epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Сьцяпан

«Я — Віця»

Сваё імя, прозвішча, назву вуліцы і шмат іншых, нават даволі складаных слоў Віця вымаўляе добра. Слова «алігафрэн» яму нічога не гаворыць, бо яго сэнс яму невядомы.

Двухпакаёўка на першым паверсе, у якой жыве Віця з бацькамі, выходзіць вокнамі на поўдзень. Але кватэра цёмная, бо амаль усутыч да вокнаў шэрая, складзеная з бетонных квадратаў-пліт сцяна кааператыўнага дома. Панурасць і аднастайнасць сцяны парушае вузкая шыльда з назвай вуліцы «Другая Авангардная». Белыя друкаваныя літары добра глядзяцца на ярка-сіняй эмалевай паверхні.

Сцяна кааператыўнага дома закрывае амаль увесь краявід. Толькі, калі наблізіцца да акна, бачны невялікі кавалак вуліцы і кантэйнеры са смеццем. На брудных кантэйнерах дзяжураць нахабна-палахлівыя памыйныя каты.

Але Віцю дастаткова і гэтага аскетычнага краявіду. Ён нерухома і стоена сядзіць ля падваконня і пазірае то на сцяну з шыльдай, то на аблезлыя ржавыя кантэйнеры, то на хіжых катоў, якія нетаропка прагульваюцца вакол сметніка.

Ёсць дзіўны момант, які выклікае найбольшую цікаўнасць,— гэта надыход шарай гадзіны. Віця бачыць у шкле вуліцу з цёмнай стромай сцяны, адбітак пакоя і самога сябе. Адлюстраванні і краявід накладваюцца ў шкле адно на другое і суіснуюць у адным вымярэнні — у плоскасці шкла. Віця адыходзіць ад акна на некалькі крокаў і нерухомее. Блакітныя, як у цацачнай лялькі, вочы раз-пораз прыкрываюцца доўгімі веямі. На твары разгубленасць...

Калі знадворку цямнее, маці запальвае святло. Шкло адлюстроўвае да драбніцы знаёмы інтэр’ер пакоя і маўклівую, засяроджаную постаць трыццацігадовага Віці.

Засынае ён хутка — ледзь дакранаецца няголенай шчакой да падушкі. Сон у яго моцны і глыбокі. У сне на твары з’яўляецца спакой і задуменнасць. Віця не чуе, як заходзіць маці, як яна папраўляе коўдру, колькі часу глядзіць на сына, прыбірае рэчы, тушыць святло і прычыняе дзверы.

Шторы і фортачка ніколі не закрываюцца.

Прачынаецца Віця ў адзін і той жа час і адразу пачынае галіцца. Электрабрытва натужна гудзе, калі ён водзіць ёю па падбароддзі, шчоках і шыі. Шчэць, што адрастае за суткі, густая і жорсткая. Пасля таго як твар робіцца гладкім, а брытва гарачай, Віця з апетытам снедае і займае месца ля акна.

Па вуліцы, паўз клятчастую сцяну, спяшаюцца ў школу дзеці. Віця прыціскаецца высокім ілбом да шкла і ўзмахамі рукі вітае іх. Дзеці смяюцца, круцяць каля скроні пальцамі, паказваюць языкі і заварочваюць за рог дома. Віця заціскае правы кулак, а левым грукае па падваконні.

Пасля таго як падлеткі імклівымі купкамі хаваюцца за домам, Віця супакойваецца і выбіраецца на вуліцу. У гарадку яго ведаюць усе, бо ён кожнаму дае «добры дзень». Калі яму адказваюць, ён звычайна спыняецца, выцягвае з кішэні розную драбязу і хваліцца.

Бывае, хто-небудзь кідае яму ў адказ «дэбіл» і прыспешвае хаду. Віця даганяе яго, заступае дарогу, глядзіць крыху вінавата ў вочы і кажа: «Я — Віця» — пасля чаго працягвае свой рэй па пыльных вуліцах ранішняга гарадка.

Здаля Віця выдае на моцнага мужчыну, гадоў на сорак, не надта спрытнага, але дужага і спакойнага. Ён з задавальненнем дапамагае рабочым прыбіраць кантэйнеры са смеццем. Смела, без рукавіц, хапае брудныя, заплямленыя памыямі скрыні і падае ў кузаў машыны. Мужчыны яго не праганяюць, бо Віця для іх — свой чалавек, дармавая дапамога. На сметніках і ў кантэйнерах Віця і знаходзіць рэчы, якія нясе дахаты. Ад гэтых знаходак звычайна сыходзіць кіслы і цяжкі смурод. Пах сметнікаў характэрны не толькі для Віці, але і для яго пакоя. Паветра, хоць фортачка ўвесь дзень адчыненая, густое і цяжкае. Раней на яго сварыліся, але пазбавіць заганнай звычкі не змаглі...

Віцю шанцуе — ён знаходзіць вялікі акварыум і адразу кідае працу, хапае акварыум, надзявае яго на галаву і спяшаецца дахаты.

Віця шыбуе праз увесь гарадок. Яго галава ў шкляной скрыні скульптурная і значная. Кучаравыя валасы прыліплі да высокага лба, з твару знікла звычайная млявасць.

Віця крочыць сярэдзінай вуліцы і ўчэпіста трымае за жалезныя канты цяжкі акварыум. Ён спяшаецца і не чуе, што кажуць прахожыя яму ўслед.

Акварыум амаль цалкам займае стол каля акна.

Віця доўга цягае слоікам ваду і супакойваецца, калі акварыум робіцца ўкрай поўным.

Акварыум бацькі не выкідваюць, бо занадта ён вялікі і цяжкі, дый Віця не адыходзіць ад яго.

Ужо некалькі дзён у акварыуме плавае даволі ладны карась, якога Віця ўратоўвае ад чорнай траскучай патэльні. Карась млява варушыць плаўнікамі, а Віця зачаравана цікуе за павольнымі рухамі залацістай рыбіны, за бліцамі, што ўспыхваюць на яе баках.

Дні праходзяць у маўклівым сузіранні шкляной скрыні. Віця крышыць у ваду хлеб і пазірае, як рыбіна павольна ўздымаецца да паверхні і ляніва хапае яго. Карась то тыцкаецца ў пясок і на дне застаюцца мяккія хвалістыя барозны, то абыякава вісіць у зеленаватай тоўшчы вады і не зважае на хлеб, што размяклымі сняжынкамі ападае на дно.

Карась спыняецца ля шкляной сцяны і нерухомее. Віця ўпіраецца падбароддзем у стол, і позірк яго спыняецца на круглых вачах рыбіны. Карасю надакучвае нерухомасць, і ён імкліва зрываецца з месца. Вада робіцца каламутнай, і мільгаюць павялічаныя шклом: то пукатая галава, то цьмянае золата лускі, то рухавы плаўнік, то цёмны веер хваста...

— Стой! Стой! — просіць Віця, але рыба, захопленая сваім танцам, не чуе яго загадаў.

Раптоўна карась спыняецца каля дна, а Віцю ахоплівае жах, што яго рыба знікла.

Ён апускае ў акварыум рукі з тоўстымі растапыранымі пальцамі і абмацвае ваду. Карась спалохана б’ецца ў далоні, выскоквае над паверхняю. Віця супакойваецца, выцягвае рукі і расплёхвае цёплую ваду на падлогу і мокрымі рукамі пачынае крышыць хлеб.

— Рыба. У мяне рыба! — кажа Віця і радасна, крыху разгублена смяецца.— Я маю рыбу! — хваліцца ён дзецям, што з цікаўнасцю глядзяць на акно.

Віцю здаецца, што словы не пераконваюць, і тады ён апускае рукі ў акварыум, ловіць карася, моцна сціскае яго і, узбуджаны, падымае над галавой. Малыя бачаць толькі вялікую галаву з адкрытым ротам і хвост, які сударгава трапечацца і млява павісае. Кроплі бягуць па шкле і пакідаюць празрысты след.

— Вялікая! Карась! — дзеці, задаволеныя выглядам рыбы, бягуць у суседні дом.

— Карасік,— ціха гаворыць Віця і асцярожна кладзе рыбу ў ваду.

Карась апускаецца на дно, павольна перакульваецца на спіну і ўсплывае.

Віця пальцам піхае яго ўглыбіню, але карась упарта ўсплывае да паверхні, ледзь бачна падрыгвае плаўнікамі.

Віця не адыходзіць ад акварыума. Ён крышыць у ваду хлеб, трымае рыбіну ўглыбіні, падсоўвае ёй мокрыя крошкі... Карась пераварочваецца і ляжыць на паверхні.

Пад вечар рыбіна цвярдзее, золата лускі блякне, бакі ўздуваюцца. Яна, як драўляная, ляжыць на вадзе...

— Тсс! — шэпча Віця і прыкладае палец да вуснаў.— Карасік спіць. Ён заснуў.

Маці глядзіць на сына, ківае галавой і выходзіць з пакоя.

Віця распранаецца і кладзецца ў ложак.

Уначы маці выцягвае з акварыума рыбу, якая пачала смярдзець, і праз фортачку выкідвае яе ў бок сметніка. У цемры чуюцца хіжыя крыкі катоў і злоснае каўканне.

Віця прачынаецца як ніколі рана. На вуліцы шчыльны шэры туман. Відаць толькі край сцяны і вузкую сінюю шыльду. Акварыум пусты. Віця будзіць бацькоў і паўтарае толькі адно слова: «Рыба? Ры-ба?» Бацькі палохаюцца, пачынаюць тлумачыць, што карась памёр, і абяцаюць купіць новага.

Віця ведае шмат розных, нават даволі складаных слоў — і цяпер, перад кубам з зеленкаватай вадой ён паўтарае кароткае слова «памёр» і намагаецца зразумець яго сэнс.