epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Сьцяпан

Браты

— Усё. Хопіць на сёння, мяне чакаюць,— сказаў Валік свайму шасцігадоваму брату.

— Яшчэ пачытай. Пра брацікаў, цара і цмока,— запярэчыў малодшы.

— Я сказаў, што хопіць. Калі не будзеш спрачацца і будзеш слухацца, то пачытаю ўвечары,— Валік закрыў вялікую кніжку ў цупкай глянцавай вокладцы, узяў брата за руку і пацягнуў з кватэры.

Каля пад’езда Валіка сустрэў яго аднакласнік — Стась. Хлопцы колькі часу шапталіся, потым заспрачаліся і пачалі злосна пазіраць на малога, які ўважліва слухаў іх размову.

— Скажы яму, каб не цягнуўся за намі,— кіўнуў Стась на малога.— Няхай бы дома сядзеў.

— Маці забараніла пакідаць яго аднаго ў кватэры, баіцца, каб не ўтварыў чаго. Гэны можа,— апраўдваўся Валік.

— Хай не плача. Праз гадзіну мы вернемся,— хударлявы, а таму з выгляду вышэйшы за Валіка Стась павярнуўся да школы.— А ты што стаіш? Спалохаўся?!.

— Не хадзі за мной як прышыты. Гуляй у двары, а мы скора вернемся,— Валік адышоў колькі крокаў, але не стрываў і азірнуўся.

Малы наважыўся заплакаць. Валік вярнуўся і схапіў яго за плечы.

— Гуляй у пясочніцы. Я прынясу табе салодкіх яблыкаў,— прашаптаў ён і кінуўся даганяць Стася, які паварочваў за вугал дома.

Малы ў сініх шортах, чырвоных сандаліках і футболцы застаўся стаяць каля пад’езда. Хлопчык праз нейкі час усвядоміў, што за ім ніхто не сочыць, і смела падаўся да вялікай калюгі. Ён зайшоў у ваду і парушыў адлюстраванне чатырохпавярховага дома. Адразу заблішчэла і разбілася каля ног хлопчыка яркае вераснёўскае сонца. Малы задаволена хадзіў па калюжыне...

— Добра, што ў мяне няма братоў... Глядзець і бегаць за імі не трэба. Сам сабе гаспадар,— сказаў Стась, калі Валік дагнаў яго на павароце да школьнага стадыёна.

— Кармі яго, мый, ды яшчэ казкі чытай, а галоўнае — глядзі, каб шкоды не нарабіў. Надакучыла, хутчэй бы бацькі прыехалі,— крыху вінавата скардзіўся Валік.

— Калі твае вернуцца?

— Заўтра абяцалі.

— А мая маці кажа, што з яе хопіць аднаго. Бацька незадаволены, сварыцца на яе ўвесь час,— Стась сагнуўся і пачаў завязваць адмыслова забэрсаныя кеды.

— Табе добра,— з зайздрасцю ўдакладніў Валік.

Школьны стадыён быў пусты. Аднапавярховая доўгая школа нежывымі вокнамі адлюстроўвала свет і двух хлопчыкаў ля баскетбольнай пляцоўкі. На дзвярах школы вісеў вялікі замок. Над уваходам быў плакат, яшчэ не злінялы і не змыты дажджамі: «Сардэчна запрашаем у школу!»

— Цікава, а дзе зараз Кульгавы? — спытаў Валік і апусціўся на доўгую лаву, умацаваную ў асфальтавую пляцоўку.

— Відаць, пайшоў дахаты вячэраць, бо я тут з паўгадзіны сядзеў. Калі лезці — трэба адразу.

— А можа, счакаем цемры? Я малога пакладу спаць,— Валік пачаў забэрсваць кеды.

— Як трэба што сапраўднае рабіць, то заўжды твой малы замінае. Даў бы па шыі, і няхай сядзіць дома,— Стась падцягнуў спартыўныя нагавіцы з белымі лампасамі.

— Ён хоць і кульгавы, а бегае хутка,— у роспачы прамовіў Валік.— Ды я і футболку новую надзеў...

Адразу за школай, за двухметровым парканам, зробленым з тоўстых негабляваных дошак, быў школьны сад.

— Калі боязна, то не трэба звальваць на футболку. У мяне таксама кеды новыя. Я цябе не трымаю — ідзі да свайго брата: гуляй з ім у пясочніцы, будуй яму домікі, пячыце разам аладкі, а я заўтра ўсім скажу, які ты герой...

Валік адмаўчаўся. Перад хлопцамі была брамка ў сад. На дрэвах ярка свяціліся антонаўкі. Ад аднаго іх выгляду ў роце з’яўлялася сліна і кіславаты смак.

— Хутка можа Кульгавы вярнуцца, а мы тут разважаем,— голасам вопытнага сказаў Стась і з незалежным выглядам пайшоў уздоўж паркана.— Калі што якое — імёны і прозвішчы называць чужыя, але, думаю, да гэтага не дойдзе.

Хлопцы абходзілі сад, зазіралі ў вузкія шчыліны паркана, шапталіся і ўдакладнялі дэталі. У засені сада панавала цішыня. Сцежкі былі падмеценыя, ападкі прыбраныя. На акуратных дагледжаных градах цвілі яркія астры, адцвіталі ружы на невысокіх кустах, і на драўляных агароджах жаўцелі на кволых сцяблінах настуркі. Сад быў маўклівы, нішто не выклікала падазронасці, акрамя цішыні і спакою, якія панавалі над дрэвамі.

— А дзе салодкая? — прыпаў да шчыліны Валік.

— Там, за градамі з цыбуляй. Мы яе латашылі ў мінулую нядзелю,— прашаптаў Стась.

— Калі што — іншыя імёны...

Хлопцы прыкацілі парожнюю ржавую бочку і з яе ўзлезлі на паркан і саскочылі ў сад. Калі яны азірнуліся на сцяну, якая аддзяліла іх ад вуліцы, то заўважылі, што дошкі зверху густа выпацканы салідолам. Хлопцы адначасова паглядзелі на свае рукі. Рукі былі чыстыя, і хлопцы схаваліся за колкія кусты агрэсту.

Бульбоўнік пад дрэвам быў стаптаны, на зямлі ляжала некалькі яблыкаў, але хлопцы не сталі іх падбіраць, а адразу палезлі на яблыню і ліхаманкава, без разбору, пачалі рваць і запіхваць за пазуху і ў кішэні яблыкі.

— Кульгавы! — пранізліва закрычаў Стась і, ломячы галлё, скочыў з дрэва.

— Стаяць! Куды, падшыванцы? — з цапком у руцэ бег па градах вартаўнік.

Валік цяжка пераваліўся на другі бок паркана ў пыльныя дзяды і быльнёг. Яблыкі высыпаліся ў траву і на дарогу, але Валік падхапіўся і адбег ад паркана.

На другім баку пачулася валтузня, хрубаст кустоўя і пранізлівы крык.

— Дзядзечка! Дзядзечка, не біце! Я ўсё скажу, толькі не...— енчыў Стась.

Валік стаяў метраў за дзесяць ад паркана, дошкі якога ўздрыгвалі, узбуджана дыхаў і калаціўся. Праз лаянку вартаўніка чуліся ўсхліпы Стася, які канючыў і прасіў прабачэння.

Стась, як і дамаўляліся, сваё прозвішча схлусіў, але Валікава назваў дакладна, нават сказаў, дзе і кім працуюць яго бацькі.

Праз паўгадзіны вартаўнік вывеў хлопца з брамкі школьнага саду. Стась ледзь перастаўляў ногі ў мокрых нагавіцах з белымі лампасамі, твар яго быў чырвоны і заплаканы. Вартаўнік кульгаў побач і трымаў Стася за каўнер.

Валікава радасць, што здолеў уцячы, змянілася горкім пачуццём расчаравання, злосцю і крыўдай на аднакласніка, які так бессаромна здрадзіў.

Валік вылез з кустоўя, дзе хаваўся, і, абураны ўжо на сябе самога, падаўся ад школы і свайго дома ў процілеглы бок. Ён яшчэ з гадзіну бадзяўся па гарадку, прыдумваў на заўтра апраўданні, але ў галаву нічога добрага не ішло, і ён, калі на вуліцы добра сцямнела, крадком пашыбаваў дадому. Прадчуванні былі самыя благія — усё было супраць яго...

У бязлюдным двары пагойдвалася і прывідна свяцілася бялізна. Вокны Стасевай кватэры ярка гарэлі, і па фіранках рухаліся энергічныя цені.

Толькі ў кухні, калі Валік убачыў каструлі з вячэрай і непрыбраны на стале посуд, ён успомніў пра брата. Толькі тут, у пустой гулкай кватэры, яму па-сапраўднаму зрабілася страшна. Па целу разлілася гарачай хваляй млявасць, далоні і лоб зрабіліся мокрымі ад халоднага поту...

Валік выбег на лесвічную пляцоўку і спачатку ціха, а потым гучна паклікаў брата. Рэха гулка паляцела на гарышча, скацілася па стаптаных прыступках у сутарэнні і, знясіленае, вярнулася да яго. У пад’ездзе запанавала невыносная цішыня, у якой было толькі дыханне і ўдары Валікавага сэрца. Суседскія дзверы былі зачыненыя, і на грукат і званкі ніхто не адазваўся.

Валік не зачыніў дзвярэй, не згасіў святла і выбег у двор. Мокрыя прасціны білі па твары, ён нервова рассоўваў іх, клікаў брата... Ён адчуў слабасць, ногі не слухаліся, і, каб супакоіцца, ён сеў на брудны борт пясочніцы. Праз мінуту ён падхапіўся і напрасткі, праз цёмны парк пабег да возера. Ён спыняў позніх прахожых, але ніхто не бачыў малога ў пасястай футболцы, сініх шортах і чырвоных сандалях.

На беразе возера, пад ніцымі вербамі сядзелі парачкі і цалаваліся. Срэбным слюдзяністым слупом, ад берага да берага, ляжала адлюстраванне поўні...

Валік забыўся пра ўсе падзеі сённяшняга вечара, забыўся пра аднакласніка і кульгавага вартаўніка, пра высокі паркан і разгалістае дрэва — ён думаў толькі пра брата. Ён жадаў толькі адзінага і дзеля гэтага гатовы быў прыняць любое пакаранне: ад бацькоў, настаўнікаў, ад усіх, без розніцы,— абы знайсці малога, знайсці як мага хутчэй...

Калі стрэлкі гадзінніка сышліся і на імгненне спыніліся на лічбе дванаццаць, у кватэру зайшла незнаёмая жанчына. Яна трымала за руку хлопчыка ў сініх шортах, чырвоных запэцканых сандалях і пасястай футболцы.

— Гэта мой брацік! — сказаў малы і сеў на канапу.— Гэта наш дом.

— Добра, што малы вуліцу і нумар дома ведае, а то не ведала б, куды і весці,— жанчына ківала галавой і ўважліва аглядала кватэру.

— Мой брацік,— зноў сказаў малы, пабег у кухню, вярнуўся і стаў побач з Валікам.

— На кацельні знайшла. Я там прыбіраю. Гляджу — цёмна, а ён сядзіць і гуляе сабе з кацянятамі і ісці нікуды не ідзе. А бацькі дзе? — раптам строга спытала жанчына.

— Тата з мамай паехалі да дзеда, далёка-далёка, яны мне яблыкаў прывязуць,— адказаў малы.

Жанчына яшчэ колькі пастаяла, паківала незадаволена галавой і сышла. Што яна гаварыла — Валік не чуў. Ён абмацваў малога, гладзіў яго па галаве, выціраў мурзатыя шчокі і хутка-хутка распранаў: нязграбна і нервова сцягваў футболку, здымаў шорты, скідваў сандалікі...

— Ну ты...— ён хацеў дадаць: — Ідзі мыцца! — злосна, як прарвала, закрычаў ён на малога.

Валік замкнуў кватэру на два замкі, патушыў святло ў пакоі і памыў посуд.

Калі ён вярнуўся ў пакой, малы сядзеў у ложку і сонна міргаў вачамі. Валік хадзіў па пакоі, ён не знаходзіў сабе месца.

— Я не хачу спаць. Пачытай мне казку. Пра брацікаў — ты ж абяцаў,— з крыўдай у голасе запатрабаваў малы.

Валік спачатку не зразумеў, пра што пытае брат, што і калі яму абяцаў, якую казку...

Старэйшы пакорліва ўзяў кніжку, разгарнуў і сеў на ложак.

— Жыў-быў цар. Было ў цара вялікае царства. Было ў цара два сыны-царэвічы: адзін старэйшы, а другі малодшы.

Калі прыйшоў час паміраць цару, то паклікаў ён сыноў сваіх царэвічаў і кажа: «Калі добра будзе каму з вас — то пакліч брата. Калі блага будзе каму — пакліч брата...» — Валік спыніўся...

Яго малодшы брат спаў. Валік накрыў яго і ціха паклаў кніжку на этажэрку.

 

Толькі калі ён распранаўся, то агледзеў, што новая футболка пад пахамі перапэцкана чорным салідолам, а рукаво падранае. «Няйначай, калі ўцякалі, зачапіўся за цвік... А Стасю я не дарую...»