epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Саламаха

Пад грабеньчыкам

1
2
3
4


1

На агульным сходзе Мінькоўскага лесаўчастка вырашылі пабудаваць маладзёжны пасёлак. Не адразу вырашылі. Усё было ў перапоўненай зале старога, пастаўленага адразу пасля вайны, невялікага, аблепленага лозунгамі і заклікамі клуба. І рэплікі з месцаў накшталт: «Але, маладым дык ужо ў бацькоў цесна! Адлучайце ад нас дзяцей, адлучайце...», і бязладная гамана, і напружаная цішыня.

Гаману пачынаў Васька Чмых, трактарыст і абэлтух. ён крычаў: «Лацвей будавацца таму, у каго грошай мех! А калі я канцы з канцамі не магу звесці, дык што, у пазыку лезці?..» Былі і пагрозы Чмыху, каб не муціў ваду, вытурыць са сходу, і недаўменне: за што? Гразіўся былы цясляр, цяпер пенсіянер і нязменны мясцовы грамадскі дзеяч Мацей Пятровіч Ветрамін.

Як бы там ні было, але ў рэшце рэшт ці не на той бок ночы, калі ўсе стаміліся, аднагалосна ўскінулі рукі: пасёлак будаваць!

Вырашылі дык вырашылі...

Стары пасёлак, у дзвесце дамоў, ставілі адразу пасля вайны. Сярод старыны — змешанага лесу. Ставілі на паляне, рассоўвалі яе, карчавалі пні, пляжылі, засыпалі нізіны. Дамы ставілі не абы-якія, а вялікія, з добрай, не з’едзенай падсочкай сасны. Здаецца, ставілі навечна. Але што зробіш? Чалавек жыве, колькі яму наканавана, столькі жыве і старэе хата. Вятры, дажджы, завеі сціраюць паступова першароднасць сцен, стрэх, дрэва чарнее, трэскаецца, хата нібы ўрастае ў зямлю, трухлее. Фарбуй не фарбуй, аббівай сцены вагонкай, перакрывай страху бляхаю ці шыферам — старое яно і ёсць старое, добра маладзіцца маладому. Дык што шкадаваць? Сваё адстаяла, можа, старым у ім і старасць зручна каратаць, а маладым...

Так разважалі пасля таго, як начальнік лесаўчастка Сцяпан Міканоравіч Крушына, маленькі, кругленькі, перадпенсійнага ўзросту чалавек, казаў, што новы пасёлак трэба будаваць побач з машынным дваром, канторай, клубам, медпунктам, магазінам, школай, якія стаялі наводшыбе, — каб чалавеку тут жыць зручна было.

Ізноў загаманілі, перабіваючы адно аднаго, — далекавата ад старога пасёлка!

І тады ўзняўся Ветрамін. Ён правёў перад сабой рукой, быццам хацеў уціснуць у крэслы тых, хто быў не згодны, сказаў:

— Таварышыкі, ціха! Трэба разумець бягучы момант. Маладыя хочуць жыць асобна, ды і ўстаноўка такая ёсць!

Лысы, нізенькі, ён пабліскваў круглымі шкельцамі акуляраў, глядзеў у залу.

Ёсць ці няма такой устаноўкі, не ведалі. Але прыціхлі. Ветрамін — галава! І як на пенсію пайшоў, дык па-ранейшаму з раёна не вылазіць, усё ездзіць на нейкія нарады, а значыць, ведае, што да чаго, ну, можа, калі па якой дробязі збрэша. А тут жа справа — дзяржаўная. Тут ён маніць не будзе. За гэта, як ён сам любіў паўтараць, можна, заплюснуўшы вочы, прыцягнуць да адказнасці за скажэнне лініі.

Як ні мяркуй, Ветрамін — аўтарытэт. Без яго не абыходзіўся ні адзін сход на лесаўчастку. Яго заўсёды выбіралі ў прэзідыум. Пастаяннае яго месца было — сядзець за сталом на сцэне, а абавязак — час ад часу пастукваць алоўкам па графіне. Але трэба аддаць яму належнае, умеў Ветрамін, калі людзі не згаджаліся з думкай начальства, уставіць сваё важкае слова, пасля чаго ніхто ўжо не сумняваўся, што трэба аднагалосна галасаваць «за».

У Ветраміна было столькі ўсялякіх грамадскіх пасад, што іх хапіла б на цэлую лесарубаўскую брыгаду.

І не дзіўна, што яго кароценькае выступленне, як потым казаў Чмых, сустрэлі «бурнымі працяглымі апладысментамі». Той жа Чмых на сходзе тады ўзняўся з месца і гаркнуў што было сілы: «Даруй, Пятровіч, мне, невуку! Калі ёсць такая ўстаноўка, то я першы «за». Толькі каб усё было не на словах, як звычайна!»

Вось табе і Чмых. Бываюць і ў яго галаве пробліскі. Даўно б так. А то вясной вытурылі з дзялянкі: то ён трактар аберне на пнях, то падлезе куды не просяць, то ў самы разгар работы ўсё кіне-рыне ды пойдзе швэндацца па лесе.

Дык вось. Адвялі пад новы пасёлак ладную паляну за шашой, дзе некалі была першая лесаўчасткаўская дзялянка. Тут спілавалі першую сасну, адсюль лік «дзелавой драўніны» пайшоў на дзесяткі, сотні, тысячы кубоў. Паляна з часам парасла маліннікам і крапівой, маладняк тут не пасадзілі, не да гэтага было, трэба было лес валіць, пні струхнелі, і Чмых неяк даводзіў Ветраміну, які быў адказным на прадпрыемстве за ахову прыроды, што на паляне трэба паставіць помнік. Ну, можа, не помнік, а залаты пень, каб ведалі: адсюль пайшлі сотні, тысячы кубаметраў драўніны.

Ветрамін тады ўсур’ёз гэта ўспрыняў, але яго паднялі на смех, пасля чаго Чмыха ён недалюбліваў.

Калі падумаць, сапраўды месца зручнае, каб будавацца. Адразу за сажалкай, у якой дзеці ўлетку боўтаюцца, а зімой коўзаюцца на лёдзе. Між іншым, сажалка пры новым пасёлку будзе мець вялікае супрацьпажарнае значэнне, як казаў Ветрамін.

Хто сам некалі будаваўся, ведае, першая справа — давесці да ладу пляц. Каму гэта даручыш, калі ўсе працуюць у лесе! Ага, Чмых без справы.

Чмых назаўтра раніцаю прыгнаў бульдозер на паляну і рады старацца. Адкінуў дзверцы кабіны, адну нагу, як кавялу, вытыркнуў на гусеніцы, зубы сушыць:

— Пятровіч, гэта мы ўмэнт! Дай дарогу, ламаць — не будаваць!

Ветрамін аж прысеў:

— Ты ў мяне глядзі, ламаць! Ссаджу з тэхнікі, будзеш з лапатай у дарожніках швэндацца.

Чмых знайшоўся:

— Пятровіч, я што? Я выканаўца, так скаць, рабсіла. Ты — кіраўнік. Спрос з цябе. А дарожнікамі не страш. Па майму разуменню, гэта на мой розум пасада. У цябе пасада, дык гэта ўжо якая пасада!

Злагодзіў гэтым Ветраміна, той памякчэў:

— Ну мая пасада, Васілій, вядома, не для цябе. Яна, брат, розуму патрабуе.

Чмых узяўся рыхтаваць пляц, дарма, што зубы скаліў, здзёр дзірван, ямкі засыпаў, дрэўцы, дзе можна было, не крануў. Гэта было на другі дзень пасля сходу. А тады на сходзе, як пачалі разыходзіцца, зноў узняўся Чмых:

— Таварышы, чакайце! Будаваць-то будаваць, а хто ж кіраўніком будзе? Так скаць, прарабам?

І сапраўды, як гэта не падумалі, хто? Ізноў гамана.

— Мне слова! — праціснуўся да сцэны Ляксей Дыванец, былы шафёр, яшчэ зграбны пенсіянер, шыракаплечы, высокі.

Ляксею слова далі. Чалавек ён сур’ёзны, увесь час хадзіў у перадавіках, ён абы-чаго не скажа. Кажы!

— Чаго мы будзем шукаць іголку ў стозе? — паказаў пальцам Ляксей на Ветраміна. — Хто ж яшчэ, як не паважаны наш Пятровіч! Памятаеце, якім ён цеслем быў? Ён табе і нямецкі вугал складзе, ён табе і наш зладзіць, ён і вокны пасадзіць, і ганак змайструе як цацку. Дык што?

І сапраўды, што... Ветрамін.

Пачуўшы такое, Ветрамін рашуча ўзняўся з месца, узняў руку, патрабуючы цішыні, потым каўзануў яе ў нагрудную кішэню фрэнча, дастаў грабеньчык, старанна расчасаў на скронях рэдзенькія жоўтыя валасы, што азначала: калі без мяне нявыкрутка, згода.

 

2

Пасля таго як Ветраміна прызначылі кіраваць будоўляй, ён як падрос. Зноў, як некалі, на вуліцы яго бачылі пры саломенным капелюшы, зноў у дзевяць гадзін ён спяшаўся да канторы. Спяшаўся, можа, не вельмі дакладна сказана. Ён ішоў. Павольна. Як і раней. Ступаў так: спачатку выкідваў торс наперад, ногі на зямлю ставіў на насочкі, быццам абмацваў, потым нетаропка апускаўся на пяткі, на імгненне заміраў і зноў валюх наперад. Але цяпер ён не браў, як раней, старую цяслярскую скрынку з інструментам. Гэта раней было, выходзіць з хаты без чвэрткі дзевяць. Спыніцца на вуліцы. Паглядзіць у адзін канец, у другі. Як толькі каго ўбачыць, крычыць жонцы Сынклеце: «Давай!» Тая спяшаецца з двара, несучы яму скрынку. Мацей на вуліцы бярэ скрынку ў яе на сагнутую ў локці руку, крыху адстаўляе ад сябе і кіруецца на службу. Калі хто яго спыніць, каб што спытаць ці так для прыліку, Ветрамін тлумачыць:

— Прабач, шаноўны грамадзянін, няма калі разводзіць тары-бары. Калі маеш справу, прыходзь да канторы, пагаворым. Сур’ёзныя пытанні вось так проста на вуліцы не вырашаюцца.

Тое, што няма калі, не надта верылі. Да гэтага часу той, хто спяшаўся, ужо на дзялянцы працаваў, ехаў рана і позна вяртаўся. Мацей жа, як і ўсе лесаўчасткаўскія служачыя, ішоў да дзевяці і вяртаўся ў шэсць вечара. Вечарам ён любіў пасядзець на лавачцы ля нізенькай, з двума (адзіная такая ў пасёлку) акенцамі хаты. Тут яго сустракала Сынклета. Высокая, Мацей ёй да пляча, на выгляд яшчэ маладжавая кабета. Калі хто ля іх спыняўся, Мацей казаў, што столькі меў клопату за дзень, ажно галава расколваецца — адно шкадуй яго за гэта!

— Хай бы цябе, Пятровіч, ужо назусім перавялі ў служачыя, — спачувала Сынклета, — усё пяклуешся, пяклуешся, ні ў чэсць ні ў ласку.

— Некаму ж трэба, — глыбакадумна казаў Ветрамін,— пасада такая, цесля. На гэтую пасаду, як ён казаў, Ветраміна прызначылі адразу пасля вайны, калі арганізоўвалі лесаўчастак. Тады Мацей з будаўнічай брыгадай узводзіў адміністрацыйныя будынкі, пазней ставіў людзям хаты. Калі пасёлак пабудавалі, Мацей меў абавязак вычэсваць дышлы для прычэпаў лесавозаў, рамантаваць кузавы, падлажваць ганкі канторы, клуба, медпункта, абгароджваць штыкетнікам машынны двор. З гэтым ён спраўляўся добра, яго не тузалі на іншыя работы, не пасылалі на дзялянку нават тады, калі з планам была нявыкрутка. Такім чынам Ветрамін дзень пры дні быў на вачах начальства, іншы раз нават абмяркоўваў з кіраўнікамі сякія-такія лесарубаўскія справы. Гэта, напэўна, і давала яму падставы лічыць сябе служачым.

Ён і апранаўся адпаведна, як служачы тых часоў. Летам — у дыяганалевую, ахоўнага колеру гімнасцёрку, падпяразаную афіцэрскім рэменем, у галіфэ, і хромавыя боты. Зімой абуваў белыя, з заламанымі халявамі фетравыя валёнкі, апранаў доўгую, пацёртую пад пахамі і патрэсканую на спіне скуранку, якую аздабляў сабачы каўнер. Але нязменна пры ім была цяслярская скрынка.

Увогуле Ветрамін лічыўся не тое што чалавекам бывалым сярод лесарубаўскага люду, але разумным і адукаваным. Да вайны ён паспеў скончыць нейкія курсы рахункаводаў, на фронце быў старшыной роты, з якой дайшоў да гэтых мясцін. Тут яго параніла, тут у райцэнтры ляжаў у шпіталі, а калі камісавалі, прыстаў у прымы да Сынклеты, маладой жанчыны, муж якой загінуў на фронце.

Што Ветрамін адукаваны, прыстала да яго аднойчы і назаўсёды. Было гэта, калі на лесаўчастак з раёна прыехаў упаўнаважаны, па тым часе іх не тое што паважалі, а пабойваліся, даводзіў, што на лесаўчастку павінны стварыць нейкае таварыства (хто цяпер помніць якое?). Людзі няўцямна паціскалі плячамі, не разумелі, навошта яно. Аказалася, што «предприятие», як казаў упаўнаважаны, псуе раённыя паказчыкі. Калі так, тут свой інтарэс забудзь! Згадзіліся. Але трэба было абраць старшыню. Мясцовае начальства мелася на гэту пасаду вылучыць Ляксея Дыванца, ужо тады чалавека прыкметнага, але той, пачуўшы такое, пачаў прасіцца:

— А чаго менавіта мяне? Мне ж рабіць трэба!

Ляксею даводзілі, што пасада грамадская, але той нічога не хацеў разумець, адно «мне рабіць трэба, ды адукацыі мала».

Упаўнаважаны пачаў злаваць, тады Ляксей знайшоўся:

— Я так разумею, што старшыня і старшына адно і тое. І ў таго і ў другога ў падпарадкаванні людзі. І таму і другому трэба ўмець працаваць з людзьмі. Мы ўсе тут, акрамя начальніка і Ветраміна, радавыя. Калі начальніка нельга, то хай старшынёй будзе Ветрамін.

Напэўна, Ляксея выручыла менавіта гэта: «Мне рабіць трэба». Яно сапраўды так, пяцёра дзяцей адно за адным, трэба накарміць, апрануць, не проста сказаць... Старшынёй абралі Ветраміна.

Затым розныя пасады як з рога пасыпаліся на Мацея. Ён — старшыня паляўнічых і рыбакоў, ён і культасветнік, ён і таварыства выратавання на водах узначальвае (з-за гэтага Мацей настояў, каб выкапалі сажалку, бо ні возера, ні рэчкі ў пасёлку няма), ён і старшыня таварыскага суда...

Вядома, што пры сваіх пасадах цяпер скрынку Ветрамін насіў дзеля прыліку, поўнасцю заняўся грамадскімі справамі, хаця, як казаў Чмых, дакладна не ведаў іх. Але інтарэс Ветрамін меў да ўсяго. Бывала, пасварацца жанчыны, што куры выграблі грады, або дзеці аблатошаць у каго яблыкі-зялепухі, ці прывязе ўдава з дзялянкі воз ламачча без дазволу, Мацей тут як тут. Ушчувае, страшыць, іншы раз пагражае аддаць пад таварыскі суд. Але на яго пагрозы не дужа зважалі: хай цешыцца чалавек, калі іншага клопату няма ў яго, бо асноўны свой клопат Мацей паступова забыў — ужо другія людзі цяслярылі на лесаўчастку.

Сваёй гаспадаркі Ветрамін не меў, хаця пасялкоўцы жылі як звычайныя вяскоўцы. Яны трымалі кароў, свіней, сеялі агароды, касілі сена. Праўда, у Мацея агарод быў, але ўтравеў, дзве-тры соткі бульбы ён садзіў, але тая не радзіла.

Шматлікія пасады, як казаў Чмых, грамадскага дзеяча мясцовага значэння Ветраміна давалі права раіць усім дзе трэба і не трэба. Бывала, ідзе Мацей на абед, надвор'е стаіць — хоць купляй, жанчыны сена на вуліцы варушаць. Вуліцы ў пасёлку цяністыя, скрозь паўз платы бярозы, ліпняк, рабіны, нават пры залатым часе за дзень сена на вышкі не ўскінеш, жанчыны тыя нібы мурашы шчыруюць. Ветрамін спыніцца побач. Памацае траву, прыжмурыць вочы, паглядзіць на чыстае, як акно перад святам, неба, потым:

— Ты, грамадзяначка, пасля паўдня скідай яго ў капёшкі ды завяршай добра. Надвечар задажджыць!

Грамадзяначка рукамі плясь:

— Чаму гэта, Пятровіч, задажджыць? Неба вунь якое, і не парыць.

— У тым і загваздка, што не парыць. Але паглядзі, якое жоўтае і касматае сонца. Жаўток расціснуты!.. Мая справа цябе папярэдзіць, а ты ўжо сама, калі не разумееш у прыродных з’явах, глядзі.

Сумняваючыся і божкаючы, раз-пораз з трывогай паглядаючы на неба, жанчына хапаецца, скідвае напаўсырую траву ў копы, а дажджу ні сёння, ні заўтра. Сяк-так высушыць сена, скідае на гарышча, не праміне, каб не ўпікнуць Мацея:

— А што, Пятровіч, твая праўда! Згнаіў дождж маё сена. Паглядзі, і вады на вуліцы скрозь па забарсні.

— Ты што, маладзічка, злуеш? — уступіцца за Мацея Сынклета. — Хіба ён табе дрэннае раіў? Радзіва і тое абмыляецца, а каб мой чалавек не абмыліўся?

— Ага, — падтрымае яе Чмых, — Пятровічу дык ужо і нельга памыліцца.

Жанчына паціскае плячамі: і сапраўды, шкоды ад Мацеевай парады няма. Ну, пахвалявалася, папеклавалася, але ж сена на месцы, а калі б і сапраўды пайшоў дождж? Сушы тады тое сена ды перасушвай.

Даваў ён парады і як бульбу садзіць, і як яблыню прышчапіць, і дзе калодзеж капаць. Памяркоўныя людзі пасміхаліся, не пярэчылі, рабілі па-свойму, а вось да цяслярскіх парад Ветраміна прыслухоўваліся, нічога не скажаш, там ён быў спец.

Але найбольш любіў Ветрамін сходы і ўсялякія паседжанні. Тут ужо яго, як кажуць, хлебам не кармі, а пасадзі ў прэзідыум. Тады ён паважна ўзнімаўся з месца недзе з сярэдзіны залы (садзіўся так, каб усе бачылі), кашляў у кулак, ціснуўся між крэслаў да праходу, спыняўся там на хвіліну, акідваў усіх строгім позіркам, затым валюхаўся да сцэны.

Ідучы, даставаў з кішэні грабеньчык, старанна шморгаў ім па рэдзенькіх валасах на скронях, потым прыгладжваў іх далонямі, займаў месца за сталом ля графіна.

Як бы там ні было, але Ветрамін не раз выручаў лесаўчастак. Вось, скажам, стаіць для лесарубаў добрая пара, дарогі пасля дажджоў падсохлі, на дзялянках хлыстоў — толькі спраўляйся вывозіць, а на прадпрыемства прыходзіць тэлефанаграма, згодна якой трэба накіраваць у раён на нараду чалавека. Ды не абы-каго, а перадавіка. У такі час накіраваць каго з лесарубаў — тое самае, што ў жніво або сяўбу зняць з трактара механізатара, пасадзіць яго на дзень у залу ды вучыць, як яму жаць-сеяць.

Тады начальнік лесаўчастка выклікаў да сябе Ветраміна, маўляў, выручай, Пятровіч, гарым!

Спачатку Мацей казаў, што ў яго клопату багата, хоць у мех завяжыся, потым, прыкмеціўшы, што начальнік пахмурнее тварам, хуценька згаджаўся: «Ну што ж, трэба дык трэба».

Усе даўно разумелі, што клопат Мацееў не цяслярскі, ведалі, што мазалі даўно сышлі з яго рук, разумелі таксама, што і такі чалавек на прадпрыемстве патрэбны.

 

3

Але вернемся зноў да таго, што Ветрамін узначаліў будоўлю. Пакуль вазілі лес, цэглу, цэмент, Мацей давёў Чмыха да белага калення. Усё яму паказваў, загадваў, што той аж стагнаў, а потым ухітрыўся прыходзіць рана, пакуль Ветрамін яшчэ быў дома. Прыйдзе Мацей, а Чмых ужо багата што без яго зробіць. Можа, яно і ладам, толькі Ветраміну не падабаецца. Прымушае пераробліваць. Чмых, як кажуць, у хамут, тады Мацей гразіцца за невыкананне зняць з тэхнікі або разабраць на сходзе.

Чмых спыняе бульдозер, высоўваецца з кабіны:

— Пятровіч, даражэнькі, прызнаю, ты галава! Але згінь з вачэй! Яй-бо, незнарок адшчыкну пяткі! Як ты тады хадзіць будзеш? На дыбачках — дыб-дыб...

Калі Мацей па-ранейшаму лез сляпіцаю, Чмых не вытрымліваў, даваў поўны газ і скіроўваў на яго трактар. Скіроўваў хітра, так каб не зачапіць, каб Ветрамін паспеў адскочыць убок, схавацца за бярэзіну ці сасонку.

— Ну я цябе, чакай, умэнт здыму з тэхнікі! Раўню знайшоў! — ківаў пальцам Мацей.

— Вось гэта, Пятровіч, не трэба, — ахалоньваў Чмых. Пачакай, пабудуем пасёлак, тады мяне кідай куды хочаш: ці ў салдаты, ці ў матросы, ці падмазваць калёсы. Хаця мне лес больш па душы. У леснікі падамся, узяць абяцаюць, пачакай.

— Вось яно што! — узрываўся Мацей. — Лёгка рабіць захацеў? А ці падумаў ты, што на гэта розум мець трэба?

Мацей пастукваў пальцамі сабе па лбе, што, мусіць, азначала: не з Чмыхавым розумам лёгка рабіць.

 

4

Праз некаторы час, калі Чмых падрыхтаваў пляц і ўсё было зроблена, каб пачынаць будаваць, са старога пасёлка а сёмай гадзіне сюды пацягнуліся мужчыны-пенсіянеры, якія і павінны былі, як вырашылі на сходзе, ставіць хаты.

Быў час, калі на машынным двары ўжо гулі МАЗы, а лесарубы паехалі на дзялянкі. Жанчыны выганялі кароў на пашу, пачынаўся працоўны дзень.

Васька Чмых ужо круціўся ля свайго трактара.

Мужчыны ішлі на будоўлю, як раней хадзілі на працу: па адным, па два, купкамі. Толькі цяпер замест сідараў з харчам трымалі ў руках хто сякеру, хто пілу, хто лапату.

Сонца жывіла наваколле ранішнімі, яшчэ па-летняму мяккімі промнямі, і хоць яшчэ халаднавата паблісквала раса на траве, зялёных шатах дрэў, раніца пачынала ўжо сціраць з зеляніны мяккую акварэльнасць лета. Вада ў сажалцы густа камечылася, у складках-хвалях варочаліся цені колеру расплаўленага свінцу, патаналі. Адчувалася, што хутка восень.

Аглядаючы пляц, мужчыны хвалілі Ветраміна, на Чмыха пазіралі паблажліва, маўляў, каб не Пятровіч, гэты нарабіў бы шкоды.

Час ішоў, але Мацея ўсё не было, мужчыны сноўдаліся без справы, няўцямна пераглядаліся, што з ім такое.

— А вам толькі б не рабіць, — падкалоў іх Чмых,— начальства чакаеце. Людзі вунь на дзялянках ужо нарабіліся, так, з такімі тэмпамі і за пяцігодку пасёлак не пабудуеце.

Ляксей Дыванец зіркнуў спадылба на Чмыха, нічога не сказаў, папляваў на рукі, узяў сякеру. Бліснула свежай заточкай, упілася ў смалістае бярно, пайшла гуляць у яго руках сякера. Ляксей увачавідкі зрабіў зацёсы, запахла смалой.

Зазвінелі сякеры, з усіх бакоў чулася гэканне, аканне, галасы. На Чмыха забыліся, як раптам яго голас:

— Стоп! Начальства сунецца!

Спыніліся як па камандзе. І сапраўды, праз шашу сунуўся Мацей. Ішоў ён нетаропка, выкідваючы наперад торс, ногі спачатку ставіў на насочкі, потым на імгненне заміраў, як абмацваў, затым апускаўся на пяткі. На сагнутай у локці руцэ Мацей трымаў счарнелую, патрэсканую цяслярскую скрынку, з якой вытыркалася тапарышча.

Калі ён падышоў, Ляксей раздражнёна кінуў:

— Познішся, Мацей, то давай, колькі бёрнаў абчасалі, пазы рабі. Я не ўмею.

— Хы-ы, — Мацей паставіў на зямлю скрынку, — такой навукі. Вось глядзі!

Ён папляваў на далоні, старанна пацёр іх, узяў сточаную, шчарбатую сякеру, размахнуўся, гэкнуў.

Сякера адскочыла ад дзерава, як ад гумы, раз другі... Мацей то згінаўся, то разгінаўся, гэкаў, крактаў, пакідаючы на дзераве шчарбаціны.

— Не глумі! — аж прысеў Ляксей. — Ты што, сёння на свет нарадзіўся?

Мацей адкінуў сякеру, выпрастаўся, цяжка дыхаючы, выцер рукою пот з ілба, паволі асунуўся на бярно.

Мужчыны рагаталі:

— Але, Пятровіч, вось табе і на!

— Гэта не прэзідыум...

Выгляд у Мацея быў такі, хоць заплач, пашкадуй, суцеш. Але ніхто не шкадаваў. Тады да мужчын падбег Чмых, шмаргануў за каўнер Ляксея, які больш за ўсіх заходзіўся ад смеху.

— Ага, цяпер гагочаце! Чаго, каб хто спытаўся? Такога цеслю звялі. Яму б рабіць ды рабіць, а вы яго пад грабеньчык!

— Ідзі прэч! — адштурхнуў яго Дыванец.

— Не чапай яго, — слаба папрасіў Мацей і адвярнуўся...