага.

Машына выехала з лесу, выскачыла на вясковую вуліцу. Справа паказаўся абледзянелы, амаль урослы у снег калодзеж, доўгія жалабы ля яго — тут, напэўна, паілі коней, разгойдвалася на ветры разам з жураўлём цяжкое драўлянае вядро.

— Спыніцеся, калі ласка!—папрасіў Васіль шафёра, калі машына параўнялася з вялікім, з трыма вокнамі на вуліцу, домам.

 

24

Аня Міхейчык, пра якую Васіль пісаў нарыс, была дома. Яна нядаўна прыйшла з фермы, пераапранулася і цяпер адпачывала. Мабыць, яна заўважыла, што ля дома спынілася машына, бо калі Васіль увайшоў у двор то ўбачыў яе ў лёгкім, з кароткімі рукавамі халаціку на ганку. Дзяўчына, чакаючы яго, тупала пантоплікамі, склаўшы накрыж рукі.

— Бяжыце ў хату, — прывітаўшыся, сказаў Васіль, — такі холад, замерзнеце!

Аня не паслухалася, чакала яго, усміхнулася, крыху прыжмурваючы вочы, шчокі яе пунсавелі ад марозу.

— А я ўжо думала, што вас ніколі не ўбачу, — прызналася дзяўчына.

— Чаму?.. Раён жа вялікі, пакуль усюды пабудзеш... Нічога, яшчэ не раз, думаю, сустрэнемся... Я апошні час пра вас шмат думаю...

Аня павярнулася, паглядзела на яго з удзячнасцю, ён скеміў, што яго словы яна зразумела па-свойму, пашкадаваў, што так сказаў.

— Мне здаецца, што мы з вамі не пра ўсё пагаварылі,— паправіўся ён.

— Пра работу! Ат, не хочацца. Цяжка, нацягаешся за дзень вёдраў з вадой, з кормам, рукі адвальваюцца.

У хаце было цёпла, утульна. На вокнах віселі бялюткія фіранкі, стол быў накрыты квяцістым саматканым абрусам, на сценах у рамачках фотакарткі, пад імі красаваліся вокладкі з часопісаў, з якіх усміхаліся зоркі кінаэкрана.

— Работа і ёсць работа, — сказаў Васіль, — вядома, на ферме, мабыць, цяжэй, чым дзе. Але ў жывёлагадоўлі хутка будзе цікава. Паўсюль будуюцца жывёлагадоўчыя комплексы, а ў іх шмат тэхнікі, аўтаматыка, таму, хто любіць гэтую справу, хопіць прасторы для творчасці. Думаю, што моладзь гэтую справу возьме ў свае рукі. На комплексах патрэбны веды, ды не абы-якія.

— Я ведаю. Старшыня нам расказваў пра гэта, — сказала яна. — У цэнтры нашага калгаса таксама будуюць комплекс. Кажуць, туды перасяляюць маленькія вёсачкі, нашу чапаць не будуць. Добра было б, каб і мы пераехалі. Там Дом культуры, багата маіх аднагодкаў, блізка да гарадка, тры разы ў дзень аўтобус ходзіць. У нас хоць вёска ладная, але жывём як наводшыбе.

— І ў вас нешта будзе, калі вёска перспектыўная... А вы не шкадуеце, што вярнуліся з горада? — Васіль паспрабаваў весці гаворку ў патрэбным для яго кірунку.

— Не, — прызналася яна. — Я пасля школы туды паехала, бо бацькавы сваякі запрашалі. Кажуць, чаго дзяўчыне гавець у вёсцы? У горадзе работа лягчэйшая, і адпачынак, і два выхадных. Яно праўда, работа там у мяне была б няцяжкая. Я ж за парыкмахера вучылася. Але ж заробак незайздросны. Праўда, добрыя майстры маюць грошы. У іх свае кліенты, пакуль ты яго стрыжэш, ён неўзаметку торкне ў кішэню якую капейчыну. Дык жа брыдка... А тут цябе ніхто не ўпікне, што чужы хлеб ясі, тут усё праз твае рукі праходзіць.

— І вярнуліся?

— Вярнулася. Там за кватэру — плаці, а хочацца ж апрануцца добра, чаго лепшага купіць. Напісала маме, дык яна: кідай усё, вяртайся.

Аня гаварыла разважліва, мабыць, усё добра абдумаўшы, пераканаўшыся ў сваім, яе цікавіла многае з таго, на што Васіль не звяртаў увагі. Вось і пра заробак думае, клапоціцца пра будучыню, не хоча мець дармовых грошай.

— Дома лепш? — спытаў ён.

— Лепш. Ды і сцены тут свае. Смех смехам, — сказала яна сур’ёзна, — у горадзе пакуль кватэру атрымаеш, пацягаешся з клункамі па чужых кутках. А тут калгас маладым цагляныя домікі будуе, толькі жыві, працуй.

Слухаючы Аню, Васілю здавалася, што яна намнога старэйшая за яго, у яе ўсё раскладзена па палічках, і з горада яна прыехала таму, што ён не даў адразу ўсяго таго, чаго чакала. Вядома, калі б у горадзе ў яе ўсё склалася па-другому, і нагі яе ў вёсцы не было б. Вось яны, вагі, на адной шалі якіх — горад, а на другой — вёска з усім, што можа даць ёй.

Яны памаўчалі, кожны думаючы аб сваім, Аня раптам сказала:

— Я ж са страхам цяпер кожны нумар газеты адкрываю.

— Чаму?

— Як чаму? Людзі гадамі сцяжынкі ад хат да фермы тапталі, столькі дабра зрабілі, а пра іх маўчаць. А я крыху папрацавала, і мной газеты зацікавіліся. Думаю, прачытаюць, што скажуць... А можа, не пішыце пра мяне?

Іх погляды сустрэліся. Васіль зразумеў яе, паціснуў няпэўна плячыма.

— ‘Спрабаваў, прызнаюся, пакуль не атрымліваецца.

— Ды і не трэба, калі начальства на вас не будзе сварыцца.

— Не будзе.

«І ўсё ж добра, — думаў ён, — што я сёння паехаў сюды».

Першы раз калі гаварылі, думкі яго спатыкаліся на рамантыцы. Ён сам прыдумаў для Ані рамантыку, калі так можна сказаць, стараўся ўціснуць яе ў каляю. А ў яе свае меркаванні, ёй не да гэтага. І невядома, што горш: прыдуманая рамантыка ці вось такі яе закаранелы сялянскі практыцызм? Працуе ж яна добра, разважае пра сям’ю, спадзяецца атрымаць кватэру, калі ўсё так атрымаецца ў яе жыцці, як думае, не зрушыш Аню з месца. Народзяцца ў яе дзеці, на падворку з'явіцца хлеў, у якім раніцаю будзе рыкаць карова, пабудуе гараж, купіць машыну, вырасціць сад, голле якога будзе ўгінацца ад яблыкаў. Усё гэта добра, толькі б не стаў для яе кожны яблык капейкай, а глышачка масла ад свае каровы рублём, толькі б не забылася Аня дарогу на ферму, толькі б не стаў для яе галоўным у жыцці рынак. Разважае так... Хаця хто ведае. . Кожны жыве, як умее.

— Мне пара, — сказаў Васіль, — устаючы з канапы і камечачы ў руках шапку.

— Чакайце! — спахапілася яна, — паабедаем, бацькі хутка прыйдуць з работы.

— Дзякуй, няма калі. Вадзіцель чакае ў машыне, яго там холад даймае...

— Але, — згадзілася яна, — калі чакае...

 

25

У час зімовых канікулаў Васіль атрымаў паштоўку з Масткоўскай школы — яго запрашалі на сустрэчу вучняў з выпускнікамі. Паштоўка была адрасавана на рэдакцыю: настаўнікі і вучні ведалі, што ён жыве дома.

Віталя ж не запрасілі, і калі, сабраўшыся, Васіль зайшоў па яго, той паціснуў плячыма:

— Мяне там не чакаюць, чаго я папруся?

— Пакрыўдзіўся?

— Не чакаюць жа, кажу!

— Кінь, усе нашы будуць... Можа, у школе палічылі, калі ты ўвесь час на вачах, сам прыйдзеш.

— Ты ўпэўнены? А мне здаецца, што тут не абышлося без Уладзіміра Мікалаевіча. Яго і дырэктара не разальеш вадой, сябры. Не могуць дараваць, што я без дазволу каток заліў.

— Кінь глупства, — сказаў Васіль, — Уладзімір Мікалаевіч пасля таго слова табе не сказаў. Лесавоз жа даверыў.

— Даверыў. Не машына — развалюха. Дзень езджу, два пад рухавіком калею. Бурчыць, што дзяцей набралі, а яны ўсё робяць праз пень-калоду. Я заікнуўся, што хлопцы добра працуюць, дык ён сказаў, не пра іх гаворка.

Віталь падышоў да этажэркі з кнігамі, якая стаяла ў куце, прыўзняў некалькі кніг, дастаў з-за іх пачак «Беламору», чахнуў запалкай, закурыў.

Васіль недаўменна паглядзеў на сябра. Віталь не курыў, бярог здароўе для авіяцыі. З пярэдняй увайшла маці, паківала галавой.

— Куры, каб на табе шэрсць закурылася!

— Не забароніш, — агрызнуўся ён, — дарослы, васемнаццаць гадоў ужо. Вясной служыць пайду, можа.

— Дарослы, — сказала яна, — вецер у цябе ў галаве. На людзі хоць не паказвайся. Толькі і пытаюць пра твае жартачкі з начальнікам. Пачакай, гэта табе бокам вылезе... Чалавек па цябе зайшоў, ідзі ўжо, не натурся...

Калі яны выйшлі на вуліцу, апускаўся вечар. Неба на захадзе было яшчэ ў празрыстай ружовасці, дымы з каміноў узнімаліся ўверх слупкамі, раставалі ў цяжкой сіняватасці. Снег пад нагамі рыпеў каляна, пабліскваў кавалачкамі тоўчанага шкла. Пакуль яшчэ рэдкія зоркі слаба мігцелі над галавой.

Яны скіраваліся да школы, чамусьці ішлі моўчкі, нібы злуючы адзін на аднаго.

Школа! Столькі ў іх жыцці было звязана з ёй. Першая самастойна прачытаная кніга, першае пачуццё адказнасці за справу, радасці і засмучэнні! І пачуцці, кволыя, як пялёсткі, да дзяўчат. І станаўленне, і разуменне пасля, што ты грамадзянін, а не сузіральнік жыцця.

І раптам быццам усё парушылася пасля вучобы. Настаўнікі быццам забыліся, што іх вучні жывуць побач, што ім яшчэ патрэбны парады, падтрымка, а вучні ў мітусні дзён забыліся пра настаўнікаў.

Толькі сувязь з вучнямі... Старшакласнікі вечарамі прыходзілі на каток, які слаба асвятляў адзінокі ліхтар, прымацаваны Віталем на сасне. Каток вабіў вучняў, але абураў настаўнікаў і некаторых бацькоў — дзеці часта забываліся, што трэба вучыць урокі, дапамагаць па гаспадарцы: рэзаць дровы, наскубці са стажка сена карове, ці мала клопатаў ля хаты... Аддаленасць былых выпускнікоў ад школы тлумачылася яшчэ і тым, што школьная камсамольская арганізацыя была сама па сабе, лесаўчасткаўская — таксама.

...У школе, калі туды прыйшлі Васіль і Віталь, было ўжо людна. Іх сябры тоўпіліся ў канцы калідора, старшакласнікі — у другім. Урэшце ўсіх запрасілі ў залу.

Васіль і Віталь селі ў апошнім радзе.

На сцэне актавай залы стаяў доўгі стол, вядома ж, з графінамі і алоўкам, і толькі керамічная ваза з яловымі шышкамі з краю стала сведчыла аб святочнасці вечара.

Шумна было, як на вялікім перапынку, калі забываеш, што наперадзе ўрок. І калі ў залу ўвайшлі дырэктар і настаўнікі, цішыня ўсталявалася не адразу, хаця ўсе ўзняліся з месцаў, вітаючы іх.

Дырэктар і настаўнікі занялі месцы за сталом, некалькі крэслаў пуставала. На сцэну выйшла выдатніца, вучаніца дзевятага класа, сакратар школьнай камсамольскай арганізацыі Марыся Урублеўская, дачка Уладзіміра Мікалаевіча, пачала з паперкі зачытваць прозвішчы тых, хто павінен заняць на сцэне пустыя месцы... Насця, Нэля, Пятро, Васіль... Васіль, пачуўшы сваё прозвішча, не зварухнуўся.

— Ідзі! — штурхнуў яго пад бок Віталь. — Чуеш?

Васілю зрабілася няёмка, ён разумеў, што дзяўчат запрасілі таму, што яны вучацца ў інстытуце, Пятра з-за паслухмянасці, а яго — бо працуе ў газеце.

Ён паглядзеў на настаўнікаў, яго позірк сустрэўся з позіркам Ганны Кузьмінічны, яна кіўнула яму, Васіль узняўся з месца.

Спачатку гаварыў дырэктар. Гаварыў нядоўга... Школа вельмі рада вітаць сваіх былых вучняў, на якіх у будучым ускладвае вялікія надзеі, і не толькі на тых, хто вучыцца ў інстытуце, а і на тых, хто працуе.

Затым з месца ўзнялася Нэля. Яна доўга дзякавала ўсім настаўнікам, асабіста дырэктару, потым запрасіла ўсіх вучняў пасля школы паступаць у машынабудаўнічы інстытут.

«Хоча ўсіх прычасаць пад адзін грабянец, — падумаў Васіль. — І што за мода пайшла? Калі на лесаўчастак — усім класам, у калгас — таксама, у інстытут... У кожнага ж свае схільнасці...»

Васіль выступаў апошні. Ён таксама дзякаваў школе, настаўнікам, потым звярнуўся да вучняў. Ён бачыў, што яго слухаюць уважліва, таму хваляваўся.

— Што я магу параіць вам, амаль маім равеснікам, — казаў ён, — калі сам яшчэ не маю жыццёвага вопыту, калі ў многім сумняваюся, калі сам не знайшоў таго галоўнага, што павінна быць у кожнага?.. Ведаю, што трэба жыць між людзей чэсна, як жылі і жывуць нашы бацькі, якія не вучыліся ў інстытутах, бо была вайна, якія будавалі прадпрыемства і цяпер на ім працуюць. Але мне здаецца, што ўсе яны знайшлі сваё месца.

Ён зрабіў паўзу, павярнуўся да Нэлі.

— А ты, Нэля, даруй, памыляешся, запрашаючы ўсіх ісці ў твой інстытут. Зразумей, наша школа, нашы Масткі павінны ў будучым ганарыцца не толькі аднымі інжынерамі, бо не ўсе імі змогуць быць, а лесарубамі, настаўнікамі, касманаўтамі.

— Касманаўтамі? — усчырванелася яна.

— А што, — крыкнуў з месца Віталь,— магчыма, і касманаўтамі.

Дырэктар пастукаў алоўкам па графіне.

— Я не ўсё сказаў, — Васіль ужо не хваляваўся, — я вось пра што... Хто працуе на лесаўчастку, жыве сам па сабе, школа — сама па сабе... Я не здзіўлюся, калі цяперашні дзесяты клас пасля выпускных экзаменаў падасць заявы ў машынабудаўнічы, на лесаўчастак яго ніякімі пернікамі цяпер не заманіш. А як жа, з намі не лічацца, у прэзідыуме студэнткі, Пятро ды я. А хто працуе — той у апошнім радзе сядзіць, нашы павучанні слухае...

Яго словы заглушылі воплескі. Зноў патрабавальны звон шкла.

— Васіль сказаў праўду, — узнялася з месца Ганна Кузьмінічна. — Мы, настаўнікі, вучні, нашы госці самі вінаваты, што мы як чужыя. Але ён закрануў пытанне пра наша шанаванне студэнтаў, мы нібы не звяртаем увагі на тых, хто працуе. Гэта наша школьная справа, пра яе мы абавязкова пагаворым у настаўніцкай.. Мы рады, што да нас прыйшлі выпускнікі, дзеці ветэранаў, якія будавалі пасёлак, прадпрыемства, хто павінен, я паўтараю, павінен прадоўжыць справу бацькоў на лесаўчастку, у інстытутах, у газеце, як Васіль, можа быць, і ў космасе...

Пасля ўрачыстай часткі вучні пачалі выносіць у калідор крэслы, стаяў грукат, гамана.

Васіль, Віталь, Пятро і Іван падышлі да дзяўчат.

— Навошта, Васіль, ты мяне ўеў? — пытала пакрыўджана Нэля. — Хіба я перайшла табе дарогу? Што вучні падумаюць?

— Нічога асаблівага. Ты можаш памыляцца...

— У сваёй школе не хацелася б... Ды і запрашала я іх у інстытут дзеля прыліку.

— Проста словы, без пераканання?

— Але.

— Кажуць, слова не верабей, не спаймаеш, калі вылеціць... Словы таксама былі, калі нас на лесаўчастак запрашалі. А цяпер сама бачыш... А я лічу, што з першага класа нас трэба было да працы ў Мастках рыхтаваць... А то атрымліваецца, вы ў інстытуце — вы гонар, а мы — няўдачнікі. Супярэчліва?

— Супярэчліва, — згадзілася Нэля.

— Ды вы горш за нас вучыліся, — сказаў ёй Віталь,— а ў інстытуце. А можа, хто і не сам паступіў?

Віталь намякаў на Насцю. Яе бацька працаваў ляснічым, і людзі казалі, што ён ездзіў з ёй на экзамены.

— Гэта лекцыя? — страпянулася Насця.

— Не да лекцый. Ёсць праўда і фальш, — сказаў Віталь, — і мы павінны іх распазнаць.

— Распазнаеш, а як жа? Я хачу ў людзі выйсці, таму і ў інстытут трапіла, — сказала Насця,— а якім чынам — не твая справа.

— Я не супраць, вучыся. Толькі ты нечае месца займаеш, хаця і не маё.

Віталь змоўк. Васіль пашкадаваў, што Віталь успыліў. Але і яго можна зразумець. Марыў пра неба — і на табе! Ды Віталь, вядома ж, у любы інстытут паступіў бы. Галава! ён перамагаў на матэматычных алімпіядах, для яго не існавала задач, якія ён не мог рашыць.

— А, жартаўнікі! — пачулі яны голас дырэктара і павярнуліся. Карней Іванавіч сціскаў па-сяброўску Віталева плячо. — Адмачыў ты дык адмачыў з Урублеўскім.

— Добры вечар, Карней Іванавіч, — сказаў Віталь.— Мне не сорамна, я не краў. Гэта маёй мары хацелі перашкодзіць.

— Якой жа?

— Неба... Лепш прыходзьце заўтра раніцою, калі пагодліва будзе, на гару. Палячу я!

— Выраслі вы ўжо, — задумліва сказаў дырэктар.

 

26

У той вечар Васіль і Насця ўвесь час былі разам. Яны не праміналі ні аднаго танца, у перапынках стаялі побач, нікога не саромеліся. Гаварылі яны пра нязначнае, жартавалі. Насця пасміхалася з яго вузкага гальштука. Аказваецца, ужо ўваходзілі ў моду шырокія, квяцістыя.

Не чакаючы, пакуль усё скончыцца, яны апрануліся і выйшлі на вуліцу.

Вочы іх доўга прывыкалі да цемры, густой і, здавалася, непрагляднай.

На небе ў расшкуматаных воблаках—і адкуль іх нагнала? — коўзаўся залаты палазок месяца, у рэдкай масткоўскай хаце гарэла святло — вокны кідалі на снег доўгія жоўтыя лапікі, ветрык ледзь чуўся.

— А я цябе адразу заўважыла, — ушчуваючы, сказала яна. — Такія святочныя з Віталем, далей няма куды! Паліто з каўнярамі, як у старшынь калгасаў.

— Падышла б, а то здоўжылася...

— Так і кінулася! Ты хочаш, каб пачалі пра нас гаварыць?

Ён не адказаў, бо пра гэта не думаў, рашуча ўзяў яе за рукавічку.

— Холадна?

— Не-а!..

— Тады здымі рукавіцу.

Яна зняла. Васіль адчуў у сваёй руцэ яе цёплыя тонкія пяшчотныя пальцы. Яго целу перадалася іх сарамлівая дрыгота.

Ён хуценька разам са сваёй засунуў яе руку ў кішэню паліто.

— Так будзе лепш.

Яны выйшлі з пасёлка на шашу, рушылі, нібы хто за імі цікаваў, да лесу.

Паабапал шашы стаялі заснежаныя сосны, прытоена шумелі. Калі спераду або ззаду ехала машына, сосны доўга дрыжалі ў нейкім дзіўным казачным свячэнні, па іх заснежаных лапах слізгалі сінія цені, мякка саскоквалі на шашу.

— Васіль, — парушыла яна маўчанне, — чаму ты вечна вытыркаешся, нешта стараешся некаму даказаць? Усё адно з табой не згаджаюцца.

— Даруй, не магу бачыць пыхі, фальшу. Крычаць хочацца, нібы хто па сэрцы — нажом, — запаволіў ён крок. — Не ў ладкі ж пляскаць пры гэтым.

— Навошта ў ладкі? Іншы раз і памаўчаць трэба.

— Не буду і табе не раю!

— Як сабе хочаш, свая галава на плячах.

Яны адыходзілі далей і далей ад пасёлка, агнёў ужо не было відаць. Іх ахутала цемра, і Васіль пры кожным сказе паварочваўся да Насці, але твару не бачыў. Каб не рука ў яго руцэ, можна б падумаць, што Насці няма побач.

— Як у цябе з вучобай? —спытаў ён.

— Цяжка... А жыву — як усе.

— Дадому не цягне?

— А што дом? Хто тут?

— Я, напрыклад...

— Ты? Ты яшчэ неразумнае дзіця, — уздыхнула яна. — У Мастках нічога не выседзіш. Чалавек павінен у людзі выходзіць. Што мне, паступіцца сваёй мэтай, каб быць ля цябе?

— Навошта? Я — сам па сабе, мэта—сама па сабе. Але я без цябе сумую. А ты?

Яна выхапіла руку.

— Глядзі, які месяц!

— «Сумны, адзінокі...

— Месяц? Ці... Ты сам вінаваты ў гэтым. Чаму было не вучыцца ў педагагічным? Напісаў бы сачыненне... Пагнаўся невядома за чым.

— Вядома за чым. Гісторыя — не мая справа.

— Ну і сядзі ў райцэнтры.

— А можа, хутка я ў райцэнтры не буду?

— А хто цябе ў сталіцу возьме без адукацыі?

— Мне і дома месца хопіць.

— Дома? Трымайце мяне!.. Рабіць што будзеш, гайкі круціць?

— Хаця б, — сказаў ён спакойна. — Віталь вунь ужо руль круціць, заўтра паляціць на дэльтаплане.

— Гэта яшчэ пабачым, ці паляціць, Ікар! Нецікава вы жывяце, марна. У інстытуце якія хлопцы! Ведаеш, многія з іх ужо з першага курса пішуць навуковыя работы.

— Вельмі добра, што пішуць. Не сумняваюся, многія з іх прынясуць карысць. Гісторыя мае прыклады, калі людзі рана рабілі адкрыцці: фізікі, матэматыкі, вынаходнікі...

— А пісьменнікі?

— Пісьменнікі? Пісьменнікі таксама... ёсць зоркі... Паглядзі першыя кнігі. Раней трыццаці год цяпер мала хто становіцца — як табе сказаць? — спелым. Мабыць, ідзе працэс паглыблення ў веды, пазнанне сябе, жыцця, — сказаў ён.

— А калі і ў трыццаць не атрымаецца? Столькі часу марна траціш, за другое будзе позна брацца.

— Значыць, не атрымаецца... Толькі чаму марна? Жыццё, людзі. Важна, што яны скажуць. Хто ты — чалавек для іх ці цень?

—Ты мяне не пераконвай. Хто будзе столькі чакаць цябе?

— Не трэба чакаць, калі так, — сказаў ён, праглынуўшы даўкі камяк. — Чаканне з-за нечага... Глупства, ідыятызм! Я ж не прашу цябе чакаць, не прашу! Сама вырашай.

— А што вырашаць? Ты і Віталь зразумееце свае памылкі. Потым, праз гады.

—А ты іх ведаеш? — спытаў ён, спыняючыся.

— Ведаю.

— Дык скажы.

— Навошта? Усё адно гэта нічога не зменіць, усё адно вы будзеце некаму даказваць сваё...

— Сабе, — перабіў ён яе.

— Магчыма... Паслухай сюды. Да нас прыязджалі выступаць маладыя. Адзін з іх, друкуецца ў абласной газеце, пра ўсё казаў проста... Ты нават не ведаеш, якім павінен быць герой...

— Ведаю. Чалавекам, такім, як мы з табою, напрыклад, які сумняваецца, радуецца, ён жыць павінен.

— Глупства. Станоўчы, роўны, як струна!

— Ты сур'ёзна? — здзівіўся ён яе ўпэўненасці.

— Гэта не я, гэта ён, між іншым... Калі ты зразумееш свае памылкі, будзе позна. Вось у чым загваздка. Трэба пачынаць з маладых гадоў у адным кірунку. Кропля камень дзяўбе.

— Так, з маладых гадоў, з маленства, — сказаў ён. — Я яшчэ не ведаю, кім буду. Толькі ў чалавека павінна быць нешта сваё... Слухай, а можа, адносіны: ты — людзі. Галоўнае, як я цяпер думаю, гэта як ты жывеш між іх... Напрыклад, нашы бацькі будавалі Масткі, Віталь заліў каток, нехта напісаў кнігу...

— А што ў цябе будзе, калі ты ўсё аддасі другім?

— Усё і будзе. Калі хочаш, чыстае сумленне, разуменне, што нездарма нарадзіўся, што не хціўца, не істота — чалавек!

— Начытаўся...

Уперадзе раптам у цемры засвяціліся маленькія, як кропачкі, агеньчыкі. Яны набліжаліся. Шаша ішла па пагорках — агеньчыкі то паказваліся, то ныралі ў цемру. Калі ўзнімаліся, нітачкі святла ўпарта цягнуліся да Васіля з Насцяй.

— Сыдзем, — нібы адмахнулася яна ад іх, — машына...

Яна выхапіла сваю руку, не чакаючы яго, сышла на ўзбочыну. А ён ішоў доўга сярод дарогі, каляна рыпеў пад нагамі свежы (няўжо сыпаў, пакуль яны сядзелі ў школе, неба ж было чыстае звечара) снег, думаў пра сваё.

— Дык ты вырашыў? — пачуў ён яе голас збоку.

—Ты ж ведаеш, — адказаў ён цвёрда...

 

27

Назаўтра на Яўменавай гары было людна. Тут сабраліся і малыя і старыя, ці не усё масткоўцы. Было няўцямна, адкуль столькі людзей даведалася за ноч, што Віталь збіраецца паляцець на нейкім апараце, якога тут раней ніхто не бачыў.

Калі Віталь з хлопцамі прынеслі на гару дэльтаплан, узмацніўся вецер. З соснаў серабрыстым пылком лёгка віхурыў снег. У асінніку за гарой крычалі вароны.

— Адумайся, хлопец, калі яшчэ не скруціў галаву, дык скруціш! — сказаў стары Няфёд, асцярожна кранаючы вялізныя лёгкія крылы апарата.

— А божухна, і мой стары тут! — убачыўшы Няфёда, сказала яго жонка, цётка Сынклета, трымаючы ў руках сетачку з хлебам. Мусіць, яна хадзіла ў краму і там, пачуўшы навіну, не ўтрымалася, каб не прыйсці, не паглядзець. У Сынклеты быў язык, што мянташка, без яе як сведкі не абыходзілася ні адна падзея ў пасёлку.

— Ён яшчэ нешта гандзюрыць! Ану шкрэгай дахаты! Свінні ў гнаі тонуць, а яго на гулі цягне.

Няфёд упяў галаву ў плечы, нешта прабурчэў сабе пад нос і пасунуўся выкідваць гной з хлеўчука. Сынклета пакратала лёгкія крылы.

— Няўжо паляціць?

— Паляціць, цётка, — адказаў Віталь. —Можаце ісці дахаты, усім казаць, паляціць!

Віталя, здаецца, небывалая ўвага пасялкоўцаў пачала выводзіць з сябе. Але ён не паказваў гэтага, хадзіў вакол дэльтаплана, нешта насвістваў сабе пад нос, кратаў крылы, пазіраваў перад фотаапаратам Гайдука.

Яму Васіль казаў, што Віталь збіраецца паляцець. Фотакарэспандэнт прыехаў у Масткі першым аўтобусам.

— Чаго ж ты гарцуеш? — зноў зачапіла Віталя Сынклета.— Ляцеў бы ўжо, ці што?

— Я нікога не трымаю...

Дзятва кружыла вакол Віталя роем.

Неўзабаве прыйшлі расчырванелыя дырэктар школы і начальнік лесаўчастка.

Уладзімір Мікалаевіч скураной пальчаткай недаверліва пакратаў крылы, скоса зірнуў на Віталя.

— Ты гэтыя жартачкі кінь! Клопатаў з-за цябе не абяромся.

— Клопат — не ваўчкі, ён да вас не прыстане, — сказаў Віталь.

— Глядзі ты, калючы! — адышоў Уладзімір Мікалаевіч.

— Віталь, адумайся, паслухай, што старэйшыя кажуць!— заступіўся за Урублеўскага Карней Іванавіч.

Віталь не зважаў на пасялкоўцаў. Людзям, напэўна, надакучыла, яны купкамі пацягнуліся з гары, і толькі дзятва чакала, падкідваючы ў цяпло галінкі.

...Яго, Васілёў, сябар Віталь ляцеў над стадыёнам вышэй старых, абсыпаных белым іскрыстым снегам соснаў, якія падступалі да гары справа. Ляцеў ён свабодна, выцягнуўшыся, нібы бусел, пагойдваючы доўгімі крыламі дэльтаплана, пазіраючы з вышыні на зямлю, якая яго нарадзіла.

На гэтай зямлі некалі жыў Яўмен і яго сыны-асілкі. Гэтая зямля была паліта крывёю тых, хто абараняў яе са зброяй, потам бацькоў, якія ў цяжкія пасляваенныя гады будавалі пасёлак. Яна сваім цяплом грэла босыя ногі іх дзяцінства...

Робячы круг, Віталь узнімаўся ўсё вышэй, і цяпер з зямлі Васілю, Гайдуку, усім, хто верыў, што Віталь узляціць, і не пайшоў дахаты, здаваўся маленькім, але моцным і смелым.

Яны каціліся з гары ўніз, потым беглі па стадыёне, падкідваючы ўгару шапкі, крычалі «ўра», фотаапарат Гайдука спыняў дзівосныя імгненні палёту Віталя над зямлёй, яго перамогі.

— Ляціш! Ляціш! — крычаў Васіль. — Віталь, ляціш!

Тысячы людзей да гэтага часу ўзнімаліся ў неба не толькі на такіх апаратах, але Васілю Віталеў палёт над зямлёй здаваўся сімвалам сябравага і свайго імкнення ў вялікае жыццё, імкнення да яшчэ не зусім акрэсленай мары, яе прадвеснем, як прадвеснем раніцы бывае песня.

...І раптам гэтая песня абарвалася. Вецер шпурнуў апарат рэзка ўбок, і ён, нібы птушка з перабітым крылом, пачаў падаць за стадыён на малады востры асіннік.

Васіль абмёр, прадчуваючы нядобрае. Наступіла, як напятая струна, цішыня. Васіль куляй паляцеў да асінніку, ламаў яго голле, абдзіраў рукі, твар... Яму здавалася, што ён уздыме рукі і падтрымае сябра.

Ён не паспеў. Пачуўся сухі трэск, дэльтаплан з праколатымі, нібы бараной, крыламі, павіс між асін.

 

28

Дзень добры, Васіль!

Атрымаў твой ліст. Я рады, што табе падабаецца на новым месцы. Толькі вось не ўяўляю цябе сярод людзей, якіх не ведаю. Ты пішаш, што амаль самы малады ў брыгадзе лесарубаў. Няўжо і там, як у нас у Мастках, працуюць больш пажылыя?

У вас там яшчэ ляжыць снег і маразы трашчаць? А у нас у Мастках пахне бэзам, усё купаецца ў сонейку, малыя бегаюць басанож, як некалі мы з табой.

Ліст твой рамантычны і разам з тым самакрытычны. Прызнаешся, што ў Мастках ты быў сузіральнікам. Магчыма, толькі я з гэтым не зусім згодзен. Успамінаю, што адбылося за год. Ты ж стараўся нешта змяніць у нашым жыцці, імкнуўся да сутнасці жыцця. Толькі мне здаецца, што не хапіла ў цябе волі, адступіўся ты. А гэта, браце, нягожа. Мне здаецца, калі б ты пайшоў працаваць на лесаўчастак, было б лепей. Па-першае, можна думаць, што ты з усім змірыўся, калі на ўсё махнуў рукой, падругое, чаго паехаў? Лепшага шукаць? І яшчэ невядома, дзе ад цябе будзе больш карысці.

Я разумею, што ты «вывучаеш» жыццё. Разумею, што гонар не дазволіў табе падысці да Урублеўскага, заяву напісаць на яго імя. А што звольніўся з газеты, можа, і добра. Сапраўды, як можна павучаць людзей, калі сам яшчэ нічога ў жыцці не ведаеш? Працуй, «паглыбляйся ў сябе» (во, ужо цябе цытую). Такі цяжар, як кажа маці, насіць бы давеку!

Я ўжо акрыяў. Рана і драпіны зажылі. Дактары кажуць, што гэта не пашкодзіць мне стаць лётчыкам, нібыта я здаровы, як Яўменавы сыны.

А дэльтаплан я адрамантаваў, разабраў і схаваў ў дрывотні. Яшчэ спатрэбіцца. На канікулы, калі паступлю, буду прыязджаць у Масткі, палятаю яшчэ з Яўменавай гары і мо, калі не будуць сварыцца бацькі, навучу хлопцаў-старшакласнікаў. Ёсць у мяне на прыкмеце такія, усё на ляту ловяць.

Сёння хадзіў да Урублеўскага па характарыстыку. Напісаў такую, нібы я анёл. Руку паціснуў, пагразіў пальцам і кажа: «Памянеш маё слова, будуць з цябе людзі». Вось табе і Урублеўскі. Але думаю, што ён быў бы вельмі рады, каб я хутчэй пакінуў Масткі. Мой канфлікт з ім пасля таго, як я заліў каток, узяўшы без дазволу машыну, а тым больш пасля маёй спробы ўзляцець на дэльтаплане з Яўменавай гары, на тым не скончыўся.

Я пастаянна адчуваю сябе лішнім на лесаўчастку, хоць раблю не горш за іншых, а можа, і лепш. Мне не раз намякалі, каб я кінуў шалы і не муціў у калектыве вады. Што я магу ім сказаць у адказ? Адмовіцца ад задуманага, змірыцца з тым жыццём, якім жывуць Масткі? Дык хіба я буду пасля гэтага паважаць сябе? Першыя няўладкі — і я адразу ў кусты? Не, браце, не з маім характарам. І дэльтаплан я пабудую да ад’езду, і нікому не дам спуску, калі буду бачыць знявагу.

Мяне па-ранейшаму хвалююць, скажу так, дваістыя адносіны да нас, былых вучняў, настаўнікаў і асабіста дырэктара. Памятаеш, як зімою пры сустрэчы ў школе гаварылі, што мы адарваныя ад яе, яна ад нас? Я думаю, што, мабыць, многае ў нашых адносінах з настаўнікамі ў час вучобы было няшчырым, фальшывым, надуманым. Нас вучылі аднаму, казалі прыгожыя словы, заклікалі быць чэснымі, праўдзівымі. А вось выйшлі за парог школы, дык усе ружовыя мары лопнулі, як пухір. Бо нікому да нас далей няма клопату, а як жа, мы ўжо не вучні, за нас ужо ніхто не нясе адказнасці. Крыўдна. Словы словамі, а справы справамі. Перад кожным з нас — рэальнае жыццё. Перакананы, што многія з нас не падрыхтаваны да яго. Каго ў гэтым вініць? Школу, бацькоў, сябе? Напэўна, больш за ўсё сябе. Не маленькія ж. Многае бачылі на свае вочы, многае павінны былі зразумець. А то ўсё ад некага чакалі дапамогі. Сорамна.

Пра гэта мы часта гаворым з Гайдуком. Ён часта прыязджае да мяне ў Масткі, мы доўга размаўляем аб жыцці, аб табе. Здаецца, Гайдук адзіны, хто ад мяне не адвярнуўся. Ён кажа, што шэлег будзе нам цана, калі ад свайго адступімся.

Ты пытаеш пра нашых. Пятро і Іван рыхтуюцца ў будаўнічы, астатнія таксама збіраюцца паступаць, кажуць, на лесаўчастку нікому не патрэбны. Нейкі парадокс! Учора зноў ля школы стаяла пажарная машына.

Але, ледзь не забыўся! Насцю вытурылі з інстытута. Яна дрэнна вучылася. Ды не бядуе, замуж за нейкага гарадскога дзядзьку, а мо і дзядка, выйшла. На мінулым тыдні прыязджалі на яго «Волзе». А Нэля вучыцца...

Што табе яшчэ напісаць? Сяджу ля расчыненага акна, пахне, асыпаецца бэз. І сосны за агародам бачу. Нашы сосны. Шумяць яны. Так што падумай.

Бывай! Твой сябар Віталь.