epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Сьцяпан

Колер хакі

Нашы ложкі былі побач — на другім ярусе, насупраць вялікага акна, з якога ўвесь час цягнула сцюжай. За акном хістаўся ліхтар, і яго сіняе нежывое святло перашкаджала спаць. Нават калі на вуліцы было ціха — ліхтар пагойдваўся, і святло паліравала нашы змарнелыя твары.

— Гэй, Пятак, раскажы, якія ў тваёй Касі грудзі! — загадваў сяржант і піхаў нагой у панцырную сетку.

Алесеў твар палатнеў, рабіўся аднолькавага колеру з падушкай. Пляма на шчацэ цямнела.

— Ты што, не чуеш? Пісьменнік!

— Ён успомніў і язык праглынуў!

— Сяржант, глядзі, каб твой салдат слінай не падавіўся. Відаць, успамінае!

— Вялікія і мяккія, а, Пятак?

— Пятак, а ты спрабаваў на раялі?

— Слізка!

У казарме рагаталі. Мой сусед маўчаў. Яго вочы былі сухімі і бліскучымі. Алесем яго звалі толькі некалькі чалавек з нашага восеньскага прызыву, астатнія карысталіся мянушкай Пятак. Мянушку далі з-за плямы, памерам у пяцікапеечную манету, якая цямнела на правай шчацэ майго суседа.

— Ты напішы ёй, каб прыехала,— чулася з цемры.— Мы пусцім цябе на КПП. Хоць паціскаеш як след, а то, відаць, забыўся...— і зноў рагаталі ў розных кутках казармы.

— Ты што, заснуў? — піхалі ў ложак.

— Ён спіць? — пыталіся ў мяне.

— Спіць,— адказваў я.

У казарме яшчэ з паўгадзіны ішлі размовы пра прыгажосці жаночага цела, пра віно, ежу, бойкі, расказвалі анекдоты.

Алесь ляжаў з адкрытымі вачамі: нерухомы, як нежывы. Сіняе святло рабіла твар ненатуральным, як на экране чорна-белага тэлевізара.

Мы страшэнна стамляліся. Ногі, спіна, рукі цяжка гулі, нават паварушыць пальцамі было балюча. Мы прачыналіся ў тых жа позах, што і клаліся. Раніцай мы не ўсведамлялі, што пачаўся новы дзень, што прыйшло ранне. Мы перасталі чакаць змены і ведалі, што новы дзень, акрамя новых клопатаў, не прынясе нічога новага.

 

Алесь штодня пісаў лісты да Касі. Ён знаходзіў вольную хвіліну, забіваўся дзе-небудзь у кут, згінаўся над паперай, прыкрываў яе рукой і пісаў. Калі яго клікалі, то ён падхопліваўся, спалохана азіраўся, згортваў паперы, хаваў стрыжань у кішэнь і з пачырванелымі вачамі бег на крык. Я ведаў, што ён не атрымліваў адказаў на свае лісты.

Аднойчы ліст выцягнулі і ноччу прачыталі ўголас на ўсю казарму. Не ведаю, як мой сусед прачнуўся, відаць, ад рогату, а можа, адчуў нядобрае і падхапіўся.

— ...Ты прасіла мяне расшпіліць маланку, і я доўга, бо рукі дрыжалі, а я хваляваўся, не мог яе знайсці. Ты смяялася з маёй нязграбнасці, а я чырванеў. Ты спакойна скідала сукенку праз галаву, і яна падала да нашых ног. Я клаў яе на раяль, а яна саслізгвала на падлогу, і ты злавалася. Потым ты прычэсвалася, а я разгублена і збянтэжана глядзеў на цябе. Я ўвесь час баяўся, што хто-небудзь з тваіх сяброў зойдзе ў пакой і ўбачыць цябе, але я і хацеў, каб хто зайшоў і ўбачыў нас разам. Ты ўпэўнена хадзіла па пакоі, прыбірала сваю сукенку ў шафу. Ты адлюстроўвалася ў цёмным акне, у шафе, у паліраваным раялі, у вялікім люстры, а я саромеўся і баяўся падняць вочы...

Алесь стаяў у споднім і прасіў, каб супыніліся, каб аддалі ліст. Але яго тонкі інтэлігентны голас яшчэ больш заводзіў публіку. Асобныя радкі і абзацы перачытваліся па некалькі разоў.

— ...а я саромеўся і баяўся падняць вочы. Ты кудлаціла і блытала мае валасы, закрывала мне вочы і казала, што я твой самы ўлюбёны кавалер. Ты накідвала вялікую мужчынскую кашулю і садзілася мне на калені. Мне здавалася, што я губляю прытомнасць, а ты смяялася...

Алесь бегаў ад ложка да ложка, блытаўся ў лабірынтах-праходах, падаў. Яго голас зрываўся на свісцячы шэпт, здавалася, што яму выбілі зубы. Потым ён пачаў рухацца запаволена, яго белую прывідную постаць пачало хістаць.

— ...Я не заўважыў, што скончылася музыка. Ты пацягвалася, адпускала мяне з абдымкаў і прасіла памяняць касету. У пакоі пахла кветкамі, тваім целам і парфумай — мне здавалася, што я вельмі п’яны...

— Давай далей, што спыніўся! — крычалі з цемры казармы.

Алесь стаяў сярод казармы.

— ...пахла тваім целам... я п’яны. Я прачнуўся раней за цябе. Мне было сорамна за маё нязграбнае цела. Я апрануўся і сеў у крэсла. Раніцай ты была сумная, на вуліцы ішоў дождж. Ты казала, што ўсё будзе добра, і развіталіся мы неяк хутка, я не паспеў табе ўсё сказаць...

Ліст Алесю аддалі. Кінулі на падлогу.

— Пятак, дык ты пісьменнік. Заўтра напішаш маёй,— сказаў сяржант, што ляжаў на першым ярусе пад намі.

— Ёй трэба не Пятак, а такі, як я,— зарагатаў нехта ў куце казармы.

— Лепш я. Раніцай ёй не было б сумна,— сказаў і пазяхнуў сяржант.

— Як ён там напісаў? Гладкія доўгія ногі і грудзі?

Алесь стаяў нерухома і глядзеў у падлогу, вакол чуліся рэплікі, парады, здзекі — ён не адказваў, і здавалася, што ён не чуе і нічога не бачыць.

Алесь падняў ліст і басанож, па халоднай падлозе, пацягнуўся ў прыбіральню. Калі я прыйшоў туды, ён кінуў парваную на дробныя шматкі паперу ва унітаз і пусціў ваду. Я даў яму палову цыгарэты, але ён адмовіўся. Было халодна, мяне пачало калаціць, і я вярнуўся ў казарму.

Сярод ночы я прачнуўся ад холаду. Мой сусед ляжаў паверх коўдры і глядзеў на сіні ліхтар.

— Гэта невыносна...— шаптаў ён.

— Што? — не зразумеў я.

— Ты што, не бачыш?

— Ліхтар?— выдыхнуў я сіняй парай.

— Жалеза. Скрыгат жалеза.

— Накрыйся,— я пачаў нацягваць коўдру паверх галавы.

— Я збягу,— сам сабе прашаптаў ён.

 

Мы падхопліваліся з халодных ложкаў у выстылую за ноч казарму. На падваконнях і на шкле была шэрань. Мы беглі ў прыбіральню, звягалі вёдрамі, хапалі анучы і рыхтаваліся да ранішняй уборкі. Пасля зарадкі запраўлялі свае і чужыя ложкі, шаравалі з содай чорныя пісягі на лінолеуме, выціралі са шкапчыкаў і падваконняў пыл, якога не было.

Алесь увесь час працаваў у бібліятэцы — так называлі прыбіральню. Парэпанымі ад хлёркі і халоднай вады рукамі ён цёр кафляную падлогу — гуляў у шашкі, чысціў да гарачага бляску медныя краны, мыў і шараваў унітазы і рукамыйнікі.

З раніцы ўсе былі злосныя. Нашча палілі, сплёўвалі на падлогу і прыспешвалі Алеся.

Дзень новы быў падобны да мінулага, як пачышчаныя салдацкія гузікі.

Былі вечары, калі ўся рота стомлена валілася на ложкі і пасля двух-трох-сто разоў чутых анекдотаў засынала. Гэта былі рэдкія вечары. Нехта цяжка ўздыхаў, выкрыкваў каманды, лаяўся, стагнаў...

Шаргацела па бляхах падваконня завея, курэла вакол ліхтара сіняя крупа, вецер лізаў шкло.

Такімі вечарамі Алесь расказваў мне пра сябе, пра маці — настаўніцу малодшых класаў і зрэдку гаварыў пра Касю.

Грукалі боты — па казарме праходзіў дзяжурны па роце. Алесь замаўкаў, мы рабілі выгляд, што спім.

— ...Яна вучыцца на трэцім курсе. Некалькі разоў я хадзіў на канцэрты ў кансерваторыю. Уяўляеш: вялікі чорны раяль, а каля яго кветкі, шмат кветак. У зале цішыня. Потым апладысменты... Яна заўсёды выступае ў доўгай аксамітнай сукенцы, а ў валасы падвязвае чырвоную стужку... Яна прытрымлівае спадніцу, робіць паклон, падыходзіць да раяля, садзіцца, папраўляе спадніцу, ставіць ногі ў бліскучых лакавых чаравічках на педалі і разгортвае ноты...

Звычайна ў гэтым месцы ён спыняўся і паварочваўся на спіну.

— Пасля канцэртаў мы разам з яе сябрамі ішлі да яе. Я звычайна нёс кветкі. Яна казала, што мне пасуюць букеты ў шалёсткім цэлафане. Кветкі пахлі парфумай і снегам... Дома мы вячэралі, пілі віно з высокіх крыштальных келіхаў, уключалі магнітафон і танцавалі. Кася апранала джынсы і мужчынскую кашулю, а сукенку хавала ў шафе...

— Давай спаць,— прапаноўваў я.

— Ведаеш, аднойчы я застаўся ў яе. Гэта было вясной, на яе дзень нараджэння...

— І што? — цікавіўся я.

— Я не магу. Я збягу. Расклад цягнікоў я ведаю. Мне трэба ўбачыць яе. Хоць на некалькі дзён.

— Гэта нічога не зменіць. Заляціш у дысбат, і ўсё.

— Ты не разумееш. Спі.

Мне сніўся раяль. Маладая жанчына ў аксамітнай сукенцы. Вялікая шафа, у люстэрку якой адбіваецца яе прывабнае цела. Сукенка, якая мякка падае да нашых ног.

Музыка мне ніколі не снілася.

 

Вясной, калі прайшла дэмабілізацыя, мы ўздыхнулі з палёгкай. Служба зрабілася звыклай і аднастайнай. Мы нават знешне змяніліся: вопратка была чыстай, падшытай і адпрасаванай.

Алесь зрэдку пісаў лісты і не атрымліваў адказу.

Вечарамі мы размаўлялі пра службу, і дзіўна — святло ліхтара нам не замінала, хоць акно было адчынена ўсю ноч.

На той час у кожнага з’явіліся свае інтарэсы. Мяне перавялі працаваць у клуб, Алесь заступаў на варту, у нарады і ездзіў на палігон будаваць гаражы і капанеры.

Мы ляжалі перад адчыненым акном, глядзелі на цёмнае неба, на цёплыя вільготныя зоры, на матылёў, што лёталі вакол ліхтара.

Размова то перапынялася, то пачыналася зноў.

— Праз тыдзень ёй дваццаць тры,— сказаў Алесь заклапочана.

— Лепш не думай пра гэта,— параіў я.

— Не магу.

— Што ты з-за яе месца сабе не знаходзіш. Яна табе нават адказаць не хоча. А ты...

— Яна тут ні пры чым,— сказаў ён пасля доўгага маўчання.

Тут я не стрымаўся і выказаўся пра яе і пра іх адносіны. Алесь выслухаў, паглядзеў на мяне, як глядзяць дарослыя на дзяцей, і вінавата ўсміхнуўся.

— Яна любіць кветкі. Раніцай пазваню ў дзверы і аддам вялікі букет. Ёй будзе прыемна.

— Давай спаць. Ведаеш, калі ў цябе будзе дзень нараджэння — я куплю пяцьсот канвертаў і стос паперы табе ў падарунак. Каб ты пісаў ёй лісты,— сказаў я і хутка заснуў.

— Слухай, у цябе ёсць грошы? — пабудзіў ён мяне ўначы.

— Ёсць. Спі. Гадзіна апоўначы.

— Мне вельмі трэба,— ён глядзеў на мяне і загадкава ўсміхаўся.

— Ты што, ідыёт? Праспіся.

— Я не магу тут. Мне трэба быць там.

— Ты звар’яцеў! Цябе зловяць.

— Усё адно. Так будзе лепш.

Калі я чуў такое на пачатку службы, то не надаваў асаблівай увагі,— усім было цяжка, усе хацелі збегчы...

Я размаўляў да світання. Я пераконваў і адгаворваў не рабіць гэтага. Перад світаннем, калі неба пачало святлець, я пераканаў яго і стомлена заснуў.

...Пасяджэнне трыбунала адбывалася ў клубе. Перад сцэнай паставілі дыктавую агародку, пафарбаваную ў колер хакі. Я стаяў на ганку і глядзеў на пляц. Дзіўна, я адначасова бачыў сябе і ўсё астатняе. Пляц быў вымыты, і на ім ярка бялелі лініі і стрэлкі, з ганка добра чыталіся каманды на бетонных плітах. Жанчыну з афіцэрам, якія ішлі да клуба, я заўважыў адразу і здзівіўся яе нетутэйшаму выгляду. Яны па дыяганалі перасеклі пляц. Калі жанчына параўнялася з тупаносай машынай і праходзіла каля закратаванага акенца, у яе з рук выпалі акуляры. Шкельцы разбіліся на дробныя аскепкі, а металічная аправа засталася цэлай... Потым жанчына час ад часу выцягвала яе з чорнага рыдыкюльчыка і хавала назад. Наўрад ці яна што добра бачыла. Яе твар напружваўся, вочы чырванелі, і я заўважыў, як дробна дрыжалі пальцы і крывіўся рот... Жанчына не плакала і ўвесь час маўчала...

Зала сядзела ціха. Шмат хто спаў. Маладыя салдаты вылучаліся каротка пастрыжанымі галовамі і запэцканымі гімнасцёркамі. Мікрафоны працавалі блага, і часта голас прападаў у пранізлівым свісце, які рваўся з калонак.

Алесь быў апрануты ў цывільнае. Шэры швэдар і паношаныя джынсы ў зале спрэс колеру хакі вылучалі яго і ядналі з жанчынай на краі трэцяга рада. На сцэне, побач з доўгім сталом, за якім сядзелі афіцэры, стаяў вялікі канцэртны раяль. У зале было задушліва, і ўсе дзверы давялося адчыніць. На пляцы пачаўся развод на варту, і ў залу заляталі гучныя і рэзкія каманды. Мне было відаць, як Алесь уздрыгвае ад кожнага гуку, як яго твар палатнее і пляма робіцца цёмнай.

Алесь увесь час глядзеў на вялікі канцэртны раяль у куце сцэны. Раяль быў на маленькіх бліскучых колах.

Калі Алеся пад канвоем вывелі з залы, усе адчулі палёгку. Тупаносая машына пасігналіла, развярнулася на пляцы і ціха-ціха пакацілася да КПП.

У зале, калі выйшлі ўсе колеру хакі, засталася жанчына. Яна сядзела на краі трэцяга рада, трымала ў руках аправу ад акуляраў і выцірала яе белай хусцінкай. Жанчына не плакала.

Нарад па клубу пачаў насіць ваду і мыць залу. Салдаты не памылі толькі там, дзе сядзела Алесева маці...

Я прачнуўся за хвіліну да пад’ёму. Алесь спаў. За акном стаяў густы і вільготны туман. Кроплі блішчэлі на білах ложкаў.

— Слухай, мне снілася такая каламуць пра цябе.

— Што? — не зразумеў ён.

— Сон дурны сасніў.

— Даруй. Гэта з-за мяне: позна леглі.

— Нічога. У цябе ўсё нармальна.

— Галава баліць.

— Добра,— сказаў я.

Пасля снядання я пацікавіўся, ці носіць Алесева маці акуляры ў металічнай аправе. Ён сказаў, што ніколі не насіла, нават ад сонца. Яшчэ ён сказаў, што хутка ў яе адпачынак і яна да яго прыедзе. На гэтым размова скончылася. Я пайшоў у клуб. Алесь паехаў на будоўлю гаражоў.

Перад абедам я даведаўся, што Алеся заваліла цэглай.

Ён саскочыў з кузава самазвала і падвярнуў нагу. Ён не паспеў адпаўзці. Пяць тон бітай цэглы абрынуліся на яго. Калі цэглу раскідалі — Алесь быў нежывы.

 

— Старшына, каб табе не было сумна, паклаў на месца Пятака маладога. Не пашанцавала хлопцу,— сказаў дзяжурны па роце, калі я вярнуўся з клуба ў казарму.

Я паглядзеў на салдата, які спаў на Алесевым месцы. Пасядзеў на сваім табурэце. Потым згарнуў пасцель і перайшоў на вольны ложак у цёмны кут казармы.

Я ляжаў з заплюшчанымі вачамі і лічыў: спачатку да сотні, потым да тысячы, потым да пяці тысяч, потым збіўся і пачаў спачатку.