epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Сьцяпан

Доўг

Ён некалькі хвілін стаіць у двары і глядзіць на вокны пяціпавярховага дома. На трэцім паверсе гараць два акны. Першае ад пад’езда — жоўты квадрат — кухня, другое — шэра-блакітны прамакутнік — зала.

Ён бярэцца за ручку, адчыняе на сябе дзверы і ўваходзіць у цёмную цеплыню пад’езда. Крыху чакае, звыкаецца з цемраю і асцярожна пачынае ўздымацца па лесвіцы, трымаючыся за гладкую фарбаваную парэнчу.

У гулкай цішыні добра чуваць шамаценне цэлафану, у які загорнуты кветкі, добра чуваць крокі, хоць ён стараецца ісці ціха.

На пляцоўцы трэцяга паверха ён спыняецца: апускае каўнер паліто, папраўляе валасы, перакладае шаматкі букет у левую руку. Перад ім дзверы з вялікаю кропляй жоўтага вочка. Над вочкам цьмяна пабліскваюць дзве лічбы.

Ён навобмацак знаходзіць кнопку званка, націскае і робіць крок да дзвярэй. Жоўтая кропля вочка згасае, потым успыхвае, і ён чуе голас: «Зараз, зараз!»

Дзверы адчыняюцца. У парозе стаіць мужчына і глядзіць на яго: спачатку на твар, потым на кветкі, якія пабліскваюць цэлафанавай абалонкай.

— Вам каго, малады чалавек? — расцягвае словы мужчына.

— Добры вечар. Вы мяне не пазнаяце? Я — Раман.

— Раман, Раман,— выгаворвае кожны гук мужчына.— А, Раман! Прабач, не пазнаў. Праходзь. Даўно цябе не бачыў, вось і не пазнаў адразу,— мужчына адыходзіць убок, саступае яму дарогу і падае руку.

Раман уваходзіць у калідор і глядзіць на свае кветкі.

— А жонка, ведаеш, пайшла да знаёмай, але хутка павінна быць.

— Гэта ёй,— Раман падае букет гаспадару.

— Распранайся і праходзь, будзем піць каву. Я толькі што зварыў,— мужчына знікае ў кухні, адкуль чуецца шамаценне цэлафану і шум вады.

Раман распранаецца і праходзіць у кухню. Гаспадар паказвае на белы табурэт між халадзільнікам і сталом. Раман сядае. Гаспадар здымае з пліты кававарку, ставіць яе на белы пластык стала побач са шкляным цыліндрам, у якім стаяць кветкі.

У зале працуе тэлевізар. Голас дыктара добра чуваць у кухні. Раман пачынае прыслухоўвацца.

— Гэта тэлевізар,— удакладняе гаспадар.— Цікавая перадача пра археолагаў. Ты ж таксама некалі быў археолагам, памятаю, як ты расказваў.

— Некалі быў.

— А мне падабаецца глядзець тэлевізар. На тым тыдні была гэта перадача, цяпер працяг.

...нечаканыя знаходкі здзівілі саміх археолагаў. Знойдзеныя на невялікай глыбіні, яны прымушаюць думаць, што раней...

Гаспадар ставіць на стол два керамічныя кубкі.

...але сцвярджаць што-небудзь больш акрэслена пакуль немагчыма...

— Вось вучоныя і тыя не могуць сказаць акрэслена пра тое, што было раней. Ды і што скажаш, калі столькі часу прайшло. Табе падабаецца глядзець тэлевізар?

— Не, я больш люблю чытаць.

— Раней я таксама шмат чытаў, а цяпер гляджу тэлевізар. Гэта цікавей і прасцей. Жонка чытае, а я — толькі газеты.

...вучоныя лічаць, што знаходкі даюць адказ на незлічонае мноства пытанняў...

— Адкажуць на адны пытанні, з’явяцца другія,— гаворыць гаспадар і пачынае разліваць густую духмяную каву па кубках. Спачатку Раману, потым сабе.— Ну, а ў цябе якія навіны? — гаспадар сядае да стала і кранае далонню нікеліраваны бок кававаркі.— Ты мо не вячэраў?

— Не, я павячэраў, дзякуй вам.

— Ну, як ведаеш.

...хаатычна раскіданыя, перамешаныя і сцэментаваныя часам гэтыя рэшткі можна лічыць самым багатым...

— Я хачу прасіць прабачэння і ў вас і ў вашай жонкі, што не аддаў доўг у тэрмін, як абяцаў,— ён выгаворвае кожнае слова, дастае з кішэні і кладзе на стол грошы.

— Які доўг? Пра што ты, Раман? — здзіўлена пытае гаспадар і глядзіць на акуратныя паперкі.— Я нічога не ведаю,— гаспадар устае, бярэ кававарку, ставіць яе ў ракавіну і зноў глядзіць на грошы, што ляжаць ля кветак на белым пластыку стала.

...цяжка сказаць. Спецыялісты, аднак, схільны меркаваць, што ўсе знаходкі...— спакойна гаворыць дыктар пад гукі старажытнай мелодыі.

— Я пазычаў у вас грошы два гады назад, але ў тэрмін аддаць не змог, і вось зараз...

— Пачакай, Раман,— гаспадар перапыняе яго.— Я памятаю, як ты пазычаў, але жонка казала, што ты аддаў. Ці я нешта блытаю? Не, я дакладна памятаю, што яна сказала, што доўг ты аддаў.

...пасля дажджоў,— пад музыку гаворыць дыктар,— воды рэк, якія вярнуліся ў свае рэчышчы, панеслі і сабралі іх у адным месцы, дзе яны і захаваліся да нашага часу...

— Давай закурым. Нешта я нічога не разумею,— гаспадар бярэ з падваконня цыгарэты і запалкі.

...гіпотэзы, хто мог гэта зрабіць, хвалююць вучоных, і яны ўпэўнены, што загадка крыецца ў саміх паводзінах людзей...

Гаспадар зачыняе дзверы кухні, гук тэлевізара робіцца далёкім, і словы разабраць немагчыма.

— Я толькі зараз прынёс, мяне не было ў горадзе ўвесь гэты час,— гаворыць Раман і паварочвае ў пальцах гарачы кубак.

— Не было. Нешта мы з табой блытаем. Закурвай,— гаспадар падае цыгарэты.

— Я кінуў.

— А я вось не магу без цыгарэты. Колькі ні спрабаваў, не атрымліваецца. Звычка. А ты добра зрабіў, што кінуў,— гаспадар запальвае цыгарэту і шукае вачыма попельніцу. Раман падае круглую попельніцу, якая стаяла на халадзільніку.

— Ты пі каву, а то астыне,— выдыхае дым і бярэ свой кубак гаспадар.

Яны моўчкі п’юць каву.

Зашклёныя дзверы кухні асвятляюцца. Шкло робіцца малочна-жоўтым.

— Гэта ты? — прыадчыняе дзверы і гаворыць у калідор гаспадар.

— Што ты пытаеш? — адказвае жаночы голас.

— Яна. Цяпер усё высветліцца,— гаспадар кладзе цыгарэту на край попельніцы і выходзіць на калідор.

...як заўсёды, адсутнасць пісьмовых сведчанняў дае магчымасць для стварэння розных супярэчлівых меркаванняў. Але вучоныя спадзяюцца, што далейшы пошук новых фактаў дасць дакладныя і пераканаўчыя...— чытае тэкст ужо жаночы голас пад старажытную мелодыю.

— Добры вечар, Раман,— кажа гаспадыня і ўваходзіць у кухню.

— Вечар добры,— вітаецца Раман.

— А мы цябе чакаем, каву п’ём,— гаворыць гаспадар і праходзіць на сваё месца.— Гэта табе кветкі,— ён пераводзіць позірк з Рамана на жонку.

— Дзякуй, Раман, мне вельмі прыемна,— яна сядае на табурэт ля акна.

— А мы тут разбіраемся наконт грошай,— позірк гаспадара спыняецца на акуратных паперках, што ляжаць каля кветак.

— Я вам прынёс доўг, што пазычаў даўно, можа, вы забыліся? Мне няёмка, што не змог аддаць...

— Прабач, Раман,— мякка перапыняе гаспадыня.— Які доўг? Ты ж аддаў яшчэ даўно, як абяцаў. Ты нешта блытаеш.

— Вось і я думаю, што ён нешта блытае,— гаспадар бярэ цыгарэты, глядзіць на грошы, потым на Рамана, потым на жонку.

— Ты перадаў нам грошы ў тэрмін, як абяцаў, праз свайго брата. Я гэта добра памятаю.

— Што вы, у мяне няма братоў,— Раман паварочвае ў пальцах парожні кубак.

— Тады не ведаю, але грошы мы атрымалі. Можа, ты каго прасіў? — яна глядзіць на Рамана здзіўленым і заклапочаным позіркам.

...доказам гіпотэзы могуць быць толькі факты. А факты настолькі супярэчлівыя, што ні адна з існуючых гіпотэз не вытрымлівае іх колькасці. Таму сцвярджаць што-небудзь дакладнае немагчыма. Факты, якія з’яўляюцца ў час пошукаў, нішчаць гіпотэзы, і таму нам застаецца...— запаўняе цішыню кватэры голас дыктара.

— Мо яшчэ вып’ем кавы? — гаспадар устае, падыходзіць да крана і пускае ваду. Потым чыркае запалкай, бярэ цыгарэту са стала, прыкурвае і запальвае фаерку. Кран пачынае вуркатаць.

— Ды выключы ты ваду,— злуецца гаспадыня,— і тэлевізар. Ніхто ж не глядзіць.

— Тэлевізар, тэлевізар,— выгаворвае гаспадар, паварочвае керамічную ручку крана і выходзіць з кухні.

...спадзяванні вучоных на далейшы пошук. Яны лічаць, што адказ на пытанні дасць час, і тады будзе можна меркаваць...

Музыка і голас дыктара абрываюцца, і ў цішыні чуваць, як падаюць кроплі ў поўную кававарку.

— Ведаеш, што мне запомнілася? Той чалавек, што прынёс грошы, калі я яго праводзіла,— пайшоў не ўніз па лесвіцы, а ўверх. Гэта мяне здзівіла, але потым я забылася.

Гаспадар вярнуўся, не пачуўшы апошняй фразы.

— Што ты кажаш?

— Я кажу, ён пайшоў уверх па лесвіцы.

— Хто пайшоў?

— Той, хто прынёс грошы.

— Я гэта чуў.

— Нашто тады перапытваеш?

— А што далей?

— Я зачыніла дзверы, вось што далей.

— Можа, гэта быў паштальён?

— Кінь жартаваць,— нервуецца гаспадыня.— Калі будзеш варыць каву, дык вары, а не будзеш — выключы пліту.

— Я на ноч не хачу піць, калі толькі вы з Раманам,— адказаў гаспадар і сеў да стала.

Раман паглядзеў на гаспадара, потым на грошы, потым на гаспадыню.

— Ну што, мне трэба ісці.

— Дзіўна ўсё гэта,— гаспадар паварочвае ручку пліты.

— Раман, дык ты забяры грошы, мо акажацца, хто перадаў,— просіць гаспадыня.

Гаспадар падсоўвае да Рамана акуратныя паперкі.

— Атрымліваецца, што гэта няведама чые грошы,— разважае Раман і ўстае з-за стала.

— Гэта твае грошы,— з націскам на першае слова кажа гаспадар.

Раман бярэ грошы, складае іх удвая і глядзіць у акно. Там у чорна-сінім шкле ён бачыць сваё адлюстраванне, праз якое прасвечваюцца вокны процілеглага дома. Яго адлюстраванне трымае ў руцэ паперкі, потым кладзе іх у кішэнь.

— Дзякуй вам за каву і прабачце за клопаты.

— Якія клопаты,— адказвае гаспадыня, ідзе да стала, бярэ кубкі і нясе іх да ракавіны.

Раман разам з гаспадаром выходзяць у калідор. Раман апранаецца, потым дастае грошы і перакладае іх у паліто.

З кухні выходзіць гаспадыня з мокрымі рукамі.

— У пад’ездзе цёмна,— гаворыць яна.— Нехта павыкручваў лямпачкі.

— Падшыванцы, відаць. Збіраюцца на другім паверсе, кураць,— адказвае гаспадар.

— На нашым паверсе яшчэ трохі відаць, а ўнізе зусім цёмна,— гаспадыня падыходзіць да дзвярэй і адчыняе іх.— Ты не хвалюйся, Раман, я думаю, знойдзецца твой сябар, які аддаў грошы.

— Паглядзім,— няўпэўнена адказвае Раман, паціскае руку гаспадару, развітваецца з гаспадыняй і выходзіць на пляцоўку.

— Дзіўна ўсё гэта. У пад’ездзе цёмна...— чуе ён голас гаспадара за дзвярамі.

Ён азіраецца. Залатая кропля вочка згасла. Ён падымае галаву і глядзіць угару. Між лесвічных маршаў прабіваецца цьмянае жоўтае святло. Ён падымае каўнер паліто і пачынае сыходзіць у цёмную глыбіню пад’езда. Навобмацак знаходзіць дзверы, штурхае іх і выходзіць у двор. Дзверы гучна грукаюць.

«Трэба было прытрымаць. Грукату нарабіў»,— думае ён, адыходзіць ад пад'езда і глядзіць на вокны дома. На трэцім паверсе гарыць жоўты квадрат — кухня, наступнае — чорны прамакутнік — зала. У пад’ездзе, між чацвёртым і пятым паверхамі, гарыць святло. «Туды падшыванцы не дайшлі, відаць, пабаяліся».

Потым ён ідзе па вуліцы. Хочацца курыць. Прахожыя ідуць, нагнуўшы галовы і наставіўшы каўняры. Яны не азіраюцца, калі праходзяць побач.

«Трэба было ўзяць цыгарэту, але ж я кінуў курыць. Тады не трэба. Год не курыў, а зараз хочацца. Ніхто з прахожых не курыць, а мне патрэбна цыгарэта. Патрэбна падумаць пра ўсё гэта».

«Спадзяванні вучоных на далейшы пошук. Яны лічаць, што адказ на пытанні дасць час... І тады будзе магчымасць меркаваць...» — успомнілася фраза, пачутая па тэлевізары.

Вуліца збягае пад гару да парку. Ён ідзе хуткай хадой, нібыта спяшаецца. Ідзе да моста, пераходзіць рэчку, паварочвае і павольна ідзе ля вады. Наперадзе шуміць вадаспад і нават у цемры відаць белую сцяну вады, што з шумам падае з плаціны. Супраць плыні ракі вецер гоніць рознае смецце: кавалкі дрэва, лістоту, пабітую скрыню, мячык, а ля самага берага круціцца пластыкавая лялька, выставіўшы з вады белую руку. Вецер гоніць усю гэту драбязу да вадаспада, дзе шуміць і віруе халодная вада. Ад ветру на рацэ бягуць іртутныя блікі.

«Трэба грошы пакласці ў партаманет, а то выцягну разам з насоўкаю ці квіткамі і згублю»,— думае ён і спыняецца на падыходзе да вадаспада. Выцягвае партаманет, расшпільвае металічную кнопку і разгортвае яго як кніжку. Замерзлымі пальцамі дастае грошы, распраўляе храбусткія паперкі і левай рукой пачынае ўкладваць. Цвёрды партаманет выслізвае з рук. Ён спрабуе падхапіць яго, але разгорнутая скураная кніжка падае. Вецер выхоплівае лёгкія паперкі грошай і, крутануўшы каля ног, уздымае і нясе іх у цемру — туды, дзе бягуць па чорнай вадзе ртутныя блікі.

Ён павольна нагінаецца, падымае скураную вокладку, зашпільвае і кладзе ў кішэню паліто. Некалькі хвілін узіраецца ў цемру, адшуквае вачыма пластыкавую ляльку, глядзіць на яе белую руку, паварочваецца і, нагнуўшы галаву, ідзе супраць ветру.

«Воды рэк, якія вярнуліся ў свае рэчышчы, панеслі і сабралі іх у адным месцы, дзе яны і захаваліся да нашага часу...» — успомніў ён словы дыктара, ідучы да аўтобуснага прыпынку.