epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Сьцяпан

Хімічны аловак

Праваруч ад пад’езда майго чатырохпавярховага дома стаяла замураваная чыгуннымі лапамі ў тоўшчу асфальту, блакітная лава. Як і аблезла-ружовыя сцены дома, лава была спрэс у размаітых татуіроўках надпісаў. На ёй звычайна і сядзеў, з цыгарэтай, заціснутай у жоўта-карычневых зубах, жыхар першага паверха — сталяр Юзік, па мянушцы Куцапалы. Калі папраўдзе, то мянушкай хрысцілі толькі за вочы, бо Юзік, хоць і быў мужчына невялікі, але крыўды не дараваў нікому. Звычайна Юзікаў твар меў выраз рашучасці і глыбокай пакрыўджанасці. Блізка пасаджаныя да тонкага носа, вочы слязіліся, вусны крывіліся ў зменлівай змяістай усмешцы, сівыя, каротка пастрыжаныя валасы былі ўскудлачаныя, і глядзеў Юзік на ўсіх падазрона і здзекліва. З-за вуха тырчаў кавалак хімічнага алоўка, пляскатая кепка ляжала на каленях, а рукі Юзік хаваў у кішэнях ці за спіною.

Усе дзеці з нашага дома абыходзілі блакітную лаву, занятую Юзікам. Здаралася, што нехта забываўся і шыбаваў да пад’езда паўз лаву. Сталяр спрытна падхопліваўся, лавіў малога, рабіў жорсткі твар і крычаў: «А, папаўся, падшыванец! Зараз я пакажу табе «чучу», больш не будзеш газеты ў скрынях паліць і мачыцца ў пад’ездзе! Мігам грабеньчыкам струк адпілую!»

Дзіцёнак, раптоўна схоплены, пачынаў енчыць і крычаць ратунку, а Юзік тым часам выцягваў з кішэні металічны грабеньчык і імкнуўся расшпіліць ці сцягнуць малому порткі. Віцька Сушок аднойчы так спалохаўся, што напусціў у порткі і пачаў заікацца. Нават расказвалі, што маці вадзіла Віцьку да старой Машніхі, каб тая зашаптала яго. Пасля гэтага здарэння Сушок і блізка баяўся падысці да блакітнае лавы, а бегаў напрасткі, праз кветнік.

Колькі дарослыя ні сварыліся на Юзіка, колькі ні палохалі міліцыяй — ён выхоўваў нас праверанымі сродкамі. А дарослым звычайна казаў: «Ты пакрычы, пакрычы — можа, хутчэй памрэш! А я табе дамавіну зраблю, хоць капейчына якая будзе. Ведай, я — апошняя інстанцыя!» Слова «інстанцыя» падабалася сталяру неверагодна. Дарослыя, сапраўды, з Куцапалым сварыліся неахвотна. Гэта і зразумела, хто ж хоча пачуць пра ўласную смерць. А дамавіны Юзік рабіў адмысловыя, да яго з просьбамі нават з Гомеля прыязджалі. Калі быў пільны заказ — Юзіка на блакітнай лаве не было, і яе займалі мы.

У тым, што Куцапалы мог адпілаваць грабеньчыкам пісюн, мы не сумняваліся, бо яго сын Ладак не аднойчы паказваў спіну і лыткі спрэс у чырвона-сініх шнарах і драпінах.

— Гэта Юзік пазаўчора здаў заказ, выпіў, а потым пачаў нас выхоўваць нажоўкай.— Хваліўся Ладак і апускаў кашулю.

— А за што ён цябе так? — цікавіліся мы, адчуваючы павагу да хлопца.

— Настаўніца напісала ў дзённік, а я не паспеў лісты выдраць, вось Юзік і прачытаў.— Ладак заўжды называў бацьку Юзікам.

З Ладакам я вучыўся ў адным класе. У школу ён хадзіў неахвотна і часта прагульваў заняткі. І колькі Юзік ні лупцаваў хлопца, усё было марна, адно дзённік рабіўся танчэйшым і нарэшце губляўся назаўсёды. Памятаю, што пасля таго як настаўніца геаметрыі ўбачыла Ладакаву спіну, яна больш ніколі не прасіла дзённік, каб паставіць адзнаку ці напісаць заўвагу.

Кватэра Ладакавых бацькоў была дзіўная, бо адначасова нагадвала майстэрню, склад і музей. Мэбля, якой было не шмат, хоць і была самаробная, але глядзелася. Памятаю вялізную цёмна-карычневую шафу, чорную канапу з круглымі скуранымі валікамі, агромністы стол на тонкіх гнутых ножках і некалькі цяжкіх дубовых крэслаў з высокімі спінкамі. Яшчэ, што мяне заўсёды бянтэжыла, у перадпакоі стаяла века да недаробленай дамавіны, у якой на цвіках вісела Юзікава ватоўка і дэрмацінавы фартух. Пахла ў кватэры сталярным клеем, шкіпінарам і сухімі дошкамі.

Аднаго разу, калі Ладак не прыйшоў на заняткі, класная адправіла мяне даведацца, што з хлопцам... Я пагрукаў у дзверы, а потым увайшоў у кватэру. За дзвярыма пакоя, куды я зазірнуў, з сякерай у руцэ стаяў Юзік. Ён стаяў басанож, у ватоўцы на голае цела, твар быў цёмны, рашучы і злосны. Я спалохаўся і не ведаў што сказаць.

— Чаго табе? — прасіпеў мужчына.

— Мне трэба Лада,— ледзь вымавіў я.

— Заб’ю байструка! — закрычаў Юзік і секануў па стале.

Я выскачыў на вуліцу перапалоханы, ледзь жывы... У двары перастрэў Ладака, які дахаты і не збіраўся. Хлопец растлумачыў, што Юзік «сеў на каня», і яны вымушаны начаваць у сваякоў. Юзіку не заплацілі за чырвоную труну, вось ён і пачаў вар’яцець, п’е і дахаты нікога не пускае...

Калі памерла старая Машніха — Юзік хутка зрабіў ёй дамавіну і сказаў, што грошы браць не будзе, бо старая хоць і сварылася з ім, але была беднай удавой, а бедных трэба шкадаваць. Гэткая Юзікава міласэрнасць усіх здзівіла і насцярожыла. Я не памыліўся — насцярожыла, бо на саракавінах, куды Юзік прыйшоў на падпітку, ён учыніў сварку са сваякамі і суседзямі нябожчыцы. Куцапалы пачаў патрабаваць грошы за выдатна зробленую дамавіну. Яго саромілі, пераконвалі, але дарэмна — Юзік стаяў на сваім. Грошы аддалі, бо спалохаліся. Юзік крычаў на ўвесь пад’езд, што звяртацца ні ў якія інстанцыі не будзе, пойдзе на могілкі, выкапае Машніху і забярэ труну, бо труна — «дошчачка да дошчачкі», як сабе зробленая — міністэрская, а не абы-што...

Калі Юзік бываў цвярозым, а гэта здаралася досыць рэдка, ён любіў разважаць пра палітыку, успамінаць вайну, расказваць пра генералаў. Ён у тварах паказваў, як яго ўзнагароджвалі, як арыштоўвалі, як везлі на Поўнач. Юзік хваліўся тым, колькі ён з’еў на Поўначы чырвонай рыбы, ікры і сабачыны... У такія моманты мы зайздросцілі Ладаку, які бег дадому, выцягваў з шафы бацькаў святочны летнік з трыма бліскучымі медалямі. Юзік падхопліваўся з лавы, накідваў летнік, прыкладаў правую руку са знявечанымі карацелькамі пальцаў да скроні і рапартаваў свайму сыну, як генералу. Мы смяяліся.

А яшчэ Юзік распавядаў, адкуль бяруцца дзеці, як яны робяцца, і першым паведамляў, у каго з нас па хуткім часе будзе брат ці сястра, і нават казаў, колькі засталося чакаць. Мы чырванелі, не давалі веры ягоным ціхім словам...

Першы раз Ладака пасадзілі за тое, што ён разам з Віцькам Сушком укралі, а потым разбілі матацыкл. Юзік, пасля суда, на які ён хадзіў у летніку з медалямі, піў штодня два месяцы.

Ладака пусцілі на пахаванне маці — маленькай ціхай жанчыны, якая памерла на аперацыйным стале. Казалі, што не ад рака, а ад атручвання ацэтонам. Нябожчыца працавала тынкоўшчыцай і ўсё жыццё падзарабляла рамонтам прыватных кватэр, бо акрамя Ладака, які сядзеў у калоніі, трэба было даглядаць Насту і Алесіка.

Пахаванне запомнілася добра. На памінках Ладак да крыві збіў Юзіка і сваю родную сястру Насту. За Юзіка з Настай ніхто не заступіўся — усе ведалі, як Юзік лупцаваў нябожчыцу-жонку... А Наста пачала гуляць з сёмага класа і пасля памінак прыхапіла пляшку гарэлкі і мусіла сысці на ўсю ноч.

Ладака забралі. Наста з памінак трапіла ў бальніцу з паламанай рабрынай, а пасля, не заходзячы дадому, у венерычны дыспансер, бо высветлілася, што пятнаццацігадовая дзяўчына хворая на пранцы. Юзік паабяцаў, што дачку, як толькі выпішуць,— заб’е, бо такой ганьбы ён — паважаны чалавек — трываць не будзе.

Наста як ведала, што яе чакае, і дадому не вярнулася. Яна з’ехала на Поўнач, дзе праз два гады выйшла замуж за геолага, а потым за нафтавіка. На святы Юзік атрымліваў паштоўкі з Сургута і пасылкі з чырвонай рыбай і кедравымі гарэхамі. Паштоўкі Юзік ірваў на дробныя кавалкі, а гарэхамі, калі быў цвярозы, частаваў дзяцей.

Пасля сёмага класа хударлявы і ціхі Алесік з’ехаў да сястры ў Сургут. Алесік з’ехаў, але праз колькі месяцаў вярнуўся Ладак, у сіняй павуціне татуіровак, з бліскучымі фіксамі і самотным позіркам арэхавых вачэй.

Юзік змяніўся, кінуў піць, нават казалі, што Куцапалы «падшыўся» і з раніцы да вечара майстраваў мэблю ў сваёй недагледжанай кватэры.

Праз паўгода Ладака, які жыў з бацькам і вечарамі дапамагаў старому збіраць мэблю, арыштавалі. За згвалтаванне мажной касіркі з хлебнай крамы яму далі шэсць гадоў. Не ведаю, як там было, але ўсе былі за Ладака і супраць касіркі. Казалі, што яна вельмі хацела замуж, а калі Ладак адмовіў — падала на яго заяву.

Юзік пісаў скаргі ў розныя інстанцыі, ездзіў у вобласць, званіў па міжгораду, некаму даваў хабар, але ўсе намаганні былі дарэмныя.

Цяжарная касірка з’ехала.

Ні Наста, ні Алесь да Юзіка не вярталіся, хоць ён і даслаў ім ліст, у якім прасіў прабачэння і скардзіўся на здароўе.

Дзеці прыехалі на тэлеграму, якую адправілі суседзі, прыехалі са спазненнем...

Суседка аддала ключы і расказала, што Юзік у апошнія дні не выходзіў з кватэры і нікога не пускаў да сябе. Суседка чула, як грукаў малаток, як смярдзеў сталярны клей, ацэтон і лак.

Юзік пакінуў запіску. На аркушы з вучнёўскага сшытка дзе-нідзе расплываліся словы, напісаныя хімічным алоўкам. Юзік пракляў сваё жыццё, папрасіў прабачэння перад Ладакам і суседзямі, а потым задавіўся ў прыбіральні.

Хавалі Юзіка ў выдатна зробленай дамавіне арэхавага колеру, над якой ён і шчыраваў у апошнія дні.

Памятаю пачарнелы дробны твар, расчэсаныя на роўны прабор сівыя валасы, тонкую свечку ў знявечанай руцэ і медалі на цёмным летніку. Было некалькі вянкоў ад суседзяў, былі танныя кветкі. Стаяла страшэнная спёка і таму пахавалі хутка.

На саракавіны Наста з Алесем вынеслі на вуліцу вялікі стол, той — пасечаны Юзікам, накрылі яго і налівалі ўсім, хто праходзіў паўз блакітную лаву да пад’езда.